«Абсяг»

689

Описание

Кнігу лірыкі «Абсяг» Рыгору Барадуліну дыктавалі хвалі Балтыкі і пяскі Каракумаў, скразнякі Апшэрона і белакаменныя муры Ноўгарада, вальнадумец Енісей і ўшацкая рачулка Задобрыца. Ганчарны круг планеты трымаў паэта ў віратоку падзей і спраў сучаснасці, надзяляў яго імгненнямі радасці сустрэч, займаўся лірычным ветахам смутку i роздуму.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Абсяг (fb2) - Абсяг 255K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Рыгор Иванович Бородулин

Рыгор Барадулін АБСЯГ

Лірыка

Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Абсяг. Лірыка. - Мн.: «Маст. літ.», 1978. - 256 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

1. ГАНЧАРНЫ КРУГ ПЛАНЕТЫ

З гары

Цяпер — Ці ў радасці згары, Ці счахні ад адчаю, Адчуй адно: Ідзеш з гары. Твой смутак залачае... Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай! І сам сваім гадам Гадзі, Яны — як тыя госці. А вёскі ўсё часцей, Глядзі: Пагосцішча, Пагосце. Яшчэ тваю сасну Піла Не кроіць на цалёўкі. Узмах вясла, Узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі... Зняверцу-роспач пратуры: Азёрна, Борна, Гойна! Далёка бачыў на гары — Ідзі з гары спакойна.

* * *

Нам перадаць імкнецца час Усе свае прыкметы, Пакуль пад сонцам Круціць нас Ганчарны круг планеты.

Светла

Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай, Добры сон паўторыць Той начлег: Светла прачынацца ў хаце сцішанай, Вестку чуць ад мамы: — Выпаў снег...

Існасць

У чым жа існасць існавання, Суседства з існасцю — быцця, Быцця свядомага — жыцця? Здагадак чаўнакі снавалі, Саткалі капу забыцця, Каб захінуць ёй Шлюбны ложак, Вясельны і хаўтурны стол. Сагрэлі ўзор давер валошак І снег, што ўснежыў вечны дол. Ці ўзважылі зямлі патайнасць Рыдлёўкі даланя, Лямеш? Пакуль жывеш, Датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш...

* * *

Утаймаваўшы агонь, Разняволіўшы атам, Перамогшы звера ў сабе, Ад нябесных пазбавіўшыся апек, Да чалавецтва ідзе чалавек Ад самога сябе дэлегатам... Быць заступнікам перад атамам Просіць свой век.

Арганаўты

Плылі спрадвеку пехатою. Пагляды лашчыла руно Жаданае і залатое — Рунела рунь... Сахі стырно Трымалі моцна. Заплывалі За вечаровы небазвон. Люлялі. арганаўтаў Хвалі Перастаялых баразён. Карэц каравай даланёю Трымалі Працы каралі. Рабілі з небам іх раднёю Крутыя крылы араллі. У полі Сеялася заўтра. Кляліся небу перуном Ушацкіх гоняў арганаўты. Зямля рунела ім Руном.

Сівая балада

I Няма хвілінкі, Каб навальніцца. Знойдзецца праца І ў навальніцу: Даюць батрачцы Анучы лапіць. Што гром злуецца — Шукае лапаць? II Ад страху золка, Ад жаху хмарыць: Можа ў іголку Пярун ударыць! Згубіць бы йголку У пуні, ў сене. Пярун гразіцца — Трасуцца сені. III Бяды хапіла. Быў свет пямілы. Яна з іголкі Сям'ю карміла. IV Ці бліскавіца Жагае ў хатку? V Ці мама ўдзявае Нітку ў шаршатку?!

Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ

З маладой ляшчыніны Будзе вудаўё. Свет табе расчынены — Забірай сваё! Будзе кладка рыпкаю, Будзе лёд і жвір. Залатою рыбкаю Выхітрыцца вір. Будуць юшкай хмарыста Трызніць саганкі. Будзе ўдача скнарыста Абрываць кручкі. Вобмелі, заглыбіны Нераст абвядзе. Будзе след ад рыбіны Ў маладой вадзе. Не глядзі зняверыста, Пазірай задзірыста. Будзе рыбе нерасту I надзеі – вырасту!

* * *

Пах вечаровага жытла На цішыні настоен. Схіл паўтарае Хіб вала. Спакойны вол настрою. Ён абагнаў загоны дня І зараз на папасе. Жаданы выган — цішыня Прымае ўсіх па часе. І двор, і кол — Пасецца вол, Спакою вол рахманы. І свет, здаецца, ўвесь — Наўкол. І вышыня — ля хмары. І саганок, і таганок Змрок свойтае паволі. І толькі Стомы ціхі крок Яшчэ пыліць у полі...

Прыцягненне Віцебскай зямлі

Мы дамоў вяртаемся, Генадзь, Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі. Лепей на зямлі бацькоў Канаць, Чым раскашавацца на чужыне. Смутак раптам гляне з-пад рукі — Засклыгочуць нервы І рысоры, Смутак — Быццам вёска Петрачкі Па дарозе на твае Расоны. Доўга слаць яшчэ нам Лён турбот, Бачыць праз бяроз адліжных Строі З верацёнамі ялін Завод, Што прапах вятрамі I кастрою. Нашыя правіны Замалі, Край бацькоў, Світальнаю зарою. Прыцягненне Віцебскай зямлі Мы адчуем Пад зямлёй сырою.

* * *

Бацькаўшчына, Дзедзіна, Вырай смутку — спадчына, Доляю адведзена, Злом пералапачана. Дзён сівое прадзіва Ніткаю суроваю На сцяжыну прадзеда Памяць выкіроўвае. Пойдзеш той сцяжынаю, Як рачулкай плытнаю,— Родны край з чужынаю Ані пераблытаеш!

* * *

На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны, На сцэне полька канае ў гуле, На сцэне ўборы маёй матулі І песня яе — Каларыт фальклорны. І ў век нейлонавы, Век маторны Хачу, каб песню маёй матулі І ўнукі ўнукаў маіх пачулі Нe толькі са сцэны, А ў хаце — блізкую — Над ціхай калыскаю, Над поўнай міскаю.

* * *

Позірк вымгліу туман стамлёны, Скроні выбеліла асака. Задрамаць не даюць страмёны Хмарагрывага рысака. Як завецца ён — Лёсам, Таланам Ці адчаем маім? Але Толькі мчаць бы на ім, Раззлаваным, Дзень вітаць у крутым сядле. Апантана жыццю адданы, Мушу ўсё я прачуць спаўна, Каб Яго Няўмольнасць Загнаны Час Адчула мая спіна...

* * *

Запыталка-дражнілка Былая, Малая... Пытаць навучыла Бабуля Малання: — Варона-старажона, Ці была ты імасць? — Была-была!.. Адказ немудроны. Спытаць магчымасць Была — Сплыла... Да бульбы варонай Закраса — брусніцы. Сарокай, Варонай Маленства прысніцца. Маленства прысніцца, Туга праясніцца. За прасніцай мама — Баліць паясніца. Мне соладка спіцца, Мяцеляцца спіцы. Гудзе калаўрот — Юных год Калясніца... Каб зноў тых На год Сто нагод Падражніцца: — Варона-старажона, Ці была ты імасць?.. Лёд зялёны, сцюдзёны, Кладку памяці вымасць З нябіткага шкла. Была...

Перад халадамі

Каб лісток — Галýтай Восень перастоіць. Сек імжакай лютай Сівер, як трастою. Роспачлівы выбух Белага застолля У азёрных шыбах Стоена застогне. Маладая скруха Перагаладае. Вусцішна і глуха Перад халадамі...

Партызанская маці

Не працэджан хмар сырадой. Ці не купіны закурэлі? Ступні сталі Карой цвярдой — Ад сырой зямлі закарэлі. Пальцаў скручаныя карані Намясіліся гною, гліны; За сыноў (Божа іх барані!) Ногі матчыны Мацалі міны. Не да сноў — Сны вяртаюць зноў Допыты, Катаванні, Расстрэлы. Паправодзіла ўсіх сыноў — Аніводнага Не сустрэла... Не расце трава забыцця Над балючым карчом — Пад крэвам. Захавальніца дрэва жыцця Стала дрэвам...

* * *

Не мне чакаць лагод-выгод, Калі пачну, Як тыя знічкі, Перабіраць ружанец год. Не з мурагом падвялым брычкі, Што не адчулі шпал пагонь,— Мае гады — Як электрычкі: Скачу ў вагон, Нібы ў агонь. Мне не змяніць Свой нораў, Звычкі. Хоць крыжам ляж на палатно, Прамчацца свістам — Ім лацно!— Мае гады, Як электрычкі...

* * *

Я ім не ўгароджваў загонаў. Не цішыў разбег імклівы. І зоры мелі за гонар Дзядамі ўплесціся ў грывы. Бакі не зазналі лейцаў, Падкоў асцярогі — ногі. За мной не хадзілі ўлегцы, Цягнулі цяжар знямогі. Я іх не кілзаў ніколі, Сцярог ад абраз i тлуму. Як некалі з князем — Коней, Са мной пахаваюць Думы.

Адказ анкеце

Хаця і запісваць Анкета раіць Па выбару Родную мову... Хто бацька, хто маці? Умоўнасць старая! Нашто ЭВМ Звычкі нейкага краю? Ссумуе — і лічба гатова! Нязломнай прайшла Праз катоўні, падвалы Канкрэтна Умоўная мова, Во прагу да праўды Трымала трывала, Сяброў шанавала, Сябе захавала, Каб гордае, крэўнае слова Крылата магло — Без нападак і звадак! — Світаць На штандарах чырвоных, Каб ленінскай веры. Наказ без аглядак Нашчадку свайму Перадаць мог нашчадак На зорных братэрскіх загонах. ...Стамлёны ад спрэчак, Ласкавых прымусаў, Народнага досціпу хрэснік — «Как говорят у нас, белорусов.. Твардоўскі любіў падкрэсліць.

Вёска

Не расшчодрыцца, Не раздабухаецца — Вёска скупая, У ногі нікому не бухаецца, Піцуе з відна да відна, Вайна не вайна — Вёска не адступае, Адступаць няма куды. Прымакамі Урадлівыя дні з праснакамі, З прысмакамі. Спрадвеку драўляная, Як і дрэвы, ў зямлю ўрасла. Жыве яна З хлебадайнага рамяства. Не да прыхарошвання, Не да хараства! У вёскі такая Сялянская ўхватка: І пралля, і ткалля, Ратайка й салдатка. Град бобам, Пот — градам. Травеюць грады. Пакуль з горадам Грані сціраюцца, Прахопліваецца ўранні — Да цямна стараецца.

* * *

Нібы шыпячых зычных збег, Спакойны, сыпкі З самай раніцы Спадаў на сцежкі Ціхі снег, Баяўся аб ігліцу зраніцца... Сачу — як прашчур — След бяды. Зайшлося сэрца ў ціхім верадзе Перада мной Ідуць сляды Сабачыя ўперадзе...

* * *

Ці прытулку шукае душа чыя? Чаго ўслухаецца цішыня? Захлыніся, Турбот гайня! Спакоем мяне сустракае Ушаччына. А дзе мой прытулак? Зязюленька шэрая За вечным борам. З кім журбой павячэраю? Ці мне ў сабе, На сабе — як смаўжу — Насіць гэту хату З запалымі бёрнамі, Дарогу ў выбоінах — На Забораўна, І смачна прыжмураную імжу; Спакой, што на сітцах Прасейваюць конікі, І кветку-слёзку на падаконніку, І гэту трывогу, якой даражу? Шлях Млечны — прасекай. Аблокі — яміны. Сляды ад вялізнага настала. А можа, змятаюць рукі маміны Крошкі хлебныя са стала?!

Зноў дома...

Заход заламаў аблачынкі брылёк, Замроена промні лятуць у вуллі. На сонны мурог Я спакойна прылёг — Здалёк Мяне ў прыцемак сцежкі вялі. Туман-тугадум ахінуў паплавы. Па-свойску мураш запаўзае ў рукаў. Куды ж так імчаўся На злом галавы, Каго я гукаў і шукаў?

Зорка Перамогі

Не згасне ён, Світальнай зоркі ўзбліск, Як, злосны космас, Ты яго не мглі,— Вянчае зорка Зорны абеліск Зямнога подзвігу Маёй зямлі.

Ветэраны

З кожным годам — Больш выгод: Лес са шчодрай жменяй. Больш ільгот, Але штогод Ветэранаў меней. Нарасло За столькі год Праўнукаў i ўнукаў. Боль, Нязвыклы да выгод, Ва ўспаміны грукаў. Паступова да святла Вывелі з падвалаў. Прага да жыцця Вяла, Вера гадавала. За гады Сплыло вады І паперы многа. Пружыць нерваў правады Слова «Перамога». Дбае кандыдат пра тэст, Тэма: «Ветэраны». Ды пратэз, Нібы пратэст, Хрыпне вечарамі. Дасць, як трэба, Сельсавет Шыферу, Фанеры. У прэзідыум — Як след — Просяць піянеры. Б'юцца сны ў накатаў столь., Вам у вырай рана, Радасць І пякучы боль — Ветэраны.

* * *

Свой лес — свае зайцы. Закон, здаецца, просты: З кары Мудры карцы І набіркі — з бяросты. Дуг прагнасці не гні, Паганскі дух не нішчы. Улада цішыні Трымае каранішчы. Шануй хвальбу хваін, Мальбу глухога ляда. У лесе будзь Сваім, Патрэбным, як спагада. Свой лес, І ў ім ваўкі Такі Не усе звяліся. Гадзюкі у клубкі, Сіпучыя, звіліся. Свой лес — свой гнеў, Свой сум. У чысціні ратоўчай Ты — наняты, Лясун, Не лесанарыхтоўшчык!

* * *

Эфір, нібы даспелы луг, Дзе вольна Нёману і Гаўі, Высакамернасці мятлуг Не змарнатравіць разнатраўя Тут раўнапраўя горды дух! Звінець, антэніцца травінцы, Навін чакаць, нібы расы, Сусвету слухаць галасы Зялёназвесненых правінцый. Пазнання дрэва вольнакора Галініцца ад завірух. І хвалі радасці ці гора Штохвілі скалынаюць луг...

Азімы дуб

Смaлiлi ў цябе Вайны перуны, Спазнаў паклоны, Запомніў праклёны. Ды не адстала ні карыны Ад цела твайго, Зялёны! У хмурыне чупрыны Дазволіў ты Раскашавацца зорам, Каб хцівасцю ўсмяглі Злыя раты, Зайздроснікі ўспомнілі сорам. Сыноўняму сэрцу Балюча люб, Каранаваны кронай нязгіннай, Край мой спаконны — Азімы дуб З выпаленай сэрцавінай.

Напамін

Не крыўдуй, край лясны, Я пазбаўлен даверу Успамінам суровым, Што ад жаху лядовы: Гэта сосны адны Над абрывам кар'ера Ці над вырытым ровам Заложніцы-ўдовы?..

Балада з падпаленымі крыламі

Не будзе суціху Ліху — Паліцай застрэліў бусліху, І вёска гарыць, і Буслова На ліпе гняздо. Хоць бы слова Мог выгукнуць хто, Хадзіла Тры дні, Тры начы Магіла. Наноў развязаўся лілай Карэння ўпірысты вузел. Смутак, паціху клыпай, Няхай не пудзіцца бусел... Зямля, хто купа сухая. Чаго клекатун клякоча, Падпаленым крыллем махае — Пажар затушыць хоча?..

* * *

Зноў яна, І зноў вайна Крывавіць бінт экрана, Звяно злучае да звяна — Звініць ланцуг парваны. З дратоў і кратаў Злы ланцуг — Ён мой спакой кайданіць. Гадоў маіх забытых цуг Уваскрашае здані. Ані прагнаць, Ні замаліць — Няхай каму старая,— А мне баліць, А мне смыліць, А мне вайна страляе!

* * *

У ранішнюю цішыню Віцебскага музея Зайшоў я І ўпершыню У вочы зірнуў ім. Нямею На момант які, На міг, Яны на мяне звычайна З пажарышчаў год нямых Глядзяць нямымі вачамі. Звычайныя юнакі Як быццам... Ды ў злых паставах... Яшчэ не выюць ваўкі Над імі ва Ўшачах, Паставах... Па-летняму рукавы — Як вострыя кіркі, Локці. ...Між намі Жаху равы, Драты з'іржавелыя Злосці. Яны яшчэ ў той сяўбе, З якой курганеюць гоні. Яны старэй за сябе. За іх Я старэй сягоння... Ішлі— Засталіся тут, Яшчэ маладыя, Худыя. Глядзяць на сляды пакут... Вочы падзець куды ім?!

Пліты

І Анатоль Анікейчык, Па дысцыпліне — двойка! Да дырэктара з бацькам прыйдзеш! Як не быць настаўніцы ў крыўдзе — Натварыў шкоды: Вырваў старонкі З журнала першага класа Ушацкай сярэдняй школы Сорак чацвёртага года. Цяжка паварушыць старое. Не адарваць старонкі Ад умуражэлай аблогі — Апалі, Як нямыя аблокі... Па гулкіх старонках — Чыгунных плітах, Жалобаю апавітых,— Пераклічка. Праз трыцдаць гадоў. Незагойная памяць жывая З блакаднага забыцця вырывае Імёны бацькоў i братоў. Першакласнікаў колішніх — Імёны помснікаў Шаснаццаці партызанскіх брыгад. Зноў Дротам калючьш колешся, Здзічэлы агрэст прыгад? II Іржавець у балючай зямлі Адсырэлым набоям. Прозвішчы пачалі Ападаць глухім лістабоем: Аўдошка, Апёнак, Бурак, Грак, Дук, Дзярыба, Жаўранак, Жарнасек, Лукашонак, Кабяк, Карабань, Лабань, Люцько, Мамяка, Роўба, Смаргун, Цвяцінскі, Якута, Ярмош... Пакута, Сябе ў журбе Змож! Ціша цяжкая У смутку журыцца. Рэха гукае Балоты, ляды... — Хто сёння дзяжурны? Час адказвае: — Усе пайшлі на прарыў блакады... Болем цягне Ад кожнай імшарынкі. На прагаліны Галы лясы. Б'юцца ў неба Лясныя жаўранкі — Змоўклыя галасы... III Звугалеў алфавіт Ад жудасці анямелых пліт. Пліты, Нібыта плыты На крывавых тваіх вірах, Вайны апраметная... Зноў на мяне наганяе страх Арыфметыка! Лічыць не бяруся, Во ў скрусе Баюся зблытаць Учарнелыя пліты Па ўсёй маёй Беларусі. Трымае памяць мая няшчадна Імёны ў мулкай ссабойцы. Пліты... Пліты... Па іх вучыцца нашчадкам Азбуцы нянавісці да забойцаў!

Партызанскі ўрок

А, як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту... Мне памяць І дагэтуль паліць Па-партызанеку кемны урок: — Адзінка — Бачыш гэты палец, Якім я цісну на курок... З лагодным паўтараў дакорам — Навуку, шалапай, Ляйцай. «А» — Слуп з падпорай, На каторым Павешаны быў паліцай... Пракуранага пальца порух, Вачэй цяслярскіх Сіні гнеў. Ігліцай хрупацеў мне порах, І гільзай Жаўранак звінеў...

* * *

Век мой, Не дужа багаты падзеямі, Ад сінізны І да сівізны Рэзка На два адрэзкі Падзелены: Вайна — І пасля вайны.

Да пытання аб рамантыцы

Змашкою чай круты ўпрыхруску. Сто грам закусваем агурком. Нам камсамольскую нагрузку Паходны ўскульвае гарком. Не схімнікі — Грахоў замольцы, Скіт будаваць прыйшлі ў тайгу, Намеры маем, Камсамольцы, Усіх вякоў прагнаць тугу! У золь вядзьмуем над капотам, Зайздросцім — з фарамі! — Саве. Пасля ўсё гэта Нехта Потым Рамантыкаю назаве...

Пароль сумлення

Я сэрцам іх слухаў — Не вуха крайком. Быў год для Радзімы суровы. Над лесам маім. « Камуністы», «Райком» — Світалі вятрыстыя словы. Ішлі не за ордэнам, Не за пайком, А просьбу, Як грозьбу крутую, Няслі землякі ў партызанскі райком: — Пашліце на перадавую! На дрэве даверу, Малы чаранок, Прыняўся я — зло не скрамсала. Салдат, што сказаў мне Ласкава: «Сынок»,— Ён быў Камуністам таксама! Надзея Жагнала мяне скразняком. Не мне па дарозе з маною. Ён мой, Ён са мной, Партызанскі райком, Мае камуністы — Са мною! Не той камуніст, Што кашулю рыўком — І ў грудзі сябе кулакамі. Сумлення пароль: «Камуністы», «Райком» Світае над мацерыкамі!

* * *

Лжэпрарокі Сцісніце пашчаў рэзгіны! Досыць Зямля ад войнаў дрыжала. Планета нявесціцца, У планеты хрэсьбіны — Нараджаюцца Маладыя дзяржавы. У навароджаных імёны мудроныя. Геаграфія, Памяць прадзьмі скразнякамі! Час немаўлят бласлаўляе Ракетадромамі. Павага ўсміхаецца, Недавер знікае... Закройшчык — Эпоха. Карта кроіцца: Каму — на «максі», Каму — на «міні»... Што, метраполіі, У лада мроіцца?! Параскашуйцеся ва ўспаміне! Памяць развітваецца Са згадкамі горкімі. Забываецца звон ланцугоў Іржавы. Вольныя, Пад шчаслівымі зоркамі Мужнейце, Маладыя дзяржавы!

1863 года

Боб-гарох не малочаны, На ток не валочаны. Рэкі крывавыя — Не малочныя. Дзе дым, Дзе туман, Дзе хіб валоўчыкаў? Гэта ўжо кульмінацыя Нечуванага ўціску, Калі Гаворыць кулямі нацыя, Барыкадна Падклаўшы кулі...

У вянок Мацею Бурачку

Не дужкі ставіць — Узводзіць куркі Карцела пальцам. Бывай, зацішак! Для засцянковых францішак Радкі Напіша іншы які Францішак! Чытай, грамацей,— Ён Мацей Бурачок. А на Мацея Дарога пацее Спіной мужыка, Што спазнала дручок І на бізун Яшчэ мае надзею. На караністай дарозе Вазак Цябе растрасе, Таўстазадая ода. Паэт — ён гарыць, Як балючы гузак На лобе абражанага народа. Знявага Вялікадзяржаўна ўрачэ, Паэта радкі — Ад упуду замова. Народ жа Саромеецца яшчэ І мовы сваёй, І сябе самога. Двукоссі пасля! Косы i тапары Без знакаў прыпынку Гавораць з панамі. І дзецюкі Кастусёвы ў бары Чакаюць тут жа, За Жупранамі. Хаця кароткія, Ды святкі — На Белай Русі Днеюць белыя світкі. ... Нашчадкам паўстанцаў Світайце, радкі. ... Бяроста бялей За пергаменту звіткі...

Цётцы

Ты не шукала Ціхі спрат — Хай голас чуюць зоры! Радзілі гнеў — Крывавы град Крывавыя разоры. Не дзядзькам добрым Быў твой век, Не цёткай згаднай — Доля. Прайшла пад кпіны пратарэк, Як крыўда, Маладою. Не бабін век, Што сорак год,— На цэлае стагоддзе Табой прадоўжыўся народ З нягодамі ў нязгодзе. З такіх нязломістых народ Трымаюць неба Кручы. Так Кожным Мусіць жыць Народ, Тады ён — неўміручы!

* * *

Гады прывыклі Да сваёй хады. Няўцям гадам Крыху прыстаць у скрусе. Звыкаю Да ўсвядомленай жуды, Што могільнікам памяці Раблюся. Усё часцей кажу: Тады, Калі ...імгненню затрымацца загадалі... ...нагбом да рання і каўшом пілі не толькі мёд... Спяшаю за гадамі. Мне не сагнацца — І тае бяды. ...Яшчэ паспее запрасіць сырая... Гады прывыклі Да сваёй хады. Я толькі ўслед Удзячна пазіраю...

Журба вясла

Песня маці чыёй балючэйшая, Ці тваёй, ці маёй, пакутніцы? Адкажы мне, Галіна Бальчэўская. Смутак мой ад мяне не адкупіцца. Чыя каса Бядой Была? Чыя краса З вадой Сплыла? Ты — галінка абныла-крохкая Дрэва наскага, Дрэва песеннага. Са жніва талака йшла — З палёгкаю, З ласкаю Маладзік павесіла. Табе знаёма Журба Вясла, Дзе пакрыёма Вярба Расла. Гора чула ты, ліха бачыла. Каб зласліўцы твае адбрахаліся, Сум спагодзіла песні матчынай Галая на святло прагалінка.

* * *

Як у госці здарышся Да крутой кумы, Той, якую старасцю Клічам мы,— Вочы паказеліўшы, Плечы не сутуль, Памяці вузельчыкі, Дзён хатуль Развяжы не ўтаіста, Выкладзь не ў хвальбе, З чым жа ты вяртаешся Да сябе! Хто з няўтольнай смагаю Малады заціх, Раскажы з пава гаю І за тых. Раз цябе уважылі, Сам не лезь на кут, Над тваёй паклажаю Тут прысуд. Пнуцца вузкаплечыя Да шырокіх лаў. Часам месца нечае Не заняў?

* * *

Жыву, як еду ў таксі. Таксометр скроняў, Уключаны ён, Даўно — прасі не прасі — Адлічвае шлях Пад адхон, На згон... На поўдзень хацеў — Хоць раз Спачну, замяню аблыселы скат, Прылёг — Прасейвае час Секунды На сіце густым цыкад. Я на суравеях крэп, Таміўся Да лютых зор уваччу. Таксометр свой Выключы, стэп,— Я веку За два канцы заплачу!

* * *

Кім стану я пасля, Ці палыном, ці клёнам? Каб што! Мяне зямля Зямным шчадрыла плёнам: Дарогай аржаной, Хмурынкай ільняною, Сцяжынаю кружной Да наспы пад сасною. Не жыць, як набяжыць, Каб дзень за дзень — i годзе. Міг верай знабажыць. Мой дзень — мае стагоддзе. Кім стану я пасля? Каб што! Якое слова З нябытнага былля Мяне ўрачо нанова? Што скажуць пра мяне? А ці ўснамін сурова Увагай праміне? За ім Святое слова!

* * *

Гатова ад веснавой красы Сэрца жаўранкава разарвацца. Безабаронна знікаюць лясы — Даверу зялёнага рэзервацыі. На бровы часу адчаю дах Насоўваецца няўхільна. Глушэюць вёскі, А ў гарадах Перанаселеныя магільнікі. Ірвецца трос, Што ад зор да рос. Смех непадкуты Даволі коўзаўся. Папрок былы: «Ці ты ў лесе рос?» — Будзе гучаць як: «Залётаўся ў космасе...»

* * *

Травейце, гароды, Салют, гарады. Гароды, Вам оды Складзём праз гады. На кроквы вясёлку Лірычна сагнём, Укленчым пяколку З рахманым агнём. Уславім прысады На ціхай вярсце. Для смутку расада У гародах расце. Чалесніку шэрыць Куродым Чало. І верыць Не одам — Гародам Сяло!

Пад восеньскім небам

Востры локаць выраю — Востры боль. Лес яшчэ задзіраю — Хвост трубой. З восенню адносіны Так сабе. Хмар перапалосіны Шпак саб'е. Небасхіл, плячыма хоць Шавялі. Сталі немагчымыя Шчамялі. Ходзіць ненажэраю Ветравей. Неба, бросняй шэраю Не травей! Чым цябе, высокае, Ацаліш? А вавёрка цокае: «Цот ці ліш?..»

Таму, хто верасні дарыў..

Як, неепакойны, спакоем заручышся? Мяшчане моляцца На гаражы і на страўнікі. Па смяротнасці — Не па неўміручасці! — Пасля касманаўтаў ідуць настаўнікі. Ім па гадзінах аплата сціплая, На экзаменах — букецікі ў складчыну. ...Лучынка курылася, Газоўка хліпала. У людзі выходзіла Мова матчына... З торбачкамі, З партфелямі, З ранцамі, Вачапоры, Баламуты, Накольнікі Спяшаліся да Фадзея Францавіча, Каб ранішнім словам назвацца — Школьнікі. Няўвагі. баяліся, праглі пільнасці. Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі. Як, мы, падшывальцы, са скуры лупіліся, Каб быць Любімчыкамі Фадзеевымі! Беларуская мова, Маўчання хвілінаю Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў: Як і ты, меў навагу, Няспыннаплынная, Да канкрэтных назоўнікаў — Не да займеннікаў. Блакіт абмерваюць крылы бусловыя. Жыццю клапотна, Буркотна рачулачцы. Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я Тады, Калі Вы іх ужо не расчуеце. Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны Над Вашым спакоем Нябёсы вернасці. Хай будзе пухам Зямля Ушаччыны, Дзе Вам паўтарацца Школьнымі вераснямі...

Юначых сноў сталіца

Райцэнтр мой партызанскі, Пакуль што — Рай птушыны. След клалі ўпарты санкі, Чытай арнамент шынны! Не дужа верыш бегу, Хлеб кроіш спорнай лустай. Снег пахне на адлегу Бензінам і капустай. Калісьці ад эмоцый Канаў шляхоцкі сеймік: Хапала хэнці й моцы! Цяпер хапае семак. Твой голас не сталіцца — На сіверах грубее, Юначых сноў сталіца, Спазнаў сябе ў табе я. Крыху падмураваўся, Зглух ад грымот і цішаў. Ад вёскі адарваўся І ў гарады не выйшаў...

Роднаму слову

Было спрадвеку, слова, ты Крыніцай цудадзейнай сілы, Што вызваляла з нематы, Айчыны ніву каласіла. Ты наталяла смяглы рот І выкрасала ўдар грамовы, Каб сам сабою стаў народ, Пачуўшы гукі крэўнай мовы!

* * *

Некалі свет з прысветкам Імкнуўся аб'ехаць, А мама — дома, так быць павінна, А мама, здавалася, вечнаю будзе. Прахопліваюся зараз з прысветкам, Каб мясціны выхадзіць пехаць, Дзе маміны ногі помняць сцяжыны, Дзе жаўранак сэрца абрываецца ў перапудзе...

* * *

Долі інакшай не трэба зямной, Сэрца пагоднее ад суцяшэння Родная мова ступала за мной Ад калыханкі Да галашэння...

Паэты

I Пскалі ў вочы досыць дыму! Паэты пачынаюць думаць, Асацыяцый караваны Па ўсіх радках накіраваны. Паэты пачынаюць думаць — Пабольшала ў іх гаспадарка! І словы Жалудамі з дуба У араллю душы спадаюць. І прарастаюць там навечна Расток радка, Галінка верша... II Хай клопат свой раток З гняздзечка прагна цягне — Шануй, паэт, радок, Не захлыніся ў багне, У твані цішыні, У бросні дабрабыту. Нікога не віні. Віноўнік ёсць нібыта?! Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй, паэт, радок І не ашуквай мару. Сам дбацьмеш аб сяўбе І думаць пра дакоскі. Прадумай сам сябе Ад кропкі i да коскі. Бо не па едаках I жончынай саеце — Нашчадку Па радках Цябе судзіць, паэце! III Паэты — вясёлыя жабракі. Пакуль на пярынах дрыхнуць Начныя ўкормленыя жарабкі, Паэты кідаюць жэрабкі На шчасце — выцягваюць рыфму. Не смейся, не ў сейфе іх скарбы — наўкол Сузор'е, суквецце, сугучча, Дол зрушыць драпежнай метафары тол. Што чэк тленнавечны, сухі пратакол, Пячатка — яе сургучнасць?! Радкі ім нашэптвае пошап ракі, А час на Браслаўях, Таймырах Бярэ, быццам рыбіну, за жабракі. Багаты вясёлыя жабракі Даўгамі i зайздрасцю шчырай!

Парада ўласнай ласцы

Пашлі сваю ласку У сакрэтны дазор, Каб крыўда яе не сустрэла,— Глядзі на людзей На адлегласці зор, А не на адлегласці стрэлу.

Зорка матчынай мовы

Асветлены спрадвечнасці нябёсы Святым святлом Сузор'я родных моў. След чалавецтва ў дымных росах, Босы, Вёў Паплавамі Млечнымі дамоў. Вяшчуе шчасце Зорка на выгодзе. Шлях для надзеі Зорыць у бядзе. Хай на вятрах атухне — Праз стагоддзі Святло ў душу нашчадкаву ідзе...

Чалавек у космасе

У стане бязважкасці ў цяжкім скафандры Нібы ў паўзунках немаўля. Растала расплывістым кінакадрам Маленькая кропка — Зямля. Вагі тут не маюць Турботы зямныя, Пасады, чыны — мітусня. А сэрца шчымлівай журбою Заные, Яно як-ніяк — земляня. З маўклівым Сусветам Застацца сам-насам, Спрадвечнасці ўбачыць пагляд, Расстацца на момант З уладлівым часам, З надзеяй вярнуцца назад. Чым здзівіш Сусвет — Ведамі, перавагай? Яны тут ці маюць вагу? Бадай-што, даверам, Бадай-што, павагай Ды верай, што скажа: «Магу!»

* * *

Ад шчасця, ад тугі выццё, Прычасце верай, забыццё, Хмар прасвятленне, Map шмаццё, Знямога коласа, асцё, Знямога тхла святла біццё, Кассё, што скосіць, як трысцё, Цябе і гэта ўсё — Жыццё! Ты ў ім, яно ў табе адно. Ткуць суткі клопату радно.

* * *

Юнацтва светлая часта — Расчыненае ў май акно, Настрою пудкая расіна. Юнацтва светлая часіна — З падманам віравокім дно, Не ў зладзе з ветразем стырно. Юнацтва светлая часіна — Расчыненае ў май акно.

* * *

Журавіны не ўзышлі...

Ка мне хлопцы не прыйшлі...

З народнай песні Тут чые правіны? Глохнуць баравіны. Моўкнуць жаўранкі. Сохнуць імшарыны. Іх калі Такі ўраклі Досвіткі Ці выцемкі? Хлопцы ў горад уцяклі. Ручаіны выцеклі. За якім раўчуком, За равінкаю Хто прытуліць плечуком, Журавінкаю, Заравінкаю Назаве На зялёнай, На шалёнай Маладой траве? Плуг, пакінуты ў раве, Журыцца па ворыве. Крыўда нема зараве Пa далёкім жораве: — Янка сее кавуны, А я — журавіны... Быццам нічыёй віны, Нічыёй правіны...

Крык крыг

Раку-шчыруху Разумею: Ёй рупіць Скруху Зімавею Скруціць хутчэй У вір круты. І — прэч з вачэй Праз чараты, Кусты, Карчы Да дня цячы — Ад глухаты начы Уцячы. Няхай сабе Адчай сапе. Страх У ярах Даволі Дрых. На волю Просіцца крык крыг.

* * *

Хлеб з соллю еш,— А праўду рэж! — Наказ, Які не мякка сцеле. Зразаецца й круты лямеш, Спрадаецца й хлусні кудзеля. У вочы праўду рэж, Калі Глядзець баішся праўдзе ў вочы, Другіх папрокамі калі, Трымай язык, Як хвост сарочы. Зручней пятлёю петляваць, Чым рэзаць праўду Прайдзісветам, На пыцель плёткі пытляваць, Дастаць суседа рыкашэтам... На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны, Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Хлеб з соллю еш! — І ў гэтым соль. А ўдосыць хлеба наясіся — Не прагні, Збыўшы боль i золь, Зірнуць, А што ў ласейшай місе. О, дудак прагнасці ігра, Што чэраву на вуха пела: Каб соллю — Чорная ікра, А хлеб — Як хатні лебедзь белы! З бяссмерцем на адной назе Ля смаляное лавы славы Лысеюць дабракі ў чарзе І праўдалюбаў любяць нават. Каб профіль дабракоў Не знік Зусім — На ім На той падставе, Што i на мякаці мяснік, Знак мяккасці Iм варта ставіць. О, дабракі. Як кумпякі. Ля лысін — Кудзерак апенькі. А праўдалюбец — ён такі, Як ідэал юначы, Ценькі. Нішто загадаў дынаміт! Як ні круці, А праўдалюбцы Не падыходзяць над ліміт І ў розніцу не прадаюцца!

* * *

Суровы, увогуле, час — Фотааматар вясёлы: Акрас Не шкадуе, Якраз Не бачыць у тым крамолы. Спачатку румянец, Сурма. Ад колераў сэрца запела. На многа не галься дарма, Чакае ўжо твой чорна-белы Адбітак будзённы жыцця, Надзённаю працай суровы. Час верне цябе з забыцця, Чало пераснежыць i бровы — Пакіне Жыцця негатыў, Што фарбаў не ведаў Як быццам. Каб мог Жыццядайнасцю ты ў Нашчадку наноў паўтарыцца.

* * *

Пакінь календары: Дні — стахлаю саломай. Бяры калень дары, Галіны рук заломвай! Адчаю халахуп Змяёй на юных сцёгнах. Пал спалымнелых губ Хай захлынецца ў стогнах! Хай небасхіл калін Світае над табою. Ног жураўліны клін, Вяслуй па лістабою!..

Папрасіліся ліўні ў верш

Сонца спее жоўтай лотаццю, ад нецярпення пупышкі лопнулі. Порстка раскручваюць дубкі над кручамі, у лагчынах ляшчынкі першыя лісцінкі. Працуе таропка тэлеграф навальнічны: працяжнік — кропка. Маланка! Клічнік! Чуеш, у Тураве, у Антопалі, громам устураныя, ліўні затопалі?! Зірні, паслухай: пад весялухай ад Обаля ў пантоплях патопамі па- то- па- лі...

* * *

Адрываемся ад зямлі Самалётамі і ракетамі, Клопатамі аднадзённымі І сумятнёй пустой. Раптам зрачэцца зямля, Што без ласкі Зімуе і летуе? Зоры Наўрад ці возьмуць Нас да сябе на пастой...

* * *

Баюся старасці глухой, Калі яна, Сівая, Нібы сланечнік над ляхой, Твае гады ківае. І асыпаюцца гады, Як град засохлы Доле. А вецер — Вісус малады — Кпіць з невясёлай долі. Жыць пакрысе, Што нанясе,— Нямудрае мастацтва. Лёс незайздросны — На лясе У высадках застацца. Слядзіў, Ці пакідаў сляды, Ці пяўся да карыта,— Нібы на мытніцы, Гады Сваю спагоняць мыту. Надзеяй Як сябе ні цеш, Што парыць дол зарана,— Святлей ідзе ў зямлю Лямеш, Як веташок, з'араны...

* * *

Абрабаваныя курганы... Скіфскім царам не соладка І ў царстве вечным — І тут яны Спакойна не спяць з-за золата.

* * *

Не загадаеш сваёй вярсце Быць доўгай. Штогод перад жыццём расце Апошні доўг мой. Kacy, а ці булаву Штоміг наўзгатове трымае Скняга — Ёй сваю галаву Аддаць не хачу дарма я. Штодня Валтузня на таргу. Мялее салодкі келіх. Стараюся абдурыць каргу — Ні на шэлег. У даўгах, Як елка ў суках. Ірвецца, хоць не вяроўка, Доўг — і пятлёй наўзмах Абаўецца сурова...

* * *

Ластаўка — Хата матчына, Мне пад крыло страхі — З д'яблам, З анёлам у складчыну! — Не надтачыць шляхі. Зорамі не стлумачана: Толькі — і больш нідзе! — Ластаўка, Хата матчына, Добра ў тваім гняздзе. Прэч Злыбяда пашастае, Хопіць святла начы,— Ты аканіцай, Ластаўка, У сны мае Свіргачы...

* * *

Дробненькі дожджык дый накрапае...— Журыцца мінская радыёхваля. Балтыка, зайздрасць твая сляпая. Хмарныя хвалі Сонца схавалі. Выйдзі, дзяўчына,— сэрца чакае... Можаш чакаць, як пагоды з мора. Шалёнагубая, гулам цяжкая, Б'ецца ў адчаі салоная змора. Я ж тваіх ножак не замарожу... Снежань, чаму не нагурбіў выдмаў? Я ж твае ножкі ў шапачку ўложу... Дождж пад піліпаўку, хто яго выдумаў? Мжыцца ад Юрмалы да Лienai. Балтыка, зноў з маразамі нязгода? Дробненькі дожджык дый накрапае, Грукае ў шыбіну Новага года...

Звартноц [1]

Ноч сваталі бяды сваты — Зрабілі курганом. Зямлёй не стаў ты, Храм святы, Жагнаны перуном. Край горды жахам не ўзялі, Хоць зграй паўзло, як тлі. Што ёсць ад роднае зямлі Свяцей на ўсёй зямлі? Палохаў вераю бадзяг, Хлусні няміў раты, У роднае зямлі ў грудзях, Як сэрца, Біўся ты. Сынам даваў І гарт, і моц, Шлях бласлаўляў круты. З нябыту ты ўваскрос, Звартноц,— Пазбыўся нематы!

Пчолы ў моры

З мора — змора. Чаго вы, пчолы, Паляцелі па дзікі мёд, Дзе адрогам нагрэла чолы, Вадаспад аглух ад грымот? Вы з захмарнага лугу, З логу Неслі ношкі цяжкі спакой? Стомлена Да берага злога Змоглых пчол Прыбівае прыбой...

Пашана

Я мройлівы позірк На момант прымжу. Няўжо не падкажа Быліна, Як дзёрзкаю думкай Акінуць мяжу Абсягаў тваіх, Украіна?! Фантазію, Скаяса яна, Паднапры, Разветрыўшы ветразь павагі, Плыві, Як нашчадак славян, Па Дняпры, Пазбудзься Дапытнасці смагі! Паўсюль сустракаў цябе — І не ўтаю! — Ля стромаў Паміра, Саянаў. Я чуў Жураўліную мову тваю У голасе двух акіянаў. Спазнала ты ў зорах Быстру віража, Сцяжына Пралегла арліна. Дык дзе ж, Адкажы мне, нарэшце, Мяжа Абсягаў тваіх, Украіна?! Хапае прастору, Каб зло заараць! У гордай краіне — Краіна, Славянства зара, Зорны дом Кабзара, Вытока дабра — Украіна!

Збанацкі шлях

Край вольны харашэе, Але па ўсёй зямлі Балючыя траншэі Яшчэ не зараслі. Кастроў не чахне прысак... Спаўна спазналі вы Смак рызыкі І прысмак Журбы парахавы. Зенітак дым гаркавы Туманам — на граніт. Для зоркі вашай славы Раз'ясніўся зеніт. Яны ў адзін зліліся, Праз сэрцы праляглі: Чумацкі Шлях У высі, Збанацкі — На зямлі!

Паклон ад зор

Пагляд, Абнашчыся сінечай. Цвіці барвінкам, Смелы след! Паповіч на гары Чарнечай Спявае з хорам «Запавет». Прыцішся, свет, Сусвет, паслухай Суладны спеў, Уладны гнеў, Кабзарскі гнеў — Яго паслугай Світанне днела, Змрок багнеў. Праходзілі, як сны, Прарокі. Ды жыў наказ, Што даў Тарас. Стагнаў i роў Дняпро шырокі, Спатоліў смагу Зорных трас. Непадуладны Волі нечай, Народ не церпіць Кайданоў. Паклон ад зор Гары Чарнечай, Зямны паклон Зямлі сыноў, Што іх выводзіла ў прасторы. І зорны подзвіг — Ён зямны. Хай годна З зорамі гавораць На мове матчынай Сыны!

Ля помніка Т. Р. Шаўчэнку ў Ашхабадзе

Дзе тлеюць яны, Вашы белыя косці, Вялікадзяржаўнасці псы — Шавіністы? Хапіла пыхлівасці i велікосці! А той, Каму слалі вы шлях камяністы, Паўтораны ў бронзе, Планетачолы, Маларасіец, Былы прыгонны, «Прыгонных» мае сам Незлічона... Добраахвотны прыгон ягоны! Дарма скавыталі вы na Расіі, «Единой и неделимой», Са стала самаўладдзя косткі прасілі,— Расія Айчынай, Радзімай Стала У братнім сузорным Саюзе! Было вас, Як дзірак ікластых, нямала У самадзяржаўнай папрузе! Прасіць прабачэння ў паэта Я вінен, Што вас прыгадаў міжволі... Удзячна помніць Аб гордым сыне Сябрына ў вольным застоллі!

З данінаю ўдзякі

Старыя рыфмы — На пераплаў, Покуль не шмат начаканіў. Бяры білеты на пароплав, Прастуй па Днягіры — У Канеў! Зыркае бакен турысцкім значком. Роўнядзь «Ракета» трушчыць. Каб параўналі яе з каснічком, Просіць вясёлка хітрушча. Хвалі кіпяць, Як смала ў сагане. Кручы вясной замроены. Чайка знянацкая сігане Адчайным аксюмаронам. Трывалы вады й бетону саюз, Працаю гартаваны. Важка, аднак, апускаецца шлюз, Быццам фіранка ў ваннай. І, як стаеннік злым капытом, Мклівісты хуткаход наш Б'е, нецярплівсц, Упартым вінтом — Палубе дужа дрыготна ж! Дзе тая рэдкая птушка, Дняпро? Нешта ты ўз'юшана трос нас. Экскурс дасць потым Экскурсбюро. Мчыць нас «Ракета» ў космас? Дняпро, Ты дзівосны i ў гэты раз — Ашчодрыў вясновай ранечай. Спыніся, Час, Нас вітае Тарас З захмар'я Гары Чарнечай...

Даліна кампазітара

Даліны ўтрапёныя ў хмарах кудлатых. Шчырэе сцяжынка-паломніца. Рака вінавата ўцякае па скатах — Ніяк ад жуды не апомніцца. Навіслыя скалы — Залобкіпалацаў, Узведзеных гор гаспадыняю. Прастор перунам і вятрам разгуляцца, Спаліць небасхілаву лінію! Усё для яго тут жыло і спявала. Спакой атуляў, як у Вішневе. Грымелі адчаем харалы абвалаў Каханню яго і Ўсявышняму. Журба калыханкі і жніўная скруха Самотлівым сэрцам валодалі, Ныў клёкат арліны... Ды ён не даслухаў Апошняй мелодыі... Аглушаны камень, Нібы бліскавіцай, Балюча сашрамлены датамі. Наклікаць абвал вадаспад не баіцца. Прыцішыўся час непадатлівы. Зара неспакою гарыць не згарае. Трывогаю хмары гартаюцца. Маленства вятры З Беларускага краю, Як хвалі, ўспамінна вяртаюцца...

Піяла

Дух вандравання, Ненажэрца, Не можа звыкнуць Да жытла. Ці выкругліў туман Азерца? Дыміцца чаем Піяла! Хто шчодрай жмені Рух забудзе? Яму ўздалі Вякі хвалу. Тугі гранат, Каханай грудзі — Трымаюць так І — Піялу! Зялёны сум Апаў глыбока, Імгла Далёкага сяла. Журбой Напоўненае вока, Тугой па доме — Піяла...

* * *

Ты ў маленькім сваім кулачку Не ўтрымала — пусціла на волю Разламаны гранат Баку, Той начы не забуду ніколі — У якім я ні буду баку — Разламаны гранат Баку: Зоры ў небе, І зоры — доле!

Дзень добры, Туркменія!

Закрачаны я праменнямі. Грэх цёмны святлом дараваны мне, У сэрцы смутку паменела — Радасць звініць караванамі. Паклон мой прымі, Туркменія,— Сонцам каранаваная!

Вечарэе...

Здаецца, ўсю спёку сагнала На спаленыя бальшакі! Дакладнага часу сігналы — Варушаць пяскі Ішакі. Ці гэта ў сто корб, Сто асвераў Засмага глыток дастае? Дакладнасць З гадзіннікам зверыў — Паверыў З хвіліны з тае. Гаркавы дымок саксаула. Баран Смерць прыняў з-за гасцей. І смыленню цягне з аула, І прысмерк, Як плоў, загусцеў. Душу ўсю, Як студню туркмена, Высмальвае сонца да дна. Гуляе на жылах Сухменна Качэўнай крыві Жаўцізна...

Зямлячка

Абсяг вятрыскамі аббраханы. Хіба што толькі міраж замглее. Вякі прыглухлі, Маўчаць барханы, Нібы запыненыя імгненні... Лічыў барханы, Ды аблічыўся. Здалося раптам — Ступаю поймай. Зямлячка выплыла аблачынкай Узмах брывей — Замах на спакой мой! У кожным позірку — Пa азярку. Часіна позняя, Дай мне руку! Зялёным лёдам Б'юць вачаняты. — Адкуль ты родам, Дачка чыя ты?!. Далёка Вухвішча, Далёка Зябкі. Сініцу слухаю, А голас зябкі: — Дзе сцежкамі сінімі Ступаюць калядачкі, Ёсць вёска па імені Мокрыя Кладачкі...

Юрта

Гром пад Глускам Арэшкі лускае. Абтрасі каракумы з бахіл! Сцены юрты Паўтораць ласкава Ператомлены небасхіл. Дзверы мяккія ўскінь, Што завуцца Ускалыхлівым словам « Кілім ». Уваход табе здасца Завузкім І прытулак, спачатку,— Малым. Цішыня аглушае, А гулам Аглушаць Час наш выбіўся з сіл. Ён агулам, Дакладней — аулам, Паўтараўся вякі — Небасхіл. Па вачах У гасціннасці ўверся, Перасмягла сухмень кленучы. Каб клубіўся дымок — Выйсце ўверсе, Каб заходзілі зоры ўначы. Дзе хмурынка, Што дождж нагайдае? Ды сухмень — Не бяскрыўдны прасцяк! Чай зялёны Вясну нагадае, Піяла — Шчодрай жмені працяг. Неба Стрэлы і думкі ўскрыліла. І качэўнік Узносіў хвалу: Ён спадобіў усё небасхілу — Юрту ставіў, Кругліў піялу. ...Лёд прыпылены Тэлеэкрана. Дыванова абжыты ландшафт. Шкло газніцы На рожках джайрана. І, як шчасця чаўнок,— Саланчак [2]. Родны сівер, Як бровы ні хмур ты, І ў завейных ушацкіх начах Прыгадаецца Пазуха юрты, Дзе ніколі не чахне Ачаг...

Тут быў Харэзм...

Ты ў вечнасці ў гасцях... Тугой агорнуты, Ступаем па касцях Старога горада. Трашчаць луской збарвелай Чарапкі — Ад горада мільённага Драбкі... І давялося цэламу Расчасціцца: Кавалак ручкі Ад збана-ручасціка, Аскепак піялы. Набытак, часе, Твой малы! Не хоча ўпарта Стаць зноў гліна Глінаю, Бо клалася ж цагліна За цаглінаю І сценамі была, Агнём далучаная да святла. Вятрам бы Пашыраць свае ўладанні, Яшчэ не даканалі Брамы Караван-сарая. Час мыту сам заплоціць! Ваюй, Зямля сырая, З уласнай плоццю! Жалеза не рудой Рудой — Быць хоча хоць іржавым, А жалезам... Харэзм, Ніхто ўжо больш табе не пагражае, Нікому — ты. Быў на зямлі І стаў зямлёй, Аглух ад нематы. Лушчастаю раллёй Зрабіўся дах i посуд. Ступаць балючаю зямлёй Баіцца золак босы...

Хаваюць галаву каня...

Глухой труною Цішыня. Бархан, Што века. Хаваюць галаву каня, Як чалавека. Вядома, Конскую ратуй — Яна ўратуе. У Каракумы забінтуй Бяду крутую! Барханачуйна помніць слых Крык І сык кулі, Схавалі жах пажараў злых Воч Ісык-Кулі. Зямля жанчынай чуе боль, Сама чакае. На спіне праступае соль Саланчакамі. Мы звязаны спакон вякоў Адной паслугай: Шматуе цішу скон падкоў — Зямлю паслухай! Начы глушэе Ваўкаўня. Бархан, Што века. Хаваюць галаву каня, Як чалавека...

Запрашэнне ў Беларусь

Раз імя гучыць, Як свята, Стане горача барам. БУДУ Ў радасці за свата, Выбірайся ў шлях, Байрам! Восень адхіне туркмену Луг, Што ад дажджоў дамок, Хрумст гуркоў, Задуху кмену, Бульбы ўварыстай дымок. Будзе лёгкай на ўспаміне, І не след пытаць чаму — Ранняя зіма раскіне Госцю белую кашму... Кружаць, Крэўнасцю сагрэты, Не забыўшы шлях дамоў, Над планетаю паэты Кнігаўкамі родных моў...

Удача

Чакаюць не пагоды З мора. Не год і не паўгода Змора Прыбоем лютым Горбіць плечы. Чакаюць жонкі маракоў. Часцей пытаецца малеча Чаму бацькі У сябрукоў. З такой сустрэліся, Няйначай, Што іх трымае ў моры, Удачай... Каб толькі Лёс салёны зноў З удачай той Не звёў сыноў!

* * *

Калядна белы бераг. Мора, Як пены шмат набіла ты! Твае прадонныя каморы Таілі столькі белаты. Табе будзённы дзень далёкі, Той дзень далёкі стаў i мне, Калі дачку паўдзённай спёкі Сустрала снегам па вясне. Гулялі ў снежні смешна, ўцешна Прыбой, яна i. я — ўтраіх. Было нам Снежна i кунежна, І мору — Хораша без крыг. Шпурляла снежку Так няўмела, Ляпіла снежку ўпершыню, Спякотнай радасцю нямела Ад снегу — Белага агню. Калі ў цябе такая сіла, Прыбой, Прашу, як дружбака,— Вярні мне снежку, Што ляпіла Спякотна-смуглая рука!

Аўкштайтыя

Круты пазнала норду Пал ты. Найпэўней тут упершыню Далоні буданілі балты Над злымі ікламі агню. Залеглі валуны ў разоры. Цячэ сабе часін рака. Твае спакойныя азёры — Халодны пот ледавіка. Паганскі дух Лунае блізка. Тут свой нарог Ступіла зло. Літоўскай вернасці калыска, Перад табой хілю чало. Пагоркі, Погарбы крутыя. Хусцінкай весняга кастра Мой смутак відніш, Аўкштайтыя, Бурштынашчокая зара!

Зарасай

Маланка, Рыфму выкрасай, Як смык, смугою вошчаны. Азёрнавокі Зарасай — Пяркунасава вотчына. Каб kovas — Брат сакавіка — Пра колас дбаў сцяжараны, Ты нас вітаць паслаў грака І ранішняга жаўранка. Падзол твой Помніць боль падкоў І злога лёсу выракі, Галіняцца спакон вякоў Шляхі літоўскай лірыкі. Было тут, Партызанскі край, І ў золь чужынцам горача. Палон хлапцоў, Дзявочы рай, Звіні ў вяселлях, Зарасай, Вачыма неба зорачы!

* * *

У цюбецейцы жалудок Смуглеецца штораніцы. Ці Душанбе адзін радок Мне падказаць стараецца?..

Мудрая восень

Дому — Салам, чалом! Знікніце, зайздрасць з пыхай. Хораша за сталом Будзе бяседзе ціхай. Слаба здзіўляе здзіў Велікапышных экзотык. Хочацца, каб разбудзіў Вусны Крыніцы дотык. Злагада зорным каўшом Клопат вяртае гнёздам. Сцішаным чувашом Ходзіць самотны роздум. Сціплае ў дабраце, Сэрца, будзь бласлаўлёна! Тая, Дзе хлеб расце, Варта зямля паклона. Толькі яна ў бядзе Прыйдзе сваёй паслугай. Па Чабаксарах ідзе Мудрая восень. Паслухай!

Збіраецца навальніца

Маланка ломіць вудаўё — Чакаць не варта ў лове спору! Цяжкое чэрава сваё Разгойдваць трэба доўга мору. Ідуць аблокі чарадой Хадой спаважнай Па адхонах, Бунтуе змроку сырадой У вымях прыцемна-зялёных. Аглухлай цемрай захлыне І не захоча прыпыніцца На духаце, На палыне Настоеная навальніца.

* * *

Бяросту год Ад злых грымот Час ашчадзіў для грамат. Не помніў Ноўгарад пагод, У ціхі летапісны звод Сам урываўся лямант. Не навіной крывавай той, Што палягло паўсвета,— Радок жахае нематой: «Бысть тишина все лето...»

Енісейскія сустрэчы

I Ax, часы, нібыта З даверлівай казкі. — Ах часы! [3] — забытна Спяваюць хакаскі. Чарнявыя чайкі. Прыслухайся лепей — Чарнявы адчай ix Сумуе па стэпе. Упартыя пасмы Не ўхопіш у жмутак. Ці стэп На паласе Так вычарніў смутак? Са стэпам іх ростань Яшчэ не даўгая. І хваля наросхліст: — Ах часы! — ўздыхае... II Для пчол тут Калодна і вульна. Прыплодна Гудзе дупло. Пытаю сябе, Ці ўтульна Маім землякам было? Ахвота горш ад няволі. Як ехала ў свет сяло, Дык з царскае ласкі Болей Ахвоты і волі было. Адчаем і сцюжай Касіла. Па глотку хапала завей. Сіберным Злюцелы сівер Дасюль Беларусь заве. Выгнанцы ў далонях каравых Пялегвалі вестку з краёў, Дзе мякка Ў ласкавых травах, Хоць там не багата раёў. ІІІ Мора знячэўна Ўсхліпне ў сціпласці. Ляду карчэўем Хочацца выплысці. Выраем — гаю, Могілкам — трунамі, Дном — небакраю Хмаратабуннаму. Гай у агоніі — Гіне ў залітасці. Хто ад каго Не Чакае літасці: Мы ад прыроды, А ці ад нас яна? Душыць куродым Спёкай нянаскаю. Вечнасць на плітах Сонцам засведчана. Вёсак залітых Плёнка засвечана. Дзе калыханка? Змоўкла пад хвалямі. Ціха гайданка Мора падхвальвае. Клін гагатлівы Поплаў не ўзрадуе. Мы — негатывы Вечнасці здрадлівай. Нібыта ўсе мы У каўчэгу Ноевым. Мора нясе нас. Смутнае дно яго... IV Патужна плячу плаціны — Турбіны Турбуюць яе. «Адзіны, адзіны, адзіны!» — Тайга Енісею пяе. Унізе цішу знішчае — Віхрасты напор раве. Зірні: Ў Енісея на шчасце Дзве макаўкі на галаве. Аб тым, што шчаслівы, Уверся, Ды ў зайздрасці не лысей. Падпёрты плацінай, Уверсе За мора шуміць Енісей. Не так, Каб у бога за пазухай, Стаім у пазусе ГЭС. Мацнеюць святла запасы хай Дыктуе штодня прагрэс. Вада пад намі Яшчэ раве. Высока дагас беразняк. Мы ў сцюжы — У ГЭС у чэраве. Наскрозь Нас працяў скразняк. Высвечвай, Енісею былінны, Багаты на сонечны ўлоў,— «...Плюс электрыфікацыя ўсёй краіны» Канкрэтную сутнасць слоў!

Плача Лінда

Далінаю Лінда [4] Брыла не ў вянках — Збірала каменне ціхмана І несла, Каб горад узняўся ў вяках, Дзе Калеў яе пахаваны. А камень быў кожны, Нібы падавы Для волата спечаны бохан. Падраўся хвартух, Льюцца слёзы ўдавы — Азёрыцца поплаў глыбока. Легенда нябёсы Расчуліць да слёз — Наплача азёр Аблачыны Таму, хто хоць камень адзіны Прынёс, Што лёг у падмурак Айчыны.

Ля сосен Піцунды

Сосны рэліктавыя на Піцундзе. Храм са стагоддзя дзесятага. Цешымся берагам, Шэпчам аб цудзе, Якое намі дасягнута. Храм хрысціянскі, Супернічай з барам, Сосны, Пра даўнасць напомніце. Шпар пляжнікаў, мора, Салёным варам. А вы са мною, Хаця й на поўначы, Сосны мае з партызанскай зоны, Вы не рэліктавыя — Вынослівыя. Ліўні свінцовыя — не мусоны Хмарамі вас хрыстосвалі. Вы не шуміце Ў падручніках школьных, Вы не абвешаны Дачнымі трантамі. Чорнае неба Данбаскіх штольняў Трымаеце з паслявайны Атлантамі. Сосны думныя, Незаменныя, Падсочак падсумкамі Аперазаныя, Безыменныя, Як нартызаны, Вы!

2. ІМГНЕННІ

Пад вечнымі соснамі

Мана вясновай гаманы Не ашукае болей. Спыніўся твой адлік зямны, Перажагнаны болем. Мой цень — Працяг тваёй вярсты. Не вечны ён таксама. Цяпер мяне чакаеш ты, А я старэю, мама...

* * *

Тут я заначую — Журбы не пачую...» Мерклася застолле, Як туга, густое. А журба — начніцай, Неба — абажурынай. Журыцца крыніца, Бор сыры зажураны. Голас падупалы — Скруха жаўрукова. Ты абначавала, Мама, За ракою... Ды не да спакою І за той ракою. Хвоя над табою — Сынавай журбою...

* * *

Перунамі жагнаныя абразы Перастылі азёры прадонна Выспу смутку майго Ледзяняць маразы: Маме ў зямлі сцюдзёна...

* * *

Пераходзяць цяляты асфальт пацямне. Паваротак на Ўшачу! Шчаслівая хвіля. І да статка бычка, І да хаты мяне Падганяе бадлівае слова: «Аксыля!»

* * *

Хто сказаў, Што праца — адпачынак? Ён, відаць, не ведаў мазаля. У барознах — У тугіх ляйчынах Цягне воз турбот сваіх Зямля. Потам Праступае рунь Зялёным: Ураджай ліхвярна Прагне сіл. Праца ўпотай Цягнецца за плёнам, Недасяжным, Быццам небасхіл.

* * *

Здзіўляйся свету! Салавей адно ж Залётку славіць з маладой дзялянкі. Пярун ідзе па хмарах басанож — І пырскаюць з-пад пят яго маланкі.

У падводы

Былі нам няўзнакі Капрызы пагоды, Як з прыказкі зайцу Ламы і грамы. Мы, ўшацкія мальцы, Хадзілі ў падводы — Да весніц Равесніц Падводзілі мы. Ах, колькі ix, Летніх, зімовых, Ці лічана, З якога пачатку, З якога канца, Было кіламетраў Да Строктаў, Цялічана, Бяроз — Да шляхетнага Ліпаўца?! Мы ў кірзавых ботах Так здорава гоцкалі, Што снілася зноў Местачкоўцам вайна. Не спалі магчымыя цешчы Стракоцкія, Ваўчэнскія: «З кім там дачушка адна?» Да трэціх пеўняў Дзяўчат падводзілі (І самі, як пеўнікі ў кашалі), А потым нас, Жанішкоў малодзенькіх, Падводзілі — З іншымі ў ЗАГС ішлі. Нібы астраўкі, Што падпалі пад воды, У восень пайшлі Веснавыя гады. Дый зараз ідуць Успаміны ў падводы. Дагэтуль гараць І падэшвы й сляды!..

* * *

Статыстыку, як мурашу, Танаж цягнуць зацята. А я даведку папрашу, Не колькі мяса на душу, А чым душа багата.

Альгімсттасу Балтакісу

Паэзія — дзяўчына маладая, Як перапёлка кліча: «Жаць-палоць!» Хай скруха костку поначы глытае, Дарэмна час не блоць — Канае плоць. Паэзія — фартовая красуня, Партовая, Чакае караблі, Праз вушка голкі верблюда прасуне. Шчасліўчык, помні: й да цябе былі! Каханка мройная, Мажная дама — Яе на ўсе эпітэты стае. Вядзе свой род ад Евы і Адама, І чытачы — Таксама ад яе!

* * *

Хоць век твой — краец веташка, Шлях людзям знач ты, жыцьмеш покі, Каб не разбіцца, як машка, Аб ветравое шкло эпохі!

Начныя астравы

А на шарэнніку хлусня І мусіць быць салодкай. Каб выплысці на бераг дня, Хоць пасылай за лодкай. Вясло развагі Спаласні. Але душа абные І зноў падасца да хлусні На астравы начныя!

* * *

Шчаслівай зоркі самародак Цвяліўся з вечнай нематы. Ашчадна жыў далёкі продак I ліха важыў на фунты.

* * *

Хай хваля паспіць пад чаўнамі. Блакіт, туманом палавей! Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей. Упрочкі ціша начная Збіраецца. Бор, не ўдавей! Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей. У песні аб сінім Дунаі Усцешна, душа, ласкавей: Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей...

* * *

Ранак — рынак. Ну, а дзень — кірмаш. Разгавей на досвітку душу: Даль адмервай і надзеі важ, Засветла вяртайся з кірмашу!

* * *

Не трэба З жанчыны рабіць святую. Яна зямная, як сенажаць. Няхай бунтуе, Адчай бінтуе. Ёй гора жаць і дзяцей раджаць. Начэе смуткам, Днее слязою. Займаюцца на сенажаці ў цішы Зняверу дзядоўе І красак сузор'е — Каб знічкамі. падаць У студню душы...

* * *

Дабраўшы праўды груз, лухты луску Тугу дапіўшы з зорнага каўша, Дзіцём застанься здзіўленым, душа Нібы адбітак ножкі на пяску.

Чалавек

Не хлеба кус І сала шмат, А сэнс ядра зямнога Разгрызці трэба акурат. Спраў шмат, Турбот замнога: Чарэпаць золата i гразь, За д'ябла i за бога, За ўсіх адказным быць, Іграць Яшчэ сябе самога. Нябыт пільнуе кожны міг, І шчэрыцца знямога. Усё ён ведае i ўсіх, Апроч сябе самога!

* * *

Бачаннем не зловіш жураўля. Дый лавіць яго ці ёсць патрэба. Без сініцы смуціцца зямля, Без жураўкі сірацее неба.

Чорна-белы адвячорак

Згалелы цень сукоў Прарэзаў снег пухнаты. І прывід матылькоў Счэз, ветрыкам пагнаты. Стаў дням губляцца лік. Хоць зоркам дай агню ты! За ўзгоркам знік цалік, Узмежкамі пагнуты. Забылі балаты На свой настрой паганы, І рэха з белаты Хрыпіць, як бом пагбаны...

* * *

Цяжка стыхіі стрымацца ў сваіх берагах, Сляпая любоў адчаю — капрызная. Калі мора ўскалыша На хвалях сваіх ураган, Разумець пачынаеш Ветразя гордую рызыку.

* * *

Баюся, Не пераплыву У пасляваенным гарадку На вольным быстраку Раку, Каб вольнай мець Адну руку, Не акунуўшы галаву... Маленства плыткая рака Глыбокая для хлапчука. А берагі! Да неба — той, Другі — З трывожнай нематой. На рэках сталасці віры Скруціць мяне хацелі ў крук. Быў на жары І на вары, Часамі не хапала рук. І захлынала з галавой Бядой, Як палыны, сівой. А ўсё здаецца, Я плыву, Не акунуўшы галаву...

* * *

Свой сэнс мае звычай няўмольны, калі Ён тлен чалавечы паліць І попелу жменьку вяртае зямлі... Каб узыходзіла памяць.

* * *

Салёны пот здаўна, Але Спазнацьмеш на сваім чале. Цябе мазоль твой знойдзе, Ды Адчуй, як ён свярбіць, цвярды. Вядома, прэсны ён, Аднак Ты сам свой рассмакуй праснак. Хоць ісціна адна, Усё ж Сам ёю думку растрывож!

* * *

У вечнасць, бы ў люстэрка чараўнічае, З надзеяй кожнае жыццё глядзела. Люстэрка прывідны адбітак нішчыла І тут жа халадзела Знелюдзела...

* * *

Замоўкне ён, Замілавання дрозд, І папярхнецца даўкаю журбою, Калі ты сам адчуеш Свой узрост, Свой даўні. доўг Перад самім сабою. І толькі Клопату вясновы шпак Ласкава дасць табе Адчуць да рэшты Пяшчоты прысмак І адчаю смак, Пакуль ты На вышэйшы сук дзярэшся...

* * *

Сабоp уявы, постраху хлявец Не змеецяць статак жахаў вогнехібых: Няўжо на дзьмухавец падобны выбух Зямлю здзьмухне, Як вецер — дзьмухавец?

Дарога

Мяне павядзеш ты у апошні шлях, Забудзешся ў дзень той самы. Прыцемкі ў згорбленых хатулях Цень панясуць у прысады. Закрые мне вочы, як медзякі, Каравых бяроз жаўталісце. Хіба верабей пра мяне: — Дзе такі? — Спытаецца, як калісьці. Я права не маю ў крыўдлівай нудзе Судзіць цябе дужа строга. Ты права не маеш спыніцца нідзе — Такі табе вырак, дарога.

* * *

Палічыш пасля намалот, недарод, Пад зябліва плошчу, на выпасе статак. Паслухай спярша, як спявае народ,— Пазнаеш, чым край ад прадвесня багаты.

Прысмалкі

Прысмаліла сонца палазню — Зачарнелі прысмалкі. Палазня сняжком запала — Сню Веснавыя прысмеркі. Сівярэц вясновы прызнаю З ледзяшовай прызмаю. Думку з радаснай пары сную З прызімку капрызную. Крыгагрому здрадлівы паром Завірыцца ямамі. Сніць ралля Зігзаметры барон. Рэчка трызніць ямбамі.

* * *

Зварот салодкі да жытла. Мёд ранішні, І ён змяркаецца. І ў джале, Што перасмыкаецца, На нейкі міг жыве пчала.

Крапіва

Уладна пахне крапіва І забыццём, і жалем. Між іншых траў — Трава-ўдава, Яе сярпом не жалі, Увагай абышла каса, Рука без рукавіцы. Раса — сцюдзёная краса Па звычаю баіцца. Тут вугалеў Завейны дым, Вясна ішла па мінах. Па ўсім жывым, Цяпер былым, Рунее напамінак...

* * *

Нічога не разумеючы — Дзе Афрыка, дзе Еўропа? Вечны, не іржавеючы, Грукае лом далакопа.

* * *

Навала брала Спакой калішні. Вайна гуляла У трэці лішні. Каму зацішней Ад ліхалецця: Не трэці лішні, А кожны трэці. Ад ран смяротных Гаіў трыпутнік. Няўмольны, з фронту Ляцеў трохкутнік. Цягні трохтонку, Шафёр-пакутнік. Вайна, і жонка, І ён — трохкутнік.

* * *

Няхай плывуць чаўны вясны, Вязуць у сны сыноў спакой, Каб не спыталіся сыны: «Пасля вайны... пасля якой?.

* * *

Вогнішча ў лузе даходзіць дымліва, Золь сарамліва праймае. Лісцю, Што верасень пусціць на мліва, Вольна былося пры маі. Сыдуцца ў крыўдзе — У лютай карыдзе, Зглухнуць вятрыскі ад гаму. Жалом агорне, Шчымліва адыдзе Ціхая восень, як мама...

* * *

Мы — ад агню, як ні кажы, Сагрэў ён свет упершыню, Агонь крыві, агонь душы, І тлену прысак — ад агню.

* * *

Мяне жагнала галадуха У імя айца, святога духа У дні вайны, Пасля вайны. Зіма ад холаду дубела, Перасявала пыцель белы, І кпіла казка пра бліны. Жыццём духоўным жыў бадай, Адно што не прасіў: «Падай...» Я зрэдку дыхаў хлебным духам, А болей духам жыў святым. І галава хадзіла кругам Ад голаду. Ды сэнс не ў тым. З асноўных ісцін Саматугам Адну спасціг: «Не падаць духам!» І, чорны, Родны небу, Дораг Надзённы хлеб У кмене зорак.

* * *

Лес над пажарышчам не плача, Атожылле ідзе ў пагонь. Зялёным — праз агонь гарачы Лістом паўторыцца агонь.

* * *

З задумным вераснем іду Па маладой прасецы. Адна асіна на бяду Збянтэжана трасецца. Ці дождж пайшоў У пяць цапоў Па верасах старацца? Высакавольтных правадоў Напружаная праца Не ціхне — Стогнуць правады, Запрэжаныя часам. Лес малады Сляды бяды Загоіць самапасам. Гарыць па нервах часу Ток Патрэбай спажыўною. Не стыне ток — Жыцця выток, Прапахлы збажыною. Глушэе лес. Глушэе хмыз. Душа глушэй да болю. Дыханнем цёплым З цёплых пыс Змрок астывае доле.

* * *

Дарога на Ушачу праз поле, праз бор, Крывая, прастуецца прама. Святлее ў касатай бярозы прабор... Святкоў было мала ў мамы...

Кляновымі прысадамі

Забудзь на тлум, На звады — Ад свежаку хмялей! Кляновыя прысады За Млечны Шлях святлей. Яшчэ лістоў замнога, Іх сівер строс не спрэс. З клянамі ў падкіднога Гуляй на інтарэс. Рэж з-за пляча з запалам, Ды не зусім лісці! Ступай па шорсткім, палым, Па колішнім лісці. Для дум, Для ног размінка. Бяруць у гхрымакі І вёска Журавінка, І вёска Кулікі. Хай хмары смутак возяць — Апрыклы свой аброк. Як восець, Пахне восень Снапамі да аблок. Жыцця дары бажэюць, Святлеюць, далібог,— Ад ранніх Рубяжэвіч Да змерклых Налібок. Хада не захістала, Пакульз табой, Хадок, ГІрасветленая сталасць, Развагі халадок. I кожны шолах Дораг. I лёгка забрысці Па неатухлых зорах У неба ў забыцці...

* * *

Жыццё пражыўшы на зямлі, сусед, Багацце нажывеш ці мазалі, Не думай, што бярэш у стылы свет Падумай, што пакінеш на зямлі.

Паўдзён

Пераразае прыстань Разуха ў два лязы. Трымціць паўдзён празрысты, Што крылы страказы. Глушэе брызгаліны Зялёны астравок. Між пальцаў у яліны Цячэ пяску струмок. I восень не маніла, Было вясне вады — Хоць сёння ў неманіны Закідвай невады. Па Нёмне над ляскамі Плывуць аблок вазы. Аціх настрой ласкавы На крылах страказы...

* * *

Як сонца на ускоце, мара Чакае з праясненым воблікам Калі гэта чорная хмара Абернецца белым воблакам?

Дзе расцвілі твае сляды

Раку трымала льдамі, Тры мала — Пяць завал. Дзяўчына маладая. Вачэй вясновы пал. Рака ламала далі: У пекла або ў рай! Дзяўчына маладая — Хоць вішні абірай! А сцежка з перавала Збягала праз сады, Сляды канспіравала... Ды расцвілі сляды!

* * *

Рэха ў іржэўі параніцца, Росам свой боль раздае. Доўга на стрэхах раніцы Белы мароз растае.

Сустрэча з Аленай у Наўгародскай Сафіі

А ні змагла ўрачы, сцяна, Цябе імгла сляпая. Як боль, Як радасць, Чысціня Няўмольна праступае. І праз Напластаванні зла, Праз бруд, Праз гнеў астылы Краса ўзышла, Сваё ўзяла, Вякі пераступіла. Вышэй ухвал, Вышэй абраз Світае твар нятленна — Аблічча Ці святы абраз? — Славяніцца: Алена. Імя — як спеў. Ішлі вякі. І кленчылі Алене. Тлен — боскі гнеў. Тлен — грэх цяжкі. Красою — наталенне.

Дым сорак чацвёртага

Патыхаюць порахам аблокі. Стала немагчымае магчымым: Хоць замервай цішу на валокі, Комін папярхнуўся першым дымам.

Зазімак у Юрмале

Першаснегам, Юрмала! Снежань на зыходзе. Мора хвалі штýрнула: — Шальмавалі годзе! Дні для вас кароткія. Сталі, як курортнікі, Лахаць языкам!. Ножкам толькі б шорцікі, А паглядам — чорцікі! Досыць! Замыкаю. Мроіць змрок прыбаўкаю. Золак ледзьве ўдніцца — Звоніць над Прыбалтыкай Ледзяніца. З-пад Ушач Прыпеўка сёння Цісне скроні Юрмале: «Каму тое, каму еёе, А мне — юр наўме!» Aні чоўна. Галадае Сіняя праталіна. І прыпеўка маладая Хвалямі Ухвалена...

* * *

Раса у канваліях нараспіу. Схмялела світанне жмурыцца. І жаўранак чару нябесся разбіў На дробныя цурачкі.

* * *

Калі з табой маглі б Вярнуць той міг наноў, Ласкавай хвалі ўсхліп У сетках туманоў. З бурштыннай глыбіні Бурштынінкай святла На мокрай далані Ты ў Балтыкі была. Змяніла мора гнеў На літасць з-за цябе. Мой смутны смутак днеў У вечнай варажбе. З ласкавае віны — Луска ласкавых слоў. Густыя туманы, Капрызны ваш улоў. Хто сеткі навядзе? Хмурыняцца шматкі. І чайкі на вадзе — Адчаю паплаўкі...

Пытанне праз гады

Зірнула — зусім нявінна... А сталі мае ўспаміны Тут жа ранамі Незагойнымі, Гонямі, Тугою ўзаранымі, Ускапычанымі джайранамі Тваіх вачэй. І з гадамі Згадаю: Балючэй — не лягчэй! Пах спякотнай пустыні, Нібы пасаг. Дый цяпер запытаць хачу, На якіх вольных выпасах Асмялелі зарана Джайраны, Што скачуць дасюль уваччу?!

Дзяўчатам філфака

Ад абцасікаў да макаўкі Вы ў сюжэтах, параўнаннях, Мройнавокія філфакаўкі, Рыфма глухне перад вамі. Цяжка выбіцца прыметніку У эпітэт адпаведны. Палыном у зыркім кветніку Вяне аднакурснік бледны. Як метафары няўлоўныя, Сніцеся, філалагіні. Хлопцы ломкімі алоўкамі Перад вамі — Гонар гіне! Вы світаеце, як макаўкі Летуценнага сабора. Усміхнецеся, філфакаўкі,— У душы ўзыходзяць зоры. Асмялеў прызнацца вершамі, Бо ўначэў мой Неба полаг,— Трызню вамі з курса першага, Як закончаны філолаг!

* * *

Цi ў людзей Неспатолены смутак, Ці ў снягоў Светлы сум узялі, Вы з'інелі, бярозы, Чаму так, Пасівелыя скроні зямлі.

* * *

А цішыня, як сон. Давер спакою крок. Ані чуваць красён, Што ткуць ласкавы змрок. Раптоўны самалёт Апудзіць цішыню. Снег — Дымна-белы кот Зацягвае курню. Крамянай чысціні На ўвесь бы свет было. А ў вышыні — Зірні: Нервовых зор табло! Задуманы, здзьмухні Цішынку з далані. Дарэмна не мані Сабе і цішыні.

* * *

Смяемся дасюль з першабытных людзей: Іх прагнасць не мае карысці — Пад старасць грызуцца за костку люцей, Бо косткі няма чым грызці!

Зімовы досвітак на ўзмор'і

На бераг ціснецца гарбалысы табун, У небе парваным Паўтарыўшыся прыцемна. Здаецца, ваколлю надзелі На галаву стаўбун. Хвалі злізваюць з белапесу Свае ж парыціны...

Першы прарок

Той зрок напяты, Паганскі крок Якой асвяціць баладай,— Прашчур кудлаты Кудлаты змрок Гнаў галавешкай кудлатай?!

Урок англійскай мовы

Боцікі гумовыя, Не зусім зімовыя. Вочы ў сэрца ломяцца., Як шалёны бэз. Шалік мамай звязаны, І звініць ін'язаўка, Зябкая, няўлоўная, Як сінічка: Yes! Ад Шэкспіра, дбайная, Давядзе да Байрана. Покуль не запрэжаны, Будзеш чуць адно. Недзе ля Халопеніч Потым расшалопаеш, Воз сямейны цягнучы, Іншы выгук: No!

У зялёных затоках

Як з іншых Сусветаў завезены, Не выплывуць з цемры ляска Наіўныя рыбы — Бярэзіны. Світае ласкава луска...

* * *

Ані чакай парук, зарук, Каб быць у гаеву ў ласцы. Трымайся ў небе, як жаўрук, На песні ўласнай...

* * *

Aдчайнасцю атаў Запахлі ледзяшы. Я ўсё табе аддаў З патайнікоў душы. Як леташнік, адтаў Па цёплым тумане. Няўжо ўсяго аддаў І больш няма мяне?!

* * *

Не рві Балючае карэнне, Не абярні вясну зімой, Хоць пашкадуй адбітак мой, Маё зямное паўтарэнне. Хапае ў скрухі верацён, Каб нітак для бяды напрасці. Зачаўся, Як зарок на шчасце, Маладзічок з забытых дзён. Не дай мне стаць Аглухлым звонам, Якому вырвалі язык. Не дай, Каб захлынуўся сконам Мой у нябыт апошні крык!

* * *

Хай не відно — Прадонне мае дно. Пяшчота не бацькоўская ў айчыма. Жыццё І распачатае віно Распачынаць нанова немагчыма...

* * *

Нa досвітку абраць Сабе сцяжыну дня, Што падшукаць аброць Для быстрага каня. Паплечніцу абраць Сабе да схілу дня, Што поле абараць, Дзе ў мінах цішыня. Ладзь з любасці аброць, Спех не бяры ў сябры. Пяшчоты клін Не зблоць — З павагай абары!

* * *

Я заклаў свой спакой, душу, А табе гэта ўсё — не замнога. Адпусці мяне, я прашу, Хоць на міг да сябе самога!

* * *

Хваліце лёт мяча І лязгат клюшак, Больш дбайце аб вуллі — Не аб валлі. Шануйце галасы Людзей i птушак — Без ix Маўкліва стане на зямлі. Запамінайце іхнія імёны, Не пакідайце гэта на пасля. Бо галасамі Шар зямны — зялёны, Гаворыць імі З вечнасці зямля. Блакіту Спавядаюцца галіны, Матулін голас Нам гучыць змалі. Пчаліны яд, І добры мёд пчаліны, І галасы — Без ix няма зямлі!

* * *

Падыду ды прыстою, Пагляджу з-пад рукі, Што за тою Вярстою, Дзе начэлі крукі? За вярстою За тою Спіць бяда У затоі...

* * *

Зялёныя зоркі растуць з-пад камля. Да зор мкнецца бор І запылены быльнік. Гаспода твая не малая, Зямля,— І плодны гарод, І галодны магільнік.

* * *

На досвітку ўсе прамяніцца, Пад вечар цьмяніцца скепліва. На небе твая вечарніца Трымціць, Як на шыбе надскепінка...

3. ВЕТАХ СМУТКУ

* * *

Я прывідам прыйду, Але такім ласкавым, Як радасны ўспамін, Як ціхі напамін, Што гоніць прэч бяду, Дае цяпло атавам, Вятры ліхіх часін Пускае на размін.

* * *

Душою малады І малады абліччам,— Смяяліся гады,— А мы цябе аблічым. Не лічыш нас, а мы Усё табе прыкінем: Грамнічныя грамы I каню ў лузе сінім, Твой дзень у мітусні, Твой у дрымоце ранак. На схіле дзён прысні Раскошу самабранак. Мы вараных дадзім Табе з журботнай песні. I нас дагнаць, як дым, Сябе надзеяй песці...» Смяяліся гады. Даўно. Мне сумна сёння. Перацвілі сады. Прысталі з песні коні.

* * *

Прагінаецца мост Памяці ледзяны: Быццам вершыць кругі апрамецця, Мой узрост Паўтарае гады вайны — Сорак першы, сорак другі, сорак трэці. Пераможны застаць — Сорак пяты! — Хачу. Недалёка мой Сорак чацвёрты, мінны, Я дарэмна крычу Часу, як сурмачу, Каб мае не будзіў Прыпаміны. За сябе я цяпер Ці за бацьку жыву? Трыццаць пяць яго У пушчы блакаднай. Час заўчасна таму Снежыць мне галаву. Бацькаў боль — Ён са мной блукае. Дзе адстану ад вашай, Гады, Чарады? Даляцець бы Да шасцідзесятых, раскутых! Быццам порах бяздымны, Туман малады. І штыкуюць Пражэктары смутак.

* * *

Аддзяч прыбою за давер І вагамі валодай — Сам Шалю жалю Перасвер З забытай асалодай. Чакай маладзіка ўскалых, Ды з хваль ён не ўсплыве тых. На сцежках радасці былых Смяецца смутку ветах...

* * *

Асенні халадок Яшчэ не халадэча. Не тузай павадок, Апошняя сустрэча. Куліцца пад адхон Яшчэ не час калёсам. Імчаць, бы на абгон, Навыперадкі з лёсам! Хай высветліць душу Адчай, як май, Святкамі. Цярпенне май, Прашу, Апошняе спатканне!

Тры прысвячэнні маім вёснам

* * Лечу кожную вясну Марай трапяткою, Што наноў Жыццё пачну З маладой травою. З першым громам Раўчука, Маладым, сцюдзёным, З першым звонам Жаўрука — Клопатам штодзённым. У зялёнай гамане Радасць на папасе. Нібы шмат яшчэ ў мяне Вёсен у запасе... Толькі з кожнаю вясной Я гляджу, Дзе вёсны. Да мяне спіной, спіной Ранні свет дзівосны. Ад мяне бачком, бачком Цёмныя сцяжыны. Да мяне маўчком, маўчком Недавер птушыны. Кожную вясну Маіх Вёсен меней, меней — Не бяру ў бярэма ix, Захінаю жменяй... * * Узгоркам на прыслон Свярбіцца — Тачыцца пачала трава. Сарока — Снежкай на вярбінцы. І жаўрукоў — Як з рукава! Настрой падрос, І ранак вырас. Аберуч зоры латашы. У рэках — глыбасць, Небе — шырасць, І толькі шчырасць — У душы! З пашанай хочацца схіліцца Над зыбкай шыбінай стаўка Перад рунявасцю ігліцы, Перад раптоўнасцю лістка... * * Даўні Гаспадарчы клопат: Толькі б выйсці на вясну — У густую сінізну, Смелы высвіст, Цёплы лопат. На вясну я зноўку выйшаў, Шчыры шчэбет Лашчыць слых, Стала больш Сяброў былых, Больш Прыгорбленых узвышшаў. Болей Дамавін цяжкіх, Што мае прыгнулі плечы. Зор паменела маіх У табе, спрадвечны Млечны. Менш падкоў, Віхрастых грыў Рысакоў Майго адчаю. Быццам за абрыў Забрыў — Я са смуткам прыкмячаю. Зоркі роспачы Гашу, Сашчапіў далоні дошчак — І шпакоўні, І душу Перапоўні, весні пошчак!

Сябрам

Пазнаў спаўна ўсяго ў жыцці Павагу і знявагу, Да славы сватаўся ў зяці І траціў раўнавагу. Каго любіў — Таго любіў, А ненавідзеў — шчыра; Хлусні не кленчыў, Лоб не біў, Не прымяраў мундзіраў. Ад жалю зойдуцца бары, Труной запахнуць дрэвы, Скажу: — Я жыў для вас, Сябры. Жывіце за мяне вы!

* * *

Недзе пасля маіх сарака І трыццаці гадоў паваенных Я стаў забываць Халадок курка, Дзень у здранцвенні І ноч у енках. Дабро і зло Канкрэтным было, І ласка таксама Была канкрэтнай: Дахам — жытло, Папялішчам — тло, Лес перасохлым Давіўся крэктам. Тады першабытны Аслеплы страх На белы свет выпаўзаў, Паганец. Сваю ненажэрнасць Насыціць праг, Перабіраў пажараў ружанец. І так асмялеў у густой паўсці, Здаецца, на волю Вырваўся ўчора, Не хоча, нячысцік, Назад паўзці: Першабытна самога Жахае пячора. Дагэтуль Пасля маіх сарака I трыццаці заклапочаных, Мірных — Гатова Пагляд засланіць рука, Ступае нага па куп'і, Як па мінах...

* * *

Штогод уцякае хутчэй Прыгорблены твой небасхіл, А лёс і ўсяго што пакінуў — Вясёлае ранне вачэй, Паўдзён нерастрачаных сіл І прыцемак прыпамінаў...

* * *

Жытло маёй душы Заселена табою, Святло маёй тугі Зацеплена табой. Святла не патушы, Бо ўцёмначы абое Абралі шлях даўгі З адвечнай варажбой. Настрою б не ўрачы Твайго, нібы прыбою,— Каб згода не сплыла, Як па вадзе кругі. Світае мне ўначы, Я высветлен табою. Не пакідай жытла, Святло маёй тугі...

Табе

Журбе не скажаш: «Згінь!» Яна адчаю рада. Ты — зніклівая плынь, Жаданая, як здрада. Май літасць, Напамін,— Гады не перагортвай. Ты — плынь, А я — палын, Ад смутку перагорклы. Як раніцы,— Глыну. Надзея не пакіне: Сівому палыну На міг Адбіцца ў плыні...

* * *

Лятуць не да мяне Тваіх брывей стрыжы. У смелай гамане Я смешны і чужы. Не прыручыць стрыжоў, Як іх ні сцеражы. Пазней за ўсіх прыйшоў, Пайду раней — чужы...

* * *

Я на рэўнасць Не маючы права ніякага, Пачынаю цябе Раўнаваць па-юначы. Я не ведаю, Як параходу на якары. Як і мне, не цярпіцца Сарвацца, няйначай. Ёсць няпэўнасць, няўпэўненасць Без пераемнасці. Мой самотлівы ўзрост Сам сабе не дарадчык. Сталі дробязнымі Слепаты, непрыемнасці Перад ціхай усмешкаю, Шэптам гарачым. Я, на рэўнасць Не маючы права ніякага, Самаўпраўна раўную Цябе без патолі. Гэта ўсё — не як некалі, Не абыякава,— Гэта ўсё, як ніколі, Гэта болей ніколі. І спакой, і развага На хісткім пароме ўсе, А рака забыцця — у вірах — Не даўгая. Слова тое, што вымавіць Зрання саромеўся,— Я сягоння баюся яго — Выдыхаю... Узаемнасць не мне — За няўпэўненасць дзякую. За ўзаемнасць мацней Звар'яцелая рэўнасць! Не раўную хіба што Сваю пад'ярэмнасць Я, на рэўнасць Не маючы права ніякага...

* * *

Як акіян, Глухну ад нематы. Адчаю прыліў — Без адліву. Мне страшна, Каб стала маёю ты, Мне страціць цябе — Жахліва. Не цішыцца Ува мне ураган. Ты гнеў яму Падаравала. Адзін дзеяслоў Мне цяпер спрагаць — Ва ўсіх трываннях Трывала. Сцежка ўзаемнасці Зводзіць сляды. Вочы гавораць — Маўчым мы. Магчыма, Зможа ўраган Без бяды. Мне без цябе — Немагчыма!

* * *

Забыць на ўсе напасці У векавой сяўбе: Прыпасці — І прапасці, І прарасці ў табе!

* * *

І не са мною, І са мной, І незямною, І зямной Была ці не была ты? Уявай, Яваю, Маной, Аглухлай цішай, Гаманой Хістала шэптам шаты, Як ты, даверлівай начы? І мне шаптала: памаўчы, І мне казала: слухай. Размову не са мной вяла. Святлом займалася імгла, Боль днеў Ласкавай скрухай. Да слова помню ўсё, Але Даверу больш было імгле. Згадаць не маю права Ні слова З прывіднай пары. Усё, як зможаш, Паўтары Да слова — Будзь ласкава!

* * *

Ты маладой пакутаю, Спякотаю святла, Маланка, ў лёд закутан, Мой смутак апякла. Не будзь з сабою лютаю — Няшмат іх, смелых год: Маланка, ў лёд закутая, Растай развагі лёд! Не саўладаць са смутаю, Калі Святла Прашу: Маланка, ў лёд закутая, Палі Датла Душу!

* * *

Рукі заломвалі Скразнякі. Слухаў я, Цішы палоннік, Бяссоннік: Плакалі ў ціхую ноч Цягнікі. Білася кропля Аб падаконнік. Вочы світалі твае Нада мной. Пальцы спагады Перапляліся. Трызнілі Д'яблы даверу Маной, Шалу анёлы Стаіліся ўвысі. Ласка твая, Як праз пальцы Ручай: То апячэ, То сцюдзёна заные. Не прыручыць ix, Як ні прыручай, Дзве недаткнёнкі — Дзве дзічкі лясныя. Ціша Хмурынкай найшла праліўной. Неба спрыяла Нейкім там вегам. Пахла адлегласць Адлегай, Вясной. Снежань не мог Адкупіцца снегам. Прэч Асцярога пайшла нацянькі, Золак займаўся — Адчаю паклоннік. Плакалі ў ціхую ноч Цягнікі. Білася кропля Аб падаконнік...

* * *

Ты чула словы ўсе, І пошапты, і ўздыхі, І гэты шал міне — Цвяроза верыш ты. Чаму ж цябе нясе У зман затокі ціхі І крыгалом мяне Шпурляе ў вір круты?

* * *

Я стану, як стэп, салёны, Нібы Ледавіты, Шквальны, Каб толькі пачуць: — Шалёны! Каб толькі пачуць: — Ненармальны.. Растаю боязі льдзіны, Садзьму Недаверу барханы — Каб толькі пачуць: — Адзіны! Каб толькі адчуць: — Каханы... Гатоў на любыя згубы, Каб моўклі губы адчаю — Абы не адчуць: — Нялюбы... Абы не пачуць: — Звычайны...

* * *

Зялёная імга Адлегай лес хістае. Зялёная туга, Што не са мною тая, Якая не са мной Сасной Вясне шумела, Травою сакаўной Хмяліла I хмялела — Не ад маіх вачэй, Не ад майго адчаю. Самота, Не ваўчэй! Надзея выручае. Нядзеліцца душа — Абнашчыцца лістамі... Трывогай ледзяша Адлега Лес хістае.

* * *

Нібы раўчук, Праз тры хады, Нястрыманы ў журбе, Праб'юся я Праз тры гады, Праз трыснягі, Праз тры снягі — Абы шумець табе...

* * *

Боль расстайных дарог Студзіць снег вінаваты. Маладзік бы запрог, Маладзёнам — у сваты! Хоць на ласку жадзён, Пазнавата У сваты. Мала дзён, Маладзён, Маладзён сіваваты. Да цябе — ўсім назло! — Хоць бы грукам у дзверы. Снегам бы замяло, Заняло недаверы. Да цябе — ўсім назло! — Хоць як крок ля парога. Да цябе не было Анікога, Нічога! Што там будзе пасля, Будзе — i перабудзе. Здрыганецца зямля У веснавым перапудзе...

Нагаданая ідылія

Счахла сціхлае золата грубкі, Занялося ласкавым попелам. Абраніла пяро галубкі Пахаплівая ноч над поплавам. Гасне прывідны захад грубкі. Згода вокам стуманеным глянула. Цішу хоць разлівай у кубкі, Сырадойную i ціхманую. Перасмягла спякота грубкі. Змрок спагадліва цені выпроствае. Сарамяжнымі іскрамі грудкі Мне балюча прабіліся ў ростані, Твае...

* * *

Вясновымі б ружамі ружыць Твае маладыя сляды. Табе б Каралеўствы рушыць, Наноў называць гарады. Твой профіль высмуглы Чаканіць На поўні, Як ты, маладой. Чаўнамі, Нібы чаўнакамі, Высноўваць імя Над бядой. Нагам тваім Слаць бы кілімы З зязюльчынага імху, Прасіць памяркоўныя зімы Захутаць цябе ў імгу. Каб зоры — Не заміналі! Як панна, Ідзеш па лядку. Вядзеш У палац камунальны З дзіцячага сада дачку...

* * *

Ты адпрэчыла крыўды сабою. Адплыла Зла Сляпая імгла. Сарамліва-трывожным саборам Ува мне ты світальна ўзышла. І адразу Вясновыя фразы Прамаўляць пачалі маразы. Мне не страшны знявагі, Абразы — Відняць змрок Тваіх воч абразы. Радасць шчодраю меркаю меру, Ды зацепляцца свечкі віны, Ледзь дыхне суравей недаверу, I заныюць адчаю званы. Рад я зорам. Гаям белакорым. Без твайго я начэю святла. Сарамліва-трывожным саборам Ува мне ты світальна ўзышла...

* * *

Упершыню зірне Мілосць, замілаванне. І зерне па вясне Рахманай рунню стане, Праб'ецца ярыной, Абшар душы з'іначыць, Смугою праліўной Замгліць пагляд юначы. Трывогу парадні З будзённасцю імжыстай, У наступ рушаць дні, Не страць здзіўлення, Выстай. І жаўталіст падзе Балюча на іржышча, І сівер у жудзе Наскрозь душу прасвішча. І пад страхой кассе Адмерыць цень змяркання. Забраць да рэшты ўсё Урываецца каханне. Вагання ганьбу — прэч! Забудзь сябе ў аблудзе. Каханню не пярэч — Такога больш не будзе. Паддадзены святла, Імгнення не гняві ты. Да слодычы пчала Пад восень прагавіта. Хоць надтачы начы! Дзень дагарэў не высак, Іскрынку берагчы Да скону будзе Прысак...

* * *

Ты морам надзеі была, Капрызлівым небам нагоды, За кожную хвалю святла, За кожную хвілю пагоды, За кожны апошні вал, За кожны прыліў утрапення, За кожны начы прычал, За кожны золак здзіўлення,— Я ўдзячны табе адной За слодыч забытага болю. Хоць смяг ля вады пазной, Хоць чуў перуноў уволю. Якой даўгатой, шыратой На карце цябе абразіць? Салёнай была, крутой, Ды прэснай — Ні ў якім разе!

* * *

Па плячы Сасну сячы, Як падаўся ў лесарубы. Веек касачы Сачы, Каб шапталі вочы: «Любы». Кленчы харашбе У журбе. Пал бяры ў цярпеныя цуглі. «Я хачу цябе» — Мальбе Вусны рызыкай абвуглі!

* * *

Ты мне даруй за лістапад Маёй журбы! Лісты Наіўны вецер неўпапад З далёкай гнаў вярсты. Твайго спакою лістабой У вырай нёс лісты, Клін, не заўважаны табой, Жаўцеў ад гаркаты. Тваёй пагарды ліставей Садзьме мае лісты. Забудзь мяне — і так лацвей, Вясней нанова ты. Я вырай да сябе прыму. Знядбаныя лісты, Магчыма, пра маю зіму Напомняць з нематы...

* * *

Пад акном у цябе ў цішыні на экране, Як паўторныя фільмы, ідуць цягнікі: І трывожны паўночны, і спалоханы ранні, І паўдзённы, будзённы ад злой талакі. На імгненне прымоўкне дасведчаны вечар, Лістадзённік вятры адгарнуць наўздагад. Толькі мой неспакой — звар'яцелы дыспетчар Знае радасці графік i суму расклад. Цяжкаважкі састаў нагружаю спаўна я, Зноў цягнік-летуценнік ляціць пад адхон. Пальцы шпалаў дрыжаць Я сябе ўспамінаю У запаволеных кадрах вагонных акон...

* * *

Памяць крыўду трымае ўчэпліва, Перабірае ружанец дробязей. Як ты рэўнасць маю ні зацеплівай, Ты яшчэ мне жаданей робішся. Пераправу не знаю палю чыю, Яблык я надкушу з забаронаю. Ты такая наіўна-калючая, Бо ласкава-безабаронная.

* * *

Ні словам не адгукнулася ты, Маўчала — да нематы — Трывала. Усе мае да цябе лісты Ты Смутку майму дыктавала!

* * *

Iмклівы час такі, Што следу не відно. Ці мне пісаць з рукі, Ці след забыць даўно Крыўдлівыя радкі Пра цёмнае акно? Дзён светлых камянькі, Напэўна, злецяць дно Забытлівай ракі. Ды ўспомні заадно Тады мае радкі — І не тушы акно!..

* * *

Мы лехі смутку полем, Расады ўцехі мала. Была крыўдлівым болем Балючай крыўдай стала. Мы гналі цень аварый Над змоўкласцю абвалу. Была абложнай хмарай — Хмурынкай жалю стала. Грамаадвод закляты, Лаўлю грымоты стала. Была, Ды не сплыла ты, Ты стала — Не растала...

* * *

Як цемру выкрасці ў начы, Пазычыць радасці журбе? Як мне сябе перамагчы, Перамагчы цябе — ў сабе? Ці так да скону й валачы Мне ланцугі тугі ў жальбе? Як мне цябе перамагчы, Перамагчы сябе — ў табе? Крычы хоць крыччу, хоць маўчы, Ласкавы парастак скрабе, І ныюць рэўнасці карчы. І рунь, і ляда ў варажбе.

* * *

Я стаў без цябе не магчы Ні здалеку, ані побач. Воўк шалу майго ўначы І ўпоўдзень ідзе на здобыч. І позірку мала мне, І дотыку стала мала. Ты, рэўнасць мая, Па вясне Яловых дроў наламала. А думаў жа — ўсё міне, Зноў буду нічый ці чыйсьці. Ды так Ты ўвайшла ў мяне, Што мне ўжо з цябе не выйсці!

* * *

Яно нада мной Узышло ў лістападзе, Сузор'е трывогі, Сузор'е Рысі. Прыхмарана днела У насмешным паглядзе І ў кожнай тваёй Прытаілася рысе. Зямля чарнела, Зямля бялела. Мне зорны свет На зямлі адкрыўся. Кастры жаўталісця Датлелі ўлюцела. Малю: паўтарыся, Сузор'е Рысі!..

* * *

Цяпер казаць мне «Вы» Табе? Закасваць рукавы Сяўбе, Што чорны смутак сее, Калі былі на «ты» Раты, Засмяглыя ад нематы, І рукі без надзеі Абараняліся? Круты Быў пал на «ты», І веі Былі на «ты» Ад дабраты Злагоджанай завеі. Граматыкі віна, Мана? Вы — Множны лік, А ты — адна. Не разумею...

* * *

Снегапад напаў на сад. Віднее на дварэ. Хто сівізну маю назад З вясною забярэ? Святлею, як зімовы сад. Вясновым быць не мне. Іду, ўзімелы, наўпапад Пa белай цаліне. А сад не ўзварухне галін, Я сум не ўзварушу. Хоць ласкай апячы ўспамін, Як некалі душу! Сняжок засведчыць, Малады, Што светла ўсё было. Не май бяды — Мае сляды Завеяй замяло...

* * *

Распалавіню я шар зямны На дзве трывожныя шалі: Ці не разважаць спрэчку яны, Што доўга мы вырашалі? Павернецца пал крыўдлівай спіной, Час непадкупна заўважыць, З тваёю шаля, З маёй віной, Каторая пераважыць.

* * *

Будзь з натураю крутой, Спрэч абразу, кпіну. Ды ў жанчыне — Дабратой! — Абудзі жанчыну. Як вясновы гром раллю — Абудзі! — да руні. Ласку дай, Як ліст галлю. Крыўда не даруе! Не сініца, Што ў руцэ,— Журавель нагоды. Бліскавіцаю ўрачэ Ноч нервовай згоды. Шчырасці адчай прытой, Не апудзь хвіліну. У жанчыне дабратой — Абудзі! — жанчыну...

* * *

У дрэў таксама свой талан, Вядома, сукаваты. Няўмольны магістральны план Няўмольны экскаватар. Былі двары, Былі дамы, І ў іх была патрэба. Дымы Ад ранішняй думьы Галініліся ў неба. Вятры, Хоць злыя дзевяры, Шчадзілі весні звычай. Ды сталі ціхія двары Пляцоўкай будаўнічай. Чакаюць на зямлі Ледзь-ледзь Надкрытыя пупышкі. Пажарам цвету не шалець, Вам тлець, Адчаю ўспышкі. Над лужынамі з сінізной Хмурыны — абразамі. Зразаюць яблыні вясной — Не абразаюць!

* * *

Крывіч І зямляк Скарыны, З краплінаю балцкай крыві, Я з краю таго, з краіны, Дзе пасвяцца зор раі. Губіў я прадонны гарнец — Дасюль галава гудзе. Маланкай кшчоны паганец, Малюся агню й вадзе. Люблю, як у Чысты Чэцвер Купае дзяцей крумкач, Як грэе паляну цецер Шаленствам шлюбных удач. Нанова вясною кожнай Прыходжу на свет малады. Раллёю, Лядам, Пакошай Вядуць на клады Сляды. Даволі выхадзіў доле, Намарыўся ў небясі. Кажу па-літоўску долі: — Ачу уж дэбясіс! [5]

* * *

У дошку цвік ідзе, Ідзе ў сасну з палёгкай, Чужы жудзе, бядзе, Сагнецца — Не спалохай! І стаць сасне сцяной — Спіной вясёлай хаты, Ці вечнай той Адной, Дзе ўжо не страшны краты. Хто Зноў Па чарадзе? — Чакаюць смех i ліха. Так гулка цвік ідзе — Ажно наўколлю ціха.

* * *

Адстаць ад шумнага парому, Застацца перад небам зімнім. Хіба што веснавому грому Шаптаць: «Яшчэ мы, браце, грымнем!» Хоць гром той, Як забыты верад, Прыглух даўно ў будзённым болі. І загрымець нагамі ўперад Прасцей, Чым выйсці з лесу ў поле. Не шкадаваць Пра ўдзел у стачцы, Што патрабуе ліцца вінам, Сам-насам З роздумам застацца Сабе самому напамінам. І тое, Што было высновай, І тая, Што была адзінай, Імглой развідніцца вясновай, Сплыве пад крыгалом Ільдзінай...

Возера ля небасхілу

Быццам цяпла стае, Сонца смяецца міла... Сталыя дні мае — Возера ля небасхілу. Шэпчуцца дзён чараты, Радасці гусі — ў вырай. Хочацца дабраты, Хочацца дружбы шчырай. Грэюць спагады кастры. Тлее адчаю прысак. Хваляй з чала сатры Прывід самотных рысак. Зорнай маёй журбе На недалёкай мілі Ценем адбіцца ў табе, Возера на небасхіле...

1

Звартноц — армянскі храм VII стагоддзя, разбураны заваёўнікамі у VIII стагоддзі.

(обратно)

2

Саланчак (туркмен.) — зыбка з лямца.

(обратно)

3

Аx часы (хакаск.) — белы стэп.

(обратно)

4

Лінда — маці героя эстонскага эпасу «Калевіпаэга», жонка Калева.

(обратно)

5

Дзякуй за хмары.

(обратно)

Оглавление

  • Рыгор Барадулін АБСЯГ
  • 1. ГАНЧАРНЫ КРУГ ПЛАНЕТЫ
  •   З гары
  •   * * *
  •   Светла
  •   Існасць
  •   * * *
  •   Арганаўты
  •   Сівая балада
  •   Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ
  •   * * *
  •   Прыцягненне Віцебскай зямлі
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Перад халадамі
  •   Партызанская маці
  •   * * *
  •   * * *
  •   Адказ анкеце
  •   Вёска
  •   * * *
  •   * * *
  •   Зноў дома...
  •   Зорка Перамогі
  •   Ветэраны
  •   * * *
  •   * * *
  •   Азімы дуб
  •   Напамін
  •   Балада з падпаленымі крыламі
  •   * * *
  •   * * *
  •   Пліты
  •   Партызанскі ўрок
  •   * * *
  •   Да пытання аб рамантыцы
  •   Пароль сумлення
  •   * * *
  •   1863 года
  •   У вянок Мацею Бурачку
  •   Цётцы
  •   * * *
  •   Журба вясла
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Пад восеньскім небам
  •   Таму, хто верасні дарыў..
  •   Юначых сноў сталіца
  •   Роднаму слову
  •   * * *
  •   * * *
  •   Паэты
  •   Парада ўласнай ласцы
  •   Зорка матчынай мовы
  •   Чалавек у космасе
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Крык крыг
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Папрасіліся ліўні ў верш
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Звартноц [1]
  •   Пчолы ў моры
  •   Пашана
  •   Збанацкі шлях
  •   Паклон ад зор
  •   Ля помніка Т. Р. Шаўчэнку ў Ашхабадзе
  •   З данінаю ўдзякі
  •   Даліна кампазітара
  •   Піяла
  •   * * *
  •   Дзень добры, Туркменія!
  •   Вечарэе...
  •   Зямлячка
  •   Юрта
  •   Тут быў Харэзм...
  •   Хаваюць галаву каня...
  •   Запрашэнне ў Беларусь
  •   Удача
  •   * * *
  •   Аўкштайтыя
  •   Зарасай
  •   * * *
  •   Мудрая восень
  •   Збіраецца навальніца
  •   * * *
  •   Енісейскія сустрэчы
  •   Плача Лінда
  •   Ля сосен Піцунды
  • 2. ІМГНЕННІ
  •   Пад вечнымі соснамі
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   У падводы
  •   * * *
  •   Альгімсттасу Балтакісу
  •   * * *
  •   Начныя астравы
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Чалавек
  •   * * *
  •   Чорна-белы адвячорак
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Дарога
  •   * * *
  •   Прысмалкі
  •   * * *
  •   Крапіва
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Кляновымі прысадамі
  •   * * *
  •   Паўдзён
  •   * * *
  •   Дзе расцвілі твае сляды
  •   * * *
  •   Сустрэча з Аленай у Наўгародскай Сафіі
  •   Дым сорак чацвёртага
  •   Зазімак у Юрмале
  •   * * *
  •   * * *
  •   Пытанне праз гады
  •   Дзяўчатам філфака
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Зімовы досвітак на ўзмор'і
  •   Першы прарок
  •   Урок англійскай мовы
  •   У зялёных затоках
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  • 3. ВЕТАХ СМУТКУ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Тры прысвячэнні маім вёснам
  •   Сябрам
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Табе
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Нагаданая ідылія
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   Возера ля небасхілу Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Абсяг», Рыгор Иванович Бородулин

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства