Аповесці, апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Сцягі над штыкамі. Аповесці, апавяданні, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1978.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
ПЕРШЫ ГЕНЕРАЛПачалася грыбная «эпідэмія». У суботу i нядзелю сотні машын, аўтобусаў, напоўненых людзьмі з кошыкамі i вёдрамі, вырываюцца з Мінска па ўсіх промнях дарог, што рассякаюць квадраты лясоў, блізкіх i далёкіх. Уяўляю гэтыя дарогі i прыгарадныя лясы з вышыні, з самалёта — бачыў неаднойчы, адлятаючы ў далёкія падарожжы ці вяртаючыся дадому.
Выязджаем на досвітку ў кірунку не лепшых лясоў, не самых грыбных — гэта цвёрдае перакананне майго сябра Міхася, заядлага грыбніка, якому належыць заслуга адарваць мяне ад пісьмовага стала, ад рукапісаў, сваіх i чужых, i пацягнуць на цэлы дзень у незнаемы лес.
Міхась выказвае свае меркаванні наконт таго, што ёсць лепшыя грыбныя мясціны — за Лагойскам, пад Чэрвенем, на Уздзеншчыне. Але трэці пасажыр робіць выгляд, што не чуе гэтага. Вядзе ён у свае лясы.
Ён, гэты трэці,— генерал у адстаўцы Жмянькоў Піліп Рыгоравіч. А з генераламі не спрачаюцца, ix слухаюць i выконваюць загады. Так у самым пачатку пажартаваў я.
Піліп Рыгоравіч азірнуўся на мяне, весела бліснуў маладымі вачамі. Зусім не дзеля прыгожага эпітэта, якім належыць узвысіць генерала, пішу я гэтае слова — «маладым». У яго сапраўды маладжавы твар. Па вачах, шчаках i нават па снежных вусіках чалавеку ніяк нельга даць столькі год, колькі ён у сапраўднасці пражыў,— без нечага невялічкага семдзесят. Выдавала... шыя. О, гэта здрадлівая частка цела! Яна выдае не толькі жаночыя гады!
Мяне здзіўляла: чаму пры такім маладжавым твары шыя гэтак бязлітасна спаласавана маршчынамі? Ззаду, з карку, на які я мімаволі, бо гойдаўся адзін на заднім сядзенні, мусіў глядзець усю дарогу, скура на шыі ажно пабурэла, задубела, i маршчыны ненатуральна глыбокія, як шрамы. Я падумаў, што тры вялікія вайны i некалькі меншых — Іспанія, Фінляндыя — не пакінулі бачных слядоў на твары, на руках старога генерала, але, мусіць, адбіліся вось такім чынам — на шыі.
Комментарии к книге «Сцягі над штыкамі», Иван Петрович Шамякин
Всего 0 комментариев