Сьвет добры.
Сьвет мяне паўторыць.
Ну а ня сьвет – дык Беларусь.
Мне досыць.
Уладзімір КараткевічЯны круціліся ў вар’яцкім карагодзе вакол ратушы ўжо дзясятую гадзіну. Неба зрабілася чырвоным, як распаленае жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасьць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад сьмерцю апошняга прычасьця, не хацелі пакідаць зямлю...
— Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..
Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы сьвіст. У моманты прасьвятленьня ўсьведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і сьветлы, як трысьнёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са сьпічастым каптуром; зьлева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я… І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама сьмерць… А хіба ня так? Нехта паспрабаў вырваць Анэту з людскога кола… Голас Богуша гучаў зусім побач:
—Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!
Не, ня ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі… Імчаць, імчаць па коле… Але яна ня можа… Ня можа больш… Упасьці… Стаць зямлёй… Пылам пад чужымі нагамі…
На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.
—Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!
Пошасьць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціньнем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцьвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, ня мелі чым прывязаць душу да цела... Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб вырасьлі пакрытыя поўсьцю воі, ці пра тое, што ў падзямельлях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месьцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасьцю пачаўся шал... Карагод сьмерці.
Комментарии к книге «Скокі смерці», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев