Эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Мой радавод да пятага калена: Эсэ — Мінск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1993. — 184 с.
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008
Незалежнасьць - гэта...Незалежнасьць - гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.Незалежнасьць - гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам - ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).
Незалежнасьць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два - сакратарцы, і першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.
Незалежнасьць - гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.
Комментарии к книге «Мой радавод да пятага калена», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев