Юзюк па гэтай лясной дарозе хадзiў-перахадзiў столькi, што на яго перасталi звяртаць увагу вавёркi, якiя раз-пораз перабягалi дарогу цi пырскалi з дрэва на дрэва. Не пужалiся ўжо i не паднiмалi гвалт яго цёзкi па прозвiшчу - чорныя крумкачы, чые гнёзды лапiлiся да вяршынь магутных соснаў.
Усё, што ён бачыў, было такiм родным i блiзкiм не толькi таму, што вырас сярод гэтай шчырасцi прыроды, а i таму, што дарога гэта звязвала яго з дзяўчынай, захапiўшай яго думкi i сэрца.
Больш месяца пасля страшнага здарэння Юзюк не паказваў i носа ў Застарычы. Ён думаў, што нiколi ўжо не ўбачыць сваёй каханай, але пасля нечалавечых пакут, патаемных слёз i бяссонных начэй раптоўна пацягнула да яе. Хацелася хоць крыху ажывiць, сагрэць счарнелую i збалелую душу.
Iшоў Юзюк не шпарка, баючыся спаткання сваiх вачэй з яе поглядам. Што ёй сказаць? Як сябе паводзiць? А цi мае права ён, забойца, на чыстыя чалавечыя адносiны? Мала таго што галеча беспрацоўная, дык яшчэ i злачынец...
Алена, да якой iшоў Юзюк, раней некалькi разоў намякала на тое, што пасля iх вяселля ён пераедзе жыць у Застарычы i будзе працаваць у суседняй калгаснай брыгадзе, да якой усяго тры кiламетры. Юзюк моўчкi пагаджаўся, бо i сам у душы прагнуў наладзiць жыццё, як у нармальных людзей.
Iдучы па Застарычах, Юзюк не першы раз чуў за сабой жаночае:
- Ой, парушаць Крумкачовы хлопцы сваю халасцяцкую вольнiцу! Ой, парушаць! Ой, хутка грымне вяселле! Ой, вусы свярбяць!..
Але грымнула зусiм другое, i пра вяселле Юзюк не мог нават думаць.
* * *
Жыццё ў Крумкачовай хаце, паля таго як не стала Лявона, змянiлася.
Юзюк у рот не браў гарэлкi i ўсякiх крэпкiх напояў, зрабiўся маўклiвым, пазбягаў глядзець бацьку ў вочы. Цiшком шмыгаў праз лазнiчок на залысiнку пагорак сярод бярэзнiку, i тут, ля месца пахавання брата, гадзiнамi сядзеў не кратаючыся, быццам гэта быў не ён, а застылы жывы помнiк.
Нябачная магiла прыцягвала яго, хаця i выклiкала ў сэрцы нясцерпны боль...
Мацi дома, пры выпадку, кранала яго рукой i цiшком супакойвала цi то сябе, цi то Юзюка:
- Трэба жыць, сынок... Трэба жыць...
Бацька як пiў, так i працягваў пiць. Маўчаў, палiў. Да магiлы Лявона - нi шагу.
Грышка з Адолiкам час ад часу, працверазiўшыся, пыталiся:
- Дзе гэта Лявон? Ён што, прыжыўся дзе-небудзь ля спаднiцы?..
- Можа, i прыжыўся! Вам што? - гыркаў бацька.
Комментарии к книге «Стрэл дуплетам (на белорусском языке)», Сергей Давидович
Всего 0 комментариев