«Зорны камень»

384

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Зорны камень (fb2) - Зорны камень 202K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Николаевич Шитик

Уладзімір Шыцік Зорны камень

Апавяданне

Тут усё было як зямное. Андрэю нават здалося, што ён ужо недзе бачыў і гэта балота, пакрытае высокай сакавітай травой, і лес, зусім трапічны, апавіты густымі ліянамі, і асабліва выспу — пясчаны ўзгорак сярод багны, на які апусціўся зоркалёт. Толькі свяціла было не падобна на Сонца. Яго фіялетавыя промні надавалі наваколлю змрочнасць і нейкую трывожнасць.

Гэтае ўражанне яшчэ ўзмацнілася, калі касманаўты выйшлі з карабля. У раскідзістых кронах магутных дрэў шапацеў вецер. Але нечага не хапала ў гэтым лясным шуме — аднастайным, абыякавым. Нібы джунглі самі па сабе, а шум — сам па сабе.

Людзі, не разумеючы, пераглядваліся, пазіралі па баках, прыслухоўваліся. Андрэй Кардымон здагадаўся першы.

— Птушак! — усклікнуў ён. — Не чую птушак, — і чамусьці цішэй дадаў: — I цыкад.

Яго таварышы спыніліся. Маўклівасць джунгляў здалася ім пагрозлівай.

— Такая цішыня заўсёды тоіць небяспеку, — сказаў капітан экспедыцыі Сяргей Волгін, пільна ўглядаючыся ў зараснікі.

— Наўрад ці… — паківаў галавой Генадзь Юрзінаў, штурман зоркалёта. — Дзе яна, тая небяспека? Хіба ў саміх дрэвах? — і ўсміхнуўся. Яго лёгкая, адкрытая ўсмешка, здавалася, струменілася нават праз шклопластык гермашлема.

Бесклапотнасць, якая пачулася ў Генадзевых словах і жэстах, неяк супакоіла нават Андрэя, і касманаўты ў суправаджэнні ўсюдыхода рушылі наперад.

Хутка выбраліся з гушчару. На шмат кіламетраў, дзе ні кінь вока, цягнуліся амаль зямныя прэрыі, пакрытыя густой, у пояс чалавека, чырванаватай травой. Быццам фарбы ранняй восені крануліся яе.

Людзі стаялі прыціхлыя, уражаныя гэтым панаваннем расліннага свету.

— Дзіўна, — нібы працягваючы колішнюю думку капітана, прамовіў Андрэй. — Навошта такое багацце флоры? Для каго яно?

Ён не разумеў, чаму нідзе не відаць хаця б слядоў тутэйшай фаўны. Не было той логікі, якой заўсёды валодае зямная прырода. Бо як магла самастойна так інтэнсіўна развівацца расліннасць без спалучэння з іншымі арганічнымі формамі жыцця на гэтай планеце?..

— Напэўна, мы іх проста не бачым, — зазначыў Юрзінаў.

— Няўжо для прыроды абавязкова аднастайнасць? Чаму ўсё павінна быць як на Зямлі? — запярэчыў Артур Круміньш, які ва ўсім любіў бачыць навуковую абгрунтаванасць.

— Неабавязкова, як на Зямлі, — згадзіўся Андрэй, — але каб без узаемасувязі — не веру. Помніш трэцюю планету Бернарда? Ніякага падабенства да Зямлі, і такая разнастайнасць жыцця. Але адзінага, непадзельнага.

— Андрэй пачаў біць класічнымі прыкладамі, — засмяяўся Волгін, — трымайся Круміньш, твая школа…

— Аднак планета сапраўды раслінная, — не здаваўся Артур.

— Раслінная? — Волгін пасур’ёзнеў. — Раслінная… дзе не відаць нават шкодных мікробаў. Што ж, усё можа быць. Але што сказаць наконт горада?

— Тую пляму на плёнцы ты лічыш горадам? — здзівіўся Круміньш.

— А ты? — у сваю чаргу, пацікавіўся Волгін.

— Пасля таго, што ўбачыў тут, — Круміньш абвёў вакол сябе рукой, — не. Расліннае жыццё не стварае гарадоў.

— Але трэба пераканацца, — усміхнуўся Волгін, — засталося ж недалёка.

Андрэй слухаў меркаванні сяброў, а сам уважліва прыглядаўся да раслін, у душы спадзеючыся ўбачыць хаця б якога жучка. I вочы паступова прывыклі да чырванаватых рэфлексаў ва ўсім наваколлі.

Пасля кароткага прывалу рушылі далей. Волгін вёў таварышаў на захад. Там, як сведчылі фотаздымкі, знаходзілася нешта падобнае на штучнае збудаванне. Зоркалёт рабіў тыя здымкі на вялікай вышыні. Здымкам перашкаджала воблачнасць, і адлюстраванне атрымалася надта невыразнае. Але капітан быў перакананы, што той пятачок-пляма, падзелены на сектары, які яны нядаўна разглядалі на фотаплёнцы, не мог утварыцца сам.

Андрэй падзяляў думку Волгіна, і яму было зразумела нецярпенне Генадзя.

Яны ўбачылі горад у ружова-фіялетавых промнях вячэрняга свяціла. Ён узнік на тэлеэкране раптоўна, як толькі ўсюдыход апынуўся ля шырокай ракі. Горад стаяў на крутым правым беразе і на фоне палаючага неба выглядаў як старажытная гравюра — ніякіх паўтонаў, адны рэзка акрэсленыя контуры гор.

— I гэта горад? — усумніўся Андрэй.

Касманаўты падышлі да самай вады. Відовішча было дзіўнае. Калі гэтае нагрувашчванне і было горадам, то архітэктура яго не мела ніякага падабенства з тым, што вока прывыкла бачыць на Зямлі. Высокія вастраверхія сілуэты быццам укручваліся ў неба і нагадвалі Андрэю, хутчэй, трубы ці неахайна адлітыя металічныя нарыхтоўкі, чым пабудовы разумнага прызначэння. Ніякай сістэмы, поўная асіметрыя. У кожным аб’екце — дынаміка руху, а ва ўсіх разам — застыласць, статычнасць.

Касманаўтам зноў здалося, што гэта нешта знаёмае, ужо бачанае.

— Горы?.. — падаў думку Круміньш.

— Ну вядома, мы ж на іх арыентаваліся, — усклікнуў Генадзь. — Дзівакі!

— Падобна, — сказаў Волгін, — але ты, Генадзь, нешта блытаеш. Зараз праверым.

Касманаўты селі ва ўсюдыход, ад’ехалі крыху назад.

— Вось глядзі! — капітан Волгін не мог схаваць свайго задавальнення.

Крыху ў баку ад палоскі вячэрняй зары, амаль зліваючыся з пацямнелым небам, высіўся горны краж. Звычайны, дзікаваты, магутны.

— Здымкі! — патрабаваў Волгін. I калі аўтаматы падалі яму здымкі кража і таго, што людзі лічылі горадам, прапанаваў:

— Параўнайце.

I горы на здымку, здалося, загаварылі. Андрэя ўразіла, што невядомы творца горада нібы паўтараў прыроду і ў той жа час уводзіў у малюнак нешта сваё. Горад быў копіяй кража, толькі больш фантастычнай, загадкавай і ў нечым нават грознай.

— Навошта? Не разумею, — Андрэй збянтэжана развёў рукамі.

— Паўтарэнне прыроды. — Генадзь засмяяўся нечаму свайму. — Гэта ж цікава. Праўда, Артур?

Круміньш не адказаў. Ён пільна ўглядаўся ў фатаграфію горада.

— Яны ідуць ад свайго разумення, — усхвалявана сказаў Волгін. — I ўрэшце не гэта важна. Я цяпер паверыў канчаткова, што мы напаткалі цывілізацыю.

— Дадай: маўклівую, — скептычна заўважыў Круміньш.

— Ат, — махнуў рукой Волгін на рэпліку астрафізіка: маўляў, ведаем твае вечныя сумненні, — вяртаемся да ракі.

Андрэй адчуў, як стукае яго сэрца: так бывае заўсёды пры сустрэчы з незнаёмым.

Цямнела хутка. Калі касманаўты вярнуліся на месца сваёй ранейшай стаянкі, ноч запаліла ўжо над горадам вялікія, яркія зоркі. Іх святла, аднак, было малавата, каб уберагчы абрысы горада. Яны размываліся, пакуль не зніклі зусім.

— Пара, — нецярпліва сказаў Юрзінаў.

— Раніцай, — зразумеўшы яго жаданне, сказаў капітан.

Усе прынялі гэта як загад, не пярэчачы, аднак і не ўтойваючы расчаравання. Яны разумелі капітана, які рабіў так толькі з-за асцярожнасці. А сэрца Андрэя не хацела згаджацца. Гэта ж зусім побач, напэўна, знаходзіцца горад. Дзеля гэтай сустрэчы яны пераадолелі прастору ў некалькі парсекаў, а цяпер, амаль дасягнуўшы мэты, вымушаны яшчэ чакаць. I тое, што гадзіны, якія засталіся да раніцы, нікчэмна малыя ў параўнанні з гадамі, што спатрэбіліся, каб даляцець сюды, неяк забывалася. Бо гэтыя апошнія гадзіны здаліся раптам самымі доўгімі.

Горад быццам спаў. Ніводзін агеньчык не засвяціўся між фантастычных гмахаў. I гэта таксама здзіўляла, хвалявала.

Не толькі Андрэй не мог заснуць. Думкі ўсіх былі там — на незнаёмых вуліцах. Людзям Зямлі ўяўляліся таямнічыя жыхары горада, і ўзнікаў непакой ад блізкай сустрэчы.

— Дарэмна трацім час, — пачуў Андрэй голас Юрзінава.

Яму не адказалі. Толькі зарыпелі паходныя ложкі. I было ў гэтай людской маўклівасці нешта такое самотнае, што Андрэй узрадаваўся, калі Волгін горача загаварыў:

— Мы не Калумбы, якія адкрывалі новыя землі. Яны ж былі амаль дома. А мы на іншай планеце. Дык ці павінны мы спяшацца?

I капітану не адказалі. Розум — розумам, але ёсць яшчэ і сэрца…

Пабудзіў Андрэя праменьчык. Нясмелы, цеплаваты, ён прабіўся скрозь пластыкавае акенца — зусім такі, які бываў ясным ранкам на Зямлі.

У Андрэя зашчымела ў грудзях. Ён любіў космас, любіў шукаць новае, жыць у напружанні. Гэта прыносіла яму найвялікшае задавальненне. Але яно не магло замяніць любві да сваёй Зямлі — яе людзей, яе гор і палёў, непаўторнага сіняга неба.

Пазіраючы на дрыготкі праменьчык, Андрэй чамусьці ўспомніў, як праводзілі іх на касмадроме, калі адлятаў сюды. Туга падступіла да горла. Каб не паддацца ёй, Андрэй хуценька падхапіўся, апрануўся і выйшаў з палаткі.

Ад учарашняй змрочнасці не засталося і следу. Усё навокал было заліта яркім святлом, у промнях якога нават грозныя вартавыя робаты здаваліся бяскрыўднымі і мірнымі. Андрэй адышоў убок і зірнуў на горад. I горад выглядаў зусім інакш. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія.

Туга, што была ахапіла Андрэя, непрыкметна адышла. Ён ужо радаваўся гэтай цудоўнай планеце, будучым знаходкам і адкрыццям. I раптам Андрэй здзіўлена азірнуўся. Воддаль стаяў Генадзь. Перабіраючы пальцамі кволыя лісцікі на раскідзістым дрэве, ён задуменна пазіраў на ранішні горад. Андрэй не адразу ўцяміў, што ўсхвалявала яго, і раптам, сам не чуючы свайго голасу, шалёна закрычаў:

— Шлем! Шлем!

Генадзь, хутчэй, здагадаўся, чым пачуў, што патрабуе Андрэй, бо шлем, у які былі ўманціраваны невялікія навушнікі, вісеў на спіне. Ён бесклапотна засмяяўся, адмахнуўся:

— Водар які!

— Шлем! — грозна патрабаваў Андрэй і для пераканаўчасці паказаў на палатку, дзе знаходзіўся капітан.

Генадзь вельмі неахвотна падпарадкаваўся. Потым загаварыў:

— Як ты не разумееш! Мне абрыдла глядзець на ўсё гэта праз акуляры скафандра. Быццам сядзіш у кіно ці ў вагоне цягніка. А так хочацца памацаць сваімі рукамі і вось гэтае дрэўца, — ён паварушыў сіняваты парастак, які, прымяты палаткай, упарта цягнуўся ўгару, — і вось гэты пясочак.

Андрэй слухаў моўчкі і, акрамя асуджэння, адчуваў яшчэ і журбу. Ён разумеў Юрзінава, большая частка жыцця якога прайшла ў касмічных падарожжах, далёка ад роднай Зямлі.

— Дзівак, паветра тут зусім чыстае. Азон. А якія аксамітныя лісцікі… Кволенькія. Далікатненькія, — Генадзь гаварыў і гаварыў стараючыся супакоіць Андрэя. А той толькі асуджальна ківаў галавой.

— Аб чым гаворка? — запытаў Круміньш, вылазячы з палаткі і размінаючыся на хаду.

— Аб кіно, — усміхнуўся Генадзь.

Андрэй адвярнуўся.

Робаты хутка прыстасавалі ўсюдыход для пераправы цераз шырокую мнагаводную раку. Імклівая плынь аднесла касманаўтаў крыху ўлева ад намечанага пункта, і яны высадзіліся на ўзгорак. Горад перад імі быў як на далоні — поўны святла і прасторы, лёгкіх канструкцый. Такое было першае ўражанне. Але чым даўжэй глядзелі на яго людзі, тым больш ён мяняўся ў іх вачах.

Дваццаць-трыццаць будынкаў, здавалася, вырасталі з адзінай асновы — каменнай пліты, што тоўстым карычневым, як падпечаным, блінам ляжала на шэрым пяску. На вуліцах, якія, хутчэй, угадваліся, чым былі на самой справе, не раслі ні дрэвы, ні хмызнякі. Кожны будынак стаяў сам па сабе — высокі, імклівы ў сваёй накіраванасці да неба. А разам — сумная карціна нерухомасці і запусцення, якое адчувалася ў курганках пылу паміж будынкамі, у траве, што сям-там кусцілася, прабіўшы тоўсты каменны фундамент.

Людзі паслалі на разведку робата. Ён прайшоў паміж будынкаў, перадаючы свае назіранні па відэасувязі, і, не заўважыўшы нічога небяспечнага, вярнуўся назад.

Тады яго шляхам накіраваліся касманаўты.

Яны хадзілі па горадзе, паміж стромкіх вежаў — гладкіх, бліскучых, цвёрдых — і не маглі зразумець, ці сапраўды гэта пабудовы, ці, можа, тыя ж горы, якія яны бачылі здалёк. Ні ў адной вежы не было не толькі ўвахода, але нават і акна.

— Прарэжам? — спытаў Генадзь, дастаючы плазменны нож.

— Не, — не дазволіў Волгін, — трэба шукаць іншае рашэнне.

— Але ж нашы прыборы не здольны зазірнуць праз гэтыя сцены, — не здаваўся Генадзь. — Іншага ж спосабу няма.

— Будзем шукаць, — паўтарыў капітан.

Яны пайшлі далей, уважліва аглядаючы кожную пабудову. I ўсюды бачылі адно і тое: будынкі, як знарок, былі надзейна захаваныя ад пранікнення чужога вока.

— Колькі ж яны вось так прастаялі? — сказаў Круміньш. — Год, стагоддзе, два?..

— I дзе тыя, хто збудаваў іх? — дадаў Генадзь.

Неўзабаве яны натрапілі на будынак, сцяну якога з верху да нізу разразала шчыліна. Андрэй падбег да яе, прасунуў руку і, учапіўшыся ў сцяну, патрос.

— Сцеражыся! — пачуў ён голас Круміньша.

Кавалак сцяны адваліўся і рассыпаўся. Абвал адкрыў уваход унутр. Там была пустата — празрыстая, гулкая, і вецер ужо гаспадарыў у ёй.

— Андрэй, можаш увайсці. Астатнія застаюцца тут, — распарадзіўся Волгін.

Андрэй з радасцю нырнуў у пралом, агледзеўся. Ён здаўся сабе маленькім і нікчэмным у гэтым памяшканні, светлым, нібы не было ў ім сцен, высокім-высокім, што аж кружылася галава, калі ён задзіраў яе ўгару.

Андрэй зрабіў крок-другі, асцярожна ставячы ногі на чорную бліскучую падлогу. Ціхі шолах пачуўся ў паветры і, узнімаючыся да грознага гулу, знік недзе пад шпілем вежы.

Нейкі час Андрэй з цікавасцю азіраўся і раптам, не зважаючы на рэха крокаў, узняў кінакамеру і пабег у дальні кут.

— Што? — чамусьці шэптам спытаў Волгін.

— Чалавек?! — няўпэўнена і таксама шэптам адказаў Андрэй.

— Іду да цябе, — сказаў капітан.

У зацемненым кутку, так, што і не адразу заўважыш, ля выступа, падобнага на каменны стол, сядзеў… шкілет.

Касманаўты застылі, як скамянелыя, уражаныя гібеллю гэтай чужой і чымсьці блізкай ім істоты. Андрэй усхвалявана прамовіў:

— Што ён рабіў, калі быў яшчэ жывы?

— Та-ак… — апамятаўся Волгін і паклікаў Круміньша: — Давай, мазгуй, фізік. А ты, Андрэй, паглядзі, ці не пакінула смерць якіх-небудзь слядоў.

Знешні агляд нічога не даў, а дакрануцца да астанкаў істоты Андрэй не адважваўся — раптам рассыплецца.

— Здаецца, цэлы, не траўміраваны.

Гэта быў адзіны вывад, які мог зрабіць Андрэй.

— Паспрабуем уявіць сабе, што ўсё-такі здарылася, — сказаў Волгін. — Яго не забілі. Гэта, бадай, дакладна. Думаю, ён памёр, не пакідаючы свайго месца за сталом.

— Але дзеля чаго? — спытаў Андрэй.

— Вось гэта для нас загадка. — Волгін адышоў крыху ад шкілета, агледзеў яго збоку, раздумліва сказаў: — Хутчэй за ўсё, ён застаўся тут, як на варце, калі ўжо нікога іншага не было. Яму трэба было нешта такое зрабіць. Можа, нават ён спяшаўся і не закрыў уваход. Іменна таму, магчыма, утварылася шчыліна, што дазволіла нам трапіць сюды. I ён не паспеў ажыццявіць задуманае. Смерць апярэдзіла. — Памаўчаўшы, папрасіў: — На цябе, Артур, надзея. Шукай…

На выступе, які яны назвалі сталом, не захавалася ніякіх рэчаў. Паверхня яго была гладкая, чыстая, пакрытая зляжалым слоем пылу — вернага сведкі часу і разбурэння. Такі ж пыл быў наўкола: і на падлозе, і на сценах.

Круміньш спрабаваў абпраменьваць іх. Але без выніку. Прамяні розных спектраў вязлі ў сценах, не вяртаючыся. Тады ён узяўся за выступ, за якім сядзела істота, паклаў на гладкую паверхню рукі так, як гэта некалі, напэўна, рабіў мярцвяк, і паварушыў пальцамі, нібы хацеў намацаць уяўныя клавішы. Тоўстыя ахоўныя пальчаткі заміналі, і ён папрасіў:

— Дазволь зняць, капітан!

Волгін падумаў і ажывіўся:

— Імітуй біятокі, накіруй на паверхню. — Ідэя яго так захапіла, што ён подбегам сам прынёс Круміньшу прыбор.

На стале засвяціўся маленькі экран. Потым на ім узніклі контуры вежы, у якой яны знаходзіліся. Яшчэ праз імгненне з’явіліся невыразныя, дрыготкія абрысы постаці, падобнай на чалавечую. Хвіліну-другую было ціха, і раптам пачуўся перарывісты шолах. Ён мацнеў, і вось ужо загучаў, аддаючыся магутным рэхам у высокіх скляпеннях.

— Стоп! — скамандаваў Волгін.

Круміньш выключыў біяімітатар. Экран патух, недзе ў вышыні заціхлі адгалоскі рэха.

— Няўжо мова? — у Андрэя радасна заблішчалі вочы.

— Падобна на тое, — сказаў Волгін. — Давайце зноў паслухаем.

Яны абпраменьвалі стол некалькі разоў, і кожны раз чулі адны і тыя ж гукі, падобныя па тоне і тэмбры, і ледзь прыкметныя паміж імі паўзы рознай працягласці. Гэтага было недастаткова, каб малетронны мозг зоркалёта здолеў расшыфраваць сэнс гукаў. Але заўсёды, калі на экране з’яўляўся адбітак фігуры, чулася адно і тое: «Туа». Гэта была ўжо зачэпка.

— Вернемся на базу, — прапанаваў Волгін.

— Дазволь, я застануся, — папрасіў Андрэй. — Гэта ж адна, толькі першая знаходка.

— Не, Андрэй, — сказаў капітан. — Нешта не падабаецца мне тут. Можа, калі даведаемся што-небудзь больш пэўнае, тады прадоўжым пошукі ў гэтым горадзе.

Зноў касманаўты неахвотна падпарадкаваліся рашэнню капітана. Іх цікавілі рэшткі чужога жыцця, а ўсё астатняе здавалася неістотным. Бо што магло пагражаць ім, усясільным зямлянам, узброеным самай дасканалай тэхнікай? А Волгіным кіравала толькі асцярожнасць.

Магутны малетронны мозг зоркалёта працаваў дваццаць шэсць гадзін, перабраўшы трыльёны камбінацый. На планеце надышла ўжо другая ноч, калі нарэшце расшыфроўка гукаў была закончана і знясіленыя чаканнем людзі пачулі:

«Туа… Наступным. Цемень нясе Мегу буну. Вежы не ратуюць. Ківі спяшаюцца… поўначы Мегі Нябесныя горы. Туа застаўся…»

Дынамік змоўк.

— Небагата, — расчаравана прамовіў Круміньш.

— Але ж у гэтым адчуваецца пэўны сэнс, — ад хвалявання Андрэй не мог уседзець на месцы, — яго трэба толькі зразумець.

— Малавата тэксту, — паківаў галавой Юрзінаў, далучаючыся да Круміньша. — Як думаеш, капітан?

— А дзе ўзяць больш? — усміхнуўся Волгін. — Мы павінны абысціся тым, што маем.

— Вядома, — горача загаварыў Андрэй. — Адно можна сказаць ужо з пэўнай падставай: жыхара планеты, які пакінуў нам свой голас і астанкі якога мы знайшлі, звалі Туа.

— I не толькі гэта. Упэўнены, што планета ў іх называлася Мега, — падказаў Волгін.

— А ён, Туа, папярэджваў кагосьці, — зрабіў вывад Андрэй.

— Але каго і аб чым? — не здаваўся Круміньш.

— Вось аб гэтым мы павінны здагадацца, — твар Волгіна пасуровеў. — Туа, мне здаецца, не толькі папярэджваў. Пра небяспеку, відаць, ведалі і без яго. Магчыма, ён запісваў падзеі і мімаволі стаў для нас летапісцам.

Волгін павярнуў лімб тэлеўстаноўкі. На экране ўзнік горад, якім яны яго бачылі — прыгожы і мёртвы, поўны невыказнага суму.

— Летапісцам нейкіх трывожных, бадай, трагічных падзей, — ціха сказаў Волгін. — Звярніце ўвагу на фразу: «Цемень нясе Мегу буну». Мега — планета, а што такое «буну»?

— Неабавязкова, — загаварыў раптам Юрзінаў. — Дзіўна, каб, напрыклад, мы сказалі: «Цемень нясе на Зямлю небяспеку» або яшчэ лепш — «На поўначы Зямлі Ледавіты акіян».

— Урэшце, Мега ці не, не гэта галоўнае. З таго, што мы ўбачылі, можна зрабіць такі вывад: планету спасцігла няшчасце, катастрофа, пасля якой жыхары пакінулі свае паселішчы. Ці пайшлі яны на поўнач і засталіся там, ці загінулі — мы пакуль не ведаем. Але абавязаны даведацца. Будзем рыхтавацца ў дарогу. Пойдзем мы з Андрэем. — Волгін гаварыў сурова, быццам яму ўжо былі да канца вядомы і прычына і вынікі катастрофы. — Генадзь, пакажы нам фотакартку поўначы планеты. Дзе тыя Нябесныя горы? I прашу, не, нават загадваю быць вельмі асцярожнымі. Што гэта такое «буну»?.. Андрэй, абследуй усіх, і з гэтага дня назначаю абавязковую праверку. Буну… буну…

— У такім харастве? — Генадзю стала смешна ад перасцярог капітана. — Мы ж маем даныя прыбораў.

Волгін уважліва паглядзеў на яго і прамаўчаў. А Андрэй папракнуў:

— Не блазнуй. — Яму не падабалася Генадзева ўзбуджанасць, якая межавала з ліхаманкавасцю. I той учынак недаравальны для навічка, а тым больш для вопытнага астралётчыка. Што гэта: стома, нервы? А можа… — Андрэй так усхваляваўся, што ледзь дачакаўся, пакуль застаўся з капітанам удваіх.

— Кепска, — сказаў Волгін, выслухаўшы яго. — Прыборы былі і ў жыхароў планеты, — успомніў ён спасылку Юрзінава і паўтарыў: — Кепска. Трэба неяк ізаляваць Генадзя на некалькі дзён.

— Але ж ён і так…

— Бачу, — перабіў яго Волгін, — і не магу здагадацца, чаму. У палёце, здаецца, усё было нармальна.

— Планета вельмі падобная на Зямлю, — уздыхнуў Андрэй. — А мы так даўно не былі дома…

Волгін падышоў да таварыша, пагладзіў яго па плячы, сказаў ласкава:

— Такі ўжо наш лёс…

Ад таго, што ён сказаў так проста, без узнёсласці і нібы сам сумуючы, Андрэю стала лягчэй. Каб выказаць сваю ўдзячнасць капітану за гэта, ён паабяцаў:

— Я знайду спосаб. Генадзь не пакрыўдзіцца.

— Вось і цудоўна. Дабранач…

А назаўтра Генадзь захварэў. Спачатку яму крыху нездаровілася, і гэта заўважыў не ён сам, а прыборы, паказаўшы нязначныя адхіленні частаты пульса і дыхання. Але не прайшло і некалькі гадзін, як ён адчуў сябе вельмі дрэнна. I самае горшае было тое, што Андрэй не мог знайсці прычыну, якая выклікала хваробу. Было ясна, што яна ўзнікла пад уздзеяннем знешняга асяроддзя, бо захварэў толькі Генадзь, які здымаў гермашлем. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі.

— I ўсё-такі трэба шукаць, — зазначыў Волгін. — Успомніце словы таго летапісца: «Цемень нясе Мегу буну». Можа гэта была эпідэмія, а магчыма — і атрута, што выдзелілася ў атмасферу ў час якога-небудзь доследу. Тады яна павінна быць вельмі стойкай, бо і цяпер, праз стагоддзі, захоўвае сваю сілу.

— Я таксама займуся пошукамі, — прапанаваў Круміньш.

Толькі пасля шматгадзінных назіранняў у электронны мікраскоп, злучаны з малекулярным дзяліцелем, удалося нарэшце выявіць маленькае, нават з пункту гледжання мікрасвету, жаўтаватае іншароднае цельца. Яно было абсалютна нерухомае і не падавала прыкмет жыцця. Але варта было змясціць яго ў кропельку крыві, як цельца ажыло і стала падобна на вірус.

Ён быў моцны, гэты вірус, нібы акружаны бранёй: ён выстаяў нават супраць уздзеяння жорсткіх рэнтгенаўскіх прамянёў, не страціўшы сваёй жыццядзейнасці.

Пакуль яны разважалі, мінула з паўгадзіны. А калі пасля Андрэй зірнуў у бінакуляр, дык аж ахнуў ад здзіўлення: вірусы размножыліся.

Ад роспачы Андрэй быў гатовы скласці рукі. I тады Волгін прапанаваў пусціць вірус у клетку, узятую са слізістай тканкі жывога арганізма і падвержаную дзеянню антыбіётыкаў.

Так і зрабілі. Вірус нечакана абмяк, абяссілеў пры сустрэчы з самым звычайным лякарствам. Толькі ў клетцы пасля яго засталіся шкодныя ферменты.

Тым часам хвароба Генадзя ўступіла ў новую фазу — пачалося перараджэнне клетак. На паражоных месцах узнікла нешта падобнае на ракавыя пухліны. Яны раслі хутка, і здавалася, няма ад іх ратунку.

— Вось так, напэўна, гінулі жыхары Мегі, калі толькі ў іх не было дасканалай медыцыны, — усхвалявана сказаў Волгін, выслухаўшы паведамленне Андрэя аб стане здароўя Юрзінава.

— Яны гінулі нават хутчэй, — адказаў Андрэй. — На першай стадыі хваробы. Успомні Туа.

— Няўжо яны не ўмелі лячыць? — не мог супакоіцца Волгін. — Яны ж разгадалі тайну біятокаў мозга. Дзіўна. Вельмі дзіўна.

Атрымаўшы слабы вірус, Андрэй здолеў разгадаць яго сутнасць. А гэта дало магчымасць знайсці прэпараты, якія абясшкоджвалі і моцны вірус. Цяпер здаровым людзям ён быў ужо не страшны. Але толькі здаровым — Волгіну, Андрэю, Круміньшу. З Генадзем жа справа была не простая. Адзінае, што магло яго выратаваць, — гэта ўмяшанне ў механізм пашкоджаных клетак з тым, каб вярнуць іх да нармальнай дзейнасці. На Зямлі ў той час такое лячэнне прымянялі. Праўда, і там гэта быў вельмі складаны працэс, які патрабаваў вялікай дакладнасці і ў аналізах, і ў самім уздзеянні. Лячэнне праводзілі толькі ў стацыянарных умовах. Але ў Андрэя іншага выйсця не было, і ён вырашыў рызыкнуць.

Хвароба адступала нехаця. I адзінае, чаго Андрэй здолеў дабіцца, — гэта абмежаваць яе далейшае распаўсюджанне і аднавіць дзейнасць пашкоджаных органаў.

Смерць Генадзю больш не пагражала, але да канчатковага выздараўлення было далёка.

— Можа прыйдзецца далечвацца на Зямлі, калі арганізм не пераможа сам, — сумна падвёў вынікі сваёй напружанай барацьбы Андрэй і дадаў: — А гэта пятнаццаць гадоў.

— Магло быць горш, — толькі і сказаў Волгін. Ён разумеў стан Андрэя, яго нездаволенасць сваёй бездапаможнасцю, але суцяшаць не стаў. Людзі іх эпохі не мелі патрэбы ў суцяшэнні. Яны лічылі за лепшае глядзець праўдзе ў вочы. — Генадзю патрэбна твая дапамога? — спытаў ён пасля кароткага роздуму.

— Ужо не.

— Тады пакінем з ім Круміньша. А мы адпраўляемся заўтра.

Волгін і Андрэй вылецелі на невялікім гравіплане, узяўшы курс на поўнач. Упэўненасці, што жыхары планеты ўцалелі ў няроўнай барацьбе з буну (касманаўты прынялі тэрміналогію з расшыфраванага гуказапісу) і схаваліся за гарамі, не было. З часу тых трагічных падзей, як сведчылі даследаванні астанкаў летапісца, мінула каля тысячы зямных гадоў, і гэта было не на шмат больш тутэйшых. Але шукаць трэба было. I вельмі хацелася верыць у поспех.

Унізе праплываў зменлівы пейзаж планеты. Багацце расліннага свету, з якім яны сутыкнуліся вакол зоркалёта, паступова ўступіла месца пахмурай шэрасці. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. А потым неяк непрыкметна на гарызонце ўзнік горны хрыбет. Ён здзіўляў сваёй магутнасцю і прыгажосцю. Сотні кіламетраў даўжынёй, з высачэзным грэбнем, хрыбет стаяў непарушнай сцяной на шляху да поўначы. Абрывістыя голыя пікі і вяршыні, абточаныя ветрам, холадам і вадой, падкрэслівалі яго дзікаватасць і непрыступнасць.

Гравіплан набраў вышыню.

— Ого, пятнаццаць кіламетраў! — у голасе Волгіна прагучала захапленне.

— Дзіва што яны хацелі тут схавацца, — адказаў Андрэй.

А за грэбнем адкрылася новая цудоўная карціна. Зніклі скалістыя ўцёсы, бяздонныя цясніны. На пакатых схілах закучаравіліся густыя чырванаватыя шапкі лясоў.

Волгін запаволіў хуткасць, апусціў гравіплан так, каб простым вокам можна было разгледзець нават асобныя дрэвы. Але на экранах лакатараў, як і там, на раўніне, нічога не з’яўлялася. Нават гарадоў-астраўкоў, падобных на той, што яны ўжо агледзелі, тут не было. Толькі горы і густыя лясы.

— Але ж далей пойдзе нешта накшталт халоднай тундры, — заўважыў Андрэй.

— Так, трэба глядзець тут.

Яны доўга кружылі над горным лесам, пакуль не заўважылі паміж дрэў доўгую стужку-прасеку. Натрапіўшы на паляну, апусціліся. Лес жыў. Шумелі высачэзныя хвоі, шапацелі хмызнякі. Лес быў напоўнены іншымі гукамі, якіх зусім не чуваць было на раўніне, — стракатаннем, піскам, крыкам.

Волгін з Андрэем пераглянуліся, выклікалі робатаў і асцярожна рушылі па прасецы, дзе трава была быццам прымятая. Яны пільна ўглядаліся ў дарогу, шукаючы хоць якога следу. Але сухое, цвёрдае покрыва не пакідала адбітку нават ног важкіх робатаў.

— Трэба ехаць далей, — вырашыў Волгін і выклікаў усюдыход, пакінуты ў гравіплане.

— Пакуль аўтаматычны вадзіцель прыгоніць усюдыход, можа, паспрабуем злавіць якога-небудзь звярка, — прапанаваў Андрэй.

Волгін не згадзіўся.

— Не будзем адхіляцца. Да таго ж невядома, хто тут зараз гаспадар, — сумна сказаў ён…

Усюдыход, вузкі, як лодка, імчаўся між высокіх, магутных дрэў па дарозе, якой, здавалася, не будзе канца. Яна пятляла ўздоўж горнага хрыбта на адным узроўні, не ўзнімаючыся да вяршынь і не апускаючыся ў даліны.

— Запаволь ход, — сказаў Волгін.

Ледзь прыкметны знак — абламаная галінка — насцярожыў Андрэя. Волгін спыніў усюдыход, падышоў да галінкі. За разлапістай хвояй таілася незарослая сцежка.

— Пайшлі, — кіўнуў Волгін.

Робаты сталі адзін спераду, другі ззаду іх.

Крокаў праз трыста сцяжынка павярнула ўніз. Мінула яшчэ з паўгадзіны, і касманаўты ўбачылі на крутым схіле гары некалькі пячор. Яны здаваліся нежылымі, пустымі. Але калі Волгін з Андрэем падышлі бліжэй, раптам прагучаў вокліч. У ім адчувалася адначасова і трывога, і здзіўленне, і яшчэ нешта такое, што не давалася чалавечаму разуменню: ці то жах і роспач, ці, наадварот, нястрымная радасць.

Волгін падаў каманду спыніцца. Водгулле апошніх гукаў чужога голасу замерла ў цяснінах. Стала надзвычай ціха і неяк трывожна. Секунды цягнуліся марудна і гэтак жа марудна, быццам нехаця, складваліся ў хвіліны. Людзі з хваляваннем, затаіўшы дыханне, чакалі, што будзе далей. А таго, хто падаў голас, усё не было. Андрэй нецярпліва паварушыўся, адкрыў быў рот. Волгін ледзь паспеў зрабіць жэст перасцярогі. I ў гэты момант з крайняй пячоры высунулася галава: кудлатая, з зарослым валасамі, зморшчаным тварам, на якім ярка блішчалі вялікія і, як здалося касманаўтам, разумныя вочы. Іх позірк, здавалася, пранізваў людзей наскрозь у нямым запытанні: хто вы і адкуль? У ім не было ні страху, ні нават здзіўлення, нібы ён даўно чакаў сустрэчы з людзьмі.

— Дык вось ты які, чалавек Мегі! — Волгін не мог адарваць вачэй ад гэтага суровага твару. Апамятаўшыся, загадаў робату: — Пераклад! — Пачакаўшы крыху, хрыпла спытаў: — Хто ты, жыхар Мегі?

Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі і, хоць ніхто старонні пачуць яго не мог, сцішыўшы голас, сказаў:

— Гэта ён павінен у нас пытацца, хто мы? Ён — жыхар Мегі. Гаспадар.

Істота зрабіла крок наперад — нязграбная, з непрапарцыянальна доўгімі рукамі і нагамі і кароткім тулавам.

Нахіліўшы галаву, мяганін слухаў механічны голас робата-перакладчыка.

— Мы ведаем пра вашу бяду, — пачакаўшы трохі, зноў загаварыў Волгін, — і мы прыйшлі, каб даведацца, ці не можам чым дапамагчы.

Істота слухала, не рэагуючы.

— Не тое, не тое, — нездаволена прамовіў Волгін. — Як сказаць, каб ён зразумеў?

Не адзін раз яны ўяўлялі сабе, як некалі сустрэнуцца з разумнымі жыхарамі чужых планет, што скажуць ім, як наладзяць першы кантакт. А вось прыйшла пара, сустрэча, здаецца, адбылася, і ўсё атрымліваецца неяк не так, як думалася раней. Знаёмства яўна не ўдавалася.

Андрэй падышоў да Волгіна і, быццам баючыся, што мяганін пачуе, нахіліўшыся, сказаў:

— Можа, мова іншая стала. Тысяча гадоў…

— Здымкі! — коратка кінуў Волгін.

Задні робат, які быў яшчэ і насільшчыкам, падаў здымак, зроблены ў знойдзеным горадзе. Андрэй паказаў яго мяганіну. У вачах мяганіна бліснуў агеньчык. Нібы ратуючыся ад нечага страшнага, ён засланіўся ад здымка рукамі.

— Мы вашы сябры, — Волгін дакрануўся да сваіх грудзей.

Робат, павольна і дакладна вымаўляючы гукі, паўтарыў фразу на мове Мегі.

Мяганін разгублена перавёў позірк з робата на Волгіна, потым зноў на робата.

— Мы вашы сябры, — паўтарыў Волгін.

Мяганін паказаў на здымак, які трымаў Андрэй, і загаварыў:

— Там смерць! Там смерць!

— Мы яе знішчым, — адказаў Волгін, быццам працягваючы даўнюю размову і не заўважаючы нават, што мяганін нарэшце сказаў першую фразу.

— Смерць перамагчы нельга, — і такая туга пачулася ў яго нізкім да хрыпаты голасе, што людзі аж уздрыгнулі, нібы самі сталі са смерцю тварам у твар.

— Мы перамаглі смерць, — першым схамянуўся Андрэй.

Мяганін падышоў да яго, дакрануўся да скафандра, памацаў гермашлем і сказаў:

— Смерць мацнейшая за вас.

Андрэй зірнуў на Волгіна. Той, зразумеўшы, згодна кіўнуў. Андрэй адкінуў гермашлем, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае і чыстае горнае паветра. Яно мела ў сабе і пах азону, і нейкі незнаёмы, прыемны водар, ад якога на імгненне закружылася галава. Але Андрэю не было калі аналізаваць уласныя адчуванні. Ён зірнуў на мяганіна і ўсміхнуўся, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што нічога небяспечнага няма.

Цень роздуму прамільгнуў па твары мяганіна. Ён пастаяў крыху, задумлівы і, здавалася, далёкі ад усяго. Потым рашуча адышоў убок, адкрываючы ўваход у пячору.

Гэта выглядала як дазвол, запрашэнне, і людзі, захапіўшы з сабой робата-перакладчыка, увайшлі.

Убранне пячоры было сціплае, нават беднае. Можна было падумаць, што яны трапілі ў жыллё першабытнага чалавека Зямлі. Шкура-посцілка, нешматлікі керамічны посуд. I толькі металічная зброя не пасавала да выгляду пячоры.

Людзі пакланіліся гаспадару, які ўвайшоў следам за імі, і назвалі сябе. Выслухаўшы пераклад, мяганін крыху падумаў і вымавіў:

— Рашат.

Робат добрасумленна паведаміў: «Апошні». Волгін сур’ёзна папрасіў мяганіна паўтарыць сваё імя і адключыў на хвіліну робата. У цішыні пячоры выразна прагучала: «Рашат».

Шырокім жэстам Рашат прапанаваў гасцям сесці на гладкі камень, які, напэўна, служыў тут лаўкай, а сам прымасціўся насупраць. Пачакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, ён павярнуўся да робата.

— Некалі мы таксама былі магутныя, але смерць аказалася больш магутнай. Перадай гэта сваім творцам. — Выслухаўшы гукі металічнага голасу, ён дадаў: — I ў нас былі разумныя машыны, пра гэта сведчаць легенды. Але машыны нас не выратавалі.

Волгін узняў руку, запрашаючы Рашата выслухаць яго.

— Мы сустрэліся з вашай бядой. Яна ледзь не забрала нашага таварыша. Але мы адолелі яе.

На бясстрасным дагэтуль твары Рашата раптам праступіла хваляванне.

— Так, вылечылі, — пацвердзіў Андрэй.

— Не ведаю, хто вы, — пасля доўгага маўчання загаварыў Рашат. — Я хачу верыць вам і не магу. Легенды сцвярджаюць іншае: таго, хто захварэе, выратаваць нельга.

Рашат гаварыў павольна, нібы сам быў сведкам усіх тых падзей і зараз аддаваўся ўспамінам. Ён нават прыжмурыў свае вялікія вочы, каб не рассейваць увагу на дробязнае і неістотнае, што акружала яго.

Вось яго расказ, які пераклаў робат.

«Гэта здарылася тады, калі ківі жылі па-за кальцом Вялікіх гор. У іх былі прыгожыя паселішчы, разумныя машыны. Яны жылі вольна, у дастатку, без ніякіх турбот. Ніводная хмара не закрывала ім Аал. Але ківі гэтага здавалася мала. Яны хацелі немагчымага.

У той час жыў юнак па імені Катса. Прыгожы, разумны, няўрымслівы. I была ў яго сяброўка Ляйя. Таксама прыгожая, але вельмі гордая. I сказала яна аднойчы Катсу:

— Я хачу мець зорку. Вунь тую, што заўсёды пачынае свяціць на чорным небе раней за ўсіх.

Катса адказаў:

— Зоркі не належаць ківі. Ніхто яшчэ не кранаўся іх.

Ляйя пакрыўдзілася:

— Ты ж казаў, Катса, што ўсё можаш. Ты хвалько, я не веру больш табе.

Катса быў ганарысты не менш за Ляйю. Ён не сказаў ёй ні слова ў адказ на папрокі. Павярнуўся і пайшоў. А потым знік.

Дзесяць разоў абярнулася Мега вакол Аала, а яго ўсё не было. I не ведала Ляйя, дзе ён, і ніхто не ведаў. Толькі Ляйя нават не цікавілася гэтым і хутка знайшла сабе новага сябра. Але ў той дзень, калі Ляйя нарадзіла сына, нечакана з’явіўся Катса. Узмужнелы, пасталелы і яшчэ больш прыгожы.

— Ты хацела зорку, — сказаў Катса, — вазьмі яе, Ляйя, — і падаў ёй камень, іскрысты, як сама зорка.

— Цябе вельмі доўга не было, Катса, — раўнадушна адказала Ляйя.

Катса імгненне глядзеў на сваю сяброўку і раптам зрабіў тое, чаго не рабіў ніхто на Мезе. Катса ўзлаваўся. Гнеў яго быў такі моцны, што ён не вытрымаў і з усёй сілы ўдарыў каменем аб падлогу.

Усё навокал загуло, загрымела, і многа-многа, як кропелек дажджу, разляцелася іскарак-асколачкаў таго каменя. Наляцеў вецер, падхапіў іх і панёс па Мезе. А там, дзе стаялі Ляйя і Катса, засталася глыбокая яма, поўная вады.

Ківі былі вельмі разумныя, усё ведалі. Але і яны не адразу разгледзелі, якую страшную хваробу разнёс вецер разам з каменнымі іскаркамі. Ды гэта і не дзіўна. На Мезе даўно ніхто нічым не хварэў. А калі смерць пачала забіраць ківі, вучоныя спахапіліся, але зрабіць ужо нічога не змаглі.

Загінулі амаль усе. Толькі нямногім удалося схавацца за кальцом Вялікіх гор, куды нават вецер не здолеў занесці іскарак каменя…»

Рашат паглядзеў на слухачоў, быццам хацеў пераканацца, якое ўражанне зрабіў яго расказ. Убачыўшы іх засяроджаныя твары, ён працягваў:

«З таго часу і жывуць ківі тут. Кожны раз, як Мега робіць дзясяты абарот вакол Аала, самы смелы юнак адпраўляецца ўніз, у раўніны. Але ніводзін ні разу не вярнуўся. Хвароба ўсё яшчэ ўладарыць над Мегай. Вы першыя прыйшлі адтуль, адкуль да нас можа прыйсці толькі гора».

Рашат змоўк, пакорлівы перад нягодамі і цяжкім лёсам, які выпаў на долю ківі.

— Што яшчэ хочуць ведаць прышэльцы? — пасля працяглага маўчання, відаць, стомлены расказам, спытаў Рашат.

— Многа ківі жыве тут? — Волгін паказаў на горы, якія акружалі даліну.

— Паданні гавораць, што выратавалася па адным ківі з кожнай вежы.

— Што за вежы? — не зразумеў Андрэй.

— У вежах жылі ківі. Вежы былі ў паселішчах.

— А тут вас многа? — паўтарыў пытанне Волгін.

Рашат падумаў і няўпэўнена адказаў:

— Ківі жывуць па ўсім Кальцы, а Кальцо вялікае.

— А машыны ў вас засталіся? — спытаў Волгін.

— Машыны загінулі. — Рашат павярнуўся да сцяны, зняў нешта падобнае на сякеру і малаток адначасова. — Ад іх застаўся матэрыял, і мы робім сабе, што трэба.

— Хто кіруе вамі?

— Кіруе? — Рашат яўна не зразумеў пытання.

— Ну, як вы прымаеце рашэнне, агульнае? Напрыклад, каму спускацца ў раўніны? — растлумачыў Андрэй.

— Кожнае паселішча прысылае самага старога і разумнага. Яны і вырашаюць.

— А калі хто не паслухае? — не адставаў Андрэй.

Рашат здзіўлена зірнуў і нічога не адказаў.

— Дзе іншыя ківі, Рашат, з твайго паселішча? — спытаў Волгін.

— Там, — Рашат выглянуў з пячоры і паказаў рукой на горы, парослыя густым хваёвым лесам, — там жывуць ківі. Я тут адзін. Успамінаю паданні, думаю пра наша жыццё. Потым раскажу, што ведаю, маладзейшаму. А ён некалі перадасць іншаму. Ківі будуць ведаць пра сваё жыццё.

Рашат нахіліўся, нібы даючы зразумець, што ён сказаў усё. Або не ведаў, або не хацеў сказаць: ён жа быў хавальнікам сакрэтаў цэлага народа з такім трагічным лёсам.

Касманаўты развіталіся і вярнуліся да гравіплана. А поўныя нявыказанай тугі вочы Рашата, здавалася, засталіся разам з імі. Ад гэтага позірку было неяк няёмка, быццам у нечым яны падманулі надзеі чалавека Мегі, усіх астатніх ківі. І абодва ведалі, што гэтага позірку ім ужо ніколі не забыць.

— Дык што ж усё-такі здарылася, як сталася, што істоты высокай цывілізацыі ў нашым разуменні гэтага слова за тысячу гадоў вярнуліся ледзь не да першабытнага ладу? — не мог супакоіцца Андрэй.

— Пачакай, дай мне апрытомнець, — папрасіўся Волгін. — Ты толькі падумай, што адбылося. Мы сустрэлі чалавека з іншай планеты! Не, не трэба спяшацца. Я павінен абдумаць.

Касманаўты сядзелі ўжо ва ўтульнай каюце. Скрозь шырокія ілюмінатары лілося цемнаватае святло ранняга вечара. За ілюмінатарамі шумеў лес, чарнелі на барвовым небе высокія скалістыя горы. Усё было амаль як на роднай Зямлі, і ад гэтага трагедыя Мегі ўспрымалася неяк асабліва блізка, як свая.

— Думаю, што самае страшнае для іх мінула, хоць яны і жывуць усе гэтыя гады пад вялікай пагрозай. — Волгін сядзеў узрушаны і нязвыкла неспакойны. — Цывілізацыя адродзіцца. Самастойна. Нават калі мы і не ўмяшаемся і не дапаможам ім. Тым, што выжылі, захавалі арганізаванасць у такім гаротным становішчы, ківі даказалі гэта. А на тваё пытанне, што здарылася, мы павінны самі знайсці адказ. I вось, на маю думку, чаму. Тых, хто ведаў сапраўдную ісціну, даўно ўжо няма. Ісціна перажыла іх не на многа. Яна хутка абрасла дадатковымі дэталямі і ператварылася ў легенды, адну з якіх мы сёння пачулі.

— Але ж ва ўсякай легендзе ёсць рацыянальнае зерне, — заўважыў Андрэй.

— Безумоўна. — Волгін устаў, узяў з паліцы чорную скрыначку, пакратаў кнопкі, якія былі на яе вечку, і зноў сеў у крэсла.

Па каюце, раптоўна парушыўшы ўстаялую цішыню, паплылі магутныя гукі. Волгін заплюшчыў вочы, увесь аддаючыся музыцы. Гэта быў самы любімы яго твор — сімфонія «Гімн Чалавеку». Ён заўсёды слухаў яе ў хвіліны глыбокага роздуму. Сімфонія была напісана амаль два стагоддзі назад і з таго часу ўладарыла на Зямлі. Але асабліва яе любілі астралётчыкі. Яна стала для іх як талісман, які яны заўсёды бралі з сабой, адпраўляючыся ў прастору. Сімфонія нібы ўваскрашала ўсю цяжкую і складаную гісторыю чалавецтва, пошукі і перамогі, няўдачы і надзеі, якія не маглі не прывесці і ўрэшце прывялі да ўзвышэння чалавека і над прыродай, і над самім сабой.

Прагучаў фінал. Волгін нехаця расплюшчыў вочы, выпрастаўся, нібы сеў за камандны пульт, і загаварыў:

— Вернемся да самага пачатку. Той невядомы герой, які ахвяраваў сабой, каб данесці праўду падзей да нашчадкаў, і Рашат сыходзяцца на адным: бяда прыйшла нечакана, раптоўна. Адкінем лірычную афарбоўку і прымем за аснову сам факт. Тады падзеі будуць выглядаць прыкладна так. — Волгін перавёў дыханне і, не адводзячы вачэй ад нейкай, толькі аднаму яму бачнай кропкі на гладкай і белай сцяне каюты, працягваў: — Цывілізацыя ківі, напэўна, мела вялікую гісторыю і дасягнула немалога. Яны навучыліся рабіць дасканалыя прылады і машыны. Навука ківі перамагла не толькі хваробы, але і прычыны, што выклікаюць іх. Мега была ачышчана ад шкодных мікробаў. Былі спробы выйсці за межы сваёй планеты. А разам з імі і прыйшла бяда. Ці сапраўды шкодныя вірусы прывезлі першыя касманаўты Мегі аднекуль з іншых планет, ці, можа, вірусы былі ў метэарыце, які заляцеў на Мегу, і ажылі, трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, — гэта пакуль таямніца. Але гэта пакуль і неістотна. Важна, што страшэнная хвароба абрушылася на планету, дзе медыцына як навука была забыта. Ківі аказаліся бяззбройнымі, хоць і змаглі распазнаць прычыну смяротнай эпідэміі. I той, хто не паспеў заразіцца, здолеў схавацца. Шчасце яшчэ, а гэта ўстанавіў ты, Андрэй, — тут Волгін упершыню за ўвесь дзень усміхнуўся і з вялікай прыязнасцю паглядзеў на таварыша, — што вірус не перадаецца ад чалавека да чалавека, а гіне, зрабіўшы сваю чорную справу. Таму і выжыла частка ківі, перабраўшыся ў высакагорны раён…

— З гэтым я згодзен, — нецярпліва перабіў капітана Андрэй, — але ж яны павінны былі захаваць свае веды, тэхніку, нарэшце, пісьменнасць.

Волгін зноў усміхнуўся, цяпер ужо сумна:

— Не, не маглі. Сякія-такія машыны яны перавезлі, некаторы час карысталіся імі. Але не было магчымасцей для рамонту і ўзнаўлення, не было энергіі для рухавікоў. Машыны зрабіліся мёртвымі, хаця, відаць, надоўга перажылі і сваіх стваральнікаў, і тых, хто мог імі кіраваць.

— Дапусцім, гэта праўдападобна, — не здаваўся Андрэй, — такое магло здарыцца, тым больш, што раён Вялікіх гор раней, напэўна, не быў заселены. Ну, а веды? Для іх захавання не трэба ж заводаў ці майстэрань?

— З ведамі, напэўна, было яшчэ горш, — уздыхнуў Волгін. — Большая частка вучоных, спецыялістаў, я ўпэўнены ў гэтым, засталася на сваіх пастах, шукаючы, як перамагчы вірус. I загінула. А калі некаторыя апынуліся за Кальцом гор, то што яны маглі зрабіць без лабараторый, машын? Веды ў гэтых умовах ператварыліся ў абстракцыю. Для жыцця ў тутэйшых умовах патрэбна было нешта прасцейшае. Яны і вымушаны былі пачынаць з яго, каб забяспечыць існаванне ўцекачоў. I гэтага яны дабіліся. Ківі выжылі. Але ўсе вялікія здабыткі навукі, якія былі раней, сышлі разам з вучонымі ў магілу.

Волгін змоўк. Ён быў сам уражаны прыдуманай гіпотэзай, у якой трагедыя ківі набыла яшчэ больш змрочныя фарбы. Потым дадаў:

— Таму, што заняпала навука, відаць, садзейнічала і адсутнасць пісьменнасці ў ківі.

— Як? — здзівіўся Андрэй, — цывілізацыя і непісьменнасць? Ну, ведаеш…

— Так. Напэўна, так. Звярні, Андрэй, увагу на адну акалічнасць. Летапісец, які хоча захаваць звесткі аб трагедыі, карыстаецца не прыладай для пісьма, а машынай, якая працуе на аснове біятокаў. Гэта, прынамсі, дзіўна. Але ж ён меў на ўвазе не нас, прышэльцаў з іншага свету. Ён, напэўна, клапаціўся аб ківі. Ніводнага намёку на пісьмо не зрабіў і Рашат. Ён гаварыў толькі пра памяць, сваю і іншых хавальнікаў гісторыі. Думаю, што машыны біятокаў засталіся на раўніне. Усе.

— Вось бы Рашата запрасіць з сабой, у той горад… — Андрэй, не закончыўшы фразы, асекся.

— Ты што? — уважліва паглядзеў на яго Волгін.

— А раптам яны недзе там схавалі свае навуковыя здабыткі. Вось каб знайсці і вярнуць іх ківі. — Андрэй гаварыў, а Волгін адчуваў, што яго сябрам раптам авалодала нейкая іншая думка.

— Для гэтага ім трэба выйсці за Кальцо, — асцярожна заўважыў ён.

— А што, — Андрэй сказаў гэта неяк разважліва, — я…

— Не гавары глупства, — узлаваўся Волгін. — Ты! — ён пачынаў здагадвацца, куды хіліць Андрэй.

— Так, капітан, я. Іменна я застануся тут, а вы вернецеся на Зямлю. I я ўсё прадумаў. Не пярэч, выслухай. Зараз мне трыццаць. Бадай столькі ж пройдзе, пакуль экспедыцыя вернецца па мяне. — Андрэй, пачаўшы сур’ёзна і ўбачыўшы трывогу на твары Волгіна, загаварыў, нібы жартуючы: — А што? Недзе пад восемдзесят я вярнуся на Зямлю. Я адзінокі, і мне ўсё роўна, дзе працаваць. А з усіх нас я адзін змагу зрабіць галоўнае — вывесці ківі з палону гор. Ну, а калі што такое, дык і вы на зоркалёце не гарантаваны. Ты ж ведаеш, смерць з разведчыкамі ходзіць побач.

Волгін маўчаў. Ён таксама выканаў бы свой абавязак, нават калі для гэтага патрабавалася б аддаць жыццё. Але ён капітан экспедыцыі і павінен застацца з ёй да канца, несучы адказнасць за кожнага члена экіпажа. I таму павінен вырашаць і як сябар Андрэя, і як начальнік.

— Ты не верыш мне? — у голасе Андрэя пачулася горыч.

Так, пытанне патрабавала неадкладнага адказу. I гэта было для Волгіна самым цяжкім. Што б там ні вырашалі астатнія, ён старэйшы, больш вопытны. Яго словы не аспрэчваюцца. Можна забараніць Андрэю, бо пяцьдзясят гадоў — час немалы нават на Зямлі. I ніхто за гэта не асудзіць. Але ці можна забараніць тое, чаго патрабуе ад Андрэя яго годнасць чалавека касмічнай эры? За лёсам жа аднаго Андрэя стаіць лёс цэлага народа.

— Бадай, ты правільна робіш, Андрэй, — нарэшце сказаў Волгін.

— Дзякуй, Сяргей, дзякуй! — усхапіўся Андрэй.

— Пачакай, — спыніў яго Волгін. — Гэта я кажу табе, як твой сябар, як проста Волгін. А як капітан скажу табе адно: да гэтай размовы мы вернемся. На зоркалёце…

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Зорны камень», Владимир Николаевич Шитик

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства