Неяк раз пасля паўдня позняй вясною звон на вежы Тэнстолскага замка Мот зазваніў у нявызначаны час. Паўсюдна, у лесе і на полі, што падступаліся да ракі, людзі пакідалі працу і пабеглі насустрач звону; сабраліся і ў вёсачцы Тэнстол беднякі-сяляне; яны са здзіўленнем прыслухоўваліся да звона.
У тыя часы — у цараванне старога караля Генрыха VI[1] — вёсачка Тэнстол мела амаль такі ж выгляд, як цяпер. Па доўгай зялёнай даліне, што спускалася да ракі, былі раскіданы дзесяткі два дамоў, пабудаваных з цяжкіх дубовых бярвенняў. Дарога ішла цераз мост, потым падымалася на супрацьлеглы бераг, знікала ў лясных гушчарах і, вынырнуўшы, праставала да замка Мот і далей, да абацтва Халівуд. Перад вёскай, на схіле пагорка, стаяла царква, акружаная цісавымі дрэвамі. А вакол, куды ні кінеш позірк, цягнуліся лясы, над якімі ўзвышаліся макушы зялёных вязаў і пазелянелых ужо дубоў.
Каля самага моста на выспе стаяў каменны крыж; каля крыжа сабралася купка людзей — шэсць жанчын і цыбаты дзяцюк у чырвонай палатнянай сарочцы; яны спрачаліся аб тым, што можа азначаць гэты звон. Паўгадзіны назад праз вёску праскакаў ганец; каля харчэўні ён выпіў куфаль піва, не злазячы з каня, — так ён спяшаўся, але ён і сам нічога не ведаў, ён вёз запячатаныя пісьмы сэра Дэніэла Брэклі сэру Оліверу Отсу — свяшчэнніку, які кіраваў замкам Мот, пакуль гаспадар быў у ад'ездзе.
Комментарии к книге «Чорная страла», Роберт Льюис Стивенсон
Всего 0 комментариев