«Напісанае застаецца»

572

Описание

Гістарычная драма «Напісанае застаецца» — палемічны твор з прыкметамі п’есы-дыскусіі. П’еса прысвечана беларускаму першадрукару, вучонаму, асветніку і культурнаму дзеячу, перакладчыку і пісьменніку эпохі Адраджэння Францыску Скарыне.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Напісанае застаецца (fb2) - Напісанае застаецца 285K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Александр Леонтьевич Петрашкевич

Алесь Петрашкевіч Напісанае застаецца

Гістарычная драма

Дзейныя асобы

Францыск Скарына.

Мікола Гусоўскі.

Максім Грэк.

Мікалай Капернік.

Томас Мюнцэр.

Юрый Адвернік.

Маргарыта.

Пётр Мсціславец.

Марцін Лютэр.

Мануэла.

Эльза.

Нунцый.

Інквізітар.

Кваліфікатар.

Біскуп.

Сенатар.

Пісар.

Кат.

Iахім, ён жа Джавані, Iаан, Iсаак, Ахмет.

Члены святога судзілішча.

Стражнікі інквізіцыі.

Юнакі пры шпагах.

Дзея першая

I

Пакой вучонага-багаслова. Марцін Лютэр рэпеціруе прамову.

Лютэр (да ўяўнага натоўпу). Здраднікі, вераадступнікі, мяцежнікі, забойцы, рабаўнікі, багахульнікі! Ніводнага д’ябла не засталося ў апраметнай, усе ўсяліліся ў мужыкоў. А таму не час спаць. Час літасці прайшоў. Настаў час мяча і гневу! Іх трэба забіваць, як шалёных сабак!

Уваходзіць маладая манашка.

(Незадаволена.) Ну, што табе, Эльза?

Эльза (нясмела наблізілася да Лютэра). Да вас той самы Іахім, каторы Джавані. (Прытулілася да Лютэра.)

Лютэр (пацалаваўшы Эльзу). Упусці. А як выйдзе, прыходзь…

Эльза выходзіць. Лютэр праводзіць яе ласкавым позіркам. Уваходзіць Iахім у вопратцы манаха, твар пад капюшонам.

(Сурова.) З чым?!

Іахім (адкідае капюшон, з усмешкай). З даносам, пан Лютэр.

Лютэр. Ведаю, што з даносам. На каго?..

Іахім. На Францыска, сына Скарыніна, у навуках вызваленых і лекарстве доктара…

Лютэр (недаверліва). Жартуеш?!

Iахім. Каб я быў жыў!

Лютэр. Хапіў ты высока, ды Прага далёка.

Iахім. Навошта Прага, ваша светласць? Ён тут, у Вітэнбергу, уласнай персонай у маёй карчме.

Лютэр (не верыць сваім вушам). Ты нешта пераблытаў!

Іахім (вымае з-пад палы паперу). Не на тое вы плаціце Іахіму, каб ён блытаў. Чытаю: «…У пятніцу, пятага лістапада, у Падуі, у храме святога Урбана а гадзіне 17-й на скліканай і ў звычайным парадку сабранай святой Калегіі слаўнейшых падуанскіх дактароў мастацтваў і медыцыны па даручэнні найдастойнейшага доктара мастацтваў і медыцыны пана Тадэя Мусаці, віцэ-прыёра вышэйназванай Калегіі, са згоды райцаў указанай Калегіі, ва ўводным слове прыёр сказаў: «Найдастойнейшыя паны дактары! Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма, на чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі…» Экзамен працягваўся два дні, і магістр Францыск з гонарам абараніў сваю навуковую годнасць. Ён публічна абгрунтаваў свае тэзісы, у дыспуце абверг усе аргументы апанентаў і ўсімі наяўнымі прафесарамі і вучонымі Падуі і Вероны, а іх было 24, пры поўнай адсутнасці нязгодных, быў ухвалены і прызнаны прыдатным да лекарскіх навук…» Іахім не пісаў гэта сам. Ён пазычыў паперу ў самога Скарыны. Русіны — даверлівыя дзеці. I гэтыя не вельмі хаваюць, што едуць на Белую Русь.

Лютэр. Чаму ж яны едуць праз Вітэнберг, а не праз Кракаў?

Іахім. Вы не ведаеце русінаў, ваша светласць. Калі яны ўжо едуць ды па справе, то ім і тысяча міль касіня не косіня. Такі народ… Я вам скажу, калі я яшчэ быў праваслаўным і зваўся Іаанам…

Лютэр (перапыняе). Што ж ім трэба ў Вітэнбергу?..

Iахім. Навошта ў Вітэнбергу, калі ім трэба ў Кёнігсбергу. I тое, што ім там трэба, аднаму Іахіму вядома.

Лютэр (нецярпліва). Не таргуйся!

Iахім. Калі ўжо бедны Іахім пра тое дазнаўся, дык толькі для вас, пан прафесар, бо Іахіму таксама трэба жыць…

Лютэр кладзе перад сабой капшук з грашыма.

Іахім думае, што ў Кёнігсбергу Скарыне патрэбны прылады да друкарскага станка і папера. Яны ў сябе да гэтага часу на бяросце пішуць і смешаць свет. Такі ўжо народ з бярозавымі грамацеямі. А Скарына разумны чалавек — ён, як і вы, ваша светласць, робіць кнігі. Каб той быў так здароў, хто не ведае, што кнігі — гэта грошы. I навошта мне былі б іх кнігі, калі б я меў грошы?.. Я вам скажу, калі я яшчэ быў католікам і зваўся Джавані…

Лютэр (перапыняе). Ты занадта многа гаворыш.

Iахім. З кім жа мне яшчэ пагаварыць, калі пасля Папы Рымскага вы, ваша светласць, самы разумны чалавек ва ўсім свеце.

Лютэр (злосна). Пасля Папы?..

Іахім (зарыентаваўся). Прыйдзе час, і Папа будзе пасля вас. Галоўнае, каб такія, як Скарына ды Максім Грэк, не вылупіліся наперад. На Русі цяпер у вялікай модзе ерась, што ставіць за мэту зрабіць Маскву трэцім Рымам, а чацвёртаму, як яны кажуць, не бываць. А самы зацяты руплівец праваслаўя і кніжнасці ў іх усё той жа Максім Грэк.

Лютэр. Не твайго розуму гэтыя турботы.

Іахім. Даруйце, ваша светласць, такі я ўжо дурны ўрадзіўся… Я вам скажу, калі я яшчэ быў іудзеем і зваўся Ісаакам…

Лютэр (перапыняе). Пра якія кнігі Скарыны ты гаворыш?

Іахім. Іахім не чытаў тыя кнігі, але Іахім не затыкаў вушэй, калі яны пілі і елі. Калі сустракаюцца хоць двое русінаў, яны не ядуць. Яны п’юць і гавораць. А гэтых было чацвёра. Можна было падумаць, што на ўсім белым свеце няма, не было і не будзе нічога лепшага за тыя кнігі… Іахім даўно ведае, што той жа Скарына пяць моў ведае, але адкуль Скарыне ведаць, што Іахім рускую ведае? I хоць нехта разумны сказаў: язык мой — вораг мой, хто пра гэта думае там, дзе трэба! I пра што яшчэ можна гаварыць, калі не сказаць пану прафесару, што гэты Скарына пераклаў Біблію з латыні на мужыцкую мову гэтых белых русінаў ці ліцвінаў.

Лютэр (устрывожана). Гэтага не можа быць! Гэтага яшчэ нават я не зрабіў!..

Іахім. Вы зноў жа не ведаеце русінаў. Яны спрадвеку так: ходзяць ціха, глядзяць ротам, а потым ні з таго ні з сяго выкідваюць такую штуку, што ўвесь свет разам кажа «ах». Такі ўжо народ. Сказаць, што Скарына пераклаў Біблію, — гэта яшчэ нічога не сказаць. Каб пан прафесар не паскупіўся і парадаваў беднага Іахіма добрым задаткам, Іахім не застаўся б у даўгу. Бо калі гэты полацкі разумнік цытуе Цыцэрона пра тое, што дом, у якім няма кніг, падобны да цела, пазбаўленага душы, ад яго можна чакаць і не такога. I калі я ўжо прыняў вашу веру і завуся Іахімам…

Лютэр кідае, а Іахім спрытна ловіць капшук з грашыма.

Калі б ваша светласць дазволіла, Іахім параіў бы вам сустрэцца з доктарам Скарынай сам-насам, як кажуць у Парыжы. Мала што ў яго там яшчэ ў галаве!.. Разумны з разумным доўга не гавораць, а памятаюць адзін аднаго да скону. А тое, што германскія рыцары за дзвесце гадоў не змаглі адолець дзікае славянскае племя, зусім не азначае, што яно не праглыне вашага вучэння, калі яго падкінуць з розумам і добрай прынадаю.

Лютэр. А ты, Іахім-Джавані-Іаан-Ісаак, не такі ўжо і…

Іахім (перахоплівае). Цёрты я, ваша светласць, бо некалі зваўся і Ахметам. Дык запрасіць доктара Скарыну да пана прафесара?

Лютэр. Чаму ж не? Сустрэча з дастойным субяседнікам узаемна ўзбагачае.

Іахім. Мудрыя словы. Па сабе ведаю. I калі падумаць…

Лютэр. Гэта ўжо мой занятак. А ты — ідзі!..

Іахім. Разумею, ваша светласць, але ці не едзе Скарына ў Кёнігсберг, каб па дарозе заехаць у Вармію да канцлера Альштынскага капітула Мікалая Каперніка…

Лютэр (здзіўлена). Да таго самага?..

Iахім. Іахім другога не ведае… У іх былі адны настаўнікі і ў Кракаве і ў Падуі. Чаму ж у іх не могуць быць адны і тыя ж інтарэсы? Тым больш што Скарына лічыць Каперніка вялікім разумнікам. Калі б гэта было не так, то навошта Скарыне вазіць з сабою яго пісьмы?

Лютэр. Ты бачыў пісьмы Каперніка ў Скарыны?

Іахім. Пісьмы што! Іахім бачыў у Скарыны такое, ад чаго ў іншых можа пацямнець уваччу. I калі б пан прафесар кінуў Іахіму на беднасць, ён перадаў бы вашай светласці такое, чаго пакуль няма ні ў кога на свеце. (Вымае складзеную паперку.)

Лютэр (дае Іахіму адну манету). Трымай.

Iахім (узважыў манету). Капернік пасінеў бы ад злосці, каб дазнаўся, як танна ваша светласць цэніць яго адкрыцці.

Лютэр. За грахі свае і нахабства ты згарыш некалі на кастры.

Іахім. Якая карысць паліць беднага Іахіма, калі могуць згарэць Скарына з Капернікам? Вы паглядзіце, што напісаў адзін дурань і што возіць з сабой другі. (Аддае паперку.) Я вам скажу, калі я быў мусульманінам, зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі…

Лютэр (прагледзеўшы паперку). Пакажы мне той залаты, што я табе даў.

Іахім знаходзіць і падае Лютэру манету. Той кладзе яе сабе ў кішэню.

Нічога новага. Гэта лухта ў мяне ўжо ёсць. Можаш узяць яе назад. (Перадае Іахіму паперку.)

Іахім. Такі ўжо лёс у беднага Іахіма: калі ў Каперніка нічога новага, то і яму адны страты. (Выходзіць і вяртаецца.) Калі я зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі, мне даводзілася сустракацца з купцом Іванам Скарынай. Не мая справа вучыць вашу светласць, але мне не лёгка было абдурыць таго Івана. А гэты — Францыск, ды яшчэ і доктар…

II

Начлежка пры карчме. Ноч. Маргарыта спрытна нешта вяжа. За сталом, асветленым некалькімі свечкамі, сядзіць Скарына. Ён чытае.

Маргарыта (спявае).

Ой, з-пад лесіку, лесу цёмнага, Ой-лі, ой-люлі, лесу цёмнага, Што з-пад гаіку з-пад зялёнага, Ой-лі, ой-люлі, з-пад зялёнага. Тудай ішлі — прайшлі ўсё два малайцы, Ой-лі, ой-люлі, усё два малайцы. Усё два малайцы, абодва не жанаты, Ой-лі, ой-люлі, абодва не жанаты. Яны йшлі-прайшлі, станавіліся, Ой-лі, ой-люлі, станавіліся, За адну дзевачку пасварыліся, Ой-лі, ой-люлі, пасварыліся. «Вы ж не біцеся, не сварыцеся, Ой-лі, ой-люлі, не сварыцеся. Аднаму каму я дастануся: Ці то старшаму, ці то младшаму, Ой-лі, ой-люлі, ці то младшаму».

(Устрывожана.) Ноч на дварэ, а іх усё няма…

Скарына. Не трывожся, Маргарыта, Юрась, відаць, Пятру горад паказвае. Цікаўны хлапчына. А ў немца ёсць чаму павучыцца. У друкарскай справе — сабаку з’еў. I сакрэты рамяства кніжнага моцна трымае… Прызнаюся, быў у мяне намер тайны — пакінуць Юрыя з Пятром на нейкі час у Нямеччыне бліжэй да якой-небудзь друкарні: што ўжо ведаюць, у тым умацаваліся б, а што новым падасца, на вус наматалі б.

Маргарыта. Францыск…

Скарына. Таму і не рашаюся прасіць, што бачу, як вы з Юрыем без сынка вашага ўжо і дня не можаце…

Маргарыта. Беражы цябе Божа, Францыск, за добрае сэрца тваё! А ў Нямеччыну Юрась яшчэ прыедзе. Павязаны ён з табою моцным вузлом. А я, як нітка за іголкай…

Скарына. Я шчаслівы, што не памыліўся ў пабраціме сваім. I ты мне, Маргарыта… за сястру раднейшая.

З’яўляюцца Адвернік і Мсціславец. Абодва хмурыя і незадаволеныя.

Лёгкія на ўспамін. Ну, і як ён, немец?

Адвернік. Не зварыць нам з ім кашы. Скнара ён!

Мсціславец. Яно і вы, дзядзька Юрась, жмінда, якіх мала. (Ухіляецца ад поўхі.)

Скарына (смяецца). Не вельмі далікатна, але дакладна.

Мсціславец (з захапленнем). Такая папера была! I метал на літары срэбрам блішчэў.

Адвернік. Дурню за мяжой усё блішчыць. А ты ў корань глядзі і пытайся, колькі каштуе. Якога ражна я буду перакупшчыка золатам асыпаць? Я сам у каго хочаш перакуплю. Не лыкам шыты полацкі купец Адвернік!

Скарына. Не скупіся, Юраська! Няма для нас сёння тавару важнейшага за паперу. А волава цьмянае ў руках нашых стане даражэй злата краснага, калі перальём яго ў слова звонкае. А таму — не скупіся!

Адвернік. У нас два вазы кніг, а золата — кот наплакаў. Да таго ж коні нашы…

Скарына. Коні таксама купі. А не купіш, я тую паперу на сабе павязу, аж да самай Вільні.

Адвернік. Каб коні навар далі ці хоць бы акупіліся, воз паперы браць трэба.

Скарына. Значыцца, воз вазьмі, калі ты такі абароцісты.

Адвернік. Можна і воз, толькі здымай з сябе ўсё да нацельнага крыжа.

Скарына. За метал і паперу я і крыж зніму…

Адвернік (памаўчаўшы). Харош будзе дактарок без крыжа і без парток…

Мсціславец. I крыж і парты — справа нажыўная. Бярэм паперу, дзядзька Юрась!..

З’яўляецца прыгожы малады мужчына ў вопратцы, якую насіла польская знаць у пачатку XVI стагоддзя. Зрабіўшы цырыманіяльны паклон, госць працягвае рукі для абдымкаў.

Скарына (зусім збянтэжаны нечаканасцю). Мікола?!

Гусоўскі. Францыск!!!

Па-мужчынску моцна абнімаюцца.

Скарына. А я думаў — цудаў не бывае!

Гусоўскі (зноў абдымае сябра). Родны ты мой!

Скарына (разглядае). А ладны! А важны! А прыгожы, чорт цябе задзяры і Бог цябе барані!

Гусоўскі (на Маргарыту). Жонка?

Скарына. Жонка… Але чужая.

Гусоўскі. Усё адно прыгажуня. Пшэпрашэм, пані! (Цалуе руку Маргарыце.)

Скарына (крычыць). Юрась! Пётра!.. Мікола Гусоўскі! З нашага краю хлопец. (Маргарыце.) У Кракаве вучыліся разам, таварышылі. (Абдымае Гусоўскага за плечы.) I не было ў мяне сябра вярнейшага за яго! I радасць — на двух. I гора — на двух. I песню родную — у два галасы! I смутак па Бацькаўшчыне — пароўну!

Гусоўскі. I закаханыя былі ў адну паненачку…

Скарына (смяецца). А прыгажуня наша ашчаслівіла трэцяга. (Мсціслаўцу.) Між іншым, пабрацім мой Мікола земляком табе даводзіцца. Ты з Мсціслаўля, а ён з Гусава на Дняпры. Адсюль і прозвішча ў яго Гусоўскі.

Гусоўскі (з сумам). Цяпер у мяне, Францыск, і прозвішча чужое, і вера не свая.

Скарына (задуменна, праз паўзу). Не кожны вольны сваё імя насіць, не кожны можа па сабе веру абраць…

Адвернік. Маргарыта, ластавачка ты мая, на адной назе да карчмара! Капусткі, гурочкаў, скварку! I каб мне яешню на ўсю патэльню! I пойла таго, што шнапсам называецца, калі ў Іахіма нічога іншага не знойдзецца.

Маргарыта выходзіць.

(Падае Гусоўскаму руку.) Трымай! Будзем знаёмцамі. А калі палюблю, то на мяне можаш спадзявацца. Адвернік я. Юрый. А можна і проста Юрась.

Скарына. Хачу, каб ты ведаў, Мікола, рука гэтага самага Юрася аднолькава цвёрда можа трымаць меч і бязмен. Ён радца віленскі, друг мне верны і…

Адвернік (выкарыстаў паўзу). Ён хацеў сказаць: і крэдытор… Толькі ў такіх даўжнікоў, як Францыск, я сам у вечным даўгу застануся. Бо няма сёння на ўсёй Белай Русі нашай мужа больш дастойнага і больш багатага душою…

Скарына. Кінь ты, Юрась!..

Гусоўскі. Колькі ж мы з табою не бачыліся, сын Скарынін?!

Скарына. З таго самага часу, як развіталіся…

Гусоўскі (Адверніку). У 1509 годзе ад Нараджэння Хрыстова кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары накіроўвае пасольства ў Капенгаген, каб заключыць дагавор аб вечным міры…

Скарына (перахоплівае). Два шчаслівыя і, як ім здаецца, здольныя бакалаўры навук вызваленых па волі яго вялікасці ўключаюцца ў пасольства пісцамі…

Гусоўскі. Паслы дагавор падпісваюць, здольныя пісцы сторазова яго перапісваюць, каралі рыхтуюцца да новай вайны, а бакалаўры воляй лёсу на колькі гадоў губляюць адзін аднаго… Сон! Далібог, сон! Дай да цябе дакрануцца, пакуль ты не знік.

Скарына. Губляюць, каб знайсці!

Гусоўскі (успомніў). А знаходзяць, каб спытаць адзін у аднаго пра зробленае, каб паведаміць адзін аднаму пра дасягнутае, як ва ўзаемнай клятве аб тым было дамоўлена. Ці забыў мо ўгавор наш?..

Адвернік. Відаць, дрэнна ты ведаеш друга свайго, Мікола…

Мсціславец. Ды мы хутчэй на плаху, чым супраць слова!..

Скарына абдымае за плечы Мсціслаўца.

Гусоўскі. Тады адказвай пры сведках, Францыск Скарына, пабраціму свайму: чым багаты? чым слаўны? чым шчаслівы? і засмучаны чым?..

Скарына. За славаю не ганюся…

Мсціславец. Пацвярджаем! Настаўнік Францыск сам кажа: хто сквапны на пахвалу, той бедны заслугамі.

Скарына. Гэта не я кажу, Пётра. Гэта Плутарх сцвярджае.

Мсціславец. Тым больш!..

Скарына. Клятву нашу трымаю моцна і выконваць стараюся сумленна…

Мсціславец. Мы, як Марк Аўрэлій, прыстаўляем адну добрую справу да другой, ды так спрытна, што паміж імі аніякага прамежку.

Гусоўскі. Францыск, дзе ты сабе такога разумніка ўзяў?..

Мсціславец. А настаўнік Францыск і сам у Марка Аўрэлія вучыўся не рабіць нічога без прычыны і мэты, а па-другое, не рабіць нічога, што не клалася б на карысць людской грамады.

Скарына. Як бачыш, багаты я сябрамі вернымі і настаўнікамі слаўнымі. Шчаслівы сустрэчай з табой, дружа. Бо толькі тады чалавек шчаслівы, калі лічыць сябе шчаслівым. А чым засмучаны, таго ўсё роўна не пералічыш… Хіба і ўся споведзь…

Мсціславец. Настаўнік Францыск у нас міласнік навукі і мудрасці…

Скарына жартам дае Пятру па патыліцы.

Мы ў прадмове так і напісалі (цытуе): «…бо выбраў пакінуць у навуцы і ў кнігах вечную славу і памяць сваю, а не ў вялікіх багаццях».

Адвернік. Малайчына! Калі ўжо і падаваць тавар, то лепшым бокам…

Мсціславец. А наш настаўнік з усіх бакоў…

Скарына. Не сябры, а лісліўцы… Хіба ж так можна?

Адвернік. Можна, Францыск, можна! Хто ж нас у гэтым вялікім свеце заўважыць, калі мы яшчэ самі сябе прыніжаць будзем. Дай час, на ўвесь рост станем! А пакуль, Пётра, нясі сюды першую, але вялікую справу рук яго і розуму светлага!

Мсціславец (выходзячы). Усю несці?

Адвернік. А чаго скупіцца? Свая работа, а не з чужых рук!

Мсціславец выходзіць.

Скарына. Даруй, Мікола, мы табе і рота адкрыць не даём. Дзе ты цяпер? Адкуль і куды? Як жывеш і пры кім служыш? Якімі вятрамі занесла цябе ў Нямеччыну?..

Адвернік (голасам Скарыны). Так што адказвай, Мікола, сябру свайму Францыску: чым багаты? чым слаўны? чым шчаслівы і засмучаны чым?..

Гусоўскі (праз доўгую паўзу). Хачу быць багатым, а жыву бедна. Люблю славу, а яна мяне абыходзіць. Хачу шчасця, ды не маю. Хачу быць самім сабою, а з’яўляюся сродкам для выявы іншых. Хачу чыстага неба над галавою, а дыхаць даводзіцца смуродам ад кастроў, на якіх паляць людзей. Хачу бачыць роднае жытняе поле ўстаўленым умалотнымі снапамі, а бачу яго здратаваным і заваленым мёртвымі братамі сваімі…

Адвернік. Загадкамі гаворыш, братка. Давай ясней…

Уваходзіць Мсціславец. У руках у яго стос кніг у прыгожых скураных вокладках. Знянацку ён сутыкаецца з Iахімам, і кнігі падаюць на падлогу. Адвернік ледзьве стрымлівае злосць і дапамагае Мсціслаўцу сабраць кнігі.

Мсціславец. Падняць цяжка, а несці прыемна…

Скарына (задаволена). Добра сказана!

Мсціславец. Дакраніцеся, пагартайце. (Падае кнігу.)

Гусоўскі (адкідае вокладку, у захапленні). Псалтыр?! (Чытае.) «…Там ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум совершенный. Там ест милость и друголюбство без ильсти; и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттоле походять…»

Скарына (перахоплівае і прадаўжае па памяці). «И видечи таковые пожитки в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька-града, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускими словами, а словенским языком напред ко чти и к похвале Богу во троици единому и пречистой его матери Марии, и всем небесным чином, святым и светицам Божиим, а потом к пожитку посполитого доброго, с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил…» «Без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно почстиве жити людем посполите на земли…»

Гусоўскі (узрушана агледзеў прысутных). Кнігі на мове нашых бацькоў?! Упершыню?! Ці ведаеш сам, што зрабіў ты, Францыск Скарына?!

Скарына. Зроблена пакуль толькі палова справы… Гэта Стары Запавет. Новы толькі перакладзены з латыні, але не адціснуты яшчэ.

Мсціславец. Арыстоцель гаварыў: пачатак — ёсць больш чым палова ўсяго.

Скарына. Успамінаючы Арыстоцеля, дружа мой, не забывай Авідзія, а ён раіў аб справе меркаваць па выніку.

Адвернік. Няма чаго прыбядняцца — вернемся дамоў, загрыміць твая слава, Францыск, сын Скарынін.

Скарына. Рабі вялікае, не абяцаючы вялікага! (Абняў Мсціслаўца.) Апора ты мая і надзея ў пачынанні вялікім на святой Русі нашай. (Гусоўскаму.) I не глядзі, што юны, — у друкарскай справе вернай рукі майстар і ў навуках здольны.

Мсціславец. Кіньце вы, дзядзька Францыск…

Скарына. А самае галоўнае ў тым, што не толькі вучнем у друкарскай справе, а паслом сапраўдным паміж мною і Максімам Грэкам стаў Пётра Мсціславец… А Максім вялікую справу на Маскве распачынае і яшчэ на большую спадзяецца.

Мсціславец (заахвочаны ўвагай Скарыны). Зробім Святое Пісанне, а там іншыя кніжкі друкаваць пачнём: «Александрыю», «Трою», арыфметыку ці вершы, як у другіх краінах.

Адвернік. Дай час, і скончыцца тваё панаванне, лаціна пастылая. Завыюць служкі папскія. Сам народ, без талмача ў сутане, спасцігне праўду Боскую. А там, глядзіш, і свой голас прарэжацца ў люду простага. А будуць голас свой ды вера адзіная, перастане ваяваць брат брата. I зойме народ наш месца роўнае паміж роўных… Што маўчыш, зямляк?

Гусоўскі (пасля паўзы). Пры Божай міласцю каралю польскім Жыгімонце служу дыпламатам, браты мае…

Скарына (задуменна). Так…

Адвернік (не зарынтаваўся). Дай Бог кожнаму!

Гусоўскі. Дай, ды не ўсім. Еду з Італіі. З пасольствам караля Жыгімонта быў у Папы Рымскага.

Адвернік. Ого!

Мсціславец (у захапленні). У самога Папы?!

Гусоўскі. Цяпер дарога мая да вялікага магістра прускага. Азвярэў тэўтонец. Абламаўшы ў свой час зубы аб землі нашы, ваюе і нішчыць зараз Вармію. Замірыць трэба караля Жыгімонта Старога з пляменнікам яго магістрам Альбрэхтам. Цешу сябе надзеяй з другам нашым Мікалаем Капернікам стрэцца. Кажуць, дасягнуў многага ў навуках нябесных. А зараз камісарам па абароне Варміі прызначаны…

Скарына. Дай Бог удачы і табе і яму.

Адвернік. I няма чаго смуткаваць. Не той цяпер тэўтонец!

Гусоўскі. А смутак мой ад таго, браты, што чужым народам міру шукаю, а свой у слязах і крыві захлынаецца. Княжацкая міжусобіца губіць братнія народы, а татарыну і тэўтонцу толькі таго і трэба. Рускія гарады зруйнаваўшы, татары Бельскую, Люблінскую і Хелмінскую землі зваявалі і разбілі палякаў ля Сокаля, быццам ведалі, што тыя не схацелі слухаць разумнай рады князя Канстанціна Астрожскага і гетмана літоўскага, якія меліся на падмогу палякам прыйсці.

Вымае з-пад плашча-накідкі невялікую кніжачку, чытае на латыні. Скарына слухае вельмі ўважліва. Адвернік глядзіць на Міколу скоса і ўсміхаецца скептычна. Пятра захапляе мелодыка верша, хоць ён і не разумее зместу.

In medio quaedam populo sреctacula Romae Contigerant nuper forte videnta mihi. Dum fera dimissi miscebant proelia tauri, Densa relaxantes corpore tela suo…[1]

Адвернік (Гусоўскаму). Даруй, братка… Прыгожа пяеш, нічога не скажаш… Незразумела толькі… (Дзёрзка.) I лаціна твая паганая нам во дзе сядзіць!.. I калі ты нам брат, то лепш змоўкні! A то…

Гэта так нечакана, што Гусоўскі спачатку губляецца, а потым выхоплівае шпагу і становіцца супраць Адверніка ў баявую пазіцыю.

Гусоўскі (крычыць). Абараняйся, няшчасны!!!

З’яўляецца Маргарыта; на падносе выпіўка і закуска. Адвернік хапае з падноса бутэльку, а ўсё астатняе ляціць на падлогу. Маргарыта засланяе сабой мужа.

Скарына (Адверніку). Бутэлькай яго! Бутэлькай з-за жончынай спіны, пакуль ён не праткнуў цябе наскрозь! (Весела рагоча.)

Маргарыта. Спыніцеся!!! Малю вас, апамятайцеся!!!

Гусоўскі (хавае шпагу ў ножны). Пшэпрашэм, пані! (Цалуе Маргарыце руку.) А з табой мы яшчэ сустрэнемся! (Кладзе ў кнігу пальчатку і кідае Адверніку, затым выходзіць.)

Адвернік (збянтэжана). Што гэта ён рукавіцамі кідаецца? (Паднімае пальчатку.) Хіба біцца не будзем?..

Скарына. Спасцігай, купец, лаціну, а за рукавіцай ён яшчэ вернецца.

Маргарыта (перапалохана). А можа, нам хутчэй з’ехаць?..

Мсціславец. А рукавіцу карчмару аддадзім.

Скарына. Вы не ведаеце Гусоўскага! Пад зямлёй знойдзе і заколе. Я яшчэ ў Кракаве нагледзеўся. Звер! Чуць што — за шпагу, і няма чалавека. Што яму Адвернік? Ён адзін на адзін з зубрам выходзіў.

Адвернік. Ну, папужай, папужай мяне яшчэ…

З’яўляецца Гусоўскі з двума юнакамі ў дарожных накідках і пры шпагах.

Скарына. Калі ласка, ён ужо з дружкамі!..

Маргарыта выштурхоўвае Адверніка і Мсціслаўца ў суседні пакой.

Гусоўскі (Скарыне на юнакоў). Мае «секунданты» твае кнігі прыхопяць, а я табе сваю пакіну. Калі па душы будзе, знойдзеш мяне заўтра ў замку. (Перадае невялічкую кніжачку.) Юрася твайго я яшчэ папалохаў бы, ды жонка ў яго вельмі прыгожая. А прыгожых я не крыўджу. (Абдымае Скарыну.) Да сустрэчы, родны! (Выходзіць.)

Скарына (раскрывае кніжачку). «Carmen de bisontis» — «Песня пра зубра». «Verba volant, scripta manent» — «Словы злятаюць, напісанае застаецца»?.. (Чытае паэму.)

…Бясконца купае і губіць Марс збраяносны людзей у крывавых купальнях… Хто вінаваты? Чыёю злачыннай рукою Губяцца сувязі братнія, бурацца храмы? Вораг знішчае — мы скажам, а трэба ж прызнацца: I ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем… Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца, Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы Людзям на гора, дзяржаве ж — на шкоду і страты.

Сцэна зацямняецца.

Гучыць голас Гусоўскага:

Болей за ўсё непакоіць іх сверб панавання: Вострыць мячы пастаянна сусед на суседа — Ты або я запаную, дваім жа нам цесна. Братазабойствы, грызня, міжусобныя войны — Іхні занятак фізічны і свет іх духоўны. Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы: Воіны ж гінуць у тых і другіх у сутычках, Што ім той смерд — наша гора і нашы пакуты? Ім бы свайго дамагчыся, а ты хоць заліся Ў горкіх слязах. За мурамі рыданняў не чутна — Значыць, гандлюй і крывёю, і лёсам падданых… «Пастырам будзь па-над паствай!» — гаворыць Пісанне. Будуць — чакайце! Ваўкамі грызуць сваю паству. Вось да чаго давяла непамысная прагнасць Славы, багацця і ўлады і як ачарсцвілі Усё іх нутро сябелюбства, раскоша і слава!.. Турак агнём і мячом вынішчае ўсе нашы пасады, Паліць мястэчкі і сёлы, руйнуе святыні… Рэжа пад корань — жанок і дзяцей не шкадуе… Князь і баяры — усе, каму льга заступіцца, Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын, Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе. Плаха і кат-выканаўца — вось доля любога, Хто пастаяць за закон і за Бога азваўся.

Сцэна асвятляецца.

Скарына. Я ведаў, Мікола, што ты анёл сэрцам і паэт душою… (У захапленні.) Але каб такое!.. (Заўважае Маргарыту, Адверніка і Мсціслаўца.) Ён перажыве ўсіх нас і застанецца ў памяці нашчадкаў нашых на доўгія вякі…

Адвернік (скептычна). Даў Бог новага святога… А па мне — свістун са шпагаю.

З’яўляецца Iахім у вопратцы карчмара.

(Іахіму.) Ну, што табе, мая радасць, не спіцца? Здаецца, мы добра заплацілі…

Iахім (не зважаючы на Адверніка, толькі Скарыне). Guten Abend, Herr Doktor. Jochim halt es fur grosse Ehre solche massgebende Person der Stadt Wittenberg, die Audienz vom so grossen Reformator wie Martin Luther gewürdigt wurde, in seiner Taverne zu sehen[2]. (Перадае запрашэнне.)

Aдвepнiк. Што ён там лапоча?

Cкapынa. Кажа, прыемна, што яго таверну выбраў такі важны госць Вітэнберга, які ўдастоіўся аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра.

Іахім. So, so. Die Kutsche wartet auf Ihre Majestät[3]. (Выходзіць.)

Скарына. I карэта, кажа, чакае… (Сам сабе.) Усё-такі запрасіў. Так яно і павінна было быць.

Маргарыта. У госці апоўначы?

Адвернік (пачынае таропка апранацца). Нічога, выспімся!.. Ну, Францыск, здаецца, і мы ў людзі выходзім! Хутчэй збірайся, Пётра! Хоць будзе што ў Полацку расказаць! He кожнаму ўдаецца на свае вочы такога чалавека ўбачыць, які на самога Папу Рымскага замахнуўся… Цікава, якія ў іх тут звычкі: са сваёй бутэлькай у госці ходзяць ці гаспадар будзе частаваць…

Скарына. Па-першае, мы не ведаем, ці п’е вялікі рэфарматар…

Адвернік. He можа быць, каб на такой высокай пасадзе чалавек не піў. Вазьмі нашага віленскага біскупа…

Скарына. Па-другое, ні цябе, ні Пятра ў госці не запрашаюць.

Маргарыта. Так што кладзіся, Юраська, спаць; рана табе яшчэ з лютэрамі сустракацца.

Адвернік. Жанчына, не блытайся пад нагамі!

Скарына. Па-трэцяе, вазы трэба пільнаваць. Ці мала што…

Мсціславец. Сапраўды, пра гэта мы не падумалі…

Скарына. Тады падумайце, а я пайшоў. (Выходзіць.)

Маргарыта благаслаўляе яго.

Мсціславец. А што, як раптам…

Адвернік. А што можа быць раптам?

Мсціславец (хітра). Той са шпагаю, а вы адзін…

Адвернік. Зялёны ты яшчэ з мяне кпіць. Лезь на палаці, і цыц! I ты, Маргарыта, кладзіся. A то сядзіш да поўначы і глядзіш на Францыска як зачараваная… Аж няёмка…

Маргарыта (з усмешкай). Каму няёмка?..

Адвернік (не адразу). I яму… і мне.

Маргарыта. А-а-а…

Адвернік. Б-э-э…

Маргарыта. А ты шпурні яму рукавіцу. Во будзе смеху.

Адвернік. У бабы бабскія размовы. I бяры вас пасля гэтага ў дарогу! Хоць бы хлапчука пасаромелася.

Мсціславец. Кіньце вы, дзядзька Юрась. Я не жанчына і то палюбіў яго.

Маргарыта (весела смяецца). Ай ды хлапчук! Ай ды малайчына!

Адвернік (строга). Сказаў — хопіць, значыцца, хопіць. (Бярэ шапку.) Пайду вазы пагляджу. (Выходзіць.)

Як толькі Адвернік з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, надзяваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Iахім неўзаметку назірае за гэтым.

III

Частка вузкай келлі адгароджана шырмай. На жэрдцы, што яе падтрымлівае, вісяць мужчынская сутана і адзенне манашкі. Перад шырмай — невысокі стол. На ім віно і розныя стравы. За шырмай смех, шорах. Мужчынская рука забірае бутэльку. У келлю ўваходзіць Кваліфікатар са стосам скарынінскіх кніг. Голас з-за шырмы: «Хто?»

Кваліфікатар (незадаволена). Хто?! Кваліфікатар святога судзілішча, святы айцец.

З-за шырмы высоўваецца напалову распрануты Нунцый.

Нунцый. А ты не думаеш, Кваліфікатар, што пасля гэтага візіту я павінен буду спаліць цябе на кастры за нагавор на Нунцыя, які нібыта схільны да грэхападзення?.. (Знікае за шырмай і сцягвае з жэрдкі сутану.)

Кваліфікатар. Усе пад Богам ходзім. Толькі данос у мяне надзвычайнай важнасці, святы айцец. Францыск Скарына Рус, з якім вы так хацелі сустрэцца ў Празе, з’явіўся ў Вітэнбергу ў карчме нашага даносчыка Джавані, каторы зараз Іахім. Лютэр не стаў чакаць раніцы і паслаў па Скарыну ў карчму… А гэта кнігі доктара Скарыны.

Нунцый выбягае з-за шырмы, апранаючыся на хаду.

Нунцый. Не ў час ты, Кваліфікатар, не ў час, але з навіною радаснай! Пра тое, што будуць гаварыць Скарына з Лютэрам…

Кваліфікатар. Вы будзеце ведаць усё, святы айцец. Але…

Нунцый. Інквізіцыя не церпіць ніякіх «але»!

Кваліфікатар. У горадзе аб’явіўся некі Мікалай Гусавіяні. Піша вершы, п’е віно, нанёс візіт Скарыне і выклікаў на дуэль яго спадарожніка.

З-за шырмы выходзіць Мануэла, зашпільваючы гузікі.

Мануэла. Ой, як гэта цікава! (Нунцыю.) Можа, возьмем абодвух? У нашай катавальні яшчэ ніколі не падсмажвалі паэтаў.

Кваліфікатар. Аднаго ўжо ўзялі.

Нунцый. Дык вазьміце і другога. (Іранічна.) Цябе ж дама просіць.

Кваліфікатар. Другі едзе з польскім пасольствам ад яго святасці Папы.

Нунцый (катэгарычна). Другога не браць! Ідзіце!

Кваліфікатар. Слухаю, святы айцец! (Выходзіць.)

Мануэла (капрызна). Калі нельга паэта, то давай спалім Кваліфікатара, каб не соўгаўся куды не трэба.

Нунцый (заклапочана). У другі раз, у другі раз, маё золатка… А пакуль Гасподзь і без таго міласціў: спачатку паслаў мне цябе, потым Кваліфікатара, а зараз і самога Скарыну.

Мануэла. Усё роўна Кваліфікатара трэба спаліць!..

Нунцый (ходзіць па келлі). Спалім, спалім… З Боскай дапамогай усіх, каго трэба, спалім…

IV

Лютэр у сваім пакоі прымервае прафесарскую мантыю. З’яўляецца Эльза.

Лютэр. Ну?

Эльза. Іахім тут, а госць чакае ўнізе.

Лютэр. Праводзь яго сюды.

Эльза затрымліваецца.

Што яшчэ, Эльза?

Эльза. Мануэла толькі што перадала: Нунцый зацікавіўся гэтым доктарам, яго спадарожніка інквізіцыя ўжо ўзяла.

Лютэр. Дзякую. (Цалуе Эльзу ў лоб.) Дзякую. Гэта надзвычай цікава. (Адлічвае некалькі манет.) Для Мануэлы.

З’яўляецца Іахім. Ён чуў апошнія словы Лютэра. Эльза выходзіць.

(Іахіму.) Будзь паблізу.

Iахім кланяецца Лютэру і знікае за парцьерай. З’яўляецца Скарына ў суправаджэнні Эльзы.

Скарына. Мір дому вашаму!

Лютэр. Блаславі вас Гасподзь, доктар Скарына. Вельмі, вельмі рады. Прашу вас… (Запрашае ў крэсла, сам садзіцца ў другое, разглядае Скарыну.)

Скарына (каб перапыніць доўгую паўзу). Вельмі крануты вашай увагай да маёй сціплай асобы.

Лютэр. Не трэба залішняй сціпласці, доктар, яна шкодзіць і, як вы зараз пераканаецеся, дазваляе мне на правах гаспадара адразу ж абвінаваціць вас…

Скарына. Калі ёсць мая віна, схіляю галаву…

Лютэр (пад добразычлівую ўсмешку). Як жа ёй не быць? Знакаміты рускі вучоны з’яўляецца ў самым дэмакратычным горадзе Еўропы, ці, як цяпер кажуць, у самым сэрцы Рэфармацыі, і, замест таго каб даць пра сябе вестку, інкогніта, на ўскрайку горада жыве ў нейкага Іахіма, не думаючы пра тое, што Марцін можа пакрыўдзіцца.

Скарына. Прымаю вашы абвінавачанні і хацеў бы…

Лютэр. Можаце называць мяне проста ваша светласць…

Скарына. Скажу шчыра, што яшчэ да сустрэчы з вамі я ведаў, што пры ўсёй сваёй добразычлівасці ваша светласць усё ж схільна да абвінавачанняў.

Лютэр (задаволены пачаткам размовы). Цяпер я бачу, што вы знаёмы з маімі дзевяноста пяццю тэзісамі супраць Папы Рымскага. Так, я сапраўды абвінавачваю, бо рымская царква — гэта пачварны прытон, бессаромная блудніца, і Папа Леў X такі ж ерэтык, як і яго паршывае воінства. I ён яшчэ смее выдаваць булу, у якой патрабуе спаліць мае сачыненні?! Папісты з задавальненнем спалілі б і самога Лютэра. Не супраць гэтага і наш імператар. I стрымлівае яго толькі тое, што многія нямецкія князі на маім баку. Ім абрыд імператар, абрыдла ўлада Папы, абрыдлі манастыры, абрыдлі гандляры індульгенцыямі, якія абіраюць нямецкую казну на карысць ненажэрнага Рыма! I я публічна ва ўніверсітэцкім двары спаліў папскую булу! Дагэтуль мая дзейнасць была толькі прэлюдыяй. Зараз я сур’ёзна бяруся за справу, і мяне нішто не спыніць. Я абраннік Божы! Маё слова — слова Гасподне! Хто не прыме майго вучэння, той не выратуецца. Я нямецкі прарок! Уся Германія пойдзе за мной на аднаму майму слову. Мы, немцы, народ грубы і жорсткі. З немцамі нялёгка пачынаць што-небудзь, але я іх прымушу. Да таго ж я ведаю, што маё вучэнне жыве сёння не толькі ў цэнтры Еўропы, але і магутнай хваляй дакацілася да Русі.

Скарына (стрымана). Наколькі мне вядома, хваля Рэфармацыі пакуль што дакацілася толькі да Прагі…

Лютэр (стрымана). Не будзем спрачацца аб яе межах, хоць мне вельмі цікава пачуць іменна ад вас, што там у Празе?

Скарына. У Празе халера, ваша светласць…

Лютэр (не чакаў). Вы мудра зрабілі, доктар, збегшы адтуль…

Скарына. Я не збег, ваша светласць, і як доктар павінен быў быць зараз з маімі братамі…

Лютэр. Тады вам лепш вярнуцца і памерці разам з братамі…

Скарына. Справа ў тым, што прыйшоў час вярнуцца мне на радзіму сваю. I браты зрабілі ўсё магчымае, каб я без асаблівых прыгод мог трапіць на маю Белую Русь жывы і здаровы.

Лютэр. Белая Русь… Чуў, чуў. Дзікі лясны край, цёмныя людзі… Гэта недзе паміж Польшчай і Масковіяй?..

Скарына. Дакладней, гэта па дарозе ад Чудскага возера да Грунвальда…

Лютэр (зразумеў намёк). Бачу, вы любіце геаграфію?..

Скарына. Не ведаючы геаграфіі, не спасцігнеш гісторыі… А калі не ведаць гісторыі, то многае дзікім здаецца…

Лютэр (каб перавесці гаворку). Дарэчы, чаму для сваёй вучонай дзейнасці вы абралі іменна Прагу, а не наш, скажам, слаўны Вітэнберг з яго ўніверсітэтам, які сваёй вучонасцю засланіў сёння славу і Падуі, і Сарбоны, не кажучы ўжо пра Карлаў універсітэт у Празе?..

Скарына. У Празе нас лепш разумеюць… Мовы ў нас блізкія…

Лютэр. Не любіце вы нас, немцаў, і, між іншым, дарэмна…

Скарына. Дасць Бог, мы вас яшчэ палюбім…

Лютэр. А пакуль?..

Скарына. Пакуль мы больш-менш паспяхова ад вас абараняемся.

Лютэр. А вы калючы, хоць і ў гасцях…

Скарына. Калі быць занадта сціплым, то ваша светласць можа падумаць… У нас такі старадаўні звычай: без запрашэння ў госці не хадзіць…

Лютэр (пасля паўзы). Мне б хацелася больш пачуць ад вас аб Празе, да якой, як вы самі пераканаліся, дакацілася хваля майго вучэння.

Скарына. Гэта сапраўды так. Не даўней як на тым тыдні я слухаў у Празе вашага земляка Томаса Мюнцэра. Яго прамова сабрала многія тысячы сялян і гарадской беднаты! Першыя словы Томаса выклікалі такі выбух у натоўпе, што здалося, скалануліся званіцы сабораў…

Лютэр (ускоквае з крэсла, крычыць амаль істэрычна). Сабака! Здраднік! Перахрышчэнец пачварны! Ён паганіць самую ідэю лютэранства! Ён дыскрэдытуе маё імя! Ён хоча падняць чэрнь, якая змяце ўсё святое з твару зямлі. Азвярэлыя мужыкі, аб’яднаўшыся ў камуны, знішчаць гарады, замкі, княжацкія маёнткі, яны, як саранча, з’ядуць усё, што трапіцца на іх шляху! Яны самога Бога…

Уваходзіць Эльза і падае Лютэру шклянку вады. Ён адпівае, супакойваецца, садзіцца ў крэсла. Эльза выходзіць.

Скарына. Даруйце, ваша светласць, я, відаць, не ўсё разумею ў вашай барацьбе супраць папскага прастола…

Лютэр (ціха, зморана). Не прыкідвайцеся прасцячком, доктар! Вы не можаце не ведаць, што сучасная царква — гэта цудоўна абсталяваны прытон. Ад апошняга служкі касцёла да Папы Рымскага — усе разбэсціліся і разбэсцілі паству. Храмы пусцеюць, на святах, у паломніцтвах служкі Хрыстовы п’янствуюць і распуснічаюць. У царкву ідуць, каб пакрасавацца ўбраннем і паглядзець на прыгожых жанчын. (Узрываецца.) Я разбуру лжывую прыгажосць веры! Я надам ёй канкрэтна-пачуццёвы выгляд! Я зраблю яе даступнай, дамашняй!

Скарына. У такім разе вам давядзецца праліць рэкі крыві…

Лютэр. Гэта мяне не спыніць! Калі спатрэбіцца, мяне не спыніць мора крыві!.. Погань, што падніме Мюнцэр супраць царквы і дзяржаўнасці, мы будзем біць, душыць, калоць, як шалёных сабак! Вы, русіны, любіце прымаўкі. У нас яны таксама ёсць. I я кідаю ў твар Мюнцэру: для грубага балвана патрабуецца і грубы клін. Я ствару ўласную інквізіцыю. Яна будзе выцягваць языкі з пашчы перахрышчэнцаў Мюнцэра і прыбіваць іх да шыбеніцы! Яна агнём і мячом вынішчыць плебейскі дух Мюнцэра!

Скарына. У такім выпадку я не бачу паслядоўнасці вашага вучэння і не разумею яго асновы…

Лютэр. Усё вельмі проста! Я замяню прынцып «апраўдання верай». Мой дэвіз: «Веру, каб разумець!» Назавіце ваш дэвіз, доктар Скарына!

Скарына. Я не ксёндз, я не поп, наўрад ці стану калі-небудзь прэсвітэрам… I мой дэвіз: «Разумею, каб верыць!» Для мяне рэлігія — гэта споведзь самаўладнага чалавека, яго асабістая схільнасць. Для вас яна — вышэйшая амбіцыя хрысціяніна. Вы збіраецеся агнём і мячом вынішчыць Мюнцэравы камуны перахрышчэнцаў, а я кажу: і тыя, што памыляюцца, і сапраўдныя хрысціяне — дзеці аднаго Бога, і няма розніцы паміж імі. Мой тэзіс: «Бог адзін, а веры розныя». У вас жа супраць яго дзевяноста пяць тэзісаў. Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, а вы…

Лютэр (перапыняе). I ўсё ж я спадзяюся, што вы, як чалавек вучоны і мудры, падтрымаеце маё вучэнне на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Скарына. Не буду вас абнадзейваць…

Лютэр. Але чаму, калі вы не хочаце крыві і разарэння свайго народа?

Скарына. А чаму вы ставіце лёс майго народа ў залежнасць ад сваіх амбіцый?

Лютэр. Гасподзь дараваў германскаму імператару дзяржаву, роўнай якой не бачыў ніхто з часоў Карла Вялікага. Германія на шляху да сусветнага панавання ў славу Божую і да ўз’яднання ўсяго хрысціянства пад скіпетрам адзінага пастыра. Гэта патрэбна Усёмагутнаму і Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі.

Скарына. Вам, ваша светласць, давядзецца лічыцца з тым, што якраз гэта не патрэбна тым, хто жыве паміж Грунвальдам і Чудскім возерам, і не толькі.

Лютэр. Пра што гэта вы?..

Скарына. Я пра адвечную верацярпімасць і прыязнасць майго народа да іншых народаў і іх рэлігій, пра тое, чым мы можам ганарыцца. Вы, ваша светласць, як мне здаецца, намагаецеся разбурыць гэта. Сведкамі таму кастры, на якіх спальваюць людзей.

Лютэр. Людзей паліць папская інквізіцыя. Я перамагу яе!

Скарына. Пры дапамозе кастроў…

Лютэр. Мая вера іх не выключае, калі спатрэбяцца.

Скарына. У гэтым я вам не саюзнік. Мір і згода, асвета і навука — вось мая асабістая рэлігія, мой бог, мая вера! А прызначэнне чалавека на зямлі я бачу ў разумнай дзейнасці. Бо страшным можа быць розум, калі ён не служыць чалавеку.

Лютэр. Вы пэўна чулі пра Эразма з Ротэрдама?

Скарына. Я ведаю Эразма.

Лютэр. Некаторыя ў нас лічаць яго кіраўніком еўрапейскай рэспублікі вучоных. Ці не хочаце вы стаць кіраўніком рэспублікі вучоных славян?

Скарына. А чаму вы рашылі, што я супраць гэтага?

Лютэр. Мяне заўсёды кранае славянская непасрэднасць.

Скарына. Вы мне таксама падабаецеся, хоць наўрад ці пасябруем мы.

Лютэр. Не будзем далёка загадваць, а я вам тым часам раскажу, як кёльнскія багасловы вызначылі суадносіны Эразм — Лютэр… Эразм знёс яйка, заўважылі яны, якое выседзеў Лютэр. Пазней Эразм адмовіўся ад куранят лютэраўскай пароды. Магчыма, калі вы, доктар Скарына, дажывяце да старасці, вам давядзецца таксама адмовіцца ад куранят, якіх выседзяць вашы нашчадкі.

Скарына. Выседзець куранят не штука. Відаць, таму ў нас звычайна іх лічаць пад восень… Ужо позні час. Я стаміў вас, ваша светласць. (Хоча ўстаць з крэсла.)

Лютэр (спыняе Скарыну). Дарэмна непакоіцеся, доктар. У мяне моцнае здароўе і шмат часу. Скажу шчыра, з вамі прыемна весці дыялог. Відаць, у вас былі неблагія настаўнікі?

Скарына (весела). Трэба быць дурнем, ваша светласць, каб не паразумнець, жывучы ў адзін час з вамі. Але калі б я быў на вашым месцы ці на месцы вашага антаганіста Папы Рымскага, я не адпускаў бы грахоў і не прадаваў індульгенцый тым людзям, што настойліва не разумнеюць, жывучы ў адну эпоху з Леанарда да Вінчы і Рафаэлем Санці, чытаючы Дантэ і Томаса Мора, Эразма з Ротэрдама… і Марціна Лютэра з Вітэнберга. Я мог бы назваць яшчэ нашага Максіма Грэка і вашага Томаса Мюнцэра, але вы яго не любіце.

Лютэр. Адзін мой памочнік неяк сказаў: мой патрон Лютэр так любіць Мюнцэра, як той яго шануе.

Скарына. У мудрага патрона мудрыя памочнікі.

Лютэр. Дзякую. Толькі вы забылі назваць сярод разумных Мікалая Каперніка. Кажуць, ён наважваецца даказаць, нібыта зямля рухаецца вакол сябе, а зусім не неба ці цвердзь нябесная, сонца і месяц рухаюцца над зямлёй.

Скарына. Так, Мікалай Капернік гэта даказаў ужо.

Лютэр (рагоча). Даказаў?! Дык гэта ж усё роўна, як бы хто сядзіць у каламажцы і ўяўляе, нібыта ён сам знаходзіцца ў спакоі, а зямля і дрэвы рухаюцца вакол яго.

Скарына. Відаць, у нас з вамі не стае прасторавага ўяўлення, каб зразумець гэта.

Лютэр. Даруйце, паважаны доктар, толькі справа, пэўна, выглядае такім чынам: хто хоча быць разумнікам, таму не падабаецца тое, што робяць іншыя: яму хочацца рабіць усё па-свойму; яму здаецца, што гэта і будзе самае лепшае. Гэты ваш дурань наважыўся перавярнуць усю навуку астраномію.

Скарына. Я прасіў бы вашу светласць!..

Лютэр (не зважае на папярэджанне). Але як сведчыць Святое Пісанне, Ісус Навін спыніў сонца, а не зямлю, як сцвярджае ваш разумны блазан.

Скарына. Ваша светласць, сёння, калі грыміць слава Хрыстафора Калумба і Фернанда Магелана, а заўтра — Мікалая Каперніка, для якіх стаў цесны прывычны «orbis terrarum», а «terra incognita» стала спакуслівай мэтай жыцця, быць прафесарам і сядзець пад цвердзю нябеснай ва ўласнай каламажцы я палічыў бы сорамам.

Лютэр (устае з крэсла). Вы, паважаны… абразілі мяне, у маім уласным доме!

Скарына (устае з крэсла). Вы, ваша светласць, двойчы абразілі майго друга і зрабілі гэта першым.

З’яўляецца Эльза з дзвюма шклянкамі вады на падносе. Лютэр стрымлівае свой гнеў, бярэ адну шклянку сам, другую перадае Скарыне. Эльза выходзіць. Скарына ставіць сваю шклянку на стол не адпіўшы.

Лютэр. Згодзен… Бадай што нам лепш стрымацца.

Скарына. Бадай што…

Лютэр (бадзёра, нібы нічога не здарылася). А можа, пераступім праз амбіцыі — вы праз сваю, а я праз сваю? Пазбегнем звады?! Я вам абсталюю друкарню, забяспечу паперай, дам кафедру ва ўніверсітэце, а вы мне ўзамен дружбу і адданасць. (Нібы жартам.) А хочаце, я за вас сваю пляменніцу Эльзу аддам? Чым не нявеста: набожная, маладая, прыгожая. Яна вам кучу дзяцей нараджае. А парадніўшыся, мы з вамі, доктар, многае маглі б перайначыць у гэтым грэшным свеце…

Скарына. Цаню нямецкую дзелавітасць, не маю падстаў сумнявацца ў вартасцях вашай пляменніцы, але не магу прыняць вашых прапаноў. Адналюб я і заручаны з другою.

Лютэр. Хто ж яна?

Скарына. Белая Русь.

Лютэр. Ну што ж, доктар, у такім разе я скажу тое, што вам належыць запомніць. (Садзіцца ў крэсла.)

Скарына. Пастараюся быць уважлівым. (Садзіцца ў крэсла.)

Лютэр (цвёрда і ўпэўнена). Вы, доктар Скарына, не любіце сваёй радзімы, не шкадуеце свайго народа, губіце сваю дзяржаву.

Скарына. А чаму гэта вас так непакоіць? I адкуль такое палымянае жаданне выратаваць мой народ, радзіму, дзяржаву?

Лютэр. Тое, што пачалося ў Германіі, у Вітэнбергу, уласна ў гэтым кабінеце і ў гэтай галаве (стукае па сваёй галаве), спыніць нельга. Пратэстанцтва, лютэранства ўжо хлынулі на Валынь, Галіцыю, у Вялікае Княства Літоўскае. Польшча, Курляндыя, Прусія, ваша Белая Русь ужо сталі надзейнымі плацдармамі, адкуль будзе наступаць маё вучэнне. Яго панясуць мае місіянеры, рамеснікі, купцы, мастакі, вучоныя, перасяленцы-лютэране і проста авантурысты. Без іх не абыходзіцца ў вялікай справе. Яны прыйдуць у вашы гарады і мястэчкі, заснуюць свае школы і секты. Ваш цёмны народ, духоўна абяззброены супраць новага, хоць і чужога вучэння, заглыне яго, як рыба жыўца. Папа Рымскі, ксяндзы і папы не пакінуць сваё стада. Яны будуць душыць, паліць і рэзаць ерэтыкоў-лютэран. Белая Русь пачарнее ад дыму кастроў, на якіх будуць гарэць людзі. Вашы людзі, доктар. Я шкадую, што вы некалькі хвілін таму не прынялі маёй рукі на дружбу і саюз, каб пазбегнуць лішніх ахвяр. Цяпер лічыце, што спазніліся. I ведаеце, што пакуль вы сядзелі ў Празе, мой верны воін Лісманіні ўжо вылучыўся ў Вільні сваім майстэрствам у пропаведзі лютэранства. Ваш ксёндз Кульва прапаведуе пратэстантызм. Тысячы католікаў і схізматыкаў на Белай Русі слухаюць майго вернага нунцыя Вінклера. А вы адмовіліся… Бедны народ!..

Скарына (устае з крэсла). Вы недаацэньваеце мой народ, яго патрыятычных перакананняў і высокага пачуцця ўласнай годнасці. Вы не ўлічваеце, што ён не сірата сярод чужынцаў, што ў яго, як ва ўсіх добрых людзей, ёсць браты. Вы не ведаеце і не ўяўляеце, што на Белай Русі выспелі перадумовы таго, каб застацца сабою і абараніць нашу годнасць, нашу веру і нашу Радзіму. Многія дзясяткі сыноў маёй зямлі набіраюцца сёння розуму ў Сарбоне і Оксфардзе, Кракаве і Падуі, Капенгагене і Карлавым універсітэце. Прыйдзе час, будуць у нас і свае друкарні, і свае ўніверсітэты, і жонку я сабе знайду сам. Вам жа ўдзячны за навуку… Ведайце, што ні вам, ні каталіцкаму Рыму не суджана зламаць нас духоўна і заняволіць фізічна! Мяняюцца часы, ваша светласць. (Дастае з-пад мантыі кніжку і з падкрэсленым паклонам перадае яе Лютэру.) А пакуль — прыміце на памяць аб сустрэчы… Гонар маю! (Выходзіць.)

З-за парцьеры выходзіць Іахім і застывае на месцы, каб не перашкодзіць Лютэру.

Лютэр (разгортвае кніжку, чытае). «Carmen de bizontis».

Голас Гусоўскага (сінхронны пераклад). «Песня пра зубра».

Лютэр. «Verba volant, scripta manent».

Голас Гусоўскага. «Словы злятаюць, напісанае застаецца».

Лютэр. Nicolai Hussoviani… (Паглыбляецца ў чытанне.)

Іахім чакае. Сцэна зацямняецца.

Гучыць голас Гусоўскага:

Войны! Злачынная справа — вайна выклікае Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу. Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова У душах народаў на ўсіх заняволеных землях. Ён, спадцішка ўварваўшыся ў нашы ўладанні, Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю Не за прастору сабе, а за лад у прасторы. З верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага бога Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях Іншага веравызнання і іншых парадкаў… Кроўю сплываючы, мы абязлюдзелі ў бітвах, Курыцы клюнуць няма дзе на целе ад ран незагойных. Рэкамі кроў наша льецца, і гэтыя рэкі, Хлынуўшы ўпоперак ордам татара-турэцкім, Бег іх імклівы сцішаюць з усходу на захад… Нашых суседзяў напасць батагом не кранула. Певень чырвоны пакуль што па дахах спічастых Крыллем не лопаў, і ўтульна пад цёплай пярынай Кволіцца хіжы драпежнік; яму і нігадкі! Жар на выгарышчах нашых ён бачыць, захопнік, Грудамі золата ўласнага. З гэтым разлікам Ён і спрыяе ўсёй набрыдзі радай і справай. Мы іх, сабакагаловых, спазналі: чакаюць Часу свайго, ненажэрцы, а там і лякарства Хворым прапішуць, ды лекі ўжо будуць па часе. Хто не аслеп, не аглух, той і бачыць, і чуе: Блізка жахаюць маланкі, грыміць з далягляду. Прагнасць захопнікаў грозна, як чорная хмара, Вісне навалай над намі то злева, то справа… Час схамянуцца!..

Сцэна асвятляецца.

(Пасля доўгай паўзы і роздуму). Бог сведка, я не хацеў зла гэтаму разумнаму і сумленнаму чалавеку. Боскай волі было пажадана, каб мы сустрэліся. Я не магу зрабіць нічога іншага, як аб’явіць яго маім сябрам і тым самым аддаць у рукі маім ворагам, хоць віна яго толькі ў тым, што ён любіць сваю радзіму і свой народ, як мы любім сваю радзіму і свой народ… Амін!

Iахім. Амін!

Іахім выходзіць.

Лютэр. Калі інквізітары пераламаюць ерэтыку косці, можа быць, мы яму і дапаможам…

Як толькі Скарына з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, нацягваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Іахім неўзаметку назірае за гэтым.

V

Катавальня. Сцяна, што насупраць, завешана посцілкай. Кат наводзіць парадак у катавальні. Ён у чырвоным балахоне з капюшонам. Замест вачэй чарнеюць дзве дзіркі, там, дзе рот, — белая латка з воблікам Маці Божай; на грудзях вялізны белы круг з чорным знакам распяцця. З’яўляецца Iнквізітар, заглядвае за посцілку.

Кваліфікатар (Кату). А ты не паспяшаўся з ім, майстар?

Кат. Я не люблю, калі ерэтыкі дрэнна сябе паводзяць. (Выходзіць.)

З’яўляецца манах. Адкідае капюшон. Гэта Іахім.

Кваліфікатар. Як поспехі?

Iахім. Толькі што ўзялі.

Кваліфікатар. Не пра тое я!..

Iахім. А-а… Запісаў амаль даслоўна. (Перадае паперы.)

Кваліфікатар. Некалі Лютэр лопне ад злосці…

З’яўляецца Кат.

Тры піва!..

Кат выходзіць.

(Іахіму.) Што засталося ад грэшных?

Іахім. Тры пары коней, два вазы кніг і друкарскі станок.

Кваліфікатар. Коней мне, станок табе, кнігі Нунцыю.

З’яўляецца Кат з трыма куфлямі піва.

Iахім. На якую халеру мне той станок?

Кваліфікатар (адзін куфаль піва бярэ сабе, другі аддае Іахіму). Даносы множыць будзеш. (Чокаецца з Катам і Іахімам.) Zum Wohl!..[4]

Iaxiм (мнагазначна). Zum Wohl!..

VI

У келлі Нунцый i Maнyэлa. З’яўляецца Кваліфікатар.

Кваліфікатар. Святы айцец, можа, запросім госця з вашага дазволу?

Нунцый. Дарагому госцю мы заўсёды рады. Пагуляй, Мануэла.

Кваліфікатар выходзіць.

Мануэла (капрызна). Вось так заўсёды… А я ніколі не бачыла русінаў. А гэты яшчэ і вершы піша…

Нунцый. Гэты не піша вершаў. Гэты горш…

Мануэла. Усё роўна!

Нунцый (настойліва). Мануэла!!!

Мануэла. Вы не любіце мяне, святы айцец!..

Нунцый хоча выправадзіць Мануэлу, але яна гарэзліва хаваецца за шырмай. З’яўляюцца Кваліфікатар і Скарына.

Кваліфікатар. Францыск Скарына Рус, у навуках вызваленых і лекарстве доктар. (Выходзіць.)

Нунцый. Рады, вельмі рады! Я так многа чуў пра вас… А толькі што ад душы пасмяяўся. Мне расказалі, як вас да мяне запрасілі. (Рагоча.) Рукі назад, мяшок на галаву і ў госці. Тысячу прабачэнняў. Вы ведаеце, калега, у гэтай Германіі страшэнна цяжка працаваць. Без загаду ніхто пальцам не паварушыць. А варта нешта папрасіць, выконваюць як загад. I так ужо перастараюцца, што за галаву схопішся. Выслужваюцца, варвары. Іншы раз просіш правесці з ерэтыком душавыратавальную размову, а яны яму рукі і ногі вырываюць. Сядайце, калега, будзьце як дома і забудзьцеся пра стражнікаў. Запэўніваю вас, вы ў надзейным месцы…

Скарына. Даруйце, з кім маю гонар?..

Нунцый (падае руку). Нунцый. Апостальскі нунцый Папы Рымскага.

Скарына не заўважае рукі Нунцыя, і той паказвае на Мануэлу, якая выходзіць з-за шырмы.

А гэта мая пляменніца Мануэла.

Скарына. Вельмі прыемна. Мне сёння шанцуе на прыгожых пляменніц…

Нунцый. I ўсё ж мая радасць большая. Я толькі што пагартаў вашы цудоўныя кнігі. (Бярэ адну з кніг, разгортвае, чытае.) «Всяко писание Богом водъхненое полезно ест ко учению и ко обличению, исправлению и ко наказанию правды. «Да совершен будеть человек Божий и на всяко дело добро уготован», — яко святый апостол Павел пишеть…

Псалтырь же сама едина вси тые речи в собе замыкаеть и всех тых учить и все проповедуеть, — суть бо в ней псалмы, якобы сокровище всих драгых скарбов, всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы освещають… чювствіе в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють, бесы изгоняють, ангелы на помощь призывають…

Псалом ест ангельская песнь, духовный темъян, вкупе тело пением веселить, а душу учить…» (Пасля паўзы.) Якія высокія словы! Якія мудрыя мыслі! (Любуецца кнігай.) Якая тытанічная праца! За такі подзвіг можна аб’явіць святым, а можна… і на кастры спаліць… Вы ведаеце, калега, я ўсё больш пераконваюся, што мы з вамі жывём у такі час, калі фарміруецца абсалютна новы тып асобы — прадпрымальнай, актыўнай, вальнадумнай. Нейкае ўсеагульнае адраджэнне духу чалавека ад шматвяковай спячкі. Ці вы так не лічыце, калега?

Скарына (стрымана). Чаму ж?..

Нунцый. Асоба вызваляецца ад схаластыкі, пошласці, пасрэднасці. У шэрагу краін амаль адначасова ўспыхнулі цэлыя сузор’і Богам адзначаных талентаў. А побач з гэтым — сутыкненні саслоўяў, дзяржаў, рэлігій, якіх занадта многа. Іншы раз проста страх бярэ! Праўда, некаторыя лічаць, што гэтыя сутыкненні якраз і ёсць крыніца сапраўднага прагрэсу. Я хацеў бы даведацца ў вас…

Скарына. Даруйце, але я таксама хацеў бы даведацца, адкуль у вас мае кнігі?..

Нунцый. Хіба я вам не сказаў? Ведаеце, калега, людзі гнюсныя і подлыя грэшнікі. У мяне не толькі вашы кнігі. У мяне і данос на вас. Больш таго, мне толькі што перадалі запіс вашай размовы з Лютэрам… Які мярзотнік, га? Шукае любую шчыліну, каб пралезці са сваім бязглуздым вучэннем. А вы малайчына! Я, бадай што, далажу пра вас яго святасці Папе.

Скарына. Лепш, калі вы не будзеце рабіць гэтага.

Нунцый (здзіўлена). Не разумею… Папа — надзвычай абаяльны чалавек, сапраўдны вучоны, вялікі філосаф і мудрэйшы дыпламат нашай бурнай эпохі. Чаго варта адно яго жаданне прыняць усіх людзей зямлі Рускай у адзінства і згоду рымскай царквы! Пры гэтым, заўважце, яго святасць не просіць ніякага прыбытку і толькі хоча хвалы Боскай і злучэння ўсіх хрыставерных пад скіпетрам Рыма.

Скарына. Дык у чым жа справа, калі нам задарам такое шчасце надарылася: хоць нагбом жлукці, хоць на хлеб намазвай?

Нунцый (робячы выгляд, што не заўважыў іроніі). Мануэла папросіць, каб нам падалі піва.

Мануэла выходзіць.

Тое, што я зараз скажу, не для дзявочага вуха, а я наважыўся быць з вамі шчырым. Справа ў тым, што пасольства яго святасці да вялікага князя Васілія поспеху пакуль не мела. Даўні і закляты вораг Рыма Максім Грэк дрэнна ўплывае як на князя, так і на мітрапаліта. Таму Максіма вам давядзецца ўзяць на сябе. Я лічу, што вам гэта не будзе ўжо цяжка… А калі не ўправіцеся словам, мы дапаможам справай…

Скарына. Мяне здзіўляе ваша прапанова, бо вы не можаце не ведаць, што мы з Максімам Грэкам у дружбе даўняй… і адзінай веры служым.

Нунцый. А вы мяне радуеце тым, што не хаваеце сваёй здрады каталіцкай царкве.

Скарына. Не бачу сэнсу хаваць, калі вы маеце запіс маёй гутаркі з Лютэрам.

Нунцый. Безумоўна… (Спагадліва.) Мне вельмі цяжка будзе пры выпадку абараніць вас. Самі разумееце, што, пасля таго як я вам адкрыўся ў сваіх намерах, вы павінны будзеце прыняць мае ўмовы і даць гарантыі ці мы вымушаны будзем прыняць меры перасцярогі. Гаворка ідзе аб вялікай палітыцы яго святасці Папы.

З’яўляецца Кат з трыма куфлямі піва. Твар пад капюшонам.

Скарына. Вы, святы айцец, арыгінальна частуеце сваіх гасцей. Тым больш што гаворка ідзе аб вялікай палітыцы яго святасці.

Нунцый (устае). Майстар, праводзь госця… у апартаменты.

Кат прапускае перад сабой Скарыну. Абодва выходзяць.

Гм… Колькі ні сустракаю русінаў, ні адзін не падобны на другога.

VII

У катавальню ўваходзяць Скарына і Кат. Кат садзіцца ў крэсла для катаванняў, дзе ёсць прыстасаванні, каб закаваць рукі, ногі і галаву падсуднага. Крэсла лёгка перасоўваецца на колах.

Кат (адкідвае капюшон). Сюды ерэтыкі звычайна ідуць самі. Адсюль я іх выношу. Трапляюцца, праўда, такія, што адразу і не зломіш, але тады вельмі незадаволены бывае найшаноўнейшы Нунцый. А вы ж бачылі, што гэта такое, калі найшаноўнейшы Нунцый незадаволены… А ў мяне жонка, дзеці… Меншанькі асабліва пацешны. Заўсёды пачастункаў чакае — салодкае любіць. Абы я на парог, крычыць: татка, дай буську… Усяго абцалуе, аблашчыць. А работы многа, днямі дома не бываю. А ўчора захварэў, гарыць увесь. Ён плача, і я плачу… Гэта, як бачыце, лесвіца з калаўротам. Верхняя пятля накідваецца на рукі, ніжняя — на ногі. Я кручу калаўрот, ерэтык крычыць ад болю, пан Кваліфікатар задае пытанні… (Да Скарыны.) Кажуць, вы доктар? Можа, параілі б, чым лячыць хлопчыка? Хрыпіць, кашляе, горлам жаліцца.

Скарына. Мёдам напаіце, ножкі папарце…

Кат. Дзякую. Шанцуе на дактароў… Гэта — кола. Ерэтыка прывязваю да слупа, колы падганяю так, каб зуб’е рвала яму скуру. Я кручу, ён раве нема, пан Кваліфікатар задае пытанні… Тут і да вас адзін доктар быў. Памёр яшчэ да спалення. Слабы трапіўся. Гэта ў нас адначасова і дыба і кол. Тут я катую асабліва зацятых. Вяроўкі з паясамі накідваюцца на рукі, ногі і паясніцу. Я падцягваю за вяроўкі, пан Кваліфікатар задае пытанні, ерэтык скрыгоча зубамі, але маўчыць. Тады я падсоўваю яму кол пад мяккае месца, паволі адпускаю вяроўку. I вы б пачулі, якімі гаваркімі становяцца зацятыя… А мёд з чым даваць малому?..

Скарына. Лепш з малаком.

Кат. Правільна. Той доктар таксама раіў, калі мая Берта хварэла. Смех, дый годзе — яна ачуняла, а ён памёр… Гэта калода. Сюды мы закоўваем з рукамі і нагамі. Тады-сяды падстаўляем пад пяткі вось гэту жароўню… На сценах — дробязь, хіба акрамя вунь тых ціскоў. Імі я заціскаю самае далікатнае, што ёсць у мужчыны. Хіба і ўсё. (Да Скарыны.) А можа, у вас ад жывата што ёсць?

Скарына. Есць, ды я з сабой не ўзяў. Не ведаў, што з вамі спаткаюся.

Стражнікі прывозяць крэсла, закрытае посцілкай.

Кат. Шкада. А тут у нас пацыент. (Адкрывае посцілку.)

У крэсле закованы непрытомны Адвернік. Глянуўшы на Скарыну, Кат выходзіць. На ўсе вокны і дзверы з грукатам па чарзе падаюць краты.

VIII

Карчма. З’яўляецца Іахім. Ён падыходзіць да бочкі, што стаіць на покуце, адсоўвае яе ўбок, потым паднімае крышку і заглядвае ў пограб.

Іахім. Guten Morgen, Frau Margarita. Guten Morgen, mein junger Freund Peter[5].

З пограба вылазіць Маргарыта, за ёй Пётр. Іахім падае руку Маргарыце.

Bitte, Frau Margarita, bitte. (Пятра асадзіў назад.) Ein Moment! Zurück! Peter, für dich Hinausgehen verboten[6]. (Закрывае пограб.)

Маргарыта (кідаецца да Іахіма). Што ж вы робіце?! Пусціце! Пусціце яго!..

Іахім (ветліва адхіляе Маргарыту). Zurück, Frau Margarita! Inquisition. Feuer. Kaputt[7]. (Ставіць бочку на крышку ад пограба.)

Маргарыта (плача). Лепш ужо капут, чым у турме тваёй сядзець!

Iахім. Nicht verstehe[8].

Мaргарыта. Што ж тут фэрштэіць? Цёмна, кажу, сыра там, мышы! Холадна, як у лядоўні! (Паказвае, як ёй холадна.)

Iахім. А-а-а… Хо-лёт-но… Я-я…

Маргарыта (радасна). Я-я… Азыз Пётра… Выпусці!..

Іахім (бярэ руку Маргарыты). Я-я… Хо-лёт-но… Кальт… (Хукае ёй на руку, прыкладае да сваёй шчакі, цалуе.)

Маргарыта (насцярожана). Ды ідзі ты… (Адымае руку.)

Iахім (ласкава). Nicht verstehen?[9]

Мaргарытa. Hi капелькі…

Iахім. Ja-ja… arbeiten, Margarita, arbeiten[10]. (Паказвае на падлогу.)

Маргарыта. Праваліўся б ты са сваім арбайтам! Пра Юраську і Францыска зноў ні слова… Толькі ад цябе і чуеш: арбайтэн…

Iахім. Ja-ja… arbeiten, Frau Margarita, schneller arbeiten…[11] (Выходзіць.)

Маргарыта ідзе да бочкі, хоча адсунуць яе. З’яўляецца Iахім.

Iахім (пагражае пальцам). Verboten, Frau Margarita, streng verboten. Inquisition. Feuer. Kaputt…[12]

Маргарыта (плача). Міленькі! Родненькі! Ну выпусці ж ты яго хоць на часіначку! Зойдзецца хлопчык. Захварэе.

Іахім весела рагоча, потым знянацку хапае ў абдымкі Маргарыту і пачынае цалаваць яе.

Іахім. Ich liebe dich. Meine Liebe[13].

Маргарыта (крычыць). Адчапіся, порхаўка смярдзючая! (Так штурхае Іахіма, што той ляціць праз бочку.) Іш, прысмактаўся п’яўкаю!.. Як што іншае, дык ты разумееш…

Iахім (здзекліва). Майне лібэ фрау Маргарыта, Іахім разумее столькі, колькі трэба, і яшчэ тое-сёе мае ў запасе. I калі Іахім зразумеў тваю бяду, то чаму б табе, маладой і прыгожай жанчыне, не зразумець яго жадання.

Маргарыта (не верыць сваім вушам). Ты разумееш па-нашаму?!

Iахім. А чаму і не?.. Толькі мне вельмі хацелася, каб і ты зразумела, што, схаваўшы вас ад інквізіцыі ў гэтым пограбе, Іахім стаў на вастрыё нажа. Ты думаеш, некаму ахвота стаяць на вострым? Ніхто за так стаяць не будзе. I калі ў цябе нічога іншага няма, то не штурхай Іахіма праз бочку. Ён у цябе многа не возьме. Ён возьме нават не столькі, колькі хоча, а столькі, колькі зможа. Гэта ў цябе нічога не каштуе, а ў яго дорага цэніцца. (Ідзе да Маргарыты.)

Рукі Маргарыты намацалі на бочцы вялізны нож, і цяпер яна трымае яго за спінай. Іахім абдымае і цалуе Маргарыту. Яна не працівіцца яму. I тады ён апускаецца на калені, абдымае Маргарыту за ногі, яму хочацца іх пабачыць.

Іахім можа купіць хоць сто жанчын! Але ён не любіць купленага. Ён хоча падарунка! Чаму б табе па-добраму не падараваць Іахіму нешта, калі ён ратуе цябе ад агню, у якім і сам згарэць можа. (Мацае ногі Маргарыты.) А што, як раптам агонь інквізіцыі дакранецца да гэтых цудоўных ножак і вышэй?.. А можа, няхай бы вышэй дакрануўся бедны Іахім?..

Маргарыта (у руках у яе нож). Раней, чым Іахім дакранецца вышэй, гэты нож дакранецца да яго горла…

Энергічны стук у дзверы.

Іахім (седзячы на падлозе). Я ведаў, што гэтым скончыцца!.. Так стукае толькі інквізіцыя!.. Пойдзеш на касцёр ці палезеш у пограб?

Маргарыта. Палезу…

Iахім. Разумна. А падарунка я пачакаю. Каб я быў жыў, ён таго варты. (Ідзе адкрываць дзверы.)

Маргарыта (адкінуўшы крышку пограба). Пётра, ратуйся!

Мсціславец вылазіць з пограба і знікае. Уваходзіць Кат, за ім Iахім. Маргарыта жахаецца і лезе ў пограб.

Iахім. Ну і пасада ў цябе. Людзі шарахаюцца, як ад чумы.

Кат. Пасада як пасада, не горшая за тваю. А твае пастаяльцы і мае пацыенты, здаецца мне, золата і грошы ў лесе схавалі. Як ведалі, што ў цябе за пасада.

Iахім. Прадбачлівыя ерэтыкі.

Кат. З такімі, як ты, будзеш прадбачлівы. А Кваліфікатар хоча ўсё іх багацце сабе заграбці. Трэба перашкодзіць злодзею. А я тым часам з ерэтыкоў прызнанне выб’ю. I золата і грошы папалам падзелім.

Iахім. Па руках.

Кат. Па руках будзе, калі дасі добры задатак.

Iахім. Крыўдзіш недаверам.

Кат. Не першы дзень ведаю.

Iахім. Трымай! (Кідае капшук з грашыма.) I язык за зубамі таксама… (Заве.) Фрау Маргарыта?!

З’яўляецца Маргарыта.

Фрау Маргарыта, вы часам не ведаеце, дзе доктар Скарына схаваў золата і грошы, перш чым спыніцца ў маёй карчме?

Маргарыта. Золата і грошы? Якое золата? Што гэта вы гаворыце?!

Iахім. Не я гавару, фрау Маргарыта. Кат святога судзілішча расказвае. Доктар Скарына і ваш муж зараз у яго. А заутра на касцёр, абодвух. Хоць аднаго можна было б выратаваць. Выбірай каторага і гавары, дзе золата!

Маргарыта (не верыць сваім вушам). Як каторага?! Як спаляць? Чаму спаляць? За што спаляць?! (Падае на калені.) Я! Я! Я вінаватая!!! Госпадзі міласцівы, я загубіла абодвух!!! Я!!! За грэх мой тайны і мне, і ім кара страшная прызначана! Божачка міласэрны, злітуйся! Яны ж ведаць не ведаюць, што абодва мне сталі роднымі, абодва зрабіліся любымі. А я ж і сама не ведаю, як тое сталася, што любасць мая да іх падзялілася. Госпадзі праведны, ты ж грахі мае не адпусціш, крыж пакутачкі з мяне не здымеш… Адзіным сыночкам клянуся табе, Божачка, што перад судом тваім — чыстая, што перад мужам сваім — верная!

Іахім. Усё адно не будзе табе даравання, бо ў думках сваіх пры жывым мужы з каханым пралюбадзейнічала. А у святой Кнізе Левіт сказана: калі чалавек пралюбы садзеіць з мужняю жаной, то памруць пралюбадзей і пралюбадзейка.

Маргарыта. Чысты ён, як анёл! Мой грэх! Я люблю, а ён і не ведае!

Іахім. Табе я мог бы даць індульгенцыю на адпушчэнне грахоў, калі б сказала, дзе золата, і паднялася ў мой пакойчык… Палюбіўшы трэцяга, выратуеш аднаго з двух… Дык паднімешся?..

Кат надзявае пальчаткі і ідзе да Маргарыты.

Маргарыта (пасля доўгай паўзы). Паднімуся… (Устае з падлогі.)

Iахім. Вось і добра. Іахіму многа не трэба, але ён любіць па згодзе.

Маргарыта (рашуча і цвёрда). Паднімуся… на касцёр!!! I калі не заместа любых мне, то разам з імі!

Іахім замахваецца, каб ударыць Маргарыту.

Кат (Іахіму). Спыніся, стары грэшнік! (Глянуў на Маргарыту.) He па табе такая жанчына. Да кастра яна ў мяне пабудзе.

Іахім. Колькі сябе памятаю, пакуль сабяруся, абавязкова нехта перашкодзіць.

Кат. Доўга збіраешся…

Іахім (з палёгкай). А з другога боку, як гара з плеч звалілася… Што б я рабіў з ёю ў тым пакойчыку?..

Стук у дзверы.

Кат (перапалохана). Хто?!

Iахім. Калі Кваліфікатар, то канцы абодвум. Знікні! (Mapгарыце.) I ты ў пограб, сабачая свіння! (Адкрывае крышку пограба і закрывае яе за Маргарытай.)

Кат знікае. У карчму ўрываецца Гусоўскі і агаляе шпагу.

Іахім (зусім спакойна). Guten Morgen. Bitte! Was wünscht der Herr?[14]

Гуcoўcкi. Што пажадана, пытаешся?.. Хачу бачыць тваіх пастаяльцаў!

Iахім. Nicht verstehe[15].

Гусоўскі. Wo sind die Mieier aus Weissrutenia?[16]

Iaxiм. Sie sind abgefahren… Sie haben Schreck bekommen und sind abgelaufen[17].

Гусоўскі. Збеглі?.. Перапалохаліся i збеглі?.. Гэта Францыск ад мяне збег?! Вазы і коней пад паветкаю кінуў, а сам збег?!

З’яўляецца Мсціславец.

Мсціславец. Прыкідваецца ён! Інквізіцыяй нас палохае. (Адкрывае пограб.) Днём у пограбе трымае. А ўначы мы ў яго за парабкаў.

З пограба вылазіць Мaргарыта.

Маргарыта (дражніць). Арбайтэн, фрау Маргарыта, арбайтэн, фроенд Пэтар. I няхай па-нашаму расказвае. Ён жа ўсё разумее.

Мсціславец. I, відаць, добра ведае, дзе зараз дзядзька Юрась з настаўнікам Францыскам.

Іахім. Сказаць дакладна, дзе яны, не магу, але пашукаць можна.

Гусоўскі. Як пашукаць?! Дзе пашукаць?! Чаму іх трэба шукаць?!

Маргарыта. Юрый ноччу некуды знік…

Мсціславец. А настаўнік Францыск ад Лютэра не вярнуўся.

Гусоўскі. Пётр! Маргарыта! З маімі хлопцамі… і хутчэй адсюль!.. А ён мне зараз усё скажа. Дзе мае сябры?! (Кладзе шпагу на шыю Іахіма.)

Пётр, Маргарыта і юнакі знікаюць.

Iахім. Вялікі рэфарматар Марцін Лютэр сілу набраў, папісты і інквізіцыя яе яшчэ не страцілі, імператар і курфюрсты сваю ўладу трымаюць. У кожнага турмы, кожны сваіх ворагаў у любы час і ў любым месцы хапае…

Гусоўскі. Дзе іх шукаць?!

Іахім. Пашукаць, канешне, можна, толькі на тое грошы вялікія трэба. Хто за так жыццём рызыкаваць будзе?..

Гусоўскі (грозна). Яшчэ адно слова пра грошы і…

Iахім. Канешне, заколеце, хіба я не ведаю… Толькі Іахіма яшчэ ніхто не заколваў насмерць. А сябры вашы калі не ў Лютэра, то ў Нунцыя. Дзе ж ім яшчэ быць.

Гусоўскі (апускае шпагу). Ну, глядзі… (Выходзіць.)

Iахім. Іахім заўсёды мае справу з сур’ёзнымі людзьмі.

IX

Пакой Лютэра. Вечар. Эльза рыхтуецца да сну і раптам заўважае Гусоўскага.

Эльза (перапалохана). Хто вы?!

Гусоўскі (становіцца на калена). Сеньёра, дзеля ўсіх святых не палохайцеся!

Эльза (крыху спакойней). Не падыходзьце, я закрычу!

Гусоўскі. Лепш не трэба. Я паўгода шукаю з вамі сустрэчы. Я не магу больш без вас! Я люблю вас, сеньёра! Гэтыя маністы…

Эльза нямее ад захаплення, а Гусоўскі тым часам устае з калена і надзявае ёй на шыю дарагі падарунак.

А калі скажаце, дзе доктар Скарына, я і другой нізкі не пашкадую.

Эльза (даверліва і таямніча). Сюды можа ўвайсці Марцін… мой дзядзя.

Гусоўскі. Дзядзя выступае перад народам, а гэта надоўга.

Эльза (азірнулася). I ўсё ж нам лепш… Калі ёсць трэцяя нізка…

Гусоўскі. Я згодзен… Асцярожнасць не пашкодзіць.

Абодва знікаюць за парцьерай.

X

Суд інквізіцыі. За сталом Інквізітар, Біскуп, Сенатар. Перад сталом Кваліфікатар і Пісар. Нунцый ходзіць за плячыма ў суддзяў.

Кваліфікатар (дакладвае). Следства пацвердзіла ўсе абвінавачанні, якія ўваходзяць у склад ерэтычных палажэнняў. Абодва падсудныя наведалі ерэтычную Прагу, мелі зносіны з ерэтыкамі, сустракаліся з адступнікамі Томасам Мюнцэрам і Марцінам Лютэрам. Абодва абвінавачваюцца ў святатацтве і друкаванні кніг.

Нунцый (перапыняе). Хацеў бы напомніць святому судзілішчу словы яго святасці Папы: «Мы патрабуем, каб народы вечна заставаліся пакорлівымі ўладзе свяшчэннікаў і цароў. Неабходны кастры. Перш за ўсё трэба знішчыць вучоных. Трэба пакласці канец кнігадрукаванню». Славянскаму, як вы разумееце, кнігадрукаванню.

Кваліфікатар. Злачынствы, што зрабілі падсудныя, дазваляюць святому судзілішчу адлучыць іх ад царквы, а гарадскому суду (глядзіць на Сенатара) трынаццаць разоў спаліць на кастры.

Сенатар. У нас і пасля аднаго спальвання не ўваскрасаюць.

Нунцый. Толькі ўлічыце, што Скарына мне патрэбен не толькі асуджаны, але і крыху жывы. Ды паўстануць ерэтыкі перад святым судзілішчам! Ды збудзецца суд праведны!..

Кат і два стражнікі прыводзяць Скарыну і Адверніка. Пад іх прымусам падсудныя апускаюцца на калені.

Заслона

Дзея другая

XI

Суд інквізіцыі.

Інквізітар. Прозвішчы?..

Скарына. Францыск, сын Скарынін.

Інквізітар (Адверніку). Тваё?..

Адвернік. Не вялікі гонар знаёміцца. Так што не будзем тыкацца, разам свіней не пасцілі.

Біскуп. Скарыся, раб Божы, Гасподзь міласэрны!

Інквізітар. Трэба думаць не пра міласэрнасць Боскую, а пра паслушэнства яму. (Кату.) Дапытваць да таго часу, пакуль не з’явіцца жаданне пазнаёміцца. (Кваліфікатару.) Зачытайце пастанову святога судзілішча.

Кваліфікатар (зачытвае). «Мы, Боскай міласцю Інквізітар святога судзілішча, уважліва вывучыўшы матэрыялы справы, узбуджанай супраць ерэтыка, які не хоча назваць імя свайго, і ўлічваючы, што ён блытаецца ў сваіх адказах…»

Адвернік. Блытаюся? Я ж яшчэ нават імя свайго не назваў…

Кваліфікатар. «…што ён блытаецца ў сваіх адказах і што маюцца дастатковыя доказы яго віны, жадаючы пачуць праўду з уласных вуснаў яго і з тым, каб больш не зневажаліся вушы суддзяў, пастанаўляем і рашаем прымяніць да зацятага ерэтыка катаванне».

Скарына (да прысутных). Спыніцеся, малю вас!

Адвернік. Кінь, Францыск, прыніжацца. Хіба не бачыш, як чорныя крумкачы паленага мяса чакаюць?

Стражнікі бяруць Адверніка пад рукі, а ён знянацку б’е іх ілбамі адзін аб аднаго і шпурляе на стол святога судзілішча. Кат апускае ланцуг на галаву Адверніка.

Скарына (падхоплівае Адверніка). Юрый!

Адвернік. Нічога, братка. Жылі мы з табой адным жыццём, а смерць у кожнага будзе свая.

Кат валачэ Адверніка ў катавальню. Стражнікі становяцца за спінай Скарыны.

Інквізітар (Скарыне). Пакляніцеся, што будзеце гаварыць толькі праўду!

Скарына. Можаце быць упэўнены, я вас і без клятвы не ашукаю.

Iнквізітар (Кваліфікатару). Зачытайце падсуднаму тэкст клятвы!

Кваліфікатар (зачытвае). «Я, Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар, клянуся і абяцаю да таго часу, пакуль змагу, праследаваць, выкрываць, садзейнічаць арышту і дастаўцы інквізітарам ерэтыкоў любой асуджанай секты, іх прыхільнікаў, іх памагатых і абаронцаў, а таксама ўсіх тых, пра якіх я ведаю ці думаю, што яны ерэтыкі, у любы час і ўсякі раз, калі выяўляю іх». Падпісвайце!

Скарына. Гэтай мярзоты не падпішу.

Біскуп. Работа на карысць святой інквізіцыі палегчыла б ваша становішча.

Скарына. Хопіць святой інквізіцыі і той ганебнай работы, якую выконвае на яе карысць ваша прападобнасць.

Iнквізітар. Назавіце нам сваіх духоўных настаўнікаў.

Скарына. Усіх назваць ці асноўных?

Інквізітар. У нас ёсць час. Пералічвайце і асноўных і ўсіх.

Скарына. Асноўны — дзяк Мяфодзій з Полацка.

Сенатар. Нездарма кажуць: якія настаўнікі, такія і вучні.

Скарына. Дарэмна спяшаецеся. Сярод маіх настаўнікаў, пан Сенатар, быў не толькі дзяк полацкі, але і кароль дацкі, у якога я меў гонар быць за сакратара. Сярод настаўнікаў любімых я назваў бы Арыстоцеля і Авіцэну, сярод асноўных — Сенеку і Цыцэрона, Галена і Гіпакрата. Добрымі дарадчыкамі былі мне Платон і Пталамей. Сёння сэрца маё належыць Франсуа Рабле і Эразму з Ротэрдама, Томасу Мору і…

Iнквізітар (перапыняе). Ці не занадта вялікае ў вас сэрца, каб умясціць у ім адразу так многа ерэтыкоў?

Сенатар. I ці не знайшлося ў ім месца для Яна Гуса і іншых богаадступнікаў, адлучаных ад царквы і спаленых на кастры?

Скарына. Сэрца чалавечае вялікае. Яно можа змясціць у сабе ўвесь свет.

Біскуп. Суд чакае ад вас раскаяння і толькі таму цярпліва выслухоўвае вашы дзёрзкія заявы.

Скарына. Пра раскаянне я з вамі яшчэ не дамаўляўся.

Інквізітар. Дамовімся, як толькі вызваліцца Кат.

Сенатар. Як вы трапілі ў Італію і чаму?

Скарына. Было б дзіўна абысці край, слава якога грыміць універсітэтамі Балонні, Сіены і Падуі!

Iнквізітар. Слава Італіі ў славе яго святасці Папы.

Скарына. Папы смертныя. Слава ж Італіі ў бессмяротнасці Дантэ Аліг’еры і Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы і Рафаэля Санці, Петраркі і Бакачыо, Джарджоне і Тыцыяна.

Сенатар. Неверагодна, што ён пляце?! Заткніце яму глотку!

Скарына. Не, неверагодна якраз тое, што Італія спарадзіла не толькі тытанаў розуму і мудрасці, але і кастры інквізіцыі… Італія слухала ўтрапёнага Саванаролу і вальнадумнага Пампанацы. У Італіі знайшоў сваю альма-матэр Мікалай Капернік.

Iнквізітар. Вы і гэтага лічыце разумнікам?

Скарына. Мне заўсёды шчасціла на сустрэчы з разумнымі людзьмі.

Біскуп. Выслухаўшы вас, мы, відаць, не зможам гэтым пахваліцца.

З’яўляецца Нунцый.

Сенатар. Далучаюся да вас, найшаноўнейшы айцец, бо я, як і вы, не магу пахваліцца, што сустракаў многа разумных людзей.

Скарына. «Пяцьдзясят гадоў жыву я на свеце, гадоў трыццаць шукаю разумных людзей і нідзе не знаходжу іх», — сказаў нехта філосафу Эмпедоклу. — «Мой дружа! — адказаў яму Эмпедокл. — Толькі разумныя знаходзяць разумных».

Нунцый (пляскае ў далоні). Брава, доктар Скарына!

Сенатар (нешта з цяжкасцю глытае). Ты, брудны ерэтык, згарыш раней, чым думаеш!

Скарына. Але не раней, чым вы праглынеце апошні кавалак. Інакш святое судзілішча не пачуе ўсёй той праўды, якую я абяцаў, а вы не адолееце адчування голаду.

Сенатар (ускоквае і крычыць). У катавальню яго!!!

Нунцый. Які вы, аднак, нецярплівы, Сенатар. (Да членаў суда.) Рэкамендую ўсім перадыхнуць.

Усе, акрамя Скарыны, выходзяць. Кат прыносіць непрытомнага Адверніка, апускае яго на падлогу.

Кат (спачувальна). Лепш бы не пераносіць. Дурная прыкмета: варта перанесці грэшніка на іншае месца, як ён тут жа памірае.

Скарына (агледзеўшы Адверніка). Вы вырвалі яму рукі?..

Кат (садзіцца на калоду). Я і ногі вырву. I табе вырву… Ды не глядзі ты на яго ногі: якая цяпер ужо розніца — ці я спалю яго па частках, ці адразу? За сябе паклапаціся. Ты думаеш, мне вялікая ахвота расцягваць вас тут ды падсмажваць. Гэты, добра, маўчаў, а іншыя верашчаць, енчаць, галосяць — брыдка слухаць… Мне так здаецца, што і ты спачатку маўчаць будзеш, а пасаджу я цябе на кол ды падцягну разочкі са два, як таго доктара… Калі ерэтык не сазнаўся пасля гадзіннага катавання, значыць, ён надзвычай моцнага здароўя. А залішняя мяккасць… Раз мяккасць, два мяккасць, а там і самога на касцёр пацягнуць… Ты ўжо даруй! На рабоце я. Дарэчы, хлопчыку майму лепш. (Падае Скарыне шклянку вады.)

Скарына. Я вельмі рады… Дзякую вам. (Поіць Адверніка.)

Адвернік (прастагнаў). Францыск, дружа!..

Скарына. Юрый, любы мой! (Прыпадняў, прытуліў да сябе.)

Адвернік. Што ж гэта за суд такі, Францыск?! Гэта ж не святое судзілішча, а зборышча ваўкалакаў. За што ж яны, сыраеды пачварныя, льюць кроў нявінную?.. У нас жа яшчэ пры Вітаўце такіх суддзяў сабакам на корм кідалі. (Пасля паўзы, нібы ў забыцці.)

Пайшоў каток у лясок, Прынёс каток паясок,

Скарына занепакоена прылажыў руку да лба Адверніка.

Пайшоў каток на ганачак, Прынёс каток бараначак.

Скарына (тармосіць яго за плячо). Юрый! Што ты, Юрый?!

Адвернік. Не трывожся, Францыск, я так. Сынок мой, Сцяпанка, любіў гэту калыханачку. (Ціха спявае. Яму дапамагае Скарына.)

Пайшоў каток у лавачку, Прынёс каток булавачку.

З’яўляецца Нунцый, услухоўваецца ў мелодыю.

Пайшоў каток на таржок, Прынёс каток піражок…

Нунцый. Спяваюць? Кат пад іх дровы рыхтуе, а яны спяваюць.

Скарына (пасля доўгай паўзы). Песні гнеў і ярасць утаймоўваюць, мір і пакой чыняць, смутак і скруху адганяюць, жорсткае сэрца мякчаць і слёзы з яго, як бы з крыніцы, зводзяць.

Нунцый. Слязамі касцёр не пагасіш, доктар…

Адвернік. Мы не са слязамі, мы на касцёр з песняй пойдзем.

Нунцый. Калі Кат языкі не вырве. Дарэчы, пакліч Пісара.

Кат. Слухаю, святы айцец. (Выходзіць.)

Адвернік. Язык можна… Песні з душы не вырвеш.

З’яўляюцца Пісар і Кат.

Нунцый (Скарыне). Пройдуць вякі, пакуль нехта даведаецца пра тое, як вы тут трымаліся.

Скарына. I ўсё ж гэтыя вякі пройдуць. Патомкі нашы…

Нунцый. Патомкам доўга давядзецца чакаць, таму паслухайце самі. (Пісару.) Зачытайце!

Пісар (зачытвае пратакол). «Ерэтык, не назваўшы свайго імя, тройчы быў падцягнуты на дыбе і не войкнуў. Тады Кат прычапіў да яго ног калоду і падцягнуў ерэтыка зноў. Яго рукі выскачылі з суставаў, а жылы так расцягнуліся, што калода лягла на падлогу. Але ён толькі заскрыгатаў зубамі. Тады Кат падсунуў яму пад ногі жароўню з вуголлем. Калі ступні задымелі, ерэтык пачаў успамінаць маці…»

Кат. Успомніў маці, успомніць і сваё імя…

Пісар. Справа ў тым, святы айцец, што ён успамінаў не сваю, а вашу маці…

Скарына ўсміхаецца.

Нунцый (нічога не зразумеў). Не прыкідвайцеся, доктар, што вам не страшна.

Скарына (вельмі сур’ёзна). Не адчуваць страху не ўласціва чалавеку, а не ўмець пераносіць пакуты не да твару мужчыне.

Нунцый. Сёння я яшчэ магу дапамагчы вам, заўтра — не. Падпісвайце, доктар. I не шукайце прыгожай смерці.

Скарына. Прыгожая смерць здольная звязаць сучаснае з мінулым і будучым, ганебная — ніколі!

Нунцый. Шкада. Вельмі шкада, што ваш друг з-за вас будзе паміраць доўга і непрыгожа.

Адвернік. Пра што гэта ён, Францыск?

Скарына. Нунцый чакае нашай здрады.

Нунцый. Не будзе здрады, памраце і вы, доктар. Выбірайце, пакуль ёсць магчымасць.

Скарына і Адвернік спяваюць калыханку. Вяртаюцца ўсе ўдзельнікі суда. Стражнікі прысланяюць Адверніка да сцяны.

Працягвайце!

Iнквізітар. Ерэтык Скарына, як аднёсся Лютэр да таго, што вы выдалі сваю Біблію?

Скарына. Не ведаю, як Лютэру, а мне прыемна, што я яго апярэдзіў.

Сенатар. Вы, бадай што, апярэдзіце яго і на кастры.

Скарына. Можа стацца і так, толькі нас гэта не парадніць.

Інквізітар. Вы парушылі догмат і пастановы сусветных хрысціянскіх сабораў і аддрукавалі кнігі Бібліі не ў тым парадку, які прызнаны кананічным.

Адвернік. Ну дык складзі іх перад сабой у кананічным парадку, і справа з канцом.

Інквізітар (крычыць). Маўчаць!

Кваліфікатар. Найцяжэйшае злачынства ерэтыка ў тым, што ён выдаў Святое Пісанне нават не на стараславянскай мове, а на мове нейкага дзікага племя.

Адвернік. Самі вы дзікуны.

Стражнік заціскае Адверніку рот.

Інквізітар. Як вы пасмелі пайсці на гэта кашчунства?

Скарына. Толькі з тае прычыны, што народ мой не дзікі, а мова яго з’яўляецца мовай яго дзяржавы. На ёй мы гаворым і спяваем, на ёй чытаем і пішам, ёю карыстаюцца суддзі і летапісцы, на ёй ствараецца Статут Вялікага Княства Літоўскага — адзін з першых кодэксаў у Еўропе. У роднай песні, у роднай мове, у пісьменстве праяўляецца разумная прырода чалавека. Чужая нам лаціна не можа даць цэльнасці і натуральнасці мыслення. Без роднай мовы чалавек нямы і сляпы.

Сенатар. Да такога кашчунства не дадумаліся ні Эразм, ні Томас Мор, ні сам Лютэр!

Скарына. Сапраўды, гэта так. Мая Біблія, пасля чэшскай, будзе другой у свеце, зробленай на мове майго народа. Даруйце, але ў мяне не было часу чакаць, пакуль да гэтага дадумаюцца іншыя.

Iнквізітар. Цяпер святыя суддзі пераканаліся, што ерэтык друкаваў свае кнігі ў саюзе з д’яблам.

Адвернік. Ну і ёлуп! Перад табой жа не проста кнігі. Перад табой жа Біблія! I чаго б варта была Біблія, калі б на ёй стаяў подпіс д’ябла! I дзе вы знойдзеце такога д’ябла, які ўзяўся б за пераклад і выданне Бібліі.

Інквізітар дае знак — стражнікі выцягваюць Адверніка ў катавальню і вяртаюцца на свае месцы.

Інквізітар. Хто былі вашы памочнікі?

Скарына. Адгарніце вокладку любой з дваццаці трох выдадзеных мной кніг Бібліі, і вы пераканаецеся, што я зрабіў гэта адзін.

Біскуп. Як вы смелі зрабіць гэта без дазволу?!

Скарына. «О век! О літаратура! Прыемна жыць і непрыемна было б яшчэ адпачываць!» — усклікнуў ваш зямляк Ульрых фон Гутэн, трымаючы ў руках першую нямецкую друкаваную кнігу. Чаму ж святое судзілішча адмаўляе ў праве майму народу мець сваю друкаваную кнігу?..

Інквізітар. Вас так натхніў фон Гутэн, што вы пайшлі на страшнейшае святатацтва і ерэтычную дзёрзкасць.

Скарына. На гэта мяне натхніў наш зямляк і знакаміты вучоны Кракаўскага ўніверсітэта Ян з Глогава. А яшчэ быў у мяне абавязак перад Фіёлем Швайпольтам — першадрукаром славянскім у Кракаве. Я пакляўся Яну здзейсніць яго мару — пераклаў Біблію на родную мову і тым самым прадоўжыў друкарскую справу Фіёля.

Інквізітар. Ці раскайваецеся?

Скарына. Не! I ў няшчасці застаюся верным клятве.

Iнквізітар. Ці было вам вядома, што ў 1492 годзе інквізіцыйная калегія забараніла Фіёлю друкаваць і распаўсюджваць кнігі?

Скарына. Якраз таму я і пакляўся прадоўжыць яго справу.

Біскуп (крычыць). Ты д’ябал! Ты горш за нізкадушнага Мюнцэра! Толькі той плебейскі верхавода знаёміць сваіх перахрышчэнцаў з тэкстам Бібліі.

Скарына. А чаму б людзям і не ведаць, што пішацца ў Бібліі?

Iнквізітар. Таму, што Біблія занадта цвёрды арэшак для міран і разуменне яе патрабуе пасрэдніцтва царквы.

Скарына. Пасрэднік не спатрэбіцца, калі простыя людзі самі авалодаюць кніжнай прамудрасцю.

Iнквізітар. Тайны рэлігіі не павінны быць даступны ўсякаму, патрабуе Папа, але тым толькі, якія могуць іх разумець так, каб вера не пацярпела ад гэтага.

Скарына. I вы і ваш Папа баіцеся, каб Біблія трапіла ў рукі простых людзей. Ім жа адразу кінецца ў вочы неадпаведнасць паміж тым, што прапаведуе Хрыстос і што робіце вы ў сваіх цэрквах і такіх вось катавальнях.

Інквізітар (Кваліфікатару). Назавіце іншыя злачынствы ерэтыка.

Кваліфікатар. Іх шмат, святы айцец. Але асноўнае ў сцвярджэнні, нібыта кніга Бібліі «Юдзіф» не святымі прарокамі створана, а «найпервей, — як ён піша, — от летописцев написана ест».

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не, бо то ісціна!

Кваліфікатар. Ерэтык ставіць пад сумненне стварэнне Госпадам свету нашага з нічога. Ён сцвярджае, што з нічога нічога не бывае.

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не сцвярджаю, але і не адракаюся. Загадка гэта над розумам людскім.

Кваліфікатар. Ерэтык у сваіх прадмовах цытуе многіх цароў, дзяржаўцаў і філосафаў і ў той жа час нават не ўпамінае айцоў царквы.

Скарына. Прызнаю гэты грэх, хоць і не раскайваюся.

Кваліфікатар. Запаветы Гасподнія падаюцца ерэтыком не ва ўстаноўленай паслядоўнасці.

Інквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не бачу граху, бо ўсе запаветы пералічаны. Нічога ж, напрыклад, не зменіцца, калі нехта з вас памяняецца месцамі, скажам, з Катам.

Кваліфікатар. Ерэтык прапаведуе роўную свабоду ўсім, роўнае ўладанне ўсіх. Ён сцвярджае, што Гасподзь Бог на добрых і на праведных напускае беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе.

Iнквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. А хіба тое, што я з другам маім аказаліся перад судом вашым, не пацвярджае маёй думкі?

Кваліфікатар. Ерэтык патрабуе адмаўлення ад багацця, а гэта гучыць абвінавачаннем царквы і свецкай улады.

Скарына. Адзінае багацце прызнаю я: чыніці добрыя справы і ў іх багаціціся.

Інквізітар. Чаму вы сталі доктарам медыцыны, калі Кракаўскі ўніверсітэт рыхтаваў вас для служэння Богу і царкве?

Скарына. Я рашыў паслужыць яшчэ і людзям. З чаго лепш мы можам пачаць, як не з нашай агульнай прамаці прыроды, — падказаў мне Цыцэрон.

З’яўляецца Нунцый і садзіцца ўбаку.

Біскуп. Вы паганіце храм прыроды! Вы ідзяце за д’яблам, доктар!

Скарына. Я іду за Галенам і Авіцэнай. Храм прыроды — мой храм і мая лабараторыя.

Сенатар. Ён хоча сказаць — трупярня, дзе расчляняе нябожчыкаў.

Скарына. Перад спальваннем сваіх ахвяр вы расчляняеце іх жывымі.

Сенатар. Мы робім гэта, каб пасля смерці душа ерэтыка не ўз’ядналася з целам яго. А вось вы з якое прычыны рэжаце трупы і капаецеся ў шлунні нябожчыкаў? Цікава, што вы там шукаеце?

Скарына. Я высвятляю, ці можа тое, што знаходзіцца ў чалавечай галаве, мяняцца месцамі з тым, чым запоўнены страўнік.

Сенатар (здзекліва). Ну і як?

Скарына. Мяркуючы па вашым пытанні, можа.

Нунцый рагоча. Яго падтрымліваюць астатнія.

Нунцый. Брава, доктар.

Прычына смеху даходзіць і да Сенатара.

Сенатар (істэрычна). Я патрабую паклікаць Ката! Мае вушы змарыліся слухаць здзекі і блюзнерства гэтага мярзотніка! (Падавіўся, кашляе.)

Нунцый (да членаў судзілішча). Пакіньце мне ерэтыка, а самі падсілкуйцеся чым Бог паслаў. Сенатара я б пакінуў без абеду.

Сенатар. А чаму вы так вырашылі?

Нунцый. Каб не здарылася перамяшчэння… Няхай ужо лепш будзе пуста і тут (мацае за лысіну) і ў страўніку. (Рагоча.)

Усе смяюцца і выходзяць.

Значыць, доктар, вы жадаеце стаць святым мучанікам? Вы марыце аб цярновым вянку? Вы шукаеце славы?

Скарына. Я хачу шчасця свайму народу. Хачу, каб ён знайшоў яго не праз кастры і шыбеніцы, а праз асвету, навуку, розум і мудрасць. Мая мара — грамадства справядлівасці, дзе пануюць мір, згода і законнасць. Глыбока перакананы, што месца чалавека пад сонцам павінна вызначацца не яго радавітасцю ці веравызнаннем, а розумам, энергіяй, ведамі і жаданнем быць карысным агульнай справе. Я шукаю гармоніі і дасканаласці ў чалавеку, грамадстве, у свеце. Веру ў чалавека, веру ў яго добры, разумны пачатак. Мудрасць чалавека, розум чалавека ёсць маці ўсіх добрых спраў і настаўнік усякаму добраму ўменню. Абавязак мудрых людзей уз’яднаць Арыстоцелеву і жыццёвую мудрасць.

Нунцый. Мудрасць даецца нам Богам, каб пазнаць Бога, а вы рашылі выкарыстаць яе на тое, каб разбэсціць паству.

Скарына. Мая дзяржава…

Нунцый (перапыняе). Дзяржаў многа, Бог адзін. I мы, яго верныя слугі і воіны, зробім усё, каб вера, як і Бог наш, стала адзінай.

Скарына. Адукацыя, вучонасць, кнігі, а не саюз цэркваў і рэлігій з’яднаюць народы.

Нунцый. Цяпер зразумела, чаму ў вашых прадмовах не сказана пра каталіцкую царкву і веру ні адзінага добрага слова.

Скарына. У маіх прадмовах не ўхваляецца ні адна царква і вера, але і не ганьбіцца ніводная. Бог адзін, а веры розныя. Вы пазнаяце Бога, я яшчэ хачу пазнаць веру і людзей. Мне здаецца, што навука і багаслоўе пайшлі рознымі шляхамі, бо ў іх рознае ўяўленне аб ісціне. Можа, духу разумнасці святой суджана іх уз’яднаць?..

Нунцый. Што яшчэ за дух такі?

Скарына. Дух дабра, чалавекалюбства, справядлівасці, ісціны, подзвігу, самаахвярнай любові да Айчыны.

Нунцый. Інтарэсы сваёй Айчыны вы ставіце вышэй за інтарэсы Бога, царквы і веры?

Скарына. Іменна таму на маёй зямлі за найбольшае злачынства самая цяжкая кара — выгнанне з Радзімы.

Нунцый. Найвышэйшы закон — Закон Божы, і найвышэйшая кара — кара Гасподняя.

Скарына. Найперш за ўсё закон, правы пісаныя, ёсць закон прыродны, усім людзям ад Бога дадзены. Ён напісаны ў сэрцы адзінага і кожнага чалавека. Ён дадзены яму Богам разам з розумам і свабоднай воляй — то чыніць усім іншым, што самому люба ад усіх іншых мець, і таго не чыніць іншым, чаго сам не хочаш ад іх мець. А вы сябра майго і тысячы іншых без суда і дазнання ў магілу зводзіце.

Нунцый. I вы і ваш друг абвінавачваецеся ў ерасі.

Скарына. Абвінаваціць можна і невінаватага, але выкрыць — толькі вінаватага. Асуджэнне ж невінаватага — ёсць асуджэнне саміх сябе.

Нунцый. Я не веру, доктар, што ваша ўпартасць сведчыць аб вашай сіле. Ці вы згодзіцеся на саюз з намі, ці наша суровасць прывядзе да выніку, якога чакае ад нас Бог.

Скарына. Злоба нараджае горшую злобу. Хто ўзяў нож — ад нажа і загіне. Не забывайце пра гэта, святы айцец.

Нунцый. У такім разе суд і Кат прадоўжаць сваю работу. (Выходзіць.)

Вяртаюцца ўсе ўдзельнікі суда і займаюць свае месцы.

Кваліфікатар. Святое Пісанне ерэтык малюнкамі спаганіў. I толькі за гэта заслугоўвае спальвання.

Скарына. Тады і Папа Рымскі заслугоўвае таго ж, бо ён дазволіў Мікеланджэла размаляваць Сіксцінскую капэлу. Мае ж малюнкі ў кнігах змешчаны для таго, каб дзеці малыя і людзі простыя, чытаючы, маглі лепей разумеці.

Сенатар. У вашых малюнках вялікі не Бог, а чалавек!..

Скарына. Гэта не самае горшае ў іх.

Сенатар. I тое, што будаўнікі храма ў вас апрануты ў што папала, таксама не самае горшае?

Скарына. Што ў каго было, тое той і апрануў.

Сенатар. А твары?! (Гартае кнігу.) Вось! У малюнку «Стварэнне свету» ў абліччы Бога, няхай даруе мне Усявышні, няма ніякай святасці, а падпяразаны хітон падобны на звычайны сялянскі армяк. Уся фігура Бога Айца, няхай даруе мне Усявышні, амужычана. Што Бог, што чалавек — ніякай розніцы!

Скарына. Я рызыкнуў на гэта толькі таму, што ў нас нават на Масковіі Андрэя Рублёва за гэта не папракалі. I Бог — чалавек, і чалавек — Бог.

Сенатар. А што вы зрабілі з царом Давідам? Ён жа ў вас падгуляў на мужыцкай папойцы. Ён жа ледзьве на нагах трымаецца!

Скарына. Прызнаю! Давід у мяне, здаецца, крыху перабраў.

Біскуп. Што яму Давід? Ён сябе тройчы намаляваў у Бібліі! Тройчы!!!

Скарына. А чаму гэта вас так устрывожыла? Я ж сябе намаляваў, а не вас.

Інквізітар. Калі б вы, акрамя гэтага, не зрабілі супраць царквы і веры нічога іншага, то і тады вас трэба спаліць тройчы.

Скарына. Спачуваю вам, але спаліць мяне вы можаце толькі адзін раз. Кніжкі ж мае разышліся па ўсім славянскім свеце. I хоць свет гэты вялікі, аднак і кніг нямала.

Iнквізітар. Жыццё ў вас адно. Адракайцеся ад грахоў сваіх! I тады пасля смерці душа ваша злучыцца з целам. У адваротным выпадку цела ваша яшчэ пры жыцці будзе разарвана на часткі…

Скарына. Смерць для чалавека — нішто, вучыць Эпікур, бо, калі мы існуем, смерць яшчэ не прысутнічае, а калі смерць прысутнічае, тады мы не існуем. Тым больш мае рацыю Эпікур, калі справа жыцця ў асноўным здзейснена. Я зрабіў усё, што дазволілі мне мае здольнасці.

Iнквізітар (узрываецца). «Я», «мае здольнасці», «мая праца», «мае кнігі», «мой народ», «избранный муж»! Колькі амбіцыі, колькі гонару?!

Скарына. А чаму б мне і не сказаць пра сябе з годнасцю?! Чаму б не падпісацца пад сваёй працай з гонарам: «Доконана ест сия книга… повелением, працею и выкладом избраннаго мужа, в лекарскых науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцка…» I чаму б не ганарыцца тым, што з пачуццём уласнай годнасці я змясціў партрэт свой у кнізе, зробленай уласнымі рукамі?! Перад вамі не разлютаваны палеміст, не пустэльнік, не апантаны фанатызмам прарок. Перад вамі той, хто хоча зліць у адно дабрату, розум і мудрасць. I намер гэты не ад маёй амбіцыі і не ад слабасці нашай. Не, панове інквізітары! Іншыя насталі часы! Пераможана мангольская навала на Усходзе! Абломлены клыкі сабакагаловым рыцарам, і не саступіць са сваіх граніц Белая Русь на Захадзе! Захлынуліся славянскай крывёю татары і туркі на Поўдні. У служэнні свайму народу, роднаму краю бачыў я сваё прызначэнне. Спадзяюся, што мой народ не будзе абвінавачваць мяне ў нясціпласці. Я аддаў яму, што мог, і перад судом вашым ні ў чым не каюся.

XII

Келля. Позні вечар. З’яўляецца Гусоўскі.

Мануэла (з-за шырмы). Вы сёння так рана, святы айцец? (Выглядвае, напалохана.) Хто вы?

Гусоўскі. Сеньёра, дзеля ўсіх святых, не палохайцеся!

Мануэла (выходзіць з-за шырмы, зашпільваючы гузікі). А я і не палохаюся, калі ты такі смелы.

Гусоўскі. Тым лепш! Прыміце ад мяне, сеньёра, з любоўю вось гэтыя маністы. (Прымервае падарунак, цалуе Мануэлу, заўважае кнігі Скарыны і сутану Нунцыя.)

Мануэла перахоплівае позірк Гусоўскага.

Мануэла. Нунцый дапытвае ерэтыкоў.

Гусоўскі. У такім выпадку спяшацца не будзем. (Здымае плашч і шпагу.)

Мануэла знікае за шырмай. Гусоўскі хутка надзявае сутану Нунцыя, наверх накідвае свой плашч і, прыхапіўшы шпагу, знікае.

Мануэла (з-за шырмы). Колькі ж цябе можна чакаць?.. (Выходзіць з-за шырмы амаль без вопраткі, здзіўляецца.)

З’яўляецца Нунцый.

(Нунцыю, капрызна.) Колькі ж цябе можна чакаць?..

Нунцый. Справы, дзіця маё, справы. (Распранаецца.)

XIII

Лютэр у сваім пакоі. З’яўляецца Эльза.

Эльза. Да вас сястра Мануэла.

Лютэр (устрывожана). Мануэла?! Сама?!

З’яўляецца Мануэла. Эльза выходзіць.

Чаму сама? Хто дазволіў?

Мануэла. Вы ж самі сказалі, калі нешта незвычайнае здарыцца, самой прыбягаць. А толькі што нейкі дзівак забег — Нунцый якраз ліцвінаў дапытваў, — маністы падарыў, мімаходзь пацалаваў і збег. Я так і не зразумела, што яму трэба было.

Лютэр. Русінаў, кажаш, дапытваў? Цікава, як яны там?

Мануэла. Маўчаць, як каменныя. А Нунцый злы, як сабака. Учора суд скончыўся. Заўтра ноччу іх душыць будуць… I калі вы ўжо мяне да сябе возьмеце? Ад Нунцыя казлом нясе, дыхаць няма чым!

Лютэр. Прадыхаеш! Прыйдзе час — вазьму. А цяпер ідзі. Казёл прачнецца, а цябе няма пад бокам.

Мануэла выходзіць. Уваходзіць Эльза.

Эльза. I што толькі Нунцый знайшоў у гэтай лахудры!..

Лютэр (хмура). У кожнага нунцыя свой густ. (Прыхінуў да сябе Эльзу.)

XIV

Суд інквізіцыі.

Інквізітар (да суддзяў). Панове суддзі! Угаворы нашы словам Божым, як вы пераканаліся, не змаглі скіраваць ерэтыкоў да хрысціянскай набожнасці. Каб паршывыя авечкі не заразілі ўсё стада, каб спакуслівы прыклад не пашкодзіў усёй хрысціянскай абшчыне, каб нас не спасцігла кара і гнеў Божы, мы, па пільным абмеркаванні абставін, пераходзім да прыгавору. Прывядзіце другога падсуднага.

Пісар выходзіць і вяртаецца з Катам. З’яўляецца Нунцый.

Кат. Найшаноўнейшыя суддзі! Пасля таго як я заняўся ім, ён, здаецца, памірае.

Інквізітар. Тым больш ён павінен быць тут.

Стражнікі цягнуць ледзьве жывога Адверніка.

Нунцый (Скарыне). Вы ўсё-такі загубілі яго. А маглі выратавацца абодва. (Кваліфікатару.) Працягвайце!

Кваліфікатар (чытае). «Мы, пайменаваныя па міласэрнасці Божай асобаўпаўнаважанымі святым прастолам, прызваўшы імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго славутай Маці Дзевы Марыі, прыйшлі да наступнага прыгавору: асуджаем і аб’яўляем доктара Францыска, Скарыніна сына, русіна, і яго саўдзельніка, імя свайго не назваўшага, і якія не пакаяліся, настойлівымі, непахіснымі, упартымі і зацятымі ерэтыкамі. Мы адлучаем вас ад нашай святой веры і царквы, міласэрнасці і літасцівасці якой вы аказаліся недастойнымі. Мы перадаём вас свецкаму суду, каб ён пакараў вас належнай карай. Звыш таго загадваем, каб ад гэтага часу ўсе кнігі Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў святой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, былі б унесены ў спіс забароненых кніг, публічна разарваны і спалены на плошчы. Ды будзе так, як мы сцвердзілі».

Нунцый. Амін.

Суддзі выходзяць.

Скарына. Ты праклінаеш мяне, Юрый?

Адвернік. З чаго ты ўзяў?

Скарына. Я загубіў цябе…

Адвернік. Кінь дурную гаворку, Францыск. Ты мяне папярэджваў. Я ведаў, што твая справа небяспечная.

Скарына. Даруй, дружа!

Адвернік. Не трэба. Ты не вінаваты. Я сабе дараваць не магу, што Маргарыту з сабой узяў… Сцяпанку асірацілі. Пагнала ж нас нялёгкая праз Нямеччыну! А думалася, у Вільні паперню паставім, станкі друкарскія справім, з Масквою сувязь наладзім. I загудзе справа кніжная… Такая няўдача! Такая прамашка!

Скарына. Што б там ні здарылася, а тое, што мы пачалі, не спыніцца. Максім Грэк адзінай надзеяй жыве — на Маскве друкарства распачаць. Найстаршы бургамістр Вільні Якуб Бабіч кніжнай справай загарэўся. Князь Канстанцін Астрожскі вялікі міласнік друкаванай кнігі. Не памрэ наша справа. Юрый! Не павінна!.. Толькі б Пётра з Маргарытай выратаваліся.

Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін.

Скарына (чытае па памяці).

Што да мяне, то сваё паляванне і ловы Адпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце — Жыць успамінамі. Думкай ляціш быстракрылай Ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці Вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах Родных лясоў разгубіўся, і кліч — не даклічаш… Што ў іх, тых закліках? Час улавіць немагчыма. Гонішся, смертны, за страчаным часам, прыстанеш, Не даганяеш, бо што прамінула — не вернеш. Гэты пясок-плывунец высыпаецца ў вечнасць.

Адвернік. Маргарыту дарэмна з сабой узяў.

Скарына. Хто ж ведаў. Любіць яна цябе надзвычайна, вось і не засталася дома.

Адвернік. Відаць, што любіць.

Скарына. А ты хіба сумняваешся?

Адвернік. Якія сумневы. Як даведалася, што да цябе еду, на хвіліну не адышла. Не возьмеш, кажа, з сабою, памру ад скрухі. Узяў… і загубіў!.. Францыск, братка, ты разумны, добры, але ты сляпы. Маргарыта любіць цябе. Яна толькі прызнацца сабе не можа…

Скарына. Так не бывае, Юрый!

Адвернік. Бывае! Я перад смерцю кажу табе: бывае! Ты будзеш шчаслівы, калі захочаш. Сын у мяне, Сцяпанка… Яму бацька трэба. Падтрымай Маргарыту, Францыск!..

Скарына. Я застануся з табой.

Доўгая паўза.

Адвернік. Пераказаў бы ты мне, Францыск, як там у Гусоўскага пра смерць зубра напісана…

Скарына. Можа, я перакажу што-небудзь іншае?

Адвернік. Не, Францыск, пра смерць хачу.

Скарына. Не трэба, Юрый.

Адвернік. Таму, хто памірае, не адмаўляюць. Пра зубра, пра паляванне, Францыск… (Пасля доўгай паўзы.) Як жа мы трапілі з табой, Францыск, у загон, з якога няма выйсця?.. Нам заўтра на касцёр… Францыск! Ратуйся, як зможаш, і… і не пакінь Маргарыту.

Скарына. Мужайся, дружа.

Адвернік. Не дзіва?! У гэтым свеце стала не дзіва, калі людзі паляць людзей. Людзі паляць людзей!!!

З’яўляюцца Кваліфікатар і Кат.

Кваліфікатар. Настаў час пра Боскае пагаварыць… Ну як яно, доктар? Аб чым думаем? На што спадзяёмся? Пра што марым?..

Скарына. Пра ўдасканаленне чалавечай прыроды мару…

Адвернік. Не дарабіў Бог чалавека. Вось ты хіба чалавек?

Кваліфікатар. Пра смерць, пра смерць думаць трэба.

Скарына. Дарэмна жартуеце. Роздум пра смерць і пазнанне самога сябе ёсць найвышэйшая мудрасць.

З’яўляецца Нунцый. Кваліфікатар і Кат выходзяць.

Нунцый. Найвышэйшая мудрасць — пазнаць Бога і дасягнуць Яго міласэрнасці. А заклік да апраўдання чалавечага розуму — гэта выклік Богу, царкве і веры! Вы запалілі свой факел ад агню старажытных мудрацоў і хочаце кінуць яго нам пад ногі, каб выклікаць пажар вальнадумства і ерасі. Вы замахнуліся на самыя догмы Святога Пісання.

Скарына. Догмы застануцца догмамі. Розум чалавека — усяму вяршыня. Ідэя асветы і чалавекалюбства, можа, найгалоўнейшая з усіх ідэй, якія нараджаліся ў чалавецтва за ўсе тысячагоддзі яго існавання. Толькі пры дасканалым чалавеку — дасканалая дзяржава і грамадства. Вось чаму чалавек-мудрэц павінен быць прасякнуты духам святой разумнасці і філасофіі.

Нунцый. Ці не вы з’яўляецеся ўзорам такога мудраца і дабрадзея?

Скарына. Калі няма нікога іншага, я гатовы быць першым…

Нунцый. Не, доктар, вы памрэце не ад сціпласці. (Заве.) Майстар, падыдзі сюды!

Кат. Слухаю, святы айцец! Хіба зноў падкруціць? Толькі ўсё адно дарэмна. Мне ўжо трапляліся русіны. Такі народ, як кажа брат Іахім…

Нунцый. Я вырву твой доўгі язык! I адсяку рукі, калі ты дакранешся яшчэ да доктара Скарыны! А вам бы, доктар, пара ўжо і згадзіцца. Друкавалі б нашы кнігі на сваёй мове і для свайго народа, жылі б сабе ў славе і дастатку. Здалася вам тая Белая Русь…

Скарына. Здалася… Можна памяняць пастыра, але не Радзіму.

Нунцый. Майстар, займіся ты імі нарэшце як належыць! (Выходзіць.)

Кат. Загубіў ты свайго друга, а маглі выратавацца абодва. Хоць пакуль чалавек жывы, ён ніколі не павінен траціць надзеі.

Скарына (іранічна). Працытаваў Сенеку Кат святога судзілішча. Якое кашчунства над сапраўдным розумам…

Кат. Калі наведае цябе гора, агляніся наўкола і суцешся: ёсць людзі, доля якіх яшчэ цяжэйшая за тваю.

Скарына (здзіўлена). Вы і Эзопа ведаеце?

Кат. Тут працуючы, пра каго хочаш наслухаешся. А многія на сценах пішуць. (Дае сарочкі.) На смерць гэта… А Кваліфікатара таксама некалі спаляць… Як і мяне, між іншым…

Адвернік. Як цябе дагэтуль зямля носіць?

Кат. Не крыўдуй на мяне, добры чалавек. Работа ў мяне такая…

Скарына. А чаму спаляць Кваліфікатара?

Кат. Грошы любіць. Сяброў прадае. Задуменны стаў. А калі задуменны, то спаляць.

Адвернік. Ну, цябе, відаць, і агонь не возьме?

Кат. Чаму не возьме?

Адвернік. Ты — каменны.

Кат. Гэта толькі здаецца. Мне і вас шкада. Думаеце, у Ката дык і сумлення няма? Кат вам — дык і не чалавек? А пакаяліся б, і мне лягчэй. Тых, што пакаяліся, мы тут душым з міласэрнасці Божай. А калі на касцёр, як зацятых, то горш. На вуліцу выходзіць увесь горад. На ерэтыка кожны павінен плюнуць ці ўдарыць. А бывае, што іншы цэліць у ерэтыка, а плюе на мяне. Усе рагочуць, галёкаюць, а я пад балахонам плачу. Тут у катавальні не паплачаш. А пад балахонам адводжу душу. Добра, што вашаму брату рот завязваюць. Тут ужо не папросішся і не пажалішся. А вочы просяць… Ой, як страшна просяць вочы. I я вас малю: вы на мяне тут глядзіце, колькі хочаце, а там не трэба. Я вам за гэта сухіх дроўцаў падрыхтую, саломкі. Бывае, што ад дыму захлынаюцца адразу. А калі захлынуўся, тады ўжо лягчэй. Бывае два віды кары: у адным выпадку спальваюць, — гэта прасцей, а ў другім — ерэтыка спачатку жывога разрываюць на часткі абцугамі, — гэта горш. Абцугі награюцца і пякуць пальцы.

Адвернік. Бедны Кат! Ты ўжо беражыся! Як жа яны без тваіх залатых рук?..

Кат. Яны без рук не будуць. (Праз паўзу.) Пайду піва прынясу. Люблю пасядзець з пацыентам на развітанне. (Выходзіць.)

Адвернік. Францыск… Вазьмі мой крыж, Францыск, а мне аддай свой. Пабратаемся. (Мяняюцца нацельнымі крыжамі.) Рад я, брат мой, што не пахіснулі яны моцнага духу твайго. Не сагнулі непаклоннай галавы! А тут падумаць сорамна — канчаецца маё доўгацярпенне.

Скарына. Трымайся, брат мой, ужо не доўга…

Адвернік. Пэўна, і Маргарыту і Пятра недзе катуюць… Францыск, ты сказаў ім усё, што хацеў… Можа, зараз пакаемся… для прыліку… каб лягчэй памерці… каб не плявалі… я ўжо не кажу пра абцугі…

Скарына. Мы памрэм не першыя і не апошнія. I не смерць наша ім патрэбна. Рукамі і сумленнем нашым авалодаць хочуць, каб павярнуць на сваю карысць і на шкоду славянскаму брацтву. За святое паміраем, дружа.

Праходзіць Iахім і непрыкметна кідае Скарыне пакуначак. Той разгортвае яго.

Скарына (чытае). «Гэта атрута. Падсыпце яе ў піва Кату. Калі ўсё будзе скончана, я выведу з турмы таго з вас, хто…»

Адвернік (пасля паўзы). Чытай далей, Францыск…

Скарына маўчыць.

Чытай, дружа, і ратуйся, калі ёсць магчымасць. Я той з нас, хто сам не выйдзе. Ці ж не так там напісана?

Скарына. Так! Але я цябе не кіну!

Адвернік. Заві Ката! Не марудзь! Ратуйся! Ты жыць павінен! Сцяпанка жыць павінен! Справа наша жыць павінна!

Скарына. Я не здолею загубіць чалавека.

Адвернік. Чалавека?! Чалавек жа забіў мяне!..

Адвернік памірае.

Скарына (крычыць). Эй! Эй! Хто там ёсць?! Паклічце Кваліфікатара.

Уваходзіць Кат з куфлямі піва.

Кат. Малайцы! Так многія: пакутуюць да апошняга дня, а перад кастром каюцца. I вам добра, і мне лепш заплацяць. (Скарыне.) А вас яшчэ і доктарам пры мне ў катавальні пакінуць могуць. Я калі ўваходжу ў смак, ерэтыкі да кастра паміраюць. Тут без доктара нельга. (На Адверніка.) А яго — не! Яго спаляць! (Ставіць куфлі з півам і вывозіць Адверніка.)

Уваходзіць Кваліфікатар.

Кваліфікатар. Клікалі?..

Скарына (падае Кваліфікатару пакуначак.) Забярыце гэта назад і труціце сваіх катаў самі.

Кваліфікатар чытае запіску.

Кваліфікатар. Знаёмая рука. Ай, Джавані, Махмуд, Іаан, а мог бы яшчэ пажыць… (Скарыне.) А можа, усё ж атруцім Ката? (Выходзіць.)

Скарына (пасля паўзы чытае па памяці).

Вось і прыйшлі мы. Цяпер уявіце паляну. Зубр на паляне стаіць нерухомы, як быццам Роздуму поўны над светам і зменлівым лёсам… Варта — прагон на засоў, — і пайшло паляванне!.. Коп’і і пікі шыбнулі лаўцы, і ўпілася Сталлю булатнай у цела звярынае зброя… Ярасць кіпіць унутры, наліваюцца бельмы Чырванню мутнай, і кроў то цурком, то па кроплях Сочыцца з поўсці, і пеняцца свежыя раны…

(Надоўга замаўкае, нібы пагружаецца ў сон.)

З’яўляюцца прывіды Максіма Грэка, Мікалая Каперніка, Томаса Мюнцэра.

Грэк. Суровы час. Мы таксама захлынаемся ад злобы ўладароў і цемры натоўпу.

Скарына. Хто — мы?

Грэк. Я, Максім Грэк, і браты твае па духу.

Капернік. Я, Мікалай Капернік.

Мюнцэр. Я, Томас Мюнцэр.

Скарына. У чым жа віна ваша?

Капернік. Мы апярэдзілі свой час, якім пакуль кіруюць жорсткасць і цемра.

Мюнцэр. Я пераходжу ад слоў да мяча! Усёй маёй камуне павінна належаць улада мяча!

Капернік. Мой меч скіраваны супраць ворага знешняга — магістра крыжаносцаў Альбрэхта.

Мюнцэр. Марцін Лютэр схіляе магістра Альбрэхта прыняць яго вучэнне.

Грэк. Магістр Альбрэхт шукае саюза з вялікім князем маскоўскім, каб развязаць сабе рукі супраць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Капернік. Калі я ўзначаліў абарону Варміі ад тэўтонскага разбою, у нас была магчымасць разграміць ордэнскую Прусію і назаўсёды пазбавіць славянскія народы ад пагрозы крыжакоў. Але наш кароль Жыгімонт не дае ў крыўду пляменніка Альбрэхта і тым самым даруе жыццё Ордэну. Нерашучасць Жыгімонта выкарыстаў імператар Карл V. Ён кінуў супраць нас многія тысячы наймітаў. Баязліўцы і здраднікі з Альштынскага капітула пакінулі мяне ў асаджаным замку. Толькі жменька верных воінаў усяляе ў мяне надзею…

Мюнцэр. Альбрэхту дапамагае і Папа Рымскі, і Лютэр. Я падніму народ супраць Рыма і супраць Лютэра. У гэтым свеце павінна ўзяць верх справядлівасць, аднолькавая для ўсіх людзей.

Грэк. Магістр Альбрэхт выступае пасрэднікам у перагаворах Папы з вялікім князем маскоўскім. Пасля падзення Візантыйскай імперыі страцілі спакой іх святасці. З нахабствам бязмежным яны пераконваюць князя Васілія прызнаць над сабой уладу заходняй царквы, за што і абяцаюць «святой» уладай сваёй дараваць маскоўскаму князю каралеўскі тытул… Шчаслівы я, што не без маіх старанняў вялікі князь Васілій Іванавіч дастойны даў адказ Папе. Дзякуй Богу, уразумеў гасудар, што аб’яднанне з Рымам — няволя для Масковіі, не лепшая за татарскую.

Капернік. Горш за ўсё баюся я, каб рэлігійная свара не прывяла да ўпадку культуры, каб не заняпала навука — гэта самае дарагое для чалавека. Прадчуваю жах набліжэння рэлігійнай вайны і неверагодныя пакуты народаў. Прадбачу ў сувязі з гэтым здзічэнне Цэнтральнай Еўропы. Але спадзяюся, што розум і мудрасць прымусяць варожыя бакі быць больш прадбачлівымі перад тварам смерці і спусташэння.

Мюнцэр. Вольна злодзею, калі праціўнік яго абяззброены.

Грэк. Русь прыпадабняю да ўдавіцы, акружанай ільвамі, мядзведзямі, ваўкамі і лісіцамі. А таму ганьбую тых, хто, уладу трымаючы, прыцясняе слабых. Ім жа ў навуку раскрываю небяспечную сутнасць іудзейскага злавер’я, элінскага нявер’я, лацінскай ерасі… Калі ж загіну, то ахвярай сваіх перакананняў. Сабе ж у апраўданне ворагі нашы прыпішуць нам свае памылкі. Прыйшоў час раскідваць каменні, прыйдзе час каменні збіраць.

Скарына. Ты апошні, Максім, хто пакіне мяне. Не рабі гэтага, пакуль не паведаеш пра нашы кніжныя справы. Мы за іх з другам маім на касцёр ідзём…

Грэк. З радасцю вялікай убачыў я, што багаты свет міласнікамі кніжнай граматы. А змяніць букву кніжную страх вялікі. На Маскве паміраюць за адзіную літару «аз». Баючыся лжэвучэння, айцы царквы глядзяць на друкарскую справу як на справу д’ябла. I першая мая спроба пацярпела няўдачу. Але радасць мая ў тым, што друкаваныя кнігі венецыянца Альда Мануцыя, што я прывёз з сабой, захапілі многіх, і асабліва вялікага князя Васілія. Пасля гэтага ён міласціва адкрыў перада мной царскую бібліятэку, у якой я знайшоў незлічонае мноства грэчаскіх кніг і рукапісаў, не перакладзеных яшчэ на славянскую мову. Па волі гасудара распачаў я работу гэту з перакладу Псалтыра.

XV

Ноч. Карчма. За рознымі сталамі сядзяць Лютэр з Эльзай. Нунцый з Мануэлай. Лютэр спінай да Нунцыя.

Нунцый. Вы не любіце Папу, я не люблю вас.

Лютэр. Любіце, не любіце. Я люблю Германію і да вас прыйшоў не на рамонках варажыць.

Нунцый. Мы ворагі, і нам няма пра што гаварыць!

Лютэр. Калі двум разумным ворагам пагражае трэці, яны, гэтыя двое, павінны стаць яшчэ разумнейшымі. Я сказаў бы, мудрэйшымі.

Нунцый. Пакуль я вас не разумею.

Лютэр. Аддайце мне Скарыну пад залог, пра які я вам ніколі не напомню.

Нунцый. Гэта ўжо занадта! Папскі прастол не прадае сваіх ворагаў сваім ворагам.

Лютэр. Навошта ж ворагам? Мы падорым яго нашаму агульнаму другу магістру Альбрэхту, які, як і мы з вамі, не хоча не толькі чацвёртага Рыма, але і больш за нас з вамі робіць для таго, каб не з’явіўся трэці. Гэта найлепшым чынам скампраметуе Скарыну. I на каго б ён пасля гэтага ні працаваў — на мяне, на вас ці на Альбрэхта, — карысць будзе Вялікай Рымскай імперыі германскай нацыі. Трымайце задатак, святы айцец. (Перадае капшук з грашыма. Бачыць Іахіма. Здзіўлена.) Іахім?!

Іахім. Джавані я, ваша светласць. Джавані.

Нунцый. Не здзіўляйцеся, калега. Ён шпіёніў для вас з майго дазволу.

Лютэр. Які мярзотнік!

Іахім. У кожнага святога свой мярзотнік, ваша светласць. (Да Нунцыя.) Ёсць падставы меркаваць, што каля вас, святы айцец, з дазволу пана Лютэра таксама нехта шпіёніць. (Глядзіць на Мануэлу.)

Нунцый (да Лютэра). У такім разе мы спалім яе на вашых дровах.

Лютэр. Згодзен, калега, калі разам з Іахімам. Танней абыдзецца для інквізіцыі — цяпер у Германіі дровы ў цане.

Нунцый. Брава, рэфарматар! Можна і разам. Чаго не зробіш у імя дружбы.

Лютэр. Таму і спадзяюся, што нашага ворага мы падорым нашаму другу.

Лютэр, Эльза і Мануэла выходзяць. Нунцый звяртае ўвагу Іахіма на Кваліфікатара, які падслухоўваў размову, і перадае яму яд.

Нунцый. Дарагому госцю, якому мы заўсёды рады.

Іахім высыпае яд у збан з півам. Гэта бачыць Кваліфікатар і падыходзіць да Іахіма.

Іахім. О-о! Пан Кваліфікатар! Дарагому госцю, як кажа яго светласць, мы заўсёды рады.

Кваліфікатар. Я таксама рады, Джавані, Іаан, Ісаак і як цябе там яшчэ… (Паказвае пакуначак з атрутай і запіску, якія атрымаў Скарына.) Панюхай, Джавані, ці не пахне паленым?

Iахім. Вы мой почырк добра ведаеце…

Кваліфікатар (ласкава). Ай мярзотнік!

Іахім. А чаму б мне і не быць мярзотнікам?.. Даруйце, жартую…

Кваліфікатар. За такія жарты ты ў мяне на кастры згарыш!

Іахім. Ну што вы ўсё пра гарачае. (Налівае піва.) Ахаладзіцеся. Тут такі жарт: павярнуся я ў гэты бок — вам смерць, павярнуся ў гэты — мне будзе смерць. Бо я маю намер пазычыць Скарыну ў інквізіцыі на некалькі дзён. У мяне ён скажа, дзе золата.

Кваліфікатар (рагоча). А мне здалося, што ты не там дурняў шукаеш.

Іахім. Табе правільна здалося. (Забівае Кваліфікатара нажом і пакідае за сталом.)

Уваходзіць Кат.

Кат. Ну і ёлуп! Я пра золата русінаў-ліцвінаў казачку расказаў, а ты, як блазнота, вушы растапырыў.

Iахім. Ты лепш ідзі адсюль, a то…

Кат. А вось гэтага якраз не трэба. Плаці за грахі свае.

Іахім перадае Кату капшук з грашыма, налівае піва.

Iахім. Zum Wohl![18]

Кат. Zum Wohl! (Адпівае піва і падае мёртвы.)

Іахім. Бедны Кат! Яму б яшчэ жыць ды жыць…

Уваходзіць Нунцый.

Асірацелі мы з вамі, ваша светласць. Кваліфікатар памёр, а з Катам памылачка выйшла. (Гладзіць Ката па галаве.)

Нунцый. He перажывай! Яны абодва дрэнна працавалі. Цяпер ты будзеш катам. (Выходзіць.)

Iахім (праз паўзу). Катам дык катам.

XVI

Катавальня. На падлозе ляжыць Адвернік, каля яго сядзіць Скарына. Уваходзіць Іахім. Надзявае фартух і капюшон ката.

Iахім. Катам дык катам — чым не работа. А там — паглядзім…

Уваходзяць Нунцый і два манахі. Іахім прыкланяе калена.

Прыступаю да работы, ваша светласць.

Манахі бяруць Іахіма пад рукі. Гэта юнакі пры шпагах. Нунцый скідае мантыю. Гэта Гусоўскі. У яго руках шпага. Іахім ускрыквае. Скарына бачыць сяброў.

Гусоўскі (на Іахіма). Тваё слова, доктар?..

Скарына. У помсты вочы пустыя і сэрца жорсткае. У прыроджанага ж закону сутнасць у тым, каб рабіць з другім чалавекам так, як бы ты хацеў, каб рабілі з табою.

Гусоўскі. Да гэтага часу ты так і не пераканаўся, што не ўсе людзі чалавекі?!

Скарына. Гэта мой прынцып, Мікола.

Гусоўскі (Іахіму). Жыві!.. Такі прынцып у доктара Скарыны…

Юнакі ўсаджваюць Іахіма ў крэсла для катаванняў. Гусоўскі кідае на яго мантыю Нунцыя. З’яўляюцца Маргарыта і Мсціславец.

Маргарыта. Юраська, родны! Што яны з табою зрабілі?! (Убачыла Скарыну.) Ён памёр?! Францыск, ён памёр?!!

Скарына. Так жа прыгожа, як і жыў.

Усе падыходзяць да рампы. Апускаецца заслона. У руках Скарыны і Гусоўскага свяцільнікі.

Мсціславец. А мы дамоў едзем… Мы дамоў едзем без цябе…

Маргарыта (рэчытатывам).

Пайшоў каток у лясок, Прынёс каток паясок…

Скарына (прыхінае да сябе Маргарыту). «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

Гусоўскі (чытае па памяці).

Боская Маці, Прачыстая Дзева Марыя… О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся!.. Стань загародай на бітых шляхах і гасцінцах, Вартай памежнай між воляй народаў і рабствам… Дзе небяспека і смерць, і няхай вінаватых Так пакарае няўмольнаю ўладай закону, Каб паслядоўнік, стырна не ўпускаючы ўлады, Нашую зброю скрыжоўваў са зброяй варожай Толькі за праўду, са шчырай адданасцю справе Мужа дзяржаўнага вёў каравелу дзяржавы I праз хаос, і праз штормы жахлівага часу!

Заслона

Примечания

1

Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне. Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны, Стрэлы ж і коп’і ўпіваліся ў цела жывёлін. Боль прычыняючы ім невыносны… (лац.) (обратно)

2

Добры вечар, пан доктар. Іахім лічыць вялікім гонарам бачыць у сваёй таверне такога высокага госця горада Вітэнберга, які ўдастоены аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра (ням.).

(обратно)

3

Так, так. Карэта чакае, ваша вялікасць (ням.).

(обратно)

4

За здароўе!.. (ням.)

(обратно)

5

Добрай раніцы, фрау Маргарыта. Добрай раніцы, мой юны друг Пётр (ням.).

(обратно)

6

Калі ласка, фрау Маргарыта, калі ласка. Хвіліначку! Назад! Пётр, табе забаронена (ням.).

(обратно)

7

Назад, фрау Маргарыта! Інквізіцыя. Агонь. Капут (ням.).

(обратно)

8

Не разумею (ням.).

(обратно)

9

He разумееце? (ням.)

(обратно)

10

Так, так… працаваць, Маргарыта, працаваць (ням.).

(обратно)

11

Ага, ага… працаваць, фрау Маргарыта, хутчэй працаваць… (ням.)

(обратно)

12

Забаронена, фрау Маргарыта, строга забаронена. Інквізіцыя. Агонь. Капут… (ням.)

(обратно)

13

Я кахаю цябе. Мая любая (ням.).

(обратно)

14

Добрай раніцы. Калі ласка! Чаго пан жадае? (ням.)

(обратно)

15

He разумею (ням.).

(обратно)

16

Дзе пастаяльцы з Белай Русі? (ням.)

(обратно)

17

Яны паехалі… Яны перапалохаліся і збеглі (ням.).

(обратно)

18

Будзь здароў! (ням.)

(обратно)

Оглавление

  • Дзейныя асобы
  • Дзея першая
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  •   VIII
  •   IX
  •   X
  • Дзея другая
  •   XI
  •   XII
  •   XIII
  •   XIV
  •   XV
  •   XVI Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Напісанае застаецца», Александр Леонтьевич Петрашкевич

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства