«ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ»

354

Описание

Мэта кніжкі — перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну. Язэп Малецкі



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ (fb2) - ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ 1104K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Язэп Малецкі

Язэп Малецкі ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ Успаміны

Памяці змагароў за вызваленьне народу Міхася Вітушкі, Усевалада Родзькі, Уладзіміра Шавеля працу гэтую прысьвячае аўтар

АД АЎТАРА

Мэта кніжкі — перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну, паказаць вялікі ўздым народу ў змаганьні за свае правы ды ягоную працу над адбудовай вольнага жыцьця. Яна разам і прызнаньне тысячам суродзічаў, якія ў цяжкую пару змаганьня з ворагамі не шкадавалі сваіх сілаў, здароўя, маёмасьці, свайго жыцьця.

Што апісаў у кніжцы, таго ў бальшыні быў сьведкам, тое сам перажыў. Чаго-ж ня бачыў, тое запісана ад веры годных людзей. Калі пісаў, ніколі ня мінаўся з праўдай, ці гэта будзе каму падабацца, ці не.

Складаю шчырую падзяку ўсім маім сябрам і знаёмым, якія дапамагалі пры пісаньні кніжкі радамі й інфармацыямі, і найперш спадарам В. М. і А. См. за лісты, сп. В. Пануцэвічу за перагляд машынопісу, практычныя рады й дапаўненьні з падзеяў грамадзкага жыцьця ў Баранавічах ды прабегу Усебеларускага Кангрэсу ў Менску, сп. Леаніду Дэнысэнку за афармленьне вокладкі.

Рачовая крытыка ды дапаўненьні да апісаных у кніжцы падзеяў будуць шчыра вітаныя й магчыма знойдуць адбітак у далейшых выданьнях.

АПОШНІЯ ДНІ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПОЛЬШЧЫ

Чырвоным колам зь сівога туману ўсходзіла сонца, калі мой цягнік мінаў Варапаева. Паабапал чыгункі мігалі дрэвы, сенажаці, палосы й палеткі жоўтага й зялёнага збожжа, а далей — хаты з варыўнямі, клецямі, гумнамі й клунямі. Дзе-ня-дзе палі былі ўсеяныя бабкамі жыта й ячменю. Наш цягнік усунуўся ў мяшаны лес. Векавыя дрэвы стаялі спакойна, паважна і толькі дзіўным прарэзьлівым рэхам адбівалі гук цяжкога подыху паравозу.

Туман радзеў. Людзі з косамі й граблямі ішлі на сенажаці, або стаялі на дарожках ды пазіралі на праходзячы цягнік. Там вось, праваруч на ўзгорку, стаіць ціхая вёска Казаронцы — сядзіба гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, дзе ў 1936 годзе, у прысутнасьці павятовага камэнданта паліцыі з Постаўя, я чытаў лекцыю й пасьля быў рэвідаваны.

Цягнік затрымаўся ў Дубавых. Як глянеш, дык тут усюды лес і лес. Станцыя заваленая ярусамі дрэва, якое адпраўляецца ў Польшчу й заграніцу, а таму-ж селяніну цяжка дастаць бэлек на хату.

Выехалі пасьля на раўніну, густа, як вокам сягнуць, усеяную вёскамі й цэркаўкамі, і ўрэшце — Шаркаўшчына. Тут жыве й піша наш сялянскі паэта Міхась Машара, вершы якога мы ўпершыню друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», ды пасьля выдалі зборнікам «На сонечны бераг».

Бяз уражаньняў праехаў я Пагоста, і толькі калі ўбачыў мёрскія азёры, дык сэрца пачало біцца мацней. Колькі гэта разоў пабываў я ў Мерах, на кірмашах і хвэстах, колькі разоў гутарыў тут зь сябрамі на грамадзкія тэмы! Тут польская паліцыя перахоплівала мае беларускія кніжкі й газэты, тут тузалі й тэрарызавалі маіх сяброў Кукуця й Заводзкага. Паглядзеў я зь цягніка на Меры й на людзей, што здавалася здалёк ледзь краталіся, і мне стала нейк сумна: я больш не цягаю беларускіх кніжак, не вяду гутарак, — настае трывожны й адказны час.

Пасьля 20 хвілін пастою цягнік крануўся далей. І вось Шчавенскае возера леваруч ды Мілашоўскае з права. За возерам-жа, на ўзгорку, стаіць стройны вялікі дом зь белымі вокнамі, што пабудаваў мой дзядзька. Гэта мая першая сьвятыня веды — пачатковая школа, у якую хадзіў у 1914–17 гадох. О, як я любіў гэтую школу й усіх, хто там быў!

А там, за вёскай Мілашовам і за лесам, у якім я ведаю кожны курган, кожны куст і кожную птушку, стаіць горда над ракой Вяткай мая родная вёска Якужы. Толькі я еду цяпер да Друі, бо насамперш мушу зьявіцца ў воласьці ды на доўгай анкеце падаць: чаго й да каго прыехаў, чым і як доўга буду займацца. Гэткія ўжо парадкі завяла тут панская Польшча.

І вось я ў Друі. Іду вуліцай Льва Сапегі, вялікага канцлера літоўскага, славутага рэдактара й выдаўца трэцяга Літоўскага Статуту 1588 году.

Друя ляжыць на старадаўнім шляху Дзьвіною «з Варагаў у Грэкі». Гэта таксама нашыя з Вільні вароты на Пскоў, Вялікі Ноўгарад ды Маскоўшчыну. Гэтымі «варотамі» ад XIII стагодзьдзя ішлі нашыя войскі ў бой зь нямецкімі мечаносцамі за Лівонію, з Маскоўшчынай за Пскоў, Вялікія Лукі, Полацак, Віцебск, Смаленск.

Няраз Друя ў гэтых змаганьнях нашага народу пад сьцягам Пагоні, за свабоду й незалежнасьць, была руйнаваная й паленая.

Ужо ў 1515 годзе, пры Жыгімоньце Старым, спалілі яе Маскалі, калі князь маскоўскі Васіль Іванавіч намагаўся праз гэтыя вароты падыйсьці да нашае сталіцы Вільні. Тутака затрымоўваўся кароль Сьцяпан Батура ў часе паходу на Пскоў і калі вяртаўся адтуль пераможцам. У 1632 годзе Друя ізноў была спаленая Маскоўцамі, ды хутка адбудаваная Сапегамі.

Друйскімі варотамі ўварваліся ў кірунку Глыбокага ды Менску арміі Шэрэмецева й Стрэншёва, ствараючы прадумовы для маскоўскага наезду ў 1654–55 гадох. У Друі, 18 жніўня 1655 году, князь Януш Радзівіл, гетман Вялікага Княства Літоўскага, перайшоў на бок швэдзкага караля Густава. Друя была нішчаная й паленая войскамі швэдзкімі ды маскоўскімі і ў Паўночнай вайне 1701–1709 гадоў. Друя была цэнтральным пунктам маскоўскай атакі таксама й у часе Барскай Канфэдэрацыі 1769–72 гадоў ды ў часы паўстаньня Касьцюшкі. Тут таксама ляглі ў 1812 годзе, на сыпкіх пяскох за старым магільнікам, косьці французаў.

І вось я мінаю друйскі абаронны замак, былую ўласнасьць Мілаша, што быў, як людзі казалі, лёкаем князя Сапегі. Далей вось магутны барокавы касьцёл Сьвятое Тройцы, пабудаваны ў 1643 годзе князем Сапегай. Мінаю касьцёл і кляштар. Там ужо няма беларускіх ксяндзоў і законьнікаў — на іх месца насланыя Палякі. Беларуская справа на беларускай зямлі ня любая Паляком, як ня любая й Маскалём.

Знаёмыя суседзі й Жыды дапытваліся навінаў. Адказваў проста: вайны нам ня мінуць. Запоўніўшы анкету ў валасной управе я пайшоў на рынак, дзе спаткаў братоў Мусіных. Гэтыя здольныя Жыдкі ня браліся за бацькава рамясло, прадукцыю сэльцэрскай вады, бо на агалочаных «крэсах» ня было каму яе папіваць. Яны сягнулі па навуку. Старэйшы быў магістрам права, малодшы-ж вучыўся на 3-м курсе матэматыкі. І вось мы папрыяцельску гутарым у іхняй разьліўной:

— Народныя меншасьці ня могуць зусім жыць і разьвівацца ў Польшчы, усюды дыскрымінацыя. Вось я, — цягнуў Мусін, — скончыў права й не магу нідзе дастаць аплікатуру. Уськідваюць мне, што я Жыд, радыкал, а я толькі жыць хачу.

— Польскай адміністрацыі перавярнулася ў галаве, — кажу я, — бо сталі нас душыць запраўцы не на жарты: закрылі Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры й яго гурток у Шальцінях, беларуская газэта ня можа ўжо выходзіць у сьвет, паліцыя па хатах забірае й нішчыць беларускія кніжкі, нат забараняе моладзі рабіць вечарыны.

— Але будзе вайна, — казаў Мусін, — тады ўсё зьменіцца й мы знойдзем сабе работу…

— Напэўна зьменіцца, толькі ці на лепшае?

— Горшага быць ня можа, як сядзець безпрацоўнаму з дыплёмам і спадзявацца ласкі ад сваіх гныбіцеляў.

Дома я ўсё знайшоў пастарому. Толькі майму бацьку цялушка бок адбіла, калі ён заваліўся вядучы яе ў гізы з поля. Людзі працавалі нармальна, толькі дужа ўважна слухалі радыя й дзівіліся, што нямецкі Рыбэнтроп «абнімаўся й цалаваўся» з расейскім пралятарскім Молатавам. Да мяне з блізка й далёка прыходзілі суседзі ды пыталіся, што рабіць. Я толькі чатыром маім адданым хлапцом расказаў аб грозным палажэньні ў сьвеце. Іншым параіў панакупліваць солі, газы, сярнікоў і мыла. Я шмат часу ляжаў у садзе, або каля рэчкі, калі можна было купацца, ды раздумваў над палітычным крызысам у Эўропе. Цяжкія думкі прыходзілі ў галаву.

На трэці дзень майго побыту ў роднай хаце да мяне зьявіўся паліцыянт. Ён пытаўся, як доўга я буду ў Якужах і ці я буду арганізаваць «імпрэзы». Было ўжо тут не да «імпрэзаў», і я коратка адказаў: «Буду ў хаце яшчэ тры тыдні, ніякіх імпрэзаў ладзіць ня маю намеру». Паліцыянт запісаў усё, падзякаваў ды паехаў.

Атмасфэра ў Польшчы ўжо была такая, што кожнага актыўнага палітычнага апанэнта садзілі ў Картускую Бярозу, канцэнтрацыйны лягер, дзе вязьнямі «плянаваўся» славуты польскі шавініст, пінскі ваявода Костэк-Бернацкі. Я не сьпяшаўся папасьці туды й таму сядзеў ціха.

Маскоўскае радыё гэтым часам залівалася аб тым, якое там «шчасьлівае жыцьцё» пад «сонцам Сталінскай канстытуцыі». Гром і пяруны кідала на дэмакратычныя дзяржавы й Польшчу.

Не чакаючы канца майго адпачынку, 27 жнівеня, я выехаў у Варшаву. Нашыя сяляне ў лінейках і каламажках вязьлі сваіх сыноў у чужое войска, змагацца й гінуць за чужую справу.

Па дарозе, у вёсцы Ермалы, я наведаў цяжка хворую Альжбету Баранчыку, матку семярых дзяцей. Ляжала яна, бедная, хворая на цяжкі артрэтызм. Лекар прыяжджаў толькі раз на 6 месяцаў, а шпіталь за 40 км быў для яе непрыступны. Так і ляжала бяз помачы ў сялянскай хаце. А колькі-ж было гэткіх няшчасных у Заходняй Беларусі? Толькі ў маёй вёсцы за 14 гадоў ад радоў памерла пяць жанчын!

Быў ціхі асеньні вечар, калі зь цяжкой душой я выяжджаў у чужы край. Магутныя векавыя званы касьцёла ўдарылі на «Анёл Панскі». Я ледзь не заплакаў… Гэтыя званы помнілі веліч і славу маёй бацькаўшчыны. Іх зык па Дзьвіне даходзіў да Прыдруйску, Полацку, Дзьвінску. Чуў я іх апошні раз.

Глянуў я яшчэ раз на касьцёл і яго магутную вежу, на кляштар, гімназію, і ўсё стала перада мной, як на яве: ксяндзы, законьнікі, вучні й наш сялянскі беларускі народ. Там ня грымеў ужо даносны голас справядлівага айца Андрэя Цікоты. Ня было ўжо там мудрага прэлата Абрантовіча, адданых божай і народнай справе айцоў Гэрмановіча, Хаменка, Дашуты, Смулькі. Там ня было нашых клерыкаў і законьнікаў. Як дзікі каршун разганяе стадку шпакоў па полі, гэтак і польская адміністрацыя, забыўшыся аб сваім ганебным лёсе нявольнікаў і нашай 400-гадовай дзяржаўнай лучнасьці, разагнала беларускую інтэлігенцыю па ўсім сьвеце, абы толькі не сядзелі на сваёй зямлі. Але й на гэтых пыхай адурманеных паноў прыйдзе дзень суду.

Успомніў я маю тут навуку, мае сцэнічныя выступы й першую юнацкую патаемную працу, калі Рачыцкі, А., С., А. і я зьбіраліся ў салёне Жыда Ворчыка й абмяркоўвалі нашыя справы. Гумару тут заўсёды было больш, як справаў. Мы чыталі тут вершы Купалы, Коласа, Вінцука Адважнага й дамарослых паэтаў. Актыўны бралі ўдзел у справе беларускіх дадатковых навукаў у касьцёле. У 1927 годзе на 25 Сакавіка мы выдалі адозву да народу ў ліку 120 экзэмпляраў, адбітую на гімназіяльным рататары. Мы ўслаўлялі Акт 25 Сакавіка, заклікалі нашых братоў да веры ў зьдзейсьненьне гэтага Акту й змаганьне за яго, паказваючы, што нашыя браты на ўсходзе будуюць свой дом. Мы ня былі пэўныя гэтага, але нам здавалася, што тагачасная Савецкая Беларусь была нашым новым нацыянальным домам.

У Вільні я сустрэў натоўпы змабілізаванай моладзі. Чакалі на абмундзіроўку. Места ноччу было не асьвечанае. Усе гаварылі аб вайне й гадалі будучыню. Шмат хто пытаўся:

— Як доўга патрывае вайна?

— Тры месяцы, — адказваю.

— О, дык можна схавацца й перачакаць.

— Радзіць вам нічога не магу. Самі бачыце — ваенны час і ваенныя законы. Мейце адкрытыя вочы й вушы, як было заўсёды ў нашым народзе.

Пасьля я адведаў, на вуліцы Завальная 1, рэдактара Янку Пазьняка. Гутарылі аб бягучых справах.

— Душаць да канца! — казаў ён. — «Беларуская крыніца» ад даўжэйшага часу ня можа паказвацца ў сьвет. Прыдзіраюцца да кожнага слова. Я іду 27-мы раз на суд! Але, як відаць, ня доўгае іх панаваньне. А як там маецца інжынер Адольф Клімовіч?

— Быў ён у мяне два тыдні, пакуль не дастаў працу пад Варшавай. Цяпер заняты сваёй аграноміяй і сямейнымі справамі.

— А што чуваць у Варшаве?

— Амаль усе Палякі хочуць вайны, бо кажуць, што цяпер настаў гістарычны мамант, калі яны, разам з Аліянтамі, могуць Немцам нагарбаваць скуру ды адабраць Гданск.

— А ці ў гэтай валынцы бальшавікі ня ўдараць з усходу?

— Усё магчыма, — адказаў я.

І радзіў разьвязьці ды пахаваць па прыватных дамох беларускія кніжкі, а што можна — як найхутчэй распаўсюдзіць у народзе.

Пакінуўшы 20 злотых на беларускія справы, я той-жа ночы, сьпешным цягніком выехаў у Варшаву. У дарозе зусім выпадкова даведаўся ад падарожнікаў, што ў Картускую Бярозу пасадзілі рэдактара віленскай польскай газэты «Слове» С. Мацкевіча, былога беларускага сэнатара Вячаслава Багдановіча, рэдактара часопісу «Калосьсе» Янку Шутовіча й друкара А. Шутовіча. Цягнікі былі перапоўненыя вайскоўцамі. Іх міны больш як сумныя, усе чыталі газэты, сачылі рух войска да нямецкае граніцы.

30 жнівеня я быў у сваёй кватэры, у Валоміне пад Варшавай. На стале ляжала ўрадавая тэлеграма, каб пачынаў, без адвалок, лекарскую працу ў раёне. Назаўтра я пытаюся маю гаспадыню Марыю:

— А дзе-ж мае запасы?

— О, я зараз-жа пайду й куплю, грошы маю!..

— Зь месца ідзіце й купіце, што вам даручана!

Марыя пайшла. Пасьля 20 часінаў вяртаецца з крыкам:

— Пане доктар, што гэта сталася! На маіх вачох усе крамы пазачынялі й ніхто нічога не прадае.

Я зь літасьцяй паглядзеў на непрадбачлівую Марыю ды загадаў бегчы за чыгунку, дзе малыя крамы можа яшчэ не пазачынялі. Там яна запраўды дастала 5 кг. круп, фунт солі й пару селядцоў. Крамаў гандляры не адкрылі, не зважаючы на грозныя загады маршала Рыдза-Сьміглага ды Костка-Бернацкага.

ВАЙНА ПАЧАЛАСЯ

Раніцай 1-га верасьня 1939 году пяць магутных нямецкіх арміяў заатакавала Польшчу з трох бакоў. 6000 нямецкіх танкаў кацілася на Варшаву. 2000 самалётаў бамбардавала амаль бязупынна сталіцу й важнейшыя аб'екты ўсёй Польшчы. Чорныя клубы дыму з запаленых складоў у Варшаве сягалі на кілямэтры ўзвыш. Палякі бараніліся мужна, але тэхнічная перавага Немцаў давала хуткае вырашэньне.

З Валоміна выглядала, што найвялікшыя паветраныя атакі на Варшаву ішлі з Усходняй Прусіі. Кожныя дзьве-тры гадзіны каля 100 бамбавозаў сунулася з грукатам матораў з паўночнага ўсходу й ськідала сьмертаносныя бомбы. Адны зь іх былі разбураючыя, вагі ад 50 да 1000 кг., іншыя малыя, запальваючыя. Кожны налёт пачынаўся грымотамі ўзрываў, стралянінай, часам баямі ў паветры, а канчаўся заравамі пажараў, вялізнымі клубамі дыму ды панікай жыхарства.

Трэцяга дня вайны мяне прыдзялілі да антыдэсанцкіх аддзелаў. Я меў даваць лекарскую дапамогу вайсковым ня толькі на станцыі, але, калі зайдзе патрэба, і ў полі. І вось 5 верасьня два самалёты закружыліся ў паветры, абстрэльвалі адзін аднаго, ажно самалёт нямецкі бухнуў полымем і, абвіты клубамі дыму, зьляцеў за Кабылкай. Мы кінуліся ехаць туды на самакатах, ды аказалася, што было гэта ад нас за 8 км.

Самалёт, часткі якога былі параскіданыя на дзясяткі мэтраў, яшчэ дымеў, гарэў. Цела аднаго лятуна ляжала выкінутае, другі-ж спусьціўся на парашуце й зьнік сярод будынкаў. Каля самалёту ляжала, не ўзарваўшыся, бомба кг. 500. Зьбеглася каля паўтысячы чалавек, усе гарэлі нянавісьцяй да Немцаў, ды на памятку й памыснасьць вайны паразьбіралі па кусочку самалёт. Я атрымаў ручку з псэўдагумовай масы.

Ад сёмага дня вайны, на загад ураду, усе маладыя людзі павінны былі ісьці на ўсход і дзесь тварыць абаронную лінію. Вынікам гэтага на дарогах паўстаў бескантрольны натоўп, які неміласэрна атакавала нямецкае лятунства. Рухацца мы маглі толькі ўдзень, бо ноччу адбываліся тайныя манэўры войска й ніхто ня меў права выходзіць з хаты. Усе агні былі патушаныя, вокны заслоненыя. Быў выпадак, калі на Тарговай вуліцы ў Празе[1] нямецкі агент застрачыў па калёне войска з кулямёту.

8 верасьня на спакойны Валомін напала сем нямецкіх бамбавозаў. Яны разбурылі каля 20 дамоў, спалілі суседнюю вёску, забілі 120 чалавек, ранілі каля 350. Людзі аддана дапамагалі адзін аднаму. Шпіталь зрабілі зь мясцовай школы, ложкі й бялізну прынесьлі людзі, лекі давалі бясплатна аптэкары, скаўткі былі сёстрамі, а 7 лекараў працавала 12 гадзінаў, каб абслужыць раненых. Агульнае ўражаньне было вельмі цяжкое: усюды лілася кроў, усюды енкі й плач. Адзін лекар дастаў атаку сэрца ды ледзь сам не памёр.

Страты ў людзях былі-б яшчэ большыя, але 14 бомбаў, па 100 кг. кожная, не ўзарвалася. Сапэры іх пасьля вывезьлі ў балота.

Сцэны з раненымі цяжка перадаць на паперы: дзяцюк завіс ад узрыву на паркане; жанчына мела абдзёртую ўсю скуру на твары й жываце; шмат было непрытомных; іншыя мелі паламаныя рукі й ногі; страшна крычала студэнтка гуманістыкі — мела малы камушок у сядзеньні. 14 верасьня варожы абруч навокал Варшавы замкнуўся. Яе абаронцам стаў генэрал Чума, грузін па нацыянальнасьці, меў стотысячную армію.

17 верасьня да Валоміна з захаду пад'ехалі нямецкія панцырныя аўтамабілі. Нямецкі прадстаўнік даручыў мясцоваму бурмістру й паліцыі трымаць места ў парадку ды выконваць нямецкія загады.

Як і перад гэтым, на загад быццам кагосьці безадказнага з польскага радыя, польская баявая сіла валіла на ўсход у кірунку Берасьця. Прэзыдэнт Ігнат Масьціцкі, які 1 верасьня выдаў загад змагацца «ў імя Божае» з адвечным ворагам, нідзе цяпер не адзываўся. Дзеля гэтага паўставалі плёткі — страшная рэч у вайну! — што ён забіты, што недзе схаваўся, што ўцёк заграніцу. Аб урадзе хадзілі чуткі, што быў у Берасьці, пасьля-ж каля Львова.

Маральнай сілай усёй Польшчы стаўся ўспомнены ген. Чума, абаронца Варшавы, ды гарачы патрыёт, бурмістр Варшавы, Старжынскі. Ягоныя палкія штодзённыя прамовы, яго баявы дух і арганізацыйныя здольнасьці, шмат дапамаглі Палякам у барацьбе зь Немцамі ды заважылі на ўсім ходзе нямецкае агрэсіі. Недахоп-жа ўрадавых камунікатаў, таемнае палажэньне прэзыдэнта ды ягонае маўчаньне, паважна падкапалі баявую мараль польскага народу.

Абкружаная Варшава змагалася й цярпела. Удзень, кожныя дзьве гадзіны рэгулярна, былі налёты, уночы-ж гудзелі бесьперапынна гарматы. Гітлер асабіста наглядаў за атакамі. 24 верасьня з Варшавы выехалі на лімузінах, у кірунку Ўсходніх Прусаў, усе дыпламатычныя прадстаўнікі.

Варшава вытрымала яшчэ колькі нямецкіх атакаў і штурмаў, тысячы Немцаў лягло на прадмесьцях. І толькі пасьля 48 гадзінаў няспыннага бамбардаваньня ды абстрэльваньня, калі была разьбітая станцыя вадзяных помпаў, а за трупамі ня можна было прайсьці па вуліцах, 27 верасьня места вывесіла белы сьцяг. Варшавы Немцы не здабылі аружжам, узялі яе толькі голадам, недахопам вады і эпідэміямі. Генэрал Чума, як прафэсійны жаўнер, правільна ацаніў палажэньне й захаваў жыхарства Варшавы ад далейшае масакры. Лекцыю гэтую за пяць гадоў забыліся польскія палітыкі ў Лёндане. У жніўні-кастрычніку 1944 году яны паднялі ў Варшаве паўстаньне й давялі места да руіны. Польшча ня ўпяршыню ў гісторыі паддалася пераможцам, ейныя-ж гордыя паны пайшлі ў няволю ды на зьдзек сваіх адвечных ворагаў.

А што-ж тымчасам дзеілася на Польшчы ўсходзе?

На досьвітку 17 верасьня 1939 году, калі змаганьне Палякаў зь Немцамі было ў поўным разгары, Масква піхнула свае горды на захоп Заходняй Беларусі й Украіны. У бальшыні выпадкаў Палякі спатыкалі бальшавікоў варожа, былі паадзіночныя перастрэлкі, а пад Львовам вялікая бітва. Ды былі й выпадкі, калі польскія адміністрацыйныя ўлады спатыкалі бальшавікоў з кветкамі, хлебам і соляй, бо думалі, што гэта й натуральныя, і паводле дамоваў, іхныя саюзьнікі ў змаганьні зь Нямеччынай.

З усходу аднак-жа ішлі ня колішнія драбы Вялікага Княства Літоўскага. Ня ішла вольная казацкая ватага з Украіны, што Немца ўважала за звычайную нечысьць. Не загрыміць па сьвеце нанава слава супольнае перамогі пад Грунвальдам, бо былыя 400-годнія пабратымцы Польшчы цяпер 20 гадоў цярпелі самі закутыя ў польскай няволі. У Польшчу ішлі цяпер з усходу азіяты, з шэрымі як зямля тварамі, з злоснай усьмешкай, з штыкамі ў руках, каб убіць іх у плечы польскім ваякам, каб рыхтаваць ім пасьля масавыя магільныя ямы ў Катыні.

Паводле першае ўмовы Рыбэнтропа з Молатавым, Саветы мелі заняць Польшчу аж да Віслы. Ды ў апошнюю мінуту яны здаволіліся беларуска-ўкраінскімі землямі Польшчы, а ад Гітлера затое дасталі права на пашырэньне сваіх уплываў у Прыбалтыцы, гэта значыць, што пры першай нагодзе Масква магла забраць сабе Летуву, Латвію й Эстонію, якіх уважала за верад на сваім вялікадзяржаўным расейскім целе, што ў 1919 годзе ім насадзіла Англія.

У дзень савецкага нападу да Украінцаў і Беларусаў прачула прамова, як да «братоў», якіх мучылі польскія паны, Молатаў абяцаў шырокае разьвіцьцё беларускай і ўкраінскай нацыянальнай культуры. У Варшаве нам здавалася, што мо й запраўды Саветы перамянілі народагубны курс ды імкнуцца да нармальнага сужыцьця з братнімі народамі.

З савецкага таксама радыя мы даведаліся, што польскі прэзыдэнт з урадам і бальшынёй важнейшых вайскоўцаў, прысьпешаным тэмпам пераходзяць праз мосьцік на Пруце ў Румынію, дзе румынскія ўлады іх усіх інтэрнуюць.

Тымчасам Немцы ў Польшчы пачалі заводзіць «новыя парадкі» — парадкі арганізаванага рабунку, гвалту, тэрору й зьдзеку. Перш за ўсё з сьценаў будынкаў і платоў пазьнікалі польскія адозвы «До бою!», а на іх месца зьявіліся нямецкія загады «Ахтунг! Ахтунг!»[2] За непаслухмянасьць нямецкім уладам — расстрэл. За перахоўваньне зброі — расстрэл. Усе вайскоўцы павінны здавацца ў палон, а хто ня пойдзе — расстрэл. Калі жанчына заразіць Немца вэнэрычнай хваробай — расстрэл. Хто робіць сабатаж, займаецца шпіянажам, арганізуе тайныя арганізацыі — расстрэл! — і г. д., і г. д., і г. д.

Другая адозва была крыху спакайнейшая. У ёй загадвалася, што кожны тубылец павінен даваць праход для Немца на ходніку й вуліцы ды, здымаючы шапку, кланяцца. Невыкананьне гэтага загаду давала Немцам права біць Палякам па тварах, што яны й рабілі й паадзіночна, і гуртам. Стане вось грамада маладых Немцаў на рагу Новага Сьвету й Алеяў Ерузалімскіх ды лупяць праходзячых па тварах за парушэньне закону аб добрых манерах. Хто меў довад, што ён не Паляк, таго ня білі, але памылкі здараліся.

Жыдам было загадана хадзіць толькі па праезджай, а не па тратуары, і то гуськом адзін за адным. Усе яны мусілі насіць жоўтыя сіенскія зоркі сьпераду й ззаду. Палякі-ж вывезеныя ў Нямеччыну й на польскіх, далучаных да Нямеччыны, землях, насілі літару «П». Хутка безадказныя адзінкі пачалі нападаць на Жыдоў ды грабіць іх маёмасьць. За колькі тыдняў Немцы пазганялі Жыдоў у замкнутую частку места, у гетта, і тады яны ўжо не хадзілі свабодна, а толькі пад нямецкай кантроляй.

Немцы пакінулі пры іхных абавязках польскую паліцыю, адміністрацыю, чыгуначнікаў, лясьнікоў ды іншых, наколькі яны былі ім патрэбныя. Шмат якія Палякі ўважалі гэта за супрацоўніцтва з ворагам ды здраду. Далей пайшлі арышты. Людзі гінулі з хатаў, урадаў, з вуліцы. Ніхто ня быў пэўны свае свабоды. Некаторых з арыштаваных расстрэльвалі тут-жа, іншых адвозілі ў лягеры зьняволеных.

Непадалёк дому дзе я жыў Немцы зрабілі бойню й забівалі сотні кароў на мяса для войска. Кожнай раніцы цягнулі кароў у бойню, а за імі галасілі Мазуркі, малілі аддаць апошнюю ў сям'і кароўку. Жанчынаў Немцы адганялі пугамі, а па забітай жывёле толькі ногі й галовы выкідалі для «тубыльцаў» — «айнгаймініэ».

2 кастрычніка я зь інжынерам Вэрчынскім самакатамі адведалі Варшаву. На 22-х кілямэтрах трасы адны руіны, пагарэлыя хаты й крыжы над пахаванымі. Мы ўважна пахадзілі па цэнтральнай Варшаве, дзе колькі кварталаў было зусім выпалена, іншыя-ж разбураны бомбамі ды гарматнымі снарадамі. Месцамі за кучамі развалінаў ня можна было й прайсьці. Па ходніках і пляцах усюды магілкі й крыжы з дошчачак.

Грамады людзей, пад наглядам Немцаў, ачышчалі вуліцы ад развалінаў і грузу. Транспарту ня было ніякога. Па ачышчаных вуліцах перасоўвалася, зь дзёрзкімі мінамі, толькі нямецкае войска. На вуліцы Кашыковай не засталося й сьледу ад дому, дзе мясьціўся Беларускі Студэнцкі Саюз. Дачуўся толькі ад знаёмых, што мой сябра, Язэп Гапановіч, застаўся жывы. Голад ня толькі дакучаў людзям, але, здаецца, вісеў у паветры. На вачох усіх людзі абразалі мяса з забітай жывёлы, у крамах-жа прадавалі конскае мяса з пабітых коняў слаўнае польскае кавалерыі.

Змучаныя фізычна й яшчэ больш псыхічна, змрокам мы вярнуліся дамоў.

— Толькі за нейкіх дваццаць пяць гадоў можна будзе адбудаваць нашу прыгажуню Варшаву! — сказаў інжынер Вэрчынскі.

У 1943 годзе яго зьнішчылі ў канцэнтрацыйным лягеры Дахаў.

ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ

Прайшло колькі тыдняў у безнадзейным чаканьні. Нямецка-савецкая граніца была ўстаноўленая на Бугу. Беларускія жаўнеры польскага войска, адпушчаныя зь нямецкага палону, бесьперарыўным амаль шнуром ішлі ўздоўж чыгункі на поўнач, за Буг, дамоў.

Пасьля доўгіх разважаньняў, наважыў і я ехаць да Вільні, дзе спадзяваўся лепшых умоваў грамадзкае працы. Хутка знайшліся спадарожнікі, нанялі падводу. Іх скромны набытак, мой габінэт і бібліятэку, усклалі на воз, самакаты ў рукі, ды пайшлі на Радзімін і далей на поўнач. Гэтак 23 кастрычніка й я стаўся ваенным уцекачом.

Разам з намі сунуліся на поўнач тысячы Жыдоў ды групкі польскіх камуністаў. Паабапал дарогі валяліся аўтамашыны, грузавікі, павозкі, ды розная ваенная снасьць. Дзе-ня-дзе ляжаў забіты конь, віднеліся крыжы над магілкамі жаўнераў. Па небе ўвіваліся крукі й вароны, стралою падалі на астаткі падліны. Вёскі здалёк сьвяціліся белымі комінамі на чорных жудасных папялішчах. Мне ўспомніліся словы С. Жэромскага: «Разьдзяўбуць нас крукі, вароны!» Баі зь Немцамі ў гэтай мясцовасьці трывалі аж дзесяць дзён. Вось што мне расказаў уласьнік баёў С. Багушэўскі:

— Днём Немцы бесьперарыўна б'юць з гарматаў, сякуць зь летакоў кулямётамі, і мы ўцякаем ды хаваемся ў кусты, лясы й ручаі. Затое-ж уночы мы ім давалі!.. Немцы лезуць, як жабы, праз Буг, мы-ж падпусьцім іх да палавіны ракі, а тады як секанем з кулямётаў і стрэльбаў, дык толькі балбатня пойдзе па вадзе, а пасьля люстра Бугу ізноў стае гладкім. Абышлі нас Немцы з поўначы.

Нямецкія зматарызаваныя адзінкі дзень і ноч цягнулі на захад. Відаць было, што Гітлер вельмі сьпяшаўся. У Вышкове Мазавецкім мы выбралі ад нямецкае паліцыі пропускі й пайшлі да граніцы.

Вось і пераходны пункт. Грамада Жыдоў, каля 150 чалавек, стаяла акружаная Немцамі, а збоку, каля 15 чалавек наськіх. Жыдоў дзялілі групамі і ў невялікім будынку неміласэрна рэвідавалі. Перабіралі кожны рубец, кожную коўдру, кожны лахман. Маладых Жыдоў і Жыдовак разьдзявалі да кашулі. Апошніх ставілі ракам і «рыцар новага парадку на Усходзе» шукаў залатых рэчаў і дыямэнтаў у натуральных праходах. Тэмпэратура была каля 5 °С, падуваў халодны вецярок. Адабраўшы ад Жыдоў усё, што мела нейкую вартасьць, Немец крычаў«Гэраўс!»[3], і за пару хвілін пляц быў вольны.

Прыйшла чарга на нас. Трубка майго палатна, пару інструмэнтаў, пайшлі на кучу ваенных трафеяў. СД паручнік прычапіўся да мяне, што я «юдэ»[4], але мы ўсе гэтаму запярэчылі. Тады Немец кінуўся да мяне, чаму я еду да камуністаў. Я адказаў:

— Еду-ж да вашых прыяцеляў!

— Зі зінд кайнэ унзэрэ фройндэ![5] — запярэчыў паручнік.

Гэтак выкінулі нас на паласу нічыёй зямлі, дзе вось зыйшліся два сьмяротныя ворагі, што як сабакі тымчасам толькі нюхаліся, каб праз хвіліну распачаць сьмяротную разьню. Побач з намі ішлі Жыды й Жыдоўкі, нясьлі, цягнулі й кацілі рэшткі незавіднай маёмасьці. Яны голасна, паўсходняму завываючы, пракліналі Немцаў ды з радасьцяй уваходзілі ў «райскую» зямлю пралетарскай дыктатуры. Гэтак выглядала другая, папраўленая, лінія разьмежаваньня Рыбэнтроп-Молатаў.

Прывалокшыся да гранічнага пункту, мы затрымаліся. Хутка падышоў да нас аддзел савецкіх байцоў у сіле 12 чалавек, зь вінтоўкамі ў руках. Камандаваў імі васпаваты падафіцэр азіяцкага паходжаньня. Пасьля 20 гадоў я ізноў пабачыў савецкіх ваякаў: худыя, абдзёртыя, з тварамі бяз усьмешкі ды шэрымі, як зямля. Праверыўшы нашыя дакумэнты, яны падагналі нам падводу, каб адвезьці ўсіх у зборны пункт.

Я засьцярог, што жаўнеры граматныя, трымаюцца спакойна ды з падцішка грызуць моркву. Іх веку ня можна было азначыць, бо ўсе былі пахмурныя, худыя і выглядалі шмат старэйшымі за свае гады. Байцу, які паклаў на воз нашыя рэчы, я хацеў падараваць гадзіньнік, але ён ня прыняў дарма, заплаціў мне дзесяць рублёў.

Калі селі на воз, мы ад возьніка даведаліся, што лепш ня ехаць на зборны пункт, але пераначаваць у ягонай хаце, ды пасьля ехаць у кірунку Беластоку. Калі мы гасьцілі ў гаспадара, да нас зьявіўся савецкі шпіцаль: дзяцюк гадоў 19, скамунізаваны да шпіку касьці. Ён вельмі хваліўся савецкімі дасягненьнямі, прыкладам, сьмертаноснымі праменьнямі, што маюць запаліваць на ляту варожыя самалёты. Ёй меўся нас назаўтра даставіць у зборны пункт, ды мы выехалі додня ў Зарэмбы Касьцельныя, бо туды даходзіў зь Беластоку цягнік.

Ноччу перад выездам мяне наведала група Жыдоў з Пултуска ды Выткана. Працавалі яны ў Немцаў на акопах, а як працы закончылі, Немцы выкінулі іх у Саветы. Цяпер яны хацелі забраць свае сем'і зь Генэральнай Губэрні. Расказаў я ім падрабязна, як Немцы зьдзекуюцца над Жыдамі, забіраюць іх маёмасьць ды заганяюць у гетта. Жыды амаль усю ноч енчылі, гаманілі ды ўсё мяне распытвалі, пад раніцу-ж усе пайшлі па свае сем'і.

У Зарэмбах Касьцельных набралася за пару тысячаў людзей. Есьці ня было чаго. Усе чакалі на цягнік. Каля паўдня прыйшоў цягнік таварны. На працягу 15 часінаў 30 вагонаў напоўнілася народам і хатомкамі. У дарозе людзі задорна дыскутавалі з Жыдамі, якія выражалі свой жаль да польскіх уладаў за тое, што іх ня прымалі ў войска, на чыгунку, пошту, банкі, у міністэрствы, а на ўнівэрсытэты толькі абмежаны лік.

У Беластоку мае прыгодныя таварышы падарожжа павыскаквалі зь цягніка. На разьвітаньне ў нас няшмат знайшлося да гутаркі. Яны шукалі працы ў Саветах, я-ж меў свае пляны, трымаўся ад іх воддаль. Мне пашчасьлівіла, бо мой цягнік ішоў проста да Вільні. Праяжджаючы праз Горадню я ўспомніў што два тыдні таму мне расказваў кіраўнік пагранічнай жандармэрыі, капітан Н.:

— Я быў назначаны кіраваць абаронай Горадні. Адна наша рота жаўнераў, бяз танкаў ды артылерыі, не магла ставіць супраціву бальшавіцкім панцырным адзінкам і таму мы наважылі здаць места бяз бою. У гэты момант 16-ці гадовая вучаніца гімназіі ўзарвала на вуліцы Арэшчыхі бальшавіцкі танк, кінуўшы на яго запаленую бутэльку з газай, г. зв. кактэйль Молатава. У іншых пунктах места ўспыхнулі сутычкі — студэнты, гімназісты, паліцыя, работнікі, урадаўцы й агароднікі сталі страляць па няпрошаных «асвабадзіцелях». Мая рота амаль самавольна пайшла ў бой. Пасьля гадзіны бою было спалена яшчэ 6 танкаў і зьбянтэжаная бальшавіцкая пехата кінулася на ўцёкі. Радасьць пераможцаў была нячуваная. Білі званы ў касьцёлах і цэрквах, увесь народ выйшаў на вуліцы, сьпявалі патрыятычныя песьні, цешыліся зь перамогі над агрэсарам. Гэтая радасьць трывала аднак-жа толькі 48 гадзінаў. Бальшавікі абыйшлі места наўкольлем з паўночна-ўсходняга боку ды сталі абстрэліваць з кулямётаў і гаўбіцаў. Тым самым часам каля 20 танкаў паволі, страляючы, пасоўвалася да цэнтру места. Я з маімі жаўнерамі перайшоў на левы бераг Нёману.

Прайшло толькі сем тыдняў ад часу, калі я тут праяжджаў. Сьвяцілася тады элеганцыя вайсковых ды ўрадаўцаў, шуршэлі ядвабныя сутаны духоўных, важна пахаджвалі напышаныя польскія паліцыянты, снавалі навокала гаваркія, прыгожа адзетыя жанчыны… Цяпер усё гэта зьнікла беспаваротна. Прыйшлі з захаду і ўсходу новыя людзі, загаварылі іншымі мовамі. Выгляд усіх цяпер быў шэры й прыгнечаны. Гэтак усё хутка мяняецца ў вырашальныя дні гісторыі.

Цяпер я ўжо еду да Вільні. Ізноў поўна Жыдоў, што едуць проста да Масквы, ды ізноў гарачыя дыскусіі, чаму ды як упала Польшча. Усе былі абдзёртыя, паўгалодныя, перамучаныя. Дыспутавалі аднак-жа вельмі ахвотна. Мне толькі стала вельмі няпрыемна, калі ў майго дыспутанта я заўважыў вялікую адзежную вош.

Калі прыехаў да Вільні, уздыхнуў вальней, бо быў пэўны, што тут няма ніякіх вывазаў. На станцыі я аддаў мае рэчы на перахаваньне й атрымаў квітанцыю на незразумелай мне жмудзкай мове. Нашая сталіца здалася мне шэрай, штодзённай ды абдзёртай з элеганцыі й вясёласьці. Перапалоханыя людзі тысячамі перавалівалі па галоўных вуліцах места. Былі тут студэнты, багацейшыя сяляне, шляхта, былыя паліцыянты, вайсковыя ды ўрадаўцы, што схаваліся ад савецкае ўлады. Усе жылі, выдавалі, ня маючы ніякіх прыбыткаў. На рынках і ў адмысловых крамах прадаваліся ўсякія ўжываныя рэчы, як хутры, кажухі, абутак, біжутэрыя, лялькі, старыя дываны й іншае.

Хутка я выехаў на працу да Рэшы. Наняў 2 пакоі ў новым доме ды пры 30–40 градусах марозу жыў без апалу. У мяне замярзала малако, чарніла, я ня мог разьдзець у габінэце хворых і мусіў спаць надзеўшыся. Сухія дровы ляжалі ў суседнім лесе, але каб іх за грошы дастаць, трэба было мець пасьведчаньне нейкага «віршынінка»[6] ў Вільні, наняць падводу, заплаціць грошы лясьніку на мейсцы, усім па чарзе даць узяткі, і тады толькі дастанеш кубамэтр дроў. Быў гэта адзін з мэтадаў зьдзеку Летувісаў над адвечным мясцовым беларускім жыхарствам.

Спаткаў я тут і цікавых людзей. Суседні вось маёнтак Рушчыца перапоўнены польскімі вайсковымі ўцекачамі. Панатварылі яны тут сабе розныя пасады, як кіраўніка канюшні, кароўніка, сьвінарніка, плодазьменаў, прадукцыі корму й г. д., а фактычна займаліся, апроч распусты, вайсковымі справамі: зьбіралі ды перахоўвалі аружжа, праводзілі лекцыі на вайсковыя тэмы, слухалі лёнданскае радыё й шырока займаліся шаптанай прапагандай. Іх правадыром быў рэктар Духоўнай сэмінарыі ў Ломжы, кс. П. Правёў я зь ім шмат гутарак на вячорных пагулянках.

Чатыры ўрадоўцы пошты ды валасной управы былі прывезеныя з Жмудзі. Яны цэлымі днямі гулялі ў карты, пілі гарэлку, ды часта біліся міжсобку за падзел «банкавых» грошаў.

Калі Гітлер напаў на Польшчу, ён плянаваў, што як і ў Аўстрыі ды Чэхаславаччыне, шантажом, тэрорам ды маланкавым ударам за два тыдні зломе польскі супраціў, а тады, яшчэ перад зімой, пакуль Аліянты не падрыхтаваныя, піхне свае арміі на Францыю. Тымчасам Адольфу падвіхнулася нага: ягоныя арміі затрымаліся ў Польшчы больш двух месяцаў. Атакаваць Францыю зімой ня было як, давялося чакаць вясны 1940 году. Аліянты гэтым-жа часам правялі мабілізацыю, пераставілі індустрыю на патрэбы вайны, пасьпешна змабілізавалі ды перашколілі авіяцыйныя кадры, ды пастараліся ўсьведаміць сусьветную апінію пра нацыстоўскую небясьпеку й зьверствы.

Гэтак раскачалася Гітлерава «маланкавая» на шэсьць гадоў вайна, што двойчы крывавым валам перакацілася праз нашу бацькаўшчыну.

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПЕРАД ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНОЙ

Перад самым выбухам Другой Сусьветнай вайны жыцьцё ў Заходняй Беларусі было пад цяжкім прэсам польскага нацыяналізму. Беларускі нацыянальны рух ледзь зіпаў пад няспыннымі прасьледамі польскіх паліцыйна-адміністрацыйных уладаў, што маніліся ў блізкай ужо будучыні на беларускіх землях вынішчыць усякую беларушчыну. Газэты й часопісы, беларускі друк, былі ў клешчах жорсткае цэнзуры. Калі наагул маглі выходзіць, дык з частымі вялікімі белымі плямамі. За гэтыя плямы трэба было пасьля ісьці пад суд адказным рэдактарам.

З часопісаў і газэт выходзілі: «Беларуская крыніца» (закрытая загадам уладаў колькі гадоў да вайны), «Беларускі фронт», «Шлях моладзі», «Хрысьціянская думка», «Калосьсе», «Беларускі летапіс», ды колькі іншых дробных публікацыяў. Беларускі рух тады выражаўся трыма кірункамі.

Незалежніцкі лагер складаўся з колькіх розных напрамкаў. Сюды ўваходзілі: Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (БХД), коратка перад вайной пераназваная «Беларускім Народным Аб'еднаньнем», з установамі — Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры, кнігарня й выдавецтва «Пагоня», друкарня імя Ф. Скарыны, «Беларускі Каталіцкі Камітэт у Вільні», ды часопісамі «Беларуская крыніца», «Шлях моладзі», літаратурна-навуковы часопіс «Калосьсе», «Хрысьціянская думка», «Бюлетэнь бялорускі» (выдаваўся папольску). На чале гэтага табару стаяў айцец Адам Станкевіч.

Другім, больш радыкальным, незалежніцкім напрамкам быў «Беларускі фронт» зь месячнікам таго самага назову, які ваяўніча ставіўся й да бальшавіцкай дывэрсіі «народнага фронту» й да польскай санарыйна-эндацкай палітыкі, і да гітлерызму, ды арыентаваўся на палітычна-нацыяняльнае адраджэньне беларускага народу ў духу яго гістарычных традыцыяў. Да гэтае групы прымыкалі: частка інтэлігенцыі з БХД, зь Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Навуковага Таварыства, частка беларускага духавенства. Правадыром гэтага кірунку быў айцец Вінцэсь Гадлеўскі.

На груньце незалежніцкіх ідэалаў стаялі й невялікія групы: Беларускіх нацыянал-сацыялістаў з ворганам «Новы шлях» (Акінчыц, Казлоўскі), Беларускіх эсэраў з ворганам «Золак» (Чарноцкі, Бусел, Аніська), і гэтак званая «лявіца» — рэшткі разгромленай Палякамі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, Таварыства Беларускае Школы, працаўнікі Беларускага Банку.

Другую групу тварылі гэтак званыя «комікі», сябры нелегальнае Камуністычнае Партыі Заходняе Беларусі (КПЗБ), падпольнага камсамолу ды іх сымпатыю, бальшавіцкія агенты, варожа настаўленыя да ідэі незалежнасьці Беларусі. Яны вялі падпольную дывэрсію супраць незалежніцкіх кірункаў. Гэтая група была моцна насычаная агентамі польскае выведкі зь віленскае ваяводзкае «двойкі» Панскага. Дайшло да таго, што агент выведкі Стральчук быў «інспэктарам» КПЗБ (ранены Прыпяцкім у часе судовага працэсу ў Вільні). Калі пазьней Заходнюю Беларусь занялі бальшавікі, усе сябры КПЗБ і камсамолу былі на чорным сьпіску галоўнага пракурора СССР, падлягалі арышту й сьледзтву.

Трэцюю групу, вельмі малую, тварылі г. зв. «палянафілы», што з польскай інсьпірацыі спрабавалі тварыць фронт палітычнага супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Сюды прымыкаў Радаслаў Астроўскі, часткова А. Луцкевіч. На пачатку 1930-х гадоў была створаная пры Віленскім унівэрсытэце ды ўтрымліваная субсыдыямі з «двойкі» Ясінскага й карпарацыя «Скарынія», якая мела ахапіць беларускіх студэнтаў палянафільскага кірунку. Ды пасьля колькіх гадоў «Скарынія» развалілася.

Хутка й Радаслаў Астроўскі апынуўся ў няласцы Палякоў, ды ў другой палове 1930-х гадоў быў зь Вільні пераведзены да настаўніцкае працы на польскія землі ў места Лодзь. Ды й як магло разьвівацца сярод Беларусаў палянафільства, калі польскі ўрад цынічна прарочыў, што за 50 гадоў на тэрыторыі польскае Рэчыпаспалітае ня будзе й сьледу нейкае беларушчыны і для гэтага ваяводы віленскі, наваградзкі, палескі ды беластоцкі глумілі найменшыя праявы беларускай культурна-нацыянальнай дзейнасьці сярод народу?

БАЛЬШАВІКІ Ў ВІЛЬНІ

Паміж 17 ды 25 верасьнем 1939 году бальшавікі, згодна з сваёй дамоўленасьцю зь Гітлерам, занялі землі Заходняе Беларусі. У дамове бальшавікоў з нацыстамі было сказана, што Немцы забяруць Польшчу па Віслу. Саветы-ж акупуюць тэрыторыю на ўсход ад Віслы. Вось таму, калі Немцы былі ўжо даўно пад Варшавай, ды ўжо набліжаліся й да Львова. 17 верасьня Сталін даў загад убіць нож у сьпіну адступаючым польскім войскам.

Пакуль савецкая «тэхніка» разгарнулася, Немцы перайшлі дамоўленую лінію падзелу польскай дзяржавы ды накінулі бальшавіком другую лінію падзелу — па рацэ Буг. Вось гэтак дайшло да «вызваленьня» Масквою земляў Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны. Чырвонай Маскве гэтае «вызваленьне» абышлося бяз большых стратаў. На беларускай тэрыторыі былі толькі невялікія баі ў раёне Горадні ды Вільні з польскімі вайсковымі групамі, што намагаліся адыйсьці ў Летуву.

Беларускае жыхарства прыняло бальшавіцкае «вызваленьне» насцярожана. Шырока была ведамая жорсткая расправа Масквы з усім беларускім нацыянальна-культурным актывам, што ад гадоў дзесяці праводзілася ў БССР, расправа над былымі пасламі Грамады й клюбу Змаганьня. Даходзілі чуткі й пра масавы партыйны тэрор над сялянствам, пра масавыя арышты, ссылкі ў канцэнтрацыйныя лягеры, расстрэлы беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, настаўнікаў, беларускае інтэлігенцыі наагул.

Ды Беларусы Заходняе Беларусі хоць і ведалі, што й ад новага пана цяжка спадзявацца нечага лепшага, не тварылі нейкіх антыбальшавіцкіх асяродкаў супраціву. За 20 гадоў у прыску польскае шавіністычнае палітыкі й нацыянальнага прасьледу, яны былі моцна аслабленыя. Бальшавікоў не сустракалі з кветкамі, але зь цікавасьцю мацалі іх прымітыўную сьмярдзючую вопратку, глядзелі на іх зьбяднелыя твары, на іх вайсковыя харчы з сушанай рыбы «облы», на брэзэнтовы, жалю годны, абутак. Наглядна можна было бачыць праўду народнае пагаворкі: «Відаць пана па халявах».

Пра настроі Беларусаў здавалі сабе справу й бальшавікі. Яны ведалі, што асяродкам усяго беларускага палітычнага руху была старая сталіца Вялікага Княства Літоўскага Вільня. І Вільню яны спачатку апавесьцілі сталіцаю Заходняе Беларусі, мову беларускую прызналі за афіцыйную мову, выдавалі штодзённыя ды іншыя газэты пабеларуску, арганізавалі беларускае школьніцтва, засноўвалі свае беларускія арганізацыі. Ды трывала гэта вельмі коратка, каля пяці тыдняў.

Націскаючы на Летуву, ды іншыя балцкія краі, Масква гарантавалася, што ў абставінах ваеннае завірухі на захадзе Эўропы ёй будзе нагода захапіць усю Прыбалтыку. Ведаючы прэтэнзіі Летувісаў да Вільні, яна пасуліла, што перадасьць ім Вільню з часткай Віленшчыны за цану згоды на заснаваньне савецкіх вайсковых базаў у Аліце ды Новай Вялейцы. Летувісы хутка сьцямілі, што гэтая прапанова знача, ды склалі пагаворку: «Вільнюс мусу, Летува Русу» — «Вільня нашая, Летува руская».

Пра тактыку бальшавіцкіх валадароў акупаванае Вільні да Беларусоў вымоўна сьведчаць некаторыя канкрэтныя факты. Разам з рознымі іншымі мітынгамі ды зборкамі ў Вільні тады быў наладжаны й адумысны сход «беларускіх інтэлігентаў». Зьявілася на сход каля 80 беларускіх дзеячаў на чале з старшынём Беларускага Навуковага Таварыства ды дырэктарам Беларускага Музэю імя Івана Луцкевіча Антонам Луцкевічам, Вячаславам Багдановічам, Антонам Нэкандай-Трэпкам, ды іншымі. Як хутка выявілася, была гэта настаўленая пастка.

Хутка пасьля сходу ворганамі НКВД былі ў Вільні схопленыя вядучыя беларускія дзеячы, ды ў першую чаргу тыя, што былі на сходзе «беларускіх інтэлігентаў»: Антон Луцкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Антон Нэканда-Трэпка, Вінцэнты Грышкевіч, Макар Косьцевіч, Бусел, Самойла ды шмат іншых. Як адбываліся арышты паасобных беларускіх дзеячаў уявіць сабе можна з прабегу арышту рэдактара «Беларускае крыніцы» Янкі Пазьняка.[7]

А гадзіне 2 ночы, перад домам Локець 7 спынілася аўта НКВД, «чорны воран». Колькі энкавудзістаў, пад провадам мясцовага Жыда, стукаючы ў дом, крычала: «Хозяін отворі!» Янка Пазьняк не адчыняў. Тады энкавудзісты сталі ламаць дзьверы, але дубовыя дошкі не паддаваліся. Урэшце адзін зь іх выламаў у вакне фортачку ды ўлез у хату, зьедліва прыгаворваючы: «Іш, как здорава спіт!» Пазьняка паднялі на ногі, спраўдзілі дакумэнты, ды загадалі адзецца. У акружэньні заплаканай сям'і, жонкі ды дзяцей ён адзеўся скора. Тады яго пагналі ў грузавік. Янка Пазьняк ніколі не вярнуўся. Былі чуткі, што недзе ў ліпені 1941 году яго, разам з групай беларускай інтэлігенцыі, бальшавікі расстралялі ля ракі Вулы. Гэтак загінуў апошні рэдактар «Беларускае крыніцы», адзін зь верных сыноў беларускага народу.

22 кастрычніка 1939 году ў Вільню прыехалі начупыраныя, як пеўні, летувіскія паліцыянты, і хто ўцалеў ад арыштаў, той застаўся ў жывых. НКВД перад сваім адыходам грабіла што можна было грабіць, ды вывозіла на ўсход. Пасьля выезду НКВД людзі памалу ды нясьмела сталі паказвацца з сваіх сховішчаў. Вільня ўздыхнула свабадней, але па ўсёй Заходняй Беларусі шалеў далей бальшавіцкі тэрор, цягнікі зь зьняволенымі імчаліся на ўсход.

Вільня тымчасам пераходзіла ў рукі новых часовых валадароў, хоць, як прызнала сама Масква, места, як і яго навакольле, ня было летувіскім. Старшыня народных камісараў і камісар замежных справаў СССР, В. М. Молатаў, у сваёй прамове перад Вярхоўным Саветам СССР 31 кастрычніка 1939 году заявіў:

«Савецкі Саюз пайшоў на перадачу места Вільні Летувіскай рэспубліцы не таму, што ў ім пераважае летувіскае жыхарства. Не, у Вільні бальшыня жыхарства не летувіскае. Але савецкі ўрад лічыўся з гэтым, што места Вільня… павінна належыць Летуве, як места, зь якім, з аднаго боку зьвязанае гістарычнае мінулае летувіскае дзяржавы, а з другога — нацыянальныя спадзяваньні летувіскага народу».

«Известия» ды «Правда» І.XI.1939

З сваім адыходам зь Вільні бальшавіцкія ўлады апарожнівалі турмы, забіралі ўсё годнае ўвагі з крамаў, прадпрыемстваў, музэяў, навуковых установаў.

28 кастрычніка летувіская паліцыя поўнасьцю асадзіла места. Насіла яна сінія шынялі, чырвоныя адзнакі, з чырвонымі аколышкамі шапкі, ды гутарылі выключна пажамойцку. Дзеля іх пацешнага выгляду ды незразумелай мовы віленчукі дасьціпна празвалі іх «калакутасамі» — індыкамі. На другі дзень у Вільню ўвайшла брыгада летувіскага войска, а за ім сьпяшаліся сотні «шаўлісаў», каб заняць цёплыя пасады.

Жамойцкія збройныя аддзелы ўвайшлі ў Вільню як чужыя ў чужы сабе горад. У месьце тады ня было й 2 % летувіскага жыхарства й яно гублялася ў славянскім моры. Дзеля гэтага й іхняга войска ніхто не сустракаў, ніхто ня вітаў. Новым акупантам места давялося ўсьцяж насылаць з Коўні ды іншых сваіх гарадоў транспарты летувіскага жыхарства, каб адміністрацыйна апанаваць падараваную ім Вільню. Гэтак было іх навезена больш 20 тысячаў.

Хутка пайшлі новыя парадкі. Старых жыхароў, Палякаў і Беларусаў, выкідалі з гарадзкой управы, чыгункі, прадпрыемстваў і ўстановаў, школьніцтва, адміністрацыі. Іх месца займалі малапісьменныя наезьнікі. Хутка яны павывешвалі свае шыльды, пазьмянялі назовы вуліцаў на свой лад. Зразу ўвялі жамойцкую мову ўва ўсе ўрады і ўстановы. Цяпер Вільня сталася нямой: усюды патрэбны быў перакладчык. Людзі наракалі, клялі, бунтаваліся, што ня могуць згаварыцца ў сваім родным месьце ў сваіх сама пільных жыцьцёвых справах.

Каб прысьпяшыць веду мовы новае ўлады, давялося арганізаваць адумысныя курсы ўва ўсіх раёнах места, куды ў прымусовым парадку заганялі кожнага, хто недзе трымаўся на нейкай працы. Каб апанаваць віленскія касьцёлы — апрача касьцёлаў сьв. Яна й сьв. Казімера, што ім пераказала курыя — яны тварылі шаўліскія ды студэнцкія баёўкі, падымалі бойкі ў Вострай Браме, у Катэдры, ды іншых сьвятынях. Баёўкам заўсёды памагала паліцыя, якая хапала мужчынаў, жанчынаў і дзяцей, садзіла іх у турмы ды зьбівала. Падобны тэрор праводзіўся й па занятых Жамойцамі мястэчках Віленшчыны. Гэткага зьдзеклівага глуму нявіннага аўтахтоннага жыхарства мне больш нідзе не давялося бачыць, хоць зьведаў я паўсьвету.

У гэтыя змрочныя дні Вільні беларускае грамадзтва места пачало аглядацца, для абароны сваіх правоў, на Беларускі Нацыянальны Камітэт, што мясьціўся пры вуліцы Завальная 1. БНК — старая беларуская арганізацыя — ходаўся цяпер з новымі захопнікамі, каб аблегчыць долю сваіх суродзічаў. Беларусаў Жамойцы больш баяліся чым Палякаў. Калі БНК зьвярнуўся да старшыні места Сташыса, які дружыў зь беларускімі дзеячамі ў часы польскае ўлады, ён цынічна сказаў: «Шляхі нашыя разышліся. Мы дапялі свайго, дасталі Вільню, а вы ідзіце да свае мэты…» Гэткая была філязофія жамойцкага дзеяча, які, як і ўсе іншыя ягоныя пабратымцы, цешыўся з сталінскага падарунку беларускай Вільні.

Трэба было выявіць ды ўзяць на ўлік сьвядомы беларускі элемэнт у гэтым старым беларускім месьце. У памяшканьні БНК пачалася рэгістрацыя Беларусаў. Калі ў першым тыдні зарэгістравалася больш 5000 Беларусаў, жамойцкія ўлады выклікалі да сябе старшыню БНК, інж. Адольфа Клімовіча, ды загадалі яму спыніць «варожую» дзейнасьць. Пасьля доўгіх перамоваў наезьнікі ўрэшце абяцалі, што ня будуць выкідаць Беларусаў з урадаў, прадпрыемстваў і ўстановаў места Вільні дзеля іхняй беларускасьці. Нават абяцалі дазволіць беларускае школьніцтва. Ды гэта былі толькі абяцанкі. За кожную справу даводзілася, і цімала, змагацца. Мне самому давялося абіваць парогі ў летувіскім міністэрстве культуры й асьветы ў змаганьні за беларускія школы.

А было гэтак. Дзякуючы няўтомным стараньням а. Адама Станкевіча, А. Сакаловай, М. Анцукевіча і М. Пацюкевіча, за Беларусамі ўдалося затрымаць стары будынак Віленскай Беларускай Гімназіі ды адчыніць колькі беларускіх пачатковых школаў у Вільні й у Ашмяншчыне. Беларуская гімназія хутка скамплетавала 3 і 4 клясы, кожная па 40 вучняў. Але, калі дзеля вялікага ліку кандыдатаў, дырэкцыя гімнамі хацела адкрыць паралельныя клясы, Летувісы, відавочна, спалохаліся ды забаранілі прыймаць у адну клясу больш як па 40 вучняў.

Жамойцкі шавінізм шалеў па ўсёй Вільні, супроць Беларусаў асабліва. Жамойцы намагаліся захапіць Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Трывала доўгае й заўзятае змаганьне. Беларусы не здаліся: музэй застаўся ў іхных руках.

Жамойцы да таго былі асьлепленыя перадачаю ім Сталінам Вільні, што прымалі пакорна штораз новыя пасяганьні Масквы на іхнюю «незалежнасьць». Іхны прэм'ер Мэркіс толькі езьдзіў туды, каб падпісваць бальшавіцкія вымаганьні ў выглядзе «догавараў»! І бальшавікі ў Вільні і ўва ўсёй жамойцкай «дзяржаве» чуліся як у сябе дома. Савецкае пасольства на Вялікай Пагулянцы было закулісным «босам» усяе Жамойці. Туды ў 1940 годзе пайшла першамайская дэманстрацыя зь лёзунгамі супроць жамойцкай марыянеткі. Савецкія ваенныя базы разрасталіся да памераў шмат большых, чымся яны мелі быць паводле «дагаворанасьці».

ГУТАРКА З АЙЗІКАМ КУЧАРАМ

У сакавіку 1941 году, разам зь іншымі культурнымі дзеячамі БССР, Вільню наведаў і літаратурны крытык Алесь Айзік Кучар. Зьявіўся ён насамперш у Беларускі Музэй да Марыяна Пяцюкевіча, які тады быў дырэктарам музэю, ды выказаў жаданьне сустрэцца зь беларускімі дзеячамі. Сустрэча адбылася ў маім памяшканьні, на Кальварыйскай вуліцы. Былі прысутныя, апрача Кучара ды мяне, М. Пяцюкевіч, Ул. Казлоўскі, Ч. Будзька. Гутарка праходзіла ў атмасфэры шчырай, бяседнай.

Найперш мы хвалілі Кучара за ягоную стройную беларускую мову ды за працу на беларускай ніве, раўнуючы яго да Зьмітрака Бядулі. Я пры гэтым сказаў:

— Вы хоць і жыдоўскага паходжаньня, але добра заслужыліся для нас Беларусаў. Таму асаблівую чарку вып'ем за вашае здароўе!

Кучар не разгубіўся, падзякаваў, ды з свайго боку хваліў заходніх Беларусаў за тое, што вытрывалі польскую акупацыю. Годныя ўвагі былі словы Кучара па адрасу прысутнага Ў. Казлоўскага (Казлоўшчыка). Сваю характарыстыку гэтага паэты-пісьменьніка Кучар пачаў даволі дасьціпна.

— Мы ў БССР пра Казлоўшчыка думалі як пра нейкага амэрыканскага каўбоя, што абвешаны разбойнымі нажамі ды наганамі. А тут — вельмі сымпатычны чалавек. Мы крыху знаем вашую творчасьць, яна даволі арыгінальная й цікавая, народная.

Казлоўшчык пасьля гэтага чытаў свае паэтычныя, патрыятычнае тэматыкі, творы. Гэта яшчэ больш раззброіла бальшавіцкую настарожанасьць Кучара. Кучар тады зьвярнуўся да Казлоўшчыка з пытаньнем, ці гэта ён быў аўтарам 12-ці антыжыдоўскіх пунктаў, якія былі надрукаваныя ў нацыянал-сацыялістычным часопісе «Новы шлях»?

Казлоўшчык меў адвагу прызнацца:

— Так, гэта я, мая памылка.

— Ну й трэба-ж было табе, такому сымпатычнаму чалавеку, пісаць такое бязглузьдзе!

— Гэта быў «дух часу», які так падзеіў на Казлоўшчыка, — падхапіў я, — бо-ж у БССР тады ішоў глум над беларускім вызвольным рухам…

Кучар супакоіўся ды павярнуў гутарку на тое, каб Казлоўшчык уключыўся цяпер у савецкую рэчаіснасьць, гэта значыць, каб стаў пісаць у бальшавіцкім духу.

Каб адвярнуць увагу Кучара ад Казлоўшчыка, каб ён яго ня трывожыў, у гутарку ізноў умяшаўся я.

— Скажаце, калі ласка, як гэта сталася, што вы ня выратавалі Дубоўкі, Пушчы, Кляшторнага, Ігнатоўскага ды іншых ад арыштаў і загубы? Як Беларусы пасьля гэтага ўсяго маглі ставіцца да бальшавікоў?

— Ну, ведаеце, — зьбянтэжана адказаў Кучар, — кожная ўлада ёсьць улада і яе трэба слухаць. Гэтыя пісьменьнікі проста пайшлі насупраць савецкае ўлады, якая ім дала ўсё. Вазьміце такога Кляштарнага — дэкадэнт, п'яніца. Ён публічна з канарэйкай высьмейваў савецкую ўладу. «Здохла канарка ў клетцы», казаў ён. А што іншыя пісалі? Дык што можна было зрабіць у гэткіх умовах?

Тут я яму кінуў пытаньне:

— А як гэта давялі Янку Купалу да гаракіры?

— Ведаеце, — адказаў Кучар, — ён буйны паэта, ён успрымае ўсё пачуцьцямі, быў усхваляваны. Тут не павінная ўлада, якая дала пісьменьнікам і паэтам найідэальнейшыя магчымасьці, сарганізавала адумысны дом для беларускіх пісьменьнікаў, дзе поўна выпіўкі, закускі, дзе палюдзку можна правесьці час, пагутарыць, дыспутаваць на розныя тэмы. Дык ці-ж яны карысталіся гэтым дабрадзействам? Яны хаваліся ў глухія куткі, у падзямельле, дзе іх гутарак ніхто іншы ня мог-бы пачуць. Ці-ж савецкая ўлада аб гэтым ня ведала? Ці яна магла талераваць гэта?

Як пасьля на эміграцыі апісаў Мікола Куліковіч, удзельнік тагачасных падзеяў у БССР, толькі ў падзямельлі была тады патрыётам магчымасьць выказацца, што яны папраўдзе думалі.

Вычувалася, што Кучар баіцца гаварыць шчыра, што ён толькі манэўруе, як вёрткі жанглёр. Усьведамляў ён і сам, што далейшая гутарка з намі бязмэтная, непажаданая, і ён яе спыніў, запрасіўшы нас на летувіскі балет, што тады выконваў у тэатры на Пагулянцы «Аўгена Анегіна».

Хутка мы былі ў лёжы тэатру. Аркестра іграла, нямыя фігуры на сцэне выкручваліся ўва ўсе бакі. Прыкрае ўражаньне рабіў танцор у ролі старога генэрала, што няўклюдна круціўся ля Тацяны. Казлоўшчык ня мог больш глядзець на прымітывізм выкананьня, сказаў, што дрэнна чуецца, ды пакінуў тэатр. Мы дасядзелі да канца ды адвялі Айзіка да гатэлю «Жорж».

ДРУГІ ПРЫХОД БАЛЬШАВІКОЎ ДА ВІЛЬНІ

Жамойцкая пацеха Вільняю доўга ня трывала. 15 чэрвеня 1940 году збройныя сілы бальшавіцкае Масквы хлынулі на Прыбалтыку. За 24 гадзіны ўся Летува была ўжо савецкай. Супраціў Лацьвіі прадоўжыў яе існаваньне на два толькі дні. Ранейшая жамойцкая пагаворка «Вільнюс мусу — Летува Русу» — сталася запраўднасьцяй.

Перад прыходам у Вільню бальшавікоў, прэса падавала весткі аб нарастаючых падрыхтоўках Масквы да захопу Прыбалтыкі. Рабіліся бальшавіцкія правакацыі, пісаліся «пратэсты» й пагрозы. Атмасфэра была, як у катле. Хто толькі адчуваў небясьпеку для свайго жыцьця ад бальшавікоў, стараўся ўцякаць — у Скандынавію, Прусію, у акупаваную Немцамі Польшчу. Асабліва шмат Жамойцаў і Беларусаў пераходзіла ў Генэральную Губэрню.

Яшчэ напачатку чэрвеня 1940 году адвакат Мікалай Шкялёнак езьдзіў да Коўні ў нямецкі кансулят, дзе прадставіў сьпісак Беларусаў, што знамераныя былі ўцякаць зь Вільні перад бальшавіцкай небясьпекай. Нямецкі консуль згадзіўся прапусьціць праз граніцу ў Нямеччыну асобаў, што былі пададзеныя на сьпіску. Ды ў часе небясьпекі, калі бальшавікі займалі Жамойць, да гэтае групы ўцекачоў далучыліся й іншыя Беларусы, якіх на сьпіску ня было. Іх нямецкая пагранічная ахова павярнула назад. Сярод іх быў і ведамы беларускі драматург Франьцішак Аляхновіч.

Ужо 17.6.1940 быў створаны бальшавіцкі ўрад Летувіскай ССР з Караімам Палецкісам на чале. Вільня заставалася надалей вонках Беларускай ССР, ды так-і-так і тут панавала цяпер Масква. Колькі першых месяцаў бальшавікі сядзелі ў Вільні прыцішана. Хапалі толькі вялікіх шышак: пракурораў, судзьдзяў, міністраў, кіраўнікоў буйных арганізацыяў і прадпрыемстваў. Сярод іх быў і бурмістр Вільні Сташыс. Хадзілі чуткі, што падрыхтоўваюцца масавыя сьпіскі на вываз.

У месьце наводзіліся савецкія парадкі. Праз колькі тыдняў усе крамы былі пустыя. Перад пякарнямі, малачарнямі і яткамі стаялі бясконцыя чэргі. Напоўгалоднае жыхарства было нэрвовае, прыробленае, абдзёртае. На вуліцах прапала даўнейшая элеганцыя. Людзі недзе беглі, тоўпіліся, зьнікалі пры захадзе сонца з вуліц. Усе прадчувалі нарастаючы кашмар.

Жамойцкія нацыяналісты страту самастойнасьці хацелі ратаваць сталінскай палітурай. Пад яе шуміху яны далей жамойдзілі Вільню, апанавалі ўнівэрсытэт, камсамол, паліцыю, залезьлі ў НКВД. Сваю адданасьць лютай бальшавіцкай сталінскай дыктатуры яны дэманстравалі пры ўсякіх нагодах, асабліва на кастрычніцкіх ды першамайскіх сьвяткаваньнях, калі танцавалі на вуліцах.

Сярод беларускага грамадзтва места наступіла зацішша. Трэба было выдатнейшым дзеячам шукаць выхаду ў вабліччы жамойцкага наступу. Адзінымі беларускімі ўстановамі ў Вільні цяпер былі: Беларуская Гімназія, Беларускі Музэй, ды пры прафсаюзным Доме Культуры існаваў Беларускі Аддзел, што раней быў пры жамойцкай управе Культуры. Галоўнымі рэпрэзэнтантамі беларускай культуры ў гэтым аддзеле былі хоры: П. Родзевіча, Мацьвійца з Траецкага Сабору, ды жаночы квартэт пад кіраўніцтвам В. Фёдаравай. Вось гэтыя хоры ў Вільні, хор-жа Рыгора Шырмы ў іншых акругах Заходняй Беларусі, фактычна рэпрэзэнтавалі й дэманстравалі беларускую вакальную культуру на землях Заходняй Беларусі.

Меркаваньні пра канчатковы вынік вайны сярод Беларусаў былі розныя. Адны спадзяваліся, што выйграюць дзяржавы Восі, іншыя, што Антанта з Амэрыкай. Амаль ніхто ня верыў, што савецкая Расея.

Бальшавікі тымчасам сваю ўладу ў Вільні замацавалі. Турмы былі запоўненыя зьняволенымі. Тавары з крамаў прапалі. А за гэтым прыйшла даражыня. Чорны гандаль шалеў. Людзі перасталі быць у гутарках адкрытымі й з сваімі знаёмымі, бо бальшавікі ўсюды насаджвалі агентаў. Па памяшканьнях хадзіла процьма наведвальнікаў: адны мерылі жыльлёвую плошчу, каб каго-небудзь усяліць, другія шацавалі падатак, іншыя шукалі беспрацоўных, яшчэ іншыя кантралявалі электрыку. Жыльлёвая плошча была зьведзеная да 4 кв. м. на галаву, харчовы недастатак стаўся катастрафічным.

У сваёй эканамічнай адсталасьці бальшавікі ніяк не маглі наладзіць забясьпечаньня жыхароў патрэбнымі прадуктамі й таварамі, а ў сваёй прапагандзе адначасна ўвесь час трубілі, быццам яны разьвязалі гаспадарчую праблему. Дзеля гэтага былі супроць харчовай рэглемэнтацыі. Для пануючай партыйнай клікі былі створаныя адумысныя крамы з таварамі па паніжаных цэнах ды па партыйным разьмеркавальніку. Усё-ж іншае жыхарства ўважалася за няважнае. Яно забясьпечвалася як нявольнікі, каб толькі ня вымерла.

Вільня з жыхарствам 240 000 за два гады вырасла ў места зь лікам жыхароў 340 000, ня лічачы дзясяткаў тысячаў зьняволеных па турмах. Усе памяшканьні былі перапоўненыя. Усе працавалі намінальна 8 гадзінаў, плату-ж даставалі мізэрную, каб можна было справіцца з патрэбамі сям'і. Адпачынку ніколі ня было, бо ўвесь час зганялі людзей на мітынгі, сходы, курсы, дзе, як правіла, выступалі агітатары (у бальшыні жыдоўскага паходжаньня), якія славілі бальшавіцкую сыстэму як збаўленьне для ўсіх народаў.

Часта на гэткія сходы ці мітынгі агітатар прыходзіў з падрыхтаванай рэзалюцыяй, якую пры канцы прачытваў ды пытаўся: «Ну, хто супроць?» Кожнаму было ясна, што настаўлялася пастка. Таму людзі маўчалі, або той ці іншы цынічна яшчэ падгукваў у чэсьць Сталіна ды камуністычнае хэўры. Што-ж ім было рабіць іншае?

АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАВОЎ

Змаганьне за нацыянальныя правы ў Вільні пры новай уладзе адбывалася даволі заўзята. Кожная нацыянальнасьць намагалася здабыць сабе больш пазіцыяў. Урэшце была прынятая рэзалюцыя, што на выяўленьне сваіх нацыянальных асаблівасьцяў маюць права пяць нацыянальнасцяў: Беларусы, Палякі, Жыды, Расейцы ды Жамойцы.

Беларусы стараліся выкарыстаць усе магчымасьці, што вынікалі з гэтае пастановы. Ды ў гэтым нялёгка было дайсьці да нейкага паразуменьня зь летувіскімі шавіністамі ды маскоўскімі нацыянал-камуністамі. Трэба прызнаць, што за правы Беларусаў душой стаялі заўсёды выхадцы з Польшчы, ведамыя яшчэ пры польскай уладзе віленскія «лявіцоўцы» — Ендрыхоўскі, Дэмбінскі, Друтас, Жэромская й Дзявіцкая.

У выніку гэтых ходаньняў М. Пяцюкевіч, Багушэўскі й я перанялі беларускую сэкцыю радыя (60 хвілінаў на дзень). Любіч-Маеўскі, а. Коўш і Войцік занялі пасады ў адміністрацыі. На хвалу Любіч-Маеўскага выпала правесьці школьны плебісцыт у Вільні. Паводле гэтага плебісцыту вынікала, што:

- польскіх школаў жадае 50%

- расейскіх 20%

- беларускіх 12%

- жыдоўскіх 10%

- летувіскіх 8%

Гэта быў цікавы плебісцыт, за які ягонаму ініцыятару давялося пры Немцах, праз варожую правакацыю, прыплаціць жыцьцём. Папраўдзе, вынікі плебісцыту ня былі аб'ектыўнаю выяваю нацыянальных дачыненьняў у Вільні, але больш паказнікам тагачасных у месьце настрояў. Усё-ж вынікала, што ў другой палове 1940 году летувіская сіла лікам вырасла да 8 %, ці была на 6 % большаю, як у годзе 1939. Гэта паказвала, што Жамойцы за гэты час навязьлі ў места 6 % жыхарства.

Не малую ролю адыгрываў у эканамічных справах Вільні сьвятар Коўш, як галоўны рахункавод цэнтральнага Віленскага банку. За гэта пазьней яму давялося, па даносах летувіскіх агентаў, загінуць ад Немцаў.

Выкарыстоўваючы тагачасныя магчымасьці ў віленскім радыё мы, ці бо вышэй названыя асобы, перадавалі ня толькі бягучыя матэрыялы, але М. Пяцюкевіч чытаў лекцыі зь беларускай этнаграфіі, я-ж прачытаў Багушэвічаву «Дудку» й «Смык» ды цімала твораў Янкі Купалы.

Гэта, ведама, ня было да спадобы Маскве. Дзеля гэтага быў дадзены загад абмежаваць беларускую праграму. Мы пастанавілі бараніцца. Ня тыя дэлегацыі хадзілі ад адной савецкай установы да другой, а таксама да жамойцкіх урадаў. Ніхто нічога пэўнага не адказваў. Урэшце наш сябра Багушэўскі нейк зьвязаўся з маскоўскім палітруком, які кіраваў справамі культуры места Вільні. Між імі адбылася гэткая гутарка:

Багушэўскі:

— Дазвольце, таварышч, прадставіцца — сатруднік беларускага сектара Радыё Вільно.

Маскаль:

— Слушаю!

Багушэўскі:

— Таварышч! Камуністычная ўлада прынесла вызваленьне ўсім працоўным, у гэтым ліку й Беларусам. Навокала кіпіць і ўзьнімаецца культурнае жыцьцё, тымчасам Беларусам абмежаваны час у радыё да 15 хвілінаў у дзень. Чаму беларускія работнікі ня могуць мець роўнага права зь іншымі?

Маскаль:

— Кто вас прыслал да меня?

Багушэўскі:

— Я сатруднік радыя, ізбран рабочымі…

Маскаль:

— Ты панімаеш па рускі?

Багушэўскі:

— Панімаю, я вучыўся…

Маскаль:

— То ступай домой і седі спокойно… Нечево здесь морочіть голову!

Было ўсё ясна кожнаму. Расейскія перадачы з Масквы павялічыліся ў віленскім радыё непамерна. Якое магло быць раўнаньне беларускіх працоўных да расейскіх, мужыка да пана?

Звужалі таксама беларускае школьніцтва, не зважаючы на намаганьні Караля, Тышкевіча й Анцукевіча. Расейскае-ж школьніцтва ўвесь час разбудоўвалася.

У гэткіх умовах Беларусам трэба было пранікаць усюды, дзе толькі было магчыма, каб бараніць нацыянальныя інтарэсы беларускага жыхарства Вільні. Дзеля гэтага таго ці іншага Беларуса, які быццам супрацоўнічаў з бальшавікамі, нельга вінаваціць у калябарацыі. Даводзілася-ж выдзіраць ад бальшавікоў сама элемэнтарныя, здавалася-б, правы беларускага жыхара места. І трэба сказаць, што ў вельмі цяжкіх умовах віленская інтэлігенцыя няблага тады справілася з свайго гістарычнага заданьня.

Падобна як у Вільні, бальшавіцка-расейская ўлада трактавала Беларусаў ды іхныя нацыянальныя патрэбы й на іншых новазанятых ёю беларускіх землях. Добрую інфармацыю мне пра гэта прыслаў мой сябра А. С., што жыве цяпер у Аўстраліі. Падаю тут яе даслоўна:

«Цябе цікавіць, як аднеслася беларуская інтэлігенцыя да савецкай улады ў 1939 годзе? Пастараюся адказаць у кароткіх словах.

Прыход чырвонай арміі 17 верасьня 1939 году быў для беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі наагул нечаканы. Ніхто не спадзяваўся, што польскія мілітарыстыя й палітыкі, якія хлёстка стукалі абцасамі ды вёрстка вымахівалі “шабэлькай”, так хуценька разьбягуцца, быццам пацукі, перад бальшавікамі, тымбольш, што шмат якія памяталі падзеі дваццатых гадоў.

Беларуская інтэлігенцыя таксама ня была падрыхтаваная. То-ж ведама, што ўся яна была ў той ці іншы спосаб прасьледваная польскай бясьпекай, заганяная ў кацэт у Бярозе Картускай, у турмы. Асабліва перад самай вайной 1939 году вялікі быў наскок польскай адміністрацыі на зласнейшых, і яны былі ізаляваныя.

Крах польскай дзяржавы ў жорнах гітлероўска-бальшавіцкай змовы быў маланкавы, ня было часу на роздум, сустрэчы, падрыхтоўку. Шмат інтэлігенцыі апынулася ў нямецкім палоне, як жаўнеры й афіцэры польскае арміі, іншыя гуртаваліся ў Беларускіх Камітэтах у Польшчы пад нямецкай акупацыяй, у Бэрліне. У Заходняй Беларусі, далучанае да БССР, ацалелыя зь беларускай інтэлігенцыі ўключыліся ў супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі з думкай разгарнуць працу хаця-б у беларускім школьніцтве.

Савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі фактычна ня мела на кім аперціся. Яна арыштоўвала й вывозіла ўсякі элемэнт, які супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Ня мела яна таксама даверу да беларускіх грамадаўцаў і сяброў КПЗБ, бо з загаду Сталіна ў 1938 годзе Камуністычная Партыя Польшчы й Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі былі разьвязаныя, як выйшаўшыя з-пад маскоўскай кантролі, ды яе сябры ўзятыя на чорны сьпісак, як людзі, што падлягаюць сьледзтву савецкіх ворганаў, як “ворагі народу”. Некаторыя маласьвядомыя беларускія камуністы з КПЗБ, што думалі цяпер прыпадабацца Маскве, ды паклікаліся на сваё сяброўства ў падпольных бальшавіцкіх арганізацыях Заходняе Беларусі, былі арыштаваныя ды сваю кар'еру скончылі ў Салоўках, на Калыме, ці ў іншых месцах зьняволеньня.

Вось чаму бальшавікі сталі выкарыстоўваць беларускую інтэлігенцыю чыста нацыянальных паглядаў, асабліва ў школьніцтве, дзе ім не хапала сваіх людзей. Менск прыслаў толькі сваіх “культуртрэгераў”, кіраўнікоў вышэйшай школьнай адміністрацыі.

Для прыкладу ўспомню абласны сход настаўнікаў у Наваградку ў лістападзе 1939 году пад кіраўніцтвам гэткага “культуртрэгера”, школьнага інспэктара Гутарцовай.

Сход адкрыў першы абласны сакратар партыі Рамашкоў, які на расейскай мове трубадурыў пра магутнасьць чырвонай арміі, якая нас “асвабадзіла”. Мову сваю партыйны шэйк скончыў славаслоўем у чэсьць чырвонае арміі й Сталіна. Потым прамаўлялі іншыя партыйныя тузы, давалі слова мясцовым Беларусам на “падзяку” за вызваленьне. Урэшце выпусьцілі на трыбуну Гутарцову, што мела гаварыць аб школьніцтве. Але й яна доўга малола аб савецкай уладзе й канстытуцыі, аб “радасным і культурным” жыцьці ў Саветах. А калі стомленыя слухачы пачалі крычаць “бліжэй да тэмы”, яна прапусьціла колькі бачын свае пісаніны ды пачала чытаць пра школьніцтва ў такіх-жа напытаных і безьзьмястоўных словах, як і аб прыходзе савецкай улады.

Каб змусіць Гутарцову пакінуць бальшавіцкія тырады ў расейскай мове, заля пачала грымець: “Гаварэце пабеларуску! Пабеларуску!” Тады Гутарцова сьціхла. Вытварылася канстэрнацыя. Змоўкла й заля. Бальшавіцкія тузы ня мелі аргумэнтаў на гэткі супраціў настаўніцкай масы. Дык падняўся першы сакратар партыі ды стаў шаптацца з Гутарцовай і сябрамі прэзыдыі. Пасьля гэтага Гутарцова ўжо наляту перакладала сваю чытань у беларускую мову.

Але якая там была беларуская мова! Мы чулі нейкі расейска-беларускі жаргон, якога нават цяжка прыдумаць. Заля паўгалосна хіхікала, як Гутарцова пыкала, кашляла, шукала слоў. І каб перадаць расейскі зьмест свае пісаніны, як наагул губляла ўсякі зьмест. Яна чырванела й бляднела, губы зрасьліся, і відаць было, як каплі халоднага поту сьцякалі па яе немаладым твары.

Тады партыйны туз, ратуючы цяжкую сытуацыю, абвясьціў перапынак. Ёй быў патрэбны саветчыкам выклікаць ворганы бясьпекі, якія зараз-жа зьявіліся. Агенты ў цывільнай вопратцы зьмяшаліся з настаўніцкай масай, а на вуліцы стаялі энкавэдзіскія аўты з рэзэрвамі.

Пасьля перапынку Гутарцова ізноў зьявілася за трыбунай. Яна цяпер сказала, што будзе прадаўжаць свой даклад парасейску, бо тут яе хіба ўсе разумеюць, а ёй самой лягчэй гаварыць парасейску. Сэнатар Рагуля зморшчыўся, галава Чатыркі бязвольна апала ўніз, іншыя з цынічнымі мінамі глядзелі што будзе далей.

Хутка заля парвала наагул усякі кантакт з Гутарцовай. Настаўнікі глядзелі ў вокны, перашэптваліся між сабой. Заўважыла гэта й Гутарцова, дык даволі хутка скончыла свой даклад. Там-сям нехта пляскаў у далоні (магчыма агенты), а маса прыгнобленая пачала разыходзіцца. Усе зразумелі, што пад маскай камунізму прыйшоў маскоўскі шавінізм, які глуміў Беларусь перад рэвалюцыяй, пры царох. Нехта разьвітваючыся з сваім сябрам, трапна сказаў: “Адзін акупант заняў месца другога!”»

МАСАВЫЯ ДЭПАРТАЦЫІ

У красавіку й траўні 1941 году вычувалася ўжо палітычнае напружаньне. Бясконцыя савецкія эшалоны з войскам і ваеннымі матэрыяламі ішлі на захад. Шосы й вуліцы местаў ламаліся пад савецкімі танкамі. Лёнданскае «БіБіСі» радыё трубіла, што трэба спадзявацца нямецкай атакі на Расею недзе каля 20 чэрвеня. Весткі гэтыя падмацоўваліся бальшавіцкімі масавымі арыштамі жыхарства ды вывазам яго ўглыбкі Расеі ці на Сібір. Акцыя гэтая пачалася 18 чэрвеня 1941 году й трывала аж да нямецкай атакі на СССР 22 чэрвеня.

Апавядалі пазьней ахвяры бальшавіцкага тэрору, што шмат якія цягнікі з арыштаванымі былі атакаваныя нямецкім лётніцтвам, у выніку чаго шмат людзей пагінула. Іншыя масава гінулі ад нялюдзкіх умоваў транспарту, без вады й ежы цэлымі днямі. Трупы памерлых выкідалі праз вокны вагонаў.

Каб лепш уявіць усе жудасьці, якія перажывалі дэпартаваныя тады масава зь земляў Беларусі нявінныя людзі, сем'і зь дзецьмі, жанчынамі й старымі, дазволю прывесьці тут ліст майго сябры Вацлава М., сына 12-ці гэктаровага селяніна, сям'я якога складалася зь 7 душ. Цяпер ён жыве ў Аргентыне, а тады перажыў усе жудасьці бальшавіцкага вывазу.

«Дарагі Сябра Язэп!

Буэнос Айрэс, 20.1.53

Перапрашаю за адвалоку з адказам, бо гарачыня 37,5 градусаў адымала ахвоту да пісаньня. Пастараюся адказаць на Твае пытаньні, наколькі дазволіць мая памяць. Пачну храналягічна ад падарожжа, у якіх транспартных умовах нам прыйшлося ехаць у савецкі “рай”.

Пагрузілі нас у Мерах у быдлячыя вагоны, з малым, моцна закратаным акенцам пад самай стольлю. Дзьверы энкавудзістыя зачынілі на ключ, адчынялі на даўжэйшых перапынках, а тады ўвесь транспарт быў абстаўлены кулямётамі, дык усякія ўцёкі былі немагчымыя. Кожны вагон меў два рады нараў, на якіх магло зьмясьціцца 45 чалавек. Дык мы з сваімі рэчамі сьціснутыя былі даслоўна, як селядцы ў бочцы. Пасярэдзіне вагону ў падлозе была невялікая дзіра для адправы натуральных патрэбаў. Першы дзень сорам стрымліваў нас ад карыстаньня ёю. Пазьней кожны зразумеў, што тут ня гульня, а змаганьне за жыцьцё. Гэтак старыя ці маладыя, жанчыны ці дзяўчаты, зьбянтэжана, прыкрываючыся дываном, аддавалі патрэбы натуры…

У часе падарожжа — 18 сутак — далі нам толькі тры разы па місцы зупы. Няшчасныя людзі ратаваліся тым, што змаглі з сабой захапіць, дзелячыся зь іншымі, што й гэтага ня мелі. Тут шмат залежыла ад чалавечнасьці агентаў НКВД: больш людзкія дазвалялі ўзяць з сабой больш харчоў, менш людзкія выстаўлялі ахвяраў на зьдзек сьмерці.

На нас бальшавіцкі хапун напаў а 1-й гадзіне ноччу. Мужчын у бялізьне абшукалі ды паставілі ў куце, а жанчынам загадалі спакавацца за 30 мінут у дарогу. Жанчыны, як жанчыны, настолькі былі перапалоханыя, што заміж браць больш вартасныя рэчы, грузілі вёдры, гаршкі, скавароды ды іншыя рэчы, непатрэбныя ў надзвычайных умовах. Я, стоячы ў куце з узьнятымі рукамі, зьвярнуў увагу жанчынам, што маюць браць, і затое быў прадметам наскоку стражніка, які фізычна гразіў мне расправай. А тымчасам 12 чалавек НКВД глумілі нашу хату: забіралі вартасныя рэчы — гадзіньнік, бранзалеты, лепшую вопратку, а таксама лісты, фатаграфіі, ламалі тынк, падлогу…

У гэткіх умовах прыйшлося нам, нешчасьліўцам, пакідаць сваю Бацькаўшчыну. Толькі ў Мерах, у такіх самых закратаных вагонах, мы сустрэлі сваякоў з булкамі хлеба. Можна было толькі скібамі перадаваць парэзаны хлеб у наш вагон. Брат Віктар (студэнт філязофіі), быў у асобным вагоне, што быў адчэплены ў Глыбокім.

Цягнік, пакуль дабрыў да польска-савецкай граніцы ў Загацьце стаяў на кожнай станцыі ды падбіраў вагоны з зьняволенымі. У Полацку, 20.6.41, я заўважыў ненармальны рух войска й танкаў, што наводзіла ў мяне думкі аб хуткай вайне…

Толькі далёка на расейскай тэрыторыі наш эшалон з 120 таварных вагонаў часьцей спыняўся, і тады выпускалі людзей з вагонаў дзеля натуральных патрэбаў ды набраньня вады. Была ў адным вагоне савецкая крамка, дзе можна было купіць чорны хлеб і соленую рыбу.

У нашым вагоне былі людзі з Браслаўшчыны, Постаўшчыны й Дзісеншчыны. Тут была местачковая інтэлігенцыя, сяляне, крамнікі, рамесьнікі, работнікі. Цяжка было зразумець, гледзячы на гэтую шэрую няшчасную масу, у чым бальшавікі бачылі небясьпеку для свайго панаваньня ад гэтых людзей. Людзі ў вагонах сьпявалі рэлігійныя песьні, галасілі, плакалі. На настоях было забаронена сьпяваць, каб не дэмаралізаваць жаўнераў, што ехалі на фронт. Ад набожных бабуляў энкавудзісты адбіралі маліцьвеньнікі, кантычкі, ражанцы…

І ўрэшце, пасьля цяжкіх мукаў і цярпеньняў, выгрузілі нас у горадзе Барнаул над ракой Об. Колькі тысячаў людзей было сагнана ў чатыры, яшчэ нявыканчаныя, баракі. Тут мы сядзелі й чакалі, пакуль пабудуюць больш баракаў. У міжчасе адбывалася перапіска людзей паводле паходжаньня, занятку, асьветы і г. д. Апытальнікі запаўнялі польскія жыдоўкі з Варшавы й Лодзі, што ўцяклі ў Саветы ў 1939 годзе, калі Немцы занялі Польшчу. НКВД мантавала шпіянаж сярод зьняволеных, сочачы настроі. Аднойчы ўночы аддзел НКВД акружыў наш барак ды зрабіў труску прывезеных рэчаў: забіралі ўсё “небясьпечнае” для савецкай улады — гадзіньнікі, машыны да шыцьця, двуколкі, залатыя рэчы… Тут ужо даслоўна зьвялі ўсіх да жабракоў. Ад цяпер кожны пачынаў “шчасьлівае жыцьцё пад сонцам сталінскае канстытуцыі”!

Хутка нас перасялілі ў пасёлкі, што называліся “ісправіцельнымі трудовымі калоніямі”, якія складаліся з колькіх дзясяткаў баракаў. У загарадзь 5x5 мэтраў садзілі 25 чалавек. Добра, калі ў такім пакоі пасялілі 3–4 вялікія сем'і. Але пераважна людзі былі недабраныя, рознага веку, зь дзяцьмі. У гэткіх умовах нельга было нат адпачыць пасьля працы. Страву трэба было варыць самому, але ў бараку на 400 чалавек была толькі адна кухня зь 10 топкамі. Каб зварыць страву, кралі дровы дзе толькі было магчыма: разьбіралі кладоўкі, выходкі, сушылі быдлячы кал.

Ня было й дастаткова вады. У сібірскія маразы ваду давозілі бочкамі за З км. Людзі тапілі сьнег. У гэткіх умовах бруд і вошы сталіся паўсюднымі. У першых тыднях кожны спаў на сваіх лахах. Хутка кожны стаў рабіць сабе гняздо, адгараджваючыся ад суседзяў мяшкамі, посьцілкамі. Гэткім спосабам пакой у бараку стаўся падобным да асінага гнязда, дзе кожны сядзеў у сваёй клетцы.

А што вы думаеце аб сібірскай зіме? Мароз 40 градусаў Цэльсія, баракаў не агравалі. Кожны грэўся ў лахах свае бярлогі. У часе сьнежных бураў — 2 тыдні бяз спыну — не пабачыце прадмету на 2 мэтры. Няшчасны той, каго гэткая бура зловіць у дарозе!

Дзецям і старым былі выдадзеныя харчовыя карткі па 400 гр. хлеба ў суткі, працаздольным па 800 гр. Хто не працаваў, той не даставаў прыдзелу хлеба. Людзі ахвотна ішлі на будаўляную работу, дзе можна было дастаць 800 гр. хлеба, колькі рублёў ды прынесьці дрэва на апал. Жанчыны пераважна хадзілі па навакольных калгасах, жабравалі, выменьвалі, што толькі мелі, на малако ды іншыя харчы.

Палажэньне крыху паправілася год пазьней, калі польскаму эміграцыйнаму ўраду, пры падтрымцы Аліянтаў, удалося дабіцца амністыі для вывезеных грамадзянаў былое польскае дзяржавы. Тады далі людзям агародчыкі, дзе можна было вырасьціць агародніну. За працу, усёроўна прымусовую, плацілі як савецкім работнікам».

НЕМЦЫ РЫНУЛІ НА ЎСХОД

22 чэрвеня 1941 году Вільня як быццам замерла. Глянуў я ў вакно — вуліцы пустыя. Уключыў лёнданскае радыё й зараз пачуў перадачу «БіБіСі»:

«Ноччу Немцы перайшлі савецкую граніцу ды ідуць наперад!»

Значыцца вайна! Мне заняло дух ад радасьці — прыходзяць канцы бальшавікам! Я хутка падзяліўся гэтай весткай з Казлоўшчыкам, які жыў непадалёк ад мяне й пайшоў у шпіталь на працу. Вестка аб вайне, мабыць, была ўжо паўсюдна ведамая з паслухаў брытанскага радыя й шаптанай пошты, бо сустраканыя людзі ішлі з усьмешкай ды глядзелі ўгору, дзе гудзелі самалёты.

Бальшавікі лёталі, як падсмаленыя, добра ня ведалі аб падзеях. Калі іх хто пытаўся, што здарылася, казалі: савецкія манэўры, правакацыйны пагранічны канфлікт зь Нямеччынай! Толькі а 11-й гадзіне дня савецкія рупары затрубілі, перадалі прамову Молатава аб тым, што пачалася вайна зь Нямеччынай, што ўсе савецкія грамадзяне павінны сваімі грудзьмі бараніць «отечества»!

Гадзіну пазьней Вільня ўжо была ў вагні нямецкай паветранай атакі, ад якой ніхто не бараніў, нават «доблестные войны» Савецкага Саюзу. Толькі пазьней падняліся савецкія баявыя самалёты, але нямецкія ганчакі тут-жа зьбілі іх аж 5 над Вільняй. Мы ў галоўным віленскім шпіталі давалі дапамогу параненым савецкім лётчыкам і ахвярам нямецкай бамбоўкі.

У Вільні паўстала жудасная мітусьня. Як пацукі з тонучага карабля, савецкія наезьнікі спрабавалі вырвацца з чужога места ўсякім транспартам. Але нямецкія парашутныя аддзелы перасеклі дарогі да Менску ды абстрэльвалі шлях на Маладэчна. Некаторыя з бальшавіцкіх тузоў, ня маючы падручнага транспарту, спрабавалі захапіць амбулянсы скорай дапамогі, але шофэры папсавалі машыны, або іх пахавалі ў розных сховішчах.

Трэцяга дня вайны, колькі гадзінаў перад уваходам нямецкіх войскаў у Вільню, жамойцкія вайсковыя аддзелы, што пасьля далучэньня Летувы да СССР былі на службе чырвонай арміі, збунтаваліся супроць бальшавікоў ды перабілі шмат якіх насадных камуністаў. Сваіх аднак яны не чапалі.

Атака гітлераўскай арміі на Савецкі Саюз была прыхільна сустрэтая й савецкімі жаўнерамі, якія таксама чакалі пераменаў у іх нявыносным жыцьці. Таму ня было большага супраціву на ўсіх адрэзках фронту. Ужо ў першым тыдні вайны Немцы акружылі міліённыя масы савецкіх жаўнераў у раёне Беластоку, на Валыні, у Галіччыне, Падольлі. Таму так хутка да і бяз большага супраціву былі «вызваленыя» Прыбалтыка, Беларусь і Ўкраіна.

Засьлепленыя гітлерызмам Немцы думалі, што гэтай удачы яны дабіліся дзякуючы расавай вышшасьці, еднасьці, спраўнасьці іхнага войска, ды «беспамылковага» камандаваньня «Фюрэра», якога імя спалохалася савецкае войска. Гітлер і ягоная прыбочная шайка не аднойчы крычалі: «Не шкадуйце людзей на Ўсходзе, тарнуйце тэрор, руйнуйце ўсё зь зямлёй!.. Славяне ня здольныя да абароны й да кіраваньня дзяржавай без дапамогі Немцаў!»

Маючы да трох мільёнаў савецкіх палонных, Гітлер пачуўся пераможцам ды загадаў зьнішчаць ваеннапалонных холадам, голадам, пошасьцямі ды масавымі забойствамі ў спэцыяльных скляпох, як гэта я бачыў у Бухэнвальдзе, а бальшыня зь іх гэта былі людзі, што ўцякалі ад сталінскага тэрору ды шукалі ратунку ў Немцаў. Дзе былі лягеры палонных, або дзе палонных пераганялі, усюды там засталіся тысячныя брацкія магілы нявінных савецкіх людзей! Часам, як гэта было ў Беразьвеччы й у Новай Балейцы, палонныя штурмам, пад кулямётным агнём, разрывалі калючую агародку ды ўцякалі ў лес, скуль пазьней палявалі на Немцаў, як на дзіч.

Першым ваенным начальнікам Вільні й ваколіцы быў Цэгнфэніг. Ягоны першы загад гучэў:

1. Па захадзе сонца ніхто ня можа выходзіць з сваіх хатаў. За ўсякія зборышчы — кара сьмерці.

2. Усе мусяць здаць усякую зброю. За няздачу — сьмерць.

3. Жыды вынятыя з-пад права. Яны маюць гуськом хадзіць вуліцай, а ня ходнікамі. За перахоўваньне Жыдоў — сьмерць.

4. За рабунак жыдоўскае маёмасьці — сьмерць.

5. За заражэньне жанчынай нямецкага жаўнера вэнэрычнай хваробай — сьмерць.

6. За супраціў нямецкім уладам — сьмерць, і г. д.

Аб нейкай грамадзкай дзейнасьці ў гэткіх умовах страх было й думаць. Аднак-жа праф. В. Іваноўскі з У. Казлоўскім адведалі нямецкага ваеннага камэнданта, прадставілі яму беларускую справу ў Вільні ды дасталі дазвол на арганізаваньне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які меў рэпрэзэнтаваць беларускія інтарэсы перад нямецкімі ўладамі, займацца самапомачай і культурнымі справамі, ды супрацоўнічаць зь Немцамі ў арганізацыі мясцовае адміністрацыі.

На першую зборку ў памяшканьні пры вуліцы Міцкевіча 4, трэці паверх, прыйшло больш 60 чалавек. Усе былі згодныя, што ў новых ваенных умовах Беларусы мусяць быць арганізаваныя, бо інакш іх кожны будзе крыўдзіць. Быў выбраны кіруючы камітэт у складзе:

Старшыня — праф. В. Іваноўскі.

1-шы заступнік — др. Я. Малецкі.

2-гі заступнік — др. Б. Грабінскі.

Сакратар — 3. Коўш.

Скарбнік — У. Казлоўскі.

Культурна-школьны рэфэрэнт — У. Кароль.

Стварэньне ў Вільні Беларускага Нацыянальнага Камітэту зрабіла не малое ўражаньне на Жамойцаў, што цяпер яшчэ горш як пры саветах стараліся нідзе не дапусьціць Беларусаў да голасу, а таксама на Палякаў, што пры дапамозе дзяўчат-перакладчыц выкарыстоўвалі Немцаў для польскай справы, ды, зразумела, і на нашых суродзічаў, якія пабачылі, што й Беларусы не адстаюць.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні стаўся абаронцам беларускага жыхарства ўва ўсёй Вільні й й Віленшчыне. Сюды штодня прыходзілі й прыяжджалі людзі, пераважна пакрыўджаныя рознымі перакладчыкамі, «фольксдойчамі» мясцовага паходжаньня, Летувісамі, мясцовай паліцыяй, варожа настаўленай да Беларусаў. Яны часта шукалі дапамогі ў абароне сваіх родных, арыштаваных з нагавору варожых элемэнтаў. Гэтак, прыкладам, польскі асаднік у Жодзетках, Сакалоўскі, вынішчыў шмат сьвядомых Беларусаў у мястэчку, нацкоўваючы на іх, як на камуністаў, Немцаў. Гэткіх ахвяраў крывавай расправы былі соткі.

Дайшло да таго, што нямецкая ваенная камэндатура ў Вільні ставіла перад БНК справу пераняцьця ўлады ў Вільні. Мы згадзіліся, ды былі перашкоды ў сьпешным сарганізаваньні патрэбнага паліцыйнага аддзелу ў сіле 350 чалавек. Хутка, бо 17 ліпеня 1941 году, Гітлер абвесьціў устанаўленьне на занятых землях цывільнай нямецкай улады ў выглядзе «Рэйхскамісарыяту Остаянд», у склад якога ўваходзілі, як адміністрацыйныя адзінкі, краі Прыбалтыкі й Беларусь. Вільня зь Віленшчынай прыдзяляліся да «Генэральнага Бэцырку Літаўэн», значыцца паводле савецкіх межаў. Гэткім парадкам Жамойцы здолелі захапіць мясцовую адміністрацыю ў свае рукі.

Хоць нямецкія ўлады гарантавалі БНК і беларускаму жыхарству Вільні правы на нацыянальна-культурнае жыцьцё, ды цяпер даводзілася весьці змаганьне з асьлепленымі ашалелым шавінізмам Летувісамі за кожную драбніцу. Яны абкрадалі ўсіх і ўсё, дзе толькі дарваліся, нікога нідзе не дапускалі, справы перад нямецкімі ўладамі тармазілі, хвабрыкавалі ўсякія даносы, як сама тыповыя нявольнікі выслужваліся перад Немцамі, выконвалі ролю катаў і экзэкутараў, асабліва на жыдоўскім жыхарстве, на масах зьняволеных і арыштаваных па турмах.

Я асабіста меў магчымасьць сустракацца зь іхнымі дзеячамі ў розных афіцыйных, прыватных і тайных гутарках і прыходзіў да адной высновы: з гэтымі непапраўнымі шавіністамі ніхто ніколі не дагаворыцца.

Доўга мы змагаліся за права на выдаваньне беларускай газэты ў Вільні. Жамойцы ўвесь час вылазілі са скуры, каб не дапусьціць да яе друку. Урэшце мы пераканалі Немцаў, што гэткая газэта будзе паказьнікам прыхільнасьці беларускага жыхарства да Немцаў, ды адначасова будзе сьведчыць аб нямецкай спагадзе беларускай нацыі ў «новым парадку» Эўропы. Пасьля гэтага быў дадзены дазвол на выдаваньне тыднёвіка «Беларускі голас» ды была выдзеленая на гэта папера. Аднак Летувісы кралі нашую паперу, давалі нам благую друкарню, ды ставілі іншыя перашкоды.

Калі-ж усе гэтыя перашкоды былі ліквідаваныя й газэта пачала рэгулярна выходзіць пад рэдакцыяй пісьменьніка Францішка Аляхновіча, паўсталі новыя перашкоды: Жамойцы ня прымалі нашай газэты на пошту, у прадажныя стоішчы. Прыйшлося арганізаваць сваю «пошту» й свае кіёскі. На правінцыю развозілі «Беларускі голас» 13 нашых кур'ераў-кальпартэраў. Сярод іх былі вялікія патрыёты. Гэтак кальпартэр Лапуць ужо тры гадзіны па выхадзе газэты распаўсюджваў яе на лініі Вільня — Вялейка — Маладэчна — Валожын, на працягу трох гадоў — 7000 экзэмпляраў. Зьгінуў ён сьмерцяй героя ў часе выконваньня сваіх абавязкаў ад кулі бальшавіцкіх агентаў. Чэсьць ягонай памяці!

Іншы кальпартэр, Беларус з Смаленску, Яфрэмаў, распаўсюджваў газэту на лініі Вільня — Менск. Ён пры гэтым крыху гандляваў, але частку свае здабычы ахвяроўваў Беларускаму Камітэту на бедных. На лініі Вільня — Шчучын газэту развозіла студэнтка Віленскага ўнівэрсытэту. Кальпартэры ня толькі газэту развозілі, але мелі свае месцы яе продажы, а належныя грошы прывозілі ў адміністрацыю «Беларускага голасу». Сярэдня за 4–5 месяцаў зьбіралася да 13–15 тысячаў нямецкіх марак. Тыраж газэты пад канец існаваньня дасягнуў 22 000 экзэмпляраў. Ворагі нашыя скрыгаталі зубамі.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, хоць і на паўафіцыйным толькі становішчы, ды выканаў аграмадную ролю. Ён ратаваў арыштаваных на аснове хвальшывых даносаў, падбіраў кадры культурных і адміністрацыйных працаўнікоў, якіх было да 800 чалавек на розных становішчах, выцягваў палонных беларускага паходжаньня з-за дроту, складаў мэмарыялы нямецкім уладам у важнейшых нацыянальных справах. Пры Камітэце была адноўленая беларуская кнігарня «Пагоня», у якой прадаваліся беларускія кніжкі даваенных выданьняў.

ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ

З прыходам Немцаў да Вільні Ў. Казлоўскі (Казлоўшчык) думаючы, што настаў час для дзейнасьці Беларускае Нацыянал-Сацыялістычнае Партыі, якая існавала пры польскай дзяржаве, разгарнуў партыйную працу нанава. За два тыдні павялічыў лік сяброў да 150 чалавек. Калі ён аднак-жа паведаміў нямецкія акупацыйныя ўлады, што БНСП існуе ды хоча супрацоўнічаць зь імі, Немцы загадалі паўстрымацца зь дзейнасьцю да часу паразуменьня з цэнтральнымі ўладамі ў Бэрліне. Адтуль хутка прыйшла дырэктыва, што Нямеччына свой нацыянал-сацыялістычны лад мае для сябе й ніякі іншы народ не ўпаважнены да тварэньня сваёй падобнай партыі. У дырэктыве забаранялася праводзіць далейшую дзейнасьць БНСП.

Пасьля, у прыватных гутарках Казлоўшчыка з заступнікам шэфа Гестапо на Летуву, Шольцам, выясьнілася, што Гітлер упэўнены ў перамозе й ніякае супрацоўніцтва зь іншымі народамі яму непатрэбнае. Беларусы, як прыхільная Немцам нацыя, зоймуць лепшае месца, чымся прыкладам Жыды, Палякі ці Расейцы, ды пасьля сканчэньня вайны будуць мець свой жыцьцёвы прастор ува ўсходняй Эўропе. Дзеля гэтага Гітлер уключыў Беларусь у склад народаў Прыбалтыкі. Усякага самапраўя, нават сабе карыснага, Немцы ня любяць, як прыкладам самавольнае вынішчэньне Летувісамі Жыдоў у Вільні ды жамойцкіх мястэчках. За гэта яны не дастануць ніякіх палёгкаў, зь іх будзе сьцягвацца дань.

Казлоўшчык зразумеў, што гульня з сваёй партыяй бескарысная ды рызыкоўная, дык уключыўся ў працу БНК у Вільні, пасьля-ж выехаў да Менску на становішча рэдактара «Беларускае газэты», дзе ў 1944 годзе загінуў ад кулі ворагаў.

Галавой БНСП быў не Казлоўшчык, яе сакратар, а Фабіян Акінчыц, які прабываў у Бэрліне. З даручэньня гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў Беларусаў у адумысныя перашкольныя табары пад Бэрлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, сьлепа пакорных нацыскай Нямеччыне, Фюрэру й нацыскім інтарэсам. Вось да гэтага Акінчыца, як лідара беларускіх нацыянал-сацыялістых, выкарысталі Немцы. Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасьці гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым — ўладу ў Беларусі. Ён нават зьбіраўся ў часе вайны рабіць «чыстку» ў радох беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах.

Да мяне Акінчыц меў давер і пра гэта, пры маіх наведзінах Менску, мне гаварыў. Як «гнілых дэмакратаў» і «рэакцыянераў» ён называў М. Шкялёнка, Я. Станкевіча, А. Адамовіча, а. В. Гадлеўскага, ды іншых. Ён, за згодай Немцаў, па ўсей Беларусі стаў насаджваць у аддзелах прапаганды пры нямецкіх акруговых камісарах, у Саюзе Моладзі, у СД, сваіх выхаванцаў з савецкіх ваеннапалонных, а на ягоныя даносы Немцы пачалі нішчыць вядучых беларускіх дзеячаў. Нічога дзіўнага, што беларускі журналіст Алесь Матусэвіч, які падаўся ў лес да бальшавіцкіх партызанаў, паказаў на Акінчыца, як на найбольшую небясьпеку для беларускага народу. Яму была даручаная й ліквідацыя гэтага засьлепленага калябаранта.

Акінчыц быў тыповы сярэднявечны сэктант-фанатык, які ўсіх інакш думаючых ахвотна кідаў-бы ў агонь. Небясьпечныя норавы Акінчыца стрымліваў Казлоўшчык, але ён ня меў магчымасьці яго кантраляваць. Калі я сачыў дзейнасьць Акінчыца, я ня мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай нацыянальнай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псыхапат.

ЗМАГАНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСКІ САМАЎРАД

У першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы, як усімі перад гэтым уцісканая нацыя, ня мелі магчымасьці апанаваць адразу адміністрацыю, судоўніцтва, транспарт, пошту, ды іншыя галіны грамадзкага жыцьця. Нямецкія ваенныя ўлады ня дбалі, хто іх наладзіць, каб толькі ў нямецкую карысьць. Вось дзеля гэтага мясцовая адміністрацыя ў Беларусі ў некаторай меры апынулася ў руках небеларускіх элемэнтаў: Палякаў, Жамойцаў, Расейцаў, ці бо ў бальшыні агентаў варожых нам інтарэсаў.

У выніку ў першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы на ўсёй сваёй этнічнай прасторы панесьлі вялікія страты ў сваіх і так вельмі сьціплых кадрах нацыянальнае інтэлігенцыі, бо на кожнага актыўнага Беларуса выцягваўся палец варожае рукі, які Немцам паказваў на яго як на камуніста — ворага гітлерызму. Даводзілася выбіваць гэты «козыр» з рук нашых ворагаў ды выясьняць, што гэта зламысныя зьвінавачваньні, і што Беларусы — найбольшыя якраз ахвяры бальшавізму, бо гэта яны пры ўсякіх рэжымах змагаліся за аднаўленьне свае свабоды й незалежнасьці.

Усьведамленьне Немцаў заняло некаторы час, ды хутка й яны зразумелі праўду нашых меркаваньняў. Але за гэты час зь нямецкай рукі, нацкаванай ворагамі нашага народу, пала шмат нявінных патрыётаў, як Адам Дасюкевіч, аграном у Браслаўшчыне, якога Немцы застрэлілі, як ворага гітлерызму. Было шмат падобных выпадкаў і па ўсіх іншых паветах. У кароткіх словах я тут апішу, як акцыя беларусізацыі адміністрацыі праводзілася ў Браслаўшчыне, Лідчыне й Горадні.

Каб апанаваць Браслаўшчыну, мой па паходжаньні павет, паехалі туды ў першых днях жніўня 1941 году я, Алёйзы і Ўладзіслаў Пяцюкевічы, ды яшчэ адзін Беларус, прозьвішча якога ня помню. Нашым заданьнем было дапамагчы арганізаваць сваю беларускую адміністрацыю, бо ў міжчассе гэтая адміністрацыя апынулася ў варожых руках.

У Браслаўі мы правялі перамовы зь нямецкім камісарам павету Аўстрыйцам Кавальскім ды ягоным супрацоўнікам Васілеўскім. Пасьля мы склікалі сход беларускае інтэлігенцыі Браслаўя, падбадзёрылі яе, далі рады й дырэктывы. Кавальскі пачаў уступаць. Было наладжанае беларускае школьніцтва, адміністрацыя ў 50 % была абсаджаная Беларусамі. У часе нашага прабываньня ў Браслаўі мясцовыя спалячаныя элемэнты ўдалі Немцам, як «камуністых», братоў М. і П. Дварэцкіх. Мы ўступіліся ў зондэрфюрэра за Дварэцкіх, як ведамых актыўных Беларусаў і яны зараз-жа былі звольненыя з арышту ды пастаўленыя ў Браслаўшчыне войтамі. Дзейным у Браслаўшчыне быў асабліва Алёйзы Пяцюкевіч, які атакаваў даношчыкаў як з польскага, так і расейскага боку, ды нівечыў іхныя варожыя інтрыгі.

Гэтак уся Браслаўшчына ўзьнялася да беларускае дзейнасьці ды змаганьня супроць наскокаў з бальшавіцка-расейскага й польскага бакоў. Тры гады пазьней фольксдойч Кавальскі, бурмістр Браслаўя, быў павешаны Немцамі за праступкі супроць нямецкіх інтарэсаў.

Васілеўскі-ж кар'еру скончыў у канцэнтрацыйным лягеры.

Хутка мы вярнуліся да Вільні й склалі для БНК справаздачу з палажэньня ў Браслаўшчыне ды нашае там дзейнасьці. Па нейкім часе на адным з паседжанняў БНК абмяркоўвалася цяжкое палажэньне Беларусаў у Лідзе. Пастаноўлена было выслаць у Ліду падмогу. У яе складзе быў Юстын Мурашка, браты Пяцюкевічы й я, з тым, што я меў вярнуцца.

У Ліду мы прыехалі грузавіком да ведамага слуцкага паўстанца А. Кабылкіна. Хутка склікалі напалоханую польскім падпольлем беларускую інтэлігенцыю. У гутарках выявілася, што ў Лідзе ды Лідчыне спачатку Немцы хацелі абаперціся на Беларусаў, ды нават прапанавалі Кабыліну заняць становішча бурмістра Ліды. Ён аднак-жа, напалоханы варожым падпольлем, польскім і бальшавіцкім, адмовіўся. Таксама ў паветах Лідчыны ня ўсюды знайшлося дастаткова мясцовай беларускай інтэлігенцыі, каб абсадзіць школьніцтва, паліцыю, адміністрацыю, судаўніцтва.

Калі мы прыехалі да Ліды, толькі школьніцтва было ў беларускіх руках пад кіраўніцтвам акруговага інспэктара Макарэвіча. Адміністрацыя-ж па паветах адно ў 50 % была беларуская. Нямецкія ўрадаўцы ад зондэрфюрэраў да гэбітскамісарыяту былі абстаўленыя рознымі фольксдойчамі польскага паходжаньня, дзяўчатамі лёгкага паводжаньня, ды іншымі варожымі да беларускай нацыянальнай справы агентамі .

Мы правялі дзьве гутаркі з гэбітскамісарам фон Ганвэг. Ён у прынцыпе пагаджаўся з нашымі меркаваньнямі, але не хацеў зьмяняць пастаўленае ўжо адміністрацыі. Згадзіўся аднак-жа на сарганізаванне «Беларускай Самапомачы» ды прыабяцаў беларушчыць паступова адміністрацыю, судаўніцтва, паліцыю. Праводзілася гэта як зь нямецкага, так і зь беларускага боку. Польскае падпольле адказала на гэта жудасным тэрорам, ахвярамі якога ў гадох 1941–1944 у Лідчыне пала да 1200 Беларусаў.

У ГОРАДНІ

Быў прыгожы дзень на пачатку кастрычніка 1941 году, калі ў віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт зьявіліся з Горадні мгр. В. Папуцэвіч і інж. А. Русак. Прыбылі яны сюды, каб навязаць лучнасьць зь Віленскім Камітэтам, узгодніць нацыянальную акцыю, дастаць кніжкі для беларускіх настаўніцкіх курсаў. Прасілі яны й людзей у Горадню для беларусізацыі адміністрацыі гэтага места й акругі. Нейк склалася, што толькі я адзін згадзіўся паехаць у гэтую старую гістарычную сталіцу. За тры ўжо гадзіны я быў гатовы, з двума чамаданамі ў руках, да ад'езду ў летувіскім вайсковым аўце, якім прыехалі наглыя сябры з Горадні.

Хутка мы, бяз большых перашкодаў, былі ў Горадні. Я асабіста быў моцна ўзрушаны, калі сустрэў вялікую грамаду Беларусаў у гэтым месьце. Іх у гарадзенскім БНК было зарэгістравана каля 10 000, у гэтым шмат інтэлігенцыі й жанчынаў. Зь Немцамі было ўжо дамоўлена: усю адміністрацыю пераймалі Беларусы пасьля пэрыяду свавольства польскага засільля й тэрору, як у месьце, так і ў акрузе. На бурмістра места быў ужо назначаны В. Папуцэвіч, які на працягу месяца меў пераняць становішча ад бурмістра Гарбацэвіча, што быў на службе польскіх палітычных інтарэсаў.

Быў ужо зьвяз беларускай паліцыі, як пачатак вышкаленьня паліцыйных сілаў на Горадню й акругу пад кіраўніцтвам кап. Якуцэвіча. Сувязь зь нямецкай службай бясьпекі ўтрымліваў інж. A. Русак. Я заняў становішча заступніка старшыні гарадзенскага Беларускага Камітэту, падбіраў кадры на старшыняў у акрузе. Школьным Інспэктарам быў назначаны Ільля Кіслы, які ходаўся за арганізацыю школьніцтва. Пры камітэце вяліся, пад кіраўніцтвам мгр. В. Папуцэвіча, настаўніцкія курсы.

Пад канец кастрычніка інж. Русак выехаў на працу да Баранавіч, паколькі там Немцы стварылі адміністрацыйны цэнтр на акругі Баранавіцкую, Слонімскую й Лідзкую. Горадзенская-ж акруга пераходзіла ў адміністрацыю нямецкіх усходніх Прусаў, разам зь Беласточчынай ды Ваўкавышчынай. Кіраўніцтва камітэтам у Горадні ў гэтым пераходным часе абняў я. Жыў у адной кватэры зь сям'ёй B. Пануцэвіча.

Варта тут успомніць пра візыт гарадзенскага япіскапа Антонія. Каля 7-ай гадзіны вечара 27 кастрычніка 1941 году нехта застукаў у нашыя дзьверы. Увайшоў высокі чорнавалосы япіскап з прыбочным манахам ды прадставіўся В. Папуцэвічу, як бурмістру, называючы сябе «япіскап Горадзенскай япархіі Антоні». Гутарка ішла пры стале, у маёй прысутнасьці. Япіскап жадаў навязаць супрацоўніцтва зь Беларусамі, дэкляруючы сваю беларускасьць. Папуцэвіч выказаў сваю радасьць з сустрэчы й надзею, што дастойны герарх будзе праводзіць беларусізацыю праваслаўнае царквы ў Горадзенскай япархіі. Япіскап даў сваю згоду ды прасіў дапамогі ў арганізацыі беларускай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі пры рэзыдэнцыі япіскапа ў Горадні. Назаўтра мы езьдзілі ў гэтую рэзыдэнцыю, аглядалі будынкі для сэмінарыі.

З гэтага добрага намеру нічога аднак ня выйшла, бо колькі дзён пазьней прыехаў з Прусаў у Горадню партыйнік з намінацыяй на «штадскамісара». Горадня й Горадзеншчына пераходзілі да Прусіі.

Новы прускі «штадскамісар» пакуль што не мяняў існуючага палажэньня. В. Папуцэвіч заставаўся надалей намінальным бурмістрам, але без надзеі на беларускія парадкі. Цяпер «польскі» бурмістр Гарбацэвіч, карыстаючы з таго, што Горадня й Горадзеншчына была адарваная ад Беларусі, у паразуменьні з сваімі дараднікамі й падпольлем «жонду народовэго», ды пры апоры на фольксдойчаў мясцовага паходжаньня, узьняў завостраную барацьбу зь беларускім актывам, кляймуючы яго «засільлем камуністаў».

Прыйшлося змагацца за кожнага нашага чалавека ў гарадзкой управе, ісьці на цяжкія сутычкі зь нямецкім камісарам, які не падтрымоўваў Беларусаў. Пасьля, калі польскае падпольле сталася агрэсіўным ня толькі да Беларусаў, але й да Немцаў, згодна з загадам польскага экзыльнага ўраду ў Лёндане ды ў сувязі з акцыяй Андэрса ў Саветах, Немцы зразумелі, што з Палякамі ім не па дарозе. За двух забітых на вуліцах места Немцаў яны зьліквідавалі ўсю віднейшую польскую інтэлігенцыю ў Горадні, каля 100 чалавек.

ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ

Зь пераходам Горадні й Горадзеншчыны да Прусаў, як «складовай часткі Трэцяга Райху», там апалі рукі ўсіх Беларусаў. Беларускі Камітэт мог цяпер займацца толькі беларускімі культурнымі справамі. Амаль нічога нельга было зрабіць у адміністрацыі, у арганізацыі паліцыі ды іншых дзялянках. У сярэдзіне лістапада 1941 году да Горадні прыехаў з Баранавіч інж. А. Русак разам з шэфам СД баранавіцкага палітычнага цэнтру, каб забраць усіх амаль дзейных Беларусаў з Горадні для працы на заходніх землях Беларусі, што належалі да Галоўнага Камісарыяту Беларусі.

Тады выехаў да Баранавіч В. Папуцэвіч, а разам зь ім каля 100 Беларусаў для беларусізацыі адміністрацыі акругаў Баранавічы, Слонім, Наваградак Ліда. Я-ж вярнуўся на сваю «базу» ў Вільні. Горадзенскі Беларускі Камітэт усё-ж ня спыніў свае дзейнасьці. Кіраўніцтва яго цяпер пераняў дзейны й мужны Беларус, горадзенчук Якуцэвіч, які з сваімі іншымі сябрамі й сяброўкамі вёў далей працу ў Камітэце ды ў беларускай школе аж да прыходу летам 1944 году бальшавікоў.

У віленскім Беларускім Нацыянальным Камітэце я даў справаздачу з палажэньня ў Горадні й Горадзеншчыне ды мае там працы. Там-жа даведаўся, што адусюль надыходзяць трывожныя весткі, што актыўныя Беларусы апынуліся пад нажом нямецкай цывільнай улады, ды якую супроць Беларусаў нацкоўвалі польскія элемэнты, кажучы, што беларускім рухам кіруюць былыя камуністы. Пад гэтыя нашэпты па валасьцях і мястэчках арыштоўваліся беларускія дзеячы і шмат хто зь іх нявінна загінуў.

Для беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ня было іншага выхаду, як ісьці за радай праф. В. Іваноўскага, які казаў: «Спадары, няма іншага для нас, як абароньнікаў нацыі, выхаду, як толькі пераймаць усюды ўладу, браць зброю ў свае рукі, паралізаваць усю дзейнасьць нашых нацыянальных ворагаў!» Хутка ён сам, Казлоўшчык і шмат іншых паехалі зь Вільні да Менску, каб там пры Галоўным Камісарыяце Беларусі арганізаваць цэнтральныя беларускія ворганы. Прафэсар В. Іваноўскі заняў становішча бурмістра Менску. Я-ж аўтаматычна пераняў старшынства БНК у Вільні.

Цяпер галоўным заданьнем Камітэту было падбіраць кадры дзеячаў на судзьдзяў, адміністратараў, настаўнікаў, культурнікаў, ды кіраваць іх у Генэральную Акругу Беларусі дзеля праводжаньня там нацыянальнае, у розных галінах, працы. У гэтым часе выехала ў розныя месцы Беларусі колькі сот Беларусаў Вільні.

У сваёй дзейнасьці віленскі, як і іншыя беларускія камітэты па ўсёй Беларусі, мелі ўсё-ж не малое прызнаньне й голас у нямецкіх уладаў. Гэта дало магчымасьць, не зважаючы на варожую дывэрсію польскага й бальшавіцкага падпольля, разгарнуць вялікую нацыянальную дзейнасьць на карысьць свайго народу.

ГОСЬЦІ Ў КАМІТЭЦЕ

Хоць Вільня ў часе вайны і ўходзіла ў Акругу Летувы, ды для Беларусаў яна заўсёды была сэрцам бацькаўшчыны. Калі-ж хто меў магчымасьць быць тады ў Вільні, ня мог ён не заглянуць да свайго Беларускага Камітэту. Адным зь першых Камітэт наведаў а. В. Гадлеўскі, які зь першых дзён нямецкай інвазіі СССР сваімі палкімі прамовамі ў бэрлінскім радыё клікаў беларускі народ на змаганьне супроць бальшавізму за сваю свабоду. Цяпер ён ехаў да Менску на становішча Галоўнага Школьнага Інспэктара.

На прыезд а. В. Гадлеўскага ў Камітэце сабралася шмат суродзічаў. Гадлеўскі ў сваёй прамове накрэсьліў праграму дзейнасьці ў умовах вайны. Ён зазначыў, што Немцы ня маюць для нас пазытыўнае праграмы, абяцаюць нейкае нявыразнае існаваньне, ня хочуць супрацоўніцтва за цану нейкіх гарантыяў для нашага народу на будучыню. У такой сытуацыі застаецца самім Беларусам тварыць дакананыя факты, не азірацца на іхныя дазволы. Трэба ўсюды арганізаваць школьніцтва, адміністрацыю, паліцыю, судаўніцтва, варштаты працы. Інакш мы загінем як нацыя. Прамова на ўсіх зрабіла вялікае ўражаньне. Некаторыя былі заскочаныя гэткім тонам, дысанантным зь ягонымі радыевымі заклікамі. Іншыя зразумелі, што ад новага акупанта трэба вырываць, што дасца.

Наступнымі госьцьмі ў віленскім Камітэце былі У. Родзька й Чалоўка, якія ў гэтым часе працавалі ў Віцебску ды часта езьдзілі да Варшавы ў нейкіх падпольных беларускіх справах.

Родзька рабіў уражаньне стойкага беларускага патрыёты, але да ягонага сябры я ня меў даверу.

Чарговым госьцем быў Радаслаў Астроўскі, які таксама ехаў да Менску. Перад ягоным прыездам да Вільні нямецкі выведны аддзел зьвяртаўся ў БЫК з запытаньнем, як Беларусы на яго глядзяць. У гэтай справе была скліканая нарада беларускае інтэлігенцыі Вільні. На ёй адны выказваліся супроць яго, прыводзячы ягоны каньюнктурызм, услужлівасьць польскім уладам, выдачу беларускай гімназіяльнай моладзі польскай паліцыі, спробу палянізацыі беларускай студэнцкай моладзі. Іншыя падкрэсьлівалі, што ён усё-ж чалавек вёрткі, адукаваны, дык здолее справіцца зь цяжкімі заданьнямі пары нямецкай акупацыі. У гэтым сэнсе найбольшую перавагу меў голас д-ра С. Грынкевіча, які казаў, што лепшага кандыдата на вышэйшае становішча пры Немцах за Астроўскага няма.

Не прайшло й трох дзён, як у Камітэт зьявіўся й сам Р. Астроўскі — энэргічны, гаваркі, з добрай верай да працы. Ён хутка выехаў да Менску, дзе спачатку быў намесьнікам Менскае акругі, пасьля-ж акруговым намесьнікам у Бранску, а ад 31 сьнежня 1943 году прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Далей наведаў нас палкоўнік Канстантын Езавітаў з Рыгі. Пасьля вымены думак, абмяркоўвалася справа выдаваньня ў Рызе, сталіцы Райхскамісарыяту Остаянд, беларускага ілюстраванага часопісу «Новы шлях», ды беларускіх кніжак. Мы абавязаліся супрацоўнічаць і дасылаючы да друку матэрыялы і ў распаўсюджваньні часопісу. «Новы шлях» выходзіў рэгулярна штомесяц аж да бальшавіцкае навалы 1944 году.

Зьявіўся ў Камітэт і М. Дзямідаў, які дастаў назначэньне школьнага інспэктара ў Лідзе, пасьля адыходу стуль Макарэвіча. Быў і інж. К. Дуж-Душэўскі, які хваліўся сваёй беларускай дзейнасьцяй у прошласьці, але адмаўляўся прыняць тое ці іншае становішча у беларускай акрузе. Таксама й А. Ружанец-Ружанцоў, стары вайсковы дзеяч з часоў Беларускае Народнае Рэспублікі, не хацеў выяжджаць зь Вільні, дзе быў начальнікам пажарнай аховы ў жамойцкай адміністрацыі.

Цікавым госьцем у Камітэце быў Старшыня Беларускай Самапомачы пры Генэральным Камісарыяце Беларусі ў Менску, др. мэд. І. Ермачэнка. Быў ён з сваёй асабістай сакратаркай Галінай Войтэнка. Рабіў добрае ўражаньне. Саліднага выгляду, апанаваны, культурны ў дачыненьнях да іншых, умеў трымацца як сярод Немцаў, так і сваіх. Хадзілі гаворкі, што ён часта езьдзіў празь Вільню да Чэскай Прагі, дзе меў сваю сям'ю, перавозячы розныя тавары на чорны рынак. У 1943 годзе, калі Немцы змушаныя былі даць Беларусам больш правоў на самакіраўніцтва, Ермачэнка не знайшоў падтрыманьня з боку беларускага грамадзтва, быў адхілены ад Самапомачы ды падменены Ю. Сабалеўскім.

У ліпені 1942 году віленскі Камітэт ізноў наведаў а. В. Гадлеўскі, гэтым разам у асысьце нямецкага камісара для школьных справаў у Беларусі — Сівіцы. На гэтую сустрэчу сабралася каля 70 чалавек. Я, як старшыня, прывітаў кіраўнікоў асьветы ды адзначыў неабходнасьць, нат у ўмовах вайны, наладзіць і ўсеагульнае пачатковае школьніцтва, і сярэдняе, і прафэсійнае ды вышэйшае, каб беларускі народ мог заняць належнае месца між іншымі народамі і ў галіне асьветы. Сівіца паходзіў зь Сілезіі, ведаў добра польскую мову, дык, наслухаўшыся Беларусаў, разумеў і беларускую. Ён то чырванеў, то сінеў, то круціўся неспакойна. Пасьля мяне прамаўляў а. Гадлеўскі ў духу маёй прамовы, адзначаючы толькі, што ў цяперашнім ваенным часе цяжка будзе наладзіць вышэйшыя школы. Назваў ён таксама канкрэтныя лікі беларускага школьніцтва ў Галоўнай Акрузе Беларусі: пачатковых школаў да 8000, каля 20 сярэдніх агульных і прафэсійных, створаныя пачаткі Мэдычнае Акадэміі.

Трэці па чарзе прамаўляў Сівіца. У вытрыманым тоне ён даў нам да зразуменьня, што Беларусы фантасты, не разумеюць патрэбаў часу й жаданьняў Фюрэра: у сялянскай Беларусі прадбачваюцца цяпер пачатковыя школы, двугадовыя школы рамесьніцкія й прафэсійныя і толькі ў некаторых гарадох дазволеныя поўныя сярэднія школы. Пра ўнівэрсытэты й вышэйшыя інстытуты нельга й думаць.

З прамовы Сівіцы было зразумелым, што поўнае сярэдняе й вышэйшае школьніцтва не ляжыць у плянах гітлероўскае Нямеччыны. Яна зацікаўленая ў працоўнай сіле беларускага маладога пакаленьня.

У сваім абагульненьні думак прамоўцаў я пагаджаўся, што ў цяперашнім ваенным часе нельга марыць пра ўнівэрсытэты ды вышэйшыя школы, але сярэднія агульнаадукацыйныя й прафэсійныя школы неабходныя, бо ў нашыя часы кожны працаўнік, кім-бы ён ня быў, мусіць быць адукаваным, каб мог добра выканаць сваю працу.

Пасьля мяне выступалі яшчэ настаўнікі Тышкевіч і Кароль з падобнымі меркаваньнямі. Сівіца маўчаў, але было відаць, што ён выразна незадаволены з настрояў віленскае беларускае інтэлігенцыі. Кс. В. Галееўскі пасьля дзякаваў усім прамоўцам за абарону беларускага школьніцтва й казаў, што ён такой самай думкі.

Было шмат візытаў у Камітэце й з боку нямецкага адміністрацыйнага апарату: акруговых камісараў Віленшчыны, Лідчыны, Наваградчыны, СД, барона Аўгена фон Энгельгарта, аўтара кнігі пра Беларусь «Вайсрутэніен», што была напісаная з даручэньня нямецкага ўраду.

Калі ўжо гаворым пра знатнейшыя візыты, дык чаму ня ўспомніць пра цікавейшыя нашых суседзяў?

Гэтак, дзесьці ў травені 1943 году, у БНК зьявіўся нейкі каталіцкі ксёндз, прозьвішча ня памятаю, з студэнткай Хмялеўскай, ды прасіў інфармацыяў аб 13-ці каталіцкіх ксяндзох, што былі высланыя мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім на землі ўсходняе Беларусі для «аднаўленьня» там каталіцкага жыцьця. Аб лёсе гэтых місіянераў я й сам тады нічога ня ведаў. Даходзілі толькі чуткі, што гэтыя духоўнікі былі прасьледваныя беларускімі ворганамі, ды таксама й Немцамі, як нелегальныя польскія эмісары Ялбжыкоўскага, ведамага стаўпа польскага шавінізму ў царкоўнай дзялянцы.

Вось гэта я й сказаў гэнаму ксяндзу, дадаючы, што сярод гэтых вестак адна даволі пэўная — правадыр «місіянерскай» групы, кс. Глябовіч, ведамы польскі агітатар у каталіцкай акцыі, расстраляны. Іншыя знаходзяцца ў розных арыштах. На пытаньне, ці я мог-бы нешта дапамагчы ў справе вызваленьня арыштаваных, я адказаў, што віленскі Беларускі Камітэт ня мае права інгерэнцыі ў справы Генэральнай Акругі Беларусі. Гэткія справы належаць да генэральнага камісара Беларусі Кубэ. Дэлегацыя адышла з сумам. Пасьля я даведаўся, што амаль уся «місія» была зьліквідаваная, як польская агентура, ды ня раз думаў, што маральную адказнасьць за іхнюю сьмерць нясе ведамы прасьледнік Беларусаў Р. Ялбжыкоўскі, які спрабаваў заварыць новую польскую авантуру, цяпер на землях усходняе Беларусі.

Зь Беларусаў назаву некаторых, якія ў часе вайны займалі высокія становішчы ў Галоўнай Акрузе Беларусі, ды якія ў той ці іншы спосаб мелі кантакт з БНК ў Вільні, а разам і са мной.

У. Шавель — студэнт права Віленскага Ўнівэрсытэту, шчыры Беларус, маламоўны, але разважны, дзейны чынам у важных сытуацыях. Быў камендантам паліцыі ў Менскай акрузе ў 1943 годзе, трымаў паліцыю ў беларускім духу, асабліва калі зьявілася дывэрсія з боку польскага, а пасьля маскоўскага. Справакаваны пасьля з двух бакоў, бальшавіцкага й нямецкага, згубіў давер да Немцаў ды ў восені 1943 году скрыўся на Палесьсі й усякія сьляды па ім прапалі.

Юстын Мурашка, стары, яшчэ нашаніўскі, беларускі дзеяч. У лістападзе 1941 году быў бурмістрам места Ашмяны, дзе сарганізаваў беларускае школьніцтва й адміністрацыю. Пасьля далучэньня Ашмян да Летувы, быў бурмістрам у Валожыне. Дзе Мурашка быў бурмістрам, там варожыя сілы з боку польскага, летувіскага й расейскага маглі толькі скрыгатаць зубамі.

Алёйзы й Уладыслаў Пяцюкевічы. Яны першыя адгукнуліся да працы ў часе вайны ў радох нашых збройных сілаў. Дзеілі ў Браслаўшчыне, у Баранавіцкай, Слонімскай і Наваградзкай акругах, былі ў радох паліцыі, у беларускім батальёне СД, у беларускай супроцьбальшавіцкай партызанцы ў Слонімшчыне, усюды вызначаліся патрыятызмам, адвагай, актыўнасьцяй. Абодва загінулі ў барацьбе. Алёйзы больш году сядзеў у канцэнтрацыйным лягеры Калдычэва ля Баранавіч, а выратаваны сябрамі ў часе ліквідацыі гэтага лягеру, паў на фронце пад Варшавай. Другі, Уладыслаў, паў ад варожай кулі ў часе выконваньня службовых абавязкаў у Слоніме.

Інж. Адам Дасюкевіч — ціхі, працавіты патрыёт, былы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту, займаў становішча старшыні Постаўскага павету. Застрэлены зондэрфюрэрам за тое, што ў вызначаны дзень ня прыбылі ўсе сялянскія падводы з пастаўкай збожжа на высылку ў Нямеччыну.

Альбін Сянькевіч, сябра Беларускага Народнага Аб'яднаньня, стойкі патрыёт. Выконваў функцыі кальпартэра беларускай прэсы й літаратуры ў Глыбоччыне. Паў ад кулі польскага падпольля.

Язэп Найдзюк, друкар, былы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», дзейны сябра розных нацыянальных арганізацыяў у Вільні. Увосені 1941 году пераехаў да Менску ды працаваў у выдавецтве падручнікаў Школьнага Аддзелу. Напісаў у часе вайны й выдаў нарыс гісторыі Беларусі «Беларусь учора й сяньня», які служыў у той час амаль адзіным падручнікам для пазнаваньня гісторыі Беларусі й беларускага вызвольнага руху.

Др. Янка Станкевіч, мовавед, горача й стойка бараніў беларускія справы ў галіне гісторыі, культуры, мовы, школьніцтва і г. д., так перад Жамойцамі ў Вільні, як пазьней, пераехаўшы да Менску ў канцы 1941 году, перад Немцамі. Працаваў у Самапомачы, у Школьным Аддзеле, у Радзе Даверу. Выдаў у Менску брашуру «Кароткі нарыс зь гісторыі Крывіі». Сярод беларускае інтэлігенцыі заўсёды меў шмат праціўнікаў найперш за свае дзівосныя «рэформы» беларускае мовы, у якую ўводзіў розныя ўстарэлыя словы й няўдалыя наватворы ды «арыгінальныя» граматычныя формы. На ягоную заслугу аднесьці трэба папулярызацыю слова «спадар», якое замацавалася на падмену польскага «пан» ды расейскага «господін». Кс. Гадлеўскаму, як Галоўнаму Школьнаму Інспэктару, давялося мець вялікія клопаты з наватарствамі Я. Станкевіча, якія ён пнуўся правесьці ды замацаваць у школьных падручніках, што тармазіла іх выданьне.

А. Цьвячкоўскі, гадунец айцоў Марыянаў у Друі, клерык Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, у часе вайны вярнуўся да сьвецкага стану. Спачатку, у 1941 годзе, быў настаўнікам беларускай пачатковай школы ў Вільні, пасьля-ж працаваў у Менску. У 1943 годзе быў старшынём у Постаўі. З прыходам бальшавікоў быў зьняволены ў Варкуце.

Юльян Саковіч, сын багатага земляроба. Перад Другой Вайной быў вучнем Беларускай Гімназіі ў Вільні, апасьля сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу, «левізаваў», як і шмат іншых. З прыходам бальшавікоў быў арыштаваны й мучаны ў засьценках НКВД. Паход Немцаў на ўсход вызваліў яго з зьняволеньня й ён стаўся актыўным змагаром за вызваленьне свайго народу. У першыя гады быў камэндантам беларускае паліцыі ў Менску. У 1943 годзе, разам з Мараковым, застрэлены польскім падпольлем у Шчучыне, хутка пасьля ягонага прыезду ў гэтае, апанаванае польскай дывэрсійнай акцыяй, места Лідчыны.

Юры Сабалеўскі, былы беларускі пасол у польскі сойм. У часе вайны вельмі актыўны, наведваў Вільню й віленскі Нацыянальны Камітэт, цікавіўся беларускімі нацыянальнымі справамі. Пасьля др. Войтэнкі быў бурмістрам Баранавіч, а ў 1944 годзе кіраўніком Самапомачы й намесьнікам прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Гэта быў прынцыповы чалавек у справах ня столькі нацыянальных, колькі маральных, што ня менш цэннае ў нацыянальнай працы. Ён бічаваў і дробныя водхіны ад маралі, часам папурытанску.

Аляксандар Русак, з Баранавіцкай акругі. Перад вайной быў вучнем Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля скончыў Сярэднюю Гандлёвую Школу ў Варшаве, працаваў у Пазнані. У часе вайны адгукнуўся на нацыянальныя патрэбы беларускага народу. Працаваў у 1941 годзе ў Беларускім Камітэце ў Горадні, пасьля-ж у СД у Баранавічах. Дзе толькі было магчыма, бараніў беларускія нацыянальныя інтарэсы, не зважаючы на ўсе небясьпекі. У канцы 1943 году быў бурмістрам Баранавіч аж да нахлыну бальшавікоў. Адначасна быў дырэктарам Сярэдняй Гандлёвай Школы ў Баранавічах, што выпусьціла дзясяткі гадунцоў.

Др. мэдыцыны Станіслаў Грынкевіч, лекар псыхіятра, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, старшыня Беларускага Народнага Аб'яднаньня, аўтар розных публікацыяў і кніжак, быў у 1941 годзе арыштаваны бальшавікамі, але ўцёк з транспарту. Праціўнік якога-колечы супрацоўніцтва зь Немцамі, вёў перамовы з Палякамі й нагаварываў мяне паехаць у Лёндан да ўраду Мікалайчыка. Зь беларускімі дзеячамі ў Наваградку вёў гутаркі ў справе арганізацыі беларускае нацыянальнае партызанкі супроць і Немцаў, і бальшавікоў. Др. Грынкевіч ня прыняў ад Астроўскага становішча раднага ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Арыштаваны ў 1945 годзе бальшавікамі й знішчаны.

КАНТАКТЫ ЗЬ НЕМЦАМІ

Каб праводзіць беларускую дзейнасьць у Вільні, апанаванай Жамойцамі, трэба было мець добрыя кантакты зь кіруючымі нямецкімі прадстаўнікамі на «Бэцырк Літаўэн», пайменна з СД і Гэбітскамісарыятам.

Спачатку мы мелі сувязь з др. Шольцам, заступнікам кіраўніка СД у Вільні. Гаварыў ён добра парасейску й любіў, выпіўшы, пяяць расейскія рамансы. Час-ад-часу мы ладзілі адумысныя банкеты, на якія ахвотна прыходзілі СД-оўцы. Пры гэткіх нагодах мы прадстаўлялі нашыя справы ды шмат чаго даведваліся аб курсе нямецкае палітыкі.

Памятаю, было гэта ў студзені 1942 году. Памяшканьне др. Грабінскага напоўнілася беларускімі дзеячамі, сярод якіх былі два каталіцкія сьвятары й дзьве дамы. Хоць і вайна, на стале стаялі кан'які, добрыя віны, гарэлка, рыбы, вяндліны, каўбасы. На вызначаны час зьявіліся й два высокія начальнікі СД — кіраўнік і ягоны намесьнік, др. Шольц — паны жыцьця й сьмерці ў жамойцкай акрузе.

— Гайль Гітлер! — віталіся яны, прыўзьняўшы рукі.

— Гайль! — адказалі мы мяшаным хорам ды расступіліся, каб госьці занялі пачэснае месца.

Кіраўнік СД меў гадоў пад 35, выглядаў паважна, нат мо сурова. Гутаркі за сталом ішлі паўголасам. Кіраўніка СД абслугоўвалі др. С. Грынкевіч і др. Ф. Грышкевіч, што сядзелі побач яго.

Пасьля агульнай бяседы й выпіўкі, мінут 45 пазьней, кіраўнік СД устаў і сказаў, што ён дзякуе за добрую пачостку, даўжэй прабываць нажаль ня можа, бо мусіць ехаць у службовых справах да Коўні.

Яго затрымаў аднак а. Адам Станкевіч, які ад імя Беларусаў прасіў палёгкі для беларускіх палонных, ды тых, што былі ў лягерох сьмерці. Немец запісаў у свой блякнот ды абяцаў дапамагчы. І запраўды мы пасьля выратавалі колькі сот Беларусаў з ваеннапалонных лягераў.

Разьвітаўшыся зь кіраўніком СД усе ўздыхнулі свабадней, др. Шольц паналіваў у шклянкі гарэлкі, ды ўсе выпілі за нямецкую армію. Пасьля гэтага тосту слова сказаў я, заклікаючы нямецкія ўлады, каб у наважаным змаганьні з маскоўскім бальшавізмам яны дазволілі Беларусам стварыць сваё войска, якое, поплеч зь нямецкай арміяй, прычынілася-б да стварэньня «Новай Эўропы». Шольц, зіркаючы на мяне, усьміхаўся.

— Маладой есчо, маладой! — адказаў ён мне й пачаў раскрываць нямецкія пляны: — Фюрэр не патрабуе нічыёй дапамогі. Ён сам перамог Эўропу ды выйграе вайну й здабыткамі ні зь кім ня будзе дзяліцца. Нямецкі народ — вышэйшая раса й супроць яго ніхто ня здолее ўстояць. Немцы на Усходзе шукаюць «Лебэнсраўму», а не сужыцьця. Таму некаторыя малавартасныя народы будуць вынішчаныя. Цяпер ліквідуюцца Жыды, Цыганы, пасьля пойдуць Чэхі й Палякі. З Прыбалтыкай Фюрэр расправіцца асобна, бо Прыбалтыка спрадвечная нямецкая тэрыторыя, і тым больш, што гэтыя народы, асабліва Летувісы, што так лашчацца да Немцаў, каб замацаваць свой этнічны патэнцыял, не падабаюцца Фюрэру. Яны самі перабілі тутэйшых Жыдоў, хацелі нам спадабацца. Вы, Беларусы, — цягнуў далей Немец, — можаце 50 гадоў жыць на сваёй зямлі спакойна, бо вы нацыя не варожая для Нямеччыны. А там, пазьней, яна, магчыма, перасуне вас крыху далей на ўсход, вызначаючы вам адпаведную прастору.

— Хіба аж за Маскву! — нехта выкрыкнуў голасна.

— Але, магчыма! — не зьбянтэжыўся Шольц. — Памятайце таксама, што й Расейцы нам патрэбныя. Яны будуць выкарыстаныя супроць жоўтых. А з Украінай можа быць куды горш. Гэта парывісты народ, нам нявыгадны, тымбольш, што мы зацікаўленыя ўкраінскім чарназёмам, вуглём ды Чорным морам. Дык давайце вып'ем гэты тост за нашае сужыцьцё й за Новую Эўропу!

Усе мы ўсталі, чокнуліся чаркамі, выпілі.

Далей пайшлі ўжо паўпрыватныя гутаркі. Да Шольца падсеў галоўны інспэктар, а. В. Гадлеўскі, што якраз прыехаў зь Менску, ды выцягнуў ад яго, што толькі магчыма. Калі Шольц ужо ня быў здольны да ніякіх паважнейшых гутарак, а толькі заводзіў расейскія рамансы й студэнцкія песьні, мы яму дапамагалі, пераплятаючы сваімі. Сыпаліся жарты, дакоры на ход нямецкае кампаніі на ўсходзе, але ўжо ніхто нічога ўсур'ёз ня браў. Шольц-жа выпісваў на калене начныя пропускі для ўдзельнікаў вечару ды казаў начны пароль.

У чародную суботу добра ў нашым асяродзьдзі набраўся галоўны сакратар віленскага гэбітскамісарыяту. Ён даў нам цімала добрых радаў ды абяцаў, дзе толькі магчыма, дапамагаць Беларусам.

Дзіўна тады мне выглядала, што нямецкія нацыстыя, адзін з СД, а другі «бранзовы», з адміністрацыі, не хацелі сядаць разам за адным сталом. Толькі пазьней я зразумеў, што ў нацыскай Нямеччыне існавалі тры сілы, што ўзаемна змагаліся: партыйныя («брунатнікі»), што кіравалі адміністрацыяй, як дзяржава ў дзяржаве — СС, ды «Вэрмахт» — вайсковыя, што кіравалі ваеннымі апэрацыямі. Дзеля гэтага «жоўтыя» партыйнікі з гэбітскамісарыяту ненавідзілі СС і «Вэрмахт», а тыя — «жоўтых», ды баяліся адзін аднаго.

Мы часта рабілі паседжаньні ў нашым беларускім асяродзьдзі ды разважалі, што рабіць у ўмовах вайны. Др. С. Грынкевіч бараніў свой плян, што ў умовах нарастаючай савецкай і польскай партызанкі, трэба тварыць партызанку сваю, беларускую і супроць Немцаў, і супроць бальшавікоў. Я, як старшыня БНК, трымаўся тактычна збоку, ды, прызнаюся, ніколі ня верыў у карысьць нашай тады акцыі на два бакі.

Нашыя бяседы зь Немцамі адбываліся даволі рэгулярна, менш-больш што два месяцы, набіралі яны характар канфэрэнцыяў. Гэта на іх было дамоўлена аб існаваньні нашага школьніцтва ў акрузе «Літаўэн» ды аб тым, што лёс выдатнейшых Беларусаў у акрузе не павінен вырашацца Немцамі без кансультацыі з БНК. І здаралася, што Немцы да нас зварочваліся з запытаньнямі ў справах і з далёкіх краёў, прыкладам з Турцыі, калі арыштаваны там імі Беларус паклікаўся, што ён не бальшавік, бо жывучы й у Турцыі выпісваў «Беларускую крыніцу». Ясная рэч, гэткае пасьветчаньне мы яму выставілі.

СТУКАЕМ У ДЗЬВЕРЫ ВАЛАДАРОЎ

Дзікі разгул польскіх шавіністых, скрытых пад шыльдай фольксдойчаў ды летувіскай паліцыі, што з скуры вылазіла, каб спадабацца Немцам, даваліся крывава ў знакі нашаму жыхарству ў Вільні й Віленшчыне. У выніку мы склалі нямецкім уладам адумысны мэмарыял. Гэбітскамісарыят Летувы знаходзіўся тады каля замкавай гары. Нашая дэлегацыя складалася зь пяці асобаў: др. С. Грынкевіч, др. Ф. Грышкевіч, а. А. Станкевіч, др. Я. Малецкі й 3. Коўш — сакратарка Камітэту.

Дэлегацыя прастаяла перад дзьвярыма камісарыяту тры з паловай гадзіны. Урэшце адчынілі нам дзьверы ды запрасілі ў сярэдзіну. Мы выказалі беларускія крыўды, перадалі мэмарыял. Нам абяцалі, што нашыя крыўды знойдуць справядлівае вырашэньне.

Не прайшло й месяца, як нам давялося складаць другую візыту камісару места Вільні, што рэзыдаваў пры вуліцы Міцкевіча. Прычына-ж гэтае візыты была гэткая: у сакавіку 1943 году ехалі да Сьвянцянаў заступнік камісара Вільні, гаспадарчы кіраўнік акругі, нейкі важны партыйны госьць з Бэрліну ды сакратарка гарадзкога камісарыяту. У сьвянцянскім лесе збройныя людзі затрымалі самаход, адабралі ад Немцаў аўтаматы й пісталеты, іх застрэлілі, сакратарцы-ж загадалі вяртацца пехатой да Вільні.

Немцы ў адказ загадалі выслаць для «пацыфікацыі» 100 CС-манаў і 300 Летувісаў, якія за адзін дзень перабілі 1200 жыхароў ды спалілі 7 вёсак. Летувісы ў злачынствах перавышалі нямецкіх нацыстаў. Яны бяз усякай літасьці стралялі людзей па хатах, на вуліцах, палілі іх большымі зборышчамі, жудасна зьдзекваліся над меншымі грамадамі.

Што мы маглі ў гэткім выпадку зрабіць для ратунку нашага народу? Дзеіць даводзілася вельмі асьцярожна. Нашая дэлегацыя ў складзе тым самым, што й раней, наведала гэбітскамісара места Вільні Вольфа[8]. Знаёмы нам галоўны сакратар прыняў нас вельмі ветліва, але каб дастацца да камісара, трэба было ізноў чакаць каля двух з паловай гадзінаў. Урэшце нас дапусьцілі да гэбітскамісара й я ўручыў яму наш мэмарыял. Ён хутка перабег вокам па галоўных пунктах:

1. Расстраляна 1200 Беларусаў зь 7 вёсак, як рэпрэсія за забойства трох узброеных Немцаў.

2. Беларускія сяляне, што палі ахвярамі, ня мелі ніякай зброі, былі заўсёды мірнымі жыхарамі пры ўсякай уладзе.

3. Трох Немцаў пала ад куляў варожых арганізаваных узброеных бандаў, што цягаюцца па тутэйшых лясох ды нападаюць на мірных сялян.

4. Перапалоханыя навокала сяляне бягуць да Беларускага Камітэту, шукаючы справядлівасьці, а мы самі ня ў сілах ім дапамагчы.

5. Калі будуць і ў далейшым тарнаваныя масавыя рэпрэсіі супроць нявінных людзей на бальшавіцкія правакацыі, дык сяляне будуць змушаныя шукаць аховы ня ў Немцаў, але ў савецкіх партызанаў.

6. Просім у імя справядлівасьці й супакою не праводзіць падобных акцыяў, а ў выпадку нямецкіх ахвяраў справядліва караць злачынцаў, ды нішчыць узброеныя банды, як польскія, так і савецкія, што трывожаць беларускае жыхарства.

Пад канец чытальня мэмарыялу гэбітскамісар пачаў нэрвова хадзіць па пакоі. Урэшце падыйшоў бліжэй да нас і сказаў:

— Сябры Беларускага Камітэту! Сталася нячуваная ў гісторыі рэч, бо на спакойных тылох, 1000 км ад фронту, пала трох маладых заслужаных Немцаў. Паводле загаду Фюрэра за кожнага паўшага на Усходзе Немца, павінна быць выбіта 100 тутэйшых людзей. У гэтым выпадку забіта больш, але гэта зрабілі Летувісы. Віноўнікі за гэткую самаволку будуць пацягненыя да адказнасьці. Ідзіце й скажыце сваім людзям, што акцыя скончаная і ўсе могуць працаваць спакойна.

Тут адазваўся кс. А. Станкевіч:

— Праўда, што мы жывём на тылох, але вайна не закончаная, лясы, дарогі, балоты не ачышчаныя ад розных валацугаў і бандытаў і ніхто ня можа ведаць, што непакараныя банды плянуюць на будучыню й дзе яны выкінуць новую правакацыю.

Немца зусім заткала прамова а. Адама Станкевіча. Ёй запэўніў, што супроць бандаў будуць прынятыя меры.

На гэтым нашая візыта ў гэбітскамісара скончылася. Высновы былі сумныя: бальшавікі з Палякамі будуць рабіць правакацыі, а Немцы зь Летувісамі будуць перабіваць беларускае жыхарства, паліць вёскі й хутары. Было пастаноўлена па вёсках і мястэчках арганізаваць Беларускую Самаахову. Аб становішчы беларускага жыхарства акругі Летува мы паведамілі праф. В. Іваноўскага ў Менску ды мгр. М. Шкялёнка ў Бэрліне.

Віленскі Камітэт раіўся цяпер таксама ад тых, што шукалі ратунку, хацелі вызваліць сваякоў з ваеннапалонных лягераў сьмерці. У іх ад голаду й пошасьці масава гінулі тыя нешчасьліўцы, што не хацелі бараніць крывавага Сталіна й ягонай няволі, ды кінуўшы зброю паддаліся ў палон, спадзяючыся лепшай будучыні. Заміж яе гіронія лёсу адкрыла ім вароты гітлероўскай сьмерці. Мы давалі ад імя Камітэту выяўленым у лягерах Беларусам пасьведчаньні з просьбай звальненьня, ручаліся за іх ляяльнасьць. І шмат было звольненых ды ўратаваных ад загубы.

Некаторыя прыходзілі ў Камітэт проста з палону, вынішчаныя дазваньня, бязь верхняй вопраткі, абутку. Трэба было арганізаваць ім вопратку, харчы, транспарт. Ды ці была магчымасьць выратаваць усіх палонных Беларусаў ад сьмерці? Ведама, не. У брацкіх магілах Віленшчыны, дзе толькі былі лягяры палонных, ляжыць 40–60 тысячаў савецкіх жаўнераў, а між імі шмат Беларусаў. У Беразьвечы палонныя тры разы ўцякалі цераз калючыя драты й кулямётныя заставы. Іх секлі кулямётным шквалам, лавілі сабакамі. Шмат аднак уцякло ў лясы, дзе стварылі першыя партызанскія аддзелы.

Найбольш аднак палонных загінула ад голаду й тыфу. Немцы зусім сьвядома марылі палонных голадам, каб міліённыя масы загубіць ды гэтак працерабіць сабе ўсходнюю прастору, «лебэнсраўм», для будучай нямецкай калянізацыі. Др. А. Шчэрба, кіраўнік шпіталя для ваеннапалонных у Новай Балейцы, апавядаў мне, што немагчыма было глядзець, як у шпіталі палонныя мруць з голаду. Ён ня мог ім рабіць ніякай апэрацыі, бо нічога не гаілася.

Усякая дапамога палонным харчамі была забароненая. Калі на Вялікдзень 1942 году сьвятар у Глыбокім сабраў сьвяточныя падаркі ежай для палонных мясцовага лягеру, нямецкая адміністрацыя лягеру не дазволіла перадаць іх палонным. У гэтай справе мы пісалі шмат мэмарыялаў акупацыйным уладам у Рыгу, Вільню, Бэрлін, але ад іх ніколі ня было ніякай палёгкі для няшчасных палонных. Толькі ў канцы 1942 году Немцы дазволілі Беларусам падбіраць сваіх суродзічаў у лягерох палонных на службу ў прапагандзе, транспарце, паліцыі, адміністрацыі, у ваенных адзінках.

ШУКАЕМ «ЛІТОЎЦАЎ»

У палавіне чэрвеня 1942 году я атрымаў у Беларускім Камітэце ліст з канцылярыі «Остаянд» ў Рызе, у якім пісалася, што нямецкія ўлады хочуць на месцы, у Вільні й яе ваколіцах, пазнаёміцца з жыхарствам. Колькі дзён пасьля пад Камітэт пад'ехала нямецкае аўта з прадстаўнікамі «Остаянду». Гэта былі — Немец з Рыгі фон Баўмгартэль у асысьце заступніка віленскага гэбітскамісара Остэнка. Абодва добра гутарылі парасейску. Прасілі, каб я зь імі паехаў у ваколіцы Вільні, бо яны хочуць пагутарыць зь людзьмі пра іх нацыянальнасьць. Далі мне аўтамат, пасадзілі наперадзе пры шофэры, самі таксама былі ўзброеныя.

Ад'ехаўшы кілямэтраў 12 на ўсход ад Вільні мы пабачылі двух маладых дзяцюкоў, што капалі канаву. Я іх паклікаў, каб падышлі да аўта. Немцы парасейску іх папрасілі, каб на пытаньні адказвалі простымі словамі ды сваёй мовай.

— Як ваша фамілія? — апытваў фон Баўмгартэль.

— Лабачы.

— Якой вы рэлігіі?

— Каталікі.

— Якой вы нацыянальнасьці?

— Тутэйшыя, — кажа адзін.

— Палякі, — папраўляе другі.

— Як вы гаворыце дома?

— Папросту.

— Як вы моліцеся ў касьцёле?

— Папольску.

— Ці вы чулі аб «Літоўцах»?

— Чулі. Да нашага суседа прыехала двух паліцыянтаў.

— А ці каля вас жывуць «Літоўцы»?

— Мы ня чулі.

Немцы ўсе пытаньні й адказы запісвалі ў свае кніжачкі. Яны падзякавалі хлапцом і мы паехалі далей. Фон Баўмгартэль заўважыў:

— Беларусы каталікі апалячаныя.

— А чаму яны сябе не называюць Беларусамі? — спытаўся ў мяне Остэнэк.

Я кажу, бо яны каталікі, а «Беларус» у іх паняцьці значыць тое, што й «рускі» — праваслаўны. Ды й назоў «Беларус» даволі новы, замацаваўся толькі пад расейскім панаваньнем. Калісьці ўсе тут называліся «Літвінамі». Сяньня «Літвой» сталі называць правінцыю, што называлася Жмудзяй, Самагітыяй. Вось чаму яны ня чулі, каб тут недзе жылі гэтыя «Літоўцы».

Неўзабаве мы прыехалі ў Трабы, у палац князя Паўлы Сапегі. Я пасьпеў коратка паінфармаваць Немцаў пра выдатную ролю Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім, гістарычнай Літве, ды аб іхных вялікіх заслугах у гісторыі беларускае культуры. Стары палац беларускага магната XVI стагодзьдзя апушчаны, але які магутны й прыгожы! Немцы ўважна яго аглядалі ды выказваліся, што гэты гістарычны будынак мае плян заходняэўрапэйскага абароннага замку. Сям-там стаялі яшчэ статуі Сапегаў, віселі цяжка пашкоджаныя абразы.

Па кутох будыніны жылі былыя дворныя парабкі, пасаджаныя там «культурнымі» бальшавікамі, якія далей руйнавалі замак. Немцы былі ўражаныя, што гэткі знакаміты гістарычны помнік ператвараецца ў руіну. Дзівіліся, чаму бальшавікі не зрабілі тут хоць спартовага клюбу, музэю, гатэлю.

Жыхары тут былі ўсе Беларусы, што ведалі й польскую мову. Знайшлі мы тут і адну сям'ю «літоўскую», што ў дваццатых гадох пераехала да Трабаў зь нейкай жамойцкай вёскі ў Сьвянцяншчыне.

Далей мы накіраваліся ў Альшаны, гняздо слаўных князёў Альшанскіх, каб пагутарыць з найстарэйшым і важным у ваколіцы чалавекам, благачынным айцом Юзьвяком. Вось ужо бачная на горцы сярод дрэваў і мураваная царква. Спыніўшыся пры царкве, мы пабачылі яго, сівога як голуба, у грамадзе жанчынаў і дзяцей. І ён зразумеў, што нейкія госьці прыехалі да яго. Я прадставіў айца Юзьвяка Немцам. Благачынны весела ўсьміхнуўся й падаючы руку фон Баўмгартэлю, сказаў:

— Я беларускі сьвятар праваслаўнага прыходу.

— А як доўга вы тут служыце? — спытаўся Немец.

— Роўна сорак гадоў! — адказаў благачынны.

— А колькі вам гадоў ад нараджэньня, калі можна ведаць?

— Восемдзесят тры, — і дадаў: — Я скончыў свае царкоўныя абавязкі й прашу дастойных гасьцей да мяне ў хату.

Мы ўвайшлі ў хату благачыннага. Быў гэта ўтрыманы ў добрым парадку тыповы беларускі дом. Нутро хаты ўпрыгожвалі старыя іконы ды музэйныя царкоўныя рэчы. Фон Баўмгартэль, агледзіўшы ўсё, закурыў ды расказаў аб мэце свайго прыезду да Альшанаў. Ёй спытаўся ў благачыннага:

— Ці ёсьць дзе тут у вас «Літоўцы»?

— Ведаеце, — адказаў благачынны, — я жыву тут сорак гадоў, мой прыход налічвае 15 000 душ, але я нідзе тут «Літоўцаў» ня бачыў. Толькі 35 км ад нас на захад, у Дзявенішках, апавядаюць людзі, што там між нашымі людзьмі жывуць і «Літоўцы».

Немцы перакінуліся міжсобку зрокам.

— А якой нацыянальнасьці тутэйшае жыхарства? — спытаўся Остэнэк.

— Ды тут усюды густой масай жывуць Беларусы, — адказаў благачынны. — Праўда, па дварох ёсьць крыху апалячаных шляхціцаў, што лічаць сябе «Палякамі». Былі тут польскія асаднікі, удзельнікі польскага змаганьня з бальшавізмам у 20-м годзе, але іх вывезьлі бальшавікі. Маем нат тут вёску мазуроў!

— Што вы кажаце? Мазуроў? — дапытваў фон Баўмгартэль.

— Але, сама запраўдных. Калісьці, яшчэ за вялікага князя Ягайлы, калі ён жаніўся з Альшанскае князёўнай Сонькай, з сватамі ад Ягайлы, што быў і польскім каралём, прыбыў сюды аддзел мазуроў, як ахова. Мазуры тады былі ў саюзе з нашай дзяржавай. Ім так тут спадабалася, што яны й аселі на землях князёў Альшанскіх. Яны ўсе каталікі, прозьвішчы іхныя гучаць інакш чымся нашыя, ды нават іхны выгляд розьніцца ад навакольных тутэйшых жыхароў.

Благачынны глянуў у вакно й пабачыў якраз аднаго жыхара з мазурскай вёскі, што праходзіў міма. Ён усьцешыўся:

— Людзі добрыя, на нашае шчасьце вунь бачу аднаго мазура, што праходзіць міма.

Мы замітусіліся. Я выйшаў ды паклікаў гэнага чалавека ў хату благачыннага. Называўся ён Рацёнжак і гутарыў ламанай польска-беларускай гаворкай. На запытаньне, якой ён нацыянальнасьці, адказаў, што Паляк. У ягонай вёсцы, казаў ён, жыве блізу 180 чалавек.

Пасьля кароткіх пытаньняў мы падзякавалі гэнаму Мазуру-Паляку за паслугу й ён пайшоў сваёй дарогай. Фон Баўмгартэль вёў далей бяседу з благачынным.

— Ну а што вы скажаце аб ліку тут Расейцаў?

— Расейцаў? — зьдзіўлена адказаў благачынны. — Дык іх у нашай ваколіцы зусім няма. Гісторыя кажа, што яны прыходзілі сюды, каб нішчыць людзей, маёмасьць, нашую культуру. Вось гляньце на руіны гэтага старадаўняга замку, — тут благачынны рукой паказаў на руіны на ўзгорку. — Гэта калісьці была цьвярдыня нашых князёў Альшанскіх. Замак быў на вышыні дасягненьняў архітэктурнага мастацтва Эўропы. Тут Ягайла ўзяў сабе за чацьвертую жонку нашую князёўну Соньку Альшанскую ды толькі ад яе дачакаўся тых нашчадкаў, што праз колькі пакаленьняў былі валадарамі ўсёй сярэдняй Эўропы. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі Маскалі, уварваўшыся на гэтыя землі, спалілі ды разбурылі замак, адну з старавечных памятак нашае культуры.

Словы старога, сівога, патрыярхальнага выгляду благачыннага айца Юзьвяка гучэлі як голас з далёкіх мінулых стагодзьдзяў. Немцы былі відавочна пад вялікім уражаньнем таго, што пачулі. Яны вельмі дзякавалі за шчырую бяседу ды хацелі адведаць бурмістра Аьшанаў. Айцец благачынны на ад'езд пачаставаў нас хлебным квасам, які спадабаўся Немцам, — у ім яны адчувалі смак баварскага піва.

Бурмістра Альшанаў ня было дома. Сустрэлі мы затое маладую, як кветка прыгожую, ягоную жонку, прыадзетую ў беларускую нацыянальную вопратку. Яна прывітала нас дастойна, грацыёзна, беларускай мовай. У хаце ўзорны парадак, чысьціня, што аж Немцы зьдзівіліся. Асаблівая атракцыя — слаўныя дзеткі, якіх мы ўсе падзіўлялі.

Хутка гаспадыня запрасіла нас на абед. Падала беларускі, ружовага колеру, халадзец. Бурачкі, цыбулька, кусочкі мяса, яек, сьмятана й яшчэ нешта, чаго ніхто ня мог разгадаць. А смак — нічога лепшага ня выдумаеш, толькі глытай. Немцы гэнага халадцу з ахвотай зьелі па дзьве талеркі. На другое была пададзеная — як «наляту» перакуска — яечня зь вялікімі скваркамі. Тут Немцы лыпнулі вачыма.

— У нас, — кажуць, — за цэлы тыдзень сям'я ня мае столькі туку, што вы нам даеце на адзін пачастунак.

Пасьля была гарбата ў прыкуску, бо цукру нехапала. Пад уражаньнем прыняцьця фон Баўмгартэль выказаў ахвоту купіць для сваёй сям'і ў Нямеччыне кіляграм сала. З прысутных нехта ахвяраваўся задаволіць просьбу Немца.

Пасілкаваўшыся, Немцы хацелі ехаць далей, сустрэцца зь іншымі людзьмі. Відаць, яны няблага арыентаваліся ў ваколіцы, бо хацелі наведаць Багданава, маёнтак ведамага вялікага мастака нашае зямлі Фэрдынанда Рушчыца.

Мастак Рушчыц памёр гады тры перад пачаткам вайны. Прымала ягоная дачка, гадоў трыццаці. Немцы пыталіся ў яе:

— Якой нацыянальнасьці тут людзі?

Дачка Рушчыца адказала:

— Па вёсках жывуць Беларусы, а па маёнтках — Палякі.

— А да якой нацыянальнасьці залічаюцца мясцовыя каталікі?

— Некаторыя зь іх лічаць сябе Палякамі. Я думаю, што ўсе яны Беларусы. Тут няма ніякай розьніцы між праваслаўнымі й каталікамі. Каталікі й праваслаўныя — адзін народ, зайшлі толькі некаторыя гістарычныя розьніцы.

— А якія тут ёсьць яшчэ нацыянальнасьці? — пытае Остэнэк.

— Ёсьць тут Татары дзе-ня-дзе. Яны гутараць пабеларуску, хоць мусульманскай веры. Было колькі Немцаў, але яны выехалі ў Нямеччыну.

— Ці вы былі за граніцай? — спытаўся фон Баўмгартэль.

— Так, была перад вайной у Швэйцарыі й Нямеччыне.

Немцы здаволена ўсьміхнуліся ды прасілі дазволу агледзець малюнкі яе бацькі. У доме была цэлая галярэя. Мы пераходзілі ад аднаго абраза да другога, з аднаго пакою ў другі, аж пакуль не стаміліся — гэткая процьма абразоў і скульптураў.

Шофэр цяпер віхром нас вёз праз Баруны, дзе ўжо здалёку красаваўся двувежны базыльянскі касьцёл. Тут я ўспомніў Немцам пра нашу настаўніцкую сэмінарыю ў Барунах ды аб яе лёсе. Немцы аднак ня спыняліся, сьпяшаліся да Ашмяны.

Каля гадзіны 6-й папаўдні мы былі ў Ашмяне. Немцы вельмі хацелі пабачыць Ашмяну ды сустрэцца з тамашнімі людзьмі, бо, як я зразумеў зь іхнае гутаркі, ім Жамойцы натрубілі быццам там «літоўская» сталіца.

Проста з вуліцы мы пайшлі на кірмаш, скуль людзі ўжо разьяжджаліся, сьпяшаліся дамоў. Немцы спыніліся сярод натоўпу ды слухаюць: усе гутараць пабеларуску! Некаторыя крычаць на ўсё горла, хочуць да канца распрадаць свой тавар.

Мы падышлі да аднаго селяніна, які аказаўся былым сябрам Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры. На запытаньне Немцаў, хто ён па нацыянальнасьці ды якія людзі жывуць у Ашмяншчыне, ён, сьцяміўшы пра што Немцам ходзіць, разьвёў такую гутарку пра свой беларускі народ, які жыве сьцяной па ўсёй Ашмяншчыне й Вялейшчыне, што Немцы толькі лыпалі вачыма. На пытаньне, ці ёсьць тут «Літоўцы», селянін адказаў:

— «Літоўцаў» шукаеце? На ўсёй Ашмяншчыне я ня чуў пра іх і іх ня бачыў. Кажуць у Ашмяне ёсьць адзін шавец «Літовец». Вы можаце да яго зайсьці й пагутарыць, даведацца скуль ён родам. Аб іншых я нідзе ня чуў.

Гутарка была вычарпаная. Немцы падзякавалі ды пайшлі ў прыкірмашную сталоўку. Яны адразу загаварылі да маладой дзяўчыны-буфэтчыцы. Аказалася, што яна з суседняе вёскі, скончыла 7 клясаў польскай пачатковай школы ды жыла перад вайной у Варшаве. На пытаньне, якой яна нацыянальнасьці, адказала, што польскай, аднак дома гутарыць папросту. Немцы пацікавіліся, што яна разумее «папросту»?

— А вось так, як тут усе людзі гавораць, — адказала.

— Гэта значыць пабеларуску? — спытаўся фон Баўмгартэль.

— Але, некаторыя так называюць.

Немцы зрабілі вывад, што яна Беларуска-каталічка, якая праз польскую школу, каталіцкі касьцёл ды жыцьцё ў Варшаве набралася пераконаньня, быццам яна Палячка.

Мы гутарылі яшчэ з колькімі людзьмі, атрымалі падобныя адказы, што яны тутэйшыя, каталікі-Палякі. Немцы сказалі, што ў Ашмяне ім сытуацыя ясная ды няма патрэбы траціць часу. Яны загадалі шофэру трымаць курс на Крэва.

Было ўжо цёмна, калі мы аглядалі руіны магутнага крэўскага замку. Я, наколькі мог упарадкаваць наляту свае веды пра гэты замак, інфармаваў маіх спадарожнікаў аб гісторыі гэтага замку, адзначыў, што й гэты замак разбурылі Маскалі. Немцы слухалі, аднак сьпяшаліся, мелі свой маршрут — адрас нейкага «талковага» настаўніка, куды й накіравалі аўта.

Настаўнік аказаўся Ўкраінцам, якога Палякі з Галіччыны прыслалі на беларускія землі. Ён добра гутарыў панямецку. Пражыў у Крэве 10 гадоў, тут ажаніўся зь мясцовай Беларускай, меў чацьвёра дзяцей. Наагул рабіў уражаньне інтэлігентнага, начытанага чалавека, што добра знаў мясцовыя нацыянальныя дачыненьні. Гаварыў ён гэтак талкова, што фон Баўмгартэль папрасіў яго накінуць усё на паперу ў выглядзе запісу.

Пакуль мы закусілі й напіліся гарбаты, наш гаспадар-настаўнік напісаў цэлы даклад, зь якога вынікала, што тут этнічнай масай жывуць Беларусы з дамешкай апалячанай шляхты, былі Жыды, але зьліквідаваныя, яшчэ сям-там сустракаюцца Татары, Маскалі-стараверы, Украінцы й «Літоўцы». Немцы, праслухаўшы гэты даклад, з насьмешкай казалі:

— Тут столькі «Літоўцаў», колькі Украінцаў!

Гаспадар не аспрэчваў, таксама сьмяяўся. Нашая місія была скончаная. Цяпер курс на Вільню. Апоўначы мы былі ўжо ў месьце. Немцы мне дзякавалі за супрацоўніцтва й за добры вынік нашай паездкі.

Ды хутка прыйшло й расчараваньне. Не прайшло й двух месяцаў, як нямецкія ўлады Крэва, Ашмяну, Сьвір і Смаргоні далучылі да Камісарыяту Летувы, дазволіўшы там Беларусам толькі на сваё школьніцтва. Паўстае пытаньне — чаму Немцы адступілі ад этнічнага прынцыпу?

Быў гэта час вялізнай нямецкай паразы пад Масквой ды на іншых адрэзках усходняга фронту. Час нарастаньня бальшавіцкай партызаншчыны на тэрыторыі Беларусі. Час фармаваньня польскіх арміяў у Саветах — Андэрса й Касьцюшкі ды патрыятычнага заігрываньня бальшавікоў да ўсіх акупаваных Немцамі народаў.

У гэткіх умовах Немцы, відавочна, не наважыліся адпіхаць ад сябе Летувісаў, якія гэтак да іх лашчыліся, каб утрымаць свае бальшавіцкія тэрытарыяльныя здабыткі. Беларусаў Немцы на ўсякі выпадак падмацоўвалі ў Беларускай Акрузе школьніцтвам ды некаторымі іншымі канцэсіямі, чаго не далі Жамойці ды іншым акупаваным краінам.

РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Хутка пасьля акупацыі бальшавікамі Вільні прыбыў сюды маскоўскі пасланец «япіскап» Сергі, які аўтаматычна ад імя Масквы абняў уладу над усімі праваслаўнымі. І вось гэты Сергі пры першым сваім публічным выступе, уваходзячы ў Сьвятатраецкі Сабор, стукаючы посахам у падлогу, тройчы прамовіў: «Москва ідёт, радуйтесь православные!» Далей ён павёў маскоўска-камуністычную прапаганду, усхваляючы бязбожную бальшавіцкую ўладу. Ніхто, нідзе з праваслаўных не запратэставаў, хоць зналі ўсе, што вось прыйшоў воўк у авечай скуры.

Духоўных усіх веравызнаньняў тады масава арыштоўвалі ды вывазілі ў канцэнтрацыйныя лягеры. З каталікамі было крыху іншае палажэньне як з праваслаўнымі — яны ня мелі ў Маскве сваіх падробленых сьвятароў-герархаў. Дзеля гэтага ў дачыненьні да іх тарпавалася толькі брутальная траўля, арышты ды вывазкі ў канцэнтрацыйныя лягеры.

Польскага архібіскупа Р. Ялбжыкоўскага Жамойцы выселілі да Коўні й у Вільні быў толькі жмудзкі біскуп вікары. Быў ён прыхільным да Беларусаў-каталікоў, дазволіў мець у Вільні сваю парафію пры касьцёле сьвятога Міхала, сьвятыні пабудаванай вялікім канцлерам Львом Сапегам. У касьцёле й па сяньня, у прыгожым маўзалеі, спачывае ягонае цела. Пробашчам парафіі быў кс. Адам Станкевіч, а вікарым кс. Глякоўскі. Набажэнствы, зь беларускімі сьпевамі й казаньнямі, адбываліся рэгулярна кожную нядзелю й сьвята, як перад гэтым было ў касьцёле сьв. Мікалая.

Прыйшлі ў Вільню Немцы. Беларусы грамадна сабраліся ў сваім касьцёле на набажэнства й спадзяваліся, што іхны пробашч скажа штосьці грымучае на радасны дзень вызваленьня ад бязбожных бальшавікоў. Тымчасам ксёндз Адам прачытаў Сьвятую Эвангэлію й загадаў дзякаваць Богу, што «ваенная бура пранеслася над нашым слаўным местам бязь вялікшых стратаў». Загрымела «Божа, што калісь народы…» і людзі пачалі выходзіць з касьцёлу.

Група моладзі аднак павярнула ў права да маўзалею Льва Сапегі. Колькі хвілінаў стаялі ўсе моўчкі з апушчанымі галовамі. Тады, як-бы на жаданьне ўсіх прысутных, пачуўся ціхі голас-малітва Ў. Казлоўшчыка:

— Магутны правадыр народу нашага! Волат духа й зброі! У рашучую хвіліну пакажы нам правільны шлях да волі й шчасьця нашага народу! Памажы нам адвярнуць двувяковы камень нашай няволі!

— Памажы! — падхапілі прысутныя.

Толькі пасьля вайны я даведаўся, што да нашага набажэнства прыслухоўваліся й камуністыя: іх 6 хавалася зь левага боку на хорах. На чале быў камісар прапаганды Аляксеяў. Іх кс. Станкевіч у імя Хрыста, паражаючы сваё жыцьцё, хаваў і карміў. Ніхто аднак зь іх нідзе не адазваўся — можа іх Сталін выдушыў — калі пазьней, пасьля вайны, а. Станкевіча ворганы НКВД арыштавалі ды замучылі ў канцлягерах.

У гэтым часе, калі праваслаўныя пачалі разважаць пра арганізацыю свае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, каталікі імкнуліся адсэпаравайца ад польскага каталіцкага касьцёлу й яго герархіі. Намінальным зьверхнікам каталікоў у Беларусі тады быў біскуп Магілеўскі й Менскі Слоскан, па нацыянальнасьці Латыш, прабываў ён у Дзьвінску. Нацысты забаранілі яму праводзіць якую-колечы каталіцкую адміністрацыйную працу ў Беларусі. Не зважаючы на ўсе нашыя захады ў Вільні, Менску ды Бэрліне, нямецкія ўлады не зьмянілі свайго загаду.

Тады ініцыятыву перанялі беларускія ксяндзы-патрыёты. Кс. др. філ. Ст. Глякоўскі, узяўшы з сабой на помач толькі-што высьвечаных ксяндзоў Рыбалтоўскага ды Мальца, накіраваўся з нашым пасьведчаньнем да Менску. Пасьля ўпорыстых таргоў зь Немцамі яны адваявалі чырвоны касьцёл, які бальшавікамі быў заменены на тэатр, і яшчэ адзін касьцёл пры галоўнай вуліцы, дзе быў склад. Катэдру не маглі абняць, бо ў ёй вымагаўся аграмадны рамонт. У сталіцы Беларусі пачалася нармальная каталіцкая служба.

З газэтаў ды радыя даведаўся пра гэта ведамы польскі шавініст і заядлы вораг беларускага народу арцыбіскуп Яблжыкоўскі. Ён ня толькі адклікаў зь Менску ксяндзоў Глякоўскага, Рыбалтоўскага й Мальца, але за «непаслухмянасьць» забараніў ім нават прыступаць да аўтара, накіш кажучы «суспэндаваў» іх. Але калі першыя тры беларускія ксяндзы-місіянеры былі ад аўтара адсунутыя, на іх месца ўжо прыбыў кс. В. Гадлеўскі, кс. П. Татарыновіч і жмудзкі ксёндз Ігнатавічус. Яны не падлягалі юрыздыкцыі Ялбжыкоўскага й маглі спакойна працаваць далей.

Паўгоду пазьней Глякоўскі й Малец, будучы ў тэатры, ня ўсталі пры адыграным нямецкага гімну, што паслужыла за довад іх нелаяльнасьці да нямецкае ўлады, ды ня толькі іх, але й іншых каталіцкіх духоўных. Тады былі арыштаваныя ксяндзы Глякоўскі, Малец, Рыбалтоўскі й Татарыновіч. Два першыя былі высланыя ў канцэнтрацыйны лягер Бухэнвальд і там яны загінулі ў фабрыцы амуніцыі ад ангельскіх налётаў.

Ксёндз Гадлеўскі дастаў строгі выгавар ад Немцаў і яму забаранілі казаць казаньні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін кс. Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў палацінску й чытаў толькі сьв. Эвангэлію пабеларуску, народ-жа ў часе набажэнства сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Перад заканчэньнем вайны Немцы далі дазвол на пераезд да Менску кс. В. Шутовічу, які на сваім становішчы сьвятара для Беларусаў-каталікоў сустрэў у Менску й бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны пасьля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве.

Праваслаўныя Беларусы пры нямецкай акупацыі пачалі працу над аднаўленьнем Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Душою гэтых пачынаньняў быў сьвятар Дэрынг, пратаярэй Юзьвяк, ды шмат іншых. Першы ў часе выконваньня сваіх духоўных абавязкаў наехаў на міну й быў забіты. З часам, на вымаганьне народу, да працы над аднаўленьнем аўтакефаліі далучыліся й япіскапы Філафей ды Апанас, ды й галава Праваслаўнае Царквы ў Беларусі, архіяпіскап Панцялеймон, хоць гэты апошні асабліва неахвотна адлучаўся ад Масквы.

Толькі ў 1942 годзе нямецкія ўлады далі дазвол на шырэйшую арганізаваную працу над наладжваньнем праваслаўнага жыцьця ў Беларусі. Скліканы ў Менску Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы ў складзе герархіі, духавенства й прадстаўнікоў вернікаў адбываўся ў днях 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году. Пастановаю Сабору была апавешчаная аўтакефалія Беларускае Праваслаўнае Царквы.

З рук нямецкіх наезьнікаў, праўдападобна за намовай маскоўскіх агентаў, у Альбэртыне на Палесьсі ў 1942 годзе загінуў экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Антон Неманцэвіч.

МУЧАНІЦКАЯ СЬМЕРЦЬ З НАРОДАМ

Сярод беларускіх каталіцкіх сьвятароў ахвярнай для народу працай ды пакутніцкай сьмерцю на сваёй духоўнай постані выдзяляюцца постаці двух ксяндзоў-марыянаў — Юрага Кашыры й Антона Ляшчэвіча. Іхнюю трагічную сьмерць разам з сваім народам, у Росіцы Віцебскай акругі, апісала адна зь сёстраў-законьніцаў, што да апошніх гадзінаў іх жыцьця зь імі прабывала. Даю тут, у скароце, перадрук гэтага вопісу, поўны тэкст якога надрукаваны ў часопісе «Божым Шляхам», Лёндан, № 5, 1971 году:

«У часе Другое Сусьветнае вайны, калі Немцы занялі падсавецкія тэрыторыі, туды прыйшлі працаваць айцы Марыяне з Друі, зь якіх да канца засталіся ў Росіцы а. Антон Ляшчэвіч і а. Юры Кашыра, у Замошы-ж нейкі час быў а. Ул. Лашэўскі. Яны абслугоўвалі й суседнія на савецкай тэрыторыі парахвіі, як Дрыса, Асьвея, Бігосава.

У Росіцы знайшлі вялікі касьцёл не разбураны, але ня дзейны ўжо ад колькіх гадоў дзеля выдаленьня адтуль ксяндза. Працы было вельмі шмат і народ надта рупліва гарнуўся да рэлігіі… Сама Росіца — мястэчка ў пару тысячаў людзей — было тады населенае старымі, дзецьмі й падрастаючай моладзьдзю. Усіх мужчынаў у сіле веку пазабіралі партызаны.

…Праца ішла так каля паўтара году, больш-менш у гадох 1941–1943. Пад канец усё часьцей турбавалі ды ў працы перашкаджалі ваенныя падзеі, набегі партызанаў, а ў выніку й нямецкія допыты, робленыя з пагрозамі расстрэлу. Шмат разоў плябанія й нашае памяшканьне былі сьведкамі страшных сцэнаў падчас наскокаў Немцаў або партызанаў.

…Напачатку 1943 году над нашай працай зацяжыла вялікая небясьпека, калі дзеля штораз часьцейшых партызанскіх нападаў на вёскі, пасёлкі й на нямецкія пасты, Немцы пастанавілі вынішчыць усіх людзей ды іхныя сялібы на даволі доўгім і шырокім поясе гэтае тэрыторыі. Пачалі ўсё часьцей надыходзіць весткі пра вынішчэньне вакольных вёсак зь людзьмі.

У месяцы лютым гэтага году… а. А. Ляшчэвіч вярнуўся з Дрысы, дзе адпраўляў набажэнства і там даведаўся ад жандармэрыі, што Росіца таксама будзе зьнішчаная й што жандармэрыя радзіла ксяндзам стуль як найхутчэй выехаць. Пасьля павароту айцец быў вельмі сумны. Айцец Юры Кашыра паехаў да Бігосава, дзе стаяла нямецкая каманда: там атрымаў пацьверджаньне першае весткі й прапанову, каб ксяндзы пакінулі гэтыя месцы. Абодва яны радзіліся, што рабіць, гаварылі: “Як мы можам пакінуць людзей у такую хвіліну? Дзе авечкі, там павінны быць і пастыры”. І яны пастанавілі заставацца пры людзях да канца…

У аўторак таго тыдня ў поўдзень прыехала да Росіцы шмат Немцаў. У плябанію зьявіліся два ваенныя, адзін Латыш, перакладчык, і ў чорнай ваеннай форме Немец, падобна кіраўнік экзэкуцыі. Праверылі ці няма партызанаў. Айцец А. Ляшчэвіч гаварыў зь імі й заступаўся за сёстраў. Пасьля зараз пачалі зганяць людзей да касьцёлу. Мы таксама, разам з ксяндзом, пайшлі туды, а плябанію заняла каманда.

У касьцёле сьпісвалі людзей. Быў напоўнены людзьмі цэлы касьцёл. Некаторыя прадчувалі блізкую сьмерць і рыхтаваліся да яе, іншыя не ўсьведамлялі сабе рэчаіснасьці. Пазьней сёстрам загадалі пайсьці ў плябанію. Ксяндзом дазволена было заставацца ў касьцёле й у плябаніі.

Раз за разам да нас упадаў а. Юры, апавядаючы, што дзеіцца ў касьцёле, і, вядома, пацяшаючы нас. Айцец Ляшчэвіч, каб адвярнуць нашую ўвагу ад няпэўнае прышласьці, разьвесяляў нас і плянаваў нам заняткі, каб мы ня мелі часу на сумаваньне. Зразумела, што гэтае ночы ніхто ня спаў.

У сераду раніцай ізноў у мястэчку зрабіўся рух. Пасьцягвалі шмат фурманак на касьцельны пляц і ад раніцы пачалі людзей групамі вывозіць з касьцёла на пакараньне сьмерцю. Здатных да працы аддзялялі, але такіх ня было шмат. Зьнішчалі людзей на месцы ў Росіцы, зганялі ў дамы, расстрэльвалі й падпальвалі бэнзынай разам з домам. З плябаніі было чуваць блізу што паўгадзіны страляніну з таго часу, калі бралі групу з касьцёла, выбухі, а пасьля ў гэным месцы зьяўляўся пажар дому.

Айцец Юры нас далей наведвае, перарываючы працу ў касьцёле, каб нас пацяшаць, і казаў, што ўжо тую й іншую групу вывезьлі, каб спаліць. Нам Немцы загадалі варыць абед для афіцэраў. Прыйшоў, бо здаецца яго выклікалі, а. Ляшчэвіч, і падчас абеду ён ім служыў. Пасьля абеду сказалі яму запрэгчы каня й паехаць зь імі, паказаць нейкі дом, каб яго захаваць ад пажару. Айцец прачуваў, што будзе, вельмі баяўся за нас і ўсьцяж прасіў камэнданта, каб пакінуў нас пры жыцьці.

Касьцельны хлапец запрог каня й айцец зь ім паехаў. Там перад домам было шмат людзей і айцец там застаўся, а хлапец прыехаў. Зараз па ягоным павароце была страляніна і ў гэным месцы быў падпалены дом. Мы былі цалком пэўныя тады, што там памірае таксама наш айцец. У вялікім смутку мы маліліся за яго й за іншых, што там паміралі. Было гэта ўжо па паўдні.

Айцец Юры далей працаваў у касьцёле, чакаючы на сваю сьмерць. Вечарам яго адтуль звольнілі й замкнулі ў склепе пад плябаніяй. Тры гадзіны яго там мучылі, дамагаліся прызнаньняў. Вярнуўся стуль страшэнна зьменены, сіні, замучаны й перакананы ў хуткай сьмерці. Рана прынёс нам у кішэні Найсьвяцейшы Сакрамант. Была гэта нашая ўжо апошняя Сьвятая Камунія ў Росіцы, прынятая ў клябаніі з рук дарагога Айца…

Назаўтра, як і дня папярэдняга, ад раніцы ў Росіцы было так страшна, як пры канцы сьвету. Мястэчка гарэла, страляніна, лямант, роспач людзей, якіх выцягвалі на забіцьцё. Каля 10-й… загадалі а. Юру штосьці ўзяць на дарогу, было пэўна, што толькі дзеля вока, ды ехаць разам з фурманкамі. Прыйшоў айцец на плябанію даць нам яшчэ абсалюцыю, штосьці забраў з сабой і нам дазволілі адвесьці яго да фурманак на касьцельны пляц. Ніхто з афіцэраў айцом ужо не займаўся, ён застаўся зь людзьмі, чакаючы на загад. Разглядаўся яшчэ, ці ня знойдзе каго знаёмага, а нас прасіў, каб мы паведамілі іншых айцоў аб яго сьмерці.

Пасьля пачалі ладаваць людзей на фурманкі. Дзеці, не разумеючы справы, сварыліся за месцы, айцец іх супакойваў. І цэлы канвой, пад эскортай жаўнераў, вырушыў. Мы засталіся адны ў вялікім смутку. Латышу мы сказалі, што хочам ісьці да касьцёла й разам зь людзьмі памерці, калі ўжо няма ксяндзоў. Ён сказаў гаварыць аб гэтым афіцэру ў плябаніі. Калі мы, парадзіўшыся з сабой, гэта зрабілі, яны пастанавілі адвезьці нас да Друі. І гэтак зрабілі.

Адзін жаўнер, які ехаў разам са мной, быў сьведкам, як расстралялі айца Юрага. Ён акуратна яго апісаў, усё згаджалася — ягоны выгляд і рост, адзежа, гранатавы плашч і г. д. Расказваў, што спачатку ніхто не хацеў ісьці ў хату, але калі айцец першы ўвайшоў, за ім пайшлі людзі, і іх пасьля забілі й спалілі…

Я, а таксама іншыя сёстры, якія там працавалі, перакананыя, што айцы прынялі пакутніцкую сьмерць толькі дзеля вернасьці сьвятарскаму абавязку. Мелі-ж яны магчымасьць пакінуць Росіцу, націскалі іх да гэтага Немцы, калі асьцерагалі перад знішчэньнем мястэчка. Яны самі пастанавілі застацца зь людзьмі й за гэта забілі іх Немцы, каб ня было сведкаў іхных забойстваў.

Таму, што находы партызанаў былі справай часта агульна ведамай, дык ніхто з гэтым не хаваўся. Не таіліся з гэтым таксама й айцы. Хто-б гэтаму пярэчыў, што добра было ведама Немцам, таму пагражала сьмерць. У адной сям'і хтосьці спужаўся й запярэчыў, што былі партызаны. Уся сям'я была расстраляная, толькі двое дзяцей пасьпелі ўлезьці пад ложка й ацалелі.

Да падобнага трагічнага выніку ледзь не дайшло й у нас. Наваліліся раз Немцы на нашу плябанію й на нашае памяшканьне з крыкам, ці былі тут партызаны. Адна сястра спужалася й запярэчыла. Тады зараз накіравалі на яе вінтоўкі, каб расстраляць. Яна-ж хапіла крыжык, каб ім засланіцца, але ўбег а. Ляшчэвіч, тлумачачы, што сястра спужалася. Немцы ўсё-ж былі перакананыя, што айцы ня маюць нічога супольнага ані з аднымі, ані з другімі, а толькі пільнуюць сваёй працы…

Вышэй напісанае сьведчанне прачытала, прызнаю за сваё й згоднае з праўдай, і як такое пацьвярджаю сваім подпісам ды гатова для сьцьверджаньня прысягнуць.

Дня 8.12.1964 г.

Сястра Яніна Т.»

ТОЕ-Ж У АШМЯНЕ, ШТО І Ў ВІЛЬНІ

На Каляды 1941 году Ю. Мурашка запрасіў мяне ў госьці да Ашмяны, дзе ён быў бурмістрам. Было ўжо на змроку, калі спэкулянцкі грузавік, перапоўнены людзьмі й таварам, пакідаў Вільню ў кірунку на Ашмяну.

Цэлы дзень стаяла адліга, а пад вечар, калі нам трэба было ехаць, пачаў падаць дождж, які на зямлі тварыў галалёдзе. Дарога зрабілася коўзкай, аўты шугалі, як санкі. Мы мінулі колькі нямецкіх аўтаў, што былі выбітыя з строю. Нам здавалася, што мы хваты, што мінём катастрофу. Аж тут вось падарак! Наш грузавік закоўзаўся, як на лыжах, набіраючы бескантрольнага разгону. І мы, пасьля магутнага ўдару ў тэлеграфны стоўп, апынуліся ў канаве. Усе пасажыры паляцелі кульком долаў. Я скорчыўся, нацягнуў каптур буркі на галаву і гэта, мабыць, уратавала мяне ад пакалечаньняў.

Людзі, што як снапы ляжалі на лавах у канаве, хутка аднак жа пачалі варушыцца, уставаць. Толькі тры ня краталіся. Я, як лекар, кінуўся да іх, спраўдзіў пульс — аказаўся дзейны. Два зь іх хутка ачухаліся. Толькі адну дзяўчыну забралі ў непрытомным стане ў шпіталь. Машына таксама ачуняла. Праз паўтары гадзіны мы зноў ехалі ў кірунку на Ашмяну.

У Мурашкаў быў добры бадзёры настрой. Сустрэлі яны мяне вельмі міла. Мурашка, як мясцовы бурмістр, расказваў, як ён апанаваў змрочную сытуацыю заігрываючы зь Немцамі пры дапамозе падарункаў. Назаўтра я пабачыў на ягоным панадворку гусей з цэтлікамі на шыях.

— Чаму ў вас гусі ходзяць з цыдулкамі? — спытаўся.

— Гэта ў нас кожная гусь прызначаная адпаведнаму Немцу. А каб ня было памылкі, мы кожную гусь абазначаем па назначэньню.

За колькі гадзінаў людзі бурмістра паразносілі гусей Немцам на калядныя сьвяты. Вечарам Немцы заходзілі да бурмістра, каб падзякаваць за шчодры падарак ды каб выпіць чарку гарэлкі. Я зразумеў, што ў паўсталай сытуацыі нават і сама прымітыўныя спосабы могуць мець неблагі вынік.

Немцы пакульшто грабілі Жыдоў: накладалі нявыносныя кантрыбуцыі ў золаце, у абутку, кажухах ды іншай вопратцы. Бурмістр казаў, што рабунак Жыдоў праводзіцца з усіх бакоў. Чатыры тыдні перад гэтым прыяжджаў Немец зь Менску ды вызначыў даніну, узяўшы 50 чалавек закладнікаў. Жыды мусілі даць паўтара кіляграма золата ў пярсьцёнках, залатых гадзіньніках, завушніцах ды іншых каштоўнасьцях.

Прыехалі пасьля латыскія аддзелы зь Немцамі, абступілі гетта. Жыдоў сагналі на пляц, дзе садзілі іх у закрытыя грузавікі ды адвозілі, труцячы па дарозе спалінавым газам. Толькі каля 5 % нешчасьліўцаў паўцякала, ці было пакінута пры жыцьці ў геце як рамесьнікі.

Тады мне прыпомніліся апавяданьні як Жыдоў у Вільні ліквідавалі Летувісы. Яны яшчэ ў верасьні 1941 году ўсіх Жыдоў пазганялі, на сваю руку, у вельмі брутальны спосаб: у стары жыдоўскі раён, які абгарадзілі высокім плотам і калючым дротам. У жыдоўскіх дамох пазабівалі нат і вокны, што выходзілі на вуліцу. Пазганяныя былі сюды й Жыды з блізкіх навакольных мястэчак. Віленскае гетта тады лічыла да 100 тысяч чалавек. Штодня аграмадныя калёны Жыдоў Летувісы ганялі пад канвоем на розныя дарожныя ды іншыя працы.

І вось нямецкія калябаранты ўхітрыліся: кожны дзень тая ці іншая калёна назад у гетта ўжо не вярталася. Найперш заганялі адлучаных Жыдоў у Лукіскую турму, дзе марылі іх голадам, не даючы нават вады. На трэці дзень Жамойцы пачыналі «прадаваць» сваім зьняволеным ахвярам хлеб і ваду: адна булка хлеба — 5 царскіх рублёў у золаце, або адпаведнік залатых рэчаў у далярах. Шклянка вады — адзін даляр, і г. д. Гэткі «гандаль» цягнуўся да пяці дзён.

Калі-ж Жыды ўжо абсалютна нічога ня мелі пры сабе, шмат-жа якія, аслабленыя голадам, не маглі нават рухацца, тады іх ноччу ўкідалі ў крытыя грузавікі, вывозілі ў Лапарскія горы, дзе дабівалі ды кідалі ў нарыхтаваныя ямы. Рэдка калі Жмудзякі везьлі Жыдоў у Лапарскія горы на сьмерць проста з працы, бо ахвяры тады астаткамі сілаў ставілі супраціў, што было нявыгадна, а часам і небясьпечна іхным катам. Дык Душнікі выкарыстоўваліся як транзытнае месца для падрыхтоўкі забойства. Паадзіночных Жыдоў, што спрабавалі ратавацца ўцёкамі, Жмудзякі мучылі й дабівалі на сваіх паліцыйных участках.

Апошнімі днямі кастрычніка 1942 году ў Беларускі Камітэт зьявілася двух Летувісаў з просьбай даць ім лекара для кантролі дамоў распусты для нямецкіх жаўнераў, бо яны ня маюць дастаткова пэрсаналу. Яны пры гэтым выявілі, што згодна з загадам нямецкага ваеннага камандаваньня, ім трэба сарганізаваць у Вільні два дамы распусты для жаўнераў ды адзін для афіцэраў. Адзін з гэтых дамоў знаходзіўся на вуліцы Субач, у будынку віленска-троцкага стараства. Дом быў абведзены калючым дротам, уваход да яго пільнавала адмысловая старожа. Упускалі туды нямецкіх жаўнераў і афіцэраў па адмысловых пропусках.

Кандыдатак у гэтыя дамы Летувісы знайшлі хутка: вечарам абставілі сваімі аддзеламі піўныя ды павыцягвалі адтуль дзяўчат і жанчын, якія былі зь Немцамі. Усіх садзілі ў крыты грузавік ды вывозілі ў названыя дамы. Пасьля 24 гадзінаў, зрабіўшы лекарскі агляд ахвяраў, павыпускалі цяжарных, замужніх і хворых, а ўсіх іншых змусілі да прастытуцыі. Спачатку трымалі іх як у вязьніцы. Пасьля яны маглі выходзіць нават на вуліцу. Шмат зь іх уцякала, некаторыя трапілі й у канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.

Не прайшло пасьля гэтага й колькі тыдняў, як да Вільні прыехалі з Баранавіч др. Лукашэня й былы ротмістр польскага войска Шыпіла, з даручэньнем баранавіцкага гэбітскамісарыяту, каб даставіць у Баранавічы зь дзесятак прастытутак. І там арганізаваўся для нямецкага войска публічны дом, але ў Баранавічах зусім ня было ахвотных для гэтага кандыдатак. Доўга гэтыя брудныя спэкулянты хадзілі па завулках Вільні шукаючы «тавару», пакуль ім удалося звэрбаваць да Баранавіч дзьве лёгкага паводжаньня дзяўчыны.

РАБУЮЦЬ НЕМЦЫ, РАБУЮЦЬ І ІХНЫЯ ПАМАГАТАРЫ

Пагасьціўшы на Каляды ў Ашмяне ў Мурашкаў, я шчасьліва вярнуўся да Вільні. А тут, на табе, — Летувісы забралі маё сямілямпавае радыё. Я ўзлаваўся, пайшоў адразу да іх на мясцовы паліцыйны ўчастак ды асьветчыў, што ў мяне забралі, зусім бяспраўна, радыёапарат. Яны брыкаліся, спасылаліся на агульны загад аб здачы радыёпрыёмнікаў. Я ім сказаў: загад загадам, але я свой апарат маю зь ведама заступніка шэфа СД др. Шольца. Тады яны памякчэлі ды апарат аддалі.

Летувісы мелі на сваім баку й Немцаў, што былі зацікаўленыя ня гэтак іхняй «палітыкай», як рабаўніцтвам. Вось, пасьля двух тыдняў, калі я быў на працы, у маё памяшканьне ўварваўся нейкі Немец, перавярнуў дагары нагамі мой пісьменны стол, забраў біжутэрыю на агульную суму каля 500 даляраў. Падобныя рабункі былі тады паўсюдныя: рабавалі Летувісы, рабавалі Немцы, а віноўнікаў шукаць было рызыкоўна.

Вось адзін абразок. На пачатку 1943 году ў віленскі Беларускі Камітэт зьявіўся стары зрусыфікаваны Беларус Т. Фішар. Усё жыцьцё быў ён чыгуначным інжынерам-інспэктарам, перад вайной-жа асеў у Вільні. Два тыдні перад гэтым ён з сваёй жонкай апісаў на Беларускі Нацыянальны Камітэт дом і 12 гэктараў зямлі ў Ерузалімцы пад Вільняй. Мы перанялі маёмасьць, перадачу зацьвердзілі Немцы. Цяпер вось гэты Фішар зьявіўся ў Камітэт з плачам, што летувіскі паліцыянт уварваўся ў ягоны дом ды зрабаваў жончыну біжутэрыю на суму 5000 даляраў. Тут ён, на довад праўды, паказаў фатаграфію сваёй жонкі, што была зробленая ў 1913 годзе ў Вэнэцыі, дзе яна стаіць, як каралева, з дыядэмай, нашыйнікам, бранзалетамі, пярсьцёнкамі.

Справа нялёгкая, у часе вайны цяжка знайсьці нейкую справядлівасьць. Ды ў мяне мільганула думка: Гітлер даў свабодную руку на рабаваньне Жыдоў, але няма ніякіх нямецкіх выказваньняў пра дазвол рабаваць і ня Жыдоў. Я стараўся супакоіць нашага дабрадзея ды пераконваў яго, што тут напэўна нейкі разгул толькі жамойцкіх шавіністых ды прыабяцаў, што мы будзем шукаць справядлівасьці.

Я напісаў адпаведны ліст да гэбітскамісара Вільні ды пераслаў яго нашым перакладчыкам. На другі дзень Фішара выклікалі ў СД, дзе яму сказалі, што ягоная скарга будзе разгледжаная, а пакульшто ён павінен чакаць. Чаканьне гэтае зацягнулася. Каб справа не адцягвалася «ад календас грэкас», я ізноў націснуў на Немцаў. Не прайшло й колькі дзён, як у БНК зьявіўся др. Шольц, ды радзіў нам не займацца гэтак энэргічна розыскам біжутэрыі Фішара. Па-першае, казаў ён, Фішар, хоць зь нямецкім прозьвішчам, не запісаўся фольксдойчам. Па-другое, ягоныя каштоўнасьці могуць мець жыдоўскае карэньне.

Мы зразумелі, што праўды тут ня дойдзем, што тут звычайная нагласьць дужэйшага. Бо, што каштоўнасьці Фішара ня былі нейкага крымінальнага паходжаньня, ня мелі «жыдоўскага карэньня», было ясна з старой, зробленай у Вэнэцыі, фатаграфіі. Фішару пасьля гутаркі з др. Шольцам я сказаў, што, як выявілася, націскаць моцна на справядлівасьць справа небясьпечная, бо можа скончыцца для яго нечым горшым.

У БНК прыходзілі часта з скаргамі й абрабаваныя сяляне. Адзін вось прыклад:

— Вёз я, паночку, дровы да Вільні. Але, вы-ж самі знаеце, не пражывеш цяпер, калі ня будзеш хітрыць. У мяне пад дровамі быў падсьвінак… Ці гэткая хітрасьць перашкаджае нямецкай уладзе? То-ж грошы цяпер малавартасныя. Толькі тавар рэч надзейная.

— Колькі-ж пудоў важыў ваш падсьвінак?

— Пудоў восем на чыста.

— Дык гэта не малы парсюк! — кажу яму.

— Дык вось, паночку, Жмудзякі зьнюхалі, што тут ладная здабыча, ды вяпрука забралі. Мне загадалі адвезьці яго на іхны паліцыйны ўчастак і там, на маіх вачох, яны расьсеклі яго на восем кавалкаў ды падзяліліся між сабой, мне-ж далі толькі галаву вяпрука. Ці нельга было-б зьвінаваціць іх у Немцаў, бо ім Жмудзякі нічога ня прызначылі?

Я яму сказаў, што ўсю справу можам прадставіць Немцам і можа паліцыянты й будуць пакараныя, але й яму гэта ня будзе на карысьць, бо цяпер продаж усякага тавару падлягае нямецкай кантролі.

— Хай сабе падлягае, — казаў селянін, — але чаму жамойцкія разбойнікі маюць жывіцца нашым мазалём?

АБРАЗКІ ЗЬ ВІЛЬНІ

Аднойчы ў нашым камітэце зайграла піяніна й паліліся жаночыя арыі з апэрэтак Штраўса ды Легара. Хто-ж гэта так іграе ды пяе? А прыйшлі ў камітэт жонкі савецкіх вайсковых і ўрадаўцаў, якіх Летувісы палавілі, сваім звычаем абдзерлі, ды пасадзілі ў спэцыяльныя дамы, скуль яны маглі выходзіць толькі з адмысловым дазволам. Цяпер гразілі ім вывазам у Нямеччыну й яны прыйшлі па раду ды дапамогу перад гэтым гвалтам. Прасілі таксама запраданых інфармацыяў пра тое, што дзеіцца ў Савецкім Саюзе.

Калі яны даведаліся, што Ленінград у напружаньні, Масква заложаная, камуністы ды Жыды ўцякаюць на ўсход, дык толькі ўскрыквалі:

— Да неужелі это правда?

Беларусак сярод іх ня было. Нам тады быў патрэбны мэдыцынскі пэрсанал. Адну лекарку я паслаў да Кабыльніка, а дзьве сёстры накіраваў да Баранавіч у шпіталь, дзе іх пасьля й спаткаў на працы. Іншых вывезьлі ў Нямеччыну.

На пачатку лістапада 1941 году ноччу, колькі хатаў далей ад майго дому на Кальварыйскай вуліцы, пасыпаліся стрэлы. Назаўтра мая гаспадыня Марыя, што прабіралася нават у жыдоўскае гетта, пайшла на выведку. Хутка прыносіць ведамку, што дом № 46 на нашай вуліцы абстаўлены паліцыяй і там робяць вобыск. Уночы-ж там быццам лавілі камуністаў. Вечарам я наведваю маю знаёмую Я. Бянюкевіч, куды заходзілі жмудзкія тайныя паліцыянты на спрэчкі ды выпіўку. Вось я й сустрэў аднаго па прозьвішчы Ожаліс — былы Казлоўскі — які хваліўся:

— Там была камуністычная зборка. Нам даўно даносілі, што да скрытай саветкі заходзяць падазроныя тыпы. Дык вось мы й зрабілі на іх заседку. Было там трох мужчынаў і дзьве жанчыны. Спачатку яны вячэралі ды пілі гарэлку. Пасьля-ж раптам — хіба нас зацьмілі, усё заціхла й патухла электрыка. Каля гадзіны другой мы як ня ўдарым плячом у дзьверы так, што яны з грукатам адчыніліся, ды ўварваліся ў хату. Я зь месца адскочыў у лева пад сьцяну, мой-жа таварыш выстраліў перад сабой. Настала сьмяротная цішыня, толькі дзіка крычалі зь перапуду ў суседнім пакоі дзеці. Нехта скрыпнуў дзьвярыма, нехта захрапеў на падлозе й зварухнуўся. Я адставіў руку ад сябе ў права й выстраліў у кірунку шораху. Саветчык выстраліў з падлогі ды трапіў у майго таварыша, той ускрыкнуў ды празь дзьверы пакаціўся па калідоры. Чакаць ня было чаго, я засыпаў стрэламі ўвесь пакой. Саветчык выстраліў з другога пакою ў мяне, але не папаў. Я выскачыў на калідор, каб заладаваць браўнінг, ды наткнуўся на майго таварыша. У гэты момант зазьвінелі шыбы ў суседнім пакоі, дзеці зараўлі яшчэ мацней ды нешта цяжкое падала на зямлю. Гэта камуністы скакалі зь першага паверху на вуліцу.

— А вуліца была не абстаўленая? — пытаюся.

— То-ж бо то, што ня была, бо мы не спадзяваліся, што іх тут столькі зьбярэцца. Хутка на стрэлы нам прыйшла падмога, скамандавалі рукі ўверх. Засталася аднак толькі гаспадыня зь дзяцьмі ды адзін савецкі вайсковы ляжаў забіты. Мой таварыш быў ранены ў правую руку! Была гэта страшная ноч, трэба выпіць! — закончыў Ожаліс.

На рагу Міцкевіча й Віленскай вуліцы Немцы выставілі аграмадную карту ўсходняй Эўропы ды кожны дзень адзначалі сьцяжкамі лінію фронту. Здабытыя вялізарныя прасторы, Ленінград акружаны, Масква пад абстрэлам, Калінін забраны, Варонеж, Горкі бамбардаваныя. Людзі сотнямі прыходзілі ды аглядалі гэтую карту. Яна толькі нейк зусім ня прыцягвала ўвагі Немцаў, што ў лёгенькіх мундзірчыках перабягалі марозныя вуліцы з гатэляў у сталоўкі. Чуваць было толькі:

— Кальт, кальт, фэрфлюхт![9]

Аднаго дня марознай раніцай перад Калядамі сьпяшаюся пайсьці, паглядзець на карту ды прыраўнаць яе да ведамак, што падало ангельскае радыё, паводле якіх Немцаў адагналі ад Масквы на 120 км зь вялікімі для іх стратамі, ды прымусілі, непадрыхтаваным, залегчы ў сьнягох Расеі. Была гэта першая паважная параза Немцаў на ўсходзе.

На карце сьцяжкі адсунуліся на лінію Ржэў, Вязьма, Курск.

З натоўпу гледачоў вырваліся гэткія заўвагі:

— Немцы дасталі аплявуху!

— Дасталі в тылэк!

— Жукаў пад Масквой зьнішчыў цэлую армію!

Удзельнікі паходу на ўсход пазьней расказвалі, што перад Масквой яны напаткалі супраціў і ў гэтым якраз часе пачаліся цяжкія маразы й завеі, вада ў нямецкіх маторах пазамярзала. Нямецкія жаўнеры, не адзетыя адпаведна, мерзьлі. Дзеля гэтага Немцам давялося ўцякаць з-пад Масквы.

Але вось нешта новае на Віленскай вуліцы: зь вялікім скрыпам ды грукатам колаў, як у Першую Сусьветную вайну, пасоўваецца на ўсход нямецкі абоз. Ішло 180 падводаў. Ад людзей і ад коняў білі клубы пары, мароз быў 30 градусаў. Коні, запрэжаныя папарна, ішлі й храпелі, хурманы на вазох сядзелі скорчыўшыся з стрэльбамі, шмат хто зь іх мелі на сабе гунькі, дываны, галовы-ж былі акручаныя рудымі ды серабрыстымі лісіцамі.

Пасьля той матарызацыі, якая тут праходзіла колькі месяцаў таму, гэты абоз выглядаў надта-ж мізэрна.

— Ві Байт цу Смаргоні?[10] — пытаецца хурман.

— Ахціг кілёмэтэр,[11] — кажу.

— Фэрфлюхт!..[12]

На Катэдральным пляцы нямецкі жаўнер-мастак выразьбіў зь лёду трох жарабцоў ды ваяку ў рымскай калясьніцы. Коні гэтыя мелі прыпамінаць цяпер абозьнікам, ды ўсім нямецкім ваякам Брандэнбурскую трыюмфальную браму ў Бэрліне, сымбаль нямецкага панаваньня на ўсходзе! Ды дэфіляда цяпер выпала вельмі-ж мізэрна, тым больш, што перад абозам ляжалі яшчэ вялікія сьнегавыя далі Беларусі й Масковіі.

У красавіку ледзяныя коні й яздок сталі аблягаць, таяць, корчыцца, — паадпадалі вушы, насы й галовы. Дарма аж трох Немцаў палівалі скульптуру вадой ды аблеплівалі сьнегам. Сонца нелітасьціва развалівала іхнюю працу. Урэшце настала адліга й там, дзе стаялі жарабцы, ляжала куча сьнегу ды няўклюдна зьбітыя дошкі. Віленчукі, праходзячы, казалі: «Вось якая нямецкая магутнасьць на ўсходзе!» Даводзілася прызнаць ім справядлівасьць.

Вясною 1942 году нямецкія агенты ТОД пачалі ўсімі сіламі зьбіраць людзей на працу ў Нямеччыне, асабліва на працу ў транспарце места Бэрліну. Найбольш ахвотных знайшлося Расейцаў, бо аж 60 чалавек. Пасьля ішлі Палякі, Летувісы й 16 Беларусаў. Немцы былі зьдзіўленыя, што «прыязная» беларуская нацыя так слаба адгукнулася на патрэбы нямецкай сталіцы. У дзень адпраўкі гэтых дабравольцаў Немцы зрабілі на станцыі мітынг і дэфіляду з аркестрай. Расейцы й Летувісы маршыравалі зь песьнямі ды сьцягамі. Беларусы-ж і Палякі безь сьцягоў ды моўчкі. Да працы ў бамбардаваным Бэрліне яны не сьпяшаліся.

НЕ СПАДАБАЎСЯ НЕМЦАМ

Праца ў Камітэце ішла сваім ходам: выкуплівалі ад Жмудзякоў для нашых школаў паперу й пісьмовыя прылады, трымалі кантакт з правінцыйнымі асяродкамі, высылалі людзей на адказныя становішчы, вялі перамовы зь іншымі нацыянальнымі групамі, выручалі, як маглі, нашых людзей з арыштаў, палонных зь лягераў. Часта былі гэта дробныя справы, ды ці раз хадзіла й аб людзкое жыцьцё.

Калі Жмудзіны занялі Сьвір, яны ня далі магчымасьці нармальна там працаваць беларускім школам, а ведамага нашага дырыгента хораў П. Родзевіча, што быў там школьным інспэктарам, змусілі пакінуць сваю працу. За нашай радай ён пераехаў на такое самае становішча да Вялейкі. Ведаючы ягоную адкрытую й шчырую душу музыкі, я прасіў не займаць ніякага адміністрацыйнага становішча, а толькі літаваць школьніцтва й хору.

Першыя яго выступы зь мяшаным хорам у Вялейцы былі ўздымам патрыятычнага духу. Вялейскі гэбітскамісар Шмідт, які быў вельмі прыхільны да Беларусаў, запрасіў Родзевіча на бурмістра. Прапанова была прынятая, бо Родзевіч спадзяваўся, што гэтак хутка пабудуе ў Вялейцы народны дом ды створыць Музычную Школу.

Яго папулярнасьць, здаровы нацыянальны падыход да грамадзкага жыцьця й уздым беларускага духу ў Вялейцы зьвярнулі ўвагу кіраўніка СС, рыскага фольксдойча Гравэ. Шмідт у хуткім часе быў адкліканы, на ягонае-ж месца прыбыў дабрадушны палкоўнік СС Манн. Родзевіч у гэтым часе правёў дзьве бурныя размовы з Гравэ ў справе арыштаваных і нявінна пабітых на вечарыне Беларусаў.

За Родзевіча заступіліся ўсе беларускія патрыёты на чале з У. Калодкам і М. Скабяём, супроць-жа быў заступнік крымінальнай паліцыі, былы царскі палкоўнік Перамыкін, браты Саўчыцы й Касякі, ды іншыя русацяпы. Яны бессаромна даносілі на Калодку й Родзевіча ўсякую хлусьню, прыкладам, што Родзевіч быў у каталіцкай духоўнай сэмінарыі, што да жонкі пісаў лісты папольску й падобнае. Станоўчасьць у абароне правоў сваіх суродзічаў ды самадзейнасьць давялі да арышту абодвух. Родзевіча СД забіла, трупа спалілі ў лазьні 7 км за Вялейкай. Калодку-ж, які быццам менш спрачаўся, саслалі ў канцэнтрацыйны лягер у Нямеччыну. Віленскі Беларускі Камітэт востра на гэта запратэставаў.

У іншым выпадку Камітэту давялося ратаваць жыцьцё ведамых беларускіх дзеячоў др. Грабінската й др. Грынкевіча. Было гэтак: адзін заўзяты жмудзкі камэндант паліцыі хапаў віленчукоў з вуліцы, дапытваў, зьбіваў да паўсьмерці. Рабіў ён гэта на сваю руку, каб падмацаваць жмудзкія ўплывы ў Вільні й за гэта яго ў белы дзень застрэлілі на вуліцы Міцкевіча. Азьвярэлыя Летувісы, на сваю руку таксама, схапілі 12 выдатнейшых віленскіх грамадзян, а між імі старшыню міжнароднага Чырвонага Крыжа прафэсара К. Пэльчара, адваката Энгельса, інжынера Станкевіча, прафэсара Вільчынската, зь Беларусаў-жа дактароў Грабінскага ды Грынкевіча.

З арыштаваных палавіну Летувісы расстралялі ў ямах на Пажарах, дзе яны забівалі й Жыдоў. Другую-ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др. Грабінскі з праф. Вільчынскім спушчалі з пня таўстыя сосны. Калі праф. Вільчынскі пры гэтым прыгаварываў «Цёнгніймы, колего, пілэн нашэго жывота!»[13], прыганяты Жмудзін на яго закрычаў: «А ты там цягай, цягай, польская морда!»

Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі Летувісаў. У хуткім часе др. Грабінскі й др. Грынкевіч былі звольненыя.

Калі праца Камітэту гэтак ішла сваім «нармальным» ходам, ад доктара Шольца нам пад сакрэтам даносяць, што мая асоба мела нарабіць шмат клопатаў мясцовым нямецкім уладам ды што я непажаданы на займаным становішчы. Хутка я дастаў і ліст з гэбітскамісарыяту з запытаньнем і перасьцярогай:

1. Колькі людзей выслаў я самавольна на працу ў Беларусь?

2. Як пасьмеў я гэта рабіць самавольна?

Перагледзеў я канцылярныя паперы й аказалася, што на працу было выслана 680 чалавек, з гэтага толькі адна трэцяя мела нямецкі дазвол. Довады аб высылцы людзей на працу я спаліў, ім-жа адпісаў, што на працу ў Беларусь было выслана каля 65 асобаў, у большасьці зь нямецкімі прапускамі. У хуткім часе ад гэбітскамісара Вольфа мы дасталі два лісты: у першым ён забараняў, пад пагрозай, высылку людзей у Беларусь, а ў другім назначыў мяне на працу ў Баранавічах, з тым, што 20 жніўня 1942 году я мушу пакінуць Вільню.

Сабраў я сваё апошняе паседжаньне Камітэту. Усе з сумам згадзіліся, што я мушу адыйсьці. Спрачацца зь Немцамі было рызыкоўна. Зь вялікім трудам удалося нам упрасіць др. Б. Грабленага, каб ён ачоліў Камітэт. Калі разьвітваўся з маімі сябрамі, бачыў, што былі вельмі ўзрушаныя. Рэдактар «Беларускага голасу» Ф. Аляхновіч прасіў не забывацца, пісаць у газэту. Др. філ. Ф. Грышкевіч шчыра дзякаваў мне за працу. Адыходзіў я з надзеяй, што цяпер вось адпачну, калі буду працаваць ужо толькі ў сваёй прафэсіі.

Выкарыстаў я аднак-жа свой дакумэнт ад'езду, каб колькі яшчэ разоў уздоўж і ўпоперак праехаць па Беларусі. Усюды даваў рады, інструкцыі, арганізаваў мясцовую інтэлігенцыю. У часе гэтых падарожжаў аж тры разы цягнікі наяжджалі на міны, паравоз выскакваў з рэек, грукацелі й трашчалі вагоны, паскладаныя на вышках рэчы падалі на галовы пасажыраў. Але абыходзілася нейк бяз стратаў у людзях. Пасьля 6–8 гадзінаў цягнік заўсёды паволі сунуў наперад, з двума вагонамі перад паравозам. Чыгунку гэным часам яшчэ рэдка дзе пільнавалі.

У БАРАНАВІЧАХ

Увосені 1942 году прыехаў я да Баранавіч. Быў позны вечар, калі з Палескай станцыі валокся з чамаданам да майго сябры Папуцэвіча, дзе я часова затрымаўся. Баранавічы паказаліся мне, пасьля Вільні, як вялікая беларуская вёска, раскінутая на бязьмежнай палескай раўніне.

Назаўтра пайшоў я ў шпіталь, каб абгаварыць умовы працы й тут убачыў усё гора людзей у ваенным часе, калі востры недахоп лекараў і кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу, ды весьці нармальна працу перашкаджае яшчэ гарэлка. Шпіталь мясьціўся ў былой жыдоўскай гімназіі. На радзільнай ляжалі, прывезеныя з далёкіх вёсак, зь цяжкімі камплікацыямі, тры жанчыны. Ня было ніякіх наркатычных лекаў. Пры складаных апэрацыях мне ўдалося ўратаваць жыцьцё ўсіх трох, ды згубіць толькі адно дзіця. Асыстэнтам мне быў студэнт 3-га курсу мэдыцыны, які яшчэ нічога ня вучыўся з акушэрства, ды адна сястра.

Дырэктар шпіталя, др. Наумік, ня меў часу заняцца цяжка хворымі на радзільнай і ў маё распараджэньне аддаў увесь жаночы аддзел на 45 ложкаў, з 4 сёстрамі, 8 вучаніцамі на сясьцёр, ды абсальвэнтам мэдыцыны Ў. Каралём у дапамогу. Праца пайшла нармальна, толькі балюча ўвесь час адчуваўся недахоп лекаў, наркозы, бандажоў, сыраватак, лябараторных рэагентаў і інструментаў.

У дзень майго прыбыцьця ў шпіталь я пазнаёміўся й з баранавіцкай Сярэдняй Мэдычнай Школай, якую больш году вёў др. В. Войтэнка. Пабачыў перапоўненыя вучнямі клясы, шмат выкладчыкаў, але ніяк ня мог сьцяміць нейкага выразнага пляну. Быў якраз зроблены 1-шы выпуск аптэкарскіх памочнікаў, бо адчуваўся востры недахоп аптэкараў. Аптэкі стаялі зачыненыя пасьля таго, як аптэкараў нашых павывозілі, а жыдоўскіх пазабіралі Немцы.

У хуткім часе др. Войтэнку назначылі акруговым лекарам у Слоніме й гарадзкая ўправа, на чале з бурмістрам Ю. Сабалеўскім, запрасіла мяне на кіраўніка Мэдычнай Школы. У міжчасе я перанёсься на стала да доктара Науміка.

Разгледзіўшыся ў грамадзкім жыцьці я пераканаўся, што Беларусы ў адміністрацыі былі тут у абсалютнай бальшыні, займалі ўсе ключавыя пазыцыі. Нават СД на Баранавіцкую, Слонімскую, Наваградзкую й Лідзкую акругі было абсаджанае Беларусамі й беларускімі збройнымі аддзеламі. Тут зь беларускага боку палітычныя справы ў гэтым часе кантралявалі патрыёты В. Папуцэвіч, А. Русак, Я. Якуцэвіч, К. Кіслы ды іншыя. Не зважаючы на ўсе наступы з боку польскага ды савецкіх агентаў, яны здолелі адміністрацыйна апанаваць аграмадную прастору Заходняй Беларусі й да канца нямецкае акупацыі надаць ёй выключна беларускі характар.

Школьніцтва, мясцовая адміністрацыя, судаўніцтва ды ў бальшыні паліцыя, былі ў беларускіх руках. Добра разьвівалася справа арганізацыі беларускае моладзі, беларускага войска, аддзелаў СС, беларускай прапаганды, беларускай адміністрацыі, беларускіх дамоў культуры, самапомачы. А ўгодкі 25 Сакавіка — Незалежнасьці Беларусі — адзначаліся з гэткім нацыянальным уздымам і размахам, што мясцовыя Палякі дзівіліся ды казалі:

— Ніколі Палякі пры сваёй дзяржаве тут не адзначалі гэтак урачыста ды з такой любоўю найбольшае польскае сьвята — 3-га Мая.

Трэба ўспомніць галоўныя дзялянкі беларускага нацыянальнага жыцьця ў Баранавічах, якія ў ваенным часе зацьвілі як рожы. Школа беларускага нацыянальнага ткацтва, пад кіраўніцтвам таленавітай тканкі з Клецка. Узорыстымі беларускімі дыванамі з нацыянальнымі гэрбамі, партрэтамі герояў, краявідамі, і г. д. упрыгожаны быў аграмадны габінэт бурмістра Баранавічаў Ю. Сабалеўскага. Яны ішлі на выстаўкі беларускага мастацтва, былі падаркамі ад беларускага грамадзтва высокім прадстаўнікам нямецкае ўлады.

Сярэдняя Мэдычная Школа, з аддзеламі мэдсясьцёр, акушэрак, фэльчароў, аптэкараў і вэтэрынарных памочнікаў, налічвала 360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі. Сярэдняя Гандлёвая Школа — 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў. Сярэдняя Мастацкая Школа — 30 студэнтаў. Сярэдняя Музычная Школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага. Сярэдняя Тэхнічная Школа — 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў. Настаўніцкія курсы — 100 студэнтаў. Матуральныя курсы — больш 60 студэнтаў. Вельмі дзейны быў Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестр. Выдатна рэпрэзэнтаваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), і Юнакоў, і Юначак.

Усё гэта кідалася Немцам у вочы, асабліва нашая моладзь, якую праз школы мы ахоўвалі ад вывазу ў Нямеччыну на працу, на чым ізноў-жа так залежыла нямецкаму Арбайтсамту — агенцыі для вярбоўкі людзей на працу ў Нямеччыну.

Бывала гэтак, што Немцы, налавіўшы беларускай моладзі ў акрузе, звозілі яе ў баранавіцкі табар, каб тут ладаваць у цягнікі на вываз, а наглыя прадстаўнікі, што працавалі ў СД, пераканаўшы палітычна-адміністрацыйны аддзел гэтай установы, што сярод звезеных юнакоў у вывозны табар ёсьць шмат кандыдатаў на ўмацаваньне нашых збройных сілаў, на службу ў адміністрацыі, эканоміцы, на ўмацаваньне нутраной бясьпекі, маладых людзей сотнямі забіралі з табару. Арбайтсамт скрыгатаў зубамі, бо ён ніколі ня мог выканаць наложанага кантынгенту, ды пісаў скаргі сваім вышэйшым уладам, што ў Баранавіцкай Акрузе Беларусы маюць шмат сярэдніх школаў, у якіх ёсьць замаскаваны супраціў, каб падарваць нямецкую акцыю ў вярбоўцы працоўнай сілы.

І вось 12 верасьня 1943 году гэбітскамісар Баранавіцкай акругі Вэрнэр паклікаў да сябе бурмістра Ю. Сабалеўскага й школьнага інспэктара Міхалоўскага, прачытаў ім тайны загад ад вышэйшых уладаў, што ўсе сярэднія школы ў Баранавічах і акрузе існаваць далей ня могуць, бо Немцы моцна зацікаўленыя ў працоўнай сіле, і што 14 верасьня ўся моладзь названых школаў будзе ў прымусовым парадку ўзятая ў транспарт й вывезеная ў Нямеччыну, дзе яна магчыма будзе школеная ў нямецкіх хвабрыках і ўстановах. Камісар загадаў дапамагаць гэтай акцыі, ды не казаць нічога нікому, каб акцыі не пашкодзіць, інакш яны будуць асабіста зьвінавачаныя ў сабатажы.

У вызначаны дзень нямецкая паліцыя акружыла найбольшыя лікам вучняў сярэднія школы ў Баранавічах — Мэдычную, Гандлёвую й Тэхнічна-Адміністрацыйную. Ды нямецкая акцыя поўнасьцю правалілася. Бальшыня вучняў здолела разьбегчыся ў часе хапанні. За дрот пры чыгуначнай станцыі было загнана толькі каля 100 студэнтаў. Пад канец дня й гэтыя паўцякалі праз драты, а ўва ўсёй Заходняй Беларусі паўстала паніка, ды школьная моладзь разьбягалася. Адначасова Беларусамі была ўзьнятая ў Баранавічах, Менску ды іншых акругах акцыя энэргічнага пратэсту супроць разгону беларускіх школаў.

Немцы арыштавалі тады а. Льва Гарошку, дырэктара Баранавіцкай Мэдычнай Школы, які востра пратэставаў супроць хапанкі ў часе самое акцыі, гразілі арыштам і іншым. Але салідарны супраціў змусіў Немцаў адступіць. Беларусы абасноўвалі свае пратэсты палітычнай бязграматнасьцю акцыі, роўнай правакацыі, якая заганяе беларускае жыхарства ў рады бальшавіцкай партызаншчыны, падрывае ўвесь давер народу да тае нямецкае адміністрацыі, якая так гвалтоўна разбурае беларускае школьніцтва.

У выніку Немцы ня толькі звольнілі а. Л. Гарошку, але колькі разоў публікавалі заклікальныя адозвы ад імя нямецкіх акупацыйных уладаў, каб моладзь вярнулася ў свае школы да нармальнай працы, даючы адначасна гарантыі, што больш падобных хапанак ня будзе. І запраўцы, пасьля аднаўленьня працы ў школах Немцы аж да свайго адыходу летам 1944 году больш школаў не чапалі.

Затое Немцы цяпер больш насцяражыліся да беларускага вызвольнага руху ды пры дапамозе сваіх агентаў, выхаваных Акінчыцам з савецкіх ваеннапалонных, вынюхвалі найменшыя праявы супраціву. Яны падазравалі, што Беларусы-каталікі маюць кантакты з польскім падпольлем ды англа-амэрыканскай выведкай. Не малую траўлю ў гэтым кірунку праводзілі й некаторыя праваслаўныя дзеячы з Касякамі на чале, што абівалі парогі нямецкага СД, Абвару й Камісарыятаў з фабрыкаванымі даносамі на паасобных Беларусаў-каталікоў, у першую чаргу на кс. В. Гадлеўскага, Галоўнага Школьнага Інспэктара, на праф. В. Іваноўскага, бурмістра Менску, на У. Казлоўшчыка, рэдактара «Беларускай газэты», на беларускае вунійнае духавенства з экзархам а. А. Неманцэвічам на чале й нашмат іншых.

Ахвярамі як нямецкага падазрэньня ў існаваньні сярод Беларусаў падпольнае праангла-амэрыканскае кансьпірацыі, так і траўлі некаторых засьлепленых праваслаўных, пры пабочным супрацоўніцтве агентаў з групы Акінчыца, і палі каталіцкія сьвятары Неманцэвіч, Галкоўскі, Малец, Рыбалтоўскі, Галееўскі, ня лічачы тых сьвятароў беларускага паходжаньня, якіх Немцы расстралялі ў часе масавых арыштаў каталіцкага духавенства ў Заходняй Беларусі ў 1942 годзе.

Загінула й шмат сьвецкіх Беларусаў-каталікоў з тых самых рук у часе «прачышчэньня» ад уяўных «ворагаў» нямецкага панаваньня ў Беларусі, бо Немцы ўжо ў пачатку 1942 году пры дапамозе сваіх прыслужнікаў складалі па местах, мястэчках і вёсках сьпісы гэтак званых «Палякаў» віднейшага стану, якія ў бальшыні былі Беларусамі-каталікамі, што пры польскай акупацыі займалі дробненькія становішчы — солтысаў, войтаў, лясьнікоў, ніжэйшых урадоўцаў, ці былі шляхоцкага паходжаньня.

З выдатнейшых Беларусаў, што пры Немцах актыўна ўлучыліся ў беларускае нацыянальнае будаўніцтва й загінулі, назваць трэба, апрача ўспомненага ўжо П. Родзевіча, У. Казлоўшчыка, рэдактара менскае «Беларускае газэты», якога застрэлілі ў будынку рэдакцыі агенты менскага СД, сымулюючы «партызанаў»; В. Іваноўскага, бурмістра Менску, гэткім самым спосабам застрэлілі на вуліцы места.

Была арганізаваная нямецкая пастка й на іншых пад назовам «Беларускай Незалежніцкай Партыі». Тварылася яна пад «апекай» нямецкага агента ў мундзіры нацыскай партыі Фёдарава, які сымуляваў «фольксдойча», хоць быў жыдоўскага паходжаньня. Ён добра ведаў беларускую мову й на зборках беларускіх энтузіястых нямецкага супраціву выказваўся антынямецка, як «шчыры Беларус». З гэтае арганізаванае правакацыі ніхто не пацярпеў, бо пастка засталася незачыненай, ня было часу. Хістлявае нямецкае палажэньне пасьля Сталінградскае паразы ішло ўжо выразна ў кірунку катастрофы й Немцам ня было магчымасьці канчаць свае пляны.

НАВЕДЗІНЫ МЕНСКУ

Пад канец 1942 году др. Ермачэнка, старшыня Самапомачы, выклікаў мяне да Менску, каб паставіць дырэктарам Сярэдняе Мэдычнае Школы ў Менску ды каб я адначасна выконваў функцыі Галоўнага лекара Беларусі. Ён ветліва спаткаў мяне ў Самапомачы, дзе была ягоная рэзыдэнцыя, і пры чарцы каньяку выясьніў мне прычыну майго выкліку.

Выявілася, што Галоўны лекар др. Крайноў адмаўляецца выконваць далей свае абавязкі. Я разумеў, што палажэньне тут крутое й зараз-жа пайшоў да др. Крайнова, каб высьветліць справу. У шчырай гутарцы Крайноў прызнаўся, што ён ня ў сілах больш працаваць, што ён заўсёды носіць з сабой рэвальвэр для самаабароны, бо баіцца савецкіх агентаў, якія колькі ўжо разоў спрабавалі ўварвацца ў ягонае памяшканьне. Ён казаў пры гэтым:

— Сябра, калі маеш ахвоту, прыяжджай і займай маё месца, я маю па горла грызьні зь Немцамі, страху перад савецкім падпольлем, ды я, прызнацца, не Беларус.

Ён далей выясьніў, што беларускі галоўны лекар у справе аховы здароўя жыхарства ня шмат мае да гутаркі, бо ўсякія распараджэньні выходзяць ад нямецкіх акруговых лекараў, а лекары беларускія маюць іх толькі сьлепа выконваць. У гэткіх умовах я ня мог згадзіцца на падмену др. Крайнова, ня мог прыняць «высокага» становішча ў Менску, тымбольш, што й у Баранавічах беларускіх дзеячоў ня было зашмат.

На разьвітаньне зь Менскам я адведаў кс. В. Гадлеўскага, які меў сваю рэзыдэнцыю Галоўнага Школьнага Інспэктара ў маленькім пакоіку Самапомачы. Быў цёмны вечар, кс. Гадлеўскі чытаў часопіс пры сьвечцы.

— Як маецеся, войча Вінцэнты? — пытаюся, вітаючыся.

— Ну што-ж, даражэнькі, сяджу адсунуты ад усяго, нат электрыкі мне не даюць, адрэзаў Ермачэнка.

— Няўжо на гэта ўсё пайшоў Сівіца?

— Пайшоў, а свае яму дапамаглі.

— Няўжо свае?

— Так, Сам Фішар паказаў мне даносы, пісаныя Ермачэнкам і Касяком, ды й Янка Станкевіч праз сваю заўзятасьць лётаў да Сівіцы й балтаў пра начныя справы непатрэбна.

Я жахнуўся ад гэткіх ведамак, а ксёндз гаварыў далей:

— Так, гэта праўда. Пару дзён таму я меў гутарку зь Немцамі, хіба апошнюю, і сказаў ім адкрыта, што Немцы абяцалі даць Беларусам перад вайной, а што далі ў ходзе вайны? Вы, казаў я, разьвязваючы Самаахову, абяззброілі беларускі народ, мардуючы-ж ваеннапалонных ды палячы вёскі, стварылі партызаншчыну. Мы вас віталі з кветкамі, як вызвольнікаў, а вы як нас патрактавалі? Цяпер я палітычны труп і не магу выступаць больш ад майго й вашага імя да беларускага народу! Яны ўськінулі мне, што мая дзейнасьць ідзе ў разрэз зь нямецкімі інтарэсамі на ўсходзе. Рассталіся мы дужа халодна, цяпер чакаю майго арышту.

— Мо трэба дзе схавацца, войча? — сказаў я, узрушаны.

— Нікуды не зварухнуся. Божая воля, што будзе, тое будзе, — закончыў кс. Гадлеўскі.

Тут я прыпомніў, што час хадзьбы ў Менску абмежаваны й зь сьлязьмі разьвітаўся з нашым народным змагаром, абяцаючы, што будзем падымаць усю грамадзкасьць у яго абароне.

Назаўтра я запытаўся др. Ермачэнка:

— Як вы гэта маглі дапусьціць да такіх сварак і да даносаў на кс. Гадлеўскага?

— Я асабіста не настаўлены варожа да Галоўнага Інспэктара, але кс. Гадлеўскі мае непаразумленьні зь Сініцай і іншымі Немцамі, а я на гэта ня маю ніякага ўплыву, — адказаў Ермачэнка.

Два дні пасьля маіх наведзінаў, ці бо на Каляды 1942 году, кс. В. Гадлеўскі быў арыштаваны менскім СД і, паводле навочных сьведкаў, таго самага дня вывезены да Рыгі, у галоўнае СД на тэрыторыі Остлянду, дзе знаходзіўся райхскамісар Лёзэ. Там, відавочна, ён і быў замучаны.

Кс. В. Гадлеўскі быў вялікай ахвярай на нашым нацыянальным аўтары, ня толькі як мучанік, але й як змагар вялікага стылю за вызваленьне беларускага народу. Таму тыя, на чыім сумленьні ёсьць хоць кропля віны ў ягонай сьмерці, хай каюцца перад Богам і перад сваім народам. Благое часам можа пайсьці ў забыцьцё, але гераічная пастава волата-пакутніка В. Гадлеўскага будзе нам сьвяціць вечна.

АБ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСАХ У БАРАНАВІЧАХ

Пры маёй бытнасьці ў Баранавічах наглядалася вялікая зыгранасьць там беларускае інтэлігенцыі. Паважнейшых разыходжаньняў, сварак ня было. Усе дружна стаялі за працу для ўздыму й разьвіцьця беларускае нацыянальна-культурнае справы, за вырываньне ад Немцаў як найбольш для гэтага ўступак. Таму ніхто не стараўся выбіць таго ці іншага зь сядла, але, наадварот, намагаўся яго падтрымаць і ўмацаваць. У гэтым і быў галоўны сакрэт вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму ў Баранавічах і Баранавіцкай акрузе. Успомню тут колькі важнейшых баранавіцкіх дзеячаў.

Найперш трэба сказаць колькі словаў пра бурмістра Баранавічаў, Юрага Сабалеўскага, які, пасьля «дэтранізацыі» ў Менску др. Ермачэнка пераняў там Самапомач ды быў віцэпрэзыдэнтам Беларускае Цэнтральнае Рады.

Юры Сабалеўскі, аграном па прафэсіі, стары беларускі дзеяч Заходняй Беларусі, у 1922 годзе выбраны беларускім паслом у польскі сойм, пазьней сябра Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. Ёй любіў часта паўтараць фразу: «Малы чалавек — малы клопат, большы чалавек — большы клопат». Ён вывучаў кожнага значнага Беларуса, стараўся справядліва яго схарактарызаваць, ацаніць, прыслухоўваўся да ягоных выказваньняў і поглядаў. Пісаў нават на кожнага аграмадную біяграфію. Урыўкі з гэтых нарысаў любіў чытаць іншым. Ягоныя характарыстыкі не заўсёды супадалі з запраўднасьцю. Хутчэй выражалі яны ягоную суб'ектыўную ацэнку й погляды.

У часе «ўлады» Сабалеўскага ў Баранавічах можна было назіраць схільнасьць у яго да нямецка-аўстрыйскай школы адміністраваньня. Ён завёў строгі «кайзэрскі» парадак: увайшоў у гарадзкую ўправу ня ськінуўшы шапку — 5 марак штрафу; спазьніўся на працу — 10 марак; прыйшоў падпіты — гэта небясьпечна! — назаўтра, ці ты работнік, ці інжынер, ці доктар, сядзеш на бочку, у якой вывозіліся з гораду нячыстоты, да будзеш на ёй цэлы дзень езьдзіць. Супраціў не памагаў — ён звальняў з працы. Не памагалі таксама пробы ўмешваньня ў гэткія строгія парадкі іншых нашых дзеячаў, што дакаралі бурмістра за ягоныя сярэднявечныя практыкі. Ён цьвёрда казаў: «Людзей трэба выхоўваць!» А калі яму казалі, што ў часе вайны гэткія мэтады служаць нашым ворагам, ён спакойна адказваў: «Кожны рэжым патрабуе парадку й дысцыпліны». І запраўды, нічога супроць яго ня можна было зрабіць, каб адначасна не панізіць ягонага аўтарытэту, як бурмістра, зь якім лічыліся Немцы.

Гэта Сабалеўскі дамогся ў гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе. Гэта ён асабліва ўспамагаў Мастацкую й Ткацкую Школы ды зьвярнуў увагу Немцаў і таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў на высокія мастацкія якасьці беларускага народнага мастацтва. Праз наладжаную Беларускай Самапомачай аграмадную выставу народнага мастацтва ў Баранавічах, што займала колькі будынкаў, прайшло больш 20 тысяч чалавек. А ў наладжваньні выставы немалая была заслуга Юрага Сабалеўскага.

Апрача Сабалеўскага было, ведама, і шмат іншых выдатных Беларусаў у Баранавічах. Аб Папуцэвічу, Русаку, ды некаторых іншых я ўжо, хай сабе коратка, але гаварыў. Тут хацелася-б расказаць пра менш знаных, як а. Льва Гарошку, Уладзімера Шыманца, У. Кліма, ды пару іншых.

Леў Гарошка, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, адзін з выдатных беларускіх дзеячаў, у часе нямецкага паходу на Усход быў на беларускім Палесьсі, якое, паводле гітлераўскага пляну падзелу ўсходніх прастораў, адміністрацыйна прыразалася да Рэйхскамісарыяту Ўкраіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам Немцаў ён ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але й ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю й школьніцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч, тут знайшоў падтрыманьне др. В. Войтэнкі, тагачаснага бурмістра места, ды ўладзіўся ў рэдакцыі «Баранавіцкай газэты».

Быў гэта вялікі патрыёт, у беларускіх справах нязвычайна прынцыповы, стойкі, і стаўся адной з важных апораў беларускае нацыянальнае працы ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а. Неманцэвіча, ён яе ачольваў.

Уладзімер Шыманец, кіраўнік аднаго з аддзелаў Гарадзкой Управы Баранавіч, шчыры патрыёт, браў дзейны ўдзел у беларусызацыі адміністрацыі Баранавіч і акругі, дэмаскаваў скрытых ворагаў. На эміграцыі, у Даніі, выратаваў сотні Беларусаў ад пагрозы выдачы іх бальшавіком ды вывазу ў СССР. У Францыі, у Парыжы, быў і ёсьць ён адным з правадыроў тамашняй беларускай эміграцыі. Як таленавіты мастак ён быў адзначаны на розных францускіх выставах. Малюе пераважна на беларускія тэмы.

Уладзімер Клім, былы студэнт права Віленскага ўнівэрсытэту, левых поглядаў, аднак патрыёт, дзейны перад вайной. У часе савецкай акупацыі Вільні быў у радох тых Беларусаў, што выкарыстоўвалі новыя абставіны для беларусызацыі места. Там зблізіўся да Клімава, бальшавіцкага камісара Вільні. З прыходам Немцаў улучыўся ў Баранавічах у беларускія актыўныя рады разам з братамі Пяцюкевічамі, ды працаваў на найбольш адказным і небясьпечным адрэзку — у радох беларускай тайнай паліцыі, быў намесьнікам яе начальніка.

У. Клім кіраваўся філязофіяй: Беларусы павінны пераймаць перш за ўсё найбольш ключавыя становішчы, бо інакш нашы ворагі й у зьмененых умовах нас вынішчаць. А заняўшы гэтае становішча, наш абавязак ахоўваць беларускія сілы супроць усякай правакацыі. Чым больш у гэтай міжнароднай бойні мы захаваем сваіх, тым лепшыя шансы здабыць дзяржаўную незалежнасьць.

На гэткіх сваіх пазыцыях У. Клім аднак-жа ня ўтрымаўся. Пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам ён пільна слухаў радыя, цікавіўся перш за ўсё савецкімі наступамі ды рухам савецкіх арміяў на захад. Хутка пасьля, у пачатку 1943 году, галоўны партызанскі штаб, што пад кіраўніцтвам Панамарэнкі быў пры галоўнай кватэры Сталіна, стаў скідаць на парашутах камуністычную падпольную тэрытарыяльную арганізацыю для антынямецкай і антыбеларускай дывэрсіі на тылох нямецкага фронту. На Баранавіцкую акругу быў прызначаны ды скінуты з падручнымі былы камісар Вільні Клімаў. Ён хутка сарганізаваў, у самых Баранавічах, бальшавіцкае падпольле, пад назовам «Антыфашысцкі саюз». Да яго бальшавіцкія агенты здолелі загнаць больш сотні Беларусаў.

Штаб Клімава знаходзіўся ў Налібоцкай пушчы, Адтуль ён час-ад-часу наведваў Баранавічы ў будынку школы-сямігодкі, дзе настаўніца гэтай школы, маладая дзяўчына, была лучнікам зь некаторымі беларускімі нацыяналістамі. Хутка Клімаў гэтак навязаў лучнасьць і з У. Клімам, якога ён помніў зь Вільні. У. Клім, узяўшы для бясьпекі свайго сябру, сп. Я. Ж., які таксама быў зь ім у тайнай паліцыі, колькі разоў сустракаўся з камісарам Клімавым.

У гэтым часе беларуская выведка СД паведаміла нямецкія ворганы, што ў Баранавічах разьвіваецца бальшавіцкае падпольле, якое мае сыстэматычныя сходкі з партыйным штабам у лесе. Тады Немцы, разам зь беларускай выведкавай службай, заставілі на акраіне места, куды пранікала бальшавіцкая лучніковая група, пастку. У часе баявой сутычкі колькі чалавек з бальшавіцкага боку было забіта, некаторыя-ж лучылі ў палон. Немцы ад іх даведаліся пра галоўнага арганізатара падпольля ды пра месцы збораў. Былі захопленыя сьпісы сяброў ды іншая літаратура. За адну ноч Немцы арыштавалі каля 150 чалавек, удзельнікаў савецкай правакацыі.

У захопленых сьпісах ня было імя Ў. Кліма, ані ягонага сябры Я. Ж. Таму Немцы пакуль што нічога ня ведалі пра сувязі Кліма з бальшавіцкім штабам дывэрсіі й яго не арыштавалі. Далі яму нават на Вялікдзень 1943 году водпуск для выезду ў родную Пружаншчыну, дзе ён прабыў два тыдні. Арыштаваных Немцы пераважна ссылалі ў нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Некаторых нават выпусьцілі. Беларускія патрыёты, заскочаныя ўсёй падзеяй, рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць долю нявінных ахвяраў бальшавіцкае правакацыі.

Ды, як пазьней выявілася, настаўніца школы, што была бальшавіцкім лучнікам, у допытах у СД, баронячы сябе, удала Ў. Кліма. Яна казала, што пра ўсё паведамляла Ў. Кліму, ведаючы, што ён супрацоўнічае зь Немцамі, ды лічыла, што ён пра гэта ім раскажа.

Не малым каменем да загубы Ў. Кліма быў Дыячэнка, Украінец, пятлюраўскі палкоўнік, што займаў становішча кіраўніка беларускай тайнай паліцыі, якая дзеіла пад начальствам нямецкага СД. Баючыся за сябе, ён дамагаўся ад Немцаў найбольш строгага пакараньня свайму падуладнаму Ў. Кліму за здраду. Нямецкі начальнік Баранавіцкага СД Амэлюнг у гэткіх абставінах быў змушаны Ў. Кліма расстраляць. Аб гэтым мне апавядаў В. Папуцэвіч, які быў навочным сьведкам дыскусіі ў гэтай справе Амэлюнга з Дыячэнкам. Было гэта раньняй вясной 1943 году. Сам У. Клім тлумачыўся адно тым, што ён, як тайны выведнік, зьбіраў матэрыялы аб бальшавіцкай дывэрсіі, ды паведаміць аб усім меў Немцаў тады, калі ў сваіх руках ужо будзе мець камплетны матэрыял.

Клімавага сябру, інж. Я. Ж., які схамянуўся, трапіўшы пад допыты, мы здолелі абараніць ад расстрэлу. Пакаралі яго канцэнтрацыйным лягерам у Нямеччыне, зь якога ён, пасьля капітуляцыі Нямеччыны, выратаваўся.

Калі ў гарне нямецка-бальшавіцкай кузьні заламаўся ды зьгінуў У. Клім, што казаць пра нацыянальна менш стойкіх. Адной з гэткіх ахвяраў быў Акружны лекар Баранавіцкай акругі др. Лукашэня. У нармальных умовах ён быў-бы добрым беларускім грамадзянінам, не зважаючы на некаторую зрушчанасьць. Сын баранавіцкага возьніка, вырас ён у хатняй і навакольнай праваслаўна-зрушчанай дробнамяшчанскай атмасфэры ды зь беларускім рухам сутыкнуўся ўпяршыню ці ня ў часе толькі вайны. Пры першай акупацыі бальшавікоў ён быў галоўным лекарам Баранавіч, пры Немцах — лекарам акруговым. Вось высокія становішчы, якія ён займаў з ласкі акупантаў, вытварылі ў ім псыхіку самапэўнасьці ды патрэбы апоры не на свой народ, але на таго, хто дужэйшы. Пры Паляках ён лашчыўся да іх, пры бальшавікох — да іх, а цяпер Немцы, дык ведама — да іх. У беларускі нацыянальна-вызвольны рух ён ня ўлучаўся, радаў беларускіх прадстаўнікоў як у Менску, так і ў Баранавічах, ня слухаў, прыкідваўся, што верна служыць толькі Немцам.

Але калі Немцам пад Сталінградам надламалі хрыбет і яны апынуліся ў адступленьні, Лукашэня згубіў веру ў перамогу свайго новага гаспадара. Паколькі ягоны дом стаяў на глухіх акраінах Баранавічаў, бальшавіцкае-ж падпольле ў лясох і месьце было ўжо актыўнае, савецкія агенты й узялі Лукашэню ў сваю апрацоўку. Яны вымагалі, каб ён трымаўся пасады акруговага лекара й дастаўляў ім, празь іхных лучнікаў, лекі, інструмэнты, розныя мэдыцынскія матэрыялы, і гэтым ён сябе апраўдае перад будучай савецкай уладай. Др. Лукашэня на гэта, відаць, згадзіўся, бо беларускі вывед даносіў, што ягоны дом наведваюць падпольшчыкі, а на лекарскіх базах акругі сыстэматычна «прападае» частка лекаў і мэдыцынскіх матэрыялаў.

У сярэдзіне 1943 году беларуская выведка злавіла дастаўшчыка лекаў у партызанскі раён. Выявілася, што гэта швагра др. Лукашэні. У наяве гэткага факту Лукашэня ня мог далей займаць свайго становішча, тым больш, што лекаў пры Немцах заўсёды нехапала й для цяжка хворых мясцовага жыхарства. Др. Лукашэня з пасады быў звольнены, ягонымі кантактамі з партызанамі занялося СД, ды, знайшоўшы новыя довады, пасадзіла яго ў пераходны канцэнтрацыйны лягер у Калдычаве, дзе яго й расстралялі. Ягоная жонка пасуліла Немцам 200 рублёў золатам на выкуп мужа, за што й яе арыштавалі.

НА ВЫПІЎЦЫ

Закончыўшы каля гадзіны 7-й вечарам апэрацыю ў шпіталі, др. Наумік кажа да мяне:

— Можа цяпер пойдзем і абсадзім Баўдзея?

— А што-ж ён благога зрабіў? — пытаюся.

— Бо ён, бачыш, сьвінабой, варочае ўсімі Баранавічамі, чэшацца каля інтэлігенцыі, а пра нас забыўся!

— Значыцца дасужы ты лаўкач! — кажу я. — Гэткіх нам, Беларусам, і трэба!

— Але не замнога, — бурчыць Наумік. — Не філязафуй таксама зашмат, а пайшлі!

— Як пайшлі, дык пайшлі!

Баўдзей спачатку быў падручным хлапцом у мясьніка Баранцэвіча. Пасьля, перад вайной, гандляваў сам сьвіньнямі на вялікую скалю. Цяпер ён дастаўляў Немцам рагатую жывёлу, сьвіней, меў сваю сталоўку, зь ведама нямецкіх уладаў кіраваў былой Баранцэвічавай мясьніцай, займаўся таксама спэкуляцыяй золатам ды рознымі таварамі. У Баранавічах ён у запраўднасьці быў харчовым «босам» і Немцаў, і беларускай «эліты».

Мы пастукалі ў дзьверы. Баўдзей адчыніў, з усьмешкай на твары вітаў:

— Калі ласка, калі ласка! Гэткія нябывалыя госьці! Заходзьце!

Мы ўвайшлі ў хату. Наумік, зрабіўшы задзёрыстую міну, падхапіў вітальныя словы гаспадара:

— Пэўна, што нябывалыя ды важныя госьці: вось маеш гонар гасьціць у сябе доктара мэдыцыны Науміка, найбольшага хірурга ад Варшавы да Менску, кіраўніка гарадзкога шпіталя ў Баранавічах, вучня слаўнага прафэсара Міхэйды… — казаў ён вясёла, стукаючы рукой сабе ў грудзі.

— Добрага знатака добрых напояў! — дакінуў я збоку.

Наумік аднак-жа ня зьбіўся з панталыку, ды, паказваючы рукой на мяне, казаў:

— А гэта вось мой заступнік, дырэктар Мэдычнай Школы ў Баранавічах, дырэктар Гінэкалягічнага й Радзільнага аддзелаў, др. Малецкі!

— Вельмі, вельмі прыемна, — перапыніў Баўдзей. — Сядайце за стол, можа што знойдзецца добрага! — ды пачаў пераглядаць у буфэце бутэлькі.

— Можа францускага каньячку? — пытаецца.

— Хай будзе й каньячок! — згаджаецца Наумік. — Думаю, што вы нас як трэба пачастуеце! — дадае.

— А як-жа інакш! Я, хоць ня маю школы, але служу ўсім знатным людзям.

— Можна быць знатным і бяз школы! — падбадзёрваю гаспадара.

— Нейк даём сабе рады й добрым людзям памагаем, — не адставаў у словах і Баўдзей, наліваючы чаркі.

— Дык за здароўе гасьцей! — узьняў ён тост.

— За здароўе гаспадара!

П'ём, жартуем на бягучыя тэмы, закусваем добрымі вяндлінамі. Раптам др. Наумік у тон жарту расхадзіўся:

— Ты, брат, — кажа да гаспадара, — Паляшук. А Паляшукі як чарадзеі, займаюцца падманам. Ставіць самагонку, а кажа, што прывазны напітак!

— Ды запраўды прывазны, францускі! — сьмяецца Баўдзей.

— Прывазны, ці тутэйшы, ня будзем таргавацца, — рагоча й Наумік. — Ведаеш, што Беларус словам ня верыць, мусіць пашчупаць сваімі рукамі. Дык выбачай, я гэткі Беларус. Дазволь пашчупаць тваю там батарэю!

— Калі ласка, калі ласка! Паляшукі-ж кажуць: госьць у хаце на куце, гаспадар на самым хвасьце! — сьмяецца Баўдзей.

І Наумік стаў пераглядаць бутэлькі ў буфэце, а знайшоўшы бэнэдыктына, баёва паставіў на стол, прыгаварваючы:

— Вось дзе слаўны напітак. Выдумалі яго на хвалу Божую слугі Божыя бэнэдыктынцы. Спрабуйце, і калі ня так — ганіце мяне з хаты!

Мы перакулілі чаркі з напоем. Прыемнай гарачынёй разыходзіўся ён па нутры. Гаспадар хацеў тут нешта сказаць, ды нехта застукаў якраз у дзьверы. Ён зачыніў хутка буфэт ды пайшоў да дзьвярэй.

— А… Біттэ, біттэ гэрайн![14] — запрошваў.

— Энтшульдігэн зі біттэ, дас вір зінд зо шпэйт![15] — чуваць было ў адказ, і ў хату ўвайшлі два, у зялёных мундзірах СС, Немцы.

— Гайль Гітлер! — дружна, пабачыўшы нас, яны крыкнулі ды ўзьнялі рукі.

Мы ўсталі, таксама ўзьнялі рукі, сказалі «Гайль!»

Баўдзей прадставіў нас Немцам як сваіх добрых знаёмых. Выявілася, што афіцэр СС называецца Дадышэк, другі-ж, падафіцэр, — Ёзэф. Я ўжо ведаў, што першы, гэта заступнік кіраўніка баранавіцкага СД, а другі — студэнт палітэхнікі ў Вюрцбургу, служыў цяпер у СД. Баўдзей падкінуў хутка больш закускі ды выпіўкі. Мы цяпер разам пілі, закусвалі, жартавалі. Гаварылі панямецку.

Дадышэк, чэскага паходжаньня, быў сярэдняга росту, хударлявы, малады, стройны, аднак выглядаў стомлена. Ён запытаўся ў Баўдзея:

— Ці вашая жонка даехала шчасьліва да Варшавы?

— Даехаць то яна даехала, — адказаў Баўдзей, — але нажаль мела вялікія непрыемнасьці.

— Якія?

— У дарозе пашкодзілі фартэпіян, але гэта яшчэ нічога. Ды ў Варшаве, на вуліцы перад кватэрай, тамтэйшыя тарбахваты выхапілі ў яе сумку з усімі каштоўнасьцямі ды дакумэнтамі. Найгоршае, што яна цяпер засталася там без дакумэнтаў, а самі ведаеце: у Польшчы зловяць без дакумэнтаў — вялікая бяда! Дык я прасіў-бы ласкава выставіць ёй другія дакумэнты.

— Добра, мы гэта зробім, — адказаў Дадышэк. — Ведама, у Варшаве шмат крыміналістаў, але ў Югаславіі, дзе я нядаўна быў, іх яшчэ болей, — казаў ён супакойваючы. — З Палякамі мы хутчэй справімся. А вось тут у Беларусі дык чуемся й зусім як у сябе дома!

— Дык вып'ем, перш за нашую беларускую спакойную нацыю, — перабіў Наумік, — а другую чарку за матэрыяльную крыўду спадарыні Баўдзей!

— Ха, ха, ха! — зарагаталі ўсе.

Далейшыя чаркі пайшлі за нямецкую армію, за яе перамогу пад Віцебскам, ля Растова, у Афрыцы.

Варочаліся мы дамоў каля 10 гадзіны вечара. Ад Дадышака я шмат што даведаўся пра падзеі ў Югаславіі, дзе ён быў перад прыездам у Беларусь, аб ягоных сымпатыях да Беларусаў, аб задаваленьні Немцаў у Баранавічах з супрацоўніцтва зь Беларусамі, ды аб тым, што «Фюрэр» спадзяецца на «ное ваффэ»[16] — ядраную зброю — ды іншае.

НА СТАРОЖЫ ЗДАРОЎЯ ЖЫХАРСТВА

Гітляроўцы ў сваім паходзе на ўсход вынішчалі падбітыя славянскія народы ня толькі зброяй, агнём, голадам, гвалтамі, мукамі, непасільнай працай, але таксама й эпідэміямі, якія стараліся прыглушаць натолькі, каб яны не пакасілі й нямецкага войска. Яны сьвядома не змагаліся з пошасьцямі, якія покатам клалі ваеннапалонных ды часткова й мясцовае жыхарства. А каб перашкодзіць рабіць гэта й мясцовым лекарскім сілам, Немцы ў вельмі малой колькасьці адпускалі на патрэбы жыхарства лекі ды сыраваткі, і абмяжоўвалі ўсякую мэдычную дапамогу наагул.

Беларусь у часе вайны ў галіне лекарска-мэдыцынскай знайшлася ў асабліва цяжкім стане. Бальшавіцкая сыстэма, як вельмі адсталая, на працягу свайго існаваньня ніколі ня была здольная выпрадукаваць для патрэбаў жыхарства лекаў у дастатковай колькасьці, не гаворачы ўжо пра нейкае масавае змаганьне з пошасьцямі, пра загварантаваньне мінімуму рацыянальнага аджыўленьня ды пра іншыя прафіляктычныя мерапрыемствы.

Немцы-ж на самым пачатку свае ўлады найперш аграбілі ўсе захопленыя мэдычныя й прафіляктычныя склады існуючых перад гэтым рэжымаў. Пазьней з гэтых запасаў для жыхарства яны выдзялялі мінімальную толькі колькасьць лекаў, з выразным разьлікам на тое, каб жыхарства як найбольш вымірала. Дадаць да гэтага яшчэ трэба, што шмат аптэкаў ды мэдычных складоў у часе вайны было зьнішчана, прадукцыя-ж лекаў была амаль цалкам спыненая.

Усюды нехапала антыбіётыкаў, шчапёнак, дэзінфэкцыйных матэрыялаў, хляраформу, камфоры, кафэіны і г. д. На тэрыторыі Галоўнага Камісарыяту Беларусі было дзейных толькі 43 аптэкі, ды й яны былі ў стане жалю годным. Нічагусенькі, ніякіх лекаў не давала й Масква сваім партызанам, якія знаходзіліся ў больш жудасным палажэньні за жыхарства.

Баранавіцкі гарадзкі шпіталь Немцы выкінулі з свайго будынку ды аграбілі з усіх амаль інструмэнтаў і матэрыялаў. Мясьціўся ён цяпер у памяшканьні былое жыдоўскае гімназіі. Інфэкцыйны аддзел шпіталю займаў асобны дом. Плошчу шпіталю мы пашырылі прыдзелам суседніх жылых дамоў. Недахоп інструмэнтаў, лекаў, бандажоў быў страшны. Асабліва нехапала наркозы ды гіпсу для пераломаў. Нямецкі акруговы камісар на просьбу дапамогі даў адмоўны адказ: вайна ды ўсё. Менск з Чырвонага Крыжа прыслаў нам толькі тры літры хляраформу. Сьпірту для рук і для стэрылізацыі інструмэнтаў таксама нехапала. Шпіталі ў Слоніме ды Нясьвіжы змушаныя былі карыстацца самагонкай.

Трэба было шукаць нейкага выхаду самым, самым здабываць патрэбныя лекі й мэдыкамэнты, каб нейк ратаваць нашых хворых, каб ахаваць жыхарства ад эпідэміяў. Сьцежку ў гэтым кірунку нам паказалі спэкулянты, якія пакрысе дастаўлялі розныя лекі амаль з усёй Эўропы. Вось дачуліся мы, што ў жыдоўскім геце ў Вільні за сала й грошы можна дастаць марлі. Пасылаем туды др. Науміка. Знайшоў ён прадаўца, але марлю цяжка вынесьці з гетта. Нашаму прадаўцу прыйшлося накручваць вакол свайго цела магутны бандаж марлі ды выходзіць разам зь іншымі Жыдамі «на працу». Ён пасьля адлучаўся ад свае групы, прыходзіў на кватэру др. Науміка ды там «танчэў». Адна гэткая «ноша» давала здабычу марлі на соткі мэтраў. Так др. Наумік за колькі дзён здолеў сабраць да 5000 мэтраў гэтага каштоўнага нам матэрыялу, чаго нашаму шпіталю хапіла на даўжэйшы час.

Наркозу, марфіну, гіпс і сыраваткі мы здабывалі ад Немцаў «чорным» спосабам. За 1 кг сала, прыкладам, хворы мог дастаць зь нямецкага вайсковага шпіталю даволі гіпсу на зламаную канцавіну. Сваякі хворага хадзілі туды з салам ды прыносілі гіпс. Выпісвалі мы таксама рэцэпты на лекі, якіх нідзе ня можна было дастаць, а толькі ў нямецкіх ваенных шпіталях. Доўгі час, за тое-ж сала, іх даставалі сваякі хворых. Аж і ў Немцаў, відаць, зь лекамі ды мэдыкамэнтамі стала крута, бо ў 1943 годзе мы дасталі ад нямецкіх уладаў востры ліст, каб не пасылалі больш у нямецкія шпіталі па мэдыкамэнты «айнгаймішэ» — мясцовых людзей.

Што было рабіць? На нарадзе лекараў было пастаноўлена выслаць да Варшавы, з большай сумай грошаў, мяне для закупу мэдыкамэнтаў. Дастаў я фікцыйныя дакумэнты для падарожжа й 40 тысяч нямецкіх акупацыйных марак у пяцідзясятках, прывязаў іх да ног пад шкарпэткі ды паехаў.

Падарожжа, аказалася, было ня гэткім простым і лёгкім. Наш цягнік спыніўся ў Ваўкавыску, дзе, пасьля далучэньня Беласточчыны й Горадзеншчыны да Прусаў, праходзіла мяжа Райху. Нас усіх высадзілі ды пагналі ў дэзінфэкцыйную камору. Я быў проста ня свой ад страху, што магу згубіць грамадзкія грошы ды яшчэ лучыць, як спэкулянт, у кацэт.

Пра ўцёкі ня можна было й думаць, бо нас гналі пад паліцыйнай старожай. У дэзінфэктары- «вашабойцы» — я неяк захінуўся ў куток, жмут марак скруціў у хустачку ды паклаў, разам з дакумэнтамі, у торбачку, якую мне на гэта далі. Торбачку моцна завязаў ды падаў у вакенца, зь «вясёлай» мінай, Немцу, інваліду, з вуснай анатацыяй: «Прашу ня згубіць, тут мае важныя асабістыя дакумэнты».

— Гут![17] — сказаў Немец і даў мне зялёны нумарок, мой-жа мяшочак даволі падазрона супачыў на паліцы.

Нашая вопратка на возіках паехала ў парнікі, а мы сунуліся пад прышніцы. Быў тады красавік, — даволі холадна й у гэтай нямецкай лазьні, а тут яшчэ й халодная вада! Людзі зрабіліся бела-сінімі ды не маглі паўстрымаць дрыготак і лясканьня зубамі. А тут і новая праблема: да двух гадзінаў давялося нам голым чакаць у чарзе, каб дастаць сваю здэзінфэкаваную вопратку.

Ды ўрэшце ўсё-ж дастаў я й вопратку, і сваю найбольшую турботу — гэны «падазроны» мяшэчак. Аказалася ўсё ў парадку. Дарма я нэрваваўся. Тады ў мяне мільганула думка: а Немцы ўсе-ж здысцыплінаваны народ! Мой «скарб», ведама, ізноў пайшоў на сваё месца — пад шкарпэткі. Ды тут перад намі яшчэ мытная рэвізія. Пры сабе можна было мець толькі 250 марак. Але й там усё прайшло гладка.

У ВАРШАВЕ

Варшава, якую я добра ведаў зь перадваенных часоў, кінулася мне цяпер у вочы як абяднелая, абдзёртая, аднак-жа рухлівая, спэкулянцкая. Усе ўсюды нешта прадавалі. Мне сулілі нават медзь і цыну для спайкі катлоў.

Спыніўся я ў гатэлі, на вуліцы Кашыковай, непадалёк ад цэнтральнай станцыі. Чароды рыкшаў стаялі на скрыжаваньнях вуліцаў. Немцы, як авечкі, хадзілі малымі стадамі. Гатэль не абаграваны, цемната ўвечары, і трэба было сьвечкі, каб не разьбіць лобу ў сваім пакоі. За добрыя грошы аднак-жа можна было дастаць сьціплую ежу. На калідоры вечарам былі чутны крыкі жанчын, якіх атакавалі нейкія напасьнікі. Па-за будынкам грымелі стрэлы.

Я зьвязаўся з знаёмымі й яны мне парадзілі, каб нямецкія маркі зьмяніў на польскія злотыя, бо тады будзе лягчэй купіць лекі. У гэным якраз часе быў пагром францускіх спэкулянтаў у Варшаве й мае 50-ткі моцна падупалі. Я пайшоў на пляц Напалеона, дзе адбывалася падпольная спэкуляцыя ў вострых нямецка-шпіёнскіх умовах. Вось там я, адзеты не падазрона, чую словы тыпа:

— Купуен, купуен…[18]

— Купуеце немецке маркі? — кажу.

— Купуен! — пачуўся адказ.

— Спшэдаен![19] — мой адказ.

— Ходзь, пан! — кажа да мяне мой бяседнік.

Мы адышлі ў суседні завулак ды коратка абмяняліся думкамі: хто прадае, хто купляе. Я сказаў, што я варшавяк, але цяпер прыехаў з Усходу і не для нейкай там спэкуляцыі, а каб за вымененыя грошы купіць вельмі патрэбныя лекі.

Тады спэкулянт сказаў мне ісьці ў другі завулак. Там ён зьнік на хвіліну, а пасьля да мяне падышоў нейкі Паляк, відаць з падпольля ды прасіў ісьці за ім. Спыніўся ён пад сходамі нейкай сталоўкі, дзе круціліся два тыпы, сачылі транзакцыю. Паляк сказаў, што заплаціць за марку па 3,2 злотых. Я перадаў яму 40 000 марак, а ён мне 128 000 злотых. Падзякаваўшы адзін аднаму, мы разышліся.

Цяпер я прыступіў да рэалізацыі маіх мэдычных заказаў. Найперш купіў пінцэты, скальпэлі, шоўк, кэтгут, ды іншыя мэдычныя рэчы. Да мяне ў гатэль увесь час званілі тэлефоны з рознымі прапановамі. Добрым дарадцам быў для мяне мой сябра, Беларус, Ч. Халяўка, які тады жыў у Варшаве ды стараўся мне дапамагчы. Між сваімі здабычамі я меў вельмі для нас каштоўныя лекі: 300 гр. кокаіны, 300 гр. марфіны й хініны, 100 бутэлек этэру й 100 бутэлек хляраформу — на пару сотняў апэрацыяў — тысячы таблетак сульфанамідаў, 10 кг. гіпсу.

Найцяжэй было дастаць дыфтэрытную сыраватку, бо яе трэба было або даставаць ад Немцаў, якія кантралявалі Варшаўскі Інстытут Сыраватак, або ад іх выкрадаць. Я ўжо дамовіўся з Палякамі, што дастану 50 мільёнаў адзінак гэтай сыраваткі, і паехаў яе забіраць, але яе перахапіў нехта іншы і я мог купіць толькі 2 мільёны адзінак.

Не зважаючы на розныя няўдачы, пры выезьдзе з Варшавы ў мяне сабралася 6 цяжкіх пачак, якія я ледзь мог падняць. Польскі рыкша адвёз мяне на станцыю ды памог пакласьці ў вагон. У руках трымаў добра апанаваны этар і хлёрэтыль, бо каб часам гэтыя бутэлькі разьбіліся, выбух ад аднае іскры мог-бы забіць і папаліць шмат людзей.

Каля Лукава ў цягніку пасвабаднела. Але мае думкі былі ўжо ў Берасьці — кантрольнай станцыі на Ўсход. Прыехалі мы на гэтую гранічную станцыю каля 2-й гадзіны ночы, і, аказалася, ніхто не адважыўся памагчы мне перанесьці мае рэчы, хоць я абяцаў заплаціць цыгарэтамі. Так і застаўся на плятформе бездапаможны. Аж тут ідуць два чыгуначнікі. Я ім перадаў па пачцы папяросаў і порцыю хлеба з просьбай памагчы ў пераносе майго багажу, і яны мне дапамаглі.

Мытнікі, пабачыўшы маю цяжкую ношу, аж засьмяяліся. Я аднак-жа тыцнуў ім пад нос мае нямецкія дакумэнты, якія сьцьвярджалі патрэбу пропуску «дэзінфэктараў» і «мэдыкамэнтаў» у акругу Беларусь. Мытнікі кожную рэч пераглядалі, нюхалі, бурчэлі «фэрботэн»[20], а ў душы ў мяне тымчасам бушавала бура. Я ня вытрываў, ды сказаў:

— Майнэ гэрэн![21] Вязу гэта ўсё я не для сябе, але для Акруговага Шпіталя ў Баранавічах! Там шалее эпідэмія тыфу, якая пагражае нямецкаму войску, і нямецкія ўлады загадалі нам змагацца зь ёю. І вось я тут і вязу, што можна, для барацьбы з гэтай эпідэміяй. Калі вы хочаце сканфіскаваць гэтыя лекі, дык прашу на кожны лек выставіць мне адпаведны сэртыфікат, што яго вы не прапусьцілі.

Немцы былі заскочаныя як бараны. Яны маўчалі, махалі толькі рукамі, ды адышлі з лаянкай. Я, пабачыўшы гэта, пачаў укладаць свае рэчы ў пачкі. Гэтак лекі ўдалося ўратаваць і я іх усе даставіў у баранавіцкі шпіталь.

Аднак сыраваткі супраць тыфу хапіла ледзь на колькі тыдняў. Ізноў бяда, ізноў нарада. У выніку яе др. Наумік едзе аж да Пазнаня, дзе на фікцыйныя дакумэнты дастае ды прывозіць да Баранавіч аж 6 мільёнаў адзінак сыраваткі. Гэтак эпідэмію ў Баранавіцкай акрузе мы прыглушылі.

Пасьля 7 месяцаў, шукаючы патрэбных лекаў, я ізноў наведаў Варшаву. Цяпер мы схітравалі: 50 000 нямецкіх марак перавёз нам Немец Франц, купец з Гамбургу. Пасьля ізноў былі камбінацыі зь Немцамі: рэдкія ды важныя лекі, як сыраватка, наркотыкі й падобнае, перавезьлі нямецкія купцы зь фірмы «Фон Анан», я-ж гэтым разам вёз толькі наркозу, дык «знаёмыя» мытнікі на граніцы, пазнаўшы мяне, толькі сьмяяліся.

Будучы ў Варшаве, я адведаў др. Шчорса, які тады быў старшынёй Беларускага Камітэту ў Варшаве ды адначасна асыстэнтам на хірургічным аддзеле нямецкага вайсковага шпіталю. Ад яго я даведаўся, што лік сяброў у Камітэце, не зважаючы на выезд шмат якіх на працу ў Беларусь, увесь час павялічваецца, і ў 1943 годзе даходзіў да 5000. У мяне тады паўстала думка: скуль гэта ў Варшаве гэткі беларускі зрух? Перад вайной там у Беларускім Камітэце было толькі 150 сяброў. Ці не налазяць у Камітэт правакатары й шпіёны, каб пад беларускай шыльдай гробіць Беларусаў? Я др. Шчорсу не казаў, што сытуацыя ў ягоным Камітэце выглядае мне вельмі падазрона ды што ў Баранавічах да маіх вушэй даходзілі чуткі пра выпадкі, калі з дакумэнтамі гэтага Камітэту ў Беларускую акругу прыяжджалі розныя правакатары тыпу Рымшы.

У Варшаве быў і кс. П. Татарыновіч, які ўцёк зь Беларусі. Ён спрабаваў у Варшаве адпраўляць каталіцкія службы для Беларусаў-каталікоў, але польскае падпольле загразіла яму карай сьмерці за беларускія казаньні. І гэта ў часе цяжкой трагедыі самога польскага народу, калі, пры падпольнай уладзе генэрала Бор-Камароўскага, ён Палякаў пхаў у трагэдыю паўстаньня.

Дык Палякі і ў часе вайны стараліся шкодзіць Беларусам як маглі: на нашых землях праз сваіх розных «фольксдойчаў», пры дапамозе сваіх перакладчыкаў пры Немцах, праз сваіх стаўленікаў у О.Т., ды праз сваё падпольле. Нават і ў сваёй сталіцы, дзе Беларусы нічым ім не маглі быць грознымі, яны ўсё-ж пагражалі сьмерцю беларускаму сьвятару за самую ягоную родную мову ў сьвятыні!

Ды ня ўсе перапужаліся. Марыянін, кс. В. Хамёнак, не спалохаўся пагрозаў і адпраўляў далей набажэнствы ў Варшаве для сваіх беларускіх суродзічаў, побач літургічнай мовы лацінскай, і ў мове беларускай.

Калі я ехаў назад да Баранавіч, ад Седльцаў да Берасьця ў адкосе ляжаў толькі адзін цягнік і адзін паравоз з прычэпкай. Ад Бугу-ж да Баранавіч налічыў я толькі па правым боку 12 паравозаў з колькімі вагонамі. Гэта значыла, што Палякі няшмат перашкаджалі Немцам перакідаць свае арміі ды зброю пад Сталінград, Маскву, Калінін. Дык бальшавіцкая партызанка ў Беларусі куды актыўней дэзарганізавала нямецкі транспарт, хоць тут што тры кілямэтры стаяў пры зялезьніцы абвалаваны бункер, а ў ім сядзела 35 чалавек нямецкай аховы. Быў гэта трэці, Гітлерам зусім непрадбачаны фронт.

У БАРАНАВІЦКІМ ШПІТАЛІ

Марозны вечар кастрычніка 1942 году. Я, як старшы дзяжурны, раблю вячорны абход. Раптам чую грукат грузавой машыны ды енкі людзей. Пад дзьверы шпіталя пад'ехаў нямецкі грузавік і Немцы сталі ўводзіць ды ўносіць хворых проста ў залю: усе былі параненыя і ўсе Жыды. Прывёз іх кіраўнік нямецкай рабочай кампаніі ТОД. Екалі яны вечарам з працы ваганеткай, на якой ляжала й рознае зялезьзе, наехалі на міну ды паляцелі ў адкос.

У аднаго паламаная нага, у другога рука, у трэцяга рэбры, у чацьвёртага толькі палец, тры-ж апошнія толькі пакантужаныя. Усе былі брудныя, абдзёртыя, галодныя ды перамёрзлыя. Прывёз іх Немец ды прасіў лячыць на кошт ТОД. Я што мог, тое даў хворым: іх абмылі, накармілі, зрабілі перавязкі, цяжка пашкоджаным далі ўколы ад болю. Нехта даў ім нават закурыць. Ляжаць яны й цешацца.

— Ну і скуль пан прыехаў? І гаворыце вы ня гэтак, як у нас. А я баранавіцкі бляхар. Уй, як у вас тут добра!.. — хоць, дзеля недахопу ложкаў, палавіна іх ляжала на падлозе.

Назаўтра раніцай хірургі ўзялі хворых у сваю апеку.

Але вось, каля гадзіны 11-й, урываецца на залю афіцэр СС ды грозна накідаецца на мяне:

— Чаму вы прынялі Жыдоў у шпіталь і далі ім дапамогу? Вы павінны ведаць, што Фюрэр забараняе даваць Жыдам якую-колечы дапамогу!

— Прыняў я іх на просьбу Немца з ТОД, бо яны патрабавалі лекарскай дапамогі, а ў нямецкіх пшіталях ім ня было месца.

Немец дзіка зірнуў на мяне ды гаркнуў:

— Колькі іх тут?

— Сем, — адказваю.

— Я хачу бачыць, як яны параненыя…

Я павёў афіцэра ў залю, дае ляжалі Жыды. Ад'ютант афіцэра загадаў Жыдам стаць на зважай. Усе паўскаквалі на ногі, толькі той, што меў паламаную нагу, змог толькі падняцца й сесьці ў ложку.

— Я хачу ведаць, як яны пашкоджаныя ды колькі часу трэба на лячэньне, — запатрабаваў Немец.

— Вось гэты мае пераламаную нагу, няздольны да працы тры месяцы, — інфармаваў я, а ад'ютант запісваў. — Гэты з рукой — два з паловай месяцы, гэты — два месяцы, а той з пальцам — шэсьць тыдняў.

— Генуг![22] — закрычаў Немец, ды яшчэ раз прыгразіў мне пальцам, каб я больш ніколі не асьмеліўся перахоўваць у шпіталі Жыдоў.

Гадзіну пазьней прыехалі нямецкія аўтамашыны ды Жыдоў пазабіралі. Назаўтра мы даведаліся, што трох цяжка калечаных СС замардавала, чатырох-жа іншых паслалі назад у рабочыя каманды.

У першыя дні лістапада ў шпіталь прыбылі два пацыенты з пастрэльнымі ранамі: адзін старэйшы меў пераламаную куляй руку, другі-ж, хлапец гадоў 14, прастрэленую нагу. Гэтыя пакалечаныя зацікавілі ня толькі шпітальны пэрсанал, але й шырокія колы грамадзтва, бо параненыя яны былі ў той перастрэлцы нямецкіх «паляўнічых» з партызанамі, у якой загінуў заступнік Генэральнага Камісара Беларусі, а трох нямецкіх гасьцей з Остміністэрства Бэрліне было ладна напалоханых.

Ранены селянін, відаць напалоханы таксама, не сказаў мне ні слова, а з хлапчуком я разгаварыўся й ён мне расказаў:

— Нас раніцай узялі ў падводы. Было нас 9 падводаў.

— А колькі-ж было Немцаў? — пытаюся.

— Немцаў было чатыры й трыццаць паліцыянтаў. Паехалі мы ў лес за Сліняўку.

— А што тады?

— Немцы трубілі, палявалі, стралялі, прыносілі зайцоў, барсукоў, забілі нават адну лісіцу, а мы з паліцыянтамі ўвесь дзень з заду за імі езьдзілі з аднаго месца ў другое.

— А дзе-ж была перастрэлка?

— Як ехалі дамоў, на зьмярканьні. Адзін з нашых заўважыў партызанаў, як яны здалёку перабягалі, і кажа Немцу: «Там перабягаюць партызаны, глядзі, пан!» Немец нешта гаркнуў і мы ехалі далей. Калі ўехалі паміж двух гарбкоў, раптам партызаны закрычалі: «Рукі ўверх!» — ды пачалі па нас страляць. Коні спудзіліся, сталі кідацца ў бакі ды падаць. Паліцыя адкрыла агонь, аж вушы лопалі. Мы-ж паўскаквалі ў равы й хаваліся, як толькі мага. Мне нешта так моцна ўдарыла па назе, што я ня мог зварухнуцца ад болю.

— А што рабілі Немцы? — пытаюся.

— Павыскаквалі ў равы й стралялі. Толькі той, што быў ранены, зваліўся на дарогу ды равеў, як бык, аж пакуль не памёр. Коні паразьбягаліся, або біліся недабітыя й хрыпелі… Я ад болю больш нічога ня мог сьцяміць… Казалі толькі, што нашая паліцыя пайшла ў атаку й партызаны паўцякалі.

Вось гэтым адзіным сьмяротна раненым Немцам і быў заступнік генэральнага камісара Кубэ. Дык Немцы ня ведалі, што ў лесе за Сіляўкай сядзяць ня толькі зайцы й барсукі, але й яшчэ нехта. А нават калі Беларус ім пальцам тыркаў, што вось там партызаны, яны не зважалі, хоць на іх палявалі, як на кабаноў.

Гэтым здарэньнем нямецкая ўлада была моцна скампраметаваная. Цела забітага забралі цішком, бязь ніякіх гонараў, у Нямеччыну. Ніякіх рэпрэсыяў жыхарства ня было. Людзі адзін аднаму шапталі: «Так яму й трэба. Няхай пілнуе сваёй справы!»

У палове лютага 1943 году, пасьля доўгага роздуму, ды дыскусіяў пра ход ваенных падзеяў, у партызаны пайшла масквічанка др. Гарбулёва, а за ёй яшчэ адна лекарка-рэнтгеналёг.

У далейшым выявілася, што Баранавіцкі шпіталь быў адным з камуністычных асяродкаў. Сталася гэта таму, што ў імя лекарскай салідарнасьці й апалітычнасьці на працу папрымалі, бязь віннай праверкі, шмат Расейцаў. Вось колькі прыкладаў:

Зрусыфікаваны Армянін Ібрагім, хоць меў жонку ў Саветах, закахаўся ў маладую Армянку, што працавала ў нас памочніцай сястры, ды хацеў зь ёй жаніцца. Ён быў нахабным у дачыненьні да сваёй зямлячкі й нагаварываў яе да ўцёкаў у лес. Др. Наумік звольніў няўдачнага аманта з працы, бо той пачаў гразіць дзяўчыне нават нажом.

Пасьля гэтага наш Ібрагім прапаў на два дні. Калі вярнуўся, дык пачаў рупна скупліваць гадзіньнікі, купіў іх зь пяць, а пасьля пачаў таргаваць у Італьянца й браўнінг. Яго ўжо сачылі. Вечарам, калі Ібрагім уцякаў у лес, яго паліцыя нагнала й арыштавала. Ён прызнаўся, што супрацоўнічаў з партызанамі, і яго, беднага, расстралялі.

Калі быў на дзяжурстве у шпіталі, я сьцьвердзіў, што старэйшая акушэрка вечарамі самавольна сходзе з дзяжурства, пакідае хворых без апекі. Аднойчы я зьвярнуў ёй на гэта ўвагу. Яна нейк непрапарцыянальна да выпадку, «страшэнна» абурылася, і наагул уцякла з працы. Справа гэтая разглядалася пазьней у Аддзеле Здароўя, але бурмістр Сабалеўскі знайшоў патрэбным пусьціць гэтую справу ў няпамяць. Так акушэркі Р. і ня прыгналі да працы. Яна спачатку адпачыла сабе добра ў хаце, пасьля-ж пару тыдняў сабрала свае лахі ды паехала ў лес да партызанаў, скуль прысылала мне няпрыстойныя слоўцы, спадару-ж Сабалеўскаму мілыя прывітаньні.

Аднойчы ў красавіку прывозе паліцыя ў шпіталь дужэзнага Расейца, гадоў пад 30, з параненай левай нагой. Пасьля нарадаў, др. Наумік ампутаваў нагу ніжэй калена. Быў гэта савецкі партызан Сьмірноў, які быццам знаходзіўся ў нямецкай выведцы. Вёў ён сябе вельмі акуратна, і калі нага загаілася, ды дастаў пратэзу, дык выказаў ахвоту працаваць у шпіталі прыдзьверным. Ягоную просьбу мы споўнілі.

Гэтым-жа часам мы заўважылі, што на хірургічным аддзеле пачалі гінуць розныя лекі, перш за ўсё марфіна й какаіна. Падазрэньне пала на малодшую сястру, саветку С. Узялі яе на абсэрвацыю, ці яна часам не какаіністка. Раз, калі ішоў я на дзяжурства, заўважыў, як Сьмірноў выносіў у посьцілцы вязку адзежы. Мне здавалася, што ён адсылае бялізну ў пральню. А чаму чорным ходам, гэтым я нейк не зацікавіўся. Пасьля на змроку сястра С. плакала перада мной і расказвала аб сваёй горкай долі. Я даваў ёй парады, падбадзёрваў на духу. У часе нашае гутаркі, яна, папрасіўшы мяне пачакаць, выйшла нібы да хворых.

Вярнуўшыся, ізноў плакала нясунімна, прасіла ў мяне нейкай апекі для маткі й сястры малодшай, ды ў канцы запыталася:

— А што Немцы зрабілі-б з маёй маткай і сястрой, калі-б я была ў партызанах?

Я быў зьдзіўлены гэткім пытаньнем, але адказаў спакойна:

— Немцы не бальшавікі, яны сям'і за зьбеглага не чапаюць. Але скуль у вас гэткае недарэчнае пытаньне: вы былі камсамолкай, працавалі ў акупаванай Немцамі зоне. У выпадку чаго камуністы й так вам не даруюць. Нам усім дарога толькі на захад.

Сястра С. залілася сьлязьмі.

— Ах, як трудна мне! Дайце мне вады!

Я падаў вады. Сястра С. устала, абцерла сьлёзы, і кажа:

— Дасьвіданіе, доктар!.. Я буду на хірургічэскім… — і хутка выйшла.

Я падумаў, што нешчасьлівую дзяўчыну нагаворваюць ісьці ў партызаны. Хутка пачало цямнець. Тры жанчыны, што наведвалі хворых, не маглі знайсьці сваіх хутраў. Прыдзьвернага-ж Сьмірнова ня было й повіду: уцёк, падлюга, зь сястрой С. у партызаны, захапіўшы тры хутры ды скрутак бруднае шпітальнае бялізны. Тады мы толькі зьмяркавалі, хто й чаму выкрадаў нашыя лекі.

У гэты самы вечар другая сястра, родам зь Ленінграду проста мяне спыталася:

— Вы, дорогой доктар, прыслалі меня сюда. Теперь посоветуйте, что делать: наговарывают в партізаны, а ў меня двое маленькіх детей?

Яна засталася ў шпіталі да канца, таксама як і наш канюх Валодзя, які яшчэ ў 1942 годзе ўцёк з партызанаў.

У Мэдычнай Школе быў загадчык гаспадаркай Б. Вось у красавіку ён раптам зьнік аж на два тыдні. У гэтым-жа часе прапала з канцылярыі пішучая машынка. У школе пачаліся непаладкі: дровы ня прывезеныя, клязэты не ачышчаныя, панадворак засьмечаны, а яго няма. Урэшце прыходзіць, абсіверыўшы.

— Дзе быў? — пытаюся.

— У гасьцёх, спадар доктар, ды крыху прастудзіўся, кашляў…

— Каб гэта было апошні раз, што без дазволу пакідаеце працу! — сказаў я станоўча.

— Добра, спадар доктар, але й жонка мая хворая, ляжыць у ложку. Можа будзеце ласкавы наведаць яе?

— Добра, толькі хутка бярыцеся за працу.

Вечарам наведаў жонку. Была лёгка хворая, і магла-б прыйсьці на агледзіны й у шпіталь. Я яшчэ ня скончыў пісаць рэцэпту, як на стале зьявілася выпіўка й закуска. Я прынцыпова ніколі не сядаў за стол у хворых, ды гэты тып пачаў мяне цікавіць, бо й вучні мне даносілі, што ён лішне цікавіцца ўсім, што дзеіцца ў школе на лекцыях. На вечарынках-жа й акадэміях дык ён заўсёды першы.

— Сядайце, сядайце, спадар доктар! Вось вып'ем ды закусім квашанінкай.

Мы селі, пасілкаваліся.

— Ведаеце, спадар доктар, вас усе людзі любяць. Вы інакшы, як Русак і Сабалеўскі, вы так бароніце моладзь перад Немцамі. Баўдзей і Русак адаслалі сваіх жонак у Польшчу, але вы сваёй не адаслалі. Вам няма чаго баяцца, і адступаць ня трэба. Мы вас абаронім.

Я зірнуў на яго з усьмешкай ды кажу:

— Ніхто мяне не ўгаворыць заставацца ды гібнуць у бальшавікоў. Калі прыйдзецца адступаць, дык вы, застаўшыся, не абароніце й самі сябе.

— О, не, мы ўсе будзем трымаць адзін за аднаго.

— Перастань ты, Раман, — адазвалася жонка, — хто там будзе адступаць!

— Усяк бывае… Бывайце здаровыя!

— Бывайце й не наракайце, спадар доктар, што вас турбавалі.

Я лёгка мог пацягнуць гэтага наіўнага палітагента за язык, ды запытацца, куды ён хадзіў, як прапала наша пішучая машынка, чаму запаліўся склад дроваў у яго суседзтве, і г. д. Ды на што было мне яго чапаць: хай будзе, якім ёсьць, а яго й так «ашчадзяць» самі маскоўскія камуністы. Пару тыдняў пазьней мой субяседнік, ды й яшчэ колькі, пайшлі ў партызаны.

У Слоніме Немцы з самага пачатку вялі сябе вельмі напышліва, горда, яны азьвярэла кідаліся як супроць партызанаў, так і супроць нашых сялянаў ды інтэлігенцыі. Таму пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам, на Ўкраіне й на Крыме, там 75 % беларускай інтэлігенцыі пайшло зь сем'ямі ў партызанскую зону.

Мелі мы таксама й ахвяры. Пасьля калядных канікулаў 17-ці гадовы малец Р. не вярнуўся ў школу. Нас паведамілі, што яго сілком забралі ў партызаны. За пару тыдняў ён аднак-жа зьявіўся. Усе ўсьцешыліся, бо быў прыкладным вучнем ды бойкім на сцэне танцорам. На Вялікдзень ён паехаў да хаты. Там бандыты яго ізноў злавілі ды на сваім панадворку, перад бацькамі, расстралялі. Усе дзеці плакалі, калі мы ў яго гонар зладзілі жалобную акадэмію. Пухам хай будзе родная зямля для гэтай нявіннай ахвяры азьвярэлых катаў.

А БЕЛАРУСКАЯ ПРАЦА ІДЗЕ

Сёньня мо гэта й выглядае на парадокс: Немцам ня служыць шчасьце на ўсіх франтах, на землях Беларусі нарастае, Немцамі выкліканая, а бальшавікамі сарганізаваная й кіраваная партызанка, а гэтым самым часам беларуская нацыянальная праца разьвіваецца. Калі хто, дык якраз беларускія патрыёты добра выкарысталі цяжкое палажэньне Нямеччыны не каб біць па нямецкіх тылох, што рабіла савецкая дывэрсія, але каб мацаваць свае рады, каб выхапіць ад Немцаў большыя нацыянальна-культурныя, адміністрацыйныя, вайсковыя, палітычныя, а нават і дзяржаўныя канцэсіі.

Мы тады добра разумелі, што ў дадзеных гістарычных абставінах адкрыты супраціў новаму акупанту не прынясе ніякіх здабыткаў, але яшчэ большыя для народу страты, давядзе да вынішчэньня й тае нацыянальнае інтэлігенцыі, што яшчэ засталася пасьля масавых бальшавіцкіх арыштаў, дэпартацыяў, расстрэлаў. Толькі праз нашае ўмацаваньне можна было спадзявацца, што будзе магчымасьць змусіць да тых ці іншых уступак нашых старых ворагаў, бальшавікоў ды Палякаў і тады, калі Нямеччына падзе. Мы лічылі, што й Аліянты могуць нас падтрымаць толькі тады, калі мы самі будзем лепш падрыхтаваныя да самастойнага жыцьця.

І вось, у цяжкім для Немцаў 1943 годзе зь нявіннай Беларускай Самааховы вырасьлі моцныя парасткі дзяржаўніцкай пабудовы. Паўсталі Паліцыйныя й вайсковыя Афіцэрскія й Падафіцэрскія Школы, заснаваліся батальёны Беларускай Самааховы — пачаткі беларускай нацыянальнай арміі. Адміністрацыя, школьніцтва й судаўніцтва, як правіла, было ў беларускіх руках. Пры нямецкіх кантрольных ворганах пастаўленыя былі беларускія «мужы даверу». Добра разьвіваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), у радох якога былі тысячы юнакоў і юначак зь інструктарскай школай у Альбэртыне. Была апавешчаная аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай Царквы, а Каталіцкі Касьцёл быў змушаны да беларусізацыі. Немцы спынілі хапанні моладзі ды вываз яе зь Беларусі, былі змушаныя даць магчымасьці для разьвіцьця беларускай культуры й асьветы ў масавых Дамох Культуры, у арганізацыі прафэсійных тэатраў, хораў, аркестраў. Дзейным было ўжо Беларускае Навуковае Таварыства, праводзілася аграрная рэформа, мацавалася Ахова Здароўя.

У гэтай нацыянальнай працы Баранавіцкая акруга была бадай у першых радох. Таму тут і былі найменшыя й гаспадарчыя, і людзкія страты. Нават пасьля канчатковай паразы Нямеччыны бальшавікі ў сваіх дутых лікавых паказьніках матэрыяльных і людзкіх стратаў Беларусі, у Баранавіцкай акрузе не знайшлі нічога годнага ўвагі для свае прапаганды.

Тут, у месьце Баранавічах, як і ўва ўсёй акрузе, пасьпяхова праводзілася нацыянальная праца ўва ўсіх дзялянках грамадзкага жыцьця, не зважаючы на нясупынныя атакі варожага падпольля ды розныя перашкоды з боку Немцаў. І гэтае падпольле ў жаху трымалі найперш беларускія збройныя сілы: паліцыя, самаахова, аддзелы СС, служба бясьпекі.

Калі ў часе акцыі супроць партызанскіх бандаў у раёне Налібоцкае пушчы нямецкія самалёты збамбардавалі некаторыя вёскі каля Ляхавіч ды Лунінца, дзе ішла баявая апэрацыя, нашыя прадстаўнікі пры нямецкіх урадах СД, гэбітскамісарыяту, зондэрфюрэраў ды Абвэру моцна запратэставалі супроць нішчаньня тых вёсак, што былі ў партызанскіх раёнах. Яны выясьнялі, што беларускае жыхарства гэтых вёсак было толькі ахвярай бальшавіцкай, Масквой арганізаванай дывэрсіі, і што падобныя неразважныя дзеяньні Немцаў служаць толькі бальшавіком, якія таго толькі й чакаюць, каб жорсткімі несправядлівымі масавымі рэпрэсіямі Немцы заганялі Беларусаў у іхную партызаншчыну. Інтэрвэнцыя мела свой вынік: Немцы ў далейшым у баявых акцыях з партызанамі мірнага жыхарства не чапалі за тое толькі, што яно апынулася ў партызанскай зоне. Дык тут спальваньне вёсак і мардаваньне людзей спынілася.

Баранавічы наведалі з канцэртамі слаўныя салісты зь Менску ды іншых мясцоў, як М. Забэйда-Суміцкі, сьпевакі Лыскавец, Вастокаў, ды іншыя. Прыяжджаў сюды на гастролі й Менскі Тэатр. Прыкрая ды небясьпечная сытуацыя паўстала, калі менскія артысты, пасьля выступаў у Баранавічах, падаліся ў Слонім, ды там некаторыя захісталіся пад наскокам савецкае падпольшчыны. Нямецкі вывед вынюхаў гэтыя кантакты ды арыштаваў сьпявачку Лыскавец ды некаторых іншых. На інтэрвэнцыю беларускіх актывістаў у СД Лыскавец была выпушчаная, але некаторыя савецкія агенты, што працавалі ў Немцаў у Слоніме пры гэтай нагодзе былі раскрытыя ды арыштаваныя. Сярод іх быў і паэта Сяргей Пяюн. Захадамі Русака ды Папуцэвіча з арышту быў тады звольнены і С. Зіняк, або С. Хмара, які цяпер на эміграцыі выдае пашквіль на Беларусаў, газэціну «Беларускі голас».

З галіны посьпехаў сярэдняга школьніцтва ў Баранавічах апішу тут першы выпуск, у канцы студзеня 1943 году, абсальвэнтаў Мэдычнае Школы. На 31 вучаніцу да экзаменаў было дапушчана 30, з чаго 29 атрымала заслужаныя дыплёмы. Экзамены адбываліся гэткім спосабам: кожная кандыдатка выцягвала картку з трыма асноўнымі пытаньнямі. Пасьля прачытаньня іх ды хвіліны роздуму, на гэтыя пытаньні яна адказвала перад экзаменацыйнай камісіяй, у якую ўходзілі 2 лекары, адна мэдсястра й нямецкая «обэршвэстэр»[23]. Экзамен адбываўся ў беларускай мове.

На ўрачыстасьць уручэньня дыплёмаў прыбыў нават др. Крайноў зь Менску. Выпускны баль у школе быў вялікай падзеяй места, на яго прыйшло шмат старэйшай і малодшай беларускай інтэлігенцыі. Падобныя выпускі абсальвэнтаў адбыліся й у Гандлёвай ды Адміністрацыйнай Школах Баранавіч, на Матуральных Курсах, а таксама ў сярэдніх школах Нясьвіжа, Наваградку, Стоўпцаў.

ПАКЛІКАНЬНЕ ЦЭНТРАЛЬНАЕ РАДЫ

У 1943 годзе з Бранска да Баранавіч прыехаў Радаслаў Астроўскі ды затрымаўся ў свайго зяця др. М. Мінькевіча, які пасьля ўпадку др. Лукашэні стаўся акруговым лекарам на Баранавіцкую акругу. Я даволі часта сустракаўся тады з Астроўскім ці ў Баўдзея, ці ў др. Вэнжыка, ці ў А. Русака, які гэтым часам падмяніў Юрага Сабалеўскага на становішчы бурмістра Баранавіч. Пад чарку ці раз мы абмяркоўвалі нашую беларускую сытуацыю, разважалі, што рабіць. Усім было ясна, што Немцы не разумеюць славянскае псыхалёгіі, што да Славянаў усіх яны падыходзяць з сваёй нямецкай меркай «ібэрмэншаў».

У міжчасе ў Менску савецкім падпольлем быў забіты генэральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ. Спачатку пасьля забойства Кубэ Немцы спрабавалі ізноў свой германскі мэтад, заснаваны на веры, што самым тэрорам ды страхам можна супакоіць іншыя народы. За сьмерць Кубэ яны загадалі павесіць у Менску ды іншых местах ня менш 200 чалавек, падазроных у сувязі з партызанамі. Менск быў завешаны схопленымі, віннымі й нявіннымі, ахвярамі, кожны з таблічкай пра вялікія быццам яго злачынствы. У Баранавічах была таксама праведзеная вялікая акцыя арыштаў. Каля 150 чалавек тады загналі ў Калдычаўскі лягер без аніякае іх сувязі з забойствам Кубэ. Нашым прадстаўніком у СД удалося вырваць адтуль 50 чалавек. Іншыя былі высланыя ў канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.

Пасьля сьмерці Кубэ на галоўнага камісара Беларусі Гітлер паставіў генэрала СС у Менску фон Готбэрга. Усе чакалі, што цяпер настане жудасная пара нямецкага тэрору, у чым, як ведама, нямецкія гестапаўцы й СД не адставалі ад бальшавіцкага Чэка, ГПУ, НКВД. Ды да гэтага не дайшло, Гітлер вызначыў фон Готбэрга камісарам Беларусі відавочна таму, што ён, як галава СД у Беларусі, найлепш знаў мясцовае палажэньне, усьведамляў увесь сплёт дзейнасьці розных, варожых Немцам, сілаў. Гэтым часам Гітлер, ходам ваенных падзеяў, быў змушаны ўжо зрачыся свайго народагубнага пляну зь 17 ліпеня 1941 году, паводле якога Беларусь, разам з Прыбалтыкай, мела стацца «жыцьцёвай прасторай» Немцаў, а мясцовае жыхарства мела быць пераселенае недзе аж за Маскву.

Беларускую прастору цяпер Гітлер трактаваў толькі як памост на Ўсход ды месца, дзе меў быць дадзены «ўзорны» паказ нямецкай «новай нацыянальнай палітыкі». У гэтым часе Гітлер выдаў загад усім штабам усіх арміяў на ўсходзе ў ніякім выпадку не адступаць з тэрыторыі Беларусі, бараніць яе гэтак, як і тэрыторыю Райху. Мела, пэўне-ж, тут сваё значаньне й тое, што непадалёк, у Балтыйскім моры, знаходзіліся нямецкія базы падводных лодак, ды што ў нямецкай Прыбалтыцы дзень і ноч працавалі засакрэчаныя хвабрыкі ракетнай й ядровай зброі.

Вось галоўныя прычыны таго, што Готбэрг, як генэральны камісар Беларусі, быў больш уступлівым беларускім нацыянальным патрэбам. Ды й цяпер Немцы сваёй антыславянскай псыхалёгіі зьмяніць не маглі. Яны нават ня верылі ў антыбальшавіцкасьць беларускага вызвольнага руху, усюды падазравалі змову супроць іхных інтарэсаў. Не зважаючы на цяжкія паразы, усьцяж заставаліся ў засьляпленьні свае расавае «вышэйшасьці».

У палове сьнежня 1943 году, у будынку гэбітскамісарыяту ў Баранавічах, адбыўся сход беларускіх дзеячаў у ліку 45 чалавек. Сярод іх быў і Радаслаў Астроўскі. На гэтым сходзе быў і я, ды меў магчымасьць назіраць прапаганду нямецкае палітыкі «пратэкцыі» Беларусаў. Акруговы камісар Вэрнэр заклікаў Беларусаў да супрацоўніцтва зь Немцамі, якія вызвалілі Беларусь ды ўсімі сіламі яе цяпер бароняць на фроньце ад варожых атакаў. Ён асьветчыў, што Фюрэр цэніць наш народ ды гатовы даць і дзяржаўныя канцэсіі, калі толькі Беларусы будуць дапамагаць у змаганьні з бальшавізмам.

Хоць ужо кс. В. Гадлеўскі станоўча адмовіўся ад беззасьцярэжнага супрацоўніцтва зь Немцамі, прысутныя прапагандыстыя з табару Акінчыца — Гарбуноў, Бядрыцкі, Шпак, ды іншыя — выступалі цяпер з рабскімі прамовамі, заклікалі Беларусаў стаяць цьвёрда пры Немцах, быць ім паслухмянымі, бо інакш мы загубім свой народ. Ужо на эміграцыі, з бальшавіцкіх публікацыяў, я даведаўся, што Бядрыцкі з сваёй хэўрай, у мэмарыяле на нямецкі заказ, дамагаўся крывавай расправы зь беларускімі патрыётамі, якія, будучы безнадзейнымі «дэмакратамі» ды тайнымі супрацоўнікамі Аліянтаў, служаць не справе нямецкай перамогі, але працуюць для нямецкае загубы.

Выглядае, што Немцы ацэньвалі тады палажэньне ўсё-ж больш рэалістычна, бо ня далі послуху рабскім салаўіным трэлям Акінчыцавых вучняў. З прамовай выступіў Р. Астроўскі. Ён не пагаджаўся з прапагандыстамі Акінчыца. У сваім выступленьні Астроўскі даводзіў, што беларускі народ ня верыць Немцам, хоць і ўскладаў на іх вялікія надзеі, бо Немцы й дасюль не далі згоды на адміністрацыйна-дзяржаўныя формы самакіраваньня. Цяпер, у пару вельмі крытычную, калі й Масква, і Аліянты намагаюцца зламаць Нямеччыну, час урэшце даць беларускаму народу канцэсіі ў галіне яго дзяржаўнага самакіраўніцтва.

Пасьля Астроўскага выступалі й іншыя прамоўцы. Усе яны падмацоўвалі пагляд Астроўскага. Я асабіста быў супроць бліжэйшага супрацоўніцтва зь Немцамі.

Дзён колькі пазьней сустрэў я свайго сябру В. П., які мне перадаў, што СД па ўсіх сваіх установах у Беларусі зьбірае апінію[24] пра Р. Астроўскага.

— А ці ты ведаеш пра сход Беларусаў у акруговага камісара? — спытаўся я.

— Ведаю, але ня ў дэталях. Што-ж там было?

— Былі там цікавыя гутаркі. Немцы загаманілі аб канечнасьці палітычнага супрацоўніцтва Беларусаў зь Немцамі.

— Дык можа яны хочуць абаперціся на Астроўскага?

— Цяжка сказаць. Астроўскі якраз крытыкаваў Немцаў. А што ты напісаў?

— Я таксама быў зьбянтэжаны, думаў, што Немцы хочуць яго пакрыўдзіць ды абаперціся на бядрыцкіх. Таму схарактарызаваў яго як здольнага, з багатым мінулым, чалавека.

Тыдзень пазьней, 21 сьнежня, на выклік галоўнага камісара фон Готбэрга, да Менску зьехалася каля 200 беларускіх дзеячаў зь Беларускае Акругі. Фон Готбэрг увайшоў у залю ў асысьце Ю. Сабалеўскага ды Р. Астроўскага. Зайграла аркестра Беларускага Тэатру ў Менску пад кіраўніцтвам М. Шчаглова, усе ўсталі, паднялі правыя рукі. На трыбуну ўзышоў фон Готбэрг. Ёй коратка гаварыў аб цяжкім змаганьні нямецкага жаўнера на фронце, пасьля ўспомніў пра жудаснае палажэньне беларускага народу пад камуністычнай тыраніяй, і ўрэшце заявіў, што Немцы хочуць палепшыць долю беларускага народу. Як падала 25 сьнежня 1943 году «Баранавіцкая газэта», фон Готбэрг пасьля гэтага заявіў:

«Я наважыўся даць Радзе Даверу жывую форму, пераканстытуаваць яе ў Беларускую Цэнтральную Раду. Яна згуртуе ў сабе найдастайнейшых, найзаслужнейшых і найздольнейшых прадстаўнікоў беларускага народу. Як ейнага прэзыдэнта я вызначыў на прапанову прадстаўнікоў Беларусаў сп. дырэктара Р. Астроўскага. Маю цяпер гонар, мае спадары, прадстаўнікі беларускага народу, абвесьціць вам мною ўстаноўлены статут Беларускай Цэнтральнай Рады:

1. БЦР зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду.

2. БЦР мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму й прычыніцца гэтым да канчатковага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня.

3. БЦР мае права й абавязак складаць дзеля гэтага нямецкаму кіраўніцтву ўсе неабходныя й адпаведныя прапановы. У межах пастаўленых ёй заданьняў яна будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага й школьнага жыцьця. Беларускім арганізацыям і згуртаваньням яна мае права даваць дырэктывы.

4. На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, які вызначаецца й адклікаецца Генэральным Камісарам. Іншых сяброў вызначае Галоўны Камісар на прапанову Прэзыдэнта.

5. Статут БЦР набірае моцы адразу.

Генэрал СС фон Готбэрг».

З зьместу статуту БЦР ня вынікала, што былі прызнаныя ўжо нейкія формы беларускае дзяржаўнасьці, бо канчатковая ўставадаўчая й выканаўчая ўлада заставалася й далей у нямецкіх руках. Ды некаторыя элемэнты аўтаноміі дзяржаўнага характару былі ўсё-ж Статутам ужо прызнаныя.

Галоўнае заданьне — мабілізаваць жыхарства на барацьбу за вызваленьне беларускага народу, тэарэтычна давала магчымасьць стварэньня беларускай збройнай сілы. Пры дапамозе-ж яе лягчэй, пры ўсякіх умовах, бараніць ды разбудоўваць сваю дзяржаўнасьць. Вось чаму Беларусы дружна тады падтрымалі БЦР і Астроўскага, бо бачылі, што ў дадзеных гістарычных абставінах гэткае становішча з гледзішча палітычна-нацыянальнага правільнае.

На загад Прэзыдэнта БЦР зь 10 сакавіка 1944 году адбылася мабілізацыя колькіх гадавікоў у рады Беларускае Краёвае Абароны (БКА), у выніку якое было сабрана да 100 тысячаў жаўнераў і афіцэраў. Зь іх было створана 80 батальёнаў па 1200 чалавек у сярэднім. Быў адначасна створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт Абароны, як галоўны ворган для каардынацыі спраў беларускага войска. Паводле дамоўленасьці зь Немцамі, абмундзіроўка, узбраеньне й харчаваньне войска мела быць забясьпечанае імі, паколькі яны ў ваенным часе кантралявалі ўсю эканоміку краю.

Як хутка выявілася, насуперак дамоўленасьці, нямецкія ўлады выдзялялі для змабілізаванага беларускага войска адно некаторы кантынгент харчоў ды выдалі па колькі сотняў на батальён устарэлых савецкіх стрэльбаў з абмежанай колькасьцю амуніцыі для самаабароны ў выпадку партызанскага нападу. А пасьля пачалася валакіта ў Бэрліне ў нямецкім галоўным штабе, што ім рабіць, — даць ці ня даць зброю Беларусам? Гэта-ж 100 тысячная армія, добра ўзброеная, у гэтым важным стратэгічна краі, дамовіўшыся з Аліянтамі, можа лёгка перарэзаць Немцам дарогу на фронт і з фронту. А ў гэтым якраз часе, пасьля Тэгэранскае дамовы Аліянтаў з Саветамі, рыхтаваліся ўжо англа-амэрыканскія высадкі ў Францыі й Італіі.

У гэткіх абставінах Немцы пастанавілі пакульшто не рызыкаваць, але чакаць што будзе. І так, за чатыры месяцы часу, аж да свайго адыходу з тэрыторыі Беларусі, Немцы не далі нашаму войску ні зброі, ні вайсковага выснашчэньня. Беларускія батальёны, бяз зброі няздольныя да нейкае баявое дзейнасьці, губілі сваю маральную баяздольнасьць і пачалі «таяць» — жаўнеры сталі паціху разыходзіцца да сваіх сем'яў, дзе часта апыналіся ў вялікай небясьпецы ад нарастаючай бальшавіцкай партызаншчыны. Масавую «адлучку» з батальёнаў БКА ў гэткіх абставінах даводзілася талераваць, за дэзэрцыю нікога не каралі, хіба меў сувязь з партызанскімі бандамі.

Не зважаючы на свае абмежаваныя магчымасьці, БЦР усё-такі разглядалася Немцамі, як «дзяржаўнае» прадстаўніцтва беларускага народу. Нямецкі тэрор, які ў 1943 годзе дасягнуў вялікіх памераў, цяпер відавочна памялеў, Беларусам было нават дзіўна, што Жамойцам і Латышом, якія спадзяваліся таксама здабыць прызнаньне асноваў дзяржаўнасьці, Немцы нічога ня далі, сарганізаваныя-ж бязь іх ведама ўстановы яны разьвязалі. Падобна было й у дачыненьні да Ўкраінцаў: хоць ім дазволілі стварыць дывізію СС, ды Бандэру арыштавалі й трымалі ў канцэнтрацыйным лягеры.

На сваю сядзібу БЦР у Менску заняла будынак былое Ленінскае бібліятэкі, што стаяў побач генэральнага камісар'яту. Гэта быў прасторны мадэрны будынак, у якім увесь час стаяла беларуская ахова, якая аглядала з ног да галавы кожнага наведвальніка, каб гэтак забясьпечыцца ад спробаў варожае дывэрсіі. Нават нямецкія супрацоўнікі й самыя Немцы мусілі аддаваць ахове сваю зброю пры ўваходзе ў будынак.

Калі вясною 1944 году прэзыдэнт БЦР Астроўскі наведваў Баранавічы, яго сустракала беларуска-нямецкая калёна з танкамі, ганаровымі самаходамі, шпалерамі народу ўздоўж трасы праезду з нацыянальнымі сьцягамі ды музыкай, як запраўднага прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы.

Ясная рэч, што й бальшавікі, якія ўжо наскідалі з Масквы свой камуністычны падпольны апарат ды арганізатараў баявое сілы, таксама ня спалі. Гэтак яны схапілі з акраінаў Баранавіч заступніка бурмістра Баранавіч В. Русака, там-сям падкладалі міны, каб даць знаць аб сваім падпольлі, арганізавалі дзе толькі маглі дывэрсію.

Агенты Масквы пачалі тарнаваць над народам зьверскі тэрор. Жанчыну пад Дзятлавам, якой муж працаваў у Немцаў кладаўшчыком, яны прыбілі на крыж гваздамі да сьцяны. Вешалі солтысаў, якіх Немцы змушалі зьбіраць па вёсках яйкі. Пастушкам адразалі языкі, калі яны, пасьвячы статак, убачылі ды раскрылі партызанскае логава. Гвалцілі жанчынаў, мужчынаў прымусова забіралі ў лес.

Змаганьне народу з партызанскімі бандамі было ўсюды гераічнае. Дабравольна ніхто з маскоўскімі агентамі не супрацоўнічаў, а толькі з страху ці пад прымусам, часта-ж бараніліся да адчаю. Прыкладам, на хутары пад Гарадзішчам, у хату селяніна дабіваліся партызаны. Гаспадар дзьвераў не адкрываў. Яны тады вырвалі акно, але як толькі першы засунуў руку за вушак, селянін адным махам сякеры руку яму адсек. За адчайную абарону свайго дому ён пасьля загінуў гераічнай сьмерцю.

НАЗНАЧАНЫ НАМЕСЬНІКАМ

Быў зімовы вечар у канцы студзеня 1944 году, мароз трашчэў пад нагамі, калі да мяне ў шпіталь, дзе я быў на дыжурцы, прыйшлі з СД Аддышэк і ягоны перакладчык Езэф, абодва ведамыя мне з сустрэчы ў Баўдзея. Дадышэк паказаў мне тэлеграму з подпісам Астроўскага. У тэлеграме загадвалася зараз-жа ехаць да Менску ды мэльдавацца ў БЦР. Дадышэк ад сябе сказаў, што заўтра, а гадзіне 9 раніцы, аўта з эскортай будзе чакаць на мяне пры вайсковых казармах. Я крыху зьбянтэжыўся гэткім нечаканым выклікам. У галаве замітусіліся розныя думкі, але Дадышэк, відаць, зразумеў мой непакой і дадаў, што прэзыдэнт БЦР мантуе свой адміністрацыйны апарат акруговых намесьнікаў.

Назаўтра, у вызначаных гадзіне й месцы, пры самаходзе я сустрэў прапагандыстага з акруговага камісарыяту Бядрыцкага й трох партыйных Немцаў з аўтаматамі. Хутка самаход паімчаў у кірунку на Ляхавічы.

Бядрыцкі сядзеў побач мяне ды разьвёў гутарку аб важнасьці БЦР. Ведаючы яго як служку Немцаў, я адно патаківаў. Каля поўдня мы былі ўжо ў Слуцку. Тут, ля рынку, нашае аўта спынілася. Немцы адлучыліся, каб знайсьці ўзброеную калёну дзеля далейшай небясьпечнай дарогі на Менск ды да яе далучыцца.

Глянуўшы на рынак, перапоўнены людзьмі й сялянскімі коньмі, у мяне прамільгнула думка: «Вось гэтак, мабыць, на гэтым слуцкім рынку ў 1920 годзе кіпела пры выбуху слаўнага паўстаньня за Беларускую Народную Рэспубліку! Яны, гэтыя дзяцюкі й мужчыны, рослыя, сьветлага выгляду, стройныя. Толькі давай ім стрэльбы й аўтаматы — не дапусьцяць паганай нечысьці!»

Мы далучыліся да канвою зь 15 самаходаў і грузавікоў зь сілаю ўзброеных 60 чалавек, ды падаліся на поўнач, на Менск. Хутка сустрэў нас лес, што цягнуўся нейкіх 80 км, з прасекаю ўздоўж шашы шырынёй да 1 км. На палавіне дарогі празь лес стаяў агромністы нямецкі бункер, дзе знаходзілася ахова. Тут нам далі інструкцыю, як захоўвацца ў бойцы з партызанамі, прыдзелены быў адзін танк з колькімі нямецкімі жаўнерамі, і мы паволі пасунуліся ізноў наперад.

У дарозе мы даведаліся, што якраз учора тут была вялікая перастрэлка, былі забітыя й раненыя, дзьве аўтамашыны былі спаленыя. Толькі пад захад сонца мы выбраліся зь лесу. Цяпер ужо хутка прыехалі да Менску. Мяне й Бядрыцкага высадзілі перад будынкам БЦР. Ахова БЦР, ведама, абмацала нас дакладна, ці хто ня з зброяй ці іншымі небясьпечнымі матэрыяламі.

Позным вечарам я правёў гутарку з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім. Я даводзіў, што Немцы вайну на Ўсходзе ўжо прайгралі й таму пытаньне ці патрэбнае й карыснае нам зь імі супрацоўніцтва, Астроўскі не пагаджаўся, ды высоўваў гэткія аргумэнты: вайна яшчэ ня скончаная й Беларусы ў гэтым, Немцам ня выгадным, палажэньні маюць магчымасьць мацней стаць на ногі й нацыянальна й дзяржаўна, ды, сама важнае, могуць стварыць сваю збройную сілу. Можа-ж быць нейкі сэпаратны мір Немцаў з Захадам, або можа дайсьці ў Расеі да перавароту, або Немцы мо здабудуцца на ядравую зброю ды палепшаць сваё палажэньне. Я ўсё-ж упорыста трымаўся сваіх аргумэнтаў. Тады Астроўскі мне проста сказаў:

— Дык што, доктар Малецкі, усе хадакі (сябры Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі) гэтак думаюць!? Др. С. Грынкевіч ад супрацоўніцтва адмовіўся, кс. Адам Станкевіч апусьціў рукі, вы таксама ўпіраецеся. Што-ж нам рабіць? Калі гутаркі не памагаюць, шукаць будзем іншых сродкаў!..

Я тады спыніў гутарку, ведаючы, што могуць значыць «іншыя сродкі». Сказаў яму, што гэтая нашая дыскусія пра цяперашнія вельмі складаныя міжнародныя абставіны зусім не абазначае майго асабістага супраціву. Калі прэзыдэнт БЦР наважана кліча мяне да нацыянальнага абавязку, дык я гатовы яго выканаць.

Назаўтра ізноў адбываліся бяседы з прыехаўшымі людзьмі. Бядрыцкі, між іншым, катэгарычна адмовіўся ад становішча камандзіра Падафіцэрскай Школы ў Менску. Іншыя таксама выкручваліся як маглі ад прапанаваных ім становішчаў, аднак не перагібаючы палкі. Астроўскі біў патрыятычным аргумэнтам: нам трэба браць у свае рукі зброю, арганізаваць за ўсякую цану сваё войска, заняць ключавыя становішчы, важныя для свае дзяржаўнасьці. І на гэта ня было контраргумэнтаў.

На трэці дзень вечарам, па тымсамым шляху, вярнуўся я да Баранавіч. Ізноў у сваёй школе, у шпіталі, сярод грамадзкіх абавязкаў свайго места. Ды нутро ў мяне ня было спакойнае. З аднаго боку мне не хацелася зьвязвацца з Астроўскім, а з другога — ягоныя аргумэнты ўсё-ж мелі сваю сілу: сэпаратны мір ці іншыя перамены, могуць нас заскочыць непадрыхтаванымі. «Ня можам-жа заставацца вечна рабамі! Ведама, — былі й гэткія думкі, — шукаючы вызваленьня можна лучыць у яшчэ страшнейшае рабства! Ды няма нічога бяз рызыкі, без змаганьня! То-ж мы, нашчадкі нашых слаўных літоўскіх прашчураў, ня можам цярпець вечна ў маскоўскай няволі! А можа Бог нам дапаможа!» — думалася.

Тымчасам і Астроўскі не драмаў. Хутка, ізноў праз СД, мне было пераказанае назначэньне на намесьніка БЦР Вялейскае акругі ды дадзены загад выехаць на становішча. Пад канец лютага я ўжо быў гатовы да выезду. Вучні Мэдычнае Школы на зборцы 1 сакавіка чула са мной разьвітваліся. Я іх заклікаў да працы над сабой, да вернасьці свайму народу й сваёй бацькаўшчыне й да гатоўнасьці стаць усюды, куды яна будзе клікаць. Шмат якія плакалі, плакаў і я зь імі. Нейкі вучань коратка ад імя іншых прамаўляў шчыра й чула, нехта нешта гаварыў ад настаўнікаў. Я быў расчулены й ня памятаю ані прозьвішчаў прамоўцаў, ані ходу іх прамоваў. У маёй памяці замацаваліся толькі словы: «бацькаўшчына кліча», «нацыянальны абавязак».

Разьвітальная зборка ў школе закончылася нашымі патрыятычнымі песьнямі: «Пагоняй», «Слуцкімі ткачыхамі» і гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

У ДАРОЗЕ

Екаў я да Менску спачатку вагонам другой клясы, сярод Немцаў. Поўна ў ім было адміністрацыйных, гаспадарчых і партыйных прадстаўнікоў. Від іх сумны, прыроблены. Яны амаль маўчалі, толькі рэдка перакідваліся словамі. Чуваць былі сярод іх і гэткія: Капыль, Клімкавічы, Асіповічы, Бранск, ды іншыя. Але й пры вымаўленьні гэтых назоваў беларускіх местаў, дзе ішлі якраз баі з бальшавікамі, відавочная ў іх была прыбітасьць. Гэта ня былі ўжо тыя самыя Немцы, што рваліся на ўсход, і калі хто азваўся да сваіх у роднай мове, станавіліся дыбка: «Дойч шпрэхэн!»[25] — крычалі з пагрозамі выкінуць вас з вагону. Цяпер яны, як кураняты адарваныя ад свайго гнязда, бядуюць за сваю Нямеччыну.

Я ня ўмешваўся ў іхныя гутаркі, а толькі назіраў праз акно за краявідам. Налічыў пад адкосам пяць паравозаў, бачыў соткі зрэзаных тэлеграфных стаўпоў. Што 3–4 км стаяў, абведзены калючым дротам, абаронны бункер са старожай. Уздоўж чыгункі хадзілі патрулі, а лес усюды быў працярэблены да аднаго кілямэтра.

За Стаўпцамі я на некаторы час перасеў у таварны вагон, каб паглядзець, што дзееца там. Вагон тут быў набіты безадказу Беларусамі. Людзі сядзелі на сваіх клумках, мяшках, скрутках. Беларуская мова мяшалася з расейскімі, для жарту, устаўкамі, настрой-жа быў даволі вясёлы. У канцы некаторыя пасажыры выцягнулі з сваіх сховаў самагонку, сталі папіваць, пачалі пяяць, нехта іграў на балалайцы. Сяляне не зазналі радасьці ў бальшавікоў, не спадзяваліся дачакацца яе й у Немцаў. Вагон набіты ў спэкуляцыйных мэтах, свайго-ж вырабу напітак, самагонка, вяселіць іх гора.

Перад выхадам з вагону я бачыў гэткую сцэну: на нейкай малой станцыі зьявіўся ў «беларускі» вагон нямецкі кандуктар для праверкі білетаў. Адны мелі білеты, ці там нейкія цэтлікі ад Немцаў, іншыя тыкалі яму яйкі ў кішэнь, давалі грошы, а ізноў іншыя — добрую чарку самагонкі. Нікога ён не турбаваў, а на наступнай станцыі выходзіў добра надпіты.

Была ўжо гадзіна першая ўночы, калі я апынуўся ў Менску. Уся станцыя была занятая нямецкім войскам. Настрой быў ваенны, але безь ніякое трывогі. У вадным куце таўкліся пасажыры не нямецкага паходжаньня. Чуваць гэта было па іхняй мове. Я падаўся туды. Сустрэў тут двух інжынераў Украінцаў і аднаго Славака. Яны ехалі зь Немцамі на ўсход. Прадставіўся я ім як Беларус і нашыя гутаркі былі сяброўскія. Кожны гаварыў пасвойму, а іншыя дзівіліся, што адзін аднаго добра разумеюць. Ведама, мы не краналі вострых актуальных пытаньняў.

Каля 6-й гадзіны раніцы знайшоў мяне тут ад'ютант прэзыдэнта Астроўскага, перадаў мне апошнія інструкцыі на маё намесьніцтва ў Вялейку. Я хутка сеў у цягнік на Маладэчна. Ізноў прымасьціўся пры акне ды сачыў відовішча. А яно ані ня цешыла. Мільгалі поўразваленыя будынкі, людзі на станцыях поўабдзёртыя, у лапцёх. Дзеці выглядалі без маладосьці. Жывёла, калі там-сям бачылася, дык была адно скура ды косьці. Скуль тут мог быць ваяўнічы настрой?

У Маладэчне я спыніўся ў бурмістра Бурачэўскага, які мне выдаўся алькаголікам. Зь ім мне было цяжка знайсьці супольную мову. Дык я адгукнуўся да свайго сябры з унівэрсытэту Б. Кіта. Гэты прыняў мяне вельмі цёпла ды даў каштоўныя інфармацыі аб мясцовых дачыненьнях. Тут выявіліся й мае іншыя знаёмыя з унівэрсытэту ў Вільні — Часлаў Халяўка, Мікола Кунцэвіч, Я. Даніловіч, ды іншыя.

НАМЕСЬНІКАМ У ВЯЛЕЙЦЫ

Да Вялейкі з Маладэчна я прыехаў прынагодным вайсковым цягніком ды спыніўся насамперш у бурмістра места Чалоўская, якога знаў зь Вільні. Гэты малады й энэргічны юрыст уключыўся ў нашую нацыянальную працу ды спраўляўся тут няблага. У ягоным доме пражыў я два тыдні ды дазнаў ад яго шмат помачы ў асваеньні спраў акругі. Перш за ўсё зь ім я пайшоў да Вялейскага гэбітскамісара, палкоўніка СС Манна, з афіцыйнай візытай. Быў гэта чалавек з вышэйшай незакончанай асьветай, да Беларусаў ставіўся прыхільна. Ужо зь першай візыты мы быццам сталіся прыяцелямі.

Гэбітскамісар абяцаў мне ўсякую дапамогу, згаджаўся перадаць Беларусам адміністрацыю школьніцтва, сацыяльнай апекі, арганізацыю моладзі, судаўніцтва, справу арганізацыі войска — ці бо ўсё згодна з статутам БЦР. Я зразумеў, што перашкодаў тут ня будзе, бо ёсьць гэткі загад нямецкіх цэнтральных уладаў. І таму ня дзіва, што калі ў хуткім часе Чалоўскі запрасіў да сябе акруговага камісара й мяне, дык у часе бяседы гэны камісар, добра выпіўшы, стаў з намі цалавацца, ды казаць:

— З майго толькі загаду ты бурмістр места, а ты намесьнік БЦР, і вы будзеце адзначаныя найвышэйшымі для мясцовых жыхароў Усходу ўзнагародамі!

У мяне ўськіпеў бунт супроць гэткае панскае пратэкцыйнасьці Немца, і каб яе зь месца нэўтралізаваць, я кінуўся на беларускую хітрасьць.

— Я, як намесьнік БЦР на Вялейскую акругу, хачу вас, спадар гэбітскамісар др. Манн, запэўніць, што беларускі народ ня мае ніякіх варожых намераў да прыязнага нам нямецкага народу, ды з свайго боку, на знак нашае ўдзячнасьці, хачу ўдэкараваць вас нашым нацыянальным знакам ПАГОНЯЙ!

— Зусім справядліва! — падхапіў бурмістр Чалоўскі, і я прышпіліў на грудзі камісару Манну значок Пагоні.

Ён стаў на выцяжку, пасьля-ж сказаў:

— Гэтай урачыстай хвіліны я ніколі не забуду! Пагоня — гэта вялікі й дарагі для мяне знак, які для мяне паблісквае й на вашых грудзёх. Я яе калісьці бачыў на сьценах Марбургу.

Мы бачылі, што зь Немцам завязваюцца людзкія дачыненні. Ды гэны Немец хутка выехаў, з сьлязьмі, на ўсходні фронт.

Сустрэча з камісарам нямецкай акруговай паліцыі, капітанам Вэнцэлем, была сухая, датычыла адно стравы барацьбы з партызанамі. У маім першым выступе ў ролі намесьніка БЦР на Вялейскую акругу я заклікаў, каб нямецкія сілы й беларуская акруговая паліцыя, разам з БКА, разьбіваючы бальшавіцкія банды, стараліся ахоўваць ды бараніць нашыя вёскі й мястэчкі, якія, з прычыны паслабленьня нямецкае аховы апынуліся ў партызанскіх зонах. Я казаў, што нямецкія спробы запалохаць жыхарства нішчаньнем нявінных ахвяраў савецкай правакацыі не дадуць ніякіх пазытыўных вынікаў для нашай і нямецкай бясьпекі.

Нямецкі начальнік паліцыі прырок, што гэта больш не паўторыцца. Абмяркоўваліся далей справы мабілізацыі беларускага войска, вышкаленьня адпаведных кадраў, вайсковага забясьпечаньня. Капітан Вэнцаль выявіўся перад намі як чалавек абазнаны з вайсковымі справамі ды спрыяльны нашым беларускім патрэбам.

Іншым прыхільным нам Немцам, якога я пазнаў у гэтым часе, быў акруговы кіраўнік нямецкай нацыскай партыі на Вялейскую акругу. Быў гэта чалавек гадоў 30-ці, па прозьвішчы Мантольд. Ён зырка сачыў усю беларускую дзейнасьць. Мяне ён толькі раз наведаў у маім акруговым намесьніцкім урадзе. Мне не выпадала хадзіць да яго па нарады, я высылаў заўсёды свайго заступніка Бабіна.

Пасьля нейкага часу склаў я візыту акруговаму шэфу СД, обэрштурмфюрэру Гравэ, якога я знаў з ранейшых падзеяў. Пасьля афіцыйных «гучных» словаў, я задаў простае пытаньне пра лёс П. Родзевіча ды А Калодкі. Гравэ замоўк, пачырванеў, сьсінеў, неапанавана стукнуў кулаком у стол ды закрычаў:

— Паследній раз прашчаю таму, кто поднімает этот вопрос!

На стук кулака ў канцылярыю ўскочыў ягоны заступнік Дуклявэ.

— Это дело давно закончено! — прадаўжаў ён.

— Простіте, сударь, — сказаў я, — я хацеў спытацца, што сталася зь імі? — Гаварыў я ўжо пабеларуску.

— Палучылі что нада! — крыху паніжаным голасам казаў Гравэ. — А что, вам, Белорусам, не было ізвестно, что Родзевіч был польскім агентом?

— Нет, нам не было ізвестно.

— Вредный польскій тіп. Он не хотел подчініться немецкім властям. Он нашел свое место…

— А Калодка? — пытаюся.

— Калодка самопроізвольно організовал паліцію і руководілся незавісімой белоруской політікой. Я ему простіл это, но он здесь не нужен…

Я ўстаў і сказаў спакойна, хоць у душы кіпела:

— Ізвініте… До свіданія…

— До свіданія. Мы ешчо встретімся, — коса гледзячы на мяне, адказаў Гравэ.

Пасьля гутаркі з Гравэ ў мяне засталося перакананьне, што ў арышце Родзевіча й Калодкі мачалі свае брудныя рукі «пакравітелі православія»: перамыкіны, касякі ды іншыя нямецкія агенты, якія ў Беларусах-каталіках усюды бачылі скрытых «Палякаў», ды ў часе, калі польскае падпольле разьвівалася ў Віленшчыне. А грубая гутарка са мной начальніка СД паказвала, што гэты Немец не давярае й мне, паколькі ведае, што й я каталік.

У хуткім часе мы дасталі дом пад намесьніцтва БЦР. Вывесілі шыльду з Пагоняй ды надпісам лацініцай: «НАМЕСЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ НА ВЯЛЕЙСКУЮ АКРУГУ». Ведама, беларуская лацінка таксама калола вочы чорнай сотні, але мусілі маўчаць, бо лацінку ўвялі ў беларускія школы Немцы. Перад фронтам намесьніцтва на высокай машце лунаў беларускі сьцяг. Тут было бюро намесьніцтва ды ахова ў сіле 8 чалавек.

Працы ў арганізаваньні намесьніцтва было шмат. Перш трэба было зарыентавацца ў людзях. Тут у запраўднасьці існавалі дзьве беларускія групы. Першая лучыла старэйшых дзеячаў, якія, супрацоўнічаючы зь Немцамі, стараліся адначасна ўсімі сіламі стварыць у акрузе асновы для беларускае нацыянальнае дзяржаўнае працы. Да яе, у ролі вядучай, належалі Родзевіч, Скабей, Калодка, Кунцэвіч, Найдзюк, Бабіч, Кажан. Да другой — апазыцыянеры, пераважна тыя праваслаўныя, што ненавідзілі каталікоў, адкідалі ўсю вялікую гісторыю нашага народу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага, як нашай дзяржавы, рух беларускі бачылі адно ў дзейнасьці праваслаўя й праваслаўных. Галоўнымі прадстаўнікамі гэтае групы былі Касякі й Саўчыц.

Аднойчы выпадкова сустрэў я К. Касяка. Быў гэта дзяцюк гадоў 26, вёрткі ў гутарцы, але бясхрыбетны ў справах нацыянальных. Рабіў уражаньне поўінтэлігента, які пры дапамозе інтрыганства пнецца здабыць давер у Немцаў ды выплыць на шырэйшыя воды. Сваім супрацоўнікам я сказаў ігнараваць гэтага чалавека ды рабіць сваю нацыянальную справу.

Другі прадстаўнік «апазыцыі», Саўчыц, як быццам абмінаў мяне й намесьніцтва. Усё ж такі аднойчы зьявіўся да мяне. Гляджу, што гэта за «лідар» — хлапец гадоў 19, апытаны й яшчэ глыбей не сапсаваны. Думаю, адкідаць яго нельга. Хай у працы гартуецца. Дык назначыў яго кіраўніком Самапомачы.

Каб гарантавацца, што дзеіцца ў крымінальнай паліцыі, адведаў я Перамыкіна, раней ужо згаданага чорнасоценца, што кіраваў крымінальнай паліцыяй ды шпіёніў для СД усіх Беларусаў. Перамыкін, белагвардзейскі палкоўнік, Расеец па паходжаньні, гутарыў са мной «заігрываючы» на беларускім патрыятызьме. Хваліўся, што гэта ён сарганізаваў беларускую крымінальную паліцыю на Вялейскую акругу ды што мае пры сабе добрых Беларусаў, як Кажана, Бабіна, Качана. Асабліва хваліў Кажана, як слаўнага й адважнага вайскавіка. У Саўчыца ён падкрэсьліваў палітычную гібкасьць ды адданасьць нямецкаму «новаму парадку».

Колькі дзён пасьля Перамыкін рэвізытаваў мяне. У бяседзе на розныя тэмы я зыйшоў на справу арышту Родзевіча й Калодкі. Перамыкін бажыўся, што ён хацеў ратаваць Родзевіча й Калодку, але ня мог нічога зрабіць, бо яны самі былі вінаватыя. Пасьля ад Беларусаў, што працавалі ў крымінальнай паліцыі ў Перамыкіна, я даведаўся, што ніхто іншы як ён з Саўчыцам фабрыкавалі на Родзевіча й Калодку даносы ў СД.

Па нейкім часе Перамыкін запрасіў мяне да сябе, гэтым разам на дзень сваіх народзінаў. У доме Перамыкіна было шмат гасьцей. Там я пабачыў, што Саўчыц — правая рука гаспадара. Я тады яшчэ больш пераканаўся, што інфармацыі іншых супрацоўнікаў тайнай паліцыі праўдзівыя, што суполка Перамыкін-Саўчыц згуляла брудную ролю ў справе арышту Родзевіча, Калодкі ды іншых. Браты Касякі — Іван у Менску, а Канстантын у Вялейшчыне, бясспрэчна сваімі «рапартамі» ў СД памагалі, перадавалі туды цэлыя сьпіскі Беларусаў-каталікоў з анатацыямі, што гэта быццам скрытыя «Палякі». На Перамыкінавай пагулянцы сустрэў я й колькі сваіх супрацоўнікаў, зь якімі трымаўся. Зь ніякімі прамовамі ня выступаў.

Далейшымі людзьмі зь нямецкага боку былі школьны інспэктар Шульц, ды заступнік акруговага камісара Руткоўскі, сын Беларуса-палоннага зь Першай Сусьветнай вайны, які застаўся ў Нямеччыне. Руткоўскі нават крыху гаварыў пабеларуску, быў партыйнікам і праз нацыянал-сацыялістычную партыю выбіўся на паверхню, хоць быў мала адукаваным. Прыяў Беларусам, памагаў чым мог, асабліва за атрыманую гарэлку — любіў выпіваць.

Шульц спачатку спрабаваў езьдзіць са мной у паветы на інспэкцыю беларускіх школаў. Ды гэткая асыста была мне нявыгадная, бо ня можна было шчыра гутарыць з настаўнікамі й мясцовай адміністрацыяй. Таму я ўгаварыў яго, каб ён ня езьдзіў, бо небясьпечны час з прычыны партызаншчыны. Немец згадзіўся, адно прасіў пасьля павароту пісаць справаздачы ў школьны аддзел гэбітскамісарыяту.

З Руткоўскім было лягчэй. Пры нагодзе нейкай просьбы я пасылаў яму бутэльку гарэлкі й справа была заладжаная прыхільна. Час-ад-часу заглядаў ён да мяне ў намесьніцтва, дзе я жыў, тады ў гурце маіх супрацоўнікаў, падпіўшы, любіў апавядаць, што ён з кораня Беларус, бо нават памятае як бацька, выпіўшы таксама, любіў успамінаць сваю Беларусь, у якой ён нарадзіўся, як пасьвіў валоў, як у вялізных лясох паляваў на зьвярыну. Цяпер-жа ён, ягоны сын, на свае вочы бачыць гэты прыгожы край, гасьцінных і шляхетных Беларусаў. І таму ён Беларусь любіць таксама як Нямеччыну, любіць і Гітлера ды ягоную партыю, бо дзякуючы ім ён стаўся чалавекам…

Зь беларускага асяродзьдзя назаву двух, якія пры маёй бытнасьці ў Вялейцы не хацелі поўнасьцю ўлучыцца ў беларускую нацыянальную працу пад шыльдай БЦР. Усе іншыя, найменш вонкава, стараліся ісьці ў нагу, хоць той ці іншы прыкульгваў.

Першым быў акруговы школьны інспэктар Сыраквас, які тармазіў распаўсюджваньне беларускай школьнай і настаўніцкай літаратуры. Ягоны сын быў арыштаваны ворганамі СД за кантакты з партызанамі. Я бацьку дапамог вырваць яго з турмы, аднак людзі бурчэлі, што гэта бальшавіцкі падгалосак.

Другім быў кіраўнік СБМ на Вялейскую акругу — Сеньнік. Гэты малады дзяцюк, як і шмат якія праваднікі з гэтай арганізацыі, хутка навучыліся нізка кланяцца Немцам, а ня слухацца радаў беларускіх правадыроў. Зь імі даводзілася мне мець цімала клопатаў.

Цікавы быў зьезд беларускіх актывістых Вялейшчыны ў красавіку 1944 году. Прысутных было каля 50 чалавек, веку сярэдняга. Шмат якіх я знаў з часоў унівэрсытэцкіх. Іншых я проста пытаўся, якое іх прозьвішча, якой прафэсіі, дзе працуюць. Вось прыклады:

— Як вашае прозьвішча, спадарыня? — пытаюся.

— Куляшанка.

— Прафэсія?

— Студэнтка трэцяга курсу філялёгіі, загадчыца пачатковай школы…

— А як вашае прозьвішча? — пытаюся ў іншага.

— Дубяга, зубны тэхнік…

— А вашае?

— Інжынер Курыла…

І гэтак я хутка гарантаваўся, што ня гэткія мы ўжо й бедныя на сваю інтэлігенцыю ў гэтую трывожную ваенную пару, што ёсьць усё ж такі сілы для працы над нацыянальнай разбудовай.

Я горача прамовіў да прысутных, заклікаў іх да ахвярнасьці, вытрываласьці, стойкасьці ў працы на займаных становішчах. У часе дыскусіі выявілася, што нацыянальны ўздым вялікі, што моладзь зь вялікім захапленьнем наведвае родныя школы, любіць родную мову, хутка пераймае патрыятычнае настаўленьне ды ахвотна ўступае ў рады Саюзу Беларускае Моладзі. Аднак адчуваецца вялізны недахоп школьных прыладаў, падручнікаў, літаратуры. Некаторыя наракалі, што й настаўнікі ня маюць нават і тае дапаможнае літаратуры, якая выдаецца ў Менску, бо акруговы школьны інспэктар чамусьці ў паветы не дасылае гэтых інструкцыяў ды часопісаў.

Пад уражаньнем гэтага зьезду я таго самага тыдня наведаў акруговага школьнага інспэктара Сыракваса ў ягоным урадзе. Прыняў ён мяне з усімі гонарамі ды паказаў сваё бюро. У адным з пакояў я заўважыў вялікую сьцірту-звал настаўніцкай літаратуры, што была выдадзеная ў Менску Галоўным Школьным Інспэктаратам.

— Што гэта значыць, спадар Сыраквас? — спытаўся я.

— Гэта… гэта, спадар намесьнік, не разыходзіцца, бо людзі ня ўмеюць чытаць лацінкай.

— Што? — кажу. — За тры гады настаўнікі забыліся чытаць лацінкай? А калі ня ўмелі, дык не навучыліся? Гэта сабатаж беларускіх і нямецкіх установаў, спадар Сыраквас! Няма ніякіх тлумачэньняў! Літаратура мусіць быць, яшчэ ў гэтым тыдні, дастаўленая ўва ўсе куткі акругі. Вы разумееце?

— Разумею, але хто за яе заплаціць?

— Хто заплаціць, вы пытаецеся? А хто будзе плаціць, калі вы хочаце згнаіць яе ў гэтым складзе?

— Выбачайце, я вінаваты. Аднак-жа хто ўсё ж такі мае плаціць за яе? — бараніўся Сыраквас.

— Раённыя начальнікі. За тры дні вось адбудзецца зьезд старшыняў усіх раёнаў. Я ім дам распараджэньне.

На зборцы раённых старшыняў я загадаў, каб едучы дамоў яны ўзялі з сабой і школьную літаратуру ды каб даставілі яе ўва ўсе школы. Старшыні шмат якіх паветаў згары аплацілі й намінальны кошт узятае літаратуры.

Мае чародныя наведзіны былі ў настаўніцкай сэмінарыі ў Вялейцы. Паводле вестак, туды быццам пранікала бальшавіцкая прапаганда. Сабраўшы настаўнікаў і сэмінарыстах, я ім казаў:

— Прыемна мне, спадары прафэсары й сэмінарысты, сустрэцца тут з вамі, з тымі інжынерамі душ, што маюць моладзь, будучыню нашага народу, узьняць на ўзвышшы нацыяняльнае ахвярнасьці да працы. Я веру, што вы, як выхадцы з нашага слаўнага народу, які ў сваёй гісторыі ўмеў паўстрымаць ня толькі маскоўскую навалу, але й абараніцца ад розных агрэсараў з захаду, зможаце быць ня менш слаўнымі пасьлядоўнікамі сваіх слаўных прашчураў, тымбольш, што Масква цяпер падстрэленая. Помніце, што казаў Кастусь Каліноўскі, наш правадыр сярэдзіны XIX стагодзьдзя: «Як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так і праўдзівая навука ня ідзе разам зь няволяй маскоўскай… А пакуль яна будзе, нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе дабрабыту, ды ніякай навукі, адно вамі як скацінай варочаць будуць не для дабра, але на пагібель нашую…»

Уражаньне было аграмаднае. Нехта прамовіў у патрыятычным духу ад сэмінарыстаў. Прысутнаму Немцу Шульцу быў перададзены коратка панямецку зьмест прамоваў. Гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» закончылася ўрачыстасьць. Пазьней я меў нагоду візытаваць яшчэ беларускую гімназію й народны дом у Маладэчне. І там было падобнае: моладзь гарэла беларускім патрыятызмам, усюды зьвінела беларуская песьня, грымела беларуская вызвольная думка-лёзунг: «Жыве Беларусь!»

БЕЛАРУСКАЯ МАБІЛІЗАЦЫЯ

Напачатку сакавіка 1944 году я дастаў з БЦР загад падрыхтаваць у акрузе памяшканьні-казармы на прыблізна 20 000 жаўнераў, што хутка будуць змабілізаваныя. Мы агледзелі школы, народныя дамы ды іншыя будынкі ў самой Вялейцы й у паветах. Аж тут на табе! — Немцы на другі ўжо дзень занялі некаторыя нашы будынкі для Казакоў, якіх недзе ля Себежа ўзялі ў палон. Былі яны ў лягеры палонных у Латвіі, цяпер-жа выявілі ахвоту змагацца з бальшавізмам.

Вось і яны, Казакі з-над Дону! Іхны табар падобны быў да цыганскага: мужчыны рознага веку, жанчыны, дзеці. Страявых жаўнераў-коньнікаў было каля 120, а ўсіх — да 200 чалавек. Падначаленыя яны былі нейкай асобнай нямецкай камандзе.

Мясцовыя Немцы сустрэлі гэтых новых расейскіх калябарантаў непрыхільна. Яны добра помнілі нядаўна ліквідаванага ў Вялейшчыне Радыёнава зь ягоным расейскім «вызвольным корпусам» з палонных, што з «саюзьнікаў» Немцаў сталі іх здраднікамі, перайшлі да савецкіх партызанаў, ды ў Глыбоччыне, Каралеўшчыне й іншых раёнах нападалі й на Немцаў, і на беларускае жыхарства. Толькі Перамыкін цешыўся з казацкай ватагі. Мы, Беларусы, трымаліся на ўсякі выпадак напагатове. І чакаць доўга ня прыйшлося. Пасьля двух тыдняў ватага ноччу села на вазы й коні ды па даўгінаўскім гасьцінцы накіравалася ў лясы. Немцы спачатку ня сьцямілі ў чым тут справа. Казалі, што Казакі выйшлі на ваенныя заняткі. Тыя-ж далучыліся да партызанскіх бандаў.

8-га сакавіка 1944 году мы атрымалі лісты з БЦР з загадам аб мабілізацыі вызначаных гадавікоў у Беларускую Краёвую Абарону (БКА). Праца закіпела. Трэба было змабілізаваць аж 14 гадавікоў ды ў сьпешным парадку. Усюды па мястэчках мы вызначылі прызыўныя пункты з камісіямі. Сама мабілізацыя пачалася 10 сакавіка. На зборных пунктах камісіі пераглядалі змабілізаваных. Няздольных і шматдзетных звальнялі ад абавязку ваеннай службы.

Немцы былі здзіўлёныя масавай яўкай змабілізаваных. Былі й бальшавіцкія правакацыі. Так, з адной вёскі ў партызанскім валоданьні зьявіўся толькі гарбаценькі чалавек, пасланы відавочна з насьмешкай на нашую вайсковую акцыю й для шпіянажу. З суседніх вёсак камісіі данясьлі, што «гарбаценькі» — агент партызанскіх бандаў. Яго затрымалі ды выслалі ў Нямеччыну на працу.

Мабілізацыя трывала тры дні й набрала ў Вялейскай акрузе каля 15 000 чалавек, а па ўсёй Галоўнай Акрузе Беларусі каля 100 000. У самой Вялейцы было згрупавана каля 6000. Усе падрыхтаваныя будынкі былі перапоўненыя. Бурмістр Чалоўскі біўся як рыба аб лёд, каб даць жаўнерам харч, пасьцель, абутак. На ўзбраеньне Немцы далі толькі 7 кулямётаў, 1200 старых італьянскіх, аўстрыйскіх і савецкіх стрэльбаў, ды колькі аўтаматаў. Амуніцыя выдзялялася дзясяткамі на чалавека; далі й колькі гранатаў. Ня было, зразумела, ніякіх танкаў, панцырнікаў, артылерыі, самалётаў.

Што ў гэткіх умовах маглі рабіць змабілізаваныя жаўнеры? Немцы назіралі змабілізаваных ды маўчалі. Ды з аружжам і ім самым было ўжо крута. Аж да свайго адыходу Немцы не адважыліся даць беларускаму войску поўнага ўзбраення, вайсковага аснашчэньня, ды нават і не скарыстоўвалі яго ў шырэйшым маштабе. Тармазіла іх відавочна ўсё яшчэ нацыская ідэя, што Немцы не павінны дзяліцца з падбітымі народамі ні аружжам, ні перамогай. Трэба думаць, што яны таксама не давяралі, падазравалі, што мы хінёмся ў бок Аліянтаў.

Войска змабілізаванае, няма зброі, ваеннага рыштунку, абмкндзіроўкі, абутку, толькі харчы. А тут яшчэ цімала розных асаблівых выпадкаў. Вось, прыкладам, змабілізаваны брат, а ў сям'і сястра псыхічна хворая, ня мае апекі. У гэткіх выпадках Немцы псыхічна хворых стралялі. Што рабіць? Загадаў прывесьці гэту сястру на мэдыцынскі агляд. Тры дні пазьней зьявіўся да мяне той дзяцюк зь недаразьвітай сястрой і солтысам. Паглядзеў я на дзяўчыну, пагутарыў зь ёю. Аказалася, што яна толькі прыдуркаватая, ня здольная кіраваць гаспадаркай. Прыйшлося брата адпусьціць з БКА.

Мелі мы клопаты й з чужаземцамі. Змабілізаваны быў адзін афіцэр Украінец, які паводля закону ня меў абавязку вайсковае службы. Ды ён сам хацеў быць у нашых збройных сілах, дык ці магчыма было яму адмовіць? Іншы, афіцэр Маеўскі, аказаўся Палякам, яго, згодна зь інструкцыяй, я звольніў. БКА ня мела права прыймаць у свае рады грамадзян іншых нацыянальнасьцяў. Змабілізаваныя радавыя Палякі адсылаліся ў існуючыя ўжо пад нямецкім кіраўніцтвам польскія аддзелы. Гэтак польскі аддзел, што быў пад камандай фон Розэна, з 35 чалавек узрос да 60-ці. Каля Крывічоў стаяла таксама летувіская рота. Дачыненьні з гэтымі й нашымі аддзеламі, за выняткам Жодзішак, былі прыязныя.

Зьявіліся да мяне й два савецкія афіцэры, Расейцы, маёр Юшын ды паручнік Махеймов. Справа выглядала гэтак: Перамыты, кіраўнік крымінальнай паліцыі, прадставіў нам двух савецкіх вайскавікоў. Адзін, малодшы, выглядаў на эўрапэйца, другі-ж — на азіята-Кіргіза. Зь ягонай паходкі й выгляду адчувалася энкавэдыская выпраўка. Перамыты, які прывёў да мяне гэтых тыпаў, казаў:

— Наместнік, это вам рыба! Я прівел вам большіх асобых военных спеціалістов с саветской арміі…

Саветчыкі павайсковаму засалютавалі ды прадставіліся. Падаўшы ім руку, я папрасіў іх сесьці. Гутарка ішла вёртка, мы жартавалі на ўсе лады. Выявілася, што гэта былі людзі адукаваныя, культурныя. Разьвітваючыся зь імі я абяцаў даць адказ за два-тры дні.

У міжчасе была нарада зь беларускімі прадстаўнікамі, як паступаць з савецкімі вайскавікамі, якія могуць быць і добрымі, і агентамі. На нарадзе былі галасы, што гэта радыёнаўскія шпіёны, хоць яны й адракаюцца ад бальшавізму.

Калі пра гэта пазьней даведаўся Перамыты, ён гарлапаніў:

— Віш, как Белорусы преследуют всякііх православных русскіх, даже спеціалістов не берут к себе!

Мабілізацыю мы правялі адно ў 6 раёнах. У трох іншых, дзеля розных прычынаў, не праводзілі. Раён Жодзішкі намінальна належыў да Галоўнага Камісарыяту Беларусі. Аднак пасьля нападу на Жодзішкі польскіх збройных аддзелаў ды расправы над мясцовай адміністрацыяй і паліцыяй, Немцы паставілі там летувіскую роту ды далучылі гэты раён, разам з раёнамі Ашмяны ды Сьвір, да Камісарыяту Летувы.

У раёне Мядзела мы не праводзілі мабілізацыі, бо гэты раён, багаты ў лясы й балоты, меў засільле савецкіх бандаў, і гэта тварыла небясьпеку для сем'яў змабілізаваных. Само Мядзела было абведзенае, як цьвярдыня, баявымі бункярамі. Ахоўвала яго 200 Немцаў і 250 чалавек беларускай самааховы.

У Валожыне таксама не праводзілася мабілізацыя на просьбу Ю. Мурашкі, які быў там раённым начальнікам. Справа прадстаўлялася гэтак, што пад канец мабілізацыі да мяне ў намесьніцтва зьявіўся Мурашка ды казаў:

— Я не праводзіў у сябе мабілізацыі, і думаю, што няма патрэбы. У мяне ад паўтара году пад аружжам 250 чалавек Самааховы. Няма афіцэраў, зброі й адзежы. — З гэтым я згадзіўся ды выслаў рапарт у вайсковы аддзел БЦР у Менск.

Агулам у Вялейскай акрузе было змабілізавала каля 15 000 жаўнераў. Аднак Немцы далі зброю толькі на тры тысячы чалавек. Таму рэшту давялося звольніць да часу новых загадаў.

Не зважаючы на недахоп зброі, вайсковага выснашчэньня, памяшканьняў, настрой у беларускім войску быў бадзёры, патрыятычны. Была вера, што калі народ будзе мець сваё войска, дык здабудзе й сваю дзяржаву. Вось таму падрыхтоўка да складаньня прысягі 25 Сакавіка ішла асабліва напружана.

ПРЫСЯГА БКА

Надыходзіў дзень 25 сакавіка 1944 году, 26-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. На гэты тэрмін БКА мела скласьці жаўнерскую прысягу на вернасьць свайму народу. У аддзеле БКА кіпела падрыхтоўчая праца, рыхтавалася й адміністрацыя, школа, моладзь. Гэта-ж першы раз у гісторыі 25 Сакавіка, угодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, мае быць адсьвяткаваны ў дзяржаўным размаху па ўсёй Беларусі, з нацыянальнымі сьцягамі, аркестрамі, дэманстрацыямі, масавымі мітынгамі, дэфілядамі. А тут яшчэ ўдзел беларускага войска, БКА, ды яго ўрачыстая прысяга.

У гэты дзень Вялейка прыбралася як красуня ў беларускія сьцягі. Натоўпы народу абляглі беларускія сьвятыні. У абедзьвюх праваслаўных цэрквах адпраўляецца сьвятая літургія за беларускі народ. Стаяць рады жаўнераў, моладзі СБМ, школьная моладзь, ціснуцца людзі. Гучаць беларускія казані, настрой узвышаны, патрыятычны, як ніколі. Поўны народам і каталіцкі касьцёл, і там адпраўляецца ўрачыстая імша за Беларусь.

А 12 гадзіне ў мясцовым парку пачынаецца другі пункт праграмы. Тут мае быць ПРЫСЯГА БКА. Па адным баку парку стаяць калёны БКА, па другім — школьная моладзь усіх мясцовых школаў, СБМ — дружыны юнакоў і юначак пад камандай акруговага кіраўніка Сеньніка. Пасярэдзіне — аркестра, навокала — масы народу.

І вось на сярэдзіну чатыракутніка выходзяць прадстаўнікі ўладаў: гэбітскамісар і я, як намесьнік БЦР, за намі Гравэ й мой заступнік Бабіч, і гэтак далей парамі — адзін Немец, адзін Беларус, разам 15 параў. Аркестра іграе марш. Калі прадстаўнікі ўладаў сталі на фроньце, камандуючы капітан Шмацін даў загад:

— Зважай!

І, падышоўшы да мяне, рапартаваў:

— Спадару намесьніку! Тры тысячы жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны гатовыя да прысягі!

— Дзякую! — адказаў я ды прыклаў руку да шапкі. Немцы таксама засалютавалі. Аркестра грымнула «Пагоню». Я ўзышоў на трыбуну. Да сьмерці не забуду гэтага відовішча ды майго ўсхваляваньня. Перада мной тысячы народу, моладзі, нашага войска. Народ доўга на прывітаньне пляскаў у далоні. Тады я ў мікрафон мясцовай радыясеткі сказаў гэткую прамову:

«Дарагія Браты й Сёстры!

Прайшло 150 гадоў ад часу, калі нашыя дзяцюкі паступаючы ў рады сваіх збройных сілаў складалі прысягу на вернасьць свайму народу, на гатовасьць абароны свае Бацькаўшчыны. Масква тады, як і сеньня, наступала на наш край і на нашую дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае, мардавала, паланіла народ, рабавала ўсе багацьці. Масква тады, як і сеньня, мела сваіх саюзьнікаў. Наш народ, тады разам з польскім, пад правадырствам слаўнага Тадэвуша Касьцюшкі, які апрача шляхты вёў за сабой і просты народ, ня здолеў тады абараніцца ад ордаў ворага. Мы тады згубілі сваю дзяржаву й сваю незалежнасьць. Масква запанавала над намі й як ненасытны дзікі зьвер, губіла наш народ, нашую культуру, нашую веру, нашую мову, нашыя багацьці. Нашыя людзі сваімі косьцьмі пакрылі Сібір ды іншыя далёкія прасторы Маскоўскай імпэрыі.

Але народ ніколі не заламаўся, не скарыўся драпежнаму ворагу. Ён шукаў падтрыманьня й надзеі ў народаў Захаду, падпольна каваў зброю, у паўстаньнях і рэвалюцыях спрабаваў скінуць маскоўскае ярмо. Усё мінулае стагодзьдзе было нясупынным цягам паўстаньняў, бунтаў, змоваў супроць ненавіснае Масквы.

Вялікі правадыр паўстаньня 1863–64 году, Кастусь Каліноўскі, гэтак заклікаў да збройнага чыну свой народ:

“Ваюй, народзе, за сваё прыроднае й боскае народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю сьвятую… Бо толькі тады ты зажывеш шчасьліва, калі над табой больш Маскаля ня будзе!”

І хоць паўстаньне 1863 году не прынесла нам перамогі, хоць разам зь іншымі героямі зьгінуў тады й Кастусь Каліноўскі, ды народ усё-ж разбудзіўся да сьвядомасьці й сілы.

Ужо ў 1905 годзе, калі маскоўская імпэрыя захісталася ў вайне зь Японіяй, жыхары нашых местаў, мястэчак і сёлаў, пад правадырствам пасьлядоўнікаў Каліноўскага пачалі вялізную ахвярную працу для падрыхтоўкі адваёвы свае самастойнасьці й свае сувэрэннасьці. Калі-ж пазьней, у Першую Сусьветную вайну, маскоўская турма народаў лопнула, і беларускі народ узьняўся да адбудовы свае дзяржаўнасьці.

У сьнежні 1917 году да Менску зьехалася больш 1800 народных прадстаўнікоў, што былі выбраныя па сёлах, паветах, мястэчках, месцах, губэрнях, па беларускіх вайсковых злучэньнях ды нацыянальных арганізацыях, як правамоцныя дэлегаты на ЎСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС, які воляю ўсяго народу ўстанавіў вехі нашае дзяржаўнае самастойнасьці ды заклаў асновы канстытуцыі дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

Усебеларускі Кангрэс ня прызнаў улады над беларускім народам чырвоных маскоўскіх узурпатараў, Леніна й Сталіна, ды іхняй бандыцкай шайкі. Чырвоныя агрэсары тады загадалі сваёй акупацыйнай арміі разагнаць Кангрэс зброяю, правадыроў яго арыштаваць.

І толькі паход нямецкае арміі ў лютым 1918 году на ўсход дапамог нашаму народу весьці далей працу над мацаваньнем свае самастойнасьці ды разбудоваю свае дзяржаўнае сувэрэннасьці. У выніку, 25 Сакавіка 1918 году ў Менску, аднагалоснаю пастановай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была апавешчаная сувэрэннасьць Беларусі як незалежнае, вольнае дзяржавы беларускага народу.

Дарагія Браты й Сёстры!

Сеньня вось мінула 26 гадоў ад гэтае вялікае падзеі. Сеньня нямецкія армія, адкінуўшы чырвоную Маскву зь беларускае зямлі, даюць нам ізноў магчымасьць адбудовы свае бацькаўшчыны, свае дзяржаўнасьці. Ды вайна не закончаная, Нямеччына цяпер у цяжкіх баёх з Масквой на Ўсходзе ды зь ейнай саюзьніцай Антантай на Захадзе. Што значыць паварот старой няволі для нас — нам ня трэба гаварыць. І таму мы ў гэты момант ня можам сядзець бязьдзейна, бо згубім тады ўсё, разьдзяўбуць нас тады гэтыя ворагі.

Наш абавязак — узяцца за зброю ды перш за ўсё ачысьціць нашую зямлю з усякае погані, што бадзяецца па кустох ды перашкаджае нам выпрастацца зь нядаўняй няволі на ўвесь рост. Дадайма сяброўскую руку нямецкай арміі ў яе змаганьні з нашым найбольшым ворагам — Масквою, каб яна больш нас не паланіла!

Вы-ж, дарагія жаўнеры й афіцэры Беларускай Краёвай Абароны, памятайце — прысягаеце ў вялікі Дзень 25 Сакавіка на нашыя сьвятыя нацыянальныя ідэалы, на вернасьць свайму народу, як першыя штурмовыя кадры ў нашай барацьбе за волю, самастойнасьць і незалежнасьць!

Хай Бог вас успамагае й благаславіць!»

Гучыць каманда:

— Да прысягі!

Жаўнеры падымаюць правую руку. Урачыста чытаю тэкст прысягі, усе за мной паўтараюць. Людзі паздымалі шапкі. Немцы й нашыя ўмундараваныя адзінкі, паліцыя, СБМ салютуюць:

«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсёмагутнага Бога й на жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна й прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што ня выпушчу з рук сваіх зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны супакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Так мне памажы, Божа!»

Падае каманда:

— Па прысязе!

Усё заварушылася, хоць яшчэ была цішыня. Аркестра грымнула нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». За аркестрай загудзеў увесь народ — жаўнеры, юнакі, школьнікі, усе прысутныя… Здавалася й расстаўленыя навокала беларускія сьцягі таксама шумяць пад сьпеў тысячных грудзей…

Калі я вярнуўся на сваё месца, маленькая вучаніца перадала мне букет кветак, кажучы:

— Спадару Намесьніку, гэта ад нас усіх!

Я падзякаваў і пацалаваў дзяўчынку.

Пасьля прамаўляў гэбітскамісар. Ён коратка гаварыў аб ідэі «Фюрэра» вызваліць усе народы «з жыдакамунісіычнай няволі», аб нямецкіх змаганьнях, аб дабразычлівасьці Немцаў да беларускага народу, ды заклікаў Беларусаў да супольнага змаганьня. Пасьля, пад гукі аркестры, перад прадстаўнікамі ўлады прайшла дэфіляда аддзелаў БКА, паліцыі, СБМ і школьнікаў.

Вечарам у Народным Доме адбылася апошняя частка сакавіковай урачыстасьці — канцэрт з удзелам менскіх артыстаў. Выступалі сьпевакі-салісты, дэкляматары, танцоры, хор і танцавальныя групы. Вялейка гудзела ў дзень нацыянальнага сьвята да познае ночы.

БАІ З БАНДАМІ

На другі дзень пасьля прысягі да Даўгінава былі сьпешна высланыя тры роты БКА ў сіле 500 чалавек пад камандай кап. Касецкага. Там былі вылазкі савецкіх бандаў ды паўстала пагроза нападу на само мястэчка. Жаўнеры занялі добра ўладжаныя былыя вайсковыя казармы.

Хутка 200 чалавек пад камандай Лашука было выслана да Ільлі, 120 чалавек да Маладэчна, 250 да Жаўткоў, 300 да Гарадзішча ля Маладэчна. Рэшта БКА ў сіле 1600 чалавек засталася ў Вялейцы. З гэтага ліку 85 вучылася ў Падафіцэрскай Школе, 50 было выслана да Менску ў Школу Афіцэрскую, каля 75 у Беларускі Штурмовы Батальён пры войсках СС.

Як ужо ўспаміналася, з самага пачатку былі розныя цяжкасьці, асабліва з абмундзіроўкай і абуткам, бо прадукцыйная гаспадарка ў акрузе ніколі ня была разьвітая, а яе астаткі былі цяпер пад кантроляй нямецкіх зондэрфюрэраў.

Ды, не зважаючы на ўсё, праца кіпела, вайсковыя заняткі ішлі па праграме. Вывучалася тактыка змаганьня партызанскага тыпу. Вылазкі партызанаў на некаторы час прыпыніліся. Яны сталі групавацца ў большыя банды пад камандай скінутых на парашутах інструктараў і камандзіраў.

Нядоўга аднак-жа давялося чакаць на ворага. Вялікая вёска Жаўткі, куды мы паслалі 250 чалавек БКА, знаходзілася ля вялікага лесу 4 км на ўсход ад Вялейкі. Яна была першым аб'ектам нападу. На пяты дзень пасьля прыбыцьця туды жаўнераў БКА, ноччу, ціха, з трох бакоў да вёскі пачалі падыходзіць партызаны. Нашыя вартаўнікі паднялі алярм. За пяць хвілінаў наш батальён заняў абаронныя пазыцыі. Перастрэлка з бандамі трывала паўтары гадзіны. Быў заалярмаваны й гарнізон Вялейкі. Але пакуль надышла стуль дапамога, жаўнеры Жаўткоў пайшлі самі ў атаку на ворага. Савецкія бандыты ўцякалі як зайцы, пакідаючы забітых і параненых. Нашыя страты — адзін жаўнер цяжка ранены, адзін лёгка. Спаленае адно гумно.

У часе самаабароны ў Жаўткох ды прагнаньня бандаў, прыбыў туды з успамагальным аддзелам мой намесьнік Бабіч, які пахваліў жаўнераў і камандзіраў за ўдачны першы баявы хрост, ды перадаў запасы амуніцыі.

Не прайшло двух тыдняў, як у намесьніцтве ізноў трывога — партызаны атакуюць Даўгінава. Мы паднялі ў нашым гарнізоне алярм. Тымчасам бальшавіцкія банды, у сіле прыблізна 500 чалавек, заапекавалі Даўгінава з паўдня й захаду. Камэндант тамашняга гарнізону, кап. Касецкі, адну роту выслаў паціху на тылы ворага. Перастрэлка тады ўзьнялася амаль пры самых казармах БКА. Хутка аднак-жа бандыты зразумелі, што яны ў мяшку, дык ірванулі ходу. На полі бою пакінулі трох, раненых панесьлі з сабой. Нашыя жаўнеры здабылі ручны аўтамат і 20 стрэльбаў. На нашым баку было двух параненых.

Трэці напад бальшавіцкіх бандаў быў накіраваны на вёску Палачаны за Маладэчнам. У гэтай, паложанай у лясох, вёсцы, знаходзілася 100 нямецкіх ахоўнікаў і 300 чалавек беларускай Самааховы. Напад быў цяжкі дзеля магутнага злучэньня партызанаў. Але хуткі налёт жаўнераў БКА з Маладэчна спрычыніўся да таго, што бальшавіцкі наступ заламаўся ды вораг быў змушаны ўцякаць у лясы, пакідаючы шмат забітых і раненых.

Чарговая атака бальшавіцкае партызаншчыны была накіраваная на Гарадок ля Маладэчна. На алярм мы выслалі роту жаўнераў БКА зь вёскі Жаўткі пад камандай пар. Максімовіча. Напад быў адбіты й Гарадок заставаўся ў супакоі аж да нашага й нямецкага адыходу.

У дыскусіі на нарадзе нашых вайскоўцаў выявілася, што партызаны ня здольныя ісьці ў атаку супроць нашых вайсковых адзінак. Яны займаліся толькі нападамі на мірнае жыхарства. Найлепшая супроць іх тактыка — абставіць узброенымі адзінкамі лясныя масівы ды палюдзку прыймаць іхных уцекачоў, бо Масква не давала ім ежы, адзежы, лекаў, загадвала ўсё грабіць у сялян ды займацца сабатажамі. Пагоня за партызанамі ў лясы не аплачвалася, бо першымі заўсёды ўцякалі добра адкормленыя камуністы ды іхныя каханкі, у палон-жа даставалася пераважна зьняволенае імі мясцовае жыхарства. Самі партызаны пазьней пацьвердзілі, што гэткая тактыка была для іх найбольш дэструкцыйнай.

КРЫВАВЫЯ ПАРАЗІТЫ НА НАШЫМ ЦЕЛЕ

Калі Немцы 22 чэрвеня 1941 году рынулі на Усход — чаго не спадзяваўся Сталін, а аб чым даўно ведала ўся Эўропа, — дык мелі яны свой вельмі просты «плян». Як Гітлер выказаўся ў сваім «Майн Кампф» — «нямецкія калёніі ляжаць на ўсходзе». Гітлер спадзяваўся, што ў хуткім часе скрышыць бальшавіцкую аружную сілу, забярэ Маскву, Ленінград і Ўкраіну, і тады падыктуе камуністам умовы міру.

Прыбалтыйскія дзяржаўкі як невялікія жыхарствам ды зь гістарычнай традыцыяй нямецкае экспансіі, мелі быць цалкам зьяднаныя з Райхам. Жыхары мелі стацца Немцамі ці павандраваць на ўсход. Украінцы, дзеля таго, што іх зямля вельмі ўраджайная, ды там калісьці, больш тысячы гадоў таму, праходзілі Готы, мелі стацца працоўным рэзэрвуарам для Немцаў. Толькі малы працэнт мог бы быць прыняты ў «фольксдойчы». Беларусам, дзеля іхняй менш ураджайнай зямлі ды цішэйшага характару, меўся быць пакінуты супакой на гадоў 50. Немцы тады яшчэ ня ведалі, што і ў зямельных нетрах Беларусі ёсьць нафта, магутныя слаі солі, ды іншыя багацьці.

Хутка пасьля пачатку вайны на ўсходзе, у Беларусі й Украіне, зьявіліся генэральныя камісары, пад імі былі гэбітскамісары. У прыбалтыйскіх дзяржавах былі ўжо толькі гарадзкія ды акружныя камісары. У рамках гэтае схэмы Ўкраіна, Летува, Латвія й Эстонія былі зусім пазбаўленыя адміністрацыйнае завязі свае дзяржаўнасьці. Толькі Беларусам былі зробленыя некаторыя ўступкі ў адміністрацыі, школьніцтве, самапомачы й нават у вайсковай галіне арганізацыяй Самааховы.

Варта тут успомніць, што, паводле расказаў уласьнікаў, у Харкаве й Кіеве генэральны камісар Кох палкай набіў тых украінскіх прадстаўнікоў, якія прасілі дазволу на арганізацыю народнага школьніцтва.

Тымчасам, хоць бальшавікі й мелі вялікія страты, ды ўсё ж не распаліся. Яны адбілі ад Масквы нямецкія атакі ды прымусілі Немцаў залегчы ў сьнягі й балоты ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Характар і ход вайны зьмяніўся на некарысьць Немцаў. У іх паўстала аграмаднае неспакойнае заплечча, якое трэба было нейк арганізаваць для эксплянтацыі ў зацяжной вайне.

На ўсіх франтах Гітлер траціў мільён людзей у год. Таму ён раптоўна стаў шукаць сабе «саюзьнікаў» для забясьпечаньня тылоў, ды асабліва гэткіх «саюзьнікаў», якія не маглі вязаць Немцаў ніякімі палітычнымі ўмовамі.

Першымі з гэткіх нямецкіх «саюзьнікаў» зьявіліся ў Беларусі аддзелы Латышоў і Летувісаў. Латышы пераважна панавалі Жыдоў па геттах ды памагалі Немцам праводзіць крывавыя пацыфікацыі мясцовага жыхарства. Летувісы, у сіле пару батальёнаў атаўбаваліся ў Менску, Горадні, пад Слонімам, а пасьля ў Жодзішках. Летувісы на нашых землях вялі сябе прыкладна ды супрацоўнічалі зь беларускімі вайсковымі адзінкамі, за выняткам Вільні ды ўспомненай ужо крывавай акцыі ў Новых Сьвяньцянах.

Другімі памагатымі Немцаў на нашых землях былі польскія вайсковыя адзінкі, польская паліцыя ды рознага тыпу ўрадаўцы. Хоць польскі ўрад у Лёндане ды польскае падпольле ў Генэральнай Губэрні вялі вайну зь Немцамі, ды на землях Заходняе Беларусі яны пастанавілі зь Немцамі супрацоўнічаць. Імкнуліся гэтак апанаваць адміністрацыю ды пад пратэкцыяй Немцаў тварыць свае вайсковыя адзінкі, як гэта ў Першую Сусьветную вайну рабіў Я. Пілсудскі.

Польскія ўзброеныя сілы на тэрыторыі Беларусі прыблізна лічылі: у Горадзеншчыне 200 чалавек, у Лідчыне 250–300 чалавек з «штабам» у Варанове, у Налібоках — 250, у Стоўбцах 150, у Рубяжэвічах — 100, у Гарадзішчы Баранавіцкай акругі 150, у Вялейшчыне 150 і ў Віленшчыне — 350. Усяго 1600–2000 чалавек. Да вясны 1944 году Немцы давалі ім харч, узбраеньне, рыштунак, транспарт і інструкцыі дзеяньня, ды іх не чапалі, калі яны, насупроць дамоўленасьці, нападалі не на камуністычных партызанаў, а на беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячаў, якіх стралялі пераважна з-за вугла.

Толькі вясной 1944 году, калі Мікалайчык дамовіўся з Сталінам, а чырвоная армія з пракамуністычнымі аддзеламі польскай дывізіі «Косьцюшко», заняўшы ўсю Украіну, стаяла на паўдні ўжо на польскім паграніччы, генэрал Бор-Камароўскі, як правадыр польскае кансьпірацыі, даў загад усім сваім аддзелам у Заходняй Беларусі слухаць загадаў штабу Арміі Краёвай (АК), павялічыць свае баявыя сілы ды наносіць удары на тылох нямецкае арміі.

Тады Немцы, разам зь Беларусамі, паразьбівалі апорныя пункты польскай дывэрсіі. Пасьля гэтага толькі малая частка Палякаў засталася на службе ў Немцаў. Іншыя пайшлі ў партызаншчыну ды стараліся лучыцца з камуністычнымі бандамі.

Ды савецкае партызанскае кіраўніцтва мела загад ад штабу Панамарэнкі вынішчаць жаўнераў АК, як нямецкіх калябарантаў, што, супроць дамоўленасьці зь Мікалайчыкам, не прызнаюць за Саветамі Заходняй Беларусі.

Лёс гэтых аддзелаў быў трагічны. Летам 1944 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі бальшавікамі, вялікая частка польскіх вайсковых, на чале зь іх камандзірам палкоўнікам Філіповічам, подступам была схопленая ды ліквідаваная чэкістамі. Рэшта далучылася да беларускай антысавецкай партызанкі, выкліканай жорсткімі бальшавіцкімі рэпрэсіямі супроць усіх тых, хто меў нейкую сутычнасьць зь Немцамі. Вось толькі ў гэтай новай партызанцы, якая трывала да дзесяці гадоў, ды стварыла бальшавіком немалыя клопаты, вырасла ваяцкае братэрства Палякаў і Беларусаў.

Трэцяй з чаргі чужой вайсковай фармацыяй на нашых землях быў аддзел разбойніка Камінскага ў сіле 1500–2000 чалавек. У асноўным складаўся ён з былых савецкіх ваеннапалонных, ды было там цімала й прайдзісьветаў розных нацыянальнасьцяў. Яны ня мелі ніякай палітычнай плятформы ды вялі сябе як найгоршыя дзікуны-разбойнікі: палілі вёскі, грабілі, гвалтавалі жанчынаў, і ня столькі ганяліся за партызанамі, колькі за хатняй жывёлай і птушыной, за гусямі ды курамі.

Калі ўся аколіца была ўжо агалочаная ды ўсё спустошана, тады гэтая банда была пэўная, што партызаны там ужо не завядудца, бо там няма чаго ўжо грабіць, і яна перасоўвалася ў другое месца. Акружаўся Камінскі гэткім сільным штабам, што Немцы не маглі яго арыштаваць, калі ён ня выконваў іхныя загады. Вясной 1944 году ён перакінуўся пад Берасьце, а летам перайшоў на левы бераг Віслы. Тут Немцы выклікалі Камінскага з штабам на канфэрэнцыю ў Лодзь, дзе яго арыштавалі, судзілі ды расстралялі, а ягоная банда была расфармаваная.

Чацьвёртай вайсковай пранямецкай фармацыяй была Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС у сіле 2500 чалавек ды пад кіраўніцтвам палкоўніка Радыёнава й маёра Блажэвіча. Абодва гэтыя савецкія вайскоўцы трапілі ў палон у канцы 1941 году й сядзелі ў абозе сьмерці каля вёскі Крывулькі ў Сувальшчыне, скуль, як я ўжо ўспамінаў, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Горадні выцягнуў пару сот нашых суродзічаў.

Гэтая група мела ўжо сваё нацыянальнае аблічча з туманнай праграмай, што пасьля разгрому бальшавізму Расея мае жыць шчасьліва пад пратэктаратам Гітлера. Ужо летам 1942 году Немцы кінулі іх пад Слуцак, дзе яны спачатку крыху лепш біліся з партызанамі чым аддзел Камінскага й ня так зьдзекваліся над жыхарствам. Хутка аднак Расейцы пачалі ўцякаць да сваіх, у партызаны, Радыёнаву, за недагляд, прыйшлося расстраляць маёра Краўчанку й больш ста падазроных у пракамуністычных сымпатыях адаслаць у лагер сьмерці.

У траўні-чырвені брыгада Радыёнава брала ўдзел у ліквідацыі партызанскага гнязда напоўнач ад Менску. Партызанская вярхушка вырвалася з акружэньня якраз на адрэзку, дзе кіраваў Радыёнаў. Злавілі толькі пару тысяч сялянаў зь сем'ямі, якіх бальшавікі сілаю загналі ў лес. Гэта кінула цень на Радыёнава, яго перакінулі на тылы, у ваколіцу Каралеўшчына-Даўгінава. Тут гэтыя «ваякі» хадзілі ў лес пастраляць у пустую ды варочаліся абвешаныя сырамі, курамі й самагонкай. Радыёнаў у гэтым часе дамовіўся з галоўнай кватэрай партызана Жалязьняка.

Нашыя сяляне ведалі загадзя й данасілі, што Расейцы пойдуць у партызаны, бо яны расстрэльвалі тых сялян, якія паказвалі сьцежкі да партызанскіх логаваў, або данасілі, дзе партызаны падкладалі міны. Немцы, без загаду зьверху, ня верылі нашым сялянам, але беларускія паліцыйныя адзінкі стаялі ўвесь час напагатове.

Нараніцы 16 жніўня 1943 году Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС ударыла знянацку на Немцаў — і то дзе? У Даўгінаве! Яны забілі 32 Немцаў, сярод якіх колькі высокай рангі афіцэраў, подступам схапілі былога кіраўніка Самааховы палкоўніка князя Мірскага ды бурмістра Даўгінава Парфяновіча, і спалілі ўвесь цэнтар Даўгінава. Пасьля спалілі станцыю Смаленіны, нападалі на станцыю Каралеўшчыну, дзе таксама спрычынілі страты, але ня ўзялі яе.

Страты ў людзях тады былі б шмат большыя, каб нашая паліцыя не дала адпор радыёнаўцам, пакуль не ачухаліся ад варожага наскоку й Немцы. Да беларускай паліцыі далучылася й пару сот Расейцаў ды колькі іхных афіцэраў.

Пару дзён пасьля, па загаду партызанаў, Радыёнаў атакаваў, але бяз рэзультату, Куранец і Вялейку, панёс вялікія страты, і тады адышоў на поўнач у лясы. Немцы выслалі за ім пару сваіх брыгадаў акружылі й у бальшыні вынішчылі ягоную баявую сілу. Сам Радыёнаў быў паранены ды памёр на месцы.

З выпадку з Радыёнавым можна зрабіць высновы аб тым, што Немцы пад восень 1942 году разьвязалі ды абезаружылі нашую Самаахову, за якой стаяў увесь народ, нашая паліцыя і адміністрацыя, з страху. За мілітарнае супрацоўніцтва беларускі народ усюды дамагаўся адміністрацыйна-дзяржаўных правоў. Калі пасьля здрады Немцам Камінскага, Радыёнава й Палякаў тылы нямецкія сталіся трэцім непрадбачаным фронтам, у кастрычніку-лістападзе Немцы ізноў зьвяртаюцца да Беларусаў з прапановай шырэйшага вайсковага супрацоўніцтва.

Было гэта аднак пасьля Сталінграду, Курску й Украінскай кампаніі, дзе Немцы панесьлі міліённыя страты. Аліянты-ж гэтым часам выбілі з строю Італію, спалілі 90 % нямецкіх большых местаў і зьнішчылі румынскую нафту ў Плоэшці. Немцы ўжо не маглі ставіць гэткага супраціву, як 1–2 гады таму назад і не маглі таксама даваць эфэктыўнай дапамогі сваім саюзьнікам. Чакалі на палітычныя зьмены ў Саветах, але іх там ня было. Сталін ужо вылез з свайго сховішча ды забыўся аб вялікім «драпе» з Масквы 10–19 лістапада 1941 году, ды ізноў трубіў аб камунізьме.

Калі Немцы аж да ўпадку не зьмянілі свайго нацыстоўскага пляну на Усходзе ды ня прызналі незалежнасьці ні Беларусі, ні Украіны, дык бальшавікі, разумеючы важнасьць гэтага для прапаганды, ішлі шмат далей. Іхны ўзурпацыйны ўрад падпісаў ад імя Беларусі й Украіны хартыю Задзіночаньне Нацыяў. Гэткім спосабам Беларусь, разам з 25 іншымі дзяржавамі, сталася сябром-засноунікам гэтае міжнароднае арганізацыі.

У кастрычніку 1943 году ў Маскве чатыры наймагутнейшыя дзяржавы — Кітай, ЗША, Англія й Савецкі Саюз — фармулююць праграму Задзіночаньне Нацыяў гэткімі словамі:

«Трэба стварыць хутка, як толькі магчыма, агульную міжнародную арганізацыю, абапёртую на прынцыпе сувэрэннай роўнасьці міралюбных дзяржаваў ды даць доступ да яе ўсім іншым дзяржавам для ўтрыманьня супакою й бясьпекі».

Гэтак Беларусь, як дзяржава, юрыдычна была быццам прызнаная ўсім сьветам. Калі аднак-жа ў 1945 годзе Савет БССР у Менску вынес пастанову, што забралая ад Немцаў ды суседняя да беларускіх земляў Усходняя Прусія павінна быць далучаная да беларускай рэспублікі, каб гэтак быў доступ да мора праз Каралевец, гэтая пастанова была адкінутая Вярхоўным Саветам СССР (чытай — Масквой) ды Усходняя Прусія была далучаная да Расейскае ССР, гістарычны-ж назоў Каралевец быў заменены на Калінінград.

НА МАНЭЎРАХ

Прынята ўважаць, што вайсковыя манэўры, гэта ўкараняваньне ваеннае падрыхтоўкі кожнага войска. І вось, на пачатку чэрвеня 1944 году, я прысутнічаў на манэўрах БКА маёй акругі. Тут я сустрэўся з галоўным інспэктарам БКА маёрам М. Якуцэвічам. Зь ім я знаўся з 1941 году, з часоў мае бытнасьці ў Горадні, дзе пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ён арганізаваў беларускую паліцыю. Пазьней ён коратка быў у Баранавічах, стуль пастаўлены быў камандзірам Беларускай Самааховы ў Наваградку. Цяпер я пабачыў яго ў сваёй акрузе. У манэўрах брала ўдзел і паліцыя ды адзінкі АК з польскага «падпольля», што былі на нямецкім утрыманьні ды кляліся ў вернасьці справе супольнага змаганьня з камунізмам. Якуцэвіч на гэтых манэўрах выявіў вялікі вайсковы й стратэгічны талент.

Вось мы едзем аўтам у паўночна-заходнім кірунку, дзе нашыя й польскія зьвязы атакуюць «няпрыяцельскія» пункты. Хутка мы далучаемся да нашага сярэдняга аддзелу, што меў праводзіць стратэгічную атаку. Праз лярнэтку я бачыў як па лініі фронту перабягаюць паадзіночныя жаўнеры.

— Вось цяпер у запраўдным баі мы былі-б пад артылерыйным агнём няпрыяцеля, — сказаў Якуцэвіч. — Яго нам трэба было-б прыцішыць нашай артылерыяй ды пасьля штурмаваць танкамі!..

Пасьля мы пераяжджалі з адной пазыцыі на другую, згодна з загадамі маёра Якуцэвіча й капітана Шмаціна. Мы студыявалі ход «баёвай» акцыі, наколькі нам, «цывільным», гэта было, гледзячы праз лярнэтку, зразумела. «Нашыя» войскі стралялі сьляпымі патронамі, ды час-ад-часу выстрэльвалі ўгару каляровыя ракеты. «Варожы» лягер урэшце быў здабыты.

Познай ноччу мы вярнуліся ў свае сядзібы. Назаўтра мы сустрэліся ў будынку намесьніка БЦР. Наш галоўны камандзір казаў, што ў манэўрах былі некаторыя добрыя паказнікі, аднак не хапае нам для запраўднае бітвы мадэрнага аружжа, самалётаў і панцырнай зброі!

Пасьля нашага адыходу на Захад, сустрэў я маёра Якуцэвіча ў Лодзі. Ён там, адарваны ад бацькаўшчыны, раптам павярнуў у новую нямецкую акцыю — у расейскую Ўласаўшчыну. Як гэта, паважны здавалася-б, чалавек можа мяняць свае сьцягі ў залежнасьці ад павеву ветру? Якуцэвіч не хацеў слухаць голасу нацыянальнага абавязку й гонару ды пайшоў на абяцанкі зманлівых, у дадзеным ваенным палажэньні нерэальных прапановаў. Маскалі яго зараз-жа ўзвысілі на падпалкоўніка РОА.

Пазьней я даведаўся пра далейшы лёс гэтага нашага каньюнктурыста. Увосені 1945 году ў Лінцы, Аўстрыі, Аліянты перадалі яго, разам з тысячамі іншых уласаўцаў, бальшавікам.

Важнай праявай маёй дзейнасьці як намесьніка БЦР было сарганізаваньне ў Вялейцы Падафіцэрскай Школы. Падбор інструктараў ды матэрыяльнае забясьпечаньне былі вельмі цяжкімі праблемамі. Аднак, пры дапамозе капітана нямецкай паліцыі Вэнцэля ды нашых людзей, як Шмаціна й Бабіна, усе цяжкасьці мы перамаглі ды школу заснавалі. Быў знойдзены адпаведны будынак на 85 чалавек, забясьпечаны харч і адзежа, раздабытая зброя. Школу ачоліў прафэсійны вайсковы інструктар К., выкладчыкамі былі афіцэры й старэйшыя падафіцэры. Хутка Вялейка загудзела бойкім жыцьцём нашай кадравай школы. Усе зь яе цешыліся, бо гэта была нашая надзея.

У гэтым таксама часе назначыў я В. Місюля акруговым асьветным афіцэрам. Ён у сваю чаргу падбіраў сабе батальённых і ротных асьветных афіцэраў.

Ды вернемся да храналягічных падзеяў. Яшчэ ўсё ня было крута з фронтам у Беларусі. Быў гэта травень 1944 году. Наведаў я мясцовы шпіталь. Прыгожы, перапоўнены хворымі, будынак. Недахоп лекаў і перавязачных матэрыялаў — вось паўсюдная бяда. Дырэктарам шпіталя быў Караім, вельмі добры й агульна паважаны чалавек, але страшэнна прыгнечаны. Немцы расстралялі ягоную жонку за тое, што была Жыдоўкай. Не знайшоў тут я ніводнага лекара Беларуса — усе былі Расейцы. Канцылярыя таксама вялася парасейску.

Ну, думаю сабе, а як-жа-ж тут з промыслам? І вось я ў хвабрыцы мэблі, дзе працавала каля 60 чалавек. Намінальным кіраўніком хвабрыкі Немец, майстры й работнікі — нашыя людзі.

— Што вырабляеце тут? — пытаюся.

— Робім крэслы, сталы, шафы, бюровае абсталяваньне, ды ўсё, што заказваюць.

— А дзе ўсё гэта расходзіцца?

— Немцы забіраюць на ваенныя патрэбы.

— А для людзей тутэйшых што пападае?

— Часам той-сёй дастае сабе нешта за дазволам зондэрфюрэра.

Агледзеў я склады сыравіны. Поўна першакляснае, як звон, драўніны. Тут дуб, ясень, клён, сасна, бяроза, Я падумаў: вечнае кола на нашай зямлі, зьмяняюцца толькі акупанты, каб рабаваць нашае дабро.

Не прайшло двух дзён, як у намесьніцтва ўваходзіць пажылы чалавек з стройным крэслам-фатэлем з рэзанымі ўпрыгожаньнямі.

— Прымеце, спадар намесьнік, гэтае крэсла, як дар ад нашай хвабрыкі. Я там майстрам мэблі, а, паза хвабрыкай, прапаведнік збору баптыстаў.

— Шчыра дзякую, — кажу яму. — Гэта довад, што хоць ваенны час, ды вы будуеце наш супольны Беларускі Дом. І вы гэта прыгожа задэманстравалі. Маліцеся ў сваёй сьвятыні за беларускі народ, але не на чужой мове, але сваёй роднай, якую нам Бог даў, каб мы яго ад шчырага сэрца славілі не як нейкія чужнікі, але як ягоныя божыя дзеці!

— Будзем старацца, толькі скуль дастаць Біблію ў роднай мове? — адказаў ён.

ВІЗЫТАТАРЫ-ГОСЬЦІ

Пад лета 1944 году зьявіліся ў Вялейцы наведвальнікі зь Менску. Першым быў В. Чабатарэвіч, які належыў да галоўнай вайсковай камісіі БЦР.

Прыняў я яго з усімі гонарамі. Селі мы ды сталі абмяркоўваць палажэньне. Нашыя пагляды разыходзіліся. Ён стаў мяне вучыць, як я маю падыходзіць да Немцаў, як маю вучыць жаўнераў БКА, як трэба ўздымаць беларускі патрыятызм…

Я ўважаў, што ў гэтых справах асновы маю грунтаўнейшыя, дык ягоныя настаўленьні, з пазыцыяў менскага верхаводзтва мяне не пераконвалі. Я яму адказаў:

— Дарагі сябра, я дастаткова знаёмы з палажэньнем ды ведаю добра, што маю казаць Немцам, што гаварыць жаўнерам БКА. Там камандзірам кап. Шмацін з сваім штабам і няма падставаў вучыць яго чагосьці новага.

У канцовак гутарцы я сказаў:

— Будзьце ласкавы перадаць пану Кушалю, што да гэтага часу дастаў я зь Менску ня больш 12 000 остмарак, а патрэбна ня менш 32 000. Ня маю чым аплаціць найбольш важныя выдаткі. Далей, у нас вельмі недастатковае ўзбраеньне ў аддзелах БКА, дзеля чаго ня можам належна адбіваць партызанаў, а тымбольш прасьледаваць іх у нашых лясох.

Нашая дыскусія спыніліся. Было ясна, што, не зважаючы на прапаганду, Беларусы ня могуць пастанаўляць у сваіх нацыянальных справах паводля сваіх нацыянальных патрэбаў!

Чарговым візытатарам у Вялейцы быў сам прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі. Ягонае прыбыцьцё было пададзенае нам да ведама загадзя й мы яго чакалі на лётнішчы.

Сустракалі яго гэбітскамісар акругі, кіраўнік нямецкай прапаганды, прадстаўнік СД. З нашага боку я, як намесьнік БЦР, камандзір БКА кап. Шмацін, старшыня места Вялейкі Залеўскі ды бурмістр акругі Скабей.

Прэзыдэнт Астроўскі прывітаўся з усімі й мы паехалі ў намесьніцтва. Там я пачаставаў дастойных гасьцей вельмі сьціпла, бо ў мяне самога запасы былі невялікія.

На галоўным пляцы места выстраілася тымчасам войска БКА для агляду. Туды мы й падаліся з прэзыдэнтам. Немцы-ж пайшлі дамоў, абяцалі быць на праектаванай канфэрэнцыі. Прэзыдэнт Астроўскі коратка, але горача, прамовіў да жаўнераў, пахваліў іхнюю спраўнасьць, абяцаў усё магчымае, каб аблегчыць ім жыцьцё й каб нашая справа перамагла.

Пасьля перагляду войска, усе прадстаўнікі ўлады, разам з прэзыдэнтам, узяўшы вайсковы канвой, паехалі да Жаўткоў. Прэзыдэнт хацеў паглядзець тамашні батальён БКА ды падзякаваць жаўнерам за іхнюю баёвую стойкасьць. Пагода была паганая: была слота, падаў, пры моцным ветры, сьнег з дажджом. У Жаўткох, перад будынкам кватэры БКА, ужо чакалі жаўнеры. Прэзыдэнт узышоў на трыбуну, гаварыў ад сэрца, прыгожа й палка, але даўгавата, і пры гэткім надвор'і жаўнеры сталі мерзнуць. Закончылася ўсё агульнай інспэкцыяй жаўткоўскага гарнізону, і пад вечар вярнуліся мы, з сваёй аховай пад камандай кап. Вэнцэля, да Вялейкі.

Калі мы ўвайшлі ў намесьніцтва, я ня верыў сваім вачам: на састаўленых двух вялікіх сталох ляжала мяса, сала, сыры, рыба, селядцы, сырая капуста ды іншая еміна, і стаялі бутэлькі з каньяком. Гэта Гравэ, у дамове з гэбітскамісарам, падрыхтавалі так канфэрэнцыю з прэзыдэнтам БЦР. Найшло гасьцей, што цяжка было іх і пасадзіць. Ад Немцаў былі гэбітскамісар, кіраўнік СД Гравэ, ягоны заступнік Дуклявэ, заступнік гэбітскамісара Руткоўскі, кіраўнік прапаганды Мантольд. З нашага боку — прэзыдэнт Астроўскі, я, Бабіч, Шмацін, Місюль, Чалоўскі, Скабей. З крымінальнай паліцыі — Перамыкін і Кажан.

Я, як намесьнік БЦР, ці бо прадстаўнік мясцовае беларускае ўлады ў акрузе, прывітаў прэзыдэнта й усіх прысутных. Пасьля гэтага пачаліся застольныя гутаркі. Былі й прамовы, і з боку Немцаў, і нашага. Кіраўнік СД Гравэ абяцаў узмацняць усімі сіламі справу тварэньня беларускага войска, паліцыі, ды іншых рэсурсаў для змаганьня з бандамі. Пры гэтым прызнаваўся ён і да свае віны ў некаторых «памылках» у дачыненьні да Беларусаў, называючы прозьвішчы Калодкі ды Родзевіча. Скончыўшы прамову, ён перапрасіў усіх за тое, што мусіць разьвітацца, паклікаўся на свае абавязкі.

Гэбітскамісар расхвальваў мяне перад прэзыдэнтам гэтак, што аж мне было непрыемна. На заканчэньне прамовіў прэзыдэнт Астроўскі. Ён падзякаваў Немцам за супрацоўніцтва, прасіў далей дапамагаць ды належна забясьпечыць нашае войска ў зброю, абмундзіроўку, абсталяванне. Беларусаў заклікаў да ўпорыстых наступаў пры будаўніцтве свае дзяржаўнае адміністрацыі, бясьпекі ды палепшаньня народнага дабрабыту. Перад захадам сонца канфэрэнцыя скончылася й прэзыдэнт адляцеў да Менску.

7 чэрвеня 1944 году Вялейку адведаў галоўнакамандуючы БКА пал. Ф. Кушаль. Я даў яму кароткі агляд стану нашых сілаў у акрузе, пасьля гэтага камандзір Шмацін з заступнікам Бабінам абвялі яго па ўсіх ротах БКА ў Вялейцы ды паказалі Падафіцэрскую Школу. Наведаў ён і батальён у Жаўткох. Вярнуўся вечарам у намесьніцтва вельмі стомлены. Я наварыў бульбы, знайшліся скваркі ды іншае. Мы сядзім, талкуем.

Палкоўнік Кушаль апавядаў, як праходзіла жудасная нямецкая апэрацыя «Котбус», як Немцы, з аддзеламі Жамойцаў, Латышоў, Украінцаў, палілі вёскі, вынішчалі беларускае жыхарства, ды ў сваіх «бэрыхтах» падавалі гэта як «перамогу» над партызанамі. Партызаны-ж, тымчасам, мала дзе пацярпелі. Цяпер, калі паўстала БЦР ды БКА, нямецкія дачыненьні да народу паправіліся. Ды гэта ўжо запозна, бо яны пазаганялі людзей у партызаны. А ў Нармандыі ўжо высадзіліся Аліянты ды адкрылі другі фронт.

Я з свайго боку апавядаў «анэкдоты», як «пазычыў» у зондэрфюрэра 20 тонаў бульбы для БКА, і як нашыя жаўнеры ўкралі зь нямецкага складу палявую мадэрную кухню, ды рознае іншае.

Назаўтра раніцай сьнеданьне ізноў «бульбянае». Гэтым разам высокаму госьцю я падаў да бульбы кіслае малако. Госьць паспрабаваў і кажа:

— Ведаеце, спадар намесьнік, вы далі мне сьмятану!

— Не, не, спадар палкоўнік! — кажу, — гэта ў нас такое малако!

— Вы будзеце пашкадаваныя, бо гэта сапраўдная сьмятана. Ды я ўжо больш не магу… А дзе вашая жонка? — пытаецца ён мяне. — Гаспадыні лепш разьбіраюцца ў кулінарных справах!

— Жонка паехала да сваіх, — кажу, і паглядзеў у шафку, а там збанок зь кіслым малаком някрануты! Дык я пераблытаў збанкі ды выхваляў Вялейскае кіслае малако!

— А што! Я-ж вам казаў, што гэта была сьмятана! — сьмяяўся палкоўнік Кушаль, рагаталі мы абодва.

Ад'язджаючы да Менску, пал. Кушаль хваліў мяне за добры парадак у БКА, за дысцыпліну й патрыятычны настрой у аддзелах. Пад шум гэткіх наведзінаў патрыятычны ўздым бясспрэчна мацнеў.

Але быў і кашмар. Стаіць мне ў вачох апавяданьне настаўніка Русецкага зь вёскі Дораў, які, дзесьці ў канцы 1943 году, вырваўся там з запраўднага пекла, калі Немцы з украінскімі аддзеламі акружылі вёску, што знаходзілася ў лесе, і таму да яе часта заглядалі партызаны, ды сталі зганяць людзей у мясцовы драўляны касьцёл.

Зондэрфюрэр, які калісьці жыў у хаце настаўніка Русецкага, сказаў яму, каб ён зараз-жа ўцякаў з жонкай і дзіцём зь вёскі, бо будзе бяда. Русецкі, схапіўшы дзіцё, бяз духу дабег з жонкай да лесу, і там яны прыляглі, каб аддыхацца. Яны чулі страшныя крыкі, енкі й стрэлы, а пасьля бачылі, як касьцёл, пры моцных выбухах гранатаў, ахутаўся дымам і агнём. Шмат людзей бегла ў лес, сярод іх дзеці. Па іх стралялі, гналіся на конях, дабівалі. Русецкі й ягоная жонка зь пярэпалаху дасталі нэрвіцы сэрца.

І ці-ж мала было гэткіх дантэйскіх сцэнаў? І ці яны больш не паўторацца?

ВІЗЫТАЦЫЯ Ў МАЛАДЭЧНЕ

Напачатку красавіка 1944 году паехаў я да Маладэчна, каб у гэтым павеце правесьці школьную інспекцыю. Ехаў пад аховай беларускай паліцыі ды ў асысьце акруговага школьнага інспэктара Сыракваса й школьнага камісара Шульца. Падарожжа адбылося бяз прыгодаў. Усюды нас сустракалі беларускія настаўнікі й мясцовыя патрыёты. Мы ўсюды дадавалі ім бадзёрасьці.

І ў Беларускай Гімназіі ў Маладэчне я прамовіў у падбадзёрваючым тоне, асьцерагаючы адначасна ад палітычных ды нацыянальных адступнікаў. Рэакцыя была вельмі здаровая, моладзь крычала «Брава! Брава!» Відаць было, што яна інстынктам разумее свой нацыянальны абавязак у трывожную пару гісторыі. Б. Кіт, дырэктар гімназіі, падзякаваў мне шчыра за гарачыя словы, а за ім дзякавалі вучань і вучаніца.

Пасьля перапынку мы пайшлі ў народны дом. Там адбывалася якраз зборка мясцовых паэтаў і пісьменьнікаў. Прысутных было каля трыццаці асобаў. Чыталіся празаічныя й вершаваныя творы. Творы некаторых ужо друкаваліся, іншыя ставілі яшчэ толькі першыя крокі ў дарозе на «Парнас». Тэмы — патрыятычныя, любоўныя. Адзін паэта чытаў урыўкі з паэмы пра Вітаўта Вялікага. Ніколі не спадзяваўся, што ў Маладэчне знайду аж гэткі вялікі беларускі літаратурны гурток. Аказалася праўда што калісьці пісаў Максім Танк: «Паэтаў у нас, як каласоў на нівах!»

Перад ад'ездам гутарыў з прадстаўнікамі беларускай паліцыі. Былі гэта выхадцы зь сялян і работнікаў, гадунцы А. Калодкі. Хоць ён сам пацярпеў ад нашых ворагаў, але здолеў стварыць патрыятычныя паліцыйныя кадры. Успаміналі яго зь вялікай пашанай і жалем, што сярод іх больш яго няма. Яны заяўлялі, што ня зыйдуць з фронту нацыянальнага змаганьня з ворагамі за свабоду народу. Было радасна на душы, назіраючы, як хутка й глыбока вызвольнымі сокамі насякае наш маладняк.

Калі пачало сутунець, нашая кавалькада павярнула да Вялейкі, у сталіцу акругі, перасякаючы 20-ці кілямэтравы лес, што цягнецца між Маладэчнам ды Вялейкай. Трымалі мы зброю напагатове, але ніхто ня стрывожыў нашага павароту.

Неўзабаве ў Вялейцы я візытаваў міравы суд. Старшынём суду быў магістар права Часлаў Найдзюк, ягоным-жа заступнікам Мікола Кунцэвіч. Праца праводзілася нармальна, паседжаньні суду адбываліся двойчы ў тыдзень. Уся канцылярыя вялася на беларускай мове. Настрой — бадзёры.

— Як-жа-ж у вас справы? — пытаюся старшыню суду Ч. Найдзюка.

— Не занадта добра, — адказвае. — Слаба арганізаваная выканаўчая ўлада. У судовыя справы часта ўмешваюцца, з пазыцыяў акупацыі, розныя зондэрфюрэры, ды за подкуп — сала, золата, — паралізуюць выкананьне прысуду. У некаторых выпадках справы карэктуюцца ў гэбітскамісарыяце, у іншых — засуджаны ўцякае ў лес…

— Якія-ж справы вы судзіце?

— Судзім толькі справы цывільнага характару ды меншыя справы крымінальныя. Усе палітычныя справы, ды цяжкія крымінальныя, вядзе СД.

— А якім вы карыстаецеся кодэксам?

— Больш за ўсё польскім, зь нямецкімі зьменамі ў часе ванны.

— А чаму польскім?

— Бо кодэкс савецкі страшэнна жорсткі, палітычны, тэндэнцыйны, а мы свайго беларускага пакульшто ня маем.

Я падзякаваў прадстаўнікам беларускае юстыцыі ды цешыўся, што справа справядлівасьці ў надзейных руках.

АПОРНЫ ПУНКТ

Адведаў я таксама наш апорны пункт у Палачанах ля Маладэчна. Ведама, паехаў туды пад аховай узброенай старожы. У Аборніках мы спыніліся ў мясцовага каталіцкага пробашча. Малады ксёндз прыняў нас вельмі ветліва, ды даў, у беларускай мове, інфармацыі аб жыцьці мясцовых людзей, аб іх клопатах, аб дакуках савецкіх бандаў, што начамі находзяць з суседніх пушчаў ды ўсё чыста рабуюць. Я не спадзяваўся, што сустрэну тут беларускага каталіцкага сьвятара, які чытае віленскі «Беларускі голас». Паказваў мне старанна падшытыя нумары газэты. Сустрэлі мы й старшыню Дворнікаў. Ён нам скардзіўся:

— Бяда ў нас! Грабяць партызаны ды тэрарызуюць! Ці няма нейкае рады, каб перад гэтымі бандытамі абараніцца?

У беларускім апорным пункце, дзе 350 чалавек адбівала напады савецкіх бандаў на беларускае мірнае жыхарства, мы прабылі каля гадзіны. Там нам паказвалі лікі зьнішчаных бальшавіцкіх агрэсараў ды іхных агентаў, якія намагаліся перайсьці з пушчы праз рэчку, але на пераходных пунктах паклалі свае галовы.

Камэндант апорнага пункту ведаў загадзя аб нашым прыезьдзе, дык усю сваю збройную сілу выстраіў для агляду. Я пазнаёміўся з жаўнерамі й афіцэрамі. Мне быў прадстаўлены малады жаўнер, што сам адзін зьнішчыў колькі партызанаў, ды прынёс у гарнізон аж сем стрэльбаў.

Аказалася, што гэты хлапец выявіў ня толькі баёвую адвагу, але й вялікі разьведны розум. Ён гарантаваўся, што саветчыкі на вывед высылаюць па тры асобы: двух мясцовых ды аднаго скінутага парашутам палітрука. Ведамымі сабе пераходамі праз раку яны паходзілі на беларускае жыхарства. Тады хлапец гэты, пасьля захаду сонца, сам адзін хаваўся з аўтаматам у кустох ды чакаў ля пераходу. І калі валацугі спрабавалі пераходзіць раку, адкрываў па іх агонь. Ці іх клаў, ці не, цяжка сказаць, але на месцы пераправы знаходзіў стрэльбы. Гэтага героя я прадставіў да ўзнагароды мэдалём. У далейшым мы спыніліся ў маёнтку пана Сенажэцкага. Там быў манумэнтальны палац, у ім можна было-б памясьціць тысячы нашых жаўнераў. Аглядалі мы таксама й палачанскую пачатковую школу. Абодва гэтыя будынкі тыдзень пазьней спалілі бальшавіцкія дывэрсанты. Пры зьмярканьні мы вярнуліся да Вялейкі.

ВЯЛІКДЗЕНЬ У КУРАНЦЫ

Ужо добра зганяла з палёў сьнег ды пад подыхам вясны пачынала аджываць рунь. Ды лес усё яшчэ стаяў пануры, калі мы ехалі да Куранца на ўсяночную й Вялікдзень да айца Янеля, які запрасіў нас на гэтае ўрачыстае сьвята. Едзем хурманкай памалу, бо дарога мокрая, гразкая. Сунемся ціха, бо наш воз, плывучы па гразі, нават не ляскатаў. Аж тут мой ад'ютант з хурманом настаражыліся ды кажуць:

— Спадар намесьнік, гляньце! Там на стаўпе вісіць чалавек.

І запраўды вісеў чалавек. Мы стрывожыліся. Аб'ехаць было немагчыма, вярнуцца назад — нязручна, дык едзем далей. Хутка параўняліся зь вісельнікам. Галава скручаная ў бок, твар сіні, шыя выцягнутая, рукі зьвязаныя ззаду. На ім брудная ватоўка ды гэткія-ж нагавіцы. Абутак быў зьняты, пасінелыя ступні зьвісалі ўніз. На грудзёх вісельніка вісела таблічка з напісам парасейску: «Я взрывал железную дорогу».

Нам стала ясна, што гэта ахвяра бальшавіцкай партызаншчыны з аднаго боку, а нямецкага зь ім змаганьня з другога. Мы моўчкі паехалі далей, а ў галаве таўкліся цяжкія думкі: «Хто гэты вісельнік? Ці ён насланы, скінуты бальшавіцкай хэўрай чужынец, ці імі адурманены або загнаны ў лес Немцамі наш суродзіч?» Ці так, ці гэтак, пераймаў жах ад дзікага звырадненьня сучаснага чалавецтва.

У Куранцы, як мы знайшлі, палажэньне было апанаванае. Людзі, не зважаючы на партызанскі й нямецкі тэрор, сьвяткуюць найбольшае хрысьціянскае сьвята, Вялікдзень, Ускрашэньне Хрыста. Немцы далі дазвол на ўсяночную, пад умовай, што людзі зьбяруцца ў царкве яшчэ зь вечара, да захаду сонца, ды будуць там маліцца да раніцы, што ў часе ўрачыстае працэсіі ня будуць страляць ракетаў ці салютаў. Куранецкая паліцыя кардонам ахоўвала царкву й вернікаў.

Назаўтра раніцай мы заселі за вялікодны стол, багата застаўлены айцом Янелем. Хрыстосваліся, выпівалі, гаманілі, сьпявалі, як бывае на Вялікдзень. Каля паўдня мы пайшлі зьведаць куранецкія ўстановы. Аказалася, што пра вайну ў гэты дзень ніхто ня думаў. Людзі разьвяселеныя, бадзёрыя, у сьвяточным вялікодным настроі. Куранец гудзеў, як вулей у вясновым аблёце.

Я наведаў паліцыю. Камэндант прадставіў талковы плян абароны перад бандамі, прасіў больш амуніцыі. Пахваліў я яго за добры плян і за парадак у мястэчку, абяцаў выстарацца больш узбраеньня й амуніцыі.

Хутка мы вярнуліся да Вялейкі. На Вялікдзень ня можна было пакінуць самую сям'ю, прыяцеляў і супрацоўнікаў. За Куранец мы былі спакойныя.

РОЗНЫЯ ВІЗЫТАТАРЫ

Аднойчы раніцай мой ад'ютант паведаміў, што ўцёк на кані ад партызанаў нейкі малады хлапец з-пад Мядзела ды хоча са мной гаварыць. Цікавая, думаю, справа. Я згадзіўся пабачыць яго, адно спачатку распытаўся пра гісторыю ўсяе гэтае падзеі.

Ад'ютант паведаміў, што гэты хлапец і ягоныя два браты былі ў партызанах. Раз ён знайшоў раськіненую лятучку-адозву ад нямецкіх і беларускіх уладаў, каб партызаны пераходзілі з зброяй на наш бок і тады яны ня будуць караныя, будуць вольнымі, ды могуць паступіць на службу свайму народу пад сьцягі БКА. Ён тады пастанавіў уцячы ад партызанаў. Калі пазьней савецкі партызанскі камандзір выслаў раз гэтага хлапца з канём на навакольную выведку, дык ён павярнуў на Вялейку, ды праехаўшы кілямэтраў 30 быў затрыманы нашымі патрулямі на акраінах места.

Я сказаў прывесьці яго ў намесьніцтва. Гляджу, хлапец гадоў 19, добрага складу ды сымпатычнага выгляду.

— Сядайце, — кажу яму, — крыху пагутарым. Адкуль вы?

— Быў у партызанах, бо Немцы ў суседняй вёсцы шмат людзей пабілі, а я баяўся, што й мяне схопяць, бо мае браты былі забраныя саветчыкамі.

— А як вы надумаліся ўцякаць?

— Пры шашы да Мядзела я знайшоў панашаму пісаную адозву да партызанаў з подпісам Беларускай Рады. У ёй пісалася, што хто пяройдзе да Беларусаў з зброяй, таго ня будуць караць. Аб гэтым я нікому не казаў, але сам надумаўся ўцячы.

— А што гавораць між сабою партызаны? Ці яны таксама хочуць уцякаць?

— Нічога не гавораць, бо адзін аднаго баіцца, каб ня выдаў саветчыку. Тады застрэляць. Таму й я нічога нікому не гаварыў. Але дабра там няма. Ганяюць, як сабак: што дня ідзі, падстаўляй сваю галаву. А ў зямлянках якое там жыцьцё — вошы, бруд, голад, зьдзек камандзіраў…

— А ты часам ня шпіён сталінскі? — пытаюся.

— Які я шпіён, паночку! Я рады, што вырваўся з гэтага пекла. Каня свайго буланага хачу вам даць, каб ня ўзялі Немцы. Буду добра служыць у беларускім войску…

— Добра, — кажу, — так і трэба, будзеш служыць. Але памятай, што ў нас ня лес. У нас служба для свайго народу, якая патрабуе найлепшых жаўнераў.

Пасьля нарады з старшынамі мы прынялі гэтага хлапца ў БКА. Ведама, у нас заставалася пачуцьцё настарожанасьці, што ён можа быць і добрым хлопцам, і таксама шпіёнам. Дык быў вызначаны за ім нагляд. У гэтым часе ў розных мясцовасьцях партызаны цэлымі групамі, з зброяй, пераходзілі да беларускіх, або да нямецкіх уладаў.

У першых днях чэрвеня 1944 году зьявіўся ў намесьніцтва відны рыжы дзяцюк ды пачаў гутарку з выразным усхваляваньнем:

— Спадар намесьнік, — кажа, — мы мусім сарганізаваць сваю тайную арганізацыю супроць усякіх нашых ворагаў.

— Якіх? — пытаюся.

— Бальшавікоў і Немцаў, Палякаў ды іншых.

— Чаму? — пытаюся, — ці нам не хапае БЦР?

— Хапае, не хапае, але гэтага ўсяго замала. Вось я сёньня меў гутарку з польскімі правакатарамі.

Аказалася, што гэта быў Уладзіслаў Рыжы-Рыскі, які меў лучнасьць з гэтак званай Беларускай Незалежніцкай Партыяй, якую ў той час успамагалі Немцы з Абвару, ды сяброў яе ўзбройвалі нават у аўтаматычную зброю. Ён і мне расказаў, як едучы зь Менску да Маладэчна ён меў гарачую спрэчку з Палякамі, што служылі ў нямецкім ОТ і ў якім было гняздо польскай падпольшчыны пад кіраўніцтвам польскага эміграцыйнага ўраду. Вось гэтыя агенты польскай дывэрсіі не хацелі й слухаць ягоных аргумэнтаў аб беларускім праве на сваю самастойнасьць. Тады Рыжы-Рыскі выцягнуў рэвольвэр, каб застрашыць польскіх пеўняў. Але яны рэвольвэр зь яго рук выхапілі, а яго самога выкінулі ў калідор вагону.

Рыжы-Рыскі шукаў дапамогі ў ОТ-Немцаў, але яны ня ўмешваліся. Тады ён на станцыі паведаміў нямецкую жандармэрыю аб усім выпадку. Яна затрымала чатырох Палякаў. Немцы выслухалі цярпліва ўсіх, зьвярнулі Рыжаму-Рыскаму пісталет ды перасадзілі яго ў нямецкі вагон, а Палякаў пасадзілі таксама ў ОТ вагон, без пакараньня.

Я параіў майму ваяўнічаму юнаку не чапаць усякіх чужынцаў, а калі хто нападае з набоем — проста страляць у яго.

Наведаў мяне таксама малады Беларус, адзеты ў скомканы смокінг, выглядаў вельмі перамучана.

— Я Янка Брылёўскі, бурмістр з Жодзішак.

— Вельмі прыемна пазнаёміцца. Я чуў, што на Жодзішкі быў напад, Раскажыце, як там было.

— Было так: Пасьля нямецкага сьвята Немцы, падпіўшы, смачна спалі. Беларуская паліцыя таксама была ў бараках. Толькі ў двух месцах пры ўяздной браме стаялі вартаўнікі. На досьвітку пад'яжджае як быццам нямецкі абоз зь нямецкім афіцэрам наперадзе, а далей, на колькіх вазох, былі ў нямецкай уніформе жаўнеры. У вартаўнікоў ня было падазрэньня, што гэта ня Немцы, дык яны паднялі «шлягбаум» — загародную жэрдзь. Хутка вартаўнікоў раззброілі, а там далей напалі на кватэру зондэрфюрэра ды на баракі беларускай паліцыі. У мястэчку грымела ад перастрэлаў. Я прачнуўся, адзеўся, ды хутка зар'ентаваўся, што адбываецца напад. У гэтым моманце загрукаталі ў мае дзьверы, дык я выскачыў праз вакно…

— Як вялікі вы мелі абаронны гарнізон?

— Было сем Немцаў і трыццаць пяць нашых паліцыянтаў. Калі я ўцякаў, дык па мне стралялі, чуў сьвіст куляў, аднак шчасьліва ўцёк. Аказалася, што нашая паліцыя ўсёж такі напад адбіла.

— Былі забітыя?

— О, так, былі. Першага забілі нашага кіраўніка Самапомачы Цяўлоўскага. Добры быў чалавек, беларускі дзеяч з часоў кс. Гадлеўскага. Трох з нашай паліцыі паранілі.

— А за што вас Палякі атакавалі?

— Гэта былі польскія банды, якіх Немцы ўзброілі, абмундзіравалі ды ўспамагалі, думаючы, што яны будуць ім служыць. Яны падпалілі Самапомач, Школьны Інспэктарат і іншыя беларускія ўстановы. Дык вылілі сваю польскую злосьць на нас, Беларусах… Мы думаем, што была гэта польская падпольная група, якая дзеіць пад загадамі польскага эміграцыйнага Ўраду.

Крыху пазьней да мяне зьяўляецца паручнік СД С. Бобка. Салютуе павайсковаму ды прадстаўляецца. Я саджу яго ды пачынаю гутарку:

— Я шмат чуў пра вас яшчэ ў Баранавічах. Ці вы не схацелі-б перайсьці ў рады БКА? — пытаюся.

— Я вельмі хацеў-бы ды Немцы не дазваляюць, бо належу да СД.

— А як трапілі туды?

— Спадар намесьнік, скажу вам усю праўду! Паходжу зь беднай сялянскай сям'і. Скончыў польскую сямігодку, ды ня меў за што вучыцца далей, дык падаўся ў польскую Падафіцэрскую Школу ды запісаўся на прафэсійнага падафіцэра ў польскім войску. У часе вайны я авансаваў на сяржанта ды трапіў пасьля ў нямецкі палон. Там мяне доўга ня трымалі, але адпусьцілі на жаданьне Беларускага Варшаўскага Камітэту. Я тады прыехаў да Варшавы, дзе жыла мая жонка. У Беларускім Камітэце я даведаўся, што бацькаўшчына кліча, што там лютуюць бальшавікі. Таму, калі Немцы ламанулі на ўсход, я вярнуўся дамоў. Ды дома нікога не знайшоў: ня было бацькі, маці, двух малодшых братоў і сястры. Іх бальшавікі арыштавалі ды ў марозны дзень у лютым 1941 году вывезьлі на Сібір, дзе па іх усякі сьлед прапаў. А за што? За тое толькі, што малады Бобка, ня маючы ніякага выхаду, служыў у польскім войску!..

— Ну й што далей? — пытаюся.

— Што далей, хочаце ведаць? Думаў я, што звар'яцею. Я ня мог сьцяміць, за што яны зьнішчылі маіх бацькоў, сястру й братоў. Гэта-ж яны былі бедныя пралетары. Хіба затое, што яны былі Беларусы. Я-ж супроць бальшавікоў не ваяваў, а толькі супроць Немцаў. Немцы, калі я адгукнуўся, прынялі мяне ў СД у ступені старшага падафіцэра. З нашымі беларускімі хлопцамі я хутка ачысьціў Баранавіцкі павет ад бальшавіцкай нечысьці. І вось СД Баранавічы выслала цяпер мяне на курсы ў Вялейскае СД, дзе я дастаў ступень лейтэнанта.

— Вельмі добра! — кажу. — Але, як я чуў, вы былі камэндантам Калдычаўскага лягеру.

— Быў не камэндантам, але старшым над беларускай ахоўнай групай СС у гэтым лягеры.

— Калі гэты лягер заснаваўся?

— Ён быў заснаваны летам 1942 году начальнікам СД у Баранавічах ппурмфюрэрам СС Амэлюнгам. Мяне ён там паставіў як падафіцэра й камэнданта беларускай групы СС. Начальнікам усяго лягеру назначыў гефрайтэра Ёрна, Аўстрыяка, з войскаў СС. Нам, Беларусам, было крыўдна, што гэты нямецкі прымітыў з адным лычкам мае вялікую над намі й цэлым лягерам уладу. Ён часта ўмешваўся ў справы нашага аддзелу ды публічна, перад зьняволенымі, зьбіваў нашых жаўнераў.

— За што?

— Ведаеце, спадар намесьнік, сярод нашых былі таксама хваты, якія думалі, што ім усё можна, і часам зьдзекваліся над Жыдамі. Ёрн-жа быў службісты, часам зьверскі, але не цярпеў самаволі.

— Дык у Калдычаве ня было нейкага зьдзеку?

— Ды не. Гэта быў толькі пераходны лягер. Сядзелі там вязьні да часу сканчэньня сьледзтва. Калі быў прысуд сьмерці, дык вязьня там расстрэльвалі. Калі сьледзтва выявіла нявіннасьць, тады выпускалі. Выпускалі шмат якіх, калі ня было паважнейшых довадаў для пакараньня, а нашыя Беларусы заступаліся. Галоўную ролю ў гэтай абароне пры Амэлюнгу ігралі нашыя сябры, што служылі ў палітычным аддзеле СД. Калі сьледзтва ўстанавіла толькі падазронасьць у супрацоўніцтве з антынямецкім падпольлем, дык тады высылалі зьняволеных у канцэнтрацыйныя лягеры ў Нямеччыне. Іншая рэч, што ўва ўсякай вязьніцы парадак мусіць быць…

— А якой нацыянальнасьці пераважна зьняволеныя ў Калдычаве?

— Лягер лічыць каля 300 чалавек. Зь іх 130 гэта Жыды. Гэта ня нейкія праступнікі, а толькі рамесьнікі й спэцыялістыя, якія працуюць у майстэрнях лягеру. Шмат ёсьць спэкулянтаў, што былі злоўленыя нашай крымінальнай паліцыяй. Абсалютную аднак бальшыню вязьняў твораць людзі рознай іншай нацыянальнасьці, што былі замешаныя ў бальшавіцкае падпольле, або служылі за сувязных з партызанскімі бандамі. Частка зь іх пад падазрэньнем за ўдзел у польскім падпольлі. Усе справы вядзе Баранавіцкае СД, а мы мала што ведаем.

— Як часта адбываліся ў лягеры расстрэлы засуджаных?

— Вельмі рэдка. Да сёньня там было расстраляна нябольш 50 чалавек, гэта значыць за гады 1942–1943.

— А якія ў вас заняткі цяпер?

— Я тут у Вялейцы маю колькі гадзінаў інструктажу ў тутэйшай Падафіцэрскай Школе. Вось гэта здаровы беларускі матар'ял на нашае войска.

— А ведаюць, за што ідуць змагацца?

— Думаю, што так. Нацыянальная стойкасьць у іх відавочная.

23 гады пазьней гэтага С. Бобку польскія камуністы выкрылі ў Вроцлаве, дзе ён апынуўся, ня маючы змогі ўцячы на Захад.

А вось зусім іншы абразок. У вялейскае намесьніцтва аднойчы зьявіўся рослы мужчына гадоў 34, з-пад Ільлі родам, які расказаў мне аб сваёй бядзе.

— Я, спадар намесьнік, працую ў кравецкай майстэрні БКА краўцом на сваёй машыне. Шыем для беларускага войска мундзіры з палатна. Але ў мяне вялікае гора!..

— Што такое? — пытаюся.

— Бяда! — кажа. — Мая жонка прапала!

— Як прапала?

— Раскажу вам усё, як было. Тыдні два таму назад, калі я быў у вёсцы, увалілася да нас у хату двух партызанаў ды крычаць: «Хадзі з намі, кулацкі сын!» Я стаў бараніцца, адгаворвацца, што я толькі кравец, а не які кулак. Адзін зь іх казаў мне, пад дулам стрэльбы, трымаць узьнятыя рукі, другі-ж перарыў усё ў хаце, але нічога не знайшоў. Жонкі тады дома ня было, большая дзяўчынка была ў школе, а меншая пры мне. Яна, спуджаная, галасіла. Тады камуністы павялі мяне ў кірунку лесу. Прайшлі мы колькі кілямэтраў побач хутароў. Калі-ж міналі вёску, дык адзін з партызанаў пайшоў у вёску, а другі гнаў мяне да лесу. Я наважыў бараніцца за ўсякую цану. У нагрудным кішэні ў мяне быў кравецкі нож, якім я спорваў швы. Я пастанавіў заатакаваць бандыта. Вось я звольніў ходу. Партызан таўчэ мяне дулам у плечы, а я ў гэты момант выхапіў свой нож ды дзеўбануў ім бандыту проста ў вока. Ёй завішчаў ды пакаціўся. Я тады вырваў зь ягоных рук стрэльбу, ды ходу. Вёску я мінуў бокам, каб ня сустрэцца з другім бандытам, ды прыбег дадому. І тут… Божа мой! Ад дачок я даведаўся, што мая жонка, калі прыйшла дамоў, ды пачула, што мяне пагналі бандыты, наказала дзецям сядзець спакойна дома ды чакаць, а сама пабегла шукаць мяне. Ад гэтага часу пра яе й сьлед прапаў… Мне ня было іншага выхаду, як з дачушкамі ды машынай на плячох уцякаць да Вялейкі. Ці немагчыма, спадар намесьнік, выратаваць маю жонку?

— Вашае гора запраўцы вялікае! — сказаў я ды загадаў майму сакратару сьпісаць усю справу й перадаць беларускай паліцыі й СД усе падрабязнасьці выпадку з заданьнем выведаць аб лёсе жонкі гэтага беларускага патрыёты.

Краўцу-ж гэтаму сказаў:

— Цяжкая вашая справа! Ды мы зробім усё, каб дапамагчы вам у вашым горы, каб вашую жонку расшукаць!..

АБАРОННЫЯ ВЁСКІ

Абаронныя вёскі былі арганізаваныя ў 1943 годзе. Гэта была першая нямецкая спроба здабыць дапамогу ад беларускага сялянства ў змаганьні з савецкай партызаншчынай. Для вёскі ў лясным прасторы Немцы давалі пару дзясяткаў старых савецкіх стрэльбаў, зь невялікім запасам амуніцыі, з загадам адбіваць партызанскія напады ды вылоўліваць паадзіночных дывэрсантаў.

Напачатку гэта давала некаторы вынік, але з ростам партызаншчыны, што была кіраваная адмысловым бальшавіцкім штабам пры галоўнай кватэры Сталіна ды пад начальствам Панамарэнка, пры вялікіх ськідах парашутыстых ды вайсковага матар'ялу, абаронныя вёскі ня былі ў сілах бараніцца ад лепш узброенага ды вялікага лікам ворага. Цяпер яны сталі адно правакацыяй для нішчэньня бальшавіцкімі бандамі беларускага жыхарства.

У сувязі з гэтым, Р. Астроўскі, як прэзыдэнт БЦР, 25.5.1944 году зьвярнуўся да генэральнага камісара Беларусі з гэткім мэмар'ялам:

«Высокапаважаны Генэральны Камісар Беларусі!

Будучы ў Слуцку, я даведаўся, што тамашнія “Узброеныя вёскі” ня могуць выканаць свайго заданьня, бо іх узбраеньне, колькі вінтовак, ня можа даць адпору добра ўзброеным партызанскім савецкім аддзелам, кіраваным камандзірамі-спэцыялістамі, ськінутымі на парашутах. У выніку, гінуць ня толькі добраахвотнікі, якія спрабуюць супроцьстаўляцца, але й іх сем'і. Таму ветліва прашу Вас, сп. Генэрал, спыніць акцыю абаронных вёсак, а я дам загад па лініі БЦР і БКА, каб у заложаныя партызанамі вёскі Акруговы Камандзір БКА Слуцкае Акругі, у паразуменьні з Гэбітскамісарам, выслаў адпаведна ўзброеныя аддзелы БКА.

Р. Астроўскі».

І гэтак абаронныя вёскі ня толькі ў Случчыне, але й у іншых раёнах былі зьліквідаваныя, каб, пры немагчымасьці самаабароны, не правакаваць іх на напады партызанскіх бандаў.

Ды былі й абаронныя вёскі-цьвярдыні, якія мужна бараніліся ад нападаў бальшавіцкіх бандаў. Вось, недзе ў палове траўня 1944 году, камэндант нямецкай паліцыі ў Вялейцы Бэнцаль зьвярнуўся да мяне, ці я не хацеў-бы заўтра зраньня наведаць абаронную вёску Касьцяневічы, якая ў Вялейскай акрузе была наўзорнаю.

Назаўтра раніцай нашая маторная калёна ў сіле 30 беларускіх паліцыянтаў рушыла ў намечаную вёску. Спыніліся мы ў хаце бязьдзетных сялянаў. Наш гаспадар з сьлязьмі ў вачох апавядаў, як бальшавікі, заняўшы Заходнюю Беларусь, прызналі яго «кулаком», хоць ён цэлае сваё жыцьцё сам працаваў на сваёй зямлі бязь ніякае наёмнае сілы й нікога не «эксплуатаваў». Пазабіралі яму каровы й коні, а сам ён стаяў на сьпіску ў Сібір.

Зьведалі мы пасьля акружаную баёвымі бункерамі абаронную вёску. Пасярэдзіне быў зроблены аграмадны крыты схоў для жывёлы, куды нанач заганялі кароў — каля 150 галоў, — каб банды не маглі іх схапіць. У бункерах была сталая абаронная служба, нанач узмоцненая. Апрача гэтага ўдзень патрулі самааховы кантралявалі прастору вёскі радыюсам у тры кілямэтры.

Баявая сіла вёскі выстраілася, на нашае прывітаньне, у рады. Было каля 85 чалавек. Я з гэбітскамісарам і начальнікам паліцыі Вэнцэлем прывіталіся з камандуючымі гэтае цьвярдыні, перайшлі перад выстраенымі абаронцамі, зь некаторымі гаварылі. Дух у людзей быў бадзёры, але яны прасілі прыслаць больш паліцыі й жаўнераў, а таксама зброі, амуніцыі й іншага выснашчэньня, ды асабліва цяжкой зброі, бо партызаны такую маюць, — кулямёты, лятучыя міны, мартыры. Прасілі таксама, каб прыслалі ім у вёску беларускага ксяндза. Школа ў вёсцы працавала, але нехапала настаўнікаў. Моладзь была сарганізаваная ў СБМ ды прэзэнтавалася вельмі добра.

Калі мы вярнуліся з агляду да нашай гасподы, дзе мы затрымаліся, дык гаспадар меў ужо засланы, з багатай пачосткай, стол. Немцы былі захопленыя арганізацыяй абароны ў вёсцы. Гэбітскамісар выступіў з прамовай, хваліў гаспадара ды ўсю вёску за парадак, за антыкамуністычны настрой, за стойкасьць у абароне народу. Сваю прамову ён закончыў гэткімі словамі:

— Вы ўсе атрымаеце зямлю на собскасьць. Ваш край будзе свабодны. Трымайцеся далей дружна й стойка, а Фюрэр вас не забудзе!..

Ведама, гэта была звычайная нямецкая прапаганда. Ды ў ёй ужо ня было ранейшага нахабства ды застрашваньня народу «нямецкай сілай», ня было старой тупалобасьці, якая вяла да вынішчэньня жыхарства. Цяпер яны ўжо ня мелі веры, што выйдуць «татальнымі» пераможцамі з вайны. Бачылі цяпер і яны, што трэба шукаць сабе саюзьнікаў і сярод Славянаў.

У паваротнай дарозе я думаў і аб тым, што Немцы ўсёж такі зусім ня ведаюць нашага народу ні псыхікі селяніна. У сваёй прапагандзе яны, на падабенства бальшавікоў, трызьняць аб тым, быццам Беларус ніколі ня меў свае зямлі, і што быццам гэта яны, панявольнікі гэтага народу, гэтую зямлю дадуць. Як раней бальшавікі ашуквалі народ гэткай прапагандай, так цяпер тое самае балбаталі новыя акупанты.

Яны нейк ніяк не маглі бачыць таго, што Беларус ад веку жыў на сваёй а не на чужой зямлі, і толькі розныя панявольнікі ягоную зямлю ад яго адбіралі. І ўсіх перавысілі бальшавікі, бо адабралі ўсю бяз рэшты зямлю ды сялян загналі ў прыгон, у свае калгасы ці саўгасы пад клічам: «Уся зямля сялянам!» Які жудасны цынізм! Немцы цяпер таксама цешаць селяніна: «Вы дастанеце зямлю!» Чыю зямлю? Зь якое ласкі? Якім правам? У якім выглядзе? Ці ня будзе гэта новы прыгон? Селянін, слухаючы нямецкую прапаганду «Вас чакае зямля!» прыгаварваў: «Два мэтры на адзін!»

Аднак у Немцаў усё-ж былі большыя намёкі на права селяніна на ягоную зямлю. Тыдні два пасьля, з загаду галоўнага камісара Беларусі, гэбітскамісары паслалі раздаваць сялянам граматы, што з волі Фюрэра беларускія сяляне, якія былі загнаныя бальшавікамі ў калгасы, а таксама ацалелыя адзіночкі й хутаране, і тыя, што ўжо ў часе вайны падзялілі міжсобку калгасную зямлю, становяцца ўласьнікамі гэтае зямлі на якой сядзяць ды якую зь дзеда-прадзеда апрацоўваюць. Яны адно ня маюць права зямлю гэтую прадаць, або дзяліць, без дазволу дзяржаўных уладаў Беларусі. Зямельная рэформа, з адпаведнымі прырэзамі зямлі, прадбачвалася толькі пасьля вайны…

Ганарова першыя гэткія граматы атрымалі сяляне абароннай вёскі Касьцяневічы з рук кіраўніка вялейскай акругі Чалоўская, які выступаў ад імя вялейскага гэбітскамісара.

ЕДЗЕМ ДА ДАЎГІНАВА

Напачатку чэрвеня 1944 году гэбітскамісар ізноў выклікаў мяне на паездку да Даўгінава для інспэкцыі тамашняга палажэньня. Дзеля нарастаючай актыўнасьці савецкай дывэрсіі, мы выехалі пад большай аховай. Перад намі ехала грузавое аўта з 12 добра ўзброенымі беларускімі паліцыянтамі, ззаду-ж другое, пад камандай начальніка Вэнцэля.

Першых дзесяць кілямэтраў праехалі, па забаранаванай дарозе ды па тропе першага грузавіка, даволі хутка. Але калі сталі ўяжджаць у залесеныя раёны, баранаваньня там ня было ўжо відаць і мы ехалі паволі. Перад Рэчкамі падбег да нас нейкі хлапец і паведаміў, што ўчора партызаны закладалі вось тут перад рэчкай міны. Нашая паліцыя зараз-жа выслала трох сапёраў з апаратамі для выкрываньня мінаў, мы-ж памалу сунуліся ззаду. Вось сапёры махаюць рукамі, даюць знак спыніцца. Міна знойдзеная, хутка абязшкоджаная, паляцела ў роў.

Пад'ехалі да сьвежаадбудаванага пасьля нядаўняй партызанскай дывэрсіі маста. Паліцыя сьпешылася й, трымаючы зброю напагатове, ішла абапал гуськом, мы-ж памалу ехалі самаходам. Раптам — стрэл! Паляцела каманда: «Партызаны!» Мы таксама выскачылі з самаходу на левы бок дарогі. Ізноў каманда: «Лажыцца!» Я лёг у прыдарожны роў. Засакаталі нашыя аўтаматчыкі, але стрэлаў праціўніка нейк ня было чуваць. Нашыя перадавыя ахоўнікі хутка падышлі да самага маста.

Я сьмялей высунуў галаву з рову й бачу — на мост пабеглі нашыя сапёры-мінашукальнікі. Хутка яны далі знак, што дарога «чыстая», і мы спакойна пераехалі рэчку ды скора ўехалі ў маёнтак Сэрвач. Хто страляў, і нас напалохаў, так мы й не даведаліся. Магчыма стрэліў, пабачыўшы збройную сілу, з пуду партызанскі патруль ды даў цягу, а за ім і савецкія малойцы.

У маёнтку мы аглядалі раскошны палац магнатаў Казёл-Паклеўскіх, прыгожы сад з алеямі, ды на акраіне заглянулі і ў арыгінальную беларускую вяндлінарню. Была гэта круглая будыніна ў выглядзе вежы з маленькімі ў гары ваконцамі. У сярэдзіне тырчэлі зялезныя пруты й крукі. Відаць, тут калісьці была абаронная вежа, пазьней замененая на топку-вяндлінарню. На самым нізе было вялікае агнявішча, сьцены зіхцелі ад сажы. Паробленыя былі праходы для дыму ў вышэйшыя паверхі. Дык вось гэта тут штомесяц тысячы кіляграмаў мяса ператвараліся, пад цяплом і дымам спальванага ялаўцу ды елкі, у на ўвесь сьвет слаўныя «Літоўскія вяндліны»!

Да Даўгінава мы даехалі спакойна. На краі мястэчка, дзе былі казармы, нас сустрэлі патрулі БКА. Пасьля вымены паролю нас упусьцілі ў панадворак казармаў. Тут ужо былі выстраеныя аддзелы БКА, а паручнік Касецкі сустрэў нас рапартуючы:

— Спадар намесьнік! Ад імя батальёну Беларускай Краёвай Абароны вітаю вас і спадара гэбітскамісара. Батальён у сіле 320 чалавек гатовы да агляду!

— Дзякую! — сказаў я ды падаў Касецкаму руку.

Прывіталіся зь ім і Немцы. Мы абышлі ўсе, устаўленыя ў квадраце, зьвязы. Я коратка прамовіў да жаўнераў. Пар. Касецкі адказаў на маю прамову таксама коратка, падкрэсьліваючы баёвы дух жаўнераў ды вялікую патрэбу да зброі, амуніцыі, выснашчэньня ды аўтатранспарту.

Пасьля мы аглядалі няблага наладжаную вайсковую кухню, казармы й арышт батальёну. Там сядзела трох жаўнераў за дробныя дысцыплінарныя правіны.

У бяседзе з камандаю батальёну мы даведаліся, што цяпер у Даўгінаве даволі спакойна. Здараюцца толькі дробныя дывэрсіі. Перад прыходам-жа войска БКА Даўгінава было аб'ектам частых нападаў бальшавіцкіх бандаў і мясцовая паліцыя ня была ў сілах справіцца зь імі. Цяпер бандыты хапаюць адно з пасьбішчаў жывёлу, а на 1-га траўня 6 км ад Даўгінава вывесілі на жэрдзі чырвоную плахту. Пар. Касецкі даў загад штурмовым аддзелам батальёну, з удзелам сапэраў, асьцярожна зьняць чырвоную анучу. Калі баёвы аддзел пайшоў да жэрдзі ды спыніўся, абмяркоўваючы, як зьняць шмату, адзін з жаўнераў, малады хлапец, у патрыятычным парыве ня вытрываў:

— І што тут доўга думаць! — крыкнуў ён. — Бандыты ўтыкнулі жэрдзь ды павесілі анучу! Рванеш за жэрдзь — і ўся музыка!

— Пачакай, пачакай, гарачы хлопча! — крычаў дружыновы.

Але ён ужо быў ля жэрдкі ды на вачох усіх ірвануў яе… І сталася трагэдыя. Да жэрдкі была прывязаная міна, якая разарвалася. Адважны, але непаслухмяны дзяцюк загінуў. Пахавалі яго ў Даўгінаве з усімі вайсковымі гонарамі.

Падаліся мы пасьля ў кірунку гарадзкой управы. Сярод руінаў спаленых дамоў сустрэў нас з хлебам і сольлю Даўгінаўскі бурмістр. Нашыя кароткія прамовы былі шчырыя, патрыятычныя. Нават Немцы дзівіліся зь вялікай цяплыні дачыненьняў, якой звычайна няшмат у афіцыйных сустрэчах. Пасьля было прыняцьце ў гарадзкой управе, прамовы гаспадароў і гасьцей. Гаспадары падкрэсьлілі, што Даўгінава хоць разбуранае, але ніколі не скарылася бальшавіцкім бандам, а цяпер, пад аховай БКА, будзе адной зь цьвярдыняў беларускага народу.

Нам было вельмі прыемна слухаць гарачыя словы прамоўцаў ды бачыць і іншых, стойкіх за сваю нацыянальную справу, Даўгінаўскіх грамадзян. Трэба было ўсё-ж вяртацца дамоў, каб да ночы прыехаць да Вялейкі. Нашая ахова, пакідаючы Даўгінава, грымнула песьню: «Ідуць жаўнеры Беларусы празь вёскі, сёлы, гарады…» Начальнік паліцыі круціў галавой, калі бачыў, што шмат якія ахоўнікі пад хмелем. Для асьцярожнасьці ізноў праверылі гэны масток. Ды на ўсёй дарозе мы ня мелі ніякіх перашкодаў. Бандыты мабыць зразумелі, што гарнізон Даўгінава павялічыўся, і нападаць не адважыліся.

КАНЕЦ ГРАВЭ

«Хто мячом ваюе, ад мяча й гіне!» — гаворыцца ў эвангельлі.

Гэтак сталася й з начальнікам СД Вялейкі обэрштурмфюрэрам Гравэ. Ці мала зь ягонай разбойніцкай рукі, ці зь яго загаду, згінула Беларусаў?

На другі дзень Сёмухі, мабыць пасьля пагулянкі, ён выехаў у раскошным повазе з каханкай на праездку. Не праехалі нават кілямэтра, як пад сядлом узарвалася падложаная міна. Гравэ быў цяжка ранены ў жывот і крыжавіну, ягонай каханцы адарвала нагу, хурмана-ж паветрам адкінула далёка ад казла. Конь так спудзіўся, што раненых параскідаў па дарожцы. Першы ачухаўся хурман ды заалярмаваў аб здарэньні. Хутка амбулянс даставіў у шпіталь непрытомнага шэфа СД і ягоную каханку. Гравэ на другі дзень памёр, каханка-ж, пасьля ампутацыі нагі, выжыла.

Хто падклаў міну — Немцы так і не даведаліся. Былі гаворкі, быццам поваз наехаў на міну. Ды ў зямлі ня было варонкі. Мы былі пэўныя, што міну падклалі былыя саветчыкі, якія былі на службе СД і з аднаго боку лашчыліся да Немцаў ды прасьледвалі Беларусаў, а з другога — супрацоўнічалі з партызанамі. Нельга таксама адкінуць магчымасьць, што міну падклаў і нехта зь беларускіх патрыётаў у помсьце за Радзевіча ды Калодку.

Цела Гравэ было выстаўленае ў будынку СД для публічных наведзінаў. Мы зразумелі, што гэтым Немцы хочуць праверыць, якое настаўленьне да гэтае падзеі беларускіх дзеячаў. Пасьля кароткай нарады мы пастанавілі пакрыжаваць іхныя пляны ды наведаць нябожчыка, каб ня пала нейкае падазрэньне. Я нават выслаў гэбітскамісару кандаленцыйную тэлеграму. На другі дзень цела Гравэ было адвезенае самалётам да Бэрліну ды пахованае сярод «заслужаных» нацыстаў.

Ніякіх рэпрэсіяў за сьмерць Гравэ ня было. Магчыма Немцы пачалі ўрэшце ўсьведамляць свае памылкі.

За колькі дзён да Вялейкі прыехаў іншы начальнік СД. У гутарцы зь ім я яго перасьцерагаў перад савецкай замаскаванай дывэрсіяй, якая можа пранікаць нават да блізкіх супрацоўнікаў у нямецкіх урадах. Я адначасна прасіў нанава перагледзіць справы арыштаваных, бальшыня якіх — гэта сяляне, што выпадкова былі схопленыя ў розных супроцьпартызанскіх акцыях. СД-овец згадзіўся, ды таго самага дня ўзяў мяне з сабой на візытацыю мясцовай турмы. І што-ж мы пабачылі: малыя каморкі, поўна набітыя людзьмі, смурод і задуха. Людзі ў страшным выглядзе сядзяць, ляжаць ці стаяць адзін пры адным — па 40–50 чалавек у каморы.

— Дык гэта вы былі ў партызанах, людцы добрыя? — пытаюся.

— Якія мы партызаны? Мы іх толькі бачылі! — адказвае старэйшы дзядзька.

— Паночку, паслухайце! — просіць другі. — Удзень грабяць і муляюць Немцы, а ўночы савецкія банды. Немцы прыходзяць, бандыты хаваюцца ў лясох, а нас гнояць у турме!

— Ці гэта, паночку, няма справядлівасьці на сьвеце? — пытаецца трэці.

Я ўсё пераклаў начальніку СД.

У іншых каморах я пытаўся вязьняў, ці яны чулі пра беларускую мабілізацыю й ці хацелі-б заміж быць рабаванымі савецкімі партызанамі, а пасьля прасьледванымі Немцамі, узяць зброю ў свае рукі ў радох беларускага войска БКА ды вынішчаць бальшавіцкія банды на нашай зямлі. І сыпаліся галасы:

— Чаму не? Гэтак і павінна быць, бо нас усіх перадушаць адны й другія!

СД хутка выпусьціла на волю больш палавіны зьняволеных. Чалавек 60 зь іх уступіла ў рады БКА. Шмат іншых было вывезена на работу ў Нямеччыну. Засталося ў турме толькі каля 40 чалавек, тыя, на якіх былі паважнейшыя довады іх кантактаў і супрацоўніцтва з бальшавіцкімі бандамі.

УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС У МЕНСКУ

Чэрвень 1944 году быў бурлівы падзеямі, 6-га гэтага месяца англа-амэрыканскія войскі высадзіліся на паўночным узбярэжжы Францыі ды адкрылі Нямеччыне «другі фронт». Два тыдні пазьней Сталін, сканцэнтраваўшы вялізарныя сілы на аграмаднай нямецкай абароннай дузе, што ахоплівала амаль усю Беларусь па лініі Віцебск — Чэрыкава — Рагачоў — Луцк, пачаў штурм Беларусі. Немцы баранілі яе зацята, пераходзілі ў частыя контратакі. Ды бальшавіком удалося праламацца празь нямецкую абарону ў адрэзку Віцебска й Магілёва, перайсьці Дняпро ды ціснуць далей Немцаў у кірунку сталіцы Беларусі Менску.

У гэтым крытычным для Немцаў часе Беларуская Цэнтральная Рада, каб здабыць больш свабодаў і правоў ды падмацаваць свой аўтарытэт воляй беларускага народу, зьвярнулася да генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга з праектам скліканьня Усебеларускага Кангрэсу ў Менску. Меў ён быць выражэньнем волі народу ў будаўніцтве свае самастойнае дзяржавы ды адхіленьнем і ануляцыяй усякіх «легальных» падстаў маскоўскага імпэрыялізму на зьняволеньне Беларусі.

Цяпер гэтая ідэя была Немцам прыемлівая. І генэральны камісар, з згодай Бэрліну й Гітлера, даў дазвол склікаць гэткі кангрэс 27 чэрвеня 1944 году.

Часу ня было шмат, бо бальшавікі прабіваліся ўсё глыбей і глыбей у кірунку на Менск. Праз кур'ера я атрымаў загад прэзыдэнта Астроўскага: на 27 чэрвеня прыслаць зь Вялейскай акругі на кангрэс 40 дэлегатаў, выбіраючы з паветаў і валасьцей знатнейшых Беларусаў розных заняткаў і рознага становішча. Адпаведны загад па акрузе я выдаў. Усе дэлегаты 26 чэрвеня мелі быць у Вялейцы, на вызначаным месцы, для супольнага ад'езду. Транспарт давалі Немцы. Да Вялейкі прыбылі аднак-жа ня ўсе дэлегаты. Некаторым зручней было ехаць адразу да Менску й там мы зь імі сустрэліся. Зьехалася ў Менску каля 1250 чалавек з усіх куткоў Беларусі, уключна зь Вільняй і Беластокам.

Зьезд-Кангрэс адбываўся ўрачыста ды пры належнай бясьпецы. Будынак менскага тэатру ўжо ад раньня быў абстаўлены беларускімі збройнымі сіламі, каб супроцьдзеіць усякай магчымай дывэрсіі. Сам будынак быў дакладна перагледжаны адмыслоўцамі ад узрыўных матар'ялаў. Пры ўваходзе беларуская служба бясьпекі спраўджала мандаты дэлегатаў ды пільнавала, каб ніхто ня меў з сабой зброі ці нейкіх пакункаў. Заля тэатру была ўдэкараваная беларускімі сьцягамі й вялізнай Пагоняй.

Сябры Беларускай Цэнтральнай Рады, з прэзыдэнтам Р. Астроўскім на чале, занялі правы задні балькон, упрыгожаны беларускімі сьцяжкамі ды зеленьню. На левым бальконе сядзелі прадстаўнікі генэральнага камісарыяту Беларусі — Фішэр, Сэп, Сівіца, зь ген. фон Готбэргам на чале. Рэшту залі ды бочныя бальконы запоўўнілі дэлегаты зьезду. На сцэне засела прэзыдыя кангрэсу пад старшынствам Я. Кіпеля.

Праграма й парадак былі дакладна падрыхтаваныя адмысловай камісіяй зьезду, былі вызначаныя нават і галоўныя прамоўцы. Сярод іх голас быў прызначаны й для «апазыцыі» да пануючага рэжыму, галоўна для крытыкі нямецкае палітыкі ў Беларусі. Адзін з паплечнікаў Р. Астроўскага сказаў мне, што я маю прамаўляць у справе беларускай замежнай палітыкі. Было гэта мне сказана коратка перад адкрыцьцём кангрэсу. Да такога выступу я ня быў падрыхтаваны, тымбольш у ўмовах нямецкай кантролі. Таму я запытаўся, што маю гаварыць. Мне радзілі сказаць аб тым, што ўсім кангрэсам мы павінны ануляваць усе варожыя для беларускага народу трактаты, пачынаючы ад Рыскага 1921 году, на які спасылаецца ўвесь час польскі эміграцыйны ўрад у сваіх прэтэнзіях на землі Заходняе Беларусі, ды канчаючы Тэгэранскім 1943 году тройкі Сталін, Рузвэльт і Чэрчыль, які перадае чырвонай Маскве ўсю Беларусь.

Далей я меў адзначыць тое, што мы, як прадстаўнікі беларускага народу, выражаем яго волю, выказаную на Першым Усебеларускім Кангрэсе 1917 году аб самастойнасьці Беларусі, што тады было ўкаранавана Актам 25 Сакавіка 1918 году. Я згадзіўся з прапановай арганізатараў зьезду, бо думкі былі талковыя, карысныя. Ведаў я таксама, што палажэньне на фронце не дазваляе на шырокую дыскусію, што зьезд павінен вырашыць толькі найбольш істотныя пытаньні нашага жыцьця й будучыні, і як найхутчэй, магчыма за адзін дзень. Дзеля гэтага й прэзыдэнтам кангрэсу выбраны быў Я. Кіпель, ведамы мянчук, былы дзеяч савецкіх прафсаюзаў, праз аклямацыю.

А восьмай гадзіне на трыбуну ўзышоў прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, які адкрыў зьезд кароткай прамовай, у якой ён казаў:

— Вітаю вас, як прадстаўнікоў беларускага народу ў сталіцы Беларусі, што сабраліся для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад імя БЦР посьпехаў у вашай працы…

Цікава адцеміць тэкст прывітаньня генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга на гэтым кангрэсе:

«Вітаю гэтым Усебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ будзе рашуча, супольна зь нямецкім народам, змагацца супроць бальшавіцкае небясьпекі й за вызваленьне Эўропы, і што ён узмацуе ды аддасьць на гэта ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкое змаганьне дасьць перамогу, якая й беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню.

Фон Готбэрг,

Генэральны Камісар Беларусі».

З гэтага прывітаньня вынікае, што Немцы, падтрымоўваючы цяпер імкненьні Беларусаў да свабоды, хоць ішлі цяжкія баі на тэрыторыі Беларусі, яшчэ верылі, што ўсёж такі ім удасца спыніць бальшавіцкую навалу, калі не на тэрыторыі Беларусі, дык у сярэдняй Эўропе. А тады, на юрыдычнай аснове пастановаў кангрэсу, ужо ў перамовах аб супакоі, яны змогуць Беларусь ды Прыбалтыку мець як прыязныя сабе краіны. Цікава таксама, што камісар фон Готбэрг не гаварыў цяпер аб «Новай Эўропе», але аб «вызваленьні Эўропы ад бальшавіцкай небясьпекі»!

Цікава й дарэчы гаварыў прэзыдэнт кангрэсу Я. Кіпель, Ён казаў:

«Мы сабраліся на гэтым кангрэсе ў надзвычайна адказны гістарычны момант: на ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ніяк ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва свае будучыні.

Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія верхаводы ў суполцы з англа-амэрыканскімі магнатамі, што патакуюць маскоўскаму імпэрыялізму. Яны ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашыя землі прэтэндуюць таксама польскія нацыяналісты, што падтрымоўваюцца ўсходня-заходняй хэўрай. І вось таму ў так важны час мы павінны голасна сказаць усяму сьвету: хто мы й чаго мы хочам!

Першы раз беларускі народ меў магчымасьць сабрацца тут у Менску, у гэтым будынку, дваццаць шэсьць гадоў таму назад. Гэта быў першы Ўсебеларускі Кангрэс. Ён выбраў Раду Кангрэсу, якая ў 1918 годзе, 25 сакавіка, вынесла свае агністыя пастановы аб лёсе Беларусі й беларускага народу. Гэтыя пастановы не спадабаліся бальшавіком, дык яны разагналі Першы наш Кангрэс, а пасьля на працягу дваццаці шасьцёх гадоў аблівалі яго пастановы ня толькі памыямі й гразёй, але й крывёй лепшых сыноў нашага народу… Аднак, сваімі подлымі ўчынкамі, бальшавікі ня здолелі зацьміць пастановаў Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, бо яны зіхацяць аж па сёньня ды вабяць да сябе ўсё лепшае, што ёсьць у беларускім народзе…»

Было й шмат іншых прывітальных прамоваў: кап. Чабатарэвіча ад Беларускай Краёвай Абароны, М. Галька ад Саюзу Беларускай Моладзі, Л. Савёнка ад імя сялянаў і работнікаў, архіяпіскапа Філафея ад Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, а. П. Татарыновіча ад Беларусаў-каталікоў, ды іншыя. Ува ўсіх прамоўцаў гучэў моцна галоўны кліч:

«Няхай жыве Незалежная Беларусь!»

Галоўны даклад і на галоўную тэму — пра адхіленьне права чужынцам вырашаць аб лёсе беларускага народу й Беларусі, ануляваньне ўсіх няпрыгодных законаў, трактатаў, угодаў, накінутых беларускаму народу, — меў М. Шкялёнак. Ён шырока прадставіў самапраўства Палякаў у пасяганьні на Заходнюю Беларусь, якую яны захапілі ды замацавалі Рыскім трактатам з бальшавіцкай Расеяй 1921 году, ды ад якой не адказваюцца й сёньня, трубячы аб «легальнай» польскай граніцы на Ўсходзе згодна з названым разбойніцкім падзелам беларускай адроджанай дзяржавы БНР, якую абодва агрэсары зьнішчылі.

Пасьля гэтага дакладчык яскрава прадставіў маскоўскага чырвонага агрэсара, што ніколі не прызнаваў і не прызнае права на самавызначэньне паняволеных Масквой народаў, а права гэтае замяняе маной, подступам, хітрыкамі, сілай, тэрорам ды пакіданьнем сваёй бальшавіцкай крывавай дыктатуры. Цяпер гэтая-ж крывавая Масква выступае, у змове з сваімі заходнімі саюзьнікамі, як «гаспадар» Беларусі, як «апякун» беларускага народу. «Хто даў маскоўскім разбойнікам права быць панам жыцьця й сьмерці нашага народу?» — пытаўся дакладчык у дэлегатаў кангрэсу.

«Ці ня той гэта “праўны гаспадар”, які “дзеля дабра беларускага народу” загадаў сваім бальшавіцкім бандам разагнаць Першы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 году, а ў 1920 годзе зьнішчыць беларускую незалежную дзяржаву БНР, створаную воляй усяго беларускага народу?

Ці гэта той самы “праўны гаспадар”, які ў 1921 годзе ў Рызе, супольна з польскімі агрэсарамі, для “дабра” таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і зь кім хацеў?

Ці гэта ня той самы “праўны гаспадар”, які ізноў-жа “для дабра беларускага народу” закатаваў 1 800 000 найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, зьнішчыў дзясяткі тысяч беларускае інтэлігенцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны й галечы?

Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які разбурыў найкаштоўнёйшыя помнікі нашай слаўнай культуры, нашыя сьвятыні, атручваў душы нашых дзяцей сваёй бязбожнай бандыцкай маральлю, ізноў-жа для “дабра” беларускага народу?

Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які пакрыў беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлях якіх крывавіліся ў муках тысячы Беларусаў за імкненьне да свабоды й абарону чалавечых правоў і годнасьці?..

Хто й калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам — вам, ягоным забойцам?..»

Свой даклад М. Шкялёнак закончыў заклікам:

«Думаю, што сярод вас, прадстаўнікоў беларускага народу, ня знойдуцца такія, што баранілі-б, або падтрымоўвалі тыя ўсе ланцугі, тыя дагаворы й пастановы нашых ворагаў, якімі яны нас мучылі, а цяпер і надалей хочуць узаконіць наглую няволю.

Адкінем усе гэтыя кайданы раз і назаўсёды!

Ня будзем ніколі прызнаваць таго, хто самазванкай ад нашага быццам імя гандлюе нашай воляй і справай, як чыніць за мяжою цяпер Масква, ці польскі экзыльны ўрад!..»

Першым выступіў з словам у дыскусіі генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году й арганізатар беларускага войска ў час існаваньня БНР. Ён, між іншага, сказаў:

«Супроць варожага беларускаму народу трактату ў Рызе ўжо ў 1921 годзе пратэставаў урад БНР і яго ніколі не прызнаваў, як і іншыя й польскія, і расейскія пастановы. Цяпер-жа наступіў час, каб гэты кангрэс, як прадстаўнік волі беларускага народу, назаўсёды адкінуў усе варожыя нам акты. Беларусь, як вольная дзяржава, народжаная ў Першай вайне, цяпер, у Другой вайне поўнасьцю дасьпела, каб стацца вольнай і незалежнай ды сама аб сабе станавіла. Ніякія старыя ні новыя дагаворы ня зломяць нашай станоўчай волі да самастанаўленьня!»

Пасьля выступу ген. Езавітава была мая чарга. Я прызнаў галоўны даклад М. Шкялёнка поўнасьцю правільным як у гістарычным разрэзе, так і для нашага часу. Я казаў:

«Скончыліся тыя часы, калі гаварылі аб нас бяз нас. Ніхто на сьвеце ня мае права выступаць ад імя беларускага народу ня спытаўшыся яго згоды. Беларускі народ, вуснамі прадстаўнікоў БНР, што прадаўжалі змаганьне за вызваленьне Беларусі, ня раз пратэставаў супроць Рыскага трактату ды бальшавіцкіх парадкаў у зняволенай Беларусі пад шыльдай БССР. Цяпер крывавая Масква й яе разбойнік Сталін, засеўшы ў Тэгеране зь міжнароднымі гандлярамі свабоды народаў Чэрчылем і паралітыкам Рузвэльтам, заганяюць у старую бальшавіцкую няволю наш беларускі народ, а яго тэрыторыю нанава рэжуць. Мы, прадстаўнікі народу, павінны рашуча асудзіць усе гэтыя варожыя пакты й трактаты, як антыбеларускія, што ня мелі й ня маюць ніякай праўнай сілы».

«Няхай жыве Вольная Беларусь!»

«Няхай жыве сувэрэнная воля беларускага народу!»

Заля гудзела ад воплескаў, апрабуючы ануляваньне ўсіх варожых дагавораў ды няпрызнаваньне ўсякіх новых намаганьняў нанава паняволіць беларускі народ.

Пасьля абедняга перапынку, на другім паседжаньні кангрэсу, А. Калубовіч, сябра БЦР, прачытаў даклад: «Аб канчатковым разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Ён прааналізаваў усю фікцыйнасьць дзяржаўнасьці БССР, як чыста маскоўскі зман беларускага народу. БССР была толькі маскоўскаю, каляніяльнага тыпу, правінцыяй, у якой беларускі народ ня меў самастойнага голасу, дзе адбываўся жорсткі глум над беларускай мовай, культурай, царквой, гаспадаркай і жыхарствам — сялянамі, работнікамі й інтэлігенцыяй.

У дыскусіі над дакладам выступала колькі прамоўцаў. Усе яны падкрэсьлівалі, што Масква за 26 гадоў свайго панаваньня нічога пазытыўнага не зрабіла для беларускага народу, адно давяла да жабрацкай долі, а цяпер сваімі бандамі спрабуе й зусім зьнішчыць наш народ. Дык ня можа быць ніякай гутаркі аб прызнаваньні ейных разбойніцкіх парадкаў ды ейных законаў.

Былі галасы й супраць пануючага стану. Так, дэлегат зь Лідчыны, Анішчык-Чэмер, казаў:

«Тады, калі беларускі народ мабілізуе ўсе свае сілы на змаганьне з бальшавізмам, польскія бандыты ў Лідчыне й чорнасоценная расейшчына ў Наваградчыне, убіваюць нож у плечы нашага народу. У Лідзкай акрузе Палякі забіваюць бяскарна лепшыя сілы беларускай інтэлігенцыі, вырэзваюць цэлыя беларускія вёскі. А што робіць у Наваградчыне, у Дзятлаве, чорнасоценная РОА, ды іншыя расейскія злучэньні, найлепш скажа прысутны тут Васіль Рагуля. Мы хочам змагацца з бальшавізмам, але мусім мець забясьпечаныя тылы. Прашу кангрэс зьвярнуцца да прэзыдэнта БЦР, каб паслаў у Лідчыну беларускія батальёны і зрабіў канец зьдзекам над беларускім жыхарствам!»

«Чаму гэта цяпер БЦР, як прадстаўніцы Беларусі, не падлягае ЎСЯ БЕЛАРУСЬ, так Заходняя, як Усходняя й Паўночная? Дакуль будуць нас увесь час дзяліць?! Кангрэс мусіць падаць станоўчы голас, каб уся этнічная Беларусь была зьяднаная ў адну непадзельную дзяржаву!»

На канцы зьезду былі прынятыя рэзалюцыі аб непрызнаньні ўсякіх шкодных дагавораў, законаў, міжнародных пактаў, а таксама маскоўскай марыянеткі БССР. Адначасна для БЦР надавалася права рэпрэзэнтацыі інтарэсаў беларускага народу ды абароны краю на час вайны.

Пазьней, ужо на эміграцыі, ці мала было спрэчак пра БЦР ды кангрэс. Адны, атакуючы прыхільнікаў БНР, хацелі надалей бачыць «легітымнасьць» БЦР у пастановах кангрэсу, ды прадаўжаць дзейнасьць БЦР. Другія, што стаялі пасьлядоўна на пазыцыях БНР, хацелі панізіць гэты кангрэс, як быццам «недэмакратычны» што да спосабу выбару дэлегатаў і дзеля татальнага нямецкага рэжыму, які быццам не даваў магчымасьці свабодна выявіць волю беларускага народу. Гэткія зьвінавачваньні пад адрасам зьезду несправядлівыя.

Ведама, умовы вайны, і нацыстоўскі таталітарны рэжым Гітлера, з пачатковай славянагубнай праграмай, ня спрыяў выяўленьню дэмакратычных тэндэнцыяў зьезду. Ды нельга вінаваціць і зьезд, і БЦР у тым, што яны былі паслухмяныя Немцам марыянэткі тыпу бальшавіцкіх «зьездаў» у БССР. На зьезд, праўда, прыбылі дэлегаты з назначэньня, а сам ён трываў толькі адзін дзень, бо ўжо ў часе нарадаў можна было на залі паседжаньняў чуць кананады цяжкіх баёў фронту, які якраз тады маланкава набліжаўся да Менску. Ды каго іншага маглі-б паслаць «дэмакратычныя» выбары, ды якую іншую ідэялёгію рэпрэзэнтавалі-б «дэмакратычныя» пасланьнікі?

Гэта-ж Першы Усебеларускі Кангрэс у 80 % складаўся з гэтак званых «абласьнікоў», ці бо з дэлегатаў «Западной області», падабраных ды нацкаваных бальшавікамі супроць дэмакратычнага ладу й беларускай дзяржаўнасьці. А што сталася? Беларускі народ клясава адналіты, дэмакратычны, свабодалюбны й патрыятычны, і хоць бальшавікі акружылі будынак зьезду, а ленінска-сталінскія агенты намагаліся запалохаць расправай за непаслухмянасьць бальшавіцкай праграме, Першы Кангрэс адкінуў бальшавіцкі лад у Беларусі ды паклікаў да жыцьця Беларускую Народную Рэспубліку — дэмакратычную дзяржаву ў этнаграфічных межах пасяленьня беларускага народу!

Тое самае паўтарылася й у Другой вайне. Гітлероўскія Немцы не перашкаджалі справе арганізацыі зьезду ды не праяўлялі намаганьняў умешвацца ў ход нарадаў. Было ім ужо не да гэтага. Дэлегаты, што прыехалі, былі такія самыя беларускія патрыёты, што й на Першым Кангрэсе, і на парадку дня паставілі ня нейкі беларускі нацызм, не марыянэцтва ў карысьць Трэйцяга Райху, але працяг нашага змаганьня за зьдзяйсьненьне Акту 25 сакавіка 1918 году, за стварэньне сваёй незалежнай дзяржавы.

А за 25 гадоў палітычнага змаганьня беларускі рух, не зважаючы на крывавы масавы тэрор чырвонае Масквы, на глум пад Польшчай, на панесеныя аграмадныя страты ў радох патрыятычнае інтэлігенцыі, паказальна задэманстраваў вялікі прагрэс у пашырэньні нацыянальна-палітычнай сьвядомасьці. Не засталося бязь сьледу й тое, што не зважаючы на аграмадныя разбурэньні, на вялікія цярпеньні й страшэннае вынішчэньне жыхарства, і Другая вайна была часам яшчэ аднаго ўздыму да свабоды, да незалежнасьці.

На зьезьдзе сьцьвердзіў гэта й генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу:

«Дваццаць пяць гадоў таму назад бальшыня дэлегатаў на Першым Кангрэсе прамаўляла парасейску. Сёньня ўсе бяз вынятку прамаўляюць пабеларуску… Тады былі ў некаторых ухілы ў бок Расеі, сёньня адна ў усіх ідэя — НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!»

У абліччы новага бальшавіцкага нахлыну зьезд ставіў галоўнай мэтай справу найважнейшую: каб перад сьветам заявіць, што беларускі народ пратэстуе супроць новых міжнародных махінацыяў пастанаўляць аб ягоным лёсе безь ягонай волі. А воля ягоная адна: не надпісная, не гітлероўская, не бальшавіцкая, ня польскіх абшарнікаў, але свая, адвечная, справядлівая.

ПАКІДАЕМ ВЯЛЕЙКУ

Калі нарады кангрэсу 27 чэрвеня 1944 году яшчэ былі ў поўным ходзе, таго дня, асабліва папаўдні, даходзілі магутныя выбухі й гарматная кананада фронту, што набліжаўся. Людзі адчувалі трывогу, перашэптваліся, некаторыя ціхачом выходзілі з залі. Калі каля 6-й гадзіны вечара кангрэс канчаўся беларускім нацыянальным гімнам, дык заля была ўжо на 25 % пустая. Калі-ж мы выйшлі з тэатру, дык выявілася, што дэлегаты з усходняй Беларусі, з ваколіцаў Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Барысава, Гомеля, ня могуць ужо вярнуцца да сваіх хатаў, бо там ужо чырвоныя акупанты.

Вечарам таго дня, ня маючы магчымасьці хуткага выезду, я з сваім сябрам Цьвячкоўскім пайшоў у тэатр. Ставілі антыбальшавіцкую драму. Народу, на дзіва, было поўна ды білі брава, як ніколі. На залі сядзелі два рады дзяўчат у шэрых уніформах з Пагоняй на бэрэтах. Былі гэта сяброўкі СБМ з Жлобіна. Яны ведалі, што дамоў вярнуцца ўжо ня могуць.

Пераначаваў я ў памяшканьні нябожчыка праф. В. Іваноўскага, і там даведаўся, што бальшавікі пад Віцебскам і пад Гомелем перарвалі нямецкую абаронную лінію ды маланкава сунуцца на Менск.

Назаўтра зраньня мы зь Цьвячкоўскім пайшлі ў будынак БЦР, каб пагаварыць з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім ды ехаць дамоў. Астроўскі мне сказаў:

— Выглядае, што нам прыйдзецца адступаць, бо Немцы ў генэральным камісарыяце Беларусі, — будынак іх быў насупраць БЦР, — паляць дакумэнты, што відаць з дыму іхных комінаў. Як вернешся, палі дакумэнты, ды едзь у Вільню. Мая там кватэра: Вострабрамская 8, у А. Сакаловай.

— А як-жа будзе з грашыма для намесьніцтва на выплату для людзей? — пытаюся.

— Грошы ўжо высланыя ў ваш банк. Пытайцеся там. А далей пабачым што будзе. Бывайце! — І мы разьвіталіся.

Калі я прыйшоў на цэнтральную станцыю ў Менску, там кіпела, як у катле. Нямецкія эшалёны ішлі ў адзін і ў другі бок, ніхто нічога не гаварыў, нікога з цывільных ня ўпускалі на плятформу й не магло быць і гаворкі, каб нехта сеў у вагон. Перапоўненыя яны былі раненымі й нямецкімі ўцекачамі. На станцыі я сустрэў Ю. Мурашку ды іншых дэлегатаў на кангрэс. Мы ўсе непакоіліся. Урэшце, каля гадзіны першай ночы, нехта сказаў, што з таварнай станцыі ідуць цягнікі на захад ды там можна знайсьці месца.

Мы сарваліся зь месца ды нейкімі завулкамі й выпаленымі руінамі дабіліся да таварнай станцыі. Тут запраўцы былі лепшыя магчымасьці вырвацца зь Менску. Я знайшоў цягнік на Маладэчна. Мы цярпліва чакалі яго адыходу ды час праганялі на гутарках пра гарачыя падзеі на беларускім ды сусьветным гарызонтах. Урэшце, каля гадзіны 9-й вечара, наш цягнік пасунуўся на захад. Рухаўся ён паволі, на кожнай станцыі дачапляў новыя вагоны, і толькі пад раніцу, калі ўзыходзіла сонца, пад'ехаў да Маладэчна.

Тут наш цягнік загналі ў тупік. На ўсходні фронт везлі зялёныя, паласатыя, магутныя танкі тыпу «Тыгр» ды вялізныя гарматы, аўты ды іншую цяжкую зброю. Мой сябра Ю. Мурашка, які быў разам, сказаў:

— Глядзі, братка! Такая магутная сіла! Яна згняце бальшавікоў!

— Магутная то магутная, але ці яны здолеюць пусьціць яе ў ход? — адказаў я. — Бальшавіком памагаюць Амэрыканцы зь яшчэ большай тэхнікай…

Але мы ўсё-ж урэшце паехалі на захад. Па дарозе, на галоўных шляхах, бачылі аграмадныя абозы жыхарства з накладзеным на сялянскіх вазох «багацьцем» — дзяцьмі, мяшкамі, сенам. Пры вазох блыталіся змучаныя каровы, ішлі прывязаныя запасныя коні. Гэта адступала Смаленшчына, Аршаншчына, Магілёўшчына.

У Маладэчне быў сякі-такі парадак, але пераважала напружанасьць. Тэлефонная лучнасьць зь Вялейкай і Каралеўшчынай была перарваная. Я доўга на паліцыі чакаў, пакуль мяне злучылі з Вялейкай. Абяцалі зараз-жа прыслаць узброены грузавік.

Празь нейкую гадзіну зьявілася па мяне пяцітонка зь пяцьмі ўзброенымі паліцыянтамі. У машыну, апрача мяне, села пяць дэлегатаў з кангрэсу. Мы хутка, бязь ніякіх турботаў праімчалі 20 км дарогі.

У гэтым часе вялейскі гэбітскамісар даў загад аб эвакуацыі перад нахлынам бальшавікоў. Людзі бегалі па вуліцах, як мурашкі, ня ведаючы, што рабіць, як ды куды эвакуявацца. Калі я прыехаў, шмат хто, абкружыўшы, пыталіся мяне, што рабіць, які ратунак? Ды я й сам гэтага ня ведаў.

У намесьніцтве людзі сядзелі й чакалі на мяне. Я пайшоў у гэбітскамісарыят, каб даведацца, што робяць Немцы. Гэбітскамісар сказаў, што няма іншага выхаду, што і нам трэба эвакуявацца зь Вялейкі, бо сюды прыходзіць вайсковая франтавая ўлада. Кірунак нашае эвакуацыі — Кэнігсбэрг у Прусіі. Ён таксама сказаў, што для мяне й маёй жонкі ён мае месца ў сваім транспарце, а для БКА ён загадаў выдаць з ваенных складоў 100 камплектаў жаўнерскай абмундзіроўкі й абутку для адыходу на захад.

Я склікаў апошнюю нараду маіх супрацоўнікаў, каб абмеркаваць, што рабіць. Даводзілася прызнацца, што перамога не на нашым баку. Сэпаратнага міру, праўдападобна, таксама ня будзе. Трэба вывозіць з заложанае зоны ўзброеныя сілы, беларускіх актвістых, ратаваць нацыянальныя кадры, або, застаўшыся, арганізаваць супроцьбальшавіцкую партызаншчыну.

Паколькі рэальныя абставіны паказвалі на тое, што на масавы рух лічыць немагчыма, ды нямецкая падмацоўка была слабая, дык мы пастанавілі, што афіцэры й наагул беларускія патрыёты, якім пагражае з прыходам бальшавіцкіх гордаў пэўная сьмерць, павінны адыходзіць на захад, каб там працягваць змаганьне за вызваленьне Беларусі. Той-жа, хто наважыцца застацца, хай паступае паводле свайго розуму й сумленьня. Жаўнераў, якія заставаліся, я звольніў ад складзенай прысягі.

Таго самага дня больш 350 жаўнераў БКА надзела нямецкія мундзіры, на шапкі начапіла Пагоні, ды з зброяй у руках, пад камандай кап. Шмаціна, рушыла вялікім табарам на захад.

Ноч у Вялейцы прайшла спакойна, раніцай-жа мы спалілі ўсе дакумэнты намесьніцтва ды зьнялі з машты наш сьцяг. Цяжэйшыя рэчы я заладаваў на воз БКА, пад нагляд сп. Т., з даручэньнем даставіць у Вільню на паказаны адрас, сам-жа з жонкай і падручнымі чамаданамі пайшоў у гэбітскамісарыят, спадзяючыся на месца ў праектаваным нямецкім транспарце. А тут самых Немцаў сядзіць поўна на чамаданах, без надзеі на хуткі ад'езд. Пабачыў і гэбітскамісара, ды спытаўся яго:

— На што чакаем, сп. гэбітскамісар?

— На прадстаўніка вайсковай улады, каб перадаць месца, — адказаў ён.

— Калі-ж гэта будзе?

— Няма ведама.

І каля 12 гадзіны дня гэтага вайсковага пераймальніка ўлады ўсё ня было. Я зразумеў, што спадзяючыся на Немцаў, можна лучыць у цяжкія прыфрантавыя ўмовы. Таму, даведаўшыся, што М. Кунцэвіч, Ч. Найдзюк і дзясяткі іншых ладуюцца ў цягнік, я паведаміў гэбітскамісара, што далучуся да тых, якія едуць чыгуначным транспартам. Ён разьвітаўся са мной і хутка мы селі ў рамонтны цягнік, што ішоў на Маладэчна.

У Маладэчне давялося пераладавацца ў таварны цягнік, што ішоў на Вільню, дзе я меў сустрэцца з прэзыдэнтам Астроўскім. Сядзім вось мы ноччу на плятформе вагону. Раптам загула сырэна — налёт! Людзі беглі ў чыгуначныя сховішчы. Я зыйшоў адно на зямлю ды ўглядаюся ў цёмнае неба. З сваёй практыкі ведаў, што савецкія лягуны трымаюцца высока ды з аграмаднай вышыні разгружаюць у раёне намечанага аб'екту свае самалёты, каб толькі выканаць «плян» і загад. Бомбы-ж падаюць на кілямэтр, ды й больш, ад аб'екту. Гэта я бачыў у Менску, у Вільні, у Вялейцы. Тое самае паўтарылася й тут.

РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ ВІЛЬНЯЙ

Назаўтра досьвіткам наш цягнік пагрукатаў на Вільню. Хутка летняе сонца выявіла ўсю красу беларускіх палеткаў, калі пахне няскошаная сенажаць ды шуміць дасьпяваючае жыта. І якія духмяныя нашыя лясы, якія звонкія серабрыстыя рэчкі!

А на дарогах і гасьцінцах, як вокам абняць, бесканечнасьць вазоў зь людзьмі, коньмі, каровамі. Уся, здавалася, Беларусь адыходзіць на захад, уцякае ад крывавай бальшавіцка-маскоўскай няволі. І хто іх накорміць, хто апране, хто прытуліць?! Ім гэта ўсё тады было няважным — каб толькі далей ад бальшавіцкай пошасьці-заразы, глуму над чалавекам і няволі, каб толькі знайсьці недзе спакойны прыпынак, СВАБОДУ!

1-га ліпеня 1944 году ў Вільні было яшчэ спакойна. Узяў я возьніка ды паехаў на Шкляны завулак да сваёй колішняй гаспадыні Мілашэўскай. Стомлены падарожжам, зваліўся як сноп на адпачынак.

Назаўтра раніцай будзіць мяне гаспадыня.

— Уставайце, доктар! — кажа. — Нейкая трывога. Жмудзякі зь Вільні ўцякаюць!

Калі выйшаў на вуліцу, дык пабачыў сам, што й запраўцы трывога. Машыны везьлі з шпіталёў на станцыю параненых Немцаў. Шмат жаўнераў ішлі самі, або ў асысьце сёстраў. Іншых вялі мацнейшыя сябры.

І сярод Жамойцаў жудасны перапалох. З хат павыходзілі яны з клункамі, мітусяцца, крычаць: няма транспарту, каб нейк ім вырвацца зь небясьпечнага мяшка. А тут віленскія возьнікі, народ хітры, дасьведчаны, пахавалі коней ды самі разьбегліся.

Мітусьня ў Вільні была страшная: ці каму трэба ці ня трэба — ўсе хацелі ўцякаць! Трагічныя сцэны дзеіліся ў былых францішканскіх будынках пры касьцёле сьв. Рафала на Вілкамірскай, дзе быў шпіталь РОА («Расейская вызвольная армія»). Адтуль хворыя ўцякалі, як хто мог, даслоўна ад сьмерці.

Каля пятай гадзіны я зь іншымі суродзічамі наведаў прэзыдэнта Р. Астроўскага ў яго кватэры на Вострабрамскай 8. Нас было чалавек 15. Усе сумныя, заклапочаныя. Прэзыдэнт Астроўскі падбадзёрвае, супакойвае, каб ня трацілі надзеі. Ягоны сакратар сьпісаў усіх, каму патрэбны пропуск у Нямеччыну. Яны будуць зараз выпісаныя ў кірунку на Кэнігсбэрг, Ліцманштат (Каралевец, Лодзь), а там будуць далейшыя інструкцыі.

Я вярнуўся ў сваю кватэру ды праспаўся ўночы. 3-га ліпеня, калі я раніцай падаўся да прэзыдэнта Астроўскага, каб, як дамовіліся, разам выяжджаць зь Вільні, места відавочна пусьцела. І ў ягонай кватэры пусьцюсенька… Старажыха мне сказала:

— Уночы, каля 2-й гадзіны, усе выехалі ў кірунку на Коўню. А вось нядаўна грузавік падабраў і іхныя, ці бо Сакаловай, мэблі, ды цэбры зь мясам др. Міцкевіча, таксама на Коўню!..

— Дык вось як! — мільганула ў мяне злосная думка. — Раптоўна выехалі!.. Забралі мэблі, цэбры зь мясам, але пакінулі намесьніка БЦР Малецкага! Пакінулі й сям'ю др. Б. Грабінскага — старшыні Беларускага Камітэту ў Вільні!..

Што далей? Як выбрацца зь Вільні? І вось на вуліцы сустракаю афіцэра БКА, што быў перадавым лучнікам з палк. Кушалем, які цяпер з аддзеламі БКА ўступіў у Вільню. Я яго паінфармаваў аб палажэньні ды пры тым даведаўся, што з Новай Вялейкі яшчэ не эвакуяваны Магілеўскі Мэдычны Інстытут, ды што разам з БКА адыходзіць на захад і Афіцэрская школа пад камандай М. Каранеўскага. Лучнік гэты яшчэ сказаў:

— Мы ня маем грошаў, ані дакумэнтаў-пропускаў на адыход на захад. Ці вы не маглі-б нам дапамагчы?

Даў я яму 1000 марак, палавіну грошаў, што я меў. Бланкаў-пропускаў я й сам ня меў, дык і яму ў гэтым нічога ня мог парадзіць. Я толькі сказаў:

— Усюды кажаце, што адыходзіце на захад з загаду нямецкіх вайсковых уладаў. Яны вас прапусьцяць!..

Вяртаючыся дамоў па Вялікай вуліцы, раптам сустракаю галоўнага лекара Беларусі, др. Крайнова, у мундзіры маёра СС.

— Здравствуйте, Мялецкій! — гудзе ён. — А что вы здесь балтаетесь?

— Шукаю спосабу, як выбрацца зь мяшка!

— Ну, а ты знаеш нямецкі язык?

— Знаю.

— То будеш нам переводчіком! — гукнуў Крайноў.

Я быў зьбянтэжаны гэткай нечаканай прапановай. Ды шмат не распытваўся:

— А калі едзем?

— Заўтра!..

— Маеце транспарт?

— Чыгункай! Але ў нашай кампаніі ніхто не гаворыць панямецку. У нас 7 чалавек, а вас двое, дык дзевяцера, — невялікі клопат!

— Ну добра, — адказаў я, — далучуся да вас, каб толькі ўсё было як наложыцца!

— Ды будзе!

Назаўтра, недзе каля 9-й гадзіны зраньня, у памяшканьні Крайновых мы сутыкнуліся з новай мітусьнёй. Др. Крайноў крычыць:

— Дзе нашая 14-ая пачка з абуткам?

— А дзе-ж яна? — перакрыкваецца жонка.

— Ды я яе, здаецца, паставіў перад поездам… — адказвае Крайноў.

- І я яе, здаецца, бачыла, — пацьвярджае жонка. — Ды дзе загінула?

— Ты ведаеш, што яна была з нашым абуткам?

— Але, ведаю. Цяпер на захад прыйдзецца ісьці басанож…

Празь нейкіх пятнаццаць хвілін мы даведаліся, што ідзе цягнік на захад. А тут загружанасьць вялізарная… І вось Крайноў скамандаваў:

— Ламай плот!

За адну мінуту мы выламалі дзіру ў плоце. Людзі й багаж цяпер плылі шпаркім струмянём і як бач былі на плятформе. Мы трыюмфавалі. Нас было 9 чалавек: Крайновы й Незабіткоўскі з жонкай, я з жонкай, Міхайлаў — кіраўнік расейскай моладзі ў Беларусі, ды ягоныя два памочнікі.

Мы ехалі на захад, да Горадні. Ды Немец адгарадзіў у вагоне палову «для чужынцаў» і забараніў заходзіць у «нямецкую частку» таго-ж цялятніка. Я падумаў: вось на табе — і тут паказ нямецкай «дэмакрацыі». У наш аддзел прыслалі хутка й 8 фольксдойчаў, якіх Немцы таксама не хацелі мець між сабой. Мы чуліся цяпер аднак-жа мацней, бо ўжо колькі чалавек гаварыла панямецку.

Цягнік скора затрубіў ды пачвахаў у кірунку Горадні. Я ў думках разьвітваўся з нашай сталіцай Вільняй, з нашым слаўным унівэрсытэтам, з нашай сьвятыняй ВОСТРАЙ БРАМАЙ, з Завальнай вуліцай, дзе быў цэнтр нашай палітычнай дзейнасьці, ды з шмат іншымі каштоўнасьцямі нашае гісторыі й культуры. Ці змагу вас ізноў пабачыць, каб з вашых крыніц зачэрпнуць яшчэ жывой адраджэнчай вады?

Мінаем Алькенікі, месца гістарычнае, дзе калісьці, у баёх з Маскоўшчынай, нашыя князі раіліся, як адкінуць Маскву на ўсход. А мы цяпер рухаемся на захад!..

ЦЯГНІКАМІ НА ЗАХАД

У Горадні станцыя была перапоўненая ўцекачамі, дык мы атабарыліся на плятформе. Раніцай др. Крайноў выпісаў харч для нашага транспарту зь нямецкае чыгуначнае кантыны на 11 асобаў. Міхайлаў, праваднік Саюзу Расейскай Моладзі, прынёс вядро кавы ды 6 булак сьвежага хлеба, каўбас з кілё, з паўкіляграма сыра ды другое вядро гарачай гарбаты. Мы гэтага ўсяго ня зьелі ды з палавіну раздалі людзям на станцыі. Пасьля сьнеданьня др. Крайноў адвёў мяне ў бок ды кажа:

- Імееш ты чёрное черніло і ручку?

— На што? — пытаюся.

— Мне нужно подправіць дакумент!

— Што-ж гэта ў вас за новая праблема?

— Бальшая праблема! — кажа, — У мяне пропуск: «Менск-Ліда», а мне нада ехаць в Ліцманштат! Понімаеце?

— Пакажаце свой пропуск.

Крайноў паказаў, а там маршрут запраўды «Менск-Ліда».

— Дык вы хочаце ў Ліцманштат? — пытаюся.

— Але. Так нада справіць дакумент!

Я кажу, што гэта даволі небясьпечна, бо Немцы могуць заўважыць ды не прапусьцяць.

— Чепуха! — кажа ён. — Немцам цяпер ўсё роўна якая паперына! Пішы лацінкай: Менск-Ліцманштат, ды не разяўляйся!

Хутка хлопцы Міхайлава раздабылі чорнае чарніла й пяро і «Ліду» я пераправіў на «Ліцманштат». І вось мы, «адзінаццаць» чалавек, едзем на няўдала падробленым пропуску ў Райх!..

На пагранічнай станцыі Малкіня пачалася авантура. Стары нямецкі падафіцэр, чытаючы наш пропуск, абурыўся:

— Што тут накрэмзана? — пытаецца.

— Ліцманштат, — кажу я і паясьняю: — Ведаеце, на Ўсходзе ня ўсе ведаюць, як напісаць «Ліцманштат»!

— Унгюльтіг![26] — закрычаў Немец.

— Гюльтіг![27] — крыкнуў Крайноў.

— Яволь, гэр маёр![28] — супакоіўся падафіцэр ды прыбіў пячатку.

Мы пастанавілі спыніцца па дарозе ў Варшаве, каб купіць нейкай ежы. Рэчы здалі на перахоў на варшаўскай Усходняй станцыі, ды я з жонкай і з Крайновымі пайшлі на памяшканьне др. А. Ефрэменкі, майго старога знаёмага. Але яго ня было дома. Служанка, аднак-жа, пазнала мяне ды ўпусьціла ў памяшканьне. Мы выкупаліся ды спакойна пераспалі ноч.

Назаўтра я пайшоў на рынак на Карцэляку. Там торг быў у поўным ходзе. Прадавалі лахмоцьце, абутак, мяса й сьвініну, але толькі за «цьвёрдую» валюту. І вось я за 5 рублёў золата купіў 20 кг саланіны. Гандляры пыталіся, мо хто з уцекачоў і заўтра захоча купіць больш сала. Я прывалок цэлы чамадан сала, а Крайновы аж падскаквалі з радасьці, што гэткая нагода. На другі дзень я іх завёў да таго прадаўца й яны запасьліся таксама.

Добра закусіўшы, Крайноў выказаў жаданьне пайсьці ў места, каб купіць запасныя чаравікі, паколькі іхны мяшок з абуткам недзе ў дарозе прапаў. Мы пайшлі на Кракаўскае прадмесьце, дзе я ведаў шаўца з даваеннага часу. Па дарозе пабачыў шмат маладых Палякаў з загарэлымі тварамі, якія нейк скоса пазіралі на маёра Крайнова. Зайшлі да шаўца ды купілі абутак. На адыход шавец адвёў мяне на бок ды кажа:

— Пане, небэсьпечне ходзіць з тым маёрэм! Могот застшэліць! Ту дужо нашэго войска, бэндзе повстане…[29]

Вечарам мы выехалі з Варшавы ды за колькі ўжо гадзін былі ў Лодзі. Сала, пры дапамозе нашых юнакоў, мы перакінулі праз паркан, ды з рэштай багажу пайшлі на кантрольны пункт. Тут забралі ў мяне пісталет ды дакумэнт на яго, усе кніжкі, уключна з мэдыцынскімі, прапускны-ж дакумэнт аштамплявалі, як больш няважны.

Цяпер нашая кампанія паменшала на 5 чалавек. За др. Крайновым мы пайшлі да ягонага прыяцеля, фольксдойча зь Менску, Шлямовіча. Прыняў ён нас вельмі гасьцінна. У гутарцы выявілася, што і ў Лодзі Палякі бубняць аб паўстаньні. Але Шлямовіч успакойваў, што тут Немцы добра арганізаваныя ды ўзброеныя, дык дадуць сабе раду, хоць на аднаго Немца прыпадае трох Палякаў.

Адпачыўшы, я наведаў Беларускі Камітэт у Лодзі. Тут я даведаўся аб палажэньні, пачуў, што палк. Кушаль зь некаторымі адзінкамі БКА і паліцыі, цяпер у Ўсходніх Прусах, і што Палякі ўзьнялі паўстаньне ў Варшаве. Дастаў таксама прыватны адрас Р. Астроўскага ў Лодзі.

У Р. Астроўскага я сустрэў ягонага зяця др. Мінькевіча, які бядаваў, што сала ў цэбрах у дарозе ад гарачыні папсавалася… Прэзыдэнт-жа казаў, што выбіраецца да Бэрліну, дзе ёсьць магчымасьць актывізаваць БЦР у выглядзе экзыльнага ўраду для арганізацыі беларускае дывізіі, моладзі, выдаваньня прэсы, арганізаваныя беларускіх уцекачоў, работнікаў.

Пасьля я адведаў др. Науміка, які тут працаваў у шпіталі. І я дастаў становішча асыстэнта ў гарадзкім шпіталі. Здавалася, што ўсё ідзе складна, аж тут — на табе! — новая загваздка! Мы абодва дастаём нямецкі загад ехаць у хуткім часе ў Гольдап у Ўсходніх Прусах, дзе стаіць нейкая часьць РОА. Мы абмеркавалі сытуацыю: Екаць у расейскае войска й то на самы фронт! — Праваліся ты! Але як уцячы з гэтага места? І тут аказаліся важнымі старыя знаёмствы. Наумік кажа:

— Справу спарадкуем! Цяпер вайна, балаган! Хто будзе нас нукаць? Я тут маю аднаго знаёмага СДоўца з Баранавіч, які з групай беларускіх супрацоўнікаў даглядае карны лягер. Ёй мае пячаткі СС і, думаю, дасьць нам пропускі. Адно, трэба літар гарэлкі…

Дык вось мы купілі ў спэкулянтаў два літры водкі й пайшлі да яго. Прыняў ён нас вельмі ветліва, мы-ж з свайго боку бутэлькі адразу на стол. Знайшлася добрая закусь. П'ём, жартуем, пытаемся аб палажэньні. Немец, падпіўшы, кажа:

— Беларусаў я люблю лепш за сваіх, нашая прыязьнь добра замацавалася ў Баранавічах. Таму вам ня раджу сядзець доўга ў гэтым горадзе. Бальшавікі ўжо стаяць на Вісьле. Рыга ўжо ў безнадзейным змаганьні, цяжкія баі ўва Ўсходніх Прусах…

— Дык куды-ж нам уцякаць? — пытаемся.

— Куды хочаце! Я вам дам пропускі.

Я зь месца выкрыкнуў:

— Мюнхэн!

Аднак Наумік кажа:

— Што там Мюнхэн! У Вене жыве наш граф Асінскі, мае пяць пакояў! Нядаўна гасьціў у нас ды запрашаў да сябе!.. Вып'ем, гэр Шульц, за Вену!

— У Вену хочаце? Чаму не!

Ён хутка сеў за пісьмовы стол ды выпісаў нам падарожныя пропускі з Лодзі да Вены, з тэрмінам на тры месяцы.

На другі дзень мы ўжо сядзелі ў 2-й клясе цягніка, што ішоў да Вены. Раніцай выселі на Франц Езэф станцыі. Тут адпачылі й каля 9-й гадзіны павалакліся шукаць возьніка, каб дабрацца да графа Асінскага. Натрапілі на аднаго, кажа — сядайце. Пытаецца:

— Куды ехаць?

— Драхэн гассэ З, — кажу.

А ён:

— Выбачайце, — кажа, — я такой вуліцы ня ведаю.

Мы да другога, да трайнога, — тое самае. Нарэшце адзін дадумаўся, што мы вымаўляем «хох дойч»[30] ды нас паправіў: «Дрохэн госсэ!» Ён нас завёз на гэты малюсенькі завулак, дзе пад нумарам 3 стаяла невялікая хаціна, у якой «граф» Асінскі займаў адзін пакой, і то на супалку зь нейкім іншым.

Асінскі зьбянтэжыўся гэткай нечаканасьцяй ды адправіў нас у Беларускі Камітэт, што быў непадалёк. Мы завалакліся туды, а там, у маленькім пакойчыку, ягонае «бюро». Ён перапрашаў нас за сьціпласьць ды даў адрас у Кайзэргоф гатэль. Там мы добра адпачылі ды на другі дзень наведалі былога консула БНР у Вене, старэйшага ўжо ды хворага на сэрца чалавека, прозьвішча яго ніяк не памятаю. Консул прыняў нас вельмі ветліва й гасьцінна. У бяседзе ён выказаўся:

— Цяперашняя вайна, гэта другі трагічны акт у гісторыі нашага народу, пры нямецкім у ім удзеле. Цяжка спадзявацца хутка нейкае паправы. З ваеннага змаганьня прыйдзецца пераходзіць ізноў на культурны фронт…

І пэрспэктывы запраўды ня было відаць. «Нямеччына сама ў моцных клешчах двух саюзных франтоў. Што нам рабіць?» — думаю, вярнуўшыся ў гатэль. Чуваць, што Немцы хочуць тварыць беларускую дывізію. Ды што значыць адна, дзьве, тры чужанецкія дывізіі, калі вялізарная нямецкая ваенная машына крышыцца кожны дзень, як пясчаная скала! Нам застаецца адно — перакідацца на бок заходніх Аліянтаў ды шукаць там грунту для нейкай успамогі беларускаму народу, які ня можа, не павінен загінуць у жорнах расейска-бальшавіцкае навалы. Таму я й падаўся далей на захад, каб у вольным сьвеце далей працаваць, пад Знакам Пагоні, для дабра й будучыні свайго народу.

ПАСЛОЎЕ

Вялікая бітва за Беларусь у Другой Сусьветнай вайне, ад 23 чэрвеня да 10 ліпеня 1944 году, была адной зь вельмі важных у гісторыі. У баёх тут ня пала столькі жаўнераў, як, прыкладам, пад Вэрдэнам або Сталінградам, ды вынікі яе былі катастрафічныя ня толькі для Нямеччыны, але й для ўсяе ўсходняе ды паўдзённае Эўропы.

На паўночны ўсход ад Менску, па лініі Віцебск, Ворша, Магілёў, абаранялі Беларусь 41 добра ўзброеная нямецкая дывізія. Бальшавікі сканцэнтравалі тут аднак-жа сілы ў чатыры разы большыя, і яны хутка праламалі фронт на поўначы ў кірунку Сянно, Бешанковічы на Полацак, ды на поўдні, ніжэй Магілёва, у кірунку Слуцак — Баранавічы. Сталася гэта ў вялікай меры й таму, што нямецкі жаўнер, які праседзеў тры цяжкія зімы ў сьнягох Беларусі, меў ужо даволі вайны ды чакаў як найхутчэйшага яе канца.

Недахоп паліва тармазіў рухі нямецкага войска, паралізаваў агрэсыўнасьць нямецкага лятунства. Гітлер, да гэтага, згубіўшы каля 40 % сваёй арміі, адчуваў востры недахоп рэзэрваў і ня меў ужо сілаў, каб блякаваць прарывы фронту. На ходзе ваенных падзеяў на ўсходзе пачаў моцна адчувацца й адкрыты Аліянтамі другі фронт на захадзе. Нямецкія саюзьнікі — Фінляндыя, Італія, Румынія, — пачалі адрывацца ад Нямеччыны. Найбольш-жа натуральныя саюзьнікі для змаганьня на ўсходзе — Беларусы, Украінцы, Расейцы, — адкінутыя Немцамі ў 1941 годзе, цяпер ня мелі ўжо ніякае магчымасьці ставіць бальшавіцкім гордам нейкі паважнейшы адпор.

На ўсход ад Менску пайшло ў палон 180 000 нямецкіх жаўнераў і ўся прастора ад Дзьвінска да Роўна сталася адкрытай. Немцы амаль бязь ніякіх баёў адступілі на лінію Нёману, Нарвы й Віслы. Тры прыбалтыйскія дзяржавы падзялілі лёс Беларусі. Немцы, праз барона Бэрнадотта, спрабавалі прасіць міру з Захадам. Гэтая ініцыятыва, як супярэчная мэтам захопніцкае палітыкі Саветаў у Эўропе, была станоўча адкінутая.

Недамагаючы ўжо прэзыдэнт Рузвэльт, абсаджаны камуністычнымі дараднікамі, усімі сіламі дапамагаў Маскве падбіваць іншыя народы ды нават не дазволіў арміям Аліянтаў заняць Нямеччыну, Чэхаславаччыну й увайсьці на тэрыторыю Польшчы, хоць народы гэтыя іх чакалі. Амэрыканцы ня прымалі паддачы местаў і цэлых нямецкіх арміяў, але чакалі цярпліва, пакуль падлюга Сталін заграбе ўрэшце Балканы, ды зойме, на іхнюю-ж бяду, Бэрлін. Монтгомэры на сваю руку заняў Гамбург і гэтак прыкрыў ад Саветаў Данію.

Рузвэльт, дастаўшы ад Сталіна «слова», што бальшавікі ўсюды завядуць «дэмакратычныя» парадкі, і нават надрукуюць сьвятую Біблію, у сваёй наіўнасьці быў пэўны, што бальшавікі «зьмяніліся» й таму маюць поўнае права завесьці «ўсходняга тыпу» дэмакратыю ў Польшчы й на Балканах.

Ад Масквы абараніўся, саматугам, адзін Тыто ды таму, што будучы добрым камуністычным вучнем, спачатку здабыў давер у Сталіна, пасьля-ж, калі апанаваў адміністрацыю й войска, застасаваў сам ведамую бальшавіцкую тактыку: на словах дагаварывайся, але рабі, што табе патрэбна. Гэтак, пачуўшыся ў сіле, ён выкінуў зь Югаславіі Расейцаў. Пакуль алькаголік Варашылаў сьцяміў што ды як, Югаславія была ўжо вольная, хоць і камуністычная. Сьлядамі Югаславіі пайшла й Альбанія. Іншым народам гэта не ўдалося. Бунт і гераічны супраціў Вугоршчыны ў 1956 годзе, на загад Хрушчова, быў крывава зламаны маскоўскімі танкамі. Вызвольныя-ж сацыяльна-палітычныя рэформы Дубчэка ў Чэхаславаччыне былі брутальна здушаныя збройнаю сілай.

Яд дэмаралізацыі, раскладу, сацыяльных бунтаў, расавай нянавісьці Масква цяпер шырыць па сьвеце праз радыё, тэлевізію ды прэсу Захаду, дзе свабодна дзеюць ейныя агенты. Аднак-жа, з другога боку, зьявілася й масавая ўсьведамляючая літаратура аб савецкай крывавай тыраніі, нявольніцкіх лягерах, прыгонным калгасным жыцьці ды аб крывавых учынках вялікага падлюгі-сатрапа ды злачынцы Сталіна.

Мільёны людзей усяго сьвету падхапілі сёньня кліч вялікага прэзыдэнта ЗША, што паў ад камуністычнай кулі, Ф. Д. Кэнэды:

«Наступ камуністычнай дыктатуры мусіць быць за ўсякую цану стрыманы на ўсім сьвеце, кожны народ мае права свабодна выбраць сабе форму дзяржаўнага ладу».

.

Язэп Малецкі (12 студзеня 1906 в. Якужы, Мёрскі раён — 1982, Аўстралія) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, рэдактар і выдавец, доктар мэдыцыны.

Скончыў гімназію імя Стэфана Баторыя ў Друі, пасьля — Віленскі ўнівэрсытэт (мэдычны факультэт). Працаваў лекарам з 1935 году, спэцыялізаваўся на акушэрстве і гінэкалёгіі ў Варшаве.

Са студэнцкіх гадоў прымаў ўдзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Рэдактар і выдавец беларускіх газэт, каляндароў, сябра Віленскага беларускага нацыянальнага камітэту. Пад час Другой сусьветнай вайны вярнуўся ў Вільню. Намесьнік Беларускага нацыянальнага камітэту ў 1941 годзе. Ад перасьледу летувісаў зьехаў ў Горадню, з восені 1942 году — ў Баранавічах. Працаваў лекарам у баранавіцкіх бальніцах, разам зь іншымі беларускімі дактарамі-патрыётамі Анатолем Бярозкам, Усеваладам Каралём, Наўмікам. Кіраўнік Мэдыцынскай Школы ў Баранавічах. Пасьля, ў 1944 годзе, намесьнік прэзыдэнта БЦР на Вялейскую акругу. У 1944 годзе, апасаючыся савецкага перасьледу, зьехаў у Нямеччыну, потым у Аўстралію.

У Нямеччыне стаў ініцыятарам і галоўным арганізатарам «Аб’яднаньня беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Мэдычная думка».

Атрымаў доктара мэдыцыны ў 1955 годзе ў Сыднэі.

У Аўстраліі быў сябрам першай управы Беларускага аб’яднаньня ў штаце Новы Паўднёвы Ўэйлз, дапамагаў у выданьні месячніка «Новае жыцьцё ў Сыднэі». Узначальваў фэдэральную раду беларускіх арганізацыяў Аўстраліі. Зьяўляўся прадстаўніком Рады БНР у Сыднэі. Дапамагаў грашова як арганізацыям Аўстраліі, так і музэю й бібліятэцы ў Лёндане, і Беларускаму Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Выдаў кнігу ўспамінаў «Пад знакам Пагоні» (1976). Друкаваў успаміны, мэдыцынскія публіцыстычныя артыкулы.

.

Примечания

1

Прага — адзін з гістарычных раёнаў Варшавы. — Polochanin72

(обратно)

2

Увага! Увага!

(обратно)

3

Вон!

(обратно)

4

Жыд.

(обратно)

5

Яны ня нашыя прыяцелі.

(обратно)

6

Начальніка (летув.)

(обратно)

7

Паводле апавяданьня навочнага сьветкі інж. С. Нарушэвіча

(обратно)

8

Вольфа Немцы расстралялі ў 1944 г. за гандаль аружжам.

(обратно)

9

Холадна, холадна, ліха на яго!

(обратно)

10

Як далёка да Смаргоняў?

(обратно)

11

Восемдзесят кілямэтраў.

(обратно)

12

Чорт пабяры!..

(обратно)

13

Цягайма, калега, пілу нашага жыцьця!

(обратно)

14

Калі ласка, калі ласка — заходзьце!

(обратно)

15

Выбачайце, што мы гэтак позна!

(обратно)

16

Новую зброю.

(обратно)

17

Добра!

(обратно)

18

Купляю, купляю…

(обратно)

19

Прадаю!

(обратно)

20

Забаронена.

(обратно)

21

Спадары!

(обратно)

22

Даволі!

(обратно)

23

Старшая мэдыцынская сястра.

(обратно)

24

Пункт погляду.

(обратно)

25

Гаварыць панамецку!

(обратно)

26

Не сапраўдны!

(обратно)

27

Сапраўдны!

(обратно)

28

Так ёсьць, спадар маёр!

(обратно)

29

Пане, небясьпечна хадзіць з гэтым маёрам! Могуць застрэліць! Тут шмат нашага войска. Будзе паўстаньне…

(обратно)

30

Высоканямецкім дыялектам.

(обратно)

Оглавление

  • Язэп Малецкі ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ Успаміны
  •   АД АЎТАРА
  •   АПОШНІЯ ДНІ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПОЛЬШЧЫ
  •   ВАЙНА ПАЧАЛАСЯ
  •   ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ
  •   ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПЕРАД ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНОЙ
  •   БАЛЬШАВІКІ Ў ВІЛЬНІ
  •   ГУТАРКА З АЙЗІКАМ КУЧАРАМ
  •   ДРУГІ ПРЫХОД БАЛЬШАВІКОЎ ДА ВІЛЬНІ
  •   АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАВОЎ
  •   МАСАВЫЯ ДЭПАРТАЦЫІ
  •   НЕМЦЫ РЫНУЛІ НА ЎСХОД
  •   ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ
  •   ЗМАГАНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСКІ САМАЎРАД
  •   У ГОРАДНІ
  •   ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ
  •   ГОСЬЦІ Ў КАМІТЭЦЕ
  •   КАНТАКТЫ ЗЬ НЕМЦАМІ
  •   СТУКАЕМ У ДЗЬВЕРЫ ВАЛАДАРОЎ
  •   ШУКАЕМ «ЛІТОЎЦАЎ»
  •   РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
  •   МУЧАНІЦКАЯ СЬМЕРЦЬ З НАРОДАМ
  •   ТОЕ-Ж У АШМЯНЕ, ШТО І Ў ВІЛЬНІ
  •   РАБУЮЦЬ НЕМЦЫ, РАБУЮЦЬ І ІХНЫЯ ПАМАГАТАРЫ
  •   АБРАЗКІ ЗЬ ВІЛЬНІ
  •   НЕ СПАДАБАЎСЯ НЕМЦАМ
  •   У БАРАНАВІЧАХ
  •   НАВЕДЗІНЫ МЕНСКУ
  •   АБ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСАХ У БАРАНАВІЧАХ
  •   НА ВЫПІЎЦЫ
  •   НА СТАРОЖЫ ЗДАРОЎЯ ЖЫХАРСТВА
  •   У ВАРШАВЕ
  •   У БАРАНАВІЦКІМ ШПІТАЛІ
  •   А БЕЛАРУСКАЯ ПРАЦА ІДЗЕ
  •   ПАКЛІКАНЬНЕ ЦЭНТРАЛЬНАЕ РАДЫ
  •   НАЗНАЧАНЫ НАМЕСЬНІКАМ
  •   У ДАРОЗЕ
  •   НАМЕСЬНІКАМ У ВЯЛЕЙЦЫ
  •   БЕЛАРУСКАЯ МАБІЛІЗАЦЫЯ
  •   ПРЫСЯГА БКА
  •   БАІ З БАНДАМІ
  •   КРЫВАВЫЯ ПАРАЗІТЫ НА НАШЫМ ЦЕЛЕ
  •   НА МАНЭЎРАХ
  •   ВІЗЫТАТАРЫ-ГОСЬЦІ
  •   ВІЗЫТАЦЫЯ Ў МАЛАДЭЧНЕ
  •   АПОРНЫ ПУНКТ
  •   ВЯЛІКДЗЕНЬ У КУРАНЦЫ
  •   РОЗНЫЯ ВІЗЫТАТАРЫ
  •   АБАРОННЫЯ ВЁСКІ
  •   ЕДЗЕМ ДА ДАЎГІНАВА
  •   КАНЕЦ ГРАВЭ
  •   УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС У МЕНСКУ
  •   ПАКІДАЕМ ВЯЛЕЙКУ
  •   РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ ВІЛЬНЯЙ
  •   ЦЯГНІКАМІ НА ЗАХАД
  •   ПАСЛОЎЕ
  •   .
  •   . Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ», Язэп Малецкі

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства