«Евангелле ад Мамы»

2528

Описание

Маці. Мова. Малітва. Пад гэтым трохзор’ем у свет чалавек прыходзіць. Пад гэтым трохзор’ем адыходзіць з прытулку часавога. Святло Вечнай кнігі, Матчына дабравесце, Матчына багаславенне, жыццёвы тлум і сум развітання — у кнізе народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Евангелле ад Мамы».



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Рыгор Барадулін Евангелле ад Мамы Кніга паэзіі

«…зямля наша дасць плод свой…»

Мне цяжка ўявiць сабе Рыгора Барадулiна, выштукаванага ў стылi моднай прэстыжнасцi ад madame А. цi ад мiстэра Юдашкiна, як бы таго нi вымагалi правiлы добрага тону новага, рыначнага, часу, якi спараджае i новую элiту, у якой каму б яшчэ быць, як не паэту яркаму i самабытнаму, творча стабiльнаму, палiтычна акрэсленаму. Яно i апраўда, Барадулiн — паэт элiтарны, але не ў салонным значэннi гэтага слова. Бо хадзiў i ходзiць някiдка, насiў i носiць носкае, практычнае i цёплае, як сярэднестатыстычны беларус.

А пiша?.. У век перапёлчыных енкаў, калi ўсе пiшуць эпахальна, «лепш» за Багдановiча i Купалу, Барадулiн пiша горш за памянёных, якiя былi першыя, а першыя — навечна першыя i палепшыць iх немагчыма…

Пiша шарыкамi, пёрамi, алоўкамi — чым папала; у нататнiках, на паперках, у сшытках, на аркушах — на чым папала. Але апошнi чыставы варыянт — у нататнiчку, чорнай «паркераўскай» ручкай з залатым пяром, даўнiм-даўнiм даччыным дарункам, i дае ў рукi гэты дарунак толькi сваёй любенькай унучцы Дамiнiцы i тое толькi дзеля чыста творчых мэтаў — Дамiнiка iлюсрруе дзeдавыя вершы ў тым чыставым нататнiку: у свае 5 гадоў яна ўжо намалявала партрэты дзеда Рыгора, дзеда Васiля Быкава i ката Мiрона, i несумнена лепш, чым гэта мог бы зрабiць сам Пiкаса. Што тут скажаш — яблычка ад яблынi… А толькi таго i скажу, што называю гэта шчасцем… Грэх было б назаляцца са сваiм пяром i лезцi ў чалавечае шчасце.

Пяцiтомнiк — гэта ўжо салiдна. I зноў жа не магу сабе ўявiць Барадулiна пяцiтомнага, упакаванага, у строгай акадэмiчнай вокладцы, «пад крышкай», як кажуць палiграфiсты, бо тамы — гэта ўжо грунтоўна, навечна, як у дамавiне. I тым не меней вось ён, першы том, будуць i астатнiя; вось ён, Барадулiн, закансерваваны, забальзамаваны, намашчаны, панумараваны, у строга адмераных порцыях выдавецкiх аркушаў дзеля авантажнасцi, каб фактура глядзелася гарманiчна па таўшчынi. Дзеля гэтага лепшае выбiраецца, горшае iдзе ў высеўкi… А што ў паэта лепшае, што горшае? Што ўдалося Дамiнiцы болей? — цi дзедаў партрэт, цi ката Мiрона? Абодва ж партрэты ў адным нататнiку, абодва ўзважаны на шалях шчаслiвага натхнення, — i не мне вызначаць iх важнасць i мастацкую каштоўнасць. Бо ўсё тут з Евангелля ад Мамы…

Так i Барадулiн для мяне — што той нататнiк; прасеяная гармонiя — абсурдная. Гармонiя ж нататнiка склалася з пропадзi кнiг, кнiжак, кнiжачак, цвёрдых i мяккiх, строгiх i iлюстраваных, чорна-белых i шматфарбных; з часопiсных i газетных публiкацый; з паэтавага чытання па радыё i тэлебачаннi, у тэатральных i клубных залах, на сяброўскiх вечарынах i на мiтынгах Беларускага народнага фронту… Бо ўсё гэта з Евангелля ад Мамы, дзе ўсё святое…

Усё гэта жыве дзесяцiгоддзi, дзень у дзень, год у год i складае гармонiю, якую я называю сабе — Барадулiн; i ў любым вэрхале i хаосе даўгачасся Рыгораў голас гучыць чыста, свежа, адметна, i ён ёсць поўны дысананс у хоры «лепшых», «песняроў беларускага народа», «народных кумiраў», «братоў славян», «братоў старэйшых», «братоў большых» i ўсякай iншай шалабродзi. Бо голас гэты з Евангелля ад Мамы…

З гэтым голасам мы жывём вось ужо блiзка сарака гадоў, ведаючы, што налета, цi праз дзень, цi нават сёння паэт здзiвiць нас нечым нянаджана-спадзяваным, новым, але пазнавальным, барадулiнскiм — гэта можа быць нейкая гарэзлiва-пацешная «Iндыкала-кудыкала» альбо строгi, раздумлiва-фiласофскi «Трыкiрый». Успомнiце, згадайце, колькi паэзii ў нечаканых назвах ягоных кнiг: «Рунець, красаваць, налiвацца», «Неруш», «Рум», «Свята пчалы», «Вечалле», «Маўчанне перуна», «Абразы без абразы», «Дойны конь»… А яшчэ паэзiя, вадаспады гумару ў безлiчы жартаў, шаржаў, пацешак, эпiграм, з’едлiва крутых i сяброўскiх прыбабунек — а не дай Бог прыгарнуцца Рыгору пад гарачую руку, пад вострае вока, дай заспець сябе на нечым смеху альбо асуды вартым i — будзь ты тройчы сябрам, а ўвекавечышся! Шкада, што не ўпяцiтомнiшся (вось вам i недахоп пяцiтомнiка!). Колькi гэтых жартаў, смешак i калючак гуляе па белым свеце, колькi iх (ужо нiбыта фальклорных, ужо нiбыта ушацкiх) запiсваецца экспедыцыямi Акадэмii навук!

Гэта i ёсць Барадулiн, абсалютна неадрыўны ад часу, зрошчаны з iм, заўсёды iсны, сутны i раствораны ў iм, асэнсаваны i неасэнсаваны, каму любасны, каму ненавiсны, але ўжо ўлiты ў гiсторыю беларускай нацыi, таксама каму любаснай, каму ненавiснай, не аблашчанай хцiвымi i падлыжнымi сваякамi за сам факт сваёй iснасцi. Не кожнаму паэту наканавана такая мiладайная доля. Але i гэта, мабыць, ад Бога, якi даў нам паэта, i ад беларусаў, што, як той лiхi казаў, нiчога iншага, як толькi гаварыць на сваёй мове, рабiць не ўмеюць, — але затое яны ўмеюць цанiць Божы дар i шчырадушна спачуваць тым, каму ад Бога не прыпала… Што ж, такiя мы, беларусы, такiя i паэты нашыя…

Зважаючы на ўсе гэтыя акалiчнасцi, прымем Барадулiна i пяцiтомнага, калi ўжо спадобiўся, добра разумеючы, што патрэбна нейкая сiстэматызацыя, што патрэбен той строгi гарнiтур ад madame «Мастацкая лiтаратура», бо вось ужо i чытачы новыя падаспелi, i паэты маладыя падраслi, многiя-многiя з якiх выцацканы i выняньчаны на руках у таго ж дзядзькi Рыгора, ужо i за бараду патузваюць, ужо i сiлаю мераюцца-паталань iм доля пераўзысцi настаўнiка! — улiчым i тое, што нашы ўзростава-настальгiчныя прыдыханнi iм анi не абыходзяць i што моладзь мае поўнае права вылушчыць паэта з хвалёнай эпохi i ўзважыць паэтаў даробак на шалях сваёй нэааб’ектыўнасцi, — дык вось без шматтомнiка не абысцiся. I м, новым чытачам — гэтыя тамы, а нам, равеснiкам, — той жыццёва-кнiжны кiрамаш, на якiм мы жылi, бузавалi i былi героямi мiнулых барадулiнскiх твораў…

А будучых?..

А заўтра будзе, як i сёння, як i ўчора — будзе вечна пераменлiвы калейдаскоп новых твораў,- каб жа я ведаў, якiх? каб жа я ведаў, што паэту ў хвасце завiне? Адно скажу напэўна: усё новае будзе odi et amo! — ненавiджу i люблю. I, мабыць, гэта i ёсць ягонае Евангелле ад Мамы: люблю — ўсё тое, што ў нас, беларусаў, ад Бога i ад Мамы, што ў нас святое; ненавiджу — фарысейства i юдаў грэх перад сваiм народам. У Барадулiна ўсё ад гэтых полюсаў магнiцiцца, а не ад экватара, не ад раўнадушнасцi. Так у ягонай паэзii, так у ягоным жыццi!

А ў паэзii — колькi ж, колькi таго, што не ўмясцiлася ў запланаваную гармонiю пяцi тамоў (вось вам другi недахоп выдання)! Як нешта другараднае, неабавязковае. Мне асаблiва горка вымаўляць у гэтым кантэксце слова — пераклады. Не скажу вам, што гэта такое, бо не ведаю, хоць сам iмi ўсё жыццё займаюся. Але калi я люблю паэзiю Федэрыка Гарсiя Лоркi, не прачытаўшы нiводнага радка па-iспанску, дык любоў — ад перакладчыка, ад яго — лiцадзея Барадулiна, якi аддае свой талент чужамоўнаму, але духароднаму генiю другога народа- якi светлы i ўзнёслы нацыяналiзм! Пералiчваць усе аб’екты Рыгоравай перакладчыцкай любовi — няма нiякага сэнсу, бо не ўвайшлi яны ў гэты пяцiтомнiк. Пашкадуем, але плакаць не будзем, пачакаем, калi на дзень займацца пачне… У рэальным жыццi так не бывае, каб любiць з чужых слоў, па просьбе, па сватаннi, а ў перакладзе — калi ласка, ад майстэрства свата залежыць любоў! Ад сватавай шчырасцi! Ад сватавай абаяльнасцi! Ад чысцiнi ягоных намераў! Ад меры чытацкага даверу свату! I — ад таго, як у свата язык падвешаны! Хто-хто, а Рыгор умее, бо ён — сват жаданы, зычлiвы, рука ў яго лёгкая! Ён — перакладчык, якi любiць сваё рамяство!

А найбольшая любоў у Рыгора — Дамiнiка, хай свецяцца вочкi яе!

А найбольшая нялюбасць — да начальстваў i да тых, якiя пiшуць лепш за Купалу i Багдановiча, за ўсiх папярэднiкаў… да тых, каму толькi дзве мовы ў свеце найбагацейшыя, бо для Барадулiна толькi ж адна — беларуская! Ён любiў сваю маму Кулiну, i цяпер любiць светлы вобраз яе!

Ён любiць Ушаччыну, а маю Пружану — таксама любiць, i тваю… i тваю… i тваю…

А я люблю паэзiю Барадулiна, а самаго Рыгора за тое, што ён пiша горш за Янку і Максіма, малюе горш за Дамiнiку, — хай свецяцца вочкi яе!

I яшчэ за тое, што такi беларус вельмi нязручны стабiльнаму ў сваёй вечнай пераменлiвасцi (каб не сказаць- прадажнасцi) палiтычнаму iстэблiшменту нашай старажытна-маладой краiны, якi, «iстэблiшмент», «не павядзе свой народ за цывiлiзаванымi краiнамi». Ну, не павядзе i не трэба, нам не па дарозе, мы сваю дарогу самыя знойдзем, i паэзiя Барадулiна ў гэтым дапаможа. Бо, станецца-такi так, што, калi сёння, у мiжчассе, на момант выхаду першага тома гэтага Збору твораў народнага паэта яго, паэта, не пускаюць у салоны ўрадавай элiты, што якраз робiць гонар паэту, бо не дай Бог, каб пускалi i запрашалi, дык я ўпэўныны, што апошнi том упiшацца ў iншы час, калi, як пра тое пяецца ў Давiдавай псальме, блiзкай паэтаваму сэрцу i ягонай душы: «ласка й iсьцiна стрэнуцца, праўда i мiр пацалуюцца; iсьцiна ўзьнiкне зь зямлi, i праўда прыхiлiцца зь неба; i Гасподзь дасьць дабро, i зямля наша дасьць плод свой; праўда пойдзе перад I м, i на дарогу паставiць свае ступакi».

1994 г.

P. S.: Гэта кароткае слова пісалася да першага тома планаванага пяцітомніка твораў паэта. Нядаўна выйшаў з друку чацьвёрты том. Любоў да паэта такая ўсеўладная, што баюся сказаць нешта пэўнае за пяты… Але веру — «Гасподзь дасць дабро, і зямля наша дасць плод свой …»

В. Сёмуха

* * * Як у сцюдзёную раку…

Як у сцюдзёную раку, Памалу ў Біблію заходжу, Бо веру, што душу злагоджу, I думаю, бяду ўраку. Плыве ўладарыста рака, Развітваецца з берагамі. I змарнаваных дзён пергамент Жаўцее ў крылах ветрака. Ніякавее парахня, У прах ператварыўшы порах. Глушэе боль, Маўчыць брахня, I страх не варухнецца ў норах. Свяжэе потых сівярка, Чужэе цесната людская. Душу спакоем абмывае, Як свет, глыбокая рака.

Трыкірый

Адгалоссе

Трыкірый — Тры свечкі святла Айца й Сына й Духа Святога. Тры полымі вера звяла У полымя сэрца Бога. Трысвечча. Трохкутнік. Трысцё. Трысцен. Трыадзінства. Трыпутнік. Спрадвечча. Прадонне. Жыццё. I раскрыжаваны пакутнік.

Cледам Эклезіяста

* * *
Усё — пачатак тла і лоўля дзьмушак, I млоснасць духу — ўсё лухта лухты. Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак, I мы — як з дрэва існасці лісты. Ёсць марны дол — карэе ў ім карэнне, Ёсць неба мары — ў ім шумяць вярхі. I кожны долю сам сваю сустрэне, I знойдуць самі кожнага грахі. Мука пакут прасеецца праз сітца Ад халадоў знямоглай глухаты. I ў вырай будзе зноў душа прасіцца. Усё — лухта лухты. I ўсё з лухты.
* * *
Узыходзіць сонца, каб зайсці, I заходзіць узысці нанова. Што было, паўторыцца ў жыцці, Бо жыццё — няспыннасці аснова. I нікуды сонцу не ўцячы, Не даверыць клопат свой нікому. Прыцемкі — паслугачы начы — Гоняць стому з пасвішчаў дадому. Крэсівам святла па прамяні Веры б’е ад цемры абаронца. Мільгацяць у колах прамяні. Узыходзіць і заходзіць сонца.
* * *
Вецер да поўдня ідзе I пераходзіць да поўначы, Студзячы ўсмешку вадзе, Грудзі абсягавы поўнячы. Хмары, як ветразі, пне, Голас вяртаючы пошчаку. У незабітай труне Вусны казыча нябожчыку. Б’ецца над поплавам сноў Белаю весткаю чаіца. I на кругі свае зноў Вецер з пакорай вяртаецца.
* * *
Пра былое памяці няма, Як і пра наступнае не будз. Снегам замяце свой след зіма, Голас свой вясна схавае ў гудзе. Клёк свой ашчаджае нездарма Памяць, не падлеглая аблудзе, Памяць кажа пра сябе сама, Покуль не заблытаецца ў хлудзе. Забыццё пасунецца саўма Па сусветнай перамерзлай грудзе. Кожны век, пазбыўшыся ярма, Пра намеры добрыя забудзе.
* * *
Бачаннем не насыціцца вока, Слуханнем не напоўніцца вуха. Весялосць спее белааблока, Чарнахмара збіраецца скруха. Вока ценіцца цемрай зайздроснай, Вуха глушыцца чуткай і плёткай. Сонца ў радасці маткаю хроснай, Цемра ў смутка багатаю цёткай. Бачыць хочацца за даляглядам, Чуць жадаецца за цішынёю. Гэта вочы чые з зарападам З неба сыплюцца сіняй маною?
* * *
Болей мудрасці — болей смутку. Памнажаюць веды тугу. Круціць час туману самакрутку, Завітаўшы на луг на бягу. Луг пазнання, багаццем дужы, Багавейна цвіў і цвіце. Матылькамі шчырыя душы Ловіць сэнс на глухой вярсце. Смак адчуць прыправы гаркавай Кожны хоча, дзе толькі льга. На зацятым лузе атавай Узыходзіць мудра туга.
* * *
Адпускай свой хлеб па ўдзячных водах, Каб яго знайшлі па сплыве дзён. Памятай бяды галодны подых. Цешся, покуль жорны круціць млён. Млён не любіць гнуцца, бо трывалы. Сківіцы цяжкія ў камянёў. Між таком і полем інтэрвалы, Як прывалы ў памяці агнёў. Сніцца рунь праросламу зярнятку. На таку свой лоб не кволіць цэп. Сноп засватаў ніву. І спачатку Пачынае шлях нязводны хлеб.
* * *
Хто вецер назірае, Таму не йсці з сяўнёю. Ягонай даланёю Не тхне ралля сырая. Ён думкай засявае Магчымую прастору, Дзе правяла разору Прапаўшчына сівая. Ён чуе звон вясёлы Высокага калосся. I толькі адгалоссе Зрэдчас кранае долы.
* * *
Таму не жаць, хто сочыць за аблокамі. Таго не ведаюць аблокі самі, Ці ападуць дажджыстымі абломкамі, Ці праплывуць рагатымі ласямі. Бо летуценнік прывіднымі мерамі Свой ураджай нязжаты вымярае. Так і нябёсы важаць дзень асверамі, А важыва яму да небакраю. I жаўранак жадання над аблогамі Дрыжыць, як на галінцы ліст зялёны. Ды жнец упарта сочыць за аблокамі, Бо без яго ўраджай сажнуць ягоны..
* * *
Род праходзіць і прыходзіць род, А зямля трываліцца навекі. Чуе на рацэ жыцця чарот, Як кладзецца снег журбы на вейкі. У зямлі на цвёрдай далані Рэчышчы — працягам ліній лёсу. Як гаркотай дол ні палыні, Па глыбінях смягнуць вусны плёсу. Каб пайсці ў зямлю, прыйшлі з зямлі Ды пачулі зябкі голас зорак. Золак не праспаць зарок далі, Хай падушкай мулкаю — пагорак.
* * *
Вокам спакойным пасі прыгажосць, Доўга мірыся з абразаю. Шчыра прымай весялосць, ягамосць, — Срэбра за ўсё адказвае. Срэбра пазычыла свету зямля, Каб белацелае звычліва, Браўшы пачатак свой ад мазаля, Гнула, змушала, ўзвялічвала. Срэбра пільнуе і сон твой, і скон, I недакончанай фразаю Глушыць, і скрушыць, і радуе звон — Срэбра за ўсё адказвае.
* * *
Усё адбылося з праху, I вернецца ў прах усё. Усё падуладнае страху — I меч, і серп, і кассё. Нязменнае толькі тое, Што Бог для сябе стварыў. I суджана сухастою Карэннямі чуць абрыў. Сваю не абыдзеш плаху, Як вечна б ты жыць ні праг. Усе адбылося з праху. Дык значыць — нятленны прах.
* * *
Усе цякуць у мора рэкі, А мора не перапаўняецца. Стараюцца грахі й агрэхі, А ўпартасць не перапыняецца. Цякуць, каб паўтарыць маленства I зноў памкнуцца ў свет рачулкамі, 3 шаленства ўпасці ў паслушэнства, Змірыцца з рэчышчамі мулкімі. I помняць рэкі пра вытокі, Цякуць сабе адной сябрынаю. Ды не стрымаюць гнеў высокі I навальніцамі абрынуцца.
* * *
«Вось гэта новае!» — пачуеш крык Дапытніка ў даверлівым настроі. А новаму згубіўся нават лік, Яно — даўно забытае старое. Сурочанае вокам забыццё Трымае свет сваёй уладай цьмянай. I ўсё забытае, як адкрыццё, Вяртаецца авечкаю рахманай. Бягуць вятры з вятрамі на размін, I цешыць цішу гамана зямная. I чалавек — забыты напамін, Які жыццю пра смерць напамінае.
* * *
Каменю ніколі не разбіцца. Вечныя адны дума й турма. I крывому роўным не зрабіцца, I лічыць дарма, чаго няма. Крывадушнасць да пары трывае. I раўніну выгарбіць курган. Страціць хітрасць ісціна крывая. I крумкач накрумкае ўраган. На няма няма й суда людскога. Памяць тое, што было, пасе. Гэта ў ёсць з няма вядзе дарога, Па якой знікаем зрэшты ўсе.
* * *
На вуліцу замкнуцца дзверы, Бяссонныя заціхнуць жорны, I спевамі замоўкнуць дшчэры, Асядзе пыл, ачахне зорны. I чалавек прывыкне рана Ўставаць ад пеўневага крыку, I будзе поле неўзарана Вясною ўспамінаць матыку. Дух угняце, прыгорбіць плечы Жуда — дагодлівая кляча. I толькі голас чалавечы, Пачуўшы пеўнеў крык, заплача.
* * *
Папярхнецца грымотамі спёка, Аблачына заплача суха. Не насыціцца бачаннем вока, Не напоўніцца слуханнем вуха. Цэлы век палюеш, рыбачыш, Толькі лядам робіцца пушча. У рацэ спадзяванняў бачыш, Як акручвае вір хітрушча. Лепшы лес сам сабе вяшчуеш, Глухнеш у нерасчутым гудзе, Слухаеш сябе — і чуеш Толькі водгук таго, што будзе.
* * *
Смерць бярэ мудраца й недарэку, I нікога не вылучае, I нікому чужога веку, Як ліхвярка, не пазычае. Не адрозніць зямля таксама, Бедны розумам ці багаты. Пазяхае спрасоння яма — I хапае вечнае хаты. Ды ў магілу не хочацца крозам — Не па іх прасцяк-недашкрэба. I наноў выбірае розум, 3 кім яму пакутаваць трэба.
* * *
I стане нястрашны страх, I пашы прыбудзе статку, I прахам зробіцца прах, Бо прахам ён быў спачатку. Абух разаб’ецца ў пух, Валун зарунее мохам, Не будзе самотнець дух, Часова дадзены Богам. Прысняцца зярняты кулю, I перадыхне знямога. I вернецца прах у зямлю, I вернецца дух да Бога.
* * *
У радасці ненажэрца, Юнак, покуль шал не сціх, Хадзі па шляхах твайго сэрца, Па бачанні воч тваіх. Вадзіцьме цябе адвага Ў грахі да чужой ляхі, I ўрэшце пакажа развага На праведныя шляхі. Адчуеш на раздарожжы, Бо будзеш яшчэ пулят, I старасці зірк варожы, I сталасці ціхі пагляд.
* * *
Жанчына на тое й сніцца, Каб разгаўляліся сны. I сэрца яе — пляніца, I рукі яе — кайданы. Не хоча трапляць сініца 3-за дробнага зерня ў пятлю. Прынадай вабіць пляніца, 3 нябёсаў бярэ на зямлю. Жанчына — мярэжа густая, Што ведае водмелі й дны. Каб іх жадаць перасталі, Не куліся б кайданы.
* * *
Людзей да тлуму ў гэтым жыцці: Спалі хоць усю лучыну,— Мужчыну з тысячы можна знайсці, Але не знайсці жанчыну. Развееш хмары, прагоніш змрок, Саб’еш на дарогу сцяжыну, Прыслепіш зрок і прытоміш крок, Шукаючы тую жанчыну, Якой душу даверыць бы мог, Якой бы паверыў да скону. Касе й той прыесца мурог, Палын нагоніць аскому.
* * *
Бог не скажа пра свой намер, Чалавек свае думкі тоіць. Што было, тое ёсць і цяпер, I што будзе, было ўсё тое. I вада лёд перажыве, Неба — хмару, будзённасць — мару. Закарціць у рыжай траве, Як каню, пакачацца пажару. Даланю навярэдзіць кассё. I лаўца дагоніць здабыча. I наноў паўторыцца ўсё. I мінулае. Бог пакліча.
* * *
He прасі заставацца ўдачу, Не малі затрымацца хвалю. Сэрца мудрых — у доме плачу, Неразумных — у доме балю. Чалавек нараджаецца з плачу, Хісткі дол з плачом пакідае. Цешыцца маладосць: я трачу! Старасць цішыцца: я — скупая… Узляціць малітва высока. Абначуе спагада ў храме. Боль зямны знікне ў помірг вока, Плач нябесны ўпадзе дажджамі.
* * *
Як Бог да цябе не аслеп I лёгка анёл твой лётае, Еш свой з весялосцю хлеб, Пі ў радасці сэрца віно тваё. Ды помні: ёсць хлеб тугі, I ты прышануй асабліва яго. Ударыць віно ў берагі Карца твайго пахаплівага. Твая задрыжыць віна На небе халоднай іскрынкаю. I прагнецьмеш кроплі віна, Яшчэ дрыжучы над скарынкаю.
* * *
Настрой з весялосцю жані, Пакуль твая доўжыцца рата. I помні пра цёмныя дні. Іх будзе ў цябе багата. Маршчынамі на ілбе Накрэсліцца памяць слабая. I доля забудзе цябе — I некага ўпадабае. Счарнеюць колеры усе, Насунецца ціша з узвышшаў. Бо цемра раўніва пасе Усіх, хто з цемрадзі выйшаў.
* * *
I пераважыць сілу знямога, 3 пакутай шаля — з уцехай шалю. У мнагамудрасці смутку многа: Чым болей ведаў, тым болей жалю. Страх чуе ў цемрадзі кожны закутак, I смеласць — кожны звіў над прадоннем. I галаву падстаўляе смутак Сонным улонням, ціхім далоням. Звон у званіцы ў вольным палоне, I вецер здасца яму прарокам. Не ведаць заўтра, што будзе сёння, Каб не сурочыць свой лес няўрокам.
* * *
Напіцца небу з рукі даць? Твае не ведаюць дні Пары камяні раскідваць, Пары збіраць камяні. Правінамі маладымі Усцелюць шлях камяні. Твой камень ніхто не падыме Hi ў злосці, ні ў дабрыні. Магчыма, нябачны Дарадца Падзеліцца зорнай журбой. Адыходзячы, будзеш старацца Сабраць камяні за сабой.

Следам Прыпавесцяў Саламонавых

* * *
Страх Гасподні — мудрасці пачатак. Вешчы страх ва ўсім жывым жыве, Ад смалы хмялеючы па шатах, Ад спякоты млеючы ў траве. Як пастух пільнуе, каб у шкоду Думкі нашыя не забрылі, Сеючы нябесную лагоду На ўзаранай ім жа араллі. У малітве зводзячы далоні, Супакой шукаючы ў вірах, Зазірнуць дазволіўшы ў прадонне, I ў апошні шлях праводзіць страх.
* * *
Сябе не шукай у хлуддзі, На іншых не звальвай віну ўсю. Дарогаю добрых ідзі I сцежак праведнікаў пільнуйся. Дарога добрых вядзе Ў пакутнікі, ў пілігрымы, Святую ў бядзе, ў жудзе Яе не ўсцілаюць кілімы. І сцежкі праведнікаў здаўна He збіты на жвір ступакамі. Бо іх табе лёс даў на Бяседу з небам, з вякамі.
* * *
Прыемна гусці ў канюшыне чмялю, Касцу — зачынаць пракосы. Прамудрасцю Бог заснаваў зямлю I розумам сцвердзіў нябёсы. Прамудрасць муруе, разьбярыць, жне. За хмарамі розум блукае. I перапёлкаю ў збажыне Хаваецца вестка благая. Да ісціны голай хоча дайсці След нецярпення босы: Зямля трымае нябёсы, а ці Зямлю трымаюць нябёсы?
* * *
Праб’ецца трава з-пад лаўжоў глухіх, Не згубіцца ў патароччы. Не будзь мудрацом у вачах тваіх — Што скажуць чужыя вочы? Яны глядзяць на цябе калючэй, Куды б ні ўцякаў далека. Ды бачыць глыбей ад усіх вачэй Адно ўсёбачнае вока. Ваду дапытнасці пі з вясла, Пыліся ў людскім абозе. I аддаляйся халодна ад зла, I шчыра Госпада бойся!
* * *
Хоць сплывае багацця дым, Як рука яго ні трымае, Сну вачам не давай тваім I вейкам тваім жа — драмання. Твой дачасна свет не імглі, Не прыспешвай твой сон сцюдзёны. Наляжышся яшчэ ў зямлі, На зямлі дбай пра хлеб штодзённы. Тамака жаль цябе не кране, Не ўбрыкне золак белакапыты. I наўрад ці ў сцюдзёным сне Ты прыснішся сабе, забыты.
* * *
I бьла прамудрасць пры Гаспадары I тады ўжо, як Ён з сутоння Угрунтоўваў аблокі ўгары, Мацаваў крыніцы прадоння. У прамудрасці шмат было Цеплыні, мілосці, спагады. I Гаспадар не хмурыў чало, I яшчэ не прачнуліся звады. Свет святлом пачынаўся з тла I хмялеў ён яснагалова. I спачатку прамудрасць была — I яна прамовіла слова.
* * *
Сэрца ведае гора свае душы, I ў ягоную радасць не ўмяшацца чужому. Як гнеў ні тушы, як страх ні глушы, Адгукнецца душэўны нябеснаму грому. Толькі сэрцу й даверыцца можа душа, Разгавецца бядой, падзяліцца дакорам Тым, што яблыкам выпаў з далоні каша На зямлю, дзе начуе здарожаны сорам. Радасць туліць шчаку да рукі цішыні, Ад самой дабрыні атрымаўшы заруку. Сэрцу хочацца быць, як у крэўнай радні, У душы на паслугах да апошняга груку.
* * *
У вясну вадаспадам абрынуцца хоча раўчак. Прагне рунь вымлець у непарушшы. Чыстыя ўсе шляхі чалавека ў яго вачах, Але Госпад узважвае душы. А спакуса не спіць, і грузнее душа ад грахоў. Знічкі мрояў падаюць з перапуду. I шукае душа ад падступнай будзённасці схоў, Верачы дабравокаму цуду. На вагу заклапочаны Госпад душу пакладзе, Ад людское знявагі цяжкую. І які ей вырак спадзе на Страшным судзе, 3 ім душа на зямлі давякуе.
* * *
Страх ступае па сэрцы, як мядзведзь па ламу. Страшна абразе ўбачыць позірк пашаны. Ліхадзей шукае толькі зла, і таму Будзе жорсткі анёл да яго пасланы. Будзе жорсткі анёл праводзіць яго да труны Каб не ашукаўся раптам анёл ласкавы. Дрэва цярпення абдзёртае да карыны, Ліст апошні асыпле на балючыя травы. Будзе жорсткі анёл перакідвацца груганом, Загусцее святло, і цемрыва парадзее. Бур’яном старым ды сырым палыном Зарастуць халады, як сляды ліхадзея.
* * *
Сонцу кланяецца каравай. Змрок не любіць самаадрачэння. Ісціну купі й не прадавай Розуму, прамудрасці й вучэння. Ды не кожны ісціну купіць Зможа, старгаваўшы ў дзень базарны, 3 рэдкага купца вясёла кпіць Будзе блазен, думкамі няхмарны. Лес гадоў сплаўляюць асначы. Быстрыня міргае вокам ласым. Ісціну купляючы, сачы, Каб тавар не падмянілі часам.
* * *
Ластаўка ласкаю гнёзды ўе. Рэчка раіцца з берагамі. Хто шануе вусны свае, Той душу сваю зберагае. У шырока разяўлены рот, Як у комін вецер зімовы, Улятае ўсялякі зброд, Ад якога ўцякаюць словы. Рызыка нырае на дно Без развагі ды без вагання. Вусны можна будзіць адно На малітву і на каханне.
* * *
Не глядзі, як віно чырванее, Лепш адчуй, як ты сам счырванеў ад віна. Галаву тваю возьме пад паху завея, Белы хмель будзе сцежку шукаць давідна. Чырванее віно за ўтуманены розум, За расхрыстаны гнеў, за нахабісты крок. Бо павінна віно заставацца цвярозым, Каб смялейшае права было на папрок. Клёк ваюе задзірыста з хмелем зацятым, Ды ніколі не скончыцца гэта вайна. Хмель прымаецца буднем, шануецца святам I віно ад віны, і віна ад віна.
* * *
Перавысіць не пніся высі, Прагна не перасыцься сытой. Заўтрашнім днём не хваліся, Бо не ведаеш, што народзіць той. Ён народзіць радасць ці гора, Твой магчымы, заўтрашні дзень. Лыжку мёду давала ўчора, Абяцала ж даць — берасцень. I кіруючы ў сон свой човен, Сённяшняму падзякуй дню, Каб сустрэў ты самотніцу сховін Не апошнюю цішыню.
* * *
Пажадай працы ворага — спору, Хай пацешыць і злыдня плен. Хто пакоціць камень утору, Да таго ж і вернецца ён. Ціха подласць ідзе на ловы Спадкаемкаю дабрыні. 3 неба валяцца на галовы Злыдняў іхнія ж камяні. Пры дзяльбе за ціхую долю Папрасі пашумець траву. Камень злосці хай стыне доле. Памятай пра сваю галаву!
* * *
Ідзі ў нябыт як не сваёй хадой, Не спознішся паспець туды ніколі. Зямля не насычаецца вадой, Агонь не кажа, хоць згары: — Даволі! Галодная і плодная зямля, Як каня, піць папросіць і ў залеву. Не дацягнуцца да яе валля Нябёсамі запьшенаму гневу. Душа сваю не выдасць глыбіню. Абліччу не ўтаіць ласкавых рысак. Не надакучыць полымя агню. I, што любіў агонь, прамоўчыць прысак.
* * *
Хоць спадзе з абрысаў імгла, Ды спасцігнуць ніхто не ўмее I на небе дарогі арла, На скале высцяжыны змея. Вышынёю арол жыве, Вывівастасцю — змей пачатку. I цікаўнасць у рукаве, Як вавёрку, трымае адгадку. I даецца нам назусім Таямніца вечара й рання. Можа, й ёсць у гэтым усім Сэнс нязмушанага бытавання.
* * *
Каб след твой не перапаўзлі вужы I здані твой сон не сурочылі, Не перасоўвай даўняй мяжы I не хадзі на межы сірочыя. Мяжа туману. Світання мяжа. Мяжа дабра й трываласці. Ад быльняжынкі аж да глыжа Апошняга прошласць трымалася. I з незагойных бацькоўскіх магіл Уздымецца ён, і ўшчынную Акрые налі сірочыя пыл Пакрыўджанаю аблачынаю.
* * *
Да багацця бяжыш, чалавеча, I не думаеш ты, нябога, Што цябе даганяе галеча, А яна не пакіне нічога. I ў яе зайздросныя вочы, I ў яе хапучыя рукі. Ёй таксама не спіцца ўночы, I прайшла яна ўсе навукі, Як дарыць лахманы на плечы, Абдзіраць па-скупечы на ліпку. Пачакай. Не ўцякай ад галечы Паскачы пад ейную йскрыпку.
* * *
Рака жыцця не прывыкла паказваць броды. Яна несупынная ў паваротах сваіх. I помыслы ў сэрцы людскім — глыбокія воды, Ды чалавек разумны вычарэпвае іх. Чарэпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль. I зоры начуюць у цёмных водах на дне. У водах адстойваецца марудных вякоў жаль, I туманом таемным на дапытлівасць тхне. Руплівасць не слухаецца пакорнай дагоды. I сонца спасцігу ўзыходзіць з-пад вей. Мялець не думаюць небародныя воды. Чарэпае чалавек глыбей.
* * *
Лыжка драмаць не павінна ў дармовым супе. Падабацца хадыку не мусіць слата. Разам з зернем таўчы таўкачом у ступе Дурня — не аддзеліцца ад яго лухта. Бо дурныя — не аруць, не сеюць — нараджаюцца самі, Каб не сумна на свеце было мудрацам. Як ні задзіраюцца сані насамі — Не зрабіцца ніколі коламі палазам. А калі й лухта — гэта тая мякіна, Што дамешваюць часам у праснакі? Можа, усё ж памыляецца хітрая кпіна, Дзівакоў залічваючы ў прасцякі?
* * *
Нічога не забываецца ў злапомлівым свеце. Цэп на таку прысягае ўмалоту ілбом. Хто разбурае свой дом, таму накануецца вецер. I неразумны ў мудрага сэрца будзе рабом. Спагадца старцоў і вандроўнікаў, вецер-бяздомнік Не прызнае ні вокнаў глухіх, ні дзвярэй. Без дому свайго бяскрыла блукае паломнік, А ў выраі смутку вядзе ўжо самота рэй. I поўняцца збожжам розуму старанныя гумны. I думка не ходзіць пешкі — яна слыве. Пазірае са страхам на мудраца неразумны. У сэрцы вецер. Вецер у галаве.
* * *
У шчасці розныя, роўныя ўсе ў бядзе, Хоць кожны жыве на сваёй планетцы. Не радуйся, калі вораг твой упадзе, I сэрца не весялі, калі ён спатыкнецца. Бо нехта лічыць ворагам і цябе, I нейчая злосць за табой цікуе таксама. I нейчая зайздрасць стажок твае долі скубе. I не сціскае пашчу бяссонная яма. Век шчасця зямнога кароткі, як летні сон, Ды ён хоць аднойчы павінен сасніцца. Хто сябра, хто вораг — не разбірае скон, Усе перад ім аднолькава падаюць ніцма.
* * *
Не мяняй свой куток на прастору чужую, У прасторы чужой птушка гнёзды не ўе. Пі ваду са свайго вадазбору і тую, Што цячэ дамавіта са студні твае. I прагоніць вада і засмагу, і стому, I ў чужыне па краі бацькоўскім тугу. Кожны яблык сваю захавае аскому. Як нікому, падзякуй таму ланцугу, Што трымае цябе верадам невыводным, Прывязаўшы да родных мясцінаў душу. I напоіць вада тваю рызыку й одум. Перадасць таямніцу спарыш спарышу.

Следам Апостала Паўла

* * *
Не верце ні лёсткам, ні брэху, Шануйце душу ў праваце. I мёртвым — будзьце для грэху, Жывымі — для Бога, ў Хрысце. Нячыстыя думкі і цела Рыхтуюць цямніцу душы. Зняверцу распуста ўсыцела I горне, і шэпча: — Грашы! Завершыць труна прастакута Крывыя дарогі жыцця. Душа да пакуты прыкута, Заложніца веры — дзіця.
* * *
I сашчэпіць нячысцік зеўры, I ўтравее сцяжына зла. Дык адкіньма ўбок справы цемры, Апранемся ў зброю святла. Справы цемры — цёмныя справы, Хто бярэцца за іх — таму Напаткаецца лес каравы I маною ўцемніць думу. На святле крамянее голле, На святло спадзяецца тло. Як начлежнік цяпельца ў полі, Свет хавае ў вачах святло.
* * *
Азёры ніяк не развесці вінамі — Слабое віно любое. Нікому нічога не будзьце віннымі, Апроч узаемнай любові. Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю, Вы — госці ў гэтым застоллі. I ваша жыццё, як лучына скіпкая, Не ўгрэе нябеснай столі. Прыйшлі, каб пайсці са сваёй таемнасцю. Рухавы туман растане. Дык хоць саміх сябе ўзаемнасцю Сагрэйце на развітанне.
* * *
Потым прыходзіць туга-парадніца, Астывае запал гарачы. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, І плачце з тымі, хто плача. Хмарнасцю і весялосць закрэсліцца, I куццёю зробіцца груца. Надзея — роспачы хрэсніца — Да блакіту будзе гарнуцца. Ветру дадзена поле выблукаць, Плугу сказана гнаць разоры. Небу плакаць — вачэй не выплакаць: I праз хмары смяюцца зоры.
* * *
Дораг цень свой кожнаму дрэву, Покуль ствол яго не струхнеў. Упірлівасцю на дзень гневу Сам сабе ты збіраеш гнеў. I абрынецца гнеў Гасподні Ля апошняй твае вярсты. Будзе страх, як убор ісподні, Палатнець на табе, як ты. Загарыцца лісток барвяны Недзе ля нахмураных хмар. I за гнеў, табой назбіраны, Атрымаеш, як сам ліхвяр.
* * *
Покуль пчол рупатлівых гуд не астыг, Паўнавока смяяцца сотам. Бог у непаслушэнстве замкнуў усіх, Каб усіх памілаваць потым. Паслушэнства ад подслуху неба йдзе. Напачатку трэба самому Пакіпець у бядзе, астыць у вадзе I з чужымі прыбіцца дадому. I на момант забыцца на вечны лёх, I на мох, над глухой шгітою, I пачуць, як душу адмыкае Бог, Напаўняючы мілатою.
* * *
Хоць прысак у прыцемку не атух, Халаднавата вуголлям галодным. У незнаёмай мове моліцца дух, Але застаецца розум халодным. Халаднавата сэрцу ў мове чужой, Нібыта ў неасвечаным храме, Што поўніцца неабжытай імжой I неўсвядомленымі дарамі. Малітва на матчынай мове адна Госпаду, зорам і ніцым лозам — Усім зразумела будзе да дна, I ўсцешыць, і разварушыць розум.
* * *
Спрадвечнасць не вымяраюць гадамі. На небе трава забыцця не расце. Бо як паміраюць усе ў Адаме, Ажываюць гэтак усе ў Хрысце. За грэх, што пайшоў ад Адама й Евы, Нясе пакуту зямная плоць. I як мяняюць убор свой дрэвы, Мяняе паству сваю Гасподзь. I адпаведна кожнаму ў чару Рабу й анёлу — нальецца ўшчэрць На тым Судзе, што вызначыць кару. Апошні вораг знішчыцца — смерць.
* * *
Святло аж лілося ў Тварца з вачэй, Ён свет тварыў, маладзілася праца. Гарэлі іскрынкі святла зырчэй, Ляцелі, каб зоркамі ў небе стацца. I зоркі, як пчолы ў вуллі, загулі, Аж зазвінелі далёкія высі. I Бог загадаў ім свяціць зямлі, Сабраў у сузор’і, каб не разбрыліся. I светлага клопату ўсім стае, I часу — любой праявіцца праяве. У кожнага неба сузор’і свае, Бо зорка ад зоркі розніцца ў славе.
* * *
Каму салодка і ў палыне, За кім кульгае нуда старая. Хто скупа сее, той скупа жне, Хто шчодра сее, шчодра збірае. Аддай усё, што ёсць у цябе, Раллі — суботы, гонам — нядзелі. Старайся раніцай у сяўбе, Хай рунню рупнасць умаладзее. Світанка певень свой цень здзяўбе, Зляціць маркота зязюляй шэрай. Паўторыць шчодрасць сама сябе, І шчыры колас нальецца верай.
* * *
Не азірайся на свет варожа На мяжы віднаты і мжы. Хай жа зло цябе не пераможа, Ты дабром яго перамажы. Як сцішаюць ядзейшым ядам, Лом пускае трухлядзь на злом. І нутро ўледзяніць паглядам Зло, якое адолееш злом. Роспач кружыць, як тая каня, Што адводзіць страх ад гнязда. Не баіцца дабро знікання, Не мутнее ў крыніцы вада.
* * *
Кожны лёсу дагадзіць стараецца, Хто душой, хто праўдай, хто маной, Ну а лёс штовечара, штораніцы Надзяляе кожнага віной. I віна ўвасобіцца, ўваблічыцца У людзей, у птушак, у звяроў. Кожнаму ягоны грэх залічыцца За ваду — вадой, крывёй — за кроў. Даўца лесу за змірэнне ўлежнае Выстудзіць лянотніка ў вятрах. Аддавайце кожнаму належнае Адпаведна: мыта, гонар, страх.
* * *
I калі аб крэмень спатыкнецца крэсіва, Дык і вогнішча наесць валлё. Бо калі рашчына святая, дык і месіва, I калі корань свят, — дык і галлё. У дзяжы душы хлеб надзённы замесіцца — На дарогу будуць праснакі. Бо дарогу, як ад сонца да месяца, Ад святла да тхла б’юць хадакі. Без людзей жыццё — галлё бязлістае, Ліст не увесь суравеі змялі. I святому галлю цяжка выстаяць, Кораню не згубіцца ў зямлі.
* * *
I адплыве ад берага спагады, Да берага душы прыстаўшы, човен. I будзе смутак на ўспамін багаты, Вярнуўшыся з нябесных перамовін. На дне чаўна заб’ецца рыба страху 3 вачыма, як у маладжавых зорак. I стане ранічна зямному гмаху, I недзе зоймецца лагодай золак. Луг памяне атаваю пакошу, Параскашуецца прадвесце ў спеве. Нясіце, як сваю, чужую ношу, Няхай не зойдзе сонца ў вашым гневе.
* * *
Адна ў небыццё і ў быццё дарога. Усе мы жывём пад прыглядам Божым. Бо мы не прынеслі на свет нічога I вынесці, значыць, нічога не можам. Не ўсыціць чэрава ненажэрца. Вачэй не засціць зайздросным совам. Не срэбра шчырае — шчырае слова Галоўны скарб наш у свеце часовым. А вынесці можам на развітанне За ўсё, што было да душы, да смаку, За доўгаспрыянне і спачуванне Мы вынесці можам жыццю падзяку.
* * *
Калоссе араллю скасоўвае, Маланка змоўклы кут высвечвае. Бо ўсё відочнае — часовае, А невідочнае ўсё — вечнае. У светлыні няма характару, I цемя ў цяжкай цемры кволае. I нельга вызначыць каратамі Каменне жорнаў крутаколае. I мройліва аднойчы ўроіцца, Што небам нам наслана ў спадчыну, Асвечана Святою Тройцаю, Бо ходзім верай, а не бачаннем.
* * *
Да дня бяжыць прывітаць дзяннік Пад самы ганак сцежка крывая. Трэба, каб земляроб-працавік Першы пакаштаваў караваю. Ён вешаў сявеныку — радню кулю На рог маладзіку-светласею I на заснежаную араллю Вадзіў басанож надзею. Надзеяй жыве земляроб, хлебараб, У рабстве надзённага хлеба. I Бога не просіць, з рабства каб На волю выпусціў. Сведкаю неба.
* * *
Валоў ацішаюць ярмом і пашамі. Касмата дажджы прарастаюць травою. Хадзіце роўна нагамі вашымі, Каб не спанталычылася крывое, А каб направілася пашанаю, Каб светла хацела цягнуцца ў вышыні. Паклаўшы пад бок аблачыну зляжаную, Сніць гром, што бяжыць па роўнай сцяжыне. Раўняюць гарбаты загон баронамі. Рабіна гронамі спёку трымае. 3 абсягамі рэха, як роўнае з роўнымі. Нядоўга смяецца дарога крывая.
* * *
У зацьменне свядомасці Сонца йдзе паступова. Бо куды невядома йсці — Разгубілася слова. Лжэпрарокі хімерныя, Сатана натуральны. Лжэпрарокам паверылі, Сатане патуралі. I ад праўды адвернуцца, Каб вярнуцца да казак. Душа-аднаверніца Споўніць свой абавязак.
* * *
Пакіне адчаю жаццё Іржавы іржэўнік ад сутак. Прылашчы цяплей жыццё, Каб смутак не множыў смутак. Блакіт падапруць стажкі, Дзе звянуць і зёлкі, й травы. У смутку хатуль цяжкі, У радасці мех дзіравы. Пустая стыне павець, Няцесна восені ў клеці. I нельга душу сагрэць У гэтым халодным свеце.
* * *
Самоту ўзаруць домыслу лемяшы. Хай рызыка вас вьшрабоўвае. Надзею майце, як якар душы, Каб не захлынулі вас хвалі жыццёвыя. Вяжыце на руме трывання плыты, Каб з прорвы нявер’я выплысці. Карэц нябеснае мілаты Прыміце ў пакорлівай сціпласці. Пакуль ваш позірк не прывялі У цемнач сцяжыны рупныя, Жывеце, як першы раз на зямлі, Шануючы час, бо дні падступныя.
* * *
He схаваць берагі асацэ. Глухне храм без малебна. Не можа вока сказаць руцэ: — Ты мне не патрэбна. На тое й вока, каб мераць даль, Рука — каб рукацца. Набягае калючай слязою жаль. Мазалём плоціць праца. Прызнае меліну глыбіня. Сцюжай грэбуе спёка. Ад парушыння, ад наслання Даланя засланяе вока.
* * *
Пражэрліваму ашчэру Свой голад не давярайце. Збіраючыся на вячэру, Адно аднаго чакайце. Свой голад не ашукае Галодная ваша вера, Адно гамана людская Расквокчацца, як цяцера. У хатцы, а не ў палацы Смялее жабрачая лера. I можа апошняй стацца Маўклівістая вячэра.

Зямля абяцаная

Нязломленасць

А неба глядзіць з-пад зялёных стрэх, I сосны ягоным даверам бадзёрыя. Ігліца, Сыплючыся на снег, Праносіць раскрылае V — V   I     С       Т         О           R             I               А!

Матрыярхат

У паваеннай мамінай хаце Сяк-так надзеты — I неяк пад’еты Я гадаваўся пры матрыярхаце, Ловячы водсвет Лучыннай асветы. А мама казала: Хата рагата. Цямнелася хата не без прычыны. I ёй не хапала патрыярхату, I мне не хапала Сухой лучыны.

* * * Дзе карані твае…

Дзе карані твае, Адкуль твой род пачаўся, Ці з прыцемкаў быцця, Ці з цемры небыцця,— Пытанні ўе і ўе, Няўцямныя па часе, Гадоў верацяно, Няўцешнае яно. На могілках старых, На капішчы калішнім Тых маміных вачэй 3 калыскавых начэй Сустрэць пагляд, як міг, Пасланы Усявышнім, I ўзварушыць наноў Усё ў гасподзе сноў. Верацяно гудзе, Гырчыць, якоча, ные. I вытча палатна Скупая памяць на Лайно пытанням, Дзе, Адкуль, калі, якія I карані твае, I род твой паўстае.

Люблю

Люблю гліняныя міскі, Люблю драўляныя лыжкі, Люблю ілляныя кашулі. Бо, можа, Змяшаўшыся з глінай, Аднойчы праб’юся галінай, I лён, Як той жаўранак нізкі, На ўсе зазвініць зацішкі I ўзрадуецца, што пачулі… Убачыць сляза не павінна, Як будзе дрыжаць галіна.

І ў дужках

А лес расце (яго карчуюць), Угору йдзе (туга расце), Гамоніць лес (яго не чуюць), Маўчыць (прыволле глухаце), Гусцее лес (чакае ляда), Дужэе лес (не спіць пажар), Лес хіліцца (сякера рада), Ўсыхае лес (пілуй, трунар), Цямнее лес (душа жывая), Гайдае спеў (на злосць бядзе), Лес — беларус (усе стрывае), Маўчыць, як дол (а ствол гудзе!).

Алешнік

Зялёны анёл пасінелы, як грэшнік, Прыгодны на дровы й на посах прарока. Займае дзірван местачковец алешнік, Ён Быкаву сніўся ад дому далека. Тут стыгнуць кратовыя тэрыконы I лесуновыя вянуць заломкі, Змяркаюцца модлы цецеруковы, Расой прычашчаецца голас салоўкі. Тут з першай суніцай і першыя ўздыхі, Тут цёткі збіраюць кульгавыя плёткі. Тут вожыку досыць прасторы для пыхі, Тут вечар кароткі, Світанак салодкі. Абначавалы ў дарозе начлежнік Глядзеў на цяпельца з настроем вясёлым. Патрэскваў лірычна алешнік, Але ж нік I ліст перажоўклы Адпалым анёлам.

Я — арыец

Я — арыец, Гэта значыць з аратаяў, 3 суверэнных, ссівярэлых крывічоў, На зямлі яны жылі не для харчоў, 3 сёмым потам кнігу ворыва гарталі. Ціміян ішоў смалісты ад карчоў. I аралася й радзіла ўсё ў арыйцаў, На сяброў у іх ставала дабрыні, Не прымалі хцівасць, Божа барані, I ставала злосці хціўцам не скарыцца, Перамогу пераймалі на кані. Ды суседзі, што мядзведзі з перасыпу, Ледзь ад зайздрасці не грызлі валуны. Род крывіцкі ненавідзелі яны, Ненавідзяць гэтак трутні ў цвеце ліпу. Аратаяў спавядалі перуны. Крывічы крывіць душой Не мелі моды. Ад плугоў, а не ад мечаў мазалі. Дзякуй, продкі, Што ў радню сваю ўзялі! Я — арыец, Прысягаў на вернасць роду, Як нарог, Маёй крывіцкай араллі.

* * * Беларушчына…

Беларушчына — Жаль птушыны Па зялёных галінах залеў. Для Пегаса рублены хлеў. Несвянцоная кроў крушыны. Беларушчына — Крокі вязня. Крутаброўе калядных дуг. Вольны ўздых і высокі дух. Дух Еўропы ў надрэчнай лазні.

* * * I свечкі — у святла святыя служкі…

I свечкі — у святла святыя служкі, Крыжы, як цені продкаў, Валуны, I валатоўкі — Волатаў падушкі Вядуць душу на сцежкі даўніны. Каб зоры, ў вочы гледзячы, Крычалі: — Нашчадкі дойлідаў і ваяроў, Вы у свет прыйшлі надоўга крывічамі, Крывіцкая сябе шануе кроў. Бо радавод наш памяць зберагае, Беспамяцце гадуе жабрака. 3 вякамі роўная, як з берагамі, Плыць будзе Беларускасці рака!

Паступовасць

Цялят паслухмянасці Ноч заганяла ў хлявы. За душу самагубцы Спрачаліся чэрці. У салдата з прастрэленай галавы Выцякала думка аб смерці…

Сам-насам

I
Крумкач вячэрае на бервяне. У яліны пер’е тапырыцца. Беларусь, Як удава па вайне,— Hi апірышча, ні прыпірышча.
II
Ужо за парогам Мы, як за мяжой, I ў хаце сваей — У запеччы. Сваю не данёсшы, Паклажай чужой Дагодліва горбім плечы. Не гэтак сумленню, Як мулка спіне. Мы дома, Як у чужой труне.
III
Хто мы? Адказаць павінны самі, Каб, і адышоўшы на клады, Прашумець дажджамі, Як лясамі. Хай за намі ўслед Растуць гады!

Чужэнне

І чужэлі вякамі нашыя гарады, Заставаліся роднымі хіба што вёскі. І гусцелі хлуды, Абрасталі імхамі клады. Доля ехала ціха, Воз не дужа быў возкі. Нас пакінуць гарэла гарадам, Як гадам. За сваіх прызнаваць нас Марыліся вёскі. Дзе той вырасце яблык, Што надкусіць Адам? Нам за бацьку застаўся Гнеў суцішаны боскі.

* * * Як і конь у даўнюю пару…

Як і конь у даўнюю пару, І цягнік хутчэй бяжыць дадому. Я навошта гэта гавару? Ці каму цікава што? Нікому. Мне ўжо за бяседныя сталы Бегчы думкай, А нагой цягнуцца. Паспяшае Мой настрой былы Да мяне дамоў, Як ніцы нунцый…

Вечар бацькавага вяза

Вечар бацькавага вяза нада мною Зелянее, развінаецца, купчасціцца, Цішыню ліе, Як сырадой з ручасціка, Смутак сутак захінае гаманою. Над травою — над зялёнаю маною Ветах звіс Шчарбатым секачом над сечывам. Вечар мой Сусрэўся з калыхлівым вечарам, Каб прыціхнуць за ягонаю спіною. Жаль пабраўся мой з журбою імянною, З бацькавай журбою непачутаю. І маўчыць, Не разлучыўшыся з пакутаю, Вечар бацькавага вяза над мною.

* * * Як цяжка было данесці буханку…

Як цяжка было данесці буханку Ад прылаўка да ганку Хаты, Дзе нішчымнічала паслявайна. Буханка — Жывая была яна. І ты трымаўся праз сілу, Бо, гарачая, так і прасіла, Каб ушчыкнуў яе, Каб упіўся ў яе Не толькі вачыма, — Як пазней, Калі з вечарынкі йшлі, Зразумела, не па зямлі, Гарачая не толькі ад скокаў Дзяўчына…

* * * Вядома…

Вядома, Дом й пекла — рай. Хто болей любіць Свой родны край, Ці жаўранак — у вясны прымак, Што пад мяжой, Нечужой, Зімуе, Ці шпак, Што ў цёплым выраі ўсмак Па незабытай шпакоўні сумуе? А песня раднейшая тая, Што краю ў душу Залятае.

Маё паданне

Я думаю, Такое ёсць паданне: Зраселы бог паганскі Вададых Ад Перуна самога меў заданнне Ваду святую падзяліць на ўсіх — Пароўну Поўдню, поўначы і ўсходу, І захаду, Каб у вачах азёр Крывіцкі край раскалыхаў лагоду Нябёсам хваравітым у дакор. Нясе з павагаю ваду святую, Як дарагую ношку, Вададых, Нясе ды чуе: Каня лямантуе І жаўранак казыча сонны слых. Загледзеўся на ўзлескі, на паляны, На ўзгоркі, на спакойныя лугі, На параснік ад сіверу каляны, Тут, кеміў, Маюць спачываць багі. Ці захмялеў ад гукаў ды ад пахаў, Ды спатыкнуўся ён на ўсім хаду, Разліў ашчадны Вададых з размаху Ў мясціне нашай як не ўсю ваду. Ад утрапення аж прысеў пагорак, Дзе шчодры спатыкнуўся Вададых. Уся пераліваецца ў азёрах Ушацкая зямля з часінаў тых.

Недарэмна

Недарэмна, відаць, сады Расцвітаюць у халады. Белы цвет — З чарнаты галля, Белы дым — з нематы былля. Трэба перакалець як след, Каб сагрэць чысцінёю свет.

* * * Кроў марна баіцца праліцца…

Кроў марна баіцца праліцца, Пайсці ў безыменны пясок. Ёй сніцца, Як хмарка раслінцы, Нясмелы яшчэ галасок. А той галасок паяднае Парыў неадумны і клёк, І песню аб сінім Дунаі, І смутак палёў — Васілёк. Калоссямі трызніць іржэўнік, Рака помніць хвалі свае. І голас крыві Аднакрэўнік З натоўпу вякоў пазнае.

Якушоўка

Мемарыяльны камень вырас цяжка, Дзе пасвіла маёнтак цішыня. Бязважкая Смугі зімовай дзяжка Сціскае стан разлененага дня. Снег за беспамяцце бялейшы зябне. Прыгледзься лепш — Убачыш Белавеж. Ніхто не звягне, Не зяхне, не зяпне. Ў каго спытаць: Ці ведаеш? Czy wiesz? Разгорнутыя над рыпучай цішай Стрэх шыферныя вокладкі відаць. Тут белы страх Гатоў мяняцца нішай З зацятасцю, адчуўшы багадаць. Не тоіцца, Што вырасла на волі, Бяроза — Разгалінілася ўся. Тут сыпалі й на хвост сароцы солі, Хацелі чуць пра белага лася. Касілі цёмны луг касіянеры. Меў моцны дух набытак неслабы. Зірні: Няўжо на полі пасінелі, Як шыбеніцы — Вольныя слупы?

Каліновец

Як п’е гарэлку бедна басота, Згадаўшы чуллівасці грэшны смак, Спявае маркотна Зянон Пазняк Караткевічаву песню любімую. Ажно засаромелася пяшчота: І я самоту слязьмі не вымыю… Здалося, Ранішні Каліноўскі Марыську прымроіў, Адчуўшы скон. Зянон — Беларуссю саснёны сон, Што зноў пачувае сябе Дзяржаваю. Хутчэй з плячэй Чужыя абноскі, Няколка йсці маладой атаваю. Тварыў бы, думаў Сабе ў асалоду Паэта, мысліўца, мастак, Аднак Пазьняк — Як той перазяблы грак Сагрэецца баразной узаранаю. Пан Бог Паслаў каліноўца народу Вярнуць душу І Айчыну забраную.

Скіба волі аржаная

Любіце хлеў І заплывайце здорам, Хто моліцца На ўлежнасць ды на ўежнасць, А тых, Каго пячэ гаючы сорам, Чакаюць Воля, Роўнасць, Незалежнасць. Хто любіць волю сэрцам апантаным, Таму чужой няволі не бывае. І лязгат кайданоў за акіянам Такі ж сіберны, Як і ў родным краі. На волнасць у Расіі позірк косы, Ён косіць луг нязломнікаў Касцюшкі, Шматуе беларускія нябёсы Сувораву на ордэнскія стужкі. Дух сыціць Скіба волі аржаная. У роўнасці нязменнае найменне. Над нашай Незалежнасцю лунае Касьцюшкавага меча блаславенне.

* * * Без галавы…

Без галавы, Каб не магла яна І ў думках нават палічыць ахвяры, Каб вочы ёй не выпекла віна, Што звыкла піць пакуты З поўнай чары. Без рук, Бо як адымеш мерцвякоў, Якіх наўзмаш перахрысцілі мечы. …Пасля за ўсіх далоні ад цвікоў Не адвядзе Адзін Па-чалавечы… Ці ахінута ў воблака адна Той радасці, Што ў тагасвецці знікла. Надкрыллі адрастуць. І зноў вайна Пачне маліцца: — Уваскрэсні, Ніка!

Полацкі менталітэт

Уладзіміру Арлову

Ёсць полацкі менталітэт — Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, Ад той абрынутай адрыны, Дзе сон шукаў Свой сонны след. Ён цемры пазычаў святла, Каб стала вечнасцю імгненне, Ляцеў вышэй жаўрук здзіўлення, Люцела рупнасці пчала. Ад Полацка пачаўся свет. Пра небачолых кажам: З нашых! Ёсць Беларусь, А гэта значыць — Ёсць полацкі менталітэт!

Любоў да Радзімы

Вочы маюць сляпыя, Вушы маюць глухія, І бязмозгія не без ілбоў. Настальгія па настальгіі — Гэта й ёсць Да Радзімы любоў.

Ненасытнасць

Раскулачылі ноч і дзень, Раскулачылі труны й калыскі, Выкарчавалі сумлення пень, Адлучылі лыжку ад міскі. Атаму расшчапілі кулак, Так назад і не сашчапілі. І ніяк Не нацешымся ўсмак У сваёй ненасытнай сіле…

Беларусам у выраі

З дому гналі нас маскоўшчыны сівяры Пры цары, Род наш звесці хацелі на ветах Пры саветах. Нам турму муравалі Чырвоныя муляры Ў радасных бальшавіцкіх дэкрэтах. Кралі наша і бралі, што маглі, Маскалі, Смакавалі з пагардай прысмакі Палякі. У каго дык гулі Ашалела гулі, Мы з хаўтураў брылі, небаракі. Мы сплаўляем вякі, Асначы крывічы, Мы не знікнем на радасць чужынцам. І завём, З выраю думкамі летучы, Млечны Шлях Беларускім Гасцінцам, — Да яго не дацягнуцца каты, Ім вяртаюцца душы дахаты…

Ды як?

Спісяжваў нам спіны Варшаўскі бізун, Спасажваў з роднае хаты Маскоўскі бот, Узважваў наш лямант Берлінскі штых. Ды нас ад вятроў затуляў Лясун, Дрыжаў за нас на марозе Чарот. Мы з тых, Хто на зорах калыша Свой род. Плечы горбілі нам Абраз хатулі, Гнеў свой насілі мы У рэзгінах ды ў бярэмцах. Мы былі, мы жылі Пры паляках, расейцах, Пры немцах. Маўчалі ў кулак. Ды як, Адвіхурыўшыся ў завірусе, Стаць нам Гаспадарамі свае зямлі, Беларусамі ў Беларусі? Ці засвярбяць, Ці хоць забаляць калі Сціснутыя ў кулаку мазалі?

БЗВ

БЗВ — Бог Заклікаў Вас, Беларускага Войска воі. БЗВ — так чытае час: Беларусь Заваюе Волю! БЗВ — Быць Заўжды Вякам Даўжнікамі ў крывіцкай славы. Нашай не аддамо чужакам Ні сцяжыны, а ні канавы. Хросным бацькам Пан Грунвальд быў, Пані Ворша — маткаю хроснай. Беларускага Войска парыў Ткаўся на высакосных кроснах. У Айчыны світае чало. Досыць нас вадзілі па хлудзе. Беларускае Войска было. Беларускае Войска будзе! На жалезны характар Руды Мае наша зямля святая. Ведаем, дзе віры, дзе брады. БЗВ — Бой Змаганцаў Вітае!

Вернута быць павінна

Спадчына — Гэта не штосці такое смачнае, Гэта тое святое, Што часам страчана, Што вернута быць павінна. Спадчына — Пупавіна, Што лучыць з Сусветам, з прасветам, З прабацькаўшчынай, з праайчынай, І досвіткавай лучынай Доўжыць імгненне Прапрашчураўскага агменю. Спадчына — Неўмірушчая мачына, З якой расцвітае Полымя, Што на папялішча вяртае. Спадчына — З-пад чаўна развагі Хваля здагадак, Што заплывае ў абсягі сагі, Якую чытацьме нашчадак, Каб працяг адчуў свой пачатак.

Беларускае слова

Валянціну Рабкевічу

Беларускае слова ад спеву, Бо спявае ў ім даўніна. Беларускае слова ад гневу, Ад Ярылы, ад Перуна. Беларускае слова ад ласкі — Сведчаць вусны ды салаўі, — Не наймалася ні ў падпаскі, Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі. Беларускае слова ад злосці Да няпрошаных прыбышоў, Асалоду п’е з чараў мілосці, Медавуху духу — з каўшоў. Беларускае слова ад славы, Ад ракі, дзе светлае дно. Госці ўстануць з застольнай лавы, Як у хату зойдзе яно. Беларускае слова ад Бога, Слову нашаму Бог дапамог. Хто не любіць яго, ад тога Назаўсёды адвернецца Бог!

Курапаты

Свечка пацепвае Павекам успалымнелым — У гарачае вока запала Парушынка ляманту. Крыж паўтарае Паставу Хрыста. Старыя хіляцца Абнылымі каласамі, З якіх Павыдзяўбаныя зярняты…

Негабляваная дамавіна

Прывітаўшы балацявіністыя Агароднікі, Льга палуднаваць цішынёй На радзіме Дубоўкі, І захацець, і пачуць аднекуль вокліч: «…мой родненькі», Але нельга адбыць за паэта радоўкі, Радоўкі радка, як і ён, беспрытульніка. Хата вочы субожыла, адчуваючы здраду. Плот надумаў валіцца. Злубела дуддзё шчавульніка. Іржавее дрот дзікавага вінаграду. Тут роспач локці кусаць павінна. Ліст, як нязважаны грэх, За каўнер недаверу падае. Без паэта радзіма — Негабляваная дамавіна, Успамінамі жывымі шурпатая.

8 верасня 1514 года

Як гаварцьмем з рознаю поршаю, З той, Што сябе называе вялікаю, Мы даказалі У бітве пад Воршаю Не толькі мечам, Не толькі пікаю. Мы даказалі воляй крывіцкаю, Канстанціна Астрожскага геніем. І выжлам прадажным Дух наш не выцкаваць. Мы будзем жывыя І стаўшы ценямі!

Суцяшэнне

Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных; церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасць мае, калі хто б’е вас па твары.

Другое пасланне Апостала Паўла да карынфенаў 11:19,20 Няўжо цярпець, як і цярпелі мы, Ці толькі нам стае на ціхасць моцы, Няўжо нямыты прыхадзень нямы Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы. Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў, Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты, Каб злыдні мелі нас за дзівакоў, Хвалілі люта: люд вы талерантны! Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй, Каб рукі ў кайданах былі абедзве, Каб абіралі нас яшчэ шчырэй, Нам пакідалі воўчае аб’еддзе. Каб зброд, няварты нашае гразі, Меў за нікчэмнасць нас Ды біў па твары, Каб здзірца быў у рызе, Мы — ў рыззі, Каб мы прасілі ў ката самі кары. Здаецца, род наш Радавод вядзе З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе Прымеркаваў, каго сяліць і дзе, Суцешыў крывічоў: Трывай, Народзе! Пераганяем мы бяду ў хадзе. Калі ж Гасподзь трываць нам скажа: Годзе?!

Мы ёсць таму

Мы ёсць таму, Што слова Бога Назвала літасціва нас І рупіцца на пэўны час Асцерагаць ад вока злога. Так і не ўцяміўшы нічога, У цемру йдзём, Адкуль прыйшлі. Дасць іншым памяць на зямлі, А нас забудзе Слова Бога…

Табе

Скінь кляймо варожых трантаў. Хай твой стан не абражае. Мова ўсьлед ідзе чужая, Як дзіця ад акупантаў, — Хоць твае смактала грудзі, Вырасла з душой сытою. Аднакрэўцы сіратою Выбіцца нялёгка ў людзі. Ты вякуеш удавою, Па чужых блукаеш хатах, Пакаёўкаю ў багатых — Ні пакоя, ні спакою. А сыны? Яны зацята Чубяцца паміж сабою. Сэрца не шчыміць журбою, Што гніе ў матулі хата. Як сваю патраціш сілу, Свет твайго не ўчуе кроку, Шашаль помслівы папроку Сточыць сцены небасхілу.

* * * Што валун?

Што валун? Толькі бокі вылежвае У злінялым сваім каптане. А зямля з-пад рыдлёўкі Вясною І абветранай баразною, І магілай свежаю Тхне. І пасланніцай Усявышняга На грахоўнай зямлі сьвятая Маладзенькая вішня Першы раз зацвітае. …Што магіла, Што градка — Адна ў іх апратка…

Агонь

Юр згадаўшы, расплыўся ва ўсмешцы Ярыла, І зляцела іскрынка з усмешкі ягонае — І прачнуўся агонь, Полымя завірыла, І пажар пакаціўся ярамі, адхонамі. І курылася купа, стагналі аблогі, Вывіваўся ўшалела агонь у агоніі. Хмара чухала бок чарналессю аб рогі, Туманом слаўся дым над загнанымі гонямі. Навальніца-нявольніца шал затушыла, Задушыла рахрыстанага залеваю. Па сваім нарачонку цямней затужыла Беспрасветная цемра ўдавою ззалелаю. Цемра думае суха ў зацятай жалобе, Як бы выкрасці ёй бліскавічнае крэсіва. Да пары спіць у дрэве, ў заломе, ў сломе Нецярпліўца агню гаманкая экспрэсія.

Слуцкім паўстанцам

Пакутнікаў хапала нацыі, Змаганцаў не было каб густа. Паўстанцы слуцкія! Выгнанацамі Акрыла вас жалобы хуста. Як і ў часіны Каліноўскага, Паўстала шляхта й аратаі. Анёлы — Воі войска боскага Хацелі быць у вас братамі. Вы не чакалі раю скорага, Да чужакоў не мелі веры. Вам з двух бакоў хапала ворага. Вам адчынялі ў пекла дзверы. Паўстанцы! Ва ўвайшлі ў гісторыю, Трывацьме у ёй ныне й прысна. Свая зямля была апораю. У сведках Семежава й Вызна. Палеглі вы, Ды жыць працягвае Гнеў, незатушаны гадамі. Дасюль ваш спеў гучыць прысягаю: — Мы выйдзем шчыльнымі радамі…

* * * Язэп Драздовіч…

Язэп Драздовіч — Павятовы Мікеланджэла Знаёмы быў з Сатурнам і з Ярылам. А доле Па-скупечы доля ўсмешку важыла, Не дазваляла развінуцца крылам. І ён, адкопваючы замчышчы й паганішчы, Вяртаў дамоў крывіцкі дух забраны. Пусты булён На посным вогнішчы таганячы, Стаяў каля апостальскае брамы. Ніжэліся пад мастаковымі паглядамі У церамы Ўсяслававы парогі. Драздовічавымі кілімамі пулятымі Ўсланы ў беларускі дзень дарогі. Рупліўка ластаўка вяшчуе дзень, Гняздо ўючы, І праллі лёсу натамляюць верацёны. Язэп і хлеб Перагукаліся Драздовічу. Духоўны стаў Ягоны хлеб надзённы.

Няма кладачкі…

Ну, вядома, што не забывалася, Не заелася хітрымі стравамі. Зноў крывіцкае сэрца забілася Ці ў Амерыцы, ці ў Аўстраліі. Прыгадала снягі сыпучыя І самое сябе засмучвае. …Там на хрэсьбінах, На запоінах Ці завеі, ці йскрыпкі пілікаюць. І ў лясах успамінаў замроеных Цёпла выюць ваўкі ў Піліпаўку. Ах, Калядачкі, Бліны-ладачкі!.. Ды няма Цераз мора кладачкі…

Ідылія

…Хітравокая рэчка. Спрэчка Плыні з цёмнымі берагамі. Ные промнева свечка. Вечка З куфра смагі смуга зберагае. …Шчэбет. Свіст. Патуранне. Ранне Пацягнулася з перасыпу. Жаўранкі-хутаране Гранне Смутных гукаў даводзяць да ўсхліпу. …Ходзіць ляска, Падласка, Казка? Пысай статак туманіць выпас. Лепш за пугу ў падпаска Ласка. З жыватом пастуховым на вы пас. …Мне мамін голас плыве здалёку Хмурынай сэрцу, слязінай воку: А ўжо кароўкі ля дуброўкі, Дробныя статкі ў даліне, Ты маладая яшчэ ў Пярыне…   Ярыне цёпла ў сьне.     Рыне         Не ўсё душа ва ўспаміне. І ў глухім палыне сніцца крыло Перынé…

Паэтам на чужыне

Адзінакроўныя браты, Адзінамоўныя паэты, Вяртаецеся з небыцця, Вяртаецеся з нематы, Як злом замглёныя планеты, Што дажылі да адкрыцця. Тугой душэўныя браты, Пяшчотай гнеўныя паэты. Люляюць рэкі сон зліцця. Не раздзялілі нас драты І цёмны шлях да светлай мэты. Астыла посная куцця. Дух прашчураў трымае выш, Каб думцы вырасту хапала. І, абапёршыся на крыж, Вас хоча распазнаць Купала.

Крывічанка

У душы жыла ты. Хатняй быць даволі! Дык выходзь жа з хаты, Прывыкай да волі. Нашых злыдняў мошчы Вытлеюць у хлудзе. Дык выходзь на плошчы, Дык выходзь на людзі! На плячах світае Хустка-ахінанка. Ты ў вякоў святая, Мова-крывічанка. Без цябе нямыя Дачакаем скону. І цябе абмые Смутак, Як ікону.

Тады

Не толькі думаць, Дыхаць трэба На мове роднай, і тады Табой не будзе неба грэбаваць, Да той далучыць чарады, Што просіць сонца ў край айчынны Прыйсці па смелай ярыне, Што белы цень ад аблачыны Крылом ніводным не кране. З той чарадой Памкнешся з верай У вырай лёсу, Каб пасля Сніць раніцу ў хусцінцы шэрай, А як зязюлька, Як ралля…

Трывершнік

Чытае Вера Рыч «Пагоню»

Ля помніка, што ў стольным Менску, Чытае Вера Рыч «Пагоню», Ад асалоды па-блазенску Лацвей зажмурыцца сутонню. Нібыта за спіной папаску Трымае ў кайстры маладзіца, І развінаецца па-наску На Тэмзе шытая спадніца. З чарнобыльскага чаду цвёрда Насустрач маладому лету На ветразевай мове лорда Гаворыць Багдановіч свету, Што быць сьляпымі немагчыма, Цямрэчы трэба нішчыць ловы. Рыч, Ракуцёўшчына, Радзіма — Пярун качае ў горле словы.

Святло

«Кінь вечны плач свой аб старонцы! Няўжо жа цёмнай ноччу ты Не бачыш…» Як вясёлы стронцый Дабавіць хоча віднаты. І слаўгарадцы, і расонцы — Зямлі ўчарнобленай браты Жывыя свецяцца, Як здані — Аж бачаць іншапланецяне, Што вышчарбленае святло Чало старонцы абвіло Вянком пакуты. Ён не вяне.

«Ў краіне светлай…»

Беларусь, як далягляд, Далёкая, А хвароба блізкая такая. Радасць асцярожлівай палёўкаю У нару панурасці ўцякае. Ён няродны, Ён халодны спёкаю Бераг урасоленага Крыма. Дзе ты, слова крывічоў Высокае? Чым далей, яна мілей, Радзіма. І спяшаецца здалёк, Як сцежка вольная, Да паэта Гамана застольная:         — А як пані ды ўдава         Паехала па драва,         Зачапілася за пень,         Прастаяла цэлы дзень.         Каб ня тыя панічы,         Прастаяла б да начы,         Каб ня тыя кавалеры,         Прастаяла б да вячэры… З гаманы Пускаецца ў галоп паніч, А прыгожы, — як Юры святы. Аб карчы скакун збівае капыты, Да паэта Галяпуе з-пад Халопеніч. Маладзік узыдзе, Неба багну новячы, Матылёк, Як марная парада, ўецца. Сум-туга Максіма Багдановіча Лесуну ў сырым бары Перадаецца.

Паштоўка

Праз вякі будзе заўтрам Чорнае ўчора. Жыццё скранулася ў красавіку. Не знікнуць нікуды ад гора Ні няўклюдствам, ні спрытам. Нікому не быць ад бяды Ні ўбаку, Ні збоку. Бо жаху — Бацьку жуды Няма ні ўседу, ні ўлогу. Гарачым графітам З чацвёртага блока Што напісаць І куды? Толькі на неба. Богу.

Грунвальд

Алесю Марачкіну

Грунвальд — курган і груган, Грунвальд — дзядоўнік і дзіда, Губы паганскім багам Крывіць ад здрады агіда. Грунвальд — след страху крывы, Грунвальд — адвага нямая, Грунвальд — крывіцкай крыві Голас, што змогі не мае. Бітвы трываляць народ — Прэсам, глухім да спагады, Трушчаць плямёнаў чарот, Смерцю карчуючы ляды, Каб узышла на раллі Вечнасці З ласкі Гасподняй Мова жаданай зямлі Зорнаю зводняй — Паходняй. Слава, Харугвы злічы — Пушчамі гневу пасталі! Мечы б’ючы, Крывічы Рэхам праверылі далі. Зрэшты, ляжаць чужакам Доле — Ваяцкая доля, Згадвае ўсім крыжакам Грунвальд — Зялёная воля.

Дарожная граматыка

Запамінае восень слова Kalt Далёка йшчэ да белых падзяжоў. Надледзянелы з раніцы асфальт Прабіты пасашкамі капяжоў. Абцас дакладны Тут ступаў няраз, Брук, як свайго, дапытваў: — Was ist das? Калі са шпорай бот Ляцеў на фэст, Пыталіся прысады: — Co to jest? І каблучок, Пацокваючы смела, Вяз у асфальце спёкаю: — В чём дело? Гамаш з падэшваю Працёрта-мяккаю Ашчэраны Адно спрагае: — Дзякую!

* * * Горад — той жа гарод…

Горад — той жа гарод, Толькі лехі каменныя, І каменны пасеў, І каменны ўмалот. І адною каметаю Бласлаўляецца год. Вырай смуткам густым На зіму спасылаецца. Лебяда есць гарод. Горад чэзне, што дым, Бур’яном засяляецца. Як і некалі Рым.

Чорныя чары

Каб варыва ў печы крычала, Кіпелі ў гаршках адгалоскі, Круціся круцей, Кружала! Ганчарства — занятак боскі. Ад смалякоў звечарэе У печы падземнай імгліца. У гліны свярбіць падчарэўе — Пачухай, ганчар, з правіцы. Нагой, у шкарпэтцы дранай Круці, як той бусел, кола. Самотна ў ганчарні цьмянай. І ў гліне ляжаць невясёла. Пячорныя, чорныя сілы Учэрняць светлую гліну. Счарнелыя небасхілы Паўторацца без адхлыну. Ганчарству — ўначэламу чарству Зайздросцяць світальныя чары. Ганчар, Прысягні штукарству — Напоўні чорныя чары!

Збіраюся

Збіраюся ў вушацкія мясціны… Не прасыхаюць там у сумным мосце Таксама, як і п’яніцы, масціны І па-старэчы бёрнам ломіць косці. Я думаю, Калі туды вярнуся, Сустрэне ўсё, як некалі, такое. І я ўсміхнуся Смела ў вочы скрусе, Схаваўшы смех, Як яблык, за шчакою…

У матчыным краі

Я раскланьваюся са старымі, Бо не ведаю маладых, Як не ведаю, Хто са старых Мой паклон землякоўскі прыме…

Завошта?

Бывала, калі прыязджаў раньком, На патэльні скварыліся скваркі, Як грэшныя душы ў пекле. Калі прыязджаў удзень, З бакоўкі на стол не спазняліся Паўднёвішняе малако У ручасціку з адтапарынаю губой І масла (каб не растаць ад радасці) У хустачцы з лісцінкі капуснай. Калі прыязджаў апоўначы, Грукаў у шыбіну цёмную, І зоркай каляднаю Пад столлю загаралася лямпачка, Гатовая загаварыць, Намучыўшыся ў цемрыве. Цяпер, калі б я ні прыязджаў, Сустракае То нясмелай яшчэ травою, То спасаўскім яблыкам, То здрыжэлым апошнім лістом, То ганарыстым снегам Вечная маміна хата. А мама сама не выйдзе. Завошта дагэтуль На сына ў крыўдзе? Я ведаю…

* * * Трава…

Трава — Гаспадыня-парадніца Парадак ва ўсім прызнае. Купалле, Сёмуха, Радаўніца — Зялёныя служкі яе. Трава засцілае наўкол Усё, Як сурвэткаю стол. Чмялю ў мураве Гдзецца гусцей. Самоце святлей Чакаць перавозчыка. Засланы стол — Вельмаваць гасцей, А голы стол — Абмываць нябожчыка.

* * * Ноч выбралася спаць…

Ноч выбралася спаць На маміным двары. Врнулася здалёк Здарожаная звычка. І чуе бацькаў вяз, І чуе сад стары: Пара! Бяжы дамоў, Лісічка — Дамінічка! Я адыходжу ў змрок, Падвойны цень дачкі. Садовымі зрабіць Цярплівасць можа дзічкі. На яблыкі гляджу, Яны — як кулачкі Атожылка майго Змяркання — Дамінічкі. Стук яблыка ў траву У сон глухі вазьму. І падрасце, як сад, Той хлопчык невялічкі, Што яблыкі ў смузе Убачацца яму, Як смелыя грудкі Світальнай Дамінічкі.

* * * Возера пры дарозе…

Возера пры дарозе, Дзе любіць спыняцца Быкаў, Калі едзе ў Вушачу. Зыбістая балацявіна. Чарнахмыз развідніваецца ўсмешкай Двух конскіх зубоў З перагаментнага чэрапа, Што прэе ў бузе Па самыя сківіцы. На сцежцы ў сухой ігліцы Прыглушана цьмее Млечны шлях мурашыны. Усё ахінае Халаднаватым спакоем Лясны космас, Які, набраўшы ветру ў рот, Вучыцца вымаўляць Пукатае слова возера.

* * * Кактуса, спякотай абсмаленага…

Кактуса, спякотай абсмаленага, Усівярэлы сваяк, У сенцах лета цвіце дзядоўнік, Засаромеўшыся, як дзед, У маладую закаханы да пасівення. І гэтакі ён расчулены, Ажно забыўся, Што мусіць калоцца. Хоць прыкладай да раны Бурачкова-юлёвы цвет. Адцвіўшы, Дзядоўнік спахопіцца І будзе суровасцю Пяшчоту сваю бараніць Ад усіх І ад сваёй сентыментальнасці.

* * * Трысцё, дрыжучы ў расе…

Трысцё, дрыжучы ў расе, Шаптала, як брату, посаху: Дуб любіць расці ў кажусе, Але з галавою босаю. Трымценне жыве ў трысці, Ды мне, Каб і ўсё адрынула, Да дуба не дарасці Ні постаццю, ні чупрынаю. Іду я, іду я, ды Не выйду я з дна вады. Не веру вірастаму позяху. Табе хоць паскарджуся, Посаху…

* * * Пасля вайны…

Пасля вайны Быў самы багаты той, У каго быў бацька жывы. Маладзіцы рады былі Хоць кавалку мужчыны. Новыя нараслі палыны, І можна быць Пры жывых бацьках сіратой. Прыгавор забыўся: Лепш першы хлеб аржаны, Чым другі палавы. Дзецяробы пайшлі ў бабылі. Ні ўчынак, ні хлеб учыніць Няма рашчыны.

* * * Жыццё задумала…

Жыццё задумала, Як вандроўнікаў, нас З прагнымі да небасхілу вачамі. Пагаварыць у дарозе Здараецца час, Ды развітацца Часу няма звычайна.

* * * У краіну ценяў…

У краіну ценяў Адыходзяць сябры, як дрэвы. Толькі засень На зямлі нябачна трывае… Печ даўно адкурэла, Пасма дыму яшчэ жывая…

Наважыўся…

Наважыўся яблык упасці з галіны, Шапчу яму: «Падай…» Рашучасць трымаюць нябачныя ліны, Напятыя здрадай. Наважыцца, Значыць спакой свой шчыры Кульнуць на вагу без развагі. Аблокі — як шалі, І зоркі — як гіры. Сад слухае ветравы сагі…

Аж

Смяецца цяпельца — Аж іскры з вачэй, А вецер пад пахі казыча Ды полымя цвеліць: — Шугай высачэй! І змрок Аж святлее з аблічча.

Чарната

Нахлынна ўсё палын бярэ ў палон. Да Бог шлях ад шчырых слёз разгруз. І ў чорны небасхон Смяецца лён — Апошні сінявокі беларус.

Неба

А Дамінічка просіць: — Нясі мяне, як неба. Хоць мне не давяралі Насіць яго, Па-ўшацку Бяру я коцы-боцы Блакіцінку, якую Высокае паслала Растанню на ўспамін.

Прымаўка

Прыйшла Ілля, Нарабіла гнілля. След матыля Дрыжыць ля былля… Прыйшла Ілля Па вішшу, па грушшу, Укінула ў рэчку ільда На самае дно І ў маю душу Заадно…

* * * Берагам асачыста й палынна…

Берагам асачыста й палынна. Востраў недзе ў нябёсах плыве. Свет трымаецца на галаве, Перакулены ў возера Пліна. Чаратоў чапурыстых чупрына Чэшацца аблянелым вяслом. Ціша мокрым аерным вузлом Прывязана да возера Пліна. Зорка пыхнула, быццам пыліна, Затухаючы глуха ў бузе. Сумны човен сутонне вязе Ціхаплынна да возера Пліна…

Сасна

А дрэва з майго гараскопа — сасна. І я падрастаў, гледзячы на сасонкі. І восень з арэхамі несла ясёнкі. Бор шчыры дзяліўся лясінамі на Сасновыя йзрубы, сасновыя тронкі. Жывіцы хацелася стаць бурштыном — І з мяккага цвёрды характар рабіла. Сякера сасне сукаватай грубіла. Хадзіў буралом медзвядзём-шатуном, І рэха будзіць баравіны любіла. Пашыць небаверхі шацёр з цішыні, Здаецца, калолася кожнай іголцы. Пярэчыла сойка ў стракатай саколцы. Чакай, памінкі, На зрэзаным пні Лічыць маіх год перацятыя колцы.

Помах

Я ад’язджаў. Было відаць далёка. Прысады адбягаліся разгала. На развітанне ўшацкая сарока Ў дзве хустачкі бяленькія махала. Яшчэ бялелі стрэхі беластога. Хусцінкай ахіналася завея. У валачобніка немаладога Дасюль Ад помаху ў душы святлее.

Навелы

Імёны жанчын забытыя, Як затанулыя караблі, Усплываюць з мулкага дна Памяці аўдавелае. І дні, што ў бяссонных чаўнах Санетамі ранішнімі плылі, Вечарэюць у ссохлым быллі Змаркочанымі навеламі. Паперагаралі зоркі. Туманы засталіся ў сведках. Вачыма прыцьмелымі, Чытач пасівелы, Пры знерваваных электрасвечках Старайся нанач спакойна Перачытаць навелы…

Беларускія татары

Якаву, сыну Адамаваму, Якубоўскаму

На Белаусь нашэсце вашае Вітаю, Мірныя татары! Вы дбалі — Будавалі, важылі, Аблокаў пасвілі атары. Былі гароднікамі ўпартымі, Кажушнікамі, макалямі, Прэч гора адганялі жартамі, Кулямі смутак затулялі. Вы засланяліся правіцаю Кайданнікамі на этапах, Вы мову збераглі крывіцкую І ў сэрцах вашых, І ў кітабах. Пытанне ўсім на вуха дыхае: Каму зашкодзілі, Скажэце, Татарскія магілкі ціхія, Маладзічковыя мячэці? Хапіла ж нашым мовам Смеласці, Сышоўшыся, не разгубіцца, А ў маладой паразумеласці, Як дзвюм крыніцам, Светла біцца. На Шчары, Нарачы, На Свіцязі Схаўрусіць хай З салам алей кум. Татары! Множыцеся й пладзіцеся, Вы нашыя. Салям алейкум!

Квактуха

Расія, як тая квактуха, Сядзела трывала й глуха На яйках, а выявілася — На мінах, На яйках курыных, качыных, Гусіных, арліных, — Усе пад сябе падграбала, А ўсё здавалася мала. Растапырвала крылы смела І клопатаў мець не мела, Пакуль у сценкі шкарлупак Не дзюбнулі шыльцы дзюбак, Не вылупіліся без таты Краняты, качаняты, Гусяняты, арляняты. Каго прывабіў ставок глыбокі, Каго да сябе запрасілі аблокі, Каго паклікалі высі, Адны кураняты, Пыл упадабаўшы ўзняты, Каля сметніка засталіся. Застаецца пашкадаваць квактуху — Ні пер’я, ні пуху!

Чырвоныя акуні

Міхасю Рагалевічу

Божа, душу памяні, Калі яна ёсць у рыбіны. Чырвоныя акуні, Як дзве калючыя глыбіны. Нож у няцвёрдай руцэ. Кут пазірае іконаю. Яшчэ акуні ў лусцэ, Ад прадчування чырвоныя. Адлучаныя ад глыбіні, Ратунку ў ракі не просячы, Чырвоныя акуні Вачыма змяркаюцца ў роспачы.

Акрайчык

Акрайчык возера Адбіўся ў небе Акрайчыкам маладзічка. Часіны года, Як прыгонныя жорны, Мелюць зярняты зораў На мяккі снег, На бязважкі блакіт, На мірглівыя залацінкі Люцікаў заказытаных. Імгненныя пчолы Носяць у галодныя вуллі Вечны мёд. І гэтакі пах кіпіць, Ажно палыну Хочацца аблізнуцца салодка.

* * * Ад пошты адлік свой шлякаты…

Ад пошты адлік свой шлякаты Дарога вядзе трывала. А я канец і пачатак Сваіх дарог як мог Прывязваў, бывала, Да парога матчынай хаты. Цяпер дарогі мае Пачынаюцца ад хаты тае, Дзе ні дзвярэй, ні парога, Адкуль мяне, ўжо старога, Не сустрэне мама. Дзе, ўпоплечкі выгарбіўшыся, Таксама Зарасце травой вінавата І мая апошняя хата.

Смалістыя вершы

Вершаліны — Смалістыя вершы, якія Разгайдалі Падумку лясную ў нябёсах. Не апусціць іх дол Да жабрачага кія, Лепей хай аблачына Прыдбае на посах. Вершаліны ідуць Долам неба, І цені У сваім жа губляюцца Перапляценні…

Шкадаванне

Нам не сагрэць У чатыры вокі імжу, Не сарвацца У апраметную азалелую. Нам не зліцца, Як лістападаўскаму дажджу З травеньскаю залеваю.

У

Іржала ноч, як жарабіца, Збівала ў шале капыты. Цярпенне мусіла разбіцца, Не вытрымаўшы нематы. Плылі мы ў блудзе Ці ў аблудзе На чоўне радасці пазной. І пахлі яблыкамі грудзі. Гарчылі губы навізной…

Каля

Каля вогнішчаў чужых Грэцца не сагрэцца. Бліскавіца жыг ды жыг, Маладзіцца ў рэчцы. Думка ласая сябе Халадзіць не хоча, Тлуміць голаў варажбе, Дзе ён, шал, якоча? Ад агню начных бажых Нецярпенне дыбам. Ля гарэлішчаў чужых Смела грэйся дымам!

Свята

У тым, у чым на свет прыйшлі, Святкуем свята ночы. Ён будзе, Покуль быць зямлі, Загадкай страх жаночы. Мы ўсе — Дрыжы ці не дрыжы — Надбітая паліва. Убач, Як нашыя крыжы Цалуюцца мігліва.

Альбомнае

Альбом. Даль. Бом. Сквар. Змрок. Твар. Крок. Рух рук. Крык воч. Шал. Грук. Жаль. Ноч.

* * * І чаго давялося…

І чаго давялося Здрыгануцца стрыгнатцы? Што змушае сцяжыну Ад сцягу натоўпу хавацца За пазухаю ўспаміну, Дзе конікі лугавыя Цішыню абтрасалі, Дзе хмары, Ад неба намуляўшы шыі, Абменьваліся адрасамі?

* * * Як у мястэчку час, ідзе паром…

Як у мястэчку час, ідзе паром. Надыхалася восенню рака. Халодным адчуваючы нутром Бяду, Глыбей хавае шчупака. Чакае прыпарамак гаваркі, Удосыць нахлябтаўшыся вады, Калі паром уперыць пад бакі, Каб зарыпець ад тупаткой хады. А за душой хоць пакаці шаром У мокрага каната-дзівака. І скрыпкаю ў руцэ ракі паром — Зайграла б, Ды не падбярэ смыка…

Упартасць

Будуюцца, Значыць, збіраюцца жыць Нявечныя людзі. Ім лешкі лешыць І сцежкі сцяжыць, Купацца і ў цудзе і ў брудзе. Дах рухне, І сцежка травой зарасце На перавозе. Ляжацьме нябожчык, Як госць на куце, І радасць жабрачкай Стаяцьме ў парозе… Чакаюць улазінаў дамавікі. І крыкі, і крокі. Ілбы малатку Падстаўляюць цвікі. Ідуць баразною Гракі, як прарокі…

Серп і кій

Загінае свой палец серп, На давер выклікае калоссе. Хоць калоссю трываць няўсцерп, Ды ад страху яно галосіць. Кій збівае свой востры нос Аб карчэўе ды аб каменне. Кій да павадыра дарос, Каб дарога кружыла меней. Не абразь іх і не знявеч, Кожны быў спаконвеч Самавукам. І выпростваўся серп на меч, Кій згінаўся, Каб стацца лукам.

* * * Мы заўважаем па сябрах…

Мы заўважаем па сябрах, Наколькі пастарэлі самі. Не за дрымучымі лясамі — Ён з намі, Неўміручы страх. Страх адысці і не прыйсці, І, свой пражыўшы веку, Не збыцца, І ў мітусні згубіцца, Быццам Апошні яблык у лісці. І колькі б дух, як дых, Ні праг, Яго адна здаволіць мэта. Наколькі мы жывыя, Гэта Пасведчыць сон вячніны — Прах…

Адны

Мы, як і нашыя дамы, Пабудаваныя на снезе, Не на пяску. На згон зімы Снег з далані зямное злезе. І зноў гаспода валуноў І кажушыстай руні ўлада. Мы — толькі цені ў храме сноў, Пагонь На свежых ранах ляда. Ля Верачовачкі стаю. Ралля шарэе ў снегастоі. Час Памяць заараў маю, Маленства капішча святое. Згарбеў пагорак ад пакут. Няўтульна небу. Долу гола. Адны, відаць, жывыя тут Плач мамін, Бацькаў ціхі голас.

* * * Віднее паволі, знянацку цямнее…

Віднее паволі, знянацку цямнее. Зіма за плячыма. Зіма. Я восені даў бы імя Паланея, Палае і зябне сама. Маліся на дзень Да дрыготкі кароткі, Свой дзень ад вятроў захіні. Прасі ў Паланеі, Ў разгубленай цёткі, Не гарачыні — дабрыні. Расінка Ў апошняга яблыка ў садзе Сцячэ па крамянай шчацэ. Дабранач скажы І даверу і здрадзе, Каб дзень паўтарыўся Яшчэ.

Vita

У горадзе сеюць траву, А столькі пратсоры травее. Каля помніка дрэвы, З лесу прывезеныя, Прывыкаюць памалу Да свайго гарадскога лісця. Імжыць Дождж-імжыніст. Як галава Іаана Хрысціцеля, Поўня ляжыць На місе набеглай хмурынкі. Адкапанаю косткай маманта Вежавы кран Над катлаванам тырчыць. Ці палын, ці бензін На губах гарчыць…

* * * На сябе нацягваюць коўдру…

На сябе нацягваюць коўдру Сексуальныя схілы Капет-Дага. Кажаны з абымшэлымі крыламі Цені свае ж даганяюць, блытаюць, Перасякаюць — Ажно ў саладкаватым вечары Шоргат стаіць ппяшчотны.

* * * Інтэлігент у першым пакаленні…

Інтэлігент у першым пакаленні, А гэта значыць, Што малы, яшчэ Кроў у малым ад нормы адхіленні Па жылах першародная цячэ. Інтэлігент у першым пакаленні, А гэта значыць, Што калі, калі У небе згаснуць вечныя імгненні, У даланях насіцьме вугалі. Інтэлігент у першым пакаленні, А гэта значыць, Што пакуль, пакуль Сыходзяць мазалі, як тыя цені, Пад цэпам развітання стогне куль. За ім зачыняцца нябыту сені, Знябудзецца, забудзецца зусім У пакаленнях, Што ідуць за ім, Інтэлігент у першым пакаленні. Наступнік будзе лепшы Ці халершы — Пра гэта не даведаецца першы.

Радоўка

А ранняя вясна І ранняя зіма, Світанне ды змярканне Між сабою Падобныя. І розніцы няма Між ворывам, жнівом І між сяўбою. Пяройдзе смех у плач, Брэх — у выццё, У смерць — жыццё.

Імгненне

І цень звініць, І дол пяе, І смутак будзіцца калішні. А вочы спелыя ў яе, Як неабтрэсеныя вішні. А бровам пырхнуць бы ў гульбе, Як лёгкім крылам з-пад узмежка. Зірнеш і чуеш — У цябе На вуснах маладзее ўсмешка.

* * * Я ўсё збіраўся жыць…

Я ўсё збіраўся жыць Разважліва, як людзі, Ды ў вечным перапудзе Ўсё бег сябе тушыць. Не бачыў лісця ў траў Ад клопатаў дарэмных І ў думках пад’ярэмных Паціху дагараў. І так прайшло жыццё, Я не астыў ад спешкі. Датушыць галавешкі Глухое забыццё. Надзею напавер Бяру, што нешта будзе. Паважна жыць, як людзі, Зьбіраюся й цяпер. А дождж імжыць: ім жыць, Наступнікам настрою. І кладка над вадою Дрыжыць… А цень бяжыць.

Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках

Картавы крумкат крумкача. Чабохканне ўсычэлых качак. Галантны горнецца гарлачык На край каравага карча. Падрыць спрабуе бераг крот. Хмель млявы лёгкі на ўспаміне. Любіць лабатыя глыбіні Ці не, Вагаецца чарот. Ляшчыннік моліцца на лог. Маліннік млее ад блазенства, На возе возера вязецца Аблокаў малады мурог.

Жыві і доўжы цень!

Жыві і доўжы цень сваім дарогам, Пакуль вязуць твой воз Наіву колы, Пакуль не здасца белы свет астрогам І ты не станеш перад панам Богам, Як і твая душа, Таксама голы.

* * * Вясёлы і ў сваёй пакуце…

Вясёлы і ў сваёй пакуце І сумны — Радасці назло — Гук выдзімаюць, як у гуце Са шкла гарачага святло. Бярэ знямогласць на парукі Апошні ўскрык, Апошні ўздых. Змаўкаем. І змаўкаюць гукі — Чакаюць вуснаў маладых.

* * * Вякі перасвістваюцца скразнякамі…

Вякі перасвістваюцца скразнякамі. Маўчання ў рот набіраюць званы. Датуль чалавек у нябыт не знікае, Пакуль жывуць ягоныя сны. І п’юць, і сварацца, як суседзі, Яны мілуюцца, як мілуны, Зязюльку ўчуўшы, Бразгаюць меддзю, Вандруюць сны І жабруюць сны. Сны аржаныя, Сны баравыя — Свае ў русалак, у лесуноў. Мы ўсе, і мёртвыя і жывыя, — Начлежнікі толькі Ў гасподзе сноў.

Бясконцасць

Бясконцасць болей дбае аб касьбе, Касу трымаючы напагатоўку, Знакі вякоў саскрэбвае з сябе, Нібы з рукі татуіроўку. І застаецца толькі рэк зліццё І нашай прагі яміна пустая. Бясконцасць чыстая, як забыццё, На дробязь часу ўвагі не звяртае.

Брэх

Сабака аж давіцца брэхам — Быццам глыбока ў горла Зелле горкае Заліваюць спехам. З ёкатам замаўкае — За ваўкамі Наўскоч пабег Азяблы брэх Па мулкай араллі. Хоць ваўкоў звялі, Вочы сабачыя У падхартаным сне Зграю ўбачылі.

* * * Смерць як жыццё…

Смерць як жыццё. Жыццё як смерць. І немінучасць і мінучасць. Жыві І ў гэтым свеце сцвердзь, І ў тым Сваю нежывучасць.

Ave!

Чатырохнога табурэткі Хадзіць вучыліся па зале. Нябожчыкамі пахлі кветкі, Што з вокнаў ранішніх звісалі.

* * * Мы, як апошнія ваўкі…

Генадзю Бураўкіну

Мы, як апошнія ваўкі, Пасляваеннікі-паэты. Ужо настаўлены цвікі, Каб шкуры нашыя з імпэтам Распяць на прыцемнай сцяне, Дзе рэбрацца старыя бёрны. І ўрэшце сківіцы сцяне Апошні адвячорак чорны. Мы па інерцыі бяжым, У свет яшчэ знаёмы выем, Ды цені тоіць кожны выем У змроку покуль што чужым.

* * * Гібее пад ільдом рака…

Гібее пад ільдом рака, Каб адагрэцца крыгаломам, Каб веснаход пачаць з рыўка, Каб безбярэжнай Стаць з раўка, Паказытаўшы спіны стромам, Не пакідаць ні астраўка Адмелінам — Былым знаёмым. Прыняць, як веру, раўнавагу, Але зімовую знявагу Трымаць у памяці бруйка.

* * * Чуючы цёмную сілу ў слове…

Чуючы цёмную сілу ў слове І не дужа верачы ў словы свае, Чалавек найменні дае Сабаку, каню, карове. Каб клікаць і смакаваць уладу: — У хлеў, Лысоня! — Лыска, на двор! Ды, Ўсявышняга лепшы твор, Чалавек не дасць сабе зладу. Загадвае жабракам багаты: — Іван, маўчы! — Стахван, бяжы! Воз чутак цягнучы, рве гужы, Чалавек наступае сабе на пяты. Не развязваецца са страхам клумак, Хоць не пусты на карку Носіць збанок, Дрыжыць на крык, Бяжыць на званок Чалавек, Паслугач сваіх жа прыдумак.

Цішыня

Вякі вячыстыя і дні, Жывое й нежывое — Усё належыць цішыні З паніклай галавою. Ці зорную бяром сяўню, Ці назаляем ліху, Мы толькі будзім цішыню — Глухую парадзіху. Такога б закілзаць каня, Каб устурыў — Ды дзе там! Як ні крычым, А цішыня Валодае Сусветам. Мы толькі плодзім мітусню І робім тлум усіхнім, Нахабна будзім цішыню — І ўрэшце самі ціхнем.

Свінец

Нябёсы ў жудасці сумеліся, Ды помняць тую хмару шэрую, З якой зямля Яшчэ пры Велесе Свянцілася паганскай вераю. Цяпер наш свет — Парнік пад плёнкаю, Дзе дбаюць аб надзённым сіласе. Свянцонку б лепш назваць Свінцонкаю — Цяжкім свінцом вада свянцілася. Вясёлка неба дах змацоўвае. Хаўтурам галасней галосіцца. І хмары робяцца свінцовыя, І гоні ўсцяж свінцом калосяцца. Нам піць свінец, Нам жаць свінец. Карцам карэць, Сярпам звінець…

Бо

Бо пачынаю глухнуць без яго я, Як дзень, старэць, як прысмерк, вечарэць І разумець калючы лёс ізгоя. Час, рэдзь ніты, але пакінь хоць рэдзь, Каб выткалася слова дарагое, Якое б выбегла мяне сустрэць.

Там, дзе Нёман б’е хвастом

І сапраўды, як хатняя рака, Тутэйшы Нёман — Б’е хвастом ля ганка. І вусны песцяць казку-інтрыганку, І пражу грэе цёплая рука. У рэшаце падскоквае клубок, І дзед-штукар дапамагае бабе. Славутасць у падпечкавым маштабе, Каток, вядома ж, залаты лабок Зацягвае маркотную курню, Марцовай кошцы дзён да марца мала. І песня, Што на момант прыдрамала, Адчула: Цісне столь высачыню. І паплыла, На Нёман павяла Ад ступы, ад красён, ад памяла Спякотны голас На марознай ноце:         Сядзела Купалка на плоце,         Яе ўся галоўка ў залоце,         Ды прасіла ў Бога пагоды:         Ой, дай пагоду на ўсю ноч,         Ой, дай сонейка на ўвесь дзень. А казка нахінула гарлачок, Дзе з сыру печ, Дзе з масла лавы. А баба з казкі Просіць пень трухлявы:         Вышэй, вышэй, пеньчучок,         Бо ўжо выбег ваўчучок! А я прашу, Як сон забытых сноў: Ручай гаворкі беларускай, Булькай У цераме спадарыні Цыбульскай У вёсцы, Што завуць Магільным зноў.

У альбом, (шукаючы форму)

Няма, няма, няма, Цябе няма са мною. Таму й прыйшла зіма. Была, была, была Ты восеньскай вясною, Вятрыстая датла. Адна, адна, адна Туга ўсяму віною. А можа, не яна? Адзін, адзін, адзін Зарукай неспакою Раз’юшаны ўспамін. Калі, калі, калі Адпушчаны табою Зноў буду на зямлі?

Адкуль лебедзі зімой

Мароз снегавічоўну лепіць, Завейна гладзіць бараду. Перадыхне — Бялее лебедзь. Пускай, дзядуля, на ваду! Снег ёсць, і рупнасці хапае, Снегавічоўны ўсё няма. Сняжыца ў вочы б’е сляпая. Глядзіш, і скончыцца зіма. І склыгаюць ад злосці льдзіны, Што мыецца вада вадой. Марозаў клопат лебядзіны Плыве ў бязлёддзе чарадой.

* * * Аглухлай, гарбатай…

Аглухлай, гарбатай Дарозе не выпрастаць спіну, Бо руху няма супыну, Як з цішай ні сватай. Трывае надзеяй, Што недзе за даляглядам Зноў стане балотам, лядам На волі, Ды дзе ёй Схавацца, стаіцца? Калі на світанні, змярканні Вядуць яе на аркане Мястэчкі, сталіцы.

* * * Толькі коні твар свой захавалі…

Толькі коні твар свой захавалі, Мы свой — страцілі І знебылі. Пахавалі шчырасць нашу ўзваллі, Смех здзічэў наш У глухім быллі. Верым зорам, Шчэрым зубы церням. Саступаем сцежку валунам. І надзеяй грэемся, Што вернем Твар, Які Гасподзь пазычыў нам.

Ілляны абразок

Іллянішча топчуць вятры-вазакі. Надвор’е імжу прасявае на сіце. Завязвае клопат снапоў вузялкі На памяць аб леце, Аб цёплым блакіце. Да сэрца прыхілістыя з даўніны Ад светлых радзін Да пахмурных хаўтураў Бялёвы насоў І ручнік ілляны, З марозу, Як гурба, каляны каптурык. І верым, Падзёншчыкі ўцехі зямной, Што нам з глухаты, З духаты, З перастыгу Сасновай труной І кашуляй лляной Аддзячыць скупое жыццё За фатыгу.

Хоць

Галалёддзе. Слата. Перазяблі муры. Марната, чарната На душы, на двары. Хоць ты зроку даводзь, Каб да змроку прывык, Што забыўся Гасподзь Светлых дзён чарнавік.

Кола

Рыгору Яўсееву

Кола круцяць Ці само Круціцца з адчаю. Хіба сам сваё ярмо Нехта прывячае! А ні выпрастаць гарба Гнутаму ніколі. Радасць войкне Ці журба Зарыпіць у коле. Цягне ток Ці жарабок — Бі паклоны долу. У які круціцца бок — Усё роўна колу!

* * * Сон неўмежаванае аблогі…

Сон неўмежаванае аблогі Не пачуе дотыку былля. Колькі ні аруць яе нарогі, А яна цнатлівая, Зямля. Пасівее дзень каля парога, Счырванее золак ад абраз, Маладзей, глыбей Аруць аблогу, Толькі кожны раз — Як першы раз.

Усплывае

Завіруха соўкі Шуфель прытурыла. Матылёк газоўкі Б’ецца аднакрыла. Мне назаўтра ўрокі Вывучыць не спіцца. На хвасце сарокі, У гіля на спінцы. Страхі ды навіны. Шыбы — як мядзведзі. Позірк мой наіўны Нешта ўгледзеў недзе. …Той зімовы вечар З матыльком газоўкі Усплывае золк, Як з сярэднявечча.

Сумна

На дратах дрыжаць шпакі. Зябнуць шыферныя дахі. Важна ходзяць індыкі — Местачковыя манахі. На вясёлым скразняку Любата матку цыбулі. Дзень знікае неўзнаку, Быццам пенсія ў бабулі. Час імчыцца наўпрамець. Вечар рады ціхай вестцы. Пачынаеш разумець: Стома старасцю завецца…

Звысоку

Звысоку варта паглядзець на горад, Свой позірк адарваўшы ад зямлі, І ўбачыць, Як на радасць ці на гора Быллём антэнаў дахі зараслі. Уздрыгвае пакоша драцяная, Павышчарбіўшы бліскавіц сярпы. І толькі чорных вестак Боль тупы Іржавае цярпенне працінае.

Збіранне жалудоў

Як няма чым акалочваць грушы, Дык збірай паціху жалуды. Як Няклееў кажа, без булды Праца. Толькі клопату па вушы. Можаш імі частаваць свіней, Можаш любавацца жалудамі, Можаш нанізаць каралі даме — Бачыцца забытае мадней. Можаш намалоць ручным млынком І напіцца жалудовай кавы, Каб успомніць Даўні смак гаркавы Кавы з некуплёным малаком.

Тым часам

З гадамі ўжо не да авацый. З гадамі Сабе самому падабацца Цяжэй, чым даме. Святло ліняе, Свет імжыцца, І позірк халадае. Цяжэй З самім сабою ўжыцца З гадамі. Глушэй Знямелая знямога Пра ўсё згадае. Але збіраць Сябе самога Цяжэй, чужэй З гадамі.

Перайманне

Жадаю лесу зялёнага лёсу, Жадаю долу жніўнае долі, Касе жадаю смачнага ўкосу, Жадаю наўколлю Вярбовага колля. Жадаю брэху гучнага рэха, Кары жадаю не помніць кары. Багаслаўляў жа Сэсар Вальеха Таго, хто цень свой Згубіў на пажары.

Хадакі

Магільнік шэпча: – Ідуць мерцвякі… Глядзяць жабракі: – Ідуць медзякі… Смяюцца грубкі: – Ідуць мерзлякі… Скрыпяць вазы: – Ідуць ездакі… Зяхаюць харчэўні: – Ідуць едакі… Па-свойму ўсе хадакі — Сваякі. На кожнага ў іншага Позірк такі.

Васількі

Пялёстка-ветраковы васілёк — Вясёлы плён Нятленнасці й нябыту. Ў зялёным жыце Ясны вугалёк, З якога ўзыдзе полымя блакіту. Гасподзь апоўдні гляне з-пад рукі На незабытую сваю гасподу І ўбачыць васільковыя цвікі, Што ўкрыжавалі млявую лагоду. Затулены вякамі Вугалькі Ў зялёным жыце Космасу глухога. Маіх азёр вушацкіх васількі, Відаць, блакітным робяць Позірк Бога.

* * * Учора, здаецца…

Учора, здаецца, Дальбог жа, ўчора Пячурка цямнелася, Быццам пячора. Клёцкі ў барознах Сядзелі трывала. Малако ў паўдзён гізавала. Паветраны шарык рохкаў, Пасля ў яго насыпалі гароху, І ён бразджэў без супыну. Шапка-вушанка Вусата хрумстала канюшыну. У пашчу сурочаную Няўклюднай мяліцы У званочках сарочку Клалі маміны пальцы. Бляялі кажух з рукавіцамі. Ад соку хмялелі Жалейкі ніцыя. А потым — У кіпені яблык Назваўся кампотам. З прораззю сала Беконам стала. І словы крэўныя з часам Назваліся Слоўнікавым запасам. У горле песні Радасць няспуджаная перасела. Кожны сваё Адгарцаваў, адбрыкаў. Усё хутчэй перасела З саней ды з брыкаў У цягнікі ды машыны. Кашулі ды кажухі Скарацілі шляхі У крамы ды ў магазіны. Усё фасуецца. Усё ў фасоне. Прагрэс Цераз пахілены плот пералез Сёння.

Як сыр у масле

Я не помсціў нікому ў шаленстве, Нават сабаку суседскага не зачапіў. Калі й біў я каго ў маленстве, Дык адно толькі масла біў. І цяпер задыхаюся ва ўспаміне І ад стомы валюся На аерны сяннік, як цэп. Масла біць у вузкагорлым графіне — Гэта не тое, што рэзаць яго І намазваць на хлеб. Чаму графін? Растлумачыць мушу. Вайна дык і бойкі звяла. А мы пасля вайны разжыліся На графін з зялёнага шкла. І я, калі масла ў ім біў, Яго не любіў, як душу, Ды калаціў, як ігрушу — Ажно не хапала зла. Трасеш, калоціш графін штосілы, Здаецца, дарослы станеш, А масла ўсё не відаць. А голас унутраны кпіць: «Тады была сіла, Як маці на гаршчок насіла. Падсмецення на патэльні Не паспытаеш, відаць». А ўсяго калоцяць адразу Трасца, гарачка ды малярыя. І ты ўжо не бачыш, Дзе горла ў графіне, дзе дно. Ды ўрэшце ў крупінкі збіраюцца Вяршынкі густыя, І тут галоўнае самае адно: Не празяваць і выліць у час Вязкаватую масу ў місу, Бо імгненне — і ў горле графіна Перасядае камяк, І яго — хоць графін разбівай — Не дастанеш ніяк. Трэба паспець, як на сходах казалі, Падвесці рысу. А з маслам голад не страшны. З маслам і гаўно смашна. З маслам і зямелькі глынеш. Прыгаворы маміны ўспомніш І ўзмашна Трасеш графін, Масла б’еш, б’еш, б’еш. Толькі б не перастарацца, Спыніцца паспець. І мяне, як масла, збівае праца. Адчуваю, застаецца ледзь-ледзь…

Смех вазоў

Вальдко Калініну

Вальдко — І цокаюць падковы, Вальдко — Стукочуць капыты, Вальдко — Інее дзень зімовы, Вальдко — Захакалі харты. Увесь наш свет — вялікі табар, І ўсе мы — трохі цыганы. Вымольваем у сонца хабар, У тым не чуючы віны. Нам не зашкодзіць паганяты — Мы па натуры лайдакі. І нашы думкі — Цыганяты, Ім нешта б выпрасіць з рукі. І ўсе цацанкі-абяцанкі Крычаць, як рыба на пяску. Надзеі ходзяць, Як цыганкі, І просяць залаціць руку. Страсае светлякоў з цыгаркі На росы прыцемак-хвалько. У песню едзе рэй цыганскі?         У цыганкі хвартух новы,         А ў цыгана кій дубовы… Ты чуеш смех вазоў, Вальдко?

* * * Павук, як іншапланецянін…

Павук, як іншапланецянін, На павуцінні за акном Павіс. І вечар ціха цяміць, Хто ўніз чалом, Хто ўгору дном? Усё адносна ў гэтым свеце І, думаецца, ў свеце тым. З хвастом падпаленым Камеце Няма як думаць пра інтым. Павіс павук ці павучыца? А можа, не павіс — Плыве Ці проста хоча павучыцца У нас Хадзіць на галаве?..

* * * Ты ад маці, ты матчына…

Ты ад маці, ты матчына, Беларуская мова. Зорамі растлумачана Сэрцу кожнае слова. Ты, як раніца, шчырая, Маеш цёплыя рукі. І вяртаюцца выраі — Толькі б чуць твае гукі. Там, дзе ёсць ты, — пагодліва, Дзе няма — там зімова. Будзь для ўдзячных паходняю, Беларуская мова!

Цвітуць дзьмухаўцы

Гэта Травень купіў у інкубатары Маленькіх пісклянятак, І нёс іх у карабку з-пад абутку, Пабіўшы порыўку ў дзіркі, Каб не затохліся камячкі жывыя. Нёс у вёску, вядома, Ды на першай прызбе прысеў І выпусціў куранятак жаўтлявых Папасвіцца на маладой траве. Задрамаў Травень, Бо дух травяны размарыў, А піскляняткі разбегліся, Дзе толькі льга. Прахапіўся Травень І да таго разгубіўся, Ажно ўваччу пажаўцела…

Восеньскі настрой Белавежы

Дрымотнасць

Лета тлела даўгое й душнае, І пакуль сцюжы не зараўлі, Сонны дождж Марасіста датушвае Галавешкі варон на раллі. Прычынацца лянуецца раніца, Пазяхае, Праспаўшы пру. Восень хітра ў душу занураецца, Як лісіца ў глухую нару.

Капелюшы долу!

Чолаў задумлівых гаспадары, Капелюшы кіньце долу, панове! Зноў Белавежа ў пулятай панёве Восені шэпча: — Тугу паўтары. У Белавежы багаты пасаг. Доўга мароз не наважыцца ў сваты. Сыпле наўзваж маладуха дукаты Ў цераме, мшоным Вятрамі ў пазах. Рэха, як заяц, імчыцца наўскач. Стынуць сукоў ззелянелыя змеі. Гэта бяду чарнатой разумее — Аж надрываецца ў небе крумкач.

Мусіць доўжыцца

Ліставейны лівень Белаввежы, Цёплы град зрудзелых жалудоў. Зубрант вятрыстае начлежжа. Ціхі смех няпуджаных слядоў. Мох, расчулены баравікамі. Мокрыя бабровыя хлуды. Гэта мусіць доўжыцца гадамі, Успамінам грэць у халады.

Традыцыйнае

Журавы пасуцца на балоце, Грэюцца ў дарогу журавінамі. А туга стаілася на ўзлёце, Каб знікаць сваімі пуцявінамі. Журавы падымуцца ў нябёсы Даганяць тугу далёка ў выраі. Восеньскі настрой перапялёсы Зябкавата пер’е натапырвае. У ставок вада цішэй сцякае. А над чаратамі, Па-над пушчаю З туманом плыве і не сціхае — Як пачуць — Курлыканне скрыпучае…

Турлюй

Тураў рог І паляўнічы рог Ладзілі ймяніны баравіне. Сам паганскі дух яе сцярог, Лёгкую ў аблокаў на паміне. Не адзін віхор Зламаў язык, А Турлюй не вымавіў з разгону. На імхі Пад закіпелы рык Лось губляе Галаву й карону.

Цяжка

Дзяцел ісціну даводзіць дзюбай, Толькі пра сваё шуміць сасна. У сасны з вясны дума адна — Высіцца й не гнуцца перад згубай. Беразняк Усмешкай белазубай Так і прасмяецца давідна. На хвасце ў сарокі пер’іна Пераважыць ісціну рахубай. Біся лобам Ці сякерай дзюбай — Не памірыцца з маной віна. І лясная знае даўніна — Цяжка Ісціну даводзіць дзюбай.

Імша

Сцішаю свой спех і з пашанай У шуму спагады прашу. Тут правіць У світцы імшанай Лясун па спакоі імшу. У пнёўе ўпіраюцца пяты. На шыі дарогі пятля. Дажджамі абмыты, Працяты Вятрамі, Нябожчык каля Магілы свае спачывае. А грукат балюе смялей. І ў лесу душа як чужая. Хоць ёй на смаляк усмалей. Ад хмар хваравіта і шэра На сэрцы ў нябёс І ў вачах. Не хоча паганская вера Са сценьмі Згасаць у карчах…

Памяці Валянціна Ждановіча

Ты вёў свой рызыкоўны торг з нябытам — Хацеў даўжэй пакінуць на зямлі Жывых і тых, што ціха адышлі Ды засталіся быць святлом адбітым. Жыццё радзейшым, смерць гусцейшым сітам Прасейвае чаго, каго, калі. Тваіх вачэй турботныя чмялі Спалохана віталіся з блакітам. Сяброў усмешкі і зласліўцаў кпіны — Ты ўсё ў сябе прымаў, як вечны дол, Абавязкова за людзей павінны. Ды хто прыспешыў твой жалобны стол? Чаму ж ён не адвёў абвіў змяіны, Рахманы, як і сам ты, твой анёл?

Знаёмае

Чарсцьвяды. Чаравэчча. Завыдрана. Павулле. І вечар горбіць плечы У дажджавой затуле. Палын нудзьгуе горка. Дыміць туман ядлова. І скача, Як вавёрка, На вусны з вуснаў слова. Начуе золь па шатах. Па некім каня плача. Вушача — Мой пачатак, І мой канец — Вушача!

Залачу далонь

Я сцяжыне далонь залачу Жаўталісцем З бяроз Беразвечча. Я з табою сустрэцца хачу Ў варажбітна заснежаны вечар. Каб ад шпаркай хады Халады Чырванеліся шчокамі ў белі. Каб аж да Беразвечча сляды Учарнелі. Ад бяды.

* * * Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў…

Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў, Мама капу ткала, Ткала «ў дымкі». Бацька сына песціў і любіў. Я трапляў з абдымкаў у абдымкі. Бацька на Вялікадня зубіў Яйка — Выбіраў мацак найсамы. Бацька сына, Бацьку сын згубіў, І застаўся я ды смутак мамы. Пад настрой Мой лёс лагодны быў — Дождж нязолкі слаў, Пярун нягрымкі. Трапіць Ласку я сабе набыў Да зямлі ў апошнія абдымкі.

Цямнее

Хутчэй цямнее вечар шчыры. Нарыў цярпення нарывае. І нерастуюць пасажыры У перапоўненым трамваі.

Няпэўны снег

Дзеці гурбіну лепяць З няпэўнага снегу І валяюць яе Па траве, па сцяжыне. Да бакоў жаўталіст Наліпае з разбегу, Быццам сум на душу Па сваім на чужыне. Снег няпэўны растане, І, напэўна, атава Да марозу адскочыць. Ліст зялёны не стане, Жоўты, ён не сагрэе Камячыну ласкава, Як і ліст ад цябе, Што вяшчуе растанне.

Прымхі

Так раўнаваць, Каб слепнуць ад святла, Маланка толькі можа Не памалу… Каго ж так Навальніца пракляла, Што свечкаю Бярозу заламала?

Звыканне

Кашары, Пахне кажух ваўкамі, Ваўкам Кажушына пахне кашараю. І вока Бачыць сябе звыкае, І страх Даганяе бяду паджарую. Яліна Бароніць сябе сукамі, І цемра Мажнее гадзінаю шараю.

Да гадзінніка

Гадзіннік мой, Доля роўная ў нас: Ісці не цішачы ход, Як свой, лічыць Пазычаны час, Пакуль не сыдзе завод. Гучней Малаточкам сваім грукачы, Нябачным, па забыцці. Цікуюць з пляча начы Крумкачы За намі, а нам ісці. Ты стаў спыняцца, Стаміў душу, А я стараюся йсці. Не дужа спяшайся паказваць, Прашу, Гадзіну поснай куцці.

Яшчэ

Акраец хлеба, Шклянка малака. Хлеб у руцэ, А малако ў кішэні. Натоўп штурхае злёгку юнака. Трамвай грукоча нешта ў суцяшэнне. Забыцца не паспеў, як хлеб расце, Як сырадой смяецца ў белай пене й Туман пацягваецца ў духаце. Амаль яшчэ ў ізрэбнай светлаце Звыкаецца з сабой Магчымы геній…

Шаблон

Горад вецер падмёў, Смецце ў кучах адзіных Ад панельных дамоў Да панельных бландзінак.

Уздых уздагон

Няма ў жыцці пабочных ці старонніх, Верш Панчанкаў, Нібы адчаю ўздых: «Пара забыць вясёлых, спрытных, стройных, Не сніць ніколі любак маладых…» Не скажаш сэрцу, біцца ці не біцца, Сабе не загадаеш знелюдзець. Як на вясёлых сумнаму забыцца, На стройных як пагляду не глядзець? Як адарваць ад губ сваіх жа кубак, Як заглушыць крыві свае званы. І маладых чаротаспінных любак Хоць будзеш сніць, Пакуль прыходзяць сны.

Urbi et orbi

I
Горад — тая зямля, Якую пазбавілі Лесу, рэчкі, поля. Горад — тая зямля, Якую ўтаймоўваюць Жалезам, асфальтам, каменем. Горад — тая зямля, Якую падахвоцілі Даганяць небасхіл. А небасхіл там, Дзе лес, поле, рэчка Яшчэ на волі.
II
Пад’езды ў цёплых воллях, як страх, Пераварваюць чуткаў дыету. Спрабуе акрэсліцца Млечны Шлях, Як вуліца запыленая Сусвету.
III
Снег толькі-толькі выпаў І на ляту З халоднай прагай выпіў Гаркоту, чарнату. Снег прыглушыў вітрыны, Смех у двары, І ягадаў рабіны Нерастаптаны страх. Закот гарыць крывава — Да знебыцця, І палазня крывая, Як лінія жыцця.
IV
Цемра хрыпне Злоўленай варонаю, Горад ціхне, Быццам бохан надламаты. І самотнеюць Безабаронныя Вуліцы, Дзяўчаты, Тэлефоны-аўтаматы.
V
Ціха ад піўняка да турмы. Шчокі горада ветрам паголены. Як хранічныя алкаголікі, Закадзіраваны дамы.
VI
Гораду сняцца І негарадскія сны — Загарадныя, Прыгарадныя І з даўніны — Местачковыя, Пулятыя, стракатыя, Як палотны мастачковыя; І вясковыя, Васковыя, Кужэльныя й шарачковыя, Дзе гнецца маладзік Над стрэхамі, А маладзіца Над лехамі Урачкоўвае. Ноч думкі скаромныя Параскоўвае, Ды «Хуткая дапамога» Ад болю завойкае. Збялеецца дасвецце За вокнамі, Як малако парашковае.
VII
Захацелася urbi Пакачацца ў гурбе, Абцерусіцца, Абеларусіцца. Дзе конь качаецца, Там поўсць астанецца, Дзе слова заручаецца, Там кігіча чаіца. Зажадалася orbi Пабыць у торбе Ды патупаць па ворбе. Дзе слова ступіць па раллі, Там ходзяць з песні жураўлі. Гораду й свету Доўгія леты!

Зноў пра паэзію

Кабета надумала піва варыць (Ад мамы помню показку гэтую), І будзе да хмелю яна гаварыць: — Сто год Хай твой род і зімуе й летуе! Ты ў піва за кума, Чубаты мой хмелю, Дарадца застолля адзіны. З цябе ж і вяселле, З цябе ж і пахмелле, Ігрышчы, гульбішчы, радзіны. А хмель паварушвае кутасамі, А кутасы ў рукі просяцца самі. Кабета ўзлезла на дуб І гала На піва хмель З асалодай ірвала. Ды не ўтрымалася, Рухнула з дуба. І ўсё кабеце стала нялюба. І хмель хвалёны, Яшчэ зялёны, Аж пажаўцеў, Як пачуў праклёны: — Ты звадыяш, Зелянейшы ад змея, Твой дух адно што чмурыць умее. З цябе блазенства, З цябе шаленства, З цябе махлярства, З цябе курвенства… Шпарчэй падганяю Радкоў чараду маю І зноў пра паэзію Сумна думаю.

* * * Паэма, закончаная толькі што…

Паэма, закончаная толькі што, Толькі, нібы дзяўчына, з якой быў Толькі што блізкі: І вочы сыплюць яшчэ Бессаромныя ўзбліскі, І цела перасмыкаюць яшчэ Нецярплівыя колькі.

* * * Чайнік з забінтаванм носам…

Чайнік з забінтаванм носам Разлівае зялёны чай. Пацвяліць завейны адчай Замігцелася белым восам. Сырадойна дымяцца горы. Снег няўпэўнена растае. І з нагоды Лагоды тае Чай дыміцца ў зялёным гуморы. Тут, як з сябрам, Сустрэўшыся з лёсам, З вышынёй яго заручай. Хай смяецца бяседы ручай Душным краскам, Скрушным нябёсам. Разлівае зялёны чай Чайнік з забінтаваным носам.

* * * Замчышча — як бульбяная яма…

Замчышча — як бульбяная яма. Уздрыгвае Касплі халодная свечка. На магазіне «Прадукты» аб’ява: «Прадаецца маладая авечка». У далечы глуха, як у сычоўні. Берагі пагойдваюцца аблачынна. Палошча бялізну, Стоячы ў чоўне, На сярэдзіне плыні жанчына. Мужчына човен вяслом трымае. І сушыць хвост на карме сабака. У слядах дажывае Вада дажджавая. Сагрэцца не можа ніяк імжака. Дзягай маланкі Хмару не перапсюрыш. Не хмурыцца неба стараецца шчыра. Па бульбянішчы Дыбае ў ботах Сураж. Суравейна. Самнасамна. Сыра.

* * * Як з небасхілу маладзік…

Памяці

Якава Абрамавіча Серпера

Як з небасхілу маладзік, З крывіцкіх местаў і мястэчкаў, Не распачаўшы З лёсам спрэчкаў, Калі Яўрэйскі профіль знік? Мне не хапае дружбака, Суседа, лекара, дарадцы. Бяседа стала папярхацца, Як п’яніца ад першака. Без коміна няўтульна хатцы, А небу — Без маладзіка…

Восень паспела

І здасца, журыцца няма прычыны. Хлапчо, Ці анёлак з цёплага раю Кусае мёд з адломка вашчыны, Нібы на губным гармоніку грае. Лісцё не апала — Яшчэ не паспела — А восень абласавацца паспела.

* * * Трамвайшчык…

Трамвайшчык Голасам адсырэлым Аб’яўляе: — Трамвай на возера йдзе… Калючым дротам дажджу Дзялянку горада Угароджвае восень.

Пасля

У памяць пастановай не ўвайсці, І гнеў людскі Гранітам не зацерці. Як сумна ўзносяць помнік Пры жыцці, Дык зносяць з веласялосцю Пасля смерці.

Ужо

Нахабна зіркне малады, Як сам ты З тых гадоў забытых, Дзе ў роспытах і перапытах Іне задумваўся тады, Што й на цябе калісці так Зірне юнак, Як на старэчу. Ну вось, і прычакаў сустрэчу! Хвалі, жабрак, Сваю галечу, Дзе ззяе золатам мядзяк. Ты па інерцыі адно Смыліш яшчэ Ў цяперльца служкай, А час цябе Жарынкай-дзьмушкай Здзімае, як і ўсіх, На дно.

Хачу сустрэцца

Урэшце ўсё сатрэцца, Патухне медзяком. На схіле год сустрэцца З забытым юнаком, З чубатым і насатым, Няўклюдным, вінаватым — Хачу сустрэцца ціха, Сам-насам памаўчаць, Адыдуць гнеў і ліха. А ўсё наноў пачаць. Захочацца сустрэчы. І палец качарга Загне ў гарачай печы, І выць па-чалавечы Пачне туга. Хачу на быстрай рэчцы З самім сабой сустрэцца, Зноў сынам называцца, Рунець, красаваць, налівацца…

* * * Чыстыя ад гаманы й маны

Чыстыя ад гаманы й маны, Дзе толькі не палуналі Словы ўсявышнія? Пахнуць яны Снамі ды палынамі. Вешчыя сны Адасніліся нам, Зніклі калыскі чаўнамі. І засталося цяпер палынам Раскашавацца над намі.

Інструкцыя

А ўсмешка б’е нуду, Як пуга пастухова. Расчэсваць бараду Звыкаю паступова. Лагодна час брыдзе, Ўцякаюць прэч абразы. Здаецца, ў барадзе Растуць на ўсё адказы. І сцені на сцяне Праходзяць чарадою. Пытанне: «Быць ці не?» Таксама з барадою. Нашто шукаць брады, Як рэчка перасохла. Наяўнасць барады Змушае філасофстваваць. Ні пад чыю дуду Не след збіваць падковы. Расчэсваць бараду — Занятак разумовы. Каб ашукаць бяду І заставацца з краю, Расчэсваць бараду Усім рашуча раю!

Рыпі!

Пяро! Паперу леш, Чарніла цэбар выпі. Рыпі, бо ў рыпе лепш Зайсціся, чым ва ўсхліпе. Рып змоўніцкіх дзвярын І крокаў рып на снезе. І рып — Аж да жмурын! — На маладым начлезе. Хапала й чарнаты. Страх рупіўся ўтрупела. Ды ні на кога ты Употай не рыпела!

* * * Дыхнула блізкасцю з пакоя…

Дыхнула блізкасцю з пакоя. І ты канкрэтная… І мне Так захацелася спакою, Каб там з табой, З адной табою, Быць у магчымай старане, Дзе можна прачынацца разам, Задуманыя бачыць сны, Дзе сад І плот з патайным лазам, Дзе, непадлеглая абразам, Адчуе радасць смак віны. Але… Пра гэта іншым разам.

Лістападаўскае

Скруціў вятрышча ялінавы млён, Не дамалоўшы парошу ў муку. Залістападзіла. Скалануўся клён: Дрыгатлівы агонь Павесіўся на суку…

Пад вечар

Ступаю па лістах, Што па слюдзе, Так і не ўгледзеўшы, Як дзень паменеў. Паперадзе Мой цень бязгучна йдзе, Напамінаючы Пра царства ценяў…

Вачыма селяніна

Па авечках тужаць ваўначоскі. Весялей па бруку скача воз. Горад рос, як горб, Заплеччу ў вёскі І, нарэшце, вёску перарос. Як спытаць, У згодзе ці ў кляцьбе Вёска пачуваецца ў гарбе?

З якой бяды?

На гараджан, як на штукароў, Глядзяць задуманыя вяскоўцы. Праспект страшнейшы за цёмны роў. Роў пераскочыў І будзь здароў. Сцюдзёна — плечы давер ватоўцы. У склепе — бульба, сала ў хляве, У лесе дровы, вада ў крыніцы. А клёк вядома дзе — ў галаве. У вёсцы Пакуль чалавек жыве, Яму ад клопатаў не адбіцца. А гараджане ўсе штукары, Аруць і сеюць ля тэлеэкрана. Яны, як тыя дрэвы ў кары, Незагароджаныя двары Пільнуюць, Распусціўшыся рана. Штодня — Аж іхніх падэшваў шкада — Цякуць асфальтам, быццам вада З сарванага крана… Там штукары, Дык з якой жа бяды Выпіхваюць дзетак у гарады Задуманыя вяскоўцы старанна?

* * * Я ўсё-ткі з цёмнага застою…

Я ўсё-ткі з цёмнага застою На волю выпускаю гнеў. Мой гнеў ступае пехатою, А некалі ж ляцець умеў. А можа, гэты гнеў і ёсць Ці не найсамае чаканне, Няўцямнае, як сканаванне? І пераходзіць гнеў у злосць…

У адпаведнасці

Разам з восенню Настрой свой Менск мяняе. Дол гарыць Ад лістападавых слядоў. Каштанамі, Як рудымі камянькамі, Адбіваецца каштан ад халадоў.

Усё жыве

Абгароджаны малыя саджанцы Дрэвамі былымі, быццам сценамі, Што з нябыту ўсталі, як нябожчыкі, Каб убачыць: зелянее змена. Жабурынне нерастуе ў сажалцы, У здзіўленні хата водзіць сценамі, Салаўёў заснулых будзяць пошчакі, Воку змроку фарбы хлусяць смела.

Хаценне

Я — Карфаген, разбураны табою, Мне не падняцца ў неба з-пад руін. Глухі палын І прыцемны ўспамін Не разбудзіць Архангельскай трубою. Яшчэ дасюль душа не верыць болю. Вятры, вяртаючыся з пагасцін, З сабою знеслі весніцы вясцін, Дзе радасць разміналася з журбою. Як белы свет, Самотнею адзін, Я — Карфаген, разбураны табою…

* * * У гарадах бялеецца бярэзіна…

У гарадах бялеецца бярэзіна, Як і душа на скразняках жыцця. З-пад Пцічы, З-пад Бярэзіны прывезена Бярэзіна, Сваіх лясоў дзіця. Вятрамі газавітымі мілуецца, Радзей сваіх аднашумлівак сніць, Урбанізуецца, Асімілюецца, Губляючы зялёных думак ніць. Тугу ўзвярэдзіць Гул матораў сцішаны, Абудзіць сонны ток ад забыцця, Як маладыя грудзі парадзішыны, Што раптам Страцілі дзіця…

Над возерам ля Глыбачкі

Сяргею Законнікаву

Настрой як стаў на дыбачкі, Так і звякуе. Над возерам ля Глыбачкі Зязюля кукуе. Лілейнай пупавінаю Перапавіта скруха. Ў імя Айца й Сына і Святога Духа, Кукуй, вяшчуха. Гукні на ўсё наўколішча Навіну такую, Пад гэтым небам колькі йшчэ Я пракукую? Мне, куфру ўжо бязвекаму, Не ў страхі страта. Хоць некаму, хоць некаму Наабяцай багата. Ніхто й хвіліны — Веру я — Мне не пазычыць. Табе ж ці лёгка, Шэрая, Паабяцаць, пазычыць?

Спёка-92

Аблокі, дзе ваш лёд высокі? Сухмень, Пакінь свае пракуды! Нікому не ўцячы ад спёкі, Нібы ад старасці, Нікуды. Злятае яблык вялабока. Зямля пытае: — Я сырая? Здаецца, Толькі слова спёка Усё засмягла паўтарае. Свет выгарыць, згарыць, Здаецца, Цень у палон святла Здаецца.

Дзяўчаты з маладой пары

Дзяўчаты з маладой пары, Дзе вашы станы, вашы рукі, Дзе спадкаемцы скрухі — рухі, Што маладзілі дол стары? Вы тут, а я вас бачу там, Дзе вы былыя, маладыя, Сваёй нясмеласцю худыя, Непадуладныя гадам. Мне вашы з даўніх вечароў У непадробленым суроку Ўсплываюць позіркі здалёку, Кругі нібыта з дна віроў.

Бурштынавы тост

Як вечнасць у бурштыне, Не стынь у душы на дне. Праменься, Пакуль душа Не рупіцца з кірмаша. Шалее табой душа, Як акіянамі ЗША!

* * * Ціха прывыкаеш да красы…

Ціха прывыкаеш да красы, Як сняданак посны да закрасы. У цябе, Што ў цёмныя лясы, Адчуваеш, Сівярок закраўся. І жывеш ужо не ў забыцці, Трацячы нязнойдзенае штосьці. Ростань тут жа рупіцца прыйсці Міласэрнаю сястрой мілосці.

Не хочацца

Адвіхурыцца сцюжа, Спёка з выраю вернецца, А не хочацца дужа Жыць душы па інерцыі. Па інерцыі рання, Па інерцыі вечара. Думка росная вяне, Як ахрап’е, Што ў сечыве. Аж з запасам насеклі, Ад старання пацеючы. Час, Заўчасна ніцеючы, Усміхаецца здзекліва.

Самаіранічнае

На ўснежанай галіне Чарнеецца варона. Імгненне гэта згіне, Закруціць вір шалёна. Вір клопату пустога, Вір звягі, вір знявагі. Стажар’ю стыць без стога. Масніцам славіць лагі. І недзе ва ўспаміне Сарвецца жалю грона: Датлела на яліне Былой тугі варона.

Твая мілосць з вачыма лані

Табой напоўнена да краю Мая душа, Ты ведаеш сама. Сябе з ахвотай дакараю, Што месца мне ў маёй душы Няма. Ці насланнё, а ці пасланне З нябёс, Дзе толькі Бог ды лёс Жыве? Твая мілосць з вачыма лані, Напэўна, Знае толк у ведзьмаўстве. Бяда й спагада — Ўсё ад Бога. Твой стыне гнеў, Як іней хрупаткі. Ці ў грудзі грукае трывога, Ці гэта Лёгкай лані капыткі?

Тлумачальная запіска

Не разгадаў я ласку акварэлі. Вясёлцы я не закасаў рукаў. І ў даўніх тых, што сэрца мне сагрэлі, Я падабенства да цябе шукаў…

Белыя замовы

З аблокамі абшар на «ты». Зімовы дзень. Настрой зімовы. І снегу белыя замовы Ад голасці, ад чарнаты. І вырывае вецер словы — Там… пра хвасты… пра капыты… Пра крыгаломныя падковы… Да глухаты.

* * * Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю…

Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю, Сарока бялеецца ў гарадскім двары. Пытае, бы тая вяскоўка, ды перапытвае, Чаму заляцела ў муры, Як у бор сыры. Можа, бабкаю, а ці прабабкаю Быў абстракатаны Гэты ўзлесак былы. Сарока асфальт нехалодны Мацае лапкаю. І мне не хапае паху Баравое смалы.

* * * Вадой замерзлай затоплены човен…

Вадой замерзлай затоплены човен, Як след ад нагі босай велікалюда. Чарот парудзеў ад зімовых абновін. Трашчаць берагі ад лядовага склюда. Вада падмывае крысо небакраю. Варона крыло апускае абныла. Збялелы бярэзнік салодка згарае. І Нарачы чару смуга падгубіла.

* * * А жонка сябрава з другім…

А жонка сябрава з другім, Як не зусім, Дык трошкі мужам. А мы гарым На белы дым. У вернасці клянёмся, тужым. А гэтая радня да дня, Што, як і муж, Наступным стане. І юрлівосці зайчаня Пасецца на чужой паляне. А сябра ўжо даўно няма. А жонка тую Маладую Сябе забылася й сама. Я помню І сябе шкадую.

Канструкцыя

І восень укручвае коламі дні, Аж стогнуць вазы ад даніны. На полазе едзе ўспамінам зіма. І ад каляіны той да палазні З казіны скок езданіны. І сцень той Цянейшы за хвост у сама. Скалеюць зялёнага лёду скрылі І цёплага дыму калоны Нябесную столь падапруць да цяпла. Трава пажаўцее ў чаканні, Калі Іржаць будзе конік зялёны, Змахне небасхіл Вечарніцу з чала…

* * * Туга ў вачах згасае ціха…

Туга ў вачах згасае ціха, Аж дзень начэе ад дзяўчат. Туга ў самоце, як зайчыха, Што пагубляла зайчанят. Яны разбегліся на волі, Дзе іх чакае шрот і дрот. І не звядзецца аніколі Мурожны лог, Трывожны род. Глядзі, Чадзей злёным чадам. Вясна ўсё хмеліць у жыцці. Штогоду маладзець дзяўчатам І ў водмаладь тузе ісці.

Выдыхаючы Парыж Маладзічок вершаў

* * * Без лістоў…

Без лістоў, У ягадах рабіна, Як начны Парыж, гарыць У снезе. Цыгана няма, А ёсць драбіна, Каб палезці ў неба, Аб начлезе Думаючы. Там і ў дождж шалёны Можна ўкрыцца Зорнай бараною. Тут шаломы З яравой саломы Мог бы прызімак Прымераць Ною. Далягляду Хістка ад патопу, Што заліў Каляды з берагамі. Хоча — Аж тапырыцца рагамі — Бык завеі Выкрасці Еўропу…

Памінанне Міхася Стральцова

Калісьці любілі мяне мерцвякі — Услед паўтараю за Апалінэрам. Іх цені яшчэ не зніцелі, якія сніліся птушкамі на досвітку шэрымі, межы, сумежыўшы ўсе, да ракі Ва ўрочышчы ценяў прыпалі з даверам. На мёртвай рацэ, дзе чаўнарыць Харон, Нікому звалі яшчэ не ўсміхаліся, зоркі не спелі пулятымі гронкамі, дзе пажалі сярпамі жалю Вачніцы сон незямны, як закон, Звязаўшы снапы, пазямнелі амаль імі. Мглісты Міхась, як з сузор’я Стральца, Глядзеў на мяне з-пад нябёс Нотр-Дама. І я, як жывому, яму абяцаў адведаць забытыя сны нашы ды маразоў, і паднесці з карца, З якога паіла крыніца, як мама…

Драўляны галубок

Ляцеў, Ляцеў І ўбок Упаў На дол нясвежы Драўляны галубок Ля Эйфелевай вежы. І чорная рука Крылу імпанавала, Слабога галубка Купіць прапанавала. Не ўзяў і не купіў Нягеглае стварэнне. Парыж і піў, і кпіў, І статуі старэлі. І галубок наноў І трапятаўся, й падаў. Хто наскіпаў са сноў Лучыны для прыгадаў? Загадка пра клубок        — Крыж на крыжы,        Калі знаеш, не кажы.        — Клубок!        — Скулле табе ў бок! Кальнула напамінам. …Клубіўся галубок… Не даўся ў рукі кпінам… І расстаўляў лубок Няхітрыя мярэжы, Каб падаў галубок Ля Эйфелевай вежы…

Вушацкі сон

Я загадваў няраз, цот ці ліш Засталося мне ў долі ў прыполе. І прысніўся ў Вушачы Парыж. Заблудзіўся я ў ім, Як у полі. І, як гэта заведзена ў сне, Я спазніўся, Таму ж і не ўбачыў Нечага. І хацелася мне Перанесці, як хату, Вушачу ў Падсуседзі Парыжу, Каб вяз, Бацькаў вяз на палях Елісейскіх Зелнеўся на яблычны Спас, Як зямляк На азёрах усвейскіх. Каб у гіз, Разганяючы кроў, Паспытаўшы з гарода грыжанкі, На паўдзён заганялі кароў У шкляныя хлявы парыжанкі. І прачнуўся. Прыхмарваўся дзень, Як прытомлены думнік Радэна. І лавіла свой цень-круцень Над страхой у суседа антэна.

Парыжам поўная галава

Анёл вясёлы лыжы Настроіў на Парыж. І я жыву ў Парыжы, Бо смутак мой, Як віж, За радасцю цікуе, Што там маёй была, І похапкам цюкуе Парыжскага святла Бязважкасцю цяжкія, Як воблакі, цюкі. І смутку рэжуць шыю Дакору асцюкі. З Булонскага, былога, У лес вушацкі свой Яму ляжыць дарога З лірычнаю жарствой. Хай смутак пакарпее! А я наўспыш, як пыж, Са стрэльбы нецярпення Лячу — Абы ў Парыж!

Запомнілася

Карласу Шэрману

Гляджу на афішы, І забірае ахвота Забраць дадому, Каб прымацаваць на фіранцы Гэтае На фоне нацыянальнага сцяга Каляровае фота Найлепшае срачкі Францыі тысяча дзевяцьсот дзевяноста першага года…

Выходзіць…

Туга, як пад венікам мыш, Чакае тае хвіліны, Каб зноўку сасніўся Парыж Лятучы Як рой чмяліны. Каб вуліцу перайшла, Як рэчаньку, парыжанка, Пакуль набірае цяпла У хаце свая ляжанка. Хай пал прабяжыць наўздрыж, Нібы той цягнік з адхону… Выходзіць з мяне Парыж, Як градусы з самагону.

* * * У запушчаным…

У запушчаным, Пушчаным на самапас Садзе Гвалт падымаюць сарокі. Аблачыны маўчаць, як сурокі. Пазірае на ўсё ясназоркі Час, Набраўшы маўчання ў запас. Што вяшчуюць — Бяду, навіну Траскатухі ў прытомленым садзе? Мне б хацелася вырваць віну, Як з глухое ляхі травіну, Павініцца, пакрыўдзіцца Звадзе, Што мяне пасварыла са мной, Што звяла мяне з сумам, самотай, Сцежак шмат натаптала з адной, З той адной, што ўцякала з вясной І душы маёй раіла: лётай! Я зусім заблудзіўся на сцежках чужых, Я згубіў сваю сцежку спакою. Дзякуй, сад, Што са мною таемна заціх. Твой, Паганец зялёны, І ўздых, і ўскалых Я хрышчу абмялелай ракою…

Расчуленае перадзім’е

Радзіславу Лапушыну

Калі б у свеце ўсім адзін такі, Як Вы, застаўся, Жыць на свеце варта. Чужэюць, халадзеюць дружбакі, І з хмелем шчырасці мялее кварта, З якое ў маладосці п’еш нагбом, Як у люстэрка, ў дно Глядзіш на схіле. Званец на лузе, На званіцы бом, Здаецца, адцвілі, адгаманілі. І ўзнікне звонка Сябра малады, Як гук, Што сум на глухасць правярае. Адлежна пацяплеюць халады, І крыўдаў і хвароб адстане зграя. І возера паверыць астравам, І абмакнецца ў дождж Блакіту луста. Я словы Вашыя вяртаю Вам: Без Вас у пана Бога будзе пуста.

Зялёны ўспамін

* * * Пушча…

Пушча — Зялёны ўспамін планеты Пра тыя часіны спакою, Калі Ўсё буяла па ўсёй зямлі, Калі збываліся прыкметы. Пушча — недашаптаная казка, Дзе сняцца борцям мядзведжыя сны, Дзе хочуць рэха ўцвяліць лесуны, А ў восені воўк наняцца падпаскам. Пушча — Пушчаны голас на волю, Гул капыту І разгул лычу, Грахі, адпушчаныя крумкачу, Што сыціўся дзікім мясам без солі. Спытаецца вецер: — Куды вы, аблокі? Адкажуць дажджамі: — У Налібокі.

Быццам

Быццам просіць душа глухая: Не міні мяне, Памяні. Ціхі дождж ідзе й не сціхае. Аж чуваць, як растуць камяні…

На валожынскіх могілках

На могілках ні дрэўца. І здалёку Падасца — крушні ўсе разварушылі. Ці нават цень трымаць нялёгка лёху, Дзе ўсе Зямны свой клопат патушылі. Імшэе мірна з зоркаю Давіда Менора, Што як восці з рэчку смутку. Дзядоўніку надломаная дзіда Трымае ля сцяны благую чутку. Конь белы, Дзве казы Ды тры авечкі На восеньскай скупой пасуцца пашы. Палеглых камянёў глухія вечкі Схацелі засланіць магілам пашчы. Як з Бібліі авечкі, Козаў быццам Прыгнаў Шагал, І конь з яго размаху. Грэць дол ужо астылы Звычна пыцкам. Скубуць траву, Што прарастае з праху.

* * * Гэта, як з цыганчынай маны…

Гэта, як з цыганчынай маны: Вечны дом, далёкая дарога. Адыходжу я ад гаманы, Адыходжу ад сябе самога. Скрытна ад мяне ўцякае спрыт. Круціць сумна дні мае кружала. Рыба куплена, і воз накрыт, Як радня апошняя казала. Спадабаецца траве мой след. Можа, зноў вяртаюся дадому. А чаго прыходзіў я на свет, І не адкажу сабе самому.

* * * І вянец, і вянец, і яшчэ вянец…

І вянец, і вянец, і яшчэ вянец. І аблокі і зруб імшылі. І звінеў пушчанскі званец — Івянец. І дажджы сум птушыны тушылі. І надумаліся халады У балоты ды ў ляды выслаць, Цяжка ў торбу паклаўшы ляды, Быццам падчарку з казкі, Іслач. Хоць гарэў, ды не грэў Веташка каганец, Як вісеў над зялёнай заслонай. Пушча З пошумам згодная йсці пад вянец. Іслач — Шаферкаю сцюдзёнай.

Завоз

Генадзю Равінскаму

У млыне з сілікатнай цэглы Як апошняе вытрасаюць. Іскры белыя выкрасаюць З зерня пад маразок набеглы. І нясуць у мяхах на падводы — Так нясуць хіба сонных дзетак. Сумнай пляшкі зялёны ветах Затрымаў самагонны подых. Гулка, Пыльна. Завозна. Золка. Млын жыцця — Ён таксама тлумкі. Забярэш свае мукі клумкі, Запыліўшы крыло анёлка. Двор прапах, як млынар, мукою. Смачна квокча страха-чубатка. З белай лысінкай жарабятка Сыціцца трасянкай мяккою.

* * * Забыццё — не асцё…

Забыццё — не асцё, Ды нагадліва коле, Успамін — не язмін, Ды ўквячае сляды. Муравой захінаецца Слова «ніколі», У мурах адгукаецца Слова «тады»…

Кромань

Казіміру Камейшу

Пушчанскае возера Кромань З крамянай, З крамянёвай вадою. Ці тут гэта ісціны промень Намацвае ў цемры прадонне. Ніяк не ўзляціць да чародкі Чарот — Хмары восеньскай хрэсьнік. Адбегся ад возера ўсё-ткі Прамерзлы на костку Бярэзнік. Знікаючы, Пушча таропка Шукае гаючага трунку. І Кромань — Балючая кропка У сказе, Што просіць ратунку.

Івянецкі зазімак

Даланя й дзве свячыны              ўніяцкага храма Бласлаўляюць мястэчка              й вятрыстае ранне. Ціха стыне              стаўка перашклёная рама, І надрэчная вулка              хацінамі вяне, Як галіна лістамі,              што звыклі вініцца. Сад стаіць галаруч.              І не чыняць турботы Недасмалак вароны,              імглінка сініцы, Акалелага яблыка              страх круглароты.

Памяці ліпы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча

Тут са стагоддзямі вялі вайну, Не толькі палявалі на дзічыну. Адстрэльвалі святую даўніну. Тут выбівалі думку пра Айчыну. І жах, і кроў Перапаўнялі роў, Што рылі чужакі, Забыўшы стому. Прах ваяроў, Сядзібы песняроў Кідалі ў пашчу полымю сляпому. Гукні ў абсяг у голай цішыні І хворае пачуеш адгалоссе, Ад пушчы пні, Ад гмахаў камяні — Адно, што для нашчадкаў Засталося. Якая ж гэта д’ябальская сіла Скасіла нас І веру пагасіла?

Параненае рэха

Стогн захлынаўся, рэха шугала, І захапілі вятры для разгулу Памяці даўняй глухія прагалы, Поўныя перастаялага гулу. Абараняючыся, абаранялі Лёс, Што цяпер жа на іх наракае, Людзе з падсечанымі каранямі, Дрэвы з адсечанымі рукамі.

* * * Як гэта ты, маладзіца-зіма…

Як гэта ты, маладзіца-зіма, Выплыла неяк ціха? Енчыць завея — Ратунку няма — Белая спарадзіха. Дзень нараджаецца белы, як свет, Хмарамі не спавіты. Белы на чорнай бяскрайніцы след — Восень здала іспыты. Грэйся, зіма, з маразамі ў шатры, Не ўспамінай аб марцы. З лёгкімі торбамі Прыйдуць вятры — Змерзлыя старцы.

Усё роўна

Каб нават зрабіўся анёлам, Дык, твой пралятаючы дом, Зваліўся б, Бо я зачапіўся б крылом Ці дужа рагатым нечым, Па-грэшнаму чалавечым…

Сагнуліся

Сагнуліся Прыдарожных бярозаў цвікі, Золь Забівае іх ціха ў сутонне. Храпуць Гарабатыя грузавікі, Як нейкія Марсіянскія коні. А недзе Вячэра расселася ля катла, Стамілася Супраціўляцца пакора. У заўтра Дарога спяшаецца да святла, Каб З цёмным Вярнуцца паспець ва ўчора.

* * * І хочацца дабрадзею…

І хочацца дабрадзею У гэтым зябкім жыцці, Назваўшы жонкай надзею, Да скрухі пайсці ў зяці. Са скрухай думаць аб страце, З надзеяй зіму перажыць. Ліпець у прымацкай хаце І вока не запарушыць. Кастрыцай благога настрою, Як клопат сатрэ свой лён. З усмешкай — З вясёлай сястрою Сустрэць невясёлы скон.

* * * Аглухне…

Аглухне І адчырванее медзь Ад сораму перад самой сабою. Не ўсё ж грымець. Час цьмець І зелнець Ад зайздрасці. Яна ж была трубою…

* * * А з дна калодзежа святлей…

А з дна калодзежа святлей Свет бачыца над галавою. Ад холаду аслеплы глей Хацеў бы Зелянець травою. Але траве не ў галаве, Што не адна яна жывая. Цячэ вада, І глей плыве, І дно паволі заплывае. А свет Святлее ўсё адно Рамонкам У сусветнай багне. Пакуль ёсць дно, Датуль яно Забраць таго, хто ўверсе, Прагне.

* * * Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве…

Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве І цьмяна блісне, як нарог ратая: Тваё жыццё — Апошні сказ у бібліі, А першы сказ наступнік разгадае.

Вечаровыя пацеры

Стане Віфлеемам сэрца…

* * * Каля гасподняй Дамавіны…

Каля гасподняй Дамавіны — Укленчыць І апасці ніц, Як ліст, Што адляцець павінны Пад блаславенне бліскавіц. Пліта халодная, як розум, Паразумеецца з душой. Спакой Абдасць такім марозам, Што ў гэтым свеце Ўспомніш той. Чый Бог Адзін за ўсіх хварэе, Смяецца з нашых звадаў Лёс. Бо ў старасці мы ўсе — Яўрэі, Як малады Ісус Хрыстос.

* * * Ён ступаў…

Ён ступаў Па маладой зямлі, Выратоўца, босаю нагою. Дома доўга тлеюць вугалі, Домам пахне родны дым ізгою. Ён пакінуў Босыя сляды На спякотных камянях і ў чыстых Душах. І дагэтуль цень худы К вечару расце І пыл не выстыг. Каб Людскому не згарэць галлю, З ласкі Боскай Мусіць свет да скону Найсвятую ўсёй зямлі Зямлю Уздымаць над прахам, Як ікону!

Сцяна Плачу

Сцяна не адгароджвае. Яна Названа прышласцю Сцяной Плачу. Як покуць, Свету цэламу відна. Тут кожны думае: Свой сум растрачу І зробіцца нявіннаю віна. А за Сцяною Ці чуваць Яму І наш самотны плач, І наша гора. Трымаюць сцены хату І турму. Адзін Гасподзь — Надзейная апора Ўсяму, што Ім задумана, Ўсяму. Паразбуралі нашы храмы ўсе. І, мабыць, гэта перад развітаннем Слёз ціхіх хмары Ветрам прынясе, І мы жывой Сцяною Плачу Станем, Каб заступіцца даць ад нас Касе. Стах страх. Маўчыць таемнасць, як сцяна. У небасхіла Зацякла спіна…

Над Галілейскім морам

Затрапятаўся, быццам дабравесце, Над Галілейскім морам галубок. І ветру зажадалася прывесці З маруднай рыбай Сеткі трапяткія. І ён бруёк блакітны павалок. І дол сухі Успомніў дотык кія. Лянотаю зялёнай пальма млее. Тут мусіў змаладзіцца свет стары. І стала хроснай маткай Галілея. І Капернаўм чуе крок Хрыстовы. І не змаўкае Слова на Гары. Як наша каня, Просіць піць прастора.

Русалка

Сонца бяссоннае паліць пальма. Вецер, як заказытаны, шастае. Ды позіркі ўсіхныя Халодзіць подыхам Некранутай красы Русалка з возера спёкі — Пальма: Постаць лускастая, Зялёныя валасы…

Ерусалім

Міхаілу А. Фарфелю

Млечны Шлях, як радасны кілім, Любяць развінуць нябёсы поўначы, Каб душа, йдучы ў Ерусалім, Не блудзіла ў цемры, Бога помнячы. Колеры світання й палыну, Колеры няспыннасці й нязменнасці Апранаюць міг у даўніну, Важаць час Празрыстымі бязменамі. Як на мулкіх зорах, Горад лёг На пагорках, дзе начуе раніца. Блізка лог, Дзе ўсіх збірацьме Бог Судным днём, Што ўсім апошнім станецца. А вядуць не ўсе дарогі ў Рым, У Ерусалім Ідуць нястомнікі. На магільніку, як дым, сівым, Скалянелі камяні-паломнікі. Тут да Бога блізка, як нідзе, Аж чуваць, Як Немінучасць дыхае. З Вока яснага сляза ўпадзе — Стане Віфлеемам сэрца ціхае.

* * * Страх свой не абтрасеш, як прах…

Страх свой не абтрасеш, як прах. Цяжка смерці зазірнуць у вочы. На Галгофу далёкі шлях, Не чаканы, Як сон сірочы. У самім жа сабе згарыш, Сам наблізіш сваю катастрофу, Сам жа мусіш свой несці крыж, Узысці на сваю Галгофу. І праступяць у людзях, У тлях Цудадзейнасць, Вар’яцтва, Калецтва. Да Галгофы кароткі шлях — Даўжынёй на ўсё чалавецтва…

* * * Прыгадваю гарыстыя Бычкі…

Прыгадваю гарыстыя Бычкі У горадзе, абраным панам Богам. І кланяюся ранішнім дарогам, Што пабягуць дадому нацянькі, Дзе слова Быкава прапахла стогам, Дзе п’е паўдзён яшчэ ў ракі з рукі, Дзе цешацца разлогам скразнякі, Затокай вадзянік, мядзведзь мярлогам. Тут Еўфрасінні Полацкай чало Зайшло ў імглу, а з Полацка вяло Святло святое да Ерусаліма. Радзімы без апостала няма. Свой боль, свой сум, свой подых нездарма Апосталу даверыла Радзіма.

Іярдан

Ад ценю дрэў зялёны Іярдан, Напоўнены нябеснаю лагодай, Цячэ ў душу Гасподняю гасподай, Пустэльнасці аперазаўшы стан. Густой вадой Хрысціцель Іаан Хрысціў Хрыста, і леціў ахалодай Ад ценю дрэў зялёны Іярдан, Напоўнены нябеснаю лагодай. Не пагасіўшы соль Хрыстовых ран, Імкнецца свет умыць і ўцерці згодай Ад ценю дрэў зялёны Іярдан, Напоўнены нябеснаю лагодай.

* * * Камяняр крута камень куе…

Камяняр крута камень куе. У рашучым настроі зубіла, Быццам сіла, Што старасць згубіла, Зноў правы праявіла свае. Іскры прагнуць паветры глыток. Спёка Рот разаўляе шырока. Быццам выбіў ён словы прарока, Паважае сябе малаток. Апранае Ерусалім Камяняр Як заложнік знямогі. І ў канцы яго мулкай дарогі Замаўчыць Толькі камень над ім.

Святарнае святло Трыпутнік

I
Ерусалім — Хаціна Саламона. Страха накрыта Сонечнай сломаю. Акропленае Праведнасці лона Слязой, Як з мора Мёртвага, Салёнаю.
II
Ад ускоту аж да закоту Сонцу хапае сілы Трымаць спякоту І свой настрой прыўзняты, Як бы цыбатацене Паўдзён ні рос. Ерусалімскія схілы, Як тыя Непад’ярэмныя асляняты. І мроіцца ўяве нядрэмнае, Што на неаб’езджаным недзе У горад уедзе Ісус Хрыстос.
III
Раскрыжаваныя рукі, Нібы Разнятыя для палёту крылы. І голас архангельскае трубы З крыніцы смагі Нап’ецца сілы… І ўбачыш такое ў сабе самім, Што пабаішся пасвіць вачыма… Аднойчы ўвайшоўшы ў Ерусалім, Не зможаш Выйсці з Ерусаліма…

Манастыр Латрун

Тут сам сябе саромеецца крок. Халодных сцен халодная ахова. Пятнаццаць год маўчаць Далі зарок Манахі, Каб адчысцілася слова. З манахамі маўчаць Віна, бяда, Трывога ды гарластыя навіны. Гавораць моўчкі позіркі, хада. Кранае цішу ўсмех Ды ўсхліп нявінны. І толькі манастырскае віно Прыняць зарок не хоча Надта хмуры. Адно За ўсіх смялей шуміць яно, Вяшчуючы народзіны й хаўтуры…

І дагэтуль…

Тут жыў рыбак Сімон. І камяні Як быццам і дагэтуль Пахнуць цінай. Было, Чакалі сеткі глыбіні, Аблокамі навісшы над хацінай. І мора галілейскае ўраджай Не выпускала з хвалістых засекаў, І рыбакі пачулі праз адчай: — Я вас зраблю лаўцамі чалавекаў… Назваў Сімона Пётрам Бог жывы, Каб збыўся каменем царквы Ягонай. І, гаспадар гарачай галавы, Апостал не спяшаўся Стаць іконай. Ён завагаўся, морам ідучы, І пеўнеў крык пачуў, Каб адрачыся. І ў вернасці да скону кленучыся, Ад брамы раю атрымаў ключы.

Выхад

І праявіцца будзе час праяве, А цеста закісліць няма калі, І ўцёкам з рабства Сам Гасподзь спрыяе, І ў ценяў за плячыма хатулі. Дык на вадзе ўчыняй муку няволі, І цеста прэснае, як дні твае, Кладзі на плечы — Сонца агнявое Хай праснакі пячы не прыстае. І вёў Майсей… І пёк пясок, як прысак… Не скажуць ні дажджы, ні маразы: У праснакоў саленаваты прысмак Ад поту Ці ад радаснай слязы…

* * * Чым Бог бліжэйшы да зямлі…

Чым Бог бліжэйшы да зямлі, Тым Ён нябеснейшы… І тут, відаць, Прывычна дзіва здзейсніўшы, Уборы, што з блакіту, Лёгка скіне — і, Нябачны, ўбачыцца Сляпым і жабракам. Як выдых, выйдзе З ветрасценнай скініі, За сынаў боль Даруючы цвікам…

* * * Усходняя калючая краса…

Усходняя калючая краса Сама сябе калючасцю бароніць. На свет глядзіць, Як быццам з-пад крыса, Альбо ўтрымае цень, Альбо аброніць… Усё жыве, Пакуль свой мае цень. Паласкавеўшы, Перакаці-поле Згубіла цень І марна дзень у дзень Бяжыць. Бо цень свой не дагнаць ніколі.

* * * Я царкву сваю ў душы нашу…

Я царкву сваю ў душы нашу З алтаром святла, званіцай болю. Правіць смутак мой па мне імшу, Хоча хваласпеў злагодзіць долю. Я хаджу, ўпавіты праз вякі, Як шляхамі да сябе, Грахамі. Прычашчаюся з Яе рукі, Спавядаюся прачыстай Маме. З тлумам ды з малітваю жыву, Паважаючы зямлю сырую. І за тое, Што нашу царкву, Думаю, Ўсявышні мне даруе.

Мальба

Калі маю суцішыць галаву Напханая габлюшкамі падушка, І змоўклы запярэчу — Я жыву, Бо за мяне жыве мая дачушка! Яна мая па духу, па крыві, Крывіцкая крывінка, Крывічоўна. Святы Гасподзь, Душой не пакрыві І не падумай пра яе грахоўна. Нябесны пыл ператварае ў бруд Нахабны свет захаканы, шалёны. Няхай не трапіць толькі ў перакрут, Як з лёну тканая, душа Ілоны. І на каленях аб адным малю, Бо пачынаю адчуваць расстанне, — Гасподзь, Дачушку не забудзь маю, Будзь Бацькам ёй, Калі мяне не стане.

* * * А святлом да святла прабіцца…

А святлом да святла прабіцца З паднявольнае глухаты Можа толькі бягуха-крыніца Ды яшчэ, мама вечная, Ты.

Позірк

Нязмерклым позіркам ікон Глядзіць на нас Прысуд халодны, А ў позірку дакор, і кон, І прага выбеліць палотны Зямных шляхоў, — На іх вякі, Што будуць, што былі аднойчы, Нібы сухія васількі, Ляжаць, Нябесны сум не тоячы. Не змераць зорнаю вярстой Жыццё. І зверыць час няма чым. А можа, гэта позірк Той, Што ўбачыць хочам І не бачым?

* * * А камень на сэрцы…

А камень на сэрцы, Каб вецер не знёс І сэрца, І нас, ветрагонаў. Той камень ад жорнаў, Дзе меле лёс Авёс неўзараных загонаў. І цёмныя жорны, І зорны латак, І смех, Пабялелы ад мліва, Пытаюць падтакліва: Так ці не так? І камень Цяжэе маўкліва.

Па чарзе

Спачатку ловім мы жар-птушку, Узняўшы ў небе зорны пыл. А потым — Палку-падпірушку, Каб свой падперці небасхіл. І засланяем шчыльна люшку, Чакаючы з апошніх жыл, Каб на апошнюю падушку Упаў хоць цень Анёльскіх крыл…

* * * Светлыя думкі твае…

Светлыя думкі твае, Чорныя думкі твае І непадуманыя Той, хто жыццё нам дае, Той, хто святло нам дае, Ведае, бачыць і чуе. Памятай, Ты не адзін, Следам за бегам гадзін Ты не знікаеш таксама. Думкі самотныя, сумныя. А падкалодную, злую Думку не пусціць да храма Той, хто нам думкі дае.

* * * Мамы не стала — не стала радзімы…

Мамы не стала — не стала радзімы, Дзе нарадзіўся старэць, І падалася душа ў пілігрымы З мараю маму сустрэць. Доўга блукала, Гукала дарэмна Маму душа ў халадах, А назбірала знявер’я бярэма На перазяблых слядах. Досвіткам бачыцца цень нелюдзімы Голай душы на вятрах. Мамы не стала — не стала радзімы. Страх пасяліўся ў вірах.

Дзякуй! Даруй…

Дзякуй, што калыхала, што з пачопкі нагу не вымала… што ў рог падушкі клала й было мне утульна й цёпла, як у гняздзечку. Што з нічога нешта вымоджвала, са старога новае перашывала, каб бацьку цеслю было не сорам мяне, хутаранчыка, паказаць мястэчку. Даруй, што ночы твае маладыя ўкраў, капрызамі, ці, калі па-вушацку казаць, — урáгамі. Што быў тваёй высакоснай трывогаю. Што падторкваўся ўсюды, бы ў прымаўцы чорт пад брагу. Дагэтуль дзіўлюся з твайго цярпення ўвогуле. Дзякуй, што ў блакаду цягала, як сваёй кацянятка кошка. Што вылізвала, як карміцелька нашая сваё цялятка-квалятка. Што нецяжкою табе здавалася ускуленая доляю ношка. Над ракою жыцця ты гнулася, як з песні зыбкая кладка. Даруй, што пасаромеўся ўзяць піражкі, якія ты мне прынесла на перапынку вясновым у школу. Ты маркотна казала: дурненькі, усе ж ведаюць, чыя ж я мама. Што ў сад аж у Арэхаўна хадзіў з сябрукамі ў шкоду. Што глядзеў на цябе часцей, як восеньскі дзень, бо ласку маю хлапечая сарамлівасць трымала. Дзякуй, што газы ў газоўку прыносіла ў цёплай бутэльцы, каб мог рыхтаваць урокі. Што абшывала як не ўсю Вушачу, а сама была плюшаўцы рада. Што вучыла мяне ксціцца й пакланяцца святой Нядзельцы, бо Божанька, ён адзін, а мяняецца, як надвор’е, улада. Даруй, што першы гурок, які ты халадніку ахвяравала, я ўпотайкі сашчыкнуў, а ён мяне выдаў пахам. Што не густа, а рэдка пісаў табе, з’ехаўшы з дому. Што апошнюю тваю перадачу з аўтобусам рэйсавым не сустрэў. Позна ўжо ўспамінаць са страхам, як самаўпэўнена я хлусіў сэрцу твайму святому. Даруй, што спазніўся пачуць тваё апошняе слова. Без цябе давялося мне жыццё пачынаць ад Адама. Даруй, што шчырасць тваю выстуджваў, як сівер, сурова. Дзякуй табе за жыццё! Даруй за няўдзячнасьць, МАМА…

* * * Быццам у дзверы глухія…

Быццам у дзверы глухія, Посахам грукаю ў дол, Дзе стаяла бацькава хата. Час не баіцца ні ківу, ні кія. Не адгукаецца ўкарэлы падзол. Доўжыцца ростані рата. На бязвокім страху лаўлю Сам сябе і на гэты раз: Грэшна ў дачаснай мальбе Грукам прыспешваць зямлю. Каб стому маю забраць да сябе, Сама расчыніцца ў час.

Дзве

Дзве жанчыны на свеце Умеюць самаахвярна чакаць, Гэта маці й старасць. Хоць і не заўсягды Іх чаканне збываецца, З падумкамі разнаякімі, З нецярплівасцю аднаякай Чакаюць абавязкова З пачатку свету…

* * * Старасць робіць жанчын сарокамі…

Старасць робіць жанчын сарокамі, А кароў гаспадынямі цёплымі, Вераб’ёў мітуслівых прарокамі, Хмару цёмную светлай кропляю, Дамаседам сабаку збеглага, Бацяна лугавым філосафам, Ды не зробіць чорнага з безвалосага. Гэта ў старасці дні юначыя Наракаюць, Што іх з’іначылі.

* * * Чым больш старэю…

Чым больш старэю, Болей хутарэю, Ці не таму, што карані на хутары. Цягну ў самой самоты латарэю, Адно пакуль што Сам з сабой не гутару. Хачу, абгарадзіўшыся карчамі, Маўчанне неба зразумець Высокае. Хачу, каб не шапталі, не крычалі, Каб дружна дні мае не ўкарачалі. А сум няўтульна З позірку саскоквае, Нібыта з воза зморанае кола, Што мне гады круціла невясёла. Хачу дагнаць свой сум, І хутарэю, І хахінуць мяне Прашу завею.

Каля мяжы

Каля мяжы, дзе ўжо няма значэння Быць ці не быць, маўчаць ці гаварыць, Знячэўку згіне сон, душа значэе І думка знічкай быстраю гарыць. І да мяжы, дзе аніякай варты, Усе і ўсіх сыходзяцца шляхі. І халадзёнка льецца з меднай кварты У лазні, дзе не змыюцца грахі. Каля мяжы ніхто не мае ўлады, Няверца ўспамінае аб крыжы. Крывыя вечары сустрэчы рады Каля тае мяжы…

Траецкія Дзяды

Марыі Андруховіч —

з падзякай за аер

У хаце дыхае аерам, маем. Схаваўшы цень свой пад крысо, Дзяды Траецкія прыйшлі. Мы іх прымаем, Чым маем. — Хоць спачніце ад хады! Маўчаць Дзяды, Маўчаць, як аблачыны, Што мусілі праліцца цішынёй. І прыцемкаў забытых Пух качыны Змятаецца нябачнай даланёй. Траецкі дождж Паволі любіць ліцца. Чакаў, Калі прыйшла пара касіць. Стараецца дарэмна бліскавіца Сама сябе за локаць укусіць.

На Радаўніцу

На Радаўніцу свечку запалю. Схілюся. Замоўкну. Ціха памалюся. Даверыўшыся вусцішнасці й скрусе, Успомню тых, Хто паўтарыў зямлю. Тут пры святле задуманага дня Гаркотна стыць заплаканаму воску. А там, Дзе ўсё павінна быць па-боску, Ці выплача сябе душа да дна? Я помню ўсіх, Старых і маладых. З іх кожны мне Сваю пакінуў звычку. І полымя нявінную каплічку Хістае Чыйсці непрысутны ўздых.

* * * Усё сваёй чакае кары…

Усё сваёй чакае кары Ад чалавека да пчалы. Стае і ганьбы, і хвалы Ўсім — ад красуні да пачвары. Ды ганьба сцішыцца па часе, Да іншых кінецца хвала. І ўстане цяжка з-за стала Бяда, што сваццяй набылася. Махне рукою радасць-скнара, Растане сум, як снег вясной. Ды пойдзе першай за труной Ягоная за кожным кара.

* * * Як матылёк свой кокан цёмны…

Як матылёк свой кокан цёмны, Душа мая Пакіне цела. І сонечныя верацёны Спрадуць сарочку, Каб зіхцела! Бо й нарадзілася, магчыма, Душа ў сарочцы, Раз паспела Зжыць недаверлівае цела І неба падтырмаць вачыма. Зямное ўсё Душы чужое. Эклезіяст спяшаў зазначыць: Усё вачыма лепей бачыць, Чым цёмначы блукаць душою. У руху ў несупынным коле Душа адчуе Подых Ойчы. Зямлю наведае аднойчы, Ды мной Не будзе ўжо ніколі…

Купалле

На зямлі не злічыш сонцаў уначы. Можа, зоркі свой патрэбны час праспалі? Колы з’езджаныя паляць крывічы. Перад цемрай правінілася Купалле. На платах набралі ветру ў рот збанкі, Самі просяцца ў агонь з паветкі дровы. На плытах і на ганках плывуць вянкі, І з вянкамі на рагах прыйшлі каровы. Светла ў хатах селі продкі на куце. А ў бары, які не ўвесь патрэба ссекла, Кветка Папараць спалохана цвіце, Як душа, што з раю вытурылі ў пекла. Ад урокаў крапіва ды палыны: Зві папружку дый тужэй аперажыся. Дамавіты, дымавіты, смаляны Дужы дух паблытаў долы й высі. Белабог даў белы кужаль з туману І чырвоны полыск вогнішча — Купалле, Бел-чырвона-белы сцяг у даўніну Нас вядзе, Каб мы не счэзлі, не прапалі!

* * * На вуліцы хадою ціхаю…

На вуліцы хадою ціхаю Ступае сабе старая, І радасці той стае, Што глухая зямля яе Яшчэ адпіхвае, Яшчэ не прымае…

Выдохрышча

Вадохрышча — воля вадзе, Марозу — сцюдзёная доля. Завея крысом Калядзе Махае, Знікаючы ў полі. Прымае хрышчэнне вада — Паганка ад першай крыніцы, З-пад цёмнага лёду жуда І ценю ад крыжа баіцца. У проламцы цёпла вадзе — Ад пары цяплей суравею. Вада за сабой павядзе Разводдзе вярбовага рэю. Свянціцьмем хрышчонай вадой І хаты, і борці, і труны, Казу з барадой — на надой, І руні азяблыя руны. Хай руны вада прачытае — На тое ж яна і святая!

* * * Сівая бабулька…

Сівая бабулька — Як тая прасніца: З парадзелай кудзелі Ейных кудзёрак Старасць — Старанная пралля — Пражу прадзе На саян Бязважкі, як вецер, Белы, Як сам туман…

Зняверанасць

Зняверанасць — Жабрачка несусветная, Як міласціну, ісціну жабруе. Маўчыць, Што за спіною апраметная, А дбае пра шаршатку залатую, Каб збольшага залапіць лахманы, Бо лахманам яе няма цаны.

Запытацца

— Дарагія гаспадары, Вам ці не надакучылі госці? — Запытацца ў лагчыны, ў гары, У ракі ды ў лясіны ў бары, Ў аблачыны, Яе Высакосці, Запытацца ва ўсіх мусім мы, Покуль нас яшчэ слухае слова, На кватэру да вечнай зімы Адыходзячы абавязкова…

* * * Нарэшце і я ў тым веку…

Нарэшце і я ў тым веку, Калі ўжо не верыш, Што выйдзеш з вады сухі, Калі залічваюцца чалавеку Ягоныя ўсе грахі. Бо стаяць перад Госпадам мне, Як на завозным млыне, З грахамі, Быццам з тымі Непустымі мяхамі, Непачутым у гамане…

* * * А свечкі ўсе васковаабавязаныя…

А свечкі ўсе васковаабавязаныя І ўсе павінны ў воску адслужыць, І ўсе адной суровай ніткай звязаныя, Як доляй той, Што з полымем дрыжыць. Па крапіве, па лотаці, па блёкаце Са старасветчыны ступае страх. Самаасвечаны стаіць на покуці Васковы посах у апошні шлях.

Колькі разоў

Колькі разоў засынаем, Гэтулькі й паміраем, Прывыкаючы да вечнае Нематы й глухаты. У гэтым свеце мы, Гараджане й сяляне, — Усе паміране. Памірацьмем, Каб не баяўся той свет, Што застанецца пусты.

* * * Дзюравы камень…

«Дзюравы камень» — Скамянелы бог Дажджоў густых, Прыплоду ды старання. Хто да яго даткнецца, акрыяе. Сваю карону лось кладзе да ног Яму. І папараць кахання вяне. Цвярдое цемя ацяняе мох. У ямінцы стае жывой вады. Чарпнеш — І памаладзеюць вочы. І ўявіцца, Што хоча рух прарочы Перахітрыць паганскі дух бяды. Балота зыбістае ў перакроччы — Хацелі з твані вырвацца сляды, Ды трэці певень быў пяяць ахвочы. Халодны госць халоднай айкумены Трымае страх за пазухай каменнай.

* * * Старасць…

Старасць — Багавейнае старанне Выстарацца — Значыць пастарацца Старасці капрызнай падабацца, Бо абы-каго чакаць не стане. На цябе, нялюбага, не гляне, Да другога, дарагога, пойдзе. Бохан моцы, спечаны на подзе, Паднясе яму ў замілаванні. Старасць — Пераборлівая скнара — Ведае свой талент дасканала.

Асяніны

Унучка — Першы званочак, які Напамінае шчасліваму дзеду: Звыкайся пакінуць зямную бяседу, Збірайся да гурту Дзядоў нацянькі. Дзяды маюць ласку Наведаць радню На адпаведнае даўняе свята. Б’юць дзіды лядовыя Цемру зацята, Каб звідніць дарогу Наступнаму дню. Калі не з Траецкімі па вясне, Дык хоць жа Са Змітраўскімі Дзядамі, Як дзікі дзядоўнік, Што ссохне з гадамі, Наведаю кут, Дзе чакаюць мяне. Хоць колкі сяннік, Напіханы журбой, Пасцелюць Дзяды — Іх завуць Асяніны — І сон недаснёны Расчыніць дзвярыны, Сарваўшы Замовы зімовы прабой.

* * * У свата цераз плячо…

У свата цераз плячо, На покуці на абразах, На крыжах на магільніках, На раздарожжах, На смутных вачах, На вясёлых вазах Ручнік — ілляная дарога У цёплых слядах Ног босых Божых. Грэюцца на ручніках караваі, І нябожчык на ручніках Адплывае У вякі. І зямля, Яшчэ ўсё сырая, Расу выцірае Ручніком, які Сівярáць скразнякі… Ручнік прыручаны Давярае Негаваркому руху рукі.

Толькі

Жыццё — пераезд з небыцця ў небыццё Таму й дзень наступны — як вызваленне, Таму ж і ўначы пачуваешся, Як у абавязковым астрозе, Таму й дзякуеш загадзя За дамавіну лясам, Таму й дрыжыш рыбаком Над ветрахвостым уловам, Таму й не маеш упэўненасці вяртацца.

Багавейнае

Унесла мне ў суботу Дамінічка Свянцоную запаленую свечку. А заўтра свята яснае — Вялічка. Святло сваю Прадоўжыць з цемрай спрэчку. І сонейка — чырвонае яечка — Знясе святая раніца ў аблокі. Унуччыны анёлкавыя крокі Пяюць. Дрыжыць нутром гарачым свечка. І хочацца памаладзець хадою, Дастаць ручнік — Хай куфру крыкне вечка, — Памыцца з міскі летняю вадою: На дне ляжыць Свянцонае яечка…

Госць

Смага нажытку зайздросніка смажыць Болей і болей нажыць. Толькі не думаюць хціўцы, што нажыць Доўга не ўлежыць, Далей пабяжыць. Ці да суседа, Што дзецьмі, як бобам, Густа абсыпаны, Ці да кумы, Што са сваім мужыком-дзецяробам Хоча дажыцца да цёплай зімы. Вечнае што? Толькі вечнасць нямая, Ды не таму, што няма языка, Проста з імгненнем жадання не мае Гутарыць, Нават шкадуе кіўка. Госць, Казытнецца касою твой карак, Век твой пазычаны ледзьве ліпіць. Вечнасць душу, Як ад свечкі агарак, Возьме тваю, Каб спачатку ляпіць.

* * * Вудаўё дрыжыць ці рука?

Вудаўё дрыжыць ці рука? Рыба спрытная, маладая, Дзе глыбей ідзе, Пакідае Звечарэлага рыбака. А зрываецца больш з кручка, Застаецца ўлову нядужа. Дыхае за спіною сцюжа У ссівелага рыбака. На губах дагарае луска Пырскамі З рыбіны шанцавання. І самота, Капрызная паня, Смела туліцца да рыбака.

* * * Не адлучаўся я зусім…

Не адлучаўся я зусім З вушацкай хаты анікуды. Дратоў з’інелых перагуды Мой цягнуць сон З далёкіх зім. І дні спяшаюцца ўпадбеж Вярнуцца ў цішыню нязлую. Там толькі, Дзе душа начуе І прачынаецца, Жывеш…

Хай абмінае!

Яшчэ мне плача Сініца ў пляніцы З марозных малечых дзён, А ўжо Дамініцы Надумаў прысніцца Першы сон. …І шэпча сонна, Што мама Ілона Мела пушысты занятак — Венікам з хаты Выганяла заўзята Куранятак. А Дамініка (хай расце вяліка!) Грэлася пры сонейку, Чуўся Крылкаў кароткі лопат. І, калі верыць сонніку, Дык куры — гэта клопат. Некалі ж прабабка Дамініччына Куліна Спявала, як выпадала Святлейшая хвіліна:         Курачкі, не сакачыце,         Галоўкі не клапачыце,         Ёсць у мяне рэшата пшаніцы,         Буду я дзетак жаніці… Дамінічцы прысніліся кураняткі За першым разам, Значыць, клопат З дуронкаю, распушчонкаю Разам Пачынае расці, Каб потым за ёй ісці Па жыцці. А Дамінічка Пад хусцінкаю, Як сунічка пад лісцінкаю, — Гэтакая маленькая, Гэтакая саладзенькая. Хай абмінае яе да пары Клопат — Дзед стары З кавенькаю У людскім бары…

Bono sensu

Не толькі грэцца ля цёплай грубы Ды чаравата хварэць на пана, Агні, й воды, й медныя трубы Прайсці ў жыцці нам наканавана. Агні гартуюць, халодзяць воды, А трубы медныя лашчаць зманна. Ля крупадзёрні чакаем лагоды, Там, дзе дзярэцца нябесная манна. Калі ж мы вернемся да гасподы Той самай, Дзе ў печы гліняныя поды, І вусны жвіровыя сцісне магіла, Не запытаўшы нашае згоды, Наноў разбудзіць агні й воды Труба Гаўрыіла.

Трысцё

Лявону Баршчэўскаму

Жыві самотна. Без цябе Тваё жыццё хутчэй прамчыцца. І можа, цельная ваўчыца Завые ў лесе не ў жальбе, А ў радасці, Што ўсё яшчэ Трывацьме доўга Род ваўчыны — І пах крыві, І дух аўчыны Халодны голад урачэ. Жыві няўтульна. Дабрабыт Цябе ў сваё нутро зацягне, І глухнуць будзеш, Як у багне, І прагнасць свой пакажа спрыт. Жыві вясёла. Без цябе Пакумяцца твой сум з тугою, А смех званочкам пад дугою На ўсіх забудзецца ў гульбе. А кум куме рад, Павёў куму ў вінаград: — Шчыпі, кума, ягодкі, Каторыя салодкі. Каторыя горкі, Для маёе жонкі, Каторыя сладкі, Ды для маёй маткі. Ці вінаград, Ці віны грады — Жыццё? Не скажа забыццё. Лес малады заселіць лды, Звяселіць берагі трысцё.

* * * Бог спачатку неба стварыў…

Бог спачатку неба стварыў, А пасля ўжо зямлю надумаў. Бёрны сплавіў з захмарных румаў, Свет зрабіў, Як святы наіў. Тумановы клубіўся дым Над яшчэ не патайнай вячэрай. Не сякерай рубіў, А верай Свет, Жагнаючыся духам святым. Нам у доме паначаваць, А прачнуцца ўжо ў дамавіне. Свет — наш дом. Позірк неба сіні Нам у душы шле багадаць.

Ашуканка

Мама мая ашуканкай была. Каля стала У дзяльбе Ашуквала сябе, Калі дзяліла Апошнюю скібку — Меней сабе, Сыну болей. Доля маму Абдзірала як ліпку, Ды мама ішла У перахітрыкі з доляй. Ашуквала голад Крапівою ці шчаўем, Ашуквала холад Паветкай дашчанай, Ашуквала сон — Уставала з расою, Ашуквала соль — Нішчымніцу саліла Слязою. Сын ашуканкі, Душой халадзею, Ці не ашукаў я Яе надзею?

* * * Плытчэе, святлее…

Плытчэе, святлее Гадоў бруя, А сорам саломы палае. Душа твая, Як і ўнучка твая, Гарэзлівая й маладая. Пястунка дазволіць Сябе забаўляць, Люляць І насіць на шыі. Пакуль твае плечы Не забаляць І стома торбу пашые. І смеху жаўрук Заціхне ўвушшу. Абрынецца Радасці восець. Спытаюць: — Што робіш? — Душу нашу. А можа, яна Мяне носіць?

* * * Сапернік вечнага Тварца…

Сапернік вечнага Тварца, О скульптар, Дужы глінамесец, Зляпіць ці можаш Поўны месяц Ці хоць бы веташок з канца? Ты з гліны месіш продкаў прах, Як заўважаў Хаям цвярозы. Табе чалядніцамі крозы, Табе дарадцам боскі страх. Гарнушкі, міскі ды гаршкі, Вядома, ў гаспадарцы трэба. Ды атрымай заказ ад неба Ты на бажкоў і веташкі!

* * * Прыйшлі канцы к гародам…

«Прыйшлі канцы к гародам» — Прыйшлі з Вушачы словы. Як на паўдзён каровы. І вочы есць куродым. Бязладзіца ў гародах — Ва ўсіх гадах мінулых. Спяць шулякі на шулах. Дождж сохне ў азяродах. Бязлюдзіца ў гародах — Тваіх усмяглых летах. Яшчэ нязніклы ветах — У небе смутку продых. Гаротнасць у гародах — Тваіх апалых вёснах. З усмешкаю на вуснах Пачуў халодны подых. Зайздросцячы чародам, Пашлі хоць думку ў вырай. Будзь сам сабе апірай. Прыйшлі канцы к гародам.

Ліст у Межава

Алесю Лобкісу

Маладзенькім яблынькам тваім Б’ю чалом, Як спелы яблык долу, За дары з зялёнага прыполу. Мы садамі ўсохлымі стаім, Каранямі мерзнем ад падзолу. Дружа мой з вушацкае пары Той, дзе сум Здаваўся лёгкай ношкай, Той, дзе хцівасць Адзічэлай кошкай, Помніш, Не тачыла кіпцюры. Там ні гуку ў цішыні старожкай. Яблык кожны ў кулаку цвярдым Сціснуў цёмнай ісціны зярняты. Кожны яблык сам сабой заняты. Таямніца яблыні і ў тым, Што сваёй усім хапае раты. Яблык падае — І мы за ім…

Tibi et igni

Tibi et igni — табе і агню, Не папраўляю лаціну. Попелу дзьмушку на вецер ганю, Рыфму спыняю ля тыну. Стыну, Пакуль дагараюць радкі, З тыну Ганю павуціну. Грудкі твае нагадалі грудкі. Гнаць мне ганкі па віціну. Сцісне віціна ў цяжкую далонь Мокрыя пальцы бярвення. Можа, пакіне агонь Абалонь. Неба ахопіць барвенне. Будуць палаці палаць. Насланню Жах спалатніць палатніну. Tibi et igni — сябе не віню, Клічу на змову лаціну.

* * * Homo homini lupus est…

Homo homini lupus est — Словы не прыскакалі з лесу, З кіпцюроў сталёвых прагрэсу Вырываўся канкрэтны змест. Чалавек чалавеку воўк, Воўк у лес глядзіць, як вядома. І ваўчэе, карчэе homo. Навісае цяжка дамок– лаў меч, І, нібы на фэст, Распаўзаюцца з цемры жахі У крыві па самыя пахі. Homo homini lupus est.

Лёгка

Я лёгка сябе пачуваю — Ні славы, ні грошай няма. І радасць надзіва жывая Вяртаецца ціха з найма. Старалася ў наймітках Радасць, Цярпела прыгнёт і прымус За хлеба надзённага кус, Чакала, што нехта Дабра дасць. Бо радасць — Жабрачка святая, Як мае, Хутчэй раздае. Туга неабдымна сытая З закутка глядзіць на яе. Сядзіць на куфрах Ды на клумках І толькі зайздросціць туга. Шкада адламаць пірага — Скупая і ў кумках, і ў думках. Адчай за ракою рыкае — Бугай гэны ўсіх забадзе. Вясёлая радасць чакае, Каму засмяяцца ў бядзе.

Васілю Быкаву ў светлы дзень

Хрыстос васкрос! — і ўваскрасае Душа, што смутная была, І з цвёрдай веры выкрасае Усмешку добрую святла. Хрыстос васкрос! — лягчэй нябёсам Трымаць аблокі дум цяжкіх! Хрыстос васкрос! — спаткацца з лёсам Дазволіў міг, стаіўшы дых. Хрыстос васкрос! — грэх цёмны плача І не саромеецца слёз. Расцвіў з вярбою кій жабрачы. Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!

* * * Гадавыя…

Гадавыя Прайшоўшы свае паравіны, Сад вушацкі мой Чуе хаду халадоў: Караніны ў зямлі, У нябёсах галіны, Ствол хавае сляды Адбалелых гадоў.

* * * А прымаўка гэтая яўна старая…

А прымаўка гэтая яўна старая, Вякамі задымленая, як загнет: Бог не гуляе, А свет мяняе. Але не дужа мяняецца свет. А раптам Бог у сваю ахвоту, Каб не старэць, Каб адпэндзіць спакой, Такую прыдумаў сабе работу, Якую не здужаць Людской талакой? І ціснуць нашы грахі камянямі, Не полецца нашай ляноты гарод. Па прыкладзе Бога І мы мяняем Гаршкі на гліну Ці наадварот?

* * * Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной…

Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной, Ад каго з нашчадкаў ягоных На зямлі застаецца гной, Хто з’аблічыцца на іконах. Што больш трэба, Ці дух, ці гной, Не адкажа зямля збажыной.

Эміграцыя

Эміграцыя — вечны рух. Эмігруюць птушкі ў выраі. А куды Эмігрыруе дух, Калі З цела душа эмігрыруе?

* * * Сум…

Сум, Як прывід старажытнай Грэцыі, Здаўшыся аднойчы, не знікае. Толькі дай Дрывам журбы ўгарэцца, Дым гняздо саўе над хмызнякамі. У залёты да спадзеўкі лётай, Суцяшай душу гадзінай шарай. Радасць суцішай сваю самотай, Марай гнеў карай, Як цёмнай карай.

Час папрасіў

І прала роспач воўну часу, Счасаную на ваўначосцы Гняўлівасці ды неціхоцця. І ткала роспач коўдру часу На мулкіх кроснах, Якія Хронас змайстраваў. І засцілала роспач ложак, Пакуль Харон смаліў свой човен, Каб перавезці з часу ў бесчась.

Сасновы сон

Снег лясны ўрачысты, як вясковец, Што на фэст прыспеў раней за ўсіх, Свеціцца — аж сосны зелянеюць Ад святочнай радасці ягонай. Свеціцца — аж збіўся з панталыку Малады лясун, бо перазімак Белаты не бачыў. Атрасае Рыжыя іглінкі з каўняра. Снег лясны, як ціхі сон пра маму І забыты, і наноў саснёны У сасновай хаце даўніны, Сніцца… сніцца… Аж прачнуцца страшна.

* * * Плылі з блудадзейнага Рыма…

Плылі з блудадзейнага Рыма З заразай маралі вазы. Айчына шукала айчыма І лоб непакорны гузы. І грукалі здані дзвярыма. Паганцаў гнялі абразы. Прарокі праходзілі міма. І чэрці ўцякалі з лазы. Світанне сухімі вачыма Вітала снягі й маразы. Разгадвала роспач, магчыма, Загадку слязы…

Засынаючы

Веча мае свой рот — Ад роспачы круглы звон. І на веча ідзе народ, І, як звон, Гудзе ён. Звон мае свой язык. У людзей языкі свае. Даганяюць адзін аднаго Зык і сык. І кожнаму спрыту стае. Туманеюць галовы. Ракою плыве чарот. Вечна галодны У веча рот. Незадаволенае, як прыблуднае, Чэрава — Не палуднавала, Не вячэрала Нідзе. Таму й гудзе…

* * * А гарады — як мужчыны ў гадах…

А гарады — як мужчыны ў гадах, Не спатоліўшыся прыгажосцю, Пачынаць дбаць Пра ложак і дах, Радавацца нехаджаламу госцю. Позірк — паломнік. Страх — пілігрым. Іх разумее здароджаны подзіў. Віцебск — Расхрыстаны Ерусалім Слухае неба На схілах стагоддзяў.

Відаць…

Відаць, не без падстаў У радасці й журбе Ранейшага сябе Я забывацца стаў. Ці проста горшы стаў, Ці лепшы, як сказаць. Я ўзелянеў, як стаў, Зарос, як сенажаць. Забыў, як спіць агонь, Як трызніць цень труной, Як сохне свежы гной, Як пахне потны конь.

Калядныя перагукі

Каляным снегам заслаліся ўзгоркі. Крыгамі грымнуў мароз нягеглы. Пралегла па лёдзе калядным Да зоркі сцежка ўздрыглівая.

* * * Маё маленства — маё маленства…

Маё маленства — маё маленства Айцу, й Сыну, й Духу Святому. Маё маленства — шчырае ўкленства Пачутаму сэрцам, нябачнаму Тому, Што мне дазволіў Быць госцем свету, Што неба ў полі назваў Айчынай. Радком ягонага Запавету Я вылушчаны на святло ляшчынай, Якая доляй маёй названа. І ацянінка яе лісціны Была даланёю бацькі Івана, Была хусцінай мамы Куліны…

Не чуе…

Увечарэлы змрок плыве, плыве, Лагчыны засцілае белым дымам. Сумёт не чуе, Як на галаве Ад сцюжы быльняжынкі сталі дыбам…

На змярканні

Міколу Плавінскаму

Збіваючы босыя ногі Аб каменьчыкі, аб валуны, Падаткнуць не паспеўшы Падол гарачы, Віцьба бяжыць Прасіць ратунку ў Дзвіны Высахлай, спрацаванай прачкай. Гадзіннік глынае гадзіну Яшчэ адну. І ратуша слухае, Як гук у каменных грудзях сціхае. Успенская горка Трымае будыніну, як труну, І ёй спачувае восень Яшчэ не глухая. Дзвіна хоча ў Рыгу з’явіцца У тумановых шаўках. У бурштыновых каралях Балтыка З крывічанкай мусіць лічыцца. І сучка віцебская З жыватом у жывых сучках Вачыма шукае костку. Пастава рымскай ваўчыцы.

Выкні!

Хмарыцца цёмнааблока. Выкні, мой настрою. Песні маміны далёка — За гарою сырою. Затрымацца не хацелі, Як на рэчцы хвалі, Леты маміны зляцелі — Вырай даганялі. Песні спеты, Зжаты леты — Не вернуцца з прочак. Усе цветы пустацветы, Адзін васілёчак…

Урэшце

Стаміцца ў варажбе, З самім сабой застацца, Прывыкнуць да сябе — Капрызнае мастацтва, Каб чуць, Як час звініць, Як моц бярэ знямога. Ва ўсім вініць Сябе самога.

* * * Адчуваю, сочыць за мною…

Адчуваю, сочыць за мною… Адчуваю, пагляд гарыць… Адчуваю, дыхае за спіною… Аж часам загаварыць Хочацца з Ёю… Ды трымаюся, хоць чакаю… Бо яшчэ не знікаю…

* * * Гэтулькі часу на гэтай зямлі…

Гэтулькі часу на гэтай зямлі Нас і трывае Адзіны, Колькі спатрэбіцца нам, Каб маглі Нашы грахі й правіны Перад матулямі выкупіць, Ды І неўміручасці мала, Каб пакаяння нямыя пуды Шаля спагады ўтрымала. Шчодра нам плоціцца: Злосцю за злосць І за пакуту — пакутай, Покуль ліхвярна душу Ягамосць Возьме даўжніцай разутай. І даганяе матулю душа, Грэх несучы за сабою. Там жа, напэўна, Такая шаша — Што ні слядоў, ні выбояў…

* * * Хай слёзы ці бобам, ці градам…

Хай слёзы ці бобам, ці градам — Каза твае долі някозная. Ужо ты за тым даляглядам, Адкуль азірнуцца позна. І як ні круціся, нябога, Назад не павернеш нічога. Уперад глядзі, Дзе блізкаю Душа твая ўздрыгвае пліскаю.

* * * Мы сваёю здаволімся пашаю

Мы сваёю здаволімся пашаю, Лепшай так за свой век І не ўбачылі. Дзеці — роспач дарослая нашая, Унукі — спадзяванні дзіцячыя.

* * * Куртаты ўнуччын…

Куртаты ўнуччын І мой цыбаты Без слоў два цені Вядуць дэбаты. Два цені моўчкі Вядуць размовы, Унуччын ранішні, Мой вечаровы. Трава прыціхла Ў хатраспляценні. Лятуць два цені, Як летуценні. Бяжыць Дамініччын За матылькамі, А мой ніцее, А мой знікае.

* * * Душа глядзіць, як цела адмірае…

Душа глядзіць, як цела адмірае, Надзённая, відушчая яна Глядзіць з таго нябачнага акна, Адкуль відаць ёй Хата з краю раю. А ведае, паспеецца яшчэ У хату новую перасяліцца. Цячэ жывіца, Сыплецца ігліца, Пакуль на подруб сосны Час сячэ.

Каляды

Цераз пушчы, цераз гаці, Цераз ляды Абагрэцца куццёю ў хаце Ішлі Каляды. Сена грэлася пад абрусамі. Свечкі грамнічныя не гаслі. Коні загадвалі гаспадару самі Мурагом не абносіць яслі. Не елі й не пілі Старыя дзяды, Пільнавалі, калі Народзіцца зорка Калядная І маладзік малады На адлігу ці на халады Засвеціць каля яе, Каля аднае. І мароз хоць раз у жыцці Запрашалі паспытаць куцці: — Будзь, мароз, пры сіле, Толькі нас не ўшчыкні, Не ўкалупні. І ты, васілёк, не бойся, Нябёсся ў жыце! — Жадалі. І яшчэ прасілі: — А вы, вераб’і, Нашых не малаціце, Ляціце На Дзямідавы калапні! А каля рэчкі Каля Доўжыцы Ад спрэчкі прэчкі Ішлі калядоўшчыкі, Калядавалі, Дзякавалі, Калі давалі. Ішлі З торбамі й мяхамі. Кашалі Здорам ім махалі Часам, Не ўпікалі Калядоўшчыкаў Кавалкам ласым. Запрашаюцца Каляды За сталы Крывічанкамі й крывічамі. З ласкаю І малы й сталы Прывячае Свята наскае, Крывіцкае. А над яслямі карова З ціхімі вачамі Дыхае сабе Цёплымі пыцкамі, А ў каровы зорачка ў ілбе.

Сухары надзеі

Па летах пазнаеш палетак, Па восені посіні подых. Вятры па загонах палеглых, Тугу па струхнелых калодах. Трымаючы боханаў поўні, Не грэбуй, багач, сухарамі. Вясною заўважаны, Помні — Зіма твая не за гарамі. Зіму сустракай праснакамі, Вясну сухарамі надзеі. Каб цёпла з зайцамі завеі Апошнія дні прыскакалі.

* * * Ці ўчула свой закот чало…

Ці ўчула свой закот чало, Ці ўжо сябе стаміла праца, Мяне цікавіць пачало, Якія сны ў магілах сняцца. Перанасельнікі магілаў Па колькі бачаць небасхілаў?

* * * Сам ад сябе з дакукі лямантую…

Сам ад сябе з дакукі лямантую. Я знелюбеў табе, Мая душа. Цябе я абганяў, як бульбу тую, Сахой тугі І клаў на дно каша, Каша, што сплецены З лазы намераў Ісці ў няволю, волю даць табе. Я гэтулькі дарог сабе намераў, А ты цяляткамі з зоркаю ў ілбе Ірвешся з вытаптанай тлумам пашы На іншыя, густыя мурагі, Дзе ўжо цябе чакаюць берагі, Да цёмных водаў Шчокамі прыпаўшы.

Высока

Ные высока самалёт, Як зуб сцямнелага неба. Ноч захварэла Забытай хваробай — Паветранай трывогаю. Небу да шчакі прыкласці Грэнландыю трэба. А як чалавек Баліць Богу?

Там і тут

Жыццё маўкліва загоніць у вугал Перад тым, Як пакласці на кут. Жывое дрэва счэрніць на вугаль Халодны агонь пакут. І як ні старайся ўкусіць Свой локаць, Ты мусіш палохацца Тут, Што мала надзеі Там Сесці на покуць, Тут болей гарантыі Легчы на кут.

* * * Бальшыня сваякоў і сяброў…

Бальшыня сваякоў і сяброў Перасялілася ў царства ценяў, І з кожным годам часцей Сустракацца даводзіцца з імі, Гутарыць, смуткаваць, радавацца, Як і ў гэтым жыцці калісьці, У снах, Што маюць трывалую памяць. Гэта прыходзяць нагадаць пра сябе Самота, Старасць І настойлівы напамін адтуль.

Не дужа!

Не дужа, манашка-каплічка, Чарнейся ў вячэрняй траве. Па-ранішняму крынічка Звініць — Ёй імя Дамінічка. У хаце крынічка жыве. Не рупся, няпоўная брычка, Каціцца па мулкай жарстве. Майго развітання крынічка Звініць — Ёй імя Дамінічка. У сэрцы крынічка жыве!

* * * Як лугавіну каса ні жане…

Як лугавіну каса ні жане, Хоча адскочыць атавіца. Ціхну, старэю — І да мяне Маміны словы вяртаюцца. То вытыркаюцца з-за каптура, То датыкаюцца пысамі, То да цыбулінага пяра Цягнуцца — Земскія пісары. Быццам адчулі, Што без мяне Ім заставацца сіротамі, Стыць і гарэць У сваёй старане Разам з чужымі чародамі. Дзелімся мы й навіной і віной, Тужым з вушацкімі доламі. Я не знікаю, Бо нада мной Маміны словы — анёламі.

Дым

Цётка Марыя — Цёзка біблейскай святой, У дзявоцтве Міцкевіч, Як бальшыня вяскоўцаў З лясной Кавалейшчыны, У хаце, выстуджанай слатой, Печ зацепліла — І з коміна, ад вятроў азалеўшага, Пайшоў на вуліцу дым. А цётка Марыя засталася Пры катлах, пры патэльні, Пры чапяле. І, парушыўшы досвіткавы інтым, Шоргат, бразгат, грукат Акрэсліўся на святле Засквараным рухам. Цётка Марыя грэе хату І варыць варыва. Дым вырываецца з коміна, Як уздых. Цёзка біблейскай святой Грэе неба і ў небе хмарыва. З раніцы клопат пра ўсіх.

На перавозе

Хачу пабыць на перавозе, Каб перавознік малады, Не вымаклы ў будзённай прозе, Бы ў песні той, Мае гады Зноў перавёз на ціхі бераг, Як маладзенькіх жарабят, На бераг, Дзе ў сваіх намерах Святлее ўночы зарапад. Каб зрання Вымкнула старанне, Каб чуць, Як з восеньскіх такоў, І нецуглянае іржанне, І цокат цупкіх капытоў. Ды, конюх радасці кароткай, Чакаю свой табун дарма. Стаю ў руках з пустой аброткай, А перавозніка няма…

Нашча

Заходзіць лета

Туман наклаў сырое вета На вецця перасохлы ўзмах, І кроў зарэзанага лета Распырскаў шарахлівы мак…

Сокат

Адсырэў ў аблоках ветах. Уцякаюць ад навальніцы Конікі на веласіпедах — Толькі часта сакочуць спіцы.

Браты

Для хмар Над дахам ці над вольхаю Дождж і пажар Шумяць аднолькава…

Каменьчыкі

Вершы, Што каменьчыкі марскія — Мокрыя зіхцяць на далані. З далані іх захапленне скіне — Шэрым сохнуць сумна ў глушыні.

Хвораст

Слава, Быццам з хворасту агонь, На якім і бульбу не зварыць, — Хутка загарыцца і згарыць. …Толькі прысак ападзе на скронь.

Зімее…

Смуга не каецца ў сваёй правіне. У суравея прападае пыха. Счарнелыя вулканы кратавіння, Прысыпаныя снегам, Стынуць ціха…

Старыя

Стары распяць імкнецца парасон, Прысеўшы на краёк ламанай лавы. І парасон свой адчувае скон — Не слухаюцца і яго суставы.

Райцэнтр

Райцэнтр — абрабаванае мястэчка, Свянцонае савецкім мацюком, Як тое велікоднае яечка, Разбітае фальшывым мацаком.

P.S

У абліччах старых ведае кожны штрых, Што на іншы ніхто яго не памяняе. Узнагароды вясёлы звіняць на жывых І ціснуць мёртвых ахрыплымі камянямі.

Завулак

Няма чым месту прыкрыць свой плех, У засені ўзнікнуць бы нанаў. На шалях ляжаць, Як нязважаны грэх, Сцюдзёныя пальцы бананаў.

Кунега

Усё ў кунежна-белым сне. Бог нават затаіў дыханне. Ледзь Ён расчулена ўздыхне — Святла не стане, Сон растане…

Раптам…

Снегу гэтулькі шмат, І да таго ён белы, Што, як таму каню, Захочацца раптам травы Сырой, нявыспанай, Такой — каб аж цуглі пазелянелі.

Пачулася…

Мароз. Прытома. Беласцежжа. Лянее люты ля мяжы. І мне пачулася з разбежжа: Сініцы точаць лемяшы…

* * * Белая робіцца барада…

Белая робіцца барада, Фарба ліняе любая. Не выцвітае толькі жуда, Цемра не выгарае. Ледзьве запусціць жуда кіпцюр, Выпусціць не пажадае. Неба ўцямнее, Як даўні мур, Ззябне надзея худая. Стане самога сябе шкада — Цёмна з душою цяжкою. Вольна вяльмуецца ў цемры Жуда Цемрынай любай дачкою. Папахадзі Па лам’і, па хлуддзі, Збіўшыся з тропу за хаткай, Выйшаўшы з цемры, У цемру йдзі Згадкай святла І загадкай.

* * * У глыбіні не мае дна…

У глыбіні не мае дна, Ірвецца — не парвецца, Бо неўміручая яна, Таму й душой завецца. Ідзе балюча па жарстве Да берагоў Элады. І той, У кім душа жыве, Над ёй не мае ўлады. Яна парчу, Як і паршу, Умее зрынуць смела. І нельга вынесці душу, Як дамавіну, З цела.

Даенне аблокаў

Воўна — аблачына, Прывязаная чынна Да прасніцы. І пралля Цягне аблачыну за вымя, Доіць і доіць яе Пад вуркатанне Калаўрота й ката. Цупкі, асачысты струмок Цячэ й цячэ, Рэжучы пальцы пралліны На скіпучыя каляінкі. І пасля з каляных цуркоў Цёплае аблачыны Ткуць адзенне, аблачэнне, Абвалачэнне, Пасланае небам самім Праллям, ткаллям І ўсім-усім…

Радня

І адварочваецца спіной — Не цырымоніцца літасць скупая. І адчуваю, як смела за мной Блізкай раднёй Галеча ступае. Крыўдзіцца дарагая радня, Што на яе забыўся… да часу! Хоць, як казалі, радня да дня. Нішчымніца толькі Помніць закрасу. Ад роду не ў воду! З пустых каўшоў Накорміш голад хіба дакорам. Галечу помню — З галечы прыйшоў, Ды зноў Прызнаваць за радню яе — Сорам!

* * * Я па чарзе зняволенай вадзе…

Я па чарзе зняволенай вадзе Па-хрысціянску падстаўляю шчокі. Наводліў б’е струмень, Пачаўшы скокі, І ад яго халоднасці нідзе Я не схаваюся ні на зямлі, Ні пад зямлёй, Пакуль патрэбен стоме І цень мой не спадобіўся саломе, Што сціснулі ў аглухлыя кулі. За ўсіх, хто змоўкнуў, Гаварыць вадзе, Пакуль туман ідзе, Плывуць аблокі. Падставім шчокі, Дзень мой яснавокі: Ручнік дадуць На незямным судзе…

* * * Пачынаю восень адчуваць…

Пачынаю восень адчуваць І вясне не верыць паступова. І гусцей смуга, І пастухова Мне туга нашчадная чуваць. Кожны з нас, ці ўдачлівы пастух, Ці няўдаліца, Сваю радоўку Адбываць памалу ці падоўгу Мусім, Покуль прысак не патух. Грэецца ля вогнішча бяда, Лёс пасём свой, Парабкуем, княжым. І, галодная, за лёсам нашым Сочыць ваўкарэзінай жуда. Выскачыць з рабінавых начэй Радасці маланка шаравая. Пераміргваецца з журавамі Вогнішча самотнае вачэй.

Датрачваю

Спадчыну апошнюю датрачваю, Спадчыну датклівага маленства. З рупнасці скупечага шаленства Я дрыжу над рэштай, Над астачаю. Не стае блакітнага, рудовага Колераў нябеснага спакою. Крыўда рэжа злою асакою, Здрада, дзе ні ступіш, Вывіжоўвае. Тым жыву, Што спадчыну датрачваю. Старасць без пасагу пакідаю. А душа, вядома ж, маладая Не жадае Долю мець жабрачую.

Непадуладны

Жыццю непадуладны сон, Што снёны кімсці, Новым стане. Каб спачувала ране ранне, За сон схавацца хоча скон. Бо прыручае сон зямны Да непрабудна-незямнога. І сніць груклівы сон дарога, І сняць павеўны сон званы. І яўна ведаюць яны: Ёсць толькі сон І больш нічога…

* * * Нада мной дагарэла знічка…

Нада мной дагарэла знічка, Загадаць толькі я й паспеў, Ці не мерзне мая сінічка, Ці звініць яе сіні спеў. Сіні-сіні, як тыя хвалі, Што прысніцца могуць адно. Сіні, як нябесныя палі, Што пярун забівае ў дно. І пакуль чарнатою жычка Дом глухі мой не абаўе, Мне звініць у душу сінічка, Дамінічкай завуць яе…

* * * Каб светла стала, так трэба мала…

Каб светла стала, так трэба мала, Бо радасць сочыць за словамі. Мне Дамінічка прапанавала: — Давай мяняцца галовамі! Трымае досыць змроку густога Мая сівая, балючая. Хапала шуму, ставала стогну, Як той вярбіне над кручаю. Вядома, гэта незразумела Усмешцы лагоды — Унучачцы. Сваю галоўку мяняе смела, Каб з дзедавай мулкай мучыцца. Ды, як шчаслівы дурань з дзвярыма, Нашуся я з прапановаю. Шкадую ўпотай, што немагчыма Пабыць з галавою новаю. А старасць — хцівая маладзіца Свой клопат адно і ведае. І Дамінічцы магла б згадзіцца Яе галоўка светлая.

* * * Бабульцы нялёгка стаіць…

Бабульцы нялёгка стаіць Сваю непатрэбнасць, галечу. А дзе мая старасць стаіць, Ці з хлебам, Ці з торбай заплеччу? Ці недзе на познім таргу Лягчэйшы кіёк выбірае? І сам адказаць не магу, Не скажа й дамоўка сырая. Ці гэта на кожным рагу Я старасць сваю сустракаю, Ўступаю чаргу па тугу, За ёй назіраючы з краю. А старасць шукае мяне, Я выгляд раблю, што не тая, Якую, сівеючы ў сне, Прысніў, Неадступна ступае. Мне сталасцю старасць лягчэй Назваць І спагадней для слыху. Змаўкай Ці, як шлях, язычэй, Аднолькава радасці й ліху.

Чорны грай

Голова моя машет ушами.

Сяргей Ясенін Як восеньскі лес, Галава Ад чорнага граю цяжкая. І рэха, Нібыта знава, З былой бліскавіцай блукае Па сцежкай, Дзе памяць мая Хадзіла яшчэ маладая, Цяпер з-пад рукі ручая Той след Забыццё выглядае. Пуляціцца страху сава. Шуміць І на страх не зважае, Як восеньскі лес, Галава Чужая Аж да небакраю.

* * * Хвалям разгубленага ўспаміну…

Хвалям разгубленага ўспаміну На цьмяны бераг не прыгайдаць Здрадай падкупленую хвіліну, Пра гаць дарозе не прыгадаць. Уцякаючы ў забыццё, Як у гета, Вар’яцеючы ў цішыні, Памяць сабе заслужыла Хоць гэта — Права на выхадныя дні.

Пад ціхую старасць

Звыкаюць сівець аблачыны І цёпла зрадняцца з дымамі. Пад ціхую старасць жанчыны Падобныя болей да мамы Паглядам, хадою, журбою, Лагодай, няспешнасцю, стомай І нават хусцінкай рабою, І грозьбай да плачу знаёмай. Таму, пэўна, памяць трымае Нясмелы акрайчык надзеі, Каб думаць, Што мама жывая, Аднекуль вярнуцца паспее…

Буслова нарачонка Паэма кону

Крылы не развінуў у палёце, Адляцелі ў вырай чароды. Ён зазімаваў на балоце. Перамерзлі цёплыя броды. Выйшаў парабак да жывёлы. Босы бусел ходзіць па снезе. Белы — як зіма. Невясёлы. Нават сны не сніць аб начлезе. Ногі, зябнучы, ппадымае, То адну нагу, то другую. Ні парады, ні рады не мае, Як зіму перажыць даўную. Глянуў парабак на пакуты І сказаў, як роднаму брату: — Не калей раздзеты, разуты. Буслік! Буслік! Хадзем у хату. Гаспадыня ткала красенцы І сказала: — У хаце пакіньце. Ён ад холаду ўвесь трасецца. Ды ў яго ж чалавечыя кіпці… Пачала ў невядомым страху Узірацца ў кіпці наўскоса. Маладзіцы бусел з размаху Дзюб — і выдзеўб палову носа. — Бусле! Што ж ты зрабіў ліхое! Я калекаю засталася. Бусел кажа: — Ляці са мною. Выгаю ўсё па хуткім часе. — Як ляцець мне, бяскрылай? — Пытае. — Апрану цябе, — кажа, — ў крылы. Выйшлі ў двор, І хвіліна тая Таямніцаю ўсё акрыла. Узняліся ды паляцелі. І зрабілася цёмна ў хаце. Дзеці дробныя асірацелі, Засталіся яны без маці. Маладзіца ў гасподзе новай Новыя навяла парадкі. Стала жонкай яна бусловай. Нарадзіліся бусляняткі. Ды зрабілася сумна гэтак. Просіць мужа: — У край паляцім мы, Дзе пакінула першых дзетак. Прыпаду хоць крылом да радзімы. З буслянятамі прыляцела, Села на сваім азяродзе. Галаву закідвае смела І клякоча, І ў ціхай згодзе Памагаюць ёй бусляняткі Клекатаць: — Кле, кле, кле! — на палеткі Льецца клёкат. — Бы ў нашае маткі Голас, — Кажуць першыя дзеткі. Дай жа ў клетку зловім бусліху, — Дзеці раяцца. З азярода Не ўцякае бусліха. Паціху Захінаюць сетку. З гарода Дзеці ў хату ўнеслі бусліху, А на грушыне бусляняткі. Пачакаўшы на моры крыху, Прыляцеў бацька бусел, Бы ў ладкі, Плешча крыламі ды клякоча. У акно як ударыць дзюбай — Шыба дзынкнула па-сірочы. Бусляняткі да маткі любай. І паселі на стол бусляняткі. — Кле, кле, кле, — Цыбаюць на палаці. Дзеці першыя, як ападкі, Плачуць: — Кажуць, ты нашая маці? — Кле, кле, кле, Дзеткі, я ваша мамка, Ды вярнуць мне няўзмогу страту: Зашчапіла кутая клямка Дзверы ў зачараваную хату. Бусляняткам быў край нямілы. Пер’е ў маці ўчарніла гора. …Дзеці вывелі птушак за крылы. Паляцелі яны за мора…

Як трываеш?

І як хапае ў цябе дабрыні І цярпення ўвогуле, Каб у свае несканчоныя дні Чуць столькі хлусні, Бачыць гэтулькі погані, Гэтулькі поскудзі, Як ты трываеш, Госпадзі!

* * * За ўсё ў гэтым хуткім жыцці…

За ўсё ў гэтым хуткім жыцці Сваім жа жыццём заплаці, Каб ціха паспець развітацца, Але ў даўжніках не застацца Ў зямлі, Дзе вузельчыкам ты Жыццём завязаны на памяць, Каб мог і наступнік твой цяміць, Што доўг закрычыць з нематы. Прарэжацца голас адчаю І ўзыдуць кругі на кругі. Жыццё нам усё пазычае, Каб смерць спаганяла даўгі.

Баюся

Наказ свой напісаць хачу, але баюся І напамінам разбудзіць бяду. Пакуль жыву, Датуль малюся Беларусі І да сваіх з малітвай гэтай адыду. З сабою Беларусь насіў па белым свеце, Дзе толькі я ступаў, Там і яна была. Нашчадак крывічоў, Я меў адно на мэце — Як кужаль, адбяліць і слова дабяла. Каб ручніком кужэльным выцер вочы Наступнік мой і позіркам з’яснеў. Мне сонечнілі дзень І ранішнілі ночы Крывіцкая мілосць, Крывіцкі рупны гнеў. Калі адчую, Што прыйшло маё бяссілле, Прасіць пачну Як самай боскай мілаты, Каб і вятры па-беларуску галасілі, Нудзіліся па-беларуску чараты. Ідзе мой цень замроенай травою, Сцяжына з дому і дамоў вядзе адна. Не томіцца трымаць зялёнай галавою Вушацкі небасхіл Вушацкая сасна.

Жыві!

Смех давіцца журбою, Зайздросціць шчасцю гора. Жыві самім сабою, Ты сам сабе апора. З табой твае трывогі, Куды б цябе ні ўпекла. Адны і тыя ж ногі Вядуць у рай, і ў пекла. Бяжыць і пралятае І чарада, і зграя. Рука адна і тая І лашчыць, і карае. Здадуцца зоркі ўночы, Што ў цёмнай місе груца. Адны і тыя ж вочы І плачуць, і смяюцца…

* * * Я — пасівелы бацька дзён маіх…

Я — пасівелы бацька дзён маіх, Дзён маладых, Што ў свеце разбрыліся. Чакаю іх, Гукаю марна іх — Мне не сабраць усіх Пры поўнай місе. Ні весткі з невядомай стараны, Дзе будуць дні мае старэць паволі. На бацьку забываюцца сыны, Як быццам не было яго ніколі. З душы не вгнаць, Што сплыло з вачэй. Былая баравіна ные пнямі. Трасуся над сваімі, як кашчэй, Асатнімі распешчанымі днямі.

* * * І пакуль мы старэем, датуль і жывём…

І пакуль мы старэем, датуль і жывём. Харахорымся, пнёмся, А старасць чакае. П’ём маркоту нагбом, Б’ёмся ў радасць ілбом. Дарагое пітво, Чара ўкоптур цяжкая. Мы залежым усе, як агонь, ад красы, Ад надзеі, нагоды або ад нагодкі. Нас убачыўшы, Ціха старэць лясы. Не старэюць нябожчыкі, Як аднагодкі.

Шкада

І зробіцца сябе шкада, Ссівелага каня старога, Калі адчуеш, Як сторога Падступіць да цябе бяда. І кожны рог са ста рагоў Яшчэ цябе не працінае, А ўжо лагода незямная Дыхнула на тваіх багоў. І на цябе дыхнуў той пах, Якім наскрозь прапахнуць мусіш. Не скажаш праўду Дый не схлусіш, Зямлю адчуўшы на губах.

Паклон

Паклон кужэльнаму сувою — Бярог і ў сквар, і ў маразы. Іголцы з ніткай суравою Хвала. Я іх за абразы Паклаў бы, Бо на гэтым свеце Нас атулялі І на той Не выпускалі галатой Ад’ехаць у глухой карэце. Пазначыў рупны рух іголкі Хмурыну кужалю ў крыжы, Каб блаславілі шлях анёлкі Аж да апошняе мяжы.

Яно

Яно пачаткам маім было. І першым слова мяне сустрэла. Я рос і старэў, А яно не старэла, Было высокім яго чало. Я траціў і набываў сяброў, Былі са мною мае анёлы. Але зрабіўся як вецер голы, Знізеў з вадой забытлівай роў, Дзе я намацваў на броды дно. І зразумеў, Што адно магчыма — Са словамі ціха сустрэцца вачыма, Чакаць, Што на ростань мне скажа яно.

Тры цені

У лёгкім змроку, як у сне, Іду з гарачым цемем. Два цені ўперадзе мяне. І сам я трэцім ценем. Як ад забытых хутароў, Ад ліхтароў трымценне. Маё За трох павадыроў Трымаецца знікненне…

Думаецца

Думаецца, што й ваўку сярмяжка Знелюбела ў шэрым жыцці. Выйсці з сябе не цяжка, Цяжка ў сябе ўвайсці, Каб потым сярод лам’я Сваё распазнаць імя…

* * * З адной і той жа прыгнечанай гліны…

З адной і той жа прыгнечанай гліны Маўкліва сціснутыя цагліны Узносяць бажніцу, Трымаюць турму. І не цагліны таму віною, Што спеў і праклёны За іхняй спіною. Не ў іх пытацца трэба — Чаму?

Пазыка

Час пазыку вяртае Са скідкай на страх, А каму аддае, Сам пра гэта не ведае. Залатою манеткай Хадзіла жыццё па руках, І манетка рабілася Медная.

Багіня

А мама багіняй была.         Куліна —         Багіня кухні. Устаючы да святла, Багоўнічала ля катла, Каб з голаду мы не пухлі. Мы — гэта я, певень, кот, Карова, парсюк ды казкі. Вітаючы сонца ўсход, Мы дбалі пра свой жывот, Чакалі ад мамы папаскі. На кут дакульгваў услон, У сенцах мерзлі кадушкі. Булён быў слязьмі бялён. На жар клаў далоні клён. Грэў жарт ад пяра жар-птушкі. Працавітая, што вада, Не ведала мама ні ўседу, ні ўлогу. Хоць першы паспытак рабіла бяда, Да ўшацкай багіні кухні яда, Я веру, прыйшлася б да смаку Богу.

* * * І пасыплецца клопат…

І пасыплецца клопат, Нібыта з сяўні, І наважыцца лёс У айчымы йсці. І затужыш на старасць гадоў Па сям’і Патрыярхальнай да немагчымасці. …Каб, як прысвятак ладзіць, Садзіцца за стол, Мёд адкройваць Спякотнай лядзінаю. Каб галінаю кожнай Трымацца за ствол Радаводнага дрэва — радзінаю. …Каб пачуць, як павук Сабе лапці пляце, Як прабабка-ўніятка моліцца. Каб Гасподзь у душы, Абразы на куце. Хоць на момант Забыцца на могліцы…

* * * Вечаровыя пацеры…

Вечаровыя пацеры — Гэта з небам размова. Як на ранішнім шпацыры Пачуваецца слова. Шпацыр той за аблокамі, Дзе ні тлуму, ні пылу, Дзе сваё адгалёкалі Крыўды — Да небасхілу. Адхінуўшыся скрухаю, Сніць душа маладая: Зорнаю пацярухаю Марнасць дзён ападае…

* * * А я, пасівелы дзядоўнік…

А я, пасівелы дзядоўнік, Стаю пры апошняй вярсце. Яшчэ на зямлі я назоўнік, А мне ўжо займеннік расце…

Мусіць!

Цар-звон, Што голасу свайго не чуў ніколі, І цар-гармата, Што ядра не праглынула, Народ вялікі, Што не меў маленькай волі, Двор непрылюджаны, Дзе ні кала, ні шула… Хто марнай марай цараваць Жыве, Той мусіць мець цара У галаве!

Задужа

Радзімапрадаўцы, Вам гэта ўсё роўна, За колькі, каго прадаваць і калі. Глядзіць Беларусь — Маладая князёўна, Што вы да запятка ёй не дараслі. За лыжку сачыўкі, За потарг улады Нашчадкаў і прашчураў вы прадалі. Укленчыць рублю папяроваму рады, А срэбранікі ўсё ж са срэбра былі. За трыццаць задужа За фунт сушоных Старых валуёў, А не баравікоў. Трымаць у рублёвых Чарнобыльскіх зонах Вам хочацца ўсіх нас, Як тых здыхлякоў. Вядома, кім сплецена Ваша лапцюжка, Каб тэпаць нячутна На цёмны базар. Так, трыццаць за ўсіх вас Адсыпаць задужа. І дні небазарныя й танны тавар.

Суботні вечар

Прытушаны вечар суботні Асвечаны маладзіком. Неонавым малаком Аблітыя ўсе падваротні. Уцёкшы з будзённай турботні, Прытулак укае настрой. На вулцы ад крокаў старой Субожыўся вечар суботні…

Абкладзіны

Абкладзіны — смутная праца. Рыдлёўка яшчэ не тупая І тая не хоча старацца, Капае, Нібыта ступае За згорбленаю дамавінай. Ды просіць знямогла магіла Абкласці яе дзернавінай — Зямля ўжо асела, астыла. Мы, будучыя навасельцы Кладоў гэтых, Нешта гаворым: Нам чарка І скварка зямельцы… І кропляю дзелімся з горам.

Сарачыны па Алесю Адамовічу

Сарачыны перад саракамі. Свой кажух карэлы Скіне год. Медзвядзём заспаным зарыкае Крыгалом, Збудзіўшы крыгаход. Паплывуць зямных пакутаў крыгі Па рацэ, Дзе берагоў няма. І зямлю перасмыкнуць уздрыгі, І жальба пасеецца сама. Цень адскочыць ад нябачных колаў Астудзіць пякучую жарству. І душа падасца да анёлаў. І надзея выйдзе на траву.

* * * Страх напаў…

Страх напаў. Змрок найшоў. Ноч залегла намоклай калодкаю. Праз зашклёныя вочкі Каменных кашоў Хоча выліцца Электрасвятло халоднае…

Кусман сну

Ціхая ласка сына — Газаю ў ліхтары. Дыхае на вятры Пыхаю парусіна. Будзе шукаць хутары Цень незабытага страху. Дотыкам вечнага праху Лоб ахалодзяць яры. Збедніцца змрок-ліхвяр. Дол падмяце слата. І праглыне ліхтар Цупкі язык кната.

На двойчы сёмым небе ў Алега Маціевіча

Вока жмурыцца. Душа піцуе. Пасмы ўгору. Барада набок. Толькі пэндзаль у руках гарцуе, Як перастаялы жарабок. Змрок Па апраметнай цемры тужыць. А вагар святла журбу хіне, То раздзьмухвае, То цішыць, тушыць Фарбавы пажар на палатне. Успамінам цесна, І цяперака Хочуць як даўжэй застацца там З Елісейскіх поймаў мільянерка І змяя пяшчоты з менскіх дам. Таямніца прыцемку і зерня. Цені на калінавых мастах. Містыка. Містэрыя. Майстэрня. Маці, Маціевіч. Маг. Мастак.

* * * Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі…

Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі, Нібы скарчанелым пальцам завеі, Я крэйдай выводзіў бяскроўныя літары, Надзею цепліў сагрэцца агнём, Што сухім і ўедлівым прыскам Бяліў, нябачны, наіўныя пальцы. Запылены, як размазняваты млынар, І чуць не чуў, І слухаць не слухаў Скрыпучую крыўду крэйды, Якую зразаў нашчэнт, Выкрасаючы белыя іскры.

Ледзь не забытае

Іскры гуляюць у жмуркі, Не турбуючы цішыню. Нацешыўшыся — бо распрэжаныя — Подбрыкамі ды галопамі, Утуманелыя коні Падыходзяць бліжэй да агню І па-буслінаму згодліва Матляюць галовамі. А полымя гарачагрывае Вывіваецца — віх ды віх. У дол узіраюцца зоркі Позіркамі неатухлымі. І коней зоркі шкадуюць, Думаючы, што ў іх Забралі белыя крылы Разам з хамутамі й цуглямі.

Зразумеў

Я цяпер зразумеў, Што такое Засохлыя карані — Гэта, калі вада Іх пакідае. Ты паехала, Мне засталося Стаць вартаўніком цішыні. Я пастарэў, Я бяда Засталася са мной, Як і ты, Маладая.

* * * Час паветра не знішчыў…

Час паветра не знішчыў. І вякуюць вякі Жывадухі гарышчаў — Галубы й мастакі. Неба стомленым дахам І памостам цвярдым. Перамогу над страхам Святкаваць будзе дым. З воблакамі, з кастрою Тут усе як свае. Міласціну настрою Вышыня падае.

* * * Надзея абяцаць умее…

Надзея абяцаць умее, Як не ўлашчвай і не гневай, Надзея падвучыла змея, Як спакусіць Адама Евай. Надзея — Цёплая завея Развідніць шлях блуканца Горкі І так да дрыжыкаў сагрэе, Што ў небе пералічыш зоркі. Хінецца да надзеі вера, Але жартуюць англічане: Надзея — добрае сняданне, Ды незайздросная вячэра.

Якубу Коласу

Зарнятка просіцца ў раллю з сяўні, Каб стаць увосень коласам шурпатым, Каб стомлены ўраджай вусатым сватам Яго вагу адчуў на далані. Вітае хмара колас з вышыні, І вецер горнецца крылатым братам. Алмазнасць зерня дарагім каратам Не ацаніць на вечнасць дабрыні. У коласа не пра сябе самога — Пра хлеб надзённы клопат з даўніны, Калі праснак рукою пана Бога Надлоемлены насыціць род зямны. Сярпы, цапы, залеваў бізуны Катуюць колас, ды ў яго святога Займаюцца нябеснай рунню сны.

Ды…

Вагаўся, Ці йсці, ці не йсці яму, Ушацкі дождж-марасель. І мне, Не ведаю сам, чаму Прымроіўся млосны Марсэль. Я плыў упоплечкі з хвалямі І ў Падумках у неба заплыў. А ля небакраю быў замак Іў І на падумкі рабіў уплыў. Ці я, ці вецер хакаў, як Хорт? Я чуў і подых, і потых вады. І спіну вечна мокрую Порт Хацеў бы выпрастаць, Ды…

Філалагічны дыпціх

а
Імгненне — І я слязой пацяку І знікну ў расчуленай гліне. Пацалавала мяне ў шчаку Студэнтка-філалагіня. Яшчэ не зусім такі карчаку, Мне стала для радасці мала. Пацалавала мяне ў шчаку, Як дзеда, пацалава…
в
Тры цюльпаны ад філалагіні, Як намёк сівому цельпуку, Што твая магчымасць ва ўспаміне Выбрыкам ды подбрыкам ку-ку. Тры… Трохкроп’е нецярплівых знічак На зялёнай прывязі журбы. Задзірае кпіна ўпарта лычык: Не забудзься на часціцу бы.

Цяцівіна

Чытаю: Іна — і на Імгненне ціхае нейкае Пачую, як даўніна Іначыць усё і некае. Не! — кажу забыту вякоў Шляхетнага роду цяцівіна. І мутныя вочы крукоў Святлеюць — з смеласці дзівяцца. І памяць кросны снуе, І лесуны барукаюцца. Шляхі разышліся яе З бязроднымі выраканцамі. У прышласць цячы шпарчэй, Грамнічная кроў крывіцкая! Сінечу іконных вачэй Сабачая зграя не выцкуе. У Полацку ціхнуць званы. Пан гром пярсцёнак ёй З мар скуе. І сняцца вешчыя сны. Яна ж недарэмна Снарская!

Васіль ды Васілішка

Дачушка з бацькам праз акіян Усхліпваюць у тэлефонныя трубкі. Сям’ю, Быццам яйка з гняздзечка бацян, Хто скінуў? Каму падбіраць шкарлупкі? Ці ўсё пачынаць нанова з канца, Як тую куртатую казку пра Бая. Чуллівая хваля Дрыжыць за плыўца… Самота пра страх свой Пакуль што не дбае…

Марына мары на моры

За пазухай у Бога мой настрой. Зляцела з неба сіняя іскрына. Дазвольце мне Вам пазваніць парой, Марына. Зусім неабыякавай карой Ахоўваецца ў дрэва сарцавіна. Дазвольце мне Прысніцца Вам парой, Марына. Вясна паснедае расой сырой, І восень павячэрае хмурынна. Дазвольце мне Хоць выгукнуць парой Імя з марудным мармурам Мары-на!

Паляшуцкае Вялічка

Васілю Сёмуху

Сонца ў воблака з валлічка Выпала паволі. Паляшуцкае Вялічка, Развінай павоі! Не няволь вала цярпення У блуклівым лесе. Хай нямогласці рапеня На тырчаку лезе. Смех устурыць паляжучку, Сцішыць пабягая. Даганяе паляшучку Паляшук да гаю. Маладзець Пружанскі, Мірскі Замкі ўсе гатовы. Разлятаюцца на пырскі Словы Васілёвы. Добра пасвіцца падпаску. Хмельна ў кожнай ятцы. Адгулялі дзеўкі паску, Адкачалі яйцы…

Дзяннік

Быццам булён малаком, Снегам прысіўлены трошкі Ранак нясмелага сакавіка. Ручніку невісіцца, Сарвацца з цвіка І на волі Хоць чорту напяцца на рожкі. Як бяліўся, калеў, Калянеў на туманлівых поймах, Дзе ллянела душа, Не забыўся ручнік. Учарнелы ад выспяткаў, Прыгадае дзяннік, Як рыпелася ганку Быць у цішы на соймах…

Жняя

Людміле Мазанік

Як тая жняя на знядбанай палосцы, Журбы немаўлятка стаіўшы пад полаг, Слугуючы літары кожнай і косцы, Нябытак з нябыту Вяртае тэкстолаг. Ратуе, бінтуе, рэабілітуе І думку, й намёк, І падтэкст, і задуму. Сабой ахвяруе На справу святую, У келлі самоты Пазбыўшыся тлуму. …Пакутныя душы Збавення прасілі. Бядой набрынялае ныла калоссе. …І грэлася Зорка святой Еўфрасінні У жнейчыным зірку, У знейчыным лёсе…

Акрааўтограф

Туман. Зняверанасць. Самотнасць. Акрайчык месячка ў расе. Надзеі прагнай небаўлётнасць. І слова вернае красе. Бярыце гэта ўсё з сабою, Аддайце радасці даўгі. Радзей вітайцеся з журбою. Даверце ласкі ланцугі Зямным імгненням і гадзінам. Іначце самі дні свае, Якія подыхам адзіным На памяць вечнасць раздае.

* * * І толькі ашалелы вецер…

І толькі ашалелы вецер, Пэўна, І застанецца ў памяці вякоў. Ачахне соллю Хваляванняў пена. І перасохне скруха васількоў. А вецер пыл садзьме З магіл забытых І намяце навеі ў лістабой, Перачытае Надпісы на плітах І не забудзе ўспомніць Нас з табой.

Незабыты экспромт

Алегу Лойку

Над Сенаю я ўспомніў Шчару І на прыслонку свету — Слонім. І асушыў у думках чару, І пакланіўся тым далоням, Што ціха ўзгадавалі сына, Каб суцяшаў свой Край у горы. І Сена ціхаплынна, слынна Параіла зірнуць на зоры, Якіх не ўгледзіш над Парыжам, А ім над Слонімам — раскоша. Там, гордая сваім прэстыжам, Хмялее свежая пакоша. Спаць цені клаліся ў разоры, І Слонім плыў бяседай ленай, І чокнуцца хацелі зоры З нябачнымі над смутнай Сенай.

01.05.1991

Парыж

* * * І даводзіцца вепруку…

І даводзіцца вепруку Трапезу падзяляць сырую. Чорны бусел У хлеўчуку Да наступнай вясны кватаруе. Белавежа прымежным крысом Ад бяды засланяе да часу. Гаспадыні нешта праз сон Шэпчацца пра красу й закрасу. Лыч з крылом Не сіло звяло. Клёкат збег бы пагрэцца ў пушчу. Зажывае для ўзлёту крыло, Лыч, як поўня, цяжэе Для тлушчу…

Сабе на дзень нараджэнння

Дзён, як знаёмых, менш і менш. Маўчыць туга ўсыцелая. І ўжо не адчуваеш меж Між прыцемкамі й цемраю.

А потым

На гэтай настылай зямлі, У гэтым халодным свеце Нам Госпад дазволіў: Сівейце, Пакуль растуць мазалі, А потым пясок шчырэц Нас прыме ўсіх без разбору. І кожны, Хто з двору, хто з бору, Свой конавы п’е карэц. Сум сочыць, Каб параслі Нябытам і заўтра й сёння, І ў могліц Сышлі з далоняў Магілак глухіх мазалі…

Шкляр

Узрост, як шкляр, Стараецца хутчэй Прыцьмела-затуманенай слюдою Зашкліць усё прынадна маладое, Адгарадзіць ад рук і ад вачэй. Глядзіш на маладух, як на ваду Вандроўнік, Што прагнаць не хоча смагу. Жывеш, Як у празрыстым саргафагу, І хлусіш старасці:                            іду… іду…

Дыханне

Здаецца, Рака сабе вены ўскрые. Рыбацкае шчасце Давязвае сетку. Спакойна Зношаныя старыя Пра смерць гавораць, Як пра суседку…

Спрыяюць

Пашаны срэбра, няўвагі медзь І дамавіны адкрытасць Спрыяюць бядзе зразумець Няшчадную літасць.

* * * Гэты звон…

Гэты звон, Як дабравесце вязню, — Звон ключоў, Што адмыкаюць волю. І ланцуг бліскучы Долу бразне. І прамень сагрэе Змрок пад столлю. Звон ключоў На гэтым свеце дзённым І на тым, Дзе час цячэ начамі. Брама ў рай Сустрэне цёмным звонам — Зазвініць Святы Пятро ключамі…

* * * І раптам хлопец малады…

І раптам хлопец малады З абліччам Міхася Стральцова, Расчырванелы ад хады, Узнікне, Быццам выпадкова. І пацяплеюць халады. Замлеюць каташкі марцова. Дамы заселяць гарады, Як дáмы Міхася Стральцова. Праступяць праз траву сляды. Ад снегу абтрасецца слова. Пайду да Міхася Стральцова На шклянку думкі. Як тады…

* * * Калі дайсці да рысы…

Калі дайсці да рысы, За якой Сябе самога ўжо не будзе шкода, Душу насмеліцца прыняць спакой, І незямной лагоды ахалода Астудзіць пал, Як на гасцінцы пыл, Дзе дні твае ішлі, Падняўшы крыссе. І прыцемна ўсміхнецца небасхіл, Аб стому баючыся апячыся…

* * * Прашчуры стараліся…

Прашчуры стараліся, Каб прашча Камень гневу кінула далей. Продкі ў попрадкі хадзілі Нашча, Пралі нітку лёсу Ды алей Ціснулі на пост Ды на лампадкі, Каб цяплела На душы ў багоў. Моцна Перавязваліся спадкі Ніткай лёсу, Доўгай ад даўгоў. А каму й за што З нас кожны вінны, Дню — за тлум Ці за спакой — начы? Не дадуць адказ, Хоць закрычы, Вусны сціснутыя дамавіны…

* * * Да суму трэба дарасці…

Да суму трэба дарасці, Каб зразумець і тых, Якія Аднойчы ўжо дайшлі ў жыцці Да радасці на помах кія. Ды быць любімцамі ў яе Ім не дазволіў сум раўніва. Ім толькі радасці стае Сніць неўгароджанае сніва. Вір задыхаецца гусці, У глыбакосці глухне яма. Да суму трэба дарасці, Як і да сораму, Таксама…

* * * Дзякуй Госпаду за дазвол…

Дзякуй Госпаду за дазвол Папрысутнічаць на бяседзе, Дзе на ўсіх засцілаўся стол, Дзе прыткнуўся я Збоку недзе. Дзякуй Госпаду за дазвол Слова мовіць на той бяседзе, Дзе стагнаў ад рогату стол, Сум яшчэ не прасіўся ў суседзі. Дзякуй Госпаду за дазвол Затрымацца на той бяседзе, Дзе трымаўся, Як плот за кол, Змрок за зорку ў капытным следзе. Час усё скапыціў наўкол. Свет цямнець навучыўся ў медзі. І прыходзіць канец бяседзе. Дзякуй Госпаду за дазвол!

Оглавление

  • «…зямля наша дасць плод свой…»
  • * * * Як у сцюдзёную раку…
  • Трыкірый
  •   Адгалоссе
  •   Cледам Эклезіяста
  •   Следам Прыпавесцяў Саламонавых
  •   Следам Апостала Паўла
  • Зямля абяцаная
  •   Нязломленасць
  •   Матрыярхат
  •   * * * Дзе карані твае…
  •   Люблю
  •   І ў дужках
  •   Алешнік
  •   Я — арыец
  •   * * * Беларушчына…
  •   * * * I свечкі — у святла святыя служкі…
  •   Паступовасць
  •   Сам-насам
  •   Чужэнне
  •   * * * Як і конь у даўнюю пару…
  •   Вечар бацькавага вяза
  •   * * * Як цяжка было данесці буханку…
  •   * * * Вядома…
  •   Маё паданне
  •   Недарэмна
  •   * * * Кроў марна баіцца праліцца…
  •   Якушоўка
  •   Каліновец
  •   Скіба волі аржаная
  •   * * * Без галавы…
  •   Полацкі менталітэт
  •   Любоў да Радзімы
  •   Ненасытнасць
  •   Беларусам у выраі
  •   Ды як?
  •   БЗВ
  •   Вернута быць павінна
  •   Беларускае слова
  •   Курапаты
  •   Негабляваная дамавіна
  •   8 верасня 1514 года
  •   Суцяшэнне
  •   Мы ёсць таму
  •   Табе
  •   * * * Што валун?
  •   Агонь
  •   Слуцкім паўстанцам
  •   * * * Язэп Драздовіч…
  •   Няма кладачкі…
  •   Ідылія
  •   Паэтам на чужыне
  •   Крывічанка
  •   Тады
  •   Трывершнік
  •     Чытае Вера Рыч «Пагоню»
  •     Святло
  •     «Ў краіне светлай…»
  •   Паштоўка
  •   Грунвальд
  •   Дарожная граматыка
  •   * * * Горад — той жа гарод…
  •   Чорныя чары
  •   Збіраюся
  •   У матчыным краі
  •   Завошта?
  •   * * * Трава…
  •   * * * Ноч выбралася спаць…
  •   * * * Возера пры дарозе…
  •   * * * Кактуса, спякотай абсмаленага…
  •   * * * Трысцё, дрыжучы ў расе…
  •   * * * Пасля вайны…
  •   * * * Жыццё задумала…
  •   * * * У краіну ценяў…
  •   Наважыўся…
  •   Аж
  •   Чарната
  •   Неба
  •   Прымаўка
  •   * * * Берагам асачыста й палынна…
  •   Сасна
  •   Помах
  •   Навелы
  •   Беларускія татары
  •   Квактуха
  •   Чырвоныя акуні
  •   Акрайчык
  •   * * * Ад пошты адлік свой шлякаты…
  •   Смалістыя вершы
  •   Шкадаванне
  •   У
  •   Каля
  •   Свята
  •   Альбомнае
  •   * * * І чаго давялося…
  •   * * * Як у мястэчку час, ідзе паром…
  •   Упартасць
  •   Серп і кій
  •   * * * Мы заўважаем па сябрах…
  •   Адны
  •   * * * Віднее паволі, знянацку цямнее…
  •   Vita
  •   * * * На сябе нацягваюць коўдру…
  •   * * * Інтэлігент у першым пакаленні…
  •   Радоўка
  •   Імгненне
  •   * * * Я ўсё збіраўся жыць…
  •   Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках
  •   Жыві і доўжы цень!
  •   * * * Вясёлы і ў сваёй пакуце…
  •   * * * Вякі перасвістваюцца скразнякамі…
  •   Бясконцасць
  •   Брэх
  •   * * * Смерць як жыццё…
  •   Ave!
  •   * * * Мы, як апошнія ваўкі…
  •   * * * Гібее пад ільдом рака…
  •   * * * Чуючы цёмную сілу ў слове…
  •   Цішыня
  •   Свінец
  •   Бо
  •   Там, дзе Нёман б’е хвастом
  •   У альбом, (шукаючы форму)
  •   Адкуль лебедзі зімой
  •   * * * Аглухлай, гарбатай…
  •   * * * Толькі коні твар свой захавалі…
  •   Ілляны абразок
  •   Хоць
  •   Кола
  •   * * * Сон неўмежаванае аблогі…
  •   Усплывае
  •   Сумна
  •   Звысоку
  •   Збіранне жалудоў
  •   Тым часам
  •   Перайманне
  •   Хадакі
  •   Васількі
  •   * * * Учора, здаецца…
  •   Як сыр у масле
  •   Смех вазоў
  •   * * * Павук, як іншапланецянін…
  •   * * * Ты ад маці, ты матчына…
  •   Цвітуць дзьмухаўцы
  •   Восеньскі настрой Белавежы
  •     Дрымотнасць
  •     Капелюшы долу!
  •     Мусіць доўжыцца
  •     Традыцыйнае
  •     Турлюй
  •     Цяжка
  •     Імша
  •   Памяці Валянціна Ждановіча
  •   Знаёмае
  •   Залачу далонь
  •   * * * Бацька хату «ў пальчыкі» рубіў…
  •   Цямнее
  •   Няпэўны снег
  •   Прымхі
  •   Звыканне
  •   Да гадзінніка
  •   Яшчэ
  •   Шаблон
  •   Уздых уздагон
  •   Urbi et orbi
  •   Зноў пра паэзію
  •   * * * Паэма, закончаная толькі што…
  •   * * * Чайнік з забінтаванм носам…
  •   * * * Замчышча — як бульбяная яма…
  •   * * * Як з небасхілу маладзік…
  •   Восень паспела
  •   * * * Трамвайшчык…
  •   Пасля
  •   Ужо
  •   Хачу сустрэцца
  •   * * * Чыстыя ад гаманы й маны
  •   Інструкцыя
  •   Рыпі!
  •   * * * Дыхнула блізкасцю з пакоя…
  •   Лістападаўскае
  •   Пад вечар
  •   Вачыма селяніна
  •   З якой бяды?
  •   * * * Я ўсё-ткі з цёмнага застою…
  •   У адпаведнасці
  •   Усё жыве
  •   Хаценне
  •   * * * У гарадах бялеецца бярэзіна…
  •   Над возерам ля Глыбачкі
  •   Спёка-92
  •   Дзяўчаты з маладой пары
  •   Бурштынавы тост
  •   * * * Ціха прывыкаеш да красы…
  •   Не хочацца
  •   Самаіранічнае
  •   Твая мілосць з вачыма лані
  •   Тлумачальная запіска
  •   Белыя замовы
  •   * * * Сарочкай, досвіткам недаспаным забытаю…
  •   * * * Вадой замерзлай затоплены човен…
  •   * * * А жонка сябрава з другім…
  •   Канструкцыя
  •   * * * Туга ў вачах згасае ціха…
  •   Выдыхаючы Парыж Маладзічок вершаў
  •     * * * Без лістоў…
  •     Памінанне Міхася Стральцова
  •     Драўляны галубок
  •     Вушацкі сон
  •     Парыжам поўная галава
  •     Запомнілася
  •     Выходзіць…
  •   * * * У запушчаным…
  •   Расчуленае перадзім’е
  •   Зялёны ўспамін
  •     * * * Пушча…
  •     Быццам
  •     На валожынскіх могілках
  •     * * * Гэта, як з цыганчынай маны…
  •     * * * І вянец, і вянец, і яшчэ вянец…
  •     Завоз
  •     * * * Забыццё — не асцё…
  •     Кромань
  •     Івянецкі зазімак
  •     Памяці ліпы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча
  •     Параненае рэха
  •   * * * Як гэта ты, маладзіца-зіма…
  •   Усё роўна
  •   Сагнуліся
  •   * * * І хочацца дабрадзею…
  •   * * * Аглухне…
  •   * * * А з дна калодзежа святлей…
  •   * * * Зноў ісціна з прадоння цемры выплыве…
  • Вечаровыя пацеры
  •   Стане Віфлеемам сэрца…
  •     * * * Каля гасподняй Дамавіны…
  •     * * * Ён ступаў…
  •     Сцяна Плачу
  •     Над Галілейскім морам
  •     Русалка
  •     Ерусалім
  •     * * * Страх свой не абтрасеш, як прах…
  •     * * * Прыгадваю гарыстыя Бычкі…
  •     Іярдан
  •     * * * Камяняр крута камень куе…
  •     Святарнае святло Трыпутнік
  •     Манастыр Латрун
  •     І дагэтуль…
  •     Выхад
  •     * * * Чым Бог бліжэйшы да зямлі…
  •     * * * Усходняя калючая краса…
  •   * * * Я царкву сваю ў душы нашу…
  •   Мальба
  •   * * * А святлом да святла прабіцца…
  •   Позірк
  •   * * * А камень на сэрцы…
  •   Па чарзе
  •   * * * Светлыя думкі твае…
  •   * * * Мамы не стала — не стала радзімы…
  •   Дзякуй! Даруй…
  •   * * * Быццам у дзверы глухія…
  •   Дзве
  •   * * * Старасць робіць жанчын сарокамі…
  •   * * * Чым больш старэю…
  •   Каля мяжы
  •   Траецкія Дзяды
  •   На Радаўніцу
  •   * * * Усё сваёй чакае кары…
  •   * * * Як матылёк свой кокан цёмны…
  •   Купалле
  •   * * * На вуліцы хадою ціхаю…
  •   Выдохрышча
  •   * * * Сівая бабулька…
  •   Зняверанасць
  •   Запытацца
  •   * * * Нарэшце і я ў тым веку…
  •   * * * А свечкі ўсе васковаабавязаныя…
  •   Колькі разоў
  •   * * * Дзюравы камень…
  •   * * * Старасць…
  •   Асяніны
  •   * * * У свата цераз плячо…
  •   Толькі
  •   Багавейнае
  •   Госць
  •   * * * Вудаўё дрыжыць ці рука?
  •   * * * Не адлучаўся я зусім…
  •   Хай абмінае!
  •   Bono sensu
  •   Трысцё
  •   * * * Бог спачатку неба стварыў…
  •   Ашуканка
  •   * * * Плытчэе, святлее…
  •   * * * Сапернік вечнага Тварца…
  •   * * * Прыйшлі канцы к гародам…
  •   Ліст у Межава
  •   Tibi et igni
  •   * * * Homo homini lupus est…
  •   Лёгка
  •   Васілю Быкаву ў светлы дзень
  •   * * * Гадавыя…
  •   * * * А прымаўка гэтая яўна старая…
  •   * * * Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной…
  •   Эміграцыя
  •   * * * Сум…
  •   Час папрасіў
  •   Сасновы сон
  •   * * * Плылі з блудадзейнага Рыма…
  •   Засынаючы
  •   * * * А гарады — як мужчыны ў гадах…
  •   Відаць…
  •   Калядныя перагукі
  •   * * * Маё маленства — маё маленства…
  •   Не чуе…
  •   На змярканні
  •   Выкні!
  •   Урэшце
  •   * * * Адчуваю, сочыць за мною…
  •   * * * Гэтулькі часу на гэтай зямлі…
  •   * * * Хай слёзы ці бобам, ці градам…
  •   * * * Мы сваёю здаволімся пашаю
  •   * * * Куртаты ўнуччын…
  •   * * * Душа глядзіць, як цела адмірае…
  •   Каляды
  •   Сухары надзеі
  •   * * * Ці ўчула свой закот чало…
  •   * * * Сам ад сябе з дакукі лямантую…
  •   Высока
  •   Там і тут
  •   * * * Бальшыня сваякоў і сяброў…
  •   Не дужа!
  •   * * * Як лугавіну каса ні жане…
  •   Дым
  •   На перавозе
  •   Нашча
  •     Заходзіць лета
  •     Сокат
  •     Браты
  •     Каменьчыкі
  •     Хвораст
  •     Зімее…
  •     Старыя
  •     Райцэнтр
  •     P.S
  •     Завулак
  •     Кунега
  •     Раптам…
  •     Пачулася…
  •   * * * Белая робіцца барада…
  •   * * * У глыбіні не мае дна…
  •   Даенне аблокаў
  •   Радня
  •   * * * Я па чарзе зняволенай вадзе…
  •   * * * Пачынаю восень адчуваць…
  •   Датрачваю
  •   Непадуладны
  •   * * * Нада мной дагарэла знічка…
  •   * * * Каб светла стала, так трэба мала…
  •   * * * Бабульцы нялёгка стаіць…
  •   Чорны грай
  •   * * * Хвалям разгубленага ўспаміну…
  •   Пад ціхую старасць
  •   Буслова нарачонка Паэма кону
  •   Як трываеш?
  •   * * * За ўсё ў гэтым хуткім жыцці…
  •   Баюся
  •   Жыві!
  •   * * * Я — пасівелы бацька дзён маіх…
  •   * * * І пакуль мы старэем, датуль і жывём…
  •   Шкада
  •   Паклон
  •   Яно
  •   Тры цені
  •   Думаецца
  •   * * * З адной і той жа прыгнечанай гліны…
  •   Пазыка
  •   Багіня
  •   * * * І пасыплецца клопат…
  •   * * * Вечаровыя пацеры…
  •   * * * А я, пасівелы дзядоўнік…
  •   Мусіць!
  •   Задужа
  •   Суботні вечар
  •   Абкладзіны
  •   Сарачыны па Алесю Адамовічу
  •   * * * Страх напаў…
  •   Кусман сну
  •   На двойчы сёмым небе ў Алега Маціевіча
  •   * * * Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі…
  •   Ледзь не забытае
  •   Зразумеў
  •   * * * Час паветра не знішчыў…
  •   * * * Надзея абяцаць умее…
  •   Якубу Коласу
  •   Ды…
  •   Філалагічны дыпціх
  •   Цяцівіна
  •   Васіль ды Васілішка
  •   Марына мары на моры
  •   Паляшуцкае Вялічка
  •   Дзяннік
  •   Жняя
  •   Акрааўтограф
  •   * * * І толькі ашалелы вецер…
  •   Незабыты экспромт
  •   * * * І даводзіцца вепруку…
  •   Сабе на дзень нараджэнння
  •   А потым
  •   Шкляр
  •   Дыханне
  •   Спрыяюць
  •   * * * Гэты звон…
  •   * * * І раптам хлопец малады…
  •   * * * Калі дайсці да рысы…
  •   * * * Прашчуры стараліся…
  •   * * * Да суму трэба дарасці…
  •   * * * Дзякуй Госпаду за дазвол… Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Евангелле ад Мамы», Рыгор Иванович Бородулин

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства