«Цэнтр Еўропы»

387

Описание

Проза Уладзіміра Някляева, як і ягоная паэзія, адметная псіхалагізмам, вастрынёй адчування і глыбінёй асэнсавання часу. У новую кнігу ўвайшлі апавяданні і аповесці, напісаныя ў замежжы і па вяртанні з эміграцыі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Цэнтр Еўропы (fb2) - Цэнтр Еўропы (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” - 1) 1382K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Прокофьевич Некляев

Улядзімір Някляеў Цэнтр Еўропы

Падрыхтаванае на падставе: Някляеў, Ул. Цэнтр Еўропы : апавяданні, аповесці / Уладзімір Някляеў. — Мінск : Медысонт, 2009. — 440 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка » ; вып. 1.).

Рэдактар: Барыс Сачанка

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Прага Уладзіміра Някляева

Усё, упэўнены, будзе: і рэцэнзенты, і крытыкі, і чыта­ чы, якіх прывабіць ужо сама назва ды імя аўтара гэтай выдатнай кнігі, і разбяруць яны як след уключаныя ў яе аповесці і апавяданні, і распаляць у чарговы раз дыскусію пра кандыдата, вартага самых найвысокіх, уключна з нобе­ леўскай, прэмій… Усё будзе.

Я ж хачу згадаць наступнае. Некалі прачытаў у «Полы­ мі» аповесць «Прага», і да таго яна мяне ўзрушыла, захапіла, так даўно не было ў нашай прозе нічога падобнага, так заха­ целася патэлефанаваць аўтару, напісаць яму ліст — маўляў, віншую з несумненнай удачай, дзякую за чытацкую радасць, за ўзбуджэнне, за асалоду ад сапраўднай рэчы і т.п.; дзеля аднаго гэтага твора варта было перажыць усе эмігранцкія мітрэнгі (Уладзімір Някляеў жыў тады за мяжою: ці то ў Польшчы, ці то ў Фінляндыі...)

Але ж мы — беларусы. Дый куды тэлефанаваць, каму пісаць, дзе той аўтар, у якіх палесцінах? Сказаць пазней пры сустрэчы? Перагарыш да таго часу, а потым — ці так яму гэта трэба? — хіба ён сам не лепш за цябе ведае пра тое, што ды як напісаў?

Тым не менш, усё ж нейкія запісы я зрабіў, і яны захаваліся да цяперашняга часу, абвергнуўшы мудрую параду:

«Захоўвай любую, нават самую непатрэбную рэч тры гады, і калі за гэты час яна не спатрэбіцца — смела выкідвай». Мае нататкі праляжалі ўдвая даўжэй — і вось прыдаліся.

Паколькі ў згаданых нататках мая ўвага акцэнтавала­ся на аповесці «Прага», дык з яе і пачну.

Аповесць «Прага» Уладзіміра Някляева — гэта вывера­ ная, напісаная на сучасным матэрыяле вельмі таленавітым пяром кінематаграфічная трагедыя. На адно нараджэнне ў ёй прыпадае больш за дзесяць смерцяў.

У цэнтры твора своеасаблівы перакулены трохкутнік, ці нават ромб, а яшчэ дакладней — актаэдр, бо хто тут толькі з чыімі жонкамі, палюбоўніцамі, дочкамі і ўнуч­ камі не спіць або не спаў. Асноўныя персанажы — двое мужчын­бізнесоўцаў. У аднаго, Андрэя Брызіна, дачка­ студэнтка Маша, другі, Артур Сініцын, сам­адзін. Брызін з Сініцыным увесь час на нажах, асабліва, як піша Някляеў, па разгулёне. Пасля чарговай сваркі Сініцын нібыта з рэўнасці да палюбоўніцы едзе Брызіна забіваць, а хут­ чэй — проста прыпалохаць; убачыўшы, што з гаража вы­ язджае «Масквіч» Брызіна, Сініцын са злосці і з гарачкі тараніць яго сваёй «Маздаю», а ў выніку забівае Машу, якая была за рулём «Масквіча»; д зяўчына памірае ў шпіталі. У фінале высвятляецца, што Сініцын забіў сваю дачку. Такая вось развязка.

Д зеянне аповесці амаль усё ўкладваецца ў ад зін дзень. Андрэю Брызіну па справах камерцыі трэба тэрмі­ нова ехаць у Прагу (якое сімпатычнае абыгрыванне на­ звы твора). Аднак перад гэтым ён загуляў, згубіў клю­ чы ад машыны. У выніку паездка ў казачную сталіцу Чэхіі падмяняецца празаічнай пахмельнай прагай — пі­ вам ды гарэлкаю ў забягалаўцы на Нямізе (таксама сім­ воліка).

Пры ўсім пры тым гэта «лінейны падтэкст», асаблівай нагрузкі ён не нясе, як і любы іншы сюжэт не нясе яе ў сапраўдных мастацкіх творах. Дык вось, прымаючы пад увагу, што сюжэт у творы — рэч другасная, аповесць насычана мноствам каштоўных знаходак і адкрыццяў. Але перад усім: героі — жывыя люд зі, ім верыш (іншая справа, ці верыш матывацыі іх учынкаў, але пра гэта ніжэй), бачыш, як яны ход зяць, у што апранаюцца, што ядуць — да адчування паху і смаку, чуеш, як яны га­вораць — да ілюзіі, да прымітыўнага жадання шукаць прататыпаў.

З самага першага сказу аповесць бярэ ў палон сваім напружаным, уласцівым Някляеву­паэту, рытмам, інта­ нацыяй. «Андрэй Брызін ляжаў на вузкім тапчане ў пры­ хожай, дзе ён заўсёды, калі начаваў дома (інфармацыйная насычанасць, — А.Ф.) прачынаўся пасля шырокага разгу­ лёну, і галавой чалавека, які некага забіў, на кавалкі пасек і пад плотам закапаў, падлічваў страты з учарашняй п’янкі. Грошы — само сабою, іх і лічыць няма чаго, хоць і шка­ да: мог купіць бензапілу...» — звернем увагу на сціслую — нічога лішняга — будову сказаў; рэдка які пісьменнік утрымаўся б, каб не паставіць «бы» пасля «мог».

Варта звярнуць увагу і на новую для беларускай лі­ таратуры тэму, ці, лепш сказаць, новы ракурс тэмы: біз­ несоўцы, якія не растапырваюць пальцы з прычыны і без (так, некалі гэта было нова і надзённа), а ў якіх баліць ду­ ша, якія плачуць і смяюцца, адчуваючы ўсё тое ж, што ўсе жывыя людзі. Усе — простыя смяротныя, і выяўляюцца іх характары ў самых простых жаданнях і дзяннях: ці то гэта дзіцячая мара Брызіна пра бензапілу, ці то гэта зва­ нок Сініцына Брызіну пасля трагедыі з Машаю.

Не менш за галоўных герояў запамінаюцца дакладна выпісаныя і рассыпаныя па ўсім тэксце другасныя пер­ санажы — гэтак званыя другасныя, бо толькі абазнаны, вопытны чытач­гурман ведае, што нічога другаснага ў сапраўдным мастацкім творы не бывае; уражвае ўменне аўтара адным­двума штрыхамі абазначыць, «ажывіць» і падаць характар. Да прыкладу, агульная для Брызіна і Сініцына палюбоўніца Нінэль «была, як заўсёды, у незашпіленым шоўкавым халаціку на голае цела, і го­ лай яна хадзіла, як даволі хутка пасля знаёмства з ёю зразумеў Брызін, не з таго нават, што сапраўды выгля­ дала спакуслівай сексбомбачкай, а таму што голасць і была яе сутнасць». Ці маёр міліцыі Ярохін, які канста­ туе: «…і брат мой мент, і бацька, і ўсе мы менты», — як бы насоўваючы на ўвесь свой род нейкую жалезабетон­ ную пліту. Альбо былы хакеіст Слава з палавінай (бо ён удвая меншы ростам за сваю выпадковую спадарожніцу) Капіталіны (імя якое для сяброўкі хакеіста!): «Вам столь­ кі не накідаць, колькі я накідаў...» — і побач паэт Лёня з ягонай квяцістай рыторыкай: «Мы аддаемся найлёгка­ му і найпростаму, здабываем сабе дабрабыт, грошы, сла­ ву, святкуем свае перамогі, а побач з намі плачуць жан­ чыны... Я хачу выпіць за тое, каб яны не плакалі ў зола­ це, а спявалі ў кветках і ў каханні...»

Што да жанчын, а найперш да Машы (дачкі невядома якога з герояў), дык яна адзіны ў аповесці цэльны, чысты, надзвычай мілы сваёй жаноцкасцю, вобраз, якіх калі і бра­ куе ў сапраўднасці, дык менавіта пасля прачытання такіх твораў, як «Прага», яны й з’яўляюцца. Ці ва ўсялякім разе павінны з’яўляцца са сваёй прагаю шчырасці і праўды, з непакоем і турботаю пра такіх, як яе шалапутны, без цара ў галаве, бацька, якому яна нават пасля смерці падае голас. Мы, чытачы, ведаем, што яе няма, і ён, Брызін, ведае — і раптам голас з таго свету, дзе яна гэтаксама, як і на свеце гэтым, клапоціцца пра яго. Адзін званок: «Ты нікуды не едзь сёння, чуеш?..» Другі: «Цябе няма і няма…» Трэці: «Тата, што адбываецца?..»

Згадваюцца радкі з вершаў Уладзіміра Някляева, з кнігі «Наскрозь»:

Дні рассыпаць, як той мак па стале, Байкамі бавіцца… Толькі аднойчы яно паўстае: Што адбываецца?

Гэтае пытанне: «Што адбываецца?..» — да ўсіх. Як да тых, хто ўнутры аповесці, так і да тых, хто па­за ёй. Да нас. Яно дамінантнае, без яго аповесць была б ці зусім іншая, ці яе ўвогуле не было б.

Цяпер колькі слоў пра тое, чаго (калі па найвышэй­ шым рахунку) у гэтам амаль бездакорным творы магло б не быць. Магло б не быць сюсюкання Сініцына, бо для таго, каб паказаць, што ў чалавека выбітыя зубы, зусім не абавязкова змушаць яго казаць «садусу» замест «заду­ шу». Можна было б не закручваць сюжэт (выключна дзеля дынамізму) ажно да рызыкі «сарваць разьбу», ахвяруючы праўдападобнасцю, як у сцэне ў шашлычнай, дзе Брызін забівае, ці калечыць двух рабаўнікоў, а потым тыдзень гуляе ў якасці крэўнага брата гаспадара рэстарана. Паэ­ ту Лёню з наркаманкай Капіталінай (з якімі галоўны ге­ рой толькі што пазнаёміўся ў піўной) зусім неабавязкова было б ехаць у шпіталь на край горада, як неабавязкова было таму ж Лёню яшчэ раз ехаць у той жа шпіталь ужо з кватэры Капіталіны, ведаючы амаль напэўна, што назад ён вернецца з чорнай весткай. Усё гэта задужа кіношнае, больш уласцівае сцэнару, чым аповесці, хоць, магчыма, сам аўтар і не лічыць такую кінематаграфічнасць недахо­ пам, ідзе на гэта свядома, зноў­такі робячы стаўку на сю­ жэт, які імкліва, з кожнай старонкай набірае і набірае хут­ касць. Дый, урэшце, талент мастака­празаіка Уладзіміра Някляева намнога перавышае талент (непапулярны) кі­ нематаграфіста.

Хто ўсё ж віноўнік, ці віноўнікі, трагедыі? Чаму ра­ зумнаму Брызіну не прыйшло ў галаву простае: што Лёня з Капіталінай, з маёрам Ярохіным і ўсёй астатняй піўнушнай гоп­кампаніяй хай сабе і ўскосна, але маюць дачыненне да смерці Машы не менш за Сініцына? Тут за­ канамерная, абсалютная логіка: калі б ён з імі не піў, гэта зн., калі б іх не было, ён на якія паўгадзіны раней пры­ ехаў бы ў гараж і трагедыі ўдалося б пазбегнуць. І наво­ шта ўсе яны яму пасля смерці Машы?.. Ды Брызін трох­ метровым дрынам павінен быў бы гнаць ад сябе і Лёню, і Капіталіну, як чорных крумкачоў, як жывы напамін, бо гэта ж з імі ён марнаваў час, калі памірала ягоная дач­ ка; замест гэтага ён іх адных, больш нікога, яшчэ і на па­ хаванне кліча…

Калі канчаеш чытаць аповесць «Прага», узнікае анало­ гія з «Палатай №6», і хочацца хутчэй выйсці на вуліцу, ці хоць бы шырэй расчыніць фортку, упусціць свежага паве­ тра, зірнуць на сіняе неба, на людзей, на машыны, адчуць, што ты быў у палоне ўсяго толькі мастацкага гіпнозу, сну, нашаптанага таленавітым псіхатэрапеўтам, што ў цябе не загінула дачка, цябе не праклінала родная маці, табе не трэба забіваць адзінага сябра, а потым самога сябе — усё гэта не з табой, а сапраўднае жыццё, у якім, у адрознен­ не ад герояў, ты ўсё можаш змяніць, умяшацца ў яго, па­ свойму скіраваць — вось яно, побач.

Я таму так падрабязна (занадта падрабязна, як для кароткай прадмовы) спыніўся на аповесці «Прага», бо яна, як мне падалося, ёсць цэнтральны твор для кнігі

«Цэнтр Еўропы». Хаця, можа быць, некаму падасца та­ кім творам аповесць (відавочна аўтабіяграфічная і жор­ сткая ў сваёй праўдзе) «Мірон ды Мірон», ці захапляль­ ная сацыяльная фантасмагорыя «Вежа», альбо зусім і не аповесці пададуцца камусьці цэнтральнымі ў «Цэнтры Еўропы», а невялічкія па памеры апавяданні­шэдэўры

«Бомба», «Тэрарыст», трагічныя «Хайбах» і «Адлю­ дак» (пад зей у якіх іншаму аўтару хапіла б на раман, а ў Някляева яны спрасаваныя да мяжы магчымасці), або поўныя нечаканага, шчымлівага гумару «Музей Броўкі» і «Залатая Арда». У кнізе няма ніводнага тэкс­ ту, які можна было б прамінуць, пра які не хацелася б сказаць, але рамкі прадмовы не дазваляюць, на жаль, зрабіць гэтага. Таму, каб не драбніцца, спынюся яшчэ на «Вяртанні Веры» — апошняй па часе напісання аповесці Уладзіміра Някляева.

Калі «Прага» — імклівы, дынамічны кінасцэнар, твор амаль для ўсіх, дык «Вяртанне Веры» — рэч складаная, філасофская, са шматлікімі сюжэтнымі адгалінаваннямі, разлічаная, так бы мовіць, не на сярэдненькі інтэлект. У нечым аповесць здалася мне паглыбленай распрацоўкай асноўнай сюжэтнай лініі нашумелага някляеўскага ра­ мана «Лабух» з ягоным эпіграфам: «Быць беларусам — бяда». Менавіта аб тым, што «быць беларусам бяда, але гонар не дазваляе кімсьці іншым стаць», напісаны Някля­ евым у замежжы раман «Лабух», а пасля ўжо ён пра тое, у чым папракалі аўтара: пра эротыку, палітыку ды астат­ няе. Як пранізліва ў фінале рамана гучыць над беларускімі пагоркамі срэбная труба, пад спеў якой галоўны герой, звычайны лабух, г. зн. сярэдні музыкант, якому яшчэ зусім нядаўна не да Беларусі было і не да беларускага, прызнаецца, сам граючы, збіваючыся: «… я рэдка, амаль ніколі не задумваўся над тым, што падзеленае, пра што апошнімі днямі думаю: зямля, айчына, людзі… паўсюль жа ў све­ це нейкія, падзеленыя, айчыны, землі, народы, да саміх сябе так прывязаныя, што не даюць самім сабе ўзляцець, сцягі розныя, транспаранты цягаючы, кожны сам сваё, а музыка — над усім, непадзельная і не прывязаная… і я толькі адно і паспяваў, што лавіць яе, лятучую, і яшчэ ка­ хаць… без кахання не чуваць музыкі… але пра яго пазней, а пакуль — пра пагорак, пра неба над пагоркам, над тымі дубамі, пад якімі сядзеў я ўчора, калі праехаў сюды, каб дазнацца, ці не вярнуўся твой бацька, дык во і вярнуліся вы разам, адны з апошніх, можа быць, беларусаў — і, як баліць, чуеш?..»

А чаму баліць?..

А таму што бацьку і сына, «апошніх, можа быць, бела­ русаў» у гэты час, у гэтае самае імгненне хаваюць. Закоп­ ваюць. Аднаго на праваслаўных могілках, другога — на каталіцкіх.

Хіба не сімвал? Пра якую гэта эротыку?.. Чытаць трэба ўмець. Як трэба ўмець чытаць і такое (гэта ўжо з аповесці «Вяртанне Веры»), напісанае нібы ў працяг згаданай сюжэтнай лініі рамана «Лабух».

«Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуванні так і засталіся прад­ чуваннямі. Паэт, які пра іх напісаў, збег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не збягуць, іх ці па­ садзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторыі вас пасылала?..

Пад адну музыку: дыктатура! — збягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злод зеі, турэмшчыкі… Збягала, як малако з аг­ ню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Збег спі­ кер парламента… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі не ступіць — збег.

Непадалёк ад Усходніх могілкаў яшчэ і Курапаты — таксама могілкі. Ямы, у якія ў часы, калі Сталін баляваў, скідвалі расстраляных. Прывозілі, стралялі і скідвалі. Прывозілі, стралялі і скідвалі…

Мы пачыналі новае жыццё на касцях. Людзі кажуць: на касцях жыць нельга».

І што робіць галоўны герой аповесці? Той, які так раз­ важае?.. Гэтак перажывае?.. Ён, беларус, уцякае ў замежжа і забівае там беларуса. Больш анічога не здолеў ён пры­ думаць, здзейсніць, звяршыць.

Хіба не жахліва? Што адбываецца?..

Даўно і не мною заўважана, што адзін (калі не га­ лоўны) з крытэрыяў ацэнкі мастацкага твора — гэта рэ­ акцыя герояў на тую ці іншую, як правіла, паваротную падзею, на якісь ключавы эпізод. Ну, сапраўды, не адны­ мі ж усклікамі павінен абмяжоўвацца, паказваючы такую рэакцыю, таленавіты аўтар:

— Ды што ты? Не можа быць!

Чытаючы Уладзіміра Някляева, часта проста падкрад­ ваешся да такіх месцаў. «Мы за што тут змагаемся?!» — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на менскай плошчы з індыйскай назвай (Бангалор, — А.Ф.), Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, пакуль ён паўзу трымаў (чакаецца: «за Беларусь, за Радзіму...» — А.Ф.):

«За вызваленне Індыі ад Брытанскай імперыі!»

Альбо: «За што твой муж сядзеў?» — «З чаго ты ўзя­ ла?» — «Ты ж сказала: з турмы прыпёрся». — «Ды ён юрыст, следчы... Асатанеў, пэўна, з турэмшчыкамі...»

«...Ён мне роўненька пасярэдзіне лобу (дарэчы, нашы слоўнікавыя грамацеі абавязкова напісалі б «ілба», — А.Ф.) над пераноссем стрэліў». І — наступны сказ, рэак­ цыя­рэзюме аўтара: «Во ё­маё...»

Проза — тут і паўсюль маецца на ўвазе сапраўдная, без двукоссяў, якасная і дыхтоўная проза — небяспечная тым, што яна мае ўласцівасць распранаць аўтара. У свой час яшчэ Чэхаў не стамляўся паўтараць, што схлусіць можна ў палітыцы, у медыцыне, у каханні, можна пад­ мануць людзей і самога Госпада Бога, і такія выпадкі ў жыцці бывалі, але ў літаратуры падмануць немагчы­га. Уладзімір Някляеў і не падманвае нас у сваёй про­ зе. Як, зрэшты, не падманвае і ў вершах — прачытайце хоць бы паэмы «Паланэз» ці «Ложак для пчалы». Уво­ гуле, літаратар, які на аднолькава высокім узроўні піша і прозу, і паэзію (а ў Някляева яшчэ і песні, якія сталі народнымі) — з’ява фенаменальная. Іншым разам про­ ста немагчыма ўявіць, што і раман «Лабух», і аповесць

«Прага», і паэма «Паланэз», і песня «Гуляць дык гу­ ляць» напісаныя адным аўтарам. Але гэта факт, асэнса­ ванне якога ў будучыні.

Нельга напісаць сапраўдную мастацкую рэч пра, на­ прыклад, мільярдэра, калі ты грызеш кончык таннай асад­ кі і бачыў таго багатыра ў лепшым выпадку па тэлевізары; нельга стварыць праўдападобную ілюзію падарожжа ў далёкія заморскія краіны, калі ўсе твае вандроўкі — да бліжэйшага газетнага шапіка. Дык вось у гэтым пла­ не і выйгрыш, і плюс, і элементарная павага, і давер да аўтара «Цэнтра Еўропы». Нават калі не ведаць біяграфіі Уладзіміра Някляева, яму верыш — проста верыш, што і трымаў ён у руках пісталет маркі «Н­S», і быў «на са­ мым поўдні ціхай Швецыі», і на пароме гуляў у рулетку ў казіно, і інш., і інш.; словам, верыш кожнаму эпізоду, а гэта ці не лепшая зарука, што новая кніга, гэтым разам кніга прозы Уладзіміра Някляева — рэч даўно чаканая, неардынарная, арыгінальная і разам з тым у лепшых тра­ дыцыях класічная, кніга гэтая несумненна стане — про­ ста павінна стаць — з’яваю.

Ёсць у кнізе «Цэнтр Еўропы» апавяданне «Чмель і ванд­ роўнік», на якое я звярнуў увагу, калі яно друкавалася яшчэ ў «Нашай Ніве». Таксама страшнаватая рэч. Памірае стары пісьменнік, развітваецца з жыццём, з людзьмі, і вачамі, поўнымі жаху і болю, нібы перадае эстафету ма­ ладзейшаму пісьменніку: жыві заместа мяне, твары за­ места мяне…

Ужо на маім жыцці і на маёй памяці сыйшла з гэтага свету цэлая парасля, імёны, пад шатамі якіх, у ценю якіх так добра было хадзіць у «маладых», задавацца, гультая­ ваць — за цябе напішуць!

І вось, нібы пад ветрам бураломным, пачалі валіцца адзін за адным Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў, Барыс Сачанка, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Шамякін (падаю «абоймай» не па мастацкіх вартас­ цях твораў і не па часе жыцця і смерці названых творцаў, а проста па імёнах). І з тугою, сіратліваю скрухаю, са стра­ хам пачынаеш азірацца, адчуваючы скразную адзіноту, пустку — і раптам з радасцю, з палёгкаю заўважаеш но­ выя ўзмужнелыя дрэвы, што падняліся на месцы старых, ураслі глыбокімі каранямі, раскінуліся густымі галінамі, і пад цяністымі шатамі іх зноў можна перавесці дых, супакоіцца і хоць крыху адпачыць пад няспешны, муд­ ры, вечны шолах…

Андрэй Федарэнка, 2002, 2008 гг., Менск

Апавяданні

БОМБА

Ён знайшоў яе ў той год, як пайшоў у школу. Плёхаўся ў копанцы, балюча наступіў на нешта, падумаў, што камень, а паднырнуў — бомба. Такая, як яйка з абодвума тупымі канцамі, але рубчастая, цяжкая, чорная­чорная. З аднаго канца нібыта пёрка прылепленае, сарві яго — і кідай бомбу, куды хочаш, усё ўшчэнт разнясе.

— Што ты будзеш рабіць з ёй? — спалохана спыта­ ла Рыма, якой Марык паказаў бомбу ў іхняй схован­ цы, абваленым бліндажы за вёскай. Адсюль пачыналіся арэшнікавыя пагоркі, за імі зубчастым, зламаным неба­ схілам сінеў лес, а што было за лесам — ні Марык, ні Рыма не ведалі. Казалі, што горад.

— Узарву, — сказаў Марык зацята, як пра штосьці кан­ чаткова вырашанае. — Пачнецца зіма, стануць паліць у школе, кіну ў грубку — і ўсё ўшчэнт.

Яму не глянулася школа з першага дня, а з дня дру­ гога ён ужо ненавідзеў яе, заганяў сябе ў клас сілком, б’ючы кірзовым, пашытым з вынашаных ботаў ран­ цам самому сабе пад калені. Яго трэсла ад настаўніцы Зінаіды Раманаўны, рыжай, з жоўтымі зубамі, якая тыкала пальцам у буквар і працяжна, як плачуць, да­ водзіла: «Гэта літара А, з яе пачынаецца слова аловак, а дзе яшчэ ў гэтым слове літара А? Вось яшчэ літара а, толькі не вялікая, а маленькая, літары бываюць вялікія і маленькія, як і людзі, ты зразумеў, Марык? Вось да­вай тваё імя напішам на дошцы, дзе ў ім літара а… хіба няма ў ім літары а?.. Няма, дык закрэслім, тады ты Мрык нейкі, а не Марык… і ў цябе ловак нейкі, а не аловак; калі адкінуць а, першую літару, бачыш, як многа кожная літара значыць…»

«Карова ты рыжая, — глядзеў на Зінаіду Раманаўну Марык, — пачакай, няхай толькі грубку запаляць».Зінаіда Раманаўна нібыта ўгадвала ягоныя думкі і казала: «Ідзі ў кут. І не рухайся ў куце, стой так, як цябе ў кут паставілі».

Можа, Зінаіда Раманаўна была і не з найгоршых цё­ так, проста цётка­настаўніца, толькі яна мела ўладу над Марыкам такую, якая рабіла яго роўным і аднолькавым з Рымай і ўсімі дваццацю чатырма першакласнікамі, у гурце якіх Марык дзяліўся як адзін на дваццаць чата­ ры, і гэтаксама дзялілася ягонае імя, і нават маленькая літара а ў ягоным імені таксама дзялілася на дваццаць чатыры. З гэтага гурту, што называўся класам, нельга было вылучыцца інакш, як падымаючы руку ў адказ на пытанні Зінаіды Раманаўны; а яна яшчэ глядзела па радах, узважвала, вылучыць цябе, ці не, і амаль ніколі не вылучала, не давала такой мажлівасці, калі бачыла, што якраз зараз ты ведаеш нешта, каб вылучыцца. За­ тое ніводнага разу не прапускаўся выпадак, калі можна было прынізіць цябе, бездапаможнага ў няведанні таго, пра што яна пыталася, нямога, як рыбіна. «Наступным разам бацьку прывядзеш, пара ўжо з ім пагаварыць пра цябе, пара». Хоць з бацькам штодня на вуліцы бачыла­ ся — і нічога яму не казала.

На зіму запалілі ў школе, але бомбу ў грубку Марык не падкінуў.

Пасля інстытута ён ажаніўся з Рымай, хоць яна раз­ дражняла яго: балбатлівая, заўсёды здзіўленая і з таго, што дождж ідзе, і з таго, што снег. У жыццёвай мітусні не было на яе ніякага спыну, тут яна прыхоплівала ўсё, што магла прыхапіць, каб мець асалоду пра ўсё сказаць маё : мая хата, мой дыван, мой Марык. Гэтае мой Марык да яго нават нечым накшталт мянушкі прыляпілася, як тое пёрка да бомбы. Сяброўкі Рыміны, калі па тэлефоне званілі, пыталіся: «Алё, гэта хто, Моймарык?»

Аднойчы ён адчуў, што жыць так болей не можа, па­ ехаў у вёску і прывёз адтуль сваю бомбу. Рубчастую, чорную­чорную… Доўга насіў яе з кута ў кут па кватэ­ ры — схаваць не было куды. Тут пазваніла ў дзверы, вярнуўшыся са школы, дачка Зіна, і Марык таропка заштурхаў бомбу пад шафу, запіхнуў яе венікам да са­ май сцяны.

Рыма пасля інстытута выкладала ў пачатковых кла­ сах, дачка пачала вучыцца ў яе. «Зайшоў бы, паглядзеў, як вучыцца, усё ж бацька», — адразу ж пачала тузаць Рыма, і Марык зайшоў, паглядзеў. Рыма вісела над дач­ кой, тыкала ў буквар пальцам і працяжна, як плачуць, даводзіла: «Гэта літара А, з яе пачынаецца слова ало- вак, а дзе яшчэ, пакажы, дзе яшчэ ў гэтым слове літара А? Вось яшчэ літара а, толькі не вялікая, а маленькая, літары бываюць вялікія і маленькія, як і людзі, ты зра­ зумела, Зіна? Вось давай тваё імя напішам на дошцы, дзе ў ім літара а?..»

Быў пачатак восені, было сонечна, празрыста­пра­ сторна — і ў той дзень Марык не пайшоў дахаты, піў, з кім папала, у прывакзальным буфеце, бо школа была по­ бач з вакзалам, і застаўся на вакзале начаваць. Уночы яго забралі ў выцвярэзнік. Нараніцу пазванілі Рыме, каб прыйшла, заплаціла штраф, а то ў мужыка, калі ён мужык, не засталося ні капейчыны, усё прапіў. Рыма ў выцвярэзнік не пабегла: «Рабіце з ім, што хочаце, з кім піў, хай тыя за яго і плацяць». Ёй нібыта ў асалоду было, што ён напіўся і патрапіў у выцвярэзнік, зраўняўся з усімі мужыкамі — і ў яе цяпер такое ж гора, як і ва ўсіх астатніх баб.

Дачка, ледзь паспеўшы скончыць школу, выскачыла за­ муж за вайскоўца, якому заўсёды было дзе служыць, але ніколі не было дзе жыць. Праз тое ўнук Уладзік гадаваўся ў дзеда з бабай. Марык да яго прывык і, калі зяця паслалі ў Афганістан, быў нават узрадваўся. Ну, можа, не тое, каб узрадваўся, але пра нешта такое падумаў.

Калі зяця забілі, дачка павесілася.

Неяк унук гуляўся з тэнісным мячыкам, той закаціўся пад шафу. Уладзік стаў даставаць яго ракеткай, раптам нешта загрукатала — і з­пад шафы выкацілася бомба, уся ў сівым павуцінні.

— Дзеда, што гэта? — пацягнуўся да бомбы Уладзік, але Марык перахапіў ягоную руку.

— Не чапай, бомба, выбухне!.. Ідзі ў двары пабегай, Уладзік.

Марык асцярожна абіраў з бомбы павуцінне — і яму ўспаміналася ўсё ягонае жыццё: школа, жоўтазубая настаўніца Зінаіда Раманаўна, інстытут, вяселле з Рымай, п’янка на вакзале, вяселле Зіны, народзіны Ўладзіка…

«Някепскае ўрэшце жыццё, не з найгоршых, — думаў Марык, ківаючы сам сабе галавой, — дачку толькі шка­ да, магла б жыць, дурніца…»

Раптам Марык злавіў сябе на тым, што не можа ўс­ помніць твар дачкі, стаў падымацца, каб перагартаць фотакарткі ў альбоме і, не ведаючы, куды падзець бом­ бу, зноў закаціў яе пад шафу, якую прывезлі некалі ў пасаг бацькі Рымы. Шафа была дубовая, вялізная, не­ пад’ёмная — і яе не рухалі: яна стаяла і стаяла ў куце так, як яе ў кут паставілі.

Верасень 1999, Варшава.

ТЭРАРЫСТ

Ганна Сямёнаўна сказала:

— Вы, Сырко, па­мойму, дурань.

Тое, што яна не заявіла гэта катэгарычна, а пракінула: «Вы, Сырко, па-мойму, дурань», — сітуацыю мала ратавала, бо Ганна Сямёнаўна была дырэктаркай тэхнікума і сказала тое, што сказала, не дзесьці ў завуголлі, а на педсавеце ў сваім кабінеце пры ўсіх калегах. Такога ёй, хай нават жанчыне, дараваць нельга было, і Сырко стаў думаць пра помсту. Ён так неадчэпна, дзень за днём, пра помсту думаў, што Ганна Сямёнаўна нават спыта­ ла праз тыдзень: «Пра што гэта вы думаеце, Анатоль Максімавіч?» — як нешта западозрыла.

Анатоль Максімавіч Сырко выкладаў у будаўнічым тэхнікуме алгебру з геаметрыяй — і ўжо толькі таму не мог быць дурнем. І калі на заліку ён паставіў незалік на­ вучэнцы Дзіяне Архіпчык, якая пацягнулася, нявыспаная, і празяхнула: «Рванула б я бомбай гэты засраны тэхнікум разам з вашай гаўнянай алгебрай і засцанай геаметры­ яй», — Анатоль Максімавіч датумкаў, што яму рабіць.

Ён змайстраваў бомбу. Не сапраўдную, канечне, а муляж.

Праз дзень Анатоль Максімавіч наўмысна спазніўся на лекцыю. Ніякіх спазненняў Ганна Сямёнаўна ніколі і нікому не спускала, а тым больш яму:

— Заўтра а восьмай раніцы прашу вас да мяне ў кабінет!

Яна любіла ранішнія экзекуцыі.

Ключ ад кабінета дырэктаркі, як і ўсе астатнія клю­ чы, бо Ганна Сямёнаўна старалася паказаць, што ва ўсім яна з усімі роўная, вісеў у шафцы вахцёра. Вечарам вах­ цёр глядзеў, дрэмлючы, тэлевізар, і ўзяць на пару хвілін дырэктарскі ключ, павесіўшы на гэты час на ягонае месца свой, было нескладана. Муляж бомбы Анатоль Максімавіч паклаў пасярод кабінета на заўважным месцы.

Нараніцу а палове восьмай, каб бронь божа Ганну Ся­ мёнаўну не прапусціць, Анатоль Максімавіч чакаў яе ка­ ля ўваходу ў тэхнікум.

Яны ўвайшлі ў кабінет разам: Ганна Сямёнаўна пер­шая, Анатоль Максімавіч за ёй…

— Што гэта?.. — разгублена здзівілася Ганна Сямёнаўна.

— Бомба! — паваліў яе на падлогу Анатоль Максімавіч і даволі моцна зверху прыдушыў. — Я ў войску сапёрам служыў… Ляжыце ціха, не варушыцеся…

Калі ён прыдушыў яе, дык здзівіўся, якая яна падат­лівая… Уся падатлівая, а строіць з сябе эсэсаўку.

— Усё, — сказаў ён, хвілін пяць памяўшы Ганну Сямё­наўну і яшчэ трохі пачакаўшы, каб яна паляжала пад ім і пабаялася. — Можаце ўставаць, не гахне…

Ганна Сямёнаўна ўстала.

— І што цяпер?..

— Нічога. Мы ў час паспелі, пяць хвілін заставалася. Ганна Сямёнаўна вочы закаціла.

— Божа!.. Гэта ж скандал які… І што б гэта магло значыць?.. І для чаго?..

Яна не пра жыццё, якога толькі што пазбавіцца маг­ла, яна пра работу думала.

— Ні для чаго. Звычайны тэрарызм.

— Міліцыя, газеты, шум… — думала і думала пра ра­ боту Ганна Сямёнаўна, пра тое бедавала, што ў гэты сра­ ны тэхнікум, у якім вучыцца Дзіяна Архіпчык, які яшчэ і падарваць збіраюцца, больш паступаць ніхто не захоча, і Анатоль Максімавіч сказаў:

— Можна без скандалу…

Як? А бомба?..

Анатоль Максімавіч выгляд зрабіў: маўляў, крыўдзіце, недаацэньваеце…

— Я сапёр. Вынесу і знішчу. Ніхто не дазнаецца, калі хочаце, каб ціха было.

— А дзе вы яе знішчыце? Паўсюль горад…

— У Лошыцкім парку, — сказаў, каб сказаць, Анатоль Максімавіч, які на работу ў тэхнікум з Лошыцы ездзіў.— Там каля Свіслачы, за садамі, амаль пустэча…

Так між імі ўзнікла таямніца. Ганна Сямёнаўна насіла яе ў сабе з удзячнасцю, ніяк болей Анатоля Максімавіча не абзываючы. Што ж да Анатоля Максімавіча, дык ён насіў таямніцу з пачуццём спраўджанай помсты, пры кожнай сустрэчы з Ганнай Сямёнаўнай з асалодай само­ му сабе прамаўляючы:

«Вы, Ганна Сямёнаўна, па­мойму, дурніца. Ды што там па-мойму — па ўсім вы баба дурная. Хоць розум бабе і ні для чаго, калі на цела яна падатлівая».

Месяцы праз тры, калі настала лета і ніхто ў тэхнікуме не вучыўся, у Лошыцкім парку загінула Дзіяна Архіпчык. Вечарам 3 ліпеня, калі ў неба ўзляталі святочныя салюты… Хадзілі чуткі, што яе згвалцілі да смерці, а пасля, пад залпы салютаў, бомбу пад ёй падарвалі, каб сляды гвалту замесці, п’яныя амапаўцы, але Ганна Сямёнаўна чутак не слухала… У пракуратуры, якая сябравала з амапаўцамі, заяву Ганны Сямёнаўны прынялі з радасцю.

Анатоля Максімавіча Сырко, выкладчыка алгебры і геаметрыі, па вайсковай спецыяльнасці сапёра, пасадзілі за ненаўмыснае забойства, бо ў крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь не было пра тэрарызм адпаведнага артыкула, хоць Ганна Сямёнаўна, як сведка, настойвала менавіта на тэрарызме, праз што Анатоль Максімавіч зму­ шаны быў сказаць на судзе ў апошнім слове: «Вы, Ганна Сямёнаўна, па­мойму, дурніца, ды што там па­мойму — па ўсім вы баба дурная…» — і суддзя не зрабіў яму заўвагі.

Люты 2006, Менск.

ЮЗІК

Калі меркаваць па прозвішчы, дык ён павінен быў выглядаць так, як выглядае каратканогі, чарнява­ лысаваты чалавек з жывоцікам, якому каля сарака. Ён так і выглядаў.

Прозвішча ягонае было Марыш. Венгерскае нейкае. Скуль яно, ён не высвятляў, яго мала цікавіла мінулае. Дый будучае цікавіла не надта, хоць цыганка на вакзале, якой ён не даў сябе абабраць, злосна ў спіну яму сказала, что ён заб’е чалавека і будзе сядзець. Забіць­то ён, калі фармальна на гэта глядзець, забіў, але не сеў. Так што няма чаго верыць гэтым цыганкам, яны нагавораць.

Ён мала каго слухаў, быў засяроджаны ў сабе. З дзя­ цінства. Настаўніца літаратуры, якая яшчэ і настаўніцай ма­ лявання была, усё пыталася: «Марыш, пра што марыш?..»

Імя ён меў Язэп, але па імені ніхто яго не называў. А калі называлі, дык Юзікам, а не Язэпам. Ён і падобны на Юзіка быў. З усіх бакоў Юзік. Дачка той настаўніцы літаратуры і малявання дражнілася: «З Юзікам пабіўся Юзік і згубіўся Юзяў гузік!..» І пыталася: «Чый?.. Яко­ га Юзіка гузік?..» А саму яе Альжбэтай звалі. Бацька гэ­ так назваў, бо палякам быў.

Скончыўшы архітэктурны інстытут, куды яму параіла паступіць, бо ў яго былі здольнасці да малявання, маці Альжбэты, ён, Юзік Марыш, хацеў ажаніцца з Альжбэ­ тай, бо ў іх каханне было, але паляк бацька зажадаў зай­ мець зяця паляка і амаль сілком дачку за паляка выдаў.

Думаў, што яна будзе за ім жыць багата, а яна жыве бедна. Паляк­то ён паляк, ды не багацее ніяк.

Пад сорак гадоў ён, Юзік Марыш, купіў машыну. Фай­ ную, японскую. «Хонду», калі нехта хоча ведаць. Ехаў па першай паласе — і тут з­за ліпы прыдарожнай жанчына кінулася. Сама, галавой пад колы. Што ён мог зрабіць? Нічога зрабіць не мог. Вылез з машыны, а жанчына, колішняя ягоная настаўніца, маці Альжбэты, мёртвая.

Дзякуй Богу, сведкі былі, што яна сама пад колы кінулася. А то ўдавец, мужык яе, паляк той прыдумаў:

«Мы дачку за яго не аддалі, дык ён…» Гэта амаль праз дваццаць гадоў! Чаму ж тады не яго збіў, калі ён дачку не аддаў, а жонку ягоную, маці Альжбэты, якая не су­ праць была, каб яны пабраліся?..

Ад удару фара пабілася, а гэта якія­ніякія, а грошы. Амаль трыста баксаў. І Юзік пайшоў да паляка, да ўдаўца, значыць, каб той разлічыўся. Бо жонка ягоная, нябож­ чыца, сама галавой пад колы кінулася і фару пабіла, дык хто ж плаціць павінен?

Марыш з’явіўся якраз на памінкі, дык усе падумалі, што ён вінаваціцца будзе. Прасіць, каб даравалі. Удавец сказаў: «Што ж, сядай, калі прыйшоў». І дачка ягоная, Альжбэта, нявеста колішняя Юзіка, пасунулася па лаве, месца каля сябе вызваляючы: «Сядай». Мужык ёйны, паляк, які ўсё не багацеў ніяк, не сказаў нічога. Толькі крэкнуў, узад­уперад хітнуўшыся, неяк так: крэк.

Юзік сеў, бок Альжбэты быў мяккі і цёплы. Пры гэтым баку ўжо колькі гадоў ён, Марыш, мог бы засынаць і пра­ чынацца. А то жонка ягоная і ў маладосці не надта круглая была, а з гадамі дык наогул — тырчыць касцямі ва ўсе бакі.

Але ён не грэцца сюды прыйшоў. І не абы­што казаць, як нагаварыў дырэктар школы. Што нябожчыца была найлепшай настаўніцай з усіх, якіх ён толькі ведаў. А сам, як толькі дырэктарам стаў, так і выправіў найлеп­ шую з усіх настаўніц на пенсію. Можа, яна і пад колы праз тое кінулася, што ён яе са школы выправіў. Ды што там выправіў — выгнаў, каб нявестку сваю ўладкаваць. І ўсе ж гэта ведаюць, а выгляд робяць, нібы не.

Юзік трохі памаўчаў для прыліку, а пасля ўстаў і ска­ заў усё, як ёсць. Што нябожчыцу, настаўніцу сваю бы­ лую, якая некалі ў архітэктурны інстытут паступіць яму параіла, праз што ён архітэктарам стаў і някепскія гро­ шы цяпер зарабляе, машыну вунь купіў файную, япон­ скую «Хонду», ён, канечне, пухам ёй зямля, паважае, але гэта не значыць, што ён сам павінен за фару плаціць, калі нехта пад колы кідаецца. Яна, нябожчыца, фару, можа, і не пабіла б, калі б без сумачкі была, але яна была з су­ мачкай і ёй, сумачкай той, неяк так махнула, пад колы кідаючыся, што ў фару патрапіла і пабіла. А фару меней як за трыста баксаў мяняць не хочуць. Кажуць: «Меней як за трыста баксаў і не падыходзь». Так што вось так… Дырэктар школы закашляўся, бо зразумеў, што да ча­ го… Ніякавата яму стала. Альжбэта ж ускочыла: «Вон! Прэч пайшоў, смярдзюк!..»

Шалёная нейкая. Добра, што некалі ён з ёй не пабраў­ся. А то так, як пашчупацца, дык мяккая, а як жыць… Па дарозе дахаты ён завярнуў, каб часу не губляць, на пошту, якая побач з міліцыяй была, напісаў заяву ў міліцыю і ў міліцыю занёс. Не напісаў у заяве, як яго абразілі ў адказ на праўду, гэта такой бяды. Напісаў толькі, што замена фары каштуе прыблізна трыста баксаў, і прасіў спагнаць адпавед­ ную суму са сваякоў вінаватай нябожчыцы. Ці з мужыка яе, удаўца, ці з дачкі, ці з мужа дачкі, гэнага паляка.

Дзяжурны ў міліцыі прыняў заяву, пацепнуў плячыма. Юзік яшчэ спытаўся ў яго: «Усё так?..» — а той нібыта не пачуў. У кнігу канцылярскую заяву пад нумарам 182 запісаў, штампік паставіў. А пасля аказалася, што заяву тую трэба было не ў міліцыю, а ў суд несці, бо такімі справамі суд, а не міліцыя займаецца, і дзяжурны той няправільна тую зая­ ву ўзяў, з юрыдычнага боку няграматна. Вось жа пасадзяць у міліцыі дзяжурыць абы­каго — і яны там дзяжураць.

Юзік не стаў старую заяву з міліцыі ў суд пераносіць, а напісаў новую. У ёй, падумаўшы, мужа Альжбэты, паля­ ка гэнага, ён выкрасліў, бо не ведаў ягонага прозвішча.

Cтудзень 2008, Менск.

ЦМОК

Труну з целам Цімоха Нілавіча Макея паставілі каля магілы на козлікі, якія раптам падламаліся, бо за доўгія гады струхнелі пад дажджом і снегам, а Цімох Нілавіч быў мужчына мажны. Труна кульнулася, цела Цімоха Нілавіча скацілася з гліністага грудка ў густыя кусты пры агарожы могілкаў, а тут пачаўся дождж са снегам, усе заспяшаліся, замітусіліся і, не заўважыўшы, што труна пустая, накрылі яе вечкам і закапалі без нябожчыка.

Была позняя восень, амаль зіма, і кусты былі хоць і густыя, але голыя. Цімох Нілавіч пачаў прамакаць, таму падняўся і ўбачыў, што яго пахавалі пад крыжам з надпісам: Макей Цімох Нілавіч, 11. 11. 1959 ­ 11.11. 2009, — з чаго вынікала, што ён на гэтым свеце, дзе такія людзі, якія, каб не прастудзіцца пад дажджом са снегам, могуць закапаць труну без нябожчыка, пражыў роўна паўвека. Яшчэ 10 гадоў заставалася яму да пенсіі.

Ён пахадзіў вакол крыжа, палюбаваўся на свой пры­ гожы, з чорнай стужкай, партрэт і рушыў дахаты, бо не ведаў, што яму, непахаванаму, на могілках рабіць.

Дома ніхто не адчыняў, ён звыкла памацаў па кішэнях, шукаючы ключы, не знайшоў і падумаў, што дарма завядзёнкі такой нямашака, каб хаваць з ключамі, бо ці мала што… Суседкі таксама дома не аказалася, а дачка яе з “лапухамі” на вушах сказала, торгаючыся пад музы­ ку, якую ў тых “лапухах” слухала, што маці з цёткай Рэ­ няй зараз у кавярні “Сонейка”, дзе спраўляюцца памінкі, бо ў цёткі Рэні муж ад сэрца памёр, і дзіўна, што ён сам, памёршы, пра гэта не ведае. Яшчэ Аня, дачка суседкі, папярэдзіла яго, каб ён асцерагаўся, бо амаль ва ўсіх трылерах, якія яна глядзела апошнім часам, людзі ў адносінах да прывідаў усё болей бязлітасныя, калечаць іх і нават забіваюць. Яна, Аня, думае, што такая тэндэн­ цыя ў кінематографе наўпрост звязаная з падвышэннем жорсткасці ў свеце. Людзі сатанеюць.

Цімох Нілавіч зразумеў, што Аня лічыць яго прывідам, і спытаў, як яна думае: ён насамрэч прывід, ці здаецца ёй прывідам? — на што Аня адказала, што ніяк яна не збіраецца пра гэта думаць, бо яно яе не калыша. “Вы і ў жыцці былі хоць і мажны, — сказала, торгаючыся, дачка суседкі, — але нейкі незаўважны. Як прывід”.

Па дарозе ў кавярню “Сонейка” Цімох Нілавіч спаткаў Дзіяну Святкоўскую, з якой не бачыўся са студэнцкіх гадоў, таму Дзіяна не ведала, што ён памёр. Некалі Цімох Нілавіч быў закаханы ў прыгажуню Дзіяну, і яна была закаханая ў мажнага Цімоха, але ён ніводнага разу не прызначыў ёй спаткання, ніколі раней не запрашаў на каву, дык запрасіў цяпер.

У кавярні не знайшлося вольнага стала, каб сесці асобна — яны селі за памінальны. Рэня пасуналася, заплакаўшы: “Сядай, Дзіяна, вось бачыш, не стала Цімы, праз якога мы некалі пасварыліся, цяпер сварыцца нам няма праз каго…” — а Дзіяна сказала, сядаючы: “У мяне, Рэня, таксама муж памёр…” — і разам з Рэняй заплака­ ла. Цімох Нілавіч падумаў і сеў паміж імі, а то будуць на плячы адна ў адной раўсці ўвесь вечар — не пагаворыш. З Рэняй дык ён нагаварыўся, а з Дзіянай яму хацелася пагаварыць. Тым больш, што ейны муж памёр.

“…і неяк так для ўсіх незаўважна ён выконваў свае абавязкі, што ўсе дзівіліся, калі яны выконваліся, і пра­ екты рабіліся праектамі”, — завяршыў сваё памінальнае слова намеснік дырэктара праектнага інстытута, у якім працаваў Цімох Нілавіч, а калега Цімоха Нілавіча інжынер Сташанскі дадаў, што, прасядзеўшы з нябож­ чыкам стол у стол амаль дваццаць гадоў, ён не можа ўспомніць, каб той хоць у нечым яму замінаў — гэтак нябожчык сапраўды працаваў непрыкметна.

Усе, апроч дырэктара інстытута, які ні на пахаванне, ні на памінкі не прышоў, адзін за адным падымаліся за памінальным сталом і, жадаючы, каб Цімоху Нілавічу зямля была пухам, прамаўлялі хораша. Цімох Нілавіч не надта тымі словамі падманваўся, бо, калі б сядзеў зараз не на сваіх памінках, а на памінках Сташанска­ га, дык падняўся б і сказаў тое самае. Не ў тым сэн­ се тое самае, што Сташанскі дваццаць гадоў ніяк яму не замінаў, Сташанскі яшчэ як яму замінаў, але Цімох Нілавіч сказаў бы, што гэта яму не замінала. Хоць, хут­ чэй за ўсё, менавіта Сташанскі, які быў нібыта дарад­ цам дырэктара інстытута, а насамрэч проста азадак яму лізаў, падгаварыў дырэктара не прыходзіць на развітанне з Цімохам Нілавічам Макеем, бо шэраговы інжынер — не тая фігура, каб дырэктару з ім развітвацца.

На тым месцы за памінальным сталом, дзе мог бы сядзець дырэктар, сядзела суседка, якая ўстала і сказа­ ла, што Цімох Нілавіч быў вельмі добры сусед.

— Я кахала яго, — паднялася побач з ім Дзіяна. — І калі б ён прызнаўся, што таксама… Але… Нават сёння запрасіў і не сказаў. Я не ведала, што памёр… Прайшоў праз жыццё маё незаўважна, пухам яму зямля.

— І ўсё ж нешта ў ім было, калі сэрца спынілася… — уздыхнула сакратарка намесніка дырэктара, якая, як яго­ ная сакратарка, хадзіла з ім паўсюль і нават на памінкі.

Цімоху Нілавічу таксама здалося, што Дзіяна сказала не зусім тое, што павінна была сказаць. Ці, ва ўсякім разе, не ўсё. Чамусьці гэта яго пакрыўдзіла. Ён нават паспрабаваў адсунуцца ад Дзіяны бліжэй на Рэні, але тая ўперлася ў бок ягоны локцем: маўляў, памёр, дык не лезь.

Прычыну, па якой Рэня не захацела туліцца да яго, ён зразумеў пасля памінак, калі зазбіраўся па звычцы дахаты ўслед за Рэняй, а яе ўзяўся праводзіць Сташанскі — і яны амаль на кожным скрыжаванні, як студэнты, цалаваліся. Не зважаючы на суседку, якая плялася за імі. Сташанскі хацеў нават у дом зайсці, але ўдава ўсё ж засаромелася, не пусціла: “Ён яшчэ тут, няхай хоць ноч праміне…”

— Ну што, Цмок?.. — спытаў Сташанскі, калі яны засталіся на вуліцы ўдвух. — Ты цяпер куды?..

Яшчэ з дзяцінства прыстала да Цімоха Нілавіча мянушка Цмок. Ён і не падобны быў на цмока, які з яго цмок? — а вось мянушка так прыляпілася, што і па смерці не адляпіць.

Цімох Нілавіч пацепнуў плячыма: ён насамрэч не ведаў, куды яму цяпер?..

— Можа, да Дзіяны?.. — нібы падказаў яму Сташанскі, яко­ му не цярпелася, каб Цімох Нілавіч сышоў. — Ці да суседкі… Да суседкі заходзіць Цімоху Нілавічу не было чаго. Ён чуў, што амаль ва ўсіх нешта такое бывала з суседкамі, а ў яго — не. Тая, здаралася, прасіла па­суседску то палічку прыбіць, то кран падкруціць, пасля налівала чарку і неяк так глядзела, нечага чакаючы, але Цімох Нілавіч не піў — ён нават на памінках сваіх ні кроплі не выпіў.

— Да Дзіяны, — сказаў Цімох Нілавіч, — і Сташанскі пляснуў яму па плячы:

— Правільна! А то столькі гадоў… — І пацікавіўся, таропка сунуўшы руку на развітанне. — Ты на рабоце заўтра будзеш?

— Мушу быць, — паціснуў руку Сташанскаму, хоць не хацеў паціскаць, Цімох Нілавіч. — Калі гэта я не быў?..

— Хто цябе ведае!.. — пляснуў яму другой рукой па другім плячы Сташанскі. — Неяк і не відаць, калі не раз­ гледзецца, ці ты ёсць, ці цябе няма. няма… І чаму гэта Цмокам цябе празвалі?

— Бо трохгаловы, — адказаў Цімох Нілавіч, якому хацелася адной галавой плюнуць на Сташанскага, другой — агнём на яго дыхнуць, а трэцяй… А трэцяй… Навошта Цмоку трэцяя галава?..

Па дарозе да Дзіяны Цімох Нілавіч заблукаў, бо, па­ першае, была ўжо ноч, а, па­другое, дарогі да Дзіяны ён не ведаў. Блукаючы, незаўважна для сябе выйшаў на могілкі — якраз да свайго грудка. Пахадзіў вакол крыжа з надпісам: Макей Цімох Нілавіч, 11. 11. 1959 ­ 11.11. 2009, — з чаго вынікала, што на гэтым свеце, дзе такія людзі, якія, каб не прастудзіцца пад дажджом са снегам, могуць закапаць труну без нябожчыка, ён пражыў роўна паўвека.

Дождж са снегам скончыліся. Палюбаваўшыся на свой прыгожы, з чорнай стужкай, партрэт, Цімох Нілавіч лёг у кусты, пераначаваў, а раніцай падняўся і пайшоў на работу. Яму яшчэ 10 гадоў заставалася да пенсіі.

19-20. 02. 2009,

Масква-Менск.

ЗА СЦЯНОЙ

Дзіця за сцяной плача і плача. Штоночы. Сілішся не чуць, пад падушкай заціскаеш вушы, але ж хіба за­ снеш пад падушкай з заціснутымі вушамі? І ляжыш, утаропіўшы ў цьмяную столь вочы, і чуеш, не хочучы, не толькі плач дзіцячы, але і ўсё астатняе: як устаюць бацькі, супакойваюць, запальваюць святло, тупаюць на кухню разаграваць поіва, пояць, зноў супакойваюць, па чарзе люляюць і стомлена, раздражнёна вадзяцца, вадзяцца, вадзяцца…

— Ходзіш за ім вечна. Сліні выціраеш.

— Дык ты ж не ходзіш.

— І не буду. За мной не хадзілі.

— Ну і спі. Чаго ўстаеш?

— Заснеш тут.

— Вушы ватай заткні. Ці займей кватэру людскую.

— Кватэру… Мяне з работы хутка пратураць. Цэлымі днямі сонны.

— Я вінаватая?

— А хто? Разбэсціла. Лялечкі, цацачкі, лыжачку за маму, лыжачку за тату. Я вунь…

— Ты, ты! Скрозь ты. І чым ты ўжо такі лепшы?

— Лепшы не лепшы, а катаргі гэтакай бацькі не ведалі. Пад сталом, як сабачаня, на вяроўцы сядзеў, пакуль яны ў полі былі. І нічога, жывы­здаровы.

— І дурны. Толькі і навучыўся пад тым сталом, што гаўкаць…

Спрэчка блізкая да таго, каб перакінуцца ў лаянку, але побач дзіця, нельга, і яны ці сціхаюць, ці ідуць на кухню, зачыняюць там дзверы, праз якія ўжо нічога не чуваць.

Раніцой Андрэй сустрэне іх на аўтобусным прыпын­ ку, прывітаецца і, як заўсёды, яму будзе няёмка, што ён ведае пра іх нешта з таго, чаго не след ведаць староння­ му чалавеку. Як заўсёды, сусед будзе з сынам на руках, суседка — з гаспадарчай, у чырвоную клетку, сумкай; яны павітаюцца і разыйдуцца, словам не перакінуўшыся: ледзь знаёмыя людзі — і не больш.

Раніцой раней за будзільнік зазваніў тэлефон.

— Кватэра Карунскіх?

— Я адзін тут Карунскі… Слухаю вас… Алё…

— Мяне папрасілі перадаць, што бабуля ваша карунская памерла.

— Хто гэта? Хто тэлефануе? — амаль закрычаў Андрэй у трубку, але адтуль чуліся ўжо толькі кароткія гудкі.

Да вёскі Андрэй дабраўся надвячоркам, ледзьве пачало шарэць. Шафёр, раззлаваны слізкай, у завеях, дарогай і сваім старэнькім расхліпаным аўтобусам, а найбольш кпінамі вострай на язык маладзіцы, якой ён, можа, і сапраўды памыліўшыся, не дадаў рэшты з грошай за білет, не згадзіўся спыніцца каля дзедавай хаты, і Андрэю давя­ лося ехаць на другі канец вёскі, да апошняга прыпынку. Цяпер ён стаяў на бязлюднай вуліцы і, прытрымліваючы локцем зялёны, з жоўтымі бляшанымі кветкамі і чорнай стужкаю вянок, ладзіўся прыпаліць цыгарку.

Разам з ім сышла з аўтобуса і тая самая вострая на язык маладзіца. Адразу ж яна хуценька скіравала ў бок магазіна, але, убачыўшы, што Андрэй цягне за сабою вя­ нок, прыпынілася і, робячы выгляд, што заразважала, ці так ужо ёй той магазін патрэбны, раз­пораз паглядвала на Андрэя. Андрэй не ведаў яе і не стараўся пазнаць, бо па гаворцы было чуваць, што яна нетутэйшая.

Запалкі ламаліся ў замерзлых пальцах, цыгарка не прыпальвалася, а маладзіца ўсё стаяла, не адыходзіла. Доўга маўчаць яна не звыкла, таму не вытрывала:

— Хаваць каго прыехалі?

«Чаго пытацца?.. Нібы не відаць…»

— Хаваць.

— Ці не старую Карунскую?

Андрэй кіўнуў. Карунскіх у Карунах было добрых паўвёскі, таму, калі б нават не ягоная бабуля памерла, то ўсё адно, мабыць, хавалі б старую Карунскую.

— А яе ўчора пахавалі.

— Як гэта ўчора?

— Ды ўчора. Я і на памінках была. Я ў магазіне пра­цую, дык на ўсіх памінках бываю.

«Не паспеў!»

— А вы ёй хто?

— Унук.

— А… Казалі, што нехта не прыехаў.

— Мне толькі сёння сказалі.

— Хто?

Андрэй прамаўчаў.

— Хто вам сказаў?

— Што вам да таго?.. — вырвалася ў Андрэя нечака­ нага для яго самога раздражнёна, і ён ужо спакайней даказаў. — І якая цяпер розніца…

Маладзіца не пакрыўдзілася.

— То можна цяпер вянок адразу на могілкі несці. Ці ў хату панясеце, каб паказаць?

Андрэя здзівіла, што яна прамовіла гэта без насмешкі, зусім сур’ёзна.

— Дзякуй за параду. На могілкі пайду.

— Ведаеце, дзе?

— Ведаю.

— Я вам пакажу.

«От жа ліпучая баба! На магілу яшчэ папрэцца…» — прыпаліў нарэшце Андрэй, не спад зяючыся ўжо ад спадарожніцы сваёй адчапіцца, але тут якраз з магазіна на ганак выйшла цётка ў кажусе наросхрыст і закрычала:

— Ніна! Да смерці цябе чакаць?

— Пойдзеце наўпрост па вуліцы і вунь там, каля царк­ вы, налева і ўверх, — не павярнуўшы нават галавы на крык, тлумачыла маладзіца. — Тут зусім побач…

— Ды я ведаю, ведаю, дзякуй, — заспяшаўся Андрэй, а цётка зноў загалёкала:

— Ніна, чуеш! Рэвізор прыехаў, напіўся ўжо, а ты ўсё х… ведае дзе п… носіш!

— А магіла свежая там адна, апошнім часам толькі яе і пахавалі, — тараторыла маладзіца ўслед Андрэю. — Так што лёгка знойдзеце… А ты чаго маёй чакаеш? — крык­ нула яна цётцы. — Свая зарасла?..

Магілу і шукаць не давялося: яшчэ не занесеная сне­ гам, яна адна чарнела свежай зямлёй сярод чыстага, бе­ лага, нерушнага спакою. Андрэй прыладзіў вянок на крыж, зняў шапку, пастаяў без аніякіх думак і пасля ўжо, сабраўшыся пайсці, прачытаў надпіс, зроблены на габля­ ванай папярэчыне крыжа звычайным хімічным алоўкам: Т.П.Р.Б. Карунская Галіна Адамаўна.

«Якая Галіна Адамаўна? Яна ж Гертруда Іванаўна, баба Грудзя… Во даюць!.. — няўцямна глядзеў ён на крыж і раптам зразумеў, аж потам прабіла: — Не яна!..»

Ён азірнуўся наўкол, прайшоў між радамі ў самы канец могілак, да агарожы, вярнуўся назад, зноў прайшоў і вярнуўся: нідзе болей ніводнай свежай магілы, адна гэ­ тая — і ўсё. «А, каб на цябе!.. — памянуў ён языкастую маладзіцу і шпарка пакрочыў, амаль пабег з могілак да вуліцы, да дзедавай хаты, але толькі спусціўся з пагор­ ка, успомніў: — А вянок?..» Гэтак жа подбегам, задыхана падняўся на пагорак, крадком, нібы той злодзей, падышоў да магілы, зняў вянок з крыжа — магіла адразу стала пу­ стой і сіроцкай. З вянком Андрэй не стаў спускацца да вуліцы, рушыў цераз могілкі і далей напрасткі па цаліку, па калені правальваючыся ў снег. Адышоўшыся, яшчэ раз азірнуўся: акрамя яго, дзякуй Богу, ніводнай жывой душы на могілках не было.

Дзеда ўбачыў здалёк, з­за прысад на ўзмежку. З рэзгінамі на плячы дзед ціха­ціха сунуўся ад хаты да гумна, Андрэй гукнуў: «Дзед!..» Той павярнуў галаву на голас, але хады не паскорыў — ці то не пазнаў Андрэя ў прыцемках, ці то гэтак стаміўся, што і пазнаць нікога не мог. Самому ж — каму яшчэ? — давялося, мусібыць, і труну майстраваць, і з папом дамаўляцца, і пра хаўтуры думаць: немалы клопат — як мае быць пахаваць чала­ века. Андрэй прыпусціў кроку, і якраз каля гумна яны і сыйшліся: дзед з рэзгінамі, унук з вянком.

— Скуль гэта ты? — не вітаючыся, хоць не бачыліся гады чатыры, спытаў д зед і, спытаўшы, закашляўся, адвярнуўся ўбок і кашляў суха, адрывіста, доўга… — От халера нейкая…

Абняцца замінаў вянок, і ўсё ж Андрэй няўклюдна прыабняў д зеда левай рукой, торкнуўся тварам у ссівелую шчаку, раптам наплылі слёзы, запяршыла ў гор­ ле: «Здароў, дзед… Ты трымайся, трымайся…»

— Трымаюся. Памажы сена накідаць.

Андрэй расчыніў рыпучыя дзверы гумна, зняў вянок з пляча і, не ведаючы, куды яго прыткнуць, павесіў на ручку сячкарні.

— Каму ты гэта?

— Нябожчыцы, каму.

— А… Ты хіба яе помніш?

— Ты што, дзед?.. Не крыўдуй ты. Часу ўсё не было. Круцішся там, бегаеш, а чаго круцішся, чаго бегаеш — чорт яго ведае.

—Я не крыўдую, ты чорта не згадвай… Добра, што помніш. Яна мне сястра стрыечная, то і табе радня нейкая.

Сена на таку было ўсяго нічога, Андрэй палез на га­ рышча, каб скінуць пару ахапкаў, ды так і застыў на драбіне. Насцярожана глянуў уніз на дзеда.

— Хто табе сястра?

— Стрыечная, кажу. Гэля Карунская. Яна ў дзеўках Бельскай была, а ў бабах, бач, Карунскай стала. Хоць му­ жык яе і не з Карун, і не радня нам аніякая. Прозвішчы толькі адны і тыя ж.

Андрэй павярнуўся і сеў на драбіне, каб не зваліцца. Блізка было да таго, што ён са сваім вянком прыехаў ранавата, трапляючы з адной дурноты ў другую. Таму спытаўся ў абход:

— А бабулі яна хто?

— Праз мяне і ёй радня выходзіць.

— Выходзіла, а не выходзіць.

— У нас так не кажуць, забыўся ты… Радня і па смерці раднёй застаецца. Сам чалавек — лісток, галінка, а ўсё ў ім ад радні, ад кораня ідзе. І памірае чалавек не ў сваю смерць, а калі корань высыхае. Ты лезь, чаго сеў?

— Зараз.

— І далей пралазь, цягні з куткоў ад шчыта, з крайку я і сам накідаю.

Андрэй залез на гарышча, бокам, паўзком па сене стаў прабірацца ў кут да шчыта і балюча ўдарыўся каленам аб вугал нейкай скрыні. Войкнуў з нечаканкі:

— Ты б сказаў, што ў цябе тут скрыня.

— Не скрыня. Дамавіна. Іх там дзве.

— Нашто?

— На смерць, на што ж яшчэ. Зладзіў сабе і старой, каб людзям пасля лішняй работы не мець. Сухія бу­ дуць, цёплыя.

— Так… І хто з вас першы паміраць збіраецца?

— Як выйдзе. Яно нікому не доўга. Памыўся, апрануў кашулю чыстую, памаліўся — і памёр. Сілы ўжо не тыя.

— А бабуля?..

— Што бабуля?

— Ну, як яна?..

— Сена кідай! — узлаваўся раптам дзед. — Бабуля, бабуля… Скаціне трэба даваць!..

— Дык жывая яна, ці не? — вырвалася нарэшце ў Андрэя тое, пра што ўжо і пытацца не было патрэбы.

— Жывая, калі карова не ўбадала. Як даіць, так стой і за рогі яе трымай. Мелі карову, як карову, дык не, прычапілася: давай ды давай цялушку ў Шчапкоў купім. Купілі на сваю галаву! І на пашы яе, як пчалу тую, не ўтрымаць, і ў хляве з ёй не ўправіцца. Купіла! Сама купіла, а цяпер на мяне… Я вінаваты! А як жа, хто ж яшчэ… А калі я піў тое малако? Не піў і не п’ю, у мяне ад яго жывот гуляе. Каб хоць сама піла. Кубак з уся­ го вып’е, астатняе здаваць бегае. Грамату ёй паабяцалі. Чуеш, усё ў яе ёсць, адно граматы не стае. Як здурнела пад старасць… Была ў горадзе, дык і рамку пад тую гра­ мату купіла. Пабачыш, вісіць над ложкам. Я туды Хры­ ста ўставіў, у бацюшкі выпрасіў — вырвала. Рамка пу­ стая, а Хрыстос у куце на цвічках. Ну ці не дурасць? Я і плюнуў, хай адна доіць, сама сабе грамату зарабляе… Трасеш ты сена ці не?

— Ёрш тваю дваццаць, — толькі і змог сказаць Ан­ дрэй, па­дурному рагатнуўшы. — Дзед… Гэта і ўся тра­ гедыя? Дык мы ёй, карове той, рогі абламаем! Яна ў нас шаўковая стане!

— Ну-­ну, — уздыхнуў дзед. — Абламай.

Бабуля ўбачыла яго і заплакала. Пасля кінулася ў складзік, прынесла глечык сырадою. Андрэй, каб не пакрыўдзіць, выпіў шклянку, другую, дзед глянуў на яго і паморшчыўся:

— Ну-­ну.

— Чаго ты нукаеш? Чаго разнукаўся? — адразу ўзялася ўбокі бабуля. — Нук на цябе напаў?..

«Яшчэ якая жывая, — зусім павесялела Андрэю. — От бы яна мяне з вянком турнула!»

Колькі Андрэй сябе помніў, бабуля заўжды была та­ кой: ніколі і нікому слова не спускала. І не па злосці ў характары, не па скандальнасці натуры, не: проста нічога ў жыцці не магла яна ўспрымаць безасабова, безадносна да сябе. Не толькі тое, што адбывалася ў яе хаце, у су­ седзяў, у вёсцы, а ўсё, што здаралася ў свеце і пра што яна даведвалася, мела нейкія адносіны да яе асабіста, на ўсё яна ўскідвала рукі і пыталася: «А што ж я цяпер рабіць буду?..» Гэтае пытанне бабуліна даўно хадзіла па вёсцы, як прымаўка. Ці нечая квактуха на яйках сядзець не ха­ цела, ці кілу суседу выразалі, ці малатарня ламалася, ці недзе землятрус гарады бурыў, ці карабель тануў, ці са­малёт падаў — нехта, пачуўшы навіну, абавязкова возьме ды скажа: «Што ж цяпер баба Грудзя рабіць будзе?..»

А яна рабіла. Першая бегла памагчы, паспачуваць, параіць… Высільвалася, хоць мела ўжо пенсію, на калгас­ най ферме, аддавала — летам, калі трохі лягчэй было — пенсію сваю ў Фонд міру і нават напісала (падбіўшы на гэта, каб граматна скласці, сельсаветаўскую сакратар­ ку) ліст прэм’ер­міністру Англіі, жалезнай ледзі Тэт­ чэр. «Што ж гэта?.. Баба дзетная — і ў адну дудку з амерыканцамі пра вайну трубіць. Падказаць няма каму, каб падумала…»

Аднаго разу — не праз ліст у Англію, на які не дача­ калася адказу, а праз прымаўку бабуліну — праславілі яе ў газеце. Пісалі, зрэшты, не пра яе, і наогул напісанае фельетонам называлася, пісалі пра нейкую прыдуманую бабу Грудзю, якая нібыта надта ж любіла лён церабіць, валакно трэсці і кудзелю прасці, ды з таго прадзіва бе­ лае палатно ткаць, а любіла ўсё гэта яна, як аказалася, дарэмна, бо ў калгасе, дзе ўсё гэта яна так любіла, лён сеяць узялі ды перасталі. І не стала чаго беднай бабе ні церабіць, ні трэсці, ні прасці, ні ткаць. «Што ж цяпер баба Грудзя рабіць будзе?..» — напрыканцы фельетона, як і ў назве ягонай, пытаўся журналіст, і з усяго гэтага толькі адно вынікала: панесла па свеце прымаўку пра бабу Грудзю, як вецер насенне носіць.

— Ведаў бы работу тую, то не пытаўся б, — казала на славу сваю бабуля, але фельетон з газеты выразала і на шафу паклала. Там лісцік газетны, жаўцеючы, і сох разам з мятай і святаянкамі, плакуном і дужэцам, сардэчнікам і дзівасілам…

— А ён табе вянок прывёз, — раптам бахнуў дзед, які ў хвіліну адкрытай ласкавасці ўнука да бабулі аказаўся адзін супроць дваіх.

— Які вянок?

— Апошні. Дамавіна даўно гатовая, так што пара. Намыкаўся я з табой. Чаю зноў не паставіла?

У Андрэя патыліца пахаладзела.

— Ну і жарты ў цябе, дзед…

— Здурнеў пад старасць, — абыякава сказала бабуля.

— Не здурнеў! Каторы дзень кадыхаю — хоць бы хто пачуў, — не здаваўся дзед. — Толькі цягайся ды цягай­ ся, ды ўсё на марозе, бадай на яго…

— Сядай вячэраць ужо, — голасам змоўшчыцы, так, як толькі яна адна і ўмела, калі хацела, гаварыць, сказала бабуля. — Зрабіла я табе твайго чаю.

І дзед абмяк.

— Сказала б адразу… А то драцяны нейкі кашаль, нутро ўсё падраў…

Пасля вячэры Андрэй з бабуляй націралі дзеда гарэл­ кай, захутвалі ў коўдры і аўчыны, паілі зёлкамі. Ноччу дзед спаў спакойна, амаль не кашляў.

Досвіткам Андрэй прачнуўся і першае, што ўбачыў — вянок. «Дзед!» — мільгнула спрасонку думка.

— Дзед! — галяком кінуўся Андрэй у дзедаву бакоўку, але ложак там быў пусты, засцелены, Андрэй выскачыў на кухню: «Дзед!..» — і ўбачыў іх абаіх: бабуля таўкла паранку, а дзед падліваў у саган ваду і аж вядро ўпусціў з перапуду.

— Чаго ты?

— Фу ты! — выдыхнуў Андрэй. — Нічога, сон дур­ны падняў.

— Бо вянок у гумне пакінуў, — падняўшы вядро, сказаў дзед. — І я, як на грэх, забыўся… Нічога нябожчыцкага пры сене не пакідай: на сене сын Божы нарадзіўся. От табе і сон паганы. Добра, што старая па вянок схадзіла, а то горш магло быць.

— Мышы там з пацукамі, таму я і прынесла, каб не згрызлі, — таксама трохі спуджаная Андрэевым крыкам, сказала бабуля. — Толькі не туды паставіла… І не пры чым тут сын Божы, — набрала яна голас на дзеда. — З нерваў яны крычаць, гарадскія.

— Можа, і з нерваў, — згадзіўся дзед.

— А, можа, і не, — і з ім, і сама з сабой не згадзілася бабуля.

Дзед сумеўся.

— З чаго ж тады?

— З таго, што глухіх стала шмат. Не крыкнеш — не пачуюць.

— Я хутка… Я зараз жа яго… — страсянуў галавой Андрэй і пайшоў апранацца.

— Хай пастаіць, паснедаем і пойдзеш!.. — пакрыквала ў адчыненыя дзверы бабуля. — Гэта добра, што ты пры­ вёз яго. Бо ейныя якраз не прыехалі…

— Хто ейныя?

— А ты іх ці ведаеш… Над ложкам картка ў рамцы вісіць. Як тым летам прыязджалі — мы ўсёй раднёй і зняліся. Цябе толькі і не было.

— Дзед, ты ж казаў, што рамка пустая.

— Пустая была, пакуль яна картку не ўставіла. Апрануўшыся, Андрэй падышоў да фотаздымка. На ім — ён пералічыў — сядзелі і стаялі амаль два тузіны ягонай радні, з якіх ён нават паловы не ведаў. І сярод гэ­ тых незнаёмых ці забытых людзей, якія былі яму хай не роднымі, але ўсё ж братамі і сёстрамі, былі пляменнікамі і пляменніцамі, дзядзькамі і цёткамі, Андрэй, спачат­ ку самому сабе не паверыўшы, убачыў і пазнаў сваіх гарадскіх суседзяў: ён, як заўсёды, з сынам на руках, а яна з гаспадарчаю сумкай…

— Бабуля! — паклікаў Андрэй, і калі тая падыйшла, спытаўся. — Гэтыя во, з малым, хто такія?

— Яны і ёсць, нябожчыцы ўнук якраз. Жонка ягоная не з нашых, аднекуль з­пад Воршы ўзяў, як у войску служыў. Дзеўка ладная, адно згуляная. Яны ўсе згуля­ ныя з таго боку.

— Як яго зваць?

— Толікам, здаецца… Стары! — гукнула яна дзеда. — Гэльчынага ўнука меншага Толікам зваць?

— Толікам.

— Во, бачыш, не забылася, — працерла картку, ручнік з шафы дастаўшы, бабуля, а Андрэй спытаўся:

— А прозвішча?

— Ото дажыліся, — буркнуў дзед. — Карунскі, як і ў цябе, якое ў яго яшчэ прозвішча можа быць…

На могілкі пайшлі, трохі затрымаўшыся, бо трэба бы­ ло надпіс на вянку падправіць: Бабулі Грудзе ад унука. Бабуля нажніцамі выстрыгла сваё імя і акуратна сшыла чорную стужку чорнымі ніткамі. «Во, як новая, — ска­ зала яна. — Ніхто і не падумае нічога. Бабулі ад унука». Кавалак стужкі са сваім іменем яна загарнула ў папер­ чыну і паклала на шафу, дзе жаўцеў фельетон, сохлі мята і дужэц, дзівасіл і святаянкі.

Вечарам, прытупаўшы да аўтобуса, Андрэй убачыў на прыпынку Ніну, тую самую маладзіцу, з якой учо­ ра ехаў з горада.

— На турму недастачу налічыў! — замест прывітання выпаліла маладзіца. — На мордзе ў самога напісана, што жулік, а мяне судом страшыць! Мы да яго, п’янага ў каноплі, абедзве і перадам, і задам, а ён хрэн у пор­ тках знайсці не можа! Хрэну не знайшоў, а недастачу знайшоў, чуеш?.. Ну калі ўжо гэта праўду праўдзівыя людзі знойдуць, скажы ты мне?.. Як жыць на свеце?.. Што баба Грудзя рабіць будзе?..

Ліпень 1980, Крэва.

МУЗЕЙ БРОЎКІ, альбо За шчасце выпіць з Шульманам!

У Сяргея Рыгоравіча Засевіча доўга­доўга стаяла ў бары пляшка каньяку. Армянскага з трыма зоркамі. Хто разбіраецца ў каньяках, ведае: армянскі з тры­ ма зоркамі — найлепшы. З пяцю зоркамі і болей най­ лепшыя каньякі грузінскія, а з трыма — армянскія. Ды яшчэ ў бары прастаяў той каньяк гады тры, не меней. Вось і лічы…

Бар — гэта замоцна сказана, проста шафка ў секцыі, у якой і сірацела адна пляшка, і для нечага Ружане, жон­ цы, тая шафка была патрэбная, Ружана вымала пляшку і вымала, ставіла ў секцыі на святло, а Сяргей Рыгоравіч хаваў і хаваў яе зноў у шафку: яму сказалі знаўцы, што каньяк павінен выстойвацца ў цемры.

Сам Засевіч не разбіраўся ў каньяках, ён быў кан­ структарам дзіцячых цацак, а пра каньякі распавёў яму Броўка. Не той Броўка, які вершы пісаў лоўка і пасля якога музей застаўся, непадалёку ад якога Засевіч жыў, а Броўка Алег Мікалаевіч, калега па рабоце, таксама кан­ структар дзіцячых цацак, які неяк, гады тры таму, спытаў, ці не мае Засевіч знаёмага лекара зубнога, каб танна і добра зуб зрабіў? Засевіч меў знаёмага лекара, які не проста знаёмым, а шваграм яму быў, і швагер Засевіча так добра і танна зуб Броўку зрабіў, што Броўка прынёс Засевічу ў падзяку пляшку каньяку, прызнаўшыся, што купіў каньяк для швагра, але той не ўзяў, бо не піў. Не таму нават не ўзяў, што не піў, а не ўзяў прынцыпова, паколькі на дзвярах ягонага кабінету шыльдачка вісела:

«З каньяком і цукеркамі не ўваходзіць!» — а Броўка ўсё адно прыпёрся з каньяком.

— Ты б яго ўжо ці аддаў некаму, ці выпіў з якім армянінам, — кожны раз казала Ружана, выціраючы пляшку ад пылу, і Засевічу так і запала ў галаву, што армянскі каньяк трэба было б выпіць з армянінам. Больш, зрэшты, не было з кім, бо гэтакіх сяброў ці знаёмых, з якімі выпіваюць, Засевіч не меў. Знайсці, канечне, мож­ на было б, на армянскі каньяк шмат каго набегла б, але навошта шукаць непатрэбнае? Шукаць жа армяніна — дзе і як? Не ў Арменію ж падавацца. Па сённяшнім часе за тыя грошы, якія каштуе білет да Ерэвану, канья­ ком зальешся… А калі ў Менску армяніна шукаць, дык не падыйдзеш да чалавека на вуліцы і не спытаеш: «Ты армянін?..»

Мінаў час, пылілася і выціралася пляшка. Армянін, з якім можна было б выпіць, ніяк не знаходзіўся. Засевічу ўжо сніцца пачало, як яны ўдвух, без баб, па­мужчынску сядуць, падымуць чаркі і пра нешта такое, можа, нават пра тых жа баб, але, зразумела, не пра жонак, пагаво­ раць.

— З Шульманам выпі, — параіла аднойчы Ружана. — А то месца твая пляшка ў маёй шафцы займае без тол­ ку. — І зноў, зараза, паставіла каньяк на святло.

З некім трэба было ўрэшце каньячную праблему вырашаць, і Сяргей Рыгоравіч падумаў: «А чаму б не з Шульманам?..»

Шульман прыехаў у Менск аднекуль з поўдня яшчэ ў савецкі час, калі вайна ў Карабаху была, але наўрад ці Шульман быў армянінам. Хоць, з другога боку, мог і быць.

Шульманы суседзілі з Засевічамі, кватэру мелі на той жа лесвічнай пляцоўцы, а ўсё адно Шульман здзівіўся, калі Засевіч пазваніў яму ў дзверы і прапанаваў выпіць добрага армянскага каньяку.

— З якой нагоды? — спытаў Шульман, якога звалі

Аскарам і які працаваў некім у філармоніі.

— З той нагоды, што суседзі… — няўпэўнена адказаў Засевіч, усё яшчэ разважаючы, прызнаць ці не прыз­ наць Шульмана за армяніна, на што Шульман, адчуўшы няўпэўненасць Засевіча, заўважыў, што суседзі яны ўжо даўно, а да каньякоў справа не даходзіла, дык жа нагода, мусібыць, не ў гэтым, а тады ў чым, бо ён без нагоды не п’е, не п’янтос ён які­небудзь, каб абы піць.

Прамаўляючы ўсё гэта, дзверы перад Засевічам Шуль­ ман, тым не менш, не зачыняў, з чаго Засевіч зрабіў вы­ снову, што выпіць сусед не супраць, толькі, як чала­ век, які працуе ў філармоніі, гоніць культуру. Не ў тым сэнсе гоніць, што адганяе яе, культуру, а ў тым сэнсе гоніць, што нясе абы­што, каб культурна выглядала. Таму Засевіч вырашыў сказаць Шульману ўсю праўду.

— У мяне ёсць калега па рабоце, ягонае прозвішча Броўка… — пачаў Засевіч, і Шульман раптам яго пера­ пыніў:

— Во, гэта нагода. А то суседзі… Я ў халаце і шлёп­ках, нічога?..

Тое, як Шульман быў апрануты, трохі псавала карціну, якая снілася Засевічу, але ж не змушаць суседа святоч­ ны гарнітур апранаць, каб лесвічную пляцоўку перайсці,

і Засевіч адчыніў дзверы да сябе ў хату:

— Нічога. Па­суседску.

Ружаны дома не было, Засевіч наўмысна падчакаў час, каб яе не было дома. Каб ніхто не замінаў па­мужчынску выпіць і пагаварыць.

— Як там у вас у філармоніі з бабамі? — адразу ж, каб не цягнуць, спытаў, ставячы пляшку на стол, Засевіч. Ад­ нолькавых кілішкаў ён не знайшоў, некуды іх Ружана засунула, таму паставіў тыя, якія былі на кухні, нейкія рознабойныя: адзін, зеленаваты, большы, другі, сіняваты, меншы.

— Вы што!.. — абурыўся Шульман, і Засевіч падумаў, што гэта ён, як прадстаўнік культуры, абураецца праз роз­ набойныя кілішкі. — Я жанаты чалавек, верны жонцы!

У філармоніі ён верны жонцы…

— Дык і я жанаты і верны. Але ж пагаварыць…

— Вам больш няма пра што?.. — глянуў госць на га­ спадара неяк так, як на бамжа ўчастковы. — Вы кім і дзе працуеце?

Засевіч ведаў, што Шульман працуе ў філармоніі, бо той іншым разам білеты Ружане на нейкія канцэр­ ты даставаў, а на фабрыку цацак, дзе працаваў Засевіч, ніякіх білетаў даставаць не трэба было, дык не дзіўна, што Шульман і не ведаў, дзе Засевіч працуе.

— Я канструктар цацак на цацачнай фабрыцы. Шульман чамусьці так здзівіўся і гэтак падаўся да

Засевіча, што ледзь з халата не вылузнуў.

— Хто вы? Хто?

— Я канструктар цацак на цацачнай фабрыцы. Чаму вас гэта здзіўляе? Звычайны канструктар на звычайнай фабрыцы. Не ў сакрэтцы якой працую ці абаронцы.

Шульман ускочыў з крэсла.

— Як гэта звычайны?.. На якой такой звычайнай?.. Ды вы працуеце чараўніком на фабрыцы мрояў! Цудаў і дзіваў, разумееце? І вам няма пра што пагаварыць, апроч як пра баб?..

— Дык мы і баб робім… — разгубіўся з накату ягона­ га Засевіч. — У сэнсе лялькі вырабляем. Дзяўчынак там, жанчынак…

— Дзяўчынак, жанчынак… — перадражніў Шульман, сядаючы і расстаўляючы чаркі: зеленаватую, большую, бліжэй да сябе, сіняватую, меншую — да гаспадара. — Страхоцце вы там вырабляеце! І калі вы з гэтым згод­ ны, можам выпіць. Бо я п’ю толькі за праўду!

Лялькі, якія вырабляліся на фабрыцы, дзе працаваў Засевіч, не выглядалі, канечне, на зорак з фабрыкі мрояў, але й не былі страхотнымі, ці, ва ўсякім разе, не такімі страхотнымі, каб згадзіцца з тым, што яны — страхоц­ це, але, калі б Засевіч з гэтым не згадзіўся, дык выпіць не было б за што, і каньяк мог бы так і застацца не выпітым, займаць у секцыі Ружаніну шафку, таму Засевіч вырашыў выпіць першую чарку за што заўгодна, а далей будзе відаць. Ён моўчкі адкаркаваў пляшку, моўчкі разліў па чарках каньяк. Моўчкі яны чокнуліся і выпілі.

Не так бачыў Засевіч пачатак свята за пляшкай ар­ мянскага каньяку шасцігадовай вытрымкі.

— Хораша пайшоў, — сказаў Шульман. — Бо не абы за што, а за праўду.

Засевіч пачакаў, пакуль, як раіў яму Броўка, каньяк сагрэецца ў горле і аддасць увесь свой непаўторны смак, але ніякай асаблівай смакаты не дачакаўся і спытаў не­ чакана для сябе самога:

— Скажыце, Аскар…

— Барысавіч…

— Аскар Барысавіч, а чаму вас Аскарам завуць?

— О! — узняў палец Шульман. — Усе пытаюцца, усім цікава… Мая маці любіла музыку савецкага кампазітара Аскара Фельцмана, таму так і назвала. — І навёў, як пісталет, палец на Засевіча. — А ваша маці якога кампа­ зітара любіла? Я маю на ўвазе музыку.

— Семяняку.

Пад навед зеным на яго пальцам Засевічу стала няўтульна, ён пасунуўся з крэслам па паркеце ўбок — і Шульман палец апусціў.

— Семяняку? Не чуў пра такога… А як яго зваць?

У філармоніі працуе, а пра Семяняку не чуў… Мог бы чуць, хоць і прыезджы. Вунь колькі ўжо гадоў як прыехаў… Пра што ж яны гавораць у філармоніі?

— Юры.

— Але ж вы не Юры…

— Сяргей.

— Ведаю, што Сяргей. А чаму не Юры?.. І чаму ваша маці любіла Семяняку, а не Фельцмана?

— Фельцман у Маскве. А Семяняка тут.

— Дык і Ханок тут. Чаму яна Ханка не любіла? Ханка ведае…

— Ханок тут. Але яна любіла Семяняку, а не Ханка. Чаму яна павінна была Ханка любіць?

— Ханка Эдуардам завуць, — зноў узняў палец Шульман. — Вы б маглі быць Эдуардам. Эдуард Засевіч — гэта нармальна. — І ў другі раз навёў на Засевіча палец, як пісталет. — А па бацьку як?

Засевіч не стаў адсоўвацца, лак на паркеце драпаць. Няхай страляе…

— Рыгоравіч.

— Во, тым больш.

— Што тым больш?

— Тое, што Засевіч Эдуард Рыгоравіч. Нармальна.

— А Сяргей Рыгоравіч Засевіч — ненармальна?

— Не, чаму… І Сяргей нармальна. Але вы маглі быць Эдуардам. Ды яшчэ Рыгоравічам. — Шульман апусціў «пісталет» і ўзяўся за пляшку. — Ці руку не мяняем?

— Што значыць руку не мяняем?

— Хто пачаў, той і далей налівае.

— Мне ўсё адно.

— Да гэтага нельга ставіцца абыякава, галава пасля будзе балець, — перадаў Шульман пляшку Засевічу. — Налівайце. Гэта закон: руку не мяняць.

— Закон дык закон, — разліў Засевіч. — За што? Шульман узяў кілішак, падняўся.

— Ваша маці магла б любіць музыку Пракоф’ева. Тады ўсё б супадала. Пракоф’еў Сяргей і вы Сяргей. Але ў жыцці супадае не ўсё і не заўсёды. Вып’ем за тое, каб супадала.

З гэтым Засевіч не стаў спрачацца. Няхай супадае. Пасля першага кілішка Шульман не закусваў, пасля другога ўзяў скрылік лімона. Спытаў зморшчана:

— А чаму мы за Броўку п’ём? У яго юбілей?

— Не.

— Ён вам нейкі сваяк?

— Не.

— Тады хто?

— Ён мой калега па рабоце. Таксама канструктар дзіцячых цацак.

— А… Тады чаму мы п’ём за яго?

— Мы за яго не п’ём.

Шульман паклаў на сподак скурку дасмактанага лімона. Сподак быў рубінавы, колеру крамлёўскіх зорак, і жоўтая скурка глядзелася на ім прыгожа. Засевіч падумаў, што трэба будзе гэтыя колеры спалучыць у нейкай з цацак.

— А што мы робім? — кіўнуўшы на пляшку, спытаў Шульман.

— П’ём, але не за яго.

— Правільна. Нам яшчэ за яго піць! Хто ён нам такі? — Шульман зноў кіўнуў на пляшку. — Руку не мяняць, гэта закон. — І калі Сяргей Рыгоравіч разліў, Шульман падняўся з чаркай. — Прапаную выпіць за жанчын, бо трэці тост!

Не чакаючы Сяргея Рыгоравіча, нават не чокнуўшыся, Шульман выпіў, паганяў, заплюшчыўшы вочы, каньяк у роце, праглынуў і адразу ж, вачэй не расплюшчваю­ чы, заспяваў:

Ландышы, ландышы, Светлого мая пры­ы­вет,

ландышы, ландышы… ах, хто з вас не ведае гэтай лі­ рычнай, лёгкай, нібы святлом і кветкамі напоўненай, ме­ лодыі? Але мала каму вядома, што аўтар яе, знакаміты савецкі кампазітар Аскар Барысавіч Фельцман, пер­ шую сваю Сталінскую прэмію атрымаў не за яе і на­ ват не за самае сіняе ў свеце… — Шульман пачакаў, па­ куль Засевіч выпіў, узяў з рук ягоных і пакруціў перад носам ягоным сіняваты кілішак… — чорнае мора маё, а за санату для віяланчэлі, створаную ім яшчэ на другім курсе Маскоўскай кансерваторыі, куды ён паступіў па заканчэнні з залатым, прашу заўважыць, медалём знакамітай музычнай школы імя Сталярскага П.С., што сведчыць як пра глыбіню, так і пра шматфарбнасць… — Шульман паставіў на стол сіняваты кілішак і пакруціў перад носам Засевіча кілішкам зеленаватым… — так і пра шматфарбнасць таленту Аскара Фельцмана, які нарадзіўся ў 1921 годзе ў Адэсе, а ў 1941, ва ўзросце дваццаці гадоў, як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ажаніўся з Яўгеніяй Пятроўнай Кайданоўскай, таксама студэнткай Маскоўскай кансерваторыі, але дырыжорска­харавога факультэту, якая падрабляла ў Габрэйскім тэатры Беларусі, які гэтаксама, як і Маскоў­ ская кансерваторыя, знаходзіўся ў эвакуацыі ў Нава­ сібірску, і Аскар Фельцман, пра што ўжо ніхто не ве­ дае, апроч мяне, пісаў для гэтага тэатра музыку і быў яму верны, але не ўсё жыццё, бо пасля вайны Габрэй­ скага таэтра Беларусі не стала, і ўсё жыццё кампазітар Аскар Фельцман быў верны толькі сваёй жонцы Яўгеніі Кайданоўскай, а, можа быць, і не толькі ёй… За пара­ ход! — зусім не да месца скончыў Шульман гэтую сваю філарманічную лекцыю.

Каньяку не было адпіта яшчэ і паловы, а ўжо Засевіч пачаў паціху шкадаваць, што прызнаў у Шульмане армяніна.

— За які параход?

— За песню «Параход», якую ў 1952 год зе Аскар Фельцман напісаў для Леаніда Уцёсава, з чаго і пачало­ ся іх сумеснае вялікае плаванне, іначай бы прэзідэнт Расіі Ўлад зімір Пуцін не ўзнагарод зіў бы Аскара Фельцмана ордэнам «За заслугі перад Айчынай» трэ­ цяй ступені, і мы сёння за гэта… мы б за гэта сёння… а давайце мы Броўку затэлефануем!.. Скажам яму, што прэзідэнт Расіі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў яго ордэ­ нам трэцяй… другой… ды хай сабе нават першай ступені!

І за гэта вып’ем!..

Засевіч падумаў, што Шульман калі не армянін, дык алкаголік. Хоць той не выглядаў п’яным. Дый не мог мужык напіцца з паўпляшкі на двух.

— За што ўзнагародзіў?..

— За дружбу народаў! Беларусь з Расіяй дружыць?

— Дружыць…

— Во і ўзнагародзіў! За дружбу.

— А чаму яго?..

— А чаму не яго? Ён хіба дружыць меней за ўсіх астатніх?..

Засевіч не ведаў, як і з кім сябруе Броўка, бо іх адно­ сіны нельга было назваць сяброўскімі. Калі б можна было, дык каньяк гэты, які Броўка купіў, яны з тым жа Броўкам даўно б і выпілі. Тым больш, што Броўка знаўца ў каньяках, а Шульману, падобна, усё адно, што піць.

— Дружыць ён, па­мойму, як усе… За астатніх не меней…

— Во! — тыцнуў пальцам Шульман, ён без гэтага паль­ ца свайго не абыходзіўся. — Сярод усіх астатніх, з гуш­ чару людскога, можна сказаць, вылавіў і ўзнагародзіў! Ну, можа, не сам вылавіў, у яго там ёсць каму лавіць… А ўзнагародзіў сам! Прапаную за высокую ўзнагароду… руку не мяняць!

«А чаму гэта я, — спытаўся ў сябе, выпіўшы, Засевіч, не сябрую з Броўкам? Ён не дурны, інтэлігентны. І не скупы: каньяк мне шваграў аддаў, хоць мог сабе пакінуць. А я абы з кім сябрую, з Шульманам п’ю, а з Броўкам — не. Чаму? Бо ён не армянін?.. Ці не рускі, каб з ім сябра­ ваць і піць?..»

— А вы чаму… выбачайце… — ледзь не спытаў ён Шуль­ мана, чаму той не са сваімі сябрамі, а з ім п’е, нібы не сам яго па­суседску запрасіў… — а чым вы, выбачай­ це, займаецеся ў філармоніі? Які ў вас, у сэнсе, жанр, ці амплуа?..

Не паспеў ён спытаць, а Шульман ужо стаяў, як на сцэне стаяць, і, абцягнуўшы халат, як фрак за фалды аб­ цягваюць, выкаціў грудзі і заспяваў:

Свабода народу, дыктатару куля, Няўтульна жывецца на свеце яму, Ён нават не ходзіць туды без патруля, Куды яму трэба хадзіць аднаму, Эх, рула­тэрула­тэрула­тэрула!..

— рушыў госць, на каўказскі манер прытанцоўваючы, ад стала да дзвярэй, на якія гаспадар, пачуўшы такія спе­ вы, зірнуў з трывогай, бо могуць вылавіць не толькі ў людскім гушчары, але і ва ўласнай хаце, а ў госця зляцелі шлёпкі з ног, ды ён на тое не зважаў, прытанцоўваў на каўказскі манер ад дзвярэй назад да стала… — руку не мяняць!.. эх, які жанр быў, якое амплуа!.. палітычная сатыра!.. мы ўсіх іх, усіх!.. дыктатараў тых… стрэламі і коп’ямі знішчальнага смеху!.. Салазара, Самосу!.. ха!.. нават у прыбіральню!.. з голым азадкам пад аховай!.. народ упокат!.. квіткоў не дастаць!.. людзі ламіліся ў філармонію, каб Шульмана пачуць!.. я і зараз магу, але каму трэба?.. каго цяпер слухаюць?.. голыя задніцы, якія разяўляюцца!.. а вы паслухайце… хаця не, спачатку наліць, каб руку не мяняць… за амплуа, за жанр!.. за вы­ сокае мастацтва палітычнай сатыры!.. эх, хораша пайш­ ло!.. бо за высокае!.. зараз, слухайце… гэта, канечне, не тое, што было… не сатыра, гумар… якая сёння сатыра!.. каўбаса не Самоса, сыр не Салазар… — і Шульман зноў заспяваў, прытанцоўваючы, але ўжо не на каўказскі ма­ нер, а на манер беларускі, нібыта полечку:

Каб даўжэй прадуктам свежым у лядоўні праляжаць, прапаную іх не рэзаць і гасцям не падаваць!..

ха!.. яшчэ многія палічаць за шчасце выпіць з Шуль­ манам!.. — і, выпіўшы і праспяваўшы, госць закусіў скрылікам лімона, а Засевіч, зразумеўшы спевы гос­ ця як намёк на тое, што гаспадар скупаваты, нармаль­ най закускі на стол не падаў, яшчэ раз пашкадаваў, што не з Броўкам сябруе, а з кім папала каньяк армянскі п’е… — вось вам жа пашчасціла, — паклаў Шульман жоўтую скурку лімона на рубінавы сподак, і яна ля­ жала на ім, круглая, як сонейка… — хоць вы не Сяр­ гей, бо ваша маці не любіла Пракоф’ева, музыка яко­ га не выпадкова, о, зусім не выпадкова такая сонеч­ ная, бо нарадзіўся ён, прашу заўважыць, у самы разгар вясны ў маёнтку Сонцаўка Кацярынаслаўскай губерні, якая стала Данецкай, і памёр таксама вясной, але ў Ма­ скве, якая Масквой і засталася, у адзін і той жа дзень з таварышам Сталіным, да юбілею якога ў 1939 годзе напісаў кантату «Здравіца», пасля чаго тройчы ставаў Лаўрэатам Сталінскай прэміі, хоць мог стаць і раней, бо ўжо ў 1914 годзе, ва ўзросце13 гадоў напісаў чаты­ ры оперы, але Сталінскіх прэмій на той час не было, і яму давялося яшчэ шмат чаго напісаць, у тым ліку оперу «Вайна і мір», створаную ў трагічна­высокім духоўным напружанні, калі кампазітар знаходзіўся ў эвакуацыі на Каўказе, у Нальчыку і Тбілісі, не кажучы ўжо пра кан­ тату «Да 20­годдзя Кастрычніка» на словы Маркса, Эн­ гельса і Леніна… а, вы здзівіліся, а такая кантата была… як яно там… — і, хвілінку паўспамінаўшы, Шульман прагалёкаў, як у лесе… — «філосафы толькі па­рознаму тлумачаць свет, а справа ў тым, каб яго змяніць!..», вы адчуваеце, якая моц і сіла!.. і гэта сімвалічна, о, як сімвалічна, што ў адзін дзень памерлі вялікая ру­ ская музыка і вялікая руская ідэя, хоць Сталін, канеч­ не, грузін, а я, калі хочаце ведаць, габрэй, як Маркс і Ленін, і я прапаную тост за Маркса, Леніна і Сталіна… руку не мяняць… і за Сталіна, якога можна вынесці з Маўзалея, але нельга вынесці з гісторыі… хоп!.. хораша пайшло, бо за вялікую ідэю і за вялікіх людзей… эх, пра Броўку забыўся, вы чаму не напомнілі?.. руку не мя­ няць… усё ў свеце мяняецца, але ў сутнасці сваёй заста­ ецца нязменным: Пуцін верны сталінец, Сталін верны ленінец, Ленін верны марксіст, а Броўка … — Шульман паглядзеў дапытліва, нібы чакаючы, што Засевіч скажа пра Броўку, хто ён такі, сталінец ці ленінец… — а, зрэш­ ты, хто б ні быў… хоп!.. — і госць адзін, бо гаспадару не было ўжо чаго наліць, кульнуў апошні кілішак… — хора­ ша пайшло… але на тым фініш, брэйк, дзвесце пяцьдзе­ сят мая норма… — хістка ўсунуўся Шульман у свае шлёпкі… — дык я пайшоў?.. — і, пакідаючы застолле, ён яшчэ праспяваў на парозе: «Пахне чабор, пахне ча­ бор… вось вам Броўка ў песнях савецкіх кампазітараў, каб не думалі, што не ведаю, хто такі беларускі паэт Броўка, які праставіў некалі пляшку каньяку рускаму літаратару Эрэнбургу…» — і дзверы «шчоўк», зачыніліся, быццам і не было таго шчасця выпіць з Шульманам, толькі пляшка, паўгадзіны таму поўная, цяпер стаяла пустая. Засевіч сядзеў і тупа глядзеў на яе, намагаючы­ ся ўцяміць, што ж адбылося…

Яшчэ праз паўгадзіны, дазнаўшыся праз даведку ну­мар тэлефона, ён пазваніў у музей Броўкі, непадалё­ ку ад якога жыў, але ў якім ніколі не быў, і спытаў, ці можа музей абвергнуць або пацвердзіць той факт, што беларускі паэт Броўка праставіў некалі каньяк рускаму літаратару Эрэнбургу?.. Мужчына, які падняў слухаўку, вельмі ахвотна, нават радасна адказаў, што такія фак­ ты аднолькава цяжка як пацвердзіць, гэтак і абвергнуць, але такое магло быць, бо ў 1947 годзе Броўка і Эрэнбург разам ездзілі ў Польшчу, а калі вярталіся назад, дык у Эрэнбурга скончыліся грошы, і Броўка, пакуль цягнік стаяў на станцыі, збегаў дахаты і грошы для Эрэнбур­ га прынёс… «Вас, можа быць, яшчэ нешта цікавіць?..» — спытаў мужчына з надзеяй у голасе, але Засевіча нічога больш не цікавіла і ён паклаў трубку.

Люты 2008, Смаргонь.

ЗАЛАТАЯ АРДА

Мар’ян прачнуўся ад стуку ў вакно. Зірнуў на гадзіннік з вялікімі, каб бачыць, бо ўжо вочы не тыя, чырвонымі лічбамі на падстрэлку: 6.00.

Гадзіннік гэты Ганна нядаўна падаравала. На юбілей, на пяцьдзесят гадоў. Замест старога. Стары, нават старадаўні, з ківачом, у арэхавым футарале гадзіннік, які яшчэ з іхняга вяселля спраўна час адбіваў, перад самым юбілеем раптам абрынуўся са сцяны — і ўшчэнт! Чаму сарваўся?.. Цвік, на якім вісеў, не пагнуты, дужка, за якую чапляўся, цэлая, а ён гэх — і ў друз! Дык жонка й купіла новы, электрон­ ны. Сама купіла, а выгляд зрабіла, нібы гэта Антон, брат ейны, швагер Мар’янаў купіў. Яна ўсё хацела, каб Мар’ян з Антонам сябравалі. А як з ім сябраваць?.. Мар’ян жа бачыў, як гадзіннік яму ў гасцёўні Ганна ўсунула. Прыпёр­ ся без гадзінніка, лыкнуў гарэлкі дармавой ды яшчэ… Ат, і ўспамінаць не хочацца… «Кердык табе, — кажа, — пасля юбілею, Мар’ян, раз гадзіннік напярэдадні гэкнуўся. Прык­ мета, — кажа, — ёсць такая, жалезная».

На левым плячы Мар’яна якраз да юбілею халера нейкая выcкачыла, гэтакі гузак амаль з кулак, дык уся­ лякае ў галаву палезла. Чарнобыль, цэзій… А тут яшчэ швагер… І Ганна хоча, каб яны сябравалі.

«Падалося», — падумаў Мар’ян пра стук у вакно. Не таму так падумаў, што было шэсць раніцы. Такой па­ рой нехта мог і пастукаць, чаму не? Вунь сусед Ма­ гамед, татарын, ён у гэткі час ужо курыць на гаўбцы. У шэсць раніцы шмат хто прачынаецца. Але пасту­ каць у шэсць раніцы ў вакно на адзінаццатым паверсе дванаццаціпавярховага дома…

У вакно зноў пастукалі. Гэтым разам не ў шкло, а ў бля­ ху на падваконніку, і стук быў такім, як шарыкі жалезныя рассыпаліся, ці буйныя градзіны ледзяныя. «Трук­так­тук­ тук­трак…» — вось так… Тут ужо нельга было падумаць, што здалося, нібы нехта пастукаў. Мар’ян, пацягнуўшыся, паляжаў трохі, падняўся і адшморгнуў занавесу…

Яго асляпіла ранішняе ліпеньскае сонца, якое, толькі­ толькі прыўзняўшыся над зямлёй, біла наўпрост у вочы, і ён не адразу разабраўся, што там, ці хто там вісіць за вак­ ном?.. А за вакном вісеў дэсантнік на парашуце. Мусібыць, вучэнні вайсковыя недзе праводзіліся, і хлопца знесла ве­ трам, зачапіла за дах дванаццаціпавярховіка. Цяпер зноў, як за савецкім часам, пайшла мода на ўсялякія вучэнні. На­ ват Мар’яна ў ягоныя паўвеку забраць і падвучыць нечаму хацелі. Ды ён не даўся. Паперку ў псіхлякарні, дзе швагер працаваў санітарам, вырабіў, нібы хворы. На галаву, канеч­ не, там ні на што іншае не хварэюць. Так што і ад Антона ёсць нейкая карысць, не скажаш, што няма ніякай.

Дэсантнік быў у белым камуфляжы, што Мар’яна здзівіла, бо не зіма ж, не снег, а лета, трава з лістотай, і воін павінен быць у апратцы пляміста­зялёнай, а на ім нават чаравікі белыя. Дый не чаравікі гэта, балеткі нейкія… Дальбог, балеткі на дэсантніку, а на галаве вяночак, во форма, ё­пэрэсэтэ…

— Што, підар, завіс?.. — спытаў Мар’ян у шкло, дума­ ючы, што дэсантнік не пачуе, а той пачуў і адказаў, не крыўдуючы: «Я не підар, я фельд’егер, вам пакет са штабу». І дастаў з­за пазухі гэткі самы белы, як увесь ён сам, пакет, на якім чырвонымі, як лічбы на электронным гадзінніку, літарамі былі напісаны імя і прозвішча Мар’яна, а папе­ радзе літары Р. Б., што азначала, мусібыць, Рэспубліка Бе­ ларусь. Але далейшага адрасу на пакеце напісана не было, так што як гэты балерун з парашутам знайшоў менавіта тое вакно, за якім Мар’ян спаў, чорт яго ведае…

— Не згадвайце нячысціка! — перахрысціўся дэсантнік і падаў Мар’яну пакет. Праз зачыненае вакно, скрозь шкло, сабака, падаў!.. Во іх вучаць цяпер!.. У савецкія часы, калі Мар’ян служыў, гэтак не вучылі. Ну, там, дрот зубамі перакусіць, цэглу лобам раструшчыць, калі ласка… Але ж не пакет падаць скрозь шкло — і яно цэлае!..

Пара… як яно?.. Не паранойя, пара… нешта такое… На пакеце было сем пячатак. Найвышэйшы ўзро­вень сакрэтнасці, як Мар’ян помніў, пяць, а тут аж­ но сем, і ў Мар’яна рукі пакалочваліся, пакуль ён раз­ ломваў адну за адной сургучныя, якіх даўно ўжо не бачыў, пячаткі.

У пакеце было пуста. Нічога ў ім не было, апроч накрышанага Мар’янам сургуча.

— Цьфу ты, укласці забыўся, — завінаваціўся дэсантнік і зноў залез за пазуху. — Во!..

На белым, таксама сакрэтным, з вадзянымі знакамі ар­ кушы паперы, пададзеным дэсантнікам, як і пакет, скрозь шкло, чырвонымі літарамі было напісана:

«ІДЗІ ЗА ІМ І ПРЫЙДЗЕШ ДА ТАГО І ТУДЫ,

ДЗЕ І З КІМ ЗАЎСЁДЫ ХАЦЕЎ БЫЦЬ».

І ані подпісу, ані даты… Які штаб, хто начальнік?.. Гэты балерун мог і сам такое напісаць, без ніякага шта­ бу. Паперу з вадзянымі знакамі дастаць сёння не пра­ блема. Вунь швагер, калі гадзіннік запіваць прыходзіў, расказваў, як у краме разлічыўся новенькай стотысячнай, а яна аказалася падробленай. Яго ў міліцыю зацягнулі: скуль у вас фальшывая асігнацыя?.. А сапраўды: скуль у яго сто тысяч, у п’янтоса?..

— Ён амаль паўмільёна зарабляе, даглядаючы боскіх людзей, — разважыў дэсантнік. — Дык чаму ў яго не можа быць ста тысяч?

Мар’яна гэта чамусьці раззлавала.

— Таму што жонка ягоная ў дзень зарплаты да касы прыпіраецца і ўсё забірае! А ты не ведаеш, дык і не лезь!..

Дэсантнік міралюбіва ўзняў рукі.

— Я не лезу… Але яна стаўку забірае, а ён працуе на паўтары. І дамовіўся з бухгалтэрыяй, каб грошы за паўстаўкі плацілі яму асобна, у аванс. Санітарам у лякарні, ды яшчэ ў вар’ятні, працаваць сёння не кожны захоча, дык яны і згадзіліся.

«Плюс, значыць, тысяч д звесце пяцьд зесят! — мільганула ў галаве Мар’яна. — А на гадзіннік нейкіх дваццаць тысяч пашкадаваў ды яшчэ гарэлку жлукціў дармавую! І Ганна хоча, каб мы сябравалі?..»

— Правільна хоча, — сказаў дэсантнік. — Жыццё не для таго, каб дробязныя рахункі зводзіць.

— Там дробязь… тут дробязь… — прабурчаў Мар’ян, адчуўшы ў апошніх словах дэсантніка нейкую праўду. — Так і набяжыць…

Дэсантнік нічога на гэта не сказаў, толькі плячыма пацепнуў, і Мар’ян перачытаў чырвоныя пісьмёны на бе­ лай паперы: «Ідзі за ім і прыйдзеш да таго і туды, дзе і з кім заўсёды хацеў быць». А дзе і з кім ён хацеў быць?..

Ды яшчэ заўсёды?..

— За кім ісці?.. — спытаў Мар’ян дэсантніка. — За табой?

— За мной, — адказаў той і наўкол разглядзеўся. — Больш няма за кім.

Ісці і праўда не было болей за кім. Хіба што за самім са­ бой. Ці за Ганнай, якая сонна спытала са спальні: «Мар’ян, што там?..» — і зноў заснула. Куды за ёй прыйдзеш?.. Калі яны ўжо гадоў дзесяць нават не спяць разам.

Наогул: хто, калі і куды яго клікаў?.. За ўсё жыццё… Ну, калі мець на ўвазе нешта добрае. На дэманстрацыі клікалі… На суботнікі… Куды яшчэ? У камунізм…

— Спускайся давай, — рашуча кіўнуў Мар’ян дэсант­ніку. — Я таксама спускаюся, апрануся толькі.

Дэсантнік падаў яму руку.

— Нам падымацца, а не спускацца… І апранацца не трэба.

Мар’ян зірнуў за вакно ўніз… На двары ў такую пару нікога не было, але ж хутка павылазяць людзі, а ён у тру­ сах і ў тапках. І хоць бы трусы былі новыя, модныя якія­ небудзь, а то чарнільна­сінія па калена, як з той вайны…

— З якой той вайны?.. — спытаў дэсантнік, вымаючы Мар’яна скрозь шкло, і ніяк не параніўшы яго тым шклом, не зачапіўшы. Толькі ў вачах трошкі зарэзала, як у вадзе з пяском. Ну дык натуральна, бо шкло ж з пяску робяць. — Ты хіба на вайну хадзіў?

Трымаючыся за руку дэсантніка, Мар’ян стаяў на падваконніку і асцярожна намацваў пустату пад левым тапкам… Ён леўшуном быў і ўсё рабіў злева. Злева клаўся, злева ўставаў… Злева намацваў… Во, зараз злева па пу­ стаце пойдзе, калі не праваліцца.

— Не, на вайну не хадзіў… Гэта ў нас кажуць так пра нешта старое: як з той вайны. Хто яго ведае, чаму, але так кажуць.

Дэсантнік, правяраючы парашут, на якім ім падымацца, а не спускацца, паторгаў стропы.

— Бо ў вас, апроч вайны, і не было нічога. Што ў вас яшчэ было?

Пад левай нагой нешта дзіўнае адбывалася: нага і не на цвёрдым стаяла, — бо якое ж цвёрдае, калі паветра? — і не правальвалася. Калі з дзяцінства ўспомніць, дык нібы па ўтравянелай багне ідзеш. Балота ўсмактаць гатовае, а трава, як дыван на тое балота пасланы, трымае.

Мар’ян асцярожна паставіў на пустату правую, менш надзейную, бо некалі яна ў калене зламалася, нагу. Але забаяўся нечага і зноў стаў зламанай нагой на падваконнік.

— Мір у нас быў… Развіты сацыялізм. Яшчэ гэтая… як яе… перабудова. Незалежнасць пасля, я са сцягам хадзіў… Во, з Магамедам разам, — узняў Мар’ян руку, вітаючы суседа, які, як заўсёды ўраніцы, выйшаў на гаўбец паку­ рыць. У яго гаўбец з гэтага боку дома быў, з гасцёўні вы­ ходзіў, а ў Мар’яна — з таго боку, са спальні. З гасцёўні, вядома, лепш, бо, калі госці збіраюцца, асабліва летам, дык пастаяць на гаўбцы, паразмаўляюць. Пакураць во, як Магамед. А ў спальні для чаго гаўбец? Толькі праве­ трыцца. Дык фортку адчыніў — і праветрывайся.

— Ты куды так рана?.. — спытаў Магамед, прыпаліўшы і з асалодай зацягнуўшыся нейкім прэлым, як ад згарэ­ лага бульбоўніка, калі яго ўвосені паляць, дымам. — На поле дзівосаў?..

От, морда татарская! Мала таго, што ні ўранні, ні ўвечары не вітаецца, дык яшчэ робіць выгляд, нібы кожны дзень каля ягонага гаўбца людзі па паветры ходзяць.

Мар’ян з адным татарынам у войску служыў. З чур­ кам, як у войску савецкім называлі ўсіх, хто з поўдня. Ці з Каўказа, ці з Сярэдняй Азіі, ці з Татарстану — усё адно… Чурка. І Мар’ян не разумеў: чаму чурка? Таму спытаўся неяк у таго татарына: «Як ты думаеш: чаму ты чурка?..» Не хацеў пакрыўдзіць, хацеў разабрацца. А той пайшоў і сержанту даклаўся: «Радавы Мар’ян Рутнянскі мяне зневажае». Сержант яго па пяць разоў на дзень чуркай абзываў — і яму хоць бы што. А Мар’ян спытаў: чаму? — пакрыўдзіўся. Вось і паспрабуй зразумець на­ туру татарскую.

— Не на поле дзівосаў, — крыўдліва сказаў Мар’ян Ма­ гамеду, глянуўшы на дэсантніка, які нецярпліва ткнуў пальцам у неба. — На неба.

Полем дзівосаў называлі яны між сабою рынак, на якім можна было знайсці ўсё, пачынаючы ад іржавага цвіка і сканчаючы новым, толькі што са складу, пісталетам.

— Шкада. А то б я з табой пашоў. Тапкі трэба купіць, босы во на гаўбцы… — Магамед падняў і апусціў адну, потым другую нагу, паказваючы, што напраўду босы. — І каўпак на машыну. З пярэдняга кола зляцеў. З левага. Можна, канечне, і без каўпака ездзіць, але жонка… Ёй жа трэба, каб блішчэла. — Ён махнуў рукой. — Ды ты сам ведаеш. — І раптам плюнуў раззлавана, затушыў неда­ курак. — Абрыдла ўсё!.. То каўпак, то гадзіннік! Вісеў­ вісеў, а ўчора гэх са сцяны — і ўшчэнт! А тут швагер якраз у гасцях. Кердык табе, кажа, Магамед. Калі пе­ рад юбілеем, а ў мяне юбілей праз тыдзень, ты ж ве­ даеш, гадзіннік гэкнуўся, дык пасля юбілею кердык. Прыкмета, кажа, ёсць такая, жалезная. А пасля пытае:

«Што табе падараваць на юбілей? Такое, каб паспеў на­ цешыцца?..» Я з хаты яго выгнаў, дык з жонкай скан­ дал. Накінулася: «Ты майго брата!.. Ён пажартаваў!..» А я ўсю ноч думаў, запала ў галаву: чым жа нацешыцца можна паспець? Ну, калі раптам і праўда кердык… І ні да чаго не дадумаўся. Ні да чаго, разумееш?.. — Магамед кінуў недакурак з гаўбца ў двор. — У доктара днямі быў, гузак нейкі на плячо ўскочыў, дык ён мне: «Кідайце курыць, даўжэй пражывеце…» Для чаго даўжэй, ты ве­ даеш?.. Чым бы ты цешыўся, калі б праз тыдзень кер­ дык?.. Ну вось чым, га?..

У Магамеда бліснулі і высахлі слёзы на сонцы. Коратка­коратка бліснулі і высахлі.

Мар’яну стала шкада Магамеда. Так шкада, што ён сам ледзь не заплакаў. Яму ж самому, калі швагру ве­ рыць, хутка кердык. Ці, можа, не хутка, а ўжо?..

Яго раптам торгнула, страсянула, як токам. Ён ажно ўспацеў, падумаўшы, што ўжо мёртвы. Але ўспомніў, што мёртвыя не пацеюць, і трохі супакоіўся. Не ведаў толькі, што адказаць Магамеду. Таму спытаў:

— На якім плячы ў цябе гузак? Магамед шморгнуў носам.

— На правым.

— А ў мяне на левым…

— І што?..

— Нічога. У мяне на левым, у цябе на правым…

— І што?

— Я ж кажу: нічога…

Мар’ян ступіў з падваконніка на пругкую пустату — з пустаты зноў на падваконнік. Магамед глядзеў на яго, нечага чакаючы, і Мар’ян павярнуўся да дэсантніка.

— Слухай, як цябе…

— Ніяк. Засакрэчаны.

— Ніяк дык ніяк… А суседа майго зваць Магамедам. Магамед падаў руку дэсантніку:

— Магамед.

Дэсантнік павітаўся з Магамедам неяк сарамліва… Ніякавата, мусібыць, знаёмячыся, паціскаць руку і ніяк сябе не называць.

— Яму можна з намі? — спытаў Мар’ян. — Ну, калі ў яго таксама гузак?

— Яму не з намі, калі на правым, — уздыхнуў дэсантнік, нібы спачуваючы Магамеду, у якога гузак не там, дзе трэба. — Вось калі б на левым…

— Якая розніца, калі гузак?

— Ёсць розніца.

— Якая? Гузак у мяне — гузак у яго.

— Розніца не ў гузаку.

— А ў чым?

— У месцы, якое ён займае. Так уладкавана.

— Што ўладкавана?

— Сам лад. Жыццё.

«Дык пераладкуй», — хацеў прапанаваць дэсантніку Мар’ян, але не прапанаваў, падумаўшы, што наўрад ці дэсантнік, няхай ён нават і ў балетках, мае паўнамоцтвы на пераўладкаванне жыцця.

— Не пашэнціла мне, — сказаў Магамед, зноў запаль­ ваючы. — Ды я нікуды і не збіраўся. Ні направа, ні на­ лева… — Прыкурыўшы, ён трымаў запалку, пакуль яна не дагарэла. — Жыццё, як запалка. Вось было — і дзе падзелася?.. Ні агню, ні дыму. — Магамед кінуў дапа­ лак і пацёр, паслініўшы, пальцы. — Толькі пячэ пры кончыку.

— Пайшлі! — нецярпліва торгнуў парашутныя стро­ пы дэсантнік. — Нам а дзевятай трэба ў штабе быць. А шлях не блізкі.

Мар’ян стаў абедзвюма нагамі на пустату. Дзіўнае ўсё ж адчуванне, але аднекуль знаёмае… І не з дзяцінства, не з хады па багне, не… Тады адкуль?

Ён зрабіў крок, з левай нагі ледзь не зляцеў тапак…

— Ты б, можа, без тапкаў, — параіў Магамед. — А то згубіш.

Мар’ян асцярожна, па адным, зняў тапкі, падаў суседу:

— На, пакуль вярнуся.

— Не вернешся ты, — сказаў Магамед, ўсоўваючы ногі ў мар’янавы тапкі.

— Чаму?

— Адтуль не вяртаюцца.

— Адкуль адтуль?..

— Сам ведаеш, адкуль…

— Скуль я ведаю?.. — І тут Мар’ян здагадаўся, што мае на ўвазе Магамед. — Ты думаеш, я памёр?

— А ты як думаеш?..

Мар’ян пасля таго, як яго нібы токам торгнула і ён спацеў, так не думаў. Не, ён жывы, ён некуды пакліканы, да некага дэсантнік яго вядзе, але невядо­ ма, па­першае, куды і да каго, а па­другое, нікуды і ні да каго ісці не хацелася. Даўно ўжо не хацелася, вунь нават да швагра ў госці забыўся, калі выбіраўся… А швагер прыпёрся: «Кердык табе», — кажа… Нібы ска­ заць болей няма чаго.

— Скажы, Магамед…

— Што сказаць?.. — Магамед, узяўшыся за парэн­ чу гаўбца, падскочыў. — Файныя тапкі, мяккія. Калі б яшчэ дыск…

Дыск Магамеду не мог дастацца, бо машыны ў Мар’я­на не было. А каб і была…

— Калі б цябе паклікалі туды і да таго, дзе і з кім ты заўсёды хацеў быць, ты б куды і да каго пайшоў?

Магамед глядзеў на Мар’яна, намагаючыся зразу­мець сэнс пачутага.

— Хто паклікаў?..

— Якая розніца, хто! Ну, во ён, — паказаў Мар’ян на дэсантніка. — Ці нехта яшчэ. Я кажу: калі б паклікалі…

— Да каго?..

От, пень! Чурка!..

— Да таго, з кім ты заўсёды хацеў быць! Дык ты куды і да каго пайшоў бы?..

Магамед задумаўся. Ці, хутчэй, выгляд зрабіў, нібы задумаўся, бо відаць было, што ні да каго і нікуды ісці ён не збіраецца, яму і на гаўбцы ягоным някепска… Яшчэ раз падскочыў — гэтак яму тапкі спадабаліся. І раптам сказаў, падскочыўшы:

— Ва Ўлус Джучы. Да Бату-хана.

— Куды?..

— Ды хана Батыя ў Залатую Арду.

Бач ты, куды і да каго пайсці можна захацець! Мар’яну такое ў галаву ніколі б не стрэліла: у Арду да Батыя.

— Дык гэта ж назад… — няўпэўнена працягнуў Мар’ян, а Магамед спытаў:

— А туды, куды йдзеш ты, хіба ўперад?..

Ён усё ж думаў, што Мар’ян памёр. І хоць бы што яму. Скача ў тапках Мар’янавых… Гэтак і на хаўтурах скакаць будзе. Ды пабачым яшчэ, хто на чыіх…

— Вазьмі Магамеда замест мяне, — прапанаваў Мар’ян дэсантніку. — Ён ведае, куды і да каго хоча.

Дэсантнік зірнуў на Мар’яна, як на папа, які лезе не ў сваю парафію, і пракінуў незадаволена:

— Мой начальнік штаба не Магамед.

— Во! — узняў Магамед палец. — Рэлігійная нецярпі­ масць… А ты ведаеш, што Батый быў паганцам, яго­ ны сын Сартак — хрысціянінам, а брат Батыя Бэркэ — мусульманінам? І нікому гэта не замінала.

Дэсантніку не спадабаліся словы Магамеда… Гэтак не спадабаліся, што ў яго куточак роту торгнуўся нервова, але ён зрабіў выгляд, нібы ўсміхнуўся.

— І мне не замінае. Калі надта хочаш, пайшлі.

— Дык я ж не мёртвы, — сказаў Магамед, і дэсантнік рэзка хіснуўся да яго на сваім парашуце:

— Скуль ты ведаеш?.. Магамед разгубіўся…

— Як гэта, скуль?.. Не мёртвы — і ўсё. Які я мёртвы, калі жывы?..

Нешта не складвалася ў іх, у Магамеда з дэсантнікам, які хістаўся над пустатой… І ніяк не ўспомніць: адкуль яно — гэтае нібы знаёмае адчуванне пустаты?

— Не мёртвы ты, — супакоіў Магамеда Мар’ян. — Як бы ты мёртвы ў тапкі мае ўлез?..

— Аддаць? — нахіліўся, каб тапкі зняць, Магамед, а дэсантнік спытаў Мар’яна раздражнёна:

— Ты йдзеш?

— Насі, — сказаў Мар’ян Магамеду. — Пайду я…

— Куды?

— Туды…

— Куды туды?

— Дзе быць хацеў…

— У Залатую Арду? Да хана Батыя? Мар’ян раззлаваўся.

— На які чорт мне твой Батый з тваёй Ардой! Я хіба татарын? Ну вось скажы: я татарын?

— Я татарын, — супакоіў яго Магамед. — Ты не тата­рын. Але куды ты пойдзеш?..

Ён проста не разумеў, не ўяўляў, куды яшчэ можна пайсці, калі не ў Залатую Арду?

— Куды ў паперы напісана!

— У якой паперы?

— У гэтай! — схапіў Мар’ян з падваконніка і сунуў пад нос Магамеду паперу з вадзянымі знакамі і чырвонымі пісьмёнамі. — Во тут, во!.. Туды і да таго, дзе і з кім заў­ сёды хацеў быць!

— Дык у Залатую Арду… — сказаў Магамед, беручы па­перу, і Мар’ян закрычаў на ўвесь двор, не стрываўшы:

— Ды прачытай ты! Якая Арда? Дзе тут пра Арду?.. Спачатку прачытай, а пасля кажы!

На сёмым і пятым паверхах адчыніліся вокны, жанчы­ на ў бігудзі і мужык у піжаме высунулі галовы, убачылі дэсантніка ў белых балетках на парашуце і хуценька схаваліся туды, адкуль высунуліся.

Магамед уважліва прачытаў паперу, уважліва разгледзеў на сонцы вадзяныя знакі.

— Не падробная?..

— Адказваю, — сказаў дэсантнік.

— У нас ёсць каму адказваць… — незразумела пра каго сказаў Магамед. — Мой швагер разлічыўся ў краме сто­ тысячнай, дык яго пад пахі і ў пастарунак. «Адкуль у вас фальшывая асігнацыя?..» Але не пасадзілі. Даказаць не змаглі, што сам падрабіў.

Мар’яну няёмка стала, што раскрычаўся, і ён кіўнуў, заміраючыся з Магамедам.

— Майго швагра таксама не пасадзілі. Не змаглі даказаць.

Магамед уздыхнуў, пацёр паперу пальцамі…

— На такой Сараі пісаў.

— Хто?

— Сайф­і Сараі. Паэт. Залаты паэт Залатой Арды. «Спазнала душа прыцягненне кахання, Зямлёй вакол Сонца кружляючы з рання У ззянні бязмежных, бясконцых ня­ бёс…» — пачаў чытаць Магамед, гледзячы на сонца, вершы гэтага самага, мусібыць, залатога паэта, але перапыніўся, схапіўся за парашутныя стропы і падцягнуў да сябе дэсантніка… — І гэта тысяча трыста дзевяносты год! Ча­ тырнаццатае стагоддзе! Вы за што Каперніка спалілі?

— Нікога я не паліў! — ўпёрся нагамі ў гаўбец, спрабу­ ючы вырваць стропы з рук Магамеда, дэсантнік. — І гэта не тысяча трыста дзевяносты, а тысяча трыста дзевяно­ ста першы, калі Тамерлан Сарай аль­Махрус зруйнаваў!.. Адпусці стропы!

— А, ведаеш, — вызваліў Магамед дэсантніка і дачытаў, ускінуўшы рукі ў неба: «Дзе вечнасць з імгненнем спра­ даюцца ў лёс».

Тое, што дэсантнік ведае, хто і калі зруйнаваў нейкі там Сарай аль­Махрус, Мар’яна не здзівіла: каму ж яшчэ ведаць, як не яму? Але тое, што Магамед вершы чытае — ды яшчэ залатаардынскія … І ён спытаў Магамеда, ста­ раючыся не выказаць здзіўлення:

— А Капернік пры чым?..

Магамед, здалося, здзівіўся не менш за Мар’яна.

— Ну ты тупы!.. Каперніка калі спалілі?

Мар’ян не помніў, калі спалілі таго Каперніка… І ўво­ гуле яму здавалася, што спалілі не Каперніка, а нека­ га іншага.

— Калі?

— Праз паўтараста гадоў пасля таго, як Сараі напісаў, што Зямля вакол Сонца круціцца! Дык за што на кас­ цёр?

— Інквізіцыя вершаў не чытала, — сказаў дэсантнік і, трохі прыўзняўшыся, узяў Мар’яна пад локаць — І спа­ лілі не Каперніка, а Джардана Бруна. Пайшлі!

Мар’яну гэта не спадабалася. Не тое не спадабалася, што інквізіцыя не таго спаліла, а тое, як яго дэсантнік пад локаць узяў.

— Ты што мяне, як мент у пастарунак? — тузануў ён локаць, але дэсантнік трымаў моцна і пацягнуў, паплыў­ шы на парашуце, Мар’яна за сабой. Мар’ян бездапаможна заперабіраў нагамі, спрабуючы ўпёрціся, але як і ўва што ўпрэшся, калі ногі слізгаюць па пустаце, і калі б Магамед не ўхапіў суседа за другі локаць, дык дэсантнік так бы і пацягнуў яго туды і да таго, дзе і з кім ён заўсёды хацеў быць, а з кім гэта і дзе, калі не з Батыем у Залатой Ардзе?..

Мар’ян завіс паміж зямлёй і небам — і тут успомніў, скуль яно, гэтае хоць і дзіўнае, але нібы знаёмае адчу­ ванне пустаты пад нагамі.

Калісьці, яшчэ ў мінулым стагоддзі, паспрабавалі яны з Магамедам разбагацець. У жонкі Мар’янавай сваяк у Гародні на фабрыцы тытунёвай працаваў. Мар’ян браў у яго цыгарэты, а Магамед іх у Менску нейкім татарам збываў. У крамах у тыя часы — пустыя паліцы. Так што бізнес быў выгадны, ды нядоўгі. Калі трэцім раз­ ам прыехалі яны ў Гародню, да іх падышлі стрыжаныя хлопцы ў скураных куртках. «Сваяк ваш, — сказалі, — не надта вялікі начальнік, ліміт свой праз яго вы ўжо выбралі. У чацвёрты раз не з’яўляцеся.» А як не з’явішся, калі такі выгадны бізнес?.. І на чацвёрты раз падвесілі Мар’яна стрыжаныя хлопцы над кручай нёманскай на суку сасновым. Уночы падвесілі і пайшлі. «Пад раніцу, — паабяцалі, — вернемся. Не ўпад зеш — тваё шчасце, звалішся — лёс».

Вісіць Мар’ян над кручай, рот заткнуты анучай, з рукамі звязанымі і нагамі скручанымі, пад якімі — пу­ стата. Вось адкуль яно, дзіўнае, але знаёмае адчуванне… Калені сагнеш, бо ногі зацякаюць — пустата пругка па­ дымаецца, разагнеш — апускаецца… Сук патрэсквае… А ўнізе — метраў праз дваццаць пустаты — вясновы, па­ водкавы, крыгаломны Нёман.

Канае Мар’ян, сквапнасць сваю праклінаючы. А заад­ но й Магамеда, якога ў машыне пакінуў каля фабрыкі. На ўсялякі выпадак. Каб той, калі што… Дык той убачыў, як стрыжаныя Мар’яна скруцілі — і на газ. Уцёк, сабака. Кінуў кампаньёна, якому да раніцы наўрад ці дажыць.

Аказалася, нездарма сквапнасць сваю праклінаючы, суседа Мар’ян праклінаў дарма. Як толькі стрыжаныя сышлі, Магамед аднекуль з’явіўся. Нібы з ночы вы­рас. Палез здымаць Мар’яна з сасны, на нагах вяроўку разрэзаў, да сябе пацягнуў, за дзягу ўхапіўшыся — сук і абламіўся…

З Нёмана Магамеда, які з кручы скочыў, каб на ру­ ках Мар’янавых вяроўку разрэзаць, Мар’ян ужо сам на бераг выцягваў. Татарын, аказалася, плаваць не ўмеў. А ратаваць Мар’яна кінуўся. У паводку, у крыгалом.

Калі ў Менск прыехалі, Мар’ян прапанаў да яго зайс­ ці. Выпіць за сяброўства. Магамед адмовіўся. «Пайшоў ты!.. — сказаў. — Я праз цябе ледзь не ўтапіўся, піць яшчэ з табой!..»

Вось і зразумей татарскую натуру… У Залатую Арду ён хоча…

— Адпусці! — крыкнуў дэсантніку Магамед, які, утрымліваючы суседа, ледзь не перакуліўся праз парэн­ чу гаўбца. — Підар!

— Я не підар, я фельд’егер, — зноў, як і нядаўна, калі Мар’ян яго гэтак абазваў, не пакрыўдзіўся дэсантнік, бо, мусібыць, усе ў іх там, у іхнім штабе, калі не підары, дык фельд’егеры. І спытаў Мар’яна:

— Адпусціць?..

Мар’ян не ведаў, што рабіць. Найлепш было б так і вісець паміж небам і зямлёй, але ж не ў сваім двары і не ў трусах чарнільных яшчэ з той вайны… На поле дзівосаў трэба схадзіць, трусы купіць новыя, а тады ўжо паміж зямлёй і небам вісець.

— А праўда, што хуткасць святла ў часе змяншаец­ ца?.. — вырашыў Мар’ян перш, чым адказаць, пацягнуць час, паспрабаваў зазірнуць дэсантніку ў вочы, ды сонца з­за спіны дэсантніка так асляпіла, што ўзвіравала пе­ рад позіркам Мар’янавым чарнільна­сіняя, бяздонная пустата, і ў той пустаце, як іскры, ляцелі і круціліся, куляліся з ног на галаву і з галавы на ногі сотні, тыся­ чы, мільёны, мільярды дэсантнікаў, якія нечакана ўсе разам, хорам прапяялі: «Хуткасць святла роўная дзвес­ це дзевяноста дзевяць мільёнаў семсот дзевяноста дзве тысячы чатырыста пяцьдзесят восем метраў у секун­ ду…» — і раптам Мар’яну адкрылася ў тым бяздонным віры ўсё да донца, ён да рэшты ўсё зразумеў пра жыц­ цё і пра смерць, але зразумеў толькі на імгненне, на се­ кунду, бо, калі прашаптаў дэсантніку: «Пусці…» — і той, ужо ўкруціўшы Мар’яна іскрынкаю ў пустату, вярнуў яго, паставіў на гаўбец побач з суседам, Мар’ян спытаў Магамеда: «А ты чаго за мяне ўчапіўся?..»

— Каб з табой на поле… — не дагаварыў, адпускаючы Мар’янаў локаць, Магамед, бо дэсантнік ускрыліў на па­ рашуце, які, аказалася, ні за дах, ні за нешта іншае не зачэплены, проста вісеў у паветры, і пругкая, нібы гу­ мовы трос, хоць ніякага тросу не было, тугая сіла тор­ гнула, адарвала ад сцяны гаўбец, і яны паплылі на ім за дэсантнікам, паляцелі ўсё хутчэй і хутчэй, праз ней­ кую хвіліну апынуўшыся на полі дзівосаў, дзе дэсантнік, тройчы крыкнуўшы на развітанне: «Ал­ла!.. Ал­ла­а!.. Ал­ла­а­а…» — кінуў іх і ўзвіўся за аблокі, а да Мар’яна з Магамедам з усяго поля дзівосаў навыперадкі пабеглі людзі, каб купіць лятучы гаўбец, які Мар’ян з Магамедам не прадалі, бо дзе тады ўраніцы курыць Магамеду?..

Купіўшы Мар’яну новыя, але ўсё адно сінія, толькі не па калена, трусы, а Магамеду тапкі і дыск, вярнуліся назад. Гаўбец прыляпіўся на сваё месца, яны стаялі на ім, Магамед курыў і распавядаў Мар’яну пра хана Ба­ тыя, пра Залатую Арду, якая знікла праз тое, што не ве­ дала межаў сваіх, а Мар’ян слухаў і думаў, што, канеч­ не, Залатая Арда — гэта здорава, калі на падаткі браліся ўсяго дзесяць адсоткаў, а не ўсе сорак, як цяпер, і хан Батый малайчына: амаль увесь свет зваяваў ды яшчэ ча­ тырнаццаць сыноў настругаў, і ўсё ж ні Батый, ні Зала­ тая Арда — не той і не тое, з кім і дзе Мар’яну заўсёды хацелася быць, а дзе і з кім яму быць хацелася, хто яго ведае, і ён пытаўся пра гэта ў Магамеда, але той такса­ ма не ведаў, прызнаўшыся, што пра Залатую Арду і хана Батыя наплёў проста так, каб ад дэсантніка адчапіцца, каб той не падумаў, што і з Мар’янам Магамеду нар­ мальна, от, морда татарская…

Жнівень-верасень 2008, Кактэбель, Менск.

ФАНЦІК

Хочаш, магазін купім?..» — спытаў на ўвесь магазін Клім, і Тамара хутка, спалохана адказала: «Не!» — «Тады і рабіць тут няма чаго!» — узяў ён яе за руку і ўрачыста, як зноў да шлюбу, вывеў з­за прылаўка.

— Бывайце, курвы! Каралева Тамара пакідае вас! — крыкнуў Клім яе магазінным сяброўкам, пад зайздроснымі позіркамі якіх абняў Тамару і закружыў, штурхаючы раз­ губленых пакупнікоў. — Мы разбагацелі, Томка! Раз­ба­ га­це­лі!..

— Тамара царыцай была, а не каралевай, — сказаў Сасо, гаспадар магазіна, які быў грузінам, і на ўтрыманні яко­ га Тамара жыла два апошнія гады, пакуль Клім, яе муж, матляўся невядома дзе. Тамара ўжо думаць забылася, што ён да яе вернецца.

— Пры бабках яно ўсё адно, царыца ці каралева! — са­ дануў грузіну Сасо каленам пад яйцы Клім, які ўсё ж вярнуўся, і нехта, мусібыць, паспеў распавесці яму нейкія эпізоды тутэйшага жыцця…

Сасо скурчыўся і доўга, бездапаможна лаяўся, пра­ клінаючы дзень, калі надумаў сюды прыехаць. Лепей жыў бы сабе ў Грузіі пад мандарынамі.

Тут жа, у магазіне, дзе з малодшага прадаўца (як было напісана ў яе на бэйджыку: ТАМАРА, малодшы прадавец) яна ператварылася ў багатую кліентку, было куплена і апранута ўсё новае, і яны паехалі вячэраць у «Іспанскі куток», самы дарагі па тым часе рэстаран Мінска. Швейцар на ўваходзе, невядома як угадаўшы ў Кліме багацея, спытаў: «Вам кватэра ў цэнтры па­ трэбная?..» — і Клім засмяяўся: «Чакай, купім, дай пагуляць…»

— За ўдачу!.. За цябе!.. За нас!.. — заказаўшы ці не ўсё, што было ў меню, тост за тостам падымаў Клім, узбуджаны, вясёлы, а калі яна пацікавілася: «Клім, дзе ты быў і скуль грошы?..» — сціснуў яе рукі ў сваіх: «Бізнес. І больш ніколі пра гэта не пытайся».

Нагуляўшыся, яны паехалі глядзець кватэру. Швей­ цар запрасіў ажно тысячу камісійных, калі кватэра спа­ дабаецца, і атрымаў іх: Тамара ўпершыню ўбачыла, як адзін чалавек лёгка дае другому гэтакія грошы, тысячу даляраў. Гаспадар кватэры, рухавенькі дзядок, назваў цану — болей за сто тысяч. Тамара знямела, а Клім на­ ват таргавацца не стаў: пяціпакаёвая кватэра з неабсяж­ най прыхожай і асобнай кухняй­сталовай выглядала па­ лацам. «Багатым і чорт дзіця калыша!..» — ледзь не пад столь падкінуў Клім анямелую Тамару, і яна запомніла тое імгненне, у якое зажмурылася і падумала: «Пача­ лося шчасце!..»

Дом, у які праз тры месяцы, адрамантаваўшы кватэру, яны пераехалі, па старой памяці называлі акадэмічным, бо ў ім жылі ўсялякія прафесары, дактары ды канды­ даты навук. Браніраваныя, з трыма замкамі, д зверы, пастаўленыя Клімам, выглядалі на іх лесвічнай пля­ цоўцы, як і ва ўсім пад’ездзе, выпадковымі, чужымі ся­ род дзвярэй, абабітых пашарпаным, а то і падзёртым, з касмыкамі ваціну ў дзірках, дэрмацінам. Але даволі хут­ ка жалезных, браніраваных дзвярэй стала ў доме болець і болець, а дэрмацінавых менець і менець: гаспадары мяняліся. Прафесарам, дактарам з кандыдатамі вялікія кватэры ў новыя часы былі ўжо не па кішэні, яны іх прадавалі і куплялі меншыя, каб на рэшту жыць.

Чатырохпавярховы дом быў вуглавым, іх кватэра — на трэцім паверсе кутняга пад’езда: вокны выходзілі на дзве вуліцы. Гэткія ж кватэры на другім і чацвёртым па­ верхах, пад імі і над імі, купілі, паставілі браніраваныя дзверы спачатку Лёля з Валодзікам, а потым Аня і Алі­ зар. Кампанейскі, аднекуль з Сярэдняй Азіі, Алізар запрасіў браніраваных суседзяў на ўваходзіны, дзе ўсе пазнаёміліся і сталі сябраваць сем’ямі.

Пад кватэрай Лёлі з Валодзікам былі магазін і пад­ вал, якія Валодзік выкупіў, зрабіўшы кватэру на двух узроўнях, з саунай і басейнам у падвале. Алізара, які выкупіў дах, Аня змусіла зрабіць, апроч другога павер­ ха на даху, яшчэ і салярый над ім. Пакуль мужчыны дзень і ноч прападалі недзе, займаючыся чымсьці такім, што называлі бізнесам, дамы адпачывалі. Пакупаўшыся ў Лёлі, яны падымаліся да Ані і загаралі.

Перад тым, як стаць багатымі, яны ўсе былі беднымі — і пра гэта ўспаміналі. Лёля расказвала, як з голаду дайш­ ла да дыстрафіі, затое потым стала манекеншчыцай, а Аня прызнавалася, што, каб туфлі ці сукенку купіць, з дзевятага класа хадзіла ў парк Чэлюскінцаў мінеціць — па рублю, па два, а то і па траяку за мінет. Пасля школы адзін лётчык, які толькі і мог, што мінеціцца, дапамог ёй сцюардэсай стаць, а з самалёта ўжо, даўшы лётчыку ад­ ступнога, яе Алізар зняў — такі вось лёс… Тамара гэткіх яркіх успамінаў не мела: яна, пакуль Клім не вывеў яе з­за прылаўка, была і была малодшым прадаўцом.

Так мінуў год, за ім другі, за другім трэці… Лёля неяк паспрабавала зноў у манекеншчыцы схадзіць, але вярну­ лася, бо распаўнела і для яе моды не знайшлося, а Ані, якая заікнулася пра палёты, Алізар морду набіў. По­тым Тамара, якая нікуды не адлучалася, застала Кліма з Лёляй, якая старалася пахудзець. На сямейным лож­ку сяброўкі…

— Ты не крыўдуй на Лёлю, — сказала Аня, калі яны ў салярыі загаралі, а Тамара яшчэ і перажывала. — Твой Клім і мяне трахнуў, мінетам не абыйшлося. Алізару толькі не кажы, заб’е азіят гэты…

Лёля з Аняй, пазагараўшы, заспяшаліся ў буцік, куды абновы прывезлі, а Тамара ў буцік не хацела, бо не ве­ дала, што ёй рабіць. Спусцілася да сябе на трэці паверх, зайшла ў кватэру, стала хадзіць з пакоя ў пакой. З ад­ наго ў другі, з другога ў трэці, з трэцяга ў чацвёрты, з чацвёртага ў пяты… Згатавала каву на кухні, знайшла ў сваёй схованцы за сервантам заначаную цыгарэту. Толькі закурыла — па нейкія дакументы прыехаў Клім. Разнер­ ваваны, на Валодзіка з Алізарам злы, нават раз’юшаны — нешта ў іх не ладзілася… Адчуў дым, якога не трываў, схапіў кінуты ў сметніцу бычок, змусіў Тамару зноў яго раскурыць — і затушыў цыгарэту ў яе далоні. Тамары здалося: наскрозь прапаліў.

Клім забраў дакументы і грымнуў, выходзячы, браніра­ванымі дзвярыма. Гук быў страшлівы, пагрозлівы — і рэ­ха ягонае доўга блукала па кватэры… Пакуль Тамара не сабралася і не пайшла з дому.

Выйшла, якраз дождж прыпусціў. Лужыны пухірыліся, значыць, задажджыла надоўга. Тамара паглядзела ўздоўж адной вуліцы, уздоўж другой: куды ісці?.. Свайго кутка ў яе не было. Быў стары дом, амаль барак на ўскрайку, у якім яна, пакуль расла і вучылася, разам са старэйшай сястрой жыла. Пасля жыла ў Кліма. Потым у грузіна Сасо і ў Кліма зноў… У сястры цяпер сям’я — дык куды?.. Хацела ўжо назад вяртацца, бо мокра, але тут каля яе, з­за вугла выскачыўшы і пырскамі абдаўшы, машына спынілася, а ў машыне — Сасо. Выпадкова, ён не чакаў і не шукаў яе, у ягоным магазіне працавала пяць малод­ шых прадаўшчыц. Але ў Сасо ад удара Кліма ўсё яшчэ яйцы балелі. Маральна.

Клім знайшоў Тамару ў грузіна апоўначы. Голую ўзяў за валасы і пацягнуў дахаты. Дождж пад гэты час скончыўся.

Назаўтра голага Сасо, не дачакаўшыся яго з раніцы ў магазіне, малодшыя прадаўшчыцы знайшлі вечарам дома. Мёртвага, без яйцаў.

Тамара пасля шмат думала пра тое, як можа павяр­ нуцца жыццё, лёс… Калі б Сасо не прыехаў у Мінск, не купіў магазін, дык і жыў бы ў Грузіі пад мандарынамі. З яйцамі, не мёртвы… Думаць пра гэта было цікава, але, гледзячы на Кліма, страшна.

Так мінуў яшчэ год… У Лёлі дзіця нарадзілася, дзяў­ чынка, што не замінала: дзяўчынку нянька даглядала. Тамара даўно дзяцей хацела, ды нічога ў яе з Клімам не выходзіла. А з Лёляй у яго, падобна па дзяўчынцы было, выйшла. У Ані, дактары казалі, дзяцей наогул быць не можа. Алізар праз тое не сумаваў: ягоныя трое падрасталі недзе ў Сярэдняй Азіі.

Калі Лёля нарадзіла, яны, Аня з Лёляй і Тамара, па­ ранейшаму плавалі ў басейне і загаралі ў салярыі. Потым Тамара спускалася да сябе і не ведала, што рабіць. Пера­ ходзіла з аднаго пакоя ў другі, з другога ў трэці, з трэця­ га ў чацвёрты, з чацвёртага ў пяты… Гатавала каву…

Аднойчы пазванілі ў дзверы.

Да іх ніхто не прыходзіў, загадзя пра тое не папя­ рэдзіўшы, і Клім наказваў: ніколі і нікому з незнаё­ мых дзверы не адчыняць. Тамара зірнула ў дзвярное вочка: нейкая бабулька ў белым капялюшыку з сінімі валошкамі. Яна і бабульцы не адчыніла б, але не ведала, што рабіць. Таму не толькі адчыніла, а яшчэ і запрасіла прайсці.

—Зваць мяне Тамара Сяргееўна, некалі я тут жыла, — прайшоўшы, сказала бабулька. — Хацела б развітацца з домам, мне заўтра ў дарогу. Назаўсёды адсюль, вы дазволіце?..

Яна нібыта прасіла дазволу на тое, каб Тамара адпусціла яе назаўсёды ў дарогу. Гэта здзівіла, але больш уразіла іншае: звалі бабульку, якая некалі тут жыла, гэ­ таксама, як і Тамару, якая цяпер тут жыве. Хоць ніхто Тамару іменем па бацьку пакуль не называў. Будуць на­ зываць, калі бабулькай стане.

Тамара Сяргееўна прайшла ў адзін пакой, з яго ў другі, з другога ў трэці, з трэцяга ў чацвёрты, з чацвёртага ў пяты. У кожным пастаіць пры парожку — і далей…

— У мяне кава згатаваная, — сказала Тамара на кухні. — І зваць мяне Тамарай Сяргееўнай. Хоць ніхто пакуль так не заве. Будуць зваць…

Яна прымоўкла.

— Калі станеце бабулькай, — дагаварыла за яе Тамара Сяргееўна. — Я прысяду?.. Тут любімае месца. Пяць пакояў, а ўсё адно ўсе ў сталовай збіраліся. Летуценнічалі, фантазіравалі, гаварылі і гаварылі… На дзіўныя тэмы, да­ рэчы. Калі расстайны прыйдзе час, дык каму і чаго будзе шкада? Ці каму і каго?..

Тамара наліла каву.

— Яшчэ пра тое, — пасмакавала каву, плаўным жэ­ стам кубачак падняўшы, Тамара Сяргееўна, — ці вар­ та супраціўляцца абставінам?.. Не палітычным, не, палітыку ў гэтым доме не любілі. Абставінам жыцця, смерці… Муж казаў, што не варта замінаць натуральна­ му руху падзей.

— А якім ваш муж прафесарам быў, што такую кватэру купіў?

— Тады не прадавалі кватэры, давалі… А муж мой танцаваў у балеце.

У Тамары маці і старэйшая сястра балерынамі былі, сястра нядаўна на пенсію пайшла, у іх рана ідуць на пенсію — і жыла на ўскрайку горада амаль што ў ба­ раку.

— Балеруну — такую кватэру?..

— І муж мой казаў яшчэ, што шкада яму будзе адну мяне, — як не расчула пытання Тамара Сяргееўна. Толькі мяне… — І ўсміхнулася, спахапіўшыся. — А кватэру не яму далі, гэта я была такім прафесарам.

Тамара не паверыла.

— Вы?.. І чым вы займаліся?

— Космасам.

Тамара ўгледзелася ў госцю. Нібыта падобная на некага…

— Вы касманаўтка?

— У нейкім сэнсе… І неяк з космасу вяртаюся, а ён з балерынай… Дваццаць дзевятага лютага, у высакосны год. Балерына кажа, што ў іх дзіця. Дзяўчынка. Я ў су­ мачку пашпарт — і пайшла.

Тамара зірнула на каляндар.

— Сёння дваццаць дзевятага…

— Так, — кіўнула Тамара Сяргееўна. — Праз трыццаць шэсць з паловай гадоў. Як праз нармальную тэмпературу.

Пра тэмпературу, як і пра космас, Тамара не зразуме­ ла… Хуценька падзяліла, у яе свая сістэма падліку была для больш рэальнага ўяўлення лічбаў: гэта дзевяць разоў па чатары. Ці чатыры разы па дзевяць — і яшчэ тры разы па два месяцы…

Даўно. Бездань часу.

— Вы хочаце сказаць…

— Іншым разам, перш чым сказаць, лепш памаўчаць і падумаць, — расшпіліла сумачку, дастаючы цыгарэты з запальнічкай, госця. — Не ўмею піць каву без дыму… — І шчоўкнула запальнічкай. — З вашага дазволу?..

— Ой, попельніцы няма і мяне заб’юць!.. — ледзь не вырвала ў яе запальнічку Тамара, бо Клім не курыў і далонь ёй цыгарэтай амаль наскрозь прапаліў, калі дым унюхаў. — Во, — паказала яна след апёку на далоні, але ўбачыўшы, што Тамара Сяргееўна так зашпільвае су­ мачку, як збіраецца пайсці, паставіла на стол замест попельніцы вялізную крыштальную цукерніцу. — І ня­ хай забіваюць!..

Яны разам запалілі, і Тамара пачала расказваць пра сябе… Што не такая яна, як усе думаюць, дурніца, хоць не прафесарка, толькі вучэльню гандлёвую скончыла, жыла ў бараку на ўскрайку горада са старэйшай сястрой, якую баялася, бо тая біла яе з жыцця непрасветнага, яны сіротамі раслі, бацькі не было ніколі, а маці, між іншым, былая балерына, рана памерла, сястра таксама ў балеры­ ны пайшла, артысткам апранацца трэба, за што? — дык у іх з сястрой, здаралася, на хлеб не ставала, таму яна і паступіла ў гандлёвую вучэльню, каб пасля да яды бліжэй, у магазін, і яе таўклі ўсяляк, каб яна тупела, у бараку, у вучэльні, у магазіне, але яна не здавалася, ненавідзячы хамства, грубасць, а якраз такі, хамлівы і грубы, яе муж Клім, які купіў гэтую кватэру, як турму…

Калі сястра на пенсію пайшла і замуж, нарэшце, за адстаўнога вайскоўца выйшла, у таго, аказалася, дыхавіца, і ён не мог у бараку, там паветра сырое і здушанае, жыць, сястра грошай на кватэру папрасіла, хоць на аднапакаё­ вую, дык Клім не даў. Няхай бы яны гарам гарэлі, яго­ ныя грошы… Гэта для яго капейкі былі, нейкія дзесяць тысяч, а ён сказаў: адзін раз дай — усё жыццё прасіць будуць. Сястра ж не на Кліма, на Тамару ўскрыўдавала, ды так, што адрэзала: я для цябе памерла! — і цяпер праз Кліма ў Тамары зусім анікога няма. Некалькі разоў спра­ бавала памірыцца з сястрой, ды тая ні чуць, ні бачыць яе не хоча…

Пакуль Тамара расказвала, госця прыўзняла, валасы папраўляючы, капялюшык, пад якім яна была гэтакая ж белая, як і сам, калі без валошак, капялюшык — ці як нявеста ў фаце. Даслухаўшы, сказала:

— Калі я пакідала гэты дом, дождж пайшоў. Доўгі, за­ цяжны, з пухірамі ў лужынах. Мяне бацька некалі вучыў: калі пухіры ў лужынах, дождж надоўга… З той пары я тут і не была ні разу. — І нечакана спытала. — І ваша старэйшая сястра не памятае бацьку?..

Тамара трэці раз яе не зразумела.

— Не было ў нас бацькі… Ні ў сястры, ні ў мяне…

— Бедная дзяўчынка… — пашкадавала яе, па валасах пагладзіўшы, Тамара Сяргееўна. — Вырывайцеся ад­ сюль, усё кідайце…

Лёгка сказаць.

— Мы яшчэ сустрэнемся?.. Я вам патэлефаную, у якой­ небудзь кавярні… — амаль узмалілася Тамара, калі гос­ ця падзякавала і ўстала. Такой роднай яна раптам зда­ лася — да шчымлення, як маці. — Пакіньце мне, калі ла­ ска, тэлефон.

— Пакінуць можна, — напісала нумар тэлефона на спусцелым цыгарэтным пачаку Тамара Сяргееўна. — Толькі заўтра не званіце, мне заўтра ў космас.

Тамара, не дурнічка ўсё ж, засмяялася: «Мяне с са­ бой вазьміце…» І ўжо ў д звярах, каб нешта добрае, камплімент нейкі сказаць, так бабулька ёй спадабалася, выдыхнула ў захапленні: «У вас капялюшык такі…» — а Тамара Сяргееўна зняла капялюшык і ёй на галаву надзела: «Мне ў ім іншым разам шчасціла…»

З тым і пайшла, белая, як нявеста ў фаце.

Назаўтра Разаліі, Лёлінай з Валодзікам і Клімам дач­ цэ, споўніўся гадок, і ўсе сабраліся святкаваць дзень на­ родзінаў. «Які ў цябе капялюшык!..» — здзівіліся Лёля і Аня, якая чамусьці сказала яшчэ, што ў такім капялюшыку толькі ў фанцікі гуляць.

Селі да стала. Спачатку, пакуль Валодзік штукарыў, дамагаючыся, каб Разалія свечку задзьмула, і ўся імянін­ ніца тортам вымазалася, весела было, а потым, як заў­ сёды, стала сумна. Елі і пілі.

— Давайце ў фанцікі пагуляем, — прапанавала, на Та­ мару ў капялюшыку глянуўшы, Лёля, якая гаспадыняй была і старалася не даць гасцям сумаваць. — Толькі абавязкова любыя заданні выконваць, іначай гэта не гульня. А хто не выканае, у таго фанцік забіраем. Та­ му не абы­што кладзіце, а такія фанцікі, каб шкада было… Во гэта мой, — зняла Лёля пярсцёнак з паль­ ца. — З брыльянтам, любімы… — І, не знаходзячы, у што пакласці пярсцёнак, папрасіла Тамару: — Дай для фанцікаў капялюшык.

— А давайце пафантазіруем, — устрапянулася Аня, — каму і чаго шкада? Ці каму і каго?..

— Мне нікога, — зняў персцень Клім.

Фантазіраваць не сталі, усе знялі па пярсцёнку. У Ва­ лодзіка пярсцёнак не здымаўся, нібы ўрос у палец, дык Валодзік палез у шуфлядку, дастаў і паклаў на стол пісталет. «Во гэта мой, — сказаў, — любімы».

— У капялюшык не ўлезе… — адсунула пісталет па стале Лёля. — Пакладзі што­небудзь не такое любімае.

Валодзік заўпарціўся: «Улезе!..» І Лёля заўпарцілася:

«Не!..» Алізар сказаў Валодзіку: «Ды схавай ты…» — а Клім узяў Валодзікаў пісталет, вынуў з яго абойму, з абоймы вылушчыў патрон. «Апошні, ты ў каго астатнія адстраляў?..»

У капялюшыку з залатымі пярсцёнкамі патрон таксама глядзеўся залатым.

Валодзік згадзіўся: «Добра, няхай так…» Клім спытаў:

— Ты хіба адзін патрон, хоць і апошні, пашкадуеш?

— Для цябе, — адказаў Валодзік, — не.

Выйшаў нібыта жарт, Алізар нават разрагатаўся. Валодзік дзьмухнуў у абойму і ўвагнаў яе ў пісталет.

Кінулі на пальцах, каму вадзіць. Палічыліся — выпала Валодзіку. Ён заткнуў пісталет за пояс і адвярнуўся.

Лёля ў фанцікі нязвыкла гуляла… Не гэтак, як у дзяцінстве, калі адна абгортка ад цукеркі, складзеная матыльком ці самалёцікам, узлятала і накрывала дру­ гую. Якую накрыла — тая твая.

— Вось гэты фанцік… — заплюшчыўшы вочы, намацала Лёля ў капялюшыку персцень Кліма, — павінен фанціку во гэтаму… —у другую руку ўзяла яна пярсцёнак Ані, — што зрабіць?.. — і Валодзік адказаў:

— Дзіця. Даўно ў нас дзяцей ніхто не рабіў нікому. Тамара сядзела на другім канцы стала насупраць Ва­лодзіка, а калі ён павярнуўся, яна аказалася за ягонай спінай — і якраз так, што бачыла: у люстэрку прыадчыне­ных з гасцёўні ў прыхожую дзвярэй Валодзіку ўсё відаць. Хацела пра гэта сказаць, але, падумаўшы, прамаўчала.

— Пайшлі, — падняўся Клім і ўзяў за руку Аню. Алізар ускочыў:

— Ты што?!.

Клім, пацепнуўшы плячыма, паваліўся ў крэсла.

— Тады свой персцень аддавай. Мне майго шкада.

— Прывык!.. — замахнуўся на Кліма Алізар, а Валодзік падаўся да яго і тузануў за крысо пінжака: «Сядзь!..»

Ён гэтак рэзка падаўся, што пісталет з­за пояса выпаў, і Валодзік палез пад стол падымаць…

Аня выхапіла ў Лёлі свой пярсцёнак:

— Я не гуляю!..

— Не хочаце, дык, можа, не трэба?.. — разгублена і трохі напалохана спытала Лёля, ва ўсіх напалохана і раз­ гублена спытала, а Валодзік вылез з­пад стала, глянуў на яе і зноў спінай павярнуўся: «Давай далей…»

Паважыўшы на далоні персцень Кліма, Лёля ўзяла яму ў пару — замест пярсцёнка Ані — патрон.

— А вось гэты фанцік што павінен…

— А гэты павінен забіць, даўно ў нас ніхто не забіваў нікога, — павярнуўся Валодзік, прыставіў Кліму, які сядзеў, разваліўшыся ў крэсле і паблажліва ўсміхаючыся, пісталет да грудзей — і стрэліў.

Усім здалося, што жартам стрэліў, гуляючы, бо піста­ лет без патронаў, а белая кашуля Кліма хутка­хутка расквітнела на грудзях чырвоным макам.

«А­а­а!..» — закрычала Аня, і Лёля закрычала, Алізар разявіўся і кадык ніяк не мог пракаўтнуць, а Тамара маўчала, не разяўляючыся, здранцвеўшы. Не замінаючы натуральнаму ходу падзей. Бачачы недзе ў аддаленасці, як у дзвярным вочку, Тамару Сяргееўну ў белым капя­ люшыку з сінімі валошкамі. У якім толькі ў фанцікі гу­ ляць.

— Значыць, — сказаў Валодзік, гледзячы на патрон, які Аня, закрычаўшы, на стол кінула, — не апошні… — І ўклаў пісталет Кліму ў далонь, сціснуўшы на ім Клімавы паль­ цы. — Слухайце, як выйшла ўсё… Ён не збіраўся, канеч­ не, страляцца. Дастаў патрон з абоймы, во гэты, і думаў, што абойма пустая. Папалохаць нас хацеў, павесяліцца… А то сумна было.

Пісталет у руцэ Кліма не ўтрымаўся, выпаў з рукі на падлогу, Алізар хацеў падняць, Валодзік спыніў яго: «Няхай ляжыць».

Калі прыехала міліцыя, якую выклікала Лёля, усе так і сказалі, як прыдумаў Валодзік. Ён, відаць было, баяўся, што Тамара скажа інакш, але яна ўслед за астатнімі паў­ тарыла тое самае.

Кліма паклалі на насілкі, накрылі прасцінай і панеслі… Калі выносілі ў дзверы, прасціна за язычок замка зача­ пілася, спаўзла — і ў Кліма, як здалося Тамары, прыад­ крылася адно вока. Але позна: ён не ўбачыў, як Валодзік удзьмухнуў патрон у пустую абойму. Ці неяк падмяніў яе, ён умее штукарыць — і цяпер у Разаліі адзін баць­ ка. Не два.

У Тамары з сястрой не было ніводнага.

Тамара набрала ў Лёлі цыгарэт, прыйшла дахаты, згатавала каву… Закурыла… Кубачак з кавай старалася падымаць, як падымала яго Тамара Сяргееўна, але гэтак плаўна ў яе не выходзіла. Да таго ж рукі пакалочваліся, і кава разлівалася ў сподачак…

Вольная…

Адну цыгарэту яна спаліла ў адным пакоі, другую ў другім, трэцюю ў трэцім… У чацвертым, гэта была спаль­ ня, ёй стала кепска — і яна званітавала на сямейны ложак. Ачуняўшы, сцягнула з ложка посцілку, бялізну, звязала ў клунак і скінула з балкона. Посцілка дарагая, райскімі птушкамі вышытая, залатымі ніткамі па шоўку — нех­ та падбярэ…

Заснула на канапе ў сталовай. Прысніліся памінкі па Тамары Сяргееўне, якая не вярнулася з космасу, а яны з сястрой і маці ў гэтай кватэры жывуць. На памінках поўна людзей — дактары навук, прафесары… Хтосьці на раялі ў гасцёўні самотна грае, а ўсе астатнія сабраліся ў сталовай — так прыгожа гавораць… Пра тое, каму і чаго ў расстайны час шкада будзе… Ці каму і каго… Ру­ хавы дзядок, былы гаспадар кватэры, апрануты ў ман­ тыю, як суддзя ў амерыканскім кіно, стаў казаць, што яму ўсяго і ўсіх шкада, але не варта замінаць рэальнаму руху падзей. Раптам ён скінуў мантыю, застаўся ў тры­ ко, пачаў танцаваць пад жалобную музыку, якая чула­ ся з гасцёўні — і з трыко выпіралі, нечакана для дзядка вялікія, яйцы. Тамара спытала ў сястры: «Хто гэта?» — тая не ведала, а маці пагладзіла іх абедзвюх па валасах і сказала: «Мой муж…»

«Не, гэта мой муж, ён у балеце танцуе!..» — адне­ куль зверху падала голас Тамара Сяргееўна, і з яе гола­ сам вецер наляцеў гэтакі, што знёс чацвёрты паверх з дахам і салярыям, адкрыўшы космас, у якім, як каляро­ выя фанцікі, плылі бабулі ў капялюшыках: жоўтых, зя­ лёных, чырвоных, блакітных… А Тамара Сяргееўна ў бе­ лым з сінімі валошкамі.

Прачнуўшыся ўраніцы, Тамара кінулася да сваёй схованкі за сервантам, схапіла пусты цыгарэтны пачак, набрала запісаны на ім нумар тэлефона… Раз… другі… трэці… чацвёрты… пяты… — ніхто не адказваў.

Яна паклала трубку — і тэлефон тут жа зазваніў. Тамара сцялася, чакаючы немаведама чаго…

Тэлефанаваў адзін з учарашніх міліцыянтаў, каб яна прыйшла — трэба падпісаць паказанні. Спытаў, ці ведае яна, што яе муж быў кампаньёнам Валодзіка, з якім яны бензазапраўкі скуплялі? І папрасіў па дарозе ўспомніць, ці былі паміж імі якія­небудзь канфлікты?..

Тамара схадзіла ў міліцыю, па дарозе нічога, канечне ж, не ўспомніўшы, ды ўсё адно Валодзіка арыштавалі. Паказанні на яго даў Алізар, які ў Кліма з Валодзікам быў трэцім кампаньёнам. І яшчэ адным кампаньёнам, чацвёртым, быў, як аказалася, Сасо.

А яна сабе надумала: каханне, рэўнасць… Дурніца ў капялюшыку.

Як толькі Валодзіка забралі, Алізар, Аня сказала, раптам пачаў усё прадаваць і збірацца некуды ў Сярэд­ нюю Азію, але ўсё прадаць і сабрацца не паспеў… Яго нават скласці ў труну, каб у Сярэднюю Азію адправіць, не змаглі — так яго ўсяго раскідала.

У той дзень, калі Алізара ўзарвалі ў машыне на яго­ най бензазапраўцы, да Тамары завіталі госці. Пахмур­ ныя, у скураных куртках. Сказалі, што Сасо яны Кліму даруюць, бо тут, можа быць, каханне, рэўнасць, але даўгі клімавы дараваць не могуць. Таму забіраюць кватэру — і даюць Тамары, каб выбралася, тыдзень.

Тое самае госці сказалі Ані з Лёляй. Аня магла вяр­ нуцца да лётчыка, а Лёлі не было да каго вяртацца, таму яна пачала крычаць гасцям, што знойдзе на іх управу. Тады адзін з гасцей узяў на рукі Разалію і выламаў ёй пальчык. Разалія, заходзячыся, заплакала, заенчыла, а Лёля сціхла і пачала збіраць клункі.

Тамары, як і Лёлі, не было да каго вяртацца… Яна з’ездзіла да сястры і не знайшла яе ў бараку. Суседзі на­ перабой расказвалі, як той пашчасціла, і нешта несусвет­ нае плялі: нібы сястра выйграла кватэру ў нейкую лата­ рэю. Новага адрасу свайго яна не пакінула, каб не лезлі да ўваходзінаў, на якія абяцала запрасіць.

«Казка гэта, — зацягнула Тамару да сябе суседка, якая жыла насупраць. — Жынчына да яе прыходзіла. Белая, як смерць. Яна кватэру ёй і адпісала… — Суседка паду­ мала над тым, што сказала, і галавой пакруціла. — Хоць і гэта казка. Накраў недзе грошай вайсковец ейны, хоць і адстаўны…»

Тамара пачала перавозіць рэчы. Брала тыя, якія б у двух барачных катухах змясціліся. Ложак са спальні тут не было дзе паставіць — яна ўзяла канапу са сталовай.

Аня прапанавала сабрацца разам і на развітанне па­ плаваць, пазагараць. Быў канец верасня, месяца не над­ та цёплага, але ў салярыі сонца грэла. Паплаваўшы і пазагараўшы, яны пілі развітальнае віно, гаварылі, і ця­ пер ужо, аказалася, Ані няма да каго ісці: у лётчыка за­ вялася маладзейшая за яе сцюардэса. А вось Лёлі, наад­ варот, да каго ісці — знайшлося. Яе забіраў закройшчык з Дома моды, які не меў дзяцей і шукаў якраз дзетную жонку. Так што Разалія трэцяга бацьку займела. Калі ўжо каму шанцуе — дык з пялюшак.

На зыходзе тыдня, у апошні, з адпушчаных гасцямі, дзень, Тамара набрала нумар тэлефона, запісаны на пу­ стым пачаку з­пад цыгарэт. Слухаўку зняла сястра — Та­ мара адразу пазнала яе па голасе.

Не раз бачыўшы, як рабіў гэта Клім, каб па тэлефоне не пазнавалі, Тамара прыкрыла трубку насоўкай:

— Тамару Сяргееўну можна?..

Сястра спытала, нібы ўсё ж пазнавала:

— Выбачайце, а хто вы?..

— Гэта з атэлье… Вы ў нас капялюшык у канцы жніўня заказвалі, дык ён гатовы. Можаце забіраць

— У канцы жніўня?.. Калі ў канцы жніўня?..

Было падобна, што сястра ўсё ж нешта западозрыла і разгаворвае яе, каб пераканацца.

— Трыццаць першага… Сястра памаўчала.

— Трыццаць першага не магла заказаць.

— Чаму?..

— Трыццаць першага жніўня не бывае. Гэтага не ведаеш толькі ты, Тамара.

У сястры, хоць яна і балерына, з памяццю на лічбы, на даты заўсёды ўсё добра было. Яна, не запісваючы, помніла не толькі дні народзінаў, але і дні смерцяў кож­ нага з радні, суседзяў, знаёмых…

— Да таго ж, — доўжыла старэйшая сястра, якой малодшая сястра баялася, — трыццатага жніўня… Тамара паклала трубку.

Трыццаць першага жніўня не бывае. Хоць у календа­ры гэты дзень ёсць.

Але хіба такое можна ведаць наперад?.. А Тамара Сяргееўна ведала… Як?..

Тамара пайшла па напаўпустых пакоях — крокі гулка аддаваліся пад столлю, нібы рваліся ўверх…

Вось тут стаяў раяль. Нехта граў — і гукі заляталі ў сталовую, дзе ўсе збіраліся, летуценнічалі, фантазіравалі… Гаварылі пра тое, каму і чаго будзе шкада, калі расстай­ ны прыйдзе час… Ці каму і каго?..

Тамары было шкада толькі Тамару Сяргееўну. І яшчэ капялюшыка…

Узяўшы капялюшык, Тамара выйшла на балкон і па­ махала ў неба… З сіняй вышыні з белымі аблокамі Тамара Сяргееўна памахала капялюшыкам у адказ. Яна, мусіць, пакуль у космас не паляцела, мела два капялюшыкі.

Красавік 2004, Хельсінкі

КОТ КЛАЎДЗІІ ЛЬВОЎНЫ

Мышыная гісторыя

Большасць тых, хто жыў на свеце,

жылі-былі мышамі…

З недапісанай казкі.

Мужа Клаўдзіі Львоўны звалі Артурам, і ён быў ка­том. Не памаўзлівым мужыком — і катом, значыць, у нейкім там пераносным сэнсе — а натуральным каця­ рам з усімі атрыбутамі. І з тымі, пра якія вы найперш падумалі, таксама. «О­го­го!» — казала ў такіх выпад­ ках Клаўдзія Львоўна, і сяброўкі паглядалі на яе Арту­ ра позіркамі хуткімі і хітрымі.

Нельга сказаць, што Клаўд зія Львоўна ўсё жыц­ цё толькі і думала, як бы выйсці замуж за ката. Зусім не. Больш таго, яна ўжо ледзьве не пайшла за Стася Цянькоўскага. Стась пад гэта і катэдж на яе перапісаў, і рарытэтны «Volkswagen­1300» сонечна­жоўтага коле­ ру ад немцаў прыкаціў, а тут прыходзіць да Клаўдзіі

Львоўны таварышка яе даўняя, Каця Цімашук, і слу­ хайце, што кажа: «Мне на работу на ўсё лета ў Іспанію, туды з катамі на ўсё лета не бяруць, дык ты майго Ар­ тура паглядзі». Клаўдзія Львоўна адказвае ёй, што не можа, бо замуж збіраецца. Каця спачатку давай на яе касавурыцца ды злавацца, маўляў, што за сяброўка та­ кая, не можаш з катом на руках замуж схадзіць, а пас­ ля раптам пракідвае:

— Дык ты за Артура і выходзь.

— Як гэта? — не зразумела Клаўдзія Львоўна. — За твайго ката?

— А чым ён горшы за твайго Стася? — слушна спыта­лася Каця. — Нічым не горшы, да таго ж яшчэ і кот… І так яно ўсё неяк само па сабе і вырашылася.

Стась, канечне, здорава ўзнерваваўся. Думаў, прабле­ мы з вяртаннем катэджа ці «Фольксвагена» ўзнікнуць, але Клаўдзія Львоўна адпісала назад і катэдж, і «Фоль­ ксваген», хоць Артур і пярэчыў.

— Гэта ж не нашае, Артур, — прысароміла Клаўдзія Львоўна.

— І не ягонае! — катэгарычна адрэзаў Артур. — Стась твой, зладзюга, смятану вагонамі крадзе і за паўцаны ў Расею збывае, а ў нас смятаны не тое што катам — дзе­ цям не стае.

— Які ён мой?.. І скуль ведаеш, што злодзей? — здзіві­ лася Клаўдзія Львоўна. — Ён жа ў Кіраўніка Дзяржавы ва ўпраўленні справамі завіхаецца.

— Усё пра ўсіх ведаю, — таямніча прамовіў Артур. — На тое і кот. Аднойчы Кіраўнік Дзяржавы на сваім сама­ лёце ў Сочы ледзь не разбіўся. Дык за тое, што жывы застаўся, Стась ногі яму цалаваў. «Правільна, што цалу­ еш, — пахваліў Кіраўнік Дзяржавы. — Калі б я загінуў, дык цябе за адну смятану да канца жыцця з турмы б не выпусцілі. Не кажучы пра масла».

Клаўдзія Львоўна насцярожылася.

— Хіба каты ўсё і пра ўсіх ведаюць?

— Пра цябе не ўсё, — супакоіў яе Артур. — Ты для мяне таямніца, таму з табой і ажаніўся, хоць не надта хацеў.

Пачуўшы такое прызнанне, Клаўдзія Львоўна наду­ мала па­жаночаму ўскрыўдаваць, але трохі разважыла і перадумала, крыўду адкінула, бо ад пачатку дамовілася з Артурам, што казаць адно аднаму будуць яны толькі праўду. А дамоўленнасць чалавека з катом — гэта не тое, што дамоўленасць чалавека з чалавекам, калі да­ маўляюцца пра адно, думаюць пра другое, а робяць трэ­ цяе і зусім іншае.

— Ён нейкі па­звярынаму шчыры, — заўважыла, як пер­ шую праблему ў новым сямейным жыцці, маці Клаўдзіі Львоўны, якой Артур намяўкнуў, што нездарма людзі кажуць: калі хочаш ведаць, якую займееш жонку, пры­ гледзься ўважліва да будучай цешчы. «Шкада, — сказаў Артур цешчы, — што перш, як ажаніцца, не меў магчымасці на вас хоць зірнуць. Дальбог, дзевяноста дзевяць разоў падумаў бы…»

— Чаму дзевяноста дзевяць? — не зразумела цешча.

— Да ста лічыць не ўмею, — насмешліва і нават нахабнавата дазволіў сабе аджартавацца Артур.

— Ай ды малайчына! — у захапленні ўскінуўся з кана­ пы Леў Міронавіч, бацька Клаўдзіі Львоўны, якому жыць з яе маці даўно абрыдла, але паколькі між імі таксама была дамоўленасць, што казаць яны адно аднаму будуць толькі праўду, дык ён і казаў, што толькі адну адзіную яе кахаў і кахае. — Во гэта кот! Усім катам кот! І дзе ты, Клава, такога знайшла ў нашым сабачніку?

Леў Міронавіч і Артур адразу пасябравалі, за што адразу і выпілі: адзін — каньячку, а другі — валер’яначкі.

Артур, які Льва Міронавіча трошкі пабойваўся, бо ў таго на насценным дыване над канапай вісела імянная зброя, пасля першага кілішка расслабіўся, закінуў лапу на лапу.

— У Клавы іншым разам пытаюцца: а чаму гэта ў ця­ бе кот у мужыках? Дык я вучу яе ў адказ пытацца: а ў прэзідэнтах у нас хто? А хто ў нас ва ўрадзе? А хто ў парламенце?..

— Шакалы! — шалеў Леў Міронавіч. — Свінні! Па­ цукі з мышамі!.. — І ўсё ўскокваў з канапы — і то хапаўся за зброю, то падліваў сабе каньячку, а Артуру валер’яначкі.

Урэшце, падліваючы напоі і ўжо зусім па­бацькоўску пазіраючы на расслабленага і праўдзівага Артура, Леў Міронавіч сам расслабіўся і даверліва прызнаўся кату, што быў некалі першым сакратаром цэнтральнага камітэта партыі.

— Дык вы ж загінулі, — засумняваўся Артур, які ўсё і пра ўсіх ведаў. — Вам жа маскоўскія гэбісты аўтакатастрофу падстроілі, бо вы ў Крэмль мецілі.

— У Крэмль меціць небяспечна, — прайшоўшы да пар­ трэта Кіраўніка Дзяржавы, які вісеў на пачэсным мес­ цы, у кухні над газавай плітой, задуменна пабарабаніў пальцамі па пустой місе Леў Міронавіч.

— Ён, па­мойму, перадумаў, — сказаў Артур. — Але вы як выкруціліся?

Леў Міронавіч вярнуўся на канапу, наліў каньяку, узяў скрылік лімона і выціснуў з яго ў чарку зярнятка, якое плаўна патанула.

— Так вось і выкруціўся… Лёг на дно.

— Не, ну, Леў Міронавіч!.. — нібыта нават трохі закапрызнічаў, як свой у сям’і, Артур.

— А мае хлопцы­партызаны мяне папярэдзілі — і мы падсунулі для аўтакатастрофы двайніка! — паціраючы рукі над кілішкам з каньяком з патанулым зярняткам, шчасліва рассмяяўся Леў Міронавіч. — Рэцыдывіста, якога і так бы расстралялі, дык ён хоць пад скон захацеў паслужыць радзіме. Яго са славай пахавалі — і такое ў мяне слаўнае жыццё пачалося! Нават не думаў, што без улады так хораша жыць можна! Ну, будзь здароў!..

— Ну і ну! — выпіў валер’янкі і выцер вусы Артур. — Я тады зусім кацяня быў — і то, помню, плакаў… Каб толькі пачуць такое, варта было, скажу я вам, з вашаю Клаваю ажаніцца.

— Агентура, — незразумела што і да чаго шэптам сказаў Леў Міронавіч і даліў Артуру валер’янкі. — Ты ад мяне яшчэ не тое пачуеш… Вось ведаеш ты, што цяперашні наш Кіраўнік Дзяржавы таксама двайніком час ад часу падмяняецца?

— Э, — адмахнуўшыся лапай, не даў веры Артур. — Такога падмяніць — што ката на сабаку, адразу б заўва­ жылі.

— А тут так хітра ўсё змайстравана, што не кожны заўважыць, — паказытаў яго, як неразумнае кацяня ма­ лое, Леў Міронавіч. — Словы казаць выстаўляецца адзін чалавек, а справу рабіць — другі. Дык вось тое, што трэ­ба гаварыць, гаворыць ён, а ўсё наадварот робіць іншы. Таму, калі ён кажа пра дабрабыт, дык чакай галечы. А паколькі пра галечу ён не кажа, дык дабрабыту і не чакай. Ты прыгледзься ўважліва да ўсяго гэтага, прынюхайся. Прылавіся ўрэшце, калі катом на белы свет з’явіўся!..

І пачаў Артур прыглядацца, прынюхвацца, аднак ні­ чога такога, пра што казаў Леў Міронавіч, не заўважаў, а прылавіцца як след ніяк не ўдавалася, бо надта ж далёкім, высокім, недасяжным быў той сам­Кіраўнік, ці то ягоны двайнік. Ды яшчэ і ахоўнікаў вакол яго віравала столькі, што куды там кату — мышы не прашмыгнуць. Адной­ чы ў лядовым палацы, дзе Кіраўнік Дзяржавы ў хакей гуляў і клюшку зламаў, Артур да яго з новай клюшкаю кінуўся. Дык ахоўнік схапіў за хвост — і аб лёд галавой! А Кіраўнік ката на клюшку — і ў вароты, як тую шайбу! І пяць тысяч адных ахоўнікаў, бо нікога болей у палац не ўпускалі, як заравуць у адно горла: «Го­о­л!» — і суддзя свішча і крычыць: «Го­о­л!» — і свісток ягоны пішчыць:

«Го­о­л!.. «Ледзьве пасля ўсяго гэтага Артур ачомаўся. Плюнуць ужо хацеў і на таго Кіраўніка, і на ягонага двайніка, бо жыццё даражэй, але быў Артур, па­першае, катом на дзіва ўпартым, а, па­другое, падвярнуўся і да­ памог, як заўсёды, выпадак.

Клаўдзія Львоўна, калі гэтак яе, па бацьку, называць, дык, можа, і ўяўляецца некаму старой пацучыхай, з якой хіба толькі кот і ажэніцца. Але калі Клаўдзію Львоўну называць Клавай ці Клаванькай, дык ёй дваццаць два гады — і яна адначасова і мадэлька, і спявачка, і танцорка, дый наогул яна ў ліку першых нашых прыгажунь, калі не найлепшая з іх. А інакш за што б Стась Цянькоўскі, які капейчыну нікому каля царквы не падасць, яшчэ да вяселля ёй катэдж з машынай адпісваў?

А ў Дзяржаве якраз СЧЗК — Свята Чарговай Зме­ ны Канстытуцыі. Кіраўнік Дзяржавы, якога скарочана КДБ завуць, бо назва Дзяржавы на Б пачынаецца, Кан­ стытуцыю змяняе, паўнамоцтвы свае доўжыць — і да­ лей кіруе. Таму што няма ў Дзяржаве нікога іншага, хто б мог пакіраваць. І народ, натуральна, шчасце сваё разу­мее і з гэтай нагоды гуляе, не кажучы ўжо пра ўрад і пар­ ламент. Праз тое КДБ пры кожнай змене Канстытуцыі нешта накшталт дня нараджэння спраўляе — і ў яго­ ную рэзідэнцыю запрашаюцца лепшыя з лепшых, каб віншавальныя тосты прамаўляць, спяваць, скакаць і, хто чым можа, КДБ адорваць.

За тое, каб ад значыцца на Свяце Чарговай Зме­ ны Канстытуцыі ў рэзідэнцыі Кіраўніка, сярод леп­ шых з лепшых вяліся нечалавечыя бойкі, усчынялася звярыная грызня, і Клаўдзія Львоўна, хоць была і ма­ дэлькай, і спявачкай, і танцоркай, і прыгажуняй, ніколі ў бойкі тыя не лезла, бо на перамогу не мела ніякіх спадзяванняў. Але гэтым разам распарадчыкам на свяце, ці, калі заўгодна, цырымоніймайстрам, аказаўся Стась Цянькоўскі, які зрабіў нечаканы жэст на развітанне і перадаў для Клаўдзіі Львоўны адмысловае запрашэн­ не ад КДБ.

— А падарунак для яго ты ўжо з­пад кацінага хваста вытрасай, — сказаў Стась груба і так вульгарна, што Клаўдзія Львоўна нават замаркоцілася.

— Ты чаго сумуеш? — пацікавіўся Артур, і калі Клаўдзія Львоўна распавяла пра грубасць і вульгарнасць цырымо­ ніймайстра, Артур падумаў, прынюхаўся да сітуацыі і спытаў:

— А чым я не падарунак? Я, канечне, не сіямскі і не ангорскі, звычайны кот з сярэднім хвастом сярэдняй пушыстасці, але ж валер’янку з кілішка п’ю і лапу на лапу закідваю… Дый сказаць што­небудзь пры выпад­ ку не праміну, і ўмею выгляд зрабіць задуменны… Каты наогул на філосафаў падобныя. Я б сам сабе ката завёў, каб не меў сябе самога.

— Ты ж мне муж, як я цябе падарыць магу? — яшчэ болей замаркоцілася з такога глупства Клаўдзія Львоў­ на, але Артур нагадаў ёй казку пра Ката ў ботах, якога ўсё дарылі, а ён усё да гаспадара вяртаўся, і да Клаўдзіі Львоўны ўрэшце дайшло, што гэткім мудрым катом калі й ахвяраваць, прынесці яго некаму ў падарунак, дык толькі Кіраўніку на карысць Дзяржаве. — Давай паглядзім, куды ўпакаваць цябе, — прымерылася яна, як краўчыха, да Артура. — Не за хвост жа цягнуць…

Палазілі, пашукалі, знайшлі пад канапай пыльны, яшчэ ад першых прэзідэнцкіх выбараў, мяшок — у яго Артур і скочыў. А Клаўдзія Львоўна завязала мяшок чырвонай стужкай.

— Зялёнай яшчэ давяжы, — сказаў Артур з мяшка. — Раптам мяне над рэзідэнцыяй уздымуць.

— Ты і праз мяшок бачыш? — адрэзала зялёную стуж­ ку ад сцяга Рэспублікі Ічкерыя Клаўдзія Львоўна. З гэ­ тым сцягам Артур бегаў на ўсялякія шэсці, мітынгі ды пікеты, і праз тое Клаўдзія Львоўна аднойчы нават за­ падозрыла, што ён чачэнец. Але Артур паказаў ёй, як лёгка чачэнскі сцяг пераўтвараецца хоць у тутэйшы дзяржаўны, хоць у тутэйшы нацыянальны, і Клаўдзія Львоўна супакоілася на тым, што Артур толькі хітры, як чачэнец, а ва ўсім астатнім — звычайны нацыянал­ дэмакрат. Зараз, успомніўшы гэта, зялёную стужку ад сцяга яна і адняла.

— Я скрозь усё бачу, — адказаў Артур. — На тое і кот. Калі самалёт Кіраўніка Дзяржавы над Югаславіяй ледзь не збілі, бо на ім сцяг з зялёнай стужкай намаляваны быў, дык Стась Цянькоўскі плакаў з таго, што яго не збі­ лі. «Правільна плачаш, — пахваліў Кіраўнік Дзяржавы. — Я з цябе скуру здзяру за тое, што плакалі ў Югаславіі нашы грошы».

— Цяжкі ты які! — усцягваючы мяшок на плечы, пажалілася Клаўдзія Львоўна. — А нібыта і есці ў Дзяр­ жаве няма чаго.

— Каты, калі есці няма чаго, мышэй ядуць, — перакру­ ціўся Артур на бок, каб не муляцца з Клаўдзіяй Львоўнай спінай аб спіну…

— Што ў вас у мяшку? — спыталіся ахоўнікі пры ўваходзе ў рэзідэнцыю.

— Кот, — адказала Клаўдзія Львоўна.

— Які яшчэ кот? — сурова перапыталі ахоўнікі. — А ну паказаць!

Клаўдзія Львоўна развязала мяшок, Артур стаў на заднія лапы і пакланіўся ахоўнікам, прыціснуўшы пра­ вую пярэднюю лапу да сэрца.

— Не наш нейкі, хоць і надта на некага з нашых падобны, — засумняваўся ад зін з ахоўнікаў, нерво­ ва перакінуўшы аўтамат з рукі ў руку. — Я б яго не прапускаў…

— Ды наш, наш! — супакоіў яго другі ахоўнік, віхлясты з выгляду і блазнаваты. — Я ведаю яго, з ім Кіраўнік Дзяржавы ў хакей гуляў. Прапускай давай!

— Дык, можа, без мяшка? — паспрабаваў хоць у нчым настаяць на сваім першы ахоўнік.

— Можна і без мяшка, — згадзіўся, пакасіўшыся на аўтамат, Артур, склаў мяшок, сунуў яго пад паху, а воль­ най лапай узяў пад руку Клаўдзію Львоўну. Так паўз ас­ лупянелую ахову яны і прайшлі.

Натоўп дараносцаў, альбо дураносцаў, Бог ведае, як іх назваць, расцякаўся ў чатыры чаргі праз усю банкет­ ную залу, у процілеглым канцы якой — пад сваім пар­ трэтам ва ўсю сцяну — стаяў Кіраўнік Дзяржавы і, абы­ якава адсоўваючы ўбок падарункі, слухаў, як і хто яму спявае, глядзеў, як і хто перад ім скача.

У цэнтры залы круціўся Стась Цянькоўскі. Убачыўшы Клаўдзію Львоўну на пару з Артурам, кінуўся да іх.

— Ты як яго правяла, я ж табе адной спецыяльнае за­прашэнне перадаў? — адвісла сківіца ў Стася.

— Я адна і ёсць, — сказала Клаўдзія Львоўна. — А гэта мой падарунак з­пад кацінага хваста.

— Арыгінальна, — ацаніў Стась. — У нас тут конкурс на лепшы падарунак, дык можаш яго выйграць. — І раўніва ўгледзеўся ў Артура: — Не ангорскі, не сіямскі… Звы­ чайны кот з хвастом, што ты ў ім знайшла?..

Калі падсунуліся яны ў чарзе пад велізарную люст­ ру ў сярэдзіне залы, з люстры раптам спрытней за ката скочыў Леў Міронавіч з імянной зброяй у руках, і ча­ мусьці і на зброю ягоную, і на яго самога ўсім было нач­ хаць.

— Шакалы, свінні, пацукі з мышымі… і скрозь агентура… — зашаптаў Артуру на вуха былы першы сакратар цэнтральнага камітэта партыі. — Прынюхайся як след, я сам не магу разабрацца, двайнік сёння тут, ці не.

— Разбяруся, — паабяцаў Артур. — А калі двайнік, дык што?

Леў Міронавіч задумаўся на імгненне і па­заліхвацку, як каўбой, крутнуў на пальцы пісталет.

— Бі, чым папала, і крычы пра нацыянальную здра­ ду. Што яны табе, кату, зробяць? А мы скруцім яго, мае партызаны напагатове. Толькі б люстра не ляснулася, — заклапочна паглядзеў ён пад столь. — Але яна яшчэ ў мае часы вешалася, павінна вытрымаць.

На люстры, абляпіўшы яе, як шышкі яліну, сядзелі і смалілі самакруткі партызаны — усе ўзброеныя новень­ кімі аўтаматамі Калашнікава.

— У Стася Цянькоўскага купілі, — перахапіў Леў Міронавіч здзіўлены позірк Артура. — Ён бацьку род­ нага прадасць, такая гніда.

— Дык гэта ж дзяржаўны пераварот, — насцярожана выказаў сваё меркаванне Артур, які падобнага развіцця падзей ніяк не прадбачыў.

— А што рабіць застаецца? — развёў узброенымі рукамі Леў Міронавіч. — Я і рэкі з азёрамі асушаў, і старыя вуліцы з храмамі рушыў, і мову родную карчаваў, а пра мяне ў школах расказваюць, які я легендарны герой і слаўны сын свайго народа. Ды яшчэ помнік мне ставіць збіраюцца!.. Колькі ж такое трываць можна?

— Ну, не ведаю, — пачухаў за вухам Артур. — Калі кот мышэй не ловіць, а пра яго ў школах байкі баяць, дык што ў тым для ката кепскага?

— Каты не людзі — і не маюць партыйнай прынцыпо­ васці! — прыставіў яму пісталет да вуха Леў Міронавіч, і Артур вымушаны быў згадзіцца, што яно сапраўды так.

Чэргі дураносцаў хоць і былі даўжэзнымі, але рухаліся даволі хутка, бо ўсе і спявалі адно і тое ж, і скакалі пры­ блізна аднолькава. Кіраўніка Дзяржавы гэткая адсут­ насць фантазіі стамляла і раздражняла, ён нецярпліва махаў рукой, чарговага дураносца перапынялі, налівалі яму чарку, давалі скварку — і выпраўлялі за дзверы. Калі ж Кіраўнік Дзяржавы кінуў вокам на залу і заўважыў у самым канцы самай апошняй чаргі Клаўдзію Львоўну, дык наогул пагнаў дураносцаў строем па чацвёра ў шэ­ раг: на чатырох адна чарка, на чатырох адна скварка — і за дзверы, на чатырох чарка, на чатырох скварка — і за дзверы… Незнаёмая прыгажуня з катом яго відавочна прывабіла. Ката, праўда, ён недзе раней бачыў, але не мог успомніць, дзе — дый чорт з ім, з катом!..

Нечакана кінула работу ў Іспаніі, невядома як з’яві­ лася ў банкетнай зале і стала ў чарзе за Клаўд зіяй Львоўнай з Артурам тая самая Каця Цімашук, якая для Клаўдзіі Львоўны была сяброўкай, а для Артура гаспа­ дыняй, хоць нібыта ўжо колішняй.

— Ставай паперад зе, — прапанавала ёй Клаўд зія Львоўна. — Ці ўсе разам давай пастаім. Чаго ты ззаду туляешся?

— Нічога, — падціснула губы Каця, адразу заўважыў­ шы, як паглядвае на Клаўдзію Львоўну Кіраўнік Дзяр­ жавы, былы яе палюбоўнік. — Мы і за спінамі сваё ўбачым. Мы за катоў замуж не выход зілі, каб папе­ рад зе стаяць.

Во так яно па­нашаму! Сама Клаўдзію Львоўну з ка­том сасватала — і сама яе ў тым звінаваціла!

Убачыў Кацю Цімашук і Кіраўнік Дзяржавы; кіўком пальца падазваў да сябе Стася Цянькоўскага і незада­ волена нешта сказаў; Стась паслухаў яго і подбегам падкруціўся да ахоўнікаў; два ахоўнікі моўчкі рушылі да Каці, узялі яе за рукі ды ногі, паднялі, разгушкалі і выкінулі ў вакно.

Артур не страціў да Каці ранейшых сімпатый і па­ думаў, што лепш бы выкінулі яго. Для яго такі палёт — хоць бы што, а для былой ягонай гаспадыні — наўрад ці… Хоць тут і другі паверх, але высачэзны, і ўнізе не пяры­ на, а мармуровыя прыступкі…

Калі чарга адорваць КДБ дайшла да Клаўдзіі Львоўны, нікога з людзей, апроч яе, у банкетнай зале ўжо не заставалася. Толькі кот Артур, Кіраўнік Дзяржавы, Стась Цянькоўскі, ахоўнікі ды нікому не бачны, нібы з паве­ тра злеплены, Леў Міронавіч з імянной зброяй у руках і сваімі партызанамі на люстры.

— А што з табой за кот мудакаваты? — спытаўся Кіраўнік Дзяржавы. — Здаецца, недзе бачыў я яго…

— Значыць, гэта лёс, — уздыхнула і развітальна па­ глад зіла Артура Клаўд зія Львоўна. — Значыць, вы пра яго думалі, калі вам так здаецца. Значыць, вы яго палюбіце. Гэта вам падарунак мой на Свята Чарговай Змены Канстытуцыі.

— Ты выйграла конкурс! — абвясціў Кіраўнік Дзяржавы. — І табе прыз. А прыз — гэта я. Цяміш?

— Так, — сарамліва апусціла вочы Клаўдзія Львоўна. — Мне Каця Цімашук расказвала.

— Якая Каця? — злосна не зразумеў Кіраўнік Дзяр­ жавы. — Няма і не было ніякай Каці! Ці хочаш злятаць паглядзець?

— Не, — таропка адмовілася Клаўдзія Львоўна. — Хіба што Артур…

— Артур дык Артур, — згадзіўся КДБ, якому было ўсё адно, каго выкідваць, абы было каго. — Кажы, кацяра, сваё апошняе жаданне! Чарку і скварку хочаш?

— Дзякуй, перад палётамі не п’ю, — з цырымонным рэ­ верансам падзякаваў Артур і ступіў бліжэй да Кіраўніка Дзяржавы, на што ахова на гэты раз неяк дэманстратыўна не звярнула ўвагі. — Хіба што з вашых рук для Льва Мі­ ронавіча…

Нікому не бачны Леў Міронавіч выпіў чарку, закусіў скваркай і махнуў рукой нікому не бачным партызанам, каб спускаліся да стала. Адзін партызан павіс на люстры на руках, другі — на ягоных нагах, трэці — на нагах дру­ гога, і так яны ўсе, роты чатыры, адзін за адным ланцуж­ ком і спусціліся. Толькі той першы, што на руках вісеў, падцягнуўся і з кулямётам застаўся на люстры.

— Як пераможца конкурсу маеш прыз і застаешся сён­ ня са мной, — пляснуў Клаўдзію Львоўну па хвастцу Кіраўнік Дзяржавы.

— Бі! — крыкнуў Леў Міронавіч. — Двайнік!

— Пераварот! Здрада! Арыштаваць! — закруціўся верталётам Стась Цянькоўскі, але тыя ж ахоўнікі, якія выкінулі ў акно Кацю Цімашук, узялі яго за рукі ды ногі і падкінулі пад столь. Стась ухапіўся за люстру і думаў адвісецца, пакуль усё скончыцца. Партызан на люстры з прададзенага Стасем кулямёта трах­тах­тах па ім!.. А

Стасю з таго нічога. Тады партызан дастаў з кішэні ра­ гатку са сталёвым прабоем, папляваў на той прабой, прыцэліўся — і Стась сам адпусціў люстру.

— Бі! — у адзін голас, як «ура» на парадзе, грымнулі партызаны — і Артур з перапуду лупянуў Кіраўніка Дзяржавы пыльным мяшком.

Пыл падняўся несусветны… А калі ён развеяўся — на месцы Кіраўніка Дзяржавы пусты мяшок ляжаў. Стась Цянькоўскі, які кулямёт з гнілымі патронамі партыза­ нам прадаў і праз тое жывы застаўся, падпоўз да мяшка, памацаў, прыклаўся вухам, нарэшце зазірнуў у мяшок і страшныя вочы зрабіў — пуста!

Бегалі, шукалі і ў полі, і ў лесе, але КДБ нідзе не аказалася. Усе, хоць і ў пыле, знайшліся на сваіх мес­ цах, а ён не знайшоўся. І нічога ад яго, апроч пылу, не засталося.

Начальнік аховы, генерал СБ КДБ, Службы Бяспекі Кіраўніка Дзяржавы, атросся ад пылу і патлумачыў:

— Анігіляцыя.

Ніхто генерала не зразумеў, дый сам генерал зразумеў сябе не адразу. Таму адчуў неабходнасць датлумачыць.

— Ён і так быў пыльным мяшком стукнуты, у другі раз нельга было… Можна было хоць пнём, хоць кало­ дай, але не мяшком… Матэрыя сутыкнулася з антыматэ­ рыяй, пасля гэтага нічога не застаецца. Д зіўна, што застаўся пыл.

Усе слухалі генерала і разглядаліся на бакі. Генерал зняў фуражку, здзьмуў апошнюю пылінку з цэшкі, зноў надзеў фуражку, пранізліва глянуў на ўсіх і паўтарыў:

— А­ні­гі­ля­цы­я. Дзіўна, што застаўся пыл. Сiберным скразняком пацягнула ад пранізлівага погляду генерала — і тут ужо нават недаверкі ўцямілі, што ў выніку аднаму генералу вядомай анігіляцыі Кіраўнік Дзяржавы знік не толькі бясследна, але і незваротна.

— А што ён зрабіў для народа, каб застацца? — спачатку тупнуўшы па мяшку, а пасля і скочыўшы на яго абедзвю­ ма нагамі, першым спытаў раптам Стась Цянькоўскі, і Леў Міронавіч зірнуў на яго з цікаўнасцю.

—Леў Міронавіч, што далей рабіць?.. — нібыта задумаўся, прышчоўкнушы абцасамі, генерал. — Некага ж трэба на­ роду час ад часу паказваць… Ці кінем гэтую цяганіну з двайнікамі і сапраўдныя выбары прызначым?

Леў Міронавіч уздыхнуў цяжка і скрушна.

— Збіраліся мы на палітбюро… Думалі, гадалі… Выра­ шылі, што не саспеў наш народ для выбараў. Так што майструйце, хлопцы, замену. Толькі талковага двайніка давайце, каб хоць тое разумеў, хто сапраўды ён, а хто сапраўды мы. А то ён байкі пра мяне ў школах баяць будзе, засранец…

— А з каго майстраваць? — спытаў генерал і чамусьці затрымаў позірк на Стасе Цянькоўскім.

— Сапраўды, з каго? — на цырлы прыўзняўся на мяш­ ку Стась, які паціраў бакі і ўсім сваім выглядам паказваў, што цалкам цяпер на баку генерала і Льва Міронавіча, ахоўнікаў і партызанаў.

— Ну, не з цябе, канечне, — скрывіўся на ягоны кругла­ маслены твар Леў Міронавіч. І кіўнуў начальніку ахо­ вы ў бок Артура. — А што, калі з яго, га, генерал?.. Глядзі, які падобны… Вусаты, лысаваты… І лапу да сэр­ ца прыціскае…

— Прыціскае, дык можна і з яго, — абыякава пацепнуў плячыма генерал — і бац­бац, бац­бац, бац, бац, бац, бац:

— Гатовы.

Перад усімі, прыціскаючы руку да сэрца, стаяў на­ нова злеплены Кіраўнік Дзяржавы, толькі апрануты трохі не так, як папярэдні, і з хвастом. А ў астатнім — не адрозніць…

— Пераапрануць мы яго пераапранем, — не зусім за­даволена сказаў Леў Міронавіч. — А хвост?

— Вінаваты, — пачырванеў генерал. — Ніколі з катоў не ляпіў. — І ўзяў са стала нож.

Артур надзьмуўся, вочы вырачыў, вусы нашчацініў і гаркнуў на генерала, ткнуўшы ў яго пальцам:

— Усё пра ўсіх ведаю!.. І хто тут СБ, і хто там ФСБ!.. Твая служба — не хвасты катам абразаць! Твая служ­ ба — людзей шукаць, якія ў Дзяржаве маёй прападаюць! Бандытаў лавіць, што распраўляюцца з імі! А ты сам за маёй спінай з усімі распраўляешся?!. Галаву скру­чу!!! Ногі па­вы­ры­ва­ю­ю!..

Ух, як страшна стала!.. Але не ўсім.

— А ён выпадкам не хворы? — спытаў Леў Міронавіч, са здзіўленнем убачыўшы службовую радасць на чыр­ воным твары генерала. — Не з пухлінай лобавай часткі мазгоў? Можа, адменім яго, хвастатага, згодна з Кансты­ туцыяй, пакуль не позна?..

— Канстытуцыю мне! — крыкнуў Артур, і Стась Цянькоўскі хуценька дастаў з кішэні заўжды і да ўсяго гатовую Канстытуцыю. — Перапісвай! — загадаў яму новы Кіраўнік Дзяржавы. — Гербам Дзяржавы з’яўляецца хвост сярэдняй даўжыні сярэдняй пушыстасці.

Стась палічыў не лішнім удакладніць:

— Каціны?

— А то сабачы! — падняў хвост Артур. — Грамадзяне Дзяржавы носяць герб па святах, а Кіраўнік Дзяржавы штодзённа.

— А каты? — спытала Клаўдзія Львоўна, якая яшчэ не забылася, за кім зусім нядаўна была замужам.

Артур крутануў хвастом:

— А хто мне, Клава, каты? І што мне да катоў? Я пра Дзяржаву думаю. Калі пра Дзяржаву думаеш, пра катоў думаць не выпадае.

Клаўдзія Львоўна ўспомніла, што муж яе быў хоць і нацыянал­дэмакратам, але ўсё ж дэмакратам, і яе агар­ нула роспач.

— Як ты змяніўся, Артур! Толькі хвост ад цябе і за­стаўся… І той дыктатарскі нейкі.

— Дык усім жа катам хвасты адразаць давядзецца, — нібыта сумняваючыся, паглядзеў на генерала Леў Мі­ ронавіч. — І на святы прывязваць…

— Адрэжам, прывяжам, гэта не праблема, — адклаў нож і падняў чарку генерал, якому новы Кіраўнік Дзяржавы і з хвастом глянуўся, бо ва ўсім астатнім яшчэ больш нагадваў былога, чым сам былы. — Таварышы партыза­ ны!.. Дзякую вам за дапамогу ў правядзенні чарговай са­ крэтнай аперацыі. З вашага боку ўдзел у гэтай аперацыі, як кажуць, магіла. Жадаю вам здароўя, калі яно ў вашым выпадку мае нейкае значэнне, і спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва. У гэтай краіне толькі на вас ды нас уся надзея… Тым не менш вы мяне зразумееце, калі я пра­ паную тост за хвост Кіраўніка Дзяржавы!

Партызаны тост генерала зразумелі, чокнуліся з ахоў­нікамі, дружна выпілі і закусілі.

Генерал, нікога ўжо не запрашаючы, наліў сабе яшчэ кварту, выпіў, гэкнуў, захмялеў, бухнуўся на калені і папрасіўся:

— Бацька, родны, даруй!..

— Бог даруе, — усклаў яму руку на галаву новы

Кіраўнік Дзяржавы — і ў вокнах рэзідэнцыі пацямнела.

— Ты мяне са школьных падручнікаў выкінеш, Ар­ тур? — уперыўся ў цемнату і з партыйнай прынцыповас­ цю, але без асаблівай надзеі спытаў Леў Міронавіч.

— Выкіну, — паабяцаў Артур і паклаў руку на сэрца. — Нават пылу ад вас не застанецца.

— Ён цяпер Кіраўнік, а я цяпер хто? — капрызна спы­ талася Клаўдзія Львоўна. — Ні ўдава, ні жонка?.. Мне што рабіць, у вёску ехаць?

Леў Міронавіч з тугой паглядзеў на генерала СБ но­вага КДБ.

— Скажы ты мне па дружбе, генерал: дачка яна мая, ці ваша агентка?

— Агентка, —па дружбе махнуў рукой генерал, які стаў генералам за тое, што некалі зліквідаваў Льва Міронавіча ў аўтакатастрофе, і таму адносіўся да яго не кепска. — Але і дачка таксама, адно другому не замінае… — Тут генерал трохі падумаў і ўдакладніў: — Да анігіляцыі…

— Тады ў вёску, Клаванька, — абняў дачку­агентку Леў Міронавіч. — Грады праполем, карову падоім, я табе байку пра Ката ў мяшку раскажу… Не будзем замінаць Кіраўніку Дзяржавы мышэй лавіць.

«Указ нумар раз! — пачулі яны, выходзячы з банкет­ най залы, дзе Артур застаўся адразу дыктаваць, а Стась Цянькоўскі адразу запісваць. — Прычынай сацыяльна- палітычнай напружанасці ў грамадстве з’яўляецца неразвіты хвасцец, які несправядліва называюць атавізмам папярэдняй сістэмы. Міністэрствам культуры, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя не- адкладна прыняць меры для таго, каб развіць у гра- мадзян хвастцы да хвастоў сярэдняй даўжыні і ся- рэдняй пушыстасці…»

— А міністэрства культуры тут прычым? — азірнулася Клаўдзія Львоўна, але Леў Міронавіч не даў ёй спы­ ніцца, па­бацькоўску мякка і па­цэкоўску настойліва падпіхнуўшы ў хвасцец, з якога згодна з Указам нумар раз пачынаў ужо паціху вытыркацца хвосцік.

Ахоўнікі на выхадзе, пакручваючы хвастамі, Льву Міронавічу казырнулі.

— Усё служыш? — спытаў Леў Міронавіч аднаго з іх, які быў не толькі з хвастом, але нібыта і з рожкамі.

— Служу! — віхлянуў азадкам і па­блазенску выцяг­ нуўся ў струнку ахоўнік. — Як вам да апошняга — так і ўсім да апошняга!

— Ну, служы, — развітаўся з ім Леў Міронавіч. — За генералам прыглядай, расслабляецца…

На двары было цёпла, ціха і хораша. Тое, што выра­блялася ў рэзідэнцыі, прыродзе не замінала.

— Мяў!.. Мяў!.. Мя­я­ў!.. — пранізліва разнеслася над рэзідэнцыяй, і, задраўшы галовы, яны ўбачылі, як два каты раздзіраюць Сцяг Дзяржавы і вешаюць замест яго шэры мяшок, у якім Клаўдзія Львоўна ўсцягнула Арту­ ра на вяршыню ўлады.

— Мяшок — гэта ідэя… — паморшчыўся ад кацінага крыку Леў Міронавіч. — З мяшка і сімвал, і карысць, народ зразумее…

Клаўдзія Львоўна паклала яму галаву на плячо, пагладзілася, як кошка, і спытала:

— А праўда, тата, каты на філосафаў падобныя?..

Леў Міронавіч глыбінна задумаўся, паўспамінаў пра нешта і пацепнуў вольным плячом.

— Не ведаю, Клаванька… Круціўся каля мяне адзін філосаф, але ці быў ён на ката падобны — не помню… А болей пры мне філосафаў не было.

Сцямнелыя вокны рэзідэнцыі раптам запаліліся, рас­ чыніліся — і з іх сторч галавою пачалі вылятаць людзі: хто на газон, хто на бетон, хто на прыступкі…

— Забіваюць!.. — сцялася Клаўдзія Львоўна.

— Ды нікога не забіваюць, — супакоіў яе Леў Міронавіч. — Змена кадраў.

«Ба­бах!» — з’явіўся ў адным з вокнаў генерал з піс­ талетам, і па ягоным стрэле­сігнале расквітнеў над ста­ ліцай Дзяржавы святочны салют. Рознакаляровыя агні ўспыхвалі і гаслі, успыхвалі і гаслі, пакідаючы па сабе плывучы дым…

— А ўсё ж прыгожа… — муркнула на бацькавым пля­ чы Клаўдзія Львоўна, утаропіўшы ў неба вочы, у якіх слязінкамі бліскалі зялёныя і жоўтыя, ружовыя і бла­ кітныя, чырвоныя і белыя агеньчыкі… І нехта з купкі народу, які тоўкся без толку праз дарогу ад рэзідэнцыі, недаўменна паціраючы хвастцы і лыпаючы на шэры мя­ шок, што лунаў у агністых нябёсах, суцяшальна сказаў нібыта самому сабе:

«Э, такой бяды… Д зірку ў портках ззаду прарэ­ заць — і можна жыць. А дух выпускаць дык нават лац­ вей будзе…»

Красавік, кастрычнік 2000 г., Вуасары.

ХАЙБАХ

Сёння дзень серада.

Заўтра, ці ўчора быў чацвер — і ў чацвер мяне забілі. Таму мне ўсё адно, ці буд зе чацвер заўтра, ці быў ён учора. Тут ад зін нейкі д зень, назва яко­ га мне пакуль не адкрылася, але я адчуваю, што ён блізкі да раўнавагі, да таго, што гэтым словам паз­ начаецца, таму па зямной памяці я называю гэты д зень серадою.

У мяне пакуль толькі зямная памяць. Можа, ніякай іншай нід зе і няма, што д зіўна, як д зіўна тое, што няма смерці. Ёсць нешта і нед зе, д зе мне спакой­ на, і я сплю.

Яны забівалі мяне ўтраіх, няхай іх завуць Панядзел­ кам, Аўторкам і Серадою, хоць у серады ёсць імя, яна жанчына — і якраз яна сказала:

— Давайце яго заб’ём.

Яна сказала так пасля таго, як тыя двое, Панядзе­лак з Аўторкам, падышлі, адвялі мяне ўбок і спыталі:

«Мужык, нам што з табой рабіць?.. Як цябе ўбатожыць, каб памоўчваў, дажываў сваё і не ў сваё не лез?..» Яны не прынялі яшчэ рашэння забіць мяне, пакуль толькі страшылі, а яна пачула іх і не прыдумала нічога іншага, як сказаць:

— Ды які ён мужык, давайце яго заб’ём.

Яна сказала так альбо з таго, што сапраўды надумала мяне забіць, альбо хацела паглядзець, як я стану бараніцца і заб’ю тых двух. Яна нацкавала іх на мяне, забыўшыся, што я стаміўся забіваць.

Адзін ударыў мне пад дых:

— Кастрат!

Мяне сагнула ў тры пагібелі…

Гэта было ўночы ў парку каля мастка цераз Свіслач, дзе запруда. Падаючы, шумела вада. Роўным­роўным шумам, які я звык любіць.

Яно, магчыма, тым бы на гэты раз і абышлося, каб я не папрасіўся:

— Хлопцы, не забівайце…

Ім здалося, што я іх баюся. Я распаліў у іх гераізм.

— На, сука!

Другі гваздануў у скронь кастэтам. Такімі штуковінамі даўно не б’юцца, яны пагубляліся ў мінулым стагоддзі, у паслясталінскіх часах. Як і шмат што іншае, але не ўсё. Сталінскае ў краіне Сталіна дарэшты не можа пагубляц­ ца. Я глядзеў, як той другі тыркаў у кастэт пальцы, рукі ягоныя біла калатэча, мне нават стала ніякавата: «І гэты чмут мяне заб’е?»

Мяне хістанула, але я ўстаяў, не зрабіў ніякага руху, каб абараніцца, і тады яна не вытрывала: «Ну, што ты стаіш?! Што ты стаіш?!.» — і, з трох крокаў разбегшы­ ся, штурхнула мяне ў плечы, перакуліла праз парапет у пену пад запрудай, у роўны шум вады.

Так усё проста.

Я пазнаёміўся з ёй, вярнуўшыся з першай сваёй вайны, з Афганістану, дзе забіваў толькі для таго, каб абараніцца, каб выжыць, каб не забілі мяне. Там за два гады я хоць і навучыўся, і прывык забіваць, але так і не палюбіў сма­ ку крыві, дурманнага яе паху, самага мёртвага і самага жывога, якога, аднойчы ўдыхнуўшы, не маглі ўжо вы­ дыхнуць многія і многія.

Я б мог забіць тых двух. Яны і ўцяміць, і запомніць не паспелі б, што іх забілі. Пад канец першай сваёй вай­ ны я займеў за гэта два медалі.

А сераду звалі Марай. Імя ў яе было Маргарыта, ды сама яна называлася Марай, і ўсе яе так называлі, і я так называў.

— Мара, — назвалася яна, холадна на мяне зірнуўшы з нейкай ледавіковай вышыні, недаступнай, як мне адразу здалося, не толькі для мяне, для ўсіх астатніх, але і для яе самой. — Ты на гітары граеш? Сыграй песню, якую хачу пачуць.

Няўпэўнена, баючыся, што не ўгадаю, якую яна хоча пачуць песню, я ўзяў гітару і стаў спяваць. Вачыма спы­ таўся ў яе: «Гэта тое?» — і яна згодна кіўнула, а калі я даспяваў, сказала:

— Ты не мог ведаць гэтай песні. Такой песні для цябе няма.

Я не стаў спрачацца.

— Значыць, няма… Я і не думаў, што яна ёсць, Алег для цябе яе напісаў, але яна з майго жыцця.

— Алег з майго жыцця, Алег з майго, і ты не лезь, не лезь!.. — істэрычна ўчапілася яна мне ў твар, ледзь вочы не выдрала, бо ўжо тады, на самым пачатку на­ шага знаёмства ёй хацелася мяне знішчыць. Я пра гэта здагадваўся, таму і заставаўся з ёю кожны раз, калі трэ­ ба было пайсці. Адышоўся я ад яе толькі двойчы: адзін раз на другую сваю вайну, у Чачню, і другі раз на трэ­ цюю сваю вайну ў Чачню.

Алег граў на гітары, ён з’явіўся ў Афганістане з артыстамі. Пасля канцэрту, падняўшы баявы дух, ар­ тысты перапіліся, штабнікоў п’яных упрасілі даць ім з аўтаматаў пастраляць. Адзін артыст узяў ды ў вайну пагуляў: трох паклаў, у тым ліку Алега.

На канцэрце Алег спяваў песню, якую хацела пачуць Мара: «Я паўсюль над табой белым воблакам…»

Каб неяк выкруціцца з артыстычнымі трупамі, штабнікі прыдумалі, быццам на іх душманы напалі; нас паслалі, мы набілі тузін афганцаў, да штабу прывезлі, пакідалі, поле бою наладзілі. Артыстаў за гэта ўзнагародзілі, трох, у тым ліку Алега, пасмяротна.

Так усё проста.

Тыя двое, што мяне забівалі, выглядалі братамі тых двух, што загінулі з Алегам. Я нават хацеў спытацца:

«Хлопцы, гэта не вы?» — але такога, вядома, быць не магло, мне гэта падалося, я ўжо не суадносіў рэальнасць з трызненнем, не адчуваў мяжы.

— Дзе ён табе пра мяне казаў, як ён мог табе пра мяне казаць, калі быў ужо мёртвы? Ты брэшаш, саба­ ка, ты брэшаш, гэта ты і забіў яго! — крычала Мара, і я думаў: «А, можа, і праўда?..» Іншым разам усё выраша­ лася імгненнем, за якое куля далятае, у якое і ведаць не можаш, ты забіў, ці цябе забілі.

Артыстаў запаялі ў цынкавыя труны, мяне выклікалі — я адваяваў сваё — і сказалі: «Гітарыст гэты — твой зямляк, ты там глядзі, гераізм і ўсё такое…» Калі б не сказалі, дык я і забыўся б пра Алега, а так вярнуўся і ў ваенкамаце дазнаўся адрас, каб знайсці ягоных бацькоў, а знайшоў Маргарыту. Не скажу, што пра тое шкадую, хоць выйш­ ла, як выйшла.

Каб не забілі Алега, не забілі б і мяне. Толькі як такое вылічыць?

У Алега фотакартка Маргарыты была, штабнікі мне яе далі: «Можа, знойдзеш, глядзі, якая… Суцешыш і сам суцешышся…» На звароце фотакарткі было напісана: «Я паўсюль над табой белым воблакам…»

Калі знайшлася Мара, фотакартку ёй я не вярнуў, не паказаў нават, каб не забрала. Пайшоў з той фотакарт­ кай на сваю другую вайну — у Чачню.

Адным з камандзіраў маёй другой вайны быў гене­ рал, якога пасля забіла жонка. Ён і на маёй першай вай­ не, у Афганістане, камандаваў, я ваяваў у абодвух яго­ ных амспах, асобных мотастралковых палках, 860­ым і 191­ым. Было гэта ў 1983 і 1984 гадах, на той час гене­ рал быў яшчэ падпалкоўнікам. А ў 1998 годзе ён стаў трупам генерала.

Забойства ягонае, як і маё, — цьмяная гісторыя. Ге­ нерал палез у палітыку, зліквідавалі яго нібыта па за­ гадзе з Крамля, бо задумаў ваенны пераварот, а жонка генерала не пры чым, яе пад забойства падставілі… Я і не сцвярджаю, што яна забіла, думаю толькі, што магла забіць. Калі мая Мара мяне забіла, дык чаму жонка ге­ нерала забіць яго не магла? Усіх нас, хто прайшоў праз Афганістан, а пасля праз Чачню, можна знішчаць, не разбіраючы, хто генерал, хто радавы… Магчыма, мы не людзі, наўрад ці мы людзі. На першай маёй вайне мне было дваццаць гадоў, на другой — трыццаць, на трэцяй — трыццаць пяць, і ўсе гэтыя гады я альбо забіваў, альбо сніў, што забіваю. Таму з Марай у мяне нічога й не вы­ йшла, не магло выйсці. Таму яна мяне знішчыла.

Роўна праз дзесяць гадоў пасля маёй першай вай­ ны, 31 снежня, калі Мара ставіла дома ёлку, калі ўсе сустракалі Новы год, я штурмаваў горад Грозны. Штур­ маваць загадалі 31 снежня, бо гэта быў дзень нараджэн­ ня міністра абароны. Ён самому сабе зрабіў такі пада­ рунак.

Дарагім аказаўся падарунак, царскім, нават больш, чым царскім… Толькі ў 131­й брыгадзе, што наступала з поўначы, чачэнцы спалілі дваццаць танкаў з дваццаці шасці і сто дзве баявая машыны пехоты са ста дваццаці. Ва ўсім гэтым жалезе дагаралі і разрываліся жывыя людзі.

Было каля д зевяці раніцы, міністр абароны быў не зусім яшчэ п’яны і наступленне 129­га палка, які прабіваўся з усходу, спыніў, загадаў адыход зіць, але адступіць полк не паспеў: неба абрынулася на яго рэактыўнымі снарадамі з самалётаў­штурмавікоў «Су­-25». Думаючы, што пазіцыі палка ўжо занятыя чачэнцамі, свае палілі і разрывалі сваіх, рускія рускіх.

Наш генерал, каманд зір 8­га корпуса, д зе я быў афіцэрам­кантрактнікам 33­га палка, надумаў насту­ паць на Грозны не па Петрапаўлаўскай шашы, як загадаў міністр, а ў абход — паўз аэрапорт «Паўночны» і далей дарогай цераз рускія могілкі. Па абодва бакі дарогі нас чакалі засады чачэнцаў, і, калі мы падышлі да іх, наша артылерыя стала біць уздоўж дарогі, справа і злева па могілках. Мы ішлі калідорам паміж выбухамі, нас секла нашымі асколкамі — і на танкі нашы, на баявыя машыны пехоты, на галовы нашыя ў свісце, агні і громе абрушва­лася з каранямі чачэнская зямля, уздымалася і падала з чачэнскіх засадаў дымнае, крывавае, толькі што разар­ ванае чалавечае мяса, сыпаліся і сыпаліся з уздыбленых рускіх магіл чарапы і косці, чарапы і косці…

Полк наш замыкаў калону корпуса, і калі мы амаль прайшлі могілкі, з неба, узняты апошнім снарадам, упаў на дарогу, паўстаў перад намі грудок, надмагілле — і крыж на ім.

Полк стаў. Сціхла, зрабіўшы сваё, артылерыя. У цішыні ўчулі мы пахі: едка пахла порахам, соладка — крывёй, мясам, цяжка — сырой зямлёй. І ва ўсім гэ­ тым — знак, крыж на нашай дарозе, і не адзін я, мусібыць, падумаў: «Нездарма мы ў 33­ім, зратуй нас, Божа…» Кожнаму і ўсім разам нібы штосьці адкрылася, усе і кож­ ны ўбачылі шлях і канец шляху, аслупянела зразумелі, куды і да чаго мы ідзём.

— Далей я полк не павяду, — перадаў камандзір пал­ка, наш палкоўнік, нашаму генералу, камкору.

Калі б камандзір кінуў полк і збег, генерала б гэта не надта здзівіла. Як на афганскай, так і на чачэнскай вай­ не камандзіры кідалі сваіх байцоў і збягалі, ратуючы шкуру, — генералу гэта не было ў навіну. З акружэння пад Кабулам на верталёце ўцёк камандзір 191­га асобна­ га мотастралковага палка, якога замянілі нашым генера­ лам, з­пад Грознага далі лататы камандзір і намеснік ка­ мандзіра 104­ай паветрана­дэсантнай дывізіі… Але ж тут не тое, зусім не тое, і нешта такое было ў гэтым зусім не тым, у самім голасе палкоўніка, у ягонай катэгарычнасці, што генерал рашэнне палкоўніка, з якім колькі ваяваў, столькі сябраваў, перавёў у загад.

— Загадваю часова заставацца ў рэзерве!

Так я часова застаўся жыць… Як аказалася, не да леп­шага.

Пад канец лета вайна ўжо была нібыта прайграная, і мужчыны захацелі жанчын. Захацеўшы, яны іх займелі, хадзіць па іх было недалёка: вайна ішла там, дзе жылі жанчыны і дзеці.

Салдаты злавілі дзвюх чачэнак, прапусцілі іх праз усіх, хто хацеў, а пасля не ведалі, што з імі рабіць. «Стрэль­ нуць, — прапанаваў Бігін, салдат ціхі і хуткі. — Інакш раскажуць».

— Ты і стрэльні, — сказаў я яму. Усе і ўсіх на гэтай вайне рабавалі, гвалцілі, забівалі; чачэнцы рускіх, рускія чачэнцаў, для ўсіх гэта было нормай, для мяне таксама. Салдат Бігін павёў жанчын у руіны Злоснага акопа, рэ­ дута, збудаванага на беразе Сунжы яшчэ царскім гене­ ралам Ярмолавым, але не застрэліў. Яны паабяцалі яму грошы — ён іх адпусціў, сказаўшы нам, што застрэліў.

«Ціхаму не вер, хуткага не бойся», — кажуць чачэнцы.

Я помніў чачэнскія прымаўкі і шмат чаго ведаў пра Чачню — сябра меў чачэнца. Ён быў з тайпу Барчхой, з акінцаў, пра якіх згадваў яшчэ Герадот, пісалі Пталамей і Пліній. Разам з ім ваяваў я ў Афганістане, потым раз­ ам вучыліся мы ў горным інстытуце, жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі. Ад яго я дазнаўся пра сталінскую дэпарта­ цыю чачэнцаў і пра аул Хайбах, чачэнскую Хатынь.

Калі я дабраўся да другой сваёй вайны, дык у Маздоку штабны маёр, праглядаючы мае дакументы, сказаў: «Ты ж з Беларусі, з іншай дзяржавы. Кантрактнік — гэта не наёмнік, наёмнікаў мы не бярэм». Ён глядзеў на мяне хітра — і я ведаў, што яму адказаць. «Маёй і вашай дзяр­ жавай, нашай з вамі, таварыш маёр, дзяржавай быў, ёсць і застаецца Савецкі Саюз». Ён згодна кіўнуў:

— Ваюй.

Мы адваяваліся. Лілі дажджы, мы сядзелі ў палат­ ках, у гразі, забытыя ўсімі і нікому не патрэбныя, з бляшанкай тушонкі на суткі на траіх. Наша войска з Чачні выводзілася. Нас прыйшло сюды сорак тысяч, мы атакоўвалі і бралі Грозны, Аргун, Шалі, Самашкі, тыся­ чы з нас загінулі — салдаты пыталіся: «За што?.. Для чаго?..» Гледзячы на фотаздымак Мары, я пра гэта не пытаўся. Я быў тут, каб быць на вайне, быць дзе­небудзь там, дзе б мяне забілі.

Досвіткам на нас напаў чачэнскі атрад, прыведзены жанчынамі, якіх адпусціў салдат Бігін. Сонных і мокрых, у абы­як нацягнутых палатках нас закідалі гранатамі. Тыя з нас, што ўцалелі, біліся з чачэнцамі, з «чэхамі», як мы іх называлі, ва ўпор, вочы ў вочы. І ў руінах Злосна­ га акопа я ўбачыў вочы Ясу Джамаева. Разам былі мы ў Афганістане, потым вучыліся ў адным інстытуце, жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі.

З усяго, што расказваў Ясу пра Чачню, я ад пачат­ ку не верыў толькі гісторыі пра аул Хайбах, дзе людзей, старых і дзяцей, энкавэдысты жывымі спалілі ў час дэпартацыі. Гэтаксама, як фашысты спалілі жывых людзей у Хатыні, як спалілі ў Лідзіцэ. Я пытаўся: «За што?.. Для чаго?..» Тады Ясу паказаў мне машынапісную, самвыдатаўскую кнігу з копіямі дакументаў, якія кож­ най літараю ўрэзаліся ў маю памяць.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

НАРКОМУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СССР

тов. Л.П. Берия

Только для ваших глаз. Ввиду нетранспортабельности и в целях неукоснительного выполнения в срок операции «Горы» вынужден был ликвидировать более 700 жителей в местечке Хайбах.

Полковник Гвишиани.

ГРОЗНЫЙ. УВД. ГВИШИАНИ

За решительные действия в ходе выселения чеченцев в районе Хайбах вы представлены к правительственной награде с повышением в звании. Поздравляю.

Нарком внутренних дел СССР Берия.

От имени ВКП /б/ и Комитета обороны СССР объяв- ляю благодарность всем частям и подразделениям РККА и войк НКВД за успешное выполнение важного правитель- ственного задания на Северном Кавказе.

И.СТАЛИН.

Я працягваў выконваць важнае ўрадавае заданне ў руінах рэдута, збудаванага амаль дзвесце год таму генералам Ярмолавым, а Ясу глядзеў мне ў вочы — і пер­шы апусціў аўтамат.

— Ідзі, — сказаў ён. — І болей не прыходзь.

Не забіўшы мяне, Ясу ўсё ўскладніў: выявілася, што мне ўсё адно няма куды ісці, апроч як на вайну. Ніхто і нідзе мяне не чакаў, не выбіраў, адна вайна чакала і выбірала.

— Чаму цябе не забілі? — пыталася Мара, упіраючы кулачкі мне ў грудзі, ненавідзячы, не пускаючы да сябе, а я баяўся зламаць яе маленькую сілу. — Алег толькі глянуў на вайну і не вярнуўся, а ты… Ты носіш яе на сабе, скінь, ад цябе крывёй, смерцю пахне!..

Развучыўшыся жыць без вайны, я не мог навучыц­ ца быць з Марай. І ўсё ж, калі б вайна зноў не пачалася, я б не пайшоў на яе. Але яна пачалася — і праз чатыры гады я вярнуўся ў Чачню.

Я апынуўся на той жа — і не на той вайне. Гэта была не проста другая чачэнская вайна, яна была інакшая, яшчэ болей жорсткая і бязлітасная. Увайшоўшы ў Кізляр з Ка­ дарскай зоны, войска, малоцячы чачэнцаў штурмавікамі і артылерыяй, праарала агнём і жалезам раўніну і ўпёрлася ў горы. Я павінен быў загінуць на самым пачатку гор­ най вайны разам з 6­ай ротай 104­га дэсантнага палка ў Аргунскай цясніне, праз якую прарываліся на Ведзяно атрады Хатаба і Басаева. Але я не загінуў. Гэтая вайна нібыта ведала, хто мяне павінен забіць, і выбрала мяне для таго, каб перад тым, як знішчыць, усё ўва мне яшчэ і растаптаць, раструшчыць, знявечыць. Каб Мары ўжо не было каго, а таму не шкада было забіваць.

Дэсантнікамі на трэцяй маёй вайне камандаваў мой зямляк. Я ведаў ягонага сына, якога забілі на першай чачэнскай. Сына звалі Алегам. Чамусьці ўвесь час я гэта помніў — і мяне гэта торгала. Не ведаю, чаму. На вачах маіх і ў Афганістане, і ў Чачні забівалі не адных Алегаў.

Пасля гібелі 6­ай дэсантнай роты мяне перавялі — я ў земляка сам папрасіўся — у разведбатальён. Там я зноў сустрэў салдата Бігіна, падумаўшы, што мог бы і не су­ стракаць — вайна вялікая. Але мы сустрэліся, так лёсу трэба было, і зімой, пад канец лютага, мы падымаліся з разведгрупай, дваццаць шэсць чалавек, у горы, туды, дзе аул Хайбах.

Нечакана, як яно часта здараецца ў гарах, пайшоў­ пасыпаўся снег, ды такі, што спіну першага перад табой яшчэ можна было ўбачыць, а другога — ужо не. Выпадко­ ва мы наткнуліся на пячору ў падножжы стромай скалы, спыніліся і заначавалі. Пад раніцу трохі распагодзілася, «чэхі» заўважылі нашых вартавых, ударылі з мінамёта — і снег са скалы абрушыўся, заваліўшы выхад з пячоры. Мы апынуліся ў пастцы — цёмнай, сырой, душнай.

Спрабуючы выбрацца, разграбаючы снег, які напаўзаў і напаўзаў, гадзіны праз чатыры мы пачулі, што нас ад­ копваюць знадворку. З’вілася надзея, што гэта варта­ выя, ці нават падмога — навошта «чэхам» нас з жывой магілы даставаць?.. Але як толькі на выхадзе з пячоры прабілася ў самым версе святло і абазначыўся лаз, ад­ туль крыкнулі:

— Кідай зброю і выпаўзай па адным!

Выйсця не было… Тут нас маглі зноў закапаць, заду­ шыць дымавымі шашкамі — тут нічога не магло адбыц­ ца, апроч смерці… А там, можа, удасца ўцячы, ці свае вы­ зваляць — там нейкія варыянты…

Вочы нясцерпна рэзанула на белым свеце ад белага­ белага снегу — і ўсё ж Ясу Джамаева сярод «чэхаў», якіх было ўтрая болей за нас, я і ўбачыў, і пазнаў адразу. І ён мяне пазнаў, сказаўшы нешта аднарукаму чачэнцу, што стаяў побач — Жандару, камандзіру… Я здагадаўся, што ён яму сказаў.

Нас загналі ў кінутую, пустую стайню, да якой не дайшлі мы ўчора ў снегапад зе з паўвярсты. Калі б дайшлі, усё было б інакш. Мы б ваявалі — і нас бы про­ ста пазабівалі, як забілі, на іх шчасце, трох нашых вар­ тавых.

За рукі і ногі нас прывязалі да стаякоў у стойлах — дванаццаць з аднаго боку і адзінаццаць з другога. У дзвярах стайні стаялі каністры, ад якіх пахла бензінам. Адна дзверына была знята з завесаў і ляжала пасярод стайні на жардзяных, толькі што збітых козлах.

— За такі вялікі стол мы звычайна запрашаем гас­ цей, — пачаў гаварыць Жандар. — Але не вас, бо вы не госці, а ворагі. Вы прыходзіце сюды ворагамі амаль дзвесце гадоў. У адзін з вашых прыходаў вы спалілі тут жывымі семсот дваццаць шэсць чалавек, мужчын і жан­ чын, старых і дзяцей… Вы спалілі іх у стайні — і мы так­ сама хацелі спаліць вас у стайні, бо ў свеце павінна быць справядлівасць. Ва ўсім і для ўсіх… — Жандар паглядзеў на Ясу, пасля на мяне. — Але мы перадумалі. Ніхто не хоча паміраць — і мы пакінем вас жыць. Мы адпомсцім вам так, што помста пойдзе ў будучыню — і ні вы сюды не вернецеся, ні дзеці вашы, ні ўнукі і праўнукі на зям­ лю нашу не ступяць. Мы спакладзем вас, як парсюкоў, бо вы і ёсць свінні.

— Яны самі сябе выпакладуць, — сказаў Ясу. — Кож­ны кожнага.

— Кожны спакладзе кожнага. Мы толькі пакажам, як… Па знаку Жандара «чэхі» развязалі сержанта Целяшэ­ ева, усцягнулі на рог стала, садралі порткі. Двое загнулі яму, разводзячы, пад краі стала ногі, двое прыціснулі галаву і рукі, а яшчэ адзін рэзануў паміж ног і кінуў тое, што выразаў, у стойла, дзе толькі што стаяў сер­ жант. Той, не разумеючы яшчэ, што адбылося, ускочыў, адразу ўпаў і, пырскаючы крывёй, падбіраючы порткі, папоўз па сваё…

— Цяпер ты, — падышоў Жандар да камандзіра на­ шай разведгрупы капітана Сільнова. І паказаў на мяне. — Яго.

Сільноў плюнуў яму ў твар.

— Як сабе хочаш, — спакойна выцерся Жандар і падаў знак «чэхам».

Капітана ўскінулі на стол, адрэзалі вушы, нос, губы, выразалі язык, выкалалі вочы, адсеклі ў кісцях рукі і ў шчыкалатках ногі, рэзанулі ўрэшце паміж ног і адкацілі, як абрубак, да сцяны.

— Так будзе з кожным, хто адмовіцца, — сказаў Жан­дар і спытаўся ў мяне. — Ты адмаўляешся?

— Забі мяне, Ясу, — папрасіў я. — Па былой дружбе.

— Ты надта многа хочаш, — адказаў Ясу. — Я ж сказаў табе тым разам: не прыходзь.

— Да капітана яго! — загадаў Жандар, але Ясу спыніў Жандара.

— Не. Гэты хай жыве, каб помніў… Ён не хоча, дык яго захочуць. — І Ясу ткнуў пальцам у салдата Бігіна, які цягаўся за мной, як хвост, і па першай, і па другой ча­ чэнскай вайне. — Ты!

Салдат Бігін не адмовіўся… Сказаў толькі: «Гэта і стоячы можна зрабіць, нашто на стол валачы?..»

Праз дзень, калі нас, дваццаць кастратаў, бо яшчэ двое адмовіліся і засталіся абрубкамі ў стайні, перакідвалі на самалёце з Маздоку ў Маскву, салдат Бігін павесіўся на дзязе ў прыбіральні. Калі б за намі не глядзелі, не ён адзін павесіўся б. Па дарозе з вайны дахаты ўсім адкры­ лася, якімі і да чаго мы вяртаемся.

Я не спрабаваў павесіцца, бо ведаў, хто мяне заб’е…

Падаючы ў роўны шум вады пад запрудай, які я звык любіць, я паспеў яшчэ пачуць галасы.

— Рыбам на корм, — сказаў той, што ўдарыў мяне першы, а другі запярэчыў:

— Тут няма рыбы. Атручаная рака.

— Усё атручанае, — сказала трэцяя.

— Нейкая рыба павінна быць…

Яны заспрачаліся, але я ўжо іх не слухаў. Калі ты на рэшце мёртвы, табе ўсё адно, ці ёсць рыба ў рэках.

Верасень 1998 г., Менск, лістапад 2001 г., Хельсінкі.

ЧМЕЛЬ І ВАНДРОЎНІК

Прыпавесць

На саракавіны Васіля Быкава

Чмель паміраў. Так сталася, што пад дзень народзі­наў.

Ён быў мудрым чмялём — і ведаў, што рыбы, птушкі, звяры і ўсё, што нараджаецца, і людзі, памірае, і кветкі, і таму, мусібыць, і чмялі, але не ведаў, як, і што пасля, і трохі баяўся…

Таму яму падумалася, што ёсць чмяліны Бог.

Ён быў мужным і моцным чмялём, жыў невыносна доўга і не стаміўся невыносна доўга жыць, аблётаўшы ці не ўвесь чмяліны свет і яшчэ схадзіўшы на вайну. Вайна была вялікай, але не большай за свет, і ён здзівіўся.

І яшчэ здзівіўся, што яна, вайна, яму не замінала.

«Тады што ж, — ён падумаў, — можа замінаць?..» І выходзіла, што нічога.

Адна смерць.

«Але ж не можа яна, смерць, — ён думаў, — быць большай за жыццё?.. Як вайна не можа быць большай за свет».

Мудрасці, каб падумаць інакш, не хапіла. Ён зразумеў, што ў тым, пра што падумаў, няма мудрасці. «Тады дзе яна і ў чым?…»

Выходзіла, што, калі не ў ім, у чмялі, тады ў чмяліным Богу.

Тут узнікала праблема: пра тое, што ёсць Бог, паду­ малася, але веры ні ў чмялінага, ні ў якога іншага Бога ў чмялі не было.

Бог, які быў у чмялі, думаў: што рабіць з чмялём? Да Бога чмель, хоць Бог быў у ім, так і не дабраўся, пастанавіўшы, што Бога няма, а ёсць толькі жыццё, вай­ на і смерць. Але зямны свой наканаваны шлях чмель прайшоў прыстойна. Больш прыстойна, чым многія і многія з тых, хто верыў, што Бог ёсць. У Бога ўзнікала праблема…

Праз тры сцяны ад чмяля паміраў у тым жа шпіталі ад той жа хваробы авадзень. Ён быў такім аваднём, пра якога і сказаць, і падумаць можна хіба толькі тое, што ён авадзень. І ўсё ж ў ім хапала аваднёвага розуму, каб дапяць, што, хоць ён і авадзень, але, калі паміраюць птушкі, рыбы, чмялі, дык, мусіць, памрэ і ён. Яму было гэтак страшна, што ён толькі прасіў і прасіў, маліў і маліў Бога, каб не даў памерці.

Бог, які быў у чмялі, паклікаў да чмяля вандроўніка, якога чмель некалі ўджаліў. Вандроўнік крыўдаваў на чмяля і не надта хацеў ісці. Але за гады вандроўніцтва ён зрабіў крок да Бога, таму пайшоў, куды Бог паклікаў.

Па дарозе ў вандроўніка ўзнікла праблема: з чым прый­ сці да таго, хто памірае? І ў каго заўтра дзень народзінаў. Што прынесці ў падарунак? Залаты гадзіннік?..

На рынку да вандроўніка падыйшла бабуля ў белым і падала суніцы на сунічніку. Маленькі букецік з чырвонымі ягадамі. «Табе гэта?..» — спытала бабуля, і вандроўнік успомніў, што аднойчы хадзіў з чмялём у суніцы. Па­ куль ён шукаў па кішэнях, каб разлічыцца, грошы, бабу­ ля павярнулася і хуценька пайшла. Вандроўнік кінуўся яе даганяць, бубуля давяла яго да крамы з кветкамі і ў кветках прапала.

Квятнярка спытала: «Вам колькі?»

Вандроўнік не ведаў, колькі… Пяць? Сем? Сто?

Квятнярка стаяла на парожку сваёй крамы, зрабіла крок уніз, аступілася і, каб не ўпасці, ухапілася за безліч руж, выхапіўшы з іх адну. Знайшла раўнавагу і не ўпала.

Вандроўнік купіў адну тую белую ружу і паехаў у шпіталь. Дарогай, каб заняць час, думаў пра тое, як хо­ раша ўсё ён прыдумаў. З суніцамі, з ружай…

Авадзень, баючыся, што Бог пра яго не ўсё помніць, нагадваў Богу, як аднойчы поп з той вёскі, дзе нарадзіўся авадзень, папрасіў яго, авадня, дапамагчы збудаваць царкву, і як ён, авадзень, пастараўся. Тэхніку загадаў прыгнаць, цэглу і цэмент завезці і нават золата на па­ залоту… І як поп яму дзякаваў і бажыўся, што ўсе грахі яму, авадню, за тое будуць адпушчаныя.

Яшчэ авадзень нагадаў Богу, што падаваў міласціну. Часта, амаль заўсёды, калі здаралася напаткаць жабрака альбо жабрачку. Хіба Бог таго не заўважаў?..

У палату ўвайшоў доктар. Авадзень не ведаў яго, першы раз бачыў. Доктар падышоў да вакна, якое само расчынілася, і сказаў у вакно: «Храмы, што будуюцца не са свайго, не стаяць. Міласціна, якая падаецца дзеля сябе, не ратуе».

Авадзень хацеў нешта спытаць, але не ведаў, што, і не знайшоў, у каго. У расчыненае вакно ўляцела пару­ шынка і зазірнула пустата.

На калідоры каля палаты, у якой паміраў чмель, ся­ дзеў святар. Ён прыходзіў і сядзеў тут штодня ўжо тыдзень, чакаючы, калі чмель яго пакліча, каб далучыц­ ца да Бога праз таямніцу споведзі. Чмель не клікаў…

— Як сёння?.. — спытаў святар доктара, і доктар па­цепнуў плячыма.

Чмель адчуваў у сабе — там, дзе тое, што звычайна называюць душой — нязвыклы рух, нейкі такі, нібы ў ім, у чмялі, яшчэ адзін чмель і ўніз, і ўверх, і адразу ва ўсе бакі лятае, і стаў ціха да руху, да сябе ў сабе самім прыслухоўвацца: ці не пачуецца выразны гук?.. Але не: рух быў як адразу ўверх і ўніз і ва ўсе бакі — так адра­ зу ва ўсім, няўцямны ў сабе самім, і ў ім яшчэ нешта было і яшчэ нешта…

«А можа быць…» — падумаў чмель — і далей не стаў пра гэта думаць, падлавіўшы сябе на слабасці.

Вандроўнік згадаў, як везлі яго аднойчы гэтай да­ рогай — туды, дзе паміраў зараз чмель. Як правозілі на машыне хуткай дапамогі міма гарадскіх бальніц — і як ён кожнага разу спадзяваўся, што вось да гэтай бальніцы, не далей, і як у ім сціналася ўсё, калі да­ лей і далей, і ўрэшце да самай дальняй, у якую кла­ дуць з той хваробай, ад якой амаль непазбежна ка­ наюць, і як ён не мог выйсці, калі давезлі, з машыны, так абліўшыся ўспацелым страхам, нібы да ніткі вы­ мак пад дажджом.

Аўтобус, у якім ехаў вандроўнік, раптам ссунуўся на абочыну, і яго пачалі абганяць машыны: з сірэнамі, з міргалкамі — на шалёнай хуткасці адна, другая, дзеся­ тая, адна за адной… Чмель займеў славу ў чмяліным све­ це, але ў Айчыне сваёй быў біты камянямі, і вандроўнік падумаў у здзіўленні: «Няўжо да чмяля?..» Гледзячы ў пыл, узняты машынамі, ён успомніў, як прагнуў гэтага пылу, за што чмель яго і ўджаліў.

Чмель успомніў пра вандроўніка, калі ў падворак шпіталю пачалі ўкочвацца машыны: з сірэнамі, з мір­ галкамі — адна, другая, дзесятая, адна за адной… Чмель не чакаў, што яны да яго, ён наогул нікога не чакаў — і вандроўніка, пра якога ўспомніў. Толькі падумаў: «Ча­ му?..»

Увайшоў доктар і зачыніў вакно: «Я сказаў ім, што сюды на машынах нельга, але яны ўсё адно панаехалі».

«Хто яны?..» — спытаў чмель, і доктар адказаў, вы ходзячы: «Я ж кажу: машыны. Да авадня».

Перш чым зайсці да чмяля, вандроўнік зазірнуў да доктара. Спытаў, калі чмель памрэ?..

Доктар сказаў, што, можа, сёння. А, можа, дні праз тры.

— Ён баіцца? — спытаў вандроўнік.

— Усе баяцца, — адказаў доктар. — Але хто як. Вандроўнік папрасіўся ў доктара пераседзець крыху ў яго. Падумаць, як да чмяля ўвайсці, павітацца, што сказаць… Доктар сказаў: «Ён можа памерці зараз».

На калідоры вандроўніка пераняў святар.

«Скажы яму, каб паклікаў мяне, — з мальбою папрасіў святар вандроўніка. — Скажы, бо ён не разумее…»

Вандроўнік падумаў, што чмель не можа не разумець, і сказаў святару:

«Ён не можа не разумець».

— Вы даўно ў суніцы не хадзілі… — падышоў ванд­ роўнік да ложка, на якім паміраў чмель. Той узяў су­ нічнік, сарваў ягаду, раскусіў — і з куточку роту пака­ цілася, пакідаючы след на белай бальнічнай шчацэ, на падбародку, сунічная крывінка.

— Праўда… даўно… — даўка пракаўтнуў чмель, а ванд­ роўнік не ведаў, што рабіць з крывінкай: выціраць ці не?.. Паглядзеў на жонку чмяля, руплівую пчалу — тая зай­ малася ружай, ставіла яе ў вазу.

— Вытрыся, — сказала пчала чмялю. Той выцерся, паклаў каля сябе сунічнік і паглядзеў на ружу.

— Колькі і чаго кожнаму трэба?.. — спытаўся чмель не ў пчалы і не ў вандроўніка. І адказаў не ім. — Адно жыццё, адна смерць, адна кветка…

Вандроўніку стала ніякавата. Да сораму. Усё, што ён так і столькі прыдумляў, за што сябе хваліў, чмель раскусіў за імгненне, як ягаду. Таму вандроўнік сказаў тое, што не сказаў бы, калі б яму не стала ніякавата. Да сораму.

— Даруйце, што змусіў вас некалі мяне ўджаліць. Чмель павярнуў сівую галаву на высокай падушцы і ўтаропіўся ў сцяну. Доўга глядзеў у сцяну і маўчаў. Па­куль не выдыхнуў праз сілу, як выціснуў з сябе:

— Дзякуй.

Усё было сказана, больш між імі не было нічога… Вандроўнік прыпадняўся, каб пацалаваць чмяля і пайсці, але чмель спыніў яго, узяўшы за руку.

— Пачакай… я не ведаю…

Вандроўнік разгубіўся, бо таксама не ведаў. Толькі здагадваўся. І яму здавалася, што чмель ведае… Павінен ведаць.

— Пра што вы там? — занепакоілася пчала, і ў дзверы зазірнуў доктар, паклікаў яе, нечым заняў.

Вандроўнік глядзеў чмялю ў вочы, бачыў там смерць і не цяміў, што рабіць… Бог, які прывёў вандроўніка, падказаў: «Скажы яму, што смерці няма».

«Я іншым разам чую галасы, — стаў казаць вандроўнік тое, што падказваў Бог, — і ўчуў аднойчы голас дзеда:

«Прыязджай…» Я далёка быў і ехаў доўга, да таго ж мно­ га гадоў мы не бачыліся, а дзед спаткаў мяне ў падвор­ ку так, нібы я на хвіліну да суседзяў збегаў. Кіўнуў на дрывотню:

— Набяры бярэмя і паднясі ў лазню.

— Гэта калі было? — нечакана спытаў чмель, і вандроўнік адказаў, што зімой, і ён наскрозь прамерз, пакуль дабраўся.

Чмель сказаў: «Зараз лета…» Болей нічога ён не пытаўся, і вандроўнік, пачакаўшы, стаў казаць далей.

— У лазні я трохі папарыў дзеда, памыў, ён апрануўся ў белае сподняе — і мы селі ў сенцах. Дзед паклаў на лаву скібку сала, акраец хлеба, паставіў гарнец самагонкі, кілішкі… Калі я наліў, ён падняў кілішак і сказаў ціха, звычайна:

— Дзякуй, што прыехаў. Сёння ўночы я памру. Вандроўнік замаўчаў, спалохаўшыся прамоўленага, але ні чмель, ні Бог яго не спынілі. Чмель глядзеў і чакаў…

— Дзед, ты што! Мы сто разоў з табой яшчэ вып’ем! — пачаў я абдымаць і цалаваць дзеда, і ён сядзеў і ківаў: «Добра… добра…»

Ідучы ў хату, дзед прыпыніўся каля драбіны на га­рышча. Сказаў: «Злазь. Там у куце пад самай страхой стаіць куфэрачак, вазьмі яго».

Я злазіў і ўзяў. Зялёны куфэрачак з пацёртым мед­ным замочкам.

У хаце дзед адамкнуў куфэрачак і дастаў тое, што ў ім было. «Евангелле» і «Урок Закона Божага». Сказаў: «Па адной кнізе я вучыўся жыць, па другой жыў. Больш мне няма чаго табе пакінуць».

Куточак роту, з якога выкочвалася сунічная крывінка, торгнуўся ў чмяля, і вандроўнік зрабіў паўзу…

— Дзед хадзіў на вайну? — спытаў чмель.

— Так. Са Святым Пісаннем. Чмель зірнуў недаверліва.

— Не на вашу вайну, — сказаў вандроўнік. — На тую, якая была перад вашай.

Чмель кіўнуў.

— У хаце, апроч мяне і дзеда, дыхала шмат людзей: дзед склікаў усіх сваіх сыноў і дачок з іх дзецьмі, але не сказаў ім нашто. Яны думалі, што на дзень народзінаў, які павінен быў настаць заўтра, — і ўсе спалі на чыстай палавіне, позна ўжо было. Ложак дзеда стаяў на чорнай палавіне — каля печы, саганоў, карыта з паранкай…

Чмель слаба ўсміхнуўся:

— Выпіхвалі старога. Звычайная рэч…

— І ў галаве вісеў абраз, пад якім ён папрасіў мяне, лёг­ шы і склаўшы рукі, запаліць свечку. Я запаліў і падаўся спаць у бакоўку, дзе не мог заснуць, падняўся, каб пайсці ў двор пакурыць, выйшаў на чорную палавіну — і дзед на маіх вачах заплюшчыў вочы, усміхнуўся і памёр. І адразу ж пагасла свечка.

Паўза ўзнікла сама па сабе, і чмель спытаў вандроўніка:

— Табе стала страшна?

— Не, — адказаў вандроўнік. — Мне стала светла. Я не бачыў столькі смерцяў, як вы, але ўсё ж некалькі бачыў, і там было страшна, а тут — светла. Толькі я не ведаў, што мне з гэтым рабіць, і зноў схаваўся ў бакоўку. Там скурчыўся, скруціўся, як у дзяцінстве, падціснуўшы калені, і пачаў маліцца. Стаў маліць дзеда, каб пра тое, што я толькі што ўбачыў, ён мне яшчэ і расказаў. Ці неяк паказаў, давёў, што так яно і ёсць, хоць я разумеў, што нельга… але дзед, дзед, я маліў, я так цябе любіў, ты так мяне любіў, дык скажы, што так ёсць, хоць ад­ туль казаць нельга… але ты святы, табе даруецца, а мне так трэба ведаць…

Чмель сціснуў руку вандроўніка трохі мацней.

— З той малітвай, з тою просьбай, павярнуўшыся на спіну і склаўшы, як дзед, рукі, я раптам адчуў сябе не адным. Узняўся над сабой самім і ўбачыў сябе самога ў бакоўцы, дзе ляжаў на тапчане, склаўшы рукі — выраз­ на сябе ўбачыў, усяго да драбніц, хоць там, дзе я ляжаў, было цёмна, і той я, якога я сябе ўбачыў, мне не глянуўся, не спадабаўся, і я з радасцю, з пранізлівым шчасцем адчуў сябе другім, зусім іншым, лёгкім, бязважкім — і там, дзе я быў такім, было светла, так светла, як скрозь і ўва мне адно святло. Шчаслівым святлом у тым святле я выплыў з бакоўкі, праплыў па чыстай палавіне над сва­ ёй маці, якая спала і ўсміхалася ў сне, над сваім бацькам, над усімі роднымі, блізкімі, крэўнымі мне людзьмі, пра якіх думаў, як страшна будзе іх пакідаць, як яшчэ страш­ ней будзе, калі нехта з іх мяне пакіне, а тут адчуў, што не, зусім не страшна, і яшчэ адчуў, што хачу пакінуць іх як найхутчэй, зараз — і мяне неадольна пацягнула ў ад­ чыненую фортку, бо ў хаце было душна і трэба было ды­ хаць, а за форткай было так высака і прасторна і дыхаць не трэба было, бо ты сам, як дыханне, так, як дзіцячае дыханне, і калі я рвануўся ў фортку, пераўтвараючыся ў дыханне і набіраючы і набіраючы святла, убачыў за форткай дзеда, які таксама — адно дыханне і святло, і дзед прадыхнуў: «Тут не цёмна, ты не бойся…» «Дзед!» — кінуўся я да яго, каб маліць, каб заклінаць, каб ён узяў мяне з сабой — і знайшоўся ў самім сабе ў бакоўцы, дзе ляжаў, склаўшы рукі, на тапчане. Усё скончылася, але ў цела сваё, якое яшчэ трэба было даношваць, я вярнуўся іншым. Ненашмат, не гэткім, як святло і дыханне, але і не такім, якім сябе пакідаў… Я дзеда так любіў, ён так мяне любіў, што прыадкрыў таямніцу: смерці няма. Няма смерці.

Чмель адпусціў руку вандроўніка, усміхнуўся і ска­ заў:

— Дзякуй. А то там святар сядзіць і сядзіць…

— Але гэтага мне мала было, — доўжыў вандроўнік. — Толькі аднаму гэта ведаць было мала, хацелася, каб і маці ведала, і бацька, і ўсе, каго я любіў… І я ўсіх пабудзіў, сказаў, што дзед памёр, і стаў глядзець, што яны стануць рабіць, і калі яны кінуліся ў слёзы і крык, загаласілі: а на каго ж ты нас пакінуў? — я ўзмаліў: дзед, падай ім знак, што яны не пра тое плачуць, крычаць і галосяць! — і дзед сарваў са сцяны зашклёны абраз, пад якім памёр, узняў яго і гваздануў аб падлогу, шкло ў галашэнне і слё­ зы пырскамі разляцелася: «Сціхніце! Смерці няма!..»

— Абраз гваздануў?.. — напружана ўгледзеўся ў вочы вандроўніка чмель.

— Абраз.

— Пад якім памёр?..

— Пад якім памёр.

— Нахіліся да мяне… — паспрабаваў прыпадняцца чмель і, калі вандроўнік нахіліўся, вышаптаў яму на вуха. — Зрабі так, каб як найцішэй было, калі стану ды­ ханнем. Пастараешся?..

— Пастараюся, але так не будзе, — адказаў вандроўнік. — Вы самі ведаеце…

Чмель сказаў:

— На жаль…

Вандроўнік папрасіўся:

— Я пайду?..

— Ідзі… І вяртайся дахаты, — пацалаваў яго чмель. — Доўгім ці кароткім шляхам, але вяртайся.

— Я вярнуся, — сказаў вандроўнік. — Доўгім ці кароткім… — І не дагаварыў, пра нешта падумаўшы.

Бог сказаў: «Кароткага шляху не бывае».

Чмель пачуў. Памаўчаў і кіўнуў, лежачы: «Гэта так». Вандроўнік рушыў да дзвярэй, у якіх чмель спыніў яго.

— Чакай. Апошняе… Скажы ім, што хачу памерці ў сваім ложку.

— А самі вы…

— Казаў. Не чуюць… Баяцца, што памру. Вандроўнік кіўнуў і выйшаў.

— Ну што?.. — кінуўся на калідоры да вандроўніка святар, і вандроўнік зманіў:

— Не разумее.

— Ён хоча памерці ў сваім ложку, — сказаў вандроўнік доктару, і той адказаў:

— Ведаю.

— Тады чаму не?..

— Бо ён штучна жыве. І калі я адключу яго ад штуч­ нага жыцця, памрэ ці імгненна, ці па дарозе ў машыне. Што мне рабіць?..

Вандроўнік павагаўся і сказаў:

— Адключы. Ён не памрэ па дарозе. Доктар бяссільна развёў рукамі:

— Я доктар. І чужы, як і ты. Няхай ягоныя скажуць…

— А што яны?..

— Не чуюць. Баяцца, што памрэ.

Вяртаючыся дахаты, вандроўнік у каторы раз нама­ гаўся ўцяміць: хто такі чмель і што такое Бог?.. Калі Бог, — думаў вандроўнік, — у якога чмель не верыць, усё адно ў чмялі, значыць, Бог ва ўсіх. Як душа, якая і ёсць чмель, і ёсць Бог. Які адначасова і паўсюдна ва ўсім гэткім бясконцым, што немагчыма ўявіць, Сусве­ це… Дзе штоімгненна запальваюцца і пагасаюць у нечым лятучым, што ляціць і ўніз, і ўверх і адразу ва ўсе бакі, мільярды мільярдаў зорак, і маленькая лятучая душа роўная ўсяму бясконцаму лятучаму Сусвету, у якім ад бясконцасці да бясконцасці — усё адно ў адным, і ўсё гэта разам і ёсць Бог…

Мудрасці, каб падумаць інакш, не хапіла. Вандроўнік зразумеў, што ў тым, пра што падумаў, няма мудрасці.

«Тады дзе яна і ў чым?…»

Выходзіла, што, калі не ў ім, у вандроўніку, тады ў вандроўным Богу.

Тут узнікала праблема…

Богу было не да авадня — і авадзень не памёр. У ім замянілі ўсё аваднёвае на новае, і ён далей застаўся жыць і баяцца памерці…

Чмель памёр у шпіталі ў той дзень, у які некалі па­ чалася вайна, на якой пражыў ён жыццё. Святара ён так і не паклікаў, але Бог, які быў у чмялі, пахаванне ягонае наладзіў, як свята… Было бясконца ціха — свят­ ло і дыханне, і ў святле і дыханні луналі белыя сцягі з чырвонымі слядамі крывінак.

І нікога на машынах, каб пыл не ўздымалі… Вандроўнік ішоў за труной і ўспамінаў, як маліў чмяля, калі той памёр, каб падаў які­небудзь знак, што ўсё тое, пра што яны апошнім разам гаварылі, так і ёсць, і як чмель падаў знак: калі ўсчаўся гвалт і крык, падняў свой зашклёны партрэт, бо абраза не было, і гваздануў яго аб падлогу, шкло пырскамі ў крык і гвалт разля­ целася: «Сціхніце!..» І яшчэ згадаў вандроўнік, як пад клавіятурай друкарскай машынкі, якая дасталася яму ад чмяля, знайшоў прыклееную паперынку, на якой чмя­ лём было напісана:

«Ёсць першая старонка… З Богам!»

Ліпень 2003,Менск.

АДЛЮДАК

— Людзі любяць тых, хто любіць іх, — ідучы да дзвярэй, сказала Антаніна. Яна кожнага разу нейкай адной фразай рабіла выснову з іх нядзельных гаворак. У астатнія дні, апроч нядзелі, гаварыць Нічыпару не было з кім, таму ён спытаўся ў спіну Антаніне:

— А Бог?

— Бог таксама, чым ён лепшы за людзей?.. — штурх­ нула Антаніна набрынялыя за зіму дзверы і, ужо зачы­ няючы іх, нібы сама сабе дагаварыла: — Ці горшы…

З гэтага вынікала, што любіць Нічыпара няма каму, бо сам ён не любіў ні людзей, ні Бога.

А за што іх любіць, людзей?.. Тая ж Антаніна, калі ён на вядро ўраніцы схадзіў і перакуліў яго, злазячы, раззлавана пракінула: «Хутчэй бы ты памёр!..» Пасля, падлогу падмы­ ваючы, хітраваць пачала: «Не таму, што мне твая хата па­ трэбная, а каб не мучыўся: усё адно ты з сябе анічога до­ брага ўжо не вымучаеш. Толькі тое, што ў вядро».

Яна і ў царкву ці не для таго пайшла, каб папу ска­ заць, што Нічыпару хутка капцы. Скуль яна ведае: хут­ ка, ці не? Вяшчуння знайшлася…

Нешта рана яна сёння ў свой горад з’ехала… Толькі з царквы вярнулася — зазбіралася: сэрца ёй прыціснула, да доктара трэба. Якія ў нядзелю, хоць і ў горадзе, дак­ тары? Пабыла ў царкве, памалілася — сядай ды памірай, квахтуха…

Сэрца ёй прыціснула… Нічыпару вунь трэці дзень цісне — і што?.. Нічога. Яно цісне, ён трывае…

Калі б не напляла папу, што Нічыпар канае, той бы не прыпёрся: «Вялікдзень бліжэе, лепш да Вялікадня па­ спавядацца…» Думае, што Нічыпар скажа яму на спо­ ведзі, дзе золата схаваў. А як адчуў, што ўсяго яго ба­ чаць Нічыпар як голага, дык няёмка стала, дыму пачаў напускаць: «Вам Антаніна сёння нічога не казала?..»

Што магла сёння сказаць Антаніна?.. Тое ж, што й тыдзень таму. Глупства якое­небудзь бабскае. Ці што­ небудзь, ад некага пачутае.

— Сказала, што людзі любяць тых, хто любіць іх.

— І ўсё?

— Яшчэ сказала, што Бог любіць таго, хто любіць яго.

— Бог усіх любіць, — вялавата запярэчыў поп, і вы­ глядала на тое, што ён незадаволены Антанінай не таму, што не так, як мае быць, боскую любоў яна разумее, а па нейкай іншай прычыне.

Цікавы поп, таксама нікога не любіць. Робіць вы­ гляд, што Бога. Маладым, нешта скраўшы, адсядзеў два гады, да гэтай пары наколкі пад хламідай хавае. Пасля турмы прыдумаў, як жыць, каб не цягаць і не сесці, а самі прыносілі. Бацькоў меў з каталікоў, дык спачатку ў ксяндзы падаўся, а ў ксяндзоў, аказалася, цэлібат. Ён тады гоп — і поп. У праваслаўе перакінуўся, у адзіную святую веру. Матухну завёў… Нетутэйшую, з Гародні прывёз. Дзевак топча… Але таксама не тутэйшых, ас­ церагаецца: то ў Менск, то ў тую ж Гародню адскоквае. Кот марцовы.

Перад папом, гад зіны праз д зве пасля таго, як Антаніна ў горад падалася, Казімір прыцягнуўся. Спытаў, ці не прыходзіў Зэнусь? Дазнаўшыся, што не, павярнуўся на парозе: «Справы ў мяне…»

Якія ў яго справы? На печы тараканаў таўчы? Ён на чатыры гады старэйшы за Нічыпара. Але ж во цягаецца… Нічыпар ляжыць, а ён цягаецца, морда сельсавецкая!

Чаго Казіміру пра Зэнуся пытацца? І па што Зэнусю сюды на мыліцах кульгаць? Ні ён Нічыпару, ні яму Нічыпар не ў радасць. З часу, як Нічыпар злёг, ні разу не бачыліся — дык чаго раптам? Ці таксама закарцела пра золата дазнацца?..

Чмур.

Дурнота — яна, як туман: калі ўсклубіцца, дык над усімі.

Непрыязнь адчуваў Нічыпар да Зэнуся. Хоць абод­ ва лагернікі, абодва сядзелі, абодва ні за што… І нічога ж не зрабіў яму Зэнусь кепскага. Пеўня драўлянага на вільчык, з лагера вярнуўшыся, вырабіў. А вось непры­ язнь… Нават варажнеча, як і да Казіміра.

Чаму, га?.. Нібыта не павінна быць, а вось ёсць…

А Казімір як у хату зайшоў!.. Ні будзь здароў — ні каб поп над табой зароў. Нібы ўчора сустракаліся… За ўсю зіму ніхто і на падворак не зазірнуў, а тут — у хату адзін за адным.

Эх, шкада хаты, найлепшая ў вёсцы! З падворку — азерца з прысадамі, за адрынай — лес. Некалі на гэтым месцы панскі маёнтак стаяў, пан спаліў яго, уцякаючы, каб бальшавікам не дастаўся. І месца пракляў… Не дур­ ны быў, разумеў, што не вернецца.

Раптам падумалася: «Дык і я ж не вярнуся…»

Пасля вайны, калі калгас пачаўся, на падмурку ма­ ёнтка ўздумалі праўленне калгаснае збудаваць — не дабудавалі. Пад дах падвялі і нават пеўня драўлянага, Зэнусем вырабленага і ў сіні колер пафарбаванага, на вільчыку прыладзілі, каб прыгожа было і каб вецер паказваў, а на драўлянага пеўня вогненны з ветрам наляцеў — і пайшло ўсё полымем. Прычым, у нядзелю, якраз на Вялікдзень — з царквы тушыць кінуліся… З раёну дазнавацца прыехалі, хто падпаліў, а ўсе як адзін жагнаюцца: ніхто, само загарэлася. Месца праклятае…

Зэнуся арыштавалі. Нехта бачыў, як зверху, ад сіняга пеўня запалала. Не ад ветру ж…

Тры вянцы знізу, дзе­нідзе падсмаліўшыся, ацалелі, ды ніхто ўжо не тое, што будавацца там, а нават бёрны тыя браць не хацеў. Тады Нічыпар і папрасіў у сельсавеце: дазвольце мне на пажарышчы хату паставіць. Сельсавецкія пачалі яго, як няўцяму нейкага, адга­ ворваць, а Казімір, старшыня сельсавету, Зэнуся брат стрыечны, у адгаворкі не стаў гуляцца: «Калі хочаш, стаўляй».

Усяго адзін свежы вянец паспеў Нічыпар пакласці на тры падсмаленыя, як па яго прыехалі з раёна. Павезлі з сабой. «Калі ты будуешся, дык табе выгадна было падпаліць — ты і падпаліў».

Ну, не ад ветру ж загарэлася… І не ад пеўня…

У вёску Нічыпар вярнуўся толькі праз год па смерці Сталіна. Восем гадоў, як лёду… Маладых, дужых, самых­ самых… Хоць асаблівай розніцы ў жыцці за гэты час не адчуў: як тут, у калгасе, гарбаціўся, бёрны цягаў, так і там, у лагеры.

Чатыры вянцы зрубу каля азерца хоць і ўчарнелі, але стаялі: ніхто на бёрны з праклятага месца не паквапіўся. Нічыпар скінуў верхні вянец, ад дажджоў і снегу па­ друхнелы, і на тры падсмаленыя, як і восем гадоў таму, стаў класці новыя. Калі вывеў зруб пад дах, прыладзіў на вільчыку пеўня драўлянага, сіняга. Зэнуся папрасіў — той вырабіў.

Зэнусь вярнуўся ў вёску амаль на год пазней за Ні­ чыпара. Якраз у час, каб пеўня вырабіць. На мыліцах даклыпаў: у лагеры, пад самы званок, яму спіну перабілі. Ці не год ляжаў у шпіталі, не ўстаючы, гэтаксама, як ця­ пер Нічыпар. Пасля стаў на мыліцы…

Можа, і Нічыпару яшчэ ўдасца на зямлі пастаяць… Няхай на мыліцах. Ён­то рухаўся, падцягваючыся на руках, па хаце, яды якой на прыпечку ўзяць ці на вядро схадзіць, а ногі цягнуліся ззаду — мёртвыя, не свае…

Калі Нічыпара забралі, дык усе падумалі, дый Нічыпар гэтаксама падумаў, што Зэнуся адпусцяць, але суд над ім, як сам Зэнусь сказаў, не сталі перасуджваць. Шкода, маўляў, вялікая, праўленне калгаснае згарэла — за такое і двое пасядзець могуць.

Чаму Нічыпар яшчэ тады, адразу пасля вайны, калі калгас пачаўся, будавацца ўздумаў? Бо ажаніўся, дзяцей збіраўся займець. Многа, не менш, як пяцёх. Для такой сям’і калі ўжо хата, дык хата, а не слепавушка на два вак­ ны, з якой ён Дануту ўзяў. Маладая жонка, баба гожая і ва ўсім спраўная, адразу зацяжарыла, так што можна было і пяцёх чакаць, а ён нават першынца не пабачыў. Дый не толькі ён, ніхто ў вёсцы. Праз месяц, як яго па­ садзілі, прыехаў нехта ўночы на палутарцы, не міліцыянт, цывільны, пакідаў у кузаў Дануціны клункі, яе ў кабіну — і звёз. Ніхто не ведаў: куды? Але ўсе здагадваліся: у вы­ сылку, як жонку ворага. У невараць.

Калі Нічыпар вярнуўся, Антаніна, яна тады ў Гародні на бухгалтарку вучылася, сказала яму, што той мужык у цывільным, які Дануту звёз, нібыта швагер Зэнусяў, яко­ га ў вёсцы ні да таго, ні пазней і не бачыў ніхто, бо ён сакрэтны нейкі, а яна ў Гародні яго пад руку з сястрой Зэнуся спаткала, ужо не ў цывільным, і нібы пазнала яго, бо ў тую ноч, калі ён прыязджаў, не спала, у яблыкі хадзіла, ноч месячная была, і быццам бы сястра Зэнусява ў Гародні прайшла пад руку з тым мужыком сакрэтным міма Антаніны, зрабіўшы выгляд, нібыта не заўважыла яе, — але ўсё гэта нібы, быццам бы, нібыта…

Зося, сястра Зэнуся, была сястрой яму толькі па маці, якая ў Гародню на кірмаш ездзіла, дзе Зосю нагуляла, а калі памерла, Зосі гадоў сем было, дык той, з кім нагу­ ляла, прызнаў Зосю за дачку, забраў яе, і ў вёсцы пасля таго Зося амаль і не бывала, так што як яна Антаніну, так і Антаніна яе, спаткаўшы, наўрад ці магла б паз­ наць… А тым больш пазнаць мужыка, якога некалі, калі яшчэ малой была, здалёк бачыла пры месячным святле, седзячы на яблыні.

Нічыпар ліст напісаў у Гародню, у пракуратуру, папрасіў паведаміць пра лёс жонкі і, калі яно нарадзілася, дзіцяці. З пракуратуры адказалі, што грамадзянка Янчэўская Дану­ та Браніслаўна, жыхарка вёскі Крыўе, ніколі не судзілася і нікуды не высылалася. Але якая вера той пракуратуры, калі людзей без ніякага суда высылалі?..

Хата па ўсім падмурку былога панскага маёнтка для аднаго была завялікая — Нічыпар адгарадзіў палову з боку лесу пад гаспадарства: складзікі, клець, майст­ роўня… Стаў склеп на той палове капаць, пад самы пад­ мурак гэкнуў ломам — жалеза ў жалеза! Трохі зямлю раз­ гроб і сцяўся: снарад! Яму б, абэлтуху, яшчэ пагрэбацца, разгледзецца, што там за снарад такі, можа, з’іржавеў і дух з яго выйшаў, а ён з перапуду ў сельсавет кінуўся, каб у раён званілі, сапёраў клікалі. Ды яшчэ шчаслівіўся, што жывы застаўся…

Казімір, старшыня сельсавецкі, — ён, мусіць, і па смерці ў старшынях хадзіць будзе, — сапёраў не стаў клікаць, сам у войску сапёрам быў. Шчэпку ўзяў, звер­ ху жалеза пачысціў, а там і не снарад ніякі, проста гільза, гнілым суком закаркаваная. Сук сам, як толькі Казімір гільзу падняў, вываліўся — і за ім сыпанулася золата: манеты, бранзалеткі, ланцужкі, пярсцёнкі…

Каб жа прыйшло ў галаву Нічыпару, што гэта ці ад лёсу, ці ад Бога — узнагарода яму за ўсе згубы ягоныя, за ўсе мукі. Пабег бы ён тады ў сельсавет, клікаў бы Казіміра, ага! Ён бы валасы з галавы павыдзіраў і зямлю з той гільзы імі пазмятаў… Але нічога такога, калі гэкнула жалеза ў жалеза, і блізка не падумалася. Не прыйшло.

З некім іншым, ды хоць з кім з вясковых, можна было б дамовіцца і падзяліць золата, каб не здаваць, але не з Казімірам, які тыкаў ломам ва ўсе куты, дапытваючы:

«І ты хочаш сказаць, што знайшоў толькі адну гільзу, больш нічога?..» Ад яго і пайшло па вёсцы: маўляў, не ўсё, што знайшоў, здаў Нічыпар дзяржаве. Адну гільзу паказаў наўмысна, каб сплацілі яму законную чвэрць і пасля не чапляліся, скуль у яго грошы? — а яшчэ адну, ці нават дзве, схаваў. Праз гэта і прыпёрся поп да споведзі Нічыпара змушаць… І не дурны ж чалавек, не кантужа­ ны сельсаветам, як Казімір, а во як жадоба слепіць.

— Я прасіў Антаніну, каб сказала вам… Што яму тая Антаніна далася?

— Дык яна й сказала…

— Што?

— Бадай бы ты, сказала, здох хутчэй, мне б хата дасталася…

Поп рукі ўзняў:

— Госпадзі…

Нічыпару нават па законе належную чвэрць ад кошту скарбу не сплацілі. Пастанавілі, што паколькі само золата старшыня сельсавету знайшоў, а Нічыпар толькі гільзу, дык ад гільзы, калі хоча, можа чвэрць адпілаваць. Сход калгасны сабралі, на якім Казімір урачыста адмовіўся ад свайго на карысць дзяржавы, якой золата патрэбнае, каб Амерыку дагнаць і перагнаць. І ўсе вясковыя сядзелі, у далоні пляскалі. Радыя, што нічога нікому не дасталося, апроч граматы Казіміру «За перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве». Пры чым тут перамога ў сацыялістычным спаборніцтве?..

І такіх людзей любіць?.. За што? Няхай сабе ўсе на­зываюць яго адлюдкам, але і ўсе — не людзі.

Нічыпар не нарадзіўся ў нелюбові, яна нарадзілася ў ім — і ён ведаў, калі. Не тады нават, калі ён сям’ю завёў і жытло ладзіць пачаў, а ў яго і сям’ю, і жытло адабралі, ні за што пасадзілі, — раней. Раней, ад маленства ён хацеў жыць калі не лепш, дык не горш за ўсіх, і ў такім нату­ ральным для чалавека жаданні адчуў, як астатнія ўсе гэ­ тага лепшага, чым у іншых, жыцця ягонага не хочуць, хоць нічога ён ад іншых жыццяў не адшчыкваў, нікому лепей за яго жыць не замінаў: браў усё на пуп, цягнуў на ўласным гарбе, на чужым не едучы. Вунь дом які адзін падняў — хай бы хто паспрабаваў!.. Ды аказалася, што, калі ты ўсё сам, нічога і нікому не вінен, дык ты вінен усім — і якраз за тое, што ўсё сам. Бо не калгасам і не ка­ галам жывеш з усімі, як усе, бо хата твая не сярод хлявоў, а на ўскрайку, каля возера з прысадамі, — адлюдак.

А хто з кім жыве?.. Ніхто ні з кім.

— Чалавек з Богам жыве, а калі з Богам, то з усімі, бо Бог, які ў кожным, усіх яднае, — запярэчыў Нічыпару поп, на што Нічыпар спытаў:

— Калі ў вас ёсць Бог, дык нашто вам, бацюшка, золата? На неба ж не возьмеш.

Поп заёрзаў на крэсле, выгляд зрабіў, што здзівіўся:

— Якое золата?

От і выдаўся!.. Калі б не пра золата дазнацца пры­ йшоў, дык не пытаўся б: якое?.. Няма нічога такога, ня­ хай самага неверагоднага, у што б чалавек не паверыў, калі з’яўляецца хоць прывідны шанец тое неверагод­ нае хапнуць. Калі нават яно гэткае ж неверагоднае, як Нічыпарава золата.

Вунь Нічыпар паабяцаў Антаніне, што, калі яна хоць з большага яго, нерухомца, дагледзіць, ён хату ёй пакіне. Неверагодна, а яна паверыла. Ён, можа, і пакіне, бо няма болей каму пакідаць, а з сабой не возьмеш, ды хіба мож­ на ў такое верыць? Нельга. Але абяцанкі­цацанкі — не адно дурню радасць. Гэта такія цацкі, якія і разумнікі не выкідваюць. І дзецьмі з імі гуляюцца, і старымі — да скону.

Антаніна ўжо з паўгода як паабяцала кітайца ней­ кага з іголкамі прывезці — і не вязе. А Нічыпар, зусім не дурань стары, чакае. Час ад часу пытаецца: дзе той кітаец? Той жа кітаец то ў Кітаі, то ў Манголіі, то яшчэ недзе, а да Крыўя ніяк не даедзе. Ды не таму, што так ужо ўсім ён здаўся, цэлы свет без яго абысціся не можа, а таму, што без патрэбы Антаніне на ногі Нічыпара ставіць. Бо, падняўшыся, ён можа пайсці з усім сваім, і тады Антаніна ні з чым застанецца. А так яна з двума абяцанкамі: і што дагледзіць, і што кітайца прывязе. Хо­ чаш — вер, не хочаш — не. Калі ўдумацца, верыць няма ў што, але як не верыць?

— Пэўна ж, той доктар заняты, Антаніна праўду кажа, хоць дзіўна, што не ўсю… — нахіліўшыся, паправіў па­ душку пад галавой Нічыпара поп, і Нічыпар падумаў: «А што гэта — уся праўда? Хіба толькі смерць… Во сказала табе Антаніна, што канаю, дык ты й паверыў… Ужо нюха­ еш, ці не патыхаю, раптам паспавядацца не паспею…»

— На веры свет трымаецца, — выпрастаўся, крыж на грудзях папраўляючы, поп. — Бязвер’е — гэта безнадзей­ насць, а безнадзейна ні жыць нельга, ні паміраць. Без веры душу не ўратуеш, вы ж верыце ў Бога?

Нічыпар на падушцы, папом папраўленай, кіўнуў: чаму не?.. Хоць не верыў. Верыць можна толькі тым, хто цябе любіць. А ні Антаніна, ні поп, ні Бог Нічыпара не любілі.

Калі б Антаніна любіла, дык даўно ўжо доктара б прывезла.

Калі б поп любіў, не паверыў бы Антаніне, што Нічыпару хутка капцы, і не пра золата ў яго выпытваў бы, а маліўся б за яго Богу.

Калі б Бог любіў, дык без папа, без Антаніны і кітайскага доктара на ногі б Нічыпара паставіў. Сказаў бы: «Ідзі, Нічыпар!»—і Нічыпар пайшоў бы.

Толькі куды? Хто і д зе яго чакае?.. Цэлае жыц­ цё прамінула — і ніхто, і нідзе яго не чакаў. Хіба што некалі — калгас, пасля — турма, і во цяпер — магіла.

Жах.

Ён адчуў жах, і поп адчуў жах ягоны, руку яму сціснуў, нібы шкадуючы: «Нельга, нельга без споведзі, вам чыс­ цей і лягчэй стане…»

Нічыпару рот жахам высушыла, ён ледзьве здолеў вусны сшорхлыя разняць: «Вады падайце…» — і калі адпіў з кубка, падбародак і падушку абліваючы, спытаў знясілена:

— Дзе?..

— Што: дзе?

— Дзе мне чысцей і лягчэй стане? Тут? Там?..

Поп паглядзеў на яго, як здалося Нічыпару, сумна.

— І тут, і там… Там жыццё вечнае, у жыццё вечнае нячыстым не ўвойдзеш.

— Веч­на­е… — заплюшчыў Нічыпар вочы. — Гэта ўсё абяцанкі­цацанкі, цёмна там, толькі сполахі нейкія. А тут… — ён разняў вейкі і ўтаропіўся ў папа. — А тут і праўда ёсць жыццё якое­ніякое. І вы зараз таксама пра яго думаеце, а не пра вечнае.

Поп падняўся, прайшоў да вакна і, адшморгнуўшы фіранку, з хвіліну глядзеў не падворак.

— Я думаю… не ведаю, як вам сказаць… бо гэта якраз не пра вечнае, а пра нашае якое­ніякое… — і поп скончыў нечакана, ад вакна павярнуўшыся. — Зэнусь сёння нараніцы спавядацца прыходзіў.

Ён так гэта сказаў, нібыта Нічыпар павінен быў здзівіцца са слоў ягоных і штосьці такое, здзівіўшыся, спытаць.

Нічыпар і не здзівіўся, і не спытаў нічога. Поп, таксама перамаўчаўшы, зноў прысеў.

— Забаяўся, што душа ў пекла… — Поп паківаўся ўзад­уперад, сціскаючы і расціскаючы рукі на каленях. — Паспавядаўся, а ўсё адно, кажа, страшна… Нічыпар, кажа, сніцца і сніцца… Дык зайдзі, кажу, да Нічыпара, раска­ жы тое самае, тады, можа, паспакайнее…

— Што тое самае?

— Тое, у чым ён на споведзі прызнаўся…

— Дык вы самі скажыце. Калі ён прызнаўся…

— Сам я не магу… Тайна споведзі.

Як для папа, дык паводзіўся поп усё ж дзіўнавата… Нічыпар павярнуў да яго галаву:

— Якога чорта я снюся яму? Поп перажагнаўся.

— Віна за ім…

— А… — вяла адмахнуўся, выпрастаўшы руку з­пад коўдры, Нічыпар. — Я не бацюшка, каб мне спавядацца. Дый калі яно ўсё было…

Цяпер ужо поп перапытаў, наструніўшыся.

— Што было?..

— Забіць ён хацеў мяне некалі… Дык хто каго не хоча?.. Каб не страх перад тым, што за гэта будзе, усе б адзін аднаго пазабівалі. І не праз баб, а проста так. А тут праз бабу…

— Праз Дануту?

— Праз яе… — заблукала на твары Нічыпара і прапала ў куточках роту нешта накшталт усмешкі, нібы пра тое, як ледзь не забіў яго Зэнусь, успомніць яму было пры­ емна. — Паляваць разам пайшлі, ён стрэліў, але толькі параніў. Во сюды, ззаду… — паказаў Нічыпар правае пля­ чо. — Данута яшчэ выбірала паміж намі, а як дазналася, што ён цэліў мне ў спіну, так і пайшла за мяне. Тады ён сам давай вешацца, з пятлі дасталі… Во жарсці!.. — рап­ там прыўзняўся на локці і выдыхнуў Нічыпар, зірнуўшы на папа няўцямна, так, быццам сам не верыў, што некалі ў ягоным жыцці магло быць такое. — І апусціўся на па­ душку. — Вы хіба не ведалі?..

Струна ў папу аслабла: ён ці то разгубіўся, ці ўсхваляваўся.

— Не ведаў… Не казаў ён на споведзі… А гэта ж грэх не меншы, самагубства… смяротны грэх…

— Усе мы ў грахах, — паспрабаваў супакоіць яго Нічыпар. — У адных грахах і болей ні ў чым. Бог да­ руе.

Поп не супакоіўся.

— Бог даруе нам, калі даруем мы… Даруе, калі пакаемся… І ён пакаяцца перад вамі хоча, але…

— Хто? — не стрымаўся Нічыпар. — Бог? Перада мной? То няхай пакаецца, яму ёсць у чым!

Папа сцяла. Ён нават у вакно зірнуў: ці не блісне з нябёсаў?..

Абліччам сваім поп трохі Вазянкова нагадваў, вучонага з Масквы, які, пакуль яго не пасадзілі, якраз бліскавіцы вывучаў — і Нічыпару ўспомнілася, як бліскавіцай забіла Вазянкова. Дзіўна: чым чалавек займаўся, праз тое яго і не стала. Хіба можа Нічыпара не стаць праз тое, што ён луг касіў ці поле араў?..

Хаця, калі падумаць, можа…

Вярталіся ў лагер з тайгі… Пехам амаль дзесяць кі­ ламетраў, бензін яшчэ на зэкаў паліць!.. Пасля работы ногі падкошваліся. Хто абсядаў, таму прыкладам у спіну! Не ўставаў, дык загадвалі цягнуць, як мёртвага — гала­ ва па камянях…

Ён ішоў у пары з Вазянковым, трымаючыся за пілу. Нічыпар за адну ручку, Вазянкоў за другую. Так, здавала­ ся, лягчэй, адзін аднаму не давалі ўпасці. Цямнела ўжо, і неяк хутка, імгненна навальніца сабралася. Першая ж ма­ ланка шась! — і ў пілу. Як змяя агністая па ёй слізнулала! А ўджаліла толькі Вазянкова, во дзівота… Нібы з ягонага боку джала ў яе было, а з боку Нічыпара — хвост.

Вазянкоў за ручку пілы гэтак учапіўся, што пальцы не расціснуць… Нехта ўспомніў, што ў зямлю закапаць трэба, зямля адцягне. Закапалі, як у магілу, адно што галава зверху… Не міргае, не дыхае. Той, хто зака­ паць параіў, сказаў, што зямля не адразу адцягвае, па­ чакаць трэба. Канвойны сержант плюнуў на галаву Ва­ зянкова: «Ага, б…, я… тут да ночы. І х… чакаць, калі ўжо закапаны…»

Страляць не сталі: калі нават дахадзяга ажыве — з магілы не вылезе. А вылезе, то куды падзенецца?.. Наўкол тайга — і адна ўсяго дарога: лагерная. Нічыпар падышоў да сержанта: «Мядзведзі ж тут…» — той яму ў зубы: «Гэта ты, падла, напарніка кончыў! Так і дакла­ ду!..»

І даклаў бы, бо ўз’еты быў на Нічыпара. «Такія ж падлюкі, як ты, і ў нас сельсавет спалілі, старшыню ў ім зачыніўшы! А ведаеш, хто быў старшынём? Мой баць­ ка! Дык я вас…»

Прыйшлі ў лагер, а там жонка Вазянкова… Недзе праўды дабілася, амністыя яму… У Навасібірску, у інс­ тытуце нейкім чакаюць… Тут ужо сержант пабаяўся га­ радзіць абы­што, даклаўся, як было. Пабеглі назад — у Вазянкова галава адгрызеная. Звер першы паспеў… Так і не дазналіся, адцягнула зямля, ці не…

Калі спаць паклаліся, Нічыпару сон прысніўся, які сніцца ўжо колькі гадоў… Як толькі навальніца з малан­ кай — так той самы сон: сіні бляск ва ўсе нябесы, без­ галовы Вазянкоў крычыць аднекуль з­пад зямлі: «Гэта ты мне галаву адгрыз!..» — і тут жа сержант Нічыпару ў зубы: «Так, падла, і дакладу…»

Чаму сняцца на пару вернік і бязбожнік?.. Сержант толькі адну малітву ведаў: тваю­бога­маць! — а Вазянкоў у Бога верыў, маліўся ўпотай. Адыйдзе пад дрэва нібы па­ маленькаму, а сам моліцца. Чаму ж тады Бог кінуў маланку джалам да яго?.. Ды яшчэ звера наслаў галаву адгрызці яму… І ўсё ў той дзень, калі ён, можна сказаць, мог нанава жыць пачаць.

А Нічыпара, выходзіла, Бог у той дзень зратаваў. Пры­ чым, двойчы: ад маланкі і ад сержанта. Але хто ж паслаў яго ў той лагер, у тую тайгу, дзе маланка і сержант? І дзеля чаго?.. Каб ад маланкі і сержанта зратаваць?.. Так што няхай пакаецца, не лішне будзе…

— Госпадзі, даруй, бо не ведаем, што творым, і не разу­ меем, што кажам… — перажагнаўся і перажагнаў Нічыпара поп, працягнуўшы без аніякага пераходу. — Яны на пад­ ворку стаяць. — І зірнуў на Нічыпара, чакаючы…

Нічыпар не спытаў, хто там на падворку стаіць, і поп падняўся:

— Дык я паклічу?..

Паўпіраўшыся локцямі, Нічыпар прысеў.

— Чакайце… Чаго яны прыпёрліся?

— Я ж казаў…

— Што казалі?

— Што Зэнусь пакаяцца хоча… Дый Казімір… Ён хоць і кажа, што людзі — звяры, а ў звяроў няма грахоў, ды баіцца, што людзі абгавораць…

— Яго ўсё жыццё абгаворваюць.

— Але ж не за такое… Ён і Зэнуся да вас не пускаў, па­ куль не спалохаўся, што той па вёсцы ўсё разнясе. А так яно між вамі і Богам застанецца.

Ухапіўшыся за ўвагнаную над спінкай ложка скабу, Нічыпар падцягнуўся вышэй.

— Не трэба мне нічога ні ад іх, ні ад Бога… — І спытаў: — А што Антаніна?

Поп наморшчыў лоб, Антанінай ён быў яўна неза­даволены.

— Што Антаніна?..

— Таксама спавядалася?

— Не.

— Напляткарыла, што канаю?..

— Ды не…

— А што тады?..

— Я папрасіў яе сказаць, што Зэнусь зойдзе, што размо­ ва ў яго… Каб вы ведалі, каб не знячэўку… Яна паабяцала, а сама забегла і да Зэнуся, і да Казіміра, перадала ад вас, каб не прыходзілі. А Зэнусь зусім слабы, можа не сёння, дык заўтра… — Поп ступіў да дзвярэй. — Клікаць?

Нічыпару не хацелася бачыць нікога, а Зэнуся — менш за ўсіх. Як і Казіміра… Калі той сёння ўзнік на парозе, Нічыпар толькі здзівіўся, што ён яшчэ жывы. І ўсё.

Нікому ж не наказваў Нічыпар на парог не ступаць. Прыцягнуўся ж Казімір, хоць яго не клікалі. Дык што раптам за цырымоніі — папа паперадзе пасылаць?

— Бацюшка, а вы за што сядзелі? Поп прыстыў каля парогу.

— Што значыць: за што?

— Ну, за нешта ж вас пасадзілі былі…

— Ніхто мяне ні за што не садзіў. Скуль вы ўзялі?

— Людзі кажуць…

— Ці мала што кажуць… Вунь пра вас таксама…

— І вы не з каталікоў?

У папа барада кіўнулася — гэтак твар выцягнуўся. Ён адышоў ад дзвярэй, стаў пасярэдзіне хаты.

— Так­так… І што яшчэ?

— Наколкі на вас ёсць?

— Якія наколкі?

— Розныя. Якія зэкі робяць.

— Дык я ж не сядзеў.

— Тады пакажыце.

— Што паказаць?

— Што няма наколкаў.

— Распрануцца, ці што?

— Да пояса.

Поп, трохі падумаўшы і ўважліва паглядзеўшы на Нічыпара, зняў і паклаў на крэсла крыж, расу, сцягнуў чорны свэтар, потым белую кашулю…

— Крутніцеся, — папрасіў Нічыпар.

Поп крутнуўся… І на плячах, і на грудзях, і са спіны быў ён для мужыка ягоных гадоў вялаваты, падабвіслы, але ўвесь, як і кашуля ягоная, белы, чысты.

Нічыпар паспрабаваў успомніць, хто ж казаў яму пра наколкі?.. Пра тое, што поп сядзеў, што быў ксяндзом… Ці не Казімір? Альбо Зэнусь?.. Але не ўспамінаўся нех­ та адзін, неяк так выходзіла, быццам казалі ўсе…

Усе пра аднаго казалі адно і тое ж… Чаго няма. Вось і вер людзям.

— І вам не сорамна? — азябла пацепнуўся поп, бо ў хаце, як заўсёды, не было горача. Антаніна амаль не паліла, гуг­ нела: «Сярод тыдня памрэш, дык не згніеш, пакуль пры­ еду». — Хіба можна гэтак з людзьмі абыходзіцца?

Нічыпар зусім не засаромеўся праз тое, што гэтак абыйшоўся з папом, і ўсё ж сказаў для прыліку:

— Выбачайце… Я не думаў, што…

Ён хацеў сказаць: не думаў, што вы распранецеся, — бо насамрэч не чакаў такога, але поп, апранаючыся, перапыніў яго:

— Вы думалі, што я бруднейшы за вас. Многія пра іншых гэтак думаюць. Нібы праз тое самі чысцей­ шыя.

Колькі гонару набраў адразу! Ну, памыліўся Нічы­ пар… А мог жа і не памыліцца, маглі плёткі быць не плёткамі… Вось калі б поп у наколках быў, дык цікава: распрануўся б?..

Наўрад ці…

— Не трэба іх клікаць, — паспрабаваў спыніць Нічыпар папа, які, ні на што ўжо не пытаючыся ў гаспадара даз­ волу, пастукаў у вакно і махнуў рукою ў падворак, каб заходзілі.

— Чаму не клікаць?..

Мокра прарыпелі, расчыняючыся, дзверы ў сенях.

— Гэта яны казалі, што вы сядзелі, што ксяндзом былі. Дык нашто вам…

— Заходзьце! — крыкнуў у сені, ці не пачуўшы, ці не захацеўшы пачуць Нічыпара, поп.

— Дык нашто вам д зеля іх старацца, грахі адпу­ скаць?.. — дагаварыў Нічыпар, але на гэта поп нічога яму не адказаў, бо адчыніліся дзверы з сяней у хату, і на па­ розе ўзнік, як і ўраніцы, Казімір, дапамагаючы перацяг­ нуцца цераз парог Зэнусю на мыліцах. Абодва, не рас­ пранаючыся, пракульгалі да печы і селі на лаву.

Зэнусь быў сівы, як лунь.

Казімір закашляўся — і кашляў, страсаючыся ўсім целам, доўга… Яго апошнімі гадамі моцна мучыла дыхавіца, і Нічыпара зноў здзівіла, што ён яшчэ жывы.

Поп сеў на сваё крэсла — пасярэднік паміж людзьмі і Богам…

— Халера на яе… — адкашляўшыся, сказаў Казімір. — Здароў, Нічыпар…

Нічыпар кіўнуў, лежачы:

— Бачыліся…

— Як ты?

— Не кашляю…

— А я во керхаю, халера на яе… Дактары кажуць: трэба ў шахты саляныя ехаць… Ды куды ўжо паедзеш…

Зэнусь паставіў мыліцы да печы і сядзеў, упершы­ ся рукамі ў лаву, позіркам — у падлогу, не гледзячы на Нічыпара.

— Вы б, можа, распрануліся… — прапанаваў поп. — Яно не горача, але ўсё ж… — І спытаў, убачыўшы, што яны не збіраюцца распранацца. — Дык што?..

— От жа, халера… — зноў зазбіраўся закашляцца Казімір, але не закашляўся, бо Зэнусь сказаў, не мяня­ ючы паставы і не адрываючы вачэй ад падлогі:

— Вінаваты я перад табой, Нічыпар…

Сказаў і змоўк, нібы чакаючы, што Нічыпар спытае: у чым?.. Нічыпар не спытаў, і Зэнусь стаў расшпільваць плямістую, падобную на вайковую, куртку:

— Зацёпла ўсё ж…

— А мне дык не… — абхапіў сябе за плечы Казімір, апрануты ў доўгае, скрозь выцертае паліто з шэрага сук­ на, якое насіў ці ні ад вайны. Да дзірак яно не знасілася толькі таму, што апранаў яго Казімір разы чатыры ў год, на вялікія святы, альбо тады, калі падзея здаралася ней­ кая выключная. Паколькі свята вялікага не было, зна­ чыць, выключнай падзеяй ён палічыў сённяшні візіт да Нічыпара, хоць калі ўраніцы прыходзіў, то быў апрану­ ты, як звычайна, у фуфайку. — Пры маіх лёгкіх яшчэ за­ студзіцца, дык адразу… — і ён дакашляў тое, што заста­ лося ад папярэдняга разу. — От халера…

Праз вузкае вакно насупраць печы раптам успыхнулі жаўтаватыя праменні вечаровага сонца, і ў іх шчыль­ ным, нібы пражэктарным, святле замітусіліся з пылам чырвоныя кропелькі, выкашляныя Казімірам. Поп рэз­ ка пасунуўся ад Казіміра і ягонага кашлю — ледзьве не перакуліўся разам з крэслам. Праз гэта яму стала няём­ ка, ён сказаў Казіміру: «Вы б курыць кінулі, дык лягчэй было б…» — і Казімір сказаў, кіўнуўшы: «Хутка кіну…»

Зэнусь расшпільваў куртку адной рукой, гузік за гузікам, і відаць было, як яму робіцца ўсё болей душ­ на і душна, а пад гузікамі яшчэ замок аказаўся, з якім ён ніяк справіцца не мог, але нарэшце адцягнуў язычок замка ад горла:

— Ху…

— Можаш не казаць нічога, — сказаў Нічыпар. — Мне не трэба.

Казімір адразу ўстаў з лавы, за плячо курткі пацягнуў Зэнуся:

— А я што казаў?.. Пайшлі!..

Зэнусь, вызваляючыся, трохі пасунуўся па лаве і апынуўся якраз у слупе святла, што коса, як кроква на даху, клалася з вакна. Срэбрам заблішчэла сівізна, свят­ ло ўдарыла Зэнусю ў вочы, якія адразу заслязіліся, і ён загаварыў, прыціснуўшыся спінай да печы і невідушча гледзячы ў святло:

— Яно і мне не трэба было, пакуль Данута не пры­ снілася… На першы дзень вялікага паста… пасля яшчэ тры ночы запар. І ўсё з адным: пакайся ды пакайся, павініся ды павініся. Скажы Нічыпару, што сталася з сынам ягоным. Каб гатовы быў з ім спаткацца…

Нічыпар павярнуўся з боку на спіну, каб не глядзець на Зэнуся, слёз ягоных не бачыць, ды ўсё адно бачыў і яго, і слёзы, а тут яшчэ Казімір з папом утаропіліся ў Нічыпара: як табе, маўляў, такое? — таму ён спытаў:

— Якім маім сынам?..

Спытаў ён абы спытацца, бо калі яно ўсё было і ці было наогул, але пытанне ягонае дадало, здалося, сілы Зэнусю, які ўжо далей казаў, не спыняючыся — да са­ мага канца…

— Яно праз выпадак усё выйшла, я наўмысна не думаў… Калі мяне забралі, дык у раён на матацыкле павезлі, і паехалі там якраз паўз дома, дзе Зося, сястра мая жыла — а яна ў вакне. Убачыла мяне і да свайго ка­ ханка кінулася, якога аж з Масквы прыслалі, і ён нібыта і начальнікам ніякім не быў, але над усімі камандаваў. Ён і сказаў следчаму, таксама маскоўскаму, каб замяніў мяне на некага… Таму ўсё адно, каго пасадзіць, але як замяніць? Паказанні нейкія трэба, што не я вінаваты, а нехта. Следчы пытае: хто можа даць паказанні?.. Я і сказаў, што, можа, Казімір, усё ж брат, хоць і стрыеч­ ны… Тады паехалі па Казіміра, ён і напісаў, як старшы­ ня сельсавета, што я не вінаваты. А следчы кажа: гэтага мала. Трэба яшчэ напісаць, хто…

— А што я… — набраўшы духу, хацеў нешта сказаць, перапыняючы Зэнуся, Казімір, але не змог дагаварыць, забіўся ў кашлі.

Зэнусь не стаў чакаць, пакуль ён сціхне.

— Я праз Дануту не любіў цябе, Нічыпар, да нянавісці не любіў, дык і сказаў, што ты падпаліў. А Казімір напісаў… Следчы прыстрашыў: калі не напіша, дык і яго вінаватым можна зрабіць, мала што старшыня…

Казімір сціх нарэшце кашляць, кіўнуў галавой: так і было…

— Мяне выпусцілі, а цябе пасадзілі, — не спыняючы­ ся, доўжыў Зэнусь. — А калі мы выпівалі з Вазянковым, такое прозвішча ў таго маскоўскага было, дык я выпіў і нагаварыў, што кахаю Дануту і яна кахае мяне, і мы хо­ чам быць разам. Ён сказаў, што ў такім разе мне нельга вяртацца ў вёску, бо ўсе ўсё зразумеюць, паехаў і забраў Дануту. Тая нават не ведала, куды ён яе забірае, думала, што ў высылку ці турму… Мяне ўбачыла: крык, плач… Але яна мяне таксама кахала, чуеш?..

— Чую… — абыякава гукнуўся Нічыпар. — Як ты сказаў прозвішча таго маскоўскага?..

— Вазянкоў… Ён усё гэта дзеля таго рабіў, каб Зося з ім была. Ажаніцца з ёй не хацеў, асцерагаўся, мусіць, што заходняя, але вось, каб была… У яго пад Масквой маці жыла, адна ўжо, старая, ён туды нас і выправіў, каб нікому тут на вочы не трапляліся… Там Данута нарадзіла і, як я ні злаваў, назвала сына Нічыпарам, бо твой… Той падрастаў і такім падобным на цябе рабіўся… Я ў спра­ тах Дануціных, у пачаку такім невялічкім, як з­пад папя­ рос, фотакартку тваю знайшоў, вазіла ж з сабой, дык не адрозніць, толькі малы… І гэткая рэўнасць паліць мяне стала, такая рэўнасць, ну вось усё нутро… тут… во тут… — узяўся Зэнусь рукамі за грудзі і, слізгаючы ўслед за со­ нечным святлом, якое сплывала з ягонага твару, радзела і гасла, стаў хіліцца — спінай і галавой па печы — на пра­ вы бок, на мыліцы, да краю лавы, з якой кульнуўся на падлогу ў апошнія праменні вечаровага сонца — Казімір не паспеў яго падхапіць…

Падхапіўся поп, падняў Зэнуся пад пахі, усцягнуў на канапу каля сцяны ад лесу, за якой Нічыпар з Казімірам знайшлі некалі золата… З хвіліну ён мацаў пульс, слухаў, прыпаўшы да грудзей, Зэнусява сэрца, пасля склаў на грудзях ягоныя рукі:

— Усё. Прымі, Госпадзі, душу раба твайго…

— Во халера… — выдыхнуў Казімір. — Нездарма, выходзіць, спяшаўся… Толькі для чаго, га?..

— Каб паспець, — сказаў, жагнаючыся, поп. — Трэба людзей паклікаць, дахаты перанесці…

Казімір цяжка падняўся з лавы, ступіў да канапы:

— Паклікаць­то можна… Але што ў хаце? Адзін ляжаць будзе?.. Ну што ты маўчыш, Нічыпар?

— А што казаць?

— Скажы што­небудзь…

— Лёгка памёр… Няхай сабе тут ляжыць, мне не замінае…

Поп паглядзеў на Нічыпара здзіўлена.

— Можа, сапраўды… Труна будзе, тады ўжо… Толькі абмыць і пераапрануць бы яго, пакуль не скачанеў.

Казімір схіліўся да Зэнуся, без патрэбы паправіў яму рукі на грудзях.

— У што пераапрануць? Усё ягонае на ім…

— Не ў куртцы ж хаваць… Хоць бы кашулю белую…

— Няма ў яго белай кашулі…

— У мяне ёсць, Антаніна купіла… І сарочка, і гарнітур…

У шафе вазьміце, — сказаў Нічыпар, і Казімір спытаў, да шафы пратупаўшы і касцюм з яе дастаючы:

— А ты сам хіба паміраць не збіраешся?..

Дзіўна ўсё ж, што Зэнусь памёр, а Казімір жывы. Ды яшчэ, чаго добрага, Нічыпара перажыве, хоць і старэй­ шы… Нічыпар паспрабаваў зазірнуць Казіміру ў вочы, але ў іх не напісана было: перажыве, ці не?..

Казімір з папом распранулі Зэнуся, з большага абмылі, пачалі апранаць. Поп куляў нябожчыка з боку на бок, а Казімір нацягваў на яго апратку, купленую Антанінай на смерць Нічыпара…

Апрануты, Зэнусь выглядаў прыгожа. Па­гарадскому…

— Яму б і гальштук пасаваў, — сказаў Казімір. Гальштука ў шафе не было, затое была труна на гарышчы, і Нічыпар падняў руку, паказаўшы ў столь:

— У мяне труна на гарышчы…

Зняць труну аднаму папу было не пад сілу, вырашылі зрабіць гэта заўтра…

— Пайду ў сельсавет даведку напішу, што памёр, — зазбіраўся Казімір. — Во лёс: дзіця з жонкай забіць, са­ мому ледзьве не забіцца, а памерці ў хаце бацькі таго дзіцяці, ды яшчэ…

Казімір асекся.

— Дагаворвайце, — сказаў поп. — Вам таксама не лішне павініцца.

— А я тут пры чым? — заўпіраўся Казімір. — Тут я зу­ сім не пры чым. — І адразу ж згадзіўся з папом. — Хоць, мусібыць, праўда ваша: не было б таго — не было б гэ­ тага…

Нібы ўспомніўшы, што ён хворы, Казімір кашлянуў раз­другі, сеў на лаву. Расшпіліў паліто, якое не здымаў нават тады, калі прыбіралі Зэнуся.

— Гэтага ж ніхто не бачыў, як яно было… можа, проста зляцеў з дарогі на тым матацыкле, які купіў… Замачыў, можа, купіўшы, і на падпітку быў… Але, калі са мной выпіваў, дык плакаў, што наўмысна. Крычаў, што не вытрываў, гледзячы на твайго сына, які ён падобны на цябе і як яна яго любіць, звар’яцеў ад гэтай самай рэўнасці, сам звярнуў з дарогі, калі яны ўтраіх на тым матацыкле пад той Масквой ехалі. Сабе спіну зламаў, а яны… — І Казімір падняўся. — Вось так… Каяўся ён. Да­ руй, Нічыпар.

Ніякавата пастаяўшы і не дачакаўшыся адказу, Казімір рушыў да дзвярэй.

— Ну, як сабе хочаш…

— Пачакай, — спыніў яго Нічыпар. — Ты помніш, як мы з табой золата знайшлі?

Казімір прыпыніўся нерашуча:

— Помню…

— І дзе яно?

— Дык здалі…

— Во­во… Усё здалі…

Нічыпар не казаў болей нічога, Казімір узяўся за клямку, тая бразнула жалезам аб жалеза, і Нічыпар спытаў:

— А скажы, Казімір, калі б я…

— Што?

— Калі б я тады прапанаваў падзяліць золата, ты ўзяў бы палову? Толькі шчыра скажы, як на споведзі…

— Дык ты ж не прапанаваў, — не марудзячы, адказаў Казімір і, пазмагаўшыся з намоклымі дзвярыма, адчыніў іх і зачыніў за сабой, нават з папом не развітаўшыся.

Поп стаяў, уважліва ўзіраючыся ў твар Зэнуся.

— Як прасвятлеў… Вось што значыць паспавядаўся… пакаяўся… А нашто вы сказалі, што яны на мяне нага­ ворвалі?

— Хто яны?..

— Зэнусь з Казімірам.

— Дык не толькі яны… Усе… І яны…

Падсунуўшы крэсла бліжэй да Нічыпара, поп сеў.

— Ведаеце, мой бацька і дзед святарамі былі, дзеда саслалі… Пятнаццаць гадоў па лагерах, цудам выжыў. Калі вярнуўся, амаль нічога не распавядаў, толькі адну гісторыю. Іх па Енісеі на баржы да лагеру цягнулі, а ўжо чутка прайшла, што ў вусці Енісею, за Ігаркай, баржы топяць. Разам з тымі, хто на іх… Нехта не верыў: як гэта?.. А хтосьці да смерці рыхтаваўся: маліўся, спавядаўся… І адзін адкрыўся святару ў забойстве. І прызнаўся, што не раскайваецца, не шкадуе, што забіў. Усіх бы, сказаў, пазабіваў, бо лютую меў да ўсіх людзей нянавісць. Так­ сама і да Бога, які іх стварыў… Амаль жа ўсе астатнія казалі, што любяць Бога як і блізкіх сваіх… І вось калі баржа тануць пачала, выпадкова, бо яе ад буксіра адар­ вала і аб скалу прыбярэжную ўдарыла, дык людзі на тую скалу адзін па адным караскаліся. Па блізкіх сваіх. Па спінах, па галовах, адзін аднаго топчачы і скідваючы ў ваду. І святара, дзеда майго скінулі… Ніхто й не падумаў дапамагчы яму зратавацца, апроч аднаго чалавека. Таго, які прызнаўся ў забойстве і нянавісці да людзей. Паспавядаўся…

Поп гэтак жа ўважліва, як толькі што ў твар Зэнуся, угледзеўся ў твар Нічыпара. Нічыпар не адвёў вачэй:

— Вы да чаго гэта?.. Поп падняўся.

— Так, успомніў… Свечкі ў вас ёсць? Трэба было б свечку паставіць.

— За абразом на чыстай палавіне. Калі Антаніна дзве­ры туды не замкнула, яна замыкае…

Дзверы аказаліся незамкнёнымі, Антаніна сёння надта ў горад спяшалася…

— У вас гэтакі дом на пяць пакояў, а вы ўсё на кухні пры печы, — прайшоў на чыстую палавіну поп, падаўшы голас адтуль праз хвіліну: — Дык я і абраз здыму…

— Здымайце…

Пяць пакояў на пяцёх сыноў… Але не лёс…

— За ім яшчэ і паперына нейкая, — вярнуўся поп з абразом і свечкамі, аддаў паперыну Нічыпару, абраз паставіў на столік каля канапы ў галаве Зэнуся. — А свечку ў што?..

— Хіба не ў рукі?..

— У руках загасіць трэба будзе. Вы ўстанеце?..

— Устану. Мне ўсё адно на вядро ўставаць…

— Тады падаслаць бы нешта, каб не капала… — Поп пашнарыў вачыма ў куце, дзе рукамыйнік вісеў і вядро стаяла, шукаючы чысцейшы ручнік.

— У шафе на паліцы чысты… Антаніна купіла…

— Панакупляла… — дастаў поп ручнік, пасцяліў на грудзі Зэнуся, прыпадняўшы і спрытна абгарнуўшы яго­ ныя рукі. — А крыж Антаніна не купіла? Чамусьці няма на ім крыжа…

Нічыпар зняў з шыі алюмініевы крыжык на зашмальцаваным да чарнаты матузку.

— Можа, мой можна?..

— Можна, чаму не… Толькі матузок я адрэжу? Няхораша неяк…

— Адразайце…

Знайшоўшы на прыпечку нож, поп адрэзаў матузок, паклаў крыжык на ручнік, паставіў свечку.

— Вы толькі глядзіце, як дагараць будзе. — Ці ўсё ж патушыць, заўтра запалім?..

— Няхай гарыць. Я ўстану…

— Ну то глядзіце, як будзе дагараць… — паўтарыў поп і, выходзячы, усё ж не стаў развітвацца. — Бадай, я паз­ ней яшчэ зайдуся…

Пазней ён не зайшоўся.

На паперыне, знойдзенай папом за абразом разам са свечкамі, было напісана, што грамадзянін Янчэўскі Нічыпар Рыгоравіч, знаходзячыся ў здаровым розуме і пры цвёрдай памяці, па смерці сваёй пакідае дом і ўсё, што ў ім, грамадзянцы Любцэвіч Антаніне Аляксееўне… Папера была падпісаная Нічыпарам, а ніжэй красавала­ ся пячатка Крыўскага сельсавета з подпісам стыршыні: маўляў, як яно тут напісана, так яно і ёсць. Вось чаму Антаніна, для якой не аднойчы падпісваў Нічыпар чы­ стыя паперы: то ёй трэба заяву за яго напісаць, каб пенсію яму пералічылі, то заяву тую перапісаць, каб грошы яго­ ныя ёй на пошце аддалі, — не хацела, каб прыходзілі Зэ­ нусь з Казімірам, бо раптам Казіміра следам за Зэнусем вінаваціцца пацягне і ён прагаворыцца…

Антаніна таксама была з Крыўя, але бясхатняя: бацька яе, калі аўдавеў, хату прапіў і пад плотам згінуў. А такі ж некалі хвэцкі мужык быў, на гармоніку граў… Дачка ягоная на бухгалтарку ў Гародні вывучылася і вышла замуж за гарадскога… Той гарадскі абдзеціў яе, траіх настругаўшы, і кінуў разам з дзецьмі. Паўпіралася, па­ гарбела баба — дзвюх дзевак і хлопца падняць… Цяпер гады пад пенсію, дык чаго ў горадзе ўпірацца? Вось яна і прыйшла да Нічыпара, калі ён злёг. Давай, сказала, так: табе зараз — мой дагляд, мне пасля — твая хата. І хоць дагляду таго раз на тыдзень, але нібыта дамовіліся. А яна не паверыла на слова, дакумент падрабіла…

Шэльма.

І Казімір шэльма… Раскашляўся тут… Даруй, Нічыпар.. Хто адзін раз напісаў, той і другі раз напіша.

Га, Зэнусь?..

Ды што хата!.. Лёс ты мой забраў, Зэнусь, а мне свой аддаў. Падмяніў… А Казімір распісаўся, што так і было!

І што за гэта Казіміру?.. Нічога. Як нарадзіўся старшынём сельсавету, так старшынём сельсавету і памрэ.

А Зэнусю што?.. Што табе за гэта, Зэнусь? Жонку з сынам страціў?.. Дык сам жа забіў! І не сваіх — маіх!.. І за гэта — нічога? І поп яшчэ казаць будзе, што ў цябе твар прасвятлеў?..

Як жа так?.. Га, Данута?..

Нічыпар паспрабаваў успомніць Дануту: якой яна была, як выглядала — не ўспаміналася. Помнілася толькі, што была, а болей не помнілася нічога. Так хваля ў воз­ еры помніцца, вецер у жыце, аблачынка ў небе…

А вось сын, маленькі Нічыпар, успомніўся… Быц­ цам бяжыць ён, бялявы, па полі ў далягляд, дзе вясёл­ ка вісіць, і ўсё на тым даляглядзе аж да небасхілу такое каляровае, светлае, святочнае, так хочацца туды дабег­ чы, а маці з бацькам — незразумела толькі: гэта маці з бацькам дарослага Нічыпара, які стаў маленькім, ці гэтыя бацькі ўжо ён сам з Данутай — крычаць ад хаты, яшчэ ад той, ад старой, не на праклятым месцы збудаванай:

«Нічыпар, Нічыпар!.. Сынок, сынок!.. Не вясёлка там, маланка!..» — і гэтак доўга яны па чарзе крычаць і крычаць, а Нічыпар бяжыць і бяжыць, хутчэй і хутчэй, бо першым быць хоча пад вясёлкай на даляглядзе, да якой з розных бакоў ужо бягуць і той маленькі Вазянкоў, якому, да­ росламу, звер галаву адгрыз, і той сакрэтны Вазянкоў, у якога старая маці пад Масквой і які, дарослы, каб з Зо­ сяй быць, надумаў Нічыпара замест Зэнуся пасадзіць, і маленькі сержант з лагернага канвою бяжыць, і Данута, і поп, і Антаніна з дзвюма дочкамі і сынам, і бацька яе з гармонікам, і Казімір з торбачкай золата, якое ў яго за­ сталося, хоць ён яго здаў, і Зэнусь, які яшчэ жывы, хоць ужо памёр, яго маланкай забіла, якая з вясёлкі бліснула, як жа гэта… га, Зэнусь?..

Нічыпару здалося, што Зэнусь уздыхнуў, рукі на грудзях пад ручніком зварухнуліся — і аплывак свечкі слізнуў на канапу…

Калі б па смерці Нічыпар застаўся жывы і яго спыталі, чаму ён не падняўся, хоць мог, пагасіць, дык не адказаў бы… Можа быць, падумаў, што аплывак сам загасне, ці, можа быць, так стаміўся жыць, што няхай яно гарыць, а, можа, ужо й паміраў, калі свечка дагарала…

Па Зэнусю з Нічыпарам не надта бедавалі, дый не было каму: анікога яны бедаваць па сабе ў свеце не пакінулі. Толькі Антаніна трохі па сваім паплакала, ды поп пашкадаваў, нават павінаваціўся на імшы, што пайшоў ад Нічыпара, свечку не патушыўшы. Але хай бы і патушыў — Нічыпар мог зноў яе запаліць…

Папа, апроч яго самога, ніхто не вінаціў. Падумаеш, два карчы старыя згарэлі, адзін, да таго ж, мёртвы. Калі б такой бядой жыццё абыходзілася, дык бяды б не было.

Хіба што хаты шкада… Добрая была хата, лепшая ў вёсцы, хоць і на праклятым месцы стаяла.

Красавік-травень 2007, Крэва, Менск.

Аповесці

ВЕЖА

Дваццаць восьмага ліпеня, у аўторак, Ютка Казубоўскі прачнуўся, як заўсёды, рана, памыўся, паснедаў на скорую руку і рушыў будаваць вежу да неба.

На гліністым пагорку ў канцы сотак мелася ў Юткі круглая, глыбокая яма, дзе на зіму буртавалася бульба. На дне гэтай ямы і заклаў Ютка першы камень у пад­ мурак сваёй вежы.

Некаму можа падацца дзіўнаватым, што чалавек у наш час, на скорую руку паснедаўшы, без дай прычыны бярэцца за работу, у якой не было ў людзей аніякай па­ трэбы з пары Вавілона. Некаму, але не жыхарам Карун, дзе яшчэ зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, капаўся калодзеж скрозь усю зямлю, каб можна было ў яго ско­ чыць і глянуць, што ж робіцца там, на другім канцы све­ ту. Таму, калі Хведар Былінскі, сусед Юткі Казубоўскага, крочыў паўз Юткавы соткі на ферму і спытаўся ў Юткі, што гэта ён тут робіць, дык зусім не здзівіўся Юткавым намерам, а сказаў толькі:

— А… Ну, памагай Бог, — і пашыбаваў сабе далей.

— Казаў Бог, каб ты памог, — буркнуў яму ўслед Ютка, бо каціў вельмі ўжо вялікі камень, аднаму не пад сілу. Тады Хведар вярнуўся — і ўдвух яны скінулі камень у яміну.

— А дзе ты цяпер бульбу буртаваць будзеш? — спы­таўся Хведар.

— Ат, — махнуў рукою Ютка, — колькі той бульбы. А работы з ёй — лепей у горадзе купіць.

— I то праўда, — згадзіўся Хведар. — Ты вялікае каменне адзін не цягай. Памагу, як з работы пайду.

На суботу, першага жніўня, падмурак быў закладзены, стаяў трывала, над зейна, хіба толькі землятрус яго мог скрануць. Дый то гледзячы які, бо яміна глыбінёю каля дзесятка метраў, выкапаная ў чырвонай ганчарнай гліне, з якой спрадвеку рабіліся ў Карунах звонкія, як гарэхі, гаршкі, — замураваная ледавіковымі валунамі та­ кая яміна — гэта вам не жарты. А каб не чапляліся да Юткі, што ды чаго, чаму ды навошта, укапаў ён каля падмурка драўляны слупок, у макаўку якога ўвагнаў бляшаную шыльдачку, з аднаго боку якой былі выбіты аўтамабільныя нумары 17­39 ТРМ ПРИЦЕП, а з дру­ гога акуратна напісана, кожнае слова асобным колерам: будуецца вежа да неба.

— Гэта ты правільна прыдумаў, — сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. — Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.

Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць ка­ лодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун — і аказала­ ся, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі на­ ват карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Больш таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова «дыверсія», пасля чаго ў Каруны прыехалі аж чац­ вёра дактароў: трое ў хуткім часе з’ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.

Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар’ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейша­ га развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.

Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны — і на тое былі дзве прычыны. Па­першае, ніхто ў Карунах тол­ кам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па­другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў та­ кую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а па­ цячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажац­ ца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая ка­ рысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш­менш прыстой­ ную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, а як­небудзь іншым разам.

Дзень за днём Юткава вежа паціху, але няўмольна падымалася да неба. Слых пра незвычайную будоўлю ў Карунах хутка абляцеў раён, вобласць, рэспубліку — і вырваўся за межы краіны. У канцы лета, трыццатага жніўня, у чацвер, каля дзесяці гадзін раніцы ў Каруны завітала першая замежная дэлегацыя: група прафсаюз­ ных дзеячаў з Берага Слановай Косці.

Прафсаюзныя дзеячы з Берага Слановай Косці аказа­ ліся перадавымі, таму каля вежы, якая была ўжо на пядзі чатыры вышэй за Юткаву галаву, адбыўся мітынг. Ютка не разумеў, пра што гаварылася на мітынгу, бо выступалі на ім выключна замежныя госці і гаварылі, мусібыць, не па­нашаму, але, калі адчуваў, што нехта з гасцей звярта­ ецца менавіта да яго, згодна ківаў галавой, а ў канцы вы­ ступлення кожнага з прамоўцаў разам з усімі пляскаў у далоні. Пасля мітынгу госці па чарзе паабдымалі Ютку, абцалавалі, пасля селі ў чырвоны «Ікарус» і, калі той крануўся, памахалі з вокнаў хто насоўкай, хто цэлафа­ навым мяшэчкам. Раптам аўтобус спыніўся, дзверы зноў расчыніліся, і на зямлю скочыў даўгашыі хлапчына ў бе­ лай кашулі і белых портках.

— Слухай, мужык, — ціха спытаў ён, падышоўшы да Юткі, — а нашто табе гэта трэба?

— Што? — перапытаў Ютка.

— Ну, гэта во, — хлапчына галавой кіўнуў на вежу.

— Не скажу, — адказаў Ютка. — Трэба, і ўсё. Хлапчы­ на пацепнуў плячыма, сеў у аўтобус, дэлегацыя з Бе­ рага Слановай Косці яшчэ раз памахала насоўкамі і мяшэчкамі і хутка назаўсёды знікла за Літвінавай гарой з акіянскім караблём пана Цырлюкевіча.

Увечары таго ж дня да Юткі завітаў старшыня калга­ са Андрон Сыцюк, зусім малады яшчэ дзяцюк, але ўжо даволі нервовы, стомлены на кіруючай рабоце.

— Ты во што, Казубоўскі, — глынуўшы вады з вядра каля парога, не павітаўшыся, сказаў Андрон. — Балаган свой гэты канчай. У мяне жніво, я на паперы амаль усё скасіў, а ў полі яшчэ палова. Прыпрэцца з іншаземцамі начальства якое­небудзь тваю вежу глядзець, а ўбачыць жыта пераспелае. Што тады будзе, як ты думаеш?

— Скінуць цябе па цяперашнім часе, — выказаў меркаванне Ютка.

— Правільна, — згадзіўся Андрон. — А я не на тое пуп рву, каб мяне скінулі. Зразумеў?

— Зразумеў, — адказаў Ютка. — У мяне вежа будзе га­ товай толькі тады, калі ўпрэцца ў неба. А раней пра тое, што яна гатовая, я крычаць не стану.

— Та­ак, — працягнуў Андрон, выціраючы рукою рот. — Заўтра я прышлю два бульдозеры, каб тваю вежу на пыл размалолі.

— Давай прысылай, — усміхнуўся Ютка, уявіўшы, як дарэмна будуць ірваць бульдозеры сваё сталёвае нутро. — А я на цябе ў суд падам.

— За што? — зноў узяўся за вядро з вадою Андрон.

— Мне ўрачы горны клімат рэкамендуюць. А ты мне пуцёўку ў санаторый даў?.. Не даў. Дык я вежу збудую, лягу там на самым версе і буду дыхаць горным паве­ трам.

Андрон паставіў вядро на лаву.

— Ты ў дурня са мной не гуляй. Хворы знайшоўся. На камбайн сесці — ён хворы, а камяні цягаць — не хворы. Я праверу яшчэ, хто там табе і што за бюлетэнь на тры ме­ сяцы выпісаў. Пабачым тады, хто з нас суда забаіцца.

— Правярай, — не стаў пярэчыць Ютка. — Толькі што ты рабіць будзеш, як правяраць возьмешся, а я тым часам вазьму ды памру? Тады ўжо табе старшы­ нёй не ўтрымацца. Бо калі даруюць табе і жыта неда­ жатае, і бульбу недакапаную, і капусту памерзлую, то мёртвага Ютку Казубоўскага ніхто табе не даруе. Ніхто і ніколі. Амінь.

Андрон, хоць і нервовы, але ўсё ж малады і здаровы, ніяк не гатовы быў да гаворкі пра смерць, а таму адчуў сябе ніякавата.

— Ну чаго ты гэта паміраць надумаў? — палагаднеў ён голасам і нават зрабіў такі жэст, нібы збіраўся пагладзіць Ютку. — Хіба табе жыць абрыдла?

— Абрыдне з такімі ёлупамі, як ты! — адразу адчуў Андронаву слабінку Ютка. — Выгады сваёй не разуме­ еш! Ну што табе з таго, што болей намалоціш і болей здасі? Нехта яшчэ больш намалоціць. А вежа да неба ў цябе будзе адна. На ўсёй зямлі адна — і ў тваім калга­ се. Дапяў?

— Не. На які чорт мне твая вежа?

— Начорта яму вежа! — ускінуўся Ютка. — Ды каб ты сёння не ганяў па палях, не глытаў пыл, а быў каля вежы, ты б ужо рукаўся з прафсаюзнымі дзеячамі Берага Сла­ новай Косці! А заўтра, як роўны, будзеш здароўкацца з палітычнымі лідэрамі, тэрарыстамі, эстраднымі спевакамі.

А пазаўтра — з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі… Ну, дайшло?

— Я рукаўся аднойчы з намеснікам міністра фінансаў, — падумаўшы, сказаў Андрон. — Гэта мне нічога не дало.

— Яно і відно, — з жалем уздыхнуў Ютка.

— Чаго ты ўздыхаеш? — асцярожна перапытаў Андрон.

— Нічога. На клуб новы як не было грошай, так і няма. Стары вунь і той неадрамантаваны стаіць.

— Дык ты і пабудуй новы клуб замест сваёй вежы, — знайшоўся Андрон. — Работы меней, а толку намнога болей. I не для цябе аднаго, а для ўсіх. Для сына твай­ го ж. Скончыць ён свой інстытут культуры, а тут якраз і клуб гатовы, калі ласка, ідзі загадчыкам. А так што яму ў нас рабіць?

— Ён загадчыкам вежы будзе, калі ты не хочаш, — раз­ злавана сказаў Ютка. — I адчапіся ты ад мяне. Ведаў я, Андрон, дзеда твайго, ведаў бацьку, абодва яны нашы былі, карунскія, а ты — як у Стрыпунах нарадзіўся.

Гэта была абраза. Стрыпуны — вёска праз лес ад Ка­ рун, у якой спрадвеку з’яўляліся на свет самыя зна­ камітыя ў тутэйшых мясцінах ёлупні. Дастаткова ска­ заць, што ў той час, калі карунцы капалі калодзеж скрозь усю Зямлю, а пан Цырлюкевіч запалохваў усіх сусвет­ ным патопам, адзін са стрыпунскіх гаспадароў, Кірыла Моргаўка, прадаў сваю хату, збыў спадчынную сялібу і паехаў у Амерыку, каб танна, а калі пашанцуе, дык і на дармавіну хапануць сотню­другую валокаў зямлі на дне Ціхага акіяна, пакуль там ніхто не ведаў, што во­ дам ягоным зусім нядоўга засталося набягаць хвалямі на берагі штатаў Арэгон і Каліфорнія. Дармавых зя­ мель на акіянскім дне Моргаўка не дачакаўся, але ж не­ здарма ў народзе славутая прымаўка жыве — дурням і праўда шанцуе: на кавалку камяністай пустэчы, купленай Кірылам за ўсе ягоныя грошы, у тым месцы, дзе пачаў ён бурыць артэзіянскую шчыліну, ірванулася з нетраў зямных не вада, а нафта — і Моргаўка стаў мільярдэрам. Змяніўшы ў сваім беларускім прозвішчы канчатак, ён зрабіўся сапраўдным амерыканцам, нафтавым магнатам, заснавальнікам магутнага клана Морганаў.

Да гэтага трэба дадаць, што Ютка Казубоўскі сапраўды быў хворы, на сорак сёмым годзе жыцця невядома з чаго пачала яго біць дыхавіца, а Андрон Сыцюк, хоць і на­ радзіўся ў Карунах, з дзяцінства не разумеў жартаў. Бразнуўшы дзвярыма так, што вада ў вядры боўтнулася, старшыня выйшаў з Юткавай хаты.

Плюнуўшы на Юткаў падворак, Андрон завёў мата­ цыкл, выкаціўся на вуліцу і ўбачыў свайго сына Цімку, які сядзеў на валуне каля рэчкі і ў прыцемках чытаў га­ зету. Андрон пад’ехаў да рэчкі, злез з матацыкла і па­ гладзіў сына па галаве.

— Тата, — сказаў Цімка, — глянь, што ў газеце напісана.

У газеце — і не ў якой­небудзь мясцовай, а ў рэспуб­ ліканскай, што друкавалася ў Мінску — Андрон убачыў вялікі фотаздымак кракадзіла ў рацэ. Над фотаздымкам кідкімі літарамі было напісана: «Сенсацыя! Кракадзілы ў Свіслачы! Не падыходзьце блізка да вады! Сцеражы­ це дзяцей, жанчын і хатніх жывёлін!» — а пад фотаздым­ кам друкаваўся каментарый навуковага кансультанта А. П. Пеўнікава пра перспектывы кракадзілагадоўлі ў цэн­ тральных раёнах рэспублікі. «Я перакананы, — завяршаў свой каментарый навуковы кансультант, — што калі падысці да справы па­гаспадарску, з належным разма­ хам, то ў самым хуткім часе нашы прыгажуні­модніцы ў Мінску і Бабруйску, Стоўбцах і Зэльве, Смаргоні і Ка­ рунах будуць насіць памаду і духі ў такіх жа шыкоўных, суперпрэстыжных сумачках з кракадзілавай скуры, як і ганарыстыя мільярдэршы Каліфорніі».

— Ну і што? — спытаўся ў сына Андрон. — Хай сабе носяць.

— Тата, — залыпаў вачыма Цімка, — гэта ж гумар. Скуль у нас кракадзілы?

— Прыплылі, — адказаў Андрон і сеў на матацыкл. — Пазаўтра табе ў школу ісці, там і спытайся, як яны да нас дабраліся.

Андрон крануўся з месца. Цімка скочыў з валуна на задняе сядзенне матацыкла.

— Тата, — спытаўся ён, абхапіўшы Андрона за бакі, — ты хоць раз у жыцці памаду ці духі маме купіў?.. — Але за трэскам матацыкла Андрон яго не пачуў. «А можа і праўда, хай сабе Ютка вежу будуе, — раптам падумала­ ся Андрону. — Вежа да неба — гэта табе не кракадзілы, не сумачкі ў Карунах насіць».

«Трах­тых­тух­тах», — страляў матацыкл, імчаўся на ім у невядомую будучыню старшыня Андрон Сыцюк, ляцеў за ім крэўны ягоны сын Цімка, курыўся пыл ве­ чаровы па доўгай вясковай вуліцы.

Першага верасня Цімка Сыцюк пайшоў у шко­ лу і на першым жа ўроку паказаў настаўніцы газету, спытаўшыся, скуль у нас узяліся кракадзілы, калі ў школе яго вучылі, што ніякіх кракадзілаў на Беларусі не было і быць не можа. Настаўніца Цімку асадзіла, тады ён спытаўся пра тое самае на другім уроку ў іншай настаўніцы. Другі ўрок быў урокам роднай мовы, якую выкладала Хрысціна Сымонаўна Моргаўка з роду таго самага Моргаўкі са Стрыпун, які некалі паехаў у Амеры­ ку, каб купіць зямлю на дне акіяна, а замест гэтага стаў мільярдэрам. Хрысціна Сымонаўна Цімку не асадзіла, бо ён быў сынам старшыні калгаса, але адказаць яму нічога не змагла, таму, прыйшоўшы са школы дахаты, села каля вакна, за якім адцвіталі ганарлівыя вяргіні, і, гледзячы на гэтую чароўную, але не вечную прыга­ жосць прыроды, напісала на газету скаргу. Ну, куды ў нас пішуцца скаргі, мы ўсе ведаем. Ці нам у аўтобусе на мазоль наступяць, ці на кашулі ў атэлье гузікі са спіны прышыюць, ці купім зубную пасту, а ў цюбіку акажац­ ца гуталін — адрас скаргаў у нас адзін: у найвышэй­ шую інстанцыю. Таму пачакаем, пакуль наша скарга туды дойдзе, пакуль з ёй разбяруцца, пакуль зловяць таго грубіяна ў аўтобусе, памяняюць краўцоў з атэлье і перавядуць гуталінавую фабрыку на вытворчасць зуб­ ной пасты, а самі тым часам будзем хукаць на мазоль, хадзіць у кашулі наросхрыст і начышчаць боты сажаю, змешанай са свіным тлушчам. І­эх, нам, як кажуць, не прывыкаць, таму давай, Хрысціна Сымонаўна, дыхай глыбей водарам першага дня восені, крыштальным па­ ветрам, якое, здаецца, пераломіцца надвае, калі да яго дакрануцца рукамі, рассцілай сурвэтку, кладзі на яе ліст паперы ў клетачку, вырваны з вучнёўскага сшыт­ ка, і пішы, пішы, даражэнькая, стараючыся не націскаць моцна шарыкавую ручку, каб не нарабіць у пісьме дзірак ды памылак, каб пасля, не дай Бог, не спыталі: а што ж гэта за настаўніца такая, якая па­руску слова «кроко­ дил» праз два «а» піша?

Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па­свойму можна зра­ зумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра па­ спачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сы­ цюк, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна — не крамніца Яня Каняўка з таго са­ мага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў… Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павяза­ ныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца — і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Веда­ еце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на яко­ га Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзец­ ца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у са­ мую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы «Adidas», пакуль не дагнала яго спа­ дарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. «Тп­ ру­у», — сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. «Ц­ц, но!» — прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад’ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. «Тп­ру­у», — спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, ка­ рэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пас­ ля спытаўся ў дзеда: «Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога пад­ вёз?» — «Дык другі ж доктар», — адказаў дзед. «А пер­ шы?» — «Той настаўнік», — абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур’ёзныя справы і займацца толькі гумарам, ба­ лазе былі ў яго да гэтага здольнасці.

«Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, — пісала Хрысціна Сымонаўна. — Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савец­ кай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо каха­ ла яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.

Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў га­ зету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за тры­ наццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жарта­ ваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, па­ куль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы».

Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.

Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяр­ тацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.

3 найвышэйшай інстанцыі, засыпанай скаргамі, як млын мукою, пісьмо Хрысціны Сымонаўны было перас­ лана з адпаведнай папераю ў інстанцыю рангам ніжэй: Інстытут заалогіі Акадэміі навук. Чаму туды, спытаеце­ ся вы? А куды ж яшчэ, калі скарга на кракадзілаў? I раз прыйшла яна ў інстытут з папераю адпаведнай інстанцыі, дык тут не да таго ўжо, каб разбірацца: жартачкі гэта ці не? Таму толькі ўздыхнуў інстытут, сеў за навуковы стол і напісаў сваю паперыну, на сваім фірменным бланку:

«Паважаная рэдакцыя! У нумары вашай газеты за 28 жніўня быў надрукаваны матэрыял пра кракадзілаў у Свіслачы. Матэрыял бяздоказны, навукова неабгрун­ таваны, ён поўнасцю супярэчыць апошнім дасягнен­ ням навукі. Просім у будучым больш асцярожна пады­ ходзіць да публікацыі падобных сенсацый, таму што яны не толькі прыносяць шкоду навуцы, але і адмоўна ўздзейнічаюць на тую частку насельніцтва, якая чытае вашу газету».

Атрымаўшы такую паперыну, на якой значыўся подпіс навуковага супрацоўніка і стаяла пячатка афіцыйнай установы, рэдактар газеты ціха, сам сабе, вылаяўся, выклікаў таго карэспандэнта, які знайшоў у Свіслачы кракадзіла, закаціў яму строгую вымову і выправіў у ка­ мандзіроўку ў Каруны.

— Што мне там рабіць? — спытаў карэспандэнт.

— Нічога, — адказаў рэдактар. — Паглядзі, што там за людзі жывуць. А ў інстытут я ўжо сам падыду, гэта це­ раз дарогу.

Ну, хай сабе карэспандэнт едзе, калі яго рэдактар выправіў, выпісвае каманд зіроўку, вымольвае аванс у бухгалтэрыі, клапоціцца пра білет, а мы чакаць яго не будзем, хуценька вернемся тым часам да Юткавай вежы.

Вежа расла і, праўду сказаць, з кожным днём усё больш падабалася карунцам. Ці то Ютка ўдала для яе месца выбраў, ці то выпадкова так сталася, але відаць яна была з любога канца, з любога двара Карун, і кожны ка­ рунец, малы і вялікі, першае, што рабіў з раніцы, — гэта прыкідваў: наколькі ўзнялася вежа над вёскай, наколькі паднялася да неба.

Фірма, што займалася замежным турызмам, ударнымі тэмпамі пабудавала на ўездзе ў Каруны, непадалёк ад карабля пана Цырлюкевіча, кэмпінг, гасцініцу з рэста­ ранам і барам, з канферэнц­залай, дзе Ютка сустракаўся з прафсаюзнымі і палітычнымі замежнымі дзеячамі, з вядомымі літаратарамі і мастакамі, з прэзідэнтамі, каралямі, арабскімі шэйхамі — і ўсім ім, направа і нале­ ва, раздаваў інтэрв’ю. Ён адказваў на ўсе пытанні, нічога не баючыся, бо баяцца яму не было чаго, і толькі тады, калі ў яго пыталіся, навошта ўсё­ткі, дзеля чаго ён бу­ дуе сваю вежу, Ютка замаўкаў, нібыта замок яму на рот накідвалі.

— Ён хворы! — падымаючы пыл на сваім матацыкле, пралятаючы міма іншаземнага гарадка, які чорт ведае скуль, без дазволу праўлення вырас у цэнтры роднага калгаса, крычаў Андрон Сыцюк. — Ён вальтануты, а вы з ім як са здаровым размовы водзіце! Ён хоча пабуда­ ваць вежу, легчы пасля на самым версе і дыхаць горным кліматам! Яго ў Жодзішкі, у жоўты дом заканапаціць трэба, а пра яго ва ўсім свеце як пра героя трубяць! Не, я выведу яго з праўлення! Выведу, вось пабачыце!

Як вы мяркуеце, чаго злаваўся Андрон Сыцюк? Ну, вядома, злаваўся ён таму, што Юткаў сын Ромка кінуў свой культурны інстытут, вярнуўся ў Каруны і стаў па пратэкцыі бацькі дырэктарам, а дакладней, шэфам Ка­ рунскага аддзялення фірмы іншаземнага турызму. Ром­ ка хадзіў цяпер увесь у нянашым, смактаў цыгаркі «Кэмэл», слухаў магнітафон «Соні», а калі ў яго пыталіся:

«Як жывеш, Ромка?» — адказваў «ол райт» альбо «о’кэй», у залежнасці ад таго, з англічанамі ці амерыканцамі ён пе­ рад тым сустракаўся. Астатнія словы розных моў народаў свету — італьянскія, нямецкія, французскія, іспанскія ды іншыя — Ромку не вельмі падабаліся.

Акрамя ўсіх гэтых вонкавых пераваг, аклад у Ромкі быў утрая большы ад таго, што зарабляў, ганяючы на сваім матацыкле, Андрон Сыцюк.

Нельга сказаць, каб Андрон не змагаўся супроць пранікнення формаў і метадаў замежнага жыцця на тэрыторыю свайго калгаса. Ён пісаў ва ўсе інстанцыі, ездзіў да раённага і абласнога начальства і, між іншым, шмат дзе знаходзіў разуменне і падтрымку. Але толькі да той пары, пакуль не мінуў год і фінансавыя органы не падлічылі, што за дванаццаць месяцаў Юткава вежа прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас «Каруны» разам з Сыцюком і ягонымі папярэднікамі за ўвесь час свайго існавання. Прычым даход гэты вызначаўся не буракамі і бульбай, што па­ трабавала рэальнай працы, рэальных затрат і рэальных датацый, не лёнам, малаком і морквай, пералічанымі ў капейкі і рублі, а нечым лятучым, эфемерным, абстракт­ ным, незразумелым, як час і прастора, але што, тым не менш, абсалютна рэальна матэрыялізавалася ў марках, іенах, франках і рупіях, а таксама ў доларах і фунтах стэрлінгаў. Пасля гэтакіх метафізічных пераўтварэнняў Андрона Сыцюка паўсюль перасталі разумець, а паколькі старшыня не здаваўся, дык яму даволі настойліва параілі выправіць сваю лінію, бо іначай ён можа развітацца з па­ садаю кіраўніка сярэдняга звяна і вельмі проста пайсці па лініі зусім па іншай. Розум падказваў Сыцюку здацца і папрасіцца да Ромкі экскурсаводам на паўстаўкі, але ха­ рактар Андронаў аказаўся мацнейшы за розум, і старшы­ ня вырашыў змагацца да канца, сам па сабе, ні на кога не спадзеючыся і ні ад кога не чакаючы падтрымкі. «Вежа для калгаса — ці калгас для вежы. Ютка для карунцаў — ці карунцы для Юткі?» — паставіў Андрон перад сабой пытанне, на якое загадзя ведаў адказ, толькі не прыдумаў пакуль, як узяцца за справу, з якога боку піхнуць камен­ нага ідала, каб той паваліўся, чым адолець жалезную, а дакладней, залатую логіку фінансавых органаў.

Неспадзявана дапамога прыйшла адтуль, скуль, здавалася, і прыпаўзці не магла: Андрон знайшоў верную і бясстрашную саюзніцу ў асобе Хрысціны Сымонаўны Моргаўкі, настаўніцы роднай мовы, а таксама спеваў і фізкультуры.

Так проста ні ворагамі, ні саюзнікамі ні ў наш час, ні ў якія іншыя часы не станавіліся і не становяцца, на ўсё былі і ёсць свае, іншым разам няўлоўныя, тонкія, пата­ емныя, глыбока захаваныя прычыны.

Прычына, па якой Хрысціна Сымонаўна пайшла ў саюзніцы да Андрона Сыцюка, была вонкавай, для ўсіх адкрытай і ўсім зразумелай, як даросламу, так і мало­ му.

Аднаго разу з чарговай іншаземнай дэлегацыяй завітаў у Каруны амерыканскі мільярдэр Фрэнк Морган — і не абы­які мільярдэр, не які­небудзь там іншы Морган, а з таго самага клана Морганаў, пачатак якому даў некалі Кірыла Моргаўка са Стрыпун, крэўны родзіч Хрысціны Сымонаўны. Ох ужо і сустракалі гэтага Фрэнка, ох ужо і віўся вужом вакол яго Ромка Казубоўскі, ох ужо і пана­ ехала ў Каруны газетчыкаў, фарцоўшчыкаў, дыпламатаў, каментатараў і іншай дробнай чэлядзі! Ажно ў гасцініцы ўсе не змясціліся — і многія начавалі на караблі пана Цырлюкевіча, пад адкрытым небам, хоць стаяла позняя восень. I такое рабілася ў вёсцы, нібыта свет з ног на га­ лаву перакуліўся. Фрэнк Морган падымаўся ў сем гадзін раніцы, а з сярэдзіны ночы яго ўжо чакалі, душыліся каля ўвахода ў гасцініцу, лезлі на каркі адзін аднаму, каб толькі ўбачыць, глянуць хоць адным вокам на таго, хто мог быць нікім, нічым, проста ёлупнем са Стрыпун, а стаў акулай імперыялізму, мільярдэрам, магнатам, у ад­ ной кішэні якога столькі грошай, колькі не назбіраеш, прайшоўшы з торбай па ўсіх дварах ад Карун да Смаргоні ці нават да Вільні. А Фрэнк Морган выходзіў з гасцініцы ў зеленаватай, не вельмі нават свежай спартыўнай майцы, на якой была намаляваная вялізная муха з напісаным пад мухай словам FLY, у зеленаватага колеру рэйтузах, у гэткіх жа зеленаватых, трохі ўжо скасалапленых та­ пачках — і ва ўсім гэтым амаль што жабіным адзенні пачынаў бегаць ад гасцініцы да Юткавай вежы, ад Ют­ кавай вежы зноў да гасцініцы, туды­сюды, туды­сюды, не менш як пяць разоў у абодва канцы, а гэта выходзіла каля дзесятка кіламетраў. Ну і натрэніраваўся ж з ім Ромка Казубоўскі, які заўсёды бег паперадзе і сачыў, каб на да­ розе, бронь божа, не аказалася каменя, за які Фрэнк Мор­ ган мог зачапіцца і бразнуцца ці, аступіўшыся, падвяр­ нуць нагу, — і што тады змогуць зрабіць нашы дактары, якія нагу мільярдэра і ў вочы не бачылі?.. Ды хіба адзін Ромка натрэніраваўся? А фарцоўшчыкі з валютчыкамі? А рэпарцёры? А іншая дробная чэлядзь?.. Толькі не яны, не, зусім не гэтая хеўра вывела з сябе Хрысціну Сымонаўну. Штораніцы бегала за мільярдэрам уся карунская шко­ ла, уся, колькі яе было, карунская дзятва — ад першага камсамольца да апошняга падшыванца. Чаго вы дума­ еце яны гэтак разбегаліся? Можа, думаеце вы, яны так палюбілі фізкультуру, якой старанна, але беспаспяхова займалася з імі апошнія два гады Хрысціна Сымонаўна, бо штатнага настаўніка фізкультуры ў школе не было? О, каб яно было так, то сэрца Хрысціны Сымонаўны толькі б узрадавалася. Але сэрца яе засмуцілася, моц­ на засмуткавала, так, што нетры ягоныя напоўніліся абурэннем і гневам. Каб ведаў пра тое Фрэнк Морган, ён бы зарокся займацца тым, чым займаўся ў час сваіх ранішніх лёгкаатлетычных прабегаў. А займаўся ён тым, што набіраў, выходзячы з гасцініцы, поўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галод­ ныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, гэтае пачуццё па спадчыне дасталося ёй ад яе продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па пры­ ездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашы­ бавала ў праўленне калгаса.

— Андрон, — сказала яна па­свойску, бо вучыла Сыцю­ ка некалі спевам, — я патрабую, каб ты аб’явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун…

Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельса­ вецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з’яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкаван­ ня, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі стар­ шыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад канвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха:

— Ты што ж, дальбог, пра такія рэчы па тэлефоне?.. Спадарожнікі­шпіёны паўсюль над намі, лазерныя ка­ налы сувязі, наогул чорт ведае што, а ў цябе ўсё, як у цара Гароха: зняў трубку — і алё, даўно цябе нешта не чутно было. Галаву ж трэба мець на карку, а не гарбуз. А Морква праз цябе яшчэ і аплявуху мне ўрэзала.

— Ладна, — павінаваціўся Андрон. — Ператрываеш. Будзь тут, можаш спатрэбіцца.

— Давяд зі да ведама містэра Фрэнка Моргана, — вярнуўшыся ў праўленне, сталёвым голасам сказаў

Андрон Ромку Казубоўскаму, што сёння ў 12.00 па маскоўскім часе яго выклікаюць мясцовыя ўлады. Для перамоў і афіцыйнай заявы.

— Гм, — хмыкнуў Ромка. — Чхаць ён хацеў на тваю ўладу. У яго ў 12.00 прамая сувязь з прэзідэнтам Злу­ чаных Штатаў.

— Прэзідэнт пачакае, — цвёрда заявіў Андрон. — У крайнім выпадку, калі размова важная, містэр Морган можа перагаварыць з прэзідэнтам з майго кабінета.

Ромка зірнуў, скасіўшы вочы, на дапатопны Андронаў тэлефон з рычажком­відэльцам і разрагатаўся.

— Таварыш участковы! — гукнуў за вакно Андрон. — Пакажыце, калі ласка, пісталет, з якога мы расстраляем грамадзяніна Казубоўскага без суда і следства як аме­ рыканскага шпіёна.

Сліж падышоў да вакна і ўзяўся абедзвюма рукамі за кабуру, у якой аніколі не было ніякай зброі, а ляжалі толькі цыгаркі, запалкі, схаваная ад жонкі заначка паўтара рублі і насоўка, каб запалкі і заначка не бразгалі.

— Цю­цю­цю, — захарахорыўся шэф Карунскай вежы, але і ў Сліжа, і ў Сыцюка былі такія твары і гэткім цьмя­ ным бляскам адлівалі вочы, што ў Ромкі раптам ёкну­ ла ў нырках. «Заб’юць, — мільганула думка. — А што?.. Кокнуць удвух і не скажуць, дзе пахавалі».

— Ну, вы… — выціснуў Ромка, стараючыся ўсё ж тры­ маць марку фірмы, — прыдуркі, я скажу Фрэнку, што ў вас да яго неадкладная размова. А захоча ён прыйсці ці не — гэта ўжо ягоная справа.

— Захоча, — з намёкам кіўнуў галавою Андрон. — Сліж пойдзе з табою.

— Не, гэтага не трэба, — шчоўкнуў пальцамі па кабу­ ры Сліж. — Яно можа за арышт сысці. Прадажная прэ­ са тады такі вэрхал падыме, такога слана пастараецца з мухі раздзьмуць, што… — тут Сліж крыху задумаўся, — што вынікі могуць быць планетарнымі. Ромка сам яго да цябе прывядзе. Прывядзеш? — ласкава запытаўся Сліж у Ромкі.

— Прывяду, калі пойдзе, — паспешліва згадзіўся Ром­ка і, выскачыўшы з праўлення, спачатку трушком, а пас­ ля спрынтэрскім бегам запыліў па вуліцы, раз­пораз азіраючыся назад, дзе, гледзячы яму ўслед, нерухома стаяў Сліж і цвёрдай рукою трымаўся за пустую кабу­ру.

Фрэнк Морган пастукаўся ў д зверы Андронава­ га кабінета з шостым сігналам дакладнага часу. «У Маскве поўд зень, — сказаў па радыё дыктар. — У Тбілісі і Астрахані трынаццаць, Алма­Аце пятнаццаць, Іркуцку семнаццаць, Благавешчанску васемнаццаць, Петрапаўлаўску­Камчацкім — дваццаць адна гадзіна».

«Ши­ро­ка стра­на мо­я род­на­я», — увайшоўшы, праспяваў Фрэнк Морган і працягнуў Андрону руку:

— Ду ю спік інгліш?

— Но, — адказаў Андрон, асіліўшы ў сабе нянавісць да імперыялізму, і паціснуў руку Фрэнку Моргану.

— Шпрэхэн зі дойч? — перапытаў тады Фрэнк.

— Найн, — трохі пачырванеўшы, адмовіўся размаўляць па­нямецку Андрон і з дакорам зірнуў на сваю былую настаўніцу, якая ціха сядзела ў кутку кабінета, склаўшы рукі ча каленях.

— Іа, — шапнула Хрысціна Сымонаўна, не вытрываўшы дакору ў вачах свайго былога вучня, і вінавата апусціла вочы.

— Гут! — энергічна павярнуўся Фрэнк да Хрысціны Сымонаўны. — Вас волен зі?.. Энтшульдзіген зі: воцу браухен зі міх?

— Вір… — устрапянулася была Хрысціна Сымонаўна, але, набраўшы ў грудзі паветра, тут жа безнадзейна яго выпусціла і прамаўчала. Сітуацыя станавілася небяспеч­ най, бо перавага яўна пераходзіла на бок Фрэнка Мор­ гана, а значыць, на бок імперыялізму.

— Яна твая радня! — раптам злосна выпаліў у вочы Фрэнку Андрон. — Мог бы намагнуцца і па­нашаму са сваякамі пагаварыць, містэр!

Што тут сталася з Фрэнкам Морганам! Ён падскочыў, не, ён узляцеў з крэсла, на якім быў рассеўся без аніякага за­ прашэння гаспадара, ён кінуўся да Хрысціны Сымонаўны і на рэліктавай беларускай мове з вымаўленнем дыктараў радыё «Свабода» і тых беларусаў, што жывуць на Бела­ сточчыне ў Польшчы, закрычаў:

— Няўжо вы з роду Моргаўкі?! Але хіба не быў я ў Стрыпунах? Хіба мне не сказалі там, што нікога з Моргаўкаў пасля вайны ў жывых не засталося?.. Не, я не веру! Не, я баюся паверыць! Скажыце мне праўду, заклінаю вас усімі святымі!.. Няўжо вы з роду таго сама­ га Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, які з’ехаў быў у Аме­ рыку, каб стаць там найпершым і найлепшым амерыкан­ цам з усіх амерыканцаў, якія некалі жылі, жывуць і бу­ дуць жыць у Новым свеце? Скажыце мне, што гэта так, і вы зробіце мяне, Фрэнка Моргана, самым шчаслівым на зямлі чалавекам! Бацькі мае памерлі, жонка кінула мяне і выйшла замуж за прынца ў Саудаўскую Аравію, а дзяцей яна мне не нарадзіла. Мне беспрытульна ў све­ це, я адзінокі ў ім, нібы Юткава вежа, на якую я гатовы залезці і кінуцца ўніз — сторч галавою ад сваёй адзіноты. Вы зратуеце мяне, калі ў вашых жылах цячэ хоць кропля крыві Кірылы Моргаўкі. Ну дык зратуйце мяне альбо даканайце! На ўсё ваша воля, бо вы пасланніца лёсу…

Сказаць па праўд зе, Хрысціна Сымонаўна здора­ ва перапудзілася, слухаючы гэты вулканічны маналог, гледзячы, як Фрэнк Морган заломвае рукі і, хліпаючы носам, выцірае вочы, на якія наплылі сентыментальныя амерыканскія слёзы. Так, яна, вядома, моцна спалоха­ лася, але жаль, звычайны жаночы жаль напоўніў сэр­ ца Хрысціны Сымонаўны, выціснуўшы адтуль былы гнеў і цяперашні страх, і, устаўшы, яна, як дзіця малое, пагладзіла Фрэнка Моргана па галаве — ад макаўкі да патыліцы.

— Так, — сказала яна, — у маіх жылах цячэ кроў Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, бо ён быў не кім іншым, як прадзедам маёй маці.

— Божа! — павярнуўшыся да сцяны, на якой вісеў пар­ трэт Мічурына, ускрыкнуў Фрэнк Морган. — Дзякуй табе, што ты пачуў мае малітвы.

— Гэта не Бог, а Мічурын, — спагадліва сказаў Андрон, якому на хвіліну таксама стала чамусьці шкада аме­ рыканскага мільярдэра. — Вядомы рускі вучоны, які займаўся сельскай гаспадаркай. Сорамна не ведаць. А Бога ў нас няма.

— Ну і чорт з ім, што няма, — радасна згадзіўся Фрэнк Морган і абняў Андрона за плечы. — Слухай, Андрон, да­ вай будзем на ты, га? Мы ж з табой амаль што аднагодкі, маладыя яшчэ мужыкі, камар цябе ўбрыкні!

— Давай, — разгублена пацепнуў плячыма Андрон. — Яму было ніякавата, але, што цяпер рабіць, ён не ведаў: як аб’явіць чалавека персонай нон грата, калі той такі радасны?.. Хрысціна Сымонаўна глядзела на іх абодвух і каўнерыкам сукенкі выцірала расчуленыя слёзы…

— Не плач, Хрысця, — зусім па­свойску абняў яе ад­ ной рукою Фрэнк, не здымаючы другой рукі са спіны Андрона. — Не плач, родная, залатая мая, бо я таксама заплачу. Скажы мне лепш, што б мне такое зрабіць для Андрона ў падзяку за сённяшні дзень, за нашу з табою сустрэчу?.. Хочаш пагаварыць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў? — тузануў ён раптам Андрона. — У мяне з ім за­ раз якраз прамая сувязь. Хвілін на дваццаць мы, праўда, спазніліся, але нічога, ён пачакае. Ну, хочаш ці не?

— Хацеў бы, — усміхнуўся Андрон, успрыняўшы пра­ панову Фрэнка, натуральна, як жарт. — Мне ёсць што яму сказаць.

— Ну дык скажы! — узрадаваўся Фрэнк, відавочна за­даволены тым, што дагадзіў Андрону.

— Дзе і як? — іранічна глянуў на яго Андрон. — Мне ў Амерыку ехаць часу няма.

— Ды не трэба нікуды ехаць, тут можаш пагаварыць, па сваім тэлефоне, — сказаў Фрэнк, здымаючы з абкалупа­ нага рычажка тэлефонную грубку і набіраючы нумар.

— Ты што, міжгорад набіраеш? — з’едліва спытаў Ан­дрон.

— Не, — крутнуў галавой Фрэнк, — адразу нумар прэзідэнта. У нас гэта проста, ніякіх праблем.

Фрэнк набраў нумар, пачакаў трохі і працягнуў трубку Андрону:

— На, гавары. Я толькі электроннага перакладчыка падключу, каб вы з прэзідэнтам зразумелі адзін адна­ го. — Фрэнк дастаў з кішэні бліскучую трубачку нак­ шталт аўтаручкі з дроцікам і ўтыркнуў канец дроціка ў тэлефонны шнур.

Андрон прыцягнуў трубку да вуха.

— Кабінет прэзідэнта, — пачуўся ў трубцы немалады, але даволі цвёрды голас.

Андрона потам прабіла.

— Ну, адказвай, — падміргнуўшы, бадзёра штурхнуў яго ў бок Фрэнк Морган. — Кажы, што хочаш, я ўсё на сябе бяру. Пра галоўнае пытайся, бо часу ў цябе ўсяго сем мінут.

— Кабінет старшыні калгаса «Каруны» Андрона Сы­ цюка, — здолеў разняць здранцвелыя губы Андрон. — Як здароўе?

— Нармальна, — уздыхнуў прэзідэнт. — Хоць старасць, як у нас кажуць, не радасць.

— У нас таксама гэтак кажуць, — крыху свабадней сказаў Андрон, узрадаваўшыся, што знайшоў за што зачапіцца.

— Так, у нас шмат агульнага, — згадзіўся прэзідэнт.

— А сям’я як? — спытаўся Андрон.

— Нічога, мае ўсе ў Каліфорніі зараз, — сказаў прэзідэнт. — Там цяплей. А вашы дзе?

— Тут, у Карунах, — адказаў Андрон. — Жонка на ферме, а сын у школе.

— У вас вялікая ферма? — зацікавіўся прэзідэнт.

— Вялікая. I не адна, а цэлых восем, — уздыхнуў Ан­ дрон, успомніўшы, што гэтую зіму тугавата будзе з кар­ мамі. — У нас мяса­малочны накірунак.

— Мнагавата работы? — паспачуваў прэзідэнт.

— Хапае, — прызнаўся Андрон. — Рабочых рук не стае. Маладыя хлопцы ў армію ідуць, а назад пасля ў вёску амаль ніхто не вяртаецца.

— Міграцыя, — сказаў прэзідэнт. — Заканамерны пра­цэс.

— Міграцыя! — узлаваўся раптам Андрон. — Каб вы са сваёй праграмай «зорных войнаў» не насіліся, як ду­ рань з торбай, то ніякай бы міграцыі не было. Распусцілі б арміі, і ўсё. Мы тут за мір змагаемся, а вы…

— I мы змагаемся, — нервова перапыніў яго прэзідэнт.

— Чаму ж тады міру няма? — з’едліва спытаў Андрон.

— Як гэта няма, калі ёсць, — не згадзіўся прэзідэнт.

— Але ж няўстойлівы, на грані катастрофы, — набіраў голас і ўпэўненасць Андрон. — Ваенныя базы па ўсім све­ це раскіданы. Лакальныя войны амаль на ўсіх кантынен­ тах ідуць. I любая з іх у любы момант можа перарасці ў сусветную. Хіба не так?

— Так, — вымушаны быў згадзіцца прэзідэнт.

— Што ж рабіць? — з прамым падтэкстам паставіў пытанне Андрон.

— А хрэн яго ведае, — другі раз уздыхнуў прэзідэнт, і па ўздыхах лік стаў адзін­два на карысць Андрона. — Сам пра гэта думаю.

I тут сувязь абарвалася.

— Нармальны мужык, — голасам пераможцы сказаў Андрон, паклаўшы трубку і накрыўшы тэлефон далон­ ню. — Але хай падумае, яму за гэта грошы плацяць.

Тэлефон раптам зазваніў, Андрон падняў трубку.

— Хелло, — пачуў ён той жа голас, але ўжо ў англійскім яго варыянце, бо якраз у гэты момант Фрэнк Морган вырваў дроцік свайго электроннага перакладчыка. — Вы­ бачайце, зусім забыўся пра галоўнае ў вас запытацца.

— Пра што? — нечакана для сябе самога ўсё зразумеў і па­англійску адказаў Андрон.

— Як там Юткава вежа? — спытаў прэзідэнт. — Стаіць, не падае? Да неба колькі засталося?.. I ці не маглі б вы мне па сакрэту сказаць, навошта ўсё­ткі ён яе будуе?..

Андрону аж дух заняло. Ён вылаяўся па­нашаму, чаго прэзідэнт, дзякуй Богу, не зразумеў, і з грукатам кінуў трубку.

З прэзідэнтамі, хутчэй за ўсё, мала хто з нас асабіста знаёмы, таму вернемся давайце да Юткі Казубоўскага, дзеля якога і пачалі мы распавядаць усю гэ­ тую фантастычна­дакументальную, малаверагодную гісторыю. Звесіўшы ногі, сядзіць зараз Ютка на самым версе, на самым крайку сваёй вежы, а над русявай га­ лавою ягонай — так блізка, што можна, здаецца, рукой крануць, — праплываюць нізкія, шэрыя, мокрыя асеннія аблокі. Пара лістапада — сумнаватая пара, і, можа, праз тое на душы ў Юткі няўтульна, дрогка, прыцемна, нібыта ўвайшоў ён пасля доўгай дарогі ў настылую хату і ніяк не знойдзе запалкі, каб распаліць печ. Чаго Ютку сум­ на, хто яго ведае, хоць ёсць на тое прычыны — і няма прычын, а сумна іншым разам чалавеку і ні з чаго бы­ вае, проста так, з таго, што жыве. «Э, такой бяды, — ду­ мае Ютка. — Вось уздыму вежу за аблокі, дык і весялей будзе. Старана наша не надта сонечная, а над аблокамі заўсёды сонца. Кожнаму чалавеку трэба вежу сваю збу­ даваць, каб да яго падняцца…»

Бюлетэнь Ютку ўрачы закрылі, і зараз яму штодня прыходзіцца ўставаць рана­раненька, бо працуе цяпер Ютка праз сваю хваробу на лёгкай рабоце, паштаром. Кожную раніцу — замест таго, каб падымаць вежу, — даводзіцца яму ехаць у Смаргонь, браць там пошту і, вярнуўшыся, разносіць па дварах газеты, у якіх шмат пра што напісана, але мала што чытаецца, і пісьмы, якіх усе чакаюць, але амаль ніхто іх не піша, нібыта адразу пасля таго, як краіна стала пагалоўна адукаванай, тут жа ўсе і развучыліся пісаць. А якое, вы думаеце, трэба мець сэрца, каб штодня глядзець у вочы Броні Карун­ скай, якая, як на варце, чакае цябе каля весніц, у якой раскідана па далёкіх гарадах чацвёра сыноў і трое да­ чок, якіх яна, гаротніца, салдатка, удава, адна падня­ ла, не дала ім ні замерзнуць з холаду, ні памерці з го­ ладу, а яны цяпер — хоць бы адно пісьмо ў год на ўсіх сямёх, хоць бы адну паштоўку… І­эх, Броня, Броня, а ты яшчэ двух парсюкоў гадуеш, карову трымаеш з ця­ лушкаю і прадаеш штогод тых парсюкоў з цялушкамі нарыхтоўшчыкам, а яны ўсё морды перад табою кры­ вяць, каб цябе абдурыць: то вага ім не тая, то тлустасць не гэтакая, а ты, адна вінаватая, маўчыш, ківаеш згодна галавою, разводзіш рукамі — што ж, маўляў, зробіш, хоць бы ўзялі, прынялі, абы самой на кірмаш не цягнуцца, бо дзе той час возьмеш на той кірмаш, калі і парасяткі зноў на табе, і карова, і куры, і свае соткі, і калгаснае поле… А пасля, наслюнявіўшы пальцы, удоўж і ўпоперак пасе­ чаныя лёнам і бульбоўнікам, крапівою ды лебядою, за­ касцянелыя не столькі ад старасці, колькі ад сцюдзёнай вады ды сырой зямлі, ты пералічваеш старгаваныя гро­ шы і рубель да рубля, капейку да капейчыны складва­ еш у бляшанку з­пад галандскага масла, якое ні з таго ні з сяго прывёз табе некалі ў падарунак наймалодшы сын Павэлак — на, мама, пасмакуй галандскага масла, — а тую бляшанку хаваеш у склепе, у самым дальнім кут­ ку, у ямінцы пад кадушкай з засоленымі гуркамі… I на­ што табе, Броня, ламаць хрыбет, для чаго табе тыя гро­ шы, што і калі ты на іх купіш? Нічога і ніколі, проста няма як жыць, не робячы спрадвечнай сялянскай работы, няма як, перад суседзямі сорамна не трымаць парсюкоў, ды курэй, ды карову з цялушкай, калі на тое ёсць яшчэ, здаецца, сілы. А грошы — што ж, яны хіба лішнія, яны ой як могуць спатрэбіцца, бо раптам у каго з дзяцей суд ці няшчасце якое, прыляцяць дахаты, а тут Броня і да­ стане сваю бляшанку, і спытаецца, колькі там каму даць трэба, ці на суд, ці якому начальніку. Мала ўжо, Броня, работнікаў засталося ў вёсцы такіх, як ты, ці як Хведар Былінскі — вунь ён якраз сунецца з фермы, хаваючыся за кустамі, каб не ўбачыла баба, бо тая адразу дахаты яго пагоніць, а яму хочацца з Юткам пабыць, забрацца на ягоную вежу, сесці, звесіўшы ногі, засмаліць цыгар­ ку і пагаварыць альбо памаўчаць, гледзячы на восень­ скую, трохі пуставатую, але ўсё адно найпрыгажэйшую ў свеце, родную вёску… Здароў быў, Хведар, забірайся давай на вежу, пакуль дажджу няма, пасядзім разам, бо нешта аднаму сёння Ютку сумнавата, хутчэй за ўсё, праз сына свайго самотна, бо, здаецца, пакаціўся Ром­ ка каменьчыкам не з той гары і не ў той бок… Э, Ютка, не было б большай бяды, а гэту агораем! Ну падабаецца дзецюку апрануцца хораша, дым пусціць у вочы, дык хіба мы з табою ў свой час пра хромавыя боты з халявамі гармонікам не марылі?.. Не, Хведар, тут не тое, тут з душою нешта: пабыў хлопец два гады ў горадзе — і нібыта яго падмянілі… Э, Ютка, можа, яно і так, але нашто ўсё на горад валіць, нібыта там добрых людзей няма. Хіба ў вёсцы ў нас ніколі зладзеяў ды шэльмаў не было? А Ромка ж твой не злодзей, не шэльма, уся­ го толькі абэлтус, якому трэба мазгі ўправіць, а ты за­ мест таго вунь на якую работу яго ўладкаваў, дык хто ж вінаваты?..

Так сядзяць яны на вежы, Ютка і Хведар, размаўляюць сабе паціху, і плывуць над імі няспешна нізкія асеннія аблокі, а пад імі ляжаць Каруны, па якіх бяжыць Юткаў сын Ромка і на ўсю вёску крычыць:

— Бацька! Злазь са сваёй вежы, чаго ты там рассеўся? Фрэнк Морган цябе на вячэру кліча, каб у Амерыку запрасіць!

— Пойдзеш? — спытаўся Хведар.

— Што я там не бачыў, у Амерыцы ягонай, — прабурчэў Ютка, тужліва гледзячы на Ромку. — Але павячэраць да­ вай сходзім, бо мне абрыдла штодня адну зацірку хля­ баць.

— Дык мяне ж ніхто не запрашаў, — сумеўся Хведар.

— Я цябе запрашаю, — сказаў Ютка. — Папалам з’ядзім, што дадуць.

Яны злезлі з вежы, Ютка зайшоў дахаты, пераапрануўся ў святочнае, даў і Хведару чыстую кашулю і порткі, бо той асцерагаўся да сябе ісці, баючыся, што баба ўпрэцца і, чаго добрага, з дому не выпусціць, а Ромка ўсё круціўся вакол бацькі і лісліва зазіраў яму ў вочы, нават адарва­ ны гузік на зялёным Юткавым фрэнчы прышыў — так хацелася Ромку ў Амерыку.

— Не круціся, як г…. ў віры, — асадзіў яго Ютка. — Я калі і паеду, дык цябе не вазьму.

— Як гэта не возьмеш, — адгрызаючы нітку, ледзь не праглынуў яе разам з іголкаю Ромка. — Ты ж мне баць­ ка! Я крэўны твой, адзіны сын! Ты не маеш права!

— Я на ўсё маю права, — адрэзаў Ютка. — Чыя вежа: мая ці твая? Ты хоць адзін каменьчык наверх падняў?.. Ён во падняў, — паказаў Ютка на Хведара. — Ён і паедзе.

— Нікуды я не паеду, — адразу ж не згадзіўся Хве­ дар, стараючыся як мага ніжэй спусціць у поясе Ютка­ вы порткі, якія былі яму караткаватыя. — Мне Рыжу­ лю ў рэкардысткі сёлета выводзіць, на рубеж пяці тысяч літраў. Апошні квартал застаецца, зімні, самы адказны, а я ў Амерыку падамся. Як я пасля Рыжулі ў вочы гля­ ну? Што ёй скажу?

— А ты з ёю едзь, — раптам разважліва сказаў Ромка, у якім, трэба прызнацца, шмат чаго і добрага было, у тым ліку і прастадушнасць, і вясёлы нораў, толькі ўсё гэта не атрымала свайго развіцця, знаходзілася ў першабыт­ ным стане, а вось усё астатняе, што не вельмі падабала­ ся бацьку, цудоўна развілося і мела зусім сталы выгляд абэлтуса і дармаеда. — Сваё малако мець будзеш, менш на яду патрацішся, новыя порткі купіш.

— Малайчына, — пахваліў яго Хведар, азіраючы сябе ў люстэрку. — Я ж табе казаў, Ютка, што ён яшчэ не зусім кон­ чаны чалавек… А ў портках тваіх мне на вуліцу выходзіць нельга. Я ўсё­ткі даяр, кавалер ордэна «Знак Пашаны», а не Карлсан, што жыве на даху. Так што ідзіце без мяне.

— Тады і я не пайду, — заявіў Ютка. — Заціркай павячэраем.

Ромка падняўся, сцягнуў з сябе джынсы фірмы «Le­ vis», зняў кашулю той жа фірмы і, ні слова не кажучы, працягнуў сваю апратку Хведару.

— А ты? — прымяраючы джынсы, спакойна, нібыта нічога іншага ад Ромкі і не чакаў, быццам той і насіў порткі толькі для таго, каб аддаць іх суседу, а самому за­ стацца голым, спытаўся Хведар, якому фірмовыя джын­ сы з кашуляй не толькі спадабаліся, але і прыйшліся самы раз, бо Ромка вылузаўся куды вышэйшы за баць­ ку, які амаль што ўсё жыццё, сам таго не ведаючы, быў вегетарыянцам, еў адно раслінную ежу, бульбу ды яшчэ зацірку, а праз тое не дабраў вітамінаў.

— А я не даяр і не кавалер «Знака Пашаны», я і ў тваім халаце магу пайсці, — сказаў Ромка, выцягваючы з­пад ложка куфэрак і дастаючы адтуль вельветавыя штаны і велюравую кашулю, новенькія, у цэлафанавых мяшэч­ ках. Ён напяў на сябе вельвет, накінуў велюр, адарваў ад адзежы стракатыя этыкеткі і ўручыў іх Ютку з Хве­ дарам, кожнаму па адной.

— Наце, трымайце пропускі на вячэру. Я вам не паеду ў Амерыку, карчы старыя!

— От жа шчанюк, — сплюнуў Ютка. — Пашкадаваў-такі новае.

— Ведаеш што, Ютка, — задумліва сказаў Хведар, кру­ цячы ў пальцах этыкетку ад велюравай кашулі, — усё ў свеце можа стацца. Мажліва, ты нават вежу сваю да неба дабудуеш, але халат мой даярскі падшыванец гэты аніколі ўжо не апране. Надта ты ўжо шчасця для яго хацеў, перастараўся…

— Амэн, — паставіў кропку Ромка і зарагатаў.

Фрэнк Морган сустракаў гасцей каля ўвахода ў гасцініцу, стоячы ў абдымку з Андронам Сыцюком. Ютку спачатку гэта не дужа спадабалася, але пасля ён падумаў, што, можа, яно і на лепшае: Андрон цяпер хоць да вежы ягонай чапляцца не будзе, у чым, як паказалі далейшыя падзеі, Ютка здорава памыляўся.

На вячэру апроч Андрона, Ромкі, Юткі і прыведзена­ га ім Хведара былі запрошаныя таксама дырэктар шко­ лы Ігнат Валошка, галоўны ветэрынар Васіль Блізнюк, аптэкар Саламон Цукерман, аграном Станіслаў Стапуль і ўчастковы міліцыянер Кузьма Сліж, які знаходзіўся тут як бы ў двух іпастасях: і ў гасцях, і пры службовым выкананні, а таму зорка і напружана пазіраў на гасцей, на ўсіх разам і на кожнага паасобку.

Усе названыя асобы, у тым ліку і Андрон, як ён ні тыкаўся і ні братаўся з Фрэнкам, — лічыліся гасцямі з боку Хрысціны Сымонаўны, гаспадыні вечара, якая, як і нале­ жыць жанчыне, завіхалася недзе разам з поварамі на рэста­ раннай кухні, хоць Фрэнк усяляк яе ад гэтага адгаворваў. 3 боку самога Фрэнка Моргана гасцямі на вячэры былі:

генерал­пракурор Самшытавых астравоў;

намеснік міністра замежных спраў Францыі;

ваенны аташэ невядома скуль;

былы чэмпіён свету па шахматах Бобі Фішэр; камандуючы Шостым амерыканскім флотам; міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля;

дацкі прынц, пляменнік каралевы Англіі;

не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса;

і, нарэшце, магістр нейкай тайнай італьянскай масон­ скай ложы з Сіцыліі, а з ім ягоная сакратарка з такімі нагамі і грудзьмі, што Ромка, як толькі яе ўбачыў, адра­ зу прарос коранем у спякотную сіцылійскую зямлю — і ўсім стала ясна, што ніхто цяпер яго з той зямлі не вы­ рве, акрамя хіба што Кузьмы Сліжа.

Фрэнк Морган прадставіў гасцей са свайго боку гас­ цям з боку Хрысціны Сымонаўны, раздаў і тым і другім слухаўкі электроннага перакладчыка — і ўся кампанія, начапіўшы слухаўкі на вушы, дружна рушыла ў бан­ кетную залу.

Тое, што адкрылася вачам у банкетнай зале, прыем­ на ўразіла як гасцей з боку Хрысціны Сымонаўны, так і гасцей з боку Фрэнка Моргана, прычым невядома, каго больш. Калі сказаць, што сталы ламаліся ад яды, то гэта значыць не сказаць амаль нічога, бо сталы стагналі, знемагалі ад пітва і закусак. Чаго тут толькі не стая­ ла — і, галоўнае, было абсалютна незразумела, скуль яно ўсё ўзялося. Ну, дапусцім, свежых, вяндлёных вугроў і вугроў ва ўласным саку з Нарачы можна было прывезці. Ну, дапусцім, зубраціна, ласяціна і кабаніна вод зяц­ ца ў нас у Белавежскай пушчы. Ну, дапусцім, заліўныя язычкі, ялавічыну, цяляцінку, свінінку, кожная лустач­ ка якіх свяцілася ружовай свежасцю, з Маладзечанскага мясакамбіната можна было даставіць. Ну, дапусцім, чыр­ воныя горы памідораў, зялёныя піраміды гуркоў, сінія стагі баклажанаў можна было набраць з мінскіх цяпліц. Дапусцім, нарэшце, недзе ёсць у нас на Беларусі, у са­ май глыбінцы, раёны, дзе можна было знайсці чырво­ ную і чорную ікру, ракаў і лангустаў, сёмгу і вустрыц, артышокі з труфелямі, не кажучы пра гусей з качкамі, курапатак з фазанамі і іншую дробную птушку. Але скуль узяліся сапраўдныя бананавыя і какосавыя паль­ мы, што стаялі па кутах банкетнай залы і на якіх віселі сапраўдныя какосы і бананы? Скуль выраслі каля сцен цытрусавыя: апельсіны і персікі, мандарыны і айва, абрыкосы і інжыр, галіны якіх прагіналіся ад спелых пладоў? Як прыжылася тут цеплалюбівая вінаградная лаза, што вілася па столі банкетнай залы, скуль звісалі агромністыя, як крышталёвыя люстры, гронкі залацістага вінаграду?.. А да ўсяго гэтага з усіх бакоў зайграла рап­ там музыка, успыхнулі рознакаляровыя ліхтары і сафіты, усё наўкола замігцела, заззяла, заіскрылася — і ў залу ўвайшла Хрысціна Сымонаўна з пляшкаю самагонкі ў руках, а за ёю роўным строем крочылі шасцёра повараў, першы з якіх нёс саган толькі што зваранай, дурманна пасыпанай кропам бульбы, другі — цалкам засмажанае парася з моркаўкай замест хвосціка і часначынамі замест вочак, трэці — бабку са скваркамі, затушаную ў тоўстых свіных кішках, чацвёрты — кадушку квашанай капусты, пяты — выварку салёных рыжыкаў і груздоў і апошні — місу халадцу з хрэнам. Калі і гэта ўсё ўмясцілі на сталы, то нават міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля, які шмат чаго ў сваім жыцці пабачыў, вымушаны быў падысці да Андрона Сыцюка, паціснуць яму руку і сказаць:

— Няслаба жывеш. Відаць, калгасная форма гаспадаркі ўсё­ткі даволі перспектыўная. Толькі чаму на сталах няма яйкаў і малочных прадуктаў?

— А мы не дыетчыкі, — нахабна адказаў Андрон. — У нас шлункі не баляць, ядзім, што ёсць, не перабіраючы.

Распавядаць вам, як яно ўсё елася і пілося, у летапісца гэтых абсалютна праўдзівых падзей нямашака ніякіх сіл і мажлівасцяў, бо летапісец ніколі не быў гурманам і, па-праўдзе сказаць, не ведае нават, як і з чым ядуць лангу­ сты і вустрыцы, а калі вяндлёных вугроў яму аднойчы і ўдалося пасмакаваць, дык жывых какосаў на пальмах ён і ў вочы не бачыў. Аднак паколькі вячэра мела не толькі гастранамічны, але і сацыяльны, а таксама палітычны аспекты, то апусціць іх, пакінуць у небыцці летапісец проста не мае права, бо адчувае, што гэтага яму не даруе гісторыя, на якую, дарэчы, летапісец вельмі разлічвае.

Дык вось, Фрэнк Морган, гаспадар вячэры, падняў першы тост, а сказаў наступнае:

— Паважаны пан старшыня (тут Фрэнк Морган злёгку кіўнуўся ў бок Андрона Сыцюка), паважаныя пані і панове, лэдзі і джэнтльмены, землякі! Я рады вітаць вас на гэтай сціплай урачыстасці, якую мы з Хрысцінай Сымонаўнай, маёй шчасліва знойдзенай сястрой, на­ ладзілі ў гонар крэўнай еднасці паміж людзьмі самых розных рас і рэлігій, паміж усімі краінамі і народамі. Мне хацелася б верыць, што гэтыя мае словы не заста­ нуцца проста гучнай дэкларацыяй, а з сённяшняга дня пачнуць увасабляцца на справе, бо што, як ні справа, будаўніцтва Карунскай вежы да неба, аб’яднала нас і сабрала ўсіх разам. Таму я прапаную пасля вячэры, як толькі развіднее, пайсці да вежы, дзе кожны з нас па­ кладзе свой камень у будаўніцтва шчаслівай будучыні, каб даказаць, што трагедыі вежы Вавілона не наканава­ на вечна вісець над намі вогненным мячом боскага пра­ клёну, што мы можам і павінны знайсці агульначалаве­ чую мову для ўзаемапавагі, любові і ўсяго астатняга. Я мяркую, што ў эпоху электронных перакладчыкаў не мае асаблівага значэння выбар агульначалавечай мовы, англійскай яна будзе ці рускай, іспанскай ці кітайскай, абы яна была мовай міру. Такою моваю, дарэчы, па праву магла б стаць мова нашчадкаў самых міралюбівых пля­ мён — крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, у могільніках якіх ніколі не знаходзілі пры раскопках аніякай зброі. Сімвалічна, што сёння гэта мова зямлі, на якой усё вы­ шэй падымаецца, як наша надзея, вежа да неба… Ваша здароўе, пан старшыня, ваша здароўе, пані і панове, ваша здароўе, лэдзі, джэнтльмены, ваша здароўе, землякі! — I з гэтымі словамі Фрэнк Морган па­маладзецку, па­нашаму кульнуў першую чарку самагонкі, закусіўшы яе салёным груздом і лыжкай квашанай капусты.

Хораша Фрэнк сказаў — добра яму за гэта і пайшло. I давайце парадуемся, што не было ў той час на той вячэры ні нацыяналістаў, якія б маглі скарыстаць пла­ нетарнае мысленне Фрэнка ў сваіх рэгіянальных мэтах, ні шавіністаў, якія ад такой прамовы амерыканскага мільярдэра маглі б падавіцца мяккім бананам.

Пасля некалькіх прамежкавых тостаў нязначных асоб, адна з якіх доўга і нудна пераказвала змест маніфеста Б. Расэла і А. Эйнштэйна: «Памятайце пра тое, што вы на­ лежыце да роду чалавечага, і забудзьцеся пра ўсё астат­ няе», адказнае слова ўзяў Андрон Сыцюк.

— Сёння якраз я меў гутарку з прэзідэнтам Злуча­ ных Штатаў, — пачаў Андрон, строга гледзячы прама ў вочы камандуючаму Шостым амерыканскім флотам, — і ён мне абяцаў падумаць над тым, як скараціць коль­ касць ваенных базаў, як пакласці канец так званым ла­ кальным войнам, як прадухіліць мажлівую сусветную катастрофу, а таксама над іншымі, пастаўленымі мной, пытаннямі стратэгічнага значэння. Так што калі весці разумную палітыку, то ўсё ў свеце можна наладзіць най­ лепшым чынам, таму я цалкам згодны з першай пало­ вай выступлення паважанага містэра Моргана. Аднак, што да другой паловы ягонага выступлення, — тут Ан­ дрон перастаў нарэшце свідраваць позіркам камандую­ чага Шостым амерыканскім флотам і перавёў вочы на генерал­пракурора Самшытавых астравоў, які залез у гэты час на какосавую пальму, сарваў какос і цэліўся ім у галаву дацкага прынца, пляменніка каралевы Англіі, — а канкрэтна, што да Юткавай вежы, — працягваў Ан­ дрон, думаючы пра тое, пападзе генерал­пракурор у макаўку дацкага прынца ці прамахнецца, а калі пападзе, то што расколецца, гарэх ці галава, — дык тут я катэ­ гарычна супраць. Ютка Казубоўскі — авантурыст, ак­ цыя ягоная — звычайная пагоня за сенсацыяй і нао­ гул шкодная справа, якая спарадзіла нездаровы ажыя­ таж, няправільную фінансава­гаспадарчую і палітычную арыентацыю, што адцягвае найлепшыя сілы нашага кал­ гаса, раёна, рэспублікі і ўсяго чалавецтва ад стварэння сапраўдных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў.

Хіба нам няма чым ганарыцца, акрамя ягонай вежы? — знайшоўшы вачыма ў дальнім кутку зялёны фрэнч Юткі Казубоўскага, які якраз піў на брудэршафт з магістрам тайнай італьянскай масонскай ложы, — выгукнуў з па­ фасам Андрон Сыцюк. — Хіба ў нас няма чаго пака­ заць дарагім гасцям, акрамя гэтай груды ледавіковага камення?

— Няма, — спакойна адказаў Ютка на Андронаў вы­ пад, а магістру паківаў пальцам: «Няма… I ты ў мяне не пытайся…»

Акурат у гэты момант генерал­пракурор Самшытавых астравоў шпурнуў­такі свой гарэх, але прамахнуўся — і какосавае ядро, прасвістаўшы над плячом дацкага прын­ ца, чмякнулася ў місу з разлезлым халадцом, над якім, прыцмокваючы, завіхаліся лыжкамі ваенны аташэ не­ вядома скуль, міністр сельскай гаспадаркі Ізраіля і не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса. Тое, што адбылося, калі халадзец вылецеў з місы, нават для мужчын было непрыемна, а для жанчыны, на якой адной плаціны ды каштоўных камянёў на добрых чатырыста тысяч долараў, — можаце сабе ўявіць! Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера падняла страшэнны вэрхал! Яна крычала, што жыхарам Самшытавых астравоў раз­ ам з іх генерал­пракурорам яшчэ тры стагоддзі на паль­ мах сядзець трэба, а не ў Еўропу сунуцца, каб на халя­ ву жлукціць тут самагонку з цывілізаванымі людзьмі. Пасля яна такое панесла, з такімі слоўцамі, што нават электронны перакладчык анямеў, а калі апрытомнеў, паўтараў толькі: «Ідыёма, перакладу не падлягае… Ідыёма, не перакладаецца…» — і нарэшце вымушаны быў сарамліва папрасіць прабачэння за сваю недасвед­ чанасць у тонкасцях грэчаскай мовы. Аднак дзіўная рэч: тое, што не зразумеў электронны перакладчык, цудоўна зразумелі і Хведар, і Ютка, і Андрон, і Ромка, і аптэкар Саламон Цукерман, карацей, усе, хто ведаў па­нашаму, і кожны з іх паасобку адчуў гонар за моц і сілу славян­ скага слова, падзівіўся глыбіні ягонага пранікнення ў іншапляменныя моўныя пласты. Адзін толькі ўчастковы

Кузьма Сліж гэтаму не здзівіўся і не адчуў аніякага гона­ ру, бо не трываў хуліганства ні ў слове, ні ў дзеянні, веў з ім духоўную барацьбу, а таму зараз прыкідваў: ці не пасадзіць яму грэчаскую бабу сутак на пяць у каталаж­ ку? Баючыся ўзяць на сябе непамерную міжнародную адказнасць, Кузьма выказаў свае меркаванні ваенна­ му аташэ невядома скуль, бо той, па­першае, быў пры місе з халадцом, а па­другое — пры форме, якая скрозь і заўсёды ўвасабляла дысцыпліну і парадак. Але ваенны аташэ, акуратна скідваючы з эпалетаў цялячыя і свіныя костачкі, Кузьму не падтрымаў, адхіліў ягоную прапа­ нову рэзка і нечакана:

— Не, хай тут сядзіць, баб і так мала. Як у вас, дарэчы, з публічнымі дамамі?

Наогул гэты ваенны аташэ невядома скуль аказаўся проста паталагічным бабнікам. Спачатку, паабтрусіўшыся сам і дапамогшы ачысціць ад халадцу плаціну і камяні грэчаскай не то ўдавы, не то дачкі, ён пачаў прыставаць да яе, але тая шчыра ўпадабала здаровага, пад два метры ростам, ветэрынара Васіля Блізнюка і ўсім сваім выгля­ дам давала зразумець, што яе сексуальныя інтарэсы зна­ ходзяцца ў гэты момант на славянскай тэрыторыі. Тады ваенны аташэ пачаў чапляцца да Хрысціны Сымонаўны, ні разу не прамінаючы пацалаваць ёй руку, калі гаспа­ дыня вячэры абыходзіла залу, падліваючы гасцям упа­ дабаную імі карунскую гарэлку ўсё з адной і той жа паўлітэркі, якая, нібыта ў чароўных казках пра джынаў, сама па сабе зноў рабілася поўнай.

— Ды адна, адна, для сябе трохі выгнала, дзе ж мне на магазінную грошай набрацца, — вінавата казала Хрыс­ ціна Сымонаўна, сустракаючыся з пагрозлівым позіркам Сліжа, і бегла ад яго хутчэй на другі канец залы пад аба­ рону міжнароднага таварыства.

Паколькі Сліж не меў фантазій і, зразумелая спра­ ва, ні па ўзросце, ні па пасадзе не верыў ані ў якія казкі пра джынаў, а хацеў дазнацца, дзе і колькі самагонкі ха­ вае яго былая настаўніца, ён амаль неадступна хадзіў за Хрысцінай Сымонаўнай. Таму ваенны аташэ расцаніў іх адносіны як інтымныя — і ў смелым адчаі перакінуўся на сакратарку магістра тайнай масонскай ложы, што пры­ вяло ў сляпую ярасць Ромку, які на добрым падпітку кінуўся на ваеннага аташэ, ірвануў яго за мокрыя эпале­ ты і прароў, як паранены ў адну галаву Змей Гарыныч:

— Давай выйдзем, генерал!

Залатыя ніткі трэснулі са звонам скрыпічных струн, бліскучыя эпалеты засталіся ў Ромкавых ру­ ках. Ромка і ваенны аташэ невядома скуль, хістаючыся, стаялі адзін насупраць другога, наспяваў міжнародны канфлікт нават больш небяспечны, чым скандал з ка­ косавым арэхам, але, дзякуй Богу, сітуацыю выратаваў магістр тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі. У пераднавальнічнай імгненнай цішыні ён раптам рэз­ ка падняўся ў сваім белым балахоне з чорным крыжам і зялёнай зоркай на каўпаку, распасцёр перад сабою рукі і высокім голасам, падобным на голас Раберціна Ларэці ў дзяцінстве, калі той на ўсіх зямных кантынентах спяваў знакамітую песню пра Ямайку, сказаў на тайнай ма­ сонскай мове некалькі слоў, з якіх ніхто ніводнага не зразумеў, а таму гэта і прыцягнула агульную ўвагу. Не змог справіцца з таемнаю мовай сіцылійскіх масонаў і электронны перакладчык. Пасля таго, як ён здаўся, прамыкаўшы ўжо знаёмае «перакладу не падлягае», пад­ нялася сакратарка магістра і абыякавым голасам, нават не пачырванеўшы, аб’явіла:

— Магістр пажадаў сказаць, што ён прывёз мяне ў па­ дарунак, я належу тут усім адразу і кожнаму паасобку, прычым як мужчынам, так і жанчынам. Таму са мной, — сакратарка вінавата глянула на Ромку, — не павінна быць аніякіх праблем.

Ад гэткіх слоў Хрысціна Сымонаўна адчула неверагодную млявасць, поўная паўлітэрка выслізнула ў яе з рук і грукнулася на падлогу. Нават Сліж, які ў іншы момант не прамінуў бы падысці і рэквізаваць чароўную бутэльку, стаяў, адвесіўшы сківіцу, і вочы ягоныя, што неадрыўна глядзелі на сакратарку, знянацку зрабіліся цёмнымі і вільготнымі.

— Далей магістр пажадаў сказаць, — як ні ў чым не бывала працягвала сакратарка, — што цяпер, калі яму будзе дазволена, ён хацеў бы зрабіць значна больш важ­ нае паведамленне.

Магістр павярнуўся да Фрэнка з Андронам, што на пару ўселіся пад бананавай пальмай і па чарзе збівалі бананы з рагаткі, якую Андрон адабраў у свайго сына Цімкі. Сыцюк хацеў быў запярэчыць масонскім наме­ рам, але тут у рукі яму ўпаў банан, збіты Фрэнкам, і Андрон заняўся ім, вяла махнуўшы магістру бананавай шалупінінай: давай, маўляў, паведамляй…

Усе зноў сталі глядзець на магістра і чакаць, калі сакратарка пачне распранацца. Магістр крывавата ўсміхнуўся, лед зь заўважна, мезенцам кіўнуў сакра­ тарцы і праспяваў некалькі фраз салаўіным голасам знакамітага спевака.

— Магістр жадае сказаць, — распранаючыся, стала пе­ ракладаць сакратарка, і ў ейнай інтанацыі з’явіліся ноткі ўзнёслай урачыстасці, — што па даручэнні тайнай ложы і законнага ўрада Італіі ён мае гонар паведаміць пану старшыні Андрону Сыцюку і ўсім тут прысутным ма­ сонам наступнае:

Першае. Горад Піза, у якім таксама ёсць вежа, хоць і пахіленая, аб’яўляецца горадам­пабрацімам Карун. Афіцыйную карунскую дэлегацыю будуць чакаць у Італіі на Новы год. Італьянскі ўрад прыме ўсе захады для таго, каб да навагодняга свята Пізанская вежа цэліла ў неба гэтак жа прама, як і Карунская.

Другое. Тайная італьянская ложа з Сіцыліі і масонскі ўрад Італіі (так пераклала сакратарка) прызначаюць прэмію 300 мільёнаў лір для любога грамадзяніна любой краіны, нават калі ён знаходзіцца ў турэмным зняволенні або ў доме для вар’ятаў, які зможа вызнаць і паведаміць магістру: нашто Ютка Казубоўскі будуе сваю вежу да неба і якая ў яго канчатковая мэта?

У гэты момант сакратарка засталася абсалютна без анічога, ва ўсім сваім, а таму сэнс апошніх слоў магістра да большасці публікі дайшоў слаба.

— Мат, — сказаў Бобі Фішэр, які даваў сеанс аднача­ совай гульні на васемнаццаці дошках, па колькасці гас­ цей, але гуляў з ім толькі дырэктар школы Ігнат Валош­ ка, дый то не ў шахматы, а ў марскі бой.

Пад выглядам таго, што ёй тэрмінова неабход­ на прасушыць сукенку, залітую халадцом, пачала рас­ пранацца не то ўдава, не то дачка Анасіса, папрасіўшы Васіля Блізнюка дапамагчы ёй вызваліцца ад плаціны і каштоўных камянёў.

— Корсіка, Сіцылія і Каруны вызначалі лёс Еўропы — вось што будзе запісана ў падручніках гісторыі! — тэм­ пераментна ўсклікнуў намеснік міністра замежных спраў Францыі і, падышоўшы да сакратаркі масонаў, падараваў ёй лёгкі пацалунак.

— Мадэмуазель… шарман… — з французскім акцэн­ там сказаў аграном Станіслаў Стапуль, які ўвесь ве­ чар быў заняты думкай пра тое, што калі прышчапіць да фікуса гарбуз, то гэта, мусібыць, і будзе какосавая пальма, якая зможа прыжыцца на паўднёвых схілах карунскіх пагоркаў.

Камандуючы Шостым амерыканскім флотам аб’явіў авіяносец «Амерыка» пабрацімам карабля пана Цыр­ люкевіча, прапанаваў зняцца з якара і плыць на Блізкі Усход, дзе цёплае мора і можна ўсім разам пакупацца, не маючы клопату пра купальнікі.

— Няхай баба апранецца! — абурыўся Хведар Былінскі. — Бо я дахаты пайду!

— А дзе ж той сорам, людцы? — ні да кога не звяртаю­ чыся, прашаптала Хрысціна Сымонаўна. — Што ж гэта робіцца ў белым свеце?..

Магістр масонаў глянуў на незадаволенага Ютку. Той нервова мучыўся, таму што бачыў, як б’ецца ў канвульсіях ягоны сын Ромка. Магістр склаў на грудзях рукі крыж­ накрыж — і сакратарка, абвёўшы ўсіх позіркам не тое каб з пагардай, але ўсё ж з яўнай насмешкай, стала апранацца.

Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса зграбла ў ахапак ветэрынара Васіля Блізнюка і вынесла яго з банкетнай залы.

Кузьма Сліж глытнуў паветра, выцягнуў з кабуры насоўку і выцер буйна ўспацелы лоб.

— Трыста мільёнаў лір… гэта ж колькі будзе ў дола­ рах? — спытаўся ў міністра сельскай гаспадаркі Ізраіля аптэкар Саламон Цукерман.

Саламона, брат якога з’ехаў за мяжу і згубіў там двух сваіх сыноў на чужой вайне, цікавілі і непакоілі масо­ ны, але мала забаўляла іхняя сакратарка, таму ён добра ўцяміў сэнс апошніх слоў магістра і рабіў папярэднія падлікі. Ды аказалася, што Андрон Сыцюк, які хоць і аб’еўся бананамі, таксама не спаў у шапку.

— Не лічы, Саламон, не намагайся дарма, — сказаў Ан­ дрон бананавым голасам. — Ютка зараз сам расколецца, заграбе прэмію, а на калгас, на ўсіх нас яму напляваць.

Усе ўтаропіліся ў Ютку і чакалі, калі ён стане багацеем.

Ютка падышоў да Хведара, сеў, наліў сабе і яму па кілішку.

— Будзь здароў, Хведар. Апошні раз бедным п’ю. Што ты на тое скажаш?

— На здароўе, Ютка, — сказаў Хведар. — Чаго толькі не было ў нашым жыцці — няхай і гэта будзе.

— Палову прэміі возьмеш? — закусваючы, спытаў Ютка.

— Не, — адмовіўся Хведар, — нашто мне?.. На адзежу нам з бабай хапае, а яда свая.

— От і ў мяне тое самае, — сказаў Ютка. — То, можа, пойдзем адсюль? — спытаўся Хведар. Ютка падумаў і згодна паківаў галавой. Яны падняліся і скрозь усю бан­ кетную залу, што не спускала з іх ніводнага свайго вока, прайшлі да дзвярэй, дзе іх пераняў Фрэнк.

— Гуд бай, — сказаў яму Ютка. — Гульба была ўсялякай, а за хлеб ды соль дзякуй.

— Прыедзь да мяне ў Амерыку, Ютка, — папрасіў Фрэнк. — Ну хоць паабяцай, што прыедзеш. Такіх, як ты, там у нас зусім няма.

— Ладна, — згадзіўся Ютка, — зазірну як­небудзь, калі час будзе. Чаму б не глянуць на Ціхі акіян.

— У нас там яшчэ Атлантычны ёсць, — паспешліва падхапіў Фрэнк. — 3 другога боку.

— Шчаслівы ты, — сур’ёзна сказаў Ютка. — Два акіяны маеш. А ў нас тут і мора нямашака.

— Затое ёсць карабель, — напомніў Хведар, забаяўшыся, што Ютка збярэцца ў Амерыку. — Дзе ты яшчэ карабель на гары бачыў?

— I то праўда… Быў бы карабель, а вада нацячэ. Ка­ лодзеж пракапаем! Нам, карунскім, гэта раз плюнуць, — падміргнуў Ютка Фрэнку, а на тым і скончыў размовы вадзіць, чужое слухаць і сваё даводзіць.

Ютка з Хведарам выйшлі на волю, падыхалі. Наўпрост перад імі калыхаўся ў начы карабель пана Цырлюкевіча. Не згаворваючыся, рушылі да яго.

Каля Літвінавай гары іх дагнала Хрысціна Сымонаўна, моўчкі пайшла побач. Яны ўтраіх падняліся на гару, узышлі на карабель. Ютка стаў да штурвала, і яны паплылі.

Пад небам, абсыпаным на халады зоркамі, спакой­ на спалі Каруны. Над імі велічна, упіраючыся ў рог но­ венькага, нібы толькі што адкаванага маладзіка, высілася Юткава вежа.

— Паслухай, Хведар, — трымаючы курс на вежу, спы­ таўся Ютка, — як ты думаеш: чаму гэта магістр быў ма­ сонамі нас назваў?

— Палітыка такая, — адазваўся Хведар. — Спачатку назавуць масонамі, пасля запішуць, а потым і абмасо­ няць. Яно заўсёды так рабілася.

Падплылі да Хведаравай хаты, у двух вокнах якой гарэла святло.

— Ой жа будзе мне, — працяжна пажаліўся Хведар, сыходзячы з карабля. — Ой, што мне будзе…

Ютка пачакаў, пакуль у Хведаравай хаце трохі сціхла, і пусціў карабель далей.

— Мне таксама дадому, — папрасілася Хрысціна Сы­ монаўна. — Дыктанты заўтра дзецям раздаваць, а яны ў мяне яшчэ не правераныя.

Ютка павярнуў штурвал, пераплыў вуліцу, рэчку і спыніўся каля гародчыка Хрысціны Сымонаўны.

— Дабранач, Ютка, — развіталася Хрысціна Сымо­ наўна. — Далёка не плавай. Хто яго ведае, гэты кара­ бель, ці можна на яго спадзявацца.

— Я недалёка, — сказаў Ютка, — да вежы толькі. Яна ў мяне як маяк.

Адплыўшы, ён азірнуўся: Хрысціна Сымонаўна стая­ла ў гародчыку і махала ўслед яму хвартушком.

Ютка кіраваў напрасткі і ўверх, даплыў да вежы, перабраўся на яе і адштурхнуў карабель да Літвінавай гары. Пачакаў, пакуль той аказаўся на звыклым месцы, разаслаў на плоскім камені свой парадны фрэнч, лёг і заснуў. Каля новенькага, толькі што адкаванагa маладзіка Ютку было цёпла. Нават прыпякала са спіны.

Ліпень 1986, Крэва,

верасень 1987, Смаргонь,

студзень-сакавік 1988, Менск.

НЯХАЙ ЖЫВЕ 1 МАЯ!

1 мая 2000 года два мужыкі сярэдняй знешнасці, адзін высокі і хударлявы ў шэрым плачшы, другі ніжэйшы і паўнейшы ў бел­чырвона­белай куртцы, абодва з сумкамі цераз плячо, крочылі апоўдні па вуліцах рэдка калі со­ нечнага, затое заўсёды прахалоднага горада Хельсінкі, не ведаючы, куды. У той дзень сонца і прахалода ў Хельсінкі супалі, і гэта павінна было б радаваць нашых падарожнікаў, але, паколькі не былі яны жыхарамі фін­ скай сталіцы і не ведалі, што супадзенню такому трэба радавацца, дык яны зусім нават і не радаваліся. Меліся таксама іншыя абставіны, якія заміналі ім шчасліва ад­ чуваць жыццё. Няведамы шлях — гэта пры любых іншых абставінах дастаткова непрыемнае і ў грамадскім, і ў асабістым сэнсе адчуванне, а калі яшчэ валачэшся ня­ ведамым шляхам не па роднай краіне і не пры фінансах, дык адчуванне гэтае проста мярзотнае.

— Ну і што?.. — спытаўся той, які ў куртцы, у таго, каторы ў плашчы. — І куды далей?

Па голасе ягоным, па інтанацыі, нават не ведаючы мовы, на якой прагучала пытанне, можна было здагадац­ ца, што чалавек у куртцы глыбінна пакутуе, і віноўнік пакут ягоных — чалавек у плашчы. Але паколькі нікога, хто б звяртаў на іх сёння, як, зрэшты, і ўчора, хоць бы найменшую ўвагу, ні паблізу, ні воддаль не праглядвалася, дык ніхто пра гэта і не здагадаўся, а чалавек у плашчы адказаў:

— Я вас, Вад зім Альбертавіч, нікуды за сабой не цягнуў і не цягну. Ні ў Фінляндыю, ні па ёй. Тое, што мы зараз тут, гэта якраз вынік вашай ініцыятывы. Мушу прызнаць, што пры маім патуранні, але не болей за тое… Так што, зрабіце ласку, паспрабуйце звалодаць са сваімі пачуццямі.

— Ах, як вытанчана вы загаварылі, Алег Мікалаевіч! Хоць па­фінску перакладай… А тое, што мы зараз не на цягніку ў Піцер на хакей едзем і не пахмяляемся, як усе нармальныя людзі, а цягаемся тут, як габрэі ў пустэльні, гэта вынік чыёй ініцыятывы?

— Ды якая пустэльня, Вадзік, вунь вады колькі! — усклікнуў Алег Мікалаевіч і паспрабаваў ахапіць, рас­ кінуўшы рукі, прастору аднаго з незлічоных хельсінкскіх портаў, паўз які яны крочылі, ідучы, не ведаючы, куды.

У порце загружаўся паром. Да яго падкочвалі і падкочвалі машыны, падыходзілі і падыходзілі людзі — і з нейкай неверагоднай хуткасцю, без таўкатні і шуму, нібы усіх іх там разам і кожнага паасобку чакалі­перачакаліся, прападалі ў бяздонным чэраве парома. Памільгаўшы на палубе, дзе было сонечна, але ветрана, пасажыры адразу спускаліся ў каюты, дзе было не сонечна, але цёпла.

— Кіт, які паглынае Іонаў… — азябла, не ахапіўшы не­ ахопнае, захінуўся ў плашч Алег Мікалаевіч. — Ці каго там кіт глынаў?.. Ды ўсё адно — пакатае іх і выплюне…

— Былі б грошы, — летуценна сказаў Вадзім Альбертавіч. Ён уявіў, як утульненька размясціліся б яны зараз у ка­ юце і, надумаўшы, каб не проста п’янка, які­небудзь ры­ туал, ну, дапусцім, пачакаўшы, пакуль паром адчаліць… Хоць не, наўрад ці…

— Вадзім, а ты не габрэй? — спытаў Алег Мікалаевіч, і Вадзім Альбертавіч адказаў:

— На жаль…

Алег Мікалаевіч дрыготка прыўзняў плечы.

— А чаго шкадаваць?.. Тут, як па ўсім відаць, нават га­брэям ніхто і ніколі за так не налівае.

— А ўчора? — не згадзіўся Вадзім Альбертавіч.

— Ну, учора — гэта ўчора… — як па нечым дарагім і страчаным уздыхнуў Алег Мікалаевіч. — Учора — гэта свята. Масавае братанне і ўздым свядомасці. Зрэшты, ты ведаеш, хоць сёння і панядзелак, але чамусьці мне здаецца, што дзень не безнадзейна будзённы. Калі ты кінеш глядзець у будучыню, як у тупік каля цэментнага завода, а зірнеш у прасвет вунь той вуліцы, дык убачыш у гэтую шчыліну з безвыходнасці эпізадычнае мігценне сцягоў і транспарантаў. Дальбог, Вадзік, у іх першамай­ ская дэманстрацыя!

— Кінь ты, — вяла сказаў Вадзім Альбертавіч. — Нават у нас яе адмянілі…

— Таму што ў нас ва ўладзе дэгенераты, а тут сацыял­ дэмакраты! — раптам запаліўся і не прыняў блізка да сэр­ ца безнадзейнай вяласці свайго спадарожніка па далёкім замежжы Алег Мікалаевіч. — А ці ведаеце вы, Вадзім Альбертавіч, што такое ўлада сацыял­дэмакратыі?.. Ну, ведаць ты гэта, дапусцім, ведаеш, але ці разумееш ва ўсёй глыбіні? Канечне, не, бо ў мяне не было выпадку табе пра тое распавесці. Дык вось тлумачу… Улада сацыял­ дэмакратыі — гэта ўлада абраннікаў народу, якая га­ рантуе яму, — на дадзенай мясцовасці, значыць, непас­ рэдна фінскаму народу, але, паколькі мы зараз тут, дык, запэўніваю цябе, і нам з табой — сацыяльную абаро­ ненасць. Не сацыялістычную, а сацыяльную, адчуваеш розніцу? Гэта азначае, што спачатку шоўк ідзе на сукенкі і кашулі, а пасля ўжо, калі кавалак нейкі застанецца — на сцягі… І які б ты ні цягаў сцяг, ніхто за гэта кашулю тваю з цябе не сцягне… Ды ты не слухаеш мяне, альбо не разумееш?.. Спрошчана можна сказаць, што сацыял­ дэмакратыя — гэта тое, чаго заўсёды жадалі габрэі. А габрэі хіба могуць жадаць для сябе нечага кепскага?

— Што цябе сёння на габрэях заклініла? — ніяк не пад зяляючы ідэйнага ўздыму Алега Мікалаевіча, адвярнуўся ад яго ў бок парома Вадзім Альбертавіч. — Габрэі, габрэі… Былі б грошы.

— А цябе заклініла на грошах! — папракнуў яго ў спіну Алег Мікалаевіч. — І гэта горш, чым на габрэ­ ях!.. Хоць, зрэшты, адно і тое ж… Але з габрэйкай я, як толькі ў Мінск вярнуся, ажанюся, а ты з грашыма — нідзе і ніколі!

— Без грошай нікуды і ніколі ты не вернешся… — меланхалічна пачаў адказваць нібыта самому сабе і воднай прасторы Вадзім Альбертавіч і раптам устра­ пянуўся. — Ты ўсё ж вырашыў ажаніцца са Святланай? — з цікаўнасцю павярнуўся ён да Алега Мікалаевіча, і той, прыабняўшы сябра, пацягнуў яго па вуліцы далей ад пор­ та, дзе адчальваў, выклікаючы настальгію, паром. — Вось табе на… Ты раней мне пра гэта не казаў. Яна, канеч­ не, зусім не страхотная і ўжо, што не адняць, разумная жанчына, але ў яе сын — і гэткі падобны на габрэя… Не, ты мяне зразумей правільна: гэта выклікае толькі пава­ гу... Я, прызнаюся, і не чакаў ад цябе, але чаму ты ўсё ж надумаў з ёй ажаніцца?

— Бо яна апошняя, — сказаў Алег Мікалаевіч. — І бо­ лей шанцаў выбіцца ў габрэі ў мяне не будзе… Ды кахаю я яе! — пляснуў ён сябра па спіне, убачыўшы, што той чакае ад яго зусім не дурнотных жарцікаў. — Ну што тут, здавалася б, яшчэ тлумачыць?.. А, бач ты, тлумач ты… Самі хрэн ведае хто, краіну прафукалі, па вушы ў дзярме сядзім, вырадка выбралі, каб над намі верхаводзіў, дык вось толькі тое і застаецца, што хоць бы не габрэі…

— Габрэі і прыдумалі сацыял­дэмакратыю, — чамусьці незадаволена прамовіў Вадзім Альбертавіч.

Алег Мікалаевіч катэгарычна не згадзіўся.

— Ні ў якім разе! Сацыял­дэмакратыя сама прыдума­ лася ў працэсе эвалюцыі. Гэты працэс, як бачыш, захапіў нават панылых фінаў, і нам трэба зараз як мага бліжэй падабрацца да іх сціплага свята. Нехта там, нутром ад­ чуваю, павінен быць, хто дапаможа нам з гэтай казач­ най краіны вылузнуцца… Нам патрэбны Дзед­Мароз — і мы яго знойдзем!

Вадзім Альбертавіч безнадзейна махнуў рукой.

— Ды спіць ён, як мядзведзь, такой парою…

— Нічога, пабудзім. Выбачай, скажам, дзядуля, падымайся… Я, каб ты ведаў, аднойчы ў Ніжневартаўску за­мерз быў так, што на ўсё сваё мінулае жыццё забыўся і пачаў засынаць на аўтастанцыі. Аўтастанцыя тая, каб ты ведаў,— слуп з шыльдачкай ды лаўка каля слупа. А мароз за сорак, ды яшчэ дзьме па нізе… І тут мяне два дэбілы тармосяць: здымай, кажуць, валёнкі, калі жыць хочаш.

— Дзіўна… І што?

— І зняў. Ногі, праўда, абмарозіў, затое жывы застаўся. Адным дыхам да бальніцы дабег, а то, бач ты, аўтобус мне падавай!..

Так, размаўляючы пра ўсё і ні пра што, Алег Мікалаевіч і Вадзім Альбертавіч выйшлі на Сілтасаарэнкату, вуліцу Маста на выспу, па якой сёння ўранні яны ўжо, можна сказаць, прагульваліся, але тады вуліца была зусім пу­ стэльнай і бязлюднай. Зараз жа па ёй, кіруючыся да іх бы­ лой гасцініцы, у бок Хаканіеменранта, набярэжнай Кры­ вога мысу, сапраўды рухалася штосьці падобнае на пер­ шамайскую дэманстрацыю. Так, менавіта штосьці толькі падобнае на яе, але ніяк не яна сама — шырокая, бурлівая, бясконцая рака Першамаю, якая выносіла сотні тысяч людзей на плошчу, дзе на трыбуне, азіраючы святочна ўзрушаны народ і робячы яму ручкай, стаялі мудрыя і недасягальныя, таямнічыя ў сваім завоблачным жыцці правадыры. І як радавалася кожнае простае чалавечае сэрца, адчуваючы, што б’ецца ва ўнісон з геніяльным сэр­ цам Генеральнага правадыра, які жыве вялікімі клопатамі дзяржавы, але заўважае, тым не менш, і яго, маленька­ га чалавечка, і па­бацькоўску яму ўсміхаецца. І пахла чаромхаю, бэзам, паветранымі шарамі, плакатнай папе­ рай і транспарантным паркалём, вясной і надзеямі, і — эх, бляха­муха! — так святлела, харашэла на душы, што немагчыма было стрымацца ў жаданні неадкладна, тут і зараз, крочачы ў шэрагах роднага завода па галоўнай плошчы роднай сталіцы, хлебануць з гарла за здароўе правадыра, які мудра курыруе цэментную прамысло­ васць, таму цэменту ў краіне хоць заваліся: і на будоўлі камунізму хапае, і паўсюль пад нагамі панакіданы. У тым, каб хлебануць з гарла навідавоку ў правадыроў, была, зразумела, рызыка, бо павальнае п’янства дазва­ лялася толькі пасля дэманстрацыі, але правадыры пра гэткае ўшчымленне правоў свабодных грамадзянаў, ка­ нечне ж, не ведалі і нават не здагадваліся. Паблажліва ўспрымаючы тайна ад іх забароненыя здравіцы: «За ваша здароўе!.. За родных правадыроў!..» — яны нават, як у чарзе, локцямі на трыбуне штурхаліся, першымі стара­ ючыся паказаць адзін аднаму найбольш арыгінальныя эпізоды канспірацыі і спосабы камуфляжу алкаголь­ най тары, да якіх прыбягаў народ, спрабуючы — у абы­ ход забаронаў — і правадыроў павесяліць, і сябе ў смут­ ку не пакінуць. Так у калоне роднага цэментнага завода, на якім тады брыгадзірам і майстрам, а зараз галоўным інжынерам і галоўным тэхнолагам працавалі Вадзім Альбертавіч і Алег Мікалаевіч, рухаўся грузавік з транс­ парантам «Наш цэмент мацней за вашу сталь!», у ку­ заве якога двое рабочых гэты самы сталёвы цэмент і пералапачвалі. Махаючы лапатамі і нібыта засыпаючы цэмент у бетонамяшалку, яны ўздымалі, трэба сказаць, немалы пыл, ад якога адзін правадыр пры ветрыку ад­ нойчы нават чхнуў, але змікіціў не падаць выгляду, што чхнуў ад працоўнага пылу, а неяк так задуменна і за­ клапочана зірнуў у нябёсы, ці не пагаршаецца надвор’е… Дык вось, тая бетонамяшалка, у якую рабочыя быц­ цам бы насыпалі сталёвы цэмент, а на самой справе ён ссыпаўся з яе задраенай гарлавіны зноўку ў кузаў, была аніякая не бетонамяшалка, а падзеленае ўнутры на тры часткі ёмішча, бочка з адведзенымі ад яе да левага, сха­ ванага ад трыбуны, борта кузава трыма трубаправодамі: з гарэлкай, віном і півам — кожнаму цэментніку па яго­ наму смаку і па фізічных магчымасцях. Пасля кож­ най чарговай дэманстрацыі на заводзе чакалі, што ды­ рэктар, які п’янку з цыстэрны не толькі дазваляў, але і заахвочваў, бласлаўляючы прафсаюзны камітэт выдзя­ ляць на яе грошы, па даносе паляціць за гэта і з работы, і з партыі, але, дзіва дзіўнае, ніхто за многія гады так ні разу на дырэктара і не настукаў, і ён з гонарам пайшоў на пенсію, пакінуўшы па сабе ў калектыве легендар­ ную памяць. Невялічкі казус са святочным афармлен­ нем калоны цэментнага завода здарыўся ў яго толькі аднойчы — і звязаны быў не з «бетонамяшалкай», а з транспарантам над грузавіком. На транспарант дырэк­ тару ўказалі ў тым сэнсе, што чый, маўляў, цэмент, усім зразумела, але чыя канкрэтна маецца на ўвазе сталь?.. Указанне гэтае паступіла ў сувязі з заўвагай з боку пер­ шамайскай дэлегацыі братняй Германскай Дэмакратыч­ най Рэспублікі, у складзе якой меўся прадстаўнік ня­ мецкага металургічнага завода, які пабываў некалі ў палоне ў Сібіры і вывучыў там мясцовую мову. Дырэк­ тару прапанавалі зняць з транспаранта двухсэнсоўны ў дадзеным выпадку займеннік вашу, але дырэктар, які не звык адступаць па стратэгічных накірунках і не меў па­ трэбы ані ў чыіх тактычных парадах, напралом пайшоў на гранічную аголенасць сэнсу: «Сацыялістычны цэ­ мент мацней за капіталістычную сталь!» Калі Вадзім Альбертавіч, які працаваў у той час брыгадзірам, сказаў яму, што ў такім тэксце лепей было б скарыстаць слова бетон, дырэктар брыгадзіру адразу нічога не адказаў, а пазней выклікаў да сябе ў кабінет і падарыў яму кнігу ягонага амаль што цёзкі па прозвішчы, класіка савец­ кай літаратуры Фёдара Гладкова з надпісам: «Вадзіму Альбертавічу Гладзікаву для паглыбленага вывучэння тэхналогіі вытворчасці сацыялістычнага бетону».

На фоне прамільгнуўшых успамінаў пра родны без­ бярэжны Першамай фінскае сацыял­дэмакратычнае свя­ та вясны і працы выглядала проста ўбогім і нікчэмным. Вадзім Альбертавіч ніколі б і не паверыў, што ён на свя­ це, калі б на тым рашуча не настойваў Алег Мікалаевіч, які хоць і не быў ніколі ў фінскім палоне, аднак перад паездкаю ў Фінляндыю самастойна, маючы да таго пры­ роджаныя здольнасці, вывучыў фінскую мову настолькі, што мог чытаць плакаты і транспаранты. Але нават па транспарантах і плакатах — праз адсутнасць на іх тэкстаў з аголеным сэнсам — нельга было адназначна меркаваць пра характар і скіраванасць мерапрыемства. Разрозненыя купкі людзей, адны з якіх былі ўжо далёка за ма­ стом, а іншыя да яго толькі падцягваліся і крочылі неяк няўпэўнена, нібыта раздумвалі, пераходзіць ім да канца гэты мост, ці пасярэдзіне з яго ў ваду скочыць, ніколькі не нагадвалі не тое што стройныя, мэтанакіраваныя ў сваім руху калоны на падыходзе да трыбуны на галоўнай плошчы, а не раўняліся нават з працоўнымі шэрагамі, што толькі прымяралі крок на выхадзе з варотаў род­ нага цэментнага завода. І ўжо да немачы ўражвала і ні ў якія вароты не лезла тое, што дэманстранты, перайшоўшы ўсё­ткі мост, павярнуўшы на набярэжную і дамкнуўшы мэты, ніякай мэты не знаходзілі! Іх ніхто там не чакаў! На плошчы пры набярэжнай не было ні трыбун, ні правадыроў, ні наогул каго­небудзь ці неча­ га такога, што б іх вітала, ці хоць бы абазначвала канец шляху: малайцы, маўляў, людцы, дзякуй, што дайшлі… Ды любы цэментнік нават за брэжнеўскім часам начхаў бы з гары на пагрозу любых наступстваў і плюнуў бы на такую дэманстрацыю! Дзеля чаго ногі збіваць, калі ў выніку ты падыходзіш да пяцёх, дастаткова жахлівага выгляду, жалезных мужыкоў, якія, закінуўшы галовы, трымаюць над жалезнай жанчынай з жалезным дзіцём жалезны шар у жалезным вянку? Да набачыліся мы та­ кога жалеза!.. Крутануўшыся па набярэжнай вакол гэ­ тай абыякавай да іх скульптурнай групы і натыкаючыся на саміх сябе, дэманстранты дэманстратыўна скручвалі сцягі з транспарантамі і бойкімі ручаінамі, абцякаючы штучныя перашкоды, скочваліся ўніз па вуліцы Невы­ сокай гары — вось і ўсё! А да каго ішлі? А чаго хацелі? А фінал, кода, апафеоз?.. Лепш бы ўжо яны ў ваду з ма­ ста скакалі — дык і то болей логікі было б…

— Глядзі, анархісты ідуць, — падштурхнуў сам раз­ гублены Алег Мікалаевіч зусім засмучанага Вад зіма Альбертавіча. — Можа, хоць гэтыя што­небудзь адшту­ караць?

На рэдкую чародку хлапчукоў і барадатых мужыкоў з чорна­чырвонымі сцягамі і партрэтам Бакуніна былі слабыя над зеі — і яны не апраўдаліся. Сусветная анархія нарадзілася, відаць, для таго, каб стаць мацер­ каю фінскага парадку: чорна­чырвоныя сцягі фінскія анархісты скруцілі гэтак жа ціхутка і хуценька, як і паскручвалі перад тым свае спрэс чырвоныя штандары фінскія камуністы.

— Ёрш тваю вош… — сказаў Алег Мікалаевіч. — Бакунін застэліўся б. Ці застрэліў бы Крапоткіна.

— А Ленін? — спытаў Вадзім Альбертавіч. — Яму ўсё гэта як?

— Што Ленін? — не згад зіўся Алег Мікалаевіч. — Што яму? Ён падпісаў Фінляндыі незалежнасць, так што нічога тут з ім не станецца… Наогул, ты ведаеш, у гісторыі Фінляндыі і Беларусі шмат што падобнае, але вось гэта зусім рознае.

— Гэта — гэта што? — не зразумеў Вадзім Альбертавіч.

— Тое, што Фінляндыі Ленін падпісаў незалежнасць, а ў Беларусь паслаў Тухачэўскага на кані і з шабляй.

Вадзім Альбертавіч паспрабаваў успомніць:

— Сюды ён, здаецца, таксама некага пасылаў…

— Так, але ж не налева і направа галовы секчы, — падскочыў і нібыта шабляй махануў Алег Мікалаевіч. — Як­ніяк — родныя мясціны… — І раптам застыў на скаку, нібы слупняк на яго напаў, і прашаптаў у разгубленасці над вухам Вадзіма Альбертавіча, вачам сваім, мусібыць, не паверыўшы:

— Глядзі, прэзідэнт!..

— Які прэзідэнт?.. — нечакана для самога сябе чамусьці таксама шэптам перапытаў Вадзім Альбертавіч.

На рагу вуліцы Маста на выспу і Паасіварэнкату, вуліцу Невысокай гары, дзе мясцілася іх былая гасцініца і куды выбраліся яны нарэшце з анарха­камуністычных завіхрэнняў, стаялі наўпрост перад імі тры шчабятухі жан­ чыны і мужчына. Мужчына быў даволі рослы і дзябёлы, таму — пры сістэмным уздзеянні алкаголю і замглёным праз тое зрокам — яго яшчэ можна было прыняць за Гель­ мута Коля ці Барыса Ельцына, але нават пры алкаголь­ ным атручэнні і шкляных вачах — ніяк не за Аляксандра Лукашэнку, пра якога аўтаматычна падумаў Вадзім Альбертавіч як пра кіраўніка дэлегацыі братняй краіны на свяце фінскага Першамаю. І калі нават — пры вышэйназва­ най умове — мужчыну, што стаяў за тры крокі ад іх, і можна было прыняць за нейкага з двух першых прэзідэнтаў, дык толькі як за адстаўнога, але ніяк не за дзейнага прэзідэнта, таму што ні далёка ні блізка, ні на зямлі ні ў паветры не віднелася ніводнай прыкметы, якая б магла сведчыць пра Ягоную тут прысутнасць. Ні снайпераў на дахах, ні верталётаў у небе, ні падводных лодак пад мастом. Не кажучы ўжо пра адсутнасць целаахоўнікаў, якія заўсёды здзіўлялі тым, што на іх, такіх здаровых, ваду не воз­ яць, і якіх вакол беларускага прэзідэнта пры ягоных су­ стрэчах з народам віруе заўсёды столькі, што іх з ліхвою хапіла б на даволі прыстойную па фінскіх мерках дэ­ манстрацыю працоўных… Альбо, можа быць, пераапра­ нутыя пад анархістаў, гэта яны і ёсць?

— Ды які табе гэта прэзідэнт… — тонам чалавека, які ведае ўсіх прэзідэнтаў і ўсе іх звычкі, сказаў Вадзім Альбертавіч, але Алег Мікалаевіч, не слухаючы яго і не выходзячы са слупняку, неяк крыва, прыдуркавата ўсміхнуўся і паздароўкаўся:

— Тэрвэ, спадарыня Прэзідэнт!

— Тэрвэ, — прыязна ўсміхнулася і кіўнула яму ў ад­ каз адна з трох шчабятух. Яна стаяла пад руку з мужы­ ком, якога можна было прыняць за прэзідэнта, і толькі тут Вадзім Альбертавіч раптам згадаў з потным жахам, што прэзідэнт Фінляндыя даўно ўжо не сябар савецка­ га народу Урха Кэканэн і што наогул цяпер ён нават не мужчына.

— Мы… я і ён… госці мы з Беларусі… і складанае наогул у нас становішча… — па­ранейшаму ўтрымліваючы сябе ў позе кавалерыста ў палёце, якога конь, узбрыкнуўшы, вертыкальна выкінуў з сядла, намагаўся скарыстаць, як мог, свае прыроджаныя здольнасці да чужынных моў Алег Мікалаевіч, ад чаго Вадзіма Альбертавіча з потна­ га жаху адразу ў халодныя дрыжыкі кінула: « Госпадзі, няўжо грошай папросіць?!.»

— Так, — не зразумела, дзякуй Богу, замежнай фін­ скай мовы ветлівая жанчына, самы натуральны, як вы­ ходзіла, прэзідэнт Фінляндыі, — у нас напачатку дзе­ вяностых таксама было вельмі складанае становішча, нават крызіс. Нельга ўсю нацыянальную эканоміку прывязваць да партнёрства з якой­небудзь адной краі­ най, як мы гэта нядаўна рабілі з Савецкім Саюзам, а вы зараз з Расіяй.

— Вы Тар’я Халанэн? — зусім ужо атупела, але ні­ быта на нешта яшчэ спадзяючыся, спытаў Вадзім Аль­ бертавіч.

— Так, — дасталася і яму ўсмешка Прэзідэнта. — Са святам вас!

— Са святам! — паверыў нарэшце ў рэальнасць гэтай нерэальнай сітуацыі Вадзім Альбертавіч і зрабіў рух, каб расшпіліць сумку, дзе ляжаў фотаапарат, які ён, д’ябал на яго, і цягаў з сабой толькі дзеля таго, каб сфатаграфавац­ ца на памяць з Тар’яй Халанэн! Нібы нябачны да гэтага моманту малады чалавек у акулярах, што стаяў непада­ лёку, тут жа аказаўся побач — і Вадзім Альбертавіч рэз­ ка ўцяміў, што давядзецца абыйсціся дома ў сямейным коле і ў лазні ў коле сяброў вуснымі ўспамінамі. Канеч­ не, калі б спытаць дазволу, Тар’я згадзілася б сфатагра­ фавацца з кіруючым складам цэментнага завода — калі яшчэ такі выпадак падвернецца? Ды ніколі болей ён не падвернецца, выпадак табе не мядзведзь, каб ляжаць ды з боку на бок варочацца! Толькі як спытаць дазволу, калі фотаапарат, каб візуальна намякнуць на яго, без гэтага самага дазволу не дастаць, а для вербальных зносін з усёй Фінляндыяй адна ўсяго фраза прызапашаная, дый тая па­ангельску: «Sorry, I don’t speak suomi».

Вадзім Альбертавіч ці да месца, ці не да месца згадаў, як ён з тэатрам сваёй першай жонкі, ну, з тэатрам, у тру­ пе якога працавала ягоная першая жонка Ліда Гладзікава, у якой ён і падмёў прозвішча на ўсё, колькі яго застало­ ся, жыццё, першыя дваццаць два гады сціпла пражыўшы Крывахвостам, ад чаго актрыса Гладзікава катэгарычна адмежавалася, сказаўшы: «І табе не раю», — дык вось, Вадзім Крывахвост ужо Вадзімам Гладзікавым ухітрыўся з’ездзіць з тэатрам на гэтак жа неверагодныя па тых ча­ сах, як сустрэча з прэзідэнтам на вуліцы, гастролі ў Лон­ дан, дзе стаў сведкам вулічнай сцэнкі, што ўпрыгожвала пасля ўсе тэатральныя капуснікі. Трыццаць рублёў, якія мянялі тады на валюту гордаму сваёй дзяржавай савец­ каму чалавеку, накладвалі на яго гэткі цяжар адказнасці, пра які малады фінскі мільянер Рыста Сііласмаа нават смутна не здагадваецца. За гэтыя грошы, прыблізна су­ адносныя з сумай штрафу, які плацяць сёння фіны — у чым Вадзіму Альбертавічу асабіста давялося непрыем­ на пераканацца — за няправільны пераход вуліцы, трэ­ ба было купіць усё! Ці хоць што­небудзь з усяго, але тады ўжо ўсім, колькі іх ёсць, сваякам, сябрам ды зна­ ёмым. Інакш цябе проста не зразумеюць і не ўпусцяць па вяртанні ані ў адну прыстойную кампанію. А калі і ўпусцяць, спадзяючыся, што не кончаны ж ты прыдурак і павінен прыхаваць які­небудзь сюрпрыз, а ты там гвазда­ неш, што ездзіў у Лондан выключна для наталення куль­ турай, якой ніяк не наталяешся ў клубе цэментнага заво­ да, усе з жалем паглядзяць на налітыя табе сто грамаў, і гаспадыня, пераміргнуўшыся з гаспадаром, з’едліва пад­ начыць: «Ну, што ж, надта тонкі ангельскі гумар… Шка­ да, што мы тут не лорды, і не ўсё зразумелі».

У жаху перад такой перспектывай акцёры, забыўшыся на ўсе духоўныя каштоўнасці, з вылупленымі вачы­ ма гойсалі па ўскрайках Лондана, д зе, як ім казалі, усё тое самае, што і ў цэнтры, толькі амаль задарма. Пераканаўшыся, што амаль задарма — гэта ўсё адно знач­ на болей за тое, што ў іх ёсць ва ўсіх разам узятых, яны ў адчаі кідаліся яшчэ далей, за горад, па бездарожжы ў бок Ірландыі, канчаткова губляючы арыенціры. Заблукаўшы ў гэтых бязлітасных да народных і заслужаных артыстаў джунглях бездухоўнага свету капіталу, яны, прапускаючы рэпетыцыі, намагаліся вырвацца з гандлёвых лабірынтаў і паспець у тэатр хоць бы да пачатку спектакля, але, не ведаючы ўжо нават таго, у Лондане яны заблукалі ці ў Дубліне, тым больш не маглі ўцяміць, дзе тая вуліца, дзе гэты дом. Так якраз і пачувала сябе адна з вяду­ чых акторак, калі Вадзім Альбертавіч заўважыў яе на процілеглым баку вуліцы — каля скрыжавання зусім по­ бач з тэатрам. Абвешаная пакункамі, панічна пазіраючы на гадзіннік і безнадзейна разглядаючыся наўкол, цьмя­ на здагадваючыся, што гэта недзе тут, але чорт яго ве­ дае, дзе, яна, зусім ашалеўшы, ледзьве не пад машыны кінулася да агромністага мурына­паліцэйскага, які стаяў на скрыжаванні, і, заклінаючы, спытала:

— Do you speak English?.. — А далей, ну, ніяк, а болей нічога, толькі вар’яцкае размахванне пакункамі, што паліцэйскі павінен быў зразумець, як тэатр.

—Yes, Miss… — на ўсё жыццё прыдурэў, стоячы ў цэн­ тры Лондана, мурын­паліцэйскі і, ашаломлены, нават забыўся выпісаць штраф за стварэнне на скрыжаванні аварыйнай сітуацыі.

Пакуль эпізод гэты да месца ці не да месца тоўкся ў мазгах Вадзіма Альбертавіча, нейкае залатое імгненне было ўпушчанае, і прэзідэнт Фінляндыі палічыла час аудыенцыі з беларускай дэлегацыяй скончаным.

— Перадавайце мае прывітанні Беларусі, — сказала Тар’я Халанэн і пад руку са сваім спадарожнікам па­ крочыла па вуліцы Невысокай гары ў бок рэстаранчыка «Юттутупа», куды ўсё яшчэ цягнула яе па даўняй партыйнай звычцы. За імі на паважнай адлегласці рушыў і інтэлігентны юнак у акулярах, адзіны прэзідэнцкі ахоўнік і адзіны ва ўсёй Фінляндыі незнаёмы чалавек, які за ўвесь час знаходжання тут Вадзіма Альбертавіча з Алегам Мікалаевічам звярнуў на іх хоць нейкую, па­ добную на пільную, увагу. Дзве прэзідэнцкія сяброўкі аказаліся далёка не такімі ветлівымі дамамі, як першая ледзі Фінляндыі. Яны бесперспектыўна адвярнуліся ад прадстаўнікоў дэлегацыі цэментнага завода і лёгка­ думна зашчабяталі пра сваё і па­свойму, таму, канеч­ не, правільна, што не адну з іх удумлівы фінскі народ не абраў прэзідэнтам. Вадзім Альбертавіч, блізкі да стану, у якім была некалі вядучая беларуская актор­ ка на лонданскім скрыжаванні, сіліўся ўспомніць, на якой мове загаварыць яму з Алегам Мікалаевічам, каб паведаміць яму, што ён абсалютны ёлупень. Такія пры­ роджаныя моўныя здольнасці, а такому дурню дасталіся! Са зразумелай нянавісцю да ўсеагульнай сярэдняй са­ вецкай адукацыі і незразумелым сорамам за тое, што толькі што адбылося, Вадзім Альбертавіч глядзеў услед Тар’і Халанэн і Пенцці Араярві — мужчына ж побач з Тар’яй, калі ён не Біл Клінтан, мог быць толькі ім, толькі яе, як хітра прыдумалі гэтыя скандынавы, вольным му­ жам — і панічна ўяўляў, што ж яны, Божухна, зараз пра іх думаюць, што, даруй, Госпадзі, кажуць…

— Тар’я, — мякка сказаў Пенцці, які, як і Тар’я, так­ сама быў юрыстам, хоць і не быў прэзідэнтам, — па­ мойму, ты іх не зразумела… Яны ў нас грошай прасілі, а ты ім агульныя эканамічныя пастулаты стала тлума­ чыць. Даруй, але для гэтага ты не так ужо добра веда­ еш эканоміку.

— Што ж ты ім нічога не даў, калі ўсё правільна зра­ зумеў? — трохі пакрыўдзілася Тар’я, якая прыйшла па­ глядзець на першамайскую дэманстрацыю зусім не па эканамічных, а выключна па палітычных меркаваннях, таму што сацыял­дэмакраты ўпершыню за апошнія гады дамовіліся пра шэсце па святочных вуліцах раз­ ам з камуністамі. Камуністам гэтага адразу ж падало­ ся мала, і яны запатрабавалі сумеснай прысутнасці на дэманстрацыі не толькі іх саміх, але і іхніх лозунгаў. Самая вострая барацьба партый, якія пачалі лаяцца, не паспеўшы пасябравацца, разгарнулася вакол лозун­ га «НЕ — НАТА!», у чым былі, канечне, своеасаблівыя тонкасці, паколькі, з аднаго боку, Фінляндыя ў НАТА не ўступала і ўступаць нібыта не збіраецца, але з дру­ гога боку…

— У мяне няма з сабой ні наяўных, ні крэдытнай карткі, — адказаў Пенцці.

— Шкада, — шчыра засмуцілася Тар’я. — А я сабе на­ думала, што зараз мы ў «Юттутупа» зойдзем. Пагамонім там, народ паслухаем, піва вып’ем… Свята ўсё ж, чаго дома сядзець? Дый негаваркі ты сёння: маўчыш і маўчыш да месца і не да месца… Беларусам вунь ніводнага сло­ ва не сказаў, а такія слаўныя хлопцы — і што яны пра цябе падумаюць? Сугней нейкі…

— Тар’я, — гэтак жа мякка спыніў яе Пенцці, — па­ першае, сапраўды няма грошай. Выбачай, але так сталася, не ў ахоўніка ж цяпер на піва прасіць. Па­другое, дазволь табе нагадаць, што ты здала свой партыйны білет і нале­ жыш зараз усёй Фінляндыі, а не адным сацыял­дэмакратам з камуністамі ў рэстаране «Юттутупа». А, па­трэцяе, калі нават першае можна выправіць, а на другое не звярнуць увагі, дык запэўніваю цябе, што ў «Юттутупа» цяпер яблы­ ку няма дзе ўпасці, і нам давядзецца там, як беларускім ча­ плям у тумане, стаяць на адной назе, ды яшчэ прабівацца пры такой няўстойлівасці да піўной стойкі.

— Так, дарагі, — уздыхнуўшы, вымушаная была згадзіцца Тар’я. — У гэтым, бадай, праўда на тваім баку. Што ж, ва ўсялякім становішчы ёсць свае перавагі і не­ дахопы.

Гэтак нетаропка перагаворваючыся і не спяшаючы­ ся ў хадзе, каб не стамляць ахоўніка, яны ў канчатко­ вай згодзе павярнулі дадому, і ніхто старонні — ні звы­ клыя да прэзідэнтаў, што гуляюць на волі, фіны, ні, тым болей, Вадзім Альбертавіч з Алегам Мікалаевічам не маглі б здагадацца, што сёння Тар’і Халанэн удало­ ся пазбегнуць адразу двух канфліктаў: міжпартыйнага і ўнутрысямейнага. За гэта сапраўды належыла б выпіць хоць бы піва, але што паробіш…

— Глядзі! — прызямліўся нарэшце ў палёце з каня і апусціў шаблю Алег Мікалаевіч, і Вадзім Альбертавіч міжволі скалануўся. — Ды не бойся, прэзідэнты скон­ чыліся, дзяды Марозы пачаліся… Бачыш шалёнага Пек­ ку? Яно неверагодна, але гэта адзіны наш сябар ва ўсёй Фінляндыі — і мы яго згубілі і знайшлі! Пайшлі лавіць, а то, баюся, збяжыць. А ён, запэўніваю цябе, апошняя наша надзея. Я, канечне, спадзяваўся на тое, што на пралетарскім свяце працы мы не застанемся зусім не пры чым, але на такую ўдачу не разлічваў.

Занятая імі пазіцыя на рагу вуліцы Невысокай Гары і вуліцы Маста на выспу была стратэгічна выгаднай для таго, каб перагарадзіць дарогу Пекку, у якім бы на­ прамку ён ні рухаўся, і шалёны Пекка занадта позна іх заўважыў, каб паспець збегчы і згубіцца ў шэрагах дэманстрантаў, якія, згарнуўшы сцягі, адступалі з набя­ рэжнай да рэстарана.

— Друг! Таварыш! Брат! — раскінуў насустрач Пек­ ку першамайскія абдымкі Алег Мікалаевіч. — Дзе цябе чэрці носяць?

— Дзень добры, — сказаў Пекка, — даўно не бачыліся.

— Даўнавата, — таропка згадзіўся з ім Алег Мікалаевіч. — Можна сказаць з ранняга рання, а можна сказаць, з по­ зняга пазна… Як бачыш, мы не паехалі!

— Невыказна рады, — сказаў Пекка. — А калі паедзеце?

— Ды разумееш, як табе сказаць… — не дачакаўшыся Пекку ў абдымкі, задуменна пацёр патыліцу вольнымі рукамі Алег Мікалаевіч. — Спазніліся мы на цягнік. Па­ куль да гатэля дабраліся, пакуль рэчы сабралі, тое ды сёе — нашы і з’ехалі.

— Усе да адзінага? — пацікавіўся Пекка.

— Ну, не ведаю, можа, нехта і застаўся… Толькі ў гатэлі нікога няма. Хтосьці ракавіну ў прыбіральні пабіў, з нас нават грошы за яе ўзяць хацелі, але, — ляпнуў па кішэнях Алег Мікалаевіч, — не змаглі.

— Грошай у мяне няма, — кінуўшы вокам на гасцініцу, заявіў Пекка. — Не буду маніць нахабна, што зусім не маю грошай, аднак два разы за адно і тое ж фіны не плацяць.

— А хто кажа пра грошы?.. — нібыта нават пакрыўдаваў Алег Мікалаевіч. — Мы проста рады, што спаткалі цябе… Нечаму ж трэба радавацца, свята як­ніяк. Мы вунь і прэзідэнта толькі што сустрэлі, таксама парадаваліся.

— Якога прэзідэнта? — спытаў Пекка абыякава.

— А што іх у вас — два?.. — крыўдліва, а таму не над­ та ўдала паспрабаваў звострасловіць Алег Мікалаевіч. — Фінляндыі прэзідэнта, якога яшчэ…

— Тар’я Халанэн тут была? — спытаў Пекка у Вадзіма Альбертавіча, нібыта ведаючы, да каго з гэтым звяртац­ ца. — І куды пайшла?

— Туды, — махнуў у бок скверыка па вуліцы Невысокай гары Вадзім Альбертавіч.

Тут Пекка прыняў нарэшце ўласцівую яму барцоўскую стойку.

— Даўно?

— Толькі што.

— Тады і мы пойдзем! — чамусьці змяніў у адносінах да іх сваю першапачаткова жорсткую пазіцыю шалёны Пекка. — Вам цікава будзе глянуць. Гэта тое месца, дзе ў Хельсінкі варта пабываць, асабліва ў гэткі дзень. А запра­ шаю я вас туды не за так, а за атрыманую інфармацыю. Таму што інфармацыя — гэта тое, за кошт чаго жыве сёння Фінляндыя.

Гэта было ўжо адкрытае запрашэнне, і Вад зім Альбертавіч падумаў, што Тар’я Халанэн сёння хоць у нечым ім ды памагла. І, можа, яшчэ дапаможа.

Шалёны Пекка, канечне ж, ні чорта ім не быў вінны, а зусім наадварот, яны былі яму вінныя, як зямля калгасу, таму што ўчора ён іх несумненна ўратаваў ад немінучай пагібелі. Да таго ж — два разы за дзень, і калі не адра­ зу абодвух, дык ужо Вад зіма Альбертавіча па пер­ шым разе — дакладна. Учора а шостай гадзіне вечара, надумаўшы развітацца з Хельсінкі, яны выйшлі вось ад­ сюль, з гатэля «Антон», прайшлі бліжэй да цэнтра гора­ да і на подступах да Сенатскай плошчы заўважылі прык­ меты незвычайна ўзрушаных і страката ўпрыгожаных людскіх натоўпаў, якія ўсімі вуліцамі звальваліся да скверу на Эспланадзі. Значная частка і мужчын, і жан­ чын была ў белых з чорным аколышкам і брылём, па­ добных да капітанскіх, кепі, і Вад зіму Альбертавічу спачатку здалося, што яны патрапілі хутчэй за ўсё на нейкае прафесійна­марское свята, але такой колькасці капітанаў і капітаншаў, што сабраліся ў адзін і той жа час у адным і тым жа месцы, было мнагавата нават для адкрытай усім марскім вятрам Фінляндыі. Пазней высветлілася, што належаць гэтыя кепі, якія называюц­ ца па­фінску лаккі, зусім не марскім ваўкам, а былым і цяперашнім студэнтам: яны прыватызавалі свята спат­ кання вясны, ваппуаатта, а яно выпадкова супала з пя­ рэдаднем першамаю. Зрэшты, для Вадзіма Альбертавіча з Алегам Мікалаевічам не мела прынцыповага значэн­ ня тое, хто тут і што святкуе, а было толькі цікава, як?.. Дапытлівасць Алега Мікалаевіча нястрымна паклікала яго наперад, а Вадзіма Альбертавіча рашучасць сябра ледзьве не пазбавіла жыцця.

Адзін з людскіх натоўпаў уцягнуў, усмактаў іх у сябе і вынес ад Сенатскай плошчы да Гандлёвай, адкуль ім адкрылася на Эспланадзі бліскучая ў падаючым сонцы і ўзлятаючых стужках і шарах крыштальная прастора. Дакладней, прастора была толькі над імі, а побач з імі і ва ўсе бакі ад іх — непраходны чалавечы лес, ці, калі заўгодна, неадольнае людское мора, што хвалямі, якім немагчыма было супрацьстаяць, скочвалася і кацілася да скверу, і там, дзе яно пачынала віраваць, спакусліва і прызыўна ўзвышалася над усімі аголеная ў бронзе Хавіс Аманда, якую сто год таму кахаў, увекавечыў і, магчы­ ма, памёр праз каханне да яе скульптар Валгрэн Віллі. Вадзім Альбертавіч ужо даволі даўно, пасля разводу з другой сваёй жонкай, праз каханне да якой ледзь не сканаў, дакладна ведаў, што там, дзе каханне, там заўсёды побач небяспека для жыцця, таму паспрабаваў уперціся хвалярэзам і не рухацца далей за ўмоўна вызначаную ім крытычную рысу. Але Алег Мікалаевіч, які не меў па­ добнага вопыту ў каханні і таму ва ўсім быў нецярплівы, падштурхоўваў яго і казаў: «Ну, што ты, дальбог, там жа самае цікавае, дзе і калі мы яшчэ пабачым адразу столькі страсных фінаў…» — і іх паглынуў вір. «Глядзі, глядзі, што яны робяць, яны яе апранаюць, бессаромніцу!» — у захапленні трос кулакамі над галавой Алег Мікалаевіч, і Вадзім Альбертавіч паспеў яшчэ ўбачыць, як з трох высокіх пад’ёмных кранаў маладыя людзі навыперадкі, каму першаму ўдасца, спрабуюць накінуць на галаву Хавіс Аманды гэтую самую белую з чорным аколышкам кепі­лаккі; і тут вір людскі сціснуўся, раздаўся, сціснуўся, раздаўся і зноў, і гэтым разам ужо незваротна і канчат­ кова сціснуўся — і Вадзім Альбертавіч, галава якога ў адрозненне ад галавы Алега Мікалаевіча была ў гэтым віры значна ніжэй за ватэрлінію, увесь сплюшчыўся і выпусціў дух.

«Вадзік, Вадзік, ды што з табой, Госпадзі, ды не памірай ты, як я цябе трупам дамоў адсюль дацягну?..» — пачуўся яму аддалены голас Алега Мікалаевіча, калі за­ мест любімага ўласнага духу адчуў ён у сабе ненавісны пах нашатыру і апрытомнеў каля падножжа бясконцай, што ўзыходзіла ў неба разам з белым храмам, які лунаў на ёй, лесвіцы. «Ну, вось я і памёр сабе, — ціха і супако­ ена падумаў Вадзім Альбертавіч, — а то ўсё баяўся, як яно будзе… І, Божа мой, як хораша, прыгожа як: белы храм, што лунае ў небе, бясконцая лесвіца да яго — і, мусібыць, я зараз па ёй пайду, ці над ёй палячу… Так, напэўна, палячу, дзіўная лёгкасць ува мне… Толькі ад­ куль і нашто тут Алег, і з ім яшчэ нейкі шалёны чала­ век… і Карл Маркс, ці мы сапраўды не адразу ад іх ады­ ходзім, а толькі на дзевяты дзень?..»

— Вадзім, ты чуеш мяне? — зусім не ў час і не да месца тармасіў яго Алег Мікалаевіч.

— А ты? — на ўсялякі выпадак вырашыў Вадзім Альбертавіч праверыць, ці чуюць жывыя мёртвых.

— Ды чую, Госпадзі, ачомаўся нарэшце! — прыпаў да ягоных грудзей Алег Мікалаевіч. — Што ж ты не сказаў, што табе там кепска, дурань ты гэтакі?..

— Я казаў, але ты не чуў мяне… А цяпер чуеш?

— Ды чую, чую я цябе, Божа ты мой, і ты нават не ўяўляеш, як я рады, што цябе чую!

— Значыць, трэба памерці, каб пачулі, — сказаў Вадзім Альбертавіч. — Шкада.

— Чаго табе шкада? — не зразумеў Алег Мікалаевіч.

— Столькі кранаў панагналі, каб на адну дзеўку залезці, а нам хоць адзін бы такі на завод.

— Знайшоў пра што думаць! — пад’ёмным кранам сагнуўся ў паясніцы і зноўку прыпаў да яго Алег Мікалаевіч. — Ты ж цудам жывы застаўся — і дзякуй скажы за тое.

— Дзякуй, — сказаў Вадзім Альбертавіч, гледзячы на шырачэзную, з белым храмам у канцы яе, лесвіцу і ўжо разумеючы, што яны зноў на Сенатскай плошчы — і па­ лёты адмяняюцца.

— Ды не мне, а Пекку дзякуй, — кіўнуў Алег Мікалаевіч на апранутага ў майку з партрэтам Карла Маркса на грудзях чалавека, які Вадзіму Альбертавічу чамусьці адразу здаўся шалёным. — Калі б не ён, нас бы абодвух, бадай, задушылі. Я там за табою ўніз, а яны ўпавалку на мяне. Пекка цябе, як сцяг з акружэння, вынес… Усіх размёў і затаптаў, а я ўжо па трупах за вамі.

Вадзім Альбертавіч слаба ўсміхнуўся Пекку:

— Дзякуй… Толькі як вам гэта ўдалося? Выбачайце, але вы не выглядаеце на Шварцнейгера.

— Ён і Шварцнейгера затаптаў бы, ён шалёны нейкі! — затрос перад сабой кулакамі Алег Мікалаевіч. — І па­ руску размаўляе, як мы з табой. Шчасце, што ён побач з намі аказаўся. Лёс, ёрш тваю вош.

— З вяртаннем на бурнае свята жыцця?.. — сапраўды па­руску з амаль няўлоўным акцэнтам запытальна пры­ вітаў Вадзіма Альбертавіча чалавек з партрэтам Карла Маркса на грудзях. — Паспрабуйце паварушыцца, па­ глядзім, колькі костак адваліцца.

Вадзім Альбертавіч парухаў плячыма, рукамі, нагамі, уздыхнуў… Нельга было сказаць, што нідзе і нічога не балела: балела ўсё і паўсюль. І калі ён, пераморшчваю­ чы боль, паспрабаваў падняцца і, падхоплены Алегам Мікалаевічам, ледзь не плюхнуўся на хвасцец, Пекка рашуча пастанавіў:

— Яму ў лазню трэба. Адразу памятасць здыме.

— Ды якія тут у вас лазні! — выпрастаў і стараўся вер­ тыкальна паставіць зноўку знойдзенага старога сябра Алег Мікалаевіч. — Сауны.

— У мяне на дровах, — сказаў Пекка. — І венікі ёсць.

— На дровах?! — гэтак здзівіўся Алег Мікалаевіч, нібы і не быў ніколі ў нармальнай лазні з печчу на дровах, хоць меў адну такую ў асабістым карыстанні на лецішчы і яшчэ дзве ў службовым падпарадкаванні на заводзе і ў заводскім прафілакторыі. — І венікі ёсць?

— Бяроза і дуб, — пацвердзіў Пекка. — Прапаную па­парыцца.

— Не­не, дзякуй, нам зранку ад’язджаць, — адчуўшы сябе трохі лепей, пачаў адмаўляцца ад гасціннай прапа­ новы Вадзім Альбертавіч, але Алег Мікалаевіч так зірнуў на яго, што лепш бы ён усё ж памёр.

— А далёка? — задаў ужо цалкам тэхнічнае пытанне Алег Мікалаевіч, і Пекка выявіў не толькі веданне рускай мовы, а яшчэ і адпаведнае знаёмства з фальклорам:

— Не далей, чым чайкам за мора какаць.

У вачах Алега Мікалаевіча запаліліся блакітныя агеньчыкі, дый пагляд Пеккі свяціўся не лёдам…

— Толькі на гадзіну­другую! — паспрабаваў яшчэ хоць неяк апярэдзіць грозныя падзеі, што замігцелі на даля­ глядзе, Вадзім Альбертавіч.

— А хто і калі на болей дамаўляецца? — паціснуў пля­ чыма Пекка. — Як адказваў адзін мой любімы прафе­ сар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, калі ў яго пыталіся пра час надыходу камунізму: там пабачым… Шмат якія з засвоеных у акадэміі сентэнцый я пасля адпрэчыў, але некаторыя захаваў у сабе, як памяць.

— І доўга вы іх засвойвалі? — спытаў Вадзім Альбертавіч.

—Шэсць гадоў, дзевяць месяцаў і семнаццаць дзён. Таму прапаную вам перайсці са мной на ты без намаганняў. Як з сябрам, таварышам і братам. Іначай пайшлі вы…

— Дамоўлена, таварыш! — паспешліва рукапаціснуўся з Пеккам Алег Мікалаевіч, а Вадзім Альбертавіч сваю руку ўскінуў у інтэрнацыянальным жэсце «No passaran!», з задавальненнем убачыўшы, што яна не адвалілася…

— Дык, выходзіць, вы сокалы Лукашэнкі? — спытаў Пекка, паказваючы ім лазню, якая была большая за ква­ тэры Алега Мікалаевіча з Вадзімам Альбертавічам, ці, ва ўсялякім разе, большай за адну з іх, а займала хіба чвэртку вялізнага і нейкага насцярожана пустэльнага Пеккінага дома. — А чаго сюды прыляцелі? Каб вас збілі і на плошчы прыдушылі?

— Ды як табе сказаць… — азіраючыся ў парыльні памерамі са свіран і не ўяўляючы, колькі ж трэба дроў і часу, каб напаліць яе хоць бы да першага поту, безнадзей­ на кінуў на падлогу бярэмя бярозавых круглякоў Алег Мікалаевіч. — Друг, куды ты нас прывёў? Што ты тут без нас звычайна робіш?

— Сапраўды страшнавата… — глянуўшы з дзвярэй лазні ў панурыя прыцемкі дома, згадзіўся Пекка. — Мо­ жам святло запаліць і не мыцца.

— Ну ўжо не ўжо, — рашуча нахіліўся шчапаць бяро­ сту і распальваць агромністую, пад уласным цяжарам падазрона скрыўленую печ, Алег Мікалаевіч. — Цяпер мне цікава, колькі мы, не спяшаючыся, выпіць паспее­ ем, пакуль гэтая домна крывая хоць да тэмпературы ча­ лавечага цела нагрэецца?..

Выпіўку, паколькі крамы з нагоды свята былі за­ чыненыя, яны ўзялі па дарозе ў Пеккінага знаёма­ га, з якім разлічыўся за ўсё Пекка, не дазволіўшы ім патраціць сотню марак, што засталася ў іх да Піцера, хоць бы на піва. Гэта было зразумела, у Мінску яны зрабілі б з ім тое самае і нават болей, але пасля ўжо, калі распалілі лазню і селі за стол, здалося некалькі незразумелым, навошта ўвогуле ён нейкую выпіўку дабіраў, калі ў бары ягоным яна паўставала ў асарты­ менце і колькасці, разлічанай на столькі гасцей, колькі змясціцца іх магло і ў доме разам з лазняй, і ў падвор­ ку з буданамі, і ў бліжэйшай акрузе.

— Гэта ўсё кантрабанда ў розных бутэльках, — патлу­ мачыў Пекка. — Я падумаў, што, можа, вы яе прынцы­ пова піць не станеце.

Вадзім Альбертавіч і Алег Мікалаевіч пераглянуліся — і абодва яны адзін па адным заўважылі, што абодва не зразумелі, сур’ёзна гэта сказаў шалёны Пекка, альбо гэ­ так здзекліва, па­фінску пажартаваў.

— Каб ты ведаў, трэцяя любімая жонка Вад зіма

Альбертавіча трошкі працуе ў турыстычным бюро, а сам Вадзім Альбертавіч — у мінулым хакеіст, але такса­ ма, можна сказаць, трошкі… — пачаў адказваць на пы­ танне Пеккі пра тое, чаго яны сюды прыляцелі, Алег Мікалаевіч, разліваючы ў родныя маліноўскія і такса­ ма, мусібыць, кантрабандныя шклянкі некантрабанд­ ную, свежую, толькі што купленую ў Пеккінага знаёмага фінскую гарэлку, якая дома была раскошай па святах.

— Як гэта трошкі? — спытаў Пекка, ківаючы на дзве трэці напоўненыя шклянкі.

— Ну, разумееш, хоць ён і прабіўся запасным аба­ ронцам у зборную, але адносна невысокі рост трошкі супярэчыў высокім спартыўным дасягненням — і Вадзім з хакею цалкам перайшоў у цэментную прамысло­ васць, дзе рост не мае значэння і дзе ён вырас да паса­ ды галоўнага інжынера завода.

— Гэта дасягненне, — з павагай сказаў Пекка. — Прапаную выпіць за цэментную прамысловасць Беларусі!..

— А што ў Беларусі мацнейшае? — спытаў Пекка, калі ўсе без пярэчанняў выпілі, і галоўны інжынер з галоўным тэхнолагам цэментнага завода ад якаснай гарэлкі паморшчыліся, а Пекка не. — Гарэлка, ці цэмент?

— Наш цэмент мацней за вашу сталь, — успомніў Вадзім Альбертавіч.

— Гэтага не можа быць, — не згадзіўся Пекка.

— Чаму?

— Таму што няма ў Фінляндыі аніякай сталі. Ні цвёр­дай, ні мяккай. Паўсюль адна вада, скалы ды лес.

— А жывеце… — пакруціў галавой Вад зім Альбер­тавіч.

— Дык вось любімая жонка Вадзіма Альбертавіча, — працягваў, закусваючы, Алег Мікалаевіч, — дый тое, прашу заўважыць, толькі трэцяя жонка, а не першая і не другая, прэзентавала яму суцяшальны тур у юнацт­ ва — на чэмпіянат свету па хакеі ў Санкт­Пецярбургу… І я згадзіўся Вадзіма Альбертавіча ў гэтай ягонай ванд­ роўцы, як Мефістофель Фауста, суправаджаць.

— Калі Вадзім Альбертавіч быў запасным абаронцам у фінскай зборнай, — разважна сказаў Пекка, — тады ягоныя юначыя дасягненні ў хакеі ніколькі не меншыя за яго­ ныя дарослыя дасягненні ў цэментнай прамысловасці. Аль­ бо вы папросту гарады і краіны пераблыталі, сокалы?

— На жаль, Вадзім Альбертавіч не гуляў за фінскую зборную, а, на шчасце, анічога мы не пераблыталі. Выйшла так, што Хельсінкі ўдала прышпіліўся ў гэтым суцяшаль­ ным туры да Санкт­Пецярбургу, толькі спераду. Дзесяць дзён там, а два дні тут. Так бы мовіць, для размінкі.

— Раз­мінаемся, — сказаў Пекка. — Налі­вай!..

— А што гэта мы проста так выпілі? — апамятаўся, праглынуўшы гарэлку, Алег Мікалаевіч.

— Сапраўды, — падтрымаў яго Вадзім Альбертавіч. — У нас так не прынята…

— Прынята, што так не прынята, — пайшоў ім насу­ страч Пекка. — Я ж помніў, што не прынята, таму з то­ ста і пачаў, а пасля ўзяў ды забыўся. Для выпраўлення памылкі — налі­вай!.. Прапаную выпіць за перамогу!

— Каго над кім? — спытаў Вадзім Альбертавіч.

— Зборнай Беларусі над зборнай Расіі!

— Нерэальна! — тонам знаўцы заявіў Вадзім Альбертавіч.

— Тады ў заклад? — завёўся Пекка. — На сто марак?

— І я ў долі, — ушчыміўся Алег Мікалаевіч.

— З кім? — спытаў Вадзім Альбертавіч.

— З табой, я хіба дурань, каб прайграваць? Вадзім Альбертавіч глянуў на яго і завагаўся.

— Што ж мы абодва супраць сваіх ставім?.. Неяк не патрыятычна… — І спытаўся ў Пеккі. — Калі б фіны з рускімі гулялі, ты б на каго паставіў?

— Фіны ставяць толькі на сваіх, — сказаў Пекка. — Таму мы і фіны.

Узнікла маральная праблема — лепш бы Вадзім Альбертавіч не вагаўся і нічога ў Пеккі не пытаўся.

— Магу на рускіх паставіць, я ўсё ж у Маскве вучыў­ ся, — хітра падагрэў іх патрыятычныя пачуцці, выйгра­ ючы на гэтым сто марак, Пекка.

— Прынята! — адчайна працягнуў яму руку Вадзім Альбертавіч. — Ставім на сваіх, дзе наша не прападала!

— Тут і прапала, — незадаволена буркнуў Алег Міка­ лаевіч. — Сто марак — гэта сто марак, а патрыятызм — хрэн ведае што…

— За прынятае і прымем, — падняў шклянку Пекка. — І за хрэн ведае што!..

— І за перамогу! — чокнуўся з ім Вадзім Альбертавіч.

— І за перамогу! — чокнуўся Пекка з Алегам Мікалаевічам.

— Можна было і падзяліць, — выціраючы гарэлку ў куточках рота, заўважыў Алег Мікалаевіч. — А то тостаў на ўсё не хопіць.

— Грошай бы хапіла, — сказаў нібыта сабе самому Вадзім Альбертавіч.

— А што гэта вы з такімі грашыма ды ў такое падарожжа? — спагадліва спытаў Пекка. — Усё ж інжынеры…

— Так, але простыя, — уздыхнуў Вадзім Альбертавіч.

— Не, у нас ёсць грошы, — няўхвальна зірнуў на ся­ бра Алег Мікалаевіч. — Толькі яны ў Сонечкі… Ну, у сяброўкі і калежанкі трэцяй любімай жонкі Вадзіма Альбертавіча, якая ў нашай групе суправаджаючай. Яна параіла нам да Піцера пакінуць у сябе толькі дробязь на сувеніры, сказаўшы, што Фінляндыя — не тая краіна, дзе прапіваюцца грошы.

— Вып’ем за жанчын, — прапанаваў Пекка, — хоць няпраўда Сонечкіна… Фінляндыя якраз тая краіна, дзе прапіваюцца грошы…

— Пекка, а ты хто? — спытаў, азіраючы некалькі прас­ вятлелы дом, Алег Мікалаевіч. — Мы вось простыя савецкія інжынеры, а ты?

— А я просты фінскі антысаветчык…

— Як гэта? — затрымаўся з кавалкам селядца каля рота Алег Мікалаевіч. — А Карл Маркс на грудзях?

— Па­першае, Карл Маркс не на грудзях, а на май­ цы, — удакладніў Пекка. — А майку заўсёды можна пе­ раапрануць. Па­другое, Карл Маркс хоць і мае нейкія адносіны да марксізму, але не мае ніякіх адносін да саветызму.

Простыя, хоць, нібыта, і былыя, але ўсё адно савецкія інжынеры колькі часу памаўчалі, абдумваючы тое, што сказаў ім просты фінскі антысаветчык.

— Тады на каго ж ты сем гадоў у Маскве вучыўся? — са зразумелым Алегу Мікалаевічу недаўменнем спытаў Вадзім Альбертавіч.

— На антысаветчыка і вучыўся, — нібыта не разумею­ чы таго, чаго яны не разумеюць, адказаў Пекка. — Таму што ні на каго іншага вывучыцца там было немагчыма.

— Неяк гэта ўсё складана для нас… — здаўся Вадзім Альбертавіч. — Нам і ў простую партшколу не паступіць было…

— Вось у тым і ўся справа! І я меў у вас на ўсім гатовым амаль дзвесце рублёў стыпендыю, а вы ў сябе — двац­ цаць! — нібы пачаў нешта тлумачыць шалёны Пекка — і не стаў далей нічога высвятляць. — А, налі­вай!..

— Можа, лазня паспела?.. — выказаў меркаванне Ва­ дзім Альбертавіч, які стаў раптам пачувацца хоць і хмель­ на, але няўтульна.

— Якая ўжо цяпер лазня, — павёў рукой над застол­ лем Алег Мікалаевіч. — Чацвертую пляшку давальва­ ем… Ці пятую?..

— Цяплей будзе, — пацепнуў плячыма Вадзім Альбертавіч.

— Цяплей яму будзе!.. Сэрца пасадзіць хочаш?

— І праўда што… — зірнуў на пустыя бутэлькі Пекка і некага, мусіць, працытаваў, калі сам не пісаў вершы:

«Мужыкі, што п’юць, гуляюць,

Дух і цела аслабляюць…»

— Ну, вось бачыш, нават фіны ведаюць, — да дна разліў невядома якую пляшку Алег Мікалаевіч.

«Эх, б.., тваю маць,

Будзем яйцы аслабляць!» — скончыў цытаваць невядома каго Пекка.

— А, тады ў лазню, — падняўся з­за стала Алег Мі­ калаевіч. — Пайду зірну, як яна там… Не піце без мяне, каб на роўных паміраць. Без вас мне жыць сэнсу няма…

— Правільна, усё і усе разам, — сказаў Пекка. — Разам п’ем, разам гуляем, разам парымся, разам паміраем.

Разам пайшлі глядзець на агульную магілу.

У лазні было холадна, але не так, каб замерзнуць. «Для фіна нармальна», — сказаў Пекка і пачаў распранацца.

— Можа, гарэлкай цябе нацерці, каб не прастудзіўся? — прапанаваў Алег Мікалаевіч.

— Нацерці, — згадзіўся Пекка. — Але і я вас натру. Усё і ўсе разам.

Алег Мікалаевіч павярнуўся ўжо, каб пайсці па га­ рэлку, але зачапіўся позіркам за драўлянае вядро, што вісела на круку каля печы, і хвіліну памысліў.

— Я вядро вазьму драўлянае. Бутэлькі, калі пары падкінем, нагрэюцца.

— Вазьмі, — падтрымаў яго Пекка. — Траім з вядра лацвей націрацца.

Алег Мікалаевіч пайшоў з вядром па гарэлку, а Вадзім Альбертавіч, гледзячы, як усё не можа і не можа сцяг­ нуць з сябе майку Пекка, і падумаўшы пра тое, як было б тут і зараз хай сабе й барадатаму Карлу Марксу, без імпэту пачаў здымаць туфлі.

— Разумееш, — сказаў Пекка з­пад задранай на галаву майкі, — ніяк да канца не адпускае мяне марксізм. Душу вунь адпусціў, а галаву — не.

Вадзім Альбертавіч сцягнуў з яго майку і дагала вызваліў ад марксізму.

— Фух! — выдыхнуў Пекка. — Адразу лягчэй стала. Задушлівае ўвогуле нейкае вучэнне…

Праз мінуту­другую, звесіўшы галовы і скурчыўшыся, як абадраныя пеўні пасля п’янай бойкі, яны сядзелі на палку і, пакалочваючыся ад дрыжакаў, парыліся.

— Пары б падкінуць… — запытальна прапанаваў Вадзім Альбертавіч.

— Не зашкодзіла б, але няма з чаго, — страсянуўся Пекка. — Галоўны тэхнолаг вядро знёс.

Алег Мікалаевіч вярнуўся, ашчадна несучы вядро паперадзе сябе дзвюма рукамі.

— Ані кроплі не расплюхаў! — з самапавагай канста­ таваў ён, не вешаючы вядро зноўку на крук, а асцярож­ на ставячы яго на падлогу каля печы. — Нібыта і вядро невялічкае, а дваццаць пляшак увабрала! Я думаў, што не ўбярэ… Найбольшае, меркаваў, пятнаццаць…

— Там столькі гарэлкі не было, — засумняваўся Пекка.

— Было і яшчэ засталося. Я знайшоў за барам. Поўную скрыню.

— За барам ты толькі спірт мог знайсці. Я ж вас папярэджваў, што кантрабанда. А ну дай паспрабаваць…

— Паддай, — сказаў, п’яна акаляваючы, Вадзім.

— Куды? — спытаў Алег.

— У печ! — ужо злуючыся і раздражняючыся, загадаў Пекка. І, як выявілася праз імгненне, з ягонага боку гэ­ та было няправільна: нельга фінам злавацца на славян, таму што славяне тады разумеюць іх жарты не так, як трэба, а па­свойму.

— Ёсць! — выканаў загад Алег і, падняўшы вядро і аступіўшыся на бярозавым кругляку, плюхануў з вядра, як выйшла, на яшчэ ледзьве цёплыя зверху камяні, якія і прашыпець не паспелі, як спірт свістануў між імі це­ раз рашотку ў топку — і ўнутры печы гухнула, ударыла ў дзверцы, але, на шчасце, не выбіла іх на Алега, а печ падламілася ў супрацьлеглай, самай тонкай сваёй задняй сценцы, адкуль, як з сапла ракеты, і шугануў агонь. Печ яшчэ хіснулася ўзад­уперад, нібыта намагаючыся сама­ захавацца, і, прагінаючыся, стала закульвацца назад, рас­ кочваючы палаючыя камяні і з пылам, дымам ды іскрамі ўсімі цаглінамі сама на сябе абвальваючыся.

Алег, Вадзім і Пекка гайсанулі ад печы так, быццам і не былі п’янымі дурнямі. Адразу ж, як толькі гухнула, яны гарохам пакаціліся да дзвярэй, але зратавала іх не столькі хуткасць, колькі прастора, у якую паспелі яны адкаціцца, зратавала тое, што ў вялізным доме Пеккі і лазня была надта ж вялікая. Такая вялікая, што і напало­ ву не паспела згарэць, як ужо прыімчалі пажарныя. Трэ­ ба, праўда, сказаць, што і фінскія пажарнікі — не п’яныя дурні, і на пажары прыязджаюць яны незвычайна хутка, у чым Алег Мікалаевіч і Вадзім Альбертавіч на ўласным вопыце змаглі пераканацца…

Пакуль пажар, пакуль пажарнікі, пакуль тое ды сёе, пачало світаць. Падлічыўшы хуценька страты, высветлілі, што ў Пеккі, апроч кута дома з лазняй, згарэла май­ ка з Карлам Марксам, а ў Вадзіма Альбертавіча май­ ка без Карла Маркса, затое з порткамі і туфлямі. Добра яшчэ, што трусы ён у лазні з­за холада не зняў, у якіх, накінуўшы на плечы паўпаліто, і мітусіўся на пажары. Паўпаліто прапалілася іскрамі, вычарнілася ў сажы і выглядала праз тое лахманамі… У Алега Мікалаевіча з адзежы нічога не згарэла, толькі ён сам трохі апаліўся з броваў і чуба, а так болей нічога. Ну, згарэлі яшчэ два венікі, бярозавы і дубовы, але ў гэткай лазні наўрад ці імі, хай бы яны і ўцалелі, можна было б пакарыстацца.

— Куды ж мне голаму ў адным пінжаку? — спытаў Вадзім Альбертавіч, калі рабіць ім у Пеккі зусім ужо не стала чаго і настала пара спяшацца на цягнік. Тады толькі Пекка і даў яму свае порткі, красоўкі і бел­чырвона­ белую фінскую куртку, а не тое што Вадзім Альбертавіч у Фінляндыю прыехаў беларускім нацыяналістам — у куртцы са спалучэннем колераў, забароненым беларускімі ўладамі на мяжы тысячагоддзяў.

— Усё, — сказаў Пекка, — дзякуй і бывайце. Болей мне ад вас, мужыкі, анічога не трэба…

Ад’езд ад гасцініцы на вакзал Сонечка прызначыла а па­ лове шостай, і трэба было б з’явіцца раней, бо і рэчы, і раз­ мовы непатрэбныя, і білет калектыўны, адзін на ўсю групу, каб танней, а яны, у чужой адзежы і з абсмаленымі бровамі, стаялі чорт ведае дзе спінамі да пажарышча, не бачачы на­ перадзе, у смутным паўночным світанку нічога, што магло б хоць кудысьці ехаць і да чаго­небудзь іх падвезці. Пекка сказаў: «Ідзіце ўсё наўпрост, там будзе начны аўтобус…», — але ці то яны пайшлі няправільна наўпрост, ці то аўтобус пайшоў правільней за іх, так ці інакш — у абодвух вары­ янтах нашыя падарожнікі безнадзейна спазняліся. З­за такой мітрэнгі яны ўжо гатовыя былі запанікаваць, таму што, калі нават ты спазняешся, але ведаеш, у які бок спаз­ няешся, гэта адно, а калі і не здагадваешся, у які бок спаз­ няешся, гэта зусім іншае, але тут Алег Мікалаевіч, які быў на дзве галавы вышэйшы за Вадзіма Альбертавіча, заўважыў таксі, што стаяла метраў за трыста ад іх каля аўтобуснага прыпынку. Яны, як учадзелыя, бо такімі і былі, кінуліся да машыны навыперадкі, нібыта ў адным і тым жа таксі адзін з іх мог паехаць хутчэй за другога. Таксіст драмаў, яны расштурхалі яго і так закрычалі: «Антон! Антон! Антон!» — што той спрасоння насмерць перапалохаўся і, нават уцяміўшы, што яны не з рускай мафіі, усё ж яшчэ мінут пяць стаяў, перш чым адчуў сябе здольным на тое, каб завесці матор і рухацца, хоць неяк распазнаючы дарогу. Час сыходзіў — і адносна часу ад’езду раўняўся ўжо нулю з мінусам дзесяць, аднак за­ ставалася, цеплілася яшчэ нейкая надзея, пакуль Вадзім Альбертавіч не зірнуў на лічыльнік таксі. У Мінску за тыя сто марак, якія ў іх былі, яны б праехалі горад на любым таксі ва ўсе чатыры бакі, але тут, падавалася, ехалі яны не ў таксі, а ляцелі бізнес­класам… І не даляцелі… Пазней, паколькі Вадзім Альбертавіч з Алегам Мікалаевічам не былі чэмпіёнамі свету ў марафоне і не засталі ўжо нікога са сваіх ні ў гасцініцы, ні на вакзале, яны доўга спрачаліся і вінавацілі адзін аднаго ў тым, што абодва крыкнулі ў адзін голас таксісту: «Стоп!» — як толькі лічыльнік шчоўкнуў лічбай 90. Ну хоць бы пачакалі, пакуль выскачыць100… І наогул, чаму яны вылезлі з машыны на паўдарозе, а не даехалі, плюнуўшы на ўсё, што там далей будзе, да кан­ ца, як зрабілі б гэта дома? Што іх за гэта — забілі б, ці што?.. А дзесяць марак рэшты ў таксіста не ўзялі! Таму і ўзрадаваліся, убачыўшы на дэманстрацыі Пекку, хоць нармальныя людзі пасля сённяшняй ночы пастараліся б, канечне, вочы яму не мазоліць.

Калі Пекка патрапіў, як рыбіна ў сетку, у іх перша­ майскія абдымкі, Вадзім Альбертавіч, глянуўшы на яго, падумаў, што фіны альбо наогул ніколі і ні з якой на­ годы не пераапранаюцца, альбо, калі пераапранаюцца, дык зноў у тое ж самае. Пекка быў у тым жа, ці ў гэткім жа, як і ўчора, касцюме, у той жа майцы — і на май­ цы красаваўся той жа, ці такі ж самы Карл Маркс на грудзях! Гледзячы на апранутага ва ўсё тое ж самае Пек­ку і жывога­здаровага правадыра сусветнага пралетары­ яту, можна было нават западозрыць, што анічога ўчора і не сталася, што і лазня цэлая, і Карл Маркс не згарэў!.. Але ж усё было і ўсё да д’ябла спалілася — і пасля ўсяго гэтага Пекка яшчэ запрашае іх у рэстаран, каб пахмяліць!

І што за людзі гэтыя фіны?.. Чухонцы нейкія…

— Дзякуй, Пекка, што ты ўчора ўратаваў мяне, — стара­ ючыся неяк і размову на больш высокі чалавечы ўзровень вынесці, і сапраўды яшчэ раз падзяку выказаць, прамовіў Вадзім Альбертавіч.

— Не ведаў, што тварыў, — адказаў Пекка.

Ну, і пра што, і як далей размаўляць з такім чалаве­кам?..

Прайшоўшы па скверыку паўз бронзавай скульпту­ ры (ну, дасталі!), пары голых, у бойцы, мужыкоў і на­ блізіўшыся да веранды рэстарана «Юттутупа», яны ўбачылі двух мужыкоў не зусім голых і яшчэ не ў бой­ цы, але разагрэтых і да бойкі падрыхтаваных. Адзін з іх, спусціўшы порткі па калені, адбягаў, віхляючы вя­ лым азадкам, ад рэстарана да заліва, ціхай вады якога фінам было мала, і яны ўмайстравалі ў ім яшчэ і бурлівы фантан, а другі нібыта збіраўся голазадага нягодніка і бессаромніка дагнаць — і лёгка дагнаў бы, калі б ведаў, што з ім пасля рабіць. Але як толькі ён спыняў пагоню і паварочваў назад да рэстарана, голазады, не падымаючы порткаў, перабіраў услед за ім спутанымі нагамі, гразіў кулаком і штосьці крычаў яму ў спіну… Пекка пераклаў, што гэта п’яны (чаго можна было і не перакладаць), і што ён гразіць, калі швейцар не ўпусціць яго ў рэста­ ран, накласці на верандзе гэтага камуністычнага гнязда кучу да самага балкона. З безвыходным адчаем на тва­ ры швейцар паварочваўся, каб зноў голазадага нібыта даганяць і забіваць — і ўсё паўтаралася спачатку…

— З гэтага балкона, — паказаў Пекка на балкон над верандай рэстарана «Юттутупа», — выступаў у верасні семнаццатага года…

—Ленін! — дурнавата паспрабаваў угадаць, думаючы, што дакладна ўгадае, Алег Мікалаевіч.

— Сталін. Не ўсім вядомы, канечне, вялікі таварыш Сталін, а тады яшчэ ўсяго толькі маленькі грузін Іосіф Джугашвілі. Але і Ленін сюды заходзіў, хоць з балкона выступаў у іншым месцы. Любілі яны з балконаў высту­ паць. Раней гэта была ўласнасць партыі, а зараз проста рэстаран. Але і цяпер кампаніі ў ім, асабліва па такіх днях, збіраюцца ранейшыя, тут вас не пакрыўдзяць. Можаце прысесці за стол Куусінена, можаце за стол Ульянава­ Леніна, але пачнем з майго.

— Пекка, — з просьбаю ў голасе сказаў Вадзім Альбер­ тавіч, — нам сёння абавязкова трэба паехаць. Хоць бы ўвечары.

— Я вас і зранку не затрымліваў, — нагадаў Пекка. — Тар’я Халанэн тут? — спытаў ён швейцара, які падымаўся на веранду з такім выглядам, нібы прыняў па голазадым канчатковае рашэнне — і йшоў узяць пісталет.

— Каго за імі ўбачыш? — кіўнуў швейцар на ўпартага голазадага, які зусім спусціў порткі і чамусьці ўважліва прыглядваўся да Вадзіма Альбертавіча. — Але Тар’і няма. Я забыўся ўжо, калі яна сюды заходзіла.

— Кажы па­руску, Хуга, — паздароўкаўся з ім за руку Пекка. — Гэта новыя мае сябры, яны па­фінску не раз­ умеюць.

— А хто па­фінску разумее? — па­руску спытаў Хуга. — Гэты па­фінску разумее? — паказаў ён цераз плячо на гола­ задага. — Скажы, ну што мне з ім рабіць? Паліцыі здаць?

— Ды хай сабе пакакае, калі хочацца, — прапанаваў Пекка. — Свята ўсё ж… Але ў заклад магу пайсці, што ў яго не выйдзе. Пасікаць, можа, яшчэ і пасікае, а пака­ каць — не. Каб прылюдна пакакаць, трэба мець адпавед­ ныя здольнасці. Ты вось здольны прылюдна выступіць з балкона? Ну, скажам, заклікаць усіх да роўнасці?.. Каб сікалі ўсе аднолькавы час і аднолькавым струменем не­ залежна ад колькасці выпітага піва?

— Ну, ты і параўнаў… — нават разгубіўся Хуга. — Што выступаць, а што сікаць ці какаць!

— А гэта адно і тое ж, — сказаў Пекка. — Фракцыі розныя, а сутнасць — адна.

Хуга не спадабалася нічога з таго, што сказаў шалёны Пекка, і ён не стаў болей ні яго, ні ягоных новых сяброў затрымліваць. З голазадым яму хоць і абрыдла, але гола­ зады не ўскладняў… «Зараз здасць паліцыі», — падумаў Вадзім Альбертавіч і памыліўся.

— Гэй! Ідзі накладвай! — крыкнуў голазадаму Хуга. — Во тут! — тыркнуў ён пальцам у самы цэнтр веранды. — Во такую кучу! — ускінуў ён, наколькі змог, рукі, і ўслед за Пеккам і ягонымі сябрамі падаўся ў рэстаран.

— Пайшлі паназіраем, — падвёў іх Пекка да рэста­ раннага вакна… Голазады, убачыўшы, што ўсялякая грамадская цікаўнасць да яго прапала, пастаяў крыху, паперабіраў нагамі, пачухаў жывот, плюнуў услед выпад­ ковай машыне і, падцягваючы порткі, панура пасунуўся далей па вуліцы па сваіх голазадых клопатах.

У абедзвюх залах рэстарана «Юттутупа», назву якога вытанчана можна было б перакласці словам альтанка, калі б па­фінску ён проста і без выкрутасаў не называўся гаварыльняй, ці дакладней нават балбатоўняй, яблыку яшчэ было месца, дзе ўпасці, але ўжо гарбузу ўпасці не было дзе. Увайшоўшы ў рэстаран і ўбачыўшы за піўнымі куфлямі нядаўніх, паздаваўшых сваю ідэалагічную зброю, дэманстрантаў, Вад зім Альбертавіч з палёг­ кай канстатаваў, што логіка развіцця падзей, якая па­ нуе ва ўсім свеце, не абмінула і суровую зямлю Суомі з яе таямнічымі жыхарамі. Цяпер стала абсалютна зра­ зумела, куды і навошта крочылі яны гэтай першамай­ скай раніцай і чаму не пасаскоквалі па дарозе з маста. Знайшла сваё тлумачэнне і адносна невысокая маса­ васць маніфестацыі: калі б дэманстрантаў было болей, дык большасці з іх не заставалася б у перспектыве нічога іншага, як бегаць вакол рэстарана «Юттутупа» са спушчанымі порткамі. Мусіць, усе тут пра тое веда­ юць і папярэдне дамаўляюцца адны з аднымі, каму гэ­ тым разам выходзіць змагацца на вуліцы, а каму заста­ вацца ў кватэрах і на хутарах, падтрымліваючы бараць­ бу за лепшую будучыню ў хатніх умовах.

У першай зале Пекка адразу ж, каб не пачуваліся яны ніякавата, узяў па куфлі піва, але тут не тое што сесці, а нават стаць так, каб злаўчыцца і выпіць хоць глыток, не штурхнуўшы суседа, было немагчыма. Пек­ ка жэстам паказаў, каб прабіваліся за ім — і паўз дзвюх велічных калонаў, што падпіралі скляпенне першай залы, Вадзім Альбертавіч і Алег Мікалаевіч, узняўшы над галовамі куфлі і абліваючыся пенай, прабраліся за Пеккам у аздобленую дрэвам залу другую. Сюды народ яшчэ толькі набіваўся, і ў гэтай зале можна было воль­ на пастаяць, але шалёны Пекка распіхаў за сваім сталом сваіх партыйных саратнікаў — і неяк між імі ўсе трое яны ўціснуліся і селі.

— Мае сябры, — пазнаёміў Пекка тых, каго піхаў, з тымі, дзеля каго піхаўся. І пашырыў уяўленне сваіх ста­ рых сяброў пра сваіх сяброў новых:

— Вадзім і Алег з Беларусі.

— А!.. — адразу пацягнуўся да іх з куфлем лысаваты і скуласты чалавек, падобны на фіна гэтак жа, як пу­ стэча на лес. — Сокалы Лукашэнкі!.. А я Цімур, узбек. Мінулым годам Іслама Карымава хацеў забіць, але не выйшла. Таму збег у Фінляндыю. У Фінляндыі, між іншым, не так хораша, як вам здаецца, але жыць можна. Хоць нуда невыносная…

— Забіваць няма каго? — спытаў Вадзім Альбертавіч.

— Не, чаму, ёсць каго, я з сабой прывёз… Зараз піва нап’юся, нож навастру — пайду і заб’ю!

— Не заводзься, Цімур, — папрасіў Пекка. — Адпачні, на святы ў Фінляндыі не забіваюць.

— Для мяне, як заб’ю каго­небуд зь, так свята, — прызнаўся Цімур. — Так што будзённых дзён у мяне няма.

— Не варта з ім размаўляць… — сказала адстаронена­ прыгожая жанчына ў акулярах, якая задуменна паліла, нібы аддаленая ад усяго, што побач. — Ну яго… Чаму на­ огул усе згаджаюцца трываць ягоную прысутнасць?..

Яна сказала гэта ціха і ні да каго не звяратаючыся, таму ў словы яе ніхто і не ўслухваўся, апроч Цімура.

— Таму што ўва мне неўтаймаваныя жарсці! — адказаў

Цімур чамусьці не гэтай жанчыне, а прысеўшаму і замер­ ламу насупраць яе Алегу Мікалаевічу. — Фіны праз гэта мяне не разумеюць і збіраюцца здаць у псіхушку. Уяўляеш: там — у псіхушку, тут — у псіхушку… Я, бач ты, сваю бабу хачу зарэзаць! Дык жа мая баба, хачу рэжу — хачу не. Не свет, а псіхлякарня нейкая! І наўкол адны дактары!

— А вам, канечне, Лукашэнку хочацца зарэзаць?.. Ці ўжо зарэзалі? — спытала, задуменна палячы, адстароне­ ная жанчына замерлага Алега Мікалаевіча.

— Так, — паспешна адказаў Алег Мікалаевіч, які не чакаў, што яна ўважыць яго настолькі, што звернецца з пытаннем. — Хоць не, нашто?..

— А чаго вы так спалохаліся, калі не зарэзалі? — усміх­ нулася жанчына, здымаючы акуляры, і вочы яе пры ўсмешцы так блакітна закрасавалі, як першыя кветкі ў вясновай тундры. — Тым болей, што ваш жа прэзідэнт: хочаце — рэжце, хочаце — не.

— Я палітыкай не займаюся, я па цэменту спецыяліст, — ачмурэўшы, як ад хмелю, ад яе ўсмешкі, нібыта зусім не смешна адказаў Алег Мікалаевіч, але тут нават Пек­ ка засмяяўся:

— Замуруюць яны яго! Мафія!

— Рэзаць у Грэцыі добра, — прыглядваючыся да Вадзіма Альбертавіча, узяў нож са стала Цімур. — Там за гэта год даюць, а праз тры месяцы выходзіш. І зноў рэж, каго хочаш.

— Чуў звон… — махнуў рукой на яго Пекка. — У Грэцыі не за любое забойства год даюць, а за любоўнае, з­за рэўнасці…

— Усё правільна, — згадзіўся Цімур. — Я, не любячы, і не забіваю.

І тут за суседнім сталом, застаўленым піўнымі куф­ лямі так, што між імі і соль бы не прасыпалася, усталі і заспявалі «Варшавянку». Заспявалі па­фінску — і толькі цяпер Вадзім Альбертавіч здзівіўся, што ўсе да іх за іхнім сталом звярталіся па­руску, і нават зараз магутны фін у чырвоным свэтары з дальняга канца стала гучна, па­ руску спытаўся ў Пеккі:

— Пераспяваем?

— Пераспяваем! — прыстукнуў піўным куфлем Пекка, падняўся і заспяваў «Інтэрнацыянал».

Як яны стараліся перамагчы! Стараўся перамагчы Пекка, стараўся перамагчы мужык у чырвоным свэ­ тары, стараўся, не ў такт размахваючы нажом, Цімур, стараліся ва ўсе грудзі яшчэ пяць фінаў і дзве фінкі — і толькі адстаронена­прыгожая жанчына з вачамі вяс­ новай тундры сядзела і ўсміхалася так, нібы даўно ўжо ўсіх перамагла…

— А вы чаго? — крыкнуў ім уніз Пекка, і Вадзім з Алегам падняліся і таксама сталі старацца, неўпапад выкрыкваючы разам з Цімурам нешта азіяцкае, таму што ні па­французску, ні па­фінску не ведалі, па­руску забыліся, а па­беларуску ніколі і не помнілі. Праз гэ­ та было няёмка, ніякавата, але Пекка падміргваў ім — маўляў, нічога, галоўнае старацца! — і яны старалі­ ся, стараліся, стараліся, і ў рэшце рэшт суседзі ім за­ пляскалі і ўзнялі ў іх гонар куфлі: яны перамаглі!.. Пераможаныя прысунулі свае сталы да сталоў перамож­ цаў, пачаліся пераходы, перасядкі, куфлі пайшлі кру­ гам — і праз паўгад зіны яны ўжо ўсе разам перамагалі яшчэ некага за нейкімі сталамі, дзе таксама ўсе былі разам, і ўсё змяшалася…

— Тост хачу сказаць! — запатрабаваў Вадзім Альберта­ віч. — У нас без тостаў не прынята — і гэта абы­што!.. — Да таго ж яму здалося, што да іх, прадстаўнікоў вялікай краіны — а прадстаўніком адной толькі маленькай Беларусі ўнутрана ён ніяк не згаджаўся сябе лічыць — не ўдзяляюць належнай увагі: балбочуць ды балбочуць пра сваё, ці нават зусім ні пра што не размаўляюць.

— Скажы! — заахвоціў яго Алег Мікалаевіч, які паў­ сюль цяпер ладзіўся побач з Элізабэт, як звалі адстаро­ неную, што ўсё задуменна паліла, прыгожую жанчыну, і глядзеў у яе прахалодна­блакітныя вочы, ужо не хава­ ючы закаханасці.

— У доме гэтым бываў Ленін, у гэтым доме бываў Сталін… — пачаў Вадзім Альбертавіч і зрабіў невялічкую паўзу, патрабуючы большай павагі да такіх значных, на­званых ім імёнаў.

— А цяпер тут мы — і няхай жыве Першага Мая! — уклініўся ў паўзу ўсё той жа Алег Мікалаевіч, які пры кожным зручным выпадку — і па зразумелых прычы­ нах — спрабаваў вытыркнуцца над усімі…

Да гэтай ягонай рэплікі Вадзіму Альбертавічу хацела­ ся скзаць пра тое, што, дзе б і якія ні правілі дыктатары, якія б і дзе ні вяліся б войны, дыктатары і войны заўсёды канчаюцца, а людзі з іх простым жыццём і размовамі за куфлем піва, кветкі і дзеці, вясна і сонца застаюц­ ца. І раптам, глянуўшы ў задымлены гоман рэстарана, у прасвет паміж гатовым зачаць Алегам Мікалаевічам і гатовым забіць Цімурам, ён неяк нечакана і пранізліва зразумеў, што і дыктатары, і войны ніколі не скончацца — і ўсё пустое. Усё, апроч, можа быць, адзінага: вось гэта­ га лятучага імгнення жыцця, якое і ёсць усё адначасова і ў мінулым, і ў будучым. І што, і хто ў гэтым імгненні?.. П’янка за п’янкай… Цімур… Іслам Карымаў… Лукашэн­ ка… Не, ёсць яшчэ Пекка, ёсць яшчэ шалёны Пекка, у якога сваё імгненне, і які мог бы на іх узяць ды напля­ ваць, а ён ім узяў ды памог — ды яшчэ як!

— Тут бываў Ленін, тут бываў Сталін… — зноў пачаў Вадзім Альбертавіч, з цяжкасцю ўяўляючы, як цяпер ён ад Леніна­Сталіна пазбавіцца… — У Леніна было слабае здароўе, таму ён да гэтай пары ляжыць у Маўзалеі. У Сталіна было здароўе лепшае, таму ён наведаў Маўзалей і пайшоў… Таму Ленін памёр, а Сталін — грузін…

«Госпадзі, якую лухту я таўку!..» — прысаромеў ён са­мога сябе, але ўсім было усё адно, апроч, бадай, Цімура і Алега, якія глядзелі на яго з разуменнем і ўсё большай цікаўнасцю.

— Таму я хачу выпіць за здароўе нашага сябра Пеккі, які за сем гадоў вучобы ў Маскве ніводнага разу не быў у Маўзалеі! — скончыў Вадзім Альбертавіч, выпіў і сеў.

Тост нечакана спадабаўся і выклікаў нават нейкае ажыўленне, якое выявілася ў тым, што фіны паднялі куфлі і выпілі па глытку.

— Я таксама хачу тост сказаць! — не ўтрываў, зразу­ мела, Алег Мікалаевіч. — Ведаеце, якія б і дзе ні правілі дыктатары, якія б яны ні змушалі нас весці паміж сабой войны, дыктатары і войны канчаюцца, а людзі, кахан­ не, вясна, дзеці… карацей, жыццё застаецца і доўжыцца. І вось калі нараджаецца чалавек, з неба злятае анёл і цалуе гэтага толькі што народжанага чалавека. Калі ён цалуе яго ў галаву, чалавек вырастае разумным… ну, як Ленін ці як Пекка. Калі анёл цалуе чалавека ў плечы, чалавек будзе дужым… ну, як Артсі, — зрабіў рэверанс Алег Мікалаевіч у бок здаравяка ў чырвоным свэтары, якога палічыў не лішнім на ўсялякі выпадак вылучыць сярод астатніх. — Калі ж за гэтым сталом знойдуцца сапраўдныя мужчыны, якіх пацалаваў анёл і ў галаву, і ў плечы, і яшчэ туды, куды трэба, я прапаную ім падняцца — і, стоячы, выпіць за жанчын!

Гэта быў каронны, фірменны, так бы мовіць, тост Алега… Дома ён яго ніколі не падводзіў. Якая б ні была за сталом кампанія, нахабныя сантэхнікі ці сарамлівыя інтэлектуалы, уздзеянне тоста было ўсеахопным і заўсё­ ды прыблізна аднолькавым. У застоллі — у некай яго­ най частцы імкліва і парывіста, у нейкай частцы нясме­ ла і няўпэўнена, а ці так ужо яно трэба? — узнікаў вер­ тыкальны рух, пачыналіся хуткія жаноча­мужчынскія пераглядванні, але ў рэшце рэшт, хай нават пры пашла­ ватасці тоста, не паказваць жа, што ты на гэта самае не здольны, — і пайшлі­паехалі падколкі, кпіны, пры­ жарачкі­жарцікі… Тут жа імкліва і парывіста ўскочыў адзін Цімур, а астатнія, ці то не разабраўшы слоў, ці то не зразумеўшы іх не да канца аголенага сэнсу, тосту як бы і не пачулі. Падняўся ўслед за парывістым Цімурам толькі запаволены Артсі, аднак не болей як з рэверансам у адказ на рэверанс. Так што лепш бы Алег Мікалаевіч не кідаўся, як цецярук на таку, перамагаць Вад зіма Альбертавіча, які ў сапернікі яму і не набіваўся, адста­ роненай прыгажосці Элізабэт папросту баючыся.

— Падарылі інд зейцу новы бумеранг. Замарыўся індзеец стары бумеранг выкідваць, — у цішыні прамовіў Вадзім Альбертавіч, але зараз яго зразумелі хіба што разгублены Алег Мікалаевіч ды Пекка, які абыякава прамаўчаў.

— Я вам што сказаць хачу, пакуль пры памяці, — запрасіў іх адысці ўбок Пекка. — Трымайце два талоны на метро і сто марак, якія я вам, мусіць, прайграю, а як пасля перадам?.. Даедзеце на метро да станцыі «Кампі», там побач плошча з турысцкімі аўтобусамі, знойдзеце любы з рускімі нумарамі, дамовіцеся з вадзіцелем — і не адзін дык другі без пытанняў за гэтыя грошы вас да Піцера давязе. Усё.

— Я нікуды не паеду, — сказаў Алег Мікалаевіч. — Я тут застаюся. З Элізабэт.

— Што ж, заставайцеся, — не стаў пярэчыць Пекка. — Пайду скажу пра гэта Элізабэт, яна ўзрадуецца. Дом вы ёй, канечне, не спаліце, бо яна вас у дом не ўпусціць, але што­небудзь прыдумаеце. Хлопцы вы вынаходлівыя.

— Чаму гэта яна ў дом нас не ўпусціць? — непрыязна спытаў Алег Мікалаевіч. — Яшчэ як упусціць, мы тут ва ўсе дамы хадакі! Вунь колькі візітовак насунулі…

— Ён жартуе, Пекка, — паспрабаваў апраўдаць Вадзім Альбертавіч свінскія, мякка кажучы, паводзіны Алега Мікалаевіча, але Пекка ўжо завёўся.

— А ну давайце выйдзем на хвіліну, — голасам, не абя­ цаючым нічога добрага, прапанаваў ён сваім новым ся­ брам.

— Я нікуды не пайду, — адхіснуўся ад яго Алег Мі­ калаевіч. — Я тут застаюся. З Элізабэт. — Але Вадзім Альбертавіч настойліва ўзяў яго пад руку і вывеў з рэ­ старана.

На ходніку Пекка паспакайнеў, памаўчаў, нібы прыкідваючы, трэба яно ўсё яму, ці не трэба, і ўрэшце махнуў на сумненні рукой: трэба, не трэба — якая розніца, калі хочацца…

— Я вас як учора ўбачыў, ну, узрадваўся, падмог усё ж Бог на свята з кампаніяй! На мяне гэта іншым разам на­ кочвае — як­ніяк сем гадоў… Я за гэты час стаў для сваіх як бы сапсаваным фінам, ну ды гэтага вам не зразумець і гэта вас не тычыцца. Дык вось, да гэтых сямі гадоў я быў адзін Пекка, пад канец гэтых сямі гадоў я стаў другі, зусім іншы Пекка, а цяпер я трэці Пекка. Вырашыў я Карла Маркса не мяняць на некага іншага — і не мяняю, а ў астатнім змяняюся, таму што жыву, думаю, натураль­ на рэагуючы на тое, што адбываецца наўкол мяне і ўва мне. І не таму, што я хамелеон, чалавек без перакананняў, а таму якраз, што я перш за ўсё чалавек, а пасля ўжо, скажам, фін, альбо сябар нейкай партыі. У вас жа што толькі ні адбываецца — путчы, перабудова, страляніна, свабода слова, а вы нічарта не змяняецеся! Нібыта спа­ чатку вы рускія, а пасля ўжо людзі…

— Мы не рускія, — трохі пакрыўджана нагадаў, закаха­ ны ў жанчыну з вачамі вясновай тундры, Алег Мікалаевіч Ільін, які і па бацьку, і па маці быў чыста рускім чалаве­ кам, па недаглядзе запісаным у беларусы.

— У гэтым сэнсе вы ўсе рускія! — пераканана адрэзаў Пекка. — І беларусы рускія, і грузіны рускія, і ўзбекі! Вы там у гэтым былым вашым Савецкім Саюзе, самі нічога не маючы, самі для сябе вырашылі, што вам усё прына­ лежыць! А тое, што не прыналежыць, не прыналежыць часова, па недаглядзе! І хутка ўсё вернецца. І Прыбал­ тыка вернецца, і Сярэдняя Азія, і Каўказ вернецца, дый Польшча з Фінляндыяй… А таму: для чаго намагацца, нашто разбірацца, як яны там жывуць, чым яны жы­ вуць — зажывуць па­нашаму! І па­нашаму загавораць, таму нашто іх дзікунскія мовы вывучаць, і па­нашаму заспяваюць, і пад нашу дудку заскачуць! І разумець не жадаеце, што гэтага не можа быць, таму што гэтага не можа быць ужо ніколі. А вы прыязджаеце сюды, бегае­ це тут па дахах з нажамі…

— З якімі яшчэ нажамі? — стараючыся адбіцца ад абвінавачванняў Пеккі, якія ў адносінах да іх не падаліся яму справядлівымі, не зразумеў Вадзім Альбертавіч.

— А вы думаеце, Цімур жартаваў пра сябе?.. Ён тут закахаўся ў жанчыну, якую ў жарсцях пачаў збіваць, а калі яна праз гэта пайшла ад яго, пастанавіў яе зарэзаць. Яго з нажом з даху дома гэтай жанчыны паліцыя зняла. Яму турма пагражала — і мой сябар, які яму, як мог, дапамагаў, з вялікімі высілкамі звёў гэтую справу да псіхічнага расстройства. А ў нас гэта зрабіць — гэта не ў вас гэта зрабіць. І нават не ў Грэцыі, таму што ў нас і за любоўнае забойства восем гадоў даюць. Дык Цімур цяпер усяму свету распавядае, што фіны яго, героя барацьбы з дыктатарскім рэжымам, у псіхушку засадзіць хацелі.

— Але ж мы не псіхі, — сказаў Алег Мікалаевіч. — Я не збіраюся з нажом па даху бегаць… У мяне ў адносінах да Элізабэт самыя сур’ёзныя намеры.

Вадзім Альбертавіч успомніў пра Святлану, з якой па вяртанні ў Мінск Алег Мікалаевіч збіраўся ажаніцца, а Пекка спытаў:

— А што за птах хвастом вышэй за дах?

— Дым… — задуменна сказаў Алег Мікалаевіч. — Гэта я, канечне, разумею…

— Ды нічога вы да гэтай пары так і не зразумелі! Усё ў вас па­ранейшаму, як у дыме — і ў саміх вас амаль нічога не змянілася. Хіба што раней вы прыязджалі сюды жабракамі і хадзілі ціха, а цяпер, накраўшы, гуляеце ў нуварышаў, кідаецеся грашыма…

— Выбачай! — яшчэ раз паспрабаваў утаймаваць ша­ лёнага Пекку далікатны Вадзім Альбертавіч. — Што да нас…

— Што да вас, дык дзякуй скажыце Сонечцы.

— Ага… — сказаў Алег Мікалаевіч.

— Што ага?.. Вас я пад адзін грабеньчык са зладзюгамі не прычэсваю, але жанчынам сваім вы павінны ногі мыць і ваду потым піць. Я там у вас на вас наглядзеўся… Калі б не вашы бабы, дык вы б так і думалі, што жыць­ пажываць — гэта гарэлку хлябаць.

— А ты з намі ўчора што рабіў? — зачапіўся за віда­ вочны пракол шалёнага Пеккі, павучэнні якога пачалі яму абрыдаць, Алег Мікалаевіч. — На скрыпцы граў?

— Таксама праўда, — згадзіўся, адразу падвяўшы, Пек­ ка. — Зрэшты, рабіце, што хочаце… Мужыкі вы нармаль­ ныя, гэта я так, у агульным кантэксце… Шкада, венікі спалілі, а ўсё астатняе нічога… Весела пагулялі.

— Вадзік! — вываліўся на іх з дзвярэй рэстарана «Мар­ ка Пола», куды адышлі яны ад веранды «Балбатоўні», нібыта знаёмы, але неяк здалёк, туманна знаёмы Вадзіму Альбертавічу мужык. — Ты што тут робіш, Вадзіла? Ты чаму да гэтай пары не ў турме за згвалтаванне?

Мянушку Вадзіла, дадзеную яму не адно па сугуччы з іменем, але і за тое, што ён часцяком ператрымліваў шайбу, як і дуркаваты жарт пра турму за згвалтаванне, маглі ведаць толькі людзі з ягонага хакейнага жыцця, якое, здавалася, было даўно, а скончылася быццам бы зусім нядаўна. Вадзім Альбертавіч глядзеў — пазнаваў і не пазнаваў…

— А ты здорава змяніўся, — ледзьве не са спагадай сказаў мужык, які сам відавочна маладзіўся. — Я цябе напачатку і за свайго не прыняў — лапар нейкі… Ну, да­ вай абдымемся, чаго стаім, столькі гадоў не бачыліся!

Мужык прыцягнуў да сябе Вадзіма Альбертавіча і, абдымаючы, садануў яму вялікімі пальцамі пад абедзве лапаткі — і па гэтым подлым жэсце варатара Глеба Бургі па мянушцы Клей абаронца Вадзім Крывахвост па мя­ нушцы Вадзіла яго і ўспомніў, і пазнаў.

— Клей! — ткнуўся Вадзім яму ў плячо. — Клей… А мне казалі, што цябе забілі.

— Спрабавалі… Але ж ты мяне ведаеш: я іх першы прышыў. Давялося праз гэта пасядзець трохі. А ты, Вадзіла, ты як?.. Бачу — жывы! Толькі састарэлы нейкі… Не, ну ты зусім стары! Цэментам цябе запарушыла, ці што?

«Няўжо я такі ж, як ён? — ледзьве не ўпершыню па­ спрабаў успомніць сябе самога, не гледзячыся ў лю­ стэрка, саракавасьмігадовы Вадзім Альбертавіч. — Не, не можа быць…»

— Дык паўста амаль… — сказаў ён Глебу. — Не хлапчук.

— Што з таго? Я ўжо год як на паўсотні праехаў… Пра гэта мне не кажы! Вы там у Беларусі, мусіць, ад радыяцыі загінаецеся. Правільна я ад вас драпануў.

— І куды ты драпануў?

— А ты што — забыўся? Спачатку ў Маскву, а пасля ў Піцер. Тым і прыжыўся, дзе весялей страляюць.

— Дык зараз ты ў Піцеры? — перапытаў Вад зім Альбертавіч, запрашаючы да размовы Алега Мікалаевіча. — Гэта сябар мой Алег.

— А то я не помню яго! Здароў быў, Гусь лапчасты! Глеб сапраўды ўсё помніў: у Алега была ў юнацтве мянушка Гусь. Часовая, прахадная, але была.

— Дык што вы тут робіце, гусі пералётныя? — абняўшы Алега Мікалаевіча і садануўшы яму пад лапаткі, спытаў Глеб.

Алег Мікалаевіч павёў занылымі крыламі.

— Вясна… Дамоў збіраемся.

— А мой дом спалілі, — сказаў Пекка. — Добры дзень.

— Вітаю, — даволі прахалодна прывітаўся Глеб. — Па­ руску гаворыш?.. Гэта добра. А то фіны апошнім часам залупацца пачалі: не разумеем, не разумеем… Нічога, яшчэ зразумеюць.

— Не зразумеюць, — не згадзіўся Пекка і не стаў далей знаёміцца, а павярнуўся і пайшоў на веранду «Балбатоўні».

— З чаго гэта ён у вас ганарысты такі? — нядобра па­ глядзеў яму ў спіну Глеб. — Пару піва праставіў? Дык зараз я ўвесь гэты кабак гарэлкай залью. Захлынуцца на халяву — ведаю я гэтых жлабоў.

— Ён не ганарысты, а шалёны, — незадаволена сказаў Вадзім Альбертавіч. — І дарма ты да яго чапляешся. Усё ж ты ў яго ў гасцях, а не ён у цябе.

— У каго гэта я ў гасцях?.. У чухонцаў гэтых?.. Не­ шта ты няправільна разумееш, Вадзік. Яны ўсё жыццё на нашым карміліся — і зараз кормяцца. Шкада, што пашкадаваў іх Сталін пад канец вайны, не дадушыў.

— І што б было? — спытаў Алег.

— Што значыць, што б было?

— Ну, што б было, каб дадушыў?

— Ды нармальная Чухонія была б! Без усялякіх га­нарыстых і шалёных… Вунь наш губернатар з чухонцаў.

Дык у­у­у, як карані свае закапаў — не дакапацца! А чаму? А таму што не дурань, ведае, што робіць. Прызнайся ён, што чухонец — і зліў бы ваду.

— Не ведаю, — сказаў Вадзім Альбертавіч. — Я трэці дзень тут — і мне падабаецца. Усё, як у нас, толькі ў сто разоў лепей.

— Значыць, ты пры бабках, Вадзіла! — зноў надзеў яго на вялікія пальцы Глеб. — А пры бабках паўсюль хораша, у любой чухоніі… Як жа мы з табой даўно не бачыліся, га?.. Жыццё мінула, Вадзік, цэлае жыццё! І куды яно, маць яго, падзелася?

— Глеб Сяргеевіч, — з’явіўся ў дзвярах, з якіх вываліўся на іх Бурга, брытагаловы мардаварот з мабільным тэ­ лефонам у руках. — Гарык з Чыкага… Кажа, што ўсё зразумеў.

— А як яму не зразумець, Чыкага не так далёка… — узяў трубку Глеб. — Ну што, мудак, адумаўся?.. Ну й дзе тая падла?.. Зараз, пачакай, Рабчык запіша, у мяне на гэ­ тыя іх назвы памяці нямашака. — І Глеб вярнуў тэлефон брытагаловаму. — На, ён табе адрас скажа, а ты запішы.

І пазвані Чэку, што праз паўгадзіны рухаемся.

— Глеб, а ты што тут робіш? — праводзіўшы паглядам брытагаловага бандыта, з відавочнай насцярогай спытаў Вадзім Альбертавіч.

— Бізнесам займаюся, Вад зік, буйным бізнесам! А ты ўжо, відаць, падумаў, што я рэкецір, ці кілер?.. Дык для гэткіх спраў у нас бязмозгіх хапае. Я ў кампаньё­ нах у Пашы Капыша быў, пакуль яго з гранатамётаў не забамбілі. Ну ды для цябе гэта гук пусты, хоць Паша Капыш, Вадзік, — гэта нафта. Уцяміў?

— Уцяміў… Ты ў нафтавыя каралі выбіўся?

— Не, ну што ты! Каралём быў Паша, з­за чаго і перастаў быць. А я ўжо так, у каралеўскім цянёчку. Кантракцік тут адзін падпішу — і ў Піцер. Шкада, часу ў нас з табой мала, але паўгадзіны маем. Пайшлі, а то ў мяне там стол прападае!..

У рэстаране «Марка Пола» гудзела гэткая ж піўная таўкатня, як і ў «Балбатоўні», але для Глеба быў накрыты каля вакна асобны, сервіраваны на чатырох, стол, над якім гарой навісаў адзін Рабчык.

— Не з’явіліся кампаньёны, — перахапіўшы недаўменны позірк Вадзіма Альбертавіча, развёў рукамі Глеб. — Самі ж тут дамовіліся, каб народу, відаць, наўкола болей было, а не прыйшлі. Зараз пад’едзем, даведаемся, чаму… А вы сядайце, чаго пасталі?

— Пекку трэба было б запрасіць… — няўпэўнена сказаў Вадзім Альбертавіч.

— Паспеецца з Пеккам! — кіўнуўшы Рабчыку, каб наліваў, паморшчыўся Глеб. — Вам калі ад’язджаць?

— Учора, — сядаючы за стол, уздыхнуў Вадзім Альбертавіч.

— Цягнік прапілі? — угадаў Глеб. — Во гэта па­нашаму! Дык я вас да Піцера дакіну, а далей ужо не праблема… Далей у нас адна краіна, малайчына ваш Лукашэнка! Наш мужык, хакеіст!.. Ну, за хакей, Вадзіла? За юнацт­ ва?.. Ці за што?

— Давай за сустрэчу, Клей. Хто б мог падумаць…

— Жыццё падумала, — сказаў, прыгубіўшы, Глеб. — Гэта не вы цягнік прапілі, гэта яно яго прапіло. І правільна зрабіла!.. За жыццё!.. А ўсё ж як вы тут — ніяк толку не даб’юся?

— На хакей мы ў Піцер сабраліся… Тур такі турыстыч­ны: два дні тут — і дзесяць у Піцеры.

— Ды ну?.. Тады ў нас навалам часу, мужыкі! І жыць у мяне будзеце.

— Нашто ў цябе?.. У нас гасцініца.

— Якая гасцініца! Вас чорт ведае д зе паселяць, чэмпіянат свету як­ніяк… А ў мяне палац! Ты жыў калі­небудзь у палацы? Жыў, канечне, толькі ў раздзя­ вальнях… Ладна, гэта мы пасля абгаворым, а пакуль пастанаўляем так. Я зараз адскокваю па сваіх справах, а вы застаецеся гуляць. Калі я праз паўтары­дзве гадзіны за вамі не заеду, сустракаемся ў гасцініцы «Антон». Гэта побач. Ведаеце, дзе?..

— Ведаем, — кіўнуў Алег Мікалаевіч. — Жылі… У ёй ды каля яе ўсё ў нас і круціцца.

— Там у нас аўтобус свой, бярэм транты — і дахаты! — падняўся ісці Глеб, але Вадзім Альбертавіч спыніў яго:

— Чакай… А разлічвацца нам за ўсё гэта чым? Глеб рассмяяўся.

— Ну, Вадзіла!.. Ты што, падумаў, што я цябе кінуць хачу? Як цябе прастытутка некалі ў Маскве кінула?

Вадзім Альбертавіч зніякавеў.

— Ды нічога я не думаю… Грошай няма.

— За ўсё, што на стале, заплачана. І трымай крэдытную картку на ўсялякі выпадак. Можаце хоць увесь гэты ка­ бак купіць і прапіць, а то ім Пекка пару піва праставіў… Гонар трэба мець савецкі!

— Які? — спытаў Алег Мікалаевіч, але Глеб, выходзячы ў дзверы і хаваючыся за квадратнай спінай Рабчыка, на пытанне гэтае яму не адказаў.

За Глеба як бы паспрабаваў адказаць Вадзім Альбер­тавіч.

— Памятаеш, Алег, у Роберта Раждзественскага: «Па нацыянальнасці я савецкі!..» Гэта з намі — і назаўсёды.

— За гэта і вып’ем?.. — прапанаваў Алег Мікалаевіч.

— Вып’ем, — згадзіўся Вадзім Альбертавіч. — А што ў тым кепскага?.. Я з савецкай уладай не змагаўся, мне яна ні жыць, ні гуляць не замінала.

— І мне не замінала, — прыкінуў, што і ў што наліць, Алег Мікалаевіч. — Усялякае, праўда, здаралася, але ўсялякае здараецца пры любой уладзе. Там засталося ўсё, што ў нас было, Вадзік, як за гэта не выпіць?.. А, давай гарэлкі — і па фужэру!..

Як, з кім і пад якія тосты пілі яны далей, абодва потым згадвалі смутна. Чамусьці менавіта гэтыя найбагатыя ў іх жыцці паўтары­дзве гадзіны на ўспаміны аказаліся самымі беднымі. Алег Мікалаевіч успомніў, што яны запрасілі Пекку і Элізабэт… Вадзім Альбертавіч успомніў, што яны запрасілі ўсіх і ўсім прапанавалі выпіць за вялікі Савецкі Саюз… За Савецкі Саюз ні за вялікі, ні за малы ніхто, апроч іх, піць не стаў, і тады Алег Мікалаевіч заскандаліў і заявіў, што фіны за рускіх не п’юць, бо ліжуць азадак амерыканцам. «Son of bitch», — адстаронена гледзячы на яго вачыма вясновай тундры, сказала Элізабэт, мяр­ куючы, мусібыць, што Алег Мікалаевіч не зразумее. Ад­ нак Алег Мікалаевіч, маючы прыроджаныя здольнасці да іншаземных моў, у тым ліку і да мовы ангельскай, усё, як мае быць, зразумеў і, носячы ў сабе нападпітку нату­ ру ўражлівую і крыўдлівую, адказаў нешта накшталт таго, што гэта якраз Элізабэт і нарадзіла яго на свет. Тут на дзіва спакойны і нават нібы тагасветны Артсі, здаравяк у чырво­ ным свэтары, падняўся, перавесіўся цераз стол, уважліва ўгледзеўся ў Алега Мікалаевіча і ўрэзаў яму ў нюрбалку. Вадзім Альбертавіч ускінуўся бараніць сябра, Артсі прыбіў яго да крэсла, падышоў Хуга — і сяброў­таварышаў ледзьве не выкінулі з амаль купленага і амаль прапітага імі рэста­ рана на вуліцу, туды, дзе звычайна бегаюць у фінаў гола­ задыя… Толькі і на гэты раз умяшаўся і выручыў шалёны Пекка: усіх утаймаваў, уціхамірыў, разагнаў па месцах. На месцах гэтых, трохі пабітага Алега Мікалаевіча і зусім цэ­ ленькага Вадзіма Альбертавіча, прыснулых мордамі ў та­ лерках, і знайшоў, вярнуўшыся за імі, Глеб Бурга.

Як яны засталіся ўдваіх, калі і куды падзеліся ўсе астатнія, чаму і за што іх кінулі, гэтага яны ўцямна не змаглі б растлумачыць, ды Глеб пра тое і не пытаўся. Ну, напіліся — і напіліся, дзіва дзіўнае, для гэтага ён тут іх і пакідаў… Абрыўкамі ўспамінаючы, як і чаму ўсё выйшла, Алег Мікалаевіч і Вадзім Альбертавіч цьмяна здагадваліся пра нешта не найлепшае…

— Добра яшчэ, што кішкі не выпусцілі, — сказаў Глеб, глянуўшы на распухлы нос Алега Мікалаевіча. — Гэта ў іх проста: фінкай чык — і гатова. У японцаў харакіры, а ў чухонцаў гэтых пуукоттаа… Бандыты. Яны ў васем­ наццатым годзе ўвесь рускі Выбарг выразалі, не прайсці па кішках было…

— Дык Выбарг нібыта не зусім рускі, — прыхаваў рукамі жывот Вадзім Альбертавіч.

— А Рабчык дзе?.. — спытаў Алег Мікалаевіч такім го­ ласам, быццам Рабчык быў яму найбліжэйшым сябрам, таму дзіўна, што ў такую цяжкую хвіліну яго не аказа­ лася побач.

— У Чыкага паляцеў, — дапамог ім падняцца з­за стала Глеб. — Нашы рабчыкі цяпер далёка разляталіся.

— А нашых сокалаў далёка не пускаюць, — сказаў Вадзім Альбертавіч.

На вуліцы, дзе сырым ветрам шумелі прыцемкі, пе­ рагулялыя сябры трохі аддыхаліся, і Глеб паціху павёў іх да гасцініцы.

— Цемра ды вецер, — пацепнуўся Алег Мікалаевіч. — Не даляціць да Чыкага ні рабчык, ні сокал.

— Няёмка… кепска выйшла… — праходзячы каля тых жа, якія ўсё біліся, бронзавых мужыкоў, паспрабаваў казаць нешта Вад зім Альбертавіч, але Глеб яго не слухаў:

— Давай, давай, пайшлі, пайшлі… Дыхаем глыбей, у аўтобусе яшчэ з народам піць паўночы.

Алег Мікалаевіч для нечага пацікавіўся:

— А аўтобус чый?..

— Глеб Сяргеевіч! Глеб Сяргеевіч! — з п’яным заха­ пленнем замахалі рукамі і закрычалі з аўтобуса. — Глеб Сяр­ге­е­віч!..

Глеб паблажліва махнуў рукою ў адказ.

— А ты пытаешся, чый?.. У мяне ўсё маё: і аўтобус, і народ. Супрацоўнікаў сваіх на пару дзён адцягнуцца прывёз, каб мацней любілі…

З вінавата­спалоханым тварам, нібы чакаючы наганяю, насустрач ім бачком высунуўся вадзіцель.

— Дваіх нямашака, Глеб Сяргеевіч. — Рабчыка і Чэкі… І ніхто не ведае, куды падзеліся.

— У эміграцыю кінуліся, сукі, рад зіму прадалі… — сплюнуў Глеб. — Ну і хрэн з імі!

— Не папярэдзіўшы… — разгубіўся вадзіцель. — У мяне ж пагалоўны спіс…

Глеб падміргнуў Вадзіму Альбертавічу і Алегу Міклаевічу.

— А ты б папярэдзіў, калі б драпануць сабраўся?.. Ды атрад не заўважыць страты байцоў, я ім знайшоў заме­ ну… Так што давай сядай за руль і рухаемся, калі ўсе астатнія на месцы.

— Стоп, — раптам сказаў Алег Мікалаевіч, ступіўшы ўжо на падножку аўтобуса. — А дэманстрацыя?..

Ні Глеб, ні нават Вад зім Альбертавіч адразу не ўцямілі, што гэта ён надумаў, і Глеб стаў падпіхваць Але­ га Мікалаевіча ў салон.

— Якая табе яшчэ дэманстрацыя?

— А такая! Сёння Першага Мая! Яшчэ не скончылася… Вадзік, растлумач яму, няхай не піхаецца… Калі ўжо з Элізабэт нічога не склеілася, дык няхай будзе дэман­ страцыя! Я без гэтага не паеду, без дэманстрацыі якое да д’ябла свята?

— Ноч ужо, Алег, — паспрабаваў праціснуцца міма яго ў салон аўтобуса Вадзім Альбертавіч. — Дый стаміўся я, паехалі…

Алег нечакана ўхапіў яго за плечы і пачаў трэсці.

— Стаміўся ты? З чаго ты стаміўся? Гарэлку піць стаміўся? А доўг?.. А сімвалы?.. А нашы ідэалы?..

Вадзім Альбертавіч павіс на руках Алега Мікалаевіча і, ледзьве не грымнуўшыся, садраў іх са сваіх плячэй.

— Ды ў цябе клёпкі з мазгоў павысыпаліся! Які доўг? Якія сімвалы? Мы ў Фінляндыі!..

— Ну і што? — зноў, але ўжо спакайней узяў яго за плечы Алег Мікалаевіч. — І добра, што мы ў Фінляндыі. Тут дэмакратыя, свабода шэсцяў і дэманстрацый. Вось і скарыстаем тое, што дае свабода.

— Пусці ты мяне… зранку трэба было свабоду ска­ рыстоўваць… — настойліва прарываўся да мяккага аў­ тобуснага сядзення, уяўляючы, як яно будзе калыхаць і люляць, Вадзім Альбертавіч, але Алег Мікалаевіч яго не адпускаў.

— Зранку кожны дурань можа!.. Бачыў бы ты, Глеб, што тут раніцай было! Нікчэмнасць! Не дэманстрацыя, а пародыя, цырк нейкі… прафсаюзны турпаход! Ганеб­ ная параза і адступленне працоўных мас перад звяры­ ным выскалам капіталу!

— Суціш ты яго, Клей, — з мальбой паглядзеў на Гле­ ба Вадзім Альбертавіч, але той нешта прыкінуў — і рап­ там рашуча падтрымаў Алега Мікалаевіча.

— А гэта ідэя! Гэта, блін, па­нашаму! Начная перша­ майская дэманстрацыя на часова захопленай ворагамі тэрыторыі! Дзе яшчэ было такое!?.

У Глеба, відаць, не склалася гэтым разам з бізнесам, ці чым ён тут з Рабчыкам і Чэкам займаўся; яму хаце­ лася скінуць раздражненне — і ён завёўся злой весялос­ цю, скочыў у аўтобус і ўключыў мікрафон.

— Любімы правадыр вітае народ! Усё як след, п’яных няма?

— Усё нармальна! — адгукнуўся народ. — Дзякуй пра­вадыру! Усе п’яныя, спім…

— Нікому не спаць! Выходзім на першамайскую дэман­ страцыю! У каго ёсць чырвоныя хусткі, насоўкі, шалікі — прывязваем да парасонаў. Ануч не шкадаваць, фірма кам­ пенсуе. На выхад!..

Жаночы голас захіхікаў візготкай:

— У мяне толькі станік і трусікі чырвоныя! Здымаць?..

— Усё адно ж здымеш, Насцёна! — засмяяўся Глеб. — Дык здымі аднойчы не па блядству, а па ідэі…

Народ, чалавек трыццаць мужчын і жанчын, пераважна маладых, сытых, нагуленых, пачаў насцярожана і няўпэўнена выбірацца з аўтобуса… Выбраўшыся, сталі купкай і дуркавата ўсміхаліся, мяркуючы, мусібыць, што з дэманстрацыяй Глеб Сяргеевіч дазволіў сабе па­ жартаваць. Але Глеб і сам не жартаваў — і астатнім не дазволіў.

— Я сказаў: узяць парасоны! Я сказаў: цягнуць усё чыр­ вонае! Хто не зразумеў — вярнуцца і ўзяць!.. Рыхтуем сцягі з транспарантамі, пераходзім вуліцу і на плошчы строімся ў калону! Усе ўсё ўцямілі?

— Усе! — чамусьці шчоўкнуў абцасамі і казырнуў вадзіцель. — У мяне вымпел у кабіне з сярпом і мола­ там.

— Прывязвай да манціроўкі, паперадзе панясеш, — за­ даволена кіўнуў Глеб. — Хоць не, я сам паперадзе паня­ су… Мы ім, блін, пакажам, як радзіму любіць!

«Яны вар’яты! — у здзіўленні, у знямелым жаху думаў Вадзім Альбертавіч, гледзячы, як наўкол, у ліхаманкавай мітусні, набіраючы ўсё болей інтузіязму, нармальныя з выгляду людзі рыхтуюць неверагоднае афармленне ру­ скай начной першамайскай калоны ў самым цэнтры сталіцы Фінляндыі. — Яны насампраўдзе псіхічна хво­ рыя, на іх вірус нейкі напаў…»

— Наце! — пырснуўшы смехам, сунула яму вялізны па­ расон з прывязаным да яго чырвоным станікам Насцёна, Насця, спакуслівая маладая кабетка. — Глеб Сяргеевіч сказаў, каб я вам дала! — І яна, давалкай зірнуўшы Вадзіму Альбертавічу ў вочы, замахала над галавой трусікамі на парасоне. — А класна як за ідэю!..

З доўгіх шалікаў змайстравалі нешта накшталт транс­ парантаў, кофты, сукенкі з хусцінкамі пайшлі на сцягі — і тры дзесяткі вар’ятаў, перайшоўшы вуліцу і стаўшы па трое ў шэраг, калонай рушылі ўздоўж набярэжнай па плошчы Хаканіеме… Вадзім Альбертавіч з самага па­ чатку не хацеў строіцца ні спераду, ні ззаду, спрабаваў адасобіцца ад усіх, кідаў парасон з чырвоным станікам Алегу Мікалаевічу — і той нарэшце раззлаваўся.

— Глеб, да д’ябла яго, ён толькі пад нагамі блытаец­ ца! Хай коціцца да манумента, стане там і нас вітае! Як быццам парад прымае…

Раз’юшаны Вадзім Альбертавіч замахнуўся на яго парасонам:

— Ды йдзі ты!..

— Ідзі! — злосна і сур’ёзна працадзіў Глеб. — Нас павінен нехта вітаць. А не пойдзеш — у аўтобус не возь­ мем.

Вадзім Альбертавіч глянуў на Глеба, на Алега, на астатніх — і да яго дайшло, што сапраўды не возь­ муць. Уявіў, як яны будуць ехаць у цёплым і ўтульным аўтобусе, піць гарэлку, спяваць песні, ціскацца… а Нас­ цёна без трусікаў… Не, гэта не той выпадак, калі адбі­ ваюцца ад калектыву. Тым болей, што дуркаватая за­ бава з дэманстрацыяй неспасцігальным чынам перара­ стала ў штосьці сур’ёзнае, ва ўсякім разе яна не ўсім ужо, як ён заўважыў, здавалася толькі жартам. «А што гэта я сапраўды зафырдыбычыўся?..» — недаўменна падумаў пра самога сябе Вадзім Альбертавіч і кароткімі перабежкамі паспяшаўся да манумента, да бронзавых мужыкоў, што ўздымалі зямны шар над бронзавай ба­ бай з бронзавым дзіцём на руках. Вадзім Альбертавіч бег — і над ім калыхаўся доўгі складзены парасон, і дву­ ма пухірамі надзімаўся на ветры чырвоны станік.

Плошча была даволі добра асветленай і зусім бяз­ люднай, калі не лічыць паліцэйскага, які, намагаючыся асэнсаваць фантастычнае відовішча, уважліва назіраў за ўсім, што адбывалася, стоячы каля сваёй машы­ ны непадалёк ад трамвайнага прыпынку. Як толькі натоўп з анучамі на парасонах пачаў строіцца ў ка­ лону, ад якой адарваўся і пабег да манумента мужык са станікам, паліцэйскі паціснуў плячыма, пачухаў патыліцу і вырашыў патэлефанаваць напарніку. Праз пару хвілін пад’ехала яшчэ адна паліцэйская машына і спынілася побач з першай.

— Праблемы, Тойва?..

— Пакуль не… Але як ты мяркуеш, Мацці: што яны робяць?

— Рускія?..

— Рускія.

— Калі рускія, значыць, гуляюць.

— Ты ў гэтым упэўнены?

— З рускімі ні ў чым нельга быць упэўненым, Тойва… Але што ім яшчэ ўночы рабіць на плошчы?

— Так і я думаю… У нас ёсць падставы іх затрымаць?

— А чаго думаць?.. Па законе няма падстаў. Хіба што піць пачнуць, тады…

— Наўрад ці… Усе рускія ведаюць, што піць на вуліцы нельга…

— Рускім тое, што нельга, якраз самае тое, Тойва. Пачакаем…

— Пачакаем, Мацці, — згадзіўся Тойва і сеў у сваю машыну.

Калона дэманстрантаў на чале з Глебам Бургой, які ўздымаў вымпел на манціроўцы, рухалася па плошчы ўсё болей зладжана, усё больш рашуча і строга, нібы ўперадзе акрэслілася і паўстала выразная і дакладная мэта. Стоячы каля манумента, Вадзім Альбертавіч бачыў, як сур’ёзнелі твары і цвярдзелі позіркі, як, раўняючы крок, змыкаліся плячом да пляча шэрагі, і калона з разрозненых і выпадковых людзей пераўтваралася ў маналіт, у адзінае цэлае. Трапяталіся хусцінкі, ветразямі напіналіся нацягнутыя шалікі, хліпалі на ветры кофты і сукенкі, але гэта ўсе меней здавалася смешным і ўсё бо­ лей уяўлялася Вадзіму Альбертавічу ўрачыстым, нават велічным. Нечаканае пераўвасабленне п’янай кампаніі ў народную масу, у калектыў, аб’яднаны адзіным пары­ вам, адзіным імкненнем, Вадзіма Альбертавіча настолькі ўразіла, што ён адчуў, як нарадзілася недзе ў пахаладзе­ лым шлунку і пачало падымацца вышэй і вышэй, да грудзей і горла, ледзь не вырываючыся з яго крыкам «ура», дрыготкае захапленне. Ён згадаў гэтае захаплен­ не, соладка яго пазнаў — і ў яго аж галава закружыла­ ся: не згубленае!.. У вушах загучала музыка, замігцелі ў вачах малюнкі: прахадная завода, расхінутыя гарадскія вуліцы, кветкі і паветраныя шары, плошча, сцягі, тры­ буна правадыроў, прывітанні і здравіцы — і ўзрушанае, бясконцае людское мора, у якім кожны шчаслівы быць, адчуваць сябе маленькай кропляй, не жадаючы і не патрабуючы большага, таму што большага, чым гэтая аб’яднаная, усенародная радасць, нічога не бывае. Вадзім Альбертавіч міжволі ўзняў парасон з чырвоным станікам так высока, як толькі здолеў, і выцягнуўся ў струнку. У падманным, штучна дзённым неонавым святле — скрозь ноч і вецер — калона рухалася наўпрост на яго; Глеб, за­ даючы рытм, мерна ступаў, амаль чаканіў крок, і ў ва­ чах ягоных бліскала; Алег Мікалаевіч, сапраўдны пра­ вафланговы, вышэй за ўсіх уздымаў транспарант, які ён, не падабраўшы сабе такога ж рослага напарніка, нёс на двух парасонах адзін, упарта супраціўляючыся ве­ тру, нахіляючыся наперад і не адрываючы позірку ад сярпа і молата, што трапяталіся на вымпеле над гала­ вой Глеба; спакуслівай Насцёне, якая ўручыла Вадзіму Альбертавічу станік і начапіла сцягам на парасон свае трусікі, вецер раз­пораз расхінаў плашчык і задзіраў прыпол сукенкі: цела яе бела­блакітна свяцілася ўсімі сваімі ніжнімі акругласцямі, але, адухоўленая ідэяй, яна не звяртала на тое, што ідэя ідзе голая, аніякай увагі; нізкарослы мужычок, што крочыў следам за ёй, нахіляючыся, як і ўсе, наперад, закідваў твар угору, да транспарантаў і сцягоў, нібы не бачыў перад сабой такой голай і такой спакуслівай бабскай задніцы, — і тут заха­ пленне кальнула Вадзіма Альбертавіча іголкаю ў сэрца, і ён панічна падумаў: «Але ж раструшчаць яны мяне, затопчуць!.. Ды што там мяне, мужыкоў гэтых бронзавых за мной раструш­ чаць, шар зямны затопчуць, Госпадзі!..»

Тойва выйшаў са сваёй машыны, падышоў да машы­ны Мацці і сказаў:

— Я, бадай, каля цябе пастаю, Мацці… І нічога ж не робяць, проста ідуць, а страшна…

— Так… — задуменна згадзіўся Мацці. — Няма падстаў…

Крокаў за пяць да манумента Глеб рэзка павярнуў калону ўлева і павёў яе правым флангам міма Вадзіма Альбертавіча. Упарта нахіляючыся наперад і закідваючы ўгору твары, Глеб, Алег, Насцёна, мужычок за ёй, усе яны йшлі перад перапалоханым Вадзімам Альбертавічам і йшлі, крочылі і крочылі, тупалі і тупалі, нібыта было іх не тры дзесяткі, а тры сотні, трыста тысяч, трыста мільёнаў… Раскіданыя і згубленыя на неабсяжнай пра­ сторы, яны тым не меней былі ўсе разам, адзін у адным, уяўлялі сабой страшную, дзікую, незразумелую сілу — і сіла гэтая здавалася неадольнай. «Вітай нас!» — уда­ рыла ад іх ветрам, і Вадзім Альбертавіч узняў вольную руку і паківаў ім далонню, і яны, яшчэ вышэй уздыма­ ючы сцягі і транспаранты, учапіліся ў яго запаленымі, з прагай нечага невыносна­невядомага, паглядамі, у захапленні ўскідваючы, цягнучы да яго рукі. «Ура!» — нечакана для сябе самога выдыхнуў Вадзім Альбертавіч, разумеючы і баючыся разумець, што ён нічога не вар­ ты перад гэтай сілай, стыхіяй, перад гэтымі людзьмі з закінутымі ўгору тварамі, і яны, як заклінанне, тройчы прадыхалі ў адзіным дыханні:

«Ура!

Ура!

Ура!..»

Калона яшчэ раз павярнула ўлева і стала аддаляцца… Вочы Вадзіма Альбертавіча затуманьваліся ад напругі, яго хістала пад бронзавым манументам, падарункам горада Масквы гораду Хельсінкі, і яму здавалася, што і сцягі, і транспаранты, і людзі разліваюцца ў святле, расплываюцца ў цемры, ператвараючыся ў нішто і сы­ ходзячы ў нікуды… «Міраж, — падумаў ён, — міраж гэта ўсё, страсенне паветра… Алкагольныя галюцынацыі, бе­ лыя коні…»

Недзе далёка над морам, на самым ускрайку неба бліснула маланка, вецер узмацніўся — і праз хвіліну пырснулі першыя кроплі дажджу. Не скручваючы сцягі і не раскрываючы парасоны, калона прыпынілася каля святлафора, пачакала зялёнага святла і па ўсіх правілах перайшла вуліцу.

— Мудакі! — пагардліва кінуў вадзіцель, азірнуўшыся на паліцэйскія машыны. — Нашы б схаваліся, а пасля як штрафанулі! Па дзвесце пяцьдзесят марак з рыла, амаль па сорак даляраў, такія бабкі!..

Нехта засмяяўся.

— Хто б ім заплаціў!..

Вадзім Альбертавіч ніяк не мог адвязаць ад парасона станік, а Насцёна гулліва глядзела яму ў вочы.

— Што гэта было, Мацці? — спытаў Тойва, назіраючы, як рускія грузяцца ў аўтобус.

— Нічога, — адказаў Мацці. — Няма падстаў.

— Дзіўныя гэтыя рускія… — паківаў галавой Тойва. — Манумент гэты нам падарылі… Цяпер ходзяць каля яго… А ты б хацеў быць рускім?..

На гэтае бесталковае пытанне Мацці не стаў адказ­ ваць, з зайздрасцю думаючы пра тое, як гэтыя рускія ў аўтобусе нап’юцца і будуць спаць, а яму яшчэ куваць да раніцы… Мацці і сам любіў і паспаць, і выпіць…

Аўтобус рушыў, у ім было цёпла і ўтульна. Адра­ зу пачалі піць гарэлку, а пасля і спяваць песні. Вадзім Альбертавіч пакінуў Алега Мікалаевіча, падсеў да гуллівай Насцёны, гладзіўся з ёй і ўспамінаў прыемнае. Згадвалася свята, на якім яго ледзь не задушылі, храм і белая лесвіца, шалёны Пекка, лазня, Элізабэт і ўся рэ­ старанная кампанія, але ніяк не ўспаміналася штосьці галоўнае, што абавязкова трэба было ўспомніць, толькі вось што, што?..

Насцёна, прыціскаючыся да яго, парухалася на сядзенні, прыпаднялася і дастала з­за спіны фотаапарат.

— Думала, што… — пырснула яна. — Наверх пакла­дзі…

Успомнілася, бляха­муха, успомнілася! Як гэта ён за­ быўся?.. Ён цяпер асабіста знаёмы з прэзідэнтам Фін­ ляндыі! Проста падышоў і пазнаёміўся, як чалавек з чалавекам! Якая жанчына, якая жанчына!.. І Вад зім Альбертавіч, соладка пацягнуўшыся, шчасліва задрамаў у абдымках Насцёны і ў сне ўсміхаўся…

10 мая 2000 года, у д зень інаугурацыі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, на чэмпіянаце свету па хакеі на лёд зе ў Санкт­Пецярбургу зборная Беларусі не­ чакана для ўсіх узяла ды перамагла зборную Расіі. З мінімальным лікам 1:0, але перамагла. Гэта трохі азм­ рочыла свята новаму расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну, але ўзрадавала Вадзіма Альберта­ віча Гладзікава з Алегам Мікалаевічам Ільіным, якія ў заклад выйгралі ў шалёнага Пеккі сто марак. Выйш­ ла ўрэшце, што іхняя далёкая вандроўка ў хакейнае юнацтва ва ўсім удалася.

Толькі, як вядома, калі адразу падвальвае столькі шчасця, дык следам чакай непрыемнасцей. Калі Вадзім Альбертавіч і Алег Мікалаевіч вярнуліся дамоў, іх там ужо чакалі і панура спыталіся, навошта яны на хакейным матчы Беларусь­Расія, які паказвалі па тэлебачанні, нацыяналістычным бел­чырвона­белым сця­ гам размахвалі?.. І дарэмна галоўны інжынер і галоўны тэхнолаг цэментнага завода спрабавалі растлумачыць, што гэта быў зусім не сцяг, а куртка, якую ім падарыў іх фінскі сябар шалёны Пекка. З кіраўнічай работы іх пратурылі, ніякай іншай яны, як ні шукалі, не знайшлі, так што, калі б давялося пазыку Пекку вяртаць, дык і не было б чым — і было б няёмка, сорамна, не па сумленні было б.

Травень 2000 — сакавік 2001,

Вуасары — Расціла,

Фінляндыя.

ПРАГА

Андрэй Брызін ляжаў на вузкім тапчане ў прыхожай, дзе ён заўсёды, калі начаваў дома, прачынаўся пасля шырокага разгулёну і, галавой чалавека, які некага забіў, на кавалкі пасек і пад плотам закапаў, падлічваў страты з учарашняй п’янкі. Грошы — само сабой, іх і лічыць няма чаго, хоць і шкада: мог купіць бензапілу. Ён напружыў кулакі, якія маглі б сціскаць зараз ручку бензапілы, але ад уяўлення пра тое, як бы яна выла і скрыгацела, у яго падцяліся вушы, і ён падумаў, што хрэн з ёю, з той бензапілою. Тым болей, што ў прыхожай не вісела яго­ ная куртка, а грошы былі ў куртцы. Скураная куртка — раз, прапітыя грошы — два. Што яшчэ ў куртцы?

…Ключы ад дому, бо ён кідаў Машы, каб адчыніла, каменьчыкі ў акно. Звону не помніў, значыць, шыбу, як мінулым разам, не пабіў, і шкліць не трэба.

…Ключы ад работы, бо яны былі ў звязцы з ключамі ад дому.

…Ключы ад машыны, хоць яны і былі асобна. Калі ключы ад дому можна ўзяць дома, ключы ад работы — на рабоце, дык ключы ад машыны нідзе не ўзяць. Трэ­ ба здымаць замок. І гэта сёння — заныла ў патыліцы — бо з абеду ехаць.

Дакументы?.. Пашпарт — не, здадзены ў авір, каб паставілі гэтую б…кую пячатку, што ён можа падацца ва ўсе канцы свету. Патрэбная была пячатка новая, ста­рая скончылася ў той дзень, калі ён выязджаў з Брэста, і праз гэта, як ні качаў правы, казлы­пагранцы яго не выпусцілі. Ён вярнуўся, асабліва рабіць, спланаваўшы выезд у Прагу, не было чаго, дзень­другі патрываў — і напіўся. Паліцэйскае царства! Нідзе ў свеце пагранічнікі не разам з ментамі.

Што яшчэ? Нібы нічога. Запальнічка, цыгарэты, роз­ ная драбяза… Вадзіцельскія правы!.. Гэта страта, хоць ёсць і яшчэ адны. Дарэчы, дзе яны, дома ці на рабо­ це?.. Ну ды недзе ёсць. Здаецца, што ўсё. З матэрыяль­ ным — усё.

Цяпер — што з духоўным?.. Забіў — раз. Пасек і закапаў — два. Пад плотам — тры… Няўжо больш нічога? Не можа быць… Мардабой у рэстаране — гэта духоўнае ці матэрыяльнае?.. І з чаго мардабой? Сініцын яму сказаў, што пераспаў з Нінай. Дык пры чым тут Сініцын? З Сініцыным у яго кантракт на пастаўкі алюмініевай пудры, а ён яму — ці не ў парашок зубы. Ай­я­яй… Трэба званіць, трэба падымацца і ехаць. Калі гэта сапраўды ўсё…

Нібыта ўсё, а нібы і не… Пацягнуўся ён яшчэ пасля рэ­ старана і мардабою да Ніны, каб сказаць, што яна курва. Ніна яго не ўпусціла, таму адкрычаў, хто яна ёсць, праз дзверы. Ды гэта няважна, праз дзверы ці не, бо так яно ёсць — і гэта не духоўная страта. З ёй даўно пара завяз­ ваць, хоць і салодзенькая. Ды ці такая ўжо салодзень­ кая? — ён з ёй цвярозы і не быў ні разу. А п’янаму і кісляк не ў аскому…

— Маша… — слаба паклікаў Брызін, і ў галаве прашу мела ша… ша… ша…

З гасцёўні выйшла ягоная дзевятнаццацігадовая дач­ ка, якая глядзела на яго любоўна. Яна заўсёды глядзела на яго любоўна, бо ён не шкадаваў для яе грошай, і на­ огул яны сябравалі.

— Ну, што табе, п’янтос? Піва?

— Тэлефон.

Дачка прынесла тэлефон.

— Набяры Сініцына на сотавы. Спытайся, ці ён не ў зубнога?

Маша набрала.

— Сам пытайся.

— Артур, — спытаў Брызін, і ў галаве пратуркала тур… тур… тур… — ты не ў зубнога?

— А пасоў ты… — свістануў Сініцын і адключыўся.

— Ты яму зноў зубы выбіў? — забраўшы тэлефон, спытала Маша.

— Не знаю. Ён не сказаў.

— Тады, можа, і не выбіў, — супакоіла яго дачка. — Звычайна ён гаворыць.

— Ну, — згадзіўся Брызін. — Звычайна гаворыць. Любімая дачка спагадліва глянула на любімага бацьку.

— Калі ён цябе не засмуціў, дык, можа, і мне засмучаць не варта?..

Брызін склаў рукі на грудзях.

— Давай засмучай. Чым?

— Жонка твая зноў ад цябе сышла.

— А… — пацягнуўся Брызін. — Ты мяне сапраўды любіш.

— Але на гэты раз неяк рашуча сышла. Са срэбрам і золатам. Я нават пабудзіць цябе хацела.

— Малайчына, што не пабудзіла. Вернецца.

— Ну, глядзі, табе жыць. Яшчэ ў тваім жыцці я нечым магу памагчы?

— Вольная. Грошай няма, прапіў.

— Я ў цябе ўчора і на заўтра ўзяла, — прызналася Маша. — Прадбачыла.

— А чаму не сказала? — з папрокам спытаў Брызін. Маша нахілілася да яго.

— Дык зараз кажу, не чуеш?..

— Я не пра грошы, — абняў яе Брызін. — Чаму не сказала, што нап’юся, калі прадбачыла?

— Тады б жонка твая засталася, — чмокнула яго ў балючы лоб дачка. — І пілавала б яна цябе зараз, як бензапіла.

— О­о­о… — прастагнаў Брызін, у галаве якога заскры­гатала і завыла. — Адкуль ты пра бензапілу ведаеш?

— Я ўсё пра цябе ведаю, — ускочыла Маша і пачала апранацца. — Ніколі яблыні на дачы ты не абрэжаш!

— Чаму?

— Таму што бензапілы ў цябе ніколі не будзе. Ты прафесійны прапойца бензапілаў. Ці лепей, мусібыць, сказаць прапільшчык. Бай­бай, папраўляйся, я ў інсты­ тут.

І за дачкой зачыніліся дзверы.

— А вось і будзе, — сказаў у дзверы Брызін. — І сёння. І я распілую Нінку напалам разам з яе дзвярыма.

Сітуацыя трохі праяснілася, і Андрэй, трымаючы твар у руках, панёс яго рамантаваць, мыць ды галіць, каб на людзях паказацца. Заадно прыкідваў, што найперш рабіць?.. Жонкай займацца яму не хацелася, ды і чым займацца? Тое, што яна сышла рашуча, забраўшы свае бразгаўкі, яшчэ нічога не азначала. Хоць лепей было б, каб азначала. Яна, праўда, няслаба дапамагала Машуні ў ангельскай і французскай, што было не апошняй прычы­ най, па якой з ёй, былой сваёй сакратаркай, ён і ажаніўся, а дакладней — сышоўся і жыў, але Маша ўжо лапатала па­іншаземнаму не горш за яе, і вялікай патрэбы ў хат­ няй настаўніцы болей не мелася. Ва ўсім жа астатнім Таісія Арчыбальдаўна толькі шкодзіла. Надумаўшы сабе нейкае ўзорнае каханне, па якім, як казала, сумавала ў бацькоўскім доме і два разы замужам, яна знервавала ім і сябе, і Брызіна, умешвала ў сямейныя справы радню, знаёмых, і кожная падзея, дата, любая сходка ў гасцях ці дома ператваралася ў аператыўны разбор брызінскіх палётаў. На мінулым яе дні нараджэння, калі Брызін пачаў абавязковы ў такіх выпадках тост, ну, і сказаў, бо трэба было, як многа яна для яго значыць і як ён яе ка­ хае, Таісія ўскочыла, закрычала: «Так кахаеш, што ніяк падсцілак сваіх у мой ложак не перацягаеш!» — і пры ўсіх надзела яму на галаву місу з салатам. Нават Арчыбальд, бацька Таісіі, сказаў тады: «Андрэй, яна, канечне, мая дач­ ка, але як ты яе трываеш? Я б яе ці на салат пакрышыў, ці прадаў бы татарам». Чаму татарам?.. Забілі Арчыбаль­ да Інакенцьевіча, шкада. Развясёлы быў злодзей і гуляка.

Так гуляў, што незразумела было, калі паспяваў красці. І нічарта Таісіі не пакінуў!.. І Брызін быў перакананы, што не толькі праз тое, што не рыхтаваўся да смерці. Але джэнтэльменскі набор — кватэру ў горадзе і катэдж на Мінскім моры, машыну, гараж — Арчыбальд з сабой не забраў. Пакуль нібыта ўсім валодае ўдава, але гэта фар­ мальна, так што Таісіі, дзякуй Богу, ёсць куды пайсці ад любога мужа. Хоць бы не вярнулася…

Зазваніў тэлефон.

«Яна!» — падумаў Брызін і не памыліўся.

— Я ад цябе пайшла, — трагічна прадэкламавала дачка Арчыбальда, які да таго, як стаць постсавецкім злодзеем, быў савецкім драматычным акцёрам.

— Знаю. Мне Маша сказала.

— Назаўсёды! — крыкнула Таісія, ад чаго ў Брызіна ледзь не адляцела неадрамантаваная галава.

— Можа, не будзем спяшацца… вернешся? — зноў ас­ цярожна прытуліўся вухам да трубкі Брызін, з жахам думаючы пра тое, што ён Таісіі Арчыбальдаўне пра­ паноўвае.

— І што?.. — праз паўзу спытала Таісія.

— Бензапілу купім… Яблыні абрэжам, — сказаў Брызін, каб нічога не сказаць, і не маючы на ўвазе нічога кеп­ скага.

— Ты ска­ці­на! — крыкнула Таісія Арчыбальдаўна так, што ў яго сапраўды адляцела б галава, калі б ён прад­ бачліва не аднёс ад вуха слухаўку. І кінула трубку.

«Вернецца, — з тугой падумаў Брызін. — Калі так кры­ чыць, дык вернецца… І чаму я ўсё сам не магу ёй ска­ заць?.. Ну ды выкруцімся. Праўду кажа Маша: ануча і тая выкручваецца».

Падышоўшы да дзвярэй, Брызін успомніў пра клю­ чы і ўжо хацеў раззлавацца на самога сябе яшчэ і за тое, што не сказаў Машы, каб аддала свае, але тут убачыў на паліцы каля люстэрка ключы Таісіі. Пакінула!.. Ра­ ней не пакідала. Гэта яму здорава прыдало імпэту — і на вуліцу ён выйшаў хоць з нейкай надзеяй на ней­ кую будучыню.

Артура Сініцына злавіў ён на выяздзе з офісу. Артур Сініцын казаў пра сябе: «Я ва ўсім супадаю з жыццём і часам, але ў мяне не надта супадаюць імя і прозвішча. Толькі ў тым мая праблема, але яе я перажыву». Сініцын лічыўся камерцыйным дырэктарам камбіната будаўнічых матэрыялаў у Бабруйску, аднак офіс меў у Мінску, дзе стараўся не так на камбінат, як на сябе. Убачыўшы Брызіна, ён не стаў спыняць машыну — і Брызін зрабіў крок пад левае крыло сініцынскай «Мазды». Сініцын, скрывіўшыся, затармазіў, усім сваім выглядам паказ­ ваючы, што зрабіў зусім не тое, што хацеў бы зрабіць: пераехаць Брызіна пярэднімі коламі, а пасля, калі ён пачне з­пад іх выпаўзаць, дадушыць заднімі. І ў якасці кантрольнага стрэлу яшчэ раз праехацца заднім ходам — туды­сюды па галаве.

— Артур, з мяне штука зялёных, — сказаў Брызін. — Не крыўдуй.

— Сасунь сваю стуку ў сваю сялёную саку, — салаўём прасвістаў Сініцын, і Брызін зразумеў, што гэтая фраза далася яму няпроста.

— Колькі? — спытаў ён са спагадай. Сініцын паказаў тры пальцы.

— Пярэднія? — спытаўся Брызін з жалем і непадробным спачуваннем.

— Ты, сука, сдзекуеся яссэ! — упоперак перакрывіла Артура. — Садусу! — і Брызін ледзь паспеў адскочыць ад ірвануўшай на яго «Мазды».

Кантракту кранты. Сініцын знойдзе іншага пасярэдніка, калі ўжо не знайшоў, ён сам пасярэднікаў і выбірае. А гэта табе не штука, гэта многа­многа штук па штуцы. Брыльянтавыя зубы з плацінавымі сківіцамі можна ўставіць. Во гэта страта, а ён правамі застраціўся! Ай­я­ яй… І што рабіць? Да каго і ў які бок бегчы? Да курвы Нінкі?.. Да курвы Нінкі, больш няма да каго. Калі нех­ та Артура і ўламае, дык толькі яна. Праблема Сініцына не толькі ў тым, што ў яго імя з прозвішчам не супада­ юць, а яшчэ і ў тым, што, калі ўжо ён западае на бабу, дык па вушы з шапкай.

Клопаты з машынай выглядалі цяпер дробязнымі, але ўсё ж Брызін пазваніў на фірму свайму намесніку, які быў не столькі ягоным намеснікам, колькі бегунком туды і па тое, куды і па што пашлюць. Брызін сказаў яму, каб усё ён к чорту кінуў і знайшоў чалавека, які б зняў з машыны замок і падрабіў ключы.

— Чалавека я знайду, але як яго ў гараж усунуць?.. Дзе ад гаража ключы? — спытаў намеснік, які не строіў з сябе бізнесмена і без крыўды адклікаўся на мянуш­ ку Бегунок.

— Нідзе, — сказаў Брызін. — Каб былі ад гаража, то былі б і ад машыны. Купі бензапілу і зрэж замок.

— А чаму бензапілой? — не зразумеў Бегунок.

— Бо бензапіла, як і машына, на бензіне, — растлумачыў яму Брызін і выключыў тэлефон.

Ніна Цымішкіна, ці, як яна сама называла сябе, Нінэль, што, як і ў выпадку з Артурам Сініцыным, не надта стыкавалася з прозвішчам, была дома, але дзверы адчыняць, зразумела, не заспяшалася.

— Ідзі да курвы, — сказала яна Брызіну. — Тут табе не бардэль. До ўжо гэтага: Нінэль, у пасцель! А для ўсяго астатняга — Нінка.

— Нінэль, — пайшоў прыніжацца Брызін, — зараз у мяне няма з сабой грошай, але толькі за тое, што ўпусціш, з мяне дзвесце пятьдзесят.

— А чаму дзвесце пяцьдзесят? — спытала зацікаўленая Нінэль.

— Ну трыста, — накінуў Брызін. — Клянуся.

— Спадзяюся, не рублямі аддасі? — адчынілася Ні­ нэль. Была яна, як заўжды, у незашпіленым шоўкавым халаціку на голае цела, і голай яна хадзіла, як даволі хутка пасля знаёмства з ёй зразумеў Брызін, не з таго нават, што сапраўды выглядала спакуслівай сексбом­ бачкай, а таму што голасць і была яе сутнасць. Па­за гэ­ тай голай сваёй сутнасцю Нінэль Цымішкіна ўся і ад­ разу канчалася.

— Артур у цябе быў сёння ўночы? — прайшоўшы ў пакой з шырачэзным ложкам пад ружовым балдахінам, дзе і выяўляла сваю сутнасць Нінэль, спытаў без прэамбулы Брызін.

— Быў, — не стала таіцца Нінэль. — І чуў, як ты да мяне ламіўся… Нашто ты яму зубы выбіў, прыду­ рак?

Брызін біўся з Сініцыным не раз і не два, яго раз­ дражняла ў самаўлюбёным Артуры ўсё: як ён з іголачкі апранаўся, як паліў найтонкія, підарскія нейкія цыга­ рэты, як хадзіў балеруном, як размаўляў, еў і піў, ад­ тапырваючы мезенец, а найбольш, бадай, раздражня­ ла ўдачлівасць гэтага пісклявага павіяна, які, калі і на лайне паслізнецца, дык усё адно на грошы ўпадзе. Цвя­ розы ён яго трываў, бо што было рабіць, а п’яны, калі не мог сябе кантраляваць, зрываўся. І для ўчарашняга мардабою Нінэль была толькі зачэпкай: хай з ёй спіць хоць табун, ён жа сам яе Сініцыну і падсеяў, але Брызін састроіў адчайна­вінаваты твар і сказаў:

— Узраўнаваў я, Нінэль, так, што асляпіла… Таму і ламіўся да цябе. Калі б адчыніла — забіў бы.

Нінэль сціснула кулачкі на грудзях:

— А Божа!.. Ты кахаеш мяне, Брызін?

— Што ты ўсё Брызін, Брызін!.. Андрэй я, а не Бры­ зін! — падвысіў Брызін голас — і адразу ніякавата суцішыўся. — Выбачай, я нават не думаў, што так… Усё ж неяк было па п’янцы, па гульбе… Аказалася, што я і піў з таго, што не з табой.

— А што табе замінала быць са мной?.. Я цябе ніколі не выганяла.

— А сям’я? Жонка?.. — І, коратка ўздыхнуўшы, не­ рвова паляпаўшы па кішэнях, нібы ў хваляванні шукаў цыгаркі, Брызін выдаў галоўнае:

— Сёння я разышоўся з ёй.

— Што?.. Як разышоўся?

— А як разыходзяцца?.. Я не ведаю, дагэтуль не да­ водзілася. Мая першая жонка памерла пры родах, цудам дачка засталася жывая. А Таісіі я проста сказаў, што мы болей не муж і не жонка, бо я кахаю іншую. Ды мы і не былі мужам і жонкай. Так, жылі.

— Я не веру табе, — ужо ва ўсё паверыўшы, спалохана сказала Нінэль. — Не, я не веру…

— Пазвані, — падняў трубку тэлефона Брызін. — Мо­ жаш да Таісіі, можаш да Машы… Я адразу і ёй усё сказаў, чаго тут цягнуць?..

— І што цяпер будзе? — спытала Нінэль. — І як мне з Артурам?..

— З Артурам праблема, — паклаў трубку і пацёр да­ лонямі скроні Брызін. — І не толькі ў цябе. У мяне так­ сама. Ён мне ўсё­такі сябар, але надта крыўдлівы, ты ж яго ведаеш, і цяпер з нічога можа выкруціць такое…

— Ніякі ён табе не сябар, — перапыніўшы Брызіна, адразу данесла на Сініцына Нінэль. — Сёння зранку ён некаму званіў і сказаў, што з табой у яго ўсё.

— Як гэта ўсё? — зрабіў выгляд, што не зразумеў яе, Брызін. — Па п’янцы па зубах стукнуліся — і ўсё? Не можа быць, нешта ты не тое пачула. Ён жа мужык.

— Ой, які ён мужык! — ускінула полы халаціка Нінэль. — Пеўнік на шастку.

— Выбачай, але для мяне гэта не мае значэння, — стры­ мана сказаў Брызін, стараючыся не спыняцца позіркам на Нінэль, з якой, як толькі шоўкава ўзляцеў халацік над яе сутнасцю, яму адразу занецярпелася пераляцець пад ружовы балдахін.

Нінэль, зразумеўшы яго па­свойму, падкрыўдзілася.

— Як не мае значэння?

— Ну, разумееш, Артур мне як брат, якога ў мяне няма, як частка мяне самога. І, можа, нават большая, чым я сам.

— Што ж ты сам сабе ў зубы не даў? — даволі ўдала для яе сутнасці здзівілася Нінэль.

—Праз такіх жанчын іншым разам і браты б’юцца, — упаў тварам у яе калені Брызін, абняў — і Нінэль затрапятала­ ся. — Я хачу быць з табой, Ніна… Ідзі да мяне, Нінэль…

І Нінэль пайшла, і была ў сваёй сутнасці сапраўды салодкай…

— Давай усё ж падумаем, як яго ўламаць, — запальваючы цыгарэту, сказаў Брызін.

— Не дам — і ўламаецца, — са шчырай адкрытасцю сказала Нінэль. — Чаго тут думаць?

Брызіна гэта нечакана торгнула.

— Што, ён так да цябе?..

— А ты да мяне як? Да мяне хіба іначай можна?.. — не прамінула скакетнічаць і кошкай пацёрлася аб Андрэя Нінэль. — Хай сабе ён пеўнік, але ж з хвосцікам…

— Правільна, не давай, — сказаў Брызін. — Ну яго…

— Ну, дык ну, — згадзілася Нінэль.

— Ты пра што занукала?

— Калі зусім не дам, дык не ўламаецца… Пасля ўсё ж давядзецца даць, каб даламаць… А так за што?

— Ну, дай, — з трэшчынаю ў голасе сказаў Брызін. — Але раз! І апошні.

— Табе будзе балюча? — ласкава пагладзіла яго Ні­нэль.

— Невыносна, — адвярнуўся Брызін ад каханай, каб яна не бачыла пакут на ягоным твары і слёз у ягоных вачах. — Толькі ён мне ўсё ж амаль брат… І як толькі падумаю, што мы страцім адзін аднаго ў гэтым жыц­ ці… Не, не магу. Зрабі гэта, Нінэль. Толькі адзін раз, за­ клінаю цябе!

— Адзін брат, дык і адзін раз, — разважліва сказала Нінэль. — А нашто два?

Брызін пачаў збірацца.

— Дык з цябе трыста? — праводзячы яго да дзвярэй, не забылася ўдакладніць Нінэль.

— Як абяцаў, — уважліва паглядзеў на яе Брызін. — Але я быў падумаў, што цяпер гэта ўжо так…

— Так я для цябе даражэй абыйдуся, Андрэй… Значна даражэй.

— Добра, дарагая мая, — пяшчотна абняў яе на раз­ вітанне Брызін. — Трыста, а пасля ўсё астаняе. Толькі вярні мне брата.

І тут у дзверы пазванілі.

— Брат вярнуўся, — без асаблівага спалоху сказала Нінэль. — Бачыш, як хутка. Што рабіць будзем?

— Не адчыняй, — прашаптаў Брызін. — Няма цябе дома.

— Дык я ключ яму дала сёння… Скуль я ведала?

У дзверы пазванілі яшчэ раз і, пачакаўшы, ціха пастукалі.

— Ладна, — рашыўся адчыніць Брызін. — Адыйдзі — голая тут.

У дзвярах стаяў хлапчук са сподкам у руках.

— Выбачайце, болей няма ў пад’ездзе нікога, а мяне па суседзях паслалі. У нас масла скончылася, а мама бліны не дапякла. Нам якую лыжку…

— Пачакай, зараз! — крыкнула з кухні Нінэль. І ў разлятайным сваім халаціку вынесла пачак масла:

— На.

— Нам гэта залішне, — сарамліва сказаў хлапчук, засаромеўшыся зусім не з лішкі масла.

— А гэта табе яшчэ зарана, — адвярнуў яго за плечыкі Брызін. — Ідзі пакуль бліны есці, а то не ўсё ў цябе вы­ расце.

— Цёця, а вы курва? — павярнуўся, адыходзячы, хлапчук.

— Брысь адсюль! — тупануў на яго нагой Брызін. — А то масла забяру.

— Курва, курва, — сказала Нінэль і шырэй расхінула халацік. — Твая мама не такая.

— Ну і курва!.. — у захапленні выдыхнуў хлапчык, ссы­паючыся ўніз па лесвіцы. — Мая мама не такая… Брызін рассмяяўся.

— Ты чаго рагочаш? — уз’елася Нінэль. — Кожны байструк тут абзывацца будзе!

— Мужчына ён, а не байструк, — не згадзіўся Брызін. — Хоць пакуль і ў перспектыве. Бачыш, як цяміць, што для чаго. Для чаго масла, для чаго мама, для чаго ты. Зме­ на расце, Нінэль, юная змена… Жыццё не спыніш, ідзе, як па масле. — І, падумаўшы, дадаў: — З усялякімі, блін, блінамі.

— Ідзі, — штурхнула яго ў спіну Нінэль.— Хутка твой зменшчык на бліны прыдзе.

— А ў цябе масла скончылася! — пацягнула ўжо да вясёлага Брызіна.

— Нічога, — супакоіла яго Нінэль. — Не першы блін, каб комам. — І яна зачынілася ў сваёй сутнасці з шырокім ложкам і ружовым балдахінам, пакінуўшы Брызіна з яго­ най місай праблем на тым самым месцы, дзе толькі што са сваім сподачкам стаяў хлапчук. А Нінэль яшчэ ска­ зала з­за дзвярэй:

— Раззлаваў ты мяне пад канец, Андрэй. Не ведаю, чаму, але раззлаваў і засамоціў.

У Брызіна ўжо не ставала часу на тое, каб разбірацца ў прычынах злосці і смутку Ніны Цымішкінай, і ён толькі падумаў, што, канечне ж, курва Нінэль — не дачка Маша, якая стараецца не засмучаць любімага бацьку. Праўда, неяк яно так выглядае, што і адно, і другое — трохі за грошы. Грошы, грошы, грошы… Яны могуць буль­буль — патануць, фыр­фыр — адляцець, і наогул дзір­мір­зір — пад бензапілу папасці… Галаву Брызіну ўсё яшчэ не адпусціла, хоць Нінэль і памагла. Гэта ці з Нінэль, ці не з Нінэль, а галаве памагае. Мы толькі праз гэта тым і займаемся, а вы думаеце, што з распусты. Стаміўшы га­ ловы ў напружаным мысленні… А лекі ў нас якія? Якая ў нас, тваю маць, фармакалогія?!.

Па скверыку насупраць аптэкі ішла дачка Маша ў аб­ дымку з віхлявым мурынам, які падаваўся ў рытм хады ўзад­уперад галавою і выкручваў у бакі нагамі, думаючы, мусіць, пра сябе, што ён грацыёзная жырафа. Не, ну з мурынам, дык з мурынам, зараз не шасцідзесятыя гады, Брызін і сам лячыў галаву з мурынкамі, але чаму з гэ­ тым? Не ў тым сэнсе, што Брызін яго ведаў ці не ведаў, горшы ён ці лепшы за іншых мурынаў, але чаму з ім? Ды Брызін яго ўпершыню бачыў!.. Ён нават уявіць не мог, што Маша замест інстытута цягаецца з мурынамі!

Кінуўшы жырафіцца, нібы раптам музыка скончыла­ ся, мурын абваліў Марыю Андрэеўну Брызіну на лаву, абвіўся вакол яе прасмоленым канатам — і яны пачалі цалавацца.

Брызін набраў нумар мабільнага тэлефона любімай дачкі. Не перапыняючы інтымнага працэсу, Маша залезла адной рукой у сумачку і дастала тэлефон. Брызін чакаў, чакаў, чакаў, а яна паволі, паволі, паволі падносіла тэ­ лефон да вуха — і нарэшце рыбінай выкруцілася з прас­ моленых канатных сецяў.

— Ты чаго так доўга не адказваеш?

— Занятая.

— Чым?

— З мурынам цалуюся.

— Дзе?

— У скверы.

— Гэта не найлепшае месца.

— Чаму?.. Нармальнае. Сёння цёпла, мурын не мерзне.

— А гэта не найлепшы жарт.

— Бо не жарт, таму і не найлепшы.

— Дык ты не жартуеш?

— Не.

— А інстытут?

— Прагуляла.

— З мурынам?

— З мурынам. Але ў яго такія белыя зубы — ты б не стрываў, каб не выбіць.

— І ты пры ім так не жартуеш?

— Дык ён жа мурын…

— Маша!

— Што?

— Кінь свае жарцікі! Дурныя нейкія!

— Усё, кінула.

— І каб я такога не чуў болей!

— Чаго?..

— Таго!

— Чаго таго?.. Ты чаго злуешся?.. Памагчы чым-небудзь?

— Не.

— А чаго звоніш?

— Так. Я проста так і пазваніць ужо не магу?

— Ды ўсё ты можаш… Што з табой такое?

— Нічога.

— Ты дзе?

— Нідзе.

— Ты дома?.. На рабоце?..

— Ты калі з інстытута вернешся? Я ключы згубіў… Пакуль яны размаўлялі, мурын не губляў дарма часу, цёрся шчакою аб шчаку Машы, цягнуўся да яе з пацалункамі, яна адпіхвала яго — і ўрэшце такая некам­ фортная сітуацыя мурыну абрыдла, ён падняўся і тан­ цуючай жырафай падаўся па скверы. Брызіна чамусьці гэта ўскрыўдзіла.

— Алё, — усур’ёз устрывожаная, гукнулася праз паўзу Маша, абыякава зірнуўшы на экзатычны танец жыра­ фы. — Ключы табе Таісія пакінула… Але дзе ты?

— У Сініцына.

— І што ён табе сказаў?

— Ён сказаў, каб я табе сказаў, а ты свайму мурыну сказала, што я белыя зубы ягоныя на белым сподачку пералічу.

— Ты не ў Сініцына.

— Я не ў Сініцына.

— Дык дзе ты і што з табой?

— Я ж табе сказаў: я нідзе. І нічога са мной… Убачыўшы, што Маша пачала азірацца, Брызін ад ключыў тэлефон і з аркі каля Саюза кампазітараў, ад­ куль шпіёніў ён за ўласнай дачкой, нырнуў у старыя два­ ры і падаўся імі далей да Нямігі, дзе быў ягоны офіс, а за офісам і гараж. Пара было колы займець ды ў Прагу ехаць, бо дзень перавальваў на другую палову.

Маша ніколі не маніла. Ні яму, ні каму б там ні было. Не тое, каб яна не ўмела казаць няпраўду, іншым разам любімая дачка любімага бацькі такое выдумляла, што вушы вялі, але тое былі фантазіі, якія ляталі над побы­ там і не тычыліся штодзённых узаемаадносінаў са сваімі і чужымі людзьмі. «Без маны ў жыцці болей адбываецца ўсяго астатняга», — пераканана казала Маша, не ўдаючыся ў падрабязныя тлумачэнні таго, што мела на ўвазе і што ўяўлялася ёй цалкам зразумелым без каментарыяў.

У Брызіне гэтая якасць натуры дачкі выклікала з аднаго боку бацькоўскі гонар, а з другога — чалавечы жаль, бо сам ён па натуры быў закончаны манюка, з усіх бакоў перакананы ў тым, што не надурыш — не пражы­ веш. Таму будучыня дачкі, якая не разумела і не хаце­ ла разумець гэтую жыццёвую мудрасць, шмат у чым уяўлялася яму небяспечнай, трывожыла яго і непакоіла. Казаць пра гэта наўпрост было нязручна, дзяцей усё­ткі трэба вучыць найлепшаму, перадаваць ім найшляхетнае з таго, што ў сабе маеш, але папярэдзіць дачку і перас­ церагчы Брызіну карцела, і ён раз ад разу карыстаўся дзеля гэтага туманнымі намёкамі на відавочныя няўдачы праўдалюбцаў, якія заміналі сваёй праўдаю жыць і сабе, і іншым, і ўрэшце трэскамі знікалі ў каламутным віры жыцця. Але Маша нават гэтак закамуфляваных ягоных хітрыкаў аднойчы не вытрывала — і недзе з паўгода на­ зад зусім не з той вольна­сяброўскай інтанацыяй, якая неяк сама сабой для размоў паміж імі выбралася, а ад­ чужана і нават раздражнёна спытала:

— Ты што туману напускаеш, продак?.. Маніць я і без цябе навучуся, калі захачу. Але я не хачу, разумееш? Магу я жыць і не хацець маніць? Гэтаксама, як ты жы­ веш і не маніць не хочаш?

— Можаш, — разгубіўся і пакрыўдзіўся Брызін, — ды я і не збіраюся вучыць цябе маніць, з чаго ты гэта ўзяла? Проста ў мяне большы вопыт, і я хачу, каб ты яго хоць неяк скарыстала. Ну, хоць бы не збівала лоб да крыві там, дзе можна сіняком абысціся.

— Вопыт?.. Які ты маеш вопыт? Калі гэта ты сказаў праўду і за тое паплаціўся? Пры мне такога не было — і ў сямейным архіве такое не зафіксавана.

— Ты хочаш сказаць, што твой бацька манюка? — не стрывала ўжо ў Брызіне крыўда.

— Давай без крыўды, — сказала Маша. — Я ж не крыўдую на цябе за тое, што ты такі, які ёсць. Я цябе такім і люблю, хоць іншым разам…

— Што іншым разам?.. Ты дагаворвай, дагаворвай, — канчаткова ўжо заняў акоп несправядліва пакрыўджа­ нага Брызін.

— Не разумею, як ты не разумееш… Маніць — гэта зна­ чыць потым пераманьваць і пераманьваць, а ўрэшце ўсё адно выйдзе не лепш і не горш за праўду. Дык нашто ісці да таго, што павінна быць, не напрасткі, а кружнымі шляхамі?

— Хоць бы для таго, каб выйграць час, — адчуваю­ чы несумненную перавагу ў вопыце, рэзанёрскім тонам адказаў Брызін.

— І шмат ты яго, згубіўшы на кругі, выйграў? Што вы ўсе з гэтага выйгралі?

— Хто мы ўсе?

— Ты, Сініцын, тваё пакаленне, старэйшае?.. Вось вы ківаеце зараз на камсамол, на партыю, на савецкаю ўладу — усе вас падманвалі! А хто быў у камсамоле, у партыі, у савецкай уладзе? Не вы?.. Вы ж манілі насу­ страч адзін аднаму — і ў тым ядналіся. Вы разам з’ілгалі ўсе на свеце, перавярнулі нармальнае чалавечае жыццё з ног на галаву. Каб не гэта, дык і савецкая ўлада была б не горшай ад іншых. Ва ўсякім разе не горшай за цяпе­ рашнюю, на вяршынях якой вашы чэмпіёны — манюкі з манюк. І вам крыўдна не з іх ілгунскай улады, а з таго, што яны раней за вас туды паспелі. І вы ўнізе бегаеце і пагаўкваеце, бо маніць манілі і маніце, а паспець не паспелі і не паспяваеце.

— Калі гэты ты палітыкай пачала займаццца?

— Ды не палітыкай я займаюся, а жыццём. Высока­родным відам спорта.

Апошняй яе фразы Брызін і тады не зразумеў, і потым яна да яго не дайшла… Новае пакаленне.

Праходзячы піўнуху на Нямізе, Брызін прыпыніўся і спытаўся ў самога сябе: «Андрэй, ты хочаш кульнуць куфель піва? Толькі адразу праўду кажы, ідзі да піва наўпрост, а не кружнымі шляхамі». І Андрэй адказаў Брызіну: «Хачу. А калі давядзецца за стырном ехаць і з якім­небудзь срулём з палкай разбірацца, дык ты, Брызін, мяне адмажаш. І пайшло яно ўсё на фіг».

Зрэшты, можна было абысціся і без такога складанага ўнутранага дыялогу, бо з піўнухі выскачыў з недапітым куфлем Савелій Рудзянскі і вольнай рукой ляпнуў Брызіну па плячы:

— Брыза, прастаўляй піва, бураціна! Я твайму Бегун­ ку кульгавага Юрыка на тваю тачку падсеяў, без мяне ён фіг бы яго ўгаварыў!

— Бегунок тут быў?

— Тут. З пілой.

— Якой пілой?

— Бензінавай. Прыпёрся ў піўную з пілой — цырк. Ударнік лесапавалу.

— Даўно?

— Ды мінут пяць, як пайшлі. Ну, можа, дзесяць, — удак­ ладніў Савелій, глянуўшы на недапіты куфель. — Не болей.

Выходзіла, што спяшацца не было куды: работы з зам­ ком і ключамі хопіць гадзіны на дзве нават для кульгава­ га Юрыка. А калі ён пад мухай, дык і на дзве з мухамі.

— Яны пілі?

— Не, бочку пілавалі. Ты як спытаеш…

— Ладна, пайшлі. Прастаўляю.

У піўной было не густа і не пуста. Апроч яго ды Са­ велія, два адасобленыя інтэлігенты, адзін з якіх, у аку­ лярах, старанна разбіраў на газеціне залацістага ляшча, а другі, са слядамі акуляраў на пераноссі, аблізваючыся, чакаў; задуменны з відавочна маштабнага, не меншага ад брызінскага, перапою, трохі чужаваты тут у сваёй фор­ ме міліцэйскі маёр, а яшчэ напаўзнаёмы мужык Віталік, спіты былы хакеіст са сваёю высокай і нейкай пустэль­ на сумнай чарговай сяброўкай.

— Брыза! — радасна раскінуў рукі насустрач Брызіну і паплыў ад высокай сяброўкі амаль роўны з піўной стой­ кай Віталік. — Глядзі, якую я ўчора кроквіну адарваў! І ведаеш, як яе завуць? Капіталінай!.. Клянуся, я ў паш­ парце бачыў! Хочаш, напалам яе распілуем? Тут і Бегу­ нок твой недзе з пілой… Табе якую палавіну? Верхнюю — дык за куфель, ніжнюю — дык за два.

— Ты з ім п’еш? — спытаў Брызін Савелія.

— Я п’ю толькі з тымі, хто прастаўляе, — адказаў Савелій, з чаго вынікала, што піць тут яму, апроч як з Брызіным, няма з кім. Хоць глядзі ў акулярах, хоць без.

— Лізавета, ты не паверыш, але я без грошай, — абы­ шоўшы Віталіка і ніжнюю палавіну ягонай сяброўкі, па­ вітаўся Брызін з буфетчыцай.

— Каму ж тады верыць, калі не табе, — без асаблівай ветлівасці, але са згодай кіўнула буфетчыца, якой і піва, і піўная, і півасмокты, і ўсё чыста ў яе жыцці каля піўной бочкі даўно апаскудзела. — Усіх паіць будзеш, ці толькі Саву?

— А хто яны мне, каб іх паіць? — спытаў Брызін, аглядаючы выпадковы піўны калектыў.

— Мінулым разам, значыць, тут былі адны браты твае ды сёстры, — сказала Лізавета, наліваючы піва.

— Ну,— сказаў Брызін. — Былі і ўсе памерлі.

— Шкада, — сказала Лізавета. — Столькі народу…

Яны ўзялі з Савеліям па піву і адышліся да самай даль­ няй стойкі, выбраўшы ў суседзі інтэлігентаў з ляшчом. Тыя незадаволена на іх зыркнулі, бо вольных стаякоў паўсюль хапала, але нічога, паколькі інтэлігентныя, не сказалі.

— Што, так і будзем піва піць? — недаўменна спытаў Савелій. — А разбавіцель?

— Ліза пабаіцца, — кіўнуў Брызін на маёра.

— Каго пабаіцца? Яроху?.. Ды яго самога не сёння­ заўтра выпруць з міліцыі за п’янку. Жонка ўжо выпер­ ла.

— Ладна, ід зі далівай, — махнуў рукой Брызін. — Толькі мне піпетку, не болей.

Савелій узяў куфлі, адсёрбнуў з кожнага па глытку з пенай, вярнуўся да Лізаветы, і тая, не хаваючыся, даліла ў піва гарэлкі.

— Лізавета, і мне, — ікнуў маёр, які, аказалася, і ў задуменні ўсё бачыў.

— Ішоў бы ты дамоў, Ярохін, — спагадліва сказала бу­ фетчыца, якая прафесійна не любіла міліцыянтаў, але традыцыйна паважала форму і пагоны. — Прападзеш тут — і ніхто табе не паможа.

— Я памагу, — адазваўся Віталік. — Маёр, хочаш палавіну Капіталіны?

— Эх, Віталік, — уздыхнуў маёр. — А якую васкрэ­ сенскаму «Хіміку» шайбіну закаціў… Ад варотаў да ва­ ротаў…

— Ты помніш? — устрапянуўся Віталік. — Ты помніш, Ярохін? — І гэтак жа раптам, як і ўстрапянуўся, абмяк. — Мала хто помніць…

Брызін выпіў куфель піва ледзь не адным глытком — так хацелася.

— А кузбаскаму «Металургу», — доўжыў успаміны Ярохін. — Эх, Віталік…

— Выбачайце, а як ваша прозвішча? — павярнуўся да Віталіка інтэлігент у акулярах.

— Акуляры здымі, — сказаў Віталік.

— «Профессор, снимите очки­велосипед…» — працытаваў маёр Ярохін.

— Маякоўскі, — сказала Капіталіна, і зусім нечака­ на ў яе аказаўся глыбокі і чысты, са срэбным адлівам голас.

— О, — сказаў Віталік. — О, голас!.. Не, мужыкі, верх­няя частка — таксама два куфлі.

— І не абрыдла табе? — сумна спытала срэбным голасам Капіталіна.

— З мяне чатыры куфлі за абедзве часткі, — раптам сказаў інтэлігент без акуляраў, але са слядамі ад іх. — І кіньце выступаць у другой раённай лізе. Калі вы дума­ еце, што гэта смешна, дык не.

— А я вас ведаю, — пустэльна ўсміхнулася яму Капіталіна. — Вы таксама паэт.

— Але не Маякоўскі, — сказаў маёр Ярохін. — Куды яму да Маякоўскага… Куды яму да Віталіка… Куды яму наогул…

— Да задніцы мне, смешна табе, ці не смешна, — грозненька прыстукнуў напаўпустым куфлем Віталік.

— Цыц! — цыкнуў маёр. — Не замінаць працэсу!

У Брызіне — ці з таго, што завёўся на старых дражджах, ці з таго, што набраў абароты на разбавіцелі — працэс пайшоў інтэнсіўна: зашумеў у галаве прасторны вецер, закалыхаліся, пакаціліся адна другой наўздагон цёплыя хвалі.

— Лізавета, — пстрыкнуў пальцамі над галавой Бры­зін, — піва! Усім! А хто хоча — з разбавіцелем.

— Мне асобна, — сказаў маёр Ярохін. — Непрафесійны ў вас да п’янкі падыход, з таго і ўсе вашы праблемы.

— Браты ўваскрэслі? — спытала Лізавета.

— І сястра, — адказаў Брызін, зірнуўшы ў тую пустэльную далеч, у якую ўглядалася Капіталіна.

На парозе піўной з’явіліся два чужыя інтэлігенты, у не­ чым падобныя да сваіх, але маёр Ярохін, мусібыць, выра­ шыў, што іх тады будзе занадта, і шугануў новенькіх:

— Рэвізія!

Інтэлігентаў прасторным ветрам змяло.

— Зачыні дзверы, Савелій! — загадаў Ярохін. — Са сваімі пабудзем.

— Я вам зачыню! — крыкнула Лізавета. — У мяне план, а ў вас тут на ўсіх — адзін Брызін у пазыку!

Усе, апроч інтэлігента­паэта, які нарваўся на канфлікт з Віталікам і праз тое пагардліва адвярнуўся ад ягонай кампаніі, паглядзелі на Брызіна.

— Сава, ты ў якім званні? — спытаў Брызін.

— Не магу знаць. Даўно ў ваенкамаце не піў.

— Але не маёр?

— Ты што!.. Мне столькі не выпіць. Ад сілы — старшы лейтэнант.

— Дык выконвайце загад маёра, старшы лейтэнант! Савелій казырнуў, падышоў да дзвярэй і накінуў на абедзве ручкі металічную скабу, якая вісела на глухой дзвярной палове, прывязаная шпагатам.

— А то распусціліся, — буркнуў Ярохін. — Прэзідэнт ім не прэзідэнт, маёр ім не маёр…

— Здымі я табе сказала! — крыкнула Лізавета.

— Ты якую ўчора касу здала? — спытаў Брызін.

— Чатыры семсот!

— З мяне пяць. І можаш не здаваць… Лізавета моўчкі стала наліваць піва.

У куток да інтэлігентаў, які не праглядваўся з вуліцы, Савелій з Брызіным падцягнулі стойкі маёра і Віталіка з Капіталінай, аб’яднаўшы кампанію гэтым простым дзе­ яннем і ў часе, і ў прасторы. Ніяк і ні з кім не яднаўся напачатку толькі прыціснуты да сцяны паэт. Ён грэбліва адсунуў ад сябе пададзены Лізаветай куфель, але сябрук ягоны спытаў з мяккім дакорам: «Ты што, Валодзя?..» — і паэт зразумеў, што можа папасці пад таварыскі суд за адрыў ад народу. «Нам што, Лёня, больш няма чаго рабіць, як з імі піць?» — паспрабаваў ён яшчэ ашчэ­ рыцца, як воўк за сцяжкамі, але ў сітуацыі безвыход­ най дружбы вымушаны быў падціснуць хвост і здац­ ца, што і прадэманстраваў, пасунуўшы да сярэдзіны кампаніі ляшча на газеце.

— Гарэлку даваць? — спытала Лізавета.

— Даваць! — першым сказаў паэт, каб пра яго ўжо чорт ведае што не падумалі.

— О, — сказаў Віталік. — А то паэт, паэт!.. Я таксама шайбу ганяў.

— За дружбу! За сапраўдную мужчынскую дружбу! — падняў куфель Брызін.

— І жаночую, — сказала Капіталіна.

— І жаночую, — згадзіўся Брызін. — Лізавета, ідзі да нас!

— Я сама з сабой падружкуюся, — запаліла цыгарэту Лізавета. — А гарэлкі ў вас на дружбу толькі пляшка за­ сталася, у мяне больш няма.

— Я збегаю? — адразу прапанаваўся Савелій.

— Ды пачакай ты, — выпіўшы, паморшчыўся Брызін. — Ты лепей скажы што­небудзь.

Савелій пацепнуў плячыма.

— А што сказаць?.. Мне няма чаго сказаць, я не паэт.

— Хай паэт скажа, — дапамог Савелію маёр Ярохін. — Даўно я паэтаў не слухаў, ад вайны…

— Ад якой вайны? — не зразумеў Брызін, але Ярохін, відаць, забыўся, ад якой, і прамаўчаў.

— Я пачакаю, пакуль ён успомніць, — неяк усё ж не па­сяброўску сказаў паэт Валодзя.

— Тады я за Савелія скажу, — дацягнуў сваё да сябе Брызін. — Сказаць, Савелій?

— Кажы сабе, мне што, абы не я, — зноў пацепнуў пля­ чыма Савелій, які рабіў гэта ў адказ на ўсё, што б яму ні сказалі, нібы нічога падобнага раней не чуў і нават не ўяўляў, што такое можа быць у свеце.

— Во­во, абы не я і хата не мая, з гэтага і пачнем, — падхапіў ягоныя апошнія словы Брызін. — Якраз па гэ­ тым прынцыпе жыў і жыве ўвесь час, колькі я з ім зна­ ёмы, грамадзянін Савелій Рудзянскі па мянушцы Сава. Мянушку гэтую яму яшчэ ў школе далі — і зусім не па сугуччы з іменем, як павярхоўна і паспешліва можна па­ думаць. Справа ў тым, што Савелій, хоць і не насіў ніколі акуляры, — прыжмурыўся Брызін на сябра паэта Лёню, — але з маленства кепска бачыў. Выбарачна, так скажам, кепска… Чытаць чытаў, пісаў лінейка ў лінейку, аднак іншым разам проста слеп. Засціла яму… Ну, скажам, не мог разабраць, у форме перад ім маёр Ярохін, ці без фор­ мы?.. І аднойчы ён не ўбачыў, як два п’яныя менты збілі на матацыкле ягоную аднакласніцу Машу, якую ён пра­ водзіў са школьных танцулькаў дахаты. Побач быў, а не ўбачыў… Сказаў, што яны ішлі з Машай па розных баках вуліцы. Ну, можа, і так, але ж па розных баках адной і той жа вуліцы. Калі Маша памерла ў бальніцы, і абласны го­ рад, дзе яны жылі, забурліў, хоць не надта бурліць і даз­ валялася, нейкі на дзіва прынцыповы следчы прыціснуў Саву — і Сава даў паказанні… Сказаў, як яно было: што так, што сапраўды збілі міліцыянты, якія запалохалі не гэтак яго, як ягонага бацьку, таму ён і маўчаў. А на судзе Сава ад сваіх паказанняў адмовіўся, сказаўшы на гэты раз, што яго застрашыў следчы. Да таго ж нешта праяснілася ў ягоных вачах — і ён дакладна ўспомніў, што тыя матацыклісты былі не ў міліцэйскай форме, а ў камбінезонах, якія з ягоным дэфектыўным, то прападаю­ чым, то вяртаючымся зрокам можна было прыняць і за форму… У выніку судзілі і прыгаварылі да вышкі двух рабочых малаказавода, якія, як на грэх, папаліся перад тым п'янымі са скрыняй скрадзенага масла ў люльцы матацыкла. На іх жа навесілі яшчэ і нашумелае згвал­ таванне з забойствам, якое доўга вісела ў ментоў нерас­ крытым… А самае ва ўсім гэтым цікавае тое, што Сава і на следстве, і на судзе іх апазнаў!

— Ты што, Брыза? — даўно ўжо гледзячы на Брызіна ў мітуслівым неразуменні, падняў плечы і разведзеныя рукі Савелій — і так і застаўся стаяць. — Ты што га­ родзіш?Гэта ж усё пра цябе, а не пра мяне…

— Калі б гэта ты расказаў, — ткнуў у яго пальцам Брызін, — дык было б пра мяне. А я расказаў пра цябе. І першым, што ўсе тут чулі, я табе сказаць прапаноўваў. Так што без прэтэнзій, Сава.

— Як без прэтэнзій, калі мяне там нідзе не было?

— А дзе ты быў?.. Дзе ты быў, калі дырэктар школы на лінейцы — на лінейцы! пры ўсёй школе! — Толю Са­ мусенку мёртвымі галубамі па твары лупіў? Нібыта гэта Толя, які гэтых галубоў падкормліваў, іх жа і пазабіваў! А гэта п’яны фізрук з біялагічкай на гарышчы трахаўся і галубам галовы паадкручваў, каб не ляталі і не какалі! І ты адзін гэта бачыў, і адзін гэта ведаў, і аднаму мне пра гэта расказаў, а стаяў на лінейцы, глядзеў на бычы­ ную морду фізрука, калаціўся і маўчаў! І Толю са шко­ лы выперлі, і ён сышоў з дому, і прапаў, і з той пары ніхто і не ведае, дзе ён і ці жывы! Нідзе цябе не было?.. Скуль жа ты ўзяўся, каб мне па плячы ляпаць: «Брыза, бураціна, прастаўляй!..»

Брызін рвануў да сябе куфель, расплюхаў піва па стале, рукавом выцер. Піць не стаў, нервова пастукваў, гледзячы ў куфель, пазногцямі па шкле. Кампанія няў­ тульна маўчала.

— Бывае, — сказаў нарэшце маёр Ярохін.

— У нашым доме, — успомніў, пазяхаючы, Віталік, — адзін мужык таксама зранку прачнуўся, а ўвечары па­ весіўся.

— Для чаго вы гэта расказалі?.. Ды яшчэ пад тост за дружбу? — спытаў паэт Валодзя.

— Скуль я ведаю?.. — зацягнуўся Брызін амаль дапаленай цыгарэтай, якую ўзяў з губ усё яшчэ нерухомага Савелія. — А нашто наогул нешта расказваюць? Каб цікава было.

— Такое не расказваюць малазнаёмым людзям…

— А знаёмым тым больш! — падаўся, перакуліўшы куфель, Брызін да Валодзі. — Дык каму расказваць? Каму сказаць, што ты скаціна? Каму прызнацца?.. Дач­ цэ? А як пасля ў вочы ёй глядзець?.. Маёр, — зноў вы­ цер Брызін рукавом стойку, — ты б расказаў сваёй дач­ цэ, што спаў сёння з курвай толькі для таго, каб яна твайго сябра надурыла? Грошы дапамагла з яго вы­ драць? Расказаў бы?..

— Я бяздзетны, — адказаў Ярохін. — Мая сям’я — мая міліцыя.

— А жонка? — з’едліва здзівілася Лізавета. — Чаму вамі­мужыкамі жонкі ў сем’і не ўключаюцца?

— Жонкі — гэта ўнутраныя войскі, — прыкінуўшы нешта сам у сабе, сказаў маёр Ярохін.

— Вы ўсё самі пра сябе прыдумалі?— дапамагаючы Брызіну дачысціцца, пустэльна спытала Капіталіна. — Але для чаго?

— Прыдумваць — гэта па ягоным ведамстве, — кіўнуў Брызін на паэта Валодзю. — Прыдумай што­небудзь, эй, паэт?.. Вясёлае, а то сумна ўсё…

— Ды нічога ён, падла, не прыдумаў, толькі ўсё наадва­ рот… — яшчэ вышэй падняў плечы Савелій, але маёр Яро­ хін паклаў на іх свае рукі, ціскануў уніз — і плечы ў Савелія зламана павіслі разам з рукамі, як у драўлянай лялькі.

— Цыц! — сказаў маёр Ярохін. — Праехалі. Я вам не такое расказаць магу.

— Дык раскажы, — прапанаваў Брызін. — Твой тост. Даўно не слухаў маёраў…

— Значыць, даўно не сядзеў, — сказаў Ярохін. — У мяне, дарэчы, брата пасадзілі, з чаго я і запіў… Ад бяссілля… Па ранейшых часах я б яго ім не аддаў, а цяпер…

— Каму ім? — спытаў Брызін.

— А ты думаеш, у міліцыі ўсе свае?.. Хрэна. Я да мі­ ністра дайшоў, а ён мне: на кантролі ў прэзідэнта, чыс­ ціня мундзіра, тралі­валі, панёс фіговіну.

— Дык твой брат таксама мент? — спытаў Віталік, які ўжо, здавалася, стоячы спаў пад пахай у Капіталіны.

— І брат мент, і бацька, і ўсе мы мянты, — абвёўшы кампанію задуменным позіркам, сказаў маёр Ярохін.

— А давайце вып’ем за жанчын, — падняў куфель Лёня, сябар паэта Валодзі. — Капіталіна, у вас такі цудоўны голас вольнай пустэльнай птушкі — вам трэба на сцэну. Там вам будуць дарыць астры — і вы будзеце спяваць у гэтай бясконцай прасторы, дзе чалавек ад чалавека так далёка­далёка, што ніхто адзін аднаго не чуе, як ні ста­ раецца дагукацца. Бо гукаемся мы не з тым, што най­ лепшае ў нашай душы, а лезем адзін да аднаго з брудам, брыдотай — і праз тое адзін аднаго асцерагаемся і баімся. Ёсць у кожнай чалавечай душы і цёмныя завулкі, не без таго, але чаму мы не ходзім па светлых? А толькі таму, што часцей падаем, чым уздымаемся, бо падаць лягчэй… Часцей ненавідзем, чым кахаем, бо ненавідзець прасцей… І мы аддаёмся найлёгкаму і найпростаму, здабываем сабе дабрабыт, грошы, славу, святкуем свае перамогі, а побач з намі плачуць жанчыны… Я хачу выпіць за тое, каб яны не плакалі ў золаце, а спявалі ў кветках і ў каханні. За вас, Капіталіна! За вас, Елізавета Аркадзьеўна! За жан­ чын, за каханне і кветкі!

— Ох, Лёня!.. — уздыхнула, шмыгнуўшы носам, Ліза­вета. — Першы б раз я цябе чула…

— Прыгожа, — пацёр лоб далонню Брызін, які, слухаю­ чы тост Лёні, згадаў і Машу, якой трэба было б пазваніць, каб не непакоілася, і Таісію, якой трэба было б сказаць, каб вярталася, і курву Нінэль, якая не такая ўжо і кур­ ва… — А ты хто будзеш?

— Таксама паэт, — сказаў Валодзя неяк глуха і з хрыпат- цой, як гэта кажуць паэт пра паэта і курва пра курву.

Лёня ўзяўся было за ляшча, смакуючы яго гэтак жа інтэлігентна, як толькі што казаў тост. Але інтанацыя Валодзі, які відавочна пазайздросціў таму, што кале­ га ягоны паспеў, мяркуючы па Капіталіне, якраз туды, куды збіраўся паспець ён сам, змусіла Лёню развіваць поспех.

— Я што вам, ды не вам, усім нам хацеў сказаць?.. Як адна толькі жанчына магла нас нарадзіць, вымаліць любоўю з небыцця, так адна толькі жанчына можа нас і ўратаваць, засланіць любоўю ад смерці. Для кахання смерці няма, сам Бог гукае нас галасамі закаханых. І мне да слёз і болю шкада, што вось мы ўсе тут нібыта разам, блізка — і ні Бога, ні адзін аднаго не чуем, а я так хацеў бы хоць некага з вас пачуць. Няхай сабе пакуль яшчэ ціха, здалёку, як зорка зорцы голас падае…

— Ку­ку, — падаў голас Віталік, выпадаючы пад стой­ ку з­пад пахі Капіталіны, якая кінула кантраляваць і ахоўваць ягоны стаячы сон, усёй сваёй самотнай пустэ­ чаю пацягнуўшыся да лятучага Лёневага міражу.

— Гарэлкі! З ляшчом! — гукнуўся з­пад стойкі Віталік.

— Лешч сваё адплаваў, а ты сваё адпіў, — сказаў Брызін, падымаючы Віталіка за каршэнь і засоўваючы яго пад паху Капіталіны. — Што ён у цябе падае?.. Эй, ты чаго спіш? Эй, Віталік?

— Для Капіталіны сплю, — сказаў Віталік.

— Не хвалюйцеся, не паб’ецца, — з аднолькавай абы­ якавасцю і да Віталіка, і да Брызіна, і да ўсіх астатніх, апроч Лёні, сказала Капіталіна. І ўсім была абыяка­ вай яе абыякавасць, апроч паэта Валодзі, які глянуў на Капіталіну, як на птушку, што выблыталася з сіла, нерво­ ва наліў паўшклянкі гарэлкі і адзін выпіў. Лёня на гэты час ад яго адвярнуўся і пераможна паслаў Капіталіне па­ ветраны пацалунак. «Глядзі ты, — падумаў Брызін, — і ў гадах мужыкі, а якія страсці… Цікавы народ гэтыя па­ эты. Нінэль ім падсеяць, ці што?..»

Ён зірнуў на гадзіннік: дзве гадзіны праляцелі, як імгненне, вось што значыць кампанія. Успомніў, што Маша, мусібыць, хвалюецца, дзе гэта ён адключыўся і прапаў, уключыў тэлефон — і той адразу зазваніў су­ стрэчна. Але гэта была не Маша.

— Андрэй, — заўхліпвала курва Нінэль, — Сініцын звар’яцеў… Ён адчуў, што я была з табой, узняў скан­ дал, і я сказала, што ты ўзяў мяне сілай… Ён як шалёны выскачыў забіваць цябе, нож са стала схапіў, я баю­ ся… Яму штыфт у сківіцу забівалі, замарозка пачала ады­ ходзіць…Ты не чапай яго, ён жа ні ў чым не вінаваты…

— Нічога я яму не зраблю, — сказаў Брызін, — няхай забівае. Канчай хліпаць.

— Ага, — хліпнула Нінэль, — табе добра…

— Мне добра. Даўно ён пабег мяне забіваць?

— З паўгадзіны… Можа, болей… Ці меней…

— Што ж ты раней не пазваніла?

— Я званіла, ты ж адключаны…

— Адключышся тут, як жа,— сказаў Брызін ужо не ў тэ­ лефон. — Ну што, народ?.. Хто хоча паглядзець, як мяне забіваць будуць?.. Ніхто?.. А я б паглядзеў, бо сам даўно не бачыў… Шкада вас пакідаць, харошая вы кампанія — мянты, паэты, хакеісты… Не кожны раз такую збярэш. Карацей, мне пара ісці, а ў гаражы ў мяне мора каньяку. Адборнага, крадзенага. Армяне яго ў Арменіі крадуць, я тут яго прадаю — і з таго багаты. Так што тых, каму не смярдзіць каньяк клапамі, запрашаю. Гэта побач, ніякіх затрат на транспарт.

— Як гэта маёр міліцыі крадзены каньяк будзе піць? — спытаў маёр Ярохін. — Дзе логіка?

— Глыбіннае пытанне, — сказаў Брызін. — За канья­ ком у гаражы і абмяркуем. Туды да нас вялікія логікі павінны пад’ехаць, калі ўжо не пад’ехалі…

Пайшлі не ўсе. Не пайшоў Савелій, які пасля таго, як маёр Ярохін абламіў яму рукі да плеч, аднёс сваё піва на ранейшую сваю стойку і дэманстратыўна піў яго спінай да кампаніі, і не пайшоў паэт Валодзя, якому, мусіць, без патрэбы быў каньяк без Капіталіны, няхай яго п’юць з ёй былыя сябры. Паміж паэтамі прабегла кошка, якая паспрабавала яшчэ вызваліцца і ад Віталіка, пакінуўшы яго спаць для Лізаветы, але тая катэгарычна запрэта­ ставала: «Забірай сваю клюшку, я зачыняцца буду!» — і Капіталіне давялося пакінуць Віталіка каля сябе на прыгрэтым месцы. «Куды яго?.. Можа, я адвяду?» — прапанаваў Капіталіне свае паслугі Лёня, але Віталік з­пад прыгрэтай пахі Капіталіны паказаў яму дулю, і на Лёневым твары самотна заблукала сумненне ў тым, ці правільна ён выбраў паміж сяброўствам і каханнем.

— А ў вас як у паэтаў? — спытаўся ў Лёні па даро­ зе Брызін. — Заўсёды кажуць па­прыгожаму, ці здара­ ецца і па праўдзе?.. Ты вось па праўдзе хоць раз сказаў што­небудзь?

— У паэтаў няма няпраўды, — адказаў Лёня. — Усё, што яны кажуць — праўда.

Брызін нават спыніўся.

— І як гэта выходзіць?

— Прыкладна так, як выйшла ў вас сёння… Вы нам і манілі — і ў той жа час казалі праўду. Пацягнула?..

— Адцягнуўся я на вас, — рушыў далей Брызін. — Знайшлі ў піўной месца, дзе праўду слухаць.

— Дык у царкву не ходзім, — сказаў Лёня, бо яны якраз праходзілі міма царквы.

Брызін паспрабаваў успомніць, калі ён сам апошнім часам заходзіўся ў царкву, і не ўспомніў. Пакуль жывая была маці, яна званіла яму і на Вялікдзень, і на Каляды, змушала схадзіць паслухаць службу і памаліцца. Служба Брызіна стамляла, ніякай малітвы, апроч «Ойча наш…» да паловы, ён не ведаў, таму ставіў свечкі, з гадамі усё таўсцейшыя і даражэйшыя, бо багацеў, і сыходзіў. Ад­ нойчы, калі прастудзілася і цяжка захварэла на запален­ не лёгкіх тады яшчэ зусім малая Маша, ён пайшоў да царквы на Хрышчэнне, каб набраць вады — патэлефана­ вала маці і сказала, што вада паможа… Каля царквы ён убачыў дзядка, які, паслізнуўшыся, нерухома ляжаў на лёдзе, і ніхто не дапамагаў яму ўстаць, ніхто не схіляўся нават глянуць, ці жывы… Усе душыліся за той вадой, нібы яна вось­вось скончыцца, адпіхваючы адзін адна­ го ад звычайнай, падключанай да вадаправода, трубы. І Брызін тады ўпершыню падумаў, што не толькі ён, а ўсе гэтыя людзі — ніякія не хрысціяне. Яны паганцы, сут­ насць веры якіх на Хрышчэнне — вада, таксама як на Купалле — агонь. І свечкі ў царкве людзі гэтыя ставяць, бо свечкі — агонь. «А людцы! А што ж вы робіце!» — загаласіла нарэшце нейкая цётка, якая патузала нерухо­мага дзядка і падумала, што той памёр. Дзядок, дзякуй Богу, ачомаўся, толькі, здорава страсянуўшыся, не мог стаяць на нагах і, пакуль Брызін вёз яго да бальніцы, усё шкадаваў, што не дасталося яму вады. Брызін прапанаваў сваю, але дзядок не ўзяў. «Не, — сказаў, — яна памагае, як сам набярэш. Я ўсё жыццё да царквы прахадзіў, ве­ даю…» Ну, хіба не паганец?..

Але Машы вада сапраўды памагла — вось табе і ва­ даправод. Хоць, калі б згадзіўся ўзяць дзядок у Брызіна тую ваду, дык што б — Маша памерла?.. Усё гэта выпа­ дак, гульні жыцця. Высакароднага віду спорта, як кажа Маша. Трэба пра гэта падумаць.

Ён назваў дачку Машай на ўспамін пра сваё пер­ шае каханне — тую дзяўчынку, пра якую для сябе само­ га нечакана расказаў сёння ў піўной кампаніі. Расказаў амаль так, як яно было, хоць было яшчэ страшней. Калі тых двух рабочых з малаказавода асудзілі на смерць, у хату Брызіных прыйшла маці аднаго з іх, якая паўдня размаўляла з маці Андрэя, і ўрэшце яны паставілі яго перад абразом і сказалі: «Кляніся перад Богам, што не зманіў. А зманіш зараз, Бог цябе пракляне, і пра­ клён Ягоны будзеш несці і па гэтым, і па тым свеце». І Брызін, у якім не было ўжо нічога, апроч страху і адчаю, прызнаўся, што зманіў. І адразу зразумеў, што прызнаўся дарма, бо маці ягоная сказала: «Тады я цябе прад Бо­ гам праклінаю. І не пазбыцца табе майго праклёну, па­ куль не замоліш грэх, пакуль Бог не даруе. Ідзі з майго дому, ідзі ад мяне…»

Паўтары гады Андрэй пражыў з бацькам, які, як паз­ ней аказалася, быў апошнім гаўнюком, ментоўскім аген­ там, пад прымусам якога Андрэй і «апазнаў» на судзе тых двух рабочых… Пасля Брызін з’ехаў вучыцца ў Мінск, а з маці болей так і не бачыўся — яна толькі званіла і змушала хадзіць у царкву і маліцца. Іншым разам яшчэ пыталася, як там Маша расце, але да канца жыцця так і не даравала.

З жанчынаю з іменем Маша, з якой пазнаёміў яго Сініцын, ён і ажаніўся. Калі яна, маладая і здаровая, памерла пры родах, дык першае, пра што падумаў Брызін — пра праклён. Ён запанікаваў, замітусіўся, тросся над дач­ кой, якую выразалі з ужо мёртвага цела жонкі, як жа­ брак не трасецца над апошняй капейчынай і багацей над усім сваім багаццем. У тым, каб хадзіць да царквы і шчы­ ра маліцца, патрэбы ён так і не знайшоў, але і без таго ўсё ў іх было добра; было добра да той пары, пакуль у апошні раз не пазваніла маці і не сказала, што хутка ёй паміраць, і перад смерцю яна б хацела пабачыць унуч­ ку. Брызін учапіўся за гэта, у яго ўзнікла нават надзея, што праз Машу пашле яму маці дараванне — не камен­ нае ж у ёй сэрца, але выйшла інакш: трынаццацігадовай Машы, як на споведзі, маці перад смерцю ўсё і пра ўсіх расказала…

Адзіная сустрэча ўнучкі з бабуляй абышлася і для Машы, і для Брызіна дорага. Апроч таго, што гады ча­ тыры між імі нічога не ладзілася (тады Брызін і завёў у доме, як пасярэдніцу, Таісію Арчыбальдаўну), у Машы пачаліся цікозныя сутаргі: перасмыкаліся то мышцы тва­ ру, то плячэй — і ўрачы казалі, што гэта вельмі сур’ёзна. Брызін, не шкадуючы грошай, вазіў дачку на блізкія і далёкія курорты, паказваў яе найлепшым дактарам, але гэта мала дапамагала. Можа, і не дапамагло б, калі б клін клінам не выбіла.

Тры гады таму, калі Машы пайшоў семнаццаты, яны на машыне, якой Маша сама ўжо някепска кіравала, паехалі ў Сочы — і ў нейкі д зень падаліся ад мора на горнае возера, вяртаючыся адкуль, прыдумалі павя­ чэраць у прыдарожным рэстаране. Было цудоўнае па­ дарожжа, быў мяккі паўднёвы надвячорак, быў смач­ ны рэстаран з грузінскай кухняй — усё хораша кла­ лася адно да аднаго, і ці не ўпершыню за доўгі час паміж імі пачалася размова большая ад той, калі ён пытаўся: «Як ты сябе пачуваеш?», — і яна адказвала:

«Нармальна». З асцярожнай радасцю Брызін убачыў, як Маша ў здзіўленні акругліла вочы і нават хуцень­ ка ўсміхнулася, калі перад імі паклалі на стол шашлык на такім шампуры, які без натугі мог раўняцца з добрай казацкай пікай, а на тупы канец шампура да таго ж была ўздзета чырвоная бантавая сурвэтка з надпісам: «Смачна з’есці!»

— Хоць як­небудзь яго б з’есці, — хуценька ўсміхнулася Маша, і тут у дзверы таго прыдарожнага рэстарана, дзе, апроч Брызіна і Машы, вячэралі яшчэ чалавек трыццаць, уварваліся два мужыкі ў чорных масках з пісталетамі ў руках, і адзін з іх адразу бабахнуў у столь:

— На падлогу ўсім! Ляжаць! Грошы і золата перад са­бой! Ну!.. — І яшчэ два разы: ба­бах! ба­бах!..

У акругленых вачах Машы здзіўленне змянілася за­ стылым жахам: раней яна бачыла такое толькі ў кіно, ды й Брызіну не здаралася трапляць у такое, і ён не ведаў, што рабіць, але імгненна адчуў, зразумеў, што, калі за­ раз спаўзе на падлогу, то ўжо ніколі з яе ў акругленых вачах дачкі не падымецца. Таму ён, не зварухнуўшыся, застаўся сядзець, як сядзеў.

— На падлогу я сказаў! — падскочыў да іх стала той бахальшчык, стаўшы якраз насупраць вострага канца шампура, і Брызін, левым бокам схіляючыся нібыта на падлогу пад стол і надаючы інерцыю целу, правай рукой усадзіў шампур бахальшчыку пад ніз жывата. Мужык скурчыўся, выпусціў пісталет, і Брызін ужо з­пад стала пальнуў з яго ў другога налётчыка, страляць якому, пе­ ракрываючы Брызіна, замінаў напарнік. Куля пацэліла другому амаль туды ж, куды першаму шампур, і Арчы­ бальд, бацька Таісіі, не прамінаў потым выпадку назваць Брызіна «стралком па яйцах».

— Цябе ж маглі забіць, — упершыню за апошнія гады, зусім яшчэ па­дзіцячаму заплакаўшы, сказала Маша, калі пасля тыдня гераічнай гульбы ў гасцях у гаспада­ ра рэстарана, які аб’явіў Брызіна сваім крэўным братам, яны вярталіся ў Мінск.

Брызін зняў са стырна правую руку і абняў дачку.

— Не плач… Цябе таксама маглі забіць… Але тады я пра гэта не падумаў. Думаў пра іншае, даруй.

— Нас абодвух маглі забіць!.. — кінулася яму на грудзі Маша. — Ні за што, як тых двух рабочых…

Брызін ледзь утрымаў на дарозе машыну, спыніўся на абочыне і сам, не стрываўшы, заплакаў…

Тыя хвіліны, якія яны разам праплакалі тады ў ма­ шыне, дзіўным чыным сталіся ці не самымі шчаслівымі хвілінамі ў ягоным жыцці. Яму было горка і сорам­ на, балюча, крыўдна: душа вінавацілася перад Машай­ каханнем, Машай­жонкай і Машай­дачкой, перад тымі двума рабочымі, перад маці і перад усім светам, але вінавацілася душа не ў безвыходнасці і не ў цемры, як яно раней здаралася, а ў прасвятленні, у пранізлівым адчуванні нескарыстанай высокай сілы, што была ў ім самім — і ён падумаў, што гэта і ёсць царква, якая заўсёды там, дзе чалавек здольны павініцца ў грахах сваіх, пака­ яцца і шчыра памаліцца. Над гарой, пад якой яны стаялі, за нейкае імгненне, як яно бывае на поўдні, сабралася навальніца: заляскалі грамы і засляпілі маланкі, з гары без першых кропляў, адразу зваліўся такі дождж, пад якім аж прысела машына — і пад гэтым дажджом, пад грамамі з маланкамі Андрэй плакаў нязнанымі ім ра­ ней слязьмі, якія давалі палёгку, вінаваціўся і маліўся да той пары, пакуль не заўважыў, што Маша спіць на яго­ ных грудзях, не чуючы грамоў і не бачачы маланак. Калі навальніца гэтак жа нечакана, як і пачалася, скончыла­ ся, Брызін перанёс Машу на задняе сядзенне, прыкрыў пледам і ціха паехаў. Ён ціха ехаў, а за ягонай спінай спакойна і роўна дыхала ў сне дачка — амаль суткі… І нічога ў свеце не было страшнага, нічога непапраўнага, усё можна было змяніць і перайначыць да лепшага.

Не адразу пасля гэтага знікла паміж імі адчужа­ насць, кожны дзень, кожны крок збліжэння даваўся з намаганнямі, але цікі і сутаргі прапалі, як іх і не было, Маша ўсё болей вальнела ў адносінах з Брызіным — і па­ чало ў іх паціху ладзіцца жыццё. Толькі кожны раз, калі Маша лавіла Брызіна на мане, хоць на самай дробязнай — многае адкідвалася назад. Не абрушвалася, але паўзло…

Каля ягонага гаража стаяў натоўп. Ну, не натоўп, але таўклося на звычайна пустым месцы паўдзесятка чала­ век, а непадалёку — міліцэйскія «Жыгулі».

— Гэта не па твой крадзены каньяк прыехалі? — спытаў маёр Ярохін. — Калі па яго, дык наўрад ці вып’ем.

— Ды не, — сказаў Брызін. — З чаго па яго?..

Ён нічога не адчуў, зусім нічога — і пасля з гэтага здзіўляўся.

— Хачу каньяку… Хачу каньяку… Каньяку хачу… — з­пад пахі Капіталіны заныў Віталік, і Лёня раптам ска­ заў рашуча, ледзь не загадаў:

— Капіталіна, кіньце яго! Нешта ў гэтым жыцці заўсёды трэба кідаць! Нашто вы яго цягаеце?..

Капіталіна, нібыта толькі таго і чакала, адпусціла Ві­ таліка, і той, пахістаўшыся ўзад­уперад, зноў знайшоў раўнавагу і нават паспрабаваў па­хакейнаму крутнуцца на адной назе, што ў яго не выйшла, але ён даволі ўдала і, мусібыць, утульна ўваліўся азадкам у круглую сметніцу, з якой не захацеў выбірацца.

— А я цвярозы… Вам столькі не накідаць, колькі я накідаў…

Міліцэйскія «Жыгулі» бокам перакрывалі машыну з пабітым перадам, і калі, пакінуўшы ў сметніцы Віталіка, яны падышлі бліжэй, Брызін пазнаў у пабітай машыне сініцынскую «Мазду».

«Забіваць ён мяне прыехаў, мудзіла!..» — падумаў Брызін, і тут з гаража выйшаў Бегунок у скрываўленай кашулі, а за ім два міліцыянты, лейтэнант і сержант.

— Ён нават не прытармазіў… — убачыўшы Брызіна, вінавата развёў рукамі Бегунок. — Яна толькі выязджаць, а ён як ехаў, так і ўляцеў у гараж… І кульгавага Юры­ ка яшчэ скалечыў…

Брызін схаладзеў.

— Дзе Маша?

— Дык «хуткая» забрала…

— Куды?

— Вы гаспадар? — спытаў лейтэнант, але Брызін адпіхнуў яго і ўскочыў у гараж, з якога несла канья­ ком, як з бочкі. Ягоны «Масквіч» з задраным капотам і сарваным з крапяжу маторам ляжаў амаль на баку, левымі коламі ў рамонтнай яме, паўсюль пагромна былі раскіданыя скрыні, інструменты, бутэлькі, бітае шкло — і Брызін усё зразумеў.

— Куды павезлі?.. — выскачыў ён з гаража.

— Вы гаспадар? — зноў спытаў лейтэнант, і Брызін амаль узмаліўся да маёра Ярохіна:

— Ярохін… Дачка…

— Адвязіце яго! — не зусім упэўненым, але ўсе ж за­ гадным голасам кінуў міліцыянтам Ярохін. — Астатняе бяру на сябе.

Міліцыянты запераміналіся.

— Там левага каньяку паўгаража… — пачаў лейтэнант, але Ярохін ужо рэзка перапыніў яго:

— Ваша справа — дарожна­транспартнае здарэнне. З гэтым высветлілі?

Сержант дастаў паперы.

— Усё зрабілі і сведкаў перапісалі, таварыш маёр…

— Ну дык і едзьце! А незаконна набыты каньяк гра­ мадзянін Брызін дабраахвотна перадае дзяржаве, для чаго і я тут з супрацоўнікамі, — кіўнуў Ярохін на Лёню з Капіталінай. — Гэта ўжо мая справа, зразумела?

— Паехалі, — сказаў сержанту лейтэнант, і яны пайшлі да машыны, у якую ўслед за Брызіным паспрабаваў сесці Лёня.

— Я з вамі. Вас нельга пакідаць аднаго.

— Ды пайшоў ты! — адштурхнуў яго Брызін і ляснуў дзверцамі.

— Не лупі так, — сядаючы за руль, сказаў сержант. — Не твае.

— Моцна яе, мужыкі? — спытаў Брызін.

— Мы не дактары, — павярнуўся да яго лейтэнант. — Скуль у цябе каньяку столькі?

— Ды што вы з гэтым каньяком!.. Я вам яго, колькі хочаце, прывязу… Як усё выйшла?

Лейтэнант адвярнуўся, запаліў цыгарэту і стаў глядзець на дарогу. Сержанту стала ніякавата.

— Мы не бачылі. Са слоў толькі…

— Ну, са слоў…

— Пацярпелая пачала на «Масквічы» выезд з гаража, а пацярпелы на «Маздзе» адкінуў «Масквіча» назад у гараж лабавым ударам… Тры чалавекі ў бальніцы.

— А куды яна ехала?.. Куды яна ехала?..

Сержант здзіўлена зірнуў на Брызіна ў люстэрка задняга агляду.

— Адкуль нам ведаць?.. Гэта вы ў яе спытайцеся. Лейтэнант зацягнуўся цыгарэтай.

— Тут крымінал, так што ва ўсім будзем разбірацца. Твой служка кажа, што вырвала ў яго ключы, цябе шу­ каць хацела. Чакала, чакала, званіла паўсюль… Пры такіх запасах каньяку слабенькая ў цябе машына. Быў бы які «Мэрсэдэс» — лягчэй бы ўсё абышлося. Грошы шкадуеш, ці маскіруешся?

Брызін прамаўчаў.

— Маўчыш?.. Ну, памаўчы пакуль… А Ярохін табе хто?

— Ніхто. Хто мне Ярохін?

— Вось і я пытаюся: хто?

— Я ж сказаў, што ніхто. Маёр міліцыі. Вам лепш ведаць.

— Ведаю, хто яго не ведае… Ярохін — легенда. Але былая. Так што дарма ён сюды ўлез.

Брызін, ледзь разумеючы тое, пра што гаворыць з ім лейтэнант, асмеліўся нарэшце спытацца:

— Як яна?.. Жывая?..

У сержанта да яго было болей спагады, чым у лейтэнанта, і сержант нават уздыхнуў:

— Забіралі жывую…

Глянуўшы на лейтэнанта, ён уключыў мігалку з сірэ­най, і да бальніцы ўжо было не да размоў.

— Заўтра мы цябе выклічам, — каля бальніцы хуткай дапамогі сказаў лейтэнант. — Пра каньяк не забудзь­ ся…

«Чаму толькі сюды возяць, на край горада?.. — наўзда­ гад пабег у першыя адчыненыя дзверы Брызін. — Там жа зусім побач бальніца ёсць, другая Савецкая…»

Пра Машу сказалі, што яна ў аперацыйным пакоі.

— Я нічога ні пра каго не ведаю, — адварочвалася ад яго залатазубая, паўнагрудая сястра. — Тут праз кожныя пяць мінут некага прывозяць, дактароў чакайце.

— Маша… Маша Брызіна… — зазіраў ёй у вочы Брызін. — Ну, дзяўчынка такая, светленькая… Сястра падпіхнула яго да крэсла.

— Маша, Маша, светленькая… Сядайце і чакайце. Усе ў нас дзяўчынкі светленькія, не Эфіопія ў нас…

Брызін сеў чакаць.

«Што ж сталася?.. Маша­каханне, Маша­жонка і цяпер — Маша­дачка?.. Госпадзі, не!..» Ён тройчы перахрысціўся.

За ягонай спінай скрыгатнуў ліфт, Брызін павярнуўся — і сутыкнуўся позіркам са спуджаным паглядам Сініцына. На Сініцыне быў гіпсавы ашыйнік. Убачыўшы Брызіна, Сініцын задам засунуўся ў ліфт і зачыніўся. Ліфт зноў скрыгатнуў, Брызін за ліфтам не пабег. Нікуды Сініцын не падзенецца. Сініцына ён пакладзе пад колы, і Маша па ім праедзе.

Значыць, Сініцын ашалела выскачыў ад Нінэль, да­ гнаў да гаража і думаў, што з гаража выязджае Брызін… Камікадзе адмарожаны…

Гадзіны праз паўтары дзверы аперацыйнага пакоя адчыніліся, з іх выйшаў худы доктар ростам з Капіталіну. Зірнуўшы на Брызіна, які ўскочыў з крэсла, доктар разглядзеўся на бакі.

— Вы адзін?

Брызін таксама разглядзеўся.

— Адзін.

— Гэта добра, — чамусьці сказаў доктар. — Вы каго чакаеце?

— Дачку… Брызіну Машу…

Доктар, нібыта цягнучы час, яшчэ раз спытаў абышто:

— Дачку?.. Вы бацька? Брызін, чакаючы, кіўнуў.

— А маці дзе? — зноў разглядзеўшыся, зноў спытаў доктар.

— Па… Памерла… — не адразу здолеў прагаварыць Брызін.

Доктар не зразумеў і ўскінуў рукі:

— Не!.. Хоць стан цяжкі. Пераломы, траўмы органаў… Працуе толькі сэрца. Мы зрабілі ўсё, што маглі, але…

— Я магу яе бачыць?

Доктар адмоўна паківаў галавой.

— Яна ў рэанімацыі.

Брызін няўцямна азірнуўся на ліфт.

— Як у рэанімацыі?

— Праз другі выхад. Тут два ліфты.

— Доктар…

— Гэта катэгарычна забаронена.

— Доктар, за ўсё… за ўсё, што заўгодна… за любыя грошы…

Гэта доктара не тое, каб раззлавала, але ён стаў нібыта яшчэ худзейшы з твару.

— Паразбагацелі вы, а багатымі быць не ўмееце… Ледзь што — за любыя грошы… Каб за грошы можна было купіць здароўе і доўгае жыццё, вам бы капейчыны не дасталося.

Брызін не ўцяміў, што ён сказаў.

— Чаму?

— Знайшліся б тыя, хто грошы ў вас зубамі б вырваў… Я сам бы рваў.

Да Брызіна дайшло.

— Ну, гэта, хто ў каго… Я зубамі за іх не грызуся.

— Я не пра вас асабіста… — як быццам прабачыўся доктар. — Едзьце да раніцы дахаты, няма вам тут чаго рабіць, толькі змучаецеся… Я ў ноч дзяжурны, так што можаце пакінуць тэлефон.

Брызін таропка, нібы гэта нешта магло значыць, дастаў з партманэта візітоўку.

— Золатам па мармуры, — глянуў на візітоўку до­ ктар. — Брызін Андрэй Аляксандравіч, генеральны ды­ рэктар. Калі што — пазваню, Андрэй Аляксандравіч. Гэта ўсё, што магу пакуль абяцаць…

— Самсон Самсонавіч!.. — як з пажару, выскачыла з дзвярэй аперацыйнага пакоя маладзенькая медсястра ў збітай на вуха шапачцы, і ў Брызіна ледзь не падкасіліся ногі. — Там гэты калека ўсіх калечыць, без вас нікому не даецца!..

— Я ж сказаў, што ў рэанімацыя ваша дачка… Едзьце дахаты, тут вы без патрэбы, — крануў Брызіна за плячо Самсон Самсонавіч і пайшоў за медсястрой. — І дзе ён цябе скалечыў?.. І чым, калі ў яго ні рук, ні ног?..

Брызін прысеў на край крэсла, падняўся, зноў прысеў…

«Тут вы без патрэбы…» А дзе і каму ён без Машы ў патрэбу?..

Выходзіла, што нідзе і нікому.

Тым не менш размова з доктарам нібы давала нейкую надзею. Каб усё было безнадзейна, хіба стаў бы доктар абы­што казаць?.. Пра тыя ж грошы?..

Брызін устаў з крэсла, спусціўся ў прыёмны пакой. Спытаўся ўжо ў другой, але таксама паўнагрудай мед­ сястры, дзе рэанімацыя. Тая, не падымаючы галавы ад нейкай паперчыны, коратка адказала:

— Нельга!

Андрэй выйшаў з бальніцы, зусім не ведаючы, ку­ ды ісці і што рабіць. На выхадзе яго чакалі Лёня і Капі­ таліна.

— Нам сказалі, што не ўсё безнадзейна, — глянуўшы на Брызіна і заморгаўшы вачыма, сказаў Лёня, якому ніхто і нічога не мог сказаць.

Брызіну не хацелася іх бачыць. Чужыя людзі з выпад­ ковай кампаніі — для чаго?.. Але ж прыехалі. Сініцын у ліфт схаваўся, а яны прыехалі.

— Яна ў рэанімацыі… — сказаў Брызін. — Толькі сэр­ ца працуе… — У тым, што працуе сэрца, таксама была надзея.

Капіталіна расчыніла сумку.

— Я каньяку вашага ў гаражы тры пляшкі прыгрэла… Гэта нічога?

— Нічога… Але піць я не буду.

— А што рабіць? — спытала Капіталіна. Каб ён ведаў.

— Тут дзядзька мой працуе. Ён лічыць, што я наркаманка, і ў нас канфлікт. А так бы я магла спытацца.

— Самсон Самсонавіч? — угадаў Брызін. Капіталіна не здзівілася.

— Самсон Самсонавіч Самсонаў. У мяне яшчэ адзін дзядзька ёсць і ён таксама Самсон. Дзед такі дзіўны быў, Самсонаў…

Размаўляць не было пра што. А пра тое, што было — не было з кім. Чужыя людзі. Самсонавы.

— Вы едзьце, — махнуў рукой у бок вуліцы Брызін.

— А вы? — спытаў Лёня. — Некуды ж вам трэба падзець сябе. Я разумею, што мы не вялікія памагатыя, чужыя людзі, але ж і не аднаму вам быць. Хоць хто яго ведае…

— Я ведаю! — рашуча сказала Капіталіна, беручы Брызіна пад руку. — Да мяне паедзем. Я пакажу вам свой дом­музей.

Брызін заўпарціўся.

— Куды я адсюль паеду?.. Вы што?.. Я тут буду. Лёня зірнуў на Капіталіну.

— Можа, хай застаецца… Я таксама б не паехаў. Капіталіна ўчэпіста Брызіна не адпускала.

— І што з таго?.. Які толк?.. А ў мяне і другі дзядзька хірург, нараніцу з Прагі вернецца. Мы ад мяне адразу да яго — і з ім сюды.

— Адкуль вернецца? — спытаў Брызін.

— З Прагі. Ён свяціла, ва ўсім свеце яго ведаюць. Брызін мог зараз быць у Празе — і ўсё было б інакш.

Але ён тут — і ўсё так, як ёсць. Выпадак. Гульні жыцця.

Якраз, бы на тое пайшло, падкаціла таксі.

— Сядайце ззаду, — падштурхнула Лёню з Брызіным

Капіталіна. — Мне там ногі няма дзе падзець.

— Ды чакайце вы! — паспрабаваў яшчэ паўпірацца і нават раззлавацца Брызін. — У мяне і без вас ёсць людзі, да якіх я магу паехаць!..

— Няма, — упэўнена сказала Капіталіна. — Калі б яны былі, яны б тут былі.

Дарогай, пакуль ехалі ў таксі, гаварыў адзін Лёня.

— Бездапаможнасць — самае няшчаснае пацуццё. Ты гатовы зрабіць усё, а не можаш зрабіць нічога. І ты мізэрны, нікчэмны. Я аднойчы ў сне бачыў, як хлап­ чук праваліўся пад лёд і стаў тануць. А я кранаю на­ гой лёд — ён адразу трушчыцца, кроку ступіць не магу. Мне страшна: я сам баюся ўтапіцца. І я бегаю па бера­ зе, крычу, а хлапчук тоне. Не ведаю, ці патануў. Калі прачнуўся, дык падумаў: хоць бы наяве такога не ста­ лася. Роўна праз год сталася. Такім было ўсё падоб­ ным, быццам паўтарыўся сон, нібы я сплю. Каб не­ шта рабіць, каб толькі не пачувацца бездапаможным, я кінуўся на лёд, як быў, ні дошкі не ўхапіўшы, ні вяроўкі. І не дабраўся да хлапчука. Мяне выцягнулі, а яго не. І ўсё адно наяве было не так страшна, як у сне. Думаць пра страшнае страшней, чым у ім быць. Калі я толькі думаю, толькі ўяўляю — я сплю. І ў сне бегаю і кры­ чу. Бездапаможны, ні на што не здольны бегаю і кры­ чу, а хлапчук тоне…

«Разуменне дэманструе, — непрыязна падумаў Брызін. — Лепш бы казаў прыгожа…»

Кватэра Капіталіны ў старым доме за Акадэміяй навук сапраўды нагадвала даўно не парадкаваны і не прыбіраны музей. На ўсіх сценах у вялізнай прыхо­ жай і яшчэ большай гасцёўні віселі карціны, гадзіннікі, дываны са скрыжаванымі на іх шаблямі і старадаўнімі стрэльбамі, на паліцах пыліўся крышталь і фарфор, бронзавыя і гліняныя статуэткі, а ў кабінеце, да столі застаўленым кнігамі і тэлескопамі, высіўся на падстаўцы каля пісьмовага стала мужчынскі бюст з чорнага марму­ ру, і збоку ад яго — гармата. Не самая вялікая, без лафе­ ту, але баявая гармата часоў апошняй вайны, якую не­ зразумела як сюды зацягнулі…

— У мяне і снарады ёсць, — па­дзіцячы пахвалілася Капіталіна. — Праўда, адзін і стрэляны, але ўсё адно ўсе баяцца… Калі хто палезе — як грымну!..

— Гэта Сувораў? — спытаў Лёня пра мармуровы бюст. Несупадзенне Капіталіны з піўной пры Віталіку пад па­ хай і Капіталіны з дома­музея пры гармаце са снарадам да разгубленасці яго збянтэжыла, але ён стараўся зрабіць выгляд, быццам і не такое бачыў­перабачыў, нібы і ў ягонай кватэры поўна снарадаў і яшчэ нядаўна стаяў бюст Суворава, толькі ён яго выкінуў.

— Гэта дзед мой Самсонаў… У вайну ён быў артылеры­ стам, цягаў такую во гармату, а пасля стаў вялікім вучо­ ным, генералам. Засакрэчанай нейкай навукай займаўся, звязанай з оптыкай… Кватэру гэтую ён мне пакінуў, дык дзядзькі і злуюцца. Усё ў наркаманкі мяне запісаць хо­ чуць, каб забраць.

Брызін раптам адчуў сябе, як на могілках.

— І пры ім тут ягоны бюст стаяў?

— Не, гэты помнік на магілу зрабілі, але чаго яму там стаяць? Там і так хораша, дрэвы растуць… А тут я з ім усё ж не адна. Прачынаюся, кажу: «Добрай раніцы, Самсон Самсонавіч!» І ён мне кажа: «Добрай раніцы, Капіталіна Самсонаўна! Не забудзься паснедаць і не палі да сня­ данку…» Так і жывём. Ну, што, павячэраем?.. У меню яйкі і пельмені.

У авальнай, з круглым сталом, асобнай ад кухні ста­ ловай віселі насупраць адзін аднаго жаночы і мужчынскі фотапартрэты. Жанчына нагадвала Капіталіну, а муж­ чына — доктара Самсона Самсонавіча. Было відаць, што на фотаздымку мужчына і жанчына былі некалі разам, а для фотапартрэтаў іх разрэзалі: на плячы жанчыны ля­ жала мужчынская рука.

— Бацькі? — спытаў Брызін, калі Капіталіна, падаўшы праз акно з кухні яечню і пельмені, увайшла ў стало­ вую. — Зарэтушаваць руку можна было.

— Можна было, — паглядзела на адзін і другі партрэт Капіталіна. — Але так відаць, што яны абняўшыся… Пры­ гожыя і закаханыя, праўда?

— Прыгожыя…

— І закаханыя… — паклаў Капіталіне руку на плячо Лёня і спытаў пра тое, пра што ўжо можна было не пы­ тацца: — І дзе яны ў вас, Капіталіна Самсонаўна?

— Прапалі ў змаганні за шчаслівую будучыню Ан­ голы, — пагладзіўшы, зняла з пляча Лёніну руку Ка­ піталіна і паправіла партрэт бацькі, хоць ён і так вісеў роўна. — Яны абодва ўрачамі былі, іх туды і не пускалі разам, дык яны д зеда ўпрасілі — і д зед пастараўся… Іх там з нашымі параненымі ў палон узялі, паране­ ных пасля абмянялі, а іх — не… Ворагі братняй Анго­ лы сказалі, што не было ніякіх дактароў. І нашы по­ тым пацвердзілі, што не было не толькі дактароў, але і параненых… Джунглі.

— А дзед?.. — спытаў Брызін. — Ён жа генерал.

— Дзед рапарт напісаў аб адстаўцы, яго пад хатні арышт узялі. Тут у нас варта стаяла, жылі ў прыхожай. З тэ­ лефонам нейкім спецыяльным, з пісталетамі… Мне па­ дабалася.

— І даўно гэта было? — пацікавіўся Лёня.

— Паўжыцця назад… А, можа, і ўсё жыццё… Каньяк п’ём?

Брызін адсунуў ад сябе кілішак.

— Без мяне… — І амаль што прызнаўся ў тым, з­за чаго ўсё ж да Капіталіны паехаў. — Пазваніла б ты дзядзьку, ці яшчэ каму, як яна там?.. Сказала б, што знаёмая твая, сяброўка… Можа, лекі якія купіць… Нешта ж трэба рабіць, не магу я так сядзець…

Капіталіна ўзялася разліваць каньяк, Лёня пераняў бутэльку:

— Капіталіна, у мужчынскай кампаніі…

— Я сама сабе кампанія, — страсянула валасамі Капіталіна, і Брызін толькі цяпер заўважыў, якія ў яе прыгожыя, колеру спелага лёну, валасы. — Вып’ем — і пазваню. Тады мне і з ім, і з кім заўгодна прасцей размаўляць будзе… Я хачу выпіць за тое, каб ваша дач­ ка была жывая­здаровая. А вы — не?..

Брызін перахапіў пустэльны, з сухім бляскам позірк Капіталіны і адчуў у ёй небяспеку.

— Мы што, апроч, як піць, нічога больш не ўмеем?

— Дык вы — не? — перапытала Капіталіна.

Як і ўсе паганцы, Брызін меў свае забабоны, след чор­ нага ката не пераходзіў… Гэтак закручанае Капіталінай змушэнне да выпіўкі яго раздражніла — і ён замест кілішка падсунуў да сябе фужэр.

Лёня наліў на донца.

— Поўны, — сказаў Брызін. — Каб была жывая і здаровая.

— Ой, які каньяк! — з асалодай выпіла Капіталіна. — Некалі ў нас заўсёды такі быў, дзед любіў… Казаў: Капа, накапай…

Брызін выпіў праз сілу.

— Цэлы дзень п’ём… Дзе ў цябе тут ванна, ці басейн з вышкай?.. Мне б асвяжыцца трохі…

— Там… — махнула рукой на д зверы Капіталіна, і

Брызін выйшаў са сталовай.

У ваннай, якая ў параўнанні з астатнімі апартаментамі аказалася нечакана маленькай, быў гэткі гармідар, што мыцца ў ім расхацелася… Па ўсіх кутах былі раскіданыя трусікі, станікі, нямытыя ручнікі і бялізна, да ракавіны і да рагоў самой ванны прыкарэлі абмылкі, мачалкі, выціснутыя цюбікі зубной пасты, шкляныя і пластмасавыя бутэлечкі са слоічкамі, а на палічках шафкі з запырсканым люстэркам, у якое Брызін глянуў і не ўбачыў сябе, былі рассыпаныя раз­ ам з бігудзі і заколкамі прэзерватывы і шпрыцы…

Брызін абмыў рукі і твар і выцерся насоўкай. Выйшаўшы з ваннай, ён штурхнуў д зверы насу­праць — і яны расчыніліся ў спальню. На двух ложках, раздзеленых тумбачкай з таршэрам, ляжалі мужчына і жанчына, падобныя на бацьку і маці Капіталіны. У зве­ чарэлым святле, якое малаком цадзілася скрозь шторы, твары іх былі спакойнымі: яны спалі. Брызін, ледзьве не сказаўшы «выбачайце», ніякавата пасунуўся назад, але нешта ў апошні момант здалося яму ў гэтых тварах не­ натуральным — і ён запаліў люстру.

У ложках, акуратна накрытыя вышыванымі коўдрамі, ляжалі лялькі. Гумавыя, у рост чалавека, Брызін бачыў такія ў секс­шопах… Лялька­жанчына ляжала бліжэй да Брызіна, і каля яе ложка вісеў на гнутай вешалцы ха­ лат і стаялі тапкі… Ранкам яна прачнецца і ўзрадуецца, што дачка пра яе паклапацілася… Накіне халат, суне ножкі ў тапачкі, выйдзе ў прыхожую і гукне: «Капіталіна Самсонаўна!.. Ай­яй­яй, ты яшчэ не ў ваннай!.. Пады­ майся, соня мая, пара ў школу збірацца!..»

На тумбачцы пад таршэрам ляжалі два шпрыцы і прэзерватыў.

Брызін выключыў люстру і зачыніў дзверы спальні. Тут не толькі нарката, тут болей…

Асцярожна прамінуўшы прыадчыненыя дзверы ста­ ловай, Брызін рушыў да выхаду, узяўся за замкі, але рукі ў яго дрыжэлі, і ён ніяк не мог адолець гэтыя тры замкі: які з іх у які бок круціць? Адзін замок ляснуў, як стрэліў — і ў прыхожую выйшла Капіталіна.

— Я пазваніла… А вы куды?

— Па цыгаркі… Скончыліся.

— У мяне ёсць што паліць… Вы збегчы хацелі?

— Не… Што сказаў Самсон Самсонавіч?

— Спытаў, адкуль у мяне такія знаёмыя…

— І ўсё?..

— Сказаў, што раніцай будзе мой дзядзька з Прагі, ён таксама Самсон Самсонавіч…

— Ты казала пра гэта! — адштурхнуўся ад дзвярэй Брызін.

— І таксама хірург — і тады будзе відаць…

— Што будзе відаць?..

— Вытрымае ваша дачка яшчэ адну аперацыю, ці не… Высунуўся захмялелы Лёня.

— Крык нейкі чуецца ў інтэлігентнай кампаніі…

— Няма ніякага крыку, — прайшоў у гасцёўню Брызін і сеў на скураную канапу каля балконнага вакна. — Нічога няма… Дайце, што ў вас там запаліць ёсць.

Капіталіна вынесла са сталовай «касяк» — папяросіну з падоўжанай, сцягнутай з муштука і набітай гільзай.

— Гэта расслабіць вас, толькі не супраціўляйцеся самі сабе… Вам адпачыць трэба.

— Я адзін папалю.

— Добра, паліце адзін.

— Капіталіна Самсонаўна, вы цуд!.. — прыпадняўся на цырлы, каб пацалавацца з ёй, Лёня, і на цырлах падаўся за ёй у сталовую. — А ў нас яшчэ і каньяк, і кветкі, і чароўная ноч…

Брызін яму пазайздросціў.

«Дзе кветкі?.. Якія кветкі?.. Ніякія, абы на цырлах, абы прыгожа…»

«Траўку» ён спрабаваў і раней, таму запаліў спакой­ на, нічога не чакаючы… Можа, сапраўды дапаможа трохі расслабіцца.

Кватэра Капіталіны нагадвала яму яшчэ адну, таксама генеральскую, у якую ён патрапіў, калі заляцаўся да бу­ дучай жонкі. Тая прывяла яго ў сям’ю сяброўкі, нібыта на агледзіны. Гаспадар з гаспадыняй амаль не звярнулі на Брызіна ўвагі, бравы генерал, вітаючыся, прадэкламаваў толькі: «Андрэй, не дурэй, не дзяры капоты…» — і дадаў на вуха: «Не жаніся, не будзь дурнем», — затое дачка іх адцягнулася на Брызіне, як хацела. Беласкурая з чорнымі валасамі, адкормленая, пародзістая, яна бокам ляжала на тахце ў кітайскім халаце, і на выгнутым, круглым яе клубе нервавалася рука з даўжэзнымі, на паўпальца, пазногцямі пад крывава­чырвоным лакам. Насмешліва гледзячы на Андрэя, яна папстрыквала сваімі кіпцюрамі і расказвала пра тое, у якое захапленне прыводзяць яе простыя людзі з правінцыі. Аднойчы бацька не змог пас­ лаць за ёй машыну, ёй давялося паехаць у тралейбусе, і калі тралейбус паварочваў каля Вечнага агню на плош­ чы Перамогі, вясковы дзядок страшэнна здзівіўся і амаль крыкнуў сваёй спадарожніцы: «Глянь, старая, агонь на вуліцы гарыць!» «Ну!.. — таксама здзівілася старая. — Мусібыць, дзеці запалілі».

— Як натуральна! Як проста! — пстрыкаючы кіпцюрамі, захаплялася генеральская дачка Аліса. — Правінцыялы ўсё­ткі лепшыя за нас, несапсаваныя гарадской культу­ рай і прагрэсам. А я змагла б жыць у вёсцы, як вы ду­ маеце, малады чалавек?..

У куртатым каверкотавым касцюмчыку Бабруйскай фабрыкі і ў шкарпэтках з дзіркамі на пятах Андрэй сця­ та сядзеў на хісткім пуфіку, піў каву і, стараючыся не засвяціцца пятамі, думаў толькі пра тое, як бы не рас­ трушчыць найтонкі, бязважкі, нібыта з нічога зроблены кубачак. Каву ён піў упершыню ў жыцці, яна зусім яму не падабалася, але Андрэй не асмельваўся адмовіцца, калі Аліса, бачачы, як ён душыцца гэтым горкім пойлам, ад­ тапырвала крывава­чырвоны мезенчык і прапаноўвала:

— Вам яшчэ кавы, малады чалавек? Без цукру?.. Нават на тое, каб, не хочучы, не піць каву, незалежна ад таго, хто ёй частуе, Брызіну спатрэбілася няма­ ла гадоў… І яшчэ болей часу мінула, пакуль ён адной­ чы, гледзячы на парад ветэранаў і на новае, маладое, пыхлівае начальства, якое тэатральна ветэранаў вітала, зусім па­іншаму зразумеў тое, што сказала пра Вечны агонь тая старая ў тым тралейбусе.

Правінцыйнасць маладога чалавека не перашкодзі­ ла Алісе на другі дзень пасля ягонага шлюбу з яе сяб­ роўкай зацягнуць Брызіна ў ложак… З гэтага нават ад правінцыяла яна зацяжарыла і, панічна баючыся бацькі­ генерала, данасіла дзіця амаль да пяці месяцаў. Пад гэты час бравы генерал папаўся на буйным крадзяжы вайско­ вай маёмасці, яго арыштавалі і саслалі на Кушку, куды паехала за ім і генеральша. Рабіць аборт было позна — і ў спусцелай генеральскай кватэры тры найлепшыя сяброўкі Алісы, адна з якіх вучылася ў медінстытуце, выклікалі Алісе штучныя роды. Маша­жонка, якая пры тым прысутнічала і сама была цяжарная, расказала Ан­ дрэю, як яны не ведалі, куды падзець дзіця. Са страху закруцілі яго ў газеты і кінулі ў смеццеправод… Зрабіла гэта — закруціла і кінула — Маша­жонка, моцная ў яе была натура. Брызін часта пра тое ўспамінаў, калі яна памерла пры родах.

Аліса пачала піць, прадавала рэчы — і даволі хутка тая генеральская кватэра прыйшла ў яшчэ большае запус­ ценне, чым гэта… Разбураныя генеральскія гнёзды.

Але жыць — неяк адразу і адчуў, і падумаў Брызін — усё ж хораша… Яму згадаўся анекдот пра мужыка, які ў хаце сваёй сабраўся быў вешацца. Прывязаў вяроўку, намыліў яе, стаў на зэдаль, надзеў пятлю — і ў апошні момант убачыў на стале трохі недапітую пляшку. «Я па­ вешуся, а нехта дап’е? — падумаў мужык. — Э, не, так не пойдзе…» Злез, дапіў, зноў надзеў пятлю — і ўбачыў амаль напалову недапаленую цыгарэту, здаравенны бы­ чок. «Я павешуся, а нехта дапаліць?..» Злез, запаліў, выйшаў на балкон… Уверсе птушкі пяюць, унізе дзеўкі­ танкеткі абцасікамі цокаюць… Мужык пстрыкнуў быч­ ком з балкона, азірнуўся на вяроўку, пацягнуўся і сказаў: «Э, не… Я павешуся, а жыццё, бач ты, возьме ды наладзіцца!»

Брызін дапаліў папяросу — і яго пацягнула прылегчы. Ён лёг спінай на канапу і пачуў, як спачатку аднекуль зверху, а потым і знізу, і з усіх бакоў ціха загучала му­ зыка. Са столі пацякло па сценах, па дыванах, зазіхацела на старадаўняй зброі жаўтаватае святло, нібы гасцёўня напаўнялася сонцам. Святло цякло хвалямі, набягала само на сябе, як вада на ваду пры беразе, і адна хваля падхапіла Брызіна, пад яе яшчэ мякчэй паслалася дру­ гая, яны прыпаднялі Андрэя, загушкалі, пасля ўплылі ў яго — і ён сам стаў лёгкай хваляй на хвалях, разам з якімі плаўна­плаўна, паволі­паволі і ў той жа час неве­ рагодна хутка то ўздымаўся вышэй ад столі і неба — да самых зорак, то ападаў ніжэй ад падлогі і зямлі — да са­ мых нетраў…

Ён быў нідзе і ўсюды, ні ў чым і ва ўсім — без канца і пачатку… І ён не адчуваў асалоду, а быў самой асалодай, якая гранічна сама сябе адчувала… Тое зусім маленькае, што яшчэ заставалася ў гэтай асалодзе Брызіным, бая­ лася асалоды не вытрываць і ад яе памерці…

«Гэта немагчыма, не па сілах чалавечых вытрываць такое, але, калі такое ёсць, дык нехта ж гэта адчувае, павінен адчуваць, калі такое ёсць, але хто?..» — дума­ ла тое, што было ў асалодзе Брызіным, і Маша­каханне, хваля­каханне, якая была і часткай асалоды і ёю ўсёю, ка­ зала, гучала музыкай: «Я, я, я ўсё гэта адчуваю, я і ёсць твая асалода, і маці твая тое ж адчувае, скажыце яму, Ма­ рыя Андрэеўна, хай ён не мучаецца, што нас няма, гэта яго самога яшчэ нямашака…» — і Маша­маці, хваля­маці люляла яго і люлялася ў ім, і казала не асобна, а музы­ кай гучала разам з Машай­каханнем: «Гэта знак табе, каб ведаў, чаго можаш не зведаць і не адчуць, бо грэх на табе, а ты і не сплаціў яго, і не замаліў, табе і Маша пра тое скажа…» — і Маша­дачка, хваля­дачка ахінула яго, прылегла з ім побач і пачала да яго ласціцца, цалаваць і распранаць, казаць, гучаць музыкай: «Ён мяне любіць, любіць, за ўсіх вас любіць, ён праз мяне грахі свае сплаціў і замаліў, глядзіце, які ён чысты, я нават магу пацала­ ваць яго там, дзе нельга…» — і хваля­дачка стала цала­ ваць яго там, дзе нельга, і ён паспрабаваў адштурхнуць яе, бо сапраўды нельга, бо гэта грэх над усімі ягонымі грахамі, але рукі ягоныя ўплылі ў яе русалчыны валасы, і яна разам з ім перакруцілася, падплыла, паслалася пад яго — і ён, увайшоўшы ў хвалю­дачку і жахаючыся гэтага, выліваўся ў яе хваля за хваляй, канаючы ад асалоды…

Колькі гэта доўжылася па часе, ён не ведаў, бо не было ніякага часу… Наогул не было нічога — і было ўсё… Ён уздымаўся і заміраў ад страху, што не апусціцца з гэтай вышыні, апускаўся і заміраў ад жаху, што не ўздымецца з гэтых нетраў. Хваля за хваляй, хваля за хваляй…

Калі сціхла музыка, згасла святло і апалі хвалі, Брызін, вярнуўшыся з палётаў, знайшоў сябе голага на скураной канапе ў абдымках голай Капіталіны.

Выйшла ўсё, як заўсёды, толькі пад наркатой. Ды яшчэ дачка ягоная, з якой ён зараз грэшна кахаўся, трызніў сябе ў ёй на пару з Капіталінай, была ў бальніцы.

Госпадзі, чаму з дачкой, чаму Маша падмяніла ў гэ­ тым трызненні Капіталіну?.. Брызін чуў і чытаў пра ўсялякія «эдзіпавы комплексы», але яго гэта ніякім бо­ кам не чапляла — ненармальнасць нейкая, хвароба, такім Эдзіпам толькі яйцы адстрэльваць… Іншым разам ён раўнаваў Машу, загадзя перажываючы тое, што даста­ нецца яна цыбуку нейкаму ў жонкі — і давядзецца яе з цыбуком тым дзяліць. Ці яшчэ з якім мурынам… Але ж гэта бацькоўскае, нармальнае, што можна ўсвядоміць і зразумець, а ў падсвядомасці — такое!..

— А Лёня дзе?.. — спытаў Брызін.

— Па кветкі пайшоў… — прамармытала Капіталіна. — Я салодкая табе?..

— Як кава з цукрам…

— Я не п’ю каву з цукрам…

— Я ведаю…

— Адкуль?..

— Генеральскія дочкі каву з цукрам не п’юць…

— Я не дачка, я ўнучка…

«Сапраўды, — успомніў Брызін. — Да ўнучак ужо дабраўся, педафіл…»

— Табе колькі гадоў?..

— Дваццаць чатыры…

«Выглядаеш маладзей», — хацеў сказаць Брызін, але не сказаў, бо Капіталіна выглядала і на дваццаць чаты­ ры, і на чатырнаццаць, і на трыццаць пяць.

— І даўно ты…

— Даўно…

— Я не паспеў яшчэ спытацца…

— Я зразумела… Ты заходзіў і ў ванну, і ў спальню, я забылася замкнуць… Але я гэта кіну…

— Кідай…

— Хоць гэта не больш шкодна, чым піць…

— Гэта больш небяспечна, чым піць…

— Небяспечна жыць, ад гэтага паміраюць…

— Ніхто не памірае…

— Як гэта?..

— Калі памрэш, зразумееш…

— А ты памёр?..

— Памёр…

— Як мае бацькі?..

— Як твае лялькі…

— Шкада…

— Чаму?..

— З табой добра…

— А ты са мной была?..

— З табой… А з кім яшчэ?..

— Ну, ці мала з кім… З Лёням… З бацькам…

— А…

— Што «а»?..

— Гэта «траўка» такая, яна падмяняе… Усё ў нас саміх, а яна вызваляе…

— Дык з табой было такое?..

— Не… Мяне п’яны бацька без ніякай «траўкі», на­ яве, на гэтай самай канапе… Яны праз тое і ў Анголу з’ехалі, я бачыць яго не магла… Павесіцца спрабавала… Каб не дзед…

Брызін сеў на канапе.

— Як гэта наяве? Бацька?..

— Ты чаго ўсхапіўся? — зашукала яго рукамі Капіта­ліна. — Хіба не чуў пра такое?.. Давай паляжым…

— Холадна, — падняўся Брызін і пачаў выварочваць на правы бок штаны, сцягнутыя з яго Капіталінай з трусамі разам і шкарпэткамі. І штаны, і трусы, і шкарпэткі, і пінжак з кашуляй у генеральнага дырэктара Андрэя Аляксандравіча Брызіна былі новыя, без дзірак.

У прыхожай раптам прыглушана зайгралі гімн Савецкага Саюза.

— Колькі ж часу?.. — пачаў шукаць гадзіннік Брызін, але ўспомніў, што Савецкага Саюза няма. — Што гэ­ та?..

— Званок такі дзвярны, — прыпаднялася Капіталіна. — Лёня кветкі прынёс, адчыні…

— А ты?..

— Што я?..

— Ты ж голая, апранайся.

— Я і голая магу кветкі ўзяць, — пайшла да дзвя­ рэй Капіталіна… Брызін пераняў яе, заштурхаў разам з трантамі ў ванну і тады ўжо адчыніў дзверы.

Лёня быў без кветак.

— Я ў бальніцу з’ездзіў… — ціха і вінавата прагаварыў Лёня, не пераступаючы парог. — Самсон Самсонавіч прабачаўся… што да вас не дазваніцца…

На Лёневым твары ўсё было напісана, хоць ён не ведаў, як пра гэта ўсё сказаць.

— Вы самі пазваніце…

— Зараз, зараз… — палез па кішэнях шукаць тэлефон Брызін, але яго хіснула да сцяны, ён прываліўся да яе спінай і асеў на падлогу.

Лёню ў дзвярах і Брызіна на падлозе і застала Капіталіна, мокрай і голай вышаўшы з ваннай з трантамі ў руках.

— А кветкі… — пачала Капіталіна, асеклася і на мокрае цела пры іх пачала апранацца…

— Каб я магла памяняцца з Машай, я б памяняла­ ся, — апрануўшыся, зусім цвяроза і зусім сур’ёзна ска­ зала Капіталіна. — Так мне абрыд гэты мульцік, што бо­ лей не магу…

З Лёнем, з Капіталінай ды яшчэ з Бегунком Брызін Машу і пахаваў. Не стаў званіць ні яе сябрам і сяброўкам, ні Таісіі. Труну несці наняў чужых людзей з пахаваль­ най канторы. Самсонавых.

Два дні пасля хаўтур ён не выходзіў з дому. Не піў, не еў, нічога не рабіў, ні пра што не думаў — ляжаў бер­ вяном.

«Ты страшны чалавек, Андрэй, ты страшны чала­ век!.. Як ты жывеш?.. Табе нельга жыць!.. Ты страш­ ны чалавек…» — круцілася ў мазгах адна фраза, як на кружэлцы.

На трэці дзень ён спусціўся ў падвал, дзе ў яго быў прыхаваны пісталет, вярнуўся ў дом, замкнуўся, паклаў пісталет на стол у кухні і доўга на яго глядзеў…

Як гэта зрабіць?..

Запіску пакінуць?.. Але каму?.. Машы ўсё ён хутка сам раскажа…

Ці не?.. Гэта ж страшны грэх — самазабойства… Можа, і не спаткаецца ён з Машай?..

Там будзе відаць…

Трэба некаму пазваніць, каб заўтра зайшлі… А то ён згніе тут, у Таісіі ключоў няма…

А каму пазваніць?.. Хоць ты сам сабе пазвані… Пачакаць трэба, пакуль яму нехта пазвоніць… Хто першы — той няхай заўтра і прыходзіць… Дажыўся — пахаваць няма каму…

А, можа, загадаць?.. Калі пазвоняць хутка і пазвоніць жанчына, значыць, Маша яго чакае… Калі не хутка і муж­ чына, значыць…

Брызін уключыў тэлефон, падцягнуў яго да тапчана ў прыхожай, паставіў на падлогу, паклаў побач пісталет, лёг і стаў чакаць…

Мінула пяць марудных хвілін, доўгіх дзесяць, невы­носныя паўгадзіны… Не званіў ніхто…

Брызін падняў трубку — гудок быў. Кладучы трубку, ён выпадкова націснуў кнопку аўтаадказчыка.

Тэлефон зашапацеў, матаючы мікракасету.

«Тата, я забылася табе раніцай расказаць, які мне дзіўны сон прысніўся… Быццам мама жывая, такая пры­ гожая, ні на адным фотаздымку яе такой няма, і я неяк перанарадзілася ў вас, ну, нарадзілася зноў, нанава. І мама кажа табе: давай выкінем яе, нашто нам яшчэ адна такая самая?.. І ты адказваеш: праўда што, адной Машы досыць. А я ведаю, што я не яшчэ адна, а адна ў вас адзіная, той Машы ў вас ужо няма. Мне самой цікава, дзе яна целам падзелася, бо я ў ёй не памірала — і яна ўва мне засталася. Але сказаць пра гэта — дык выдаць сябе, вы ўбачыце, што я ўсё разумею: і хто вы такія, і што адбываецца… А мне хочацца абхітрыць і вас, і ўсіх, расці, ад пачатку ўсё чыста ў свеце разумеючы, толькі робячы выгляд, быццам я звычайнае немаўлятка. Ты кажаш маме: «Давай я дзе­небудзь на вуліцы яе пакіну, не ў акно ж выкідваць», — і я разумею, што ты хітруеш: нідзе мяне не пакінеш і нікуды мяне не выкінеш, а за­ вязеш у Сочы да свайго названага брата, каб я там шашлыкі на піках ела. Ты паклаў мяне на задняе сядзен­ не, у дарозе пачалася навальніца, страшная, з грамамі і маланкамі, мы схаваліся ад яе ў цёмны­цёмны і доўгі тунель, а калі з яго выскачылі — цябе за стырном не было, машына, як шалёная, сама імчалася…

Дзе ты падзеўся?.. Ты нікуды не едзь сёння, чуеш?.. Нармальны бацька за дачкой не сочыць, як шпіён, і праз тое, што яна з мурынам цалуецца, нікуды не прападае. І нашто я ў такога яшчэ раз нарадзілася?..»

Бі­бі, бі­бі, бі­бі.

«Цябе так і няма нідзе… Нінэль званіла, пыталася, ці буду я мамай яе называць… Што ў цябе за бабы ўсе нейкія адмарожаныя?..»

Бі­бі, бі­бі, бі­бі.

«Тата, што адбываецца?.. Зноў званіла Нінэль, істэрычна плакала, каб ты Сініцына не забіваў, у яго зубы баляць… А ты яго забі, каб зубамі не мучыўся».

Бі­бі, бі­бі, бі­бі. А ты я­го за­бі.

«Андрэй Аляксандравіч, гэта доктар… Ваш мабільны не адказвае, але я абяцаў пазваніць… Я ад яе не ады­ ходзіў, была надзея, што яна справіцца… Сэрца стала, мне вельмі шкада…»

Шка-­да,

шка-­да,

шка-­да.

«Андрэй… Не ведаю, што сказаць… Якія ад мяне спачу­ ванні… Мне пазванкі на шыі вывернула, грудзі пабіла… Зразумець не магу, як яно выйшла… Павер толькі, што не хацеў… Ні цябе, ні тым болей Машу… А следчы палохае, што пайду за наўмыснае… Калі толькі ты, як бацька, не заявіш адваротнае… Што не было ніякіх прычын, не маг­ ло быць такога… Тады можна будзе круціць што­небудзь тэхнічнае, з тармазамі… Штук за дзесяць яны гэта зро­ бяць… Падумай, Андрэй, прашу цябе… Што табе з таго, што я сяду?.. Машу не вернеш… А нам неяк далей жыць трэба… Кантракт падпісаны сам ведаеш, які… Прашу ця­ бе, Андрэй… Я для цябе ўсё, што хочаш, зраблю… Кань­ як твой на сябе вазьму, скажу, што за ім і ехаў… Толькі не цягні, бо гэта трэба рабіць зараз, пазней назад нічога ўжо не адкруцім… Чакаю твайго званка… Андрэй, пра­ шу цябе…»

Бі­бі, бі­бі, бі­бі.

«Андрэй, пазвані мне… Хоць скажы, што надумаў… Зрабі што­небудзь, Богам заклінаю…»

Ну, калі Богам…

Брызін пракруціў касету аўтаадказчыка назад.

«… каб ты Сініцына не забіваў, у яго зубы баляць. А ты яго забі, каб зубамі не мучыўся».

Ці аддаць сініцынскую сповед зь ментам?.. Ты не падумаў, мудзіла, што так магу зрабіць?.. Не падумаў, не да таго было…

Паляжаўшы яшчэ і падумаўшы, ён набраў нумар тэлефона Сініцына.

— Ты «Маздзе» сваёй перадок адкляпаў?

— Не… Не да таго было…

— Вазьмі на фірме машыну. На дачу да мяне з’ездзім, Маша прасіла сад абрэзаць… Там і перагаворым.

— Дык я ехаць не магу… Шыю не павярнуць, рукі ледзь падымаю…

— Я паеду, у мяне шыя нармальна круціцца. Хай ма­шыну ў мой двор прыгоняць.

Сініцын засумняваўся.

— Нашто некуды ехаць?.. Давай у мяне, ці ў цябе спаткаемся…

— Ну, не хочаш — не едзь. Адзін паеду.

— Якая дача, Андрэй…

— Я ж табе сказаў: Маша прасіла.

— Добра, — згадзіўся праз паўзу Сініцын. — Да Нінэль заедзь, я ў яе…

«А дзе табе яшчэ быць?.. Таксама пахаваць няма каму будзе: Нінэль не пахавае».

— Не паеду я да Нінэль. Каб час не губляць, ідзі да майго гаража. Пілу ўзяць трэба…

Сініцын таптаўся каля гаража з Нінэль.

Брызін, не вітаючыся, абышоў іх, адамкнуў гараж — Бегунок усё прыбраў. «Масквіч» без матора стаяў на яме, каньяку ў гаражы не было. Значыць, Капіталіне апош­ няй дасталося.

Знайшоўшы бензапілу, Андрэй даліў бензіну ў бачок, паспрабаваў завесці… Піла завялася адразу і весела.

— А ну на х . . пайшла, курва! — схапіўшы пілу, з пера­ кошаным тварам выскачыў Брызін з гаража на Нінэль. — Напалам да п . . . . распілую!!!

Нінэль вырвала сваю руку з­пад рукі Сініцына, якога нібыта падтрымлівала, і кінулася бегчы. Зачапілася аб­ цасам за бардзюр, увалілася ў тую ж круглую сметніцу, у якую сто год таму сеў на азадак Віталік, выкараскала­ ся, закульгала подбегам, не азіраючыся, далей.

«Як удала нехта сметніцу паставіў…» — падумаў Брызін.

— Я адзін з табой не паеду, — заявіў Сініцын.

Андрэй паклаў бензапілу ў багажнік новенькага «Форда», прысланага Сініцыным, і зноў зайшоў у гараж.

— Хадзі сюды! — паклікаў Сініцына. Сініцын адступіўся.

— Не пайду.

— Ды ідзі, пакажу нешта…

Сініцын нерашуча ступіў крок, другі…

— Ідзі, чаго ты баішся сярод белага дня ў цэнтры горада?.. — І як толькі Сініцын увайшоў, Брызін сунуў, амаль кінуў яму ў рукі пісталет: — На, патрымай.

З нечаканкі Артур схапіў пісталет абедзвюма рукамі.

— Патрымаў?.. — паклаўшы насоўку на руку, забраў у яго пісталет Брызін. — Цяпер ведаеш, што будзе?.. Цяпер будзе пісталет з тваімі пальцамі, — абгарнуў ён пісталет насоўкай. — Цяпер будзе, што ты дачку маю забіў і мяне забіць хацеў, а я бараніўся… Гэтай во манціроўкай бараніўся, — перакрыўшы Артуру выхад, узяў манціроўку Брызін. — І раструшчыў табе галаву!

Сініцын пабялеў і сеў на край ямы.

— Я раструшчу табе галаву, скіну ў гэту яму — і сгніеш тут, — адкінуў манціроўку Брызін. — Тут ты забіў маю дачку, Артур, і забіць тут цябе было б самае тое. І я хацеў гэта зрабіць, але не зраблю. Для пачатку замест пабітага «Масквіча» ты аддаеш мне «Форд», а там па­ бачым… Паехалі, пісталет я ў гаражы пакіну, каб ты па дарозе ў штаны не наклаў.

Артур не ўставаў, пакуль Брызін не засунуў пісталет пад скрыню з інструментамі ў дальнім куце гаража.

— Дык нашто ехаць, калі пра ўсё дамовіліся? — насцярожана падняўся Артур на ногі.

Брызін падштурхаў яго да дзвярэй і замкнуў гараж.

— Пакуль мы з табой толькі пра машыну дамовіліся… А пра астатняе нам дамаўляцца і дамаўляцца… Прыго­ жы ў цябе ашыйнік, табе пасуе. Хадзі ў ім, калі нават паправішся.

Дарогай Артур крыху супакоіўся.

— Дарма ты так на Нінэль, яна перажывае, мучаецца… На могілкі мяне ўчора зацягнула, мы кветкі паклалі… Я баяўся, а яна змусіла… Помнік трэба паставіць, найлеп­ шаму скульптару заказаць… Гэта я на сябе бяру…

— А з кантракту колькі сам бярэш, колькі мне даеш? — супакойваў яго далей Брызін.

— Трыццаць… Ну, трыццаць тры…

— Пяцьдзесят.

— Добра, пяцьдзесят.

— І з усіх наступных пяцьдзесят.

— Не, Андрэй, так не бывае… Мне з партнёрамі разлічвацца. З наступных — трыццаць… Ну, трыццаць тры.

— Нос падатры. Пяцьдзесят.

— Я магу сказаць, што пяцьдзесят, але ты ж ведаеш, што так не бывае… Трыццаць тры.

— І бярэш мяне сваім намеснікам.

— Бяру, гэта не праблема.

— Праблема… Мы кожны дзень будзем бачыць адзін аднаго…

— Мы і так амаль штодня бачыліся.

— Тыя дні іншыя былі, Артур. Такіх ужо не будзе. Андрэй рэзкавата тармазнуў на скрыжаванні, прапускаючы трактар, які, паварочваючы, ледзь не зачапіў іх нагружаным дошкамі прычэпам, і Сініцын войкнуў.

— Цішэй ты… Галава адваліцца.

«Таксама варыянт…» — падумаў Брызін.

— Можам не сядзець разам, — асцярожна паправіў галаву над ашыйнікам Сініцын. — Заставайся ў сваім офісе. А ўсе расходы з мяне.

— Разбагацею я з табой… А грошы куды? Нашто яны мне, Артур?

— Ну, спытаў… Дом на моры купіш… На Кіпры, у Іспаніі, ці дзе яшчэ… Адпачываць будзеш па­чалавечы… А то што ў цябе за дача?.. Шпакоўня садоватаварыстская.

— Глянь ты, выгаварыў, — здзівіўся Брызін. — Хутка табе зубы ўставілі.

Сініцын так супакоіўся, што нават пакрыўдзіўся.

— Не хутчэй, чым ты выбіў.

За паўвярсты ад дачы спыніліся на чырвонае святло чыгуначнага пераезда, які Брызін хоць і добра ведаў, але яшчэ раз уважліва да яго прыгледзеўся. Амаль адразу за пераездам міма невялічкага возера, у якім Маша любіла купацца, дарога падымалася на гару, дзе і пачыналіся садоватаварыстскія лецішчы. «Мне памыцца — толькі з гары скаціцца!» — кожную раніцу крычала маленькая Маша і бегла да возера ў любое надвор'е.

Справа паказаўся таварны поезд, і калі да пераезда яму заставалася метраў сто пяцьдзесят, Брызін ірвануў цераз пераезд.

Сініцын, уціснуты ў спінку сядзення, заплюшчыў вочы.

— Ты што?!.

Брызін узляцеў на гару, звярнуў да дачы, ляпнуў па стырне «Форда».

— Звер­машына! На «Масквічы» б не праскочылі…

— Я апошні раз з табой еду, — расплюшчыў вочы і выбраўся з машыны Сініцын. — Апошні раз.

— Можа быць, — не стаў пярэчыць Брызін.

На дачы, дзе ніхто не быў ад вясны, грады Таісіі пасохлі, кветнік Машы зарос, затравянеў.

— Зарастае ўсё, — сказаў Сініцын. — І гэта зарасце…

— Што гэта? — дастаючы бензапілу, спытаў Брызін, хоць і зразумеў, што мае на ўвазе Артур. Той падышоў да прагнутай пад цяжарам яблыкаў антонаўкі і замест адказу спытаўся:

— Хто ж сад сярод лета абразае?

— Сярод вясны не выйшла, — завёў бензапілу Бры­ зін. — Пілы і пагоды не было. А да восені ці дажывём мы з табой…

Артур сарваў яблык, надкусіў і кінуў у траву.

— Зялёны яшчэ… Што ты мяне ўсё палохаеш? Я паміраць пакуль не збіраюся.

— А Маша збіралася?.. — рушыў на яго Брызін. Сініцын падаўся ад пілы, аступіўся на яблыку, упаў на спіну… Брызін навіс на ім, прыціснуў нагой да зямлі і крануў пілой гіпсавы ашыйнік. З­пад пілы пырснуў белы пыл — і твар Сініцына стаў падобны на пасмяротную ма­ ску.

Брызін сціскаў ручкі бензапілы, яна выла і скрыга­ тала — і ўсё можна было скончыць зараз. Але Машы прысніўся дзіўны сон…

Андрэй заглушыў бензапілу і паклаў яе пад яблыню.

— А кажаш: паміраць не збіраюся… Не заракайся. Мой дзед казаў: чалавек, як толькі народзіцца, так рыхтуец­ ца да смерці.

Сініцын ляжаў нерухома.

— Падымайся, не прыдурвайся… Ашыйнік на табе сталёвы, піла не ўзяла.

— Нічога не бачу, — слаба прагаварыў Артур. — Нічога… І ўстаць не магу… Хрумстнула нешта ў шыі і ў спіне… баліць…

— І зубы ў цябе, і шыя, і спіна… Нашто табе жыць інвалідам?

— Хачу так… — выдыхнуў Сініцын. — Каб жыць… Брызін падцягнуў яго да машыны і паспрабаваў падняць на пярэдняе сядзенне. Маска на твары Артура зморшчылася.

— Не садзі… Пакладзі на задняе…

«Як па сцэнары… — падумаў Брызін, адчыняючы заднія дзверцы і бервяном запіхваючы ў іх Сініцына. — Толькі грамоў з маланкамі не стае».

Ён завёў матор і зрушыў з месца.

— А сад?.. — раптам спытаў Сініцын.

— Сад я пазней адзін абрэжу, цябе Маша не прасіла.

— Куды мы?..

— На кудыкіну гару. А з яе да Самсона Самсонавіча. Пабачым, ці дапаможа.

Брызін ад’ехаў ад дачы і стаў перад спускам з гары, якая кацілася ўніз амаль да самага чыгуначнага пераезда. Заставалася толькі дачакацца цягніка…

«Калі з’явіцца злева — я разам з ім… Калі справа — ён без мяне, я неяк сам пасля…»

— Ты страшны чалавек, Андрэй… — выразна сказаў за ягонай спінай Артур, нібыта агучыў запіс на кру­ жэлцы.

Брызін сцяўся.

— Чаму?..

— Ты нікога не любіш, абыходзішся з людзьмі, як з лялькамі… Табе нельга даверыцца, ты падманіш і здрадзіш… Ты раўнадушны і баязлівы, а цябе ўсе баяц­ ца… Цябе і Маша баялася…

— Калі гэта мяне Маша баялася?

— Увесь час, да апошняга… У той дзень яна сказала Нінэль, што хоча выйсці замуж за мурына, але баіцца, што ты заб’еш і яго, і яе… Яна збіралася з’ехаць з ім ад цябе ў Анголу…

— Куды з’ехаць?

— У Анголу…

«Пабрацімская нейкая краіна…», — змрочна падумаў Брызін. Толькі Артур брэша. Брызін помніў, як Маша абыякава глядзела ўслед мурыну, калі той танцорнай жырафай адыходзіў ад яе па скверы. Гэта была для яе гульня, забаўка. Так не глядзяць, калі замуж збіраюцца. Ён павярнуўся да Сініцына.

— Дык ты яе не пусціў?..

На гэта Артуру не было што сказаць, а ў Брызіна знайшлося, хоць ён і не надта хацеў — само загавары­ лася.

— Мы абодва з табой гаўно сабачае, але ты — куча большая. І не спрабуй мяне рамантаваць, позна. Каб ты такую размову завёў раней, я б, можа, цябе і паслу­ хаў. А ты пра што са мной гаварыў? Толькі пра тое, як і д зе вырваць грошы, як і каго надурыць. А мы двац­ цаць гадоў з табой знаёмыя. Дваццаць гадоў, яшчэ Машы не было! І ўспомні, што ты зрабіў у той д зень, калі яна нарад зілася, а жонка мая памерла? Забыўся?

Дык я табе напомню! Ты прыпёрся да мяне з пуза­ тым маскоўскім начальнікам, якога трэба было нед зе напаіць і бабу пад яго падкласці! Хто гэта зробіць? Брызін, ён мастак у такіх справах! Я вам талкаваў, што сёння, ну, ніяк, не да таго, а той пузаты паслухаў і анекдот расказаў пра грузіна, які спачатку засумаваў, калі жонка памерла, а пасля заскакаў з радасці, што адын, савсэм адын! І калі я юшку яму пусціў, ты абмыў яго, забраў дахаты, напаіў, суцешыў і падклаў пад яго Кацю! Бо ён з д зяржплану, бо ад яго ўсё зале­ жыць! І Кацю — жонку сваю! — ты не раз яшчэ змушаў падкідваць тых, ад каго ўсё залежыла. Каця кар’еру тваю на сабе падкідвала, а калі нейкі п’яны начальнік грудзі ёй цыгаркамі прапаліў, ты ў блядзі яе запісаў — і развёўся! І гэта ты мне будзеш казаць, што я нікога не люблю, што людзі для мяне — лялькі? І хочаш, каб я паверыў, што гэта ты з­за рэўнасці, з­за Нінэль мяне забіць хацеў? Мудзіла!..

— А з­за чаго?.. — спакойна і, як здалося Брызіну, нават з цікаўнасцю спытаў Артур.

— А з­за таго ж, з­за чаго я зубы табе выбіваў! З­за нянавісці! Праз тое, што я адзіны, хто ў любы час можа сказаць: «Ты гніда! Ты слізняк!» — і ты гэта з’ясі, праглынеш, бо ты і гніда, і слізняк! Ты ўсяго набраў, нахапаў — і што?.. Усё адно дамываешся маімі абмылкамі! Ты сам сабе смярдзіш, як толькі пра мяне падумаеш! Я табе замінаю, жыць не даю! Але і ты мне ўпоперак! Калі б цябе не было, дык я нават не ведаў бы, што такое нянавісць! А з табой ведаю! І не толькі таму, што праз цябе ў мяне не стала дачкі! Так было заўсёды! Гэта ўсё, што было паміж намі і ёсць! Было, ёсць — і зараз скончыцца!

Артур, па­ранейшаму на дзіва спакойны, паглядзеў на Брызіна пранізліва, наскрозь неяк глянуў і ціха сказаў:

— Няшмат мы з табой займелі… Але нічога ў нас не скончыцца, не крычы…

Брызін сам не чакаў, што пад канец, калі ўсё вырашана, сарвецца на крык, і яму не спадабалася ні тое, як Артур спакойна гаварыў, ні тое, як пранізліва глядзеў. Нібыта ў нечым зараз Сініцын перайграваў яго.

— Філасофію разводзіш? — спытаў Брызін, суцішваючыся. — Я ж табе сказаў: позна.

— Ты сваё сказаў, я сваё скажу… Куды спяшаешся, цягнікоў хопіць…

«Здагадаўся… — вяла здзівіўся Брызін. — Ну і хрэн з табой».

Артур папрасіў нечакана:

— Запалі і дай зацягнуцца…

Брызін зірнуў на чыгунку — пакуль пуста. Ён дастаў цыгаркі.

— Ты ж не курыш…

— Мала што… Апошняе жаданне…

Запаліўшы цыгарку, Андрэй перагнуўся цераз спінку сядзення і навесіўся над Сініцыным, даючы яму за­ цягнуцца. Сініцын зацягнуўся і, выпускаючы дым, па­ спрабаваў плюнуць Брызіну ў твар. Рот у яго перасох, таму плявок не ўдаўся, і Сініцын закашляўся. Нейкія пырскачкі ўсё ж паляцелі, Брызін выцерся рукавом.

— Нават плюнуць, гаўнюк, не можаш…

— Лічы, што плюнуў, — сказаў Сініцын. — Цяпер слу­ хай… — Ён зрабіў паўзу, даволі працяглую. — Гэта не ў цябе дачкі не стала. Маша мая дачка.

Артур зноў сціх, чакаючы, відаць, як Брызін на гэта зрэагуе. Брызін ніяк на гэта не зрэагаваў, дапальваў цы­ гарку і маўчаў.

— Калі я пазнаёміў цябе з яе маці, тая панікавала ўжо, што цяжарная… Я не надта разлічваў, што ты з ёй ажэнішся, тым больш так хутка, але падумаў: а рап­ там… Сам я не хацеў, дый ніяк не мог, у мяне была Каця… Бацька ў яе шышка, яна што заўгодна магла прыдумаць — і толькі б заікнулася бацьку… Я мала­ ды камуніст, а тады ж не проста з партыі выключалі — выкідвалі з жыцця… Тут ты жэнішся, пасля яшчэ смерць пры родах… І я з усяго выскокваю… Чысты, за мной нічога… Так склалася, што лепей не прыдумаць…

Толькі дзяцей у мяне ні з кім болей не выходзіла, а Маша падрастала, я глядзеў на яе і…

З таго, што Брызін чуў, ён не верыў і не збіраўся ве­ рыць ніводнаму слову, бо слухаў нават не ману, а вяр­ зенне насмерць перапалоханага чалавека, і ўсё ж міжволі перапыніў Сініцына, рэзка спытаўшы:

— Ты казаў пра гэта Машы?.. І не пазнаў свой голас.

— Казаў…

— Калі?

— Калі да маці тваёй вазіў развітацца… Ты ж не паехаў, а Маша так плакала, што да істэрыкі даходзіла… Я сказаў, каб так не плакала, бо памерла чужая ёй ста­ рая жанчына…

— І ўсё?

— Не… Растлумачыў яшчэ, чаму чужая…

Дапаленая цыгарэта прыпякала Брызіну пальцы, ён збіраўся ўжо выкінуць яе, але раптам нібы пружына перакінула яго цераз спінку сядзення — і ён утыркнуў бычок у зубы, увагнаў яго ў рот Сініцыну. Той заматляў галавой і, апечанымі губамі адплёўваючы тытунь з по­ пелам, узвыў.

— Мандзець не будзеш! — непазнавальным голасам прышыпеў Брызін, прытушваючы іскры на сядзенні, каб не ўзгарэлася.

— Вазьмі ў мяне ў кішэні ліст, падла!.. — западвываў Сініцын. — Вазьмі і прачытай, што Маша напісала!..

— Дзе?

— У пінжаку, у левай… Цягнік паказаўся злева.

І справа паказаўся цягнік.

Альбо наадварот: справа і злева?

Андрэй, уцягнуўшыся ў разборкі з Сініцыным, не па­ спеў заўважыць, з якога боку з’явіўся першы. Ён убачыў абодва адразу, сустрэчныя — пасажырскі злева і тавар­ ны справа.

— «Форд» мой? — адварочваючыся ад Сініцына і гледзячы на цягнікі, спытаў Брызін.

— Твой… Як дамовіліся… Прачытай вазьмі і едзь, баліць…

«Што там можа быць?.. Для чаго чытаць?.. Маша хут­ ка ўсё сама яму скажа…» Ад адной думкі пра тое, што яна магла паверыць сініцынскай лухце, ледзь у вачах не цямнела.

— Табе ліст — ты і чытай, — скрозь зубы сказаў Брызін.

«Дык злева, ці справа?.. Паглядзець, які бліжэй да пераезда будзе?.. Тады ні пад адзін не паспею…»

У рулетку згуляць не выпала, выбар быў за ім. Быў яшчэ выбар.

«…мы схаваліся ў цёмны­цёмны і доўгі тунель, а калі з яго выскачылі, цябе за стырном не было, машына, як шалёная, сама імчалася…»

Брызін адпусціў тармазы — і машына пакацілася з гары. Павольна, хутчэй, усё набіраючы і набіраючы хут­ касць.

Рукі раптам сталі дранцвець, пальцы збялелі на стыр­ не. Брызін адчуваў, як дранцвее і нібы спаўзае на шыю, на грудзі твар.

На паўдарозе ён, не паварочваючыся, залез адной ру­ кой у кішэнь сініцынскага пінжака, выцягнуў паперчы­ ну, адчыніў дзверцы і выкуліўся з «Форда». Выкуліўся ўдала: не паламаў нічога і нават не пабіўся. Лежачы на абочыне, глядзеў услед машыне і на цягнікі: пасажырскі злева быў бліжэй, відавочна бліжэй, значна бліжэй, ужо амаль на пераездзе…

Перад пераездам «Форд» збочыў з дарогі і, падско­ чыўшы на нейкім камені, уехаў у возера. Возера было не­ глыбокае, з берагу яшчэ ў дзяцінстве Машы па калені.

Пасажырскі, свістануўшы, праляцеў пераезд, пас­ ля прагрукатаў таварны. Абодва машыністы азіраліся, машыніст пасажырскага махаў кулаком. Праз колькі хвілін стала ціха, ашаламляльна ціха. Было чутно, як, су­ пакойваючыся, плёскаецца пры беразе азёрная вада.

Усё яшчэ здранцвелымі, непаслухянымі пальцамі Брызін, сабраўшыся з духам, разгарнуў паперчыну — ружовую рэстаранную сурвэтку. У Машы была такая звыч­ ка: пісаць, размаўляючы, на сурвэтках, калі тыя былі пад рукой. Пра нешта ў яе спытаешся, яна памаўчыць, падумае і ў адказ напіша… «Каб не казалі, што не каза­ ла», — казала Маша.

Ніякі гэта быў не ліст — запіска, адказ, тры фразы…

Артур Альбертавіч, калі нават тое, што вы мне некалі сказалі і на чым дагэтуль настойваеце, праўда, дык для мяне гэта зусім не так трагічна, як вы зараз выглядаеце. Проста тады мне выбіраць самой — і я выбіраю лепшага. Вам ні за што не ўгадаць, каго. Марыя Андрэеўна.

Андрэй падняўся, ступіў крокі тры ўніз, спыніўся… Сініцын унізе спрабаваў вылезці з машыны. Брызін пастаяў, павярнуўся і рушыў да дачы. Сеў пад яблыню каля бензапілы, паклаў рукі на калені, на рукі галаву…

Плачу ягонага ніхто не чуў. Збоку здавалася, што ча­ лавек проста стаміўся, прысеў каля бензапілы пад яблы­ няй і перапачывае, перш чым зноўку ўзяцца за работу. Звычайная рэч — і можна было толькі здзівіцца, што ўлетку надумаў ён сад абразаць.

Снежань 2000 — люты 2001, Хельсінкі.

МІРОН ДЫ МІРОН

Было б зусім магчыма, каб дзіця само

вучыласяпісаць. Нехта ж ды прыдумаў

гэта, і адкрыццё не такое ўжо вялікае?

Імануіл Кант.

Не ведае чалавек часу скону свайго, але ж і пачатку свайго не ведае.

З чаго пачынаешся?..

З таго, што помніш, як з ганку зваліўся і гузакоў набіў, ці як руку ў сячкарню ўсунуў, ці як пуня суседава зашу­ гала, а ты сядзеў за ёй у малінніку, шукалі цябе — знайсці не маглі, маці галасіла на попеле, думала — згарэў…

І не помніш зусім, як спасцігаў гэты свет: нечаканы, незнаёмы, таямнічы, як дзеяліся ў табе дзівы дзівосныя, здараліся адкрыцці неверагодныя, як за год, за месяц, за тыдзень зведваў столькі, колькі пасля за ўсё жыццё зве­ даць не мог — і як лёгка, гуляючы, спраўляўся ты з тым нашэсцем цудаў і дзівосаў, з тою навалаю жыцця, весе­ ла, бы вавёрка арэхі, шчоўкаючы ўсе ягоныя загадкі і загадачкі, сакрэты і сакрэцікі. Чаму ж прырода зрабіла так, што мы памятаем, як былі дурнямі, і не помнім, як былі геніямі? Чаму пачынаемся мы не з ночы зачацця і нават не з дня нараджэння, а з такіх позніх і гэткіх вы­ падковых першых успамінаў, пачынаемся ў тры­чатыры гады з нічога? Так, з нічога, бо дагэтуль — цемрадзь, глу­ хата, немата. Дзе ж наша тая, дапершаўспамінная памяць, на якім пераломе мы яе страчваем, куды яна адлятае, ці пад якімі замкамі, за якой сцяной яна ў нас жыве?

Можа, з той памяці — сны?..

Мірону снілася, што ён нарадзіўся — і яго купаюць у балейцы. Балейка стаіць у садзе, на стале пад яблынямі, а яблыкі — чырвонажоўтабокія пепінкі, ужо даспе­ лыя — вісяць над балейкай, над Міронам, як плане­ ты, і жывуць на тых планетах восы, пчолы, чмялі, му­ хі, вусені… Мірон ведае, што пепінкі называюцца пе­ пінкамі, пчолы пчоламі, вусені вусенямі, а бацька зрывае яблык і кажа: «Во, Мірон, гэта яблык, яго мож­ на есці», — і паплёўвае на пепін, шморгае яго разы тры аб гімнасцёрку і грызе, смачна хрумкаючы. Галіна, з якой бацька сарваў пепін, гойдаецца, і з яе падае яшчэ адзін яблык — у ваду, у балейку. Маці, сабраўшыся ўжо выціраць Мірона, уздрыгвае, з ёй уздрыгвае вада, уздрыгваюць балейка, стол, зямля пад сталом, маці вы­ дыхае: «Мірон, стаўбун ты чортаў… — і Мірон разу­ мее, пра што яна, толькі не ўцяміць, хто стаўбун, ён ці бацька, бо ягонага бацьку таксама завуць Міронам — … а каб на галаву дзіцяці?!»

Стаўбун — бацька, а Мірону, немаўляці Мірону мог на галаву ўпасці яблык, цэлая планета з усімі яе жыхарамі — і толькі б гэта здарылася, толькі б гэта, але маці, уздрыг­ ваючы, думае пра іншае, баіцца іншага, а пра што трэба думаць — не думае, і чаго час баяцца — не баіцца.

Пасля Мірону сняцца хрэсьбіны, госці за сталамі пад тымі ж яблынямі. Яблыні парадзелыя, амаль пустыя, цень ад іх падае не густы, як раней, а рассыпаны, пя­ рэсты. Пепінкі, горкамі і ўрассыпную, ляжаць на абру­ сах, чырванеюць і жаўцеюць бакамі паміж лустамі чор­ нага хлеба, паміж міскамі з белым тварагом, зялёнымі гуркамі, рудаватымі памідорамі. Пярэсты цень пакалых­ ваецца, прабягае па сталах хвалямі: здаецца, што сталы вось­вось паплывуць.

— Мірон, ты чаму сына, як сябе назваў? — пытаецца ў бацькі фельчар Яромха, у якога дзіўнаватае імя для мужыка: Альбін.

— Вечны буду! Памру, а ўсё адно Мірон Стаўбун на зямлі застанецца…

Дзіўнаватым здаецца імя Яромхі, мусібыць, з таго, што сястра ў яго Альбіна, таму ён найчасцей без імені абыходзіцца: Яромха ды Яромха… Сястра ў яго прыго­ жая, амаль такая ж, як Міронава маці. Яны не зайздрос­ цяць адна адной — і таму сябруюць.

Калі маці злуецца, яна лаецца на бацьку ягоным прозвішчам, а яе ў Карунах, у вёсцы, якая некалі мястэч­ кам была, адзін толькі фельчар Яромха называе Стаў­ буніхай, усе астатнія клічуць, як і ў дзеўках клікалі, На­ стай Чароткай.

У Яромхі на левай руцэ — ад запясця да локця — сінее татуіроўка: корцік, абвіты змяёй. Корцік выглядае за­ штрыхаваным, але гэта не штрыхі, а вуглаватыя літары, і на корціку напісана: нет в жизни щастя. На змяі літары, як луска — круглаватыя, плаўныя: пращай, Настя.

Гэта напісана пра Міронаву маці. На моры размаляваў сябе Яромха, на флоце, дзе служыў.

— Наста, малога пад сонейка вынясі, халадае на вечар. Мірона выносяць з­пад яблынь, і ён бачыць у небе два сонцы. Адно, на захадзе, прамяністае, цёплае, бліскучае, ад якога самі па сабе заплюшчваюцца вочы. Другое, на ўсходзе, спакойнае, халаднавата­мяккае, яно не выпрамень­ вае, а п’е святло. Адно сонца — гэта сонца, а другое — поўня, што выкацілася на вечар. «Глядзі, як зыркае, — перакрывае неба, схіляючыся над Міронам, Яромха. — Здзіўляецца, што сонцы два, шчаня такое…» — а Мірон зусім не здзіўляецца, а калі здзіўляецца, дык не Яромхавым здзіўленнем, у яго пакуль няма звычкі думаць, што на небе павінна быць толькі адно сонца, а інакш быць не можа…

Мірон ведае пра тое, што недзе ў сусвеце ляцяць, кру­ жацца планеты, над якімі свецяцца і два, і тры, і болей сонцаў, не паспявае адно зайсці — як другое ўзыходзіць, таму ніколі не наступае ноч, і людзі ніколі не бачаць зо­ рак. Людзі, альбо хто там яшчэ, хто жыве на тых плане­ тах, якіх у сусвеце безліч.

А Мірон адзін. І бацька ў яго адзін. Кожны з іх адзін, сам па сабе, хоць абодва яны Міроны, хоць вялікаму зда­ ецца, што малы — гэта таксама ён, нібы вялікі раздвоіўся на вялікага і малога, перахітрыў лёс, пераадолеў закон чалавечай адзіноты.

Хрэсьбіны скончыліся… Доўга Мірон глядзіць у столь, узіраецца туды, дзе няма чаго бачыць. Маці раз­пораз падымаецца, падыходзіць да люлькі і ціха над ёй стаіць. Уздыхае, кладзецца, шэпча бацьку: «Баюся я нечага… Можа, хвароба ў яго якая — зноў з адкрытымі вачамі спіць… Як напаследак нагледзецца хоча».

— Што? — падхопліваецца бацька. — Чаго ты, га?.. Бацьку сушыць пад раніцу. Ён устае, ідзе да вады, п’е, кроплі падаюць з кубка ў вядро: туп, туп, туп… Бацька зачэрпвае яшчэ кубак, чапляе дужку вядра — дзыдзынь!

«Цішэй ты! Пабудзіш!..» — кідаецца да люлькі маці, але не паспявае: Мірон ужо заныкаў, заенчыў, заплакаў несуцешна, і безвыходна­трывожна бацькам ад начнога ягонага плачу, а з чаго тыя безвыходнасць і трывога — ведае толькі дзіця, адзін сам плач дзіцячы.

— Як Яромху твайго пабачыць, так сну няма ў хаце.

— Дурань ты, да чаго тут Яромха…

— А якога ражна туляецца? І на хрэсьбіны прыпёрся.

— Я не запрашала.

— Сам запрасіўся…

— Дзіця хворае, а ты абы што.

— Як пра Яромху — адразу абы што.

— Цябе я кахаю. Цябе.

— Дык няхай з вачэй згіне.

— Маёй няма над ім волі.

— Ну, то мая будзе.

— Пра што ты, Мірон?.. Божа мой, пра што ты…

Не было каму не ведаць, што кахаліся некалі Яромха з Настай, моцна кахаліся, а ў той дзень, калі надумаў Яром­ ха сватоў засылаць, прыехалі з раёна двое вайсковых на машыне — і забралі Яромху на флот служыць. Адбіваўся Яромха. Лаяўся, прасіўся даць вяселле справіць, ды толькі раззлаваў вайсковых: ведаем мы гэтыя хітрыкі! Як служыць ісці — так усім жаніцца прыпірае.

Наста бегла за машынай ажно да прошчы, да Трох Бя­ роз, дзе канчалася вёска; маладзейшы вайсковы нават сказаў: «Адпусцім пакуль хлопца, дзе ён дзенецца», — а старэйшы засмяяўся: «Будзеш пасля за ім бегаць, як гэ­ тая дзеўка бегае».

Насустрач машыне праехала падвода. На падводзе, кінуўшы лейцы, сядзеў паштар Ютка Казубоўскі, а ў абдымку з ім, бліскаючы медалямі «За перамогу над фашысцкай Германіяй», рагаталі, спявалі, крычалі не­ шта старшына і яфрэйтар. Гэта вяртаўся дахаты Юткаў швагер Мацей Цяжкароб, вяртаўся і вёз у вёску фран­ тавога сябра свайго Мірона Стаўбуна, якому, як ён сам казаў, было ўсё адно, куды вяртацца: анідзе на ўсёй зямлі анікога ў яго не засталося.

Мацей скочыў з падводы, згроб Насту ў ахапак і кінуў яе Стаўбуну на калені: «Во прыгажуні ў нас якія! Усе твае — і хай толькі чмыхнуць хто паспрабуе! Паганяй, Ютка! Дзезерціры! Пацукі тылавыя! Мы ім пакажам, як танкі чмыхаюць!..»

Наста білася рыбінай, малаціла Стаўбуну ў грудзі, за­ ходзілася, галасіла на ўсю аселіцу. Праз год яна пайш­ ла за Мірона і напісала Яромху апошні ліст. У той жа год навальніцай паклала, ветрам з карэннем вывернула адну з Трох Бяроз.

На апошні ліст Насты адказваць Яромха не стаў. Ён накалоў татуіроўку, залез на карабельную мачту і рынуўся ўніз. Не забіўся, толькі пакалечыўся — і ця­ пер галава ў яго амаль не паварочваецца на шыі. Калі б Яромха не скалечыўся, яго б судзілі трыбуналам, а так адправілі з флоту дахаты, камісавалі.

На досвітку Яромха стукае ў акно.

— Мірон…

— Ну, — буркае бацька, не ўстаючы з ложка.

— Я ўчора не хацеў табе казаць…

— Ну… Што?..

— Хрэсьбіны і ўсё такое…

— Ну…

— Сыраварню ў Наратах спалілі. Трэба ехаць разбі­рацца.

Лаючыся — ну, пацукі!.. морды бандыцкія!.. сваё па­ ляць, народнае!.. — бацька ўстае, апранаецца, пады­ ходзіць да люлькі, нахіляецца, цалуе Мірона ў шчаку…

Нябеснае мроіва, зорнае мліва, бацькава душа праця­чэ скрозь Мірона, аднак Мірон нават не прачнецца.

— Ты б пераснедаў… — сонна ўслед бацьку, прыўзняўшы­ ся на ложку, кажа маці. — Там ад хрэсьбінаў пазастава­ лася…

— Маслам у Наратах пераснедаю…

У бацькі язва з вайны і нерваў, і ён лечыць яе, як параіў яму Яромха, які яшчэ за палякамі паспеў па­ вучыцца паўгода на ветэрынарных курсах: штораніцы нашча лыжка масла — і на масла паўшклянкі спірта. Толькі дзе ён цяпер тое масла возьме, калі сыраварню спалілі?.. Сваёй каровы ў іх няма: у старшыні сельсаве­ та, у Міронавага бацькі, скрозь усё калгаснае. Ягоныя толькі дзіця і жонка, дый жонка трохі нібыта Яромхава, сваім застаецца адно дзіця.

Мірон сніць, як бацька і Яромха, які не толькі фель­ чар, але і сельсаветаўскі партыйны сакратар, на пад­ водзе Юткі Казубоўскага прыехалі ў Нараты, дзе на месцы сыраварні — сівы попел ды чорнае, з жарынкамі, вуголле. Бацька хапае загрудкі старшыню калгаса, фран­ тавога свайго сябра Мацея Цяжкароба, швагра Юткі Казубоўскага, упірае ў гарляк яму, вышэй ад кады­ ка, пад сківіцу пісталет — і крычыць: «Як, тваю маць?!. Хто?!.» Мацей і сказаць нічога не можа, а жонка ягоная Станіслава, з якой ён жыве на дзве хаты, у Карунах і ў Наратах, бялее і таксама крычыць: «Ты не тут пісталетам махай, ваяр!.. Ты ў лес ідзі і тых пастраляй, што спалілі!..»

І ўдава Сілічыха, мужыка якой, Васіля Сіліча, апошняй ваеннай вясной у войска ўзялі і адразу пад Берлінам забілі, яшчэ кажа: «Яны ўсе ваяры, калі на гары…»

Заўчора ў яе начаваў адзін з лясных братоў, а ўчора — двое гарадскіх, міліцыянт і цывільны, энкавэдыст ці асабіст, хто яго ведае. Гэбіст, карацей. Яны прыехалі разбірацца з пажарам, на ноч засталіся, спытаўшыся ў Мацея: «Дзе ў цябе тут жыве ўдава якая, не страшная і не старая?..» Напіўшыся ўдовінай гарэлкай і наеўшыся яе блінамі, яны Сілічыху ўсю ноч удвух гвалцілі. Ця­ пер міліцыянт стаіць каля пажарышча і спіць, стоячы, а гэбіст — ці асабіст — таксама размахаўся пісталетам, грозна ў старшыні сельсавета пытаецца:

— Вы што так позна? Чаму толькі сёння? Тут агнём па ўладзе савецкай, а вам толькі піць?!.

Пісталет на пісталет — гэта ўсё, што яны могуць, што ўмеюць. Маленькаму Мірону з гэтага дзіўна, бо ён ве­ дае, што людзі ў свеце не для таго.

Мірону вялікаму даўно ўжо нічога не ў дзіва, ён і пісталета не баіцца, яго іншае страшыць: як дакладзецца гэбіст у горадзе, што скажа, напіша?.. І Мірон, гледзячы на недалёкі лес, рашуча пытаецца ў Мацея, адпусціўшы таго:

— Колькі іх?

Мацей пацірае горла, зглытвае кадыком:

— Скуль мне ведаць…

— Ведаеце! — крычыць гэбіст на ўсіх, на два дзесяткі мужыкоў і баб, што стаяць каля пажырышча. — Вы іх корміце, дык ведаеце, колькі! Ну, колькі?!. Ці ўсіх пад разнарадку!..

Што такое разнарадка, усім вядома: прыедуць, скарб не дадуць сабраць, на машыну разам з дзецьмі — і павезлі за цёмны лес, за сінія горы…

— Нікога мы не кормім, — кідае гэбісту ўдава Сілічыха. — Самім бы пракарміцца.

— Пяцёра… — глуха і ўбок кажа мужык на мыліцах. — Трое братоў Сівакоўскіх і яшчэ двое, адзін… — ён глядзіць на соннага, які стаіць і хістаецца, міліцыянта… — з паліцаяў, у камендатуры нямецкай служыў.

— Што?.. — хіснуўшыся, пытаецца міліцыянт.

— Падмога патрэбная… — пераводзіць позірк на мілі­ цыянта, на Яромху, на Мірона гэбіст. Мірон кажа зноў рашуча, але ўсё ж не так рашуча, каб выглядаць смялей­ шым за гэбіста:

— Іх пяцёра, нас чацвёра. Справімся.

— А я… — пачынае Мацей Цяжкароб і замаўкае. Мусі­ быць, хацеў сябе пятым прапанаваць, ды перадумаў. Ён не гэбіст і не міліцыянт, не партыйны сакратар, дык чаго лезці пад кулі, калі не гоняць?.. Сваё ён з фашыстоўцамі на фронце адваяваў, а гэтых братоў лясных, каму трэба, той няхай і дабівае.

Калі Мірон маленькі прачнуўся, ягоны бацька Мірон вялікі і яшчэ васьмёра мужыкоў бегалі ўжо, куляліся, поўзалі, затойваліся, цікавалі адзін аднаго ў лесе, каб забіць. Маці пакарміла маленькага Мірона, прыціснула да грудзей: «Расці хутчэй, вырастай вялікім». Мірон падумаў: «А нашто?.. Вунь што робіцца з людзьмі, калі яны вырастаюць, дык нашто?..»

Нікому тым разам забіць нікога не ўдалося, браты лясныя як скрозь зямлю ў Наратоўскім лесе праваліліся, нічым бегатня за імі скончылася, толькі паранілі вялі­ кага Мірона. «Чакай, а хто цябе параніў? — спытаў раптам гэбіст, калі ўсе думалі, што Мірон паранены ляснымі братамі. І загадаў Яромху: — А ну дай мне твой пісталет!..»

Яромха і адпірацца не стаў. «Я страляў… выпадко­ ва… галава не паварочваецца, дык пераблытаў… здало­ ся, што нехта з тых». Гэбіст яму не паверыў, пісталет не вярнуў і арыштаваць хацеў, а вялікі Мірон паверыў. Ці выгляд зрабіў, што паверыў: «Гэта мой партыйны сакра­ тар». — «Ну, глядзі, — папярэдзіў гэбіст. — Я б яго, тако­ га непаваротлівага, і без пісталета каля сябе не пакінуў, але табе з ім жыць».

— Нічога, — сказаў вялікі Мірон, — рана лёгкая. Гэбіст ці абдурыўся, ці, як і Мірон, выгляд зрабіў, што абдурыўся, ды народ хіба надурыш?.. Праз дзень не было ў акрузе нікога, хто б не ведаў, што страляў Яромха ў Мірона і хацеў забіць яго праз Насту Чаротку. І толькі маленькі Мірон ведаў, што гэта не так. Але як не так — тады расказаць не мог, а пасля забыўся.

— Шукаюць мяне… — даверліва кажа вялікі Мірон маленькаму, думаючы, што маленькі Мірон нічога не кеміць і не ўспомніць ніколі. — Мне з вайны было куды вяр­ тацца, у мяне другая сям’я ёсць, першая, я перад вайной яшчэ ажаніўся, і ў мяне там двое дзяцей, дзяўчынка і хлопчык, сястра твая і твой брат…

«Добра, што ў мяне ёсць сястра і брат, — думае маленькі Мірон, — з чаго бацька самоціцца? Хай бы самоціўся, калі б не было…»

— Першая жонка на аліменты падала, а я з ёй не раз­ ведзены… Цяпер адкрылася, што я дваяжэнец, а гэта куды горш, чым аліменты. Толькі ты не судзі мяне спе­ хам, паслухай…

Што такое аліменты, хто такі дваяжэнец, маленька­ му Мірону не даўмецца, судзіць ён нікога не збіраецца, дый як судзіць вялікага Мірона, бацьку?..

— Я прыкідваю, што мне рабіць, каб жа ты мог параіць… За два месяцы да канца вайны, пад Кёнігсбергам, мяне параніла і кантузіла, моцна кантузіла, так, што санітары мёртвым палічылі, да трупаў адцягнулі, а пахавальная каманда ледзь зямлёй нас прысыпала; немцы нечакана ў атаку пайшлі, з акружэння вырываліся. Пакуль нашы назад іх заганялі, я ачуняў, з магілы выкапаўся, толькі не помніў нічога. Як ты быў, нібы дзіця без памяці… Не верыш?

«Я веру, як мне бацьку не верыць?.. Толькі я ведаю, што ўсё ты помніў».

— Ну, добра, нешта я помніў, прыкідваўся з месяц, што не помню, бо на мяне ўжо чарнавую ў штабе выправілі, дахаты паслалі: загінуў смерцю героя… Не хацеў я туды, у тую сям’ю, да той жанчыны зноў, разумееш?.. Пісарчуком у штабе зямляк мой быў, я ўгаварыў яго не высылаць болей маёй радні ніякіх дакументаў, сам, маўляў, напішу, што жывы. Але ім пенсію за мяне далі, дык нашто пісаць?..

Калі вайна скончылася, мяне пакінулі ў Прусіі рэпа­ рацыямі займацца, нагледзеўся я, як палкоўнікі нашы з генераламі барахло вагонамі вывозілі… А я тым ча­ сам жалеза цягаў, млыны вадзяныя ў прусакоў разбіраў і ў Расію адпраўляў. Раптам аб’яву чытаю ў газеце армейскай: хто памятае, дзе ў сорак першым годзе, пры адступленні, тэхніка наша кідалася, хай паведаміць, а знойдзецца тэхніка — узнагарода. Я і паведаміў, мяне ў самалёт — і сюды. Мы тут якраз адступалі і ў лесе Наратоўскім дзесятак гармат схавалі, не было іх чым і як цягнуць. Тапчуся, блукаю з асабістамі па лесе гэтым дзень, другі — не магу знайсці. І тут нібыта — і не тут. Асабісты нацягаліся — і да мяне з пагрозамі: «Ты што, жарцікі строіць? Захацеў узнагароды? Дык мы цябе!..»

«Давайце, — кажу, — у тутэйшых спытаемся. Можа, бачыў нехта, не іголкі ж у сене». Ды пытацца, аказваецца, нель­ га, бо не магла Чырвоная Армія ў лясах зброю кідаць. Такая нявыкрутка, я ўжо не рады, што на ўзнагароду тую паквапіўся, а на трэці дзень твая маці да нас на ўзлеску падыходзіць: «Вы не гарматы шукаеце?..» Я, як яе ўбачыў, самлеў: вось яна — узнагарода!

«Гэта праўда, — усміхаецца маленькі Мірон, — а тое, што бацька ўпершыню ўбачыў маці, калі з дзядзькам Мацеем у вёску ўехаў, для некага прыдумана, можа, для Яромхі. Маці за бацьку таму і пайшла, што ён да яе вярнуўся».

— Знайшліся тыя гарматы… За чатыры гады ў балота ўгразлі — адны рулі тырчаць. Мяне на машыну — і ў во­ бласць. Па ўзнагароду, думаю, а там мне кажуць: «Вайна скончаная, ты дэмабілізаваны, але застаешся салдатам партыі, якая пасылае цябе на фронт калектывізацыі, на арганізацыю калгасаў у вызваленай ад ворагаў Заход­ няй Беларусі!» Я арганізоўваў калгасы ў Расіі, ведаў, што гэта такое, і падумаў адразу: «Вайну праскочыў, а тут заб’юць!» «Ніяк не магу, — адказваю, — у мяне сям’я дома: жонка і дзяцей двое». «Гэта ўся праблема? — пыта­ юцца. — Дык мы яе вырашым». І напісалі, каб не чакалі мяне дома, бо загінуў я пры выкананні сакрэтнага за­ дання. Яшчэ адну чарнавую ў сям’ю маю паслалі, разу­ мееш? Дзве чарнавыя за адну вайну на мяне прыйшлі, а я ўсё жывы і жывы…

З калгасамі ад мяне не адчапіліся — і я сюды папрасіўся. Калі ўжо калгасы арганізоўваць, дык тут, каб з маці тваёй быць. А там не разводзіўся, бо двойчы забіты — як развядзешся?..

Калі прыйшла другая чарнавая, жонка тая давай ва ўсе канцы пытацца: дык дзе і як мой муж загінуў?.. Ну, і высветлілася ўрэшце, што нідзе і ніяк. Мусібыць, пара мне недзе і неяк загінуць, як ты думаеш?..

Маленькі Мірон думае пра тое, чаму вялікі Мірон, які нідзе і ніяк не збіраецца гінуць, кажа, што загінуць яму пара, гаворыць пра гэта — абы гаварыць. Мірону не­ прыемна, што бацька, які не пабаяўся ні лясных братоў, ні пісталетаў, баіцца нейкага дваяжэнства, аліментаў, жонкі… Хіба вайна, з якой ён вярнуўся, не страшней? Блытаніна сярод гэтых дарослых… Блукаюць адны ў ад­ ных, як у лесе.

— Заблукаў я, Мірон, заблытаўся… І вас люблю — і тых шкада, і не жыву ні тут, ні там. Да таго ж — як бы і не жыў яшчэ зусім. На вайне хіба… Ты зноў не паверыш, але вайна — найлепшае, што ў маім жыцці было. Што я да вайны меў?.. Работу з раніцы да ночы. Варочаў ды варочаў зямлю, гной, дровы, каменне… Праўда, ордэн мне далі, сам Калінін начапіў. Я з Масквы ехаў, ордэ­ нам бліскаў, думаў: «О­го­го! Цяпер, з ордэнам, зажы­ ву!..» А з тым ордэнам зноў за плуг. Ды яшчэ паганя­ юць: гэй ты, з ордэнам, хутчэй давай рухайся, на цябе раўняюцца! І пасля вайны тое ж… Вось і застаецца вай­ на ва ўсім гэтым, як палонка ў лёдзе. Падплываю і ды­ хаю… Нехта смерць, кроў успамінае, а я не. Смешнае, вясёлае ў памяці… Ведаеш, якую дзядзьку Мацею, які таксама пакінутую зброю знайшоў, узнагароду далі?.. Веласіпед! А веласіпедаў тых у Кёнігсбергу, як гразі ў Казані. Паўсюль наваленыя, па вуліцах ад іх не праехаць, не прайсці. Ён і кінуў сваю ўзнагароду да кучы. Ранкам прачынаецца, а каля ложка ягонага — два веласіпеды. Ён вон іх адзін за адным, назаўтра ўстае — чатыры! І так дзень за днём: хлопцы не ленаваліся веласіпеды яму цягаць, вар’яцелі ад рогату… На вайне яно так: сёння жывы — сёння шчаслівы. Калі б заўтра вайна, з песнямі пайшоў бы, абрыдла ўсё…

— Не пойдзеш ты нікуды! — паўстае перад Міронам вялікім маці з маленькім Міронам на руках, перакрыва­ ючы дзверы з хаты ў сені. — Калі царкву парушыш, нам тут не жыць! Ці ты прычыны шукаеш, каб не жыць тут, каб туды падацца?..

Бацька моўчкі адсоўвае маці ўбок і выходзіць. Маці кідаецца за ім, чапляецца ў сенях за парог і ляціць ніцма, прыціскаючы да грудзей, не выпускаючы з рук малень­ кага Мірона, які балюча б’ецца аб ганак, аб пляскаты ва­ лун галавой — і з болю, з крыку і плачу ад болю гэтага пачынаецца, запамінае сябе ў свеце: «А­аа­а!..»

— Мірон! — надрыўна ўслед бацьку крычыць маці. — Мірон, стой, сын твой забіўся!..

Бацька, ідучы падворкам да вуліцы, дзе чакае яго Яромха, з якім пасля стрэлу ў Наратоўскім лесе не­ спадзявана пасябраваўся ён больш, чым з франтавым сябрам сваім Мацеем, нават не паварочвае галавы.

— Божа ўсемагутны, Божа літасцівы, што ж гэта та­ кое?.. — сама плача маці, супакойваючы плач Мірона. — Што ж будзе, што будзе?..

Мірон, у якім не замглілася яшчэ дапершаўспамінная памяць, плача, ведаючы, і што гэта такое, і што будзе… Чатыры дні таму бацьку выклікалі ў вобласць — туды, адкуль прыслалі. «З чаго ты ўзяў, што можаш не вы­ конваць устаноўкі?.. Чаму ты думаеш, што ў сельсавеце тваім могуць быць і царква, і касцёл, і мячэць, і сінагога?..

Тыдзень табе даём, каб разабраўся!..»

Дзвярэй у кабінеце, дзе бацьку ўпікалі, што не вядзе барацьбу з Богам, было двое: праз адны ўваходзіш і вы­ ходзіш, калі ўсё абыйдзецца і выпусцяць, а праз другія выпраўляешся туды, скуль цябе ўжо ніколі і ніхто, апроч Бога, не дагукаецца. Тыя другія дзверы былі абцягну­ тыя арэхавага колеру скурай пад колер сцяны, іх цяж­ ка было ўбачыць, заўважыць, але ўсе пра іх чулі, ведалі і адразу заўважалі, упіраліся ў іх паглядамі і маліліся:

«Госпадзі, хоць бы не туды!..»

Знадворку за тымі дзвярыма, калі ў кабінеце засядалі, дзяжурыў, чакаючы свайго, чорны варанок.

Татарскіх двароў было ў Карунах з тры тузіны, усе на адной, канцавой Татарскай вуліцы, двароў габрэйскіх — утрая менш, усе ў сярэдзіне вёскі, у мястэчку, якое гэтак, Мястэчкам, у вёсцы і называлася. Мячэць і сінагога былі невялічкімі, з дошак ды плашак; татары і габрэі пасля гаворкі з вялікім Міронам самі іх разабралі і перанеслі ў лес, тэрыторыя якога адносілася ўжо да лясніцтва, а не да сельсавета, і з ляснічым і леснікамі татары з габрэямі неяк дамовіліся. З касцёлам старшыня сельсавета такса­ ма разабраўся, бо ксяндза ў касцёле з вайны не мелася, збег ад страху перад бальшавікамі і не вярнуўся, і палякі, як называлі сябе тутэйшыя каталікі, насуплена, спадыл­ ба глядзелі, як вялікі Мірон са сваёй хеўрай скідвае з касцёла крыжы і крычыць з верхатуры: «Бальніца тут будзе! Баль­ні­ца!.. Лячыцца тут будзеце, а не опій піць, маць вашу перамаць!..»

Заставалася царква. Не так нават сама царква, як поп, талакняны лоб, які пра Міронавы праблемы з начальствам, пра арэхавыя дзверы ў абласным кабінеце і слухаць не захацеў. «Крані толькі святыню! Паўтысячы гадоў яна тут стаіць, да цябе стаяла і пасля цябе стаяць будзе!..»

Да белай, высокай, узнесенай ледзь не ў неба камя­ ніцы на крутым пагорку над рачулкаю Мірон, Яром­ ха, Мацей і Ютка ішлі даўжэзнай вясковай вуліцай пад сцішаную лаянку і праклёны. Праваслаўныя карунцы былі не большымі хрысціянамі, чым карунцы­каталікі, хутчэй яны, як і ўсе беларусы, былі паганцамі, але ў іх быў поп, бацюшка.

— Не падыходзьце! Не змушайце грэх на душу браць! — крыкнуў бацюшка з пагорка, па якім узбягала да царквы старадаўняя, як і царква, як і Карунскі замак цераз ра­ чулку ад яе, з камянёў выкладзеная лесвіца. Стагоддзе за стагоддзем па лесвіцы гэтай падымаліся карунцы да царквы, хрысціліся ў ёй, вянчаліся, адпяваліся… Замак за царквой, ад якога адна кутняя вежа засталася, пару­ шыла ў першую сусветную вайну руская артылерыя, а царкву ніхто не крануў: ні крыжакі, ні татары, ні шве­ ды, ні палякі, ні немцы…

«Тра­та­та­так!.. Тра­та­та­так!..» — пратататакала з царкоўнай званіцы, калі вялікі Мірон з хеўрай, не звяртаючы ўвагі на крыкі бацюшкі, ступілі на першыя прыступкі лесвіцы — і над галовамі іх прасвісталі кулі.

— З кулямёта?.. — здзівіўся Мірон. — Дзе ён куля­мёт узяў?..

— А то няма дзе… — адступіў з лесвіцы, падымацца па якой яму і не хацелася, паштар Ютка. — Тут кулямётаў гэтых… І ад першай вайны, і ад другой. Поп ваяваў на першай. Дый дзяк таксама, ён і палівае…

Мірон сплюнуў і дастаў пісталет.

— Поп, дзяк, так­растак!.. Мацей і Яромха на лесвіцы застаюцца, а мы з Юткам з тылу зойдзем.

— Не пайду, — сказаў Ютка, уцягнуты ў барацьбу з Богам толькі праз сваё швагерства з Мацеем.

— Як не пойдзеш?

— А так… Глядзі вунь, што на вуліцы…

На вуліцы, каля павароткі да царквы, зразумеўшы, што бацюшка з дзякам збіраюцца трымаць асаду, пачалі збірацца людзі. Пакуль іх было няшмат, але нясмела, асцярожна, па адным яны падыходзілі і падыходзілі, мужыкі і бабы, пераважна бабы…

— Назад! Па хатах! — замахаў на іх пісталетам Мірон. — Разысціся, я вам сказаў!

— Супакойся, сам надта ўжо разышоўся!.. — адчуўшы, што ёсць сіла на сілу, гукнуліся з вуліцы. — Зваліўся на нашу галаву, маскаль паганы, крыжа на табе няма!..

— Што?!. — перасмыкнула Мірона і, стрэліўшы ўгору, ён кінуўся на люд зей, якія расступіліся — і Мірон аказаўся тварам да твару са сваёй жонкай з сынам на руках. На імгненне ён аслупянеў, але толькі на імгненне, бо ў ім ужо ўскіпела шаленства, плёхнула цераз край. — Дахаты! Заб’ю! — збялела замахнуўся ён на жонку з дзіцем, ды тут Яромха наскочыў ззаду і збіў Мірона з ног, распластаў на зямлі, закруціў яму руку з пісталетам за спіну, а Наста абмінула іх абодвух і пайшла да царквы. У белай сукенцы і белай хусцінцы, прыціскаючы да сябе дзіця, яна падымалася па лесвіцы ўсё вышэй і вышэй, а

Мірон, асядланы Яромхам, выварочваў шыю, глядзеў ёй услед і сплёўваў зямлю на зямлю…

— Мірон! — крыкнуў бацюшка. — Я дзяка ў Менск да начальства пашлю, ты яго не чапай! Як вернецца, будзем далей разбірацца!..

Папу Мірон нічога не адказаў, да Яромхі сказаў ціха, але так, што ўсе пачулі:

— Разбяруся я з табой, Альбін.

Больш за трое сутак, пакуль ехала з Менску началь­ ства, прабыў маленькі Мірон з маці і бацюшкам у царк­ ве. «Ішла б ты, Наста, не змучвала дзіця», — казаў ба­ цюшка, а маці адказвала: «Не пайду, ведаю я яго, вы не ведаеце.» Каля царквы, па чатырох баках пагорка, змя­ няючы адны адных, удзень і ўноч стаялі людзі.

— Твой бацька кажа, што Бога няма, а Бог ёсць, — люляў Мірона на руках, калі маці стамлялася і засынала, бацюшка. — Бог­бацька, Бог­сын і Бог­дух святы, усе ў адным. Не разумееш, як яно так?.. Тут не разумець трэ­ ба, а верыць, адчуваць, і ў што паверыш, што адчуеш — тое і будзе. Давай я на званіцу цябе падыму, каб адчуў, адтуль Бога ва ўсе бакі відаць.

Начная званіца была высокай, а неба начное яшчэ вы­ шэйшым, і ў ім блукалі зорныя туманы, скрозь якія, як скрозь марлю, цадзілася густое, нібы малозіва, сінім­сіняе святло. З небасхілу яно лілося на ўзвышшы, на пагоркі і сцякала па іх, заліваючы лагчыну, у якой хаваліся Ка­ руны. Плылі, патаналі ў гэтым святле і парушаны замак з адною кутняю вежай, і касцёл без крыжоў, і Мястэч­ ка без сінагогі, і сады, і палеткі, і хаты, уся вёска ўздоўж рачулкі ад Татарскай вуліцы да прошчы, да Трох — з ад­ ной паваленай — Бяроз. Зорны вецер гнаў зорныя тума­ ны, неба пакалыхвалася і працякала над царквой, і царк­ ва пакалыхвалася і праплывала ў небе, і ў ёй і разам з ёй пакалыхваліся, працякалі, праплывалі бацюшка, маці, Мірон — усё і ўсе адно ў адным, і бязмежная, несупын­ ная плынь гэтая адчувалася, як жыццё, і была, мусібыць, Богам, якога відаць было ва ўсе бакі.

На званіцы вісеў звон і стаяў кулямёт.

«Калі тут звон, навошта кулямёт? — стараўся хоць крышку ўсвядоміць сябе самога ў Боскім свеце і сам свет гэты зразумець маленькі Мірон. — Няўжо Бог сваё жыт­ ло без кулямёта абараніць не можа? Ці не Боскае гэта, а бацюшкава жытло, таму бацюшка яго і бароніць?.. Але чаму тады бацька, вялікі Мірон не бароніць жытло сваё, а разбурае чужое?..»

— Як розніца ёсць паміж чалавекам і дрэвам, так розніца ёсць паміж чалавекам і чалавекам, — прамовіў бацюшка, глад зячы анёльскія куд зеркі маленькага Мірона і гледзячы ў сінім­сінюю далеч на прошчу, на Тры, з адной паваленай, Бярозы. І тут на вачах бацюшкі і Мірона, на вачах маці, якая паднялася на званіцу, яшчэ адна Бяроза, далейшая ад паваленай, без навальніцы і ветру, у нерухомай цішыні пахілілася, хіснулася ўзад­ уперад, нібы выбіраючы, куды і як упасці, і павольна, як ліст злятае, пачала завальвацца, падаць, страсаючы з сябе сіняе святло — і легла ўздоўж дарогі. «Ух…» — выдыхнула яна, як ад нечага вызвалілася, і выдых яе прашапацеў над лагчынай, над рачулкай, над садамі з палеткамі, над усімі Карунамі ад прошчы да канцавой Татарскай вуліцы…

— Што гэта?.. — спалохана спытала маці, на якой су­ кенка з хусцінкай зіхацелі халоднай сінню, і маці зда­ валася незямной, падобнай на жыхарку тых планет, над якімі ўзыходзяць па два і па тры сонцы. — Як гэта — без навальніцы, без ветру?..

— Так… — уздыхнуў бацюшка. — А чалавек як?.. Час настаў.

— Ой, не!.. — Маці ўзяла ў бацюшкі і стала люляць і лашчыць маленькага Мірона. — Спі, ты чаго не спіш, сынок?.. Ой, не, гэта знак, штосьці станецца, будзе не­ шта адразу, як дзяк вернецца…

Аднак вярнуўся дзяк — і нічога такога адразу не сталася. Вялікага начальніка з Менску, які сам ехаў і дзяка вёз на бліскучай чорнай легкавушцы, а за лег­ кавушкай на запыленай палутарцы трэсліся салдаты, перанялі каля прошчы габрэі з татарамі, перагаварылі з ім — і начальнік загадаў здаць усю, якая ёсць, зброю і сабрацца на сход.

Зброю не здаў ніхто, на сход сабраліся ўсе. На сходзе начальнік аб’явіў, што хоць Бога і няма, але царква ў Карунах пакуль застаецца, бо пытанні рэлігіі не выра­ шаюцца наскокам, і свядомасць карунцаў будзе пад­ цягвацца да свядомасці ўсіх савецкіх людзей паступо­ ва… Салдаты тым часам, шукаючы зброю, ператрасалі двор за дваром.

Крыжы на касцёл не вярнуліся, мячэць з сінагогай засталіся ў лесе. «Што зроблена, тое зроблена», — сказаў начальнік. Старшыню сельсавета за самаўпраўства ён паабяцаў пакараць.

— Папа з дзякам пазней арыштуем, хай трохі ўсё су­ пакоіцца, а цябе перавядзем адсюль, жыць табе тут не дадуць, — развітаўся вялікі начальнік з вялікім Міро­ нам, калі ўжо яны выпілі ў хаце. — Пачынай манаткі збіраць. — І падкінуў вялікі начальнік пад столь ма­ ленькага Мірона. — Стаўбунчыка якога змайстраваў! З гэткіх во ў нас новыя людзі вырастуць, а ўсялякіх бы­ лых — у распыл!..

Ад вялікага начальніка пахла свіной скурай і гуталінам.

Салдаты, забраўшы кулямёт са званіцы і не знайшоўшы болей ніякай зброі, апроч паляўнічай, раптоўна, на ноч гледзячы, перакінуліся з Карунаў у Нараты і там братоў лясных, што спалілі сыраварню, палавілі не ў лесе, а ў ха­ тах, дзе яны начавалі. Аднаму толькі з братоў Сівакоўскіх, наймалодшаму, удалося ўцячы. Астатніх, каго паранена­ га, каго збітага ў кроў, пакідалі ў кузаў палутаркі і звезлі разам з гаспадарамі, якія давалі ім прытулак, з дарослымі ўсімі і дзецьмі.

Вялікі начальнік з Менску на абяцанкі свае, мусібыць, забыўся, іншых клопатаў хапала. Мінаў месяц за меся­ цам, зіма надышла, а вялікага Мірона ўсё не пераводзілі нікуды і не пераводзілі. У вёсцы на яго касавурыліся — і не так праз барацьбу з Богам, які, як вядома, высока і далёка, як праз арышты ў Наратах: думалі чамусьці, што гэта ён, калі выпіваў з вялікім начальнікам, падбіў таго паслаць сярод ночы ў Нараты салдат. Па вялікім Міроне нават стралялі каля Багушоў, на лясной дарозе паміж Карунамі і Наратамі. Невядома, хто страляў, але сам Мірон вырашыў, што на яго палюе наймаладзейшы з братоў Сівакоўскіх, той, што ўцёк.

У вялікага Мірона, апроч пісталета, меўся яшчэ — вы­ дадзены яму ў вобласці — сямізарадны карабін, з пака­ рочаным ствалом вінтоўка, і аднойчы ўраніцы маленькі Мірон убачыў, як бацька разабраў карабін і стаў яго чысціць.

— Пайду зайца ўпалюю, — сказаў ён маленькаму Міро­ ну. — Табе ўжо мяса пара есці, каб лепей расці, а ў нас дзе мяса?..

Мяса сапраўды не было, хіба што зрэдку на святы. Дагэтуль бацька, калі выбіраўся ці ў дальні калгас, ці ў раён, прывозіў, вяртаючыся, толькі заечы хлеб. Пры­ марожаны, смачны­смачны, смачнейшага за яго ніколі ў жыцці маленькі Мірон не еў. Нават тады, калі вырас.

— Не пойдзеш ты нікуды! — як і перад паходам на царкву, паспрабавала не пусціць вялікага Мірона маці. — Тут і так з Боскай ласкі жывём, а ты надумаўся!

Вялікі Мірон даставаў са сваёй вайсковай кайстры патроны і заганяў іх у карабін.

— Пайду… Калі ўжо мяне не пераводзяць, дык трэба паказаць ім, за кім сіла. З чыёй бы ласкі я ні жыў, а зай­ цам не бегаў і бегаць не збіраюся!

— Каму ім?.. Што паказаць?.. Яны ўсе на цябе збяруцца, ты чужынец!

— Няхай збіраюцца. Хоць відаць будзе, хто збярэцца, а то ўсе ды ўсе… Усе — гэта ніхто.

Маці ўбачыла праз вакно Яромху на вуліцы, выбег­ла з хаты і закрычала, ратуючыся:

— Альбін! Зайдзіся ты, спыні яго, ён у лес па смерць сабраўся!..

Не ведала яна, што рабіла.

Бацьку было не ўтрымаць, а Яромха, які пасля сутычкі каля царквы пачуваў сябе перад ім вінаватым, не мог адпусціць яго аднаго. Ён збегаў дахаты, узяў сваю паляўнічую стрэльбу, сказаўшы Альбіне, што ідзе на за­ йца, — і вялікі Мірон з Яромхам, паклаўшы ў бацька­ ву кайстру вайсковую, каб не змерзнуць, паўлітэрак і закуску, рушылі ў Багушы на пару. Пайшлі ўраніцы, а ўвечары вялікі Мірон прынёс не зайца, а мёртвага, забітага Яромху.

— Людзі, не забіваў я, не забіваў!.. — дзвюма слязінамі ўсяго праплакаў вялікі Мірон, і Мірон маленькі ўпер­ шыню ўбачыў, як бацька плача. Гэта ўразіла яго, бо да­ гэтуль ён думаў, што плакаць могуць толькі дзеці і жан­ чыны. І яшчэ ён ведаў, што бацька плача з таго, што сапраўды не забіваў, а ўсе думаюць і будуць думаць, што забіў.

Людзі глядзелі на вялікага Мірона і маўчалі.

— А хто забіў? — пытаў следчы з раёна, які прыехаў назаўтра, агледзеўся ў Багушах і распрадзіўся адправіць цела Яромхі ў раён на медэкспертызу. — Вы ўдвух былі, нічыіх болей слядоў ва ўсім лесе. І ні каля ручая, і ні каля кастрышча… Дык хто забіў?

— Сівакоўскі, — сказаў бацька. Дарма ён гэта сказаў, толькі з пераканання ў тым, што забіў Яромху наймалод­ шы з братоў Сівакоўскіх, больш нібыта не было каму.

— Тады чаму ён цябе не забіў? — пыталася Альбіна, сястра Яромхі. — Чаму ён забіў майго брата, а не цябе?

На гэта вялікі Мірон не меў што сказаць.

— Па паветры ні лясныя браты, ні лясныя сёстры не лятаюць… — круціў так і гэтак бацькаў карабін следчы. — У карабіне толькі шэсць патронаў.

— Я страляў, але па зайцы, — не адпіраўся ў тым, што страляў, вялікі Мірон. —Сыну зайца абяцаў…

— І дзе заяц?

— Бегае, не пацэліў…

— Заяц бегае, па зайцы не пацэліў, а чалавека ў вока, як вавёрку, — насмешліва не верыў следчы і пераходзіў на крык. — Расказвай, як было! Яшчэ раз, ну!.. І праўду мне, праўду кажы, прызнавайся!

Следчы насміхаўся, страшыў, а вялікі Мірон раз за разам распавядаў усё тое самае… Як Яромха праваліўся ў прыснежаны лясны ручай, як пакінуў ён Яромху каля кастра сушыцца, сам пайшоў паглядзець сляды, выгнаў зайца, стрэліў па ім і амаль адразу пачуў яшчэ адзін глухі стрэл, нават за свой раней той стрэл пачуў, таму і ў зайца не пацэліў, а калі вярнуўся — на разасланай на снезе пустой кайстры стаяў адпіты паўлітэрак, рас­ кладзеная была закуска, а Яромха ляжаў каля кастра з выбітым вокам… І ні следу каля кастра чужога, і нідзе нікога, як сам сябе забіў.

Следчы махаў рукой.

— Ты сыну казкі расказвай!.. То Сівакоўскі, то сам сябе… З дубальтоўкі ў вока? Ды ягоныя б мазгі на дрэ­ вах віселі!.. І дзе ты бачыў, каб сябе ў вока стралялі, ты ж вайну прайшоў?.. Маўчыш?.. Ну, маўчы. Кулю даста­ нуць — ты ў мяне запяеш.

Куля ў галаве Яромхі аказалася з карабіна.

Судзілі вялікага Мірона не звычайным судом у раёне, а ў вобласці — у кабінеце з арэхавымі дзвярыма. Трой­ кай судзілі — першы партыец, першы саветчык і пер­ шы гэбіст — бо не нейкі там Мірон Стаўбун забіў ней­ кага там Альбіна Яромху, а старшыня сельсавета забіў партыйнага сакратара. Выключаны з партыі, выправіўся вялікі Мірон з таго кабінета праз арэхавыя дзверы.

Маленькі Мірон ведаў, што бацька невінаваты, таму плакаў і плакаў днямі і начамі… Маці ездзіла то ў раён, то ў вобласць, дабівалася спаткання з мужам, а ёй адказвалі:

«Ніякі ён табе не муж, ён дваяжэнец». Пасля суда ў арэха­ вым кабінеце бацька стаўся вінаватым не толькі ў забой­ стве, але і ў дваяжэнстве, і ў выпраўленні фальшывай чар­ навой з фронту, нібы ён сам яе выпраўляў і нібы яшчэ ад­ ной чарнавой, сапраўды фальшывай, не было. Вінаватым аказаўся вялікі Мірон нават у анархісцкай барацьбе з Бо­ гам, да якой тыя ж людзі ў тым жа кабінеце яго змусілі.

Для вёскі ж, для карунцаў і без дваяжэнства, і без фальшывай чарнавой, і без Бога ўсё было зразуме­ ла: забіў Мірон Яромху праз тое ж, праз што Яромха страляў па ім, параніў яго ў Наратоўскім лесе… Праз тое ж, з­за чаго біліся яны каля царквы… Праз рэўнасць забіў Мірон Яромху, праз Насту Чаротку. Маці ў вёс­ цы нават пачалі стараніцца, нібы і яна ў нечым была вінаватая, адна Альбіна сказала: «Нам няма чаго дзяліць, мы абедзве страцілі…»

— Нашто наш татка яго забіў, нашто наш татка яго забіў, ну чаго ты плачаш, чаго ты плачаш?.. — сама ледзь не кожны дзень плакала над маленькім Міронам маці — у адзіноце, у цёмным выцці зімовых сцюж, у халоднай і галоднай хаце. А калі маці ездзіла ці ў раён, ці ў во­ бласць, дык Альбіна, сястра Яромхі і сяброўка маці, да­ глядаючы маленькага Мірона, бо не было ёй болей каго даглядаць, таксама плакала і пыталася:

— Ну нашто твой татка забіў майго брата?..

Праз дзень­другі маці вярталася, і Альбіна дапытвалася ў яе безнадзейна, як у хворай:

— Куды ты ўсё ездзіш ды ездзіш?.. Па што?.. Для чаго?..

— Хоць бы сляды знайсці якія… Хоць бы даведацца, дзе ён і што з ім…

Калі скончылася зіма і настала вясна, маленькі Мірон перастаў несуцешна плакаць, ляжаў моўчкі і глядзеў у столь, дзе не было чаго бачыць, ці спаў з адкрытымі ва­ чыма.

— Страшна, Наста… — казала Альбіна. — Яшчэ страш­ней, чым плач бясконцы… І што ён бачыць?

— Нешта ж бачыць, я ўжо звыкла, — падыходзіла да калыскі, у якую пераклалі Мірона з люлькі, маці. — Не­ шта ж ведае…

Неяк у сонечны, ясны і звонкі, з капяжамі, дзень, вяр­ нуўшыся ці з раёна, ці з вобласці з нейкай добрай вест­ кай, з маленечкай нейкай надзеяй, маці ні з чаго, про­ ста з павесялелага настрою спыталася:

— Мірон, наш татка не забіваў нікога?

— Ага, ён табе скажа, — з другога боку калыскі падшла Альбіна. — Дый як гэта не забіваў, калі на вайне быў? — І тут жа спытала сама:

— Мірон, наш татка не забіваў нашага Яромху?.. Маленькі Мірон паглядзеў працягла на Альбіну, на маці, нібы вызнаваў, ці ўсур’ёз яны пытаюцца, і з боку ў бок пакруціў галавой — раз, другі і трэці:

«Не. Не. Не».

— Госпадзі!. — схапілася за сэрца маці і абсела каля калыскі.

— Дзіця галавой пакруціла, а ты за сэрца хапацца… — падала ёй вады Альбіна. — Хоць схопішся тут, я табе скажу… Але ж і Сівакоўскі не забіваў…

— Скуль ты ведаеш?

— У мяне ён быў, калі з Наратоў уцёк, стуль і ведаю! І ў той дзень быў у мяне.

Маці глядзела на Альбіну амаль няўцямна.

— А Яромха?..

— І брат ведаў, у адной жа хаце жылі. На тое і разлік быў… Бандыт хаваецца ў партыйнага сакратара — хто падумае?

— Чаму ж тады Яромха ў Багушы пайшоў?

— Таму і пайшоў, што лавіць у Багушах не было каго… Замірыцца хацеў з Міронам. Замірыўся… Ён і з Міронам мірна жыць хацеў, і з Сівакоўскім… Той яму: пратурым бальшавікоў, зажывём на сваёй зямлі гаспадарамі — дзе падзенешся? Так што думай, глядзі… А сам штодня га­ рэлку жлукціць, я ўжо не ведала, дзе яе браць. Сама не п’ю, брат у партыйных сакратарах, а я з хаты ў хату па гарэлку… Ну і выгнала! Усё адно ж брата праз яго не стала.

— Калі выгнала?..

— Праз тыдзень недзе пасля смерці Яромхі. Ды не выгнала, калі праўду казаць. Сам пайшоў. Як гарэлку насіць кінула, бо глядзець пачалі, каму ж нашу, сабе, ці што? — так і падаўся. А да гэтага: кахаю, ажэнімся, з саветамі толькі справімся… П’яны з дня ў ноч, з саветамі ён справіцца! Цяпер ведаеш, дзе спраўляецца? Зноў у Наратах, у той самай Сілічыхі, з хаты якой салдаты яго выкурылі! Жаніх…

— Гэта ён каля Багушоў у Мірона страляў?

— Выбіраўся ад нас колькі разоў, так што можа быць… Пра такое ён і п’яны маўчаў.

Маці ўжо зусім не цяміла, што ёй думаць.

— Калі не ён… калі не Мірон… хто ж тады Яромху забіў?

— Дазнаемся, Насця… Маленькі Мірон падрасце і ска­жа… Толькі забыцца можа, дый чакаць доўга…

Вясна ўзялася такая дружная, што снег сагнала за тыдзень, і ў канцы тыдня злавілі ў Наратах наймалод­ шага Сівакоўскага — нехта на яго і ўдаву Сілічыху да­ нёс. Злавілі міліцыянты з тым самым гэбістам, які пры­ язджаў у Нараты, калі спалілі сыраварню.

Напачатку першага вясновага тыдня не маці, а Альбіна некуды з’ехала, аб’явіўшыся пасля не ў Карунах, а ў Наратах, у Станіславы з Мацеем. Даўно, сказала, не бачыліся… Яна стаяла на вуліцы і глядзела, як нядаўняга яе жаніха, звязанага, запіхваюць у машыну. Той таксама глядзеў на яе, але ні ён ёй, ні яна яму — ні паўслова…

Сілічыху з ім чамусьці не пасадзілі, асобна павезлі на падводзе з двума міліцыянтамі. Хату замкнулі, ключы гэбіст аддаў Мацею Цяжкаробу. «На, карыстайся».

— У мяне і так дзве хаты, — нязграбна ўпусціў клю­ чы Мацей, нахіліўся іх падымаць, а гэбіст наступіў яму на руку бліскучым хромавым ботам.

— Гэта не тваё, калгаснае… Уцяміў?

Мацей, асеўшы на кукішкі, кіўнуў яму ў жывот пачырванелай патыліцай.

— Цяпер валодай, — саступіў з рукі гэбіст. — Гаспадароў не чакай. — І нечакана кінуў Альбіне. — Ты са мной паедзеш.

Гэта ўсе запомнілі: як гэбіст нечакана кінуў Альбіне ты са мной паедзеш, і як Альбіна, нібы чакала таго, села ў машыну і паехала.

Па дарозе на Багушы яны спыніліся там, дзе стралялі ў вялікага Мірона і дзе потым быў забіты Яромха.

— Паказвай! — выцягнуў гэбіст з машыны на дарогу звязанага Сівакоўскага.

— Што?.. — не зразумеў той.

Гэбіст коратка ўдарыў яго ў твар.

— Адкуль страляў, паказвай! Адкуль у Мірона, адкуль у Яромху? Ну! — і ударыў яшчэ раз.

Сівакоўскі сплюнуў крывёй і праплыў позіркам па Альбіне — з галавы да ног.

— Я не страляў…

— Глядзіце за ім! — загадаў гэбіст вадзіцелю і яшчэ ад­ наму міліцыянту, які асцярожана азіраўся на лес, хоць было відна. — Дзе гэта, вядзі, — падштурхнуў гэбіст Альбіну, і яна правяла яго да кастрышча.

— Метраў дзвесце да дарогі, — прыкінуў каля кастрыш­ ча гэбіст. — Сляды павінны былі быць, інакш ніяк. Не мог жа ён на дрэве сядзець…

— Усё адно злезці трэба было, ён жа не вавёрка, каб пераскокваць, — сказала Альбіна.

— Не вавёрка… — згадзіўся гэбіст. Ён прысеў, падняў галавешку і пачаў калупацца ёю ў кастрышчы, варушыць зляжалы, мокры попел. — А вось і след… — дастаў ён праз хвіліну нешта з попелу і аж засмяяўся, сабой зада­ волены. — Хвіліны хапіла!.. Галаву трэба на шыі мець, а не галавешку! Я тады яшчэ пра гэта падумаў, калі спра­ ву крымінальную глядзеў…

— Што там? — спытала Альбіна.

Гэбіст не пашкадаваў насоўкі, каб выцерці тое, што знайшоў у попеле.

— Гільза! Стрэляная, з карабіна, але стрэляная не з карабіна, разумееш?..

Альбіна не разумела.

Па­ранейшаму задаволены сабой, гэбіст дзьмухнуў у гільзу.

— Для цябе гэта, што свіст… Як і для следчага таго, ёлупня. У Маскве ён вучыўся, дыплом у яго… Не забіваў Мірон Стаўбун твайго брата!

— Я ведаю, што ён не забіваў, — чакаючы, кіўнула Альбіна. — А маленькі Мірон без бацькі расце. Хто забіў?..

— Ты слухай, што кажу, а то многа ведаеш!.. — не даў збіць з сябе форс гэбіст і закружыў вакол кастрыш­ ча. — Хутчэй за ўсё было так… Твой брат праваліўся ў ручай, вунь той ручай, правільна?.. — гэбіст ступіў некалькі крокаў да ручая і вярнуўся. — Яны расклад­ ваюць вогнішча, твой брат застаецца пры агні сушыц­ ца, Мірон ідзе ў лес цераз дарогу ці заечыя сляды па­ глядзець, ці чалавечыя, а што робіць Яромха?..

— Сушыцца ён…

— Правільна, сушыцца, а яшчэ дастае з кайстры, холад­ на ж, гарэлку і яду, кайстра здаецца яму пустой, толькі крошкі ў ёй нейкія, шалупінне, а ён акуратны чалавек… Твой брат акуратным быў чалавекам?..

— Акуратным… — пачала ўжо нешта разумець Аль­біна.

— Акуратным твой брат быў чалавекам… — закруціў гэбіст гільзу ў насоўку. — Бачыш, нават у насоўцы не надта відаць… І брат твой вытрасае пустую кайстру над кастром, вось так, а кайстра аказалася не зусім пустой, не з аднымі крошкамі і шалупіннем…

Гільза ўпала з насоўкі ў кастрышча.

— Божа мой!.. — перахрысцілася Альбіна. — Але ж так не бывае…

— Бывае. А ён не заўважыў… Калі б паляўнічы патрон быў, дык проста б шыхнула, ну, можа, сапраўды вока шротам пакалечыла б, а тут баявы… — Гэбіст падняў гільзу, зноў закруціў яе ў насоўку і паклаў у кішэнь. — Выпадак забіў твайго брата, Альбіна.

— І што… гэтак адразу выпадак стрэліў?..

— Не адразу. Брат твой рассцяліў кайстру, расклаўся на ёй, выпіў, закусіў, зноў падышоў да кастра… Нахіліўся, мусіць… Дроў падкінуць, ці так, каб цяплей… Някепская смерць, — заключыў нечакана гэбіст.

— Не забіваў наш татка Яромху, не забіваў, праўду ты сказаў! — падкідвала маці, смеючыся, маленькага Мірона, а гэбіст, якога ўгаварыла Альбіна заскочыць па дарозе да Насты, бо адной ёй тая не паверыць, спытаў:

— Ну і што?

— Як ну і што, калі не забіваў? — перастала смяяцца і разгубілася маці. — Калі не забіваў, дык вернецца, за што ж сядзець?.. Я ж па гэта ледзь не з дня ў дзень… то ў раён… то ў вобласць…

— За выпадак жа не садзяць… — таксама разгублена глянула на гэбіста Альбіна. Пасля памаўчала, падумаўшы, і дадала. — Але сядзяць…

— Паслухайце, бабы… — Гэбіст выпіў гарэлкі, на радас­ цях прастаўленай Настай, другую ўжо шклянку выпіў, закусіў, пражаваў, закурыў, а яны ўсё чакалі… — Выпа­ дак — гэта тое, што я гільзу знайшоў, а не тое, што Мірон сядзіць. І гільза — не доказ. Вы бабы ўвішныя, хітрыя, падкінулі гільзу ў кастрышча — і да мяне.

— Пра што ён кажа, Альбіна?.. — не зразумела маці. — Як падкінулі?.. Хто да яго?..

— А ты чаму не пазнаеш мяне? — па­п’янаму насунуўся на яе па стале гэбіст. — Не прызнаеш чаму, га?

Маці сцялася.

— Бо не ведаю… Не бачыла я вас раней…

Гэбіст адкінуўся да сцяны. Піць ён, відаць, не надта ўмеў, і з яго папёрла нахабства.

— Не бачыла, не ведаю, таму даю, з кім снедаю… Калі Мірон твой па лясах нас кружыў, гарматы шукаючы, да каго ты падыходзіла?

— А­а… — нібыта нешта стала ўспамінаць маці. — Вас шмат там было…

— Трое! — выкінуў тры пальцы гэбіст. — Толькі трое — і ты мяне не запомніла?

— Выбачайце… — ціха і вінавата сказала маці.

— А я цябе запомніў! І падумаў: дзеўка гэтая мне дасць!

І ты мне дасі, калі хочаш, каб я для дваяжэнца твайго не­ шта зрабіў! А то гільза ў мяне раз!.. — гэбіст загнуў два пальцы, тыкаючы ў маці адным… — і згубілася па даро­ зе. І ўсё стала гэтаксама, як было. З дня ў дзень… то ў раён, то ў вобласць… і нічога.

— Ну ты і поскудзь! — узяла Альбіна з рук маці, каб не выпаў, маленькага Мірона. — Мала табе таго, што я зрабіла?.. Дык я і дам табе, ці я горшая?

— Не горшая, — сказаў гэбіст. — Але і не лепшая. Маці паднялася, узялася за плечы і, хістаючыся, сама, як п’яная, пайшла да дзвярэй, а ў дзверы, збіўшы маці на парозе, ускочыў вадзіцель.

— Бандзюга збег! Я па ваду адышоўся, у радыятар даліць, а ён галавой Хроліку ў галаву, аглушыў і збег!

— Нікуды не дзенецца, — гледзячы на ўпаўшую да печы маці, на яе голыя, белым­белыя ногі, на якіх за­ дралася спадніца, зглынуўшы, сказаў гэбіст. — У яе шу­ кайце! — кіўнуў ён вадзіцелю на Альбіну і крыкнуў: — Ідзі паказвай, дзе жывеш!

— Малога вазьмі… — не ўстаючы, не сваім, драўляным голасам папрасіла маці Альбіну, а тая паклала, амаль кінула маленькага Мірона ў калыску.

— Куды ўзяць? Там страляць будуць!

— Пайшла! — штурхнуў яе ў плечы вадзіцель, і як толькі за імі зачыніліся дзверы, гэбіст кінуўся на падло­ гу, на маці…

— Мірон, не глядзі!.. — біла нагамі па падлозе і ўзвы­ вала не сваім, драўляным голасам маці. — Не гля­я­дзі, Мі­ро­о­н!..

Калыска была не глухая, бакавіны яе былі жардзяныя — і стаяла калыска каля ложка насупраць печы.

Сівакоўскі сапраўды падаўся на падворак Альбіны, болей падацца яму не было куды — пры міліцыянтах і гэбісце ў вёсцы хто б яго пусціў?.. Ён забег у пуню, на нажы сячкарні разрэзаў путы на руках, выбіў акно ў хаце, узяў Яромхаву стрэльбу, зноў забраўся ў пуню, на гарыш­ ча — і адтуль адстрэльваўся ад міліцыянта і вадзіцеля, таксама міліцыянта. Тыя пастрэльвалі па пуні вяла, ад дрывотні, здалёк… Зрабіўшы сваё, да іх далучыўся на­ еты, напіты і нагулены гэбіст, якому таксама не хаце­ лася надта геройстваваць, грудзьмі кідацца на стрэлы, і ён прыдумаў пуню падпаліць. Міліцыянт­вадзіцель прынёс бензіну, гэбіст накруціў анучу на лёгкую ся­ керку, што тырчэла ў пні на дрывотні, абліў, загадаў напарнікам страляць з аднаго боку пуні няспынна, сам падпоўз з другога, запаліў факел і ўскінуў яго на саламяную страху… Сівакоўскі з пуні не выйшаў — да каго і да чаго было выходзіць?.. Жыўцом згарэў, бо страляў яшчэ, калі ўжо гарэла.

На пажар набеглі людзі, але толькі хату палівалі ва­ дой, каб ад пуні не загарэлася, якая так шугала полы­ мем, што не падысці.

— Бадай бы ты духу не ўказаў… Бадай бы ты спруцянеў… Бадай бы ты апрогся… — упёршы локці ў калені і сціснуўшы кулакамі галаву, ківаючыся з боку ў бок на пні на дрывотні, пасылала праклёны Альбіна не­ вядома каму…

— Значыць, так, бабы, — сказаў гэбіст, ад’язд жаю­ чы. — Зрабіць я для вас магу толькі тое, што магу. Цябе, Альбіна, магу пасадзіць, але садзіць не стану. Лічы, што згарэла твая віна ў пуні, так што пуні не шкадуй. А праклінаць мяне можаш, колькі хочаш. Не ты адна — і мне не шкодзіць.

— Бадай бы ты згарэў… Бадай бы ты… Бадай…

— А з табой, Насця, складаней, — не стаў слухаць гэбіст заведзеную, як патэфонная кружэлка, Альбіну. — Калі б твайго мужыка ў раёне судзілі, звычайным судом, а яго ў вобласці і тройкай… У рашэнне тройкі я не па­ лезу. Ты ў свой бабскі розум не возьмеш, што такое ра­ шэнне тройкі. Знізу змяніць яго ніхто не можа, а зверху ніхто не захоча. Хто такі твой мужык, каб пра яго звер­ ху падумалі?.. Ніхто, Стаўбун. Тут не пра такіх не дума­ юць… Так што давядзецца чакаць.

— Чаго чакаць?.. Вы ж казалі…

Маці паглядзела на Альбіну і заплакала.

— Мала што я казаў… — хмыкнуў гэбіст. — Ты бо­ лей слухай, асабліва перад тым… Як сёння на свет на­ радзілася…

— Ма­ма… — сказаў маленькі Мірон на руках у маці, якая ўжо яго не адпускала, як ім баранілася. І праз паўзу яшчэ сказаў, гледзячы на гэбіста: — Та­та…

Гэбіст начыстую здзівіўся.

— Глядзі ты! Колькі яму?..

У маці адразу высахлі слёзы.

— Загаварыў… Чуеш, Альбіна, загаварыў!..

— Бадай бы ты… — стоячы, ківалася з боку ў бок Альбіна.

— Ну, стаўбунчык, расці вялікі… — пацягнуўся гэбіст паказытаць маленькага Мірона, але маці адвярнулася, засланіла… — У мяне таксама расце, больш за два гады яму, а не гаворыць… Чаму не гаворыць, га?

— Няма з кім, — сказала, ківаючыся, Альбіна.

— Ты чаго ківаешся? — уз’ятрыла гэбіста. — Расківалася!.. Я магу тое, што магу! Рапарт напішу, гільзу дашлю!.. А мог бы не пісаць і не дасылаць, яно мне трэба?.. Ды няхай глядзяць, а то панаехалі з дыпломамі!.. А вы чакайце.

— Чаго чакаць?.. — зноў спытала маці.

— Чаго­небудзь! — адрэзаў гэбіст, ідучы да машыны. — Усе чаго­небудзь чакаюць.

Чакаць давялося доўга — маленькі Мірон і гаварыць навучыўся, і лічыць, і чытаць, і пісаць… Навучыўшыся ўсяму гэтаму, ён смутна адчуваў, што страціў нешта больш істотнае, болей важкае, чым здабытае ўменне лічыць і чытаць, але не мог усвядоміць, што? Проста адчуваў, што страціў… Асабліва пранізліва адчувалася гэта тады, калі маці пыталася: «Міронька, дзе наш баць­ ка, калі ўжо вернецца?..» — а ён зусім не ведаў, што ад­ казаць.

Ён неяк падумаў: «А што страціў Яромха, якога не стала?.. Уменне гаварыць, лічыць і чытаць?.. Ці нешта большае, ці нічога не страціў?.. Яромхі нібыта няма — і ўсё ж ён ёсць, а бацька нібыта ёсць — і ўсё ж яго няма… Абодва яны далёкія, як другое і трэцяе сонца над ней­ кай планетай, а ўсе астатнія жывуць, як жылі — і толькі тое і адбываецца…»

За час, пакуль чакалі бацьку, шмат чаго адбылося — маленькі Мірон сястру займеў. Да таго ж не малодшую, як яно звычайна бывае, а старэйшую, з якой прыехала аліменты шукаць першая бацькава жонка. Дазнаўшыся, чаму няма аліментаў, яна адразу яшчэ некуды заспяшалася, а Ефрасінню, Хрузьку пакінула. «Няхай у вас пабудзе, куды мне з ёй?.. Ні начаваць няма дзе, ні карміцца чым…»

Хрузька, на шэсць гадоў старэйшая за Мірона, рас­ казала яму, як яны з братам — тым, другім братам — галадалі, адну траву елі, як у Сухім Доле — там, дзе яны жылі — дзёгцем ім вароты мазалі, бо маці Хрузькіна, чар­ навую атрымаўшы, калмыка ў хату пусціла, аднарукага, але спраўнага ў гаспадарцы, а бацька аказаўся жывы… Ці ж маці вінаватая?.. Яна ж, калмыка ў хату пускаючы, думала, што бацьку забілі смерцю героя, а без мужыка — хоць якога — паспрабуй пражыві, мужык наогул бабе па­ трэбны. Дык бабы сухадольскія ўз’еліся на яе: «Ты кур­ ва! Мы сваіх франтавікоў і з чарнавымі чакаем, ці мала што здараецца!..» — а спраўнага мужыка ў Сухім Доле ніводнага за вайну не засталося, яны б таго калмыка і без рукі, і без нагі сабе забралі… І Хрузька пыталася: «А які мой бацька, ну, які ён?..» Маці дала ёй фотаздымак:

«На, глядзі». На фотаздымку бацька выглядаў суровым: у вайсковай форме, зацягнуты ў партупею — цэліўся ў некага з пісталета. «На таварыша Варашылава падоб­ ны», — сказала Хрузька. Мірон не ведаў, хто такі тава­ рыш Варашылаў, і распавядаў Хрузьцы, які бацька ге­ рой, колькі ён немцаў на вайне пабіў і колькі тут пабіў бандытаў, і як па іх, па бацьку і зусім тады маленькім Міроне, бындыты стралялі ў лесе пад Багушамі, а дзядзька Яромха, які быў матросам, засланіў іх ад кулі і сам загінуў, а злыя, як і ў Сухім Доле, людзі выкруцілі ўсё так, нібы гэта бацька забіў дзядзьку Яромху…

— Скрозь несправядлівасць, — уздыхнула Хрузька. — І ў нас, і ў вас… — І Мірону няўтульна стала: яму здало­ ся, што справядлівасці няма ва ўсім свеце.

— А які таварыш Варашылаў? — спытаў Мірон.

— Вялікі… — Хрузька ўстала з­за стала, за якім яны снедалі, паднялася на цырлачкі і ўскінула рукі ўгору. — Трохі меншы за таварыша Сталіна… — яна апусцілася на пяты… — але вялікі.

— А таварыш Сталін які?.. Хто ён, гэты Сталін?

Яны елі бульбу, макаючы яе ў алей з падсмажанай цыбуляй, і Хрузька не данесла бульбіну да роту, вылупіла на Мірона вочы — і так з разяўленым ротам і вылупленымі вачыма і засталася…

— Сталін — наш правадыр, — хуценька і чамусьці апасліва сказала маці, і больш нічога не сказала.

Пра тое, хто такі правадыр Сталін, Мірон вырашыў вызнаць у паштара Юткі Казубоўскага, які чытаў газеты, таму ўсё ведаў. Ютка даў Мірону часопіс з фотаздымкамі і малюнкамі: «На, тут ледзь не на кожнай старонцы…» Часопіс называўся «Огонёк», у ім на адвароце вокладкі быў вялікі партрэт таварыша Сталіна, і меншы партрэт таварыша Варашылава на другой старонцы быў; бацьку яны абодва саступалі, але на самой вокладцы часопіса было нешта агромністае, большае і за Сталіна, і за Ва­ рашылава, і нават за бацьку з Яромхам, не кажучы ўжо пра Мірона з Хрузькай, большае за царкву і замак, за ўсе Каруны — і называлася гэтае агромністае, большае за ўсё і ўсіх «Кремль. Красная площадь».

Неабсяжная плошча была ўся чырвоная — і ўся ў лютым марозе. Бліскучы іней атачаў чырвоную вежу з гадзіннікам і распаленай зоркай над ёй, зубчастую сця­ ну, якая сыходзіла за край вокладкі і цягнулася, здава­ лася, па край зямлі, прыземістую глыбіну з надпісам Л Е Н И Н, з дзвярыма і вартавымі па абодва бакі дзвя­ рэй, у якія, уяўлялася, увойдзеш — і выйдзеш па той бок свету, адкуль прыйшлі і сталі пад чырвоную сцяну блакітна­ледзяныя, засыпаныя сінім­сінім снегам елкі. З плошчы, нават з папяровай, цягнула такім велічным холадам, што Мірона скаланула, але і вачэй адарваць ад вежы, ад сцяны, ад глыбіны, ад елак, аб ледзяны блакіт якіх апякаўся позірк, Мірон не мог. Плошча была боль­ шай за тое, што ён мог ці не мог, што маглі ці не маглі яны ўсе разам — яна магла ўсё…

— Дзе гэта?.. — спытаў Мірон, і Альбіна, якая жыла ў іх амаль увесь час, бо маці ўсё некуды ездзіла і ездзіла, адказала:

— У Маскве. Нам туды, як да Абрама на піва… Пам­рэм, пакуль даедзем.

З калыскі Мірон вырас, ложак у хаце быў толькі адзін, на ім спала маці і, калі началава, Альбіна, а Мірон з Хрузькай клаліся на печы. Там Мірон і прыклеіў да коміну карціну «Кремль. Красная площадь», на скраз­ ны холад якой яны з Хрузькай, дурэючы, хукалі, але іскрысты іней на чырвоных цаглінах і сіні снег на блакітных елках не таялі ад іх дыхання. З адвароткі карціны — вусамі да коміну — быў прыклеены Сталін.

Хрузька прабыла ў іх болей за год і, калі палюбілася ўсім, прыйшоў ліст з Сухога Долу, ад яе маці, каб Хрузьку пасадзілі на цягнік да Масквы, даўшы тэлеграму, на які, а там яе сустрэнуць… Мірон спачатку перапудзіўся, што ехаць да той Масквы, як да Абрама на піва — Хрузька памрэ, пакуль даедзе, а потым яго зайздрасцю асляпіла: Хрузька, калі не памрэ, наяве ўбачыць «Кремль. Крас­ ную площадь!..»

У раён, што аказаўся горадам, праз які ішоў цягнік да Масквы, праводзіць Хрузьку паехалі на падводзе Юткі Казубоўскага. Мірона таксама ўзялі — і ў каменным го­ радзе каля найвялікшай будыніны ён убачыў каменнага Сталіна, але ж гэта не тое, што «Кремль. Красная пло­ щадь». Пакуль на пероне ўсе плакалі, Мірон паспрабаваў прабрацца ў вагон, каб паехаць разам з Хрузькай, і паехаў бы, калі б правадніца не злавіла яго і не выкінула з там­ бура, з вагона, які ўжо крануўся, на рукі маці, Альбіны, Юткі…

З Ефрасінняй, з сястрой сваёй Хрузькай ніколі ён бо­ лей не ўбачыўся. Яна не памерла па дарозе да Масквы, але калмык, паехаўшы ў Маскву яе сустракаць, напіўся і спаў, чакаючы Хрузьку, на тым жа вакзале, на які прыехаў. Ён спаў на Казанскім, а Хрузька, прачакаўшы яго на Беларускім, пайшла глядзець «Кремль. Красную площадь» — і прапала.

Калі маленькі Мірон стаў вялікім Міронам, дык кож­ нага разу, як толькі аказваўся ў Маскве, ішоў да Крамля на Красную плошчу і выглядаў, шукаў і шукаў сястру сваю Хрузьку — больш яго там анічога не цікавіла. Ён ведаў, што за час, пакуль ён з маленькага Мірона ставаў вялікім, у каменную глыбіну з дзвярамі ўнеслі Сталіна, дапісалі на глыбіне ягонае імя, пасля вынеслі Сталіна, імя сцерлі — і засталося ўсё так, як было… Нерухома, як вартавыя каля дзвярэй, стаялі на плошчы блакітныя елкі, узвышалася вежа з гадзіннікам і распаленай зоркай над ёй, цягнулася і цягнулася зубчастая сцяна…

Паездкі маці ў раён і вобласць нічым не канчаліся — і яна стала ўгаворваць дзяка, якога паабяцаў некалі арыш­ таваць вялікі начальнік з Менску, ды потым пра яго, як і пра вялікага Мірона, забыўся, паехаць у Менск таго начальніка пашукаць: раптам дапаможа…

— Ты што, Наста, з глузду з’ехала?.. — пытаўся на яе ўгаворы дзяк. — Па што мне ехаць?.. Каб успомніў і арыштаваў?..

Пра тое, што можа стацца з дзякам, маці не надта думала.

— Гэбіст жа тут быў, рапарт напісаў, не вінаваты Мірон… — упрошвала маці, ды дзяк не ўпрошваўся:

— Вінаваты! Ён на царкву пайшоў! На абразы, на крыж руку падняў!

— Не за гэта ж яго пасадзілі…

— Бог за гэта пасадзіў!

— Хіба Бог садзіць?.. Што вы такое кажаце?..

Ці на гэтым яна падлавіла дзяка і той сам завінаваціўся перад Богам, ці ад неадчэпнасці матчынай дзяк стаміўся, але згадзіўся ўрэшце, рукой махнуў: «Паехалі!..»

Дзяка не пусціў бацюшка. Каб царкву зратаваць, сам пасылаў яго ў Менск, а ратаваць Мірона — не пусціў.

«Асцерагаецца! — пастанавіла Альбіна, якая на абразы то хрысцілася, то плявалася. — Начальнік жа вялікі і яго абяцаўся арыштаваць, дык будзе ён табе высоўвацца!..»

— Не думай, Наста, што асцерагаюся нечага, — сказаў бацюшка. — Смешна думаць, нібы забыліся пра нешта ў Менску, а дзяк нагадае… Ніколі яны і ні пра што не забываюцца. Надзея не на гэта, а на тое, што антыхры­ сты гэтыя скончацца. Калі не ўсе разам, дык па адным, а да таго нічога добрага не будзе… І не цягайся ты нідзе, толькі сабе нашкодзіш. Не вернецца твой Мірон і ніхто яго не верне, пакуль Сталін не памрэ.

Маці з ягоных слоў нават страху не ўзяла, падумала: бацюшка не проста асцерагаецца, а гэтак баіцца, аж не разбірае, не спасцігае ўжо, што гаворыць. «Хіба Сталін можа памерці?..»

Выбралася маці ў Менск, як заўсёды, адна — распытала толькі дзяка, дзе шукаць там таго вялікага начальніка. Яна трызніла тым начальнікам: ён і царкву сказаў не чапаць, і ба­ цюшку з дзякам не пасадзіў, і Мірона абяцаў перавесці…

Паехаўшы пасля каталіцкіх Каляд, не дачакаўшыся Новага году, маці ўсё не вярталася і не вярталася, званіла толькі зрэдку ў сельсавет, і Мацей Цяжкароб, які стаў замест бацькі старшынёй сельсавета, перадаваў, што жы­ вая, убілася да некага ў пакаёўкі.

— І тое хлеб, — казала Альбіна, — дый да хлеба ка­ пейчыну якую прыробіць. А то малому ні на ногі чаго, ні на плечы нечага.

Пакуль маці не вярталася, маленькі Мірон прысніў, як вярнуўся бацька… Пасля яму здавалася, нібы і наяве было гэтак жа, як ён прысніў.

У тую пераднавагоднюю ноч ён не захацеў класціся з Альбінай, як яны спалі звычайна без маці, лёг на печы і заснуў, гледзячы на карціну «Кремль. Красная площадь», на блакітныя, заснежаныя елкі на ёй. Ютка Казубоўскі абяцаўся прынесці елку, але Ютка лічыў сябе за паляка, загуляў з каляд і не прынёс.

Бацька ў вайсковай форме, зацягнуты ў партупею, вышаў з сякерай у руках з таго боку свету, з каменнай глыбіны, з дзвярэй пад надпісам Л Е Н И Н, мінуў вар­ тавых і ўзяўся секчы елку.

— Ты для каго сячэш? — выглянуў з­за елкі Сталін.

— Для сына. Паштар Ютка Казубоўскі абяцаў яму прынесці, але запіў і не прынёс.

— Ну, я здыму яго з паштароў! — пагразіўся Сталін. — А цацкі на елку ёсць?

— Толькі папяровыя, сын з Альбінай зрабіў. А бліскучых няма.

— А ў мяне ёсць, — сказаў Сталін і пачаў чапляць на елку цацкі.

Дзіўныя гэта былі цацкі… Сталін павесіў на елку ма­ ленькага бліскучага паштара Ютку Казубоўскага, стар­ шыню Мацея Цяжкароба, папа, дзяка, Альбіну, Хрузь­ ку і яе маці, калмыка, раённага гэбіста і ляснога брата Сівакоўскага, маленькіх бліскучых татараў і маленькіх бліскучых габрэяў… ён вешаў і вешаў, чапляў і чапляў, а цацкі ў яго не канчаліся і не канчаліся — не елцы ўжо месца не было.

— Дзякуй, досыць, елка не вытрымае, — падзякаваў бацька, а Сталін спытаў, шукаючы па кішэнях:

— А Яромха дзе? Ты ў мяне Яромху забраў?.. — І загадаў вартавым: — Зрабіць з яго цацку замест Яромхі!

Вартавыя рынуліся на бацьку, ды бацька як махне сякерай! — яны ў спудзе назад, за дзверы пад надпісам Л Е Н И Н, а Сталін спрытна, як вавёрка, на сцяну ўскочыў, на вежу ўскараскаўся і ў гадзінніку, у часе сваім схаваўся. Крыкнуў адтуль, галаву высунуўшы: «Не вер­ нешся, пакуль я жывы!» Бацька ўскінуў на плячо елку і пабег з Краснай плошчы дахаты. Ён бег, бег, бег, а з блакітнай елкі асыпаўся сіні снег, падалі, падалі, падалі і разбіваліся цацкі: поп, дзяк, Хрузька, калмык, гэбіст, габрэі, татары… — ніводнай цэлай сталінскай цацкі не засталося, усе пабіліся… Мірону так шкада было і цацак, што былі людзьмі, і людзей, якія былі цацкамі, а бацька паўстаў на парозе з пустой елкай, але такой блакітнай, што ад яе ўся хата зазіхацела, і сказаў: «Нічога, Мірон. Была б елка, а цацкі знойдуцца. Твае папяровыя начэпім, давай іх сюды…» Мірон кінуўся даставаць цацкі, што зрабіў з Альбінай… убачыў, прачынаючыся, зіхатлівае сонца ў марозным акне, Альбіну ў кажусе, якая ставіла елку ў кут, зляцеў з печы:

— Дзе татка?!.

Выскачаў голы з хаты ў сені:

— Тата!!.

— Ты куды?.. — злавіла яго ў кажух Альбіна, прыціснула, стала супакойваць, гладзіць па галаве. — Пайшоў бацька, справы ў яго, праз год вернецца… А я таксама прачынаюся і дзіўлюся, скуль гэта елка?.. Думала, дзед Мароз прынёс…

Мінуў і Новы год, і праваслаўныя Каляды, і Хрыш­ чэнне — маці вярнулася напачатку вясны. Апранутая, як гарадская, узбуджаная, з падарункамі: Альбіне прывезла сукенку, маленькаму Мірону маленькую матроску і бес­ казырку з якарамі на стужцы і надпісам в а р я г.

— Хто такі вараг?.. — спытаў Мірон, падскокваючы да люстэрка, каб зірнуць, як выглядае ён у матросцы і бес­ казырцы, і Альбіна, якой ён замінаў, адказала:

— Вораг.

З Мірона зляцела бесказырка і ён не стаў яе падымаць.

— Не блытай яго, ён і так заблытаны.. — падняла бес­ казырку і стала цалаваць Мірона няспынна маці. — Ка­ рабель такі геройскі… Ой, я пра цукеркі забылася!.. На, пасмакуй, ты ж ніколі ў мяне цукерак не еў! — пакла­ ла яна Мірону ў рот цукерку і пракінула скарагаворкай, павярнуўшыся да Альбіны:

— Сталін памёр.

— Усе паміраюць… — круцілася ў новай сукенцы Альбіна — і застыла ў люстэрку, зтуль на маці гледзячы:

— Як гэта Сталін памёр?..

У тое імгненне, у якое маці сказала, што памёр Сталін, Мірон якраз раскусіў аблітую шакаладам падушачку з варэннем і адчуў такую слодыч, гэткую смакату, з якой ніякая раней ім знаная смаката, нават смаката мёду, ці з цукрам расцёртага маку, не раўнялася, і так яно ў ім на ўсё жыццё і засталося: немагчымая смерць Сталіна і не­ верагодная смаката — адно ў другім, як варэнне ў ша­ каладнай падушачцы, усё салодкім­салодкае. «Як добра, што Сталін памёр, а то маці не прыехала б і не прывез­ ла цукеркі, — шчасліва думаў Мірон і раптам яго пра­ цяла. — Дык бацька ж вернецца!..»

— Вернецца, — частавала яго цукеркамі, цалавала і цалавала маці. — Цяпер вернецца…

Восенню ў матросцы і бесказырцы, найлепшым яго­ным адзенні, маці павяла Мірона ў школу, у першы клас, дзе пачалі вучыць яго чытаць, лічыць і пісаць — таму ўсяму вучыць, што ён умеў.

Бацька вярнуўся праз тры гады на Новы год і ўвайшоў у хату з елкай…

Апошняя з Трох Бяроз каля прошчы стаяла яшчэ доўга, з паўвека. Памерла маці, хутка за ёй памёр баць­ ка, Мірон пахаваў іх — і толькі тады апошняя Бяроза ўпала, Мірон застаўся на зямлі адзін.

1993, Менск;

2001, Хельсінкі.

ВЯРТАННЕ ВЕРЫ

Настаўнік кажа, каб я прыдумаў новае імя для Веры.

Так звычайна робяць, калі пішуць кнігі,

каб не закрануць пачуццяў тых, пра каго пішуць.

Канечне, яе імя я мог бы і не называць…

Але Вера не вярнулася.

Свэн Дэльбланк, «Гунар Эмануэль».
ФРЭДЭРЫК I МЭРЫ

«14 траўня 2004 года ў Капенгагене спадкаемец дац­ кай кароны Яго Каралеўская Высокасць кронпрынц Фрэ­ дэрык (Фрэдэрык Андрэ Хенрык Хрысціян), старэй­ шы сын каралевы Даніі Маргарэт ІІ і прынца Хенры­ ка, ажаніўся з аўстралійкай Мэры Элізабэт Дональдсан. На ўрачыстасці былі запрошаныя 800 ганаровых гасцей з каралеўскіх дамоў і арыстакратычных сем’яў Еўропы. Вянчаліся Фрэдэрык і Мэры ў найстаражытным кафе­ дральным саборы Капенгагена — храме Дзевы Марыі. У гонар шлюбу былі ўведзеныя ў зварот купюры наміналам у 20 і 200 крон і маркі з партрэтамі Маладых.

Па падліках экспертаў, кошт вясельных мерапрыемстваў склаў $35 млн. Апроч таго, дацкі парламент вырашыў, што Данія не найлепшым чынам выглядала б перад каралеўскімі дварамі Еўропы, калі б сям’я будучага ка­ раля перабівалася на $700 тыс., якія атрымліваў ён з дзяржаўнай казны да вяселля, і сума была павялічаная да $2, 4 штогод.

У дзень вянчання Аўгусцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах дацкай сталіцы ў карэце да замку Амаліенборг, дзе віталі ўсіх прысутных з гаўбца палаца Хрысціяна VІІ, а ўвечары разам з гасцямі скіраваліся за горад у замак Фрэдэнсборг. Па дарозе ім махалі сцяжкамі дзеці, апра­ нутыя ў строі прынцаў і прынцэс. Казка пра Папялуш­ ку здавалася явай…

…Вяселле выглядала шыкоўным нават па каралеўскіх мерках, незадаволеныя ім засталіся хіба што бяздом­ ныя Капенгагена. Яны «адкапалі» даўні закон, па якім у Даніі падчас каралеўскіх вяселляў для жабракоў так­ сама ладзіліся застоллі, але ўлады паспяшаліся назваць гэты закон анахранізмам».

ФІЛІП І ЛЕТЫЦЫЯ

«22 траўня 2004 года ў Гішпанскай сталіцы ў саборы Альмадэна адбылася цырымонія шлюбу Яго Каралеўскай Высокасці Прынца Астурыйскага Філіпа (Філіпа­Хуана­ Пабла­дэ­Тодаса­лас­Сантаса) і донны Летыцыі Орціс Раксалана, якую правёў Архіепіскап Мадрыда Карды­ нал Антоніа Рока.

Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі Аўгусцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах Мадрыда ў браніраваным лімузіне «Ролс­Ройс» (Фантом, 1948 года выпуску).

Амаль 1600 ганаровых гасцей былі запрошаныя на вяселле спадкаемца гішпанскай кароны, якое абышлося гішпанскай казне ў $25,16 млн. Свята завяршылася бан­ кетам, напрыканцы якога гасцям быў пададзены торт вы­ шынёй 2 м і вагой 170 кг.

Беспрэцэдэнтнымі былі меры бяспекі: 20000 паліцэйскіх ахоўвалі Маладых ды іх Гасцей у саборы і на вуліцах горада, 200 снайпераў знаход зіліся на дахах дамоў, два знішчальнікі F­12 і самалёт­разведчык АВАКС патрулявалі ў небе…

…31-­гадовая Эрыка Орціс Раксалана, малодшая ся­ стра гішпанскай кронпрынцэсы Летыцыі, была знойдзе­ ная мёртвай у Мадрыд зе. Асноўная версія смерці: перадазіроўка моцнадзейных лекаў».

(З гішпанскіх і дацкіх СМІ).

ПАВАЛ

Чалавек той, ён не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага не выглядаў, так, бадзяжнік, падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, ён не спытаў, у яго цыгарэта была ў левай руцэ, а правай ён паказаў, што прыпаліць хоча, пальцамі пстрыкнуў… Я палез у кішэнь, каб дастаць запальнічку, я нашу яе з сабой: такую цацку, запальнічку­пісталет, на сапраўдны пісталет, на маленькі маўзер «H­S», як мне ў збройнай краме сказалі, падоб­ ную; я ў Швейцарыі цацку тую, у горадзе Зермаце, гэта амаль што ўжо Італія, дзе мафія ўсялякая, купіў; а ён з пінжака, з грудной кішэні таксама запальнічку вымае, гэт­ кую самую, толькі большую, не ведаю, якой сістэмы, я ў пісталетах не вялікі знаўца, і ён нібыта сустрэчна хоча даць мне прыпаліць — я, значыць, яму, а ён чамусьці мне, таму я падумаў яшчэ: «Што за цырк? Прыпылены ён, ці што?..» — а ён мне роўненька пасярэдзіне лобу над пера­ носсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў.

Во ё­маё…

Адразу тым, хто думае, нібы ёсць тут — ці ад вас яно будзе там — нейкія рай або пекла, дзе па смерці мож­ на кайфаваць альбо мучацца, магу сказаць, што ні раю, ні пекла няма, што наогул тут, ад вас — там, не існуе нічога: скразная, як у шкляным ліфце, пустата, і ты — дух, здань, пыл пустаты, часцінка такая маленькая, што на­ ват не скажаш, якая: электрон?.. атам?.. кварк?.. — таму немагчыма ўявіць, хто ты і які, калі нават быццам бы існуеш, — а зрэшты, адчуванне тагасветнага ўсяго пусто- га не гэткае ўжо нязвыклае, у нечым падобнае да зямно­ га, калі быццам бы і жывеш, ды сам пра сябе нічога не ведаеш, а астатнім не да галавы, хто ты і які?..

Астатнія пра сябе таксама мала, не болей, чым ты, ве­ даюць… Вунь паспрабуй разабрацца, чаму ён падышоў, зрабіў выгляд, нібы просіць прыпаліць, і стрэліў? Я не сустракаўся з ім раней, першы і апошні раз бачыў, — дык за што?.. Тым больш, што было гэта не дзесьці там, дзе страляніна звыклая, не ў Грозным або Багдадзе, а ў Маль­ ме, на самым поўдні ціхай Швецыі.

Як я апынуўся на самым поўдні ціхай Швецыі?.. Проста. З Менску на самалёце — да Піцера, з Піцера — аўтобусам да Хельсінкі, пасля — на пароме да Стакголь­ ма, а стуль — цягніком да Мальма.

У Еўропе ўсё недалёка.

На пароме сеў у рулетку ў казіно згуляць, меў лішніх трыццаць еўра, дваццаць з якіх прайграў адразу, пало­ ву паставіўшы на 17 і палову на 21, я першым разам заўсёды стаўлю на 17 і на 21; гэта было на шостай палу­ бе і я вырашыў, што шостая — нешанцовая, падняўся на сёмую, дзе зноў паставіў напалам на 17 і на 21, прайграў астатнюю дзесятку і мог спакойна пайсці спаць, але не пайшоў, падняў кейс над сталом, у мяне кейс быў, які выглядаў багата: скураны такі з бліскучымі, пад золата, замкамі, ніяк не падумаеш, што ў ім брытва ды транты, і я, паставіўшы кейс на край стала, шчоўкнуў адным зам­ ком і сказаў круп’е: «Мне фішак на сто тысяч».

Гэта было не па правілах, на стол, калі фішкі купляюць, грошы кладуць, а не кейсы ставяць, але я разлічваў, што названая сума павінна ўразіць — і яна ўразіла. Круп’е, ра­ баваты швед у малінавай камізэльцы, перапытаў: «На сто тысяч крон?..» — а я зноў шчоўкнуў замком: «Еўра…» — і швед увесь стаў малінавым, як ягоная камізэлька, на­ ват рабінне на твары не праглядвалася, ён прадыхнуў і сказаў: «У нас і стаўкі, і выйгрыш абмежаваныя».

Я спытаў: «А пройгрыш?..»

Такіх пытанняў ніколі, колькі плаваў швед і круціў рулетку на пароме, ніхто яму, вядома ж, не задаваў; да гэткіх незразумелых, неспасцігальных пытанняў шведы, як і фіны з нарвежцамі, і немцы, і ўсе яны, заходнія, ніяк не падрыхтаваныя, бо наскрозь інструкцыямі прапісаныя, ва ўсім законапаслухмяныя; але логіка ёсць логіка, яе яшчэ старажытныя грэкі прыдумалі, і логіка падказвала шведу, продкі якога вікінгамі былі і да Грэцыі даходзілі, што пройгрыш абмежаваным быць не можа, з чаго лагічна вынікала, што і выйгрыш нельга абмежаваць, і круп’е, заблытаўшыся, мусібыць, у нелагічнай логіцы, адказаў бездапаможна: «Не ведаю…»

Я спытаў: «А хто ведае?..» — і круп’е паклікаў яшчэ аднаго шведа, Арвіда, здаровага такога і зусім не рабо­ га, упраўляючага казіно, які, паслухаўшы круп’е і гала­ вой паківаўшы, паказаў мне інструкцыю, нешта накшталт правілаў гульні ў казіно «Танга», як тое казіно называла­ ся, побач з якім быў бар «Танга» і музычны салон «Тан­ га», і ў тых правілах па­фінску, па­шведску і па­ангельску было напісана, што найвысокая разавая стаўка ў казіно

«Танга» — пяцьдзесят еўра. «А, значыць, максімальны вы­ йгрыш… — Арвід для таго, каб усё зразумела стала на­ ват такому тупому, як я, узяў у круп’е калькулятар… —

50 памнажаем на 30…».

— Чаму на 30 ,а не на 35?

— Бо ў нашых правілах напісана на 30, а не на 35, таму маем 1500, а не 1750…

І Арвід, нібы прабачаючыся, развёў рукамі: маўляў, калі ўсё напісана, дык пра што казаць?..

«Я не збіраюся выйграваць», — сказаў я Арвіду, які хоць і паслухаў круп’е, і галавой паківаў на пачутае, але так нічога і не ўцяміў, і яшчэ раз я паспрабаваў растал­ каваць яму, што ў казіно на шостай палубе, не ведаю, чыё там яно і як называецца, прайграў ужо частку гро­ шай, ды там мне не надта глянулася, таму я тут, у казіно «Танга», хачу прайграць астатнія сто тысяч… На гэта Арвід адказаў, што казіно на шостай палубе называец­ ца «Халінг», як аднайменны нарвежскі народны танец. Я спытаў: «Чаму нарвежскі народны танец, а не фінскі альбо шведскі, калі паром ходзіць паміж Хельсінкі і Стакгольмам?..» — на што Арвід, не маючы дакладна­ га адказу, змог прапанаваць толькі сумнеўную версію: нарвежцы зараз ва ўсёй Скандынавіі найбагатыя, дык, можа, таму… Але належыць казіно «Халінг», як і казіно «Танга», як і ўвесь паром, аднаму ўладальніку, кампаніі «Вікінг», і ён, Арвід, у казіно «Халінг», як і ў казіно «Танга», таксама за ўпраўляючага, і там побач бар «Халінг» і музычны салон «Халінг», і ўсё там гэткае самае, як і тут, толькі назвы розныя, таму ён не зусім разумее, чаму мне там не спадабалася?..

«Добра, — згадзіўся я, шчоўкнуўшы замком кейса. — Пайшлі туды».

«Там выйгрыш таксама абмежаваны», — пасунуўшыся за мной да сходаў, сумеўся Арвід замест таго, каб запа­ трабаваць тое, што даўно ўжо запатрабавалі б у любым з нашых казіно: адчыні, фраер, кейс і пакажы грошы. У іх, у шведаў, як і ў фінаў з немцамі, і ва ўсіх іх, заходніх, інструкцыямі прапісаных, законапаслухмяных, завядзён­ ка такая: калі нехта кажа, што мае сто тысяч, дык ніякага сумневу не можа быць у тым, што яны ў яго ёсць, — вось у чым фокус. Ведаючы гэта, я і забаўляўся, каб скрозь усю ноч ад Хельсінкі да Стакгольма не сумна плыць было. Каюта мая была на другой палубе, самая танная, каля дзізеляў і ўсёй паромнай механікі — там нармаль­ наму чалавеку ноч не вытрываць. Білеты ў такія каюты іншым разам нават задарма даюць, абы ты паплыў — і грошы ці ў барах прапіў, ці ў казіно прайграў, ці ў кра­ мах на пароме пакінуў.

На шостай палубе ў казіно «Халінг» я зноўку, па­ шчоўкваючы жоўта­бліскучымі, пад залота, замкамі на кейсе, тлумачыў Арвіду і гэткаму ж, як і на сёмай па­ лубе, малінаваму з рабіннем круп’е, толькі ўжо не шве­ ду, а фіну, якому прайграў нядаўна дваццатку і які зараз разяўлена маўчаў, што я хацеў бы прайграць астатнія сто тысяч, і Арвід зноў паказваў мне інструкцыю, да­ вод зячы, што на шостай палубе ў казіно «Халінг» правілы гэткія ж, як і на сёмай палубе ў казіно «Танга», з тымі ж, прапісанымі ў правілах, абмежаваннямі най­ высокай стаўкі і максімальнага выйграшу, а я настойліва дапытваўся, як я магу сто тысяч не выйграць, а прайграць, калі не магу іх паставіць, — ці мне іх проста так аддаць на развіццё нарвежскай народнай творчасці?..

Арвіду, я гэта па выразе твару ягонага ўбачыў, не над­ та спадабалася, што я хачу аддаць грошы на развіццё нарвежскай, а не шведскай народнай творчасці — яны ў Скандынавіі неабыякавыя адзін да аднаго. Нарвежцы бо­ лей сябруюць, як сяляне з сялянамі, з фінамі, хоць ніякія фіны не скандынавы, проста ў тым баку жывуць, і ўжо разам яны, фіны з нарвежцамі, недалюбліваюць шведаў, гарадскіх, якія з былой метраполіі паглядваюць на бы­ лыя калоніі, на сялян сваіх, паблажліва, асабліва на ся­ лян разбагацелых — і Арвід з гэткай лёгкай іранічнай усмешкай мімаходзь анекдот пракінуў: «Прыйшоў швед да нарвежца ў кiроўцы наймацца…»

Калі нехта з вас падумаў, што гэта пачатак анекдота — дык не: гэта ўвесь анекдот. Я ўжо чуў яго, таму не чакаў, што там далей будзе…

Круп’е, разяўлена памаўчаўшы, раптам прапанаваў, каб я свае сто тысяч прайграў, калі ўжо так прайграць мне закарцела, па пяцьдзесят еўра ставячы, і я для таго, каб нават такому тупому, як ён, зразумела стала, ўзяў у яго калькулятар: «Глядзі… 100000 дзелім на 50, маем 2000 — столькі разоў я павінен паставіць. Гэта ў тым выпадку, калі буду толькі прайграваць і прайграваць, а магу ж і выйграць. І калі ты рулетку будзеш няспынна круціць і круціць, а я буду толькі прайграваць і прайграваць, дык усё адно на кожную гульню спатрэбяцца хвіліны тры, ці няхай сабе ўсяго хвіліна — гэта 2000 хвілін. Дзелім іх на 60, маем 33 гадзіны і 333333 хвіліны ў перыядзе. Па

3 хвіліны — гэта 99 гадзін і 999999 у перыядзе, а паром у Стакгольме ў 9 раніцы… Дык дзе мне часу набрацца, каб столькі гуляць з табой?..»

Рабога круп’е, як мне здалося, найбольш уразіла тое, што ў перыядзе, і болей у гаворку нашу з Арвідам ён не ўлазіў.

Арвід знямогся ў напружанні скеміць, чаго я ад яго хачу, калі ён не можа змяніць правілы, перапісаць інструкцыю, якую на рад зе дырэктараў кампаніі за­ цвердзілі, і тут у галаве ягонай нешта шчоўкнула, як у мяне замок на кейсе: гэтак «шчоўк», я нават гук пачуў, Арвід выратавальна нешта ўспомніў і патэлефанаваў ней­ кай Наташы, тая прыйшла і, скасіўшыся на мой кейс, спытала ў мяне па­руску:

— Панты ганяеш?..

Я да чаго пра гэта распавядаю?.. Бо падумаць паспеў, што мужык той, на бадзяжніка падобны, які прыпаліць папрасіў і ў лоб мне стрэліў, абрабаваць мяне, кейс мой забраць хацеў, бо таксама плыў на пароме і ўсё падгледзеў, падслухаў збоку, паверыўшы, што ў кейсе маім насамрэч сто тысяч… Як паверыў пра сто тысяч і той няголены чар­ нявец, які, калі ўжо я гарэлку ў бары выпіваў з Арвідам, падсеў да мяне і, выдаючы сябе за чачэнца, стаў плесці, што Масхадаў, прэзідэнт Чачні, якога ён, як сябра, проста па імені называў, Аслан ды Аслан, паслаў яго ў Стакгольм, каб з Ахмедам Закаевым, прадстаўніком Масхадава на За­ хадзе, сустрэцца, які заўтра ў Стакгольм з Лондану пры­ лятае, і яны будуць зброю для вайны за незалежнасць прыкупляць. Ён не можа, зразумела, адкрыць, дзе яны тую зброю прыкупляць будуць і ў каго, а можа сказаць толькі, што ім грошай трохі не хапае, тысяч сто, дык Ас­ лан даручыў яму знайсці іх пад любыя адсоткі, вось… І чарнявец паказаў бліскучую, укладзеную ў скураную пап­ ку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, мелава­ ную паперу з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», на якой было напісана, што гэтая папера з’ўляецца даку­ ментам, які гарантуе выплату… (тут быў пропуск для таго, каб пазначыць, каму і колькі…) адсоткаў ад сумы… (яшчэ адзін пропуск, каб праставіць суму), а выплата забяспеч­ ваецца ўсёй маёмасцю, нетрамі, нафтай і золатам (нібы нафта і золата — не нетры) Рэспублікі Ічкерыя, — пад чым прэзідэнт і падпісваецца. Чарнявец прапанаваў спа­ чатку трыста, потым пяцьсот і адразу ж, рукой махнуўшы, тысячу адсоткаў, бо надта тэрмінова патрэбныя грошы, на кейс з якімі ён усё касіўся, і мне, каб гэты жулік­ аматар па­дурасці мяне не прырэзаў, давялося выйсці з бара і паказаць яму ў кейсе брытву фірмы «Gіllett» і па­ кет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і зялёным надпісам Belarus, а ў тым пакеце — трусы фабрыкі «Кам­ самолка», верным якой я застаўся, нягледзячы на віхуры перамен. Брытву я чарняўцу нават паспрабаваў прэзен­ таваць, каб пагаліўся, ды ён не ўзяў — пакрыўджаны, як школьнік за двойку… З ім было зразумела ўсё, але той, на бадзяжніка падобны, стрэліў мне ў лоб і пайшоў сабе далей па вуліцы ціхага шведскага горада Мальма, нават не скасіўшыся, як чарнявец ці Наташа, на мой багаты, з замкамі пад залота, кейс.

Наташа аказалася, калі па­нашаму сказаць, загадчы­ цай культмасавага сектара на пароме «Вікінг»: распява­ ла з п’янымі фінамі і шведамі песні ў салонах «Танга» і «Халінг». Была яна, хоць і падобнай на шведку, рускай з Выбаргу — горада, заснаванага некалі шведамі, пера­ дадзенага пасля фінам і ўрэшце забранага рускімі. З Выбаргу яе ўзяў замуж швед, з якім яна хутка развяла­ ся, а той швед, багаты, як нарвежац, сябраваў з нейкім фінам, саўладальнікам кампаніі «Вікінг», і ў залік адступ­ нога ўладкаваў яе на паром. У шведаў з фінамі, як і ў нарвежцаў, як і ў немцаў, як і ў нас, дый паўсюль у све­ це, дзе мне пабываць давялося, — блат ды сувязі. Скрозь у свеце блат ды сувязі, без якіх табе застаецца толькі по­ суд мыць ды вуліцу падмятаць.

— Ты хто? — спытала Наташа? — Бандыт? Ігрок? Кідала?.. Чым на жыццё зарабляеш?

Я ўсміхнуўся ёй абаяльна, я ўмеў, калі жывы быў, аба­яльна ўсміхацца:

— Сваток.

— А­а…

Яна зразумела. Ведала, відаць, што ёсць такі занятак ся­ род процьмы іншых: нашых нявест за багатых замежнікаў прыстройваць. Можа, і сама праз сватка прайшла.

— Ты б згуляла на руку мне… Не згуляеш — сумная ноч будзе, а нашто табе мая сумная ноч?.. Скажы яму, — кіўнуў я на Арвіда, — што ў нас пры вялікай гульні за кошт казіно наліваюць. А яны мне яшчэ і маральна вінныя: хачу прайграць — і не даюць.

Наташа здзівілася:

— Ты разлічваў, што табе нальюць? Я сказаў:

— Не ўпершыню…

На пароме гарэлка хоць і без акцызу, ды ўсё адно ў бары кілішак столькі каштуе, што лепш на рулетку паставіць. А ў «Duty­free» пляшку купіць і ў каюце по­ бач з дзізелямі піць — задыхнешся.

— Абаяльны ты жулік, — пацвердзіла маю абаяльнасць

Наташа. — Дзіўна, што бедны.

— Грошы ёсць, але не на прапой. На білет да Мальма.

— І па што ты туды?..

— Па сваё… Нявесту адну прыстроіў, а яна і не думае разлічвацца. Мусіць, думае, што за так…

Яна сапраўды ўсё зразумела і руку працягнула, назваўшыся: «Наташа», — і я назваўся: «Павал», — яна сказала: «Майго бацьку таксама Паўлам зваць», — на што я сказаў, што не таксама, бо я не Павел, а Павал, так мяне мой бацька назваў, гэтак маё імя ў пашпарце напісана, во, я паказаў ёй свой беларускі пашпарт, а яна спытала: «Ты чэх?..»

Чэх дык чэх, я не звык з гэтым разбірацца, я б і Па­ валам не называўся, няхай бы таксама Паўлам быў, але бацька настойваў, каб я заўсёды ўдакладняў, што я Павал, а не Павел, і я яму, нябожчыку, абяцаў, дык і ўдакладняю, таму што любіў яго. Ён памёр ад інсульту, ціск праз нервы зашкаліў, бо яго з работы пратурылі, ён з нацыянальнымі залётамі быў, што мне не пе­ радалося, для мяне ўсе людзі — даяры і каровы, без нацыянальнасці: тыя, хто доіць, і тыя, каго дояць. Але я ўсё ж спытаўся ў Наташы, бо дзіўна было, што чала­ века, які беларускі пашпарт паказвае, за чэха прыма­ юць: «Чаму чэх, калі Павал?..» — і яна адказала: «Бо вунь Арвід — швед, таму і Арвід…»

Па адказе, дый па ўсім астатнім выглядала на тое, што мы падобныя, з чаго ўсё і пачалося… Калі б мы не былі падобныя, калі б яна не дапамагла мне раскруціць Арвіда, — які сам, бо на рабоце быў, не піў, а ўсё расказваў, як бацька ягоны вучыў яго вызначаць, наколькі ён, калі п’е, п’яны і ці можна яму яшчэ піць, — я б не сядзеў у музычным салоне «Халінг», не скакаў бы і не спяваў з п’янымі шведамі і фінамі народныя танцы і песні, не дапытваўся б ва ўсіх, чаму на пароме, які ходзіць з Фінляндыі ў Швецыю, музычны салон па­нарвежску на­ зываецца, чаго ніхто не ведаў, а мне трэба было дазнацца, бо, калі незразумелаўка нейкая мне ў мазгі западае, дык брынчыць там і замінае, пакуль не вытрасу, і я спяваў і распытваў, скакаў і распытваў — і апынуўся пад раніцу ў Наташынай каюце, выходзячы з якой, калі паром ужо прычальваў, па звычцы пашнарыў па кішэнях, дастаю­ чы і назад засоўваючы пашпарт, партаманет, запальнічку, убачыўшы якую Наташа спытала сонна:

— У цябе пісталет?..

Мне б сказаць ёй, што гэта цацка італьянская, у Швейцарыі ў горадзе Зермаце купленая, а я сказаў, кру­ тога з сябе строячы, сіняга нейкага, што так, пісталет, і яшчэ спытаў, як яна ўяўляе ў сённяшнім жыцці мужы­ ка без пісталета?..

Наташа пацягнулася — спакусліва гэтак, як ні шведка, ні немка не пацягнецца.

— Ты ў Мальма калі едзеш?.. Я ў Стакгольме на ты­ дзень застаюся — адпачынак. Сёння занятая, а заўтра вольная… — І мы дамовіліся заўтра, калі ўжо я разба­ гацею, спаткацца а шостай вечара ў Мальма каля гэта­ ля «Хілтан».

Наташа прыгожая была. І падобная — нутром, сэрцаві­ най да мяне падобная, чым і вабіла; я нават прапанаваў ёй разам быць. А яна адказала, што мы не можам быць разам, бо яна прастытутка. Знайшла прычыну…

З Арвідам мы развіталіся сябрамі.

— Выбіраеш, як толькі ўваходзіш у рэстаран, самую страхотную сярод усіх афіцыянтку, да якой цвярозы і не падышоў бы, — распавядаў мне бацькаву навуку Арвід, — і як толькі яна пачынае табе падабацца, значыць, усё, фініш. Ты п’яны, як цэп.

— А калі, — я пытаўся, — няма страхотных?..

Тут Арвіда закліньвала: пра такую неспадзяванку бацька яму не казаў.

— Глядзі, што маю… — паказаў мне Арвід скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, у якой была бліскучая, мелаваная паперына з грыфам

«Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», і ў пропускі ў тэксце на паперыне было ўпісана, што ён, Арвід, ахвяраў на бараць­ бу за незалежнасць Чачні 100000 (сто тысяч) еўра, пра што сведчыў подпіс прэзідэнта. Я не стаў пытацца, дзе ён узяў сто тысяч, калі я іх не прайграў, а спытаў, колькі гэтая паперына яму каштавала?.. Арвід адказаў, што паўсотні. І сумеўся: «Хіба не варта?.. Калі ў рамку ўзяць, на сцяну павесіць…» Я адказаў, што варта. Нашчадкі га­ нарыцца будуць.

Сыходзячы з парома, я выглядваў няголенага чар­ няўца, каб паціснуць яму руку і сказаць, што ён зусім не школьнік, але ў натоўпе не знайшоў.

Пад вечар я ўжо быў у Мальма. Там раён, дзе адны магазіны ды офісы, да якога ад вакзала хвілін дзесяць хады, трохкутнікам называецца — мая «нявеста» ў ім жыла. Пераканаўшыся, што па найвышэйшым класе яе прыстроіў, я, апроч налічаных адсоткаў за несвоечасо­ вы разлік, яшчэ і за фешэнебельнасць накінуў. За даро­ гу, само сабой, палічыў, за білеты. І пра тую трыццатку, якую ў казіно прайграў, не забыўся. Бо не паехаў бы — не прайграў бы.

Я чакаў, што з разлікам праблемы будуць, бо ў некага грошы забраць — заўсёды праблема, а «нявеста» так пе­ рапудзілася, на парозе мяне ўбачыўшы, што і ўпірацца не стала: заплаціла столькі, колькі я сказаў. Нават трохі болей, з верхам разлічылася — на каву з пірожным. Абы ў яе дома я каву не піў, а хутчэй пайшоў, каб муж не застаў, які хоць і швед, але раўнівы, як грузін. Здараюц­ ца і сярод шведаў такія. Рэдка, але здараюцца.

Можна было ехаць назад. Калі б не дамоўленасць пра спатканне з Наташай. Заўтра а шостай вечара каля га­ тэля «Хілтан».

Багаты ўжо, я не стаў шукаць таннага гатэля, а ў «Хіл­ тане» і пасяліўся. Выбраў нумар на самым высокім па­ версе, адкуль, як сказаў незвычайна гаваркі для шведа парцье, што мяне пасяляў, відаць уся Еўропа. Ці, калі не ўся Еўропа, дык уся Данія. Ці, калі не ўся Данія, дык увесь Капенгаген. Праўда, пры сонцы.

Ліфт, які ўзносіў мяне пад нябёсы, быў цалкам шкля­ ны. Падлога толькі не шкляная. Ды ўсё адно здавалася, што няма апоры пад нагамі, і я недзе ў пустаце, недзе нідзе… Дух, здань… Стала раптам страшна, захацелася спусціцца — і на вакзал. Але цягнула і ўсмоктвала пу­ стата. Я быў багаты, а Наташа была прыгожая. І падоб­ ная. Напляваць, што прастытутка.

Назаўтра, ад няма чаго рабіць да самага вечара, я зайшоў, каб час заняць, у магазін «Triangeln», што зна­ чыць «Трохкутнік», дзе мне ўсунулі рэкламны праспект, у якім было напісана, што магазін «Triangeln» — гэта не адзін магазін, а семдзесят два магазіны ў адным, і я хадзіў з аднаго ў другі, а пасля, ніба тых 72­х мне не хапіла, туляўся яшчэ па нейкіх буціках, купіў туфлі, касцюм, плашч, кашулю, гальштук, бо, калі ты багаты, дык і вы­ глядаць трэба па­багатаму, залатым пылам іскрыцца; і я ўсё новае на сябе апрануў, нічога старога не выкінуўшы, склаўшы ўсё старое, якое яшчэ насіць ды насіць, у зя­ лёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і надпісам Belarus, які прадаўшчыца яшчэ і бліскучымі стужкамі перавязала; і так я ва ўсім новым з усім ста­ рым, бліскучымі стужкамі перавязаным, з кейсам сваім іду сабе ў ціхім шведскім горадзе Мальма па вуліцы Södra Förstagatan, што значыць вуліца 1­я Паўднёвая, да гатэ­ ля «Хілтан», каля якога праз паўгадзіны ў мяне спаткан­ не з прыгожай жанчынай, потым вечар у рэстаране, ноч у нумары з панарамай усёй Еўропы, дый наогул жыццё наперадзе, а тут падыходзіць той бадзяжнік і пальцамі пстрыкае, просячы прыпаліць, сам дастае запальнічку, на пісталет падобную, гэткую ж, як у мяне, раптам стра­ ляючы мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераноссем, якраз туды, дзе індусы круглыя знакі свае, кропкі све­ ту ставяць, і я аказваюся нібы ў цалкам шкляным, ці на­ ват у паветраным ліфце без апоры пад нагамі, дух, здань, недзе ў пустаце, недзе нідзе, — во ё­маё, Наташа…

НАТАША

У Мальма магазін ёсць «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», па назве раёна, дзе месціцца, і ў гэтым магазіне яшчэ семдзесят два магазіны, што вельмі зруч­ на, але я не праз тое ў Мальма бываць люблю: магазінаў паўсюль хапае, па сто ў адным, а вось такіх высозных гатэляў з фітнэс­цэнтрам на самым версе, куды пады­ мае цябе шкляны, нібы паветраны, ліфт і скуль пана­ рама ўсёй Еўропы адкрываецца, ці, прынамсі, панарама Капенгагена з усёй Даніяй, у Стакгольме, а тым больш у Хельсінкі, няма, і якраз таму я іншым разам у Мальма, як на поўдзень, пад’язджаю, бавячы час у фітнэс­цэнтры, гледзячы зверху на Еўропу, — прыгожа… Стуль і замак відаць, у якім Гамлет, прынц Дацкі, вар’яцеў. Глядзіш, думаеш…

Еўропа паціху вар’яцее.

Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці спявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць, прынамсі, шведам, якія рускіх сюжэтаў літаратурных: нейкі князь, у нечым вінаватым сябе палічыўшы, з прастытуткай надумаў ажаніцца, дык тым самым ледзьве не мараль­ ны подзвіг здзейсніў, — не прасякаюць. Ну, была пра­ стытуткай і была. Цяпер не прастытутка. Шведы, нем­ цы, датчане, ды ўсе яны на захадзе адносіны з целам не ўскладняюць. Аніякіх яму ланцугоў з вярыгамі, толькі песціць яго, толькі лашчыць. Для таго і фітнэс­цэнтры з панарамай Еўропы…

З тым, што не цела ў чалавеку, — складаней. Але і ў гэта ніхто так балюча, як у нас, не лезе.

Прастытуткай я не абы­якой была, а прыпісанай да салону, які трымала жонка былога партыйца — таксама не абы­якога. Я ў школу хадзіла — яго ўсё па тэлевізары паказвалі. То ордэн яму чаплялі, то зорку…

Не ведаю, колькі ў тым салоне ўсіх нас было, але, мяр­ кую, не менш за сотню. Прычым, мы падзяляліся нібы на касты…

Вулічных там, зразумела, не трымалі. Прастытуткі ніжэйшай касты, «дамы», прадаваліся па інтэрнэце. На сайце салону, зробленым пад рэспектабельны часопіс, змяшчаліся фотаздымкі «дам». І расказваліся пра іх усялякія казкі…

Найбольш здольных, пашколіўшы ў ніжэйшай касце, перавод зілі ў вышэйшую — у «лэд зі». Навуча­ ныя і сексу, і мовам, і шмат чаму яшчэ, «лэдзі» былі значна даражэйшым таварам. Яны пастаўляліся для ўпрыгожвання прыёмаў, раўтаў, фуршэтаў. Іх бралі, каб яны прысутнічалі пры падпісанні кантрактаў, у дзелавых паездках. І яны, безыменныя зоркі, мільгалі на тэлеэкра­ нах падчас дзяржаўных, партыйных, камерцыйных тусо­ вак. Глядзіш: стаіць прэм’ер­міністр, ці спікер парламен­ ту, а побач — твая сяброўка салонная…

Панарама.

З вышэйшай касты адбіралася яшчэ і элітная. Можна сказаць, спецназ, які абслугоўваў былога партыйца, мужа гаспадыні салону. І выконваў ягоныя даручэнні. Праз адно з іх, апошняе, я і апынулася за мяжой.

Партыец быў з ельцынскіх, і калі да ўлады пуцінскія прыйшлі, яго пачалі выпіхваць з бізнесу. Адзін з пуцінцаў стаў ягоным канкурэнтам у барацьбе за піцерскі порт. Не­ шта з канкурэнтам трэба было рабіць, але на пуцінскіх нават кілера знайсці не ўдавалася — так іх усе баяліся. Прыкідваючы варыянты расправы, былы партыец, якому б у Галівудзе сцэнарыстам быць, прыдумаў, сярод іншых, і варыянт з маім удзелам.

У канкурэнта ягонага сын быў. Хлапчук, толькі шко­ лу скончыў… У Марыінскім тэатры, куды, панты ганяю­ чы, прыблізна пароўну хадзілі інстытуткі і прастытуткі, дэпутаты і бандыты, я з ім і пазнаёмілася. Сутыкнула­ ся на лесвіцы: «Ах!..» — і сумачка выпала, і, калі я за ёй нахілілася, цыцка выглянула з дэкальтэ… Хлапчук вачэй не мог звесці з яе ружовай зрэнкі.

Я праз тэатр і музыку, праз жывапіс яго і павяла. Праз галерэі з музеямі… Ружавела, грубае слова пачуўшы, — я ўся ўмела ружавець… І ўсё бліжэй, не дазваляючы боль­ шага, да цыцкі падпускала.

Хлапчук шалеў. Цяля… І заявіў бацьку, што жэніцца. А той яму па мордзе, як і было наперад прапісана ў сцэ­ нары.

Па тым жа сцэнары я пазнаёміла хлапчука з адным з ахоўнікаў партыйца, які выконваў даручэнні па ліквідацыі. Выдала яго за свайго брата… І той, здаровы, з мянушкай Ражон, слухаючы хлапчука, як мужык мужы­ ка, стаў накручваць яго на подзвіг. Маўляў, калі б нех­ та яму, хоць бацька, хоць брат замінаў кахаць тую, якая для яго найлепшая з усіх, ён не стрываў бы. Во гэтымі б рукамі задушыў, ці забіў бы во з гэтага пісталета… І дастаў пісталет — пад цацку, пад запальнічку зроблены. Сказаўшы хлапчуку, што гатовы дапамагчы, калі ён сам не справіцца. Хай толькі ў дом правядзе, як сябра.

Хлапчук, зусім ужо ашалелы, адказаў, што справіцца сам, і пісталета не трэба… І паставіў бацьку ультыматум: ці той дазваляе яму ажаніцца, ці ён вешаецца. Бацька чуць яго не захацеў: «Вешайся!..»

Хлапчук павесіўся.

Гэтага ў сцэнары не было прапісана, такога не прадба­ чылася, як і ўсяго далейшага. Баючыся, што праз мяне раскруцяць увесь клубок, мной замянілі адну з «лэдзі», купленую ў салоне для дзелавой паездкі, і адправілі на падпісанне кантракта ў Фінляндыю. Сказаўшы, што пазней перашлюць грошы, і каб я пару гадоў не вяр­ талася.

Не ведаю, чаму проста не забілі.

Прэзідэнт фірмы, якая мяне купіла, ніяк не мог працяг­ нуць кантракт на пастаўку ў Фінляндыю лесавіны. Мне ўсё адно было, хто і чым займаецца, але тут я здзівілася: як жа раней яму ўдавалася нешта прадаваць, калі ў фінаў у саміх уся зямля ў лясах? Прэзідэнт растлумачыў: свой лес яны не сякуць, зберагаюць, рускі бяруць. І, бач, мець справу з ягонай фірмай раптам заўпарціліся, сталі шу­ каць іншых кампаньёнаў. А гэта мільёны і мільёны, так што мне трэба пастарацца…

Заўпарціліся фіны, як аказалася, нездарма: усё прад­ стаўніцтва фірмы, на якую я старалася, праз дзень пас­ ля перамоў арыштавалі. Разам з прэзідэнтам. Бо фірма, якой мала было мільёнаў і мільёнаў за саму лесавіну, у полых ствалах дрэў, акуратна закаркаваных выразанай сэрцавінай, гнала на захад кантрабанду. Пасля, убачыўшы, што канал працуе надзейна, узялася за наркотыкі.

Мяне затрымалі, бо ў паперах, па якіх мяне прывезлі, я значылася менеджэрам фірмы. І павярнулі справу да суда…

Каб за што іншае, дык у фінскую ці шведскую тур­ му яшчэ паспрабуй сесці: у чарзе трэба пастаяць. А за наркотыкі садзяць без чаргі, хутка і надоўга.

Я даволі добра ведала фінскую мову, бо суседзі ў Вы­ баргу фінамі былі, трохі горш ангельскую і шведскую — і на ўсіх мовах пыталася: у чым мая віна? Мне адказвалі, што ў несвядомым саўдзельніцтве. Я дапытвалася, што яно такое: несвядомае саўдзельніцтва? Мне адказвалі, што вось такое яно, як у мяне, саўдзельніцтва несвядо­ мае… І накручвалі за яго два гады. Якраз столькі, колькі мяне прасілі не вяртацца ў Піцер.

Выпадкова ў газеце я прачытала, што ў сувязі з па­ шырэннем Еўразвязу ад Фінляндыі патрабуюць больша­ га кантролю на мяжы з Расіяй. І зразумела я, што такое несвядомае саўдзельніцтва.

Дапамог мне адзін з дырэктараў сумеснай фінска­ шведскай кампаніі. Нядаўні наш партнёр. Той, з якім я старалася, каб быў працягнуты кантракт. Даніэль Сала­ монсан, швед. Ён наўпрост спытаў, чаго я болей хачу: ці ў турму, ці за яго замуж?.. Нібыта жартам папярэдзіўшы, што гэта амаль адно і тое ж…

Не пачуўшы жарту, я згадзілася замуж, бо мне, апрача ўсяго, і жыць не было дзе. Хіба толькі ў турме.

Даніэль наняў амерыканскага, каб не з Еўразвязу, адваката, спецыяліста па справах з наркотыкамі, і той даказаў, што я не пры чым. Я заўважыла, як перад аме­ рыканцам фіны не тое каб выцягнуліся ў струнку, але ўсё ж замітусіліся: о’кей… о’кей — і мне гэта, шчыра ска­ заць, не надта глянулася. У нечым яно да таго, што ў нас рабілася, было падобнае… І выходзіла, што ва ўсім свеце так: дзе грошы, дзе сіла, там і праўда.

Афармляць нашы адносіны Даніэль не стаў. Ніяк. Лічылася, што мы ў грамадзянскім шлюбе. Ён пера­ вёз мяне ў Швецыю і пасяліў у асабняку ў прыга­ радзе Стакгольма, амаль што ў лесе. І кожны дзень мы хадзілі на лыжах. Уявіце: на лыжах кожны дзень. Кругамі, кругамі…

Калі Даніэля дома не было, я выбіралася ў горад. З грашыма толькі на кішэнныя расходы. На каву з пірож­ ным.

Аднойчы ў кавярні, дзе я піла каву і ела пірожнае, з’явіўся Ражон. Я ледзь не задохлася, пірожным папярх­ нуўшыся… Не чакала. І не падумала, што праз Ражна мне грошы перадалі. «Канец мне», — падумала.

Грошай ніхто і не перадаваў. Ражон сказаў, што ўслед за мной ён паспеў збегчы, а партыйца нашага павесілі. На той жа вяроўцы, на якой павесіўся хлапчук. У тым порце, за які партыец змагаўся з канкурэнтам. Так што мне, выходзіла, не два гады дамоў вяртацца нельга, а да новай рускай рэвалюцыі.

Ражон спытаў, што я раблю?.. Чаго засела ў лесе?.. Ён тут фірму адкрывае, дык…

Ён нічога мне ў сваёй фірме не мог прапанаваць, апроч месца прастытуткі.

Вярнуўшыся ў лес, я сабрала ўсе лыжы, іх шмат было, пасекла і кінула ў камін. Сядзела і грэлася.

Сярод лыжаў былі «дамы» і «лэдзі». А сярод «лэдзі» — яшчэ і элітныя. На іх хадзіў бацька Даніэля, які нават быў некалі нейкім чэмпіёнам, і хадзіў дзед Даніэля, і прадзед… Даніэль казаў, што ўсе яны, як толькі на свет з’яўляліся, спачатку на лыжах хадзіць вучыліся, а пас­ ля ўжо так, без лыж.

Даніэль прыехаў, калі ўсё дагарэла. Убачыўшы друз і попел, напіўся. Потым біўся. Доўга, усю ноч.

Раніцай, уся ў сіняках, я сабралася ў паліцыю. У феміністычнай Швецыі сінякі на жанчыне — гэта сінякі на жанчыне не ў нас, дзе хто каго любіць — той таго чубіць, і няма над гэтым ні суда, ні закона. Тут над усім ёсць і закон, і суд — і немалая сума кампенсацыі з таго, хто любіць і чубіць, калі ён не хоча ў турму. А да ўсяго — розгалас, які паўплывае і на асабісты ягоны імідж, і на імідж кампаніі… Таму Даніэль спытаў, чаго я хачу, каб абысціся без паліцыі. Я адказала, што волі.

Ён згадзіўся. І, каб на волі было мне за што жыць, да­ памог з работай: праз нейкага фіна, універсітэцкага сябра свайго, шышку ў кампаніі «Вікінг», уладкаваў на паром. Хоць мог закапаць у лесе — ніхто б мяне не шукаў.

Tack så mycket, Dаnіel.[1]

Спачатку я працавала ў бары, пасля ў казіно… Ста­ ралася, уверх падымалася хутка. З’явілася на вокладцы часопіса з рэкламай парома — і праз тую рэкламу мяне зноў знайшоў Ражон. Ён адкрыў фірму, гандляваў, вазіў кантрабанду, яму патрэбны быў свой чалавек на пароме. Я паспрабавала адмовіцца, ён паклаў мне руку на спіну і ціскануў пальцамі шыю. Калі я ачуняла, сказаў, што на­ ступным разам ціскане мацней.

Два тыдні я хадзіла ў ашыйніку. Не сумняваючыся, што наступным разам Ражон мацней ціскане. Як ён з людзьмі распраўляецца, я ведала, бачыла, і ў мяне пе­ рад ім быў панічны страх. Нават перад самой смерцю — меншы.

Неяк на паром села адна з нашых, салонных… З біле­ там у люкс на восьмай палубе. Вылупілася на мяне, убачыўшы, як на здань.

У яе ў люксе мы трохі пагаварылі… Салон цяпер належыў канкурэнту нашага партыйца. А Ражон збег, прыхапіўшы грошы былога гаспадара. Не ўсе, але і няма­ ла прыхапіў, калі яго шукаюць. Вось і яе выправілі, каб паглядзела: ён нібыта ў Стакгольме…

Наступным разам я ўбачыла яе не ў люксавай каю­ це, а ў паліцэйскай хроніцы. Паліцыя не магла апазнаць труп маладой жанчыны.

Перад рэйсам, на якім плыў Павал, Ражон сказаў, што з Піцера пасылаюць некага для разборак… Дык каб я ўважлівей прыглядвалася… Асабліва да тых, хто ў казіно круціцца, у барах…

Ражон стараўся на мяне страху нагнаць, каб служ­ бу пільней спаўняла, але па ўсім выглядзе ягоным, па голасе адчувалася, што і сам ён пабойваўся. Бо ведаў: калі ўжо за яго ўзяліся — не адступяць. Сур’ёзныя цяпер людзі ў Расіі.

А Павал мне глянуўся… Я люблю людзей, якія весела, гуляючы адносяцца да жыцця. Для якіх дзень — капейчы­ на ў кішэні. І не трасуцца яны над кожнай, і не глядзяць, колькі засталося. Як пашчасціць, бо лёс — рулетка.

Ён шапнуў мне пад раніцу, што, калі захачу, можам быць разам. Мне гэта ўсе прапаноўваюць — хто з раніцы, хто ўвечары… Я адказала, што мы не можам быць раз­ ам, бо я прастытутка. Нават не сказала, што былая. Ён засмяяўся: «Дык і што?.. Ведала б ты, кім бываюць мужыкі…»

Гэтыя беларусы, асабліва жулікі, усё адно як шведы. На Павала я і не падумала нічога, пакуль ён, збіраючыся ўраніцы, пісталет не дастаў, зноў яго схаваўшы хуцень­ ка… Невялікі такі, падобны на той, які Ражон хлапчуку даваў. Пад запальнічку зроблены.

Са Стакгольма Павал ехаў у Мальма, дзе ўжо болей за тыдзень па кантрабандных сваіх справах круціўся Ражон. Усё нібыта сходзілася — і я прызначыла Павалу ў Маль­ ма спатканне. Але назаўтра, каб даць яму шанс. Калі ён паспее разабрацца з Ражном, дык што ж: рулетка, лёс. І ніхто мне шыю сціскаць не будзе.

Я на пароме яшчэ была, калі патэлефанаваў, як ад­ чуўшы нешта, Ражон. Спытаў: «Ну, што?..» Я адказа­ ла, што, здаецца, прыслалі чалавека. І ён едзе ў Маль­ ма. Заўтра ў шэсць вечара каля гатэля «Хілтан» я су­ стракаюся з ім.

Ражон хмыкнуў. У яго хмык такі — нібы ўсхрап, як у звера, які нажэрся і задаволены. Хутчэй за ўсё, ён і ёсць звер, абліччам пад чалавека падроблены.

Мы мала пра іншых ведаем, дый пра сябе не болей… Мне вось што пра саму сябе незразумела: нашто я Ражну пра Павала сказала?.. Хоць яшчэ да таго, як ён хмыкнуў, падумала: «А што гэта я раблю?.. Каго, як фіны лес, зберагаю?..» І адразу ж, за імгненне нейкае, сама пе­ радумала сябе: «Калі Павал першым разабрацца не па­ спее, тады чарга Ражна. Шанс у кожнага быць павінен».

Чаму я так зрабіла?.. так падумала?.. так перадумала?..

Не ведаю.

Па абедзе ў фітнэс­цэнтры ніхто і нічым у той дзень не займаўся, шлюбную цэрымонію неадрыўна глядзелі: дацкі прынц жаніўся. На вяселле ў Капенгаген усе еўра­ пейскія каралі і прэзідэнты з’ехаліся; у нявесты ў крэ­ мавай сукенцы шлейф быў метраў дваццаць; адна з наведвальніц фітнэс­цэнтра, англічанка, мела некалі з прынцам нейкія адносіны, была ягонай girl­friend, дык да­ пытвалася ва ўсіх і ні ў каго: «Ну што ён у ёй знайшоў?.. Што ў ёй знайшоў ён, звар’яцеў?..» — пакуль я не ска­ зала да ўсіх і да яе, што для дацкіх прынцаў вар’яцець — гэта нармальна. Англічанка заткнулася, а я глядзела на бліскуча­пералівісты шлейф нявесты, што цягнуўся па чырвонай дывановай дарожцы і быў, мусібыць, нават з космасу відаць; і гэтак зашчымела ўва мне: не было ў мяне і ніколі не будзе вяселля не тое што каралеўскага — аніякага. Яшчэ я думала пра тое, колькі ж адначасова ў свеце самага рознага адбываецца: вунь каралі з каралевамі, дзіўныя ў наш час у каронах сваіх, сабраліся, нявеста з бясконцым шлейфам і жаніх у залатых эпалетах, святар у белым жабо, кветкі, бляск, этыкет, манеры, а непадалё­ ку Ражон з Павалам кружляюць, думаючы, як ім адзін аднаго забіць; і раптам я адчула, мне здалося: з Павалам у мяне нешта можа быць. Няхай сабе не каралеўскае, але нешта можа быць, бо для яго вар’яцець — гэта нармаль­ на. І ўжо з фітнэс­цэнтра спускаючыся, я са шкляно­ га ліфта, да якога не прывыкнуць ніяк, бо здаецца, што вось­вось звалішся, уніз абрынешся, убачыла, як да Па­ вала, які нетаропка, бо да шасці паўгадзіны яшчэ заста­ валася, крочыў да гатэля, а я на паўгадзіны раней спу­ скалася, каб папярэдзіць яго, што ў шэсць да мяне ні ў якім разе нельга падыходзіць, каб пасля ў нас з ім, ня­ хай не каралеўскае, але нешта ўсё ж было… — дык вось тут я і ўбачыла са шклянога, нібы паветранага, ліфта, як да Павала, ва ўсё новае, нібы на вяселле, апранутага, бо ён, мусіць, разбагацеў, падышоў чалавек, апрануты неахайна, як бадзяжнік, і папрасіў, як мне здалося, у Павала прыпаліць, а Павал дастаў пісталет, на запальнічку падоб­ ны, бо, мусібыць, усё зразумеў, першым хацеў стрэліць, але не паспеў: бадзяжнік апярэдзіў яго, стрэліўшы з гэт­ кага ж пісталета, і Павал доўга, нібы не знаходзячы, куды кейс паставіць, абсядаў, падмінаючы зялёны пакет з нама­ ляваным на ім чырвоным трактарам, і ўсё глядзеў услед бадзяжніку, які паціху, не азіраючыся, адыходзіў ад яго па Södra Förstagatan, 1­ай Паўднёвай вуліцы, у пачат­ ку якой прамільгнуў і згубіўся ў натоўпе Ражон, які без мяне, звярыным нюхам сваім вынюхаў Павала і скарыстаў свой шанс, а Павал свой не скарыстаў, і, можа быць, праз мяне: я заняла яго спатканнем, вунь як апрануўся — не на смерць жа…

Ліфт толькі спусціўся, а ўжо прыехалі і хуткая дапа­ мога, і дзве паліцэйскія машыны. Рабіць мне тут болей не было чаго, надзея, пакліканая каралеўскім вяселлем, казкай пра Папялушку, мільгнула і прапала, я заспяша­ лася да вакзала, крайком вока назіраючы, як бадзяжніка, які не ўцякаў, не хаваўся, ішоў сабе ціха, нібы гуляючы, па вуліцы, паліцэйскія з адной машыны дагналі, збілі з ног, скруцілі, а паліцэйскія з другой машыны кінуліся да Павала, якога клалі ў машыну хуткай дапамогі, і адзін паліцэйскі, у пальчатках, асцярожна пісталет Павала з ходніка падняў, прыгледзеўся да яго, пстрыкнуў ім і паказаў другому паліцэйскаму, які сказаў: «Det är leksaken, tändaren…»[2] І ўва мне паднялося ўсё, вантробы і дыхан­ не — пад горла, нібы я ўніз паляцела, праваліўшыся ў шкляным ліфце, дзе не было падлогі.

РАЖОН

Я ў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры лю­ бым горадзе такія пасёлкі ёсць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі. Штовечар сядалі мы ў электрычку і ехалі ці ў парк, ці на дыскатэку, дзе, доўга не чакаючы, каб да ночы дамоў вярнуцца, усчынялі бойку. Нам было ўсё адно, каго і за што біць, і часцей, чым мы іх, гарадскія, сабраўшыся, білі нас, але нам гэта толькі дадавала злосці. Назаўтра, абмыўшыся ад крыві, мы зноў сядалі ў вагон электрычкі і ехалі, каб біцца насмерць. Мы ні пра што не думалі, нас вабіла небяспека, рызыка, нам быў у аса­ лоду сам пах бойкі, а ў газетах пра нас пісалі, што мы — сацыяльная праблема.

Неяк па тэлебачанні пра нас дыскусію завялі, і адзін прафесар сказаў, я запомніў, што мы б’ёмся, несвядома адваёўваючы сабе жыццёвую прастору, занятую тымі, каму яна за так дасталася. Я зразумеў, што меў на ўвазе прафесар: гэта як некаму выпадае каралём нарадзіцца, а некаму біцца і біцца, каб пры каралеўскай кухні, ці пры канюшні служыць.

З дзяцінства, апроч таго, што біўся і мяне білі, і быў заўсёды галодны, я вось што яшчэ запомніў. З арміі Лёнік, суседаў сын, вярнуўся, і сусед пеўня, каб да стала засек­ чы, злавіў. Таптаўся з пеўнем на дрывотні, ніяк сякеру не мог знайсці, на жонку крычаў, што тая падзела неку­ ды, а Лёнік сказаў, што не трэба сякеры. Узяў пеўня з бацькавых рук — і чык па шыі рабром далоні, нібы ся­ керкай. Галава пад калоду адляцела, а Лёнік абыякава, нават лянотна рукі абцёр адну аб адну, пеўня кінуўшы, які пабег па двары без галавы, крывёю з горла ва ўсе бакі пырскаючы…

Я пакляўся сабе, што навучуся гэтак, як Лёнік… Так, каб галава адлятала, па шыі біць, і так абыякава, лянот­ на рукі абціраць.

Пакляўся і навучыўся. У секцыю каратэ пайшоў, у арміі ў спецназ узялі, намахаўся і сякеркамі, і лапаткамі… Чалавеку галаву так проста, як пеўню, без лапаткі ці сякеркі не адбіць, тут неймаверная сіла і хуткасць удару патрэбныя. Жылісты чалавек. Асабліва мужык — баба не такая.

Зрэшты, што мужык, што баба — шыйныя пазванкі ва ўсіх з касцей. І ўжо іх я, руку набіваючы, натрушчыў. Балазе было каму і дзе, паўсюль ваявалі.

Калі б у спецназе плацілі нармальна, можна было б далей служыць. Але не плацілі.

Адслужыўшы, паспрабаваў у спорце патузацца, ды там пасля сапраўдных бойкаў пах не той. Потам пахне, не крывёй. Таму згадзіўся, калі прапанавалі іншую работу.

Новы рускі, які наняў мяне ў ахову, быў ніякі не новы, стары партыец. З найвышэйшай касты. З тых, хто і распачаў дзяльбу, падзяліўшы краіну так, што ўсё, што было ў ёй на зямлі і пад зямлёй, ім дасталося. А потым яны кляліся, што зусім не гэтага хацелі — проста так вы­ йшла. Але не інакш, бач, выйшла, а менавіта так. З чым не маглі змірыцца тыя, хто да дзялёжкі стаў падбірацца пазней.

Пад час, калі ў Крамлі піцерскія заверхавод зілі, маскоўскія даўно ўжо ўсё падзялілі. У газетах пісаць пачалі, што нельга дапусціць перадзелу, бо гэта дэстабілізацыя, інфляцыя і ўсё такое. Адразу ж кожнаму, хто быў хоць з нейкімі мазгамі, зразумела стала, што пачаўся перадзел. У Крамлі сабралі ўсіх, хто раней нахапаў, сказалі: «Мы не будзем вас чапаць. Пры ўмове, што той, хто нахапаў на метале, укладвае грошы ў металургію, хто на нафце — у нафтаздабычу, хто на зброі — у армію…» — і так па ўсім спісе. Так яны быццам бы хітра прыдумалі, як гро­ шы нахапаныя забраць. Ну, не ўсе, хоць колькі­небудзь — нібыта з клопатам пра краіну.

Знайшлі дурных…

Старых піцерскіх заадно з маскоўскімі прэсавалі, не зважаючы на зямляцтва. Мой партыец таксама на той сходцы быў. Ім сказалі, яны паслухалі, галовамі паківалі: маўляў, згодныя. Але ніхто, зразумела, ні капейчыны не аддаў. Наадварот, зноўку ўсе гэтак грэбсці заўвіхаліся, нібы сваё не дабралі. Тады і стала самай большай чаргой у Піцеры чарга на могілкі. Як і ў Маскве.

За піцерскі порт было некалькі войнаў, і калі пачалася новая, партыец сказаў мне, што трэба не толькі бараніцца, але і нападаць. Зубы паказваць, каб не думалі, што яны ў яго павыпадалі. Карацей, каб я набраў людзей. Групу ліквідацыі.

Я падабраў групу з сямёх. Разам са мной — васьмёра, на дзве машыны. Чатырох сваіх спецназаўскіх узяў, трох сельгаспасёлкаўскіх… На рабоце не прадыхнуць было: не паспяваў рукі абціраць.

Партыйца зноў запаважалі, адступацца ад яго, здало­ ся, пачалі — і раптам ледзь не кончылі. Ды яшчэ праз сваіх.

Жонка ягоная бардэль трымала, салонам яго называ­ ючы. Некалькі прастытутак гаспадара абслугоўвалі: у яго на пасылках былі. Такія — не падступіся. Гонар паказвалі. Свой прастытуцкі, але гонар. «Мы не ў бардэлі, мы ў са­ лоне». Я паспрабаваў з адной, з Ляляй, танклявай такой… Яна мне: «Ты паглядзі на сябе, кабан!..»

Сучка.

Якраз у нанятай для яе кватэры на Васільеўскім у пар­ тыйца і пальнулі. З дому насупраць: Ляля ў спальні акно не зашторыла. Куля зрэзала ланцужок, на якім шторная ручка вісела, зрэкашэціла. Так што партыец выпадкова ўратаваўся — і даручыў мне разабрацца.

А ў чым разбірацца?.. Сучка. Перакупілі, працава­ ла на некага. Трэба было астатнім паказаць, што за та­ кое бывае.

Я сказаў гаспадыні, каб у той жа кватэры на Васільеў­ скім склікала прастытуцкі сход. Увесь іх блядскі спецназ сабрала, як яны самі сябе называлі. Паставіў Лялю пе­ рад усімі і, калі ўжо яны спецназ, — чык па шыі! Шыя ў яе, як у курыцы, была, і Ляля, мусіць, яшчэ ўбачыць па­ спела, як галава ў яе адляцела, і пабегла за ёй, за галавой, без галавы, па ўсёй кватэры крывёй пырскаючы…

Эфектна выйшла. Не пападалі, прытомнасць страціўшы, толькі гаспадыня і Наташа, якую я тады і запрыкмеціў. Яна не стала, як Ляля, ламацца. Ды ўсе яны шоўкавымі сталі.

Нешта ў Наташы мяне вабіла. Яна была прастытут­ кай — і ў той жа час не. Я разумею, што такога не бывае, але ў ёй вось такое было.

Не ведаю, што гэта, і як растлумачыць… Мігценне… Я хацеў нават прапанаваць ёй жыць са мной. Якраз пе­рад тым, як гаспадар падкінуў нам работу на пару. Пас­ля якой было ўжо не да мігцення.

Мы дазналіся, хто з канкурэнтаў заказаў партыйца, але таго, былога гэбіста, не ўдавалася паваліць. Ледзь не армію меў, моцна стаяў. Тады партыец і прыдумаў, як разабрацца з ім праз ягонага сына. Падрабязны план напісаў для мяне і Наташы, якая павінна была так хлап­ чука накруціць, каб ці сам ён бацьку кончыў, ці мяне ў дом правёў.

План мне не глянуўся: кіно нейкае. А хлапчук спада­баўся. Нават шкада было, калі павесіўся…

Забаўны ён быў. Я пісталет яму даю, каб ён, як мужык, за сябе пастаяў, і ён нібыта згодны бацьку прышыць, каб з Наташай быць, ды раптам кажа: «Вы пісталет мне пад­ шукайце, каб несапраўдным выглядаў, на цацачны па­ ходзіў. Каб я думаў, што гэта гульня…»

Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны — ён і яго не ўзяў… Так пісталецік той у мяне і застаўся: нашу з сабой, ніхто не думае, што сапраўдны.

А хлапчук вяроўкай абышоўся…

У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы спецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў. З ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі.

Я не стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё.

Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што, каралямі нарадзіліся?..

Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.

У Стакгольм я падаўся, бо там у мяне свой чалавек быў. А ў яго — свой адвакат, які дапамог офіс купіць, фірму адкрыць. Параіў хоць аднаго шведа на нейкі час на работу ўзяць. Я ўзяў беспрацоўнага, адвакат журналіста знайшоў, які напісаў, што я ствараю у Швецыі новыя рабочыя месцы. Не на іхнім жыву, на сваім, ды яшчэ ім ад мяне перападае. На такіх людзей іначай, чым на звычайных імігрантаў ды бежанцаў, якіх карміць трэ­ ба, глядзяць.

Да тых, хто з грашыма, паўсюль адносіны, як да людзей, якія з грашыма. Да іншых — іншыя. Яно было так, ёсць і будзе.

А швед мой, зарплату адрабляючы, наркату з Капен­ гагена вазіў. Яму дадуць — ён павёз. Не ведаючы, што вязе. Апошнім разам яго ў Мальма ледзь не павязалі, і я паехаў туды, каб пашчупаць, што там і як.

Наркатой у Скандынавіі здаўна афрыканцы з азіятамі займаюцца. Пераважна яны. Яшчэ цыганы. Але ўсё бо­ лей і болей тавару пачало ісці ў Еўропу з Сярэдняй Азіі праз Расію — і сур’ёзна падключыліся нашы. Мой чала­ век у Стакгольме быў якраз адным з іх.

Ён сказаў мне, каб швед знік. Бо, калі ўжо на яго выйшлі, дык усё адно павяжуць. А ў якой ён фірме працуе, хто дапамог фірму адкрыць?.. Як толькі гэта высветліцца — нам сядзець.

Я і сам сумневу не меў, што, калі яго возьмуць, швед усіх здасць. Наш бы дык яшчэ круціў, выдумляў не­ шта: не ведаю, не маё. Каля аптэкі знайшоў, думаў, што вітаміны. А швед раскажа ўсё, як на споведзі. Ды не толькі швед — хоць фін, хоць немец, хоць нарвежац. За­ конапаслухмяныя.

Адвакат мой неяк завёў мяне ў суд. Для практычных, можна сказаць, заняткаў. Каб лепей я шурупіў, у якім све­ це цяпер жыву. Ён на судзе дзеда бараніў, які атруціў ката. Мазгі ў ката паехалі: па начах мяўкаў, драпаўся, спаць не даваў. Дзед трываў­трываў — не вытрываў. Дык сведкі ўсе, суседзі, падчыстую яго здавалі. Расказвалі, як ката ён мучыў. «На матузку, — адна суседка паказвала, — гу­ ляць вядзе, і матузок тузае, тузае…»

Усе глядзелі на таго дзеда, як на садыста кончанага. Пасля гэта па газетах пайшло, па тэлебачанні… У нас людзей штодня канчаюць — і нічога. А тут ката атруцілі — на ўсю Швецыю скандал.

Хоць і ў іх, здараецца, страляюць… Прэм’ера ней­ кага некалі забілі. Пры мне бабу, якая міністрам была, павалілі. Падышоў мужык у краме — і паваліў. Без пры­ чыны, дык нават не судзілі. Прызналі, што ненармаль­ ны, калі без прычыны.

А прычына была… Не хадзі, калі ты міністр, па крамах. У нас ніводнага міністра ў краме не кончылі.

У Мальма ў гатэлі «Хілтан» я на апошнім паверсе, на самай верхатуры пасяліўся. Адкуль, як парцье сказаў, ці не ўся Еўропа відаць. Ці ўся Данія. Альбо, ва ўсякім разе, Капенгаген. З якога швед наркату вазіў…

Гледзячы ўраніцы на Еўропу, якой за туманам не відаць было, я прыкідваў, як мне найлацвей са шведам абысціся. Каб знік, як туман.

Нічога талковага не прыдумвалася. Спусціўшыся ў рэстаран паснедаць, я патэлефанаваў Наташы. Яна ска­ зала пра пасланца з Піцера, які едзе ў Мальма. З якім дамовілася яна спаткацца заўтра а шостай вечара каля гатэля «Хілтан».

Ты думаеш, як зрабіць так, каб знік нехта. А нехта ду­ мае, як зрабіць так, каб знік ты. Жыццё ідзе, усё нар­ мальна.

За суседні стол, дзве поўныя талеркі рыбы і мяса прыцягнуўшы, хлапчына худобны прысеў, да якога афіцыянт падышоў і пачаў дапытвацца, у якіх апарта­ ментах той жыве. Не з­за таго, думаю, дапытвацца пачаў, што хлапчына гару яды набраў, а таму, што не выглядаў ён на тутэйшага пастаяльца. Не гэтак ён глядзеўся, як чалавек, які спусціўся са сваіх апартаментаў на сняданак у рэстаране гатэля «Хілтан». Нават куртку зашмальцава­ ную, відавочна з сэкэнд хэнду, не зняў. Бадзяжнік.

Ён назваў афіцыянту нумар пакоя — аднаго з самых дарагіх у гатэлі. З якога ці не ўся Еўропа відаць. Афіцыянт не паверыў і пайшоў удакладняць… Заразглядаўшыся на бакі, хлапчына выбіраў момант, каб збегчы.

Не назваў бы ён нумар — няхай бы бег. Але ён назваў, і нумар гэты быў напісаны на маёй гасцявой візітоўцы. На той, якую ўчора выдаў мне парцье.

Мяне насцярожваюць любыя, а тым больш такія су­ падзенні. У кожнага свой вопыт — і ў мяне свой. Пры маёй рабоце я пераканаўся: калі хочаш жывым быць, не дапускай думкі, што выпадковае адбываецца выпадкова. Нечым яно абумоўлена. Шукай, чым. І як мага хутчэй шукай, бо можаш не паспець.

Хлапчына падняўся, я кінуў праз стол: «Сядзі!..» Ён перапудзіўся ад нечаканкі, хоць і не надта. Зноў сеў і, што мяне здзівіла, стаў есці.

Калі афіцыянт вярнуўся з малайцом са службы бяспе­ кі, я падазваў іх і сказаў, што жыву ў названым нумары, а за суседнім сталом снедае мой госць, за якога я плачу. І працягнуў афіцыянту візітоўку…

Ніхто ў мяне не спытаў, чаму мой госць снедае за суседнім сталом. Калі плацяць, дык няхай снедае за суседнім. Можа, прынята ў нас паасобку снедаць, каб з самай раніцы адзін адным не раздражняцца.

Як і на пастаяльца «Хілтана», так і на пасланца з Піцера хлапчына, апрануты бадзяжнікам, быў мала па­ добны. Проста ніяк не падобны. Дый не мог пасланец па­ спець сюды, праехаўшы чвэрць Швецыі — паром толькі што ў Стакгольме прычаліў. І не пасылаюць такіх, але… Ён назваў нумар нібыта наўмысна для мяне. Неверагод­ ная, надта вялікая выпадковасць.

З’еўшы ўсё, што прынёс, госць мой яшчэ раз схадзіў да шведскага стала і набраў столькі ж. Ён быў меншы за мяне разы ў тры, куды яно ў яго лезла?.. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што ён даўно ўжо не хлапчына — гэткі падвысах­ лы мужычок, які на хлапчука выглядае. Нарэшце ён наеўся, я ўстаў і ўзяў яго пад локаць: «Пайшлі пакажу, дзе жывеш».

Ён пайшоў, лед зьве ногі цягнучы… Не таму, што аб’еўся — ён наогул быў вялы.

Аказалася, беларус. З Ваўкавыску. Я і не ведаў, што такі горад ёсць. З назвай, нібы ваўкі ў ім выюць… Ён там барацьбітам нейкім быў, змагаўся за нешта. Як яны, такія вялыя, там змагаюцца?..

І я не зразумеў: за што? «Каб Расія, — ён сказаў, — не заняла Беларусь». А нашто Расіі Беларусь займаць, калі Беларусь і так Расія?..

Звалі яго Святаславам. Такое беларускае імя — у Расіі не пачуеш. Святая слава, святы абавязак, святая айчына… Наслухаўся я гэтага ў войску — чуць не мог.

Ён падышоў да акна ў маім нумары і глядзеў доўга.

«Там недзе, — за туман паказаў, — замак, дзе Гамлет жыў, павінен быць».

Я спытаў: «Ну і што?..» — і ён уздыхнуў, у туман угля­даючыся: «А тое, што Шэкспір…»

— Што Шэкспір?..

— А тое…

— Што тое?..

— Калі б у нас быў Шэкспір, дык была б і гісторыя… Усё было б інакш…

— Што інакш?..

— Усё…

Што ў іх магло быць інакш, калі мы разам у Савецкім Саюзе былі? А калі мы разам у Савецкім Саюзе былі, дык пры чым Шэкспір?..

Гаварыў ён, трохі заікаючыся: «У нас бы­быў… дык бы­бы­ла б…» Мянушку б яму якую, дык Бабыб са­ мае тое было б. Я так і сказаў: «Давай Бабыбам назы­ ваць цябе буду, на Святаслава ты не выглядаеш», — і ён кіўнуў, галавы ад акна ў тумане не павярнуўшы:

«Называй…»

У святле ваконным, хоць і туманным, я разгледзеў, што ён старэйшы за мяне — і тым не менш называй яго, як хочаш… І толькі цяпер ён спытаў: «А цябе як назы­ ваць?»

— Ражном.

— Ражном дык Ражном…

Не, на разборкі такіх не пасылаюць. Нечым ён на таго піцерскага хлапчука, які павесіўся, быў падобны. Толькі падстарэлы… Дык я і падумаў: «Можа, яго скары­ стаць?..» Не адразу падумаў, а тады, калі ён сказаў, што рабіць збіраецца.

Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску, потым у Мінску жыў, дзе ганялі яго за барацьбу, у каталажку садзілі. З ра­ боты пратурылі… Шукаючы, дзе прытуліцца і на кава­ лак хлеба зарабіць, ён вярнуўся ў Ваўкавыск. Бацькі памерлі, хату адразу па іх смерці ён за капейкі прадаў, прытуліўся ў брата стрыечнага. Уладкаваўся на пошту, дзе брат паштарыў — і абодвух іх выгналі, хоць на ўсю по­ шту толькі і паштароў было, што ён ды брат. Звольнілі іх праз тое, што яны ў пікет сталі: ён брата, які прытуліў яго

і дапамог яму работу знайсці, у пікет зацягнуў, каб таго на пару з ім выгналі! І дзеля чаго зацягнуў, каб выгналі?.. Каб вуліцы Суворава ў Ваўкавыску не было, не хацеў ён газеты на вуліцу Суворава насіць.

У мяне таксама ёсць брат стрыечны, на гісторыю за­ палы, дык ён неяк расказаў мне, які бяздарны быў па­ ход Суворава праз Альпы, дзе без аніякага толку проць­ ма людзей загінула, памарозілася… Але ж напляваць на тое, бо калі яно было? Так што я зноў не ўцяміў: «Пры чым Сувораў?..»

Адусюль выгнаны, Бабыб не ведаў, як далей быць, і нехта яму сказаў, што беларусаў, якія змагаюцца, за мя­ жой прымаюць. Адразу ўсё ім даюць.

Пазычыўшы грошы ў брата, які прадаў паўхаты і га­ товы быў, мусібыць, прадаць апошняе, каб толькі ад яго пазбавіцца, ён купіў тур па Скандынавіі, прыехаў — ніхто і нічога не даў. Апроч месца ў лагеры для бежанцаў. Але цяпер і таго не стала: яму адмовілі ў палітычным пры­ тулку і ён падпаў пад дэпартацыю. Таму збег з лагера, надумаўшы ці падпаліць што­небудзь, ці ўзарваць, ці на­ ват каго­небудзь забіць, каб ці сесці ў турму, ці ў клініку патрапіць для псіхічна хворых. Абы дахаты не вяртац­ ца. А падпаліць што­небудзь ці забіць некага надумаў, бо, калі проста ўкрасці, ці яшчэ ўтварыць што­небудзь такое, не цяжкае, дык не пасадзяць, усё адно дэпартуюць.

Зусім выпадкова, рэчы падносячы, ён пабываў у ней­ кай клініцы для псіхаў — там хораша. Жывуць шведы, на галаву хворыя, так, як беларусам, на галаву здаро­ вым, і не снілася.

Ён не быў хворым, не. Я ведаў такіх людзей, яны нібы не самі жывуць на свеце. Быццам нехта іх жыць змушае. Такіх пасылаюць на такое, на што іншага не пашлеш. Іншы, не такі, не пойдзе. З такіх робяць жывыя міны.

Вось я і ўзважваў: на пасланца яго скарыстаць, калі сам ён не пасланец, ці на шведа?..

Я дапускаў яшчэ, што ён можа быць пасланцам, але ўжо толькі з­за звычкі нічога магчымага, хай нават са­ мага неверагоднага, не выключаць. Выключыць можна было толькі тое, што ён швед.

Пасланца, калі ён пасланец, можна перакупіць… Я сказаў яму, што, калі ўжо наважыўся ён некага кончыць, дык магу прапанаваць, каго… Ён не здзівіўся, а мяне здзівіў, коратка кінуўшы, ад вакна не павярнуўшыся:

— Толькі не жанчыну.

Я дык хоць бы павярнуўся… І спытаў бы найперш не пра тое, каго? — пра што ён па сутнасці спытаўся, — а пра тое, за колькі?.. Дый хто заўгодна іншы павярнуўся б і пра тое самае спытаў…

І чаму толькі не жанчыну? Якая розніца?.. Шведа ці рускага — розніца, за рускага ў Швецыі меней дадуць.

Я сказаў, што не жанчыну. Спытаў, што ён за гэта, апроч шведскай псіхушкі ці турмы, хоча. Ён адказаў, што вінен брату за палову хаты…

Надта спадабаўся яму, як некалі хлапчуку піцерскаму, пісталет. Праз тое, што маленькі, на цацачны падобны. «З яго страляць, як гуляць. Сам не паверыш, што…»

Бабыб не дагаварыў: што?..

Кілераў такіх не бывае. Які з яго пасланец?.. Конча­ ны бабыб. «Ражон, — здзівіўся я з самога сябе, — з кім ты звязаўся? Мазгі табе адбіла?..»

Я ўзяў яго ззаду за шыю — у яго вочы на лоб узлезлі, я ўмею так за шыю браць, каб на лоб вочы ўзлазілі:

—А двух заб’еш? За двух будзеш мець, як за цэлую хату. Ён паспрабаваў крутнуць галавой, не змог, але паспра­баваў: «Не».

— Тады ўсё, — разняў я пальцы і падштурхнуў яго да дзвярэй. — Вымятайся.

Ён не выход зіў. Стаяў каля д звярэй, паціраючы шыю і сціскаючы павекі, намагаючыся вярнуць вочы ў вачніцы. Пасля сказаў неяк па­дзіцячаму, як папрасіў на цукеркі:

— Слухай, дай мне каго­небудзь забіць. Не дасі, дык заб’ю цябе. Не ведаю як, але заб’ю.

Апроч як у дзяцей, гэткія жаласлівыя да саміх сябе інтанацыі яшчэ ў блатных пракідваюцца. «Падла буду, зямлю буду жэрці, брат…» — а ў самога шыла ў рукаве.

Забіць мяне ён не мог ні пры якім раскладзе, і ўсё ж, многае пабачыўшы і зведаўшы ў жыцці, я ведаў і тое, што такое зацятасць. Перада мной — з вылезлымі на лоб вачы­ ма і дзіцячымі размовамі — стаяў зацяты мужычок. А зна­ чыць, калі не ў гэтую хвіліну, дык у наступную — здоль­ ны на ўсё. Не скарыстаць такога было б памылкай…

З пасланцам з Піцера яму не справіцца. Калі ад­ туль паслалі чалавека, дык такога, які тузін бабыбаў па­ кладзе.

Я ўжо ледзь не надумаўся ўзяць яго з сабой у Капенга­ ген, на шведа скарыстаць, калі яму ўсё адно, каго забіваць, абы не жанчыну. І ў Капенгагене, у адрозненне ад Маль­ ма, я з ім не засвечваўся: у рэстаране з ім не снедаў, за госця свайго не выдаваў… Але ён, нібыта ўгадаўшы, пра што я думаю, мяне апярэдзіў:

— У Данію не паеду. Тут я хоць на нейкіх правах, а там на ніякіх.

На якіх ён тут правах?..

Не праз тое, што ён упёрся, а з­за таго, што яшчэ не склалася ва ўсіх дэталях схема разборак са шведам і пас­ ланцам, я паехаў у Капенгаген, да заўтра пакінуўшы свай­ го госця ў нумары гатэля «Хілтан», скуль адкрывалася панарама ўсёй Еўропы.

Назаўтра, вярнуўшыся ў Мальма і спяшаючыся, бо ўжо была палова на шостую, да гатэля, я за натоўпам каля фантана ўбачыў Бабыба, які падыходзіў да нейкага ўсяго бліскучага фацэта з пакетам, і па тым, як ён не бач­ ком, не азіраючыся, а рашуча і ўпэўнена крочыў, я адчуў, што зараз нешта адбудзецца, але не думаў, што яны, фацэт з Бабыбам, сышоўшыся, схопяцца за пісталеты — і Бабыб, як яно ні дзіўна, паспее стрэліць першым. Гэта насамрэч дзіва, што ён паспеў стрэліць першым, бо На­ таша ў фацэце з пакетам, якога заваліў Бабыб, пазнала піцерскага пасланца…

Вось табе і Бабыб.

З вакзала, дзе, калоцячыся, бо ўсё бачыла на свае вочы, чакала мяне Наташа, я патэлефанаваў свайму адвакату ў Стакгольм і сказаў, што для яго ў Мальма ёсць работа.

СВЯТАСЛАЎ

Я не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага наўрад ці выглядаў, так, бадзяжнік, які падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць... Не, я не спытаў: у мяне цыгарэта была ў левай руцэ, а правай я паказаў, што прыпаліць хочу, пальцамі пстрыкнуў… Ён палез у кішэнь, каб дастаць запальнічку, такую цацку, запальнічку­ пісталет, на невялікі маўзер падобную, а я з пінжака, з грудной кішэні сапраўдны пісталет вымаю, які ён, мусібыць, за цацку­запальнічку прыняў, толькі большую, чым у яго, і я нібыта сустрэчна хачу даць яму прыпаліць — ён, значыць, мне, а я чамусьці яму, таму ён падумаў, я ў вачах ягоных прачытаў: «Што за цырк? Прыпылены му­ жык, ці што?..» — а я роўненька пасярэдзіне лобу яму, над пераноссем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ста­ вяць, стрэліў. Ён не зразумеў нічога, здзівіўся толькі:

«Во ё­маё…»

Яму не пашэнціла. Не толькі таму, што па шведскім горадзе Мальма ён з чырвона­зялёным пакетам, з намаля­ ваным на ім трактарам «Беларусь» ішоў, а не пашэнціла ўвогуле. А магло б пашэнціць. Мы ніколі б маглі не спат­ кацца, калі б не падаўся я ў Швецыю, дзе падлавілі мяне ў Мальма на сняданку ў рэстаране гатэля «Хілтан» — і я пазнаёміўся з Ражном.

Мяне ў Стакгольме адзін цыган навучыў гэтаму: за­ ходзіш ураніцы ў гатэльны рэстаран, калі там сняда­ нак, з выглядам, нібы ў тым гатэлі жывеш, і награба­ еш са шведскага стала яды, колькі захочаш. Яшчэ і з сабой бутэрбродаў на цэлы дзень набраць у кішэні можна, ніхто не сочыць.

Адзежу толькі трэба мець больш­менш… Не смокінг, але і не лахманы, як на мне. Праз гэта афіцыянт у «Хілтане» да мяне і прычапіўся.

Калі зловяць, дык што ж: патрымаюць — і адпус­ цяць, бо ў турме ты даражэй ім абыйдзешся, чым, пару бутэрбродаў скраўшы, на волі. Але мне нельга было па­ падацца, бо, калі зловяць, дык дэпартуюць: я збег з лаге­ ра. А збег таму, што мне адмовілі ў палітычным прытул­ ку, а значыць, усё адно б дэпартавалі.

Гучыць страшна: лагер. Цёпла, сыта. Жыў я ў асобным пакоі, ад кватэры ўсё адрозненне — кухня з прыбіральняй на калідоры. Жывеш на ўсім гатовым, а табе яшчэ і грошы штомесяц даюць, як бежанцу. Па шведскіх мерках — дра­ бяза, але ў Ваўкавыску я за гэткую драбязу бацькоўскую хату прадаў.

Я ў Ваўкавыск з Менску вярнуўся, веру страціўшы. Ва ўсё. Бо страціў жанчыну, якую кахаў, і якая сказала аднойчы, што праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, яна згубіла найлепшыя свае гады, маладосць, жа­ ночае шчасце — ні на што жыццё паклала. Пад сцягамі і штандарамі ў шэсцях і пікетах.

Выходзіла, што я таксама ні на што жыццё паклаў. Жанчыну, як і ўсё астатняе, што я страціў, звалі Верай.

Мы пазнаёміліся, калі ёй і дваццаці не было. На Дзяды, у Менску, каля Ўсходніх могілкаў… Цяпер ёй амаль со­ рак.

Дваццаць гадоў прамінула… Нечыя дзеці нарадзіліся, падраслі, у першы клас пайшлі і школу скончылі. Але не нашы дзеці, мы ўсё ў шэсцях ды пікетах… Ні работы, дзе б плацілі, каб нармалёва жыць, ні сям’і, ні хаты…

На тыя Дзяды, з якіх усе нашы шэсці і пікеты пачаліся, мяне выкладчык гісторыі, я ў інстытуце тады вучыўся, паклікаў. Разам з Настай, якую, як мне здавалася, па­ куль Вера не спаткалася, я кахаў. Наста таксама была з Ваўкавыску, на год пазней за мяне — і праз мяне, як яна казала — у інстытут паступіла. Вучыліся мы на ад­ ным факультэце, жылі ў адным інтэрнаце. Калі канчала­ ся стыпендыя, а канчалася яна на дзіва хутка, і жывот з голаду падводзіла, мы хадзілі на Камароўскі рынак, дзе каштавалі, нібы купіць збіраліся, патрохі ўсяго, што там было: кілбас, сыроў, рыбы… Па скібцы, па лустачцы — гэ­ так і наядаліся. Калі ж адломваўся кавалак, які ўжо не каштуюць, а купляюць, і гандляры гвалт усчынялі, Наста раптам скідвала ці свэтар, ці кофту, што там на ёй было:

«Паглядзі на рэбры студэнцкія, морда спекулянцкая! І ты мяне кавалкам сыра папікаць будзеш? Ды падавіся ты ім! На, задушыся!..»

Наста з дзяцінства мела схільнасць да эфектаў… Сыходзячы з рынка, мы яшчэ семак з гарэхамі, таксама нібы каштуючы, с сабой набіралі… Так што, можа быць, і не пры чым той цыган, які ў гатэльных рэстаранах сне­ даць мяне вучыў. Патрохі красці я ўжо сам умеў.

Ды хто ў нас не крадзе хоць патрохі? Я ў брата свайго стрыечнага, які пахваляўся, што за ўсё жыццё не скраў нічога, спытаўся неяк: «А што ты скрасці мог? Люк каналізацыйны, калі ліцейшчыкам на прамкамбінаце быў? Газету ўчарашнюю, калі паштаром хадзіў?..» Брат і заткнуўся.

Ведаць пра сябе, што ён не злодзей, можа хіба той, хто меў магчымасць скрасці — і не скраў. Як і пра тое, што ён не забойца, можа ведаць толькі той, хто мог забіць — і не забіў.

Я б многіх забіў, калі б мог. І ўпершыню адчуў гэта на тыя Дзяды каля Ўсходніх могілкаў.

Вера на Ўсходніх могілках аказалася выпадкова. Хоць, хутчэй, гэта мы з Настай аказаліся там выпадкова, а ў Веры прадзед з дзедам, а цяпер ужо і бацька, на тых могілках пахаваныя. І яна прыйшла на Дзяды, як на Дзяды, а там такое… Натоўп, міліцыя, дубінкі… Міліцыянты расся­ каць натоўп пачалі, мне брыдой атрутнай, якая «чаром­ хай» чамусьці называлася, у твар пырснулі і ў «варанок» пацягнулі, па рэбрах дубасячы. Мяне цягнуць, дубасяць, а Наста, я з­пад локця выкручанага, з­пад пахі бачу, убок адварочваецца. Не крычыць, як на рынку: «Паглядзіце на рэбры студэнцкія, морды міліцыянцкія!» — а нібыта й не бачыць, як мяне па тых рэбрах…

Назаўтра вінавацілася: баялася, што з інстытуту па­пруць.

Праз дзень яна выступіла па тэлебачанні як сведка падзей… У кампаніі з сакратаром партыйнага ЦК, які бажыўся, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону. На­ ста засведчыла, што ніхто дубінкамі нікога не біў і «ча­ ромхай» не труціў. Вось жа яна там была — і не пабітая, і не атручаная…

Гады праз тры, калі сакратароў ЦК не стала і бажыцца пачалі іншыя, Наста зноў выступіла па тэлебачанні. Гэтым разам у кампаніі з акторам, які расказаў, як камуністы з гэбістамі зрабілі яго сексотам. А Наста распавяла, як яе, студэнтку, тыя ж камуністы з гэбістамі змусілі зманіць пра тое, што было на Дзяды, пагражаючы выгнаць з інстытута. І неяк так выходзіла, што Наста з сексотам — героі. Не кож­ ны, маўляў, знойдзе ў сабе мужнасць, каб прызнацца…

«Абое рабое, далёка пойдуць», — сказала пра іх Вера, але ўгадала не пра абодвух. Актор, здольны да алкаго­ лю, спіўся, а Наста, здольная да журналістыкі, пабегала трохі, пакуль яны трымаліся, па рэдакцыях незалежных выданняў, пасля перабралася ў выданне дзяржаўнае, а з яго — ва ўладу. Высока там сядзіць, далёка глядзіць — тут Вера ўгадала…

Пасля аднаго з арыштаў чакала мяне за варотамі турмы шыкоўная жанчына ў шыкоўнай машыне. Гэтакі Галівуд — Наста па­ранейшаму мела схільнасць да эфектаў… Яна сказала, што наўмысна зрабіла так, каб усе ўсё бачылі, бо стамілася «адмазваць» мяне ўпотай, бо гэта ў шкоду ёй, бо ўсе пра ўсё даносяць, таму наступным разам мяне пасадзяць не на тыдзень­другі, а надоўга, яна ўжо нічым не зможа дапамагчы, а калі і зможа, дык не стане…

— І не трэба. Я ж не прасіў.

— Ён не прасіў! А маці твая, пакуль жывая была? А радня, а сябры нашы інстытуцкія? «Наста, ты ж яго ве­ даеш!..» Некалі ведала, цяпер — не!

Яна нервавалася, пальцы дрыжэлі, калі прыпальва­ла…

— Цябе, аказалася, я й некалі не ведаў.

Яна не хацела слухаць пра тое, што было некалі.

— Я выбрала лепшае жыццё, ты — горшае. Свядома! Спытай у нашых, у ваўкавыскіх, хоць у каго: нармаль­ ны чалавек захоча жыць не лепш, а горш? Ты захацеў… Жыві! Але без мяне. Я не хачу, каб тваё горшае замінала майму лепшаму. Ці яшчэ й парушыла яго.

Нядаўна яе паклікалі з яе вялікага кабінета ў кабінет яшчэ большы і настойліва параілі ад мяне адхрысціцца… Дык яна ж адхрысцілася яшчэ на тых Дзядах… Калі мяне цягнулі ў варанок, а яна ўбок адварочвалася… А Вера на тых Дзядах, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару люд­ скога як кінулася: «Вы што?!. Вы куды яго?!.» Адбіла ў міліцыянтаў, хоць ведаць мяне не ведала. Пасля казала:

«Каб ведала, не адбівала б, хай бы зацягнулі… Хай бы ўсіх вас тады пабралі і расстралялі ў Курапатах. Дык хоць бы легенда пра вас засталася…»

Вера, мусібыць, таксама многіх бы забіла, калі б магла.

Але яна пазней такой стала. Тады, на тыя Дзяды, яна не была такой. Як лёгка ўсё яна любіла! Людзей шка­ даваць… Музыку слухаць, вершы чытаць, у ёй прага была — чытаць вершы… І слёзы ў яе вачах стаялі высо­ ка, як у нябёсах.

Усё, што коціцца, дакоціцца да нас… І дакацілася. Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасць сняць Ці спяць без сноў З усімі Караткевіч, Куляшоў… — Маўклівы мітынг. З кожным, хто прыйшоў, З’явіліся і сталі побач продкі… Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме «прышытых». Бясследна зніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў!.. Ад плоці плоць І ад крывінкі кроў — Мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі. І мёртвыя з жывымі. І ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дожд ж, і прадчуванні так і засталіся прадчуваннямі. Паэт, які пра іх напісаў, збег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не збя­ гуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторыі вас пасылала?..

Пад адну музыку: дыктатура! — збягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі… Збягала, як малако з аг­ ню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Збег спі­ кер парламента… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі не сту­ піць — збег.

Непадалёк ад Усходніх могілкаў яшчэ і Курапаты — таксама могілкі. Ямы, у якія ў часы, калі Сталін баляваў, скідвалі расстраляных. Прывозілі, стралялі і скідвалі. Прывозілі, стралялі і скідвалі…

Мы пачыналі новае жыццё на касцях. Людзі кажуць: на касцях жыць нельга.

Хоць хто яго ведае… Стагоддзі за стагоддзямі, вайна за вайной… Як падумаеш — дык пад намі і зямлі няма, адны косці.

У Ваўкавыску гара ёсць, якая Шведавай называецца, бо нібыта шведы, якіх кароль Карл ваяваць вадзіў, тую гару насыпалі, зямлю шапкамі нанасіўшы. Дзеля чаго насыпалі, чаму зямлю шапкамі насілі? — невядома. А гару з якога боку не капні — уся ў касцях.

Наша настаўніца літаратуры пыталася: «Дзеці, як вы думаеце, дзеля чаго шведы гару насыпалі?..» Хто што казаў. Каб на той гары бараніцца… Каб гарматы на вер­ се паставіць і да Масквы страляць… Я адказваў: «Каб на лыжах катацца».

Мой адказ падабаўся настаўніцы найменш. А най­ больш падабаўся ёй адказ Насты: «Каб з гары глядзець на Швецыю, па якой яны сумавалі…»

«Вось так, дзеці, — казала настаўніца, — трэба лю­ біць Радзіму». Тое, што гэта самае бесталковае, самае бессэнсэўнае з усяго, дзеля чаго магла быць насыпана шведамі гара, настаўніцу не бянтэжыла. Беларусаў мала бянтэжыць адсутнасць сэнсу ў чым бы там ні было…

На той гары я і надумаў збегчы. Бо, калі можна нека­ му, дык чаму нельга мне?.. І,калі гара Шведава, дык куды, як не ў Швецыю?..

Вера сказала: «Мазгі ў цябе — толькі кубікі складваць. І ва ўсіх вас, беларусаў, такія…»

Не ва ўсіх. Мой аднакласнік Борусь, на Шведавай гары пасядзеўшы, у Аўстралію крутануў.

Круцелісты ён, Борусь. Калі я ў Народны фронт запі­ сацца яго ўгаворваў, ён спытаў: «А нашто нам туды абод­ вум?.. Ты ідзі ў БНФ, а я ў КПСС пакуль пабуду. Яшчэ невядома, у які бок яно ўсё выверне».

У 1991, у жніўні, КПСС скончылася, а ў верасні Бо­ русь прыйшоў партыйныя ўнёскі плаціць. Парторг, які ўжо не ў парткаме, а ў нейкім складзе сядзеў, кітайскім адзеннем і абуткам завалены, вылупіўся на яго: «Ты вальтануты?!.» Борусь адказаў: «Я прынцыповы. Партыйны статут патрабуе сплочваць унёскі, а мяне з партыі ніхто не выключаў».

Борусь быў намеснікам парторга, і той, ужо не як пар­ торг, а як гандляр, прапанаваў яму ў тым складзе пайсці да яго ў напарнікі. «У цябе мазгі ёсць?.. Дык зразумей: усё, што было, назаўсёды скончылася. Шалёны час настаў. А шалёны час — шалёныя грошы. Хто іх сёння паспее ўхапіць, той і банкаваць заўтра будзе».

Стаўшы ўрэшце банкірам, былы парторг цяпер сапраўды банкуе… А ў верасні 1991 Борусь вылавіў пяцёх з дзевяці парткамаўцаў — і яны выключылі парторга з партыі, якой ужо не было, абраўшы парторгам Боруся.

Такія прынцыповыя.

Пасля Борусь казаў: «Калі б Савецкі Саюз уваскрос — во ў мяне біяграфія была б!.. Як у партыйнага Хрыста…» У Аўстраліі ён да фірмы прыбіўся, якая сельгастэхнікай гандлявала, і дазнаўся, што трактар «Беларусь», гордасць пакінутай ім сінявокай Айчыны, нікім, як нацыянальны прамысловы брэнд, не запатэнтаваны. Гэта ўжо напраўду ў некага мазгі — толькі кубікі складваць. Але не ў Бору­ ся. Ён запатэнтаваў брэнд у Аўстраліі, як свой, пазычыў грошы і распачаў вытворчасць. Сабраў з запчастак трак­ тар, прадаў — і тут жа падаў у суд на былую Айчыну, ад­ судзіўшы ў сінявокай за выкарыстанне ягонага брэнду столькі, што хапіла і на тое, каб пазыку вярнуць, і фірму, да якой Борусь прыбіўся, выкупіць. Цяпер жыве — кум каралю. А быў бы ў Беларусі нехта такі, як Ражон, ніяк бы Борусь не жыў. Недзе ў Аўстраліі яго б і закапалі.

Я Боруся ўспомніў, калі мужыка з чырвона­зялёным пакетам убачыў. І, можа, страляў не ў яго, а ў Боруся. Ва ўсіх борусяў: і ў гандляроў, і ў правадыроў, і ў паэтаў… І ў тых, якія з’ехалі, і ў тых, якія засталіся. І ў тых, якія вялі натоўп, і ў тых, якія за імі ў натоўпе крочылі. Бо ніхто анікога нікуды не прывёў — і ніхто не прыйшоў анікуды. Толькі, ідучы, жыццё праміналі — і яно прамінала нас… Таму я забіў бы таго мужыка на Södra Förstagatan, калі б ён і не з чырвона­зялёным, а з бел­чырвона­белым пакетам ішоў. Ці нават з бел­чырвона­белым сцягам. Якая розніца, калі беларус?..

Беларус. Во каго я хацеў забіць — і забіў.

Я і следчаму так сказаў, калі ён пачаў дапытваць, ад­ куль я ведаю Павала Рутко? Ну, таго, з пакетам… І за што яго забіў? Я сказаў:

— Бо беларус.

Следчы, швед адмарожаны, не ўцяміў. Але вырашыў, што гэта я не ўцяміў, пра што ён мяне пытае.

— Я пытаюся, як даўно вы ведаеце забітага, якія ў вас былі адносіны, за што вы яго забілі?

— Я не ведаю яго. Не было ў нас ніякіх адносін. А забіў за тое, што ён беларус.

— Але ж вы таксама беларус?

— Таксама.

— А я швед. Выходзіць, я магу забіць любога шведа за тое, што ён таксама швед?

— Можаце.

— А ён мяне?

— І ён вас.

— Чаму тады беларус, якога вы забілі, не забіў вас за тое, што вы таксама беларус? Нават не паспрабаваў забіць?

— Мог паспрабаваць. Я б яму не замінаў.

Я б насамрэч не замінаў. Якая розніца, якім белару­ сам меней? Але ён не паспрабаваў. Дастаў запальнічку, а не пісталет.

Ад’язджаючы, Ражон схаваў пісталет ў ніжнюю скры­ ню стала і замкнуў на ключ. Адчыніць шведскі замок шведскім сцізоркам не было праблемай.

Пісталет быў, як цацка.

Я не стаў чакаць Ражна…

З нумару я выходзіў, не ведаючы, што буду рабіць… А з ліфта ўбачыў таго, з пакетам… Яго лёс да мяне прывёў, дык што ж…

Я б яго і без пакета, без трактара на ім распазнаў бы. Па тым, як ён ішоў, азіраўся — і ўсё рухі ягоныя, хоць нібыта ён і ўпэўнены ў сабе, нейкія незавершаныя, незакончаныя, не да канца даведзеныя: рухі напалову. А калі ён прыпыніўся, каб закурыць, дык стаяў хоць і на дзвюх нагах, а ўсё адно быццам на адной, як бацян на балоце. Плечы стуліў, калена ў калена ўціснуў…

І ў замежжы мы такія, і дома. Здавалася б, і прасто­ ры ж хапае, і сваёй, не нечай, а нам усё здаецца, нібы чу­ жую займаем.

Ёсць такое ў беларусах, больш ані ў кім такога няма. Паляк вунь ідзе — увесь паляк, рускі — увесь рускі. А бе­ ларус — напалову беларус, і ва ўсе бакі галавой круціць: хто ж ён яшчэ?

А больш ён ніхто, якая б у ім, руская, польская ці ня­ мецкая кроў яшчэ ні цякла. Няхай нават у ім і не пало­ ва, а чвэрць ці меней беларускага — усё адно ён конча­ ны беларус. Хоць ён борусь, хоць бабыб.

Вера казала: «Вы на зямлі сваёй не гаспадары, бо за так, а не за кроў яна вам дасталася. Суседзі вам яе, як соткі калгаснікам, адмералі. І вы ўсё баіцёся, што калгас скончыцца, і соткі ў вас адбяруць. Таму і прыдумляеце самі для сябе: то вы ад балтаў, то ад рымлянаў… Каб тыя ці балты, ці рымляне пра вас паклапаціліся.

Нашчадкі рымлянаў вы, ага!.. Дык зрабіце нешта да­ стойнае продкаў! Рымлянам ніхто і нічога не даваў, яны ўсё самі мячамі бралі! А вы?.. Вы што заўгодна прыдумае­ це, абы нічога не рабіць. Прыдумалі, што ў Беларусі цэнтр Еўропы, дык, Еўропа, дапамагай! Каму?.. Ты не палянуўся, з’ездзі ды паглядзі, хто там і што — у тым цэнтры».

Я не паленаваўся, з’ездзіў ды паглядзеў…

Цэнтраў Еўропы, як і ўсяго астатняга: моваў, гербаў, сцягоў… — у Беларусі, аказалася, два. Адзін на дне возера Шо, а другі ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень­Асіповічы­ Клічаў, два кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Чыжахі на Бярэзіне. Паколькі на дне возера хоць у цэнтры Еўропы, хоць на ўскрайку адна вада, я паехаў у Чыжахі. Рака там, як у Еўропе, а ўсё астатняе…

Там дзед сядзеў на беразе ў тых Чыжахах, рыбу вудзіў, я пытаюся: «Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?..» — і ён мне:

«Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…»

Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з са­ мага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: «А пайшла яна на!..» Я тады пра Расею, але і Ра­ сея пайшла на….

— А Беларусь?

— Якая Беларусь?..

— Як якая?.. Твая… мая…

— Не ведаю, якая твая… Мая во… — ён кіўнуў у бок вёскі. — Астатняя на!..

— На?..

— А куды яшчэ?.. — Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе — адтуль нікога.

Я падумаў: прападаюць не ў Бермудскім трохкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэн­ тры Еўропы…

Вера пыталася: «Вам чым ганарыцца перад светам не сорамна?.. Тым, што больш за ўсіх бульбы ясцё? Тым, што ваш сімвал — балотная птушка бацян?..

Ведаеш, чаму ў нас зубры некалі зніклі і мы іх потым з чужых зямель завозілі? Не паляўнічыя іх знішчылі, не… Бацяны вашы іх заклявалі!»

Бацька ў Веры рускі быў, маці — беларуска. Таму ў яе калі зубры — дык нашы, а як бацяны — дык вашы.

Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, не пісьменнік, а той вы­ кладчык гісторыі, які зацягнуў мяне на Дзяды да Ўсходніх могілкаў, Веры пабойваўся. Асабліва пасля таго, як увар­ валася яна ў інстытут на лекцыю: «Аж знемагаю, так ца­ лавацца хачу!..» І пакуль Хведар Міхайлавіч бездапамож­ на абураўся: «Вы што сабе дазваляеце?..», — Вера пра­ бегла між сталамі і зубамі ўпілася мне ў губы, да крыві пракусіла… На гістфаку пасля гэта так і называлася: па­ цалунак Веры.

Хутчэй, здавалася б, на такое Наста здольная, схільная да эфектаў, але ўварвалася на лекцыю, каб пацалавац­ ца, Вера.

Наста пасля трэцяга курсу перакінулася з гісторыі на журналістыку. Хведар Міхайлавіч ёй параіў гэта зра­ біць, калі яна надрукавалася ў студэнцкай газеце. «Гэты занятак, — сказаў, — вам больш па фігуры». І дапа­ мог перавесціся… А вось што прапанаваць Веры, каб па фігуры было, ён не ведаў.

— Нейкая нетутэйшая яна, — касіўся ў бок Веры Хве­ дар Міхайлавіч. — І ты не слухай яе!.. Мы зямлю гэтую і ў рускіх, і ў палякаў, і ў шведаў адбівалі…» — а Вера пы­ талася: «Чаму ж тады толькі балота адбілі?.. Каб цяпер на балоце таптацца?..»

Гэта яна пра плошчу Бангалор у Менску, дзе раней балота было, і дзе ў звычайныя дні сабакі выгульваліся, а ў дні змаганняў — мы.

«Мы за што тут змагаемся?!.» — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на той менскай плошчы з індыйскай назвай, Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, па­ куль ён паўзу трымаў: «За вызваленне Індыі ад Брытан­ скай імперыі!» Выкладчык гісторыі забыўся, што далей хацеў сказаць, разгубіўся: «Дык яна ж вольная…»

— А вы як распазналі, — дапытвае шведскі следчы, — што чалавек, у якога вы стрэлілі, не швед, не паляк ці рускі, а беларус?

Ён намагаецца не толькі дакараскацца да прычыны забойства, але разабрацца яшчэ і ў тым, што ж такое бе- ларус, бо для яго ўсе мы, хто з былога СССР, а значыць, з Расіі, — рускія.

Тлумачыць яму нешта пра тое, як беларусы ходзяць, азіраюцца? Ці як стаяць, быццам бацяны на балоце?.. Ці як зуброў сваіх заклёўваюць?..

— Па пакеце.

— Але ж гэткі пакет мог і ў рускага быць. Хіба не?

— Мог.

— І што тады? Забілі б рускага?

— Забіў бы рускага.

— А шведа?

— Што шведа?

— Шведа забілі б?

— Забіў бы. Чым вы, шведы, лепшыя за рускіх? Прыпёрліся да нас у Ваўкавыск…

— Куды?..

Што яму тлумачыць?.. Чалавеку, які толькі сёння дазнаўся, што ёсць такая нацыя — беларусы. І што як толькі адзін з гэтых беларусаў, пра якіх дасюль ён нічога не ведаў, сутракаецца з другім беларусам, так адразу кідаюцца яны адзін аднаго забіваць, — такая цікавая ў іх нацыянальная завядзёнка. Незразумела толькі, як пры за­ вядзёнцы такой жывых беларусаў амаль столькі ж, колькі шведаў?.. Таму следчы пытае:

— Беларусаў, вы кажаце, дзесяць мільёнаў?

— Амаль.

— І амаль у кожнай вайне нацыя знішчалася ад траціны да паловы?

— Прыблізна.

— І дзве вайны былі ў мінулым стагоддзі з пярэрваю ўсяго ў дваццаць гадоў, так?

—Так.

— І яшчэ, падобныя на войны, пасля войнаў рэпрэсіі былі?

— Былі…

Шведскі следчы шукае прычыну, па якой беларус мог забіць беларуса, і глядзіць на мяне няўцямна:

—Дык як жа тады вы, хто жывы, адзін аднаго любіць павінны!.. А вы — забіваць. Зуброў сваіх заклёўваць.

Я ўжо распавёў яму пра зуброў з бацянамі… Наогул жа я хацеў распавесці яму толькі пра Веру, пра тое, што адна яна — прычына ўсяго, але наўрад ці ён гэта зразумее.

У іх як?.. Падыходзіш ці ў кавярні, ці дзе заўгодна да любой шведкі і кажаш, я наўмысна завучыў: «Jag vill ha sex med dig».[3] Вера ў адказ на такое, калі б у яе пісталет быў, адразу б стрэліла табе ў лоб над пераноссем, а для шведкі яно нармальна. Разглядвае цябе, ацэньвае… Калі згаджаецца, дык цягні ў бліжэйшы ложак, нават як зваць яе не пытаючыся. Калі ж не, дык адразу адскоквай і бо­ лей не падыходзь. А падыдзеш — гэта ўжо сексуальныя дамаганні, гвалт, паліцыя, суд…

Немаведама хто выдумаў, што шведскі секс — гэта калі ўтраіх. Ці ўчатырох, сям’я з сям’ёй. І ўсе адзін да адна­ го без ніякіх прэтэнзій. Нават дзяцей не разбіраюць, дзе чые… Маўляў, нарадзіліся — і дзякуй Богу.

Наўрад ці гэта выдумалі шведы, для якіх сям’я — гэта ўсе, цяперашнія і былыя, жонкі, усе дзеці ад іх; і ніяк нель­ га на Каляды ці Вялікдзень пра некага забыцца, пакінуць кагосьці, дарослага ці малога, без падарунка.

Мы самі й выдумалі шведскі секс. Як шведскі стол, які ніякі не шведскі.

Неяк мы з Верай расклейвалі адозвы супраць рэферэн­ думу па змене Канстытуцыі, Вера, спяшаючыся, наклеіла адну тэкстам да сцяны і, каб адозва не прапала, у Веры каліва не прападала, фламастарам пісаць на ёй тэкст па­ чала: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце…» — але не паспе­ ла дапісаць «за Беларусь!», бо машына міліцэйская пака­ залася; гэта ўночы было, мы кінуліся наўцёкі, а назаўтра чытаем працяг на той адозве, нехта дапісаў: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце за шведскі секс!» Усе астатнія адоз­ вы паздзіраныя, а гэтая вісіць.

Потым Вера так і расклейвала адозвы — тэкстам да сцяны. Хай, казала, пішуць, што хочуць.

Расказваць шведскаму следчаму, як здзіраліся разам з адозвамі нашы мары пра Беларусь? Распавядаць яму, як растайвала і растайвала, саступаючы месца расчара­ ванню і роспачы, наша надзея? Як глыбелі і цямнелі яміны адчаю? Як абяскрыльвалі, стамляючыся ў бяскон­ цым чаканні хоць нейкіх, хай маленькіх перамог, нашы душы? Як Вера даводзіла ўсім, што нельга перамагчы, выбіраючы паміж эвалюцыяй і рэвалюцыяй, што пера­ мога магчымая толькі ў выбары паміж свабодай і смер­ цю, — і як ніхто не хацеў паміраць?..

Я таксама паміраць не хацеў.

Мне абрыдла цягацца па бангалорскім балоце, змагаю­ чыся за незалежнасць краіны, якая і без таго незалежная, слухаць на мітынгах і шэсцях адны і тыя ж прамовы ад­ ных і тых жа людзей ды яшчэ сядзець за гэта па дзесяць­ патнаццаць сутак у пастарунках — і я выйшаў з Народнага фронту. Разлічваючы калі не на падтрымку, дык на разуменне, сказаў пра тое Веры, а яна перапытала: «Ты выйшаў з Народнага фронту?.. — і, не чакаючы адказу, адрэзала. — Гэта Народны фронт выйшаў з цябе!»

Я зразумеў, што зразумець Веру нельга — і я не хацеў паміраць. Таму апынуўся ў Швецыі...

Я расказваю пра ўсё гэта ўжо не следчаму, распавядаю адвакату, якога наняў мне Ражон, і адвакат — гэтаксама, як і следчы, не разумеючы, пра што я кажу, — супакойвае мяне: «Не бойцеся, у Швецыі смерцю не караюць».

Пры чым тут Швецыя?..

— Я там паміраць не хацеў.

— Натуральна, што не хацелі. А хто хоча? Хоць там, хоць тут… Генетычная праграма самазахавання закладзе­ ная ў мазгі найпершай. Ва ўсе мазгі: чалавечыя, звяры­ ныя… Вас, дарэчы, у іншую камеру перавядуць, каб вы адчувалі сябе па­чалавечы.

— У мяне і зараз не кепская…

— Новая будзе лепшая. Не «Хілтан», але і не турма. Ражон наняў мне адваката і пастараўся, каб перавялі мяне ў лепшую камеру, бо, аказалася, я прыстрэліў якраз таго, каго ён хацеў, каб я прыстрэліў: кілера, прыслана­ га рускай мафіяй расправіцца з Ражном. Я сказаў адва­ кату, што такога не можа быць, бо я хацеў забіць і забіў беларуса, на што адвакат спытаў:

— А беларус хіба не можа быць кілерам?.. Вы падумайце…

Падумаўшы, я зразумеў, пра што ён пытаецца, і адказаў, што можа.

— Як і кім заўгодна яшчэ, — задаволіў мой адказ адва­ ката. — Скажам, целаахоўнікам, які выканаў свой абавя­ зак… А калі не, дык чалавекам, у якім прыродная агрэсія вылілася ў нянавісць да сабе падобных. У хваробу, у шызафрэнію… Пад уздзеяннем стрэсаў, перажытых вамі як там, так і тут. Мы яшчэ шведскія іміграцыйныя служ­ бы зробім вінаватымі — вы не супраць?

У адрозненне ад следчага, які ўсім сваім выглядам нібыта ўвасабляў справядлівасць і непарушнасць закона, адвакат на жуліка выглядаў, дый, мусіць, быў ім, калі знаўся з Ражном. Але мне якая розніца, калі ён прапаноўваў мне якраз тое, чаго я хацеў: шведскую псіхушку?

— Я не супраць. Але следчы не лічыць мяне ненар­мальным.

— Гэта не яму вызначаць. Дастаткова будзе, калі ён прызнае, што ў вашых дзеяннях цалкам адсутнічае маты­ вацыя. І ён прызнае гэта, бо зыходзіць з чалавечай логікі, звычайнай маралі.

У голасе адваката пракідвалася калі не пагарда, дык паблажлівасць да следчага, да ягонай чалавечай логікі і звычайнай маралі; але зусім не праз тое яна пракідвалася, што адвакат быў старэйшы за следчага, праз нешта іншае, таму я спытаў, хоць не трэба было, бо мне якая розніца:

— А вы зыходзіце з якой логікі і маралі?

Зірнуўшы на гадзіннік, адвакат пачаў складваць па­перы ў тэчку.

— З жывёльнай… Якая і ёсць чалавечая, калі лішняга не выдумляць.

Я не зразумеў:

— Як гэта?

— А так… Неяк у мяне кліент быў, які ката забіў. Кот жыць яму не даваў. І я давёў на судзе, што, калі хтосьці, хто заўгодна жыць табе не дае, з ім трэба распраўляцца. А як інакш?.. Між іншым, — адвакат, збіраючы паперы, затрымаўся на адной, — ведаеце, чаму вам у палітычным прытулку адмовілі?

Я не ведаў.

— Не ведаю. Пра прычыны ў такіх выпадках не кажуць.

— Не кажуць, але ж яны ёсць. І адна з іх — ананімка, у якой пішуць, што вы забілі ката.

Рука, якой пацягнуўся я да паперы, сама, нібы дакра­ нуўшыся да аголенага провада пад токам, торгнулася на­ зад і здранцвела.

— Якога ката?

— Тут не напісана, якога. Можа, такога, якога варта было забіць. Але ў іміграцыйнай службе Швецыі поўна феміністак, якія да таго ж пагалоўна ў таварыстве ахо­ вы жывёлін, таму ад іх цяжка чакаць прыязных адносін да мужыка, які забівае катоў.

Пра тое, што некалі, калі быў падлеткам, я забіў ката, расказаў я аднойчы ў парыве адкрытасці адной жанчыне. У Ваўкавыску на Шведавай гары… Была ліпеньская ноч, мы любіліся, і жанчына, соладка адстагнаўшы ў нябёсы і сцішыўшыся, раптам сказала, што, пакуль мы любіліся, дзве зоркі сачылі за намі, як вочы ката. І я ўспомніў, як тыя вочы пырснулі, выляцелі з кацінай галавы пасля некалькіх удараў аб бетонны слуп, і пачаў расказваць, рас­ казваць… як сам я не ведаў, не ўсведамляў, што са мной, што я такое раблю… як наплывала, накрывала, засціла розум нянавісць… расказваў, расказваў і, як і тады, не разумеў: што са мной?.. нашто расказваю, для чаго?.. — дык вось жа, аказалася, для таго, каб нехта напісаў у швед­ скую іміграцыйную службу, у якой поўна феміністак, якія пагалоўна ў таварыстве аховы жывёлін, што я катазабой­ ца, кат і забойца… але ж хіба магла?.. ды як яна магла?.. не, не магла тая жанчына такое напісаць.

— Хіба ў Швецыі давяраюць ананімкам?

— А дзе не давяраюць? Паўсюль любяць плёткі, не лю­ бячы плеткароў. Хоць нідзе, дзе ёсць закон, ананімка, ка­ нечне, не дакумент. Была б дакументам, можна было б лічыць, што мы ўжо выйгралі суд. Бо мелі б доказ, што вы даўно псіхічна хворы. То катоў забіваеце, то людзей… І ўсё без дай прычыны, без матывацыi, што прызнае на­ ват следчы. — Адвакат склаў паперы, двума пальцамі ўзяў тэчку за ражок, паківаў ёю, як маятнікам. — А вось я, паміж намі, не прызнаў бы, што без матывацыі… І, калі вам цікава, магу сказаць, чаму.

Голас ягоны ў апошніх словах змяніўся… Нібы адгава­ рыўшы ўсё, за што яму заплацілі, самае істотнае пад самы канец ён вырашыў сказаць за так.

— Чаму?

— Бо матывацыя ёсць. Там, дома, вы ненавідзіце тых, хто над вамі. Але зусім не таму, што яны, як спрабуеце вы давесці следчаму, душаць свабоду і дэмакратыю, а таму, што ў іх улада, грошы — усё тое, чаго б хацелі вы. І вы не здольны нічога змяніць, нічога зрабіць, бо тыя, хто над вамі, моцныя, а вы слабы. Таму вы збеглі ад іх, і ўсю сваю злосць і нянавісць скінулі на таго, хто з іхняга ж статку, але ўсё ж слабейшы, не важак з ікламі, на якога ў вас і рука не паднялася б, здранцвела б, як зараз… Вось пад што падвярнуўся ваш зямляк з пакетам, як некалі кот. І называецца гэта, калі хочаце ведаць, пераразмер­ каваннем агрэсіі.

Адвакат вырашыў, што разабраўся ўва мне, і я не збіраўся яму пярэчыць. Калі чалавек робіць тое, за што яму плацяць, дык без розніцы, што ён пры гэтым думае. Ён глядзеў на мяне так, нібы нутро маё выкруціў навы­ варат, мне самому адкрыўшы там нешта патаемнае, а мяне здзіўляла адно: як ён здагадаўся, што ў мяне рука здрацвела?..

Асатняе ўсё я ведаў.

Прыблізна тое самае казала мне на Шведавай гары ў Ваўкавыску тая жанчына, якой прызнаўся я ў парыве адкрытасці, што забіў ката. Яна дапытвала й дапытвала: хто перад тым мяне зняважыў, пакрыўдзіў, каму я хацеў — і не мог адпомсціць? Я выдумляў нейкія крыўды на су­ седзяў, настаўнікаў, хоць ніхто мяне не крыўдзіў. Проста мне хацелася, каб жанчына, якую я кахаў і якая лічыла сябе разумніцай, не мела сумневу ў тым, што я кахаю яе і што яна разумніца.

Аднойчы, калі ў чарговы раз пасадзілі нас за ўдзел у чарговым мітынгу, яна спытала: «Ты ведаеш, дзеля чаго ўсё гэта? Не для свабоды і дэмакратыі, а для цябе — дзеля чаго? Што ты за ўсё гэта мець хочаш? Ну, калі адсядзім, адбегаем сваё пад дубінкамі? Грошы? Славу? Уладу?..» Я адказаў, што, мусіць, нічога, бо пра гэта нават не ду­ маю. Яна сказала: «Я таксама, але ж не ўсе прыдуркі, нехта ж думае».

Так яна пасеяла ўва мне сумненні, так аслабіла мяне — і слабога пакінула. Калі я сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба з’язджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — яна адказала: «Едзь, я нікуды з табой не паеду. Ты мне тут абрыд. Усе вы мне абрыдлі».

— Хто — усе?..

Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэа­ тра ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нельга, а не ёй; яна апусціла шкло і так блізка была, нібы мы ў адной кампаніі, толькі Наста ў машыне, а не за столікам, і яна ўсё чула, што казала Вера, якая сядзела бокам да яе і, утаропіўшыся ў кубак з кавай, Насту не заўважала…

— Усе, каму я некалі паверыла. Усе, праз каго згубіла найлепшыя свае гады, маладосць, жаночае шчасце — хто мне ўсё гэта верне? Недацалаваныя дні і недапешчаныя ночы, якія днямі адстаяла я ў пікетах, адхадзіла ў шэс­ цях, начамі адбегала ў цёмных ветрах… Хто і чым мне заплаціць за гэта?.. «Трэба, Верачка, трэба!» «Ты малай­ чынка, дзяўчынка…» «Заўтра наша свята!» «Заўтра — перамога!» Заўтра, заўтра… Хто верне мне маё жыццё?.. Ты? Дык ты здольны толькі…

Каля кавярні пачаў стварацца затор, вуліца засігналіла, цяпер Вера заўважыла Насту, на імгненне замерла, неяк сутаргава зглынула недагавораныя словы: «…катоў забіваць…» — і раптам змахнула кубак з кавай са століка ў вакно машыны. Наста паспела адхінуцца, яе толькі апыр­ скала кавай, кубак ударыўся ў плячо кіроўцы, здаравен­ нага бамбізы з гэбісцкай мордай, які сабраўся выйсці, каб разабрацца, але Наста, атрасаючыся, злосна крык­ нула яму: «Едзь давай, разбярэшся!..»

Машына рванула з месца.

Вера паднялася і пайшла, кінуўшы разгубленаму афіцыянту: «Ён за ўсё разлічыцца!..»

Па ўсім выходзіла, што так…

Я глядзеў, як яна ішла, не ведаючы, куды, па ходніку ў бок Купалаўскага тэатра — і не вярнуў, не паклікаў. Ня­ хай ідзе — дакуль дойдзе?..

Яна дайшла да канца.

— Магчыма, у вас былі праблемы праз жанчыну? — да­ пытвае шведскі следчы, і я адказваю яму, што не, ніякіх праблем праз жанчыну з забітым у мяне не было. След­ чы кажа, што шкада, бо, з улікам шведскіх законаў, гэта быў бы для мяне найлепшы варыянт.

— А найгоршы?

— Той, які вынікае з вашых паказанняў. Забойства па прычынах палітычных. Па новым законе, прынятым шведскім парламентам, гэта тэрарызм. А значыць, па­ жыццёвае зняволенне.

— Я не забіваў яго па палітычных прычынах.

— А па якіх?..

— Я казаў вам, па якіх. Але тое, што ён беларус — не палітычныя прычына.

— Тады якая?..

— Ну, можаце лічыць, эталагічная.

Шведскі следчы задумваецца і кажа: «Такой прычы­ны ў шведскіх законах няма».

Няма дык няма…

— У шведскіх законах і пажыццёвага зняволення няма.

Следчы не згаджаецца:

— Пажыццёвае зняволенне ёсць.

— Якое?

— 15 гадоў.

— І вы не бачыце супярэчнасці?

— У чым?

— У тым, што пажыццёвае — і 15 гадоў?..

Шведскі следчы не бачыць супярэчнасці ні ў адным шведскім законе. Бо для яго закон ёсць закон.

А для майго адваката — не. Ва ўсякім выпадку, не ва ўсім і не заўсёды. Таму ён спадзяецца, што мы выкруцімся, хоць праз нейкі новы закон раптам зноўку ўзнікла небя­ спека дэпартацыі. Але гэтым разам, тлумачыць мне ад­ вакат, не руціннай дэпартацыі, калі вывозяць за мяжу — і каціся ва ўсе чатыры бакі, а дэпартацыі з перадачай уладамі шведскімі ўладам беларускім з рук на рукі, як крымінальніка. Што азначае нават не дэпартацыю, а экстрадыцыю.

Выходзіла: адкуль я выехаў — туды прыехаў. А след­ чы страшыў, што найгоршае, што мяне чакае — пажыц­ цёвае зняволенне на 15 гадоў.

— Гэта не закон, а рашэнне ўраду, — нервова даводзіць мне адвакат, я ўпершыню бачу яго нервовым. Мусібыць, калі мяне вышлюць, Ражон яму не заплаціць, бо за што плаціць?.. — І яно не можа быць законам! Швецыя пе­ ранасычана імігрантамі, цяпер іх пры любой магчымасці будуць выпраўляць туды, скуль яны прыехалі. Найперш тых, каго на нечым за руку зловяць… Але ў рашэнні ска­ зана пра дробныя злачынствы, пра дробныя!.. Дык ня­ хай пакажуць мне закон, па якім забойства ў Швецыі — дробнае злачынства!

Не падобна, што адвакат сам верыць у тое, што ра­ шэнне шведскага ўраду ў Швецыі не закон. Фармальна не, але… Улада ўсюды ўлада.

Адвакат разумее, што не давёў нічога ні мне, ні сабе, таму кажа, што ў любым выпадку дэпартуюць мяне не заўтра, бо шведская бюракратычная машына — не

«Формула­1», і мы паспеем прайсці псіхіятрычную экс­ пертызу, а ўжо прызнанага хворым хай мяне хоць хто паспрабуе дэпартаваць хоць па якіх рашэннях ці зако­ нах. А ў тым, што мяне прызнаюць хворым, ён не мае сумневу. І не таму, што ў экспертах ягоны сябар, з якім пра ўсё дамоўлена, а таму, што любы чалавек, які жыў там, дзе жыў я, і лічыў сваё жыццё нармальным — хво­ ры і ёсць. Як след падумаўшы, адвакат прыйшоў да та­ кой высновы.

Развітваючыся, ён спытаў ціха, шэптам: «А вы там, дома, нікога, апроч ката, не забілі?.. Ды што вы так наструніліся, я жартую…»

Ён не жартаваў.

Вярнуўшыся ў камеру, я ўключыў тэлевізар. У выпу­ ску навінаў выступаў нейкі нацыяналіст. Худы, востра­ твары. Шведскія нацыяналісты пераважна худыя і назы­ ваюць сябе шведскімі дэмакратамі. І вось гэты шведскі дэмакрат, а насамрэч шведскі нацыяналіст, казаў якраз пра мяне, беларускага нацыяналіста. Не персанальна пра мяне, а ўвогуле пра такіх, як я… «Яны прыязджаюць да нас, крадуць, страляюць, а мы павінны судзіць іх па на­ шых законах, даглядаць і карміць у нашых турмах — за чые грошы? Я не згодны, каб за мае. І ніводны швед не згодны. Няхай іх судзяць і ў турмы садзяць дома…»

Востратвары нацыянал­дэмакрат глядзеў некуды міма камеры і прамаўляў так, нібы апраўдваўся. Не выглядаў ён перакананым, што кожны швед з ім згод­ ны. Нехта ж можа крык усчаць: «А гуманітарныя прын­ цыпы! А правы чалавека!..» Тут ёсць каму крычаць, тут кантораў па правах чалавека не меней, чым па ахове жывёлін.

Неяк прыснілася, быццам Вера прыехала і служыць ў такой канторы. Стаіць у пікеце на Södra Förstagatan з плакатам: «Здавайце забітых у пункт прыёмкі забітых». І Ражон каля яе з бел­чырвона­белым сцяжком круціцца, у мяне пытаецца: «Ты чаму забітага ў пункт прыёмкі не здаў?..» Я Ражна адпіхваю, бо што мне Ражон, хоць і з бел­чырвона­белым сцяжком, мне Веры трэба растлума­ чыць, што Södra Förstagatan — не Бангалор, што ўвогуле ў Швецыі дэмакратыя, тут забітых здаюць, куды захо­ чуць, а Вера адказвае, што так няправільна, бо, як хава­ юць на адным месцы, гэтаксама ў адно месца трэба зда­ ваць, вунь у нас жа здаюць у судмедэкспертызу…

Калі Веру з перарэзанамі венамі знайшлі ў яе адна­ пакаёўцы і адвезлі ў судмедэкспертызу, там напісалі, што спачатку ў Веры спынілася сэрца, а пасля ўжо яна набрала ванну і ўзрэзала вены. Таму так мала нацякло крыві…

Прычыну, па якой спынілася сэрца, судмедэксперты­ за не ўстанавіла. Не было прычыны. Доза алкаголю, які знайшлі ў крыві, прычынай быць не магла.

Здарылася гэта ў той дзень і прыблізна ў той жа час, калі я сеў на цягнік да Масквы, каб у Маскве сесці ў са­ малёт да Стагкольма… Так што ў гэты час я мог не быць у Менску, а мог і быць — Вера жыла побач з вакзалам.

Я мог з ёй выпіць, спыніць ёй сэрца, зацягнуць у ванну, перарэзаць вены і паспець на цягнік.

Калі не, чаму збег?..

Слядоў маіх у кватэры хапала.

Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, спецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала:

«Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!» Дык што рабіць спецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж збег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытанне адваката: «Вы дома нікога не забілі?..» Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта вам не ананімка пра ката…

Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..

Тады ў якім жа яна адчаі была… І пры чым тут спецслужбы? Можа, і пры чым, але не пры гэтым.

Дні за два да ад’езду мне патэлефанавала Наста… Ніхто, апроч Веры, не ведаў, а яна аднекуль ведала, што я з’язджаю. Толькі думала, што мы з’язджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім — тут нічога не да­ чакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам не столькі праз мяне, колькі праз Веру.Чаму?.. Бо я ў параўнанні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спы­ тала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе не­ шта ў нас не склалася…

Скуль яна ўзяла, што праз яе?

Калі я дазнаўся, што Веры не стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізу­кіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: «Едзь давай, разбярэшся!..» Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай! Ці ў нас могуць забіць?..

Шведскі следчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.

— Вы першую палову жыцця хадзілі на савецкія шэсці: Першамай, Кастрычнік… Так?

— Так.

— А другую палову жыцця — на шэсці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?

— Так.

— Тады скажыце мне, падумаўшы: гэта нармальна?

— А што тут ненармальнага?..

Шведскі следчы глядзіць на мяне бездапаможна: «Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там. Вас туды могуць выдаць, калі ад­ вакат не даб’ецца псіхіятрычнай экспертызы».

Нарэшце яны, адвакат і следчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б, сышліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце «выслаць», а другі — у пункце «выдаць». Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, следчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з экспертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…

Яму шкада мяне.

Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Следчыя, міністры, ад­ вакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыццё нармальным?

Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрац­ ца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з кар­ цэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэннямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца следства, сувязь забароненая. А пасля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнеце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.

Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень пры­ томнасць страчваеш. І не ўсведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: «Там, дзе канчаюцца замкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашы замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе».

Вера казала: «Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца. Для нас такія тур­мы — замкі.

Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчаслівыя ў рабстве».

Шведскі следчы кажа: «Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэння чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і».

Сям’і не выйшла…

Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.

Так не можа быць. Ці можа? Каб усе — недалэнгі…

— У мяне жонка журналістка, даволі вядомая, — кажа следчы. — Яна ў вас не раз бывала. Дык у першым рэ­ партажы напісала, што вы лепшыя за нас.

Выходзіць, следчы прыкідваўся, быццам ні пра Бела­русь, ні пра беларусаў нічога не ведае…

— А ў другім?

— Што ў другім?..

— А ў другім рэпартажы пра што яна напісала?

— Пра вашу мужнасць. Пра тое, як мужна вы перанеслі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І як зараз гэтак жа муж­ на, сцяўшы рот, перажываеце дыктатуру.

— Мы мужна перажываем дыктатуру?

— Я ў вас не быў. Яна так напісала. Што ж, мужна дык мужна… Дыктатуру дык дыктатуру…

— А ў трэцім рэпартажы?..

— О!.. — Следчы, што дзіўнавата для шведа, у захапленні ад жонкі. Я таксама рады, што яна ў яго ёсць, бо гэта праз яе, мусібыць, ён такі гаваркі. А я ўсё гадаў, чаму ён неа­ бавязковыя для следства размовы са мной водзіць?..

Ва ўсім ёсць прычына.

Сэрца без прычыны не спыняецца.

— Гэта не рэпартаж быў, фантастыка! Ёй прэмію за яго далі… Жонка мая… яе, дарэчы, Верай завуць…

— Як?..

Перад тым, як назваць імя жонкі, следчы, мне здало­ ся, надта ўжо ўважліва зазірнуў мне ў вочы, нібы чака­ ючы, як я адрэагую…

— Так, Вера, — кіўнуў следчы і не стаў тлумачыць, чаму ягоную шведскую жонку, як і маю беларускую, завуць Ве­ рай. — Яна перакананая, што небяспека для чалавецтва — не спід і не тэрарызм, а грамадства спажывання, якім і ёсць сёння ўвесь Захад. Яна лічыць, што грамадству спа­ жывання цалкам адпавядае філасофія хрысціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.

Я не ўцяміў:

— Якую веру?

— Хрысціянскую, на якой грамадства спажывання і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайш­ ло напярэдадні хрысціянства, пасля пачаўся заняпад, што адчулі на Ўсходзе, дзе стварылі новую сусветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразуме­ та галоўнае: сёння, каб ісці наперад, трэба бегчы назад. А вам не трэба назад, вы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у вас ёсць храмы, але вы ў сутнасці сваёй ніякія не хрысціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, па­ ганцы, і грамадства спажывання ў вас не сфармавала­ ся. Цывілізацыя перагнала вас, як на стадыёне, на круг, але з трыбун здаецца, што вы не апошнія, а наперадзе, і Вера даводзіць, што так не здаецца, а так яно і ёсць. Што, стаўшы аўтсайдэрамі, вы сталі лідэрамі. І не трэ­ ба лезці да вас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажывання д зеля апраўдання свайго існавання. Бо гэта — як вешаць на вашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Рэпартаж так і называўся: «Цукеркі і фанцікі». І з яго вынікала, што не вам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да вас, да той чалавечай сутнасці, да тых нязменнасцяў, якія вы захавалі. Калі, канечне, Еўропа не хоча, каб яе крывя­ носныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.

Во як…

Жылі і не ведалі пра сваё шчасце. За такое і ў нас бы ёй прэмію далі.

— А дзе жыве ваша жонка?..

«Выпадкова не ў Менску?..» — хацеў я спытаць, ды следчы неяк дзіўна рэагуе на маё пытанне: глядзіць так, нібы сам не ведае, дзе яна жыве.

— Тут… у Мальма… — цягне ён, і ўва мне ўзнікае па­ дазрэнне, што з жонкай у яго, як і ў мяне, праблемы. — У яе свая кватэра, там кот у яе жыве. Асобна, бо я не люблю катоў.

Гэта правільна. Калі б у мяне была свая жонка, а ў жонкі яшчэ і свая кватэра, дык у ёй жыў бы кот. Асобна, бо я не люблю катоў.

— Вы жонку маю зацікавілі, яна хоча напісаць пра вас, — тлумачыць, нарэшце, следчы, да чаго ўся папярэдняя раз­ мова. — Прасіла спытаць, ці вы згодны?

Чаму не?.. Толькі адвакат папярэдзіў, каб я без яго — нікому не слова, таму мне трэба параіцца з адвакатам.

— Ануча пад абцасам, — кажа пра майго следчага мой адвакат. — Гэта праблема Швецыі. Жонка ягоная, з якой ён, між намі… — адвакат робіць паўзу і нешта не дага­ ворвае… — дык яна заўсёды дзіўнаватая была, а ў апошні час зусім стала лявачка, што таксама праблема. Да таго ж яна ненармальная, а яе на каралеўскія прыёмы запра­ шаюць. Нядаўна на вяселлі дацкага прынца красавала­ ся. Напісала, што са шлейфа нявесты можна было б сот­ ню сукенак для голых афрыканак пашыць. І ўсё, больш ні слова. Прынцэса прачытала, скандал… Так што няхай і пра вас напіша, скандал не зашкодзіць.

Можа, і не зашкодзіць…

Мне ўжо нічога зашкодзіць не можа…

Следчы сказаў, каб я ўключыў тэлевізар пасля веча­ ровых навінаў, калі хачу ўбачыць ягоную жонку, якую зноў запрасілі на каралеўскае вяселле, скуль яна будзе весці рэпартаж.

Я ўключыў…

Гішпанскі кронпрынц Філіп жаніўся з Летыцыяй Орціс. Нявеста, гішпанская тэлежурналістка, а цяпер прынцэса Астурыйская, магла б і сама рэпартаж правесці. Тады б не пачула тое, што пачула. Што вя­ селле — на ўсю Еўропу, і што з вясельнага стала мож­ на было б накарміць усіх бежанцаў, колькі іх у Еўропе ёсць… «Але есці з гэтага стала, які ломіцца ад яды і пітва ў крышталі і золаце, будуць не бежанцы, не галодныя дзеці, а згаладалыя і сасмяглыя Іх Вялікасці Кароль Гішпаніі Іаан Карл І і Каралева Сафія, Іх Каралеўскія Вялікасці Аўгусцейшыя Жаніх і Нявеста, Інфанта Алена Гішпанская і Герцаг дэ Луга, Яе Імператарская Вялікасць Галава Расейскага Імператарскага Дома Га­ сударыня Вялікая Княгіня Марыя Уладзіміраўна, Іх Вялікасць Каралева Галандыі Беатрыса І, Каралева Даніі Маргарыта ІІ, Кароль Грэцыі Канстанцін ІІ і Ка­ ралева Анна­Марыя, Кароль Бельгіі Альберт ІІ і і Кара­ лева Паола, Кароль Швецыі Карл ХVІ Густаў і Карале­ ва Сільвія, Кароль Нарвегіі Харальд V і Каралева Соня, Іх Каралеўскія Вялікасці Вялікі Герцаг Люксембургскі Генрых і Вялікая Герцагіня Марыя­Тэрэза, Герцаг Браганцкі Дуартэ…»

У кадры ўсё ззяла: камера плыла па белазубых усмеш­ ках, па каронах, па бліскучых эпалетах, дыядэмах, кара- лях, па золатам вышытых паясах і стужках; было насам­ рэч каралеўскае, урачыстае і велічнае, вяселле, а голас за кадрам ператварыў яго ў немаведама што… У вадэвіль, у фарс, у анекдот…

Я ўявіў, як шведам, якія хоць і пытаюцца адзін у ад­ наго, ці варта ім карміць караля з каралевай, але ўсе ж любяць іх, такое чуць…

Голас за кадрам быў не проста знаёмы. Родны. Здавалася, ён гучыць дома. Даносіцца са Шведавай гары.

Жанчыну з гэтым голасам я не проста ведаў. Палову жыцця я ёю трызніў — палову жыцця яе кахаў…

На імгненне яна з’явілася ў кадры: «…і яшчэ 1600 дармаедаў з усёй Еўропы, якіх ахоўваюць 20000 паліцэйскіх…»

— Вера?

— Вера!

— Вера…

Не надта падобная на беларуску, нетутэйшая, праз што пабойваўся яе і касіўся ў яе бок выкладчык гісторыі Хве­ дар Міхайлавіч Дастаеўскі, які прывёў мяне з Настай на Дзяды каля Ўсходніх могілкаў, дзе мяне, прытручана­ га «чаромхай», міліцыянты, дубасячы, пацягнулі ў вара­ нок… і Наста ўбок адварочвалася, каб яе не пратурылі з інстытута, ды потым яшчэ бажылася, што ніхто не труціў нікога і не дубасіў, вось жа яна там была і ўся цэлая… а Вера, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася: «Вы што?!. Вы куды яго?!.» — і адбіла мяне ў міліцыянтаў, каб пасля згубіць са мной найлепшыя свае гады, маладосць, жаночае шчасце, недацалаваныя дні і недапешчаныя ночы, адстоеныя ў пікетах і адбеганыя ў цёмных ветрах, на якіх абяскрыльвала, стамляючыся ў бя­ сконцым чаканні, яе душа, растайвала і растайвала, састу­ паючы месца расчараванню і роспачы, яе надзея, глыбела і чарнела яміна адчаю, куды ўрэшце, праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, скочыла яна, спыніўшы сэрца і ўзрэзаўшы вены… — і ўсё гэта дараваць?.. не адпомсціць, не пакараць, не забіць за гэта нікога?!.

«Хто мне верне маё жыццё?!.»

Яна была не так, як звычайна, апранутая, размаўляла па­шведску, але гэта была яна — і гэтага не магло быць.

Я кінуўся да дзвярэй камеры: «Ахоўніка!.. адваката!.. следчага!.. доктара!.. Ражна!.. каго­небудзь…»

Мусібыць, я так не хацеў забойцам вяртацца ў Бела­ русь, гэтак хацеў вар’ятам застацца ў Швецыі, што на­ самрэч звар’яцеў.

ДЗВЕ ВЕРЫ

Не ведаю, як яно так атрымлівалася, ніхто мяне гэ­ таму не вучыў і сама я не вучылася, але з дзяцінства я ўмела жыць і ў сабе, і ў іншых, пасяляцца ў некім, пачу­ ваючыся і сабой, і тым, у кім пасялілася. Рыбаю ў рыбе і вадою ў вадзе. Жывой у жывым і мёртвай у мёртвым. Хоць нічога мёртвага няма, мы проста называем гэтак тое, што, як нам здаецца, нежывое.

Першым, у кім я пасялілася, было жарабя. Вогненна-рудое з белай зоркай на лобе…

Стаяў сухі, спякотны ліпень. Гарэла жытняе поле. Па­ жар слаўся на ветры. Вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, нёс да мяжы і кідаў сабе самому за спіну, пераварочваў, з шумам і трэскам уздымаў да неба, скуль агонь падаў і паўставаў сцяной, у якой жарабят­ ка не знаходзіла выйсця, паратунку, хоць ён быў: це­ раз поле да ракі, дзе можна было зратавацца, пралегла даволі глыбокая канавіна, у якую трактарамі, калі поле аралі, сцягвалі камяні. Вогненнае жарабятка кідалася ва ўсе бакі — і руды агонь з усіх бакоў кідаўся на жарабят­ ка, якое ўжо задыхалася ад дыму і спёкі. Мне не было і шасці гадоў, я не ведала, як жарабятку дапамагчы, але я гэтак зратаваць яго хацела, што ўявіла, як сама пераско­ чыла б зараз праз тую пасму агню, што пераразае шлях да канавіны… і з апошніх сіл, задыхаючыся ад дыму і спёкі, тую пасму агню я пераскочыла, прабегла, збіваючы капыткі на камянях, па канавіне, кінулася ў ваду, ста­ ла прагна піць, піць, піць… і толькі тут адчула, што я не толькі я, але яшчэ і нешта іншае… тое жарабя, якое ледзь не згінула ў полымі.

Нешта са мной, дзяўчынкай Верай, на той час, пакуль я была ў жарабяці, мусібыць, сталася, бо знайшлася я ў сабе толькі тады, калі маці, з якой мы жылі на лецішчы, затрэсла мяне, як ляльку: «Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..»

Такое было ўпершыню, таму маці спалохалася. Пас­ ля прывыкла. А бацька кожны раз сур’ёзна распытваў, што я бачыла на тым свеце? Які ён наогул — той свет?.. У тым, што ён ёсць, бацька не сумняваўся. Сумняваўся ён у тым, што менавіта той свет — той, а гэты — гэты.

«Дачушка, — ён пытаўся, — а не наадварот?.. Неяк падобна, што наадварот.»

Іншым разам і мне так здавалася.

Праз год пасля пажару бегла я, як тое жарабя, што зратавалася ад полымя, па той самай канавіне да рэчкі. Жыта на пажарышчы вырасла густое, высокае, стаяла да неба — нібы і за сябе, і за тое, якое згарэла. Бліжэй да сярэдзіны поля канавіна паглыблялася, там вялізны валун ляжаў — і за тым валуном падпільноўваў мяне ляснік з мянушкай Цмок. Не ведаю, чаму ён такую мя­ нушку меў, не выглядаў ён на цмока. Зусім не страшны быў, усміхаўся… Некалькі разоў я бачыла яго каля рэчкі, нават віталася з ім, зараз таксама сказала: «Дзень до­ бры!» — а ён не даў мне міма прабегчы, скочыў за мной, схапіў, паваліў, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэ­ так балюча і страшна, што ад болю і страху я пачала ка­ наць і, каб не сканаць, перасялілася з сябе жывой у сябе мёртвую, бо толькі мёртвай можна было гэты страх, боль гэты вытрываць.

Так я ўпершыню памерла.

Цмок адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: «Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… не трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…» — і калі ўсё сваё скончыў, сцягнуў мяне ў яміну і кульнуў звер­ ху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Цмок паспрабаваў яго зрушыць, але не змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна. Тады я вярнулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з­пад валуна. Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем вы­ брацца магла толькі зусім маленькая дзяўчынка.

Хіба такое магло быць на гэтым свеце?.. Але ж на нейкім свеце яно было.

На тым?..

Цмок жыў за рэчкай, цераз мост ад нашага лецішча, на сядзібе лясніцтва. Начаваў ён летам на сене ў пуні. Гэта ягонае, а не чыёсьці жарабя, зратавала я год таму ад пажару.

Прыйшоўшы ў лясніцтва ўночы, я падкралася да пуні, замкнула і падпёрла віламі, утыркнууўшы іх у зямлю, дзверы, на ламачча каля сцяны ад лесу наця­ гала сена — і толькі чыркнула запалкай, як пачулася з пуні іржанне. Я магла патушыць запалку, але я не патушыла яе.

Я надта ўзненавідзела чалавека, каб пашкадаць каня. Пуня гарэла, жарэбчык іржаў і біў капытамі ў дзверы, я, сціснуўшы зубы, бегла праз лес да рэчкі… Потым цераз мост, потым па канаве цераз поле — нібы насустрач сабе самой, той, якая год таму перасялілася ў жарабя, каб зра­ таваць яго ад полымя, і толькі што ў полымі яго спаліла.

А Цмок не згарэў. У тую ноч яго не было ў пуні. У лесе хаваўся, нечага баяўся.

У канавіне я заўважыла, што ён усё ж паглыбіў пад­ коп пад валуном, каб той лёг плазам. Каб усе костачкі мае раструшчыў, каб следу не засталося.

Я ўсё думала і думала пра жарабя. Пра тое, што зра­ тавала яго ад агню, каб у агні спаліць. Супярэчанне было такім вострым, што разразала мяне напалам. Гэта ця­ пер я ведаю: чалавек толькі тым і займаецца, што ства­ рае, каб парушыць, і ратуе, каб знішчыць. А тады, не ве­ даючы законаў гэтага свету, я ніяк не магла зразумець: як такое сталася?..

З усяго, што мясцілася і не магло ўмясціцца ў маёй свядомасці, вынікала адно: калі б я не выбралася з­пад валуна, жарабя засталося б жывым.

Цяпер мне цяжка ўспомніць, як я дадумалася да таго, што, калі я жывая, а жарабя праз мяне мёртвае, дык мне трэба пахаваць ягоныя абгарэлыя костачкі там, дзе маглі б ляжаць раструшчаныя мае. Гэтая думка не ратавала, але ўсё ж нейкім чынам прытупляла вастрыню супярэчання, якое мучыла мяне невыносна.

Вечаровымі прыцемкамі я прыбегла ў лясніцтва і стала на пажарышчы, узіраючыся ў тое, што пакінуў па сабе агонь. Апаленая сячкарня, жалезныя колы, абады, крукі… І ў гэты час вярнуўся з лесу Цмок. Ён убачыў мяне пасярод чорнага вуголля ў парванай ім беленькай сукеначцы — і страшна­страшна закрычаў. Гэтак страш­ на, што я скаменела. Мне трэба было бегчы, а я не маг­ ла. Стаяла і стаяла, нерухомая, а ён крычаў і крычаў… Раптам захлынуўся крыкам, нібы крык той горла яму перарваў, рынуўся зноў у лес — і толькі тады я здоле­ ла зрушыцца з месца.

Назаўтра касірка з лясніцтва, якая жыла на хутары паблізу нашага лецішча і насіла нам малако, сказала, што Цмока забралі ў лякарню. Ніхто не ведае, што з ім, але падобна на тое, што звар’яцеў.

Ні бацьку, ні маці я ні ў чым не прызналася. А яны нічога не заўважылі, апроч таго, што сукеначка на мне парваная. Хоць казалі, што любяць мяне.

Я не сказала ім ні пра Цмока, ні пра жарабя, бо дума­ ла: калі баліць табе, навошта, каб балела яшчэ некаму?.. Табе ад гэтага меней балець не стане.

Дый што б мае бацькі зрабілі, калі б пра ўсё дазналіся?.. Забілі б Цмока?..

Мой бацька, як амаль кожны рускі, не любіў сябе, а праз тое не любіў нікога. Памёр ён лёгка, ад сэрца, хоць баяўся смерці. Не так, можа, смерці, як таго свету, на якім нічога добрага чакаць яго, грэшніка, не магло. Маці ж старалася любіць усіх, ды ў яе нават са мной не над­ та яно ўдавалася. Ні смерці яна, ні таго свету не баяла­ ся, бо лічыла, што перад Богам і людзьмі не грашыла, а ўсё ж смерць паслаў ёй Бог пакутлівую: памірала яна ад раку. Калі ёй стала невыносна балюча, і ўжо не дапамагалі ніякія лекі, я перасялілася ў яе і ўзяла яе боль. Я курчы­ лася ад яе болю, а ёй стала лёгка, і яна глядзела на мяне і ўсміхалася. Так, усміхаючыся, і памерла.

Як курчылася я ад болю, канаючы пад Цмокам, як ба­ лела мне, калі перасялілася ў маці, гэтаксама мне балела, калі я перасялілася ў сцяг.

Гэта было ў дні рэферэндума па змене Канстытуцыі, на якім беларусы сцяг свой адпрэчылі. А заадно — і свой герб, дый сваю мову. Адмовіліся ад усяго свайго — і бес­ саромна сталі жыць далей.

Пад валуном у яміне.

Некаторыя саромеліся… Маўляў, мы не адмаўляліся, нас падманулі. Дык што ж вы маўчалі, калі вас пад­ манулі? Чаму не крычалі: «Падманшчыкі, злыдні, вярні­ це нам нашае!..» Прамаўчыўшы, вы адмовіліся двойчы. Значыць, адмовіцеся і тройчы, як тройчы пракукарэкаў певень.

Пасля рэферэндуму мяне разам са сцягам разадралі на шматкі і раздалі на сувеніры.

Тады я ў другі раз памерла. Але ўваскрэсла, бо над­ та любіла жыць. Калі любіш жыць, навошта быць мёрт­ вым?

Лунае, нескароны,

На векавых вятрах

Наш, ад крыві чырвоны,

Ад болю белы, сцяг.

Я ўваскрэсла, Святаслаў не змог. Ён не трываў та­ го, што крывянела і балела… Адварочваўся, каб не заўважаць.

Ён слабы, але зразумела я гэта не адразу.

Калі на Дзядах каля Ўсходніх могілкаў міліцыянты цягнулі яго, скручанага, у «варанок», а ён балюча зыркаў з­пад вывернутага локця, спалоханы, бездапаможны, я магла гэтага не заўважыць. Ці зрабіць выгляд, што не заўважыла, як гэта зрабіла Наста. Але мне здалося, што ён паклікаў мяне. Я кінулася адбіваць яго — і адбіла свой лёс.

Наш лёс залежыць ад таго, хто нас пакліча.

Святаслаў казаў: «Нас паклікала Айчына!» Балбатня… Пакліч: «Айчына!..» І яшчэ раз пакліч, і хоць сто разоў — хто адгукнецца?.. Ніхто.

Яго Айчына паклікала, а ён яе кінуў.

Калі каля Купалаўскага тэатра ў кавярні пад парасонамі ён сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба з’язджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — я адказала, што нікуды з ім не паеду, бо ён гэткі ж пацук, як і ўсе астатнія, што пазбягалі, а я не хачу ні ў доме з пацуком жыць, ні дзяцей мець ад пацука. Паднялася і пайшла ад яго, не ведаючы, куды, а ён глянуў мне ўслед — і не паклікаў.

Ён жорсткі.

У яго ў Ваўкавыску сабака быў — напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду…

Наста неяк расказала, як з тым сабакам і братам стрыечным ён на рыбалку яе ўзяў. Даўно, да мяне. Налавіўшы з вечара плотак, раніцай ён, калі Наста яшчэ спала, зноў рушыў з братам на раку, загадаўшы свайму напаўвоўку сце­ рагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Наста надумала сняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац— і далонь наскрозь. Не зарычаўшы перад тым, не гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і на­ скрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў звярынай пашчы, пакуль браты вярнуліся. Святаслаў не накінуўся на свайго звера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Не На­ сту пагладзіў, а воўка. Сказаў: «Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў звер: — Еш, заслужыў». Толькі тады воўк разняў іклы і вызваліў руку. Пашчасціла, што не зачапіў сухажыллі…

Брат не вытрываў, накінуўся на брата: «Ды як ты так можаш, ды ты!..» — і Святаслаў крыкнуў напаўвоўку:

«Фас!» Той збіў стрыечніка з ног, ледзьве не загрыз… Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасці.

Я сказала яму пра гэта на Шведавай гары, калі ён прызнаўся, што ў маленстве забіў ката. Ні за што, без прычыны. Схапіў за лапы — і аб слуп галавой.

Звычайна ён не прызнаваўся нават у відавочным. Вызверыўся, калі я папракнула яго, што ён скарыстоўвае каханне Насты, мае праз яе нейкія адносіны з уладай… І раптам адкрыўся ў тым, пра што ніхто не ведаў, у чым прызнаюцца ці людзям зусім выпадковым, ці найблізкім. Не, найблізкім якраз не, ім дастаецца найболей маны, а прызнаюцца толькі ці выпадковым, як начны спадарожнік у вагоне, ці самім сабе.

Я была пакліканай, а пакліканыя не могуць быць выпадковымі. Так я ва ўсякім разе думала… Тады вы­ ходзіла, што ён адкрыўся мне, як самому сабе. Я ста­ ла яго суцяшаць, шукаць апраўданні. Казаць, што дзяцінства не ведае жалю. Мне, калі была малой, матылькі здаваліся лятучымі кветкамі — і я адрывала ім крыль­цы, як пялёсткі.

І тут ён сказаў:

— Ты і мне крылы адарвала!

Рэзка сказаў. Як воўк ікламі клацнуў. І нешта ўва мне — наскрозь! Ускалыхнуліся ўсё крыўды… На бацькоў, якія падкінулі мяне ў гэты свет, не спытаўшы, ці хачу я ў ім быць — і не змаглі, не сталі мяне ў гэтым све­ це абараніць… Ускалыхнулася, белая ад болю, крыўда на Цмока, а з ёй — крыўды на ўсіх цмокаў, цмочкаў, цмоцікаў… І я ўсё, як сабе самой, расказала таму чалаве­ ку, які некалі мяне паклікаў — не насіць жа ў сабе да ско­ ну. Распавяла, як мяне падпільноўвалі, падміналі, рабілі на мне сваё, сцягвалі ў яміну і завальвалі камянямі, каб не выбралася. Каб усе костачкі мае раструшчыліся, каб і следу не засталося. А ён паслухаў і спытаў: «Дзеля чаго ты гэта расказала?.. Я тут пры чым?..»

І адсунуўся ад мяне. Яму стала гідка.

Я адкрылася яму, як сабе самой, а яму стала гідка. Хіба не ён некалі паклікаў мяне?..

Амаль дваццаць гадоў!.. Шэсці, мітынгі, пікеты… Ні сям’і, ні дзяцей, ні хаты… Я кватэру мела, ад бацькоў за­ сталася, дык там то штаб, то друкарня, то сходка за сход­ кай — і мяне выселілі, на вуліцу выкінулі. Ва ўлады пы­ тацца без толку, бо яна і выкінула, таму спыталася ў тых, хто на змаганне з ёй клікаў: «Дзе мне жыць?» — а ў ад­ каз пачула: «Кожны нечым ахвяруе». Жыву ў нанятай слепавушцы за вакзалам…

Ды што там з кватэры — мяне з жыцця выкінулі! Жыццё выкінулі з мяне — хто мне яго верне?.. Ты? Які ўсё адклаў напотым?.. Сям’ю напотым, дзяцей напотым… Напотым — само жыццё! А што цяпер? Калі цяпер у нас не жыццё, дык што тады ў нас цяпер?!.

Ён ускочыў, вочы збялелыя, як мае крыўды:

— А мне хто і што верне?!. Толькі ў цябе жыццё, у мяне няма?.. А магло быць! Калі б ты не замінала! Не лезла ў нашы адносіны з Настай! З тымі людзьмі, з якімі яна зводзіла! «Яны ж з улады, як ты можаш з імі знацца? Яны без Бога, яны забойцы!..» А хто — з Богам? Хто — не забойца?! Ведаеш, колькі ты сёння мурашоў натруш­ чыла? Думаеш, мурашынага бога няма?.. — Ён раптам супакоіўся, сеў. — Каб не быць раструшчаным, трэба трушчыць. — І хрумстнуў костачкамі пальцаў: ён страш­ на хрумсцеў костачкамі пальцаў.

Я падумала: некалі ён і мяне заб’е. Схопіць за ногі — і галавой аб слуп. Ці раструшчыць, кульнуўшы на мяне валун.

Але я памылілася: ён мяне атруціў. Ён надыхаў ва­кол мяне атруты.

Я сама набрала ванну, узяла скальпель… і раптам мне стала так сябе шкада, такі жаль сціснуў сэрца, што яно ледзь не спынілася, але гэта ён пранік у мяне, ва ўсе мае костачкі і жылкі — і атруціў. Таму і звар’яцеў, калі ўбачыў, што я вяду рэпатаж з каралеўскага вяселля.

Звар’яцеў і паклікаў:

— Вера?

— Вера!

— Вера…»

Я не гукнулася… Якая Вера?

Я не гукнулася… Скуль мне ведаць, хто ўва мне я, а хто не я?.. І хто я ў іншых?..

Я не гукнулася, бо скальпель, упаўшы, параніў кале­на, а жаль, што сціснуў сэрца, стаў болем.

Я выпіла валакардзіну. Здзівілася з самой сябе: наво­ шта піць валакардзін, калі збіраешся ўзразаць вены?.. Да­ брала ў ванну цёплай вады, зноў узяла скальпель…

Двойчы ў гэтым жыцці я памірала і ўваскрасала. Трэцім разам…

— Вера! У цябе званок не працуе, Вера?

Голас, які паклікаў мяне з­за маіх дзвярэй, быў маім. Я падышла да яго і зірнула ў дзвярное вочка.

За дзвярыма стаяла я. Перад імі — я, і за імі — я. Толькі апранутая не так, як звычайна.

Можна было б звар’яцець, калі б я не ведала, што там, за дзвярыма, Вера, але не я. Шведская журналістка.

Я не любіла журналістак. Ні шведскіх, ні нямецкіх — ніякіх. Яны ўсе палілі, усе пілі каву і ўсе задавалі ад­ нолькавыя пытанні. Я адказвала, мне балела, а ім, я ад­ чувала, не баліць. Адстаўляючы мезенец, яны падымалі кубачкі і пілі каву, пілі каву… Адна спачатку адстаўляла мезенец, пасля падымала кубачак, а другая падымала ку­ бачак, пасля адстаўляла мезенец… Лак на пазногці ме­ зенца найчасцей бываў абадраны.

З Верай я пазнаёмілася ў Менску, у купалаўскім скве­ рыку каля фантана. Яна насустрач ішла — і я аслупяне­ ла: ці не сама сабе іду насустрач?.. Толькі апранутая не так, як звычайна.

Вось і ўся паміж намі розніца… Паміж намі ўсімі… Разгубленыя, мы прайшлі міма саміх сябе, але яна спынілася і паклікала мяне:

— Вера?..

На свеце ёсць толькі той, хто цябе пакліча.

Яна ўжо прайшла за фантан, і мы глядзелі адна на адну скрозь вясёлку, што ззяла ў сонечных пырсках. І відаць было, што вясёлка — падман.

Зіхоткая пустата.

Космас.

Падай мне голас праз Сусвет пусты! Галоднаму гукніся з нематы, Няхай на мне жабрацкая кароста — Не падавай мне міласціну, проста Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.

Яна сама паклікала мяне, дык што ж… Лёс…

Калі можна напотым адкласці жыццё, дык чаму нельга адкласці на потым смерць?..

Я адчыніла.

— Ты чаму голая? — спытала Вера, пераступіўшы па­ рог і раскінуўшы рукі для абдымкаў. У адной руцэ яна трымала сумку, у другой — пляшку. Феміністкі кветак не прыносяць.

— У ванну сабралася… Не ведала, што ты ў Менску.

— Толькі што прыехала. Можна распрануся, як ты?.. Яна была феміністкай з лесбійскім ухілам.

— Распранайся.

Голая Вера зусім такая, як я. Я ў люстэрку. Толькі радзімак на левым плячы на адну болей.

За ноч адну і тысячы начэй, Заплеценых абдымкамі ў абдымак, Не злашчыць губ, не сцалаваць з плячэй, Рассыпаных сузор’ем Рыб радзімак. А неба, дзе плыве сузор’е Рыб Ушыркі рассыпаецца і ўглыб Пустотамі міжгалактычных дымак, Хоць нанава нябёсы прасып, Сузор’і ўсе — абдымкамі ў абдымак.

— А Наста дзе?.. Я амаль нелегальна, праз Маскву, у мяне віза толькі расейская. Дык каб Наста, калі што, прыкрыла.

Па што гэта яна да нас без візы кінулася?..

— Нікуды не падзелася твая Наста. Прыкрые. Наста вялікая прыкрывальшчыца.

Я пазнаёміла іх, бо Вера захацела ўзяць інтэрв’ю у каго­небудзь з улады…

Людзей цікавяць не людзі, а нелюдзі. Яны сышліся, зблізіліся.

Дзіўныя задумы твае, Госпадзі.

— А што тут такога? — здзівілася Вера, калі я спыта­ ла, як яна магла зблізіцца з чалавекам, які прыслужвае ўладзе. — Што яна робіць кепскага? Кар’еру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Не трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэння чаго заўгодна ча­ лавечага, пачынаючы з сям’і… Дарэчы, ты мяне з мужам дасюль не пазнаёміла.

— Няма ў мяне мужа.

— Няма дык няма. У мяне таксама няма, хоць і ёсць.

— Як гэта?..

— А то ты не ведаеш, як… Праўда што.

Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэа­ тра ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нель­ га, а не ёй; яна апусціла шкло і, не выходзячы з машыны, замовіла каву. Пасля ўсё ж выйшла, села да нас за столік, падняла, адстаўляючы мезенец, кубачак — і пазногці на ўсіх яе пальцах, у тым ліку на адстаўленым мезенцы, былі бездакорна адлакаваныя.

— Пра што шчабечам? Пра дыктатуру?

Шведская журналістка глядзела на служку беларускай дыктатуры, як зачараваная.

Каханне пераступае цераз усё. Таму я цераз яго пераступіла.

— Пра мужыкоў. Вера кажа, што ў яе мужыка няма.

— У яе ёсць, — не згадзілася Наста. — Гэта ў мяне няма, яна адбіла.

— Магу вярнуць.

— Ды што ўжо цяпер… Карыстайся.

Мы гатовыя былі плёхнуць адна ў адну кавай, у мяне ўжо рука пацягнулася… Вера гэта адчула, узяла маю руку ў сваю, прыціснула да стала.

— Я пераказвала ёй тое, што ўчора ад цябе пачула. Што трэба верыць у сваіх. Калі нават свае апошнія, трэба на ўвесь свет крычаць, што найпершыя.

Наста паставіла кубачак.

— Мы найпершыя і ёсць. Мы перанеслі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І цяпер ратуем чалавецтва.

Я ўспомніла жарабя, якое зратавала ад пажару. Каб потым знішчыць.

— Ад чаго мы яго ратуем?.. Ад дыктатуры? Сніду?

— Ад пагібелі, якая зусім не ў дыктатуры. І не ў снідзе, не ў тэрарызме, а ў грамадстве спажывання, якім і ёсць сёння ўвесь Захад. Грамадству спажывання цалкам адпавядае філасофія хрысціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.

Вера не ўцяміла:

— Якую веру?

— Хрысціянскую, на якой грамадства спажывання і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысціянства, пасля пачаўся заняпад, што адчулі на Ўсходзе, дзе стварылі новую сусветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёння, каб ісці наперад, трэба бегчы назад. А нам не трэба назад, мы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у нас ёсць хра­ мы, але мы ў сутнасці сваёй ніякія не хрысціяне, а, як ста­ ражытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спа­ жывання ў нас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала нас, як на стадыёне, на круг, але з трыбун здаецца, што мы не апошнія, а першыя, і самае цікавае, што так яно і ёсць. Стаўшы аўтсайдэрамі, мы сталі лідэрамі. І не трэба лезці да нас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажывання дзеля апраўдання свайго існавання. Бо гэта — як вешаць на нашу паган­ скую елку не цукеркі, а фанцікі. Не нам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да нас, да той чалавечай сутнасці, да тых нязменнасцяў, якія мы захавалі. Калі, канечне, Еўропа не хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.

Вера так заслухалася, што адпусціла маю руку, у мяне з’явілася магчымасць плёхнуць кавай, але яна была дапітая, і пакуль прынеслі яшчэ кубачак, Наста паднялася, села ў машыну, угледзелася ў нас абедзвюх: «Цікава ўсё ж, для чаго вы гэтак падобныя? Для нечага ж падобныя?..» — і яе кіроўца з гэбісцкай мордай рвануў з месца.

— Яна і ў нас зрабіла б кар’еру, — улюбёна сказала ўслед ёй Вера, якая стаяла зараз голая перада мной і спраба­ вала цалавацца.

Я падумала: чаму не?.. Калі цёплая вада ўжо набра­ная ў ванну.

Астыне — можна дабраць.

Смерць адкладзеная… Жыццё адкладзенае яшчэ ра­ ней… Я ўжо чакаць не чакала, што нешта ў гэтым ад­ кладзеным жыцці можа стацца са мной упершыню…

— …дык ён ката за лапы і аб вушак галавой, — нацала­ ваўшыся, расказвала пра свайго мужа, які нібыта ёсць і якога нібыта няма, Вера.

— Калі?.. У дзяцінстве?..

— У якім дзяцінстве, ты не слухаеш зусім… Два дні таму. У нас у Мальма дзве кватэры: у адной я з катом, у другой ён. Я ўжо з ім і не жыву, а тут ён прыпёрся з тур­ мы, дабівацца свайго пачаў: адразу каля дзвярэй, каля ўваходу паваліў на падлогу, дык кот, як сабака, я сама не чакала, накінуўся на яго з нейкім рыкам нутраным, да­ вай драпаць і грызці, а ён яго за лапы — і галавой аб ву­ шак! Мяне адкінуў, а ката біў, біў і біў, пакуль ад галавы нічога не засталося, усе сцены ў крывянцы… А нібыта ж не мужык, ануча, з яго вяроўкі можна віць… Я ў той ква­ тэры быць не магла, у Мальма не магла быць, у Швецыі, шведаў не магла бачыць… Збегла. На самалёце да Ма­ сквы — і цягніком сюды. Вы найлепшыя ў свеце, най­ лепшыя, — зноў пачала яна цалаваць мяне і плакаць. — Ты, Наста, вы ўсе, вы ўсе…

Так, мы ўсе найлепшыя. Асабліва адзін. Ён забіў ката — і ў Менску не можа быць, у Беларусі быць не можа, беларусаў не можа бачыць. Збягае. Цягніком да Ма­ сквы — і самалётам у Швецыю. Дзе, як і ў нас, і паўсюль, забіваюць катоў.

— А за што твой муж сядзеў?

— Ні за што не сядзеў… З чаго ты ўзяла?..

— Ты ж сказала: з турмы прыпёрся.

—Ён юрыст, следчы… Асатанеў, пэўна, з турэмшчыкамі… — Вера паднялася з ложка, схадзіла ў ванну, адмылася ад слёз. Вярнулася: — Там вада твая астыла.

— Дабяру.

Вада не жыццё. Можна дабраць.

Хоць і жыццё дабраць можна. Калі тое, што зараз у мяне з Верай, лічыць даборам.

Яна кінулася побач са мной на ложак, прытулілася, гуллівая…

— А я да цябе з прапановай прыехала! З вясёлай прапа­новай, бо ты сумна, мне апошнім разам здалося, жывеш.

— Без цябе і Насты?

— Пры чым тут Наста?

— Ты і з ёй, як са мной?

— Во… Ужо й рэўнасць… Цяжка з вамі, славянкі­-лесбіянкі.

— Якая рэўнасць?.. Я не лесбіянка. У мяне мужык ёсць, хоць і няма. Проста цікава, як?

— Калі цікава, дык не так.

— А як?

— Іначай.

— Як іначай?

— Як лесбіянка дэмакратыі з лесбіянкай дыктатуры. Яны абедзве жывуць не сумна…

— А чаму ты…

Я не ведала: ці пытацца?..

— Што чаму?..

— Чаму ты ўвогуле гэтым займаешся?

— Чым гэтым?

— Гэтым… з жанчынамі?

— Бо не люблю мужыкоў.

— У цябе ж муж ёсць…

— Дык і што?.. Усё адно не люблю. З дзяцінства.

— І бацьку не любіла?

Спытаўшы, я адчула, як яна напружылася.

— Не любіла. Ён мяне не абараніў.

— Ад чаго?..

Вера павярнулася на спіну, кінула рукі ўздоўж цела, утаропілася ў столь…

— Ад таго, што са мной зрабілі…

Пра тое, што з ёй зрабілі, я магла б і не пытацца, бо ўжо ведала, што зрабілі з ёй тое самае, што і са мной, але я спытала:

— А што з табой зрабілі?..

Яна памаўчала. Відаць, думала: ці расказваць? Такое расказваюць ці некаму зусім выпадковаму, ці найблізкаму. Хоць якраз найблізкім казаць такое не варта, ім робіцца гідка. Такое распавядаюць толькі ці некаму зусім выпад­ коваму, ці толькі самім сабе.

Я не была выпадковай, я была пакліканай. Яна сама паклікала мяне праз вясёлкавыя пырскі фантана.

Праз пустату. Праз космас.

Аднойчы, прачнуўшыся ў ночы, Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць, І стане наіўныя вочы Халодная бездань смактаць. І зманлівай згадкай быцця Цябе працяне аж да поту… Прачнешся — і станеш дзіця Вучыць не хадзе, а палёту.

Я не была блізкай, мы сустрэліся ў космасе імгненне назад. Зрэшты, усе сустракаюцца ў космасе імгненне на­ зад, таму блізкіх не бывае ўвогуле.

Вера склала рукі на грудзях.

— Я ляжала во так, а мяне хацелі раструшчыць. Яна ўсё ж надумала расказаць… Як самой сабе.

— Камянём?..

Яна здзівілася. Ці выгляд зрабіла здзіўлены:

— Скуль ты ведаеш?.. Хоць ты павінна ведаць… Так, камянём. Ледавіковым валуном. Мы ў рыбацкім пасёл­ ку жылі. На самым беразе мора, там шмат камянёў было. Яны прыгожа ляжалі, як кіты. Аднаго з іх, якога з мора найдалей на бераг выкінула, ажно да лесу, я так і назы­ вала: Кіт. Ён быў найменшы з усіх, але найбольш на кіта падобны. Я сядала на яго і плыла. Далёка­далёка… Ён гайдаўся на хвалях, закалыхваў. Божа, у якіх я толькі каз­ ках ні пабывала, на ім плывучы!.. І калі да мяне той бара­ даты рыбак падышоў, які жыў не ў пасёлку, а на невялікай выспе метраў за трыста ад берага, я падумала, што ён з казкі. Тым больш, што ў яго мянушка была…

— Цмок?

— Цмок?.. Хто гэта — Цмок?

— Дракон, які ўсіх жэр. Ці д’ябал. Яго анёлы ў камен­ най гары ў ланцугі закавалі, але хутка грахі людскія пе­ раядуць тыя ланцугі…

— І ён усіх зжарэ?

— Зжарэ. І костачкі абсмокча.

— Бо Цмок?..

— Бо Цмок…

— Якога анёлы ў каменнай гары закавалі?..

— У каменнай…

Вера памаўчала, страсянула галавой:

— Не, не Цмок. Хоць ён мог быць і Цмокам. Але ў нас там свае казкі, і мянушку ён меў Кіт, уяўляеш? Ён лёг за валуном, за каменнай гарой з боку лесу і сказаў, каб я села на яго — і я на яго села, бо думала, што сядаю на Кіта і па­ плыву на ім далёка­далёка.. А ён перавярнуўся, перакуліў мяне, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балю­ ча і страшна, што я ад болю і страху сканала. Кіт адчуў, што я нежывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў:

«Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… не трэ­ ба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…» — і калі ўсё сваё скончыў, сцягнуў мяне ў яміну і кульнуў звер­ ху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Кіт паспрабаваў яго зрушыць, але не змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна.

Да гэтай пары не разумею, як гэта, сканаўшы, я вяр­ нулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з­пад валуна? Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем выбрацца магла толькі зусім малень­ кая дзяўчынка. Маленькая, мне тады і сямі не было, але ж не мёртвая…

Яна ўмее рабіць тое самае, што і я, толькі не ведае пра гэта. Таму і не разумее.

— А ў Кіта хто­небудзь быў?

— Хто­небудзь хто?

— Жонка, дзеці…

— Не, у яго быў толькі сабака. Злы, напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду… У нашым пасёлку адзінотная жанчына жыла з рукой знявечанай, Асвёр, дык казалі, што яна нявестай Кітовай была, і Кіт аднойчы ўзяў яе на рыбалку. Не на мора, а на возера. У нас, апроч мора, яшчэ і вялізнае воз­ ера адразу за лесам было. Налавіўшы з вечара шчупакоў, раніцай ён, калі Асвёр яшчэ спала, зноў рушыў на возе­ ра, загадаўшы свайму напаўвоўку сцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Асвёр надумала сняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь на­ скрозь. Не зарычаўшы перад тым, не гаўкнуўшы, не па­ пярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той ры­ бай з рукою ў звярынай пашчы, пакуль Кіт вярнуўся. Ён не накінуўся на свайго звера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Не Асвёр, нявесту сваю, пагладзіў, а воўка. Сказаў: «Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў звер: — Еш, заслужыў». Толькі тады воўк разняў іклы… Уяўляеш звера? І звера гэтага недзе за год перад тым, як Кіт мяне валуном заваліў, я зратавала, уяўляеш?..

— Зратавала ад агню?

— Не, ад вады… Ён у сецях заблытаўся, якія Кіт з бе­ рага лодкай цягнуў, і ўжо захлёбваўся, але я паднырну­ ла і паспела выблытаць яго. Не дала ўтапіцца, каб пасля спаліць. Зратавала, каб знішчыць. Ведаеш, як?

— Ты дачакалася ночы, паплыла на выспу і падпаліла дом Кіта?

— Не дом, клець. Летам ён начаваў у клеці. Кідаўся на сеці і спаў. Я прыплыла ўночы, падкралася, замкну­ ла і падпёрла васцямі, утыркнууўшы іх у зямлю, дзве­ ры, нацягала да сцяны ад мора сухога ламачча, падсуну­ ла шматок газеты — і толькі чыркнула запалкай, як па­ чулася з клеці скавытанне. Звер, мусібыць, пазнаў мяне, сваю ратавальніцу, таму не брахаў, калі я зачыняла клець, цягала ламачча… І калі я тое ламачча падпальвала, не забрахаў — заскавытаў толькі, як просячы літасці.

Я магла патушыць запалку, але я не патушыла яе. Я надта ўзненавідзела чалавека, каб пашкадаваць звера.

Клець гарэла, сабака ўжо не скавытаў, брахаў і рыкаў, біўся ў дзверы, а я, сціснуўшы зубы, плыла і плыла далёка­далёка… — Вера ўскінулася, абняла мяне. — Як ты думаеш, я куды­небудзь прыплыла? Ці засталася там: на беразе мора пад каменем, пад якім бачу сон пра тое, што са мною магло быць, калі б засталася жыць?.. Я жывая, Вера?.. Я з той пары пачуваю сябе так, нібы не жыву, а ўсё адкладваю жыццё напотым. А куды яго мож­ на адкласці? Як?..

Паўсюль і скрозь адно і тое.

— Жывая, — пагладзіла я яе па валасах. — А Кіт?..

— Што Кіт?

— Кіт згарэў?

— Не. Тым разам ён начаваў не ў клеці, а ў доме. Як адчуў нешта. Толькі сабаку чамусьці ў клеці на ноч запёр. Яго судзілі пасля за тое, што спаліў сабаку. Ён прызнаўся, нагаварыў на сябе, што гэта ён спаліў. Хоць бачыў, што гэта я… Ужо адплываючы, я заўважыла яго ў вакне. Уся­ го белага ў белым споднім… І я была ў белай, парванай ім, сукеначцы. Мусібыць, ён падумаў, што я здань, што мяне з таго свету па яго паслалі — і ссівеў. На судзе яго прызналі хворым і адправілі ў лякарню. Жыве там недзе, казачнік…

Вера па­дзіцячаму шмыргнула носам… Нібы не душу ёй знявечылі, а цукерку з елкі не далі.

— Дык яго судзілі толькі за тое, што сабаку спаліў?

— А за што яшчэ?.. Я нічога нікому не сказала. Ні бацьку, ні маці ні ў чым не прызналася. А яны нічога не заўважылі, апроч таго, што сукеначка на мне парваная. Хоць казалі, што любяць мяне. Я прамаўчала і пра Кіта, і пра сабаку, бо думала: калі баліць табе, навошта, каб ба­ лела яшчэ некаму? Табе ад гэтага меней балець не ста­ не… А ты б сваім сказала?

— Сказала б… У мяне бацькі былі… Такія…

— Дык і ў мяне такія… Таму і не сказала.

— А мне кажаш, бо я не такая?

— Не… Бо ты, як я. — Вера прыціснулася грудзямі да грудзей. — Ты адчуваеш гэта?

— Што гэта?

— Што ты, як я. І не таму, што мы знешне падобныя. Проста ты, як я. А я, як ты. Адно і тое. Амаль.

Усе мы ў гэтым свеце амаль адно і тое. А на тым — тым больш.

Мне шкада стала не толькі сябе, Веру, але і яе, Веру, і Асвёр з рукой скалечанай, і Насту са скалечанай ду­ шой, і ўсіх…

— Бедная ты мая…

— І ты мая бедная…

Ёй таксама, мусібыць, стала шкада не толькі сябе, Веру, але і мяне, Веру, і ўсіх…

— Чаму я бедная?.. Я не бедная…

— А я чаму бедная?.. І я не бедная…

— Як гэта не бедная, калі жывеш там, дзе гвалцяць, нявечаць…

— Гэта ты жывеш тут, дзе гвалцяць, нявечаць…

— Але ж у нас не ўсе і не ўсіх…

— Дык і ў нас не ўсе і не ўсіх…

— Але ж нявечаць… Адзін аднаго нявечаць…

— Нявечаць…

— І жанчын гвалцяць…

— Гвалцяць…

— І катоў забіваюць…

— І катоў забіваюць…

— Нявечаць, гвалцяць, забіваюць…

— Нявечаць, гвалцяць, забіваюць…

— Тут і там…

— Там і тут…

Вера села, абняўшы калені.

— Дык якая розніца?.. Якая розніца, калі ніякай?.. Я таксама села, абняла калені.

— Выходзіць, што без розніцы…

Мы доўга сядзелі, абняўшы калені, і глядзелі адна на адну, шкадуючы і сябе, і ўсіх, глядзелі і маўчалі так, быц­ цам пра тое, што і ў нас, і ва ўсіх было і будзе, мы ведалі, і праз гэта мне раптам стала няўтульна, я расхацела ўсё, што было і будзе, ведаць і спытала:

— Ты з якой прапановай прыехала?

— З ніякай… Няма ніякай розніцы і няма ніякіх пра­паноў… Якія тут могуць быць прапановы?..

— Нейкія ж могуць быць… Хоць адна…

— Ой!.. — страсянула Вера галавой, нібы выкідвала з яе ўсё, што помніла назад і ведала наперад. — Ёсць! Та­ кая, што ўпісяешся!.. — Яна аж піскнула, так ёй тое, што прыдумала, самой, мусіць, было ў спадобу. — Гэтай вяс­ ной у Еўропе два каралеўскія вяселлі. Адно ў Капенгаге­ не, другое ў Мадрыдзе. Я запрошаная на абодва, без мяне ў Еўропе даўно ўжо нічога не адбываецца. Дык на адно паеду я, а на другое — ты! Сама выбірай, на якое…

— Ой…

— Што «ой»? Упісялася?..

Яна мяне развесяліла, я пачала смяяцца, яна таксама, мы смяяліся і, абняўшыся, качаліся на ложку.

«І што я… і што я там буду рабіць?..»

«З каралямі есці і піць…»

«З каралямі есці і піць?..»

«Так, ты калі­небудзь піла з каралямі?..»

«Не, не піла… З усімі піла, а з кралямі… выбачай, з каралямі, не…»

«Дык вып’еш… І рэпартаж правядзеш…»

«Які рэпартаж?..»

«Вясёлы… выбачай, вясельны, які яшчэ…»

«Па­шведску?..»

«Па­шведску… Ці па­ангельску…»

«Па­ангельску?.. Хіба можна на шведскім тэлебачанні па­ангельску?..»

«У Швецыі можна ўсяляк…»

«Усяляк?.. І так, і так?..»

«Не, так нельга, ты што вырабляеш?..»

«Што я вырабляю?..»

«Шчыпаешся…»

«У Швецыі не шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца?..»

«Не шчыпаюцца…»

«А дзе шчыпаюцца?..»

«У Англіі…»

«У Англіі шчыпаюцца, а ў Швецыі не?..»

«У Англіі шчыпаюцца, а ў Швецыі не…»

«Чаму?..»

«Таму!..»

«Не, ты скажы, чаму?..»

«Бо ў Швецыі кароль, а ў Англіі каралева…»

«І каралева шчыпаецца?..»

«Яшчэ як…»

«З каралём?…»

«А то з кім?..»

«Кароль з каралевай шчыпаюцца?..»

«Кароль з каралевай толькі тым і займаюцца, што шчы­паюцца, калі гэтым займаюцца… Ну, скажы па­шведску:

«Kungen och drottningen gör inget annat än nyps när de ligger med varandra»[4].

«Gör inget annat än nyps när de ligger med varandra…[5]

Не, я так па­шведску сказаць не змагу…»

«Кажы па­ангельску, ангельская ў цябе нават лепшая, чым у мяне…»

«Лепшая, чым у цябе?..»

«Так, лепшая, бо вы найлепшыя… Я ва ўсіх газетах напісала, што вы найлепшыя…»

«Так і напісала?..»

«Так і напісала…»

«Ва ўсіх газетах?..»

«Ва ўсіх газетах…»

«Якімі ўсе падцёрліся?..»

«Не, не падцёрліся, у нас газетамі не падціраюцца…»

«А ў нас падціраюцца…»

«Усе?..

«Усе…»

«Я вярнуся і напішу, каб у нас таксама падціраліся…»

«Так і напішаш?..»

«Так і напішу…»

«Навошта?..»

«Каб нашы былі такімі ж, як вашы…»

«Такімі ж найлепшымі засранцамі?..»

«Такімі ж найлепшымі засранцамі…»

«Такімі кончанымі засранцамі, якія нават не западозраць, што я — гэта не ты?..»

«Яны не западозраць, але…»

«Яны не западозраць, але што?..»

«Але ты ў рэпартажы скажаш, што пакуль яны вяселлі гуляюць і мяккай паперай задніцы падціраюць, у вас людзей забіваць…»

«Як катоў?..»

«Як катоў…»

«Як мой муж забіў?..»

«Не твой, а мой…»

«Мой забіў таксама…»

«Твой таксама забіў?..»

«Як і твой… Як яны ўсе…»

«Бо паўсюль без розніцы?..»

«Бо паўсюль без розніцы…»

«Ты і пра гэта можаш сказаць…»

«Скажу…»

«А потым прызнаешся, што ты гэта не я, а ты гэта ты — во будзе бомба! Бабахне, як перад канцом свету — і хай паспрабуюць не пачуць, што жыве Беларусь!..»

Мы скаціліся з ложка, грымнуліся, Вера пад мяне — патыліцай аб падлогу. На імгненне яна абмякла. Можа, нават страціла прытомнасць, але нібы не заўважыла, што нейкае імгненне яе тут не было. Расплюшчыла вочы:

— Як табе такое?..

Гэтаксама яна не заўважыла б, што яе зусім няма. Няма чаго баяцца.

Няма чаго адкладваць напотым. Падняўшыся, я падала ёй руку:

— Ніяк. Але павесяліліся, як перад канцом свету. Бацька пытаўся: «Дачушка, табе там не казалі: канец свету — гэта канец свету гэтага і таго, ці толькі гэта­ га? Калі толькі гэтага, тады які ж канец? Няўвязка ней­ кая…»

Усё адно: смяротны ты, ці неўміручы — Ты зорны вецер пустаты, ты дым лятучы. Сабе самому ўслед — адзін — зірнеш са спіны, І ветрам з дымам — успамін пра ўсе ўспаміны. На гэтым свеце і на тым, на ўсякім свеце, Усё, што ёсць — лятучы дым ды вечны вецер.

— І яшчэ павесялімся, у мяне такое ёсць!.. — Вера паш­ нарыла ў сумцы, дастала пушачку з пудрай. — Во! Пу­ дра для палётаў… Рускія пачалі да нас вазіць, у іх не ўсё кепскае. Сінтэзавалі нешта так, што кайф дае — куды там экстэзі! Прычым, немагчыма распазнаць, што гэта наркотык. Ні калі ён у пушачцы, ні калі ў табе. — Яна адчыніла пушачку, дастала з яе вату, з­пад ваты дзве аплаткі. — А моцны такі, мацнейшы за «белага кітайца», трэба з дозай акуратна. На паўаплаткі… Ці для пачатку чвэрць… Ведаеш, як аплатка называецца? Крамлёўская… Нехта з гумарам, праўда?.. Але Крэмль убачыш, гаран­ тую. І гімн Савецкага Саюза пачуеш. Гэтак яны наркату сваю закадзіравалі, кэгэбісты…

Для шведаў, немцаў, канадцаў, ангельцаў, для іх усіх ва ўсім былым Савецкім Саюзе дасюль жывуць толькі тыя, хто сядзеў, і тыя, хто садзіў. Лагернікі ды кэгэбісты. Як толькі заходнік які­небудзь у Менск прыпрэцца — так адразу да будыніны КГБ фатаграфавацца. І усё азіраецца: ці не сочаць за ім, ці не забяруць? Калі не яго, дык фотаапарат.

Святаслаў аднойчы, у заклад са мной, падышоў да пары ангельцаў, мужа і жонкі, казырнуў: «Маёр камітэта Дзяржаўнай бяспекі Берыя! Фатаграфаваць забаронена. Калі ласка, ваш апарацік». Аддалі, не рыпнуўшы…

Я не чакала такога, крычаць стала: «Як ты мог апарат забраць?..» — а ён рассмяяўся: «Адрэналін даражэй каш­ туе. А я колькі ім адрэналіну ўвагнаў?..»

— Мне не трэба, Вера.

— Гімн Савецкага Саюза не любіш?.. — Вера разла­ міла аплатку роўна напалам, палавіну яшчэ напалам. — З чацвярцінкі — гімн у скарочаным варыянце і без слоў…

Сабе яна ўзяла цэлую аплатку, трохі падумала — і дадала яшчэ чвэрць. Запіла віном, шклянку выпіла…

— Не цягні, трэба разам. А то размінемся ў палётах… Калі дабіраць жыцця, дык не чацвярцінку.

А ўсё, што засталося. І запіць віном.

І ў Крэмль…

І слухаць… імн авецка юза… …які стаў заікацца, нібы кружэлку заела, ды на шостым ці сёмым заіканні му­ зыка раптам змянілася, загучала іншая мелодыя, так­ сама гімнавая, але не савецкая, і не франзуская ці аме­ рыканская, не еўрапейская і не афрыканская, а нейкая ўсясветная, якую спяваў нехта ў нябёсах — Бог, ці хто?… і Бог сказаў, не перапыняючы спеву: «Я, каму яшчэ ў нябё­ сах спяваць?..» — і голас Ягоны ўвайшоў у мяне соладка­ соладка, бо я паверыла, што Ён ёсць, спявае, і яму акам­ пануюць анёлы, на арфах граюць і на скрыпках, на клар­ нетах і акарынах, але ўзнікае гэтая мелодыя спачатку ўва мне, а пасля ўжо яе спявае Бог і граюць анёлы, якія самі здзіўляюцца, што ёсць такая музыка, урачыстая і каля­ ровая, як вясёлка, праз якую мы ўбачыліся з Верай каля фантана, і цяпер яна колерамі і гукамі напаўняе цёмны і пусты космас, лунае над вялізным — пад усім небам — стадыёнам, дзе я стаю на п’едэстале, адна, на чэмпіёнскім месцы, а па стадыённай дарожцы, якую і дарожкай не на­ зваць, бо яна шырэй і даўжэй за любую дарогу, бягуць і бягуць людзі, процьма людзей не толькі белых, чорных і жоўтых, але і чырвоных, сініх, зялёных, нібы ўсе яны прабеглі праз вясёлку, кожны праз свой колер, і яны ўжо завяршаюць круг, я баюся, што іх не даганю, а Бог кажа, спяваючы: «Табе не трэба даганяць, ты і так першая», — толькі мне здаецца, што Ён хітруе, спачатку ўсё ж трэба перамагчы, а пасля ўжо ставаць на п’едэстал, з якога я не магу сысці, бо ён надта высокі, пад аблокі, а Бог зноў кажа, спяваючы: «Ты ўспомні, што ўмееш лятаць», — і я паляцела, о, як соладка і высока, вышэй і яшчэ саладзей, яшчэ вышэй і саладзей, яшчэ і яшчэ, о, аж сэрца спыня­ ецца, не можа вытрываць гэтакай асалоды, але павінна вытрываць, яно мне патрэбнае, каб бегчы, бо яны там, унізе, ужо дабягаюць першы круг, я спускаюся і бягу, на круг адстаўшы, паперадзе іх усіх, і па ўсім стадыёне, якому канца­краю не відаць, нараспеў коціцца: «Бе­ла­ русь! Бе­ла­русь! Бе­ла­русь!» — і так хораша гэтае сло­ ва, хоць Вера казала, што не будзе слоў, кладзецца на ўсясветную мелодую, якую граюць анёлы і спявае Бог, які раптам змаўкае і глядзіць на мяне сусветна­самотна, о, як самотна, аж сэрца спыняецца, не можа вытрываць такой сусветнай самоты, але яно мне патрэбнае, бо ўжо блізка фініш, вось ён, і я першая, о, якая радасць быць першай, і яе столькі, што яна грудзі распірае, сэрца разры­ вае, якое не можа вытрываць гэткай радасці, але павінна вытрываць, яно мне патрэбнае, каб вытрываць гора, не­ выноснае гора, бо ўсе крычаць: «Бе­ла­русь! Бе­ла­русь! Бе­ла­русь!» — а Бог кажа: «Не, яна не першая, ёй бег­ чы яшчэ круг», — і з Богам не паспрачаешся, бяжыш, бя­ жыш і бяжыш, задыхаешся, задыхаешся, задыхаешся і ад таго, што паветра не стае, і ад жаху, бо спераду яміна чарнее, якую выкапаў Цмок і куды дарожка, як стуж­ ка, слізгае, абвальваецца і цягне за сабой у пашчу Кіта, у чарнату, у пустату, скуль бацька пытаеца: «Дачушка, скажы, гэта ўжо той свет, ці яшчэ гэты?» — а што мне сказаць, калі сама не ведаю, і так сорамна, о, як сорамна, што нават цяпер, калі бацькі ўжо няма, нічога добрага сказаць яму не магу, нічым не магу дапамагчы, як і Свя­ таславу нічога добрага не сказала і нічым дапамагчы не змагла, і праз гэта сорамна і балюча, так балюча і сорам­ на, што сэрца можа не вытрываць, і яно не вытрымлівае, спыняецца, «тах­тах» перадапошні раз і яшчэ раз «тах…», апошні, я ўжо не дыхаю, але бацька, які таксама памёр ад сэрца, ведае, як не даць яму спыніцца, сціскае і адпускае мне грудзі, сціскае і адпускае, і штурхае з пустой чарна­ ты ўверх, уверх, уверх, дзе мне трохі лягчэе, дзе ўсё болей і болей колераў і гукаў, да якіх я выбіраюся праз та­ кую вузкую шчыліну, праз якую выбрацца можа толькі зусім маленькая дзяўчынка, маленькая, але ж не мёртвая, і зноў я чую музыку… імн… авецка… юза… і ах! — хапаю паветра, але ўдыхнуць на ўсе грудзі яшчэ не магу, нешта зверху мяне прыдушвае, Цмок глыбей падкапаў яміну і зваліў у яе валун, які лёг плазам… Госпадзі!.. — гэта Вера ляжыць на мне губы ў губы і не рухаецца…

Адразу я не надта спалохалася. Падумала: «Калі я ўмею жыць і ў сабе, і ў іншых, дык чаму яна, такая ж, як я, не ўмее?.. Тым больш, што яна ўжо памірала некалі і вярталася з сябе мёртвай у сябе жывую, выбіралася з­пад каменя праз маленькую шчыліну…»

Вера ляжала на мне, як раструшчаная.

Я выбралася з­пад яе, перавярнула на спіну, затрэс­ ла, як ляльку: «Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..»

Яна не вярталася. Перасялілася некуды назаўсёды. Схапіўшы тэлефон, я машынальна набрала нумар, пачула ў слухаўцы: «Хуткая дапамога», — і паклала труб­ку.

Калі ў маёй кватэры знойдуць шведскую журналістку, якая нелегальна прыехала ў Беларусь і сканала ад перадазіроўкі наркаты, дык не знойдзецца такой дапамогі, якая б мне дапамагла.

Я пашукала ў сумачцы Веры, знайшла пашпарт. Віза ў пашпарце толькі расійская.

Наркаманка і нелегалка… Лесбіянка — не ў залік. Але, калі пачнуць раскручваць, дык і гэта залічаць.

Вакол мяне загарэлася жытняе поле…

Мне б згараць на ім, калі ўжо набраная ванна. Бо якая розніца: у агні?.. у вадзе?.. Але я забылася на тое, дзеля чаго ванна набіралася…

Пажар слаўся на ветры, вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, полымя паўставала сцяной, у якой не знаходзілася выйсця, паратунку, хоць ён быў…

З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я.

Я ўспомніла, што збіралася зрабіць гадзіну таму…

Ускаціла Веру на коўдру і асцярожна, каб нідзе не драп­ нуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і пад­ няла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, не драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цё­ плай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясці ле­ вай рукі.

Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі.

Выйшла, прыкрыла дзверы.

Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзве шклянкі памыць ды пляшку на сметнік выкінуць.

За дзесяць хвілін дайшла да вакзала. Паазіралася, ці няма некага са знаёмых?..

Нікога.

Купіла квіток.

Цягніком — да Масквы, адтуль — самалётам да Стакгольма. Аўтобусам — да Мальма.

У Еўропе ўсё блізка. Перасялілася.

Я з дзяцінства ўмела гэта рабіць…

Дабраўшыся да Мальма, прыбіралася ў кватэры даўжэй, чым у Менску. Вэрхал я, ад’язджаючы, пакінула невера­ годны: закарэлы посуд, раскіданая бялізна, касметыка, а да ўсяго — уся вітальня ў засохлай крывянцы. Як гэта я паехала некуды, нават кроў са сценаў не змыўшы?..

Я ўзялася мыць сцены, амаль усё ўжо адмыла, калі спахапілася: што гэта я раблю?..

Тое, што засталося, адмываць не стала. Прагаладаўшыся, спусцілася ў краму, каб купіць яды.

«Hej!.. — усміхнуўшыся, сказала касірка, узяўшы маю крэдытку. — Har du kommit tillbaka?..»[6] Я ўсміхнулася ў адказ: «Hej!.. Jag har kommit tillbaka…»[7]

Я купіла віна і, вярнуўшыся, выпіла.

З вяртаннем!..

Ціўкнуў мабільны тэлефон Веры. Мой тэлефон, на які прыйшло паведамленне. «Я купіў табе кацяня. Пра­ бач. Карл.»

Майго мужа, аказваецца, завуць Карлам. Як шведскага караля…

Чаму адной — замуж за караля, а другой — набіраць ванну, браць скальпель і ўзразаць вены?.. Хаця і пабраўшыся з каралём, можна набраць ванну, узяць скаль­ пель і ўзрэзаць вены…

Я напісала Карлу, што ён мае выбар… Ці забыцца, што я ёсць, і ў турме працаваць, ці помніць, што я ёсць, і ў турме сядзець. За гвалт і забойства. Ён адказаў, што пры­ мае першы варыянт і пакідае кацяня сабе.

Хіба я магла ўявіць тады, што яго прызначаць след­ чым па справе Святаслава, і мне давядзецца яму яшчэ пісаць і пісаць…

Тады я ўсё ж асцерагалася, што ён будзе шукаць су­ стрэчы, а сустрэўшыся, не пазнае ўва мне Веру, бо ў мяне радзімак на левым плячы на адну меней… Супраць яго трэба было нешта мець, хоць бы закрываўленыя сцены ў вітальні, якія я не дамыла. Каб доказ быў, што забіў… Але аднойчы нейкі клерк з кейсам, падобны, як мне здалося, на майго мужа Карла, сутыкнуўся са мной на ўваходзе ў кавярню — і адскочыў, як апёкшыся. Перабег на другі бок вуліцы, па якой рушыў, не азіраючыся — і я зразу­ мела, што асцерагацца мне няма чаго. Прыйшла дахаты і дамыла ўсё чыста, адскрэбла тое, што заставалася, за­сохлае, з былога жыцця.

Назаўтра пайшла прагуляцца да мора і ўбачыла тлу­ стага, рыжага ў белыя плямы ката, які лянотным подбегам уцякаў ад гэткага ж тлустага і рыжага, толькі не ў плямы, мужыка. Мужык аж задыхаўся — гэтак намагаўся ката дагнаць. Нарэшце кот стаміўся ўцякаць, мужык дагнаў яго, нахіліўся і пагладзіў…

Вы каго­небуд зь, задыхаючыся, даганялі, каб па­ гладзіць?..

Калі я вяла рэпартажы з каралеўскіх вяселляў, дык не прызналася, што я не Вера. У гэтым я вінаватая перад ёй, бо мы дамаўляліся, што прызнаюся. Але ж дамаўляліся мы жывая з жывой, а не жывая з мёртвай…

Канечне, калі б я прызналася, гэта была б бомба… Толькі што ў такім разе было б са мной, са Святаславам, якога я знайшла толькі тады, калі ў газетах напісалі, што яго арыштавалі, і якому трэба было тут, як і там, дапама­ гаць?.. Наста тут нічым дапамагчы не магла.

А там дапамагла: смерць маю ўсё ж прызналі самаза­бойствам. На тэлефон Веры Наста эсэмэску скінула:

«З вяртаннем у Еўропу! Вось для чаго вы падобныя былі».

Лесбіянка дыктатуры.

Прычыны для экстрадыцыі Святаслава не стала: не з­за ката ж высылаць… Ды яшчэ я так пра яго напісала, што шведы вінаватымі перад ім пачуваліся. Такога ге­ роя звар’явалі…

З псіхушкі яго забраў нейкі рускі, якому Святаслаў, забіўшы беларуса, аказаў вялізную паслугу. За тую вялізную паслугу той рускі прыдбаў для яго вялізны дом, у падворку якога насыпаў, як Святаслаў папрасіў, вялізную гару. І купіў вялізнага сабаку. Святаслаў назваў гару Ваўкавыскай, вечарамі забіраўся на яе з сабакам і глядзеў некуды на паўднёвы ўсход. Сонца сядала за яго­ най спінай, свяціла ў той бок, куды ён глядзеў, і калі яно закочвалася за небасхіл і нічога ўжо не было відаць, ён пачынаў выць, а сабака — падвываць. Страшна, як воўк. На ўсю Еўропу.

Вясна 2004 г., Расціла, Хельсінкі, Фінляндыя

Вясна 2008 г., Вісбу, в. Готланд, Швецыя

1

«Tack så mycket, Daniel!» «Вялікі д зякуй, Даніэль!» (шведск.)

(обратно)

2

«Det är leksaken, tändaren…» «Цацка, запальнічка…» (шведск.)

(обратно)

3

«Jag vill ha sex med dig». «Я хачу заняцца з табой сексам». (шведск.)

(обратно)

4

«Kungen och drottningen gör inget annat än nyps när de ligger med varandra…». «Кароль з каралевай толькі тым і займаюцца, што шчы­ паюцца, калі гэтым займаюцца…» (шведск).(шведск.)

(обратно)

5

«Gör inget annat än nyps när de ligger med varandra…» «Толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца…» (шведск.)

(обратно)

6

«Hej!…Har du kommit tillbaka?..» «Прывітанне!Вы вярнуліся?..» (шведск.)

(обратно)

7

«Hej… Jag har kommit tillbaka…» «Прывітанне. Я вярнулася…» (шведск.)

(обратно)

Оглавление

  • Улядзімір Някляеў Цэнтр Еўропы
  • Прага Уладзіміра Някляева
  • Апавяданні
  •   БОМБА
  •   ТЭРАРЫСТ
  •   ЮЗІК
  •   ЦМОК
  •   ЗА СЦЯНОЙ
  •   МУЗЕЙ БРОЎКІ, альбо За шчасце выпіць з Шульманам!
  •   ЗАЛАТАЯ АРДА
  •   ФАНЦІК
  •   КОТ КЛАЎДЗІІ ЛЬВОЎНЫ
  •   ХАЙБАХ
  •   ЧМЕЛЬ І ВАНДРОЎНІК
  •   АДЛЮДАК
  • Аповесці
  •   ВЕЖА
  •   НЯХАЙ ЖЫВЕ 1 МАЯ!
  •   ПРАГА
  •   МІРОН ДЫ МІРОН
  •   ВЯРТАННЕ ВЕРЫ
  •   ДЗВЕ ВЕРЫ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Цэнтр Еўропы», Владимир Прокофьевич Некляев

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства