Гi дэ Мапасан
Вендэта
Пераклад: Алесь Iстомiн
Удава Паола Саверынi жыла са сваiм сынам у беднай хатцы на ўскраiне Банiфача. З горада, пабудаванага на горным выступе, якi месцамi нават навiсае над морам, праз пралiў, зрэзаны рыфамi, вiднеецца нiзкi бераг Сардынii. Унiзе з другога боку скалы разрываюцца, утвараючы праход, што нагадвае велiзарны калiдор i атачае горад амаль цалкам. Ён служыць гораду портам; па iм, пасля доўгага абыходу памiж дзвюма абрывiстымi сценамi, маленькiя рыбацкiя судзiны iтальянцаў цi сардаў выходзяць да першых дамоў; два разы на месяц тут прыстае стары сiпаты параход, што ходзiць памiж Банiфача i Аяча.
На белаватай гары купка дамоў утварае яшчэ бялейшую плямку. Яны нагадваюць гнёзды дзiкiх птушак, прылепленыя да скалы, што высiцца над гэтым жахлiвым праходам, па якiм i караблi iдуць з асцярогаю. Вецер няспынна хвалюе мора, не дае спакою берагу, iм жа ж i падточанаму, ледзьве прыкрытаму травою; ён урываецца ў пралiў, пустошыць абодва берагi. Стужкi белага шуму ад чорных верхавiнаў безлiчы камянёў, што пранiзваюць хвалi паўсюль, нагадваюць палатняныя лахманы, што развяваюцца i дрыжаць на паверхнi вады.
Хатка ўдавы Саверынi, што лепiцца на самым урвiшчы, глядзiць трыма сваiмi вокнамi на гэты дзiкi i самотны далягляд.
Удава жыла ў ёй са сваiм сынам Антуанам i з Сэмiлантай, вялiзным худым сабакам з доўгай i грубай поўсцю, з пароды пастуховых сабак. Хлопец хадзiў з iм на паляванне.
Неяк, увечары, пасля гарачай спрэчкi Антуана Саверынi па-здраднiцку, ударам нажа, забiў Нiкаля Равалацi. У тую ж ноч забойца ўцёк у Сардынiю.
Калi старой мацi прынеслi сынава цела, яна не заплакала, толькi доўга сядзела нерухома, гледзячы на яго. Пасля паклала на труп сваю маршчынiстую руку i паклялася адпомсцiць.
Старая не хацела нiкога бачыць. Толькi сабака застаўся з ёю пры сынавым целе. Жывёлiна нерухома стаяла каля ложка, падцiснуўшы хвост, выцягнуўшы мызу да гаспадара, яна няспынна выла. Мацi схiлiлася над сынавым целам, не адводзiла ад яго вачэй i тачыла буйныя маўклiвыя слёзы, углядаючыся ў кожную рысачку.
Дзяцюк ляжаў на спiне, на iм была куртка з тоўстага сукна, прадзiраўленая i падраная на грудзях; здавалася, што ён спiць, толькi ўсё на iм было ў крывi: рэшткi кашулi, парванай на бiнт, камiзэлька, порткi, твар, рукi. Згусткi крывi чарнелi ў барадзе i валасах.
Комментарии к книге «Вендэта (на белорусском языке)», Ги де Мопассан
Всего 0 комментариев