Рэканструкцыя нацыянальнай традыцыi немагчымая без усьведамленьня таго, якую ролю ў гісторыі Беларусі адыгрыла традыцыя супраціву. Таму выбар назвы для кніжнай сэрыі нашай фундацыі — архіў нацыянальнага супраціву — не выпадковы: ён пакліканы быць беспамылковым індыкатарам таго, для чаго яна задумвалася і была прызначана. А прызначэньне яе можна ў агульных рысах акрэсьліць наступным чынам: быць рэзэрвуарам нацыянальна арыентаванай веды перадусім для сьцьвярджэньня нацыянальна беларускіх вартасьцяў.
Рашэньне выдрукаваць кнігу вядомага дасьледніка беларускай эміграцыі зь Ню Ёрку Лявона Юрэвіча першай у нашай кніжнай сэрыі таксама, безумоўна, было не выпадковым. Пільная ўвага да мінуўшчыны ўвогуле зьяўляецца характэрнай адзнакай беларускай рэчаіснасьці канца XX ст. Асэнсаваньне нярэдка трагічных пэрыпэтый сталеньня нацыянальнага руху дапамагае нам у каламутным віры сёньняшніх дзён ня страціць тыя адвечныя арыентыры, якімі зьяўляюцца такія прагандаваныя нашымі папярэднікамі — беларускімі адраджэнцамі першай паловы стагодзьдзя — вартасьці, як незалежнасьць, бацькаўшчына, вернасьць роднай мове.
Вялікай перавагай дадзенага выданьня зьяўляецца тое, што яго ўкладальнік не імкнецца прыхарошваць рэальныя падзеі, дадаваць ім саладжавасьці і непраўдападобнасьці. Сапраўды, беларускія патрыёты падчас крывавага сутыкненьня дзьвюх таталітарных сыстэм у нашай частцы Эўропы апыналіся часам перад няпростым этыка-маральным выбарам — і кожны непрадуманы крок у гэткіх варунках мог аказацца апошнім… Сытуацыя знаходжаньня «паміж молатам і кавадлам» дыктавала сваю адзіна магчымую лінію паводзін, свае нікім ня пісаныя законы, адэкватна расчытаць якія якраз і належыцца нам — людзям, якія зьвязваюць сваю будучыню толькі зь Беларусяй.
Комментарии к книге «Жыцьцё пад агнём», Лявон Юрэвіч
Всего 0 комментариев