Калі папярэдні Новагародскі перыяд з’яўляўся часам станаўлення і ўмацавання Вялікага княства Літоўскага (BKJI), то наступны — Віленскі, які таксама быў нядоўгім, бо працягваўся менш стагоддзя (з 1316-га да 1385 г.), быў часам бурнага тэрытарыяльнага росту гэтай беларускай дзяржавы, што і вывела яе ў лік найбуйнейшых тагачасных еўрапейскіх краін.
Мы ўжо гаварылі аб прычынах страты Новагародкам свайго сталічнага значэння1. Але побач з упадкам дамінуючага значэння яго і яго зямлі ў дзяржаве ішло ўзвышэнне Полацкага княства. Праўда, сталіца з Новагародка не «перайшла» ў сам Полацк, аднак яна зноў перамясцілася ў крывіцкую зямлю, у Вільню, якая была галоўным асяродкам племя крывічоў на ўсходзе сучаснай Літвы і, як убачым далей, стала цэнтрам аднаго з удзелаў Полацкага княства.
Што ж уяўляла сабой тады Вільня? Чаму менавіта яна стала пераемніцай Новагародка як сталіцы дзяржавы?
Найперш — пра ўзнікненне гэтага горада.
У летапісах XVI ст. вельмі маляўніча гаворыцца аб заснаванні Вільні Гедзімінам[1].
Нібыта гэты князь, будучы на паляванні, натрапіў на прыгожую гару над ракою Вяллёю, дзе забіў тура, і таму яна ў далейшым стала называцца Туравай гарой. Паколькі было позна, Гедзімін вырашыў не вяртацца дадому ў Трокі, спыніўся ў даліне Свентарога, дзе пазней вялікіх князёў спальвалі пасля смерці, і там заначаваў. I нрысніўся яму сон, што на гары, якую звалі Крывою, а цяпер завуць Лысаю, стаіць вялікі жалезны воўк, і ў ім равуць сто ваўкоў. I калі Гедзімін, прачнуўшыся, звярнуўся да валхва Ліздзейкі, каб ён разгадаў гэты сон, дык той сказаў: «Жалезны воўк азначае, што тут будзе сталіца, а што ў яго ўнутры раўло, то гэта слава аб гэтым горадзе, якая пойдзе на ўвесь свет». I вось Гедзімін, пачуўшы такое, адразу ж загадаў прывесці сюды людзей, каб закласці замкі, адзін на Свентарозе — Ніжні, і другі — на Крывой гары, і назваў гэтыя замкі Вільняй.
Вядома ж, перад намі легендарнае асэнсаванне ўзнікнення Вільні, тым болып што перад гэтым нешта падобнае гаварылася аб збудаванні Трокаў.
Комментарии к книге «Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд», Мікола Ермаловіч
Всего 0 комментариев