«Я вас люблю...»

513

Описание

Новы зборнік Ніны Мацяш склалі вершы, прысвечаныя блізкім і добра знаёмым ёй людзям. У ім змешчаны таксама фотаздымкі арыгінальных выяўленча-мастацкіх твораў аўтаркі, якіх яднае з вершамі непадробнае пачуццё зычлівасці і любові. На 2-й, 3-й і 4-й старонках вокладкі фотаздымкі ўзораў і малюнкаў фларыстыкі Ніны Мацяш.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Я вас люблю... (fb2) - Я вас люблю... 869K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Нина Иосифовна Матяш

Ніна Мацяш Я вас люблю

Падрыхтаванае на падставе: Мацяш Н. Я вас люблю... - Брэст: Упраўленне па друку аблвыканкама, 1998. - с. 63.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

ШМАТКРОЦЬ ПАЎТОРАНАЕ

Надзвычай цікавую і арыгінальную кніжку падрыхтавала знакамітая паэтка, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова Ніна Мацяш. Гэта - зборнік вершаў-прысвячэнняў, папісаных у розныя гады і падараваных, непасрэдна або праз друк, родным, сябрам, знаёмым, тым, хто так ці інакш спрычыніўся да яе лёсу. А такіх - шмат, і чытач не без захаплення адкрые, што аўтарка, парушаючы пэўныя літаратурныя традыцыі, не абмяжоўвае сябе ў выбары сваёй любові, сваіх прызнанняў-прысвячэнняў. Шчырасць пры гэтым грунтуецца на паэтычным майстэрстве і паэтычным гусце (у адрозненне ад заштампаваных і нярэдка безгустоўных віншаванняў-рыфмаванак, якіх цяпер процьма на радыё і ў газетах). Больш за тое, у кніжку ўвайшлі і высока-мастацкія творы паэткі - многія з тых, што складаюць залаты скарб яе творчасці ўвогуле і добра вядомыя чытачам: "Калыханка маме", "Студня", "Сябрыне", "Ода дзівосна прыгожаму чалавеку", "Васілёк", "Песня ў цярноўніку" і г. д.

Вабна таксама, інто "Я вас люблю..." - зборнік не толькі вершаў, а і мастакоўскіх захапленняў аўтаркі. Ніна Мацяш здаўна займаецца фларыстыкай, назней адкрыла для сябе новы выяўлепчы матэрыял - лёгкія і далікатныя пярынкі, з якіх складвае такія ж пяшчотныя ("пёркаграфічныя", як з усмешкай і ўсур'ёз зазначыла нісьменніца Алена Васілевіч) узоры і малюнкі. У іх, як і ў вершах, чытач адчуе той жа галоўны матыў - ён стаў і зместам, і назваю гэтай кніжкі. Кніжкі любові, адрасаванай усім.

Рэдакцыя.

I.

КАЛЫХАНКА МАМЕ Быць разам выпадае нам так мала... Забудзь трывогу вечную сваю, Прыляж, мая натомленая мама, Як некалі ты мне, табе спяю. Задрэмлюць веі над вачыма карымі - Не дам упасці й парушынцы я. Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая, 3 вясной сваёю, любая мая. Хоць кропля з абяцанага нам маем Збываецца праз золкія гады. Прыляж, мая даверлівая мама, Спяю табе, як мне спявала ты. Задрэмлюць веі над вачыма карымі - Не дам упасці й парушынцы я. Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая, 3 вясной сваёю, любая мая. Любоў нябёсы над табой трымае, Любоўю зораць дні ў тваім акне. Прыляж, мая ўсмешлівая мама, Спяю табе, як ты спявала мне. Задрэмлюць веі над вачыма карымі - Не дам упасці й парушынцы я. Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая, 3 вясной сваёю, любая мая. ‘ 75 * * * ДАРАЖЭНЬКІ БАЦЕЧКУ НАШ РОДНЫ! Дзякуй, што сабраў ТЫ сёння нас Гэтаю застоліцаю згоднай У такі свой пашанотны час! Дзевяноста год ТАБОЙ пражыта, — Гэта ж колькі сэрцам перажыта?! У адну каб склаў усе дарогі, Па якіх ТВАЕ хадзілі ногі, Дык аперазаў бы ўсю планету, Мабыць, шляхам пратаптаным гэтым! Каб сабраць усё, што твае рукі За жыццё зрабілі без прынукі, Дык гару я тую не бяруся 3 чым і параўнаць на Беларусі! У машну ТЫ не напхаў мільёнаў — Ні рублёў, ні "зайцаў", ні "зялёных", Ды ўва ўсім, усюды ТЫ адвеку Быў і ёсць сумленным ЧАЛАВЕКАМ. Вы з матуляй нашай дарагою, Вернаю паплечніцай ТВАЁЮ - Царства ЁЙ нябеснае хай будзе! - Вывелі сваіх дзяцей у людзі. Нізкі ВАМ паклон за гэту хату - За гняздо ўсіх Мацяшанятаў! Хоць хапае тут гаркоты, болю, Але й радасці ж было даволі! Паглядзі, як хораша, наколькі Разрасліся ТВАЙГО роду голькі! Не журыся, молада ўсміхніся, Да любові нашай прыхініся, І ў здароўі добрым будзь гатовы Юбілей сустрэць свой СТОГАДОВЫ! 2 снежня '92 МІНСК, 30 СТУДЗЕНЯ 1980 Нахалолы вечар на двары Моўчкі пералічвае сняжынкі. Усміхайцеся, мае сябры, Гаманіце шумна, безунынку! Дыскутуйце ў лад і неўпапад! Сёння сэрца тонка сэрца чуе: Развярэдлівы трывогапад На планеце днюе і начуе... Радасці непрыядальны смак - Бо дарогі гора не пытае. Гэта й нашай лучнасцю няўзнак На зямлі нагода высвітае. Поплеч, бліжай, блізкія мае! Чалавека шмат што згубай страшыць. Хай жыцця зарукай устае Поўнік дабраты й любові нашай! Вечар за сняжынкамі цікуе. Чуеце?.. Зноў аўтамат такуе!.. '80 * * *

Ул. Андр. Калесніку

Няхай усім ліхім вятрам на злосць, Насуперак любой мажлівай слоце І далей Вам не здрадзіць маладосць, Каб думка й пачуццё былі ў палёце! 14 верасня '82 БУДЗЬЦЕ ШЧАСЛІВЫЯ, ЛЮДЗІ! Светлае неба над жытняй далінай Высака ўскінула крылы свае. Толькі былое журлівай калінай Зболены голас душы надае. Хто іх, палеглых, разбудзіць? Свет толькі згода ацудзіць. Будзьце ж вы лучныя, людзі, Будзьце шчаслівыя, людзі! Не насычаецца горам у свеце Неўтаймаваны руйнотны агонь. Горнецца вецце трывожным суквеццем Да абеліскаў, да сэрца майго. Хто іх, палеглых, разбудзіць? Свет толькі згода ацудзіць. Будзьце ж вы лучныя, людзі, Будзьце шчаслівыя, людзі! 25 красавіка '84 ДА 8-га САКАВІКА Столькі розных святаў на зямлі, Каб святло душэўнае ўмагчыміць! Ды найлепшае між іх, калі На парог ступае Дзень Жанчыны. Бо тады мяняецца няўзнак Штосьці нават у самой прыродзе. Яўна саладзее ветру смак, Яўна прамянісцей сонца ходзіць! Дарагія, любыя! Няхай 3 гэтым светлым днём сакавіковым Расцвіце ў душы пяшчотны май, Радасці прымерыцца абнова. Берагіні самаго жыцця, Хай жа й вам, нястомніцы, з любоўю Свеціць сонца на шляхах быцця, Дорачы цяпло, святло, здароўе! Будзьце ў шчасці ўсюды і ўсякчас, Хай спрыяюць вам і лёс, і людзі, Хай і ў будні атуляюць вас Кветкі, ўсмешкі, прыгажосць і любасць! Сакавік '97 * * *

Валечцы

Ах, як імклівяць нашы леты! Здаецца,толькі ўчора ты Была цыбаценькім падлеткам, Анёлкам праўды й дабраты. А сёння вось - і жонка, й маці, І гаспадыня на зайздросць, Чыім стараннем лад у хаце, І ў куфры, й на стале ўсё ёсць. І педагог ты не з аношніх, Ёсць і майстэрства, і чуццё, 3 удзякай выхаванец кожны Нясе твой воблік праз жыццё. Прыгожая і маладая, Спагадная не напаказ, Дасціпная і гаваркая - Свяціся ж, зорачка, ўсякчас! Ад юбілеяў не ўхавацца, Ды хай сабе гады лятуць, Табе ж сягоння толькі ...наццаць! Віншуем, родненькая! Будзь! 20 жніўня '95 НЕ АДДАВАЙ СЯБЕ САМОЦЕ

Э.М.І.

На золку прымаразкі ходзяць, Не першы жоўты ліст упаў. Не аддавай сябе самоце, Заўчасна ёй не саступай. Няхай пазначана журбою Расстанне восені з вясной, - Нашто ж развітвацца з сабою, Сябе збаўляць першаасноў, Калі вачам - нябёс сінеча, Калі рукам - барвяны ліст, Калі для сэрца - позірк нейчы, І ўздрыгне сэрца, як калісь... 15 чэрвеня '78 СЯБРЫНЕ Не знадзейвайся. Перажыві. Хоць якая, ды ёсць патоля: Намарозіць радня па крыві — Адагрэе радня па долі. Скруха - зашмаргай... Перарві. Ёсць лагода на боль, на скруху: Адрачэцца радня па крыві - Паратуе радня па духу. Праўду гэту - як ёсць - прыві Да сцяжыны далейшага руху. Будзь здарова, радня па крыві. Будзь бяссмертна, радня па духу! 21-22 лютага '85 * * *

Ніне Сокал

Мы на зямлі, каб несці крыж з пакорай, Наканаванне дзейснячы сваё. Няхай шчэ сорак радасцей па сорак Асвецяць шчыраваннейка тваё. Інач усё, што можна перайначыць, Мірыся з тым, над чым не ўладна ты. Здароўя табе, Ніначка, удачы, Любові ад паблізных, светлаты! 6 ліпеня '93  * * * Калі бабе сорак пяць гадоў, Дык яна - як ягадка наноў. Што ж казаць пра мужыка таго, Каму толькі сорак усяго?! У такім узросце ж сама сіла Дараваных ад прыроды крылаў; У такім узросце ж сама розум - Памяркоўны, ўзважлівы, цвярозы; Хоць, капешне, й д'ябал не дрымае, Пад рабрыну ўсё так і штурхае!.. Ну яго ў балота! Хай Валодзю Аніякі чмут у грэх не ўводзіць! Паднімаю чарачку сваю За яго любімую сям'ю! За Спадарыню! За Спадара — За Валодзю Косача! Ура! 4 студзеня '92 НАВАСЕЛЬНЫ ТОСТ

Святлане і Уладзіміру Каранковічам

У гэтым куточку, у гэтым дамку-церамочку Хай свецяцца радасцю ўсіхныя вочы і вочкі! Душэўны снакой хай ніколі нішто не ўстрывожыць, Калі ж патрывожыць - хай добрае толькі варожыць! Хай спраўдзяцца мары анёлка і "ганкі" Марычкі: Хай знойдуцца тут ёй і брацік яшчэ, і сястрычка! Хай помніцца, што дом - не мур, не падмурак, не сцены: Дом - гэта любоў, гэта водар святлоты нятленнай. Няхай жа ваш дух будзе гэткім святлом і жыўлёны, Хай ваша жыццё будзе Госпадам тут блаславёна! 5 лістапада '95 * * *

Брату Міколу

Родны наш, дарагі наш брат, Наш адзіны! Бач, прыйшлі ўжо й твае 50 У гасціну! Моцна так абнялі ўраз усе, Каб сагрэцца... Хай ім чарачку поўную паднясе Радасць сэрца! Ім, гадам сумленным тваім І мазольным, — Дай жа шчыры свой дзякуй ім За крок вольны Ад вялікага і малога зла, За магчымасць Жыць законамі годнасці, Дабраты і святла, Быць сапраўдным мужчынам! Родны наш, Любы, гожы наш брат, Чарнабровы, Стрэнь шчасліва і наступныя свае 50, Будзь здаровы! 1 кастрычніка '96 • • •

Анатолю Вярцінскаму

Вам сёння скажуць шмат харошых слоў, Для гэтага ёсць не адна прычына. Прыйду і я - цераз маіх паслоў: Світальны вецер, зорку, аблачыну. Калі натоміць Вас бяздарны дзень, Бясконцым здасца доўгі шэры вечар - Да золкай шыбы лёгка прыпадзе І Вас аклікне мой світальны вецер. І Вы тады расчыніце акно, І мова ветру будзе зразумета: Утканы ў долі Вашай палатно Усе калёры залатога лета. Павольна пройдзе ў Вас над галавой У час той аблачына, ціха скажа: Мінецца морак, як мінуцца ёй, І зноў пагодна будзе ў небе Вашым. Там вечна зорцы лучнасці цвісці, Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй, Што памагае па жыцці ісці, Што не дае душы прагоркнуць плесняй. Вам сёння скажуць шмат харошых слоў. А свята - нібы пяцьдзесят аерын... Я аддаю Вам трох маіх паслоў - На шчасце. і на сілу, і на веру! 15 лістапада '81 • • •

Алесю Разанаву

ў дзень 50-годдзя

Прымі, зямляча мілы, віншаванне! Ажно губляюся, што пажадаць: Ты так бліскуча творчым шчыраваннем Умееш земнаванню сэнс надаць! А што патрэбна чалавеку болей Тут, у марноцці скрушлівым юдолі?! Не прагнеш ты пустога барыша. Будзь блаславёнай век, Прамень-душа! 3 снежня '97 І Я ЎЗНІМАЮ КЕЛІХ СВОЙ!..

Валеру Скарыну

"Мае гады - маё багацце", - Сцвярджае песня. Валера, дружа мой, мой браце! Узрост не весні - Саракагоддзе, гэта праўда, Ды праўда й тое, Што нашы святы, наша радасць -- Не за гарою, А з намі, ў нас, у нашым сэрцы. Хай так і будзе! Няхай цябе у паняверцы Не бачаць людзі! Жыццё без смутку немагчыма, І ўсё ж я зычу: Хай Музыка й твая Жанчына Цябе вялічаць! Хай абыходзяць бокам жалі Твой дом сардэчны: Здароўя! За цябе! За Галю! Любові - вечнай! 24 чэрееня '94 • • •

В. Жуковічу

Хай прасторным будзе тваё поле, Хай красуе плёнам збажына! І ў пакуце не крыўдуй на долю: Светлая ў цябе яна. А пакуты для таго й пакуты, Каб спазнаў і шчасце на вяку ты. Будзь! 4 лістапада '81 • • •

Ядвізе Адамаўне

Рымашэўскай-Шмідт-Ноак

І на чужыне-чужыне, Што сталася жыццём і лёсам, Вам, светлая душа, далося Не ўтравянець, не ўкамянець, А- і ў бядзе - важкім калоссем Спагады, дабраты звінець. Хай не слабее сіла духу, Не цьмяцца зыркія агні Душы і сэрца: моцы, руху, Неадзіноты, цеплыні! 9 снежня '97 • • •

А. М. Цэлікаву,

урачу-тэрапеўту сан. "Беларусь”

За днямі дні, за тыднямі - гады Злятаюць, як дажджынкі, ў незваротнасць, І не мінуць нікому тут бяды, І кожны прагне рук і сэрцаў родных, Каб у ліхі, у беспрасветны час Было нам да каго душой прыпасці, Каб покуль промень сонца не пагас, Было з кім раздзяліць і боль, і шчасце. I, можа, у гэтых пошуках і ёсць Сам сэнс жыцця - У пошуках і ў мары?.. Хай вечна з Вамі будзе маладосць, Нібы аазіс у пясках Сахары! 27 снежня '81, Друскенікі • • •

Л. I. Малюкявічэне, б

метадысту па ЛФК сан. "Беларусь"

У кожнага ў жыцці ёсць галалёды I дзікія абложныя снягі... Віншуючы Вас сёння з Новым Годам, Хачу сказаць: - Не ведайце тугі Ані па сонцу, - Хай яго хапае У долі Вашай, - Ні па жаўруках. Хоць здасца: шчасце жураўлём лятае, — Сініцай радасць ціўкае ў руках. Хай будзе Вам і хораша, і ўтульна, Няхай цвіце вясна сярод зімы, Бо праўда: "Шчасце дадзена датуль нам, Пакуль нас любяць, Покуль любім мы". 27 снежня '81, Друскенікі • • •

Сяргею Панізьніку

...I любасць белаю лілеяй Усходзіць з хваль саракавых... Няхай давеку не мялее Крыніца радасцей тваіх, Турботаў, клопатаў вясновых. У долі шчодрая рука: Ужо не спустазеліць слова Тваё ў палях Мацерыка! 2 траўня '82 • • •

Марыі Кожух

Залатая наша, залатая! Ах, які ён шпаркі, часабег, Як няўлоўна дзверы расчыняе 3 году ў год - у вечнасці - й табе... Залатая паша, залатая! Спадзявання на спачын няма, Бо душа жывая толькі тая, Што святло прадзе з сябе сама. Залатая наша, залатая! Лёс цябе не песціў, ды - бярог, І гарыць усё-ткі, асяняе Зорка ўцехі мужны твой парог. Моцай духу шчасце ажыві, Хай любові поле не ўвядае, - Залатая наша, залатая, Бог Святы цябе багаславі! 23 ліпеня '97 • • •

Савиной Н. А.,

Климовой С. Г.

Встречаюсь с Вами я не в первый раз, Но каждый раз вниманьем и заботой Так светится сердечность Ваших глаз, — Спасибо Вам за трудную работу! За то, что в вечной этой суете, В водовороте бед людских и судеб Не истощиться Вашей доброте, Ежеминутно помогая людям. Снасмбо Вам! И пусть согреют Вас, Пусть хоть чуть-чуть слова согреют эти, Чтобы коснулась радость Ваших глаз, Чтобы н Вам светлей жилось на свете. 19 жніўня '83, Масква, Беларускі вакзал ЛІСТОК

В.К.

Дубовы лісток працягнуў - як руку - І два жалуды... Не весела сэрцайкам на скразняку. Халады. Не нам іх баяцца. Нейк перажывем — Людзьмі, ды з людзьмі. А гэты лісток - яму лепш у траве - Ты садзьмі. 3 маёй далані ты садзьмі яго сам Без жалю-тугі: Хай будзе, як ёсць ужо ў нашых лясах, Дарагі... 18 верасня '84 • • • Мілыя Галінка і Валера! Хай вас грэе сонейка даверу, Хай мацуе вас любоў і згода, Каб не зналі вы ў жыцці нягоды. А надарыцца выпрабаванне — Каб адолелі яго дазвання, Каб улады хмарам не давалі, Каб шчасліва дзетак гадавалі, Каб усё, як марыцца, вялося, Каб усё жаданае збылося! Хай да старасці між вас не чэзне Вашых сэрцаў радасная песня: Міру вам, здароўя вам, пагоды Ад хвіліны гэтай – назаўсёды! 9 чэрвеня '84 • • •

Сяргею Суліме

на адыход у войска

Хай цябе абмінае, Сярожка, Злыбяда на салдацкай дарожцы. Хай заўсёды з табой поруч будуць Верны сябра, сумленныя людзі. Каб у час і табе памагалі, І падтрымку тваю шанавалі. Паслужы, як належыць, Радзіме, Каб не сорам было тут радзіне, Дзе чакаюць цябе бацька, мама Дый радня твая, мы ўсе таксама. Дык вяртайся ў здароўі шчасліва, Мы ж чакаць цябе будзем цярпліва! Жнівень '90 • • •

I. Мік. Даміно ад

сям’і

Жыццё — не гладкая шаша, Не раз падасць слязамі ўмыцца... Хай, родны наш, твая душа Не стоміцца святлом жывіцца І смуткі песняй спавіваць, І песняй сэрца нас трымаць! 12 лістапада '97 • • • Дарагія Алачка і Андрэй! Віншую вас, харошыя, з Днём Шлюбу, Са святам маладосці і кахання. Хай вам жывецца ў пары светла, люба, У згодзе, у ўзаемным шанаванні. Які б калючы вецер ні навеяў, - А шлях людскі адкрыты ўсім вятрам, - Жывіце з Верай У ЛЮБОЎ, 3 НАДЗЕЯЙ, Што ўсё ў жыцці па сіле будзе вам. 3 Богам! 1 жніўня '96 • • •

В, А., I. I. Барычэўскім

у дзень 50-годдзя шлюбу

Хай будзе век Ваш доўгі, цёплы, ясны, Хай будзе шмат яшчэ ў жыцці акрас, Адна з якой свяціцьме непагасна: Любоў сям'і ўсёй Вашае да Вас. Дазвольце й мне Вас павітаць з любоўю: Сто лят, сто лят - у пары, у здароўі! 1 чэрвеня '96 ВЫСАДКА БЭЗУ

Вучням 9-га кл. СШ №3

г. Белаазёрска

Дзякую за бэзавы настрой, Дарагія хлопцы і дзяўчаты! Кіне доля вам сваю пальчатку - Вы прыміце грозны выклік той! Хай як хоча сіліцца яна Вас падмяць, скарыць любой цаною, - Помпіце Максіма Багдановіча: "Піце чару поўную да дна"! Трыдзевяць зямель, трыдзевяць рэк, Безліч пастак і выпрабаванняў Могуць быць вам тут наканаваны, — Помніце пра званне: ЧАЛАВЕК! Бо пакуль не мірыцца душа 3 асыцеласцю і прыніжэннем, Чалавек не знае паражэння. Піце радасць з Зорнага Каўша! Помніце й найслотнаю парой: Ваша доля толькі ў вас ва ўладзе. Хай буяе зорны бэз на градзе: Дзякую за бэзавы настрой! 5 красавіка '83 • • •

Ніне Загорскай

Хай сціплыя мае каралі Нясуць табе святло з аддалі: На ўсё харошае! Хай згадваюць у віраванні Табе загорскія світанні, Буй-росы божыя. Калі папраўдзе гэтак станецца, Ты будзеш і сама, як раніца: Нястомна-ўвішная. Адданым словам, песняй, зёлкаю Натхнёна долю сэрцам-пчолкаю Для люду вышыеш! 20 ліпеня '90 • • •

Яўгену Сяленю,

да 50-годдзя

Так неназоліста — за годам год - Шчыруе Час, спрактыкавана, молада, I- калі ласка! - з радасцяў, з нягод Змудруе раптам цэлы злітак золата... Яўгене, дружа! Ведаем: Табе Няма калі тым зліткам любавацца, Бо Ты ў нястомным руху, у турбе За справу, а не ў пошуках авацый. Але сягоння, ў дзень Твой залаты, Мы ўсе нясем Табе ў найшчырым слове Пашаны нашай вечныя сады, Нябёсы нашай вечнае любові. Жадаем шчасця, невычэрпных сіл, Хай плён задуму кожную ўвянчае, А беды йдуць на чорныя лясы, - Сто лят Табе! Цалуем! Крынічане. 27 лютага '85 Вользе Васільеўне ШУЙ - выпускнікі Белаазёрскай СШ № 2 НА РАЗВІТАННЕ Вольга Васільеўна, мілая, Сэрца шчымлівасцю поўніцца... І праз гады шпаркакрылыя Будзе нам з любасцю помніцца, Як Вы за нас хваляваліся, Як разумелі нас, няньчылі, Як дзеля нас выкладаліся Ведамі, клопатам мамчыным. Душы такія не старацца! Юная, чулая, ветлая, Любая наша настаўніца, Самаахвярніца светлая, - Вас не забудзем ніколі мы. Дай Бог Вам долі зычлівае: Ходзячы сцежкамі дольнымі, Быць і нябёсна шчасліваю! 18 чэрвеня '97 • • •

Руслану і Наташы

Віншуем з урачыстым святам - Шлюбам! Жывіце дружна, як адна душа, Як вока, беражыце вашу любасць! Стварайце светлым свой сямейны дом, Спрыяюць хай здароўе, згода, праца, А ўсё, што хоча ў здымках люстравацца - Няхай збірае гэты вось альбом. 7 жніўня '90 • • •

Афіцыянткам

сталовай сан. "Беларусь"

3 Новым Годам, мілыя дзяўчаты! Я хачу ад сэрца пажадаць Самага раскошнага Вам свята, За каторым смуткаў не відаць! Сцелецца жыццё шырокім плёсам. Хай напасці пойдуць за вадой, Каб ніколі маладыя лёсы Вашыя не зналіся з бядой. Хай Вас абмінае звада, здрада, - Толькі згодай варта даражыць. Хай часцей да Вас прыходзіць радасць, Хай любоў Вам памагае жыць. Каб усё, што зло - навек звялося, Каб усё, што Хараство - збылося! 28 снежня '81, Друскенікі • • •

Алесю Каско ў дзень нараджэння

Што было, і што ёсць, і што будзе - Хай ступае каноўнай ступою: Толькі вопыт, які тут здабудзем, Забіраем у вечнасць з сабою. Хай жа дух твой і далей шчыруе, Праўду, волю, натхненне мілуе! 10. XII.'96 • • • Сябры, мне добра з вамі, - Заўсёды добра з вамі! Пагэтаму і чарку Я падніму за вас: Хай мы да скону будзем Багатыя сябрамі І вераю натхнёнай У сэрцаў зорны час! 7 студзеня '81 КУПАЛЬСКАЕ

Галіне Скарыне

Юдольныя, і плацім мыта За ўсё, што выпадзе ў дарозе: Найперш - за пыл ды за каменне, За град і за няшчаду спёкі, Але - і за глыток з крыпіцы, І за ліповы пах мядовы, І за сцяжыну прад вачыма, І за валошку каля сэрца... А Купалка зноў гукае Ночкі цёмнай не баяцца, Кветку-папараць шукаць... 5 ліпеня '97 УГНЯЗДУЙ МЯНЕ Ў СЭРЦЫ

Паку Чжэ Ву,

С. Я. Йоффэ

Пілігрыму ад поўдня да поўдня Цераз плыўныя нетры часу Зоўна выбліснуў промень з Усходу: - Я апірка твая: не будзеш Выпускаць мяне з рук у дарозе - Не зняможашся на куп'іску, Па каменні не падаб'ешся. Я - апірка твая. І кладка: Не сцураешся, не разбурыш - Правяду цябе лёгка, лётка Цераз твань і цераз правалле. Кладка я твая. І апірка. І - цяпельца на гострых проймах: І сагрэю я, і разважу, І ў жарынку сэрца зыначу, Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты Як святло, як святло Любові. Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты, Калі мне аднаму слугавацьмеш - Успануеш сам над сабою, Над памрокам і над бядою, Над ступою між зор, пілігрыме. Угняздуй мяне ў сэрцы. 21 лістапада '95 РАТУНАК

Уладзіміру Барну

У зонгах восені прыпеў - Не кроны веснавой. Пара запальваць у сабе Агні душы сваёй. У слотаю набраклы дзень Пры верным іх святле Пара цвяроза аглядзець, Што ў плён, а што - на тлен. Няшчадна кінуць што ў агонь, А што - аберагчы, Каб зноў ад сонца самаго Вясне прыняць ключы. Нам адмыкаць сябе сяўбе. Гукнуўся дзень з савой... Пара запальваць у сабе Агні душы сваёй. 17 кастрычніка '79 ПЕСНЯ Ў ЦЯРНОЎНІКУ

Алесю Разанаву

Лісцё між калюкоў Буй-цвету наварожыць, I сцішнавата ў гэтай варажбе... Давермася сабе: Што ўмеем мы, што можам? Давермася найлепшаму ў сабе. Усё, што варта нас, Дарогу заступае, Бо шлях адзін: не ўскрай, а толькі праз. І вастрыё стралы Дакладна гэта знае, І руху птах наўзрыд снявае ў нас... Хай з думак ападзе Цярновае калючча. За ўсё, што ёсць - і ў тле, і ў харашбе, За неймаверны дар Прылетаваць да кручы Раскрыймася найлепшым у сабе. 15 ліпеня '88

II.

ТАЯ ЎСМЕШКА

А. Зм. Кушчынай

Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе, Бо не раз і не два спатыкнецца, Хоць магічны ліхтарык даецца — Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце, А карэніцца ў саменькім сэрцы. Як багата людзей умурована ў змрок Страху, злосці або нараканняў, Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк, Пераслеплыя - да шкадавання. І як мала, як мала між люду такіх, Хто ва ўласнай хадзе на выбоях Зберагае, як найдарагое, Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх, Сам аж свеціцца хто дабратою. Але вось ён, нябесны ці дар, ці заклён: Покуль ляжаш грудочкам пад сосны — Аддавайся жыццю светланосна! І цвіце тая ўсмешка, якая спакон - Знак абранасці тайнай, дзівоснай. 13 траўня '89 СТУДНЯ

Уладзіміру Андрэевічу Калесніку

Піць. Не толькі вуснам. Сэрцу піць. Кожны сам сваю капае студню. Дзе ж мая крынічка спіць? Важкі, вязкі глей далоні студзіць. Піць. Каб не адной. Яшчэ кагось, Шчэ адну хоць Блізкую мне душу Напаіць з калодзежа майго. Да крынічкі я дабрацца мушу! Уздыхну, шчаслівая, тады, Праз гады дарогу пацалую, Прыпаду да ломкае вады, Смагу наталю I... засмуткую. '78 ЛЯ БЕЛАГА ВОЗЕРА

Уладзіміру Васілевічу

...I ўскіне возера, ускалыхне 3 таемпага прадоння белы ранак. Мой светлы друг!.. Вялікшае, што мне 3 вялікшых радасцяў наканавана. Мой шчодры друг!.. Адзінае, над чым Уладны тлен не будзе мець улады, Калі, як скнара, возьмецца лічыць Па мне маю за права дыхаць плату. Усё ягоным будзе, нат пітво 3 кастальскае крыніцы, нат маўчанне. Без намагання толькі вобраз твой Узмые горда з рук яго кашчавых. Калі ж пад восень кіне цераз луг Дарогу месяц, выштукуе срэбрам, Я і з нябыту ўбачу: ты, мой друг... Душ знітаванасць... Хваль азёрных грэбні... '74 ОДА ДЗІВОСНА ПРЫГОЖАМУ ЧАЛАВЕКУ

Сымону

Існуе ж хараство!.. Як на ікону, Так і глядзела б на цябе да скону, Не заўважаючы ваколля, часу - Ва ўладзе неўгаданейшага шчасця Наяве анынуцца раптам сведкай Гармоніі невераемнай гэткай Духоўнага і вонкавага, - мусіць, Такі адзіны ты на Беларусі! Бо цуд, каб часты быў, не зваўся б цудам. Відаць, ніколі з памяці не збуду Прадоннай, засяроджанае плыні 3 вачэй тваіх, нібы валошкі, сініх, Такіх сінюткіх - аж безабаронных Пры смолі валасоў рассераброных! Нібы крынічку, не стамлюся слухаць Бянтэжлівасць усмешкі, годнасць рухаў, Усё тваё прыўкраснае аблічча, Сагрэтае, ажыўленае знічам Душ волелюбных нашага народу, Якім - ты - знак таго - не будзе зводу! '85 МАТЫЛЁК

Янку Брылю

Нахалолі шыбы з ночы, затуманелі, Па-асенняму глядзяцца ў мокры сад. Не забавілася слота, хмурай паняю На пачэсны самы просіцца пасад. 3 ёю жарты, з ёю сваркі - надарэмныя, Гаспадарліва шчыруе ад душы: Носіць жухлую лістоту абярэмкамі, Носіць суткамі дажджы ў гнілым кашы. Ды бывае - неба гляне так падсінена! І тады, нібы дзівосны госць здалёк, У акно, што па нагоду зноў расчынена, Трапятліва залятае матылёк. Ах ты, госць мой! Рэха лета - выпадковае! Аж вачам уласным веры не даю... Як жа хораша замовай каляроваю Ты няўтульнасць заварожваеш маю! Матылёчак, летуценнейка дзіцячае... І лагодзяцца маршчынкі на ілбе, І шчэ гэтулькі пяшчоты нерастрачанай: Знік ты - я ж усё ўсміхаюся табе!.. '84 ЗВЕЗДА

А. Г. Епифанову

Когда обступит черная беда, Такою гранью мир вдруг повернется, Такая бездна мрака распахнется, Что всякий свет в нем канет без следа. И думаешь в смятении тогда: Вот так всегда, - где тонко, там и рвется, Нам эта жизнь единожды дается, А жизнь уходит, как в песок вода... Но призрачно мелькнет случайный лучик, И всё, чем был унижен ты и мучим, Отступит вдруг за далынюю гряду. И вдруг поймешь: покуда живы люди, Всенепременно кто-то теплить будет Твоих надежд бессмертную звезду. 25 кастрычніка '82, Разань ВАСІЛЁК

В. Ж.

Само лета ў імені тваім, Само лета. Цэлы лёс наш аказаўся ім Абагрэты. А высокай радасці куток Не абжыты... Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта. Расхінуцца раптам каласы - Прама ў вочы Таямніцай смутку і красы - Васілёчак! Столькі лета ў імепі тваім!.. 20 красавіка '77 • • •

Карласу Шэрману

Паклікала - але зачынена Душэўнай падзарадкі школа... Мой дружа, просіш немагчымага: У смутку верш пісаць вясёлы. 3 абставінамі недалужнымі Змагацца, здэцца, ўжо нязмога... ...Ах, паііляваць па лёд і лужыпы, Прыеду! Прывітанне ёгам! 14 снежня '78 РАНДО ДЛЯ МАР’І НОВІК Вось і для верша ёсць прычына, Яна зусім навідавочку: Касіла Мар'я канюшыну У Ярашэўскага ў садочку. Каітнелі ружы і вяргіні. Ступала быццам па шнурочку Адважная касінярыня У Ярашэўскага ў садочку. Пракосы ж клаліся крывенька... Касіла Мар’я аж да ночкі, Аж покуль конік не заценькаў У Ярашэўскага ў садочку. Зацёхкаў конік, як салоўка... І села Мар'я ў халадочку, Схіліла гожую галоўку У Ярашэўскага ў садочку. Залюбавалася міжволі, Хоць і зажурваліся вочкі: "Няўжо не буду больш ніколі У Ярашэўскага ў садочку?.." Душы не кратай, паняверка, Сумненні, адбягайце ўпрочкі: Яшчэ паходзіць касінерка У Ярашэўскага ў садочку! 3 вечара на 14 жніўня '97, Гота (Цюрынгія) СУХМЕНЬ. 1979

Брату

Цяпер, калі ўсёеўрапейская спякота 3 неміласэрнай сілаю сягнула 3 нябёсаў высквараных і сюды, На старану палескую маю, У дольных водах некалі купаную, - Цяпер яна жадна глытку вады. Як дзіўна: гэту смагу Непрыспанаю Нашу ў сабе ўсе помныя гады. Мяне ў дарозе - У любой - Заўжды Да чыстага калодзежа цягнула. 2 ліпеня '79 НА АДВІТАННЕ 3 БАШКІРЫЯЙ

Асылгужы Багуманаву

Скажу яшчэ раз "дзякуй!" краю гэтаму За радасць лучнасці з харошымі людзьмі, За песню цёплую курая, мне напетую У самых весніцах пяклівае зімы. Шмат што адпрэчу, шмат забуду я, ды знаю: Ужо мне помніць, каб жыла хоць сто гадоў., Як чуйная душа трысціны той - таго кура'я — Трысцінку мыслячую прагла ўкрыць ад халадоў. Вялізная Зямля мая, мая маленькая!.. Пад кронай сонца, над трывог давечнай кронай Усюды марыш ты і верыш так жалейкава, Усюды дзецям тваім трэба ласка, абарона... 13 лютага '86 ЗАЛАТАЯ ДЗІДА

Валянціне

Тваё жыццё і праўда - як прадвесне, Калі зіма змагаецца з вясной, Калі нябёсаў жаўрукова песня Ледзь выжывае ў золі снегавой. І немач цела, і зямныя страты, І марны пошук праўды на зямлі, - Як сіляцца яны твой дух за краты, У гіблы лёх адчаю пасяліць!.. І як бы йшчэ, якім бы чынам-дзівам Убараніцца ад бяды ён змог, Калі б не той святоўны абярог - Тваёй любові залатая дзіда? 5 красавіка '97 • • •

I. А. Жукову

Поклон Вам низкий, Игорь Алексеевич! Вы для меня - ярчайшая звезда, Чьей лучезарности вовеки не рассеяться, В судьбе моей не смеркнуть никогда. Так много горя в жизни понасеяно... Но в душу радость вдруг дохнет так росно! Поверить в счастье никогда не поздно. Поклон Вам низкий, Игорь Алексеевич! 22 верасня '77, Хоста СВІТАННЕ

Тамары Кузняцовай

Няўжо быў морак і грымоты? - Блакіт прасушвае крыло. І ты са мной - сама пяшчота, І ты са мной — само святло. Сачу здзіўлёна, як світае, Як соладка ўва мне трымціць Танюсенькая, залатая Жаварановачкава ніць. Сама з сабою шчэ не ў згодзе: Было ўжо добра й пры сычах... Нашто мне сонца, што ўзыходзіць 3-за ўтульнага твайго пляча? Ці выдужаю шчэ раз потым, Як вызірне і ў гэтым тло? А ты са мной - сама пяшчота, А ты са мной — само святло... 22 красавіка '87

Оглавление

  • Ніна Мацяш Я вас люблю
  • ШМАТКРОЦЬ ПАЎТОРАНАЕ
  • I.
  • II. Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Я вас люблю...», Нина Иосифовна Матяш

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства