Велічнай белакрылай чайкай лунае над рачнымі хвалямі, купаецца ў іх, глядзіцца, як у люстэрка, Полацкі Сафійскі сабор. Здаецца, знарок выпырхнуў на дамінуючы пагорак, каб сваім святым блаславеннем атуляць беларускую зямлю. Каб адусюль бачыцца спаконвечным сімвалам мудрасці і шчырасці нашых продкаў, поклічным арыенцірам на шляху да духоўнасці і самапавагі.
А яшчэ высока ўзнесла Сафійка галаву дзеля таго, каб перагуквацца са сваімі адзінавернымі сёстрамі – Сафіяй Кіеўскай і Сафіяй Наўгародскай. Так, відаць, задумана было творцамі гэтых перлін архітэктурнай дасканаласці, каб тры славянскія народы мелі адзін духоўны накірунак, каб не збочылі ў невядомасць, не зніклі, не растварыліся ў сусвеце. Але было і суперніцтва – за сваю самаіснасць, за велічнасць кожнай зямлі, за права быць самастойным і дужым княствам, якое можа не толькі фізічна абараняць сябе, але духоўна загартоўвае свой народ.
Мо лёсу было так заўгодна, што першая згадка пра Сафійскі сабор звязана з Еўфрасінняй Полацкай, якая стала патронкай зямлі беларускай. У Жыціі прападобнай можна знайсці словы пра беларускую Сафійку. Мяркуецца, што храм створаны ў другой палове ХІ стагоддзя. У той час князем Полацкай зямлі быў Усяслаў Брачыславіч – адзін з самых славутых і знакамітых яе ўладароў, які стаў і героем “Слова пра паход Ігаравы”.
Магутны Рагвалод – заснавальнік полацкай княскай дынастыі, быў прадзедам Усяслава. Знаная далёка за межамі беларускай зямлі Рагнеда – ягоная прабабка. У летапісах засведчана легенда, нібыта Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму ў жыцці яму ва ўсім было спрыянне. Ён набыў неверагодна шырокую ваенную славу, стаў вядомы многімі карыснымі дзеямі дзеля дабра княства. Народ назваў яго Чарадзеем, або Ваўкалакам.
У сярэдзіне ХІ стагоддзя Усяслаў загадаў узнесці над рачным люстэркам храм, які быў бы не менш велічны за Кіеўскі і Наўгародскі, а заадно сведчыў бы пра незалежнасць Полацкай дзяржавы і магутнасць самога князя. Храм Святой Сафіі ў Кіеве ўзвялі пры Яраславе Мудрым, які з’яўляўся сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода, дзядзькам Брачыслава Полацкага – бацькі Усяслава.
Комментарии к книге «Адвечны покліч Радзімы», Анатолий Иванович Бутевич
Всего 0 комментариев