«Заклад са смерцю (на белорусском языке)»

1078

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Сяргей Давiдовiч

Заклад са смерцю

Свой першы глыток гарэлкi Вiталiк зрабiў у пятнаццацiгадовым узросце.

У роце апякло, перахапiла дыханне, пацяклi слёзы. Гадасць такая, што не ведаў, як адплявацца, чым заесцi. Але, адпляваўшыся i заеўшы, адкрыў у сабе невядомую дагэтуль лёгкасць адчуванняў. Хацелася смяяцца, рухацца, дзейнiчаць. Здавалася, што варта толькi адштурхнуцца нагамi ад зямлi i нябачныя крылы панясуць увышыню. Але гэтыя адчуваннi хутка прайшлi, i зноў вярнулiся мутарнасць i вяласць.

"Не! - сказаў сам сабе Вiталiк. - Болей у рот не вазьму гэту атруту! Сiтро! Морс! Гэта зусiм iншая справа! Гэта - клас!.."

Але праходзiлi днi, а тое адчуванне незвычайнай лёгкасцi не выходзiла з галавы, цiкавiла i вабiла.

А тут яшчэ сябры:

- Не будзь, Вiталь, жмотам! Маеш багатых продкаў, а не жадаеш скiнуцца з намi!..

Бацькi ў Вiталiка былi i сапраўды даволi забяспечаныя. Алег Сцяпанавiч, яго бацька, займаў пасаду намеснiка абласнога пракурора. Быў энергiчны, самаахвярны ў рабоце i, як казалi калегi, перспектыўны. Мацi, Валянцiна Лявонцеўна, дырэктарствавала ў сярэдняй школе. У гэтай жа школе вучыўся i Вiталiк, якi быў не ў захапленнi ад штодзённага мамiнага вока. Але куды было яму дзявацца?

Вiталiкавы сябры ведалi, што гаварылi, - дастатак у гэтай сям'i быў, грошы ў iх сябра вадзiлiся. I Вiталiк, не жадаючы быць "жмотам", скiдваўся, а часцяком браў на сябе i ўсе грашовыя расходы.

З кожным разам гарэлка здавалася менш горкай i непрыемнай, а завiхрэннi ў галаве больш неабсяжнымi.

Спадабалiся i пахвалы падпiтых сяброў у яго адрас, ад чаго Вiталiк уяўляў сябе асобай значнай i ўсё часцей уцiскаў у лексiкон уласнае "я".

Сяброўская хвала i захапленне Вiталiкам былi шчырымi, хаця i грошы iгралi не апошнюю ролю. Ды i як было не захапляцца чалавекам, якi не па ўзросце начытаны, заўсёды акуратна i з густам апрануты, а галоўнае, валодае iнфармацыяй на крымiнальную тэму.

Вось так - зрабiўшы ў свае пятнаццаць гадоў першы глыток гарэлкi, Вiталiк i не снiў, што гэтым ён крута змянiў свой лёс i што да апошняга ў яго жыццi глытка гарэлкi засталося ўсяго два гады.

* * *

У сярэдзiне пяцiдзесятых гадоў вёска знешне не паходзiла на памiраючую iстоту, хаця хварэла i захворванне было небяспечным. Прымусовае ўтрымлiванне моладзi ў калгасах, дзе, акрамя працы, для той жа моладзi нiчога не было, толькi адцягвала трагiчны фiнал.

Няўмольны дыягназ - бесперспектыўнасць калгасаў паглыблялi лозунгавая палiтыка дзяржавы i адкрытая хлусня аб роўнасцi жыццёвых умоў у горадзе i вёсцы. Але на прымусе i iдэалагiчнай хлуснi далёка не паедзеш.

Не маючы магчымасцi атрымаць пашпарт, моладзь была вымушана корпацца ў калгасным гнаi i брудзе, бо без пашпарта ўладкавацца на працу ў горадзе было немагчыма. Чым не турма?..

Рэдка каму ўдавалася здабыць спраўку з праўлення калгаса або з сельсавета, якая сведчыла, што ўладальнiк "вольнай" мае права часова ад'ехаць ад сваiх мясцiн. З такой спраўкай шчаслiўцы iмчалi ў горад i лезлi ў любую дзiрку, на самую цяжкую працу - толькi б далей ад калгаса.

I хоць пакутавалi яны ў горадзе не менш, чым у калгасе, але зараблялi капейчыну i ехалi на выхадныя днi да бацькоўскага сала з задзёртымi ўгару насамi, бо паспелi прыдбаць нейкi стракаты пiнжак i чаплялi на шыю размалёваны гальштук. Форсу таго - як на дрывотнi трэсак!

Прыдбаў такую спраўку i ўцiснуўся ў горадзе на нейкую падсобную працу i Генадзь Лапцэвiч. I для яго гарадское жыццё было хутчэй хрэнам, чым мёдам, але пасля вясковай сцiпласцi вочы разбягалiся ад навiзны i кантрастнасцi гарадскога побыту.

Генадзь тут жа, побач з цагельным заводам, на ўскраi горада, дзе здымаў у гаспадароў вугал, прыгледзеў танцпляцоўку, якую называлi "пятачком". Танцы ўлетку адбывалiся штовечар, i Генадзь зачасцiў сюды. Знаёмых яшчэ не займеў, таму першыя вечары сцiпла стаяў збоку i назiраў.

Гарадскiя танцы адрознiвалiся ад вясковых, асаблiва ў час факстротаў мудрагелiста выдрыгвалi нагамi. Генадзь прыкiнуў у галаве, цi змог бы гэтак выкаблучвацца, як сцiлягi, але саромеўся нават думаць пра такiя крыўляннi. Праўда, вальс круцiлi тут аднолькава, як i ў вёсцы.

Аднаго вечара Генадзь убачыў настолькi прыгожую дзяўчыну, што забыўся пра сорам, i вырашыў запрасiць яе на вальс, не звяртаючы ўвагi на тое, што яна не адна, а ў кампанii сябровак i хлопцаў. Загучала музыка, i Генадзь iрвануўся з месца, каб апярэдзiць астатнiх, i запрасiў незнаёмку на вальс, але паспеў толькi сказаць "дазвольце", пасля чаго адчуў моцны ўдар кулаком у скiвiцу. Ён крутнуўся ў той бок, але атрымаў удар ззаду, потым спераду. Генадзь павалiўся на дошкi "пятачка" i адразу ж атрымаў удар нагой у жывот. Апошняе, што ён пачуў, быў нечы крык:

- Ляжачага не бiць!..

Генадзь прыйшоў у сябе i заўважыў, што сядзiць на лаўцы, у гэтым жа скверы, непадалёку ад танцпляцоўкi. З двух бакоў ад яго сядзелi нейкiя хлопцы, другiя, каму не хапiла месца, стаялi перад iм, палiлi i аб нечым шумна гаманiлi.

Генадзь iрвануўся з месца:

- За што вы мяне, хлопцы? Што я вам зрабiў?

Адзiн з тых, што сядзеў побач i, вiдаць, быў самы аўтарытэтны, рэзка цягануў Генадзя за плячо назад, ад чаго той зноў плюхнуўся на лаўку.

- Сядзь, дурань! - рашуча, але мякка сказаў "аўтарытэт". - Каб не мы, ты б яшчэ доўга нюхаў дошкi пятачка. Танцор!..

Генадзь толькi цяпер заўважыў на кашулi цёмныя плямы - гэта былi крывавыя плямы. Памацаў пад вокам i войкнуў ад болю. У жываце таксама гулялi рэзi.

- А хто ж мяне так? - збянтэжана спытаўся Генадзь.

- Болей адзiн боўтайся, дык яшчэ не гэтак схопiш па нюхаўцы, - зноў адказаў сусед па лаўцы. - Ты, я бачу i чую па гаворцы, - вясковец?!.

Вось гэткiм незвычайным чынам Генадзь пазнаёмiўся з Вiталiкам i яго сябрамi. Яны i расказалi пра тое, як яго збiлi з ног i пачалi качаць нагамi па танцпляцоўцы тыя чатыры хлапцы i як яны, Генадзевы абаронцы, не ўтрымалiся i з крыкам "ляжачага не бiць" разагналi тую хеўру, атрымаўшы пры гэтым кожны па ўласнаму "лiхтару" пад вокам.

* * *

Дзiўна, але Вiталiк i Генадзь пасябравалi. Дзiўна таму, што Вiталiк гарадскi элiтарны хлопец, а Генадзь - сцiплы i просты вясковец. Дзiўна i таму, што Вiталiк вучыўся ў дзесятым класе, з маленства карыстаўся бацькавай бiблiятэкай, часцяком наведваў з бацькамi i тэатры, i кiно, а Генадзь скончыў усяго сем класаў i "прыхрамваў" на неабсяжных прасторах класiчнай лiтаратуры, блытаўся ў прозвiшчах артыстаў i спевакоў. Магчыма, Генадзева шчырасць i наiўнасць падабалiся Вiталiку больш за ўсё, i ён з лёгкасцю мог казыраць перад новым сябрам уласным "я".

- Я ўсё магу! Усё! - часцяком чуў Генадзь ад сябра. Чуў i верыў гэтаму, бо Вiталiкаў бацька па просьбе сына ўладкаваў Генадзя ў "абшчак" - будынак, якi быў пабудаваны цагельным заводам для бескватэрнай моладзi.

Але не толькi сынава просьба станоўча паўплывала на Алега Сцяпанавiча, а i знаёмства з самiм Генадзем. Вiталiкаў бацька вопытным вокам ацанiў Генадзя: хлопец вясковы, неразбэшчаны, старэйшы за сына. Што яшчэ трэба? Чым не падпора сыну ў мутным i непрадказальным гарадскiм тлуме?

I Генадзь, якi быў старэйшы на чатыры гады за Вiталiка i якi меў "воўчы" бiлет, вызваляючы яго па стану здароўя ад войска, зрабiўся частым госцем у Вiталiка.

У сваю чаргу Вiталiк, асаблiва летам, пачаў бываць i ў Генадзевай вёсцы, начаваў i сталаваўся ў Генадзевых бацькоў. Яго вельмi здзiўляла вясковае харчаванне - сала, бульба, яйкi, малако. Ды i малако з яйкамi не заўсёды былi - то карова перад ацёлам не даiлася, то куры лiнялi i не неслiся.

Здзiўлялi i вясковыя вечарынкi - усю ноч, да ранiцы. Здзiвiла i самагонка - мутнаватая, смярдзючая, але п'ецца, як вада, не пячэ, не гарчыць.

Тут, у вясковым асяроддзi, ужо сам Вiталiк пачаў "прыхрамваць" - усё яму было нова, дзiўна i цiкава. Генадзь гэта заўважыў i, пры выпадку, паджартоўваў над сябрам. Падводзiў яго да слiвы i пытаўся:

- Што гэта, пане, бяроза цi лаза?..

На слiве не было пладоў, i Вiталiку цяжка было разабрацца, што гэта за дрэва, але ён хутка знаходзiў адказ:

- Ведаю дакладна, што гэта не елка...

А ўжо зiмой, iдучы з Вiталiкам па лесе, Генадзь адчуваў сябе перад сябрам, як прафесар перад першакурснiкам. Слядоў было столькi, што Вiталiк ледзь паспяваў пытацца:

- А гэта хто прабег? А там чые загагулiнкi? А вунь - быццам хто вяровачку паклаў на снезе! А вось тут!

Баль быў на Генадзевай вулiцы.

- Гэта табе не ў бiблiятэцы капацца ды чужыя думкi чытаць! Тут свая граматыка i арыфметыка!

* * *

Выпускныя экзамены Вiталiк вытрымаў паспяхова - сказалася яго агульная падрыхтоўка, разумна спланаваная бацькамi.

I хоць вучоба не вымагала вялiкай напругi, Вiталiк, пасля атрымання атэстата, псiхалагiчна адчуў палёгку на душы. У свае семнаццаць год ён не надта думаў пра перспектыву, пра тое, што наперадзе цэлае жыццё. Як i кожны ў яго ўзросце, ён жыў адным днём, радаваўся таму, што наперадзе лета, адпачынак, забавы. А там - будзе бачна, тым больш што даўно вырашана яго блiжэйшая будучыня - юрыдычны факультэт унiверсiтэта. Вiталiк i сам хацеў пайсцi па бацькавай дарозе - стаць прававедам.

Усё складвалася выдатна, давалася лёгка, як кажуць, надвор'е абяцала быць цёплым i бязвоблачным.

Вiталiкавы бацькi далi згоду на тое, каб сын у цесным сяброўскiм коле адзначыў дома заканчэнне школы, хаця Вiталiк настойваў на рэстаране.

Мацi, каб пераканаць сына, хiтрыла:

- Гэта ж i наша з бацькам свята! I для нас радасная падзея! У рэстаран мы з вамi не пацягнемся, а тут усе разам.

Вiталiк хацеў супярэчыць, але мацi запэўнiла яго:

- Не бойся, замiнаць не будзем! Павiншуем, пабудзем крыху i пакiнем вас адных...

Вiталiк сабраў самых блiзкiх сваiх сяброў - дзяўчат i хлопцаў, сярод якiх быў i Генадзь. Тут мацi ўпершыню ўбачыла, як сын залiхвацкi кульнуў чарку гарэлкi ў рот, i таўханула локцем мужа:

- Алег! Глянь, што ён робiць! Як ваду!

Вiталiк перахапiў бацькоўскi погляд i заспакоiў iх:

- Не бойцеся, я не п'янею! Ды i дзень сёння такi...

I сапраўды, Вiталiка гарэлка не дужа "брала". Яго высокi рост, крэпкi склад цела, добрае харчаванне былi як той моцны падмурак, на якiм можна смела ўзводзiць шматпавярховы будынак. Ды i нельга было сказаць, што Вiталiк шукаў сустрэчы з гарэлкай, захапляўся ёю. Не! Здаралася - выпiваў, не задумваючыся, добра гэта цi блага.

Таму ён гэтак шчыра i бясхiтрасна сказаў бацькам:

- Я не п'янею!

Пасля таго як моладзь разышлася i застаўся толькi Генадзь, Вiталiк падышоў да бацькоў:

- Вы не супраць, калi я на некалькi дзён матану з Генадзем у яго вёску?

Мацi, заўсёды спакойная i разважлiвая, на гэты раз неяк нервова схамянулася, быццам спужалася пытання.

- Ой, сынок, можа б, ты пабыў з намi! Адаспiся, аддыхайся...

Бацька падтрымаў сына:

- Самы раз ехаць! I надвор'е, i час спрыяюць гэтаму. Унiверсiтэцкiя экзамены не за гарамi, зноў падрыхтоўка, мiтусня. Едзь, сын, адпачнi!

* * *

Напэўна, i кампутарныя магчымасцi адстануць ад вясковага "лапцевага" тэлефона, якi iмгненна разносiць па навакольных вёсках любую навiну.

Таму пра Вiталiкавы наведваннi Генадзевай вёскi ведалi не толькi мясцовыя жыхары, а i ўся навакольная моладзь. Хлопец ён быў прыкметны, прыгожы, любiў выставiць сваё "я", але ж i былi для таго падставы.

Дзяўчаты, пачуўшы, што прыехаў гарадскi кавалер, больш старанна чапурылiся, апраналi лепшае. Хлопцы ў душы злавалiся, кулялi лiшнюю чарку для смеласцi i, пры выпадку, задзiралiся з няпрошаным сапернiкам, чапiлiся да яго, але да бойкi нi разу не дайшло - паяршацца хлопцы, панадзiмаюцца ды i сядуць на "адно" месца.

I гэты паслявыпускны прыезд Вiталiка ў вёску не застаўся без увагi.

- Ажаню я цябе тут! - жартаваў Генадзь. - Во будзе здорава: я - у горад на булкi, ты - у вёску каровам хвасты накручваць!..

Вечарынка пачыналася, як заўсёды, - пацiху, паволi збiралася моладзь, раскачвалася, прыглядвалася да чужых абновак, вытыркала наперад свае.

Хлопцы - i гэта, як закон, разыходзiлiся кучкамi па хатах, дварах, пiлi самагонку i ўжо пасля "ўлiвання", пачырванелыя, сунулiся ў драўляны клуб, якi ад астатнiх хат адрознiваўся толькi назвай.

Вiталiка вельмi здзiўляла не тое, што п'юць, - выпiваў i ён, а тое, што закусваюць цыбуляй. П'юць, ядуць сала з цыбуляй, накурацца, а потым лезуць да дзявочага носа з размовамi. Дзiва!

Да цыбулi ён перад вечарынкай не дакранаўся, а палiць - не палiў зроду.

Вечарынка раскручвалася нетаропка, затое як раскруцiцца - не спынiш. А калi яшчэ трапiць гарманiст, як той агонь, - танцоры не адчуваюць пад сабой падлогi, выкладваюцца ў кожным танцы да апошняга поту.

Памiж танцамi хлопцы дабаўлялi "гаручага" - паднiмалi градус у целе, i рабiлi гэта за ноч не адзiн раз.

Быў у гэтым i свой маленькi плюс, бо як рэнтген высвечвае хваробу, так i гарэлка высвечвае характар чалавека. Разумны - ён i п'яны разумны, а схаваная ў цвярозым чалавеку дурнота пасля першай жа шклянкi вылазiць наверх. Праз гэты "рэнтген" дзяўчаты даўно ведалi, хто чаго варты, i, думаючы пра будучыню, старалiся абыходзiць за вярсту занадта дурных. Але жыццё ёсць жыццё, i не дзяўчаты выбiраюць, а iх...

У адзiн з такiх дабавачных перапынкаў Генадзь пайшоў са сваёй дзяўчынай, а Вiталiка хлопцы зацягнулi ў суседнюю хату, дзе на стале з'явiлiся i самагонка, i сала. Хлопцы былi амаль усе знаёмыя i як адзiн падпiтыя.

Вiталiк знешне выглядаў цвяроза, але мутарнасць ад выпiтай самагонкi адчувалася. Пiць не вельмi хацелася, ды, як кажуць, цыган за кампанiю вешаецца.

Пачалi разлiваць па шклянках, выпiлi. Выпiў i Вiталiк. Сала не прывабiла укусiў скарыначку хлеба. Пасля выпiтага крыху павесялеў, але болей пiць не хацелася, i ён устаў, каб выйсцi на двор.

- Ты куды?! - загаманiлi хлопцы. - З намi дык з намi! Не дык не! Не горшыя за цябе!..

Вiталiк, каб не крыўдзiць астатнiх, бадзёра адказаў:

- З вамi! - i сеў на лаву.

- Налiць яму! Налiвай усiм! Банкуй!..

Вiталiк закрыў рукой шклянку:

- Мне хопiць гэтага... Хопiць, хлопцы... Не хачу!

- Што, прывык у бацькоў да сiтра?! Слабак! - пачулiся п'яныя галасы. Можа, соску прынесцi?

Вiталiк ускiпеў:

- Ды я болей за вас усiх вып'ю! Ды я не п'янею зусiм!

- Ха-ха-ха! - пачулася ў адказ.

- Ах, так! - i Вiталiк, устаючы, паказаў на крыху адпiты трохлiтровы слоiк самагонкi, якi стаяў "у рэзерве", памiж пустых i паўпустых пляшак. - Бачыце трохлiтровiк?! Я не адрываючыся апаражню гэты слоiк! Ну што, спорым?!

Усе загаманiлi, узрушылiся. Хто крычаў: "Куды табе!", хто: "Падумаеш, здзiвiў!"

- Глядзiце! - i Вiталiк, абхапiўшы далонямi слоiк, нахiлiў яго да рота i пачаў пiць.

Усе сцiхлi, акамянелi. Няўжо вып'е?

Спачатку глыткi былi вялiкiя, мутнаватая вадкасць жвава пералiвалася з пасудзiны ў Вiталiкаў рот, потым, калi паказаўся крайчык дна (значыць, палова адпiта), глыткi паменшалi i парадзелi, слоiк амаль перастаў нахiляцца. Вiталiк з цяжкасцю прымушаў сябе рабiць кожны глыток, але самалюбства не дазваляла спынiцца - прайграць спрэчку.

Вiталiк ужо не пiў, а цадзiў праз зубы самагонку, не адчуваючы нi яе паху, нi смаку. Цадзiў i думаў: "Я вам пакажу сiтро..."

Здавалася, што яшчэ крыху намаганняў i Вiталiк дацiсне да канца трохлiтровiк, але раптоўна рукi яго здрыганулiся i самагонка, запоўнiўшы поўнае горла, пацякла на грудзi. Вiталiк хiснуўся, неяк нязграбна i з цяжкасцю грукнуў слоiк аб стол, нiбы гэта была шматпудовая гiра, i памутнелымi, як гэта сiвуха, вачыма паглядзеў некуды скрозь хлопцаў.

- Нiчога, - ледзь дыхаючы, выцiснуў ён, - я зараз, я дап'ю... я яшчэ... i гэтак жа цяжка i гулка, як слоiк аб стол, бразнуўся на падлогу.

Усе ўскочылi з месцаў, нахiлiлiся над iм i спужалiся, працверазелi. Вiталiк выглядаў як нябожчык - белы, без крывiнкi твар, шырока адкрыты рот, вочы неяк страшна закацiлiся пад лоб.

Нехта крыкнуў:

- Вады!..

- Што вада? Малака! Кiслага малака!

Але малако вылiвалася з рота на падлогу...

У хату, смеючыся, увайшоў Генадзь.

- Што за шум без бойкi? Дзе мае сто грам?

Убачыў на падлозе свайго сябра i ледзь не самлеў.

- Што з iм?! Што?!

Пачуўшы пра дурны заклад, кiнуўся да Вiталiка, схiлiўся над iм, мацаў пульс.

- Жывы! Чую - пульсуе! Хоць слаба, але пульсуе! Хутчэй доктара! - закрычаў Генадзь i асекся...

Дзе той доктар?.. Блiжэйшы фельчар - ажно за сем вёрстаў, ды i ў таго, акрамя ваты, нiчога няма... Але што рабiць? Трэба ж шукаць ратаванне!

Генадзь зноў крыкнуў:

- Каня! Хлопцы, хутчэй запрагайце каня!..

Вiталiка паклалi на падводу, зрабiўшы падсцiлку з сена. Двое хлопцаў падтрымлiвалi Вiталiкава абмяклае цела, а Генадзь гнаў штосiлы каня. Хлястаў яго дубцом i стагнаў:

- Якая светлая душа! Як маглi дазволiць... Як маглi... Гэта я, я вiнаваты, толькi я...

Ноч была цёмная, таму колы наскоквалi на каменнi, правальвалiся ў нейкiя ямiны, зноў высякалi iскры аб каменнi - i iмчалi, iмчалi да ратавальных дактароў, а бездапаможнае Вiталiкава цела падскоквала на сене, як выцягнутая з вады рыбiна.

Падляцеўшы да фельчаравай хаты, Генадзь загрукацеў у акно.

- Дзядзечка! Памажыце! Тут хлапец памiрае! Хлапец...

Фельчар, чалавек даўно ўжо пенсiйнага ўзросту, выйшаў нетаропка на ганак, накiнуўшы на бялiзну ватоўку.

- Што здарылася? Акно ледзь не высадзiў!

- Дзядзечка! Хлапец памiрае! Ратуйце!..

Фельчар падышоў да падводы, узяў Вiталiкаву руку i пачаў слухаць пульс. Доўга слухаў, потым узяў другую руку i прымружыў вочы.

Пачынала вiднець, i дзесь звонка зацокаў i пералiвiста засвiстаў салавей. Генадзь, якi з маленства любiў салаўiныя спевы, цяпер гатовы быў забiць таго салаўя, за тое, што перашкаджаў фельчару чуць Вiталiкаў пульс...

Фельчар паклаў руку, прыхiлiў вуха да грудзей беспрытомнага Вiталiя.

Генадзь стрымлiваў дыханне, сэрца тахкала так моцна, што здавалася, i яно перашкаджае фельчару пачуць сэрца яго сябра.

Нарэшце фельчар распрамiўся i кашлянуў убок.

- Ну што? - узмалiўся Генадзь. - Дапаможаце?!.

Фельчар уздыхнуў:

- Позна, сынкi, позна...

* * *

Алег Сцяпанавiч вяртаўся дамоў у цудоўным настроi. Тое, пра што марыў, пра што апошнi час гаварылi не хаваючыся саслужбоўцы, - адбылося. Сёння на калегii, у прысутнасцi высокага начальства, быў зачытаны загад аб назначэннi яго абласным пракурорам. I гэта адбылося ў сорак тры гады! Нездарма калегi называлi яго перспектыўным - перспектыва засталася i надалей.

Алег Сцяпанавiч сёння не стаў нават карыстацца службовай машынай i нетаропка крочыў дамоў, атулены прыемнымi думкамi i марамi.

Пераступiўшы парог кватэры, ён абняў жонку:

- Ну, Валюшка, можаш павiншаваць мяне! Я болей не намеснiк! Твой муж пракурор!

- Няўжо, Алег! Няўжо! - прыцiснулася жонка да грудзей мужа i заплакала шчаслiвымi слязьмi. - Вiншую, дарагi! Ты заслужыў гэту пасаду сваёй працай! Наша сям'я адчувала тваю адданасць рабоце! Вiншую!

- А калi так, - усклiкнуў Алег Сцяпанавiч, - накрывай стол, будзем пiць шампанскае!

Валянцiна Лявонцеўна сумна адказала:

- Эх, няма сёння з намi сынка нашага... Як бы ён парадаваўся... I навошта я яго адпусцiла?

- Нiчога! - падбадзёрыў яе Алег Сцяпанавiч. - Паспее i ён пацешыцца за бацьку. Паспее!..

Калi шампанскае было разлiта па фужэрах, хтосьцi пазванiў у дзверы.

- Сядзi! - сказала Валянцiна Лявонцеўна. - Я адчыню сама. У цябе ж сёння такое свята!

Падышоўшы да дзвярэй, шчаслiвая гаспадыня спыталася:

- Хто там?

- Вам тэлеграма! - пачуўся адказ.

- Алег, - усклiкнула Валянцiна Лявонцеўна, адчыняючы дзверы, - нехта надта спрытны спяшаецца цябе павiншаваць!..

Пачтарка з каменным выразам твару моўчкi працягнула тэлеграму.

Валянцiна Лявонцеўна хуценька прабегла вачамi па лiтарах, шукаючы вiншаванне, i з першага разу нiчога не зразумела. З вуснаў прасiлiся словы "гэта не нам", але, лiхарадкава перачытваючы тэкст, пачала халадзець ад жудаснага сэнсу слоў...

- Вiта-а-а... - паспела крыкнуць яна страшэнным голасам i, як нежывая, павалiлася ля парога.

* * *

Цi ж мог думаць Алег Сцяпанавiч, што першая справа, якую будзе ён кантраляваць на новай пасадзе, - будзе крымiнальная справа па факце гiбелi яго адзiнага сына?

"Усiх паднiму на ногi! Усё перавярну ўверх нагамi, а вiнаватых знайду! як заклiнанне паўтараў ён сам сабе. - Пакараць! Пакараць - i ў першую чаргу Генадзя! Гэта ён лiсой улез у сяброўства да сына. Каб не ён - жыў бы Вiталiк!"

Крымiнальную справу ўзбудзiў, па тэрытарыяльнасцi, раённы аддзел унутраных спраў, але пiльны кантроль ажыццяўляла i раённая, i абласная пракуратуры.

Алег Сцяпанавiч, як i абяцаў, паставiў каго на ногi, каго на галаву. У Генадзевай вёсцы днявалi i начавалi следчы i ўчастковы, праз дзень наведваўся i сам начальнiк мiлiцыi.

Дапытвалi днём i ноччу ўсiх, хто хаця б вухам чуў пра гэта здарэнне. Потым, гэтых жа дапытаных, выклiкалi ў аддзел мiлiцыi. I працягвалi дапытваць зноў - здабывалi доказы, нiбы выцягвалi жылы.

Але ў такой справе цяжка даказаць нечую вiнаватасць - нiхто не прымушаў пiць, нiхто сiлком у горла не лiў. Ды i вясковыя хлопцы - не дурныя, аднеквалiся: не бачыў, не ведаю, не пiў з iм...

Адзiн Генадзь, на якога быў накiраваны асноўны цяжар абвiнавачванняў, цiха i цвёрда заявiў следчаму на першым жа допыце:

- Я вiнаваты... Адзiн я...

I калi праз некаторы час у народным судзе яму задалi апошняе пытанне: "Цi прызнаяце вы сябе вiнаватым?" - ён зноў цiха i цвёрда адказаў:

- Прызнаю!..

Ён i сапраўды шчыра лiчыў сябе вiнаватым i гэтак жа шчыра жадаў панесцi пакаранне, каб прыглушыць у сэрцы нясцерпны боль.

Таму, калi прагучала ўрачыстае: "Iмем Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi...", Генадзь думкамi быў далёка ад гэтай афiцыйнай залы.

Комментарии к книге «Заклад са смерцю (на белорусском языке)», Сергей Давидович

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства