Бузя — гэта імя, скарочанае ад Эстэр-Ліба: Лібузя — Бузя. Яна старэйшая за мяне на якія год-два, а разам нам абаім няма і дваццаці. От цяперака сядайце, калі ласка, ды падлічыце, колькі гадоў мне і колькі — ёй. Але гэта, мне думаецца, не важна. Лепш я вам кораценька раскажу яе біяграфію.
Мой старэйшы брат Беня асеў у вёсцы, арандаваў млын, умеў страляць з ружжа, скакаць верхам на кані і плаваць, як рыба. Аднойчы ўлетку ён купаўся ў рацэ і ўтапіўся. Так на ім спраўдзілася прыказка: «Усе добрыя плыўцы топяцца». Пасля яго засталіся млын, два конікі, маладая ўдавіца і дзіця. Ад млына давялося адмовіцца, конікаў прадалі, маладая ўдавіца выскачыла замуж і паехала некуды ў свет, а дзіця мы ўзялі да сябе.
Гэта і была Бузя.
2Што тата любіць Бузю, як роднае дзіця, і што мама дрыжыць над ёю, як над адзінаю дачкой, — гэта лёгка зразумець. Яны знайшлі ў ёй суцяшэнне пасля вялікае страты. Але я? Чаму, калі я прыходжу з хедара і не бачу Бузі, мне кавалак не лезе ў горла? Аднак варта Бузі паявіцца — і адразу робіцца светла ў доме, ва ўсіх яго кутках. А калі Бузя звяртаецца да мяне, я апускаю вочы. А калі Бузя смяецца з мяне, я плачу.
А калі Бузя…
3Што ж так доўга не надыходзіць мілае, слаўнае свята вялікдзень? Вось калі я буду вольны! Мы будзем гуляць з Бузяю ў арэхі, лётаць па наваколлі, спускацца з высокага берага да рэчкі. Там я пакажу ёй, як пускаць па вадзе «качак». Калі я гавару ёй пра гэта, яна не верыць, а толькі смяецца. Увогуле Бузя не верыць мне ані. Не, гаварыць яна не гаворыць нічога, але ж яна смяецца. А я цярпець не магу, калі з мяне смяюцца. Бузя не верыць, што я магу ўскараскацца на самае высокае дрэва (варта мне адно захацець!). Бузя не верыць, што я ўмею страляць (дайце мне толькі з чаго!). Вось няхай надыдзе вялікдзень, мілы, слаўны вялікдзень, калі можна гуляць на дварэ, на вольным паветры, далей ад бацькоўскіх вачэй, — я тады пакажу ёй такія фокусы, што яна аж знямее ад здзіўлення!
4Прыйшло мілае, слаўнае свята вялікдзень.
Нас абаіх прыбралі на свята ва ўсё новенькае. Усё, што на нас апранута, блішчыць і ззяе, шамаціць і пахрумствае. Я гляджу на Бузю, і мне верш за вершам успамінаецца «Песня песняў», якую я спецыяльна вывучыў да вялікадня ў хедары з дапамогаю рэбэ:
Комментарии к книге «Песня песняў», Шолом-Алейхем
Всего 0 комментариев