«Кулі»

1589

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Джэк Лондан Памылка

А-Чо не разумеў францускай мовы. Памяшканьне суда было перапоўнена народам. Чыноўнікі адзін за адным бесьперапынку і хутка гаварылі. Змораны А-Чо слухаў нехаця, няўважліва. Аб чым яны балбаталі? Страх якія дурныя гэтыя французы! Яны шукаюць таго, хто забіў Чанг-Га і ня могуць знансьці. Усе пяцьсот кулі[1] з плянтацыі ведалі, што забіў А-Сан, але яго да гэтага часу яшчэ не арыштавалі. Праўда, кітайцы ўмовіліся не выдаваць адзін аднаго на судзе, але ўсё-ж французы лёгка маглі здагадацца, што забіў А-Сан. Яны зусім дурныя гэтыя французы!

А-Чо не баяўся. Ён не памагаў забіваць. Праўда, ён быў там, і калі Шэмер, прыганяты з плянтацый, ускочыў у барак, ён застаў яго на месцы разам з чатырма ці пяцьма іншымі кітайцамі. Але што з таго? Чанг-Га меў дзьве кінжальныя раны. Кожнаму ясна, што пяць ці шэсьць чалавек не маглі ўкалоць толькі два разы. Калі-б нават кожны чалавек укалоў па разу, дык і то гэта маглі зрабіць толькі двое.

Так разважаў А-Чо. Ён разам са сваімі таварышамі хлусіў, блытаўся, калі апавядаў суду пра здарэньне. Яны, як і Шэмер, пачулі шум і прыбеглі. Яны прыбеглі туды раней за Шэмера — вось і ўсё. Праўда, Шэмер сказаў судзьдзям, што ён, перш чым увайсьці, пяць хвілін прастаяў на дварэ і ўжо потым, калі добра разабраўся, ускочыў у памяшканьне. І, галоўнае, што ўсе пяцёра арыштаваных былі ўжо ў бараку, і яны не маглі толькі што папасьці сюды, бо ён стаяў каля адзінага на ўвесь барак уваходу. Але што з гэтага? А-Чо і яго таварышы ў сваіх апошніх словах давялі, што Шэмер памыліўся. Нарэшце іх усё-ж выпусьцяць. Яны верылі ў гэта: ня могуць-жа адцяць галовы пяці чалавекам за дзьве кінжальныя раны? Апрача таго, ніхто з чужаземных чарцей ня бачыў забойства. Але якія гэтыя французы дурні! А-Чо добра ведаў, што ў Кітаі суд загадаў-бы ўчыніць допыт над усімі і так дабіўся-б праўды. Вельмі лёгка выведаць праўду пад прымусам. А гэтыя французы ня ўмелі як сьлед прымусіць, — вось якія яны дурні. Таму вось яны і не даведаюцца ніколі, хто забіў Чан-Га.

Але А-Чо разумеў ня ўсё. Ангельская кампанія многа патраціла грошай, калі прывезла на выспы Таіці пяцьсот кулі. Пайнікі патрабавалі прыбыткаў, а кампанія ня выплаціла пакуль што нічога. І таму кампанія зусім не хацела таго, каб яе рабочыя сварыліся і забівалі адзін аднаго. Апрача таго, тут былі і французы, якія з ахвотаю старалісявыпрабаваць на «кітаянках» усе тонкасьці францускіх законаў. Урэшце, для чаго-ж тады здалася Новая Каледонія як не для таго, каб высылаць туды людзей на пакуту за тое, што яны выявілі людзкую слабасьць — зрабілі які-небудзь учынак?

А-Чо ня ведаў усяго гэтага. Ён сядзеў у залі суда і чакаў, калі зьбітыя з толку судзьдзі выпусьцяць яго з таварышамі назад на плянтацыю, каб адрабіць свой час згодна контракту. Прысуд будзе скора. Справа канчалася. Ён гэта бачыў. Сьведак больш не выклікалі, чыноўнікі балбатаць перасталі. Францускія чэрці таксама змарыліся і, як відаць, таксама чакалі прысуду. І А-Чо, чакаючы, успомніў, як ён падпісаў контракт і паплыў на Таіцы. У яго прыморскай вёсцы жылося вельмі цяжка. І калі ён прадаў сябе на пяць гадоў для гэтай работы ў Паўднёвым моры за пяцьдзесят мэксыканскіх цэнтраў на дзень, дык ён адчуў сябе шчасьлівым. У яго вёсцы людзі працавалі год за дзесяць мэксыканскіх даляраў. Былі жанчыны, якія цэлы год плялі сеткі за пяць даляраў, а дзяўчаткі-наймічкі мелі за год службы ня больш чатырох даляраў. А ён будзе атрымліваць па пяцьдзесят цэнтаў на дзень; за адзін, адзін толькі дзень ён заробіць гэтулькі грошай. Праз пяць гадоў ён вернецца дахаты, — так напісана ў контракце, — і тады яму ня прыдзецца больш працаваць. Ён будзе багатым на ўсё жыцьцё. У яго будзе свая хата, жонка, дзеці, якія вырастуць і будуць паважаць яго. Так, а за хатаю ён разьвядзе невялікі садзік, — там ён будзе адпачываць і думаць аб чым-небудзь, — дзіўны, ціхі сад: залатыя рыбкі плёхаюцца ў маленькай сажалцы, званочкі зьвіняць на дрэвах ад подыху ветрыку, а кругом высокая сьцяна абараняе яго ціхі спакой і разважаньні.

І вось ён адбыў ужо тры гады з пяці. Ён ужо багаты чалавек (як для свае вёскі), ён хавае заробленыя грошы. I толькі два гады яму засталося працаваць на плянтацыі ў Таіці, а тады яго чакае лепшая будучыня, калі можна будзе спакойна жыць і разважаць. А цяпер яму прыходзіцца траціць грошы з прычыны гэтага няшчаснага выпадку і толькі таму, што пры ім забілі Чанг-Га. Тры тыдні ён прасядзеў у турме, і кожны дзень траціў па пяцьдзесят цэнтаў. Але цяпер суд скончыўся, і ён вернецца на работу.

А-Чо было дваццаць два гады. Ён быў вясёлым, добрымі спакойным кітайцам, часта ахвотна ўсьміхаўся. Цела ў яго было тонкае і гібкае, як наогул у жыхароў Азіі, а твар поўны і круглы, як месяц, і сьвяціўся пакорлівасьцю і ласкавай прыветнасьцю, што ня лёгка сустрэць сярод яго таварышоў. Такім-жа добрым быў А-Чо і па натуры. Ён нікога не чапаў, ні з кім не сварыўся. Гульнямі ня цікавіўся. Таму па натуры ён быў спакойным і далікатным. Ён весяліўся ад простай радасьці. Цішыня і спакой сьвежага, вільготнага вечара пасьля гарачага працоўнага дня прыносілі яму бязьмежную радасьць. Ён гэтым быў задаволены. Ён цэлымі гадзінамі глядзеў на якую-небудзь краску і марыў пра таемнасьць і загадкі жыцьця. Белая чапля на пясчаным беразе, плёскат рыбы, ружовы вячэрні захад, — усё гэта захапляла яго; ён зусім забываўся ў такія часы пра цяжкі мінулы дзень і балючы бізун Шэмера.

Шэмер, Карла Шэмер, быў зьвер, люты зьвер. Але ён зарабляў свае грошы. Ён да апошняй каплі высмоктваў сілу з пяцісот нявольнікаў, бо яны сапраўда былі нявольнікамі на ўвесь час контракту. Шэмер стараўся як мага, каб поўнасьцю выцягнуць рабочую сілу з гэтых пяцісот спацелых людзей і ператварыць яе ў пакункі пушністай бавоўны, зусім гатовай для вывазу. Яго першабытная, дзікая лютасьць дапамагала яму з посьпехам дабівацца гэтага ператварэньня. Для гэтай мэты ён меў тоўстую шырокую папружку. Ён езьдзіў конна сярод рабочых, і лупцаваў папругай па згорбленых голых сьпінах кулі. То тут, то там ляскала папруга, нібы пісталетныя стрэлы, калі Шэмер праяжджаў полем.

Аднойчы ў пачатку першага году работы паводле контракту, Шэмер забіў кулі сваім кулаком. Кітайцы, аднак, ня скардзіліся францускім чэрцям. На гэта ў іх былі прычыны. Яны ведалі, што трэба як-небудзь паладзіць з Шэмерам. Яны стараліся не ўгнявіць яго, абыходзіцца як мага спакойней. Касавокія — гэтак звалі кітайцаў задаволеныя ўсім чорныя тубыльцы — добра разумелі, што ім няварта ўводзіць у злосьць Шэмера. А гэта значыла працаваць з апошняй сілы. Удар шэмерава кулака абышоўся кампаніі нятанна, але Шэмеру ўсе даравалі: французам, кепскім колёнізатарам, не ўдалося самім захапіць усіх багацьцяў краіны, і таму яны радаваліся посьпехам ангельскай кампаніі. Вялікая важнасьць «кітаяшка»! «Кітаяшка» памёр? Ну, гэта-ж быў толькі «кітаяшка». Апрача таго, ён памёр ад сонечнага ўдару, як было засьведчана доктарам. Праўда, на працягу ўсяе гісторыі Таіці ніхто не паміраў ад сонечнага ўдару. Але-ж сьмерць простага «кітаяшкі» зьяўляецца якраз выключэньнем з правіла. Так адзначыў доктар у сваёй справаздачы.

Нельга зразумець гэтых белых чарцей. Ад іх ніякага толку не даб’ешся. А-Чо разважаў аб гэтым, чакаючы свайго прысуду. Хіба можна ведаць, што яны думаюць. Ён бачыў раней сяго-таго з белых чарцей. Усе яны былі на адзін капыл пашытыя — афіцэры і матросы на караблі, францускія чьтоўнікі і некаторыя белыя на плянтацыі, у тым ліку і Шэмер. Іх думак ніяк нельга было разгадаць. Белыя чэрці раптам рабіліся гнеўнымі без аніякай на гэта прычьшы, і гнеў іх заўсёды быў страшны. У гэты час яны былі падобны на дзікіх зьвяроў. Яны займаліся глупствамі, і ня стрымлівалі сваіх жаданьняў, як кітайцы; яны нязвычайна многа елі, а пілі яшчэ больш. Кітайцы ніколі ня ведалі таго, які ўчынак будзе для белых чарцей прыемным, а які давядзе да шалёнства. Ніколі кітаец ня мог угадаць гэтага. Тое, што адзін раз падабалася, у другі рад даводзіла да дзікай лютасьці. Вочы белых чарцей заўседы былі закрыты нейкім туманам, што хаваў іх думкі ад кітайца. А больш за ўсё зьдзіўляла кітайца спрытнасьць белых чарцей. Яны выдумлялі і рабілі розныя дзівы і прымушалі іх бегаць, круціцца, поўзаць, і нават сілы прыроды знаходзіліся пад іх уладай. Так, белых людзей це зразумець: яны чэрці. Гэта відаць па Шэмеру.

А-Чо непакоіўся, чаму марудзяць судзьдзі? Ніхто з арыштаваных кітайцаў нават не крануў Чанг-Га… А-Сан адзін забіў яго. Ён схапіў Чан-Га за касу, адвярнуў яго галаву назад і два разы ўсадзіў яму ў цела нож. Тут, у залі суда, А-Чо заплюшчыў вочы і зноў убачыў гатую бойку і забойства: лаянка самымі брыдкімі словамі, абраза шаноўных продкаў, праклінаньні патомкаў, урэшце, напад А-Сана… Вось схапіў ён Чанг-Га за касу, нож два разы апусьціўся над целам; з грукам адчыніліся дзьверы, і ўскочыў Шэмер; усе кінуліся да дзьвярэй; А-Сан уцёк, засьвістаў бізун Шэмера; хто не пасьпеў уцячы, загнаны ў кут, і грукнуў рэвольвэрны стрэл: Шэмер выклікаў дапамогу. А-Чо дрыжэў, перажываючы ўсё гэта. Як на ліха, удар бізуна параніў яму шчаку, садраў скуру. Па гэтай ране Шэмер і пазнаў А-Чо, як удзельніка забойства. Толькі цяпер рубец пачаў гаіцца. А які гэта ўдар? На адзін сантымэтр бліжэй—і ня было-б вока. Але тут А-Чо забыўся на ўсё гэта: перад ім выплылі здані—сад развагі і супакою; там ён будзе, калі вернецца на бацькаўшчыну.

Ён сядзеў спакойна, пакуль суд чытау сваю пастанову. Гэткімі-ж спакойнымі былі і яго таварышы. Спакойнымі яны засталіся і тады, калі перакладчык растлумачыў, што ўсе пяцёра прызнаны вінаватымі ў забойстве Чанг-Га і што А-Чоў адсякуць галаву, А-Чо адсядзіць дваццаць год у турме ў Новай Каледоніі, Чанг-Лі — дванаццаць і А-Танг — дзесяць. Спрачацца супроць такога прысуду было бескарысна. Нават А-Чоў усё так-жа сядзеў, як мумія, ціхі і спакойны.

Судзьдзя дадаў яшчэ некалькі слоў, і перакладчык растлумачыў, што самыя цяжкія раны ад удараў Шэмера былі на твары А-Чоў, значыцца, выходзіць, ён больш вінаваты, а з тае прычыны, што аднаму з кітайцаў трэба адцяць галаву, дык пакараюпь А-Чоў.

На твары А-Чо таксама была сур’ёзная рана: пэўны доказ, што ён знаходзіўся пры забойстве і дапамагаў у гэтан справе, а таму А-Чо заслужыў дваццаць гадоў суровага пакараньня. І кожны прысуд быў гэтак-жа дасканала растлумачаны справядлівым судзьдзёю. «Няхай кітайцы цьвёрда запомняць гэтую перасьцярогу, — сказаў у апошнім слове судзьдзя. — Яны павічны запомніць цьвёрда і назаўсёды, што закон на Таіці будзе выкананы, хоць-бы няхай правалілася зямля».

Пецярых кітайцаў завезьлі назад у турму. Яны не пярэчылі, не бядавалі. Хоць прысуд і быў для іх неспадзеўкай, але яны прывыклі да неспадзевак ад белых чарцей. Нічога іншага, апрача розных наспадзевак, кітайыы і не чакалі ад іх. Такая цяжкая кара за ўчынак, у якім яны зусім невінаваты, ня дзівіла іх; белыя чэрці вытваралі над імі ня гэткія дзівы.

У наступныя дні А-Чо глядзеў на А-Чоў з ціхай і мяккай цікавасьцю. Яму адсякуць галаву той гільётынай, што высіцца на іх плянтацыі. Ён ня ўбачыць свае старасьці, ня будзе мець уцехі ад саду развагі і супакою. А-Чо думаў пра жыцьцё і сьмерць. Аб сваёй долі ён не бедаваў. Дваццаць гадоў—гэта толькі дваццаць гадоў. На такі час адсунецца ад яго сад — вось і ўсё. Ён малады і цярплівасьць Азіі ў яго крыві і касьцях. Ён перачакае гэтыя дваццаць гадоў, а гэтым часам астыне, і яшчэ больш прыемнымі будуць для яго шчасьлівыя йні ў тым садзе. Ён думаў цяпер аб тым, як назваць свой сад. Ён дасьць яму імя «Сад ранішняга супакою». Гэтая думка прынесла яму шчасьлівую радасьць на ўвесь дзень і так абнадзеіла яго, што ён прыдумаў прыказку — перацярпі і ўсё будзе добра. Такая прыказка вельмі пацешыла ўсіх, асабліва Чанг-Лі і А-Танга. А-Чоў, аднак, выслухаў прыказку зусім спакойна, яна ня прынесла яму радасьці. Яго галава праз такі кароткі час адлучыцца ад яго цела, што на гэта не патрэбна вялікай цярплівасьці. Ён курыў колькі хацеў, добра еў, спакойна спаў і не турбаваўся ад таго, што марудна цягнецца час.

Крушо быў жандарам. Ён правалачыўся дваццаць гадоў на службе ў коленіях ад Нігера і Сэнэгаліі да Паўднёвых мораў, але гэтыя дваццаць год ані ня прынесьлі карысьці для яго тупых мазгоў. Крушо застаўся такім-жа бесталковым, нерастароплівым, якім быў некалі ў сваёй вёсцы ў Францыі. Ён ведаў дысцыпліну і страх перад начальствам. Ён быў нявольнікам і бога і жандарскага сэржанта. Уся розьніца была толькі ў тым, каго больш трэба баяцца. Па сутнасьці сэржант быў для яго страшнейшы за бога, за выключэньнем нядзелі, калі богавы служкі моцна крычалі аб розных карах. Але бог недзе далёка, а сэржант заўсёды на вачох.

Крушо атрымаў загад ад галоўнага судзьдзі начальніку турмы, каб той выдаў Крушо арыштаванага А-Чоў. Здарылася так, што галоўны судзьдзя напярэдадні наладжваў вечар у гонар капітана і афіцэраў францускага вайсковага карабля. Рука яго калацілася, калі ён падпісваў загад, а вочы так моцна балелі, што ён нават не праверыў свайго загаду. Ды ці варта было яму лішне турбавацца, калі справа закранала толькі жыцьцё нейкага «кітаяшкі». Вось чаму ён і не заўважыў, што недапісаў апошняй літары ў слове А-Чоў. У загадзе было «А-Чо», і калі Крушо падаў яго наглядніку, той выдаў яму арыштаванага А-Чо. Кручо пасадзіў яго поплеч з сабою на возе, і выехаў у дарогу на пары мулаў.

А-Чо радаваўся цёпламу сьветламу сонцу. Ён сядзеў каля жандара і ўсьміхаўся ад шчасьця. Ён зарадаваўся яшчэ больш, калі мулы павярнулі на поўдзень у Ацімаоно. Значыцца, Шэмер выклікаў яго. Шэмеру патрэбна была яго работа. Вельмі добра. Ён будзе працаваць старэнна. Шэмеру ня прыдзецца на яго скардзіцца.

Быў гарачы дзень. Вецер заціх. Абліваліся потам мулы, абліваўся потам Крушо, пацеў і А-Чо. Але А-Чо прывычны да гарачыні, яму гэта ня страшна.

Тры гады працаваў ён пад гэтым сонцам на плянтацыях. Ён усьміхаўся ад радасьці, і такая дабрата сьвяцілася ў яго вачох, што нават у тупой галаве Крушо зашавялілася зьдзіўленьне.

— Сьмешны ты, — сказаў ён нарэшце.

А-Чо паківаў галавою і ўсьміхнуўся яшчэ сьвятлей. Крушо гутарыў з ім на канакскай гаворцы, гэтую мову А-Чо разумеў, як усе кітайцы і чужаземныя чэрці.

— Вельмі многа ты сьмяешся, — прамармытаў Крушо. — У другога сэрца аблівалася-б сьлязьмі ў такі дзень.

— Я рад, што вырабіўся з турмы.

— Толькі ад гэтага? — Жандар паціснуў плячыма.

— Хіба-ж гэтага мала? — пярэчыў А-Чо.

— Значыцца, ты радуешся не таму, што табе адсякуць галаву?

А-Чо паглядзеў на яго ашаломлены і сказаў:

— Ды я-ж варочаюся ў Ацімаоно, каб працаваць на плянтацыі ў Шэмера? Хіба-ж вы вязіце мяне не ў Ацімаоно?

Крушо задумаўся і пакруціў свае доўгія вусы.

— Так, так, — сказаў ён нарэшце, сьцябаючы бізуном па сьпіне мула. — Дык ты, значыцца, ня ведаеш?

— Чаго? — А-Чо адчуў блізкую трывогу. — Хіба Шэмер не дазволіць мне больш працаваць у яго?

— Заўтра — не.

Тут Крушо рассыпаўся шчырым сьмехам. Атрымаўся ўдалы жарт.

— Заўтра ты ўжо ня будзеш магчы працаваць. Хіба-ж можа працаваць чалавек з адцятай галавою, га? — Ён штурхнуў кітайца ў бок і хіхікнуў.

А-Чо маўчаў, пакуль мулы не адмералі добрых сем кілёмэтраў. Потым ён запытаўся:

— А хіба Шэмер хоча адцяць мне галаву?

Крушо зірнуў яму ў твар і кіўнуў.

— Гэта памылка, — сказаў А-Чо сур’ёзна. — Я — А-Чо. Шаноўны судзьдзя пастанавіў, каб я прабыў дваццаць год у Новай Каледоніі.

Жандар засьмяяўся. Пацешная штука, ён, гэты кітаяшка, спрабуе выкруціцца ад шыбеніцы. Мулы прабеглі неахвотным трушком праз какосавы лясок і тры кілёмэтры каля блішчастага мора, калі А-Чо зноў загаварыў.

— Кажу вам, што я не А-Чоў. Шаноўны судзьдзя загадаў адцяць ня мне галаву.

— Не палохайся, — сказаў Крушо, — пацяшаючы кітайца. — Такім спосабам памерці лёгка. — Ён пстрыкнуў пальцамі.—Гэта скора: хлоп! — і гатова. Зусім ня тое, што целяпацца на вяроўцы, курчыцца і пяць хвілін грымасьнічаць. Тут усяроўна як кураня сякераю: адсячэш галаву і канцы. Таксама з чалавекам. Раз—і гатова. Нават не баліць. Ты і падумаць не пасьпееш, што баліць. Галава адскочыць, і табе няма чым думаць. Вельмі спрытна прыдумалі. Хацеў-бы я гэтак памерці—скора, вельмі скора. Табе пашанцавала: ты добра памрэш. Ты мог-бы захварэць на чуму і пачаў-бы марудна развальвацца па кавалачках: сьпярша палец за пальцам на руцэ, ад малога да вялікага, потым пальцы на назе. Я ведаў яшчэ чалавека, якога апарылі кіпнем. Ён паміраў два дні. Пакутныя крыкі яго чуваць былі за кілёмэтр. А то — ах, як гэта лёгка! Чык! Нож перарэжа табе горла, — гатова. Можа нож і паказлыча крыху, так сабе, прыемна. Хто яго ведае? Ніхто не варочаўся пасьля сьмерці, не казаў…

Апошнія словы здаліся яму вельмі сьмешнымі, і твар яго расплыўся ад рогату. Вясёласьць яго была ня зусім шчырай, але ён лічыў за свой людзкі абавязак разьвесяліць кітаяшку.

— Кажу-ж вам, што я А-Чо, — упіраўся той. — Я не хачу, каб мне адсякалі галаву.

Крушо нахмурыўся. Кітаяшка ўжо вельмі пачаў набіраць сабе ў галаву.

— Я-ж не А-Чоў…—пачаў А-Чо.

— Ну, добра, — перапыніў яго жандар. Ен надзьмуўся і стараўся выглядаць сярдзітым.

— Кажу вам, што я не… — паспрабаваў зноў А-Чо.

— Заткні ляпу! — крыкнуў Крушо.

Доўга ехалі яны моўчкі. Ад Палеіці да Ацімаоно было сто сорак кілёмэтраў, і яны мінулі траха не паўдарогі, перш чым кітаец зноў асьмеліўся загаварыць.

— Я бачыў, што вы былі на судзе, калі шаноўны судзьдзя разглядаў нашу справу, — пачаў ён. — Вельмі прыемна. Памятайце: ён-жа, А-Чоў, быў высокага росту. Праўда! А зірнеце на мяне. — Ён устаў і Крушо ўбачыў, што А-Чо нізенькага росту. І ў той-жа час успомніў: сапраўды А-Чоў быў высокага росту. На твар яны падобны. Але-ж адрозьніць высокі рост ад нізенькага ён мог. І ён зразумеў, што поплеч з ім сядзіць ня той чалавек. Ён так раптоўна спыніў мулаў, што дышла выскачыла ўперад і ўзьняло хамуты.

— Вы бачыце, гэта памылка, — сказаў А-Чо з шчасьлівай усьмешкай.

Крушо думаў. Ён ужо шкадаваў, што спыніўся. Пра памылку судзьдзі ён ня ведаў і не разумеў, у чым тут справа, але ён ведаў, што кітайца яму даручылі завесьці ў Ацімаоно, і ён павінен завесьці яго туды. Што яму да таго, што вышла памылка і адсякуць галаву другому? Гэта-ж кітаяшка, а што такое кітаец? Апрача таго, магчыма, што гэта і не памылка. Ён ня ведае, што думала начальства. Яны лепш ведаюць сваю справу. Хто ён такі, каб разважаць за іх? Аднаго разу, вельмі даўно, ён паспрабаваў разважаць за начальства, але сэржант сказаў яму: «Крушо, ты дурань! Чым скарэй ты гэта зразумееш, тым лепш. Табе зусім ня трэба думаць. Ты павінен толькі слухацца. А думаць будзе, хто лепшы за цябе». Ён паморшчыўся, нібы ад болю, калі ўспомніў гэтае здарэньне. Таксама і цяпер. Калі ён вернецца ў Палеіці, дык гэтым затрымае пакараньне ў Ацімаоно і будзе мець вымову ад сэржанта, які чакае арыштанта. І ў Палеіці яму будзе строгая вымова, калі ён памыліцца.

Крушо сьцебануў мулаў бізуном і паехаў далей. Ён зірнуў на гадзіньнік. Ён ужо спазьніўся на паўгадзіны, і сэржант, напэўна, злуе. Крушо пусьціў мулаў рысяком. Чым больш А-Чо дамагаўся, тым больш сярдзітым рабіўся Крушо. Ён ведаў цяпер, што з ім сядзіць ня той чалавек, і гэта яго турбавала. Ня ён памыліўся, — што яму за бяда? Ён робіць тое, што загадалі. Навошта ён будзе ўводзіць у злосьць сэржанта? Ён гатоў хоць дванаццаць невінаватых кітайцаў прывесьці на кару…

Што было рабіць А-Чо? Ён замоўк пасьля таго, як жандар стукнуў яго па галаве ручкай бізуна і крыкнуў: «зачыні ляпу!»

Ехалі моўчкі. А-Чо думаў аб дзіўных учынках белых чарцей. Ніяк не зразумееш іх. Тое, што выраблялі яны над ім, было гэтак-жа незразумелым, як і ўсе іх учынкі. Спачатку яны прызналі вінаватымі пяць бязьвінных чалавек, потым яны парашылі адцяць галаву таму чалавеку, якому нават самі, нічога ня ведаючы, прысудзілі толькі дваццаць гадоў турмы. Тут ужо нічога ня зробіш. Трэба сядзець і чакаць, што зробяць з ім гэтыя ўладары жыцьця. На хвіліну ахапіў яго жах, халодным потам аблілося цела. Але ён перамог сябе. Ён стараўся ня думаць аб тым, што яго чакае, і хацеў успомніць для сьмеласьці радкі з «Ін-Чы-Уэн» (шлях сапраўднага супакою). Але замест гэтага, як звычайна, выплылі мары пра сад супакою, адпачынку і развагі. Ён турбаваўся, а потым моцна задумаўся і сядзеў у сваім садзе, слухаючы ціхі звон званочкаў на дрэвах. І—о, шчасьце! — седзячы ў гэтым садзе, ён успомніў і прагаварыў сабе пацяшальныя радкі з «Шляху сапраўднага супакою».

Гэтак добра было ўвесь час, пакуль яны ня ўбачылі Ацімаоно і пакуль мулы не пад ехалі да эшафоту, дзе стаяў злосны ад нецярплівасьці сэржант. А-Чо борзда ўзьвялі па драбінках на эшафот. Ён убачыў унізе ўсіх кулі з плянтацыі. Шэмер парашыў, што гэты выпадак мусіць добра напалохаць кулі і адбіць у іх усялякую ахвоту да падобных учынкаў, і таму загадаў усім сабрацца на месца пакараньня. Толькі А-Чо паказаўся на эшафоце, як у грамадзе пачуўся гоман. Кітайцы ўбачылі памылку, але гаварылі толькі між сабою. Гэтыя незразумелыя для іх белыя чэрці, мабыць, перадумалі. Замест аднаго невінаватага яны пакараюць другога такога-ж. А-Чоў або А-Чо — ці ня ўсёроўна? Яны ніколі не маглі зразумець гэтых белых сабак, гэтак-жа, як белыя сабакі нс разумелі іх. Адсякуць галаву, але-ж яны праз два гады вызваляцца ад нявольніцкай работы і вернуцца ў Кітай.

Шэмер сам зрабіў гільётыну. Ён быў майстрам на ўсе рукі, і хоць ніколі ня бачыў гільётыны, але даведаўся аб усім ад францускіх чыноўнікаў. Шэмер параіў начальству наладзіць пакараньне ў Ацімаоно замест Палеіці. Шэмер даводзіў, што лепш караць там, дзе чалавек правініўся: гэта зробіць добры ўплыў на пяцьсот кітайцаў плянтацыі. Шэмер з ахвотаю ўзяўся сам правесьці пакараньне, і таму спрабаваў на эшафоце падрыхтаваныя прылады. Пад гільётынай ляжала калодка з бананавага дрэва таўшчынёю з чалавечую шьпо. А-Чо, поўны жудаснага страху, пазіраў на гільётыну, нібы зачараваны зьмяёю. Немец павярнуў руку і падняў лязо да верху козлаў. Потым ён тузануў за тоўстую вяроўку, і лязо бліснула, упала і начыстую расьсекла бананавы ствол.

— Ну, як — бярэ? — запытаўся сэржант, узлазячы на эшафот.

— Вельмі добра! — з радасьцю адказаў Шэмер. — Зараз я вам пакажу.

Ён зноў падняў нож, тузануў за вяроўку, і лязо з гулам апусьцілася на мяккае дрэва. Але на гэты раз, аднак лязо расьсекла ня ўсё дрэва.

Сэржант нахмурыўся.

— Ня выйдзе, — сказаў ён.

Шэмер выцер пот з ілба.

— Трэба цяжару больш, — сказаў ён.

Падышоўшы да краю памосту, ён загадаў кавалю, каб тон даў яму кавалак жалеза вагою на дзесяць кілёграм. Пакуль ён прыладжваў гэты кавалак да шырокага канца ляза, А-Чо зірнуў на сэржанта і парашыў скарыстаць выпадак.

— Шаноўны судзьдзя сказаў, што галаву адцяць трэба А-Чоў…—пачаў ён.

Сэржант нецярпліва кіўнуў. Ён думаў пра далёкую дарогу ў гэты вечар на другі бок выспы і аб прыгожанькан мулатцы Бэрце, дачцы Лаф’ера, гандляра пэрламі, якая чакала яго там.

— Ды вось, я не А-Чоў, я А-Чо. Шаноўны начальнік турмы памыліўся. А-Чоў—высокі, а я, паглядзеце, зусім малога росту.

Сэржант борзда зірнуў на кітайца і ўбачыў памылку.

— Шэмер! — крыкнуў ён начальніцкім тонам. — Хадзеце сюды.

Немец замармытаў нешта, але не адарваўся ад работы, пакуль не прывязаў жалеза.

— Гатоў ваш кітаяшка? — запытаўся ён.

— Зірнеце на яго, — адказаў сэржант — ці той гэта кітаец? Шэмер зьдзівіўся. Ён злосна вылаяўся, з жалем зірнуў на эшафот, які збудаваў уласнымі рукамі і работу якога яму хацелася ўбачыць як мага барджэй.

— Слухайце, — сказаў ён, нарэшце, — мы ня можам адкладваць. Ужо тры гадзіны не працуюць гэтыя пяцьсот кітайцаў. Не магу-ж я адарваць іх з работы зноў, толькі праз тое, каб пакараць каго трэба. Давайце скончым на гэтым. Гэта-ж усёроўна кітаяшка.

Сэржант успомніў вячэрнюю дарогу, дачку гандляра пэрламі і затурбаваўся.

— Вінаватым будзе Крушо, калі аб гэтым даведаюцца, — даводзіў немец. — Але наўрад ці даведаюцца. А-Чоў ня скажа пра сябе.

— Абвінавацяць скарэй за ўсё ня Крушо, — сказаў сэржант. — Напэўна, памыліўся наглядчык турмы.

— Ну, дык давайце канчаць. Нам што — мы тут ні прычым. Хто адрозьніць аднаго кітаяшку ад другога? Мы скажам, што дасканала выканалі загад і ўсё. Апрача таго, я не магу адрываць гэтых кулі ад работы ў другі раз.

Яны гутарылі па-француску, але А-Чо, хоць і не разумеў ні слова, ведаў, што яны вырашаюць пытаньне пра яго жыцьцё. Ён ведаў што ўсё залежыць ад сэржанта, і таму ня спускаў вачэй з яго губ.

— Добра, — заявіў сэржант. — Канчай. Няма што доўга валэндацца з кітаяшкам.

— Я паспрабую яшчэ раз, каб лепш вышла. — І Шэмер падсунуў бананавы ствол пад нож, які ен зноў узьняў да верху козлаў.

А-Чо паспрабаваў прыпомніць што-небудзь з «Шляху сапраўднага супакою». Успомніў: «Жывеце ў згодзе», але гэта не падыходзіла. Яму ня прьддзецца жыць, ен зараз памрэ. «Даруйце крыўду». Так, але-ж тут ня было крыўды, якую трэба дараваць. Шэмер і іншыя рабілі ўсё гэта бяз крыўды. Для іх гэта звычайная работа, якую яны рабілі так-жа проста, як карчавалі джунглі, капалі канавы, саджалі расьліны.

Шэмер тузануў вяроўку, і А-Чо забыўся пра «Шлях сапраўднага супакою». Нож апусьціўся з глухім гулам і адсек кавалак дрэва.

— Вельмі добра! — крыкнуў сэржант, закурыўшы папяросу. — Вельмі добра!

Шэмер засьвяціўся радасьцю ад хвальбы.

— Ну, хадзі сюды, А-Чоў,—сказаў ён на таіцянскай мове.

— Але-ж я не А-Чоў…—пачаў А-Чо.

— Маўчаць! — быў адказ. — Калі ты яшчэ раз разявіш рот, я размалачу табе галаву.

Нагляднік пагразіў яму кулаком, і А-Чо замоўк. Якая карысьць спрачацца? Гэтыя чужаземныя чэрці пастаянна робяць па-свойму. Ён даў прывязаць сябе да дошкі, гэткай-жа невялічкай, як яго цела. Шэмер моцна зашмаргнуў петлі, так моцна, што яны ўрэзаліся ў цела А-Чо. Але ён ня скардзіўся. Пакутваць прыдзецца ня доўга. Дошка захісталася, нахілілася. І А-Чо заплюшчыў вочы. У гэты час перад ім у апошні раз вьшлыў сад супакою і развагі. Яму здалося, што ён сядзіць у гэтым садзе. Вее крыху вільготны ветрык, а на дрэвах ціха звоняць званочкі. Радасна шчабечуць птушкі, праз высокую сьцяну далятаюць глухія песьні і гукі з вёскі.

Тут А-Чо пачуў, што дошка спынілася, і зразумеў, што ён ляжыць дагары.

Ён расплюшчыў вочы. Проста над сабою ён убачыў нож, які блішчэў на сонцы. Ён убачыў таксама прывязаны кавалак жалеза і заўважыў, што адзін вузел саскочыў. Потым пачуў каманду сэржанта. А-Чо борзьдзенька заплюшчыў вочы. Ён не хацеў бачыць, як спусьціцца нож. Але ён адчуў гэта, адчуў на адзін вялікі, лятучы міг. І ў гэты міг ён успомніў Крушо і тое, што той казаў. Але Крушо памыліўся. Нож не казлытаў. Толькі гэта зразумеў А-Чо, перш чым перастаў думаць.

Примечания

1

Кулі — кітайскі рабочы.

(обратно) Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Кулі», Джек Лондон

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства