“Ва ўсіх народаў, у каторых добрыя звычаі і пачцівыя дворскія забавы засталіся, захоўваваўся заўжды той звычай, што на зездах вялікіх, а асабліва на дварах высакародных манархаў, людзі двару і моладзь разнастайныя забавы заводзілі, робячы гэта часткова для таго, каб у тых меншых справах спрактыкаванасць сваю ў рамястве рыцарскім пасля сябе паказаць, часткова каб уладарам сваім радасць нейкую учыніць цудоўнымі ўчынкамі, а таксама дворскімі inventiami ім прыйсці да спадобы. А і да гэтага часу пачцівы гэты звычай сярод усіх людзей, з пахвалай бачных пры двары, канчаткова захаваны”.1 Гэтыя словы з т.зв. “Артыкулаў скачак за колцам”, што адбываліся ў 1578 г. пад Варшавай з нагоды шлюбу Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл, цалкам могуць служыць эпіграфам гэтай невялічкай кніжкі. Яе задачай зяўляецца азнаямленне айчыннага чытача з далучанасцю феадалаў Вялікага княства Літоўскага, у склад якога беларускія змемлі ўваходзілі з ХІІІ па ХVІІІ ст., да еўрапейскай турнірнай традыцыі. Пры гэтым аўтар не абмяжоўваецца разглядам выключна тых турніраў, якія адбываліся на землях Вялікага Княства. У часы сярэднявечча рыцарства складала своеасаблівую інтэрнацыянальную касту, прадстаўнікі якой свабодна перамяшчалася на Еўропе і прымалі ўдзел у важнейшых падзеях культурнага, а часам і палітычнага жыцця самых розных краін. А турніры, прынамсі буйнейшыя з іх, якраз і належалі да падзей, значэнне якіх нярэдка перарастала нацыянальныя рамкі.
У гэтым выданні чытач не знойдзе падрабязнага апісання заходнееўрапейскіх турніраў, турнірнага рытуала і ўзбраення. На сённяшні дзень маецца вялізарная колькасць самых розных публікацый, ад кароценькіх папулярных артыкулаў да грунтоўных манаграфій, дзе ўсе гэтыя аспекты разглядаюцца больш чым у дастатковай ступені і дзе можна знайсці адказы ці не на ўсе пытанні па гісторыі заходнееўрапейскай турнірнай традыцыі.
У той жа час аўтар палічыў неабходным звярнуцца да агульнага разгляду развіцця турніраў у Еўропе, у сціслай форме разгледзець віды турнірных практыкаванняў і парадак прывядзення турніраў. Гэта зроблена з мэтай паказаць, у якой ступені турнірная традыцыя ў Вялікім княстве Літоўскім супадала з агульнаеўрапейскай. Адзін з раздзелаў прысвячаецца турнірнаму рыштунку, аднак і тут звяртаецца ўвага толькі на такую амуніцыю, выкарыстанне якой прадстаўнікамі Вялікага Княства на сённяшні дзень не выклікае сумнення.
Храналагічна кніжка ахоплівае ўвесь перыяд сярэднявечча, аднак прымяняльна да Вялікага княства Літоўскага разглядаецца пераважна перыяд з канца ХІV па канец ХVІ ст., на працягу якога можна гаварыць пра існаванне тут турнірных традыцый у класічным, заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Далейшыя даследаванні магчыма дазволяць пашырыць гэтыя храналагічныя рамкі.
Развіццё турнірных традыцый у Еўропе
Вызначыць пачатак турнірнай традыцыі ў Еўропе можна толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Можна сустрэць меркаванні, што турніры ўзніклі ў ХІ ст. ў Францыі і што да іх вынаходніцтва спрычыніўся нехта Готфрэй де Прэйі.2 Аднак больш слушным падаецца думка, што правобразы рыцарскіх турніраў можна было напаткаць яшчэ ў значна больш аддаленыя часы. Відавочна, што трэніровачныя баі, таксама як і паказальныя сутычкі, закліканыя прадэманстраваць спрыт удзельнікаў і іх уменне валодаць зброяй, маюць бадай такую самую даўнюю гісторыю, як і сама зброя. Практычна ва ўсіх народаў і цывілізацый сустракаюцца ваенныя гульні, якія сягаюць сваімі каранямі часоў родавай арганізацыі. Паядынкі і групавыя баі часам прыўрочваліся да важных падзей – выбару новых правадыроў, іх пахавання і г.д. Былі яны пашыраны і сярод германскіх плямёнаў, як правобраз уласна еўрапейскіх баявых гульняў.
У старажытным Рыме конныя сутычкі ўзброеных воінаў мелі характар ваенных спаборніцтваў. Ужо тады існавала спецыяльная “турнірная” зброя і рыштунак. Дзве каманды апранутыя ў спецыяльныя аздобленыя даспехі, кідалі адна ў адну затупленыя дроцікі. У той жа час гладыятарскія баі, нягледзячы на пэўная вонкавае падабенства, могуць быць залічаны да турнірных “забаў” толькі з вялікай нацяжкай. Перш за ўсё гэта звязана з абсалютна не ўласцівым для турніраў духу такіх баёў, задачай якіх было не столькі дэманстраванне ўмення абыходжання са зброяй і не падрыхтоўка да вайны, а само праліццё крыві, прылюднае забойства, і ў гэтым сэнсе форма, у якой гэта забойства адбывалася, мела другараднае значэнне. У разе патрэбы на ахвяр маглі нацкоўвацца дзікія звяры і тут ужо сыход “бітвы” быў прадвырашаны. У той жа час уяўляецца, што турнірныя рысы былі ўласцівыя некаторым відам чыста спартыўных спаборніцтваў, меўшых баявое практычнае прымяненне (барацьба, рукапашны бой, кіданне капя і г.д.)
Калі ж гаварыць пра еўрапейскае сярэднявечча, то і тут правобразы турніраў мажна напаткаць задоўга да ХІ ст. Прынамсі баі, рэгламентаваныя пэўнымі правіламі, праводзіліся ўжо ў ІХ ст. Менавіта сярэдзінай гэтага стагоддзя, а менавіта 844 г. датуюцца зафіксаваныя ў хроніцы пляменніка Карла Вялікага Нейтхарта паказальныя спаборніцтвы воінаў Людовіка Нямецкага і яго брата Карла Лысага, падзеленых на роўныя па колькасці атрады. Яны “сыходзіліся на спецыяльна выбраным з гэтай мэтай месцы і ў прысутнасці народа, які цясніўся з усіх бакоў, вялікія атрады саксаў, гасконцаў, аўстразіеў і брэтонцаў кідаліся хутка адзін на аднаго з абодвух бакоў; затым адны з іх паварочвалі сваіх коней і, прыкрыўшыся шчытамі, шукалі паратунку ва ўцёках ад напору ворага, які пераследваў уцекачоў; нарэшце, абодва каралі, акружаныя выбранай моладдзю, кідаліся адзін на аднаго, выставіўшы копі наперад, і, імітуючы хістанні сапраіднай бітвы, то той, то іншы бок кідаўся на ўцёкі”. Верагодна, што такія спаборніцтвы мелі працяг і ў Х ст.
Самая ранняя ўзгадка пра турніры ХI ст. датуецца 1062 г., калі падчас аблогі два рыцары змагаліся паміж сабой на вачах у варагуючых армій. Адзін з удзельнікаў загінуў. Прыз чатыры гады, у 1066 г. загінуў на турніры і згаданы Готфрэй дэ Прэйі, які ўнёс у парадак правядзення такіх мерапрыемстваў пэўную сістэму.У гэты час турніры мала чым адрозніваліся ад сапраўднага бою. На іх можна было выкарыстоўваць любую зброю, у тым ліку далёкага бою, менш, чым у пазнейшыя часы, звярталася ўвагі на сацыяльную прыналежнасць удзельнікаў, рытуал і ўрачыстую атмасферу правядзення. Мэтай такіх сутыкненняў было не знішчэнне праціўніка, а захоп яго ў палон з далейшым атрыманнем выкупа.3 Аднак выпадкі гібелі ўдзельнікаў былі на ранніх турнірах звычайнай справай. Гэтаму спрыяла адсутнасць спецыяльных ахоўных правілаў, адпаведных прыстасаванняў, а таксама выкарыстанне звычайнага баявога рыштунка і зброі. У 1175 г. у Германіі на турнірах загінула 17 рыцараў, а толькі на адным турніры, арганізаваным у 1240 г. у Нойсе каля Кёльна пазбавілася жыцця ажно 60 чалавек.4
Радзімай сярэднявечных турніраў у поўным сэнсе гэтага слова былі Германія і Францыя. Толькі пачынаючы з ХІІ ст. турніры пранікаюць у Англію, дзе турніры яшчэ ў 1194 г. называліся “французскімі баямі”, Італію і іншыя краіны Еўропы. Неўзабаве яны дасягаюць краёў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У 1220 г. такія формы баявых практыкаванняў зяўляюцца ў Венгрыі, у 1243 г. – на Шлёнзку (у Сілезіі), у 1250 г. – у Чэхіі і г.д.5 У Польшчы росквіт турніраў прыпаў на перыяд канца ХІV – ХVІ ст., які ў цэлым супаў з панаваннем дынастыі Ягелонаў. У гэты ж час да турнірнай практыкі далучаюцца феадалы саюзнага з Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ на пачатку ХV ст. на турнірах, што адбываліся пры дварах еўрапейскіх манархаў, можна было сустрэць прадстаўнікоў балканскіх народаў – баснійцаў, сербаў, балгараў, албанцаў і г.д., захопленых пазней туркамі-асманамі.6 Баявыя гульні, якія набліжаліся да заходнееўрапейскіх турніраў, былі распаўсюджаны таксама на землях Русі.7
Тым не менш, распаўсюджанне турніраў сутыкалася з сурёзнымі абмежаваннямі з боку як свецкіх, так і духоўных улад. Каралі і іерархі каталіцкага касцёлу небезпадстаўна разглядалі баявыя гульні не толькі як эфектыўны сродак падрыхтоўкі да вайны, але і як не менш “эфектыўны” сродак вынішчэння найбольш баяздольнага рыцарства ў мірны час. У Англіі, напрыклад, турніры былі забаронены ажно да 1194 г. і толькі Рачард І Львінае Сэрца дазволіў іх правядзенне. Прычым праводзіцца яны маглі толькі ў спецыяльна вызначаных пяці месцах, а ўдзельнікі павінны былі ўносіць у каралеўскі скарб плату, памеры якой залежала ад іх сацыяльнага статуса. Іншаземным рыцарам удзел у турнірах, праводзімых на тэрыторыі Англіі, забараняўся. Асобы, якія б прымалі ўдзел у турніры без спецыяльнага дазволу, разглядаліся як злачынцы супраць Кароны і Касцёлу з прымяненнем супраць іх адпаведных санкцый, ажно да пазбаўлення маёнткаў і праклёну. Аднак забаронныя меры не заўсёды прыносілі чаканыя вынікі. Вільям з Невоны пісаў, што англійская рыцарская моладзь, пазбаўленая магчымасці змагацца на турніры і Англіі, рабіла гэта на кантыненце.
Аднак там аматары рыцарскіх прыгод таксама не заўсёды маглі адчуваць сябе вальготна. У Францыі турніры забараняліся каралямі Людовікам ІХ Святым (1214—1270) і Філіпам ІV Прыгожым (1268—1314), якія гразілі апалай тым, хто прымаў у іх удзел пад час праводзімых сеньёрам войнаў. Гэтая апошняя пагроза тлумачылася цалкам рэальнай небяспекай, якая ўзнікала ў выпадку адезду рыцарства з войска для ўдзелу ў турніраў, якія маглі цягнуцца досыць доўга. Аднак нават такія меры ўяўлялўся недастатковымі. У 1312 г. Філіп Прыгожы наогул забараніў сваім васалам удзельнічаць у турнірах як у самой Францыі, так і за яе межамі. Парушальнікам пагражалі турма, канфіскацыя гадавога ўраджая, баявых коней і ўзбраення.8
Суровыя кары свецкіх уладароў знаходзілі разуменне ў прадстаўнікоў духавенства. Клермонскі сабор 1130 г. і латэранскія саборы 1139, 1179, 1193 г. пагражалі аматарам турніраў адлучэннем. Надзвычай непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да баявых забаў займаў Св. Бернард. Гэты прызнаны духоўны аўтарытэт сярэднявечнай Еўропы смерць на турнірах лічыў самагубствам – адным з самых страшных грахоў, за якое не толькі было прыгатавана гарантаванае месца ў пекле, але і забаранялася быць пахаваным на хрысціянскіх могілках. Яскравым прыкладам кардынацыі дзейнасці духоўных і свецкіх улад можа служыць забарона ў 1175 г. турнірнай практыкі арцыбіскупам Магдэбурга Вільгельмам, які да таго ж патрабаваў выдачы аналагічнай забароны ад свецкіх князёў.
Супраць правядзення турніраў уздымалі голас і славутыя гуманісты. Так, Петрарка сцвярджаў, што нідзе не знаходзіў згадак пра тое, што ў такіх практыкаваннях бралі ўдзел Цыцэрон альбо Сцыпіён.
Аднак папулярнасць турніраў была такая вялікая, што стрымаць іх распаўсюджанне было немагчыма. Пра шматлікасць удзельнікаў такіх мерапрыемстваў сведчыць тое, што на турніры, арганізаваным у 1311 г. у Растоку, прымала ўдзел 6400 рыцараў.9 Таму папа (антыпапа) Інакентый ІІІ (1179-1180) які сам жа перад гэтым праклінаў турніры, мусіў пад націскам грамадскай думкі абмежаваць праклён трохгадовым тэрмінам. А ў 1316 г. Ян ХІІ (1316-1334), папства якога прыпала на перыяд т.зв. “авіньёнскага палону”, відавочна не без уціску з боку французаў, цалкам зняў праклён з гэтай любімай рыцарскай забавы. З гэтага часу яна стала звыклай часткай пышных урачыстасцяў, такіх як каранацыі, вяселлі, хрэсьбіны і іншыя падзеі, вартыя таго, каб застацца, на думку арганізатараў, у памяці сучаснікаў і патомкаў.10
У сярэдзіне ХІІ ст. у нямецкіх хроніках зяўляецца тэрмін “буругт” (Buhurt), значэнне якога высветлена не да канца. Магчыма, што першапачаткова ён ужываўся для агульнага абазначэння ўсіх баявых забаў, якія ў канцы ХІІ ст. сталі абазначацца французскім словам “турнір”. З гэтага часу назва “бугурт” стала, па ўсёй верагоднасці, ужывацца ў дачыненні да спаборніцтваў у лёгкіх даспехах ці ўвогуле без іх і на якіх маглі выступаць не толькі феадалы, але і мяшчане. Наступальнай зброяй служылі тупыя мячы ці спецыяльныя турнірныя дубіны. У ХІІ-ХІІІ стст. у Францыі і Англіі для абазначэння турнірных сутычак на копях, адзіночных і групавых, ужываўся яшчэ адзін тэрмін – “хейстильюд” (hastilude, ад лат. hastiludium), што перакладаецца як “гульня з капём”.11
Прынцыпы правядзення турніраў у цэлым аформіліся ў ХІІ-ХІІІ стст. Асноўнай формай правядзення баявых гульняў зяўляліся групавыя баі (“меле”). Яны пачыналіся з сутычкі на копях, асноўнай мэтай якой было выбіванне праціўніка з сядла ці “пераламанне” уласнага капя. У першым выпадку выбіралася максімальна вялікая дыстанцыя для разгона каня, тады як у другім выпадку было дастаткова кароткай дыстанцыі і не вельмі значнага разгона.12 У абодвух выпадках дэманстравалася сіла ўдару і ўменне трымацца ў сядле. Менавіта на гэты час прыпадае шпаркае распаўсюджанне новага спосаба валодання капём. Калі каней яго свабодна трымалі ў руцэ ці прыціскалі да бядра, то з ХІІ ст. дрэўка сталі заціскаць пад пахай і сіла ўдара залежала не столькі ад фізічнай сілы вершніка, колькі ад яго ўстойлівасці ў сядле і разгона каня.
Падзенне кавалерыста, часам параненага, з каня на поўным скаку магло скончыцца для яго вельмі трагічна. Таму існавала практыка, калі ўдзельнікаў турніра суправаджалі спецыяльныя слугі, якія духаліся за імі пеша ці конна і павінны былі страхаваць рыцараў ад няўдалага падзення. Такія асобы называліся “турнірнымі стражнікамі”. У той жа час на турнірах дапускаліся такія “нешляхетныя” з пункту гледжання сучаснага чалавека прыёмы, як нападзенне коннага на пешага альбо нападзенне на аднаго ўдзельніка некалькіх праціўнікаў. Таму некаторыя ўдзельнікі для суправаджэння і прыкрыцця бралі з сабой цэлыя атрады пяхоты. Тым не менш, пры жаданні, ўзельнікі турніраў мелі выдатную магчымасць цішком паквітацца тут са сваімі праціўнікамі, хоць яны і давалі клятву, што ўдзельнічаюць у турнірах выключна для ўдасканалення баявых навыкаў. Да таго ж супрацьлеглыя каманды фарміраваліся часта па тэрытарыяльнаму ці нацыянальнаму прызнаку. Тады турніры ператвараліся ў практычна сапраўдныя маленькія бітвы, дзе непрыяцелі змагаліся адзін супраць аднаго так жа зацята, як на полі бою.13
З мэтай зменшыць крывавыя наступствы рыцарскіх гульныў у сярэдзіне – канцы ХІІІ ст. былі прыняты пэўныя абмежаванні ўдзельнікаў. Уводзілася спецыяльная тупая турнірная зброя, вызначалася паслядоўнасць ужывання тых ці іншых яе відаў. Забаранялася наносіць удары ў пэўныя часткі цела – найперш у ногі і правую руку, неабароненую шчытом. Парушальнікам залічваліся штрафныя балы, а ўвыпадку ранення ў забароненыя зоны, перамога аўтаматычна прысуджалася параненаму. Не дазвалялася групе ўдзельнікаў атакаваць аднаго. Для прадухілення перарастання турнікаў у некантралюемае пабоішча гледачам і слугам супернікаў забаранялася прысутнічаць на спаборніцтвах у даспехах і са зброяй.
Далейшая рэгламентацыя турніраў назіралася ў ХІV ст. У гэты час удзельнікі сталі выстаўляць напярэдадні гульняў свае шчыты з гербамі, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да іх і тым самым выбраць сабе праціўніка. Шчыты маглі падзяляцца на “шчыты міра” і “шчыты вайны”. Выбар таго ці іншага віда абумоіліваў зброю, -- баявую ці затупленую, -- на якой змагаліся праціўнікі. Па-ранейшаму бой пачынаўся з сутычкі на копях, якія адбываліся звычайна ў тры заезды. Паслупова колькасць заездаў павялічвалася і да канца ХІV ст. магла даходзіць да пяці. Пасля гэтага змаганне працягвалася на мячах, сякерах, булавах ці кінжалах. Першапачаткова яно адбывалася пеша, але ў далейшым дапускаліся і конныя баі. Гэтая фаза турніра вялася да нанясення пэўнай колькасці ўдараў (спачатку таксама трох, у далейшым – да пяці). Маглі залічвацца як любыя нанесеныя ўдары, так і толькі тыя, якія паразілі праціўніка.
Адначасова з увядзеннем усё большай колькасці абмежаванняў узрастала патрабаванне да відовішчнасці турніраў, якія набываюць рысы тэатралізаванасці. Удзельнікі баявых спаборніцтваў усё часцей звяратюць увагу не толькі на якасць зброі і даспехаў, але таксама на іх аздабленне. Яны не толькі выкарыстоўваюць звыклыя ўпрыгожанні ў выглядзе плюмажаў з пер’я ці геральдычных фігур, але апранаюць паверх даспеха касцюмы пэўных персанажаў (манахаў, герояў папулярных рыцарскіх раманаў і г.д.) Так, напрыклад, на турніры, арганізаваным у 1343 г. каля Лондана, з’явўліся ўдзельнікі, апранутыя ў касцюмы папы рымскага і яго кардыналаў. Часам нааварот, для інтрыгавання публікі байцы з’яўляліся ў вобразе “таямнічага рыцара”, у глухім шлеме, без гербаў ці якіх небудзь іншых указанняў на асобу незнаёмца. Турніры перамяжоўваліся з танцамі, пірамі, тэатралізаванымі сцэнкамі. На турнірах выступалі вандроўныя музыканты і менестрэлі, якія праслаўлялі подзвігі рыцараў на іншых турнірах, ствараючы тым самым своеасаблівую рэкламу як арганізатарам гульняў, так і іх удзельнікам.
Яшчэ адной характэрнай рысай турніраў у гэты час з’яўляецца іх выразны куртуазны характар. Яшчэ з ХІІІ ст. дамы разглядаліся як апякункі турніраў. У сувязі з гэтым сярод рыцарства распаўсюджваецца звычай насіць колеры сваёй дамы. Апошнія, у сваю чаргу, даравалі ўдзельнікам турніраў часткі свайго гардэроба як знак прыязні. У ХІV ст. папулярнасць набыло змаганне ў гонар якой небудзь пэўнай дамы, прычым пераможца забяспечваў ёй тытул “каралевы турніра”. У сваю чаргу і да дам часам скіроўваліся просьбы выбраць пераможцу турніра. Спаборніцтва за прыязнь дам параджала рэўнасць у асяроддзі рыцараў і варожасць паміж імі.14
Важным стымулам да ўдзелу ў турнірах было, асабліва на ранніх этапах развіцця турнірнай практыкі, імкненне паправіць сваё фінансавае становішча. Да пераможцы пераходзілі конь і даспехі пераможанага суперніка. Акрамя таго, практыкаваўся захоп праціўнікаў у палон і атрыманне за іх выкупа. Некаторыя, асабліва спрактыкаваныя і ўдачлівыя рыцары рабілі на гэтым вялікія грошы. Нехта Уільям Маршал з яшчэ адным рыцарам за 10 месяцаў 1177 г. здолеў узяць у палон 103 супернікі. Аднак у далейшым узнагарода пераможцы за кошт праціўнікаў стала насіць сімвалічны характар: ён атрымоўваў толькі частку баявога рыштунка, напрыклад шпору ці ўпрыгожанне са шлема суперніка. Галоўная ж узнагарода, таксама часам вельмі каштоўная – узбраенне, баявыя коні, кубкі, паляўнічыя сокалы і інш. – прадстаўлялася арганізатарам турніра. Часам, жадаючы павесяліць публіку, апошні мог вызначыць пацешны прыз. Так, на адным з англійскіх турніраў у 1215 г. узнагародай з’яўляўся мядзведзь.15
Увогуле арганізацыя турніраў была справай надзвычай дарагой. Апроч звычайных выдаткаў – патрыхтоўка месца спаборніцтваў, узнагароды пераможцаў і г.д., маглі патрабавацца дадатковыя выдаткі. Неабходныя сродкі спаганяліся з падданых альбо, прынамсі часткова, кампенсаваліся шляхам хітрых выдумак. Так, падчас візіту ў 1390 г. французскага караля Карла VІ ва ўладанне бургундскага герцага Дзіжон, быў арганізаваны пышны турнір. Над месцам яго правядзення было расцягнута сто локцяў сукна, бараніўшага ўдзельнікаў ад сонца і атмасферных ападкаў. Пасля завяршэння турніра сукно было парэзана на кавалкі і прададзена. Акрамя таго, герцаг за свой кошт забяспечыў удзельнікаў коп’ямі, для чаго яму давялося закупіць іх у колькасці трыста дваццаці штук.16
Імкненне да відовішчнасці і тэатралізаванасці, а таксама жаданне прадставіць у турнірнай традыцыі ўсе эпізоды рэальнай баявой практыкі, прыводзіла да з’яўлення ўсё новых відаў рыцарскіх гульняў. Адным з іх стала імітацыя штурму ўмацаванага замка. Найбольш раннім сведчаннем такіх практыкаванняў з’яўляюцца куфэркі са слановай косткі, вырабленыя ў Парыжы ў 1330-1350 гг. Вечкі многіх з іх аздоблены сцэнамі т.зв. “Штурма замка Любві”, якая бярэ свой пачатак у рыцарскай куртуазнай паэзіі. Узброеныя рыцары штурмуюць замак, які бароняць паненкі, што шпурляюць у рыцараў кветкамі. У далейшым штурм спецыяльна пабудаванага замка быў вельмі папулярным, праўда і ў ролі атакуючых, і абаронцаў выступалі тут каманды рыцараў. Каласальных маштабаў дасягнулі падобныя відовішчы ў ХVІ ст. У гэты час маглі ўзводзіцца цэлыя драўляныя гарады, абнесеныя рвамі, якія штурмавалі сотні чалавек, прычым для абароны і захопу ўмацаванняў маглі выкарыстоўвацца гарматы.17
У ХV ст. заканадаўцам турнірнай моды робіцца Бургундыя. Двор бургундскіх герцагаў лічыўся ўзорам для пераймання сярод манархаў тагачаснай Еўропы. Пышнасцю і вытанчанасцю арыгінальных выдумак вызначаліся турніры ў гарадах Італіі, дзе правядзенне гэтых сярэднявечных, па-сутнасці, вўдовішчаў было абстаўлена ў духу Рэнесанса. Італьянцам належыць таксама шэраг важных новаўвядзенняў у правілах правядзення турнірных баёў. Менавіта тут каля 1420 г. быў уведзены спецыяльны бар’ер для ўдзельнікаў парных сутычак на коп’ях, спачатку ў выглядзе каната, з якога звісала тканіна, а затым драўлянага плота. Цяпер удзельнікі раздзяляліся гэтым плотам, вышынёй каля 180 см., збліжаючыся паралельна яму па абодвух баках. Бар’ер прадухіляў сутыкненне ўдзельнікаў і іх коней, што змяншала рызыку атрымання рыцарамі механічных траўм і гібелі пад конскімі капытамі.
Узрастанне патрабаванняў да павелічэння пышнасці баявых спаборніцтваў прывяла да ўзнікнення ў ХV ст. турніраў па д’арм. Яны разыгрываліся ў адпаведнасці з распрацаваным сцэнарыем, па матывах якой небудзь гісторыі, прычым сама баявая частка з’яўлялася толькі элементам больш разгорнутага відовішча, у якім вялікая роля надавалася тэатралізаваным прадстаўленням з пэўным сюжэтам. Працягласць такіх турніраў магла перавышаць якія б то ні было разумныя межы. Так, адна з такіз забаў, арганізаваная ў лістападзе 1449 г., доўжылася па кастрычнік 1450 г. – амаль цэлы год! Касцюміраванасці турніраў па д’арм надавалася не меншая роля, чым непасрэдна выніку ўзброеных сутыкненняў. Іх удзельнікам забаранялася з’яўляцца на рысталішчы двойчы ў адным касцюме. У той жа час паралельна з такімі забавамі, якія мала што захавалі ад першапачатковай ідэі турніраў, у ХV ст. зноў павышаецца інтарэс да турніраў з выкарыстаннем баявой зброі.
Пасля гібелі Карла Смелага Бургундскага ў бітве пры Нансі ў 1477 г. і заняпаду бургундскага герцагства роля заканадаўца турнірнай моды пераходзіць да Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі. Імператар Максімільян І Габсбург (1459-1519, імператар з 1508 г.) вызначаўся асаблівай схільнасцю да ваеннай справы і рыцарскіх забаў і праяўляў у гэтай справе надзвычайны талент. Ён унёс неацэнны ўклад у справу адраджэння ў Германіі турнірнай традыцыі, якая трохі аслабла ў папярэднія часы, і спрыяў узняццю яе на якасна новы ўзровень. Гэты, як яго называла, “апошні рыцар сярэнявечнай Еўропы” праявіў сябе не толькі як спрактыкаваны воін, які выдатна валодаў зброяй. Ён выступаў як слынны мецэнат праектыроўшчыкаў новых відаў узбраення, майстроў, кавалёў і платнераў (даспешнікаў), прэстыж якіх узняўся на небывалую вышыню. Распрацоўкай узбраення ў часы Максімільяна не грэбавалі такія славутыя мастакі, як Альбрэхт Дзюрэр ці Ганс Бургкмайер. У той жа час з ўласным імем імператара звязваюць узнікненне пэўных відаў узбраення (напрыклад т.зв. “максімільянаўскі” даспех, які стаў важнай вехай эвалюцыі пласцінавага даспеха), а таксама новіх форм турніраў. Важная роля адводзілася пры двары Максімільяна і манерыстычнаму афармленню правядзення рыцарскіх гульняў. Вядучая роля Германіі ў фарміраванні турнірнай традыцыі гэтага часу абумовіла панаванне тут нямецкай тэрміналогіі.18
Аднак ХVІ ст. стала часам апошняга узлёта турнірнай традыцыі ў Еўропе. З аднаго боку, нягледзячы на настойлівыя пошуку максімальна бяспечных форм правядзення турніраў, яны заставаліся досыць крывавым відовішчам. Гэта засведчыла смерць французскага караля Генрыха ІІ у 1559 г., смяротна параненага абломкам кап’я ў твар. Гэта сведчылі шматлікія калецтвы і смерць менш тытулаваных удзельнікаў амаль кожнага турніра па ўсёй Еўропе. Яшчэ ў 1610 г. на турніры ў Неапалі загінула чатыры рыцары, якія парамі (два на два).19 У той жа час, новыя метады вядзення вайны, калі асноўнае месца на палях бітваў заняла пяхота ці кавалерыя, узброеная агняпальнай зброяй, пазбаўляла турніры практычнага значэння, ператвараючы іх у балаганныя прадстаўленні, здольныя выклікаць у сапраўдных вайскоўцаў толькі паблажлівую ўсмешку. Таму ў ХVІІ ст. турнірная практыка практычна занепадае.
Віды турнірных практыкаванняў у ХV-ХVІ стст.
Больш падрабязнае акцэнтаванне ўвагі на практыцы правядзення турніраў у Еўропе і іх відах абумоўлена тым, што менавита на гэты час прыпадае актыўнае далучэнне феадалаў Вялікага княства Літоўскага да турнірных традыцый. Па-ранейшаму галоўным відам рыцарскіх забаў заставаліся групавыя сутычкі (меле), якія, па сутнасці, і зяўляліся турнірамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Па прычыне значнай колькасці ўдзельнікаў для их правядзення патрабавалася вялікая прастора, таму найчасцей яны праводзіліся па-за межамі горада, на агароджаным месцы.
Найбольш пашыраным варыянтам групавых турніраў зяўляліся т.зв. палявыя турніры (ням. Feldturnier) і вольныя турніры (ням. Freiturnier). У разглядаемы час яны уключалі два этапы – групавую сутычку і змаганне на мячах. Две каманды рыцараў сутыкаліся ў лінейным парадку, як на полі бою, імкнучыся прарваць шыхт непрыяцеля, выбіць з сядла максімальную колькасць праціўнікаў ці скрышыць як мага большую колькасць копяў. Пасля скрышэння копяў бой распадаўся на парныя сутычкі на мячах, якія першапачаткова праводзіліся пеша, але ў ХV—ХVІ стст. пераважна конна. Пераможцам лічыўся той, што наносіў суперніку больш удараў. Калі адзін з удзельнікаў турніра хацеў прыпыніць свой удзел у турніры, ён мог знабіць гэта, зняўшы шлем. Падчас правядзення палявых турніраў выкарыстоўвалася звычайныя баявыя копі і пласцінавыя даспехі, якія для вольнага турніра ўзмацняліся некаторымі ўзмацняльнымі элементамі.20
У пачатку ХVІ ст. у Германіі зявіўся так званы турнір на булавах (ням. Kolbenturnier). Ён таксама праводзіўся паміж партыямі рыцараў, колькасць якіх магла дасягаць 20 чалавек. Копі на такіх спаборніцтвах не выкарыстоўваліся, а зброяй служыў тупы, але цяжкі меч і булава (“кольба”), даўжынёй да 80 см., вырабленая з цвёрдых парод дрэва. Спачатку ўдзельнікі змагаліся на булавах, а потым браліся за мячы. Даўжыня зброі і яго вага старанна правяраліся суддзямі. Задачай удзельнікаў такога турніра было разбіць у праціўніка нашлемныя ўпрыгожанні, якія мелі геральдычны характар ці сімвалізавалі талісман, падараваны рыцару яго дамай. Па адных звестках, апошні турнір на булавах быў праведзены ў 1487 г., па другіх – такія спаборніцтвы практыкаваліся да першай чвэрці ХVІ ст.21
Адным з варыянтаў турніраў зяўляўся т.зв. венгерскі турнір, які быў папулярны ў шэрагу краін Еўропы ў ХVІ ст. Падчас іх правядзення шырока выкарыстоўвалася спалучэнне элементаў узброенага спаборніцтва і касцюміраванага маскарада. Галоўнай асаблівасцю венгерскіх турніраў было выкарыстанне спецыфічнага гусарскага ўзбраення – гусарскіх тарчаў замест нямецкіх, венгерскія шаблі, якія часта служылі толькі ўпрыгожаннем, спецыфічныя венгерскія шпоры і г.д.22
Да турнірам у поўным сэнсе гэтага слова належаў таксама пешы турнір. Ён узнік у часы праўлення імператара Максімільяна І і быў яўна звязаны з манерай боя, характэрнай для нямецкіх ландскнехтаў. Удзельнікі такіх турніраў, таксама падзеленыя на дзве каманды, змагаліся праз драўляны барер, але рухаліся не паралельна, а перпендыкулярна яму. Турнір, падобна коннаму палявому, ці вольнаму турніру, складаіся з двух фазаў – змагання на копях (піках) і на мячах. Падчас першай фазы ўдзельнікі імкнуліся зламаць піку праціўніка, пры гэтым сваё капё яны дрымалі дзмюма рукамі, як ландскнехты. Дазвалялася зламаць ад пяці да шасці копяў. Забаранялася наносіць удары ніжэй пояса, таму ногі, як правіла, не былі пакрыты даспехамі. Першапачаткова для пешых турніраў выкарыстоіваліся звычайныя пласцінавыя даспехі, аднак у першай палове ХVІ ст. для гэтых мэтаў была сканструявана спецыяльная “зброя”. Яна ўяўляла сабой поўдаспех з закрытым шлемам – прылбіцай. Як ужо адзначалася, другая фаза пешага праводзілася на мячах. Пры гэтым кожны ўдзельнік, як і ў конных турнірах, стараіся нанесці праціўніку максімальна большую колькасць удараў, не выпусціўшы пры гэтым з рук уласную зброю. Найчасцей бой веўся да нанясення пэўнай колькасці ўдараў, пераважна пяці. Пешыя турніры, як правіла, праводзіліся перад коннымі спаборніцтвамі, якія патрабавалі больш часу на падрыхтоўку.23
Да пешага турніру набліжаўся пешы паядынак, які сягае сваімі каранямі яшчэ ранняга сярэднявечча з звязваецца, верагодна, з т.зв. “Божым судом”. У ХV ст. гэты від практыкаванняў атрымаў назву “пешы бой”, ці “старадаўні нямецкі пешы бой”. У адрозненне ад турніраў, ён праводзіўся паміж двума праціўнікамі на чатырохкутным рысталішчы, агароджаных канатамі (прататып сучаснага баксёрскага рынга). Пры двары германскага імператара Максімільяна І гэты від баявых практыкаванняў атрымаў вялікую папулярнасць, быў значна рэгламентаваны і ўжо ў такой форме шырока разышоўся па ўсёй Еўропе. Ён праводзіўся першапачаткова на мячах, але ўжо ў часы Максімільяна І – на самых розных відах клінковай, абуховай і дрэўкавай зброі – мячах, у тым ліку двуручных, цясаках, кінжалах, сякерах, булавах, баявыях цапах, піках, альшпісах, алебардах і г.д. Задачай удзельнікаў пешага бою было нанясенне праціўніку як мага большай колькасці ўдараў. Падобныя баі, якія вельмі спрыялі развіццю фехтавальнага мастацтва, былі адным з найбольш небяспечных відаў турнірных спаборніцтваў. Таму ў ХV ст., калі яны набылі характар не крывавых “Божых судоў”, а спартыўных спаборніцтваў, іх правядзенне патрабавала шматлікіх мераў перасцярогі. Перш за ўсё, на рысталішчы прысутнічала некалькі (да 8) памочнікаў суддзяў, апранутых ў даспехі і ўзброеных палкамі. Яны ўважліва сачылі за ходам бою і ў выпадку неабходнасці разводзілі ў бакі разюшаных праціўнікаў. Акрамя таго, з канца ХV ст. для пешых баёў канструяваліся спецыяльныя даспехі, у якіх не толькі ўлічваліся засцерагальныя якасці, але таксама прадугледжвалася пэўнае абмежаванне свабоды рухаў, каб прадухіліць нанясенне суперніку занадта моцных ўдараў.24
Важным відам баявых практыкаванняў зяўляліся конныя сутычкі капійнікаў, якія ў свядомасці сучаснага чалавека часта, але не зусім слушна, асацыююцца з турнірамі ў сціслым разуменні гэтага слова. Яшчэ ў ХІІ—ХІІІ стст. сутычкі капійнікаў праводзіліся рэдка, аднак у далейшым іх папулярнасць узрастала і дасягнула свайго апагея ў ХV—ХVІ стст. Першапачаткова тут, як і на ўласна турнірах (групавых сутыкненнях), прадугледжвалася змаганне на мячах у тых выпадках, калі бой на копях не выяўляў пераможцу. Аднак у далейшым ад другой фазы сутыкнення адмовіліся, колькасць капійных заездаў павялічылі да некалькіх і цяпер перамога прызнавалася за тым, што выбіў праціўніка з сядла ці скрышыў большую колькасць копяў. Як правіла, сутычкі на копях папярэднічалі ўласна турнірам.
У ХV ст. зявілася некалькі дзесяткаў варыянтаў сутыкненняў на копях, аднак усе яны могуць быць падзелены на дзве групы – сутыкненні на тупых копях (ням. Gestech) і сутыкненні на вострых копях (ням. Rennen). Адрозненні паміж гэтымі варыянтамі заключаліся не толькі ў выкарыстоўваемых копях, але таксама ў канструкцыі даспехаў, манеры вядзення боя, задачах удзельнікаў.
Асаблівасцю сутыкненняў на тупых копях (гештэх) было тое, што пасля кожнага заезда, калі пераможца не быў выяўлены, праціўнікі зноў разязджаліся на зыходныя пазіцыі, адкуль паўторна атакавалі адзін аднаго. Выдзяліліся італьянскі гештэх, які праводзіўся праз плот, і некалькі варыянтаў нямецкага гештэха, асноўнымі з якіх былі гештэх “высокіх сёдлаў” (Gestech im hohen Zeug), “агульнанямецкі” (gemeideutsche Gestech) і “апранутых у даспех” (Gestech im Beinharnisch). Для ўсіх гэтых відаў сутыкненняў было характэрна выкарыстанне спецыяльнага даспеха (ням. Stechzeug). Галоўнай асаблівасцю гештэха “высокіх сёдлаў” было, як вынікае з назвы, выкарыстанне сядла, якое забяспечвала вершніку больш высокую пасадку. Высокія пярэднія лукі, абітыя жалезам, даходзілі да грудзей рыцара і закрывалі ногі. Да пярэдніх лук мацаваўся жалезны пояс, які ахопліваў тулава вершніка і цалкам выключаў яго падзенне з каня. Таму задачай удзельнікаў такога спаборніцтва было не выбіць праціўніка з сядла, а толькі скрышыць уласнае капё і тым самым прадэманстраваць сілу ўдара. Падчас правядзення гештэха “высокіх сёдлаў” прадугледжвалася выкарыстанне металічнага пакрыцця ног рыцара, скураной конскай папоны і глухога металічнага налобніка.
“Агульнанямецкі” гештэх не прадугледжваў аховы ног вершніка. У каня скураной папонай пакрывалася толькі холка, затое для лепшай аховы конскіх грудзей выкарыстоўвалася падушка з грубага палатна, набітая саломай. Сядло было пазбаўлена задняй лукі, што рабіла пасадку ў ім даволі ненадзейнай. Таму галоўнай задачай падчас гэтага віда спаборніцтваў было збіць праціўніка з сядла, хаця на ўменне скрышыць капё таксама звярталася ўвага.
Гештэх “апранутых у даспех” прадугледжваў два варыянты, якія адрозніваліся тыпам сядла – з высокімі заднімі лукамі ці без іх. У адпаведнасці з гэтым задачай удзельнікаў было скрышыць сваё капё ці выбіць праціўніка з сядла. Асаблівасцю гешэхта “апранутых у даспех” было абавязковае выкарыстанне даспешнага пакрыцця ног рыцара.25
Турнірныя сутыкненні “рэнэн” ўзніклі ў Германіі ў першай палавіне ХV ст. Па ўсёй верагоднасці, яны выводзяцца з баявых гульняў не прадстаўнікоў цяжкаўзброенага рыцарства, а лёгкіх вершнікаў, называных часам “рэнерамі”. Іх засцерагальнае ўзбраенне абмяжоўвалася шлемам-саладай, кірасай, шчытом-тарчай, якія толькі раз-пораз дапаўняліся наручамі. Сутыкненні праводзіліся з поўным разгонам каня, прычым праціўнікі, якія выкарыстоўвалі баявыя вострыя копі, стараліся выбіць праціўніка з сядла. Калі сутыкненне не выяўляла пераможцу, супернікі не разязджаліся на зыходныя пазіцыя, як у гештэху, а скакалі на супрацілеглыя канцы рысталішча, разварочваліся, бралі новыя копі і зноў сутыкаліся. Такім чынам, паядынак мог уяўляць сабой цэлую серыю сутыкненняў, якія нагадвалі скачкі, што і гучыць па-нямецку як “Rennen”.26
Хутка рэнэнам зацікавіліся і прадстаўнікі знаці. Была распрацавана вялізарная колькасці варыянтаў падобных спаборніцтваў, часам, здавалася б, вельмі слаба звязаных паміж сабой. Адзінае, што іх абядноўвала – выкарыстанне вострых копяў і сутыкненні ў выглядзе серыі атак з поўным разгонам каня. Як правіла, гэты від практыкаванняў вымагаў спецыяльнага даспеха – т.зв. “рэнцойг” (Rennzeug), аднак некаторыя варыянты рэнэна праводзіліся без выкарыстання асобных элементаў, ці ўвогуле без даспеха.
Вызначыць усе варыянты рэнэна, існаваўшыя ў ХV—ХVІ стст., не ўяўляецца магчымым, таму ёсць сэнс спыніцца толькі на некаторых з іх. Найбольш набліжаным да гештэха зяўляліся т.зв. “жорсткі рэнэн” (ням. Anzogenrennen), “змяшаны рэнэн” (ням. Kronelrennen) “палявы рэнэн” (ням. Feldrennen) і “іншаземны рэнэн” (ням.Welschrennen). Задачай удзельнікаў “жорсткага рэнэна” было скрышыць сваё капё аб тарчу праціўніка. У “змяшаным рэнэне” адзін з праціўнікаў быў апрануты ў “рэнцойг”, а другі – у “штэхцойг”, прычым ад удзельнікаў патрабавалася выбіць праціўніка з сядла ці зламаць сваё капё. У “палявым рэнэне”, удзельнікі якога выкарыстоўвалі баявыя даспехі, патрабавалася скрышыць капё. “Іншаземны рэнэн”, які патрабаваў ад удзельнікаў выбіць праціўніка з сядла ці зламаць сваё капё, прадугледжваў выкарыстанне баявых даспехаў у камплекце з закрытым шлемам тыпа “армэ”.
Аналагічныя задачы ставіліся перад удзельнікамі “вульстрэнэна” (ням. Wulstrennen), хоць у гэтым відзе практыкаванняў не выкарыстоўваўся шлем. Падчас правядзення “пфаненрэнэна” (ням. Pfannenrennen) не выкарыстоўваўся не толькі шлем, але і даспех. Праціўнікаў бараніла толькі набліжаная да прастакутніка нагрудная пласціна. Гэты від турнірных сутыкненняў лічыўся такім небяспечным, што на рысталішчы загадзя змяшчалася труна для пераможанага рыцара.
Задачай удзельнікаў “механічнага рэнэна” (ням. Geschiftrennen) было нанесці трапны ўдар праціўніку і пры гэтым утрымацца ў сядле. Сваю назву гэты від сутыкненняў атрымаў з-за выкарыстання спецыяльных механізмаў, якія падпружыньвалі тарчу ці нагрудную мішэнь. У адпаведнасці з гэтым выдзеляліся “мехаічны рэнэн з тарчай” (ням. Geschifttartschenrennen) і “механічны рэнэн з нагруднай мішэнню” (Geschiftscheibenrennen). Пры ўдалым удары капя механізм прыводзіўся ў дзеянне і выкідаў высока ўверх тарчу альбо разкідаў у бакі клінні, якія падпружыньвалі мішэнь. Тым самым не толькі дакладна вызначалася трапнасць і сіла ўдара капём, але і павышалася відовішчнасць спаборніцтваў.
Да згаданага варыянта рэнэта набліжаўся т.зв. “бундрэнэн” (ням. Bundrennen). Пры ўдалым удары капём смецыяльны механізм таксама выкідаў тарчу праціўніка высока ўверх, але пры гэтым яна разляталася на мноства сегментаў. Асаблівасцю тэтага варыянта турнірных сутыкненняў было тое, што тут не прадугледжвалася выкарыстанне падбародніка, парыкрываўшага ніжнюю частку твару. Таму пры няўдалым удары супернікам пагражала смяротная небяспека.
Трапнасць удару была галоўным патрабаваннем да ўдзельнікаў і падчас правядзення “трапнага рэнэна” (ням. Scharfrennen). Вершнік павінен быў ці выбіць праціўніка з сядла, ці моцным ударам капя сарваць выгнутую тарчу з крукоў, якія фіксавалі яе на кірасе.27
Як ужо адзначалася, вялікай папулярнасцю карысталіся ў ХV—ХVІ стст. інсцыніроўкі аблогі замкаў (т.зв. шармютцэль), якія ў гэты час праводзіліся з грандыёзным размахам. Галоўнай задачай падобных рыцарскіх забаў было захапіць замак ці ўтрымаць яго. Пры гэтым магла выкарыстохвацца самая разнастайная зброя – ад кветак і пустацелых ядраў, да мячоў, копяў і гармат.28
Адным з позніх, але найбольш жывучых відаў рыцарскіх гульняў, былі т.зв. “скачкі за колцам”, якія сталі вельмі папулярнымі ў другой палове ХVІ ст. і практыкаваліся ажно да другой паловы ХVІІІ ст. Удзельнікі “скачак” на поўным скаку імкнкліся патрапіць капём усярэдзіну колца, падвешанага высока ўверсе на шнуры. Распаўсюджанне падобнай забавы сведчыць пра заняпад, які перажывала з канца ХVІ ст. традыцыйная рыцарская практыка капійных сутычак. Уменне моцна наносіць удары праціўніку і вытрымліваць удары ў адказ сталі цаніцца не вельмі высока, тады як узраслі патрабаванні да хуткасці і спрытнасці вершнікаў. Апроч “скачак за колцам”, гэтыя якасці выяўляліся ў такіх спецыфічных відах конных практыкаванняў, як “квінціна” і “карусель”. Прадчас правядзення “квінціны” ўдзельнікі стараліся патрапіць капём у цэнтр шчыта, прымацаванага да манекена, які круціўся вакол слупа і трымаў у руцэ мяшок з пяском. У выпадку промаха манекен рэзка паварочваўся і стукаў мяшком з пяском па спіне рыцара. У “каруселі”, якая зявілася замест “квінціны” у ХVІІ ст., задачай удзельнікаў было патрапіць у кардонную ці драўляную галаву маўра, размешчаную на слупе.29
Практыкаваліся і зусім ужо нетрадыцыйныя спосабы прадэманстраваць спрыт кавалерыстаў, якія маглі змагацца паміж сабой, шпурляючы адзін у аднаго пустымі глінянымі шарамі, напоўненымі пудрай ці духмянай вадой, пасля чаго пераходзілі да змагання пры дапамозе больш звыклай зброі.30
У прынцыпе, задачай усіх турнірных практыкаванняў было прадэманстраваць уменне валодаць зброяй. Таму барцоўскія прыёмы тут не віталіся. Аднак, у шэрагу выпадкаў, удзельнікі турнірных відовішчаў маглі выклікаць жадаючых на рукапашны бой і тым самым прадэманстраваць сваю фізічную сілу. Падобныя спаборніцтвы мелі месца, напрыклад, у Вене ў 1515 г., дзе былі арганізаваныя пышныя гульні з нагоды сустрэчы імператара Максімільяна І з каралямі Чэхіі, Венгрыі і Польшчы. “Бых паміж чэхамі шляхціц адзін па прозвішчу Стыбіч, муж надзвычай моцны, які, будучы ўжо шчасливы шмат у якіх ганітвах, так пыхлівы, што ўсіх выклікаў [на бой] і абяцаў сто чырвоных залатых таму, што б сябе спрытнейшым і мацнейшым за яго паказаў. Адрываў ён абручы ад колаў возовых, скручваў іх у трубку і зноў раскручваў, ламаў падковы, пасадзіўшы на кожнай руцэ двух чалавек, падымаў іх угару. Ніхто з падобным геркулесам спрабаваць сябе не адважваўся, але ж выступае адзін з дворскіх караля Жыгімонта (караля польскага і вялікага князя літоўскага – Ю.Б.), ледзве 23 гадоў маючы, па прозвішчу Радзіміньскі, той адзін прыняў выклік. Вызначылі дзень, сабралася вялікае мноства гледачоў; увайшлі ўдзельнікі ў шранкі, усе намошчаныя алеем, апоч далоняў, каторыя воскам і смалой нацёрлі. Калі паміж сабой схапіліся, з кожным ударам кроў у іх пырскала. Чэх, схапіўшы паляка пад рукі, хацеў яго здушыць, але паляк, падняўшы рукі ўгару, так моцна ўдарыў чэха ў галаву, што з рук ягоных вырваўся і адразу адной рукой схапіўшы [праціўніка] за горла, другой паміж ног, падняў яго ўверх і, страціўшага прытомнасць, кінуў на зямлю, запатрабаваўшы дамоўлены заклад. Апладысменты ўсіх засведчылі перамогу паляка”.31
Напрыканцы варта ўзгадаць яшчэ адзін від паядынкаў, які нагадваў турніры па форме, але, тым не менш, вельмі мала чаго меў з імі па-сутнасці. Гаворка ідзе пра “судовы паядынак”. Падчас яго ісцец і адказчык высвятлялі сваю рацыю са зброяй у руках, прычым жанчынам і нямоглым дазвалялася выстаўляць замест сябе іншых асоб. Падчас судовых паядынкаў ужывалася баявая зброя, выбар якой залежаў ад адказчыка. У адрозненне ад турніраў, колькасць удараў тут не абмяжоўвалася, а бой працягваўся да смерці аднаго з удзельнікаў ці прызнання ім сваёй віны.32
Судовыя паядынкі атрымалі шырокае распаўсюджанне ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў тых краях, дзе турніры ў сваёй класічнай форме не атрымалі прызнання. Так, напрыклад, яны былі добра вядомыя ў ХVІ ст. у Маскоўскай дзяржаве. Судовыя паядынкі тут звычайна пачыналіся, як у заходнееўрапейскіх турнірах, з сутычкі на копях, пасля чаго праціўнікі пускалі ў ход іншую зброю. Відавочца падзей, пасол германскага імператара Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што “яны могуць выстаўляць замест сябе на паядынках якую заўгодна асобу, так сама і абодва могуць запасціся якой заўгодна зброяй, акрамя пішчалі і лука. Звычайна на іх бываюць падоўжаныя даспехі, часам двайныя, кальчуга, наручы, шлем, капё і нейкае жалеза ў руцэ [накшталт кінжала, але] завостранае з абодвух канцоў, трымаючы яго ў руцэ, яны дзейнічаюць ім так спрытна, што пры любым сутыкненні яно не перашкаджае і не выпадае з рук. Але збольшага яго ўжываюць у пешым баі”.
Адметнасць правядзення судовых паядынкаў у Маскоўскай дзяржаве ў параўнанні з турнірнай практыкай складала і тое, што тут не забаранялася дапамога паядыншчыкам з боку іх паплечнікаў. Па словах Герберштэйна, “У кожнага ж з бакоў ёсць шмат сяброў і прыхільнікаў, гледачоў на полі бою, але ў іх няма ніякай зброі, акрамя калоў, якўя часам і пускаюцца ў справу. Бо калі высветліцца, што што аднаму з тых, што бецца, нанесена якая-небудзь крыўда, то абараніць яго збягаюцца ягоныя староннікі, а затым і староннікі яго праціўніка, і такім чынам паміж двума бакамі, да задавальнення гледачоў, завязваецца бой: яны цягаюць адзін аднаго за валасы, бюцца кулакамі, палкамі і абпаленымі каламі”.33
Парадак правядзення турніраў
Для правядзення турніраў, як правіла, арганізоўвалася спецыяльнае месца – рысталішча (у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім яно называлася “шранкі”). Гэта магла быць плошча ў горадзе, замкавы дзядзінец ці агароджаны ўчастак прастакутнай формы ў адкрытым полі. З цягам часу барер стаў рабіцца двайным, а паміж барерамі змяшчаліся слугі, якія дапамагалі выбітым з сядла рыцарам і воіны, не дапускаўшыя на поле натоўп. Для змяншэння рызыкі траўматызма рысталішча пасыпалі пяском і саломай. Пры правядзенні групавых турніраў рысталішча падзялялася двума нацягнутымі канатамі, якія перасякаліся перад пачаткам спаборніцтваў.
Уздоўж аднаго з даўжэйшых бакоў рысталішча ўзводзіліся трыбуны для гледачоў. Калі турніры праводзіліся ў горадзе, гледачы маглі, за пэўную плату, назіраць за яго правядзеннем з вакон дамоў размешчаных на плошчы. Калі турніры арганізоўваліся спантанна, напрыклад падчас аблогі непрыяцельскіх замкаў і гарадоў, месца для іх магло спецыяльна не абсталёўвацца. Здараліся таксама выпадкі правядзення турнірных гульняў у вялікіх залах.
Да ўдзелу ў турнірах дапускаліся толькі асобы шляхецкага паходжання. Таму кожны ўдзельнік павшнен быў даказаць суддзям і герольду сваё высакароднае паходжанне ў двух пакаленнях па бацькоўскай і мацярынскай лініі. Сурёзныя патрабаванні прадяўляліся і да маральных якасцяў прэтэндэнтаў на ўдзел у турніры.
Вялікая ўвага звярталася на тое, каб зброя ўдзельнікаў, асабліва копі, былі аднолькавых памераў. Нават коней стараліся падбіраць аднаго роста, бо такім чынам для праціўнікаў ствараліся аднолькавыя ўмовы і вынік спаборніцтва залежаў толькі ад якасцяў кожнага канкрэтнага рыцара.
Існаваў шэраг агульных патрабаванняў пры правядзенні турніраў – забарона знарок калечыць каня праціўніка, ужываць барцоўскія прыёмы, наносіць удары ніжэй пояса, нападаць на рыцара, у якога быў збіты шлем, атакаваць праціўніка ззаду. Наадварот, узнагароджваліся прызамі такія дзеянні ўдзельнікаў, як выбіванне праціўніка з сядла ці збіванне яго на зямлю разам з канём, неаднаразовае траплянне ў наканечнік капя праціўніка ці візуру ягонага шлема, максімальная колькасць зламаных копяў, як мага большая працягласць знаходжання ў бітве.34
Нюансы арганізацыі турнірных гульняў маглі ў розных краінах варіравацца. Лічыцца, што найбольш строгімі і дэталёва распрацаванымі турнірныя правілы былі ў Германіі.35 Аднак у цэлым у часы позняга Сярэднявечча яны былі падобныя ва ўсёй Еўропе.
Важныя звесткі па арганізацыі турніраў прыносіць багата ілюстраваная “Турнірная кніга” караля Рэнэ Анжуйскага (1409—1470). Яна абапіраецца на правілах, пашыраных над Рэйнам, у Фландрыі і Бургундыі.36 Кніга сведчыць, што вялікая роля ў працэдуры арганізацыі турніраў належала герольдам. Сеньёр, які вырашаў арганізаваць ігрышчы, у прысутнасці вялікай колькасці рыцараў уручаў свайму гербаваму каралю ці іншаму вядомаму герольду меч. Гербавы кароль прымаў яго, трымаючы за клінок і ўкленчыўшы. Адначасова арганізатар прапаноўваў спіс патэнцыяльных суддзяў, які ў ідэале складаўся з васьмі кандыдатур. Гэты спіс перадаваўся, разам з мячом, іншаму сеньёру, якому арганізатар пасылаў выклік. Калі выклік прымаўся, то выклікаемы ўладар прымаў меч з рук укленчанага гербавага караля, беручы яго за рукаяць. Пасля гэтага гербовы кароль прадяўляў гербы кандыдатаў у суддзі, з якіх выклікаемы сеньёр павінен быў выбраць чатырох.
Пасля гэтага гербовы кароль, прымацаваўшы на спецыяльны кавалак тканіны на правым плячы выявы абодвух сенёраў на конях і ў баявым рыштунку, накіроўваўся да суддзяў і перадаваў ім запрашэнні. Калі яны прымаліся, то суддзі дамаўляліся пра месца, час і ўмовы турніра. Абвяшчэнне пра пачатак турніра рабілася пры дварах абодвух сенёраў, а таксама праз памочнікаў гербавага караля – персевантаў, якія рассылаліся ў розныя месцы краю.
Удзельнікі турніра павінны былі зявіцца да месца турніра за чатыры дні да яго правядзення. Важнай часткай турнірных урачыстасцяў зяўляўся ўрачысты ўезд у горад ці замак. Першы вечар адводзіўся звычайна святочнай вячэры і танцам. На наступны дзень разглядаліся кандыдатуры на ўдзел у турніры. Для гэтага на ўсеагульны агляд выстаўляліся іх шлемы, якім спадарожнічалі сцягі прэтэндэнтаў. Суддзі рабілі абход, прычым герольды выкрыквалі імёны ўладальнікаў кожнага шлема. Калі нехта з прысутных паведамляў пра кандыдата нешта, што кідала цень на яго добрае імя, то шлем скідваўся на зямлю, а яго ўладальнік адхіляўся ад ўдзелу ў гульнях. Адхіленне суправаджалася насмешкамі, абразамі і нават пабоямі незадачлівага рыцара, які ў выніку мог быць пасаджаны, разам з сядлом, на агароджу рысталішча, дзе ён знаходзіўся ажно да канца турніра. Пасля агляду шлемы вярталіся ўладальнікам, а вечарам наладжваліся танцы.
На наступны дзень удзеньнікі, без зброі, прыязджалі на рысталішча. Там яны прысягалі выконваць правілы турніра. Вечар трэцяга дня таксама адводзіўся танцам.
Наступны дзень пачынаўся з запаўнення трыбун і апранання рыцараў у даспехі. Спецыяльна выбраны ганаровы рыцар, які меў права ў любы момант спыніць турнір, без шлема займаў месца на рысталішча паміж нацягнутымі канатамі. Супрацілеглыя каманды рыцараў станавіліся па абодвух баках канатаў. Удзельнікам зноў нагадвалі правілы, а герольды прадстаўлялі іх гледачам і адзін аднаму. Сігналам да сутычкі служылі гучныя заклікі, пасля якіх спецыяльныя людзі перасякалі сякерамі нацягнутыя ўпоперак рысталішча канаты. Як ужо адзначалася, апроч рыцараў, на полі знаходзіліся іх слугі, конныя ці пешыя, задачай якіх было падтрымаць падаючага гаспадара, зноў пасадзіць яго на каня, ці адцягнуць яго ў больш бяспечнае месца. Калі гэта было немагчыма, то слугі абаранялі яго да канца турніра, адбіваючыся ад непрыяцеля палкамі і абломкамі копяў.
Бой заканчваўся, калі суддзі падавалі спецыяльны знак трубачам, пасля чаго апошнія трубілі адбой. Па знаку трубы ўдзельнікі павінны былі пакінуць рысталішча. Вечар пасля турніра праводзіўся за святочнай вячэрай, уручэннем прызоў і танцамі.37
Вячэры ў піры наогул былі важнай часткай турнірных урачыстасцяў. Тут рыцары частавалі адзін аднаго, альбо наадварот, працягвалў спаборніцтва, праўда ўжо ў форме жартаў і кпінаў. Адно такое здарэнне адбылося на Венскім кангрэсе 1515 г., дзе сабраліся прадстаўнўкі германскіх земляў, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Кангрэс суправаджаўся пышнымі турнірнымі гульнямі. Не абыйшлося на зездзе і без узаемных і далёка не бяскрыўдных жартаў. Так, немцы здзекліва пацяшаліся над беднасцю зброі палякаў і маларосласцю іх коней. Для большай абразы яны прывялі неяк да палякаў старога і змучанага фрыза (элітная парода цяжкіх рыцарскіх коней) і прапанавалі купіць яго за 100 залатых. Палякі, вырашыўшы адказаць жартам на жарт, купілі каня і запрасілі немцаў на абед. Яны прыгатавалі фрыза і падалі як аляніну, папрасіўшы прабачэння, што не змаглі знайсці іншага мяса. “Весела засядаюць немцы, частыя келіхі ўзмацняюць іх весялосць і добры апетыт; напрыканцы ж бяседы прыносяць ім на агромным падносе конскую галаву і ногі з капытамі. Зразумелі немцы, што зелі ўласнага каня, але перавялі гэта ў жарт, рыхтуючыся новай штукай адказаць тым на тое.38
Працэдура ўзнагароды пераможцаў была кульмінацыйным і доўгачаканым момантам турнірных урачыстасцяў, тым больш што прыз мог часам мець вельмі вялікую матэрыяльную каштоўснасць. Як адзначалася вышэй, першапачаткова пераможца забіраў сабе каня і зброю пераможанага рыцара. У далейшым прызы вызначаліся арганізатарамі турніра, але і пасля гэтага яны маглі быць не менш, а нават больш каштоўнымі, чым проста рыштунак праціўніка. Так, у 1263 г., падчас турніру, арганізаваным у Нордхаўзене марграфам Генрыхам Дастойным, першы прыз складаў сярэбраны даспех масай 20 фунтаў, меч з залатой рукаяццю, залаты рыцарскі пас і такія самыя шпоры, а таксама баявы конь з рыштункам, інкруставаным серабром. У якасці другога прыза былі вызначаны меч, пас, шпоры і конь, у якасці трэцяга – цяжкі залаты вянец.
Існавалі і іншыя віды прызоў. Вельмі цанілася т.зв. “кольчая ўзнагарода” (Stecherdank), якая прысуджалася за перамогу ў сутыкненні гештэх. Рыцар, які найдаўжэй пратрымаўся на рысталішчы і захаваў некранутым аздобу на сваім шлеме, атрымоўваў т.зв. Zierdank. Спецыяльны прыз (Weiteldank) выдзеляўся таму з удзельнікаў, які прыбываў з нальбольш аддаленых краёў. Існавалі спецыяльныя ўзнагароды за самы трапны ўдар капём, за найбольшую колькасць скрышаных копяў і г.д. У якасці прызоў маглі выступаць зброя, залатыя вянцы, ланцугі і пярсцёнкі, у рэшце рэшт розныя памятныя знакі – жаночыя вуалі, шалікі, стужкі і інш.
Пераможцаў вызначалі суддзі, якія прытрымліваліся пэўных крытэрыяў. Спецыяльныя балы прысуджаліся за скрышэнне копяў, траплянне ў шчыт праціўніка, калі гэта прымушала апошняга адкінуць яго, выбіванне суперніка з сядла. Капё трэба было скіроўваць у шлем, шчыт ці нагруднік праціўніка. Штрафныя балы чакалі тых, хто наносіў удары ніжэй нагрудніка, у барeр, дакранаўся капём зямлі, раніў непрыяцельскага каня. Пры змаганні на мячах падчас пешых турніраў перамога прысуджалася таму з удзельнікаў, хто наносіў пяць удараў і не выпускаў зброю з рук. Узнагароджанне адбывалася ў два этапы. Адразу пасля турніру, яшчэ ў шранках, уручаўся т.зв. малы dank, а пасля вячэры – галоўная ўзнагарода. Узнагарода магла ўручацца як спецыяльна выбранай т.зв. каралевай любові, так і дамамі, якія былі ганаровымі суддямі.39
Такім чынам, турніры ў Еўропе прайшлі даволі складаны эвалюцыйны шлях. Узнікшы як трэніровачна-паказальныя гульні, набліжаныя да баявой практыкі, яны паступова набывалі ўсё больш выразны элемент відовішчнасці, дзе тэатралізаваны бок і рытуалы набывалі не меншае, а часам і большае значэнне, чым дэманстраванне вайсковых навыкаў. Тым не менш, турнірныя практыкаванні да самага канца перыяду сярэднявечча захоўвалі прыкладное значэнне, пра што сведчыць узнікненне новых відаў рыцарскіх забаў, абумоўленых новымі спосабамі вядзення вайны і эвалюцыяй баявога рыштунка
Далучэнне да еўрапейскіх турнірных традыцый Вялікага княства Літоўскага
Далучэнне Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскіх турнірных традыцый адбылося, як можна меркаваць, досыць позна – не раней за канец ХІV ст. Гэты працэс быў звязаны з хрышчэннем Літвы па каталіцкаму ўзору, што абумовіла вестэрнізацыю самых розных бакоў жыцця тагачаснага грамадства. Гэта не азначае, канешне, што на землях гэтай дзяржавы дагэтуль не існавала практыкі трэніровачных баёў і вайсковых практыкаванняў, якія зяўляліся, як ужо адзначалася, правобразам рыцарскіх турніраў. У гэтым сэнсе прыцягвае ўвагу падзея, якая адбылася яшчэ ў 1253 г., у часы барацьбы Міндоўга за ўладу ў Літве. Не жадаючы ўступаць у адкрыты бой з жамойтамі і яцвягамі сваіх палітычных праціўнікаў Таўцівіла і Выкінта, якім аказаў таксама дапамогу галіцкі князь Данііл, Міндоўг замкнуўся ў градзе Варута. Назаўтра з града выехалі нанятыя Міндоўгам “немцы з самастрэламі і наехалі на іх русь з полаўцамі са стрэламі і яцвягі з суліцамі і ганяліся па полі падобна гульні (игре), адтуль жа вярнуліся ў Жамойць”.40 Вядомы беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў, разглядаючы гэтую падзею, трактаваў яе як трэніровачныя практыкаванні амаль турнірнага характару: “было праведзена спаборніцтва паміж саюзнымі атрадамі, вучэбны бой, дзе апранутыя ў даспехі немцы супрацьстаялі рускаму і яцвяжскаму узбраенню і іншай тактыцы”.41 Пры ўсёй спрэчнасці гэтага выказвання (летапісец толькі параўноўвае згаданае сутыкненне з гульёй, напэўна каб падкрэсліць не зацяты характар змагання), яно сведчыць, што ў той час вайсковыя гульні былі не навінкай на усходнееўрапейскіх землях.
Вайсковыя практыкаванні стралкоў, напэўна нечым падобныя на падзеі 1253 г., маляўніча апісаў паэт-лацініст пачатку ХVІ ст. Мікола Гусоўскі, аднак прымяняльна да перыяду панавання вялікага князя літоўскага Вітаўта (1392—1430), які славіўся сваёй ваяўнічасцю далёка за межамі дзяржавы:
“Кожны дзядзінец пры замках, груды між балотаў – Гэта пляцы і пляцы для вайсковых заняткаў. Мірны перыяд між войнамі быў перадышкай Каб адпачыць, падвучыцца і, страты пакрыўшы, Рушыць у новы паход. На такіх табарышчах Толькі і чуеш, як стрэлы спяваюць, а лукі Суха на згібах скрыпяць, нібы хваляцца ўголас: Бачыш, якія нястомныя рукі, якая ў іх сіла! Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу, Шабляй і стрэламі цэляць у вешкі. Часамі Хтосьці падкіне свой зношаны брыль ці кучомку – Некалькі стрэл упіваецца ў шапку на ўзлёце. Падае ўніз, і – пад ахі і рогат прысутных – Борзды наезнік падловіць падранка на піку”.42Акрамя таго, паводле слоў Гусоўскага, баявая падрыхтоўка ўключала конныя гонкі, у тым ліку начныя, фарсіраванне рэк і г.д. Пераможцы ўзнагароджваліся прызамі, а няспрытных чакалі насмешкі і пагарда. Разам з тым, гэта не былі турніры ў сціслым разуменні гэтага слова, бо, па першае, яны не прадугледжвалі непасрэднага сутыкнення ўдзельнікаў паміж сабой, што імітавала б рэальны бой, а па другое – кола ўдзельнікаў у іх было практычна неабмежаванае, што надавала згаданым гульням амаль плебейскі характар.43
Заангажаванасць заходняга рыцарства ва ўсходнееўрапейскіх справах у ХІІІ ст. прыводзіла да таго, што прадстаўнікі зямель, якія ў далейшым увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, бывалі спарадычна далучаны да заходняй турнірнай традыцыі, якая міжволі знаходзіла тут сваё ўвасабленне. Так, у 1349 г. чарнігаўскі князь Расціслаў, якому дапамагаў польскі атрад ваяводы Ворша, аблажыў валынскі горад Яраслаў. У чаканні вынікаў аблогі, Расціслаў “стварыў гульню перад градам”, у якой, апроч палякаў і венграў, удзельнічалі і русічы. Сам князь Расціслаў таксама сутыкаўся на копях з Воршам, але яму не пашанцавала. Пам ім зваліўся конь, а сам князь выляцеў з сядла і вывіхнуў сабе плячо.44
Цікавы факт, які можа служыць сведчаннем удзелу прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў вайсковых гульнях, праўда праводзімях па-за межамі гэтай дзяржавы, а менавіта ў Маскоўскім княстве, прыносіць Троіцкі летапіс пад 1390 г. У ім гаворыцца: “...той жа зімой пасля Раства Хрыстова на трэці дзень Асей (Осей) кармілічыч князя вялікага паколаты быў у Каламне ў ігрышчы (игрушке)”. Расійскі даследчык Пётр Васін лічыць, што “ігрышча” (игрушка) ў дадзеным выпадку азначае турнірную сутычку на копях. У той жа час асобу Асея, загінуўшага падчас згаданай падзеі, ён атаесамляе з Аляксандрам Андрэевічам Асцеем, намеснікам маладога маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча ў Каламне. Згаданы Асцей зяўляўся сынам Андрэя Альгердавіча Полацкага, разам з якім ён паступіў на службу да маскоўскага князя ў канцы 1370-х гг. Будучы адным з найбольш вопытных воінаў княскага атачэння (гэтага вымагаў статус “кармілічыча”, г.зн. выхавацеля маладога княжыча), Асцей дэманстраваў сваё майстэрства на вайсковых гульнях, адна з якіх скончылася для яго трагічна.45
Выдатныя якасці байцоў-“паядыншчыкаў” засведчылі прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага і на судовых паядынках, якія, як ужо адзначалася, былі добра вядомыя ў Маскоўскай дзяржаве яшчэ ў першай палове ХVІ ст. Сігізмунд Герберштэйн, які ў гэты час двойчы наведаў Маскву, адзначаў, што “Шмат годоў у паядынках з іншаземцамі: немцамі, палякамі, літвінамі – маскавіты часцей за ўсё цярпелі паражэнні. А зусім нядаўна адзін літвін дваццаці шасці гадоў ад нараджэння ўступіў у бой з нейкім маскавітам, які выйшаў пераможцам больш чым у дваццаці паядынках, і забіў яго. Гасудар разюшыўся ад гэтага і загадаў зараз жа паклікаць да сябе пераможцу, каб зірнуць на яго. Убачыўшы яго, ён плюнуў на зямлю і загадаў, каб у далейшым ніводнаму іншаземцу не вызначалі паядынка з ягонымі падданымі. Мноствам разнастайнай зброі маскавіты хутчэй абцяжарваюць сябе, чым узбройваюцца, іншаземцы ж уступаюць у бой, спадзяючыся больш на спрытнасць, чым на зброю. Яны перш за ўсё апасаюцца ўступаць у рукапашны бой, ведаючы, што маскавіты вельмі моцныя рукамі і (наогул) цялесна, і звычайна перамагаюць іх, стаміўшы ў рэшце рэшт толькі сваім мастацтвам і спрытнасцю.46
Адпраўным пунктам далучэння Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскай турнірнай практыкі ў класічным разуменні гэтага слова можа лічыцца 1385 г., калі ў замку ў Крэве была падпісана унія паміж гэтай дзяржавай і Польшчай. Паводле яе ўмоў, вялікі князь літоўскі Ягайла прыняў у наступным, 1386 годзе хрост па каталіцкаму ўзору пад імем Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў каралём Польшчы, абавязаўшыся далучыць да яе свае спадчынныя уладанні. Заключэнне Крэўскай уніі азнаменавала для Вялікага княства Літоўскага новы этап у плане знаёмства з рыцарскай культурай Захаду. У рамках знаходжання абедзьвюх дзяржаў – субектаў уніі – пад уладай аднаго манарха ішло далучэнне ліцвінскай шляхты да рыцарскай культуры Польшчы, дзе турнірныя традыцыі мелі ўжо трывалыя карані. З гэтага часу і надалей на рыцарскіх забавах можна было стала сустрэць прадстаўнікоў Вялікага Княства, якія калі не бралі ў іх удзел, то хаця б выступалі ў якасці ганаровых гасцей.
Як сведчыць хроніка Яна Длугаша, пры двары Ягайлы турніры карысталіся вялікай папулярнасцю. Няма падстаў звязваць гэтую зяву менавіта з роллю гэтага манарха ў развіцці рыцарскіх гульняў, тым больш што ён сам, асабліва на пачатку свайго каралявання, так сама як і літвіны пры ягоным двары, толькі далучаўся да традыцый еўрапейскага этыкету. Разам з тым “ліцвінскасць” новага польскага караля, як падаецца, спрыяла азнаямленню палітычнай эліты Вялікага княства Літоўскага з нюансамі забаў такога кшталту. Ужо ў 1386 г., калі адбываліся ўзвядзенне Ягайлы на польскі трон і ягоны шлюб з юнай каралевай Ядвігай, новаабраны кароль-ліцвін, “вярнуўшыся ж на замак Кракаўскі, на трэці дзень наладзіў урачыстыя святы вясельныя, якія трывалі некалькі дзён, на працягу якіх адбываліся пад апладысменты турніры капійнікаў і фехтавальшчыкаў, а таксама танцы”.47 Варта адзначыць, што на вясельных урачыстасцях прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі знаці Вялікага княства Літоўскага.
У 1401 г. у Кракаве мела месца вартая ўвагі падзея з удзелам князя Вітаўта (насіўшага таксама хрысціянскае імя Аляксандр), а менавіта зашлюбіны аўдавелага да таго часу Ягайлы з Ганнай, унучкай былога караля польскага Казіміра. Святкаванні былі “удастоеныя прысутнасцю вялікага князя літоўскага Аляксандра і яго жонкі Ганны, а таксама многіх князёў і графаў з розных краёў, якія зехаліся па запрашэнню. Калі ж абвясцілі на двары каралеўскім турніры, князі, графы і рыцары на працягу многіх дзён змагаліся паміж сабой на копях і забаўляліся. Па заканчэнні ж вясельных урачыстасцяў як вялікаму князю літоўскаму Аляксандру і яго жонцы Ганне, так і астатнім князям, графам і гасцям кароль польскі Уладыслаў аказаў гонар цудоўнейшымі падарункамі”.48
На жаль, ў тэксце хронікі няма непасрэднага апісання змагання Вітаўта на рысталішчы, аднак яно выглядае цалкам праўдападобным. Пра тое, што змаганне асоб самага высокага рангу на турнірах і іх выкліканне на бой прадстаўнікамі менш тытулаванага рыцарства практыкавалася на польскім каралеўскім двары, сведчыць эпізод, які адбыўся за тры гады перад гэтым, у 1398 г., калі у Кракаў без запрашэння прыбыў венгерскі кароль Жыгімонт Люксембургскі. “З мэтай аказання яму найвялікшай пашаны кароль Уладыслаў абвясціў урачыстыя турніры, вызначыўшы ўзнагароды для пераможцы. Кароль венгерскі Жыгімонт, па прычыне каралеўскай годнасці і цудоўнага даспеху вызываны ўсімі рыцарамі, якія змагаліся ў шранках (так у польскай і літвінскай традыцыі называлі рысталішча – Ю.Б.), сутыкаўся [з імі] на копях. Пасля атрымання ад караля польскага Уладыслава каралеўскіх дароў і пасылання наўзаем годнага рэверансу, [Жыгімонт] вярнуўся вясёлы ў Венгрыю”.49 Такім чынам, у абодвух выпадках мела месца ўзнагароджанне і Вітаўта, і Жыгімонта “дарамі”, прычым прынамсі ў другім выпадку яны напэўна мусілі выступаць як узнагарода за ўдзел у турніры.
З абсалютнай упэўненасцю можна гаварыць пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў турнірных забавах, якія мелі месца ў 1412 г. у Венгрыі, калі Жыгімонт Люксембургскі зехаўся ў Будзе з Ягайлам і з вялікай колькасцю іншых тытулаваных асоб, у тым ліку каралёў. “Назаўтра па свяце Божага Цела былі прызначаны спаборніцтвы рыцарам князёў Эрнеста і Альберта, Людвіка брэсцкага, Конрада Алясніцкага, Януша раціборскага, Яна любіньскага і Санды з Босніі. Сто рыцараў, якія змагаліся ў шранках на працягу двух дзен з раніцы да вечара, ушанавалі шматлікіх гледачоў. Было справай вядомай, што на тыя ігрышчы зехаліся рыцары наступных народнасцяў: грэкі, італьянцы, галы, палякі, чэхі, венгры, аўстрыйцы, рыцары з Мейсена і Надрэйніі (Рэйна), французы, ліцвіны, русіны, баснійцы, балгары, валохі, албанцы і рыцары з Рашкі (Сербіі)”. Хто менавіта і ў якой колькасці прадстаўляў на гэтай імпрэзе Вялікае княства Літоўскае, Длугаш не паведамляе, але з уласцівым яму патрыятызмам ён усхваляе ратныя учынкі паіменна пералічаных чатырнаццаці польскіх рыцараў, “якія першыя [ішлі] да атакі, апошнія пакідалі поле бою, а калі іншыя адпачывалі пасля бою, яны самі з сабой распачыналі спаборніцтва і бітву”.50
Згаданы турнір уяўляецца досыць паказальным не толькі таму, што на удзел у ім прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага недвусэнсоўна ўказвае хроніка, але і па прычыне аддаленасці месца яго правядзення ад межаў гэтай дзяржавы. Пералічаныя Длугашам ліцвіны і русіны апынуліся на рыцарскіх гульнях не як выпадковыя сведкі, а прыехалі сюды спецыяльна, пераадолеўшы значную адлегласць, што нейкім чынам указвае на рост сярод феадалаў Вялікага Княства цікавасці да рыцарскіх забаў і адпаведныя традыцыі, якія прынамсі знаходзіліся тут у стадыі фарміравання.
У ХV ст. правядзенне турнірных забаў пры двары Ягайлы фіксуецца на старонках хронік досыць рэгулярна, прычым абсалютна ўпэўнена можна сцвярджаць, што ўвагі храністаў удастойваліся толькі значнейшыя з такіх мерапрыемстваў. Нагодай для арганізацыі рыцарскіх гульняў маглі быць здарэнні самага рознага характару – каранацыі, шлюбы, нараджэнне і хрост дзяцей, прыём тытулаваных гасцей. Так, у 1410 г., калі Ягайла знаходзіўся ў Едльні (Радомскае ваяводства), да яго прыехаў стрыечны брат каралевы Ганны, цылейскі граф Герман. “У час ягонай прысутнасці кароль Уладыслаў, у адпаведнасці з годнасцю сваёй і каралеўства, загадаў наладзіць на двары рыцарскія ганітвы, вясёлыя забавы і танцы”.51
У 1423 г. “кароль польскі Уладыслаў пасля таго, як правёў у Кракаве ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі і наступныя дні, падчас якіх з нагоды прысутнасці князя цешынскага Баляслава адбываліся ўрачыстыя турніры і рыцарскія спаборніцтвы на копях, скіраваўся да Новага Места”.52
У сярэдзіне дваццатых гадоў ХV ст. “віноўніцай” правядзення рыцарскіх гульняў у Кракаве неаднаразова рабілася чарговая жонка і зямлячка Ягайлы – Зоф’я Гальшанская. Падчас яе каранацыі ў 1424 г. узельнікі гэтай урачыстасці, па словах храніста Яна Длугаша, “панядзелак, аўторак, сераду, чацвер і пятніцу праводзілі на турнірах, а ночы на танцах”.53
У 1426 г. каранаваная літвінка зноў спрычынілася да правядзення турнірных гульняў, нарадзіўшы Ягайлу сына Казіміра. Пасля звыклых для такога моманту ўрачыстасцяў, кароль, “усцешаны народзінамі другога сына, наладзіў звыш таго ігрышчы, вызначыў узнагароды для рыцараў, якія прымалі ўдзел у змаганні, і падзяліў іх паміж удзельнікамі”.54
Не спынялася турнірная практыка і пры пераемніках Ягайлы – Уладзіславе і Казіміры Ягелонах. Так, на каранацыі Казіміра ў Кракаве ў 1447 г., на якой прысутнічалі літвіны, русіны і жамойты, “цэлы дзень прайшоў на піры ў замку і на рыцарскіх ганітвах”.55 Пры нараджэнні ў 1464 г. у згаданага манарха дачкі Зофі таксама “на ўшанаванне гэтай урачыстасці былі дадзены ігрышчы і вызначаныя ўзнагароды пераможцам параздаваныя былі”.56
Узгадкі пра правядзенне турніраў пры двары першах Ягелонаў у крыніцах ХV ст. з’яўляюцца, на жаль, надзвычай скупымі не не даюць поўнага ўяўлення пра віды рыцарскіх гульняў, якія практыкавалўся тут, а таксама асаблівасці іх арганізацыі. Тым не менш, нават на падставе гэтых урыўкавых звестак можна меркаваць, што тут праводзіліся турніры (групавыя баі рыцараў), конныя сутыкненні на коп’ях і пешыя баі, фіксуемыя ў крыніцах як “турніры фехтавальшчыкаў”. Рыцарскія гульні, як тое было прынята ў тагачаснай Еўропе, суправаджаліся танцамі, пірамі і іншымі “вясёлымі забавамі”. Таксама можна сцвярджаць, што далучэнне феадалаў Вялікага княства Літоўскага да польскай (і не толькі) турнірнай традыцыі мела месца ўжо ў канцы ХІV – першай палове ХV ст., хоць, напэўна і было абмежавана вузкім колам асоб, меўшых доступ да манаршых двароў, дзе гэтая традыцыя праяўлялася найбольш яскрава.
Сярод найбольш даступных літвінам цэнтраў правядзення турніраў першае месца займаў, несумненна, Кракаў. Аднак не трэба забывацца і пра тое, што з канца ХІV ст. выхадцы з Вялікага княства Літоўскага ўсё часцей сустракаюцца і ў іншых краях “лацінскай” Еўропы, у тым ліку ў такіх значных асяродках рыцарскай культуры, як Мальбарк, Рыга ці Прага. З’явіўшыся тут у якасці палітычных эмігрантаў, наёмнікаў-авантурыстаў ці афіцыйных прадстаўнікоў вялікага князя, яны несумненна мусілі сутыкацца і з такой праявай мясцовых традыцый, як турнірная практыка.
З сярэдзіны ХV ст. магчымасць выезду феадалаў Вялікага Княства Літоўскага для сталага азнаямлення з рыцарскай культурай Еўропы замацоўвалася юрыдычна. У 1457 г. кароль і вялікі князь Казімір у жалаванай грамаце літоўскаму, рускаму і жамойцкаму духавенству, дваранству, рыцарству, шляхце, баярам і месцічам абвяшчаў: “Таксама дазваляем, каб княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры дабраахвотна мелі б моц выехаць з нашых зямель княства вялікага, для лепшага шчасця набыцця, альбо ўчынкаў рыцарскіх, да кожных зямель, старон, толькі выключаючы староны непрыяцельскія”.57
Нельга сказаць, што рыцарства Вялікага Княства не скарыстала гэтую магчымасць. Скласці поўную карціну прысутнасці ўраджэнцаў гэтай дзяржавы пры дварах еўрапейскіх манархаў і можнаўладцаў немагчыма па прычыне крайней беднасці інфармацыі. Але можна сцвярджаць, што некаторыя феадалы не толькі здолелі наведаць замежныя краіны, але і дабіліся там пэўнага прызнання. Так, у 1467–1469 гг. вялікі поспех пры дварах еўрапейскіх манархаў меў Аляксандр Солтан, які, паводле асобных сведчанняў (на жаль, да канца не правераных) быў узнагароджаны каралём Англіі залатым ланцугом, а бургундскім герцагам Карлам Смелым – надзвычай прэстыжным ордэнам Залатога Руна.58 Пры бургундскім двары Солтан нават нібыта займаў пасаду шамбэляна, а значыць меў самае непасрэднае дачыненне да прыдворнага этыкета.
У канцы ХV ст. добра праявіў сябе на службе заходніх манархаў вядомы пераможца татараў у бітве пад Клецкам у 1506 г. Міхал Глінскі. Вядомы дыпламат пры двары германскага імператара Максімільяна І, падарожнік і аўтар нататкаў барон Сігізмунд Герберштэйн так характарызаваў ягоны побыт за мяжой: “Яшчэ юнаком накіраваўся ў Германію, праявіў храбрасць на службе ў Альбрэхта, герцага саксонскага, які вёў у той час вайну ў Фрыстландыі... Там ён засвоіў вытанчаныя манеры і рыцарскія звычаі, быў спрытны ў вайсковых практыкаваннях: турнирных сутычках на вострых и тупых копях (rennen, stechen), барацьбе (ringen), скачках, а таксама і ў забавах, накшталт танцаў і ўсялякай куртуазіі, чым здабыў сабе асаблівую, больш чым у іншых, вядомасць”.59
Выдатнае здарэнне, якое ў значнай ступені спрычынілася да набыцця Мікалаем Радзівілам тытула князя Святой Рымскай імперыі, мела месца ў 1515 г. у Вене. Там быў наладжаны ўрачысты зезд Максімільяна І Габсбурга, караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, венгерскага караля Уладыслава і чэшскага караля Людвіка. Пры ўездзе ў горад усеагульную ўвагу прыцягнулі Мікалай Радзівіл і Станіслаў Гаштаўт, якія “з вялікім коштам з Польшчы мелі больш за сотню спрактыкаваных ў музыцы юнакоў, па-маскоўску і па-татарску прыбраных, якія, з рознымі музычнымі інструментамі, з шаблямі і сагайдакамі, на крывых ботах перад імператарам у касцёле figura заўжды імшу і nieszpory спявалі, да вялікага здзіўлення іншаземных народаў, і немцаў, і італьянцаў, якія перад тым уважалі народ ў гэтых краях літоўскіх за грубы”.60 Не маглі не спадабацца такія касцюмаваныя забавы і самому Максімільяну І, які быў аматарам і тонкім знаўцам забаўных маскарадаў і манерыстычных відовішчаў.
Не абышлося на згаданым зездзе, вядома ж, і без турніраў. “Зрэшты падчас таго зезду шмат было паміж тымі рознымі народамі выклікаў, сутычак, ганітваў на вастрыё і г.д.”61 Прымалі ў іх, напэўна, і прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага.
Новы ўсплеск турнірнай практыкі назіраўся ў ХVІ ст. пры кракаўскім і віленскім дварах апошніх Ягелонаў. Як і раней, нагодай для правядзення падобных мерапрыемстваў служылі любыя больш-менш вартыя ўвагі здарэнні – каранацыі, прыём высокапастаўленых асоб, хрэсьбіны, шлюбы, прычым не толькі каранаваных асоб, але і іх дваран. У такіх выпадках удзел у турнірах абавязкова браў жаніх ці яго прадстаўнікі. Сярод такіх асоб крыніцы неаднаразова згадваюць літвінаў, аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што безыменных прадстаўнікоў Вялікага Княства, не названых па тых ці іншых прычынах персанальна, таксама было на турнірах нямала. “Турніры і попісы рыцарскія” суправаджалі ў 1512 г. вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта І Старога (1467-1548, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1506) з Барбарай Заполяй. Калі ж гэты самы манарх у 1518 г. браў шлюб з прадстаўніцай славутага італьянскага рода Сфорца Бонай, часткай вясельных мерапрыемстваў таксама зяўляўся турнір.62
Вялікай схільнасцю да турніраў вызначаўся сын Жыгімонта І Старога, Жыгімонт Аўгуст (1520-1572, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1548), якому было наканавана стаць апошнім манархам з дынастыі Ягелонаў. Ён ахвотна наладжваў турніры і сам прымаў у іх удзел. У 1539 г. у Кракаве адбылося святкаванне шлюбу Іллі Астрожскага, сына славутага гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна, з Беатай Касцельскай, на якім прысутнічаў каралевіч Жыгімонт. “На гэтым вяселлі каралевч з княжычам Іллёй ганіў на вастрыё ў гончай зброі. Потым ганілі венгры за тарчамі і досыць мужна па некалькі пар, а з іх адзін, апусціўшы капё, таварыскага каня ў лоб трапіў і забіў”.63
Цікавы від турнірных забаў быў наладжаны ў 1552 г. для Жыгімонта Аўгуста, калі ён наведаў Гданьск разам са сваім дваром (быў там, у тым ліку, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, а таксама, верагодна, і іншыя літвіны). Гэтыя гульні ўяўлялі сабой “кіданне з коней глінянымі мячамі, выяджаючы адзін супраць аднаго з пуклерамі (від шчыта. – Ю.Б.)”. Тым самым дэманстравалася не тольки спрытнасць вершнікаў, але і хуткасць их коней.64
Вялікія святкаванні былі наладжаны ў Кракаве ў 1553 г. з нагоды шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай Аўстрыйскай, якія таксама суправаджаліся турнірамі. “Ганіў Жыгімонт Вольскі, мечнік, з Кежгайлам зацным шляхціцам літоўскім, у гончых на вастрыё і мужна сутыкаліся паміж сабой; ганіў Касмоўскі з канюшым князя прускага. Быў турнір конны, у якім было пар дванаццаць і чатыры за тарчамі і з пярсцёнкамі гроты ў копяў. Пасля гэтых на замку ганітваў былі зноў у месце на рынку ганітвы ў кольчых зброях у двор, дзе было кожнаму вольна (абы толькі захаваліся паводле артыкулаў, якія на варотах у замку прыбітыя былі) прыехаць і ганіць з тым, хто хто б сябе на пляцы ставіў так, што і другому з двума і з трыма ўдарыць прышлося раз за разам, чым на другі бок дабег. А так як у закрытых шлемах ганілі, меў кожны на шлеме знак нейкі. А кароль з каралевай і ўсімі гасцямі з ганку высокага, каторы для таго быў зроблены, глядзеў, маючы пры сабе тыя клейноты, якія ўдзельнікам выстаўлены былі. Паміж усімі, што ганіў, найвышэйшы dank атрымаў і першы клейнот узяў канюшы князя прускага, ... які на шлеме насіў чаравік жаночы. Другі клейнот узяў Касмоўскі, дваранін, асаблівы гоньца, які ў ганітве на замку, гонячы на вастрыё з тым жа канюшым, dank атрымаў. Іншыя ж госці, то нашыя палякі, но немцы, то прусакі, іншыя клейноты атрымалі: то есць вянкі з пярсцёнкамі, каторым(я) зараз з ганку кароль сам, як суддзя мужнасці кожнага, пасылаў з пахвалой”.65
Больш падрабязнае апісанне гэтых урачыстасцяў прыводзіць С.Арахоўскі. “Пасля прамоў і адказаў быў наладжаны абед, пад час якога – канцэрт, далей – ваенныя турніры; тыя на працягу некалькіх дзён трывалі, такое стаяла надворе, што ніколі дождж не перапыняў забаў. У турнірах Якуб Касмоўскі атрымаў над немцамі перамогу...
... Перанесліся турніры да замку, дзе выбраныя рыцары, дасведчаныя, пышныя каштоўнымі даспехамі і багатымі шатамі, змагаліся. Там ужо не постаць бітвы, але саму бітву бачылі. З апушчанымі прылбіцамі, у гончых зброях ляцелі адны насустрач другім, на небяспечнасці і раны ўзаемныя. А паколькі з-за апушчаных прылбіц я не мог гэтых рыцараў пазнаць, з пытання толькі я даведаўся, што Мікалай Мацэёўскі змагаўся са Станіславам Астрарогам Львоўчыкам, Альберт Чарнкоўскі са Станіславам Мышкоўскім, Кіліян Лукоўскі са Станіславам Ліпніцкім, Ян Тарло з Мікалаем Лігензам, Станіслаў Гарныш з Барталамеем Сікорскім, Марцін Машкоўскі са Станіславам Влодэкам, Мікалай Вільга з літвінам Янам Юрковічам, Крыштоф Алендзкі з Пятром Фрыкачам, Станіслаў Менжык з Мікалаем Патоцкім, Зыгмунт Зэбжыдоўскі з Мікалаем Ацескім. Гэтыя ўсе парамі крушылі копі, потым, сабраўшыся ў гуфы, ударылі паміж сабой з тарчамі і мячамі.
Тут храбрыя і бліскучыя рыцары няхай мне даруюць, калі іх усіх па імёнах не называю, бо як жа чалавек, далёкі ад двару, мог я ведаць усіх дваран. Няхай хвала, якая адтуль на іх агульную айчыну сыйшла, суцяшае ў гэтым абмінанні. Паказалі яны перад каралём і каралевай, перад эрцгерцагам аўстрыйскім, перад такой колькасцю розных народаў, напаўняўшых у той час цэлы Кракаў, князёў, правадыроў і паноў, якая была ў рыцарстве польскім адвага, спрыт і пышнасць.
Зрэшты ва ўсіх ганітвах такая была ў рыцарах нашых сціпласць, што хоць амаль ўсе дасведчаныя, спрытныя, спрактыкаваныя ў ганітвах, паказвалі цуды, разам згадзіліся, што dank турніраў належаў Мікалаю Мацеёўскаму; але ён адмовіўся ад гэтага гонару, сцвярджаючы, што быў толькі таваоышам той бітвы, але не пераможцам.
Назаўтра Зыгмунт Вольскі і літвін Станіслаў Кісгала, у прысутнасці караля і напаўняўшых замак гасцей, у цяжкой зброі распачалі бой, у якой палякі прызналі першынства за Вольскім, таму што Кісгалу разам з канём абваліў; наадварот, літвіны ўзносілі Кісгалу за тое, што ён магутным ударам капё да рукаяці скрышыў і сам праз галаву конскую саскочыў, але абодвум няхай будзе хвала за тое, што кожны паводле сваіх сілаў учыніў.
Пасля розных спаборніцтваў на дзядзінцы замкавым у прысутнасці манархаў, кароль дзесятага дня па вяселлі, разам з каралевамі і сямёй сваёй на кані на рынак выехаў. Прыгатаваныя ўжо там былі сядзенні для манархаў і амфітэатр для гледачоў. Пачалі з ігрышчаў капійнікаў у гончых зброях, спосабам італьянскім. У гуфцах тых апынуліся: Станіслаў Мышкоўскі, Станіслаў Астрарог Львоўчык, Ян Костка, Мікалай Мялецкі, ваяводы Падольскага сын, нарэшце Ян Ляшчынскі. Магутныя тут былі сутычкі, якія зайшлі так далёка, што Станіслаў Астрарог, капём праз зброю прашыты, цяжкую з таго атрымаў рану. Суддзі лагеру прысудзілі ўзнагароду Станіславу Мышкоўскаму; атрымаў ён у выніку каштоўны ланцуг залаты; іншыя атрымалі пярсцёнкі і вянкі. Бітва гэтая працягвалася б даўжэй, каб не князь прускі, які тры пары прусакаў са свайго двару вывеў. Яны на агромных копях змагаліся паміж сабой з такім напорам, што часта мужы і коні падалі разам на зямлю амаль без душы. Бой гэты быў успрыняты з усеагульнымі апладысментамі. Князь прускі заслужыў прыхільнасць усіх, бо якая ж у яго пашана да караля, пана свайго, якая да ўсіх палякаў пачцівасць і гжэчнасць. Вечарам вярнуліся на замак для адпачынку пасля такой працы”.66
Прыведзеныя апісанні належаць да найбольш падрабязных і дакладных крыніц па гісторыі турнірнай практыкі пры ягелонским двары. З іх можна зразумець, што праграма мерапрыемстваў уключала конныя сутыкненні рэнэн, у тым ліку італьянскі, праводзімы праз барер, гештэх, а таксама ўласна турнір – групавую сучычку, якая прадугледжвала дзве фазы – змаганне на копях і на мячах. Абедзве крыніцы трохі разыходзяцца ў дэталях, аднак з апісання Гурніцкага, менш падрабязнага, але больш выверанага тэрміналагічна, выншкае, што спачатку праводзіліся сутыкненні на вострых копях, за імі адбываліся турніры, а завяршалася праграма сутыкненнямі на тупых копях. Калі турнірныя мерапрыемствы праходзілі менавіта ў такой паслядоўнасці, то тут мела месца пэўнае парушэнне еўрапейскай традыцыі, паводле якой турніры павінны былі адбывацца пасля парных сутыкненняў капійнікаў.
Крыніцы ХVІ ст. прыносяць звесткі пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага пераважна ў турнірах, праводзімых на тэрыторыі Польшчы. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо менавіта ў Кракаве праводзілі асноўны час вялікія князі літоўскія, яны ж каралі польскія. Там жа найчасцей знаходзіліся і асобы манаршага двару, найбольш набліжаныя да рыцарскага этыкету, там жа наладжваліся і найбольш пышныя ўрачыстасці. Праўда, калі па нейкіх прычынах ягелонскі двор пераязджаў у Вільню, то сюды ж перамяшчаўся і цэнтр культурнага жыцця.
Трэба, аднак, зазначыць, што ёсць падставы гаварыць аб практыцы правядзення турнірных забаў пры дварах не толькі манархаў, але і буйных феадалаў Вялікага Княства, якія практычна не апісваюцца ў тагачасных хроніках. На гэта ўскосна ўказваюць значныя запасы турнірнага ўзбраення ў рэзідэнцыях асобных магнатаў, у прыватнасці Радзівілаў. Больш таго, часам такое ўзбраенне высылалася з асноўнай рэзідэнцыі ў іншыя маёнткі. Напрошваецца думка, што пыхлівыя рыцары не жадалі адмаўляць сабе ў задавальненні папрактыкавацца ў баявых гульнях і ў сваіх другарадных сядзібах. Так, напрыклад два даспехі “штэхцойг” для сутыкненняў на тупых копях былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.67
Калі больш падрабязна спыніцца на практыцы правядзення турніраў пры віленскім вялікакняскім двары, то ці не лепшыя свае часы яна зазнала падчас знаходжання тут Жыгімонта Аўгуста, які, як ужо адзначалася, вызначаўся надзвычайнай схільнасцю да рыцарскіх забаў і арганізоўваў іх пры любой нагодзе. Так, у сакавіку 1546 г. быў наладжаны турнір з нагоды побыту ў Вільні князя прускага. Шыкоўнае відовішча было арганізавана 22 лютага 1547 г. Яго турнірная праграма складалася з трох частак – турнір, гусарскія спаборніцтвы і, нарэшце, напэўна самы відовішчны пункт – здабыванне ўмацаваннага замку. Па сваёй завядзёнцы, прыняў у ім непасрэдны ўдзел і сам Жыгімонт, які сутыкаўся са сваім падчашым, панам Лігензам і дваранінам Фрыкачам. Пікантным момантам праграмы быў удзел у спаборніцтвах прастытуткі – нейкай Зофі Длугай (Доўгай). За шчодрую ўзнагароду з гаспадарскага скарбу яна дала сябе ўзброіць і сышлася ў “паядынках”, відавочна імітацыйных, з панамі Гербутам і Лашчам. Эратычная атмасфера, дамагчыся стварэння якой прагнуў Жыгімонт, была цалкам зразумелай на фоне яго рамана з князёўнай Барбарай Радзівіл, якая ўражвала сучаснікаў не толькі прыгажосцю, але і лёгкасцю сваіх паводзін..68 Такім чынам, праявы Рэнесансу, з яго куртуазнасцю, любоўю да жыцця, якая межавала з бессаромнасцю, з характэрнай для той эпохі насмешкай над традыцыямі, знайшла сваё адлюстраванне і ў турнірнай практыцы.
Акрамя турніраў, росквит пры віленскім двары перажывалі і іншыя свецкія забавы – піры, касцюмаваныя балі, фейерверкі, паляванні. Так, у лютым 1546 г. на вяселлі ў наваградскага ваяводы Кежгайлы быў наладжаны маскарад, на якім быў сам вялікі князь і восем ягоных дваран у масках. Яшчэ адзін падобны маскарад быі арганізаваны ў ліпені таго ж года віленскім ваяводам Глябовічам.
Наладжваў багатыя прыёмы і сам Жыгімонт. Так, у маі і жніўні 1546 г. ў новым палацы за Віліяй былі арганізаваны абеды, якія суправаджаліся спевамі і музыкай. Значная роля тут адводзілася прыдворнай капэле, якая складалася з пятнаццаці чалавек, пераважна італьянцаў, і ўзначальвалася Мацеям Чэмюркам. У 1547 г. у капэлу ўваходзіла 5 лютністаў, столькі ж трубачоў, 2 барабаншчыка і арфіст. Па прыкладу манарха сталі арганізоўвацца капэлы і пры дварах магнатаў Вялікага княства Літоўскага. З усёй краіны сцякаліся тады ў Вільню канатаходцы, фокуснікі, жанглёры, вандроўныя музыкі і камедыянты, блазны.
Подзвігі Жыгімонта на турнірах і паляванні закліканы былі ўвекавечыць мастакі, з якіх вялікі князь асабліва шанаваў Антонія Ведэ. У 1545 г. за карціну палявання на зуброў ён атрымаў 105 польскіх злотых, а ў 1546 г. за карціну, дзе быў адлюстраваны турнір – 16 коп літоўскіх грошаў.69
У 1562 г. у Вільні адбыўся шлюб фінляндскага княжыча Яна з каралеўнай польскай Катажынай Ягелонкай, на якім прысутнічаў кароль польскі і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. “Былі прадстаўлены гасподы (пастаялыя двары) князю Яго М[іласці], якія найсумленнейшым чынам паводле патрэбы ў віленскім месце маглі быць дадзены; усё ж, калі ўжо шлюб быў, тады княжычу Яго М[іласці] пакоі што найлепшыя на замку і з каралеўнай Яе М[іласці] прызначаны [былі]. Тыдзень цэлы тое вяселле трывала. Сутычкі на тупых и вострых копях, турніры нямецкія і гусарскія, музыкі там жа і ўсялякія забавы і пачцівасці адбываліся, пры каторых турнірах такія лютыя сутыкненні бывалі, што [удзельнікі] самі сябе жорстка пакалечылі і коней пад самой пазабівалі; так сама і іншыя справы на вяселлі значылі нешта трывожнае і смутнае, як і на самой справе потым хутка выявілася”.70
Прыцягвае ўвагу надзвычай трагічныя вынікі згаданага турніра, якія настолькі ўразілі аўтара, што ён убычыў у іх нядобрыя знаменні. Аднак самі па сабе няшчасныя выпадкі, якія прыводзілі да калецтва і нават смерці ўдзельнікаў, былі звычайнай справай на турнірах нават у ХVІ ст. Гэта супярэчыць распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што ў гэты час рыцарскія баявыя гульні канчаткова ператварыліся ў цалкам бяспечныя тэатралізаваныя відовішчы. Так, напрыклад, Ілля Канстанцінавіч Астрожскі, выбіты з сядла Жыгімонтам Аўгустам на турніры, арганізаваным у 1539 г. з нагоды ўласнага вяселля, атрымаў такія сурёзныя пашкоджанні, што неўзабаве ад іх памёр.71 Цяжкую рану атрымаў адзін з удзельнікаў турніра 1553 г., пра які таксама ўжо ішла гаворка.
Трагічна скончыіся турнір, арганізаваны ў Кракаве ў 1574 г. з нагоды каранацыі Генрыха Валуа. Аднак спецыфіка гэтага здарэння заключалася ў тым, што тут меў месца не няшчасны выпадак, а свядомая помста, выкліканая парушэннем прынцыпа роўнасці ўдзельнікаў, якому пры правядзенні турніраў надавалася вялікае значэнне. “У той жа дзень французы непамернае дрэва з харугвай вынеслі на сярэдзіну замка на знак прысутнасці караля, на ўвесь жа дзядзінец навезлі шмат пяску, а тое каб рыцарства, маючы спраўляць там свае ганітвы, нават у выпадку падзення не калечылася. Уваткнулі кругам 24 капі; столькі ж, колькі рыцараў мелі сутыкацца; паміж тымі копямі было адно Самуэля Збароўскага, на якім была тарча з надпісам, што калі б каторы небудзь (хто быў роўны з нараджэння і годнасці) жадаў сутыкнуцца з ім, то ён гатовы, і за здароўе караля скрышыць з тым капё”.72 Нейкі Януш Харват, слуга графа Яна Тэнчынскага, кашталяна Вайніцкага, ужо напрыцемку ідучы там, вырваў капё Самуэля і ўзяў з сабой, гаворачы, што сутыкнецца з Самуэлем. Самуэль абурыўся і, не лічачы Харвата роўным, выставіў замест сябе шляхціца Машчынскага, а сам выклікаў Тэнчынскага, нягледзячы на прабачэнні і апраўданні апошняга. Такім чынам, турнір набываў выразнае адценне дуэлі, таму не дзіўна, што Тэнчынскі згадзіўся на яго толькі ў прысутнасці секунданта. А тым часам адбылося сутыкненне Харвата з Машчынскім, які здолеў прабіць шчыт свайго праціўніка, але самога яго не закрануў. Харват жа, змерыўшыся ніжэй, прабіў сядло і параніў Машчынскага ў паясніцу, а пасля дабыў з-пад калена палаш, прымяніць які яму не далі венгры, якія ўмяшліся ў канфлікт і спынілі бойку.
Прымаючы пад увагу тую рызыку, з якой сутыкаліся ўдзельнікі рыцарскіх ігрышчаў, становіцца зразумелым сэнс цікавага рытуала, згаданага А.Гваньіні падчас апісання турнірных забаў з нагоды вяселля гетмана Яна Замойскага з Грызельдай, дачкой семіградскага ваяводы Крыштафа, якія адбываліся у 1583 г. у Кракаве: “Сядаючы на коней, усе адзін другога перапрашалі, дадаючы і тое, што калі б каторы ў выпадку няшчасця быў пакалечаны (альбо захавай Божа) і забіты, тады гэтыя грахі сабе сваечасова адпускалі”. Як паказалі вынікі турніра, падобные ўзаемныя рэверансы ягоных удзельнікаў былі не толькі данінай ветлівасці: “Было параненых некалькі ў тым ігрышчы, як Ян Груздзіцкі, катораму капё праз руку прабегла, Казімерскі таксама ў плячо шкадліва быў паранены, пад Мілкоўскім каня паранілі, каня забілі пад Добкам, катораму зараз жа гетман каня свайго, добра прыбранага, на якім сам сядзеў, аддаць казаў”.73
Згаданы турнір можа лічыцца адным з найбольш цікавых відовішчаў такога кшталту і па шэрагу іншых аспектаў. Так, напрыклад, распавядаючы пра яго, Гваньіні прыводзіць адзінае апісанне пешага турніра на землях Рэчы Паспалітай у ХVІ ст.: “Прыйшлі наперад дзве роты пешыя, па старасвецку, у зупольныя, ясна лядраваныя кірысы прыбраныя, каторыя паміж сабой пеша дрэўцы крышылі, некаторыя тэж паміж сабой са зброяй у рукапашнай сыходзіліся, на што кароль з каралевай, і ўсе госці ў ноч шчасліва глядзелі”.74
На другі дзень адбываліся абед, вячэра, потым маскарадныя відовішчы, танцы. “На трэці дзень на рынку былі розныя ігрышчы і ганітвы: усе камяніцы каля касцёла П.Марыі ў рынку, для паноў і паняў зарэзерваваны былі, асабліва адна ў Яна Шпіглера, мешчаніна і райцы, у каторай кароль з каралевай сядзеў. Гэты, цешачыся з таго, што кароль дом ягоны наведаў, упамінак падараваў, які кароль узяць загадаўшы, годна ласкай сваёй узнагародзіў.
Былі два spectaculo на рынку, на адным было шмат паняў і паненак, на другім – суддзі і сам гетман. Там наперад сем пар з копямі ўзехаўшы, за тарчамі на вастрыё досыць выбітна і мужна ганілі: а асабліва людзі гетмана з некаторымі дваранамі каралеўскімі: як наперад Вацлаў Падгарэцкі, Павел Рацка, Анджэй Груздзецкі, Якуб Янкоўскі, Стэфан Казімерскі, Станіслаў Горскі, Павел Пястоўскі, Мікалай Рагазінскі, Браніслаў Архоўскі, Марцін Берманскі, Якуб Мілкоўскі, Кшыштаф Праненскі, Ян Добэк, Станіслаў Цінінскі: гэтыя ўсе перад тым па жаўнерску служачы да Масквы, шмат і мужна з непрыяцелем чынілі, а потым прысталі да гетмана і мелі харугвы...75
Пасля завяршэння спаборніцтваў, пачаўся касцюмаваны парад, відавочна арганізаваны як манерыстычнае падражанне старажытнарымскім трыумфам. Гэтае маштабнае відовішча, цалкам лагічнае ў святле пераможнага завяршэння Лівонскай вайны, у якой выдатна зарэкамендаваў сябе сам віноўнік урачыстасцяў Ян Замойскі, было важнай часткай турнірнай праграмы. Персанажамі шэсця зяўляліся героі антычнай міфалогіі, прадстаўнікі чатырох кантынентаў, экзатычных народнасцяў, алегарычныя постаці і г.д. Не была абдзелена ўвагай і тэма вайны з Масквой: “Князі Слуцкія з сукеніц выехалі разам, [...] на возе ўсю вікторыю маскоўскую паказалі. Ехалі трубачы, за імі, у пазалочаных даспехах, сто рыцараў на конях, потым вазы, на адным быў Полацк, потым Сокал, Веліж, Вялікія Лукі, на чатырох вазах везлі скарбы, тры скрыні [...]”. Такім чынам, урачыстасці 1583 г. уяўляюць выдатны прыклад ператварэння турнірных ігрышчаў у прыдворныя касцюмаваныя “карусельныя” спектаклі.76
Карціна рыцарскіх забаў, у якіх прымалі ўдзел феадалы Вялікага княства Літоўскага, была б няпоўнай без узгадкі пра т.зв. “скачкі за колцам”, вельмі папулярныя ў Еўропе ў другой палове ХVІ ст. Адна з такіх гульняў была праведзена 6 студзеня 1578 г. пад Варшавай, падчас вясельных урачыстасцяў падканцлера кароннага Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл. Захаваліся правілы гэтых практыкаванняў (“Артыкулы”), якія складаліся з чатырнаццаці пунктаў:
“1. Кожны, хто хацеў бы скакаць [за колцам], павінен быць у адпаведным для гэтага ўборы; зброяй, якая б магла б быць прычынай сваркі, ... [ён] не павінен быць забяспечаны.
Прыехаўшы на пляц, на вызначанае для скачак месца, [толькі адзін] раз яго абехаўшы, павінен спакойна стаць на тым канцы, з каторага павінен пачаць скакаць.
Ніхто не павінен скакаць да таго, пакуль яму суддзі не загадаюць.
Хто колца возьме, за кожны раз напішуць яму 6 балаў.
Што ў верхні край колца ўдарыць – 3 балы.
Хто ў ніжні край трапіць – 2 балы.
Хто ў бок колца – левы ці правы – 1 бал.
Хто капём пасуне шнур, на якім колца будзе вісець, губляе ўсе балы, калі б іх перад такой памылкай зарабіў.
А калі б іх не меў, а потым зарабіў роўную з кім-небудзь колькасць балаў, ужо будзе бліжэй да перамогі той, хто такой памылкі не зрабіў.
Калі б у каго выпала нага са стрэмені на скаку, губляе ўсе балы.
У каго адкрыецца галава, губляе ўсе балы.
У каго б капё выпала з рук, альбо ў каго яно зламалася аб зямлю, ці дакранулася [да яе], губляе ўсё балы і потым нічога зусім да скачак не мае (напэўна, не мае права далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах – Ю.Б.)..
Калі б хто-небудзь, напалову перасекшы лінію, спыніў каня з-за няўдалага ўтрымання капя, у другі раз [ён] паправіцца не можа, і наогул, той раз ідзе яму на страту [добрага] імя.
Можна будзе таксама кожнаму скакаць з тым капём, якое ён з сабой на пляц прынясе”.77
Напрыканцы разгляду турнірнай традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім можна ўзгадаць пра такі спецыфічны від вайсковых практыкаванняў, спалучаны з практычнымі патрэбамі, як паляванне на буйнога звера. Нездарма Мікола Гусоўскі, апісваючы сістэму падрыхтоўкі да вайны насельніцтва Вялікага Княства ў часы княжання Вітаўта, важнае месца ў гэтай сістэме адводзіць паляванню на зубра. Арганізаванае адпаведным чынам, яно давала магчымасць удасканаліць навыкі валодання усімі відамі зброі. Бягучая жывёла служыла кавалерыстам мішэнню для стральбы з лука і для кідання копяў, прычым стрэлы і копі пазначаліся спецыяльнымі меткамі з тым, каб у далейшым вызначыць трапнасць і сілу кідка таго ці іншага ўдзельніка палявання. З параненым і аслабленым зверам распраўляліся пры дапамозе зброі блізкага бою, прынцып валодання якой заключаецца ў тым, каб “трапіць і не быць патрапленым”.78 Дзеля гэтага, паводле апісання Гусоўскага, пешы фехтавальшчык хаваўся за дрэва, якое служыла аховай ад тараннага ўдару жывёлы, і выкарыстоўваў разнастайныя ўхіленні ад рагоў і шурпатага языка зубра, якім той мог падхапіць праціўніка і падцягнуць да сябе, адначасова імкнучыся нанесці клінком трапны і моцны ўдар.79
Падобную ж манеру развіцця навыкаў фехтавання ваярамі Вялікага княства Літоўскага апісвае і Герберштэйн: “[Жадаючым папаляваць на бізонаў трэба валодаць вялікай сілай, спрытам і хітрасцю.] Выбіраецца зручнае для палявання месца, дзе дрэвы [былі б аддзелены адно ад аднаго патрэбнымі прамежкамі і] мелі б ствалы не надта тоўстыя [каб іх можна было абысці кругом, але] і не маленькія [так каб за імі мог схавацца чалавек]. Ля гэтых дрэў па аднаму размяшчаюцца паляўнічыя, і калі падняты сабакамі, якія пераследуюць яго, бізон выганяецца на гэтае месца, то шмкліва кідаецца на таго з паляўнічых, які выступіць (з-за дрэва) першым. Хаваючыся за дрэвам, ён коле звера, як толькі можа, рагацінай, але бізон не падае нават і ад шматлікіх удараў, а ўсё больш і больш разпаляецца лютасцю, трасучы не толькі рагамі, але і языком, які ў яго настолькі шурпаты і цвёрды, што, ледзь зачапіўшы вопратку паляўнічага, ён ужо (можа) затрымаць і падцягнуць яго – і тады звер пакідае чалавека не раней, чым забе яго. Калі ж паляўнічы жадае адпачыць [стаміўшыся бегаць вакол дрэва і калоць звера], то кідае яму чырвоную шапку, на якую той з лютасцю накідваецца [з капытамі і рагамі]. Калі звер не дабіты і іншаму (паляўнічаму) трэба будзе ўступіць у такое змаганне [што бывае неабходным, калі яны хочуць вярнуцца цэлымі], то ён лёгка можа выклікаць на сябе звера, пракрычаўшы хоць раз гучным голасам: лю-лю-лю”.80
Паляванне на буйную жывёлу было вельмі папулярным сярод феадальнай арыстакратыі, у тым ліку сярод вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, прычым апошнія з гэтай мэтай спецыяльна выязджалі на землі Вялікага Княства. Так, напрыклад, паляванне зяўлялася, разам з гульнёй у шахматы, любімай формай адпачынку Вітаўта.81 Ягайла, літвін па паходжанню, таксама надаваў шмат увагі “улюблёным забавам паляўнічым”, прычым нават будучы ўжо ў сталым веку. Хроніка Длугаша фіксуе падобныя забавы караля практычна падчас кожнага яго прыезда ў Літву – у 1411, 1415, 1417, 1418, 1423-1424, 1426 гг. і г.д.
У шэрагу выпадкаў падчас палявання назапашваліся вялікія запасы мяса для забеспячэння шматлюдных урачыстасцяў і нават для правядзення буйных ваенных кампаній. Так, Ягайла, палюючы на працягу васьмі дзён 1409 г. каля Белавежа, “здабыў шмат лясных звяроў і, засаліўшы іх у бочках, пераслаў іх па Нараву і Вісле ў Плоцк”. У далейшым гэтае мяса спажывалася літвінскім і польскім войскам падчас вайны з Тэўтонскім ордэнам 1410 г. У 1423 г. Ягайла выехаў на Літву, “дзе цэлую зіму правёў, забаўляючыся толькі ловамі і назапашваннем дзічыны ў такой колькасці, каб на прызначаную ўрачыстасць каранацыі [яго жонкі Зофі Гальшанскай] для запрошаных гасцей і прыбываючых асоб хапіла”. Мяса, здабытае Ягайлам у ходзе палявання у 1426 г., было засолена і разаслана каралеве Зофі, арцыбіскупам, біскупам, ваяводам і панам польскім, сілезскім князям, кракаўскай капітуле, магістрам і дактарам кракаўскай школы, райцам кракаўскага магістрата.82
Вялікую схільнасць да палявання выказваў Жыгімонт Аўгуст, які падчас свайго побыту ў Літве шмат часу аддаваў гэтай забаве. Так, у 1546 г. ён правёў на ловах ажно 223 дні! У студзені гэтага года ў Белавежскай пушчы была наладжана вялікая аблава на зуброў. У выніку яе толькі ў Кракаў было выслана 35 бочак дзічыны, а больш за дзесяць бочак атрымаў познаньскі кашталян.
Паляванне на буйнога звера, асабліва на зубра, не толькі дазваляла атрымаць навыкі абыходжання са зброяй і запасы мяса. Яно зяўлялася і выдатным відовішчам, якое, раз-пораз, абстаўлялася з такой жа пышнасцю, як і турнірныя гульні. Для гледачоў узводзіліся спецыяльныя трыбуны, на якіх засядалі і асобы самага высокага рангу. Мікола Гусоўскі апісвае выпадак, калі спецыяльны памост, на якім сядзелі прадстаўнікі вялікакняжацкага двару, ледзь не быў знесены разюшаным зубрам, што магло б скончыцца калецтвам і нават смерцю членаў вялікакняскай сямі.
У цэлым можна адзначыць, што баявыя практыкаванні, набліжаныя да еўрапейскіх турніраў, узніклі на землях, якія ўваходзілі ў розныя часы ў склад Вялікага княства Літоўскага, даволі рана. Аднак свайго піка турнірная практыка ў класічным разуменні гэтага слова дасягнула тут у ХV і асабліва ХVІ ст. Гэты працэс адбываўся ў рамках станаўлення прыдворнай традыцыі, агульнай з суседняй і саюзнай Польшчай, з якой Вялікае Княства знаходзілася ў дынастычнай і персанальнай уніі. Росквіт турніраў пры каралеўскім і вялікакняскім дварах Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемніках праявіўся не толькі ў рэгулярнасці правядзенні тут рыцарскіх забаў, але і ў іх асартыменце, які, прынамсі ў ХVІ ст., быў такі ж самы, як у краінах Заходняй Еўропы.
Турнірнае ўзбраенне і рыштунак
Першыя звесткі аб ужыванні спецыялізаванага турнірнага рыштунку ў Вялікім княстве Літоўскім досыць цмяныя і скупыя. Найбольш ранняя інфармацыя аб узбраенні, якое магчыма мела турнірнае прызначэнне, датуецца пачаткам ХV ст. Увагу ў гэтым сэнсе прыцягваюць рахункі Тэўтонскага ордэна, дзе пад 1401 г. ідзе гаворка пра выдаткаванне 15 прускіх скойцаў на “eichelin” і іншыя прылады для шлема (helm) вялікага князя літоўскага Вітаўта.83 На тое, што ў дадзеным выпадку меўся на ўвазе гаршчковы шлем, ускосна ўказвае сам тэрмін “helm”, які, на думку большасці даследчыкаў, ужываўся на землях Ордэна выключна ў дачыненні падобных нагалоўяў. Гэты тэзіс аспрэчвае, на карысть шырэйшага трактавання тэрміна “helm”, А.Навакоўскі, але затое ён трактуе “eichelin” як упрыгожанне ў выглядзе завершаных трэфамі выцягнутых плакетак, што абрамялі зрокавыя шчыліны, а часам і змяшчаліся ўздоўж вертыкальнага рабра гаршчковых шлемаў.84 Такім чынам, у любым выпадку ёсць сур’ёзныя падставы вызначаць вышэйзгаданы шлем Вітаўта як гаршчковы.
Гаршчковыя шлемы, якія атрымалі сваю назву з-за падабенства да гаршчка, перакуленага дагары дном, найбольшай папулярнасцю карысталіся ў Еўропе ў ХІІІ – ХІV ст. Аднак, насуперак вельмі распаўсюджанаму меркаванню, паводле якога такімі шлемамі заходняе рыцарства забяспечвалася ледзь не пагалоўна, яны зяўляліся атрыбутамі толькі феалальнай знаці, эліты шляхецкага саслоўя. У выніку імкнення да ўдасканалення гаршчковых шлемаў падобныя нагалоўі зазналі шэраг мадыфікацый і да ХІV ст. быў сканструяваны т.зв. “вялікі шлем”. Верх нагалоўяў, першапачаткова пляскаты, набыў скругленую ці канічную форму. Маса шлема павялічвалася, дзякуючы чаму ён стаў празмерна цяжкі для галавы рыцара. Выйсце знайшлося ў падаўжэнні краёў звона, якімі шлем стаў апапірацца на плечы ваяра. Пярэдняя сценка, вертыкальная, ці слаба выгнутая, забяспечвалася вертыкальнай гранню.85
Аднак у другой палове XIV — пачатку XV ст. гаршчковыя шлемы паўсюль у Еўропе наогул выходзяць з баявога ўжытку і выкарыстоўваюцца толькі як турнірныя і цэрэманіяльныя. Для гэтага яны з левага боку ўзмацняліся дадатковай накладной пласцінай. Верх шлема упрыгожваўся спецыяльнымі клейнотамі – фігурамі геральдычнага і алегарычнага зместу. Трэба думаць, што менавіта такія ўпрыгожанні на шлеме Вітаўта маюцца на ўвазе пад іншымі прыладамі (ander gerethe) у згаданых рахунках Тэўтонскага ордэна.
Больш поўная і акрэсленая інфармацыя аб выкарыстанні спецыяльнага турнірнага рыштунку ў Вялікім княстве Літоўскім маецца ў дакументах ХVІ ст. Так, у т.зв. “Рэестры паспалітых рэчаў скарбных”, які датуецца 1510 г., пералічваецца, апроч іншай зброі і амуніцыі, “ташек гончих 8”, “двои хвалды тортяныя к колчим зброям”, “к двум зброям хвалды гарусовыя”, “к чотырем зброям хвалды полотняныя”, яшчэ адны “хвалды”, а таксама “две седле гончих и зброями”.86 Такім чынам, тут адлюстраваныя два віды турнірнага рыштунку – т.зв. “кольчага” і т.зв. “гончага”.
“Зброя кольчая”, ці “кольчы даспех” (ням. Stechzeug) прызначалася для коннага сутыкнення на тупых копях (Gestech). Даспех складаўся з некалькіх асноўных элементаў. Найбольш характэрнай дэталлю зяўляўся шлем, які сфармаваўся ў канцы ХV ст. (канчаткова каля 1480 г.) у выніку эвалюцыі вялікіх гаршчковых шлемаў ХІV ст. Канструкцыйна такое нагалоўе, якое з-за сваёй арыгінальнай формы атрымала назву “жабіна морда”, складалася з трох частак. Пярэдняя пласціна, таўшчынёй ад 2 да 17 мм у раёне зрокавай шчыліны, мела спераду вертыкальную грань і находзіла сваімі краямі на заднюю частку, таўшчыня якой вагалася ад 1 да 1,5 мм. Верхнія краі вертыкальна размешчаных пярэдняй і задняй пласцін плаўна адгіналіся вонкі і злучаліся з прыплюснутай верхняй пласцінай, утвараючы ў месцы злучэння рабрысты пералом. Верхняя пласціна, таўшчыня якой складала ад 1,5 да 7 мм (у раёне зрокавай шчыліны), заходзіла сваімі краямі на заднюю частку шлема, аднак на яе, у сваю чаргу, заходзілі краі пярэдняй часткі. Спераду паміж верхняй і пярэдняй пласцінамі ўтвараляся зрокавая шчыліна. Яна была сканструявана такім чынам, што падчас атакі стварала выдатную абсервацыю нахіленаму наперад рыцару. Але пасля капійнага удара цела ваяра адкідвалася назад і адагнутая пярэдняя пласціна шлема цалкам закрывала вочы ваяра і бараніла іх ад абломкаў капя. “Жабіны морды” характарызаваліся выключна вялікай масай, якая даходзіла да 10 кілаграм. На шлеме рабіліся спецыяльныя адтуліны, частка якіх служыла для мацавання упрыгожанняў, частка – для раменчыкаў, пры дапамозе якіх нагалоўе мацавалася да спецыяльнага тоўстага падшлемніка. Прычым паміж галавой у падшлемніку і сценкамі шлема пакідаўся вялікі зазор, што ствараля дадатковую перасцярогу пры моцным удары ці падзенні з каня.87
Нагруднік кольчага даспеха быў асіметрычны. Яго правы бок рабіўся сплошчаным, адагнутым амаль пад простым кутом, што аблягчала карыстанне капём. Для гэтага ж служылі два спецыяльныя крукі, прыкручаныя пры дапамозе шурупаў на кірасе. Крукі можна было рэгуляваць па вышыні, для гэтага адтуліны пад шурупы вырабляліся на некалькіх узроўнях. Капё падчас атакі ўскладалася на пярэдні крук, а тыльная яго частка фіксавалася заднім круком – т.зв. “контркруком”. Да ніжняй часткі нагрудніка прыкручвалася брушная пласціна, злучаная нітамі з шссцю-сямю фольгамі фартуха, да якіх, у сваю чаргу, мацавалася пара ташак. Таўшчыня нагрудніка даходзіла да 10 мм, фартуха і ташак – да 3 мм.
Таўшчыня наспінніка была меншай – да 2 мм. У ніжняй частцы да яго мацавалася спецыяльная падпорная пласціна, якая прывязвалася рамянямі да сядла. Да нагрудніка і наспінніка кірасы пры дапамозе вінтоў і зажымаў нерухома мацаваліся адпаведна пярэдняя і задняя пласціны “жабінай морды”, што ператварала іх практычна ў цэльны металічны футарал, у якім рыцар не рызыкаваў зламаць сабе шыю.88
Нягледзячы на салідную таўшчыню кірасы кольчага даспеха, левы бок цела дадаткова бараніўся спецыяльнай тарчай, якая прывязвалася да нагрудніка пры дапамозе канаплянага шнура. Яна мела форму чатырохкутніка з закругленым ніжнім краем, які выгінаўся наперад. Шырыня шчыта была каля 40 см, вышыня – каля 33—35 см. Тарча выраблялася з цвёрдых парод дрэва, аблямоўвалася звонку пласцінкамі з косці, напрыклад аленіх рагоў і капытоў і зверху абцягвалася скурай.
Наплечнікі кольчага даспеха вызначаліся крыллямі, маленькімі спераду і вялікімі ззаду. Падпахавыя лакуны бараніліся спецыяльнымі дыскападобнымі шчыткамі таўшчынёй 3-4 мм. Правы шчыток меў выцінку пад капё ў выглядзе паўмесяца, ці адагнуты ніжні край.
Левы і правы наручы кольчага даспеха былі розныя. Адзін з іх ці абодва былі забяспечаны крылападобнымі пласцінамі, якія ў сагнутым стане баранілі лакцявы сгін рукі і прадплечча. Пласціна левага наруча была падоўжаная і мела рукавіцападобнае заканчэнне. Для правай рукі рукавіца не прадугледжвалася, а яе ахова ажыццяўлялася пры дапамозе шчытка капя, які меў дыяметр 34-37 мм і масу да 3 кг.
Самі копі, ўжываныя для турнірных сутыкненняў “гештэх”, таксама мелі спецыфічную канструкцыю. Перш за ўсё, яны характарызаваліся адмысловымі каронападобнымі наканечнікамі з 3—4 кароткімі зубцамі. Дрэўка выраблялася з мяккіх парод дрэва, пераважна хвойных парод. Яго даўжыня даходзіла да 375 см, тады як дыяметр у самай тоўстай частцы – да 9,5 см, у асобных выпадках да 15 см. Для таго, каб копі лягчэй ламаліся, іх дрэўкі маглі рабіць рыфлёнымі і навах пустымі ўсярэдзіне ад наканечніка да рукаяці.
Я не спыняюся на конскім рыштунку, ужываным для сутыкненняў на тупых копях, бо ён быў розны ў тых ці іншых відах “гештэха”. У той жа час лічу неабходным адзначыць, што паверх кольчага даспеха звычайна апраналася спадніца з тканіны, багата аздобленая і драпіраваная глубокімі складкамі. Менавіта яна ўзгадваецца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” як “хвалды”.89
У Еўропе бытавалі два варыянты кольчага даспеха – нямецкі і італьянскі, якія адрозніваліся ў дэталях. У дадзеным выданні разглядаецца толькі нямецкі варыянт, бо Вялікае княства Літоўскае, так сама як і суседняя Польшча, пераважна падпадалі ў ХV – ХVІ стст. пад уплыў менавіта нямецкай школы ўзбраення. У зборах польскіх музеяў захоўваецца некалькі кольчых даспехаў нямецкага тыпа, якія даюць выдатнае ўяўленне пра падобны рыштунак.90 Найбольшую ўвагу прыцягвае адзін з даспехаў, што захоўваецца ў Музеі Войска Польскага (інв. № 108х/1-7). Ён мае клеймы г.Нюрнберга і майстра Валянціна Себенбюргера. Вядомы польскі даследчык З.Жыгульскі датуе даспех прыблізна 1500 г. Аднак ягоны калега А.Сварычэўскі пераканаўча даводзіць, што ён мог быць выраблены Валянцінам Себенбюргерам (Сібенбургерам), які ў сярэдзіне ХVІ ст. працаваў у Кракаве, а ў 1560-1563 г. зяўляўся надворным платнерам вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў Вільні.91 Адпаведна, згаданы даспех мог быць выраблены значна пазней за 1500 г. Прынамсі апісанні турніраў, праводзімых у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, сведчаць, што кольчыя даспехі ўжываліся тут нават у другой палове ХVІ ст. Так, напрыклад “зброі кольчыя для ганітвы 2” былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.92
“Гончая зброя”, ці “гончы даспех” была сканструявана на базе гатычнага даспеха другой паловы ХV ст. У якасці шлема яна прадугледжвала глухую саладу без заслоны, але з лобнай накладной пласцінай. Кіраса гончага даспеха таксама мела крук і контркрук. Да нагрудніка кірасы прыкручваўся масіўны падбароднік – “барт”, які закрываў ніжнюю частку твару. Знізу да нагрудніка мацавалася спаднічка з вельмі доўгімі ташкамі, якія амаль дасягалі каленяў. Менавіта яны ўзгадваюцца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г. як “ташкі гончыя”. Наспіннік кірасы меў глыбокія выцінкі ля шыі і пояса, а таксама каля рук, што надавала яму падабенства з літарай Х. Знізу да наспінніка мацавалася, як і ў кольчых даспехаў, падпорная пласціна.93
Наручы ў гончага даспеха адсутнічалі зусім. Правая баранілася надзвычай вялікім шчытком капя, які да таго ж меў спецыфічную форму, дазваляўшую яму пакрываць усю правую палову тулава. Левая палова наздзейна ахоўвалася спецыяльнай тарчай – т.зв. “рэнтарчай”. Яна выраблялася з дрэва, абцягвалася скурай і часта акоўвалася па краях жалезам. Спецыфічная форма тарчы дазваляла ёй пакрываць рыцара ад зрокавай шчыліны шлема да пояса ці нават да сярэдзіны сцягна. Для механізаваных відаў рэнэна выкарыстоўваліся спецыяльныя тарчы з некалькіх дэталяў, а таксама адмысловыя кірасы з пружынным механізмам. У “трапным рэнэне” такога механізма не прадугледжвалася, а тарча збівалася проста ўдалым ударам капя.
Гончы даспех можа лічыцца рэкардсменам па сваёй масіўнасці. Яго вага магла даходзіць да 85 кг! Робіцца зразумелым, чаму на турніры, арганізаваным у 1553 г. у Кракаве, літвіны патрабавалі прысудзіць перамогу свайму земляку Станіславу Кежгайлу. Падчас змагання “ў гончых на вастрыё”, ён быў абвалены праціўнікам разам з канём, але здолеў саскочыць на зямлю праз конскую галаву.94 Гэта быў сапраўды ўчынак, варты Геркулеса!
Дадатковую ахову ног удзельнікаў рэнэна ад удара аб барер стваралі спецыяльныя набедраныя шчыткі ці т.зв. “дзільжэ”. Яны перакідаліся праз сядло на рамяні і таму могуль лічыцца не столькі ўзбраеннем рыцара, колькі рыштункам каня. Гончыя сёдлы, узгаданыя ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г., належалі да катэгорыі лёгкіх і не мелі пярэдніх і задніх лук.95
Копі, якія выкарыстоўваліся для сутыкненняў рэнэн, мелі вострыя, часам злёгку прытупленыя наканечнікі. Маса такіх копяў была меншая, чым у экземпляраў, прызначаных для гештэха – каля 14 кг, даўжыня – да 380 см. Дыяметр дрэўка ў самай тоўстай частцы даходзіў да 7 см.96
Да асобай групы турнірнага рыштунку належаць элементы т.зв. гарнітураў, якія дазваляюць ператварыць звычайныя баявыя даспехі ў турнірныя. Пад даспешным гарнітурам у сучасным зброязнаўстве разумеюць комплекс , які складаецца з пэўнай колькасці частак, выкананых і дэкараваных у адным стылі, з якіх можна скласці розныя тыпы даспехаў.97 Першыя даспешныя гарнітуры зявіліся ў Германіі ў канцы ХV ст. Іх вынаходніцтва звязваецца з імем аўгсбургскага платнера Лорэнса Гелмшміда, які ў 1485 г. вырабіў першы такі камплект. Неўзабаве даспешныя гарнітуры былі належным чынам ацэнены і распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе, дзе паўставалі іх шматлікія мадыфікацыі.98
Ужываліся даспешныя гарнітуры і ў Вялікім княстве Літоўскім, прынамсі прадстаўнікамі феадальнай эліты дзяржавы. У арсенале раздзівілаўскага замка ў Нясвіжы часткі турнірных даспехаў захоўваліся да 20-х гг. ХХ ст.99 Са 130 пазіцый засцерагальнага ўзбарення, пазначаных у ілюстраваным каталогу 1926 г. па распрадажы зброі нясвіжскага арсенала, які праводзіла лонданская фірма Christie, 31 пазіцыя належала 44 часткам даспешных гарнітураў. Сярод іх — узмацняльныя нагруднікі, налакотнікі, падбароднікі і г.д., прызначаныя для збірання турнірных даспехаў розных тыпаў. Большасць з іх датуецца першай паловай XVI ст. і мае клеймы Аўсбурга і Нюрнберга.100
Найбольшую ўвагу сярод элементаў радзівілаўскіх гарнітураў прыцягваюць часткі трох камплектаў. Першы быў выраблены каля 1530 г. аўгсбургскім платнерам Кольманам Гелмшмітам, сынам славутага Лорэнса Гелмшміда. Ён належаў да т.зв. “поўдаспехаў з часткамі да пешага бою”. Для трансфармацыі звычайнага баявога даспеха ў турнірны да кірасы дадаваліся новыя шлем і пакрыцці рук, а таксама ахова ног. Для пешага бою выкарыстоўваўся шлем тыпа “армэ” з заслонай, а наручы мелі выгляд рукавоў з буфамі. Гэта было не торлькі данінай вельмі папулярнай у той час т.зв. “ландскнехтаўскай” модзе, згодна якой па ўсёй паверхні была таксама зроблена імітацыя характэрных разрэзаў. Такая канструкцыя “рукавоў” дазваляла засягнуць такога злучэння пласцін, якое не пакідала ніякіх шчылін і лакун, куды магла б патрапіць наступальная зброя праціўніка. Тое ж самае можна сказаць і пра ахову ног разам з тазам, якая нагадвала абціслае трыко. Дзякуючы гэтаму такія зброі атрымалі назву “трыковых”.101 Праўда такія даспехі абмяжохвалі свабоду рухаў, а сядзець у іх было зусім немагчыма, аднак гэта і не патрабавалася ў турнірнай сутычцы.102
Па ўсёй верагоднасці, згаданы даспешны гарнітур належаў вялікаму гетману літоўскаму Юрыю Радзівілу Геркулесу. Да сённяшняга дня захаваўся ўсяго адзін аналагічны даспех, выраблены тым самым майстрам для імперскага капітана Вільгельма фон Рогендорфа. Абодва гарнітуры залічваюцца даследчыкамі ўзбраення да лепшых узораў еўрапейскай платнерскай справы ХVІ ст. На сёняшні дзень наспіннік кірасы радзівілаўскага гарнітура разам з буфастымі рукавамі захоўваецца ў Музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку.
Найбольш вядомым гарнітурам, які неаднаразова прыцягваў увагу еўрапейскіх гісторыкаў сярэднявечнай зброі, зяўляецца даспешны гарнітур Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён быў выраблены знакамітым нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам каля 1555 г. Розныя яго часткі зараз захоўваюцца ў розных вядомых музеях свету. Найбольшы фрагмент – поўдаспех, разам з адкрытым штурмгабам і поўнымі аховамі рук, знаходзіцца ў Музеі ўзбраення ў Вене. Туды ён трапіў з т.зв. “пантэона славы”, заснаванага ў замку Амбраз яшчэ ў канцы ХVІ ст. эрцгерцагам Фердынандам. Апошняму гэты фрагмент быў высланы сынам Мікалая Радзівіла Чорнага – Мікалаем Радзівілам Сіроткам 23.6.1581 г.103
Венскаму даследчыку Орвіну Гамберу ўдалося рэканструяваць канструкцыю гарнітура. Пры гэтым ён абапіраўся і на іншыя захаваныя элементы. Перш за ўсё, характар даспеха, што захоўваецца ў Вене, указвае на яго прыналежнасць да цяжкіх палявых даспехаў (ням. Stechküriss). У камплекце з імі выкарыстоўваліся не штурмгабы, а прылбіца армэ. У той жа час наяўнасць штурмгаба дазволіла О.Гамберу высветліць, што гарнітур прадугледжваў магчымасць збірання яшчэ і лёгкага палявога даспеха (ням. Feldküriss). Для гэтага звыклыя наплечнікі з крыллямі замяняліся на больш лёгкія, з акруглымі шчыткамі, ужывалася аблегчаная ахова ног, а таксама адзін з трох шлемаў – армэ, адкрыты ці закрыты штурмгаб. Камплект мог уключаць таксама круглы шчыт.
Накладны левы наплечнік (знаходзіцца ў нью-йоркскім Музеі мастацтва Метраполітэн) сведчыць, што звычайны палявы даспех можна было прыстасаваць для вольнага турніру. Для гэтага служылі таксама незахаваныя на сёняшні дзень накладныя ўзмацняльныя кіраса, левыя налакотнік і рукавіца, заменная рукавіца для правай рукі, накладкі на лобную і падбародачную часткі шлема.
Да гарнітура належалі таксама турнірная салада спецыфічнай канструкцыі (ням. Rennhut), з моцна высунутай наперад ніжняй часткай, забяспечанай шурупам (Артылерыйскі музей у Парыжы) і асіметрычныя ташкі (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн). Гэтыя дэталі прызначаліся для прыстасавання даспеха да т.зв. “саксонскага” турніра праз барер. Апроч салады і ташак, для гэтага служылі не дайшоўшыя да нашых дзён яшчэ адна накладная кіраса, яшчэ адны ўзмацняльныя левыя налакотнік і рукавіца, масіўны падбароднік, які прыкручваўся да салады пры дапамозе шурупа, пара вузкіх наплечнікаў і грамоздкі наплечнік-тарча, што пакрываў ўсю левую палову тулава.
Акрамя чатырох відаў даспеха, гарнітур прадугледжваў поўнае пакрыцце каня, ад якога да нашых дзён захаваліся нагалоўнік (рашкоф) і адна з шыйных пласцін (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн).
У Музеі Метраполітэн захоўваецца яшчэ адзін амаль што цалкам камплектны турнірны даспех з нясвіжскай збраёўні, прызначаны для італьянскага сутыкнення праз барер. Ён складаецца з накладной кірасы, пары вузкіх наплечнікаў, асіметрычнай ташкі, накладной тарчы і левага накладнога налакотніка. З элемнтаў, неабходных для стварэння адпаведнага варыянта даспехаў, адсутнічае толькі ўзмацняльная левая рукавіца і спецыяльная прылбіца армэ, замест якой маецца ў наяўнасці армэ ад цяжкога палявога даспеха. Даспех укамплектаваны таксама поўнымі пакрыццямі рук і аблегчанымі пакрыццямі ног. На падставе гэтага можна зрабіць выснову, што згаданы даспех належаў да гарнітура і прадугледжваў стварэнне лёгкага і цяжкога палявых даспехаў, а таксама двух турнірных даспехаў – для італьянскага сутыкнення праз барер і для вольнага турніра. Для апошняга прызначаўся спецыяльны накладны падбароднік, таксама захаваны ў зборах Музея Метраполітэн, накладныя левыя наплечнік і налакотнік. На думку польскага даследчыка З.Фуіньскага, гарнітур мог быць выраблены ў другой палове ХVІ ст. у Італіі.104
На сённяшні дзень сказаць, наколькі распаўсюджанымі былі спецыялізаваныя турнірныя даспехі нават сярод заможных феадалаў Вялікага княства Літоўскага, не ўяўляецца магчымым. Спарадычныя, выключна скупыя і фрагментарныя звесткі дазваляюць меркаваць, што яны трапляліся не толькі ў арсеналах вялікага князя і Радзівілаў. Так, у сярэдзіне ХVІ ст. гетман Вялікага Княства Рыгор Хадкевіч набываў турнірны рыштунак для сваіх сыноў у прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна, прапануючы ўзамен некалькі літоўскіх коней, якія, відаць, даволі высока цаніліся ў Еўропе.105 Аднак несумненна, што дазволіць сабе такую раскошу, як пакупку каштоўнай, але не жыццёва важнай турнірнай зброі, маглі толькі прадстаўнікі абмежаванага кола феадальнай эліты дзяржавы. Астатнія, у выпадку патрэбы, мелі магчымасць прыняць удзел у тых відах турнірных практыкаванняў, дзе дазвалялася выкарыстанне звычайнай баявой амуніцыі – палявых, гусарскіх ці пешых турнірах, скачках за колцам і г.д., альбо скарыстацца з багатых арсенальных запасаў караля і багацейшых магнатаў, якія адны толькі і маглі выдаткаваць сродкі арганізацыю падобных гульняў.
Заключэнне
ХV – ХVІ стст. былі ў Вялікім княстве Літоўскім перыядам росквіту т.зв. “рыцарскай культуры”, якая была характэрна для ўсёй сярэднявечнай Еўропы, але ў найбольш развітых еўрапейскіх краінах перажывала тады свае апошнія “Залатыя часы”. У адрозненне ад зямель, дзе рыцарства як зява фарміравалася стагоддзямі, традыцыйна абрастаючы спецыфічнымі традыцыямі і рытуаламі, Літва і землі т.зв. “літоўскай Русі”, якія, дзякуючы свайму статусу паганскай ці “не зусім хрысціянскай” дзяржавы, разглядаліся рыцарамі Еўропы пераважна як абект крыжацкага націску, заставаліся трохі ўбаку ад гэтага працэса.
Крэўская унія 1385 г. і дынастычная унія з Польшчай, а ў далейшым і з шэрагам іншых еўрапейскіх дзяржаў (Чэхія, Венгрыя), зрабіў магчымым для феадалаў Вялікага княства Літоўскага рэзкае і імклівае далучэнне да шматвекавых рыцарскіх традыцый сваіх заходніх суседзяў. Гэта ў больш ці менш поўнай меры адбылося на працягу жыцця некалькіх пакаленняў феадалаў. Цалкам характэрна гэта і ў плане іх далучэння да еўрапейскай турнірнай практыкі.
Даследчыкі, якія звяртаюць увагу на распаўсюджанне сярод пануючага саслоўя Вялікага княства Літоўскага навінак заходняй культуры, адзначаюць вялікую ролю ў гэтым працэсе вялікакняскага двару, які служыў абектам падражання для магнатаў, а ў далейшым і для шляхты. Узрастанне моды на баявыя гульні не было ў гэтым сэнсе якімсьці выключэннем. Да самага канца ХVІ ст. кракаўскі і віленскі двары Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемнікаў зяўляліся галоўнейшымі цэнтрамі турнірнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства, прычым роля гэтых цэнтраў знаходзілася ў самай непасрэднай сувязі з тым, у якім з іх знаходзіўся ў той ці іншы час манарх са сваім бліжэйшым атачэннем. Варта, аднак, прызнаць, што прыярытэт Кракава ў гэтым сэнсе быў відавочны.
Застаецца адкрытым пытанне аб тым, наколькі шырокім было ў Вялікім княстве Літоўскім кола ўдзельнікаў турніраў. Уяўляецца найбольш верагодным, што яно пераважна абмяжоўвалася асобамі, якія стала знаходзіліся пры вялікакняскім двары і складалі бліжэйшае атачэнне манархаў альбо буйнейшых магнатаў.
1) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.19. ↵
2) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.11. ↵
3) Wozel H. Turniere: Exponate aus dem Historiscen Museum zu Drezden. Berlin, 1990. S.5; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.379; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.6-7;. ↵
4) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.30-31. ↵
5) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.11-14. ↵
6) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata i ksiega jedenasta 1406 – 1412. Warszawa, 1982. S.230-231. ↵
7) Васин П. Игрушки русских князей / Родина. 2003, № 11. С.106—110. ↵
8) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.19. ↵
9) Wozel H. Turniere: Exponate aus dem Historiscen Museum zu Drezden. Berlin, 1990. S.9. ↵
10) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.12-13. ↵
11) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.33; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.9. ↵
12) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.281. ↵
13) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.381; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.10-12. ↵
14) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.13-19. ↵
15) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.11-12. ↵
16) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.11. ↵
17) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.15; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.19-20. ↵
18) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.17. ↵
19) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.35. ↵
20) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.122; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.409-411; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.27-28, 33-34. ↵
21) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.383-384; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.33; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.27, 34-35. ↵
22) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.404-405; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.29-30. ↵
23) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.125; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.410-41; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.27; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.38. ↵
24) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.126; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.386-390; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.27, 43-44. ↵
25) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.401-404; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.38-39; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.34-35. ↵
26) Квитковский Ю.В. Для ратной потехи: История европейских турнирных доспехов ХІV—ХVІІ веков //Армии и битвы. 2002, № 1. С.7. ↵
27) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.405-409; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.26-28, 38-40. ↵
28) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.27. ↵
29) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.414-416. ↵
30) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.32. ↵
31) Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.IV. Warszawa, 1822. S.15-16. ↵
32) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.103-106. ↵
33) Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С.120. ↵
34) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.46-52. ↵
35) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.65-66. ↵
36) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.30. ↵
37) Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.53-65; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.30-32. ↵
38) Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.IV. Warszawa, 1822. S.16-17. ↵
39) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.36-39. ↵
40) Полное собрание русских летописей. Т.2: Ипатьевская летопись. Москва, 1962. С.817. ↵
41) Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1990. С.53. ↵
42) Гусоўскі М. Песня пра зубра. Мінск, 1981. С.56. ↵
43) Гусоўскі М. Песня пра зубра. Мінск, 1981. С.57-58. ↵
44) Васин П. Игрушки русских князей / Родина. 2003, № 11. С.108. ↵
45) Васин П. Игрушки русских князей / Родина. 2003, № 11. С.108-110. ↵
46) “Юнаму літвіну загадзя ў пэўных месцах прыхавалі камяні; спачатку ён рабіў выгляд, што адступае перад батырам (Bathyr) – так яны называюць слаўных мужоў, сам жа рухаўся да камянёў, падхопліваючы якія адзін за адным і шпурляючы ў маскавіта, ён і перамог” (Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С.120). ↵
47) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata 1370 – 1405. Warszawa, 1981. S.205. ↵
48) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata 1370 – 1405. Warszawa, 1981. S.317. ↵
49) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata 1370 – 1405. Warszawa, 1981. S.291-292. ↵
50) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata i ksiega jedenasta 1406 – 1412. Warszawa, 1982. S.230-231. ↵
51) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega dziesiata i ksiega jedenasta 1406–1412. Warszawa, 1982. S.57. ↵
52) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega jedenasta 1415–1430. Warszawa, 1985. S.201. ↵
53) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega jedenasta 1415–1430. Warszawa, 1985. S.207. ↵
54) Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego królestwa Polskiego. Ksiega jedenasta 1415–1430. Warszawa, 1985. S.232. ↵
55) Wapowski B. Dzieje Korony Polskiej i Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. T.III. Wilno, 1848. S.27-29. ↵
56) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego Dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.16. ↵
57) Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т.2. Санкт-Петербург, 1848. С.75. ↵
58) Grabski A.F. Rycerstwo polskie w sluzbie obcej w wiekach srednich // Historia wojskowosci Polskiej. Wybrane zagadnienia. Warszawa, 1972. S.59. ↵
59) Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С.188. ↵
60) Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmudzka i wszystkiej Rusi. T.II. Warszawa, 1846. S.386. ↵
61) Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.IV. Warszawa, 1822. S.15-16. ↵
62) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego Dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.17. ↵
63) Górnicki L. Dzieje w koronie Polskiej od r. 1538 do r. 1572. Sanok, 1855. S.5. ↵
64) Górnicki L. Dzieje w koronie Polskiej od r. 1538 do r. 1572. Sanok, 1855. S.36-37. ↵
65) Górnicki L. Dzieje w koronie Polskiej od r. 1538 do r. 1572. Sanok, 1855. S.45-46. ↵
66) Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.V. Pulawy, 1830. S. 341-344. ↵
67) Archiwum Glówny Akt Dawnych. Archiwum Radziwillowskie, dz.XXVI, nr.2. K.15. ↵
68) Kolankowski L. Zygmunt August wielki ksiaze Litwy do roku 1548. Lwów, 1913. S.324; Kuchowicz Zb. Barbara Radziwillówna. Lódz, 1989. S.106. ↵
69) Kolankowski L. Zygmunt August wielki ksiaze Litwy do roku 1548. Lwów, 1913. S.324-329. ↵
70) Kromer M. Historyja prawdziwa o przygodzie zalosnej ksiazecia finlandzkiego Jana i królewny polskiej Katarzyny / Opracowal Janusz Maller. – Olsztyn: Pojezierze, 1974. – S.27—28. ↵
71) Polski Slownik Biograficzny. T.XXIV/3. Zeszyt 102. Wroclaw – Warszawa – Kraków – Gdansk, 1979. S. 480-481. ↵
72) Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.I. Warszawa, 1822. S. 263-264. ↵
73) Gwanin A. Kronika Sarmacyey Europskiey, w ktorey sie zamyka krolestwo Polskie ze wszystkimi Panstwy, Xiestwy, y Prowincyami: tudziez tez Wielkie Xiestwo Lithew: Ruskie, Pruskie, Zmudzkie, Inflantskie, Moskiewskie y czesc Tatarów. Krakow, 1611. S.223. ↵
74) Gwanin A. Kronika Sarmacyey Europskiey, w ktorey sie zamyka krolestwo Polskie ze wszystkimi Panstwy, Xiestwy, y Prowincyami: tudziez tez Wielkie Xiestwo Lithew: Ruskie, Pruskie, Zmudzkie, Inflantskie, Moskiewskie y czesc Tatarów. Krakow, 1611. S.222. ↵
75) Gwanin A. Kronika Sarmacyey Europskiey, w ktorey sie zamyka krolestwo Polskie ze wszystkimi Panstwy, Xiestwy, y Prowincyami: tudziez tez Wielkie Xiestwo Lithew: Ruskie, Pruskie, Zmudzkie, Inflantskie, Moskiewskie y czesc Tatarów. Krakow, 1611. S.223. ↵
76) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego Dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.21-22. ↵
77) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego Dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.19-20. ↵
78) Zablocki W. Ciecia prawdziwa szabla. Warszawa, 1989. S.39. ↵
79) Гусоўскі М. Песня пра зубра. C.61-74. ↵
80) Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С.193. ↵
81) Dlugosz J. Jana Dlugosza Kanonika Krakowskiego Dziejów Polskich ksiag dwanascie. T.IV. Ks.XI, XII. Kraków, 1869. S.184. ↵
82) Dlugosz J. Jana Dlugosza Kanonika Krakowskiego Dziejów Polskich ksiag dwanascie. T.IV. Ks.XI, XII. Kraków, 1869. S.113, 175, 190, 203, 292, 317. ↵
83) Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. 1376 – 1430, ed. A.Prochaska // Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T.VI, cz.1. Cracoviae, 1882. S.961. ↵
84) Nowakowski A. Uzbrojenie wojsk krzyzackich w Prusach. S.63, 76. ↵
85) Nowakowski A. Uzbrojenie ochronne / Uzbrojenie w Polsce średniowiecznej 1350–1450. Łódz, 1990. S.42; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.31. ↵
86) Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. КМФ-18, воп.1, спр.223. А.161 (153), 154 (147), 170 (163). На думку беларускага даследчыка А.І. Грушы, рэчы, адлюстраваныя ў “рэестры”, належалі Мікалаю Радзівілу Старому, ваяводзе віленскаму і канцлеру ВКЛ. Апроч пералічаных элементаў, турнірнае прызначэнне якіх не выклікае сумнення, у гэтым дакуменце згадваецца і іншая зброя (“гелмова”, “пунтова”), магчыма прызначаная для турнірных практыкаванняў. ↵
87) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.40-41; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.74-76; Квитковский Ю.В. Для ратной потехи: История европейских турнирных доспехов ХІV – ХVІІ веков / Армии и битвы. 2002, № 1. С.5. ↵
88) Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.41. ↵
89) Квитковский Ю.В. Для ратной потехи: История европейских турнирных доспехов ХІV – ХVІІ веков / Армии и битвы. 2002, № 1. С.5-6; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994. S.41-42; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.80-81; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.391. ↵
90) Fuinski Z. Uwagi o wawelskiej zbroi turniejowej / Studia do dziejów Wawielu. T.V. Kraków, 1991. S.432-437; Chodynski A.R. Zbroje kolcze z gdanskiego dworu Artusa: Z tradycji turniejowych w Polsce. Malbork, 1994; Zygulski Zd. Stara bron w polskich zbiorach. Warszawa, 1982. S.90-91, 132. ↵
91) Swaryczewski A. Platnierze krakowscy. Warszawa-Kraków, 1987. S.127-129, 155-156. ↵
92) Archiwum Glówny Akt Dawnych w Warszawie, AR, dz. XXVI, nr.2. K. 15. ↵
93) Квитковский Ю.В. Для ратной потехи: История европейских турнирных доспехов ХІV – ХVІІ веков / Армии и битвы. 2002, № 1. С.8; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.84-86; Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.398-405-408. ↵
94) Górnicki L. Dzieje w koronie Polskiej od r. 1538 do r. 1572. Sanok, 1855. S.45; Niemcewicz J.U. Zbior pamietników historycznych o dawnej Polsce z rekopismów, tudziez dziel w róznych jezykach o olsce wydanych, oraz z listami oryginalnymi królów i znakomitych ludzi w kraju naszym. T.V. Pulawy, 1830. S. 342-343. ↵
95) Бехайм В. Энциклопедия оружия. СПб., 1995. С.405-406. ↵
96) Там жа. С. 399; Носов К.С. Рыцарские турниры. СПб., 2002. С.86. ↵
97) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.117. ↵
98) Там жа. С.120. ↵
99) Zygulski Zd. Bron w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Bliskiego Wschodu. Warszawa, 1982. S.203. ↵
100) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.132. ↵
101) Там жа. С.125. ↵
102) Квитковский Ю.В. Для ратной потехи: История европейских турнирных доспехов ХІV – ХVІІ веков / Армии и битвы. 2003, № 1. С.11. ↵
103) Fuiński Z. Garnitur zbroi // Studia do dziejow dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. Kraków, 1988. Cz.IX—X. S.131. ↵
104) Там жа. С.132. ↵
105) История Беларуси (краткий очерк). Минск, 2002. С.34-35. ↵
Комментарии к книге «Турнірныя традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім у XIV-XVI стагоддзях», Юрый Мікалаевіч Бохан
Всего 0 комментариев