Сяргей Чыгрын ПАКЛІКАНЫЯ НА РОДНЫ ПАРОГ
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Пакліканыя на родны парог, Гісторыка-краязнаўчыя артыкулы. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005, 96 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Невынішчальная моц паклікання
Новую кніжку Сяргея Чыгрына пранізвае ідэя паклінання. Зазначу, гэтае слоўца сёння набыло філасофскую шматзначнасць, куды шырэйшую, чым, скажам, панятак “прызванне”. Пакліканне на родны айчынны парог неўтаймаваных, непатаптаных сілаў, якія жывяць Бацькаўшчыну, не даюць ёй скалечана ўпасці на калені, пайсці на распыл... Пакліканне — не проста падзвіжніцтва, а яшчэ, як у дадзеным выпадку, і абвостранае, глыбокае вычуванне свайго Беларускага шляху, які не гібее ў балоце пагвалчэнняў, асіміляцый, звыродных рэжымаў дзякуючы таму, што век векам нараджае і збірае апантаных змаганцаў, яднае магутныя светлыя розумы з усіх жыццяздольных крынічных пластоў зямлі айчыннай. Постаці адметныя, душы як бы розныя, а “шлях іх быў адзіны”, як мовіла Ларыса Геніюш. Ці —як з перасцярогай пра “звадлівую ману” (што падбівае збочыць) сказана ў вершы Франука Грышкевіча:
Не пайду!.. У мяне ёсць дарога, У мяне Беларусь ёсць адна!Сяргей Чыгрын, аўтар гэтай кніжкі, — вядомы пісьменнік і журналіст, каранёвы нараджэнец і гадаванец Слонімшчыны, вылучае вышэйпрыведзеныя радкі, нібы крэда ўсіх пакліканых, відаць, таму, што і сам ужо не першае дзесяцігоддзе шчыруе, чуючы покліч у Айчыны, пранікліва ўглядаецца ў пазнакі памяці, канкрэтныя абліччы, вяртае да жыцця многіх няслушна прызабытых буйназначных асоб, пераважна слонімцаў, ды і тых, хто стаўся так ці іначай на ўсе часы моцна павязаны са слонімскай зямлёй, павязаны служэннем, гістарычнай доляй, а праз кроўныя дачыненні — кожны стаўся знакавай асобай у гісторыі усёй Беларусі.
Сабраныя ў адну “вязанку” нарысы, артыкулы пра тых, каго нам, нашчадкам, заўсёды трэба мець навідавоку (а то і пры сэрцы!), у свяшчэннай незабыўнасці, яны, гэтыя каларытныя аповеды, пакідаюць моцнае ўражанне. Вось Кандрат Лейка са Збочна, родам з сярэдзіны ХIX стагоддзя, сучаснік Багушэвіча і Каліноўскага, адзін з пачынальнікаў роднай літаратуры, няўрымслівы асветнік, закінуты, урэшце, бядовым лёсам на братнюю Украіну, з упартай любасцю нясе ў навучэльню сляпым дзеткам святло і душэўную цеплыню. Апошнія старонкі яго ўзноўленага па крупінцы жыцця нельга чытаць без шчымлівасці...
А якія суперажыванні выклікае безразважнае разбурэнне радзіннага гнязда Стаброўскіх. “Генерал” краязнаўства мудра-дасведчаны Язэп ведаў жа сапраўдны кошт тых пластоў, з якіх сам здабываў фактычныя сведчанні самабытнай матэрыяльна-духовай высокай культуры мясцовага люду. Савецкая ўлада, панішчыўшы іх, пайшла далёка ў навязванні людству бяспамяцтва. Намнога далей, чым расейскі царызм.
Сяргей Чыгрын імкнецца як найшырэй адсланіць абсягі чыннай дзейнасці — гістарычнай, палітычнай, літаратурнай, філасофскай — такіх сапраўды пакліканых постацяў, як Гальяш Леўчык, Яўген Хлябцэвіч, Тодар Лебяда, Васіль Захарка, Янка Геніюш. Як недаравальна мала пра іх мы ведаем! Ян Пятроўскі, выгнаннік, адзін з шукальнікаў прытулку на Захадзе, здалёку з болем углядаўся ў родныя парогі і берагі, філасафічна прымяраў лёс Айчыны дый асабістыя жыццёвыя нягоды, перапады долі-нядолі да мудрага выслоўя старажытнага Платона: “Найгоршае на свеце зло — гэта тварыць несправядлівасць...”. Адсюль — няшчасці, зламаныя лёсы. Невымерныя мільённыя ахвяры.
Аўтар прапануе чытацкай увазе нялёгкія аповеды пра постаці супярэчлівыя і складаныя, неадназначныя ў абрысах, якіх нельга ўжо паказваць выключна ў чорных фарбах, як тое рабілася на працягу дзесяцігоддзяў. Мікола Шкялёнак, Станіслаў Грынкевіч, Франук Грышкевіч, Уладыслаў Казлоўшчык ... У непрыманні некаторых іх учынкаў, змушаных дзействаў шмат чаго яшчэ ўсё застаецца ад нашага няведання акалічнасцяў, сапраўдных памкненняў і мэтаў гэтых людзей, пакліканых агульнай крэўна-жыццёвай справай айчыннага Адраджэння.
У сваіх нарысах пра іх аўтар кнігі стараецца ўстрымвацца ад асабістых эмоцый, экспрэсіўных ацэнак. Галоўнае — факты, інфармацыя, якія наўмысна замоўчваліся. Спрацоўвала імперская тактыка. А тут патрэбнае якраз незасмечанае інфармацыйнае поле. Дайце непадтасаваныя, нехлуслівыя факты, а чытач сам разбярэцца. Разбярэцца, напрыклад, у логіцы выступаў удзельнікаў Другога Усебеларускага Кангрэсу, у іх сапраўднай пазіцыі, у іх выкрываннях і патрабаваннях. Галоўнае — што моўлена яшчэ ў прагрэсіўным заступніцтве Дабралюбавым — вызнаць волю беларусаў, не хлусліва-падробную, а сапраўдную. Таму спасылкі тут, у кніжцы Сяргея Чыгрына — на фактычныя крыніцы, на ліставанне, на занатаваныя ўспаміны — вельмі дарэчы.
Як дарэчы ў кніжцы і прыгадка тых 10 скрыняў, што, як сведчыць пагудка-паданне, былі ў надзейным месцы закапаныя (на зямлі Хлябцэвічаў, на Беласточчыне) з незвычайна каштоўнымі рукапісамі беларускіх пісьменнікаў... Але, на жаль, адшукаць тыя скрыні не ўдаецца. Добра, што да заўзятараў далучыўся яшчэ адзін праніклівы шукальнік (яго пошукавы плён ужо могуць засведчыць дзве выдадзеныя ў Беластоку кніжкі — “Вяртанне да сваіх” і “Беларусь і суседзі”) — наш Сяргей Чыгрын, які выдатна адчувае каштоўнасць многіх скарбаў, ведае месцы іх прыхавання. Ёсць у яго свая метода “раскопкі” пластоў беларускай мінуўшчыны. Сваё пакліканне. Свае нястомнасць і мужнасць.
Мікола АРОЧКА, доктар філалагічных навук
Вязень Нарыма
Ужо многа гадоў шукаю сляды таленавітага беларускага паэта, драматурга, празаіка і публіцыста Тодара Лебяды (Пятра Фёдаравіча Шырокава). Шмат звестак і твораў знойдзена, сёе-тое апублікавана. Тодар Лебяда ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара на працягу некалькі дзесяткаў гадоў было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.
Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў. А гэтыя ён напісаў у 1960 годзе і надрукаваў у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”:
Ёсць рэчка такая, Лучосай завецца, Над рэчкаю сад наш і дом; Там спелыя вішні Ружовым суквеццем Схіляюцца ўніз Над вадой...Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.
Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Мінскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах “Віцебскі рабочы”, “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”. У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкаю Басяй Цыпінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымушаюць Пятра Шырокава быць бліжэй да гэтай багатай мінчанкі-аднакурсніцы. Але, мабыць, гэта яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца. Пра гэта добра напісаў у сваім рамане “Раман Корзюк” (Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: “... Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на алідор... Пятрок Шыракоў з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:
— Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!
Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі...”.
У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння... Але ў гэты час бацькі Алесі, на жаль, побач ужо не было. Яго і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. Таму цягнік іх вёз аж у Новасібірскую вобласць. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём у гэтай вобласці, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку на іншыя работы.
За сувязь з “ворагам народа” Басю Цыпіну (а гэта быў апошні курс) выключылі з інстытута. Работу ў Мінску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.
У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтву ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Мінск для “перагляду справы”. З Мінска адпраўляюць у Чэрвень, дзе і застае хлопцаў вайна.
Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму вайскоўцам было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант той самы Масей Сяднёў занатаваў у сваёй паэме “Мая вайна” (зборнік “Патушаныя зоры”, Нью-Йорк – Мюнхен, 1975 г., с.203-205):
... Я падаў і плакаў... — Ты што? — пачуўся мне голас ласкавы і нехта падаў паліто: — Накрыйся й ляжы! Апрытомнеў І вочы падняў я — на крок У ранішніх сонца промнях Стаяў ад мяне Пятрок. Той самы Пятрок, зь якім мы вучыліся тры гады. А потым экзамен ў Нарыме трымалі за курс бяды. Прасоўваліся па балотах армейцы ваўчынай ганьнёй. І лёталі самалёты чужыя над нашай зямлёй. Быў горад далёка за намі, Ад сажы і дыму густы. Ішлі з Петраком мы жытамі, ня ведаючы куды. І ўспомнілі мы, што болей канвою над намі няма, што сапраўды на волю нас выпусьціла турма. І хоць мы турму гнаілі, ды посьля пяцёх гадоў здавалася нам, наіўным, мы сталі студэнтамі зноў. Шумлівыя, сьветлыя залі, прыемны студэнтак напеў. Мы лепш, чым другія пазналі “Кароткі курс ВКП”. Прайшлі мы із словам “нацдэмы” па мёрзлай зямлі і вадзе. Ня ведалі нашыя, дзе мы і думалі: можа нідзе. Ісьці не маглі мы болей, супольна — рука ў руку: мяне у вадным чакалі, яго — у другім баку. Заплакалі мы на ростань, змораныя ад хады, і разьвіталіся проста, як нашы калісьці дзяды. У памяці дзень той выцьвіў, на музыку просіцца слоў... Мой сябра пайшоў на Віцебск, а я — на Магілёў...Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро — пісаў вершы, апавяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету “Беларускае слова”, што выходзіла тры разы ў месяц. У Віцебску была закончана і п’еса “Загубленае жыццё”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п’есы і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу “Жыве Беларусь” і зноў ажыццявіць пастаноўку “Загубленага жыцця”. Вяртаўся да яе В.Селях-Качанскі і жывучы ў г.Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п’еса “Загубленае жыццё” выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была поўнасцю апублікавана ў часопісе “Тэатральная Беларусь”. Гэтая драма — першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.
У акупіраваным немцамі Віцебску Пятро Шырокаў рэгіструе шлюб з артысткаю Верай Жгут. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі акцёрамі і пісьменнікамі, часта наведвае Мінск. А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды “Песьні выгнаньня”. Ва ўступе да яго напісана: “Беларускі народ многа перацярпеў гора і зьдзеку. Найбольш, аднак, прыйшлося цярпець за часоў бальшавіцкага панаваньня. Бальшавікі, накідаючы сваю волю беларускаму народу, жорстка прасьледавалі ўсіх тых беларусаў — сялян, работнікаў, інтылігентаў, якія хацелі наладжваць жыцьцё ў Беларусі так, як хацеў беларускі народ. Бальшавікі саджалі беларускіх патрыётаў у вастрогі, канцэнтрацыйныя лагеры, высылалі ў далёкія азіяцкія краіны, адкуль бальшыня з іх ніколі ўжо ня вернецца, бо яны не змаглі перажыць бальшавіцкіх зьдзекаў і тых жудасных абставінаў, у якія іх укінулі бальшавікі, і злажылі сваё жыцьцё, як ахвяру, на аўтар Бацькаўшчыны. Ёсьць, аднак, і такія людзі, якім удалося перажыць бальшавіцкія зьдзекі, вырвацца з бальшавіцкіх кіпцюроў і зьявіцца ізноў на беларускую ніву да працы дзеля дабра беларускага народу. Да гэткіх шчасьліўчыкаў належыць між іншых малады беларускі паэт Тодар Лебяда. Яму ўдалося вырвацца з бальшавіцкіх рук, захаваць жыцьцё і цяпер ён плённа працуе на беларускай культурнай ніве...Зборнік гэты мае вялікія мастацкія вартасьці і ёсьць дакумэнтам тых усіх жудасьцяў, якія мусілі перажыць беларусы ад бальшавікоў і да паўтарэньня якіх беларускі народ ніколі ня можа дапусьціцца”:
Пад вакном за выцвілай, за брамай Расцвітаў ізноў прыгожы май. Трэці год, як сына ўжо забралі, Трэці год, як роднага няма. Як забралі — весці не пачула... І на твары роспач і адчай. Трэці год, як бедная матуля Перастала спаці па начах. Поўнач. Стукнуў хтосьці. Хто там? Гэта сон ... Але ж пасля сама Выбягае хутка за вароты, — Прыглядаецца... глядзіць вакол... няма. Той жа ночы дзесьці на чужыне Родны сын яе навек спачыў. І дарма матуля варажыла Пад акном сядзела уначы.У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён, разам з жонкаю Верай Жгут, уладкоўваецца на працу да адного баўэра. Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. Гэтае пісьмо пры жыцці Сяднёў прыслаў мне і яно захоўваецца ў маім хатнім архіве: “Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам — С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г.далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам – сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы – вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтак сама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, чым яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы – беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым-бы мы не казалі.
Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты – не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае – гэта каб ты не забываўся пра нас і пісаў-бы нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар “Раніцы” ад сп.Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны.
Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак.
Яшчэ раз просім цябе – пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.
Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л.Случчаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П.Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у “Раніцу” аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву – 8 год і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту “Раніца” – Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда”.
Цяжка сказаць ці была гэтая аб’яўка ў “Раніцы”, а вось невялікая рэцэнзія М.Сяднёва на зборнік “Песьні выгнаньня” была ў свой час надрукавана ў “Новай (беластоцкай) дарозе”.
Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі толькі чуткі, што ён з’агітаваны савецкім афіцэрам вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У маі 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Мінскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, але на гэты раз на 25 гадоў:
Алеся любая, Дачушка дарагая, Што так боязна Глядзіш ты на мяне? Сягоньня я Надоўга ад’яжджаю, А там, -- магчыма, стрэнемся... Мо’ не... Я ручкі кволыя Бяру сваёй рукою... Сягоньня я... Ты плачаш? Перастань!.. Пайду па вуліцы Пад моцным пад канвоем Твой бацька, Любы твой, А сёньня – арыштант... Я еду ў край Такі, што ты й ня сьніла, Дзе многа, многа Страшных мерцьвякоў, Дзе кожны дзень Капаюцца магілы Дзеля замучаных, Зьняволеных бацькоў...У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі адно, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае на Беларусь у горад Слонім. Адразу ўладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, а таксама пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў на фабрыцы стварыць драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — “Людзі ва Хрысце” — была надрукавана ў райгазеце “Вольная праца”.
Тодар Лебяда быў добры і апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.
Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” Георгій Валкавыцкі захаваў і перадаў неяк мне пісьмо Пятра Шырокава ў “Ніву”, дзе ён, у прыватнасці, пісаў: “Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуту Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. А быў бы я Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г.Слонім, пас.Альбярцін, вул. 17 верасня, д.3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай — Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.”.
Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...
1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другі псеўданімам — Клім Каліна.
У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.
Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсіраванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што ў Чэрвенскім раёне на Міншчыне жыве яго дачка Ала (Алеся) Пятроўна Козел. Некалькі гадоў з ёю перапісваюся. Яна даслала незабыўныя ўспаміны пра трагічны лёс бацькі. У адным з лістоў Ала Пятроўна напісала: “Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні “Ці ўсе лугі пакошаны”, “Ой, у полі вярба”, “Ой, пайду я лугам, лугам” і многія іншыя народныя песні.Быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі...”.
2000 г.
Кандрат Лейка на Украіне
Жыццё дзейнасць беларускага празаіка, паэта, драматурга і педагога Кандрата Лейкі, які жыў у канцы ХIX — пачатку XX стагоддзяў яшчэ зусім мала даследаваны. Асабліва яго ўкраінскі перыяд жыцця з 1884-га да 1921 гадоў. Таму сёння хочацца расказаць пра гэты ўкраінскі час нашага суайчынніка, тым больш што нядаўна на Харкаўшчыне ўдалося знайсці пра яго шмат новых звестак.
Кандрат Лейка нарадзіўся ў 1860 годзе ў вёсцы Збочна на Слонімшчыне. Спачатку вучыўся ў Азярніцкім народным вучылішчы, а пасля скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю.
Пяць гадоў малады настаўнік адпрацаваў настаўнікам у Косаве. А ў вольны ад педагогікі час пісаў па-беларуску вершы для дзяцей. Да сённяшняга часу захаваліся яго паэтычныя творы “Сарока”, “Песня ластаўкі”, “Бусел” і іншыя, датаваныя 1883 годам.
Яшчэ ў маленстве Кандрат Лейка застудзіў ногі, якія ў яго пастаянна балелі. Аднойчы доктар параіў памяняць месца жыхарства і пераехаць туды, дзе клімат больш сухі і цёплы. І ў 1884 годзе наш зямляк пакідае Беларусь і пераязджае жыць на Украіну ў Харкаўскую губерню. Тут ён спачатку працуе настаўнікам у Лініўскім пачатковым народным вучылішчы, а пасля праз год яго пераводзяць у Аснавянскае народнае вучылішча.
У 1887 годзе ў двухпавярховым доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны па ўзоры дрэздэнскай школы для сляпых дзяцей, на грошы, сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага універсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны беларус Кандрат Фёдаравіч Лейка.
З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучай іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.
Шмат увагі наш зямляк удзяляў фізічнаму выхаванню сваіх гадаванцаў, бо лічыў, што з дапамогаю гімнастычных практыкаванняў можна пазбавіцца дэфектаў каардынацыі цела дзіцяці. На кожным пасяджэнні папячыцельскага савета Кандрат Лейка паўтараў адно і тое: “Гаспада! Прашу вас асігнаваць дадатковыя сродкі на спартыўныя снарады для вучылішча”. А яму адказвалі: “Еще чего придумали! У нас приют для слепцов или обезьяний цирк”. Але сродкі Лейка знаходзіў. І на пляцоўцы каля вучылішча з’явіліся турнікі.
Становішча навучальнай установы пагоршылася тады, калі старшыня папячыцельскага савета прафесар К.А.Андрэеў быў пераведзены на службу з Харкава ў Маскву. З ад’ездам прафесара на вучылішча пачалі менш выдаткоўваць сродкаў. Тады Кандрат Лейка вырашыў прыдбаць свой агарод. Выхаванцы самі саджалі градкі, а восенню збіралі ураджай бульбы, морквы, капусты, буракоў, цыбулі, якіх хапала на ўсю зіму.
У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў, і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва універсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.
Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.
У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Сярод педагагічных матэрыялаў на сённяшні дзень удалося адшукаць яго артыкулы “Экскурсия воспитанников и воспитанниц Харьковского училища слепых в Киев”, “Подвижник народной школы”, “Основа”, Письмо в редакцию”, “О правовом положении слепых в России”. Дарэчы, апошняя праца нашага земляка выдавалася асобнаю кнігаю ў бібліятэчцы часопіса “Слепец” у Пецярбургу ў 1906 годзе. Нядаўна яе ўдалося мне адшукаць і набыць на Украіне.
У Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы. Верш пра сабаку Рабко паэт напісаў у 1886 годзе:
Рабко верна у нас служыць, І жыве сабе, не тужыць: Удзень грэецца на сонцы, Ноччу дрыхне на саломцы. Пільнуе ён гумно, садок, З двара не ступіць ні на крок. Але тады толькі брахне, Як хто ў бок нагой штурхне.Ішоў студзень 1905 года, і ў вучылішча для сляпых дзяцей уварваўся вецер рэвалюцыі ў Расіі. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі падзеі ў сваім горадзе, цікавіліся навінамі і нелегальнай літаратурай. Кандрат Фёдаравіч патураў ім. Аб гэтым даведаліся мясцовыя ўлады і звольнілі яго з пасады за “опасное вольнодумство в вопросах воспитания слепых детей”. На яго месца прыйшоў нехта Захараў — чалавек далёкі ад педагогікі і выхавання. Пры ім усе новаўвядзенні , якімі ганарыўся Лейка, хутка зніклі, а вучылішча ператварылася ў “богоугодный приют”. Аднойчы нават каля кабінета новага начальніка адбыўся пратэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрабавалі, каб у вучылішчы было ўсё, як пры Кандрату Фёдаравічу Лейку, найперш — прагулкі па горадзе, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі. Цяжка сёння адказаць: ці дабіліся былыя гадаванцы нашага земляка сваіх патрабаванняў, але Кандрат Лейка ў вучылішча больш не вярнуўся.
Гэтая навучальная ўстанова для сляпых дзяцей існуе ў Харкаве і сёння. Але называецца яна інакш. Цяпер гэта абласная спецыяльная гімназія-інтэрнат для сляпых дзяцей імя У.Г.Караленкі. У архіве вучылішча ўдалося нядаўна адшукаць кароткую характарыстыку Кандрата Лейкі на ўкраінскай мове: “Лейко Кіндрат Фёдорович керував училищем з 1892 по 1907 р. Прекрасний педагог, організатор. Разробив методику навчання для сліпих. Програми навчальних предметив наблизив до програм гімназіі, в ремісних класах ввів нові спеціальності: в’язання, виготовлення щіток, настроювання роялей. Було організовано хор, музичні гуртки. Велика увага приділялась розвитку у сліпих почуття оріентаціі у малому і великому просторі. Лейко К.Ф. висунув програму покращення становища сліпых у краіні, пропонуючи визнати за сліпими громадянські права, а саме: одержання безкоштовноі освіти, працевлаштування та гарантія пенсіі. Про своі вимоги Лейко К.Ф. писав до інстанцій, виступав зі статтями в журналі “Сліпець”. По суті Лейко К.Ф. — один із перших творців тифлопедагогіки”.
Пасля Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей Кандрат Лейка пэўны час працуе выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій.
У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. Гэта быў самы плённы і шчаслівы час для Кандрата Лейкі. Праўда, калі не лічыць смерць ягонай маладой жонкі. Яна памерла падчас родаў у 1916 годзе. Дактарам удалося толькі выратаваць сына Віталя, якога на выхаванне забрала на Палтаўшчыну Анастасія Васільеўна Пеліпенка — родная сястра жонкі Кандрата Лейкі.
У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў “Нашай ніве” — апавяданне “Успамін” і верш “Зязюлька”. На старонках “Нашай нівы” з’яўляюцца яго апавяданні “Кульгавы дзядзька Раман”, “Таклюся-сухотніца”, “Лес шуміць”, Панас Крэнт”, “Абмылка”, “Пан Трудоўскі”, верш “Навальніца” і іншыя творы. Друкуецца таксама ў “Беларускім календары на 1916 год”, у “Гомане”, “Беларускай думцы”, пазней — у “Нашай думцы”.
У сваіх апавяданнях і вершах Кандрат Лейка апісваў унутраны свет сваіх герояў, расказваў пра сацыяльныя канфлікты рэчаіснасці. Творы яго па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, а таксама разнастайныя па жанры і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаны з гумарам, з баечнай мараллю, з элементамі выкарыстання фальклору:
Бусел, бесел, галяндач, Пайшоў жыта аглядаць. Яшчэ жыта зеляно, Буслу ногу адняло. Скача бусел на кію, Кляне долечку сваю.У 1912 годзе ў Вільні асобнаю кнігаю выходзіць з друку п’еса К.Лейкі для дзяцей “Снатворны мак”, якую ён прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павету. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.
У 1917 годзе хвароба ног, на якую захварэў у юнацтве, дала пра сябе знаць. А праз год Кандрата Лейку спаралізавала. У чэрвені 1918 года пляменнікі перавезлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана.
Пісьменнік моцна перажываў, найперш тое, што быў прыкаваны да ложка і не мог бачыцца са сваім маленькім сынам Віталем, якога часта наведваў на Палтаўшчыне. Ды і матэрыяльнае становішча стала жахлівым. Валынь перайшла пад Польшчу, і пенсію, якую Кандрат Лейка атрымліваў праз Ровенскае казначэйства, палякі адмянілі. Таму апошнія тры гады ў Здалбунаве жыў ён за кошт дапамогі сяброў з Беларусі і Беларускага камітэта ў Варшаве. Землякі клікалі Кандрата дамоў у Гародню альбо на Слонімшчыну, але сіл вяртацца ўжо не было. “Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі — о, якая б гэта была для мяне радасьць, шчасьце, але я не змагу гэтага выканаць, бо жыцьцё мяне зусім задавіла, а аб Маці-Айчыне магу цяпер толькі ў салодкіх марах успамінаць…”, — пісаў Кандрат Лейка ў адным са сваіх пісем Лявону Дубяйкоўскаму (“Наша ніва”, 1999г., № 6).
Перад самай смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй, што таварыства выдасць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам “Засеўкі”. Пра кніжку ён марыў і ў 1914 годзе, калі атрымаў ліст ад Янкі Купалы, які паведамляў, што Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні хоча выдаць асобнаю кнігаю ягоныя творы. Але вершы і апавяданні Кандрата Лейкі асобным зборнікам свет так і не пабачылі, а многія з іх проста згубіліся. Ды і сам пісьменнік памёр у верасні 1921 года ў Здалбунаве на Украіне, дзе і быў пахаваны.
Магіла нашага земляка знаходзіцца на адных са старых могілак Здалбунава. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто з беларускіх літаратараў там ніколі так і не пабываў. Магіла забытага пісьменніка
ўжо зраўнялася з зямлёю і зарасла травою і кустамі. Толькі дзякуючы жалезнаму крыжу з шыльдачкаю ўдалося яе знайсці.
На крыжы на ўкраінскай мове напісаны словы:
Нудьга його задавила
На чужому полю.
В чужу землю положила —
Така його доля.
К. Лейко.Світла памяць про Вас
Завжди буде жити
В серцях наших.
РодичиУвесь час Кандрат Лейка хацеў вярнуцца на сваю Радзіму, памерці на роднай зямлі. Але гэта яго мара так і не збылася. А ён быў, кажучы словамі Алега Лойкі, “першы беларускі дзіцячы паэт, заснавальнік рэпертуару беларускага нацыянальнага тэатра для дзяцей, арыгінальны паэт і празаік, які сваёй шматжанравай творчасцю пачынаў і значна ўзбагаціў новую беларускую літаратуру другой паловы XIX — пачатку XX ст.” (Алег Лойка. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. 2 частка. Мн., 1989, с.409).
2004 г.
Любіў Беларусь і антычную філасофію
Вядомы беларускі эміграцыйны празаік, перакладчык, мемуарыст і выдавец Ян Пятроўскі да свайго 100-годдзя не дажыў тры гады. Гэты юбілей літаратурная Беларусь адзначыла ў студзені 2005 года. У метрычнай кнізе Слуцкага сабора за 1905 год, копію якой усё жыццё захоўваў у асабістым архіве Ян Пятроўскі, у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу, ёсць наступны запіс: “Студзеня 7 дня 1905 года ў мешчаніна места Слуцка Дзям’яна — сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны — дачкі Андрэя, абодвух праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся і 7 студзеня 1905 года ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі мяшчане места Слуцка: Ян — сын Сымон а Гурскі і панна Галена — дачка Мікалая Андрусевіча”.
Бацька рана памёр, таму гаспадыняй у доме была маці, дапамагаў ёй старэйшы брат Апанас. Акрамя яго ў сям’і Пятроўскіх было яшчэ сямёра дзяцей.
Вучобу Ян Пятроўскі пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым — у прыходскай школе.У 1919 годзе сям'я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскай арміі. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа — гэта школа роднай мовы. У сваёй невялікай аўтабіяграфічнай кніжачцы “На васьмідзесятыя ўгодкі” (Гэйнсвіл, ЗША, 1985 г.) Ян Пятроўскі напісаў: “Школа беларускае мовы — гэта школа адносна даўгалетняга майго жыцця. Першым і найлепшым маім прафесарам гэтае мовы была мая добрая маці гаспадыня Юстына Пятроўская. Пасля яе ішлі прафесары Р.Астроўскі са сваім правапісам беларускае мовы і Б.Тарашкевіч з беларускаю граматыкай…”.У 1931годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну. Тут ён за чатыры гады яшчэ бліжэй далучыўся сэрцам і душою да свайго народа, кожны дзень чуў родную мову і беларускія песні. Перыяд жыцця Яна Пятроўскага ў Дзярэчыне добра апісаў у сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” (Мн., 1999,с.121-123) Міхась Скобла: “У 1932 годзе ў Дзярэчын на службу прыехаў дваццацідзевяцігадовы мэтадыст эвангэлічнай царквы Ян Пятроўскі. Наняўшы кватэру ў местачкоўца Гурыноўскага, ён энэргічна ўзяўся за працу. Такім чынам, Божае слова гучала ў Дзярэчыне з вуснаў ксяндза Пачабыта, праваслаўнага святара і прапаведніка-эвангэліста…
Ян Пятроўскі ў Дзярэчыне прапаведаваў ня толькі Хрыстовавае вучэньне. Ён шукаў падпішчыкаў на беларускія пэрыёдыкі, стварыў у мястэчку суполку Таварыства Беларускае Школы…
Прапаведніку ад Бога, энцыклапэдысту паводле абсягу ведаў, паліглёгу Яну Пятроўскаму бракавала ў мястэчку суразмоўцы, зь якім можна было б пагутарыць на разнастайныя тэмы. Часам ён выбіраўся ў Слонім да Гальяша Леўчыка. Яны плавалі ў чоўне па Шчары, аглядалі гістарычныя камяніцы старога горада, вялі бясконцыя размовы пра беларушчыну…”.
Сапраўды, Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму у ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства. Мы перапісваліся. А ў 1992 годзе Ян Пятроўскі запрасіў мяне да сябе ў госці ў горад Гэйнсвіл штат Фларыда. Тады амерыканская амбасада была яшчэ ў Маскве. І калі я паехаў у белакаменную па візу, супрацоўніца амерыканскага пасольства сказала, што я — патанцыйны эмігрант і візы не адкрыла. Не дапамагло нават тое, што Пятроўскі мне купіў білеты туды і назад, і я іх ужо трымаў у руках.
Ян Пятроўскі ніяк не мог зразумець, чаму амерыканцы не пусцілі мяне ў ЗША. Тады ён пазваніў, а пасля неяк напісаў, каб я ў Слоніме наглядзеў добры дом, які можна было б купіць. Ён хацеў у горадзе над Шчарай адкрыць сваю бібліятэку і архіў, перадаўшы з Амерыкі ўвесь свой літаратурны скарб, а таксама трымаць і фінансаваць невялічкі штат супрацоўнікаў. І каб гэтай бібліятэкаю бясплатна карысталіся ўсе беларусы. Мне такі будынак удалося знайсці, але ажыццявіць планы спадара Пятроўскага не ўдалося. Па-першае, здароўе нашага суайчынніка з кожным днём пагаршалася, тым больш, што ён вельмі перажываў за раптоўную смерць і страту свайго 50-гадовага сына, а таксама любай жонкі Аліцыі. Па-другое, нехта з беларускага пасольства ў ЗША пачаў часта неведваць Пятроўскага і кантраляваць нашу перапіску, таму што многія лісты адзін да аднаго мы ўжо не атрымлівалі.
Цяпер вернемся да Гальяша Леўчыка з якім шчыра сябраваў Ян Пятроўскі. Ян Дзям’янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. Усе пісьмы Яна Пятроўскага захоўваюцца ў маім хатнім архіве. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша: “ У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:
Як падрос я крышку, Ў школу стаў хадзіць, І настаўнік ў школе часта мне казаў: У цябе, Язэпка, разумна галава, Толькі ў Язэпкі розуму няма…”.Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных “Мэмуараў” (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 г.г.). Ёсць там і каштоўныя ўспаміны пра “Дзярэчын — малы Версаль”. Наогул, “Мэмуары” Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.
Да пачатку другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб’яднання метадысцкай царквы.
Калі пачалася вайна Ян Пятроўскі з сям’ёй жыў у Вільні, а пасля ў Берліне, дзе на беларускай мове выдаў “Новы запавет”, а таксама нямецка-беларускі слоўнік. У 1946 годзе ў Аўстрыі выйшлі з друку дзве часткі яго англійска-беларускага і беларуска-англійскага слоўнікаў. А ў 1993 годзе гэтыя слоўнікі пабачылі свет у Мінску ў незалежнай выдавецкай кампаніі “Тэхналогія”. У той жа Аўстрыі спадар Пятроўскі выдае яшчэ дзве паштоўкі. Адна з іх прысвечана Францыску Скарыну, а другая — Дню 25-га Сакавіка.
У 1953 годзе Пятроўскія эмігрыруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларустыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі “Абарона Сакратаса”, “Крытон”, “Файтон”, “Сімпазіён”, “Іён”, “Горгіяс”, “Протагорас”, “Гіппіяс вялікшы”, “Парменідас” і “Політэя”. Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.
У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага “Старажытная грэцкая клясыка”. А праз два гады праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта “Унутраная форма мовы”, якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.
Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы — двухтомны “Грэцка-беларускі слоўнік” Я.Пятроўскага.
Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік “Лепшых думак чалавека”, а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.
А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс “Светач Хрыстовае навукі”, выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь “Анаграмы”, дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.
Вось такім быў і застаўся ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры беларус Ян Пятроўскі. Ён добра ведаў старажытную грэчаскую, польскую, англійскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую, лацінскую і вядома ж сваю родную беларускую мовы. Філосаф Платон у дыялогу “Горгіяс” казаў: “Найгоршае на свеце зло — гэта тварыць несправядлівасць, бо толькі несправядлівыя з’яўляюцца няшчаснымі”. А Ян Пятроўскі ад сябе дадае: “ Я ніколі ў жыцці нікога не крыўдзіў, ды і не меў мэты каго-небудзь пакрыўдзіць”. Ян Пятроўскі ўсё жыццё пісаў і выдаваў па-беларуску кнігі, ён моцна любіў антычную філасофію і сваю Бацькаўшчыну.
2005 г.
Халімон з-пад пушчы
У верасні 1915 года родны брат вядомага беларускага літаратуразнаўцы, педагога, бібліёграфа і бібліятэказнаўцы Яўгена Хлябцэвіча Уладзімір пісаў яму: “Усе сёла гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапывалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я знаю дзе...” (Часопіс “Вialoruskie Zeczyty Historyczne”, 1995 г., № 2(4), с.135). Гэтыя скрыні ў вёсцы Кленікі на Беласточчыне шмат гадоў шукала настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Марыя Базылюк (Марыйка — як яе ласкава называлі вяскоўцы і беларускія літаратары ў Польшчы). У гэтых скрынях захоўваецца невядомы літаратурны скарб Хлябцэвічаў. І Марыя Базылюк яго шукала, а таксама сама даследавала творчасць Яўгена Хлябцэвіча. Яна нават напісала магістарскую працу на тэму “Публіцыстыка і літаратурная крытыка Яўгена Хлябцэвіча”, якая да сённяшніх дзён чакае асобнага выдання. Але так склаўся лёс, што гэтыя скрыні Марыі Базылюк знайсці не ўдалося. Яе зламала хвароба ў 1996 годзе ва ўзросце 38 гадоў.
Цікава, якія рукапісы Яўгена Хлябцэвіча ляжаць у тых скрынях? Пісьмы якіх пісьменнікаў захоўвае гэты скарб на Беласточчыне? Можа там лісты ад Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Горкага? Ён шчыра з імі сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. Цяпер цяжка сказаць, хто той скарб адшукае. І ці адшукаецца ён наогул. Усё ж прайшло з таго часу амаль 90 гадоў.
Да сённяшніх дзён пад адну вокладку так і не сабрана, і не выдадзена спадчына Яўгена Хлябцэвіча. А напісана ім было вельмі шмат. У Коўне ў 1912 годзе выйшла з друку яго першая кніга “Бібліятэка і кааперацыя”, дзе аўтар разгледзеў пытанні тэорыі і арганізацыі бібліятэчнай справы. У Пецярбургу свет пабачылі ягоныя працы “Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры” (1914 г.), “Народніцкая паэзія беларусаў” (1917 г.), у якіх малады крытык са Слонімшчыны прааналізаваў вытокі і характар беларускага мастацкага слова, даў высокую ацэнку творчым пошукам Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. А ў маскоўскіх выдавецтвах з’явіліся яго кнігі “Масавы чытач і антырэлігійная прапаганда” (1928 г.), “Масавы чытач і праца з кнігаю” (1936 г.).
Яшчэ ў Пецярбургу Яўген Хлябцэвіч пасябраваў з Янкам Купалам. Песняр часта наведваў не толькі беларускія вечарынкі, але бываў і на розных рэпетыцыях. Ён удзельнічаў у рабоце беларускага студэнцкага навуковага гуртка, слухаў даклады пра Беларусь, часам чытаў свае вершы. Аднойчы Янка Купала перадаў Яўгену Хлябцэвічу верш “Прарок”, прысвечаны гэтаму студэнцкаму гуртку.
Вельмі часта наш зямляк і Янка Купала гулялі па ўзбярэжжы Нявы, бывалі адзін у аднаго ў гасцях. Іх апошняя сустрэча адбылася ў 1930 годзе ў Маскве ў Камуністычнай акадэміі, калі адзначаўся юбілей Купалы. Пасля трагічнай смерці народнага Песняра, Яўген Хлябцэвіч быў адзін з першых, хто прыйшоў на дапамогу Уладзіславе Францаўне Луцэвіч у справе стварэння Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Ды і пры жыцці Купалы, Яўген Хлябцэвіч рашуча выступаў у абарону песняра ад шматлікіх несправядлівых абвінавачванняў беларускай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі 30-х гадоў.
Пасля вайны ў беларускім друку з’явіліся ўспаміны Яўгена Хлябцэвіча пра беларускага песняра. Найперш гэта артыкулы “Янка Купала ў Пецярбургу” (Часопіс “Беларусь”, 1945 г., № 2), “Янка Купала на пецярбургскіх агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева” (Часопіс “Беларусь”, 1946 г., № 8), “Янка Купала і Пецярбургскі ўніверсітэт” (Часопіс “Беларусь”, 1947 г., № 9), “Пісьмо Янкі Купалы ў газету “Новая Русь” і ўдзел у ёй Л.М.Талстога” (Часопіс “Полымя”, 1953 г., № 9) і іншыя.
У шчырых адносінах Яўген Хлябцэвіч быў і з Якубам Коласам. Пазнаёміўся ён з ім завочна тады, калі працаваў выкладчыкам бібліятэчнага тэхнікума ў Кіраве. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Яўген Хлябцэвіч выступаў з лекцыямі ў шпіталях сярод параненых. Воіны-беларусы прасілі пачытаць вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове. Па дапамогу наш зямляк звярнуўся да Якуба Коласа. Народны паэт хутка адклікнуўся на просьбу Яўгена Хлябцэвіча. Яны сталі перапісвацца, і такое сяброўства працягвалася дзесяць гадоў.
Перапісваўся Яўген Хлябцэвіч і з Максімам Багдановічам. Як сцвярджае даследчык творчасці Яўгена Хлябцэвіча Віталь Скалабан, “чатыры лісты Багдановіча да Хлябцэвіча захоўваліся напярэдадні вайны ў Акадэміі навук БССР. Мусіць іх перадаў яшчэ ў 20-я гады ў Інбелкульт сам адрасат Яўген Хлябцэвіч. Ці пакінуў ён копіі Багдановічавых лістоў у асабістым архіве? Адказаць на гэта пытанне пакуль цяжка...” (ЛіМ, 24 жніўня 1984 г.). А можа копіі гэтых пісем, а таксама іншыя пісьмы Багдановіча да Хлябцэвіча, ляжаць на дне тых 10-ці скрыняў, што закапаныя на беластоцкай зямлі?..
Сам Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся 120 гадоў таму назад — 6 жніўня 1884 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў даволі адукаваным чалавекам. Спачатку выкладаў грэчаскую мову і латынь, потым арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але галоўным яго клопатам і заняткам была мясцовая бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных пераплётах. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог, упарадкаваў і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. А таксама пісаў, бо меў літаратурны талент. Выдаў некалькі брашур пра гісторыю Жыровіцкага манастыра, напісаў шэраг артыкулаў пра людзей, якія звязалі свой лёс з рэлігіяй. Наогул, Іван Хлябцэвіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даследаваў Жыровіцкія рукапісы.
У бібліятэцы вельмі часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы, а таксама вучыўся ў бацькі, як трэба ўмець чытаць кнігу, ведаць яе, даследаваць гісторыю свайго краю.
У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч стаў працаваць свяшчэннікам. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Падтрымліваў цесныя сувязі наш зямляк і з рэдакцыямі беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, дасылаў свае розныя допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. Найперш гэта былі інфармацыі на тэмы культуры і адукацыі. Вось што пісаў Халімон з-пад пушчы ў “Нашай ніве” 1 лютага 1908 года: “У вёсцы Кленікі Бельскага павета 12 студзеня быў тут сельскі сход аб бібліятэцы-чытальні імя Паўленкава. Сход шоў так, што стыд і сорам за яго ўсім мужыкам тутэйшым! І хто мог бы паверыць, што грамада сталых людзей паслухае аднаго п’янага мужыка? А гэта і зрабілася на сходзі, дзе слухалі аднаго п’янага мужыка, што даводзіў: “На што нам бібліятэка? Усе роўна кнігі не мае. Лепш куплю за 5 злотых псалтыр, дык будзе ў мяне назаўсягды!”. Бібліятэка-чытальня ледзьве толькі пачала шырыць вакруг свой ясны сьвет, сеяці зерне дабра, праўды і навукі. І вось ужо людзі пачынаюць таптаць гэтую вялікую работу. Выходзіць, што гутарка п’янюгі нашым мужыкам з Клебаноў і Загадзя даражэй за дзетак, каторыя бяруць з бібліятэкі кніжкі. Зразумейце, людцы, што бібліятэка будзе для вас карысна, калі яе будзеце падтрымліваць. Цяпер усяго 500 кніжак, а трэба да іх парабіць акладкі, каб не растрэсліся і не парваліся. Вось жа і сам нябожчык Паўленкаў пакінуў пасля смерці ўсё дабро і кніжкі свае, каб даваць помач народным бібліятэкам, але з тым варункам, каб і самы мужыкі давалі крыху грошай на ўтрыманне бібліятэк. Паўленкаў дае кніг больш як на 100 рублёў, калі дадуць на бібліятэку 50 рублёў самы мужыкі”.
У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў “Кніжны і бібліятэчны лісток” пецярбургскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу.
Будучы студэнтам Яўген Хлябцэвіч выступаў на Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе з дакладам “Развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі”. А калі закончыў універсітэт, працаваў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве.
У 1919 годзе наш зямляк атрымаў новую пасаду — ён стаў узначальваць бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўленне Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у Народны камісарыят асветы.
З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве і пражыў ён свае апошнія гады: яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Час прыспешвае выдаць асобнымі кнігамі працы Яўгена Хлябцэвіча па бібліятэказнаўству, а таксама пакінутыя ім успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, якіх ён ведаў і з якімі сябраваў. І яшчэ. Адна з бібліятэк на Слонімшчыне і Бельшчыне павінна насіць імя знакамітага слонімца.
2004 г.
Слова пра Міколу Шкялёнка – гісторыка і палітыка
На Трэцім з’ездзе беларусаў свету, які праходзіў у Мінску 4-7 ліпеня 2001 года, доктар філалагічных навук Аляксей Каўка пазнаёміў мяне з нашчадкам беларускага гісторыка і палітыка Міколы Шкялёнка Міхасём Шкялёнкам. Ніколі б сёння не падумаў, што сустрэну кагосьці са Шкялёнкаў, ды яшчэ даволі блізкага сваяка і аднавяскоўца такога таленавітага, але забытага на Беларусі чалавека. І тут надарылася прыемная нечаканасць.
Міхась Шкялёнак жыве ў Маскве, працуе генеральным дырэктарам індывідуальна-прыватнага прадпрыемства. Ён з’яўляецца актыўным удзельнікам кансалідацыйнага руху беларускай дыяспары ў сталіцы Расіі, у складзе аргкамітэта ўдзельнічаў у заснаванні Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны. Са слоў Міхася Міхайлавіча я даведаўся, што бываючы ў сваёй роднай вёсцы Пякоціна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, ён аднойчы запытаўся ў свайго дзядзькі Уладзіміра Лук’янавіча Шкялёнка, 1919 года нараджэння, пра Міколу Шкялёнка. Той і сказаў, што гэта “наш сваяк, быў вельмі адукаваным чалавекам, але ў гады вайны ён кудысьці знік і больш ніхто ніколі яго не бачыў”. На жаль, Уладзіміра Лук’янавіча ўжо няма ў жывых. Ды і хаты, дзе нарадзіўся гісторык і палітык Мікола Шкялёнак, не захавалася. На працягу апошніх 60-ці гадоў замоўчвалася і імя гэтага чалавека.
У савецкі час пра Міколу Шкялёнка ўспаміналася, як пра аднаго з актывістаў “белорусских буржуазных националистов – злейших врагов белорусского народа”(Л.Цанава. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Мн.,1951. С.642-836), ці сярод “заўзятых паклёпнікаў і прайдзісветаў, якія рэдагавалі і выдавалі ў Мінску розныя фашысцкія газеты і часопісы, былі перакладчыкамі і прапагандыстамі ў апараце Кубэ”(В.Раманоўскі. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мн., 1964. С.80.).
Сёння ў беларускай гістарыяграфіі імя Міколы Шкялёнка зусім не ўспамінаецца. Але ніхто і ніколі не зможа выкрасліць Міколу Шкялёнка з гісторыі нашай Бацькаўшчыны, якую ён адкрываў дзеля сваіх нашчадкаў, за волю якой змагаўся і аддаў сваё жыццё.
Беларускі юрыст, гісторык, публіцыст, культурны і палітычны дзеяч Мікола Шкялёнак нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Пякоціна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька яго Восіп і маці Аляксандра мелі каля трыццаці гектараў прыватнай зямлі, трымалі двое коней, сем кароў, авечак, свіней. Уласнымі сіламі ўсё гэта даглядзець яны не маглі, таму наймалі парабкаў.
У іх сям’і, акрамя Міколы, было яшчэ двое сыноў – Пётр (1902-1977) і Павел (1903-1928?). Але добрую адукацыю Восіп і Аляксандра Шкялёнкі змаглі даць толькі старэйшаму сыну Міколу.
У 1932 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта па спецыяльнасці адвакат. У час вучобы прымаў актыўны ўдзел у беларускім маладзёжным руху. Ён з’яўляўся сябрам Беларускага студэнцкага саюза(БСС), які існаваў пры Віленскім універсітэце. А 26 кастрычніка 1926 на агульным сходзе БСС яго выбіраюць старшынёю, а таксама прызначаюць рэдактарам “Студэнцкай думкі” – перыядычнага органа Беларускага студэнцкага руху.
На пачатку 1930-х гадоў Мікола Шкялёнак працуе адвакатам у Вільні, з’яўляецца сябрам Беларускага навуковага таварыства(БНТ). А 12 лютага 1939 года яго выбіраюць сакратаром таварыства. Гісторык актыўна выступае з рэфератамі, прысвечанымі мінуўшчыне Беларусі. Чытае лекцыі сярод актывістаў Беларускага студэнцкага “Таварыства прыяцеляў Беларусаведы”, з’яўляецца сябрам рэдкалегіі часопіса “Калосьсе”. Друкуе свае гістарычныя артыкулы ў “Запісах Беларускага Навуковага Таварыства”, у некаторых заходнебеларускіх часопісах. У гэты час з-пад пяра таленавітага гісторыка выходзяць яго выдатныя працы: “У трохсотыя ўгодкі смерці Вялікага канцлера Льва Сапегі”(1933), “Копныя суды”(1932), “Падзел гісторыі Беларусі на перыёды”(1938), “Культурнае рабства”(1939) і іншыя. Тагачасныя беларускія крытыкі даволі станоўча ацэньвалі яго гістарычныя артыкулы і выступленні. Так, напрыклад, Сяргей Паўловіч у другім нумары часопіса “Беларускі летапіс” за 1938 год пісаў: “Асаблівую ўвагу заслугоўвае артыкул гр.М.Шкялёнка: “Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды”. Дасюль у гісторыі Беларусі адзначалі такіе пэрыёды: полацкі, літоўска-беларускі, польскі і расейскі, ня лічучы апошняга 20-годзьдзя. Гр. Шкялёнак паддае крытыцы гэты падзел і, выходзячы з пагляду, што падставай для падзелу на пэрыёды павінны быць ня вонкавыя “пераломныя” моманты ў палітычнай сувязі ці прыналежнасьці да таго ці іншага гаспадарства, а глыбейшыя перамены ў суцэльнасці палітычнага, соцыяльнага і культурнага жыцьця народу, прапануе падзяліць гісторыю Беларусі на наступныя тры пэрыёды: 1). Пэрыёд асобных гаспадарстваў ад IX да паловы ХIII ст., 2). Пэрыёд суцэльнае гаспадарсьцьвеннасьці ад паловы ХIII да канца ХVII ст. і да апошняга часу. З гэтых, першыя два пэрыёды абыймаюць Беларусь незалежную, з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьць беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства.
Такая трактоўка пытаньня зьяўляецца новай і арыгінальнай у беларускай гістарычнай навуцы, і работа гр. Шкялёнка павінна легчы ў выснову далейшых студыяў нашых гісторыкаў...”.
Акрамя культурна-асветніцкай дзейнасці, Мікола Шкялёнак актыўна займаўся і палітыкай. Дзесьці ў 30-х гадах ён служыць у Польскім Войску. Праўда, пра гэта нідзе не згадваецца, акрамя што ва ўспамінах Юліяны Вітан-Дубейкаўскай: “У нашай хаце на Падгорнай (маецца на ўвазе ў Вільні — С.Ч.) знайшлі прыпынак і мая сям’я (братавая з дачкой і ўнучкай), і добрыя прыяцелі. Мілым госцем быў прафесар Вацлаў Іваноўскі, як і праўнік Мікола Шкялёнак, які вярнуўся з войска ў Вільню, але ня мог жыць у сваёй жонкі, бо там яго ўжо шукалі, гэтак ён хаваўся ў нас. Ягоная жонка, зь якой я была ў вялікай прыязьні, яго наведвала. Потым ён уцёк у Нямеччыну” (Ю. Вітан-Дубейкаўская. Мае ўспаміны. Вільня. 1994. С.19).
Але перш чым уцячы ў Германію, Мікола Шкялёнак у 1936 годзе далучаецца ў Вільні да ксяндза Вінцэся Гадлеўскага і становіцца адным з заснавальнікаў групы “Беларускі нацыянальны фронт”. Ён уваходзіць у штат рэдакцыі “Беларускі фронт” (з мая 1936 года газета выходзіла адзін раз у месяц, а з 1939 года — два разы ў месяц).
Сябры групы “Беларускі нацыянальны фронт” (БНФ) стаялі на аснове незалежнасці Беларусі, выступалі супраць антыбеларускай дзейнасці камуністаў, з’яўляліся ініцыятарамі стварэння шырокага незалежніцкага фронту. Але адчуваючы, што хутка бальшавікі забяруць Вільню, ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі прапануе сябрам незалежніцкай групы план адыходу ў Варшаву, каб там стварыць новы незалежніцкі цэнтр. І 15 чэрвеня 1940 года Вінцэсь Гадлеўскі і Мікола Шкялёнак нелегальна пераходзяць мяжу ў розных месцах. Праз пэўны час яны сустракаюца ў Варшаве. Праўда, некаторыя прадстаўнікі БНФ засталіся ў Заходняй Беларусі, каб ва ўмовах савецкай акупацыі арганізоўваць і пашыраць вызваленча-незалежны рух.
У Варшаве сябры групы “БНФ” адразу ўзяліся за працу, за арганізацыю новага цэнтра, каб ахапіць сваёй дзейнасцю некаторыя краіны Еўропы. Мікола Шкялёнак накіроўваецца ў Берлін. Прыехаўшы ў гэты горад, ён пачынае актыўную палітычную дзейнасць. Найперш працуе ў беларускай газеце “Раніца”, а з сакавіка 1942 года яго выбіраюць галоўным рэдактарам гэтай газеты. У “Раніцы” Мікола Шкялёнак друкуе свае гістарычныя артыкулы “Да метадалогіі гісторыі Беларусі”, “Тэрыторыя і дагістарычныя насельнікі Беларусі”, “Перыядызацыя гісторыі Беларусі”, “Беларусь — Літва — Крыўя” і іншыя. Ён арганізоўвае ў Берліне Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне, становіцца яго першым старшынёй.
У лютым 1943 года Мікола Шкялёнак прыязджае ў Мінск, дзе рэдагуе бюлетэнь “Беларуская карэспандэнцыя”. А пасля забойства галоўнага рэдактара “Беларускай газэты” Уладзіслава Казлоўскага, становіцца яе рэдактарам. Аб гэтым добра ўспамінае Наталля Арсеннева ў сваім “Аўтабіяграфічным нарысе”, які быў змешчаны ў кнізе “Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1999 г., с. 250-251): “Прыйшоўшы дахаты, я сказала аб гэтым (аб забойстве Уладзіслава Казлоўскага — С.Ч.) Шкялёнку (ён пэўны час тады жыў у сям’і Наталлі Арсенневай і Францішка Кушаля — С.Ч.), які таксама ў гэты дзень раней вярнуўся з працы, і папрасіла яго дапамагчы мне выдаць наступны нумар, тым болей, што шмат матэрыялаў я мела ў сябе, а пераклады можна было заўсёды зрабіць зь нямецкіх газэтаў, якія таксама былі ў хаце. Шкялёнак, вылаяўшыся па адрасам некаторых нашых мужчынаў з рэдакцыі, прызнаў мне рацыю, і, павячэраўшы, мы селі за працу. Працавалі мы да трэцяй гадзіны ночы, але газэту зрабілі.
Назаўтра ўвесь матар’ял быў перабіты на машынцы, і сын мой, які таксама працаваў у нашай рэдакцыі, завёз яго ў друкарню на Камароўку. У сераду газэта выйшла, як заўсёды. Трэці паверх нашае рэдакцыі быў замкнёны. Працавала толькі адміністрацыя і экспедыцыя ўнізе. Я й Шкялёнак перанесьліся ў Камісарыят, дзе было бясьпечна й можна было спакойна працаваць. І так неяк само склалася ад гэтага часу, што рэдактарам газэты стаўся Шкялёнак, а “падрэдактарам” — я”.
Але Мікола Шкялёнак больш за ўсё быў заняты не рэдагаваннем “Беларускай газэты”, а палітычнымі справамі. У створанай у Мінску Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), ён займеў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. “Як толькі была аформлена БЦР, — успамінае Яўхім Кіпель у сваёй кнізе “Эпізоды” (Нью-Ёрк, 1998), — прыкладна ў студзені 1944 году, я, памятаю, гутарыў са Шкялёнкам.
— Мікола, што ж будзем рабіць далей? Рада назначаная, але нашае становішча невыразнае, нешта трэба рыхтаваць далей.
На гэта Шкялёнак адказаў прыблізна так:
— Трэба склікаць Народны Сход, трэба выстаўляць прынцып незалежнасьці.
Праз пару тыдняў мы зноў сабраліся, гэтым разам да нас далучыліся Ю. Сабалеўскі ды Ф. Кушаль. Сабалеўскі сказаў, што і Астроўскі думае пра сход, а Кушаль проста гаварыў: мы павінны мець зусім незалежнае ад немцаў камандаваньне, бо яны стрымліваюць нашу працу. Прыблізна да канца студзеня 1944 году ідэя Другога Ўсебеларускага Кангрэсу (менавіта так мы вырашылі назваць сход), абнародаваньня БЦР у вузкім коле беларускіх актывістаў Менску была сфармуляваная. Праўда, Астроўскі мне і Шкялёнку неяк зазначыў: трэба быць асьцярожнымі, бо немцам на нас паступілі даносы, што мы ў змове. Ясна, гэта былі правакацыі, але ў тым часе немцы, церпячы паразы на фронце, былі вельмі насьцярожаныя і пастраляць змоўцаў ім нічога ня значыла. Дзеля гэтага мы пачалі весьці абмеркаванне нашых планаў толькі ў прыватных памяшканьнях”.
Другі Ўсебеларускі Кангрэс адбыўся ў Мінску 27 чэрвеня 1944 года. З асноўным дакладам, які называўся “Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу” выступіў Мікола Шкялёнак. Ён, у прыватнасці, сказаў, што “усе пастановы і трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі і ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцоў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб’ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Ўсебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб сапраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.
Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзіяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічоныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў і польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасці насільля. Мы адкідаем назаўсёды усе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу…” (Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сёньня. Мн., 1993. С. 327) Скасаванне савецкіх і польскіх трактатаў адносна Беларусі — такая была галоўная думка выступлення Міколы Шкялёнка на Кангрэсе.
Праз некалкі дзён пасля Кангрэса беларускі палітык пакідае Мінск і вяртаецца ў Берлін. Ён па-ранейшаму ўваходзіць у палітычнае кіраўніцтва БЦР, ажыццяўляе сувязі з прадстаўнікамі Беларускай Незалежніцкай Партыі, найперш з маладым Усеваладам Родзькам і яго сябрамі.
У Берліне Мікола Шкялёнак плануе перайсці на бок англа-амерыканскіх войск, але перадумаўшы, вясною 1945 года, ён з невялікаю групаю перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, каб адтуль пасля вярнуцца ў Беларусь. Але планам яго збыцца, на вялікі жаль, не ўдалося. Па ўказцы аднаго з правакатараў, Міколу Шкялёнка высачылі органы НКУС і арыштавалі. Пасля арышту яго прывезлі ў Мінск, дзе ў 1946 годзе прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання...
Гэта няпоўны жыццяпіс славутага беларускага гісторыка і палітыка Міколы Шкялёнка. Многія факты з яго біяграфіі і творы знаходзяцца яшчэ за “сямю пячацямі”. Тым не менш, сабраная па крупінцы першая згадка пра яго і вязанка лепшых гістарычных артыкулаў і выступленняў Міколы Шкялёнка ўпершыню пабачылі свет у Беластоку ў 1999 годзе. Кніга называецца “Беларусь і суседзі”. Яна і з’яўляецца сёння данінай светлай памяці гэтаму чалавеку.
1999 г.
Прэзідэнт з Дабрасельцаў
Да сённяшніх дзён у вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна пражывае шмат сем’яў з прозвішчам Захарка. І ўсе яны з’яўляюцца далёкімі і блізкімі сваякамі Васіля Захаркі — актыўнага палітычнага дзеяча ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі.
Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 года. Маладыя гады былі вельмі цяжкімі. Хлопец хацеў вучыцца, а грошай не хапала, бо бацькі-сяляне былі бедныя. Калі юнаку споўнілася шаснаццаць гадоў, памерлі маці і бацька. Васіль Захарка застаўся круглым сіратою, маючы пад сваёй апекаю сястру і двух братоў. Летам ён вёў гаспадарку, а зімою спрабаваў вучыцца.
У 1895 годзе хлопец з Дабрасельцаў вытрымаў экзамены на настаўніка царкоўнапрыходскай школы і нават атрымаў працу. Але тады ў гэтых школах настаўнікам плацілі вельмі мала, таму праз два гады Васіль звальняецца з працы і ўладкоўваецца пісарам.
У сярэдзіне кастрычніка 1898 года Васіля Захарку забіраюць на вайсковую службу. Чатыры гады ён вучыцца ў ваенна-юнкерскім вучылішчы, а пасля звальняецца як афіцэр запасу. А з выбухам руска-японскай вайны, яго зноў забіраюць на вайсковую службу.
За час службы вайсковец з Зэльвеншчыны набраўся добрага вопыту. У 1906 годзе ён быў справаводам брыгады, у 1914 годзе — памочнікам начальніка аправізацыі арміі Паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе — загадчыкам канцылярыі штабу 10-й арміі. А з красавіка 1917 года — намеснікам старшыні ваеннага суда штаба 10-й арміі.
У канцы кастрычніка 1917 года Васіль Захарка вяртаецца ў Менск і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, а пасля становіцца сакратаром Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады.
У снежні 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі Кангрэс, дзе спадар Захарка быў абраны сябрам Рады. Калі Кангрэс пачалі разганяць бальшавікі, ён трапляе ў палон. Уцёкшы з палону, Васіль Захарка пачынае разам са сваім сябрам Кастусём Езавітавым арганізоўваць збройнае паўстанне супраць бальшавікоў. 19 лютага 1918 года Менск быў ачышчаны і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў з падполля…
У першым урадзе БНР Васіль Захарка займаў становішча дзяржаўнага скарбніка, а пасля меў розныя пасады ў міністэрстве. У 1919 годзе прэзідэнтам Рады БНР быў абраны Пётр Крэчэўскі, а яго намеснікам стаў Васіль Захарка.
2 чэрвеня 1920 года, калі бальшавікі выказалі жаданне весці перамовы з урадам БНР, В.Захарка быў прызначаны гэтым урадам старшынёй Надзвычайнай Беларускай Дыпламатычнай Місіі. Але не дамовіўшыся з бальшавікамі, Захарка вяртаецца з Масквы і вядзе далейшае змаганне за незалежнасць Беларусі.
У сакавіку 1928 года памірае прэзідэнт Рады БНР Пётр Крэчэўскі. Новым прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі становіцца Васіль Захарка. Гэта быў нялёгкі час як для прэзідэнта, так і для Беларусі. З утварэннем СССР новаму прэзідэнту са сваёй канцылярыяй прыйшлося эмігрыраваць. Васіль Захарка пасяліўся ў сціплай хатцы ў ваколіцы Прагі, хоць у гэты перыяд чэшскі ўрад, з прызнаннем СССР, прыпыніў афіцыйныя дыпламатычныя стасункі з БНР. Але прэзідэнт Васіль Захарка не падаў духам і не паддаваўся на розныя правакацыі. Ён, дарэчы, адхіліў таксама ўсе прапановы наконт супрацоўніцтва і з немцамі…
У сваёй кнізе “Споведзь” Ларыса Геніюш успамінае: “З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай…” (Ларыса Геніюш. Споведзь. Мн., 1993. С. 35.).
Далей у “Споведзі” Ларысы Геніюш — самыя сумныя радкі ўспамінаў: “Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю “мэтады”. Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і аператыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: “Няма ў нас выбару: альбо — альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэллігенцыю й асымілююць народ. Але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма…”.
У Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: “Донечка, хутчэй прыязджай” і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская. Якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў, і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынёй БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! "Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай”. Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля…
Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна…
Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сёньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося…
А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся…”.
14 сакавіка 1943 года Васіля Захаркі не стала. Пахаванне яго адбылося на Альшанскіх могілках у Празе, якая была акупіравана немцамі. Развітацца з прэзідэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі прыехалі дэлегацыі ад розных народаў. Але сказаць развітальнае слова слова ім гестапа забараніла. Таму атмасфера ў гэты час была надзвычай цяжкая. Яна больш згусцілася, калі пачалі труну апускаць у магілу. У гэты момант інжынер Мікола Абрамчык, ён ужо прэзідэнт Рады БНР, усё ж прайшоў да магілы і выступіў з невялікай прамоваю. Пасля яго некалькі слоў сказаў і прадстаўнік ад украінскай моладзі. А ўкраінскі прафесар Мазепа вымавіў толькі адзін сказ: “Нічога, мы шчэ будэмо маты оказыю промовіты іншым разом”.
Больш за ўсіх шкадавала дзядзьку Васіля Ларыса Геніюш. Калі пачалі засыпаць магілу, яна самлела. Спявак Міхась Забэйда-Суміцкі і інжынер Васіль Русак выносілі яе на руках…
Смерць Васіля Захаркі выклікала вялікі рэзананс у Еўропе. Але нямецкая цэнзура не дазваляла друкаваць у газетах артыкулы-некралогі, а таксама кантралявала, каб гэтая сумная вестка не дайшла да Беларусі.
Пахавалі Васіля Захарку побач з яго жонкаю Пелагіяй (Палінай) Захарка. Магіла, дарэчы, была загадзя закуплена і разлічана на дваіх. Да помніка з выяваю Пагоні, які паставіў Васіль Іванавіч сваёй жонцы, пазней прымацавалі толькі шыльдачку з прозвішчам Васіля Захаркі.
Згадваючы пра прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі, хацелася б прыгадаць і пра той вывезены з Прагі ў Францыю архіў Рады БНР, які перадаў Васіль Захарка Міколу Абрамчыку. Яшчэ ў 1974 годзе газета “Беларускі голас”, якую выпускаў у Таронта (Канада) Сяргей Хмара, надрукавала на сваіх старонках вялікі артыкул “Беларускія бібліятэкі і архівы на эміграцыі” Кастуся Мерляка з Нью-Йорку. У гэтым артыкуле спадар Мерляк згадвае і пра архіў Рады БНР: “Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, 6.03.1943, № 546, Прага. Іх міласьці гр. інж. Міколе Абрамчыку і гр. Ларысе Гэніюш. Будучы доўга і моцна хворым, што можа прынясьці хутчэй кепскі, чым добры канец майму жыцьцю, я гэтым перадаю вам пане інжынер Становішча Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
…Само сабой разумеецца, што ўсе архівы Рады БНР і дакумэнты пераходзяць таксама на вас. Старшыня Рады БНР В.Захарка…
Згодна гэтага дакумэнта інж. Мікола Абрамчык пераняў архівы і дакумэнты Рады БНР і перавёз іх ува Францыю. Гэты дакумэнт называўся “тэстамэнтам”, які даваў інж. Міколе Абрамчыку канстытуцыйныя правы называць сябе Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Архіў даўжэйшы час перахоўваўся ў памешканьні пры 65 ру дэ Гравілерс, Парыж, Францыя, а пазьней, здаецца, быў перавезены на прыватнае памешканьне інж.Абрамчыка на прадмесьці Парыжа.
Ад 1943 году да сьмерці 29 травеня 1970 году інж. Абрамчык зьбіраў і папаўняў архіў Рады БНР. Людзі, якія давяралі, у тым ліку і я (маецца на ўвазе Кастусь Мярляк. — С.Ч.) асабіста, перадавалі яму архіўныя матэрыялы, асабліва з палітычнае дзейнасьці Рады БНР і грамадзкіх арганізацыяў. Не раз інж. Абрамчык высказваўся і паклікаўся публічна на дакумэнты, якія знаходзяцца ў архівах Рады БНР.
У апошнія пару гадоў перад сьмерцяй інж. Абрамчыка Ангельскі Сэктар Рады БНР намагаўся правесьці інвэнтарызацыю архіву ды забясьпечыць Архіў належнай аховай. На жаль, Старшыня Рады БНР ня ўважаў гэтую справу важнай або меў іншае прызначэньне, каб не дазволіць уліку архіўнага матэрыялу.
Пасьля яго сьмерці была пакліканая камісія ў асобках: а.Льва Гарошкі, а.А.Смарчка і сп.А.Лашука, каб яны перанялі ад сп-ні Ніны Абрамчык, перапісалі Архіў Рады БНР і перадалі яго ў Беларускую Бібліятэку і Музэй імя Францішка Скарыны ў Лондане, Англія.
Сп-ня Абрамчык усякімі спосабамі адцягвала перадачу Архіву. Сябры камісіі былі змушаныя ехаць у Парыж некалькі разоў, аж нарэшце сп-ня Абрамчык заявіла, што Архіву Рады БНР яна нікому не перадасьць. Яшчэ зрабіў адну спробу сп. М.Нікан з Аўстраліі.У жніўні 1973 года паехаў у Парыж спэцыяльна, каб пераканаць сп-ню Абрамчык перадаць архівы, бо гэта агульная беларуская маёмасьць, а не персанальна інж. Абрамчыка, якую яна пераняла ў спадку. Яна сп.Нікана не прыняла ў хату. Ён толькі пагутарыў з сынам Альгэрдам на ганку.
І вось такім чынам Беларускі Дзяржаўны Архіў, няведама ў якіх ён апыніцца руках. Ведама ўсім, што ворагі беларускае незалежнасьці і дзяржаўнасьці заплоцяць усякую суму грошай, каб заўладаць гэтымі дарагімі беларускаму народу дакумэнтамі, каб пазбавіць беларусаў гістарычнае дакумэнтацыі Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі й змаганьня за ажыцьцяўленьне ідэалаў 25 Сакавіка.
Інж. Мікола Абрамчык, які пратэндаваў на Прэзыдэнта БНР, ня меў ніякіх якасьцяў дзяржаўнага мужа, гэта пацьвярджае ягоная прымітыўная дзейнасьць на эміграцыі і сам факт не забеспячэньня перадачы Дзяржаўнага Архіву ў рукі грамадзтва, які ён у свой час атрымаў ад свайго папярэдніка сьв. пам. Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі” (Кастусь Мярляк. Беларускія бібліятэкі і архівы на эміграцыі//Беларускі голас.1974. № 225, верасень).
Па архіў БНР да Ніны Абрамчык у свой час звярталіся і спадары Рагуля, Войтанка і іншыя. Але жанчына нікога не падпускала і блізка. Дарэчы, недзе ў 60-х гадах амерыканскі дзеяч Далін хацеў архіў БНР выкупіць для Калумбійскага універсітэта. Але таксама нічога не атрымалася. А ў апошні час мне давялося чуць, што пражскі архіў БНР знаходзіцца ў адным з храмаў Францыі.
І ўсё ж верыцца, што архіў Беларускай Народнай Рэспублікі некалі вернецца на Беларусь, а былому прэзідэнту БНР Васілю Захарку будуць устаноўлены помнікі ў Зэльве і ў яго роднай вёсцы Дабрасельцы. Ён варты гэтага.
1993 г.
Генерал ад… краязнаўства
Археолаг. Краязнавец. Гісторык. Філосаф. Вынаходнік. Заснавальнік аднаго са старэйшых у Беларусі Слонімскага раённага краязнаўчага музея. Гэта наш зямляк Язэп Стаброўскі, які заслугоўвае на зямлі слонімскай шчырай павагі і памяці. Памятаць жа пра тых, хто шмат добрага і карыснага зарабіў для сваіх людзей, сёння мы развучыліся. А Язэп Стаброўскі сёння дастойны, каб пра яго ведалі нашчадкі і ў першую чаргу яго землякі.
Язэп Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 года ў Слоніме. У сямейным альбоме, які захоўваецца ў дачкі Іосіфа Стаброўскага — Дзіляры Стаброўскай, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: "Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка "Кулікі". Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.
Бацька Язэпа Стаброўскага — Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Штабс-капітан Мурамскага палка Іосіф Вікенцьевіч Стаброўскі быў паранены падчас бітвы пад Севастопалем і звольнены са службы па раненні ў 1859 годзе. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.
Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі...
У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Тут ён пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Яны шчыра пасябравалі. А потым, калі Стаброўскі жыў на Слонімшчыне, доўга перапісваліся. Наш зямляк запрашаў яго ў госці ў вёску Орлавічы. Але, на жаль, Купрын на Слонімшчыне так і не пабываў. Адзначу, што Язэп Стаброўскі перапісваўся і з Львом Талстым. А ў час ганення Льва Талстога расійскім урадам ён напісаў яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі пісьменніка. У палку, дзе служыў Стаброўскі, гэтым учынкам былі ўсе здзіўлены.
У сваёй аўтабіяграфіі Язэп Стаброўскі пісаў: "У бытнасць на вайсковай службе ў 81 пяхотным Апшэронскім палку з 1891 да 1895 года загадваў палкавой швальняй. З'яўляўся палкавым інструктарам па сапёрнай справе. Па даручэнні шэфа Апшэронскага палка вялікага князя Георгія Міхайлавіча рабіў фатаграфічныя здымкі месц Дагестана, дзе Апшэронскі полк вёў баі з Шамілём, — для гісторыі палка. За гэтую працу атрымаў ад князя падарунак: гісторыю палка з уласнаручным подпісам. Пераведзены ў артылерыю з 1895 года. Шмат гадоў з'яўляўся справаводам, а пасля загадчыкам гаспадаркі батарэі і палка. Загадваў афіцэрскім сходам і бібліятэкай. З'яўляўся сябрам, а затым старшынёй брыгаднага суда і сябрам суда таварыства афіцэраў. Удзельнічаў у дзвюх палявых паездках 1910 года, якія мелі задачай рэкагнасцыроўку ўчасткаў рэк віслы і Варты з мэтай знішчэння крэпасцей Варшавы і Брэста, неабходнасць чаго пацвердзілася ў вайне 1914 года — абедзве гэтыя крэпасці былі здадзены без бою...".
Дзякуючы сваім здольнасцям Язэп Стаброўскі атрымаў магчымасць яшчэ закончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.
Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі служыў у Чырвонай Арміі. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі, хоць Язэп Язэпавіч, як расказваюць блізкія яму людзі, да канца сваіх дзён не здымаў шыняля. А ў "Паслужным спісе" палкоўніка Я. Стаброўскага значыліся ордэны і знакі ўзнагарод: св. Станіслава 2-й і 3-й ст., св. Ганны 3-й ст., св. Ганны 2-й ст. з мячамі, св. Кн. Уладзіміра 4-й ст. і іншыя.
У 1921 годзе Язэп Стаброўскі вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Ён збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два пісьмы Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVI-XII стагоддзяў і сногія-многія іншыя рэчы. А што датычыць, напрыклад, каменнага ідала, дык пра яго Язэп Стаброўскі напісаў нават даследчы артыкул і змясціў у красавіцкім нумары часопіса "Беларусь" за 1946 год. Ён пісаў: "У ваколіцах Слоніма, на выгане, дзе ніколі не было ніякіх будынкаў, у 1934 годзе пракладвалі новую Альбярцінскую вуліцу. У час выкапкі катлавана пад будову фундамента для жыллёвага дома на глыбіні каля паўметра была знойдзена каменная галава, якая цяпер знаходзіцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Знойдзены аб'ект, высечаны з ракавістага вапняка, уяўляе сабою мужчынскую галаву з плоскім тварам, шырокім носам, без вусоў і з завостранай бародкай. Памеры яго невялікія — 46 см у вышыню, даўжыня 22 см, шырыня — 15 см. Шыя гэтай галавы мае выгляд кліна для ўстаноўкі ў пні дрэў ці, можа, у спецыяльна выраблены каменны пастамент. Нельга меркаваць, што галава адбіта ад якой-небудзь статуі, бо няма ніякага злому, а клін выраблены вельмі выразна.
Параўнанне знойдзенай галавы з фігурамі святых у суседніх касцёлах сведчыць, што паміж імі няма ніякага падабенства. Іншыя веравызнанні, як праваслаўнае, масульманскае і яўрэйскае, зусім забараняюць ужыванне якіх бы то ні было фігур у мэтах рэлігійных. Такім чынам гэтая галава з'яўляецца помнікам дахрысціянскай пары...".
Нават сёння слонімцы сталага ўзросту расказваюць, што аднойчы, вяртаючыся дамоў, Стаброўскі стаў сведкам падзення метэарыта, які ўпаў непадалёку ад вёскі Азярніца. Пошукі працягваліся амаль паўстагоддзя, але метэарыт усё ж быў знойдзены і дастаўлены нашым земляком у музей.
Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцца ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведвальнікамі ў верасні 1929 года.
Сапраўдны росквіт музей Стаброўскага набыў у канцы 1939 года і на пачатку 40-х гадоў. Жыхары горада і раёна ахвотна наведвалі музей. Дзякуючы нашаму гісторыку і краязнаўцу ён узбагаціўся дарагімі калекцыямі — мінералагічнай і палеанталагічнай, выставамі па гісторыі і рэлігіі, карцінамі, нумізматыкай, этнаграфічным матэрыялам. Усё складалася даволі добра, але раптам — вайна. У чэрвені 1941 года гаспадарамі ў Слоніме ўжо былі немцы. І ўсё ж 2 кастрычніка 1942 года на Паркавай вуліцы, 42 у старажытным горадзе над Шчарай музей зноў адчыніў свае дзверы. Давайце, напрыклад, паспрабуем уявіць гэты музей у кастрычніку 1943 года.
Як падае часопіс "Новы шлях" у нумары дзевятнаццатым за той жа год, у першай і другой залах была змешчана багатая калекцыя каменных прыладаў першабытнага чалавека эпохі неаліту на Слонімшчыне: каменныя малаткі, скрэблы, нажы, пілкі, свярдзёлкі, шылы, сякеры, наканечнікі стрэлаў. У асобных вітрынах месціліся калекцыі мінералаў і метэарытаў, пясчанікаў Юрскага перыяду са слядамі марскіх хваляў, якія сведчылі аб тым, што Слонімшчына была калісьці залітая вадою.
На сценах першых дзвюх залаў віселі карціны, якія адлюстроўвалі жыццё старажытных людзей ад незапомных часоў да навейшых. Былі ў экспазіцыі прадметы рэлігійных культаў розных народаў, напрыклад, "Свяшчэнны сікль" — срэбная манета 138 года нараджэння Хрыста і бронзавы знак з яго выявай, які служыў пропускам у катакомбы першых хрысціян.
У трэцяй зале — этнаграфічныя і гістарычныя экспанаты, многа рукапісных матэрыялаў, дакументаў з аўтографамі каралёў. Сярод іх — складзеныя па-беларуску і з "Пагоняй" на пячатках, з якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам. Тут жа — папскія булы і аўтографы выдатнейшых гістарычных асобаў, рэдкія кнігі: Статут Вялікага Княства Літоўскага, Энцыклапедыя часоў Пятра І, Вексельнае права Кацярыны ІІ ды іншыя. З ваенных экспанатаў захаваліся шлемы, панцыры, кальчугі XVI-XVII стагоддзяў, "гізарма" (сякач XIII-VIV ст.), крамянёвая стрэльба, гарматныя ядры, турэцкія барабаны-літаўры ад 1683 года. Асобная вітрына была прысвечана беларускаму першадрукару Францішку Скарыне. Сярод выданняў пра яго жыццё і дзейнасць — партрэт вялікага асветніка, выкананы слонімскай мастачкай Р. Бялецкай.
Быў у музеі і гістарычны партрэт беларускага дзяржаўнага мужа, слонімскага старосты Льва Сапегі. У экспазіцыі, яму прысвечанай, — шахматная дошка князя, віды яго палацаў у Дзярэчыне і Ружанах, Статут, рэдактарам якога быў сам Сапега. У гонар заслугі Вялікага князя Слонім у 1591 годзе атрымаў Магдэбургскае права і герб — залаты леў з каронай на сінім полі, які стаіць на задніх лапах, а ў пярэдняй трымае срэбную стралу з падвойным крыжам.
Далей у музеі Стаброўскага мы маглі б убачыць куток, прысвечаны Міхалу Агінскаму, вялікі партрэт, напісаны алеем, — "Кастусь Каліноўскі заклікае сялян да паўстання". Апошні — копія з арыгінала П. Сергіевіча, выкананая Р. Бялецкай. Другі вялікі партрэт — "Абаронцы Св. Тройца-Сергіевай Лаўры ў 1608 годзе", работы В. П. Верашчагіна. Была і карціна "Лірнік" мастака Якуба Кучара.
Не апошняе вартасці арыгінальныя вышыўкі жаночых блузак, мужчынскіх кашуляў, ручнікоў былі ахвяраваны музею мастаком Алесем Асіпчыкам. Ён вышываў нацыянальныя строі для Слонімскага гуртка пры Беларускім Народным Доме, які існаваў пад акупацыяй. Быў у музеі пояс далікатнейшай работы, скіданы з афарбаванага ў розныя колеры конскага валосся. Яго аўтар — Міхал Галоўка, родам з Мацкалеўшчыны Слонімскага павета, які адсядзеў адзінаццаць гадоў у польскім астрозе, дзе, дарэчы, і вырабіў сваю цудоўную рэч.
Чацвёртая зала была прысвечана адраджэнню Беларусі. Упрыгожвалі экспазіцыю партрэты К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, маляваныя Р. Бялецкай, а таксама гістарычныя абразы В. Дуніна-Марцінкевіча і Цёткі, выкананыя слонімскай мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай.
Пад знакам "Пагоні" у прыгожай раме — Акт абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 года ў Менску, ніжэй, таксама ў прыгожай рамцы, — Беларускі нацыянальны гімн. Гэтыя дарагія рэліквіі дбайна аформлены былі мастаком Антонам Карніцкім. Тут жа фотаздымкі Ігната Грынявіцкага, Адама Гурыновіча, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, групавы здымак пасяджэння Вялікай Беларускай Рады 15 кастрычніка 1917 года, на якім было вырашана склікаць Усебеларускі Кангрэс і, які потым, быў разагнаны бальшавікамі.
Шмат чаго маглі б мы ўбачыць у Слонімскім музеі Стаброўскага ў ваеннае ліхалецце. Але вайна ёсць вайна, а акупанты заўсёды застаюцца акупантамі. Многае з музейнай маёмасці стала ахвярай грабежнікаў-фашыстаў і іх прыслужнікаў. Аднак Язэпу Стаброўскаму ўдалося частку экспанатаў схаваць, хаця былі моманты, якія ледзь не каштавалі яму жыцця.
...Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і на дрэннай беларускай мове сказаў:
— Рус гэта не разумель... Верашчагін месца ў Дрэздан...
Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў...
Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбегнуў смерці.
Другім прыкладам смеласці нашага земляка могуць служыць радкі з газеты "Советская Белоруссия" за 1944 год (№ 141): "Калі ў горад уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Іосіфавічам паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Варвары ж могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця... Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца... І ўсё найбольш дарагое было схавана ў закрытыя шафы... Шафы Іосіф Іосіфавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час гітлераўцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. "Спаліць!", — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней былі перададзены раённай бібліятэцы".
На жаль, большая палова каштоўных экспанатаў, якія сабраў Стаброўскі, да сёняшняга дня бясследна знікла са Слонімскага музея.
Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Язэп Стаброўскі зноў пачаў збіраць калекцыі, прыводзіць у належны стан рукапісы, кнігі, фатаграфіі і займацца абсталяваннем музейных пакояў... І кожны, хто яго ведаў, здзіўляўся працаздольнасці і настойлівасці гэтага чалавека, якому ўжо тады ішоў восьмы дзесятак гадоў.
Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гродзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі. Дарэчы, першы артыкул быў надрукаваны аж у 1899 годзе ў сакавіцкім нумары часопіса "Исторический вестник". Ён меў назву "К вопросу об ископаемых стеклянных шарах".
Спадаром Стаброўскім былі напісаны дзесяткі навуковых прац. Адны назвы гавораць самі за сябе. Гэта "Састаў і абсягі Сусвету", "Сутнасць жыцця і яго з'яўленне на Зямлі", "Праваслаўе, каталіцызм і унія. Іх узаемаадносіны на Слонімшчыне", "Каменны век (неаліт) на Слонімшчыне і ў суседніх рэгіёнах", "Норавы і звычаі ў Заходняй Беларусі ў XVI і XVII стагоддзях", "Сіметрыя і хараство ў прыродзе", "Крывывм следам", успаміны з вайны 1914 года, альбом з 300 здымкамі і мемуары і многія іншыя.
Што датычыць вынаходлівасці, то трэба адзначыць, што і яна была ў Стаброўскага. Асабліва знайшлі ў свой час прымяненне шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).
Шмат перажыў на сваім вяку гэты мужны, шчыры і здольны чалавек. Але самыя страшныя абразы і здзекі яго чакалі ў пасляваенныя гады. Справа ў тым, што ў самым канцы саракавых гадоў на афармленне музейнага аддзела Вялікай Айчыннай вайны было выдаткавана 225 тысяч рублёў. На вялікі жаль, гэтыя грошы так Стаброўскі і не выкарыстаў, бо знайшліся ў раёне людзі, якія іх паклалі ў свае кішэні, а вінаватым у страце грошай зрабілі Стаброўскага. У сваёй кароценькай аўтабіяграфіі ён так і напісаў: "37 снежня 1948 года вызвалены ад працы ў музеі "як неадпавядаючы свайму ідэалагічнаму светапогляду" — у адказ на ўзбуджэнне справы аб злоўжываннях, дапушчаных пры выкарыстанні 225 тысяч рублёў, прызначаных на афармленне аддзела Вялікай Айчыннай вайны".
Пра грошы, відаць, у Слоніме ўсе добра ведалі, што гэта не яго віна. Але справа тады была не ў грошах, а, сапраўды, у "ідэалагічным светапоглядзе". А ён цікавіў і быў пад пільнай увагай органаў НКУС горада Слоніма. Прыкладам могуць служыць заявы спадара Стаброўскага ў мясцовы раённы камітэт партыі і начальніку канцылярыі Старшыні Савета Міністраў СССР (другія экзэмпляры і паштовыя квітанцыі, датаваныя 1951 і 1952 годам, знаходзяцца ў аўтара гэтай кнігі). У прыватнасці, ён пісаў: "Начальнику Канцелярии Председателя Совета Министров СССР. Стабровского Иосифа Иосифовича, проживающего в г. Слониме Барановичской обл. по ул. Комсомольской, д. № 36. Основатель Слонимского музея и бывший его старший сотрудник за вмешательство в дело о расхищении 225 тысяч рублей, отпущенных на оформление Отдела Отечественной войны в этом Музее, подвергшийся жесточайшему преследованию и отрешению от должности со сторон группы лиц, расхищавших суммы и содействующих такому расхищению, не имея решительно никакой возможности передать дело для разбора судом, встречая всяческие к этому препятствия со стороны заинтересованных лиц, — я осмелюсь обратиться как к последнему источнику справедливости И.В.Сталину, а потому покорнейше прошу Вас по ознакомлении с делом на основании прилагаемых документов, проверенных со всей строгостью, сделать Ему соответственный доклад.
Последняя моя жалоба в Прокуратуру БССР, при сем прилагаемая, двукратно признана Ею, что, за отсутствием в ней фактов, нет оснований для возбуждения уголовного дела, между тем в этой жалобе имеются ясные указания на факты в виде:
1. Расследования ЦК КП(б) Белоруссии и обнаружение факта расхищения 225 тыс. государственных средств;
2. Расследования Слонимского ГОМВД и обнаружение злоупотреблений и главного виновника их Алексея Васильевича Черненко;
3. Признание факта расхищения двумя прокурорами;
4. Двух корреспонденций газеты “Літаратура і мастацтва”, иллюстрирующих показательно и доказательно порядок расхищения сумм.
Вся огромнейшая переписка, накопившаяся свыше трёх лет, по этому делу изложенная в особой справке, сосредоточилась у Заместителя Председателя Министров БССР тов. Киселёва и частично у Председателя культпросветучреждений тов. Минковича, которые несмотря на мои настоятельные просьбы и домогательства не предают дело Суду, а настаивают на своём решении, без указания законных причин, что снятие нас с работ “правильно” и “нет оснований на восстановление нас в правах”.
Убедительнейшее прошу Вас не отказать в моей просьбе, так как вследствие престарелого возраста, слабости и отсустствия материальных средств я не имею лично обратиться к И.В.Сталину, прося оградить меня от преследований расхитителей музейных сумм и восстановить в незаконно отнятых правах.
В настоящее время я с семьёй, состоящей из жены и дочери-ученицы, находимся в крайне тяжёлом положении, хотя я работаю кассиром в городском жилищном управлении с месячным окладом 360 рублей, но, не имея коровы, обременённый долгами, в особенности податными за время почти двухлетней безработицы по причине “вредной идеологии”, которые ежемесячно выплачиваю, отдавая треть зарплаты, — приходится жестоко страдать…
Как офицер Русской Армии, участник войны 1914 года, происходя из семьи сплошь военной, заслуженной Родине, я считаю, что своей многолетней деятельностью на пользу России также заслужил на лучшую участь, чем та, которую испытываю теперь и которая довела меня до отчаяния…
19.12.51 г. И.Стабровский”.
Праз тры месяцы Язэп Стаброўскі зноў дасылае пісьмо ў Маскву: “Начальнику Канцелярии Председателя Совета Министров СССР…убедительнейшее прошу не отказать сообщить мне какое последовало решение И.В.Сталина по моей жалобе, поданной на имя Председателя Совета Министров СССР, датированной 19 декабря 1951 года. Прошу также принять во внимание, что мне 82-й год и от дурного питания я стал пухнуть и слабеть; семья же моя терпит жестокую нужду. 19.04.52 г. И.Стабровский”.
Адказу наш зямляк так і не дачакаўся. А 19 мая 1952 года ён зноў піша пісьмо: “Начальнику Канцелярии Председателя Совета Министров СССР... Вторично убедительнейшее прошу сообщить мне, какое последовало решение по моей жалобе, поданной на Ваше имя 19.12.51 г. И.Стабровский”.
І на гэты раз адказу не было, бо такі час быў. Ох, гэта быў чорны і страшны час. Відаць, тады і выратаваў Стаброўскага яго васьмідзесяцігадовы ўзрост. А калі б ён быў на гадоў 20-30 маладзейшы, зведаў бы і ён ГУЛАГ. Але і тут, на роднай Слонімшчыне, да апошніх сваіх дзён (памёр Язэп Стаброўскі на 99-м годзе жыцця ў 1968 г.) жыў ён у беднасці і забыты мясцовымі ўладамі. Журналіст Аляксандр Шлег у газеце “Звязда” за 21 студзеня 1964 года пісаў: “Колькі вам гадоў, Іосіф Іосіфавіч? Стары няспешна сцягнуў з рукі пальчатку, зняў акуляры і спакойна сказаў:
— Дзевяноста чатыры.
Аглядаю невялікі пакой. Два акны. Адно забіта знадворку. Уздоўж сцяны — кніжная паліца. На стале — шматлікія рукапісы. Тут жа — бутэлька з лекамі. Перахапіўшы мой позірк, стары ціха сказаў:
— Хварэю. Левая рука ў апошні час адказвае.
— Чаму не ляжыце?
— Мне, голубе, за сталом сядзець трэба. Шмат спраў незакончанных. Трэба запісы свае ў парадак прывесці...
— Халаднавата ў вас.
— Комін пачысціць трэба. Два разы пісаў у пажарную ахову. Не адказвалі...”.
Так, не адказалі, не дапамаглі... Відаць, такі загад мелі...
Тры кіламетры неслі па снезе труну з целам славутага сына зямлі слонімскай яго слаўныя сябры і землякі. Пахавалі Язэпа Стаброўскага на могілках у вёсцы Орлавічы, побач з яго бацькамі...
У чэрвені 1988 года на Слонімшчыне пабываў беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. Мы сустрэліся, доўга гутарылі пра гісторыю і літаратуру, пра знакамітых людзей слонімскай зямлі. Гаварылі і пра Язэпа Стаброўскага. “Ці быў ты хоць раз у Орлавічах?”— запытаўся у мяне Яраслаў Сільвестравіч. “Не, не быў, — адказаў тады я, — але добра ведаю, што там, на могілках, пахаваны Язэп Стаброўскі, яго бацька, жонка і дзеці”.
На другі дзень Яраслаў Пархута папрасіў у мясцовых улад машыну і паехаў на Орлавіцкія могілкі. Вярнуўся без настрою:”Лепш бы я туды не ездзіў, толькі расхваляваўся”.
Больш падрабязна пра сваю паездку ён напісаў у кнізе падарожжаў ”Крыніца ёсць у родным краі...” (Мн., 1992 г.): “У дырэктара Слонімскага раённага краязнаўчага музея Ірыны Рыгораўны Шпырковай пытаюся пра Орлавічы, дзе пахаваны Стаброўскі, пра магілу, у якім яна стане. Шпыркова кажа: — Там усё як мае быць! Прыязджалі з Акадэміі навук, узвялі помнік — пазайздросціць можна!..
Назаўтра адшукаў Аркадзя Кашко, старшыню Азгінавіцкага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзяцца Орлавічы, і мы паехалі з ім туды. Толькі што прайшоў цёплы летні дождж. Хмара сплыла, выбліснула яркае сонца. Паабапал дарогі ляжалі палеткі амаль даспелай ярыны. За Орлавічамі раскінулася сухадольная лугавіна. Кашко прамовіў:
— Вось гэтую сенажаць некалі перадаў Стаброўскі сялянам.
Яшчэ мінут колькі язды, і спыняемся. Па правую руку бачым, як на бульбяным палетку завіхаецца кабета. Мы выйшлі з машыны.
— Кузьмінічна! — гукнуў старшыня. — Да вас едзем!..
Жанчына, пачуўшы гэта, пакінула свой клопат і напрасткі, картапленнем, накіравалася да нас. Калі выбралася на дарогу, Кашко сказаў ёй, паказваючы на мяне:
— Чалавек з Менска цікавіцца Стаброўскім, хоча ўведаць, як жыў, дзе пахаваны.
Спахмурнеў твар жанчыны. Зірнула на старшыню сельсавета, на мяне, быццам раздумваючы: усё казаць незнаёмаму ці не, і, нарэшце, загаварыла:
— Дзедушку нашага даўно ведаю. Працавіты быў, не зухаваты, для людзей харошы. Але пад канец яму плоха жылося. І я насіла яму ў Слонім то малака, то смятанкі, то мукі — што мела... Сама я з Браншчыны.У вайну немцы сюды вывезлі, у лагер “Грыбава”, што пад Слонімам. Сынка майго, Мішку, пад танк бросілі яшчэ там, ля нашай Скробаўкі. Дзевачку, Вальку, тут, у лагеры, смярцельнымі ўколамі закалолі... А я ўцякла з лагера і сюды прыбілася, на хутар. Потым замуж мяне ўзяў Хвіліп Курыловіч, што у Стаброўскіх гадаваўся. Ён, Хвіліп,у шэсць гадочкаў уцёк ад мачыхі і пайшоў, як тады казалі, да пана. І пан, гэта значыць Стаброўскі, прыняў яго, на ногі паставіў. Яны ўвесь час разам былі. І курганы раскопвалі, і камяні тачылі на помнік... Але я не туды забегла! Вам пра самаго Стаброўскага трэба... Так вот. Прыехала да яго аднойчы ў Слонім, а ён пры смерці, просіць: “Валюшка, перадай людзям, каб не мучыліся, не капалі глыбокую магілку. Зіма стаіць на двары!”. Ускорасці і памёр. На дзевяноста дзевятым годзе жызні. Да гэтага завейка круціла, снегу намяло, а харанілі — сонечны дзянёк выдаўся. Вот вам і прырода паспачувала. Ад гасцінца труну на плячах неслі... Нашага дзедушку, як звалі яго тут, людзі з усіх дзеравень праводзіць прыйшлі. Жалобны стол у нашай хаце правілі. Мы яе з Хвіліпам якраз там пастроілі, дзе хата Стаброўскага стаяла...
Кузьмінічна змоўкла. Твар яе па-ранейшаму быў хмуры. Счакала нейкую хвіліну і працягвала:
— А магіла яго з краю пагоста, — паказала рукою на зялёную купу дрэў пры ўзгорку.
І вось мы прадзіраемся густымі зарасцямі. Пагост незвычайны. Тут знаходзяцца ажно 52 курганы, якія ў свой час даследаваў Стаброўскі. Але цяпер нам трэба пабачыць яго магілу. Нарэшце Кузьмінічна спыняецца. Расхінае кусты і тлумачыць:
— Вот гэтыя дубовыя крыжы, — на магілах яго блізкіх: жаны Амеліі, сына Міраслава і дачкі Іры. А маленькі крыжык, што прыслонены да помніка, з магілы дзедушкі. Зусім згніў... І магілка з зямлёю зраўнялася...
Толькі цяпер я заўважаю высокі, з чорнага каменя, чатырохярусны помнік, і прыгадваю словы Шпырковай. Але Кузьмінічна пярэчыць:
— Мана усё гэта! Помнік стаўляў сваім родным Стаброўскі. З маім Хвіліпам. Яны і камяні з поля вазілі, і часалі... Гады са тры іх часалі-тачылі...
Яна памаўчала трошкі і дадала:
— А ён, Стаброўскі, чыста ведаў, што ніхто яму не паставіць помніка... То як бы і сабе паставіў тады яго...
Пакідаў Орлавіцкі пагост з цяжкім сэрцам. Адчуваў: камень лёг і на сэрца старшыні сельсавета.
Развітваючыся, Аркадзь Кашко мовіў:
— Сорамна. Усім нам. Трэба падказаць школьнікам, няхай возьмуць шэфства над магілай Стаброўскага. Чалавек заслужыў гэтага...”.
Так, Язэп Стаброўскі заслужыў шмат чаго, але толькі не людской памяці. Дык што ж змянілася на Орлавіцкіх могілках за гэты час?
Неяк разам з рэжысёрам Беларускага тэлебачання Аляксандрам Сухоцкім, які здымаў дакументальны фільм пра Стаброўскага, я наведаў Орлавіцкі пагост. Апісаць убачанае было проста немагчыма. Здаецца, мы трапілі ў трапічны непраходны хмызняк, дзе сотні гадоў не ступала нага чалавека. Магілы Стаброўскіх зраўняліся з зямлёй, крыжы пагнілі і валяліся пад сухім, чорным лісцем, Мы ледзь-ледзь адшукалі і вялікі каменны чатырохярусны помнік, які рабіў і ставіў Язэп Стаброўскі разам з Піліпам Курыловічам. Орлавіцкія “джунглі” за сялом Аляксандр Сухоцкі зняў на відэастужку.
Набліжаліся Дзяды — памінальны абрад нашых продкаў. І каб неяк выратаваць ад поўнага знішчэння магілы знакамітых Стаброўскіх, невялікая група слонімскіх энтузіястаў завітала ў Орлавічы. Дзякаваць Богу, жыла яшчэ і Кузьмінічна, якая нам падказала, дзе хто ляжыць са Стаброўскіх, дзе які крыж трэба ставіць, расказала нам і пра Язэпа Стаброўскага, які ў свой час перадаў орлавіцкім сялянам у вечнае карыстанне 65 гектараў зямлі...Але ці ў гэтым справа? Ці толькі гэтага заслугоўвае наш знакаміты зямляк?
Тым не менш, у верасні 2002 года, калі Слонім адзначаў сваё 750-годдзе, на будынку музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка (аўтар Леанід Богдан), прысвечаная Язэпу Стаброўскаму — заснавальніку музея. А крыху пазней яго імем назвалі і сам Слонімскі раённы краязнаўчы музей.
2002 г.
Чалавек вялікай працы
Імя яго ў Беларусі незаслужана забыта. Ды й напісана пра яго зусім-зусім мала. Хіба толькі ў кнізе Л. Дробава “Живопись Белоруссии ХІХ — начала ХХ в.в.” (Мн., 1974 г.), дзе сам аўтар адзначае, што в “белорусской искусствоведческой литературе о
К.Стабровском упоминаний нет”.
Казімір Стаброўскі быў стрыечным братам Язэпа Стаброўскага. У свой час ён славіўся сваёй вядомасцю на ўсю Беларусь, Польшчу і Расію як мастак, артыст і педагог.
Нарадзіўся Казімір Стаброўскі ў маёнтку Крупляны на Навагрудчыне ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Вучыўся сем гадоў з невялікімі, але частымі перапынкамі. З-за хваробы вачэй прыязджаў дамоў, каб падлячыцца. У апошнія гады вучобы займаўся ў майстэрні Іллі Рэпіна.
Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Казімір Стаброўскі працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.
У канцы 1894 года наш зямляк вяртаецца на Навагрудчыну, дзе доўгі час тут жыве і працуе. Як вядомы ўжо і вопытны мастак, ён пачынае ўдзельнічаць у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. За карціну “Цішыня вёскі” у 1900 годзе ў Парыжы на міжнароднай выстаўцы Казімір Стаброўскі атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна “Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а “Лазенкаўскі парк у Варшаве” — для Венецыянскай нацыянальнай галерэі.
Казімір Стаброўскі марыў адкрыць сваю Школу прыгожых мастацтваў. І яго мара збылася. У 1904 годзе на сродкі, якія былі сабраны за кошт асабістых ахвяраванняў, у Варшаве ён адкрывае Школу прыгожых мастацтваў. На працягу шасці гадоў наш зямляк быў яе дырэктарам і выкладчыкам. Гэтая школа на той час лічылася лепшай навучальнай установай Варшавы. Выкладанне ў ёй вялося на вышэйшым прафесійным узроўні. На еўрапейскіх выставах працы вучняў Казіміра Стаброўскага заўсёды адзначаліся прэміямі. Сярод іх нямала было беларусаў.
У 1912 годзе наш жывапісец і педагог пакідае Варшаву і поўнасцю аддаецца мастацкай творчасці. Ён пачынае падарожнічаць па свеце. Быў у Турцыі, Грэцыі, Егіпце, Іспаніі, Італіі, Швецыі і многіх іншых краінах. З падарожжаў К. Стаброўскі заўсёды прывозіў новыя свае карціны, большасць якіх вылучалася лірычнасцю вобразнага ладу і пяшчотным каларытам.
У гэты час мастак пачынае працу над славутай серыяй з адзінаццаці карцін “Шэсце навальніцы”. Сам Казімір Стаброўскі тлумачыў, што ён ужо тады прадбачыў у сваіх карцінах першую сусветную вайну, якая прынясе шмат гора і бяды на беларускую зямлю.
“Шэсце навальніцы” распадаецца на некалькі карцін, з якіх кожная ўяўляе сабой самастойную “сімфонію ў фарбах”. Уласцівая творчасці Казіміра Стаброўскага прыгожая і змястоўная сімволіка пранікае ў іх і надае характар паэтычных твораў, у якіх змест пераважае над формай. Усяму цыклу, за выключэннем апошняй светлай і радаснай карціны, уласцівы змрочны, з прыцемкам тон, што таксама характэрна для твораў Стаброўскага.
Шэсце навальніцы... Над ціхімі беларускімі палямі сабіраюцца змрочныя хмары. Сонца схавалася, і ў хмарах заклубіліся злавесныя вобразы, і той, каму дадзена гэта бачыць, бачаць у іх злосны пачатак, які прыняў формы дзікіх звяроў і пачвар. А да ўрагану, які нясецца над безабароннай і змрочнай краінай, працягнуліся чыесьці ўчэпістыя кіпцюрастыя лапы... і з гучным карканнем ляцяць прадвеснікі навальніцы і чорныя груганы няшчасця.
І вось грымнуў пярун. І на магільных узгорках сталі бясконцымі чародамі маўклівыя крыжы. Цэлы лес крыжоў — Галгофа ўсяго беларускага народа. А ў хмарах зноў паказаліся драпежныя чорныя лапы страшнай пачвары, і маланка асвятляе іх.
Палымнеюць вёскі і гарады Беларусі. Гараць і гінуць у полымі вогненнага патопу скарбніцы народнай творчасці, палацы і хаты. Запалалі помнікі даўніны, запунсавала зарывам неба над старажытным багатым горадам, і паплылі жудасныя цені па вуліцах і завулках. А ў воблаках дыму ўюцца страшныя змеі. Гэта д’ябальствуюць і трыумфуюць злосныя сілы, якія сарваліся з ланцуга пад віхорам вялікай навальніцы.
І наступіць пара, калі над гаротнай краінай, над руінамі і крыжамі, панясуцца пад аблокі душы няшчасных пакутнікаў, а высока ў небе з’явіцца распятая на крыжы Справядлівасць, і цень ад яе крыжа працягнецца па ўсёй краіне. А яна, засмучаная і знявечаная ворагамі, будзе ахінутая гэтым страшным ценем, і, куды ні працягнецца ён, усюды стануць чорнымі спаленыя мястэчкі, гарады і вёскі.
Знявечаны, змораны сам твар беларускай зямлі. Высечаны старыя векавыя лясы. Толькі пні засталіся вакол, ды ўзвышаюцца то тут, то там маўклівыя курганы. Пуста на зямлі. Але затое там, уверсе, пануе таемнае жыццё: зборышча ўкленчаных просіць ратунку ў неба аб выратаванні ад прыгнёту бязлітасных цёмных сіл. І ўзнімаецца благаславёны палец, і цёмныя курганы на апусцелай зямлі прыслухоўваюцца і да малення, і да благаславення.
Узараныя і скапаныя палі пакрыліся снегам. Зямля сцішылася пад дыханнем смерці, і над бязлюднымі мёртвымі раўнінамі пануе цемра ночы і холад зімы. І маркотна ўзвышаюцца тры крыжы — помнікі брацкіх магіл. Але хутка ўжо світанне. У небе пачынаюць мільгацець першыя праменні золака, які іграе барвовым водбліскам на латах і збруі таямнічых вершнікаў. Там, у святлеючай вышыні, над разарванымі навальнічнымі хмарамі, гэтыя крылатыя вершнікі іграюць на чатыры бакі святла абуджальны “гейналь” — песню, якую некалі выконвалі на світанні, каб разбудзіць войска. Над мёртвай, можа быць, толькі заснуўшай краінай хутка прагучыць першы заклік вызвалення. Прачнуцца тыя, хто спаў, уваскрэснуць мёртвыя, і мільёны палымяных віцязяў з крыламі на залатых латах панясуцца на конях у апошнюю бітву з цёмнымі і злымі сіламі. Гімн абуджэння зменіцца грознай рапсодыяй нябачнай бітвы. Злыя сілы будуць пераможаны народам, навальніца пройдзе і над вызваленай і шчаслівай краінай заззяюць вясёлка і светлая брама новага жыцця.
Такое тлумачэнне сваім карцінам даваў сам мастак. Казімір Стаброўскі, відаць, прадбачыў не толькі першую сусветную вайну, але і другую, а таксама чарнобыльскую бяду, якія ператварылі і ператвараюць Беларусь у сапраўдную галгофу беларускага народа.
Усё ж жах і шэсце першай сусветнай вайны мастак добра адчуў на сабе. Яго маёнтак у Круплянах быў разгромлены немцамі, а сам таленавіты жывапісец стаў бежанцам, прыхапіўшы з сабою некалькі дзесяткаў сваіх карцін. Ён прыехаў у Петраград, дзе наладзіў у Таварыстве падтрымкі мастацтваў выставу сваіх прац. Пасля яе заканчэння пераехаў у Маскву. Там у залах мастацкага салона на Вялікай Дзмітраўцы зноў арганізоўвае выставу сваіх карцін, якая зрабіла вялікае ўражанне на мастацкую грамадскасць Масквы. Перадавыя рускія мастакі В. Бяклемішаў, І. Рэпін, В. Матэ і іншыя ўнеслі прапанову на разгляд савета Расійскай акадэміі мастацтваў аб наданні Казіміру Стаброўскаму звання акадэміка жывапісу. Адбылося галасаванне: 16 чалавек прагаласавалі “за”, а 19 — “супраць”. Ды не ў гэтым справа, а справа ў тым, што творчасць нашага земляка ўжо тады мела вялікую сілу і папулярнасць...
Казімір Стаброўскі быў не толькі мастаком, вучоным і педагогам, але і артыстам. Ён меў нават ступень артыста першай катэгорыі, выступаў на сцэнах многіх тэатраў.
Пражыў наш зямляк крыху больш за пяцьдзесят гадоў. Памёр ад інфаркту ў 1929 годзе. Газета “Кур’ер Варшаўскі” 10 чэрвеня 1929 года пісала: “Памёр вядомы чалавек, знакаміты артыст, энтузіяст усяго прыгожага, слынны арганізатар і філосаф Казімір Стаброўскі... Гэта быў чалавек вялікай працы”.
Сапраўды, Казімір Стаброўскі працаваў шмат і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. На жаль, творы яго раскіданы па свеце. Нават цяжка ўявіць, што праз месяц ці праз год, ці праз дзесяць гадоў надарыцца мажлівасць наладзіць на яго радзіме — роднай Беларусі ці Навагрудчыне выставу ягоных карцін. Але верыцца ў гэта. І калі каму пашанцуе пабываць у мастацкіх музеях Польшчы, Германіі, Італіі, Расіі, вы сустрэнецеся з карцінамі нашага славутага земляка Казіміра Стаброўскага. Яны вас прыцягнуць маркотнымі вясковымі краявідамі Беларусі, міфалагічнымі вобразамі, драмай і містыкай.
Пра аўтара “Карэспандэнцый са Слоніма”
У пачатку ХIX cтагоддзя на Слонімшчыне жыў цікавы і таленавіты чалавек. Быў ён спачатку уніяцкім, пасля праваслаўным свяшчэннікам. А яшчэ ён пісаў на польскай і рускай мовах аповесці, апавяданні, вершы, успаміны, нататкі. Імя гэтага чалавека — Плакід (Яўстафій) Янкоўскі. На вялікі жаль, пра яго ў Беларусі ведаюць хіба толькі літаратуразнаўцы, ды і твораў Плакіда Янкоўскага на беларускую мову перакладалася даволі мала. Некалькі абразкоў пераклаў і апублікаваў навуковец Мікола Хаўстовіч і верш “Шчыпцы і свечка” у перакладзе Віктара Шніпа быў надрукаваны ў анталогіі беларускай польскамоўнай паэзіі XIX стагоддзя “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай” (Мн., 1998). Вось, бадай, і ўсё.
Плакід Янкоўскі нарадзіўся ў 1810 годзе ў вёсцы Вайская Камянецкага раёна ў сям’і уніяцкага духоўнага свяшчэнніка. Ён быў наймалодшым з чацвярых дзяцей. Таму і імя яму бацькі выбралі Плакід ад лацінскага слова “лагодны”. Праўда, лагодзілі і песцілі хлопчыка нядоўга, бо ў 8-гадовым узросце ён ужо пачаў навуку ў Свіслацкай гімназіі, а пасля працягваў у базыльянскай школе ў Брэсце. У 1826 годзе, нягледзячы на свой малады ўзрост, Плакід Янкоўскі паступае ў Віленскую уніяцкую семінарыю пры мясцовым універсітэце і заканчвае яе са званнем магістра святога багаслоўя. Добрага студэнта прызначаюць на пасаду прафесара ў Жыровіцкую духоўную семінарыю, што на Слонімшчыне.
Прыехаўшы ў Жыровічы, дваццацігадовы выкладчык вырашае свой лёс і жыццё звязаць з гэтым мястэчкам, бо вельмі яму яно спадабалася. Але ў гэты час на Беларусі пачынаецца нацыянальна-вызваленчае паўстанне і семінарыя часова спыняе сваю дзейнасць. Тады Плакід пакідае Жыровічы і вяртаецца ў Вільню, дзе пачынае збіраць матэрыялы на званне доктара багаслоўя і шукае сабе працу. У пошуках працы яму дапамагае прафесар Анёл Доўгірд. Ён уладкоўвае Плакіда хатнім настаўнікам дзяцей маршалка Тадэвуша Чудоўскага на Магілёўшчыне. Янкоўскі не толькі вучыць дзяцей, але і сам рыхтуецца да абароны доктарскай дысертаці і вывучае мовы. На польскую мову наш зямляк перакладае з італьянскай мовы кнігу Сільвіа Пеліко аб абавязках людзей і ў 1835 годзе асобнаю кнігаю выдае яе ў Вільні.
У 1832 годзе Плакід Янкоўскі зноў вяртаецца ў Жыровічы. Але гэтае вяртанне было азмрочана смерцю бацькі, які яму шмат даваў парад і дапамагаў. Тым не менш, жыццё працягвалася і ў дадзенай сітуацыі трэба было неяк выжываць. Наш зямляк па-ранейшаму шмат працуе і піша. А праз два гады пасля вяртання ў Жыровічы, вырашае скончыць сваё халасцяцкае жыццё і жэніцца на 16-гадовай Алене Тупальскай — адной з пяці дачок сябра кансісторыі Антона Тупальскага.
Самым пераломным і нялёгкім момантам у жыцці нашага земляка быў той, калі ён паставіў свой подпіс у падтрымку пераходу уніі ў праваслаўе. Найперш, відаць, Плакід Янкоўскі гэта зрабіў дзеля будучай сваёй кар’еры. Ён пачынае пісаць на рускай мове, хаця яе дрэнна ведаў і не любіў, навуковыя багаслоўскія працы і выступленні. А ў маі 1838 года яго павышаюць да звання малодшага саборнага протаіерэя і ўзнагароджваюць залатым крыжам. Тым не менш, заробак Плакід меў слабы. А ў сям’і было пяць дзяцей. І калі памірае яго сястра і сястрын муж, ён забірае на выхаванне яшчэ 6 дзяцей. У такой складанай сітуацыі Плакід Янкоўскі просіць перавясці яго на пенсію. І каб неяк адцягнуць увагу ад жыццёвай складанасці і праблем, па-ранейшаму шмат піша і друкуецца. А ў 1842 годзе ў Вільні выходзіць яго першая кніга “Chaos” пад псеўданімам Джон Оф Дыкалп.
У 1845 годзе наш зямляк разам з Жыровіцкай семінарыяй, кансісторыяй і епіскапам пераязджае ў Вільню. Яго прызначаюць настаяцелем праваслаўнай Свята-Мікалаеўскай царквы. У Вільні Плакід Янкоўскі падтрымлівае моцныя літаратурныя кантакты з літаратарамі, краязнаўцамі і навукоўцамі ў тым ліку з Юзэфам Ігнатам Крашэўскім. Ён становіцца папулярным літаратарам, які друкаваўся пад псеўданімам Джон Оф Дыкалп. У Вільні, Пецярбурзе, Лейпцыгу выходзяць з друку яго кнігі. Найперш гэта “Засценак”(1841 г.), “Хвіля”(1842 г.), “Апавяданні”(1843 г.), “Складзеная аповесць “(1843 г. разам з Крашэўскім) і многія іншыя. Але разумовая праца адмоўна адбіваецца на яго здароўі. Яму неабходны былі спакой і цішыня. Таму ў 1847 годзе Плакід вяртаецца на Слонімшчыну, атрымлівае невялікі прыход каля Жыровічаў, дзе працуе і жыве. А праз дзесяць гадоў спыняе сваю літаратурную працу, купляе ў Жыровічах хату і з сям’ёй тут спакойна пражывае. Тым не менш, у пачатку 60-х гадоў супрацоўнікі рускіх выданняў “Литовские епархиальные ведомости” і “Виленский вестник” прапаноўваюць яму вярнуцца да літаратурнай дзейнасці на рускай мове. Плакід Янкоўскі пагаджаецца і на працягу шасці гадоў (з 1863 да 1868 гг.) друкуецца па-руску. Яго публіцыстыку ў гэты час можна падзяліць на дзве тэмы — праваслаўная царкоўная і ліквідацыя уніі, а таксама — вясковыя замалёўкі пра жыццё вёскі і некралогі па тых, хто памёр. У друку з’яўляюцца яго артыкулы “Мясцовыя забабоны і прымхі”(1863 г.), “Сялянская праўда”( 1865 г.), “Карэспандэнцыі са Слоніма”(1867 г.) і многія іншыя.
У 1867 годзе ў Жыровічы да Янкоўскіх з Расіі прыходзіць сумная вестка — памірае іх сын, які там вучыўся. Ад гэтага гора не вытрымлівае сэрца ў жонкі Плакіда і яна хутка таксама памірае. З гэтага часу пісьменнік пакідае пісаць свае творы і нават не ходзіць у царкву. Уцехай яго становяцца кніжкі і агарод пры хаце. А 11 сакавіка 1872 года ў Жыровічах не стае і Плакіда Янкоўскага. Яго пахавалі дзеці і землякі на жыровіцкіх могілках у падзямеллі царквы святога Георгія побач з жонкаю.На сцяне царквы дзеці ўстанавілі мемарыяльную шыльду на рускай мове. Гэтая шыльда зберагаецца да сённяшніх дзён.
Праз год пасля смерці Плакіда Янкоўскага з друку выйшла яго кніга “Фанабэрыя пана старосты Канёўскага”. А ў 1928 годзе слонімскі паэт і краязнавец Валяр’ян Харкевіч у Вільні выдае невялікую кніжачку “Плакід Янкоўскі (Джон Оф Дыкалп): жыццё і творчасць”. Дарэчы, Валяр’ян Харкевіч у Слоніме і Вільні выдаў некалькі гісторыка-краязнаўчых кніг. Гэта “Гібель касцельнай уніі на Літве і Беларусі”(1929 г.), “Zyrowice — lask krynice…” (1930 г.), “Bez steru i busoli” (1929 г.) і іншыя.
Нядаўна сябры з Польшчы прыслалі мне кнігу Плакіда Янкоўскага “Доктар Пантэвуш у пераменах і іншыя творы”. Кніга выйшла ў Варшаве ў 1985 годзе. Яна яшчэ раз нагадала пра нашага малавядомага і забытага земляка.
2004 г.
Час вяртання
Тры трагічныя постаці — Станіслаў Грынкевіч, Франук Грышкевіч і Уладыслаў Казлоўшчык — былі родам з Беласточчыны. Цяжкім і кароткім атрымаўся іх жыццёвы і творчы шлях.
У свой час Заходняя Беларусь мела двух Станіславаў Грынкевічаў. Малодшы Станіслаў Грынкевіч быў шчырым беларусам, памёр на эміграцыі ў Амерыцы. А яго дзядзька Станіслаў Грынкевіч займаўся літаратурай і медыцынай.
Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч (старэйшы) 2 лютага 1902 года ў мястэчку Новы Двор былога Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў вясковага настаўніка, які яго і рыхтаваў да экзаменаў у гімназію. У 1912 годзе Стась Грынкевіч здаў экзамен і быў залічаны ў Гродзенскую дзяржаўную мужчынскую гімназію.
Калі пачалася першая сусветная вайна, Станіслаў Грынкевіч, разам са сваім стрыечным дзядзькам выехаў у Смаленскую губерню. Там закончыў сем класаў, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў рыхтавацца да паступлення ва універсітэт.
Здаўшы паспяхова экзамены, Станіслаў Грынкевіч паступіў у Віленскі медыцынскі універсітэт. Але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года працаваў у медыцынскай клініцы, пасля — у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы каля Беластока. Працаваў таксама ардынатарам аддзела нервовых хвароб, адначасова вёў лабараторныя доследы і пісаў пра іх працы. Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю: перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы з іншых моў, а таксама рэлігійныя творы. У гэты час ён рэгіструе шлюб з лекаркай стаматалогіі, полькай па нацыянальнасці. У сваім шчаслівым жыцці яны мелі двух сыноў і дзвюх дачок. Жонка Ядвіга Грынкевіч, як і яе муж Станіслаў, апрацоўвала лекарскія парады па-беларуску і нават сама пісала артыкулы на медыцынскія тэмы. У Вільні выходзяць іх сумесныя кнігі “Рады хворым і здаровым” (1935 г.), “Алкагалізм” (1938 г.), “Умовы і загады, неабходныя для здароўя” (1939 г.) і іншыя.
У пачатку 1927 года Станіслаў Грынкевіч з сям’ёй пераехаў у Вільню. Тут уладкаваўся на працу ў першую Віленскую паліклініку. Меў свой дом, агарод, сад. Адсюль пісаў артыкулы ў розныя беларускія часопісы. Яны з’яўляліся ў “Студэнцкай думцы”, “Крыніцы”, “Заранцы”, “Калосьсях” і ў іншых выданнях. Ён любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. У 1936 годзе Станіслаў Грынкевіч выдаў брашуру “Асьвета”. На жаль, польская паліцыя яе канфіскавала, аўтар адсядзеў два тыдні за кратамі і атрымаў штраф.
У 1937 годзе, пасля падарожжа на Украіну, ён напісаў і выдаў новую брашуру “У братоў украінцаў”. Наогул, доктар медыцыны Станіслаў Грынкевіч пісаў шмат. Адны назвы ягоных артыкулаў гавораць самі за сябе, гавораць аб тым, які гэта быў адукаваны і разумны чалавек. Вось, напрыклад, некалькі назваў ягоных прац: “Аб тэатры” (1927 г.), “Царква. Помста. Вязьніца” (1928 г.), “Капля вады” (1927 г.), “Народ” (1927 г.), “Як лячыць хваробы хатнім спосабам” (1927 г.), “З зацемак аб характары беларусаў” (1935 г.), “Аб праве да бацькаўшчыны” (1936 г.), “Гігіена псіхічная, як праблема асноўных адносінаў да жыцьця” (1937 г.) і іншыя.
Пісаў Станіслаў Грынкевіч і драматычныя творы. У 1927 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла з друку яго п’еса ў трох абразах “Жанімства па радыё”. Гэты бытавы драматычны твор расказвае пра жыццё і справы беларускіх вяскоўцаў.
У эміграцыйным рэлігійным часопісе “Znic” (1973 г., № 117) змешчаны ўспаміны А. Валтупскага, дзе аўтар, у прыватнасці піша: “За два дні перад прыходам у Літву вайсковых савецкіх сіл я адведаў у Ерузалімцы Грынкевічаў. Прынагодна спаткаў у іх і друкара Скарынаўскай Друкарні ў Вільні Альфонса Шутовіча. Я стаяў на тым становішчы, што беларусам-незалежнікам, перад усім інтэлігенцыі, трэба падавацца на Захад, бо бальшавікі зьліквідуюць усіх пагалоўна. Што пазней і сталася. Ядвіга Грынкевічыха, частуючы нас забеленай заціркай, катэгарычна абвясьціла: “Стась нікуды ня будзе ўцякаць ад сям’і перад акупацыяй, ён ня мае ніякага праступку перад законамі акупантаў, бо ён не савецкі грамадзянін. Яны за перадваенную беларускую дзейнасць ня могуць мець ніякага права караць. Зрэшты, бальшавікі тут не астануцца, яны прагоняць гітлераўцаў і пасля адступяць за старыя граніцы, пакідаючы Польшчы тыя ўсе землі, што належалі ёй перад вайною”.
Нічога аднак ня зьдзейснілася з таго, у што верыла спажа Ядвіга Грынкевічыха. На трэці дзень пасьля заняцьця Вільні і ваколіц савецкімі збройнымі сіламі, да Грынкевічаў зьяўляецца ўзброеная контрразьведка і арыштоўвае доктара Станіслава Грынкевіча”.
Пасля яго арышту былі канфіскаваны дом і ўся маёмасць. А самога спадара Грынкевіча адправілі на допыты ў Менск. А 25 ліпепя 1945 года пад Магілёвам расстралялі.
Лёс Ядвігі Грынкевіч склаўся па-іншаму. Ёй удалося выехаць у Польшчу, уладкавацца на працу і даць дзецям добрую адукацыю. Усё жыццё яна верыла, што яе муж жывы ў савецкіх лагерах, піша і друкуе артыкулы пад чужым прозвішчам. Сябры і знаёмыя не хацелі гаварыць ёй аб трагічнай гібелі Станіслава Грынкевіча, каб жанчына не губляла надзеі.
Памерла Ядвіга Грынкевіч ад рака лёгкіх у 1963 годзе ў Гданьску ў акадэмічным шпіталі. Дзеці яе не пайшлі па слядах свайго бацькі. Яны лічаць сябе палякамі і беларускімі справамі не цікавяцца...
Нешчаслівым і кароткім было жыццё і Франука Грышкевіча. Ён марыў напісаць праўдзівую гісторыю беларускай літаратуры. “Я — Франук Грышкевіч, а не Алесь Кучар, хачу напісаць гісторыю беларускай літаратуры”, — казаў Франук.
Напісаць праўдзівую гісторыю беларускай літаратуры Франуку Грышкевічу не ўдалося. У канцы 1944 года ён быў арыштаваны органамі НКУС і пасаджаны ў менскую турму. Допыты праводзіў сам шэф беларускага НКУС Лаўрэнцій Цанава. Яны былі цяжкія і здзеклівыя. Ідучы на чарговы допыт, Франук Грышкевіч выскачыў праз турэмнае акно на вуліцу і... забіўся.
Нарадзіўся ён у 1906 (?) годзе ў мястэчку Сухаволі Сакольскага павета на Беласточчыне. Рана застаўся без бацькоў. Спачатку вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. А пасля яе заканчэння ў 1926 годзе нелегальна перайшоў польска-чэшскую граніцу і паступіў на літаратурны факультэт Карлавага універсітэта ў Празе, які закончыў са ступенню доктара філасофіі.
Знаходзячыся ў Чэхаславакіі Франук Грышкевіч вельмі актыўна супрацоўнічаў з часопісам “Slovansky prehled”. Друкаваў на яго старонках рэцэнзіі на менскія выданні, расказваў пра жыццё ў БССР.
Пасля вучобы ў Празе ён вярнуўся ў Вільню. Служыў у 6-м палку Войска Польскага, працаваў у ротнай канцылярыі пісарам, нават быў беспрацоўным...
У 1939 годзе, калі Чырвоная Армія ўвайшла ў Вільню, стаў супрацоўнічаць, з часовымі савецкімі ўладамі, узначальваў беларускія школы Віленскай школьнай акругі.
Калі нямецка-фашысцкія захопнікі напалі на Савецкі Саюз, Франук Грышкевіч застаўся ў Вільні. Акупацыйныя ўлады далі дазвол на функцыянаванне Віленскай беларускай гімназіі. Дырэктарам яе быў прызначаны Ф. Грышкевіч, ды і выкладчыкі гімназіі засталіся ўсе тыя, хто працаваў раней. Вось што ўспамінае пра Франука Грышкевіча былая гімназістка Вольга Мароз-Давідовіч з Мінска:
“Гэта быў чалавек з магутным інтэлектам, высокай культурай і адначасова сціплы, надзіва лагодны. Да таго ж ён быў паэтам, ведаў некалькі замежных моў і шчыра кахаў сваю Бацькаўшчыну. Выкладаў у нас цудоўны і цікавы прадмет — сусветную літаратуру. Яго ўрокі былі незвычайнымі, бо ніякімі канспектамі і планамі ён ніколі не карыстаўся, у кніжкі не заглядваў, а толькі расказваў і расказваў — ад пачатку ўрока і да самага канца. Вучні сядзелі, як ашаломленыя, не прапускаючы ніводнага слова. Мы глядзелі на выкладчыка, як на Бога. Калі звінеў званок, мы прасілі яго: “Заставайцеся з намі яшчэ на перапынак!” Выкладчык радасна ўсміхаўся і казаў: “Гэта для мяне найлепшая ўзнагарода”.
Жывуць яшчэ, дзякуй Богу, і ў Польшчы былыя выхаванцы, якія добра ведалі Франука Грышкевіча. З Сопата, напрыклад, адгукнуўся Мацей Канапацкі.
“Вы цікавіцеся маім настаўнікам, дырэктарам Беларускай гімназіі ў Вільні Франуком Грышкевічам? Гэтае зацікаўленне мае творчы аспект, і таму вялікі Вам дзякуй ад колішняга вучня гэтага цудоўнага чалавека, якога давялося, перш за ўсё пашчаслівілася, мне пазнаць. Кожны раз, калі сустракаюся са сваім сябрам, таксама слухачом на Вастрабрамскай вуліцы (здаецца так яна называлася) Антосем Альксьніным, мы ўспамінамі ўшаноўваем самую светлую памяць пра Франука Грышкевіча. Праўда, гады два ці тры мы знаходзіліся ў Беларускай гімназіі з Антосем, але наш дарагі настаўнік пакінуў прыкметны след, застаўся ў памяці назаўсёды.
Мы слухалі лекцыі пра беларускую літаратуру і стылістыку. Кожная лекцыя Франука Грышкевіча была незвычайнай, сумленна прачытана. Наш дарагі выкладчык быў проста закаханы ў гэтыя прадметы. Яшчэ сёння ў памяці гучаць словыя Цёткі голасам Грышкевіча:
Хацела б быць зярном пшаніцы, Упасць на ніўкі вёскі. Зазалаціцца, без мятліцы Даць хлеб смачнейшы трошкі...Наш настаўнік быў сярэдняга ўзросту. Яго галава была крыху пахілена ў правы бок. Калі нам чытаў лекцыю, меў звычай час ад часу трымаць пальцы правай рукі каля вуснаў (вось быццам зараз яго бачу...).
Аднойчы пазнаёміў ён нас з уласнай біяграфіяй. Адно толькі я запомніў: Франук Грышкевіч гаварыў, што ў польскай турме білі яго ланцугамі...
I неяк чуў я па “Свабодзе” радыёперадачу пра Франука Грышкевіча. Яна была прысвечана яго заўчаснай трагічнай смерці. Пазней нешта занатаваў, аднак зараз адшукаць у сваім хатнім архіве ніяк не магу... Ад шчырага сэрца жадаю Вам поспехаў у вывучэнні біяграфіі і творчага шляху прафесара Франука Грышкевіча. Ён заслугоўвае вечнай памяці ў гісторыі”.
Франук Грышкевіч быў не толькі добрым педагогам, але і паэтам, перакладчыкам і публіцыстам. Першыя яго вершы былі апублікаваны ў 1924 годзе ў часопісе “Студэнцкая думка” і газеце “Крыніца”. Выступаў таксама з вершамі ў “Сялянскай ніве”, “Беларускай крыніцы”, “Родных гонях” і ў іншых тагачасных беларускіх выданнях.
Першыя паэтычныя радкі Франука Грышкевіча былі напісаны пад вялікім уплывам каталіцкага асяроддзя. Шмат твораў яго было прысвечана беларусам-католікам Адаму Станкевічу, Казіміру Сваяку, Вінцэнту Гадлеўскаму, Адольфу Клімовічу і іншым адзінаверцам. Узлёт паэтычнай творчасці Франука Грышкевіча адносіцца да 1927 года, калі ў Вільні выходзіць яго першы паэтычны зборнік “Веснавыя мэлёдыі”. Вершам, якія яго склалі, уласцівы тонкі лірызм і філасафічнасць, а таксама вернасць свайму народу. Праўда, у многіх вершах адчуваецца песімізм, аўтара непакоіць будучыня сваёй Бацькаўшчыны. Адначасова паэт пераканана сцвярджае:
Ах пакінь! Ах пакінь маладога, Ты пагана й звадліва мана. Не пайду!.. У мяне ёсць дарога У мяне Беларусь ёсць адна!Пісаў Франук Грышкевіч і празаічныя творы. У 1927 годзе ў “Беларускай крыніцы” былі апублікаваны яго апавяданні “Святы Сыльвестар”, “Куцьця ў чужыне” і “У калядны вечар”.
Выступаў Ф. Грышкевіч у друку і як крытык, і як перакладчык. Ім напісаны цікавыя рэцэнзіі на кнігі Наталлі Арсенневай, Уладыслава Казлоўшчыка, Якуба Коласа, Антона Навіны, Канстанціна Езавітава, Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхайлы Піятуховіча, Вінцука Адважнага, Хведара Ільяшэвіча, Рыгора Мурашкі, Максіма Багдановіча, Мікалая Ільяшэвіча і многіх іншых. Перакладаў з польскай, чэшскай, славенскай, украінскай і нямецкай моў на беларускую.
Калі Франук Грышкевіч быў толькі педагогам і літаратарам, дык яго зямляк Уладыслаў Казлоўшчык (сапраўднае прозвішча Казлоўскі) праявіў свае здольнасці не толькі ў літаратуры, але і ў спорце, выдавецкай дзейнасці і палітыцы.
Беластоцкая газета “Новая дарога” 12 снежня 1943 года пісала: “Дня 13 лістапада 1943 года ў Менску, пры выкананні сваіх нацыянальных абавязкаў трагічна загінуў ад рук нікчэмных бальшавіцкіх бандытаў рэдактар “Беларускае Газэты” Уладыслаў Казлоўскі, народжаны ў 1896 годзе ў вёсцы Залесьсе Сакольскага павету. Паховіны адбыліся дня 22 лістапада на Кальварыйскіх каталіцкіх могілках у Менску. Падаючы гэтыя сумныя факты да ведама грамадзянства, рэдакцыя “Новай Дарогі” выказвае сваё глыбокае спачуцьцё асірочанай сям’і нябожчыка. Чытачы й рэдакцыя “Новай Дарогі””.
Сапраўды, у лістападзе 1943 года нехта Іван Шнігер зайшоў у рэдакцыю “Беларускай газеты” і стрэліў ва ўпор з пісталета ў яе рэдактара. Стрэл пачула Наталля Арсеннева, якая выбегла з суседняга пакоя і закрычала: “Трымайце, трымайце яго! Гэта той бандыт, які забіў спадара Казлоўскага”. Але было ўжо позна.
Тысячы беларусаў праводзілі ў апошні шлях нашага здольнага літаратара. Часопіс “Новы шлях” адзначыў тады, што Уладыслаў Казлоўшчык “стаўся чароднай ахвярай бандыцкага тэрору на Беларусі і загінуў як жаўнер пры спаўненьні сваіх абавязкаў”.
Дзяцінства Уладыслава Казлоўскага прайшло на Беласточчыне ў роднай вёсцы Залессе. Пачатковую і сярэднюю адукацыю ён набыў у Саколцы і ў Гродне.
У 1916 годзе наш зямляк паступае ў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. А калі заснавалася ў Вільні беларуская вайсковая арганізацыя, пакідае семінарыю з мэтай паступіць у беларускае нацыянальнае войска. Адначасова ён запісваецца на кароткачасовыя беларускія настаўніцкія курсы пры Цэнтральнай радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны, пасля заканчэння якіх накіроўваецца ў Сакольскі павет, дзе прымае ўдзел у арганізацыі беларускіх школ.
Пасля няўдалых у гэтым накірунку спробаў, з прычыны негатыўных адносін тагачасных павятовых школьных улад, Уладыслаў Казлоўскі вяртаецца ў Вільню. А калі заснавалася ў Менску Беларуская вайсковая камісія, пераязджае ў Менск.
У пачатку 1920 года ён працуе інструктарам Беларускага нацыянальнага камітэта па пытаннях арганізацыі нацыянальнага і кааператыўнага жыцця ў Ігуменскім павеце. А ў маі гэтага ж года Беларускай вайсковай камісіяй ён высылаецца ў Варшаўскую школу падхарунжых.
Пасля заканчэння ваеннай школы, Уладыслаў Казлоўскі прызначаецца інструктарам у Першы батальён беларускіх стралкоў, які ўжо быў эвакуіраваны з Менска ў Лодзь. Праўда, праз год, у сувязі з ліквідацыяй беларускіх аддзелаў, пераводзіцца ў польскае войска як кадравы афіцэр.
Будучы паручнікам чыннай службы Уладыслаў Казлоўскі не парывае сувязі з беларускім нацыянальным рухам. А ў 1930 годзе звальняецца са службы і пераязджае ў Вільню. Тут ён поўнасцю аддае сябе творчай працы і палітыцы. Спачатку арганізоўвае гімнастычнае таварыства “Гайсак”, пасля з’яўляецца выдаўцом і рэдактарам часопіса “Новы шлях” і адначасова адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
У гады вайны Уладыслаў Казлоўскі ў акупіраваным немцамі Менску рэдагуе “Беларускую (Менскую) газету”.
Першыя творы Уладыслава Казлоўшчыка з’явіліся ў перыядычным друку ў 20-х гадах. Гэта былі публіцыстычныя артыкулы на спартыўныя тэмы. Тады і выходзяць у свет яго першыя кнігі “Фізычнае выхаваньне грамадзянства” (1927 г.) і “Аб фізычным выхаванні ў беларусаў” (1928 г.).
У 1930 годзе ён актыўна супрацоўнічаў з часопісам “Шлях моладзі”, дзе вёў рубрыку “Куток для спорту”. Сам пісаў спартыўныя артыкулы, рэпартажы і друкаваў на старонках гэтага часопіса. Значны рэзананс у той час мелі яго матэрыялы “Рухавыя гульні і ігры” (1930 г., № 3), “Аб нямецкай гімнастычнай сыстэме” (1930 г., № 5), “Ход-спацыр” (1930 г., № 6), “Плаваньне” (1930 г., № 7) і многія іншыя.
Адначасова са спартыўнымі артыкуламі добра пісаліся і літаратурныя творы. З друку выходзяць яго кнігі “Беларускія народныя песьні з Сакольскага павету” (1930 г.), “Плач Беларускай Старонкі — маткі па дзетках сваіх рэнегатах” (1930 г.), вершаваны раман “Путы каханьня” (1932 г.), зборнік паэзіі “Шляхам змаганьня” (1935 г.), вершаванае апавяданне “Казюк на кірмашы” (1940 г.).
У сваіх вершах і празаічных абразках Уладыслаў Казлоўшчык часцей за ўсё звяртаўся да беларускай моладзі. Яго верш “Песьня беларускай моладзі” быў тады гімнам беларускіх юнакоў і дзяўчат. Дарэчы, і музыку напісаў сам аўтар.
Патрыятычная паэзія і проза беларускага літаратара з Беласточчыны — гэта заклік да незалежнасці і адраджэння Беларусі. Ён смела і аддана заклікаў свой народ ісці шляхам змагання, а тых, хто “на печы ў кажуху” сядзіць, “хай волі гром грыміць і будзіць, што дрэмлюць”. Паэт шчыра верыў у Беларусь і ў крывіцкі дух, а таксама спадзяваўся, што “прыйдзе той час — да сваіх я вярнуся і ў Маткі я Роднай кутка папрашу”.
У 1999 годзе ў Беластоку пад адной вокладкай выйшлі з друку выбраныя творы
Уладыслава Казлоўшчыка, Станіслава Грынкевіча і Франука Грышкевіча пад назваю “Вяртанне да сваіх”. І гэта радуе, што іх творчасць паціху сёння вяртаецца ў Беларусь, дзеля якой гэтыя людзі жылі, тварылі і змагаліся.
1999 г.
Незабыўны Янка Геніюш
У лютым 2002 года споўнілася сто гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша (1902-1979) — беларускага доктара, бібліяфіла, палітыка, мужа паэткі Ларысы Геніюш. Але аб гэтым юбілеі ніхто не ўспомніў ні ў Беларусі, ні на яго Радзіме — Беласточчыне.
Сёння мне хочацца кампенсаваць гэтую недарэчнасць і прыгадаць нашага земляка такім, якім ён быў і запомніўся тым, хто яго ведаў. Па характару Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён ён быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Дый іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя ростані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім дваім творчая інтэлігенцыя Беларусі паставіла новы помнік на Зэльвенскіх могілках), былі выбіты такія радкі:
Па сонца асветы ўзлятаў, нібы птах, З палоскі сялянскае, вузкае. Адзін толькі ведаў у жыцці сваім шлях Пачэсны, цяжкі, беларускі.Янка Геніюш нарадзіўся ў 1902 годзе 24 лютага ў Крынках на Беласточчыне. Дарэчы, у Крынках пачынаецца і ўвесь род Ларысы Геніюш, якая аб гэтым успамінае ў артыкуле “Крынкі” (“Маладосць”, 1997, № 1): “Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках”. I калі Ларыса Антонаўна Міклашэвіч выйшла замуж за Янку Геніюша, то запыталася жартам у яго: “А дзе ж ты нарадзіўся?” — “Гдзе? У Крынках!” — адказаў Янка. I сапраўды... дзе ж яшчэ можна нарадзіцца на Беласточчыне, як не ў славутых Крынках.
3 Крынак шлях ляжаў у Прагу, куды Янка Геніюш прыехаў вучыцца. Ён паступіў у Карлаўскі універсітэт, а пасля яго заканчэння атрымаў медыцынскую адукацыю, стаў урачом-венеролагам. У тым жа 1935 годзе ў сям’і Геніюшаў нарадзіўся сын Юрка. Пабыўшы два гады дома, Ларыса з сынам пераязджае ў Прагу да Янкі.
Жыццё ў Празе было вельмі цікавым і разнастайным. Тут жылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускія спевакі, кампазітары, мастакі, пісьменнікі. 3 імі ўсімі быў знаёмы Янка Геніюш, з многімі шчыра сябраваў. А яшчэ ён быў актыўным сябрам пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы.
Падчас акупацыі Прагі нямецкімі войскамі, са слоў Барыса Сачанкі, Янка Геніюш, “як старшыня сходу, падпісаў тэлеграму Адольфу Гітлеру ад “шчырых” беларусаў” (Барыс Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі, Мінск 1990, с. 24). На самой справе ўсё адбылося інакш. Вось як пра гэта ўспамінае Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі”: “Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту (Беларускай народнай самапомачы — С.Ч.). Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж (маецца на ўвазе Янка Геніюш — С.Ч.), які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ ні сесці, ні апомніцца, як ужо “выбралі” яго старшынёю сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў — ён бачыў подлы й хітры “ход” Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка як ад “беларусоў у Празе” ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў “Беларускага камітэту самапомачы ў Празе”. Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся... I вось гэты архіў апынуўся ў Мінску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зроблена яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашы подпісы былі выведзеныя пад капіроўку”... (Ларыса Геніюш, Споведзь, Мінск 1993, с. 43). У 1943 годзе ўсё той жа Ермачэнка адправіў Янку Геніюша ў Беларусь, у прыватнасці, у Слонім на лекарскую працу. Нядаўна Алег Лойка расказаў мне адзін цікавы эпізод з жыцця Янкі Геніюша ў акупіраваным немцамі Слоніме: “Падчас акупацыі ў 1943-1944 гадах мой бацька быў намеснікам слонімскага гебітартца (слонімскага райздрава), а гебіткамісаратрцам быў не хто іншы, як дзядзька Янка, спадар Іван Пятровіч Геніюш. Толькі па рэцэптах за подпісам майго бацькі выдаваліся ў слонімскай аптэцы лякарствы. Тыя лекі ішлі да партызанаў, і спадар Геніюш не мог таго не ведаць. А яшчэ Іван Пятровіч стаў героем у вачах майго бацькі, калі ён не ўскінуў руку дзеля прывітання слонімскага гебіткамісара Эрэна, п’ючы піва пры рэстараннай стойцы, калі ў рэстаран зайшоў Эрэн. Эрэн зрабіў на тое заўвагу, на якую дзядзька Янка зрэагаваў імгненна: “А хто тут гаспадар, мы ці вы?!” Праз некалькі дзён слонімскі арцтгэбіт узначальваў ужо не Геніюш: Эрэн прагнаў яго ў Баранавічы. Іншай меры пакарання Эрэн не дабіўся, бо за Геніюшам стаяла слава тых, хто падпісаў з Прагі ліст самому Гітлеру...”.
Пасля вайны ў 1948 годзе Янка і Ларыса Геніюшы былі незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства і з Прагі іх вывезлі ў Беларусь. А праз год асуджаны Вярхоўным судом Беларусі на 25 гадоў няволі.
У 1956 годзе Геніюшы былі датэрмінова вызвалены і вярнуліся ў Зэльву, дзе пасяліліся ў хаце бацькоў Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. Сам Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць доктарам у мясцовай зэльвенскай бальніцы. У іх хаце часта гасцілі Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Данута Бічэль, Юрка Голуб, Алесь Траяноўскі, Мікола Канаш і многія іншыя пісьменнікі і сябры. Па-рознаму яны адносіліся да Івана Пятровіча, які пасля сталінскіх лагераў ненавідзеў камуністаў і савецкую ўладу, а яшчэ мацней любіў Беларусь і ўсё жыццё марыў аб яе незалежнасці ад Расіі. У 1963 годзе сям’ю Геніюшаў у Зэльве наведалі на новым “масквічы” Уладзімір Калеснік, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч.
Пра сустрэчу ў доме Геніюшаў і асабіста пра Янку Пятровіча Уладзімір Калеснік пакінуў успамін у сваёй кнізе “Усё чалавечае” (Мінск 1993, с. 74-75): “Гэта быў задзірысты інтэлігент, прывыклы да асабістага суверэнітэту пад парасонам чэхаславацкай канстытуцыі, дзе пражыў добрыя два дзесяткі гадоў. Любіў ён дражніцца з субяседнікамі, пазіраючы на іх зверху. Свой арышт пасля вайны і ссылку ў Сібір Іван Пятровіч лічыў гвалтам над асобай, парушэннем грамадзянскіх свабод, а ўласныя палітычныя акцыі, якія і ў Еўропе падлягалі крымінальнай, а не маральнай ацэнцы, таксама называў сваёй асабістаю справай. Ён заяўляў, што Заходняя Беларусь была вызвалена не ў верасні 1939 года, а ў чэрвені 1941-га. Так ён апраўдваў свой удзел у арганізацыі ганебна вядомага звароту беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі да Гітлера, — падзякі за акупацыю Маравіі і Беларусі вермахтам. Не адчуваў Іван Пятровіч і скрухі за тое, што прыехаў у час акупацыі ў Беларусь у афіцэрскім мундзіры вермахта як вайсковы ўрач. Адным словам, мы пераканаліся ў ходзе спрэчак, што наш размоўца прыпісвае сабе тую абсалютную непагрэшнасць, якою касцёл надзяляе папу рымскага ды і то ў моманты, калі той выступае ex katedra, гэта значыць, афіцыйна, урачыста. Іван Пятровіч сам сабе прысвоіў непамыльнасць і на ўсе выпадкі і ва ўсім. Спрачацца з ім было бессэнсоўна, і Брыль першы, а мы за ім, перайшоў да ігнаравання гаспадаровых задзірыстых выпадкаў. Застаўшыся без апанентаў, Іван Пятровіч перайшоў ад палітыкі да паэзіі і выказаў добрую памятлівасць, знаёмства са зборнікамі беларускіх паэтаў, якія купляў ці не ўсе падрад. Ён меў памяць і на імёны, і на хлёсткія словы, на парадоксы, аксюмараны, гіпербалы. Не дзівіўся я пазней, даведаўшыся, што нашпігаванаму палітыкай і лірыкай урачу не ставала часу, а мо нават і ахвоты на медыцыну. Гаворка пра паэзію зняла нашу некантактнасць, да гутаркі падключылася Ларыса Антонаўна, і мы шчыра пагутарылі пра літаратурныя клопаты-спадзяванні. Паэтка аказалася менш ідэалагічна закамплексаванай, чым яе муж...”.
Гэта ўсё ж суб’ектыўная думка Уладзіміра Калесніка пра Янку Геніюша. Ды і не так часта ён з ім сустракаўся, гутарыў, спрачаўся. Больш шчыра пра Янку Геніюша расказаў у пісьме да мяне яго сябра са Жлобіна Мікола Канаш. Спадар Канаш вельмі часта наведваў Геніюшаў у Зэльве. I ўспомніць пра Янку яму было што: “Іван Пятровіч вельмі любіў беларускія кніжкі, сам шмат купляў, а таксама прасіў сяброў з другіх гарадоў. Калі я яшчэ жыў у Комі АССР, пасля лагераў, ён мне ў кніжнай лаўцы ў Зэльве падпісаўся на Беларускую савецкую энцыклапедыю і калі паступалі першыя тамы, дасылаў мне. Ён трымаў заўсёды сабаку, які быў прывязаны на ланцуг і ноччу бегаў ад ганку да хлява па нацягнутым дроце. Вельмі шкадаваў, калі не стала аўчаркі Альмы, якая была першым дэгустатарам цукерак, малочных прадуктаў, якія прыносілі суседзі. Усё гэта і стала прычынай смерці Альмы.
Іван Пятровіч працаваў лекарам у Зэльвенскай раённай паліклініцы, калі вярнуўся з Варкуты ў 1956 годзе. У яго кабінеце вісеў партрэт Францішка Скарыны, таму некаторыя хворыя пыталіся ў яго: “Хто гэта?”. З усімі жыхарамі Зэльвы Янка Геніюш размаўляў толькі па-беларуску. Часам чуў, як хворыя, перш, чым трапіць на прыём да яго, казалі: “3 лекарам гаварэце толькі па-беларуску, бо не дасць асвабаждзення”. Тых, хто казаў яму “здравствуйте”, Янка не чуў, а рабіўся глухім і нічога не казаў. А калі казалі яму “добры дзень”, ён здымаў з галавы капялюш і шчыра вітаўся. Іван Пятровіч быў вопытны доктар-практык. Ён добра разбіраўся ў неўралогіі, сексалогіі, венерычны хваробах, быў нядрэнны хірург і тэрапеўт, ведаў лекавыя травы. Зэльвенцы яго моцна любілі і цанілі...”.
19 лютага 1979 года Янкі Геніюша не стала. Ларыса Геніюш з вялікім болем у сэрцы напісала тады:
Апошні дотык рук на твары чую, Тваіх знямоглых, цяжка схвараваных, Апошні раз мой муж мяне цалуе, З невысказаным да канца каханнем. Залегла грозна цішыня ў хаце, Не вымавіць таго, што чуе сэрца. Хвораму целу з ложка не падняцца, Няўмольна смерць суровая крадзецца Як воск ад свечкі, памаленьку тае Малы агеньчык, ужо амаль не свеціць, Смерць, быццам злодзей моўчкі падступае, Што ж, усё яшчэ смяротнае на свеце... О, колькі раз я на тваіх далонях, Выплаквала свой горкі боль да рання, Як затрымаць жыццё тваё мне сёння, Усё не дасказана яшчэ, не дакахана. Не адлятай у нязнаную дарогу, Не пакідай, каб сэрца не балела, Здаецца мне, што дзён гэтых нямнога, Пражытых разам мігам праляцела... Прайшлі гады, а для мяне хвіліны, Супольных мараў, сноў аб Беларусі, У нас дзве душы, а шлях наш быў адзіны, Як цяпер сама я застануся?Сапраўды, шлях у Янкі Геніюша быў адзін — гэта шлях да Беларусі. Ён кахаў і любіў Беларусь па-свойму шчыра, як любілі яе тысячы ягоных сяброў і равеснікаў. Дарэчы, пра многіх наш зямляк напісаў цікавыя ўспаміны. На жаль, яны раскіданы па прыватных і розных іншых архівах свету.
2003 г.
Згадка пра Гальяша Леўчыка
Няма на Чырвонаармейскай вуліцы ў Слоніме хаткі, дзе жыў выдатны беларускі паэт, калекцыянер, мастак і музыкант Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч). Гэта была не хатка, а цуд! Цяпер там, дзе яна стаяла, знаходзіцца Слонімскі аўтарамонтны завод.
Праект гэтай хаткі склаў і яе будаваў у 1920 годзе сам паэт, разабраўшы старую бацькаву хату. Яна прастаяла да пачатку 60-х гадоў, але пасля была знесена, бо пашыралася тэрыторыя завода. Шкада, а мог бы быць там добры музей нашаму паэту.
Хатка Гальяша Леўчыка нагадвала маленькі своеасаблівы музей. Усе сцены былі пазавешаны малюнкамі ў пазалочаных рамачках яго работ, фатаграфіямі, сярод якіх быў вялікі алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака Барвіцкага. Шмат было розных кніжак, роспісаў, старых рэчаў. Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў усё беларускае — кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты. Ды і сам добра іграў на гітары, скрыпцы і акарыне.
Падобны музей беларускай літаратуры і мастацтва быў і ў ягонай кватэры ў Варшаве. Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме, а зімою — у сталіцы Польшчы. Захаваўся ўспамін Зоські Верас, які яна напісала ў 1984 годзе, пра варшаўскую кватэру Гальяша Леўчыка: "Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сцяна была адбудаваная даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі... Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі "Нашай нівы" ад самага яе пачатку, "Гоман", некалькі нумароў "Мужыцкай праўды", Францішак Багушэвіч: Дудка, Смык..., "Сялянка" Дуніна-Марцінкевіча ды іншыя яго творы... Купала, Колас... Усё, што выдала Суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца"... І ўсе тамы "Lud Bialoruski" М. Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку аўтарам... Усе паліцы ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі... Шмат з таго было купленым, але шмат і падараваным аўтарамі ды знаёмымі"...
З Варшавы зноў вернемся ў Слонім, дзе жыў наш дзядзька Гальяш. Дзядзькам Гальяшом яго звалі маладзейшыя слонімскія паэты, мастакі, музыканты. У доміку № 73 на вуліцы 3-га мая ў Слоніме часта бывалі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі, а таксама Ядвіся. Так-так, тая самая Ядвіся, аб якой пісаў Якуб Колас у аповесці "У палескай глушы". Пра гэта пры жыцці не раз расказваў Сяргей Новік-Пяюн. Ён нават меў сустрэчу з Ядвісяй, іх пазнаёміў Гальяш Леўчык. Ядвіся, сапраўды, жыла ў Слоніме на Ружанскай вуліцы. Прозвішча ў яе было — Бараноўская. Яна пісала вершы і друкавала ў "Нашай ніве" пад псеўданімам Юстына. У 1945 годзе Ядвіся пакінула горад над Шчарай і выехала ў Польшчу. Як склаўся яе далейшы лёс, невядома.
Да Гальяша Леўчыка ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і дзеячка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Міхась Лынькоў, Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Мінск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім "шаўрале" Янка Купала пад'ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў "Першы беларускі рэстаран", які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці ім сустрэцца не давялося.
Гальяш Леўчык меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, гаспадыні ў доме ў яго не было. І неяк у 1932 годзе ён прачытаў у газеце "Кур'ер Кракаўскі" аб'яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык "клюнуў" на гэтую аб'яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожыла. Ён нават заехаў у Дзярэчын да свайго сябра Яна Пятроўскага (жыў і памёр у ЗША), каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго адгаворваў жаніцца на польскай дзяўчыне з Ваўкавыска. Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.
Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Усе зберажэнні мужа жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. А ў гады вайны за ёю сачыла нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску аб нявыездзе са Слоніма. Зося ўсё ж працягвала свае паездкі. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушчы польскі сцяг з арлом. На кватэры немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.
Гальяш Леўчык цяжка перажываў страту Зосі, відаць, моцна яе кахаў. У 1942 годзе са Слоніма ён падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Прыбыўшы туды, ён дабраўся да свайго дому і кватэры. Але ў ёй ужо жыла іншая сям'я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватэрантаў. Так наш зямляк застаўся без жонкі, без кватэры і без архіваў. У акупіраванай немцамі Варшаве галадаў, а ў пачатку 1944 года паэта не стала.
Да вышэй сказанага пра Гальяша Леўчыка хочацца нагадаць і яго біяграфічныя звесткі.
Нарадзіўся Ілья Ляўковіч 20 ліпеня 1880 года ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках "шчасця-долі ў шырокім свеце". Ілья скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля ў канцэлярыі міравога суддзі.
Набыўшы на курсах прафесію чарцёжніка, наш зямляк падаўся ў Варшаву. Там ён уладкаваўся на працу ў будаўнічы аддзел варшаўскага магістрата. У пачатку 20-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт вярнуўся назад у Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага служачага, то беспрацоўнага.
З 1907 года Ілья Ляўковіч супрацоўнічае з газетай "Наша ніва", дасылае вершы, якія падпісвае псеўданімам "Гальяш Леўчык". "Наша ніва" моцна прывязвае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для "Беларускага календара", выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданні. У Варшаве Гальяш Леўчык аб'ядноўвае вакол сябе ўсіх беларусаў, аказвае бясконцыя таварыскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апякуецца прыезджымі, гуртуе ў зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся беларускай мовы і не забыліся беларускай мовы. Шмат піша сам. А ў 1912 годзе ў Вільні выходзіць яго першы зборнік вершаў "Чыжык беларускі".
У 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнаю кнігаю яго выбраныя творы пад загалоўкам "Доля і хлеб".
Чытаючы вершы Гальяша Леўчыка, якія ён напісаў 85-70 гадоў назад, адчуваеш іх сённяшнюю актуальнасць, злабадзённасць і смеласць. Некалькі строф з розных вершаў так і хочацца працытаваць:
— Чыжык, чыжык, дзе ты быў? — Я на Белай Русі жыў: Бачыў слёзы, жалю крык як гаруе там мужык... * * * Чаму ўсё праўда дзесьці гіне? Ні ў кога ласкі к чалавеку... Калі ж бяда нас гнуць пакіне? Калі ж у нас не будзе здзеку? * * * Дружна, брацця, будзьма ў згодзе, Ці ў нядолі, ці ў прыгодзе. І злучымся ў шнур, як гусі На дабро ўсёй Беларусі. * * * Пара беларусам, пара Для роднага краю старацца, Для долі, свабоды, дабра За шчасця, народ свой змагацца. * * * Хто адрокся сваіх, Хто стыдацца нас стаў І прыліп да чужых, — Каб ён свету не знаў! Мову родную хто Пазабыў, асмяяў, Загубіў за нішто, — Каб ён свету не знаў! Хто з народам не жыў І карысці не даў, Хто сваіх не любіў, — Каб ён свету не знаў!2000 г.
Невядомы аўтограф на кнізе Уладзіслава Сыракомлі
Неяк слонімскі гісторык Ігар Падгарадзецкі прынёс мне ў рэдакцыю “Газеты Слонімскай”, дзе я працую, старую кнігу. “Вось, паглядзі і пачытай, ты — бібліяфіл, таму больш у кніжнай справе разбіраешся. Можа, і сапраўды, старое выданне вартае чалавечай увагі” — сказаў мне зямляк. Узяўшы кнігу ў рукі, я запытаў: “А дзе ж ты яе набыў?”
— Знайшоў на гарышчы у адной са старых слонімскіх хат, — адказаў гісторык. Прысеўшы за стол, я разгарнуў першыя старонкі кнігі. I вачам сваім не паверыў, бо гэтым старым выданнем аказалася паэма з мінулага Літвы “Маргер” Уладзіслава Сыракомлі, выдадзеная ў Вільні ў друкарні Рубэна Рафаловіча ў 1855 годзе. Паэма напісана на польскай мове з прадмоваю аўтара, якая так і называецца “Слоўца ад аўтара”.
У гэтым “Слоўцы” Уладзіслаў Сыракомля распавядае аб тым, як “літоўскія і прускія летапісцы пад 1336 годам запісалі крыжацкі напад на замак Пулен, гераічную яго абарону военачальнікам Маргерам. На гэтую падзею, як на выдатную тэму для паэмы, першай звярнула ўвагу жонка светлай памяці аўтара “Рамот і рамотак”, спадарыня Паўліна Вільконьская, у сваім лісце, напісаным да нас у лістападзе 1852 года, заахвочвала нас услаўляць Маргера”.
Нагадаю, што рамота — гэта невялікі сатырычна-гумарыстычны твор, гумарэска. А мужам спадарыні Вільконьскай быў Аўгуст Вільконьскі, які ў 1846 годзе выдаў зборнік “Рамоты і рамоткі літаратурныя”(Ramoty i ramotki literackie). Далей у прадмове да паэмы “Маргер” Уладзіслаў Сыракомля піша: “Згаджаючыся з шаноўнай карэспандэнткай у несумненнай паэтычнасці тэмы, адступілі мы аднак назад перад веліччу задачы. Не стала нам адвагі ствараць урачысты эпас, і, самае важнае, узяцца апісаць дух старой Літвы, мовы якой не ведаем, і што за гэтым ідзе, не ведаем асновы звычаяў. Але спакуса засталася моцнай — колькі разоў, гартаючы хронікі, натраплялі мы на заваяванне Пулен, прызнаемся, што сэрца нам біла нейкім таемным неспакоем да гэтай пары, калі мы канчаткова не вырашылі ажыццявіць гэтую смелую задуму. Не надта азнаёмленыя з духам Літвы, не могучы выбраць гамерычную форму і пайсці шляхам, указаным вядомым спеваком Анафеласам, выбралі мы вяргіліевую форму... Не маючы надзеі трапна апісаць Літву і літоўцаў, на фоне гістарычных дадзеных стваралі мы вобразы людзей у агульным плане, намагаючыся ўсё ж спазнаць умовы месца і часу.
Маргер, старая літоўская варажбітка, крыжацкі хормайстар — гістарычныя персанажы, якія мы стараліся адлюстраваць паводле ўзору, начэрпанага ў хроніках. Рансдарфу Варнеру, таксама згаданаму ў хроніках, надалі мы характар другараднага героя аповесці. Эгле і Лютас — прыдуманыя персанажы, якія адлюстроўваюць дзяўчат і ваяроў старой Літвы. Адносна месца падзей — адны ў Пулен хацелі бачыць сённяшнія Пуні Троцкага павета, другія — вёску Пілюны над Шашупай. А паколькі трэба было выбраць штосьць адно — спыніліся мы на Пуні. І сёлета летам агледзелі мясцовасць, дзе апісваліся падзеі.
Ужо пасля напісання нашай вершаванай аповесці, мы заўважылі, што яна знешне адпавядае ўсім прынцыпам, што патрабавала даўняя крытыка ад гераічных паэм...”. Самым каштоўным на згаданай кнізе “Маргер” з’яўляецца загадкавы аўтограф на тытульным лісце кнігі. Ён быў пастаўлены 142 гады таму назад. За гэты час напісанае цяжкавата прачытаць, а тым больш расшыфраваць: “Памятка па шаноўным... Светлай памяці Пану Ол..., настаўніку геаграфіі ў гімназіі ў... лістапада 1860 г.”. Прачытаўшы напісанае, адразу паўстала пытанне: ці не аўтограф на кнізе самога Уладзіслава Сыракомлі? Яшчэ ў 1860 годзе ён быў жывы, шмат падарожнічаў па сваёй Бацькаўшчыне, спрабаваў пісаць вершы на беларускай мове “Ужо птушкі пяюць усюды...”,1861г. і іншыя). I толькі праз два гады пасля таго, як быў пастаўлены вышэй названы аўтограф на першым выданні паэмы, восенню 1862 года паэта не стала. А паэма “Маргер” Уладзіслава Сыракомлі, сапраўды, прысвечана гістарычнаму мінуламу Старой Літвы, гэта значыць Беларусі. Паэта прываблівалі і цікавілі тыя падзеі, якія сведчылі аб мужнасці нашых далёкіх продкаў у барацьбе з чужаземнымі ворагамі, найперш з крыжакамі, аб іх імкненні ахвяраваць сабой у імя вызвалення Айчыны.
Паэма “Маргер” была напісана ў 1854 годзе ў фальварку Барэйкаўшчына недалёка ад Вільні. Годам раней сюды Уладзіслаў Сыракомля пераехаў са сваёй сям’ёй. А праз год пасля напісання паэмы, твор пабачыў свет. Дарэчы, на кнізе захаваўся штамп, на якім па-французску напісана: “З бібліятэкі Антона Плянсона з Дабраміля”. У гісторыі нашай літаратуры я не прыпомніў прозвішча Антона Плянсона. Што гэта быў за чалавек? Як трапіла кніга Уладзіслава Сыракомлі ў асабістую бібліятэку спадара Плянсона, а пасля ў Слонім? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма. Да сказанага вышэй хочацца дадаць, што паводле паэмы “Маргер” К.Горскім створана аднайменная опера. А на беларускую мову, на жаль, паэма Уладзіслава Сыракомлі яшчэ не перакладалася.
2002 г.
Максім Танк на старонках “Беларускага летапісу”
Штомесячны культурна-грамадскі і літаратурны часопіс “Беларускі летапіс” выдаваўся ў Заходняй Беларусі з мая 1933-га да верасня 1939 гадоў. Усяго выйшла з друку 19 нумароў. “Беларускі летапіс” з’яўляўся органам Таварыства Беларускай Школы, а заснаваны ён быў Р.Шырмам, Ф. Станкевічам і С.Паўловічам. З 1937 года ў рэдкалегію часопіса залічылі і Максіма Танка. Ён адказваў за літаратурную пошту і ў часопісе вёў рубрыку “Паштовая скрынка”. Часопіс быў дэмакратычнага накірунку і карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод беларускага чытача. Пісалі і дасылалі свае творы людзі розных узростаў і з розных куткоў Заходняй Беларусі. Максім Танк іх уважліва чытаў і даваў адказы праз сваю “скрынку”, падпісваючыся крыптанімам “М.Т-к”. У “Паштовую скрынку” траплялі рэцэнзіі на творы Алеся Дубровіча, Сяргея Крыўца, Ганны Новік, Фабіяна Вайцялёнка, Янкі Чорнага, Анатоля Іверса, Міхася Падбярэскага і іншых вядомых сёння і малавядомых аўтараў. А Праменю, Струменю і Граніту Максім Танк раіў “працаваць далей і больш чытаць”.
Працуючы ў часопісе “Беларускі летапіс”, Максім Танк не абмяжоўваўся толькі “Паштоваю скрынкаю”. На ім, практычна, трымаўся ўвесь часопіс. Многія нумары “БЛ” пачыналіся з яго вершаў. Так у №№ 10-11 за 1937 год друкаваліся вершы паэта “Выраі” і “Над курганамі”, а таксама вершаваная “Казка пра мядзьведзя”, які “пад шэрую восень, пад верасень месяц, задумаў жаніцца”... на вавёрцы. Але жаніх нічога не рабіў, а толькі еў вавёрчыны запасы. Пасля згаладаўся і чуць не памёр. Яго лячылі лясныя звяры і птушкі, але ніхто нічым не дапамог. I толькі хітры цыган “паіў зельлем салодкім, як мёдам, спаіўшы мядзьведзя, прыкуў да калоды”, а пасля “усыпаў бярозавай кашы, павёў яго цешыць людзей па кірмашах”.
У двух нумарах “БЛ” друкаваліся народная быліна Максіма Танка “Сказ пра Вяля” і ў некалькіх нумарах — “Журавінавы цьвет”. Шмат было апублікавана на старонках часопіса лірычных вершаў Максіма Танка. Усе яны шчырыя і простыя:
...I глядзець на раскаваны Ў сіняй тоні маладзік. Як задрэмлюць хлопцы рана, На начлезе, — прыхадзі!Студзеньскі і лютаўскі нумары “Беларускага летапісу” за 1937 год быў прысвечаны Наталлі Арсенневай.Тут змешчаны вершы паэткі “Лебядзіная песьня”, “Зоры”, а таксама два фотаздымкі паэткі, на адным з іх — Наталля Арсеннева з Максімам Танкам пасля дыскусіі ў літаратурна-мастацкай секцыі Беларускага Навуковага Таварыства. Дарэчы, у гэтым нумары надрукаваны і верш Максіма Танка, прысвечаны паэтцы. Ён мае назву “Нашы дарогі”, а таксама артыкул “Натальля Арсеньнева ў Вільні”. Пад артыкулам няма подпісу, але, відаць, яго пісаў сам Танк, хаця размова ў ім ідзе і пра яго самога: “Арсеньнева й Танк, які гэтак сама быў на паседжаньні, прадстаўляюць два зусім розныя тэматычныя кірункі. Арсеньнева жыве здалёк ад беларускага асяродзьдзя, ня бачыць сучаснага народнага жыцьця, дык у творах сваіх выказвае пераважна свае чыста індывідуальныя настроі й перажываньні, далёкія ад справаў нацыянальна-грамадзкіх. Наадварот, Танк, які выйшаў з народнае гушчы, які жыў народным жыцьцём і разам з вёскай беларускай перажыў усе яе нягоды і крыўды, мусіць выяўляць тое, чым перапоўнена аж да краёў ягоная душа. I Арсеньнева, і Танк прыймалі дзейнае ўчасьце ў гэтай цікавай, стаяўшай на высокім роўні, дыскусіі. На заканчэньне Танк прачытаў надрукаваныя яшчэ пятую, шостую і пачатак сёмае песьні сваей цудоўнай паэмы п.н. “Нарач”. Акрамя вершаў на старонках “БЛ” Максім Танк змяшчаў свае артыкулы на літаратурныя і этычныя тэмы. У матэрыяле “Крыніца нашай творчасьці”(“БЛ”,1938, №2) паэт разважае пра беларускую народную творчасць у сувязі яе з паэзіяй. Паэты заўсёды з народнай творчасці бралі тое, што “зьяўляецца выключна яе індывідуальнай уласнасьцю”. І рост мастацкай паэзіі, як піша Максім Танк, непарыўна звязаны з народнай творчасцю: “Наша творчасьць яшчэ доўгі час будзе чэрпаць поўнымі прыгаршчамі гэту сьцюдзёную, чыстую крынічную ваду жыцьця. Народная ж песьня будзе далей нас вясьці праз жыццё, як маці дачку...
праз высокія горы з капачамі, праз цёмныя бары з агнямі, праз вялікія сёлы са скрыпачамі”.Невялікія разважанні Максіма Танка пад назваю “На дапамогу моладзі” былі апублікаваны ў “БЛ” № 9 за 1937 год. На той час паэта вельмі хваляваў катастрафічны стан беларускага школьніцтва, адсутнасць культурна-асветных арганізацый і збядненне беларускага сялянства. Таму літаратар агітаваў і заклікаў сваёй публікацыяй, каб моладзь атрымлівала адукацыю, а інтэлігенцыя трымала цесную сувязь з народам, а таксама каб было “больш інтэсыўнай працы на родных загонах”. Гэтыя прапановы і жаданні не страцілі сваёй актуальнасці і сёння.
Пісаў наш класік асобныя артыкулы і пра заходня-беларускіх паэтаў, у прыватнасці, пра Міхася Васілька (“БЛ”,1937, № 5) і пра Міхася Машару (“БЛ”, 1937, № 8). У Міхасю Васільку Танк убачыў песняра-адраджэнца, а не таго, пра якога казалі, што яму трэба “кінуць вершы і ісьці растрасаць гной”:
Воляй шчасьцем сьвятым Сваім сэрцам, душой прысягаю, Што, як просінь нябёс, сонца блеск залаты, Беларусь сваю маці кахаю.Рэцэнзуючы кнігу Міхася Машары “З-пад стрэх саламяных” Максім Танк падкрэсліў, што Машара — тыповы паэт вёскі. Найперш той вёскі, якая стаіць воддаль ад вялікіх гасцінцаў. Адсюль і паэзія ягоная, па словах Танка, песімістычная. Але песімізм гэты глыбокі. “Ён ледзь не перараджаецца, — піша Танк, — у штось стыхійнае з чым нават ня варта прабаваць змагацца, а як ад навальніцы лепш схавацца і перачакаць гэты час:
Запру акно я шчыльна-шчыльненька, На сьвет глядзець ўжо сіл няма...”.Часопіс “Беларускі летапіс” вельмі грунтоўна асвятляў і саму творчасць Максіма Танка. “Песьняром Нарачы” назваў яго нехта ў аднайменным артыкуле (“БЛ”, 1937, № 10-11): “Танк у нашай літаратуры зьявіўся і разьвіўся раптам і неспадзявана. Таму часткова даволі многа пісалася і пішацца ў беларускай прэсе аб ім і ягонай творчасьці”. Далей аўтар Северын Сасноўскі прыводзіць некалькі выказванняў пра творчасць песняра з Нарачы з львоўскага месячніка “Сігналы”. Вось адно з іх: “Максім Танк, найвыдатнейшы з беларускіх паэтаў, якія жывуць у Польшчы, выдаў нядаўна дзьве новыя кніжкі: паэму “Нарач” і том лірыкі “Журавінавы цьвет”. Кніжкі гэтыя сваім зьместам, роўнем, выказыванымі імкненьнямі, вартасьцямі, каторыя ўносяць у скарбніцу агульналюдзкай культуры — адным словам усім пацьвярджаюць канечнасьць пазнаньня польскай крытыкай беларускай літаратуры”.
З нагоды выхаду зборніка Максіма Танка “Пад мачтай” нехта Атос апублікаваў у часопісе матэрыял “На ўласны шлях!” (“БЛ”,1938, № 2). У ім аўтар рэцэнзуе новы зборнік вершаў Максіма Танка. Рэцэнзія атрымалася вельмі смелая, адкрытая і своеасаблівая: характар паэзіі Танка крытык параўноўвае з барокам, а сучасныя формы ягонай паэтычнай творчасці падуладны настроям паэта. Дзякуючы гэтым формам асабліва ярка выяўлялася стыхійнасць Танкавай паэзіі. Аднак і тут паэт заўсёды заставаўся самім сабою. “Беларуская паэзія ўзбагацілася новым монументальным творам: Максім Танк закончыў сваю паэму “Нарач”, — так пачынаецца артыкул “Дзьве стыхіі” (“БЛ”, 1937, № 2-3) падпісаны крыптанімам “ГШ”. Аўтар падкрэслівае, што “паэма “Нарач” выяўляе дзьве стыхіі: стыхію нашай прыроды і багатую стыхію народную”. I гэтыя дзве стыхіі адна адну дапаўняюць. Сюжэт паэмы — барацьба сялян-рыбакоў за свае азёры. Таму стыхія прыроды і стыхія народная — гэта галоўныя героі паэмы. Так лічыць крытык. Звяртае на сябе ўвагу невялікая публікацыя “Польская прэса аб Максіму Танку”(“БЛ”.1937, № 5). У ёй паведамляецца аб тым, што творчасць Максіма Танка знаходзіць вялікі водгук у польскай прэсе. У тыднёвіку “Ріоп” (орган Акадэміі Польскай Літаратуры) 15 красавіка 1937 года быў змешчаны вялікі артыкул Ю. Путраманта пра творчасць Максіма Танка, дзе крытык падкрэсліў, што “Танк першы ў беларускай літаратуры патрапіў глыбака ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасьці. У сувязі з гэтым Танк прадстаўляе зусім новы мамэнт у беларускай літаратуры, “мамэнт адкрыцьця паэтыцкага слова”.
Вельмі станоўча адгукнуўся пра Танка і яго творчасць варшаўскі часопіс “Powsechny” (21.03.1937), дзе паэма “Нарач” з боку гледзішча сучаснага эпічнага жанру не “мае сабе роўных ня толькі ў беларускай літаратуры, але і ў польскай”. Друкаваў, хоць і не часта, на старонках “Беларускага летапісу” Максім Танк свае пераклады. Найчасцей на беларускую мову ён перакладаў вершы літоўскіх паэтаў Ёзаса Кекштаса і Ойна Міцютэ. Амаль у кожным нумары часопіса “БЛ” друкаваліся матэрыялы пад рубрыкаю “Наша хроніка”. Тут змяшчаліся розныя навіны з культурнага і літаратурнага жыцця Заходняй Беларусі. З гэтых навін і сёння можна даведацца, дзе і калі друкаваліся ў другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя творы Максіма Танка, якія адбываліся літаратурныя вечары і сустрэчы з яго ўдзелам і г.д. Прывяду некалькі фактаў з тых інфармацыйных публікацый.
13 снежня 1936 года беларускае грамадства ў Вільні святкавала Дзень Беларускай культуры. За сталом прэзідыума ў салі літоўскай гімназіі Вітаўта Вялікага засядаў камітэт святкавання, у складзе якога быў і Максім Танк. Пасля афіцыйнай часткі пачаўся канцэрт хору пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Хор выканаў кантату К. Галкоўскага на словы М.Танка.
3 лютага 1937 года Максім Танк закончыў пісаць вялікую паэму “Нарач”.
У нядзелю, 18 красавіка 1937 года, у памяшканні адваката Браніслава Крыжаноўскага адбыўся вялікі літаратурны вечар Максіма Танка сярод польскай інтэлігенцыі Вільні. У ім прымаў удзел і генерал Люцыян Жэлігоўскі, які зацікавіўся творчасцю маладога беларускага паэта і прымаў актыўны ўдзел у літаратурнай дыскусіі.
Часопіс “БЛ” (№ 8 за ліпень 1937г.) паведамляе аб тым, што з друку выйшаў другі зборнік Максіма Танка “Журавінавы цьвет” (першы “На этапах” быў канфіскаваны). “Польская крытыка залічвае Танка да эўрапейскіх паэтаў першае клясы”, — піша вышэй названы часопіс.
9 верасня 1937 года адбыўся акруговы суд над М.Танкам і выдаўцом В.Труцько за зборнік “На этапах”. Гэты зборнік быў канфіскаваны 25 ліпеня 1936 года за некаторыя вершы ў якіх адчувалася “люцкое падбухторваньне і адарваньне ад Польшчы”. Абараняў падсудных адвакат прафесар К.Петрусевіч. Суд абвінавачаных апраўдаў...
Тэма “Максім Танк на старонках часопіса “Беларускі летапіс” заслугоўвае цікавай манаграфіі. Верыцца, што нехта гэтую тэму грунтоўна даследуе і выдасць асобным выданнем. А само даследаванне папоўніць малавядомыя віленскія старонкі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры.
2003 г.
Генадзь Каханоўскі — краязнавец
Завочнае знаёмства са славутым беларускім краязнаўцам, доктарам гістарычных навук Генадзем Каханоўскім адбылося ў мяне ў сакавіку 1991 года. Не памятаю ўжо пра што я ў яго пытаўся ў пісьме, але хутка атрымаў з Маладзечна адказ. Генадзь Аляксандравіч пісаў: “Добры дзень, калега Сяргей Чыгрын! Даўно я за табой сачу, чытаю, радуюся. Сапраўдны краязнавец! Малайцом, што збіраеш пра Слонімшчыну: па гісторыі, літаратуры, культуры. Я ўжо сам збіраўся напісаць, але Ты мяне апярэдзіў. Дзякуй! Так і трэба маладым...” і г. д.
Пасля было новае ліставанне, дзе Генадзь Каханоўскі не толькі адказваў на мае пытанні, а разам з тым ганарыўся і радаваўся, што і я маладзейшы за яго калега, цікаўлюся гісторыяй роднага краю. Ён так і пісаў мне ў лістах: “Спадзяюся, што Вы ад Слонімскага краю не адступіце, будзеце прадаўжаць традыцыі лепшых краязнаўцаў”.
Разам з тым Генадзь Аляксандравіч вучыў мяне краязнаўству: “Вельмі раю Вам цяпер ужо ўзяцца за складанне ўласнага “банка ведаў Слонімшчыны”. Зрабіце скрыначку, ці можа знаёмыя бібліятэкары дадуць Вам свой “куфэрачак”, і ў алфавітным парадку складайце карталюшкі з паметкаю пра што гаворыцца (газета, кніга, часопіс і г. д.). А калі ёсць магчымасць выразайце патрэбныя матэрыялы (як некалі рабіў для свайго архіва ксёндз Адам Станкевіч), а найлепш браць выкарыстаныя на адзін бок лісткі з рэдакцыі, а на другі — пісаць, што дзе здабудзеце.Тут могуць быць і тэматычныя картатэкі: 1. Першыя ўспаміны населеных пунктаў і легенды. 2. Паўстанні, выступленні. 3. Вайна 1812 года. 4. Паўстанне 1863 года. 5. Пісьменнікі Слонімшчыны. 6. Мастакі Слонімшчыны. 7. Тэатралы. 8. Кампазітары. 9. Вучоныя. 10. Хто пісаў (піша) пра Слонімшчыну і г. д. А можна і так: 1. Слонім. 2. Чамяры. 3. Чапялёва. 4. Новая Стража. 5. Капусты. 6. Літва. 7. Заполле. 8. Тартакі і г. д. Абы была сістэма, бо пасля самі не разбярацеся ва ўласным архіве. Раю па праву старэйшага...”, — зычыў Генадзь Каханоўскі.
Здзіўляюся сёння, дзе ён знаходзіў час пісаць такія доўгія лісты-урокі, лісты-прапановы і парады. Ён жа пісаў не толькі мне, пісаў у архівы і бібліятэкі, сябрам і знаёмым. Ён, як Язэп Драздовіч, хадзіў па роднай зямлі, збіраючы па крупінцы звесткі пра забытых і малавядомых беларусаў, звесткі пра Маладзечна, Вілейку і пра іншыя мясціны Бацькаўшчыны. I яшчэ паспяваў адказваць на пісьмы.
Генадзя Каханоўскага сёння па праву можна назваць адным з заснавальнікаў беларускага гістарычнага краязнаўства. Бо яно, як кроў жыло ў ягоных венах, ён дасканала ведаў краязнаўчую справу і атрымліваў ад гэтага пэўную асалоду. Іншым ён быць не мог. Бо яшчэ са школьнай парты зацікавіўся краязнаўствам Беларусі. А падчас працы ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, што ў Маладзечне, сабраў значную колькасць рэдкіх выданняў і кніг. Некаторыя з гэтых выданняў былі ўключаны ў манаграфію “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” Гэта была і засталася нам вельмі сур’ёзная і каштоўная праца. На жаль, пра яе ў свой час у беларускай прэсе напісалі вельмі мала. Я ведаю толькі адну рэцэнзію на гэтую манаграфію Анатоля Грыцкевіча і Алега Трусава, якая была змешчана ў вераснёўскім нумары “Нёмана” за 1985 год. Кніга Генадзя Каханоўскага “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ-ХІХ стст.” вельмі багатая на краязнаўчы матэрыял. На аснове апублікаваных і выяўленых у архівах і музеях матэрыялаў аўтар падсумаваў звесткі пра развіццё гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму, канчаючы перадрэформенным перыядам XIX ст. Генадзь Каханоўскі гэтай працай правёў адбор найважнейшых матэрыялаў, звёў некатарыя факты з гісторыі вывучэння і аховы помнікаў, погляды на іх захаванне з боку дзяржаўных і прыватных асоб. Кніга каштоўная і тым, што аўтар цікава расказаў пра Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага, Тэадора Нарбута, Канстанціна Тышкевіча, Адама Кіркора, Яўстафія Тышкевіча і іншых знакамітых беларусаў. А ў 1991 годзе, разам з сынам Аляксандрам Каханоўскім, яны ўпершыню выдалі асобную кнігу пра Яўстаха Тышкевіча — знатнага беларускага этнографа, фалькларыста, краязнаўцу і археолага, сапраўднага “рупліўца нашай старасведчыны”.
Упершыню з кнігі Генадзя Каханоўскага “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” я даведаўся пра археолага Сяргея Дубінскага (1884-1937), гісторыка і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547-1586), этнографа, асветніка, дыпламата Яна Ласіцкага (1534-1605), гісторыка і царкоўнага дзеяча Ігната Кульчынскага (1707-1747), гісторыка і паэта Адама Нарушэвіча (1733-1796), літаратара і царкоўнага дзеяча Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (1731-1826) і многіх іншых. Сёння пра кожнага з іх нам, краязнаўцам, літаратарам і гісторыкам, трэба пісаць кнігі. Пошукі іх слядоў ужо зрабіў Генадзь Каханоўскі, а працягваць — тым, хто сёння жыве і працуе на ніве адраджэння Бацькаўшчыны.
Вынікам шматгадовых краязнаўчых пошукаў Генадзя Каханоўскага свет пабачылі яго гісторыка-эканамічныя нарысы “Маладзечна”, “Вілейка”, кніга гісторыка-літаратурных нарысаў “Адчыніся, таямніца часу”, кнігі пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча і іншыя. Адны загалоўкі некатарых краязнаўчых артыкулаў нашага земляка інтрыгавалі, звярталі на сябе ўвагу: “Мастак Кастусь Харашэвіч” (Беларусь, № 7, 1977 г.), “Сем прыгод Богуш-Сестранцэвіча” (Голас Радзімы, 20.03.80 г.), “Памяць і падзяка: Я. Колас на Маладзечаншчыне” (Голас Радзімы, 18.11.82 г.), “Як выглядаў бацька Янкі Купалы”(ЛіМ, 6.07.84г.) і г. д.
У свой час Генадзь Каханоўскі ўзначальваў Беларускае таварыства краязнаўцаў. Праводзіліся з’езды, канферэнцыі, сустрэчы — адным словам вялася пэўная работа. Ці існуе сёння ў нашай дзержаве краязнаўчае таварыства? Хто яго ўзначальвае і што яно робіць? Я, шчыра кажучы, не ведаю. Тады быў Генадзь Каханоўскі, які добра ведаў усіх краязнаўцаў рэспублікі і які сур’ёзна адносіўся да сваёй справы. Мы бралі прыклад з яго, мы вучыліся ў яго руплівасці, тактоўнасці і цярпенню. Калі ішла размова пра Генадзя Каханоўскага ці гутарка з ім — там абавязкова прысутнічала размова пра нашу гісторыю, пра Беларусь. Ён быў і застаўся аксакалам беларускага краязнаўства.
Нядаўна яшчэ раз перачытаў кнігі Генадзя Каханоўскага з аўтографамі. На тытульнай старонцы манаграфіі “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” напісана: “Сяргею Чыгрыну — каб дапоўніў гэтую кнігу слонімскімі знаходкамі. Аўтар”.
Прабачце, Генадзь Аляксандравіч, але ў параўнанні з Вамі, мною яшчэ зроблена мала. Ці то я не ўмею працаваць так, як Вы, ці проста да Вас, як гісторыка і краязнаўцы, я ніколі не дасягну.
2000 г.
Комментарии к книге «Пакліканыя на родны парог», Сергей Николаевич Чигрин
Всего 0 комментариев