«Дыялогі з Богам»

802

Описание

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі: — Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца. І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі: — Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў: — Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці. Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць…



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Дыялогі з Богам (fb2) - Дыялогі з Богам (Я кнігу маю) 564K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Валентин Васильевич Акудович

Валянцін Акудовіч ДЫЯЛОГІ З БОГАМ

Літаратурна-мастацкае выданне

Дыялогі з Богам : Філасофскія эсэі. 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае / Валянцін Акудовіч. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2013. — 216 с. — (Сэрыя «Я кнігу маю»).

Упершыню кніга “Дыялогі з Богам” была надрукаваная ў 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”.

ISBN 978-985-562-011-3

Суплёт інтэлігібельных рэфлексіяў

Карэктар Л. Наліўка

© Акудовіч В.В, тэкст, 2013

© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2013

Выдавец І.П. Логвінаў, ЛІ 02330/0494468 ад 08.04.2009

Пр-т Незалежнасці, 19-5 220050, г. Мінск

Кніжыца, якой не мусіла быць

Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра кніжыцу, якой не мусіла быць...

Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, але, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжачкі ў адны рукі, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.

Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадваць ёй, што хоць я яшчэ і маленькі, але ўжо чытаю некаторыя кніжкі і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой... Я адно вінавата ўгінаўся і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.

Калі б у тую пару мне прапанавалі на выбар: быць Уладаром усіх Сонцаў і Сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога ў лепшым выпадку прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што быццё і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.

Што там казаць, мне вельмі карцела і самому як мага хутчэй далучыцца да гэтай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў перастварэнне свету, патрабавалася вырашыць адну сур’ёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.

І тады я скраў у старэйшага сябра аўтаручку... Але кнігу я тады не напісаў, бо бацькі майго старэйшага сябра (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.

Было вельмі сорамна — і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму сёння я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжку выдаў амаль праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.

* * *

І была яна зусім не падобнай на тую, што я распачынаў у дзяцінстве. Хаця нікуды той хлопчык не знік, і самыя ўдалыя мае радкі ўсё яшчэ пішуцца ягонай, дасюль не ўпэўненай у пісьме, рукой.

Чалавек увогуле ніколі нікуды не знікае — некуды знікае тое жыццё, якім ён жыве. І насоўваецца іншае (некалі — апошняе), з новай вярэдай, якая захоплівае без астачы. Аднойчы пра гэтыя змены я выславіўся наступным чынам:

«Калі цябе вабіць жанчына — ты пішаш вершы. Калі цябе трывожыць чалавек — ты пішаш прозу. Калі цябе вярэдзіць быццё — ты пішаш філасофскае эсэ».

Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць — зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.

Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».

Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».

* * *

Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна — але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў...

Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова — гэта не словы, мова перадусім — тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця... Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць — з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».

Пяць год у Маскве завяршылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расейскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізгвалі ў разрывы п’яной гамонкі. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомасць рускія словы.)

Разам з тым канчаткова «обрусившая» мяне Масква стварыла перадумовы майго будучага «нацыяналізму». Напрыканцы вучобы я вырашыў, што калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю ўсе мастацкія беларускія кніжкі (менавіта так — усе!). Цяпер я ўжо нават не памятаю, скуль тое жаданне ўзялося. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што, няблага засвоіўшы не толькі расейскую, але еўрапейскую і сусветную літаратуры, я, лічы, зусім не ведаю сваёй. Які ж з мяне тады прафесійны літаратар?

* * *

Як я ўжо казаў, у вартаўніцкіх каморках мне амаль не пісалася, затое выдатна чыталася. Самае рознае, але перадусім — беларускае. Толькі чытанне як чытанне было нядоўгім, бо раптам са мною нешта здарылася, і я захлынуўся беларускім словам. Далей мяне ўжо цалкам абыходзілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль — засталіся адно словы. Кожнае з іх паасобку я смакаваў, як першую кроплю бярозавіку, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы ўсмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў напаткаць студню.

На апошнім трохі запынюся. У тую пару мне было за трыццаць, я меў жонку, двух дзяцей, трохі публікацый, званне «Майстру спорта СССР» (аблазіў амаль усе горы савецкай імперыі) і згубнае перакананне, што, па вялікім рахунку, усё ў мяне ўжо было: і каханне, і справа, і вышыня. А значыць, ад жыцця болей не варта чагосьці чакаць, і таму далей адно застаецца трымацца свайго лапіку быцця, пакуль яно ў нейкую хвіліну не выслізне ў цябе з-пад ног без астачы...

І тут здарылася мова!

Я ашалеў. Я сноўдаўся самнамбулай — як закаханы. Зрэшты, чаму «як»? Я і быў закаханы ў «матчыну» мову. (Ці не такім дзіўным чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне «комплекс Эдыпа», якога, засвоіўшы Фрэйда, ніяк не мог знайсці ў сабе адносна роднай маці.) Я без стомы прамаўляў розныя словы ды сказы (і ўголас, і сам сабе), і з гэтага ў мяне нават пачалі пабольваць тыя цягліцы твару, што варушаць вуснамі, бо ім давялося спехам перавучвацца расцягваць і скарачаць сябе па-беларуску.

У тым салодкім шаленстве мяне трывожыў хіба адзін момант. Чым болей я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся ментальны свет, у якім я знаходзіў сябе раней. Што за трасца? Зрэшты, досыць хутка я зразумеў, у чым тут справа. Гэта мова жывасілам выцягвала мяне з неабдымнай расейскай ментальнасці ў замкнутую сама на сабе нацыянальную Беларусь.

На тую пару я згодна з усімі лічыў, што вялікае заўсёды большае за малое. І калі з грамадзяніна свету я раптам апынуўся ўсяго толькі беларусам, мяне гэтая нечаканая метамарфоза не магла не ўстурбаваць. І ўстурбавала — аднак не моцна. Бо гэтаксама раптам я адчуў, наколькі мне ўтульна тут, у беларускім, і як мне было няўтульна там — у неабсяжным расейскім свеце.

Што з таго, што на табе шыкоўны гарнітур, калі ён на некалькі памераў большы, чым табе патрэбна?

Так, я пераапрануўся ў зрэбную світку, затое яна была майго памеру. Божачкі, як мне зрабілася хораша!

* * *

Мне зрабілася ой як хораша — ды не зусім. Бо хоць сам-насам я без стомы каўтаў родныя словы, але як на людзях размаўляць па-беларуску — забыўся (калі яно было, тое свіслацкае дзяцінства!).

І аднойчы я рашуча сказаў самому сабе: з гэтым трэба нешта рабіць. Я перастаў глядзець расейскае тэлебачанне і слухаць расейскае радыё, кінуў чытаць расейскія кнігі, часопісы ды газеты (толькі ад «Литературной газеты» не змог адмовіцца) і нават дзе ні йшоў, дык рускія надпісы на шыльдах перакладаў для сябе на беларускую мову... Нічога не дапамагала. Што і натуральна. Нельга навучыцца плаваць, не скочыўшы ў рэчку. І тады я абвясціў сваім сямейнікам: не дзівіцеся, заўтра пачну размаўляць у хаце па-беларуску.

Каб вы адно ведалі, як назаўтра яны рагаталі з маёй беларускай мовы... Але не надта доўга рагаталі. Бо адна рэч дзіцяці навучыцца хадзіць упершыню, а другая — хвораму на летаргію ўстаць на ногі. Тут галоўнае не саму хаду ўспомніць, а каб жаданне рухацца вярнулася.

Праўда, яшчэ ладны кавалак часу я хоць ужо і гаварыў на людзях «мовай», але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам усё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не мянялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.

А як схіліў — дык усё адразу і склалася.

Аднак, як высветлілася пазней, тады ў сваім аптымізме я трохі запабёг наперад. Мінула колькі год, я нязмушана думаў, пісаў, размаўляў і спрачаўся пабеларуску, і ўвогуле ўжо даўно забыўся на мову як на ўласную праблему...

І вось аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне непакоіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, але спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут прычына, пакуль не згадаў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.

Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да мовы! Бо калі на ёй ужо загаварыла тваё падсвядомае — дык далей няма куды.

Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.

* * *

Тое, што мова насамрэч месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага, я ў каторы раз пераканаўся, калі, наноў збеларушчаны, атрос ад пылу і пагартаў свае апавяданні і аповесці, напісаныя яшчэ па-руску. Навонкі тыя пісанкі мелі, здаецца, усё, што патрэбна мастацкаму твору, толькі цяпер я ўжо бачыў: яны як фанера — штучна склееныя, шурпатыя і плоскія. Яны не дыхалі, і ў іх не было глыбіні. Бо пісаліся мовай, якую засвоіла мая галава, але якой не было ў маім падсвядомым. Руская мова не мела сабе апірышча ў маёй генетычнай спадчыне, у глыбінях тых стагоддзяў, якія пералічылі мне на рахунак мае продкі. І таму ёю можна было толькі называць, але нельга было называцца. У чужой мове няма твайго імя...

Кожны з нас, хто сам сябе вучыў беларускай мове, быў пакліканы да навукі з нейкіх апрычоных матывацыяў. І ніхто за іншага не скажа, чаму ён гэтак зрабіў і што з сваёй навукі мае. Асабіста я з яе прыдбаў сабе лёс (да гэтага меў адно долю). І не толькі таму, што лёс кожнага літаратара перадусім знітаваны з мовай (ужо ж напэўна зусім іншымі былі б шляхі Купалы ці Брыля, каб яны пісалі па-польску, а Някляеў альбо Дранько-Майсюк — па-руску?). А найперш таму, што толькі праз мову я змог пачуць, куды хіліць мяне лёс. Вядома, лёс нікога не абмінае, але калі ты ў ягоным «шолаху моўчы» не расчуеш свой кон, дык табе застанецца адно доля.

Зрэшты, у апошніх маіх сказах відавочна зашмат рыторыкі, а сёння яна не ў пашане, таму хутчэй забудземся на сказанае і наўпрост вернемся да гэтай кніжыцы, якая пачалася з захаплення беларускім словам. Але слова становіцца словам адно тады, калі прыдбае сабе адпаведны кантэкст. З майстравання кантэксту для ўлюбёных слоўкаў і пачалі стварацца показкі, апавяданні, а затым і прыпавесць «Сум на тэму вяртання».

* * *

Між іншым, гэта толькі здаецца, што кантэкст для слова таксама тчэцца з словаў. Насамрэч кантэкст ствараецца з таго часу, у якім ты спеліш словы. А час тады (канец 80-х — пачатак 90-х) быў бурапенны. Рэвалюцыі, як навальніцы ў ліпені, здараліся амаль штодня. І, быццам грыбы пасля тых навальніцаў, адна за адной вырасталі на парэштках імперыі нацыянальныя дзяржавы. Была сярод іх і незалежная Беларусь.

У кантэксце паўставання айчыннай незалежнасці і распачыналася мая ўжо ўласна «беларуская проза». І пісалася яна не столькі дзеля сябе самой, колькі з мэтай мацавання кантэксту волі, які яе ствараў. Бо ўсё, што ў тую пару ні рабілася, — рабілася дзеля гэтага. Дарэчы, ніхто тады нікога не штурхаў да вызвольнай працы, вярэда свабоды і незалежнасці вырастала знутры цябе самога, як жарсць. І ўсё, што не падпадала пад пакліканне гэтай жарсці, быццам не існавала.

Мінула колькі год салодкага і вясёлага шаленства. За гэтыя гады мы змацавалі незалежнасць, але згубілі свабоду. І тады пачалася іншая эпоха... (Яна перакруціць нашыя жыцці гэткім адмысловым чынам, што іх ужо нішто і ніколі потым не выпрастае.) У адзін з пахмурных дзён той, ужо іншай эпохі я перачытаў усю сваю пісаніну і зразумеў, што яна створаная не столькі мною, колькі кантэкстам, і без яго (незваротна зніклага) не мае ніякага сэнсу.

— І хай сабе, — абыякава агучыў я сітуацыю і засунуў сваю пісаніну на спод самай апошняй шуфляды, каб потым не зазіраць туды шмат год.

* * *

Мая абыякавасць да таго, што некалі прынесла мне столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены — я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс — метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатняе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае «астатняе» хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала — гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.

Між іншым, яшчэ да таго, як я намацаў свой аўтэнтычны дыскурс, сам сабою знайшоўся цалкам тоесны мне жанр — эсэ. Напаткаўшы эсэ, я адразу зразумеў: і кшталт майго жыцця, і спосаб майго мыслення заўсёды былі наскрозь эсэістычныя. Гэтая сустрэча сталася, безумоўна, удачай, бо далёка не кожнаму літаратару выпадае патрапіць менавіта на свой жанр.

Далей, што б я ні пісаў (артыкул, канферэнцыйны выступ ці філасофскі трактат) — у мяне ўсё роўна атрымлівалася эсэ. Яны і склалі мае першыя тры кнігі («Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж» і «Код адсутнасці»). Больш за тое, апошнюю кнігу «Код адсутнасці».

Вось чаму ў мяне нават у думках не было хоць калі вяртацца да сваіх показак і прыпавесцяў, а тым болей пачаткаваць імі яшчэ адну кніжыцу. Але чалавек жыве залішне доўга, і з гэтага яму не хапае вачэй, каб пабачыць, што будзе з ім за даляглядам.

* * *

Чалавек жыве залішне доўга. Я паступіў у інстытут у дваццаць пяць год, пабраўся шлюбам, здаецца, у трыццаць тры гады, прафесійна пачаў працаваць у літаратуры пасля сарака. Цяпер мне пяцьдзесят пяць, а я паспеў ужо і нажыцца, і выгадаваць дзяцей, і зрабіць у літаратуры значна болей, чым калісьці марыў (апошняе зусім не азначае, што я зрабіў у літаратуры шмат, аднак стасоўна юнацкіх мараў і часткі майго сённяшняга наробку было б даволі, каб пачувацца конча шчаслівым бажаволкам).

Дарэчы, тут нехта напэўна запярэчыць: маўляў, юнацкая мара не можа быць крытэрыем ні пражытага, ні здзейсненага. Магчыма... Але асабіста я не ведаю, што можна супрацьпаставіць гэтаму крытэрыю. Кажаце: ацэнкі крытыкаў, грамадства, урэшце, сябе самога сённяшняга... Не, усё гэта не ўяўляецца мне вартай мерай, раўнуючы юнацкую мару.

Дык вось, калі заданне юнацтва было выкананае, я зразумеў, што далей усялякае астатняе не мае асаблівага значэння. Бо чаго б ты яшчэ ні нагрувасціў — усё гэта ўжо факультатыў. Тое, што можа быць, але гэтаксама можа і не быць.

* * *

Як толькі я запэўніўся, што сваё юнацкае заданне ўжо выканаў, дык мне натуральна закарцела зазірнуць у спод апошняй шуфлядкі, дзе марнаваўся покатам той жыццядайны кантэкст, у якім спраўдзілася мая мара. Надзіва для самога сябе я пачуўся ўтульна ў тым, здавалася, назаўжды страчаным кантэксце, і больш за тое, гартаючы добра пажоўклыя старонкі, спакваля пачаў усведамляць, што, зрэпрэсаваны вонкі, ён зусім не знік дазвання, а ўсяго толькі перабёг з бурапенных вуліц, пляцаў і тагачасных праектаў у спраты маёй экзістэнцыі. І гэта менавіта ім (і адтуль, са спратаў) надыктаваныя многія з маіх значна пазнейшых інтэлектуальных рэфлексій (ды шмат чаго яшчэ).

Тады я і падумаў, што, можа, варта наноў пераніцаваць той даўні кантэкст трывогі і любові (сёння такія выразы і вымаўляць на людзях сорамна, бо ў эпоху нічыйнага мораку кожнае пафаснае слова абражае, як здрада добраму густу), каб нагадаць хаця б самому сабе, што некалі трывога за Беларусь і любоў да свабоды былі будзённай явай і табе ў той яве было ўтульна, як ніколі і нідзе.

З гэтага няўпэўненага роздуму я пакрысе пачаў збіраць да купы ўсё (часам ужо і друкаванае ў папярэдніх кнігах), што нагадвала мне пра тую бурапенную пару...

* * *

Вось так і атрымалася гэтая кніжыца, якой не мусіла быць.

2005

Зачын

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі:

— Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца.

І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі:

— Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў:

— Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці.

Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўрада. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць...

Не, не трэба лічыць мяне лішне разумным. Ніхто не ведае, як яно далей абернецца, а я хачу сваёй смерцю памерці і на бацькаўшчыне — а не заўчасна на паўночных скразняках.

Што да астатняга, то справы ў мяне каб лепей — дык навошта. Хутка пабачыць свет мая першая кніжка. Я назваў яе «Ідыёцтва». Рэдактар, які працуе над маім рукапісам, ставіцца да мяне памяркоўна, але ён катэгарычна адпрэчвае назву. Я не пераканаў яго нават тады, калі згадаў, што ў Хведара Дастаеўскага ёсць раман «Ідыёт».

— То ідыёт, а то — ідыёцтва, — магчыма і слушна запярэчыў рэдактар.

Вядома, мне шкада такой харошай назвы, але ж я не дурань які, каб надта ўпарціцца. І вы таксама на вокладку не звяртайце ўвагі. Бывае, на плоце слоўка з трох літараў прачытаеш, а насамрэч за плотам папілаваныя дровы ляжаць...

ПОКАЗКІ

Вырай

Аднойчы Той, хто ўсё можа, паклікаў да сябе нашых хлопцаў і кажа:

— Надта вы разумныя, хлопцы. І гэта вам не падабаецца, і тое не ў смак. Апрыкла мне слухаць дурную лаянку. Давайце свае прапановы, а потым паглядзім, ці добра будзе.

Пачалі хлопцы выдумляць. Адзін пра кісельныя берагі, другі пра малочныя рэкі, трэці пра гаючую ваду ў кожнай студні. А чацвёрты кажа: каб нічога не хацелася!

Вярнуліся хлопцы ў вёску, а там ужо баль як гай шуміць. Дзень шуміць, два гудзе, сто год не спыняецца. Стрэхі з хат паабвальваліся, на дарогах пушча вырасла, а мы і гора не ведаем. І так нам добра, што словам не выказаць. Таму на мову сталі забывацца і рохкаць пачалі.

Але яшчэ лепей было чацвёртаму. Ён нават да ветру не меў патрэбы хадзіць, бо і гэтага не хацелася.

Цяпер ужо цяжка сказаць, калі тая выгода скончылася. Толькі аднойчы Той, каму да ўсяго ёсць справа, выглянуў з-пад хмурынкі і пытаецца:

— Ці добра вам, хлопцы?

А мы маўчым, бо ўжо ад слоў адвыклі, а рохкаць перад чужым сорамна.

Тады ён мацней:

— Ці добра вам, пытаюся?

Перапалохаліся мы і, напэўна ад страху, загаманілі па-людску:

— Ой, не, пагана нам.

— Дык якога ражна вам яшчэ патрэбна?

— Вярні былое, — просім.

Вярнуў — і не шкадуючы. Даведаліся пра нас у іншых месцах, расцярэбілі на зарослых дарогах пушчу, і сышліся сюды валацугі, жабракі ды недалэнгі з усяго свету. Патапталі кісельныя берагі, выпілі ўсё малако з рэчкі, вычарпалі гаючую ваду з калодзежаў і пайшлі сабе... Нічога нам не пакінулі, акрамя дарогі цераз пушчу.

Пагаравалі мы, ды няма чаго рабіць. Ускінулі на плечы таго, які нічога не хацеў, і пакіравалі за прыхаднямі ў свет. Толькі недалёка адышліся, бо раптам той, што ўладкаваўся на плячах, заўпарціўся:

— Навошта мяне валачы невядома куды, калі мне ўсюды аднолькава добра?

Тут яшчэ нехта кажа: хіба мы цыганы якія, каб на дарозе радзіцца і паміраць?

І то праўда. У нас ёсць свая зямля, і на гэтай зямлі сам Пан Бог намі апякуецца.

Тады той, што заўпарціўся першым, кажа:

— Давайце апошні раз Яго папросім: каб нам усім нічога не хацелася.

Пасварыліся трохі, аднак папрасілі — і засталіся на сваёй зямлі. І што потым ні здаралася — злодзеі прыйдуць, халера ці канец свету, нам усё добра. Чужаніцы глядзяць на нас і нічога не разумеюць. Нават Той, які ўсё ведае, дзівіцца і часам перапыніць каго ды запытае:

— Можа, табе чаго-кольвек хочацца?

— Не, нічога не хочацца. Як яно ёсць, гэтак і добра.

— Ну дык і няхай сабе, — скажа. Але, перш чым зноў схавацца за хмурынку, будзе доўга чухаць патыліцу і нешта мармытаць сабе ў бараду.

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй

Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім...

Як я ўжо казаў, жылі яны чортведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі — каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што-што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым...

Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.

— Апамятайцеся, людзі, — накінуўся ён. — Зямля круглая, і таму неба ўсюды аднолькава высокае.

— Калі неба аднолькава высокае, дык чаму мы маленькія?! — упікнулі яго.

— Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя, — запэўніў ён.

— На ўсё боская воля,— нагадалі яму.

Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды...

Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.

Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі...

Аргумент

Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.

Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той — з аргументам.

— Куды гэта вы, хлопцы? — шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.

Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены, бывае, гняўліва буркатне:

— А табе што за справа, абібок?!

І мы ішлі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сямутаму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх — гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?

І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў, і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветру не ведалі, куды нам цяпер праставаць.

Што ў тыя хвіліны рабілася — цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.

Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камечылі апратку, не кусалі сябе за локці. Упершыню наша змучаная сціжма затаіла ўласны жах, бо на нас, шкадуючы, пазіраў ганарысты лайдак. Але гэтым разам, пэўна ад збянтэжанасці, мы не вытрывалі і запыталі: які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?

— Колькі б вы ні хадзілі, хлопцы, усюды ў вас пад нагамі будзе зямля, над галавой — неба, а на карку — дармаед з пугай, — гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў: — Усюды.

Толькі нямногія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся лагодным ветрыкам, і мы ўсхапіліся...

Мы ўсхапіліся і, з’едліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.

На тым і гэтым свеце

Не ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны дахаты чакаць свайго часу.

З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш, каб назаўжды спраўдзіцца.

— На нашай дзялянцы ціха. — Так распачаў сваю казань Яўхім. — Я нават падумаў, што, можа, чаго наблытаў. Вакол усё гудзе, стогне, енчыць, а ў нас хіба што воўхне нехта — і зноў ані згадкі. Я тады наўзбоч азірнуўся і бачу, што непадалёк хударлявы панок на барвовай патэльні таньчыць. Ён мяне таксама заўважыў і кліча: «Прошам пана, прошам пана». Зразумеў я, што, здаецца, не туды мне трэба, але панок прычапіўся, нават скакаць перастаў. Куды, кажа, пан пойдзе, дзе лепшай долі знойдзе? І абслуга тут далікатная, і патэльні парыжскага вырабу... А хай пан паглядзіць, што ў вас робіцца (ківае туды, дзе ціха): абслуга — не абслуга, быдла нейкае рагатае. Увесь час адно крэкча і рыкае. А ўмовы — матка Боска, што за ўмовы! У гной да барады загоняць і потым па галовах капытамі скачуць. У нас хоць і прыпякае часам, але як схопішся таньчыць, дык нават і весела.

— А можа, той далікатны панок мае рацыю, — не вытрываў Здэнек. — Усё жыццё былі мужыкамі, з гною не вылазілі, дык хай хоць на тым свеце з панамі паскачам.

— Пачакай, — кажа Яўхім. — Раптам нехта з другога боку крычыць:

— Ты куды, свінячае рыла?! Ці ж не бачыш, што там і аднаму месца не хапае? А ў мяне — глядзі які прастор і глыбіня, што мора.

Азірнуўся я, а там у сажалцы з кіпенем голы чалавек у генеральскай фуражцы плавае. А як шпарка — не раўнуючы шчупак...

Тут Яўхім змоўк, і мы распачалі сварку. Лаянка, лямант — енк такі стаяў, што, пэўна, у пекле цішэй. Хто быў на патэльню пагаджаўся, хто на сажалку: маўляў, паколькі яна вялікая, дык па краёх, мабыць, не так пячэ...

Стаміўшыся ад сваркі, мы прычапіліся да Яўхіма.

— Халера яго, хлопцы, ведае... Што ні кажы, да гною мы з маленства звыклыя, а як яно ў іншым месцы будзе — не паспытаўшы, не скажаш.

Быццам і слушна разважыў сусед. Толькі няма ў мяне да Яўхіма даверу. Яго і за гаспадара ніхто ніколі не лічыў. Сноўдаўся ўсё жыццё па вёсцы, абы дзень да вечара. А як ухопіцца за якую кніжку, дык і скаціну не дагледзіць. Можа, ён з кніжак і навыдумляў усё тое, што тут нам чоўп. Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся...

Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.

Гаротны лёс

Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.

Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык начальнікаў адразу спатрэбілася процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.

Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.

Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы? — нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты.

— Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць, — было іх меркаванне.

Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на бяросце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.

Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць.

Але потым адзін акадэмік згадаў:

— За мяжой людзі разумнейшыя, — кажа.

Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны, і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.

Гэта вам не жартачкі — падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.

Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі, і скаргаў, можа, на сто вёрст напісалі.

Раптам — гарыць. І там, і тут — усюды гарыць. Няма куды бегчы.

Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзве добра апячэ, дык падскокваем.

Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем...

Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся: што тады з начальнікамі будзе?

І ўсё да мяне ходзяць пытацца. А скуль я ведаю?

— Адчапіцеся, — кажу. — Так ці гэтак, але ж неяк будзе.

— І то праўда, — пагаджаюцца. — Бо ніколі яшчэ не было, каб ніяк не было.

Эпітафія

Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела — процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.

Авадні зноў ускінулі свае джалы — толькі цяпер абламаліся іх джалы...

Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. І не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.

Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.

Потым мы вярталіся дахаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі ды стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся...

Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ўскрай вёскі, і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.

— Добры ў нас каваль, — хвалілі мы. — Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.

— Навошта вам мяккае жалеза? — дзівіўся каваль...

Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.

— А цяпер выкуй з яго долата, — прыдумалі мы. — І каб было вострае, як джала.

Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы-якім майстрам. І аднойчы ў нядзелю мы сабраліся ўсім народам і рушылі да каменя. Каваль выняў з кайстры долата, і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:

Уладзімір Караткевіч.

Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы ў іх ужо былі даўно паабламаныя.

Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.

Каб у пару забуяла бульба

Былі мы, і быў ён. Мы ведалі, чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы...

Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.

Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.

Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум, і мы не ведалі, што нам рабіць далей.

Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам — толькі рэха ягонага суму.

— Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, — аднойчы сказаў нехта.

І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

— Каб у пару забуяла бульба.

— Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

— Тады навошта вы?

— Каб нас было шмат.

— Дзён таксама шмат, але што з таго?

— З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?

— Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.

Першае каханне

Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.

Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: «Што, іншага месца не знайшлося?», а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

— Гэй, ты, лупавокі, — закамандаваў Богусь, —злётай у вёску па Маню.

Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

— Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны...

— Хай сабе, — толькі й адказаў Богусь.

— Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона, — раззлавалася Маня і пашыбавала дахаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было — мода на голыя лыткі.

Джамалунгма

А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. «Вось каб я быў Джамалунгмай, — разважаў гэты чалавек, — дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы».

Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы-чаго плявузгаць не будуць...

Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.

Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі сантыметраў вышэйшая за Джамалунгму, і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.

З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускараскацца на нябёсы. Мала каму з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць у газетах, і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам...

* * *

Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска — цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца, лічы, не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.

Недарэкі

Па той бок рэчкі жылі адны людзі, а па гэты — зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.

Начасцей адны з другімі спрачаліся наконт рэчкі.

— Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі, —пахваляліся адны.

— Брахуны вы,— крычалі з другога боку. — Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.

— Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка, — сведчылі мы і веславалі як мага хутчэй.

— Ну вось, чулі? — цешыліся адныя.

— А мы вам што казалі,— крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні...

Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была прыгожай.

Ненавуковая субстанцыя

Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.

Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.

І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца на сваё Барнэа і зноў працуе.

Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць, і нават, здараецца, вар’яцее.

Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!

— Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, — кажу я ім.

А яны мяне не слухаюць і, дзе ні сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыльваць — маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.

— Смеху варта такая дыскусія, — кажу я ім. — На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.

Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго — прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа чалавек! Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.

Заходжу і адразу:

— Дыскутуюць, — кажу.

— Як яшчэ лаўчэй нахіляцца? — узрадаваўся прафесар.

— Ды не. Выпрастацца хочуць.

— Не можа быць...

Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.

— Не можа быць, — мармыча. — І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з года ў год шморгалі. Адкуль гонар?

— Ды не ад гонару, — удакладняю. — Ад сораму. Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:

— А гэта што такое?

— Халера яго ведае!

— От жа і я так думаю, што гэта не навуковая субстанцыя, бо па навуцы ніяк не выходзіць выпрастацца.

І пабег далей.

Шкада мне зрабілася прафесара. Ну колькі яго засталося, на два разы ў сральню схадзіць. Амаль усяго сябе аддаў чалавек справе, і на табе...

Абгарадзіў я стол, бы мурам, важкімі кнігамі са збору класіка жменяй скубсці і па каліўцу шморгаць, уздыхнуў засмучана і ўжо збіраўся развітацца, як нечакана прафесар ускараскаўся на небяспечную вышыню аднаго з фаліянтаў ды крычыць:

— І хай сабе! Як выпрастаюцца, дык лаўчэй будзе і жменяй скубсці, і па каліўцу шморгаць.

— Прафесар, трымайцеся, — залямантаваў я ў адказ.

Ледзьве паспеў. Злавіў прафесара ўжо ля самай падлогі, і то адно таму, што добра натрэніраваны нахіляцца.

Аднёс прафесара ў ложак, а сам пайшоў.

Іду па вуліцы і разважаю: ад вялікага сораму да пыхлівага гонару адзін крок.

Як у ваду глядзеў.

Неўзабаве абганяе мяне адзін з тых, надта сарамлівых.

— Куды, — пытаюся, — бяжыш?

А ён, з падскокам, адказвае:

— Бягу крычаць: злазь з даху, не псуй гонты.

Я подбегам услед. Ногі віруюць, а галава вярэдзіць: ну куды ты, дурань, прэшся, што там, грошы за дзякуй даюць?

Выбягаю да Палаца і аж вачам не веру. Столькі народу на пляц убілася, што і вужака паміж ног не праслізне. Ніколі не думаў, што ў нас такая процьма сарамлівых. І ўсе, як адзін, на Палац пазадзіралі галовы.

Бачыш ты іх, не паспелі выпрастацца, як вунь куды галовы пазадзіралі...

І равуць у адно горла:

— Злазь з даху, не псуй гонты.

— А што, не злазіць? — пытаюся ў бліжэйшага з сарамлівых.

— Учапіўся, што той клешч.

— Кляшчу пакуль запалкай не прыпячэш, не адпусціць, — міжволі ўспомніў я.

— Якія запалкі? Мы культурны народ, у нас тысячагадовая гісторыя!

— Дык чаго енчыць, калі гісторыя. Ён жа на даху сядзіць, а не на карку...

І яшчэ хацеў нешта сказаць, але часу не хапіла, бо міліцэйскія штыхі ўжо рассякалі пляц. Я, натуральна, наўцёкі, ды дзе там. Выперазалі што мае быць. Вярнуўся да хаты злосны, як не ў пару разбуджаны чмель. Халера іх пабяры, гэтых французаў, думаю. Калісьці панавыдумлялі абы-чаго, а нашыя сарамліўцы цяпер пра тое ўспомнілі і баламуцяць народ дыскусіямі. Ад сораму яшчэ ніхто ніколі не паміраў, а з дыскусіі часам такое пачыналася, ад чаго потым не адзін дыскутант уласным языком душыўся...

Зрэшты, чаго злавацца на французаў? Хіба я без іх не ведаў, што калі ў дзяцінстве бацька па срацы мала лупцаваў, дык потым міліцыянт абавязкова па спіне аддубасіць!

Вялікі вэрхал

Апошнім часам мы неяк забыліся на Бога і таму лічылі, што вышэй за Маскву нікога няма. Дарэмна так лічылі. У вербную нядзелю саслізнулі з бліжэйшай аблачыны два анёлкі і перадалі нам цыдулку. Усё, што там было напісана, я пераказваць не буду, але справу патлумачу.

Рэч у тым, што Бог вырашыў, каб далей мы з уласнага розуму жылі і самі вылучалі, каго з нябожчыкаў у пекла накіроўваць, а каго ў іншыя месцы. А як заўпарцімся, дык умомант настане канец свету.

На халеру нам здаўся лішні клопат! Аднак што тут паробіш? Бога і кругаля не абмінеш! Таму давялося адразу склікаць сход з усіх, хто апынуўся пад рукой.

— Увага, — кажам. — Раней мы ў Масквы пыталіся, з якой нагі нам чаравікі абуваць, а тут з неба такая ўлада звалілася, якой і Масква ніколі не мела. Цяпер мы самі мусім выпраўляць нябожчыкаў і ў рай, і ў апраметную. Толькі пакуль невядома, каго куды. Таму давайце свае крытэрыі і прапановы.

Здаецца, яшчэ нічога такога не здарылася, а народ знямеў, быццам яго лёдам прыхапіла. Ужо і сонца на дол пахілілася, а каб хто хоць слова. Добра, што нейкі дзядок у кажуху выратаваў.

— У мяне парсюк не кормлены, — кажа. — А наконт мерцвякоў, дык іх трэба праз вушка голкі працягваць. Хто не пралезе, таго ў пекла. Так у старых кніжках напісана.

Дзядок вышкраб з-пад каўняра кажуха голку і сунуў галаву ў вушка. Галава пралезла, а далей не атрымалася.

— Да свайго часу я яшчэ ўсохну, — запэўніў ён грамаду і пашыбаваў карміць парсюка.

— Я з вамі не згодны, — запыніў дзядка прафесар з Гародні. — Мне таксама даводзілася старыя кніжкі чытаць, і там зусім іншае напісана. А менавіта: хутчэй вярблюд пралезе ў вушка голкі, чым багацей у рай.

Не паспеў прафесар сесці на лаўку, як побач з ім ускочыў незнаёмы мне чалавек. Апрануты багата, а лямантуе, як голы.

— Людзі, — крычыць, — не слухайце яго. Які дурань тады грошы стане зарабляць? А без грошай мы зусім у галечы змарнеем.

— Галоўнае — не грошы, а гонар, — стрымана заўважыў вайсковец,— Хто за абарону Масквы загіне, таго без чаргі ў рай.

Вайскоўца падтрымала колькі ветэранаў.

— Як трэба сябе не паважаць, — казалі яны, — каб хоць на хвіліну паверыць, быццам ёсць нехта вышэйшы за Маскву. Таму мы прапануем на месцы адно складваць спісы і адпаведныя рэкамендацыі, а пасля Масква хай сама вырашае, каго куды.

Нарэшце! Я ўжо цыгарэты ў кішэні намацаў, а той дзядок у кажуху нават паспеў за дзверы выскачыць, але тут...

Ёсць у нас тут адзін такі, надта разумны.

— Вы што, — кажа, — зусім з глузду з’ехалі? Масква нас усіх у апраметную сплануе, а на тыя ўтульныя месцы, што нам у спадчыну належаць, сваіх пасадзіць.

Аклізаў... Зноў улегліся ў спрэчку, аднак нічога лепшага не змаглі прыдумаць, як звярнуцца да ўсяго паспаліцтва за парадай. І добра зрабілі. Бо недзе праз тыдзень прыйшоў да нас чалавек аж з-пад Мазыра і кажа:

— Парады ў мяне няма, але я пігулкі прыдумаў. Танна каштуюць.

— Навошта нам твае пігулкі? — адказваем.

— У мяне не ад жывата пігулкі, — тлумачыць. — Хто маю пігулку глыне, той паміраць не будзе...

Нарэшце! Схапілі мы гэтага адмыслоўца з-пад

Мазыра і давай на руках падкідваць. Кідалі-кідалі, а потым пачалі думаць, што будзе, як мы адно нараджацца будзем. Калісьці нам сваёй зямлі не хопіць, і апалоняць беларусы ўсю зямную кулю.

— І тады ўсюды па-нашаму размаўляць будуць! —усцешыўся я.

— І ў Маскве па-нашаму? — здзівіўся нехта.

Мы азірнуліся па баках і пачалі адзін аднаго пераконваць, што гэткае нашэсце беларусаў на сусвет да дабра не давядзе. Рана ці позна пагоняць нас усіх назад у балоты, дзе мы і патопчам адзін аднаго.

Тады падкінулі мы таго чалавека з-пад Мазыра апошні раз, а лавіць ужо не сталі...

Між тым з розных месцаў пачалі чуткі даходзіць, што нябожчыкаў цяпер нават не хаваюць, бо як ты ні пільнуй, а нейкая сіла ўсё роўна труну на грудок выпіхвае і крыжы на трэскі ламае.

Натуральна, у народзе разгубленасць. Па ўсіх прыкметах набліжаўся канец свету, прынамсі, гэтага, а што ў такім выпадку рабіць — ніхто не ведаў, бо раней канца свету яшчэ не здаралася. Таму нам нічога не засталося, як на ўсялякі выпадак вымыць сподняе і чакаць.

Невядома, колькі трэба было б нудзіцца ў чаканні, але раптам усхапіўся той, надта разумны:

— Загіне свет ад нашай нерашучасці, і што потым пра беларусаў скажуць?

— Сораму ад людзей не абярэшся, — дадаў нехта збоку.

І, напэўна ад сораму, мы неяк у адзін момант вырашылі: калі няма ў нас згоды, каго куды выпраўляць, дык пойдзем без перабору ўсе разам у апраметную, абы толькі белы свет цалкам не ляснуў.

Праўда, вайсковец з ветэранамі нас не падтрымалі.

— Вы нам не закон, — кажуць. — Як Масква палічыць патрэбным, гэтак і станецца.

Але іх ужо ніхто не слухаў, бо тут зноўку вылузнулі з нябёсаў тыя самыя анёлкі. Яны памарудзілі хвілінку, а затым паведамілі, што за нашу ласку да ўсяго белага свету мы ў пекле будзем мець выгоду. На святы нам будуць кіно пра рай паказваць.

— І вайскоўцам з ветэранамі? — пацікавіўся я. Ды запозна. Бо яны адразу як вераб’і пырхнулі.

Толькі мы тых анёлкаў і бачылі.

Споведзь апошняга інквізітара

Бог даў чалавеку ўсё, што яму трэба. Звера ў лесе, рыбу ў вадзе, зерне ў полі, агонь, жонку і дзіця ў хаце. І калі б Бог лічыў, што чалавеку патрэбныя крылы, — Ён даў бы яму крылы.

Вось чаму, як толькі нехта хацеў перарабіць на лепшы заведзены Богам парадак, мы раскладвалі вялізнае вогнішча на выгане за вёскай і з дымам выпраўлялі авантурніка ў нябёсы...

Гэты хлапчук яшчэ бегаў у кашулі, а я ўжо прыглядаўся да самых спелых бярозаў, якія мы некалі падсячэм, каб яго спаліць. І аднойчы сэрца маё залямантавала: гэта страшней за буру, страшней за пярун і боскую кару.

Я ўкленчыў перад людзьмі і пасыпаў галаву попелам — аднак мяне не паслухаліся.

— Чаму цябе бянтэжыць пляскаты кругляк, які падлетак выштукаваў з кавалка галамня? Кажы! — патрабавалі адусюль.

Але як я ні намагаўся перакласці лямант сэрца на відушчыя словы, у мяне нічога не атрымалася. Бо я ж таксама не ведаў, якая бяда хаваецца ў пляскатым кругляку, што так шпарка коціцца ўніз па сцежцы, смешна падскокваючы на рытвінах.

Людзі паволі разышліся, а кола падхапілі дзеці і доўга бавіліся, пакуль яно не выкацілася за селішча.

Першы раз кола вярнулася да нас фурманкай, з якой гандляр прадаў нам колькі сякераў і адну кніжку.

Другі — карэтай з панам, які сказаў, што будзе намі апекавацца, бо цяпер мы ягоныя халопы.

Трэці — цягніком, куды неўзабаве паселі лепшыя з нашых хлопцаў.

Чацвёрты...

Чацвёртага разу не было.

Толькі самалёты праляцелі над намі — і кіравалі тымі самалётамі нашыя хлопцы. Мы яшчэ махалі ім рукамі, а ў небе далёка на захадзе і далёка на ўсходзе, далёка на поўначы і далёка на поўдні ўжо выраслі да самых аблокаў паганыя грыбы.

І мы ўсе памерлі.

І калі мы паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.

ПРЫПАВЕСЦЬ

Сум на тэму вяртання

Чалавек доўга блукаў па свеце, а як прыстаў да берага айчыны, дык адразу спатыкнуўся аб свой цень.

— Хіба цябе не было са мной? — здзівіўся чалавек.

— Я тут чакаў.

— Можа, таму я і вярнуўся?

— Пайшлі, — адказаў цень.

Яны паволі падняліся на пясчаную выспу, адкуль пабачылі мястэчка, дзе гэты чалавек нарадзіўся і асталеў.

Чалавек балюча пасміхнуўся і шморгнуў носам. Потым прамармытаў нешта з агідай да самога сябе, і яны рушылі далей. Цень бег паперадзе, як сабака.

— А мо ўжо позна? — засумняваўся чалавек. — Можа, не трэба было вяртацца? Колькі тут засталося жыць!

— Жыць ніколі не позна, — запэўніў цень.

Там, дзе сцежка напрасткі скіравала да мястэчка, цень аббёг чалавека і стаў ззаду.

— Цяпер ідзі сам, — сказаў. І чалавек пайшоў.

Ён не запальваў святла. Сядзеў на зэдліку ля печы, марнаваў тытунь, цвіркаў слінай на вуголле і, падахвочваючы агонь трэскамі, думаў, што гады ў дарозе, як трэскі: зырка гараць, але хутка згараюць.

— Ты шкадуеш аб гэтым? — спытаў агонь.

— Чаго там шкадаваць, — сказаў чалавек і кавалкам сталёвага прэнта паварушыў прысак.

Гаючае святло пляснула ў сырыя куты хаты, загудзеў комін.

— Што згарэла, тое не згніло, — суцешыў агонь.

Чалавек нічога не адказаў, перакуліўся ў мінулае, спрабуючы ахапіць яго цалкам, але разбэрсаныя па свеце гады не збіраліся ў жыццё. Вусны чалавека пакутліва перасмыкнуліся, і ён зноў сплюнуў на вуглі.

— Я ўмею варыць бульбу і смажыць сала, — раптам нагадаў агонь.

— Што з таго, калі я на ўсё забыўся, — роспачна прамармытаў чалавек.

— Але ты навучыўся нечаму іншаму, — лагодна азваўся агонь.

— Я навучыўся швэндацца па свеце і не заўважаць, як ацярушваецца пад ногі жыццё...

На гэты раз прамаўчаў агонь.

Трохі пазней чалавек акрыяў і як бы запытаўся:

— Хіба крама яшчэ не зачынена? Можна было б купіць торбу бульбы і кавалак сала.

— Крама ўжо зачыненая, але побач спагадлівая суседка, — падказаў агонь.

Чалавек не пайшоў да суседкі, ён перастрэў яе на другі дзень ля студні. Клубы жанчыны калыхаліся, як вёдры, і ён запытаўся:

— Ці можна ў вас напіцца?

— Толькі трэба зайсці ў хату, я падам кубак.

— У вас прыгожыя фіранкі на вокнах, — пахваліў ён, трымаючы яе на ходніку.

— Напэўна, вы бачылі прыгажэйшыя.

— Увесь ранак яны чамусь калыхаліся.

— Гэта скразняк.

— Трэба шчыльней зачыняць дзверы.

— Я не баюся скразнякоў.

— У вас не знойдзецца голкі з ніткай? Я добратакі абнасіўся ў дарозе.

— Чаму ж не. Я шыю і людзям, і анёлам.

— Я ўпраўлюся сам, мне б толькі начынне...

— Мы наглядалі за вашай хатай, але думалі, што яна абтрусіцца, пакуль вы вернецеся. Хата без гаспадара, як сабака, хутка дзічэе.

— Чалавек без хаты — таксама.

— Яе можна яшчэ паправіць.

— Хату паправіць можна...

— То хадзем, я дам напіцца.

— Дзякуй, я трохі пазней зайду.

— А вам не расхочацца?

— Піць, можа, і расхочацца, але голка з ніткай усё роўна будуць патрэбнымі.

Хлеў ад самых дзвярэй быў завалены ламаччам. Ён перакінуў сёе-тое з кута ў кут і вызваліў з-пад рыззя варштат.

— Чаго я сюды прыйшоў? — запытаўся чалавек.

— Я сам хацеў пра гэта запытацца,— сказаў варштат.

— Ну, то пытайся.

— Твой бацька збудаваў жытло, выкапаў студню, змайстраваў варштат. А што зрабіў ты?

— Я бавіўся жыццём, як цацкай, пакуль не апрыкла. А цяпер вось думаю, якога яшчэ ражна мне трэба. Ты не ведаеш?

— Чалавеку нічога не трэба, абы было што рабіць. А работа ёсць заўсёды. Таму чалавеку нічога не трэба.

— Хіба чалавек — усяго толькі прылада?

— Чалавека выпраўляюць сюды не на пагулянку. Так лічыў твой бацька. І той, хто не лянуецца, будзе мець пасля ласку на тым свеце, а лайдака зноў вернуць, каб рабіў тут самую брудную работу.

— Мне хапіла аднаго разу, болей я не хачу.

— Тады бярыся за справу. Можа, яшчэ паспееш...

— Каб жа я ведаў, за што мне брацца...

— А чаму цябе навучылі?

— Хадзіць па дарогах і без дарог.

— Хада — гэта не работа, хада — гэта шлях да работы. А калі ты прыходзіў, дык што там рабіў?

— Калі я прыходзіў, то ішоў далей.

— Дык ты пасвіў вецер, — здагадаўся варштат.

На падворку суседа бязладна скакала сякера. Ён падумаў, што яму не абысціся без сякеры, і пайшоў праз дарогу да суседа.

Пасярод занядбанага двара стаяў маленькі вазок з брызентавымі крыламі. Дробны, як згублены грошык, гаспадар кінуў абчэсваць бярозавы калок і з ахвотай патлумачыў:

— Раней я хацеў змайстраваць драбіну на неба, але пасля ўзважыў: ну, усцягнуся туды, і што? Буду сядзець на драбіне, як жаба на карчы.

— Калі паляціш, накінь кажух. На небе халадней, чым на зямлі.

— Я сена нацерушу і посцілкай падаткнуся.

— А куды табе трэба?

— Абы ад зямлі адарвацца. Каб ты адно ведаў, як яна мне апрыкла.

— Ці вернешся?

— Не ведаю. Дзяцей у мяне не было, а жонка памерла. Цяпер куды закарціць, туды і палячу. Ніхто за крысо не трымае.

— Сякеру з сабой возьмеш?

— На халеру яна здалася? Яшчэ зваліцца каму на галаву.

— Ну, тады ляці.

— Можа, дзе жонку сустрэну...

— Жанчыны на неба рэдка трапляюць.

— Хто ведае? Людзі чаго толькі не чаўпуць, а як яно на самай справе бывае, хто ведае?

Сонца было лагодным, а далеч — празрыстай. У накірунку выраю шуганула ладная сціжма ластавак і зноў запанаваў спакой.

«Каб восень была заўсёды, паміраць было б лёгка», — думаў ён, напрасткі прамінаючы пожню.

Ад хутара дзеда засталіся толькі састарэлая дзічка і мураваны склеп. Падчас вайны ў ім хаваліся людзі з суседніх вёсак, а ў мірную пару на доўгіх паліцах берагліся да вясны антонаўкі і каштэлі.

— Бомбы — гэта яшчэ не самае горшае,— сказаў склеп.

— Ці бывае што горшае за вайну?

Не дачакаўшыся адказу, ён па ацалелых сходах сышоў у нетры. У даўкай цемры пахла не яблыкамі, а невараццю.

Ён запаліў сярнічку, каб агледзецца і прайсці аж да тыльнай сцяны, дзе звычайна клаліся каштэлі. Падшыванцам ён заўсёды чакаў зручнага моманту, каб крадком праслізнуць туды і з пахкай цемры выхапіць салодкі, як грэх, яблык.

— Не хадзі туды, — сказаў склеп.

І ён паслухаўся, ды і сярнічка ўжо згасла.

На сонцы ціха назвоньвала цішыню срэбра павуты. Удзірванелая зямля была спрэс усланая драбнюткімі грушамі. Ён падумаў перапытацца пра вайну яшчэ ў дрэва, але адразу расхацеў. Калі восенню на гарышча не ссыпаюць дзічкі, а ў склеп яблыкі — дык што там у каго пытацца. Ён толькі назбіраў поўную торбу дзічак і пайшоў. Але ўжо не напрасткі праз пожню, а па ледзь прыкметнай сцежцы да гасцінца.

Яна карміла курэй, ён стаяў пад яблыняй і спадылба пазіраў на нізкае сонца. Неўзабаве сонца асела ў гушчар старых могілак, а куры разбрыліся па завуголлі. Трэба было развітвацца, аднак яны марудзілі. Жанчына азірнулася і знайшла сабе зграбаць бацвінне, а ён глядзеў на яе і думаў, што іхнія хаты амаль кранаюць адна адну стрэхамі і гэта, напэўна ж, не выпадкова.

— Вам трэба паставіць плот, — сказала яна. — Неабгароджаная хата — як голая дзеўка...

— Тады давядзецца хадзіць да вас праз вуліцу.

— Можна зрабіць брамку.

— Брамка будзе рыпець.

— У дбайнага гаспадара брамка не рыпіць. Раптам зашумела неба, і над імі прыпыніўся вазок. Сусед схіліўся долу і радасна паведаміў:

— Цяпер я ведаю, чым ёсць вецер. Гэта такія дробненькія вусякі, можа ў сто разоў драбнейшыя за вош. Яны збіраюцца натоўпамі і лётаюць абыкуды, а мы кажам, што гэта дзьме вецер. Раней я ўсё дзівіўся, як можа дзьмуць тое, чаго няма, бо калі вецер не дзьме, дык яго няма...

— Ты часам не бачыў там двух анёлкаў? — перапыніла яго жанчына. — Такія ружовенькія, з маркотнымі вачыма...

— Там шмат хто сноўдаецца, хіба ўсіх згадаеш? — сцепануў плячыма сусед і пакіраваў на свой падворак.

Над імі зноў расхінулася настылае шэрае неба, і яны доўга ўглядаліся ў гэтую шэрань, спрабуючы разгледзець прыкметы тамтэйшага жыцця. Але адсюль нічога не было відаць. Яны ўнурыліся кожны ў сваё і моўчкі разбрыліся па хатах.

Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота — усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, — сам у сябе запытаўся чалавек, — а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»

Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца спінай да выпаленай печы.

Вецер вымеў з нябёсаў увесь ледзяны хлуд, і жанчына з мужчынам зноў перастрэліся ля студні.

— Вы яшчэ тут? — як бы здзівілася яна.

— Можа і няблага, што я вярнуўся на зіму. Пакуль растане снег і высахнуць дарогі, можа, абвыкнуся. Зімой хочацца быць там, дзе ты ёсць, а ўлетку — там, дзе цябе няма.

— У нас тут добра.

— Адзін чалавек раіў: ніколі не вяртайся туды, дзе табе некалі было добра. Цябе там сустрэне нуда.

— Я гэта таксама ведаю, бо змушаная хадзіць па сцежках маладосці. Але гэта калі ідзеш без клопату.

— Дзе прыдбаць такі клопат, ад якога чэзне нуда?

— Клопат прыдбаць лёгка. Спачатку трэба ўзяць сабаку, потым знайсці жанчыну, а па вясне пасадзіць бульбу і купіць парася. Але найперш вам след павесіць фіранкі на вокнах. Хто ні ідзе па ходніку, зазірае ў хату. Гэта як жыць на шашы.

— Мне звыкла жыць у дарозе.

— Я вам пашыю фіранкі.

— Дзякуй. Сёння чырвонае сонца, і падвячоркам мароз асядзе на вокнах. Вось і будзе мне заслона ад чужога вока.

— Маразы ў нас доўга не трымаюцца.

— А што на свеце доўга трымаецца?

— Вашая праўда. Але якраз таму і патрэбныя фіранкі. Яны, як запруда на рэчцы, затрымліваюць струменьчык часу, і тады яго збіраецца даволі, каб нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў.

Як быццам іх шпурлянулі, пападалі на сцежку вераб’і.

Ён стаяў на ганку, і ганку было прыемна, што на яго абапіраецца гаспадар.

— Пастой ля дзвярэй, — схітраваў ганак. — Дзверы любяць быць зачыненымі.

— Мы любім, каб нас зачынялі. А гэта зусім іншае.

З розных куткоў зімы вярталіся на ноч людзі і машыны. Ён глядзеў на людзей і машыны, слухаў галашэнне варон, якія чорным кропам засмецілі барву неба, і казаў ці то ганку, ці то дзвярам:

— Добра бярэцца на мароз. Не адзін верабей акалее да ранку, калі не ўваб’ецца ў застрэшша.

— Халера іх не возьме. Такая шкодная птушка, дзе крок зробіць, там і нагадзіць, — сварліва заўважыў ганак.

— Не ўсё адно, хто па табе топчацца, чалавек ці птушка? А дзверы — толькі для чалавека.

— Ды хопіць вам сварыцца, разумнікі, — памяркоўна сказаў чалавек, аббіў боты ад снегу і ўвайшоў у хату.

У сенях зняў ватоўку, скінуў на цвік шапку і пасунуў твар да люстэрка.

— Здымі бараду, — параіла люстэрка. — Жанчыны любяць маладых.

— Жанчыны любяць тых, хто іх любіць, — запярэчыў ён і нахіліўся распаліць пліту.

— Ну, як табе сёння на бацькаўшчыне? — адно ўсчаўшыся, запытаўся агонь.

Ён нічога не адказаў і прычыніў засланку.

Як толькі ў вакне суседкі гасла святло, ён падсоўваў да ложка табурэтку, ставіў на яе попельніцу, кубак з моцнай гарбатай і залазіў пад коўдру.

Ён муляў бакі, паліў цыгарэты, зрэдку глытаў гарбату і думаў усё пра адно. Ён вярнуўся на бацькаўшчыну жыць ці паміраць? Калі жыць, дык трэба павесіць фіранкі на вокнах і шукаць нейкую сталую працу.

Аднак жыць не вельмі хацелася. Ён ужо раней перабраў усё, што ў жыцця было загатавана для чалавека, а паўтарацца, пэўна ж, не мела сэнсу.

Жыць не вельмі хацелася, паміраць таксама. Як ні круці, выходзіла зноў праставаць у дарогу. Там хутчэй стаптаць рэшткі гадоў.

Але, перш чым звягнуць брамкай, трэба было ўспомніць, чаму ён вярнуўся дахаты.

Можа, ён проста стаміўся шукаць прытулак на ноч?

Дарога — гэта пошук прытулку на ноч. Вось і ўся яе немудрагелістая праўда. І нічога іншага ў дарогі няма. Як толькі знайшоў прытулак, дзень прамінуў. А назаўтра будзе ранейшы клопат. І гэтак да скону, які аднойчы выхапіць цябе з плыні часу і тым самым назаўжды прыбярэ ўсе твае турботы.

Ён раз-пораз перагортваў ацалелыя старонкі ўспамінаў, пакуль не зразумеў, што ўсё гэта дарма. Бо мінулае і будучае ходзяць рознымі сцежкамі. Таму няма сэнсу ні азірацца за спіну, ні пільнаваць далягляд. Без дай прычыны вярнуўся і гэтаксама пойдзе адсюль. Нішто нідзе не трымае чалавека, калі ўвесь ягоны набытак — адзінота.

У сінім прадонні неба самотна кружляў вазок, а на выстылай зямлі некуды беглі хуткія сані. Ад чырвонага сонца і белага снегу жыццё здавалася прыгожым і завершаным, як велікоднае яйка. Ён ішоў з крамы і нёс у торбе віно, а ў кішэнях цыгарэты. Насустрач трапляліся местачкоўцы, але яны яго не цікавілі. У адрозненне ад дрэваў, снегу, гурта сініц на бэзавым кустоўі, людзі былі выпадковымі ў гэтай чырвона-белай стыні...

Абмінаючы могілкі, ён пачуў, як за каменным мурам дзяўбуць грунт сталёвыя ламы.

— Зайдзі, — сказаў цень.

Жалезная брама была расчыненая, і ён збочыў з ходніка.

— Бог у помач.

— Дзякуй на добрым слове.

— Птушка птушку не хавае, звер — таксама. Адно чалавек баіцца сябе мёртвага і засыпае зямлёй, — сказаў ён, абы сказаць.

— Калі летам, дык яшчэ нічога, — заўважылі яму.

— Па вялікіх гарадах зямлю не трэба дзяўбсці, бо там нябожчыкаў у печах паляць.

— Замест дроў?!

Ад такой навіны ўсе кінулі грукатаць.

— У вялікіх гарадах столькі народу, што калі кожнаму нябожчыку аддаць па кавалку зямлі, дык не будзе дзе жыць, адно як на могілках, — растлумачыў ён.

— Скуль столькі людзей развялося? Можа, іх аднекуль прысылаюць, дзе няма месца хаваць? — загаварылі іншыя.

Але доўга гаманіць не выпадала.

— Неўзабаве нябожчыка прывязуць, — патлумачылі яму на развітанне.

На могілках зноў усчаўся грукат. Вароны адразу пападалі ў неба, а на гурбы снегу асыпалася дробнае вецце. І туды асыпалася, дзе пад зямлёй і снегам ляжалі яго бацька ды маці...

Цяпер у той бок нават сцежкі не было.

Апошнім часам людзі яго мала цікавілі, але жанчыны яшчэ вабілі, бо ў чэраве не скончылася хэнць. Таму аднойчы ён не вытрываў і пагрукаў у дзверы суседкі.

— Я не ведаю, чаго прыйшоў, — паспавядаўся ён.

— Суседзі ходзяць адзін да аднаго таму, што яны суседзі.

— Дзе вашыя дзеці? — запытаўся ён потым.

— Яны служаць анёламі.

— А гаспадар?

— Парукаўся з д’яблам.

— Я ніколі не бачыў яго на падворку.

— Нячысцікі не любяць прыходзіць туды, дзе бываюць анёлы.

Яна сядзела за швейнай машынкай, ён прыхаваўся ў засені фіранак і глядзеў, як яе рукі лашчаць ядваб.

Рукі рабілі сваю справу, а сэрца клапацілася аб нечым іншым, бо на вуснах трымцела ледзь прыкметная ўсмешка — і яму гэта падабалася. Але ўвесь час узірацца ў яе твар было няёмка, і ён агледзеўся па хаце.

— Адкуль у вас столькі цацак?

Цацкі былі на паліцах, ложку, падлозе... Не кожная крама мела столькі.

— Часам да мяне прылятаюць анёлы, — сказала яна, абсмактаўшы з вуснаў усмешку. — Два такія ружовенькія анёльчыкі. Яны яшчэ зусім дзеці і таму любяць бавіцца. Я ім не толькі цацкі купляю, але і адзенне шыю. Яны ж зусім голенькія.

Яна расхінула абедзве палавінкі шафы і стала перабіраць дзіцячыя сукенкі, спадніцы, кашулі, гарнітурчыкі...

Ён пахваліў яе ўмельства і сказаў:

— Ну, то я пайду, бо раптам яны прыляцяць. Яна паглядзела на яго з дакорам у вачах і, апусціўшы галаву, сцішана вымавіла:

— Куды вам спяшацца? Яны пачакаюць, пакуль я застануся адна.

— Лепей вы да мяне заходзьце, — пашкадаваў ён яе і ўжо на ганку патлумачыў:

— Нячысцікам няма чаго рабіць там, дзе бываюць анёлы.

Неўзабаве маразы аціхлі і пачалася адліга. У голыя вокны хаты зноў пацяклі аблокі, машыны і людзі. Ён як быццам вярнуўся на дарогу, і нейкі час яго гэта цешыла... Але вечарам, калі запаліў святло, яму сталася ніякавата, і ён засланіў акно ад дарогі пажухлымі газетамі.

— Нарэшце, — з’едліва заўважыла акно. — Не хата, а гасцінец нейкі.

— Ты не любіш гасцей?

— Сапраўдныя госці ў хаце здымаюць шапку...

— І выціраюць ногі, — дадаў за сцяной ганак.

— А потым дастаюць з кішэні пляшку і сядаюць за стол. Ці не так? — усміхнуўся ён і паабяцаў: — Тады будзем чакаць сапраўдных гасцей.

Прыбраў стол, падмёў падлогу, змяніў на чыстую бялізну ды пераслаў ложак. Затым расклаў у пліце агонь і сеў абіраць бульбу.

Не паспела бульба зварыцца, як дзверы гукнулі:

— Ідзі адчыняць.

Жанчына выцерла ногі аб дыванок і ў сенях ссунула хустку на шыю.

— Я прынесла вам фіранкі,— сказала яна.

— А ў мяне ёсць сёе-тое да бульбы...

— Спачатку трэба павесіць фіранкі, — падказала яна.

Фіранкі былі квятастымі, як сонечны поплаў. Ад падваконня адразу пацягнула водарам кветак, і ў падпеччы прачнуўся цвіркун.

— Ці не занадта рана пачалася вясна? — спытала яна потым. — Каб не пабілі яе замаразкі.

Ён пабраўся яе словамі, але змаўчаў у адказ.

Утульная ноч — адзінае багацце змардаванага жыццём чалавека.

Стынуць на холадзе дрэвы, патрэскваюць апошнія вугельчыкі ў печы, а жанчына яшчэ захінае цябе коўдрай і пытаецца:

— Ты бачыў мора?

— Я бачыў мора.

Агорнутыя цішынёй і жалем, яны маўчаць да наступнага пытання:

— Ты забіваў людзей?

— Я не ратаваў людзей.

Ёй карціць дазнацца пра ягоных жанчын, але яна стрымлівае сябе і адно сумна ўздыхае:

— Калісь я таксама была вабнай. Ён запальвае цыгарэту і кажа:

— Для дваіх даволі адной хаты.

Яна радасна палохаецца і зноў пытае пра мінулае і далёкую старану.

— Усюды адно і тое самае, — распавядае ён. —

І ў пустыні, і ў снягах. Ранкам узыходзіць сонца, ноччу мільгацяць зоры, днём людзі завіхаюцца, вечарам кладуцца адпачываць, і звер не лішне розніцца ад чалавека, а чалавек — ад прывіду. Аднойчы я зразумеў, што як той, так і гэты свет недзе страцілі свой сэнс, альбо яшчэ не набылі яго... І таму ніхто не мае іншай мэты, акрамя як агораць свой лапік жытва і потым назаўжды знікнуць у невараці.

— Удвох прамінаць жыццё хутчэй, а калі ёсць дзеці, дык яго нават не хапае, каб перарабіць усе справы, — кажа яна.

— Можа, яно і так, — пагаджаецца ён і высоўваецца з-пад коўдры, каб адхінуць фіранку ды зазірнуць у вочы халоднай беспрытульнасці.

Аднойчы ён адшукаў рыдлёўку і спыніўся ля гурбы ламачча, скіданай на падворку з кавалкаў дошак, шыферу, бітай цэглы і ўсялякага такога іншага...

Недзе тут была студня, якую ў сваю пару выкапаў яго бацька.

Вясна толькі пачыналася, і са споду друз быў прыхоплены лёдам.

«Затое ў мяне будзе свая вада, і сюды будзе хадзіць за вадой жанчына», — суцешыў сябе чалавек, каб не шкадаваць поту.

Выслабаніўшы ад непатрэбшчыны верхнюю кадку, ён апрастаў святлу шлях і зазірнуў у тхло прадоння.

Дно студні было забруджанае розным смеццем, паўзверх якога выцягнуўся мёртвы шчур.

— Ну, як ты там?—запытаўся чалавек у студні.

— Гібею! — рэхам, даўжынёй у пятнаццаць кадак, адгукнулася студня.

— Пачакай трохі, пацяплее, і я выкіну бруд.

— А ты не забудзешся?

— Калі запынюся тут, дык не забудуся.

— На халеру табе кудысьці цягнуцца. Хіба дзе знойдзеш саладзейшую ваду?

Ён нічога не адказаў. Усцягнуў дубовую накрыўку на кадку, але і праз накрыўку пачуў:

— Глядзі, ты абяцаўся.

«Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць», — раптам са злосцю падумаў ён і адкінуў рыдлёўку.

У дарозе ён прызвычаіўся быць нікому не патрэбным і пакрысе навучыўся жыць, каб і яму ніхто не быў патрэбны. А тут на яго кідаліся з усіх бакоў, як сабакі на голую лытку. І яму зайздросна ўспомнілася воля, зорная адзінота і яшчэ нешта, што не мела зграбнага слова, але было самым істотным у таямнічым пакліканні шляху. Той, хто збірае пыл дарог, ведае, што гэта такое.

Дарогі падсохлі, і аднойчы на золку ў адтуліну замка знаёмым посвістам паклікаў вецер. Чалавек ухапіўся за голае плячо жанчыны.

Тады вецер нахабна паляпаў у шыбу.

— Сціхні, прыблуда. Людзей пабудзіш, — злосна цыкнула акно.

Але хіба слова ўтаймуе вецер?

— Фіранкі хай застануцца, — папрасіў ён жанчыну, апрануўся і выйшаў на падворак.

— Вецер свішча, камні маўчаць. Хто з табой будзе размаўляць?—запытаўся ганак.

— Ты абяцаўся, — папракнула студня. Ён зайшоў у хлеў.

— Пайду, — сказаў варштату.

— Хада — гэта не работа, — паўтарыўся варштат. На кухні, куды ён вярнуўся, каб прысесці на дарогу, жанчына сказала:

— Вецер умее задзіраць спадніцы дзяўчатам, але ці атуліць ён цябе на ноч?

— Навошта табе глытаць пыл? — ужо на вуліцы запытаўся сусед. — Сядай у вазок і паляцім разам. А на вячэру вернемся дахаты.

— Сапраўды, — падахвоціла жанчына. — Я нараблю галушак.

Мужчына даслухаў і выйшаў за брамку. Аднак далей ногі пачалі блытацца. Ён азірнуўся і ўбачыў, як цень ушчаперыўся ў штыкеціну.

— А табе якая справа?! — гыркнуў ён і пайшоў шпарчэй.

Цень выцягнуўся ляйчынай і яшчэ нейкі час марудзіў хаду, але потым у сярэдзіне пэнкнуў — і чалавек зваліўся тварам у першы веснавы пыл.

Ён хварэў нейкі час на беспрытомнасць, і жанчына даглядала яго, як скінутае бурай птушаня. Яна брала ў рукі шытво і днямі сядзела каля ложка. І анёлкі былі тут. Спачатку яны палохаліся чужога жытла і туліліся да яе ног, але потым абвыкліся і часам ладзілі такі вэрхал, што жанчыне даводзілася кідаць працу, каб супакоіць неслухаў.

Праз нейкі тыдзень ён акрыяў, адшукаў рыдлёўку і пайшоў у сад. Следам пацягнулася валацужная зграя схуднелых за зіму катоў.

Бралася на ноч. Чорны шацёр неба ў адным месцы працёрся, і вецер зацыраваў дзірку поўняй.

Не было аніякага спеху, і ён мог адкласці справу, але яму гэтак закарцела. Той, каго абрала адзінота, шануе свае парыванні.

Пад каштэляй ён спыніўся і ўтыркнуў рыдлёўку ў дзірван.

Каты паўскоквалі на рэшткі гнілога плота і пакрыўджана завуркаталі. Як толькі ён перарушыў акопваць суседняе дрэва, яны адштурхнуліся ад плота і паляцелі некуды ў бок поўні... А насустрач ім кіраваў вазок.

— Я знайшоў яе, — крыкнуў сусед і святочна азірнуўся на жонку. Нябожчыца паняй сядзела за яго спіной і сарамліва торгала рагі чорнай хусткі. — Хай трохі пабудзе, а потым назад вярну.

Сусед, акрэсліўшы круг над вуліцай, прыстаў на свой падворак, а ён яшчэ доўга туліўся пад дрэвам, стомлена абапіраючыся на рыдлёўку. Затым прысланіў яе да галамня і натруджана пасунуўся ў бок хаты.

Над комінам хістаўся бялёсы дым, у вокнах гарэла святло, і на фіранках адбіваўся цень жанчыны, якая чакала яго вячэраць.

Зрэшты, падумаў ён, куды б ні ішоў адзінокі чалавек, ён заўсёды ідзе да самога сябе.

СУПЛЁТ ЭСЭ

Дзеці

Толькі багі адразу нараджаюцца багамі, а чалавек — ён ад грахоўнага семені. І таму яно зусім няпроста выгадаваць з вісклівага курдупеля нешта людскае. Тым болей, што чорт дзяцей любіць і ад сябе не пушчае.

Беларусы пра гэта добра ведаюць і з першых дзён немаўляці пачынаюць змагацца з інфернальнымі сіламі. Хаваюць пестуна ад злога вока, шэпчуць розныя паганскія замовы, нясуць да папа хрысціць, вешаюць над калыскай асвенчаны крыжык ці загавораныя знахаркай зёлкі...

Цяжка сказаць, наколькі ўсё такое дапамагае, але ж людзі — яны не дурныя, і калі гэтак вычвараюцца, дык пэўна бачаць у тым нейкі сэнс. Хаця, як на мой розум, дык праблема не столькі ў нячысціках абок дзіцяці, колькі ў ім самім. Бачыце, я мяркую, што дзеці — гэта зусім і не дзеці, а проста апранутыя ў кашулю чарцяняты. І ўжо адно ад дарослых залежыць, ці здолеюць яны з гэтых нашчадкаў граху вырабіць штосьці паважна чалавечае. Нездарма беларусы кажуць: дзетак не родзяць, а робяць.

Зразумела, выштукаваць чалавека з няведама чаго — справа не аднаго дня. Тут похапкам ніяк не ўправішся. Да таго ж патрэбная пэўная сістэма. У беларусаў яна неверагодна простая, але надзвычай эфектыўная. І хаця фармулюецца па-рознаму, аднак заўсёды вельмі лаканічна. Да прыкладу: дзеці растуць ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькавага дубца. Інакш кажучы, як толькі нешта нялюдскае зробіш, дык адразу і атрымай бацькаву ласку, каб ніколі не забываўся, што цябе на чалавека рыхтуюць, а не на нейкага там каго...

Хаця, пакуль жэўжык яшчэ маленькі, яго толькі даланёй пляскаюць па азадку. І не так дзеля ўтаймавання, а каб д’яблавы хвасток лішне не вытыркаўся. А як трохі падрасце і пачне ўжо рожкі паказваць, то яго за вуха круцяць. Круціць пажадана не на адну, а хаця б на дзве закруткі, і пры гэтым цягнуць вуха дагары. Тады неслух аж на дыбкі становіцца, і рожкі адразу з патыліцай раўнуюцца...

Потым трэба, каб яшчэ капыткі адваліліся. Тут найлепей па голых пятах лінейкай колькі разоў добра ўпражыць. Прынамсі, лінейкай злоўжывала мая маці, але ж яна была краўчыхай, а чым дзеля гэтай паважнай справы іншыя карыстаюцца, дык я і не ведаю.

Пакрысе жэўжык сталее, набіраецца розуму, толькі гэта яшчэ ні пра што не кажа, бо дзіця да дванаццаці год чорту работу робіць. Таму далей больш эфектыўна побач з фізічнымі ўжываць маральныя метады і прыёмы. Тэхналагічна самы просты — гэта паставіць гіцля ў кут тварам да сцяны... І каб не варушыўся! Няма ў такім узросце большай пакуты, чым застацца без руху і свету белага перад вачыма.

Недахоп гэтага метаду ў тым, што самому нельга куды адысціся, бо чарцянё адразу закруціцца на месцы, як юла, а то і язык высалапіць табе ў спіну.

Таму ў кут пажадана ставіць на калені. Па-першае, укленчаны нягоднік, нават калі над ім і няма абраза, усё адно мацней адчувае свой грэх, чым выпрастаны. А па-другое, тады і табе на якую хвілю можна адвярнуцца, бо з кален не адразу ўскочыш.

А цяпер колькі словаў пра адмысловы прыём, у якім караючы геній беларусаў спраўдзіўся як найлепей... Што тут і казаць, у маленстве кожнага разпораз здараюцца гісторыі, пасля якіх паставіць у кут, хай сабе і на калені — смеху варта. А вось калі пад калені насыпаць гароху ці грэчкі, дык гэта тое самае, што пры жыцці выправіць у пекла...

Пакуль у нас гаворка вялася адно пра методыку хатняга кшталтавання — у тым сэнсе, што неслух заўсёды пад рукой, у чатырох сценах. Такое пераважна здаралася глыбокай восенню ці ўзімку, калі на вуліцу носа не высунеш і з ранку да ночы ўсе разам у цеснай хаце таўкліся: і дзеці, і дарослыя. Тлум быў нязносны, і бацькам нерваў не хапала.

— Дзеці, дзеці, добра з вамі ўлеце, а як зімою, дык хоць аб печ галавою, — казалі яны тады.

Але, дзякаваць Богу, у нас не Сібір, і большую частку года падшыванцы бавяць час на падворку ля хаты, а як трохі падрастуць, то і на рэчцы ці ў лесе.

Вядома, на вольным прасторы ў кут не паставіш, ды і за вуха не заўсёды ўхопіш, бо які дурань будзе чакаць экзекуцыі, калі можна даць лататы і ператрываць дзе-небудзь у завуголлі, пакуль бацькоўскі гнеў хоць трохі ахлыне. Таму дзеля гэтай сітуацыі рэпрэсіўная сістэма мадэрнізоўвалася. Шкада толькі, што пры гэтым яна губляла сваю разнастайнасць, але затое рабілася больш гнуткай, паколькі галоўным карным начыннем цяпер абіраўся дубец.

Дарэчы, дубец у вясковым жыцці ўвогуле універсальная прылада. Ім і карову з пашы на падворак заганяюць, і парсюка ў загарадку, і чужых курэй на сваім гародзе прэсінгуюць, але перадусім, натуральна, неслухаў сцёбаюць. На хлапца не шкадуй дубца, — слушна раіць народная мудрасць.

Пра дубец іншым разам я, можа, нават і паэму напішу, бо ён варты таго. Але тут запынюся толькі на яго самай пякучай версіі — крапіве.

У пэўным сэнсе крапіва, прынамсі па лютасці пакарання, не саступае гароху. І адпаведна ўжываецца адно тады, калі злыдзень сваім свавольствам давядзе чалавека да такога шаленства, што той, не шкадуючы ўласных рук, выдзера з-пад плота пук крапівы, дагоніць нягодніка, куды б ён ні схаваўся, і адлупцуе па голай срацы, каб аж скура курэла.

Час, вядома, ляціць імкліва. Не паспееш азірнуцца, як малеча вымахала ў бэйбуса — з бацьку ростам. Ясная рэч, што такога доўбню лашчыць дубцом — адно людзей весяліць. І тут ужо ніяк не абысціся без папругі. Па-першае, яна заўсёды пры бацьку, гэта значыць у кожны патрэбны момант якраз пад рукой. Па-другое, у залежнасці ад наробленай шкоды можна хвастаць скурай, а можна і жалезнай спражкай. А па-трэцяе (і гэта, бадай, самае істотнае), папруга — сакральны атрыбут мужчыны. І таму хоць і крыўдна, і балюча, калі бацька лупцуе папругай, але і ганарова, бо тым самым цябе ўжо як бы ў мужчыны прысвячаюць.

Звычайна папругай і канцуецца складаны працэс штукавання спраўнага беларуса. Бо калі не ўзяў чорт малога, то і вялікага не возьме. А як узяў, дык ужо таўчы потым гэтага доўбню ў каршэнь — не таўчы, а толку ўсё роўна не будзе...

* * *

Зусім верагодна, што некага мае папярэднія развагі моцна абураць. Маўляў, можна падумаць, быццам гадаваць дзяцей па-беларуску — гэта ўсяго толькі круціць ім вушы, трымаць па кутах на каленях, сцёбаць дубцом і лупцаваць папругай... І абураныя будуць мець рацыю. Бо хіба ж мы вылюдкі якія? Аніяк не горшыя за хоць каго! А што да дзяцей, дык беражэм і песцім іх, бадай, нават і залішне, бо з уласнага досведу ведаем, што доля беларуса гаротная — дык хай хоць у маленстве з жыцця пацешыцца.

Дарэчы, і караем неслухаў досыць рэдка, часцей абыходзімся адно віртуальнымі пагрозамі кшталту: от ты ў мяне зараз заробіш, якія зазвычай пустым гукам чэзнуць у паветры. А яно і навошта без патрэбы рукамі махаць? Галоўнае, каб гадаванец трымаўся межаў чалавечага і як пацеры ведаў, што калі самахоць перакрочыць у нялюдскае, дык тады хай сам на сябе і наракае.

І апошняе. Народная педагогіка беларусаў надзвычай багатая як на прыватныя парады, гэтак і на канцэптуальныя прапановы, але асабіста мяне найболей чаруе кранальная прастата і геніяльная завершанасць наступнага выслоўя:

— Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі — пасі як авечку, тады і выйдзе на чалавечка.

Праца

Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. А як няма ні працы, ні гарэлкі — ён нудзіцца. Аднак доўга нудзіцца яму не выпадае, паколькі справаў звычайна хапае, а калі ёсць работа, дык знойдзецца і нейкі грошык, каб сябе падвесяліць.

Працаваць беларусу гэтаксама звыкла, як дрэву расці, а каменю ляжаць. Але памыляецца той, хто лічыць, быццам мы шмат працуем, бо мала зарабляем. Зусім наадварот: мы мала зарабляем, каб болей працаваць. І ведаеце, чаму так? Інакш давядзецца альбо піць гарэлку, альбо нудзіцца. Толькі не трэба думаць, што беларусы занураныя ў працу адно з перасцярогі да сваіх заганаў. Усё куды больш сур’ёзна.

Бачыце, шмат працаваць — гэта не доля беларуса, гэта ягоны лёс. А лёс, як вядома, на кані не аб’едзеш.

З чаго нам выпаў гэткі лёс — ніхто напэўна не ведае. Затое вядома, што без меры працуе той, хто нічога болей рабіць не ўмее: ні ваяваць, ні гандляваць, ні забаўляцца.

Нехта імкнецца ўзножыць Вавілонскую вежу ці збудаваць камунізм, нехта высільваецца, каб заваяваць альбо забавіць увесь свет, а беларусу абы мазоль не сыходзіў з рукі.

Жыць з мазаля — вось наш таемны гонар. Жыць дзеля мазаля — вось наш таемны сэнс. І таму адно ў нас могуць у роспачы сказаць: Бог працу бачыў, а мазаля не даў.

— На чым палягае гэты таемны сэнс мазаля? — часам пытаюцца нашых людзей чужаніцы.

І чуюць у адказ:

— Рабі, што робіш, і хай будзе, як будзе. Натуральна, хоць чаго зразумець з гэтых словаў старонняму чалавеку немагчыма. Таму многія лічаць нас недарэкамі і раз-пораз спрабуюць перайначыць на свой капыл.

За палякамі беларуса спрабавалі адвучыць ад гарэлкі, але паколькі ў нас заставаліся праца і нуда, дык нічога ў палякаў не атрымалася.

За расейцамі беларуса спрабавалі адвучыць ад працы, але паколькі ў нас заставаліся гарэлка і нуда, дык нічога ў расейцаў не атрымалася.

Магчыма, нехта паспрабуе ў адначассе збавіць нас і ад працы і ад гарэлкі, але ў яго таксама нічога не атрымаецца, бо няма ў свеце такой сілы, якая магла б вызваліць беларуса ад ягонай нуды, калі ён без анічога ў руках застаецца сам-насам...

З іншага боку, ніяк не выпадае казаць, быццам мы лішне зацятыя працай. Беларус зусім не працаголік (гэта значыць той, хто і ад дурной работы атрымлівае асалоду). Хутчэй наадварот — звычайна наш чалавек працуе як бы цераз прымус. Адсюль і мноства прымавак, кшталту: «У Бога дзён многа»,

«Колькі ні рабі, а ўсяго не пераробіш», «З кута ў кут, і вечар тут»...

Адным словам, не надта мы любім улягацца ў работу, толькі няма ў нас іншага выйсця. Рэч у тым, што для беларуса праца — гэта не тое, што забяспечвае чалавека жыццём, а само месца жыцця.

З чаго так сталася — патлумачыць проста.

Ні свая хата, ні свой падворак ніколі не будуць тваімі, пакуль ты не маеш сваёй краіны, якая заслоніць цябе ад хцівага вока чужаніцы. А як мы не мелі гэткага заступніка, то ўсялякі прыхадзень у кожны момант мог адабраць у нас хату, выгнаць з падворка і засеяць уробленыя палеткі сваім пустазеллем.

Аднак ёсць нешта, чаго ніводзін рабаўнік не зможа пазбавіць чалавека, пакуль той жывы, — гэта ягонага мазаля...

Калі гэбраяў выгналі з гістарычнай радзімы, яны абралі сабе айчынай нябёсы. Калі беларусам не далі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, яны абралі сабе бацькаўшчынай працу...

«Рабі пільна — і тут будзе Вільня», — кажуць беларусы, маючы на ўвазе, што праца сама з сябе ёсць і Вільняй, і Ерусалімам, і усім астатнім.

Праца — дом быцця беларуса. Вось чаму мы адразу пачуваемся выгнанцамі з роднай краіны, як толькі рукам няма справы (і тады ўмомант пачынаем альбо нудзіцца, альбо гарэлку піць).

Між іншым, пра рукі. У маёй бабулі, даўно нябожчыцы, я бачыў іх нерухомымі толькі на фотаздымках. І потым яшчэ аднойчы — у труне. Дык вось, неяк сядзелі мы з ёй на ганку яе хаты. Яна абірала бульбу і нешта распавядала, я цешыўся з яе цудоўнай беларускай мовы. Сёння ўжо не ўзгадаць, пра што вялася гаворка, толькі між усяго іншага яна мімаходзь прамовіла: «Як паміраць — дык дзень губляць».

Мяне аж скаланула. На схіле доўгіх гадоў, калі гэтымі ўкарэлымі, спрэс парэпанымі рукамі перацярэбленая гара працы, шкадаваць не жыцця, а той работы, з якой яна не зможа ўправіцца ў дзень сваёй смерці!..

Натуральна, тады я і думаць не думаў, што праз гады паспрабую распавесці пра тое, як беларусы працаваць умеюць. Разважаючы над абранай тэмай, я вельмі хутка зразумеў: ніякім асаблівым умельствам мы тут не вылучаемся. Што ўжо там казаць пра сем велічных цудаў свету, калі нават драбнюткую вош не мы падкавалі. Але разам з тым я зразумеў, што мы ўмеем рабіць нешта куды больш істотнае за хоць які цуд — мы ўмеем рабіць саму працу! І ўмеем як мала хто яшчэ, сведчаннем чаму нашае доўгае прамінулае, дзе нас ад злыбяды гісторыі баранілі не замкі, не войскі, не грошы, а толькі нашыя мазалі. Між іншым, колькі за гэтую пару народаў і царстваў, што некалі ганарліва апалоньвала свет, пазнікала дазвання, а мы, якія за працай свету не бачылі, лашчымся сонейкам ужо трэцяга тысячагоддзя ад Раства Хрыстова.

Таму не палічыце за пустую рыторыку і мае наступныя словы: беларусы не для свету створаныя, яны створаныя для працы. Якраз апошняга я і не разумеў, калі скалануўся ад словаў любай бабулі: «Як паміраці — дык дзень губляць».

Але цяпер і я последам за ёй кажу: не ведаю, калі мяне прычакае мой апошні дзень, затое ўжо наперад мяркую, што гэта будзе самы лайдацкі дзень у маім жыцці.

Бровар

Яшчэ была ноч, а мы ўжо ўсхапіліся і паехалі. Ад грукату двух матацыклаў прачнулася ўсё мястэчка. Прынамсі, мне так здавалася. Вядома, у страху не толькі вочы, але і вушы вялікія. А баяцца было чаго — мы ехалі ў Белавежскую пушчу гнаць самагонку.

Увогуле я законапаслухмяны грамадзянін. Нават вуліцу пераходжу выключна на зялёнае святло. Ды надта цікава было, як мае сябрукі робяць тое, што забаронена рабіць, але дазволена спажываць. І аднойчы я напрасіўся да хлопцаў у хаўрус, уяўляючы сабе, як мы крадком зашыемся пад густое кустоўе, сцярожка раскладзем цяпельца бяз дыму, паставім на яго ладны чыгунок са змеевіком і, слухаючы цішыню, будзем чакаць, каб хутчэй зацурчэў першачок...

Ужо добра развіднела, калі мы спынілі матацыклы ў гушчары і пехатой рушылі скрозь непралазныя нетры.

— Трохі далей Віскулі, — паказалі мне рукой. — Тут Брэжнеў любіў паляваць.

На тую пару Брэжнева ўжо не было, аднак яшчэ і далёка было да снежня 1991 года, калі блізу гэтай глухой балаціны Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паставяць крыж на Савецкім Саюзе. А потым добра хапануць адмысловай белавежскай самагонкі за спачын імперыі...

Неўзабаве мы выплюхалі на сухую выспачку, і я ледзьве не абамлеў. Якое там кустоўе, якое цяпельца?! Тут быў сапраўдны бровар, адно што без даху і сценаў. На добра ўтаптаным лапіку сушы там і cям стаялі вялізныя бочкі (хіба іх з верталёта сюды скідвалі?), злучаныя паміж сабой гнутымі трубамі і гумовымі шлангамі. Ля дбайна ўпарадкаванага кастрышча былі ўкапаныя козлы для пілавання дроваў, трохі ўбаку — стол і лаўка, а пад невялічкай паветкай ляжалі розныя прылады ды начынне...

Натуральна, хлопцаў мая разгубленасць усмак пацешыла. Каб дадаць дзіва, яны пачалі выцягваць то з-пад адной, то з-пад другой купіны закаркаваныя паперай пляшкі.

— Тут самагонка сама расце, — патлумачылі. —

Галоўнае, каб потым не забыцца, дзе ты яе пасадзіў.

— Можа, першачку дачакаемся? — наіўна запытаўся я.

— Хто ж цёплую самагонку п’е? — здзівіліся хлопцы і ўключылі «Спідолу».

Я кінуўся сцішваць прыймач.

— Ты што? — спынілі мяне. — Іншыя з магнітафонамі і дзеўкамі прыязджаюць, феерверкі ладзяць... А мы цішком.

— Нічога сабе цішком, — абурыўся я. — А як ляснік пачуе?!

— Чаго яму слухаць, ён і так прыйдзе, — супакоілі мяне.

Ляснік сапраўды прыйшоў, але толькі пад вечар, калі саракалітровы бітон быў амаль поўны. Колькі гаёваму з бітона адлівалі, я не глядзеў. На тую пару мяне ўжо мала што цікавіла і нічога не палохала. Ачмурэлы ад самагонкі ды заедзі, а найбольш — ад саладжавага паху выпаранай бражкі (ён слупом стаяў да самага неба), я і думаць забыўся на свае ранейшыя страхі. Што там ляснік! Цяпер я ўжо не баяўся ні дзікоў, якія прыходзілі да гэтай балаціны ласавацца адпрацаванай бражкай, ні нават амапаўцаў, якіх гады ў рады пасылалі на зачыстку пушчы, каб яны, не шкадуючы аўтаматных куляў, рабілі з жалезных бочак альтанкі для скразнякоў.

Зрэшты, на страхі і лішняга часу не заставалася. Трэба было секчы і цягаць сухамліны, а потым пілаваць іх на дровы, трэба было вёдрамі насіць з балаціны ў бочкі халодную ваду, а з бочак выбіраць гарачую і зліваць у іншую балаціну, трэба было сачыць за вогнішчам і гатаваць абед, а яшчэ і халодную самагонку трэба было спажываць, што таксама адымала і час, і сілы.

Дарэчы, працы было б значна больш, ды хлопцы прыладзіліся замест дроваў паліць салярку. З прымацаванай на дрэве каністры яна па тонкай трубцы самахоць цякла ў фарсунку, а тая пырскала па дне самай вялікай бочкі роўным і моцным полымем. Таму дровы мы падкладвалі адно ў вогнішча пад той бочкай, з якой празрыстым струменьчыкам цвыркаў у вядро гатовы прадукт. Толькі мне на яго нават глядзець было млосна, не кажучы пра тое, каб каштаваць ды ласавацца. Я быў настолькі правэнджаны алкагольнай парай, што каб сёння патрапіў на вячэру канібалам, дык назаўтра яны не ўніклі б апахмелкі.

Ужо добра сцямнела, калі мы разбоўталі ў бочцы з вадой мех мукі на новую порцыю бражкі, пасеялі пад купінамі некалькі пляшак цёплай самагонкі (хай астываюць да наступнага разу) і, сяк-так упарадкаваўшы начынне, пацягнулі праз балота паўнюткі бітон з-пад малака.

Як мы ехалі дахаты (і як даехалі) — гэта асобная гісторыя, але нават пасля лазні я і сам ад сябе нос вярнуў. Цяпер я добра разумеў, чаму мой дзед, які жыў на хутары за кіламетры тры ад бліжэйшай вёскі, мог некалькі начэй запар чакаць ветру ў пусты далягляд, каб паставіць на агонь бражку з цукровых буракоў. Бацька ж, наадварот, пільнаваў ціхай пагоды, бо ў мястэчку суседзі з усіх бакоў. Ужо на пенсіі ён зрэдзьчас «ціснуў» сабе на летняй кухні некалькі літраў таксама «цукроўкі», толькі не з буракоў, як дзед, а з кубінскага рафінаду.

А вось як вырашаюць праблему смуроду ў горадзе, я і дагэтуль не ведаю. Адзін з маіх гарадскіх сяброў, хімік па адукацыі, падчас гарбачоўскага рушэння за агульную цвярозасць рабіў на гаўбцы такі напой, што яго і піць было шкада, хіба адно замест дэзадаранту на сябе пырскаць...

Дарэчы, якраз з гэтым сябрам мы добра насёрбаліся ў Туве самагонкі з малака. Дзён дваццаць наш спартовы хаўрус бадзяўся сам-насам высока па гарах, а як спусціўся ніжэй у даліну, дык сустрэў пастухоў, і яны вынеслі нам з юрты тазік (пазней дакладна ў такі будуць грукаць бумбамлітаўцы), поўны нейкай бляклай вадкасці. Самагонка была слабенькая, як нашае піва... Зрэшты, пасля трох тыдняў голаду і холаду мацнейшая нам была б і залішне.

Разумею, што апошняя згадка не мае ніякага дачынення да беларускага досведу ў гэтай адмысловай справе. Толькі я яе не абмінуў наўмысна, каб у адначассе сказаць, што самагонку можна рабіць з чаго заўгодна і як заўгодна — і на тым спыніцца. Бо далей яшчэ трэба паспець запытацца: з чаго беларусы гэтак адданыя самагонцы?

Похапкам здаецца — ясная рэч: дзе ж тых грошай набярэшся на крамную халеру. Але ж ці ўсё так проста? Яно і ў іншых краях не кожнай людзіне заробку хапае ўдосыч, аднак там чамусьці не хаваюцца па лясах і сутарэннях дзеля таннай гарэлкі.

Бачыце, каб рабіць самагонку, трэба не толькі ўмець, а яшчэ і любіць хавацца. Зразумела, не кожнаму такое даспадобы. А вось беларусам няма большай прыемнасці, чым знікаць у нікуды, бо хованкі — наша нацыянальная гульня, якой мы бавімся адвеку... З таго ў нас і «партызанка», што заўсёды раней, што за немцамі, была як нідзе, ды і падпольшчыкаў у гарадах хапала... Так яно і дасюль вядзецца. Прыкладам чаму тыя сціжмы самагоншчыкаў, што сёння хаваюцца па лясных нетрах і гарадскіх сутарэннях. Яны і ёсць нічым іншым, як часткай нашага адвечнага партызанскага руху. А тое, што цяпер на іх ладзяць аблогі не іншаземныя карнікі, а родныя ўлады, па сутнасці, нічога не іначыць.

Тым я і збіраўся скончыць сваё эсэ, толькі якраз учора адзін прыблуда абразіў мяне.

— І калі гэта беларусы кінуць жлукціць гарэлку? — між іншым запытаўся ён.

На што я спакойна, аднак з гонарам, адказаў:

— Беларус — не скаціна. Гарэлку на ваду ніколі не прамяняе.

Мова

Пісаць пра беларускую мову — што на могілках забаўляцца. У якім месцы ні спыніся — усюды сум.

Але ж наракаць ды скардзіцца на тое, што беларусы роднае мовы цураюцца,— сэнсу таксама няма, бо колькі можна...

Таму лепей запытайцеся мяне, скуль завялася ў нас гэткая прыкрая завядзёнка. І я вам умомант адкажу: беларусы на злом галавы бягуць не ад мовы, а ад таго лёсу, што наканаваны ім роднай мовай...

Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет — вучыцца аж пад Маскву. Даволі хутка я вярнуўся дахаты без навукі, але з упэўненай расейскай гаворкай, на якой, не хаваючы форсу, гаманіў у мястэчку.

Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маю расейшчыну... І толькі праз шмат год, неяк згадаўшы той выпадак, я зразумеў: нагодай для ўхвалы былі не мае лінгвістычныя здольнасці, а спадзеў, што хлопец, які гэтак лёгка забываецца на роднае слова, будзе мець лепшую ад беларускай долю.

Між іншым, долю мы выбіраем самі, а лёс нам наканаваны мовай. Якая мова — такі і лёс. У адрозненне ад старабеларускай — мовы княжай канцылярыі, ужо тутэйшая беларуская доўгі час была мовай адно тых, хто жыў з мазаля. На ёй не размаўлялі ні святары, ні гандляры, ні настаўнікі, ні паны — і нават падпанкі не на ёй размаўлялі...

Тутэйшая мова была тым таўром, якое пазначала месца чалавеку побач з быдлам. І каб патрапіць у людскі свет, трэба было перадусім выдаліць з сябе гэтае таўро.

Мая маці ўжо ў маладосці сталася знанай краўчыхай мястэчка. Але зусім не таму, што мела зграбныя пальцы і швейную машынку «Зінгер»... Паколькі ўсё мясцовае кіраўніцтва было з прысланых пасля вайны расейцаў, дык яна спрытна засвоіла іхнюю мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную і ўплывовую кліентуру.

Карацей кажучы, кожны беларус здавён ведаў, што, каб прыдбаць сабе хоць трохі лепшай долі, найперш трэба адрачыся ад тутэйшай гаворкі.

Але гэткае становішча, як пакажа час, было яшчэ не самым горшым для мовы. Горшае яе чакала наперадзе, калі ў ХХ стагоддзі кожны, хто залішне вытыркаўся на вочы з родным словам, патрапляў пад рэпрэсіі ўладаў. Вось тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам бядоты, сталася знакам бяды. Бяды сапраўднай, блізкай, смяротнай для ўсялякага, хто сваёй мовы не адцураўся. У лепшым выпадку змагароў за мову чакалі прыгнёт і нішчымніца, у горшым — эміграцыя, Сібір ды Курапаты.

Многія дзівяцца: як гэта Пётра Машэраў, які добра-такі прыклаўся да вынішчэння беларушчыны, стаўся народным героем? А вось менавіта таму і стаўся, што, загнаўшы нацыянальнае красамоўства выключна ў пісьменніцкі асяродак, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а адвечную беларускую бяду, якая на гэтай мове палягала. І калі Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады Старшыні Вярхоўнага Савета. Беларусы і розумам ведалі і нутром адчувалі, што як толькі кіраўнік дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, дык неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся...

З дарогі ў роднае мястэчка нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі: «Беларус прыехаў». Я на гэта трохі злаваўся, і часам мне карцела запытацца: «А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?»

Але не пытаўся, паколькі разумеў — бацька мае рацыю. Бо азначэнне «беларус» у нас найперш адсылае да свядомага ўжытку роднай мовы і з гэтага да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а ўжо потым да нацыянальнай прыналежнасці, якая сама з сябе ні пра што не кажа.

Размаўляць па-беларуску — гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласнае жаданне быць для адных місіянерам новай веры, для другіх варожым голасам, а для ўсіх астатніх — ат, такім сабе блазнам.

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш... Усялякі раз, калі на людзях мы гамонім па-беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадскую акцыю ці мастацкі перформанс, бо кожны побач адразу напінаецца ўвагай. Верагодна, у нейкую, магчыма і не зусім аддаленую, пару, каб размаўляць на людзях па-беларуску, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх уладаў з адзнакай месца і часу, як гэта робіцца, калі хтосьці ладзіць палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.

Свядома трымацца мовы — гэта штодня выконваць ролю беларуса ў трагікамічным спектаклі без пачатку і канца. Гэта — жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая роля беларуса не мусіць быць перапыненай, і на помніку тваё імя напішуць на матчынай мове. Каб хто ні ішоў побач, дык запыніўся думкай:

— Бач ты, і на тым свеце яму няймецца. І пасля яшчэ доўга сам-насам дзівіўся:

— От жа і ўпартыя бываюць сярод беларусаў.

Хоць кол ім на галаве чашы, а яны ўсё роўна за сваё чапляюцца!

Свабода

Свабода, як зубная шчотка, у кожнага свая. Гэта толькі разумнікі ў бібліятэках панавыдумлялі, быццам ёсць нейкая агульная для ўсіх свабода. Каб яны не ў кнігі ўглядаліся, а ў жыццё, дык хутка ўцямілі б, што свабода — рэч надзвычай канкрэтная і таму з чужой волі іншаму няшмат карысці.

Паразумеемся. Крот у нары не менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя гарызонты і кшталты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён напэўна будзе мець рацыю, як палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць.

Прыкладам, асабіста для мяне як для літаратара свабода слова — гэта не абстракцыя, а тая ж самая прылада працы, што асадка ці аркуш паперы. Гэта значыць — зусім рэальная каштоўнасць, за якую мне мае сэнс змагацца, бо без магчымасці нязмушана выказваць свае думкі я не здолею напоўніцу адбыцца ў сваёй дзейнасці — а з гэтага як бы не дажыву наканаваны мне век. І таму той, хто адымае ў мяне свабоду слова, адымае ў мяне не нешта абстрактнае, а крадзе маё, забірае ў мяне частку мяне самога. З гэтага зусім натуральна будзе, калі я крыкну яму: «Злодзей!..»

Але якую каштоўнасць уяўляе свабода слова, скажам, для маіх бацькоў, якія за ўсё сваё жыццё не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газет (за выняткам хіба тых выпадкаў, калі там друкаваўся фотаздымак іхняга сына), а па тэлевізары глядзелі адно меладраму?

Дык што ім да таго, ёсць там нейкая свабода выбараў у парламент ці яе няма, забараняюць выдаваць камусьці газеты ці не? Вось калі б па вясне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі калоць парсюка — тады іншая рэч. З газет і парламента сытым не будзеш, а з бульбы ды парсюка сам пражывеш, дзяцей выгадуеш і на ўнукаў яшчэ ўспееш пацешыцца...

Адсюль недавер паспалітага чалавека да ўсялякіх свабод, што разумнікі выдумляюць, бо не бачна з тых вымудраў карысці таму, хто жыве з мазаля. Пэўна, разумнікам з іхняга шчыравання і абламаецца нейкая выгода, а простаму люду пры любой уладзе адна свабода: жыццё паміж хлевам і полем дарэшты стаптаць.

* * *

Рыхтуючы гэтае эсэ, я старанна перагарнуў два ладныя тамы «Прыказак і прымавак» і не менш ладны том «Выслоўяў» з «Бібліятэкі народнай творчасці». Уявіце сабе, сярод тысяч і тысяч самых розных трапных выразаў, у якіх найлепей выяўлены геній беларускага народа, мне ўсяго аднойчы сустрэлася слова «свабода». Выпадковае, як занесенае аднекуль ветрам, яно выглядала чужаніцай у простай мове. Што, зрэшты, і натуральна, бо свабода аніякім чынам не тоеснілася з тагачасным жыццём беларуса.

Рамантыку, мабыць, немагчыма даць веры, што ў пэўную эпоху нашыя продкі не мелі патрэбы ў свабодзе і нават ведаць не ведалі, з чым яе ядуць. Яны марылі аб лепшай долі, шанавалі людскасць, здаралася, на здзек адказвалі гвалтам, але ім і да галавы не было дбаць пра нейкую там свабоду.

Але хай рамантык лішне не дзівіцца. Свабода без хоць якой улады — гэта не свабода, а ўсяго толькі беспрытульная воля жабрака. У Рымскай імперыі свабодныя плямёны варвараў добраахвотна прасіліся да рымлянаў у рабы, бо стан рабства забяспечваў больш высокі ўзровень дабрабыту, чым жыццё ў нішчымнай волі. Прыкладна з той жа прычыны рабынегры ў Паўночнай Амерыцы самаахвярна падтрымлівалі сваіх рабаўладальнікаў у вайне з фэдэратамі, што хацелі іх вызваліць ад рабства. Найбольш незадаволенымі адменай прыгоннага права ў Расійскай імперыі былі не памешчыкі, а прыгонныя, якім раней у бядзе і нястачы законам гарантавалася падтрымка пана.

Яшчэ раз паўторымся: свабода без улады — гэта жабрацтва. А беларуская вёска, дзе раней і табарыўся ўвесь наш народ, не валодала хоць каліўцам якой улады. І нічога такога нават на даляглядзе яшчэ не паўставала. Дык што беларусам было да нейкай там свабоды? З чаго ім мелася пра яе дбаць і змагацца, калі ўся іх улада як была адно над скацінай у полі ды жонкай у хаце, гэтак і надалей мусіла застацца, колькі б яны ні перарабілі паўстанняў і рэвалюцый.

* * *

Была яшчэ адна прычына, якая надоўга размінула беларусаў з свабодай. Пасля «крывавага патопу», арганізаванага маскоўцамі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, наш край шляхецкіх вольнасцяў спрэс зняможыўся ды заняпаў. Таму далей яго раз-пораз лёгка апалоньвалі не тыя, дык іншыя прыхадні. Каго тут толькі не было, хто тут толькі не панаваў: шведы, французы, немцы, палякі, расейцы... З чаго беларусы неўпрыкмет звыкліся з акупацыяй, як з ціскам атмасфернага слупа, і пакрысе зусім перасталі зважаць на прыгнёт. І толькі мова ім нагадвала, што тут адбывалася насамрэч.

Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы і па сёння кажуць: гэта было за палякамі, за немцамі, за саветамі... Гэта ж як далёка і надоўга трэба было размінуцца з свабодай, каб паспела ўнармавацца мова, якая ўжо нават не ўтрымлівала граматычнага ладу самастойнага існавання!

Аднак усё некалі мінае. Спакваля беларуская вёска пераехала ў горад, набудавала заводаў, інстытутаў, стадыёнаў — і шмат чаго яшчэ ў дадатак. Цяпер у беларусаў амаль усё было як у людзей. Не ставала толькі ўлады, каб прыўласціць сабе ўвесь гэты наробак.

І тады яны пахапалі бел-чырвона-белыя сцягі і выйшлі на вуліцы ды плошчы гарадоў. Праўда, там, на вуліцах ды плошчах, яны пра ўладу ні слоўка не казалі, а казалі толькі пра свабоду. Але ж і раз’юшаныя буржуа падчас Вялікай французскай рэвалюцыі крычалі таксама пра «Свабоду. Роўнасць. Братэрства», а не пра ўладу, якую яны гвалтам паспрабавалі адваяваць у распешчанай і разбэшчанай арыстакратыі.

* * *

Тады, пад бел-чырвона-белымі сцягамі, беларусы не зваявалі сабе свабоды. І з гэтага па сёння многія з іх чэзнуць у роспачы. Але як на мой цяперашні розум, дык бадай што і дарэмна чэзнуць, паколькі за свабоду можна толькі змагацца, але яе нельга заваяваць.

Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (згадаем Спартака, Яна Гуса, Кастуся Каліноўскага, Чэ Гевару...), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай французскай рэвалюцыі, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінаамерыканскіх рэвалюцый...

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду.

Толькі не трэба блытаць чаканне з пасіўным перабываннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы. Чаканне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы з свабодай.

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не з’явілася на Беларусі пасля распаду савецкай імперыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсцем свабоды на Беларусь: мацаваць і вялічыць прастору яе чакання. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў здабыванні свабоды, а ў стварэнні сітуацыі яе масавага чакання. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду — яна Беларусь не праміне!

Могілкі

Праз дарогу ад хаты, дзе я нарадзіўся і асталеў, за высокім каменным мурам пачыналіся старыя могілкі. Як толькі мне было дазволена перабягаць праз дарогу, увесь вольны час я бавіў з сябрукамі за тым мурам. Там мы гулялі ў хованкі, індзейцаў, футбол, карты... Пазней там сустракаліся з дзяўчатамі. На ўжо ледзь прыкметных магільных капцах добра спелі суніцы. Яны былі больш буйнымі і салодкімі, чым дзе яшчэ — ці гэта нам толькі здавалася, бо патрэбная была пэўная адвага, каб ласавацца ягадамі з грудкоў над дамавінамі, хай сабе і даўно спарахнелымі.

Могілкам было шмат стагоддзяў, і пад нашымі нагамі спрэс пластаваўся чалавечы прах. Але калі не лічыць рэшткаў збуцвелых крыжоў і рудых ад іржы агароджаў, дык гэтае месца нічым не адрознівалася ад зарослага парку, бо ніхто ўжо не памятаў пра тых — пад дзірваном...

Неяк бацька паскардзіўся маці:

— Ужо смерць насоўваецца, а навошта жыў?

— Куды ад смерці падзенешся? З варонамі не паляціш! — буркатнула маці. Бацька не спрачаўся.

Паўз нашую хату — з аднаго і другога канца мястэчка — лічы штодня жывыя няспешнай хадою праводзілі на могілкі нябожчыкаў. Паміраць на нашай вуліцы было гэтаксама натуральна, як і жыць. А можа і больш натуральна, бо ў жыццё чалавек мог і не з’явіцца, а паміраў дык абавязкова.

Жывыя мусяць памерці! — у гэтым мы безліч разоў пераконваліся на свае вочы. І зайздросцілі не тым, хто доўга жыў, а тым, хто хутка паміраў. І хаця на ўсё воля Божая, толькі хто з нас употайкі не марыў, каб потым пра яго сказалі: «Лічы, не пакутаваў нябожчык».

Але якой бы смерць ні была, галоўнае ў гэтай падзеі — не яна сама, а праводзіны нябожчыка на той свет. Вядома, кожны з нас наастачу варты ўшанавання, толькі сапраўдная сутнасць урачыстага абраду зусім не ў гэтым. Бачыце, хаця чалавек жыве дзеля людзей, аднак памірае выключна для самога сябе. Таму калі б мы не хавалі яго ўсім светам, дык ніхто напэўна і не ведаў бы: ці то чалавек ужо сышоў назаўсёды, ці яшчэ недзе жывым хаваецца, прыкладам, ад уладаў ці аліментаў?

Інакш кажучы, рытуал пахавання існуе не столькі дзеля нябожчыка, колькі для тых, што пакуль застаюцца жыць, — каб яны не блыталі, каго на якім свеце шукаць. Апошняе тут самае істотнае. А самае адметнае тое, што паколькі нябожчык звычайна яшчэ жывым рыхтуе ўласныя хаўтуры, і рыхтуе для жывых, дык сама смерць апынаецца недзе спадысподу. А наяве і нябожчыка, і нас турбуе зусім іншае: як ён будзе выглядаць з твару, які гарнітур апране, колькі народу збярэцца, хто якія словы прамовіць, — але найперш каб страваў і гарэлкі на памінальным фуршэце ўсім хапіла.

— Колькі народу было, а які стол! — пачуеш назаўтра ад знаёмца і толькі пазней зразумееш, што гамонка не пра бенефіс актора ці аўтарскую вечарыну, а пра хаўтуры па чалавеку.

Аднак не трэба думаць, быццам наш кандыдат у нябожчыкі дбае адно пра жывых і зусім забыўся на сябе, гэта значыць на ўласную смерць. Падрыхтаваўшы новы гарнітур, месца на могілках, грошы на хаўтуры, помнік і труну (як труна яшчэ не сохне на гарышчы), ён пачынае думаць пра той момант, калі расчуленыя госці разыдуцца па хатах і назаўжды пакінуць яго сам-насам.

Дзе такое можа быць — назаўжды? І што ён там, на небе, будзе рабіць столькі часу? І куды да ветру хадзіць, калі пад табой людзі?.. Гэткія і безліч іншых пытанняў пачынаюць вярэдзіць самотніка, а каб хто адказаў — дык ніхто, бо што жонка, што поп абазнаныя ў тым свеце не болей за яго самога.

Праўда, Бог усё ведае, толькі дзе яго знайсці? Але іншага нікога няма, і на самым прыканцы жыцця наш чалавек пачынае выглядаць Бога — спачатку ў самім сабе, пасля на цвінтары сярод жабракоў, а затым і ў царкву зазірне...

Беларусу зусім не патрэбны Бог дзеля жыцця — тут ён і сам управіцца. Бог яму патрэбны дзеля смерці, гэта значыць, на той выпадак, калі чалавек раптам некуды знікае з уласнай самасці. Між іншым, беларуса ў смерці не так тая смерць палохае, як вось гэтая страта самога сябе. Ён жа спрадвеку ведае, што калі сам сабе не дапаможаш, дык і ніхто табе не дапаможа. А як гэта зрабіць, калі цябе самога якраз і няма?

Аніяк!

Таму надалей нічога іншага і не застаецца, акрамя як на Бога спадзявацца. У рэшце рэшт Бог і з’явіўся на свет, каб ратаваць чалавека ад смерці. Дык хай ратуе, калі абяцаўся.

Займеўшы такую выснову, беларус ідзе да споведзі, а пасля аднойчы памірае, пэўны веры, што хаця смерць здольная абрабаваць чалавека на жыццё, але ніколі не адужае Бога, каб адабраць у Яго чалавека.

Ясная рэч, Бог не зломак, сваё абы-каму не аддасць. І ў гэтым сэнсе паміраць можна спакойна. Толькі хто б мне сказаў, на якую трасцу мы патрэбныя Богу?

І я зноў згадваю могілкі насупраць бацькоўскай хаты. Пэўна, мне не трэба было гойсаць па напластаваннях праху, скакаць праз пахіленыя крыжы, частавацца суніцамі з магільных капцоў, абдымацца з дзяўчынай на заімшэлых плітах... Бадай мне ўвогуле не трэба было перабягаць праз дарогу, і тады я разам з іншымі суцяшаў бы сябе, што не знікну дазвання ў невараці, а з Божае ласкі перабяруся да Яго за пазуху. Але я залішне доўга бавіўся на старых могілках, каб не помніць, ува што згортваецца чалавек, чым і дзе ён вершыцца.

І калі нехта, збіраючыся ў апошні шлях, запытае мяне пра быццё і нябыт, дык я маю для яго прынамсі пачатак адказу: быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на магільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары... А вось працяг адказу кожны мусіць выбіраць сам, бо толькі ад гэтага выбару залежыць, куды ён патрапіць наастачу: у могілкавае скляпенне ці ў катакомбы нябёсаў, дзе Бог у марудзе вечнасці спеліць блакітныя надзеі.

Эсэ пра эсэ

Калі цябе хвалюе жанчына — ты пішаш верш.

Калі цябе трывожыць чалавек — ты пішаш раман.

Калі цябе вярэдзіць быццё — ты пішаш філасофскае эсэ.

А так бывае кожны раз, як толькі нешта ўжо незваротна скончылася: сяброўства, каханне, надзея... А наноў яшчэ нічога не распачалося.

Эсэ — гэта востраў, куды можна патрапіць адно пасля караблекрушэння. Вось чаму эсэ заўсёды пачынаецца з вусцішнай адзіноты. Ты стаіш на пустэльным беразе і пакрысе ўсведамляеш: каб не знікнуць дазвання разам з тым, што цябе цешыла і бавіла раней, трэба самому ўсё вынайсці і стварыць наноў — і сябрука Пятніцу, і гліняны збан.

І ты рушыш у глыб вострава, скуль няхутка вернешся да людзей, каб распавесці ім гісторыю свайго вяртання...

Менавіта з вусцішнай адзіноты пачынаецца і лепшае беларускае эсэ, якое Ігнат Абдзіраловіч прароча назваў «Адвечным шляхам».

Паслухаем аўтара:

«Нашы часы — часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў і іх канечнага зьніканьня праз недаўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым».

* * *

Нікому невядома, хто прыдумаў драму, паэму, раман. А вось у жанру эсэ ёсць канкрэтны аўтар — Мішэль Мантэнь. Гэта яму першаму, яшчэ ў ХVІ стагоддзі, надакучыла хавацца за літаратурных герояў, і ён ад уласнага імя сам распавёў праўду пра сябе як пра чалавека з усім, так бы мовіць, «залішне чалавечым».

Эсэ — мужны жанр. У апавяданні аўтар распранае на людзях героя — у эсэ ён распранаецца сам. Толькі каб напісаць эсэ, адной адвагі мала. Трэба яшчэ мець ахвоту здумляцца. Без мыслення эсэ ператвараецца ў замалёўку, эцюд, нарыс... У што заўгодна, але не ў эсэ.

Усе ведаюць знакамітае выслоўе Рэнэ Дэкарта:

«Я мыслю — значыць, існую». Дык вось, першая частка гэтага выслоўя («Я мыслю...») і ёсць формулай эсэ.

Няма эсэ без твайго ўласнага «Я» перадусім, але і няма эсэ без «Я», якое мысліць.

Разам з тым не трэба залічваць эсэ толькі да інтэлектуальнай літаратуры. Бо калі быць больш дакладным, дык эсэ — не зусім мысленне, а вольнае дыханне мыслення. Гэта значыць, што эсэ мысліць не мысленнем, а ўсёй сваёй дрогкай субстанцыяй. Як, скажам, у яшчэ адным вялікім беларускім эсэ — паланезе «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.

* * *

Эсэ — самы еўрапейскі літаратурны жанр. І не толькі таму, што яно нарадзілася ў Францыі. Славуты еўрапейскі індывідуалізм не ў малой ступені сфармаваны менавіта еўрапейскай эсэістыкай. Бо гэта якраз эсэ наперад калектыўнага «мы» высунула персанальнае «Я» і тым самым звярнула ўвагу на чалавека ўпаасобку ад Бога і Дзяржавы.

Калі заўгодна, ва ўлонні эсэ чалавек нарадзіўся як каштоўнасць. А без апошняга не магло быць ні Вялікай французскай рэвалюцыі з яе мэтай «Свабода. Роўнасць. Братэрства», ні дэмакратыі, якая пазней апанавала чалавецтвам па ўсёй зямной кулі.

Неяк Людовік ХІV ганарліва сказаў: «Францыя — гэта я». Пасля з’яўлення эсэ кожны адукаваны паспаліты займеў трыбуну, каб амбітна заявіць:

«Я — гэта сусвет».

* * *

Эсэ — палігон свабоды. На ягонай тэрыторыі кшталтавалі свой досвед не толькі свабода слова і мыслення, але і воля да годнага жыцця. Прынамсі, там, дзе яна была, гэтая воля... Невыпадкова вялікая расейская літаратура не мела жанру эсэ і нават назву кнігі Мішэля Мантэня «Essais» расейцы перакладалі як «Опыты».

Дэспатыя ведае толькі адно «Я» — «я» самадзержцы, і адну свабоду — свабоду дэспата.

Да самага апошняга часу амаль не было эсэ і на

Беларусі. Хаця распачыналася наша літаратура не з вершаў і не з прозы, а з геніяльнага эсэ Францішка Багушэвіча, якое чамусьці лічаць усяго толькі прадмовай да паэтычнага зборніка «Дудка беларуская». Гэта адтуль вусцішныя словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»...

Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт «геніяльнае» тут абсалютна да месца... Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак не меў. Станаўленне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі, і таму перадусім бралася пад увагу не персанальнае «я», а калектыўнае «мы»: мы — беларусы.

А пазней эсэ на Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму.

Ясная рэч, эсэ і таталітарызм — з’явы несумесныя. Пры таталітарызме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасці свабоднага мыслення. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ?

І вось што яшчэ цікава. Як сітуацыя прыгнёту задоўжыцца, дык нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць не дзеля грамадскіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма чаго далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадныя мундзіры, каб распрануцца да галізны і ўвайсці ў сцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.

* * *

У Францыі эсэ аднойчы выбухнула свабодай, у Беларусі, наадварот, свабода выбухнула эсэістыкай. З пачатку дзевяностых (прыдбання незалежнасці) эсэ запанавала ўсюды: у філасофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы... Але нашыя літаратуразнаўцы не зважаюць на гэты феномен. Яны паранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў паэзіі ды прозе — і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтара дзесяцігоддзя — адбылося ў жанры эсэ.

Ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы момант, што да эсэ на Беларусі...

Ужо колькі стагоддзяў таму на прасторах нашай бацькаўшчыны сутыкнуліся і з тае пары існуюць у супраціве дзве ментальнасці. Адна з іх, уласна еўрапейская, вызнае за асноўную каштоўнасць індывідуум. Другая, расейская, аддае перавагу «саборнасці» — калектывісцкаму «мы».

Няма сумневу, што беларуская літаратура і надалей будзе падзеленая адпаведна менталітэту яе аўтараў. Але калі чалавек сам заблытаецца, да якога свету ён належыць (еўрапейскага ці расейскага), папытайцеся ў яго: ці піша ён эсэ?

* * *

Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёння дакладна ніхто не ведае, што гэта такое. Таму пра эсэ заўсёды можна казаць, што яно ёсць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсць.

Рэч у тым, што выразнай мяжы паміж эсэ і якім іншым тэкстам няма — прынамсі, вонкі. Адрозненне палягае не ў форме і нават не ў змесце, а ў прычыне, якая кліча эсэ аб’явіцца.

Артыкулы, нарысы, трактаты ёсць рэхам на нейкія з’явы ці падзеі. І таму яны не могуць быць не напісанымі — не тым, дык іншым аўтарам.

Не так у эсэ. Нішто з таго, што дзеецца знадворку, само па сабе не змушае яго адбыцца. У прыклад згадаю хаця б яшчэ адно геніяльнае беларускае эсэ —«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча.

Эсэ — гэта падзея, раптам народжаная вярэдзівам сэрца і спавітая здумленнем. Вось чаму пра кожнае сапраўднае эсэ можна сказаць, што яно магло быць не напісаным.

Напісаць эсэ — гэта зачарпнуць жменяй з вірлівай плыні быцця і нейкі момант глядзець, як быццё празрыстымі цуркамі сцякае паўз твае пальцы...

Калі вы напісалі эсэ, вы не напісалі нічога.

СКРУШНЫЯ СЛОВЫ

Слова

Слова, што тут казаць, — Бог. Цуд маўлення — найвялікшы на гэтай скрані быцця. У параўнанні з ім нішто нават само стварэнне свету. Не вымаўлены і праз маўленне не выяўлены свет — нешта настолькі жахлівае, што не можа мець свайго слова... Узнікаюць і гінуць галактыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над снягамі аблокі, туляцца ў пушчах звяры, а ў карчах рыбы... Толькі ўсяго гэтага дзіва ніхто не заўважае, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця свішча вецер, трушчацца камяні, рыкае звер, але вусцішная моўча пануе ўсюдна.

Усё ёсць і нічога няма. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр...

Інакш кажучы, пакуль свет быў адно сам для сябе, яго як не было. І толькі Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы саміх сябе. І ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.

Таму слова — Бог. І яно было напачатку. Гэта бясспрэчна.

Напрыканцы слова зноў не будзе. Гэта напэўна. Апакаліпсіс — не енк, лямант, мальба... Апакаліпсіс — той дзень, калі ўсім нам разам адыме мову.

«Гэта канец свету», — паспее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе нават сам сябе.

Цывілізацыя

Чалавек аб’явіўся і стаў жыць у свеце, створаным Богам. А вось Божае Царства на зямлі ён мусіў стварыць сам.

Колькі тысячагоддзяў чалавек старанна ўлягаўся ў працу, але замест Царства Божага ў яго атрымалася Цывілізацыя. Цывілізацыя — гэта калі куды вока ні кінь, усюды бачна не створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. У дваццаць першым стагоддзі зямная куля, як цесны пакой, спрэс застаўленая людскім наробкам. І гэты рукатворны свет ужо мае сваю веру — тэхнічны прагрэс, свайго бога — атамную Бомбу, свой судны дзень — ядзерны Апакаліпсіс.

У гэтым наўсцяж чалавечым свеце ўсё амаль як і ў тым, нерукатворным... З адной толькі розніцай. Бог стварыў белы свет для птушак, звяроў, зораў, Адама і Евы, а чалавек выштукаваў Цывілізацыю выключна для самога сябе.

Шэсць мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайна сусветнай Цывілізацыі, каб забяспечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Дзеля яго дзень і ноч працуюць заводы, фабрыкі і электрастанцыі, грукочуць цягнікі і круцяць коламі машыны, плывуць караблі і кружляюць касмічныя спадарожнікі... Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную Цывілізацыю...

Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я таго, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага і няўцяннага існавання, гіганцкі молах цывілізацыі без роздыху перамолваў на друз той жыццядайны сусвет, што аднойчы быў створаны Богам для ўсяго бытнага?

Я таксама запытаўся ў сябе — і мне адразу зрабілася вусцішна...

Меліярацыя

Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя збольшага ўкладваецца ў шэсць словаў: Рэвалюцыя, Вайна, Міграцыя, Меліярацыя, Чарнобыль і Незалежнасць. За кожным з гэтых словаў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сцвярджаць, што найвялікшая з іх пазначаная словам Меліярацыя. Бо пасля татальнай меліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч колісь назваў жаночым імем Беларусь...

Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе на абшарах нашай бацькаўшчыны штодня ўлягаліся ў працу адзінаццаць тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі змяніць ландшафт Беларусі, як змяніла яго меліярацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі ды купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсленыя прамыя лініі канаваў.

Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым? Не!

Меліярацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля яе завяршэння Беларусь развіталася са сваёй жаночай сутвай.

Медыцына ўжо досыць даўно мяняе пол чалавеку, але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінай. Толькі ці ўлічылі рэфарматары, што хаця праз пластычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе чэлес (а мужчына — цыцкі), але жаночы чэлес не здольны апладніць улонне (як з цыцак мужчыны не выціснеш і кроплі малака)...

Напэўна, сяго-таго мае апошнія словы трохі збянтэжаць. Буду шчырым, мяне таксама бянтэжыць метафара Беларусі як істоты з чэлесам, якая звонку выдае на жанчыну, але не здольная ні вывергнуць жыццядайнае семя, ні прыняць яго ў сябе... І я б вокамгненна змяніў яе на іншую, каб цераз перамену метафары можна было вярнуць плоднасць знявечанаму чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь.

Нядзеля

У Бібліі сказана: «І завяршыў Бог да сёмага дня справы Свае, якія Ён рабіў, і адпачываў у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх, якія Ён рабіў». А паколькі чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, то ў сёмы дзень тыдня людзі таксама адпачываюць, іншымі словамі — нічога ня дзелаюць. Верагодна, адсюль і — нядзеля...

Адпачывае Бог, адпачывае чалавек, але нехта ж мусіць рупіцца, каб трымаць быццё і ў нядзелю. Імя гэтага рупліўцы дакладна назваў Ніцшэ: «Д’ябал ёсць адпачынкам Бога ў сёмы дзень тыдня».

Ужо ж напэўна, менавіта ў нядзелю, калі спрацаваны Бог прыдрамаў у ціхамірным забыцці, д’ябал спакусіў Адама і Еву ўчыніць першародны грэх, каб ад іх нарадзіўся чалавек.

Усе мы дзеці Нядзелі, і Грэх — наш бацька. Таму

ў сёмы дзень тыдня мацней, чым звычайна, звоняць званы і святары ў сваіх казаннях як ніколі палымяна заклікаюць да чысціні і цноты.

Але чалавек цнатлівы толькі ў працы, а ў нядзелю працаваць грэх. І гэта зусім слушна, бо грэх патрабуе вольнага часу. А яшчэ — багата пладоў з Дрэва ведання і ліха.

З гэтага ў нядзелю на стале чарка і скварка, а за чаркай і гулянка, і юр, і, здараецца, сварка. Пакуль Бог адпачывае, мы святкуем Нядзелю, свята першароднага граху, самую вялікую падзею з усіх, што здарыліся пасля таго, як Усёмагутны Творца аддзяліў святло ад цемры.

Утульнасць

Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды... Насамрэч ён усюды і заўсёды прагне аднаго — утульнасці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна без Бога, нехта без грошай, а хтосьці — без свабоды.

Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сцежку да Бога? — Падзячыць Богу за прытулак у вечнасці.

А што перадусім зробіць жабрак, калі трохі набярэцца грошай? — Прыдбае сабе катух.

А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі набудзе свабоду? — Пабудуе ўласны Дом.

Чалавек не птушка. Ён не любіць бясконцасць прасторы і беспрытульнасць волі. Таму чалавек увесь час будуе сцены і акрэслівае межы.

Мяжа — гэта зусім не тое, што раз’ядноўвае людзей, мяжа — гэта тое, што атуляе чалавека ад скразнякоў бязмежжа.

Чалавек можа знайсці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь...

І што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не з любові да свабоды, самастойнасці ці чаго там яшчэ, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларуссю ад скразнякоў бязмежжа.

Ганьба

— Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць, — не аднойчы казаў мне бацька. Слушна казаў, толькі хто ў наш век слухае старых? Але калі шыхты АМАПа насунуцца на людзей, якія выйшлі на плошчу абараняць Бацькаўшчыну, і ўжо няма куды ім падзецца, я адразу згадваю бацькаву параду. Ды позна. Бачна, што зараз адлупцуюць як мае быць. Зразумела, не толькі мне аднаму бачна. І таму мы ўсе (беларусы, расейцы, габраі, палякі) напрамілы Бог пачынаем лямантаваць: «Ганьба, ганьба...».

Паразумецца чалавеку з чалавекам можна на якой заўгодна мове, а вось супрацьстаяць гвалту магчыма адно на мове таго краю, у якім цябе гвалтуюць. І таму цалкам натуральна, што ў супраціве размаіты натоўп галосіць па-беларуску. Але хто б мне сказаў, чаму ён енчыць менавіта «Ганьба»? Ці мала ў нашай мове цяжкіх словаў, якімі добра кідацца замест камянёў?

Можа, таму гэтае слова першым патрапляе пад руку, што мы яго заўсёды маем «за пазухай»?.. Ганьба за знявечаную долю і пабраны край цяжкім каменем ляжыць на сэрцы кожнага, хто адважыўся на супраціў. І нам няма патрэбы нагінацца і шукаць камяні пад нагамі, мы іх проста бярэм з крушні свайго сэрца і шпурляем у шыхты, што перагарадзілі нам шлях ад сораму ў сабе да гонару за сябе...

Дарэчы, неяк мой бацька сказаў:

— Сорам яшчэ нікому вочы не выеў, а з вялікага гонару ўжо не адзін рызыкант на шыбеніцы язык высалапіў.

Так то яно так, мой абачлівы і мудры бацька, але колькі можна трываць гэты цяжар на сэрцы, імя якому — «Ганьба»?!

Прыпынак

На прыпынку ля жытла ці працы гарадскі чалавек бывае часцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак абжываецца як свой уласны і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэрыторыяй. І хаця на прыпынку зазвычай шмат людзей, аднак кожны з іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязлюднай выспе.

Між іншым, нідзе яшчэ, акрамя як на прыпынку, урбанізаваны чалавек не бачыць штодня незашклёнае неба, дыхае хай і засмуроджаным, але не працэджаным форткамі паветрам, цешыць вока зяленівам травы, а слых — шапаценнем лістоты. Толькі тут, на прыпынку, ён хоць на момант далучаецца да адкрытай прасторы сусвету, ад якога ва ўсе астатнія часы яго адсланяюць тунэлі і катухі тэхнакратычнай цывілізацыі.

Але ў сярэдзіне дзевяностых прыпынак займеў яшчэ адну, на гэты раз цалкам адмоўную ролю... Не ведаю, як у іншых гарадах Беларусі, але ў Мінску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазіцыйных мітынгаў і шэсцяў так званыя «людзі ў цывільным» хапалі якраз на прыпынках альбо паблізу іх. Можа, гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек надалей не адасоблены ад людзей, нідзе ён настолькі не адзінотны, як на прыпынку?

Неяк пасля «гарачай вясны» дзевяноста шостага года я міжволі прыслухаўся да размовы двух хлопцаў, бо яны сумоўнічалі па-беларуску.

— Дык, кажаш, на якім прыпынку цябе хапанулі? — запытаўся адзін.

— На Чырвонаармейскім, — адказаў другі і ў сваю чаргу пацікавіўся:

— А цябе?

— Аж на Варвашэні.

Дарэчы, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку каля станцыі метро «Усход», і я, пакуль падыходзіў тралейбус, паспеў падумаць: «Для многіх людзей майго пакалення той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці як месца першай сустрэчы з каханай дзяўчынай, а гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць ні прыпынак Чырвонаармейскі, ні — Варвашэні, бо тут іх, відаць упершыню, зняволілі за любоў да Бацькаўшчыны».

Алергія

Некалі ў мяне быў сябар, карачаевец Махці. Сталін выселіў яго народ у Казахстан, дзе Махці нарадзіўся і асталеў сярод стэпавых прастораў. Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец не змог там застацца з суайчыннікамі, бо сярод гораў і далінаў пакутаваў на алергію.

— У мяне алергія на Бацькаўшчыну, — неяк з сорамам прызнаўся Махці.

Я кожны раз згадваю свайго даўняга сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сцяга ці герба «Пагоня». Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца целам, і з жалем думаю: гэты чалавек хворы. У яго алергія на Бацькаўшчыну, як у Махці. Бо хаця гэты чалавек, пэўна, і не пакідаў роднага котлішча, але некалі яго народ прымусова «выселілі«» ў Расійскую імперыю, дзе ён нарадзіўся і вырас. А калі яму было дазволена «вярнуцца» на гістарычную радзіму, дык тут ён адчуў сябе блага. Без дай прычыны яго пачало няможыць, курчыць, ліхаманіць, і аднойчы ён зразумеў, што гэтая немач ад сустрэчы з Бацькаўшчынай — і знелюбіў усё роднае.

Хворы на алергію варты жалю не менш, чым які іншы хворы. І было б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісць да беларушчыны, калі яна чыніць яму адны пакуты. Таму я зусім не маю намеру кагосьці ўпікаць, а тым болей — абражаць. Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае.

Калі Махці казаў пра сваю хваробу, дык ягоныя вочы вільгацелі сорамам... А чаму тады ў нашых людзей, якія маюць алергію на Бацькаўшчыну, яны палаюць нянавісцю?

Самота

Наўрад ці ў якой яшчэ мове слова «самота» мае столькі ж, як і ў нас, сінонімаў альбо проста падобных па сэнсу словаў: сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласць, смутак, жальба, нэндза, шкадоба, ростань, туга... І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося. Вось яшчэ адно: вусціш — той гранічны стан бязмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах смерці і небыцця.

Магчыма, я і перабольшваю, але часам мне здаецца, што і ўсе астатнія нашыя словы — самотныя...

Долю мы выбіраем самі — лёс нам наканаваны мовай. Мы не можам быць іншымі ад таго, чым ёсць наша мова. І як бы калі шчасна ні склалася для Беларусі гульня гістарычных падзеяў, і на які б заможны лад аднойчы ні ўпарадкаваўся наш дабрабыт, мы, бадай, назаўжды застанемся самотным народам.

Дарэчы, калі хтосьці старонні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднае мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе у хоць якую іншую, то я зазвычай удакладняю: яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, што наканаваны ім мовай.

Але не варта зайздросціць тым, хто эміграваў ад нас у больш бадзёрыя мовы. Уцекачы хутчэй вартыя шкадобы. Бо якая гэта пакута — жыць з сэрцам, набрынялым спадчыннай самотай, і не знаходзіць, колькі ў той мове ні шукай, патрэбных словаў, каб гэтую самоту вымавіць хаця б самому сабе...

Скарга

Беларусы шмат да чаго здатныя. Але што мы сапраўды добра ўмеем рабіць, дык гэта наракаць і скардзіцца. Між іншым, нас гэтаму ўмельству само жыццё навучыла. Калі не хочаш, каб да цябе розныя прыхадні лішне чапляліся, наракай перад імі на сваю гаротную долю. Мы і наракалі дзень пры дні, бо прыхадняў у нас ад веку не менела. І так з гэтага да гаротнай мовы прызвычаіліся, што цяпер ужо нават паміж сабой не гаворым, а толькі крыўдуем: на галечу, недарод, спёку, начальства ды іншую халеру...

Натуральна, што мы і свайго першага прэзідэнта абіралі не па якіх там адмысловых здольнасцях, а каб лепей за іншых умеў наракаць ды скардзіцца. І не памыліліся ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзідэнцтва: на апазіцыю, Пазняка, карупцыю, прафсаюзы, засуху, Расею, НАТО, сусветны імперыялізм — усяго да ранку не перабярэш.

Але, што праўда, мы таксама гэтым часам у шапку не спалі. Як толькі на свайго абранніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасцяў не звярталіся са скаргамі на яго.

Дарэчы, іншаземцы ўсур’ёз даюць веры нашым і нашага прэзідэнта скаргам. Абураюцца, спачуваюць, раяць, як нам наш нягеглы лёс на кані аб’ехаць... Зрэшты, а скуль ім ведаць, што як толькі мы спынімся наракаць і скардзіцца, дык нам адразу мову адыме. Бо на іншыя словы мы ўжо невядома калі забыліся. Засталося адно на ўсе выпадкі — скарга.

Радасць

Кожны чалавек нечаму цешыцца, усялякая супольнасць мае свае святы, але народ становіцца нацыяй толькі тады, калі яго аб’ядноўвае нейкая, адна на ўсіх, вялікая радасць...

Не сталася для нас такой радасцю Кастрычніцкая рэвалюцыя, як пра тое потым семдзесят год казалі камуністы, але не было ёю і стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, як сёння спрабуюць пра гэта казаць нацыянальна заангажаваныя. Бадай, з усяго дваццатага стагоддзя можна вылучыць толькі ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Рассечаная лязом «Брэсцкага міру», Беларусь і з таго і з другога боку натуральна імкнулася задзіночыцца ў адно цэлае. Не станем тут кранаць праблему злачыннага пакта Молатава — Рыбентропа, дзякуючы якому мы нарэшце з’ядналіся... Але ў беларусаў гэтая падзея выклікала сапраўды агульнанацыянальную радасць, якая з тае пары больш ніколі не паўтаралася. Бо хаця радасць ад заканчэння Другой сусветнай вайны была значна вастрэйшай, аднак гэта была проста ўсеахопная радасць, якая не тычылася беларусаў як нацыі (прынамсі, наўпрост). А ва ўсім астатнім ХХ стагоддзі мы былі змушаныя святкаваць не свае святы і радавацца не сваім радасцям. Божухна, чаго мы толькі не святкавалі: Кастрычніцкую рэвалюцыю, дзень Савецкай Арміі, 8 сакавіка, дзень касманаўтыкі, першамай, дзень нараджэння Леніна, юбілей Пушкіна... І нават сёння, пасля столькіх год незалежнасці, мы ўсё яшчэ не маем сапраўдных уласных святаў, як падставаў для выяўлення агульнай для ўсіх радасці.

Па сутнасці, беларусы ўсё яшчэ застаюцца Народам Чужых Радасцяў. І гэткая сітуацыя не зменіцца, пакуль мы не навучымся ганарыцца за сябе і за свае справы.

Радасці без гонару не бывае.

Няма

Парменід сцвярджаў, што ёсць адно тое, што ёсць, і ніякага няма — няма, але чалавек на свае вочы бачыць, як усё былое пакрысе некуды знікае. Вось чаму ў кожнай мове значыцца слова «няма», але, бадай, ніводнае з іх не параўнаецца з нашым... І не спяшайцеся мяне ўпікаць за местачковы патрыятызм. Залішне шмат беларускае «няма» ўвабрала ў сябе таго, што не здарылася, не адбылося, не знайшлося. Залішне шмат у ім таго, што добра распачыналася, але спакваля знікла дазвання ў невараці.

Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. І цяпер мы багатыя на «няма» як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу і, магчыма, зноў не будзе сваёй дзяржавы. Ды і пра саміх беларусаў хто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсць, ці то іх няма?..

Аднак хто ведае, можа, слова «няма» ўвабрала ў сябе не толькі нашу долю, але і наш лёс? Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца праз Няма, якое мы выношваем у сярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагоддзе. Колькі за гэты час вусцішнае Нішто праглынула імперыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося, а мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тысячагоддзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае Няма як самы надзейны шлях праз час і быццё.

КРАЙ ЗДЗІЧЭЛЫХ ЭЙДАСАЎ

Мой Бог — Этнас

Мне кажуць (сёння я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога Пана Бога. Не ведаю, можа, які іншы чалавек і з’яўляецца такой значнай цацай, толькі не я. Бо я не бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасці арганікі, выдзеленай з агульнага зместу «жывога рэчыва» даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным швэдрам.

Я — гэта восемдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру, змешчаных у колькі там квадратных метраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нерваў, два-тры хаценні, некалькі запазычаных думак... Вось і ўсё. А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтр сусвету, апірышча быцця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.

Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і, як той андэрсенаўскі хлопчык, толькі не весела, а з сумам, пярэчу: «Чалавек голы».

Я ганарлівы, як засцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе не ведаю? З якой такой ласкі — найвялікшая каштоўнасць, за што такая пашана?

Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб Божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі гэта чалавек спрычыніўся да сэнсу быцця і чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?

Ідэя, сэнс і сутнасць быцця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль не ўзнікла пытанне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?

З гэтага пытання спакваля і выспеў гуманізм. Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарлупіны Бога.

Сэнс чалавека эпохі гуманізму — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасць.

Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месцішчам абсалютнага сэнсу, бо не бачу ў сабе, з якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразнейшым разуменне канчатковай бессэнсоўнасці асобнага чалавека, якая вынікае з яго неабавязковай прысутнасці ў быцці.

Пакінуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранічна проста: быў асабіста ты альбо цябе не было і ніколі не будзе — усё адно. І таму ў светапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цікавіць маё Я, а калі цікаўнасць усё ж узнікае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкі эгаізму.

Я — голы чалавек на скразняках часу, і калі шукаць нешта вартае ў звязку з маёй асобай, то гэта не я сам, а мой Этнас ува мне.

Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасць — гэта каштоўнасць скарбонкі, у якую ссыпаныя здабыткі, набытыя нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я нарэшце ўсведамляю, што я — усяго толькі месцішча, дзе мой Этнас працягвае існаванне з усімі сваімі тысячагоддзямі і каленамі, дык амаль міжволі вымаўляю: мой Бог — мой Этнас.

Мой Бог, у адрозненне ад трансцэндэнтнага, мае пэўны абрыс і логіку быцця. Ён спакваля перайначвае рэальную гісторыю ў крышталёвы эйдас. І ўжо як міф доўжыць маё існаванне да рэшты чалавечай бясконцасці.

Мне любы мой Бог сваёй дваістасцю, сваім сімбіёзам рэальнага і ідэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокі маёй любасці ў іншым. Без яго я нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэнне якога — вялічыць аб’ём біясферы на зямной кулі. А прыстаўшы да яго, я сам раблюся ім.

Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народа. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасля смерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несмяротнасць. Так я толькі памру, а калі знікне ён, дык знікну і я.

(Памерці — гэта мая натуральная функцыя, усяго толькі драма майго асабістага жыцця. Знікнуць — трагедыя.)

Вось чаму мне моцна карціць, каб мой Этнас застаўся назаўсёды, бо тады застануся і я, як адна з незлічоных прычынаў яго.

Мяне вабіць магчымасць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён — дадзенасць, завершаная і непахісная ад пачатку да канца. А мой бог — несупынны рух і разгортванне ў часе ды прасторы, ён тоесны працягласці аб’ектыўнай гісторыі, шматкроць памножанай на экзістэнцыйныя парыванні. Але гэта яшчэ нічога не тлумачыць у маім выбары, і далей я мушу сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблічная вечнасць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасці райскаму прытулку ягонага канкурэнта.

Справа тут да смешнага празаічная — я не веру ў Яго існаванне. Я не магу даць веры існаванню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі не Бог, а чалавек — найвялікшая каштоўнасць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца ў яе за спінай, як цень на сыходзе дня, дык мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся.

Ува ўсёй неверагодна складанай сістэме ўзаемадачыненняў паміж Я і Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасць быць далучаным да анталагічнай ідэі, у святле якой мой эгаізм у фанабэрыстых строях найвялікшай каштоўнасці робіцца да смешнага мізэрным, дробненькім і ўвогуле чэзне. Бо гэтаксама, як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманізму, з-пад квятаста размаляванай маскі якога выглядае бляклая пыса панылай экзістэнцыі.

Экзістэнцыялізм (светапогляд, філасофія, мастацтва) — гэта жах сямідзесяці кіло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасцю. Вылучаны з Этнасу, завершаны, сам-насам чалавек — безумоўна абсурд. Ён мае персанальную логіку, але пазбаўлены ўласнага сэнсу. Шматлікія спробы на падставе логікі вызначыць сэнс чалавека не мелі поспеху, бо няможна знайсці тое, чаго няма.

Сам-насам я — ніхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаістычных хаценнях, а з Этнасам у сэрцы я — ягонае сэрца, якое б’ецца ўва мне. Я — жывое сэрца Этнасу, які стварыў мяне, і ніякай каштоўнасці ўва мне няма і не можа быць, калі б праз мяне не працякала плынь вечнасці майго народа.

Зрэшты, усё гэта — патэтыка (спроба вымавіць невымоўнае праз гіпертрафію эмацыйнага). Таму хопіць палымяна краснасловіць. Тым болей, што ў звязку з развагамі пра эгаізм і Этнас мяне насамрэч цікавіць зусім іншае. Этнас — вынік збегу гістарычных падзеяў ці непазбежнасць, прадумоўленая нейкім сакральным сэнсам? Гэта надзвычай важна. Бо ў першым выпадку мой Этнас мог і не быць, на ягоным месцы магло быць нешта іншае. У другім — ён акрамя сэнсу самадастатковасці мае нешта значна большае, і тады ў Этнасу з’яўляецца пазагістарычная (сакральная) задача. А ў мяне — магчымасць пазбегнуць патэтыкі, калі я кажу: мой Бог — мой Этнас.

Мы і Расея

Сказаць, што для Беларусі «праблема Расеі» сягае ў сівую даўніну, — значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як, бывае, нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасці.

Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова «Расея», а часткова «Еўропа» (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў). Ні першае, ні другое, ні трэцяе...

Мы — беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік

«Расеі» ў самасці беларусаў ёсць якраз адным з чыннікаў нашай адрознасці. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі.

Апошняе зусім не ёсць парадоксам. Гэтаксама «Азія», «азійства» ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе — у супраціўным экспансіянізме і непераадольным антаганізме.

Хапала і ў нас гэтага «экспансіянізму і непераадольнага антаганізму». Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёння мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас «крывавага патопу», арганізаванага «маскалямі», загінуў кожны другі жыхар нашага краю — было 4,9 мільёна, засталося 2,5 (між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацвёрты беларус)...

...Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй.

Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыму і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаванне ў расейскай свядомасці месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай.

«Я памятник себе воздвиг нерукотворный...», і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей.

«Я не паэта, крый мяне Божа...», і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога не маюць, дык хай будзе хаця б Янка Купала.

У гэтых «помніках» двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах, прачытваецца адказ на пытанне: каму якімі здабыткамі ды стратамі (фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў.

Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі не варта забывацца, бо менавіта на памянёных «здабытках» (расейцы) і «стратах» (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацьлеглых вектарах) ментальнасці рускага і беларускага чалавека.

Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна (а можа, і зусім няслушна) звязваць выспяванне этнічнага светапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяння з Расеяй шмат у чым паспрыяў замацаванню ў свядомасці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму.

Фаталізм — глыбока індывідуалістычны светапогляд, ён вымагае не толькі добраахвотнага падпарадкавання фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсць і якім яно ёсць, але і тоеснасці суб’екта з самім сабой. На апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянта фатальных стасункаў з рэальнасцю менавіта тут. Імкненне да тоеснасці з самім сабой, да нявыхаду за межы гэтай тоеснасці ў знешні, духоўна іншы кантэкст сталася вызначальным у светапоглядзе беларусаў.

Але, вызнаючы істотную ролю «крывавага патопу» ў рассыпанні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасці, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармавання ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасць) можа быць у праваслаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іудзеяў, мусульманаў, паганцаў?.. І якую «абшчыну» з іх можна скласці, калі яны і працуюць і святкуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму?

Сур’ёзна паўплываў на дэкалектывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасць сягала 15 адсоткаў ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасці шляхта была «дробнай», збяднелай і матэрыяльна часам амаль не рознілася ад сялянаў, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду і паміж сабой. І хаця ў фармаванні ўжо ўласна беларускага этнасу (не блытаць з нацыяй!) шляхта, лічы, не ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкалектывізацыі яе роля была досыць значнай.

Дарэчы, знакамітая беларуская «талака» сведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад’ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасць. Гэтую сітуацыю не змяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна раз’яднаных паміж сабой беларусаў.

Таму Беларусь для беларусаў і па сёння задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага «я».

Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі — ментальная бездань. Расейцы ніколі не ведалі (і не шукалі) сваіх «этнаграфічных межаў», ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору «ад Брэста да Камчаткі»). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш-менш дакладна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геаграфічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлікту, звязанага з абаронай ці пашырэннем межаў імперыі. («Расея, як вядома, вяла ў ХVІІІ– ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкіх». Генры Мілер.) А ў астатнюю пару яму дастаткова было ведання пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца не ў дыскурсе топаса, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам) «руская ідэя» ніколі б не набрыняла месіянізмам і «сабор» не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў «саборнасць» як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі.

«Да д’ябла ўсе! Расея апрычоны свет» — гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэння засведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя месіянства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбыванні быцця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: «Расея — адметная краіна, не падобная ні на якую краіну свету» (Бярдзяеў).

Расея не Азія, Расея — не Еўропа, Расея — сёмы мацярык, адным словам — «адметны» ад усіх астатніх свет.

Падазраваць місію Расеі як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва пакрысе сталася натуральна і нават «обыденно» для рускай свядомасці. «Мала таго — за ёю (Расеяй. — В. А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы не маем права адмовіцца і ад якой мы не здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі...» (І. Ільін).

* * *

Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца ментальнай рэальнасцю адно тады, калі ў досведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту «богаабранасці», «саборнасці», «абшчыннасці» і да т. п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як гэбраі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю светабудовы. Яны такое і прысніць не змаглі б — не тое што ўцялесніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытавання ў арэнду пад розныя месіянскія і проста глабалісцкія канцэпты ды праекты.

Паганства, хрысціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм... Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахавання, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасці звузіцца ў талерантнасці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія — і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а не нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую ментальнасць беларусаў, зарыентаваную фатальным светапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасцю, саматоеснасці.

Мы — Францішак Скарына, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі — гэта таксама мы. Дзве велічныя постаці зямлі беларускай — гэта два нашыя шляхі, аднак не трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым стаўся для нас другі.

Не заўсёды і зусім не абавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панавання знішчыла іншых культураў болей, чым усе войскі Расейскай імперыі знішчылі іншых войскаў.

Мілажальнасць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты — народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае.

Дык вось, калі запытацца, чаму сёння большасць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культураю, то адказ будзе наступным: таму што на нашых землях ужо безліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культураў, у выніку якой апошняя апынулася амаль усцяж пераможанай. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.

Мова — той азонавы слой, які дазваляе ўстойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёння шмат дзірак, але ў нас ён знішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства.

Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў), і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх — ну, амаль што блізнюкі... Падабенстваў з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненні народаў адыграла і праваслаўе — апошнія некалькі стагоддзяў дамінавання «рускай» царквы на нашых землях добра прыклаліся да «русіфікацыі» беларусаў... Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі — і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто не лічыць «братамі» французаў і немцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага свету.)

У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб’яднання двух братніх народаў (мне гэта нагадвае аб’яднанне ўдава з кролікам) успомнім колькі словаў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: «Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні? Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма».

Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культураў. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і «перасунуць» беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык — у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад «гістарычнай бацькаўшчыны», аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцяў не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там «карэнныя перакананні народа», нават калі сам народ «у сілу гістарычных абставінаў» забыўся на гэта.

Вяртанне Беларусі ў Еўропу — гэта шлях, ад якога «мы не маем права адмовіцца» і ад якога «мы не здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі».

Расея — наш фатум, але не наш кон. Пра фатальную ролю Расеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі спутаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыннікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам у славянскім свеце. І хаця пазней гэты «фарпост» лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёння зноў патрабуе сабе статусу суб’екта еўрапейскай гісторыі.

Вось чаму наастачу тэмы я хацеў бы паўтарыць: Расея — наш фатум, але не кон.

Крывавы блеф

Нацыя як «уяўная супольнасць» набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.

Савецкая партызанка (па афіцыйных звестках — звыш 440 тысячаў партызанаў і падпольшчыкаў) — першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Але, разумеючы ўсю каштоўнасць згаданага міфу для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі — маўляў, што там спадысподу, а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.

Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай «партызанкі» звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі, і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэбаў?

На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле не-беларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя («крывавы патоп»). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1830, 1863 гадоў, паўсталым на парэштках традыцыі шляхецкай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і «сацыялагічна» і «агіяграфічна» ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.

Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм народа — аксюмаран. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, дык народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой крыецца страта народам найважнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.

Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, «герой» у жывым вымаўленні беларусаў гучыць няйнакш, як іранічна.

Няма слова — няма і з’явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, дык у нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык?

Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з Масковіяй, Беларусь была ўжо ў нейкай ступені «акупаваная» Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а напачатку, у прамежку і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.

Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за саветамі... Мова народа ўжо не ўтрымлівала граматычных катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.

Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год назад?

Адказ, лічы, навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы «візіт» Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку — з адмаўлення Расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.

Вось гэткае разуменне акупацыі і было «вменено» паноўнай расейскай ментальнасцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зніштажэнне ворага, а не на ратаванне чалавека, адсюль — «перамога альбо смерць».

Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас — самазніштажэннем. Інспіраваная «Масквой» партызанка, з аднаго боку, правакавала немцаў на дадатковую, «пазапланавую» жорсткасць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змагання з акупацыяй.

Здаецца, і па сёння мы не ўсвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзве зусім розныя вайны, і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзеяў, зыходзячы са свайго разумення каштоўнасці жыцця. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль звернем увагу вось на што... Нягледзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэслім яшчэ раз — народ, а не пэўныя спалітызаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў партызанку. І хай нас не ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідэолагаў і «сацыёлагаў», успаміны ветэранаў і безліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўвалі рэальную барацьбу з ворагам.

Партызанку зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкамы, гаркамы, абкамы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзвесце атрадаў НКУС... І ўтрымлівалася яна ідэалагічна, арганізацыйна ды матэрыяльна коштам Вялікай зямлі. А для самога беларускага народа партызанка была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небяспеку смерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небяспека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацыяў пасля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасці самой партызанкі.

Фактаў варожасці шараговага насельніцтва да партызанкі, не кажучы пра абыякавасць стасоўна яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых «даследзінаў» гэта і неістотна, бо мы звернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават здзеклівую афарбоўку слова «партызан» у жывым вымаўленні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына), і на ўсходзе (Віцебшчына — партызанскі край) у непасрэднай, незаідэалагізаванай гаворцы ў слове «партызан» гучыць што заўгодна, ад з’едлівага скепсісу да панылай абыякавасці, толькі не «беларускія сыны». (Іранічна-паблажлівае «Маўчыць, як партызан на допыце», можа, вышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй.) За выключэннем нешматлікіх выпадкаў, народная свядомасць адраклася партызанкі, і таму нам не знайсці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацый у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу слоў, якія яе вызначаюць.

Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое такое вялікае шчасце яны мелі за саветамі?), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям’ю, род — ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам як жыццёвая неабходнасць. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля — не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае... На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ніводзін народ.

Дык ці была для беларусаў Другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны Партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой.

Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай значна звужае і простатакі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяння: «свае» — «чужыя». І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.

Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, дык няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).

Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент — ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэклараваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу — адным словам, падпарадкоўвалася этычнаму нарматыву рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі «немцы», забівалі «рускія», забівалі «паліцаі», забівалі «партызаны». Якое з забойстваў лічыць маральным, а — якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?

Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай — усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі утапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў, ці наадварот — на вайне ўсе забойцы. «Калі ты выбраў вайну, дык гэта твая вайна» (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставінаў, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць — забіваў. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала, і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і партызанку, быў «завербаваны» ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнігсберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў Нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарашылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем «святая помста». Помста не бывае святой, прынамсі, яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу.

Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае чэрава першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыву, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.

Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! За няволю, за кайданы Рэжце гітлерцаў паганых, Каб не ўскрэслі век яны. ............................................. Выразайце людаедаў, Каб не стала іх і следу. ............................................ Рыйце загадзя магілы, Вырывайце з жывых жылы. Кроў за кроў, а смерць за смерць. Янка Купала

Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызанаў ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяраў і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь...

Аднак, як гэта часта здараецца ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэтаў, неўзабаве ці пазней нечакана актуалізуецца ў радыкальна іншай перспектыве, часам зусім непажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовы пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, мелі на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Ідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што якраз дзякуючы гэтаму міфу Беларусь патрапіла ў кола заснавальнікаў ААН, а пазней змацавала на ім сваю незалежнасць...

У праблемы гераічнай беларускай партызанкі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна з натуральнай логікай, міф пра партызанскі народ мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дыскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку «дэмакратычных» дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю «гераічнай партызанкі», амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Між іншым, звернем увагу хаця б на той факт, што «партызанка» ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і ва Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыме, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводзін з гэтых рэгіёнаў не стаўся «партызанскім краем» і ніводзін з тых народаў не атрымаў мянушку «народ-партызан»...

Рэч у тым, што сітуацыя «партызанкі» па сутнасці з’яўляецца анталагічнай для беларуса, як у яго прыватным жыцці, так і ў яго пражыванні гісторыі. Бо амаль усю сваю гісторыю ён ад некага хаваўся — калі не ў лясах, дык у самім сабе.

Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі «анталагічную» сутву беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўвесь ейны патэнцыял. Шкада толькі (і ганебна), што яны злоўжылі пракаветным досведам народа гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысяч беларусаў.

Горад, якога няма

Не было, каб чуў ад некага: люблю Мінск. Не чуў нават ад таго, хто тут нарадзіўся і асталеў, хаця «... люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Не відно «вялікай ласкі», але, бывае, кажуць: падабаецца гэтае места, і далей тлумачаць сваю сімпатыю словамі, якія аднолькава пасуюць да горада, кнігі, гатунку цыгарэтаў...

Калі не блытаць трансцэндэнтнае «люблю» з ніякім «падабаецца», дык мусім пагадзіцца, што Мінск сапраўды амаль не падлягае любові. Места, рэч, жанчыну любяць, калі імі агортваецца нешта большае, за местам, рэччу, жанчынай азначанае.

У Мінска няма гэтага большага, ён — толькі покрыва пэўных каардынатаў, эклектычная крыжаванка, топас са спляжаным эйдасам, калі эйдас разумець як «цела душы». З апошняга вынікае, што Мінск будзе зручна прачытаць у катэгорыях постмадэрну. Але мы гэтую магчымасць пакінем іншым, запыніўшы сябе хіба вось на чым.

Парыж ці Вільня, Лондан або Пецярбург маюць свой першапачатак, з якога паўстае прасторавы і паэтычны міф горада (Эйфелева вежа, гара Гедыміна, Біг-Бэн, Ісаакіеўскі сабор). Мінск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сімвалічнага міфа, паэтычнай дамінанты, сярэдзіны самога сябе.

Мінск — горад не толькі без душы, але і без сэрца. На пытанне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:

— Ува мне.

Мінск — гэта «я». Так мусіць сказаць кожны тутэйшы месціч, нават калі яго абражае ўсялякая праява эгацэнтрызму. Без гэтага «я» Мінск — пустэльня, выпаленае ляда, выган на ўскрайку зніклага селішча...

Сэнс Мінска запачаткаваны на маім жаданні быць тут, ягонае пакліканне абумоўленае ўсяго магчымасцю атуліць мяне ад скразнякоў бязмежжа. Я цягаю яго на сабе, як чарапаха панцыр, а калі памру, Мінск закапаюць побач, бо без мяне невядома дзеля чаго яму заставацца.

Наперадзе зазначалася, што Мінск амаль немагчыма любіць, — але можна вельмі моцна ўпадабаць Мінск за яго далікатную адсутнасць у тваіх інтымных стасунках з быццём.

Горад, якога няма, вызваляе ад татальнасці сваёй улады. Ён не вабіць міфамі, не пярэчыць традыцыямі, не спакушае вабнотамі, не прымушае ідэалагемамі, не забараняе забабонамі, не абцяжарвае філасафемамі, не абавязвае мэтамі. Ён пакідае цябе сам-насам, і табе тут нічога не застаецца, як толькі любіць самога сябе. У Мінску немагчыма не любіць сябе, бо ў гэтым горадзе нідзе няма нічога іншага, апроч тваёй адзіноты, якая ахайна адстаўляе табе каўнер на шпацыры і пяшчотна лашчыць пад покрывам ночы.

Той, хто не трывае адзіноты, кідаецца адсюль у Кракаў, Маскву, Парыж, Вільню — туды, дзе з чалавекам заўсёды побач горад як выбаўленне ад панылай волі, як падстава для бясконцага дыялогу, як другі, які ведае адказ на кожнае тваё запытанне, калі ты здолееш яго выразна сфармуляваць.

У Мінску няма каго пытацца, бо Мінск — горад для аднаго; тут кожны побач — прыкрая недарэчнасць. Пэўна, з гэтай прычыны замест дыялогу тут ужываюць маналог, сэнс якога вярэдзіцца вакол апошняга: навошта я сам сабе патрэбны? І ці патрэбны ўвогуле?

Горад, якога няма, і чалавек, які ніяк не знойдзе сябе, суіснуюць на паверхні Мінска ў задзіночанні віртуальных магчымасцяў, што маюць шанец рэалізавацца адно ў кантынууме ідэальнага, які мы досыць умоўна пазначым як «Мінск без мяне»...

Рэч у тым, што акрамя Мінска, які знаходзіць сябе ў маім намеры валэндацца па жарстве ягонай паверхні, ёсць яшчэ Мінск без мяне, Мінск як ідэя Мінска, якая тысячу гадоў валацугам блукала па селішчах, спрабуючы настала атабарыцца ў самых розных гістарычных акалічнасцях.

Мабыць, апошняе вымагае невялікага тлумачэння. Ідэя Мінска — гэта спрадвечная мара лагатопу нашага краю аб выяўленым значэнні самога сябе, калі ў быційных праявах сфармулюецца і ўвасобіцца ідэальнае адлюстраванне таго сакральнага сэнсу, з якога ўзнікла наканаванне гэтай прасторы. Але сама па сабе прастора можа адно ўтрымліваць і гадаваць ідэал, а каб ён бачна паўстаў над быційнай роўняддзю, патрэбны цэнтр (у іншай тэрміналогіі — сталіца), які б паклаўся на пачатак узросту парадыгмы значэння.

Блуканне ідэі Мінска — гэта намацванне этнанацыянальнай прасторай свайго цэнтра, росшукі сэнсатворнай сярэдзіны самой сябе, таго месца, дзе, як адбітак умомант зніклага сакральнага віхру, будзе несупынна кружляць вір гістарычнага быцця.

Наўрад ці хто даведаецца, скуль пачаўся шлях ідэі Мінска, але летапісна ён перадусім быў занатаваны лёсам Рагнеды. Збудаваны для яе сына горадзень Ізяслаў быў ці не першай бачнай нам спробай вылучыць акраец быційнага значэння трансцэндэнтнай задумы.

Князь Ізяслаў пакінуў месту сваё імя і вярнуўся на айчыну маці, каб у Полацку трымаць далей дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Усяслаў, будзе шукаць няўважна страчанае дзедам, гойсаючы па абшарах свету ад Тмутаракані да Дудутак.

Не розумам, дык чуйным звярыным нутром Усяслаў здагадваўся: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стаць тым месцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў ды зноў кідаўся шукаць патрэбу. «Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак».

Нечалавечая відушча Усяслава ўрэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, не ў той дзень, не ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзецца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы катакомбныя, каб пераканацца: тут... Трэба было адразу кроў праліваць. «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць снапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх».

Вялікая кроў заўсёды сведчыла пра невыпадковасць, абранасць таго месца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі «не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі...». Ці не гэтая крывавая багна, ці не гэты буралом касцей на шмат стагоддзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на здзяйсненне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана калісьці здзейсніцца?

Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму не маю намеру разгортваць гэтую выпадковую тут тэзу. Аднак разам з тым не магу зусім пазбегнуць думкі аб нейкай ірацыянальнасці таго, што далей будзе адбывацца з Мінскам: на працягу стагоддзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе не Полацк, Наваградак, Вільня, Гродна... і толькі Мінск не выкажа аніякай ахвоты пачуць голас наканавання, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губернскага горада Расейскай імперыі не вызваліў яго ад звыклай перасцярогі да магчымасці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасці. Ужо ў ХХ стагоддзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад абавязку вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабаваў ухіліцца гэтай мітрэнгі на карысць Вільні, Смаленска, Віцебска і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом урада).

Такое ўпартае не-хаценне магло б сведчыць пра неадпаведнасць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб не ўвесь папярэдні гістарычны досвед, які люструе марнасць намаганняў іншых вылучыцца ў гэтай якасці. Здаецца, пытанне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.

Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаванне), гістарычнай (логіка падзеяў), дыялектычнай (перманентнае адпрэчванне), адной з культуралагічных (смерць пасіянарнасці) і другой (смерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г. д. Запрапануем у суплёт да іх версію белетрыстычнагеаграфічную. Полацак, Вільня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасці «легітымнага» прадстаўніка гэтай прасторы таму, што адбываліся на перыметры этнаграфічнага дыскурсу; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месцішча на мяжы, ускрай абшару жыццядзейнасці этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сцягванне цэнтра з належнага яму месца на перыферыю, амаль у замежжа. Таму, натуральна, цягам бытавання яны выяўлялі не экзістэнцыю прыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.

Па вялікаму рахунку раней наш край ніколі не меў цэнтра (сталіцы). Тыя месцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і зместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя ўсяго іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка, пэўна, і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку даводзілася браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае «цэнтр».

Найбольш паглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны горад з яшчэ, здаецца, напоўніцу не вычарпанаю для беларусаў згубаю.

Вільня стагоддзямі дражніла нас надзеяй, што яна можа быць для нас Мінскам, і мы ўва ўсе тыя стагоддзі, забыўшыся на іншыя магчымасці, ляцелі на святло яе ліхтароў — і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі ці Аляхновіч, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.

«О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?» — сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытанне — гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытанне: дзе Медына, а дзе Мекка?

Вільня не была вартая сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачалі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места і кідаліся прэч... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...

Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага «гораду чароўныя прынады», пакінуць Вільню для сантыментаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы з няспраўджаных — яна сама.

Няма Мінска, акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца выпадковасцю хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тым самым урэшце перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз перыметр краю...

Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней нічым не збалансаванага змесціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з плёну крышталізацыі структуры, абумоўленай сістэмнымі ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі.

Беларусь як цэласнае культурнае, сацыяльнае, палітычнае і метафізічнае ўтварэнне немагчымая без фармулюючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму месцы і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер мянуем словам Беларусь?

Калі я пачынаю так думаць, дык пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск не мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытавання этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэлае згодна новай таясамасці, якая ўжо і заклікала гэтае месца абазнацца ў значэнні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасць Мінска да свайго кону ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім карэктна ўшчуваў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.

Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудраслоўю і ў згодзе з ім заўважым, што, нягледзячы на кагадзе ўжытае слова «таясамасць», пару нашага існавання верагодна было б слушна падзяліць на дзве эры і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХVII–ХVIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной і той самай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы — гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцвінаў... узятых як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь — нешта зусім адрознае ад усяго, што табарылася раней на гэтых абшарах.

Мінск — сталіца Беларусі.

Паспрабуем паставіць у прапанаванай сінтаксічнай фігуры на месца Мінска што заўгодна: Полацк, Гродна, Магілёў, Смаленск, Вільню...

Да прыкладу:

Гродна — сталіца Беларусі.

Няпраўда, — першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. — Няпраўда. Так быць не можа, бо так не можа быць. Мы гэта, як звяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімераў, якія асыпаліся, здавалася б, без дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасць повязяў з поклічам сакруму.

Мінск — падстава як легалізацыі, так і гарманізацыі этнанацыянальнай прасторы. У гэтай якасці ён застанецца і будзе — да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэнне страціць сваю актуальнасць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную перспектыву цяпер нават марна выглядаць — залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і звернем увагу на міграцыю

50–70-х гадоў, калі ў насцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагоддзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна беларусы. Згаданы факт надзвычай важкі ў нашым аповедзе, бо без гэтага «сена на асфальце» і ў аб’яўленым значэнні сакральная роля Мінска заставалася б толькі дэкларацыяй, і невядома, калі і як з гэтага дэкларавання атрымалася б нешта вартае...

Мы перабіраліся ў Мінск з вёсак і мястэчак зусім не дзеля таго, каб тут гуртаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася ў «шолаху моўкнасці» гэтай прасторы...

Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцаў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад спех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобны да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі, і, па сутнасці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Свіслачы, Докшыцах, Коўзунах... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля паўстала запатрабаванае логікай пытанне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое — Мінск?

У пошуках тлумачэння не магла не з’явіцца думка: а можа, Мінска як Мінска няма, можа, ёсць толькі нейкая прастора, адслоненая ад усяго топасу Беларусі межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасць горада, якая была пакліканая сюды, каб вымкнуць з кантынууму ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе збегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасці?

Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексавання, з эмбрыёна «Мы» мусіла паўстаць самотнае «Я» ў якасці апазіцыі ідэальнай універсаліі ды адначасна горада, што некалі будзе...

Мінск — места адзінотных самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач — усяго толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала пільнаваць вярэду адной, усё той самай, думкі: навошта я сам сабе патрэбны?

Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць пэўным, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані міфаў, прывіды ідэалагемаў, сляды слядоў... Цені трансцэндэнтнага будуць гуснуць, цяжэць, усё больш шчыльна класціся на покрыва каардынатаў, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца сэнсамі, што некалі задзіночацца ў таго другога, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялог, каб такім няспешным чынам у рэшце рэшт зрабіцца горадам, які ёсць.

Архіпелаг Беларусь

На палітычнай мапе Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта ўвішны і дасведчаны паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя месцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі як да непазбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпелагу — унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданыя астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай свядомасці, расейскай мовы... І хаця гэтая расейшчына наўсцяж скажоная намі, спрэс дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым не менш менавіта яна пануе на Беларусі, калі не ў сэнсе якасці, дык у значэнні колькасці.

* * *

Але колькі б яе ні было — той расейшчыны, гэтым разам не пра яе гаворка, а пра нас, зажураных тубыльцаў Архіпелагу Беларусь, якія ўвесь час выглядваюць бел-чырвона-белы ветразь на даляглядзе, каб хоць на момант унікнуць самоты. І, бадай, адзінае, што заўсёды звязвае нас між сабой і трымае ў віртуальным агуле — гэта тэкст. Толькі на прасторы беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых, далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для ХІХ стагоддзя, чым для ХХІ, пераадольваем усё, што нас раз’ядноўвае, — ад каланіяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы.

Натуральна, у наш час, калі кожная кватэра напханая радыёпрыймачамі, тэлевізарамі ды кампутарамі, карыстацца Тэкстам як асноўным начыннем нацыянальнага задзіночання — відавочны архаізм. Аднак тут ужо нічога не паробіш: і радыё, і тэлебачанне ў нас калі не па форме, дык па сутве — антыбеларускія, і яны не лучаць між сабою насельнікаў аддаленых выспаў, а толькі раз’ядноўваюць.

З усяго гэтага мы на Беларусі маем досыць парадаксальную сітуацыю. Калі ў нацыянальна і дэмакратычна сфармаваных постіндустрыяльных краінах Тэкст губляе сваё цэнтрапалеглае месца ў функцыянаванні грамадства, якое ён займаў цягам многіх стагоддзяў, дык у недэмакратычнай і нацыянальна знямоглай Беларусі нацыянальны Тэкст паранейшаму дамінуе, хаця вынікі гэтага дамінавання досыць сціплыя, бо і на выспах сёння — эпоха камунікатыўна адкрытага грамадства, а гэта азначае, што хаця Тэкст знаходзіцца ў цэнтры культурнага жыцця Архіпелагу, але знаходзіцца ён там усяго як цэнтрапалеглая маргіналія.

Цэнтрапалеглым месцам Тэксту адпаведна вызначаецца і роля беларускіх грамадска-культурных выданняў ды кнігаў. Незалежна ад сваёй ідэалагічнай, эстэтычнай і тэматычнай скіраванасці, беларускія выданні, нават паўз сваю волю, толькі таму, што яны прэзентуюць беларускі тэкст, выконваюць сёння і палітычную, і асветніцкую, і адукацыйную функцыі... Менавіта так — нават адукацыйную, бо беларускай мове сёння не вучаць дзяцей ні бацькі, ні школа (у належнай меры), ні вуліца. Вось чаму на Беларусі літаратура ўсё яшчэ больш чым літаратура, а кніга — больш чым кніга.

Натуральна, нічога добрага ў гэтым няма. Калі літаратура бярэ на сябе і іншыя, акрамя ўласна літаратурных, функцыі, дык гэта напэўна азначае, што грамадскія інстытуцыі, якія мусяць рэалізоўваць гэтыя «іншыя функцыі», альбо яшчэ не сфармаваныя, альбо зняволеныя ўладай.

Пачынаючы з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага і віленскай «Нашай Нівы» (пачатку ХХ стагоддзя) усе беларускія выданні наўпрост ці ўскосна выконвалі ролю адсутных грамадска-палітычных інстытутаў, якія мусілі б вырашаць адпаведныя патрэбы беларускай Беларусі. Больш за тое. Менавіта на прасторы грамадска-культурных выданняў і кнігаў беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёння мы застаемся нацыяй не дзякуючы палітычным рухам і як бы незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе беларускі Тэкст. Вось чаму адказнасць за лёс Беларусі шмат у чым ляжыць на кожным з тых, хто гэты тэкст персанальна фармуе...

* * *

Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што нам ужо робіцца амаль невыносным цяжар адказнасці за існаванне мовы, нацыі, дзяржавы, які больш за стагоддзе ніхто не здымае ні з літаратараў, ні з рэдактараў, ні з выдаўцоў. Мы стаміліся. Мы страшэнна стаміліся ад трагічнага цяжару апошняга беларускага стагоддзя. А разам з намі стаміўся і наш чытач. Уласна кажучы, ён зусім і не чытач у звыклым разуменні гэтага слова. Мы з ім не пішам і не чытаем літаратурныя тэксты, а праз пісанне і чытанне літаратурных тэкстаў удзельнічаем у сакралізаванай містэрыі, галоўнай мэтай якой ёсць нарошчванне астральнага цела нацыі.

Адсюль і праблема чытача нашых выданняў паўстае ў досыць спецыфічным ракурсе. Яна кардынальна адрозніваецца ад той звычайнай праблемы, якая ёсць у кожнага выдання ў кожнай краіне. Фармулюючы гэтае адрозненне, перадусім заўважым, што ў нас праблема чытача не вырашаецца праз якасць і актуальнасць саміх тэкстаў. Для нас яна найперш звязаная з пашырэннем Архіпелагу Беларусь і з павелічэннем колькасці яго насельнікаў. Рэч у тым, што, каб стаць чытачом хоць якога з нашых выданняў, спачатку трэба зрабіцца беларусам. А каб зрабіць з шараговага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — беларуса, патрабуецца шмат часу і высілкаў. Тым больш, што дзяржава Беларусь у «вытворчасці беларусаў» амаль не ўдзельнічае. Кожны свядомы беларус — гэта штучны артэфакт, створаны на подзе беларускага Тэксту самаахвярнымі намаганнямі прыватных асобаў...

І вось толькі тады, калі з’яўляецца чарговы беларус, настае пара яго прылучэння да таго ці іншага выдання — гэты акт па яго значнасці я гатовы параўнаць з пасвячэннем у рыцары нейкага сярэднявечнага ордэну ці ў сябры масонскай ложы.

* * *

Доўгі час міф аб непапулярнасці беларускіх тэкстаў трымаўся пераважна на наступным аргуменце: яны, у параўнанні з расейскімі, не адпавядаюць інтэлектуальным і эстэтычным патрабаванням сучаснага чытача. Але апошнія паўтара дзесяцігоддзя разняволення і ўлучанасці беларускай літаратуры ў еўрапейскі эстэтычны кантэкст яскрава засведчылі, што гэта быў не проста паганы міф, а міф наўмысна аблудны. Сёння мы можам канстатаваць, што абыякавасць да беларускіх тэкстаў тых, каго ў нас называюць «пашпартнымі беларусамі», звязаная не з уласна творчасцю беларускіх літаратараў і выдаўцоў, а з расейска-савецкай ментальнасцю.

Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінэз, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы беларускага Тэксту, бо тэкст — гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па сутнасці расейска-савецкі чытач у беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці?

* * *

Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завяршыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм.

Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне...

Натуральна, мяне як літаратара мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту — як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы як нацыя сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль... І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?

* * *

Крыга беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз ХХ стагоддзе, на вачах драбнее — крышыцца па краях, худнее ў сярэдзіне... На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадварот — пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэкламаваць на развітанне штокольвек пафасна-рытарычнае. Ну, хаця б вось гэта:

Каб плыў судоў уратавальны дым,— А родны край знікаў навекі ў хвалях,— Я б лепей згінуў з ім, З яго апошнім жалем, Як жыў і мучыўся бязмерна — з ім. (У. Караткевіч)

Але як бы хто сёння сябе ні паводзіў, пэўна, ужо нішто не зможа ўтрымаць беларускі Тэкст у тым вялікім значэнні збіральніка Нацыі, якое ён выконваў да гэтага. І таму, вяртаючыся да пытання, што, калі не Тэкст, будзе трымаць нас як беларусаў, можна сказаць хіба адно: адказ залежыць толькі ад таго, што гэтае пытанне і спарадзіла. А менавіта ад таго, ці было апошняе стагоддзе беларускага Тэксту настолькі плённым, каб змусіць наступнае, інакш тэхналагічна арганізаванае быццё ўлічваць гэты плён і фармаваць новую парадыгму існавання, азіраючыся на пажоўклыя шматкі паперы, дзе рознымі словамі, але спрэс напісанае адно і тое самае: беларусам звацца.

Прачнуцца ранкам у сваёй краіне

Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што ў цябе ёсць свая краіна! Пра нешта такое бадай кожнаму светла думаецца пасля вяртання з далёкага замежжа. Але усю кранальную пяшчоту гэтага здумлення можна адчуць адно тады, калі раней у цябе сваёй краіны не было…

Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага па-сутнасці жыў у нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто. Праўда, апошняе зусім не азначае, што я жыў ніяк. Паводле мовы тадышніх ідэолагаў, у мяне было «шчаслівае дзяцінства». А маладосць апынулася яшчэ больш багатай на радасць, бо я атрымаў напоўніцу ўсяго, чаго прагне чалавек у хлапечыя гады — сяброў, каханняў, вандровак, ведаў… За тую пару я абхадзіў лічы ўсе горы «адной шостай часткі зямной сушы» (метанімічны троп Савецкага Саюза), скончыў ці не самы прэстыжны інстытут камуністычнай імперыі (літаратурны ў Маскве) і зразумеў сябе як «трансцэндэнтнага суб’екта» (Кант), гэта значыць пачуў магутны покліч метафізічнай вусцішы і прыняў яе выклік.

Карацей кажучы, за пару маладосці я займеў сабе ў падставы даволі ўсяго, каб паўнавартасна пражыць астатняе жыццё. І, пэўна, пражыў бы яго не горш за іншых, а пасля сыйшоў бы з дымам у нябёсы праз комін маскоўскага крэматорыя (напрыканцы вучобы мне настойліва прапаноўвалі прапіску і літаратурную працу ў Маскве)...

Цяпер, калі я згадваю, што так яно і насамрэч магло збыцца, мне ўмомант робіцца млосна. Як лёгка чалавеку размінуцца з уласным лёсам! І як мала ад самога чалавека залежыць, каб гэтак не сталася. Варта было затрымацца незалежнасці Беларусі і я ніколі нават не даведаўся б, што насамрэч пражыў сваё жыццё як чужое.

Магчыма, тут нехта запярэчыць, маўляў, як бы жыццё не склалася – яно толькі тваё і з гэтага не можа быць табе чужым. Выглядае слушна, але скуль тады ўсеахопная млосць, калі я падумаю пра сябе без Беларусі?!

Я выдатна разумею, што гэткая амаль містычная патрэба «сваёй краіны» вярэдзіць далёка не кожнага. Шмат для каго ўвогуле не істотна, дзе жыць, а істотна толькі колькасць і якасць магчымасцяў пражывання жыцця. Але гэтае эсэ я пішу перадусім дзеля расповеда пра ўласнае. А ў маім выпадку наяўнасць незалежнай Беларусі канцавая, бо праз яе я знайшоўся сам для сябе.

* * *

Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… А потым, схапіўшыся за справы, адразу згадаць, што твая краіна не зусім твая, бо куды вока ні кінь, амаль усё табе тут не пасуе: і паноўная мова, і звычаі, і нават ты сам сабе ў не-тоеснасці сваёй краіне.

І так яно лічы ўва ўсіх (толькі з розных падставаў) — з чаго нідзе і ні ў чым мы не маем згоды. Верагодна таму кожнае значэнне ў нас да абсурднасці шматсэнсоўнае, а ўсялякая падзея набывае столькі канатацыяў, што сярод іх, як кажуць, сам чорт ногу зламае. Мы нават асноўных граматыкаў маем як найменей тры. Дзіўна толькі, чаму ў нас арыфметыка ўсяго адна?

Таму жыць на Беларусі і не быць шызафрэнікам немагчыма.

Хаця, калі некага паймо «шызафрэнік» моцна абражае, магу ў займеннік прапанаваць больш шляхетнае азначэнне. Беларусы спрэс і наскрозь амбівалентныя, гэта значыць натуральна ўнармаваныя ў супярэчнасці, якія радыкальна адмаўляюць адна адну. І так не сёння сталася, прыгадаем хаця б нашу славутую талеранцыю, якая здавён трывала самыя жорсткія апазіцыі ў жыцці побач з іншым.

Зрэшты, тут я меруся распавесці не пра беларусаў увогуле, а толькі пра сябе ў праекцыі на сваю краіну… Дык вось, калі Беларусь раптам здарылася, мне яшчэ трэба было зрабіцць з сябе беларуса, каб мець магчымасць ушчыльную прытоесніцца да яе. Справа не выглядала простай, але дапамагала тое, што на тую пару ў гэтую справу навалай улегліся дзесяткі, а мо і сотні тысяч людзей. Як на мой розум, дык тая экзістэнцыйная мадэрнізацыя беларусаў па духоўнай значнасці нічым не саступала перастварэнню паганцаў у хрысціянаў.

Вядома, найбольшай праблемай рушэння ў беларусы была мова. Цікава, што кожны гэтую праблему вырашаў на ўласны спосаб, бо дзяржава супраціўлялася прыйсцю беларушчыны. Пра свой персанальны досвед вяртання ў мову я ўжо распавядаў на старонках гэтай кнігі. Тут адно трохі паўтаруся, згадаўшы апошні эпізод з таго досведу.

«Аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне вярэдзіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, аднак спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут справа, пакуль не дапетрыў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.

Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да Беларусі! Бо калі на мове ўжо загаварыла тваё падсвядомае – дык далей няма куды.

Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.»

* * *

Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… і аднойчы зразумець, што яна ніколі не стане тваёй, калі ты не заб’еш у сабе штучна прыдуманага ідэолагамі нацыяналізму беларуса. Гэтае бязлітаснае здумленне скалане мяне яшчэ ў пару панавання праменістых нацыянальных ідэалаў. Таму я доўга нікому не скажу пра сваю эўрыстыку, адно буду палохацца яе застаўшыся сам-насам.

Тым часам праменісты ідэалізм у каламуці рэальнасці спакваля сыходзіў на нішто, пагражаючы зноў пакінуць мяне без сваёй краіны. Суіцыд рабіўся непазбежным. Я неадкладна мусіў забіць у сабе беларуса, створанага нацыянальнымі рамантыкамі неведома дзеля якой, але відавочна не гэтай краіны. Ён не меў нічога агульнага з тым чалавекам, што цяпер жыў на тутэйшых абшарах і да таго ж не пасаваў таму часу (постмадэрноваму), у якім жыў я.

Аднак найбольшай хібай гэтага штучна вымудранага голема было тое, што ён ахопліваў толькі адно (нацыянальнае) вымярэнне адвечна шматвымернай беларускай суб’ектнасці. Гэты логацэнтрычна просталінейны канструкт па азначэнню адмаўляў талерантную амбівалентнасць, шызафрэнічную размаітасць, не-лінейную ўсеахопнасць (і да т. п.) нашай ментальнасці. Інакш кажучы, ён загадваў мне атрусіцца ад тутэйшай шматстайнасці, каб такім чынам перарабіцца з чалавека ў ідэалагічнага курдупеля (і гэта ў эпоху краха ўсіх ідэалогій!). Больш за тое, ён рашуча патрабаваў, каб я праз уласныя вымогі запыніў ліючыюся форму… адвечнага беларускага шляху (Ігнат Канчэўскі) ў нерухомай нацыянальнай канструкцыі…

Шчыра кажучы, мне было не толькі страшна, але і шкада нішчыць у сабе гэтага апантанага нацыяналізмам чалавека. Я ж не збыўся мары аб тым, каб Беларусь сталася спрэс беларускай. Але вось сама Беларусь нічога падобнага не хацела, яна як заўсёды імкнулася да мультыкультурнай сваволі і з гэтага апыналася чужаніцай кожнаму, хто мерыўся ўплішчыць яе ў нейкі апрычоны фармат.

Так, мне было і страшна, і шкада… Але я прагнуў сваёй краіны, а не чужаніцы — таму не меў выбара.

І я забіў яго.

* * *

Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што ў цябе ёсць свая краіна…

КАТАКОМБЫ НЯБЁСАЎ

Эдэм

Як вядома, Біблія надыктаваная самім Панам Богам. А паколькі першы поўны збор Бібліі запісаны іўрытам, дык адсюль быццам само сабой вынікае, што на тую пару Бог найлепей ведаў старую габрайскую мову. Хаця наўрад ці падобнае меркаванне адпавядае сапраўднасці, бо потым Бог яшчэ шмат з кім сумовіўся паасобку (прынамсі, сведчанняў таму ў святых кнігах даволі), і далёка не ўсе ягоныя сумоўнікі былі габраямі. Тым не менш усе яны разумелі словы Бога, як уласныя. З чаго будзе лагічна выснаваць, што Бог быў (і, пэўна, застаецца) паліглотам. Зрэшты, і дзіўна, каб яно было неяк інакш. Праўда, нельга выключыць, што ў звычайным, фанетычным разуменні Бог увогуле не размаўляе, а тэлепатуе свае думкі (абмінаючы нашыя вушы) напрасткі ў галаву ці сэрца, альбо адразу туды і туды...

Але гэтым разам мяне не столькі сам Пан Бог цікавіць, колькі гістарычная радзіма чалавека — Эдэм. І перадусім: на якой мове ў Эдэме размаўлялі Адам і Ева? Праўда, для шмат каго тут няма аніякага пытання. Маўляў, паколькі пра Адама і Еву апавядаецца ў Бібліі, а Біблія запісаная іўрытам, дык выглядае амаль бясспрэчна, што Адам з Евай таксама размаўлялі нейкай старажытнагабрайскай мовай.

Яно то і хай сабе. Аднак калі наследаваць гэтай логіцы і далей, дык атрымліваецца, што Адам і Ева былі габраямі. А калі Адам з Евай былі габраямі, то і ўсе мы, іх нашчадкі, таксама габраі... Вохці мне!

Зрэшты, людзі ніколі не мелі асаблівага даверу да логікі. Таму шмат навукоўцаў і проста неабыякавых да гэтай праблемы людзей у самыя розныя гістарычныя эпохі спрабавалі высветліць, на якой мове сапраўды размаўлялі ў Эдэме. Усіх меркаванняў на гэты конт ніколі не перакажаш, згадаю адно некаторыя з іх. Бельгіец Гаранус лічыў, што Адам з Евай размаўлялі па-фламандску («Узнікненне Антверпена», 1569 г.). А вось нехта Кэмпе, прыкладна ў тую самую эпоху, сцвярджаў, што Бог размаўляў па-шведску, Адам — па-дацку, а змяя спакушала Еву па-французску (апошняе вельмі верагодна, бо здавён вядома, што французская мова — мова спакусы). Мадзьяр Іштван Хорват, прааналізаваўшы біблейныя імёны, прыйшоў да высновы, што ў Эдэме карысталіся мадзьярскай мовай. Але найбольш мяне зацікавілі даследаванні немца Хасэ, які ў 1779 годзе ў Кёнігсбергу выдаў кнігу «Правы Прусіі на Прыбалтыку, на рай старажытных — першую калыску чалавецтва, з усеагульнай згоды абгрунтаваныя біблейскімі, грэцкімі і лацінскімі пісьменнікамі...». Натуральна, Хасэ перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай Эдэма была нямецкая. Я з такой катэгарычнасцю спадара Хасэ не магу пагадзіцца. Калі

«Прыбалтыка... рай старажытных — першая калыска чалавецтва», дык у Эдэме аніяк не маглі гаварыць па-нямецку, бо нямецкая мова не была ў Прыбалтыцы мовай карэннага насельніцтва.

Аспрэчыўшы філалагічны аргумент нямецкага навукоўца, далей я хацеў бы не тое што аспрэчыць, а толькі ўдакладніць, так бы мовіць, трохі падкарэктаваць і яго геаграфічны аргумент. Мяркую, што Эдэм знаходзіўся ўсё ж такі не ў самой Прыбалтыцы, бо інакш у біблейным расповедзе пра гэты эпізод абавязкова згадалася б мора. Казаць пра Эдэм у Прыбалтыцы і абмінуць увагай мора, якое з’яўляецца з ёй неад’емным цэлым — гэта немажліва! Таму я лічу, што Эдэм знаходзіўся не зусім у Прыбалтыцы, а недзе паблізу. А што найбліжэй да Прыбалтыкі? Відавочна — Беларусь! З чаго я і раблю адзіна магчымую выснову: Эдэм мясціўся недзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і Адам з Евай (што амаль напэўна) размаўлялі на нейкай прабеларускай мове.

Натуральна, пакуль гэта толькі гіпотэза. Але я не маю сумневу, што з цягам часу нашыя адмыслоўцы, прапрацаваўшы самыя розныя археалагічныя, этнаграфічныя, тапаграфічныя ды філалагічныя крыніцы, зробяць з маёй гіпотэзы навукова абгрунтаваную і непахісную ў стагоддзях тэорыю.

Так яно будзе, бо так яно было.

Кніга

Хто напісаў першую кнігу? Апошнім часам на гэтае пытанне перасталі шукаць пэўнага адказу. А шкада. Бо недарэчна лічыць першай кнігай папірусны скрутак, датаваны ўсяго толькі 3350 годам да Н.Х.

Між іншым, далёка не заўсёды да гэтай праблемы ставіліся з сучаснай абыякавасцю. У ХVІІ– ХVІІІ стст. ёй было прысвечана безліч прац, з якіх бяспрэчна вынікала, што аўтарамі першых кніг былі Адам і Ева.

Праўда, уласна Біблія пра гэта ні слоўка не кажа, але ж мы не адмаўляем існаванне кампутараў ці зубных шчотак толькі на той падставе, што пра іх не згадваецца ў гэтай святой, усеабдымнай і вечнай кнізе.

За тое, што Адам быў надзелены не абы-якім літаратурным талентам, сведчыць ягоная праца па наданні найменняў прадстаўнікам флоры і фаўны Эдэма. Кожны з пісьменнікаў ведае, як гэта складана — увесці ў літаратурны ўжытак хаця б адно новае слова. Самы геніяльны празаік свету, беларус з паходжання Хвёдар Дастаеўскі, вынайшаў толькі два новыя словы: першае — «стушеваться», а якое другое — я забыўся.

Зразумела, што ў Эдэме Адам з Евай кнігаў не пісалі, там яны займаліся толькі вуснапаэтычнай творчасцю і каханнем.

Пісаць кнігі яны сталі пазней, калі Бог адлучыў іх ад гістарычнай бацькаўшчыны і змусіў пладзіцца ды размнажацца.

На вялікі жаль, арыгіналаў вербальнай творчасці першалюдзей не засталося. Тым не менш, пасля карпатлівага вывучэння ўсяго, што толькі падлягала вывучэнню, даследчыкі прыйшлі да наступнай высновы: Адам напісаў дванаццаць кніг. Пералічу колькі з іх: «Альфабэт», «Кніга парадку», «Кніга пра сутнасць істотаў», «Кніга пакаяння», дзве кнігі пра стварэнне свету... Непасрэдна да красамоўнага творства мела дачыненне кніга паэтычных твораў Адама, якая, згодна Нірэнбергусу, складалася з 94 псалмоў (ён сам, паводле ягоных словаў, адшукаў два псалмы Адама ў бібліятэцы Эскарыяла; праўда, потым яны кудысьці зніклі).

Між іншым, Ева таксама напісала дзве кнігі

(«Прароцтвы Евы» і «Евангелле Евы»)...

І хаця, як ужо адзначалася, навукоўцы не мелі тэкстаў першакніг, але не былі б яны навукоўцамі, каб на падставе адсутнасці гэтых інкунабулаў не стварылі цэлую літаратуразнаўчую навуку, у дыскурсе якой было напісана мноства цудоўных прац. Не магу не згадаць хаця б адзін выдатны твор з бясконцага шэрагу выдатных. Гэта «Спроба ўводзінаў у гісторыю дапатопнай літаратуры», якую ў 1727 годзе выдаў слынны навуковец Рэйман.

Пэўна, у звязку з кнігамі Адама і Евы вам найперш закарціць спытацца: а якім альфабэтам яны карысталіся? Слушнае пытанне...

Вядома, напісанае застаецца, гэта значыць рана ці позна, але патрапіць камусьці на вочы. Так яно было і ў нашым выпадку. Аднойчы ў самым глухім закутку ватыканскай бібліятэкі нейкі няўрымслівы бібліяфіл адшукаў некалькі «матрыц» з нікому не вядомым альфабэтам, але з тлумачэннем, што тут выразаныя тыя самыя літары, якімі карысталіся Адам з Евай.

Біблейны альфабэт быў адразу надрукаваны, і навукоўцы ўсхапіліся яго расчытваць. Найбольшага плёну ў гэтай справе здабылі італьянец Анджэла Рока, ангелец Джэймс Хэпбёрн і немец Лаўрэнцій Шрадэр (між іншым, дарадца Фердынанда І). І хаця вынікі іх даследзінаў не супадалі паміж сабой, гэта ўжо не мела асаблівага значэння. Істотны быў сам факт: Адамаў (Евін?) альфабэт — рэальнасць, а значыць, рэальнасць і тыя кнігі, што яны стварылі. А тое, што ніхто іх не бачыў, — не аргумент. Нікому яшчэ не патрапіў на вочы арыгінал «Слова пра паход Ігаравы», але апошняе зусім не замінае нам лічыць гэтае «Слова» першым геніяльным творам беларускай і казахскай (гл. кнігу Алжаса Сулейменава «Аз і Я») літаратур.

Ды што там: бачылі — не бачылі адзін рукапіс... Ніхто, акрамя двух чальцоў навуковай экспедыцыі, якую папа Грыгорый ХІІІ спецыяльна паслаў у Абісінію, не бачыў бібліятэкі царыцы Саўскай, дзе былі нават кнігі Аўраама (па філасофіі) і Ноя (па матэматыцы). Аднак колькі пра гэтую бібліятэку казалася і пісалася ў свой час!

Слушна некалі заўважыў знакаміты рускі філосаф Казьма Пруткоў: «Не давай веры вачам сваім». Не давай веры — калі бачыш, і не давай веры — калі не бачыш. Зоры кожную ноч зіхацяць на небе, а анёла нават днём не ўгледзіш. Але з гэтага хіба адно недаверак які стане рабіць выснову, быццам зоры існуюць папраўдзе, а анёлы — толькі ў нашым уяўленні. І калі такі недаверак скажа мне:

— А хто анёла пальцамі мацаў?

Дык я яму ў адказ тое самае скажу:

— А хто зоры пальцамі мацаў?

На Беларусі Бог жыве

Гэта здарылася на трэцім месяцы пасля сыходу сыноў Ізраіля з егіпецкага палону. У сінайскай пустыні Майсей знянацку напаткаў Бога!.. Як вядома, вынікам гэтай сустрэчы сталася гандлярскае пагадненне. Высечаная на каменных скрыжалях дамова абавязвала сыноў Ізраіля ахвяраваць свае жыцці на карысць адзінага (на мове філосафаў — маністычнага) Бога, а той, ім у разлік, мусіў апекавацца габраямі давеку.

Ідзе час, мінаюць эпохі, але трымаецца хаўрус Бога і абранага ім народа. Таму людзі ва ўсім свеце моцна зайздросцяць габраям — што і зразумела. Не кожнаму выпадае такое шчасце — свайго чалавека на нябёсах мець.

Беларусы раней таксама моцна зайздросцілі, а цяпер ужо — не, не вельмі. І ўсё дзякуючы Уладзіміру Караткевічу. Нейкім годам яго доўгі час ніхто не бачыў, аднак потым ён усё ж такі аб’явіўся на людзі і адразу кажа: «На Беларусі Бог жыве!».

Пачуўшы такую навіну, беларусы аж галовы паўгіналі: гэта вам не жартачкі — Бога мець у суседзях. Адзін я галавы не ўгінаў, бо трохі ведаў Караткевіча. Ат, блюзнерыць паэт, — падумаў смехам. Але пасля, сёе-тое ўзважыўшы, аж раззлаваўся на сябе: а чаму, уласна кажучы, я мушу верыць нейкаму там Майсею, а не свайму чалавеку? Тым болей, што Караткевіч не з дуба ляснуўшы такое сказаў. Да таго ж ён сур’ёзна абгрунтаваў гэтую, хай сабе і нечаканую для тэолагаў усяго свету, версію.

Як на мой розум, дык аргументацыя Караткевіча ну проста бліскучая. Паслухайце:

І няхай давядзе мне Іншая кроў, Што брашу, Як сабачы сын, — А няма нідзе Вярнейшых сяброў І прыгажэйшых жанчын.

Што за вытанчаная логіка, праўда? Які там Кант са сваімі антымоніямі. Бог жыве з намі, бо людзі ў нас на Беларусі ўвогуле неблагія, а жанчыны — як нідзе вабныя...

Ах, які вы разумнік, Уладзімір Сямёнавіч, як добра, як пераканаўча гэта сказана. І хай сабе Майсей гаворыць, што гаворыць, мы-то цяпер ведаем, хто з намі суседзіцца.

Хаця, з іншага боку, можа, я і дарэмна не даю лішне веры Майсею. Бо ў той дамове на скрыжалях Бог і не абяцаўся жыць на зямлі «абетаванай», а толькі казаў, што будзе апекавацца сынамі Ізраіля ў меру іхняй адданасці Яму...

І глядзіце, як усё ладна ды складна адно да аднаго пасуецца. Калі габраяў спачатку выгналі з іхняй гістарычнай радзімы, а пасля — з Заходняй Еўропы і не пусцілі праз мяжу аселасці ў Расею, дык дзе яны знайшлі сабе прытулак? Вядома — на Беларусі.

Раней усе лічылі, што гэтак выпадкова склалася — як пішуць у кніжках, «збегам гістарычных абставінаў». Аднак цяпер, пасля прамоўленага Караткевічам, мы добра ведаем, што тут да чаго. Натуральна, Богу, які прытуліўся на нашых абшарах, ямчэй было апекавацца габраямі, калі яны апынуліся ў Яго пад рукой. Вось Ён іх сюды неўпрыкмет і скіраваў ды тут запыніў.

Цікавая атрымліваецца гісторыя. Сыны Ізраіля, працерабіўшы сцежку да Бога, далі нам прытулак на нябёсах, а мы ім тут — на зямлі.

Але што гэта я ўсё пра габраяў турбуюся? Яны і самі не зломкі... Тым болей, што ў мяне апошнім часам свая вярэда завялася. Хоць ты бяры драбіну і лезь на тыя самыя нябёсы, каб запытаць Уладзіміра Сямёнавіча, якім такім чынам ён даведаўся пра жытло Бога: ці сам-насам з ім сустракаўся, як Майсей, ці неяк інакш гэта было? І чаму я раней у яго не пацікавіўся? Праўда, калі ўважліва пачытаць пасланне Караткевіча, дык вынікае, што ніякай таямніцы тут увогуле няма, бо беларусы аб гэтым заўсёды ведалі, толькі чамусьці свайму веданню не надавалі належнай увагі. Паслухаем зноў нашага валхаўца:

І тая памяць жыве не ў царкве, А ў кожнай жыве галаве: «На Беларусі Бог жыве...» І хай сабе жыве...

Дарэчы, гэтая відушча Караткевіча, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тлумачыць, чаму беларуса ў царкву толькі носяць (адзін раз — хрысціць, а другі — адпяваць), а каб сваімі нагамі пайшоў — дык калом не загоніш... Бо навошта яму гэта патрэбна? Хай у храмы на маляваныя партрэты Бога ходзяць глядзець там, дзе Яго жывым на свае вочы ніхто не бачыў. А ў нас адразу за плотам падворка, куды вока ні кінь (на дарогу, поле ці лес) — усюды Ён. Як казаў усё той жа Караткевіч:

Гэты край —

Твой дом і сабор...

Слушна. Дзе сабор — там і Бог. А сабор на Беларусі ўсюды, і таму ўся Беларусь, а не толькі ўкрыжаваныя камяніцы — Дом Божы.

Пэўна, тут які недаверак падхопіцца, каб мяне папікнуць: маўляў, як гэта шэрая, нішчымная Беларусь, краіна гнілых балотаў і ніцых хмызоў, дзе сонца калі і свеціць, дык не грэе, а ў туманах нават дарогі губляюць свае шляхі — дык вось, як гэтая выклятая зямля можа быць храмам для Валадара ўсіх Сонцаў і Сусветаў?

— Яшчэ як можа, — без ваганняў запэўніваю недаверка. А для лепшага паразумення дазволю сабе прыклад з матэматыкі. У сусвеце лічбаў ёсць толькі адно месца, дзе Бог можа атабарыцца ва ўсёй сваёй абсалютнай паўнаце. Гэта нуль. Бо там, у нулі, нітуецца ў непрыкметнасці ўсё, што хоць дзе ёсць, і ўсё, чаго хоць дзе няма... Гэтаксама і на зямлі. Спавітая туманамі, адсутная ў сваёй прысутнасці Беларусь, дзе нават дарогі блытаюць свае шляхі, а людзі ніколі не прыходзяць туды, куды выпраўляюцца, — ёсць найлепшым аргументам на карысць таго, што менавіта ў нашых краях прытуліўся да зямлі Бог. Дайце веры Караткевічу: якраз на гэтых абшарах Бог накрэсліў сабе круг, які ў матэматыцы называецца нулём. Таму ўсё, што тут становіцца большым ад нуля (людзі, падзеі, з’явы), Яго рука выштурхоўвае ў іншыя прасторы, пакідаючы гісторыі гэтай зямлі і гэтых людзей толькі іхнюю адсутнасць...

Цяпер вы, пэўна, зразумееце, чаму я кожным ранкам з трывогай падыходжу да акна — а ці не рассеяліся густыя туманы над Беларуссю, а ці не выпрасталіся дарогі, а ці не ўзножыліся на ясным даляглядзе пыхлівыя хмарачосы?! Бо калі такое аднойчы здарыцца і мы паўстанем перад светам ва ўсім сваім багацці і велічы, дык гэта будзе азначаць толькі адно: Бог нас разлюбіў і выправіўся адсюль за небакрай. Таму наастачу мне нічога іншага не застаецца, як у каторы раз паўтарыць малітву Уладзіміра Караткевіча:

На Беларусі Бог жыве,— І няхай давеку жыве.

Дыялогі з Богам

Патыліца да патыліцы, ды так шчыльна, што куды ні абярнуся, Ён заўсёды за спінай.

Шалеючы, мармычу скрозь зубы:

— Цябе няма.

І адразу хрыбтом адчуваю цяжар нябёсаў, і сэрцу робіцца млосна.

Хай сабе.

Цябе няма. На каменных скрыжалях Майсей высек не дамову з Табой, а першую літаратурную містыфікацыю. Ён затлуміў нам галаву універсальнай метафарай, і ніхто не даўмеўся запытацца Майсея: навошта Богу тая пісанка?

Цябе самога пытацца дарэмна. Ты — маўчыш. Твой схарон у бязмоўі. Ты — толькі падстава для дыялогу...

Чалавеку няма з кім гаварыць, ён страшэнна адзінокі. Ён спрабуе пазбавіцца адзіноты, прамаўляючы словы да жанчыны, дзяцей, людства, але ў адказ чуе толькі рэха. І тады ён змаўкае і застаецца самнасам. Цяпер яму няма з кім нават маўчаць, акрамя Цябе. Затое Твае моўчы яму хопіць назаўжды.

Ты — выбаўленне адзіноты.

Але Ты і самая вусцішная адзінота, якую толькі можна сабе ўявіць.

І таму я пытаюся: можа, Ты выдумаў мяне, адно каб самому ўнікнуць нуды? Можа, сапраўды Ты мяне вымавіў, каб было каму гаварыць з Табой?

Ты — жорсткі і панылы Шахрыяр, які нудзіцца тысячагоддзі і не мае сну ні днём, ні ўначы...

— Ты і на гэта маўчыш?

Я зважаю, што калі Ты — Слова, дык кожнае маё пытанне — гэта перадусім Твой адказ.

Больш за тое, я мяркую, што Ты — толькі слова.

Пра што кажа і Іаан: «На пачатку было слова... І Богам было Слова».

Цуд маўлення — найвялікшы з магчымых на гэтым свеце. Што існае без слова? Сказаць «нішто» — значыць нічога не сказаць.

Натуральна, Слова — Бог. Яно перастварыла вусцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасць, і калі што абагаўляць, дык нішто іншае, як Слова.

Таму кожны раз, прамаўляючы хоць нешта, мы прамаўляем Тваё імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусня, патаемная думка і енк — усё Ты.

Забі — Ты. Злітуйся — Ты. Мы — Ты. Я — Ты.

Ты — Слова, персаніфікаванае ў слове «Бог». Паўторанае за тысячагоддзі безліч разоў Тваё імя зацвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытавання.

Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людства, слова «Бог» само мацавалася чалавечай моцай, збіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.

А пасля ўкрыжавання Ісуса яно набыло яшчэ важкасць маральнага абсалюту.

Бог — толькі імя слова.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы? Ты — толькі слова «Бог». І гэта напэўна. Аднак давай на момант уявім, што некалі Ты сапраўды быў. Але хіба Ты быў Богам, пакуль не стварыў прамень, верас, пчалу, мяне? Хіба Ты быў Богам, калі самотнай зданню блукаў у прыцемках вечнасці ці недзе ў кутку Нічога, згарнуўшыся ў Нішто, нэндзіў самнасам, як засунутае ў мех шчанё?

І калі мы ўсе знікнем дазвання, што застанецца ад Цябе? Кволае трымценне спарахнелага шматка Нішто ў ацвілым кутку Нічога?

— Маўчыш? Маўчы!

Урэшце, адзінае, што я хацеў бы пачуць ад цябе, — гэта:

— Чаму?

І, можа:

— Навошта?

А менавіта — з якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць верас, пчалу, мяне?..

Я кленчу перад Табой і схіляю да масніцаў галаву перад Тваёй кемлівасцю. З нічога, з абсалютнага нічога, з сусветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы — гэта... Калі я скажу, што гэта — геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.

Са зместам, пагодзімся, ужо было значна прасцей, а што да тэхналогіі абнаяўлення свету, дык, паводле Бібліі, за выняткам апошняга акту тварэння, праблемаў увогуле не было.

Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?

— Скажы!

Можа, Табе абрыдла быць Нікім, і Ты вырашыў, што лепей памерці ў сваім тварэнні аднойчы і назаўжды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасць панылага існавання сам-насам?..

І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае ў глебу зерне.

Адам убачыў Цябе ўжо старым, задаволеным сабой, але, па боскай меры, нямоглым. І гэты вобраз спрацаванага ціхамірнага дзеда на прызбе — адзіны ўспамін пра Цябе, які досыць выразна перадаваўся потым праз пакаленні.

Пэўна, пачынаў Ты работу маладым і дужым, аднак, мабыць, не разлічыў моцы свайго духу і Адама ўжо давялося ляпіць рукамі з кавалка гліны, адно пахукаўшы трохі на пальцы. А Еве нават і хуку не засталося. Як парастак прышчапляюць да галінкі, так прышчапіў Ты скабу Адама да дрэва жыцця.

І ўсё ж такі: навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?

Дарэчы, чаму гэта мы Цябе ўхваляем, чаму гэта Табе дзячым за жыццё? Каб мы ўваходзілі ў Тваю задуму, каб Ты меў намер растыражаваць нас да бясконцасці, дык, як зораў на небе, нарабіў бы людзей на зямлі. Але Ты палічыў, што даволі і гэтых двух. І вымыў рукі...

А калі б Ева не аслухалася Цябе?..

І па сёння сярод хмызоў Эдэму бадзяліся б толькі два големы, лыпалі вачыма, пазяхалі раз-пораз і, казычучы адзін аднаго пад пахамі, па-дурному рагаталі, гэтым рогатам акрэсліваючы ўвесь змест быцця.

Не Табе, а ім, якія саступілі ў грэх, трэба дзячыць за тое, што мы ёсць, не Табе, а ім я абавязаны магчымасцю чытаць кнігі, баляваць з сябрамі, кахацца з жанчынай і караскацца па высокіх гарах у салодкім прадчуванні вяртання на бацькаўшчыну.

Не Ты — Грэх наш бацька. І ўсе мы — ягоныя дзеці. Гэта так.

Застаецца пачуць адказ на пытанне:

— Чаму Ты дазволіў граху быць?

Адно не кажы, што Ева сама зрабіла тое, што зрабіла. Смешна слухаць: без Твае волі і па-за Тваім веданнем здарылася самая вялікая падзея ў гісторыі людства...

Яно з’явілася!

Але якраз на гэтае пытанне, нават аказаўшыся, Ты, пэўна, ніколі не адкажаш. Бо наш грэх — Твой сорам. А можа, і нешта горшае, пра што далей...

— А Ты пярэч.

У нейкі момант Ты зразумеў, што Твая праца па стварэнні Сусвету, лічы, была марнай. Бо, зрэшты, нічога не змянілася ў параўнанні з тым, калі не было нічога. Мігцяць зоры, калыхаецца Зямля, сноўдаюць па ёй розныя істоты, але нічога нідзе не адбываецца. Быццё быццам ёсць, і разам з тым яго як няма. Яно здарылася аднойчы, а цяпер толькі нерухома прысутнічае ў сваім здарэнні, як у гасцёўні карціна — на ўспамін пра колішні акт творчасці.

Хаця параўнанне з карцінай, бадай, не зусім дакладнае. Лепей згадаем тэатр, дзе Ты — рэжысёр і глядач у адной асобе.

Напачатку Цябе ўсё бавіла: і велічныя дэкарацыі, і жвавыя статысты, і вабная гераіня побач з цнатлівым героем у багатым інтэр’еры з размаітай квецені («І гэта хораша», — раз-пораз паўтараў Ты).

Але колькі можна глядзець адну і тую самую дзею, у якой ніколі нічога не адбываецца?

І некалі Табе ўсё гэта абрыдла. Зусім верагодна, што, калі б у Цябе яшчэ заставалася былая моц жыццядайнага духу, Ты ўшчэнт пабурыў бы гэты свет і зладзіў што-кольвек іншае, каб наноў уведаць асалоду творчага здзяйснення. Аднак ад той першапачатковай моцы ў Цябе, пэўна, ужо амаль нічога не захавалася. І Ты аднойчы падумаў, што зусім не абавязкова ўсё перарабляць ад пачатку, даволі будзе, калі з гэтымі лянотнымі, ні да чаго не здатнымі стварэннямі аднойчы нешта здарыцца.

З імі ўвесь час нешта мусіць здарацца! Тады статычнасць быцця зрушыцца са свайго пастамента, і яно само закруціцца ў шалёнай віхуры пераменаў.

Цяпер Табе заставалася вынайсці тое, што потым само будзе вечна рухаць дзею.

Твая прыдумка з гледзішча чалавека была жахлівай! Аднак, нават жахаючыся Тваёй жорсткасці, давядзецца пагадзіцца, што нічога роўнавялікага потым ні Ты, ні хто іншы не змог вынайсці.

Новая канцэпцыя свету прадугледжвала замену пануючай у Эдэме тэорыі бесканфліктнасці на абвальную трагедыю.

Гэта сёння мы, выгадаваныя смерцю, успрымаем трагічнасць свету як апалае лісце ўвосень — з абыякавым одумам...

А я ўяўляю тагачасную сітуацыю, дзе ўсё толькі кагадзе было створана і ніхто не ведаў, што значыць загінуць; не схавацца ў кустах на хвіліну, а знікнуць назаўсёды. Больш за тое — ніхто нават не здагадваўся, што гэта ў прынцыпе магчыма...

З жыцця прыдумаць смерць, як з нічога — форму... Гэта неверагодна!!! (Кленчу, зноў кленчу перад Тваім эўрыстычным геніем.)

Гэтыя дзве Твае ідэі і прадвызначылі ўсе наступствы. Тады мы і займелі тое, што маем і, відаць, ужо будзем мець заўжды, пакуль будзем хоць нешта мець.

Пэўна, калі ідэя смерці прыйшла Табе да галавы, Ты запляскаў у ладкі ад захаплення сабой...

Узяў рыдлёўку і пасадзіў на самым бачным месцы Эдэма дрэва ведання і ліха.

А каб прыспешыць падзеі, падбухторыў гада. Ува ўсім гэтым абы-як, наспех злепленым сцэнары выгнання Адама і Евы з жыцця ў смерць мяне засмучае не слабая драматургія, а нямоглая годнасць —Твая.

Ты ўсведамляў, што робіш, і таму не адважыўся без хоць якой падставы адчыніць браму Эдэму і сказаць як ёсць:

— Ідзіце ад мяне. Жывіце і памірайце самі.

У Цябе не хапіла мужнасці ўзваліць на сябе адказнасць за ўтвораную Табой смерць, і Ты вынайшаў, як перакласці гэтую адказнасць на першалюдзей, абвінаваціўшы іх у непаслухмянасці.

Ты не толькі стварыў першую трагедыю, Ты сам выканаў у ёй ролю адмоўнага героя пад маскай суровага, але справядлівага суддзі.

Нездарма акцёраў і па сёння называюць ліцадзеямі.

— Я не магу Цябе мераць сваёй чалавечай мерай? Але чаму?

Калі Ты важыш мяне на вагах дабрыні і зламыснасці, калі этычныя законы, законы чалавечае маральнасці, зразумелыя мне, як і кожнаму, — крытэр, каб патрапіць у Тваё Гаспадарства, дык, натуральна, і я магу і павінен патрабаваць ад Цябе маральнае дасканаласці і падпарадкавання этычнаму закону ў стасунках са мной і з кім заўгодна іншым. Інакш, выбачай, атрымліваецца «двайная бухгалтэрыя». Мне — этычны імператыў, Табе — крывавая сваволя. Я мушу дараваць сваім ворагам «сем усямёра», а Ты не захацеў пашкадаваць аднойчы Адама і Еву. Больш за тое, Твой праклён стаўся наканаваннем для ўсяго людства, і мы, колькі нас было, ёсць і будзе, мусім цярпець ад Цябе за той адзіны грэх першае людзіны.

Мне і сёння, праз тысячы год, бывае балюча, калі я згадаю, як Ты абышоўся з Адамам і Евай. Па сутнасці, Ты выкляў дзяцей (бо розумам яны і былі дзецьмі) за іх дзіцячую цікаўнасць. Выкляў і выгнаў у сцюдзёную завіруху жыцця.

Ведаеш, у мяне таксама ёсць малыя. Цяпер яны падраслі і трохі пачалі слухацца бацьку. А раней, што ні кажы, усё наадварот зробяць. І калі б я, сыходзячы з дому, паклаў навідавоку крамяны яблык, хай сабе побач з папругай, дык, мяркую, яблык нядоўга б там улежаў.

Праўду кажучы, здаралася — так дапякуць, што лупцанеш пад гарачую руку. Але ж, натуральна, мне і да галавы не было выгнаць іх на вуліцу і замкнуць дзверы, каб яны лямантавалі ў вусцішы. Як не прыходзіць такое ў галаву ніводнаму нармальнаму чалавеку. А той, хто падобнае зробіць, уважаецца сярод людзей нават не за злачынцу, а за вар’ята.

З гэтага вынікае пытанне: хто нас будзе судзіць падчас Апакаліпсісу?

— Ты нас будзеш судзіць?!

Ты, які выгнаў дзяцей у сцюжу.

Ты, які патапіў амаль усё людства, усё жывое з немаўлятамі і ягнятамі сусветнай паводкай.

Ты, які ўшчэнт пабурыў Садом і Гамору з кожным вінаватым і кожным бязвінным.

Ты, які загадаў Абрагаму зарэзаць свайго адзінага, любага сына.

Ты, які прамаўчаў у адказ на адчайны лямант

Ісуса: «Ілі, ілі! Лама савахфані?» Ты, які...

Зрэшты, каб пералічыць усё, давялося б ушчэнт высечы на паперу лясы і выскубсці чарот да апошняй чарацінкі.

Пэўна, трэба было б не чакаць Твайго Другога

Прыйсця, а даслаць Табе позву зараз.

Каб адно толькі ведаць — куды?!

Здаецца, Стэндаль казаў: Бога апраўдвае адно тое, што Яго няма.

Ты — не хрысціянін.

Калі тут сцвярджаецца, што Ты — не хрысціянін, што ад хрысціянскай маралі Ты далей за найвялікшага з нявернікаў, дык гэта тая праўда, большае за якую амаль не бывае...

— А Ніневія?

Так, Ты пашкадаваў Ніневію і сто дваццаць тысячаў яе жыхароў. Ты ўратаваў Ноя з сынамі, вярнуў Ёву (пасля нялюдскіх здзекаў) удвая багацця і здароўя... Можна яшчэ згадаць сёе-тое, але колькі ўсяго — хопіць пальцамі згарнуць. І кожная з тых дабрачыннасцяў праўдзілася не літасцю сэрца, а прыхамаццю сваволі ці ідэалагічным разлікам. Ты ніколі не ведаў дабрыні як нязмушанага памкнення да шкадобы грэшнага чалавека. І таму нічым іншым, як татальным насланнём, нельга растлумачыць атаясамліванне Цябе з хрысціянствам — за выняткам таго выпадку, калі Ты аднойчы пражыў чалавечае жыццё чалавекам.

Той момант, з якога боку ні глядзі, — надзвычай цікавы. І аднолькава загадкавы. Хаця, мяркую, не аднаму мне жадалася б ведаць хіба адно:

— Што папраўдзе ссунула Цябе з нябёсаў на зямлю?

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб надыктаваць новы закон да лепшага жыцця. Магчыма. Але ў сітуацыі з Майсеем Ты абышоўся без антрапаморфных хітрыкаў (хаця і не ўнікнуў аргументацыі цудам).

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб на асабістым прыкладзе патлумачыць кодэкс паводзінаў чалавека гуманнага. Магчыма. Але Ты мог гэта зрабіць, не калечачы падэшвы аб жарству. Як было ў Цябе з Ёвам.

Кажуць, Ты прыйшоў да нас, каб прыняць на сабе пакуты за грахі нашыя. Магчыма, і — дзякуй. Але за чые грахі гаравалі тыя, што гінулі забітыя, ссечаныя, на крыжах, вогнішчах, у лютым холадзе і голадзе, на каламутным вятры і пад спякотным сонцам?

Кажуць... Магчыма...

А мне чамусьці здаецца, што Ты прыйшоў пабыць разам з намі, каб хоць нейкім імгненнем свайго існавання прылучыцца да той гаротнай долі, якую Ты нам і наканаваў.

Мне хочацца верыць, што аднойчы Ты адчуў сорам. Пякельны, невыносны сорам за тое, што вытварыў з Адамам і Евай, дапатопнай цывілізацыяй, Абрагамам, Ёвам, месцічамі Садома і Гаморы... з намі ўсімі, якія былі, ёсць і будуць.

Пэўна, Табе было нялёгка вырашыць, што можна зрабіць, каб хоць неяк апраўдацца перад чалавекам за ўсё тое ліха, да якога Ты прычыніўся.

Ты яшчэ многае мог, але нават Табе было не па сілах выцерці тыя слёзы, што ўжо даўно павысыхалі самі...

Верагодна, былі іншыя варыянты, аднак Ты спыніўся на гэтым: пражыць чалавекам ад пачатку да канца, нічога не прамінаючы — ні задухі жаночага ўлоння, ні пякучае волі крыжа.

І вось аднойчы Анёл Гасподні паведаміў Язэпу:

— Язэпе, сыне Давідаў! Не бойся прыняць Марыю, жонку Тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога.

Неўзабаве над Віфлеемам запалілася зорка, а праз нейкі час у Гефсіманіі праспяваў певень...

Так, пасля Галгофы ніхто не скажа, што Ты пакутаваў меней ад каго з нас. Ці лягчэй нам ад гэтага? Але Табе, магчыма, палягчэла. Ты не толькі чыніў нам ліха. Ты і сам трываў і адольваў яго. І мы на гэта ніколі не забудземся. У той апошні дзень, калі вострае лязо прысуду будзе няўпэўнена вагацца над Табой, шукаючы справядлівага апірышча, нехта з нас узгадае пра «сем усямёра», якія Ты вымавіў, пэўна, зважаючы прышласць самога сябе.

Ты — чысты аркуш паперы, на якім я пішу гэтыя словы.

Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы?

Метафізічнае фэнтэзі

Алесю Анціпенка

Канцуючы нізку «сакральных» тэкстаў, я дазволю сабе наастачу яшчэ трохі гуллівых развагаў…

Якая, кажучы мовай чалавека, прырода Бога? Па сутнасці мы нічога пра гэта не ведаем. Мы толькі ведаем, што Ён — наша ўсё! Бо гэта Ён стварыў Свет, ды не проста так з абы нічога, а каб было дзе аб’явіцца чалавеку. Праўда, і па сёння ніхто не даў рады зразумець, на якую халеру Яму гэта было патрэбна?! Але галоўнае, што мы зусім не ведаем па якіх законах Бог сам зладжаны і як Ён функцыянуе паводле самога сябе. Праблема для нашай эўрыстыкі найперш у тым, што ў вядомым нам свеце нішто не сведчыць пра магчымасць такой Ініцыяцыі, якая магла б уласнаруч (ды яшчэ за кароткі час) выштукаваць гэткую, нічым не вымерную касмагонію. Інакш кажучы, тыя фізічныя (паводле нашай эмпірычнай веды) законы, якімі арганізаваны і трымаецца гэты Свет, не даюць ніякай падставы меркаваць, быццам Нешта можа быць патэнцыйна настолькі крэатыўным ды магутным, каб з уласнай сваволі вымудрыць не проста сонца ды колькі планетаў, але і мільёны галактык. Дарэчы, калі Бог ствараў Свет выключна дзеля таго, каб было куды аб’явіцца чалавеку (Эмануэль Сведэнборг нават лічыў, што Свет мае форму вялізнага чалавека.), дык навошта яму былі яшчэ і тыя «мільёны галактык»? Ці не хапіла б чалавеку адной сонечнай сістэмы (ну хай сабе адной галактыкі)? Не зразумела! Таму давайце звернемся да таго, што мы разумеем ці, калі нават не разумеем, дык чаму даем веры.

Найперш мы верым, што Бог усё можа. Гэта значыць, што для Яго няма нічога немагчымага. Апошняе прынцыпова дзеля майго здумлення. Тут толькі варта заўважыць, што «усё можа» зусім не азначае, быццам Ён для кожнай дзіркі затычка. Калі нешта здольнае аб’явіцца само па сабе, дык з чаго Богу дарэмна марнаваць уласныя сілы? Гэтак меркавалі і дэісты, якія з Богам звязвалі адно стварэнне Свету, а ўсё наша зямное аб’яўлялі прэрыгатывай прыроды і самога чалавека. Але я не адэпт Дэізма. Последам за рознымі іншымі адмыслоўцамі,скажам, тым жа Стывенам Хокінгам, я схільны думаць, што паколькі Свет і без боскай помачы абавязаны быў узнікнуць сам з сябе дзякуючы гравітацыі, дык Бог і не займаўся гэтай справай. А чым Ён займаўся? Паводле Бібліі, Бог стварыў толькі ласкавае сонейка (ну і колькі жменяў зорак дзеля прыўкрасы нашаму воку), якое штодня па колу абплывае зямлю (таксама Ягоных рук справа), каб ніхто і з ніякага боку на ёй лішне не мёрзнуў. Аднак, пра што вышэй ужо казалася, сонейка і зямля ў Ягоным праекце былі зусім не загалоўнымі чыннікамі, і нават мора з кітамі такім не былі. Бо усё тут згаданае, і безліч усяго не ўлічанага, адмыслова штукавалася адно дзеля Чалавека.

Якраз у такой прапорцыі – сонейка, зямля, чалавек,— усё выглядае надзвычай гарманічна, як і мае быць у Бога. Але паспрабуйце сюды дадаць мільёны тых галактыкаў з чорнымі дзірамі, патухлымі сонцамі, рознымі белымі і чырвонымі карлікамі, пратуберанцамі ды ўсялякім іншым страхоццем, і ад боскай гармоніі знаку не застанецца. Як і ад боскага стварэння (чалавека), бо ў такой бясконца пачварнай праекцыі ён робіцца маленькім і пустым, як дзірка ў голцы. А хіба Бог столькі вымагаўся дзеля таго, каб у мностве павялічыць колькасць дзірак у Свеце? Зразумела, не дзеля гэтага...

Толькі далей мы збочым у трохі іншы, больш актуальны для нас накірунак. Пра тое, як Богам ствараўся гэты Свет існуе даволі самых розных паданняў, аднак мне нідзе не сустракалася хаця б згадка, як майстраваўся той Свет — ён як бы дадзены нам a priori. Хаця якое тут можа быць апрыёры, калі Бог праз «Біблію» усім патлумачыў, што пачаў ствараць Свет лічы з нуля, ex nihil. А значыць і таго Свету раней таксама не было. З апошняга вынікае, што той Свет мусіў стварыцца пасля гэтага, ў восьмы ці нейкія наступныя дні, паколькі ў першых сямі працаднях Бога пра яго няма хоць якога напамінку. Ну то і хай сабе. Але ж ці не дзівіць вас той факт, што і потым Біблія, распавядаючы пра шматлікія штукарствы Бога, ні словам не згадвае аб тым, як Ён вымудрыў той Свет. Хаця менавіта гэты акт тварэння для чалавека ёсць самым цікавым ва ўсіх боскіх справах, бо тут чалавек адно між іншым, а туды ён патрапляе назаўжды.

Як ужо казалася, каб паўстаў гэты Свет, дапамога Бога была без патрэбы. Затое той Свет – на маё уласнае маркаванне, —стварыць мог толькі Бог. Ужо хаця б таму, што патойбочны космас прэзентаваны як існы насуперак усіх вядомых нам законаў фізікі, біялогіі, матэматыкі, логікі… усіх. А гэта значыць, што вымудрыць яго мог адно той, для каго няма нічога немагчыма. Менавіта такога адмыслоўца мы і называем Бог.

Вось тут якраз і паўстае пытанне, чаму пра сваю самую галоўную і ўжо менавіта боскую справу Бог ані гу-гу?! Зразумела, на гэты конт могуць быць самыя розныя версіі: каб людзям як найдаўжэй заставалася інтрыга Быцця, каб наперад не пералякаліся і з гэтага дзяцей не кінулі штукаваць, каб не пабурылі ўсе цэрквы, а папоў не выправілі бародамі ўнітазы шкрэбсці ну і г. д. і да т. п. Хаця асабіста я мяркую, што справа зусім у іншым. Створаны насуперак усіх законаў прыроды (і чалавека ў прыватнасці) той Свет з яго з’явамі, падзеямі ды атрыбутамі проста ў прынцыпе не можа быць перакладзены на мову гэтага Свету. Таму патлумачыць людзям, як ён абнаяўляўся ў факт і як цяпер функцыянуе абсалютна немагчыма нават Богу, які ўсё можа. Бо чалавек, раўнуючы з Богам, мае глуздаў усяго нічога. Дык што яму ўцяміш? Бог адно патлумачыў Майсею на скрыжалях, як можна патрапіць на той Свет. Калі не зважаць на ўсялякае другаснае, дык шлях туды выглядае досыць простым, а менавіта: дай веры Богу і любі Бога! Вось чаму, па сутнасці, усе фэнтэзі, якія людзі ў безлічы панавыдумлялі пра той Свет, ёсць толькі разгорнутымі інтэрпрэтацыямі шляху да таго Свету, а не рэпрадукцыямі ўжо уласна яго самога. Прыкладам, слынная «Боская камедыя» Дантэ Альегеры. Альбо вандроўныя занатоўкі гэтаксама слыннага Эмануэля Сведэнборга, які сцвярджаў, што цягам дваццаці год рэгулярна наведваў той Свет. Між іншым, расповеды Сведэнборга зусім не падобныя на тое, што мы чытаем у тэрцынах Дантэ. Але мяне найбольш уразіла, што, паводле назіранняў Сведэнборга, анёлы, як і людзі, дзеляцца па полавых прыкметах. З чаго лагічна вынікае, што яны, як і мы, займаюцца любошчамі – толькі дзецей з гэтага не маюць. Ясная рэч, скуль могуць быць дзеці ў месцы, аніяк не прыстасаваным ні для нараджэння, ні для смерці, а толькі для вечнасці… Аднак мяне зноў звярнула ўпрочкі, бо што нам да тых анёлаў, калі мы яшчэ не вызначыліся з галоўным. Гэта значыць, мы пакуль не ведаем, калі і дзеля чаго Бог выштукаваў той Свет, на якіх прынцыпах ён функцыянуе і дзе месціцца?

Што праўда, асноўную парадыгму таго Свету раней я ўжо трохі пазначыў, але гэты момант залішне істотны, каб яго пакінуць у фармаце кароткай зацемы. Як вышэй казалася, галоўная характарыстыка Свету, створанага непасрэдна Богам, палягае на тым, што там няма месца Нішто, бо ў такім разе той Свет тоесніўся б з гэтым у яго галоўнай канстанце. Пакуль я не ведаю, з чаго Бог здумеўся выштукаваць свой апрычоны Космас, аднак зыходзячы з Ягонай канцэпцыі выглядае, што Яму было недаспадобы тое ўладкаванне, якое ўзнікла паводле самаадвольнага паўставання гэтага Свету. Вось Ён і выставіў насуперак яму свой варыянт, радыкальна і прынцыпова адрозны ад таго, які ўжо існаваў. Дарэчы, таму мяне моцна дзівіць ідэя, якая ў даўнейшыя часы вандравала з эпохі ў эпоху: «Што ўверсе, тое і ў нізе»; інакш кажучы, люстраная тоеснасць паміж тым і гэтым Светамі. Якая тут можа быць тоеснасць, калі там нішто ніколі не нараджаецца і не гіне, а ўсё толькі вялічыцца ў вечнасці за кошт прыбытку ад нашых душаў (хаця апошняе – «вялічыцца», — выглядае досыць спрэчна для таго, хто даў веры манадалогіі Лейбніца).Гэта прыблізна як было ў Эдэме, дзе Адам мог схвацца ад Евы за які кусцік, аднак знікнуць увогуле, нават калі б паспрабаваў засіліцца на адной з галінаў таго знакамітага дрэва з яблыкамі — ні ў якім разе. Карацей кажучы, на тым Свеце, у адрозненне ад нашага, нішто не бурыцца, не знікае, не сплывае ў невараць… Няма там ніякай невараці! Эйнштэйн, хто спрачаецца, быў вялікім чалавекам, толькі і ён не здаўмеўся, што менавіта ў гэтым якраз і выявіўся персанальны выбар Бога («Які выбар быў у Бога, калі Ён ствараў Свет?»). Бог якраз магутна прадэманстраваў гэты выбар, супрацьпаставіўшы ўласны праект усяму таму, што нарабіў Вялікі выбух.

А далей мне карціць здагадацца, калі тое адбылося? З усяго сказанага раней зразумела, што я не маю сумневу наконт, так бы мовіць, «анталагічнага» месца ў часе гэтай падзеі. У тым сэнсе, што яна здарылася пасля таго, як гэты Свет ужо існаваў. І досыць даўно. Сучасная веда сцвярджае, што Свет абнаявіўся, калі лічыць з моманту Вялікага выбуху (а болей пакуль няма з чаго лічыць), як меней 13,5 мільярдаў год назад. Праўда, наша Сонечная сістэма пачала фармавацца значна пазней — прыкладна 4,6 мільярдаў год таму. (Ну то і хай сабе — у людзей болей часу застаецца наперадзе.) Адпаведна і наша Зямля мае прыкладна такі ж узрост. А вось Homo sapiens з’явіўся ўсяго недзе 200 тысяч год назад (хаця гады папярэднікаў «чалавека разумнага» лічацца на мільёны). І апошняя лічба. Паводле «Бібліі» і, адпаведна, календара сыноў Ізраіля, Бог стварыў тое, што Ён стварыў за 3761 год да Р.Х.

Я шмат думаў над гэтымі «як меней 13,5 мільярдамі год», спрабуючы здагадацца, калі наш Творца мог выявіць сябе ўжо дзейна. Дарэчы, я б цалкам не выключаў, што Бог таксама мог быць непасрэдным вынікам Вялікага выбуха — як яго апрычоная анамалія. Але тады не зразумела, чаму Ён марудзіў столькі мільярдаў часу, каб выявіць сябе ў нашых прасторах? Таму на мапе Свету я не бачу месца Богу да таго, як на Зямлі з свайго папярэдніка (Homo anteessor) спакваля не выкшталтаваўся Homo sapiens. І ніяк не раней, бо які сэнс быў Богу хаўрусавацца з шымпанзе, якія не пазналі б у ім Бога ні на гэтым, ні на тым, ужо ўласна ягоным, Свеце?

Бог вымудрыў альтэрнатыўны Свет за 3761 год да Р.Х.

Я спыняюся на гэтай даце, заканстытуяванай у летазлічэнні юдзеяў адно таму, што на нечым трэба спыніцца. Інакш канца краю майму тэксту не будзе, калі я пачну аналізаваць пачатак пачаткаў Свету ва ўсіх міфах ды рэлігіях. (Чаго варты хаця б век Брахмы ці Маха-Кальпу ў індусаў – прыкладна 311 трыльёнаў год!) Да таго ж мне гэта зусім і не патрэбна, паколькі я здагадаўся пра галоўнае для мяне ў гэтай пазіцыі: быў Бог ужо раней ці не, у кожным разе Ён мусіў чакаць, пакуль з’явіцца чалавек, як sapiens. А калі дачакаўся, дык сярод іншых вылічыў Майсея з ягоным хаўрусам, каб заахвоціць іх у першыя каланісты Новага Свету.

А цяпер нам трэба вызначыцца з тапаграфіяй тых прастораў, што Бог падрыхтаваў дзеля перасяленцаў з гэтага Свету. Зразумела, на тую пару, калі Бог падхапіўся да сваёй адмысловай працы, ўсё ўжо было не толькі ў касмаганічных нябёсах, але і на Зямлі ўсё ужо было, улучна з чалавечай цывілізацыяй (хай сабе яшчэ толькі злёгку цывілізаванай). Дык дзе шукаць Ягонае царства? Адкрыць той Свет бадай яшчэ больш складана, чым Амерыку. Тым болей, што адтуль яшчэ ніхто ў цвярозым розуме назад не вяртаўся (показкі a priori ачмурэлых містыкаў не лічым).

Перад тым, як выправіць туды экспедыцыю, паглядзім, што мы маем у дарогу. Найперш адзначым, што таго Свету няма і не можа быць у хоць якіх знаёмых нам каардынатах — ні на зямлі, ні на нябёсах (зрэшты, і які сэнс Яму быў да нас уплішчвацца?). Затым, раўнуючы з нашым, свет Бога мусіць, як на здаровыя глузды, выглядаць абсурдна ва ўсіх сэнсах: ад фізічных да сімвалічных. А яшчэ мы ведаем, што там усё толькі ёсць і нічога нікуды не знікае. Вядомы нам і той прыкры факт, што патрапіць туды можна адно памёршы і не ўсім цэлым чалавека, а толькі яго інфернальным кантынуумам, які звычайна называюць душой. Апошняе, магчыма, сведчыць пра эканомію ці недахоп абетаваных земляў на тым Свеце. Хаця, што больш верагодна, — пра яго не зусім матэрыяльную структуру. Натуральна, мы не прамінем увагай і яшчэ адзін, бадай самы важны для нас момант. Тут я маю на ўвазе хрысціянскую версію стварэння свету. А менавіта – Бог стварыў свет ex nihil. У Бібліі (Другая кніга Макавеяў) чытаем: «Малю цябе, дзіця маё, паглядзі на неба і зямлю і, пабачыўшы ўсё, што на іх, спазнай, што ўсё стварыў Бог з нічога (курсіў мой — В. А), і што так паўстаў род чалавечы». Для хрысціянаў (але толькі праваслаўных і каталікоў), стварэнне Свету з нішто – і аксіёма, і дагмат. А вось юдзеі, мусульмане і пратэстанты не надта даюць гэтаму веры, маўляў, з нішто можа атрымацца адно нішто, і нічога болей. Дзіўныя людзі, яны раўнуюць Бога з ганчаром, які без гліны і гаршка зляпіць не можа. Пра гэта пісаў яшчэ Феафіл Анціахійскі: «Што вялікага, калі Бог стварыў свет з нарыхтаванай матэрыі? Чалавек-мастак, як атрымае ад каго матэрыял, вырабляе з яго, што захоча. А магута Бога яраз і выяўляецца ў тым, што ён з нічога творыць, што захоча». Праўда, Феафіл Анціахійскі меў на ўвазе абнаяўленне з нішто гэтага Свету, а я ў ex nihil бачу моцны аргумент на карысць таго, што Бог не проста стварыў той Свет, а стварыў яго ў нідзе, прынамсі паводле нашых прасторава-часавых вымярэнняў.

Ex nihil (з нішто) і нідзе – вось дзьве базавыя кардынаты (мерыдыян ды паралель), па якіх мы можам дакладна вызначыць месца таго Света. Толькі не спяшайцеся сюды дадаць яшчэ і трэцюю (якая так і просіцца) – няма. Якраз усё цалкам наадварот – там няма няма. Вымыкаючы свой Свет з нішто і ўладкоўваючы яго пасярод нідзе, Бог якраз і мерыўся пераадолець дэтэрмінацыю Нішто (несупыннае ніштажэнне), якім рэгулюецца і карэлюецца наш (не ім вымудраны) Свет. Таму ў ягоным Свеце ёсць толькі ёсць, тут месца абсалютнай і вечнай прысутнасці. Гэтым праектам Бог публічна запрэзентаваў сябе як Бога, прадэманстраваўшы, што сапраўды можа ўчыніць ўсё, што Яму заманіць і нават насуперак ды ўскос усіх базавых (і похапкам факультатыўных) законаў фізічнай натуры свету. Я больш магутны за Прыроду з яе мільёнамі галактык, — кажа гэтым артэфактам Бог. І пасля паузы сціпла канстатуе: — Таму я і Бог.

На гэтым я мог бы і завершыць сваё метафізічнае фэнтэзі. Але ж людзей метафізіка звычайна мала вярэдзіць, бо самі яны свае жыткі адбываюць непасрэдна і ў цалкам канкрэтных абставінах. З гэтага людзей найбольш цікавяць праўдзівыя і рэальныя факты. Таму я на колькі словаў падоўжу свой расповед.

Валадарства Божае знаходзіцца ні недзе там у апошнім касмаганічным закутку, а ўсутыч з нашым Светам, каб было меней мітрынгаў з перасяленнем душаў. Асноўная яго адметнасць у тым, што яно не мае прасторавых кардынатаў. Гэта значыць, што усё Валадарства Божае месціцца не вонкі, а ўнутры самога Бога. Дарэчы, інтуітыўна беларусы пра гэта заўсёды ведалі. Нашае выслоўе «Патрапіць да Бога за пазуху» абсалютна дакладна характарызуе сітуацыю.

Яшчэ я хацеў бы заспакоіць тых, хто палохаецца пякельнай адплаты за свае грахі. Грашыць не душа, а толькі цела, якое назаўжды застаецца ў гэтым Свеце. Між іншым, яшчэ Святы Аўгусцін запэўніваў: «Любі Бога і рабі што хочаш». Але туды патрапляе далёка не кожны, а толькі той, хто дае веры Богу і любіць Яго. На жаль, я мушу паведаміць і пра трагічнае — немаўлятам там няма месца. Як няма там месца і кожнаму, хто нічога не чуў пра Бога, як, да прыкладу, тыя людзі, што жылі ў эпохі, калі ягоны Свет яшчэ не быў створаны, прынамсі, публічна не быў прэзентаваны. Рэч у тым, што душа ні што іншае, як вера ў Бога і любоў да Яго. Больш за тое, Бог сам і стварыў душу, як адмысловы вынятак з чалавека, які б па смерці можа было лёгка транспартаваць ў Ягонае Валадарства і натуральна задзіночваць з Ім. (Тут у мяне атрымліваецца радыкальная пярэчва вельмі шанаванаму мной Лейбніцу, які сцвярджаў: «Не бывае душаў зусім адлучаных ад целаў». Але паходзіць яна толькі з таго, што Лейбніц традыцыйна лічыў Бога стваральнікам і гэтага Свету.) А вось усе не абазнаныя ў Богу разам з недаверкамі знікаюць ва ўласнае няма на тым самым месцы, дзе іх заспее апошні час — і гэтым вялічаць дыскурс Нішто. Апошніх я магу суцешыць адно эўрыстычным здумленнем Ніцшэ, якое атрымала назву «вечнае вяртанне». Сутнасць яго ў тым, што ўсё былое некалі вяртаецца такім самым, як было і наноў паўтарае сваё існаванне (і так ад веку да веку). Ніцшэ і сам не змог уцямна патлумачыць як такое можа быць і таму яго шалёную інтуіцыю залічылі ў інтэлектуальныя забаўкі. Але цяпер, калі я зразумеў сэнс Нішто, як месца, куды патрапляе і дзе захоўваецца ў сваёй адсутнасці ўсё былое, дык пачынаю думаць, што можа праз нейкі адмысловую працэдуру былое насамрэч некалі вяртаецца з няма ў ёсць і потым зноў знікае ў Адсутнае да наступнага разу. І раптам мы з вамі некалі (праз колькі мілярдаў ці трыльёнаў год ) яшчэ сустрэнемся на гэтым Свеце?! А што да таго Свету, які заканцаваны на самім Богу, дык пра яго мне ўжо і няма чаго болей сказаць, бо там заўсёды адно тое самае.

Урэшце, Бог – гэта вялікі акварыўм, у якім нашыя душы плаваюць як залатыя рыбкі. Можа, праз адну-другую вечнасць Богу гэта надакучыць і Ён разбурыць шкляныя сценкі акварыўма. Тады душы выплюхнуцца навонкі і змяшаюцца з зорным пылам. Бог паглядзіць на іх з сумам і прыдбае сабе новую забаву ці схаваецца назаўжды ў Нішто.

А я з гэтай нагоды складу яшчэ адно метафізічнае фэнтэзі.

ЛІРЫЧНЫ ДАДАТАК

Прысвячэнні
Перадусім Я — толькі месца сустрэчы і рэшта спатканняў (іншыя меркаванні лічыце лухтой)... І з гэтага там, дзе мяне не стане, — не знікне ніхто. Алесю Анціпенку Пазвоніць Алесь і скажа: — Паедзем у лес, а потым грыбоў насмажым. Паедзем... Не лес, а сонца бярлога. Пэўна, тут недзе сцежка да Бога. Колькі хопіць ног, абшукаю спрэс... Калі ёсць блізу Бог, то Бог — гэты Лес. Ды пра гэта казаць я Алесю не буду. Лес — каб маўчаць ці крычаць з перапуду. . . . Потым грыбоў насмажым, і пад чарку Алесь: — Беражы нас Бог! — скажа... Я падумаю: «Лес»! Уладзіміру Арлову Па белым ходніку басанож, у зялёных кашулях і з ветрам пад пахамі мы аднекуль ідзём ці кудысьці вяртаемся... Цёпла нагам і плячу ўтульна, толькі нейкая млосць на сэрцы, і я азіраюся — за намі шурпаты асфальт. — Глядзі, — кажу я, — там нельга хадзіць басанож... — Але можна пісаць белай крэйдай «Жыве Беларусь», — кажаш ты. І мы рушым далей па белым ходніку, у зялёных кашулях і з ветрам пад пахамі. Алесю Асташонку Саступі ў цішыню, асланіся на парэнчу прочырку, вочы затулі павекамі, стаіся, каб нават юрлівы хлопчык, што шукае сябе ў забавах дзіцячага веку, не прачуў шолах моўчы скрозь шапаценне лісця. Цішыня соладка пахне верасам і канюшынай, палеглых атаваю... Брукам на Менск нячутна грукочуць машыны, млява пчолы збіраюць слодыч спякотнага дня. Хлопчык у цень твой, быццам у засень шалашыны, схаваўся ад полымя пякучага авадня. Там і прыснуў, у абдымках эрасу — вуснамі варушыць суніцы хлопчык... А над канюшынай і верасам ужо вырасла чорная хмара моўчы. Што паробіш, трэба хлопца будзіць (яму жыць і расці), — хай бяжыць да шашы ад залевы... Пачакай тут адзін (і збялелы), дотык моўкнасці. Ігару Бабкову Мы падаем з нябёсаў лёгка і, далікатныя, як дзьмухаўцы, снім у чаканні, пакуль нас дагоніць наша падзенне, цяжар якога перайначыць сон у камяні. Леаніду Галубовічу Ля акна, як і ты, да відна... Хіба ноччу паэты начуюць? Жонка спіць, богі рыфмаў не чуюць... Холадна! Колькі змроку — як кінуць вокам (за тры дні на кані не аб’едзеш)... Сонца будзе адно па абедзе, ды і то недзе збоку... Ля акна хоць акраец відна, мабыць, сёння ўжо не счакаю і засну, не пабачыўшы краю, дзе наўсцяж чалавеку холадна. Леаніду Дранько-Майсюку Ты суцяшаеш аблокі, я рамантую тралейбусы, але, здараецца, на беразе Свіслачы, ля альтанкі для скразнякоў, мы п’ем з табой піва, лушчым салёную рыбу і няўважліва сочым, як верхаводкі скачуць па небе, упоперак якога плывуць (на правым баку) тралейбусы і аблокі. Уладзіміру Някляеву Верас цвіце, чарот люляе Цнянка... Пусты, як рыба па нерасце, гляджу ў пустую шклянку. Там кропля, чмялю на пахмелку, яшчэ засталася, але чалавек — не пчала, чалавеку і мора ўсяго па калена. З берага ў рэчку пайду, на дно ля карча прылягу, хоць не аматар піць я ваду, бо вада не патоліць смагу. Буду ляжаць, што той цэп, якім сто гадоў малацілі. Ад стомы найлепей хавацца ў рацэ, ад бруду — найлепей у ціне... Выйду на бераг — верас цвіце, чмель балюе ў шклянцы... Запалю, і з цыгарэтай у дрогкай руцэ пайду на цягнік да бліжэйшай станцыі. Алесю Разанаву Я бачыў высокага чалавека, ён нічым не адрозніваўся ад іншых, адно першым з’явіўся на даляглядзе і потым, калі ўсе астатнія прамінулі і зніклі, яго яшчэ доўга было відаць. У рэшту Колькі там часу міне... І неяк без мору ды гільяціны аднойчы не стане Уладзі, трох Алесяў, двух Леанідаў, Ігара з Валодзем і мяне — Валянціна. 1987—2004 гг.

Оглавление

  • Валянцін Акудовіч ДЫЯЛОГІ З БОГАМ
  • Кніжыца, якой не мусіла быць
  • Зачын
  • ПОКАЗКІ
  • ПРЫПАВЕСЦЬ
  • СУПЛЁТ ЭСЭ
  • СКРУШНЫЯ СЛОВЫ
  • КРАЙ ЗДЗІЧЭЛЫХ ЭЙДАСАЎ
  • КАТАКОМБЫ НЯБЁСАЎ
  • ЛІРЫЧНЫ ДАДАТАК Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Дыялогі з Богам», Валентин Васильевич Акудович

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства