Эрнест Ялугін Сіндбад вяртаецца
ЗАМЕСТ УСТУПУ, або Колькі слоў пра маладога журналіста Радзіма Савіліна і яго спадарожніка, якія ляцелі ў Алжыр, але аповесць будзе зусім не пра іх
І я расказаў халіфу аб тым, што са мною здарылася ў гэтае падарожжа… і халіф здзівіўся вельмі і загадаў летапісцам запісаць маю споведзь і пакласці ў казну…
«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-МараходаВыпадак часам называюць нібы якую асобу каралеўскага рангу — Яго вялікасць. Яго вялікасць Выпадак — можна і так.
У Юрыя Сяргеевіча было некалькі варыянтаў дабрацца ў Алжыр, куды ён, класны спецыяліст па трактарнай тэхніцы, выпраўляўся ў доўгатэрміновую, не першую ўжо, камандзіроўку. Яго там чакалі, за ім нават павінна была прыйсці машына, трэба было толькі пазваніць па тэлефоне. Нумар тэлефона яму ўручылі разам з замежным пашпартам. У запісной кніжцы Юрый Сяргеевіч меў яшчэ тры ці чатыры нумары алжырскіх тэлефонаў (праўда, амаль пятнаццацігадовай даўнасці), па якіх ён мог пазваніць пры патрэбе. А па адным — то абавязкова, пры першай жа магчымасці.
А вось Радзім Савілін, зусім яшчэ «зялёны» супрацоўнік заводскай газеты з Магілёва, ехаў першы раз і ўсяго толькі радавым турыстам. Група іх была вялікая, хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў савецкай краіны — з Беларусі, Кубані і Сібіры — больш за сотню чалавек. Ім выдзелілі спецыяльны самалёт, і ляцеў ён звыш раскладу, к ночы, калі ў маскоўскім міжнародным аэрапорце «Шарамецева» было не так завозна і лягчэй было прызямліцца на канечным пункце Аль-Джазаіры. Гэтак з некаторага часу пачалі на арабскі лад называць сталіцу Алжыра.
Юрыю Сяргеевічу прапаноўвалі на выбар: або дабірацца да Аль-Джазаіра морам, з Адэсы, на тым самым караблі, які павязе ў афрыканскія краіны партыю трактароў «Беларусь» новай мадэлі, або хутка і з камфортам — на самалёце. Рэйс праз двое сутак.
Двое сутак? Столькі змарнаваць часу? Няўжо нельга хутчэй? Тады і ўспомнілі пра звышпланавы рэйс авіялайнера з турыстамі, дзе было некалькі свабодных месц. «Толькі давядзецца разам з імі і начаваць у якім-небудзь студэнцкім інтэрнаце. Ці ў палатачным гарадку, — сказалі Юрыю Сяргеевічу. — У Алжыры зараз спякота за сорак градусаў, і добры пакой з кандыцыянерам і ўсякімі іншымі выгодамі ў сучасным сталічным гатэлі быў бы не лішні».
«Нічога, буду прывыкаць, мне ж трэба будзе ў самае пекла, у пустыню Сахара, ехаць», — адказаў на гэта Юрый Сяргеевіч. Ён ужо ўзрадавана прыкідваў, як правядзе амаль два вольныя дні ў горадзе, які давялося пакінуць больш за пятнаццаць гадоў назад. Ды так хутка, што не паспеў развітацца з многімі сябрамі. У тым ліку з адной чарнавокай асобай, якая ўспаміналася яму да гэтага часу так, быццам амаль два дзесяткі год і не праляцелі ў яго жыцці.
Не ўлічыў толькі Юрый Сяргеевіч двух момантаў — нават адзін год чалавечага жыцця ой як многа значыць. Па-другое, што прыляціць самалёт у Алжыр у чацвер, а назаўтра, зразумела ж, будзе пятніца, дзень адпачынку.
Радзім Савілін раўнадушна пазіраў, як старшы групы беларускіх турыстаў Алег Аляксандравіч Борташ аб нечым размаўляе з высокім русавалосым мужчынам спартыўнага выгляду. Той час ад часу прыкладае белую хусцінку да правага вока, быццам збіраецца заплакаць.
Падумаць толькі: праз якую хвіліну-другую магутныя крылы панясуць яго да Афрыканскага кантынента. У краіну, назва якой гучыць неяк мужна і крыху таямніча. Алжыр… Французы і італьянцы называюць яе крышачку іначай — Алжырыя. А самі арабы, якія там жывуць разам з берберамі ды іншымі народамі,— Аль-Джазаір, што азначае, аказваецца, — «астравы». Цікава, чаму — астравы?
— Вось, знаёмцеся, — старшы групы падвёў незнаёмага мужчыну да крэсла, дзе ўжо сядзеў Радзім Савілін, — ваш зямляк Юрый Сяргеевіч.
Хто, выпраўляючыся ў далёкую дарогу, асабліва ў чужую краіну, за мяжу, не быў бы рады чалавеку з родных мясцін! Ды асабліва такому, які многа дзе быў і шмат чаго пабачыў. Радзім Савілін адразу зразумеў: яму здорава пашанцавала. Затое Юрый Сяргеевіч, здаецца, не вельмі быў задаволены, што яго спадарожнік занадта гаваркі і задае многа пытанняў, у тым ліку наіўных, «дзіцячых»: ці праўда, што арабы не ядуць свініну, бо гэта не дазваляецца рэлігійнымі забабонамі? Ці ёсць яшчэ ў Алжыры чараўнікі-марабуты? І гэтак далей.
І тут зноў на дапамогу Радзіму прыйшоў Яго вялікасць Выпадак.
Ён трымаў у руках кнігу, і Юрый Сяргеевіч звярнуў на яе ўвагу. Гэта была «Тысяча і адна ноч» — старажытныя чароўныя арабскія казкі. Заўважыўшы цікавасць новага знаёмага, Радзім працягнуў яму кнігу.
— Можа, хочаце пачытаць? Вось майстры выдумляць былі тыя, хто стварыў гэтыя казкі!
Юрый Сяргеевіч пагартаў кнігу і аддаў назад.
— Няўжо не цікава? — здзівіўся Радзім.
— Калі мне было гадоў дзесяць, я таксама ёю захапляўся.
Радзім пачырванеў, пакрыўдзіўся. Юрый Сяргеевіч заўважыў гэта і дадаў міралюбна:
— Казкі трэба чытаць змалку, пакуль не паспытаеш сапраўдных прыгод… Жыццё іншы раз такое табе можа падкінуць — толькі трымайся. Так, толькі трымайся, — паўтарыў ён і прыклаў да правага вока невялічкую белую хусцінку. Як тады, калі размаўляў з кіраўніком турысцкай групы. Тут толькі Радзім звярнуў увагу, што вока ў яго новага знаёмага пачырванела і слязіцца. Можа, у поездзе скразняком прадзьмула ці заляцела якая мошка.
Юрый Сяргеевіч прыплюшчыў вочы. «Адпачываць, адпачываць да самага Алжыра», — загадаў ён сабе і паспрабаваў па сістэме йогаў расслабіцца, адключыцца ад асяроддзя, не слухаць, пра што там яшчэ пытае Радзім, гэты цыбаты хлапчына са смешнымі, быццам несапраўднымі вусікамі. Такія нярэдка заводзяць сабе ў маладым узросце для саліднасці. Рэзь у воку пабольшала. Відаць, ад перамены атмасфернага ціску — самалёт усё яшчэ набіраў вышыню. Юрый Сяргеевіч зірнуў у ілюмінатар — што там робіцца? Воблакі, якія зусім нядаўна шызымі і ружовымі гурбамі навальваліся на дрыготкія крылы самалёта, цяпер рассунуліся, расцягваючыся ў рэдкія пасмы, паступова знікаючы. І вось ужо засталіся далёка ўнізе і нагадвалі невядомую таямнічую горную краіну, над якой, шырока распластаўшы прывідныя крылы, імчаўся цень самалёта. Тады патухла табло з папераджальнымі словамі «Зашпіліць рамяні!». Значыць, авіялайнер набраў вышыню вызначанай яму міжнароднай паветранай трасы — дзесяць тысяч кіламетраў — і выраўняўся. Роўна, без нядаўняй натугі загулі турбіны. Здаецца, пачала сціхаць і рэзь у воку. Гэта добра. Там, куды цяпер нёс авіялайнер сваіх пасажыраў, яго чакалі зусім не турысцкія забавы, а напружаная работа. Канечне, агульны стан здароўя ў яго добры — сэрца, нервы. А вось аперацыя на воку… «Глядзіце, толькі не папсуйце там маё вока», — падпісваючы медыцынскае пасведчанне, сказала жартам Людміла Мікалаеўна, якая зрабіла яму складаную аперацыю — ужывіла штучны крышталік замест сапсаванага некалі ў выніку ранення. Што ж, сапраўды, гэта «яе», Людмілы Мікалаеўны, вока, бо каб не яе майстэрства… Якое гэта шчасце — зноў нармальна бачыць, нават мець магчымасць ехаць працаваць у складаных умовах афрыканскай пустыні. Калі разабрацца, людзі ўжо неаднойчы вось так адорвалі яго, зусім без усякай карысці для сябе. Нават наадварот бывала — дзеля яго яны рызыкавалі вельмі многім. А старому алжырцу Аіт-Хаммушу ён нават абавязаны тым, што застаўся жывы.
У салоне весела гучалі маладыя галасы, смех. На задніх крэслах са смехам успаміналі кур'ёзны выпадак на таможні з нейкім Ляснеўскім, з імі перагукваўся, пакепліваў з таварыша Радзім Савілін, не здагадваючыся, што ў хуткім часе здарыцца з ім самім. У цэнтры салона трэнькала гітара, спяваў малады ўпэўнены голас мастацкага кіраўніка аматарскага ансамбля народнай песні і танца з Гродна. Ансамбль гэты, паспеў паведаміць Юрыю Сяргеевічу Радзім, складаецца ў асноўным з навучэнцаў прафтэхвучылішчаў. І падобны ж ансамбль везлі новасібірцы. Цікава, дадаў Радзім, чые выступленні больш спадабаюцца алжырскай моладзі. Юрый Сяргеевіч зноў міжволі ўсміхнуўся, назіраючы, як хлопец абмацвае пальцамі свае вусы. «Быццам баіцца, што яны могуць у яго раптам адклеіцца», — усміхнуўся ён сам сабе.
Юрый Сяргеевіч не стаў бы расказваць яму аднаму пра сваё першае, студэнцкае падарожжа ў Алжыр, але Радзім паспеў ужо нашаптаць спадарожнікам пра свайго незвычайнага, «бывалага» земляка, і вось цэлая група хлопцаў і дзяўчат абсела яго крэсла, усе наперабой сыплюць пытанні. Асабліва пра Алжыр, куды Юрый Сяргеевіч трапіў якраз у першы год пасля таго, як там скончылася вайна супроць французскіх каланізатараў, але яшчэ дзейнічалі падпольныя банды імперыялістычных недабіткаў. Яны называлі сябе аасаўцамі, ці скарочана лацінскімі літарамі OAS, — хацелі, каб Алжыр заставаўся «французскім», быў каланіяльным прыдаткам Францыі, яе капіталістаў. І якога толькі зброду не было ў тых фашысцкіх бандах! Але найбольш былых салдат французскага так званага Замежнага легіёна — легіянераў, з людзей самых розных нацыянальнасцей.
— Юрый Сяргеевіч, — звяртаецца да расказчыка Радзім, — а ваш стары Аіт-Хаммуш падобны на Сіндбада-Марахода!
Юрый Сяргеевіч на хвіліну задумаўся.
— Мне і самому гэтак калісьці здавалася, а цяпер бачу — не. Успомніце, каго ратаваў Сіндбад-Мараход, рызыкуючы сабой? Пра сябе ў першую чаргу думаў. Вось быў у мяне яшчэ адзін знаёмы, дык на Сіндбада-Марахода…
— А памятаеце, як Сіндбад-Мараход пашкадаваў старога і пасадзіў сабе на карак, каб дапамагчы перабрацца цераз рэчку, а той…
Узнікла спрэчка. Нават не заўважылі, калі авіялайнер перамахнуў Апенінскі паўвостраў. Юрый Сяргеевіч адчуваў сябе стомленым, некалькі разоў прыкрываў далонню вочы, даючы зразумець, што хацеў бы хоць крыху падрамаць. Але дзіва што адпачнеш! Пытанні не пераставалі сыпацца.
— Астатняе, родненькія, дагаворым на пляжы ў Алжыры, — сказаў ён, радуючыся, што працягу, канечне, не будзе. У турыстаў свой маршрут, у яго свой. Ён і так быў вельмі незадаволены сабою, што расказаў, паддаўшыся настрою, больш, чым гэта звычайна рабіў.
«Антс Кійк паможа, калі што раптам з вокам, — думае ён. — Тэлефон, адрас ёсць. Сорамна, даўнавата яму не пісаў… Усё неяк адкладвалася — то камандзіроўка, то яшчэ што… Хлопцы слухалі пра Кійка з захапленнем… А калі ён за гэты час вярнуўся дадому, у сваю Эстонію? Збіраўся ж яшчэ тады… Эх, як бяжыць час!..»
Хлоп! Хлоп! Самалёт уздрыгвае, раптам загараецца табло «Зашпіліць рамяні!». Няўжо падлятаем? Вушы закладвае, усе прыціхлі… Хлоп, хлоп! Ва ўсплёсках рубінавых бартавых агнёў бачна, як у цёмную бездань вялікімі боханамі павольна вывальваюцца шасі… Значыць, сапраўды хутка Алжыр…
Хутка Юрый Сяргеевіч пазнаў ужо ўспышкі марскога маяка на мысе Шэршэл, узрадаваўся яму, як старому добраму знаёмаму. «Глядзі!» — не ўтрымаўся, паказаў Савіліну. Потым зазіхацеў агнямі магутны каскад горада. Вось ён, Аль-Джазаір, па прыгажосці з ім можа супернічаць толькі адзін горад кантынента — Каір. Авіялайнер імчаўся ля самай зямлі. І нарэшце першы дотык шасі да бетону ўзлётнай паласы, лёгкі ўдар… Мільгацяць ярка-рубінавыя арыенцірныя агеньчыкі, страшэнна выюць рухавікі, набліжаецца ў пражэктарнай падсветцы белы гмах аэрапорта Дар-аль-Бейда, у гэты час зусім пустэльнага — авіялайнер дагнаў ноч.
І адразу ж, як толькі ступілі на трап, на пасажыраў дыхнула быццам з напаленай духоўкі. Пачуліся здзіўленыя галасы: «Тры гадзіны ночы ды гэткае пекла? А што ж тут будзе ўдзень?»
Толькі адны яны шоргалі ватнымі нагамі па мармуры транзітнай залы. Не спяшаючыся, сонна паморгваючы на турыстаў, займалі свае канторкі алжырскія пагранічнікі і таможнікі. Яны працавалі спакойна, Юрый Сяргеевіч перакінуўся з гэтымі дружалюбнымі хлопцамі некалькімі прывітальнымі фразамі па-французску, з дзіўным для сябе хваляваннем услухоўваючыся ў словы адказаў. Ён зноўку пазнаваў у вымаўленні калісьці прывычны для яго алжырскі акцэнт. Але тут узняў гвалт Савілін, землячок.
Каля яго чамусьці было ажно тры таможнікі, твары ва ўсіх напружаныя, нават варожыя. Перакладчыца нешта хутка гаворыць і, відаць, не зусім дасканала, бо яе перапытвае старшы таможнік, настаўляючы прыгожыя вочы, з якіх яшчэ не сышла санлівасць.
Юрый Сяргеевіч таропка падышоў. Спытаў па-французску: якія праблемы? Таможнікі павярнулі да яго галовы, ажывіліся. Урэшце ўсё вырашылася лёгка і проста. Савіліна паляпалі па плячы і, крыху ачмурэлага ад нядаўніх хваляванняў, прапусцілі да астатніх турыстаў, якія пазіралі на яго як на дзіва.
— Ну, дзякуй, Юрый Сяргеевіч, — гаварыў Савілін залішне гучна, бы глухому, на хаду пхаючы ў сумку няхітры скарб, які толькі што паказваў таможнікам. — А то прычапіліся… Кепска, калі ў чужой краіне і не ведаеш мовы. Чорт ведае што можа адбыцца!
— Не мог завучыць хоць бы тры фразы па-французску? Я ўжо не кажу пра арабскую мову.
— Ды ў тым жа і справа, што вучыў! — тонам закаранелага двоечніка адказаў Савілін. — Вось паслухайце, як я ім па-фрацузску… — І ён прамовіў некалькі фраз на невядомай мове: — Я з Савецкага Саюза. Мая нацыянальнасць — беларус. Вось мой пашпарт. Каштоўнасцей, валюты, зброі не вязу… Ну як?
— Ты гэтак і таможніку казаў? — Юрый Сяргеевіч нават прыпыніўся.
— Ну! Я ж кажу, што тое-сёе завучыў. Юрый Сяргеевіч засмяяўся і махнуў рукой.
— Яны абавязкова павінны былі цябе спыніць.
— Чорт ведае чаму, але да мяне заўсёды чапляецца і міліцыя. — Савілін з вялікай цікаўнасцю паглядаў ва ўсе бакі і нават прынюхваўся. — Ледзь што якое, нехта некага таўхануў, а ўжо чую: грамадзянін, вашы дакументы. Але ж дома пагаварылі і разабраліся. А тут таможнікі раптам… Разумееце, першы раз выправіўся за мяжу — і такое. У Будапешце ж таксама… Не заўважылі?
— Відаць, ты і венграм на іх мове сказаў, што зброі і каштоўнасцей не вязеш.
— Ну, вы скажаце! Уф, і но-оч! Чуеце, як пахнуць ружы? Афрыка адчуваецца, праўда? А венгерскага я наогул ні слова. Проста ішоў, накінуўшы куртку на плечы. А мне раптам…
— Таможнікі, выходзіць, умеюць чытаць нават думкі,— пасмяяўся Юрый Сяргеевіч і запхнуў свой чамадан у багажнік вялікага аўтобуса, які прыслала арганізацыя маладзёжнага турызму ў Алжыры «Неджма». Яе прадстаўнік, цемнавокі прыгожы хлопец, стаяў у салоне ля кабіны шафёра і гаварыў у мікрафон. Ён прамовіў спачатку па-руску, а потым тое ж самае па-арабску: «Мы гаворым вам, дарагія савецкія сябры, ас-салам алейкум! Мархабан! Добрага здароўя! Калі ласка!» — І заўважыўшы, што ўсе селі на свае месцы, звярнуўся да шафёра на французскай мове, але з такім наборам гартанных гукаў, якія прыдавалі словам алжырскую афарбоўку. Сэнс быў, прыкладна, такі: нашы госці спяць проста на хаду, так што не паддайся і ты спакусе драмануць. Ды не гані, як звычайна, а то спрасонку яшчэ не заўважыш паварот і наскочыш на які старчак.
Але аўтобус толькі з месца скрануўся спакойна, а потым яго рухавік быццам ператварыўся ў рэактыўны. Яны памчалі ў густую ноч між цёмных сілуэтаў веерных пальмаў, вялізных прывідных кактусаў. Юрый Сяргеевіч не менш напружана, чым Савілін, углядаўся ў наваколле, спадзяваўся што-небудзь пазнаць з бачанага ім калісьці, у юнацтве. Але ўсё выглядала незнаёмым. Вось фары выхапілі з паўзмроку белую сцяну, абвітую вінаграднікам, мільганулі ў апельсінавых садах па-ўсходняму ўпрыгожаныя, бы каменныя цацкі, загарадныя дамкі, вілы, у якіх некалі жылі французскія чыноўнікі і мясцовыя багацеі. Раптам наперадзе ўзніклі высокія шэрыя будынкі, пэўна, яшчэ старадаўнія. Куды ж іх вязуць? У студэнцкі гарадок, у Бумердэс? Ага, нарэшце крыху пачаў арыентавацца Юрый Сяргеевіч, вось гэтыя будынкі, падобныя на горныя скалы, ён калісьці бачыў. Выходзіць, аўтобус набліжаецца да Верхняга горада, да самай старажытнай часткі Аль-Джазаіра, да Казбы.
— Куды мы едзем, не ў студэнцкі гарадок? — спытаўся ён нарэшце ў маладога алжырца, які суправаджаў аўтобус.
Той паведаміў: — У Сідзі-Феруш, за горад. Побач мора, — дадаў ён і паказаў далонню, як уздымаецца і апускаецца хваля.
Сідзі-Феруш? Юрый Сяргеевіч задаволена кіўнуў — так, ён тыя мясціны памятае. Адтуль усё тады і пачалося для яго, калі ён з групай студэнтаў Мінскага політэхнічнага інстытута прыехаў у Алжыр на час летніх канікулаў, каб разам з моладдзю іншых краін адбудоўваць разбураныя французскімі карнікамі паселішчы ў гарах Кабіліі. Значыць, да горада будзе каля шасцідзесяці кіламетраў. Нічога страшнага: за якіх паўтары гадзіны можна дабрацца да Аль-Джазаіра рэйсавым аўтобусам. Гэта — калі не ўдасца дазваніцца да арганізацыі, якая яго запрасіла да сябе на працу. Аднаму ён дзівіўся: пятнаццаць гадоў назад тут былі толькі сады, бахчы ды адзінокія вілы ля мора, абнесеныя каменнымі сценамі з наблытаным па верху калючым дротам. А зараз паселішчы, паселішчы… Цэлыя гарадкі, залітыя шчодрым электрычным асвятленнем. Быццам уся краіна перасялілася на гэты невялікі пляскаты паўвостраў, названы калісьці імем старажытнага пірацкага атамана, раіса, які меў тут патаемную стаянку сваіх разбойных фелюг. Потым алжырскія піраты падначаліліся турэцкаму султану, і той узаконіў гэты жудасны промысел на Міжземным моры. Некалькі стагоддзяў не спыняліся войны, забойствы і рабаванне мірных жыхароў, пакуль яны нарэшце не аб'ядналіся, не далі адпор захопнікам і не стварылі сваю ўласную дзяржаву — Алжырскую народна-дэмакратычную рэспубліку. А гэтыя новыя пасёлкі ўзніклі таму, што насельніцтва ў свабоднай краіне за апошнія два дзесяткі гадоў павялічылася амаль удвая. Калі Юрый Сяргеевіч апошні раз быў у Алжыры, тут жыло амаль столькі ж людзей, як у Беларусі. А зараз газеты паведамляюць, што алжырцаў ужо больш за васемнаццаць мільёнаў!
Гатэль «Эль-Мінзаг» быў невялікі, але затое ля самага мора. Не цярпелася паставіць чамадан ля варот і бегчы да гаючай вады. Але ж не, парадак ёсць парадак. Трэба было паказаць пашпарты, атрымаць у дзяжурнага гатэля картачкі рэгістрацыі, запісаць у іх тое, што патрабавалася — прозвішча, імя, з якой краіны прыбыў.
— Ой, ды тут жа на арабскай мове! — залямантавала светлавалосая Іра, мантажніца з Баранавіч. І адразу пачуліся яшчэ панічныя галасы — як прачытаць арабскія словы? Хітрыя завітушкі і кропкі ў дужках і над дужкамі. Ды і чытаць, аказваецца, трэба з другога канца. Спрасонку не заўважылі, што пытанні прадубліраваны, паўтараюцца і на французскай мове. А яе ж таксама не ведалі! І чаму б не дамовіцца людзям, каб увесці паўсюдна хаця б аднолькавы алфавіт! Ды размовы-пажаданні адно, а запаўняць трэба тое, што прапануюць гаспадары і на той мове, якая ўказана. Юрыю Сяргеевічу, ледзьве скончыў запаўняць сабе рэгістрацыйную картачку, падсунула лісток Іра: «Вы ўжо і мне, калі ласка». Тут яшчэ пацягнуліся рукі з паперкамі: «І мне, калі ласка, і мне, і мне…» Юрый Сяргеевіч думаў дыктаваць, потым махнуў рукой і пачаў запісваць усё сам, нават галаву не падымаў.
— Ну, таварышы родныя, нельга так эксплуатаваць чалавека, — умяшаўся кіраўнік групы.
Юрый Сяргеевіч разумеў гэтых хлопцаў і дзяўчат: разгубіліся, трэба іх падтрымаць першы раз.
— Даліся вам у знакі мае няўмекі, Юрый Сяргеевіч? — спачуваў кіраўнік турысцкай групы. — Дзякуй, што памаглі. Але і наро-од! Усе ж пісьменныя, замежную мову з чацвёртага класа вывучалі, а за мяжой убачылі лацінскія літары і адразу спалохаліся… Вока ў вас пачырванела: мошка якая трапіла ці ад напружання? Ну, адпачывайце… Вось ключ ад пяцьдзесят дзевятага нумара. Другі паверх. Прабачайце, што не на аднаго, не атрымліваецца. Не супраць, калі я вам Савіліна ў суседзі? Ну — зямляк ваш…
Юрый Сяргеевіч не адразу зразумеў, што Савілін — гэта Радзім. Турыстаў, як ён чуў, раніцаю павязуць у горад Аран, за паўтысячы кіламетраў адсюль, у бок граніцы з Марока. Гэта на паўднёвы захад. Прыгожыя мясціны. Ад знакамітага старажытнага горада Тлемсена ўсяго паўтары сотні кіламетраў. Ну, а яму як пабачыць старых знаёмых у Аль-Джазаіры? Відаць, спачатку ён паедзе ў Кабільскія горы. Магчыма, Уадыяс наведаць давядзецца, бо і там зараз працуюць нашы мінскія трактары. Горныя ўмовы, паблізу Сахара. З пустыні не-не ды і нясе драбнюткі пясок, ад якога канструктарам так цяжка аберагаць маторы. Юрый Сяргеевіч думаў пра мінскія трактары, як пра жывыя істоты. Вось ужо амаль два дзесяткі гадоў ён вывучае іх на розных рэжымах работы, кіруе рамонтам, удасканальвае.
Вочы ў Юрыя Сяргеевіча проста зліпаліся, але ён прымусіў сябе ўсё ж прыняць душ. Потым дастаў маленькі электронны будзільнік, паставіў на шэсць гадзін па алжырскаму часу і паклаў ля сябе на тумбачку. Радзім Савілін таксама памыўся, сеў на ложак і, нягледзячы на стомленасць, як сапраўдны журналіст, імкнуўся распытваць Юрыя Сяргеевіча пра падарожжы. Але хутка і раптам заснуў сам. Юрый Сяргеевіч усміхнуўся і выключыў святло. Некаторы час ляжаў, прыслухоўваючыся да блізкага шапацення марскіх хваляў. Перш-наперш, вырашыў ён, трэба пазваніць заўтра доктару Антсу Кійку. Прыемна было ўяўляць, як яны пачнуць сяброўскую гаворку, па звычцы пакепліваючы адзін з аднаго.
Але раніцаю Юрый Сяргеевіч падняў тэлефонную трубку і зразумеў: за тыя паўтара дзесятка гадоў, пакуль яго тут не было, нават тэлефонныя нумары неаднаразова памяняліся — у яго былі запісаны чатырохзначныя, і дзяжурны атэля толькі прысвіснуў, зірнуўшы на іх. Юрый Сяргеевіч гартануў тэлефонны даведнік, які яму прапанавалі,— лічбы ўсюды былі шасцізначныя. Але яго чакала яшчэ адно расчараванне: не адказваў і тэлефон, які яму далі перад ад'ездам у камандзіроўку. Дзяжурны гатэля зноў прыйшоў яму на дапамогу: сёння ж дзень адпачынку, так што няхай месье не здзіўляецца, што тэлефон не адказвае. «Як дзень адпачынку? — разгубіўся Юрый Сяргеевіч. — Толькі ж пятніца». І тут жа пасмяяўся з сябе — гэта ж трэба, не ўлічыў такой драбязы, вось і сядзі тут зараз цэлыя суткі… Нават і ехаць зараз у горад няма ніякага сэнсу. Бо ўсе ж, вядома, дзе-небудзь ля мора, ратуюцца ад спёкі. Ад сонца нават у гэтыя ранішнія гадзіны пачынае звінець у галаве.
Вось так і здарылася, што Радзіму Савіліну пашанцавала. Ён слухаў расказы Юрыя Сяргеевіча з раніцы да позняга вечара. І, можа, таму, што тыя, з кім ён столькі гадоў марыў нарэшце сустрэцца, былі зусім блізка, але, як і раней, недасягальныя, Юрый Сяргеевіч расказваў пра іх з асаблівым пачуццём. Быццам, перш чым сустрэцца, хацеў для сябе ўзнавіць у памяці ўсё, што адбывалася з імі і ім самім раней. Ёсць у чалавека такая патрэба — успамінаць сваё мінулае.
Познім вечарам, калі яны вярнуліся з пляжа, Савілін зноў хацеў прадоўжыць роспыты. Але Юрый Сяргеевіч зірнуў на гадзіннік, потым на блакнот свайго маладога сябра і рашуча сказаў:
— Усё, Радзім. Астатняе пры наступнай сустрэчы.
— Дык калі тое яшчэ будзе! — запярэчыў Савілін. — Нават калі вернемся зноў у Саюз, то вы ў Мінск, а я ў Магілёў.
— Я запрашу цябе ў госці,— усміхнуўся Юрый Сяргеевіч. — А мо да таго часу гэтая гісторыя цябе перастане цікавіць.
— Не перастане, — рашуча заявіў Савілін. — Калі вы дазволіце, я нават напішу сёе-тое.
— Справа твая, — кіўнуў Юрый Сяргеевіч, пакуючы чамадан, каб не займацца гэтым раніцай. — А сустрэцца мы, магчыма, зможам дзён праз дзесяць. Ваша група, я чуў, у гэты час ужо будзе зноў тут. Я пазваню…
— Ну, тады апошняе пытанне, — сказаў Савілін. — Вось вы расказвалі пра адчайных алжырскіх хлапчукоў, пра старога Аіт-Хаммуша, пра сябе…
— Не, гэта не пра мяне, — рашуча запярэчыў Юрый Сяргеевіч. — Пра маіх блізкіх знаёмых. Між іншым, ведаеш што? Ты ж хочаш, як я зразумеў, напісаць аповесць?
— Аповесць, — згадзіўся малады журналіст, сарамліва апускаючы вочы.
— Вось бачыш, мастацкі твор. Значыць, захочаш выкарыстаць не толькі тое, што даведаўся ад мяне, а і яшчэ многа чаго… Так што, калі ласка, маё прозвішча не называй. Дамовіліся?
— Добра, — сказаў Савілін, са шкадаваннем загарнуў блакнот. — Але ўсё ж апошняе пытанне: хто з тых, пра каго вы расказалі, сапраўдны Сіндбад-Мараход? Можа, ваш знаёмы? Ведаеце, дарэчы, якое ў яго будзе прозвішча? Як у майго дзядулі, які некалі, да рэвалюцыі, марыў паехаць у Амерыку і нават прадаў апошнюю карову, каб заплаціць за дарогу, — Добыш яго прозвішча.
— Калі напішаш, то няхай самі чытачы і вырашаць, хто быў сапраўдны Сіндбад-Мараход у нашай гісторыі.
Савіліну падалося, што ў адказе Юрыя Сяргеевіча прагучаў прыхаваны недавер да яго здольнасцей, і ён пакляўся сабе: будзе працаваць хоць па дваццаць гадзін у суткі, а сваё дакажа. Гэта прымусіла яго неадкладна падняцца з ложка, хоць ён і страшэнна стаміўся за тлумны і спякотны дзень. На дыбачках пайшоў у пярэднюю, зачыніў за сабой дзверы, каб святло не турбавала Юрыя Сяргеевіча, і апусціўся на старэнькае крэсла пад лямпачкай. Ён ледзь трымаў аловак у руцэ, але рупіўся запісаць уражанні як мага паўней.
Там, у крэсле, Савілін і заснуў. Не чуў, як празвінеў будзільнік пад падушкай у Юрыя Сяргеевіча, як той ціха падняўся і ўзяў чамадан. Каля крэсла ў пярэдняй заўважыў разгорнуты блакнот, падняў. «Да сустрэчы, братка Радзім, — напісаў збоку на апошняй старонцы. — І, магчыма, тады я змагу пазнаёміць цябе з вельмі цікавым хлопцам. Калі сам яго ўбачу. Твой Ю. С». І міжволі прачытаў тое, што было запісана тут паспешлівым почыркам Савіліна. Між іншым, і радкі, як можна было зразумець, эпіграфа, узятага з чароўнай арабскай казкі. Вось так там было напісана:
Ведайце, о людзі, што захацелася маёй душы паглядзець на чужыя краіны, і паездзіць па моры, і завесці сяброўства з купцамі, і паслухаць іх расказы; і я адважыўся на гэту справу…
Частка першая ЗНАЁМСТВЫ І СПАДЗЯВАННІ
Ведайце, о людзі, што захацелася маёй душы паглядзець на чужыя краіны, і паездзіць па моры, і завесці сяброўства з купцамі, і паслухаць іх расказы; і я адважыўся на гэту справу…
«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-Марахода1. ТРОХІ ДЗІЎНЫ ЭСТОНЕЦ ДОКТАР КІЙК
А кватэра доктара Кійка крыху расчаравала Добыша. Не тое каб ён спадзяваўся там убачыць нешта асаблівае. Ну, не калекцыю, вядома, сініх ятаганаў з тых часоў, калі на Міжземным моры панавалі лютыя атаманы пірацкіх флатылій Баба Аррудж і Хайр-эд-Дзін. Такое хіба сустрэнеш цяпер у музеях або ў якога міліярдэра. Яны нават скупляюць крадзеныя музейныя рэчы ў іншых краінах. Многа такіх у Злучаных Штатах Амерыкі, ёсць у Англіі. У Заходняй Германіі, ведаў Добыш з газет, гэтым займаецца нейкі барон Тысен, а ў Францыі чалавек з трохі дзіўным прозвішчам Прарок. Скупляюць, наймаючы для гэтага гангстэраў, перапрадаюць. І таксама з дапамогай бандытаў і прайдзісветаў. Ёсць і проста калекцыянеры. Яны набываюць старажытныя рэчы, якія не маюць асаблівай музейнай каштоўнасці, але ўсё ж цікавыя сваёй прыналежнасцю да мінулага, да гісторыі краіны ці мясцовасці. Купляюць у антыкварных лаўках, на аўкцыёнах, у такіх жа, як самі, аматараў. Іншых (да гэтай катэгорыі Добыш адносіў і сябе) цікавяць проста вырабы народных умельцаў. Бо ў тым, што і як яны робяць, таксама можна прасачыць шматвекавую гісторыю краіны, яе культуры, характару. Арабскія майстры меднай чаканкі, напрыклад, робяць і зараз свае збанкі і чайнічкі гэткімі, як чароўная лямпа Аладзіна са старажытнай арабскай казкі. А некаторыя майстры ткуць дываны не толькі з такім жа ўмельствам, як і продкі, але яшчэ захоўваюць і перадаюць па спадчыне таямніцу ўзору. Гэты ўзор знаўцы чытаюць нібы «Дам'яці» — кнігу старажытнай усходняй магіі.
У невялікай жа кватэрцы Кійкаў усё аказалася сярэднееўрапейскім, стандартным і таму нагадвала нумар гасцініцы — часовае чалавечае жытло. Адзінае, на чым затрымаўся позірк Добыша, — куфэрак. З моранага дубу, абабіты меднымі бляхамі з чаканкай. Вось гэткая рэч магла аказацца і матроскім рундуком з якой-небудзь старадаўняй фелюгі, накшталт той, на якой насіла па неспакойных морах няўрымсту Сіндбада.
— Та праходзьце ж у горніцу, просымо, — прамовіла гаспадыня, Вера Астапаўна, з той своеасаблівай пявучасцю ў голасе, па якой адразу пазнаеш украінку. Яна весела і адкрыта разглядала госця, па чым Добыш мог зразумець, што пра яго тут неаднойчы гаварылі.— Вельмі рады, што завіталі да нас нарэшце.
— Праходзьце, зямляк, — паўтарыў следам за жонкай запрашэнне і доктар Кійк. Узяўшы за локаць, ён скіраваў госця ў другі пакойчык, дзе ціха гуў вентылятар, пакалыхваючы белую фіранку на акне.
— Я ж з усходняй часткі Беларусі, з Магілёўшчыны, — сказаў Добыш, — так што ад Эстоніі, на жаль, далекавата.
Сказаў і тут жа схамянуўся, што мог вось так, незнарок, пакрыўдзіць добрых людзей. Атрымліваецца, быццам ён адмаўляецца ад зямляцтва. І гэта тут, дзе кожнага чалавека з Саюза, няхай сабе той нават з Далёкага Усходу, адразу прызнаеш самым блізкім, добрым суседам і сваяком.
— Ад Эстоніі далекавата, затое да Украіны блізка, — са смехам адгукнулася Вера Астапаўна. — Так што, як сабе хочаце, а ўсё роўна зямляк, з тым і просім да стала.
Добыш з палёгкай адгукнуўся на смех гаспадыні. Гэта цемнавалосая, імклівая, невысокага росту маладая жанчына, падумалася яму мімалётна, вельмі неяк да пары свайму высокаму і хударляваму мужу.
— Ну, дык дзяліцеся навінамі,— папрасіла гаспадыня, спрытна расстаўляючы на нізкаватым століку, падобным на алжырскую мейду, невялікія кубачкі для кавы і высокія шклянкі для халоднай вады, якой тут некаторыя любяць запіваць моцную каву.
— Ды я сам па гэта прыехаў у горад, — адгукнуўся Добыш. — Вы тут газеты з Саюза рэгулярна атрымліваеце, не тое што мы, горцы.
— Газеты — гэта мы маем. — Гаспадыня раскладвала па талерачках духмяныя арабскія прысмакі.— Але ж з Саюза вы нядаўна, а нам усё адтуль цікава. Божухна, як даўно мы не былі дома!
— Не, віна не трэба, — рашуча наставіў далонь паміж крышталёвай чарачкай і сабою Добыш.
— Гэта вішнёўка, вітаміны, — успляснула далонямі гаспадыня, — там, можа, градусы са два ці будзе.
— Усё роўна, — Добыш усміхнуўся, — мацней за крынічную ваду.
— Вось што ўспомнілі! — засмяялася гаспадыня. — Калі я таксама іншы раз успамінаю пра крынічную ваду, Антс жартуе, што гэта атавізм. Сучасны чалавек даўно павінен прывыкнуць да таго, што самая лепшая вада знаходзіцца ў халадзільніку, а не ў крыніцы, дзе пахне глінай.
— А трэба, каб абавязкова хлёркай? З халадзільніка я жадаў бы хлебнага квасу. — Добыш зрабіў глыток кавы і па ўсходняму звычаю запіў яе вадой. — Квасу, здаецца, цэлы збан выпіў бы.
— Не шкадуеце, што трапілі ў гэткую спёку? — спытаў доктар Кійк, таксама запіўшы глыток кавы вадою. — Думаю, родныя мясціны не раз успаміналі.
— Успамінаў,— уздыхнуў Добыш. — Але шкадаваць? Нас там ведаеце колькі? З Савецкага Саюза студэнты, потым балгары, хлопцы з ГДР, югаславы. Словам, інтэрнацыянал. Разумееце, з розных краін — і сюды. Як вы лічыце, што за прычына?
— А зараз пакаштуйце вось гэта, — урачыста прамовіла гаспадыня, ставячы перад госцем талерку з нейкай духмянай смажанінай, абкладзенай скрылямі печанай бульбы, зелянінай і салодкім перцам. — Марскі змей з бульбай па-ўсходняму!
— Ого! — Добыш пасмакаваў.— Мяса падобнае на курынае, але ж нагадвае і рыбу… Што ўсё-ткі за звер?
— Я ж кажу, марскі змей, — весела засмяялася гаспадыня. — Спачатку і не ведала, што з ім рабіць, ды суседкі дапамаглі, алжыркі. Яны добра ўмеюць гатаваць.
— Сябруеце з рыбакамі? — Добышу страва прыйшлася даспадобы.
— Стары адзін прынёс, — доктар Кійк з задавальненнем пазіраў, як ахвотна распраўляецца са змеем госць, — аперацыю я яму рабіў. Яго, ведаеце, бандыт ударыў нажом. Вось сюды і сюды. Была пашкоджана калясардэчная сумка. Вельмі моцны аказаўся арганізм… Аперацыя была даволі складанай… Час ад часу наведваю яго і цяпер, а сам у бальніцу не ідзе — характар, ведаеце. Стары Аіт-Хаммуш.
Доктар Кійк гаварыў стрымана, усміхаючыся аднымі вачамі, і відаць было, што стары марак яму нечым падабаўся.
— Спрута гэтага мы разам злавілі,— з гонарам дадаў ён. — Папаторкаліся, пакуль падзялілі, стары ўсю здабычу нам аддаў. Прывалок дадому, а ні я, ні Вера не ведаем, што з ім рабіць… Дык смачна, кажаце? Гэта Вера навучылася… А стары па паходжанню кабіл, горац. А вось стаў мараком. Таленавітыя яны людзі, кабілы. Карэннае насельніцтва Алжыра. Тут, у даліне, было больш за ўсё бербераў. Яны ў асноўным і змяшаліся за стагоддзі з прышлымі народамі, у тым ліку з арабамі, нават самі сталі называцца арабамі, прынялі іх веру, іслам. А кабілы здолелі застацца самі сабою… Прыгожыя людзі, вы самі ж, пэўна, заўважылі.
— Ага, — кіўнуў Добыш, крыху саромячыся ад прамога позірку доктара Кійка. — Вядома, я толькі магу меркаваць па тых, каго бачу ў паселішчы Уадыяс.
— Я яго называю Сіндбад-Мараход, — зноў вярнуўся Кійк да размовы пра старога Аіт-Хаммуша. — Ен столькі ўсяго пабачыў на сваім вяку! Але не вельмі паддаецца на роспыты. А шкада… Ад іншых рыбакоў чуў, што ён перасяліўся на востраў, калі нейкі мярзотнік забіў яго адзінага сына. Гэта было ў канцы вызваленчай вайны. Як яно ўсё было там, не расказвае. Магчыма, і яму саўганулі нажом не так сабе.
— Стары такі ваўкаваты, а ты яго — Сіндбад, — заўважыла жонка. — Сіндбад жа, здаецца, быў малады і зусім не маўчун.
Доктар Кійк іранічна ўсміхнуўся:
— З той пары як ты чытала казкі «Тысяча і адна ноч», не адзін чалавек паспеў састарыцца.
— Скажыце, Юрый, — перавяла гаспадыня размову на іншае, — што такое гэты Уадыяс? Колькі ўжо чую пра яго… Праўда, што паселішча зруйнавалі карнікі? Мой Антон там ледзьве выратаваўся ад бандытаў.
— Яны там цяпер горад будуюць, — кіўнуў Антс госцю: — Юрый, вы і гаварыце, і пра яду не забывайце, гэтая штука смачней за ўсё гарачая.
— Я яшчэ прынясу, — узнялася гаспадыня.
— Горад не горад, а будуем фундаментальна, — сказаў Добыш з гонарам за сваіх сяброў.— І не нясіце больш нічога, бо не адолею.
Ён каштаваў таксама мяса, тушанае з фасоляй і салодкім перцам, яшчэ нейкія стравы, і ўсё ў ахвоту, бо студэнты ў будаўнічым лагеры харчаваліся без асаблівых прысмакаў.
Гаспадыня пацікавілася, самалётам ці параходам дабіраліся ў Алжыр студэнты. Пачуўшы, што параходам, уздыхнула:
— А мы вось усюды самалётам.
— Чым табе дрэнна? — здзівіўся муж. — Менш стамляешся, больш эканоміш часу для карыснай справы.
— А хіба гэта падарожжа? Не паспееш прызвычаіцца да перамен, а ты ўжо ў новай краіне.
— Праўда што. Дзякуючы самалётам зямля стала зусім маленькай і амаль не застаецца на ёй таямніц, нязведаных куткоў, якія так вабяць чалавека ў маладым узросце.
— Асабліва мужчын, — дадала гаспадыня. — Каб не мы, жанчыны, дык вы б да сівых валасоў бадзяліся па белым свеце без сям'і і без уласнага кутка. Сёння тут, заўтра там.
— А як да вас ставяцца мясцовыя жыхары? — пацікавіўся Кійк. — Ім жа тут нагаварылі пра савецкіх усялякага. Быццам бы мы ўсе рагатыя і з кінжаламі ў зубах.
— Той-сёй касавурыцца. Адзін прама сказаў неяк, што і без нас тут абыдуцца, — адказаў Добыш. — А ўвогуле, здаецца, нармальна. І вітаюцца, і вады дадуць. Толькі дзяўчаты чамусьці закрываюцца вышыванымі сурвэтачкамі. Не паспееш зірнуць на яе, а яна ўжо твар закрые і ад цябе хутчэй…
Гаспадыня паківала Добышу пальцам:
— Гэта вам не дома. Прывыклі дзяўчат разглядаць, як лялек. Тут норавы строгія. А вы ж, відаць, калі прасіліся сюды, марылі сустрэць якую-небудзь усходнюю красуню, якая вас пакахае з першага позірку. Ну, прызнайцеся шчыра, так? Мой Антон калісьці так думаў, вось і памчаў нежанаты на Усход. А потым вярнуўся з Дамаска і да маёй мамы: аддайце за яго дачку. Ну, мама, вядома ж, растала… Як жа: усе кажуць, што эстонцы — самыя лепшыя гаспадары, сур'ёзныя, добрыя бацькі. От пачакай, Антоне, будзе ў цябе некалі цешча, яна табе пекане ў вочы, хто пасля трыццаці год бадзяецца бабылём!
Доктар Кійк жмурыўся, як кот, слухаў тэмпераментную жонку і згодна ківаў. Так, эстонец ён не зусім характэрны, калі дасюль не вярнуўся дадому.
Зноў пілі каву і каштавалі розныя смакі, на якія алжырскія кулінары такія мастакі.
— Не, вы ўсё-такі прызнайцеся, Юрый, збіраліся тут сустрэць Шахразаду? — не адставала ад госця Вера Астапаўна.
— Хутчэй ужо Зулейку, — сказаў Кійк. — Гэта найбольш папулярнае тут імя. Або гэта: «Шаганэ ты моя, Шаганэ! Оттого, что я с Севера, что ли…» Помніце, у Сяргея Ясеніна?
— Вой, можа, вы жанаты ўжо? — спытала гаспадыня. — Зараз модна рана жаніцца. Удваіх пачынаць самастойнае жыццё, а не бадзяцца, пакуль здароўе не сапсуеш…
— А ўсё ж у маладым узросце можна і пабадзяцца па свеце, — сказаў Кійк. — Хлопцам, зразумела. У дзяўчат іншая псіхалогія, свае жыццёвыя задачы. Вам, Юрый, Арабскі Усход яшчэ трэба зразумець, не крыўдуйце. Хаця два месяцы тут — гэта ўжо тэрмін. Асабліва калі працуеце з алжырцамі, а не смажыцеся на пляжы. Тут раней некаторыя французскія інтэлектуалы жылі, у тым ліку і таленавітыя пісьменнікі. Меркавалі, што яны ведаюць Алжыр, хоць далей пляжаў і руін былых паселішчаў старажытных рымлян не вытыркаліся. Таму вельмі здзівіліся, калі алжырцы дружна ўзняліся на вызваленчую барацьбу. Што толькі тут не вытваралі карнікі, як не здзекаваліся з палонных, а людзі ўсё роўна ішлі і ішлі ў партызанскія атрады, пакуль не вырасла магутная армія.
— Вы ўявіць сабе не можаце, колькі ўжо мы на Усходзе. Спачатку думалі: вось пабачым новыя краіны, збяром крыху грошай і дадому. Гэтак жа некаторыя і робяць. Антон зноў захацеў вярнуцца!
— У мяне работа асаблівая, — запярэчыў Кійк. — Як кінуць хворых, калі краіна не мае сваіх урачоў? Трэба, скажам, таго ж Аіт-Хаммуша ад смерці ратаваць, а я пакую чамаданы, бо ўжо нацешыўся загранкай.
— А мая маці да гэтага часу лічыць, што эстонцы — самыя гаспадарлівыя і разумныя людзі,— уздыхнула гаспадыня, і Добыш так і не зразумеў — жартам ці ўсур'ёз папікала яна мужа.
— Уяві сабе на хвілінку, — сказаў на гэта Кійк, — што доктар Швейцар у свой час не паехаў бы ў глыбіню Афрыкі, дзе людзей жэрла жудасная праказа, а смакаваў бы сабе аранжад і трубачкі з крэмам у парыжскай «Ратондзе»… Хваробы, калі становяцца эпідэміямі, не ведаюць межаў. А людзі павінны ісці на дапамогу іншым людзям… Сама пераканалася, што зямля не такая і вялікая, каб нехта мог адседзецца, адгарадзіцца ад чужой бяды. Хваробы, як і радыяцыя, межаў не прызнаюць. — Доктар Кійк, відаць, пакрыўдзіўся.
— Што ж гэта я! — спахапілася гаспадыня. — А яшчэ ж марожанае! Першы раз рабіла, мо не ўдалося.
Добышу было добра ў гэтай невялічкай сціпла прыбранай «горніцы», як назвала яе гаспадыня. Чмяліны гуд вентылятара не заглушаў гукаў, што даносіліся праз апушчанае на акно жалюзі,— пад самым акном шапацела жорсткім лісцем вялізная смакоўніца, прымаючы на сябе пякучыя прамяні жоўтага сонца. Недзе ў асмяглым ад спякоты садзе жалобна ўскрыквала сіваваронка, раз-пораз узнікала густое гудзенне аўтамашын на блізкай вуліцы. Адтуль даносіўся і рытмічны постук — гэта імкнуўся звярнуць на сябе ўвагу чорнагаловы хударлявы хлапчук — чысцільшчык абутку. Імя яго было — Хуары. Добыш пакуль і ўявіць сабе не мог, што хутка з ім пазнаёміцца. Ды і наогул не здагадваўся, што вось-вось жыццё яго пойдзе зусім па-іншаму. Пакуль што ён каштаваў марожанае з прыгожай фарфоравай вазачкі і нечакана адчуў, што яму ўжо хочацца дадому. Як можа столькі цярпець без радзімы доктар Кійк?
— Вас ахоўвае ад бандытаў усё той жа дзіўны стары? — бы адчуўшы, што Добыш думае пра яго, спытаў Кійк. — Вера, памятаеш, я расказваў табе. Яго параніла, а ён не хоча садзіцца ў санітарную машыну, кажа, у ёй ляжыць ужо цяжкапаранены дыверсант. Не магу, кажа, дыхаць адным паветрам з гэтым агуду, нечысцю, значыць. І не паехаў.
— Ды ён не зусім стары, — запярэчыў Добыш. — Гэта ён такі ад перажытага — у яго карнікі знішчылі ўсю сям'ю.
— Як марабут, — сказаў Кійк. — Гэткі ж позірк і незвычайная цярплівасць.
— У Антона што ні стары ў цюрбане, то марабут, — заўважыла гаспадыня. — З кожным хоча пазнаёміцца.
— Мяне цікавяць іх прыёмы гіпнозу, — дабрадушна ўсміхнуўся доктар Кійк. — Гэта ж таямніцы тутэйшай народнай медыцыны. Як не вывучаць? Разумееце, ёсць у іх нешта агульнае з індыйскімі йогамі.
— Нашага вартавога завуць Рахдзі-Муджахід. Але я не чуў, каб ён займаўся гіпнозам ці варажбою.
Доктар Кійк толькі кіўнуў. Сядзеў засяроджаны, нават пахмурны. Добыш у свой час прачытаў недзе, што гэткай стрыманасці вучаць не толькі ў сям'і, але і ў школах англічан, асабліва арыстакратаў. Потым ён неяк перачытваў трагедыі Шэкспіра. Гэта было на цаліне, калі раптам пасля пыльных, спякотных і поўных напружання дзён раптам лінулі дажджы. Ляжаў у палатцы, зверху капала, быў час падумаць пра жыццё і пра розных людзей, у тым ліку пра тых, пра якіх напісана ў кнігах. Вось тады ён і прыйшоў да думкі, што ўся тая стрыманасць у англічан — толькі ад шматгадовай трэніроўкі. Бо каб зразумець чалавека, трэба паглядзець, якім ён бывае, калі вельмі спалохаецца або раззлуецца. Добыш бачыў эстонца, жыхара паўночнага краю доктара Кійка іменна такім раззлаваным. Тады яны нават пасварыліся, але і дружба іх пачалася з той сустрэчы.
Доктар Кійк адмовіўся тады высадзіць з санітарнай машыны параненага путчыста, хоць Рахдзі-Муджахід не захацеў лажыцца побач з ворагам. Маладыя хлопцы, у тым ліку Добыш, прапанавалі доктару выцягнуць насілкі з бандытам. А той сказаў:
— Месца хапае на абодвух, а цяжкапараненага кінуць не магу. Калі выжыве, суд установіць, наколькі ён вінаваты, а мой абавязак — лячыць.
Ля пасёлка яшчэ чулася тады страляніна, маглі прарвацца путчысты, а яны ў гэты час спрачаліся, гуманна ці не гуманна адкладваць перавозку цяжкапараненага ворага ў шпіталь. Хоць каб яго хаўруснікі прарваліся ў паселішча, то не пашкадавалі б нікога. Нарэшце прапанавалі, каб Рахдзі-Муджахід сеў у кабіну на месца санітара, але стары адмовіўся.
— Я з ім не паеду, — заявіў ён, — гэта агуду. Дайце мне аўтамат.
Раненне ў яго было не цяжкае, так ён і вылечыўся дома. Мужны чалавек.
— Якія ў вас планы на бліжэйшы час? — перапыніў успаміны Добыша доктар Кійк.
Хлопец адвёў вочы, як засаромеўся.
— Хачу заскочыць у міжнародны маладзёжны лагер у Сідзі-Феруш, акунуся ў мора, а пад вечар зноў у горы.
— А то я хацеў прапанаваць вам праехацца да майго старога, да Аіт-Хаммуша.
— Антон, можа, хлопец на спатканне збіраецца, а ты яго на востраў…
Жанчыны неяк здагадваюцца пра самае патаемнае. Ён сапраўды хацеў не толькі паплаваць у моры. Мэрыям — такое імя было ў дзяўчыны, якую ён сустрэў у Сідзі-Феруш на вечары моладзі два тыдні таму назад. Яны дамовіліся праз тыдзень сустрэцца на паштамце, але дарэмна Добыш пратырчаў там увесь свой вольны час — амаль дзве гадзіны. І вось яму падумалася — а раптам зноў спаткае яе ў Сідзі-Феруш? Недзе паблізу яна працуе ў дзіцячым садзе.
— Ды не ідзіце вы з ім, Юрый, — паўтарыла Вера Астапаўна. — Гэткіх марабутаў вы на рынку дзесятак за паўгадзіны пабачыце.
Каб у гэты момант Добыш больш уважліва аднёсся да слоў Веры Астапаўны, ды і наогул цвёрда трымаўся свайго плана, многае з таго важнага, што адбылося з ім потым, аказалася б зусім іншым.
— Я з вамі, Антс Андрэасавіч, — вымавіў Добыш словы, якія рашалі яго далейшы лёс.
— Цудоўна, — прамовіў доктар Кійк. — Будзем збірацца. Па мяне са шпіталя абяцалі а трэцяй гадзіне прыслаць машыну.
— Дык давайце на маёй! — прапанаваў Добыш. — Што трэба, я ўжо загрузіў у горадзе і магу ад вашага вострава потым ехаць прама да сябе ў Кабілію.
Доктар Кійк крыху яшчэ пакорпаўся ў сваім пацёртым сакваяжы з рознымі медыцынскімі прычындаламі, і яны выйшлі ў абнесены каменнай сцяной двор, у якім, аблеплены гарластай дзятвой, стаяў грузавік Добыша. На самым санцапёку дзяўчынкі развучвалі мясцовы танец, дзярбуку, спрытна падскокваючы і прытупваючы босымі нагамі па гарачым каменні. Жвавы, бы яшчарка, хлапчук ускарабкаўся на аплеценую вінаграднай лазой і плюшчом сцяну і штомоцы гарланіў кафэшантанную песеньку «Любая з'ехала на аўтамабілі ў Гаўшур». Седзячы ў прыцененым пакоі Кійкаў, Добыш паспеў забыць, якая была спёка на вуліцы. Ад грузавіка патыхала, як ад распаленай патэльні. З кузава спуджана пасыпаліся падобныя на цыганят хлапчукі. Ну і народ! Стаўшы на кола, Добыш паправіў раскоўзаны брызент, якім былі прыкрыты скрынкі з запаснымі часткамі для трактароў — тое, па што і пасылалі Добыша ў горад з Уадыяса.
— А вось і наша машына! — паказаў яму знізу Кійк. — Можа, давайце ўсё-такі на ёй, а?
— Грузавік нельга тут пакідаць без прыгляду, — адказаў Добыш. — Калі хочаце, едзьце на легкавушцы, а я следам.
— Гэта лішне, — не згадзіўся доктар Кійк. — Месца ж мне хопіць і ў грузавіку.
— Я і назад вас прывязу, — сказаў Добыш.
— Навошта? — запярэчыў Кійк. — Там аўтобус блізка.
Кійк адправіў шпітальную машыну назад. Не захацеў толькі вярнуцца Рааба, студэнт медыцынскага факультэта Алжырскага універсітэта, які праходзіў у шпіталі практыку. Заявіў, што паедзе з імі ў кузаве грузавіка.
Так яны і паехалі. Рааба ўвесь час Звешваўся з кузава да акна кабіны, каб удзельнічаць у размове. Гаварылі спачатку пра горад, а потым перайшлі на старога, да якога ехалі па залітым спёкай горадзе.
— Аіт-Хаммуш, — крычаў, у чарговы раз звесіўшыся, Рааба, — ён з тых, што яны «яшчэ не вярнуліся».
— Гэта значыць, што ён не згодны з новымі, рэвалюцыйнымі парадкамі? — удакладніў доктар Кійк.
— Не! — крычаў Рааба яшчэ мацней, бо грузавік якраз ехаў па плошчы Загінуўшых Змагароў, а паток машын тут быў такі густы, што ад выхлапных газаў не было чым дыхаць. Рэгуліроўшчыкі ледзьве паварушвалі рукамі ў белых пальчатках. Добыш падумаў, што для іх, калі так пойдзе далей, відаць, будуць устанаўліваць кіслародныя калонкі, як для рэгуліроўшчыкаў Парыжа ці Токіо.
— Не! — паўтарыў Рааба. — Гэта пра тых, у каго душа яшчэ ўсё бадзяецца па свеце, не вярнулася ў Алжыр.
— Чалавек тут, а душа бадзяецца? — не верыў Кійк.
— Ну! — крычаў Рааба. — Бо чалавек вельмі доўга быў далёка ад дому. Аіт-Хаммуш заявіўся ж сюды не са сваёй бацькаўшчыны, не з Кабіліі, а з Туніса. Будан на востраве яму аддаў Хашым і лодку таксама. Хто такі Хашым? Гэта быў кантрабандыст і нейкі час іцісаль. Перавозчык, ці што. Хашым перавозіў нашым партызанам з Туніса зброю, боепрыпасы, быў сувязным. А потым нечага напалохаўся і з'ехаў, казалі, у Партугалію.
Нарэшце грузавік выбраўся з тлуму вялікага горада на ўскраіну і памчаў міма бялюткіх прыгарадных віл, агорнутых вінаграднымі лозамі і апельсінавымі садамі, у напрамку гарадка Шэршэл.
— Лепш верхняй дарогай, — падказваў Рааба. — Бачыце, што робіцца ля мора, процьма машын.
— Дык гэта праўда, што ваш Аіт-Хаммуш чараўнік? — спытаў Добыш у Кійка. — Я бачыў аднаго чарадзея там, у гарах. Ён прадбачыў будучае наведвальніка па курыных яйках, якія яму прыносілі за яго работу.
Абодва засмяяліся: прадказваць чалавечы лёс па курыным яйку!
Рааба раптам пачаў стукаць па кабіне.
— Кіруйце па той сцяжынцы! Направа!
Перад палоскай пляжа цягнуліся крутыя, нярэдка нават абрывістыя схілы, парослыя калючым хмызам. Дзікія мясціны! Машыну давялося пакінуць далёка ад берага, на камяністай пляцоўцы ля шашы. Астравок — маленькі, закінуты нейкім веліканам у мора кавалак скалы — быў як на далоні.
Калі ўсе ўтрох пачалі, цяжка дыхаючы, прадзірацца праз калючы хмызняк уніз, Добыш успомніў, што не замкнуў дзверцы машыны на ключ. Трэба было б вярнуцца, але зноў караскацца па крутой сцяжынцы і чапляцца за калючкі. А, ліха з ім, абыдзецца. Месца ж зусім бязлюднае.
І зусім дарэмна ён так думаў. Бязлюдных месц у наш час, відаць, няма, а тым больш каля такога вялікага горада, як Аль-Джазаір.
— Глядзіце, акулу вязуць! — закрычаў Рааба, паказваючы на рыбацкую лодку, якая ў гэты момант паказалася з-за астраўка.
— Ну, а дзе ж мой пацыент? — прыжмурыў вочы доктар Кійк.
Добыш уважліва разглядаў камяністы выступ сярод неспакойнай вады. Цяжка нават было ўявіць, што там нехта мог жыць. Здаецца, і прытуліцца там не было дзе, хіба што каля таго вострага спічака, там відаць была бухтачка, у якой можна схаваць лодку ў непагадзь.
— Ён там, — упэўнена прамовіў Рааба. — Але не трэба туды, асабліва пад вечар. Месцы гэтыя здаўна лічацца нядобрымі. Тут непадалёку, вунь, туды зірніце, руіны старажытнай турэцкай крэпасці. А да турэцкіх янычараў ёю валодалі піраты раіса Аруджа.
І, склаўшы далоні рупарам, Рааба закрычаў у бок астраўка:
— Сейід Хаммуш! Гэй, сейід Аіт-Хаммуш!
Прыглушанае рэха вярнула голас маладога алжырца спачатку з берага, потым з мора. Рааба паўглядаўся ў астравок і пакрычаў зноў…
2. НЯЎДАЧНІК АКЛІЛЬ І ГАСПАДАРЛІВЫ ХУАРЫ
Прасачыўшы, як трое мужчын спусціліся па адхоне да астраўка, Акліль прабраўся да грузавіка. Так і ёсць, дзверцы незамкнёныя. Ён асцярожна пацягнуў на сябе правую, і на яго дыхнула з кабіны цяплом разагрэтай скуры і машыннага масла. Перш чым агледзець кабіну больш уважліва, Акліль прысеў, азірнуўся. І ледзь стрымаўся, каб не кінуцца наўцёкі: высокі светлавалосы хлопец якраз спыніўся і павярнуў назад. Няўжо заўважыў? Ух ты! Не, зноў пайшоў да астатніх. Акліль зусім супакоіўся, калі адзін з мужчын, склаўшы далоні рупарам, пачаў клікаць кагосьці з астраўка. Значыць, можна ў кабіну…
Знайшоў ліхтарык, пачак цыгарэт. І хоць не курыў, сунуў адну цыгарэту ў губы і ўзяўся за руль, уявіўшы, што ён вадзіцель гэтага грузавіка. Цікава, што за марка? Раней ён такіх, здаецца, не сустракаў, хоць пабачыў нямала — амерыканскіх, італьянскіх і, асабліва, французскіх. Усё гэта былі машыны ірум'енаў, як называлі тут прыхадняў з Еўропы. І той хлопец, што прыпыніўся і напалохаў Акліля, быў ірум'ен. Але якой жа маркі грузавік, на якім ён прыехаў? Шкада, што ў кабіне няма нічога з ежы. А мо яшчэ што знойдзецца? Усялякую рэч можна абмяняць на ежу ці на дынары.
Акліль так захапіўся пошукамі, што не заўважыў яшчэ адной небяспекі: не адзін ён цікаваў за тымі, хто прыехаў.
— Ты чаго тут? Гэта мая тэрыторыя! — рашуча сказаў яму хлопчык яго ўзросту, але крыху шырэйшы ў плячах. Не паспеў Акліль зразумець, што здарылася, як яго рванулі за ногі з кабіны.
Хлапчукі моўчкі счапіліся біцца. Бойка, відаць, працягвалася б доўга: сілы былі амаль роўныя. Але пачуліся гукі сірэны. Ого! Гэтыя гукі ведалі добра абодва. Так сігналяць паліцэйскія. Хлапчукі спынілі тузаніну, паўглядаліся адзін у аднаго: што яшчэ здарылася? А потым Хуары пабег першы. Чорт з ім, з гэтым нахабным хлапчуком, ён яго яшчэ, калі алах паможа, сустрэне. А трапіць у рукі паліцэйскага ў гэтых мясцінах яму не хацелася. Гэта сапраўды была «яго тэрыторыя», Хуары тут з некаторага часу жыў. І, зразумела, па некалькіх важных прычынах хацеў, каб пра тое ніхто не ведаў. Хуары вельмі здзівіўся, калі заўважыў, што і нядаўні яго праціўнік бяжыць следам. Пагоні не было. Хутчэй за ўсё, па шашы імчаў паліцэйскі матацыкл, з яго і пасігналілі на хаду, заўважыўшы бойку хлапчукоў.
— Не бяжы за мной! — з пагрозай загадаў Хуары.
— І не падумаю, — адгукнуўся праціўнік і, цяжка дыхаючы, сеў на камень.
Хуары таксама сеў. Пасля такога бегу не хацелася распачынаць зноў бойку. А потым слова за словам — пачалі размаўляць, гразіць адзін аднаму. Акліль хацеў даказаць, што ён не адзін і чапаць яго небяспечна. Пагражаў і Хуары. Ён назваў сваім блізкім сябрам Янычара з Ніжняй вуліцы. Акліль успомніў Арэзкі, з якім пазнаёміўся ў дзіцячым доме і разам прабраўся на параход у Марсэль.
Потым, прыгледзеўшыся да Акліля бліжэй, Хуары вырашыў, што той мог бы спатрэбіцца для справы, за якую ён збіраўся неўзабаве ўзяцца.
— Гэй, ты есці хочаш? — спытаў міралюбна. Акліль праглынуў сліну і насцярожыўся.
— Ну, а што ты мне дасі за банан і кавалак хлеба? Акліль няспешна палез у кішэню. Спярша хацеў прапанаваць ліхтарык, але, падумаўшы, працягнуў пачак цыгарэт — усё роўна ён не курыць. А некаторыя хлапчукі, якім здаецца, што з цыгарэтай у роце яны больш паходзяць на сапраўдных дужых мужчын, купляюць іх нават на апошнія грошы. Хуары, відаць, з такіх. Акліль дрыжачай рукой узяў хлеб. А Хуары тут жа важна выцягнуў цыгарэту з пачка і зашоргаў па карабку запалкай.
— А не брэшаш, што цябе ведае рыжы Арэзкі? — спытаў ён з падазронасцю.
— Сабака брэша, — незалежна сказаў Акліль і памацаў губу. Яна балела. Здорава б'ецца гэты Хуары. Бач ты яго, прысвоіў сабе ўсю тэрыторыю пусткі. Але ж і ў яго нос падобны на шызую сліву, а заўтра будзе яшчэ прыгажэйшы.
А Хуары думаў: дарэмна адразу не адплаціў за расквашаны нос. Але ж і не пачынаць усё спачатку! Дый памочнік патрэбен, а гэты хлопец, відаць, нічога, калі з ім сябраваў адчайны Арэзкі. Яго ў порце клікалі Піратам — спрытнюга, у Марсэль прабраўся, у Францыю. Хуары толькі марыць пра гэта.
— Вы ўдвух змыліся з дзіцячага дома? — працягваў ён свой допыт.
— Не, упяцёх, але астатнія потым здрэйфілі.— Акліль уздыхнуў.— Арэзкі пашанцавала: так зашыўся на параходзе, што не знайшлі. А мяне матрос цап-царап…
— Сын асла. — Хуары выпусціў з рота струменьчык дыму, як гэта рабілі дарослыя хлопцы. Ад цыгарэты яму стала моташна, але ён упарта папыхкваў, каб трымаць марку перад Аклілем, паказаць, хто тут больш дарослы. — Схапіў, цап-царап… Я ў такіх выпадках бы — р-раз!
— Дык жа за валасы схапіў, як фашыст які,— у Акліля запякло ў вачах ад слёз. — Так усё добра атрымоўвалася, а тут гэты сабака матрос.
Акліль еў банан з хлебам, стараючыся адкусваць памалу — каб лепш прагнаць голад. Гэтаму яго навучыла старэйшая сястра, Марыям, яшчэ ў лагеры для бежанцаў. А ў дзіцячым доме хлеба хапала. Там ён, гледзячы на старэйшых хлопцаў, паспрабаваў і курыць. Раз яму «пашанцавала», разжыўся на амерыканскую цыгарэту і пыхкаў, пакуль не пачало выварочваць вантробы, а святло лямпачкі здалося зялёным. Дырэктар спалохаўся, выклікаў урача. У бальніцы давалі амлет і рысавы пудынг з разынкамі. Тры дні райскага жыцця! Баяўся вяртацца ў дзіцячы дом, каб не засмяялі. Ды неяк абышлося, у тыя месяцы прывозілі многа дзяцей, бацькі якіх загінулі ў часе вайны з каланізатарамі, і яго вяртанне засталося незаўважаным.
«Як да-Муса гатаваў фасолю!» — падумаў Акліль, і ў яго забурчала ў жываце. Усе ў знак асаблівай павагі называлі гэтага самага Мусу «дада», або, яшчэ карацей, — «да». А часам і з асаблівай пашанай — сейід, гэта тое ж самае, што «пан» па-французску — «мсье» ці нават вышэй. Да-Муса чамусьці шкадаваў яго, Акліля. Хоць звычайна строга сачыў, каб кожнаму дасталася аднолькавая порцыя, каб ніхто ні ў кога не адабраў кавалак, асабліва ў заморка Марыса. Ну і падліву ён умеў гатаваць! Яе старанна вымазвалі з талеркі кавалкам хлеба. Язык пякло ад перцу, у роце было проста вогнішча. Каб затушыць яго, адной кружкі вады не хапала. Асабліва добра было, калі да-Муса патрымае перад тым бідон з вадой у вялізным армейскім халадзільніку. Халадзільнік дырэктар са старэйшымі выхаванцамі дзіцячага дома аднойчы прывезлі з былога лагера французскіх парашутыстаў. Дырэктар чамусьці забараняў адразу пасля абеду піць многа вады, але да-Муса не пярэчыў: у простых алжырскіх сем'ях заўсёды так рабілі. І ў пахлёбку гаспадыні знарок клалі паболей перцу, ды не якога-небудзь, а кайенскага, самага пякучага, каб лепш пілася вада. Дырэктар злаваўся і казаў, што цяпер новы час, раней, пры каланізатарах, ваду пілі, каб заглушыць голад.
Дырэктар заўсёды хадзіў у вайсковым адзенні і нагадваў Аклілю бацьку. Маці сваю Акліль памятаў менш, а бацьку дык добра. Памятаў пах яго ваеннай курткі. Яна пахла гарэлым порахам і сухарамі. Сястра, Марыям, тую куртку некалькі разоў латала кавалкамі плямістага брызенту, а потым бацька зноў ішоў некуды з байцамі, ці, як іх яшчэ называлі, муджахідамі, праз горы. Звычайна яго не было падоўгу, па некалькі дзён. Таму прайшло нямала часу, перш чым Акліль зразумеў, чаму стала плакаць Марыям, пазіраючы на далёкія фіялетавыя пагоркі. Адтуль да лагера бежанцаў, які стаіўся ў горным лесе ля самай туніскай граніцы, даносіліся частыя выбухі і стук цяжкіх кулямётаў.
Блізкае мора ляніва плёскала ў каралавых рыфах. На пясчаную выспу каціліся невысокія хвалі, перабіраючы каменьчыкі. Чулася бясконцае шорханне. Калі заплюшчыць вочы, можна ўявіць, быццам недзе блізка пералапачваюць кукурузу, ссыпаюць яе ў папяровыя мяхі.
— А зараз мы з табой зробім адну невялікую справу, — сказаў Хуары, калі яго новы знаёмы дажаваў хлеб. — Пайшлі?
Аклілю не вельмі хацелася цягнуцца некуды з гэтым задавакам. Але ж ён цяпер зусім адзін! Арэзкі недзе ў Францыі. Вярнуцца ў дзіцячы дом? Тады заморак Марыс першы залямантуе: «Паглядзіце, вось Сіндбад-Мараход вярнуўся з падарожжа!»
Ісці давялося недалёка, на звалку металалому. Сюды было сцягнута рознае жалеззе — і з горада, і з месца нядаўніх баёў. Хуары адразу пачаў завіхацца каля вялізнага ваеннага «фіята», выдзіраць зусім цэлыя, нават шкло паднімалася і апускалася, дзверцы. Гэта якраз тое, што трэба для яго кватэры, растлумачыў ён. Вядома, ад браневіка было б лепш, але ж там дзверцы малаватыя, а цяжару ў іх чорт ведае колькі. Толькі кран і падыме.
Многа разоў здавалася, што ў іх не хопіць сілы, каб справіцца з «фіятам». Потым яны цягнулі дзверцы па каменні, зусім забыўшыся, што за які кіламетр ад іх стаіць машына, у кабіне якой яны таксама «пагаспадарылі». Тыя мужчыны могуць заўважыць хлопцаў, здагадацца, чыіх рук справа.
— Давай адпачнём, — нарэшце прамовіў Акліль, калі яны правалаклі сваю здабычу метраў сто.
— Эх ты, слабак, — упікнуў Хуары. Але спыніўся, яшчэ раз агледзеў здабычу: добрая рэч. Гэта будзе надзейна — жалезныя дзверы. Пакуль што сваё жытло ў руінах крэпасці ён закрываў старым парусам, які ўдалося знайсці пасля шторму каля вострава Старога. Хуары не ведаў, як завуць таго змрочнага рыбака, які там жыве. У яго коратка, як звычайна ў маракоў, падстрыжаная сівая барада, твар у зморшчынах і шрамах. Гэта толькі здаецца, што ён адзінокі. Хуары некалькі разоў удалося прасачыць, як да Старога наведваюцца людзі. Звычайна позна ўвечары, тоячыся. А сёння дык гэтыя ўтрох прыйшлі адкрыта, яшчэ і крычаць пачалі. Цікава: хто яны? Можа, гэта проста пакупнікі рыбы. Ці каралаў. А калі не? Так што асцярожнасць і жалезныя дзверы пры гэткім суседстве не пашкодзяць.
— На яшчэ хлеба, — працягнуў ён Аклілю ўсё, што меў.
Акліль прыняў пачастунак. Паласкавеў Хуары: зразумела — ці ж яму аднаму дацягнуць гэтую жалезную ламачыну?
Акліль палез у кішэню па ножык, і ў яго вываліўся аўтаматны патрон. Хуары падняў: капсуль біты, пасля асечкі нехта выкінуў. А гэты недарэка думае, што падабраў добрую рэч.
— Хочаш дастаць порах? — спытаў ён, узважваючы патрон на далоні.
Акліль хутка, бы якую каштоўнасць, схапіў сваю «цацку».
— У мяне іх поўная скрыначка, — раўнадушна прамовіў Хуары. — Думаю на рынку памяняць на дынары ці ножык.
— У мяне была сястра. — Акліль трымаў цяпер у адной руцэ кавалак хлеба, а на далоні другой жоўта пабліскваў патрон з тупарылай куляй.
— А ў яе быў пісталет, — насмешліва падхапіў Хуары.
Акліль бліснуў вачамі.
— Яе забілі з аўтамата. Аасаўцы.
Хуары адразу пасур'ёзнеў. Яго родных з аўтамата не забівалі.
— На вайне? — у пытанні ўжо не было насмешлівасці.
— Не, проста на вуліцы, — зусім ціха растлумачыў Акліль. — Ведаеш фантан на Плас д'Опера? Мы сабе ішлі з сястрой, як раптам машыны — і та-та-та!
— Я такое бачыў,— кіўнуў Хуары. — Я і не тое яшчэ бачыў,— вырашыў ён дадаць чамусьці.— Зараз з аасаўцаў нашы пыху збілі. Па шчылінах, канечне, яшчэ сядзяць, але многім галовы пазбівалі.
— Усе кінуліся хто куды, — сказаў Акліль і, з усхліпам уздыхнуўшы, сунуў у кішэню хлебную скарынку. — Мяне нехта як пацягне ў двор! А сястра засталася на вуліцы. Яна адразу звалілася, калі толькі пачалі страляць. З першай машыны. Прыляцелі салдаты на грузавіку, санітарная машына… Я пакуль прабіўся туды… Нават не заўважыў, на якой машыне яе павезлі.
— Можа, тваю сястру толькі паранілі? — Хуары захацелася пакласці на плячо Аклілю далонь.
— Не, забілі. Усе навокал адно казалі: дзяўчыну забілі. Такую красуню і забілі. «Не трэба было хадзіць без хаіка. Чаму не закрывала твар? Думала быць падобнай на францужанку? Вось французы яе і застрэлілі», — гаварыла нейкая старая. Я нават хацеў кінуць у яе камень, закрычаў, але мяне схапілі за рукі… Як толькі адпусцілі, я падбег на тое месца, дзе ляжала сястра. Там была кроў. Бачу яшчэ — патрон… Хуары падняўся і перасмыкнуў плячамі.
— А я дык ад бабулі ўцёк, — бесклапотна засмяяўся ён. — Кожны дзень лаяла — заняткі ў школе прапускаю, вопратку псую… І за бацьку лаяла.
— А бацька што, добраахвотнікам пайшоў на вайну і не вярнуўся? — Акліль ведаў, некаторыя жанчыны гэтак гаварылі, калі плакалі па сваіх: «І хто іх толькі цягнуў на тую вайну?»
— Маці ў мяне памерла, калі я быў зусім малы. А бацька мой у Францыі! — Хуары сказаў гэта чамусьці голасна, амаль што крыкнуў.— Бабулі грошы прысылаў. Потым перастаў. Ну і старая за мяне ўзялася… Вядома, у бацькі там новая жонка, францужанка… У мяне і браты, відаць, ёсць. Ірум'ены! Ха! Мне б у Францыю. Калі вырасту, абавязкова паеду. Ну, чаго ўтаропіўся? Падымайся! Прывык у прыюце, што за цябе ўсё робяць! Я спераду, а ты ззаду. Ды не так, сын асла! На рабро возьмем.
Акліль нёс і думаў. Пляваць яму, канечне, на гэтага Хуары. Але раз узяў хлеб, то трэба памагчы дацягнуць гэту жалязяку да яго жытла. І ўсё, там ён сам сабе гаспадар.
— Далёка яшчэ? — Ён адчуваў млявасць у каленях.
— Бачыш вежу з таго боку, дзе сонца? — паказаў Хуары. — Мая крэпасць у крэпасці.
— Можа, і козы твае? — Акліль кіўнуў на коз. Ускараскаўшыся на кучу камянёў, яны абдзіралі маладыя парасткі з чэзлых таполяў.
— Козы не мае, — проста адказаў Хуары. — А вежа мая. Бо яна была чыя? Тут сядзелі французскія легіянеры. Зараз яны збеглі, і ўсё належыць нам, алжырцам. Муджахіды прыходзілі ў вілы, што належалі французам, і казалі — яны цяпер нашы. «Мы тут гаспадары». А вежа стаяла пустая. Я знайшоў і сказаў: цяпер яна мая. Ну, хіба не правільна?
Акліль прысвіснуў: спрытнюга гэты Хуары. Пацягнулі дзверцы далей. Раз-пораз яны чапляліся за камянюкі, і тады уздымаўся такі скрыгат, што козы забывалі грызці і трывожна глядзелі на хлапчукоў жоўтымі вачамі д'яблаў і былі гатовыя кінуцца хто куды. На камень з вохканнем караскаўся стары казапас у лінялых джынсах і, нягледзячы на спёку, апрануты ў шмат разоў латаную тоўстую кофту. Стары сыпаў такімі выкручастымі праклёнамі, што козы ўжо вырачалі вочы на яго і трэслі бародамі ад захаплення. Лаянка старога супакойвала іх больш, чым самыя ласкавыя словы гаспадынь. Старая каза пачала жаваць газету з выцвілымі аршыннымі заклікамі: «Салдат, памятай: Алжыр быў і застанецца часткаю Францыі! Патрыёты не дапусцяць, каб гэты край захапілі падрыўныя безадказныя элементы!»
У каменных шчылінах наперабой стракаталі цыкады.
3. ВЕЖА
Паблізу ад руін крэпасці не было ніводнага будынка, дзе б жылі людзі. Месца было здзічэлае, пакінутае. Толькі метраў за трыста ніжэй сярод каменных россыпаў стаяла прыземістая будыніна з купалападобным дахам — у ранейшыя часы ў гэткіх жылі мусульманскія святыя і марабуты, якіх таксама лічылі святымі ці вешчунамі. Яшчэ далей, ля ўзбярэжжа, на пакатым схіле, адкуль было добра глядзець на мора, красаваўся невялікі палац ці віла. Віла была нібы ў зялёных аблоках абрыкосавых і персікавых дрэў і ружова зіхацела ў промнях вечаровага сонца. Вышэй вілы былі блакітна-шызыя скалы, праз якія пракладзена шаша. А да вілы вяла вузкая дарога, яна раней ахоўвалася дотам, бо на тым месцы, дзе было тое ашчэранае кулямётамі ваеннае логава, тырчалі кавалкі бетонных пліт. На віле, мабыць, жыла нейкая важная французская шышка, адзначыў для сябе Акліль. Цікава: а хто займае яе цяпер? Частка такіх віл стала пасля перамогі народу над каланізатарамі дзіцячымі дамамі. А ў некаторыя засяліліся, пра што казаў дзецям да-Муса, спрытныя алжырцы, якія разжыліся даведкамі, што і яны дапамагалі вызваленчай арміі. Але Акліль не шкадаваў, што не пажыў у французскай віле. Дом, у які прывезлі яго вясёлыя хлопцы з маладзёжнай арганізацыі Фронт Нацыянальнага Вызвалення Алжыра, быў хоць і стары, але не горшы. Па-першае, пад ім аказаліся сутарэнні, адкуль можна было трапіць у катакомбы. Побач знаходзілася старая арабская частка горада — таямнічая і грозная для іншаземных захопнікаў Казба. А яшчэ быў паблізу электрамеханічны цэх, невялікі, праўда, і Акліль паспеў там навучыцца рамантаваць электрапліткі.
Пра ўсё гэта Акліль расказваў з захапленнем, і Хуары адчуў у душы зайздрасць. Самога яго навучылі толькі працаваць шчоткамі, чысціць абутак. Затое няхай хто-небудзь паспрабуе спаборнічаць з ім у гэтым. Сам Селім аднойчы прызнаў яго майстэрства. Хуары быў упэўнены, што зможа рамантаваць абутак і нават шыць, калі трохі падвучыцца. Але навучыцца рамантаваць электрычныя прыборы ён таксама не супраць. Зразумела, не пліткі нейкія, а, скажам, электраабсталяванне ў аўтамабілях. Тады для яго было б адкрыта ого колькі дарог.
— Усё ты брэшаш, — скрывіўся Хуары. — Калі там так добра і цікава, чаго ўцёк?
Акліль не адказаў. Але ж і бурклівы гэты Хуары! Відаць, таму, што ўвесь час жыў з бабуляй, нават лаецца па-жаночы. Цікава, а што рабіў яго бацька перад тым, як з'ехаць у Францыю? Хутчэй за ўсё, бадзяўся без работы. Інакш — чаго ехаць за мора да ірум'енаў? Хоць паглядзець, як там і што, — цікава, вядома. А чым займаўся яго, Акліля, бацька, перш чым стаў салдатам вызваленчай арміі? Не распытаў у сястры… Іншы раз здавалася, што бацька толькі змагаўся з захопнікамі Алжыра. Што ён дзеля таго і з'явіўся на белы свет. Хоць, канечне, усе людзі з'яўляюцца і жывуць для нечага на зямлі. А для чаго жыве ён, Акліль? Падумаеш пра гэта, і такая трывога ахоплівае цябе.
Каб усцягнуць дзверцы на другі паверх, аддалі апошнія сілы. Паспрабавалі адразу прыладзіць іх, але ўжо не слухаліся рукі і ногі, усё цела дрыжала.
У Хуары была даволі прасторная камора, якую нехта выгарадзіў з тоўстых дошак і кавалкаў бляхі. Хто быў той чалавек ці тыя людзі, што зрабілі гэта, куды яны падзеліся пасля, хлопчык не ведаў. Можа, сапраўды тут жылі легіянеры, як сцвярджаў стары казапас? Але цяпер гэта належыць Хуары, і ён нікому не саступіць, будзе змагацца за сваё жытло, як толькі зможа. Добра, што камора на другім паверсе і туды вядзе лесвіца. Калі прывязаць вяроўку, можна ўсцягваць лесвіцу за сабой. Цяпер Хуары гэта не пад сілу, але ж ён падрасце і падужае! А пакуль што будуць рабіць гэта з Аклілем. Хопіць і для яго месца. Тут і чацвёра маглі б жыць.
Хуары вельмі не хацелася жыць тут у адзіноце. Але цешыў сябе вераю, калі перасяляўся сюды: вернецца бацька. Іншыя ж вяртаюцца! Нават той стары, што жыве цяпер унізе, на востраве. Казапас кажа, што стары раней жыў недзе ў Тунісе, а вярнуўся да сына.
Сонца раптам абрынулася за блізкія горы Кабіліі. Можа, якую хвіліну адтуль, з-за гор, выблісквалі яго промні, а потым і яны зніклі. Неба, астываючы, павольна страчвала свой нядаўні пякельна-крывавы колер, усё больш і больш пакрывалася попелам змроку. Яшчэ якія паўгадзіны — і на зямлю ўпадзе густая паўднёвая ноч.
А грузавік усё стаяў там, на абочыне шашы, і быў спачатку попельнага колеру, а потым раптам стаў чорны, бы галавешка, на якую добра лінулі вадой. Чаго тыя тры мужчыны так доўга не вяртаюцца ад Старога? Можа, ловяць з ім рыбу? А можа, чакаюць тых, што наведваюць Старога ўпрыцемку? Можна было б каўзануцца ўніз і паназіраць з-за якога-небудзь каменя, каб не пагаспадарыў у грузавіку гэты Акліль.
А Акліль разглядаў жытло Хуары з цікавасцю. Падышоў да вузенькага акенца, зірнуў уніз. Высока! Хуары, цікуючы за ім, раптам падумаў: «Возьме ды сцягне ноччу ў мяне ўсё, калі я засну. Можа, ён проста выдумаў пра сястру, каб я пашкадаваў яго?» Хуары не ўхваляў тых, хто крадзе. Усё роўна яны трапляюць за краты, нават самыя спрытныя. У яго быў свой план, як зажыць прыпяваючы. Яшчэ год назад ён вырашыў, што падрасце і будзе займацца бізнесам, як Селім па прозвішчу Павук. О, той нейкага падшыванца і бадзягу, які збег з дзіцячага дома, у сваю кватэру не пусціў бы. Бач ты — і ў грузавік залез, не пабаяўся, што зловяць. Але ж ён знаёмы з Арэзкі. А яго Хуары паважаў за сілу і за тое, што заўсёды заступаўся за слабейшых хлапчукоў.
Паказаўшы Аклілю, дзе класціся спаць, Хуары адсунуў полаг і выбраўся на цёплыя прыступкі. «А мо хай жыве са мной? — думаў ён пра свайго нечаканага кватаранта. — Кожны ж з некім жыве разам. А вернецца бацька, тады паглядзім». Ён успомніў, што вясной яго запрашаў да сябе Шакал, верны ахоўнік Селіма. Во хто асілак і ўмее біцца! Ад французаў нейкіх навучыўся, казалі. Але ў Шакала такі айчым, баншчык Алі, што яго нават Шакал пабойваецца.
Хуары насцярожыўся: каля машыны бліснуў агонь, хутка данеслася і гудзенне матора. Ну, слава алаху, грузавік паехаў да шашы.
На востраве таксама мільгалі водблескі агню. Відаць, Стары паліў у нейкай яміне вогнішча. Мора ляжала ціхае, і ўсё навокал прыціхла перад ноччу. Трава, што высахла без дажджоў яшчэ ў мінулы месяц, моцна шархацела, і далёка чуваць было, як дзесьці ў руінах паўзе змяя. Яшчаркі ці мышы шоргаюць не так. У іх і перабежкі кароткія. Прабяжыць — і прыціхне, слухае. Яшчэ прабяжыць… А змяя, асабліва вялікая, паўзе ўпэўнена — ш-ш-шорг, ш-ш-шорг… Ян гаспадыня гэтых старажытных руін. Яна і жыве тут спрадвеку. Можа, яшчэ і французы сюды не прывалакліся з-за мора, а ў яе тут было гняздо.
Потым Хуары падумаў, што трэба звадзіць Акліля да Селіма. Той абавязкова знойдзе яму які занятак, каб зарабіць на хлеб.
4. ШТО ПІСАЛА МАРЫЯМ СЯБРОЎЦЫ ЗУЛЬФІ
«Мая добрая Зульфі! Да гэтага часу не магу прывыкнуць, што ты ўжо ў Сеціфе. Калі пасля работы я вяртаюся дадому і бачу на трэцім паверсе, пад самым дахам, акно нашага пакойчыка, мне кожны раз здаецца, што зараз яно расчыніцца і ты паклічаш мяне. Строга, бы старэйшая сястра: «Марыям, дзе ты там? Ідзі хутчэй, тарэшта ў тваёй талерцы стыне!» О Зульфі! У цябе такі моцны і прыгожы голас. Дарэмна ты не згаджаешся спяваць у ліцэі. Смялей! Шабан падарыў мне пласцінку з песнямі Умм Кульсум, яе голас нагадвае мне твой.
А Шабан не такі ўжо добры, як табе здаецца. Па-першае, паводзіць сябе так, быццам мае на мяне нейкія правы. Сказаў нядаўна, калі я заўважыла, што пасля рэвалюцыі ў нас жанчына мае аднолькавыя правы з мужчынам: «Тады дазволь, Марыям, я буду тваім старэйшым братам». Я змаўчала, о Зульфі! Ведаю, ты б адказала на гэта як належыць, а мне пакуль не хапае смеласці гаварыць тое, што думаю. Памятаеш Хаджыру? Яе нядаўна выдалі замуж за нейкага мужчыну, якога яна, аказваецца, нават не бачыла да таго. Старэйшы брат сказаў ёй: «Пойдзеш за яго, гэта паважаны чалавек, мой начальнік». Не ведаю, што я вытварыла б, каб са мной гэтак зрабілі. А з братам мы павінны быць роўныя ва ўсім. О, колькі я ўжо шукаю яго, майго сапраўднага брата — Акліля! Сэрцам чую — ён недзе блізка, а не магу пакуль напасці на след. Іншы раз мне здаецца, што ён памёр без мяне ад голаду ці ад якой хваробы. Зусім жа яшчэ хлапчук!
Ну, а пра Шабана скажу трохі больш. Уяві сабе, ён па праву старэйшага брата забараніў мне наведваць міжнародны маладзёжны лагер у Сідзі-Феруш! А мы знарок туды паехалі, Надзія, Фузія і я. Можа, я адна і не адважылася б, дый Фузія таксама, але Надзія аказалася такім завадатарам! У Сідзі-Феруш яна ўжо была некалькі разоў з Буалемам. Ты яго, напэўна, не памятаеш. Да нядаўняга часу ён жыў у прыгарадзе, у Баб-эль-Уэд, а зараз перабраўся ў новы квартал — Кло Саламбрые і працуе ў аўтарамонтнай майстэрні, якую адкрылі кааператыўна былыя партызаны. Буалем — адзін з тых, хто будаваў маладзёжны лагер. Яго запрасілі студэнты з Эль-Біяра. Раней на тым месцы быў лагер французскіх легіянераў. Вакол лагера так і застаўся калючы дрот у тры рады. Там яшчэ і зараз трапляецца рознае ваеннае ламачча. Пры мне хлопцы знайшлі гранату на газоне, проста ў кусце руж! Не, ты ўяўляеш сабе гэта? Рааба выцягнуў з гранаты гэткі бліскучы аловачак — капсуль. А гранату — яе называюць «лімон» — папрасілі дзве дзяўчыны, францужанкі. Хлопец з Кеніі фатаграфаваў іх з ёю, а яны так вішчалі, што мы адвярнуліся.
Але гэта што! Вось потым было, о Зульфі! Спачатку мы глядзелі невялічкі спектакль пра муджахіда і феллаха, ролю якога выконваў Буалем. Феллах і муджахід спачатку не разумелі адзін аднаго і таму абодвум даставалася ад каланізатараў, а потым зразумелі — ім трэба дружыць, тады толькі яны перамогуць. А потым на той жа пляцоўцы пачаліся танцы. І Надзія (смелая!) танцавала ўвесь час. Нас з Фузіяй таксама запрашалі! З якіх толькі краін не прыехала, аказваецца, моладзь у наш Сідзі-Феруш! Гвінейцы, тунісцы, егіпцяне, італьянцы, маладыя французскія сацыялісты і камуністы, якія раней змагаліся са сваімі капіталістамі, каб яны спынілі вайну супраць алжырскіх патрыётаў. Наша моладзь з вялікай павагай адносіцца да такіх французаў, яны нам, як браты. Так казаў Буалем, і мы з ім згодныя.
А яшчэ былі савецкія. Мы да іх асабліва прыглядаліся — што за людзі? Яны не падобныя ні на нас, ні на французаў, жывуць далёка. Кажуць, улетку ў іх так холадна, як у нас зімой. Парадкі ў іх краіне таксама не такія, як у нас, а Буалем кажа, што каб не яны і іншыя сацыялістычныя краіны, мы не змаглі б перамагчы сваіх ворагаў. Разумееш? Я не ведала гэтага і Фузія таксама.
Але ты ўжо здагадалася, Зульфі! Так, мяне запрашаў танцаваць адзін хлопец, ірум'ен. Некалькі разоў падыходзіў. Я, канечне, гаварыла «не», а калі ён, надзьмуўшыся, вяртаўся да сваіх таварышаў, мы з Фузіяй смяяліся так, быццам нас шайтан які смяшыў. Мы спачатку падумалі, што гэта амерыканец. Потым ён пачаў гаварыць з Раабам, і аказалася, яны ведалі адзін аднаго! Ён пачаў гаварыць пра мора і так смешна вымаўляў французскія словы! Таму Фузія і спытала, ці не амерыканец ён. Хлопец засмяяўся, відаць, узрадаваўся, што загаварылі з ім, і адказаў, што з Кабіліі. Мы не паверылі, зразумела. У яго і вочы шэрыя, а ў нас у Кабіліі сустракаюцца чорныя, карыя з зелянкавым адценнем або такія, як у мяне, — блакітныя, амаль сінія. Я ветліва сказала, што ён гаворыць няпраўду і на кабіла зусім не падобны. Ён пачырванеў. Гэта было прыкметна, хоць скура ў яго вельмі загарэлая, арэхавага колеру, а на носе шалушыцца скура. Ён папрасіў прабачэння і сказаў, што думаў — у яго пытаюць, дзе ён жыве зараз, а не з якой краіны. Ён савецкі, Зульфі, з Савецкага Саюза, студэнт і працуе ў Кабіліі на будаўніцтве, а ў Сідзі-Феруш прыехаў з сябрамі на выхадны. Завуць яго Юрый. Ён увесь час потым і прастаяў каля нас, як прывязаны, і ўсё пазіраў на мяне спадцішка. А думаў, што я не бачу! Смешны, праўда? А Фузія таўхала мяне локцем, думала, што я не заўважаю. Потым спытаў, дзе мяне можна пабачыць у горадзе і калі. Дык Фузія ляпнула — на паштамце! Хто яе прасіў, скажы?
Ведаю, о Зульфі, ты зноў скажаш, што я легкадумная і паводжу сябе не па-даросламу, таму не буду пісаць, што было далей. Лепей напішу пра сваіх малых. У дзіцячым садзе мне зараз далі пастаянную групу. Хлопчыкі такія задзірлівыя, а дзяўчынкі ўсе вельмі добрыя. Яны такія розныя: адны гаспадарлівыя і акуратныя, іншых яшчэ многаму трэба вучыць. Але я люблю іх усіх, бо ў іх столькі непасрэднасці і шчырай дабраты, нягледзячы на тое, што растуць яны большай часткай у сем'ях, дзе не кожны дзень на стале бываюць рыс і мяса. Вучу дзяцей маляваць і пісаць літары. А як яны танцуюць і спяваюць, ты паглядзіш сама, калі ўсё-ткі знойдзеш час і прыедзеш да мяне. Бо так хочацца з табою пагаварыць!
Я сабе зрабіла новую прычоску. Надзія гаворыць, што мне вельмі да твару, я нават быццам стала вышэй ростам.
О Зульфі! Вядома ж, ты праўду кажаш: я такая яшчэ легкадумная. А як мне перавыхоўвацца, калі цябе няма побач? Але ж калі ты нават захочаш паўпікаць мяне, усе роўна напішы хутчэй».
5. ДЗВЕ ЗНАХОДКІ
Спачатку Акліль не паверыў сваім вачам: знайшоў тое, за што плацілі грошы. Каралы ён бачыў на рынку, ведаў, што іх здабываюць у моры з немалымі цяжкасцямі. А тут — ляжыць сабе на пясочку і спакойна чакае, пакуль Акліль падыме яго і акуне ў ваду, каб змыць водарасці. Карал быў падобны на пену марскога прыбоя. Акліль нават падскочыў з радасці. Гэтак падскокваючы і палохаючы чаек прарэзлівымі крыкамі, ён памчаў да вежы. Заўважыўшы хлопца, стары казапас падумаў, ці не джыгануў яго тарантул. А можа, гадзюка? Іх тут у руінах поўна. Ачнуўшыся ад прывычнага роздуму аб марнасці чалавечага жыцця, ён споўз з нагрэтага каменя, прыхапіў схаваную ў халадок літровую бутэльку з вадой і закалдыбаў да хлопца.
— Гэй, гэй, малы! — паклікаў ён сіпла. — Ты што гэта, га? Цябе джыгануў тарантул?
Але Акліль не чуў яго. Ён імчаў да вежы.
— Паглядзі сюды, Хуары! Эй! — Хлопец выцягнуў руку. — Зірні ж, Хуары!
Той незадаволена ўзняў калматую галаву ад вялікай бляшанкі з зелянінай. Ён згаладаў за доўгі дзень і зараз гатаваў усё разам — абед і вячэру. Наогул ён любіў гатаваць. З прыгаршчаў фасолі, рознай зеляніны і пары лыжак алею ўмеў зварыць нешта прыдатнае да яды. Ого, яда! Пад'еў — і ў цябе ўжо моцны сон, пругкія, гатовыя да работы мышцы, зырка блішчаць вочы, усё цябе радуе, нават звычайны палёт чайкі над марскімі хвалямі, імклівы віраж арлана над горнай цяснінай. Сёння ў Хуары былі добрыя сакавітыя арцішокі. Ён старанна абабраў іх і збіраўся варыць у казане.
— Чаго ты там крычыш, як дурная квактуха? — буркнуў ён.
— Я знайшоў гэта на беразе, яго выкінула хвалямі! — Акліль так і гэтак паварочваў карал.
Хуары паглядзеў з падазронасцю.
— Бажуся, што знайшоў!
— Што здарылася, дзеткі? — падступіў да хлопчыкаў стары казапас. — Каго з вас сцебанула гадзюка? Я ж казаў, папярэджваў дурняў…
Хлопчыкі дружна зарагаталі, тыркаючы адзін у аднаго пальцамі.
— А каб вас! — узняў казапас над галавою кізілавы дубец. Ён пакрыўджана плюнуў.
— Сейід, — павярнуўся да старога Акліль, — паглядзіце, што я знайшоў. Гэта можна прадаць на рынку?
Сейід узняў карал і ўзважыў на далоні.
— Гэткія і раней каля берага трапляліся, я памятаю. Мой пляменнік з адным французам некалі здабываў іх. Ву-унь за тым мысам, ля астраўка. Самае месца, дзе яны жывуць. Прадаць? Цяпер дык і не ведаю, як яно. А французы плацілі грошы за гэткія штукі. Асабліва бралі залацістыя. Нясі на рынак, можа, хто і купіць.
Акліль зноў заззяў ад радасці. Калі ўдасца прадаць, то хопіць на куртку для зімы і яшчэ на сёе-тое застанецца.
— Хуары не падзяляў радасці таварыша. Пахмурна пазіраў, як да іх жытла падбіраецца падгалая каза. Яна спрытна, як цыркачка, скакала па прыступках. Стары шпурнуў у казу трэску.
— Прэч, дачка шайтана!
— Ага, прадасі! — прамовіў Хуары з'едліва. — А цябе там за шкірку — дзе, спытаюць, сцягнуў? Кыш! — тупнуў ён на казу.
Каза нетаропка адскочыла і, зыркаючы на людзей пранізлівымі вачамі шайтана, схапіла кавалак газеты, у які Хуары загортваў арцішокі. Іншыя козы таксама аблажылі вежу з усіх бакоў і скублі ўсё на свеце, спрабавалі нават сцягнуць з калка кавалак брызенту. Калі хто-небудзь недаверліва адносіцца да слоў, што ў Паўночнай Афрыцы гадоў дзвесце таму ці крыху болей козы з'елі львоў, то няхай бы паглядзеў, як яны ўвіхаліся ля жытла Хуары. Ён бы адразу паверыў — такія могуць усё, дай ім волю.
— Вам не трэба тут жыць. — Казапас пакруціў па-чарапашы сюды-туды невялікаю, падобнаю на сухі гарбуз галавою ў салдацкай шапцы.
Хуары з гонарам агледзеў прыстасаваныя ўчора дзверцы ад грузавіка.
— А хто гэта мне забароніць? — з выклікам адказаў ён і кінуў у булькочучую ў казанку ваду арцішокі.
Казапас аддаў Аклілю карал і яшчэ раз азірнуў каменныя руіны, дзе ўжо сям і там вырасталі вячэрнія цені. Каза зноў падступіла да прыпасаў Хуары.
— Нядобрае гэта месца, паверце, — упэўнена адказаў казапас. — Нават французы яго не любілі.
— Таму што партызан баяліся. Тут блізка катакомбы, — сказаў Хуары.
— Мой пляменнік аднаго разу тут бачыў здань Бабы Аруджа.
— Гэта пірата? — голас у Хуары крышку ахрып.
— Баба Арудж недзе, казалі, схаваў тут частку сваіх скарбаў, калі яго аблажылі туркі. А потым не змог сюды вярнуцца.
— Бо яго павесілі, я ведаю, — сказаў Хуары. Хуары схапіў дубец і ўскочыў, каб адагнаць коз, якія спрабавалі залезці па лесвіцы ў яго жытло.
— Я ведаў ірум'ена, які тут корпаўся мо паўгода. Відаць, шукаў клад Аруджа, — сказаў казапас.
— Знайшоў? — у позірку Хуары ўзнікла раптам Напружанасць.
— Ды не, яго аднойчы знайшлі мёртвага.
— Няўжо дух і такое можа? — Акліль уцягнуў галаву ў плечы, як ад холаду. — Я думаў, ён толькі можа палохаць.
— Палохаць! — адгукнуўся Хуары. — Схопіць за каршэнь ды як зірне ў вочы — зразу сканаеш. А ён жа многае можа.
— Хлопцы, кажу — не таўчыцеся тут, — параіў казапас. — Ідзіце туды, дзе жывуць людзі, а не яшчаркі і змеі. Вы, напэўна ж, не ведаеце, што той, хто жыве адзін, можа ператварыцца ў шакала. Шакал быў некалі чалавекам, а цяпер бачылі? Знайшоў яшчэ гэткіх, як сам, і цяпер круцяцца каля чалавечага жытла ды выюць, што нельга туды прабрацца. Але ж яны былі зладзеі, таму і жылі, як тулягі. Алах іх адзначыў асобай метай.
Акліль успомніў, што мінулай ноччу шакалы недзе блізка вылі і грызліся. І ён з адчуваннем нейкай трывогі ў душы заазіраўся навокал.
— Нічога, у нас зараз дзверы, як у доце. — Хуары зарагатаў і зазірнуў у казанок, дзе булькатала вада.
Казапас зірнуў на жытло хлопцаў, затрымаў позірк на жалезных дзвярах, пацмокаў языком і рушыў прэч.
— Сейід, — пачціва паклікаў яго Хуары, — куды ж вы? Арцішокі зварыліся.
— Няхай будуць твае гады шчаслівыя, сынок, — азірнуўся казапас і пакруціў галавою. — Мая вячэра чакае мяне дома, а козы засумавалі па сваіх гаспадынях. Я вам сыру прынясу. У мяне сушыцца добры сыр.
Хлопчыкі паселі ля казанка, з якога смачна патыхала варанымі арцішокамі. Хуары падзяліў хлеб. Акліль паглядваў на свайго таварыша з удзячнасцю. Бадзяжніцтва навучыла яго паважаць тых, хто ўсё ўмее рабіць уласнымі рукамі і не імкнецца пажывіцца за кошт слабейшага таварыша, а, наадварот, чым можа падтрымлівае яго. Такія не ператвараюцца ў шакалаў. О, за яго кароткае жыццё Аклілю сустракаліся розныя людзі. Іншы раз ён не адразу распазнаваў, з кім звёў яго лёс, і таму неаднойчы аказваўся на краі гібелі. Жыццё неаднойчы выпрабоўвала хлопца: а гэта правільна зразумееш? А гэта пераадолееш? А цяпер знойдзеш паратунак? Далёка не заўсёды выручалі яго ўласны спрыт і розум. Напрыклад, у тую дажджлівую і халодную восень, калі ён, захлынаючыся ад кашлю, ляжаў у кутку закінутай хаціны на ўскраіне «пасёлка бідонаў» — бідонвіля, як называюць гэтае месца, дзе жыла галеча. Хто прывёў у той пакінуты ўсімі куток хлопцаў з маладзёжнай арганізацыі Фронт нацыянальнага вызвалення? Ён, дурны, хацеў уцячы ад іх, але ногі зусім не трымалі. Не, Акліль не вельмі любіў успамінаць. Гэта робяць старыя і хворыя. Яго час успамінаць яшчэ не прыйшоў. Нешта ўсё клікала наперад, на пошукі новых уражанняў, а боль, страх і адчай знікалі пасля таго, як зноў з'яўлялася магчымасць дзейнічаць. Вось Хуары спытаў, чаму Акліль не застаўся ў дзіцячым доме? Там і кормяць, і вопратку даюць, ды яшчэ і вучаць якой-небудзь справе. Ну, яго падгаварыў Арэзкі паглядзець Францыю, куды дужыя мужчыны адпраўляліся на заробкі. А чаму збег хілы Амар? Той, праўда, хутка вярнуўся. А Маамры? Вось Катэб, дык той зрабіў нешта незразумелае: яго ўзяла да сябе нейкая заможная жанчына з горада Канстаціны, і ўсе спачатку зайздросцілі яму. А ён узяў ды праз колькі тыдняў вярнуўся, і ўсе гаварылі — правільна зрабіў. Бо хіба ж можна з дня ў дзень жэрці кураціну, а тоўстую азызлую жанчыну называць бы якую красуню — лалла ці лла.
Акліль выцягнуў з кішэні карал і зноў залюбаваўся ім. Хуары чмыхнуў носам.
— Думаеш, яго нехта ў цябе купіць? — сказаў ён кпліва. — Яшчэ і таўхалёў атрымаеш, толькі з'явіся з гэтым на рынку. Абавязкова хто-небудзь прычэпіцца, і яму павераць, што ты ў яго гэту рэч украў… Вось у мяне знаходка дык знаходка…
Хуары з заклапочаным выглядам пачаў падграбаць вуголле. Акліль не вытрымаў:
— Дык што ты знайшоў, што?
Але той быццам і не пачуў пытання, адно гмыкаў сабе пад нос.
— Ведаеш, што трэба зрабіць з гэтым каралам? — прамовіў ён нарэшце. — Аддай яго Селіму.
— Ага, вось зараз пабягу і аддам. Ды яшчэ прасіць буду, каб узяў,— пакрыўджана сказаў Акліль. — Распараджаешся, быццам гэта ты яго прынёс, а не я.
— Я ўсё разлічыў,— спакойна сказаў Хуары. — А мо табе ўжо расхацелася ісці са мною да Селіма?
— Хуары, але ж я…
— Слухай, а што, калі там сапраўды нешта схавана? — Хуары ўтаропіўся ў руіны, дзе ўжо добра згусцеў змрок.
Акліль пакінуў вычышчаць місу скарынкай хлеба, таксама паглядзеў туды.
— Я тут у катакомбах знайшоў такую мясціну, — працягваў Хуары. — Далёка не пайшоў, цёмна было… Ды яшчэ здалося, што за мной нехта назіраў.
— Няўжо дух Аруджа? — Акліль адсунуў місу. «Вось каб знайсці скарбы гэтага пірацкага раіса», — падумалася яму, але ён нават думаць нанач пра гэта спалохаўся.
— Мне здалося, што там нехта бывае, — ціха сказаў Хуары. — Вакол усё павіта вінаграднай лазою, а ў тым месцы яна зрушана і быццам крыху натаптана… Ты б не заўважыў нават.
— А ты не бачыў, як я ўмею страляць, — не ведаў, чым пахваліцца, Акліль. Ён апаласнуў місы і подбегам панёс іх у жытло. — Мо якія шакалы ці козы там натапталі,— сказаў ён з прыступак.
— Шакалы маглі,— згадзіўся Хуары і ціха засмяяўся. — У мяне аднойчы шакаляня ўкрала кацялок. Да вечара шукаў яго ў камянях. А дзён праз тры шакаляня з кацялком на шыі знайшоў казапас. Пытае: «Ты яму павесіў?»
— Жывое было?
— Здохла! Відаць, ад страху. Яны ж дужа баязлівыя. А старыя шакалы так абгрызлі кацялок, што я яго выкінуў.
Хлопцы ўдвух усцягнулі лесвіцу, а потым старанна зашчапілі дзверы. На ўсялякі выпадак. Пасмейваючыся, крыху яшчэ пагаварылі пра шакалаў. Акліль прапанаваў злавіць каторага і прыручыць замест сабакі. Хуары сказаў на гэта, што лепш за ўсё злавіць добрага сабаку. Той сцярог бы вежу не толькі ад шакалаў і коз, але і чужога чалавека блізка не падпусціў бы.
Ляглі спіна да спіны. Распачалі свой бясконцы перазвон цыкады. Яны нібы падавалі адна адной вестку: с-спакойна, ц-ціха, сніце сны-ы… І Хуары сапраўды пачаў сніцца сон. Хлопец заварушыў рукамі, таўхаючы то адным, то другім локцем пад бок Акліля. Бо снілася мноства чаравікаў, якія трэба было пачысціць. Ого, такога яшчэ не здаралася ў самую дажджлівую восень. Трэба толькі пастарацца, і ён нарэшце заробіць столькі, што зможа аддзяліцца ад скнары Селіма.
Акліль жа ў гэты час немаведама каму маліўся. Гэта не была жальба на лёс. Але яму вельмі хацелася, каб заўтра ў іх усё было добра, з гэтым Селімам, каб ніхто не адабраў у яго карал. І калі нарэшце да яго таксама прыйшоў сон, яму прысніўся… Селім! Ён быў падобны на стывідора, які ў порце звычайна размяркоўвае работу сярод грузчыкаў. Селім-стывідор велічным жэстам паклікаў да сябе Акліля, і яму адразу ўзвалілі на плечы мех са стракатымі замежнымі надпісамі. Мех трэба было несці кудысьці ўверх па хісткай лесвіцы, вельмі падобнай на тую, што вяла ў жытло Хуары. На момант прахапіўшыся, Акліль зняў са сваіх плеч руку Хуары і адсунуўся далей. У нагрэтай за дзень вежы стаяла духата, як у машынным аддзяленні парахода, у якім Акліль не так даўно хацеў схавацца.
6. СЕЛІМ-ПАВУК
— Зноў прасіў грошы ў Ладжмі, каб на цябе чума? — Ітака трэсла тоўстымі шчокамі, з якіх сыпалася пудра.
Селім прадбачліва адышоў да дзвярэй. Маці магла ў гэткую хвіліну тузануць за валасы і нават ударыць, а ён гэтага не мог трываць. З таго часу як яму ўдалося завесці сваю «справу», Селім значна вырас ва ўласных вачах, хоць знешне заставаўся па-ранейшаму маленькім і зграбным, бы дзяўчынка з балетнай школы. Ён перажываў з-за сваёй маларосласці і думаў, што іменна з-за гэтага адчувае непрыязнасць да сваёй маці. Відаць, дрэнна даглядала яго, што ён не змог набраць росту. Вельмі ўжо сочыць за сваёй знешнасцю. Бач, колькі на ёй адной толькі пудры. Не менш, чым на два дынары. Твар у Селіма танклявы, вочы вялікія, вейкі доўгія, як у дзяўчынкі, невялікі, як точаны, нос. І той, хто не бачыў таго, як ён размаўляе з сваімі хаўруснікамі, ніколі не зразумее, чаму яго завуць Павуком. А яшчэ — Скарпіёнам.
А Ладжмі — гэта стрыечны брат яго маці Ітакі і яе, як гэта называецца па-французску, кампаньён. На паях яны трымаюць аўтарамонтную майстэрню. У ёй зараз шмат работы, бо, па-першае, у часе вайны аўтамабілі наогул рамантаваліся сяк-так. А па-другое, цяпер многа людзей, якія захацелі мець аўтамабіль. Але ж калі купляць новы, то дарагавата, а набыць каламажку з маторам можна за пятую ці нават дзесятую частку першапачатковай цаны, крыху падрамантаваць і ездзіць, пакуль не адваляцца колы. Ну дык вось, дзядзька Селіма быў у майстэрні яшчэ дырэктарам і галоўным механікам. Але галоўным крэдыторам была маці, якой дасталіся сякія-такія зберажэнні ад былога мужа, які па дурасці звязаў свой лёс з каланізатарамі. Калі тыя адплылі за мора, яму давялося з аўтаматам хавацца па шчылінах, пакуль не трапіў пад кулю ў сутычцы з рабочымі кааператыва. Селім па зразумелай прычыне нікому не хваліўся, але сёй-той ведаў таямніцу яго сям'і. Па гэтай жа прычыне Селіма падтрымлівалі былыя бацькавы паплечнікі, якія не рынуліся пасля перамогі рэвалюцыі са зброяй у горы, а прыхавалі аўтаматы і пісталеты па цёмных кутках і днём крычалі на плошчы, што яны за новыя парадкі і сацыялізм, а ноччу стралялі ў вокны сапраўдных патрыётаў. Або, уладкаваўшыся на работу ў якую дзяржаўную ўстанову, дапамагалі так «будаваць» новы лад, што сумленным людзям станавілася моташна. О, колькі ў іх было спосабаў шкодзіць! Многа часу міне, пакуль людзі распазнаюць гэтых скарпіёнаў і зразумеюць, як іх абясшкодзіць. Ну, а пакуль скарпіёны спадзяваліся, што паціху прыбяруць уладу ў свае рукі і павернуць краіну назад, да капіталізму. Вось чаму, а не таму, што яго ахоўвалі Янычар і Шакал, Селім мог ласкава распараджацца, каго і як пакараць за непаслухмянасць. Ён вучыўся валадарыць і таму толькі пасміхваўся, калі дзядзька прапаноўваў яму ісці працаваць у майстэрню, каб стаць механікам. Але гэта не перашкаджала яму час ад часу выпрошваць у Ладжмі сотню-другую дынараў, «датацыю», як ён тлумачыў. Выпрошваць, відаць, не тое слова: Ладжмі іншы раз і сам соваў грошы. Ён ведаў, што робіць. Але заўсёды патрабаваў распіску. Маці была зусім непісьменная, і яе страшэнна палохалі гэтыя распіскі сына, якія брат Ладжмі паказваў ёй пры разліках.
Не зважаючы на лаянку маці, Селім асцярожна, як кот-чысцюля, сыходзіў па лесвіцы. З цікавасцю азірнуў сцяну, дзе нейкі закаханы дурань зрабіў чырвонай крэйдай надпіс-прызнанне: «Лейла-лалла». Лейлай звалі яго старэйшую сястру. Хутчэй за ўсё, спаганіў сцяну яе ўздыхальнік Тахар. Заганарыўся, што на курсах для непісьменных яго навучылі крэмзаць літары. Маці задужа многа Лейле дазваляе, яшчэ абняславіць іх сям'ю, зробіцца, як тыя ірум'енкі, патлатай хіпіхай.
На лесвіцы стаяў смурод. Селім неаднойчы сам выцягваў за вуха смаркачоў, якім ніхто не растлумачыў, што куткі калідора існуюць зусім не для таго, каб туды поўзаць са спушчанымі штанамі. Туалет у другім месцы. Селім ужо некалькі разоў казаў маці, што трэба нарэшце перабірацца куды-небудзь у больш цывілізаваны квартал, хопіць хавацца, у іх жа ёсць, хвала алаху, падтрымка. Але маці стараецца жыць непрыкметна. Можа, спадзяецца, што Лейлу пасватае Тахар, актывіст Фронту нацыянальнага вызвалення? Няўжо той нічога не здагадваецца пра іх мінулае, няўжо Лейла не сказала яму? Звычайна яна такая языкастая, любіць памянціць языком, як і маці.
Ля ўвахода ў кавярню абыякава і сонна аглядаў афішы мардаты Янычар, самы адданы целаахоўнік Селіма. Відаць, яму растлумачылі, хто такі Селім, вось чаму гэты боўдзіла такі паслухмяны. З іншымі дык — ого! Яшчэ пры французах ён займаўся ў нейкай дзіцячай школе дзюдо. А колькі жарэ гэты слон!
Уладкаваўшыся за столікам ля расчыненага акна, Селім заказаў свайму целаахоўніку толькі каву і рагалік з маслам, а сабе — яечню з бульбаю.
— Мы з Шакалам высачылі тых шчанюкоў,— далажыў Янычар. — Зрабілі ўсё, як ты загадаў: скрынкі і шчоткі адабралі, а самім надавалі.
— Ты не дарэмна ясі хлеб, — прамовіў Селім паважна, як яго дзядзька, калі размаўляў з рабочымі.— Што яшчэ?
— Мустафа зноў прапануе нашым хлопцам — Шакалу, Мухамеду — браць у яго тавар.
— З ім ніякіх спраў,— адрэзаў Селім. — Гэта пахне паліцыяй.
Узяў са стала газету. «У мястэчку Біркідзем, — прачытаў ён на першай старонцы. — Біркідзем… — паўтарыў ён, шавелячы тонкімі губамі,— адбылося адкрытае пасяджэнне новага сельскагаспадарчага кааператыва. Яго стварылі былыя муджахіды, якім урад перадаў багатую ферму былога начальніка французскай жандармерыі. Ветэраны нацыянальна-вызваленчай вайны пераключыліся на мірныя справы і будуць самі кіраваць сваёй гаспадаркай — збытам прадукцыі, размеркаваннем прыбыткаў…» — Селім падазрона зірнуў на Янычара — гэты прайдзісвет Мустафа яшчэ пачне пераманьваць да сябе яго людзей.
— З Мустафой я перагавару, — сказаў Селім, укладваючы ў свае словы зусім іншы сэнс, чым падумалася тупаватаму Янычару, які задаволена ўсміхнуўся. «Не здагадваецца, ці што — калі яшчэ ў турме не стаў ахвярай няшчаснага выпадку, то трэба дзякаваць не толькі алаху».
«…адначасова кааператывы былых муджахідаў будуць умацоўваць грамадскі сектар вытворчасці…» — Селім аблізнуў губы. Ён падумаў пра дзядзьку Ладжмі, які пры словах «грамадскі сектар» пачынае храпці і сінець.
«Амерыканцы стварылі ў Алжыры яшчэ адзін культурны цэнтр…» Дзядзька Ладжмі кажа: «Калі прапануюць выбіраць, з кім дружыць — з багатым ці сумленным, я адкажу: за сумленнасць не купіш на рынку Лір нават катах варанай кукурузы».
Селім скасавурыўся на Янычара: той зайздросціў, што «шэф» так спрытна чытае, проста, бы з аўтамата, строчыць.
— Калі хочаш, вазьмі сабе яшчэ рагалік, я заплачу.
Канечне, Янычар хацеў. Ён і ад яечні не адмовіўся б, але ж не прывык сам плаціць. Заўсёды чакаў, пакуль яго пакормяць.
Заплаціўшы на абодвух, Селім важна накіраваўся да выхада. Ён адчуваў, што чыесьці вочы прасачылі за ім, і адчуваў, што ў гэтым позірку была цвёрдая падтрымка. Селім жа не стаў азірацца па баках, бо і так ведаў, хто звычайна наведвае гэта кафэ з відам на плошчу Оперы, або, як прывыклі гараджане вымаўляць па-французску, Плас д'Опера. Таму з такім упэўненым выглядам і накіраваўся Селім уверх па вуліцы, у Казбу, дзе за старой мячэццю ён назначыў апоўдні збор сваім «падданым». Яшчэ было ранавата, аднак галоўная гандлёвая плошча сталіцы — рынак Лір — была поўная людзей. І каго тут толькі не было — гандлявалі прысмакамі, шоўкам, паношаным абуткам, штанамі — шырокімі шальварамі, у якіх не прэе цела ў любую спёку, — і нібы зробленымі з дроту ірум'енскімі джынсамі, кавай «арабіка» і звычайнай вадой, мармыталі над сваімі страшэннымі кошыкамі заклінальнікі змей, паказвалі цуды фокуснікі, шчоўкалі ножанкамі цырульнікі, некага пракліналі вандроўныя марабуты — рынак заклікаў, спяваў, смяяўся і лаяўся. Селім адчуваў сябе яшчэ непрызнаным валадаром гэтага царства, тым больш што дарогу яму пракладвала моцнае плячо Янычара.
— А вось і яны! — весела прамовіў Янычар, паказваючы на прыступкі каля мячэці, быццам Селім сам не бачыў, хто там яго цярпліва чакае.
7. ДАННІКІ ПАВУКА
Шакал паклаў хустачку, і Селім паважна сеў на прыемна халаднаватую пасля ночы каменную прыступку. Адзін за другім да яго з вінаватымі тварамі падыходзілі хлопчыкі. Кожны працягваў Селіму манеты. Яны плацілі яму за скрынкі і шчоткі, якія ён выдаваў ім праз свайго адданага падручнага Шакала. Плацілі за тое, што ён абараняў іх ад канкурэнтаў і проста хуліганаў, якія маглі пабіць ці нават адабраць грошы і прычындалы. Плацілі за тое, што трымае іх У сваёй «фірме», усё роўна ж трэба было прыбівацца да нейкай кампаніі. Але што гэта былі за грошы, якія прымаў Селім з іх спацелых ад хвалявання далоняў!
Некаторыя паднашэнні Селім паказваў усім, і тады выбухаў смех, бо сапраўды — адна драбяза.
Каму смех, а каму і слёзы. Не ўмееш здабываць грошы — што ты за мужчына? Не можаш зарабіць шчоткамі і ваксай, бегай за кожнай гаспадыняй на рынку — можа, трэба што паднесці? Урэшце — проста прасі, старцуй. І так рабілі. Сёй-той стараўся і сцягнуць нешта, хоць Селім не раз папярэджваў, што ў яго кампаніі не крадуць, гэта не шайка зладзеяў, паліцыі ў іх няма чаго рабіць. Яго «фірма» зарабляе на хлеб працай. Дзядзька Ладжмі раіў пляменніку летам браць з малых даннікаў менш, улічваць значнае памяншэнне попыту на паслугі чысцільшчыкаў абутку. Гэта ж не пры французах, калі толькі за кошт абслугі легіянераў, якія любілі хадзіць у ботах, ды яшчэ да бляску наглянцаваных, можна было за дзень мець сотню франкаў. Ды яшчэ ж чыноўнікі, камерсанты, асабліва тыя, што прыбывалі з Еўропы. А цяпер, асабліва летняй парой, большасць гараджан, нават прыстойных, шлэндаюць у сандалях на босую нагу. «Дэмакратызаваліся!» — як з'едліва падсумоўваў Ладжмі. Улетку чысцільшчыкі маглі знайсці кліентаў толькі ля рэстаранаў, вакзала ці ў порце. Затое там і канкурэнцыя ж была! Без падтрымкі «фірмы», накшталт той, якую наладзіў Селім, туды і не совайся. Кожны з надзеяй чакаў восені і зімы. Чакаў і Селім, а пакуль ламаў галаву — ці нельга яго «фірме» асвоіць яшчэ якую справу, «бізнес». Былі, былі прапановы. Але ад іх за мілю патыхала крыміналам. Мець справу з паліцыяй Селіму не хацелася. Не мог ён уявіць, што будзе сядзець у турме, за кратамі. А Селім добра ведаў — без гэтага рана ці позна не абыдзецца, пачні толькі займацца крыміналам, «Цяжкі час для «фірмы», — скавытала душа Селіма. Але знешне ён трымаўся не горш за якога шэйха, быццам у яго капальні дыяментаў ці нафтавыя промыслы, а не тузін камплектаў скрынак са шчоткамі, якія трэба было ўмець усучыць вулічным падшыванцам, а потым умудрыцца браць за гэта арэндную плату няхай сабе і медзякамі. Ён верыў у сваю пераможную зорку, яна яшчэ ўзыдзе і заззяе дыяментамі.
Працягнуў «шэфу» сваю даніну і Хуары. Селім аж носам пакруціў.
— Ты зноў застаешся мне вінен, — сказаў ён. — Трэба ўмець зарабляць грошы, Хуары. Глядзі, нават Шукры прынёс болей. А яго ўчастак горшы, чым твой. Відаць, лянуешся заклікаць кліентаў?
— Бажуся, за мной не прападзе! — стукнуў сабе ў грудзі худым кулачком Хуары. — Няхай толькі прыйдуць халады… Вось, Селім… — Хуары падштурхнуў да «шэфа» зыркаўшага спадылба Акліля. — Гэта мой сябар і нават сваяк, Акліль. Выдай яму струмант, і няхай сядзе каля атэля на Бен Мхідзі.
— Яшчэ што, — буркнуў Селім, падазрона разглядаючы худога абадранца. Акліль пад яго позіркам перасмыкнуў плячамі.— Ля гатэля… Бач чаго захацеў!
— Я за яго паручуся, Селім, — горача запэўніў Хуары. — Вось пабачыш, ён табе падыдзе.
— У нас зараз няма месца, — паважна прамовіў Селім, са штучнай абыякавасцю адварочваючы галаву да свайго памочніка Шакала. Той кіўнуў, пацвярджаючы словы «шэфа».
— Але, Селім…
— Ну добра, — нешта прыкінуўшы, з уздыхам сказаў Селім. — Калі ён твой сваяк… Я не пытаю, адкуль ты яго адкапаў… Працуй з ім разам, на тваім участку, вучы. Зразумеў? Яго як імя? Ага, Акліль. А там паглядзім. Тыдні праз два.
— У яго нават задатак ёсць, — не адступаў Хуары. Селім недаверліва скасавурыўся.
— Бажуся! Пакажы яму, Акліль.
Селім грэбліва ўзяў карал, пакруціў у руках. Затым звярнуўся да Шакала:
— Гэта чаго-небудзь варта, як лічыш?
Янычар здзекліва засмяяўся: што можа быць каштоўнага ў нейкага смаркача ў падраных штанах? Акліль насупіўся і хацеў забраць карал. Казаў жа ён Хуары, што нічога добрага з яго плана не выйдзе. Лепей збыць карал на рынку.
— Ты дзе яго сцягнуў? — спытаў Селім.
— У моры здабыў,— Акліль зноў хацеў забраць карал.
— Бач ты, — Селім зноў уважліва агледзеў Акліля. — Няхай тады пабудзе ў мяне. Як задатак… Ну, і пакажу каму-небудзь, хто ў гэтым кумекае. Можа, за яго і дынар не дадуць, адкуль мне ведаць.
— Дадуць! — запэўніў Хуары. — Ты ж паглядзі, што за рэч. На рынку горшыя. Заплаці Аклілю трохі. Селім дастаў грошы.
— Дык ты, Хуары, ручаешся за яго? — сказаў ён і працягнуў Аклілю драбязу.
— Мне на куртку трэба! — абурыўся Акліль.
— А мне што да таго? Купляй! А калі за карал што-небудзь дадуць, то і я дабаўлю. Мне ж таксама яго яшчэ трэба прадаць, так?
— Бажуся, Селім, ты добра яго прадасі! — зноў уставіў сваё Хуары.
Селім яшчэ падумаў. Потым нехаця дадаў Аклілю некалькі зашмальцаваных манет.
— Гэта табе аванс. Так?
— Камень добры, я ведаю. А калі што, дык я адпрацую, — сказаў Акліль пасля штуршкоў сябра.
— Не ўздумай ад мяне хавацца. — Селім кіўнуў у бок Янычара: — Вось ён знойдзе цябе ўсюды… Нават у дзіцячым прыюце.
— Эх, казаў я табе — трэба было на рынак, — папракнуў Акліль сябра, калі яны адышлі.— Абдурыў нас, як малых.
— Гэта яшчэ мы паглядзім! — Хуары задаволена пакруціў галавой. — Пойдзем нап'ёмся аранжаду. Мы цяпер — ого-го! А там паглядзім… Галоўнае, ты зможаш цяпер сядзець са шчоткамі на маім участку і ніхто цябе не кране. Мы з табою, магчыма, хутка будзем багацейшыя за гэтага праклятага Павука! Будзем, як тыя шэйхі. Будзем скрынкамі есці трубачкі з крэмам, марожанае і піць аранжад колькі ўлезе. Зразумеў?
— Адкуль раптам? — утаропіўся ў сябра Акліль.
— А адтуль. Пакуль ты будзеш сядзець на маім месцы са шчоткамі, я ўжо дабяруся да таго, што ляжыць у сутарэнні! Можа, там што схаваў Арудж, можа, французы, калі адсюль драпалі, але чуе мой нос — там скарб, і, бажуся, ён стане нашым… Ці свеціць твой ліхтарык?
Заўважыўшы на твары сябра незадаволенасць, Хуары велікадушна дадаў:
— Спачатку я там усё пранюхаю, а потым возьмемся разам.
— Я ведаю, дзе ў порце можна набраць старых стэарынавых плошак. — Акліль пачынаў верыць, што хутка ў іх будуць салодкія дзянькі.— А калі там раптам з'явіцца здань раіса Аруджа, то зрабі вось так. — Акліль пераплёў крыжыкам пальцы на правай руцэ. — Гэтак робяць, праўда, ірум'ены, але, кажуць, усім памагае бараніцца ад розных злыдняў, зданяў і нават ад Чорнага шэйха — галоўнага шайтана.
— Я і не такое магу, — адмахнуўся Хуары. — Навошта мне крыжык ірум'енаў? У мяне бабуля ведае такія чароўныя знакі, што нават ад кулі абараняе. А ад зданяў — тфу! Зразумеў? Ты правільна зрабіў, што да мяне прыстаў. Нюх ёсць. Хутка будзеш, як шэйх, бажуся!
Вось так здарылася, што шляхі Акліля і вясёлага русавалосага студэнта Мінскага політэхнічнага інстытута сышліся. Але да таго адбылося некалькі даволі важных падзей.
Першая — Юрыю Добышу прапанавалі папрацаваць месяцы два ў пустыні Сахары механікам у атрадзе бурыльшчыкаў, якія рабілі артэзіянскія свідравіны, даставалі ваду. Вядома, Добыш з радасцю згадзіўся, і яму загадалі неадкладна прыехаць у горад, каб атрымаць новае назначэнне і сустрэцца з таварышам, замест якога давядзецца працаваць у атрадзе.
Другая… Ну, гэта ўжо быў проста працяг той, так сказаць, кашы, якую заварыў Хуары.
Але па парадку.
8. У СУТАРЭННІ ТУРЭЦКАЙ КРЭПАСЦІ
Здарылася так, што Акліль і без Хуары ўбачыў месца, дзе ў сутарэнні знаходзіўся тайнік. Хуары падаўся ў горад за прыпасамі, а сябру загадаў рыхтаваць стэарынавыя каганцы — плавіць на сонцы старыя плошкі і зліваць стэарын у высокія бляшанкі з-пад піва. Завіхаючыся ля бляшанак, ён раптам пачуў мужчынскія галасы і спачатку падумаў, што гэта нехта прыйшоў да казапаса. Але вытыркнуўшы галаву з-за вежы, хлопец анямеў: мужчыны былі маладыя і незнаёмыя. Няўжо зноў тыя, што былі ў грузавіку, у кабіне якога Акліль пабываў? Але не, здаецца. Тым не менш ён падаўся ад вежы далей і зашыўся ў кусты. Мужчыны таксама некага баяліся, бо зыркалі па баках, як шакалы, і наогул паводзілі сябе вельмі асцярожна. Адзін з іх, з выгляду старэйшы, гаварыў так, быццам увесь час аддаваў загады. Ён заўважыў рэшткі вогнішча і ціха вылаяўся.
— Тут што, жыве хто-небудзь? — спытаў ён незадаволена.
— Казапас, відаць, бывае.
— Казапас — не бяда, ён стары і дрэнна бачыць. Ды і наогул так настрахаўся за вайну, што загаворвацца пачаў. Ніхто яго не слухае, і ён размаўляе толькі з козамі. Прыходзіць сюды будзем, толькі як добра сцямнее. Сам алах падказаў нам гэтае месца, а то на віле становіцца небяспечна. Да віл кожны дурань зараз прыглядаецца. А тут і да вострава рукой падаць.
— Але мне не падабаецца стары.
— Аіт-Хаммуш? Нічога, ён спавіты па руках і нагах, будзь упэўнены. Што загадаем, тое і зробіць. Сам слова даў. І наогул ты яшчэ не зразумеў, што значыць трапіць у нашу кампанію. Гэта мацней, чым некалі быў тайны савет янычараў.
Чыркнула запалка, і Акліль высунуў крыху галаву, каб пабачыць, што гэтыя мужчыны хочуць рабіць з агнём.
— Толькі акурак не кідай.
— Зразумеў,— адгукнуўся малодшы. — Хоць тут ніхто акуркаў падымаць не будзе. Хіба толькі хлапчукі.
— Якія яшчэ хлапчукі?
— Ды бачыў аднойчы тут двух валацужак. Відаць, казапас іх падкормлівае.
— З імі трэба канчаць, — рашуча сказаў старэйшы.
— Гэта проста. Пакладзём ля вежы пару шашак толу — і к алаху.
— Яшчэ што, — не згадзіўся старэйшы. — Адразу паліцыя прыскочыць.
— Ат, цяпер столькі ўзрываецца ўсялякага, што на выбух у нейкіх там руінах ніхто і ўвагі не зверне. Хлапчукі колькі чаго ўзрываюць — то гранаты, то снарады. А вось да Аіт-Хаммуша сталі наведвацца савецкія, гэта куды горш. Асабліва малады. Я заўважыў, двойчы на тыдні прыязджаў.
— Тут яго чапаць нельга… А вось у горадзе… Знайдзі магчымасць прычапіцца да яго. Ён жа малады, відаць, на танцы ходзіць, на нашых дзяўчат паглядае.
— Зразумеў. А што гэты Аіт-Хаммуш, няўжо ён сапраўды ў вайну дапамагаў чырвоным? Няўжо ён за іх?
— У яго прафесія такая — перапраўляць сёе-тое з аднаго берага мора на другі. А тыя добра яму плацілі. Але ён зусім апусціў вушы, калі яго сына забілі. Тут нашы яму і дапамаглі.
— А чаго да яго прыязджаюць савецкія?
— Адзін — доктар. Аіт-Хаммуша з таго свету, лічы, выцягнуў, аперацыю яму зрабіў. А малады — не ведаю хто. Можа, рыбу ловіць тут. Але ты загад зразумеў?
— Зробім. Камар носа не падсуне.
— Добра, ціха, здаецца. Пойдзем.
Незнаёмыя мужчыны хоць і напалохалі Акліля, але не мог ён вытрываць, каб не прасачыць за імі.
…Следам за мужчынамі Акліль папоўз да сутарэнняў. Ён не адразу адважыўся спусціцца ўніз, прыслухоўваўся — дзе незнаёмцы. Нешта цяжкае яны там перацягвалі, у глыбіні сутарэння.
— Свяці! — пачулася адтуль, і штосьці моцна грукнула.
Як хацелася Аклілю падабрацца бліжэй! Але ён разумеў, што, калі яго заўважаць, справа абыдзецца не таўхалямі ды пагрозамі. Хлопчык нават па тых словах, якія пачуў, здагадваўся, што гэтыя людзі страшней за нейкую там здань старажытнага марскога бандзюгі. Гэта, хутчэй за ўсё, аасаўцы. Акліль адпоўз ад увахода ў сутарэнне. І добра зрабіў, бо праз мінуту галава старэйшага з аасаўцаў паказалася на паверхні. Мужчыны вылезлі і абтрэслі адзін з аднаго пыл.
— Міну б сюды паставіць, — прамовіў малодшы.
— Навошта лішнія турботы? — не пагадзіўся старэйшы. — Мініраваць табе і так будзе што. А тут яшчэ каза пасунецца. Заявяцца жанчыны, скажуць паліцыі. Вось вежу трэба было б падсмаліць, ці што, а то яшчэ і сюды дабяруцца турысты. Як на старажытныя могілкі ў Шэршэлі. А такая добрая была схованка для склада! З мерцвякамі спакайней за ўсё, як казалі некалі піраты.
Мужчыны асцярожна пабрылі да шашы. Відаць, недзе там у іх стаяла машына.
Акліля ўсяго калаціла. Можа, каторы з гэтых мужчын сядзеў у той машыне, з якой стралялі ў яго сястру? Можа, каторы з іх і забіў? Трэба ж нешта рабіць! Але перш за ўсё ён паглядзіць, што іх вабіць у тое сутарэнне. Няўжо сапраўды знайшлі скарбы Аруджа і цяпер прыкідваюць, калі зручней пераправіць іх за мора? Гаварылі ж яны пра таго старога лодачніка на востраве. Як жа яго імя?
Яшчэ крыху паслухаўшы руіны, Акліль узяў ліхтарык і рашуча накіраваўся да ўвахода ў сутарэнне. На ўсялякі выпадак ён сплёў указальны і сярэдні пальцы на левай руцэ. Потым, падумаўшы, узяў ліхтарык у левую руку, а пальцы сплёў на правай. Бо ліха ж іх ведае, як там робяць тыя ірум'ены, каб чараванне дзейнічала. Ён жа ніколі не бачыў, толькі чуў пра гэта.
Але нічога Акліль не знайшоў. Ліхтарык хутка «сеў», і давялося выпаўзаць назад ледзь не вобмацкам.
Падыходзячы да вежы, ён узрадаваўся як ніколі: вярнуўся Хуары!
9. ЗНОЎ ПРА СУТАРЭННЕ І СХАВАНЫЯ СКАРБЫ
Пачуўшы расказ Акліля, Хуары плюнуў. Потым моўчкі ўзяў запацелую бутэльку з вадой, якую Акліль на дзень апускаў на дроце ў закінуты калодзеж. Доўга піў.
— Нават шакалы не такія баязліўцы, як ты, — сказаў ён. — Не змог падкрасціся і паглядзець! Можа, яны не тое месца ўнюхалі, якое ведаю я. Эх, каб я…
Акліль пакрыўдзіўся.
— Каб ты пачуў, што яны гаварылі, то адразу ўцёк бы, — агрызнуўся ён. — Але я чуў, як яны нешта цяжкае перасоўвалі.
— Там ёсць калона, — сказаў Хуары. — Я ведаў, што яе можна адсунуць. Але ж як гэта робіцца — вось што ты павінен быў разгледзець. Бяры каганец, і пойдзем.
— Што, зараз?
— А ты хочаш, каб яны нас апярэдзілі? Не, тое, што я знайшоў, нікому не ўступлю. Няхай сабе яны з ААС, але мы сваё возьмем, а там шукай нас, як вецер у полі.
— Слухай, — прамовіў Акліль, калі яны апошні раз агледзелі наваколле перад тым, як лезці пад зямлю. — Давай лепш скажам паліцыі.
— Ты! Ты! — Хуары аж зайшоўся ад злосці.— Але ж і дурань… Хто табе паверыць? Ты хто? Бадзяга. З дзіцячага дома ўцёк. Цябе адразу — за каршэнь. Ды яшчэ спытаюць, чаго гэта ты шукаў у кабіне чужой машыны і што адтуль узяў. І мяне сцапаюць разам з табой. Ну, зразумеў ці не?
Акліль маўчаў. Сапраўды, так магло здарыцца. Трэба неяк самім выкручвацца. Але ж як хочацца адпомсціць аасаўцам! Не так сабе насіў ён у кішэні патрон. Разумны і добры патрон, які не стрэльнуў у добрых людзей. Гэты патрон стаў яго талісманам, і не будзе Акліль нават сплятаць пальцы, як гэта робяць ад страху ірум'ены. Здань раіса Аруджа няйначай дыхала холадам у патыліцу, хоць усяму целу было горача. Хуары таксама, відаць, забаяўся, бо раптам замармытаў нешта сабе пад нос. Відаць, бабуліна заклінанне.
Каганец чадзіў, агеньчык хістаўся. Яны абмацвалі сцяну сутарэння, дзе былі высечаныя з каменю львы, павітыя вінаграднай лазой. Хуары націскаў плячом, біў нагой, соваў пад ніз у шчыліну невялікі ломік — дарэмна.
— Янычара б сюды, — сказаў Акліль. — Той бы гэтую камянюку адразу ссунуў.
— Ага, — гыркнуў Хуары. — Ён бы ссунуў, але ўсё пойдзе яму і яго Скарпіёну. Мала табе карала?
— Дык гэта ж ты ўгаварыў мяне! — упікнуў Акліль.
— І правільна зрабіў,— адгукнуўся Хуары, выпаўзаючы з кутка, над якім падазрона навісала постаць каменнага льва. — Вось дзе галоўны ход. Ну, хопіць, пайшлі дадому.
— Я проста так пра Янычара. — Акліль з вялікай ахвотай павярнуў да выхада. — Але ж сам бачыш — хіба нам з табою ссунуць гэты кляты камень!
Калі яны выбраліся на паверхню і зноў як след агледзеліся навокал і прыслухаліся, Хуары з асалодай расцягнуўся на пляскатым камені, які здаваўся асабліва цёплым пасля сырога холаду сутарэння.
— Ты казаў, яны гаварылі пра міны? — раптам падняў ён галаву.
— Гаварылі,— пацвердзіў Акліль.
Хуары нейкі час моўчкі разглядаў зялёны купал начнога неба. Вакол маладога месяца дыяментамі зіхацелі рознай велічыні зоркі.
— Ну дык я ведаю, што рабіць, — прамовіў ён, ускокваючы на ногі.— Я ўзарву каменнага льва, які сцеражэ ўваход у сховішча! На кавалкі яго!
— Хэ! — скептычна адгукнуўся Акліль, але задума Хуары зацікавіла яго. — А тол купіш на рынку Лір?
— Прыдумаў! — Хуары сплюнуў.— Ды тут жа кругом усяго ўсякага валяецца. А каля дота бачыў снарады? Тры ці чатыры во такія вялізныя. Адзін прыцягнем. А то два…
— Порахам было б лепш, — сказаў Акліль. — Насыпаць яго ў вялікую бляшанку. Да яе доўгі кнот. Бо што ты зробіш са снарадам? Гармату будзеш шукаць?
— Гармату? — Хуары ацаніў жарт. — Порах — глупства. Толькі для патронаў. А снарад пакладзём у вогнішча, і няхай сабе грэецца. А мы пачакаем. Зато як жахне!
— Порахам калісьці нават крэпасці ўзрывалі,— не здаваўся Акліль. — Яму пад сцяной выкапаюць і туды бочку з порахам. Сцяна на кавалкі! Я чытаў.
— Ну, хіба што бочку, — лёгка згадзіўся Хуары. — Ды дзе ж яго столькі возьмеш?
— Але снарад паспрабуй узарваць без гарматы.
— Дык ён жа з гарматы толькі вылятае, — тлумачыў Хуары, здзіўляючыся, што нехта не ведае такой простай рэчы. — А даляціць ды ўдарыцца — жах!
— Вось бачыш — ударыцца, — не здаваўся Акліль.
— Давай хлеба з'ядзім, — прапанаваў Хуары. — Я прынёс.
Хлеб запівалі вадою з вялікай прыгожай бутэлькі. Шкадавалі, што няма цыбулі. Дзікая, якую яны звычайна збіралі ў лагчыне ля руін, уся пасохла. Гэтулькі часу ніводнага дожджыка. Наогул пачалі марыць, каб хутчэй прыйшла восень і палілі дажджы. Тады і ў чысцільшчыкаў абутку знойдзецца работа. Хуары пачаў марыць, як ён на першыя ж добрыя грошы купіць мяса, рознай зеляніны, фасолі і прыгатуе такую тарэшту, якую падаюць да стала толькі шэйхам. А ўспомніўшы пра мяса і пра шэйхаў, зноў пачалі думаць, як дабрацца да скарбу ў сутарэнні. Цяпер яны былі перакананы — там вялікае багацце, калі нават аасаўцы дабраліся да руін. Таму зноў загаварылі пра выбухі. Успомнілі, што нядаўна быў выбух у Сідзі-Феруш, аб гэтым на плошчы гаварылі па радыё. «Вядома ж, аасаўцы», — сказаў Акліль. А Хуары раптам прызнаў, што не варта ўзрываць каменнага льва снарадам. Яшчэ абваліцца сутарэнне. Лепей бы знайсці міну. Падклалі б — і здалёк… Падцягнулі б насцярожку доўгім дротам ці шпагатам. Можна і гранату. Хуары вырашыў, што тэрмінова сходзіць у Сідзі-Феруш і палазіць па хмызняку каля былога лагера французскіх легіянераў. Там яшчэ багата чаго знойдзецца. Трэба спяшацца. Вежа, якая нядаўна была такім надзейным жытлом, сёння здавалася пасткай. Давядзецца ўсё ж шукаць нейкі прытулак у горадзе. Раней можна было ўладкавацца ў «пасёлках бідонаў», але бідонвілі цяпер зносяць бульдозерамі, а іх жыхароў перасяляюць у добрыя дамы, якія раней належалі французскім дзялкам. Але ж нейкае гарышча знойдзецца. Там не будзе так страшна ноччу, як тут, падумаў Акліль.
А Хуары ў гэты час думаў, што калі не баіцца тут начаваць гэты шчанюк Акліль, то і ён не павінен нават знаку падаць, што яму страшна. Дзверы ён закруціў дротам, каля сябе паклаў ломік. Потым рашыў, што заўтра трэба тэрмінова налавіць скарпіёнаў. Калі іх нанач падвешваць на нітках ля ўвахода ў вежу, гэта будзе лепш за ўсякія міны! Жывыя міны, вось што атрымаецца! А раніцай іх можна класці ў карабкі ад запалак і падкормліваць якой-небудзь жыўнасцю. Хоць бы і мухамі. Вырашыў ён усё ж прыцягнуць да вежы і снарад, пакуль можна. Бо мінёры хутка дабяруцца да іх. Вунь колькі раней параскідана было ўсялякага ваеннага дабра вакол горада, а цяпер дзе яно? Ля французскай вілы, якую ахоўваў некалі дот, таксама было мін, мін… Знялі іх і ўзарвалі ў рове. Гэтак і са снарадамі будзе, не знойдзеш іх потым і са свечкай.
А за ўсімі гэтымі развагамі і клопатамі Хуары ззяла дыяментамі і золатам Вялікая Здабыча, якая зробіць яго, Хуары, заўсёды сытым і заможным. Так што можна будзе нават сёе-тое падкінуць і сваякам, у іх мяса на стале не бывае нават раз на тыдзень.
Клопатаў набягала столькі, што не было калі тырчаць на гарачай вуліцы са шчоткамі. Няхай ужо Акліль практыкуецца.
Вось так і здарылася, што Акліль аказаўся не толькі на той вуліцы, дзе праходзіў усхваляваны Юрый Добыш, але якому якраз спатрэбілася пачысціць абутак.
Аднак, перш чым апісаць іх сустрэчу, трэба яшчэ расказаць пра новыя планы Селіма, якому карцела не збіраць свой запаветны мільён па крупінцы, а па магчымасці хапнуць калі не ўвесь разам, то добрымі кавалкамі. Бо гэтая мара Селіма і тое, што затым адбылося, таксама ж, як выявілася, вяла да сустрэчы Акліля і Юрыя Добыша.
10. «ПАХ» ГРОШАЙ
Ці пахнуць грошы? Старажытнарымскі імператар, якому хацелася мець іх як мага больш, рашыў браць падатак з тых, хто заходзіць у прыбіральню. Калі яму нехта вельмі-вельмі асцярожна заўважыў, што так здабываць грошы не варта яго імператарскай вялікасці, той адрэзаў: грошы не пахнуць. Так гаварыў Селіму і яго нейкі далёкі родзіч па бацькоўскай лініі, што раптам прывалокся з Саудаўскай Аравіі. Казаў, хадзіў маліцца ў святыя мясціны, нават у горад Мекку. І каб кожнаму кідалася ў вочы яго «святасць», накручваў на галаву спецыяльны цюрбан. Цюрбан называўся «хадж», а яго ўладальнік — хаджа. Так ён і адрэкамендаваўся маці Селіма — хаджа Шукры. А яна ж яго ніколечкі не помніла. Але ж хіба адмовіш «святому» чалавеку ў гасціннасці, нават калі ён і не родзіч? У высокія ж якасці родзіча Ітака паверыла, паслухаўшы яго расказы пра падарожжа ў святыя месцы. Хаджа Шукры, гаворачы, дзе, як і чым выгадна гандляваць, ні разу не ўмудрыўся вымавіць паганскага слова ірум'енаў «бізнес», якое ўжываў Селім, а казаў — справа, пажаданая алаху. Бо і сам вялікі прарок Мухамед, перш чым займацца прапаведніцтвам, быў купцом.
Аднак яшчэ большае ўражанне зрабіў хаджа Шукры на Селіма. Ён адразу, толькі зірнуў на лініі правай далоні «пляменніка», сказаў, што той стане нацыянальным мільянерам. А потым пачаў расказваць пра вялікія, «сапраўдныя» гандлёвыя аперацыі, дзе з рук у рукі адразу пераходзяць дзесяткі тысяч дынараў. Прычым гандляваць можна ўсім, калі на тое ёсць попыт, гэта пажадана алаху. А таго, хто ўмее зарабляць такім чынам вялікія грошы, паважае паліцыя. Паліцыя хапае за каршэнь толькі драбнату, якая таўчэцца пад нагамі ў «сапраўдных» дзялкоў і толькі перашкаджае ім сваёй дурной мітуснёй і дробным махлярствам. Хутка выведаў ён пра «фірму» Селіма, пра тое, колькі ў ёй хлопцаў і чаго кожны з іх варты. Асабліва зацікавіўся Шакалам і Янычарам. А потым міласціва прамовіў:
— Малайчына, пляменнік, у цябе добрая хватка. Ты свайго даможашся.
Аднак тут жа ў салодкае пітво пахвалы дадаў некалькі горкіх кропель:
— Толькі пакуль што ты займаешся марнатраўствам. Талент у цябе вялікі, але калі такімі тэмпамі будзеш працягваць і далей, то не паспееш па-сапраўднаму разгарнуцца, як прыватнаму прадпрымальніцтву ў краіне прыйдзе канец. Дарэмна кампаньён тваёй маці не слухае мяне і марыць спаборнічаць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і нават працаваць з імі заадно: яны, маўляў, будуць будаваць аўтамабілі ці купляць за мяжой, а яго майстэрня іх рамантаваць. Ды праз некалькі гадоў, не насіць мне чалмы хаджы, тваю майстэрню нацыяналізуюць! Вось і ўсё спаборніцтва, памянеш старога хаджу Шукры, пляменнік. Як толькі пачынаецца так званы кантроль грамадства над прадпрымальнымі людзьмі, трэба трымацца насцярожана — хутка некаму захочацца забраць усё пад сваю ўладу. Думаеш, чаму сур'ёзныя людзі даўно пераправілі свае капіталы за мяжу — у Францыю і Швейцарыю? Ну, здагадваешся?
Заўважыўшы, што Селім стаў змрочным, хаджа Шукры суцешыў:
— Але ты вушы не апускай, пляменнік. Тое, што я кажу, яшчэ наперадзе. А зараз трэба не спаць і браць усё, што можна. Не займайся драбязой толькі таму, што дрыжыш перад паліцыяй. Я, я, твой дзядзька, навучу цябе, як можна хутка зарабіць свой мільён. Слухай мяне і нічога не кажы гэтаму віславухаму Ладжмі які толькі і ўмее, што корпацца ў старых драндулетах.
Але зразумеўшы, якую справу прапануе яму хаджа Шукры, Селім разгубіўся: а раптам страціць нават тое, што ім створана? Каб яго хлопцы прадавалі гашыш, які хаджа Шукры бярэцца пастаўляць аднекуль з пустыні? Дык гэта ж зелле, ад якога людзі дурэюць і становяцца старымі і хворымі змоладу. І гэта ж, відаць, грэх. Алах пазбавіць шчасця чалавека, які стане даваць так ці за грошы гэтую зваблівую атруту.
Так гаварыў Селім, а хаджа Шукры толькі іранічна пасміхаўся ў бараду ды пагладжваў жывот. Ён хутка давёў, што алах не дазваляе п'янства і карае тых, хто патурае п'яніцам. А пра наркотыкі ні ў адной святой кнізе няма ні слова. Наадварот — раней ля кожнай мячэці прадавалі гашыш ці іншае на яго падобнае зелле. Толькі цяпер гэта сталі забараняць улады, бо ім нагаварылі дактары глупства. Але ж і на рынку, і каля мячэці ты знойдзеш людзей, якія табе і грошы дадуць ды яшчэ дзякуй скажуць за тое самае, што дактары лічаць шкодным. Хэ, каб было шкодным, хто ж плаціў бы за гэта грошы?
Селім абяцаў падумаць. Хаджа Шукры такую асцярожнасць ухваліў: сапраўдныя дзялкі нічога не робяць з наскоку.
І Селім паціху, паціху, але пачаў прывыкаць да думкі, што толькі дурань не ўмее ўхапіць добры шанс, калі ён ідзе ў рукі. Можна ж зрабіць і так, каб не ўляпацца. Хаджа Шукры мудра сказаў: нельга ўпускаць час. І яшчэ не даўшы хаджы Шукры канчатковай згоды, Селім пачаў праз Шакала вызнаваць, дзе спакайней за ўсё збываць «дурное зелле». Нават свайму бліжэйшаму памочніку ён не асмеліўся даверыцца поўнасцю, таму і сказаў пра «дурное зелле». Няхай думае, што ён, Селім, не з такіх, хто гэтым займаецца. Але Шакал быў здагадлівы. І яго душа ўзрадавалася, бо адчула выразны «пах» добрых грошай. Ён жа сам яшчэ вясною перадаваў «шэфу» прапанову аднавокага Алі разам збываць «траўку», але тады Селім адмовіўся.
Канечне, цяпер з гэтай справай стала цяжэй, тлумачыў Шакал. А ў пачатку года дык было прыволле — ого. Ля самага порта амаль квартал займалі будыначкі з прахаднымі дварамі і вузкімі дзікімі завулкамі, куды ў свой час нават французскія патрулі не заглядвалі. Там кішэлі людзі, якіх называлі «агуду», або шантрапа (па радыё далікатныя дыктары гаварылі — дэкласіраваны элемент). Вось дзе захапляліся «траўкай» і іншым дурным зеллем, ад якога ў чалавека ў мазгах быццам пачынаюць кішэць чарвякі — такі ў яго робіцца выгляд і так ён пачынае сябе паводзіць. Але аднойчы ў гэты квартал прыйшлі хлопцы з маладзёжнай арганізацыі фронт нацыянальнага вызвалення — агуду паразганялі. Хто ўздумаў пагражаць зброяй — арыштавалі, многіх потым паслалі будаваць дарогі ў гарах. Тыя ж, што паўцякалі, аселі ў старых кварталах, у Казбе. «Ёсць там мясціны, дзе пахне не толькі кавай», — хіхікаў Шакал.
Селім не ведаў, ці многа «тавару» будзе перадаваць яму хаджа Шукры, таму для пачатку вылучыў чатырох — Шакала, кульгавага Мусу, Азіза з набярэжнай і Янычара. Але памеркаваўшы, вырашыў пакінуць Янычара пры тых абавязках, што і цяпер. Ён павінен толькі сачыць за астатнімі, а сам быць «чыстым». Чыстым! Селім меў ад прыроды сякі-такі розум і добра цяміў, на што наважыўся. У нейкім куточку душы варушыўся дакор сумлення: «Што ж гэта ты робіш з хлопцамі? Адна справа — цягнуць з іх няшчасныя жабрацкія сантымы за шчоткі і быццам бы ахову. Але ж цяпер ты робіш іх злачынцамі! А некаторыя з іх па дурноце і самі паспрабуюць тое зелле, якое ператварае чалавека ў дурную малпу, у хворую і смярдзючую істоту, ад якое добрыя людзі шарахаюцца.
Ты ж учэпішся за кожнага, як спрут! Ты будзеш яшчэ і баяцца, каб яны не выдалі тваёй «фірмы». Не, не «фірмы», а банды! А кім жа ў такім разе будзеш ты сам?» Але Селім адагнаў прэч такія думкі. Усё роўна гэта жабракі — заўтрашнія «агуду», нікому з іх не выкараскацца на паверхню жыцця, дзе сонца ў вокнах і чысціня. Дык няхай лепей паслужаць справе яго, Селіма, дабрабыту. Ён жа іх сабраў, ён прыдумаў, як ім не здохнуць з голаду ў іх цёмных закутках.
«Лёгкія» грошы вельмі хутка заглушылі ў Селіма ўсе сумненні, яго кашалёк быў напакаваны дынарамі, значыць, кірунак дзеяння правільны, хаджа Шукры не хлусіў, калі гаварыў пра мільён. Па падказцы хаджы Шукры Селім перадаваў увесь «тавар» Шакалу, а ўжо той размяркоўваў зелле і збіраў грошы. А за Шакалам сачыў Янычар. Атрымлівалася так, што радавыя не ведалі, што новую справу, якую яны з вялікім страхам пачалі рабіць, падсунуў ім усё той жа Селім-Павук. Для іх ён застаўся «шэфам» чысцільшчыкаў абутку, бо шчоткі і ваксу хлапчукі па-ранейшаму цягалі ў сваіх скрынках, дзе ўжо было прыхавана згубнае зелле. Селім хутка зразумеў, што можна падключыць да новага «бізнесу» яшчэ некалькі чалавек. Справа набывала размах, грошы ён цяпер складваў у торбачку, прыкідваючы, ці нельга іх праз маці або дурнаватага Ладжмі пакласці ў банк або абмяняць на французскія. Чаму на французскія, Селім і сам добра не ведаў. «На ўсялякі выпадак», — думаў ён.
Сярод тых, каго Селім наважыў выкарыстаць для новай «работы», быў і Хуары. Але выпадак ці хутчэй вынік таго, чым быў захоплены Хуары, накіраваў падзеі ў іншым кірунку.
Ды перш чым усё тое адбылося, Акліль сустрэўся з Юрыем Добышам, хоць гэтага па вядомай прычыне і не хацеў.
11. НЕЧАКАНЫЯ СУСТРЭЧЫ
Вось як гэта адбылося.
Яны даехалі да таго месца, дзе пачыналася і даволі крута ішла ўверх вуліца, якой нядаўна далі новую назву — імя героя вызваленчай вайны Дзідуша Мурада. Адсюль да кватэры доктара Кійка было ўсяго з квартал. На гэты раз машыну, на якой раней працаваў Добыш, вёў Міша Грыгор'еў, таксама выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута, адзін з тых, каму прадстаўнік алжырскага ўрада, паназіраўшы за работай хлопца, прапанаваў папрацаваць год-другі ў Алжыры. Добыш развітаўся і сышоў на вузенькі тратуар, дзе было поўна народу.
— Тут блізка да рынку Лір, — сказаў Мішу Добыш.
— У мяне ўсяго дваццаць мінут, каб заскочыць да мора, — адказаў сябар. — Гэта ты можаш пасядзець у халадку кавярні ці пайсці на рынак і паваражыць у марабута, калі ў Сахары пойдзе дождж.
Добыш засмяяўся і, узняўшы развітальна руку, апошні раз агледзеў грузавік. Кузаў і кабіна былі запудраны чырвоным пылам Афрыкі, на бартах праступалі глыбокія драпіны, бы баявыя шрамы. А вунь і сляды ад куль. Гэта на горнай дарозе пачаставалі іх путчысты здрадніка Аіт-Ахмеда. Добыш ганарыўся машынаю, як баявым другам, які справай даказаў, на што здольны ў крытычныя моманты. Толькі аднойчы трэба было пакорпацца ў маторы. Дык гэта пасля той пякельнай работы, калі давялося з раніцы да позняга вечара вазіць здалёк арматурнае жалеза.
Добыш яшчэ раз зірнуў услед машыне, адчуваючы раптоўную тугу. Скончыўся нейкі перыяд яго жыцця, поўны вясёлай працы, пачынаўся новы. Ці не паспяшаўся ён, згадзіўшыся ехаць у пустыню? Але ж выбар зроблены. Вечарам ужо не ён будзе спяшацца ў Кабілію, да вясёлай і працавітай іх інтэрнацыянальнай брыгады. Ну што ж… Праз месяц-паўтара і астатнія раз'едуцца па сваіх краінах і гарадах, а на тым месцы, дзе цяпер палатачны гарадок студэнтаў, будуць пасвіцца козы. І нічога не зменіцца ў жыцці паселішча? Яму вельмі хацелася думаць, што Уадыяс будзе ўсё ж помніць тых, хто яго аднаўляў пасля знішчэння карнікамі.
Добыш дайшоў да больш ціхага месца і, паставіўшы свой студэнцкі рукзак каля вялікага, у чалавечы рост, куста алоэ, далонямі абабіў ад пылу вопратку. Зірнуў на чаравікі, якія надзеў для сённяшняга выпадку: не, ісці ў такім выглядзе да Кійка проста няёмка. Дзяўчынкі, што перад тым скакалі на адной назе, гулялі ў «класы», цяпер з цікавасцю паглядалі, як высокі хлопец з чырвоным ад спёкі і напружання тварам шмальцуе абутак бруднай паперкай. Добыш шпурнуў паперку ў куст і пачаў спускацца па шырокай каменнай лесвіцы ўніз. Недзе там ён аднойчы бачыў чысцільшчыкаў абутку. І праўда, яны ўзніклі перад ім як з-пад зямлі. Першы хлопчык утаропіўся ў Добыша блакітнымі, амаль сінімі вачамі і зацокаў языком.
— Мсье, чысцім абутак! Сюды нагу, мсье! — крычаў ён на такой французскай мове, што зразумець яе мог толькі алжырац.
Другі хлопчык, прыкметна старэйшы за першага, з вузкімі і нядобрымі чорнымі вачамі, таксама рашыў угаварыць ірум'ена пачысціць абутак.
— Крэм — люкс! — таксама як і першы, сказаў ён па-французску, але даволі правільна вымаўляючы словы. — Амерыкана-фірма.
Хлопчык-конік ужо ляпнуў скрынку пад ногі Добышу, і не паспеў той што-небудзь прамовіць, як з яго чаравікаў толькі пыл закурэў. Затым запахла ваксай, шоргнула шчотка-намазка.
Акліль, а гэта быў ён, працаваў самааддана, як і належыць сапраўднаму чысцілынчыку-прафесіяналу. Шчоткай, суконкай, аксамітавай анучкай… зноў шчоткай… Потым Акліль казаў Хуары, што яго сурочыў Шакал сваімі буркаламі. Але справа была ў іншым. Проста Акліль раптам узняў галаву і заўважыў, што высокі хлопец-ірум'ен разглядае яго. І запанікаваў: пазнаў у ім таго самага, што кіраваў грузавіком, там, ля вострава Старога! Шчотка, слізгануўшы з пальцаў Акліля, бразнулася на каменныя пліты. Ганьба! Але яшчэ большая ганьба будзе, калі ён, Акліль, зараз ускочыць і кінецца наўцёкі. Ніхто не зразумее чаму, і Шакал кожнаму будзе расказваць, які Акліль крыварукі і няўмека.
— Нічога, бывае, — спакойна прамовіў кліент на такой французскай мове, што Акліль ледзьве зразумеў сэнс. — Дзейнічай, хлопец, час не чакае!
Гэта Акліля насцярожыла: хоча, каб да яго падышлі, а ён — хоп за каршэнь! А, скажа, гэта ты абчысціў мне кабіну?
Між тым яшчэ адзін з хлопчыкаў, выкарыстаўшы замінку, пацягнуўся са шчоткай да абутку кліента — не такі цяпер час, каб марудзіць, калі раптам падвярнулася работа.
— Не, няхай ужо ён і заканчвае, — запярэчыў кліент. — Відаць, новенькі?
Што заставалася рабіць Аклілю? Ён увесь напружыўся, каб ірвануць, калі яго памкнуцца схапіць, але працаваў зноў натхнёна. Махнуў сюды-туды аксамітавай анучкай, як робяць старыя чысцільшчыкі каля атэляў.
— Гатова, мсье! — Адскочыў бы на спружынах, заззяў усмешкай.
— Колькі за работу?
— Як звычайна, мсье! — Акліль паказаў на пальцах суму.
Добыш пакорпаўся ў кішэні — дробных грошай не хапала. Выцягнуў паперку ў пяцьдзесят дынараў:
— У мяне — во.
Акліль закруціў галавой — з такой сумы ў яго не будзе рэшты.
Добыш азірнуўся — дзе тут паблізу магазін, каб размяняць?
— Пайшлі са мной, я гэта размяняю і аддам табе колькі трэба.
Акліль насцярожыўся яшчэ больш — ці не заманьваюць яго?
— Я размяняю, мсье! — Добыш нават вокам не міргнуў, як Шакал выхапіў грошы і памчаў да магазіна.
— Я скажу Селіму! — закрычаў Акліль.
Хлопчыкі, што тоўпіліся навокал, адбегліся падалей. А Шакал быў ужо ля магазіна. Ён і сапраўды спачатку думаў зрабіць добрую паслугу. Падумаў толькі для ачысткі свайго маленькага-маленькага сумлення. Але хто стане нейкаму падшыванцу мяняць грошы? І ён, запхнуўшы грошы ў кішэню штаноў, звярнуў за рог дома — толькі яго і бачылі! Добыш хмыкнуў і паглядзеў на Акліля. Дзеці навокал скакалі і смяяліся. Аклілю хацелася праваліцца скрозь зямлю, а яшчэ лепш — кінуцца таксама наўцёкі. Але ён разумеў, што гэты ірум'ен не які-небудзь там стары пузаты сейід, а, відаць, спартсмен. Дагоніць ды ў паліцыю. А перад тым сам дасць добрую прачуханку.
— Дык доўга мы будзем стаяць? — Добыш пачынаў разумець, што яго ашукалі, як дурнога хлапчука. — Пойдзем да магазіна, а раптам твой прыяцель сапраўды тырчыць там ля касы. Як яго завуць?
Акліль, прыціснуўшы да сябе скрынку, моўчкі ішоў побач з ірум'енам, са смуткам чакаючы, калі той нарэшце здасць яго паліцэйскаму.
— А цябе як завуць?
Акліль падумаў, што наўрад ці ірум'ен паверыць яму, але не схлусіў:
— Акліль, мсье.
— А дзе працуюць твае бацькі?
Што адказаць? Калі праўду, ірум'ен, вядома, не паверыць. Шайтан яго прынёс. І шайтан паднёс Шакала, каб яму праваліцца! Ліхаманка яго няхай трасе пры сонцы і пры месяцы!
— Я аддам грошы, мсье, бажуся! Вазьмі вось струмант, каб не думаў, што я хлушу.
Добыш спачувальна ўзяў хлопчыка за плячо, не ведаючы, што толькі напалохае малога. «Укусіць яго за руку — і дзёру!» — мільганула ў Акліля, але апамятаўся — зловяць жа ўсё роўна. Не ірум'ен, дык паліцэйскі. Гэта ж цэнтр горада, а не Казба, дзе кожны за цябе, калі супроць цябе ірум'ен.
«Здаецца, у кабілаў, казалі, сустракаецца такі колер вачэй. Амаль сінія вочы! У арабаў жа звычайна чорныя ці карыя, — думаў Добыш. — А грошы ўсё роўна давядзецца пазычаць у Кійка. Ён сам казаў пра гэта. Кантора ж дасць аванс толькі праз тыдзень».
— Я невінаваты, мсье, — Акліль прыкідваў, ці дасць гэта яму якія шансы выкруціцца, калі ён пачне плакаць. — Ты ж сам бачыў, што я нават не думаў браць грошы, праўда? — Акліль адчуў, як яго плячо сціснулі яшчэ мацней. У яго нават дыханне перахапіла: няўжо павалачэ да паліцэйскага? Тады ўсё. Хуары пракляне. Але што гэта: рука ірум'ена больш наогул не трымае яго? Акліль замарудзіў крок.
Ірум'ен ішоў, здаецца, зусім забыўшыся на хлопчыка. Быццам нешта вельмі цікавае ці важнае для сябе заўважыў наперадзе.
— Мадэмуазель! — раптам паклікаў ён.
Акліль спыніўся і, нізка схіліўшыся, каб стаць як мага больш непрыкметным, пачаў корпацца ў сваёй скрынцы. Ірум'ен, пераскокваючы адразу цераз дзве прыступкі, імчаў па лесвіцы на верхнюю вуліцу, дзе густа рухаліся аўтамабілі. Там, на аўтобусным прыпынку, памахваючы аранжавай сумачкай, стаяла дзяўчына. Вось яна пачула голас ірум'ена і павярнула галаву. Каб Акліль разгледзеў яе твар, ён бы таксама кінуўся ўверх па лесвіцы, не зважаючы на тое, што зноў давялося б сутыкнуцца з ірум'енам, грошы якога сцягнуў пракляты Шакал. Але хлопчык быў заняты шчоткамі. Ён выцягнуў іх і пачаў стукаць, нібы кастаньетамі, дэманструючы свой спрыт.
— Крэм-люкс! — весела крыкнуў ён, але тут жа падхапіў скрынку: да яго пагрозліва калдыбаў пажылы чысцільшчык, у якога недалёка ад магазіна стаяла палатка.
— Прэч адсюль, шчанюк, пакуль я табе не ўрэзаў па спіне тваёй бруднай скрынкай! — хрыпеў ён.
Паказаўшы старому язык, Акліль весела памчаў па лесвіцы ўніз, на «сваю» тэрыторыю.
А Юрый Добыш падышоў да дзяўчыны і павітаўся:
— Добры дзень, Марыям! Даруйце, можа, я незнарок парушыў якія-небудзь вашы нацыянальныя звычаі, але баяўся, што вы знікнеце зноў, таму паклікаў здалёк.
— Гэта вы? — ветліва, але і з нейкай трывогай у вачах прамовіла дзяўчына, і вочы яе заззялі пяшчотнай сінню.
— Каб не чысцільшчык абутку, мы б размінуліся, пэўна, — сказаў Добыш з хваляваннем, якое не засталося незаўважаным дзяўчынай. — Не паверыце, я толькі што бачыў хлопчыка, у якога вочы вельмі падобныя на вашы… Як мне пашанцавала, што я пайшоў уверх, да магазіна! Напэўна, вы чакаеце аўтобус у Эль-Біар, ва універсітэт?
— Не, я чакаю… — дзяўчына кіўнула на будку тэлефона-аўтамата, дзе нешта горача гаварыў у трубку малады алжырац у вайсковай кашулі з закасанымі вышэй локця рукавамі.— Гэта мой… знаёмы.
— Даруйце, калі ласка, — крыху збянтэжана прамовіў Добыш. — Я праз дзень-другі еду працаваць у Сахару. Я тут буду, можа, праз месяц… Не, я не пра тое… Я ведаў, Марыям, што мы ўсё роўна з вамі сустрэнемся, хоць вы не прыйшлі тады на паштамт, як абяцалі… Ну, значыць, так трэба было… Не палохайцеся, Марыям. Разумею, мне трэба ісці. А ці можна вам у будучым калі-небудзь, ну, проста… — Добыш кіўнуў у бок тэлефоннай будкі, з якой ужо выходзіў, здалёк прыглядаючыся да Добыша, быццам прыцэльваючыся, малады алжырац вайсковага выгляду. — Ну — пазваніць? Рааба даў мне тэлефон вашага дзіцячага сада…
— Не, званіць нельга, — паспешліва адказала дзяўчына і кіўнула маладому алжырцу: — Знаёмцеся. Гэта Шабан.
Паціскаючы моцную руку і ветлівай усмешкай сустрэўшы цвёрды позірк маладога алжырца, Добыш уявіць сабе не мог, што разам са знаёмствам набывае сабе бязлітаснага ворага.
— Паехалі, Марыям, нас чакаюць, — прамовіў алжырац тонам, які даваў зразумець, што ён мае вельмі сур'ёзныя правы на дзяўчыну і нікому не раіць пераходзіць яму дарогу.
12. МАРЫЯМ ПІША ЗУЛЬФІ
«Хоць ты і робіш мне ў сваім пісьме вымову, дарагая Зульфі, але я вельмі рада твайму пісьму. Я зноў сустрэла таго хлопца з Савецкага Саюза, Юрыя. О не, гэта адбылося зусім выпадкова, павер, але шчыра прызнаюся, мне чамусьці было прыемна. Канечне, як ты і раіла, я не пайшла на паштамт, дзе ён чакаў, і не дазволіла званіць мне на работу. Ён, вядома ж, пакрыўдзіўся. Але што цяпер будзе, Зульфі? Ты ж у нас самая разумная, вось і парай. Няўжо і нашы мамы і бабулі, калі былі маладыя, адчувалі тое ж, што і мы? Яны, вядома, лічылі грахом нават зірнуць на чужынца. А можа, гэта і не так было, бо іх позірк быў прыхаваны чадрой або, як у нас, хаікам, трохі лягчэйшай заслонай, але ўсё роўна ж заслонай. Мы, новае пакаленне алжырскіх дзяўчат, вырашылі хадзіць з адкрытым тварам перад усімі, але ж яшчэ ёсць у кожнага свая нябачная заслона — гэта наша выхаванне. Можа, так і трэба? Зульфі, як ты лічыш? Бачыш, як мне цябе не хапае. Мне загадвае Шабан, каб я больш ні на кога не глядзела. Быццам мае на мяне нейкія правы. А я баюся яго. Ён не толькі служыў у Іншаземным легіёне ў французаў і ваяваў супроць в'етнамцаў, але і цяпер, мне здаецца, звязаны з нейкімі сіламі, якіх сам баіцца. Шабан абяцаў, што дапаможа мне знайсці брата, Акліля. Чуе маё сэрца, што мы блізка ходзім адзін каля аднаго, але ж як заўважыць такога малога сярод столькіх дзесяткаў, нават соцень тысяч людзей у Аль-Джазаіры, калі лёс не кінуў яго за гэты час куды ў іншае месца, калі хлопчык наогул жывы! Я была ўжо ў многіх дзіцячых дамах, але толку мала. Толькі раз мне здалося, што я вось-вось убачу брата. Ды потым аказалася, што падобны хлопчык быццам раней там знаходзіўся, але ці сам адтуль некуды пайшоў, ці яго перавялі куды. Напэўна, ты, Зульфі, памятаеш Макуфа? Ён зараз працуе ў Саюзе дапамогі сіротам. Макуф таксама абяцаў дапамагчы, сказаў, як гэта складана: у Алжыры пасля вайны выявілася больш за трыста тысяч дзяцей-сірот. Гэткую колькасць нават марскіх каменьчыкаў перабраць не так проста. А за апошнія ж гады нямала дзяцей узялі ў свае сем'і людзі і далі ім новыя прозвішчы. Толькі б ён хоць крыху аказаўся шчаслівы, мой Акліль! Яму столькі дасталося з самага маленства з-за гэтай праклятай вайны, што прынеслі нам каланізатары, і няўжо добрыя сілы не прыкрыюць яго сваім плашчом у ліхую гадзіну!
Нядаўна з газеты «Альжэ рэпублікэн» я даведалася, што ў порт прыбывае параход з дзецьмі-сіротамі, якія адпачывалі ці лячыліся ў Савецкім Саюзе. Я памчалася ў порт сама не свая! Калі дзеці сыходзілі з карабля на прыстань, чысцюткія, у чырвоных гальштуках, якія ім у Савецкім Саюзе падарылі сябры, савецкія піянеры, я абгледзела кожнага і кожнага хацелася абняць і пацалаваць. Я вачэй не зводзіла з іх радасных тварыкаў і ўвесь час спадзявалася, што вось зараз гэткі ж шчаслівы збяжыць уніз па трапе мой Акліль. Я потым увесь вечар плакала, Зульфі.
Але ж буду спадзявацца, што яшчэ сустрэну свайго дурніцу Акліля».
13. ЗНОЎ БЯЗДОМНЫЯ
Трэба ж было такому здарыцца, што калі Селім вырашыў падключыць да новага «бізнесу» і Хуары, той раптам знік. І ён, і яго новы прыяцель. Няўжо гэты нягоднік Акліль угаварыў Хуары пайсці ў дзіцячы дом? Мог гэта зрабіць. Ва ўсякім разе, на зімовыя месяцы. Іх, халодных ды ветраных, на ўзбярэжжы Міжземнага мора не так многа, як на Еўрапейскім кантыненце, але паспрабуй вытрываць, калі ў цябе няма цёплага кутка і маці, якая хоць іншы раз і пацягае за вуха ды пакрычыць за прадраныя штаны або нездавальняючую адзнаку ў школе, але ж і дасць місу гарачай тарэшты і добры кавалак хлеба з павідлам. Ды шайтан іх бяры, што звалакліся некуды, хлопцаў у яго хапала, але Селіма непакоіла іншае: ён жа лічыў Хуары адным з самых надзейных сваіх служак, а тут раптам такое. І струмант не аддалі. Не аддалі і засталіся павінны за тое, што ім доўгі час карысталіся. Селім спалохаўся: выходзіць, ён можа так моцна памыляцца! Яму здрадзілі і яго абакралі. Злачынцы павінны быць строга пакараны. Шакал каторы дзень упарта шукаў хлопцаў паўсюдна. Нарэшце прыйшоў і стаў перад Селімам, як пабіты сабака.
— Як скрозь зямлю праваліліся, — паведаміў ён. — Усё аблазіў.
— Ты ж казаў, яны жылі ў вежы? — раззлаваўся на яго Селім.
— Дык яна ж згарэла!
— А яны? Можа, і падпалілі, каб замесці сляды?
— Не, іх там не было, — упэўнена адказаў Шакал.
— Тады шукай, — загадаў Селім. — А калі яны табе трапяць у рукі…
— Я кожны куток у горадзе выпаўзаю, але яны ад мяне не схаваюцца, — запэўніў Шакал. — І мала ім тады не будзе. Я прывалаку іх да цябе.
— Можаш не цягнуць, але скрынкі каб былі тут і грошы таксама.
— Дзе я толькі не распытваў — ніхто не бачыў іх, — паўтарыў Шакал, каб падкрэсліць усю складанасць пошукаў.
Гэта праўда, пытаў у сяго-таго Шакал. Нават да казапаса дапяў. І не ведаў, што таго ўжо і без яго распытвалі пра хлопчыкаў.
* * *
Чалавек, які распытваў пра хлопчыкаў, сказаў, што ён іх сваяк. Незнаёмы яшчэ патупаў каля вежы, а потым, як падалося казапасу, пайшоў да шашы. Было сыра, асенні вецер дзьмуў з мора, і казапас, праводзіўшы незнаёмага насцярожаным позіркам, трохі супакоіўся. Ён вырашыў, што абавязкова папярэдзіць хлопчыкаў, калі тыя прыбягуць з горада, а пакуль захутаўся ў свой стары вайсковы плашч і стуліўся пад сцяною на ўскраіне руін. Ад дажджоў, што апошнім часам ішлі па два разы на дзень, трава на схілах зноў пайшла ў рост, весела зелянела, і козы пасвіліся дружна, не разбрыдаючыся па камянях у пошуках якіх хоць калючак. Кроплі дажджу час ад часу шчоўкалі па капюшоне, навяваючы салодкую асеннюю дрымоту. Раптам адна з козачак, якую шайтан загнаў-такі на крывую таполю, скокнула ўніз і трывожна мэкнула. Казапас расплюшчыў цяжкія непаслухмяныя павекі. Да вежы зноў кіраваў той незнаёмы чалавек у балоневай куртцы. «Бач, цягнецца, — з прыкрасцю падумаў казапас пра незнаёмага. — Ды асцярожна так, нібы злавіць каго хоча. А мо яго самога шукаюць? Але ж нядобры, відаць, чалавек». І казапас зноў звёў вочы.
І саснілася яму, што ён зноў вярнуўся ў сваю родную вёску каля Медэа. І — дзіва дзіўнае — яго выбіраюць суддзёй, кадзі. Жыццю кадзі ён заўсёды зайздросціў. Бацька некалі казаў: «Жыццё, як у кадзі». Гэта калі некаму ўдавалася, не працуючы кожны Дзень, есці блінцы з маслам. Ужо мула праспяваў малітву, бласлаўляючы новага кадзі, нядаўняга казапаса. Яго з паклонам пасадзілі на мяккае крэсла і панеслі на засцеленае казачным дываном ганаровае месца, як непадалёку, парушаючы ўрачыстую цырымонію, пачуўся грукат. «О, нейкі недарэка ваданос з крывымі рукамі бразнуў вобзем пустыя вёдры! — наліваючыся праведным гневам, падумаў новы кадзі.— Вёдры ж пагнуцца, пацякуць… Урэзаць бізуноў ваданосу!» І, напэўна, казапас убачыў бы, як спрытна ляскаюць бізунамі яго памочнікі, ды нейкая сіла раптам так шпурнула яго з каштоўнага дывана, што пачуў рэбрамі ўсю жорсткасць камянёў. «Эх, злыя штукі шайтана! — уздыхнуў казапас, прачнуўшыся. — Калі ж такое было, каб закапцелы на вогнішчы галечы збан ды трапляў на святочны стол-мейду!»
Казапас таропка ўзняўся з зямлі, куды яго збіла напалоханая каза. Стары сцягнуў з галавы капюшон, прынюхаўся. Дым, вось што ён пачуў. Едкі, смярдзючы дым, калі гарыць гума і старая вопратка. Раптам убачыў полымя, якое шуганула з вежы. «Пак! Пак-пак-пак!» — данесліся звонкія кароткія стрэлы. «Вось нягоднікі… Патроны кідаюць у агонь», — падумаў казапас. Але ж не, няма там хлопчыкаў. Там быў той чалавек, што распытваў пра іх. Ці не ён падпаліў там усё? Лепш не быць сведкам у такой справе. Падалей, падалей. Жаг-г! — яшчэ раз грымнула ў вежы, і полымя шуганула ва ўсе бакі, быццам злы джын, выпушчаны дурнем рыбаком з зачараванага збана. «Пак-пак-пак!» — лопаліся патроны. «Нацягалі, падшыванцы…» Вядома, сюды можа зазірнуць і паліцыя, разважаў казапас. Нарабілі на сваю галаву. Казапас ад разгубленасці нават вылаяўся. Козы збегліся як адна да яго і таўкліся пад нагамі, нібы напалоханыя воўкам сабакі. Казапас крычаў на іх, адганяў, а яны, здаецца, нават былі рады пагрозам свайго гаспадара. Блытаючыся ў доўгім плашчы, які ад старасці стаў падобны на бядняцкую вопратку-гандуру, закалдыбаў прэч ад небяспечнага месца, ад бяды.
* * *
…Хлопчыкі прыбіліся да свайго жытла толькі позна ўвечары. У вежы яшчэ сям-там поўзалі вогненныя змеі. Смярдзючы дым душыў — не дыхнуць. Ля ўвахода курэла разадраная ўшчэнт скрыначка ад патронаў. Дзверы ператварыліся ў камяк скарабачанай бляхі.
Хуары злосна ашчэрыўся на сябра:
— Гэта ты пакінуў агонь! Колькі разоў казаў — асцярожна з агнём!
Акліль моўчкі ўнурыў галаву. Можа, сапраўды яго недагляд? Ён апошні пакідаў жытло. Як бы там ні было, а цяпер усё скончылася — яны зноў без жытла. Ды калі! Напярэдадні зімы, ведзьмінага часу.
— І шчоткі згарэлі! — лямантаваў Хуары. — Янычар жа нас задушыць за адны толькі шчоткі, калі не аддамо.
Выціраючы злыя слёзы, Хуары першы рушыў прэч, да шашы ў горад. Цяпер толькі адно застаецца — схавацца ў Казбе, перажыць неяк зіму. Акліль машынальна павалокся следам.
— Не ідзі за мной! — закрычаў Хуары. — А то зараз як дам каменем! Каб я цябе ніколі не бачыў, злыдзень!
Акліль павярнуў да мора. Чорт з ім, з Хуары, пражыве ён і адзін! Хлопчык бачыў астравок і мігценне вогненнай кропкі на ім — відаць, стары рыбак ці яшчэ хто варыць нешта сабе на вячэру. Каб дабрацца да вострава! Можа, там ёсць якая мясціна, схованка ад блізкіх халадоў? Але куды гэта знік Хуары? Хутчэй за ім! У Казбе ім не сустрэцца, бо кожны будзе хавацца ад Селіма і яго шакалаў. А можа, і наогул Хуары пойдзе ў іншае якое месца. Скажам, на ўскраіну горада, дзе яшчэ засталася частка бідонвіля. Трэба параіць яму падацца туды, падалей ад Павука Селіма.
Яны і ўявіць сабе не маглі, што хутка, вельмі хутка Павуку будзе не да іх.
14. «ЗЯМЛЯК» МСЬЕ ВІЛЬНАЎ
Перад сваім ад'ездам у пустыню Сахара Добыш зрабіў два неасцярожныя ўчынкі. Першы мы ўжо ведаем — сустрэўся з Марыям і нечакана пазнаёміўся з Шабанам. А другі — наведаў Аіт-Хаммуша. Цягнула ўбачыць яго яшчэ раз, і Добыш узяўся выканаць даручэнне доктара Кійка — занесці старому лякарствы і сякі-такі харч. Добыша ўразіла, што стары спачатку быццам бы пазіраў прыязна, а на развітанне раптам сказаў, што на востраў прыходзіць не трэба. Вынікам яго наведання з'явіўся, як гэта называюць крыміналісты, «хвост». Добыша «праводзілі» да кватэры Кійка, і яго шчасце, што ён нікуды не пайшоў увечары, бо рана трэба было ад'язджаць. Але і да поезда яго зноў «праводзілі». І тут Добыш зрабіў яшчэ адзін неасцярожны ўчынак, ужо трэці. Даў уцягнуць сябе ў размову з незнаёмым чалавекам.
Гэта не адразу здарылася. Поезд прайшоў ужо, відаць, кіламетраў сто — і ажно ў галаве пачало круціцца: то горы, то спаленыя дашчэнту сонцам пляскатыя плато. Сонца пранізвала вагон то злева, то справа, то наогул свяціла аднекуль ззаду, то знікала зусім, калі поезд імчаў паміж высокіх шэра-блакітных скал. Добыш думаў, што, каб пабудаваць такую дарогу, патрэбна было высокае інжынернае майстэрства, добрыя тэхнічныя сродкі. Для сябе будавалі французскія каланізатары, вось і стараліся. Сто трыццаць два гады яны валодалі Алжырам, прывыклі лічыць яго сваім. Каб ведалі, што не для сябе, то гэтак бы не стараліся. Калі пасля цяжкай і доўгай вайны ім усё ж давялося пакінуць гэтыя мясціны, дык нават тых спецыялістаў-французаў, якія хацелі застацца і памагчы маладой дзяржаве, аасаўцы пагрозамі прымушалі пакінуць краіну. А непаслухмяных забівалі.
Да гэтага часу не хочацца ім прызнаць — былое не вернецца. А як верылі, што Алжыр стаў-такі ўсяго толькі заморскім дэпартаментам Францыі! Паверылі з таго часу, калі ўдалося падкупіць прыдворных і военачальнікаў знакамітага шэйха Абд аль-Кадзіра, які некалі здолеў узняць паўстанне супроць каланізатараў, і яно колькі гадоў палала тут з краю ў край. Народ верыў у Абд аль-Кадзіра, і простыя людзі выконвалі яго загады, нават калі ведалі, што ідуць на немінучую смерць. Незвычайны быў чалавек. Паэт і мудрэц. Калі яго войска захоплівала ваенныя трафеі, дык ён кнігі цаніў вышэй за золата. Неаднойчы адмяняў смяротныя прыгаворы людзям, якія ішлі супраць яго, па адной толькі прычыне, што былі толба — вучоныя. Апраўдваўся: душа не дазваляе знішчыць у адно імгненне галаву, у якой здабыткі многіх год упартых вучоных заняткаў. У яго дзяржаве асабістыя якасці чалавека карысталіся большай павагай, чым багацце ці знатнасць роду. Гэта адметная рыса характару алжырскага народа, і эмір зрабіў яе законам. Таму Карл Маркс і захапляўся ім, таму і пісаў, што еўрапейцам у яго многаму трэба павучыцца. Але французская буржуазія лічыла, што толькі яна можа вучыць, у яе ўсё лепшае, яна нясе народам свет «цывілізацыі», свабоду. А ўзамен патрабуе, каб яе слухаліся, яе загадам падпарадкоўваліся і ёй аддавалі тое, што яна жадае мець — чужую зямлю і чужыя набыткі. Прыдворным эміра надакучыла жыць, як прасталюдзіны, і рызыкаваць жыццём за нейкую там незалежнасць — і яны прадалі свайго правадыра. За маёнткі, якія каланізатары ім пакінулі ды яшчэ павялічылі, і за французскія залачоныя эпалеты палкоўнікаў і нават генералаў. Здраднікі засвойвалі французскія звычаі, французскую мову. Праз дзесятак-паўтара гадоў сярод чыноўніцтва наогул лічылася ўжо нормай размаўляць па-французску, правінцыялы саромеліся, што размаўляюць з мясцовым акцэнтам, і палка жадалі ад яго як мага хутчэй пазбавіцца. Алжырскую мову ніхто афіцыйна не забараняў, але што з ёю было рабіць чалавеку ў горадзе, калі ён, скажам, хацеў звярнуцца па справе ў нейкую дзяржаўную ўстанову? У школе вучылі на французскай мове. Пісьменнікі, якім патрэбен быў чытач, таксама пачалі пісаць на мове каланізатараў. Здаецца, алжырскай самабытнасці прыйшоў канец.
Ну, а што Абд аль-Кадзір? Каланізатары баяліся яго гвалтоўна забіць. Гэта ж быў не толькі былы валадар Алжыра, але і чалавек, якім захапляліся адукаваныя і прагрэсіўна настроеныя людзі ў Еўропе і нават у далёкай Паўночнай Амерыцы. Каланізатары вырашылі яго нейтралізаваць. Спадзяваліся таксама ж і прыручыць. Эміра прывезлі ў Францыю, далі яму прыгожы замак, грошы, дазволілі трымаць прыдворных. Меркавалі: прыжывецца і нікуды не дзенецца — стане французам. Не ён — дык яго дзеці, будучая вярхушка алжырскай арыстакратыі, знаці. Хіба ж так не было ўжо? Прыём, якім карысталіся яшчэ ў старажытнай Рымскай імперыі. Эмір разумеў небяспеку для сваіх нашчадкаў, як разумеў і тое, што яны павінны асвоіць усё лепшае з еўрапейскай культуры, каб быць добрымі кіраўнікамі краіны, калі прыйдзе іх час. Але ўсё ж не захацеў іх вучыць у Францыі. Яны вучыліся ў Англіі. Добыш не ведаў, што сталася з нашчадкамі незвычайнага эміра далей, бо гэтага не ведаў і доктар Кійк, які расказваў пра Абд аль-Кадзіра. Добыш даў сабе слова, што калі вернецца з пустыні, то ў першую ж вольную часіну пойдзе ў бібліятэку і пакорпаецца ў старых французскіх выданнях. Ён думаў пра гэта, бо поезд імчаў па мясцінах апошніх стаянак лагера Абд аль-Кадзіра. Тут недзе здраднікі і выдалі эміра французскім карнікам. Добыш чуў ад алжырскіх студэнтаў, што маладыя архітэктары хочуць на тым месцы паставіць скульптурны помнік Абд аль-Кадзіру. Можа, і блізка ля чыгункі, і помнік можна будзе ўбачыць з вагоннага акна.
— Зараз будзе Эль-Аснам, здаецца? — каля Добыша стаяў хударлявы мужчына з коратка пастрыжанымі светлымі валасамі і ветліва ўсміхаўся. Поезд у гэты момант якраз ішоў па крутой дузе, аб'язджаў чарговую гару, і мужчына міжволі падаўся да Добыша, нібы раптам іх пацягнула адзін да аднаго. — Вельмі пазніўся, не паспеў узяць з сабой ніякай яды. У Эль-Аснаме хачу выскачыць на перон, што-небудзь куплю з латка. Бываюць вельмі смачныя піражкі з ліверам. Толькі перцу кладуць многа. Вы ж, здаецца, таксама еўрапеец? І скажу больш таго: вы — славянін. Чую па вымаўленню французскіх слоў. Так? І я ж усходнееўрапейскага паходжання, таму адразу чую акцэнт «сваіх».
Вось як здарылася, што яны пачалі размаўляць. І калі Добыш сказаў, адкуль ён родам, незнаёмы мужчына па-жаночы пляснуў далонямі:
— І сапраўды, свет цесны! Дзе земляка сустрэў — у Паўночнай Афрыцы, у глыбіні чужаземнай краіны! Не паверыце — але ж я таксама з Беларусі. З-пад Маладзечна. Ад Мінска сто вёрст і ад Вільні сто, так? Бачыце, і гэта помню. Дзе сустрэў, га? Нас жа, беларусаў, не так і многа на белым свеце. Таму асабліва павінны трымацца адзін аднаго. Нас і дзесяць мільёнаў не набярэцца. Ну, можа, крыху болей — з канадскімі і амерыканскімі.
— Ну, што з воза ўпала… — Добыш адчуў сябе ніякавата. — Вы толькі не крыўдуйце, але я лічу, што ў Канадзе жывуць канадцы, а ў Злучаных Штатах Амерыкі — амерыканцы, адкуль бы яны туды ні з'явіліся. Не гавораць жа ў Амерыцы на тых, хто перабраўся туды з Англіі — англічане? Бо тады трэба было б амерыканцамі называць адных індзейцаў.
— Ну чаго вы так на мяне з падазронасцю пачалі глядзець? — зноў пляснуў далонямі «зямляк». — Вы хоць сесці мне дазволіце?
— Ды калі ласка! — Добыш адчуў сябе няёмка. — Ваша сям'я, відаць, даўно з Беларусі?
— Якая сям'я? — усклікнуў субяседнік. — Адзін я тут… Толькі не падумайце чаго такога! Мне ж у вайну, у пачатку сорак чацвёртага, ведаеце, колькі было? Няпоўныя трынаццаць гадоў. Хочаце, пакажу дакументы?
— Не трэба! — яшчэ больш збянтэжыўся Добыш. — І так відаць, што ў вайну былі хлапчуком.
— Во, во! — падхапіў субяседнік. — Зусім жа яшчэ дурненькі, хлапчанё. Ні паліцай, ні сын паліцая, ні пляменнік… А на германца клятага працаваў… Вось вы і насцярожыліся зноў!
— Ды не, гэта вам падалося. Проста цікава.
— Так, працаваў. Ці ж я вінаваты, што была вайна? Ці ў тым вінаваты, што мяне, смаркача, як дзесяткі тысяч іншых беларусаў, украінцаў і яшчэ шмат каго, загналі сілком у вагон і адвезлі ў Германію, працаваць на баўэра, кулака іхняга, і пакрыху анямечвацца.
— Ды ясна ж — невінаватыя! — згадзіўся Добыш. — Але ж потым была перамога. Людзі вярталіся… Хто застаўся жывы, хто не быў здраднікам, хто не хацеў стаць эмігрантам.
— Эмігрант? — субяседнік нявесела пасмяяўся. — Хачу нарэшце, як гэта гаворыцца, прадставіцца. Вільнаў. Такое маё зараз прозвішча. Нічога не гаворыць?
— Гаворыць, — кіўнуў Добыш. — Француз вы, значыць.
— Гэ-эх! Не, лічу сябе, як і раней, беларусам. Нават мову сваю помню. Гляджу я на вас. Укормлены, ніколі сапраўднага гора не бачылі, ніхто вас не крыўдзіў, нядаўна з-пад матчынага крыла, а ўжо ў замежнай цікавай камандзіроўцы… Значыць, не з простых, а з начальства.
— Не ўгадалі,— усміхнуўся Добыш. — Якраз я без бацькоў вырас. Сірата. Так што не пра тое вы, пане Вільнаў.
— Ага, сірата. Не, я пра тое, — Вільнаў пакруціў галавою, быццам нешта ці некага шкадуючы. — Але шчыра прызнайцеся: няўжо ў пятнаццаць гадоў вы добра разумелі, што такое «эмігрант»? Не падумайце, што хачу, каб вы мяне пашкадавалі ці даравалі мне. — Вільнаў закінуў нага на нагу і нейкую хвіліну пазіраў у акно, бы нешта заўважыў там надзвычай цікавае. Потым са спакойнай усмешкай павярнуўся да Добыша: — Ведаеце, дзе я знаходзіўся, калі скончылася вайна? Адтуль было кіламетраў трыццаць да Францыі. І ніякіх, здавалася, граніц больш не будзе, зніклі разам з вайной, і людзі могуць разлятацца, куды хочуць, — як птушкі! І вось нас некалькі такіх сабралася, я самы малодшы, і захацелі мы паглядзець на Францыю. Цікаўнасць дзікуноў, ведаеце… Ніколі нельга было, а тут раптам можна. І пайшлі. Каго затрымаў французскі патруль, а хто і прайшоў. Ведаеце, у кожным з нас жыве гэты самы Сіндбад-Мараход… Ну дык уявіце сабе пятнаццацігадовае хлапчанё ў пасляваенным хаосе Заходняй Еўропы. Халодны, галодны, у чужой краіне, мовы не ведаю, хлеба не магу папрасіць. А тут яшчэ малярыя… І мяне, хлопчыка, здзічэлага, хворага, прытулілі адзінокія людзі… А калі я падрос і пачаў тое-сёе разумець, пачаўся той самы перыяд, які завецца «халодная вайна». Усе баяліся, што вось-вось пачнецца сапраўдная вайна, ды яшчэ з гэтым клятым атамам. Нават гаварыць пра тое, адкуль ты, было небяспечна.
— Ну, а потым? — Добыш ужо шкадаваў гэтага чалавека.
— А потым прывычка. Спачатку вучыўся. Ведаеце, якая ў мяне спецыяльнасць? Музеі. Шукаю і вывучаю старажытнасці… Ажаніўся. А вось з дзецьмі размаўляю па-беларуску.
— Навошта? — здзівіўся Добыш. — Яны ж у вас французы. Ці хто?
— Самі вырашаць, — сказаў субяседнік. — Думаю, яны проста будуць свабоднымі зямлянамі… А дзеці ў мяне прыгожыя. — Вільнаў раптам уздыхнуў.— Эх, малады чалавек, бачу, вы яшчэ зусім не ведаеце жыцця. Не ведаеце, якою вялікаю можа быць радасць. І якім бывае вялікі страх. Ого, які ён бывае! Князь-страх! Так што яшчэ невядома, як бы вы сябе паводзілі ў складанай сітуацыі, калі рукі, ногі, галаву, бы абцугамі, сціскае Вялікі страх. Жах яго называюць беларусы, так? Вы тут будзьце асцярожныя. Гэта я вам як зямляк кажу. Асабліва нікуды не совайцеся… Ну, а калі будзеце ў горадзе Аране, заходзьце да мяне. Вось вам адрас. — Вільнаў выняў з кішэні самапіску, блакнот. — Заходзьце абавязкова, — гаварыў ён, чыркаючы па блакітнаму лістку. — Вось. Я пакажу вам музеі. Тут не цэняць пакуль сапраўднага мастацтва, асабліва калі яно еўрапейскага паходжання. А рэчы трапляюцца выдатныя. За іх у Еўропе сотні тысяч долараў даюць.
Яны развіталіся на чыгуначнай станцыі Мастаганэм, каб сустрэцца там, дзе ніхто з іх другога ўбачыць і не думаў ніколі.
15. КРАХ «ФІРМЫ»
Калі Янычар сказаў Селіму, што паліцэйскі павёў Шакала да следчага, той яшчэ не верыў пра небяспеку для сваёй «фірмы». Ці мала давялося Шакалу бываць у паліцыі? То некага паб'юць, то нехта нешта сцягне — распытваюць Шакала: ён жа заўсёды побач круціцца. І выкручваецца. Селім спытаў:
— А што казаў паліцэйскі? Янычар наморшчыў лоб:
— Ды так вось, здаецца, сказаў: «Пойдзем, сынок, да нас, пагаворым».
— І ўсё? — не паверыў Селім.
— Дык я ж кажу, — боўтнуў галавой Янычар, якому прасцей было пусціць у ход кулакі, чым мазгі.
— А вобыск? У яго шукалі што-небудзь?
— Дык што ў яго знойдзеш? — здзівіўся Янычар такому пытанню. — Калі ў яго што было, у скнары.
Селім супакоена згадзіўся: праўда, у Шакала нічога не знойдзеш. Але, на ўсякі выпадак, рашыў сказаць пра непрыемнасць хаджы Шукры. Той заўсёды хацеў ведаць пра ўсе дробязі, хаця, здаецца, і сам цішком падглядваў за дзейнасцю «мурашак» Селіма, як ён празваў хлапчукоў-чысцілыпчыкаў.
А ў гэты ж час Хуары і Акліль, якім удалося разжыцца на рынку бананамі, елі іх каля маленькага фантана і марылі аб тым, як яны дабяруцца да пірацкага клада і будуць снедаць у новым рэстаране каля порта, адкуль добра відно, як швартуюцца акіянскія лайнеры.
Тады ж Ладжмі паведаміў сваёй кампаньёнцы, маці Селіма, што майстэрня дае прыбытак і можна наняць яшчэ аднаго слесара, каб хутчэй упраўляцца. Заказчыкі любяць, калі машыну рамантуюць хутка.
Тады ж маладзенькі рэпарцёр газеты «Альжэ рэпублікен», якая вельмі дапякала тым, хто спадцішка шкодзіў сацыялістычным пераўтварэнням у краіне, імчаўся па крутых лесвіцах будынка, дзе месцілася рэдакцыя, бо ліфт яшчэ не працаваў пасля выбуху пластыкавай бомбы, якую падлажылі аасаўцы. Рэпарцёр павінен быў тэрмінова, у нумар напісаць заметку аб падзеях у мястэчку Хуссэйн-Дэйн. Там, нягледзячы на пагрозы ворагаў, феллахі сумесна з былымі салдатамі стварылі кааператыў, які будзе займацца збытам сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта вайна спекулянтам і прайдзісветам, якія нажываюцца за кошт працоўных. Юны рэпарцёр стараўся напісаць так, каб яго работу пахваліў галоўны рэдактар Абдэльхамід Бензін, таксама яшчэ малады чалавек, хаця і ветэран вызваленчай вайны. Або і сам дырэктар, пісьменнік Анры Аллег, гэты дзіўны француз, які змагаўся за вызваленне Алжыра ад каланізатараў і некалькі год прасядзеў за гэта ў турме, дзе яго катавалі.
* * *
«Пан лейтэнант» Гедыфі прачытаў гэтую заметку наступнай раніцай. Газету «Альжэ рэпублікен» ён заўсёды чытае вельмі ўважліва, хоць і змагаецца ўсімі сродкамі за яе закрыццё, бо там жа працуюць камуністы, якія не вераць, што існуе алах, і падбухторваюць людзей стварыць дзяржаву бязбожнікаў. Пан Гедыфі сядзеў у кафэ і чытаў газету. Нават кава здалася яму не такой смачнаю, як звычайна, калі яму на вочы трапілася заметка пра тое, што па запрашэнню ўрада ў Алжыр прыехала новая група выкладчыкаў з Савецкага Саюза. Сярод іх — высокакваліфікаваныя спецыялісты па матэматыцы, хіміі, фізіцы, тэхнічных навуках. «Яны будуць працаваць у Афрыканскім інстытуце нафты, а таксама ў тэкстыльным інстытуце, — прачытаў ён, — першая група прыступіла да работы. А ўсяго з Савецкага Саюза прыбудзе 46 савецкіх спецыялістаў вышэйшага класа». На лічбу «46» пан Гедыфі зірнуў яшчэ раз, у яго была прывычка прыглядацца да лічбаў, нібы знаходзіў у іх яшчэ нейкі патаемны сэнс. Вось ён уважліва ўгледзеўся ў другую лічбу: «350». «Яшчэ 350 сем'яў дэпартаменцкага цэнтра Эль-Аснам атрымалі ключы ад новых кватэр, — чытаў пан Гедыфі.— У часы каланіялізму гэтыя людзі туліліся ў бідонвілях — у трухлявых халупах і збітых з чаго папала буданах на ўскраіне». У думках пан Гедыфі выкрасліў гэтыя 350 сем'яў са спісу сваіх патэнцыяльных прыхільнікаў. Але потым з усмешкай падумаў: «А калі я паабяцаю ім вілы на беразе мора і раскошу сучасных магнатаў? Той-сёй спакусіцца. Ведаю я чалавечую сквапнасць».
Быў упэўнены ён і ў тым, што ведае свайго былога падначаленага ў Іншаземным легіёне Шабана. А. таму і чакаў яго спакойна і ніколькі не здзівіўся, калі той з'явіўся роўна ў прызначаны час. Выходзіць, сапраўды не забыў, чаму яго вучыў лейтэнант Гедыфі. О, то была школа! Той, хто ўздумаў бы не выканаць загад або зрабіць справу абы-як, рызыкаваў многім. Ну што ж, пакуль гэты Шабан гуляе там у незалежнага сейіда і перакідваецца жартачкамі са знаёмымі, можна яшчэ на хвілінку зазірнуць у газету. Тым болей што кожны дзень у краіне адбываецца шмат неверагоднага. Ніколі, здаецца, раней у Алжыры не адбывалася столькі падзей за год, як цяпер за тыдзень. Пашукаем што-небудзь без палітыкі. Ну хоць бы «Статыстыка дарожных здарэнняў». Што тут? Ага, зноў нехта ляснуўся на павароце. Сутыкнуліся два «фольксвагены», ёсць чалавечыя ахвяры. Як можна на такой устойлівай машыне і ляснуцца на павароце? Ну, вось і вынік: на магістралях будуць пастаўлены дадатковыя паліцэйскія пасты кантраляваць хуткасць і тэхнічны стан аўтамабіляў, падазроныя таксама будуць правярацца. Дзеці пачынаюць вывучаць правілы дарожнага руху з першага класа школы… Трэба папярэдзіць гэтага Шабана, каб перастаў ганяць так, быццам усё яшчэ сядзіць за рулём ваеннага джыпа. Спыняць за перавышэнне хуткасці, а самі зазірнуць не толькі ў пасведчанне, але і ў багажнік. Горш няма за такія вось сюрпрызы. Нервы трэба, нервы. А што гэта за стары на фотаздымку? Ага, Вен Мэссауд — старэйшы з усіх вядомых доўгажыхароў Алжыра. Помніць першы дэсант французскіх войск у тысяча восемсот трыццаць другім годзе. Тады яму было сем гадоў. Вельмі дружалюбны, ніколі не сварыўся з блізкімі, ні з суседзямі. Працуе на сваім невялічкім полі. Харчуецца толькі ячменнымі аладкамі і малаком. Ну што ж, яму, Гедыфі, столькі не пражыць. Хіба што зараз жа ўсё кінуць і бегчы ў тое забытае алахам паселішча Айн-Смарра, дзе дажывае другі век гэты Вен Мэссауд. Жэрці ячменныя аладкі і запіваць малаком. Раніцай, удзень і на вячэру, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца навокал, — да канца дзён. І гэта нехта лічыць сапраўдным жыццём? Не звяртаць увагі, як нядаўнія галадранцы распараджаюцца ў Алжыры? Ну, якія навіны тут яшчэ? Створаны спецыяльныя трыбуналы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі… Гэта ўжо палітыка. Палітыка тых, каго пан Гедыфі жадаў бы паставіць на месца. Алжыр ад французаў вызвалілі, а зараз дазвольце кіраваць краінай тым, хто гэта ўмее. Рызыка, барацьба. Тут на адных ячменных аладках ды малацэ доўга не вытрываеш. Сапраўдныя мужчыны жаруць мяса. Сельскагаспадарчы кааператыў сем'яў былых франтавікоў сабраў ураджай большы, чым гэта было, калі ферма належала французскаму каланісту…
І тут Гедыфі заўважыў каля сябе маладога мужчыну з пранізлівым позіркам і выпраўкай кадравага вайскоўца.
— Брэша карэспандэнт, — прамовіў ён ціха, але рашуча. — Перабольшвае, мякка кажучы. Нам яшчэ трэба навучыцца працаваць на зямлі гэтак, як умеюць французскія фермеры.
— А-а, Шабан! — узняў галаву пан Гедыфі.— Салам.
— Салам алейкум, сейід, — пачціва пакланіўся Шабан. — Хацелі бачыць мяне?
— Ды сядай жа! — сказаў пан Гедыфі.— Пачынаеш нас, старых сяброў, забываць памалу. Што значыць стаць начальнікам. Я так і не дачакаўся твайго званка.
— Бажуся, сейід, справы. Быў у камандзіроўцы. — Шабан прыглядаўся да свайго былога камандзіра з патаемнай непрыязнасцю. Ён выканаў адно яго небяспечнае заданне, ну і хопіць пакуль. Няхай хто іншы, калі хоча, лезе ў пекла.
— Ты, бачу, не на жартачкі ўзяўся будаваць сацыялізм, га?
— Мае адносіны да гэтага вам вядомыя, сейід. — Шабан спахмурнеў.— Пра вялікія ідэі лягчэй за ўсё марыць. Потым з'явяцца бюракраты, некаму захочацца падсобіць родзічам, знаёмым, нехта спадцішка будзе гнуць да старых парадкаў… Вы ж усё ведаеце, сейід. А я проста вельмі стаміўся за гэтыя гады. Нешта з сэрцам…
— Твае адносіны… тваё сэрца… — ухмыльнуўся пан Гедыфі.— Адчуў, што нядрэнна ўладкаваўся, можаш хапаць? А хто цябе выцягнуў наверх? Вілу купіў ужо?
— Я сапраўды стаміўся, сейід, — Шабан зыркнуў спадылба.
— Гэтага трэба было чакаць. Але твае старыя таварышы не дадуць табе ператварыцца ў тлустага барана, які жуе тое, што яму падсоўваюць гаспадары, і пакорна дае сябе стрыгчы. Гэты савецкі хлопец яшчэ не адбіў у цябе дзяўчыну?
— Асцярожней, сейід! — ажно затросся Шабан. — Не люблю, калі са мной гэтак жартуюць.
— Ну-ну, вось гэткі ты мне падабаешся больш, — пан Гедыфі паляпаў Шабана па руцэ. — Мы табе паможам, сынку. Няхай толькі ён яшчэ раз сунецца туды, куды яго не просяць.
— Зараз ён працуе ў пустыні, там савецкія будуюць артэзіянскія калодзежы.
— Ведаю. Трэба, каб яны як мага больш там валэндаліся. Пакуль мясцоваму люду не стане зразумела, што іх ашукваюць.
— Зразумела, сейід. Наш чалавек пра гэта ўжо клапоціцца.
— Значыць, так, — пан Гедыфі прыстукнуў далонню па століку. — Рабіць так, быццам ва ўсім вінаваты сацыялізм… Табе давядзецца забраць з вострава падарунак з… ну, не мае значэння, адкуль ён там. На жаль, хлопца, які павінен быў гэта зрабіць, прасвечвае паліцыя. Думаю, ён павінен легчы на дно, як кажуць. — Пан Гедыфі ціха засмяяўся, і ад гэтага смеху ў Шабана пабеглі па спіне мурашкі.
— Вы стараецеся запэцкаць мяне як мага болей, — сказаў ён. — Фальшывыя дынары я вам даставіў… А цяпер што — зброя ці наркотыкі?
— Зброі ў нас і так хапае. — Пан Гедыфі прыгледзеўся да Шабана. — А грошы…
— Значыць, цяпер — наркотыкі,— усміхнуўся Шабан. — А самі казалі, што хочаце, каб алжырцы былі моцныя. Вунь яны, «моцныя», вочы дзікія, клююць насамі каля рынку, глядзець моташна.
— Нічога, дружа, нічога, — пан Гедыфі зноў па-бацькоўску паляпаў Шабана па руцэ. — Няхай улады павалэндаюцца з гэтымі дурнямі. Пакуль што — чым горш для іх, тым лепш для нас. Ну, а табе абяцаю: зробіш гэтую справу — атрымаеш добрыя грошы і можаш спакойна жаніцца. Адпачываць паедзеце на французскую Рыўеру. Зайздрошчу, эх, зайздрошчу. Я сабе пакуль гэткага дазволіць не магу… Значыць, у наступную сераду, у дзесяць вечара. А дэталі — як, што і куды — абмяркуеш з Мурадам. Ну, пайду першы. Прайдуся.
«Каб ты дзе-небудзь пад машыну трапіў!» — пажадаў яму ў думках Шабан. Узяў сабе кавы з малаком і перасеў у другое месца — так яму было агідна. Адсюль было чутно, аб чым так ажыўлена гаварылі з гаспадаром двое мужчын у паношаных шапачках-шэшыях. Аказваецца, пра тое, як французскія карнікі знішчылі адразу некалькі соцень людзей з паселішчаў, якія не хацелі скарыцца. Людзі пахаваліся ад салдат у вялікай пячоры. З імі былі малыя дзеці, і дзеля іх людзі ўзялі з сабою кароў. А генерал, каб прымусіць людзей скарыцца, загадаў перад пячорай паліць вялізныя вогнішчы. Вогнішчы палалі дзень і ноч, і ў пячору пёр дым. Людзі ад дыму задыхаліся, і каровы таксама задыхаліся, а таму звар'яцелі і пачалі таптаць усіх, затапталі многа дзяцей і старых, а потым здохлі самі, так што ацалела, можа, некалькі чалавек.
— Прачытай-ка яшчэ, сусед, як прозвішча генерала, што такое загадаў,— папрасіў духаншчыка адзін з наведвальнікаў і зняў з галавы шэшыю, быццам хацеў лепей пачуць.
Аказваецца, тое, што яны так горача абмяркоўвалі, было ў газеце. Шабан адным глытком дапіў каву.
Духаншчык варухнуў вусамі, зіркнуў за стаяк, дзе ў яго ляжала газета.
— Генерал Бурмон, — сказаў ён і паўтарыў чамусьці: — Бурмон, і ўсё, без імя.
— Няхай нашчадкі праклянуць і адракуцца ад яго, — урачыста прамовіў наведвальнік. — Няхай гавораць на плошчы: вось быў такі продак, ведайце, людзі, мы адракаемся ад яго.
У духаншчыка трэсліся густыя вусы, ён хутка мыў посуд тоўстымі рукамі.
Шабан паклаў грошы ля духаншчыка і накіраваўся да сваёй новай машыны. Старую ён збыў, каб зблытаць сляды паліцыі.
Ён вырашыў ехаць да Марыям. Няхай яна выходзіць за яго, а потым, можа, і сапраўды з'едуць адсюль куды-небудзь. Толькі куды? Кінуць работу? Яму падабалася, што на службе лічацца з ім, яго шануюць, бо ён не лайдак і глузды ёсць у галаве. Са здзіўленнем заўважыў, што яму цікава, якім будзе гэты новы Алжыр. І ведаў, што ад Гедыфі яму цяпер не адскрэбціся за так сабе. «Ну, добра, — трасянуў ён галавою, — час яшчэ ёсць, а пакуль наперад, легіянер».
У гэты час пан Гедыфі ў добрым настроі крочыў па вуліцы. Было прыемна, што яму кланяліся даволі важныя асобы. Ля кіёска пан Гедыфі прыпыніўся зірнуць на французскія газеты. Тут да яго падскочыў хлапчук, рытмічна стукаючы шчоткамі. Пан Гедыфі паставіў нагу на скрынку, хай махне пару разоў. Запахла ваксай. Другі хлапчук здалёк прапанаваў паглядзець «кантрабандныя» паштоўкі. Пан Гедыфі пагрозліва махнуў рукой — згінь.
— Што, пачысціў? Вось табе за працу.
— Мерсі, мс'е, — падзякаваў чысцільшчык.
— Ты чаму да мяне па-французску? — пагрозліва сказаў пан Гедыфі.— Што, не ўмееш размаўляць, як добрыя людзі ў сваёй краіне?
— Умею, сейід.
— Ну, то-та ж. На табе на каву. Мы, дзякуй алаху, у сябе дома, і нечага нам паганіць глотку гукамі мовы няверных. Зразумеў?
— Так, сейід.
Ён застаўся задаволены — на разумнага хлопца трапіў, але ж маладое пакаленне трэба вучыць ды вучыць, каб яно было чаго вартым і перастала пераймаць манеры ірум'енаў.
* * *
У гэты час Селім сустрэўся з хаджы Шукры.
— І ты так позна мне пра гэта гаворыш! — успляснуў рукамі хаджа Шукры, пачуўшы навіну пра Шакала.
Селім паціснуў плячамі: а што тут такога? Шакала ўжо неаднойчы запрашалі ў паліцыю.
— Ды ты ж зусім яшчэ, бачу зялёны ў такіх справах! — Хаджа Шукры ажно абабег вакол Селіма, быццам вакол куста алоэ. — Баюся, што нам адсюль ужо не выбрацца. О алах! Ты мне, пляменнік, усё павінен быў сказаць учора… Дай хлопцам, якія такімі справамі займаюцца, колькі трэба, каб твайго Шакала ў горадзе ніхто больш не бачыў! Зразумеў? І збірайся, пляменнік. Раніцою каб быў у аэрапорце. Астатняе зраблю я.
Што — Селіму трэба ўцякаць з Алжыра? Кінуць усё, што ён столькі часу ствараў?! Шакал жа будзе маўчаць на допыце.
Хаджа Шукры прыціснуў далоні да вушэй. Ён і слухаць не хоча глупства. Але ж калі Селіму так ужо хочацца трапіць у паліцыю і адказваць на пытанні следчага пра сваю банду, страціць усё — воля яго, няхай застаецца.
Селіма скаланула. Ён раптам узненавідзеў хаджы Шукры, хоць той і даў яму магчымасць у апошні час добра такі хапнуць грошай. Праз год ён ужо планаваў купіць у кульгавага Алі павільён і перарабіць яго ў шавецкую майстэрню.
— Пра што ты пляцеш? — замахаў рукамі хаджы Шукры. — Ты думаеш, у гэтай краіне, дзе мараць зрабіць сацыялізм, табе дадуць жыць як хочаш? Ты ведаеш такое слова — экспрапрыяцыя? Слова з мовы няверных, ірум'енаў. Экспрапрыяцыя — гэта калі быццам з грудзей ірвуць сэрца, бо забіраюць у казну тое, дзеля чаго ты жыў і працаваў, як галернік. А я ведаю мясціны, дзе ты з тваімі здольнасцямі і такімі-сякімі капіталамі хутка пойдзеш уверх. Ты ж нашчадак улемаў. Твая ж маці — унучка самога Сі-Амамы, пра якога помняць святыя айцы з блаславеннай Мекі. Ды што я кажу! Цябе з пашанай прымуць у кожным палацы Аравіі! Не турбуйся, я за цябе там скажу слова. А гэта нешта значыць у землях сапраўдных муслімаў.— Хаджы Шукры паважна дакрануўся кончыкамі пальцаў да сваёй прыгожай барады, якая, па яго словах, двойчы абмятала пыл са святога камня Кааб. — Мы туды і пакіруем, пляменнік! Я ўжо маю паперку з пячаткаю, што ты мой родзіч, і павязу цябе на паклон да магілы вялікага прарока Мухамеда. — І ён ласкава пацалаваў Селіма ў лоб, паказытаўшы гарачы твар венікам барады. — Збяры хуценька свае капіталы… Ну, тое-сёе папрасі ў маці, у дзядзькі Ладжмі. Потым аддасі з працэнтамі… А Шакал ведае, дзе ты жывеш? Ага, не ведае, толькі здагадваецца… О алах! Хуценька збірайся, пляменнік, і ў дарогу, у дарогу!
16. У «ДНІ ВЯДЗЬМАРКІ»
Дажджоў у Алжыры чакаюць доўгія месяцы. Пра іх мараць спаленыя пякучымі сонечнымі дзідамі пасівелыя смоквы, падобныя на каменныя патэльні плато з вінаграднікамі, нават апельсінавыя сады, куды кожны дбайны гаспадар працягнуў трубы вадавода. Але дажджы прыходзяць разам з асеннімі халадамі, якія нясуць цяжкія хмары аднекуль з-за мора, з Еўропы, з такой далёкай, здавалася б, Атлантыкі, дзе ў акіяне нават плаваюць ледзяныя горы. Словам, з дажджамі прыходзяць тыя самыя «дні вядзьмаркі», пра якія летам людзі мараць, як аб адпачынку ад спёкі, але ўсё ж сустракаюць насцярожана. Адразу ўзнікае столькі клопатаў! Таму на вуліцах значна менш добразычлівых усмешак і больш заклапочанасці ды пахмурнасці. Знікаюць лёгкія сукенкі і сандалеты, прахожыя хутаюцца ў плашчы, паліто, у джалябіі з авечай поўсці — старадаўнія арабскія балахоны да пят, якія служылі яшчэ вандроўнікам. Па мокрых тратуарах пастукваюць чаравікі, туфлі, нават боты, іх трэба чысціць ды чысціць. Вось калі пачынаецца сапраўднае свята для чысцільшчыкаў абутку. Не ты бегаеш за кожным чаравікам, як падмецены, а цябе аклікаюць: «Гэй, чысцільшчык!» Асабліва многа работы хлапчукам каля канцэртных залаў і гатэляў, нават мячэцей, хаця кожны, хто туды ўваходзіць, мусіць здымаць абутак, няхай ён будзе чысцюткі ці зроблены з аксаміту і золата, як у шэйха ці эміра.
Хуары і Акліль маглі толькі з зайздрасцю паглядаць на шчасліўчыкаў, якія шчыравалі шчоткамі. Гэтых хлопцаў яны стараліся пазбягаць — яшчэ пацягнуць да Селіма. Пажывіцца цяпер было цяжэй, чым улетку, і Хуары неяк вырашыў наведаць сваякоў. Ён не пераставаў спадзявацца, што вось-вось вернецца бацька. А куды ён у першую чаргу наведаецца? Хутчэй за ўсё, да цёткі Айшы, якая ўзяла да сябе старэнькую бабулю Хуары. Аднак спадзяванні тыя былі дарэмныя. Бацькі ўсё не было. А ад цёткі Айшы давялося выслухаць столькі абраз, што іншым разам той кавалак хлеба, які яна працягнула, здаўся б хлопчыку каменем.
— Ты ўсё яшчэ бадзяешся, валацуга! — крычала цётка. — Можа, стаў злодзеем? Чаму не пойдзеш у прыют? Там жа і кормяць, і вучаць чаму людскаму. А то ж вырасцеш агуду смярдзючым, хоць бы пасаромеўся. На табе сыр, на маслін, неслух! Чым бадзяцца, напісаў бы лепш бацьку, каб забраў да сябе. Ці хоць прыслаў што. Ну і бацьку табе даў алах! Людзі казалі, жыве там, бы улем ці нават шэйх, а старой маці ўжо другі год не прыслаў ні франка. Ганьба нам усім!
Хуары падумаў, што старая яму не маці, яна маці яго былой жонкі, а цяпер, выходзіць, зусім чужая. А вось яму, Хуары, сапраўды мог бы што і прыслаць. Асабліва на халады, а то ў яго каторы дзень у жываце зліпаецца ад голаду.
Папрасіў у цёткі некалькі дынараў, пабажыўся, што хутка верне.
— Прайдзісвет! — закрычала цётка Айша. — Хоць бы не казаў, што вернеш. Навучыўся там, па Казбе шлёндаючыся, хлусіць у вочы добрым людзям. Я табе зараз такіх дынараў…
Ведаючы гарачы нораў цёткі, Хуары выскачыў за дзверы. Ды так паспешліва, што наляцеў на Акліля, які падслухоўваў, тоячыся ля брамы. Схапіў нейкую ламачыну, са злосцю шпурнуў у сцяну дома, дзе яго так абразілі.
— Шакалы! Вы яшчэ паклоніцеся мне ў ногі, калі я стану багаты. — І не азіраючыся пабег уніз па вузкай вулцы. Акліль следам. Так імчалі яны, пакуль не дабеглі да каменнага парапета, за якім гула поўная людзей і машын прыгожая вуліца Дзідуша Мурада. Тут Хуары пляснуўся зашмальцаванымі штанамі на шырокія прыступкі і зноў пачаў лаяць скупых сваякоў.
— Давай жа, давай хлеб! — Акліль праглынуў сліну. — Яшчэ і масліны? І сыр!
Хуары ўтаропіўся ў прыяцеля.
— Можа, ты лічыш, што я цябе буду карміць усё жыццё? — спытаў ён з'едліва.
— Будзе і ў мяне калі што, — пакрыўдзіўся Акліль.
— Ага, будзе! — зноў пакпіў Хуары. — Давай цяпер ты ідзі да сваіх родзічаў. Чаму ўсё я ды я?
Але нешта прымусіла яго падзяліць хлеб і масліны пароўну.
— Можа, там, у Кабіліі, у мяне і ёсць сваякі,— сказаў Акліль, разглядаючы на далоні хлеб, — але я нікога не ведаю.
— Паехалі ў Аран, — прапанаваў раптам Хуары, — там у мяне яшчэ адна цётка. Здаецца, не такая злосная. Перачакаем у яе «вядзьмарчыны дні», а як пацяплее — на поезд і зноў сюды. У Аране можна нават лягчэй тол здабыць. Там ведаеш колькі французскага войска было? І легіянеры, і маракоў процьма. А як здабудзем клад, дык адсюль, можа, зноў у Аран. Э, столькі пораху ляснула! І снарад! Куды падзеўся снарад, га? — Хуары нават перастаў есці.
— Можа, нам сапраўды папрасіцца ў дзіцячы дом? — запінаючыся, сказаў Акліль. — Пакуль гэтыя халады.
— Ну дык бяжы! — Хуары зірнуў на сябра пагардліва. — Але тады чаму ты з'еў мой хлеб?
У Акліля нават слёзы на вачах закіпелі. Але змоўчаў.
Заўважыўшы гэта, Хуары палагаднеў:
— Ты гэтак баішся мышэй, га, Акліль?
— Не баюся я іх, — выцер вочы Акліль. — Што я, малы?
— А мне падалося, баішся, — Хуары пайшоў да калонкі піць ваду. Акліль таксама. — Відаць, мы перабяромся ў Кло-Саламб'е. — Хуары зноў і зноў падстаўляў прыгаршчы пад струмень, нібы наеўся тарэшты з перцам ці апрастаў добрую місу кус-кусу. — Я ведаю адно месца непадалёк ад рынку. Там двое жывуць. Яны, праўда, з тых, хто пасвіцца на рынку, але шайтан з імі! Нас жа таксама двое. Будзем разам трымацца, добра?
— Снарад мы знойдзем у Сідзі-Феруш, калі няма на старым месцы, — павесялеў Акліль, хаця пасля халоднай вады яго ўзялі дрыжыкі.— І чаго мне мышэй баяцца?
Гэта азначала, што ён згодны яшчэ пажыць у халупе бідонвіля. Мэзон Карэ называлі гэта прадмесце французы. Халуп засталося зусім мала, бо яшчэ ўсярэдзіне лета туды прыйшлі ваенныя бульдозеры і пачалі зносіць гэтыя гурбы смецця. Бульдозер — шарк, і праз пятнаццаць хвілін ад зямлянкі ці халупы заставалася роўная гліністая пляцоўка, па якой мітусіліся мышы. Чорт ведае колькі тут аказалася мышэй і пацукоў! Людзі спецыяльна прыязджалі з цэнтра горада, каб пабачыць гэткае дзіва. Столькі іх не было нават у порце, калі там знеслі стары пакгауз. А кожнаму вядома, што мышы любяць жыць у порце. Ваенны ўрач, які чамусьці назіраў, як зносілі бідонвіль, казаў разявакам:
— Мышэй і ў вашых дамах хапае, бо кожны кідае смецце куды папала.
Людзі пераязджалі ў новы раён — Дзіяр эль-Махсул, там яны атрымалі ад урада кватэры. Хуары з Аклілем таксама з'ездзілі туды на ваенным грузавіку — паглядзець на незвычайны фантан з каменнымі марскімі коньмі. У коней былі рыбіны хвасты, а з пашчаў лілася вада. Паказваць фантан іх павёў Лаіб, з якім Хуары некалі хадзіў у адзін клас. Лаіб пачаў хваліцца, што ў іх новай кватэры ёсць ванна і ён штовечар у ёй купаецца, як сын шэйха. Хлопцы пачалі з яго смяяцца, а Хуары пахваліўся, што паедзе да бацькі ў Францыю, дык у таго ў кватэры ёсць сапраўдны вялікі басейн, каб плаваць. Такі, як на вілах каля Айн Тайя, дзе жыло французскае начальства.
Лаіб чамусьці пакрыўдзіўся і раптам як жахнуў Хуары ў вуха. Той аж заенчыў. Ад нечаканасці, зразумела. А Лаіб адбегся і давай крычаць:
— Французік, гэй, бяні-уй-уй!
Гэта ён, Хуары, бяні-уй-уй? Памагаты ў каланізатараў? Хіба ён падрабляецца пад чужынцаў?
Яны наступнай жа раніцай падпільнавалі Лаіба каля медрэсэ, дзе той вучыўся. Ідзе сабе чысцюткі, на плячах замест паліто цёплая джаллябія, на галаве чырвоная шэшыя. Хлопцы яму ўрэзалі дык урэзалі, ажно круціўся і вішчаў ад злосці. Але тут на дапамогу Лаібу кінулася некалькі сяброў з медрэсэ. Давялося ўцякаць, бо тыя чысцюлі таксама, аказваецца, умелі біцца. І самае крыўднае, што Лаіб зноў крычаў услед:
— Бяні-уй-уй! Твой бацька жыве ў Парыжы ў бідонвілі і мыецца ў бочцы з-пад газы, а не ў ванне. Шэйх з бідонвіля!
— На вас алах не хоча глядзець! — крычаў у адказ Хуары. Яго аж трэсла ад злосці і абразы.
Узброіўшыся ламачынамі, сябры Лаіба зноў атакавалі хлопцаў. Прыйшлося паспешліва адступаць.
— Я цябе яшчэ сустрэну! — пагражаў Хуары Лаібу. — Ты ў мяне паплачаш, чысцёха! Здзяру тваю вучоную шэшыю!
Яны імчалі, не разбіраючы дарогі.
— Які ж я бяні-уй-уй, га? — бліскаў Хуары падбітым вокам. — Хіба я падлізваўся да ірум'енаў? Хіба я вінаваты, што мой бацька жыве ў Францыі?
Яму хацелася, каб хто-небудзь, няхай Акліль, пацвердзіў, што ніякі ён не французскі паслугач. Ён нават па-французску ніколі не гаворыць. Навошта яму?
Яны так былі ўзрушаны, што не заўважылі, калі апынуліся на тэрыторыі, дзе можна было сустрэць Селіма ці Шакала. Схамянуўшыся, толькі збіраліся павярнуць у глыб Казбы, як іх паклікалі:
— Гэта ты, Хуары? І Акліль з табой? А мы ламалі галовы — куды вас шайтан звалок.
Ахсен! Адзін з хлопцаў Селіма. Ах, каб на яго ліха! Хуары паважна павітаўся з чысцільшчыкам за руку. Ахсен працягнуў руку і Аклілю.
— А Шакал вас шукаў-шукаў…
— Ты толькі не кажы Селіму, што бачыў нас, добра? — папрасіў Хуары. — Доўг я аддам, бажуся. Можа, нават праз месяц аддам.
— Ха, каго ўспомніў! — здзівіўся Ахсен. — Дык цябе сапраўды не было ў горадзе? Селім жа сваю «фірму» прадаў Макуфу з Ніжняй вуліцы. Мы зараз у яго. А сам з'ехаў. Некуды ў святыя месцы. Мулою вырашыў стаць, ці што. Вернецца — дык будзе насіць зялёны цюрбан хаджы… Але калі ў цябе сапраўды няма грошай, каб аддаць доўг, то асцерагайся. Янычар зараз усіх даўжнікоў прысвоіў сабе. Кажа, яму Селім аддаў. Такі гад… А Шакал у паліцыі сядзіць. Нешта там такое оё-ёй! Кажуць, наркотыкі прадаваў… Дык дзе ты цяперака? Не бойся, я ж не даносчык які.
Хуары сказаў, што яны ўладкаваліся прыстойна. Нават пячурка ёсць. Дык ён штовечар пячэ цяпер праснакі. Хуары аблізнуў апухлыя губы.
— А ў мяне пакуль не вельмі,— прызнаўся Ахсен, не забываючы раз-пораз прызыўна стукаць шчоткамі.— Мустафа дык у прыют папрасіўся.
Акліль, пачуўшы гэткую навіну, пачаў уважліва вывучаць свае падраныя чаравікі: баяўся, што Хуары па вачах здагадаецца пра яго думкі.
— А я паспрабую ў Рашэ-Нуар, — паведаміў Ахсен. — Там ёсць новая школа, дзе савецкія вучаць хлопцаў, якія будуць здабываць нафту. Вось гэта справа! Каб толькі прынялі.
Хлопцы агледзелі рослага Ахсена, у якога над верхняй губой ужо цямнеў пушок: ого! такога ў кожную школу возьмуць.
— А гэтыя савецкія — хто яны? — спытаў Акліль.
Ахсен пасмяяўся:
— Во маляўка, такога не ведаць. Ды яны нам дапамагалі яшчэ ў вайну!
— Ну, гэта я ведаю, — апраўдваўся Акліль. — У мяне ж бацька быў муджахідам.
— Савецкія — значыць, з Савецкага Саюза, — усё тлумачыў Ахсен, якому прыемна было паказаць сваю «дарослую» дасведчанасць. — Ды вы схадзіце ў порт! Як убачыце там карабель з чырвоным сцягам — гэта з Саветаў.
— Ды я ведаю! — сказаў Акліль, успомніўшы, што сапраўды бачыў, і неаднаразова, такія караблі.
— А мяне бяруць у магазін каля плошчы Пакутнікаў,— з незалежным выглядам паведаміў Хуары.
Акліль ажно вочы вылупіў — во як! А яму ж пра тое ні слова.
— Хвалько, — пасмяяўся Ахсен. — Ты ж адным сваім выглядам пакупнікоў напалохаеш.
— Нічога ты не разумееш, Ахсен. — У Хуары звузіліся вочы. — Мяне туды за голас бяруць. Ведаеш, які ў мяне голас? Мая бабуля казала — як у муэдзіна. Не верыш?.. Ну, слухай…
І Хуары што было моцы загарлапаніў сапраўды нешта падобнае на спеў муэдзіна з вышыні мінарэта, калі ён склікае прававерных на малітву. Вакол адразу пачалі збірацца людзі. Ахсен, здаецца, паверыў. Больш таго, ён адразу вырашыў выкарыстаць момант:
— Чы-ысцім! Чы-ысцім! Крэм — люкс! Амерыканскі! Англійскі!
Хлопцы нырнулі ў натоўп — хай на яго ліха, на гэтага Ахсена. Яшчэ ж, чаго добрага, заявіцца сюды кляты Янычар.
— Слухай, Хуары, — тузануў таварыша Акліль. — Давай сходзім у порт. Там разжывёмся кукурузай, я ведаю месца.
На здзіўленне, Хуары не стаў упарціцца.
17. У ПОРЦЕ АЛЬ-ДЖАЗАІРА
Яны не асмеліліся ісці па вялікай вуліцы Баб Азун, дзе, нягледзячы на халоднае надвор'е, тырчала мноства гандляроў. Тут, непадалёк ад порта і ў пачатку Казбы, здаўна іх царства. Нырнеш у лаўку на адной вуліцы, а вынырнеш, прабраўшыся нібы скрозь поўную таямніц даўжэзную пячору, падобную на тую, куды некалі трапіў Аладзін, у які-небудзь крывы і цемнаваты завулак — адны сцены, акон няма. Усе вокны выходзяць на двары. Ідзеш — навокал нібы сцены старой крэпасці. Гораду многа стагоддзяў даводзілася быць крэпасцю, абараняцца ад захопнікаў, што прыплывалі сюды. Спачатку на галерах, дзе сядзелі прыкутыя ланцугамі да вёслаў нявольнікі-грабцы, пазней — на фялюгах з касымі ветразямі. Гэткія былі ў старадаўніх карсараў братоў Арруджа і Хайр-эд-Дзіна, што называлі сябе сябрамі мора і ад якіх нікому спасу не было. А потым на параходах заявіліся і французы. І ад кожнага часу, ад кожнага народа, які прыходзіў, пачынаючы са старажытных мараходаў-фінікійцаў, у горадзе нешта заставалася — цытадэлі, палацы, маўзалеі, мячэці. Да адной з іх — Джамаа аль-Джэдзід, або «храма Рыбакоў», хлопцы і вынырнулі з бакавой вулачкі, бо адсюль да порта было бліжэй за ўсё.
Хоць яны і бачылі гэта трыста разоў, абодва паднялі галовы на высачэзны, як цацка, аздоблены мінарэт, каб зірнуць на гадзіннік. Было апоўдні, не дзіва, што гэтак хацелася есці. З раніцы ім не ўдалося нічым пажывіцца. «Няхай алах спыніць позірк на пераможцах-воінах і дасць кожнаму тысячу ўзнагарод», — прачыталі яны на мячэці ці то покліч, ці то просьбу, якую выбілі на белым мармуры па пажаданню магутных і бязлітасных турэцкіх янычараў іх палоннікі — генуэзцы. Кожны з хлопчыкаў паабяцаў сабе, што будзе пераможцам, але яны не ведалі, якія то будуць перамогі.
Вецер з мора пранізаў іх наскрозь.
Яны імчаць уніз па прыступках. Усё вільготнае. Вакол людзі пад парасонамі ці ў напятых штармоўках. Вось і портавы рэстаран, дзе можна заўсёды чым-небудзь пажывіцца. Але цяпер на тэрасе ніводнага століка! Праз шкло вялізных акон наведвальнікі таропіліся ў прастору неспакойнага асенняга мора і жавалі, жавалі. Заўважылі скурчаныя постаці хлопчыкаў, паказваюць на іх пальцамі, нешта гавораць. Можа, нават спачуваюць, але ад гэтага ні цяплей не становіцца, ні сытней. Акліль паказаў ім язык. А ля ўвахода стаіць швейцар і таксама зыркае, але гэты — пагрозліва, не яго справа спачуваць нейкім валацугам. Чаго бадзяюцца, калі ўсе добрыя хлопчыкі сядзяць у школе і слухаюць настаўніка? Або дапамагаюць бацькам дзе-небудзь у майстэрні.
— Глядзі, які вялізны! — Хуары з захапленнем пазіраў на акіянскі лайнер, які буксіры асцярожна падцягвалі да прыстані. Уся верхняя палуба волата поўна людзей. Яшчэ праз колькі хвілін падалі шырачэзны белы трап, як маракі называюць сходні, і пасажыры, пагойдваючы чамаданамі, вясёлым натоўпам рушылі ўніз, дзе ўжо некага абдымалі, некага цалавалі… Гучаць воклічы, гаворка на розных мовах, бы на рынку Лір. Куды так углядаецца Хуары? Заўважыўшы позірк Акліля, Хуары торгае плячом.
— Пайшлі далей, — гаворыць ён абыякава, а вочы яго ніяк не адарвуцца ад натоўпу.
Акліль падумаў: «Алах, зрабі, каб тут быў бацька Хуары!» Так і прастаялі, пакуль не сышоў апошні пасажыр.
Хуары паглядае пахмурна. Настрой у яго сапсаваўся. Але праз момант цікавасць да параходаў перамагае. Вунь яшчэ адзін падыходзіць. А ля буёў, як белы дом, трэці імкне з мора пад ахову пірса. На таварнай частцы порта ля прычала ажно тры караблі. Праўда, не такія вялікія, але і іх трумы запоўнены ўсякім дабром, што прывезлі сюды з другіх краін. Адзін толькі што ашвартаваўся, і партавыя магутныя краны насунуліся да яго па рэйках на крывых сталёвых нагах. Бы якія буслы, што рыхтуюцца выхапіць здабычу. Апускаюць крукі-галовы над трумам, зазіраюць — ну, што там на гэты раз прыйшло з-за мора-акіяна? І Хуары першы заўважыў, успомніў, пра што казаў ім Ахсен:
— Зірні, які сцяг!
Чырвоны, з серпам і молатам. Значыць, гэта савецкі?
— Я такія колькі разоў бачыў,— сказаў Акліль.
— Не брашы, — адрэзаў Хуары. — Каб не я, ты б і не заўважыў.
— Дык жа я ў порце шмат разоў быў,— ухіліўся ад прамога адказу на словы сябра Акліль. — Глядзі — трактары! Я на гэткім катаўся, калі быў у дзіцячым доме.
— Хлусі больш, — не паверыў Хуары.
— Нас вазілі ў сельскагаспадарчы кааператыў,— з ноткай суму аб чымсьці страчаным сказаў Акліль. — Там быў савецкі трактар. Я нават бачыў яго рухавік.
О рухавікі! Акліль іх любіў больш, чым што на свеце. Мог стаяць гадзінамі каля якой-небудзь рамонтнай майстэрні. На палубе былі трактары ў вялікіх драўляных скрынях, з якіх тырчалі толькі блакітныя і аранжавыя кабіны. Частку машын кран паспеў перанесці на бераг. Там узвышаўся таксама штабель доўгіх скрынь і асобна стаялі вялікія жалезныя шафы кантэйнераў. Хуары прыжмурыў вочы і прачытаў вялікія літары зверху: «Made in USSR». Яшчэ было, таксама вялікімі літарамі: «Morflot».
— Напісана, з якой краіны — Савецкі Саюз, — тлумачыў ён Аклілю.
Акліль таксама чытаў: «Minsk».
— Там і горад, дзе гэта зроблена, — сказаў Акліль, каб Хуары не думаў, што толькі ён ведае, як чытаць замежныя надпісы. Хацеў дадаць нешта яшчэ і раптам змоўк: каля штабеля скрынь хадзіў той самы малады ірум'ен, грошы якога сцягнуў пракляты Шакал. Хлопец аб нечым горача спрачаўся з шыракаплечым, невысокага росту чалавекам з амаль белымі валасамі, якія вільготнымі ад марскіх пырскаў пасмамі звісалі на круты лоб. Акліль прыхіліўся да халоднага парапета і ўцягнуў галаву ў плечы.
— Што гэта ты? — зірнуў на яго Хуары.
— Бачыш тых ірум'енаў каля скрынь?
— Ну і што? — Хуары падазрона ўтаропіўся на сябра. — Відаць, савецкія. Можа, яны і прывезлі.
— Той высокі хлопец быў у грузавіку… Ля вострава. Хадзіў да Старога. Разумееш?
— І сапраўды! — Хуары чамусьці павесялеў. Расставіўшы ногі па-марскому, пачаў углядацца. — Той самы.
— Пайшлі да пакгауза, — бадзёра прапанаваў Акліль.
Але ў іх нічога не атрымалася, такі ўжо выдаўся дзень. Пакгауз быў зачынены, каля яго, нягледзячы на шалёны вецер, завіхалася цэлая плойма галубоў. Акліль шпурнуў у іх трэску, і птушкі разам ускінуліся ў паветра, гучна лопаючы крыламі. Перад дзвярамі — чыста, ні зярняці. Чаму пакгауз зачынены? Можа, з-за непагадзі, а можа, яшчэ нейкая прычына. Хуары моўчкі паўзіраўся ў галубоў, якія зноў таропка забегалі ля пакгауза, і, засунуўшы рукі глыбока ў кішэні курткі, пакрочыў прэч. Эх, як патрэбна нам стрыманасць у адносінах да блізкіх, калі раптам пачынаюцца жыццёвыя няўдачы! Вельмі многім, на жаль, здаецца, што вінаватыя ў іх не яны, а нехта іншы. Заўважыўшы, што і Акліль пацягнуўся за ім следам, Хуары ажно ашчэрыўся:
— Чаго ты цягнешся за мной, год чумы? Прыліп, бы ягня да маткі.
— Не хапала! — Акліль павярнуўся да таварыша спіной, каб той не заўважыў яго раптоўных слёз ад нечаканай абразы. — Ідзі, ідзі, ніхто да цябе не прыліпае.
— І пайду, — рэзка кінуў Хуары, але дрыжачы голас таварыша прымусіў яго сцішыць хаду. — Мне трэба аднаму.
— Цябе сапраўды бяруць у магазін? — спытаў Акліль, выцершы слёзы.
Хуары моўчкі пайшоў па лесвіцы ў бок плошчы Пакутнікаў. Крыху счакаўшы, Акліль асцярожна рушыў следам. Было цікава зірнуць, што гэта за магазін, куды бяруць Хуары. Каля духанаў і кавярняў Акліль стараўся стрымліваць дыханне. Пах свежага хлеба і кавы з малаком усё роўна лез у ноздры і муціў у галаве. З-за гэтага ён разы два ледзь не згубіў Хуары.
Акліль заўважыў яго каля мячэці Кечава. Той сеў на мармуровую прыступку, якую адглянцавалі мільёны ног і азадкаў тых, хто прыходзіў сюды некалькі стагоддзяў жабраваць. Твар у Хуары стаў нейкі чужы, перакрыўлены, правая рука, голая па локаць, выцягнута, пальцы сутаргава зводзіліся ў жменю. Танюткая рука ў шырачэзным рукаве мужчынскай курткі. Дэрвішы, прафесійныя бадзягі і жабракі, некалі стараліся тут перакрычаць адзін аднаго:
— У імя алаха, вялікага і міласэрнага, падайце свайму брату няўдаламу на пражытак, і вам тое залічыцца…
Хуары працягваў руку моўчкі. Сядзеў, сцяўшыся, бы ваўчаня. «Чакай, пададуць табе гэткаму», — помсліва, але з нейкім смуткам падумаў Акліль і павярнуў за рог дома. Ён ішоў на гул рынку Лір. Нягледзячы на непагадзь, людзі ўсё роўна цягнуліся сюды кожны са сваім клопатам. На рынку старцаваць было горш, чым ля мячэці. Там кожны стараўся паказаць сябе больш добрым, чым быў у жыцці. Затое на рынку можна было паднесці кошык якой-небудзь заклапочанай кабеце. Раней да яе звярталіся па-французску: мадам, зараз — лалла ці для хуткасці больш скарочана — лла. А потым смела працягнуць руку за аплатай, якую зарабіў. І не трэба нікому гаварыць «брат» толькі за тое, што ён кінуў табе мядзяк. О, паспрабаваў бы хто не аддаць Аклілю ім заробленае!
А дэрвішам ён не стане. Яго ж бацька быў муджахідам.
Частка другая ПЕРААДОЛЕННЕ ПУСТЫНІ
І я пачаў папракаць сябе за тае, што я нарабіў, і я сказаў сабе: «О Сіндбад, о Мараход, ніяк ты не зарачэшся, і кожны раз даймаюць цябе беды і стома, але не адмаўляешся ад падарожжа… Трывай жа тое, што ты церпіш, ты заслужыў усё, што табе дасталося».
«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-Марахода18. НЕЗВЫЧАЙНЫ КАРАВАН
Дзеці былі яшчэ сонныя, калі караваншчык, раскатурхаўшы іх, даў кожнаму падкісленай лімонам вады і па прыгаршчы фінікаў. Як заўсёды на досвітку, пустыня зацялася ад холаду. Удзень пячэ, а ўночы чорт душу валачэ. Але караваншчыкі гэтаму ніколькі не дзівіліся — такая яна ўжо спрадвеку, вялікая пустыня Сахара. Дзеці дрыжалі і ціснуліся адно да аднаго, як авечкі ў чарадзе. Ні віску, ні шэпту — моўчкі. Па першаму загаду караваншчыка яны палезлі ў вялікія скураныя торбы, папарна навешаныя паміж гарбоў стаячых на каленях вярблюдаў. Старшы караваншчык, караванбашы, вузкабароды высокі чалавек у калматай шапцы з аўчыны, зыркаючы пранізлівымі вачамі, аб'язджаў на кані стаянку. Коратка, бы каркаючы, ён даваў распараджэнні караваншчыкам. Сэнс іх быў такі: нічога не здарылася за ноч? Тады ў дарогу! Дзеці, убачыўшы яго, хавалі галовы, як птушаняты, калі блізка лётае каршук.
Заняў сваё месца ў торбе і Селім. Некалькі фінікаў ён паклаў за пазуху, каб паласавацца імі ў дарозе. Так лягчэй трываць. Шлях будзе доўгі, толькі ў другой палове дня караван дойдзе да якога калодзежа пасярод маўклівых бурых узгоркаў, спаленых сонцам. Тады будзе зноў адпачынак, вярблюды стануць на калені, і можна злезці на дол, проста зваліцца на гарачы пясок, каб выпрастацца і моўчкі пацярпець, пакуль цела перастане калоць іголкамі. Тады зноў дадуць нейкай ежы і вады.
Караваншчык пляснуў у далоні, і вярблюды, за якімі ён наглядаў, буркочучы чэравамі, пачалі нехаця падымацца з каленяў. Гарбы ўздымаліся ледзь не да нябёсаў, як здавалася Селіму. Астатнія караваншчыкі таксама пляскалі ў далоні. Жывёлін, якія не слухаліся гэтага сігналу, білі нагамі ў бок і торгалі за повад. Селім ухапіўся за склізкі край вялізнай скураной торбы, каб хоць крыху менш гойдацца. Ад гэтага штодзённага гойдання і рэзкага, нязвычнага паху вярблюджага поту і разамлелых цел суседзяў яму было моташна. Хлопчыкі, што сядзелі побач з ім, у асноўным на два-тры гады за яго маладзейшыя, пераносілі сваё незвычайнае падарожжа больш мужна. Сядзелі скурчыўшыся, бліскалі чорнымі вачанятамі, не размаўлялі, не ўсміхаліся, але і не плакалі. Плакалі некаторыя толькі ў сне. Некалькі хлопчыкаў, у тым ліку Селім, карысталіся большай свабодай — ім дазвалялася ў часе стаянак падыходзіць да караваншчыкаў і звяртацца з просьбамі. Бо яны былі старшыя ў сваіх групах. Яны назіралі за астатнімі, прыносілі ім пітво і маглі даць грымака за нейкую правіннасць.
Селім прыслухоўваўся да адрывістых размоў караваншчыкаў, гэтых лютых людзей з карабінамі за плячамі: ці доўга яшчэ? О, толькі б алах даў яму сілы перацярпець гэтае бясконцае падарожжа і дабрацца да палаца прынца Амана! А там ён знойдзе выпадак вылучыцца.
Але каравану прадстаяла яшчэ месяцы брысці па спаленай сонцам Сахары, перш чым дасягнуць не Амана, не, і нават не Саудаўскай Аравіі, а таго патаемнага месца на беразе Чырвонага мора, дзе дзяцей са скураных торбаў перавядуць на карабель кантрабандыстаў. Да таго часу вярблюдам давядзецца перайсці не менш як дзве граніцы афрыканскіх краін, перш чым замест жоўтых і чырвоных гурбаў пяску блісне блакіт мора. Караван павінен падняцца на паўночны ўсход, падысці да возера Джадо. Там яго чакаюць перакупшчыкі. Потым новы караван, удвая большы, рушыць у напрамку да другога возера — Эвар, дзе прасцей перайсці граніцу з Суданам.
Гэтыя думкі займалі зараз караванбашы — як тое ўсё абыдзецца? І ён спадзяваўся на свой вялікі вопыт, які пераняў ад бацькі. Яго род з вельмі даўняга часу займаўся пераправай дзяцей праз Сахару. Караванбашы здзівіўся б, каб яму нехта пачаў тлумачыць, што ён займаецца паганай справай. Чаму, калі гэта камусьці патрэбна? Няхай паспрабуе хто іншы гэтак справіцца — ён умее па-гаспадарску распараджацца людзьмі, вярблюдамі, прасачыць, каб кожны спраўна рабіў тое, што яму належыць, каб дзеці не захварэлі і не згубіліся ў дарозе, бо кожны з іх — гэта добрыя грошы. Ён ехаў наперадзе свайго маленькага каравана і ўглядаўся ў ружовыя ўзгоркі на гарызонце, іх залаціла сонца, якому пакуль што ўсе былі рады. Пазіраў караванбашы на ўзгоркі так уважліва таму, што па колеру іх мог меркаваць, ці не будзе ўдзень нечаканай завірухі, якая можа нарабіць бяды, калі яе не прадбачыць і не падрыхтавацца. З-за ўзгоркаў магла з'явіцца яшчэ адна небяспека — ворагі, якія могуць абрабаваць караван.
У пустыні хутка святлела, і вярблюды, буркочучы чэравамі, ад чаго дзеці спрасонку ўздрыгвалі, пакрочылі жвавей.
Высунуўшы галаву з мяшка, Селім бачыў, як хмыліць ноздры задні вярблюд, як задзірае галаву, каб не так балюча тузаў за меднае колца прывязаны повад. У лагчынах, дзе з зімы захавалася хоць нейкая вільгаць, пышна цвіў дрок, ярка зелянеў тамарыск, усімі колерамі пераліваліся макі на калматых сцяблінах. Селім, паглядаючы на ўсё гэта, не адчуваў ніякай асалоды ад гэтых духмяных, райскіх дываноў, якія рассцілаліся пад нагамі велічных вярблюдаў. Каб успрымаць прыгажосць веснавой пустыні, трэба мець хоць нейкую свабоду душы. Мінаў дзень за днём, і Селім усё больш прыходзіў да думкі, што яго ашукалі. Яго ж становішча мала адрозніваецца ад астатніх хлопчыкаў, і калі ногі яшчэ не скуты тонкім сталёвым ланцужком, як у астатніх, то не сёння-заўтра могуць скаваць і яго.
Учора ён зрабіў глупства. Каб неяк суцешыць сябе за цяжкасці пераходу па пустыні, на прывале падышоў да караваншчыка, які, здавалася, адносіўся да яго прыязна, і спытаў, ці праўда, што лепшыя дзеці трапяць у палац прынца Амана. «Што ён пытае?» — зацікавіліся астатнія караваншчыкі. А калі даведаліся, пачалі дружна рагатаць і тыцкаць на Селіма пальцамі. Караваншчык жа, якога Селім да гэтага лічыў амаль сваім прыяцелем, джагнуў яго плёткаю і загадаў ісці на сваё месца, да астатніх дзяцей. Селім круціўся ад болю, бязгучна разяўляючы рот, каб не заскавытаць. Нарэшце прыціснуўся спінай да спіны астатніх хлопчыкаў і раптам адчуў, што ад гэтага дотыку боль нібы пачынае слабець, быццам частка яе перайшла да суседзяў. У гэтыя хвіліны ён адчуў сябе нічым не лепшым за сваіх таварышаў з больш цёмнай скурай. А нядаўна ж адносіўся з пагардай, як да істот ніжэйшага гатунку, і не скупіўся на грымакі.
Але калі боль і абраза на другі дзень суціхлі, а караваншчык зноў усміхнуўся яму прыязна, Селім пачаў думаць, што яго, відаць, проста не зразумелі, і ўжо зноў камандаваў сваімі суседзямі, быццам падначаленымі яму ніжэйшымі істотамі.
Наколькі мог зразумець Селім з блытаных тлумачэнняў сваіх спадарожнікаў, большасць хлопчыкаў і дзяўчынак у караване былі аднекуль з глыбіні Афрыкі, з племя йаруба, і жылі на азёрах у вёсках на вадзе. Хаціны іх стаялі на палях. Яны верылі ў тое, што да гэтага часу жылі ў прыёмных бацькоў, але сапраўдны іх бацька — свяшчэнны кракадзіл. Ён на некаторы час любіць ператварацца ў чалавека, прымае яго аблічча. «Дзеці кракадзіла» — так яны сябе называлі і нават у сне страшыліся ўбачыць, што вярнуліся дадому. Бо гэта азначала б — яны здраджваюць сапраўднаму бацьку, за гэта духі маглі жорстка пакараць. Страшэнныя беды абрынуцца не толькі на іх саміх, але і ўсіх жыхароў вёскі. Сяльчане абавязкова пабілі б уцекача або кінулі б у возера, да бацькі-кракадзіла. Мовы іх Селім не разумеў. Але разам з ім знаходзіліся два хлопчыкі, якія нарадзіліся ў Нігеры. Яны ведалі мову йаруба, а таксама арабскую. Ад іх Селім і даведаўся пра «дзяцей кракадзіла». Як і ім, Селіму таксама некуды было вяртацца. Але ў яго не было іх веры, што галоўны караваншчык — гэта адзін з людзей-кракадзілаў, таму яго неабходна шанаваць і слухацца. Ён мог спадзявацца толькі на адно — прабіцца ў чароўны палац Амана і спадабацца велікадушнаму прынцу, які любіць прыгожых хлопчыкаў.
Гэтую выратавальную надзею пасеяў у спапялёнай душы Селіма гаспадар начлежкі ў Ніамеі. Да яе парога хлопчык прыбіўся пасля шматдзённых блуканняў па чужым горадзе ў глыбіні Афрыкі. Прыцягнуўся, ледзь кеўкаючы, каб проста памерці ў хоць крыху знаёмым месцы. Шлях дадому быў закрыты. Пешкі ж не дойдзеш. Ды і маці, вядома ж, не маўчала б: сынок сцягнуў не толькі грошы, але і ўсе яе залатыя і срэбныя бранзалеткі. Пра гэта ўжо і ведаюць не толькі родзічы, што выракліся яго і праклялі, але і паліцыя. О, там яго шукаюць. І не толькі як "злодзея, што абчысціў уласную маці. Але да начлежкі, якая стала апошнім пунктам яго падарожжа з хаджы Шукры, ён вяртаўся і раз, і другі, усё спадзяваўся, што кампаньён адумаецца і вернецца. Хоць ужо ў тую раніцу, калі заўважыў, што знік і Шукры, і ўсе капіталы, Селім зразумеў: з дзядзькам яны больш не сустрэнуцца па-добраму. З нейкім ціхім шаленствам Селім зноў і зноў зазіраў ва ўсе куткі каморы, пад цыноўкі, абмацваў сваё адзенне, патаемныя кішэні, дзе хаваў свае капіталы. Спадзяваўся на нейкі цуд, хоць розум гаварыў — гэта канец. Ён узняў такі вэрхал, што ў камору, нарэшце, усунуў галаву гаспадар, пажылы і заўсёды сонны дагамеец.
— Дзе мой дзядзька? — запытаўся Селім, усё яшчэ спадзеючыся на цуд.
Лілова-чорны твар гаспадара застаўся гэткім жа сонным, толькі туды-сюды хіснуліся вялікія, бы выціснутыя нейкай сілай спадылба, вочы. Разляпіліся шырокія цёмна-чырвоныя губы:
— Сказаў — ты застаешся, ён паедзе.
— Куды? Куды паедзе?
Але гаспадар ужо моўчкі апусціў за сабой старую цыноўку, якая замяняла дзверы. Селім яшчэ раз абмацаў кішэні, потым абхапіў галаву рукамі і з ціхім скавытаннем закачаўся па глінянай падлозе каморы.
— Уцёк! Тоўсты падлюга! Вырадак смуроднай свінні! О, пратні яго сэрца, алах!
Потым ён нібы здранцвеў. Нават гаспадар зноў усунуў галаву: чаму ў каморы ціха? Бліснула сонца і нібы абудзіла Селіма. Раптоўна кінуўся ён з крыкам прэч, на волю, ледзь не збіўшы з ног тоўстага дагамейца.
Бы гончы сабака, кідаўся Селім па горадзе ў пошуках Шукры. Толькі б напасці на след! Толькі б знайсці! Селім бы так учапіўся ў яго горла! Ён хутчэй бы даў сябе забіць, чым дазволіў Шукры ўцячы з яго, Селіма, грашамі і каштоўнасцямі. Стукаючы пяткамі, ён памчаўся па даўжэзным мосце праз раку Нігер у аэрапорт. Яго пракліналі насільшчыкі з цяжкімі цюкамі на галаве, якім ён замінаў. Але ранішнія самалёты даўно паляцелі кожны ў сваім кірунку, а ў будынку вакзала Шукры не было. Тады Селім памчаў зноў праз мост, на аўтастанцыю, дзе знаходзіўся прыпынак аўтобусаў транссахарскага маршруту. Ён хапаў за крысо ўсіх мужчын, захутаных у плашчы-бурнусы, за што яго лупцавалі чым папала. Яго ледзь не загрызлі сабакі, якія сцераглі вялізны статак авечак каля старажытнага будынка-свірна, адкуль выходзілі ў пустыню караваны вярблюдаў.
Хаджа Шукры нібы растварыўся ў насычаным тонкім гарачым пылам паветры Ніамея.
Усё яшчэ на нешта спадзеючыся, позна ўвечары Селім знайшоў сваю начлежку. Але камора была пустая. Саламяныя падсцілкі, на якіх ён раней спаў, ляжалі скручаныя, не было меднага збанка з вадой. Селім расцягнуўся на глінянай падлозе, аддыхваючыся і збіраючыся з думкамі — што рабіць далей? Але нядоўга ён прабыў у адзіноце. Гаспадар начлежкі, трымаючы перад сабой электрычны ліхтарык, святло якога балюча рэзнула Селіма па вачах, з парога каморы гугнява пацікавіўся, ці ёсць у хлопца грошы, каб плаціць за ежу і начлег. Пачуўшы, што грошай няма, дагамеец магільна-раўнадушным голасам прамовіў: «Плата пасля захаду сонца. Ідзі адсюль. Калі будуць грошы, прыходзь».
19. ВЫПАДАК НА РЫНКУ
Усяго два разы за апошнія месяцы давялося Добышу наведацца з Сахары ў сталіцу Алжыра — атрымліваў запчасткі для матора свідравальнай машыны, потым ездзіў з галоўным бурыльшчыкам, вясёлым азербайджанцам Эльмарам Юсуф-задэ, на нараду ў міністэрства, але кожны раз з доктарам Кійкам яны змаглі перамовіцца толькі па тэлефоне. Цяпер у Добыша аказалася вольным ажно паўдня, але ў шпіталі, куды ён прымчаў, сказалі, што доктар Кійк у горадзе Канстанціна і будзе там увесь тыдзень. Дзеці падарваліся на французскай міне, аперацыі складаныя, іх запрасілі зрабіць доктара Кійка і балгарскага хірурга.
— Дык, можа, што перадаць сейіду доктару? — спачувальна запытаў ужо знаёмы Добышу малады хлопец Рааба, які спецыялізаваўся ў шпіталі на тэрапеўта.
— Толькі прывітанне, — паківаў галавой Добыш. — Кветкі ў Сахары яшчэ не расцвілі.
— Не сумнявайцеся, — сказаў Рааба з цеплынёй у голасе, — вы яшчэ пабачыце, як хораша яны там цвітуць. — І дадаў: — Я з тых мясцін. Памятаеце, казаў вам, што я з племені бенімзаб? А ваш атрад свідравальшчыкаў зараз у якім раёне?
— Паміж аазісамі Джэльфа і Біскра. Да апошняга на пяцьдзесят кіламетраў бліжэй, чым да Джэльфы. Ну, гэта лічыцца не надта далёка. А вось два атрады геолагаў працуюць сапраўды ў самай сярэдзіне Сахары — каля аазіса Таманрассэт.
— Ведаю тыя мясціны. — Рааба з прыязнай усмешкай зірнуў на Добыша праз свае модныя акуляры ў тонкай металічнай аправе. — Малым ехаў з караванам. Так што памятаю сахарскія і пяскі, і кветкі.
Рааба пайшоў праводзіць Добыша і пацікавіўся, якія ў таго планы да ад'езду ў Сахару.
— Асабліва ніякіх, — адказаў Добыш. — Пазваню таму-сяму са знаёмых, ну, і хачу пабачыць старога Аіт-Хаммуша на яго востраве, гэтага Сіндбада-Марахода. Вазьму таксі і паеду.
Рааба пакратаў тонкімі пальцамі акуляры і, нібыта на нешта адважыўшыся, прамовіў:
— Які ён Сіндбад? Той жа быў малады. І для нас застаўся маладым. Не трэба вам туды, на востраў. Я ж, здаецца, казаў, што Аіт-Хаммуш быў некалі кантрабандыстам. Ды і зараз невядома чаго сядзіць там адзін. Я тое ж самае і сейіду доктару казаў — асцерагайцеся! А ён смяецца.
Тым не менш Добыш усё-такі ўзяў таксі, і яны з Раабам паехалі да мора. І дарэмна. Нельга было і думаць, каб дабрацца да астраўка. Ледзяны вецер дзьмуў з такою сілай, што на адкрытым месцы нельга было стаяць. Аб скалу перад астраўком хвалі білі люта. Здавалася, яшчэ адзін такі ўдар — і камяні пачнуць развальвацца. Маленькі пляскаты астравок справа ад таго, дзе жыў Аіт-Хаммуш, наогул толькі зрэдку ўзнікаў з вады, быццам шырокая спіна нейкага марскога звера.
Падзівіўшыся на шалёнае зімовае мора, Добыш і яго спадарожнік мусілі ні з чым вяртацца ў горад. Таксіст, які іх чакаў за пагоркам у зацішку, глядзеў на маладых людзей, як на дзівакоў. Магчыма, гэтак жа думаў пра Добыша і Рааба, але адчуваў задавальненне, што пабываў тут.
Праз гадзіну яны ўжо крочылі па горадзе, які пасля вылазкі да мора здаваўся асабліва ўтульным і прыгожым.
— Кажуць, Аль-Джазаір параўноўваюць з Парыжам, — звярнуўся Добыш да крочыўшага з ім плячо ў плячо Раабы. Той паціснуў плячамі.
— Вы былі ў Парыжы? — пацікавіўся ён. — Не даводзілася? А я амаль два гады там вучыўся. Здрадзіў, як бачыце, запавету Абд аль-Кадзіра нічога не прымаць ад французаў… Але я толькі ў Парыжы даведаўся пра гісторыю свайго народа. Нам жа казалі ў школе: гісторыі ў алжырцаў няма, яна пачалася з таго часу, калі французы вызвалілі нас ад прыгнёту турэцкіх феадалаў. І мова, казалі, у нас была дзікунская, той не культурны, хто не ўмее размаўляць па-французску. Бо гэта ж мова геніяльных людзей, якіх ведаюць ва ўсім свеце, — Вальтэр, Гюго, Заля і многа, многа яшчэ. Але ж і генерал Салан, які камандаваў тут карнымі войскамі, гаварыў па-французску. Да чаго даходзіла: некаторыя вельмі добрыя французскія пісьменнікі, якія тут нарадзіліся, лічылі, што яны жывуць у Францыі, а мясцовае насельніцтва, туземцы, проста «арабы».
Куды падзелася нядаўняя мяккасць Раабы! Побач з Добышам крочыў адзін з нашчадкаў слаўнага эміра Абд аль-Кадзіра, міма помніка якому яны цяпер праходзілі. Рааба паказваў Добышу Казбу. Рынак Лір яны абыходзілі краем, бо ўвайсці ў яго сярэдзіну — значыла затрымацца надоўга. Не толькі ад мнагалюдства: ён зачароўваў сваёй стыхіяй. Але і з краю гэта быў той жа своеасаблівы фантастычны свет, дзе ўсё, здаецца, прымае іншыя формы, чым звычайна.
Тры хлапчукі стрымгалоў кінуліся да жанчыны, што паставіла на брук напакаваны рознай гароднінай кошык. Яна шукала насільшчыка. Худы і нечым падобны на коніка хлапчук на нейкую долю секунды апярэдзіў канкурэнтаў і апынуўся перад строгім позіркам гаспадыні кошыка. Блакітныя вялікія вочы пачціва міргнулі:
— Лла, я дапамагу?
Канкурэнты яшчэ не гублялі надзеі. Тры пары спрытных і аднолькава брудных рук пацягнуліся да кошыка:
— Лла, я панясу! Лалла, мне!
Але блакітнавокі ўсё ж быў першы, і яна дакранулася пальцамі да яго пляча. Звычайна канкурэнты ў гэты момант адступаюць. Але тут здарылася інакш. Не паспеў хлопчык паставіць кошык сабе на плячо, як раптам спатыкнуўся, піхнуўшы ў бок гаспадыню, якая паважна крочыла крыху наперадзе. Кабета зыркнула на насільшчыка падазрона. Той бадзёра ёй усміхнуўся і паддаў пад кошык плячом, каб не спаўзаў. Зялёнае з белымі кончыкамі пер'е цыбулі-латука звешвалася з кошыка і пляскала хлопца па твары. Ён напяў губы і рашуча звузіў вочы.
— Зірніце, што робяць, нягоднікі! — усклікнуў Добыш.
Хлопчыку ўжо другі раз зрабілі падножку, і ён ледзьве не паляцеў потырч. Сам утрымаўся, але кошык быў цяжкі для танклявых рук блакітнавокага і, натуральна, зваліўся на зямлю.
— Ах ай-вава мутхаг! — выдыхнула кабета энергічны арабскі праклён, які, мабыць, можна перакласці так: «Каб на цябе ліха!» І замест таго каб ратаваць сваю гародніну, схапіла насільшчыка за валасы: — Паліцыя! Паліцыя!
— О, лла, не бядуйце, мы дапаможам, — канкурэнты мітусіліся перад кабетай. Адзін з іх засланіў сабою кошык са стручкамі фасолі і кавалкам бараніны. Другі збіраў тое, што сакавіта хрумсцела пад нагамі прахожых. Вакол рагаталі. Ад гэтага гаспадыня кошыка зусім раз'юшылася.
— А хлопчык жа мне знаёмы! — сказаў Добыш. — Ды яна ж адарве яму галаву. Мадам, гэта не ён вінаваты! Не ён!
Кабета, не выпускаючы хлопчыка, злосна азірнулася. Рааба пераклаў на арабскую мову сказанае Добышам.
Падышоў паліцэйскі, малады хлапчына з тонкімі вусікамі на прыгожым твары:
— Што здарылася?
— Вой, такія страты! — лямантавала кабета. — Гэй, куды вы, каб вас шайтан забраў? — Гэта было ўжо сказана хлапчукам, якія, не жадаючы кідаць здабычу, подбегам валаклі кошык падалей. Кабета сунула паліцэйскаму Акліля:
— Во, хоць ты павучы розуму гэтага шкодніка. Ды цішэй вы, каб вас шайтан забраў! — гэтыя словы скіравала ўжо хлапчукам, якія і так трымалі кошык, бы паланкін эміра.
— А я з ім сустракаўся, — паўтарыў Добыш, набліжаючыся да хлопчыка, якога аб нечым распытваў паліцэйскі.— Цяпер я ўпэўнены, што ён быў невінаваты. Акліль?
Заўважыўшы, хто перад ім, Акліль сцяўся і замоўк.
— Мсье паліцэйскі,— сказаў Добыш, — мы бачылі, як была справа, дазвольце…
— Вой, балюча! — раптам закрычаў Акліль. — Вой!..
Паліцэйскі ад нечаканасці разгубіўся і машынальна выпусціў яго руку.
— Паны хочуць быць сведкамі? — спытаў ён здзіўлена. — Гэй, ты куды, малы?
Але Акліль ужо шмыгнуў за спіны людзей, што стоўпіліся вакол паліцэйскага.
— Мы хацелі пацвердзіць, што хлопчык аказаўся ахвярай хуліганаў,— сказаў Добыш.
Паліцэйскі незадаволена хмурыўся:
— Я і сам быў упэўнены, што хлопчыка цішком штурханулі. Але не ў тым справа. Мне падалося, што ён з тых, хто бадзяецца. Можа, нават сірата… Вельмі шкада, прывыкне бадзяцца, а потым яму ўжо здаецца, што гэта і ёсць яго жыццё. Яшчэ трапіць у кампанію агуду, упэцкаецца ў розны бруд па вушы. Разумееце? Ці захварэе, згубіць здароўе. А шкада, мне здалося, што хлопец добры.
— Ды добры ж, відаць, калі ў яго не атрымоўваецца жыць па-воўчы, — згадзіўся Добыш. Яму хацелася пагаварыць з хлопчыкам. Шкада, што той збег.
Але іншы раз абставіны нібы імкнуцца насустрач жаданням. Мудрыя людзі ведаюць гэта і таму імкнуцца нават у думках жадаць толькі тое, чаго ім сапраўды вельмі хочацца. Таму, відаць, і чалавек становіцца прыгажэйшы, калі ў яго думкі добрыя.
Добыш з Раабам пачалі прыглядацца, дзе б пасядзець у цяпле, сагрэцца кубачкам кавы. Значыць — у кавярню, ці — як па-ранейшаму, да французаў, тут называлі яе — у духан? Гэта не толькі месца, дзе можна паснедаць, а нешта і накшталт клуба. У вольную часіну тутэйшыя мужчыны ідуць сюды, каб за кубачкам кавы пагутарыць з сябрамі, пачуць навіны.
Кавярню выбралі непадалёк ад рынку, ля старой плошчы — джамаа. Добыш бачыў такія джамаа ў самых маленькіх паселішчах, і ў кожнай былі хоць невялічкія, на два-тры столікі, духаны. Дарэчы, тут, па старой завядзёнцы, яшчэ гуляюць на грошы. Так што некаторыя ідуць сюды, спадзеючыся на «дурныя» грошы — раптам пашанцуе ці трапіцца дурань з поўным кашальком. Вакол іх тоўпяцца гледачы, дробныя зладзеі, якіх цікавяць кішэні разявак і, вядома ж, хлапчукі з тых, у каго бацькі не дужа пытаюць, дзе дзіцё бавіць час.
З перасцярогі, што можа зноў трапіцца на вочы паліцэйскаму ці таму ірум'ену, які яго пазнаў, падаўся сюды і Акліль. Калі каму-небудзь рупіць ведаць, дзе гэта дакладна было, то паведамім — якраз каля сквера Порт-Саід.
20. АКЛІЛЬ РОБІЦЬ ВЫБАР
У кавярні гуло ад мужчынскіх галасоў. Рааба і Добыш з цяжкасцю адшукалі незаняты столік. Ад паху кавы Добыш адчуў, што даўно хоча есці, і таму заказаў сабе спачатку смажаныя сасіскі з салодкім перцам, а потым яшчэ і катышы з мясам, спечаныя на пахучым аліўкавым алеі. За суседнім столікам хлопцы елі вялікіх крэветак, і Рааба вырашыў заказаць сабе тое ж. А пакуль яны зрабілі па глытку цудоўнай мінеральнай вады «Сайда» і агледзеліся. З Раабам павітаўся здалёк высокі хлопец у фесцы.
— Зірніце на яго ўважлівей, — звярнуўся Рааба да Добыша. — Гэта ж наша універсітэцкая славутасць. Добрыя вершы піша. Але хоча стаць юрыстам. Я вас буду знаёміць з нашымі… Каб вы змаглі лепш вывучыць Алжыр.
Добыш спачатку сам не зразумеў, чаму звярнуў увагу на падлетка-гарсона, які, сціснуўшы ад стараннасці губы, нёс да стойкі духаншчыка вялікі стос талерак і кубачкаў. Зірнуў яшчэ — і вачам не паверыў: ды побач жа Акліль! Стаіць, сцяўшыся, і сочыць, як ідзе гэты гарсон. Няўжо зараз паўторыцца тое, што было каля рынку? Непрыкметна падстаўленая нага — і сапернік спатыкаецца, стос посуду грыміць на падлогу. Толькі на гэты раз ролі памяняюцца і пераможцам у гэтай бруднай барацьбе будзе ўжо Акліль?
— Слухайце, як гучыць верш, — гаворыць Рааба. — Частка нашых маладых паэтаў піша па-французску, але гэта алжырскае:
У горадзе Аль-Джазаір, Каля універсітэта, На вуліцы Танжэр Было гэта…Добыш прыслухаўся, зірнуў на Раабу і ўпусціў з поля зроку Акліля.
— Слухайце, — гаворыць Рааба, — ад гэтых радкоў шчыміць сэрца:
У цябе была кроў на губах, У цябе была куля ў грудзях. Ты не вярнуўся да любай… Згуба…Пажылы алжырац за суседнім столікам адставіў убок свой кубачак з кавай і таксама слухаў Раабу. Нарэшце трасянуў кучаравай галавой: «Алах йерхэм шухада!»
Гэтую фразу Добыш чуў ужо неаднойчы. Яе сэнс — алах ды блаславіць загінуўшых герояў! Але іх па-сапраўднаму бласлаўляюць вось такія вершы, якія прымушаюць людзей і смуткаваць, і сціскаць кулакі ад гневу на забойцаў.
Дык дзе падзеўся Акліль? Добыш уважліва пачаў аглядаць людную кавярню.
— Слухайце яшчэ… Гэты верш напісала маладая паэтэса Лейла Джабалі. Яна падлеткам прымала ўдзел у барацьбе і яе білі:
Удар па твары… Дзяўчо б'юць. А ваша жонка, мсье лейтэнант, Раніцой мяшае вам лыжачкай каву? А маці ваша, яна не баіцца казаць: «Добрай раніцы, сын»? А вы лашчыце вашых дзяцей?«Гэтая паэтка, Лейла Джабалі, магчыма, падобна на другую алжырскую дзяўчыну, імя якой ён памятаў,— думае Добыш. — На Джамілу Бухірэд. Студэнты Мінска сабраліся тады на мітынг, каб выказаць пратэст супраць расправы французскіх каланізатараў над алжырскай патрыёткай. Яны напісалі пісьмо французскаму прэзідэнту».
…Афіцыянт, бы фокуснік, паставіў на столік талерачкі са стравай. Добыш машынальна ўзяў відэлец, але тут жа паклаў і ўстаў.
— Даруйце, — сказаў ён здзіўленаму Раабу. — Я бачыў нядаўна каля таго слупка хлопчыка, Акліля…
— Усё можа быць, — Рааба спакойна зрабіў глыток вады. — Пойдзеце зараз яго лавіць?
— Ды не! — захваляваўся Добыш. — Разумееце, не магу нічога праглынуць. Ён жа, мабыць, галодны.
— Толькі асцярожней, — папярэдзіў Рааба. — Тут могуць аказацца яго больш дарослыя апекуны. Вы не ведаеце, як гэта бывае іншы раз. — І Рааба таксама ўстаў, папраўляючы акуляры. — А вунь ён, ваш малы. Вунь, каля стала, дзе гуляюць у данцзу.
Акліль у гэты час сачыў за потнымі лбамі гульцоў. Вось зараз сутыкнуцца! Як бараны, што мераюцца сілай. Гуляюць на грошы. У кожнага па жмені манет. З-пад тоўстай дошкі, падзеленай на жоўтыя і цёмна-карычневыя клеткі, вытыркаўся срэбны месячык забытай у азарце гульні манеты. Акліль быў бліжэй за ўсіх і цярпліва чакаў, калі яна зваліцца нарэшце на падлогу. Гулец, за потнай гарачай спінай якога стаяў Акліль, разгойдваўся і ляпаў далонямі па краі стала. За манетай сачылі некалькі пар хлапечых вачэй. Зразумела, калі яна зваліцца, пад сталом будзе валтузня. Усе рыхтаваліся да яе.
З хлапечых глотак адначасова пачуўся працяглы ўздых — гулец заўважыў сваю манету і тоўстымі пальцамі зноў нецярпліва запхнуў яе пад дошку. Месяц, што раптам знік з небасхілу! Акліль праглынуў сліну — цяпер чакаць прыйдзецца доўга.
— Як справы, Акліль?
Ірум'ен! Цяжкая рука асцярожна дакранаецца да хлапечага пляча, зверху пазіраюць светлыя вочы, і ў іх хлопчык заўважае сарамлівую спагаду. Бегчы? Але ж яго не трымаюць! Дзіўны савецкі ірум'ен. Нічога добрага ад сустрэч з ім не было, гэта так. Акліль скасавурыўся. Чаму яго не хапаюць? Што гэта за чалавек?
— Грошы я табе аддам, бажуся, — мармыча Акліль.
— Дык ты жывы і здаровы? — савецкі ірум'ен усміхаецца прыязна. — А мне казалі, што ты з сябрам трапіў у шпіталь. Як гэта вы ўмудрыліся ўзарваць сваю вежу?
«Адкуль яму вядома пра гэта? — падазрона пазірае Акліль. — Выходзіць, даведаўся, дзе мы жылі?» Напружыўся, калі цяжкая мужчынская рука зноў датыкнулася да яго пляча. Ух, ён бы рвануў, каб савецкі ірум'ен паспрабаваў схапіць яго! Але не, Акліль адчуў толькі лёгкае падштурхванне.
— Мы там набралі шмат ежы. Не дапаможаш нам з ёю ўправіцца? Як сабе хочаш, канечне.
Дапамагчы? Акліль зноў насцярожыўся. Але ногі самі міжволі павялі яго між столікаў, за якімі людзі з грашамі елі, пілі каву і аранжад, весела размаўлялі. Бы ў сне, ён сеў насупраць паважнага сейіда ў прыгожых акулярах. Той усміхнуўся яму і кіўнуў. На ўскрайках іранічна скрыўленых губ сляды арэхавай падлівы.
— Дык ты і ёсць той самы Акліль? — кажа сейід і падсоўвае пад самы нос хлопчыка талерку з кавалачкамі тушанага мяса ў фасолевай падліве, ад аднаго паху якой па целе Акліля разлілася млявасць. — Ну, еш і не звяртай на нас увагі.
Акліль не стаў чакаць другога запрашэння.
— Прызнаюся, не чакаў, што ён пойдзе з вамі,— чуе ён голас маладога сейіда, які звяртаўся да савецкага ірум'ена. — Мэн джэддэ ўаджэддэ.
— Вы забываеце, што я пакуль і на французскай мове разумею далёка не ўсё, — адгукнуўся Добыш, з усмешкаю пазіраючы, як хлопчык за абедзве шчакі ўпісвае і сыр, і рыбу ў чырвонай падліве. — А на арабскай мове ведаю некалькі слоў — салям, шухада і вось яшчэ — хабіба.
— О, значыць, і слова «матуля» вам вядома!
— Так, калі я працаваў ва Уадыясе, дык вучыў аднаго мясцовага хлопца вадзіць трактар. Мой вучань гаварыў, калі нешта не атрымоўвалася: «О, йома хабіба, йома хабіба!» — о, мая матуля, значыць. Вось мне і запомнілася.
Заўважыўшы, як зацікавіўся Акліль тым, што гаварыў Добыш, Рааба прапанаваў яму:
— Ну, тады перакладзі ты, хлопчык, для нашага госця тое, што я казаў.
Але Акліля цікавіла зусім іншае: ого! вось гэта здорава: гэты савецкі ірум'ен умее вучыць, як вадзіць трактары, і разбіраецца ў маторах! Акліль выпіў вады і паківаў галавой:
— Ты, сейід, відаць, казаў нешта з кнігі Каран, а я ж не вучыў гэта.
— Як, ты хочаш сказаць, што дрэнна ведаеш арабскую мовы? Ты ходзіш у школу?
— Мяне вучыла францужанка ў лагеры бежанцаў. Але ў нас гавораць не зусім так, як напісана ў Каране.
— Дзе гэта ў вас, адкуль ты родам? — зацікавіўся Рааба.
— Я? — Акліль прыкідваў, як бы пакласці ў кішэню кавалак сыру. — З Вялікай Кабіліі, сейід.
— Дык вось дзе вы з ім пазнаёміліся, — павярнуўся Рааба да Добыша.
Той паціснуў плячамі:
— Для мяне навіна, што ён з Кабіліі.
— Аб гэтым можна было і здагадацца, — заўважыў Рааба. — У яго ж вочы блакітныя.
— Сапраўды, — згадзіўся Добыш, бо і сам звярнуў на гэта ўвагу.
— А прыказку з арабскай мовы можна перакласці прыкладна так: хто імкнецца да мэты, таму і выпадак дапамагае. — І Рааба, міргнуўшы ў бок хлопчыка, адначасова прыклаў палец да вуснаў — жэст, зразумелы ўсім.
Рука хлопчыка з новай порцыяй здабычы была ўжо гатова знікнуць пад сталом, калі ён заўважыў гэты жэст. Акліль апусціў вочы і скурчыўся. Ён чакаў якой-небудзь знявагі і гатовы быў ускочыць і кінуцца прэч з кавярні. Добыш і Рааба зразумелі адзін аднаго без слоў: не смяяцца, але і не рабіць выгляду, што нічога не заўважаюць.
— Кішэню запэцкаеш, — спакойна сказаў Добыш і ўзяў са стала некалькі папяровых сурвэтак. — На, загарні. Але пад'еў бы спачатку, а потым мы табе купім бутэрбродаў на дарогу.
Акліль, унурыўшы галаву, паклаў на стол кавалак рыбы. Тое, што было напхана ў кішэню, ён не стаў бы зараз вымаць нават пад пагрозаю пакарання. З недаверлівасцю ваўчаняці зірнуў на сурвэткі. Буркнуў:
— Гэта для Хуары. — І сядзеў, паклаўшы рукі на стол, нічога не кранаючы.
— А, — усміхнуўся Добыш. — Гэта той, з кім ты жыў у вежы ля мора?
— У яго горла схапіла. — Акліль перастаў угінацца і крыху падбадзёрыўся. Ён нават паказаў, як хрыпіць ягоны сябар. — Трэці дзень вісіць над патэльняй. Твар чорны стаў, як у негра.
— Ты хочаш сказаць, што ён хворы? — страпянуўся Рааба. — А дзе ж яго родзічы?
— То мы ж удвух, — з гонарам сказаў Акліль. — З намі яшчэ нейкія жылі, але іх на рынку загрэбла паліцыя…
Добыш і Рааба пераглянуліся. Кожны ўявіў сабе, як жывуць гэтыя хлопчыкі. Трэба нешта рабіць, каб уратаваць іх з бяды. Але ж як?
— Вось так і загінеце ў сваёй зямлянцы, — сурова прамовіў Рааба. — Ты ж разумны хлапчына… Чым так жыць, чаму б не папрасіцца ў дзіцячы дом? Там жа і кормяць, і вучаць.
— А мы не ў зямлянцы, — нават пакрыўдзіўся Акліль. — Там хаціна. У ёй вялікая сям'я жыла, пакуль не пераехала ў новы дом на Дыяр Эль-Махсул. Ну, туды, дзе гэтыя каменныя коні з рыбінымі хвастамі.
— А вам, значыць, для камфорту не хапае толькі каменных коней? — фыркнуў Рааба. — Няўжо будзеце ўсё жыццё шукаць на рынку, каму паднесці кошык, і жыць у бідонвілі?
Трэба было неяк падвысіць сябе, і Акліль выпаліў:
— Нічога, мы з Хуары хутка будзем багатыя.
— Разбагацееце, падносячы кошыкі на рынку? — пасмяяўся Рааба. — Ці знойдзеце клад?
Акліль зірнуў падазрона: заманьваюць, каб даведацца пра таямніцу ў руінах?
— Я хутка паступлю на параход і буду механікам. А ў Хуары бацька працуе ў Парыжы.
— Ты марыш стаць механікам? — Добыш зірнуў на хлопчыка з узрослай зацікаўленасцю.
— Я ведаю ўсе маркі машын, я працаваў у электрамеханічнай майстэрні,— пахваліўся Акліль.
— Так ужо і ўсе? Ну-ну. Выходзіць, будзеш маім таварышам, бо я ж таксама механік. Праўда, усіх марак машын яшчэ не ведаю. А вось скажы, твайго сябра Хуары ўжо глядзеў урач?
Акліль здзівіўся: з-за таго, што баліць горла, шукаць урача? Аднак тут сейід у акулярах зірнуў на яго непрыязна.
— Ты пакінуў сябра ў бядзе. А раптам у яго дыфтэрыт? Альбо ты лічыш, што хлопчыкі не паміраюць, калі іх лечаць ад хваробы?
Акліль устрывожыўся. Дыфтэрыт? Гэтае слова ён некалі чуў. У дзіцячым доме. І захварэўшага хлопчыка там адразу павезлі ў шпіталь. У Акліля нават слёзы бліснулі, так раптам стала шкада Хуары.
— Сейід Рааба — урач, так што ты яго слухай, — сказаў савецкі ірум'ен. — Можа, давай папросім, каб ён наведаў твайго сябра?
Акліль пабойваўся дактароў, але цяпер лічыў сябе вінаватым. Сапраўды: раптам Хуары зараз кепска, а ён ляжыць адзін і нават не мае скарынкі хлеба, толькі вада ў бляшанцы з-пад малака.
— Каб у мяне былі грошы, я купіў бы яму рагалікаў і малака.
— Дык паехалі да вас, ці што? — звярнуўся да хлопчыка Добыш.
— Туды цяпер не ходзіць аўтобус, — сумеўся Акліль. — А Хуары, калі ўбачыць вас, яшчэ ўцячэ.
— Дык папярэдзь яго! — прапанаваў Добыш. — А мы возьмем таксі. Тут блізка ёсць стаянка?
Го, калі Хуары ўбачыць яго, Акліля, у таксі, ён перастане лічыць сябе старэйшым і задзіраць нос! Спахмурнелы было твар хлопчыка заззяў.
— Я збегаю па машыну! — прапанаваў ён. — Гэта блізка.
Акліль ірвануў, бы ганчак, які пачуў блізкую здабычу. Яго ногі ў імгненне вока пералічылі ўсе шаснаццаць прыступак ад кавярні і вынеслі на ніжнюю вуліцу.
— Што вы робіце, Юрый! — усклікнуў Рааба, пазіраючы ўслед Аклілю. — Я ж яшчэ не сапраўдны ўрач і дрэнна разбіраюся ў дзіцячых хваробах.
— Нічога, — адгукнуўся Добыш. — Калі хлопчык сапраўды сур'ёзна захварэў, зразумееш. Завязём у шпіталь. Не кідаць жа іх зноў адных.
Таксі спынілася ў трох кроках ад іх, і з прачыненых дзверцаў высунулася калматая галава хлопчыка. Акліль ззяў усмешкай і махаў рукой.
— Ведаеце, а вочы хлопчыка нагадалі мне… ну, так, вочы Марыям, — з нейкім здзіўленнем прамовіў Добыш. — Няўжо і яна таксама з Кабіліі?
Эх, як Акліль шкадаваў, што ўжо вечар! Але ён усё ж спадзяваўся, што хлапчукі, якія выглядвалі з кавярні, усё добра бачылі. І ён сядзеў, узняўшы як мага галаву і звесіўшы з акна руку. І калі таксі рванула наперад, у далонь хлопчыку, бы мячык, тыцнуўся пругкі камяк паветра.
21. ПРАДАДЗЕНЫ «МІЛЬЯНЕР»
Пасля ночы пустыня награваецца спакваля. О першы прамень, як чакае цябе дрыготкае цела! Але холад хутка адступае, праз якую гадзіну здаецца, што яго ніколі тут і быць не магло.
Сонца спачатку толькі сляпіла, затым яго ахутвала пара — пустыня аддавала свае мізэрныя запасы вады паспешліва, бы імкнулася ўлагодзіць уладара нябёсаў. Але сонца было няўмольным. Яно імкліва выкатвалася з-за высокіх пясчаных хваляў і потым доўга вісела над караванам. Цені вярблюдаў шарымі зданямі каціліся па брудна-жоўтых пляскатых узгорках, гусцелі, калі караван спускаўся ў лагчыны, дзе ласкава сінелі кветачкі дроку, і амаль поўнасцю знікалі, калі вярблюды ўзбіраліся на дзюны. Над гарбамі вярблюдаў, прыкрываючы скураныя торбы з дзецьмі, пакалыхваліся, быццам ветразі, вялікія паласатыя парасоны. І так дзень за днём. Селім перастаў іх і лічыць. Ад задушлівай спёкі яму было ўсё роўна, дзе ён і што будзе заўтра. Прывід казачнага султанскага палаца з квітнеючымі садамі, з фантанамі пасярод руж і пахучых кветак бэзу мроіўся ўсё радзей.
Няўжо ён, Селім, мог тады так здурнець, паверыць нейкаму паўжабраку-дагамейцу? Чалавеку, які ўсё жыццё поркаўся ля сваёй начлежкі з яе смярдзючымі старымі цыноўкамі! Праўда, і хаджа Шукры нешта казаў пра эміраў і прынцаў. Нягоднік і злодзей Шукры!
Селім і сам бачыў той палац на вялікай фатаграфіі ў кавярні, дзе хаджа Шукры пра нешта дамаўляўся з гандлярамі атрутным зеллем. Ён і Селіма спакусіў зацягнуцца з прыгожай піпкі, бо гэткі ж кальян кураць шэйхі, казаў ён. І Селіму сапраўды падалося, што ён сам зрабіўся прынцам, уладаром Краіны прыгожых цудаў. Але ж як ванітавала яго праз некалькі гадзін! Як было млосна і гідка! Шукры параіў: трэба зноў пайсці ў тую патаемную кавярню, і дым з кальяна вылечыць галаву і верне радасць. Але Селім адмовіўся, бо сцяміў, чым гэта можа скончыцца. Ён сказаў, што лепш пойдзе спаць. Тады хаджа Шукры — о, няхай знойдзе здрадніка і злодзея чорная немач! — уцёк.
Пра казачныя княствы, што знаходзяцца недзе на радзіме прарока, у блаславёнай Аравіі, трызнілі не толькі курцы гашышу. Па іх уздыхалі ваданосы, мармыталі дэрвішы ля мячэці і спявалі вандроўныя музыкі. Туды, у княжацкія гарэмы, вязуць праз пустыню юных прыгажунь, сабраных з многіх краін Афрыкі.
Яны, гэтыя дзяўчынкі, падобныя на казачных фей, будуць для багатых шэйхаў спяваць і танцаваць, а некаторыя стануць ім жонкамі. А кім там давядзецца быць яму, Селіму? А раптам які-небудзь прынц захоча яго ўсынавіць. Ёсць жа такія, у каго няма ўласных дзяцей або толькі адны дочкі. А ён жа, Селім, такі прыгожы і разумны, што, безумоўна, спадабаецца любому прынцу. Толькі б выбрацца з пустыні і не захварэць! Трэба быць вельмі асцярожным, загадваў ён сабе, лёс любіць асцярожных і мудрых, так гаварыў яшчэ яго дзед. І ўсё ж не ўбярогся…
Караван якраз мінуў спапялёную пляскатую роўнядзь — гамаду — і падыходзіў да чарады невысокіх узвышшаў. Заржалі коні — яны здалёк пачулі ваду. І сапраўды — у лагчыне туліўся калодзеж. Вакол стаяла некалькі выдзеўбаных з каменю карыт. Караваншчыкі, ажыўлена перагаворваючыся, паклалі вярблюдаў і хуценька даставалі з уюкаў скураныя вёдры.
Спярша папоўнілі запас вады для піцця. Яна захоўвалася ў бурдзюках, якія звісалі паміж гарбамі белага вярблюда. Да белага вярблюда караваншчыкі адносіліся наогул з асаблівай пашанай, бо, па старадаўняму павер'ю бедуінаў, яго прысутнасць берагла караван ад злых духаў, прыносіла ўдачу ў падарожжы. Потым пачалі паіць коней, на якіх ехалі караваншчыкі. Дзеці сядзелі пад паласатымі шатрамі з падвойным верхам і здалёк з прагнасцю назіралі за карытамі, дзе пляскалася вада і з якіх гучна смакталі коні.
Бы зачараваны, глядзеў на бляск вады і Селім. Потым выбраўся з-пад шатра і з летуценнай усмешкай блазна пакрочыў да калодзежа. Яму хацелася зараз аднаго — апусціць рукі ў ваду, схаваць іх туды да плеч. Адпіхнуўшы гарбаносую губастую галаву белага «вярблюда шчасця», які смактаў ваду разам з коньмі, Селім укленчыў перад карытам. Цела, з'едзенае потам і блохамі, аж смылела. Селім набраў вады ў прыгаршчы і пляснуў сабе на твар, на грудзі, адчуваючы, як гаючая вільгаць расцякаецца па жываце. Гэта была такая асалода, якой ніколі раней ён не адчуваў, хоць, бывала, у спякотныя дні гадзінамі пялёскаўся ў ласкавых марскіх хвалях.
Нехта адпіхнуў хлопчыка пад ногі «вярблюда шчасця». Караваншчык, тыцнуўшы пугаўём у лужыну, якую наліў ля карыта Селім, сцебануў яго плёткай па плячах. Селім тузануўся ад болю, ускочыў на ногі і, ашчэрыўшыся, засіпеў гадзюкай. Караваншчык замахнуўся зноў, і Селім, які не прывык, каб яго білі, з крыкам нянавісці і адчаю скочыў да крыўдзіцеля, упіўся зубамі яму ў руку. Караваншчык ад нечаканасці войкнуў. У наступны момант ад удару цяжкага пугаўя па твары Селім зваліўся на дол, абліваючыся крывёю. Плётка свіснула раз, другі, трэці — ажно ашалела шарахнуліся ад карыта дзікаватыя коні.
Караванбашы нарэшце вырваў у раззлаванага бедуіна бізун і, адпіхнуўшы яго, за шкірку паставіў на ногі Селіма. Сваімі жалезнымі пальцамі ён схапіў хлопчыка за ніжнюю губу і прымусіў разявіць рот. Агледзеўшы Селіма, караванбашы вылаяўся і сцебануў памочніка плёткай.
— Ты ж выбіў яму пярэднія зубы, сын свінні! — злосна крыкнуў ён. — І на мордзе ў хлопца цяпер будзе шрам… Ведаеш, колькі я за яго аддаў? А хто цяпер купіць у мяне крываротага? Возьмеш яго сабе, а я ў цябе забяру тры вярблюды, малпа ты дурная. А можаш яго застрэліць, каб не цягнуць праз пустыню лішнюю вантробу.
Караванбашы зноў ухапіў Селіма за ніжнюю губу, бы якога вярблюда, і агледзеў рану. Потым выцер запэцканую крывёю руку аб крысо бурнуса і развязаў падвешаную да пояса скураную торбачку. Селім закрыў вочы, бо думаў — зараз яго зарэжуць. Але караванбашы, аказваецца, дастаў нейкую бутэлечку і капнуў з яе сабе на палец. Селім адчуў, як запахла серай і апякло нечым рану.
— Шрам перакрывіць малому твар, — прамовіў ён і, шпурнуўшы бізун пад ногі бедуіну, моўчкі пайшоў да свайго каня.
Да караваншчыка падышоў яго таварыш, агледзеў Селіма і пацокаў языком.
— Бай, якая страта! — прамовіў ён. — Яшчэ добра, што за гэтае шчаня ты страціў толькі трох вярблюдаў. Нічога, можа, яшчэ каму спіхнеш яго за пару авечак.
— Прэч адсюль, смярдзючая яшчарка! — бедуін секануў Селіма бізуном, як нікчэмнае быдла.
Накульгваючы, з ціхім скавытаннем, якое ён ніяк не мог суняць, хлопчык пабег да дзяцей. Зашыўшыся пад полаг, Селім абмацаў свой твар. Ірваная рана ішла ад вока Да верхняй губы. Не хацелася верыць, што яго знявечылі назаўсёды. Каб гэта дома, то, можа, дапамаглі б урачы. І як смыліць!
Хлопчык-йаруба, якому нядаўна ад Селіма даставалася грымакоў за непаседлівасць, падпоўз і, уздыхаючы, паклаў яму на плячо руку. Селім засіпеў, ашчэрыўся. Не трэба яму нічыё спачуванне!
«Выходзіць, мяне прадалі! — думаў Селім з горыччу. — І зараз везлі перапрадаваць». Ён каштаваў тры вярблюды. А думаў, дурны, што тоўсты гаспадар начлежкі ў Ніямеі проста паспачуваў яму, уладкаваў у караван, які накіроўваўся ў казачна багатыя аравійскія княствы — у жывую казку Шахразады. І як жа гэта ён, Селім, не сцяміў, чаго караванбашы, да якога прывёў яго ніямеец, так прагна аглядаў яго, бы шчаня! Загадаў скінуць вопратку, абмацваў, торгаў за валасы, прымушаў паказваць зубы. Селім цярпеў гэта, бо чуў, што прынцы жадалі, каб вакол іх знаходзіліся толькі прыгожыя людзі. Гэта так зразумела. Прыгожых асабліва паважаюць у землях арабаў. А прынцы плацяць сваім служкам добрыя грошы і нават даюць кожны тыдзень уікенд — адпачынак. І Селім, каб спадабацца, увесь час белазуба ўсміхаўся караванбашы, хаця вельмі змарнеў за час бадзянняў па Ніямеі.
Што за месца той горад басаногіх!.. Ніяк не ўдавалася прыстасавацца. Толькі аднойчы ўладкаваўся на работу — загоншчыкам жывёлы на бойні, але мясцовыя хлопцы хутка высачылі яго і двойчы пабілі ля ўвахода…
Мужчынскія цяжкія крокі пачуліся зусім побач. Адхінуўся полаг, па вачах разанула сонечнае святло. Селім скурчыўся, чакаючы ўдару. Але яго толькі таўханулі ў бок нагой.
— Ну-ка, ідзі сюды, — скамандаваў яму караваншчык жорстка, бы нікчэмнай погані.— Хутка!
Заўважыўшы, што Селім шчыльней прытуліўся да зямлі, караваншчык даў яму грымака і выцягнуў з шатра за каршэнь. Селім закрыў вочы. Хай будзе, што будзе. Але караваншчык толькі абхапіў яго бязлітаснымі пальцамі за шыю і ткнуў да губ біклагу з вадой. Вада… Было вельмі балюча, але Селім піў і піў. Потым расплюшчыў вочы. Зусім блізка вузкі, бы засохлы твар бедуіна. У рэдкай кучаравай бародцы набілася жоўтага пылу, ад цела патыхае часнаком і авечым салам. Дык вось каму ён, Селім, зараз належыць!
— Падумаць толькі, тры гэткія вярблюды за смаркача, — прамармытаў бедуін. — Лепей бы мне адсеклі руку за дурасць.
У пранізлівых вачах зіхцяць жоўтыя агеньчыкі. Ні слязінкі, хаця, відаць, у гэтага чалавека караванбашы забраў ці не ўсю маёмасць. Людзі пустэльні не прывучаны плакаць. У Селіма таксама вочы робяцца сухімі. За яго гэты бязлітасны чалавек згубіў усяго толькі тры нейкія жывёліны? Нічога, ён калі-небудзь адплача за свой учынак. Селіму нават пачынае менш балець. Ён апускае вочы, каб бедуін не пазнаў, што пра яго думаюць. Трэба зрабіць выгляд, быццам ты паслухмяны і запалоханы, падобны на тую авечку, на якую цябе мараць абмяняць недзе там, у канцы шляху.
Караванбашы даў знак — у дарогу! Людзі заварушыліся шпарчэй. На вярблюдаў, якія цярпліва стаялі на каленях, грузілі палаткі, кошыкі з фінікамі і праснакамі, хурджыны, коўдры, вязанкі хворасту, бамбукавыя шасты. Караванбашы пагладзіў белага вярблюда. Гэты ахоўнік шчасця каравана стаяў, высока задраўшы гарбаносую галаву з пагардліва адтапыранай, бы ў старога гандляра талісманамі, ніжняй губой. На ім была ўжо яго каштоўная паклажа — бурдзюкі з вадой, якой каравану павінна было хапіць на некалькі сутак дарогі па пясчанай пякельні.
Дзеці палезлі ў свае кашы, Селім таксама. Але караваншчык спыніў яго канцом бамбукавага шаста:
— Стой! Ты пойдзеш пешкі. А ў дарозе будзеш збіраць калючкі і сухі вярблюджы кал для вогнішча. Падыдзі, я прывяжу цябе.
Караванбашы, які аб'язджаў стаянку і даваў кароткія загады, адным вокам, бы каршук, зыркнуў на скурчаную постаць Селіма, якога караваншчык абвязваў упоперак тулава тонкай лаўсанавай вяроўкай, і, відаць, задаволены, паскакаў наперад, да белага вярблюда. Селім узрадаваўся, што рукі і ногі яго заставаліся свабодныя, іх не скавалі ланцужком, як нядаўна метысу. Але ў таго правіннасць была куды горшая. Як прыпыняліся ля высахлай рэчкі — вадзі, ён збег, схаваўшыся ў камянях. Караваншчыкі ганяліся за ўцекачом, бы за зайцам. А калі, нарэшце, злавілі, сам караванбашы сек яго плёткай, вельмі акуратна, каб на твары не было драпін. Потым уцекача прымусілі цэлы дзень ісці пешкі, надзеўшы наручнікі і абвязаўшы вяроўкай. Калі ён пачынаў спатыкацца, караваншчык біў яго плёткай:
— Шавяліся, каплун!
Селім потым пацікавіўся на стаянцы ў маладога бедуіна, што такое «каплун». Той з рогатам нечакана схапіў Селіма за ніз жывата.
— А ты яшчэ не каплун? Ну, нічога, хутка і табе ў адным добрым месцы зробяць гэтую аперацыю, каб ты паспакайнеў і добра служыў гаспадару. Чык! І ўсё. Га-га-га! — рагатаў ён, наводзячы на Селіма жах сваёй незразумелай весялосцю.
Плыве перад вачамі гарачае мроіва, смыляць раны, хочацца піць. Селім валачэцца за канём караваншчыка і сочыць за белым вярблюдам. У яго выспявае план помсты: ноччу ён падпаўзе да яго і выпусціць з бурдзюкоў ваду. Няхай караваншчыкі здохнуць ад смагі! Няхай усе здохнуць, калі з ім такое здарылася. Трэба толькі здабыць нож і пастарацца паводзіць сябе так, каб нічога не западозрылі, не скавалі ланцужком.
Хлопчык брыў сам не свой. Млосна. Іншы раз перад вачамі ўзнікалі прывіды. То ён бачыў раптам, як над барханамі паўстаюць зялёныя пальмы, за якімі высіцца велічны палац з белага каменю. А то зусім блізка вырастаў вялікі фантан з Дыяр Эль-Махсула, і цудоўныя вадзяныя струмені з плёскатам ліюцца з магутных каменных коней з рыбінымі хвастамі…
На стаянках Селім збіраў сухія калючкі, потым па загаду караваншчыка чысціў кашэль. Цяпер ужо ніхто не клапаціўся, каб яго твар быў свежы і прывабны. Яго выгляд выклікаў агіду караванбашы, і Селім усё рабіў старанна, каб хоць не білі. І калі ўвечары яго пусцілі начаваць разам з астатнімі хлопчыкамі, Селім зразумеў, што гэта проста літасць караваншчыка. Бо сам ён цяпер і не варты тых, каго нядаўна не лічыў сабе раўнёй. Таму Селім нават здзівіўся, калі хлопчык-йаруба спачувальна пачаў сваёй слінай змазваць яму набрынялыя пісягі ад удараў бізуна. Сліны ў яго было мала, і хлопчык час ад часу падстаўляў далонь суседзям. Ад сліны сапраўды стала крыху лягчэй. Селім заплюшчыў вочы. «Трэба падбірацца да белага вярблюда, — думаў ён. — Вось толькі крыху адпачну». І ён пагладзіў па пыльнай кучаравай галаве хлопчыка-йарубу, вочы якога ззялі ў цемры святлом дабрыні.
22. ВАДА — ГЭТА ЖЫЦЦЁ
Добыш уладкаваў Акліля і Хуары ў свой атрад памочнікамі да повара Мулуда і загадзя дамовіўся з начальствам, што калі бурыльшчыкі накіруюцца ў пустыню, то Акліль і Хуары застануцца на галоўнай базе — у Туггурце. Гэта даволі вялікае паселішча з сучаснымі дамамі і добрай школай, канечная чыгуначная станцыя Алжырскай Сахары. Аднак калі ён пасля тыдня камандзіроўкі прыехаў у Туггурт, іх там не аказалася.
Заскочыў са спёкі ў вагончык-сталоўку, да якой прымыкала палатка кухні. Убачыў, як полаг, што закрываў уваход у майстэрню повара, крыху адсунуўся і паказалася кучаравая хлапечая галава. Бліснулі поўныя цікаўнасці блакітныя вочы…
— Чаго ты там хаваешся, Акліль? Прывітанне! Хлопчык, адчуўшы шчырую сардэчнасць у словах «савецкага ірум'ена», або савета, як ён яшчэ іншы раз пра сябе называў Добыша, заўсміхаўся. Не так і многа ён ведаў людзей, якія выказвалі бескарыслівую радасць ад сустрэчы з ім. Таму Акліль адчуў нават нейкую вінаватасць, бо з некаторага часу сэрца яго належала матарысту Сідкі. З ім таксама звёў яго Добыш, даведаўшыся пра цягу Акліля да матораў. О, Сідкі ў маторах разбіраўся. Але самае галоўнае, што так прываблівала да яго хлопца, — Сідкі ведаў, як трэба ўзрываць міны. Ён неяк растлумачыў, што быў дыверсантам у часе вайны. Не сказаў ён толькі, дзе гэта было.
Побач з Аклілем з'явіўся і Хуары. Гэты не так адкрыта цягнуўся да Добыша, але таксама быў яму ўдзячны, бо трапіў на работу, аб якой марыў,— памочнікам да сапраўднага повара, які ўмеў гатаваць дзесяткі страў.
— Ну, прывітанне, сябры! — зноў прамовіў Добыш, шкадуючы, што, акрамя пліткі шакаладу, не мае больш ніякіх гасцінцаў.— Дык хадзіце ж сюды, пагаворым хоць. Даўно ж не бачыліся.
Аднак хлопчыкі ўсё яшчэ дзічыліся. Тады Добыш падышоў да іх і, абняўшы, прыцягнуў да сябе. У яго было адчуванне, быццам гэта яго малодшыя браты, якіх ён, нарэшце, адшукаў.
— Кемлівыя, — сказаў пра іх начальнік буравога атрада Карнееў.— Мы, калі сюды рушылі, хацелі пакінуць іх на базе. А яны ў слёзы! Прывыклі. І нам весялей. Як нашы дзеці. Хлопцы добрыя, увішныя, толькі вельмі ўзрыўчаткай цікавяцца. Юсуфзадэ, бурыльшчык наш, вокам міргнуць не паспеў, як гэты вось жэўжык, Акліль, пакет аманалу са скрыні выхапіў.
— А хто з нас у іх узросце не цікавіўся выбухамі? — пасмяяўся Добыш. — Пакуль жа паразумнееш. Бывала, каторы простымі запалкамі ўмудраецца сабе вочы выпаліць.
— Праўда што, — згадзіўся Карнееў.— У мяне вось брат старэйшы… Праўда, тое адразу пасля вайны было. Падшыванцы, разумееш, паклалі ў вогнішча нямецкую міну. Брата потым у школе мінёрам дражнілі. Увесь твар асколкамі пасекла, і на правай руцэ толькі палова пальца засталася, кручок… А хлопцы няхай у нас лета папрактыкуюцца. Увосень уладкуем у тэхнічнае вучылішча. Акліля, ва ўсякім разе. На маторы ў яго проста талент. Ну, Хуары, можа, і далей кухарам захоча. Мулуд яго хваліць.
Выпіўшы шклянку халоднага чаю з лімонам, Добыш вырашыў пайсці зірнуць на работу новага электраматора.
— Толькі не баўся, — папярэдзіў яго Карнееў.— Праз гадзіну-другую павінны прыехаць нашы суседзі, французы. З будоўлі Транссахарскай аўтамагістралі. Дапаможаш перакладчыку. Наш жа студэнт з інстытута замежных моў сам ведаеш — тэхнічную тэрміналогію засвоіў яшчэ недасканала, а размова ж пойдзе інжынерная.
Акліль падахвоціўся правесці Добыша на буравую пляцоўку.
Пасля некалькіх дзесяткаў хвілін ля кандыцыянера Добышу падалося — спёка крыху апала. Але праз колькі часу адчуў, што так ніколі і не прызвычаіцца да сахарскага пекла. А кажуць, што хутка стане яшчэ горш. Сіноптыкі папярэджвалі па радыё — можа наляцець самум, гарачая завіруха.
З машыны-ўсюдыхода, на якой Добыш прыехаў з Туггурта, рабочыя выгружалі трубы і мяшкі з цэментам. Разам з усімі працаваў і Карнееў.
— Можа, пачакалі б да вечара, — сказаў яму Добыш, — хоць трохі сонца пацішэе.
Начальнік буравога атрада паківаў галавой:
— А раптам самум? Ты калі-небудзь бачыў, што гэта такое? У нас жа кожная хвіліна на ўліку. Сам урад рэспублікі цікавіцца, калі мы тут дамо ваду.
Добыш агледзеў пустынны гарызонт. Буравая вышка здавалася забытай сярод пяску дзіцячай цацкай.
— Ды тут жа вада — гэта жыццё. — Карнееў працёр хусцінкай вочы. — Здабыць яе для гэтых мясцін важней, чым нафту.
— З нафтай усё ж нічога не можа ў нашы дні параўнацца, — не паверыў Добыш.
— Гэта як на чый погляд, — усміхнуўся Карнееў. — Ну нічога, папрацуеш тут — зразумееш. Чуў, нашы хлопцы непадалёк ад Біскры знайшлі гаючую мінеральную ваду? Вось яна для гэтага краю — багацце дык багацце. Качэўнікі гадамі не маглі пазбавіцца балячак на целе. А тут некалькі разоў памыліся ў той мінералцы — і праз тры дні балячак як і не было. Так што калі-небудзь у Біскры, пасярод пустыні, узнікне курорт сусветнага значэння. Людзі за тысячы кіламетраў з розных краін паедуць туды, каб не на вярблюдаў паглядзець, а пакупацца ў гаючым басейне… А наогул, — закончыў сваю думку Карнееў,— пад гэтымі пяскамі, адчуваецца, вады нямала. Але ж здабываць, сам бачыш, не ямкі на пляжы далонькамі капаць.
— Што табе гаварыў сейід Карнееў? — пацікавіўся Акліль, калі яны крыху адышліся ад машыны-ўсюдыхода.
Добыш зірнуў на буравую вышку, якая адзінока стаяла пасярод шотта — месца, дзе колісь было салёнае возера, якое праглынула пустэльня, — і адказаў па-французску:
— Казаў, тут зарыты клад, і мы яго павінны хутка знайсці.
Акліль насцярожыўся. Ён успомніў словы Сідкі і падумаў, што і сапраўды саветы працуюць тут не з-за адной вады. Бо яна знаходзіцца ў другім месцы. Але ж клад — гэта нават цікавей, чым здабываць ваду. Акліль, падскокваючы ад радаснага хвалявання, пачаў расказваць пра навіны. З аазіса ўзялі новага рабочага, Амаму. Ён сын беззямельнага здолынчыка-фінікавода, а будзе матарыстам. Ад аазіса да лагера бурыльшчыкаў дзве тысячы крокаў сейіда Сідкі. Прадукты прывозяць цяпер раз у тыдзень, і сейід повар патрабуе, каб яму паставілі другі халадзільнік. Потым Акліль пахваліўся: таварыш Карнееў даў яму грошай і хутка можна будзе разлічыцца з усімі даўгамі.
— Дык ты многа каму павінен? — падзівіўся Добыш.
— О, і Хуары, і Селіму.
Акліль тут жа растлумачыў, хто такі Селім.
— Малы, а ўжо капіталіст-эксплуататар! — усклікнуў Добыш.
— Цяпер ён паехаў у святы горад Мекку, — з павагай паведаміў Акліль. — Там ён пацалуе святы камень Кааба, а калі вернецца, будзе хаджы і накруціць на галаву зялёную чалму.
— Выходзіць, ён хоча падацца ў мячэць, стаць мулой?
— Не, відаць, зноў будзе бізнесменам, — сказаў Акліль.
— А ты хочаш быць такім, як Селім? — пацікавіўся Добыш. — Ці ўсё ж механікам?
— Механікам.
— А твой сябар Хуары?
— Калі ён вырасце, то купіць духан і будзе там гатаваць такія стравы, што да яго будуць прыходзіць усе мужчыны Казбы.
— Купіць? Але ж гэта грошай колькі трэба.
— Будуць грошы! — запэўніў Акліль.
Добыш усміхнуўся: для яго гэткія хлапечыя мары былі нязвыклыя.
А Аклілю, які заўважыў усмешку недаверу на твары савета Юрыя, вельмі хацелася расказаць, адкуль у Хуары будзе многа грошай. Ён вымушаны быў некалькі разоў праглынуць сліну, каб не дазволіць тайне вырвацца з грудзей. Давёўшы Добыша да пульта буравога майстра Юсуф-задэ, які ўжо са словамі прывітання спускаўся на дол па жалезнай лесвіцы, Акліль крутнуўся на адной назе і памчаў да лагера.
Добыш адчуў, што пасля размовы з хлопчыкам у яго палепшыўся настрой.
Каля буравой вышкі ён убачыў і свайго напарніка — механіка Вахрашчына. Той завіхаўся каля перасоўнай маленькай электрастанцыі. Нібы тоўстыя фіялетавыя гадзюкі, ад яе распаўзаліся ва ўсе бакі правады. Капот рухавіка — дванаццаціцыліндровага «ЗІЛа» — быў узняты. Вахрашчын корпаўся ў рашотцы перад махавічком і нешта гаварыў маладому цемнатвараму хлопцу ў прасторнай шматколернай вопратцы туарэга. Побач стаяў матарыст Сідкі і перакладаў хлопцу тое, што гаварыў механік. Добыш адразу зразумеў: цемнатвары хлопец і ёсць Амама. Ён паспачуваў Вахрашчыну — складана вучыць чалавека з дапамогай перакладчыка. Ды што зробіш — трэба. Усім ім даводзілася з гэтым сутыкнуцца. Таму Добыш і цяпер у вольную хвіліну даставаў падручнік па французскай мове. А яшчэ вырашыў, па прыкладу доктара Кійка, узяцца за арабскую. Але сёння яму давядзецца быць перакладчыкам з французскай, і ён крыху хваляваўся. Цікава, што за птушка той французскі інжынер, якога яны чакалі ў госці?
23. КАМУ ВЕРЫЦЬ?
Госці ёсць госці. Нават у пустыні іх трэба прымаць дастойна, і Мулуд вельмі назаляў з работай — там сцерці пыл, тут прыбраць, памыць яшчэ раз сподачкі, талерачкі, кубачкі, нажы, відэльцы. Акліль бунтаваў.
Гэты ж госць — француз! Можа, ён тут ваяваў нядаўна, у бацьку страляў. Аднак повар Мулуд быў няўмольны: мы цяпер свабодныя? Свабодныя, заваявалі права на сваю радзіму. Ну дык і пакажам гэтым французам, што і без іх у нас ёсць добрая ежа, культура і парадак. Хлопцы хоць і бурчалі, але свайму непасрэднаму шэфу падпарадкоўваліся і таксама былі задаволены, што пачастунак атрымаўся добры. Гэта адзначыў галоўны з гасцей, французскі інжынер, кіраўнік геадэзістаў на будоўлі Транссахарскай шашы. Стравы, заявіў ён, прыгатаваны на ўзроўні класнага сталічнага рэстарана. Хуары ззяў, бо ён жа быў першым памочнікам сейіда Мулуда і разам з ім рыхтаваў салату, а таксама тарэшту — адмысловы алжырскі суп з мяснымі клёцкамі і рознымі духмянымі карэньчыкамі ды іншымі спецыямі, не гаворачы пра перац. Былі там яшчэ смажанае мяса з фасоляй, тлемсенскі сыр, рыба — столькі смачных страў хлопцы не каштавалі за ўсё сваё жыццё. А на дэсерт духмяная дыня, вырашчаная ў тым самым аазісе, каля якога зараз прытуліўся атрад буравікоў. Хлопцам дасталася па добрай лусце, ды яшчэ дарослыя, нягледзячы на пратэсты повара, адрэзалі ім ад сваёй порцыі. Ну, пра каву і казаць нечага. Хто ж гэта ў Алжыры не ўмее гатаваць яе адмыслова. Інжынер піў чорную, але большасць — з малаком.
Гасцей было трое, два французы і бельгіец. Галоўным перакладчыкам давялося быць Добышу, і Акліль гэтым крыху ганарыўся.
— Выходзіць, штурмуем Сахару агульнымі намаганнямі? — гаварыў Карнееў, частуючы гасцей.
Французскі інжынер пагадзіўся, што мэта ў іх адзіная — зрабіць Вялікую пустыню больш прыгоднай для жыцця людзей. Дзякуючы іх дарозе, гаварыў ён, гэтыя мясціны адразу наблізяцца да цэнтраў цывілізацыі, ажывуць. Бо калі ўвойдзе ў строй увесь дарожны комплекс, то не вярблюд стане тут галоўным транспартным сродкам, а грузавік. Аўтамабілі памчаць ад узбярэжжа Міжземнага мора праз усю пустыню ажно да Гвінейскага заліва і возера Чад. Нездарма праект фінансуюць адзінаццаць афрыканскіх краін.
— Наша місія не такая значная, — адказаў Карнееў.— Але ўявіце сабе, што вось ля гэтага аазіса, ля якога мы прытуліліся, зроблена нарэшце сучасная аўтастрада. Канечне, жыццё мясцовага насельніцтва стане лепшым. Хутчэй нешта прывязуць з прамысловых цэнтраў. Але ж калі не стане больш фінікаў, дык тыя гарадскія тавары не будзе за што набыць. А ўявіце сабе, што тут пралягуць трубы, напоўненыя вадой, і можна будзе па ўласнаму жаданню ўключаць дождж. Вось тады край па-сапраўднаму здолее расквітнець. Сцены з дрэў абароняць палі кукурузы, гародніну, сады не толькі ад ветру сірока, але і ад нападаў разбойніка самума. Будзе басейн для плавання, забруіцца фантан каля школы, каб дзеці маглі там папялёхацца…
— Вельмі прыгожа, — раптам падаў голас матарыст Сідкі і ў знак пачцівасці з паклонам прыклаў руку да грудзей. — Але дазвольце расказаць панству прытчу, якую я чуў ад свайго дзеда.
За сталом узнікла вясёлае ажыўленне. Сідкі слыў чалавекам, вострым на язык.
— Дык вось, — Сідкі прыжмурыў вочы-свярдзёлачкі,— здарылася аднойчы, што нейкага дабрачыннага сейіда запрасілі госцем у заможны дом. Там яго частавалі маслам, мёдам, ячменнымі аладкамі. І так было ўсяго многа перад ім на мейдзе, што госць зразумеў: з'есці ўвесь пачастунак немагчыма. Таму добры чалавек паклаў прысмакі ў вялікі гліняны хурджын і панёс дадому. Там ён павесіў поўны хурджын над канапай, а сам лёг пад ім і пачаў марыць. «Вось я гэтае дабро прадам, а за выручаныя дынары куплю ў якога дурня добрую казу. Каза дасць мне прыплод, а я яго прадам. Куплю зямлю, стану заможным, ажанюся. І будзе ў мяне сын. Я яго назаву Махфайя, і мы будзем разам весці гаспадарку. Але калі Махфайя не будзе мяне слухаць, о, я вазьму вось гэты кій і…» Тут дабрачынец як замахнецца! Ды так моцна, што ад удару кія хурджын разваліўся. Многа масла і мёду вылілася дабрачынцу на галаву, а астатняе расплылося па дыване…
Калі слухачы нарагаталіся, французскі інжынер звярнуўся да Сідкі:
— Прытча добрая, але давайце ўжо і павучэнне.
— Я магу толькі дадаць, — Сідкі ўсміхнуўся і кіўнуў у бок пахмурна слухаўшага Карнеева, — што ў нас спярша чым пасадзіць вінаграднік, прынята прыкінуць, ці хопіць для яго вады.
— Вось мы яе і здабудзем! — рашуча сказаў Карнееў.
— Толькі алах можа яе зноў зрабіць прэснай, — скасавурыўся на яго Сідкі.— Недалёка адсюль раней працавалі французскія бурыльшчыкі. Дык трубы, якія не расцягнулі хамесы для падпорак, так і ляжаць пад пяском. Месца я памятаю добра.
Акліль пазіраў то на Карнеева, то на Сідкі. Што ж цяпер будзе?
— А я кажу — вада тут ёсць, — упарта вёў сваё Карнееў.
— Даставаць з нетраў салёную ваду — ўсё роўна што выпусціць злога джына са збана, куды таго засадзіў добры чараўнік, — вёў сваё Сідкі.— Яно, канечне, для фантанаў можна і салёную ваду, але гэтага могуць не захацець мясцовыя жыхары.
— Вашы словы таксама належаць злому джыну, — рэзка прамовіў Карнееў.— Мы ж толькі распачалі работу. Давайце дачакаемся вынікаў.
— Я толькі перадаў тое, пра што гавораць жыхары аазіса, пане Карнееў,— развёў рукамі Сідкі.— Але будзе кепска, калі людзі зразумеюць, што іх ашуквалі. Бо ў многіх і так засоленыя землі. А што ж будзе, калі зноў вы нальяце тут возера расолу?
Карнееў выцер хусцінкай пот з пачырванелага твару:
— Мы выконваем распараджэнне вашага міністэрства. Так што будзем працаваць.
Сідкі паціснуў плячамі і, адкінуўшыся да сцяны, сказаў суседзям, рабочым-алжырцам, на арабскай мове: «Так яно і ідзе. А можа, той, хто распарадзіўся з цэнтра, мае злачынны намер? Што, не было такога?»
Госці пачалі развітвацца. Многія пайшлі з імі да машыны, якая ўжо стаяла з запаленымі фарамі. Але некалькі рабочых стоўпілася вакол Сідкі. Да матарыста праціснуўся Акліль.
— Ты пакрыўдзіў таварыша Карнеева, а ён добры чалавек, — сказаў ён Сідкі.— Ён зусім не тое, што французы. Ён хоча нам добра.
— Ты справядлівы. — Матарыст прыгарнуў да сябе хлопчыка і пагладзіў па галаве. — Я таксама ўпэўнены, што сейід Карнееў і ўсе астатнія хочуць нам дабра. Але няхай зараз дакажуць гэта. Няхай адмовяцца выконваць шкодны загад і паслухаюць старэйшын аазіса, якія лепей ведаюць, дзе можна капаць калодзеж, а дзе пад пяскамі знаходзіцца вада мёртвых. Рускія зробяць артэзіянскую шчыліну, атрымаюць грошы і паедуць дадому. А якая вада пацячэ — ім будзе ўсё роўна. А вось мы, хлопчык, застанемся тут жыць, бо гэта наша радзіма.
Не толькі Акліль, усе рабочыя ўважліва слухалі Сідкі і згодна ківалі галовамі. Бо хіба ж не відавочна было тое, пра што гаварыў матарыст? А тут яшчэ да іх даносіўся і голас французскага інжынера:
— А ваш рабочы казаў праўду: нашы буравікі тут сапраўды хацелі здабыць ваду, але вынікі аказаліся адмоўныя.
— Ведаю, — данёсся глухаваты голас Карнеева. — Яны заглыбіліся на дзвесце метраў.
— А вы? Яшчэ болей?
— Так. У нас ужо дзвесце сорак… Нават дзвесце сорак тры, калі зусім дакладна, — адказаў Карнееў, і французскі інжынер прысвіснуў:
— Вось бачыце! А здабылі расол?
— Вада пакуль салёная, — пацвердзіў Юсуф-задэ. — Але геолагі адзначылі…
— Вашы, савецкія? — хутка перапыніў субяседнік.
— Не, якраз-то інфармацыя французская.
— Ну, нашы таксама неаднойчы памыляліся. Праз зямлю ж не заўсёды ўбачыш, што там, у нетрах. Можна толькі меркаваць па дадзеных навукі. Але жадаю поспехаў! — і, паціснуўшы рукі праважатым, госць лёгка ўскочыў ва ўсюдыход.
Бурыльшчыкі панура пазіралі, як святло магутных фараў французскай машыны выхоплівае з цемры на ўскраіне аазіса то прыземістыя каменныя пабудовы з невялікімі адтулінамі замест акон, то срабрыстыя мяцёлкі фінікавых пальмаў.
Акліль памчаў да цьмяна асветленай буравой вышкі.
Падбегшы да адстойніка, куды вылівалася вада, якую выбіраў з-пад зямлі насос, хлопчык апусціў туды абедзве рукі. Потым лізнуў пальцы. На языку ён адчуў пякучы смак солі…
Раніцой Акліль спытаў у Добыша:
— А што ты будзеш рабіць потым, калі тут зробяць калодзеж?
Хлопчык пазіраў на Добыша, як таму здалося, з нейкай насцярожанасцю.
— Ну, мне трэба будзе ехаць дадому. — Добыш, як звычайна, хацеў жартам пацерабіць Аклілю ўскалмачаную шавялюру, але той ухіліўся ад рукі механіка.
— Праўда, што французы кінулі тут бурыць? — спытаў ён яшчэ.
— Кінулі,— пацвердзіў Добыш, цяпер ужо з некаторым здзіўленнем паглядаючы на ўстрывожаны твар хлапчука.
— Таму што вада салёная? — Гэтыя словы Акліль вымавіў не як пытанне, а як сцверджанне.
— Пра аасаўцаў ведаеш? — Добыш пачаў здагадвацца, што робіцца на душы ў хлопчыка. — Вось яны і загадалі французскім бурыльшчыкам спыніць работы.
Аасаўцы? Акліль насцярожыўся. Пра іх Сідкі чамусьці нічога не расказваў. Трэба будзе распытаць. Але хто ж усё-такі кажа праўду?
Акліль у задуменні сеў пад сцяной вагончыка. Злева ад яго віднелася буравая вышка, і там з падвывам гуў электраматор лябёдкі — рабочыя талямі падцягвалі на высокія палаці металічную трубу. Труб там ляжала ўжо цэлая абойма. Усе яны хутка знікнуць у чэраве пустыні. Няўжо сапраўды па іх хлыне на паверхню «вада мёртвых», як аб тым папярэджвае Сідкі?
А проста перад вачамі хлопчыка быў аазіс. Па дарозе да яго яшчэ віднеліся сляды ад пратэктараў французскага ўсюдыхода. Каля купы фінікавых пальмаў на невысокім пагорку варушыліся два чорныя чалавекі. Вось яны схапілі вяроўку, ускінулі яе сабе на плечы і пацягнулі, паволі сыходзячы з пагорка. Раптам з каменнага зева невялікага калодзежа паказалася чорнае скураное вядро з выгнутай дзюбай унізе. З дзюбы ў вузенькі арык шухнуў бліскучы струмень вады. Па арыку вада пакацілася да пальмаў. А два чорныя чалавекі ўжо зноў падымаліся на пагорак, адпускаючы вяроўку. Тая вужакай паўзла па адшмальцаваным драўляным цыліндры, і скураное вядро зноў знікла ў калодзежы. Гэта працавалі бацька і старэйшы брат Амамы — таго самага чарнаскурага хлопца, якога зараз савецкія бурыльшчыкі вучаць на матарыста. Яны хамесы. Хамес — гэта ад тутэйшага слова «пяць». Яны бяруць у арэнду ў заможных туарэгаў участкі з фінікавымі пальмамі і вінаграднікам, а потым вырашчаны ўраджай дзеляць на пяць частак. Пятую сабе, а чатыры таму, чыя зямля. Цемнаскурых людзей туарэгі некалі сілай захоплівалі недзе там, у глыбіні Афрыкі, і рабілі сваімі рабамі. Потым тыя чорныя людзі сталі вольнымі, але зямлі так і не атрымалі. Таму і бяруць яе ў арэнду, яны — хамесы. І вось так цягнуць сваю вяроўку, корпаюцца ля чужых пальмаў усё жыццё пасярод забытых алахам дзюн. Чаму гэтыя людзі не кінуць усё і не бягуць куды вочы глядзяць, а робяць тое, чым прымушалі займацца некалі іх продкаў сілком, ударамі палак?
Гэтае пытанне, помніць Акліль, бурыльшчыкі неяк задалі Амаме, і той зірнуў недаўменна: «Як гэта — некуды бегчы? Мы ж тут жывём і даўно вольныя». Акліль тады таксама сунуўся са сваімі парадамі да Амамы: «Вам патрэбен матор. Насос. А яшчэ маленькі трактар, які я бачыў на французскай ферме».
Амама зірнуў на хлопчыка паблажліва, бы на дурную яшчэ малечу. «Асла трэба, — адказаў ён. — Грошы. Зямля. Вада трэба».
Зноў узнік тонкі віск: вяроўка слізгала па драўлянаму валіку, два чалавекі выцягвалі вялікае вядро з вадою, каб напаіць чужыя пальмы. Тэпалі сагнуўшыся, па спаленаму сонцам узгорку. Канечне, яны ведалі пра існаванне больш лёгкага жыцця недзе там, у гарадах ля мора. Але нешта такое, аб чым казаў Амама, прымушала заставацца іх вернымі сваёй пустыні. Можа, і яны спадзяваліся на тую ваду, якую паабяцаў ім новы ўрад Алжыра?
А раптам іх сапраўды ашукваюць? Сэрца Акліля калацілася. Ён жа таксама тут працуе. Што будзе?
24. УЦЁКІ
Маленькі аранжавы самалёт быў падобны на саранчу. У яго трымцелі крылы з апазнавальнымі знакамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — уверсе быў, значыць, вецер. Праз гадзіну-другую ён апусціцца ўніз, і тады тут завіруе пясок. Караванбашы адразу зразумеў, што іх прыкмецілі,— з самалёта раптам слізганула ракета і праз момант распусціла зялёны хвост. Ракета ўпала ўперадзе, непадалёк ад караваннай сцежкі, закруцілася па пяску на пацеху дзецям. Караванбашы крыкнуў, каб ніхто не вытыркаўся з торбаў. Ён загадаў рухацца хутчэй — самалёт, канечне, тут не сядзе, пабаіцца ветру і камянёў, але недзе ў пустыні ёсць яшчэ, мабыць, патрульная машына-ўсюдыход. Ёй і далі сігнал з самалёта. Зараз бы самае лепшае — збочыць з дарогі на поўнач і схавацца пасярод каменных глыб, зверху падобных на бясконцыя статкі вярблюдаў. Ніякаму самалёту тады іх там не высачыць.
Але пачынаўся вецер, натрэнірованы слых старога бедуіна ўлоўліваў «спеў» пяску, што магло азначаць калі не подых самума, то аднаго з яго малодшых братоў. Нават невялікая пясчаная бура можа натварыць бяды, калі да яе не падрыхтавацца загадзя. Не, ад калодзежа, які будзе вось-вось, зараз убок адыходзіць ніяк нельга, на яго спадзяваліся, у бурдзюках амаль не засталося вады. Значыць, хутчэй да калодзежа! Усё ж тут не тыя мясціны, дзе ахова прыглядаецца да кожнага каравана. Гэта яшчэ наперадзе, але алах вялікі і Сахара бясконцая. А патрульныя атрады даволі малыя, каб спрактыкаваны караванбашы не прыдумаў, як праслізнуць міма незаўважаным. Асабліва тут, у гарах Энэдзі, дзе вецер і сонца нарабілі патаемных праходаў, арак і цэлых тунеляў, у якіх можа схавацца нават у пяць разоў большы караван, чым іхні. Але наперад, да крыніцы! А там, як толькі бурдзюкі нальюць вадой, а вецер крыху аціхне, зноў можна ў пустыню. Нічога, самалёт больш не вернецца, ён таксама будзе ўцякаць ад пясчанай буры.
Патрульны аўтафургон-усюдыход знаходзіўся ад каравана за міль пяцьдзесят, калі з яго заўважылі зялёны хвост ракеты. Лейтэнант, які камандаваў патрульнай групай, вылаяўся і загадаў прытармазіць. Ехаць зноў у пустыню? Ды там вось-вось можа пачацца такое… У групе ўсе людзі былі старыя ваўкі. Яны не толькі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, але ўдосталь пабадзяліся па Сахары і наогул па Афрыцы. Яны разумелі лейтэнанта: зараз усё жывое спяшалася ў сховішчы.
— А, д'ябал! — прабурчаў лейтэнант, калі самалёт, праносячыся над аўтафургончыкам, пальнуў другую зялёную ракету.
— Ды нічога, відаць, цікавага, — падладжваючыся пад настрой камандзіра, прамовіў адзін з ветэранаў, каржакаваты брэтонец з сяржанцкімі нашыўкамі.
— Сапраўды, мо ўбачыў якога бедуіна з яго гарэмам, — далучыўся да сяржанта хударлявы салдат са слядамі сонечнага рака на правай шчацэ. — Інакш бы адразу далі дзве ракеты. Вось аціхне завіруха, мы іх наведаем ля калодзежа, нікуды не дзенуцца.
— Калі зялёная ракета, значыць, караван рухаецца ў бок граніцы, — адгукнуўся лейтэнант, каб спыніць далейшыя спрэчкі.— Каб гэта не побач з граніцай, то хай бы сабе… Паварочваем!
— Ну і ўскочым, прадчувае маё сэрца, — незадаволена буркнуў брэтонец, углядаючыся праз запыленае бакавое шкло ў наваколле, якое ўсё больш набывала імгліста-шэры колер. — К ночы пачнецца ведзьмава карусель.
Аўтафургончык, цягнучы за сабою хвост бурага пылу, памчаў па ледзь прыкметнай сцяжыне да камяністых пагоркаў, дзе ўпала першая ракета.
Дзікі скакун караванбашы, паджары, на лёгкіх нагах, заўважыўшы аўтафургончык, захроп, ускінуўся на дыбкі, выкаціўшы налітыя крывёю вочы. Астатнія коні таксама ўспуджана рвануліся з прывязі. Але вярблюды і людзі засталіся абыякавымі да чужынцаў. Некалькі караваншчыкаў подбегам цягалі ваду з калодзежа, які знаходзіўся ў вузкай цясніне, астатнія ўвішна распіналі палаткі і абкладвалі іх цюкамі з паклажай.
Лейтэнант гучна прамовіў прывітальнае «салям алейкум» і спытаў, хто тут старшы караваншчык. Адзін з салдат стаў каля аўтафургона, дзе напагатове ляжалі карабіны, астатнія пайшлі паміж кучамі цюкоў.
— Але ж для такога каравана паклажы малавата, — падышоў да лейтэнанта брэтонец. Як і астатнія, хто правярае караван, ён без зброі, каб не выклікаць у бедуінаў залішняй варожасці. Толькі ў лейтэнанта кабура з пісталетам, але яна зашпілена.
— Мы людзі бедныя, — без ценю ўгодлівасці коратка адказвае на заўвагу брэтонца караванбашы і нават не глядзіць на сяржанта, наогул дае зразумець, што адказваць на пытанні больш не мае ахвоты.
— Куды накіроўваецца караван? — упарта дамагаецца свайго лейтэнант, а сам сочыць за дзеяннямі сваіх людзей: былі выпадкі, калі караваншчыкі нечакана пускалі ў ход зброю. — Калі не адкажаце, мы вас адвядзём на кантрольны пункт.
— Там мае родзічы, — махнуў заціснутым у кулаку пугаўём некуды ў прастору караванбашы, — ідзём да іх, на вяселле.
Ён тут жа ўладарна крыкнуў караваншчыкам, каб шчыльней ставілі цюкі паабапал палатак.
Лейтэнант зірнуў на гадзіннік: агляд каравана працягваецца больш як сорак мінут, а вынікаў няма. Яшчэ дваццаць мінут — і ўсё, рашае ён, бо вось-вось пачнецца завіруха. Хаця караван па-ранейшаму здаецца яму падазроным. Яшчэ дзесяць мінут…
— Камандзір! — самы малады з салдат, высокі сенегалец, нахіляецца да лейтэнанта. — Я, здаецца, знайшоў…— Сенегалец цяжка дыхае ад хуткай хады.
— Пайшлі.— Лейтэнант кладзе руку на кабуру. — Ты і ты — да машыны, зразумела? — гаворыць ён сваім людзям. — Ні на імгненне не выпускаць нас з поля зроку. Астатнія — за мной!
Селім таксама спалохаўся, калі моцная рука салдата рэзка адкінула джутавае пакрывала і ў вочы хлапчукам, распластаным на пяску, ударыла святло ліхтарыка. Толькі бедуін, што з кап'ём у руцэ ахоўваў пячору, спакойна працягваў стаяць ля ўвахода, замаскіраванага камянямі і сухім веццем тамарыска. Хлопчыкі ўсхапіліся і з енкам, збіваючы адзін аднаго з ног, кінуліся ў дальні кут пячоры.
Брэтонец порстка раскідаў цыноўкі і пустыя джутавыя мяхі з цюка, што знаходзіўся ля сцяны.
— Во дзе красуні! — усклікнуў ён, разглядаючы дзяўчынак, што гарнуліся адна да адной, бы птушаняты. Яны разам завішчалі.
Салдат са слядамі сонечнага рака на твары прысвіснуў і ў два крокі апынуўся ля другога замаскіраванага цыноўкамі цюка. Там аказаліся яшчэ меншыя дзяўчынкі. Калі іх вызвалілі, яны ад страху не маглі ні крычаць, ні скрануцца з месца.
— Зірніце, як іх трасе, — прамовіў салдат. — Ціп-ціп-ціп! Ну, чаго спалохаліся, малеча? Наце шакаладу.
— Вады ім трэба даць, а то яшчэ каторая памрэ ад страху, — сказаў брэтонец. — Гэй, сябар, задзіг, чуеш? — звярнуўся ён да бедуіна, які нёс ахову. — Прынясі ім вады.
Ахоўнік нават не паварушыўся, быццам нічога не чуў.
— Прывядзі сюды гэтага караванбашы, — загадаў брэтонцу лейтэнант. — Праход у пячору зрабіце шырэй, нічога не бачна.
— Ну і калекцыя, — заўважыў салдат са слядамі сонечнага рака на твары. — Каля двух дзесяткаў.
— Гэта яшчэ мала. — Лейтэнант узяў ліхтарык і сам агледзеў усе патаемныя вуглы пячоры. — Паглядзеў бы ты, якія ўловы трапляюцца на падыходзе да Чырвонага мора.
— Там іх і перапрадаюць? — пацікавіўся салдат.
— Ды не, кажуць, на Аравійскім паўвостраве, ля Эр-Рыяда ці ў Джыддзе. А адтуль развозяць каторага куды.
— Добры, відаць, заробак, калі рызыкуюць гэтым займацца.
— Рызыка не большая, чым у звычайных кантрабандыстаў,— адказаў лейтэнант. — Патрульных атрадаў вельмі мала на такую прастору. Так што змагацца з гэтым перажыткам мінуўшчыны давядзецца доўга.
— Камандзір, — у пячору зазірнуў брэтонец, — караванбашы адмовіўся ісці. Што рабіць?
Лейтэнант моўчкі выбраўся з пячоры і расшпіліў кабуру з пісталетам. Вецер узмацніўся, і пясок сек па вачах.
— Адкуль у вас гэтыя дзеці? — спытаў лейтэнант у караванбашы на арабскай мове.
— Яны нашы, — прабурчаў караванбашы, пазіраючы міма лейтэнанта.
Брэтонец пераклаў астатнім салдатам словы старшага караваншчыка. Усе засмяяліся.
— Чаму ж вы тады іх так схавалі?
— Хутка пачнецца бура, — адказаў караванбашы па-ранейшаму раўнадушна. — Можа, самум. Толькі дурны не хаваецца, калі чуе блізкі подых шайтана пустыні. Вы таксама спяшайцеся дадому.
— Схавалі ад буры? — хмыкнуў лейтэнант. — А для чаго на некаторых дзецях ланцугі?
Караванбашы зірнуў на лейтэнанта, як на неразумнага падлетка.
— Цяпер многія дзеці не любяць працаваць, — растлумачыў ён і амаль на самыя вочы нацягнуў башлык. — Таму ўцякаюць на стаянках каравана ў пустыню. Яшчэ не разумеюць, што ў пясках іх чакае пагібель. Пустыня не шкадуе малых дурніц. Таму мы, калі заўважаем, што нехта з дзяцей збіраецца ўцячы, каб толькі не працаваць, ужываем ланцугі!
Гэта было вельмі працяглае для жыхара Сахары тлумачэнне, і караванбашы, скончыўшы апошнюю фразу, стаў пазіраць на лейтэнанта яшчэ больш паблажліва.
— Добра! — раззлаваўся ад гэтага позірку лейтэнант. — Паедзеш з намі на базу для праверкі.
Караванбашы нешта крыкнуў — і бедуіны, што знаходзіліся побач, усхапіліся, клацаючы затворамі карабінаў і ружжаў.
Але салдаты каля аўтафургончыка ўжо трымалі напагатове аўтаматы. Караванбашы зыркнуў на іх, нешта коратка сказаў сваім і паволі рушыў да машыны. Бедуіны раўнадушна, быццам нічога не здарылася, заняліся кожны сваёй ранейшай справай.
— Вазьмі палатку, чатыры чалавекі, зброю, тэрмас, — загадаў лейтэнант брэтонцу. — Чакайце мяне тут і будзьце напагатове.
— Ды не ўпершыню ж, — прабурчаў брэтонец, казыраючы.
Калі машына схавалася ў клубах пылу, салдаты перанеслі сваю амуніцыю да пячоры. Ніхто на іх не звяртаў ніякай увагі.
— Прыціхла — малышня, як птушаняты перад бурай, — заўважыў салдат-сенегалец.
— Дык яна хутка і наляціць, — упэўнена адказаў брэтонец і ссунуў кабуру з пісталетам на жывот. — Слухай, — звярнуўся да яго малады салдат, увесь рабы ад вяснушак, — няўжо сапраўды гэтым хлопчыкам зробяць потым аперацыі, каб яны сталі паслухмянымі?
Астатнія салдаты зарагаталі.
— Маліся алаху, — сказаў брэтонец, — каб не трапіць у палон да якога шэйха.
— Не можа быць, каб у наш час ды такія брыдкія аперацыі рабілі,— запярэчыў малады салдат.
— А ты, Марыс, пацікаўся данымі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, калі не верыш, — параіў брэтонец. — Нам жа недарма плацяць грошы за пошукі такіх караванаў.
— Гэты, са шрамам на фізіяноміі,— кіўнуў малады салдат у бок Селіма, — разумее французскую мову. Я заўважыў — прыслухоўваецца да нашай гаворкі. Гэй, хлопчык, ты адкуль? Як тваё імя?
Селім нават вокам не павёў. Сядзеў, прыціснуўшыся спінай да каменя. Ён думаў пра белага вярблюда, да якога яму мінулым разам не даў падкрасціся сабака. Цяпер, у мітусні з-за патруля, бедуіны так і не прывязалі сабаку сцерагчы «вярблюда шчасця».
— Йяука таскум? — звярнуўся раптам да яго брэтонец.
— Што ты такое яму гаворыш? — пацікавіўся рабы салдат.
— Пытаюся, адкуль ён.
— Дык малы, хутчэй за ўсё, не разумее.
— Разумее. Я ж бачу, што ён з арабаў. Муслім? — тыцнуў у Селіма пракураным пальцам сяржант.
Селім схіліўся і пачаў абмацваць ногі, якія шчымелі ад дзіцячай мачы. Некаторыя хлопчыкі не маглі дачакацца чарговага прывалу, каб апаражніцца. А можа, іх ніхто не вучыў, як трэба захоўваць чысціню ў торбах? Селім ад такога суседства вельмі пакутаваў.
Але цяпер ён нават не меў права наводзіць парадак, бо стаў ніжэй за іх.
— Зірніце, колькі смерчаў круціцца! — з нейкім жахам крыкнуў салдат-сенегалец, паказваючы ў напрамку калодзежа. — Вунь той, відаць, мог бы падняць нават вярблюда.
— Справа дрэнь, — прамовіў брэтонец. — Цяпер нам тут сутак двое тырчаць. Ох, і ночка будзе! Наглытаемся пяску. Давайце застанемся ў пячоры, а то яшчэ і палатку смерчам завалачэ ў самае пекла. Марыс, цягні амуніцыю!
— А дзеці бач зусім сцішыліся, — заўважыў салдат-сенегалец. — Як ты мяркуеш, сяржант, за дзяцей будуць судзіць аднаго старшага караваншчыка ці ўсю кампанію?
— Могуць наогул нічога не дабіцца. — Сяржант шпурнуў акурак, і яго падхапіла віхурай. — Усе будуць маўчаць. Канечне, установяць, што дзеці — не родзічы караваншчыкам. Але ж малыя будуць маўчаць таксама. Іх настрашылі. Пакуль будзе цягнуцца следства, тых, хто развяжа язык, могуць ці атруціць, ці прыдушыць.
«О жоўтая пустыня! — у думках маліўся Селім. — Выратуй мяне».
Над Сахарай быццам круцілася тысяча пясчаных бурнусаў.
— Гоніць на паўночны захад, — пачуў Селім голас сяржанта, які з цікавасцю назіраў за смерчамі, падобнымі ўжо на вялізных гадзюк, якія круціліся, стаўшы на хвасты.
— Куды гэта? — далучыўся да яго салдат са слядамі сонечнага рака на твары.
— Да алжырскай граніцы, а дакладней — на Ін-Іззан, я ведаю тыя мясціны, — данеслася да Селіма.
Караваншчыкі са зброяй у руках сноўдалі між палатак. Іх твары да самых вачэй былі захутаны капюшонамі. Ратуючыся ад пяску, нацягнуў капюшон і караваншчык, што ахоўваў дзяцей. Але ён амаль і не сачыў цяпер, хто выходзіць з пячоры. Як і астатнія, быў разгублены і занепакоены тым, што патруль забраў старшага.
Калі салдаты пачалі заносіць свае рэчы ў пячору і караваншчыку міжволі давялося саступіць убок, Селім яшчаркай выслізнуў вон і юркнуў за камяні. Непадалёк стаялі на каленях вярблюды. Яны ўткнулі храпы ў шчэбень і глуха раўлі. Бедуіны мітусіліся каля палаткі, якую ветрам сарвала з прывязі. Здавалася, яшчэ крыху — і віхура памчыць палатку разам з людзьмі ў брудна-шэрую каламуць пустыні. Дзе ж белы вярблюд? Селім прыкмеціў каля цюка кароткае кап'ё і, схапіўшы яго, папоўз да вярблюдаў. Усе яны, напаўзамеценыя пяском, сталі падобныя адзін на аднаго. Ага, вось ён! На «вярблюдзе шчасця» так і засталіся бурдзюкі для вады.
— Ну, уставай! Ну! — Селім тоўк белага вярблюда пяткамі ў калматыя бакі. Але жывёліна толькі раўла, злосна ўскідваючы галаву.
Зусім блізка, за каменем, мільгнула постаць хлопчыка-йарубы. Селім устрывожыўся — яшчэ прылепіцца. Яму не патрэбен ніхто. Селім пагрозліва патрос кап'ём. Потым ударыў ім вярблюда. Той зароў мацней, завылі-зараўлі і астатнія жывёліны. Можа, яшчэ хто з малых трывожыў іх? Селім спалохаўся. Што было сілы ён біў і біў белага вярблюда. Той прыўзняў пляскаты зад, а потым так гахнуўся на пясок, што Селім ледзь утрымаўся паміж гарбоў. Вось-вось маглі з'явіцца караваншчыкі, і Селім парнуў вярблюда кап'ём не шкадуючы. Раптам той раз'юшана ўскочыў і з ровам закруціўся на месцы. Селім выпусціў кап'ё і ўчапіўся ў мяккі горб. З адчаем замалаціў пяткамі па баках. Белы рушыў наперад. Шалёны вецер падганяў яго, і вярблюд памчаў па схіле прэч ад стаянкі, у самае пекла ўскаламучанай пустыні. Селіму падалося, што ён пачуў крык перасцярогі. Потым бабахнуў стрэл. Сціснуўшы зубы, Селім лупіў і лупіў вярблюду пяткамі ў бакі, хоць цяпер яго і так несла віхурай, каб і хацеў, не змог бы спыніцца.
25. СПАДЗЯВАЦЦА І ПРАЦАВАЦЬ
«Нарэшце пясчаная бура прымусіла мяне выканаць сяброўскі абавязак, напісаць вам абяцанае пісьмо з пустыні». Добыш напісаў гэтыя радкі доктару Кійку і прыслухаўся да посвісту ветру за акенцам. Было падобна на зімовую завіруху на радзіме. Таму ён напісаў: «Сяджу каля кандыцыянера, а ўспамінаю нашу зіму, калі, бывала, прыбяжыш з вуліцы і, адубелы ад сцюжы, хутчэй працягваеш рукі да грубкі. Зараз у нас усе цягнуцца да кандыцыянера, як у маразы да печы. Галава ад гарачыні як чыгунная. Нездарма мае вучні — два ўвішных хлапчукі, пра якіх вы ведаеце, — сёння з цяжкасцю рашалі арыфметычныя задачкі, хаця звычайна спасцігаюць матэрыял проста выдатна. Хачу прыахвоціць да заняткаў і аднаго маладога тутэйшага жыхара — Амаму…»
— Пішаш? — у вагончык зазірнуў бурыльны майстар Юсуф-задэ. — А дзе твой напарнік, Вахрашчын?
— Павінен быць каля электрастанцыі.
— Там толькі яго стажор, Амама. — Юсуф-задэ расшпіліў апранутую на голае цела рабочую куртку і амаль удотык прысунуўся да кандыцыянера. Твар яго быў змарнелы.
— Што ў цябе там здарылася, Эльмар? — спытаў Добыш.
— А, — хмыкнуў той, — тэхніка ваша падвяла. Ганялі-ганялі рухавік, каб завесці.— Бурыльшчык працёр пачырванелыя вочы. — Яшчэ крыху — і пасадзім акумулятар. Дзе Вахрашчын?
— А як свідравіна? — устрывожыўся Добыш.
— Што свідравіна? — Юсуф-задэ схапіў графін, лінуў у жменю жоўтай вады і, сапучы, прамыў вочы. — Можа, цябе цікавіць, ці здабылі мы, нарэшце, ваду? Карнееву проста патрабаваць — давай, давай. А матор, ён — несвядомы, яму рэжым трэба.
— Ну, Вахрашчын за ім сачыў, як салдат за ўласнай зброяй, — сказаў Добыш. — Дык што цяпер будзе са свідравінай? Дзе бурыльны снарад, на паверхні?
— Каб жа! — усклікнуў бурыльны майстар. — Толькі на самую глыбіню завінцілі, а тут — на табе! Матор — фырк-пырк і заглух. Цяпер электраматорам ганяем уніз-уверх прамыўку, каб не заціснула пародай бурыльнае долата. Так што глядзіце — калі і электрастанцыя стане, усё начынне застанецца ў нетрах Сахары. Занава давядзецца бурыць, на новым месцы. Толькі вось чым і за чый кошт?
— Не думаю, каб з маторам нешта сур'ёзнае, — Добыш хуценька надзеў робу. — Мы ж яго, як малое дзіцё, даглядалі. Паглядзім, разбяром, калі трэба.
Гарачы вецер з тонкім пяском адразу забіў дыханне. Вочы, хоць і былі шчыльна прыкрыты акулярамі, пачало рэзаць. Добыш з хваляваннем прыслухаўся да работы рухавіка электрастанцыі: здалося, што той працаваў з залішняй напружанасцю. Матору таксама цяпер было нялёгка.
Зазірне спачатку на электрастанцыю.
У палатцы каля пульта кіравання Добыш убачыў аднаго Амаму, хаця побач павінен быў стаяць і Вахрашчын. Стажор сачыў за стрэлкамі прыбораў з недаверам, спалохана. Тэхніка яму пакуль што давалася цяжкавата.
— А дзе ж механік?
Амама на момант апусціў галаву і прамармытаў нешта пра аазіс. Аказваецца, механіка туды запрасілі нейкія знаёмыя. Ён вернецца праз гадзіну.
— Зараз я пабуду тут, — прыняў рашэнне Добыш, — а ты схадзі па Сідкі. Падзяжурыце пакуль удвух.
Амама спахмурнеў. Яго цёмная жылаватая рука ўчапілася ў полаг, які закрываў уваход у палатку.
— Так трэба, задзіг, — мякка прамовіў Добыш, схамянуўшыся, што незнарок мог пакрыўдзіць Амаму. — Ты ж ведаеш, сапсаваўся матор бурыльнай устаноўкі, трэба тэрмінова разбіраць і шукаць прычыну. Так што цяпер уся надзея на электрастанцыю.
— Я ведаю. — Амама пераступіў босымі нагамі і шумна ўцягнуў шырокімі ноздрамі гарачае паветра. — Лепш без Сідкі.
— Так трэба па інструкцыі, Амама, — як мага лагодна прамовіў Добыш. — Парадак такі ў механікаў.
— Я хутка. — Амама апусціў рукі, потым зноў сагнуў іх, быццам збіраўся займацца боксам. — Сейід Вахрашчын таксама хутка прыйдзе.
Амама выйшаў з палаткі. Добыш праверыў масла і, сочачы за прыборамі, прыбавіў, а потым паменшыў колькасць абаротаў, каб упэўніцца, што хоць рухавік электрастанцыі працуе надзейна. І чаму такое здарылася з маторам буравой устаноўкі, калі пачалася пясчаная бура? Яны ж з Вахрашчыным толькі тры дні таму правяралі матор. Як толькі сіноптыкі перадалі, што магчыма пясчаная бура, усё праверылі і накрылі брызентам. Два дні, як дзьме, а здаецца, што вельмі даўно. Усё цела як з чыгуну. Руку нават цяжка падняць. Дык дзіва што бурыльшчыкі не змаглі выкруціць з нетраў бурыльны снарад уручную. Каб хоць не такая глыбіня…
Пра тое ж Добыш думаў, правяраючы рухавік бурыльнай устаноўкі. Бурыльны майстар недаверліва сачыў за дзеяннямі механіка.
— Ды тут не глядзі,— прамовіў ён, — я сам спачатку вырашыў, што адтуліну ў накрыўцы пылам забіла.
— А раптам у мяне лепей атрымаецца. — Добыш старанна ачысціў анучкай паветразабіральнік у паліўным баку. — Уключы матор!
Юсуф-задэ таргануў старцёр. Аднак матор толькі пыхнуў раз-другі і замоўк. Буравы майстар зноў запусціў старцёр — той жа вынік. Юсуф-задэ апусціўся на пясок.
— Дарэмна толькі акумулятар прыканчваем, — прамовіў ён. — Фу, нават у галаве загуло.
— Будзем разбіраць матор, — вырашыў Добыш. — Адпачніце пакуль. Думаю, гадзіны дзве правалэндаемся.
Але яны нядоўга былі ўдвух. Мінут праз пятнаццаць уварваўся задыханы Вахрашчын. За ім адразу ж — Сідкі, які паведаміў, што ля пульта электрастанцыі Амама можа падзяжурыць і адзін. У выпадку чаго тут жа блізка. А яму, Сідкі, таксама рупіць чым-небудзь памагчы таварышам Вахрашчыну і Добышу.
А праз колькі часу прыйшоў і Акліль — прынёс тэрмасы з чаем, які прыгатаваў повар Мулуд. І таксама застаўся — увішна падаваў інструменты, праціраў анучкаю дэталі, калі пачалі разбіраць рухавік. Ён дзівіўся: чаму гэта Сідкі так старанна памагае?
— Калі ў азісе даведаюцца, што ў нас дрэнна працуе тэхніка, дык зусім нам перастануць давяраць, — прамовіў Вахрашчын, спрытна арудуючы адвёрткай. — Там і зараз той-сёй лічыць: французы працуюць больш надзейна.
— Чаго ты ходзіш у той аазіс? — незадаволена адгукнуўся Юсуф-задэ.
— Кантакты з мясцовым насельніцтвам трэба падтрымліваць, — запярэчыў Вахрашчын. — Гэта толькі на карысць справе.
— А дзе гэта французы працуюць лепш за нас? — Юсуф-задэ скінуў куртку. На мускулістых грудзях чырванелі дзве палосы — гэта так стараўся чалавек уручную выкруціць з нетраў свідравальны снарад.
— Яны робяць зараз артэзіянскую свідравіну каля аазіса Бен-Тыус, — сказаў Сідкі, прымаючы з рук Добыша дробныя дэталі рухавіка. — З імі разам працуюць італьянцы.
Тэрмасы з чаем пераходзілі з рук у рукі.
— Ніяк не магу наталіць смагу, — прызнаўся Вахрашчын. — У роце суха, як у муміі.
— А ў мяне ў вушах вішчыць, — адгукнуўся Добыш і таксама пацягнуўся да тэрмаса. — Ты нас ратуеш, Акліль.
— Не ў цябе аднаго вішчыць, — сказаў Юсуф-задэ. — Гэта ж пясок у пустыні. «Песня пяску»… Значыць, вільготнасць паветра блізкая да нулявой.
— А мне здаецца, што пустыня неўпрыкмет і з мяне высмакча ўсю вільгаць, як вурдалак, — сказаў Добыш.
— Гэта табе з непрывычкі. Вось пасядзіш тут, колькі мы, акліматызуешся, — адрэзаў Юсуф-задэ.
— Ага, добра табе казаць. Ты чалавек паўднёвы. У Азербайджане ж таксама летам, мусіць, ад спёкі не прадыхнуць.
— Бывае. — Юсуф-задэ ўздыхнуў, пяшчотна ўсміхнуўся, відаць, успомніў штосьці прыемнае, і моўчкі працёр вочы хусцінкай.
А вочы ў яго зусім чырвоныя, адзначыў Акліль. Але больш, чым за кім, хлопчык назіраў за Сідкі. Матарыст старанна памагаў механікам збіраць рухавік. Нават сам закруціў апошнюю гайку.
Павесялеўшы, Юсуф-задэ ўключыў старцёр. Націснуў яшчэ. Пачуўся выхлап, другі…
— Працуе! — крыкнуў Сідкі. Добыш кінуў на брызент адвёртку.
— Напалохаў ты матор, задзіг Сідкі,— прамовіў Юсуф-задэ, націскаючы і націскаючы на старцёр.
— Акумулятар разрадзіш, — папярэдзіў Добыш. Юсуф-задэ сеў на пясок, аддыхваючыся.
— Усё, — прамовіў ён рашуча. — Я пайшоў спаць. Па прынцыпу — салдат спіць, а служба ідзе. Што, механікі, думаеце, я за вас павінен трымаць маторы ў парадку?
Добыш, не гледзячы на бурыльнага майстра, перавесіў бліжэй пераносную лямпачку і моўчкі зноў узяўся разбіраць матор. Акліль яму памагаў.
— Дык я пайшоў,— сказаў Юсуф-задэ. — Хто-небудзь разбудзіць мяне, калі рухавік ажыве, у чым я пачынаю сумнявацца.
— Адпачывай, шэф, — адгукнуўся Вахрашчын, — глыні вось на дарогу Мулудава пітва.
— Дома нап'юся. — Юсуф-задэ з прагнасцю зірнуў на флягу, якую яму прапаноўваў механік. — Вам самім малавата, ноч наперадзе.
— Нічога, Акліль яшчэ прынясе, — адказаў Вахрашчын. — Бяры, Эльмар, пакуль даюць. Не чай — эліксір жыцця.
— Не трэба. — Юсуф-задэ павярнуўся да хлопчыка: — І табе тут сядзець нечага. Пайшлі адпачываць, Акліль.
Акліль пакруціў галавой. Як пайсці, калі тут такое? Ці ж ён не збіраецца быць механікам?
Некаторы час працавалі засяроджана і моўчкі. Потым Вахрашчын раптам сказаў:
— Уф! Яшчэ б крыху — і ён бы мяне джыгануў. Зірніце, хлопцы, страшыдла якое. Во, плішчыцца пад брызент.
Аказваецца, аднекуль выпаўз вялікі скарпіён. Механік секануў яго адвёрткай. Хвост-шып адскочыў, але працягваў торгацца.
— Нават мёртвы можа джыгануць, толькі падсунься, — механік пакратаў ядавітае насякомае. — Чаго толькі ў пустыні няма. Ці вось гадзюка — ушыецца ў кучу пяску, паспрабуй заўважыць.
Утрох яны паставілі на месца блок з фарсункамі, але зацягнуць балты ўжо не хапала сілы. Сядзелі, аддыхваючыся.
— Кіслародны голад, га? — Вахрашчын трымаўся рукой за сэрца. — Нават мой матор не вытрымлівае. Я думаў раней, што толькі на Далёкай Поўначы так бывае ці ў Антарктыдзе, дзе кіслароду ў паветры не хапае. А тут, аказваецца, і на Поўдні можна за тыдзень аблысець.
Сідкі першым ускочыў, каб зацягнуць балты. Але Вахрашчын раптам яго спыніў:
— Пачакай, задзіг, давай і пракладкі заадно памянем. — Механік засунуў руку ў металічную скрынку і выцягнуў звязку новых пракладак. — А як там паветраачышчальнік?
Добыш правёў пальцамі па рашотцы і насцярожыўся.
— Мне знаёмыя кажуць, калі я дадому прыязджаю, — расказваў Вахрашчын, старанна арудуючы маслёнкай, — ты ж там быццам на курорце працуеш. Ха! А калі я ў Іраку ўкалваў, нафтаправод дапамагалі будаваць… Там спёка і вецер таксама даваліся ў знакі. Як задзьме гэтак вось — тыднямі спаць кладзешся з хусткай на твары, каб пяску не наглытацца, не задыхнуцца ў сне. Не ўсе вытрымлівалі. Прасіліся дадому. А я нічога.
— Вось, — стараючыся быць спакойным, прамовіў Добыш і паказаў кавалачак прамасленага кардону. — Некаму, разумееш, хацелася, каб мы тут сапраўды заселі на тыдні. Проста і эфектыўна: раз-пораз гэта штука адліпала і тады быў выхлап. Потым струменем паветра яе зноў прыціскала да ўпускнога калектара…
Вахрашчын двума пальцамі ўзяў кардон — бы нейкае мярзотнае насякомае.
— Значыць, нюх у мяне яшчэ ёсць, — сказаў ён. — Але ж паспрабуй здагадайся, што за мярзота тут аціралася.
Сідкі таксама ўзяў кардон, пакруціў галавой, пацокаў языком.
— Ну што, будзем збіраць канчаткова? — прамовіў з палёгкаю Вахрашчын. — Давай, Сідкі.
— Пагляджу яшчэ каналы падачы паліва, — запярэчыў Добыш. — Цяпер я стаў недаверлівы. А кардон не кідайце. Пакажам бурыльшчыкам. Акліль, загарні гэта ў анучку. Выходзіць, некаму вельмі не па душы, што мы здабудзем ваду.
— Проста некаторыя баяцца, што яна будзе салёная. — Сідкі акуратна абцёр рукі анучай. На Акліля нават не зірнуў.
— Ды не, — адгукнуўся Вахрашчын. — Я размаўляў з людзьмі ў аазісе. Тутэйшыя ўладальнікі зямлі непакояцца, каб ад іх не пайшлі хамесы. Будзе вада, значыць, з'явіцца новая зямля, а хамесы могуць стварыць на ёй кааператыў.
— Ну, давай запускаць, — прамовіў Добыш. — Атрымаецца ці не?
Вахрашчын націснуў на старцёр. Пачулася: тах! Тах-тах-тах! І цішыня.
— Ці акумулятар сапсаваўся, ці мы не ўсё знайшлі,— занепакоіўся Вахрашчын і зноў уключыў старцёр.
Рухавік адказаў кароткім тахканнем, Добыш крануў рэгулятар падачы паліва — тахканне стала часцейшым, але ўсё гэта было яшчэ за кошт работы старцёра… І раптам, бы ачнуўшыся ад глыбокага сну, узвыў рухавік. Механікі слухалі, як зачараваныя. Акліль таксама. Але гэтую ягоную радасць ад магутнай песні матора да болю засмучвала адна акалічнасць. Хлопчык, старанна абцёршы кардон ад масла, зразумеў, што бачыў дзесьці яго раней.
26. МІНА «БОНДЭСАНТ»
Вярнуўшыся ў лагер, Акліль раскатурхаў Хуары.
— Чуеш, — шаптаў ён. — Мы матор адрамантавалі!
— Матор? — Хуары сеў, праціраючы вочы. — Вось як трэсну зараз!
І Акліль з прыкрасцю ўбачыў, што сябар зноў з закрытымі вачамі паваліўся на ложак. Спіць сабе, а тут такое адбываецца!
— Слухай, — зноў зашаптаў Акліль, — у матор нехта засунуў вось гэта… Ну паглядзі, Хуары!
Хаця за акном ужо добра развіднелася, Акліль уключыў ліхтарык.
— Брыдота нейкая, — мармытаў Хуары, прыглядваючыся да кардону.
— Памятаеш, як знайшлі ля аазіса міну… — прашаптаў Акліль.
— Цішэй ты! — на гэты раз ужо захваляваўся Хуары. — Гаварыць голасна пра такое…
Знайшлі яе малыя пляменнікі хамеса Амамы. Побач з дарогай на Таманрассет знаходзяцца напаўразбураныя французскія казармы. Дзеці там, як звычайна, гулялі ў вайну. Прыбягаюць на цэнтральную плошчу паселішча, хваляцца Аклілю і Хуары: глядзіце, што мы знайшлі. З хлопцамі быў Сідкі. Заўважыўшы ў хлапчука яго «цацку», Сідкі хутка адхіснуўся, прысеў, балюча пры гэтым ціскануўшы Хуары на плячо. Аднак у наступнае імгненне ён ужо са спакойнай усмешачкай папрасіў хлапчука патрымаць міну над галавой, каб яе ўсе добра бачылі. Потым падышоў, забраў міну.
— Ага, не на ўзводзе, — прамармытаў з палёгкай, засмяяўся. — Табе бацька вушы накруціць, калі дазнаецца, што за цацку ты прывалок! — цыкнуў ён на хлапчука, які патрабаваў сваю знаходку назад. — Гэта ж французская міна «бондэсант»!
Але, відаць, і сам сейід Сідкі зацікавіўся небяспечнай «цацкай», бо вельмі ж прагна разглядаў яе. Хлопцам ён растлумачыў, што міна гэтая зроблена так, што калі таргануць танюткі дрот, які мацуецца да запалу на яе донцы, то спачатку ўзрываецца парахавы зарад. Ён падкідае ўсё ўверх. А тады ўжо адбываецца выбух самой міны.
Сідкі спрытнымі пальцамі хутка звінціў паддон «бондэсанта». Там сапраўды быў порах. Потым асцярожна выцягнуў асноўны запал — бліскучы аловачак з колцам для тросіка. Запал і міну Сідкі шпурнуў у ваду. Затое паддон паставіў на дарогу, загадаў усім адысці, дастаў запалкі, уторкнуў у адтуліну, дзе віднеўся порах, сухую быліну, падпаліў яе і адступіў крокі на два. Завіўся дымок, потым гучна пыхнуў порах — і імклівае сіняе полымя вузкім лязом свіснула высока ўверх. Хлопцы былі ў захапленні ад умельства Сідкі. А моўчкі зірнуўшы адзін на аднаго, яны вырашылі, як дзейнічаць далей. Як толькі Сідкі пайшоў у кавярню, дзе ён любіў згуляць у косці і пагутарыць з паважанымі сейідамі аазіса, хлопцы кінуліся да вадасховішча. Ужо мінут праз дзесяць Акліль намацаў нагой міну. За запалам давялося ў саланаватую мутную ваду ныраць разоў дваццаць.
— Дык ты заўважыў, якія запалкі былі тады ў Сідкі? — горача шаптаў Акліль. — Мараканскія!
— Ну і што з таго? — ніяк не мог канчаткова прачнуцца Хуары.
— А цяпер зірні зноў на гэты кавалак кардону… Бачыш, лісце пальмы, так? А вось літары.
Хуары ледзьве разабраў: «…roc». Ён чмыхнуў носам.
— Ды не чмыхай! — раззлаваўся Акліль. — Карабок у мараканскіх запалак сіні? І пальма намалявана. А яшчэ літары: «Made in Maroc», зроблена ў Марока…
Хуары пачынаў разумець. Але чаму Акліль гэтую справу так бярэ да галавы?
— Ці ў аднаго толькі Сідкі мараканскія запалкі? У каго хочаш маглі такія быць. Нават у мяне.
— У цябе? — хмыкнуў недаверліва Акліль. — Ні ў кога больш у лагеры такіх няма, магу пабіцца аб заклад… Што будзем рабіць, а, Хуары?
Той пачухаў патыліцу і соладка пазяхнуў.
— Я думаю, што трэба трымаць язык за зубамі. Ляпнеш каму пра запалкі гэтыя, а цябе самога ноччу — цоп! А галоўнае — тады ж могуць і пра міну даведацца. Сідкі адбрэшацца, а нам як? — Хуары прысунуўся да Акліля: — Зараз адно трэба — як мага хутчэй выбрацца дадому. А там… Эх, во зажывём з табой! А то падумаеш скарб — вада. Я ўжо разведаў, як можна даехаць да Аль-Джазаіра. Выберамся на Транссахарскую шашу — і спадарожнымі грузавікамі.
Акліль разумеў, што сябар мае рацыю. Цяпер у іх, нарэшце, ёсць усё неабходнае, каб дабрацца да патаемнай схованкі ў сутарэнні турэцкай крэпасці. І душа яго разрывалася на часткі. Скарб, які здабывалі тут савецкія бурыльшчыкі, ён таксама прывык лічыць ужо крышачку сваім. Але ж пра кардон сапраўды нельга нікому гаварыць. Зноў агульная з Хуары тайна прымушала яго маўчаць. Вельмі хацелася піць, і Акліль накіраваўся ў сталоўку.
Вецер сек па твары гарачым пяском. Прыжмурыўшы вочы, хлопчык шмыгнуў да прыкрытых брызентам дзвярэй сталоўкі. Але адчыніўшы іх, Акліль скамянеў: у сталоўцы сядзеў… Сідкі. Няўжо здагадаўся, што Аклілю стала вядома таямніца кардону ў рухавіку буравой устаноўкі? Перад Сідкі стаяла бутэлька мінеральнай вады «Сайда». Матарыст курыў і задумліва паглядаў у акенца, па якім секла пяском. Заўважыўшы хлопчыка, ласкава заўсміхаўся і спачувальна прамовіў:
— Не спіцца, сі-Акліль? Адпачывай. Ты ж таксама ўкалваў у начную змену.
Побач з бутэлькай ляжаў карабок запалак. Алжырскі, зроблены ў горадзе Аране…
27. ШТО Ж ТАМ, У НЕТРАХ?
Пясчаная бура сціхла толькі на трэція суткі, але спёка не апала — узмацнілася. К адзінаццаці гадзінам раніцы пустыня награвалася так, што металічныя прадметы голымі рукамі лепш не чапаць — абавязкова абпячэшся. А тут яшчэ аднекуль з глыбіні Афрыканскага кантынента пачынаў дзьмуць сірока. Ад гэтага гарачага ветру, нягледзячы на тое, што быў ён не моцны, перахоплівала дыханне. Праз кожныя пятнаццаць — дваццаць мінут бурыльшчыкі пілі падкісленую ваду ці з тэрмасаў халодны «сахарскі» чай. Але нават алжырцаў, больш прывычных да спёкі, мучыла смага. У роце перасыхала, гарчыла. Ужо ад нязначнай фізічнай работы пачынала тахкаць сэрца і звінела ў галаве. Але ўсе разумелі: свідраваць трэба без перапынку, іначай няўстойлівыя пароды маглі заціснуць трубы. А тут яшчэ Карнееў, які вярнуўся з аазіса Батна, паведаміў, што там ужо дайшлі да пласта прамысловай прэснай вады.
— А ўмовы для работы аднолькавыя, — папракнуў ён.
Бурыльны майстар пакрыўдзіўся:
— Вось калі і мы да сапраўднай вады дойдзем, тады параўнаем — аднолькавыя ці не.
— Глядзіце цяпер за тэхнікай з падвоенай пільнасцю, — сказаў Карнееў.
— Ну, я на пост, — Юсуф-задэ даў зразумець, што лепш пра падобныя рэчы зараз не гаварыць. — Пайду ставіць новую трубу.
Зароў рухавік. Буравы снарад высока ўзняўся над забоем.
— Сёння да нас госці наведваліся. — Вахрашчын нахіліўся да Карнеева, каб лепш было чуваць. — Нехта ім увёў у вушы, што пайшла салёная вада… А калі акажацца — геолагі сапраўды памыліліся?
Карнееў насцярожыўся.
— Наведваліся? — перапытаў ён, думаючы пра нешта сваё. — Глядзі, будзь асцярожней у аазісе. Спецыяльна можа які правакатар прычапіцца.
— На джыпе прыязджалі,— адказаў Вахрашчын. — Разам з сівабародым такім сейідам, шэйхам ці раісам. Ваду каштавалі.
— А чаму мне не сказаў, што пайшла вада? — падышоў да буравога майстра Карнееў.
— Ды якая вада, якая вада? — выгукнуў той. — Вунь яна, у адстойніку.
— Салёная?
Юсуф-задэ моўчкі махнуў рукой і, на хаду надзяваючы брызентавыя рукавіцы, рушыў да рабочых, каб разам мацаваць бурыльнае долата. Затым падаў сігнал памочніку — матор!
Калона бурыльных труб памалу апускалася да вусця буравой свідравіны. Юсуф-задэ разам з рабочымі прытрымліваў яе сталёвае цела, каб не гойдалася. Буравы снарад на вачах ішоў і ішоў уніз. Толькі цяпер можна было сабе ўявіць, як глыбока пранікла артэзіянская свідравіна ў нетры зямлі. Адначасова па загаду майстра ўключылі ротар і насос, які падаваў прамывачную вадкасць у забой.
Акліль бачыў, як, паназіраўшы за спускам буравога снарада, Карнееў заклапочана падышоў да адстойніка, акунуў пальцы ў бурую ваду і, крывячыся, лізнуў іх. Потым сплюнуў. Акліль не мог зразумець, пра што гаварылі паміж сабой савецкія, бо ведаў пакуль што ўсяго некалькі рускіх слоў, але сэнс размовы ён улавіў. Асабліва калі ўбачыў, як таварыш (гэтае слова ён навучыўся вымаўляць па-руску) Карнееў накіраваўся да адстойніка. Хто толькі не падыходзіў сюды за апошнія дні! Адны са зларадствам, другія з надзеяй. Няўжо спраўдзяцца словы пра злога джына, якога выпусцяць з бутэлькі?
— Спыніцеся! — крычаў учора сівабароды сейід з аазіса. — Пераязджайце лепей да суседняга паселішча. Тут няма добрай вады. Вы зноў вернеце нам салёнае возера. Каторую ноч крычыць азхара — птушка бяды. Лепей ідзіце ад нас, чужынцы!
Акліль ведаў, якая зараз горыч у роце таварыша Карнеева, і падаў яму тэрмас з халодным чаем. У іх з Хуары цяпер вельмі адказны абавязак — прыносіць на буравую рабочым пітво. Але Акліль яшчэ ўмудраецца кожны раз апынуцца каля механікаў, калі тыя корпаюцца ў маторах. Ён нават навучыўся разумець іх сталёвую мову. І першым папярэджваў, калі матору рабілася цяжка ад перагрэву.
— Ну і слых у цябе, хлопча! — колькі разоў дзівіўся Вахрашчын. — Ты нарадзіўся, відаць, механікам.
Сідкі таксама просіць Акліля памагаць, калі корпаецца ля матора. Але хлопчык цяпер адносіўся да яго з патаемным страхам. Вельмі хацелася верыць, што той кардон справа кагосьці іншага, яшчэ не выяўленага. Але тады хто ён?
Хуары ўжо некалькі разоў прапаноўваў: трэба вяртацца дадому, а то яшчэ хто апярэдзіць. Тыя ж аасаўцы. Нездарма яны там круціліся.
Дадому? З нейкага моманту Аклілю пачало здавацца, што ён яго знайшоў. І ён угаворваў Хуары: нічога, пачакае пірацкая схованка. Цікава ўсё ж даведацца — здабудуць саветы ваду або спраўдзяцца словы Сідкі і сівабародага шэйха з аазіса. А потым жа і заробак навошта губляць. Раптам з тым скарбам нічога не выйдзе? Затое калі артэзіянскую свідравіну зробяць, таварыш Карнееў казаў, што за паспяховае выкананне заказу алжырскага ўрада можна атрымаць прэмію. Адмаўляцца ад гэткага шансу! Што ён, Акліль, блазан які?
Ну і злаваўся за такія размовы Хуары! Але што ён мог зрабіць? Міну ж яны па яго прапанове «падзялілі»: Хуары ўзяў сабе корпус з выбуховым начыннем, а Аклілю аддаў запал.
А яшчэ Акліль і самому сабе не хоча прызнацца, што ён усё больш захапляецца работай Юсуф-задэ, якому, аказваецца, падпарадкоўваецца нават сам Карнееў! Як скажа бурыльны майстар, так і робіцца. Нездарма Вахрашчын называе яго шэйхам нетраў. Усе на буравой ловяць кожны яго жэст. Махнуў рукой — рабочыя падаюць на палаці новую абойму труб. Кіўнуў — і ў цыркуляцыйную сістэму з цыстэрны забулькала па шлангу новая порцыя вады, якой абмываюць бурыльны снарад, каб ён не загруз у глыбіні. Бо на яго ж неймаверна цісне парода. Матор таму так і вые, што цяжка круціць сталёвы свярдзёлак, які называецца долатам. Парода — каменная, а ў ёй шмат трэшчын, таму Юсуф-задэ называе яе, як прынята ў геолагаў,— трэшчынаватая. Слова хоць і цяжкае, але Акліль навучыўся вымаўляць яго па-руску. Дык вось з-за цвёрдай пароды Юсуф-задэ загадаў паставіць асаблівае долата. Яно падобнае на вялікі артылерыйскі снарад, толькі з мноствам адмысловых зубцоў,— шарошачнае. Гэта зубцы так называюцца — шарошкі. А сам сеў за пульт кіравання і давай павялічваць хуткасць вярчэння бура! Гэта ў спёку, калі на тэрмометры сорак градусаў! Акліль і захапляецца адвагай бурыльнага майстра, але і матора яму шкада. З усёй моцы грукоча магутны рухавік, у якім ні многа ні мала — пяцьдзесят чатыры конскія сілы! Яшчэ крыху — і, Акліль адчувае, там што-небудзь не вытрымае, механікі кажуць — заклініць. І дзіва — іменна тады Юсуф-задэ дае кароткі перадых і рухавіку, і людзям, што абліваюцца потам. Акліль з палёгкай уздыхае і подбегам імчыць да бурыльшчыкаў — частаваць халодным падкісленым чаем.
Першаму Акліль працягвае тэрмас буравому майстру.
— Зноў каля механізмаў без каскі? — злуецца той. — І што ты за сваю старую шэшыю ўчапіўся, як хаджа за зялёную чалму?
Юсуф-задэ гаворыць на арабскай мове, рабочыя яго разумеюць, і ўсе рагочуць. Але Акліль не крыўдуе. О, каб Юсуф-задэ ведаў, што знаходзіцца ў старой шапцы!
— Ну дык каб тваёй нагі больш на буравой не было! — грозна кажа майстар. Але чай повара Мулуда п'е з асалодай і прагнасцю. Аддыхваецца, чакае, пакуль натоляць неймаверную смагу астатнія, і камандуе: — Пайшлі!
Гадзіны праз паўтары рабочы, які сачыў за адстойнікам, сказаў, што туды з нетраў нічога не вяртаецца. Насунуўшы на вочы белую каску, Юсуф-задэ пабег глядзець.
— Даваць у ствол толькі чыстую ваду і паболей! — загадаў ён. Пасля гэтага пачаў хутка падымаць на паверхню буравы снарад.
— Што такое? — заклапочана пацікавіўся Карнееў. — Заціскае?
— Ды не, — у буравога майстра блішчалі вочы. — Здаецца, падыходзім да вадзянога пласта. Але парода, відаць, з трэшчынамі, усю нашу прамыўку заглынае, нічога каля бурыльнага снарада не застаецца. Трэба адразу закачваць як мага болей.
— Вады зараз прывязуць з аазіса яшчэ, — супакоіў Карнееў.
— Не ведаю, якой вады мы дамо аазісу, але з яго калодзежаў зараз давядзецца браць ды браць, калі такая парода.
— Як гэта — што дамо? — спахмурнеў Карнееў.— Што за настрой?
— А ліха яго ведае, — адказаў Юсуф-задэ. — Ад гэтай спёкі і мне пачынае здавацца, што нам знарок падсунулі гэты ўчастак, на якім французы селі макам.
— Я паказваў даныя нашым геолагам, — сказаў Карнееў.— Яны мяркуюць — месца перспектыўнае.
— Каб жа! — уздыхнуў Юсуф-задэ. — А то ж столькі пякельнай работы — і раптам дарэмна.
Выў, грукатаў матор. Буравы снарад, каб не заціснула раптам сухой пародай, даводзілася то выцягваць, то хутка апускаць у забой. Адстойнік апусцеў зусім, і на яго сценках, умомант высушаных сонцам, зіхацеў тоўсты пласт солі. Раптам з пустыні наляцеў гарачы смерч, закруціўся паміж машын. Запарушыла салёным пылам вочы, адразу не стала чым дыхаць. Людзі чхалі, кашлялі.
— Вады! — камандаваў буравы майстар. І было незразумела: ці то яго пячэ неадольная смага, ці то буравому снараду пагражае небяспека аказацца заціснутым у ствале.
Акліль зноў разносіў чай. З вялікай біклагі ліў ваду людзям на далоні — каб апаласнулі твар, прамылі крыху вочы. У адстойнік з глыбіні ствала па-ранейшаму нічога не вярталася. Трубка перад латком толькі сіпела і пускала аранжавыя пухіры, хаця вада з бака лілася па шлангу пад напорам. Усё праглынала ненажэрнае чэрава Сахары. Машыну-вадавозку зноў накіравалі ў аазіс. З ёй паехаў па загаду повара Мулуда Хуары — купіць у краме спецый і солі. Людзі смяяліся: купляць соль, калі ад яе і так некуды дзецца.
Добыш з матарыстам спешна рыхтавалі на буравой усё неабходнае на выпадак, калі сёння бурыльшчыкам давядзецца працаваць пазней звычайнага. Бо калі раптам адкрыецца вадзяны пласт, то бурыць неабходна хутка і без перапынку. Са склада каля лагера прывезлі дадатковую бочку саляркі. Прыйшоў Сідкі, паскардзіўся, што на электрастанцыі ў маторы левая фарсунка пачала раптам з перабоямі ўпырскваць у цыліндр паліва, няхай механік паглядзіць, каб потым не наракалі на яго, Сідкі. З Добышам правяраць матор пайшоў Акліль.
А калі вярнуліся, Акліль заўважыў, што рабочы, які сачыў за цыркуляцыйнай сістэмай, выплюхвае на сябе з адстойніка поўныя прыгаршчы вады! Вось гэта навіна! Разам з Добышам яны таксама заспяшаліся туды. З асалодай апусцілі рукі ў гаючую прахалоду. Няхай сабе зусім мутная была вада, але яна штуршкамі выпырсквалася і выпырсквалася з патрубка, з кожным разам усё больш. Рухавік бурыльнай устаноўкі цяпер працаваў штомоцы — на мяжы магчымага, калі ўлічваць спёку. Акліль сцяміў: гэта магло азначаць адно — пачалося ўскрыццё ваданоснага пласта!
Усе, хто знаходзіўся на буравой, дапамагалі Юсуф-задэ і яго камандзе — падцягнуць да палацяў абсадныя трубы, рыхтаваць пасту для тампанажу затрубнага зазору. Над адкрытымі мяхамі з высакамарачным цэментам, раствор якога цвярдзеў у лічаныя мінуты, дыміліся ад ветру белыя хвасты, запудрывалі рукі і твары рабочых.
Раптам да Юсуф-задэ падышоў Вахрашчын.
— Эльмар, — ціха сказаў ён, — вады пайшло многа, але ж яна, як у возеры Баскунчак…
Юсуф-задэ ўзняў стомлены, з запарошанымі цэментам, быццам разам пасівеўшымі брывамі і вусікамі твар і, зірнуўшы на далоні механіка, на белыя пісягі солі, моўчкі пакрочыў да адстойніка… Праз мінуту роздуму ён папрасіў Акліля збегаць у лагер за начальнікам.
…Праз чвэрць гадзіны на буравой і ў лагеры не было чалавека, які б не каштаваў вады, якая выбівалася з нетраў пустыні. Гучна цокаў языком і шматзначна жмурыўся Сідкі, яшчэ больш пачарнеў твар Амамы. Азарт, які нядаўна дапамагаў людзям пераадольваць стому, змяніўся абыякавасцю. Усе раптам адчулі, як жахліва дзейнічае на арганізм чалавека Сахара. У паветры, здавалася, больш не засталося кіслароду, нечым было дыхаць. Толькі Сідкі як ні ў чым не бывала корпаўся ля матораў, змахваў анучкай пыл, падліваў маслёнкай змазку, пасвістваў сабе ды касавурыўся на Карнеева, які ўзіраўся ў ваду адстойніка, нібы праз яе можна было разгледзець, што ж там робіцца — глыбока ў нетрах пустэльні.
Сціх рухавік бурыльнай устаноўкі. Працаваў толькі насос цыркуляцыі, выкідваючы ў адстойнік усё новыя шчодрыя порцыі салёнай вады.
Юсуф-задэ зняў каску, палатняную куртку і акунуў у адстойнік мускулістыя рукі. Потым плюхнуў поўныя прыгаршчы сабе на твар, на грудзі.
— Хаця ў расоле, але ж ахалода, — прамовіў ён, чмыхаючы.
Карнееў пахмурна зірнуў на буравога майстра і машынальна абцёр і без таго ўжо сухія рукі аб крысо курткі.
— Чаму спыніў бурэнне? — строга спытаў у Юсуф-задэ.
— А куды цяпер спяшацца? — паціснуў той плячамі.— Усё, дайшлі.
— Трэба бурыць далей, — не прыняў іранічнага тону майстра Карнееў.
— Ды калі ласка, — Юсуф-задэ рэзкім рухам насунуў на вочы белую каску. — Загадаеш — выпампуем з-пад зямлі ўсё салёнае возера і будзем потым па ім разам з дзецьмі бедуінаў папяровыя караблікі пускаць, а то ж яны ніколі ў жыцці не бачылі, як тое робіцца.
— Гэта ў цябе ад стомы, — лагодна прамовіў Карнееў.— Але зразумей — наш пласт яшчэ наперадзе.
— Ну што ж, — уздыхнуў Юсуф-задэ. — Загад маю. Будзем бурыць далей. На тым баку зямлі, пад намі, што — Амерыка? Дабурымся да Місісіпі… Вось янкі здзівяцца: куды гэта з Місісіпі вада знікае? То яны ад усіх на свеце да сябе дабро цягнуць, а тут раптам у іх. Во гвалт узнімуць!
— Бурыць, пакуль дазволіць машына, — сказаў Карнееў, скупа ўсміхнуўшыся на невясёлы жарт Юсуф-задэ. — Ну, а калі што — дык прывязём больш магутную, з Аханета. Там умовы куды горшыя, а людзі змагаюцца за ваду без панікі.
У гэты момант пад'ехала вадавозка. З гарачай кабіны выскачыў Хуары. Ён паспеў аддаць повару Мулуду пакупкі і цяпер прывёз на буравую новую порцыю халоднага чаю.
— Там Селіма прывезлі,— усхвалявана паведаміў ён Аклілю. — Я ўбачыў яго ў аазісе і запрасіў да нас у лагер. Сейід Мулуд пакарміў Селіма, і той адразу заваліўся спаць. Лёг на твой ложак.
Бурыльшчыкаў таксама зацікавіла навіна пра Селіма. З расказу Хуары стала вядома, што «кандыдата ў мільянеры» падабралі ў пустыні бедуіны. Як па этапу, яго перадавалі з аднаго качэўя ў другое, пакуль ён не апынуўся ў Таманрассеце. Адтуль Селім на спадарожных машынах дабраўся да горада-аазіса Амгіда, затым да Завія-эль-Кахла, а зараз ехаў бы ўжо ў напрамку Уарглы, каб не Хуары. І Акліль з раптоўным пачуццём крыўды падумаў: чаго гэта Хуары так узрадаваўся, што сустрэў Павука? Ды няхай бы сабе той і ехаў, куды ўздумаў.
А Хуары ўжо расказваў пра другое:
— Старэйшыны аазіса збіраюцца прыехаць, каб пакаштаваць новую ваду.
Юсуф-задэ хмыкнуў:
— Якую ваду, хто ім пра тое сказаў? — І павярнуўся да Карнеева: — Ну, што загадаеш людзям адказваць?
— Тое, што ёсць, праўду.
— Дык я ж сам яе не ведаю! — Юсуф-задэ накіраваўся да свайго пульта. І зноў завёў сваю магутную песню матор.
А праз якую гадзіну, калі Карнееў пакінуў буравую, туды прыехаў невялікі джып на шырачэзных колах. З машыны паважна выйшлі чатыры мужчыны ў адзенні туарэгаў. Наперад яны прапусцілі сівабародага высокага старога з пранізлівым позіркам. Госці зірнулі на бурыльную ўстаноўку, і самы малодшы з іх прамовіў на французскай мове:
— Сейід пытае, хто тут галоўны.
— Што паважанаму госцю трэба? — Юсуф-задэ прыглушыў матор і папярэдзіў, каб памочнік не забываў сачыць за прамыўкай.
— Алах вялікі,— не адказаўшы на паклон буравога майстра, па-арабску прамовіў сівабароды, выцягваючы сваю руку так, што яна ўказвала не столькі на неба і навакольную прастору, колькі на джып, на якім ён сюды прыехаў.
Юсуф-задэ ўсміхнуўся, зняў каску і выцер хусцінкай твар. Жэстам ён спыніў Сідкі, які стаў перакладаць сказанае сівабародым на французскую мову.
— Алах зрабіў для нас вялікую ласку, — працягваў сівабароды. — Ён пачуў нашы малітвы і схаваў пад зямлю тое, што нам шкодзіла. Мёртвае ён адаслаў да мёртвых, у падземнае царства. Гэта вялікая літасць. Яшчэ ў той час, калі я не згінаючыся мог прайсці пад брухам у жарабяці, на гэтым месцы, дзе стаяць вашы машыны, вецер гойдаў злую ваду, якая губіла пальмы. — Стары паказаў управа ад сябе, дзе пасярод пазбаўленай усякага жыцця раўніны тырчалі, бы чорныя шкілеты нейкіх фантастычных жывёлін, засохлыя пальмы-дум. За імі віднеліся напаўзамеценыя пяском руіны будыніны з гліны. Усё, што засталося ад невялікага аазіса. Салёная вада паступова знішчыла расліны, і людзі былі вымушаны пакінуць абжытыя мясціны і наймацца хамесамі да суседзяў ці стаць зноў качэўнікамі, як іх продкі.
— Ваш урад накіраваў нас сюды, каб даць жыццё гэтаму аазісу і даць ваду туды, дзе яе зараз мала і робіцца з кожным годам меней, — адказаў Юсуф-задэ на арабскай мове, здзівіўшы гэтым сівабародага. Той зірнуў на бурыльнага майстра больш уважліва, але па-ранейшаму варожа.
— Урад далёка, — адказаў ён. — Адтуль не бачна, дзе чужынцы свідруюць пясок.
— Свідруем там, дзе нам загадана, сейід, — стараўся гаварыць спагадліва Юсуф-задэ. — І мы разумеем вашу трывогу. Але вучоныя людзі кажуць, вада, добрая вада тут ёсць.
— Французскія бурыльшчыкі яе тут не здабылі, хаця спрабавалі некалькі разоў,— рэзка сказаў тады самы малады з гасцей.
— Вельмі добра, што не здабылі,— Юсуф-задэ звёў да пераносся густыя, запарушаныя пылам бровы. — Бо тады б знікла вада ў калодзежах вашага паселішча. Яны ж маглі прабурыць артэзіянскую свідравіну толькі на глыбіню дзвесце метраў. Гэта той пласт, які сілкуе і вашы калодзежы. Мы яго даўно прайшлі. Нашы трубы ідуць глыбока ўніз, каб здабыць новую ваду.
— Азхара! — з клёкатам у глотцы прамовіў сівабароды. — Каторую ноч крычыць птушка бяды. Марабут прадказаў — бяда прыйдзе ад вашых машын. — З велічным выглядам сівабароды рушыў да джыпа. За ім моўчкі ўся яго світа.
Юсуф-задэ паглядзеў услед джыпу і рашуча зашпіліў раменьчык каскі.
— Усе па сваіх месцах! — загадаў ён.
— Гэта вельмі паважаны чалавек, — сказаў пра сівабародага Сідкі.— Ён тут — раіс, правадыр. Вельмі заможны сейід. Мог бы купіць увесь аазіс, каб захацеў.
— Я бачу. — Юсуф-задэ падазрона зірнуў на Сідкі, патаптаўся ля вусця буравой свідравіны, быццам прыслухоўваючыся да нечага, і рашуча накіраваўся да пульта кіравання. Загудзеў матор. Завішчала лябёдка. Буравы снарад зноў недзе глыбока ў нетрах угрызаўся ў забой, ад яго напружанай работы торгалася сталёвая вышка, з падвывам роў рухавік, амаль захліпваючыся ад гарачыні. Акліль ведаў, што прабурылі ўжо чатырыста сорак шэсць метраў. Пазіраючы на рашучы твар Юсуф-задэ, ён яшчэ больш ганарыўся, што дапамагае буравому майстру.
Але вада, якую выпампоўвалі ў адстойнік з нетраў пустыні, была па-ранейшаму пякуча салёная.
28. АЗХАРА — ПТУШКА БЯДЫ
Увесь дзень, нягледзячы на спёку, на краі аазіса працавалі людзі. Гэта былі хамесы, якія чакалі «новай» вады. Яны ачышчалі ад камянёў вялікі пляц. Потым поле раўняў бульдозер. За ім пацягнуліся шлейфы пылу. Яднаючыся, яны к вечару павіслі над пляцам агромністым попельна-бурым шатром, які закрываў сонца. Бульдозер аціх толькі а дзесятай гадзіне вечара. Трохі пазней спынілася работа буравой. Па-ранейшаму працавала толькі цыркуляцыйная сістэма. Бурыльшчыкі вярталіся ў лагер дружнай купкай, абмяркоўваючы розныя здарэнні апошняга часу. У размовах чулася трывога. Асабліва непакоіліся мясцовыя. Звычайна яны пасля змены заходзілі ў лагер, перакусіць у сталоўцы, паслухаць радыё і проста пасядзець разам і спакойна перакінуцца словам, як любяць мужчыны ў вольную хвіліну. Але на гэты раз усе як адзін паспешліва скіравалі да аазіса, па хатах. Нават Амама, самы смелы з іх. Папярэджанне сівабародага раіса з галоўнага аазіса пра тое, што ля лагера бурыльшчыкаў каторую ноч крычыць птушка бяды азхара, усхвалявала ўсіх.
Сонца ўжо схавалася за дзюнамі, яшчэ дзесятак-другі хвілін — і пустыню агорне раптоўная, як заўсёды, густая цемра. Аціхне сірока. Нездарма ў бедуінаў ёсць прыказка, што ў Сахары малы вецер абуджаецца і кладзецца адпачываць разам з сонцам. Так яно і здарылася. Акліль адчуў, як адразу стала лягчэй дыхаць, а маўклівае наваколле пачало ажываць. Не такая яна ўжо і мёртвая, пустыня. Вось недзе зусім непадалёк шоргае паміж рэдкіх калючак рагатая гадзюка. Увесь дзень яна праляжала, затачыўшыся ў пясок, а цяпер накіравалася некуды па сваіх змяіных справах. У далечыні раптам дробна затупаў невялікі статак газеляў. А ўжо ля самай электрастанцыі, не зважаючы на грукат яе рухавіка, сядзеў і дзівіўся на электрычныя лямпачкі даўгавухі фянёк — маленькая ліса Сахары. Знік ён толькі тады, калі хлопчык падышоў зусім блізка. Але ж і цікаўны! Усё новае абавязкова імкнецца разгледзець, за што нярэдка плаціць жыццём, бо гэтай асаблівасцю звярка злоўжываюць паляўнічыя. А вось у лавушку рэдка трапляе. Вахрашчын якіх толькі не прыдумваў, і ўсё дарэмна. Амама яму растлумачыў — фянька прывабліваюць нават звычайнай дзіцячай цацкай. Ці ўторкваюць стракаты сцяжок — і звярок пачынае яго разглядаць, не заўважаючы, што недалёка схаваўся паляўнічы са стрэльбай. Але механік хацеў злавіць звярка жывым.
Пра гэта яны і размаўлялі з Аклілем. І не заўважылі, як да іх падышоў Сідкі. Вахрашчын ажно ўздрыгнуў, калі раптам убачыў, што матарыст стаіць побач і слухае іх гутарку.
— Але ж ты і ходзіш, — буркнуў ён. — Як фянёк.
— Фянёк маленькі.— Сідкі засмяяўся. — Яму гэта лёгка.
Цяпер, калі на буравой работы спыніліся, электрычнасці патрабавалася значна меней і можна было пераключыць рухавік на такі рэжым, каб даць яму перадышку. Адрэгуляваўшы ўсе прыборы, Вахрашчын павярнуўся да Сідкі.
— Ну вось, у такім рэжыме і трымай, таварыш дзяжурны, — прамовіў ён. — А мы з Аклілем пойдзем адпачываць.
— Зноў крычыць. — Хлопчык прыслухаўся. — Во, чуеце?
Дарослыя таксама прыслухаліся. Праз гуд матора сапраўды раз-пораз даносіліся крыкі нейкай птушкі. Хутчэй за ўсё, яна сядзела на адной з мёртвых пальмаў на ўскрайку пакінутага аазіса.
— Азхара, — коратка растлумачыў Сідкі.— Тутэйшыя людзі кажуць, што, калі птушка крычыць такою парою, нехта паблізу памрэ.
— Ну, забабоны, — весела сказаў Вахрашчын. — А ў нашых краях дык гэткай справай крумкач займаецца. Старыя людзі кажуць: калі над кім каркне — дабра не чакай. За некалькі дзён у жывым чалавеку мерцвяка чуе. Во, браце, справы: ходзіць чалавек, аб нечым дбае, мітусіцца, а таго не ведае, што птушка яму канец жыцця накаркала. А вось нада мною дык крумкач колькі разоў каркаў — і свой, і замежны, ды нічога, пакуль жывы.
Акліль, які ў пачатку расказу было прыціх, зараз засмяяўся весялей за ўсіх.
— А я пачую яе, і ў мяне мурашкі па скуры паўзуць, — прызнаўся Сідкі.— Ніяк не магу сябе пераадолець.
— Гэта таму, што цябе, відаць, у дзяцінстве многа страшылі,— паспачуваў Вахрашчын. — Каланізатарам жа хацелася, каб вы ўсяго баяліся. Нават птушынага крыку. Вось Акліль ужо з другога пакалення. Ён не прывучаны баяцца. Так, Акліль? Ды і вы хутка ўсе, думаю, пераадолееце свой дзіцячы спалох. Бо свабоду ж самі для сябе заваявалі! Ты ж ваяваў, Сідкі?
— І многа, — кіўнуў той. — Камандзіры казалі — нядрэнным быў салдатам. Страляў, хадзіў у разведку, узрываў…
— Ну вось, а цяпер слоў нейкага старога сейіда пра азхару спалохаўся, — зноў пасмяяўся Вахрашчын.
Акліль таксама пашкадаваў Сідкі: такі моцны, ваяваў, а крыку нейкай птушкі збаяўся.
— Ён у гэтых мясцінах магутны чалавек, раіс, — толькі і сказаў Сідкі.
— Дык калі ты ўжо так да сэрца ўзяў яго словы, то, можа, не дзяжур гэтую ноч? — прапанаваў Вахрашчын. — Паклічам Амаму, няхай ён. Амама, здаецца, рашучы хлопец.
— Рашучы, — пацвердзіў Сідкі.— Але маю работу я заўсёды раблю сам. Нават калі мне бывае і ніякавата.
Пасвістваючы, ён пайшоў аглядаць электрастанцыю. Прыбіраў, чысціў, раскладваў па адпаведных скрыначках струмант.
Вахрашчын кіўнуў на яго:
— Умее працаваць. А нейкага старога забаяўся… Ну, пайшлі адпачываць, сі-Акліль.
…Прачнуўшыся на досвітку, Акліль трывожна прыслухаўся — як там электрастанцыя? Яна працавала па-ранейшаму. І потым у сталоўцы ён адным з першых убачыў Сідкі. Той весела, ніколькі не саромячыся, расказваў, як учора спалохаўся крыку азхары — маленькай птушачкі, падобнай на вераб'я! — а мсье Вахрашчын яго высмеяў, і правільна зрабіў.
— Ды што ты на мяне мсье ды мсье? — заўважыў у адказ Вахрашчын, які таксама торапка сёрбаў з кубачка пахучую каву. — Які з мяне мсье? Як па-нашаму, то гэта гаспадзін, які мае ўладу над іншымі і багаты. А я чалавек рабочы, не Ротшыльд які-небудзь.
З яго слоў усе дружна рагаталі, кпілі з Сідкі, што той не можа пазбавіцца не толькі дзіцячых страхаў, але і звычкі ў кожным ірум'ене бачыць не таварыша, а абавязкова валадара. І Сідкі зноў неяк лёгка і нават весела згаджаўся — сапраўды, так яно і ёсць.
Потым увесь дзень у бурыльшчыкаў быў добры настрой, тым больш што вада рабілася менш салёнай і таму павялічыліся спадзяванні нават у скептыкаў на добрае завяршэнне справы. Трывога спакваля ўзнавілася толькі пад вечар. Мясцовыя рабочыя зноў заспяшаліся дадому, мінуючы лагер, хаця там Вахрашчын збіраўся паказваць кінафільм, расцягнуўшы на сцяне вагончыка белую прасціню замест экрана. Звычайна ў такія вечары збіралася процьма людзей, прыходзілі ці прыязджалі на конях жыхары не толькі бліжняга, але і аддаленых аазісаў. Аднак на гэты раз гледачоў аказалася не больш дзесятка. Нанач Карнееў на ўсякі выпадак назначыў дзяжурства, каб людзі маглі спакойна адпачываць. Але ноч зноў прайшла спакойна. Нават азхара перастала крычаць. Можа, таму, што Вахрашчын з Аклілем не паленаваліся схадзіць у пакінуты аазіс і прагнаць з пальмаў усіх, хто там з птушынага племя збіраўся ўладкавацца на начлег.
Наступная ноч таксама прайшла спакойна. А потым няшчасце ўсё ж здарылася.
Недзе пад самую раніцу, калі сон бывае асабліва салодкім, Акліль пачуў за акенцам тупат ног і сцішаныя галасы. Паўтаралася імя Амамы. Акліль раскатурхаў Хуары:
— Чуеш? Там нешта здарылася з Амамам. Ды прачніся! Пабяжым, га?
Хуары незадаволена забурчаў:
— Соваеш нос, куды цябе не просяць… Усё! Як толькі атрымаем грошы, я адсюль паеду. Селім кажа, ён колькі хочаш запалаў здабудзе. А ты можаш сабе хоць на ўсё жыццё тут заставацца.
— Ага, — пакрыўдзіўся і раззлаваўся Акліль, — ужо гэтаму Павуку наш сакрэт выдаў! Ну, добра, паглядзім, хто хутчэй…
Акліль не дагаварыў, бо зноў паспешліва нехта пратупаў каля акна. Хлопчык выскачыў з вагончыка. Далейшыя падзеі гэтай раніцы зусім адсунулі ўбок яго спрэчку з Хуары.
Першае, што ён убачыў у дрыготкім паўзмроку, — мітусню каля палаткі, дзе знаходзілася электрастанцыя. Затым толькі ён звярнуў увагу, што колькі ўжо часу не чуе гуду яе рухавіка. Там нешта здарылася з Амамам! Акліль, спатыкаючыся ў сыпучым пяску, памчаў да электрастанцыі.
…Амама ляжаў на брызенце, а каля яго завіхаўся Вахрашчын. «Што гэта? — з жахам падумаў Акліль. — Амаму нехта забіў… Але чаму я не чуў стрэлу? Няўжо ён проста памёр, таму што крычала тая плюгавая птушка?»
Хутка ён, аднак, даведаўся, што Амаму ўдарыла токам, калі той датыкнуўся да корпуса электрастанцыі. Першым яго ўбачыў Вахрашчын, які па нейкай прычыне позна вяртаўся з аазіса. Цяпер механік рабіў Амаме штучнае дыханне — з дапамогай Юсуф-задэ разводзіў яго рукі, а затым рэзка прыціснуў іх да грудзей.
— Патрымайце зноў каля яго носа нашатыр! — камандаваў ён. — Сардэчнае, каб зрабіць укол, прынеслі?
— Ды позна ўжо, мёртвы ён, — ахрыплым голасам прамовіў Сідкі, які таптаўся побач.
Акліль блізка ад сябе ўбачыў ягоныя прыжмураныя, як у шакала, бязлітасныя вочы. І так яму стала шкада Амаму, які загінуў таму, што хацеў здабыць сабе ваду! Не помнячы сябе, хлопчык раптам учапіўся ў Сідкі.
— Трымайце яго! — закрычаў Акліль. — Гэта ён, ён забіў Амаму!
Бы жалезнымі абцугамі, сціснуў матарыст рукі хлопчыка. Аклілю здалося, што нават хруснулі косці. Ад моцнага штуршка ён грымнуўся вобзем.
— Нельга так малога, — Добыш падняў Акліля, прыгарнуў да сябе.
— Звар'яцеў шчанюк ад страху, — з кароткім смяшком прамовіў Сідкі. — Няма каму вушы надраць.
— Ды ты што гэта, Акліль? — папракнуў Вахрашчын. — Ты бачыў? Не. Амаму токам ударыла, разумееш? Зазямленне аказалася адключаным. Дык гэтак жа Сідкі і на цябе можа сказаць, што ты цішком зазямленне зняў.
— Я?! — закрычаў Акліль, вырываючыся з рук Добыша. — Гэта ён, ён!.. — Хлопчык аж захліпнуўся ад пякучай нянавісці да Сідкі.
— Дыхае… — сказаў у гэты час Вахрашчын, расціраючы Амаме грудзі.— Ну, давай, давай, старайся, хлопча. Я табе яшчэ масаж… Так вось… Нюхні нашатыру… Ага, не падабаецца! Во-о, і мяне пазнае ўжо! Зараз і запытаем, як было з тым зазямленнем.
Амама са здзіўленнем пазіраў наўкола. Потым раптам прыўзняўся, нечым занепакоены.
— Гэта ж ён заўважыў, што электрастанцыя не працуе, — растлумачыў Вахрашчын радасна. — Думае, праспаў! Ляжы, ляжы…
— Сэрца ў яго — дай алах кожнаму, — прамовіў Юсуф-задэ. — Такі ўдар вытрымаць…
— Мсье Вахрашчыну няхай дзякуе, — падаў голас Сідкі.— Ён выратаваў, заўважыў.
— Амама, да станцыі хто-небудзь падыходзіў, калі ты дзяжурыў? — пытаў Вахрашчын.
— Не лезь да чалавека, няхай адляжыцца, — перапыніў яго Юсуф-задэ. — Табе трэба вымову ўляпіць, што тэхніку бяспекі не навучыў захоўваць як след.
— А сляды капытоў бачыў? — павярнуў да яго змарнелы твар Вахрашчын. — Не, хлопец, тут не няшчасны выпадак…
— Гэта ён зрабіў! — зноў закрычаў Акліль, паказваючы на Сідкі.
— Закрыйце рот гэтаму шчаняці! — ашчэрыўся той. — Чуць яго не магу. Пайду ад граху…
— Хто сюды прыязджаў на кані, Амама? — паўтараў сваё на ламанай французскай мове Вахрашчын. Потым схамянуўся: — Можа, ён мяне не разумее ў такім становішчы? Эльмар, перакладзі яму па-арабску.
Юсуф-задэ паморшчыўся, але паўтарыў пытанне Вахрашчына. У Амамы ў вачах мільгануў сполах.
— Азхара, — прамовіў ён ціха.
— Хто-хто? — нахіліўся да яго Вахрашчын.
— Ды птушку тую так завуць — азхара, — сказаў Юсуф-задэ і зноў на арабскай мове звярнуўся да Амамы: — Хто цябе гэтак, брат?
Амама паківаў галавой. Гэта магло азначаць толькі адно: ён не ведаў, як тое здарылася.
Яшчэ не развіднела, а з аазіса ў лагер з'явілася шмат людзей. Быў сярод іх і бацька Амамы. Нехта паспеў яму сказаць пра здарэнне з сынам. Затым прыехаў на машыне сівабароды раіс. З ім было яшчэ некалькі паважаных сейідаў, а таксама настаўнік — аднарукі малады хлопец у паношанай ваеннай вопратцы. Гэта быў адзін з актывістаў партыі Фронт нацыянальнага вызвалення. Ён адзіны прывітаўся.
Не звяртаючы ні на каго ўвагі, стары хамес увайшоў у вагончык, куды перанеслі Амаму, і загадаў таму ісці дадому.
— Няхай бы яшчэ паляжаў ваш сын, сейід, — звярнуўся да хамеса Добыш. — Тут кандыцыянер, гэта Амаме добра. А к вечару мы самі прывязём яго да вас.
Хамес з пахмурным выглядам выслухаў Добыша і моўчкі павярнуўся да сына, які не вельмі спяшаўся выканаць загад бацькі. Нарэшце ён выйшаў, але накіраваўся не ў бок аазіса, а да электрастанцыі. Там знаходзіўся сівабароды сейід са сваімі прыхільнікамі.
— Растлумачце сваім людзям, што хадзіць каля электрастанцыі нельга, — звярнуўся Добыш да настаўніка. — Мы хочам, каб месца здарэння неадкладна агледзела паліцыя.
Выслухаўшы настаўніка, сівабароды раіс плюнуў у бок электрастанцыі і пагрозліва прамовіў:
— Гэтыя машыны наклікалі на нас бяду. Мы папярэджвалі, што ірум'енам трэба адсюль перабірацца ў іншае месца. Азхара зноў крычала гэтай ноччу. Бяда прыйшла да нас, людзі.
Жыхары аазіса захваляваліся. Нехта з падлеткаў шпурнуў камень у капот рухавіка, другі некалькі разоў дзеўбануў нажом у пярэдні скат.
— Не чапайце машыны! — слабым, але рашучым голасам сказаў Амама.
Амаму абступіла некалькі жанчын, стараючыся адцягнуць ад электрастанцыі. Было падобна на тое, што вось-вось жыхары аазіса пачнуць ламаць абсталяванне. Але тут прагучаў цвёрды голас настаўніка:
— Браты мае, наша ўлада прыслала сюды і гэтыя машыны, і гэтых іншаземцаў, якія ўмеюць імі кіраваць. Нашы людзі таксама тут вучацца валодаць тэхнікай. Але ж ці вы не ведаеце, суседзі,— нават добрага ездака наравісты конь можа скінуць на камяні. Але ўсё роўна бедуіны не любяць хадзіць пешкі.
— Бедуіны толькі да захаду сонца дазвалялі іншаземцам знаходзіцца ў сваіх паселішчах! — закрычаў пагрозліва сівабароды раіс. — І самі не ішлі ні да каго. Амама аслухаўся закону племя і наклікаў бяду не толькі на сябе.
— Але ж ёсць яшчэ і агульны закон нашай краіны, — цвёрда стаяў на сваім настаўнік. — Мы ўсе галасавалі за яго. Так, людзі?
Сівабароды раіс убачыў, што словы настаўніка аказаліся для жыхароў аазіса больш пераканальнымі. Таму ён зноў загаварыў пра ваду.
— Машыны чужынцаў дастаюць з-пад зямлі мёртвую ваду. — Вочы сівабародага пранізвалі настаўніка наскрозь, у іх была цяжкая нянавісць. — Хутка яна залье нашы палі, і тады давядзецца пакінуць гэтыя мясціны.
Пры гэтых словах некаторыя жанчыны ціха залямантавалі, а мужчыны зноў пагрозліва насупіліся.
— Мы маем звесткі ад геолагаў, што глыбока пад зямлёй тут знаходзіцца добрая вада, — сказаў на арабскай мове Юсуф-задэ, і яго словы не засталіся без увагі.
Але сівабароды адвярнуўся ад буравога майстра, як ад чалавека, які паважаным людзям адважыўся гаварыць няпраўду.
— Наліце ў збан прэснай вады, — сказаў ён, звяртаючыся да стаяўшых побач мужчын, — потым пакладзіце гліны і насыпце пяску, затым каменьчыкаў і зноў гліны, а зверху наліце салёнай вады… — Сівабароды раіс зрабіў працяглую паўзу, каб усе паспелі асэнсаваць сказанае. — Якой яна будзе на дне збана праз дзень ці два?
Вакол ківалі галовамі старыя, многія ўсміхаліся — так проста давёў раіс, што чужынцы гавораць няпраўду.
— А з іх трубы цячэ вада мёртвых! — дадаў раіс і велічна рушыў да сваёй машыны.
— Але ж вы ведаеце, што ў нетрах зямлі ўсё не зусім так, як у невялікім збанку, — звярнуўся да настаўніка крыху збянтэжаны Юсуф-задэ.
Настаўнік кіўнуў.
— Трэба счакаць, — прамовіў ён. — Я пагавару з людзьмі.
— Азхара! — голас сівабародага быў падобны на арліны клёкат. — Птушка бяды крычыць над машынамі чужынцаў. Няхай праткне кап'ё алаха таго з прававерных, хто застанецца тут да захаду сонца!
Людзі ўцягнулі галовы ў плечы. Да Амамы з енкам кінулася яго маці.
— Што такое? — абурана прамовіў Вахрашчын. — Нашы рабочыя пацягнуліся за гэтым старым вешчуном? Хлопцы, нельга справу кідаць!
Але рабочыя з мясцовых, якіх давялося столькі вучыць, рушылі да аазіса, за сівабародым раісам. Той велічна ішоў пешкі, а людзі за ім, бы статак за пастухом.
— Адрар! — паклікаў Добыш аднаго з рабочых, спрытнага і вясёлага хлопца, з якім у яго былі асабліва прыязныя адносіны.
Адрар прыпыніўся, але на яго прыкрыкнуў адзін са старых, і ён пакрочыў за сівабародым, цяжка перастаўляючы ногі.
Спыніць, угаварыць, растлумачыць, што так рабіць нельга, — вось што хацелася Аклілю. Але ад яго старэйшыя толькі адмахваліся, як ад мухі, а падлеткі пачалі дражніць і са смехам кульнулі на пясок, спрытна падставіўшы падножку.
— Мы павінны зараз працаваць асабліва інтэнсіўна, каб вада была якаснай, — сказаў Юсуф-задэ настаўніку, які застаўся з бурыльшчыкамі.— Цяпер кожны чалавек дарагі.
— Зараз нашы пабаяцца, — паківаў галавой настаўнік. — О, вы нават да канца не ўяўляеце, што значыць тут новая вада! Зямлю мы можам хамесам даць, урад усё робіць, каб яе атрымаў той, хто працуе. Але без арашэння — гэта пустыня… Дарэмна вы ўсё ж робіце свідравіну ў гэтым месцы. Трэба было б у той лагчынцы, правей аазіса. У нас існуюць прыкметы, дзе варта капаць калодзеж, а дзе не.
— Так загадана, — коратка адказаў Юсуф-задэ. — Але ў нас, бурыльшчыкаў, таксама існуюць прыкметы: калі браць ваду толькі з аднаго пласта, то яе хутка не хопіць на ўсе калодзежы.
Настаўнік кіўнуў і, паціснуўшы бурыльшчыкам рукі, пайшоў у аазіс.
Лагер апанавала нязвычная ў такі час цішыня.
Але ненадоўга. Быццам схамянуўшыся, заракатаў рухавік электрастанцыі. Следам дзынкнулі сталёвыя трубы на буравой — гэта Юсуф-задэ ўсяго з адным памочнікам мянялі сапсаванае шарашэчнае долата. Тыя, хто застаўся, працавалі цяпер кожны за двух ці трох. Нават повар Мулуд пакінуў Хуары даварваць тарэшту, а сам прыйшоў да бурыльнага майстра і запатрабаваў работу. Спачатку ў яго атрымоўвалася не вельмі, і ён, пасмейваючыся, прызнаў, што з чарпаком яму ўпраўляцца прасцей, чым з ключом для зашрубоўвання труб. Але Мулуд хутка навучыўся рабіць і новую сваю работу не горш за таварышаў.
Ламалі галаву — куды знік Сідкі. Відаць, таксама застаўся з тымі, хто пайшоў за сівабародым раісам.
А вечарам лагер абляцела навіна: вярнуўся Амама. Навіна была радасная і разам з тым трывожная. Повар Мулуд сказаў:
— Амама падпісаў сабе прысуд.
У яго словах былі і смутак, і гонар за чалавека, які мае мужнасць адстойваць сваю годнасць і права на лепшае жыццё.
29. НАТАЛЕННЕ СМАГІ
Пра ваду, быццам дамовіўшыся, амаль не гаварылі. Ды і наогул стараліся размаўляць як мага менш — эканомілі сілы. Галасы ва ўсіх былі сіплыя ад спёкі і стомы. Карнееў прывёз з першага ўчастка двух кваліфікаваных рабочых, але, як і раней, людзей не хапала. Акліль дапамагаў Амаме сачыць за маторамі. А калі той ішоў на буравую ўкладваць трубы на палаці, хлопец быў асабліва шчаслівы — ён станавіўся адзіным гаспадаром над магутнай машынай. Акліль нават спрабаваў начаваць на электрастанцыі. Па-першае, каб было весялей Амаме. Ну, а потым — ён баяўся Селіма і Хуары. Нешта яны такое задумалі, калі прапанавалі яму аддаць запал, а сабе ўзяць корпус «бондэсанта». Ну канечне ж: запал можна прымацаваць да снарада ці шашкі толу. Часцей жа Акліль начаваў разам з Добышам. Тады яны размаўлялі аб розных цікавых рэчах. Пра маторы таксама. Хаця Акліль ужо цвёрда вырашыў, што будзе бурыльшчыкам.
Буравая ўстаноўка асабліва прыцягвала Акліля, і ён знаходзіў шмат прычын, каб паацірацца каля пульта буравога майстра. Заадно правяраў — якая вада ў адстойніку. Юсуф-задэ жартам стаў клікаць яго — сейід лабарант.
— Як там вада, сейід лабарант? — крычаў ён хлопчыку, калі той з асалодай плюхаўся ля адстойніка. З патрубка вада цяпер лілася бесперапынку. Акліль добра вывучыў адценні яе смаку. Кожны раз смак быў іншым. Вось і на гэты раз — соль ужо не пякла язык.
— Бажуся, гэта «наша» вада! — крыкнуў ён буравому майстру і ўсяму наваколлю.
Юсуф-задэ, недаверліва пасміхваючыся, таксама падышоў да адстойніка, пацёпаў па вадзе далонню, нібы баючыся апарыць пальцы, потым паднёс іх да рота і хмыкнуў.
— А раптам нам на самой справе пашанцуе, а, шэф-лабарант? Ці ж мы для гэтага не стараліся? Ты колькі сюды фляг з чаем сейіда Мулуда перавалок? Відаць, цыстэрну!
Акліль засмяяўся, уявіўшы сабе адразу цэлую цыстэрну пахучага чаю.
— Мы вялікія даўжнікі, так, Акліль? — Юсуф-задэ пакаштаваў ваду, затым зачарпнуў яшчэ прыгаршчы і з дзіцячым здзіўленнем назіраў, як жыватворная вільгаць ільецца скрозь пальцы ў басейн і зіхаціць на сонцы. — Але даўгі аддаём заўжды з працэнтамі. Хоць не так хутка, як некаму хацелася б. Такая наша работа. Ну, бяжы да Карнеева, ды і кожнаму можаш сказаць, каб прыходзілі каштаваць «нашу» ваду.
У наступны момант бурыльны майстар быў ужо зноў строгім і заклапочаным, бо рыхтаваў з рабочымі калону абсадных труб і тампанажны раствор.
К вечару ля «новай» вады, як яе назвалі, сталі паяўляцца маўклівыя жыхары суседніх аазісаў. Яны каштавалі ваду, пераглядваліся і ціха знікалі.
— Гэта ператварылася ў нейкі рытуал, — гаварыў Юсуф-задэ, насупліваючы бровы. У ягоных вачах Акліль бачыў прытоеную радасць.
Але прайшло яшчэ два дні нясцерпнага чакання, пакуль лабарант, працадзіўшы ваду праз некалькі столак марлі, прынёс поўную шклянку Карнееву са словамі:
— Можна ўжываць.
Ваду каштавалі, як быццам то быў эліксір жыцця. Далі Амаме.
— Твой бацька не выплесне яе вон?
— Гэта сапраўдная вада, — пацвердзіў малады хамес, і ўсе зразумелі тое, пра што ён не сказаў.
— А зараз патрэбен штурм, — гаварыў Юсуф-задэ Аклілю, які не адыходзіў ад бурыльнага майстра ні на крок. — Іначай ад солі не ўцячы. А ўстаноўка наша ведаеш на колькі яшчэ здольна заглыбіцца? Метраў на сем ці восем. Так вось, задзіг.
Тампанажны раствор Юсуф-задэ вырашыў рыхтаваць іначай, чым было запланавана. Да цэменту загадаў дадаць не хлорысты кальцый, а вадкае шкло. «Мёртвую ваду» з верхняга пласта трэба было адасобіць так, каб яна ніколі не магла прасачыцца ніжэй.
Нарэшце магазін для бурыльных труб нязвычна апусцеў. Юсуф-задэ з памочнікамі ўстанавілі праверачнае долата, каб апрацаваць ім увесь ствол нанава, перш чым апускаць абсадныя калоны. Для абсадкі вырашылі прымяніць не сталёвыя трубы, як звычайна раней, а азбеста-цэментавыя. Яны былі не толькі значна танней, але, галоўнае, не баяліся карозіі. Толькі апускаць іх трэба было вельмі акуратна: каб раптам калона не захрасла. Трубы нельга было ні паварочваць, ні цягнуць назад, каб потым выкарыстаць сілу свабоднага падзення і прабіць вузкае месца, як гэта звычайна рабілася бурыльшчыкамі. Бо маглі выкрышыцца тарцы.
— Але ж ты хочаш з землякопаў перарабіць нас на ювеліраў,— бурчаў памочнік, стаміўшыся ад папярэдніх трэніровак.
Спалучалі трубы гладкімі металічнымі муфтамі з укручвальнікамі — па самаму новаму спосабу. Ён быў апрабаваны пакуль у двух месцах — у Беларусі і ў Венгрыі. Канцы труб не трэба было рыхтаваць для стыкоўкі недзе ў цэнтральных майстэрнях. Там свідравалі толькі адтуліны ў муфтах.
Нарэшце, параіўшыся з Карнеевым і лабарантам, Юсуф-задэ вырашыў перад абсадкай трубамі ўзарваць у самым нізе ствала «тарпеду».
— Неабходна, каб там утварыўся добры рэзервуар і вада адразу ж шуганула ўверх як мага мацней, — растлумачыў ён свой намер.
Будзе выбух? Не тое што Хуары, нават асцярожны і нелюдзімы з-за папсаванага рваным шрамам твару Селім прыйшоў на буравую.
Бурыльшчыкі доўга вырашалі, якога памеру трэба апусціць «тарпеду». Юсуф-задэ хацеў, каб яна была магутнай. Таму прапанаваў зрабіць яе ў два метры даўжыні. Але Карнееў баяўся, што гэткай бомбай можна папсаваць сценкі ствала.
— Нічога — кашу маслам не папсуеш, — запярэчыў Юсуф-задэ. — Потым праверачным долатам пачысцім ствол.
— Узрыўчатка — гэта табе не масла, — пярэчыў асцярожлівы Вахрашчын, які таксама прымаў на савеце актыўны ўдзел, бо ведаў узрыўную справу.
Вырашылі, што тарпеда будзе метровай даўжыні. Дзве скрынкі з толам прывезлі да буравой! Хлопцы так увішна круціліся каля ўзрыўнікоў, што Карнееў загадаў усіх трох пасадзіць у машыну і адвезці ў лагер пад нагляд повара Мулуда.
Але неўзабаве хлопцы зноў прымчаліся да буравой. Паспелі якраз. Усе бурыльшчыкі адышлі падалей, прылеглі. Юсуф-задэ нахіліўся да жалезнай скрыначкі і крутнуў ручку. Глуха грымнула, страсянулася зямля. Хлопцы былі расчараваны, асабліва Акліль, які не забыў, як ірваліся ў лагеры бежанцаў французскія бомбы.
— Ну, наперад! — загадаў Юсуф-задэ. Пачалася напружаная работа. Хаця ў Юсуф-задэ цяпер быў зменшчык — вясёлы масквіч Сізоў, бурыльны майстар і не падумаў ісці адпачываць, застаўся на другую змену. Ён стаў кіраваць элеватарам, спрытна ўтрымліваючы калону дакладна над вусцем свідравіны, пакуль другім элеватарам узнімалі наступную трубу і ўкручвалі яе ніжнім канцом у муфту папярэдняй. Нарэшце поўнасцю падрыхтаваная калона шэрай змяёй пачала ўпаўзаць у свідравіну. Акліль сачыў не столькі за маніпуляцыяй буравога майстра, колькі за выразам твару Юсуф-задэ, мімаволі яго паўтараючы.
Калона апускалася вельмі павольна. Але раптам рух амаль спыніўся. Акліль прыкусіў перасохлыя губы і стаіў дыханне. Тое ж самае зрабіў Юсуф-задэ.
— Прамыўку дайце мацнейшую! — крыкнуў буравы майстар.
Калона зноў павольна пасунулася ўніз. Знікла першае звяно труб, другое…
Юсуф-задэ з самага пачатку прызнаўся, што не вельмі давярае азбеста-цэментавым трубам. Разам з ім цяпер і Акліль вельмі баяўся, што абсадку дзе-небудзь вось-вось зацісне набрынялай ад вады пародай.
— Нечага баяцца, — заўважыў Сізоў,— у нас жа мінімум сорак міліметраў затрубнай прасторы. Праскочым.
Але і аптыміст Сізоў машынальна ўзяў цэпавы ключ, забыўшы, што ён не дапаможа — гэта ж не сталёвыя трубы, азбеста-цэментавыя ў выпадку чаго не пачнеш асаджваць вярчэннем уручную. Сапраўды — салома. Тут поспеху можа садзейнічаць толькі адно — папярэдні дакладны разлік і ювелірная работа таго, хто знаходзіцца за пультам кіравання элеватарам. І калі калона, пагражальна зарыпеўшы, зноў рэзка замарудзіла ход і Акліль убачыў, як твар Юсуф-задэ раптоўна стаў шэрым, ён зашаптаў: «О алах, ну дапамажы! Ну што табе абыходзіць прапіхнуць гэтыя трубачкі ўніз, о алах!»
Са скамянелым тварам Юсуф-задэ імгненна перавёў рэгулятар на рыску «ўверх». Усе на буравой сцішыліся, чакаючы, што зараз пачуецца хруст абарваных труб. Але яшчэ праз хвіліну з вусця паказалася колца трубы, запэцканай чырвонай глінай.
— Прамыўку! — сіпла выгукнуў Юсуф-задэ.
Схамянуўшыся, Акліль дрыжачымі рукамі адкрыў тэрмас — у буравога майстра ад напружання перасохла ў глотцы. І Юсуф-задэ адным глытком апаражніў поўную шклянку халоднага чаю. Вочы яго неадрыўна сачылі за трубамі. Вось рэгулятар зноў плаўна пераведзены на рыску «ўніз»…
Запэцканае глінай звяно трубы пакрысе памяншалася — калона зноў папаўзла ў глыбіню.
— Ды смялей, Эльмар! — крыкнуў падбадзёраны Сізоў.— Парадак цяпер.
Юсуф-задэ толькі звузіў вочы і абцёр пот, кроплі якога віселі нават на яго вусах.
Але калона сапраўды ішла лягчэй. Хуткасць спуску павялічылі. Потым яшчэ.
— Тры сотні метраў! — аб'явіў Сізоў, нацэліўшыся позіркам у вусце свідравіны, дзе пузырылася і булькатала вада. — Яшчэ чвэрць сотні! Наперад, мужыкі!
Позна ўвечары, уключыўшы запасныя пражэктары, буравікі пачалі запаўняць тампанажным растворам затрубную прастору…
Два вялікія качэўі бедуінаў, з козамі, сабакамі і нават курамі, якія кудахталі ў драўляных клетках на гарбах вярблюдаў, павярнулі са сваёй дарогі да буравой. Зачараваныя незвычайнай для пустыні падзеяй, яны вырашылі паставіць непадалёк свае паласатыя шатры, каб дачакацца імгнення, калі ў неба Сахары пырсне буйны фантан вады. З аазісаў таксама пацягнуліся купкамі людзі. Яны прынеслі з сабой збаны, невялікія цыноўкі — разаслаўшы іх на пяску, распальваючы вогнішчы з тамарыску і сухога вярблюджага памёту, збіраліся начаваць.
Карнееў, пазіраючы на дымнае кола агеньчыкаў навокал буравой, нервова паціраў далонню лоб і прасіў Юсуф-задэ:
— Скажы ім, калі ласка, каб разыходзіліся па хатах, бо вады ж яшчэ чакаць дні два, а то і тры.
Юсуф-задэ пайшоў да вогнішчаў паразмаўляць з народам. Але, нягледзячы на яго арабскую мову, разумелі буравога майстра толькі жыхары аазісаў. Ды і наогул — сабраўшыся, людзі цяпер хацелі пабыць разам, абмяняцца думкамі, сябе паказаць і другіх паглядзець. На долю жыхароў пустыні такое выпадала не часта.
— Вавілонскае стоўпатварэнне, — паціскаў плячамі Карнееў.
Адважныя хлапчукі з качэўяў бедуінаў, нягледзячы на пагрозлівыя воклічы рабочых, падбіраліся да самых машын, якіх яны ніколі не бачылі. Сачылі за работай бетонамяшалкі, вібратара, за тым, як вогненнае джала газазваркі сплаўляла разам жалезныя пруты і бэлькі. Яны з зайздрасцю пазіралі на Акліля, Хуары і Селіма — якія памагалі буравікам ачышчаць пляцоўку ад будаўнічых адыходаў. У Акліля на галаве красавалася белая каска — падарунак самога Юсуф-задэ. Дзеля такога падарунка Акліль зняў сваю запаветную шэшыю і схаваў на кухні, пад пустымі мяхамі.
Раніцай рабочыя выцягнулі з неглыбокага шурфа кароткую шырокую трубу з патрубкам наверсе, латакі адстойніка, пачысцілі гразевы насос, з дапамогай якога тампанавалася затрубная прастора. Апусцілася і вышка. Потым магутная машына з ровам, які палохаў вярблюдаў, пацягнула сталёвыя стэлажы прэч, буксуючы, выбралася на каляю да аазіса. Месца, дзе нядаўна стаяла буравая ўстаноўка і завіхаліся людзі, нязвычна аціхла і апусцела. Здавалася, пустыня зноў перамагла. І толькі помнікам адчайнай і дзёрзкай спробы жменькі людзей саўладаць з яе панаваннем тырчаў з долу чорны патрубак. Ды яшчэ бліскучы трохступенчаты конус шарашэчнага долата, якое бурыла апошнія метры свідравіны. Падзёртае, са сточанымі зубамі, яно нагадвала венчык нейкай незвычайнай сталёвай кветкі. Яна ўзвышалася на чырвоным з жоўтымі і зялёнымі жылкамі камені. Бурыльшчыкі ўсцягнулі туды долата спецыяльна.
Яшчэ праз гадзіну, калі прыехалі прадстаўнікі мясцовых улад, Карнееў паклікаў на пляцоўку бурыльшчыкаў. Вакол тоўпілася, можа, тры ці чатыры сотні мясцовых жыхароў і качэўнікаў. Жанчыны прыйшлі з малымі дзецьмі, бо, па павер'ю, калі малых апырскаць з новага калодзежа, тыя будуць расці спрытнымі і здаровымі.
Амама напружана паглядаў на бетонны квадрат, у цэнтры якога тырчаў шырокі патрубак з вільготнымі вентылямі па баках, якія былі падобныя на жалезныя вушы нейкай казачнай жывёліны.
Карнееў узняў руку і прамовіў спачатку па-руску, потым на арабскай мове: «Таварышы!» Усе сцішыліся. Тады ён сказаў:
— Вось мы і дачакаліся. А зараз вы самі будзеце меркаваць, што атрымалася.
Як і большасць бурыльшчыкаў, Добыш чакаў, што пасля такога ўрачыстага пачатку Карнееў скажа вялікую прамову. Не толькі пра тое, колькі дзён і начэй яны тут змагаліся за ваду, але і наогул пра ваду Сахары як аснову жыцця ў гэтым краі. Ды і дзе яна не аснова? Успомніць, магчыма, у сувязі з гэтым таксама пра старажытную цывілізацыю ў тутэйшых мясцінах, што загінула ад сухавеяў і нашэсця пяску. Тайны яе да канца яшчэ не раскрыты, як і паходжанне цудоўных скульптур у гарах Ахагар, на самым поўдні Алжырскай Сахары, — нямых сведкаў таго, што людзі, якія некалі там жылі, дасягнулі высокай ступені культуры. Нарэшце пра эміра Абд аль-Кадзіра, які не толькі апяваў пустыню ў прыгожых вершах, але і ўзняў сцяг барацьбы за свабоду яе жыхароў. Пра ваданоса з Аль-Джазаіра — Бу-Зіана, які вярнуўся ў пустыню, каб тут прадоўжыць справу вялікага шэйха. Яшчэ пра аднаго яе мужнага сына — Бу-Амаму, які ўзняў паўстанне, каб калодзежы і зямля належалі тым, хто працуе сам. Ды тысячы іх былі, каго каланізатары расстрэльвалі ці адпраўлялі на катаргу ў руднікі Новай Каледоніі яшчэ разам з парыжскімі камунарамі! Усё гэта быў бы расказ і пра ваду.
Пасля кароткага маўчання Карнееў раптам павярнуўся да бурыльшчыкаў і прамовіў:
— Ну, рашайце, каму даручым, так сказаць, разрэзаць ганаровую стужку на адкрыцці новага калодзежа.
— Ды сам крутні, чаго там, — сказаў Сізоў.
— Юсуф-задэ, — прамовіў тады Карнееў,— табе выбіраць напарнікаў.
Буравы майстар уважлівым позіркам акінуў усіх сваіх паплечнікаў. Азірнуўся, некага шукаючы.
— Рабах, — звярнуўся ён да свайго новага памочніка, — пайшлі, таварыш… Амама, — паклікаў затым матарыста, — ты таксама.
У юнакоў выраз на тварах быў урачыста-трывожны.
Быццам гэта вельмі складаная справа — павярнуць вентыль, каб шуганула вада, падумалася Аклілю. Але і хлопчык глядзеў зараз на іх другімі вачамі.
— Давайце! — ціха сказаў юнакам буравы майстар і сам першы дакрануўся да вентыля, нібы яшчэ раз правяраючы яго безадказнасць.
Амама і Рабах адначасова крутнулі вентылі — у патрубку загуло, ён здрыгануўся, быццам патрывожаная сталёвая істота. Затым пачуўся клёкат, сіпенне, на нейкай ноце, быццам захлынуўшыся, усё гэта змоўкла, і раптам узнік магутны і нейкі мяккі гуд — шугануў белы слуп вады. Раскідваючыся, ён праз хвіліну ўзняўся ў вышыню пальмавым дрэвам і адтуль, раздрабіўшыся на мноства веерападобных струменяў, пенячыся і пабліскваючы, абрынуўся на сасмаглы гарачы дол.
Гледачы дружна закрычалі ад захаплення. Вада падала на раскрытыя далоні, на ўзнятыя твары, на голыя карычневыя целы малых дзяцей, якіх маці, смеючыся, падстаўлялі пад чароўны дождж. Людзі пілі ваду з прыгаршчаў, напаўнялі збаны, каб тут жа выліць іх на суседзяў, упершыню ў жыцці дазволіўшы сабе такое нечуванае ў пустыні марнатраўства. Дзяўчаты ў мокрых сукенках скакалі пад струменямі незвычайнага фантана. Асмялеўшы, яны са смехам уцягнулі ў сваё кола Юсуф-задэ, Сізова, Добыша. Пажылыя сейіды, ківаючы галовамі, абгорнутымі пакрываламі — тагельмуст, якія цяпер былі наскрозь прамоклыя, толькі лагодна пасміхаліся, пазіраючы на гэткія вольнасці сваіх супляменніц, і злізвалі з вусоў кроплі вады.
Вада нарэшце пабегла і па вузкім бетонным канале, дзеці весела кінуліся за ёю следам, коўзаючыся на вільготнай гліне і пырскаючыся.
Пад вечар з суседніх аазісаў прыйшлі бадай усе — ад малога да вялікага. Не было толькі сівабародага раіса. Старэйшыны загадалі прынесці да свідравіны асвячонае марабутам ягня. Па старому звычаю, ваду новага калодзежа неабходна было змяшаць з яго крывёю. Раздаваліся гукі тамбурынаў, адзін з юнакоў прынёс музычны старадаўні інструмент, падобны на сучасны габой. Сізоў хутка настроіў пад яго сваю гітару. Паэты пустыні паспелі скласці вершы пра жыватворную пальму з «вялікай» вады.
У настаўніка ўзнікла спрэчка са старэйшынамі аазіса — як лепей распарадзіцца новай вадой. Бо вады было больш, чым некалі маглі меркаваць. Хаця ў першую палову дня яна будзе цячы да плантацый вялікага аазіса, а ў другую — да суседзяў, усё роўна яе будзе багата. Значыць, можна дадаткова асвоіць новыя палі.
— Але ж зямля пустыні нікому не належыць! — казалі старыя.
— Нікому, — пацвердзіў марабут, які таксама прыйшоў зірнуць на дзіва.
— Яе нельга купіць ці арандаваць, — вырашылі старыя, — а таму нельга туды пускаць і ваду.
— Зямля належыць Алжыру, — прамовіў настаўнік. — Мы заплацілі за яе крывёю, калі ваявалі з каланізатарамі. Кожнаму належыць новая вада — так вырашыў алжырскі ўрад, і кожнаму з нас належыць гэтая зямля.
На настаўніка, які здаровай рукой адцягваў пусты рукаў ваенай курткі, старыя глядзелі з падазрэннем. Так, як ён думаў, яны не прывыклі і ўсё мералі на стары звычай.
Амама, які прагна прыслухоўваўся да размовы, падышоў бліжэй да настаўніка, стаў з ім плячо ў плячо. Ён цяпер знаходзіўся ля старэйшын так блізка, як раней ніколі не асмеліўся б. Ён глядзеў на настаўніка, быццам аддаў яму ўсе свае словы, якія жадаў, але не ўмеў яшчэ вымавіць услых. Затое малады туарэг, на якім была гэткая ж старая ваенная вопратка, як на настаўніку, дзёрзка пабліскваючы чорнымі вачамі, заявіў:
— Новую зямлю трэба аддаць тым, у каго няма!..
— А ці не лепей, браты, палі не драбніць, а апрацоўваць агульнымі сіламі, каб потым дзяліць ураджай у залежнасці ад таго, хто колькі працаваў? — прапанаваў настаўнік.
— Дык ты хочаш кааператыў, о Збіры? — пыталіся ў яго.
— Ці ж вы не ведаеце, што ў пустыні ў адзіночку яшчэ ніхто ніколі не выжыў, нават моцныя? — сказаў настаўнік. — Нашы продкі ведалі: калі не дапаможаш суседу, можаш загінуць сам…
Малады туарэг у ваеннай вопратцы весела крыкнуў:
— Гэта цячэ з зямлі наша багацце! Карыстаючыся нейкімі сваімі сродкамі перадачы навін, з пустыні падыходзілі новыя і новыя караваны. Прыехалі пераможцы мінулагодняга свята моладзі тутэйшых мясцін — ахаля. У аднаго з іх, прыгожага юнака з пранізлівымі змрочнымі вачамі, у руках быў рабаб — музычны інструмент накшталт скрыпкі. Другі юнак таксама меў музычны струнны інструмент — амзад, на якім ён акампанаваў сабе, калі спяваў. Вакол музыкаў адразу стоўпіліся старыя і маладыя, бо пераможцы на святах ахаль карысталіся вялікай славай сярод жыхароў пустыні. Іх імёны ведалі ва ўсіх аазісах і качэўях краю. Юнак, які іграў на амзадзе, пачаў спаборнічаць з мясцовымі паэтамі ў складанні эпіграм. Кожнае ўдалае выступленне сустракалася дружным смехам і воклічамі слухачоў. Бурыльшчыкам незразумелыя выразы перакладаў настаўнік.
У гэтай атмасферы свята да Добыша не адразу дайшлі словы Рабаха, што выдыхнуў:
— Амаму забілі!
Як, хто?! Ці ж у гэткай мітусні дазнаешся. Фельчара знайшлі праз чвэрць гадзіны. Ён цокаў языком, аглядаючы рану: гэта ж трэба — нож увайшоў дакладна пад сэрца, спрактыкаваная да забойства рука нанесла ўдар! Але жыццё яшчэ цеплілася ў юнаку.
Каб на аперацыйны стол ды да добрага хірурга… А што ён, фельчар, можа?!
Добыш адразу падумаў: Кійк! Доктар Кійк патрэбен. А як тэрмінова даставіць Амаму ў Аль-Джазаір? Карнееў ухапіўся за ідэю. Але ці ўдасца выклікаць санітарны самалёт! Пакуль той прыляціць сюды, пакуль вернецца…
Раптам Сізоў успомніў, што чуў ад геолагаў — да іх у аазіс Дзіў учора павінен быў прыляцець самалёт. Раптам ён яшчэ там! Тэрмінова звязаліся па рацыі з геолагамі — самалёт у Дзіве і вяртаецца ў Аль-Джазаір наступнай раніцай.
Трэба спяшацца!
Амаму перавязалі, паклалі на насілкі… Добыш адчуў, што яго нехта настойліва торгае за крысо. Акліль?
— Ты чаго? — прыгарнуў хлопчыка да сябе. — Эх, не ўбераглі мы Амаму!
— Яны ўцяклі! — на вачах у Акліля блішчалі слёзы.
— Ты пра каго? — здзівіўся Добыш.
— Пра Селіма і Хуары. О, Хуары выдаў нашу тайну! — Акліль сціснуў кулакі.— Ён здраднік!
— Дык куды гэта яны збеглі? — занепакоіўся Добыш.
— У Аль-Джазаір, узрываць сутарэнне. — Акліль у роспачы апусціўся на пясок і ўнурыў галаву.
— Як узрываць? Чым? — дапытваўся ўстрывожаны Добыш. — Яны што, дзе-небудзь знайшлі ўзрыўчатку?
— Міну, якая называецца «бондэсант». — Акліль ударыў кулаком па гарачаму пяску. — Здраднікі!
— У мяне ёсць запал? — Добыш прыкідваў, як цяпер лепей зрабіць. Паведаміць у паліцыю? Гэта само сабой.
— З запалам, — усхліпнуў Акліль ад гневу на сябра. — Хуары ўкраў яго з маёй шэшыі.
— Дык ты насіў узрывацель у шапцы! — ахнуў Добыш. — Ну, не чакаў ад цябе, Акліль. Ён жа мог табе галаву адарваць.
— Іх трэба дагнаць! — Акліль усхапіўся на ногі.— Пойдзем да таварыша Карнеева.
— А да яго навошта? — не зразумеў Добыш.
— Машына ў яго ёсць, на машыне можна дагнаць Селіма і Хуары.
— А калі яны ўцяклі?
— Учора!
— А чаму адразу не сказаў? — абурыўся Добыш. Але пайшоў разам з Аклілем да Карнеева.
— У горад падшыванцы вязуць міну! — ахнуў Карнееў.— Тут з Амамам бяда, дык на табе — яшчэ і «бондэсант»… Дзе вы яго ўзялі?
Даведаўшыся, хто паказаў хлапчукам, як дзейнічае міна, Карнееў спахмурнеў:
— Зноў Сідкі, ліха на яго. Паліцэйскі камісар падазрае, што і ў здарэнні на электрастанцыі ён усё-такі замешаны. Магчыма, і зараз не без яго… Ну вось што: паліцыі паведамім па радыё, можа, перахопяць гэтых бондэсантнікаў па дарозе. А ты, Юрый Сяргеевіч, забірай Акліля — і на самалёце ў Аль-Джазаір! Дапаможаш там уладкаваць Амаму ў шпіталь. А потым сустрэнеце належным чынам бондэсантнікаў. Калі па дарозе іх усё-такі перахапіць не ўдасца, думаю, у Аль-Джазаіры яны павінны паявіцца праз тыдзень-паўтара. Дзейнічайце!
Дваццаць пяць кіламетраў «газік» імчаў па начной пустыні, каб паспець к самалёту. Добыш і фельчар увесь час трымалі непрытомнага Амаму на руках — так кідала машыну на пясчаных выспах-дзюнах. Акліль сачыў за дарогай. Толькі дзякуючы яго пільнасці машына двойчы не звалілася ў замецены пяском уэд — высахлае рэчышча.
Імчалі ў Аль-Джазаір і Селім з Хуары. Міна была з імі.
30. У АЛЬ-ДЖАЗАІР!
Селім і Хуары ехалі, можна сказаць, з камфортам — у кузаве спадарожнага грузавіка, які вёз трысняговыя цыноўкі. Грузавік належаў аднаму з будаўнічых атрадаў, што пракладвалі Транссахарскую дарогу. А цыноўкі выкарыстоўваліся для аховы лагера будаўнікоў ад сонца. Пасля таго як пастаўлены разборныя домікі або вагончыкі, паміж імі ўмацоўваюць два рады металічных трубак, на якія зверху накладваюць цыноўкі,— і з доміка ў домік можна пераходзіць у цяні. Хлопцы сядзелі ў кузаве, нібы ў якой пячоры, паспрабуй іх там хто ўбачыць. А грузавік імчаў у самы вялікі раён па здабычы нафты Хасі-Месаўд. Селім даведаўся, што адтуль прасцей за ўсё дабрацца да Аль-Джазаіра на спадарожных машынах. А пустыня вучыць людзей салідарнасці: ні адзін шафёр не праедзе міма, калі на абочыне заўважыць чалавека з узнятай рукой, абавязкова падвязе.
Але ў вялікім аазісе, назвы якога хлопцы нават не ведалі, Селіму ў галаву прыйшоў новы план.
Вадзіцель спыніўся ў гэтым аазісе, каб даць крыху роздых і сабе, і грузавіку. Пачаставаўшы хлопцаў галетамі і вадой, ён пакрочыў у духан. Селім і Хуары саскочылі з кузава ў гарачы пыл дарогі, адразу выклікаўшы да сябе цікавасць мясцовых хлапчукоў.
Першае, на што звярнуў увагу Селім, быў маленькі, падобны на саранчу аранжавы самалёт. Ён стаяў на роўнай пляцоўцы адразу за аколіцай. На такое дзіва варта было зірнуць бліжэй. Ад мясцовых хлапчукоў Селім і Хуары даведаліся: самалёт належаў вельмі важнай асобе, нават самому аменакалю, галоўнаму правадыру туарэгаў. Гэты сейід прыляцеў на перамовы са старэйшынамі аазіса. А потым самалёт павязе важнага сейіда ажно ў Аль-Джазаір, на сустрэчу з самім прэзідэнтам краіны. У гэта Селім не вельмі паверыў. Але ж на ўсякі выпадак хлопцы рушылі да духана — зірнуць на лётчыка, а заадно купіць бутэльку вады на дарогу.
Лётчыка яны ўбачылі каля бара. Ён піў каву і разглядаў французскі часопіс. Селім доўга ўзіраўся ў яго твар, каб нешта для сябе вырашыць.
Выпіўшы па шклянцы мінеральнай вады і купіўшы яшчэ бутэльку з сабой, хлопцы выйшлі на вуліцу. Сонца было ўжо нізка, спёка памалу спадала. Шафёр поркаўся ля свайго грузавіка. Хуары ўстрывожыўся.
— Пайшлі хутчэй сядзем, — прапанаваў ён, — а то паедзе без нас.
Селім яшчэ раз зірнуў на сонца, потым на самалёт. Праз адчыненае акно духана было відаць, што лётчык па-ранейшаму гартае стары часопіс.
— Пачакаем, — сказаў Селім. У яго голасе чулася ўпэўненасць, Хуары моўчкі падпарадкаваўся, заклапочана памацаў міну, якая нагрэла яму жывот…
Гэта быў той час, калі Акліль паведаміў Добышу, што хлопцы зніклі з лагера бурыльшчыкаў.
…Яны стаілі дыханне, калі лётчык раптам адчыніў багажнік. На Хуары кульнуўся цяжкі цюк, балюча прыціснуўшы хлопца да металічных рэбраў самалёта. Міна ўрэзалася Хуары ў бок, і хлопец праклінаў тую мінуту, калі згадзіўся з планам Селіма прабрацца ў самалёт. Ён ужо рашыў, што больш не вытрывае і скіне з сябе брызентавы чахол ад матора, пад які яны зашыліся.
Раптам у салоне пачуліся мужчынскія галасы. Дзверцы ў багажнае аддзяленне зноў прачыніліся, лётчык паставіў чамаданы. Праз чвэрць гадзіны, якія здаліся Хуары вечнасцю, зароў матор. Самалёт задрыжаў, металічныя рэбры ўрэзаліся ў бакі Хуары яшчэ мацней. Але можна было ўжо варушыцца і нават высунуць галаву з-пад брызенту. Селіму пашанцавала болей — прыціснула цюкам толькі нагу.
Праз некалькі мінут самалёт адарваўся ад зямлі — і ў Хуары закруцілася ў галаве. Аказваецца, ляцець было не так прыемна, як уяўлялася.
Селіму гайданка напомніла пра караван. Зрабілася млосна, і ён заплюшчыў вочы. У дрымоце ўбачыў пачатак Вялікага караваннага шляху. На краі яго тырчаў высечаны з чырвонага каменю вярблюд. Праносіліся туарэгі ў чорным адзенні, сарацыны ў стракатых бурнусах… «Дачка кракадзіла» працягнула Селіму жменю фінікаў. У другой руцэ ў яе люстэрка. Селім бачыць сябе ў ім па-ранейшаму прыгожым. О, з такім тварам можна паказацца і прынцу Амана… Але хлопчык-йаруба таўхае ў плечы — трэба бегчы, «вярблюд шчасця» сарваўся з прывязі…
Селім расплюшчвае вочы — яго сапраўды нехта трасе за плячо. Чый гэта такі знаёмы твар? О алах, лётчык!
Хлопцы неўпрыкмет для сябе паснулі і не заўважылі, як самалёт прызямліўся на ўскрайку аэрапорта алжырскай сталіцы. Важны сейід і яго спадарожнікі селі ў машыну, якая іх чакала, а лётчык пачаў прыбіраць салон. Адчыніўшы дзверцы ў багажнае аддзяленне, ён быў непрыемна ўражаны, заўважыўшы там двух падшыванцаў, якія соладка пахрапвалі, паклаўшы раскудлачаныя галовы на прыгожы скураны чамадан. Лётчык з лаянкай ухапіў абодвух «зайцаў» за каршэнь і выцягнуў на лётнае поле. Толькі тут хлопцы ачомаліся і зразумелі: справа для іх можа скончыцца не толькі грымакамі, але і размовай у паліцыі.
Першы ўзбунтаваўся Хуары. Ён раптоўна з лямантам абвіс, спадзеючыся, што каўнер курткі, за які ўчапілася рука лётчыка, абарвецца. Селім зрабіў тое ж самае. Лётчыку прыйшлося цягнуць абодвух ды яшчэ асцерагацца, каб каторы не ўкусіў за руку. Хуары пачаў брыкацца. У адказ лётчык страсянуў хлопца як грушу і так наддаў яму каленам па мяккім месцы, што ў Хуары ляснулі зубы. І тут здарылася тое, што рана ці позна павінна было здарыцца: кашуля Хуары выехала са штаноў — і пад ногі лётчыку чмякнула такая цацка, што той на момант аслупянеў. Але гэта працягвалася, можа, секунду. «Бомба!» — адхіснуўся лётчык і, закрыўшы галаву рукамі, пляснуўся на бетонную пліту. Хуары аднёсся да здарэння больш разважліва: схапіўшы міну, нырнуў з ёю пад вялізны бензазапраўшчык, за якім было крокаў дзесяць да агароджы. Селім кінуўся за ім.
— Трымай іх! — закрычаў лётчык механіку, які здзіўлена назіраў за падзеямі, стоячы на лесвіцы каля матора. — Трымай, у іх бомба!
Але механік як здранцвеў і, толькі шчыльней прыціснуўшыся да самалёта, пазіраў на вадзіцеля бензазапраўшчыка. Той даваў лататы зусім у другі бок ад таго, куды імчалі небяспечныя «зайцы».
Хлопцы перабраліся цераз бетонную агароджу і зніклі ў зараслях акацыі і язміну. Хвілін праз колькі на месца здарэння прыйшоў паліцэйскі. Ён падрабязна распытаў пра ўсё ў пілота, механіка, а таксама вадзіцеля бензазапраўшчыка. Яшчэ праз гадзіну хлопчыкаў пачала шукаць ахова аэрапорта. І толькі пад вечар наступнага дня ў паліцэйскае ўпраўленне горада паступіла першая інфармацыя з пустыні. Яе супаставілі з той, што была атрымана з аэрапорта. Ці не адны і тыя гэта?
— Як скрозь зямлю праваліліся, — дакладваў начальству малады рухавы капітан, якому даручылі гэтую справу.
Ён не падазраваў, што сказаў ледзь не праўду.
Ведаючы горад як свае пяць пальцаў, Селім і Хуары старымі дварамі і патаемнымі пералазамі выслізнулі за аколіцу. Гэтак жа непрыкметна прабраліся да руін турэцкай крэпасці. Усё навокал, здаецца, было ціха. Нават козы пасвіліся далёка, ля ўзарванай французскай вілы. Хуары асцярожна адсунуў кавалак іржавай бляхі і з хваляваннем зазірнуў у цёмную шчыліну. Але перш чым лезці ў нетры старых руін, Хуары кінуў туды сваю куртку — раптам там стаілася змяя, каб падпільнаваць мышэй ля ўвахода ў сутарэнне.
— Чаго ты? — нецярпліва сказаў Селім. — Лезем. Хуары зірнуў на яго з пагардай: няхай не забывае, хто тут цяпер галоўны.
— Запалкі не згубіў? — спытаў ён. — Даставай свечку.
Сутарэнне дыхнула на хлопцаў холадам і насцярожанасцю. Хуары ўспомніў колішнюю параду Акліля і сплёў на левай руцэ пальцы крыжыкам. У правай ён трымаў кавалак трубы. Селім чыркнуў запалкай і запаліў свечку. Ён часта дыхаў, азіраўся. На ўсякі выпадак Хуары пастукаў трубой па сцяне і асцярожна рушыў у глыб сутарэння. Падобна было, што тут нехта быў: праход быў загароджаны знаёмымі Хуары дзверцамі ад італьянскага грузавіка. Нават і агонь іх не ўзяў, яны толькі крыху пакарабаціліся і пачарнелі. Хуары пачаў паціху адсоўваць нечаканую перашкоду. Селім дапамагаў. Але дзверцы раптам саслізнулі з каменя і так грымнуліся, што хлопцы адхіснуліся, як ад выбуху.
— А, каб цябе шайтан! — з вохканнем прамовіў Хуары, бо добра выцяўся патыліцай аб камень. — Няўклюда! Палі свечку!
Селім моўчкі памацаў каля сваіх ног — свечка не толькі патухла, але і вывалілася з рукі. Чыркнула запалка, за ёй другая. Нарэшце зноў трапяткі язычок полымя свечкі лізнуў каменную столь.
— Свяці сюды, — Хуары сеў на кукішкі перад нішай, над якой узвышаўся каменны леў.— Ну, бачыш?
Селім паторкаў у нішу кавалкам трубы. Сапраўды, падобна на тайнік.
— Сюды б добры зарад толу, — паважна прамовіў ён. — Янычар…
Ён не паспеў скончыць фразы. Рот яму нехта заціснуў, бы абцугамі. У нос патыхнула тытунёвым дымам і рыбай.
«Паліцыя!» — чамусьці падумалася Селіму. Ён упаў на калені, але яго тут жа ўзнялі і страсянулі. Хуары таксама быў схоплены.
— Ні гуку! — папярэдзіў іх сіплаваты мужчынскі голас, хаця яны і так толькі глуха мычалі.
Хлопцаў паставілі тварам да сцяны і асвяцілі электрычным ліхтарыкам. Селім машынальна азірнуўся на яркае святло і прамовіў узрадавана:
— Халід! Гэта ж я, Селім.
— Маўчаць! — загадаў мужчына з сіплаватым голасам і кінуў свайму напарніку, у якім Селім прызнаў знаёмага: — Зірні, што ў кішэнях шчанюкоў.
Хуары адчуў, як яго кішэні спрытна выварочваюць, на дол вываліліся ўсе скарбы — дзве галеты, запалкі, ножык, кашалёк з дынарамі, частка якіх належала Аклілю…
— А падзівіся, што ён за пазухай трымаў! — усклікнуў Халід.
— Ого! — Сіпаты вылаяўся. — Міна? Дык яны ж тут узрываць збіраліся, шчанюкі!
Хуары заплакаў. Чужыя жорсткія пальцы сціснулі яму сківіцы: «Ціха!»
— Кашалёк, — мармытаў Хуары, вырываючыся, і адразу адчуў, як лязо нажа ўкалола яму шыю.
— Ціха! — паўтарылі яму, піхнулі да сцяны. Селіма таксама абшукалі. Потым той, каго Селім апазнаў, нешта зашаптаў сіпатаму.
— Жыццё надакучыла? — сіпла прагучала ў адказ. — Ды хай хоць твой родны брат, а не сваяк сябра. Інакш сам не будзеш жыць.
— Не кажы так, Рамдан, — прамармытаў Халід. — Селіма я ведаю. Ён наш і будзе трымаць язык за зубамі.
— А з другім што рабіць?
— Як скажаш, Рамд, ты старшы.
— Ага, сам хочаш чысценькім застацца! Цягні іх да вады. А тут усё павінна быць ціха і чыста.
— Адпусціце мяне, — заскуголіў Селім. — Халід, клянуся алахам, я не ведаў, што тут вы. Гэты, — тыцнуў Селім у бок Хуары, — кажа: знайшоў клад Аруджа… Бажуся, буду маўчаць.
— Абодвух, — прасіпеў Рамдан. — Завяжы ім вочы. А пікне каторы, пакладзі ў рот камень. Чулі, шчанюкі? Павядзём вас да сейіда, ён усыпле вам як след, а потым пасадзіць у чулан, каб помнілі, як цягацца па сутарэннях… Не, я сам іх дастаўлю, а ты, Халід, застанешся тут. Зразумеў?
З завязанымі вачамі хлопцаў паштурхалі ўніз, да мора.
— Ціха, сказана! — час ад часу сіпеў ім у патыліцу канваір. І хаця Хуары вельмі хацелася здзерці з твару павязку і з крыкам рынуцца да шашы, ён цягнуўся туды, куды яго піхала чужая моцная рука. «Каб цябе разарвала! — жадаў канваіру Хуары. — Пратні цябе алах сваім нябачным кап'ём, бандзюга! Хай будзе гора ўсім тваім родзічам!»
Гэтак жа пакорліва ён палез у лодку. «Здраднік», — падумаў ён пра Селіма. І востра, да балючага шчымлення ў грудзях, адчуў, што зусім адзінокі на белым свеце.
31. СЯРОД СКАРПІЁНАЎ
Акенца было маленькае, без шкла, адтуль Вільнаву моцна дзьмула ў спіну. Але адсунуцца некуды — з аднаго боку гэтыя двое, з другога — на каменнай падлозе — скурчыўся стары. «Хутчэй бы ўжо ноч, — думаў Вільнаў, паляпваючы сябе рэбрамі далоняў па сцёгнах, каб не так млелі ногі.— Мы тут, нібы перад сусветным патопам, і чакаем не дачакаемся свайго каўчэга. Хто будзе Ноем? Стары? А раптам гэта Харон і наперадзе Стыкс?»1 У Вільнава суседзі і будучыя спадарожнікі не выклікаюць ніякага даверу, не падабалася і тое, як яны прымчалі на востраў. Спачатку пажылы, мсье Гедыфі, з гэтым давялося сустракацца па справе, а потым маладзейшы. Яго з'яўленне прыкметна напалохала Гедыфі, нават ніжняя губа адвісла, як у старога вярблюда. Нешта яны там, у горадзе, нарабілі, калі так паспешліва прымчалі сюды. А раптам следам з'явіцца паліцыя? Каб ведаў раней пра гэтую сітуацыю, шукаў бы іншай магчымасці выслізнуць з Алжыра. Але вось гэты самы мсье Гедыфі і запэўніў жа некалі: у яго самы надзейны спосаб перабрацца на той бок граніцы.
Вільнаў скасавурыўся на свой невялікі сакваяж.
Падобныя цягаюць з сабой пенсіянеры, калі ідуць пагрэцца на пляж. У яго там таксама зверху ляжаць ручнік, некалькі газет, пачак цыгарэт і старая панамка. Нічога, пачаў ён суцяшаць сябе, засталося пацярпець якія тры-чатыры гадзіны. Надвор'е, здаецца, таксама спрыяе — пляжы пустыя, віхурыць пясок, а калі сцямнее, вецер пераменіць напрамак, з мора пагоніць хвалю — вунь як насоўваюцца хмары з Еўропы. Толькі б не перакулілася лодка, калі гэты Ной павязе іх да шхуны кантрабандыстаў. Яму, Вільнаву, нават паабяцалі, што будзе не шхуна, а невялікая падводная лодка. Так было б, канечне, больш спакойна, каб субмарына. Ну, ды нічога. Некалькі гадзін рызыкі — а там нейтральныя воды. Куды прасцей, чым пераправіць старажытнарымскія манеты з багажом праз таможню. Дый тое, што ў сакваяжы, не пранесці пад выглядам дзіцячых цацак. У гэтых старажытных статуэтках фунтаў сорак чыстага срэбра. Ды яшчэ скрутак з карцінамі Сезана. Барон Прорак будзе задаволены. Да таго як французам давялося падпісаць пагадненне з алжырцамі, мсье барону і ў галаву не прыйшло б, што мясцовыя ўлады перашкодзяць яму нешта вывозіць адсюль. Тым болей рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Абалесе. Ды ён, каб захацеў, мог бы саму грабніцу мадам Цін-Хінан разабраць на камяні і перацягнуць куды ўздумаецца — хоць у Марсель, хоць за Атлантычны акіян. Дарэчы, статуэткі лепей і не паказваць у Еўропе, а адразу пераадрасаваць у Злучаныя Штаты.
Яшчэ Вільнаў быў вельмі незадаволены тым, што на востраў прыцягнулі нейкіх хлапчукоў. Таксама збіраюцца перапраўляць за мяжу? Укралі, ці што? Як заложнікаў? І мсье Гедыфі раззлаваўся, калі іх нейкі тып прывалок з таго берага, уласнаручна запхнуў у пячору, дзе ў гэтага старога склад для рыбы, і дзверы падпёр… «Хутчэй бы ўжо сцямнела ды выбрацца адсюль… Няхай бы самі рашалі свае праблемы», — заключыў Вільнаў, працягваючы, як заведзены, церці сабе ногі.
«Мы тут, як скарпіёны ў непагадзь. — Шабан сплюшчыў павекі, у вачах рэзала, быццам пяску сыпанулі: ноч жа не спаў.— Вось аблажылі нас! Цяпер спаўзліся ў адну шчыліну. Можа, варта было падацца да мараканскай граніцы? Я мора ніколі не любіў. Толькі дурні ім захапляюцца… І Гедыфі сюды прыпоўз…
Прыціснулі чорнага скарпіёна! Ніяк нам не размінуцца, ну і лёс! Выходзіць, не аднаго мяне аблажылі, калі і ён вырашыў выслізнуць з Алжыра… Хлапчукоў, відаць, загадае ўтапіць. Такога нельга дапусціць. Не хапала, каб яшчэ і гэта легла на маё сумленне… Бывай, Марыям! Але ў спакоі я цябе не пакіну. Ты прыедзеш да мяне ў Францыю. Сродкаў угаварыць цябе зрабіць гэта хапае… Што за крык? Каго яшчэ валачэ шайтан у нашу шчыліну?»
Усе, нібы па камандзе, павярнулі галовы да акенца: з другога боку пратокі, з мацерыка, нехта гукаў. Вільнаў сцепануўся — голас падаўся яму знаёмы.
— Ён ведае мяне! — Шабан прыціснуўся шырокай спінай да гузаватай каменнай сцяны. — Гэта савет.
Кожны раптам адчуў сябе, нібы ў мышалоўцы, і ўсе зірнулі на Аіт-Хаммуша так, быццам вінаваты ў гэтым быў стары.
Шабан падскочыў да дзвярэй, прыадчыніў іх і праз вузкую шчыліну стаў узірацца — што там, на кантыненце.
— Сядзець усім ціха, — загадаў Гедыфі і памацаў аўтамат, які вісеў у яго пад гандурай. — Зачыні дзверы, Шабан!
Той злосна скасавурыўся, але дзверы не зачыніў. Пагукалі зноў. Голас чалавека нібы памацнеў. Раптам пачуўся і крык хлапчука:
— Хуары-ы!
Гедыфі напружана ўглядаўся ў акенца. Руля яго аўтамата вытыркалася з-пад крыса.
— Ён збіраецца сюды плысці! — як пра непазбежнае, паведаміў Шабан. — Няхай бы стары выйшаў ды адгукнуўся.
— Усім сядзець ціха, — паўтарыў Гедыфі.— Ты таксама не сноўдай. Не панясе яго шайтан праз пратоку. Вунь якія хвалі.
Гедыфі гаварыў па-арабску, і Вільнаву падалося, што гэта знарок, каб ён не разумеў, аб чым яны дамаўляюцца. Ён прыўстаў. Карцела ўбачыць, што ўсё-такі адбываецца на тым беразе.
— А калі яны з-за гэтых шчанюкоў? — сказаў Шабан.
— Адкуль ім пра іх ведаць? — запярэчыў са злосцю Гедыфі.— Каб так, дык з'явіліся б з паліцыяй.
Пры слове «паліцыя» Вільнаў міжволі зрабіў крок да дзвярэй, зірнуў у шчыліну і адразу адхіснуўся; пазнаў Добыша.
— Ён жа мяне ведае! — прамовіў Вільнаў тонам абурэння. Ён быў злосны на тых, хто ўзяўся яго абараняць ад усякіх непрыемнасцей, а цяпер дрэнна выконваў абавязкі.
— На месца! — гыркнуў на яго Гедыфі і выпрастаў з-пад гандуры аўтамат.
— Усё, плыве сюды, — спакойным тонам паведаміў Шабан і сеў на лаву.
«Выходзіць, так пажадаў алах», — Аіт-Хаммуш са свайго месца таксама бачыў, як малады савет, сябар і суайчыннік доктара Кійка, саступіў у ваду, прысеў і далонямі агладзіў сябе. Потым паківаў хлапчуку, які стаяў на камені і глядзеў сюды, на востраў.
32. СТРЭЛЫ НА ВОСТРАВЕ
Добыш і не чакаў сустрэць «бондэсантнікаў» ля руін турэцкай крэпасці. Але на ўсякі выпадак вырашыў дадаткова да ўсіх мер перасцярогі папрасіць старога Аіт-Хаммуша, каб той таксама паназіраў за руінамі. Яму ж тут рукой падаць. З гэтымі думкамі ён разам з Аклілем і накіраваўся ў бок вострава Сіндбада, як Добыш пра сябе яго называў.
Прадраўшыся праз калючы хмызняк, яны з Аклілем наўпрасткі спусціліся да пясчанага берага. Ля самай вады ляжаў ладны пляскаты валун. Час ад часу прыбой дасягаў яго, і ў пырсках зіхацела невялічкая вясёлка. Пасля многіх напружаных дзён у пустыні Добыш і хлопчык з аднолькавым захапленнем пазіралі на мора.
Але перш чым акунуцца ў ваду, вырашылі крыху падсілкавацца. Добыш дастаў з сумкі бутэрброд, выцягнуў яго з цэлафанавага мяшэчка і разламаў напалам. Адзін кавалак працягнуў хлопчыку, ад другога адкусіў сам. Акліль еў і ўважліва прыглядаўся да слядоў на беразе. Раптам ён упэўнена заявіў:
— Я ведаю, дзе яны. На востраве!
— Цікава, — недаверліва прамовіў Добыш. — Яны тут будуць дзён праз пяць. Ці ім таксама далі самалёт?
— А вось сляды Хуары, — паказаў Акліль. — Я ж іх колькі разоў бачыў. Гэта яго пантофлі.
— Гэткіх пантофляў у Алжыры, можа, сто тысяч, — Добыш зняў з сябе вопратку і паклаў падалей ад вады. Потым павярнуўся да мора.
Над востравам віліся нечым устрывожаныя чайкі. Ну, ды гэтыя птушкі амаль заўсёды паводзяць сябе так, калі задзімае вецер, падумалася Добышу. Або ўбачаць у вадзе скарынку хлеба — і ўжо крычаць, мітусяцца, быццам немаведама што здарылася.
Стаўшы босымі нагамі на вільготную роўнядзь каменя, Добыш склаў далоні рупарам і крыкнуў:
— Сейід Аіт-Хаммуш!
Чайкі, нібы самалёты-знішчальнікі, рынуліся ў бок мацерыка і, трапечучы крыламі, узвіліся над Добышам.
Акліль таксама ўскочыў на камень і крыкнуў:
— Хуары-ы! Гэта я, Хуары-ы!
Астравок маўчаў. Добыш скочыў у ваду, апаласнуўся і сказаў Аклілю, каб той яго чакаў на беразе, пільнаваў адзенне.
Аіт-Хаммуш зірнуў праз шчыліну на пратоку і больш звычайнага жмурыў вочы. «У маладога савета голас, нечым падобны на голас майго Дахіма, — падумалася яму. — Сына даўно няма, а голас ягоны належыць чалавеку, які нарадзіўся так далёка ад нашай зямлі… Няўжо я нешта забыў? Але ж помню вочы мярзотніка, які забіў майго адзінага сына! Не-е, я нічога не забыў… Аднаго не ведаю — для чаго жыву на свеце, калі няма Дахіма». — Аіт-Хаммуш пратупаў да кошыкаў для рыбы і засунуў руку пад цыноўку, дастаў пісталет. Ляжаў там яшчэ з даваеннага часу, няўклюдны і цяжкі. Шэсць тоўстых патронаў. Такіх цяпер і не знойдзеш. Калі адзін дастае зброю, астатнім таксама хочацца нешта мець пад рукой. Аіт-Хаммуш зноў падзівіўся: як гэта голас маладога савета можа быць так падобны на голас яго Дахіма? «Яны чакаюць, калі савет з'явіцца на востраў.— Стары скоса зірнуў на напружаныя твары сваіх гасцей, якія моўчкі сачылі за плыўцом. — Зараз той, відаць, на сярэдзіне пратокі. Плавае ён добра».
Гедыфі скінуў гандуру і падцягнуў шырокі скураны пояс з кішэнькамі.
«Падобна, што малады савет шукае кагосьці,— прыкідваў Аіт-Хаммуш. — Мо тых куранят, што Гедыфі запхнуў у спіжарню? — Стары зноў агледзеў сваіх гасцей і нечакана сустрэўся з пранізлівым позіркам Гедыфі.— Ён не пакіне хлапчукоў жывымі! А мяне? Навошта я ім буду пасля таго, як дастаўлю іх на партугальскую яхту?.. Нечага рабіць тут маладому савету. Яго таксама з сабой не возьмуць».
Аіт-Хаммуш сунуў пісталет за пазуху і рушыў да дзвярэй. Тыя, ля акенца, устрывожана заварушыліся.
— Ты куды? — ступіў да старога Гедыфі.— Загад — усім сядзець ціха.
Аіт-Хаммуш убачыў накіраваны на яго чорны аўтамат і сцяў зубы. Вось так, выходзіць, скончыцца яго зямное існаванне? Яму адмерана столькі год, дзён і гадзін толькі для таго, каб гэты пратухлы шакал прабіў сэрца гарачым кавалачкам свінцу? За што? А за пратокай нешта весела крычыць хлапчук, не падазраючы, што ў гэтыя хвіліны вырашаецца і яго лёс.
Аіт-Хаммуш напружыў спіну, нібы чакаючы ўдару, і, адхінуўшы Шабана, ступіў цераз парог. Стрэлу не было. Не азіраючыся, стары пакрочыў да скалы, якая ўзвышалася над бухтачкай. «Яны нешта задумалі,— Аіт-Хаммуш пачаў паспешліва караскацца на скалу па выдзеўбаных у камені шчарбатых прыступках. — Ім не хочацца спалохаць маладога савета, пакуль той не апынецца на востраве…»
Добышу заставалася да вострава якіх-небудзь метраў дзесяць, калі на ўскрайку скалы, пакрытай іржава-зялёным лішайнікам, раптам з'явіўся стары, ускалмачаны і расхрыстаны, не падобны на сябе.
— Плыві назад, савет! — хрыпла выгукнуў астравіцянін.
Плывец здзіўлена ўзняў галаву — і Аіт-Хаммуш убачыў даверлівую ўсмешку на загарэлым маладым твары. Савет адкінуў валасы з ілба, бо вільготныя пасмы перашкаджалі глядзець, і нешта сказаў, але стары не зразумеў — што, і тады Аіт-Хаммуш устрывожыўся, што і яго словы марна знікаюць у прасторы.
— Паварочвай назад, ірум'ен! — зноў выгукнуў стары, ужо з усяе сілы і злосна. — Прэч, прэч!
Да Добыша словы старога сапраўды даляталі вельмі прыглушана. Але загад паварочваць ён зразумеў і спыніўся, разгублены, падграбаючы памалу рукамі і адчуваючы, як ногі пачынае цягнуць у глыбіню, у холад. Тут ён убачыў наведзены на яго вялікі рэвальвер і тое, як стары ўзвёў курок. Гэта Добыш разгледзеў выразна і, быццам зачараваны, хвіліну сачыў, як пагойдваецца руля рэвальвера, асабліва чорная на фоне разлітага наўкола празрыстага блакіту. Потым, ачомаўшыся, інстынктыўна зрабіў рэзкі рух убок і назад, ускінуўшы рукі і пляснуўшы нагамі, як робяць, калі плывуць батэрфляем. Чорт яго ведае, можа, стары звар'яцеў ад адзіноты ці яму нагаварылі чаго, вунь якія шалёныя ў яго вочы.
І тут нешта адбылося. Астравіцянін раптам увесь здрыгануўся, выгнуўся і пачаў асядаць, нібы яго моцна ўдарылі ў спіну…
— Аіт-Хаммуш! — выгукнуў Добыш. — Вы што, Аіт-Хаммуш?
Добыш нечакана ўхапіў вады, закашляўся, а калі здолеў зноў зірнуць на скалу, стары ляжаў. У тым месцы на бераг выбрацца было вельмі цяжка. Добыш рыўком адплыў падалей, каб абмінуць рыф і вылезці з вады на пясчанай выспе ля бухтачкі.
Гедыфі, які сачыў за плыўцом, заўважыў, што той раптам пачаў аддаляцца ад вострава, вырашыў — савет западозрыў нядобрае. Трэба мяняць тактыку. Ен жэстам падазваў Вільнава.
— Пакліч яго, — загадаў Гедыфі.— Ён жа цябе ведае?
Вільнаў збялеў. Спачатку, калі толькі пазнаў на тым беразе земляка, ён спалохаўся. Сумеснае з ім падарожжа на кантрабандысцкай яхце, на «каўчэгу», нечым забаўляла. «Бачыш, братка, як можа лёс круціць чалавека. Цяпер паспрабуй апраўдацца, што не сам захацеў стаць эмігрантам». — Так сказаў бы гэтаму маладому ёлупу, які не паспытаў, што такое сапраўднае ліха. Але ўдзельнічаць у захопе… Тым больш цяпер, калі яны не пашкадавалі нават старога…
— У мяне не атрымаецца, — прамармытаў Вільнаў.— Ён адразу ўсё зразумее.
— Заві! — узняў Гедыфі аўтамат. — На дапамогу заві!
«Якія бязлітасныя вочы! — Вільнаў ажно перасмыкнуўся. — А зямля наўкола… Божухна, якая яна чужая і раўнадушная!»
— Сюды! — нема паклікаў Вільнаў, не пазнаючы ўласнага голасу. — Гэй, зямляча! Сюды!
Пачуўшы гэты немы крык, Добыш ад нечаканасці адкінуўся на спіну.
— Гэта вы, Вільнаў? — здзіўлена адгукнуўся ён. — Што там здарылася, што з Аіт-Хаммушам? Вы…
Ён раптам асекся, бо Гедыфі, які сачыў за ім з-за скалы, зварухнуўся, і плывец гэта ўбачыў.
— Ты куды гэта, зямляк? — устрывожыўся Вільнаў.
Гедыфі зразумеў, што заманіць плыўца на востраў не ўдалося. Рэзка ўстаў.
— Плыві сюды! — загадаў, настаўляючы аўтамат. — Страляю пасля трэцяга папярэджання. Ра-аз…
Плывец, да пояса выскокваючы з вады і што ёсць сілы боўтаючы нагамі, ірвануў да мацерыка кролем. Гедыфі націснуў курок. Кароткая чарга шаляснула па хвалях ціха, нават чаек не спалохала. Добыш набраў як мага паветра ў лёгкія, нырнуў.
Гедыфі, насцярожана сочачы за месцам, дзе знік у вадзе савет, наблізіўся да самага берага і стаў на ўзвышшы. Каб не хвалі, адсюль можна было б назіраць за плыўцом і пад вадой. Гедыфі вылаяўся.
Вынырнуўшы і яшчэ не аддыхаўшыся, Добыш заўважыў: нібы хто кінуў побач жменю дробных каменьчыкаў. Стрэлаў ён не пачуў.
Хвалі перашкаджалі Гедыфі цэліцца, і ён чакаў, пакуль галава плыўца ўскінецца на самы грэбень. Але Добыш нырнуў зноў і пад вадою павярнуў управа, імгненна ўспомніўшы, што ў тым баку скала, магчыма, яна будзе перашкаджаць стралку. Ён плыў пад вадою, колькі хапала змогі, пакуль не стала зелянець у вачах ад удушша. Толькі вытыркнуўся з вады, як кулі выбілі фантанчыкі зусім побач — гульк, гульк, гульк!
Зноў з галавой у ваду — і ўбок. Рука нечакана натыркнулася на жорсткае дно, калені шоргнулі па вострых ракавінах. Добыш ускочыў. Да каменя заставалася крокі чатыры. Гедыфі, які чакаў гэтага моманту, націснуў на спускавы кручок.
— Не вытыркайся, Акліль! — крыкнуў Добыш і тут жа зваліўся — збіла з ног хваля.
Гэта ўратавала яму жыццё. Кулі ўрэзаліся ў жвір крыху вышэй узроўню прыбою, а адна гучна чырканула па камені і са звонам паляцела ў хмызняк. Добыш рыўком кінуўся за камень і ў гэты момант пачуў, як у скроню секанула нешта пякучае. Каля левага вока нібы лопнула, асляпляльна пыхнуўшы аранжавым святлом, электрычная лямпачка.
— Цябе забілі? — пачуў ён крык Акліля над самым вухам.
Па левай скроні лілося нешта гарачае. Добыш правёў далонню па тым месцы і расплюшчыў вочы. Левае рэзала, свет стаў ярка-чырвоным.
— Я жывы, — сказаў Добыш, са здзіўленнем разглядаючы запэцканую крывёю далонь. Ён з прагнасцю дыхаў, нібы спяшаўся надыхацца за тыя хвіліны, што быў пад вадой. — Не вытыркайся, браток, прашу цябе.
Добыш ліхаманкава азіраў пляж. Ён здаваўся неабсяжным. Можа, таму, што глядзеў на яго, прыціснуўшы галаву да пяску і адным вокам? Другое так рэзала, што хацелася як мага хутчэй пацерці пальцамі, як у дзяцінстве, калі ў вока трапляла што-небудзь. Да хмызняку на ўскрайку пляжа, дзе авечымі статкамі ляжалі каменныя россыпы, метраў трыста. Падстрэляць, пакуль дабяжыш. Але што рабіць?
— А Хуары на востраве? — спытаў Акліль.
— Не бачыў,— азваўся Добыш.
«Недзе бадзяюцца са сваёй мінай, — падумаў ён з новай трывогай. — А землячок клікаў на востраў… Во поскудзь. І на скале ляжыць Аіт-Хаммуш. Нажом яго, відаць, бо стрэлу не чуваць было. Трэба тэрмінова паведаміць у паліцыю. А як выбрацца да ночы? А тыя, з вострава, абавязкова дабяруцца і сюды. У іх жа лодка! Ну і ўскочыў я, у самае асінае гняздо. Добра яшчэ — не падстрэлілі Акліля».
— Не вытыркайся! — сказаў ён хлопчыку. — Рабі толькі тое, што я скажу, добра?
Акліль правёў Добышу далонню па твары, нібы малодшаму брату. Ён лёг на спіну, каб убачыць кулю, калі яна будзе блізка ляцець. Колькі разоў чуў посвіст, але самую так ніколі і не заўважыў.
…Аіт-Хаммуш зноў пачуў шапаценне хваляў, але вачэй не расплюшчыў. Наадварот, зажмурыўся мацней, так лягчэй было цярпець боль, які пранізваў яму пазваночнік. Старому здавалася, што ён плыў па вогненных водах, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей, туды, дзе ногі чуюць холад. Але душа перасцерагала — з той халоднай краіны Захаду, аб якой марабутам было вядома са старажытных паданняў,— з царства мёртвых няма дарогі назад. Нешта ўтрымлівала старога ў гэтым свеце пякучага болю. І галоўным было тое, што ён не знаходзіў адказу — навошта жыў на гэтым свеце, навошта зараз ляжыць, прыкуты вогненным цвіком да скалы?
А можа, тое, дзеля чаго яму наканавана было нарадзіцца і жыць, даўно прайшло міма, а ён не заўважыў?
…Палоска пляжа, што аддзяляла камень, за якім схаваўся ірум'ен, ад гурбаў камянёў сярод хмызняку з вострава здавалася зусім вузенькай. Таму Гедыфі баяўся нават на імгненне адвесці ад яе вочы.
— Прынясі вінтоўку! — загадаў ён Шабану і тут жа секануў кароткай чаргой па камені — падалося, што з-за яго нехта высунуўся.
«Яшчэ гадзінкі тры — і вечар, — думаў Гедыфі.— З'явіцца памочнік Аіт-Хаммуша. На яхту даставіць нас і адзін, гэта ж не ў шторм».
Шабан вынес вінтоўку. Гедыфі паказаў яму на скурчанага каля старых бочак Вільнава:
— Дай яму, а ў цябе ж пісталет. Абодва ў лодку — і на той бераг. Дэсант. Гэй, француз, як цябе? Бяры вінтоўку!
— Я не ўмею! — замахаў рукамі Вільнаў і таропка падаўся да хаціны Аіт-Хаммуша. Шабан адпіхнуў яго ад дзвярэй, але зброі не даў. Гедыфі гэта заўважыў.
— Дай яму вінтоўку — і ў лодку! — пагрозліва паўтарыў ён.
— Я недзе згубіў пісталет, — прызнаўся Шабан. — Можа, яго ўзяў стары?
— Ну, дык ідзі і забяры! — раз'юшана зароў Гедыфі.— Разява!
Шабан толькі пераступіў з нагі на нагу і тузануў затвор.
— Каму сказана!
Гедыфі павярнуў на яго аўтамат. Шабан разумеў, што ўскінуць вінтоўку не паспее. Ён зірнуў на скалу. Стары так і ляжаў ніц. Шабан павесіў вінтоўку на плячо. Калі ў яго будзе пісталет, з Гедыфі можна ў зручны момант пагутарыць інакш. На яхту ён знойдзе дарогу і сам. А магчыма, гэта тады і не трэба будзе. Такі варыянт неабходна таксама абдумаць. Займець бы толькі пісталет.
Нібы здалёк пачуў Аіт-Хаммуш стрэлы. Гэта прымусіла яго пераадолець боль і засяродзіцца. Нехта набліжаўся. Затым зноў нясцерпны боль і — Аіт-Хаммуш страціў прытомнасць. Гэта Шабан рэзка павярнуў яго на бок і выцягнуў нож, мяркуючы, што той можа спатрэбіцца. Правая рука старога тарганулася. Аіт-Хаммуш расплюшчыў вочы і ўтаропіўся ў Шабана, ягоныя пальцы сутаргава сціснулі рэвальвер. Той збянтэжана замёр. Стары, аказваецца, яшчэ жывы!
— Дай гэтую цацку сюды, прыяцель, — прамовіў Шабан, толькі цяпер зразумеўшы, што безнадзейна ўпусціў момант, калі можна было забраць рэвальвер без усякай рызыкі.— Прыяцель, не…
Паспеў толькі апусціцца на калені, як грымнуў стрэл. «Канец, — Шабан схапіўся рукамі за грудзі і раптам адчуў, які ён кволы і бездапаможны. — Трэба ж… Я не хацеў…»
Ён не паспеў дадумаць, чаго не хацеў, таму што ў наступны момант грымнуўся спінай на камяні і пасунуўся ўніз, да вады.
Стрэл з рэвальвера быў такім нечаканым і для Гедыфі.
— А, стары сабака… — Ён скіраваў аўтамат угору. Кулі пачалі крышыць камень вакол нерухомага цела Аіт-Хаммуша.
— Уцякае! — спалохана закрычаў Вільнаў, паказваючы рукой у бок пляжа. У другой руцэ ён трымаў свой сакваяж з прывязаным да яго скруткам, бо і сам збіраўся ўцякаць з гэтага праклятага месца.
Малады савет, бы дзікі казёл, імчаў да хмызнякоў. Гедыфі таропка даў кароткую чаргу. Уцякач пляснуўся ў лагчыну і ўціснуў галаву ў пясок. Гедыфі стрэліў яшчэ, але дарэмна — кулі ішлі вышэй. На такой адлегласці з аўтамата амаль немагчыма было страляць прыцэльна. Тут трэба вінтоўка.
— Вазьмі вінтоўку! — загадаў ён Вільнаву, паспешліва ўстаўляючы ў аўтамат новы і апошні магазін. — Каму сказана!
Вільнаў, адразу ўспацеўшы, падышоў да Шабана і пачаў выцягваць з-пад яго цяжкага цела вінтоўку.
— Ды піхні ты яго, ёлуп! — зноў закрычаў Гедыфі. — Вось так. А зараз у лодку і на той бераг!
Наліўшыся лютасцю на ўсіх на свеце, Вільнаў, перш чым сесці ў лодку, расставіў ногі і стрэліў у тое месца, дзе залёг гэты пракляты зямляк. «Прынесла ж нячыстая сіла, зблытаў усе карты», — Вільнаў рашуча клацнуў затворам, заганяючы новы патрон, калі са скалы грымнуў стрэл, потым другі…
Вільнаў асеў, працягваючы трымаць вінтоўку, і ашалела закруціў галавой. Ён бачыў, як стары прыўзняўся, каб стрэліць у яго зноў, і таргануўся ад жудасці.
— Не-е-е! — крыкнуў ён у бездапаможнай роспачы.
Гедыфі азірнуўся і даў па старому дзве кароткія прыцэльныя чаргі. Рэвальвер зваліўся ў ваду. Адразу ж пачуўся яшчэ адзін усплеск, значна мацнейшы. Гедыфі азірнуўся і ўбачыў, што ў ваду зваліўся Шабан. «Ну і шайтан з ім, — Гедыфі пачаў біць кароткімі чэргамі па ўцекачу на пляжы, бо ірум'ен выбраўся з лагчынкі і ўпарта поўз да хмызняку. — Ах, сабака, сцяміў, што трэба не бегчы, а рыць носам зямлю, калі хочаш ацалець». Не, яшчэ не ўсё згублена, сказаў ён сабе. Хутка сцямнее, а тады прыйдзе памочнік старога. «Ненадзейны быў стары, — падумаў яшчэ. — Казаў жа Рамдану — замяніць яго трэба неадкладна. Бач, як ён з рэвальвера… Але, здаецца ж, я яго паклаў напавал…»
Стукнула яшчэ тры стрэлы — і магазін апусцеў. Гедыфі вылаяўся, шпурнуў аўтамат у ваду і падаўся да вінтоўкі. Уцякач на тым беразе, відаць, добра бачыў яго, бо ўскочыў на ногі і нешта закрычаў. Адразу ж да хмызняку памчаў хлапчук, пра якога Гедыфі нават і забыў зусім.
— Ах, шайтан! — Гедыфі схапіў вінтоўку, але малы ўжо знік сярод камянёў, як яшчарка. Гедыфі раз за разам стрэліў у тое месца, дзе варушыліся галінкі хмызняку. Там выбіраўся з-пад яго агню савет. Вось ён мільгнуў на самым грэбені, Гедыфі стрэліў. Папаў ці не? «Усё роўна цяпер трэба як мага хутчэй з вострава, — сказаў сабе Гедыфі,— бо малы ўжо каля шашы і праз гадзіну тут будзе паліцыя».
Гедыфі кінуў у ваду і вінтоўку, схапіў сакваяж Вільнава і скокнуў у лодку… Ён ужо адплыў ад вострава метры на два, калі раптам успомніў пра хлопчыкаў: «Там жа шчанюкі засталіся! Вось каго пакідаць не трэба. Прывалок жа іх Рамдан на маю галаву!»
Гедыфі паспешліва выцягнуў з камянёў каля хаціны «бондэсант», які перадаў яму Рамдан. Укруціўшы запал, падышоў да спіжарні і адамкнуў дзверы. Хуары і Селім стаіліся ў самым дальнім кутку за гурбай старых кошыкаў. Прыкмеціўшы іх, Гедыфі пагрозліва крыкнуў:
— Устаць! Да мяне, хутка!
І, адступіўшы за каменную сцяну, шпурнуў «бондэсант» у сярэдзіну спіжарні. Спалоханы крык хлапчукоў, глухі выбух. Гедыфі нават не зірнуў у спіжарню, адкуль паваліў жоўты едкі дым. Як дзейнічае «бондэсант», ён ведаў добра.
* * *
Стары расплюшчыў вочы і глядзеў на Добыша. Позірк яго спачатку быў няпэўны, нібы шкляны, амаль нежывы, але хутка з'явілася як бы праталінка ў ледзяным акне.
— Даххм… — нешта сіліўся вымавіць Аіт-Хаммуш, углядаючыся ў Добыша, ад чаго таму было не па сабе. — Дахх…
— Нешта ён вам хоча сказаць, — прамовіў паліцэйскі, уважліва разглядаючы Добыша.
Аіт-Хаммуш ледзь прыкметна варухнуў рукой і зноў захрыпеў, працягваючы сачыць за Добышам.
— Ён глядзіць на вас, быццам нешта хоча спытаць, — зноў сказаў паліцэйскі.
Добышу і самому так здавалася. Але аб чым хацеў спытаць стары?
Падышоў паліцэйскі ўрач і марлевым тампонам з нейкай пякучай вадкасцю асцярожна абцёр Добышу скроню. Другі тампон загадаў прыкласці да вока і трымаць як мага даўжэй.
— Як вы мяркуеце, хлопчыкі выжывуць? — спытаў у яго Добыш.
— Аднаго, відаць, не давязём жывым нават да шпіталя. А другі — гледзячы на якога хірурга трапіць. Кажуць, савецкі доктар аднойчы выратаваў гэтага старога.
— Ведаю, — адказаў Добыш, гледзячы, як перабінтоўваюць старому грудзі.
— Але цяпер яго не ўратаваць, — паківаў галавой урач. — Кулі ў грудзях, у жываце, а яшчэ нажавая рана — яна смяртэльная.
Да Добыша падышоў доктар Кійк.
— Ну, як? — ён зірнуў на параненае вока і, як і паліцэйскі доктар, загадаў трымаць тампон. — А ў шпіталі адразу да акуліста.
Паліцэйскі камісар выгукнуў прозвішчы аператыўнікаў, якія застаюцца на востраве дзяжурыць.
— Астатнія хутка на катэр! — загадаў ён. — К ночы будзе добры шторм, на яго і разлічвалі кантрабандысты.
Добыш узяўся за насілкі, каб памагчы перанесці старога. Катэр падкідвала хвалямі, хаця ў бухтачцы яны былі значна меншыя, чым у адкрытым моры. Стары зноў расплюшчыў вочы і варухнуў пасінелымі губамі. Так, ён аб нечым хацеў спытаць у Добыша. Прыкра было ўсведамляць, што гэта застанецца назаўсёды невядомым.
— З Амамам будзе ўсё ў парадку, — сказаў доктар Кійк, які стаў побач. — Моцны хлопец.
Хоць адзіная радасная навіна.
Хваля з мора неяк спадцішка падкацілася пад сходні катэра і ўзарвалася ў камянях, як тарпеда. Усіх абдало буйнымі пырскамі. Паліцэйскі фатограф лаяўся: намачыла аб'ектывы.
Добыш стаяў, падтрымліваючы падвясныя насілкі з Аіт-Хаммушам, каб яны не так разгойдваліся. Побач трымаўся маўклівы Акліль. Ён за гэтыя апошнія дні прыкметна ўзмужнеў. Падышоў паліцэйскі камісар.
— Баліць? — паспачуваў ён. — Потым зойдзеце, калі ласка, да нас, запішам вашы паказанні… Нічога, гэткі выпадак не першы і не апошні. Барацьба… Вы нядаўна ў нас у Алжыры?
— Цяпер мне здаецца — даўно, — адказаў Добыш.
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА, або Хто ўспомніць пра Аіт-Хаммуша?
Пасля дзесяцідзённага падарожжа па краіне Радзім Савілін вярнуўся ў Аль-Джазаір. Ён спадзяваўся, што Юрый Сяргеевіч ужо ў горадзе і павязе, як абяцаў, да магілы Аіт-Хаммуша. Але яго чакала расчараванне: па тэлефоне, які пакінуў Юрый Сяргеевіч, адказалі, што той яшчэ ў пустыні каля Таманрассета. Часу заставалася зусім мала — праз два дні дадому. Выходзіла, што сустрэцца ім не ўдасца. Так прайшоў дзень. Назаўтра Савілін распытаў у алжырскага журналіста, з якім пазнаёміўся ў часе падарожжа, на якіх могілках горада хаваюць рыбакоў. Аказалася — туды ходзіць аўтобус. Савілін купіў кветак і паехаў.
Канечне, нічога пра Аіт-Хаммуша ў вартаўніка ён не даведаўся. Дзе пахаваны стары рыбак, які загінуў на востраве? Вартаўнік паціскаў плячамі: ды такіх нямала, каго паклала бандыцкая куля. За новы Алжыр патрыёты багата сплацілі і крывёю і жыццямі.
Праз брамку Савілін ступіў на тэрыторыю могілак. Тэракотавыя пліты, невялічкія абеліскі з надпісамі на арабскай мове. Ні індывідуальных агародж, ні знарочыстай пышнасці. Пад якой з гэтых сціплых пліт спачывае Стары?
Савілін ціха прайшоў зноў да брамкі і паклаў кветкі ля падмурка. Няхай яны будуць для ўсіх, хто не шкадаваў уласнага жыцця, баронячы добрае ад злога.
Яшчэ Савілін вельмі хацеў убачыць Акліля… Які ён цяпер? Кім стаў? «Што ж, — суцяшаў ён сябе, — калі нават і не сустрэнемся, усё роўна будзем ведаць, што жывём разам на белым свеце. Ну, а Аіт-Хаммуш? Гэта ж і пра яго мудра сказана ў старажытнай арабскай казцы пра Сіндбада-Марахода: «Няхай будзе слава жывому, які не памірае!»
1986
1
Ной — у старажытнаяўрэйскай міфалогіі — чалавек, які цудам уратаваўся ў часе сусветнага патопу;
Стыкс — у старажытнагрэчаскай міфалогіі — рака, за якой быццам пачыналася падземнае царства памершых людзей;
Харон — перавозчык памёршых праз гэтую раку.
(обратно)
Комментарии к книге «Сіндбад вяртаецца», Эрнест Васильевич Ялугин
Всего 0 комментариев