«Зацюканы апостал»

52333

Описание

У адной звычайнай сям'і, дзе сталым напляваць адзін на аднаго і тым больш на дзяцей, растуць Дачка, даверлівая і добрая, і Сын — чужы ў сваёй сям'і, гарачы, прынцыповы, не па гадах разумны. Сын мае вызначаную мэту, да якой няўхільна ідзе. Ён жадае стаць высокапастаўленым палітыкам, ці, як ён кажа, «цэзарам». Але разумее, што ў такім разе трэба пазбаўляцца ад такіх маральных якасцяў, як спагада, памяркоўнасць, жаль, паблажлівасць да блізкіх…



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Андрэй Макаёнак Зацюканы апостал
Трагікамедыя ў дзвюх дзеях

Дзейнічаюць такія асобы:

Тата — звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе. Адна вельмі важная дэталь: ён жыве за мяжой. Праўдзівы, як і большасць мужчын.

Мама — таксама жыве за мяжой, гаворыць, можа, і правільна, а што яна думае… Каб яна з’ела тое, што яна думае. Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так… як–небудзь…

Сын — іхні сынок. Ну і паслаў жа ім бог дзіцятка! Не дзіця, а камяк голых нерваў. Гарачлівы. Калючы. Мазгавіты. У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра такога звычайна кажуць: малады, ды ранні. А ў іх вундэркіндам завуць. Але гэты — вундэркінд асобага роду: ён — не матэматык, не музыкант, не шахматыст, не паліглот, а зусім нечакана — вундэркінд–палітык. Пакуль што малавопытны, бо малады: што думае, тое і гаворыць. Вельмі хоча быць з барадой, а яна не расце, і ўсё.

Дачка — яго сястрычка, адзінаўтробны антыпод. Зачараваная брацікам, яна ахвотна падбірае тыя яго якасці, якія ён адкідае прэч, як непатрэбныя: дабрату, шчырую сумленнасць, ласкавасць. Ён лічыць, што яны перашкодзяць яму стаць тым, кім ён хоча стаць, а яна пераконана, што без гэтых якасцей — чалавек непаўнацэнны.

Дзед — старамодны, як і належыць дзядам. Ганарыцца тым, што адпакутаваў за ўсе будучыя пакаленні. Ён — дыялектычная процілегласць свайму ўнуку, і таму не дзіўна, што ў яго стрэчнае жаданне: хоча быць дзіцем, ён з радасцю памяняўся б з унукам і гадамі, і ролямі, і барадой.

Усе дзеючыя асобы ў гэтай п’есе імпартныя, нават палітычны каментатар у тэлевізары — занадта інфармаваны і палітычна падкаваны. Яму здаецца, быццам ён асабіста прымае роды ў чалавецтва, а нам здаецца, што ён вось–вось пакажа і нованароджанага, быццам і нованароджаны ўжо ў ягоных руках, там — пад сталом. Бо чаго ж ён так часта зіркае туды, уніз?

Дарэчы, каментатар можа быць у трох ці больш іпастасях, па прыкладу: бог–айцец, бог–сын, бог — дух святы.

Месца дзеі — недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім–небудзь востраве ў якім–небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе і вады ўсяго па калена.

Час дзеі — якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у свежай баразне паміж імі. Пакуль саха гісторыі не заарала гэтую баразну, паглядзім, падзівімся, што там дзеецца.

Ад аўтара

За апошнія гады мне часта даводзілася ездзіць у камандзіроўкі на чужыя землі. Усё, што я там назіраў — падзеі, факты, людзі, агульная атмасфера жыцця, — запаміналася, адкладвалася ў памяці. Што надоўга, а што і ненадоўга. Ад розных краін аставаліся розныя ўражанні, але гэтью розныя ўражанні складалі ўсё–такі адзіны вобраз жыцця там, у свеце, дзе пануе капітал. Пры ўсёй рознасці і часам экзатычнасці прыватных з’яў праглядалася агульнасць у сутнасці супярэчнасцей.

Усё, што адбываецца ў п’есе, магло здарыцца ў любой капіталістычнай краіне, дзе агіднасць маралі, прыніжэнне асобы, бесперспектыўнасць заўтрашняга дня, жорсткасць і бесчалавечнасць мяшчанскага быту становяцца відавочнымі не толькі тым, хто мае вялікі жыццёвы вопыт, а нават дзецям. Невыпадкова ў цэнтры п’есы — малы.

Для буржуазнага асяроддзя характэрныя дзве рысы, хоць і процілеглыя, але звязаныя дыялектычным адзінствам: псіхічная дэпрэсія на аснове прыніжэння асобы і на гэтай глебе з’яўленне фашысцкай ідэалогіі і культу сілы. Зачараванае кола, у якім чалавек гіне, калі не здолее з яго вырвацца.

I калі я зразумеў гэта, то пераварушыў усё, што назбіралася ў памяці, і выклаў на паперы ў форме п’есы. Калі атрымалася нешта сатырычна–вострае, то заслуга аўтара тут не такая ўжо і вялікая. Жыццё дае столькі фактаў і гатовых сітуацый, што варта толькі добрасумленна запісаць іх — і атрымаецца сатыра. Аб’ектыўна праўдзівы вобраз буржуазнага асяроддзя і ёсць самая злая сатыра. Віна не мая і заслуга не мая. Але не скажу, што мая хата з краю.

Дзея першая

Карціна першая

Сучасная кватэра накормленага чыноўніка. Ва ўсякім разе, сёння яго сям’я сытая. Кватэра на трэцім паверсе. Злева — шырокае акно, таму ў пакоі вельмі светла. За акном відаць вершаліны дрэў. Побач з экзатычнай пальмай можна паставіць міндаль ці каштан, а можна і ліпу. Яна расце на розных шыротах. Вялікі пакой. Тут усяго багата, як на нашай планеце. Але найбольш уражае, выклікае пачуццё, нібы ў храме, нібы ў свяцілішчы — на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі–рознымі кнігамі. Каля стэлажа лёгкія лесачкі, якімі часта карыстаецца сын, каб дастаць кніжку з верхняй паліцы. Дарэчы, ён асвоіў лесачкі, як цыркавы гімнаст. У стэлажы сярод кніг тры нішы. Адна ўсярэдзіне абклеена чорным аксамітам. У ёй сядзіць бронзавы Буда. Справа, крыху ніжэй, ніша з зялёным сукном. Там гіпсавая галава Майсея, копія вядомай скульптуры Мікеланджэла. Злева ў нішы на светла–блакітным фоне — крыж з драўлянай галавой Ісуса Хрыста ў цярновым вянку. Здаецца, Ісус Хрыстос вось–вось цяжка ўздыхне. Зажмурыўся ад нечага. У пакоі — тата і мама. Поўная цішыня. Яны не размаўляюць. Але адчуваецца — калі яны загавораць, то ўжо загавораць моцна. Карацей кажучы, атмасфера пераднавальнічная. Праходзячы адно паўз аднаго, яны неяк староняцца, быццам пабойваючыся, каб між імі не пыхнула кароткае замыканне, не бліснула маланка, не грымнуў пярун. Мама шукае месца новай карціне. Прымервае ў адным кутку, адыдзецца, паглядзіць, палюбуецца, потым перанясе ў другое месца, зноў палюбуецца. Карціна вялікая, месца ёй знайсці цяжкавата. Тата не–не дый зіркне на маму, так зіркне, — ну, нібы ў яго ў кожным воку па лазеры. Нарэшце ўсё–такі ён не стрываў.

Тата. Навошта цягнуць такое ў кватэру? Без неўрапатолага цяжка зразумець. Ну і густ!

Мама. У цябе свой густ, у мяне — свой.

Тата. У нас жа дзеці! Іх выхоўваць трэба!

Мама. Выхоўваць? А ты ўчора пра дзяцей падумаў, калі прынёс гэтую… гэтую поскудзь? (Паказвае на статуэтку, што часова стаіць у адной нішы з Майсеем.)

Тата. Гэта не поскудзь, а твор мастацтва. Гэта работа аднаго з лепшых афрыканскіх рэзчыкаў па дрэву. Нават у Афрыку пранік сучасны стыль, нават там разумеюць, а цябе… Цывілізацыя прайшла міма цябе.

Мама. Цывілізацыя? (Схапіла статуэтку і тыцкае яжу пад нос.) Гэта брыда — цывілізацыя?

Тата. Асцярожна!

Мама. Што гэта такое? Назаві мне гэта!

Тата. Разуй вочы! Гэта — дзяўчына, маладосць!

Мама. Чаго яе так перакруціла? Што яна робіць? Прышчык выціскае на сваёй ягадзіцы?

Тата. Ты ж прыгледзься! Яна ж так саромеецца. Па–афрыканску так саромеюцца. Гэта ж сама нявіннасць! Наіўнасць! Наіўнасць і чысціня! Як свежая навалачка. Па–афрыканску так саромеюцца…

Мама. Значыць, ёсць чаго саромецца. Якая ж гэта нявіннасць? Гэта распуста! Гэта цынізм! Гэта страшна паказаць людзям. Такую зрабілі, каб панасміхацца з жанчыны. Што гэта такое? Ногі сажнёвыя. Галава камарыная. Толькі ягадзіцы ды грудзі, як ракеты?!

Тата. Вось гэта і ёсць мастацтва, рэалізм. У жанчыны другіх вартасцей і няма. Гэта ж і ёсць твой партрэт. I такіх, як ты.

Мама. Цынік! Пашляк! А я выхоўваю ў сваіх дзяцей павагу да рэальных рэчаў.

Тата. Да вадасцёкавай трубы, да тумбы, да тэлеграфнага слупа, каўбасы, ботаў… Яшчэ да чаго?

Мама. Так, так, так! Да ўсіх прадметаў, на якія чалавек затраціў сваю працу.

Тата. А я хачу, каб дзеці навучыліся думаць, мысліць, абагульняць, разумець сутнасць рэчаў, з’яў. У іх трэба выхоўваць інтэлект, розум, інтэлігентнасць.

Мама. Ха–ха! Інтэлігентнасць? Вось гэтым? (Хапае афрыканскую статуэтку.) Толькі паказваць такія штучкі дзецям — злачынства, і я не дазволю! Я не дапушчу! Я выкіну вон гэту поскудзь! (Намерылася выкінуць за акно.)

Тата. Не смей! (Вырывае статуэтку з рук у мамы, і ставіць яе каля Майсея.)

Мама. Ах, так? (Выбягае ў ванны пакой, прыносіць адтуль чырвоную спрынцоўку і ставіць каля статуэткі.) Тады пастаў каля яе яшчэ і гэта.

Тата. Па ідэі не так ужо і пагана. (Рагоча.)

Знадворку прыбягае Дачка.

Дачка (запыхаўшыся). Тата! Мама! Тата! Мама!

Мама. Ну, што такое? Што, што здарылася?

Дачка. А наш малыш толькі што паскандаліў. (Радасна.) Ух, як яны біліся!

Мама. Хто? З кім?

Дачка. Наш малыш і Мухамед.

Тата (спакойна). Ну, і хто каму накляпаў?

Дачка (радасна). Наш малыш расквасіў Мухамеду нос. Аж кроў пацякла.

Мама. Ну, бандыт! Я яму дам! Я яму пакажу! Во як расце твой любімчык! Не, я яго адвучу!

Тата. Яшчэ трэба разабрацца — хто вінаваты. Хто пачаў?

Дачка. Задзірацца пачаў Мухамед.

Тата. А наш малыш натоўк яму морду? Малайчына!

Дачка. Але і нашаму дасталося. Яму адарвалі вуха.

Тата. Як вуха? Адарвалі вуха?

Дачка. Ну, так. Зусім. У руках нясе. Мухамед нагой наступіў. I адарваў. (Паказвае.) Хр–р–р–рась!..

Мама. Божа мой, божа мой! Яго ж трэба да доктара, да хірурга. (Паспешліва апранаецца.) А тут не дактары, а гангстэры!.. За якую–небудзь драпінку ён здзярэ з цябе месячны заробак. А тут цэлае вуха…

Дачка. Мама! Яго не да хірурга трэба, а да краўца! У яго адарвалі вуха ад шапкі.

Мама аслупянела. Тата рагоча.

Мама. Як ад шапкі?

Дачка. А ты думала — такое вуха, сваё? Не–е, не такі ён дурань, каб падстаўляць пад чужую нагу сваё вуха.

Тата. Малайчына! Ну й малыш!

Мама. Дачушка! Ідзі гані дамоў гэтага паганца.

Тата. Аляксандр Македонскі расце!

Дачка выбегла на двор.

Мама. Чаму ты рады? Што ты падахвочваеш?..

Тата. Я падахвочваю веру ў свае сілы. Упэўненасць! Я хачу, каб вырас дужы, моцны чалавек, здольны выжыць у гэтых дзікіх чалавечых джунглях.

Мама. Гэта неарыгінальна! Гэта ўжо было! Звышчалавек? Юбермэнш? Гэта называюць — фашызм.

Тата. Кінь ты, калі ласка, свае бязглуздыя выпады. Сядзь, я хачу з табой пагаварыць.

Паўза.

Мама не садзіцца. Нават і не думае.

Мама. З пазіцыі сілы?

Доўгі маўклівы паядынак поглядамі.

Тата. Дзеля чаго ты распускаеш сярод знаёмых розныя плёткі пра мяне?

Мама. А канкрэтна — што?

Тата. Нібы я маральна калечу дзяцей, выхоўваю ў іх шкодныя антыгуманныя ідэі. Гэта — раз.

Мама. Гэта не раз. Гэта — два. А што раз?

Тата. Распускаеш плёткі, нібы я завёў… шуры–муры… Пачаў…

Мама. Пачаў? Даўно завёў! Даўно водзіш! I не шуры–муры, а… распуснічаеш. I гэта даўно не сакрэт, даўно ўсе ведаюць. Твае знаёмыя сустрэлі мяне і з радасцю расказалі… А я адказала, што ўсё даўно ведаю, хай не радуюцца. Я сказала, што мы паўгода з табой не жывём як муж з жонкай і думаем разводзіцца. Што тут няпраўда? Мы ж не жывём? Так? (Ледзь не плача.) Не жывём! Паўгода ўжо!

Тата. Не. Гэтак жыць далей нельга.

Мама. Што гэта за жыццё? Вядома, нельга.

Тата. I не будзем.

Мама. I не будзем.

Тата. А як жа будзем?

Мама. Гэтак і будзем. (З пагрозай.) Як–небудзь будзем.

Тата. Як? Як–небудзь?

Мама (крычыць). Я ўжо сказала: мы паўгода не жывём! Будзем суіснаваць! (Са злосцю.) Дзеля дзяцей! Дзеля іх усё!

Тата. Звычайнаму розуму не пад сілу зразумець тваю беспрынцыпнасць. (Крычыць.) Суіснаваць? Я… Я не згодзен! I зноў дробныя скандальчыкі, спрэчкі, так сказаць, лакальныя войны? Не! Не згодзен!

Мама. Што? Разрыў? О’кэй! Хоць зараз! Я даўно гэтага чакала. Я даўно заўважыла гэту тваю тэндэнцыю. Але запомні: дзеці застануцца са мной!

Тата. Ну, мы яшчэ пабачым, за кім пойдуць дзеці.

Званок. Мама ідзе і адчыняе дзверы. Упускае ў пакой дачку і сына. Хлопчык даволі нахабны. Акінуўшы вокам прысутных, адчуў, што «пахне смаленым», і палез на самы верх лесачак.

Дачка. Во ён! Не хацеў ісці дамоў.

Мама. Ну, што ты там натварыў, разбойнік?

Сын. Нічога я не натварыў.

Мама (тату). Во ён, твой любімчык. Яшчэ і хлусіць. (Сыну.) Ты чаму задзіраешся з хлопчыкамі? За што пабіў Мухамеда?

Тата. Ты не спяшайся абвінавачваць. Зараз міжнародная камісія разбярэцца — быў гэта акт агрэсіі ці самаабарона. Раскажы ўсё па парадку, што здарылася!

Сын. А што здарылася?

Мама. Ён яшчэ пытаецца, што здарылася!

Сын (ён ужо разгарнуў кнігу, чытае). «I суд быў незвычайны: некалькі сот матросаў і гандляроў разбіралі справу вялікага Сакрата. Судзілі доўга і шумна. Нарэшце аднадушна прызналі яго філасофскае вучэнне няправільным і прыгаварылі да пакарання смерцю».

Мама. Ты не хітруй!

Тата. Сын мой! «Не утомляй ожиданием очей нуждающихся». Крывавая бітва з Мухамедам была?

Сын. Была. Ён яе і пачаў.

Тата. Во і раскажы, з чаго пачалося.

Сын. Там, на двары, сабраліся ўсе нашы. Гушкалка ў нас адна. I яны ўсе захапілі месцы. А мне месца няма Яны гушкаюцца, а я так стаю. То на адной назе, то на другой. Хіба не крыўдна? Мне што, бог не даў месца пад сонцам?

Тата. Калі бог не дае, то яго трэба ўзяць самому!

Сын. Я што, горшы за тую Полі!

Тата. Якую Полі?

Дачка. Не ведаеш? У яе трэці тата — француз!

Тата. Ага, ясна. I як далей разгортваліся падзеі?

Дачка. Тады ўсе прагаласавалі, што наш малыш таксама мае права на месца. I ён заняў месца Полі.

Мама. Ну, а далей? Чаму ты пабіўся з Мухамедам?

Сын. Мухамед сказаў, што гэта не па–джэнтльменску, што я — захопнік. А я законна ж?

Тата. Законна! I што далей?

Сын. А Мухамед тады пачаў рычаць і махаць рукамі. I пераманіў усіх хлопцаў на свой бок.

Дачка. I малыш астаўся тады ў гушкалцы адзін.

Сын. А Мухамед узяў камень і…

Мама. Ударыў?! Каменем?

Дачка. Не. Ён паклаў камень пад гушкалку, каб яна не гушкалася. Сюды трошкі гушканецца, а туды — не.

Тата. Ён заціскаў твае інтарэсы. (Маме.) Бачыш, агрэсар усё–такі не сын, а той!

Дачка. А Полі раве як недарэзаная.

Мама. Якая Полі?

Тата, сын, дачка (хорам). У якой трэці тата — француз!

Мама. Так.

Сын. А Мухамед кідае лозунгі: «Прэч з гушкалкі!», «Прэч!» I яшчэ пагражае: «Усё роўна перакулю!» Узяў палку…

Тата. Хто? Мухамед?

Сын. А то хто ж?

Мама. I палку…

Сын. Пачаў падкладваць пад гушкалку…

Тата. А ты што?

Сын. I калі ён нагнуўся, каб перакуліць, я ўзяў і трахнуў яму ў нос.

Мама. А навошта ты трахнуў? Ты што, не мог паскардзіцца на яго?

Сын. Навошта?

Мама. Яго пакаралі б, і вінаватым быў бы ён.

Сын. Вялікая мне радасць — ісці скардзіцца пасля таго, як ён мяне перакуліць.

Мама. Ты першы нанёс удар. (Тату.) Во тваё выхаванне!..

Тата. Але бойка была непазбежная. Пытанне іменна ў тым, хто першы нанясе ўдар. Малыш правёў прэвентыўную аперацыю. А што далей?

Сын. Ён мяне таксама ўдарыў. Потым мы схапіліся, потым пакаціліся, потым ён наступіў на вуха і адарваў. Во! (Паказвае сваю шапку.)

Дачка. А ў Мухамеда — кроў з носа.

Тата. Значыць, ты пацярпеў матэрыяльныя страты!

Мама. Як можна так абыякава, калі тут сапраўднае хуліганства?

Тата. Самаабарона. (Сыну.) I чым усё скончылася?

Дачка. Усе разбегліся. А Полі і цяпер плача.

Мама. Гэта чорт ведае што творыцца. Ты дзе, сын, вырас?

Сын (нібы ўспамінае). Дзе я вырас?.. Вырас я, мама, якраз на мяжы, якраз у свежай баразне паміж мінулым і будучым. Плуг гісторыі хутка заарэ гэтую баразну. Але я, мама, яшчэ не вырас. Я толькі пасеяны. Я яшчэ расту. Я вырасту! Расту ў атмасферы вашых буйных скандалаў і дробных інтарэсаў. (Ён нібы чытае па памяці.) Мінуўшчына, увекавечаная ў кнігах (паказвае на паліцы), уяўляецца мне мешанінаю з гразі і крыві, несправядлівасці і крыўд… Вы прыслухайцеся да гэтых кніг. Колькі енкаў, колькі стогну, колькі жальбы… (Нібы, прыслухоўваецца.) Ці–ш–ш… I кнігі, кожная з іх — гэта абеліск… Абеліскі светлым марам, светламу розуму, светлым надзеям. (Пералічвае кнігі.) Дабраце, спагадзе. Маленькім блізнятам — чысціні і наіўнасці. Які пачэсны могільнік! Так што я не толькі ваша дзіця, я — дзіця гісторыі, дзіця гэтых кніг…

Толькі дачка слухала малога, як зачараваная.

Тата. Ты сам да гэтага дадумаўся?

Сын. Неабавязкова самому. На гэта ёсць аўтары. (Паказвае на кнігі.) I дзіўная рэч: у самых мудрых — самы горкі лёс. Адны жылі ў беднасці і рана гінулі ад сухотаў, другія канчалі дні ў казематах, трэціх забівалі на дуэлях, а некаторым даводзілася яшчэ горш. Джардана Бруна за ерэтычную філасофію спалілі на кастры. А Дэфо — аўтара «Рабінзона Круза» — за сатырычны артыкул на цэлыя суткі прывязалі да слупа на гарадской плошчы. I хто ні ішоў — павінен быў плюнуць яму ў твар. I некаторыя плявалі. Тата, а ты плюнуў бы?

Бацька адвярнуўся, але сын стараецца заглянуць яму ў вочы.

Тата. Я?.. Не пайшоў бы на плошчу. Каб не парушыць загад.

Мама. Ну, вось што — ты зубы не загаворвай. Вось табе наказ: у нашым двары павінен быць мір. А за тваю правіннасць я цябе з дому не выпушчу. Будзеш месяц сядзець дома. Каб ведаў свае граніцы.

Сын. Мама! Ты хочаш мяне замураваць? Гісторыя ўсё–такі паўтараецца. (Хутка знаходзіць на паліцы патрэбную кнігу.) Некалькі вякоў назад адзін грэк — Паўзаній — здрадзіў свайму гораду, Афінам. Яго судзілі. Прыгавор быў кароткі: смерць. Але яму ўдалося ўцячы з–пад варты. Ён схаваўся ў храме. Там яго ніхто не меў права нават крануць. Але афіняне ўсё–такі перахітрылі хітрага здрадніка. Рашылі замураваць яго ў храме. А пачаць, першы камень пакласці павінна была маці таго здрадніка. I пачала. I паклала. Замуравалі. Мама! Ты хочаш паўтарыць подзвіг той грачанкі? Але ж я не здраднік. Я толькі абараняў свой гонар!

Тата (катэгарычна, важна). Малыш будзе свабодны! Рукі прэч ад малыша! Няхай жыве малыш! Ты хочаш зрабіць з яго медузу? Бесхрыбетніка?

Сын (крычыць). Брава! Вікторыя! Я буду сва–бо–о–дны–ы!

Дачка. Чаму ты так радуешся! Падумаеш — свабода! Што ты яе — на хлеб намажаш?

Сын. «Смяюся з чалавечае дурнаты і яе ж аплакваю», — сказаў філосаф. Эх ты, эмбрыён! Ды ці ведаеш ты, колькі людзей загінула, самі на смерць пайшлі за свабоду? На катаргу! На вісельню! На эшафот! На штыкі! На кулі! Ды ты ведаеш, што такое свабода? Воля! За свабоду, за волю і я магу пайсці на эшафот. Нават на касцёр!

Дачка. Ну і дурань! Вось скажы мне: «Ты свабодная». I я не ведаю, што рабіць. А так лягчэй. Галоўнае — усё проста. Прыйдзеш у школу — настаўнік кажа: «Чытай гэта». Я і чытаю. Скажа: «Пісаць трэба гэта». Я і пішу. Як на вуліцы паводзіцца — таксама скажуць. А дома — мама. Зварыла крупнік — ем крупнік. Паслала купіць кока–кола — збегала. Класціся ў пасцель — лягла. А свабода — гэта што? Насуперак ці як? Думаць трэба, як над арыфметыкай.

Сын (вельмі здзівіўся). Першы раз чую такое! О алах! О Магамет! О Езус! О матка боска! Во дзе корань тыраніі! Во дзе карэнне рабства! Добраахвотнае рабства — фундамент для трона цару — каралю — фараону. Гэта я ўлічу! Гэта я запомню! Ну — не! Твая філасофія не для мяне! Тата! Значыць, я правільна дзейнічаў? З Мухамедам. За месца пад сонцам. А?

Тата. Ва ўсякім разе — па–мужчынску. Трэба, каб цябе паважалі і баяліся на цябе нападаць. Сіла, брат, ёсць сіла! Яе павінны бачыць усе. Многа сілы — не трэба і розум.

Мама. Ты чаму вучыш? Не! Гэтак далей нельга. Ён хоча, каб сын вырас гангстэрам. Не, я не дапушчу! Я не дам! Усё! Разрыў! Дачушка! Ты чула, чаму вучыць бацька сына?

Дачка. Чула.

Мама. Мы з бацькам разводзімся. Таму што больш такое цярпець немагчыма! Наш двор не джунглі, дзе ўсе звяры і хто дужы, той грызе слабога. Я за дзяцей паваюю! Мы з бацькам разыходзімся. З кім ты астаешся?

Дачка (не адразу, скрозь слёзы). З табой.

Сын (спахапіўся). Ой! Ледзь не правароніў! (Кумпільгом злятае з лесачак да тэлевізара.) Час палітычнага каментатара! (Уключае тэлевізар.)

Мама. Сынок! А ты з кім?

Сын. Мама! Ты забываеш, што для мяне палітычны каментатар важней за… Ды тут хоць каменне хай з неба падае… Не перашкаджай!

Палітычны каментатар. Некаторыя палітычныя дзеячы малых дзяржаў спрабуюць іграць па супярэчнасцях вялікіх дзяржаў, разлічваючы на эканамічную і ваенную дапамогу ўзамен палітычных сімпатый. Толькі сімпатый.

Мама. Сын! З табой размаўляе мама. (Прыцішыла голас палітычнага каментатара. Ён губамі варушыць, а голасу яго не чуваць.)

Сын. Не перашкаджай, мама. Ты чуеш, якая цікавая перадача?

Мама. Ты нічога там не разумееш.

Сын. Усё разумею. Паслухай. (Павярнуў ручку рэгулятара.)

Тата. Будзе здольны дыпламат. (Рагоча.)

Палітычны каментатар. Тактыка ігры на супярэчнасцях паміж вялікімі стварыла ўмовы для малых дзяржаў заключыць цэлы шэраг вельмі выгадных эканамічных пагадненняў. У выніку: спрэчка паміж вялікімі…

Мама (выключае тэлевізар). Сын! Не ўхіляйся!

Сын (каментатару). Святлейшы! Аб’яўляю табе падзяку!

Мама. Гэта перадача не для цябе.

Сын. А для каго? Для вас? Толькі для мяне! Выключыла на самым цікавым. Вывады не пачуў!

Мама (трагічна). Сын! Тут вырашаецца твой лёс. З кім ты?

Сын (прыжмурыўшы адно вока, разгледзеў тату, вывучыў маму). Я яшчэ не выбраў.

Сын лезе па лесачках наверх.

Мама (здзівілася). Чаму? Пачакай, сынок. Ты нічога не зразумеў…

Сын (успыхнуў). Каментатара не разумею! Цябе не разумею! Тату не разумею! Нічога не разумею! Што я? Крутлы дурань, па–вашаму?

Мама. Ты не дурань. Ты проста малы яшчэ.

Сын. Малы? Калі вялікія спрачаюцца, малыя выйграюць. Чула?

Тата (рагоча). Закончаны міністр замежных спраў.

Сын. У бітве з Мухамедам я панёс матэрыяльныя страты. Во! (Паказвае шапку.) Тата! Кампенсацыя будзе?

Тата (выцягнуўся ў струну). На новай тэхнічнай базе!

Сын. Пагадненне падпісана! (Маме.) Ясна? А то — «нічога не разумееш». У мяне за плячыма гістарычны вопыт. (Паказвае на кнігі.)

Дачка. А я? Так і ўсё? Мама!

Сын. Ты выбрала сабе рабства. Калі вялікія спрачаюцца… (прыжмурыў адно вока.) Нам кумекаць трэба.

Карціна другая

Той жа пакой. У ім нічога не змянілася, бо і часу прайшло не так ужо многа. Праўда, на тоненькім дроціку малы падвесіў свой першы самалёт. Цацка, але сучаснай мадэлі. За сталом — дачка. Перад ёю сшыткі і падручнікі. Дзяўчынка, відаць, рыхтуе ўрокі. Замаскіраваўшы ў падручніку люстэрка, яна перад ім вучыцца какетнічаць. Сёння яна ўпершыню заўважыла і адчула, што становіцца жанчынай. У пакой уваходзіць Сын з бярэмам кніг, часопісаў і газет.

Сын. У–ф–ф… Нялёгкая ноша. (Кідае кнігі на стол.)

Дачка. Ты што новае набыў?

Сын. Бярэма хлусні.

Дачка. Я не разумею цябе. Усяляк ганіш гэтыя кнігі і ў той жа час цягаеш іх дахаты цэлымі штабялямі…

Сын. Спадзяюся нешта такое знайсці, такое прачытаць… Куды ж іх размясціць? Ну, газеты — гэта хлусня на адзін дзень. (Адкінуў убок.) «Лук», «Лайф» і гэта… на адзін месяц, у наступным нумары самі сябе будуць абвяргаць. А гэту каманду пакуль што ў каранцін. А там праверым, што варта гэтых паліц, а што… «Агент 007» будзеш чытаць?

Дачка. Мне не хапае часу на ўрокі.

Сын. «Плэй–бой»?

Дачка. Потым. Толькі карцінкі пагляджу.

Малы ўзбіраецца на лесачкі, займае сваё любімае месца, хутка прагледзеў газету і скінуў яе ўніз. Потым разгортвае ілюстраваны часопіс «Плэй–бой», на вокладцы якога каляровае фота голай жанчыны.

Сын. Сястрычка! Ты чым там займаешся?

Дачка (нібы яе злавілі за непрыстойным заняткам). Алгебрай.

Сын. А мне здалося — заалогіяй.

Дачка. А чаму табе так здалося?

Сын. Ты гэтак крыўлялася перад люстэркам, быццам хацела пераканацца — вельмі адрозніваешся ад сваіх прародзічаў малпаў ці не.

Дачка. А падглядаць — непрыстойна.

Сын. Я не падглядаў. Я назіраў. Мала адрозніваешся.

Дачка. Між іншым, я твая сястра. А родны брат малпы таксама павінен быць малпай.

Сын. Я пастаянна адчуваю гэта сваяцтва. Часам так туга круцяцца падшыпнікі… тут (круціць пальцам каля скроні). Ты дастань з кнігі люстэрка і адчувай сябе свабодна, натуральна. Будзь сама сабой. Рабі што хочаш. А на мяне не крыўдуй. (Вычытаў нешта з газеты.) О–хо–хо–хо… Во здорава! (Смяецца.)

Дачка. Ну, што там?

Сын. Сенсацыя! У горадзе Брукліне сярод красунь праводзілі конкурс на званне каралевы прыгажосці. Першае месца заняла італьянка Джулія, а другое — хо–хо–хо…

Дачка. Ну — хто?

Сын. Хлопец, мужчына.

Дачка (адсмяяўшыся). Такі ён, відаць, мужчына…

Сын. Не ў тым справа. Журы, журы якое?! I выявілі яго толькі тады, калі ўручалі прыз. Хо–хо–хо… Адхапіў жаночы гарнітур…

Мама прасунула галаву ў прыадчыненыя дзверы з друтога пакоя. Яна, відаць, неадзетая.

Мама. Дачушка! Ты не бачыла, дзе мая губная памада?

Дачка ўтуліла галаву ў плечы.

Сын (каб чула толькі сястрычка). Аддай. Вярні. Чуеш?

Дачка. Во яна, тут. (Вымае памаду са свайго партфеля.)

Мама (накінуўшы халат, уваходзіць у пакой). Навошта яна табе? Табе яшчэ рана.

Сын. Учора яна нават твой бюстгальтар прымярала.

Мама. Як не сорамна, дачушка? Ды яшчэ каб ён бачыў…

Дачка (шыпіць). Даносчык. Ш–шпіён.

Сын. Чаму чалавека, які паведамляе праўду аднаму пра другога, называюць шпіёнам? За праўду? Хаця… У свеце столькі хлусні, што, каб вывудзіць праўду, трэба шпіёны.

Мама. Ты ўрокі падрыхтаваў?

Сын. Падрыхтаваў.

Мама. А ты?

Дачка. I я.

Мама. Тады можаце пагуляць на свежым паветры.

Сын (сястры). Ну, што ты касавурышся? Я ж у тваіх інтарэсах напомніў маме, што ты ўжо… становішся дарослай. Яны самі не здагадаюцца, пакуль дзіця не прынясеш ім. Не падкажы, то самі не заўважаць.

Дачка. Сораму ў цябе няма.

Мама. Ідзіце, пабегайце, пагуляйце.

Сын. Няма нешта ніякай ахвоты.

Мама скінула халат і надзела прыгожае моднае — занадта кароткае — плацце.

Дачка. Уй, мама! Ты такая прыгожая стала!

Сын. Мама! Расталкуй мне, калі ласка. Вот ты дзве гадзіны мазалася, прычэсвалася, фарбавалася… Ты зусім другая стала. Для чаго ўсё гэта?

Мама. Твая мама хоча быць маладой. Хіба ты не хочаш, каб твая мама была маладзейшая і прыгажэйшая?

Сын. Во дзіва! Мама хоча быць маладой, а я хачу быць старэйшым… Я хачу, каб мая мама была такой, якая ёсць на самай справе. Не горшая і не лепшая. Мам жа не выбіраюць. Якую бог пашле. Толькі, мне здаецца, было б карысней, каб ты гэтыя дзве гадзіны праседзела тут, поруч са мной і з гэтымі разумнымі людзьмі! (Паказвае на кнігі.)

Мама. На ўсё свой час. Ты што? Не хочаш, каб твая мама падабалася?

Сын. Каму?

Мама. Усім.

Сын. Усім?

Мама. Ну, так, усім.

Сын. Усім — гэта многа. Гэта — нікому. Лепей аднаму. Напрыклад, пастарайся падабацца нашаму тату.

Мама (холадна). Гэта ўжо не твая справа. Не сунь нос, куды не трэба.

Сын. Ну, во… Звычайна гэтым канчаюць усе творчыя дыскусіі.

Мама. Ты ўсё–такі паганенькі прахіндзейчык.

Сын. Ма–а–ма! Ты не крыўдуй на мяне. Слухай, мама, з табой жа я шчыра. Як з мамай. А з кім жа яшчэ? Я што падумаў, тое і сказаў. Калі не так, ты навучы.

Мама. Вось іменна — не тое і не так. Дочка! Забяры яго!

Сын. Мама, ты ж мяне на месяц замуравала. Месяца яшчэ не прайшло.

Мама. Ну і скажы дзякуй, што раней выпускаю.

Сын. Дачакаўся амністыі. (Неахвотна спускаецца з лесачак.) Ды мне там сумна з дзецьмі. Мне цікава з дарослымі. Бо я хачу быць дарослым, і я буду дарослым. Дзяцінства рана ці позна кончыцца. А наперадзе — жыццё… I потым — праз дваццаць мінут па тэлевізары выступае палітычны каментатар. А ты ж ведаеш, што я не магу яго прапусціць. Ён мудры, і мне з ім весела.

Мама. Праз дваццаць мінут і прыйдзеш.

Сын. Ну, што ж, сястра! На свежае паветра! Там вольны дух! Там свабода!

Мама. Я табе дам «свабода»! Глядзі, не задзірайся ні з кім.

Сын (уздыхнуў). Свабода ў рамках законнасці.

Мама. Нахапаўся пустых фраз.

Сын. Іх дарослыя прыдумалі. (Скача на адной назе, нібы гуляе ў класы. Ён жа яшчэ дзіця.)

Мама зноў нецярпліва глянула на гадзіннік. Гэту нецярплівасць прыкмеціў сын. Сам сабе падміргнуў.

Мама. Дачушка! Што ты там корпаешся? Ты перамерала ўжо сем адзежак. Як баранеса фон Клаўзен.

Дачка. Я ўжо гатова. Я зараз. Малыш! За мной!

Сын. Калі яна баранеса фон Клаўзен, то я — барон Мюнхаўзен. Бяру сябе за каўнер і выкідваю вон. (Разыгрывае пантаміму, нібы нехта яго выкідвае, а ён супраціўляецца, вылузваецца. Але нарэшце апынуўся ў калідоры.)

Дачка. Мама, наш малыш часам бывае ўедлівы, але… ён жа вельмі–вельмі разумны. Нават мудры. Праўда? Я нават не магу на яго доўга злавацца.

Сын (з калідора). «Множество мудрых — спасенье миру. И царь разумный — благосостоянне народа». Са–ла–мон!

Дачка. А яшчэ?

Сын (стаіць на парозе). «Через мудрость я буду иметь славу в народе и честь перед старейшими, будучи юношею. Окажусь проницательным в суде и в глазах сильных заслужу удивление. Я буду управлять народами, и племена покорятся мне. Убоятся меня, когда услышат обо мне, страшные тираны, в народе явлюсь я добрым и на войне мужественным».

Дачка. Ну, што ты скажаш, мама?

Мама. Біблію табе рана чытаць. Не тым ты захапляешся.

Сын. Біблію дзед падарыў. А ён ведае, каму і што дарыць. I я не Бібліяй захапляюся, а палітыкай.

Мама. I палітыка — не дзіцячы занятак.

Сын (з калідора). А што, калі ў нас дарослыя так заблыталіся ў палітыцы, што толькі дзеці і могуць вывесці з тупіка.

Мама. Не лезь у палітыку, дурненькі, гэта небяспечна. Сцеражыся яе. Там не такім, як ты, шыі ламаюць. Лепей вучыся.

Сын. Чаму? Чаму вучыцца?

Мама. Грошы рабіць.

Сын. Грошы — дробязь. Улада даражэй за ўсякія грошы. Ну, я пайшоў. (Хацеў пайсці, але вярнуўся.) Не, раскажу пра сілу ўлады. Мама, ты знаеш гэтага… ну, што ў нашым двары дражняць Пузыром?

Мама. А–а, тоўсценькі, брытагаловы… (Строга.) А што — у яго імя няма, ці што?

Сын. Імя даюць тады, калі яшчэ невядома, які чалавек будзе. А мянушку — па заслугах. Дык вось учора ён з’явіўся на двары з бацькавым партфелем, ды з такім… з кракадзілавай скуры. Бацька з Індыі прывёз. Уся драбяза з нашага двара сабралася каля гэтага партфеля. Кожнаму хацелася панасіць ці хоць патрымаць. I Пузыр тут жа, хоць тупы, а дадумаўся: хочаш патрымаць партфель — ідзі нясі дань. I панеслі. Хто што мог. А ён сядзіць, як султан, і толькі распараджаецца. «Што прынёс? Марожанае? На, панасі. А ты з чым стаіш? З цукеркамі? Ану, перадай партфель. А ў ябе што? Пірожнае? Ладненька. Хопіць–хопіць–хопіць! Аддай цяпер яму!» А адзін стаіць — і ў вачах зайздрасці… А Пузыр: «Чаго стаіш? Дзе твой ясак? Ідзі нясі маркі!» Той пабег і прынёс. Хоць сам за маркі два гузікі праглынуў.

Дачка. Ну, а ты што аддаў?

Сын. Я? Ну, не. Я толькі падумаў: ну, чорт вазьмі, чаго б ні каштавала, а даб’юся таго, каб раздаваць партфелі. I не каму–небудзь, а міністрам. Тады ў мяне ўсё будзе: і марожанае, і пірожнае — і без грошай! А захачу — загадаю намаляваць новыя грошы. Вось да чаго трэба імкнуцца, мама!

Мама. Ох, скруціш ты сабе шыю. Ідзі, ідзі, сынок, праветры сваю галаву. Дачушка, ты гатова? (Зноў глянула на гадзіннік.)

Дачка. Я пайшла.

Дачка бяжыць за дзверы.

Сын. I я ўдаляюся.

Сын велічна выходзіць з пакоя. Мама падыходзіць да тэлефона. Зняла трубку, хацела набраць нумар, але на хвіліну задумалася.

Мама. Не, на яго спадзявацца нельга. Можа прытаіцца. Сынок, ты пайшоў? Сынок!..

Мама прыслухалася, уважліва агледзела пакой, глянула на лесачкі, дзе звычайна сядзіць сын, і выйшла ў правыя дзверы, у калідор. З левых дзвярэй па–кацінаму ціха ўваходзіць сын. Залазіць па лесачках у нішу з Будай, займае яго месца, а Буду бярэ сабе на калені. Прытаіўся. Чакае.

Сын. Бог — таму і бог, што яму ўсё вядома!

Уваходзіць мама. Абышоўшы ўсю кватэру па крузе, яна ідзе да тэлефона, здымае трубку і набірае нумар.

Мама. Мадам Жаклін? У вас пражывае студэнт Нана Нкеція… Так, негр. Будзьце ласкавы, папрасіце яго да тэлефона. Гэта з дэканата. Так, калі ласка.

Паўза.

Нана? Гэта я. (Спяшаецца папярэдзіць.) Не называй па імені. Там з табой поруч нікога няма? Прыдумай сам. Як хочаш. Можаш і так. А як гэта гучыць па–вашаму? Ой, я не запомню… Ты паабедаў ужо? А чаму? Ах ты, бедненькі! Ён званка чакае. А чаму сам не пазваніў? Які ж ты нявопытны! Якраз дома цябе прымаць прасцей за ўсё. Вядома. Ты студэнт — прыйшоў на кансультацыю. I ўсё. Не, папку якую–небудзь пад паху ці блакнот вазьмі. Не, не, а гэтага я не магу. Гэта неразумна. У рэстаране ці ў кафэ нам паказвацца нельга. Які ты дурненькі! Каб было так, ці ж я табе пазваніла б? А навошта нам лішнія размовы, плёткі? А дома… Што? Не, дзеці пайшлі на прагулку. Ты ж двойчы прыходзіў, дык што, хіба кепска было? Калі сама прапаную, дык, напэўна ж, ведаю, што раблю… За горад? Не, лепей калі–небудзь вечарам. Сёння? Ты занадта нецярплівы. Ну, добра, добра. Я скажу дома, што сёння ў мяне кансультацыя, калёквіум. Усё! (Кладзе трубку.)

Сын. Мама, а што такое — калёквіум?

Мама ад нечаканасці асела ў крэсле. Яна не верыць сваім вушам, не верыць сваім вачам. У яе амаль што шок. Яна зараз вельмі нагадвае рыбіну, якую выкінулі на пясок, хапае ротам паветра. Яна, можа, і сказала б што–небудзь, але ў яе прапаў голас.

Мама! Табе, відаць, трэба выйсці на свежае паветра. Шкодна так доўга сядзець у гэтай духаце. Ідзі пагуляй і…

Мама (у яе пачынае праразацца голас). Ты… ты… ты — мярзотнік! Як ты смееш! Нягоднік! Гэта агідна! Гэта подла! Нізка!

Сын. Ты пра каго так? Пра мяне? Ці сама каешся?

Мама (шалее ад злосці). Мярзотнік! Шпіён! (Хоча спароць яго з нішы.)

Сын. Мама! Ты мяне можаш скінуць. Я магу стаць інвалідам. Асцярожна, мама!

Мама. Ты смярдзючае парасё! Хто цябе навучыў гэтаму? Злазь адтуль! Я цябе зараз… Я табе пакажу! Злазь!

Сын. Мама! За што ты! Я ж нічога не зразумеў. Мама! Я і зараз нічога не разумею. Мама! Давай лепей памірымся. А? Ну? Клянуся богам, мама, найлепшае вырашэнне канфлікту — мір! Мама! Ну? Мір?

Мама (кіпіць). Зла–азь!

Сын (спяшаючыся). Я прапаную такія ўмовы для міру: ты мне купляеш кеды, новы дыпламатычны слоўнік і навушнікі. А я зараз усё забываю. Ужо забыў. Нічога не ведаю і нічога не разумею. Ну, згода?

Мама (за злосцю). Што–о? Навушнікі?

Сын. Ноччу, калі вы спіцё, я буду падслухоўваць радыё Масквы.

Мама. Зноў — падслухоўваць?

Сын. Слухаць! Слухаць! А па слоўніку расшыфроўваць незразумелыя словы і тэрміны.

Мама. Маленькі шантажыст!

Сын. Нічога, падрасту — стану вялікім. Мама, а што такое — шантажыст?

Мама. Ты і без таго занадта многа ведаеш. Трапло, балбатун!

Сын. Я не балбатун і не трапло. Можаш мне паверыць. Ты ж ведаеш, што я мару стаць палітыкам. А я ведаю, што «палітыкі–балбатуны быстра сыходзяць з палітычнай арэны», як сказаў адзін вялікі. Я не трапло. Павер!

Мама (з абурэннем). Як ты смееш мне такое гаварыць?

Сын. Мама! Табе трэба на вольнае паветра. Мама! Ідзі прагуляйся. Заадно абдумай мае мірныя прапановы.

Мама. Чорт ведае што гэта такое! Чаго ад цябе чакаць? А што з цябе будзе, калі ты падрасцеш?

Мама выходзіць.

Сын. Дыпламат! Генеральны сакратар ААН! (Крычыць.) Мама! Ты забыла сумачку! Мама!..

Мама вяртаецца, забірае сумачку.

Мама. Во некаму дастанецца няшчасце! Божа мой! Божа мой!..

Мама выходзіць.

Сын. Ты, мама, куды?

Мама ляснула дзвярыма, пайшла.

Рве дыпламатычныя адносіны. (Філасофствуе.) Тут разабрацца трэба. Пакуль што я нічога не разумею. Выходзіць — я вінаваты. Але ў чым? Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў… Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею. (Злуецца). Я толькі прысутнічаў. Я сядзеў поруч з богам! Ён жа мог мяне сапхнуць, калі я што не так раблю. Ён жа не сапхнуў мяне… Яна пра мяне хоча ўсё ведаць, а я пра яе ўсё ведаць не магу. Але ж дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў. (З крыўдай.) Ад мяне дык патрабуюць — што б я ні зрабіў, нават калі нашкодзіў — не ўтойваць, прызнавацца. А чаму ж яна? А можа, і яна нашкодзіла? (Паўза.) Вот задача! (Раптам успомніў.) Правароніў! Ён жа даўно пачаў…

Сын хутка спускаецца з лесачак. Уключае тэлевізар. Ну, давай, Цыцэрон!..

Каментатар. Урадавы крызіс быў выкліканы нечаканым выкрыццём кансерватараў парламенцкім лідэрам лейбарыстаў. Спрэчкі ў палаце абшчын набылі бурны характар. Але яшчэ рана прадказваць, як будуць развівацца падзеі на палітычным небасхіле. Аднак гром і маланкі накаляюць палітычную атмасферу. Самы блізкі час пакажа, ці вялікі выйгрыш чакае лейбарыстаў у выніку выкрыцця кансерватараў. Будзем чакаць…

Сын выключае тэлевізар.

Сын. Пачакаем. Нам нечага спяшацца. Значыцца, раскрылі… Дакладна перакласці — раздзелі, агалілі… Быццам кансерватары спалі, а лейбарысты падкраліся і сцягнулі з іх коўдру… А яны, сонныя, і не падазраюць. Праспалі кансерватары. Не. Тут другое. Відаць, кансерватары цішком, тайна хацелі абцяпаць якія–небудзь дзялішкі. А лейбарыстам хлусілі, быццам ніякіх дзялішак няма. Ахоўвалі тайну сваю падманам, хлуснёй. Значыць, тайна — праўда. I тайну–праўду ахоўвае падман, хлусня. Вот здорава! Сам дакапаўся. Аднак хлусня — ненадзейная варта праўдзе–тайне. А можа, тайна — і ёсць хлусня? Навошта тайну хаваць, калі яна праўда? Можа, сорамна за яе? Выходзіць, тайна — гэта калі сорамна раскрыцца? (Прысвіснуў.) А дзяржаўная тайна? Дзяржаўны сорам? Не, я тут заблытаўся. Але што праўду там ахоўвае хлусня — верна.

Прыбягае дачка.

Дачка. Ты што? Зноў пакрыўдзіў маму? Паскандаліў, праўда?

Сын. Ты не зразумела. Проста яна пайшла заклапочаная. Ясна? Кеды і навушнікі лёгка знайсці. А дыпламатычны слоўнік пашукаць трэба.

Дачка. Гэта ўсё табе?

Сын. А ты думала — персідскаму шаху?

Дачка. Проста дзіва, як табе ўдаецца выпрасіць…

Сын. Я нешта ведаю. Сам не знаю што, але знаю, што нешта знаю. Не выпадкова ў Польшчы ці ў Савецкім Саюзе адзін часопіс так і называецца: «Знание — сила». Можна сілай адабраць, а можна і веданнем. Я вырваў «знанием».

Дачка. Ты часта гаворыш так, што я нічога не разумею.

Сын. Плач!

Дачка. Чаму плакаць?

Сын. У Бібліі сказана: «Плачь об умершем семь дней, а о глупом и нечестивом — все дни жизни его». Плач, сястра мая!

Дачка. Гэта што? Ты як быццам мне нахаміў? Праўда?

Сын. Не я. Ісус, сын Сірахаў.

Званок у калідоры. Дзяўчынка бяжыць адчыняць дзверы і вяртаецца разам з бацькам. Тата прынёс самалёцік і яшчэ нейкі скрутак.

Дачка. Гэта ўсё яму, малышу? Зноў яму?

Тата. А навошта табе самалёты?

Дачка. Усё яму, усё яму! Быццам я табе зусім чужая.

Тата. Дзяўчынка мая! Пачакай. Будзе і табе. Самае прыемнае, дачушка, не сам падарунак, а чаканне падарунка, надзея, што ты яго атрымаеш. Чакаць падарунак — вось гэта і ёсць шчасце. А калі бог захоча цяжка пакараць чалавека, ён задавальняе ўсе яго пажаданні. Так што, дзяўчынка мая, чакай, спадзявайся, і ты будзеш шчаслівай. Я не хачу цябе караць.

Сын (разгледзеў цацку, строга). Гэта што? Што гэта?

Тата. Самалёт.

Сын. Які? Такія толькі ў каменным веку рабілі. Такіх самалётаў няма ўжо ні ў адной краіне. Яны даўно ўжо спісаны ў хлам. Нават у адсталых, слабаразвітых краінах. Ты што, лічыш мяне зусім недаразвітым?

Тата. Ды гэта ж толькі цацка.

Сын. Гэта цацка. Каму? Дзецям, якія жылі ў пячорах. Сённяшняя цацка — гэта заўтрашняя зброя.

Тата. Уяві сабе — не ведаў.

Сын. Якія някемлівыя пайшлі дарослыя. А там што? (Паказвае на скрутак.)

Тата. Гэта не табе. Гэта аднаму дзядзю. Сюрпрыз. Падарунак. У яго заўтра імяніны. Гэта цацка для дарослых. А дзе мама?

Дачка. Пайшла ў каледж. Да студэнтаў.

Сын. Да неграў.

Тата. Так–так… А чаму гэта вы седзіце дома? На вуліцы такое цудоўнае надвор’е, свежае паветра, сонейка, а вы дома. Час каментатара быў, ты ўжо слухаў?

Сын. Быў. Я яго выслухаў, а ён мяне. Абгаварылі… Сястрычка! Ты зноў хочаш падкараціць сваю спаднічку! Ужо трэці раз. Скора ног не хопіць.

Тата. Урокі падрыхтавалі?

Дачка. Падрыхтавалі.

Тата. Тады можна і на свежае паветра. (Глянуў на ручны гадзіннік. I гэта сын заўважыў.)

Сын. Ох, гэтае свежае паветра! Далося яно вам! Ды што там, на дварэ, накапілася яго занадта, дзяваць яго няма куды ці заўтра на яго цэны павысяцца?

Тата. Дыхай сёння. Дыхай кожны дзень. Тое, што не ўдыхнеш сёння, заўтра не кампенсуеш. Толькі пашкадуеш. Падрасцеш — зразумееш.

Сын. Нешта эзопаўскае. Не зразумеў. (Задумаўся, потым махнуў рукой.) Прымаю на веру. Сіньярына! Хадзем хапаць свежае паветра.

Дачка. Я ўжо хапала.

Сын (падміргвае). Хадзем, хадзем!

Сын вышмаргнуў з разеткі тэлефонны шнур, узяў пад паху апарат і разам з сястрой накіраваўся да выхаду.

Тата. А навошта ты забіраеш апарат?

Сын. Разумееш, тата, я буду весці двухбаковыя перагаворы з Мухамедам. Цераз плот.

Тата. А апарат ты пакінь. Гэта не цацка.

Сын ставіць тэлефонны апарат на ранейшае месца.

Сын. Магу пакінуць табе. Але ў такім разе пайду высвятляць адносіны так, як гэта рабілі першабытныя людзі. Мілэдзі! Дзе мая тоўстая дубінка?

Тата (зноў нецярпліва глядзіць на гадзіннік). Глядзі не накуралесь там!

Сын. Зноў абмежаванне свабоды асобы.

Тата. Гэта ты — асоба? Асобай трэба стаць, тады і свабода будзе. Ну, добра, ідзіце пагуляйце.

Тата выходзіць у спальню.

Сын хапае сястрычку за руку і цягне яе пад стол, як толькі тата пайшоў у спальню.

Сын. Ну, лезь! Лезь хутчэй!

Дачка. А чаго?

Сын (злуецца). Хутчэй! Потым разбярэшся!

Запхнуўшы сястру пад стол, сын хапае са стэлажа вялізную кнігу, лезе пад стол і загароджваецца кнігай. Крычыць.

Тата! Мы пайшлі! Чуеш?!

Тата (са спальні). Добра, ідзіце!..

Тата вяртаецца з запісной ніжкай у руках. Падыходзіць да тэлефона, бярэ трубку, набірае патрэбны яму нумар. Гаворыць ціха.

Алё! Гэта філіял ААМ? Мне трэба філіял Арганізацыі Аховы Маралі. Мадэмуазель… Ах, гэта вы?! Салам алейкум! Слухай, пташачка, сёння ў мяне свабодны вечар. Хацеў бы ахвяраваць яго культурным сувязям. Як ты глядзіш на гэта?.. Ах ты, ласкавая! Ах ты, рыбка японская! Ах ты, вустрычка французская! Ну, вядома, вядома. Куды толькі захочаш. А заўтра ў майго дружка імяніны… Вядома, з табой, а з кім жа? Я яму такую забаўную штучку дабыў, такі сюрпрыз, ты так будзеш смяяцца, што потым пупок зашываць будзем. Лопне. (Раптам заўважае пад сталом сына. Замятае сляды.) Адну мінутачку! Адну мінутачку! Адну мінутачку! (Строга.) Перамена тэхнічных умоў настойліва патрабуе кодавых перагавораў. Ясна? Алё! Не, не. Так, так. Тлумачу. Маларазвітыя краіны, маючы неадэкватны інтэлектуальны патэнцыял, не могуць парушыць рэгіянальныя пагадненні аб расшырэнні і паглыбленні культурных сувязей. Пагадненне ратыфікавана? Правільна. Патрэбна толькі пячатка? Пячатку паставім. Так. Там жа. (кладзе тэлефонную трубку.)

У гэты час падае вялізная кніга. Сын выпаўзае з–пад стала, нахіляецца над кнігай і прыкідваецца, нібы чытае.

Сын. «Філасофія — гэта трансцэндэнтальны эмпіріякрытыцызм манізму, які мае ў сабе Піфагораву амонію і Саксагоравы наўменты. Авенарыус індыцыруе, што субстанцыя быцця саліпсізму, якой аперыруюць субстанты, дыферэнцыруе столькі гіпатэнцый, колькі ў кантаўскай „Крытыцы чыстага розуму“». Памры, ясней не скажаш. А?

Тата (зусім спакойна). Дык ты не пайшоў? Ты дома?

Сын. Не. Рашыў пазнаёміцца з філасофіяй. Але нічога, аб–са–лют–на ні–чо–га не зразумеў. А?

Тата. Такія прамудрасці табе не па ўзросту. Малы яшчэ.

Сын. Гэтыя дарослыя прыдумалі такія мудроныя словы… I навошта толькі? Іншы раз нават думаеш так: не дзеля таго, каб выказаць думку, а дзеля таго, каб утаіць тое, што наўме, падмануць.

Тата (смяецца). Гэта таксама трэба ўмець. Гэта нават больш складана. Вось яно як, філосаф. Ну, я пайшоў.

Сын. Тата! Ты павінен купіць індульгенцыю.

Тата. Што–што! Ах, індульгенцыю! Ты патрабуеш?

Сын. Так.

Тата. У старажытны час быў такі выпадак: адзін манах настойліва прыставаў да брадзячага рыцара, каб той купіў індульгенцыю. Рыцар спачатку адмаўляўся, потым, каб адчапіцца ад надакучлівага манаха, купіў у яго індульгенцыю аб адпушчэнні грахоў і мінулых, і будучых. А паколькі будучыя грахі дарованы, ён тут жа абрабаваў манаха. Абвараваў да ніткі, голенькага пусціў. Ты разуммеш прытчу, сын?

Сын (пасля паўзы). Тады хоць дачку не забывай, а то крыўдзіцца.

Тата. Не забуду.

Сын. Не забудзь і пра сучаснае ўзбраенне, пра самалёцікі.

Тата. Не забуду. А ты штудзіруй філасофію. Што зразумееш, а што неабавязкова разумець.

Тата выходзіць. Сын вылазіць з–пад стала.

Сын. Мілэдзі, вылазь! Пайшоў. Ты што–небудзь зразумела?

Дачка (муляецца). Здаецца, наш тата… Не, нічога не зразумела.

Сын. Калі гэтыя сувязі культурныя, то навошта нам абавязкова глытаць свежае паветра?

Дачка. Ты думаеш, што наш тата…

Сын. Нічога не разумею. У дарослых такая логіка, што… А што — «наш тата»? Ты нешта хацела сказаць?

Дачка. Што тата пайшоў…

Сын (адмахнуўся). Ат, пайшоў купляць табе… (не прыдумае што) напэўна, бюстгальтар.

Дачка (прымае ўсур’ёз). Ты думаеш? Ён пасаромеецца купляць такое.

Сын. Наш тата не пасаромеецца. Ён толькі назаве гэта… як–небудзь па–другому.

Дачка. А я ўжо амаль дарослая. Праўда? А?

Сын. Іменна — амаль. Адзін геніяльны іспанец сказаў: «Слова амаль — амаль слова». Яно нічога не азначае. Само ніякай сілы не мае. I ў той жа час яно можа начыста знішчыць самае моцнае, самае вялікае слова, калі іх паставіць поруч. Ну, вот: жывы і амаль жывы. Разумны і амаль разумны. Што гэта такое? Амаль свабода. Што гэта? Амаль дэмакратыя. А? Прыніжае да свайго ўзроўню, да «нішто». Значыць, яно адначасова і вялікае слова. Ёмкае слова! Здольнае адцаліць і прыблізіць. Амаль прыйшоў. Значыць — блізка. Амаль вялікі — значыць, не маленькі. Ах, як я хачу быць амаль старым, ну хоць бы з барадой. Не расце, праклятая.

Дачка. А навошта табе барада? Фі!

Сын. Навошта? Я сёння пачаў бы перадвыбарную кампанію. Я абвясціў бы барацьбу за пасаду прэзідэнта. Э–эх, каб дарвацца мне да ўлады! Я паказаў бы ім, у каго логіка мацнейшая — у дзяцей ці ў дарослых.

Дачка. Фантазёр ты пусты.

Сын. Не толькі фантазёр. Я сур’ёзна рыхтуюся да такой пасады. Бачыш, колькі я чытаю. А каля тэлевізара колькі гібею? Не футбол па двары ганяю. Я маршальскі жэзл хачу ўзяць, імператарскі скіпетр. I вазьму! Логіка жалезная. Дарослыя пастарэюць і пойдуць на пенсію ці пераселяцца ў другое царства. Каму ўлада дастанецца? Дзецям. Толькі дзецям. Гэта значыць — нам! Ну табе, скажам шчыра, яна — як зайцу акваланг. Значыць — мне. Мне!

Дачка. Ух, як грызе цябе слава! Як ты рвешся да славы!

Сын. Грызе! Не адмаўляюся. Але мэта — вялікая, гуманная. Грызе! I яшчэ як! I калі я дарвуся да ўлады, я акружу сябе паэтамі. I яны будуць пець мне славу, асанну. Людовік XIV, каб уславіць сваё цараванне, пачаў абдорваць золатам і дарагімі падарункамі мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў. I яны не аставаліся ў даўгу — славілі караля, яго высокі розум і апісвалі, як цудоўна жывецца народу. Вось так і я зраблю. Веліч палітыкам ствараюць паэты. А калі ўбяруся ў сілу, тады дазволю і сатыру. Сатыра моцных умацоўвае. А слабыя баяцца сатыры, забараняюць яе. Ты правільна прыкмеціла — грызе. А што ты разумееш… (Раптам зразумеў, што не перад тым спавядаецца.) I яшчэ грызе мяне… Цікава, якую ж цацку для дарослых купіў тата на імяніны свайму друту. Давай паглядзім? А?

Дачка. Нядобра гэтак. Без спросу.

Сын. Мы потым загорнем, як было.

Дачка. Я не дазваляю, і ўсё!

Сын. Ты не маеш права ні забараняць мне, ні дазваляць.

Дачка. Малыш! Я тут старэйшая!

Сын. Ну, чаго ты надзьмулася! Старэнькая! Бабуська! (Разгортвае скрутак.)

Дачка (адвярнулася). Гэта непрыстойна.

Сын (сур’ёзна). Я павінен знаць. Я павінен многа знаць, усё знаць. Усе пакуты чалавецтва — ад недахопу інфармацыі. Я не хачу пакутаваць ад недахопу інфармацыі. (Разгарнуў пакунак, здзівіўся.) Ха! Ну і штукенцыя! (Чытае па–англійску.) «Гумавая, надзімная, у натуральны рост…» (Смяецца.) Зараз мы цябе напоўнім. Паветрам.

Сын бярэ помпу і напаўняе цацку для дарослых.

Сястрычка! Глядзі!

Дачка. Мне нецікава. Не буду глядзець.

Малы напампоўвае. Ён ужо спацеў. А перад намі — адна з «жамчужын» цывілізацыі: надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш. Малы вымае шланг насоса. «Жанчына» зашыпела. Малы затыкае адтуліну, праз якую напампоўваў паветра.

Сын. Не шыпі! Ты яшчэ мне не жонка! (Ставіць ляльку на ногі.) Во ты якая! Сястра! Агляніся ў гневе! (Разглядае ляльку.) Як жа вас завуць, мілэдзі? Эсфір? Сястрычка! Між іншым, усіх жанчын надуваюць. I хто іх толькі не надувае. Дома — дзеці і муж. На службе — падначаленыя. Настаўніц — вучні. Прадаўшчыц — пакупнікі. А ты хто? Што ўсміхаешся? Табе весела? Дурната!

Дачка (крадком павярнулася, глянула. Здзівілася). Як табе не сорамна?

Сын. Мне? А чаму мне, а не дарослым? Яе не я зрабіў.

Дачка (скрозь зубы). Ну, што гэта такое? Як гэта можна? Што гэта, што гэта, што гэта???

Сын (сур’ёзна, не па гадах сур’ёзна). Гэта? Цацка на забаву дарослым.

Дачка. Як ім не брыдка? Як ім не сорам?!

Сын. Чаго ж ім саромецца, калі ў самой Бібліі запісана ім апраўданне.

Дачка. У Бібліі сказана: «Не открывай наготы!»

Сын. А ў другім месцы сказана: «И нашёл я, что горче смерти — женщина, потому что она — сеть, и сердце её — силки, и руки её — оковы; добрый перед богом спасается от неё, а грешннк будет уловлен ею».

Дачка. Брацік! Ты мяне крыўдзіш!

Сын. Я? Я цябе ніколі не пакрыўджу. А вось другія… Падрыхтуйся, сястрычка! Запасайся цярплівасцю. Наперадзе ў цябе многа выпрабаванняў. Жыццё будзе табе прыносіць і гэта (дае ляльцы аплявуху), і гэта (шкуматае, піхае, заціскае пад пахай, цягае, пінае, згінае), і гэта, і гэта… I ты будзеш мірыцца, цярпець. Цябе ветліва будуць запрашаць на танцы, каб і тут прынізіць цябе… тваю асобу. Во так! Модна! Сучасна!

Малы пачынае танцаваць з лялькай, парадзіруючы твісты, рок–н–ролы, падкрэсліваючы, утрыруючы іх пошласць.

Дачка (крычыць). Брацік! Даволі! Перастань! Хо–опі–іць!!

Малы вышморгвае затычку і выпускае з лялькі дух.

Заслона

Дзея другая

Карціна трэцяя

Той жа пакой. Той жа стэлаж. Толькі на кніжных паліцах дзе–нідзе павыманы кнігі. Гэта малы вымаў кнігі сваім блізкім. Пад столлю падвешаны самалёцікі самых разнастайных марак і канструкцый: бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі, транспартныя і перахватчыкі, нават верталёты. Самалёцікі малы прыстроіў на дроціках так, што ў любы момант можна спусціць на брыючым палёце над сталом, за якім будзе сядзець патэнцыяльны «праціўнік». Ствараецца поўнае ўражанне, што самалёт пікіруе. Калі малы захоча, яго самалёты могуць бамбіць… каб застрашыць.

Ён часта карыстаецца гэтай сілай.

Малы зараз заклапочаны, хмуры, ходзіць па пакоі ад сцяны да сцяны. На яго чале вялікая заклапочанасць, ну нібыта ўсе беды свету, увесь сум людскі, усе клопаты — на ім. Ён часам спыняецца, як статуя — выліты Напалеон, — рукі скрыжаваў на грудзях. А то прысядзе — і зноў жа — не проста, а ў позе радэнаўскага «Мысліцеля». А бывае — спыніцца і пашле свой погляд у глыбіню стагоддзяў, а вось якіх, — будучых ці мінулых — няясна пакуль што.

Сястрычка яго з нейкай напружанай цікаўнасцю назірае за ім, не адводзячы вачэй.

Дачка. Што здарылася, малыш?

Сын. Адчапіся.

Дачка. Ты нейкі сам не свой.

Сын. Адчапіся, я сказаў!

Дачка. Бяда якая, ці што?

Сын. Горш.

Дачка. А што такое? Што?

Сын. Не знаю. Сябе не знаю.

Дачка. Сябе? Ты ніколі такім не быў. Што цябе мучае?

Сын. Сумненні.

Дачка. Што–о?

Сын. У цябе былі калі–небудзь сумненні? Ты ведала іх?

Дачка. Сумненні? Не–е–е. Не ведала. Якія сумненні?

Сын (наважыўся растлумачыць). Што я ведаю? Што? Я знаю — што я ведаю. А што ўмею? Што сумею? Не знаю. Я знаю, чаго хачу. Але не знаю, ці змагу я. А як праверыць? Як прайсці выпрабаванне? А? Ці годны я? Ці адпавядаю я той ролі, якую выбраў сабе? Як узяць пробу?

Дачка. Што праверыць? Якое выпрабаванне? Якая проба?

Сын. Я паставіў перад сабой вялікую задачу: стаць на чале дзяржавы, стаць правадыром нацыі, стаць цэзарам, папам рымскім ці Ісусам другім… Для гэтага ў мяне веды ёсць, чужога вопыту хопіць. (Паказаў на кнігі) А ці ёсць у мяне патрэбныя рысы характару? Ці хопіць іх у мяне? Асабістыя якасці характару…

Дачка. Якія? Можа, я табе скажу — ёсць ці няма.

Сын. Не ты… Я сам павінен выявіць іх у сябе… А калі няма — вырасціць іх, выхаваць, выпеставаць.

Дачка. А якія якасці характару трэба? Для тваёй ролі — цэзара?

Сын. Сучасны цэзар павінен умець быць абаяльным, каб выклікаць пачуцці прыязнасці ва ўсіх, хто хоць раз пабачыцца з ім. Павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, нават калі грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор. Пачаўшы вайну, трэба ўмець пераканаць людзей, што вядзецца яна ў інтарэсах міру, а гарады бамбяць — дзеля іх абароны. Я павінен навучыцца памірыць заклятых ворагаў і ўмець пасварыць закадычных сяброў; павінен умець выкарыстоўваць для сябе і высакародны чалавечы парыў і такую чалавечую загану, як зайздрасць. Для веруючых я павінен быць апосталам, а атэісты хай спадзяюцца, што я — бязбожнік. Я павінен сумець пераканаць людзей рабіць тое, што мне трэба, але каб ім здавалася, нібыта яны самі таго хочуць, а я толькі разумею іх патрэбы. Я павінен умець пераканаць бацьку пайсці супроць сына, а дачку — сведчыць супроць маці, калі мне гэта спатрэбіцца. Я павінен умець узбунтаваць, уздыбіць натоўп, давесці да экстазу, да барыкад. Але я павінен умець і ўціхамірыць раз’юшаны натоўп, калі бунт прынёс ужо ўсё, што мне трэба было. Я павінен умець быць літасцівым і міласэрным да заклятага ворага, каб усыпіць яго пільнасць і быць бязлітасным да роднага брата, бацькі, нават маці, калі заўважу змову, каварства і здраду. Я павінен умець, не раздумваючы, бязлітасна: халаднакроўна прыбіраць з маёй дарогі супернікаў.

Дачка (з жахам). Гэта — страшна! Гэта — жахліва!

Сын. Але неабходна! Непазбежна! Так заўсёды было.

Дачка. Не было!

Сын. Было! Я прачытаў Светонія пра жыццё цэзараў. Я прачытаў мемуары Чэрчыля, усё, што пісалі пра Напалеона, успаміны пра Гітлера, я прачытаў… і яшчэ сёе–тое я прачытаў. Было!

Дачка. Але гэтага не павінна быць!

Сын (згаджаецца). Не павінна. Але пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя, ёсць князі і рабы, ёсць генералы і салдаты, ёсць жандары і паэты, ёсць асуджаныя і каты, да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы…

Дачка. Калі так… Калі без гэтага нельга, то — не трэба, малыш! Адмоўся ад сваёй мэты, брацік! Гэта страшна і… бесчалавечна, жорстка.

Сын. Тады маё месца зойме другі, не такі здольны, а можа, і бяздарны, ды яшчэ, магчыма, больш жорсткі.

Дачка (пяшчотна). У цябе няма такіх якасцей. Ты не такі.

Сын. Не знаю. Трэба праверыць.

Дачка. Як? Дзе? На кім?

Сын. Давядзецца дома, на вас, на сваіх. Дзе ж яшчэ?

Дачка. Але ж гэта немагчыма! Як? Як?

Сын. Паспрабуем.

Сын вынімае з каробкі цацку–самалёцік і падвешвае на дрот.

Памажы, калі ласка, падвесіць.

Дачка дапамагае малышу.

Дачка. Які прыгажун! Верна?

Сын. Нервовы.

Дачка. Хто? Самалёт? Які ты дзівак, выдумшчык.

Сын. Гэты самалёт амерыканцы сканструявалі для распылення нервовага газу.

Дачка. Фу, брыдота! Такі прыгажун і… Проста жах!

Сын. Але — прыгажун!

Дачка (уздыхнуўшы). Я разумею, што нядобра зайздросціць, і ўсё–такі я зайздрошчу табе. Колькі ў цябе цацак!

Сын. Якія ж гэта цацкі! Гэта — зброя? Ваенна–паветраны флот! Баявыя сілы для падтрымання халоднай вайны паміж… татам і мамай.

Дачка. А мама скупая. Ну, чаго ты на мяне так глядзіш?

Сын. Скупая, кажаш? (Раптам рэзка.) Ты сама вінавата. Паслухмяным заўсёды меншы кавалак дастаецца. Цяпер нават паліцыя навучылася баставаць, каб вырваць надбаўку да зарплаты. А ты… Пакорлівая рабыня. Цябе і карміць не трэба. Запахне — і ты сытая. Парай. Ты такая мяккая, такая… табой акуляры выціраць можна.

Дачка. А чаму? Каб толькі дома ціха было, мірна, спакойна. А ўсё–такі шкада, што я не з татам.

Сын. Дурненькая. Ты не мне гэта гавары. Ты маме так скажы. I адразу ўбачыш вынік. Ды яшчэ маральна прыцісні. Скажы: мама, а калі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі за бацькам, а не за табой? Зразумела? Супярэчнасці трэба распальваць. Чым злейшыя яны будуць адно з другім, тым дабрэй да нас. Засвоіла?

Дачка. Ну і язва! Хітрасці ў цябе на семярых.

Сын. Трэба ўважліва і сістэматычна слухаць радыё і тэлевізар. Асабліва перадачы для дарослых. Дзіцячыя перадачы на тое і прыдуманы, каб нас трымаць у няведанні, у цемнаце. Цёмнымі і даверлівымі лягчэй камандаваць.

У калідоры званок.

Дачка. Гэта мама з работы. Ты думаеш — я не магла б так, як ты?

Сын. Вось і пачынай. Ды стражэй! Чуеш?

Дачка. I паспрабую. А што?

Дачка адчыняе дзверы і ўпускае маму.

Мама. Вось і я. Ну, як вы тут?

Мама аддае сыну кнігу і яшчэ адзін пакуначак — падарункі. Да мамы падыходзіць дачка і строга выстаўляе руку. Не просіць, а патрабуе.

Дачка. Ну! Што!

Мама. Што — ну? Што — што?

Дачка. Гэта я пытаюся — што? Яму, бачыш, колькі падорана? А мне зноў коўдра! Зноў вітаміны? Зноў глюкоза?

Сын (ухваляе спакойна). Правільна. Верна. Хачу — дзейнічаю.

Дачка. Малыш правільна выбраў. Тата яго болей любіць, чым ты мяне. Я заўважаю. Толькі глядзі, мама! А калі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі не за табой, а за татам? А?

Сын аж выцягнуў шыю, па–птушынаму схіліў галаву, адным вокам назірае за мамай.

Мама. Дачушка! Што ты сказала? Як жа ты так? Я ж для цябе…

Дачка. Не трэба меладрам, мама! Ясна? (Сказала і спалохалася.)

Мама (скрозь слёзы). Ясна… Так ясна, што аж у вачах цёмна.

Сын. Мама! Слёзы тут не памогуць! Тут трэба эканамічныя санкцыі.

Мама. Але што? Што я вам павінна? Што яшчэ?

Сын. Што? Гэта ўжо другая гаворка. Гэта мы прадумаем.

Дачка. Што? Хоць бы тое, што другім. Вунь Нэлі на імяніны бацькі падарылі цэлы звярынец: поні, зебру, сланёнка і нават кенгуру. Ты сама бачыла па тэлевізары.

Мама. Што ты раўняешся? Што ты раўняешся? Што, ты не ведаеш, хто ў яе бацька? Мільянер! Палавіна арабскае нафты ў яго. Гадавы даход у яго — восемдзесят два мільёны! А ў твайго бацькі…

Дачка. А хто вінаваты?

Мама. У чым?

Дачка. Што ў майго бацькі няма такога даходу?

Мама. Як гэта хто?

Дачка. Ты!

Мама. Я? Але чаму?

Дачка. Ты што, не магла выйсці замуж за Нэлінага бацьку? А Нэлі хай бы дастаўся мой. А?

Мама. Не магла! Не хацела! Бо яе дзед быў гангстэрам. I нафтавыя ўчасткі яны купілі за бандыцкія грошы. Яны ўсе гангстэры, бандыты. У іх рукі і сумленне ў крыві. А ты хочаш, каб…

Сын. А грошы не пахнуць, як сказаў адзін…

Дачка. У Нэлі і рукі белыя і сумленне. Яна — не вінаватая. Мы за дзядоў не адказваем.

Мама. Што ж гэта робіцца? Я ўжо нічога не разумею.

Сын. Мама! Ты дарэмна не слухаеш палітычнага каментатара.

Мама. Гэта жорстка. Гэта бесчалавечна. Дзеці…

Сын. А мы па Бібліі, якую падарыў нам дзядуля. «Будзем прыгнятаць бедняка–праведніка, не будзе літасці ўдаве і не пасаромеемся мнагалетняй сівізны старца».

Мама. Дык гэта ты… твая навука? Гэта ад цябе ўсё?

Сын. Ад Бібліі.

Мама. Ты не зразумеў! Гэта богаадступнікі, паганыя людзі гаварылі. Ерэтыкі!

Сын. Яны сімпатычныя людзі, тыя ерэтыкі, вясёлы народ. Кожны з іх тройчы смяшыў чалавецтва. Першы раз народ смяяўся, калі ерэтык паведамляў пра сваё вялікае адкрыццё і вынаходства. Другі раз народ весяліўся, калі яго за гэта адкрыццё інквізітары публічна смажылі на кастры. I трэці раз весяліцца прагрэсіўнае чалавецтва, святкуючы чатырохсотгадовы юбілей ерэтыка. Аказваецца — ён быў вялікі, а яго падсмажылі. Каб не ерэтык Галілей, Зямля наша да гэтага часу стаяла б на трох кітах. Не было б Магелана — не было б Амерыкі. I Саветы не запусцілі б Гагарына. Не, усё гэта было б, але са спазненнем на пару стагоддзяў.

Мама. Божа мой, божа мой! Што ў яго ў галаве? Пакладзі Біблію. Табе рана яе знаць. Ты яшчэ горкае дзіця. Кашмар! Што за дзеці? Ну і дзеці!

Мама пайшла на кухню.

Сын. «Дети грешников бывают дети отвратительные и общаются с нечестивыми…»

Дачка. Я так не магу. Ведаеш, малыш, гэта ўжо цераз сілу. I праўда — жорстка мы з мамай. Другі раз я так болей не буду. Мне шкада яе… Пакрыўдзілі мы яе…

Сын (прытуліу сястру). Значыць, ты яшчэ… У наш суровы век ты… Занадта ты далікатнае стварэнне. Ну што ж, і такія таксама патрэбны. Будзь такая, якая ты ёсць — мяккая, добрая, як папрок грубым людзям. Ты даруй мне за гэты эксперымент. Я праверыў, як можна выкарыстаць зайздрасць. Далікатная, ласкавая душа становіцца жорсткай… Сумеў.

Дачка. Гэта я сама.

Сын. Я так і рабіў, каб ты думала, нібы ты сама…

У пярэдняй зноў раздаецца званок. Дачка адчыняе дзверы, упускае тату і вяртаецца.

Дачка (паведамляе). Тата.

Уваходзіць Тата. Хмуры.

Сын (патрабавальна). Ну? Што?

Тата. Што — ну? Што — што?

Сын. Гэта я пытаюся: што — што?

Тата. Ты мяне проста абабраў. Мой бюджэт проста не вытрымлівае. Я не маю за што купіць прыстойных цыгарэт. Вымушаны курыць нейкую дрэнь і прыкідвацца…

Сын. …дэмакратам. А можна зусім кінуць курыць. Калі верыць літаратуры (жэст на стэлажы), нікацін вельмі шкодны. Нібыта рак…

Тата. Ты ведаеш, сын? Ты горш за нікацін, больш шкодны.

Сын. Гэта як зразумець? Ты быццам незадаволены?

Тата. Так. Я незадаволены!

Сын. Тваё шчасце, што ты жывеш не пры цэзару Нероне.

Тата. А то што?

Сын. На, пачытай, што піша Светоній: «Адзін рымлянін, педагог, быў асуджаны на цяжкае пакаранне за тое, што ў яго пастаянна незадаволены выраз твару».

Тата. Трапло! Нахапаўся з кніжак… Не, трэба за цябе ўзяцца. Ну і дзеці! Ох і дзеці!..

Тата выходзіць у свой кабінет.

Сын. Ты чуеш? Зноў дзеці. Ну, не! Сапраўды трэба за іх узяцца. Распусціліся.

Дачка. Ты, брацік, перасольваеш.

Званок. Дачка бяжыць і хутка вяртаецца.

Тэлеграма. Ад дзядулі! Едзе! Мама! Тата!

Сын. Стоп! Дурніца! Чаго спяшаешся! Пакажы. Тут карысная інфармацыя. Мы павінны яе скарыстаць. А ўсё–такі малайчына наш дзядуля. Чулая душа! Адгукнуўся. Ты яшчэ не ведаеш, што ўсе беды на свеце — ад недахопу інфармацыі. Людзі траплялі ў недарэчнае і смешнае становішча — ад недахопу інфармацыі. Вось гэта тэлеграма дасць нам дадатковую інфармацыю — ці магчыма ў прынцыпе ўзаемаразуменне паміж татам і мамай на базе павагі да продкаў.

Дачка. Во смеху будзе!

Сын. Ненадоўга. На час візіту. А там…

Сын падыходзіць да магнітафона, падбірае ленту.

Мы зараз такі заліхвацкі танец ім падбяром, што ахнеш. Помніш, у нас гастраляваў рускі ансамбль? Я запісаў на магнітафон адзін іх танец. Кліч!

Мама. Што за дурасці? Чаму — танцуй!

Сын. Тэлеграма. Ад дзядулі.

Мама. Тым больш. Можа, дзядуля захварэў, можа, бабка памерла. А я буду танцаваць? Што за манеры?

Сын (разгарнуў тэлеграму). Ніхто не захварэў, ніхто не памёр. Танцуй! Усе рады! Усе лікуюць!

Дачка. Мама! Танцуй! Ніхто не памёр! Ніхто не захварэў! Усе рады! Усе лікуюць!

Сын (запускае праігрывацель і падпявае). А дзядуля, дзядуля! Каго любіш? Бабулю…

Мама неахвотна пачынае танцаваць.

Дачка (прытанцоўваючы). Тата! А ты?

Сын. Чаго стаіш? Ану, давай!

Тата (усміхаецца). Яшчэ чаго не хапала…

Сын (строга, крычыць). Тата! Гэта прынцыпова! Як ты радуешся дзеду, так я буду радавацца табе! Ісус, сын Сірахаў, сказаў: «Почитающий отца будет иметь радость от детей своих и в день молитвы услышан будет». Перад тым як адмовіцца, падумай, тата. Мой дзядуля можа табе дапамагчы, але можа і пашкодзіць. Ён друг твайго генеральнага дырэктара, папа.

Дачка танцуе з мамай і ўважліва, насцярожана назірае за псіхалагічным паядынкам паміж бацькам і сынам. Гэту насцярожанасць дачкі заўважыў бацька. Ён усміхнуўся і неахвотна пачынае танцаваць.

Дачка (заапладзіравала). Бра–а–ва! Малыш! Ты геній! Ты — Цэзар!!!

Малы падкруціў рэгулятар радыёлы. Магутна іграе аркестр. Тата набычыўся і рушыў да лесачак, на якіх сядзіць сын. Здаецца, бацька зараз сцягне малога за нагу, растопча, расшкуматае. Аж не! Ён з такою злосцю… пачаў танец. Павольна, з разваротам. У танец падключаюцца сын і дачка. А яны ўжо зусім па–сучаснаму, па–мадэрнаму. Ну і танец! Ай ды танец! Сын напявае нешта такое: «А бабуля з дзядуляй!..» Усе танцуюць ужо з поўнай душэўнай аддачай. Дачка падміргнула браціку, паказваючы на тату і маму, якія вытанцоўваюць адно перад адным. Малы насцярожыўся. Нават спалохаўся.

Сын (сястры). Усё гэта скарацечна.

Дачка (шчыра радуецца). Я–ак хо–ра–ша!!!

I раптам ён тыграм кінуўся на сястрычку. З дзікім крыкам. З гікам! Пакаціліся па падлозе. Шкуматы ляцяць. Тата і мама спыняюцца. Яны шакіраваны. Яны нічога не разумеюць. Кідаюцца разнімаць малых. Расцягваюць за ногі ў розныя куткі. Тата — сына, мама — дачку.

Мама. Што такое? Што такое? Вы звар’яцелі?

Тата. Што такое, сын? Што здарылася?

Дачка. Гэта ён! Гэта ён!

Сын. Я? Гэта ўсё ты! Гэта яна!

Дзеці, пераміргнуўшыся, зноў парываюцца адно да другога, але тата і мама адціскаюць іх у процілеглыя куткі.

Дачка. Што я табе зрабіла? Што? Што?

Мама. Што яна зрабіла?

Тата. Што яна зрабіла?

Сын. Іменна — што яна мне зрабіла? Нічога! I яшчэ хваліцца. А павінна ж яна мне хоць што–небудзь зрабіць? Як малодшаму брату. (Кідаецца да сястры.) Павінна ці не?..

Тата і мама стрымліваюць дзяцей.

Дачка. Я нічога табе не павінна! Нічога, нічога, нічога!

Мама. Дачушка, ён не вінаваты. Гэта ўсё ён! (Паказвае на тату.) Яго выхаванне! Яго навука! Гэта ж разбой! Хуліганства!

Тата адпускае сына і паварочваецца да мамы.

Тата. Гэта ўжо чорт ведае што! Яна мяне віна–ваціць. У чым? (Скрозь зубы, са злосцю.) У чым я вінаваты?

Мама. А хто? Хто вінаваты, што ён расце бандытам? Ты яго вучыш.

Тата. Чаму я яго вучыў? Хіба я во цяпер чаму–небудзь вучыў яго? Гэта ж ён вучыў мяне… падвучыў танцаваць з табой.

Мама. Во–во! Ты і танцуеш пад яго дудку. Ён яшчэ падвучыць цябе задушыць каго–небудзь.

Тата. Я зраблю гэта зараз без яго навукі!

Тата і мама ідуць на збліжэнне, на таран. Але пільныя дзеткі не дапускаюць вялікага канфлікту. Яны — у плач. Равучы, яны расцягваюць бацькоў у процілеглыя куткі так, як толькі што бацькі рабілі з дзецьмі.

Дачка. Та–а–а–та–а!

Сын. Ма–а–а–ма–а!

Дзеці расцягваюць бацькоў.

Дачка. Ма–а–а–ма–а!

Сын. Та–а–а–та–а!

Дачка (гэтак жа, як брат). Ма–а–а–ма–а!

Тата (крычыць). Ці–і–х–а!

I наступае мёртвая цішыня.

Паўза. Ніяк не адсапуцца.

Сын. Ну, што? Уціхамірыліся? (Сястры.) А ты прарочыла прымірэнне! (Бацькам.) Вы ўжо забылі пра тэлеграму ад дзядулі. Ці вам гэта ўжо не цікава?

Мама. Ну, што там? Чытай!

Сын (чытае тэлеграму). «Сустракайце сёння сем трыццаць вечара». (Глянуў на гадзіннік.) Праваронілі! Усе глядзяць на свае гадзіннікі.

Дачка. А цяпер дзядуля выйшаў з самалёта і глядзіць наўкруга, шукае каго–небудзь з нас… А нас няма…

Сын. Ад нас патрабуюць павагі да бацькоў…

Мама. Чаго ж мы стаім! Трэба ж нешта рабіць.

Сын. Сустракаць трэба, мама.

Мама. Я ж і кажу. Ён, як заўсёды, будзе цягнуць якія–небудзь кошыкі з ласункамі, прысмакамі. Бабуля напакуе ўсяго. Сынок! Дачушка! Можа, вы пайшлі б яму насустрач? А я на кухні прыгатавала б…

Сын. Тата! Ты чуеш? Мама просіць цябе сустрэць дзеда.

Тата. Яна гэтага не сказала.

Сын. Яна не сказала, але падумала.

Тата. Ты чытаеш чужыя думкі?

Сын. Толькі ў мамы і таты. Тата, ты — джэнтльмен. У дзеда чамаданы…

Мама. I як заўсёды, ён прынясе што–небудзь…

Сын. Тата! Мама сказала, што дзед будзе частаваць цябе, як заўсёды, арыгінальнай закускай.

Тата (пачынае злавацъ). Не лічы мяне за дурня, сын! Я ўсё чую.

Сын. Тата, ты чуеш, але не разумееш. Між вамі няма ўзаемаразумення. I я перакладаю вам. Вы — іншаземцы.

Дачка. Хопіць, брацік! Давай мы пойдзем і сустрэнем.

Мама. Дачушка! Ты лепей збегай і купі хлеба.

Дачка. Збегаю.

Дачка бярэ ў мамы грошы і выходзіць.

Сын. I толькі? Не! Сустракаць дзеда толькі хлебам? Нельга! Не адзіным хлебам жыве дзядуля. Яму абавязкова падавай каньяк ці віскі.

Мама. Праўда, сынок. Але ў мяне ні сантыма сёння.

Сын. Тата! Мама сказала, што каньяк ты купіш.

Тата. Ізноў сказала? У мяне таксама… (паказвае на парожні партманет) зусім пуста.

Сын. Тата, у гэтага ліванца ты можаш узяць у крэдыт.

Тата. Яшчэ што прыдумай. Каб я ды ў крэдыт?

Сын. Для дзядулі!!! Не забывай — ён друг… чый?

Тата. Нават для дзеда. Зразумей, я не магу сваю рэпутацыю…

Сын (пагадліва). Банкруты!.. Дажыліся. Што ж? Я павінен папаўняць вашы фінансы? А? Так і быць… Сёння я вас выручу, але… з умовай. Працэнты самыя высокія. Палітычныя патрабаванні таксама будуць. (Адчыняе сваю капілку–шкатулку і выдае маме грошы). «Пиры устраивают для удовольствия, и вино веселит жизнь; а за все отвечает серебро». Вернеш гэта і яшчэ два луідоры ў дадатак. Працэнты.

Мама. А чаму ты мне іх даеш?

Сын. Не хочаш плаціць працэнты? Мама, не хвалюйся, тата зараз пойдзе ў магазін па каньяк. Ідзі на кухню, гатуй закуску.

Тата. Табе, сын, не здаецца, што ты незаконна захапіў усю ўладу… у доме?

Сын. Гэта для спробы. (Мякка.) Тата, я, вядома, мог бы і сам купіць каньяк. Але што падумаюць суседзі? I наогул — ці прыстойна мне ў маім узросце купляць спіртное? Мая рэпутацыя павінна быць бездакорнай, калі я выбраў сабе… гэта… туды… шлях. А калі ты купляеш каньяк — твая рэпутацыя ніколькі не пагаршаецца. Наадварот, ты гэтым дэманструеш свае ўдачы… ускосна. Хіба не праўда?

Тата. Так. Твая праўда ў мяне ўжо ў пячонках.

Тата ўзяў грошы і выйшаў. Вяртаецца з хлебам дачка.

Мама. I ў каго ты ўдаўся, такі мудрэц?

Сын. Мама! На тваім месцы я абавязкова абняў бы і пацалаваў тату. За каньяк. I ты гэта зробіш. Сястрычка! Будзеш сведкай.

Дачка (запыхаўшыся). Дзядуля прыйшоў?

Сын. Пакуль не. Ён павольна набліжаецца да нас — да прагрэсу. Павольна таму, што ён — слабаразвіты.

Мама. А што, калі вы паедзеце з дзедам на ферму? А?

Дачка. Ой, здорава! Малыш! Праўда — здорава?

Сын. Што здорава? Не спяшайся. (Маме.) Як — на ферму? На дзень, на два?

Мама. Не. I вучыцца там. Можа, на год, можа — на два.

Сын. Сястра! А ты ўважліва слухай! Не калупайся.

Мама. Там пастаянна свежае паветра.

Сын. Ізноў свежае паветра.

Мама. Там новыя знаёмыя. Там лес, луг, рэчка. I потым — там уволю свежых ягад, яблык, груш, гурочкаў і морквы.

Сын. Раскоша! Якія перспектывы! Якая светлая будучыня! Гэтак агітаваць нават мой любімы палітычны каментатар не ўмее. (Да сястры.) Ну, а што скажаш ты? пярэчыць будзеш? Смялей! Смялей!

Дачка (нясмела). Але, мамуля… Наш дзедка і наша бабка — старэнькія ўжо. Ім цяжка будзе з намі. Яны не пагодзяцца.

Сын. Малайчына, сястра! Ты развіваешся! Ты нават мысліш!

Мама. І дзед і баба рады будуць. Ім весялей будзе з вамі.

Сын. Ну, вядома, калі я пастараюся, ім будзе весела да слёз.

Мама. Я б на вашым месцы… я паехала б.

Сын. Пакінуць цябе і тату? Без мяне вы… «Без царя передерётесь» — як любіў гаварыць у тэлевізары адзін рускі купец.

Мама. Убачыце, як другія людзі жывуць… Шырэй крутагляд…

Сын. Мама, у мяне і без таго кругагляд шырокі. Дзякуючы яму — тэлевізару. Ён усё паказвае: і як сеюць, і як жнуць, і як раджаюць, і як забіваюць, і як паміраюць; як любяць і як ненавідзяць, як уцякаюць і як даганяюць; як моляцца і як клянуць. I ўсё папраўдзе. Нават споднікі паказваюць і так і навыварат. А ў дзеда тэлевізара няма. Як жа я астануся без палітычнага каментатара? А ён без мяне? Гэта ж ён мяне такім зрабіў. Ён — мае вочы і вушы. Дзякуючы яму ўся планета ў мяне во дзе — на далоні.

Дачка. Праўда, мама, без яго наш малыш зачахне.

Мама. Вы мала ведаеце свайго дзеда. Наш дзед — жывая легенда. У яго такая багатая біяграфія. А табе, сын, вельмі карысна было б пасябраваць з дзедам. Для тваёй кар’еры… Ён так многа ведае…

Дачка (здзівілася). Больш за нашага малыша?

Сын. Да яго дыктатары тайна прысылаюць паслоў за парадай.

Званок у прыхожай.

Мама. Няўжо дзед?

Дачка. Пазнаю! Гэта — дзядуля. Мама! Ідзі сустракай!

Мама прыхарошваецца, папраўляе прычоску, фартух, нават бровы.

Сын. Гэта ж не кавалер, а дзед! Чуеш, мама! Калі хочаш, каб ён не крыўдзіўся за тое, што мы не сустракалі, ты зрабі так: адчыні дзверы і схавайся. А як толькі ён на парог, ты кідайся яму на шыю і лямантуй: «Тата! Мілы!» Тут і мы падаспеем — унучка і ўнук. Трэба агарошыць яго нашай радасцю, нашай ласкай!

Мама ідзе да дзвярэй і робіць усё так, як навучыў яе сын. Але, на жаль, мама кінулася на шыю не дзеду. З магазіна вярнуўся тата з бутэлькай каньяку. Першыя заўважылі памылку дачка і сын, але было позна. Мама з лямантам: «Тата, мілы!» — павісла на шыі ў мужа.

Дачка. Мама, ой…

Тата (ад нечаканасці пачаў заікацца). Т–ты што? А–а–шалела?

Мама сканфузілася.

Сын. Я сказаў — я зрабіў. Маё слова — закон. Дачка пацалавала браціка.

Тата. Зноў твае штучкі?

Дачка. Мы думалі — дзядуля…

Сын. Гэта памылка. Ты, тата, хіба ніколі не памыляўся?

Дачка. Я хоць раз убачыла, як мама абдымае тату. Няўжо табе не ўпадабалася, тата?

Сын. А табе, мама?

Дзверы былі расчынены. Дзед увайшоў і спыніўся на парозе. Ніяк не адсапецца. Цераз плячо вісяць на лямцы спераду невялічкая сумка, а ззаду — мініяцюрны чамадан. Падняўшыся на трэці паверх, ён хапае паветра, як рыбіна на пяску. Яго ніхто не заўважае.

Дачка. Няўжо яны ніколі не абдымаліся?

Дзед. Было і такое, калі вас не было.

Дачка (шчыра ўзрадавалася). Дзядуля!

Дзед. Ну, што вы аслупянелі? Аслабаніце! Я стары і слабы.

Сын. Ну, я ж казаў — слабаразвіты.

Дачка. Нядобра гэтак пра дзядулю!

Сястра штурхнула брата пад бок. Той бяжыць да дзеда і здымае з пляча чамаданчык і сумку.

Дзед. Ну, цалуйце мяне, кусайце! Кусайце!

Вітаюцца, цалуюцца, абдымаюцца: шчыра, радасна. Асабліва ласкавыя і пяшчотныя ўнук і ўнучка.

Сын. Дзякуй табе, дзядуля!

Дзед. А што здарылася?

Сын. Разбірайся сам. Паназірай. (Уголас.) Дзед, а чаму ты лысы?!

Дзед. Абрыдла валасам пад капелюшом, яны і перасяліліся з галавы ў бараду. На свабоду. Волю нават волас любіць.

Сын. Брава! Брава вольналюбівым валасам!

Мама. Тата! Можа, памыешся з дарогі, ды будзем абедаць?

Дзед. Можна і паабедаць.

Унучка прыносіць чысты ручнік. Мама ідзе на кухню.

Дачка. Дзядуля! Вось табе чысты ручнічок.

Дзед. Вах–вах–вах! Колькі самалётаў! Гэта ўсё твае? Ды яны ж, відаць, і дарагія. Праўда! Колькі каштуе гэты самалёт?

Сын. Спытай у таты. Тут палавіна татавага заробку ляснула.

Дзед (сур’ёзна). Ну і дурні! Хіба можна столькі траціць?

Сын. Не толькі мы, не адны мы столькі трацім.

Дзед. Я і кажу: неразумна так траціць грошы.

Сын. Смела, дзядуля! Занадта смела ты ў мой адрас.

Унучка павяла дзеда мыцца.

Тата. Ты хоць з дзедам будзь далікатнейшы. Не хамі.

Сын. Хочаш ці не хочаш, а трэба. А то як паедзем туды, дык дзед усё прыпомніць.

Тата. Куды паедзеш? Хто паедзе?

Сын. Відаць, і я, і мая сястрычка будзем жыць у дзеда.

Тата. Жы–ыць?

Сын. I вучыцца.

Тата. Што за навіна?

Сын. Мама так сказала.

Тата. Можа, пагасціць, можа, на канікулы?

Сын. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці свежыя яблыкі, капусту, моркву, піць сырадой! Весяліць дзядулю і бабулю.

Тата. Ну, ты кінь… Я цябе ведаю… Не мялі глупства.

Сын (кліча). Сястрычка!

Прыбягае сястрычка.

Што нам мама сказала? Куды нам трэба ехаць?

Дачка. Да дзедкі і бабкі. На ферму.

Тата. Пагасціць? На канікулы?

Дачка. Не. Жыць, вучыцца і дыхаць свежым паветрам. Есці моркву, піць малако і…

Сын (падказвае). Весяліць дзеда…

Дачка. Так, і весяліць да слёз дзеда і бабку.

Сын. А ты што, супроць такой эміграцыі? Тата!

Тата. Так–так–так… Вось яно як!!!

Сын. Тата, не бядуй. Не гарачыся. Я таксама не забываю пра свае інтарэсы. Мы з сястрычкай можам аб’явіць сядзячую забастоўку.

Уваходзіць мама. Накрывае стол. Ставіць посуд.

Мама. Дачушка! Памагай!

Сын. Мама! Ты павінна пагаварыць з дзядулем пра татавы справы.

Мама. Я нікому нічога не павінна. (З пагрозай.) Але пагаварыць магу. Магу і пагаварыць. Давядзецца!..

Сын. Дзядуля павінен нашаму тату…

Мама. Наш дзядуля нікому не павінен. Усе павінны яму…

Сын. Але тату трэба…

Мама. Ах, тату трэба? Тату твайму шмат чаго трэба…

Тата. Малы! Не прасі, не старайся. Мы самі як–небудзь…

Паўза.

Мама і дачка прыносяць з кухні абед, ставяць на стол. Тата хмуры. Сын назірае за бацькам.

Сын (уздыхнуўшы). Раз’яднаў, пасварыў. А вось як іх цяпер згуртаваць, з’яднаць? На чым? Гэта цяжэй… Але пастараюся. Згуртуюцца.

Прыходзіць дзед.

Дзед. Што гэта такое ў вас творыцца?

Мама. Дзе?

Дзед. У горадзе, на вуліцы, перад муніцыпалітэтам.

Мама. А што там такое?

Дзед. Нейкая вар’яцкая дэманстрацыя. Сабралася арава патлатых і барадатых хлюстоў, а з імі амаль голыя шлюхі. Топчуцца на вуліцы з такімі плакатамі, што сорамна не толькі глядзець… нават не ведаю, як і расказаць такое. I гарланяць на ўсю глотку, да хрыпаты: «Свабоду сексу! Сексу волю!» Што яны, звар’яцелі?

Мама. А–а, гэта ўжо трэці дзень. Цэнзура забараніла адзін шведскі фільм, вось яны і пачалі. А фільм такі… пра гэта самае… (Нешта шэпча дзеду, каб дзеці не пачулі.)

Дзед. А–а… Во цяпер я зразумеў і плакат: вялікія ножніцы абразаюць патлатаму… ну… тое…

Тата. Што надтачыць трэба. (Смяецца.)

Дзед. Несур’ёзная пайшла моладзь. Нібы другіх праблем няма.

Сын. Э–э, не! Ёсць і сур’ёзная моладзь! Пабачыў бы ты, дзед, як у мінулы чацвер мы сустракалі спецыяльнага візіцёра ад прэзідэнта адной з вялікіх дзяржаў!

Дзед. Ну і што?

Сын. Яму будзе што пісаць у мемуарах! Запомніць ён вайну ва В’етнаме. Мы супраць яе.

Дзед. Хто гэта — мы?

Сын. Заўтрашнія салдаты. А вясною? Калі ўзбунтаваліся студэнты універсітэта? А да іх далучыліся тры тысячы рабочых, а потым матрасня. Якія прамовы! Які запал! Які палёт думкі! Колькі агню, задору, рэвалюцыйнага энтузіязму! Не хапала толькі правадыра і пазітыўных лозунгаў. Каб нехта павёў іх, а лозунгі такія, каб за іх на смерць можна ісці. Старыя запаведзі нікога не кранаюць: «Не забі», «Не ўкрадзі», «Не пажадай жонкі бліжняга». За імі ніхто не пойдзе. Трэба новыя. Ленін чаму выйграў рэвалюцыю ў Расіі? Даў самыя пякучыя і пазітыўныя лозунгі: «Мір народам! Зямля сялянам! Заводы рабочым! Улада Саветам!»

Дзед (здзіўлены). Ты што… ты сам дадумаўся да гэтага?

Сын. Ці сам да ўсяго дадумаешся? Нешта ж і людзі павінны падказаць. А вы кажаце — несур’ёзная моладзь. Сур’ёзней мне ўжо і нельга быць.

Мама. Прашу за стол. Будзем абедаць.

Сын. За круглы стол? На перагаворы аб ліквідацыі атамнай бомбы. (Ставіць на стол бутэльку каньяку.)

Мама. Памаўчы хоць за абедам.

Дачка. А наліваць будзе дзядуля. Ён самы старэйшы тут.

Дзед. Праўда, самы стары. Эх, каб вы зналі, як мне хочацца стаць такім во, як гэты шпінгалет!..

Сын. Во дзіва! Стрэчныя жаданні. А чаму, дзядуля?

Дзед. Каб во гэтак падбрыкваць, як ты. (Паспрабаваў скакаць на адной назе.) Каб пачаць усё спачатку…

Сын. Па–новаму? Першы раз — усё не так?

Дзед. Не ўсё так.

Сын. А што было так? Нешта ж было і такое, пра што цяпер прыемна другім расказаць?

Дзед. О–о! Яшчэ колькі было! У маладосці я рызыканцік быў! Любіў паказытаць нервы.

Дачка. Каму?

Дзед. I сабе, і бабцы, і розным другім…

Сын. Сабе і бабцы — гэта і мы ўмеем. А вось як розным другім — гэта ты раскажы, дзядуля.

Дзед. Хе–хе… Калі я быў грэкам…

Сын. Ты і грэкам быў?

Дзед. Ах… кім я ні быў! I туркам быў…

Сын. I туркам?

Дзед. I іспанцам, і нават армянінам.

Сын (у захапленні). Дзед! Ды ты адзін…

Дачка (перапыняе). Не перашкаджай. Ну, дзядуля! Калі ты быў грэкам…

Дзед. Калі я быў грэкам, я паехаў у Лондан. Я паплыў. Накупляў там усялякай зброі: вінтовак, кулямётаў, патронаў. I прывёз у Грэцыю. А там мяне чакаў другі параход. Перагрузілі зброю на гэты параход, і яна паплыла… Куды? У Саудаўскую Аравію. А там арабы гэтай англійскай зброяй выганялі са сваёй зямлі… каго? Англічан. Так я памагаў арабам здабываць свабоду. Каму толькі я не памагаў? Ты думаеш — лёгка мне было вазіць гэту зброю? Фух! Кожную хвіліну мяне маглі за каўнер і на перакладзіну. Хто? Ці тыя, што прадавалі, ці тыя, што куплялі. А калі эфіопы ваявалі супроць Мусаліні, я таксама не драмаў. У Іспанію я прывозіў такіх турыстаў, што Франко і цяпер яшчэ чухаецца. У маладосці я быў адважны. Я быў ваяўнічы. За свабоду, за незалежнасць! За незалежнасць нават ад бабкі. Ха–ха!

Сын. Ну, многа ты на гэтай справе зарабіў? На свабодзе і незалежнасці? Прызнайся, дзядуля.

Дзед. Многа ці не многа, а… мне хопіць. А калі памру — і табе яшчэ добры кавалак завяшчаю.

Сын. Ты, дзед, не транжыр маіх грошай, каб болей асталося. Мне спатрэбяцца яны на прадвыбарную ба–рацьбу.

Дзед. Ого–го! Які ты дзялок!

Сын. Калі хочаш, каб твой унук праславіўся сам і цябе праславіў…

Дзед. Якім гэта спосабам?

Сын. Стану вялікім палітыкам.

Дзед. У маленькай краіне вялікім палітыкам?

Сын. Цяпер маленькія краіны могуць такое натварыць, што і вялікія не рассёрбаюць. Доказаў шукаць не трэба.

Дзед. Та–ак… Шкада, што я стары… Мы б з табой… Во як яно: азірнуцца не паспеў, як нехта за бараду і цягне туды, у пясочак. А ў цябе ўсё наперадзе! I пакуль што аніякіх клопатаў. Зайздрошчу!.. Ах, ах, ах!..

Сын. Як гэта аніякіх клопатаў? Гэта ў цябе ўжо ніякіх клопатаў — ты на пенсіі. А ў мяне… Дзядуля! Ваша пакаленне, дзякуй вам, адваявала нам незалежнасць ад англічан. Палітычную. А эканамічнае ярмо мы з сястрычкай яшчэ доўга будзем адчуваць. I яшчэ праблема. Вы прыдумалі атамную і вадародную бомбы. I пакідаеце іх нам. А што нам з імі рабіць? Гідка з’есці і шкода кінуць. Гэта — не клопат? Вы пойдзеце. А ў мяне ўся планета на маіх плячах. Уся будучыня!

Дзед. Э–э, куды цябе панесла!.. Замахнуўся…

Дзед разлівае ў чаркі каньяк.

А табе, унучак?

Сын. Я кінуў піць.

Дзед (жартуе, здзіўляецца). Зусім? Чаму–у?

Сын (сур’ёзна). Я рашыў падацца ў вялікую палітыку. А там цяпер рэдка сустракаюцца цвярозыя палітыкі. Хачу быць рэдкасным палітыкам.

Дзед. Ух ты!

Сын. Дзікія, свабодныя плямёны Далёкай Поўначы, на Палінезійскіх астравах, амерыканскія індзейцы, негры Афрыкі падпалі пад іга каланізатараў таму, што не раскусілі своечасова шкоды алкаголю. Я хачу быць свабодным. Не спакушай, дзед!

Дачка (хваліцца). Ён у нас усё ведае! Ён такі!

Дзед. Дык за што мы вып’ем?

Дачка (радасна). За дзядулю!

Сын. За наш род! За народ! Капні і мне.

Дзед. То–та ж. (капнуў са свае чаркі) Ну, а я за вас.

Усе стукаюць донцамі чарак аб стол і п’юць.

Дачка. Як хораша! Як усё хораша.

Тэлефонны званок. Але да тэлефона ніхто не падыходзіць. Званок настойліва паўтараецца.

Сын (праглынуўшы). Мама, гэта, відаць, цябе твой нявопытны студэнт…

Мама (яе нібы ўджаліла, але яна стрымалася). Падыдзі, табе бліжэй. Калі мяне, скажы — няма дома.

Сын. Старо! Гэта было ў некалькіх фільмах. (Ідзе да тэлефона, здымае трубку.) Вас слухаюць. Так. Правільна. Не, памыліліся. Не дачка, а сын… Што–што? А ветлівей вы не можаце? Паслухайце… Вы — хам! Вам трэба браць урокі ветлівасці. Можаце ў мяне, бясплатна. А мне ўсё роўна — хто вы. Усё роўна! А вы ведаеце, з кім вы гаворыце? Кім я буду праз сем–восем гадоў. Добра. Перадам. (Кладзе трубку.) Перадаю. Тата! Я толькі што гаварыў з тваім шэфам. Ён — хам!

Тата. З шэфам?

Дзед. З шэфам?!

Тата. Што ты нарабіў! Што нарабіў?!

Сын. А чаго ты так спалохаўся? Ён мне нахаміў — я яму. Квіты. Баланс.

Тата. Ты знаеш, што ён можа са мной зрабіць?

Сын. Што? Хто ён табе? Гаспадзін? Хто ты яму? Раб?

Тата. Так! Раб! Гаспадзін! У яго ўся ўлада! Нада мной.

Сын. А над ім ёсць улада?

Тата. Там, за акіянам!

Сын. Дык чаго ты так спалохаўся? Ты, тата, пагарджаеш вопытам мінулага, не вывучаеш яго. (Паказвае на кніжныя паліцы.) А тут ёсць парады на ўсе выпадкі. Во… (Дастае з паліцы кнігу.) I пра твайго гаспадзіна. (Чытае.) «Усякі, хто лічыць сябе гаспадзінам другіх, сам раб. Калі ён і не заўсёды ў сапраўднасці такі, то ў яго ўсё–такі рабская душа, і перад першым стрэчным, больш моцным, больш дужым, ён будзе гнюсна поўзаць». Старых філосафаў чытаць карысна. На! А то я магу зараз пазваніць за акіян і так распісаць твайго шэфа, што…

Тата. Хто ты такі? Хто цябе слухаць стане?

Сын. Я — хто? Я — кандыдат у прэзідэнты! Я — заўтрашні дзень нашай рэспублікі! Я табе зараз прадэманструю, хто я.

Сын падыходзіць да тэлефона, здымае трубку.

Алё! Злучыце мяне…

Тата падбягае да сына, вырывае ў яго тэлефонную трубку.

Тата. Ты звар’яцеў! Ты ж — ніхто! Ты — нуль! Ты разумееш, хто ты?

Сын. Я — сын твой! Сын, які хоча вызваліць бацьку ад рабства!

Тата. Не лезь куды не трэба! Я цябе не прасіў! Богам прашу — дай ты мне спакой!

Сын. Значыць, табе падабаецца рабства, залежнасць, прыгнечанасць, падначаленасць? Так?

Тата. Не! Не так! Але гэта не пераменіш! Так было і так будзе!

Сын. Не, не будзе! Для гэтага табе трэба толькі стаць бацькам прэзідэнта. I ты ім станеш!

Дзед. А ён не дурань! Адкуль у цябе гэта?

Сын. У мяне за плячыма вопыт, шматвяковы вопыт. (Распасцірае рукі на кніжны стэлаж.) Я вельмі стары, дзед! Толькі барада не расце.

Дзед. Давайце вып’ем. З яго нешта выйдзе…

Дзед налівае ў чаркі каньяк.

Дачка (наіграна радасна). Як добра! Калі ўсім хораша? Праўда, хораша?

Усе выпіваюць і пачынаюць закусваць.

Сын. Ты — як англійскі палітык. Заняў пост прэм’ер–міністра і адчуў сябе так добра, так лагодна! Яму здаецца, што і ўсім так добра. А ў гэты час — дэвальвацыя фунта.

Мама. Ты нікому слова ўставіць не даеш.

Сын (да таты). А ты што скажаш?

Тата. Перастань! Балбатун! Нядобра гэтак!

Сын (дзеду). Дзед, а…

Дзед. Не хвалю, не хвалю.

Дачка. І я. І я не хвалю.

Сын. Проста дзіва! Першы раз так аднадушна…

Тата. Ну, хопіць! Бяры еш!

Сын. Не хачу.

Мама. Накладвай у рот! Жуй! Глытай!

Сын. Няма апетыту!

Дзед. Еш, табе кажуць!

Мама. Еш!

Мама напіхала сыну поўны рот ежы.

Жуй! А не, дык пайшоў вон!

Дачка. Перастань, малыш! Ну, праўда ж, можна па–харошаму. Давайце яшчэ нальём. Дарослыя няхай вып’юць… (налівае каньяк у чаркі.) Дзядуля, ну?

Малы моўчкі ўзяў поўную чарку і выпіў да дна.

Мама. Сынок! Ты звар’яцеў!

Сын прагна накінуўся на закуску.

Дачка. О, цяпер ён будзе маўчаць. Дзядуля! А дзе лепей? У горадзе ці на ферме? Дзе лепей?

Дзед (выпіў, крэкнуў). Там, дзе нас няма.

Дачка. А дзе нас няма?

Дзед. Каля бабулькі нас няма.

Дачка. Выходзіць, каля бабулькі лепей?

Дзед. Выходзіць, там лепей.

Мама. А я што гаварыла?

Сын. Не магу маўчаць! Пачынаецца прапаганда. Сто–оп!!!

Дзед. Э–эк, распусцілі вы яго. Таму і куражыцца. Прыйдзецца забраць яго на ферму. Не–е, там я яго перараблю.

Сын. Усё жыццё марыў! Назад к Мафусаілу? Мілы дзядуля, смешна! Ты быў грэкам, ты быў армянінам, іспанцам. Але ты ніколі не быў кітайцам. А зараз — выліты… гэты… самы–самы…

Мама (успыхнула). Гэта ўжо чорт ведае што! Ні кроплі прыстойнасці. Гэта ўжо нахабства.

Тата. Ты сапраўды непрыстойна сябе паводзіш.

Мама (да таты). Гэта ўсё тваё! Гэта твой цынізм. Твая беспардоннасць. Любуйся! Не сорамна перад людзьмі?

Тата (таксама ўспыхнуў). У мяне нарэшце таксама лопаецца цярпенне!!! (Да сына.) Да якога часу цераз цябе я мушу глытаць жаб? Да якога часу ты будзеш ставіць мяне ў дурацкае становішча? Не, дарагі мой, усяму ёсць канец!

Сын (спакойна). Сястрычка! Ці мне здаецца, што яны мной нездаволены, ці так яно і папраўдзе?

Дачка. Ну, вядома, малыш, усе табой нездаволены.

Сын (ледзь стрымлівае сябе). Значыць, мне гэта не здаецца?

Дзед. Ды вам усім трэба зараз жа на свежае паветра. Хоць на паўгадзіны. (Глянуу на гадзіннік.)

Сын. На свежае паветра?! Дзядуля! Няўжо і ты?!

Дзед. З яго нешта будзе… нешта з рук вон выдатнае. (Унуку.) Быць табе альбо славутым бандытам, альбо… начальнікам вялікай… турмы…

Сын (смяецца, але смех нейкі ненатуральны). Не, ні тое, ні другое, дзядуля. Я ўжо ёсць! Я — ёсць! Дзядуля! Я — вундэркінд асобага роду. Магу папулярна. Бываюць вундэркінды — музыканты. Іх многа. Бываюць матэматыкі. Іх таксама нямала. Бываюць паліглоты. А ведаеш, дзед, што такое паліглот?

Дзед. Ну, давай, эрудзіруй!

Сын. Поліглот — гэта… Полі — многа, глот — глытаць. Многа глытаць. Усяго. Усякай усячыны. Што падсунуць. Што ў рот пакладуць. Прыемна, непрыемна — глытай, глытай, глытай! Усякі фарш і ўсякі фальш!

Дачка. Ну, навошта ты хлусіш, навошта ты падманваеш дзядулю? (Дзеду.) Паліглот — гэта чалавек, які ўмее гаварыць на некалькіх мовах.

Дзед (ідзе на прымірэнне). Ды гэта, бадай, адно і тое, як і ён тлумачыў.

Мама. Ты чаму хлусіш? Ты чаму старэйшых не паважаеш? Ты мярзотнік! (Дала сыну ў каршэнь.) Праўду трэба гаварыць!

Сын (абураны). Ах, вам праўды захацелася? Вы па праўдзе засумавалі? Во гэта я і хацеў ад вас пачуць! Зараз я вам выдам праўду!.. (Хутка падымаецца наверх лесачак.) Наце вам праўду! Як вам? Кожнаму паасобку ці ўсім адразу? А ты ведаеш, дзядуля, што і мама, і тата не любяць мяне? Мала таго — ненавідзяць! А за што? За сваю хлусню, падман, якія я выпадкова адкрыў. Ты думаеш — лёгка мне, дзядуля, жыць з камком у горле… Калі пастаянна ў горле, тут, ні праглынуць яго, ні выплюнуць. Калі родныя бацька і маці не любяць, то які ж бліжні ўзлюбіць? Хіба толькі ты? Дзед? Я паклікаў цябе… (Да бацькоў.) Што? Яшчэ хочаце, яшчэ праўды чакаеце? Не боязна? Не–е! Не палохайцеся! Я вам праўды не скажу. I знаеце чаму? А вы мне праўду гаворыце? Адзін аднаму вы праўду гаворыце? Вось ты, тата, маме праўду гаворыш? А дачушцы сваёй? А мне? Чаму ты не скажаш нашаму міламу госцю, дзядулю нашаму, што ты цяпер пра яго думаеш?

Тата. Шчаня! Як ты смееш?

Сын. Юпітэр! Злуешся? А я ж нічога яшчэ не сказаў пра твае культурныя сувязі.

Тата. Што ты разумееш у культурных сувязях?

Сын. Пакуль нічога. Не дарос яшчэ. А ты, мама? Плаціш тату такой жа праўдай. А чаму ты дзеду не сказала, што паставіла на стол пазаўчарашні вінегрэт? Ты нават нявопытнаму студэнту не гаворыш праўды.

Мама. Звар’яцець можна! Які цынізм! Бо–о–жухна!

Сын. Што? Ужо сытыя? Вы ад мяне патрабуеце праўды. А мне ад вас? Нельга? Мне таксама трэба праўда. Мне яна больш патрэбна! Больш, як вам ад мяне! Я — маленькі,і мая хлусня маленькая. А вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная! Для мяне яна аграмадная. Запомніце! Самая вялікая хлусня — гэта хлусня маленькаму чалавеку. I вось я, маленькі чалавечак, пачаў шукаць вялікую праўду. Ісціну! Я суткамі сядзеў каля тэлевізара, каля радыё. Вы спалі, альбо п’янствавалі, альбо выграваліся на курортах, а я начамі сядзеў на гэтых лесачках. Я перачытаў, мама, болей за цябе і болей за цябе, тата. I я нешта знайшоў. Я палюбіў і тэлевізар. Не, не скрынку гэтую, не хакей, не стральбу, не слюнявыя пацалункі. Я палюбіў палітычнага каментатара ў гэтай скрынцы. Ён мне многае адкрыў. Я цяпер штодня чакаю яго, як сну, як алкаголік віна, як студэнт стыпендыі, як малады хлюст сваю фіфу ў кароткай спадніцы… Вось і цяпер у мяне ўжо смокча пад лыжачкай. Праз дваццаць мінут ён павінен з’явіцца мне… (Глядзіць на гадзіннік. Механічна тое самае робяць і ўсе астатнія.) Ну, што? Бачыце, як я чую яго. Я іх ведаю ўсіх, дзядуля. I з «Бі–бі–сі», і з «Голасу Амерыкі», — ватыканскага шапялявага старога, і нават з Тэль–Авіва. Але лепшы за ўсіх — другі, мой каханы. Самы хітры. Ён ніколі не спяшаецца. Ён заўсёды позніцца на двое–трое сутак, але затое беспамылковы і ўсіх можа паправіць. Ты яго бачыў, дзядуля? Ён занадта інфармаваны і палітычна падкаваны. Яму здаецца, што ён асабіста прымае ў чалавецтва роды. А мне здаецца, калі я гляджу на яго… я чакаю, як ён вось–вось пакажа і нованароджанага. Быццам нават і нованароджаны ўжо ў яго руках, там, пад сталом. Таму ён так часта і зазірае туды, уніз. Адным словам, дзядуля, пасля ўсяго гэтага я стаў вундэркіндам асобага роду — вундэркіндам–палітыкам… Я многае зразумеў. Праз вялікае я зразумеў маленькае. Свой дом.

Дачка. Мама, ён разумна гаварыў? Ён разумны?

Мама. У яго каша ў галаве. Ён яшчэ нічога не разумее.

Дачка. Тата, ён нічога не разумее? Праўда?

Тата. Ён злы, і таму…

Дзед. Тэк–тэк–тэк… Не разумее?

Сын. Так, я — злы! Без праўды людзі робяцца злыя! Нават добрыя людзі! Нават дзеці! Запомніце! Я не разумею! А вы адзін аднаго разумееце? Так! Я не разумею! I не магу зразумець! Не зра–зу–мею! Вы траціце сотні, дзесяткі мільярдаў долараў на вайну. З кім? З галоднымі, босымі, раздзетымі, з бед–ны–мі! У В’етнаме, Карэі, Конга, Егіпце… Замест таго, каб апрануць іх, накарміць. Мала таго, кожны долар там начынен дынамітам, і кожны такі долар разбурае там на сотні долараў дабра, якое мелі бедныя туземцы. Хіба гэта можна зразумець?!

Мама. Хто? Мы? Гэта ж Амерыка! Хіба гэта мы?!

Сын. Вы! Дарослыя! Хай сабе Амерыка! Там таксама дарослыя. Там таксама таты і мамы. А вы? Вы чаму дапусцілі гэта? Эх вы–ы! Вось вам прыклад (паказвае на самалёцікі). Гэта што? Палавіна зарплаты! Узброіў мяне да зубоў. Як гэта зразумець? А быў бы ён Ракфелерам? Ён не пашкадаваў бы мільярдаў на сапраўдныя, з бомбамі, з напалмам. Хіба гэта можна зразумець? (Раптам пускае ў ход сваю авіяцыю. Самалёцікі скідваюць бомбачкі на стол.) Вам страшна? Вам жудасна ад гэтых цацак? То–та ж! I ўсё ж я зразумеў. Вы нічога не зразумелі! Якая небяспека над вамі, над намі. I вось гэта, іменна гэта, я зразумеў!

Распужаў усіх, хто пад сталом, хто за крэслам, хто ў куце.

Дзед. Чорт ведае што тут у вас творыцца! Чаго я сюды прыехаў?

Мама. Жах! Проста жах!

Дачка. Ён, відаць, п’яны… (Успомніла.) Ой, што ты правяраеш? Цэзар!

Сын. Ці патрэбна людзям праўда. Сястра мая. Дай глыток вады. У Цыцэрона перасохла ў горле.

Тата (смяецца). Вось вам узор свабоднае асобы.

Дачка (падае ваду). Ты, Цыцэрон! Мне расказаў, а сам забыў, што Цыцэрону за яго язык адрэзалі галаву і прынеслі царыцы як падарунак.

Дзед. Хто ён? Камуніст? Анархіст? Хто?

Мама. Ні тое, ні другое. Ён проста хуліган.

Сын. Не зневажаць! Тут сабраліся свабодныя асобы. Усе свабодныя. Але я, я над вамі ўладар! Таму што і тата і мама мае маральныя рабы!

Мама. Ды як ты смееш так? Я цябе вынасіла, я табе жыццё дала і выкарміла сваімі грудзьмі! I я ж твая рабыня? I ты мяне гэтак крыўдзіш? Такая твая ўдзячнасць? Ды як ты смееш, дрэнь?!

Сын. Радзіла і выкарміла? Але ж гэта біялогія, мама! За–а–ло–гія! Выкарміла! Але дай мне свабоду, як звычайнаму звярушку! Не прымушайце мяне жыць, як вы: з хлуснёй класціся спаць і з хлуснёй уставаць. Я не хачу, як вы!!!

Тата. А жраць ты хочаш? Хлусня мяне корміць! Мая хлусня і цябе корміць, усіх вас корміць! А стаў бы я гаварыць праўду? Мяне вышпурнуць вон. Маёй фірме не трэба праўда. Там трэба прыгожыя словы, якія б зазывалі, заманівалі, прыманівалі. Ты гэта разумееш? Не!

Сын. Зразумеў. Хлусня ў дом прыходзіць з вуліцы. А на вуліцы вялікі свет.

Тата. Так, так, так! I вялікая хлусня! Ідзі туды са сваёй праўдай! Ідзі! Паглядзім, ці будзеш ты сыты сваёй праўдай. Голад навучыць і цябе лгаць. Шчыра і тэмпераментна будзеш хлусіць, калі жраць захочаш. Хопіць! Даволі! Баста! Цярпенне лопнула!!! Вон!!!

Сын. Ды вы як быццам нездаволены мной. Ці гэта мне зноў толькі здаецца?

Дачка. Ну, вядома, нездаволены! Усе нездаволены! Нават і я.

Сын. Ну, ты паспяшалася. А яны… Пачакайце! Хто ж мае права быць задаволеным ці нездаволеным? Вы альбо я? Гэта ж вы мяне прыдумалі такім і выпусцілі ў свет божы. А ў мяне вы спыталі — хачу я гэтага ці не? Адпячаталі мяне ў адным экземпляры і — рукі памылі. Цяпер кожны з вас уладкоўваецца ў жыцці як каму ямчэй, як зручней. А я? А мне ёмка? А я задаволены? Чаму, па якому праву вы мной незадаволены? Гэта маё права! Толькі маё!

Дзед. Не–е, час мне ўзяцца за цябе. Ану, злазь адтуль! Вось зараз ты ў мяне будзеш задаволены. (Расшпільвае папругу.) Злазь і скідай штаны!

Тата таксама нарыхтаваў папругу.

Сын. О–о! Паліцэйскія меры? Во–во–во! Самы пераканаўчы аргумент. Дзядуля! Ты пажарную пакліч! А яшчэ лепш — газы слёзатачывыя.

Тата і дзед замахваюцца на сына, а ён адступае і забіраецца на самы верх лесачак.

Вось чым згуртаваў іх — праўдай! Праўда іх з’яднала! Нянавісць да праўды згуртавала іх. Не дамся! Далоў Цэзара? Далоў праўду? На барыкады? Так? Не да–ам–ся! Не паддамся–а–а! Не да–а–м! Лепей на касцёр! А поўзаць не бу–у–ду! А–а–а–а!!!

I з гэтым крыкам малы адштурхоўваецца разам з лесачкамі ад кніжнай паліцы і вылятае за акно. З трэцяга паверха. Усе ахнулі. Мама страціла прытомнасць, у дзеда падкасіліся ногі. Тата, немаведама чаго, азіраецца вакол. I толькі дзяўчо падскочыла да акна, выглянула на вуліцу, пабегла за дзверы ратаваць, памагаць, дзейнічаць.

Дзед. Што ўсё гэта азначае? Што з ім?

Тата. Не знаю. Нічога не знаю.

Дзед (крычыць). А хто павінен знаць, калі ты не знаеш?

Тата і дзед нарэшце таксама выглядаюць у акно.

Тата. Ды ён, здаецца, цэлы!..

Дзед. Глядзі, глядзі, яна падымае яго…

Тата. Устае, устае…

Мама. Сынок… сынок мой!..

Дзед. Ну і жывучы!.. Ідзе!.. Ідзе!.. Ды ён святы!

Тата. Гэта дрэва яго ўратавала…

Мама. Звяры вы! Каты! Звяру–у–гі! Што вы зрабілі з дзіцём? Да чаго давялі дзіця?!

Дзед. Гэта я давёў?

Мама. I ты! I ты! Накінуліся…

Дзед (крычыць). Гэта вы яго давялі! Ты чула, што ён вам гаварыў адтуль? Цяпер вінаватага шукаеце?

Мама. I ён! I ён яго давёў!

Тата. З хворай галавы на здаровую?

Мама. Божа мой! Божа мой!

Ляпнулі дзверы. Усе прыціхлі. Чакаюць. Глядзяць на дзверы. На парозе з’яўляецца малы. За ім сястра.

Малы ідзе павольна, ступае так, нібы ў яго папечаны падэшвы ног. Галава высока ўзнята. Ён не прыходзіць, ён з’яўляецца. Відаць, так будзе з’яўляцца народу Ісус Хрыстос у другое прышэсце. Вось толькі твар малога выражае нешта дзіўнае. I не зразумець адразу — ці то ён цяпер святы, ці то ён чокнуты. Вочы пустыя, чужыя, тоўсты язык не змяшчаецца ў роце. Усе неяк благагавейна глядзяць, як малы падыходзіць да стала.

Мама. Ты… не разбіўся?!

Сын (неяк вяла). Не, не разбіўся.

Мама. У цябе нічога не баліць?

Сын. Не, мама.

Тата. Ты цэлы, сынок?

Сын. Цэлы, тата.

Дзед (дзівіцца). I сіняка няма?

Сын. Няма, дзядуля.

Дачка. I не страшна было?

Сын. Не, сястра.

Паўза.

Мама. Ну, добра, сынок, сядай, еш.

Сын. Добра, мама.

Усе зноў рассаджваюцца за сталом.

Тата. Накладвай, накладвай.

Сын. Добра, тата.

Дзед. А цяпер кусай і жуй, жуй, жуй, унучак.

Сын. Добра, дзядуля.

Дачка. Ну… ну… Глытай, глытай жа…

Сын. Добра, сястрычка.

Тата. Накладвай яшчэ, накладвай і жуй.

Сын. Добра, тата.

Мама. Жуй, жуй і глытай.

Сын. Дзякую, мама.

Дачка (са здзіўленнем). Тата! Мама! Ён нейкі!.. Нейкі не такі… Што з ім? Ён не такі!

Тата. А мы зараз яму тэлевізар уключым. Якраз прыйшоў час палітычнага каментатара. Так, сынок? Дачушка!

Тата ківае галавой на тэлевізар. Дачка ўсё зразумела і хуценька ўключае яго.

Каментатар. З Парыжа паведамляюць: сюды прыехалі прадстаўнікі дваццаці трох краін для аглашэння міжнароднай лігі барацьбы ў абарону міні–юбкі…

Мама. Не трэба…

Мама выключае тэлевізар. Усе назіраюць за рэакцыяй малога. Сын абыякавы.

Дачка. Трэба! Трэба…

Дачка ўключае тэлевізар.

Каментатар. Ватыкан. Папа рымскі Павел VI зноў пацвердзіў, што каталіцкім свяшчэннікам забаронена жаніцца. Гэта быў адказ папы на катэгарычнае патрабаванне галандскіх свяшчэннікаў на чале з епіскапам…

Мама выключае тэлевізар.

Мама. Не трывожце!..

Дачка. Мама! Што ты разумееш?!. (Уключае.)

Каментатар. У выніку нападу партызан на амерыканскую базу забіта дваццаць дзевяць амерыканцаў і семдзесят…

Мама зноў выключае тэлевізар.

Мама. Яму нецікава.

Дачка. Мама!

Сын (абыякава). А можа, футбол, тата? Праўда, мама?

Паўза. Усе не вераць сваім вушам.

Дачка (раптам адкрыла). Ды ён жа ідыётам стаў! Тата! Мама!..

Сын (успамінае). Ідыёт… Дыпламат… Пакт… Недзе чуў… Не помню… Забыў…

Дачка (са слязамі). Ну так, ну так, ён ідыё–ёт… А ён так хацеў, так хацеў стаць прэзідэнтам… ці прэм’ер–міністрам. I стаў бы. А цяпер…

Дзед. Во цяпер–то ён напэўна стане. Толькі такія і становяцца…

Дачка. Ды ён жа ідыёт! Ну праўда, праўда, ён жа ідыёт!

Тата (адварочваецца). А можа, гэта і лепш?..

Дзед. Вам?.. Вам — лепш.

Мама. Ды і яму.

Дачка (узбунтавалася). Гэта?! Гэта — лепш?!

Дзед. Спадзяюся, ты не выскачыш праз акно?

Дачка. Я? Ну, не! Я на касцёр! На эшафот! На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!

Сын. Ты заўсёды такая. Вы ўсе заўсёды такія.

Сын бярэ тоўстую кнігу і павольна, вельмі павольна ўзнімаецце па лесачках на самы верх.

Заслона

1969

Оглавление

  • Дзейнічаюць такія асобы:
  • Ад аўтара
  • Дзея першая
  •   Карціна першая
  •   Карціна другая
  • Дзея другая
  •   Карціна трэцяя Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Зацюканы апостал», Андрей Макаёнок

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства