О гаспадару! Людзі да мяне расказвалі дзівосныя гісторыі, якія чулі ў чужых краінах, я ж мушу з сорамам прызнацца, што не ведаю нічога, вартага вашай увагі. Аднак калі гэта вас не знудзіць, я апавяду вам пра незвычайны лёс аднаго з маіх сяброў.
На караблі алжырскіх піратаў, з якога вы літасціва мяне вызвалілі, быў юнак майго ўзросту, які, як мне здавалася, нарадзіўся не дзеля нявольніцкай вопраткі. Астатнія няшчасныя на караблі былі людзьмі грубымі, жыць побач з імі было непрыемна, мовы іншых я не разумеў, таму кожную вольную хвіліну, калі яна надаралася, праводзіў з тым юнаком. Ён называў сябе Альмансорам, і вымаўленне выдавала ў ім егіпцяніна. Мы бавіліся прыемнымі размовамі і аднойчы вырашылі расказаць адзін аднаму свае гісторыі. Як высветлілася, гісторыя майго сябра яшчэ неверагоднейшая за маю.
Бацька Альмансора быў высакародным чалавекам і жыў у егіпецкім горадзе, якога мой спадарожнік не назваў. Дні дзяцінства Альмансор пражыў у радасці і шчасці, акружаны ўсім бляскам і ўсімі прыемнасцямі, што ёсць у свеце. Пестуном ён, аднак, не быў і адукацыю атрымаў рана: бацька, чалавек мудры, прывучаў сына да дабрадзейнасці і запрасіў яму ў настаўнікі знакамітага вучонага, які даў юнаку ўсё, што мусіць ведаць малады чалавек. Альмансору было каля дзесяці, калі ў краіну з-за мора прыйшлі франкі і пачалі супраць ягонага народа вайну.
Бацька хлопчыка, напэўна, чымсьці франкам не дагадзіў, бо аднаго дня, калі ён збіраўся на ранішнюю малітву, яны прыйшлі да яго і запатрабавалі ягоную жонку ў залог адданасці франкскаму народу, а калі той адмовіўся, гвалтам забралі да сябе ў лагер ягонага сына.
На гэтых словах шэйх раптам закрыў твар, і ў зале незадаволена загаманілі.
— Як, — крычалі сябры шэйха, — як насмеліўся гэты юнак так безразважна развярэджваць раны Алі-Бану замест таго, каб загойваць іх? Як можа ён распальваць ягоны боль замест таго, каб суцішваць?
Наглядчык за рабамі таксама разгневаўся на бессаромнага юнака і загадаў яму маўчаць.
Юны нявольнік вельмі здзівіўся і запытаўся ў шэйха, што ў ягоным аповедзе выклікала незадаволенасць гаспадара. Шэйх падняў галаву і прамовіў:
— Супакойцеся, сябры. Адкуль ён можа ведаць пра мой сумны лёс, не прабыўшы пад гэтым дахам і трох дзён? Няўжо сярод ліхадзейства, што чынілі тыя франкі, нехта не мог зазнаць такой жа долі, што і я? Магчыма, той Альмансор… але лепш, мой сябра, расказвай далей!
Комментарии к книге «Гісторыя Альмансора», Вильгельм Гауф
Всего 0 комментариев