Cям’і Кілмер прысвячаецца
Пра галоўнага героя гэтай кнігі«... Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі — пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі — мой адказ. Нарнія — свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:
A) Леў лічыцца царом звяроў.
Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.
B) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.
Кожная з кніг раскрывае сваю частку:
“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;
“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” — пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;
“Прынц Каспіян” — пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;
“Конь і яго хлопчык” — пра пакліканне і навяртанне паганца;
“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” — духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);
“Срэбнае крэсла” — працяглая вайна з сіламі цемры;
“Апошняя бітва” — прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».
Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.
Не тыя дзверыГэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.
У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы[1] яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. I ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.
Комментарии к книге «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка», Клайв Стейплз Льюис
Всего 0 комментариев