«Шкляны, алавяны, драўляны»

299

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Шкляны, алавяны, драўляны (fb2) - Шкляны, алавяны, драўляны 178K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Екатерина Александровна Медведева

Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА

ШКЛЯНЫ, АЛАВЯНЫ, ДРАЎЛЯНЫ

Казачная аповесць

Ванда вязала пальчаткі і думала. Вось стаіць на пагорку дом. У садзе саспелі вішні. Праз сад цячэ раўчук, у ім водзіцца фарэль. Можна рваць ягады, лавіць рыбу, пераходзіць раўчук па слізкіх белых камянях, гуляць у хованкі ці рабіць прыгожых доўгавалосых лялечак з дзьмухаўцоў, якія растуць на пагорку і ў садзе. Можна было б, калі б у Ванды была сястра. Сястра — гэта мара Ванды. Вераніка не лічыцца, таму што яна на дзесяць гадоў старэйшая, ніякіх агульных інтарэсаў. Яшчэ ёсць брат Віктар, на тры гады старэйшы за Ванду. Але ў яго наўме толькі палотны, грунтоўкі, пэндзлі з вавёрчынай поўсці і выдатны краявід, які адкрываецца з акна Ванды ў 5 гадзін раніцы: світанне над ракой. Пасля таго, як Ванда стала на ноч замыкаць дзверы ў свой пакой, Віктар надзьмуўся, заявіў, што яна пазбавіла свет геніяльнага пейзажа і што яму, Віктару, няма аб чым размаўляць з чалавекам, які не бачыць у словах «пасцель» і «пастэль» прынцыповай розніцы.

Цяпер Віктар сядзіць дзе-небудзь ля ракі — ён абяцаў прабабулі карціну «Чараты пад вербамі» ці штосьці падобнае, каб павесіць над камінам у спальні. А Ванда вяжа прабабулі ніцяныя тонкія пальчаткі — тры пары, у колер да трох улюбёных прабабуліных сукенак: белыя, ружовыя і блакітныя. Прабабуля не любіць змрочныя адценні.

Сёння аўторак, падумала Ванда, прабабулін дзень нараджэння заўтра, у сераду. Але няма сіл уседзець дома, і Ванда — пальчаткі ўжо давязаны — вырашыла пайсці да прабабулі, даведацца, які замовілі торт і ці ўсе госці змогуць прыйсці.

Прабабуля жыве недалёка. Спусціся з пагорка, па дарозе набраўшы букет рамонкаў, прайдзі па Вячэрняй вуліцы каля аптэкі і Школы добрых манер, за банкам звярні на бульвар Пралесак, і вось — двухпавярховы старадаўні асабняк. Над дзвярамі — шыльда з пазалочанымі літарамі: «Антыкварная крама». За прылаўкам у маленькім пакоі стаіць Коцік, сын дырэктара банка. Прычына, па якой Коціка прыцягнулі не мяшкі з грашыма, а пыльныя паліцы, забітыя скрыначкамі, кандэлябрамі, срэбнымі гадзіннікамі і падзорнымі трубамі, про­стая: Коцік — паэт. Ён глядзіць на габелены, камеі, табакеркі, бурштынавыя муштукі, калаўроты з інкрустацыяй — і ўяўляе сабе сярэднявечны замак, габелены на сценах, а ў крэсле ля каміна — вядома, прыгожая прынцэса, яна прадзе залатое руно і сумна ўзіраецца ў агонь. А чый муштук, хто там паліць? Натуральна, злы кароль. Ён трымае прынцэсу пад замком, толькі чаму, Коцік не ведае, не паспеў яшчэ нафантазіраваць, перашкаджаюць пакупнікі. Аднаму спатрэбіўся партсігар з сакрэтным замочкам, другому — бронзавая ваза, трэці шукае завушніцы для нявесты, і Коцік кліча прабабулю: каштоўнасці прадае толькі гаспадыня.

Ванда паціху прашмыгнула ўсярэдзіну. Коцік памахаў ёй, прабабуля ўсміхнулася і падміргнула.

— Вось гэтыя завушніцы — залатыя матылькі, абсыпаныя дыяментамі, напэўна, спадабаюцца вашай нявесце, — сказала прабабуля.

— Яна не... не любіць казурак, — прамармытаў пакупнік.

— Тады вазьміце гэтыя рубіны ў круглай аправе, проста і элегантна.

— Яны занадта буйныя, — пакупнік выцер хустачкай потны лоб.

— Можа, жэмчуг? — прабабуля раскрыла чарговы футарал. — Вельмі рэдкія ружовыя жамчужыны, і да іх яшчэ калье.

— Не трэба калье! — спалохаўся пакупнік. — Я прасіў толькі завушніцы, самыя звычайныя.

— А якога колеру вочы ў вашай нявесты? — спытала Ванда. — Падбярыце пад колер.

— Вочы? — разгубіўся пакупнік. — Вось ужо... пры чым тут... я нават і не...

Ванда прайшла ў суседні пакой, дзе ўсё было забіта старадаўнімі рэчамі. Коцік сядзеў у аксамітавым пашарпаным крэсле і круціў у руках яшмавую фігурку.

— Як гандаль? — спытала Ванда.

— Так сабе. За тыдзень прадалі тры рэчы: набор мельхіёравых кававых лыжачак, белы веер.

— Той прыгожы белы веер, размаляваны цмокамі? — засмуцілася Ванда. — А я хацела з ім пазіраваць для сямейнага партрэта. Японскі парасонік з ланцужком хоць застаўся?

— Застаўся.

— А што яшчэ прадалі?

— Запальнічку. Ты проста так прыйшла ці бацькі прыслалі?

— Проста так. Дома сумна, няма з кім пагуляць. Вось калі б у мяне была сястра.

— Твая запаветная мара, — сказаў Коцік і паглядзеў на гадзіннік, які зайграў бадзёры марш. — Усё, крама зачыняецца.

У пакой увайшла прабабуля.

— Ну і скнара, — сказала яна.

— Якія завушніцы ён купіў? — спытала Ванда.

— Ніякія, — прабабуля пакруціла галавой. — Пайшоў у ламбард, там сёння распродаж біжутэрыі. У нас для яго занадта дорага. Не зайздрошчу яго нявесце.

— Прадзядуля вярнуўся? — спытала Ванда. Бо прадзядуля рэдка бываў дома, ён ездзіў па розных гарадах і вёсках, часам нават за мяжу, і прывозіў дзіўныя і рэдкія старадаўнія рэчы на продаж.

— Няма яшчэ, — прабабуля хітра ўсміхнулася. — Я абмовілася пры ім, што мерзну па вечарах. Упэўнена, ён шукае мне ў падарунак што-небудзь унікальнае накшталт хусткі з драконавага пуху.

— Хіба такія бываюць? — спытаў Коцік.

— Ідзіце вячэраць, — засмяялася прабабуля. — Я згатавала вашы ўлюбёныя бульбяныя бліны.

Яны елі ўтраіх ва ўтульнай прабабулінай кухні за круглым сталом, пакрытым жоўтым абрусам. Талеркі былі ярка-сінія, і рамонкі Ванды стаялі ў прыгожай белай вазачцы. Прабабуля распавядала пра заўтрашняе свята. Торт яна спячэ проста велізарны, ён будзе прапітаны цытрынавай наліўкай, начынены арэхамі, цукатамі і скрылікамі ананаса, а зверху паліты шакаладам і пасыпаны какосавай габлюшкай. Усярэдзіне, як заўсёды на прабабулін дзень нараджэння, схаваюць залатую манетку. Каму яна дастанецца, той можа быць упэўнены, што спраўдзіцца яго запаветнае жаданне. Вандзе манетка не траплялася яшчэ ні разу.

Увечары Коцік праводзіў Ванду дахаты. Над імі запальваліся зоркі, веяла пахам руж — вакол кожнай хаты ў горадзе быў сад з фруктовымі дрэвамі, лужком, альтанкай і абавязкова ружамі.

— Забыўся табе паказаць, — сказаў раптам Коцік. — Учора прыбіраўся ў каморцы тваёй прабабулі. Вось глядзі, што выпала са старой расходнай кнігі.

— Фатаграфія, — сказала Ванда. — Ой, ды гэта ж я. Але з кім гэта? Я не ведаю ў нас у горадзе дзяўчынкі з такімі доўгімі валасамі... Не, гэта не я, у мяне няма такой сукенкі.

Яна перавярнула фатаграфію. На звароце выцвілымі фіялетавым чарнілам было напісана: «Віруліна і Якабіна».

— Табе знаёмыя гэтыя імёны? — спытаў Коцік.

— Віруліна — гэта мая мама. А другое — не. Можна, я вазьму гэту фатаграфію?

— Ты ведаеш... — Коцік памаўчаў. — Не крыўдзіся, але я хачу пакінуць яе сабе. Гэтая доўгавалосая дзяўчынка — яна такая. казачная... Калі я гляджу на яе, прыгожыя вершы так і лезуць у галаву. У мяне ніколі раней так добра не атрымлівалася.

— Ну добра. Раз ужо ты закахаўся ў гэтую Якабіну, хай застаецца з табой.

— Цяпер яна ўжо дарослая, як твая мама, — сказаў Коцік, уздыхнуўшы, — і пэўна, ужо зусім змянілася. Але, можа, у яе ёсць дачка. Падобная да яе.

— Хочаш, я спытаюся ў мамы?

— Не трэба, што ты, — збянтэжыўся Коцік. — Усё адно яна жыве не ў нашым горадзе, а дзесьці далёка. Хай застаецца марай.

Дома Ванду сустрэў водар сырных булачак і кавы, значыць, мама з татам ужо прыйшлі дадому і павячэралі.

— Нясі пальчаткі, мы загортваем падарункі! — крыкнуў з гасцінай Віктар. — І хутчэй ідзі паглядзі, я скончыў карціну!

— Ванда, тэфтэлі яшчэ гарачыя, будзеш есці? — спытала мама, а Вераніка выйшла ў пярэднюю і прашаптала:

— Там прыйшоў мой жаніх. Калі ласка, трымай рот на замку, ніякіх выказванняў у мой адрас, асабліва пра мінулых жаніхоў і колер маіх валасоў.

Ванда ўздыхнула. Такая сястра — усё адно, што ніякай сястры. Хіба пагаворыш з ёй пра што-небудзь сур’ёзнае? Вераніка любіць абмяркоўваць толькі памады, фарбы для валасоў і модны абутак.

У гасцёўні шамацела папера, звінелі лыжачкі ў кубках, трашчалі ў каміне дровы, — мама любіць тапіць камін нават летнімі вечарамі. Яна кажа, што ў іх сям’і ўсе любяць глядзець на агонь. І гэта праўда, Ванда ведае па сабе.

— Сёння да бабулі нейкі тып прыходзіў, да таго скупы! — сказала яна, запхнуўшы ў рот сырную булачку. — Шукаў завушніцы для нявесты.

— І што ён абраў? — спытала мама. — Я памятаю, там ёсць цудоўныя смарагды.

— Нічога не абраў, пайшоў у ламбард, — сказала Ванда. — Гэта мая кава?

— Так, — сказала мама. — Якое супадзенне, Альберт якраз сёння падарыў завушніцы Вераніцы. Ружовы пластык, вельмі мілыя.

Ванда зірнула і ледзь не расплюхала каву: на канапе побач з сястрой сядзеў той самы скнара і нервова церабіў у руках сурвэтку.

— Ты прынесла пальчаткі? — спытаў тата. — У нашай сям’і ніхто не ўмее вязаць, акрамя Ванды, — звярнуўся ён да Альберта.

— Я. я таксама не ўмею, — сказаў той. Віктар хіхікнуў, але закрыў рот рукой і хуценька зрабіў абыякавы твар.

— Мы з татам падорым прабабулі кацяня, — сказала мама.

— Вы яго загортваеце? — здзівілася Ванда.

— А я падару фарбу для валасоў, — сказала Вераніка. — Сучасныя жанчыны кажуць «не!» сівым валасам!

— Значыць, у цябе таксама былі сівыя валасы? — выклікнуў Віктар. — Вось чаму ты іх пафарбавала!

— Ты фарбуеш валасы? — спытаў Альберт расчаравана. — Я думаў, яны такія чорныя і бліскучыя ад прыроды.

— Вас, жаніхоў, не зразумееш, — сказала Ванда. — Карлу, наадварот, падабалася, што ў Веранікі фарбаваныя валасы, ён сам прасіў яе фарбавацца толькі ў руды.

— У руды? — прашаптаў Альберт. — Карл? Але ты казала мне, што выхоўвалася ў манастыры і да мяне не ведала мужчын.

— У манастыры? — пераглянуліся мама і тата. Тата падазрона закашляўся, а мама паспешна прапанавала:

— Альберт, яшчэ кавы?

— Мама варыць самую смачную каву ў горадзе, — сказаў Віктар. — Усе жаніхі Веранікі былі ў захапленні.

— Не, дзякую, — сказаў Альберт і ўстаў. — На жаль, вымушаны вас пакінуць, успомніў пра адну неадкладную справу.

Калі за ім зачынілі дзверы, Вераніка спытала:

— Што, ён сапраўды пашкадаваў грошай на антыкварныя завушніцы? А ён жа такі багаты!

— Таму ты з ім і сустракалася? — спытаў Віктар.

— Не, проста ў маёй калекцыі жаніхоў не было яшчэ ніводнага Альберта.

***

Вячэрняе сонца залаціла вінаграднае лісце і лужыны, што засталіся пасля дажджу. Скрозь аконную рашотку віднелася залаціста-ружовае неба. Далёка ў садзе брахалі сабакі. Рыпала тачка садоўніка.

Бурштына адлажыла залатое прадзіва і ўстала, таму што ў пакой увайшоў кароль.

— Прадзеш? — спытаў ён, паціраючы рукі.

— Мне надакучыла, — адказала Бурштына. — Я хачу танчыць і размаўляць з іншымі людзьмі.

— Размаўляць? — здзівіўся кароль і пагладзіў яе па галаве. — Твае валасы адрастаюць так хутка. Альма ўзяла дзвюх сялянак у памагатыя, яны не паспяваюць ткаць, а парчу ўсё дасылаюць. Усе жадаюць насіць сукенкі толькі з нашай парчы.

— Мне гэта надакучыла, — паўтарыла прынцэса.

— Так, так, ты хочаш размаўляць, — кіўнуў кароль. — Дык давай пагаворым, ты ж можаш пагаварыць са сваім бацькам, золатка? Да каралевы таксама цябе пускаюць без перашкод. Альма і Чэс заўсёды рады пабалакаць. І ўсе служкі. Чаго ж табе яшчэ?

— Мне патрэбна сяброўка, — уздыхнула Бурштына. — Мне патрэбна музыка. Я хачу смяяцца і танчыць. Чэс кажа, што раней у замак прыязджалі госці, іншыя каралі ды каралевы з дзецьмі і світай, што не спыняліся балі, маскарады, феерверкі, тэатр і лодкі. Што раней былі адчынены ўсе паверхі і пакоі.

— Адкуль бы яму гэта ведаць? — здзівіўся кароль. — Вы амаль аднаго ўзросту, чаму ж ён памятае, а ты — не? Ён проста выдумляе, золатка.

— Але няўжо да нас ніхто не можа прыехаць?

— Я ж распавядаў табе. Няўжо не верыш роднаму бацьку?

— Можна мне пагуляць да вячэры? — спытала Бурштына.

— Добра, ідзі, — сказаў кароль і сышоў.

Бурштына накінула плашч, завязала валасы хусткай, каб іх ззянне не выдавала, дзе яна гуляе. Хоць — дзе б яна ні была, дзе б ні схавалася — яе ўсё адно высачаць, знойдуць, возьмуць за руку і прывядуць у гэты пакой з кратамі на вокнах.

Яна выйшла з замка. У калідорах ёй сустрэліся двое слуг — пакаёўка несла стос адпрасаваных прасцін, ды кухцік цягнуў на кухню поўныя вёдры вады. Абое яны, убачыўшы прынцэсу, адхіснуліся і паскорылі крок. Буршты­на ведала: яны баяцца. Усе слугі ў замку — акрамя Альмы і Чэса — баяцца прынцэсу, шэпчуцца пра яе. А яшчэ — за ёй пільна сочаць.

Садоўнік падразаў зарасці біручыны. Праходзячы міма, Бурштына адчувала на сабе яго погляд. Яна ведала, як гэты чалавек з’явіўся ў замку. Ён прыехаў з суботнім абозам і ў руках трымаў толькі маленькі чорны мяшэчак з насеннем. Гэта насенне баялася святла. На другі дзень садоўнік саджаў яго: з мяшка адразу ў ямку і засыпаў зямлёй, каб не патрапіў ніводны сонечны прамень. Праз дзень з’явіліся парасткі, а праз тыдзень па ўсім садзе і лесе да самай Глухой сцяны раслі высачэзныя, магутныя дрэвы з чорнай карой і прыгожым залатым лісцем. Дрэвы маглі размаўляць між сабой. А яшчэ яны забівалі. Забівалі ўсіх, хто пранікаў за Глухую сцяну і хацеў дабрацца да замка. Усё гэта Бурштыне распавёў Чэс, хоць яна не асабліва яму верыла.

***

Дзень нараджэння прабабулі адзначылі, як заўсёды, вельмі весела. Прабабуля сустракала гасцей у белым вярблюджым шалі, які прывёз з далёкіх краін прадзядуля. Кацяня, якое падарылі мама і тата, рудое і пушыстае, бегала пад сталом і шамацела абгортачнай паперай.

— Хаця б яму не было тут самотна, — сказала прабабуля. — Завяду яму сяброўку, напэўна.

— Навошта наогул трымаць у хаце жывёлу? — незадаволена прамовіла Вераніка. Яна не любіла котак, таму што ад іх на яе прыгожых чорных сукенках заставалася поўсць.

Ванда абрала момант, калі ўсе моўчкі жавалі за сталом, і гучна спыталася:

— Мама, распавядзі мне пра Якабіну!

Адразу стала яшчэ цішэй. Хтосьці выпусціў відэлец, які бразнуў па талерцы, і наступіла глыбокая цішыня. Усе дарослыя глядзелі на Ванду так, нібы яна сказала ці зрабіла штосьці непрыстойнае.

— Якабіна — гэта. — пачала мама і замоўкла, паглядзела на бабулю, а бабуля закрыла рот рукой і паглядзела на прабабулю.

— Хто такая Якабіна? — неўразумела спытаў Віктар.

— Адкуль ты ўзяла гэтае імя? — ласкава спытала прабабуля.

— З фатаграфіі, — ціха сказала Ванда. — Гэта была маміна сяброўка? Яна што, памерла ці з’ехала?

— Так, мы не бачылі Якабіну ўжо шмат гадоў, — сказала прабабуля.

Ванда хацела спытаць, куды з’ехала Якабіна, але тут унеслі торт — велізарны, казачна прыгожы, салодкі, духмяны, сталі яго рэзаць, падалі чай, і Ванда са здзіўленнем знайшла ў сваім кавалку торта — манетку.

— Манетка! У мяне! — закрычала яна.

— Загадвай жаданне, — сказала мама, а Коцік здзіўлена выклікнуў:

— І ў мяне таксама манетка!

— І ў мяне, — сказала бабуля.

— Што ты загадаў? — спытала Ванда шэптам.

— Сустрэць дзяўчынку, падобную да Якабіны. А ты?

— Каб у мяне з’явілася сястра. Бабуля, а ты што загадала?

Бабуля ўздыхнула.

— Я загадала тое, што ніколі не спраўдзіцца.

— Мы таксама, — сказаў Коцік.

Прабабуля паглядзела на іх і загадкава ўсміхнулася.

***

Лісахвост распушыў ярка-чырвоныя кветкі, багаткі выставілі калючкі, наровячы ўхапіцца за сукенку, ружовыя варонкі кветак амарыліса паварочваліся ўслед, нібы назіраючы. Лілеі струменілі горкі водар, ад аканітаў кружылася галава. Бурштына падумала, што садоўнік адмыслова разводзіць у садзе толькі атрутныя расліны ды кветкі з непрыемным водарам. Дзесьці недалёка соп сабака. Сонца ўжо зайшло, раз сабак спусцілі з ланцуга. Чэс кажа, што днём іх трымаюць у склепе без вокнаў — знарок, каб сабакі навучыліся бачыць у цемры.

Кусты алеандру расхінуліся, і перад Бурштынай з’явіўся Чэс.

— Гуляеш, прынцэса? — спытаў ён. — Хочаш збегчы?

— Куды? Ураган знішчыў усю зямлю, выратавалася толькі наша каралеўства, акружанае высокімі непраходнымі горамі. Куды бегчы?

— Ты сапраўды такая наіўная? — здзівіўся Чэс. — Верыш казкам татыкараля. Але скажы, калі ўсе загінулі ва ўрагане, каму тады патрэбна залатая парча з тваіх валасоў? Куды яе вязуць па начах?

— Я не жадаю цябе слухаць! — Бурштына адвярнулася і хутка пайшла ў глыбіню саду па дарожцы з чырвоных марскіх каменьчыкаў. Чэс пайшоў за ёй. Ён любіў дражніць яе, ставіць у тупік, прымушаў пакутліва думаць над тым, што адны словы не сыходзяцца з другімі, а дзве праўды быць не можа.

— Калі ўсё знішчыў ураган, адкуль да нас прывозяць віно, вустрыцы, чырвонае дрэва, жэмчуг і шаўковую тканіну? — спытаў Чэс, заступаючы ёй дарогу. — Ты хоць раз выходзіла за зялёную садовую брамку, да чорных дрэў, туды, дзе брэшуць сабакі?

— Не. Я і так ведаю, што там: Глухая сцяна, горы, а за імі пустэча, мёртвая зямля.

— Усё не так, колькі разоў табе паўтараць! Гэта звычайная каменная сцяна, абтыканая аскепкамі шкла. А за сцяной цягнецца далей наша каралеўства. Зялёная трава, рамонкі, раўчукі. Дрэвы, якія не засланяюць сонца. А яшчэ далей — мяжа, і пачынаюцца іншыя землі, далёкія краіны, караблі і палацы, даліны і азёры.

— Ты быў там?

— Я падыходзіў да Глухой сцяны. Яна абкружае замак і сад, суцэльная, вышэй чалавечага росту, і ў ёй усяго адны вароты, іх ахоўвае велізарны гарнізон. Прапускаюць толькі купцоў, у якіх ёсць асабісты дазвол караля з яго пячаткай.

— Але для чаго гэта сцяна?

— Каб ніхто не ўвайшоў у замак. І каб ніхто не выйшаў. Ёсць у замку штосьці — ці хтосьці — каго кароль вельмі баіцца страціць.

— Хтосьці? — паўтарыла Бурштына. — Я? З-за маіх залатых валасоў?

— Не, усё складаней. У цябе есць яшчэ нейкая таямніца, пра якую ты сама не ведаеш, а ведае кароль, і, можа, каралева.

Ужо сцямнела. Чэс і Бурштына ішлі па дарожцы з чырвоных каменьчыкаў.

— Пойдзем да зялёнай брамкі, — прапанаваў Чэс. — Я пакажу табе Навакольны лес.

— Не. Чуеш, гадзіннік прабіў дзесяць. Мне час вяртацца.

— Скажы, цябе праўда замыкаюць на ключ уначы?

— Так.

— І выпускае раніцай сам кароль?

— Так.

— І табе не здаецца гэта дзіўным? — Чэс паціснуў плячамі. — Я б узвар’яваўся.

— Не ведаю, — сказала Бурштына. — Я не задумвалася аб гэтым.

— Ты наогул не думаеш, жывеш як у сне, робіш усё, што скажуць.

— А чаму цябе гэта так хвалюе?

Чэс ізноў паціснуў плячамі і сышоў. Бурштына агледзелася. Да яе па дарожцы ішоў каралеўскі сабакар. У чорным капелюшы і высокіх, да калень, ботах, з пугай на поясе. У руцэ ён трымаў ліхтар.

— Час вячэраць, прынцэса.

Заўсёды раней Бурштына пакорліва ішла ў замак. Ёй і не хацелася заставацца знадворку цёмным волкім вечарам, адной у велізарным садзе. Але ж яна магла гэтага захацець?

— Я прыйду пазней, — сказала яна. — Ідзі.

— Вас чакаюць, — з націскам паўтарыў ён, гледзячы на яе абыякавымі вачамі.

— Я жадаю яшчэ пабыць тут, адна, — сказала яна і падумала: няўжо ён будзе настойваць? Ён слуга, а яна прынцэса, яго гаспадыня. Ён павінен слухацца яе, ці не?

— Вам гэта забаронена, — сказаў ён. — Калі ласка, ідзіце за мной.

— Забаронена? Кім?

— Каралём.

— Я не пайду. Ніхто не зможа мяне прымусіць, — сказала Бурштына і павярнулася, пайшла ў іншы бок. Праз імгненне сабакар дагнаў яе, падхапіў адной рукой і панёс у замак.

— Што здарылася? — здзіўлена спытаў кароль, замыкаючы за імі дзверы. Сабакар падышоў і ціха сказаў яму штосьці. А Бурштына падумала: дзіўна, у замку не начуюць слугі. Сабраўшы на стол да вячэры, яны ўсе сыходзяць у маленькую вёсачку непадалёк. У замку застаюцца толькі Альма, асабістая прыслужніца каралевы, Чэс і чацвёра саветнікаў караля: садоўнік, сабакар, кухар і лекар. І, што яшчэ больш дзіўна, нягледзячы на ўсю трывожнасць і падазронасць караля, у замку не было ўзброенай аховы.

Пасля вячэры кароль падышоў да дачкі.

— Што здарылася, золатка? Што за бунт?

— Чаму мне нельга хадзіць адной? Чаму мяне замыкаюць на ключ? Я што, палонніца?

— Хто ўклаў табе ў галаву гэтыя думкі? — нахмурыўся кароль. — Ты не палонніца, ты мая адзіная наследніца, і я берагу цябе, што ў гэтым дрэннага? Ты яшчэ зусім дзіця, вось усе і сочаць, каб ты не трапіла ў бяду. Уначы сад небяспечны. Ты можаш заблудзіцца, застудзіцца, зламаць нагу, апячыся атрутным лісцем! І ці мала хто блукае вакол замка па начах?

Усё гэта было падобна на праўду. Бурштына не знайшла, што адказаць. Яна падышла да акна, адсунула гардзіну.

— Поўня, — кароль таксама падышоў да акна. — Апраніся цяплей.

— Добра.

— Ідзі. Да паўночы пабудзеш у сябе.

— Не, я хацела б зайсці да мамы. Можна?

— Дзіўна, — сказаў кароль. — Сёння ты робіш дзіўныя рэчы. Ты ж ніколі не хадзіла да яе сама, без майго напамінку, ды яшчэ так позна.

— Нельга?

— Не, чаму ж, ідзі, — дазволіў кароль. — Дзесяць хвілін табе хопіць, я думаю.

Цёмнымі калідорамі Бурштына ішла і думала: хтосьці хлусіць, не могуць быць дзве праўды. Але як пазнаць, чыя праўда сапраўдная?

Дзверы адчыніла Альма.

— Прынцэса? — здзівілася яна.

— Я хачу пагаварыць з мамай.

Альма зрабіла рэверанс і выйшла. Бурштына прайшла праз калідор у пакой, дзе ў адной сцяне было маленькае квадратнае акенца без шкла. За акенцам, за той сцяной, жыла каралева. Дакладней, яе там замуравалі. І Бурштына да сённяшняга вечара не задумвалася: чаму?

Каб не з’явіцца нечакана, Бурштына кранула званочак і паклікала:

— Ваша вялікасць, да вас можна?

Пачуўся шоргат сукенкі. Ціхія крокі — і перад Бурштынай у акенцы з’явіўся твар маці. Як і заўсёды, каралева глядзела холадна, сурова. Яе доўгія залацістыя валасы вольна ляжалі на плячах, а вусны былі падціснуты. Кара­лева размаўляла вельмі рэдка.

— Я прыйшла, каб спытацца, — сказала Бурштына нясмела. Яна баялася каралеву і ніколі не казала ёй «мама», «ты». — Скажыце, ваша вялікасць, чаму мяне трымаюць пад замком? І — ці ёсць за Глухой сцяной іншыя каралеўствы?

Вочы каралевы засталіся такімі ж абыякавымі і халоднымі. Быццам яна наогул нічога не чула.

— Чэс кажа, гэта не з-за маіх залатых валасоў. Кажа, у мяне ёсць нейкая таямніца, пра якую ведаюць толькі мае бацькі.

Каралева маўчала.

— Мне цяжка, — сказала Бурштына. — У мяне няма сябровак, няма волі, мяне ніхто не любіць. Кароль не любіць мяне, я адчуваю, я проста яму патрэбна. І я. хачу пакінуць замак, а мяне не выпускаюць.

— І не выпусцяць, не спадзявайся, — сказала каралева горка. — Я застануся тут да смерці, а ты — бясконца.

— Як гэта? — не зразумела Бурштына.

Каралева пакруціла галавой.

— Гэту таямніцу табе не можа адкрыць ніводны чалавек. Ты павінна сама выявіць яе — падслухаць ці прачытаць. Знайдзі чароўны летапіс Каралеўства. З яго ты даведаешся больш, чым хацела б.

Каралева змоўкла.

— Дзякуй, — сказала Бурштына.

Каралева раптам дастала штосьці з шырокага рукава і працягнула дачцэ.

— Хутчэй схавай, — загадала яна. — Павяжы яго на галаву, калі цябе выведуць пад поўню, і твае валасы не напітаюцца яе святлом.

— І перастануць расці? — узрадавалася Бурштына. Каралева ледзь прыкметна кіўнула і адышла ад акенца. Бурштына толькі паспела сунуць падарунак маці ў рукаў, як увайшла Альма паведаміць, што прынцэсе час ісці.

***

За акном шамацеў дождж. Мама і тата сядзелі ля каміна і складалі мазаіку-галаваломку. Віктар калоў арэхі. Вераніка фарбавала пазногці ярка-чырвоным лакам. Ванда сядзела на падаконніку і глядзела, як згінаюцца верхавіны таполяў і як бягуць струмені вады па шыбах. Уся сям’я сабралася ля агню ў гасцінай. Дажджлівы нядзельны дзень. Сумна не было, але і весела — такса­ма. «Вось калі б у мяне была сястра, — падумала Ванда, — мы б цяпер селі разам маляваць ці нізаць каралі, а можна было б зрабіць адна адной прыгожыя прычоскі, наплесці касічак. Ці самім, без мамы, спячы кекс з разынкамі. Ці разглядаць калекцыю паштовак, дасланых сваякамі і сябрамі за апошнія сто гадоў». Так, ёсць шмат цікавых заняткаў для дваіх, а адной рабіць нічога не хацелася, і Ванда працягвала сядзець за шторай і ўздыхаць.

Грукнулі ўваходныя дзверы. Зашумелі галасы, запляскалі мокрыя парасонікі, і ў гасціную ўвайшлі бабуля з дзядулем і прабабуля з Коцікам. Бабу­ля і дзядуля трымалі сваю кандытарскую, таму ў госці заўсёды прыходзілі з двума велізарнымі кошыкамі ласункаў: пірожных, цукерак, шакаладу, печыва. Прабабуля таксама з’яўлялася не з пустымі рукамі. Яна любіла дарыць усім карысныя дробязі са сваёй антыкварнай крамы. І цяпер яна ўручыла тату запісную кніжку ў старадаўнім скураным пераплёце, маме — алавяную круг­лую банбаньерку, Віктару набор літаграфій, Вераніцы срэбны пярсцёнак.

Калі прабабуля раздала ўсім падарункі, Ванда нічога не атрымала. Яна прамаўчала, але вельмі здзівілася, бо заўсёды прабабуля для яе прыхоўвала асаблівыя, загадкавыя рэчы.

Мама прынесла гарбату і каву, і ўсе сабраліся вакол стала, дасталі з бабуліных кошыкаў пірожныя, арэхавыя рулецікі, вафельныя трубачкі з крэмам.

— Ледзь не забылася, — сказала прабабуля. — Ванда, гэта для цябе! Коцік дапамог мне данесці, яна вельмі цяжкая.

Коцік зашастаў пакетам і дастаў вялікую, у цёмна-чырвонай скураной вокладцы са срэбнымі ражкамі, кнігу.

— Якая яна старая! — захоплена выклікнула мама. У кнігі былі тоўстыя жоўтыя старонкі, стужачка-закладка, а замыкалася кніга замочкам, зробленым з пасярэбранага металу. Замыкалася, як скрыначка, на ключ.

— Гэта мне? — сказала Ванда. — А што ў ёй напісана? Гэта казка?

— Там і малюнкі ёсць, — сказаў тата. — Якая далікатная ручная праца. Цяпер такую не купіш.

Увечары Ванда забралася з нагамі на ложак. Гарэла лямпа пад памяранцавым абажурам, на коўдры ляжалі яблык і шакаладка. Ванда адкусіла яблык і разгарнула кнігу на першай старонцы.

***

Круглая белая поўня ярка свяціла на сад, замак і самую высокую замкавую вежу, дзе на адкрытай пляцоўцы каля рашэцістых дзвярэй стаяла прынцэса Бурштына. Кожную поўню Бурштына праводзіла ноч пад адкрытым небам. Але сёння, як толькі кароль замкнуў дзверы і сышоў, Бурштына дастала з рукава тое, што дала ёй маці. Гэта была мяккая напаўпразрыстая залацістая хустка, сплеценая з валасоў каралевы. Бурштына накінула яе на галаву, і ёй здалося, быццам хтосьці тонкімі пальцамі гладзіць і перабірае ёй валасы.

Тут ціхі голас паклікаў яе. За дзвярамі-кратамі стаяў Чэс.

— Што здарылася з тваімі валасамі? — спытаў ён.

— А што? — Бурштына паспрабавала зняць хустку, але тая знікла.

— Яны больш не залатыя і не блішчаць!

— Не ведаю, мне не відаць у цемры. А чаму ты не спіш?

— Захацеў цябе ўбачыць. Не прагоніш?

— Заставайся, — паціснула плячамі Бурштына. — Раскажы мне... Мая маці. каралева. сёння згадала пра чароўны летапіс каралеўства. Ты ведаеш што-небудзь пра яго?

— Я чуў казкі пра тое, што калісьці ў кожнага каралеўства была чароўная кніга. Летапіс, дзе запісаны самыя важныя падзеі ў гісторыі краіны. Думаеш, казкі не хлусяць? Насамрэч ёсць такая кніга?

— Яна існуе. Схавана дзесьці ў замку. І мы павінны яе знайсці.

— З яе мы даведаемся, чаму цябе ўсе баяцца, — пасміхнуўся Чэс. — Слугі рознае балбочуць, не ведаеш, чаму і верыць.

— Што балбочуць?

— Ды пра цябе толькі нямко не кажа. Ёсць што абмеркаваць. Хоць бы твае залатыя валасы, якія чым больш стрыжэш, тым хутчэй растуць. А яшчэ кажуць, ты аднойчы звалілася ў раку і праляжала гадзіну пад вадой і не дыха­ла, а калі цябе дасталі, ты ажыла і пайшла сабе. Кажуць, ты ведзьма.

— Няпраўда! — усклікнула Бурштына. — Чэс, ты ж мой сябар, чаму ты кажаш такое?

— Сябар? Я табе сябар толькі таму, што ўсе астатнія ў замку — дарослыя.

— Навошта ты так кажаш? Мы раслі з табой як сястра і брат.

— Калі б цябе не было, — сказаў Чэс, — усё было б інакш. Я жыў бы зусім інакш. Калі б не было цябе.

— Ты хочаш, каб мяне не было? — Бурштына прыціснулася да рашоткі і ўзяла Чэса за руку. Ён пагладзіў яе пальцы.

— Я не ведаю, чаго я хачу. Хачу быць каралём. І хачу, каб ты заўсёды была побач, блізка, каб я мог заўсёды трымаць цябе за руку.

— Ты ніколі не размаўляў са мной так.

— Ты прынцэса. А я цягаю на кухню ваду, тачу нажы і скубу курэй. Кароль ніколі не дазволіць мне стаць тваім мужам. Па-мойму, ён наогул не жадае выдаваць цябе замуж.

— Замуж? Я не думала пра гэта, — сказала Бурштына.

— І не думай, — сказаў Чэс.

***

Ванда не заўважыла, як з’ела і яблык, і шакаладку. Кніга аказалася вельмі цікавай, а малюнкі — як жывыя. Асабліва Вандзе спадабаўся галоўны герой, закаханы ў прынцэсу. Па апісанні ў яго былі зялёна-карыя вочы і зблытаныя валасы колеру саломы і мёду. І загарэлая скура, бо ён поле гарод і косіць траву. А яшчэ блукае па цёмным страшным Навакольным лесе. «Ён вельмі адважны, — падумала Ванда, — і такі прыгожы, але што ў яго на сэрцы, не вядома нікому».

Бразнулі дзверы.

— Пра што марыш? — спытаў Віктар. — Ты не бачыла мае васковыя крэйды? Падзеў кудысьці. Пакажы, якія прыгожыя ілюстрацыі!

— Аддай! — але Віктар выхапіў кнігу з яе рук і стаў гартаць старонкі. — Гэта хто, гераіня? Чаго яна тырчыць на гэтай вежы? А калі наляціць ураганны вецер? Яе садзьме, і яна разаб’ецца дашчэнту аб каменныя пліты двара!

Віктар гучна закрыў кнігу.

— Мама клікала ўсіх вячэраць, — сказаў ён. — І дзе ж мае крэйды?

***

Удалечыні штосьці загрукатала.

— Што гэта? — спытаў Чэс. — Ты чула?

— Гром? І дзіўны шум, ты чуеш? Ён набліжаецца! Я пагляджу, пачакай!

Яна падбегла да паўночнага краю пляцоўкі. Неба на поўначы палала, і штосьці велізарнае хутка набліжалася да вежы. Нарастаў свіст ветру. У твар паляцела лісце і пясок, стала цяжка дыхаць і трымацца. Бурштына схапілася рукамі за парапет, але парыў ветру штурхнуў прынцэсу, і яна, задыхнуўшыся халодным паветрам, паляцела з вежы ўніз.

Гэта здарылася так хутка і нечакана. А потым ураган кудысьці знік, і наступіла ранейшая зорная цішыня. Дыхалася зноў лёгка, але паварушыцца Бурштына не змагла. Над ёй навісалі зоркі, поўня свяціла ў твар.

— Хто тут? — прашаптаў ціхі голас.

— Дапамажыце! — паклікала Бурштына, і ў яе з рота пацякла кроў.

Пачуўся здзіўлены вокліч.

— Божа мой, як гэта здарылася? Вы… яшчэ жывая?

Над прынцэсай схіліўся хтосьці незнаёмы, ад яго салодка пахла карыцай і ваніллю.

— Дапамажыце мне ўстаць, — папрасіла Бурштына, захлынаючыся крывёй. — Мне цяжка дыхаць. Я звалілася з вежы….

Незнаёмы паглядзеў угару, потым на Бурштыну.

— Не палохайцеся, — сказаў ён, — але вы зваліліся вельмі няўдала. З вашых грудзей тырчыць нейкая палка. Мабыць, яна выступала з зямлі, і вы на яе зваліліся…. Яна пратыкнула вас наскрозь, як матылькоў прышпільваюць на травінку…

— І я памру?

— Баюся, што так.

— Не адыходзьце, — папрасіла яна. — Я баюся застацца адна.

— Як дзіўна, — сказаў незнаёмы. — Мы толькі пазнаёміліся, і вы ўжо паміраеце. Вам не цяжка размаўляць?

— Не, мне наогул не баліць.

— Усё адно маўчыце, падоўжыце сабе жыццё хоць на пару хвілін. Я пабуду з вамі. А раніцай паспрабую выканаць тое, для чаго сюды прыехаў. Ведаеце, я хаваўся сярод мяшкоў з рэзкімі затаўкамі. Так цяжка трапіць у замак. Тры разы я пасылаў вашаму каралю афіцыйныя лісты, прасіў дазволу прыехаць, і мне тройчы адмаўлялі. Але я ўсё адно ажанюся з вашай прынцэсай. Кажуць, яна ці то вядзьмарка, ці то чараўніца. І з залатымі валасамі. Яе ніхто не бачыў, але ўсе ў адзін голас паўтараюць: яна — самая прыгожая дзяўчына ў свеце. Я выкраду яе і адвязу ў свой палац.

— Калі яна пагодзіцца, — дадала Бурштына.

— Вядома, пагодзіцца. Маё каралеўства самае багатае. Пасля вашага. Я прапаную прынцэсе далікатэсныя пачастункі, шаўкі з аксамітамі, жамчужныя каралі і каштоўныя камяні.

Поўня схавалася. Неба паступова святлела. Выпала раса, пацягнуў свежы ветрык. Бурштына прачнулася, калі ўзышло сонца. Чалавек, з якім яна размаўляла ўначы, спаў побач.

— Паслухайце, — сказала Бурштына, — прачніцеся!

Ён паварушыўся, прысеў і схіліўся над ёй. Чорныя валасы і ярка-блакітныя вочы. «Ён зусім не падобны на Чэса», — падумала Бурштына.

— Вы не памерлі? Чаму вы не памерлі? — здзіўлена спытаў ён. Прасунуў адну руку Бурштыне пад плечы, другую пад калені, і асцярожна зняў яе з палкі, на якую яна была прышпіленая. Бурштына ўбачыла, дзе яна ляжала: сярод кветніка з павойнымі ружамі, на адной з падпорак.

— Гэта немагчыма, — сказаў незнаёмец. — Вы не маглі выжыць з такой ранай. Вы што, ведзьма? Як вы гэта робіце?

Ён далікатна паставіў дзяўчыну на зямлю. Бурштына зірнула на яго.

— Я зразумеў, — сказаў ён. — Вы і ёсць прынцэса Бурштына. Пра залатыя валасы людзі хлусяць, а вось пра вашы вядзьмарскія здольнасці — не. Мяне клічуць Бенжы. Я прынц. Вы станеце маёй жонкай?

Грукнулі дзверы замка. Басанож па роснай траве, у расхінутым халаце і начным каўпаку, бег кароль. За ім спяшаліся садоўнік, лекар і сабакар, а з адкрытых дзвярэй выглядвалі Чэс і Альма.

— Бурштына! — кароль схапіў яе за плечы. — Што гэта? Кроў? Як ты спусцілася з вежы? І хто гэта?

— Наследны прынц Бенджамін, — сказаў Бенжы. — Я пісаў вам, ваша вялікасць, а вы мне не адказалі.

— Маўчанне — самы красамоўны адказ, — сказаў кароль. — З’явіўся без запрашэння, бач які! На што ты разлічваў?

— Я прыехаў прасіць руку вашай дачкі.

— Спадзяешся захапіць маё каралеўства? Правіць пасля маёй смерці? Дык ведай: я ніколі не памру, і дачка мая ніколі не выйдзе замуж і не пакіне замак.

Бенжы ўсміхнуўся.

— Смейся, пакуль жывы, — кароль павёў Бурштыну ў замак. — Правядзіце дарагога госця ў лепшыя пакоі і прасачыце, каб ён ні ў чым не меў патрэбы!

***

Бурштына пасля гарачай ванны сядзела ў ложку і ўспамінала начное здарэнне. Чаму яна не памерла? Чаму кароль сказаў, што ён ніколі не памрэ? Чаму яе лічаць ведзьмай? Ці праўда існуе чароўная кніга? Шмат пытанняў было ў галаве прынцэсы і не было ніводнага адказу.

У яе пакой увайшоў кароль. Сеў на пасцель, пагладзіў Бурштыну па валасах.

— Ты вельмі спалохалася, калі звалілася з вежы?

— Не.

— Паслухай. Тое, што з табой адбылося, — гэта цуд. Ты нікому не павінна распавядаць.

— І Чэсу?

— І яму. Асабліва яму.

— Добра.

— А скажы, золатка, што сталася з тваімі залатымі валасамі? Яны не маглі самі памяняць колер. Што ты зрабіла? Табе хтосьці дапамог?

— Не. Я не ведаю.

— Сапраўды? — кароль устаў. — Што ж. Я табе веру. Забудзь усё гэта, як дрэнны сон. Ведай адно: ты — самае каштоўнае, што ў мяне ёсць. Без цябе я не пражыву і двух дзён. Ты мой бясцэнны скарб, а я — твой бацька. Ты павінна любіць, паважаць мяне. І верыць мне.

— Я веру, — сказала Бурштына. — Можна мне выйсці ў сад?

— Я думаў, ты паспіш. Ну добра, ідзі. І памятай, аб чым мы дамовіліся.

Кароль пацалаваў яе і выйшаў. Бурштына апранулася, запляла косы і выйшла з пакоя. У замкавым двары ёй сустрэўся Чэс.

— Ты здаровая? — спытаў ён. — Кажуць, ты цудам засталася жывая.

— Так, — і Бурштына ўсё яму распавяла. Чэс слухаў, не дзівячыся.

— Усё сыходзіцца, — сказаў ён. — А ведаеш, што зрабілі з тваім прынцам? Пасадзілі ў падзямелле на ланцуг і далі атруту — падмяшалі ў ваду і поліўку. Ён усё з’еў і ўсё выпіў. І не памёр.

— Чаму? — не зразумела Бурштына.

— Не ведаю. Не атрымліваецца сёння ні ў кога памерці. І вось яшчэ што. Кароль зусім не засмуціўся, што твае валасы больш не залатыя. Ён пазбавіўся галоўнай крыніцы прыбытку, але зусім не знерваваўся. Значыць, гэта было не галоўнае. Ёсць штосьці іншае, з-за чаго ты так патрэбна яму. Я разгадаю гэту загадку. Ты куды ідзеш цяпер?

— У сад.

— У сад? — Чэс прыжмурыўся. — Так. Кароль і сабакар з’ехалі ў Навакольны лес на паляванне. Кухар і мая маці на кухні. Садоўнік вартуе жывучага прынца. А дзе лекар? Як бы ён нам не перашкодзіў.

— Нам? Чэс, што ты збіраешся рабіць?

Чэс дастаў звязак ключоў.

— Калі кароль адбывае на паляванне, ён пакідае мне гэтыя ключы. Не ведаю чаму, але ён мне давярае. Тут ключы ад кладовак, падзямелля, вежы, скарбніцы, віннага склепа. Увогуле, усе ключы ад усіх дзвярэй у замку. Акрамя гэтага маленькага срэбнага ключыка. Я не знайшоў нічога, што можна ім адкрыць. Значыць, гэта і ёсць ключ ад тайніка, у якім захоўваецца чароўная кніга.

— А дзе гэты тайнік?

— Каб я ведаў! Я ўсё абшукаў. Ён дзесьці на вачах ва ўсіх. Ты дапаможаш мне?

— Так. Мне таксама трэба прачытаць чароўную кнігу.

Яны абышлі ўвесь замак. Даследавалі капліцу, зброевы і паляўнічы пакоі, катавальню, бальную залу і спальні, аблазілі гарышчы і адкрытыя вежавыя пляцоўкі, калідоры, галерэі і сходы. Зазірнулі да лекара — ён змешваў зелле і нават не пачуў, як рыпнулі дзверы.

— Можа, кніга далёка ад замка? Ці яе наогул знішчылі? — спытала Бурштына.

— Не. Кніга павінна захоўвацца ў самым сэрцы каралеўскага замка. І яе немагчыма знішчыць, як любое чараўніцтва.

— А ў бібліятэцы ты шукаў?

— Ты што! Хто ж стане хаваць кнігу — сярод іншых кніг? Тым больш, што ў бібліятэку пасля абвалу столі ніхто даўно не ходзіць.

Ён сказаў гэта, памаўчаў і нахмурыўся.

— Як жа я сам не здагадаўся!

Ледзь адчыніўшы перакошаныя цяжкія дзверы, яны ўвайшлі ў велізарную залу, ад падлогі да столі забітую шэрагамі кніг. Грувасткія фаліянты, пажоўклыя лісты, скруткі, пергаменты, гравюры, карты далёкіх краін, старадаўнія дакументы з гербавымі пячаткамі, даверчыя граматы і спісы запрошаных на баль — усё ўперамешку ляжала і стаяла на паліцах, на падлозе, у старых трух­лявых скрынях, сточаных жукамі. Перакошаныя бэлькі і перакрыцці, кавалкі тынку і столевых фрэсак, пыл і павуцінне, пах старой паперы. І мільёны кніг.

— Дзе яе тут шукаць? — Чэс развёў рукамі.

Скрозь шэрае, бруднае шкло вялікіх бібліятэчных вокнаў было відаць чырвонае вечаровае неба.

— Сонца заходзіць, — сказала Бурштына. — Хутка вернецца кароль.

— Эх, быў бы ў мяне загавораны кавалачак бурштыну, — сказаў Чэс.

— Навошта?

— Хіба ты не ведаеш? Бурштын дапамагае знайсці згубленую рэч. Калі далёка да яе, ён цьмянее, а блізка — ярка загараецца.

— Але ж мы не гублялі гэтую кнігу.

— Затое жадаем яе знайсці! Ды якая розніца, усё адно ў нас няма бурштыну.

— Ёсць, — Бурштына зняла з шыі залаты ланцужок. — Гэта падарунак маёй маці. Я нашу яго з нараджэння.

Кавалачак бурштыну быў зусім цьмяны, цёмна-жоўты з чорнымі плямінкамі.

— Глядзі, ён пачынае свяціцца! — сказаў Чэс, калі яны з Бурштынай зайшлі ў самы цёмны і пыльны кут бібліятэкі. — Ён разгараецца ўсё ярчэй! Мы падыходзім да яе!

Пад грудай пагрызеных мышамі папер ляжала кніга — у вокладцы з цёмна-чырвонай скуры, са срэбнымі ражкамі і пасярэбраным замочкам.

— Дык гэта ключ ад кнігі! — сказаў Чэс. — Кніга замыкаецца, як скрынка!

Ён дастаў ключ, але марудзіў адкрываць. Нібы баяўся.

— Чаго ты? — спытала Бурштына.

Ён узяў яе за руку.

— Пакуль мы не прачыталі праўду пра сябе, Бурштына, я хачу сказаць. — ён замоўк.

— Што?

— Мне заўсёды хацелася наблізіцца да цябе так, каб адчуць водар тваіх валасоў. Можна?

— Потым. Спачатку прачытаем кнігу.

— Потым мы будзем ужо зусім іншыя.

— Чытай!

***

Аднойчы на паляванні кароль атруціўся зялёнай вадой з лясной студні. Усе вядомыя сродкі не дапамаглі, атрута пратачылася ў кроў і разлілася па ўсім целе. Кароль паміраў у страшных пакутах, і тут выбліскам чорнага агню з’явіўся ў яго пакоі Чорны Вандроўца, пракляты чараўнік, які не можа затрымацца ні ў адным месцы даўжэй, чым на суткі. Праклён гоніць яго з хаты ў хату, з краіны ў краіну, і нідзе ён не можа знайсці прытулак.

— Паміраеш? — спытаў Вандроўца караля. — Я ведаю адзін дзейсны сродак ад смяротнага яду.

— Адкуль ты ведаеш, што я паміраю?

— Мне адкрыта мінулае, сапраўднае і будучыня. Што дасі за выратаванне свайго жыцця?

— Усё, што папросіш! Клянуся!

— Калі ашукаеш, я забяру яе, — сказаў Вандроўца, і ў пакоі, азораная ззяннем, з’явілася прыгожая дзяўчына. Яе залацістыя валасы былі распушчаны, зялёныя вочы глядзелі і нібы не бачылі.

— Нейкая яна сонная, — сказаў кароль.

— Зачараваная ж, вядома, — адказаў чараўнік. — Што ж ты хочаш, я выкраў яе з роднага дому, супраць яе волі.

— Я штосьці не зразумеў. Гэта яна мяне выратуе ад смерці?

— Так. Гэтая дзяўчына бессмяротная. І яна робіць бессмяротным першага, хто ўбачыць яе пасля ўсходу сонца. Праўда, гэта бяссмерце доўжыцца толькі суткі, да наступнага світання.

— Каб не памерці, я павінен глядзець на яе штораніцы? Выдатна. Я з ёю ажанюся.

— Усё не так проста. Калі яна народзіць дзіця, яе дар знікне — з нараджэннем сына — ці пяройдзе да дачкі.

— Значыць, я не дакрануся да яе, буду толькі глядзець, — кароль зірнуў у акно. — Хутка світанне. Дык што ты просіш за гэтую дзяўчыну?

— Тое, што падорыць табе на вяселле ведзьма Навакольнага лесу.

— Дамовіліся.

На вяселлі ўсе дзіваваліся невымоўнай прыгажосці каралевы. Нявеста сядзела без усмешкі, строга і холадна гледзячы наперад.

Падарункі прыбывалі адусюль. Мэбля з чырвонага дрэва, раскошныя дываны, тыгравыя шкуры і саболевыя футры, шытае срэбрам адзенне, куфры з жэмчугам і галінкі каралаў, залатыя зярнёныя келіхі, выразаныя з самацветаў статуэткі, ружовае масла і слановая косць, далікатны парцалян і адрэзы аксаміту, шоўку, парчы.

А ведзьма з Навакольнага лесу падарыла старую гліняную скрыначку, у якой ляжалі тры пярсцёнкі: шкляны, алавяны і драўляны. Чараўнічы падарунак, але ў чым чараўніцтва, ведзьма не сказала.

— Дару не вам, а яшчэ не народжанай прынцэсе. Калі прыйдзе час, я сама адкрыю ёй сакрэт гэтых пярсцёнкаў.

З гэтымі словамі ведзьма знікла. Жыла яна недалёка, у лесе каля замка, але дарогі туды не вялі. Да ведзьмы маглі патрапіць толькі тыя, каго яна хацела бачыць. Астатнія блукалі сярод балот, асіных гнёздаў, непраходных зараснікаў ажыны і глыбокіх раўчукоў з ледзяной вадой.

Неўзабаве ў замку зноў з’явіўся Чорны Вандроўца. Ён запатрабаваў абяцанае. Кароль прынёс скрыначку, але яна была пустая. Чараўнік не паверыў, што пярсцёнкі зніклі. Ён вырашыў, што кароль схаваў іх, і ў гневе знік, пракрычаўшы:

— Я табе адпомшчу!

Кароль спалохаўся, і з гэтага дня пачалося ўзвядзенне Глухой сцяны. Пад’езд да замка застаўся толькі адзін, пад аховай магутнага гарнізона. Каралеву ні на хвіліну не пакідалі без нагляду. Уначы яе замыкалі ў спальні, а на вокны паставілі чыгунныя рашоткі. Незразумела, чаго баяўся кароль, але гатаваць ежу асабіста для яго стаў спецыяльна наняты кухар. Ён прыехаў у замак з сакваяжам, у якім бразгалі бутэлечкі ды шамацелі сушаныя зёлкі. Наступным з’явіўся лекар. Ён абсталяваў катавальню ў падзямеллі, і адтуль даносіліся жудасныя крыкі. З прыездам садоўніка і сабакара вакол замка з’явіліся велізарныя чорныя дрэвы з атрутнымі шыпамі, а на ноч сталі выпускаць злых сабак, якія добра бачаць у цемры. Засталіся ў мінулым балі і прыёмы. Гарнізон так старанна правяраў усіх ахвотнікаў заехаць на замкавыя землі, што хутка ахвотнікаў не стала.

У гэтым жа годзе ў караля нарадзіўся сын.

Яго маці, служка Альма, атрымала шаўковую сукенку і павышэнне па службе. Яе прызначылі асабістай пакаёўкай каралевы.

Прайшло тры гады. Каралева прачнулася ўначы ад шораху. Альма спала. Каралева падышла да расчыненага акна. На падаконніку, ля самай рашоткі, ляжаў і слаба свяціўся вялікі спелы персік. Каралева ўзяла яго і з’ела, а костачку схавала пад падушку. Раніцой замест костачкі яна знайшла кавалачак бур­штыну на залатым ланцужку, схавала яго і нікому не сказала ні слова. А праз дзевяць месяцаў, уначы, каралева адчула боль.

Разбуджаны кароль блукаў па сваёй спальні і мармытаў:

— Але яна ж не можа памерці, яна ж бессмяротная!

Ён падышоў да дзвярэй у пакоі каралевы. Чуліся крыкі. Выйшла Альма.

— Што з ёй? — спытаў кароль.

— Трэба шмат гарачай вады і чыстыя прасціны. Каралева нараджае дзіця.

Плавіліся свечкі. За акном світала, кароль сядзеў у сваім кабінеце і адчуваў, як сыходзяць сілы. Без чараўніцтва ён пражыве дзень-два, бо яд затаіўся ў крыві.

Увайшла стомленая Альма.

— Хто? — спытаў кароль, ужо ведаючы, што загадае забіць каралеву і яе сына, сына Чорнага Вандроўцы.

— Дзяўчынка, — сказала Альма.

Так досвіткам хмурнага дажджлівага дня ў замку з’явілася прынцэса Бурштына. Дзяўчынку прыносілі да каралевы толькі пакарміць, увесь астатні час яна была ў спальні караля ці ў садзе пад наглядам Альмы і слуг. Яна не ўмела плакаць, расла спакойным і задуменным дзіцем. З яе не зводзілі вачэй, але ніколі не гладзілі па галаве і не цалавалі. У два гады Бурштыну аднялі ад матчыных грудзей. Каралеву замуравалі ў яе пакоях, пакінуўшы толькі маленькае акенца — перадаваць ежу. А для прынцэсы адвялі былую гардэробную караля. Увайсці туды можна было толькі праз каралеўскую спальню і ніяк інакш. Дзверы ў пакой прынцэсы кароль замыкаў на ключ кожны вечар і адчыняў раніцой.

У дзяўчынкі былі парцалянавыя лялькі з сапраўднымі валасамі, але яна не ведала, што з імі рабіць. Быў саф’янавы чырвона-залаты мячык, былі шахма­ты з ружовага дрэва, пяльцы і залатыя ніткі, але Бурштына толькі сядзела ля акна ці на лаўцы ў садзе. Ніхто не размаўляў з ёй. Вядома, яе клікалі да абеду, загадвалі надзець плашч, калі волка, ці шыракаполы капялюш, калі прыпякала сонца. Але ніхто ні разу не спытаў яе: «Як жывеш? Пра што ты думаеш? У цябе ёсць мара?» З Бурштынай ніхто не размаўляў, хоць яна магла шмат распавесці. Яна была такая цярплівая, што бачыла, як з бутона распускаецца кветка, як павук сплятае павуцінне, як выпараецца кропля расы. Яна была ўважлівая і ўсіх у замку пазнавала па кроках.

Аднойчы яна сядзела, як звычайна, на лаўцы і глядзела, як цень ад куста бэзу павольна паўзе па дарожцы. А міма ішоў Чэс, сын прыслужніцы Альмы. Бурштына часта бачыла яго, ён увесь час быў чымсьці заняты: тачыў нажы, абскубаў качак, цягаў ваду, калоў дровы, чысціў катлы пяском, лузаў фасолю, а калі не было працы, майстраваў сабе лук і стрэлы, выразаў дудачку ці плёў кошык. Прынцэсе падабаўся Чэс, яго загарэлы твар, мядовыя доўгія валасы і бліскучыя зубы, задуменны пагляд і летуценная ўсмешка. Ён часта хадзіў у Навакольны лес і заўсёды вяртаўся з поўнымі рукамі: нёс пучок мяты ці дзікага кмену, кошык ажын ці нізку грыбоў, мыльны корань ці жменю арэхаў. Вось і цяпер ён трымаў у руках ярка-памяранцавыя кветкі календулы.

— Хочаш кветку? — чамусьці спытаў Чэс, хоць раней толькі моўчкі кланяўся пры сустрэчы.

— Не, — сказала Бурштына. І ён пайшоў далей, забыўшыся пра яе. Але дзесьці праз тыдзень, праходзячы міма, кінуў ёй яблык. І спытаў:

— Як жывеш, прынцэса?

З таго дня пачаліся іх маленькія, мімалётныя гутаркі. А потым — доўгія і незразумелыя. Чэс заўсёды казаў што-небудзь такое, з-за чаго Бурштына потым некалькі дзён хадзіла задуменная. Ён як быццам хацеў разварушыць яе, выцягнуць з ціхага, падобнага сну, абыякавага існавання. Прымушаў здзіўляцца, злавацца, спрачацца, думаць. Чэс бачыў таямніцы нават там, дзе іх не было.

Бурштына не заўважала нават відавочнага.

***

Ванда загарнула кнігу. Хопіць на сёння. І так ужо засталася толькі палова гісторыі. Шкада. Чым казка цікавейшая, тым хутчэй яе чытаеш.

Прыйшоў Коцік, і яны з Вандай пайшлі прагуляцца. Горад з дзённага ператвараўся ў вячэрні. У вулічным кафэ складалі пярэстыя парасоны і ставілі перавернутыя крэслы на сталы. Уладальнік кніжнай крамы заносіў усярэдзіну скрыні з газетамі і кнігамі. Каля кветкавай крамы рассыльны змятаў велізарным венікам пялёсткі, лісце і шматкі ўпаковачнай паперы. Міма прайшоў ліхтаршчык. У начным рэстаране запаліліся агні, зайграла музыка.

— Люблю ўвечары хадзіць па горадзе і зазіраць у вокны, — сказаў Коцік.

— І я, — здзівілася Ванда. — А я думала, гэта дрэнна, падглядаць за чужым жыццём.

— Ведаеш, заўсёды здаецца, што за чужым акном лепей, чым за сваім. Што там людзі шчаслівыя.

Яны павольна ішлі — міма кандытарскай, банка, Школы добрых манер, міма звычайных дамоў, — і зазіралі ў вокны. Там на падаконніках квітнелі фіялкі, стаялі бронзавыя караблікі з белымі ветразямі, гарэлі маленькія чырвоныя свечкі. Людзі за вокнамі садзіліся вячэраць. Уносілі ў сталовую супніцу. Перадавалі хлеб і гарчыцу. Разлівалі гарбату, звінелі лыжачкамі. У адным акне

дзве дзяўчынкі з залатымі доўгімі косамі развучвалі перад люстэркам танцавальныя рухі. Ванда падумала, што, калі б была ў яе сястра, яны б таксама цяпер разам у сваім пакоі танчылі пры незавешаным акне, а хтосьці ішоў бы па цёмнай вуліцы, убачыў бы іх і з зайздрасцю ўздыхнуў...

У іншым акне жанчына ў вячэрняй сукенцы папраўляла букет на каміннай паліцы. Потым у пакой увайшоў малады мужчына ў чорным гарнітуры. Ён абняў жанчыну, пацалаваў яе. Ванда пачула, як уздыхнуў Коцік.

— Ты верыш, што мары здзяйсняюцца? — спытаў ён. — Толькі адкажы сумленна.

— Не, не веру. Але ўсё адно мару.

***

Згасала ружовае неба. У цёплым паветры разліваўся горкі водар лілей і пастрыжанага лісця. А ў бібліятэцы стала цёмна і холадна. Чэс замкнуў кнігу на ключ, замочак звонка шчоўкнуў. У цішыні было чуваць, як дзесьці непадалёк стукае сякера.

— Хадзем, — сказаў Чэс. — Хутка вернецца каралеўскае паляванне.

Яны выйшлі ў сад, і праз хвіліну забрахалі сабакі, загрымелі капыты.

Паляванне прайшло ўдала, у вялікай каміннай зале на сцяне з’явілася яшчэ адна лютая, з велізарнымі ікламі галава вепрука.

— У Навакольным лесе водзяцца і больш страшныя пачвары, — выхваляючыся сказаў кароль за вячэрай. — Іх шчасце, што яны не сустрэлі мяне.

— Сёння мы бачылі шкілеты пад дрэвамі, — прагаварыў сабакар. — Відаць, чарговыя ахвотнікі прабрацца ў замак і ўбачыць прынцэсу.

— Трэба выкінуць у лес труп нашага госця, — сказаў кароль весела. Бур­штына заўважыла, што Альма ўвесь час напаўняла яго кубак віном.

— Ён жывы, — буркнуў лекар.

— Але я ж загадаў, — гнеўна пачаў кароль.

— Атрута не падзейнічала, і вы павінны здагадацца, чаму, — адгыркнуўся лекар. — Сваю справу я ведаю. У гэтым замку праблемы з аховай.

— Значыць, вось яно што, — прагаварыў кароль. — Значыць, сёння я мог і не вярнуцца з палявання... Пракляты шчанюк, ён паспеў раней за мяне... Так, сонца ўжо ўзышло тады... Нічога. Заўтра на досвітку мы з ім пакончым. Навастры сякеру, — загадаў кароль садоўніку. — Альма, яшчэ віна!

***

Усю ноч Бурштына не спала. Выходзіць, у чароўнай кнізе напісана праўда. Бяссмерце, вось чаму яна не загінула, зваліўшыся з вежы. Вось чаму каралю не ўдалася атруціць прынца Бенжы. А яна — не дачка караля, не прынцэса. Кароль трымае яе ў замку проста таму, што яна яму патрэбна. А Чэс — каралеўскі сын, але ніколі не стане каралём, таму што ніколі не памрэ яго бацька. Ніколі не памрэ — дзякуючы Бурштыне. Значыць, дзякуючы Бурштыне, Чэсу не быць каралём. Вось калі б яна знікла з замка…

Ці не таму Чэс так многа размаўляў з ёй пра тое, як добра за Глухой сцяной? Ён хацеў, каб Бурштына сышла, каб кароль памёр. Чэс думаў толькі пра сябе, пра сваю выгаду. «Каралю выгадна, каб я засталася, — разважала Бурштына, — Чэсу выгадна, каб я сышла, а што выгадна мне? Чаго я жадаю? Каб мяне хто-небудзь любіў. Шчыра, усім сэрцам, нічога не патрабуючы ўзамен. У замку мяне ніхто не любіць. Значыць, з замка трэба сыходзіць».

Сонца яшчэ не ўзышло, калі хтосьці паціху адкрыў ключом дзверы ў спаль­ню Бурштыны і схіліўся над спячай прынцэсай, шэптам назваўшы яе імя.

— Чэс? — Бурштына здрыганулася ад нечаканасці. — Хто цябе сюды пусціў?

— Ніхто. Кароль прачнецца толькі ўвечары: ён выпіў тры збаны віна, а мая маці падмяшала туды соннае зелле.

— Навошта? — здзівілася Бурштына.

— А ты падумай. Хто распавёў мне пра далёкія краіны і чароўную кнігу? Маці. Усе гэтыя гады кароль прымушаў яе ўтойваць ад мяне праўду. Зараз я ведаю, хто я, і маці дапаможа мне..

— Ты хочаш стаць каралём?

— Усе гэтага хочуць, — Чэс кінуў Бурштыне яе сукенку. — Апранайся. Мы сыходзім.

— Куды?

— Растлумачу потым.

Яны праслізнулі міма спячага караля і выйшлі з замка. На ганку сядзеў чорны сабака. Ён насцярожыўся, але пазнаў знаёмыя пахі і абыякава адвярнуўся.

— А праўда, што бываюць сабакі, якія радуюцца свайму гаспадару? — спытала Бурштына.

— Так. Яны амаль усе добрыя, бегаюць за табой, носяць твой кошык, просяць, каб ты з імі пагуляла. Нудзяцца без цябе. У замку раней былі звычайныя сабакі. Але гэтыя ўсіх разарвалі.

— А праўда, што ў сабак, як у людзей, бываюць імёны?

— Вядома. Прыдумаеш свайму сабаку імя, і ён прыбяжыць, калі паклічаш.

— Сабакі такія разумныя?

— Не ведаю, — Чэс азірнуўся. — Хіба разумны сабака стане, як гэты, забіваць без разбору ўсіх, чый пах яму незнаёмы? Сабакі лёгка запамінаюць тое, чаму іх вучаць людзі, але не адрозніваюць добрае ад благога. Не, я лічу, што сабакі дурныя. Мне больш падабаюцца каты. Яны ніколі не стануць выконваць чужую волю. Робяць толькі тое, што ім падабаецца. Жывуць, як хочуць яны самі, а не як ім кажуць іншыя.

Бурштына моўчкі ішла за Чэсам па волкай траве. Яго словы, як гэта было амаль заўсёды, прымушалі думаць. Кім лягчэй быць? Сабакам, які паслухмяна выконвае загады гаспадара? Ці коткай, якая сама выбірае сваю дарогу?

— Я ніколі не бачыла котку, — сказала Бурштына.

— Ты нічога яшчэ не бачыла. Паслухай, як ціха вакол. Г адзіны перад світанкам — самыя цёмныя. У гэты час памірае больш за ўсё людзей.

— Чаму? — прашаптала Бурштына, прыслухоўваючыся да цішыні. Цвыркуны не трашчалі, замоўклі начныя птушкі, а дзённыя яшчэ не прачнуліся. Вецер не калыхаў галіны дрэў. Хутка ўсё ажыве: зарыпаюць вароты, загрымяць вёдры ў студні, зарыкаюць каровы, зазвіняць бразготкі, загрукаюць сякеры. Але пакуль наваколле замка спала ў зачараванай смузе, паніклымі стаялі закрытыя кветкі званочкаў і макаў, цьмяна паблісквала раса на працягнутым між дрэвамі павуцінні, нагадваючы пра тое, што нельга да сонца ісці ў Навакольны лес. Ад прахалоды і зябкага ранішняга ветру Бурштына стала замярзаць, і Чэс абняў яе — упершыню.

— Ты пахнеш салодкімі кветкамі, — сказаў ён. — Сёння дзень, у які здзяйсняюцца мары. У цябе ёсць мара?

— Ёсць.

— Хутка яна збудзецца. Што б гэта ні было.

Міма атрутных лілей, алеандраў і біручыны яны выйшлі да зялёнай садовай брамкі. Далей пачынаўся Навакольны лес — з дрэвамі-забойцамі, буйнымі пунсовымі суніцамі, елкаватым пахам балота, закінутымі сцяжынкамі і халупай Ведзьмы.

— Мы ідзём у лес? — спытала Бурштына. — Растлумач, што ты збіраешся рабіць? Я нікуды не пайду, пакуль не даведаюся, што задумана ў тваёй галаве.

— А калі даведаешся, пойдзеш?

— Пайду, калі палічу патрэбным.

— Ах вось як загаварыла зараз былая прынцэса, — усміхнуўся ён. — Нарэшце ты хоць трохі стала цікавіцца сваім жыццём. Добра, слухай. Я нічога ад цябе не ўтаю. Пакуль кароль спіць, я адвяду цябе як мага далей. Без тваёй магіі ён працягне ад сілы два дні. Калі трон апусцее, мы вернемся. З кнігай я лёгка дакажу свае правы і стану каралём. А ты — маёй каралевай.

— Ты не баішся пагоні? — спытала Бурштына, думаючы пра штосьці вельмі важнае.

— Я замкнуў усе дзверы, — Чэс паказаў ёй звязак ключоў. — Мы сыдзем у такую глухамань, што сама Ведзьма Навакольнага лесу не знойдзе туды шлях.

— У цябе ключы ад усіх дзвярэй?

— Так.

— Трэба вярнуцца ў замак.

— Навошта?

— Вызваліць прынца Бенжы. Ты забыўся? Досвіткам кароль збіраўся забіць яго.

— Кароль спіць. А калі прачнецца, яму будзе не да прынца, ён кінецца ў пагоню за намі, таму трэба хутчэй сыходзіць.

— Адсекчы галаву — адна хвіліна, — запярэчыла Бурштына. — А потым ты станеш каралём, і гэта табе прыйдзецца тлумачыць, што здарылася з прынцам.

— Ты думаеш? — Чэс усміхнуўся. — Гэты дурны прынц прыехаў сюды ўпотай. Наўрад ці ён раззваніў на ўсё сваё каралеўства, што збіраецца цябе выкрасці. Шпіёнаў усюды хапае. Так што, хутчэй за ўсё, ніхто не ведае, дзе прынц. І ніхто не даведаецца пра яго трагічную гібель.

Бурштына маўчала.

— Ён папаўся па ўласнай дурасці, — сказаў Чэс.

Яны стаялі ля брамкі. Чэс ізноў абняў Бурштыну, але яна адхілілася.

— Нельга быць такой добрай. Усіх не выратуеш.

— Паслухай. А з чаго ты ўзяў, што я пагаджуся дапамагаць табе?

— Што?

— Чаму ты ўпэўнены, што я буду сядзець у хованцы, пакуль кароль не памрэ, а потым вярнуся з табой у замак?

— Ты ж сышла са мной з замка.

— Так, таму што я хацела сысці з замка. Але вяртацца туды я не жадаю.

— А калі я выратую твайго прынца, выйдзеш за мяне замуж? — пасур’ёзнеўшы, спытаў Чэс.

— Навошта я табе? Я ж не каралеўскай крыві.

— Прычым тут кроў? Я сам сын прыслужніцы. Ты патрэбна мне. Я з самага дзяцінства любаваўся табой. Вядома, гэта прагучыць недарэчна, але. я . цябе. — ён запнуўся.

— Чаму ж недарэчна? — спытала Бурштына.

— Для мяне ты па-ранейшаму недаступная далёкая прынцэса. Раней я. што я мог табе даць? Пучок фазанавых пёраў ці жменьку ажын? А зараз я выканаю любое тваё жаданне. Я разумею, што мы ўсё адно няроўныя. Ты не звычайная дзяўчына, нарадзілася ад чараўніцтва, і чараўніцтва ёсць у табе. І пакахаеш ты асаблівага чалавека, не такога, як я ці гэты прынц. Але я магу даць табе дах над галавой, спакой, дабрабыт і павагу. Я нават не буду прасіць, каб ты кахала мяне, я ведаю, ты не станеш прытварацца. Проста застанься са мной у замку. Я буду кароль — і твой слуга.

— І будзеш першым жадаць мне добрай раніцы? — спытала Бурштына кпліва. — Таксама замкнеш на ключ? Ці замуруеш?

— Як ты можаш так думаць? — закрычаў ён, і ў яго зялёна-карых вачах бліснулі слёзы. — Я не зраблю з табой такога ніколі, чуеш? Хочаш сысці — сыходзь, і хай табе будзе добра там, куды ты пойдзеш.

— Чэс, пойдзем разам, — ціха сказала Бурштына. — Кінем замак і каралеўства, знойдзем новы дом і будзем жыць вольна, самі па сабе.

— І што мне дасць гэтая воля? Кім я буду? Паляўнічым ці кашолачнікам? А можа, служкам? А ты? Ты ж нічога не ўмееш, як ты заробіш сабе на жыццё? Падумай, Бурштына, табе нельга сыходзіць з замка. Тут ты атрымаеш усё гатовае, а там.

— Там я буду вольная, а тут ты пачнеш сваё праўленне з двух забойстваў.

Чэс памаўчаў, абдумваючы штосьці.

— Калі я адпушчу прынца, ты станеш маёй жонкай?

— Не.

— Але чаму? — закрычаў ён. — Чаму? Ты заўсёды так добра ставілася да мяне, я ж адчуваю, што падабаюся табе.

— Так, ты мне падабаешся, — прызналася Бурштына, пазбягаючы казаць пра каханне, — і я стала б тваёй жонкай, але толькі не тут. Не ў замку.

— Чаму? Кароль памрэ, гэта ён не даваў табе волі! Са мной усё будзе інакш! — ён схапіў Бурштыну, абняў яе і пацалаваў. Яна не супраціўлялася.

Незаўважна ўзышло сонца. Зніклі апошнія цені, совы схаваліся ў дуплы, кажаны вярнуліся на гарышчы і ў склепы, піснула, спрабуючы голас, першая пеначка. Раса холадна свяцілася на траве, ад зямлі паднімалася волкая смуга, ахутваючы кусты алеандру і калючую акацыю. Наперстаўка і дурман адкрылі свае званочкі, прапануючы пчолам атрутны мёд.

— Ты застанешся са мной? — спытаў Чэс, калі яны з Бурштынай расплюшчылі вочы і адхіліліся адзін ад аднаго.

— Ты пойдзеш са мной? — спытала Бурштына.

Абодва пакруцілі галавамі.

— Вазьмі, — Чэс працягнуў ёй ключ. — Гэта ад падзямелля, ён падыходзіць і да ланцугоў. Пакінеш там дзе-небудзь на бачным месцы.

— Дзякуй. Куды ты зараз?

— Не ведаю. У лесе шмат зацішных месцаў. Перачакаю пару дзён і вярнуся, каб стаць каралём.

Яны паглядзелі адно на аднаго. Бурштына маўчала. Чэс хмурна кіўнуў ёй і выйшаў праз зялёную брамку ў Навакольны лес. Праз хвіліну яго сілуэт знік сярод Чорных дрэў.

***

Прынц Бенжы спаў на ахапку саломы, накрыўшыся курткай. Было цёмна і прахалодна, таму прынц часта варушыўся, спрабуючы ўкрыцца цяплей. Кожны раз пры гэтым звінелі доўгія ланцугі, якімі Бенжы быў прыкаваны да сцяны. Да свайго паланення ён паставіўся спакойна, разважыўшы, што ні ў чым не вінаваты, а значыць, яго хутка адпусцяць. У крайнім выпадку, прагоняць з каралеўства.

Пачуўся нейкі гук. Цяжкія дзверы зарыпалі ржавым замком, ключ доўга важдаўся, перш чым павярнуцца. Потым дзверы пачалі павольна і няўпэўнена адчыняцца.

Прынц расплюшчыў вочы, прыўстаў. У дзвярным праёме з’явілася тонкая фігурка.

— Прынц Бенджамін? — спытала яна.

— Я тут, — ён пагрымеў ланцугамі. — Вы прынеслі сняданак?

— Не, — сказала Бурштына, спускаючыся да яго. — Я прынесла ключ ад ланцугоў. Тут так цёмна. Працягніце мне рукі, калі ласка.

Яна доўга адмыкала старыя замкі наручнікаў. Бенжы ўдыхаў салодкі водар кветак і думаў, адкуль яму знаёмая гэтая дзяўчына.

— Прынцэса? — нарэшце спытаў ён.

— Так, — яна ўздыхнула. — Мой бацька вырашыў пакараць вас смерцю. Таму вам неадкладна трэба бегчы. Я праводжу вас да Глухой сцяны.

— Гэта вялікі гонар для мяне, — усцешана сказаў Бенжы. Значыць, ён спадабаўся прынцэсе!

— Справа не ў гонары. Я пакідаю замак. Таму нам па дарозе.

Бенжы вырашыў роспыты пакінуць на потым. Ён з задавальненнем паварушыў вольнымі рукамі, устаў і пакланіўся Бурштыне.

— Дзякую вам, мая цудоўная выратавальніца.

— Трэба спяшацца.

— Вядома, — Бенжы выйшаў на вуліцу і адразу зажмурыўся ад яркага ранішняга сонца.

— Як добра! — усклікнуў ён. — Варта было праседзець суткі на ланцугу, каб потым ацаніць хараство волі!

— Калі ласка, хутчэй, — нервова папрасіла Бурштына. Яна баялася, што кароль прачнецца і вышле пагоню. А Бенжы пазяхаў і пацягваўся, ціхамірна ўсміхаючыся. Ён не быў падобны на Чэса, прыгожы сваёй дагледжанасцю, вытанчанасцю рухаў, ганарыстай каралеўскай паставай. Нават у бруднай і мятай адзежы ён выглядаў сапраўдным каралём. Бурштына падумала, што Чэсу прыйдзецца доўга выпрацоўваць у сябе такую паходку, вучыцца трымаць спіну роўна і глядзець пагардліва нават на тых, хто вышэйшы ростам.

— Куды ісці? — спытаў Бенжы. І яны пайшлі да садовай брамкі. Раса выпарвалася, ад травы патыхала волкасцю. Падол сукенкі Бурштыны набрыняў і пацяжэў. Змакрэлі і туфлі прынца.

— У нас ёсць час да заходу, — сказала Бурштына. — Потым выпусцяць сабак.

***

У Школе добрых манер тоненька празвінеў званок, паведамляючы вучням і вучаніцам пра перапынак. Калідоры напоўніліся шолахам шаўковых спадніц і асцярожным грукам абцасікаў. Хлопчыкі галантна прапускалі наперад дзяўчынак і неслі іх партфелі. А дзяўчынкі рабілі рэверансы і міла ўсміхаліся. Ванда чакала маму, якая выкладала этыкет і харэаграфію. І пакуль мамчыны падапечныя развучвалі складаныя па ці колькасць зубчыкаў у рыбнага відэльца, Ванда чытала казку, павольна і неахвотна перагортваючы старонкі. Казка так хутка канчалася, няўмольна набліжаючыся да развязкі...

Ванда ўздыхнула. Шкада, што прынцэса не засталася з Чэсам. Атрымалася б такая прыгожая пара.. Яна зірнула на сябе ў люстэрка. Валасы, вядома, не залатыя, а проста светла-русыя, але ўсё адно можна памарыць, што ты прынцэса, і два прынцы змагаюцца за права стаць тваім мужам.

З настаўніцкай выйшла мама, на хаду зашпіляючы палярыну.

— Усё, сёння ў мяне ўрокаў больш няма, — сказала яна. — Дачытала?

— Дачытаю потым. І так мала засталося.

— Расцягваеш асалоду, — засмяялася мама. — У дзяцінстве я таксама любіла чытаць казкі. Мы з Якабінай заўсёды чыталі кніжкі разам. — яна замоўкла і спахмурнела.

— Хто такая Якабіна?

Мама разгубілася, але хлусіць не стала.

— Гэта мая сястра, — сказала яна сумна. — Мы былі пагодкі. Разам гулялі ў лялькі, шылі сумачкі, рабілі адна адной прычоскі, каталіся на конях. А потым яна знікла, і мы ніколі яе больш не бачылі.

— Яе выкраў чараўнік? — спытала Ванда, абняўшы маму за талію.

— Не ведаю, — уздыхнула мама. — Нават прабабуля не ведае.

***

Навакольны лес залаціўся пад ранішнім сонцам. Бліскучае глянцавае лісце чорных дрэў трапятала пад ветрам, чаплялася маленькімі іголачкамі адно за адно. Дакранешся да такой іголачкі — памрэш, таму што яна ўпусціць у цябе атрутны сок. Так казаў Чэс, і Бурштына верыла. Яна ішла, уважліва гледзячы пад ногі, каб не патрапіць у адну са шматлікіх пастак. Папараць шамацела, суніцы наліваліся салодкасцю, пчолы закопваліся ў пухнатыя венцы сон-травы і мядункі. Пахла смалой, вільготнай травой, пераспелымі ягадамі. Рудыя капялюшыкі чырвонагаловікаў і карычневыя — баравікоў выглядалі з-пад апалай лістоты, вабячы ўсё далей у глыб лесу. Сцяжынак было шмат, вялі яны ў багну, у калючыя зараснікі ядлоўца, у яры, заплеценыя хмелем і бузіной. Сцюдзёныя раўчукі заступалі дарогу, паваленыя дрэвы перакрывалі шлях, павуцінне ліпла да твару, галінкі драпежна хапалі за адзежу. Не маючы звычкі да доўгіх шпацыраў па лесе, Бурштына хутка стамілася і без сіл апусцілася на зямлю. Бенжы, больш трывалы, прысеў побач з ёй і спагадліва зазірнуў у зялёныя вочы дзяўчыны.

— Адпачніце, прынцэса, а я пайду наперад і разведаю дарогу.

— Не дакранайцеся да залатога лісця з чорных дрэў. Яно атрутнае.

Ён кіўнуў і сышоў.

Бурштына чакала доўга, каля гадзіны, калі Бенжы нарэшце вярнуўся. Ён прынёс ёй букет буйных суніц і некалькі дзікіх яблыкаў.

— Гэты лес увесь пранізаны сцяжынкамі, — сказаў прынц. — Дзіўна. Кажуць, сюды рэдка хто адважыцца заходзіць. А сцяжынак процьма. Але якая з іх — патрэбная нам? Прыйдзецца ісці наўздагад.

Ён дапамог Бурштыне падняцца і пацалаваў ёй руку. Бурштына дапытліва паглядзела на яго твар. Прынц выглядаў вельмі задаволеным.

— Я і не мог спадзявацца, што мая мара здзейсніцца так хутка, — сказаў ён, трымаючы прынцэсу за руку. — Толькі ўчора прыехаў — а сёння ўжо вяртаюся дахаты з дзяўчынай, якую кахаю.

— Кахаеце? Але мы ледзь знаёмыя.

— Я пакахаў вас, слухаючы аповеды купцоў і вандроўных музыкаў. «У далёкім каралеўстве стаіць замак, акружаны непрыступнай сцяной, — казалі яны. — У тым замку жыве прынцэса з залатымі валасамі. Яна самая прыгожая дзяўчына на зямлі, і шчаслівы будзе той, чыёй жонкай яна стане». Я слухаў іх і думаў: яна павінна быць маёй! А калі я ўбачыў вас, Бурштына, то зразумеў, што не з’еду адзін. І мне пашчасціла: вы самі прыйшлі і сказалі, што сыходзіце разам са мной.

— Вы няправільна зразумелі, прынц. Я сыходжу з замка, але не ў ваша каралеўства. За Глухой сцяной нашы дарогі разыдуцца.

— Але чаму? — аслупянеў ён. — Куды вам яшчэ ісці?

— Не ведаю.

Ён маўчаў. Глядзеў на яе, любуючыся. Ветрык варушыў яго чорныя вала­сы, шаўкавістыя і хораша пастрыжаныя: нават непрычасаныя, яны выглядалі як толькі што ад цырульніка. Бурштына ўспомніла Чэса, яго светла-мядовыя, заўсёды зблытаныя валасы, зялёна-карыя вочы, рабацінне. Чэс такі загарэлы, амаль карычневы, а прынц Бенжы — беласкуры, нібы выкупаны ў малацэ.

— Я падабаюся вам, прынцэса. Не кажыце не, я гэта бачу. Але вы параўноўваеце мяне з кімсьці іншым.

— Ён кахае мяне.

— Вы сышлі з замка, дзе ён застаўся. Так?

Яна кіўнула.

— Значыць, вы не кахаеце яго. Інакш бы засталіся з ім.

— Не ўсё так проста.

— А што можа быць складанага ў каханні? Кахаеш чалавека — застаешся з ім. Не кахаеш — сыходзіш шукаць таго, каго пакахаеш. Вы сышлі, і значыць, у мяне ёсць шанец.

— Сонца ўжо высока. Калі нас зловяць, ніякага шанцу не застанецца. Трэба ісці.

Яны зноў пачалі свой шлях па вузкіх і заблытаных сцяжынках. Раз-пораз зараснікі крапівы, велізарныя мурашнікі, непраходныя ельнікі і гразкія палянкі з ярка-зялёнай асакой прымушалі кінуць адну сцяжынку і ступіць на іншую. Лес гуляў з імі, перастаўляючы як фігуркі на шахматнай дошцы. Бенжы абадраў руку, Бурштына парвала сукенку і два разы правалілася ў непрыкметныя балотныя акенцы. Апоўдні, брудныя і змучаныя, яны вырашылі зрабіць прывал. Цяпер ужо і ў прынца не засталося сіл.

На сонечнай канюшынавай палянцы пад чорным дрэвам з залатым лісцем яны прыселі ў цені. Пырхалі матылькі. Над канюшынай гулі пчолы і залацістыя мушкі. На круглым валуне ў цэнтры паляны грэлася вялікая змяя. Цяжкі водар нагрэтай зямлі паднімаўся да неба. Так хацелася спаць! Забыўшыся пра небяспеку, Бурштына прыхінулася да чорнага ствала. Ён быў цёплы і нібы жывы. Бенжы сеў побач і шырока пазяхнуў.

— Трэба адпачыць, — сказаў ён сонным голасам і заплюшчыў вочы. Бур­штына глядзела на яго твар, спакойны і светлы, з доўгімі вейкамі і прамым пародзістым носам. Нават спаў прынц прыгожа, не губляючы сваёй каралеўскай годнасці. Бурштына падумала, што ён не такі ўжо і дрэнны, і таксама заснула. Ёй снілася, што чорнае дрэва выпусціла са ствала тонкія залацістыя карэньчыкі, якія ўпіліся ў яе скуру. Дрэва вырашыла прарасці ў яе, каб яна стала яго часткай і нікуды не сышла з цёплай канюшынавай палянкі.

Карэньчыкі вострымі іголачкамі праколвалі скуру і пранікалі ў цела. Гэта было не балюча, трохі казытліва і нават прыемна. Бурштына ўсё глыбей апускалася ў сон.

— Прачніся! Прачніся ж! — крычаў хтосьці ёй у вуха, біў па шчоках. Бур­штына з вялікім намаганнем адкрыла вочы. Над ёй схіліўся Чэс. Яго зялёнакарыя вочы былі пашыраны з перапуду, і Бурштына здрыганулася.

— Асцярожна, — сказаў ён і паказаў кудысьці ўніз. — Паглядзі. І толькі не варушыся.

Яна паслухмяна паглядзела — і закрычала ад агіды. Усё яе цела было прашыта маленькімі празрыстымі трубачкамі, па якіх перапампоўвалася штосьці цёмна-чырвонае. Трубачкі выходзілі з-пад адзежы, са скуры — і цягнуліся да дрэва, хаваючы канцы ў яго чорнай кары. Такой жа сеткай быў зблытаны спячы Бенжы.

— Што гэта? Што гэта, Чэс? — закрычала Бурштына, спрабуючы вырвацца, устаць.

— Не рухайся, — прашыпеў ён. — Калі рэзка ўстанеш, карані адарвуцца, і ты сыдзеш крывёй.

— Крывёй?

— Не зразумела яшчэ? Дрэва высмоктвае з цябе кроў. Вы б ужо не прачнуліся, і наступным ранкам тут ляжалі б дзве пустыя абалонкі. Два сухіх матыльковых кокана.

— Што ж рабіць? — яна ўпершыню зведала такі моцны страх.

— Цярпець. Зараз я іх абрэжу. Будзе балюча.

Але яна не адчувала болю і спакойна глядзела, як Чэс адзін за адным адсякае тонкія карані, завязваючы вузельчыкамі абрубкі. Хутка Бурштына змагла падняцца і ўбачыць, як пакалечаныя трубкі хаваюцца ў кары дрэва. Абрэзаныя парасткі, якія тырчалі з цела Бурштыны, некаторы час крываточылі, а потым засыхалі і адвальваліся. Рубцоў на скуры, да шчасця, не заставалася, толькі маленькія дзірачкі на сукенцы.

— Трэба будзіць твайго прынца, — сказаў Чэс. — Хутка сонца зойдзе, і сабак пусцяць па вашым следзе.

Бенжы выявіў стрыманасць і не стаў крычаць, убачыўшы, што дрэва п’е яго кроў. Ён сціснуў зубы і толькі ўздрыгваў, пакуль Чэс адсякаў нажом драўняныя трубкі. Прынц быў звычайным чалавекам і адчуваў боль.

— Ваша адзежа ўся ў крыві, — Чэс пакруціў галавой. — Сабакі адразу пачуюць. Ад паху крыві яны звярэюць. Трэба ісці.

Бенжы ледзь трымаўся на нагах. Ад болю і перажытага кровапускання ён знаходзіўся ў паўнепрытомным стане, але сказаў:

— Я гатовы.

Чэс зірнуў на яго з цікавасцю.

— Трэба схавацца і перачакаць ноч, — сказала Бурштына. — Ён ісці не зможа.

— Добра. Можа, нам пашанцуе, — сказаў Чэс. — Паднімайцеся. Гэта недалёка.

— Куды мы? — спытала Бурштына, падтрымліваючы Бенжы, які ўсё больш на яе навальваўся і ледзь перасоўваў ногі.

— Маўчы, — сказаў Чэс, падтрымліваючы Бенжы з іншага боку.

Яны ішлі па густым чарнічніку, сярод папараці і моху, пад высокімі старымі хвоямі. Чорныя дрэвы раслі праз роўныя адлегласці, нібы вартавыя, і моўчкі назіралі. Бурштына старалася не дакранацца да іх кары. А яны адчувалі гэта і сыпалі ўніз сваё калючае залатое лісце. Вострыя, пякучыя ўколы прымушалі вохкаць Чэса і Бенжы, толькі Бурштына не адчувала болю.

Паступова вузкая сцяжынка ператварылася ў шырокую зручную дарогу без глыбокіх лужын, разрослага ажынніка, карчакоў і паваленых ствалоў. Чорныя дрэвы зніклі, саступіўшы месца дубам і ясеням. Сунічныя паляны, сямейкі баравікоў, астраўкі жоўтага святаянніка і зараснікі ляшчыны атачалі маленькую драўляную хатку. Ля студні на лаўцы сядзела жанчына.

— Атрымалася, — палегчана ўздыхнуў Чэс.

— Хто гэта? — прашаптала Бурштына.

— Ведзьма Навакольнага лесу.

***

Пасля вячэры яны паклалі Бенжы на ляжанку ў маленькім пакойчыку, дзе моцна пахла сушанымі грыбамі. Ведзьма напаіла яго адварам крапівы, які аднаўляе кроў, і прынц адразу заснуў. Чэс выйшаў на ганак, каб Ведзьма магла пагаварыць з Бурштынай сам-насам.

— Ты вельмі падобная да маці, — ведзьма пагладзіла залацістыя валасы прынцэсы. — Але лёс твой святлейшы за яе. Вазьмі. Гэта мой падарунак.

Бурштына адкрыла круглую гліняную скрыначку і ўбачыла тры пярсцёнкі. Шкляны, алавяны, драўляны.

— Надзень іх. Кожны пярсцёнак выконвае адно жаданне. Пасля гэтага можаш выкінуць ці насіць як звычайныя ўпрыгожванні.

— Любыя жаданні? — здзівілася Бурштына.

— Не. Драўляны пярсцёнак ператворыць злое ў добрае, чорнае ў белае. Шкляны пярсцёнак зробіць празрыстымі чужыя думкі. Алавяны пярсцёнак выканае запаветнае жаданне іншага чалавека, не тваё. Але думай добра, калі будзеш загадваць, не змарнуй чараўніцтва на дробязі.

— А магу я. іх падарыць?

— Не. Пярсцёнкі застаюцца чароўнымі толькі на тваёй руцэ. У іншых людзей яны сваю сілу страцяць.

— Дзякуй, — сказала Бурштына, прымяраючы пярсцёнкі. — Яны мне якраз, як па мерцы.

— Чароўныя пярсцёнкі заўсёды як па мерцы, — усміхнулася Ведзьма.

***

Накарміўшы гасцей вячэрай, Ведзьма сышла — збіраць у поўню гаючыя травы ці вядзьмарыць новыя сцяжынкі. У яе хаце было цёпла і ўтульна. Бенжы спаў, Чэс сядзеў за сталом і чысціў нож ад засохлай крыві і карэньчыкаў. Бурштына глядзела на агонь. Яна думала пра тое, што ж ёй выбраць: сысці з Бенжы ў яго каралеўства ці застацца вольнай і працягваць свой шлях у адзіноце? Быў яшчэ трэці варыянт — вярнуцца ў замак з Чэсам.

— Толькі не ўздумай паверыць яму, — сказаў Чэс ціха. Ён не глядзеў Бурштыне ў вочы, працягваў чысціць лязо скуркай, але па нервовых, занадта хуткіх рухах было ясна, што яму вельмі важна пачуць адказ.

— Каму? Бенжы?

— Так. Ён не кахае цябе.

— Адкуль ты ведаеш?

— Бачу. Ты для яго скарб, які трэба захапіць і схаваць. Чароўны падару­нак. Прыгожая рэч.

— Дазволь мне самой вырашаць, — Бурштына адчувала, што ён мае рацыю, але не хацела гэта прызнаваць.

— Вырашай. Але калі ты сыдзеш з ім, то не будзеш вольная.

— Што ж мне абраць? — задуменна прагаварыла яна.

— Абяры таго, каго кахаеш, і застанься з ім.

Чэс схаваў нож і выйшаў, паціху прачыніўшы дзверы. Бурштына памарудзіла, але ўсё ж выйшла следам. Чэс сядзеў на лаўцы каля студні. Ноч была цёмнай, і Бурштына насілу распазнала яго сілуэт.

— Чаму ты не ідзеш спаць? — спытаў ён. Сумным, цяжкім голасам.

— Хачу пагаварыць з табой.

— Пра што нам размаўляць? Ты ўсё вырашыла.

— Ты сказаў: застанься з тым, каго кахаеш. А чаму ты не можаш зрабіць гэтак жа? Чаму хочаш разлучыцца са мной?

— Таму што мне патрэбна ўлада. Я хачу быць каралём.

— А я не хачу быць каралевай.

— Бачыш, мы вярнуліся да таго, з чаго пачалі.

— Я не магу з табой застацца, а ты не можаш са мной сысці, — сказала яна сумна. — Ці значыць гэта, што мы не кахаем адзін аднаго?

Чэс павярнуўся да яе.

— Я не ведаю.

Поўня смутна бялела скрозь смугу чорных аблачын. Трывожна і хутка ляцела над галавой неба. У ляшчыне спявалі салаўі. Пахлі начныя фіялкі, белымі зорачкамі рассыпаныя пад вокнамі Ведзьмінай хаты. Зямля аддавала цяпло, назапашанае за дзень. Бурштына стала мерзнуць, і Чэс адвёў яе да цёплага агменю. Спаць яны не маглі, адчуваючы тугу і незразумелую віну. Чэс закіпяціў ваду і заварыў гарбату, дастаў з паказанага Ведзьмай куфра пачаты пірог.

— З’еш. Заўтра трэба будзе ісці ўвесь дзень.

— Не хачу, — стомлена сказала Бурштына. — Я нічога не хачу.

Чэс зірнуў на яе, яна адвяла вочы. Абое ўздыхнулі. Бенжы ціха спаў, агонь дагараў, успыхваючы час ад часу яркімі іскрамі.

— Ты так ніколі ні з кім не застанешся, — сказаў Чэс. — Будзеш падазраваць кожнага ў тым, што ён жадае ўсяго толькі скарыстацца тваім дарам. Стаць дзякуючы табе бессмяротным.

— Я не думаю так пра цябе.

— Думаеш, — ён пакруціў галавой. — Ты баішся замка, думаеш, што ён стане тваёй турмой. Як стаў турмой для тваёй маці.

— Калі б я ўмела вядзьмарыць, — уздыхнула Бурштына. — Калі б магла разбурыць сцены замка.

— Твая маці назаўжды застанецца там.

— Ведаю.

Яны моўчкі пілі духмяную травяную гарбату. Потым Бурштына заснула, апусціўшы галаву на стол. Прачнулася яна на досвітку, ад лёгкага дотыку.

— Чэс? — але яго ў пакоі не было, а Бенжы спаў. Бурштына выйшла з хаткі і агледзелася. Чэс удалечыні кідаў нож у дуплаватае старое дрэва. Каму на сёння падарыць бяссмерце, падумала Бурштына з сумам. Чэс адмыслова сышоў, каб першы мяне ўбачыў Бенжы? Ён што, хоча памерці? Ці хоча, каб Бенжы застаўся жывы?

Памыўшыся і прычасаўшы валасы, Бурштына падышла да Чэса.

— Ён прачнуўся? — спытаў Чэс, не абарочваючыся.

— Спіць.

— Сыходзь, я не жадаю на цябе глядзець.

Нож паляцеў і ўваткнуўся ў тонкі сук, абламаўшы яго. Некалькі кропель расы ўпала з дрэва, здрыганулася лісце. Бурштына ўзяла Чэса за руку і прымусіла яго павярнуцца.

— Калі ўжо я ўмею гэта рабіць, то я жадаю падарыць бяссмерце табе.

— А я не жадаю тваіх падарункаў! — сказаў ён злосна і пайшоў па нож, вырваўшы з яе рукі сваю. — Мне гэта не трэба! Зразумей! Я не жадаю жыць вечна!

— Тады.

— Што? — ён павярнуўся.

— Пазбаў мяне ад гэтага дару.

Ён некалькі секунд стаяў моўчкі, нібы не разумеючы. Потым сумна пакруціў галавой. Схаваў нож і пайшоў да хаты. Там на ганку ўжо пацягваўся заспа­ны Бенжы. Выглядаў ён добра, ведзьміны зёлкі дапамаглі.

— Добрай раніцы! — крыкнуў ён. — Шпацыравалі перад сняданкам?

— А ты прыгатаваў сняданак? — спытаў Чэс.

— Я? — прынц засмяяўся. — На гэта ёсць служкі.

— Тады сёння ты застанешся галодным, — Чэс прайшоў у хату, пхнуўшы Бенжы плячом. Бенжы паглядзеў яму ўслед, потым — на Бурштыну — і зразумела ўсміхнуўся.

— Пасварыліся?

Бурштына ўздыхнула.

***

— Чаму ты не прыйшла ўчора да прабабулі? — спытаў Коцік. Ён сядзеў у пакоі Ванды і гартаў альбом з яе вышыўкамі. Ванда адарвала погляд ад кнігі.

— Чытала.

— Ты дагэтуль не скончыла? — здзіўлена спытаў ён. — Кніжка не такая і вялікая.

— Я знарок чытаю павольна, — прызналася Ванда. — Там ужо мала застало ся. Героі дойдуць да Глухой сцяны, і прынцэсе застанецца абраць аднаго з жаніхоў. І ўсё.

— Няўжо так цікава?

— Вельмі!

Потым Ванда сышла на кухню, каб зрабіць какаву. Калі яна вярнулася з падносам, Коцік ужо амаль дачытаў.

— Хто з жаніхоў табе больш падабаецца? — спытаў ён.

— Чэс. Ён добры. А прынца я падазраю.

— Я дайшоў пакуль да Ведзьмы і пярсцёнкаў. Потым дачытаю. Насамрэч, цікава.

— Праўда? — узрадавалася Ванда. — І ведаеш, што я заўважыла? Прын­цэса на малюнках вельмі падобная на дзяўчынку з тваёй фатаграфіі.

— Так, — кіўнуў Коцік.

— Можа, гэта з яе малявалі?

— Што ты. Кніжка старадаўняя. А мы ж зараз ведаем, што дзяўчынка гэта не старэйшая за тваю маці. Значыць, і казка не пра яе.

***

Сабачы брэх нарастаў.

— Чэс, яны нас дагоняць? — спалохана спытала Бурштына.

— Так, — скрозь зубы сказаў Чэс, яшчэ паскараючы крок. Яны амаль беглі, спатыкаючыся аб купіны і зблытаныя пугі паўзучай ажыны. Чорныя дрэвы сыпалі залатым лісцем і ўсё гусцей ссоўвалі галінкі, канчаткова хаваючы апошняе дзённае святло. Сонца заходзіла, і сабакі ўзялі след. Бурштына трымала рукамі доўгую спадніцу, каб тая не замінала бегчы. А Бенжы трымаўся рукамі за бок, крывячыся ад болю і задыхаючыся. Ён не прывык бегаць, а тым больш уцякаць.

— Я... больш... не... магу. — праенчыў ён, валячыся на калені ў траву. — Я паміраю...

— Уставай! — закрычаў Чэс. Тузануў яго, прымусіў падняцца.

— Гэта бессэнсоўна. — захлынаючыся дыханнем, сказаў прынц. — Нам не адарвацца ад іх.

— Можа, залезем на дрэва? — прапанавала Бурштына.

— Гэта выратаванне, калі сабакі адны. І пастка, калі з імі бягуць людзі.

— Але што тады рабіць? — заплакаў Бенжы. Бурштына паглядзела на яго са здзіўленнем, Чэс, як ні дзіўна, з разуменнем. — Я не жадаю паміраць! Вам добра, вы бессмяротныя!

— Што? — перапытаў Чэс.

— Так, я ведаю. Раніцай вы былі разам, і значыць, ты не памрэш. А я . — ён ізноў заплакаў.

Брэх раздаўся раптам нечакана блізка, ззаду — і наперадзе.

— Яны нас акружылі. — сказаў Чэс. — Яны нас акружылі.

Бенжы моўчкі апусціўся на зямлю, яго трэсла. Чэс і Бурштына стаялі, гледзячы адно на аднаго. Удалечыні з’явіўся першы сабака, і Чэс кінуў у яго нож, але Бурштына схапіла яго за руку. Нож паляцеў у кусты бузіны, не зрабіўшы сабаку шкоды.

— Чэс, — хутка спытала Бурштына, — скажы, а звычайныя добрыя сабакі бываюць белыя?

— Бываюць, — сказаў ён, аглядаючыся. З усіх бакоў на іх несліся зласлівыя чорныя сабакі. А ззаду чулася конскае ржанне і крыкі людзей.

— Вось і ўсё, — прагаварыў Чэс. І тут раптам чорныя сабакі на бягу сталі беласнежнымі. Яны накінуліся на Чэса, Бенжы, Бурштыну і сталі бурна лашчыцца, спрабуючы лізнуць іх у твары.

— Што з імі? — пракрычаў Чэс, адбіваючыся.

— Я ведаю. Гэта яна зрабіла, — сказаў Бенжы, паказаўшы на Бурштыну. — Яна ж ведзьма.

Сабакі віліся ля ног, шалёна віляючы хвастамі. Бурштына гладзіла іх доўгую белую поўсць, а Чэс пайшоў па нож. І тут на паляну, асцярожна ведучы канёў паміж купінамі і ямамі, выйшлі людзі. Кароль і чацвёра яго служкаў. Бенжы міжвольна ўзяў Бурштыну за руку, яны стаялі і глядзелі, як пагоня акружае іх.

— Што вы зрабілі з маімі сабакамі? — закрычаў у жаху сабакар. А кароль падышоў да дачкі і схапіў яе за другую руку.

— Значыць, усё-такі з прынцам, — прагаварыў ён. — А я ўжо было на Чэса падумаў.

Слугі схапілі Бенжы, адарваўшы яго ад прынцэсы, і чакалі загаду караля.

— Прыйдзецца табе вярнуцца ў замак, золатка, — сказаў кароль, шчаслівымі вачамі гледзячы на Бурштыну. Ён моцна схуднеў за гэтыя два дні, скура стала зелянявай, а з рота вырываўся гнілы мёртвы смурод.

— Мне мала ўжо заставалася, — працягваў кароль. — Але зараз ты вылечыш мяне. Да світання я пратрымаюся.

— Ты марнаваў сілы дарма, я больш не бессмяротная, — у адчаі зманіла Бурштына.

— Што? Як гэта? — раздражнёна спытаў кароль. А потым зразумеў і закрычаў у жаху, пырскаючы сліной:

— Хлусіш! Хлусіш, злая дзяўчынка! Ты не магла так паступіць са мной!

У роспачы ён уляпіў прынцэсе аплявуху.

— Агледзь яе! — загадаў ён лекару. — Калі не хлусіць, забі.

Ледзяныя рукі лекара дакрануліся, прымусіўшы Бурштыну здрыгануцца ад агіды. І тут штосьці прасвістала ў паветры і мякка ўвайшло ў шыю караля. Ён вытарашчыў вочы, булькнуў крывёй — і паваліўся мёртвы.

Слугі замерлі, не ведаючы, што рабіць.

З бузінніку выйшаў Чэс.

— Адпусціце палонных, — сказаў ён ціха. — Гэта загадваю вам я, ваш новы кароль.

Тут жа Бурштына і Бенжы атрымалі волю. Чэс выцягнуў нож, выцер яго аб адзежу караля.

— Вяртайцеся ў замак, — сказаў ён. Слугі пакланіліся і моўчкі з’ехалі, пагрузіўшы мёртвага караля на спалоханага каня. Яны не здзівіліся і падпарадкаваліся адразу, падумала Бурштына, значыць, захоўвалі разам з каралём яго таямніцу.

— Пагоні больш не будзе, — сказаў Чэс. — Вы можаце спакойна ісці да Глухой сцяны, я адпраўлю ганца з загадам выпусціць вас.

— Чэс.

— Я вяртаюся ў замак. Цяпер я кароль, у мяне шмат спраў.

— Я тут адыду ненадоўга, — хмурна сказаў Бенжы, які пры ўсёй сваёй каралеўскай наіўнасці сцяміў пакінуць іх сам-насам.

— Бурштына, хадзем са мной у замак.

— Чэс, давай сыдзем разам.

Яны сказалі гэта і замоўклі, разгубленыя.

— Але ж я. — голас яго нязвыкла дрыжаў, а зялёна-карыя вочы падазрона блішчалі.

— І я, — Бурштына не плакала: не ўмела, гэтак жа, як не адчувала болю. Абняла Чэса, нібы вырашыла нікуды не адпускаць. Ён асцярожна трымаў яе за стан, удыхаючы кветкавы водар залацістых валасоў, хаваючы свае няпрошаныя слёзы і невымаўленыя словы.

— Няўжо ніяк нельга па-іншаму? — уздыхнула Бурштына. Яна паглядзе­ла Чэсу ў вочы, заўважыла мокрыя сляды на яго шчоках.

Ён пакруціў галавой.

— Хоць бы да сцяны.

— Не. Мне і так цяжка. Узяў бы і сілай адвёў цябе назад.

Ён не пацалаваў яе, толькі глядзеў доўга-доўга, як быццам маляваў у памяці партрэт. Потым рэзка павярнуўся і сышоў, не аглядаючыся.

***

Калі Бенжы вярнуўся на паляну, Бурштына сядзела ў траве і моўчкі глядзела перад сабой. Матылькі садзіліся ёй на плечы, вячэрняе сонца гуляла з золатам валасоў, ветрык ціхутка варушыў сукенку. Бенжы прыгледзеўся, але не заўважыў слёз на твары прынцэсы. «Добра, — падумаў ён, — значыць, яна не кахае Чэса».

— Вам дапамагчы, прынцэса?

Бурштына пакорліва абаперлася на яго руку і ўстала, але не сказала ні слова. Яна маўчала і па дарозе, не рэагуючы на словы Бенжы пра надвор’е, стомленасць і тое, што вельмі хочацца есці. Толькі адводзіла рукамі валасы з ілба і глядзела пад ногі.

Распускаліся на ноч белыя гронкі вячэрніцы, загараліся ў траве духмяныя начныя свечкі. Ад таемных лясных азёр цягнула волкасцю і холадам. Мільгалі на фоне жоўтай поўні кажаны. Крычала сава. Чорныя дрэвы спалі, згарнуўшы залатое лісце трубачкамі. Трава блытала ногі, замінала ісці.

Бенжы схамянуўся.

— Прынцэса, у вас няма з сабой крэсіва?

— Не. А вы ўмееце разводзіць агонь?

— Не, — уздыхнуў ён. — Я так змерз. Уначы ў лесе вельмі холадна.

— Так, — пагадзілася Бурштына.

Яна цяпер нічога не адчувала, увесь час разважаючы, ці правільна паступіла. Яна не захацела застацца, але ж і Чэс не захацеў сысці. Чаму менавіта яна павінна была саступіць? Бурштына ўздыхнула. Няўжо яны не кахалі адно аднаго, раз так спакойна рассталіся назаўжды?

— ...нейкі агеньчык. — сказаў Бенжы радасна. — Прынцэса, вы мяне чуеце?

— Што?

— Там, за дрэвамі, я заўважыў агеньчык! Можа, там людзі!

Бурштына паціснула плячамі. Вядома, Бенжы трэба думаць пра тое, каб не захварэць і не памерці ад прастуды. Таму яна пакорліва пайшла за ім.

Яны выйшлі да паўразбуранай хаткі з трыма цэлымі сценамі і дахам. Усярэдзіне гарэла вогнішча, і вакол распаўсюджвалася ласкавае жоўтае цяпло. Бенжы кінуўся грэць рукі, знайшоў нейкую коўдру і ўхутаўся. Потым збянтэжыўся, зняў коўдру з сябе і прапанаваў Бурштыне.

— Дзякуй, мне не холадна, — сказала яна. Села ля агню, паварушыла нейкай палкай паленцы. Яна заўсёды любіла глядзець на полымя, любавацца хуткай зменай залацістых гарачых узораў, танцам маленькіх пякучых шматкоў.

Ім і ў галаву не прыйшло задумацца, хто развёў агонь у пустэльным, злавесным Навакольным лесе, і куды сышоў гэты нехта ад выратавальнага цяпла і святла. Бенжы адшукаў кацялок з віном і зараз кіпяціў яго, шкадуючы, што няма рэзкіх затавак і цукру.

Раптам штосьці стукнула ў цемры, за межамі агнявога колца, і Бенжы ўскочыў, напружана ўзіраючыся ў чорны лес.

— Глядзі, Бялянка, у нас госці, — сказаў нягучны голас, і страшны чорны цень накрыў Бенжы і Бурштыну. Прынц выставіў наперад падпаленую палку і ваяўніча пракрычаў:

— Не падыходзь! Заб’ю!

Бурштына спакойна (што магло здарыцца з бессмяротнай?) глядзела на чалавека, які выходзіў з цемры. Чорны плашч з каптуром, худы сумны твар, а на руках нейкі белы звярок.

Чалавек прысеў ля агню, не зважаючы на Бенжы. Убачыў кацялок і пакруціў галавой.

— Не дачакаліся мяне, і пілі б пустое віно.

Ён зрабіў нейкі няўлоўны рух пальцамі, і ў паветры цудоўна запахла карыцай, мускатным арэхам, гваздзікай, цытрынай.

Бенжы спалохаўся яшчэ мацней.

— Хто вы? — спытаў ён, не апускаючы палкі і не набліжаючыся.

— Я? — чалавек дазволіў звярку саскочыць на зямлю, і той адразу адправіўся да Бурштыны на калены. — Я Чорны Вандроўца. Ці ведаеш ты гэта імя?

Бенжы пакруціў галавой, затое Бурштына схамянулася, напалохаўшы звярка.

— Гутаркі пакінем на ноч, — сказаў чараўнік і працягнуў ім круглыя свежыя праснакі. — Ешце.

Пасля вячэры і гарачага віна разамлелы Бенжы адразу захацеў спаць. Загарнуўшыся ў коўдру, ён некаторы час спрабаваў падтрымліваць гутарку, але хутка заснуў.

— Як завецца гэты звер? — спытала Бурштына, пагладжваючы белую шэрстку.

— Ты не ведаеш? — здзівіўся Чорны Вандроўца. — Гэта ж котка.

— Котка? — узрадавалася Бурштына. — Котка, якая ўсё вырашае сама?

— Так. Як жа атрымалася, што ў замку не засталося котак?

— Там былі злыя чорныя сабакі, — сказала прынцэса. — Але я ператварыла іх у добрых белых сабак. Больш яны нікога не заб’юць.

— Ператварыла? — чараўнік увесь напружыўся. — Пакажы свае рукі, дзяўчынка!

— Так, Ведзьма Навакольнага лесу падарыла мне пярсцёнкі, — сказала Бурштына. — І сказала, што чароўнымі яны застаюцца толькі на маёй руцэ. Я б аддала іх табе, але гэта бессэнсоўна.

— Значыць, такі мой лёс, — безнадзейна сказаў ён. — Я спадзяваўся з дапамогай гэтых пярсцёнкаў пазбавіцца ад праклёну. Ты ж ведаеш, што я не магу нідзе затрымацца больш, чым на суткі. Цяпер я тут, а заўтра досвіткам буду ўжо далёка.

— Ты выкраў маю маці і прадаў яе каралю, — сказала Бурштына.

— Толькі дзеля свайго выратавання, — паспрабаваў растлумачыць ён. — Так, я разумею, што гэта не апраўданне, выратавацца такой цаной.

— А ці ёсць іншыя спосабы зняць праклён? — спытала Бурштына, слухаючы, як вуркоча белая котачка на руках.

— Толькі калі хто-небудзь пажадае, каб я жыў у яго хаце. — усміхнуўся чараўнік.

— Я б пажадала, ды ў мяне няма хаты, — сказала Бурштына.

— Ты можаш адправіцца з прынцам і жыць у палацы.

— Я баюся зноў апынуцца ў турме. Бенжы ведае пра мой дар. Што, калі ён таксама зробіць мяне сваёй палонніцай?

— Тады будзь як котка. Абяры сама свой лёс.

— Але коткі часам прыходзяць жыць да людзей, — сказала Бурштына.

— Але яны могуць і сысці, калі ім не спадабаецца, — запярэчыў чараўнік. — Калі ж не спадабаецца табе, наўрад ці Бенжы цябе адпусціць.

— Што ж мне рабіць? — спытала прынцэса. — Мне страшна адной ісці невядома куды. І страшна было застацца з Чэсам. І страшна паверыць Бенжы. Я ніколі не прымала так многа рашэнняў. Я стамілася.

— У цябе ёсць чароўныя пярсцёнкі, — падказаў Чорны Вандроўца.

Драўляны пярсцёнак ператворыць злое ў добрае, чорнае ў белае. Шкляны пярсцёнак зробіць празрыстымі чужыя думкі. Алавяны — выканае чужое запаветнае жаданне. «Але думай добра, калі будзеш загадваць, не змарнуй чараўніцтва на дробязі». Так сказала Ведзьма.

— Я магу прачытаць думкі прынца, — сказала Бурштына. — Але ці не дробязь гэта?

— Думай сама, думай сама, — паспешна адказаў чараўнік. — Я ведаю адказ, але не хачу падказваць табе, дзяўчынка. Вучыся ствараць свой лёс.

— Калі я пашкадую пярсцёнка, і Бенжы мяне ашукае, то потым чары мне ўжо не дапамогуць, — падумала Бурштына. — А калі ён праўда кахае мяне, я змарную чараўніцтва дарма.

Яна глядзела на пярсцёнкі. Драўляны цямнеў на ўказальным пальцы, алавяны шарэў на сярэднім, а шкляны свяціўся, адбіваючы агонь, на безы­менным.

— Хачу даведацца, што пра мяне думае Бенжы, — рашылася Бурштына.

Тут жа ў яе галаве прагучаў голас прынца: «Бурштына такая прыгожая.

Я насамрэч яе кахаю. Мне ўсе будуць зайздросціць. Трэба прыгатаваць пакой, у якім мы будзем жыць. На вокны паставіць краты. А ў дзверы ўрэзаць сакрэтны замок, каб слугі не ўвайшлі і не перашкодзілі мне першаму бачыць яе досвіткам.»

Бурштына перарывіста ўздыхнула. Калі б яна была звычайным чалавекам, то заплакала б. Чараўнік тут жа апынуўся побач і абняў яе за плечы.

— Што ж, ты прыняла правільнае рашэнне. Малайчына, дзяўчынка.

— Мне трэба ісці, — сказала Бурштына. — Цяпер, пакуль ён не прачнуўся. Я баюся, каб ён не адвёў мяне ў сваё каралеўства сілай.

— Куды ты пойдзеш?

— Не ведаю. Я зразумела: усе людзі, пазнаўшы пра мой дар, павядуць сябе гэтак жа, як прынц. Занадта вялікая спакуса — стаць бессмяротным, нічога не аддаючы наўзамен. Я баюся, што ніколі ніхто мяне не пакахае.

— А ты не раскрывай сваю таямніцу да вяселля, — сказаў чараўнік.

— Не, гэта будзе несумленна, — адказала Бурштына. — Я мару пра сапраўднае каханне. Пра такое, што зможа вытрымаць такое выпрабаванне.

— Што ж, ты бессмяротная, у цябе шмат часу на пошукі, — усміхнуўся чараўнік. — А скажы мне, якім чараўніцтвам валодае алавяны пярсцёнак?

— Яно выконвае запаветнае жаданне іншага чалавека, — Бурштына ўздыхнула. — Не маё, а чужое. Дзіўныя яны, чароўныя пярсцёнкі. Паслухай, можа быць, мне выканаць тваё жаданне? Праклён знікне.

Вандроўца нічога не адказаў, толькі вочы яго заззялі. Ён маўчаў некаторы час, нібы спрачаўся сам з сабой, а потым сказаў:

— Разумею, ты жадаеш аддзячыць мяне за гасціннасць. Ты добрая дзяўчынка, пярсцёнкі нездарма дасталіся менавіта табе. Але я не магу прыняць твой падарунак.

— Ты адмаўляешся? — Бурштына не магла паверыць.

— Успомні пра чалавека, якому больш, чым мне, патрэбна твая дапамога, — сказаў чараўнік.

— Мама. — прашаптала Бурштына. Котачка ў яе на руках прачнулася і зірнула на прынцэсу разумнымі зялёнымі вачамі.

— Хай здзейсніцца запаветнае жаданне маёй маці, — урачыста сказала Бурштына.

І знікла.

***

Ванда здзіўлена перагарнула старонкі. Пуста. Гісторыя абарвалася на такім цікавым эпізодзе. Куды падзелася Бурштына? Хто вызваліць чараўніка ад праклёну? Якое запаветнае жаданне было ў каралевы? Апошнія лісты старадаўняй кнігі былі жоўтыя і чыстыя, нібы казачніку раптам надакучыла складаць гэту гісторыю і ён, закінуўшы кнігу пад ложак, адправіўся ў кавярню выпіць кубачак капучына.

На вуліцы быў позні вечар, усе дамашнія ўжо клаліся спаць. За акном на небе міргалі зоркі, вецер абвіваўся вакол яблыневых галінак, станавілася ўсё цішэй і спакайней. Запальваліся ў траве светлячкі, расхінала пялёсткі серабрыста-ружовая мацыёла. Ванда ўздыхнула, паклала кнігу ў сакрэтнік. Такая дзіўная гісторыя, такія мілыя героі, і вось, яна ніколі не даведаецца, што ж здарылася з золатавалосай прынцэсай.

Успамінаючы казку, яна пачысціла зубы, перапранулася ў начную кашулю і ўжо збіралася легчы, як раптам ва ўваходныя дзверы пазванілі. Ад званка, які раздаўся ў цішыні, Ванда здрыганулася. Хто б гэта мог быць так позна?

Па сходах загрукаталі чаравікі Віктара, рыпнулі дзверы бацькоўскай спальні. Ванда ўслухоўвалася ў крокі і прыглушаныя галасы, і нейкае трывожнае прадчуванне нарастала ў душы.

— Ванда! Вераніка! — раздаўся звонкі і нейкі дрыготкі мамчын голас. — Спускайцеся хутчэй!

— Ванда! — у пакой зазірнула заспаная Вераніка. — Да нас госці прыехалі!

— Уначы? — спытала Ванда, але сястра ўжо знікла.

Ванда паспешна надзела толькі што знятую сукенку, прыгладзіла валасы. Сэрца ўсхвалявана калацілася, калі яна спускалася па прыступках, спрабуючы зазірнуць праз парэнчы, хто ж там стаіць у гасцінай. І, здаецца, хтосьці плача?

Тата ўсхвалявана размаўляў з кімсьці па тэлефоне. Твар у яго быў агаломшаны. Міма пранёсся Віктар з валяр’янкай і шклянкай вады.

— Пастаў чайнік на агонь, — загадаў ён на хаду. — І скажы Вераніцы, хай прыгатуе гасцявы пакой.

Не ў сілах больш чакаць, апошнія прыступкі Ванда адолела ў два скачкі. І замерла, трохі спалоханая. На канапе ля каміна плакалі, абняўшыся, мама і нейкая жанчына, вельмі на маму падобная, толькі крышачку маладзейшая. А ў дзвярах, разгублена аглядаючыся, з белай котачкай на руках, стаяла прынцэса Бурштына. У доўгай, змятай сукенцы, з растрапанымі валасамі, яна ўсё адно выглядала казачна і надзвычайна. Толькі глядзела здзіўлена і не магла зразумець, дзе знаходзіцца.

Ванда нясмела падышла да яе і працягнула руку.

— Добры вечар, Бурштына.

— Ты мяне ведаеш? — уразілася прынцэса.

— Я твая сястра, — са шчаслівай усмешкай адказала Ванда.

***

Усю ноч у вокнах дома на пагорку гарэла святло. У зачаравана-шчаслівым настроі Ванда паспявала падумаць, напрыклад, пра тое, што калі б зараз хтосьці зазірнуў у яе акно, то абавязкова пазайздросціў бы.

Манетка з торта не ашукала, выканала жаданне Ванды. І жаданне Коціка, і бабулі. Аказалася, усе яны марылі пра адное і тое ж, так бывае, са здзіўленнем думала Ванда — і зноў апускалася ў цёплы і радасны свет — свет, у якім цяпер у яе ёсць сястра.

Бурштына не магла паверыць у тое, што здарылася. Толькі белая котка ды тры пярсцёнкі на руцэ нагадвалі, што зусім нядаўна яна была прынцэсай у казачным каралеўстве.

— Ты жыла ў казцы, — сказала яе сястра Ванда, гледзячы захоплена і крышачку зайздросна. — А я гэтую казку чытала! Мне было так цікава!

— А ты б памянялася са мной месцамі? — спытала Бурштына. Ванда падумала і збянтэжана пакруціла галавой. Чэс, безумоўна, вельмі прывабны, але прамяняць на яго маму з татам і прабабуляй, утульнасць роднага дому, раўчук з фарэллю і ўсё сваё лялечна-кветкавае жыццё? Не, яна хацела б чытаць казкі, а не жыць у іх. Бо чым цікавей казка, тым цяжэй даводзіцца галоўным героям.

— Столькі ўсяго здарылася. — сказала Бурштына. — Я дагэтуль не веру.

Мама Ванды не адыходзіла ад Якабіны, яны зачыніліся ў мамчыным пакоі і размаўлялі, размаўлялі. А Ванда гэтак жа не пакідала адну Бурштыну. Яна паказала сястры свае сукенкі, капялюшыкі, сумачкі, калекцыю пацерак і аль­бом з вышыўкамі, свой школьны дзённік і кніжную, поўную казак, шафу.

Кнігу са срэбным замочкам Бурштына адразу пазнала. Адкрыўшы старонку з партрэтам Чэса, сёстры дружна ўздыхнулі. Пераглянуліся, і Буршты­на нявесела ўсміхнулася, а Ванда зноў апусціла вочы. Яна зразумела, што Бурштына наўрад ці будзе гуляць з ёй у хованкі і рабіць кветкавых лялек з дзьмухаўцоў. Яна старэйшая і больш сур’ёзная, хоць і не падобная на легкадумную модніцу Вераніку. «Каб сябраваць з Бурштынай, прыйдзецца пасталець», — падумала Ванда. Гэта адкрыццё трохі засмуціла яе, але засмучацца так не хацелася.

Увечары ўся сям’я сабралася ў прабабулі. З кухні даносіўся чароўны водар качкі, запечанай з мандарынамі. У гасцінай чакалі духмяныя булачкі з карыцай, бісквітныя торцікі, пірожныя і шакаладныя цукеркі. Тата прынёс велізарныя букеты руж і расстаўляў іх па антыкварных вазах. Вераніка незадаволена назірала за белай котачкай і рудым кацянём: як бы яны, гуляючы, не ўчапілі кіпцікамі яе новыя дарагія панчохі. Віктар праціраў куфлі для шампанскага і раз-пораз употай паглядаў на Бурштыну. Ён вырашыў заўтра ж намаляваць яе партрэт і назваць яго «Прынцэса з залатымі валасамі». Віктар казкі не чытаў, проста ён быў мастак і меў добрую інтуіцыю.

Бурштына, у новай белай сукенцы, сядзела каля каміна і глядзела на агонь. Бурштын у яе на шыі мігацеў залацістымі іскрамі, нібы паказваў, што побач схаваны нейкі скарб. Яна ўспамінала Чэса, яго ўсмешку, зялёна-карыя вочы, мядовыя валасы. Пытала сябе, хто ж з іх памыліўся, а хто меў рацыю, і не знаходзіла адказу. Ля акна стаяў Коцік і зачаравана глядзеў на Бурштыну. Ці то складаў верш, ці то проста любаваўся. А Ванда, расстаўляючы талеркі і раскладваючы відэльцы з нажамі, раз-пораз кідала хуткія погляды на Коціка. Яна зразумела, што зараз уся яго ўвага будзе непадзельна належаць яе сястры, і яшчэ не ведала, цешыцца гэтым ці засмучацца. Яны ж проста сябравалі. ці не? Як шмат пытанняў і думак з’явілася ў яе, калі здзейснілася мара.

Можа, гэта і завецца — сталець?

Пазней за ўсіх прыйшлі, нарэшце нагаманіўшыся, мама Ванды і Якабіна. Яны апрануліся ў амаль аднолькавыя сукенкі, блакітную і бірузовую, і аднолькава пазачэсвалі валасы. Убачыўшы малодшую дачку, бабуля расплакалася. А прабабуля толькі таямніча ўсміхалася, нібы загадзя ўсё ведала. Калі ўсе ўжо збіраліся садзіцца за стол, яна сказала:

— Па-мойму, кагосьці не хапае.

Бурштына пераглянулася са сваёй маці, тая ўсміхнулася і кіўнула.

— Калі ў нас зараз ёсць дом, — сказала Бурштына ціха, — то мы б хацелі бачыць тут аднаго чалавека.

Віктар перабіраў кошык з цукеркамі, вышукваючы ўлюбёныя труфелі, калі ў дзверы пастукалі старадаўнім малаточкам, што вісеў для прыгажосці. Віктар адчыніў — і замёр: на парозе стаяў высокі чалавек у чорным плашчы з каптуром. Ён старанна выцер ногі і ўвайшоў, здзіўлена аглядаючыся.

— Вы да каго? — спытаў Віктар.

— А. Бурштына дома? — не меней здзіўлена спытаў чалавек.

— Так.

— Значыць, я да яе.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Шкляны, алавяны, драўляны», Екатерина Александровна Медведева

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства