Эдуард Акулiн НЕПРЫЧАЛЕНЫ ЧОВЕН
Падрыхтаванае на падставе: Эдуард Акулін, Непрычалены човен: вершы — Мінск 2003.
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2007
Зрэбнае рэха
Рэквіем парэзанаму “Радну” Хоць не калхідскае руно -- сатканае з суворых нітак -- Ад прадзедаў спакон -- Радно - наш скарб духоўны і нажытак. І гэты скарб на гвалт, на зьдзек пусьцілі кніжныя вандалы. О як пажадна рэзаў-сек драпежны нож аб Волі мары... Не ў кінавары , а ў крыві лязо сталёвае кіпела... На часткі -- поўную Любві душу, што ў вершы заляцела. На прах паперны ў небыцьцё -- Каханьне, Гонар, дух Максіма... Дай Бог вам -- доўгае жыцьцё, сьляпыя служкі Гільяціны!... Што ёсьць Паэзія? Што ёсьць Паэзія? -- Жыцьцё, ці думак прах на тле паперным? Гасподні Голас, Адкрыцьцё, ці д’яблаў смутак апраметны? Што ёсьць паэзія? -- Ныцьцё душы на паперці жыцьцёвай? Ці дабіблейскае быцьцё -- перадусімнасьць сутвы Слова? Што ёсць Паэзія? -- Зьліцьцё Красы адвечнай і Паэта? Ці ваўкалацкі лёс -- выцьцё над перакуленым Сусьветам? Што ёсьць Паэзія? Што ёсьць? Аве, МарыяПамяці маці
Час прыйшоў за грахі вініцца... Памяць паліць гады на тло. Ды часьцей стала мама сьніцца -- не сама, а яе Сьвятло. Мне на гэта Сьвятло маліцца -- покуль будзе мой шлях відзён... --Мама, імя тваё сьвяціцца -- хай ад сёньня -- да скону дзён. Гэта ж ты мяне нарадзіла. Што змагла -- то ў жыцьці дала... Ты і ёсьць для мяне Радзіма. Не прывыкну казаць -- была. Па Нёмане на плыце Чэрвень. Чэзлае сонца. Цень ад вясла ў вадзе... Шлях -- як жыцьцё бясконцы па Нёмане на плыце. Ад зьвіслага вуса Усы -- паўз Прыстаньку, дзе калісь дзядзька Якуб беларусаў вучыў, як патрэбна жыць... -- Пад бел-чырван-белым сьцягам куды плывяце, хлапцы? -- З грэкаў плывем у варагі... Напраўду? – Ай, малайцы! Пасьпець За справамі, хатнім клопатам спрабуем схаваць душу ад неба, і Бог ня ў попыце, -- як летняй парой кажух. Зьбіраем, будуем, рупімся -- сьпяшаем кудысь пасьпець. А чым за грахі адкупімся? -- з сабой не захопіш медзь... Люстэрка па даўнім звычаі схавае ад воч радня... А што , як сябе бяскрылаю убачыць у ім душа?.. Патрэбны Ты камусьці патрэбны на бацькоўскай зямлі, дзе біблейскія вербы зоры ў кроны ўплялі. Дзе ў нябёсах высокіх -- жураўлінавы шлях, дзе начуюць анёлы на царкоўных крыжах. Ты камусьці патрэбны. Ты патрэбны камусь... Покуль моліцца небу за цябе Беларусь. Трыпціх Слова І Слова -- мой шлях да Бога. Слова -- мая дарога. Слова -- мой крыж жыцьцёвы. Бог уваскрэс у Слове. Слова і ёсьць мне Богам -- небам, крыжом, дарогай... ІІ Сьлёзы Хрыстовы -- словы. Словы -- Хрыстова кроў. Цьвікамі ў далонях словы -- Бог -- гэта Любоў... ІІІ Насеньне Слова ў ральлю душы Бог шчыра сее -- не саграшы... І ў думным жыце урэшце рэшт Бог дасьць - узыдзе валошка-верш. Лебедзь Лебедзь -- у сінім небе. Гэта прыйшла зіма. Белай завеяй вецер пух разадзьмуў з крыла... І над цнатлівай Пціччу, як багародны грэх, лебедзь -- тваім абліччам кружыць біблейскі сьнег. Клямка Клямка на брамцы дзяцінства майго -- так незаўважная плямка. Як на марозе сарваная ў кроў скура на вуснах ранка... Клямка -- язык паказны дзьвярэй. Клямка -- далонь падворка. Звычніца клянчыць і чым старэй -- тым адмысловей горка. Клямцы паклёпнічаць не з рукі. Клямка сама з паклёпу... Колькі разоў да яе замкі слалі сватоў бяз толку. Клямка у сенцы і пад павець. Клямка ў чужое шчасьце... Мара мужчыны -- хутчэй займець клямку жаночай жарсьці... Вільчык Хто з нас скокнуць ня марыў з вільчыка у дзяцінстве на пару з ветрам?.. Стуль, дзе певень стаяў за пільніка, дзе хмяліла віном паветра. Падагнаны скрылём да скрыльчыка, з клёпак зьлеплены ехаў дах, як па строме страхі да вільчыка я ішоў, прыручыўшы страх. Мудры час ўсьміхаўся ўмілена, і крыло падстаўляў Анёл. Мы расьлі і ніжэлі вільчыкі, і радніўся з блакітам дол. Хутка сын з вышыні акрыленай свой зрабіць паспрабуе крок... Божа літасны, не пакінь яго, як Ікара, сярод аблок. Карчма Як віно бурдзюка мяхі -- разрываюць мяне грахі... І душа, што была царквой, мая стала цяпер -- карчмой. А ў карчме ладзіць чорт імшу, а ў карчме прадаюць душу. Хто за срэбра, а хто за кроў, хто Радзіму, а хто сяброў. Нехта маці, а хтось жану, нехта здраду, а хтось віну... Бо няма у карчме ікон, бо піўны у карчме амбон... І сьвятар -- хітры чорт глухі -- адпускае віном грахі. Позна Марна анёл-ахоўнік мне надарваў рукаў -- міма царквы праходжу, часу няма на Храм. А у вязьніцы-целе стала душа старэць. Б’ецца, як рыба ў пелі, аб ледзяную цьвердзь. Ды за бязьвер’я хмарай сонца ёй не відно. Позна аб крылах марыць -- цягнуць грахі на дно... Восень Восень. Дажджы. Слата. На скразьняках Сусьвету выстыў птушыны шлях -- душ пералётнасьветных. Столькі у іх сьвятла, столькі тугі крылатай... Зорыцца Млечны шлях, нібы царква, на сьвята. Стрыптыз У тэатры восеньскага лесу, дзе няма ні сцэны, ні куліс, вецер рэпетуе зранку п'есу з мадэрновай назваю "Стрыптыз". Аднойчы Аднойчы мяне ня стане -- як рэха ў сьляпым тумане... Спачатку забудуць суседзі, пасьля сябры і калегі і ў рэшце рэшт -- Каханая.. А дзеці? Няўжо і дзеці, кім марыў я тут застацца, таксама мяне забудуць і не паклічуць з туману. Ношка Я нясу на плячах сваіх цемру... Бацька -- мне, дзед -- яму перадаў. Гэта цемра -- паўночнае неба, і знутры -- залатая яна. У ракуцёўшчыне У родным краі ёсьць крыніца... Чыймі сьлязьмі -- нам столькі год не наталіцца? -- скажы, Максім. Валошкі ў жыце на пагорку ня тояць страх. Таму нябёсы -- лёсам горкім, -- хто горды Птах... Хоць дух Паэтаў з кожным годам -- усё вышэй. Ды пачуваць сябе Народам -- чамусь цяжэй... Слова Даруй мне, Слова,-- я страшны грэшнік, што ганьбіў мову бяздарным вершам. Што сэнс твой боскі не разгадаў я, што здрадзіў Лёсу -- Табой ня стаў я. Каб быць Паэтам -- жыць трэба Словам, лунаць над сьветам на крылах мовы. Я ж не лунаю у сінім небе, бо крыл ня маю, як Страцім-Лебедзь... Сыс Забылі Сыса -- як забілі Паэта у мулкай труне... Забілі, забілі, забылі -- “І словы - вярыгі мае...” Забылі Сыса -- як любілі, як вучні калісьці Хрыста. Забілі, забілі, забылі -- “І выкрэсьліў Слова я...” Забылі Сыса -- як малілі: -- Ня пі болей, Толя, -- памрэш... Забылі, забылі, забілі -- яго ненапісаны верш. Забылі Сыса -- як завылі апоўнач за Гомлем ваўкі. Забілі, забілі, забылі -- чые між аблок ветракі... ПлашчаніцаБарысу Пятровічу
Мінуў той час, калі сустрэўшы паміж ночы, Анёл нам гаварыў: -- Жывіце -- вочы ў вочы... Гады, нібы плыты, да плёса Лёс звалочыў,-- ды памяталі мы -- жыць трэба -- вочы ў вочы. І ў вечнасьці на дне праявіцца аднойчы, як фрэска на радне -- два словы -- вочы ў вочы... ВыбарРаісе Баравіковай
Такое кароткае лета... Пасьпець бы прамовіць: -- Кахаю! А лёс нарадзіцца Паэткай -- Галгофа ў юдавым краі. І толькі з мінулых вякоў, якія нам больш не належаць, параненым крыкам -- дакор: -- Каханьне альбо Незалежнасьць? Альбо -- і нічога паміж, і выбар амаль неадольны... -- Каханьне... Каханьне -- мой крыж! Хай іншыя выберуць Волю... Тут Зніч уваскрос...Галіне Дзягілевай
У лёхах касьцёла Сымона й Алены, якім любаваўся калісьці Максім, Драўляны алтар -- паэтычную сцэну -- ахутаў біблейскага вогнішча дым. У дыме тым -- яблык надкушаны Евай, і рэха літаньняў і шоргат крыла... І песьні, ці лепей сказаць -- песьнясьпевы -- гучаць, як найвышняму Пану хвала. Тут сьветла ад свечак - ды не з жырандоляў. Тут сьветла ад сьвечак, што ў душах гараць... Тут Зьніч уваскрос -- нашай марай аб Волі, якой ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць! Спакон Спакон у славянскім жыце валтузіліся між сабой Расія-імператрыца і польскі галган-кароль. Пры іх ад цямна да ранку са сьвечкай на ўсіх вятрах Радзіма мая -- сялянкай стаяла у галавах... Датуль Датуль Беларусь ня зьгіне, ня кане ў нябыце-сьне, -- пакуль у нябеснай сіні заступніца-Ефрасіньня моліцца за яе. Жыве! На парозе тысячагоддзяў, не скароная ліхаўне, у Храме -- сваім Народзе -- як спакон -- Беларусь жыве!З чужога неба (Пераклады)
З літоўскай
Аідас Марчэнас
ПаэтГінтантаўтасу Патацкасу
мне крылы пазычыць вецер анёл мне падорыць ліру а слугі ўскладуць на плечы мне золата ладан міру прайду я патухнуць зоры у пыл спарахнеюць замкі абурана бура горы зраўняе для хіжай славы сьвятлом надзяліце й хлебам грашыма і цёплым дахам і вернецца наўзамен вам крывёй і гарачым прахам я хлушу найлепш ад праўды нашмат прыгажэй чым трэба я хлушу а гэта значыць жыву і чакаю хлеба каханак ад лішняй цноты віно ад абрыдлай тары я вызвалю нібы голас схаваны ў душы гітарыСтасіс Іонаускас
Маляваў кветкі... Фарбы разбаўляючы зімой, Пэндзаль акунаючы ў нябёсы, На мальберце завадзі рачной Маляваў ён кветкі з сумным лёсам. Ім жыцьця ня хопіць адцьвісьці, Як звычайным кветкам выпадае, Бо нябёсы ў восеньскім лісьці, І дажджамі хмары набухаюць. Хоць да першасьнега – многа дзён, Дзе ідзе ён – іней праступае. У нябёсах воблакаў мільён – Месцы неабжытыя займаюць.Ёнас Зданіс
Костка Дзень вісіць, як белая кашуля на вяроўцы пад зімовым дубам. У пакоі жанчынамі поўным на пытаньні адны і тыя ж я стаміўся адказваць зноўку. У сьвятле, як сусьвет скалелым, сьвецяць твары іх перад дрэвам. Трызьніш ты на няроднай мове, а, прачнуўшыся, пішаш брат мой на сьцяне у сваім пакоі аскалабкам засохлым косткі. Прыручаю паглядам рэчы: абмялела каханьня рэчка – зморшчын рэчышча ля вачэй, перасохлыя смагай вусны. Тонкіх ліній крыштальны іней зімніх літар, марозных слоў, схаладзелых пад языком.Арнас Алішаускас
Сучаснасьць З пылінкі перліну гадуе час-факір Як мусульманін страшыцца шайтана Баюся гэтак сьмерці нечаканай Калі нябёсы зносяцца да дзір І Бог адтуль пакажа босы німб Раскрыліць дзьверы непадскрыпна брама Я думаў што спасьцігнуў тайну слоў Адкуль бяруцца знакі пакрыёма Чаму люстэрка родніцца з радном Калі жалоба абжывае раптам дом А сёньня я чакаю двух сыноў Хто д’ябал, хто анёл з іх невядома Пакуль на сподзе сьпее глінны хлеб Пакуль праклён не збыўся аніводзін Зноў бацьку мыліцы прысьняцца заміж крыл Тастамантам няспраўджаных магіл Сканае з рыкам д’ябал ува мне Не абвясьціўшы богавых народзін * * * Я сьведчу што нічога больш няма Ня згадана ня спраўджана забыта Страх старасьці – нязжытая зіма Бо толькі ў снах цьвіце зімою ліпа Паўторыцца нанова сумны сон Гандлююць газай брудныя бабулі Ня ў першы раз страх возьме у палон Сад дыяментавы і ты ў начной кашулі Яшчэ блукае й нараджаецца агонь То б’ецца птушкай то паўзе змяёю Тым днём калі цьвікі ня скрозь далонь Скрозь хлеб прайшлі запёкшыся крывёю Дзе пір агню там правілаў няма Ні сьмерцяў толькі лічбы з нумарамі Калі ты хворы значыць хворы я Кастром шаманскім сонца па-над намі Пад вечар ані слоў ані гасьцей Застылі гіры ў змове з ланцугамі Над горадам кружляе белы сьнег Як позьні птах над чорнымі стагаміГенрыкас Альгіс Чыгрэюс
Вецер у дрэвах прымор’я Той вецер у дрэвах такі нянаскі, З Балтыі ён, а магчыма й па Швецыі швэндаў, Такі заходні, такі сусьветны, Гул ягоны – знаёмай песьняй. А можа ён з поўначы, З Салачаю, з Біржайскага краю Швагерчык; поначы Самім сабою прыгнаны. Злуецца вецер, дык гайда за стол, Ды без бутэлькі нельга! Бяз чарачкі падобным стане ён На замак, што ня мае вежаў, Твой стол-бянтэжнік. * * * Прафесар жлукціць з пляшкі піва Ля кірмашу; я падыходжу Вітаюся, гляджу яму у вочы, Ён дзеліцца глытком са мной, шчасьлівы. А час такі – да восені бліжэй, Чым да аблок, што ў небе валунамі – Бухматай воўны поўнымі вазамі Плывуць, як на распродаж, без надзей. Гляджу на іх – здароўем небагаты, А ў галаве – асеньні лістапад, Кружляе лісьце, танчыць неўпапад, Нібы з чужога прыляцела саду.З украінскай
Раман Лубкіўскі
Паляваньне І доўжыцца спрадвеку паляваньне, За рацьцю раць стральцоў па сьледзе йдзе, То хітры зьвер ад вечара да раньня Іх на нябачным повадзе вядзе. Ідуць стральцы. Згубіліся дарогі. Зьбялела сонца ў небе, нібы косьць. Ім мроіцца алень блакітнарогі, І аксамітна-вогненная поўсьць. Тут столькі стрэлаў страчана дарэмна, Тут столькі лукаў зломлена тугіх… Вастрэй стралы -- тут вока мець патрэбна. Вастрэй за нож – тут мець патрэбна слых. …Сяджу ў засадзе, сэрцам заміраю, Як росны ліст ад холаду трымчу, Стралу выцягваю і гэтак закладаю, Каб нават вецер шолах не пачуў. Такімі вось блакітнымі начамі, У сэрца зазіраючы сваё, Я бачыў зьвера з сінімі вачамі, Што піў з крыніцы зорнае сьвятло. І высьпеў стрэл. Глядзі, не прамахніся, Сястра мая, страла, не падвядзі! Ляціць страла, нанізваючы лісьце, Ляціць страла, зьбіваючы гады… А я стаю адзін у звонкай цішы, Чакаю ўпарта сьнег на галаву… Ды не стралу, а сэрца насадзіўшы, Нацягваю тугую цеціву…Алеся Мамчыч
Журба Журба як птах Гадуе птушанят Малых рахманакрылых журбянят. Каб ціхі рэй – каб іх – крылаты рэй асеньнім лісьцем падаў з чорных вей. Каб у калюжах Крылы іх спляліся... Журба як птах адлётвае калісьці. * * * Я па пяты ў расе І па сэрца ў расе І ня знае ніхто, Што пабачылі ўсе І ня знае ніхто -- Толькі сьвет патойбоч, Як сьпявала наўзрыд Скрывянелая ноч. Як сьпявала наўзрыд, І як месяц асьлеп, І як потым дажджы Разарвалі сусьвет. І як падаў сусьвет Цяжкакрыла між траў, Пахрысьціўшы мяне На сьвітанку – як храм.Ліна Кастэнка
Ван-Гог Добрай раніцы, адзінота! Холад холаду. Цішы ціш. Цыклапічнасьцю аднавокай неба дзівіцца на Парыж. Мая мука, ты ходзіш па лёзах! Яшчэ ўчора я быў каралём. А сягоньня попел бялёсы асядае на жоўты дом. Зьмерлі барвы. О рукі-хмары! На мальбертах расьпяты сьвет. Я – жалобны камень цьвінтарны. Кіпарысавы хвост камет. Неба ў негадзь, бы ноч, глухое. Гнуцца пэндзлі, як чараты. Чорным рэхам палеазою паламаныя гор хрыбты. Прамяніцца маё скляпеньне. Я пастух. Я сад стары пасу. Ў кішэнях дня, залапленых цярпеннем, я кулакі да сьмерці данясу. Самавіты – несамавіты – не Сезан – не Гаген – не Манэ – але што ж я магу зрабіці, як мяне багата ў мяне?! Ён бажавольны, кажуць. Бажавольны! Магчыма й так. Ён – гэта значыць я. Божа – вольны… Божа, я – вольны! Дык дабранач, Свабода мая! * * * Зіхціць між ружаў золатам калыска. Блакіт павекаў хата узьняла. Сьвет неаглядны здалечы і зблізку. Пачатак ёсьць. А слова шчэ няма. Шчэ дзіўны дым і хаты выгляд новы, І шчэ ніяк нічога не завуць. І хмары , не прывязаны да слова, А проста так – плывуць сабе й плывуць. Шчэ кожны пальчык сам сабе Бетховен. Шчэ ўся мая на сьвеце прыгажосьць. І сьвеціць сонца вокам каляровым. Шчэ слоў няма. Паэзія ўжо ёсьць. * * * Баюся слоў, калі яны маўчаць, калі яны дыханьне затаілі, калі ня знаеш, як табе пачаць, бо словы ўсе былі ужо чыімісь. Хтось імі плакаў , кленчыў да багоў, з іх пачынаў і зьнік за небакраем. Людзей мільярды і мільярды слоў, а ты упершыню іх вымаўляеш. Усё паўторыцца:краса і шматкалёрнасьць. Усё было: асфальт і спарышы. Паэзія ж – заўсёды непаўторнасьць, як бесьсямяротны дотык да душы. * * * Прадвесьне засьмяялася: -- Пара! – за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам – гляджу: мой прадзед, і пра-пра, пра-пра – ідуць за часам, як за плугам. Губляецца бясконцы караван, за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам, яны ужо ў тумане – як туман – усе ўжо йдуць за часам, як за плугам. Як вол стамлёны, вечнасьць ледзь ступае! – за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам. Свавольная, як вецер, маладая – няўжо і я іду ўжо, як за плугам!? І што ўзару? Засею чым майдан? за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам. Няўжо і я ў тумане – як туман – І ўсё ж іду за часам, як за плугам?.. * * * Зноў тое самае і зноўку за сваё стаміўся дух лунаць між хмар крылата ня ведаю Хрыстос мо дзе і ёсьць куды ж ня глянь – паўсюль адны Пілаты.Покуль ляцім…
Сьпяшайма жыць!Міхасю Скоблу
Па дарозе з Гомеля на Менск у лісьцёвым залатым тунэлі хуткасьць набывае новы сэнс, нібы штрых на сьвежай акварэлі. Восень, што скалела ад вятроў, восень, што азябла ад туманаў, просіцца ў нагрэтае аўто, нібы прыдарожная путанна... Восень пашкадуем -- так і быць, бо і самі сёньня -- пілігрымы. Між аблок стралой анёл ляціць,-- ледзьве пасьпявае за машынай... Мова Выплачу вочы ў снах. Высушу крыўдай сьлёзы. Мова мая -- сасна паміж Нямкамі й Гомлем. Прыйдзе паэт-юнак і без якой прычыны з сэрца яе няўзнак стане шчапаць лучыну. Потым сівы скрыпач скрыпку з душы дастане, ды заіграе так -- вусьцішна ў сьвеце стане. Ну а сьляпы сьвятар сьвечку з крыві - жывіцы ставіцьме на алтар, каб на сьвятло маліцца. Як пералётны птах, шлях на Радзіму помню,-- покуль шуміць сасна паміж Нямкамі й Гомлем. Прарок Ці быў прарок у тых, каго няма... Калі і быў-- даўно пасьпеў зьнябыцца. Бажок тутэйшы з зорнага сяйва, нібы з латка, гандлюе Мілавіцай. Няма Народа і мяне няма... Над пляцам Волі ў свастыку з сярпа спрабуе маладзік перарадзіцца. Прыцягненьне Я -- серабро. Ты -- золата. Павек не паяднаць нам нашыя стыхіі. Як срэбра Беларусі -- сьлёзы рэк з крывёй чачэнскай -- золатам Расіі. Я -- серабро. Ты -- золата. Наноў не пераплавіць лёсаў нам ніколі. Мой срэбны боль -- з імперскіх кайданоў, твой -- залаты, ён выкаваны з Волі. Я -- серабро. Ты -- золата. Чаму ж між намі незямное прыцягненьне... Такое -- як кахае жонку муж, бы месяц сонца -- да жыцьцязацьменьня. Азаімія Прылягуць вятры між азяблых аблок, а за імі й я прылягу... Азаімія -- заінелы радок, што з завейнага вынік ранку. Азаімія -- сноў зазіміны. Азаімія -- сьнегасьпеў. Азаімія -- даль задымлена і зазімлена неўспадзеў. Прачнуцца вятры і зьдзівяцца, а за імі й я -- усьлед. Азаімія -- песьня зімняя, мной прыдуманы вершасьвет. Нанач Прыкшчуся нанач да шэптам вымаўленага слова Радзіма, што ў Бога вымалена... Што ў злачасіну было затулена -- крылом Страціма, душой матулінай. Жыцьцё і Сьмерць Сьмерць за Жыцьцём штодзень блукае неадступна, -- як надакучны цень, як неадольны смутак. Жыцьцё на Сьмерць глядзець стамілася ў маркоце... Жыцьцё -- мацней за Сьмерць, І Сьмерць за гэта помсьціць. Дзьве душы Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы. Дзьве душы было ў маёй матулі... Ў тагасьветнай вусьцішнай цішы дзьве душы перабіралі бульбу. -- Мама, -- да старэйшай падышоў і пацалаваў яе у скрусе. --Як жа позна я цябе знайшоў, колькі ж цябе плакаць я прымусіў... -- Мама маладая, не крыўдуй, што старую маму абдымаю,-- мне так сіратліва аднаму на самотным беразе адчаю… Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы, дзьве душы маёй матулі роднай... Перабранай бульбы -- два кашы, а на яве мамы -- аніводнай. Настрой Колькі велічы ў слове Радзіма! Колькі гонару ў слове Род! Як жабрак, што асьлеп вачыма, прыблукаю у свой народ. Пілігрымам, прыблудным сынам узыду на сьвяты парог, і нарэшце вярыгі ськіну і з душы, і з бадзяжных ног. Закахацца Закахацца, як -- у пятнаццаць, не зважаючы на узрост! І да раніцы цалавацца, з салаўём разьдзяліўшы плёс. Закахацца, бы ў неба ўзьняцца, Млечным шляхам блукаць між зор. І да раніцы абдымацца, як з натуршчыцай Сальвадор... Закахацца, як у юнацтве, я наўрад ці ужо змагу... Бо каханьне лічу за працу, а калісьці лічыў за цуд! Нічога Паміж намі нічога няма. Ні каханьня, ні здрады -- нічога. І завея -- як цень ад крыла херувіма -- пасланьніка Бога. Ён у нашыя сны заляцеў і прымусіў паверыць дазваньня, што як хваля на ціхай вадзе, узьнікае з нічога Каханьне. Здрада Вясновы настрой --яснасловы. Знаёмку ў кавярні сустрэў... І нейкі матыў выпадковы у сэрца няўзнак заляцеў. Ліліся, як музыка, словы, ды вось жа знаёмку сустрэў, і стала падобным на ловы жыцьцё з пачуцьцём напавер. На ноце узьнёсла-фальшывай загнаная ў пастку душа спаймала сябе і зламіла у сэрцы стралу ледзяша... Жарсьць Мой грэх сьмяротны -- гэта ты. Я так кахаў цябе аддана -- да першароднай яснаты на дне сьвітальнага тумана. Мой грэх сьмяротны -- гэта ты. Я так хацеў цябе бязбожна,-- як хоча грэшніцу сьвяты сьхіліць на праведнае ложа... Жанчына Жанчына -- сасуд бяз дна... Дакладней -- Сусьвет сусьветаў. Сам Бог у яго віна наліў, каб натхняць паэтаў. Заблудзяцца ночы ў днях у пошуках апахмелкі... Жанчына -- сасуд бяз дна для тых , хто душой нямелкі. Камусьці -- фрагмент рабра, узноўлены клон Адама... А мне -- акіян сьвятла -- Каханая, Муза, Мама. Рай Райскае дрэва вецер гайдаў... Ты -- мая Ева. Я -- твой Адам. Хто нас спакусіў -- цяжка сказаць. Зьмей нам ня схлусіў -- шчасьце кахаць. КаханьнеНатальлі
Сем тысяч начэй - я спаў ля тваіх вачэй. Сем тысяч начэй - я дыхаў тваім дыханьнем. Сем тысяч начэй - нам месяц сьвяціў ярчэй... Сем тысяч начэй - Каханьня. Не аддам… Чужога шчасьця мне ня трэба. З мяне хапае і свайго… Ў тваіх вачах начуе неба, а ў небе тым гасьцюе Бог. Каханьня Бог у родным небе, Ён лучыць нас на зло гадам. Чужога шчасьця мне ня трэба, але й свайго я не аддам!.. Матылёк Твая душа - як матылёк, -- трымціць у сне перадсьвітальным. Баюся дыхаць - каб пылок не зьдзьмуць з павекаў - крыл астральных... Бессань Нібы прарвала высі -- ноч барабаніць дождж. Бессань душу капрызіць. Гострыць самота нож... Ды беспрытульны вецер форткі зьвініць крылом -- згадкаю, што ў Сусьвеце ёсьць твой сапраўдны дом. Прадвесьне Калі адчую, што высьпеў вецер у весьнім небе для першагрома, -- зноў заначую з Каханай-песьняй і прытулюся душой да Слова. І сон з пакоя зьбяжыць упрочкі, і будуць зябка аб шыбу біцца радкі-падлёткі насупраць ночы, каб ранкам вершам у высі ўзьвіцца! Натхненьне Як цеціва, страла і лук, як з ноты вызвалены гук, як палімпсеста тайнадрук, як варажба цыганскіх рук, як аральля і гостры плуг, як жырандоля і жаўрук -- Натхненьне. Класіка -- Мой родны ліфт, як ты мне мілы...-- шапчу, вярнуўшыся з дарог. Паэтам дадзеныя крылы, іх выбірае з лепшых Бог. У неба месячных падстрэшках, як вераб'і, анёлы сьпяць... Пакуль паэты пішуць вершы -- паэтам дадзена лятаць! Сон Хлопчык, што бяжыць па вадзе, часта ў снах зьяўляецца мне. Не ўсьвядомлю ў сьне я ніяк -- як ён гэта робіць, дзівак. Пырскамі вясёлкавы дым вырастае сьледам за ім. І куды ён столькі гадоў па рацэ бяжыць маіх сноў?.. Покуль ляцім…І. І. Думанскай
Хтосьці вып 'е з нас келіх поўны, хтось -- палову, як дасьць Гасподзь... Пад нябёсаузьнёслым Словам не жагнаюцца мімаходзь. Тое Слова было ў Максіма -- як заклён, як сьвяты зарок. Каб мы ў сэрцах сваіх насілі, бы ружанец -- яго "Вянок". Каб забылі пра звадкі-спрэчкі, а пагляды зьліліся ў сінь, дзе Страцім вартавацьме вечнасьць,-- покуль мы да яго ляцім... Непрычалены човен Ліс, што мкнецца па сьледзе. Кроў, што б’ецца у скронь. Непрыручаны вецер. Нехрышчоны агонь. Поўні жоўтая сьвечка. Дух заюшаны ў комін. Незавершаны вечар. Непрычалены човен. Дом З яснага неба гром – позьняе адкрыцьцё: Мама – мой першы дом, хлеб мой, вада, жыцьцё. Колькі пасьля было розных кутоў, хацін, -- толькі – найродны той – матчын – з усіх адзін. Сэрца спаліў крыжом, ды адмаліць ня змог… Маму – мой першы дом -- сёньня пільнуе Бог. Турма А труна -- для душы турма... А яшчэ ёсьць -- труна-Айчына. Для народа свайго -- турма, калектыўная дамавіна. Пачарнела душа, як ноч, ёсьць на тое ў душы прычына -- за сьлязамі ня стала воч, каб глядзець на труну-Айчыну. А ў турме не жыцьцё -- рэжым. А ў труне не быцьцё -- гніеньне. А ў душы -- пачарнелы дым, а ў народа ў грудзёх -- каменьне... Не Анёл уструбіў у рог, -- уструбіла у рог Сумненьне: а ці ёсьць у нябёсах Бог? -- Бог-суддзя -- ад турмы збавеньне... Асеньняе У вырай буслы чарадою па небе адвечным плывуць. Зноў восень стралой залатою спрабуе мне сэрца пратнуць... Паходнямі -- клёны на ўзгорках губляюць сьвятлынь у траву... І радасна сэрцу і горка, і крыху балюча яму. Пакрыёма Выхаплю сон з небыцьця і з асалодай нязнанай вуду старую жыцьця стану надточваць падманам... Каб пакрыёма злавіць тое, што ў яве ня стрэціў: сорам -- распусна любіць, шчасьце -- бяз страху памерці. Словы З высокай цалі мне словы ўпалі: “Нябёсы -- Радзіма ветру”... Пакуль нізаў я радка каралі,-- скразьняк зварухнуў паветра... З сусьветнай далі мне словы слалі: “Нябёсы -- Радзіма птушак”... Пакуль нізаў я радка каралі,-- з’явілася рыфма -- суша. Пакуль вы спалі, -- мне словы далі: “Нябёсы -- Радзіма душаў”... Анёл-Страцім Мне прысьніўся Максім Багдановіч -- беларускі Анёл-Страцім у біблейскім вянку цярновым, у пражылках густых крыві... Мовіў ён, і паўночны вецер яго словы між хмар разьнёс: --Ні на тым , ні на гэтым сьвеце не лічыце валошак-сьлёз, не чытайце чужыя пісьмы, не давайце сьвятыні псам... І растаў у нябеснай высі, там, дзе зьніклі сьляды Хрыста. Як вярнуць?.. Я забыў, як маліцца Слову… Для паэта ж маўчаньне – грэх. І Гасподзь над душой ахову адазваў да нябесных стрэх. І зрабіўся мне сьвет нямілым, нібы д’яблу прадаў душу. Прамяняў на машыну – крылы, Млечны шлях – на зьмяю-шашу. Як успомніць з малітвы cловы? Як набыць адабраны рай? Як вярнуць над душой ахову, крылам – згублены небакрай?.. Балада пра Чорнае ляда На чорнае ляда ня ходзяць касцы, няма тут птушыных гнёздаў. Праклятае месца за тры вярсты дарогі вакол абходзяць... Балота, як вока, сярод яго з чорнай, як ноч, вадою. Калі апусьціць у ваду багор -- багор, як тапор, патоне. Калісьці, казалі, тут жыў бірук -- вядун, чарнакніжнік Посах. Глядзеў, бы ў люстэрка, вядун у ваду -- прадказваць умеў лёсы. Умеў замаўляць і ўмеў намаўляць... Умеў, як казаў нехта, -- над чорнай дрыгвою пад поўняй блукаць -- хадзіць па вадзе пехам. Такая за Посахам слава йшла, а ён не любіў славы. Ручнога у хаце трымаў вужа, што ў поўні любіў плаваць... Аднойчы да Посаха князь малады прыехаў з сябрынай п’янай. --Ты, Посах? --Так.--Уладар вады? Прайдзі пасярод багны! --Прайду, калі князь не збаіцца сам за мною пайсьці сьледам. І крок зрабіў, і на хвалю стаў -- патух пад нагой ветах... Ні князя, ні хмельных сяброў яго з той ночы ніхто ня бачыў, і Посах зьнік -- як у вір багор, -- стаў Духам вады няйначай. За часам і хата ў дрыгву ўрасла -- тырчыць з-пад імха комін... Ды зрэдзь на вадзе залатога вужа паблытае хтось з поўняй. Балада сустрэчы з Купалам А хто там ідзе? Янка Купала Па лістоце апалай дождж сьляпы церусіў. Я прыйшоў да Купалы -- дараваньня прасіць. Дараваньня за тое, што дагэтуль адказ на пытаньне сьвятое -- рытарычны аванс. Бо няма Беларусаў -- колькі іх не шукай, тых, хто пойдзе хаўрусам бараніць родны Край ад ганебнага змусу, ад чужога ярма... Нас няма, беларусы! Не было і няма! У правалінах твару, там, дзе вочы цьвілі, -- спахмурнелыя хмары задуменна плылі. Воч ня стала ў Купалы ці ня хоча глядзець на нашчадкаў-вандалаў -- тых, хто сёньня ідзе... Па лістоце апалай дождж асьлеплы блукаў... Я прыйшоў да Купалы -- ён мяне не чакаў. Балада праклёну “Каб ты спрах без радзіны!” -- гэткі страшны праклён -- для прадаўцаў Радзімы, для іуд-халуёў... Прадаюцца заводы, -- ўсё, што льецца і п’ецца... Памяць, Воля народа -- не прадаецца. Трактары, самаходы, -- ўсё, што б’ецца і гнецца. Песня, Мова народа -- не прадаецца. Дрэвы рознай пароды, -- ўсё, што косіцца, жнецца. Гонар, Годнасць народа -- не прадаецца. Купяць нават Чарнобыль -- знойдуць чым заплаціць... Сьлёзы, гора народа -- не прадаць, не купіць. Не спрабуй -- не здалееш, як мазгі не кукож, -- цэньнік свой не наклееш на Дняпро і на Сож. На крыжы нашай веры, што ў глыбінях нябёс, -- не прычэпіш паперу -- “Прадаецца пад знос...” Як з Бажніцы -- ікону, як з магілы -- труну, -- так табе без праклёну -- не прадаць Беларусь... Сам запомні і сыну, -- каб ня стаў халуём -- “Каб ты спрах без Радзімы!” -- перадай мой праклён. Балада пра Краіну-мару Мы, беларусы, -- заўжды гатовы снапамі класьці свае галовы. Было спакон так і гэтак будзе -- такі народ мы, такія людзі. Наш час спыніўся між дзьвюх Нямігаў, дзе кроў і сёньня стаіць па грудзі... Мы, беларусы, народ ад ліха, ад Бога -- толькі сьвятыя людзі. Яны былі ў нас, былі і будуць -- Рагнеда, Янка, Максім, Ларыса... Мы, беларусы, -- народ аблудлы -- сваёй радзінай не ганарымся. У нашых душах гуляе вецер... Каму мы служым? Чые мы дзеці? На храмах нашых маўчаць званіцы. Нямая вера -- як нам маліцца? Як дараваньня прасіць у Бога, каб Ён вярнуў нам сябе самога. Хрыстос калісьці хадзіў між намі... Мы, беларусы, -- Яго прагналі. З нас, беларусаў, яшчэ спытаюць -- за лёс Страціма, за сімвал Краю. Чаму у сэрцы з такім адчаем нас б'е Пагоня -- сячэ мячамі... Мо Беларусы, мы -- янычары? Чацьвёрты кожны з нас стаў зямлёю... Чарнобыль чыніць над намі кару, Мы, беларусы, сваёй крывёю сабе здабудзем Краіну-мару. Краіну-мару, дзе мы ўваскрэсьнем -- як сонца з хмары, як мова -- з песьні. Краіну-мару сабе здабудзем мы, Беларусы. Мы -- ёсьць! Мы -- будзем! Заміж эпітафіі Калі памру, сябры наўсьлед спытаюць: -- Куды, паэце, крочыцьмеш у скрусе? -- І рад бы ў рай – анёлы не пускаюць. Мілей, чым рай – мне пекла Беларусі.
Комментарии к книге «Непрычалены човен», Эдуард Акулiн
Всего 0 комментариев