«Жнівень»

466

Описание

У найбольш значным творы «Паэме жніва» паэтка з хваляваннем раскаввае аб маці — нястомнай працаўніцы, сваёй дарадчыды i самым чулым чалавеку.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Жнівень (fb2) - Жнівень 114K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Нина Иосифовна Матяш

Hіна Мацяш Жнівень

Жнівень: Лірыка.— Мн.: Маст. літ., 1985,- 78 с., іл.

Рэцэнзент Уладзімір Васілевіч 

© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год

ЛЮБОЎ Той час, які прасякнуты табою...— Адно ў той час бываю я жывою. Адно тады напэўна знаю я: Не марна доля доўжыцца мая. Не марна выпрабоўвае сурова: Ты — зерне ў ёй. Астатняе — палова. МАРНАСЦЬ Ёсць справа, Ёсць клопат, А ёсць мітусня, Ёсць тое, Што выявіцца ў непадкупнасці дня Лухтою: I рэчы, якімі сябе атачыў, I жалі,— Бо вымерлі пеўчыя птушкі душы, Сканалі. Дай бог развярэдзіцца жорсткай нудзьбе Па промню!.. Якая жанчына кахала цябе!.. Ці ўспомніш? * * * Прыпыніся на хвіліну, Чалавек. Прыглушы машыну вечнай спешкі I пад засенню жалезнага ламачча, Як калісьці пад зялёным дрэвам, Ты прысядзь, прымруж свае павекі. Хоць на момант ціха засяродзься, Прыгадай свой шматвяковы ранак: Колькі жыў ты — ты абараняўся. Абараняўся ад звяроў драпежных. Абараняўся ад стыхій шалёных. Абараняўся ад уласных жахаў Перад усім няўцямна таямнічым. Найбольш абараняўся ты. Дык, можа, Пагэтаму ты й выжыў, Чалавек? Расплюшчы вочы, паглядзі навокал: Дзівоснае відовішча, ці праўда? Замест пячор асклізлых, кажановых — Вясёлкавыя — Аж да неба — Гмахі; Жахлівыя калісьці бліскавіцы Пакорнай хваляй цыркавога ззяння Тваю руку ўладарную цалуюць,— Як пераможна гэтая рука Тармосіць расчасаныя загрыўкі Прыручаных драпежнікаў!.. Як дзёрзка Рука твая цяпер не камень з прашчы Кідае, А, дапытлівая, ўзносіць У таямнічы Космас караблі!.. Дзівоснае відовішча, ці праўда? Папляскай, Чалавек, У ладкі, Папляскай сам сабе! А вунь глядзі, глядзі — Над полем Лунае ў вышыні шуляк, I каменем спадае ўніз, I зноў узлунвае ў нябёсы, I ў кіпцюрах яго — Палёўка... Ды толькі — што гэта? Шуляк, Здабычу з'еўшы, мёртвы сам Дадолу падае: палёўка Зрабілася жывой атрутай Табой затручанага поля... Папляскай, Чалавек, у ладкі, Папляскай сам сабе!.. А вунь — глядзі, глядзі — Бяжыць рака, Табой спрамлёная, бяжыць яшчэ, віруе, Ды ўжо замест гарлачыкаў— Цвіце Разводдзе плямаў масляных — I б'ецца Канальна рыба ў тых зіхоткіх кветках, I ракі ачмурэлыя на сушу Паўзуць з атручанай табой ракі... Папляскай, Чалавек, у ладкі... А можа стацца так, што ў нетрах у жалезных, Якімі ты сябе натхнёна атачыў, Не толькі архідэй зоркападобных, A пырніку, a крапівы не ўбачыш, A лісціка трыпутніку не знойдзеш Да ранкі развярэджанай прыкласці — Бо тэта ж дробязь, толькі пустазелле... Нібыта сам ты, цэласны, магутны, Не з дробязей складаешся, не з клетак, Нібыта сам — не частачка Прыроды... Дзе позірк твой блукае, Чалавек? Ты ж сапраўды i кмелівы, i дужы, Ты ж сапраўды дапытлівы i спрытны, I працаваць ты, i любіць умееш, I нават на самаахвярнасць здольны! Чаму ж ты ад садоў Семіраміды Ідзеш да творанай жыўцом пустыні? Абараняўся ты, a стаў драпежны, I вось — палюеш на сабе падобных, I адсякаеш рукі піяністу, I вырываеш вочы мастаку, Ca стадыёна чыніш лагер смерці, Сабор ператвараеш у казарму!.. Ты ўстаў. Ты азіраешся... Ты болей Не хочаш воплескаў у гонар свой, Не хочаш!.. У засені жалезнага ламачча Праклюнулася каліва надзеі. ЛЮДСКАЯ ДОЛЯ Такая ўжо нашая доля — Не ведаць адхлання Ад болю за ўсіх нас, Ад болю I ад спачування. Цягнуць, узваліўшы на плечы, Уласную ношку Пакут i надзей чалавечых, I ўласнай дарожкай Стварыць хоць бы пробліск на выйсце Знямогламу духам, Каб ён, Як пупышка — да лісця, Быў прагны да руху. Каб ён, Нібы завязь — да плода, Між горкага голля Выспельваў людзям пагоду. Такая ў нас доля. * * * I прыйдзе ноч, i ноч міне, I дзень павекі разамкне I аглядзіцца навакола. Ці будзе рады й мне? Ён — грук матораў, шоргат шын, Ён — самалётны рык вышынь,— Што для яго пялёстак кволы Ссамотненай душы? Па бровы ўкутаму ў браню, Пялёстак той, як парахню, Бязлітасна пусціць на вецер Было б так легка дню,— Калі б у непрыманні зла Душа змагарна не ўрасла У заўтрае надзей бяссмерцем. * * * Цікуеш за маімі песнямі, Кажнюсенькую ловіш ноту, Бо часта будні твае скрэслены Рукой няшчаднай адзіноты, Бо хочаш ты Маёй пяшчоты. Якія ж ісціны адкрыліся, Што не хапае ўжо адвагі Паўстаць Супроць сваёй бяскрыласці, Супроць уяўнай раўнавагі Паміж натоленасцю — Смагай? Якою праўдаю апоена Сама я на мяжы чужання, Што знерухомелі абое мы Тут, у паўкроку да світання, Што ў золку Бачыцца змярканне? * * * Пытается, чаго маўчу. Я не хачу Парушыць гэтую магчымасць Паслухаць, Што там, за вачыма, За небам позірку твайго. Загавару — i не пачую, Што Птушка часу нам вяшчуе. * * * Усе мы, усе мы ў хадзьбе Да небакраю. Калі й чакаю чаго — ад сябе Чакаю. Табе не па сіле крок Маёю сцяжынай. Мы нават у снах сяброў Чужыя. ВЫЙСЦЕ Пераклікаюцца званкі, Як спозненыя жаўрукі!.. Не будзем сумныя. Не варт. Перавядзем усё на жарт! Хто як пераглядаўся з кім — Пасмеймася, бо позірк — дым! Што сказана каму было — Не дайма веры, слова — тло! А жаль... Ператаўчэм свой жаль... Перавядзем усё на жарт! * * * Пагаворым на розных мовах (Разумеючы кожны нюанс), Інстынктыўна творачы ўмовы, Каб мацней не збліжала нас. Пад крылом усвядомленай сілы, Што пануем усё ж над сабой, Бесклапотна прамовіцца: «Мілы» I ў сур'ёз не ўзвядзецца табой. Прывітальным тваім: «Дарагая» Толькі песня святлее мая, Вечаровая песня над гаем Непрыкаянага салаўя... ПЛАТА Колькі важыць святло? — З адказу на гэта Прырода не робіць сакрэту: Хоць бы столькі, Колькі важыць пялёстак вішнёвага цвету. A колькі ж каштуе святло? — Белы свет Знае плату адну за яго спаконвеку: Жыццё чалавека. ШЧАСЦЮ Я ўжо не веру ў незвычайнасць. Жбан воду носіць да пары. Занадта доўга ты маўчала, Каб мне пра цуд мой гаварыць. Твайго аддару не баюся, Кладзіся ценем на ілбе. Ужо ў табе зашмат спакусы, Каб я паверыла ў цябе. HE СПАЗНІСЯ Толькі мо ў казцы ёсць лёс — нібы кошык, Поўны адно медуніц ды суніц. Бойся спазніцца са словам харошым: Тонка прадзецца жыццёвая ніць. A ліха не спіць... Ах, запіваць бы сухую скарынку Наканаванага — з чыстых крыніц! Бойся спазнідца з харошым учынкам: Тонка прадзецца жыццёвая ніць. A ліха не спіць... ШАРАЯ ГАДЗІНА «Каханы, мой каханы! Мне хораша з табою. Ніводнае хмурыны У небе нада мною. Усе яны знікаюць Яшчэ на даляглядзе, Пакуль прысутнасдь сведчыць Твая пра душ суладдзе. Адужаю хваробы, Не змоўчу на абразу. Я знаю, што «Кахаю Цябе» — зусім не фраза. Братазабойна ў свеце. Ваююць за радзіму?.. Ты прыгарні пяшчотней Мяне, о мой адзіны. Ахоўна i надзейна Тваё пульсуе сэрца. Я знаю, ёсць людское I шчасце, i бяссмерце. Ёсць сіла, што нітуе Свет, горам дратаваны». ...Няма каму сказаць мне: «Каханы, мой каханы!» ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ Усё гудуць на земным доле, Гудуць пякельныя віры... Хацела аднаго ад долі: Душою з небам гаварыць. ...Hi ў кім, Hi ў чым не паўтарыцца. Скіпела ў слёзку — i няма... Такому толькі там забыцца, Дзе памяць знішчана сама. Зноў сад магутна раскашуе На попеле i на крыві. Адно мяне, бярозку тую, Чацвёртую — не ажывіць. Калі ад душ кара адстане? Крычы, мой лёс, пячы, шчымі, Каб людзі ў шматмільярдным стане Нарэшце зваліся людзьмі! * * * Дзе ты, даўняя любасць? Белы корань душы... Глей самотнасці грубай Дзёрзка разварушы! Даўкіх будняў прагалы Перакрэслі сабой. Без цябе што б я знала Пра пяшчоту, пра боль? Мне маркоты не збыцца, Як гарбунні — гарба. Без цябе не адкрыцца, Што такое журба. Так настойліва беды Промнік сонца дзяўбе... Як магла б я паведаць Прагу жыць — без цябе? Дзе б я чэрпала сілы Усміхацца, спяваць? Чым падцятыя крылы Тут змагла б мацаваць? Ты ці лекі, ці згуба — Нематой не душы, Безаглядная любасць, Вечны корань душы... A СТАЎ НАПАМІНАМ Аклікаць юнацтва недарэчна, Не было яго ў маіх гадах. ...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны, З кім i размінуцца не шкада. Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі Гарката, што можна мне, што — не. ...Ты напраўду субяседнік толькі, З кім прыемна пабалакаць мне. Прыпадае да грудзей з павіннай Сталасць марнакрылая мая. ...I нашто ж ты стаў мне напамінам, Што мінаю, што мінаю я?.. БЫЛО ...I раптам адышоў, амаль адбег. Hi слова не сказаў на адвітанне. I кожны крок твой абяцаў вяртанне. Вясновы дзень гуляў у «сонца-дождж». I неўпрыкметку набракаў змярканнем. I набракала цемраю чаканне. Мне ж без цябе ўжо не было дарог. A людзі абміналі, нібы здані. Бы ў прорву, падалі мае пытанні. Быў родным горад — раптам пасткай стаў. Мая прапала вуліца дазвання. Дзе я... дзе ты... гуканне i блуканне... * * * Нашто мне гэты дзень Без цябе? Сінічка за акном — Без цябе? I сонечная плынь — Без цябе? I гурт людскі нашто — Без цябе? Травінка кволая — I тая не ўзрастае Дзеля самой сябе. Нашто мне гэты дзень Пустыня? З ВАЧЭЙ ДАЛОЎ — I З СЭРЦА ПРЭЧ Прымаўка гэта Бяскрыўднай малачаінкай гайдалася Вакол шляхоў чужых,— Каб на маёй сцяжыне асатом Аднойчы ўпіцца мне ў свядомасць: «Так, праўда. Клятвы — Ноша непасільная Для сэрда». Змірыся з гэтым, Памяць. У СВЯТЛЕ МАЛАHAK Не памыляецца наканаванасць. Калі пры ясным сонцы заблукаю, Як знепрытомненая, У трох соснах, Яна маланкай выбавіць з зацьмення, Якая вокамгненна давядзе, Куды зайшла я, Дзе мая дарога. Ці хопіць сілы на дарогу зноў? Жывая засталася — Значыць, хопіць. Не памыляецца наканаванасць. * * * — Не хвалюйся, ён не прыйдзе, I няма чаго чакаць. Усміхніся — i па крыўдзе, Бо на што тут наракаць?! Хто табе ён? Хто яму ты? Што вас звязвае? — Званкі, Здань аквечанай мінуты, Прывід сябравай рукі! Смешна прывідаў чакаць! ...Ах, сябе не ашукаць, Хоць i кепікі цяперка, Пасміханне ды зарок!.. Бо хацелася ж цяпельца, Каб ачалавечыць змрок... ЯК СНЕННЕ Шэра i золка. Вось мы i падсочаны Вокам разлукі, Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся Нашыя рукі. Не гавару табе: «Усё будзе добра». Добра не будзе. Можа, тады хіба толькі, як з памяці Дні гэты збудзем. Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць Хлебная луста. ...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га... Ціха i пуста... Толькі далёка-далёка ў свядомасці Нешта адзначыць: ...лівень святла... звонкі голас шчаслівы... Сненне, няйначай. * * * Я не хачу, каб гэты дзень, што сёння, Як беспардонны кватарант, пакой мой Заняў нахабна,— Не хачу, каб ён Звёў на нішто мяне, каб растаптаў Стовокаю сваёю паражнечай, Што так з усіх куткоў мяне высочвае! Ратуй мяне, мой учарашні дзень! Ты даў прытулак гэтакай вялікай Журбоце, Гэткай паўнамоцнай радасці, Што мне, тады спазнаўшай прорву й неба Любові гораснай,— адзіна там I ўтульна мне, паўсюдна беспрытульнай З вясёлкай тою, з валунамі тымі... Не адступайся, дзень мой учарашні. Я i сама змагу цябе адпрэчыць. Бо адзінота — шчэ не паражнеча. ПАСЛЯ ШТОРМУ Глыбокае ранне, глыбокая ціша. I толькі заілена ўсхліпваюць хвалі. «Мінулася бура,— зняможана пішуць. Прайшла. Прашалела. Зноў ранне. Зноў ціша. На беразе гэтым Зашмулена-бурым Вось-вось людзі з'явяцца — Выпладні буры. Па ёд. Па бурштын. Па абломкі — Хто ўчора Блакітны свой паруснік Даверыў мору». МОСТ Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі. Не заўважыла змроку: Мне твой воблік свяціў цеплавокі. Кажуць, ноч была ветранай дужа. Не запомніла слоты: Атуляла ад ветру пяшчота. Кажуць, снег нават падаў уночы. Калі гэта i праўда — Растапіла яго наша радасць. Я не згасну былінкай бязраднай, Хоць i сцюжа навокал, Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі. Не хачу ўжо нічога, нічога, Hi лістоў, ні прыездаў — Быццам мостам, звязала нас бездань... * * * А немагчымага няма. Ты толькі прывідна далека. Я ж i адна — неадзінокая, Бо немагчымага няма. I пэўна знаюць халады, I пэўна знае шчыры вечар, Як можа ўспалыхнуць сустрэча З абвугленай немагаты. Ёсць пажыццёвая турма — Ёсць пажыццёвае імкненне Да жыццядарнага збавення,— I немагчымага няма. * * * «Будзе лета, як звон, пустое». Гэты голас даўно знаю. Не затоім крыўду на тое, Што адбыцца й не магло з намі. Светлячок выпадковы блісне — I да ўздрыгу вусцішна стане: Абяцаўся свет быць вялізным — Звёўся да чакання світання. Абяцаўся свет быць вадою — Звёўся да ненатольнай смагі. Глухне сад лебядою. З дзічкі зыркае расамаха. * * * Павечны мой! Не мучся, не пакутуй. Hi ў чым, ні ў чым няма тваёй віны. Не лёдам, Сонцам наша плынь пракута: Усе каменьчыкі на дне відны... * * * Яшчэ трымаюць маразы, Яшчэ ўспаноўваюдь завеі, Але прамень святла на веі Ужо кладзецца ад слязы. Ад той слязы, пасля якой Дыханне набывае песня — Усё, з чым вера не зачэзне — Не ў шчасце — «У волю i спакой». * * * Зноў пра цябе. Мне — пра каго ж яшчэ? Настойліва начэе, I ўсё выразней чую, як цячэ Усё глыбей праз сэрца Ратнічэле. Няўрымсная, парывістая плынь: У ветравей свавольны Пульсуе пасмай срэбнаю палын. I ў горадзе знайшоў мяне ён, польны. Свядома тваго руку адпушчу. Пад золкай зоркай страты Да скону голас Ратнічэле чуць: «Ой кейп бега мятэй...» [1] * * * «Я прыеду, як выпадзе снег, Я прыеду пры першай парошы».. Мой харошы! Так жыццё і складзем з гэткіх вех.. I чым болей марнуецца дзён У пустой, адзінокай дарозе, У знямозе Усё той жа працяг ёй відзён. Набярыся трывання i сіл, Памудрэй, мае сэрца, нарэшце, Дай давесці Жаль без роспачы за небасхіл. ВЯРТАННЕ ...I прыйдзеш ты туды, Дзе першы дотык вуснаў быў як выбух: Аглушаныя — Мы не чулі нават стуку ўласных сэрцаў; Аслепленыя — Мы не бачылі, калі ўначэла. ...Ты спынішся ў алейцы той, i памяць Зноў пацалункам першым нема выбухне, Зноў аслепіць, Нават калі й здаецца ўжо табе, Што не кахаеш... ПРЫ ПЕСНІ I нядзеля запанядзелена. Чым каштоўным я тут надзелена? Ёсць жытнёвы кут з тою хатаю, Што на ласку мне так багатая. У гародчыку спее мачына, За сталом звініць песня матчына. Ой, жураўку, жураўку, Чаго крычыш на ранку? Ой, як жа ж мне не крычаць? Трэба высака лятаць... Падхаплю жалю мову шчырую: Не вяртаецца жораў з выраю. Хай не журыцца, хай не плачацца: Далягляд з жальбы не зыначыцца. Шкода толькі дня, той нядзелі мне, Што святочнасцю так абдзелена. ЧУЖЫ Піла, каб хораша было табе, Каб стаў тваім чуяш дагэтуль горад, Дзе б ты пазбыўся калатнеч i зморы, Дзе б ты хадзіў у шчасці, не ў журбе. А ты глядзеў у вочы i маўчаў. А я вачэй сваіх не апускала. А ты ўсміхаўся, незнарок ласкав а. Глыбокі вечар, як лясны ручай, Не люстраваў ніводнай зоркі... Віно было i светлае, i горкае. ДЫЯЛОГ Душа мая, дай адпачынак мне: Даволі песень з болем i тугою! Так хочацда ў жытнёвай старане Сябе прыўзняць мелодыяй другою!.. I чую вінаватае ў адказ: Нас абмінае радасць палахліва. Усе ж плачы сыходзяцца да нас: Відаць, зашмат на свопе нешчаслівых. ВЯСЁЛКА Хмары з самага ранку — набраклыя, шызыя. Дождж ад самага ранку няўтомна пялюшчыць Аж не верыцца ў золкасць за мокраю шыбаю: Ціхамірна i соладка на сэрцы трывушчым. Мілы, што тэта?!. Што ты... зусім i не плачу я. Пачакай... парушынка да вейкі прыпала... За ўсё лета ні разу вясёлкі не бачыла — Аж цяпер вось у небе асеннім заграла!.. СУГУЧЧА He моўкне сонечнае рэха, Сугучча наша доўжыць, доўжыць Бы ты нікуды не паехаў, Бы ты ўсё побач I ўсё той жа — Пяшчотны, ўсмешлівы, шчаслівы, Увесь у песеннай уладзе — Як жаўранак над яснай нівай, Як шпак у развяснелым садзе!.. Ты ўсё, усё мне, Усё на свеце: I кліч жыцця, I прага смерці... * * * Ёсць адзінае выйсце — жыць, Кожнай хвілечкай даражыць. Той хвілінаю, што — з табою, Тою вечнасцю, што — без цябе. I не згледзім, як нас з любоўю Ненасытны нябыт заграбе. Не прыходзіцца наракаць. Журавінкай ірдзее пэўнасць: Застанецца па нас — напеўным Лёгкім клёнікам — цень радка. Над яго жыццяноснай галінкай Пасвятлее хоць на краплінку Сэрцу, бедамі спаласаванаму, Неўміручаму — Закаханаму. ...Як на лета пяе сінічка!.. Дзе шчэ спелае жыта!.. Дзе знічка!.. ВЫСАДКА БЭЗУ

Камсамольцам 9 «А» кл. СШ № 3 г. Белаазёрска

Дзякую за бэзавы настрой, Дарагія хлопцы i дзяўчаты! Кіне доля вам сваю пальчатку — Вы прыміце грозны выклік той! Хай як хоча сіліцца яна Вас падмяць, скарыць любой цаною — Помніце, ў Максіма Багдановіча: «Піце чару поўную да дна»?! Трыдзевяць зямель, трыдзевяць рэк, Безліч пастак i выпрабаванняў, Можа, будуць вам наканаваны,— Помніце пра званне: Чалавек! Во пакуль не мірыцца душа З асыцеласцю i прыніжэннем — Чалавек не знае паражэння. Піце радасць з Зорнага Каўша! Помніце й найслотнаю парой: Ваша доля толькі ў вас ва ўладзе. Хай буяе зорны бэз на градзе! Дзякую за бэзавы настрой! ЖЫЦЦЁ —ЯК КАЗКА

Да партрэта Сэнт-Экзюперы

Жыццё, сапраўды, як казка: Ідзеш ад бяды да бяды. То сцюжна, то слізка, то гразка, То моташна да жуды. Туманам забрана поле. Ідзеш ад надзей да надзей. Але не сляпая доля, Во плуг твой цябе вядзе. Канчаецца ўсё шчасліва,— Шчаслівы ў казак канец,— Заснеш пасяродку нівы, Спакоены ўрэшце жнец. * * *

Былі словы — як шолах травы...

Апатоль Вярцінскі Вам сёння скажуць шмат харошых слоў, Для гэтага ёсць не адна прычына. Прыйду i я — цераз маіх паслоў: Світальны вецер, зорку, аблачыну. Калі натоміць Вас бяздарны дзень, Бясконцым здасца доўгі шэры вечар — Да золкай шыбы лёгка прыпадзе I Вас аклікне мой світальны вецер. I Вы тады расчыніце акно, I мова ветру будзе зразумета: Утканы ў долі Вашай палатно Усе калёры залатога лета. Павольна пройдзе ў Вас над галавой У час той аблачына, ціха скажа: Мінецца морак, як мінуцца ёй, I зноў пагодна будзе ў небе Вашым. Там вечна зорцы лучнасці цвісці, Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй, Што памагае па жыцці ісці, Што не дае душы прагоркнуць плесняй. ...Вам сёння скажуць шмат харошых слоў. А свята — нібы пяцьдзесят аерын... Я аддаю Вам трох маіх паслоў — На шчасце, i на сілу, i на веру! * * * Паверыла: душа заснула, I ўжо ёй не загаварыць. ...Як ад маланкі — аж хіснула: Ты!.. мерна крочыў па двары. Ішоў, i ў вокны углядаўся, Шукаў, каторае маё, I прызмерк нема ў ногі слаўся, I бледнай зоркі вастрыё У сэрца самае ўпілося!.. I знікла навалач слаты, I загула, як прорва, просінь, Куды мяне зноў рынуў ты! * * * Што ёсць сэнс? Няўжо адзіна справа, Што з жыццём так моцна заручыла? Дык нашто ж уваскрасаюць травы Там, дзе лугу быць i немагчыма? Косіць вокам счырвапелым вечар, Як трывае наша шчасце-мука, Дзе адна — на ўсё жыццё — сустрэча I адна — на ўсё жыццё — разлука... ВЫЗВАЛЕННЕ Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі! Яшчэ скавана мітуснёй — I ўсё-такі я ўжо на волі. Яшчэ цягну ярмо тугі I неразважаных сумненняў, Ды ўяю мне шлях той дарагі, Дзе ў кроў саб'юся аб каменне. Хачу сама таго ярма! Бяда вяшчунна пратрубіла... Бяда старалася дарма: З мяне рабыню не зрабіла! Яшчэ скавана мітуснёй — I ўсё-такі я ўжо на волі! Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі... * * * Цені ў кутках, як блакітная варта... Сёння мы ў шчасця ў гасцях. Можа, адзіна цяпер мы i варты Жыцця. Сёння, калі нашы душы пад знакам Злітнасці i паўнаты; Зараз, калі ў ix ні следу ніякай Лухты. Выстыў даўно ў белых кубачках чорны Чай на вячэрнім стале... Спеўна i вольна, нібыта на горнай Скале! Лётка, як птахам уразлівым дзікім З гордым узмахам крыла! Цені, як варта блакітная... Лікі Святла!.. * * * Слова мае не накліча бяды, Вока мае не злое. Шчасця твайго не сурочу й тады, Як будзеш ты не са мною. Толькі аднойчы, пры цёмным акне, У задуменні мройным Неасцярожна згадаеш мяне — I смутак ляжа гарою На ўтульнасць тваю, На вясёлы твой дзень, На памяць пра нас абоіх, Дзе я, нібы голачка на вадзе, Трымалася на любові. НАЗАЎЖДЫ О милых спутниках, которые наш свет Своим сопутствием для нас животворили. Не говори с тоской: их нет, Но с благодарностию: были. В. А. Жукоўскі А парывала ж!.. Ды вярталася... Пашто вярталася? Чаму? Адно гаркоты дабаўлялася... Бывай, мір сэрцайку твайму. Нарэшце вырвана дарогаю. Цяпер з яе ўжо не сыду. ...Аж дзесь за даллю промнерогаю, Чужая ўжо ўсяму, ўпаду. Ды на парозе вечнай цёмначы, Пры голасе яе трубы, Калі яшчэ хоць нешта помнячы, Згадаю, ўдзячная: ты быў... ПРЫЦЯЖЭННЕ ЧАСУ Жыццё з маленькага вучыла: Як ні мудруй тут, ні пручайся, А немагчыма, немагчыма Адолець прыцяжэнне часу. Агорне веснавосць павеву — I квеценню зазорыць мусіш, Як абрыкосавае дрэва, Прыручанае Беларуссю. Скапычаныя смуткам гоні — I неспазнанага прасторы... Ты стаў дасведчайней сягоння, A шчаслівейшы быў учора... У ледзь ацямлівым галопе — То па пустыні, то па жыце. I стукае у грудзі попел Усіх згарэлых побач жыццяў... * * * Снег упаў на голле залатое... Толькі ўчора сонцам ліўся ліст — А сягоння пад завейны свіст Снег упаў на голле залатое... I шчыміць разгублена душа, Нібы не бярозка, а сама я Так безабаронна адгараю,— I разгублена шчыміць душа... У ЛЮСІНЕ А возера, як вока, поўнае Глядзіць у сцішанасць маю. Усё, што я люблю, што помню я, Глыбока ў сэрцы прытаю. Перагуло, перамалолася. За ўсё заплачана спаўна. Маўчаць дубы Якуба Коласа. Якая далеч ім відна За гэтым возерам, за лёсамі?.. Падснежнікавая пара, Не дай астацца безгалосаю Каля яднальнага кастра!.. ПАЭМА ЖНІВА Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю. Васковая свечка гарыць у цябе ў галавах. I рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя На грудзях — як два перавяслы на полі жніва. Дажала, матулечка, вось ты, матулька, й дажала Усе свае болі, маркоты i ўцехі свае. I рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала, Што дзецям тваім ix аплакаць i слёз не стае... Васковая свечка паволі гарыць-дагарае. У слоік з ячменем сыходзіць счарнелая ніць. Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая, Настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?! Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на вялікдзень. I ў печы пячэцца твой белы — наш чорны — пірог... Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі Хоць глянь, колькі люду сабраў твой зычлівы парог!.. Устань, мая родная, ты ж на дасвецці уставала. А тэта ж — паглянь толькі! — сонца пайшло на заход... Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала, Няхай не стаяць так журботна ля нашых варот!.. Ой, мылі, ой, мылі крылмі вокны чорныя вораны, А ты i тады ўжо маўчала, амаль як цяпер... Што плавіла ты ў гэтай моўчы аддаленай горане? Мо бачыла зорку дзявоцтва, што ўпала ў аер? Усё нешта складвала, згортвала,— ні на хвілінку Не ведалі рукі спачыну i ў злічаны час... Ты ж, мамачка, з кожнаю птушачкай, з кожнай зялінкай Умела гукнуцца,— чаму ж не азвешся да нас?! Цябе ў маладосці, было, каралеваю звалі. Знімі чорны смутак з сівога свайго караля!.. Ты ж, мамачка, гэтак любіла i кветкі, i далі. Паглянь, як — ажно да рыдання — красуе зямля!.. Навошта ўсё гэта?.. Куды гэта?.. Лапкі яліны... Вянкі... Каснікі... Дамавіна... Каму — дамавіна?.. Вясковая чорная вуліца... Людзі... Літанні... Магіла... Аркестр... Пахаванне... Чыё пахаванне?.. Потым цётка бярэ жменьку жвіру сырога з пагорка. Просіць маму з дзяцей сваіх зняць смутак цяжкі i горкі... А потым — сталы, на сталах — каша, боб i капуста... Памінанне... Кароткія пацеры... Няўцямна i пуста... «Ой, ляцела зязюленька Цераз круту гору. Пасеяла пшанічэньку, Выжала палову. Ой, навошта ж мне палова, Як зерня не маю? Ой, нашто ж мне жыць на свеце, Як мамы не маю?..» * Стала горкай цямніцай былая святліца... I сніцца: Апраметная цемра над хатай, над садам — Нібы сонца на свеце зусім не было... Злавесныя бліскаўкі за даляглядам Толькі болей згушчаюць чарноцця сіло. Я — пад нейкім скляпеннем. Я моўчкі блукаю Паміж ложкаў, насілак, між хворых, калек. Я маўкліва шукаю. Я маму шукаю. Пасярэдзіне залы — стол. На гэтым стале Спісы. Доўгія спісы ўсіх тых, хто загінуў; Хто без вестак прапаў; Хто застаўся жывы. З краю — шчэ адзін спіс пад засохлай галінай: «ЭРЭТЭК»... «ЭРЭТЭК»... Ён не йдзе з галавы, Дзіўны спіс «ЭРЭТЭК»... Я не знаю, што значыць Гэта слова. Не ведаю. Толькі мяне Аж калоціць усю ад бязгучнага плачу: Гэты спіс шыфраваны спісу мёртвых страшней!.. I не моўчкі, а з крыкам ужо, з кулакамі Я кідаюся на нейкі цень, на абрыс Нейкай здані, якая i маму — i МАМУ! - Хоча ўнесці ў той спіс... Там адзначаны, хто падлягае знішчэнню,— Хто жывы, ды ўжо гэта не мае значэння... А мяне адпраўляюць у іншую залу. Я іду, маладая, прыгожая. Мне Тая здань з нейкай дзіўнай усмешкай сказала, Што маму маю не кране... Маладую, прыгожую, у паняверцы Зноў мяне невымоўны мой смутак вядзе З заміраннем зняможаным ціхага сэрца Углядацца ў абліччы i твары людзей. Ix тут безліч — такіх маладых i прыгожых! — Гаманкі i гуллівы — Жахлівы засеў: Бо ўжо ведама, ведама мне, о мой божа, Гэта — мёртвыя ўсе!.. I сама ўжо — I гэта таксама я знаю — I сама я хаджу сярод ix Нежывая... У сляпым, у раптоўным пякельным кастры Спапялелі ўжо ўсе, i радня, i сябры... У жывых толькі недзе мой брат i сястра: Як ім выжыць, як жыць пасля ГЭТАКІХ страт?! Дзеці ў ранах, у язвах, у страшнай каросце... ШТО пра нас дзеці думаюць там, Пра дарослых?.. ...Я расплюшчваю вочы. На змятай падушцы Грае сонечны зайчык. За сцяной галасы. Мне нядобра. Калоціцца сэрца. Мне душна. Вокны песціць лагодай высокая сінь. Пад нагамі — зямля. Дол — адзіны навек. A ў гарачыя скроні — «Э-РЭ-ТЭК!..» «Э-РЭ-ТЭК!..» * «Упіўся козак, упіўся, З дарожанькі збіўся, Вараному коню На грыўку схіліўся, Ой, бяжы ж ты, коню, У чыстае поле. Ой, там сіраціна Пшанічэньку поле. Пшанічэпьку поле, Куколь вырывае, Вараному коню Пад ногі кідае...» Памажы мне, песня, акрыяць... Там, за летаў лёткай чарадою, Можа, ўбачу маму маладою, Бацьку маладым убачу я: Быстрага русявага хлапца З яснымі блакітнымі вачыма, Гнуткую чарнявую дзяўчыну — У касе галінка чабраца... На пясках спануранай зямлі Што было ў ix? Беднасць ды сіроцтва. Што было? Юнацтва ды дзявоцтва. Ды надзеі з марамі былі. Не пазнаю кута, дзе ўзрасла, Але ў шолаху лістоты ўчую Бацькаву i матчыну вясну я, Галасы журлівага святла... ...Цені перадсвітання Так глыбока ў траве заляглі... «Гэта ж песня — каханне. А жыццю трэба хлеба, зямлі...» Поўнік — вехцем саломы, Растрывожана пахне аер... «Я змагу, я ж не ўломак! Ты толькі чакай, ты — павер!..» Залатой прыпарошай Сыпле й сыпле жаўронак на ўсход. «Зараблю-такі грошай! Ці ж збагося казённых работ?! А не выйдзе... Што ж, любая, Не ўпікну я ні словам нідзе, Як хтось іншы да шлюбу, Шчаслівейшы, цябе павядзе...» Як пяшчотна вішанька цвіла!.. Мама, мама! Недарэчна, мусіць, I пытацца, ці ў сваім замустве Сапраўды шчаслівай ты была. На тваім вясельным ручніку І сягоння галубы туркочуць, Што бярэцца сонцам свет сірочы, Як каханне падае руку. I казалі, бачачы цябе У рабоце i ў гулянні, людзі: — От каго ўжо доля шчыра любіць, Трэба ўдасца ж гэткай харашбе! I ў руках яе — усё гарыць, A i з твару — ходь вады напіся, I каму ўжо, як не Мацяшысе, I спяваць, як птушцы на зары: Падрастаюць дзеткі, i мужык Працавіты, добры ды талковы... Мама, мама! Дзе яна, падкова Шчасця-долі, на якой мяжы? Мук жыццё адважвала спаўна. Ты ж спявала, хоць душа балела. Не магла інакш ты. Не хацела, Каб пакута ўсім была відна. Мацяркам бо вечна што пячэ? Каб адно былі ў здароўі дзеці, Каб адно было спакойна ў свеце,— Большага чаго жадаць яшчэ? Леты-зімы — вір ам-мітульгою... Hi таго здароўя, ні спакою... Што чакае за крутой гарой — Выявіцца толькі на вяршыні. Птушка лёсу ўсё кругі вяршыла З паднябесся да зямлі сырой... Як жыццё любіла, мама, ты, Як яму ты радавацца ўмела! Ты для ўсіх, як зорачка, гарэла Між будзёншчыны i гаркаты. Успаміну светлы каласок: Ты вяртаешся таропка з поля, Малачай ды лебяда ў прыполе, A ў руцэ — рамонкі для дачок... Пад замкамі для цябе была Азбука i мудрасць кніжных ісцін. Поўнілася ты, як сокам лісцік, Мудрасцю саўдзелу i цяпла. Што вы з бацькам тут ні зажылі!.. Але вечна помнілі пра тое, Што павага — самае святое, Бо людзей з нас лепіць на зямлі. Праз усё, што наканоўваў час, Праз надзей змярканні i дасвецці, Праз крывавы пот i боль па дзецях Вас вяла, трымала любасць вас. Гэткіх душ не пакалечыць быт!.. І ў мяне ад вас перакананне, Што адзіна праца i каханне У жыцці апірышча i шчыт. Хоць з гадамі ў голасе тваім Большала зажурынкі, матуля,— Голас твой — i суд мой, i атулле, Лепшае ўва мне згукана ім. * А ты ж i не ведаеш, ма, што з табой адбылося, Не ведаеш нават, Што ўсё, з чым зжывалася ты, чым жыла, ад цябе адцялося... Што раптам пайшлі ад цябе ўсе дарогі твае i сцяжыны, Пакінулі ўсе — Па пяклівай расе, па іржэўніку, па ажавінні. Што ўраз адступіліся i ад каленак тваіх, i ад рук тваіх грады, Адпрэчыўся кветнік, I нават над ранішнім полымем печы твая ўжо не ўлада. Не ўлада, не ўлада твая ўжо ані над дзяжою, aнi над дайнічкай, Навек, незваротна Пайшлі ад цябе ўжо i смага твая, i крынічка. Сышлі i піліпаўкі ўсе твае, мама, i спасы, А ты ж i не знаеш, Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе ўжо. Hi свету, ні часу... A ў тым, незамглёна далёкім, пад вернай аховай Любові i смутку Нявыказна велічна, ціха ў дуброве перадвечаровай. Разгалыя кроны варожаць змярканню ў задуме ўрачыстай. Узнёсла. Харальна. Між бурага лісту яшчэ так багата зялёнага лісту. Яшчэ нам ні разу не сніліся войны нейтронныя. Поўнім Мяхі жалудамі. Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма, i помнім. Вунь тата, вунь мама. А вунь i мы, дзеці. Заўзята збіраем Бурштын жалудовы. I тата лагодна ўсміхаецца маме. I мама жывая... ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ I СМУТКУ 1 Вось i ўсё. I за Вечнаю Брамаю весніцы, За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць... Прымірыцца... Не прагнуць таго, што не здзейсніцца. Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць? Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная. Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё... Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя. Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё... 2 А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі... Ссаламянела месяца брыво. Гай амаўкае, слухае крынічку, Якая зноў спявае пра жніво. Жніво, жніво! Высокая часіна Цяжкой натомы рук i свята душ, Ганараванне кожнай каласіны,— Цяпер яе ніякі глум не руш! Яна, як чалавек, прайшла ўсё пекла, Жывою выйшла з павадку яна, Яе i падмароззе не падсекла, I суш яна змагла, i перуна! I вось цяпер, на палявым улонні, Каб кожны працаўнік быў сыты, каб Лагоднеў свет — у шчырыя далоні Спаўна вяртае жыццяносны скарб. А па начах спадаюдь долу знічкі. Усё празрысцей робіцца ў садах. Да ранку чуцен голас той крынічкі, Дзе з даўніх даўняў спеўпая вада... «Ой лета, лета, лецейка, Даспела ў полі жыцейка. Прасіў каласочак дзявочак: — Сажніце мяне ў снапочак! Бо я ўжо ў полі набыўся, Буйнага ветру начуўся, Дробнага дошчу напіўся. А мне ўжо ў полі няміла, Сонейка тварык спаліла, Дык я паляжу ў стадоле I зноў пабягу у поле...» A промні сонца ад расы абудзяць Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы — I ў шчыравальным, у маторным гудзе Знябудзецца мінуўшчына зусім. Хай знебываецца, хай прападае — Каму маркот бясхлебіцы шкада?! Пяе крынічка, ды не дападае Да мітуслівых спеўная вада... Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям, Што мы не ля магілы ў гэты час, Што да паўночы з шызага дасвецця Не адпускае хлебны клопат нас. Даруй, хоць так яно было адвеку, Заўжды вялося гэтак на зямлі, Што трэба дбаць пра поўныя сусекі,— Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі... Жывым — жывое? Што ж, жывым — жывое. Тут, можа, й мудрасць людскага быцця, Што раны нашы мы ў турботах гоім, Каб мела наша спадчына працяг. A ці ж яна адзіна ў хлебе-сале?.. Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо. Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі. Нішто ix тут не ўтрымвае, нішто. Раней была зямля патрэбна, хата. А сёння — лёткай птушкаю ляці. Цяпер людзей за добрую зарплату З гнязда крайсвету можна адвясці. Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле, Здаецца, дужы, сыты, малады,— Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі — I лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..» Шуміць сасна над матчынай магілай... Паслухай, мама, як сасну, мяне. Усё, чым ты ў жыцці нас адарыла, Мы ўжо не прамарнуем, мама, не. Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі — Яны любоў не выстудзяць ужо. Да скону пчолам бараніць свой вулей, Свой спадак працы, сонца i дажджоў. Калі мы тут багатыя на ўсмешку, На шчырасць, на давер, на песню — мы Багатыя табой, тваёю сцежкай, Што ты ў вясну тарыла нам з зімы. Калі на сонцы не шукаем плямаў, Калі i роспач нас не заграбе, Калі й надзеі мы не здрадзім, мама, Мы гэтым абавязаны табе. У нашым, часам з прымаразкам, леце Удосталь i маланак, i асця. Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях: Нам сцежкі вашы весці ўглыб жыцця. I хай кіруе векавая памяць: Дзе толькі сытасць — там душы няма. Не пакідай нас, ма!.. 3 A ў палях так яшццядарна жыта Абнімае маладую шыр! Жыта, жыта, вечны скарб, спажытак Чалавечых цела i душы! Бо ўміраюць з голаду й па людзях... Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць, Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць — А да Хлеба існыя ляжаць. Да таго да Еднаснага Хлеба, Што збірае за адным сталом Тых, у кім гарыць адна патрэба: Наталіцца роднасці святлом. I, адчуўшы сэнс i веліч долі, Гэты сэнс i веліч перадаць I сваім унукам, каб ніколі Ім не давялося жабраваць. Каб ва ўпартым поступе да мэты Без галечы, звад i калатнеч Ix, як зерне, маладому свету Не намульваў плечы прагны меч. Каб нідзе занесены не быў ён, Меч знішчэння — як цяпер завіс Над саспелай нівай, над рабінай, Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз, Над буслом, які ўжо вырай чуе I зямлі з паднебнай вышыні Па дажджах, па маразах вяшчуе Новых вёснаў сонечныя дні. Мой турботны дзень, мая нядзеля! Лашчыць пальцы шорсткі каласок... Краю родны!.. Я ўжо неаддзельна Ад цябе, як ад зямлі расток. Вырві з глебы, што яго сілкуе — I змарнее, i засохне ён. Я з табою ўсё перавякую, Што нам ні намелюць жорны дзён. Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці Ёсць дзівосы свету — абразы, Ды яны ніколечкі не засцяць Мне тваёй някідкае красы. I дарогу гэту палявую У бялёсай жнівеньскай смузе Мне давеку ўжо любіць — жывую, А не ў той няўтоленай тузе. Што ў хвалёнай некалі Канадзе I па сёння смокча сваяка, I ца сёння неадступна надзіць Несмяротны прывід васілька. Колькі ix з гаротнасці, з нястаткаў Так сябе самохаць адцялі Ад свайто народу i зямлі... Абміні мяне, такая доля, Бо няма страшнейшага ў жыцці — У чужым, у непрытульным доле Ды прытул апошні свой знайсці! I каліна тамка не паплача, I не тая зорка ў галавах... Нават воран там чужы пракрача, Што чужая прарасце трава!.. Смерць — яна не ў кожным разе драма... Родны дол абдымкі расхіне, I ступлю я ў ростул Вечнай Брамы З краскай той, што мама рвала мне, З тою песняй, што яна спявала. ...Толькі б ведаць, толькі ведаць мне б, Што жывы i свет, i жытні хлеб.

1

О, як ляцяць гады!., (літ.)

(обратно)

Оглавление

  • Hіна Мацяш Жнівень Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Жнівень», Нина Иосифовна Матяш

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства