Аўгіння Кавалюк Адклікаюцца рэхам гады
© Камунікат.org
Уступнае слова
Аўгіння Кавалюк — аўтар, вядомы беларускаму чытачу сваімі паэтычнымі зборнікамі «Белае дзіва», «Маўклівыя скарбы», «Кропля бурштыну», «Імгненняў след». Пісала Аўгіння Кавалюк вершы і дзяўчынкай, і студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, і падчас доўгай настаўніцкай працы ў Рызе, а з 1987 года ў Ленінградзе. Выкладала Аўгіння Кавалюк паэтычнае майстэрства ў літаратурнай студыі падлеткаў у Ленінградзе (С.-Пецярбургу), падрыхтавала выдадзеныя там тры зборнікі паэзіі сваіх выхаванцаў.
А. Кавалюк — актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця беларусаў С.-Пецярбурга, неаднойчы выступала на літаратурных вечарынах і Беларускага грамадска-культурнага таварыства С.-Пецярбурга, і літаратурнага саюза пісьменнікаў «Міжнацыянальны Пецярбург», адной з заснавальнікаў якога яна з'яўляецца. Перакладала на рускую мову вершы башкірскіх паэтаў горада, што ўвайшлі ў зборнікі, выдадзеныя гэтым саюзам.
Для вершаў Аўгінні Кавалюк характэрныя разуменне душы чалавека, ягонага настрою, пачуццяў кахання і мацярынства, любові да дзяцей.
Гэты зборнік вершаў складаецца з некалькіх раздзелаў. Адкрывае яго вянок санетаў «Слова жанчыны да Айчыны». Ён (як і наступныя раздзелы «Споведзь» і «Вяртанне») прысвечаны роднай Беларусі, зякой паэтку звязвае непарушная повязь.
Філасофскім пытанням прысвечаны і наступныя раздзелы зборніка: «Роздум», «Роднасць» і «Надзея». Усе вершы прасякнуты глыбокім лірызмам.
У мяне няма сумніву ў тым, што і прапанаваныя ўвазе чытача вершы Аўгінні Кавалюк дазволяць яму лепей ацаніць характэрныя для іхняга разумення думы паэткі, яе пачуцця, настрою і неадрыўнасці лёсу аўтара ад роднага краю, якому яны па сутнасці і прысвечаны.
Роздум аўтара над агульначалавечымі каштоўнас цямі і спрадвечнымі пытаннямі чалавека, якія ён задае сабе, адлюстроўваюць спеласць лірычных думак Аўгінні Кавалюк.
Слова жанчыны да Айчыны
Здалёку бачыцца ярчэй
Мая зямля, мая Айчына
1 Не папракай мяне, Айчына, Па хвалях я бягу адна. Слядоў шчаслівых не лічыла, Пакутных — выпіла спаўна. Не можа быць пакут бясконцых — Жыццё мяняецца і свет. Бягу туды, дзе многа сонца, Тых змен хачу спазнаць сакрэт. Бягу да роднай Беларусі — Тым і жыву, і ганаруся, Душы, Айчына, не парань! Туман мне засцілае вочы, А сэрца ўсё мацней стукоча... Ты мачыхаю мне не стань! 2 Ты мачыхаю мне не стань: З табой былі і будуць мары, Лепш на сваю бяглянку глянь — Маршчынкі заляглі на твары. Глыбокія — змяняюць твар, Душу маю — змяніць не могуць, Душа, бы паланянка мар, Мяне вяртае на дарогу. Так бегчы можна толькі ў сне — Тады, як цешышся вясне, Шукаеш першацвет вачыма. Ах, любы, родны, ціхі кут — Прытулак шчасця і пакут, Гадоў нямала за плячыма. 3 Гадоў нямала за плячыма. Зусім адвыкла ад прынук. Жыццё ўсё ж нечаму вучыла: Галоўнае — жыць з працы рук. Чароўнай мовы не забыла, На ёй спявала, як магла. І тое, што найбольш цаніла, Дзеля нашчадкаў берагла. А як пражыць без мовы роднай — Сваёй, жывой, высакароднай, Як абысці гнілую твань? Любы народ без роднай мовы, Бы конь кульгавы без падковы. Агулам ты ўсяго не гань. 4 Агулам ты ўсяго не гань: Не кожны можа ладзіць з часам, Час высвятляе тую грань, Якую успрымаем разам. Святую спадчыну сваю, Людскіх знаходак прыгажосць Душою людзі пазнаюць — Пакуль у ёй сумленне ёсць. Ў душу глядзі, не памыліся, Мы ад цябе не адракліся, Імкнёмся да глыбіняў мора. Вучыся дбаць аб нашым лёсе, Каб нам хоць крыху лепш жылося, — Ты ж — абаронца і апора. 5 Ты ж — абаронца і апора, На лёс не будзем наракаць: Той час меў асаблівы нораў, Яго дарэмна папракаць. Ні да кацапаў, ні да ляхаў Ты не хіліся, будзь сабой. І хай жалезнага Гулага Рука не вісне над табой. Гісторыю сваю ў скрыжалі Яшчэ нашчадкі не ўпісалі, І час назад не павярнуць. Ўсё лепшае, што маюць людзі, Тваім было, і ёсць, і будзе, — Сумленнем нашым светлым будзь! 6 Сумленнем нашым светлым будзь, Яно, як памяць, неабходна. Мо дзесьці лепей запяюць — Ды толькі не на мове роднай. Чужыя мовы зведаў край, Ды ні адна тваёй не стала. Сваёй і моц, і сілу дай, Каб слыннай між другімі стала. Сваіх дзяцей — сваёй вучы, Іх душы светлыя лячы. Стань шчырай песняй над прасторам! На Усход і Захад не глядзі, Сваёй дарогаю ідзі! Не стань пакутай, смуткам, горам. 7 Не стань пакутай, смуткам, горам, Жывіцу мова ўсім дае. Нямала ёсць славутых зорак, Якія свецяць для яе. На ёй народ пяе і плача, Яна ад роднасці ідзе. Для быдла, мо, — была быдлячай, А песняй стала для людзей. Так, песня ад вякоў лятала, Пяшчотай сэрцы напаўняла, — Глыбінь яе не баламуць. Калі ж каго пакіне плён — Пашлі наказ свой наўздагон: Ты мовы продкаў не забудзь! 8 Ты мовы продкаў не забудзь, Не адрачыся пад прымусам, І за акцэнт не папракнуць Тады, напэўна, беларусаў. На глум не дай яе ніколі, Не зневажай, не пагарджай: Яна тваёю стала доляй, Яе ты шчыра прывячай. Жыць на чужыне не салодка, — Трывожуся за мову продкаў, За лёс яе мая трывога. Для ўсіх краін на белым свеце Свая заўсёды мова свеціць. Нам слова дадзена ад Бога. 9 Нам Слова дадзена ад Бога, Сваіх герояў узрасціла, Свой абавязак несла строга, За здраду ганьбіла, карыла. Упэўнена, нас Бог пачуе, І не засцеле цемра вочы. На сцежку нас Ён накіруе — З якой ніколі ўжо не збочым. Мо жыць пачнём тады, як людзі, І шчырасць гаспадарыць будзе, І прападзе за лёс трывога. Пакуль не здзейсненая мэта... Не аднімай надзей паэта, Хай будзе светлаю дарога. 10 Хай будзе светлаю дарога, Крыху лягчэйшай для людзей, Калі ж усё ідзе ад Бога — Дык хіба ж мова прападзе? Сыдуць у небыццё загады, Залечыць час цяжкія раны, Абы ніколі ўжо да ўлады Не дабіраліся тыраны. Хоць кажуць: «Бог не роўна дзеліць», Ды думкі ён затое спеліць, — Збяруць нашчадкі ураджай. Бягу за марай наўздагон, І гэта — ні падман, ні сон, — Хады маёй не асуджай. 11 Хады маёй не асуджай, Даўно змахнула я слязіну, Ды не пакінула свой край, Дасць Бог — ніколі не пакіну. Я да яго бягу і ў снах, І ім, і словам ганаруся, Я крылляў адчуваю ўзмах І таленту сяброў дзіўлюся: Не кідаюць цяжкія ношы, І мову славяць не за грошы, За моц яе — напагатове. Каб крыллі моцныя займець, Патрэбна сэрцам зразумець: Душа пяе на роднай мове. 12 Душа пяе на роднай мове, Нарочана ёй свет любіць, Калі не будзе моцы ў слове, Яна ніколі не ўзляціць. І незаўважанаю будзе, І не ўстрывожыць нашы сны, І не пачуюць песень людзі, І не заўважаць крок вясны. З вясной душа сама спявае І свет замшэлы абнаўляе — Мы цешымся такой абнове. Хто слова роднага не цэніць, Душы сваёй ён не ацэліць: Моц Бацькаўшчыны ў родным слове. 13 Моц Бацькаўшчыны ў родным слове, Яго душою прыгубі — Яго асновы і высновы Ў краінах іншых не згубі. Не дай сысці яму з дарогі, І на абочыне не кінь, Не дай яму спазнаць знямогі — Надзею светлаю пакінь. Калі яна прыносіць радасць, Ты беражы яе ад здрады І сэрцам шчырым прывячай. Калі ж глухое сэрца будзе, Аглухнуць і аслепнуць людзі, — Не завядзі душу ў адчай. 14 Не завядзі душу ў адчай, Я слову роднаму малюся. І з ім — мяне не разлучай: Да роднасці даўно хілюся. Не, не старэе наша мова, А ўзбагачае край і нас. Хай сілу набірае слова, А вартасць вывярае час. Мо ў згодзе не заўжды з сабою, — Пайду адчайна за Табою, Як незалежная жанчына. Не маю большай асалоды, Як шчырай быць з усім народам, Не папракай мяне, Айчына. 15 Не папракай мяне, Айчына, Ты мачыхаю мне не стань. Гадоў нямала за плячыма, Агулам ты ўсяго не гань. Ты ж абаронца і апора — Сумленнем нашым светлым будзь. Не стань пакутай, смуткам, горам, Ты мовы продкаў не забудзь. Нам Слова дадзена ад Бога. Хай будзе светлаю дарога — Хады маёй не асуджай. Душа пяе на роднай мове, Моц Бацькаўшчыны ў родным слове, — Не завядзі душу ў адчай.Споведзь
О, Беларусь, свет белы пройдзеш —
Другіх такіх мясцін не знойдзеш.
* * * Спавядаюся роднаму краю, Тым, каго і люблю, і кахаю. Спавядаюся дням шчаслівым, Спавядаюся людзям зычлівым. Гэта, можа, не толькі споведзь, Гэта — з любай Айчынай повязь. * * * Папрашу я ў неба зорак, Каб свяціліся ўначы. Папрашу я ў поля кветак, Каб прыгожым быў зачын. Папрашу я вольных песень У свавольнікаў-вятроў, А ў цябе, мая матуля, Папрашу я родных слоў. * * * Для радасці, на ўсё жыццё Дала нам Бацькаўшчына мову, Каб ёй вярталі адкрыццё, І моц — радку, і сілу — слову. Вяртанне Дзяцінства маё і смяецца, і плача, Вакол мяне дожджыкам цёплым скача. Чатыры бярозкі махаюць з пагорка. І соладка сэрцу, чамусьці, і горка. Дык вось ты які, мой адзіны выток, — Салодка-гаркавы маўклівы папрок. * * * Зноў вандрую па роднаму краю, Падарунак ля сэрца хаваю. Дзякуй, дзякуй табе, мой Божа, За святое маё падарожжа. За жаданыя тыя сустрэчы, За сяброў, іх пагляд чалавечы, За разумныя тыя размовы, За глыточак матчынай мовы. * * * Плыве наш Нёман... Крыху стаў шырэйшы, Кудысьці зніклі злосныя віры. І кожны чалавек тутэйшы Раскажа, толькі з ім загавары. Раскажа ён, як велічна, прыгожа Ўзнялася старажытная Каложа, Як адбіваецца ўрачыста Мінуўшчына у водах чыстых... Ах, Спадчына, што больш яшчэ Праз душы нашыя цячэ!.. * * * Здалёку бачыцца ярчэй Мая зямля, мая Айчына, І Нёман мой не так цячэ, І гай не той перад вачыма. Бягу, збіваючы расу, П'ю родных даляў асалоду: Ўбіраю веліч і красу, Каб потым аддаваць народу. * * * Дзедаўскі край, дзедаўскі кут, Як жа мне соладка мроіцца тут! Мары, надзеі рэчкай плывуць, Чыстай вады не баламуць!.. Ў рэчцы купаецца сонца прамень... Дзедаўскі кут — спадчыны цень. Спадчыны цуд — долі ўскалых, Дзедаўскі кут — зрок наш і слых. * * * Не адарвацца мне ад краю — Ўсё кветку-папараць шукаю. Бярэ мяне часамі стома, — А ці знайду? Мне невядома. Магчыма, больш яна не госціць, Занадта многа ў свеце злосці. * * * Імкнёмся далёкае шчасце спазнаці: Не часта гасцюем у матчынай хаце. На гэта ўсё часу чамусь не стае, Мінаем мы тое, што сілу дае. * * * Айчына, гонар не губляй, Шануй гаючы водар слова, Ім сваю годнасць праслаўляй, — Жыць матчына павінна мова. Павінен сын яе вучыць, Хоць на замежнае ўзяў моду. Бо, калі слова замаўчыць, Не стане і твайго народу. Мой край святы 1 Малюся небу над Нявою, На Поўнач вывела сцяжа, Ды ачышчаецца Табою Мая душа... 2 Малюся ціхім зорам і світанкам — Так навучала, так жадала ты... І стаў адзіным мне каханкам Мой беларускі кут святы, Дзе поўны велічнай красы Лужок квяцісты срэбна-росны, Мае маўклівыя лясы І пошум рэчак ваданосны. 3 Дзе б ні бывалі, ні жылі, А водар матчынай зямлі З намі заўсёды — Яе і захады, і ўсходы, Росныя ранкі і калыханкі. * * * Да лесу тулішся, На сонцы песцішся, Зямля зялёная, Ты ўся нявесцішся. Мая спазнаная, Людзьмі прывечана, Пакуль ні з кім, ні з кім Яшчэ не венчана. * * * Блакіт нябёсаў чысты і празрысты, Якая звонкая і глыбіня, і вышыня! Прыслухваецца месяц залацісты, Праглядвае ваду, чакае дня. А зорачкі ў пяшчотным трапятанні, Склікаючы нябесную радню, Таксама, як і месяц, у чаканні Шлюць пазыўныя будучаму дню. Плывуць аблокі, дрэў маўклівых цені Дрыжаць, трапечуць там, у глыбіні, І хочацца схіліцца на каленях З малітваю да гэтай чысціні. * * * Беларусь, душа мая... Чую песню салаўя, Подых ветру, шум дажджу, — Гэта змалку кожны чуў. Дрэва корань разаўе, Сонца фарбы разалье. Ноч рассыплецца расой, Дзень умыецца слязой. Беларусь, душа мая, Казка летняга жніўя. Я цябе перахрышчу — Ў сэрца дабрыню ўпушчу. * * * Пакуль яшчэ блакіт над дахам І ўсё ідзе сваім парадкам, Задумайся цяпер над шляхам, Які пакінецца нашчадкам. * * * Жывіцай жывіцца жыццё, З грудзей матулі п'е дзіцё Незамянімую жывіцу. З бярозы, елкі і сасны Слязінкай праз кару сачыцца. З глыбінь зямелькі... Ночы, дні Працуюць, цягнуць карані Так неабходную жывіцу, Каб не з пачатку, а з канца Жыццём салодкім паўтарыцца. * * * Наш голас паўторыцца рэхам, А слова не стане смехам: «Р» цвёрдае будзе гучаць. Беларусы не могуць маўчаць. Яны маюць гонар і годнасць І зберагуць сваю роднасць. * * * Мой народзе неўміручы, Не памрэ ніколі мова. Бо настой ты п'еш гаючы — Ад зайздроснікаў замову. Хоць таўкуць цябе балюча І адгэтуль і адтуль, Мой народзе неўміручы Загавораны ад куль, Загавораны ад злога. Дай, Бог, светлую дарогу!.. * * * Мой лёс падзелены двума вякамі, Сустрэчамі жыву я з землякамі. Да іх душой збалелаю хілюся — Сябе ў іх бачу і дзіўлюся Цвярозасці неверагоднай І повязі з Айчынай роднай. * * * А ўсё, з чаго хлеб спяку, Я на ток валаку. Мне ўсё гумно адкрыта: Валаку пшаніцу і жыта. Каб жарэбчык падрос, Валаку ячмень і авёс. Ну і лён валаку — На кашулю дзіваку. Будзе каго адзяваць, Будзе з кім бедаваць. * * * Лес, абаронца мой разумны, Ты не расказвай казкі сумнай Пра тое, што амаль штовечар Ў тваіх цянётах нехта енчыць. Не гавары, што злыя цені Кагосьці ставяць на калені, Што хтось пятляецца наўзгад... Ты вочы ўскінь на зоркапад, Пад купалам, такі прыгожы, Не страх — ён прыгажосць памножыць, І стане радасным зачын... А лепей, мудры, памаўчым... * * * Дарога дахаты бядою абжыта, Была камяністаю — стала разбітай. На той і другой ліхаманка трасе, А ўвосень цярпі, калі ў гліну засеў. Тут будзеш клясці і сватоў, і дзядоў І выкажаш поўную лесвіцу слоў. І, ссекшы апошнюю ў полі бярозку, Зноў вернешся па дапамогу у вёску. Там, дзе плачуць бярозы Машына стала на дарозе Каля нямых гранітных пліт, Дзе і ў спякотны дзень марозіць Зямлі няшчаснай краявід. Насустрач выбеглі бярозы, Напэўна, выказаць тугу. Праз лісце праступаюць слёзы, А я суняць іх не магу. На захад сонейка спяшае, Ідзе на спад спякотны дзень: Дахаты ночка запрашае І ад бярозак — доўгі цень... Тулюся да галля шчакою, Слязы стрымаці не магу, Пагладзім роднае рукою, Падзелім з ім сваю тугу. * * * Капаюць, коцяцца слёзы — Плачуць бярозы... Боль разлучыў на стагоддзі, навек З мовай людскою, З ласкай людскою — З табой, чалавек. * * * Яшчэ такога ў свеце не было, Каб так людзей здарэнне засмучала. На сотні год спынілася жыццё, І песня над мясцінай замаўчала. Яшчэ такога ў свеце не было, Каб так зямля-матуля гаравала, Каб праз імгненне вымерла сяло, І слёз, і могілак не стала. * * * Бацькаўшчына мая, Роднасць светлая, Дзе лета цеплыню ўплятае, Дзе з клёнаў і бяроз злятае Заўчасна лісце, Дзе люд шукае з гора выйсця. * * * Краю мой рабінавы, Лес мой верасовы, Як мне шчырасць выказаць, Дзе ўзяць тыя словы? Песню спавядальную Я табе спяваю, Краю мой рабінавы, Верасовы краю. * * * Айчына... Тут мяне ўзрасцілі, Прыходзілі тут казкі ў сне. Калі маленькую хрысцілі, Імя тут падарылі мне. Казалі: «Хай яно свяціцца, Хай будзе доўгаю сцяжа». Акроплены святой вадзіцай Мае і цела, і душа. * * * Асвяці дарогі, сонца, Па якіх пайшлі сыны, Асвяці дарогі, месяц, Каб не збочылі яны. Пасвяціце хлопцам, зоркі, Каб ім лёс не выпаў горкі. Спагадай ім, стрэчны вецер, Не затрушвай вочы смеццем. * * * Толькі сэрцам браць трэба Хлеб з поля і зорачкі з неба. І мроі, што недзе на донцы Патрэбныя, нібы сонца, Кожнаму беларусу... Бяры без прымусу, прымай І сам сабе дзіва стварай. * * * Мама, мама, не знікнеш ніколі Ты з маёй рыфмаванай долі. Будзеш жыць ты і ў песні, і ў слове, Размаўляці на бацькавай мове, Навучаць, каб была я дужай, Каб любіла сыноў і мужа, Каб наведвала край свой родны, Найчасцей — тваё боскае Гродна. Каб да сэрца радню хіліла, За іх шчасце каб Бога маліла. Каб пазыкі спаўна аддавала, Каб людзей, як сябе, шанавала. * * * Пад снегам дрэмлюць леташнія травы, Ім сняцца сонечныя дні. Лясок над імі кучаравы Таксама сонейка сасніў. І гэты сон — такі салодкі — Дзяцінства цёплы, светлы сон, Нібы святочныя угодкі Шчаслівых самых, лепшых дзён. * * * Айчына… Шчасце ці бяда? Натхнення ты майго крыніца. Якая ў Нёмане вада! Такой ніколі не напіцца, Хоць будзеш доўга, доўга піць. Глыток адзін, другі і трэці… Жыць весялей на белым свеце, А смагі ўсё ж не наталіць. * * * Айчына-маці, кім мы сталі, Хіба ж не за цябе каналі? Чаму дасюль пануе гора? Дзе тыя «залатыя горы»? Скажы, Айчына, што мы маем? Сябе згубілі і шукаем?.. Чаму душы сваёй не чуем? Чаму ж сябе мы не шануем? А можа, твой народ няздольны?.. Чаму дагэтуль паднявольны? Успамінаючы Хатынь Куды я думкаю лячу? Аб чым сумую ці маўчу? Лячу туды, у родны кут, Смуткую ад зямных пакут… На месцах хатак — каміны, Як я, засмучаны яны. Іх перазвоны сэрцы рвуць І людзям не даюць заснуць. Бяроза Ты са мною, бярозанька белая, Ты са мной, як Айчына, заўжды. Твая чыстая кволасць нясмелая Неразлучна ўплялася ў гады. Мы з табой узрасталі пад ліўнямі, Пад спякотаю разам былі… Гаравалі з табой днямі дымнымі І скрыжалі на плячах няслі… Бралі сілу з айчыннай жывіцаю З найчысцейшых крывіцкіх крыніц, Каб была Беларусь белаліцаю І ніколі не падала ніц. * * * Мы спадчыны не выбіраем — Ад нараджэння ў нас жыве. Ці ў краі мы, ці па-за краем, — Яна ў душы і ў галаве. Аб ёй мы мроім ў час вясновы, Кароткай ночкай снім яе, І доля наша з той высновы, Якую спадчына дае. Роздум Мне б памаўчаць каля бярозы, Пайсці ў вясновыя сады, Змахнуць з павек вільготных слёзы, На снезе захаваць сляды. Наведаць родныя магілы, Птушыны прывітаць прылёт, Аддаць зямельцы роднай сілы — Праліць на ёй салёны пот. Працуючы, не мець спакою, І з Божым запаветам жыць, Сваёй уласнаю рукою Свой дом ад зла абараніць. Мне б захапляцца мовай, словам, На роздум мець якісьці час, Ды ў свеце гэтым грэшна-новым Знайсці, зусім прапаўшых, нас. Не сустракацца больш з хлуснёю, З усімі ў ладкі не пляскаць, А быць заўжды самой сабою, Душу ў гадзіны не ўціскаць. Рабіць ці горкім, ці салодкім Сваё заўсёды адкрыццё… І не пакажацца кароткім Тады жыццё.Вяртанне
Куток прыгожы, продкаў таямніцы,
Глыток салодкага прычасця…
* * * Куток прыгожы, продкаў таямніцы, Глыток салодкага прычасця… Жыцця чысцейшыя крыніцы… Ўсё тое, што завецца шчасцем. Дзеля нашчадкаў захавалі продкі Наш боль, наш сум, наш спеў салодкі — Айчына… Белая мая зямля Не забываецца твой твар З пары, калі цябе спазнала І слова першае сказала, Грудзьмі ўдыхнуўшы водар траў. Не забываецца цуд твой — Дзяцінства той разліў вясновы, — Я ў ручайку губляла словы Слязінкай першаю сваёй. Вяртаюся да сумных дзён, Дзе дзічка хіліцца да плоту… Пара птушынага адлёту: Зімы шчасліва-змрочны сон. Мне не забыць часін ліхіх, Чарнобыльскага пекла-джала, Калі зямля наўкол дрыжала… І сум вачэй, мне дарагіх. Твой погляд не забуду я, Калі, шукаючы дарогі, Амаль у кроў збівала ногі, А ты ўсё клікала назад. Мне не забыць тваёй душы, Калі заўчасна ад'язджала, А пры расстанні ты крычала: «Ў замежжы мову зберажы!» Мне ўсмех твой бачыцца здаля, І не забудзецца ніколі Ў душы маёй жаданне волі — Ты будзеш жыць, зямля мая! * * * Дзе сонца шлях свой пачынае, Мой родны Нёман спачывае, Бы адбіваючы паклоны. Над ім схілілі хвоі кроны, Яго на подзвігі натхняюць І на руках сваіх люляюць. А там, дзе ў травах берагі, Адбеглі ад вады стагі. О, Беларусь! Свет белы пройдзеш — Другіх такіх мясцін не знойдзеш. * * * Так мы плылі ў туман густы, Віталі нас чужыя людзі. Гублялі розум з нематы, — Такога, мабыць, больш не будзе. Хіба ж не збераглі ў душы Матулі любае аблічча? У сэрцы міг надзеі жыў, Што родны край яшчэ пакліча. * * * Апалі леташнія росы, Схавалі срэбра ў моры траў. Нязменныя законы лёсу, Бо лёс наш лепшым і не стаў. Палітыканам не спыніцца, — Як на сваёй зямлі нам жыць, Якому Богу нам маліцца, Якою мовай гаварыць? Прызнанне 1 Мой край, ты — кветка ў летні дзень... Па кладцы сонейка ідзе, — Яму смяецца ручаёк, Які цячэ у наш гаёк. Вакол такая прыгажосць... Ці ўсё, што сэрцу трэба, ёсць? Ці тое стрэлася ў жыцці? Ах, сонца-сонейка, свяці! 2 Ах, край мой, любы край квяцісты, Азёраў, рэчак цуд празрысты. У іх глядзяць з любоўю хвоі, Умый сваёй вадой жывою Мае знясіленыя ногі, Дай адпачыць крыху з дарогі. Шмат зведана на свеце белым, А ўсё душа назад глядзела... Я для цябе хавала словы Сваёй чароўнай роднай мовы. 3 Не пакідай мяне, мой бераг, Ані ў раскошы, ані ў бедах. Ты быў і застаешся светам, Маім салодкім зорным летам. У нёманскіх у водах шэрых Схавалі хвалі мрояў шэраг, На месцы незабыўным гэтым З адным няскончаным партрэтам. Мой бераг ціхіх ночак белых, Садоў гаючых, яблык спелых, Дзе я валодала сакрэтам, Як быць жанчынай і паэтам. * * * Ад нараджэння і да смерці самай Мы захапляцца краем можам, Як захапляецца дзіцятка мамай — Разумнай самай і прыгожай. За вечны ўспамін 1 Бярозы, бярозы… Шумяць векавыя Над нашым сучасным, над тым, што было… Старэнькая хата і продкі жывыя. — Дзень добры, хаціна! Дзень добры, сяло! Дзядуля ў сваёй даматканай кашулі На покуці самай сядзіць за сталом, Чакае цярпліва яечні бабулі… Яшчэ не прачнуўся, салодка спіць дом. Яшчэ не рыпяць яго чулыя дзверы, На досвітку смачна спіцца малым. — Хай крыху падрэмлюць сыны-кавалеры, Яшчэ напрацуюцца, хопіць і ім. 2 Дзе зараз твае сыны-кавалеры? Старэйшы няведама, дзе ляжыць. Яму шлях кароткі век сумны адмераў: Хацеў не сабе, а народу служыць. Другі — на вялікіх будоўлях Сібіры, Катаргі дзікай знесці не змог, — Распухлыя ногі — не ногі, а гіры, Бог і яго для цябе не збярог. А трэці, сярэдненькі, прыткі, бы вецер. Тады, калі «рыба гніла з галавы», Згубіўся у тлуме, у горадзе недзе. Няўжо ж не сказаў бы, калі б быў жывы? Чацвёрты, малодшы, падобны да Бога: Прыгожы, вясёлы — йшчэ жыць бы ды жыць, Салдату заўсёды ад хаты дарога... Ля самага Гродна ў кургане ляжыць. Што куля... Яна — нібы дзеўка дурная, Абы на каго таропка ляціць... А хіба ж ахвяру яна выбірае? Яе прымушаюць забойцам служыць. Чатыры сыночкі, чатыры надзеі, А ці вінаватыя ў грэшным яны? Дзе каты-забойцы, дзе ліхадзеі? Якія ім сёння бачацца сны? Каго яны топяць хлуснёю зайздроснай, Якім яны моляцца сёння багам? Праўду пад старасць шукаць — невыносна. Даволі капацца на сметніку нам. 3 Сядайце жа, хлопцы, яечня гатова, Нядзелька заўсёды была божым днём. Ў кішэнь не адзін не палезе па слова... Так, слова за слова, той час памянём. А ты што стаіш каля печы, старая, Хіба ж ты не бачыш, што я не адзін? Унучак прыехаў, віно налівае — За вечную памяць, за добры ўспамін. * * * Купалля дзіўныя агні, Святыя біятокі. Ляцім туды, дзе карані, Дзе родныя вытокі. Ляцім, пакуль хапае сіл, Хоць вецер крылле нішчыць. Ляцім да спадчыны магіл, Да родных папялішчаў. Туды, дзе поле, дзе рака, Дзе ўсё здаецца раем, Дзе дарагога земляка Па цвёрдым «р» пазнаю. Ляцім да родных берагоў І да забытых хатак, Туды, дзе вернецца наноў Жыцця пачатак. Ляцім, забыўшыся на тых, Каго клялі бабулі... Ляцім, бо памяці ўскалых Душу расчуліў. О, як жа хочацца душы Свяцейшага прычасця. Калі смуткуеш — паспяшы, Бо ў гэтым — шчасце. * * * Нялёгкая, скажаце, праца — Да каранёў сваіх вяртацца, — На іх трымаецца ўвесь свет. Але не кожны, не сакрэт, Вярнуцца можа. Дапамажы, магутны Божа, Дапамажы ў імкненні гэтым — Надзеям здзейсніцца і мэтам І навучы сучасны люд Свой есці хлеб, займець свой кут, Дзе б мог нашчадак прытуліцца І за Айчыну памаліцца. * * * Айчына, Айчына, людзьмі ўшанавана, Хоць шлях і не блізкі між мной і табой, Пад дах твой ляціць душа ўсхвалявана — Шукае малітвы святой. Малітва! Малітва! Прымала ад маці Я словы святыя твае, Каб стала і чыста, і светла ў той хаце, Дзе родны салоўка пяе. Салоўка! Салоўка! Куды адлятаюць Пасля тваёй песні сыны? Дзе сілы, якія іх зноў вяртаюць Да кожнай пяшчотнай вясны? * * * Калі часам бываю у скрусе, Чую рэха маёй Беларусі. Адклікаецца рэхам мой бор, Ночка з небам, паўнюткім зор, Адклікаюцца рэхам палі І дарогі, што ўдаль праляглі. Адклікаецца Нёман-рака, Ўсхліпы кнігаўкі, спеў жаўрука, Цэрквы, вёскі і гарады... Адклікаюцца рэхам гады.Роздум
Жывем, каб гэты свет сагрэць…
* * * Лёсам нарочана слову служыць… Як ручаёк, мая мова бяжыць І ў акіяне вялікім не згіне... Кропляй бурштыну станеш, Аўгіння. Нехта падыме яе на ўзбярэжжы — І заблішчыць твая кропля ў замежжы. * * * Зямля ў нас — золата і срэбра, Галоўнае з зямных прыгод. Нам неба вызначае код, Яно ўсё дасць, што сэрцу трэба. Вядзі, вядзі размовы з небам, Не завядзі ў бяздонне вод Ні сам сябе, ні свой народ, З галоднымі дзяліся хлебам. * * * Пачаў ісці? Ідзі, не стой! На тое дадзена дарога. Ў жыцці цікавага так многа, Другія пойдуць за табой. Не цешся ўяўнай прастатой: Жыццё з усіх спытала строга. Не для сябе — кагось другога Ты захавай набытак свой. * * * Каб не пакрыўдзіці нікога, Жыві сумленна на зямлі, Такімі ж родзічы былі, — Ніколі не жадай чужога. Калі ж жаданні не ад Бога, Каб злітаваўся, не малі, Бо чэрці ў пекла завялі, — Адтуль не выпусцяць жывога. * * * Адводзіць слова боль і страх, Яно глыбокае, як мора, Свой асабісты мае нораў, Свае і сілу, і размах. Хіба ж, скажы, яно не птах? Ды вартасць мае тое слова, Што з сэрца вылеціць людскога, Каб асвяціць камусьці шлях. * * * Ёсць нітка таямнічая між намі, Яна — не для чужога вока, Жывецца з ёю нам не адзінока, І разарваць яе мы можам толькі самі. Але навошта? Так пасуе гаме, Як небу — незабудка сінявока. І рэчка сіняя яшчэ далёка. Не трэба клясца: мы з табой не ў храме. * * * Не трэба між людзей граніц, Не трэба візаў і даведак, Чужых вачэй, зайздросных сведак, Не трэба з гора падаць ніц. Празрыстасць рэчак і крыніц — Для нашых для агульных дзетак, Не трэба на іх лёсе метак І тых знішчальных навальніц. * * * Мастак і з гліны злепіць дзіва, Паўстане ў велічнай красе І асалоду прынясе, Каб толькі ты глядзеў зычліва, А не з пагардай, не кічліва... І ўсё ж зычлівыя не ўсе, Хоць змалку ходзяць па расе. Прымай іх хібіны цярпліва. * * * Жыць — гэта йсці і не стаяць, Шукаць, жадаць, ствараць, знаходзіць. Хай, можа, і не ўсё выходзіць, Галоўнае — ход думцы даць. І нечаканае — спаткаць, Не гаварыць надзеі: «Годзе!» Той, хто ідзе, заўсёды дойдзе І пракладзе для іншых гаць. * * * Свой крыж яшчэ нясуць салдаткі, Іх боль прыглушаны, пякучы... Жыццё — бы цёмны лес дрымучы: Стагоддзем зменены парадкі. А шлях ізноў такі нягладкі! Нам родных песень не агучыць, І будуць нас да скону мучыць Няпростыя жыцця загадкі. * * * Якая цемра, слота, стынь... Жыццё імгненна, нібы сон, — Цячэнне і хвілін, і дзён Адносіць нас, як тую плынь. Пакуль не прагучыць: «Амін...» І цэдзіцца цяпло акон... Не забывайце тых імён, Што правялі нас да Святынь. * * * Ты быў нядаўна малады, Мог проста ў мора акунуцца, Мог ад хваробы адвярнуцца, А зараз — з ёю назаўжды. Маланкаю ляцяць гады — Не паспяваеш азірнуцца, Як прымушае час вярнуцца І глянуць на свае сляды. * * * Нас мудрасць па жыцці вядзе, Яна дае сагрэцца целу, Яна і вызначае цэны, Яна і лепіць з нас людзей. І нават кожны божы дзень Яна рыхтуе нам замену, Яна наладжвае антэну, Каб не згубіліся нідзе. * * * Вандруем мы спакон вякоў, А лёс для нас дарогі мосціць, Змушае аб'ядацца, посціць, Калі вяртаемся дамоў. Нямала наламае дроў Той, хто шукае прыгажосці, — Заўсёды вінаваты хтосьці, Хто не прынёс для нас дароў. * * * Працуе рупная пчала, Як чалавек, самааддана. Да вечара ўвесь дзень ад рана. Дзе ж сілы гэтулькі ўзяла? Няўжо нектар такі піла, Што ад вачэй людскіх схаваны? Ляціць штодзённа праз туманы Туды, дзе ліпа зацвіла. * * * Ёсць грэх... Дык ёсць і пакаранне За лёс загубленых гадоў. За слёзы маці, слёзы ўдоў Няма й не будзе апраўдання. Бо неадчэпнае пытанне Ў душу людскую лезе зноў, Да нашых дочак і сыноў, — І патрабуе пакаяння. * * * Жывем, каб гэты свет сагрэць, Збіраемся на працу зрана, Працуем там самааддана І не спяшаемся старэць. Адно не можам зразумець, Што старасць прыйдзе нечакана, І запячэ, заные рана... Трываць таксама трэба ўмець. * * * Дае разумная прырода Жыцця свядомага настрой, Каб зразумелі мы з табой, Што ёсць палон і ёсць свабода. Свабода — гэта рух народа, Культура, вера і спакой, — Ўсё лепшае ідзе ў сувой Нашчадкам, як узнагарода. * * * Мы марым так пражыць гады, Каб не зрабілі з нас паяцаў, — Самому ж лепей пасмяяцца, Ад смеху здаравей заўжды. А хто да белай барады Прывык для некага крыўляцца, Таму не грэх і ў цырк падацца — Схавацца ад сваёй бяды. * * * Усплывае часам перажытае, Бо незабыўныя ёсць даты: Матулі погляд сумнаваты, Слязінкамі жыццё размытае… Зямля дзядоў, здаўна абжытая, Твае засмучаныя хаты Заўжды пабелены на святы — Маўчыш, туманамі спавітая. * * * Вецер вясновы варушыць галіны, З дрэў абтрасае з болем расу. Водар хваёвы — подых былінны Хаваюць туманы, як маці слязу. Хаваюць туманы пачуцці ў даліны, Хаваюць зямлі гэтай дзіўнай красу, Лісты закаханых — чыесь успаміны — Стагоддзі у вечнасць, як дар, панясуць. * * * Пакуль жывы — кахаць спяшы, Каханых не бярэ адчай, Незакаханым спачувай, Не заглушы сваёй душы. Душы сваёй не заглушы, Каханню скарбы ўсе аддай, Яго, нібы вясну, вітай І вогнішча не затушы. * * * Хто сілы за народ аддаў І хто душу сваю збярог Ад болю, бедаў і трывог — Той славаю народа стаў. А хто з людзей тры скуры драў, Краў і хлусіў, як толькі мог, — Ад хцівасці зусім знямог, Ў жыцці адны грахі прыдбаў. * * * Паміж багамі і людзьмі Заўжды нябеснае свячэнне: Дабра і хараства злучэнне... Вазьмі ў жыцці сваё, вазьмі. Яго знянацку не задзьмі: Патрэбна вечнае гарэнне Для азарэння пакалення. Праўдзівым будзь перад дзяцьмі. * * * Мы мроім кожнаю вясной Вяртаннем цеплыні і свята, Чакаем ураджай багаты У гэтай мітусні зямной. Прыродзе цешымся зямной, Глядзім на поле вінавата, Працуем шчыра і заўзята... Так тчэцца наш зямны сувой. * * * Гавораць: лёс нас па жыцці вядзе, Ён вызначае нам дарогі, Надзеі кідае пад ногі, А часам іх у нас крадзе. А што нам з тых няздзейсненых надзей: Адны пакуты і трывогі. Мы ж не анёлы і не богі — Адвечны з намі грэх людзей. * * * Бяздоннае жыццё сусвету... Як розумам яго акінуць? Не можа думка недзе згінуць, Калі наведала планету. Нясі душу да мінарэту, Дзе думкі нашы не астынуць, Дзе і надзеі не загінуць, Аднойчы вызначыўшы мэту. * * * Штармуе мора, вецер злуе, Нясе прылівы і адлівы... Напэўна, стане той шчаслівы, Хто буры і штармы мінуе. Пульсуе час, жыццё пульсуе, Бываюць сумныя наплывы... Хто стрыманы і хто цярплівы — Таму і сумны час пасуе. * * * За нешта неба нас карае... Загадкавасці многа ў свеце: Ламае бураломам вецце, З карэннем дрэвы вырывае. Вясна разводзіцай гуляе, Шмат мора выкідае смецця, Калі над ім гуляе вецер... Планета неяк выжывае.Роднасць
Струмені крыніц лясных
Салодзяць і зрок, і слых.
* * * Дзень добры табе, чалавек! Дзень добры, хвіліна, век! Дзень добры, рака і поле. Дзень добры, і лёс, і доля. Дзень добры! А гэта значыць: Нідзе і ніхто не плача. І сонца, і неба будзе Служыць адмыслова людзям. * * * Сябруе з сонцам расток, Сябруе з ветрам лісток. З птушкай сябруе неба. Зямля наша — з бульбай і хлебам. Дажджынка сябруе з хмарай, Юнак і дзяўчынка — з марай. А чалавек, ён, братцы, — Ад нараджэння — з працай. * * * Ціхім будзе мой апошні шлях, Толькі б не прыходзіць па начах, Не хачу трывожыць вашы сны. Ад вясны да новае вясны Не хадзіце да мяне і вы. Толькі ўлетку кветак лугавых Прынясе хай шчодрая рука Любага заўсёды сваяка. * * * Прахалодай павеяла з лесу: Хутка восень, згушчаюцца хмары. Сохне лісце на клёне, на бэзе, На рабіне, што з дубам у пары. Над ракой не лятаюць стракозы, Сонца меней зямлю сагравае. Як жанчына, і восень слёзы У пажоўклыя хмары хавае. * * * Ад калыскі, ад першага слова Мы жыццё пазнаем паступова. Аглядаем, што ў нас за плотам, Ну а свет пакідаем потым... Вывучаем старонкі падзей, Вылучаем характар людзей, Здабываем скарынку хлеба, Заглядаем на зорнае неба. * * * Нашы рэчкі бягуць, пятляюць, З берагамі яны размаўляюць Толькі ўвесну, калі разводдзе, З берагоў на нізіны выходзяць. Ну а ўлетку мялеюць ад спёкі. Нібы людзі, маюць вытокі, Нібы людзі, вытокі маюць — Памятаюць, адкуль выцякаюць. * * * Як цесна тут, як мнагалюдна, І невыносны гвалт і тлум!.. І спіць чамусьці непрабудна Сном непрабудным вечны сум. Пад хмурным небам, боскім небам, Пад срэбным ліўнем веснавым Утульна, можа, толькі вербам, Бо не напіцца срэбра ім. * * * Доўга-доўга жывуць нашы душы Ад пасеянай дабрыні. Паглядзіце: і ў дзікай грушы Сок на пні. Гэта — ціха карэнне плача, Мабыць, зрэзана не ў пару. Вы не думайце, што іначай Я памру. * * * Не падвядзі мяне, надзея, На Бацькаўшчыне, за мяжой. Няхай нашчадак лёс сагрэе Сваёю светлаю душой. Дзеля таго свае урокі, Напэўна, продкі і вялі, Каб нашы мары, нашы крокі Заўсёды светлымі былі. * * * Айчыны я не адракуся На Богам дадзенай сцяжы. Я на цябе адну малюся — Ты боль і сум маёй душы. Ты тая песня, што ніколі Не дапяецца да канца. Мой лёс, мая зямная доля І водар роднага слаўца. * * * Шукай той радасці, шукай На сцежках і ва ўсіх куточках, Дачцэ і ўнучцы перадай Надзею, звітую ў клубочак. Хай за клубочкам паспяшаць Да лепшай долі і да шчасця: Павінна кожная душа Сваю святую песню скласці. * * * Я веру ў цябе, мой народзе. Твой смутак знянацку пройдзе. Ты вернешся з чорнай бяды, Яшчэ заквітнеюць сады, Пацешацца росам лугі, У сена складуцца стагі. І там, адкуль з'ехалі людзі, Жыццё яшчэ будзе. * * * Дзяцінства ў памяці маёй Бяжыць свавольнаю дзяўчынкай. А неба там, на схіле, ёй Махае сіняю касынкай, Вясёлкавы узводзіць мост: Ўзбірайся і бяжы за хмары! Трава і кветкі ў самы рост... Надзеі... Мроі... Думкі... Мары... * * * Струмені крыніц лясных Салодзяць і зрок, і слых. Салодзяць і слых, і зрок Мне змалку каторы рок. Здаецца: я з імі плыву Ў астылую сіняву, Плыву праз вясны настой, Бяроз беларускіх і хвой. * * * Зямля святла і прыгажосці, Дзе спадаром ты, а не госцем, Дзе і сяброўкі, і сябры Глядзяць звычайна, не з гары. Дзе роднасцю іскрацца вочы, Дзе не пакрыўдзяць, не падмочаць (Бо не такі менталітэт), Дзе ты празаік і паэт. * * * Як зразумець сваё значэнне У гэтым гудзе, Каб неабходнае свячэнне Служыла людзям? Як зразумець сваё значэнне На зломе веку, Каб неабходнае свячэнне Служыла чалавеку? * * * Яшчэ грукоча крыгаход І хмары карагодзяць. Яшчэ маўчыць лясны народ І з нораў не выходзіць. Не прыляцелі жаўрукі Свае спяваці песні. Гляджу на неба з-пад рукі... Вясна ўжо ці прадвесне? * * * Заплюшчу вочы: і ўначы Успамінаецца дзяцінства, Жыцця сумленнага зачын, І неба і зямлі адзінства. Праглядваецца рэчкі дно, І чую, як сваволіць вецер, Як праз маленькае акно Блакітам боскім неба свеціць. * * * Ёсць адвечная сіла — роднасць, З ёй і рос, і дужэў. Нам яна чалавечую годнасць Праз жыццё беражэ. Беражэ, нібы зрэнку вока, Нібы матчыну мову ці слых. З ёй ты бачыш далёка-далёка, Не мінаючы добрых і злых. * * * Няўжо гэта — я? Няўжо гэта — ты? За намі — другія, іх многа... Што ж прывяло нас сюды, Сюды, дзе крутая дарога? І вочы аслеплі ад цемнаты, Ў душќ — за нашчадкаў трывога. Сагнулі ў дугу і лёс, і гады, — Надзея адна — на Бога. * * * Сабака за проста так Руку тваю не паліжа. Не кожны мастак — мастак, Не кожны мастак, хто піша. Не ў кожнага — лёгкай сцяжа, Не кожны адважыцца ў вечнасць, Не ў кожным дыханні — душа, Не ў кожнай душы — чалавечнасць. * * * Глядзяць і дзівяцца суседзі... Куды ж ты пойдзеш, беларус? Ці да паўночнага мядзведзя, Ці то на Захад, на хаўрус? Шумяць наўкол бары і пушчы, І вецер з'едліва гудзе, І вые воўк на месяц злюшчы... Ах, воля, воля, дзе ты, дзе? * * * Травень травамі ўцешыў нас, Свет зрабіўся пяшчотным і мілым. Снег на травы выпаў не ў час, Не дае ім набрацца сілы. Ды і лес, мне здаецца, ажыў: Воды ўдосталь яго наталілі. Дзе ж тады снег жаданы быў, Калі людзі аб ім малілі? * * * Свінцовыя хвалі коціць Нява, Душу напаўняе трывога. Над ёю навісла нябёс сінява І месяц глядзіць убога. Паднятыя ўвысь развадныя масты. Трымаюць іх стопары моцна. Над горадам гэтым дзіўным, святым Вітае вясна святочна. * * * Маленькія раздробленыя шкельцы Складае неслухмяная рука. І кветку, і траву, і цельца Жывёліны, расліны, павука. І гэта — не, не святатацтва: Тварэнне сэрца, розуму, рукі. І будзе жыць вялікае мастацтва Не год, не два — сто тысяч год, вякі! * * * Нянавісць і любоў стварылі людзі. І тое, і другое вечна будзе. Як і прычыны поспехаў, няўзгод, — Без гэтага не існуе народ. Нянавісць і любоў — падзенне, ўзлёт. Ад іх і холадна, і прабівае пот. Ад іх жыццё пад небам сінім І нараджаецца і гіне. * * * Магілы продкаў — гэта памяць, Каб у жыцці нам меней падаць, Каб памятаць свой абавязак, Наслухаўшыся розных казак. Іх сэнс, іх вартасць разумець, Каб годнасць мець. Бо толькі той, хто мае годнасць, Шануе род, шануе роднасць. * * * Зманны вецер на Поўнач занёс, Не хачу, каб змяніўся мой лёс. Іншай радасці не хачу — З гэтым ветрам далей палячу. Палячу ў прыбярэжны тлум, Каля мора развеецца сум. Не развеецца — дык утаплю. Злосны вецер, цябе я люблю! * * * Зямля, Зямля, і круглая, і плоская, Ты Боскі ўсмех, а мо слязінка Боская. Ты шэрая, зялёная і белая — Нікім яшчэ як след не зразумелая. І густа й рэдка ты заселена, І на кавалкі, на шматкі падзелена... Слязіначка-расіначка салёная, Табою на вякі я паланёная. * * * Цяпер я ведаю, напэўна, З кім звязана, зраднёна крэўна... Бо паўстагоддзя з ім іду, Дзялю і шчасце, і бяду. Іду, не адчуваю стомы, У свет, пакуль што незнаёмы. А ці не там, за даляглядам, Уласны крыжык з райскім садам? * * * Пакутнага веку мы людзі, Не бралі нас гора і стома. Асудзіць нас час ці рассудзіць — Пакуль невядома. А мо нас нішто не чапае? Ўзляцеўшы над лёсам і векам... Сучаснасць і з нас высякае Другога зусім чалавека. * * * Калі праходзім босымі Лужкамі і палянамі, Мы размаўляем з росамі І з кветкамі духмянымі. Зямля нас поўніць сілаю, Душу трывожыць неба. З старонкай зліцца мілаю У кожнага патрэба. Надзея Яна апошняй памірае, Так пра яе гавораць людзі. Памрэ і ўсё яшчэ палае, Заснуўшага надзейна будзіць. Надзеі чыстыя слязінкі З павек засмучаных зляцяць. Душы маленькія іскрынкі Парой нязгасна зіхацяць. * * * Вецер гуляе з лістотай апалай, Бліскае сонца дрыготкаю свечкай. Колькі шчаслівых хвілінак схавала Дзіва-Нява — славутая рэчка. Нешта чакаем, нечаму верым, Не паддаемся ні ўсхліпам, ні рухам... Гэта душы адчыняюцца дзверы, Хочацца гэтую музыку слухаць. * * * Зямля бацькоў, травінак срэбра, Табой жывем — ты нам патрэбна: Дарогамі, што ў далі клічуць, Сябрамі, што нам шчасця зычаць. Ты нам патрэбна — словам маці І ўсмехам роднага дзіцяці. Ты нам патрэбна родным гаем І ўсім, што любім і што маем. * * * Падае з неба зорка імклівая, Хоча свой вечны прытулак знайсці. Сніцца на досвітку песня шчаслівая, Ёю душу ты сваю прычасці. Ноччу анёлы з нябёсаў спускаюцца Адвечны спакой вартаваць. Крылы мае ад зямлі адрываюцца: Люба душы палятаць. * * * Маўчаць бярозы, нібы сёстры, І хвоі мудрыя маўчаць... А ты, мой боль, галінкай вострай Параніў сэрца — не суняць... Я моўчкі стану на калені, Зямлю бацькоў перахрышчу. І так у шчырасці, у маленні Грахі былыя адпушчу. * * * Другім жыццём жывуць не ўсе. Адных, як лісце, час трасе І нават следу не пакіне. Другіх далёка дзесь закіне. І толькі трэцім — жыць вякі. Час разбярэцца — хто які: Ён кожнага на месца ставіць, Ён лёсам чалавечым правіць. * * * Дзічэюць родныя сады, Ў зямлю ўрастаюць хаты. На сцежках зараслі сляды Духмянай мятай. Змяніліся з табой і мы, — Ад мазалёў, ад поту, Ад летняй спёкі, ад зімы — Найбольш ад адзіноты.Надзея
Збіраю шчадроту — хай будзе —
Аддам яе добрым людзям.
* * * Баімся цемры, на святло бяжым, Увагу на сябе звяртаем. І кожны раз на нейкім рубяжы Мы кнігу мудрую чытаем. І зноў вяртаемся туды, дзе даражэй... З сабой змагаемся, А з іншымі — цяжэй. * * * Маркотных дзён у нас — да ліха. Маркота падбярэцца ціха — І скруха сэрцам заўладарыць І стане ў хаце гаспадарыць. А калі неба спахмурнее, Дык знікнуць вера і надзея. * * * Ці ты ведаеш, зорнае неба, У чым людская патрэба? Ці ты бачыш, што робіцца ў свеце, На зямной, на зялёнай планеце? Што ж хаваеш за воблакі зоркі? Ад маіх запытанняў горка. * * * Жыццё, чым больш і даражэй, Тым больш народжвае вужэй. Вужы ля хатаў, рэчак, ног... Як сярод іх ты выжыць змог? І добра, што не стаў вужом, Стаў жабраком, інакш — бамжом. * * * Хто мы, скажыце, на гэтым свеце? Можа, зачэзлага дрэва вецце, Можа, зляцеўшае з дрэва лісце, Можа, выток, што шукае выйсця? Або забытыя Богам палі... Хто мы, скажыце, на гэтай зямлі? * * * Ах, думка-думка, ты такая... Хіба ж не сэрца высякае? Хіба ж не крэсіва яно? Мы апусціліся на дно, — Ці здолеем калі падняцца І над сабою пасмяяцца? * * * Імклівы час, і дзень, і вечар, Сагнула праца нашы плечы... Ці многа душам нашым трэба? Дзівіцца і з зямлі, і з неба, Сумленна кожны дзень пражыць І гэты дзіўны свет любіць. * * * Айчына, Айчына, Айчына! Табой пагарджаюць злачынна, Глумяцца, знішчаюць твой люд, Выносячы свой прысуд. Збярыся і стань незалежнай Ад крыўды і праўды замежнай. * * * Народ мой, сціплы і скупы на словы, Стрымаць сябе заўжды гатовы. Ён ведае, куды пакрочыць, І ведае, чаго ён хоча. Праз церні глуму ідучы, Дарогу знойдзе і ўначы. * * * Божа, не асуджай мяне строга, Ці ж не Табою даецца дарога? Я ў цябе, светлы, не страціла веры. Плавала ў небе воблакам шэрым... Але ж і воблака прагна чакаюць, Калі ад спякотных пяшчот паміраюць. * * * Дарогі, дарогі — далёкія, блізкія, Сухія і гладкія, мокрыя, слізкія... Ёсць надта крутыя лясныя сцяжыны... Ды я не пра тыя, што йдуць на вышыні. Не трэба адчайнай, дзе надта заносіць, — Дарогі звычайнай душа мая просіць. * * * Лёс патрабуе, каб слова было, Каб пахаванае зноў ажыло, Каб верай і праўдай служыла, Каб добрых людзей здружыла, Каб несумленных вучыла, Каб шчырасцю душу лячыла. * * * Там, дзе кропля ўпадзе жывая, Там жыццё ажывае... Ажывае травінка і кветка, Верш напіша пра кроплю паэтка. Пацячэ ручаёчкам слова, Каб жыла, не памерла мова. * * * Наш час, наш век такі шалёны, Чырвоны колер ці зялёны Нам асвятляюць ліхтары, Ў гару пляцемся ці з гары... Адно скажу, што — ў бездарожжа, Там і душа прапасці можа. * * * Здалёк — мілейшым родны край: Перад вачыма — родны гай. Ён лёсам у маім жыцці. Вось толькі рэчку перайсці — Ізноў мой гай перад вачыма: Ўсё гэта ты, мая Айчына! * * * Умываецца росамі ранак. У раніцы кожнай — світанак. Я падстаўляю жмені, Збіраю шчадроты-праменні. Збіраю шчадроту — хай будзе — Аддам яе добрым людзям. * * * Люблю, калі наўкола Прыгожа і вясёла. Яшчэ люблю выгоду, Дзе вольна жыць народу. Глядзіш: хоць дзе-нідзе, А мне перападзе. * * * Зусім апусцела бацькава хата. Без мовы, без песні не будзе свята. Парог зарастае травой-лебядой, Да студні не ходзіць ніхто за вадой, І нават зязюля даўно не кукуе... Тут песень дзяўчат ніхто не пачуе. * * * Я з вамі... Кожны раз спатканне Нясе нам дзень, як росы ранне Пасля спякоты. Старанна выбірае ноты Мая рука, Вітаючы напевы земляка. * * * О, горыч, горыч палыну! Ты глуміш не мяне адну — А ўсё наўкола... Так нетрывала ўсё і квола. Каго кахаць, каго любіць? Каго спытаць, як мужным быць? * * * Спакой — куток зямлі прыгожы, Ён недаверам не ўстрывожыць, Не выкліча пякельны страх, Ён будзе ў сэрцы і вачах, — Куды б цябе ні занясло Тваё надзейнае вясло. * * * Бацькаўшчына, боль мая, Спяшаюся думкаю я — Дзе лета вянок сплятае, Дзе восень лісце змятае, Дзе людзі, збіваючы ногі, Яшчэ ўсё шукаюць дарогі. * * * Моцна трымае нас родны парог, Ўладна вяртае з розных дарог. А калі часам вярнуцца не можам, Ён нашы думкі і мары трывожыць. Болем глухім нагадае дзяцінства... Пэўна, што ў гэтым — з краем адзінства. * * * Пад летні зной, пад шум вады Заўжды вярталася сюды. Ішла ў квяцісты твой прастор, Да родных рэчак і азёр... Ішла да роднага жытла І тым шчаслівая была. * * * Адчыніце дзверы. Я даўно чакаю. Бо памру ў мурах з гора і адчаю. Адчыніце вокны, хай спадзе знямога. Ад мяне у далі пабяжыць дарога. Адчыніце вокны, адчыніце дзверы! Я у край свой родны палячу з даверам... * * * Вясна на радасці багата, Дзе кожная хвіліна — свята... Праменні сонейка іх сеюць, І людзі ад пяшчот нямеюць. Таму зачаравана ўсё мы Глядзім на краявід свой немы. * * * Ах, кропля, кропля дажджавая, Спяшаешся ў рачулку ўліцца. Кранай душу, пакуль жывая, Сваёй празрыстай таямніцай. Кранай душу і ў час, тады, Калі я знікну ў нікуды. * * * Не пакідай жыццё на потым, Сцірай да дзірак свае боты. Будуй дамы, запісвай ноты… І ад нядзелькі да суботы Працуй і аблівайся потам, Тады спазнаюць людзі — хто ты.
Комментарии к книге «Адклікаюцца рэхам гады», Аўгіння Кавалюк
Всего 0 комментариев