Уладзімір Някляеў Прошча
© Камунікат.org
Прошча
Вершы
РАДОК Намацваць рух радка, які у зачыне, Як шыць туман ці аблачыну ткаць... I ўсё ж пачаць - хоць напачатку знаць, Што слоў, напісаных на аблачыне, Ніколі і нікому не чытаць. ДЫМ Як дым - зямное на зямлі; Як тым, што і да нас жылі, I будуць жыць пасля. У спраты прыбярэ зямля Наш боль, што высахне асотам, Адчай, што згоркне палыном I зорным змелецца млыном. I ўсё. I тое ж будзе потым, Як і раней, як перад тым: Адчай і боль з крывёй і потам, - як дым. АГОНЬ Спапяліўшы былое ў былым, Стаўшы ценямі, зданямі, снамі, Мы сабе ўспамінаемся самі, Як агню ўспамінаецца дым. КАМЕНЬ У камень увайсці - i ў камяні Агонь раскласці, сесці пры агні, Да дыму прываліўшыся спіной,- I жыць, як за каменнаю сцяной. НАСЦЕЖ Зрэшты, жыцце як жыцце. Варта было нарадзіцца. Падае светла лісцё. Ціха крыніца бруіцца. Сінія градзіны сліў, Ветразь на чоўне рыбачым,- Хто не народжаны быў, Той аніколі не ўбачыць. Радуйся! Зорныя дзверцы Насцеж - табе аднаму. Зрэшты, не страшна памерці. Незразумела, чаму. БРЫТВА Прыгнечанасць часу, разгубленасць часу і страх - Нібыта ў сяброўскіх, нібыта ў варожых вачах. На ранку галюся. Баюся. Прад люстрам стаю - Разгубленасць мрою, прыгнечанасць трызню сваю. Час тахкае ў скроні. Над бітваю дыбіцца бітва. Цяжэе ў далоні Вайсковая бацькава брытва. Шалею ад болю. Не трэшчына ў часе - разлом. Кроў кліча на волю... Упоперак горла - лязом. ЗВЕР Помні ўсіх - i нікога не помні. Ідучы ў нікуды, Толькі ты, што праходзіш па полі, Засяваеш сляды. Знай пра ўсё - і нічога не ведай. Ідучы наўздагад, Толькі ты, што праходзіш без следу, Не павернеш назад. Пасярод мітусні і зняверу, Між бязладдзя ўсяго Ты адзін усміхаешся зверу За самога яго. ВОЛЯ Здабыў я ўрэшце волю на зямлі. Сябры былі. Каханыя былі. Іх стала меней. Адзіноты - болей... I гэта ўсё, бадай, што я займеў ад волі. ЛЕБЕДЗЬ У горадзе, што спрэс спавіты дротам, Сляпая, ад сцяны і да сцяны, Да адзіноты мкнецца адзінота I набывае голас драцяны. Яна крычыць, як металічны лебедзь!.. Таварышу званю, кажу: "Як-небудзь Спаткаемся...". I кажа ён: "Звані",- З уласнай адзінотай дзень пры дні. I пуста так - як вецер дзьме трубою... Сваю бяду рукамі развяду I сам сябе спытаю: "Што з табою?". Плячом пацепну. Трубку пакладу. СТАН Як прывіды, як сны пра сны, як здані Душу маю пакінулі жаданні. Як пры пажары выбягаюць з дому, Яны з мяне - натоўпам! прэч! Нікому Казаць пра тое нельга - я кажу: Нібы жабрак абкрадзены, дрыжу Сярод руін на шэрым папялішчы, Дзе ў коміне сіроцкі вецер свішча I гоніць, круціць попел, сажу, дым... З усімі так?.. Ці так са мной адным?.. "ЗІМОВЫЯ МРОІ" Надпіс на карціне А.МАРАЧКІНА Гэта жыццё - быццам жыць я не ўмею: Злое, крывое. Разбагацею - куплю ў Аляксея Зімовыя мроі. Іх пасялю я не ў хату, не ў клець - У прасторную пушчу, Каб неспатольна і вольна глядзець На саснёную птушку... ...Перад вачыма - хоць акасей! - Крамы, праграмы. Жах, як крычыць твая птушка, Ляксей! Б'ецца аб рамы. ПРАЗ КАЛІНУ Кіну ўсё, чаго дасюль не кінуў, Пакладу стамлёна галаву На даспелую траву Пад чырвоную каліну. На нябёсы вольныя, на хмары Праз пажар калінавы зірну I пад ім засну 3 мараю аб тым, пра што не марыў. ЗНІЧКА Ля самай скроні свету Слізне і прападзе. Ні водгуку, ні следу Нідзе, нідзе, нідзе. А свет сабе гудзе, Як перад святам пошта. Слізне - і прападзе. Адкуль? Куды? Навошта? Праз ніцы вербалоз - Сцяжына ў вольным полі. Адно і ёсць - што лёс. ...А што бывае болей? ЗМЕІ Лёс як лёс: з двух бакоў - пустата. Век да веку - мастом да маста, I чытаецца драма з ліста, Не дабрэе жыццё і не злее... Бог з машыны. Маліна з куста. I ў малінніку любяцца змеі. КОСЦЬ А што твой лёс? Змаганне з Богам? Сабаку кінутая косць? Недасягальнасць перамогі - Усё, што ў гэтым лёсе ёсць. САМАЭПІТАФІЯ Памёр, каб не стамляць нікога: Ні Бога, ні людзей і ні сябе самога.Паэма
1 Зноў вецер на ўзлеску агнём залатым Асіну палошча. За ветрам за тым і за ўзлескам за тым Ёсць возера Прошча. На возеры тым, на блакітнай вадзе Бялеюць лілеі. Душа мая там, як на Боскім судзе, Баліць і святлее. Яе тое возера ў воды свае Празрыста ўлюбіла. Да дна таго возера не дастае Нячыстая сіла. Святлее ў тым возеры храм на гары Званіцай высокай, I спіць на званіцы званар да пары Глыбока, Глыбока. У белых лілеях яму так даўно, Так соладка спіцца, Што снамі ягонымі ўсыпана дно Да самай званіцы. Усмешка блукае ў яго на губах, Як ветрык на ўзлеску... Стаіць нерухома вада ў берагах - Ні хвалі, ні ўсплёску. Дрымотна сваім і чужым берагам - Ні ўсплёску, ні хвалі, Нібы не схавалі ў тым возеры храм, Нібы пахавалі. Вякамі сплываюць над возерам тым Лілеі аблокаў - Над храмам, над крыжам яго залатым, Званіцай высокай. 2 Ен жыў на званіцы, бязногі званар На храмавай вежы. Сачыў з-пад нябес, дзе патоп, дзе пажар, Дзе вораг на межах. Прыкуты да звону, да лёсу свайго, Глядзеў на абшары, I цёмныя хмары плылі да яго, I светлыя хмары. Пад храмам люстэркам ляжала вада, Лілеі люляла, I ў тое люстэрка цягнула нуда - Аж вочы смактала. На раме люстэрка шумелі лясы, Палі красавалі, I рыкі звяроў, і людзей галасы На вежу ўзляталі. Адтуль, дзе спрадвек майстравалі яны Калыскі і труны, 3 ядой і вадой падымала збаны Вар'ятка Матруна. Яна на калені ставала ў куце На звон памаліцца - I ўсё мармытала: "На згубу расце Краса-Мілавіца". Кавалак у горла не лез званару, Як, слінячы губы, Шаптала вар'ятка: "Атруты збяру На згубу, на згубу..." Так дні праміналі, вятрамі гады Хісталі званіцу... Нявестаю князь, уладар малады, Абраў Мілавіцу. "Красу-Мілавіцу, дачку каваля?! Ой, княжа! Ой, смелы!.." I ўздрыгнула пад капытамі зямля Суседніх удзелаў. За новым ганцом скача новы ганец 3 пагрозай адною: "Як пойдзеш з дачкой каваля пад вянец - Мы пойдзем вайною. Твой шлюб - гэта ганьба для нашых дачок, Абраза цяжкая..." I князь закруціўся між іх, як ваўчок, Як воўк за сцяжкамі. На плошчы шторання натоўп віраваў, Народ, князю любы, I голас Матруны яго свідраваў: "На згубу! На згубу!" Прамоўцамі, быццам балотная гразь, Мясіліся словы. - На згубу яе! - I яго! - Ён не князь! - Ён зяць кавалёвы! Разгублена варта стаяла наўзбоч, Гатова прадацца. I з тварам чарнейшым за чорную ноч Князь клікнуў дарадцу. "Скажы, што рабіць?" - ён дарадцу спытаў. Быў рады старацца Заўсёды дарадца. 3 паклонам устаў I мовіў дарадца. "Казырная карта адна на стале, На ўсё твая воля. Як хочаш жаніцца - жаніся, але Не князь ты ім болей. 3 натоўпу сабраць пераможную раць - Пустая спадзеўка, Не стане ніхто ваяваць, паміраць За простую дзеўку. Калі ж адрачэшся цяпер ад яе - Набычацца шыі, Успомняць: каваль з Мілавіцай - свае, А тыя - чужыя. Як толькі адчуюць тваю слабіну - Пра сілу забудуць. Ты ў пастцы: суседзі рыхтуюць вайну, Народ прагне бунту. I ўсё праз адно. I парада адна: Мы ўлада. Мы суддзі. Не стане нявесты - не прыйдзе вайна I бунту не будзе. Нявеста твая заняможа ўначы. Ёсць зёлкі ў Матруны". I, гледзячы ўбок, князь прамовіў: -Лячы. Мне сёння прыснілася кроў на мячы. Рабі, што прыдумаў. 3 Ён жыў на званіцы. Цар-рыба плыла, Мінаючы сеці. Адна ў званара Мілавіца была, Адна ў цэлым свеце. Начамі ён бачыў: два цені здаля Ішлі, каб спаткацца, Адзін - ад хаціны старой каваля, Другі - ад палаца. Як бралі адзін аднаго за руку, Спаткаўшыся, цені, У звоне матляўся ён на языку I біўся аб сцены! Яму нават ногі, якіх не было, Нясцерпна смылелі, Як рыбамі цені плылі на святло, Збіралі лілеі. Прыкуты да звону, да лёсу свайго, Маліўся ён, плакаў, Каб выраслі кіпці і крылы ў яго Драпежнага птаха. Ён сэрца б князёва штодня вырываў 3 крывёй, каб напіцца!.. О, як ён кахаў яе, як раўнаваў Красу-Мілавіцу! Цар-рыбу, што ў Прошчы спрадвеку жыла, Прасіў, каб ніколі Красу-Мілавіцу бяда не знайшла Ні ў лесе, ні ў полі. Цар-птушку, якая вяршыла палёт Над Прошчай спрадвеку, Схаваць Мілавіцу прасіў ад нягод, Ад крыўды і здзеку. Цар-рыбу прасіў і Цар-птушку прасіў, Што зналі ўсё самі, А сам ён праспаў Мілавіцу, прасніў Вяшчуннымі снамі. У снах тых пісаў з Мілавіцы абраз Князёвы дарадца. Князь мовіў: "Старайся", дарадца ў адказ: "Я рады старацца". I жах у тых снах працінаў кожны раз, Як сталь нажавая, Калі любаваўся народ на абраз: "Дальбог, як жывая!" 4 Стагналі званы, галасілі званы На белай званіцы, Як неслі ў князёвы скляпы-курганы Красу-Мілавіцу. Гудзелі званы, знемагалі яны, I чулася ў гудзе: "Не будзе нявесты - не будзе вайны I бунту не будзе". Нібы звар'яцеў на званіцы званар, Вяшчаючы люду, Што скрозь і паўсюды патоп і пажар I ворагі ўсюды. Цар-птушка ляцела, Цар-рыба плыла, Мінаючы сеці. Адна ў званара Мілавіца была, Адна ў цэлым свеце. У белых лілеях ляжала яна, Нібыта жывая,- Ды ўжо муравалася ў склепе сцяна, Сцяна межавая. Магільшчык зрабіў сваю справу, і поп Зрабіў сваю справу. А з плошчы ніяк не сыходзіў натоўп I прагнуў расправы. Глядзелі дарадца і князь, як сычы. Расправа блукала: "3 чаго яна раптам заснула ўначы, А ранкам не ўстала?" "Вяшчунна мне снілася кроў на мячы",- Князь думаў у спудзе. Дарадца на вуха: "Не бойся. Маўчы. Нічога не будзе". А слова крывёй набракала, як клоп: "Атрута... Атрута..." "Матруна",- дарадца шапнуў, і натоўп Ускрыкнуў: "Матруна!" 5 На межах князёвых стаяла вайна. Расправа блукала. Пра гэта не знала Матруна - яна Нічога не знала. Але за пагібель нявесты-красы, На радасць народу, Яе за сівыя цяглі валасы Пад меч, на калоду. Цар-птушка ляцела. Цар-рыба плыла. "Я не вінавата, Я зелле зварыла, я зёлкі дала",- Крычала вар'ятка. Дарадца на плошчу прывёў каваля: "Вось меч табе катаў. Ты б княжыча няньчыў, садзіў на каня. Суцешся адплатай". Пазногцем спрабуючы вострую сталь, Гаротны, суровы, Каваль адказаў: "Не на тое каваль, Каб секчы галовы. Бог даў Мілавіцу і ўзяў яе Бог, Куды - не дазнацца..." "Як скончыцца ўсё, дык адразу ў астрог", - Падумаў дарадца. I крыкнуў: "Даказана ведзьмы віна! Гэй, варта! Гэй, каты!" I ўпаў з неба голас: "Мана! Не яна, А князь вінаваты! Не ўзяў Мілавіцу, каб Бог яе ўзяў, Каб плакаў убогі!.." Каваль перад князем і шапку не зняў, I плюнуў пад ногі. "Бунт? " - крыкнуў дарадца, і выбухнуў бунт! 3 вачамі сляпымі, Як смерч, ён круціўся, вяршыў самасуд Усіх над усімі. Вар'ятка Матруна, сівая сава, Крычала: "Свабода!.." Кацілася за галавой галава 3 крывавай калоды. Ад бунту сп'янелыя, як ад віна, Гулялі халопы,- I рушыла ў межы князёвы вайна Пажарам, патопам. Спяшаліся князя князі ратаваць, Палілі, тапілі, На бунт насылалі за рацямі раць, Мячы ўсе ступілі. 6 Званар галадаў. Яго смага гняла. I ў сне ці ў прыпадку, 3 крывёй на званіцу збаны падала Матруна, вар'ятка. "Ты што гэта, - сцяўся званар, - ты чаго?" "За мой паратунак Ты голас падаў - гэта рэха яго", - Сказала Матруна. На белай званіцы сядзелі яны Над чорнай зямлёю, I зняў ён званы, і падвесіў збаны 3 людскою крывёю. Унізе люцела, свістала, гула Нячыстая сіла, I кроў закіпела, бы ў пекле смала, I ўсё затапіла. Яна разлілася ў лясы і палі Праз межы, граніцы, I, як да каўчэга, ляцелі, плылі Звяры да званіцы. А стуль, дзе нячыстая сіла жыла, Люцела ў народзе, 3 крывавым усхліпам калода ўсплыла - I меч на калодзе. 7 Раіліся зоры, як іскры ў кастры, I храм засыпалі. Званар і вар'ятка, як брат пры сястры, Абняўшыся, спалі. Хай спяць, забываюць, хто свой, хто чужы Быў некалі з імі, I ластаўка ім, і каршун на крыжы Хай стануць сваімі. Хай сняцца ім спевы знямелых званоў I ластаўка сніцца, Што ў спевах званоў абярнулася зноў Красой-Мілавіцай. Каршун, страпянуўшыся неба абняць, Пазнаў яе раптам... Ім гэтак не спаць, як, абняўшыся, спяць Званар і вар'ятка. Краса ім лілеямі пальцы спляла I побач заснула, I белай лілеяй званіца плыла, I ў Прошчы танула. Князёва душа, што жыла ў каршуне, Над Прошчай кружыла, Крычала, нібыта згубіла на дне Усё, што любіла. 8 Пазбыўшы нябыт, ты з'явіўся на свет, Каб свету здзівіцца. Калі ты званар ці калі ты паэт, Жыві на званіцы. Няхай на зямлі хоць патоп, хоць пажар, Хоць ліха ды войны, Калі ты паэт ці калі ты званар, Ты лішні, ты вольны. Няма ў цябе тут ні сяброў, ні радні, Няма і не трэба. Усё тваё там, дзе сляпыя агні Халоднага неба. Усё тваё там, тут нічога твайго, Ты сведкаю толькі Нябытнасці свету, вар'яцтвам яго Ад бойкі да бойкі. Хай сыдуцца ў сечы з братамі браты, Не кайся, не енчы, Пакінь ім мячы і занятак пусты, Як цацкі малечы. Хай паляць сялібы і гвалцяць сясцёр, Не енчы, не кайся, Трымайся за іскры, за дым, за касцёр, 3 нябёс не спускайся. Сынам не бацькі і бацькам не сыны, Да Боскае кары Няхай у нянавісці любяць яны Таго, хто ўладарыць. Няхай выбіраюць сабе ўладароў, I птушкам, і рыбам. Калі ты з паэтаў ці са званароў, То зроблены выбар. Пакінь, як кратоў, невідушчых братоў У норах іх цесных. Званіца твая - карабель без бартоў На хвалях нябесных. Хай рынецца свет на цябе аднаго - Не бойся расправы. Усё тваё там, тут нічога твайго, Ні ганьбы, ні славы. Не дайся падману, як раб або цар, Жывыя зямлёю, У зоры ўзіраюцца, вымыўшы твар Слязьмі і крывёю. I кроў іх, і слёзы - раса на траве. Няславяць ці хваляць - У хвалі нябеснай Цар-рыба плыве, Цар-птушка над хваляй. 9 Мітынговыя вуліцы, поўныя ярасцю плошчы Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы, Што сінее на роднай зямлі васільком на радне I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне. Па збалелай дарозе з камянём непазбыўнай віны Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы, I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх, каго проста люблю, Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю. Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве, Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве, I пчалой залатою паляціць над палямі яна, Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна. Аднакрылую свечку з царквы, што ўсплывае са дна, Мне над возерам п р о ш ч ы трымаць ад цямна да відна, Вакол возера бераг адзін, і нікуды з яго, Як бы мы ні штурхаліся - не спіхнуць нам адзін аднаго. Як бы мы ні шалелі ў натоўпах ад лютых страсцей, Паміж намі нямашака прышлых, нязваных гасцей, Толькі мы паміж намі - і нам не над прорваю жыць, А над Прошчаю жыць. Так нядоўга, як свечка гарыць.Індыя
Вершы
СУЗОР'Е РЫБ За ноч адну і тысячы начэй, Заплеценых абдымкамі ў абдымак, Не наталіць да слодычы вачэй, Не злаіпчыць губ - не сцалаваць з плячэй Рассыпаных Сузор'ем Рыб Радзімак. А неба, дзе плыве сузор'е Рыб, Ушыркі рассыпаецца і ўглыб Пустотамі міжгалактычных дымак, Хоць нанава нябёсы перасып, Сузор'і ўсе - абдымкамі ў абдымак. Што нам да неба - і яму да нас?.. Так соладка, нібы ў апошні раз Ляцім у снах - абдымкамі ў абдымак, I ў валасах, не выбраныя ў час, Праменяцца сузор'і невідзімак I сыпяцца, як срэбра на атлас. *** Тым быў час і не тым, а затым Нават часам не быў ён, затое Праступала імя залатое На пярсцёнку тваім залатым. I калі, не ўтаіўшы імя, Ты адкрыла яго і назвала, Ты ўжо знала, што часу не мала I не многа, а проста няма. Ён з нічога, з малітвы тваёй Узнікаў, як пустэча ў пустэчы, I яго абняла ты за плечы - I сышліся далонь з даланёй. Ты ўжо знала: нікога няма У абдымках тваіх,- ты ўжо знала I пустое ў пустым абдымала, I ў пустэчы блукала сама. I збірала пустое ў пустым, I складала пустое ў пустое, I было залатым залатое - I пустое было залатым. *** Прыбегла з марозу, на вейках зара - I хрумстка, і свежа, і снежна з парогу! Яшчэ ў нас наперадзе, дзякаваць Богу, I срэбная, і залатая пара. Яшчэ майскім мёдам гарчыш на губах, I пахне каханне пралескай пад снегам, I ў смех - раўнаваць, каб наяве і ў снах Не верыць вяртанню, сачыць за пабегам. Яшчэ не ў апёк дакрананне да болю, I лёгка наш лёс вызначаецца тым, Чаго перад чым назбіраецца болей: Пабегам адным ці вяртаннем адным. *** Ветраны ранак апошняга дня лістапада. Першыя подыхі неасмялелай зімы. Далеч наперадзе... Сцены і лесвіцы ззаду. Не азірайся, каханая: гэта не мы! Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада, Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы, Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, - Ты не палохайся, любая: гэта не мы... Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты, Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі, Раптам над ранкам, над ветрам, над снегам з лістотай Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі. *** Неба застаўлена пасткамі, Глянеш - і цягне ў нябыт... Што ты згубіла ў ім, ластаўка, Бліскаўка, метэарыт? Там, пад сінечаю цупкаю, Зор захінаючы раць, Воблакі, сшытыя дзюбкаю, У бліскавіцах гараць. Што ты шукаеш там, мілая? Там без цябе ўсё было, Швейка мая хуткакрылая - Спаленае крыло. *** Глухі завулак. Вецер. Ноч. Расстанне. Я затулюся, падыму каўнер I ўспомню мімалётнае каханне, Як паляванне ўспамінае звер. Імя згадаю. Плечы. Вусны. Вочы. Было ж яно! Ну як я мог забыць! I цень ягоны над прадоннем ночы, Нібы анёл ружовы праляціць. У цені тым, знікаюча-імклівым, Што ледзьве ўзняў - і абламаў крыло, Хоць міг адзін я пражыву шчаслівым... Як звер, што п'е ружовае святло. *** У Баранавічах снег. Праз дарогу - змеі: Нізкі, роўны, доўгі бег Белае завеі. Анікога тут няма 3 тых, хто быў бы любы. Ды забытае імя Вышапталі губы. I забыты твар узнік Прывідна - да рання У акно глядзеў двайнік Юнага кахання. Там яно - на тым баку Змушанай разлукі На расстайным скразняку Прасцірала рукі. Там пытала - з нематы, 3 даўніны, з нябыту: "Да каго вярнуўся ты, Калі ўсё забыта?". "Да цябе",- азваўся я Так, каб не пачула Не чужая, не свая, Што са мной заснула. *** Твае вочы, як вокны бальніцы. Колькі боляў за імі, мой Бог! Нас ад волі ніхто не ўсцярог - I на ростані нашых дарог Б'юць і б'юць след у след бліскавіцы. Ла слядах даганяюць грамы. Невылечны, як глуханямы, Наш сусвет, дзе аслепла надзея. Мы казалі, а чулі не мы. О, кахання астрог!.. Кожны дзень я Вырываўся з цябе, як з турмы. I з астрожным кляймом на ілбе Я шукаў сабе волі ў гульбе, У абдымках спустошанай стомы I чужы, сам сабе не знаёмы, Я штоночы вяртаўся ў цябе, Як вяртаецца магма ў разломы. I застацца не мог... Бачыць Бог, Гэта ўсё, што я здолеў і змог. Як бальніца, глядзіш ты начамі. А на ростані нашых дарог Бліскавіцы малоцяць цапамі Тыя ружы, якія снапамі Да тваіх панакіданы ног. СВЕЧКА Вiльготныя зрэнкі начы - На сподку пад свечкай парэчкі і слівы. Маглі вы, Сюды ідучы, Прадбачыць, якім будзе ранак? 3 усіх калыханак Я выбраў такую, што нельга заснуць. Снуюць За вокнамі цені, нібы вартавыя. Мы з вамі - не тыя. Абняўшы калені, Задзьмулі вы свечку, Каб зманныя словы пачуць. *** Заплакаць мне па той вясне? Як соладка... так горка... Там з ночы ў ноч скакала ў сне Агнём па залатой сасне Чырвоная вавёрка. Адзін адну гукну вясну - Ні голасу... ні рэха... Прачнуся плакаць, зноў засну, I мне вавёрка сніць сасну У залатых арэхах. *** Бронь Божа мне ўспомніць пра тое, аб чым ты забылася, Што з пылу ляпілася, а паўставала сцяной. Як ты стамілася, любая, як ты стамілася Побач са мной! I тая птушынка, што ў вокны азяблыя білася, Таксама стамілася грэць невідушчае шкло. Колькі было ўсяго, любая!.. Пералюбілася - Як не было. I тая травінка, што ў сне да мяне прытулілася, Таксама травою стамілася быць у траве, Ды ўсё так сплялося, звязалася, перакруцілася - Бог разарве. СЛІВА Сiнечаю свяціла сліва, Гулі між намі скразнякі, I ты глядзела з-пад рукі Няўцямна, мройна, палахліва У далячынь, дзе небасхіл 3 зямлёй зліваецца шчасліва, Адкуль да нас дабегла сліва Задыхана, з апошніх сіл... - 3 апошніх сіл цябе кахаю I з ночы ў ноч, і дзень пры дні 3 апошніх сіл да небакраю Кідаю сінія агні... На тую сліву цемра легла! На камень, у пясок - куды Пападалі яе плады, Пакуль да нас яна дабегла?.. *** Тая, што днем i уначы Побач за лёкая, Блізкая спіць на плячы - Сніцца далёкая. Соладка сон прытулю, Колькі ў ім горычы, Як яму горача - Каля агню матылю. *** У нашых снах было каму прысніцца. Перад тваім партрэтам на стале Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы, I кава ў філіжанцы астые. Сто сноў яшчэ да несаснёнай страты, А ўжо ў адхіст, як травы ад касы, Зламаны жэст, якім бакал падняты, I рух, што папраўляе валасы. Нібы па ветры мроіва сняжынак - Усё ў адхіст!.. Нічога не ўтрымаць. Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак. Паліць цыгарку. Каву дапіваць. *** На сёння завершаны спевы - На вечар. На золак. Даўно Дрымотна ўзіраюцца дрэвы - Сляпыя ў сляпое акно. Глухія ў глухое - у сцены, У краты мы ўперліся, нам Адсніліся ўсе перамены, Як птушкі зімовым лясам. Мы самі сваё прадказалі. Блукалі - кругамі сляды На дэкарацыйным вакзале. Адсюль не ідуць паязды. Сюды не прыходзяць. Валодаць Нямашака чым, акрамя Чужога. Чужое - Валодзя - Гукаецца ў далях імя: "Валодзя ты, Валодзенька, Хадзі ка мне зімой, Кахай, пакуль малодзенька, Харошы, мілы мой". *** Адхiнецца вада ад зямлі - Да агню прыхінецца. Аблачынкаю стане, Растане... Вось - каханне. Гэты шлях мы з табою прайшлі. *** Вечар у ветраным Віцебску - Ды не падмануць цябе Слёзы, што вецер мне выціснуў У развітальнай журбе. Я з тваіх рук вырываюся, Як крыгалом па Дзвіне! Роспач, якой захлынаюся, Ды не падмане мяне. Хай мы ўдваіх не падманемся Мройным імгненнем адным, Ценем, з якім абдымаемся I застаёмся ў якім. Мы застаёмся ў ім, скрушныя, 3 тым, што прыснілася нам, 3 горадам, з храмам парушаным, 3 небам, што ўпала на храм. Божа! Малюся ды каюся: Перад Тваім алтаром 3 рук Тваіх я вырываюся, Як па Дзвіне крыгалом! 3 ёй застаюся, знікаючы Зманлівым ценем начным, Роспачных слёз не хаваючы, Слёз невядома па чым. СТАЎ Басанож прайду па пожні Да мяжы, дзе цёмны стаў... Так настане дзень апошні, Як і кожны наставаў. I ў замежнай той старонцы, Дзе я страчу ўсё і ўсіх, Не заплачу я па жонцы, Па каханках па сваіх. А па кім жа я заплачу На мяжы, дзе цёмны стаў? А па Той, якой не бачыў, Той, што ў свеце не застаў. Па адной нецалаванай, Той, якой не цалаваць, Па адзінай, неспатканай, Той, што Бог не даў спаткаць.Паэма
1 У сны ўвайшлi твае сланы. Ступалi за сланамi сны I не належалi мне болей. Іх сніў не ў сутарэннях болю, А ў храме радасці манах. Я з босых ног ягоных прах, Схіліўшыся, сабраў рукамі, I прахам асвянціў чало... I, паўшы ніц, спытаўся: - Свамі,* Скажы мне: што са мной было? * Свамі - святы. 2 - У сны твае ўвайшлі сланы, - Сказаў манах. - Але яны Сваім ісці павінны шляхам. Чало, што асвянціў ты прахам, Вадой асвенчана святой. Шлях з веры ў веру - шлях не твой. 3 "Чаму?" - спытаўся я не ўслых. Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых, Чый шлях - зваротны. Да чужых Святых ты рушыў са сваімі". "Святыя могуць быць чужымі?" - Здзівіўся я. Нібыта ў шкло Задымленае, глянуў Свамі, I дым шкляны праплыў між намі, Пусты, як тое, што прайшло. 4 - Устань, - сказаў манах. - Ты ніц Дарэмна падаеш, прыкуты Да саркафагаў і грабніц Англійскіх могілак Калькуты. Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, - Але дарма марнуеш дні, Упёршы вочы ў камяні. Пустыя сны пад камянямі. Усе, хто зараз сніць іх тут, Дарма прайшлі свой шлях пакут, Канаючы ад малярыі. - Не, - я сказаў. - Бо тут Марыя. - Ты знаў яе? - спытаў манах. 5 Гаруда, белы Божы птах Ляцеў - далёка ад Калькуты, I двух аблокаў парашуты Нёс тым, хто страціўся ў гарах. - Марыя, нам уніз пара, - Прасіў я, змучаны гарамі. "Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі. 6 Мандара, Божая гара Вяршыняй падпірала неба. "Знямогшы без вады і хлеба, Аслепшы без павадыра, Зблукаўшы шлях - з якой пары я I для чаго я тут, Марыя?" - На тое, каб адолець шлях. 7 "Ты знаў яе!" - сказаў манах, Падаў задымленае шкло, I, як пры сонечным зацьменні, Я ў шкло зірнуў... Мільгалі цені, Глядзеў я, што са мной было. 8 Увесь у жоўта-залатым Стаяў манах на небасхіле, Упэўнены ў спрадвечнай сіле Таго, што свет заве пустым. - Тут выйсце ў неба, - мовіў ён. - Пераступаю я закон, Наблізіўшы да зор жанчыну. Ды шлях адолены. Прычыны Для апраўдання мне стае, Каб паказаць дарогу тую, Дзе Веду зведаеш святую, Марыя! Зоры ўсе - твае... I ён накінуў на яе Апратку жоўта-залатую. 9 - А хто за мной? - Няма каму. - А спадарожнік мой? - Ён следу Твайго не ўбачыць, бо яму Час не настаў спасцігнуць Веду. Ён вернецца. А ты - ідзі. 10 - Ты судзіш, Свамі? Не судзі, Я знаў яе, таго даволі. Глядзі, як шкло іскрыць на сколе, Ды што ў тых іскрах для сляпца? Зваротны шлях - сляпы. Ніколі Яго не пройдзеш да канца. Па ім вяртаешся ні з кім. 11 Плыў над зваротным шляхам дым Ад Індыі да Беларусі... - Я не хачу ісці па ім, А незваротнага - баюся. Шлях там, дзе ўперадзе - сляды. 12 - Той шлях, - сказаў манах, - нікуды, Па тых слядах мільёны люду Сышліся ў гурт, у гарады. У храмы іх, у іх суды Ты б з Індыі вярнуўся, ды Сюды прыходзяць адусюды - Адсюль ісці няма куды. 13 Я ўніз ішоў. Гара з гарою Перагукаліся, сырою Прасцінай поўз па схілах снег... Лавіна! Я дарма пабег Па камянях, па скалах слізкіх... Дні прабягаючы, гады, Не змог я збегчы гэтак нізка, Каб падаць не было куды. 14 Лавіна падала - на схіле Раз'юшана, у самай сіле Дагнала, душна абняла. - Марыя! - крыкнуў я. - Марыя!.. - I ўкрылі крык снягі сырыя. 15 Манах сказаў: "Яна дайшла Дарогай Вед амаль да межаў, 3 якіх звароту ўжо няма, А ты вярнуў яе. Дарма". 16 Я не вяртаў. Лавінай снежнай Яна вярнулася сама Па камянях, па скалах слізкіх. 17 - Ты дзе была, Марыя? - Блізка. - Чаму на могілках англійскіх На камені тваё імя? - Бо шлях адолела дарма, - Сказаў манах. - Бо не жанчыне Пакінуць свет дарогай Вед, Бо светам стаўся ёй паэт Англійскі ў афіцэрскім чыне. 18 За нораў дзёрзкі і бунтоўны Ён з метраполіі раптоўна Адпраўлены ў Калькуту быў. Тут ён гібеў, страляўся, піў, Блукаў, зваротны шлях згубіў - I ў дом патрапіў малітоўны. Бог ведае, што за хімеры Жылі ў англійскім афіцэры, Ды выдумаў сабе паэт, Што вернецца місіянерам Дамоў, што прагне новай веры Стары ягоны добры свет. Ён кінуў піць. Пісаў увішна Евангелле ад Рамакрышны, Ствараў хімеру: Веру Вер. Як сноб, на англіцкі манер Хрыста аспрэчваў афіцэр. Паслаў ерэтыка Ўсявышні У горы. Перад ім гара Мандара ўстала - брама ў неба. Аслаблы без вады і хлеба, Аслеплы без павадыра, Караскаўся ён за хімерай Дарогаю, якой не верыў, Бо верыць не прыйшла пара. I скінула яго гара Лавінаю... Яго ў снягах Знайшла Марыя ледзь жывога, Адняньчыла, нібы малога, I, не адпрэчыўшы зямнога, Згубіла свой нябесны шлях. 19 - Вам не ўзляцець, - сказаў манах, Пакуль зямля цяжарыць крылы... 20 ...Яна знайшла мяне, накрыла Апраткай жоўта-залатой, Сказала: "За мяжой пустой Сырая снежная магіла - I ў ёй усё, што я любіла". 21 "Шлях з веры ў веру - шлях не той?"- Спытаўся я, і з вуснаў строгіх Пачуў адказ: "Адзін са многіх". 22 - То ў чым віна мая, Марыя, Калі парывы ветравыя Нясуць, нібыта дым шкляны, Душу зблуканымі шляхамі? 23 - Перад усімі, - мовіў Свамі, - Нябесныя шляхі віны. Зямным - зямное. Дзеці самі - 3 малога цешацца яны. - I шкло іскрылася між намі, Клубіўся ў ветры дым шкляны. - I Веда Вед, I Вера Вер - Хімерныя, калі на згубу, Адняньчаны, ідзе да шлюбу Паэт, англійскі афіцэр. Калі спасцігнуць Веду свету Жанчыну абірае лёс, А тая таямніцу гэту Лавінай кідае з нябёс Пад ногі выхрысту-паэту, То ўсё дарма: і рух, і мэта, Куды б дарога ні вяла… 24 - Марыя, ты ўсё ж там была. Скажы мне, што там? - Дзе? - У Бога. - Нічога там няма. Дарога. 25 Сінеча холаду начнога Над Гімалаямі плыла. Сыходзіліся ў храм начны Індусы - там спявалі хорам, Там пакланяліся яны Таму, пра што і думаць сорам У Англіі... Крывёй жывой Жыццё бруілася, як брага, Густой хісталася травой У хвалях Інда, водах Ганга, Гатовае па волі Брамы Само сабой ахвяраваць, Яно глядзела ў вочы Ямы, Не баючыся паміраць, Спазнаючы сябе, вякамі Зямную трушчыла кару I ўзносілася ўвысь хрыбтамі Высокай Хары і Меру, Каб там, дзе ўжо няма нічога, Дзе абрываецца дарога I зноў вяртае на зямлю, Змяя пацалавала Бога, I Бог пацалаваў змяю. 26 - Злуеш, Марыя? - Не злую. 27 - Адзін адному вы не суддзі, - Сказаў манах. - Яна праз суцці* Прайшла, застаўшыся ўдавой. Той афіцэр англійскі, той Паэт, сасланы за разбой, Сектантам стаў, ахвяраваў Марыю, што жыла ў Марыі, Прызначыўшы яе кастру, Як сам сканаў ад малярыі... *Суцці - абрад спальвання ўдавы ў дзень пахавання мужа. 28 За ёй падняўшыся ўгару - Адзін спускаўся ўніз з гары я: "Марыя, калі я памру, Дзе мы сустрэнемся, Марыя?" - Тут, дзе маланкі шаравыя Высокай Хары і Меру, У храме, лотасам сагрэтым, Дзе Вішну абвіла змяя; Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым Ёсць Індыя, адна планета, I ўся астатняя зямля. Чакай свой час, сваю пару. 29 - Марыя, калі я памру, Ты скажаш, што там? - Дзе? - У Бога. 30 "Нічога там - адна дарога Ды зор ахвярнае святло..." 31 - А ты 6 хацеў, каб там было Што-небудзь? - запытаўся Свамі. - Каб Індыя была... 32 Над намі Нябёс задымленае шкло Мігцела зорамі і снамі. Са сноў сыходзілі сланы. 33 Ступалі след у след яны На свой зваротны шлях. Манах Мне ў прыгаршчы насыпаў прах, Сказаў: "Ідзі, нясі дадому, Развей на родных берагах. Не суддзі мы адзін адному". - Марыя!.. - голас у гарах Прапаў, не чутны мне самому. Гаруда, белы Божы птах, Сарваў з Мандары кветку сому I кінуў на зваротны шлях.Зона
Вершы
БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ Тая даўняя песня... Яе ўжо няма каму помніць. Ды і што ўспамiнаць! - там нішчымны адчай ды нуда, Там галеча з галеч, шэры хлеб ды рудая вада, Там не паліцца печ, і снягамі завальвае комін. Праз гады і вякі колкі вецер штурхаецца ў спіну На няўцямных шляхах, па якіх тая песня брыла. Я адрыну яе!.. Ды як толькі збіраю сябрыну - Звар'яцелай жабрачкай кульгае яна да стала. 3-пад яе лахманоў струпяннё праступае на скуры, Таямнічыя знакі і клеймы распустваў і здрад. Чорнай ямінай рота яна выдыхае панура: - Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад. Закрычу захмялела: "Бадзяжніца! Ведзьма старая! До па мне галасіць - і не сват я табе, і не брат! Паўтары, што сказаў!.." I панура яна паўтарае: - Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад. "Можна ведаць наперад..." Каб я тую песню не ведаў, Каб не біўся я з ёй за жалобным сталом галавой, Каб яна не шумела на родных магілах травой, Я спусціў бы сабак па яе скульгавеламу следу. Я расставіў бы пасткі на ўсіх яе тлумных шляхах I ваўчыныя ямы капаў бы ад кроку да кроку, Я б ёй вырваў язык і пазбавіў і слыху, і зроку, На чатыры бакі адпусціў бы на здзекі і жах. Хай падзівіцца свет на струпы яе, клеймы і знакі, Хай жахнецца яе, як жахаюцца мору, чумы... Ну дык енчы цяпер, галасі! Ужо брэшуць сабакі! Ужо ямы чарнеюць! Ужо я сляпы і нямы! I ўжо з боку таго, што за цемрай, - нічый і ніякі, Атуляючы прах, я брыду ў вінаватых слязах, На каленях паўзу па яе басаногіх слядах Цалаваць яе клеймы, струпы, таямнічыя знакі. I за рэхам жыцця, што гукаецца брэхам сабачым, Зноў я ўчую яе - і прымрою ў абдымках Хрыста... За мяне яна моліцца, просіць, па мне яна плача - Палюбоўніца... жонка... жабрачка... вар'ятка... сястра. ІДАЛ На, - ён сказаў. - Павер - і не памрэш. Мяне і род мой ты перажывеш". I я яму паверыў. Напавер Злізаў атруту з далані, як звер. "Не бойся, - ён шаптаў, - не бойся, не..." Памерці даў - і ўваскрасіў мяне. I з той пары дапытваць стаў: чаму Паверыў не сабе я, а яму? Штодня, штоночы, дзе б мы ні былі, Вымучваў ён мяне: а што 6, калі... "Не! - я крычаў. - Ты Богам быў маім!" I ўсё страшней было мне побач з ім. I ўстаў адчай між намі, як сцяна. Тады ён зноў сказаў аднойчы: "На..." МУТАЦЫЯ Збудуйма п'едэстал! Каб помнік скінуць было адкуль! На друз яго - і ўбок... Калі прарокаў процьма - хто Прарок? Ад медных кулакоў, каменных сківіц, Як павучок - па скроні халадок. Прарокі не здараюцца знарок. Калі народ, што страціў слых і зрок, У глухату ўпіраецца і змрок - Каму ягоным слыхам стаць і зрокам?.. Прарокі страявым шыбуюць крокам, I ў кожнага на шыі нумарок Матляецца... А ў існага Прарока Без нумарка зацягнуты шнурок. У шэсцях і нашэсцях не хадок, Спазнаўшы слоў пагібельную спёку, Прыняў ён лёс, прызначаны Прароку, I не прарочыць, а маўчыць здалёк: "Няма на свеце роду без выроду, Але Прарок народу не ў папрок. Вярні свайму народу слых і зрок, Займей народ, каб паслужыць народу". Народы не здараюцца знарок. *** Не названых нас няма. Колькі слоў-званоў ні гушкай - Не здабыўшыя імя Абыходзяцца мянушкай. Рот кармілі - род звялі. Значавалі лёс пад плотам. Не здабыўшыя зямлі Абыходзяцца балотам. Не названых нас няма. Над Радзімай мы, як вырай. А на ўсход і захад выбар - Толькі воля ці турма. Толькі цьмяны бунт крыві Ў скроні кінецца раптоўна: Назавіся. Назаві. Безназоўным. Безназоўна. *** Малітвы. Клятвы. Споведзі. Законы. I неназваным Бог дае імёны, Каб доўжыць род, асуджаны на звод. Чытаюцца, але наадварот Нябёсаў таямнічыя пісьмёны На стылай плыні раўнадушных вод. Пракляцці. Здрады. Вераломствы. Бітвы. Хай Страшны суд, нібы да шыі брытва Усё бліжэй - што будзе на Судзе?.. Калі па плыні сам Гасподзь ідзе, Калі ўсе клятвы, споведзі, малітвы На хуткаплыннай пішуцца вадзе. НАСУПРАЦЬГара з гарой не сходзяцца...
З прымаўкі. 1 На той і на гэтай гары I рыбы жывуць, і звяры. Азёры шумяць і бары На той і на гэтай гары. На той і на гэтай гары Народы і правадыры. Таму крапасныя муры Ля той і ля гэтай гары. I грукае ў браму герой Пад той і пад гэтай гарой. I страх пазірае з нары 3-пад той і з-пад гэтай гары. 2 На той і на гэтай гары Спяваюць званы на зары. Не спяць на зары званары На той і на гэтай гары. Да той і да гэтай гары Данайцы прыносяць дары. Гарматы маўчаць да пары На той і на гэтай гары. I не засланіцца гарой, - Як крыкне званар званару! Як грукне ў героя герой! Як рушыць гара на гару! *** Для мужчын няма прычын, Каб маркоціцца... Мы стаім з табой Пад гарой, з якой 3 громам-грукатам Камень коціцца. Лёс - ні ўцяць ні ўзяць. Скалане?.. Міне?.. Да якой з табой Нам стаяць пары - Не табе гадаць I не мне гадаць, А гадаць гары Разам з каменем. *** Прабачаць дурню. I даруюць кату. Ахвяры злічаць. Пабудуюць храм. Ды не даруюць мне. Суседу. Брату. За тыя сны, якія сняцца нам. За казкі, што страшней за сны. За яву - Жудзейшую за казкі і за сны. Сусед і брат не ведаюць віны. Нібы не мы, нібыта не яны - Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву. ТАТАЛЬНАСЦЬ Аддаў загад - і выканаў загад. Сам капітан. Сам пры сабе салдат. Сам - строй. I сцяганосец сам. I сцяг. Сам - левы фланг і цэнтр, і правы фланг. Сам спераду і ззаду - за сабой Правёў свой строй скрозь барабанны бой. Адны - памер і рост. Адна вага. Сам - і ланцуг, і звенні ланцуга. Сам, як усе, I ўсе, як сам, як ён... Сам суд сабе i сам сабе закон, Сам над сабой, салдатам, капiтан I барабаншчык сам, i барабан, Сам авангард i сам глыбокi тыл, Сам - боты i на ботах прах i пыл… БІЯГРАФІЯ 1930. Пільнаваў і карпеў. Даслужыўся-такі: Партупеяй рыпеў. Пасылаў "варанкі". 1931. Як па ўсіх - па яго "чорны воран". I пачуў ён прысуд, што вораг. На праклённай зямлі Калымы, За рыпучай сцяной барака Быў глухі ён, сляпы, нямы - Верны Сталіну, як сабака Непадсуднаму гаспадару... "Прызаві, правадыр, памру! Вораг - ворагу твайму горла Хоць цынгою перагрызу!.." Словы ў песні: "арол наш горны" - Друг зыначыў: "казёл наш горны..." Ён крутнуў пралетарскія жорны - I пазногцем правёў па лязу. 1953. Адмялі дваццаць дзве зімы, Дваццаць два адбылі гады. На прамерзлай зямлі Калымы Плакаў ён, да партрэта прыпаўшы... Адпусцілі яго, сказаўшы: "Вінаваты ва ўсім жыды". 1954. Не шукаў ні сям'і, ні хаты. Зноў служыў, пільнаваў, карпеў. Нескарона пёркам рыпеў. "Рып> ды "рып". Але тут дваццаты З'езд - і выйшла, што вінаваты Скрозь адзін правадыр... "Вар'яты! - Ён рашыў.- Болей веры няма". 1957. Стала сніцца яму Калыма. Ён служыў. Пільнаваў. Карпеў. Пад пярынаю снег рыпеў. Слова кожнае, кожны рух. Стаў адчай спавіваць, як спрут. I аднойчы з'явіўся друг, Над якім ён звяршыў самасуд. Ён уцяміць ніяк не мог: Ці наяве яно, ці ў сне?.. На пярыну друг побач лёг, На рыпучы калымскі снег. Як калісьці, адзін адным Прыхаваныя ад завей, Абняліся яны,- затым Друг падняўся на Маўзалей I народ прывітаў кіўком... Заняло ад крамолы дух! "Ты арол наш..." - пракаркаў друг Перарэзаным гарляком. 1964. Ён не помніў, ці зведаў страх. Апрытомнеў - на снезе кроў. На партрэтах у двух кутах Двое новых правадыроў. Ён падумаў: "А што было?..". Сплюшчыў вочы да чарнаты. Павуцінне перавіло Незанятыя два куты. БАРАК Хто паспеў зваряцець - звар'яцеў, Хто прадацца хацеў - той прадаўся... Свідаровіч Цімох дажывае жыццё ў Варкуце, У бараку па вуліцы Праўды. Я ў застольнай блазноце пытаюся: - Слухай, Цімох, Ты не мог звар'яцець ці прадацца?.. Свідаровіч Цімох сам сябе перапытвае: "Мог ці не мог?.." - што той Гамлет, прынц Дацкi. Ён глядзіць скрозь мяне, скрозь барака глухую сцяну, Да крайкоў налівае гарэлку ў зрудзелую шклянку. Над баракам завея ляціць з даўніны ў даўніну - I крычыць, і рагоча, шалёна спраўляючы п'янку. Засынаем мы ўпокат ля печы, пагаслай даўно, Прачынаемся мы - непатрэбныя людзям і Богу. I Цімох Свідаровіч мне кажа: "Усё ўсё адно. Можаш думаць, як хочаш. А можаш не думаць наогул". Пахмяліўшыся дымам, ён кыхкае хрыпла ў кулак, 3 асівелай яго галавы сіва цэдзіцца шэрань. Векавая завея навальваецца на барак - То цвікамі прыб'е, то рассцежыць рыпучыя дзверы... РУЛЕТКА Свае забойцы ёсць ва ўсіх забітых. Яго няма. Ён на крыжах і плітах Чытае прозвішчы, шукаючы сярод Усіх імён адно імя. Штогод У дзень адзін і той жа на далоні Ён пісталет вагае. Халадок Да сэрца падступае і да скроні, Дранцвеюць пальцы. Шчоўкае курок… Пасля ўсю ноч спраўляе ён радзіны I п'е да непрытомнасці з таго, Што зноў яму пашчасціла: адзіны Патрон на ўсю абойму - не яго. *** Што затужылі, воі, мужчыны? Волі ўдыхнулі - і дух заняло? Як там і што там ні стане з Айчынай - Горай не будзе, бо лепш не было. Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах, Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах, Кідаючы невідушчы народ 3 пасткі на захадзе ў пастку на ўсход. Можа, відушчымі стануць нашчадкі? Шляху няма. Ні канца, ні пачатку. Прывідам - у пустату з пустаты - Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі, Непадкаваныя б'е капыты. МАЎКЛІВЫ МІТЫНГ Усё, што коціцца, Дакоціцца да нас... I дакацілася. Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасць сняць, Ці спяць без сноў 3 усімі Караткевіч, Куляшоў... - Маўклівы мітынг. 3 кожным, хто прыйшоў, З'явіліся і сталі побач продкі... Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых". Бясследна зніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў... Ад плоці плоць I ад крывінкі кроў - Мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі. I мёртвыя з жывымі. I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, 3 натоўпу глянуў люд. Амаль народ. *** Разбой. Вайна і зноў вайна. Хапіла і крыві, і болю. Усё было - чаго ўжо болей? Скажы, у чым твая віна, Адкрый, у чым віны прычына, Мая самотная Айчына? Ці сапраўды руіны ў Крэве - Адзін дзірван, пясок пусты, I праўда, што на Божым дрэве Ад дзічкі прыжылася ты? *** На магіле Скурата Малюты Скрывянелыя гронкі калін - Гэта птушак няма, гэта люты, Гэта шлях не звярнуць з каляін. Гэта іншага шляху не будзе, Гэта люты - на захад і ўсход, Гэта рэк зледзянелыя грудзі Уздыхаюць, ламаючы лёд. Гэта лютага стогаў і хрыпу 3 набалелай зямлі не чутно, Гэта ў мітрапаліта Філіпа Твар збялелы, нібы палатно. Гэта плачу і енку падробка Пад малітвы, пад песні і смех... Гэта кроў векавую таропка Засыпае скалечаны снег. ЗЕМЛЯТРУС Радок у Апакаліпсіс... 3 карцін Глядзяць святыя, што зруйнуюць Мекку. Па камянях, адчуўшы небяспеку, Бягуць звяры з пагібельных мясцін. Сустрэчнымі шляхамі перад тым Прабеглі людзі - прочкі род ад роду, I, скалануўшы ў ярасці прыроду, Пасеялі пустое на пустым: Нянавісць на нянавісць, Гнеў на гнеў, На попел - попел I на порах - порах... Чакаючы малітвы і пакоры, Чаму, Гасподзь, ахвяр ты захацеў? Ты ў камені, ці ты ў агні, ці ў ветры - Гасподзь, як ёсць ты, адгукніся хоць: Тваёю воляй зрушыліся нетры, Ці над табою воля ёсць, Гасподзь? *** Точыць стачонае моль - Хопіць трухі назапас. Ператрываць - гэты боль. Перамаўчаць - гэты час. Вырваўшы пальцы з вузлоў Локці не даць бы звязаць. Некалі ж выпадзе зноў Голасу голасам стаць. Ну, а не выпадзе - што ж: Зменаю знакаў і вех Хай сабе цупае дождж, Хай сабе шорхае снег.
Комментарии к книге «Прошча», Владимир Прокофьевич Некляев
Всего 0 комментариев