Адважныя падарожнікі. — У моры. — Крушэнне карабля. — Падарожжа ў вадзе. — Невядомы бераг. — Падлік маёмасці.
— Кіруй туды, вунь у той лясок! Цікава паездзіць у чоўне па лесе.
Доўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна — «душагубкі». Калені яго датыркаліся да самага носа; рукамі ён трымаўся за бакі чоўна. Раптам ён падняў рукі, паказаў на лес і нават крыху прыўстаў. Човен захістаўся.
— Ды не хістай! Бачыш, што…
Віктар, які стаяў і кіраваў чоўнам, не паспеў скончыць і паваліўся на дно. Душагубка яшчэ больш захісталася, зачарпнула вады. Абодва хлопцы прыціснуліся да дна і не толькі рухацца, але і дыхаць перасталі. Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада.
— Ну вось, бачыш, што ты зрабіў! — з дакорам сказаў Віктар. — Навошта было ўставаць ды варушыцца? Вычэрпвай цяпер ваду!
— Дык ты ж сам вінаваты, — агрызнуўся Мірон. — Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай?
— Ну і справіўся б, каб ты сядзеў ціха.
— Я ж і сядзеў, а вось ты забыўся, у якім чэрапе едзеш. Навошта стаяў ва ўвесь рост?
Пры гэтым Мірон прыпадняўся. Зноў захістаўся човен.
— Зноў устаеш?! — грозна крыкнуў Віктар. — Калі хочаш тапіцца, дык лезь у ваду сам адзін, а я яшчэ пачакаю.
Мірон крыху засаромеўся.
— Ну-ну, — адказаў ён лагодна. — Давай лепш вычарпаем ваду.
— А чым будзеш вычэрпваць? Чарпак узяў?
— А ты ўзяў?
— Ды хто ж ведаў, што гэтая калода будзе цячы.
— Цячы не пацякла, а зверху, бачыш, налілося.
Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.
Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.
Комментарии к книге «Палескiя рабiнзоны», Янка Мавр
Всего 0 комментариев