Іван Чыгрынаў Звон — не малітва
Драма ў дзвюх дзеях
Дзеючыя асобы
Рагнеда.
Уладзімір Святаславіч — вялікі князь кіеўскі.
Ізяслаў — князь полацкі.
Апанасій — праваслаўны прэсвітэр.
Xолад — язычніцкі вядун.
Лоўчы.
Былая Ізяславава нянька.
Злотнік.
Служанка Рагнеды.
Анея — дачка злотніка.
Паляўнічы ля вогнішча.
Гарабой — таксама з лоўчых.
Дружыннік — ганец вялікага князя.
Чалавек у армяку з башлыком.
Фар — выхавацель велікакняскіх дзяцей.
Усевалад, Мсціслаў — княжычы, браты Ізяслава.
Першая княжна.
Другая княжна.
Дзяўчаты і хлопцы, паляўнічыя, смерды, жабракі, людзі ў армяках з башлыкамі.
Дзея першая
Драўляны замак княгіні Рагнеды на беразе Свіслачы ў Ізяславе. У светлым пакоі княгіня Рагнеда і прэсвітэр Апанасій.
Апанасій. Матухна княгіня, яшчэ раз кажу: час адумацца вам. Сапраўдны Бог наш гаворыць мне: я навяду на паганых увесь стэп гэты, значыць, людзей са стэпу, жорсткіх і крыважэрных, якія блукаюць па зямлі толькі дзеля разбою. I яны павыкідваюць косці бацькоў вашых з магіл, параскідваюць па лугах і нівах пад сонцам, месяцам і зоркамі, якім вы пакланяецеся. Скіньце вашых жорсткіх багоў у Свіслач — і драўлянага Перуна з сярэбранай галавой і залатымі вусамі, таксама Дажбога і Стрыбога, як Сімаргла і Мокаш, з усімі разам.
Рагнеда. Пачакай, прэсвітэр. Вось ты пагражаеш нам сваім Богам. Значыць, і твой Бог жорсткі? Дык навошта мяняць нам сваіх, няхай, як ты гаворыш, і жорсткіх, на такога ж, а можа, і больш яшчэ жорсткага?
Апанасій. Княгіня, старое прайшло. Цяпер настае новае. А ты трымаешся за ранейшае. Нават імя Гарыслава, якое даў табе князь Уладзімір, адкінула. Захацела зноў звацца Рагнедай.
Рагнеда. Майму мужу, вялікаму князю, даўно хацелася вытравіць з маёй памяці ўсё роднае, забыць бацьку і маці, якіх ён забіў, малых братоў, якія таксама былі зарэзаны варагамі. Дзеля гэтага ён звацца прымусіў мяне іначай. Але цяпер я зноў на сваёй зямлі. I тут мая воля!
Апанасій. Матухна княгіня, не так твая воля, як сынава. Ізяславу належыць і гэты град, і ўсё, што навокал яго. А ў Полацку — пасаднік вялікага князя.
Рагнеда. Але сын не выгане маці.
Апанасій. Я таксама гатовы маліцца за чысціню яго душы і праведнасць думак.
Рагнеда. Думаеш, нашы багі назусім адступіліся ад яго?
Апанасій. Хто ведае, княгіня, але муж твой у Корсуне, калі прымаў новую веру, перад усім тамашнім народам сказаў: «Толькі цяпер пазнаў я сапраўднага Бога!»
Рагнеда. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры — грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна… Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна…
Апанасій. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. I новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку.
Рагнеда. Нішто яго не прымусіць адмовіцца ад пажадлівасці. Я добра ведаю яго, таксама як ведаю і тое, колькі ў яго наложніц, а то і звычайных палюбоўніц усяго на адну ноч: у Вышгорадзе — трыста, у Белгорадзе — трыста, у Бярэсце — дзвесце… Не, прэсвітэр, чорт у яго паміж рэбраў заўсёды будзе варушыцца, бунтаваць дурную кроў.
Апанасій. Я ж кажу, па нашай веры нават вялікаму князю можна мець усяго адну жонку. Так што…
Рагнеда. Ці не хочаш ты сказаць, што Уладзімір распусціць свае гарэмы, стане жыць з адной Ганнай? А грачанку сваю, чахіню, балгарыню ды ўсіх іншых развязе ў такія вось удзелы, як мой?
Апанасій. Твайго сына, княгіня.
Рагнеда. Няма чаго лішні раз напамінаць мне аб гэтым! I няма чаго настройваць сына супроць маці! Я ведаю, якія размовы ты вядзеш з ім!
Апанасій. Я выконваю волю яго бацькі, вялікага князя кіеўскага, і майго Бога, Ісуса Хрыста.
Рагнеда. А цяпер, прэсвітэр, слухай маю волю: куміраў мы сваіх бурыць пакуль не збіраемся тут! Скажы вялікаму князю, што мы яшчэ пажывём са старымі багамі. Так што, прэсвітэр, і табе далей знаходзіцца ў Ізяславе не варта.
Апанасій. Матухна княгіня!
Рагнеда. Яне жартую, прэсвітэр. Забірай свае медныя ды сярэбраныя крыжыкі, іконкі на шаўковых гайтанах, на сярэбраных ланцужках ды ступай, адкуль прыйшоў, не бянтэж людскія душы.
Апанасій. Бянтэжыць не варта, але надзею…
Рагнеда. На чаканне кары, на чаканне бяды?
Апанасій. Шлях зямнога жыцця кароткі, але ён нікчэмны перад вечнасцю пакутаў для адных і перад такой жа вечнасцю раю для другіх.
Рагнеда. Для тых, каго выбера твой Бог?
Апанасій. Так. Але і для тых, хто выбера яго і хто заслужыць перад ім.
Заходзіць Iзяслаў.
Ізяслаў. Добрай раніцы, мама! (Падыходзіць да Рагнеды, становіцца на калені, цалуе.)
Рагнеда. Як далася ноч, сын?
Ізяслаў. Над свяшчэнным лесам за Свіслаччу да раніцы cлаўся куродым. Няйначай, вядун Холад зноў выведваў у багоў нейкую тайну.
Апанасій. Так, яшчэ звечара патыхала адтуль цяжкім дымам, ажно нельга было спаць. Відаць, гарэла ў земляных пячурках сырая трава і розная іншая цвіль.
Ізяслаў. Старая ваўчыца таксама выла да самай раніцы. Дазволь, матухна, забіць яе ці хоць бы напалохаць, каб не набліжалася да замка.
Рагнеда. Не, сын. Няхай жыве. Няхай ходзіць і вые. Мы разам будзем адыходзіць на той свет — яна і я. А вось прэсвітэр Апанасій пакіне нас сёння. (Глядзіць на сына, але той апускае вочы.) Ты хочаш пагаварыць з ім напаследак?
Iзяслаў. Калі на тое будзе твая воля.
Рагнеда. Тым часам, сын, прывыкай ужо і да свае волі. Дык хочаш?
Iзяслаў. Хачу.
Рагнеда. Ну, то не варта нікуды адсюль хадзіць. Заставайцеся тут. А мне трэба распарадзіцца па замку. Бывай, праваслаўны прэсвітэр!
Апанасій. Што вялікаму князю сказаць?
Рагнеда (засмяялася). Першае, скажы, што мы жывыя. I сын яго, Ізяслаў, і жонка Рагнеда.
Апанасій. Гарыслава?
Рагнеда. Не, Рагнеда. (Выходзіць.)
Апанасій. Бачыш, княжыч, гоніць мяне адсюль твая маці.
Ізяслаў. Яна не цябе гоніць. Яна тваю веру не прымае. Бо лягчэй спакусіць маладога. А людзі ў гадах, як мая маці, цяжка расстаюцца нават са сваімі няхітрымі звычаямі, не тое што з багамі.
Апанасій. Ты не па гадах разумны, княжыч. I гэта без кніжак. Разумею, як бы ўзбагаціўся твой розум пры грамаце.
Iзяслаў. Мне захожыя святары часта чытаюць кнігі.
Апанасій. Гэта добра, княжыч, што ты ўмееш слухаць. Але самыя правільныя кнігі, каб ведаў, грэчаскія, з Царграда. (Трохі маўчыць, а тады зноў гаворыць.) Хацелася б мне дазнацца, што начараваў на сваім смуродным вогнішчы Холад?
Ізяслаў. Хутка дазнаемся. Але ты раскажы, прэсвітэр, як гэта было там, у Корсуне, калі бацька мой…
Апанасій… І вялікі князь прымаў новую веру?
Ізяслаў. Так.
Апанасій. Матухна твая толькі што казала, што прыняў ён яе з-за царыцы Ганны, але гэта ў яе старая злосць і рэўнасць гавораць.
Iзяслаў. Ты маю маці не чапай, прэсвітэр.
Апанасій. А напраўду было так. Вялікі князь захапіў Корсунь і паслаў царам Васілію і Канстанціну ў Царград сказаць: «Вось узяў ужо ваш град славуты. Чуў жа, што маеце сястру ў дзеўках: калі не аддасце за мяне, то зраблю і вашаму граду тое ж, што гэтаму».
Ізяслаў. Так, гэта голас майго бацькі. Чулі яго пад Пшэмыслам і Чэрвенам палякі. Перамог ён вяцічаў, праўда, на гэтых давялося хадзіць, лічы, за адзін год двойчы. Яцвягі таксама праз год пакарыліся кіеўскаму князю. Паспеў схадзіць мой бацька і на радзімічаў. Там яшчэ і цяпер, кажуць заезджыя сюды людзі, пішчанцы Воўчага Хваста баяцца… Заключыў нядаўна мір з балгарамі. Балгары так і сказалі: «Тады не будзе паміж намі міру, калі камень стане плаваць, а хмель — тануць».
Апанасій. Твая праўда, княжыч. Воін твой бацька выдатны. Але ці чуў ты размову яго са сваім дзядзькам перад заключэннем гэтага міру?
Ізяслаў. Ну?
Апанасій. Паглядзеў я палонных, кажа дзядзька вялікаму князю, дык усе яны, аказваецца, у ботах. Гэтыя даніну не стануць нам плаціць, пойдзем пашукаем сабе лапатнікаў.
Ізяслаў. Бацькаў дзядзька, вядома, дасціпны чалавек, прэсвітэр, але людзі таксама ці мала што выдумаць могуць. Нябось не ў Кіеве чуў пагудку гэту? За морам?
Апанасій. Ад людзей, княжыч.
Ізяслаў. Так, людзі паўсюль жывуць і гавораць. Аднак нельга песціць надзею, што яны аднолькава думаюць і пра сябе, і пра сваіх суседзяў. Дык што вялікія цары? Чым яны адказалі на дамаганні вялікага князя?
Апанасій. Не гонар нам, маўляў, хрысціянам, выдаваць за паганых; калі прымеш хрышчэнне, то і атрымаеш, гэта значыць, сястру, і царства нябеснае прымеш, і з намі аднае веры будзеш.
Iзяслаў. Эйш! I што ж вялікі князь?
Апанасій. Зноў праз паслоў перадаў: закон ваш я ведаю, вялікія цары, і пра веру хрысціянскую чуў і пра богаслужэнне таксама. Тады вялікія цары шлюць сваіх паслоў у Корсунь: «Дык хрысціся, калі ведаеш!» А вялікі князь на сваім стаіць: «Прыйдзіце з сястрой вашай, тады хрысціце мяне!» Пачалі вялікія цары перамаўляцца з Ганнай. Тая ў плач: «Лепш бы мне тут памерці!» А браты ў адказ ёй: «Можа, прывядзе праз цябе Бог наш Рускую зямлю да пакаяння, а нашу пазбавіць ад жахлівай вайны». Ледзь прымусілі ехаць сястру ў Корсунь.
Iзяслаў. Грэчаскія цары сілу бацькаву пачулі. Словам, прэсвітэр, вялікі кіеўскі князь па-ранейшаму пасылае суседзям сваю волю.
Апанасій. Ва ўсім промысел божы.
Ізяслаў. Так, прэсвітэр, багі маюць над намі вялікую сілу, таксама як сонца, месяц і зоркі.
Апанасій. Вы, язычнікі, пагразлі цалкам у забабонах, у прымхах, адным словам, у паганстве. Трэба вам новага Бога.
Iзяслаў. Багі, прэсвітэр, аказваецца, таксама не вечныя. Пакуль што вечныя сонца, месяц, зоркі…
Апанасій. Да канца не хочаш, княжыч, даслухаць?
Ізяслаў. Дык яно ўсё і так зразумела. Вялікі князь прыняў у Корсуне новую веру…
Апанасій. Таксама не без промыслу божага. Захварэлі ў твайго бацькі вочы. Не стаў бачыць нічога. Пакутаваў моцна, перажываў, ужо адчайвацца стаў. I тут яму зноў пачалі раіць: калі хочаш пазбавіцца ад хваробы, хрысціся!
Iзяслаў. Заганялі, як у нерат.
Апанасій. Паслухаўся Уладзімір парады, згадзіўся нарэшце прыняць хрышчэнне. I калі біскуп корсунскі паклаў руку на яго, стаў вялікі князь зноў відушчы!
Iзяслаў. Мы тут, у Ізяславе, чулі пра яго хваробу і таксама прасілі сваіх багоў за яго. Так што яшчэ невядома, хто больш літасцівы да вялікага князя быў — ваш, хрысціянскі Бог, ці нашы, язычніцкія. (Падыходзіць да акна, гаворыць прэсвітэру Апанасію.) На пераходным мосце ўжо стаіць вядун Холад. Пэўна, княгіню чакае.
Апанасій. Смуродзіў жа цэлую ноч…
Ізяслаў. Я на тваім месцы, прэсвітэр, таксама паслухаўся б княгіні, пайшоў бы адсюль. А то невядома, што гэты Холад наваражыў. У чый бок дым ад вогнішча сёння паказваў? Ты за свайго Бога стаіш, ён — за сваіх.
Апанасій (жагнаецца). Свят, свят, свят!
Iзяслаў. Нешта не падабаецца мне сёння выгляд нашага ведуна. Адчувае, што стаю перад акном, можа, нават бачыў, што стаю, але не азірнуўся. Стаіць як зацяты.
Апанасій. Ведуны над князямі ўлады не маюць. Адзін Бог усім распараджаецца.
Iзяслаў. Над князямі не маюць, а над людзьмі маюць. Значыць, па вашай рэлігіі, прэсвітэр, трэба ставіць храмы. Капішчы не патрэбны?
Апанасій. Так, княжыч. Цэрквы, а на іх — званы.
Iзяслаў. Звон — яшчэ не малітва.
Апанасій. Адкуль табе ведама гэта, княжыч?
Iзяслаў. Гасціў у нас адзін кніжнік. Толькі ён быў не з грэчаскай зямлі. Зайшоў сюды праз княства палян. Дык той кніжнік і расказваў — і пра храмы, і пра званы, і пра службу ў храмах, і пра тое, што звон — яшчэ не малітва.
Апанасій. Няйначай, лацінянін.
Iзяслаў. Можа.
Апанасій. Вучэнне лацінян, княжыч, таксама хлуслівае. Вось паслухай: у цэрквах сваіх, а цэрквы ў іх сапраўды ёсць, лацінянін табе праўду казаў, але ў цэрквах тых яны не пакланяюцца іконам. Пішуць крыж на зямлі і спярша цалуюць, а тады становяцца на яго нагамі, топчуць… Гэтаму не вучылі апосталы. Апосталы вучылі цалаваць крыж і шанаваць ікону. Бачу, многія святары тут, па вашай зямлі, ходзяць…
Ізяслаў. То нікому яна не патрэбна была, то раптам…
Апанасій. Ісусу Хрысту спатрэбілася, княжыч. Гэта ён павярнуўся да яе тварам.
Ізяслаў. Добра, прэсвітэр. Ты кніжкі свае пакінь мне, а ўсё астатняе — забірай з сабой. Ды ідзі ўжо, раз княгіня незадаволена. А ў мяне тым часам да цябе просьба: будзеш у Кіеве, схадзі да братоў маіх і сясцёр, яны, відаць, і цяпер жывуць на Лыбядзі, у былым нашым доме. Скажы, што брат іх, Ізяслаў, не забыў іх. Маці таксама плача.
Прэсвітэр Апанасій кланяецца, выходзіць. Счакаўшы трохі, княжыч таксама ідзе следам. На перакінутым цераз роў мосце стаіць вядун Холад. Ізяслаў падыходзіць да яго.
Ваўчыца з твайго свяшчэннага лесу, няйначай, ашалела. Казалі ў слабадзе, што кідалася надоечы на каваля, а сёння спаць не давала, да самага замка падыходзіла.
Xолад (амаль варожа). У свяшчэнным лесе, княжыч, усе свяшчэнныя. I птушкі, і звяры, і людзі.
Iзяслаў. Чаму яна сюды па начах ходзіць?
Xолад. Бо звер. Зверу не загадаеш.
Iзяслаў. Тады навошта твае чары?
Холад. Мае чары за лесам не маюць сілы.
Ізяслаў. Другі раз зацкую ваўчыцу сабакамі. А то стралу з лука пушчу. Вось настане месячная ноч і ўпалюю.
Холад. Князі часцей на мядзведзяў ходзяць. Кажаш — ваўчыца накінулася на каваля, а не чуў, што ў Валоўшчыне мядзведзь задзёр бабу?
Iзяслаў. Калі гэта?
Холад. Здаецца, заўчора.
Iзяслаў. Трэба сказаць пра мядзведзя лоўчаму. Але ваўчыцу таксама неабходна суняць.
Холад. Далася табе, княжыч, ваўчыца! Вунь прэсвітэр Апанасій…
Iзяслаў. Прэсвітэру таксама адмоўлена ад замка.
Холад. Матухна твая ведае, што рабіць — як сустрэць якога госця і як пасля правесці. Ёй бы ў палацы вялікага князя жыць, тады б і ў Кіеве не здарылася такога замарачэння.
Iзяслаў. Дык гэта не ў Кіеве, гэта — у Корсуне.
Холад. Усё ідзе з Кіева. Там у душах зарадзілася, а ў Корсунь дакацілася.
Ізяслаў. З Царгорада, вядун.
Xолад. Царгорад за морам не першы год. Але Кіеў перад ім трымаўся.
Iзяслаў. Ты не абмовіўся апошнім словам з прэсвітэрам?
Холад. Не.
Iзяслаў. Дарэмна.
Холад. Усе гэтыя прэсвітэры не разумеюць аднаго.
Ізяслаў. Чаго?
Холад. Што ўсе людзі, якія жывуць на зямлі, не могуць задаволіцца адным богам. Можа, аднаму чалавеку сапраўды патрэбны адзін бог, але адзін бог на ўсіх людзей… (Круціць галавой і паціскае плячамі.)
Ізяслаў. Вось бачыш, і тваю непахісную душу збянтэжыў хтосьці.
Холад. Кіеў, княжыч, Кіеў збянтэжыў!
Ізяслаў. Але на ваўчыцу ўсё-ткі знайдзі ўправу! (Бачыць, што па мосце ў замак ідзе лоўчы. Крычыць.) Гэй, лоўчы!
Лоўчы падыходзіць.
Ты чуў, што паблізу Ізяслава ходзіць мядзведзь?
Лоўчы. Мядзведзіца, княжыч. Малога мядзведзьку мужыкі на дрэве закалолі, нібыта борці выдзіраў, дык яна цяпер помсціць. Але я паслаў ужо старога Гарабоя дагледзець. Заўтра, калі што, самі можам на коней сядаць.
Iзяслаў. Хвала за кемлівасць, лоўчы. Дык заўтра пагойсаем па лесе?
Холад. Ты б пасцярогся, княжыч. Раз’ятраная мядзведзіца — не старая нямоглая ваўчыца.
Iзяслаў. Спытай сёння багоў, што скажуць пра мой лёс?
Холад. Яны ўжо сказалі пра твой лёс.
Ізяслаў недаверліва глядзіць на ведуна.
Ізяслаў (да лоўчага). Хадзем, лоўчы, на стайню. Хачу паглядзець на Буланчыка. (Да Холада.) А ты чаго стаіш? Ідзі ў замак. Ты ж у замак хацеў?
Xолад. Я тут, на мосце, пачакаю княгіню. Мне яна патрэбна на адно слова.
Ізяслаў з лоўчым на вачах ведуна спускаюцца з моста ў двор замка. Княгіня Рагнеда тым часам з’яўляецца на мосце.
Рагнеда. Аб чым задумаўся, Холад?
Холад. Можна знайсці шмат слоў, каб адказаць табе, княгіня. I ўсе яны будуць правільныя. I ўсе не скажуць да канца праўды. Бо словы ўвесь час мяняюцца. Няма ім ліку і меры.
Рагнеда. Затуманены для мяне сэнс тваіх слоў, вядун.
Холад. Я ўсё пра твайго цяперашняга госця.
Рагнеда. Дык адпусціла ж яго з замка!
Холад. Я не пра тое, княгіня. Вось хрысціяне кажуць, што мы, язычнікі, легкаверныя і прадажныя, што мы па цямноце сваёй панавыдумлялі сабе шмат багоў, да таго ж такіх, якія не маюць і не мелі жывой плоці. А самі хрысціяне што? Таксама вераць у тое ж: у тры дасканалыя сутнасці.
Рагнеда. Ты хутка можаш стаць такім чынам іхнім святаром.
Холад. Не кашчунствуй, княгіня. Але прыйшоў я пагаварыць вось пра што. Нашы багі патрабуюць новую ахвяру. Проста ім належыць яна па праву. Надышоў час чарговай ахвяры.
Рагнеда. Вы кідалі жэрабя?
Холад. Не. Учора змагаліся паміж сабой вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае.
Рагнеда. На каго ж падзьмула?
Xолад. Гэты раз на дзяўчыну.
Рагнеда. Што ж ты вочы адводзіш? Гавары!
Холад. На дачку злотніка твайго, Анею.
Рагнеда. Што яны, твае багі, памуціліся ў розуме?
Холад. Гэта не толькі мае багі, яны і твае, княгіня!
Рагнеда. А што мне сын мой скажа, княжыч Ізяслаў? Яны ж разам растуць! Думаеш, Ізяслаў ухваліць такую ахвяру?
Xолад. Раней гэта за шчасце лічылася — стаць ахвярай, паслужыць людзям.
Рагнеда. Я не пра людзей. Я — пра княжыча.
Холад. Княжыч наш хоць і малады целам, аднак узмужнелы розумам. Анея — не яго лёс, дарма што разам растуць. Я сон бачыў. Ізяслаў сядзеў на княскім стале.
Рагнеда. На Кіеўскім?
Холад. Не магу сказаць, княгіня. Гэта і мне невядома. Бачыў Ізяслава на княскім стале, а на якім — незразумела.
Рагнеда. Гэта адно аднаму не замінае. Ізяслаў і Анея… Не, вядун, тут штосьці не так. Ідзі ў свой лес, зноў пачынай чараваць. Скажы багам, што гэты раз яны памыліліся.
Xолад. Я ж казаў — змагаліся за Анею вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае…
Рагнеда. I ўсё-ткі, вядун!..
Холад. Анея цяпер не пара Ізяславу. Ды і вялікі князь не дазволіў бы мець яе свайму сыну за жонку.
Рагнеда. Пра князя ты памаўчаў бы!.. Уладзімір сам паходзіць ад рабыні. Хіба не чуў? Ад рабыні Малушы. Дык не яму пярэчыць, каб сын яго браў за сябе таксама з простых дзяўчыну?
Xолад. На тое воля князя. Але ахвяраваць гэты раз нашым багам мусіць сваю дачку твой злотнік, княгіня.
Рагнеда. Да яго хто-небудзь ужо хадзіў з гэтым?
Холад. Не.
Рагнеда. Вы падумалі сабе, што ён вараг, а не тутэйшы?
Холад. Гэта не мы думалі, княгіня. Як выбар паў на яго дачку, я ўжо сказаў. А што датычыць варага…
Рагнеда. Ён жа чужой веры!
Холад. Дзе яму ў нас тут трымацца было той веры? Нябось забыў ужо. Ды і калі ён быў у тых грэках? Ад язычнікаў прыйшоў у грэкі, да язычнікаў зноў прыйшоў. Нават наведваўся колькі разоў на свяцілішча да нашых багоў…
Рагнеда. I ўсё-ткі няўдалы выбар, вядун, ох няўдалы! I княжыч за сяброўку працівіцца стане, і бацька ўзбурыцца.
Холад. Не нам, княгіня, мяняць дзедаўскія звычаі.
Рагнеда. Але святары заўсёды да голасу князёў сваіх прыслухоўваюцца!
Xолад. Таму я і прыйшоў.
Рагнеда. Ізяславу не гаварыце! Заўтра ён нібыта едзе са сваімі людзьмі на паляванне. Мядзведзіцу хочуць упаляваць.
Xолад. А злотніку твайму сказаць пра дачку?
Рагнеда. Не з добрай ты справай да мяне прыйшоў сёння, вядун, ой не з добрай!
Княгіня падыходзіць да краю моста, раздае міласць жабракам. З бліскучымі чорнымі вачамі, з доўгай сівой барадой вядун колькі часу яшчэ ходзіць на мосце, пасля па сцяжынцы падымаецца на замкавы вал. Княгіня вяртаецца ў замак.
Той жа светлы пакой, што і раней. Заходзіць Ізяслаў.
Ізяслаў (да маці, якая сядзіць каля вялікай скрыні). Чаго прыходзіў вядун са свайго лесу?
Рагнеда. Не трэба варожасці, сын!
Iзяслаў. Ведаеш, іншы раз надта хочацца зайсці ў іхняе свяцілішча ды парушыць там усё.
Рагнеда. А я ўсё думаю, адкуль гэта ў цябе? Аказваецца, душа твая таксама ўзбунтавалася супроць старых багоў?
Iзяслаў. Супроць багоў я нічога не маю, мама. Мне не падабаюцца людзі, якія знаходзяцца ў свяшчэнным лесе вакол багоў.
Рагнеда. Супакойся, сын. Злосць нічога не выкліча ў адказ акрамя злосці. Сваіх багоў мы з табой не выбіралі. Мы нарадзіліся з іх згоды.
Iзяслаў. Няхай сабе так.
Рагнеда. Дык навошта бунтуеш?
Iзяслаў. Пра гэта я толькі табе сказаў.
Рагнеда. Багі не толькі чуюць, яны здагадваюцца.
Iзяслаў. Не падабаецца мне вядун Холад.
Рагнеда. Што зробіш? Ён — табе. Бадай, ты яму — таксама. Відаць, праз твае доўгія размовы з прэсвітэрам Апанасіем.
Ізяслаў. Я і з прэсвітэрам гэтаксама размаўляю. Мне не падабаецца, што яны са сваімі багамі пачынаюць раздзіраць чалавека напапалам. Той з Ісусам Хрыстом, гэты… з Хорсам, Стрыбогам ды з Перуном.
Рагнеда. Бедны хлопчык!.. Ты — малады, а ў такія гады чалавек звычайна бунтоўны. Лепей было б, сын мой, каб бунтавалася ў табе сіла, а не душа. Ты маеш у сабе здольнасць пагаварыць сур’ёзна з маці?
Iзяслаў. Так. Я прыйшоў сюды, каб пагаварыць. Я не стаў гаварыць пра гэта ў прысутнасці прэсвітэра. Таму і адказаў на тваё пытанне, што спаў сёння добра. Не, мама, я не ўсю ноч спаў. Бо ў сне бачыў бацьку.
Рагнеда. I тую раніцу?
Ізяслаў. Я чамусьці не дужа помню яе. Яна для мяне была як навальніца. Прагрукатала і адышла за небакрай.
Княжыч становіцца на калені перад маці, тая бярэ галаву яго ў свае рукі.
Рагнеда. Ты, мой хлопчык, страціў у тую раніцу бацьку, а я знайшла вернага сына. Дык, кажаш, як навальніца для цябе яна, тая раніца? Можа, гэта і добра. А ў мяне ўсё наадварот. Для мяне тая ноч, а потым раніца як насланнё. I ўсё жыццё таксама здаецца насланнём. Значыць, бацьку ты бачыў у сне безадносна да тае раніцы?
Ізяслаў. Так.
Рагнеда. I як жа ён табе сніўся?
Ізяслаў. Здаецца, зусім без злосці, але ўсё нібыта хацеў штосьці сказаць. I якраз у той момант, як пачуць яго голас, мяне хтосьці будзіў. Напэўна, ваўчыца. I так колькі разоў за ноч. Так што спаў я, мама, дрэнна. I ўсё чамусьці мне сёння не падабаецца. Асабліва вядун Холад. У яго вачах сапраўды холад, дарма што дзікім бляскам гараць. А заўтра ў мяне паляванне. Ведаеш, вакол горада нашага мядзведзіца раз’ятраная ходзіць?
Рагнеда. Я чула, сын. Ведаю, што і на паляванне збіраешся. Але ж…
Ізяслаў. Ну вось, цяпер і ты пачнеш ушчуваць. Не першы раз мне на мядзведзяў хадзіць.
Рагнеда. Ты сапраўды не па гадах набіраешся сілы, Ізяслаў. I розуму.
Ізяслаў. Дык пра што ты збіралася гаварыць са мной?
Рагнеда. Гаворка тая нікуды ад нас не ўцячэ. Каго ты возьмеш з сабой на паляванне? Толькі сваіх слуг? Можаш узяць і маіх. Усё-ткі падмога. Ды і мядзведнікі мае больш спрактыкаваныя. А твае — маладыя.
Ізяслаў. Няхай. Са мной акрамя іх будуць лоўчы і Гарабой. Хіба, можа, злотніка твайго папрасіць у цябе?
Рагнеда. Не варта. Злотнік — па золату, не па мядзведзях.
Заходзіць лоўчы.
Лоўчы. Прабач, княгіня. Мне княжыч патрэбны.
Ізяслаў (бачыць незадаволены матчын позірк). Гэта я загадаў лоўчаму адшукаць мяне, дзе б ні быў, калі вернецца Гарабой.
Рагнеда (да лоўчага). Гавары.
Ізяслаў становіцца на ногі.
Лоўчы. Мядзведзіца бадзялася сёння вакол свяшчэннага лесу. Можа, да замка падыходзіла.
Iзяслаў. Хіба людзі з замка яе пакрыўдзілі?
Лоўчы. Не, княжыч. Тыя смерды цяпер не вылазяць з хат сваіх, што ў Валоўшчыне.
Рагнеда. А я думаю, чаму гэта ваўчыца пад самы замак падыходзіла. Таксама абароны шукала?
Iзяслаў. Дзе будзем абкладваць мядзведзіцу?
Лоўчы. Выедзем, княжыч, на ноч, а там відаць будзе. Куды яна, туды і мы. Урэшце, да раніцы высачым. Сабакі дапамогуць.
Рагнеда. Ты, лоўчы, глядзі там!
Лоўчы. Не хвалюйцеся, княгіня. Вачэй не звяду і паперад сябе княжыча не пушчу.
Рагнеда. Няхай з вамі будуць нашы багі.
Лоўчы выходзіць.
Ізяслаў (сядаючы ў крэсла ў прасценку паміж вокнамі). Усё-ткі з якой прычыны прыходзіў да цябе Холад?
Рагнеда. Я ж казала. Пагаварыць. Тут ніхто не можа рабіць без княскай волі. Але тым часам і ён сон свой расказаў. Дзіўна, усе бачаць сны, а я — не. Вось ужо даўно мне нічога не сніцца.
Iзяслаў. Пра што яго сон?
Рагнеда. Нібыта цябе бачыў на княскім стале.
Iзяслаў. У Кіеве?
Рагнеда. Гэта невядома, на княскім стале. Можа, сапраўды бацька твой успомніў пра цябе. Хоць што я кажу? Хіба да гэтага яму цяпер? I жонку новую бярэ сабе, і веру мяняе.
Iзяслаў. Ты ўсё не можаш яму дараваць?
Рагнеда. Ён не толькі маё жыццё зганьбаваў, але і княства наша Полацкае знішчыў. Ты становішся дарослы, сын, таму пра ўсё павінен ведаць. Можа, дарэмна цябе так доўга трымаю пры сабе? Пара б табе свету паглядзець.
Iзяслаў. Да свету адсюль далёка.
Рагнеда. Далёкі свет заўсёды пасля становіцца блізкі. А бацьку твайму я сапраўды не даравала. У яго ўжо была я, а ён забіў свайго брата і ледзь не з-пад яго ўзяў сабе ягоную жонку, грачанку, ад якой Святаполк.
Iзяслаў. Калі гэта было?
Рагнеда. Што?
Ізяслаў. Ну… тое… калі забіў мой бацька свайго брата Яраполка?
Рагнеда. Не дужа даўно. Але заманіў да сябе ў дом яго, а тады двух варагаў нацкаваў, і тыя паднялі на мячах пад пахі на марозе.
Зноў перапыняюць іх размову — заходзіць кабета. Гэта былая Ізяславава нянька.
Нянька. Матухна княгіня, не дагледзелі — Красуля твая занудзілася. Сліна з языка цячэ.
Рагнеда. Калі гэта здарылася?
Нянька. Няйначай, звечара. Недагледзелі, княгіня…
Рагнеда. Можа, травы нядобрай наелася?
Нянька. Калі гэта відана, княгіня, каб карова ды благую траву ела?
Рагнеда. Можа, памылілася?
Нянька. Каровы, як і сабакі, ніколі з гэтым не памыляюцца. Вінаваты, княгіня.
Рагнеда. Хто ў ноч на кароўніку быў?
Нянька. Самая старшая скотніца. Яна дачку сваю падмяняла.
Рагнеда. А тая?
Нянька. Занядужала.
Рагнеда. Нядужых зусім не трэба трымаць на маім кароўніку!
Нянька. Вінаваты, матухна княгіня, вінаваты!..
Рагнеда. Што мне з вашай віны? Пакліч да Красулі са слабады шаптуна.
Нянька. За гэтым вось і прыйшла. Зараз жа пашлём.
Нянька выходзіць.
Рагнеда (да сына). Бачыш, чым у гэтай глухамані даводзіцца займацца? Вось праўда ўжо — наш Ізяслаў не Кіеў. Дык пра што гэта мы з табой?
Iзяслаў. Пра князя Яраполка.
Рагнеда. Ах, так. А Яраполк перад тым таксама забіў свайго брата, Алега. Яны — тры браты былі: Яраполк, Алег і Уладзімір Святаславічы. Жывы цяпер застаўся адзін — твой бацька.
Ізяслаў. А якая варожасць была паміж Яраполкам і Алегам?
Рагнеда. Такая ж, як і паміж тваім бацькам і Яраполкам. За Кіеўскі стол. Хоць за сапраўдную прычыну выдаюць іншае. Нібыта на паляванні Алег забіў чалавека, сына Свенельда, які служыў яшчэ ў вялікага князя Святаслава. Таму нібыта папомсціўся Яраполк. Напаў на Алега, разбіў яго. Але брата не сам забіваў, дакладней, не сваёй рукой. Акурат як не сваёй рукой забіваў твой бацька Яраполка.
Iзяслаў. Страшная гэта рэч — княскі стол…
Рагнеда. Крывавая. Хоць у нас, у Полацку, за ўладу гэтак не змагаліся. Ці ведаеш жа ты, сын, хто забіў твайго полацкага дзеда Рагвалода?
Ізяслаў. Не.
Рагнеда. Вось бачыш!.. Бо яшчэ малы.
Iзяслаў. Сама ж нядаўна казала, што час ужо мне мець сваю волю. Значыць, не такі малы, як думаеш?
Рагнеда. Ну-ну, маці заўсёды хочацца, каб яе дзеці не хутка раслі. Дарослыя — становяцца ўжо не яе дзецьмі. Удачы табе на паляванні, сын.
Ізяслаў спружыніста ўскоквае, выходзіць. Рагнеда з тугой глядзіць яму ўслед. Праз тыя ж дзверы ў пакой ледзь не ўбягае ўсхваляваны злотнік.
Злотнік (падае на калені). Ратуй нас, княгіня.
Рагнеда (робіць выгляд, што ні аб чым не здагадваецца). Гавары, злотнік.
Злотнік. Анею ратуй, княгіня.
Рагнеда. Станавіся на ногі. I супакойся.
Злотнік. Прыходзіў са свяшчэннага лесу ад ведуна чалавек. Анею, дачку маю, хочуць прынесці ў ахвяру багам!
Рагнеда. Ахвяраванне не намі прыдумана, злотнік. I тая сям’я, ад якой звычайна бяруць ахвяру, лічыць за гонар гэта.
Злотнік. Княгіня, зразумей, я — другой веры. Я — хрысціянін. Я прыехаў у Кіеўскую зямлю хрысціянінам. I я не прызнаю мясцовых багоў!
Рагнеда. Але ж, казалі, таксама хадзіў у свяшчэнны лес?
Злотнік. Хадзіў. Дзеля цікаўнасці.
Рагнеда. А дачка твая?
Злотнік. Сама ж ведаеш, яна яшчэ амаль дзіця!
Рагнеда. У ахвяру багам звычайна такіх і прыносяць.
Злотнік. Але як пасылаў мяне вялікі князь з табой, то абяцаў, што тут будуць шанаваць маю веру! Ці я чым-небудзь не дагадзіў табе, княгіня?
Рагнеда. Маёй улады, злотнік, мала для свяшчэннага лесу.
Злотнік. Тады мне давядзецца падавацца са скаргай да вялікага князя ў Кіеў. Я служыць браўся, маючы волю. I я, і мая сям’я недатыкальны тут!
Рагнеда. Гэта ўсё, злотнік, зразумела. Але жаданне багоў…
Злотнік. Гэта інтрыгі ведуна, княгіня. I не багі гэта. Сама ведаеш.
Рагнеда. Я шаную сваіх старых багоў. Да таго ж ты павінен зразумець: тут — не Кіеў, тут — Ізяслаў. Што да цябе мае вядун Холад?
Злотнік. Да твайго злотніка, княгіня, усе нешта маюць. Адны — справу, другія — зайздрасць.
Рагнеда. Ну, а калі ты да Кіева дабярэшся? Да таго ж, мусіць, вялікі князь яшчэ не вярнуўся з Корсуня. Давядзецца, злотнік, скарыцца волі тутэйшых багоў. Тым больш што выбар іх датычыць лёсу тваёй дачкі, а не цябе.
Злотнік. Адумайся, княгіня! Трэба суняць ведуна! Супакой сваіх багоў!
Рагнеда (ледзь не ў адчаі). Ім патрэбна ахвяра, злотнік!
Злотнік. Мая дачка не можа быць прынесена ў ахвяру! Я зноў табе нагадваю: і я, і мая сям’я — яны вольныя. Мы служым па найму ў кіеўскага князя, дарма што прыслужваем цяпер табе.
Рагнеда. Але што я магу зрабіць супроць багоў?
Злотнік. Не багі гэта, а звычайнае дрэва! Сёння яно расце, а заўтра згніе. На зямлю ўпадзе. Гэтыя так званыя багі вашы не ядуць, не п’юць і не размаўляюць. Яны зроблены людзьмі. Бог адзін. Сапраўдны Бог. Стварыў ён неба, зямлю, зоркі, месяц, сонца і чалавека. I даў нам Ісуса Хрыста. А старыя багі што зрабілі? Самі яны зроблены! Не дам дачкі свае паганым!
Рагнеда. Супакойся. Давай разам падумаем.
Злотнік. Можа, княжыча папрасіць? Яны ж раслі разам з Анеяй? Яшчэ невядома, як ён на ўсё паглядзіць.
Рагнеда. Княжычу і словам не абмоўся! Яму — на паляванне. Ладна, ідзі, злотнік. Я падумаю. Да вечара яны ўсё роўна не павядуць яе ў лес. Ты ўстань!
Злотнік. Але з лесу ўжо яе не выбавіш, як павядуць!
Рагнеда. Вось ты казаў, што збіраешся паскардзіцца вялікаму князю. Нябось сам у Кіеў падаўся б? Але да Кіева далёка, а дачка твая патрэбна багам ці не для гэтай ужо ночы.
Злотнік. Дык што рабіць? Можа, забраць яе і знікнуць адсюль?
Рагнеда. Пярэймуць на дарозе. Вось што, знайдзі ты праваслаўнага прэсвітэра Апанасія, здаецца, ён яшчэ недзе тут. Хоць, прызнацца, абрыдзеў мне павучаннямі. Проста ледзь не за горла бярэ: адмоўся ад сваёй веры, прымі другую. Усе яны, гэтыя святары, у сваёй жорсткасці памыляюцца, бо вера да чалавека прыходзіць не так, як яны таго хочуць, нельга прымусіць верыць насуперак жаданню.
Злотнік. Наша хрысціянская вера…
Рагнеда. Памаўчаў бы ты і пра сваю веру!.. Нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом.
Злотнік. Пабойся Бога, княгіня!..
Рагнеда. Сам жа кажаш, іх у нас многа. Было многа, а цяпер пабольшала. Яшчэ твайго Уладзімір навязвае. Але няхай. Старыя багі доўга будуць змагацца з новымі. Дык пашукай, злотнік, прэсвітэра Апанасія. Калі яшчэ тут, у Ізяславе, няхай зойдзе да мяне.
Злотнік кланяецца, выходзіць. Заходзіць нянька.
(Да яе.) Ну што там?
Нянька. Красуля, здаецца, пасвятлела, матухна княгіня!
Рагнеда. Шаптун быў?
Нянька. Ага. Кажа, што сапраўды нейкая благая трава трапілася ёй учора на лузе.
Рагнеда. Але ў статак Красулю не выганяйце. Няхай пастаіць у кароўніку, дарма што павесялела. Ты вось што, нянька, ты прывядзі ў замак дачку майго злотніка, Анею. Ды глядзі, каб непрыкметна, каб ніхто не згледзеў.
Нянька. Зараз?
Рагнеда. Як здолееш, але ў бацькавай хаце яе не пакідай. Калі нельга будзе цяпер прывесці сюды непрыкметна, то схавай дзе-небудзь да цёмнага. I ў замку таксама схаваеш, нават каб і я не дужа здагадвалася, пакуль не спытаюся.
Нянька. Зраблю, матухна княгіня, зраблю.
Нянька выходзіць. Заходзіць прэсвітэр Апанасій.
Апанасій. Матухна княгіня, гневайся ці не, але я не выканаў тваю волю: бачыш, яшчэ ў Ізяславе. Удзень не паспеў сабрацца ў дарогу, цяпер — вечар. Давядзецца новага дня чакаць.
Рагнеда. Як жа ты ладзішся, прэсвітэр, па вадзе?
Апанасій. Са мной, княгіня, слова божае. Хто яго на рэках чуцьме? Рыбы?
Рагнеда. Зрэшты справа твая. Як дабіраўся сюды, да нас, так і адсюль дарогу знойдзеш. Ты таксама, прэсвітэр, не гневайся, што прыспешваю. Не падабаецца мне, што цяпер многа бадзяецца па зямлі людзей, якія бянтэжаць людскія душы і пасяляюць у іх дарэмныя надзеі.
Апанасій. Такі промысел божы.
Рагнеда. Мы ўжо, здаецца, нагаварыліся з табой, прэсвітэр, і аб наканаванасці, і пра саміх багоў… Я цябе не за гэтым, на ноч гледзячы, паклікала. Значыць, пехатой збіраешся ісці?
Апанасій. Так, княгіня. Як развіднее, так і рушу.
Рагнеда. Адзін?
Апанасій. З Богам у душы і на вуснах.
Рагнеда. У Кіеў?
Апанасій. Па дарозе відаць будзе. Але ў Кіеў мне таксама патрэбна.
Рагнеда. У мяне да цябе просьба.
Апанасій. I ў мяне да цябе, княгіня, таксама.
Рагнеда. Ведаю.
Апанасій. Трэба ўратаваць дачку злотніка ад вашых багоў. Па-першае, ён сам грэчаскай веры, значыць, і дачка яго жыве ў той жа веры.
Рагнеда. Яна жыве тут са старымі багамі. I ў свяшчэнны лес разам з тутэйшымі людзьмі ходзіць. А што датычыць бацькі…
Апанасій. Дзяцей нельга адрываць ад бацькоў, княгіня.
Рагнеда (усё роўна як здзіўлена глядзіць на прэсвітэра, пасля гаворыць). А мае дзеці ведаеш дзе? З адным тут жыву. А іх у мяне ажно шасцёра.
Апанасій. На тое воля вялікага князя.
Рагнеда. Я даўно ўсё зразумела, прэсвітэр. Аказваецца, на ўсё ёсць нечая воля. А той, сапраўднай волі, якая завецца воляй, нідзе няма. Вось ты вольны?
Апанасій. Я — слуга божы.
Рагнеда. То слухай цяпер маю просьбу. Возьмеш з сабой у дарогу дачку майго злотніка.
Апанасій. Анею?
Рагнеда. Так. Вялікага здзіўлення гэта не павінна выклікаць у людзей. Да таго ж яе можна пераапрануць, каб не выглядала дзяўчынай. Вось і будзеце мець аднолькавы выгляд — дза вандроўнікі, слугі божыя.
Апанасій. А бацькі яе?
Рагнеда. Злотнік сам прыходзіў ратунку для яе прасіць.
Апанасій. Не, я не ў тым сэнсе. Бацькі яе тут застануцца?
Рагнеда. Ім нішто не пагражае.
Апанасій. Ты так думаеш, княгіня?
Рагнеда (не адказвае; гаворыць). Але давядзецца вам ісці зараз, прэсвітэр, скрозь ноч, каб ніхто не ўведаў. Ты ступай, падрыхтуйся ўсё-ткі ў дарогу, калі яшчэ дасюль не зрабіў гэтага, а я тым часам пагавару з дзяўчынай. Нянька наша звядзе вас пасля. Ну, здаецца, усё. Ты перад сваім Богам загладзіш які-небудзь грэх гэтай справай, а я перад сваімі займею яшчэ адзін.
Апанасій. Бывай, княгіня. Даляцеў усё-ткі з Корсуня сюды звон маёй царквы! Пачуў Гасподзь Бог нашы малітвы!
Рагнеда. Не кожны звон — малітва. Тут у нас быў прэсвітэр адной царквы. Дык казаў, што на іхніх храмах зусім няма званоў. «Як гэта?» — пытаемся. «Бо звон — гэта яшчэ не малітва», — адказвае. Бывай, прэсвітэр!
Апанасій (уздыхае). Мне пра гэта княжыч расказваў. Храмы па-рознаму будуюцца.
Прэсвітэр выходзіць. Заходзіць служанка Рагнеды.
Рагнеда. Што табе?
Служанка. Прыйшла прыбраць цябе на ноч, княгіня.
Рагнеда. Хіба так позна?
Служанка. Я заўсёды ў гэты час увечары прыходжу.
Рагнеда (сядае, апускае галаву на далонь сагнутай у локці рукі). Які цяжкі сённяшні дзень!.. А тут яшчэ Ізяслаў на паляванне сабраўся.
Служанка. Паехалі ўжо. (Падступаецца да княгіні, хоча разбіраць ёй валасы.)
Рагнеда. Пачакай. З гэтым паспеем. Лепей схадзі па старую няньку. Скажы, што клічу з Анеяй.
Служанка выходзіць. Заходзяць нянька, Анея, затым — служанка. Анея ўкленчвае перад княгіняй, утульвае твар у яе ўлонне. Служанка ідзе за спіну княгіні, бярэцца за яе валасы.
Ты ведаеш, Анея, я адношуся да цябе як да свае. Ізяславу таксама ты была ў радасць. Але цяпер пагражае…
Анея. Я чула, як прыходзілі да бацькі са свяшчэннага лесу.
Рагнеда. Тым лепш, раз сама разумееш. Словам, зараз цябе пераапрануць. Дадуць хлапчукоўскае адзенне і выведуць з прэсвітэрам Апанасіем на дарогу.
Анея. Куды?
Рагнеда. Куды ён — туды і ты.
Анея. Значыць, я не вярнуся сюды?
Рагнеда. Не пра гэта трэба думаць, Анея. Над табой навісла небяспека. Неабходна ратавацца. А з праваслаўным прэсвітэрам табе нішто не будзе пагражаць.
Анея. Мяне ж заўсёды бараніў Ізяслаў.
Рагнеда. Ізяслаў на паляванні.
Анея. Дык вернецца!
Рагнеда. Ты слухайся мяне. Калі я кажу так, значыць, іначай зрабіць нельга. Забірай яе, нянька. Пераапранеш, затым звядзеш з прэсвітэрам. I каб нікому ні слова. (Да служанкі.) Ты таксама язык свой доўгі прыкусі на нейкі час, бо можаш…
Служанка. Слухаю, княгіня.
Рагнеда. А ты, Анея, даруй, што іначай не можам. Прэсвітэр будзе клапаціцца ў дарозе пра цябе. У Кіеве ён пакажа табе, дзе жывуць Ізяслававы браты і сёстры. Будзеш пакуль з імі жыць.
Анея плача.
Ну, дурніца, што ты?..
Анея (уголас). А мамулечка ж мая, а татулечка!..
Рагнеда. Сціхні!.. (Гладзіць дзяўчыну па галаве.) Бывай, Анея.
Нянька выводзіць Анею з пакоя.
(Да служанкі.) Ну, што маўчыш?
Служанка. Успомніла Кіеў. Раптам нагарнулася на сэрца. Захацелася туды. Вось ты, княгіня, пра дзяцей сваіх затрывожылася, а я бацькоў згадала.
Рагнеда. А я — Полацк. Хачу ў Полацк. I не маю дарогі туды. Нездарма ж князь Уладзімір пасяліў нас на краі бацькавай зямлі. Бацьку з маці забіў, а мяне з сынам пасяліў на краі зямлі.
Служанка. Анея ўбачыць Кіеў!.. Зайздрошчу ёй.
Рагнеда. Знайшла каму зайздросціць! Гэта калі яна дабярэцца туды, а так — бяглянка. Таксама ж бацькі застаюцца тут…
Праз расчыненае акно чуваць, як зноў пачынае падаваць голас ваўчыца. Рагнеда ўстае, падыходзіць да акна. Слухае.
(Да служанкі.) Ты можаш ісці. Але заначуй сёння блізка ад маёй спальні.
Служанка. Дабранач, княгіня.
Рагнеда. Але не засынай, пакуль не вернецца нянька. Няхай скажа, як у іх там. Прызнацца, я гэту Анею мела ўвесь час на прыкмеце для княжыча. Бо як жыццё далей пойдзе — успомніць пра яго бацька ці не. Ладна, ступай. Гэта не твая справа.
Служанка выходзіць. Княгіня ўсё яшчэ стаіць каля расчыненага акна. Чуваць, як ваўчыца то сціхне, то зноў завые…
(Уздыхае.) Ах ты, няшчасная!..
Вельмі здалёку прыходзіць з’явішча, бы насланнё… Спіць на ложку вялікі князь Уладзімір. Рагнеда ўстае з той жа пасцелі, бярэ прыхаваны нож, замахваецца ім на мужа. Але той прачынаецца, хутка адводзіць ад свайго горла нож. Крычыць — кліча ахоўніка-варага. Той становіцца ля дзвярэй. Уладзімір у споднім імкліва выходзіць. У княскую спальню тым часам забягае малы Ізяслаў. Маці шэпчацца з ім. Ізяслаў павісае на шыі маці. У гэты момант у спальню прыходзяць дзве жанчыны. Пачынаюць рыхтаваць Рагнеду да пакарання. Затым сюды ўваходзіць вялікі князь, з ім — Дабрыня і другія княскія людзі. I раптам паміж Рагнедай і гэтым натоўпам, загароджваючы вялікаму князю шлях да Рагнеды, становіцца Ізяслаў. Заступаючыся за маці, малы крычыць на бацьку, тупае малымі ножкамі. Здзіўлены, Уладзімір адхінаецца назад, адступае, а тады выходзіць з усёй світай са спальні. Ахоўнік-вараг таксама пакідае пакой, дзе адбывалася ў цяперашнім уяўленні Рагнеды маўклівая дзея. Пасля гэтага Рагнеда кідаецца да сына, абдымае яго і горка плача…
…Ноч. Лес. Ад вогнішча, якое палае паміж дрэў на паляне, лятуць іскры… Хрумстаюць у торбах авёс коні. Ля вогнішча сядзяць Ізяслаў і лоўчы. Трохі далей яшчэ — паляўнічыя.
Лоўчы. Княжыч, нарэшце ты хочаш даведацца праўду пра свайго дзеда Рагвалода, полацкага князя… Я ўсяго адзін раз бачыў яго. Другога твайго дзеда, Святаслава, якога забіў печанег Кура, не ведаў.
Ізяслаў. I гэта праўда, што з чэрапа майго дзеда печанегі зрабілі чашу, каб піць з яе віно?
Лоўчы. Так расказалі. Але я сюды, на Русь, прыйшоў ужо з тваім бацькам.
Iзяслаў. Адкуль?
Лоўчы. З-за мора. З варагаў. Адзін час бацька твой шукаў там паратунку ад свайго брата Яраполка.
Ізяслаў. У майго бацькі яшчэ быў адзін брат.
Лоўчы. Так, княжыў у зямлі драўлянай Алег Святаславіч.
Ізяслаў. А хто яго забіў? Штосьці маці мне блытана гаварыла.
Лоўчы. Я ж кажу, гэта не пры мне было. Але чуў, што нібыта яго спіхнулі з моста свае ж воіны, калі ўцякалі ад Яраполкавай дружыны.
Ізяслаў. Незайздросны лёс!.. Можа, на Святаслававых дзецях пракляцце ляжыць?!
Лоўчы. Так, быць князем у вашай зямлі нялёгка. Ну, а наконт пракляцця, дык… Ты папрасі, каб табе прыслалі з Кіева старыя кнігі, якія пісаны яшчэ пры тваёй прабабцы княгіні Вользе. Мне давялося бачыць іх у вялікага князя. Там пра ўсё напісана. Але ці поўная праўда ў іх, не скажу, бо я прыйшоў на Русь з тваім бацькам з-за паўночнага мора, ад скандынаваў. Няхай табе тыя кнігі нанова пісцы перапішуць. Адкуль пайшла чыя зямля і хто жыў у ёй, хто правіў ёй.
Да вогнішча падыходзіць паляўнічы.
Паляўнічы. Нешта даўно не чуваць загоншчыкаў.
Лоўчы. А яны не будуць гнаць сюды мядзведзіцу. Як высачаць яе, Гарабой адразу прышле чалавека. Яна ж не ў берлагу. Увесь час рухаецца.
Ізяслаў. Добра было б, калі б адшукалі яе па той бок Свіслачы. Сабакі б пагналі сюды праз раку. А мы — насустрач.
Паляўнічы. Дрэнна, што яна цяпер лютая.
Iзяслаў. Станеш лютай.
Лоўчы. Я пра гэту мядзведзіцу чуў даўно. Але не сустракаў у лесе. Недзе ж і мядзведзь прыходзіў сюды, раз дзіця ў яе з’явілася.
Паляўнічы. Гэта пэўна ўжо. (Адыходзіць ад вогнішча.)
Лоўчы. Ты б заснуў, княжыч, пакуль што да чаго.
Ізяслаў. Паспім пасля палявання. Ты вось гаварыў пра кніжкі. Помню, бацька любіў, каб яму чыталі іх манахі.
Лоўчы. Кніг цікавых, княжыч, сапраўды шмат. Але пра тутэйшую зямлю мала. Таму і расказваюць аб адным і тым жа кожны па-рознаму. Я вось раскажу табе, княжыч, калі не спіцца, як пасылаў сватоў твой бацька з Ноўгарада ў Полацк. Гэта на маіх вачах было. Я і сам адзін раз ездзіў у такім пасольстве разам з іншымі отракамі да твайго дзеда Рагвалода, каб аддаў за нашага князя сваю дачку, цяперашнюю тваю маці.
Ізяслаў. Расказвай. (Узяў палена, паварушыў ім у вогнішчы; зноў снапом паляцелі ўгору іскры.)
Лоўчы. Да маці тваёй сватаўся вялікі князь Яраполк, які сядзеў тады на стале ў Кіеве. I яна давала згоду пайсці за яго. Уладзімір таксама дачуўся пра яе прыгажосць. А найбольш, можа, хацеў выступіць супроць брата Яраполка, бо пасля вяртання з-за мора меў моцную дружыну і пасягаў у думках на Кіеўскі стол. Было гэта якраз перад паходам на Кіеў.
Iзяслаў. Браты заўсёды варагавалі?
Лоўчы. Можа, таму, што яны толькі па бацьку браты. Маці ў іх былі розныя. Нават з розных земляў.
Iзяслаў. Мы таксама ад розных маці. Мсціслаў з Усеваладам мае адзінаўтробныя браты. Святаполка нарадзіла грачанка, Вышаслава — чахіня, балгарыня — Барыса і Глеба, а ёсць яшчэ Святаслаў і яшчэ адзін Мсціслаў. Бачыш, усіх нават пералічыць цяжка!
Лоўчы. Так, вялікі князь мае моцны корань. Але калі хочаш, княжыч, то слухай, як прыязджалі мы ў Полацк да твайго дзеда Рагвалода.
Ізяслаў. Расказвай.
Лоўчы. Прыйшлі мы да Рагвалода ў замак і кажам: «Князь ноўгарадскі Уладзімір паслаў нас да цябе сказаць, што хоча дачку тваю Рагнеду ўзяць сабе ў жонкі». А дзед твой адказвае: «Трэба спытаць у дачкі». Паклікаў княжну, пытае яе пры нас: «Хочаш за Уладзіміра?» — «Не, — кажа княжна, — не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».
Да вогнішча падбягае Гарабой.
Гарабой. Дзе княжыч?
Лоўчы. Ну вось, не далі дагаварыць. А можа, гэта к лепшаму, княжыч. У тваім узросце не пра ўсё належыць ведаць. Пасталееш — тады ўжо. Міма нічога не праляціць. I добрае, і благое. (Да Гарабоя.) Дык што там у вас здарылася?
Гарабой. Поблізу замка зноў мядзведзіца ходзіць!
Ізяслаў. I ваўчыца там?
Лоўчы. Звер звера палюе.
Ізяслаў. А можа, яны абедзве на людзей палююць — і ваўчыца, і мядзведзіца?
Лоўчы. Урэшце, хто іх ведае.
Ізяслаў. Значыць, пераплываць раку ўсё-такі давядзецца ёй, а не нам?
Лоўчы. А калі яна кінецца ў другі бок?
Гарабой. Усё роўна яе смерды павернуць да нас. Цяпер ёй ад нас не ўцячы. Загадвай трубіць, княжыч.
Iзяслаў. Зараз?
Гарабой. Так.
Ізяслаў. Гэй, трубы!
Чуюцца паляўнічыя ражкі. На паляне ўсе на нагах. Хапаюцца за зброю. Ізяслаў ляскае ў ножнах сваім мечам, спяшаецца да каня. За ім — лоўчы з рагацінай і сякерай. Зноў трубяць паляўнічыя ражкі. Аднекуль здалёку далятаюць чалавечыя крыкі, сабачы брэх.
Дзея другая
Раніца. Зыркае сонца. Па адкінутым драўляным мосце ў замак ідуць вясёлыя паляўнічыя. Паперадзе — княжыч Ізяслаў. Двое смердаў нясуць на жэрдцы мокрую, таму, відаць, цяжкую шкуру забітай мядзведзіцы. Насустрач праз мост спяшаецца Рагнеда.
Рагнеда. Каб ведаў ты, колькі я хвалявалася, сын! (Хоча абняць княжыча, але бачыць кроў.) Ты паранены?
Ізяслаў (радасны). Супакойся, мама. Гэта мядзведжая кроў. Запэцкаўся, калі шкуру здзіралі ды тушу секлі на кавалкі.
Рагнеда (з недаверам глядзіць на лоўчага). Ён праўду кажа?
Лоўчы. Праўду, княгіня. Але паказаў сябе гэты раз сапраўдным мужчынам.
Ізяслаў. Так, мама. Я яе…
Рагнеда. Хвалько ты, Ізяслаў. (Усё-ткі прытульвае сына, нягледзячы што кроў, да сябе.)
Лоўчы. Княжыч праўду кажа. Сёння ён мяне ад абдымкаў мядзведзіцы ўратаваў. Рагаціну яна выбіла з маіх рук, дык ён падхапіў і пад звера падставіў. Так што гэта цалкам яго паляўнічае шчасце!
Рагнеда. Не, лоўчы, не толькі паляўнічае. Мусіць, княжычу… Словам, рада бачыць вас усіх жывымі-здаровымі. Дзякуй за сына, паляўнічыя!
Лоўчы. Мядзведзіцу, дакладней, мяса, вязуць на кані. Куды яго, княгіня?
Рагнеда. А што, княжыч, можа, наладзім пір? Вялікі князь, а твой бацька, заўсёды пасля ўдалага палявання наладжваў пір. Ты таксама становішся магутны.
Ізяслаў. I паклічам сяброў.
Рагнеда. Дзе яны, тыя нашы сябры? У Полацкай зямлі, акрамя нас, князёў няма. Гэта трэба з Турава каго запрашаць, а то і з Польскай зямлі.
Ізяслаў. У мяне, мама, сяброў многа. (Паказвае на паляўнічых.) Вось глядзі!
Рагнеда. Гэта таму, сын, што ты яшчэ ніколі не адчуваў сябе князем. Ды і ці зведаеш калі такое пачуццё?
Чуюцца крыкі: «Коннік! Коннік!» Праз нейкі момант па мосце да натоўпу ледзь не подбегам набліжаецца дружыннік — ганец вялікага князя Уладзіміра.
Дружыннік (яшчэ не адрозніваючы нікога ў натоўпе). Вялікі князь Уладзімір патрабуе ў Кіеў свайго сына Ізяслава! (Нарэшце заўважае Рагнеду, апускаецца перад ёй на правае калена, схіляе галаву.) Княгіня, я да вас адразу з Корсуня. Сказана з’явіцца Ізяславу ў Кіеў!
Рагнеда. Чаму раптам у Кіеў, калі вялікі князь у Корсуне?
Дружыннік. Адтуль ён неўзабаве накіроўваецца ў Кіеў. Там патрэбны яму Ізяслаў.
Рагнеда. Аднаго?
Дружыннік. Сказана з’явіцца аднаму.
Рагнеда. Але чаму? Якая патрэба?
Дружыннік. Не хвалюйся, княгіня, я звычайна не прывожу з сабой дрэнныя весткі. Але чаму вялікі князь кліча Ізяслава ў Кіеў, таксама не ведаю.
Рагнеда. Устань. Даўно ў князя служыш?
Дружыннік. З тае зімы.
Рагнеда. А-а, балазе, што не помню цябе.
Дружыннік. І я першы раз цябе бачу, княгіня.
Рагнеда (да сына). Бачыш, княжыч, а мы толькі гаравалі, што гасцей няма дзе знайсці для піру.
Дружыннік здагадваецца, што перад ім Ізяслаў, схіляе галаву, а тады заўважае мядзведжую шкуру, прыходзіць у захапленне.
Дружыннік. Віншую, княжыч, з выдатнай шкурай. А я — па цябе.
Iзяслаў. Можаш забраць сабе гэту шкуру, калі з добрай весткай да нас.
Дружыннік. Гэта стане вядома табе ў Кіеве. Але ж я ўжо сказаў княгіні, што благіх вестак не развожу па зямлі. Вялікі князь звычайна пасылае мяне з добрымі весткамі. А за мядзведжую шкуру — дзякуй.
Ізяслаў (да Рагнеды). Мама, дазволь клікаць госця ў замак?
Рагнеда. Калі ласка, ганец.
Вечар. У замку ў трапезнай накрыты гасцінны стол. Рагнеда частуе дружынніка з Кіева. Тут жа сядзіць Ізяслаў. Слугі носяць стравы.
(Да ганца.) Дык, кажаш, вялікі князь мяне не кліча ў Кіеў?
Дружыннік. Даруй мне, княгіня, але сказана прывезці аднаго княжыча.
Рагнеда. А новую жонку князеву, Ганну, давялося бачыць?
Дружыннік. Так.
Рагнеда. Ну і што? Як яна?
Дружыннік. Візантыйская царыца.
Рагнеда. Гэта я ведаю, што яна — сястра грэчаскіх цароў.
Дружыннік. Ну, а ў астатнім — яна жонка вялікага князя, княгіня.
Рагнеда (хмурыцца тварам). Колькі ты ў нас прабудзеш, дружыннік?
Дружыннік. Ноч. Можа, яшчэ паснедаю, калі княгіня дазволіць. Княжыч павінен быць таксама гатовы к дарозе ўранні.
Рагнеда. Калі госцю ў нас не падабаецца…
Дружыннік. Задужа ўдзячны, княгіня, за гасціннасць, за ласку, але сказана не бавіцца. Ды і княжычу, бачу, ужо няймецца, засядзеўся тут у вас. Так, княжыч?
Ізяслаў. Я… даўно мару прамчацца на кані да Кіева.
Рагнеда. Ты не слухай яго, дружыннік, ён яшчэ малы. Таму надумала я: ехаць вам у Кіеў не ў сёдлах, а ў ладдзі.
Ізяслаў. Мама!..
Рагнеда. Да Кіева далёка, і ты не вынесеш коннай дарогі. Адна справа, сын, гойсаць тут на Буланчыку, па лясах ды палях вакол замка, зусім іншая — прамчаць у сядле да Кіева. Ды і… навошта гэтак спяшацца? Хіба табе з маці дрэнна ў Ізяславе? Гэта ж твой горад!
Iзяслаў. Мама, я даўно не бачыў Кіева.
Рагнеда. А што там бачыць? (I тут жа да госця.) Давядзецца вам, дружыннік, усё-ткі плыць па вадзе. У нас тут добрая ладдзя ёсць. Коні вашы стануць у ёй таксама.
Дружыннік. Слухаю, княгіня.
Ізяслаў (больш упарта). Мама, па рэках у Кіеў і да восені не даплывеш!
Рагнеда. Хлопчык мой! Іншы раз лепей не паспяшыць, чым раней апынуцца. Думаеш, бацька змяніў нялюбасць да цябе? Думаеш, ён забыў, як ты стаў яму на дарозе, калі варагі ішлі забіваць мяне?
Дружыннік. Княгіня, хто старое згадае, таму вока вон.
Рагнеда. З-за шчаслівай сынавай долі я не ўспамінала б пра старое. Але…
Дружыннік. Я не чорны веснік, княгіня. Я…
Рагнеда. Матчына сэрца заўсёды ў трывозе па дзецях. Ізяслаў вунь на паляванне паехаў, а я вачэй скрозь ноч не заплюшчвала. Ну ды ладна, чаму быць, таго не мінаваць. А паедзеце вы ў Кіеў усё ж па вадзе. Так мне спакайней будзе. Прынамсі, да Турава па вадзе. Спярша адсюль вось, ад замка нашага, па Свіслачы, пасля па Бярозе, а тады ўжо ў Дняпро… Ну, а з Турава можна і на кані да Кіева даскакаць. Значыць, заўтра?
Дружыннік. Так, княгіня.
Ізяслаў падыходзіць, цалуе маці. Дружыннік п’е новы кубак п’янога мёду.
Рагнеда. Ну, а цяпер, дружыннік, раскажы нам, дзе давялося табе пабыць, што дзе бачыў? Ты ўжо ў новай веры?
Дружыннік. Дружыну вялікі князь будзе хрысціць у Кіеве. У Корсуне яго хрысцілі аднаго.
Рагнеда. Дык, можа, гэта ён хоча перавярнуць у новую веру і нашага Ізяслава?
Дружыннік. Ты задаеш, княгіня, такія пытанні, на якія мне цяжка адказваць. Я далейшай князевай волі не ведаю. Мне загадана адно: прывезці ў Кіеў княжыча Ізяслава.
Рагнеда. Ладна, забудзем!.. Тут нядаўна праваслаўны прэсвітэр быў, Апанасій. Не знаеш яго?
Дружыннік. Не.
Рагнеда. Дык той нам шмат расказваў пра новую веру. Дарэчы, твой прыезд, дружыннік, прэсвітэр Апанасій таксама ўсё роўна як прадказаў праз сон. Але раскажы і ты, як хрысцілі вялікага князя?
Ізяслаў. А што за сон, мама?
Рагнеда. Ат, пасля, сынку, пасля. Цяпер паслухаем дружынніка.
Дружыннік. Хрысціў вялікага князя ў Корсуне…
Рагнеда. Пра гэта расказваў прэсвітэр. Чаму вялікі князь прыняў новую веру? Няўжо і праўда — праз тое, што з царскай сястрой захацеў ажаніцца?
Дружыннік. Прэсвітэр гэтак гаварыў?
Рагнеда. Не.
Дружыннік. Якую веру прыняць, у Кіеве доўга думалі, княгіня.
Рагнеда. А старая вера? Чым не падабаюцца цяпер у Кіеве нашы багі?
Дружыннік. То князь Уладзімір рашае.
Рагнеда. І за сябе рашае і за ўсіх людзей?
Дружыннік. Выходзіць, так.
Рагнеда. А што смерды, баяры?
Дружыннік. Наракаюць. Не кожны хоча разлучацца са старымі багамі.
Рагнеда. Дзіва што! А вялікі князь вельмі награшыў з гэтымі багамі, калі шукае новага. Спадзяецца, што новы Бог даруе яму старыя грахі. Дзівак. Ну, то расказвай, дружыннік.
Дружыннік. Перад тым як прыняць новую веру, князь Уладзімір раіўся са сваімі баярамі, пасылаў у розныя канцы свету паслоў. Але да таго яшчэ прыходзілі ў Кіеў балгары магаметанскай веры. Кажуць, ты, князь, і мудры і разумны, а закону не ведаеш. Пазнай наш закон і пакланіся Магамету.
Iзяслаў. А бацюхна?
Дружыннік. Кажа, якая ж ваша вера? Магаметанскія балгары адказваюць, маўляў, вучыць нас Магамет так: не есці свініну, не піць віна, затое можна блудзіць з жанчынамі. Калі хто бедны на гэтым свеце, то бедны застанецца і на тым.
Рагнеда. А жанчынам што дазваляецца пры іхняй веры?
Дружыннік. Яны ў іх тое ж могуць рабіць, а яшчэ і больш таго.
Рагнеда (засмяялася). Цьфу!
Дружыннік. Вялікі князь таксама плюнуў пасля балгарскіх паслоў. Затым прыходзілі ў Кіеў яўрэі. Была ў вялікага князя гамонка з рымскімі філосафамі. Паслухаў ён усіх, а тады рашыў і сваіх паслоў накіраваць.
Рагнеда. Куды яны хадзілі?
Дружыннік. Былі і ў немцаў, і ў грэчаскіх балгараў. Нарэшце дайшлі і да Царгорада. Цары, а там два цары — Васіль і Канстанцін, выслухалі кіеўскіх паслоў, сказалі патрыярху: «Падрыхтуй царкву і клір і сам апраніся ў свяціцельскія рызы, каб пабачылі рускія славу нашага Бога».
Рагнеда. Значыць, не царыцу паслы адразу ўбачылі там, а славу мясцовага Бога?
Дружыннік. Прынамсі, вярнуліся яны ў Кіеў радасныя. Кажуць: «Знаходзіцца там Бог з людзьмі, і служба ў іх лепшая, чым у іншых краінах». Вялікі князь паслухаў ды кажа: «Сапраўды, свайго ніхто не ганіць, адно хваліць. Але ж бабка мая Вольга…» — «Калі б быў дрэнны грэчаскі закон, — сказалі князю баяры, — то не прыняла б яго бабка твая Вольга…» I сказаў вялікі князь: «Дзе прымем хрышчэнне?» — «Дзе табе люба», — адказалі яны. Вось і выбраў князь Уладзімір Корсунь, наперад заваяваўшы яго.
Рагнеда. Значыць, князь і сына кліча ў Кіеў, каб хрысціць?
Дружыннік. Няйначай.
Рагнеда. Аднаго чалавека прымусіць прыняць такую веру; ну, гэта… гэта яшчэ не бяда. А вось цэлы народ, які жыў на сваёй зямлі са сваімі багамі? Гэта нам, князям, толькі здаецца, што народ падобны на статак. I ўвогуле святары новых рэлігій дарэмна ганяць нас, язычнікаў, маўляў, і такія мы і гэтакія… Быццам толькі і робяць, што гібеюць у дзікунстве. А нашы карагоды, нашы язычаскія святы, напрыклад, Купалле… Хто яго забудзе? Не, дружыннік, народ гэтага ніколі не забудзе! У вас, у варагаў нябось ёсць свае багі?
Дружыннік. Так, княгіня.
Рагнеда. У кожнага народа сваё, а тут з Царгорада прысылаюць нам праз мора сваё жаданне. Не думаю, што князю Уладзіміру лёгка будзе давацца хрышчэнне рускай зямлі… Але добра, позна ўжо, заўтра вам у дарогу. Дабранач. (Княгіня ўстае з-за стала.) А з табой, сын, трэба яшчэ пагаварыць. Толькі заўтра. Мне трэба сказаць сёе-тое ў Тураў. Добра?
Iзяслаў. Ага, мама.
Княгіня выходзіць.
Дружыннік. Ну што, княжыч? Смачна мы закусілі мясам тваёй мядзведзіцы. Дык рушым заўтра?
Ізяслаў. Рушым, рушым! (Бярэ пад руку падпітага госця, выводзіць з трапезнай.)
Лес. На начлег укладваюцца прэсвітэр Апанасій і Анея, пераапранутая ў хлопца.
Апанасій (жагнаецца). Прывыкай, отрак, да такіх начлегаў. Іх у нас наперадзе шмат.
Анея. Хоць бы якое вогнішча!..
Апанасій. Вогнішчы, отрак, раскладваюць жабракі. За дзень навыпрошваюць кавалкаў, а тады на вогнішчы пякуць яечню ці сала смажаць. Мы ж з табой, бачыш, нічога не выхадзілі. А тое, што мелі з ласкі княгіні, згубілі, ломячыся сюды праз лес ды балоты.
Анея. Без вогнішча страшна.
Апанасій. Чаго нам баяцца? З намі, отрак, Бог наш.
Анея. Але трэба было дайсці хоць да якога-небудзь жытла.
Апанасій. Да яго яшчэ не адзін дзень тупаць. Я гэту дарогу ведаю. Ёсць тут, праўда, адно паганскае паселішча, на Нямізе. Але туды нам нельга.
Анея. Чаму?
Апанасій. Бо яно пакуль блізка ад тваіх багоў.
Анея. Бацька кажа, што гэта не нашы багі.
Апанасій. Гэта ён цяпер так гаворыць, а дасюль нябось маўчаў, а ты хадзіла ў свяшчэнны лес.
Анея. Думаеш, пагоня будзе за намі?
Апанасій (жагнаецца). Свят, свят! Ну, засынаем, а ўранні, як сонца ўзыдзе, харчу пашукаем. Я ўсё ўмею — і грыбы пячы на вогнішчы, і рыбіну злавіць у балацявіне. У лесе ўсяго хапае, не журыся, отрак. (Кладзе свой хатуль пад галаву, выцягвае на імшаніку наўпрост ногі.)
Анея. Спі, дзядзечка, спі. Я пагляджу.
Апанасій. А то хадзі да мяне. Грэх — замолім.
Анея. Баюся, дзядзечка.
Апанасій. Ты ужо, мусіць, не дзеўка?
Анея. Не, дзядзечка, дзеўка.
Апанасій. Нездарма твае багі захацелі мець цябе за ахвяру. Чыстая, цнатлівая. Гэты ваш вядун Холад… ой-я-ёй!
Анея. Не ведаю, дзядзечка.
Апанасій. Годзе, спі, цётачка, калі мяне не хочаш. Але гэтае тваё нежаданне, дасць Бог, нядоўга будзе працягвацца. Я гвалтаваць не прывык.
Анея. Мне княжыча шкада будзе.
Апанасій. Дурніца, пра княжыча забудзь. Ён табе — не пара.
Анея. А я гатова ў дом да яго хоць трэцяй, хоць чацвёртай, а то і палюбоўніцай.
Апанасій. Цьфу, паганцы!
Раптам чуецца свіст. На прэсвітэра Апанасія, а тады і на Анею тут жа накідаюцца нейкія людзі ў армяках з башлыкамі, з-пад якіх не відаць твараў. Усё адбываецца, лічы, умомант. Прэсвітэру Апанасію нападаючыя звязалі вяроўкамі рукі назад. Анею, якая ўсхапілася на ногі, таксама затрымалі.
Чалавек у армяку з башлыком. Ну што, манах, думаў, ад нас далёка ўцячэш?
Апанасій (спакойна). Я — не манах, я — прэсвітэр праваслаўны. I не ўцякаў, а ішоў з Ізяслава, ад княгіні Рагнеды, у Кіеў.
Чалавек у армяку з башлыком. Няма розніцы — манах ты ці прэсвітэр. Навошта яе звёў з горада?
Апанасій. Гэта не яна, а ён. Хіба сляпы?
Чалавек у армяку з башлыком. Хто тут сляпы, хто відушчы — зараз пабачым. Дык навошта звёў яе?
Прэсвітэр маўчыць.
(Да Анеі.) А ты што нявінныя вочы талопіш? Думала, пераапранешся ў хлопца, дык ніхто і не пазнае. (Дастае з торбы сукню, кідае Анеі.) На, прымі нанава дзявочы воблік, а то срамата. (Бачыць, што Анея не спяшаецца здымаць з сябе мужчынскае адзенне, загадвае свайму хаўрусніку.) Надзявай сам на яе сукню. Ды здзяры спярша штаны, а тады ўжо…
Хаўруснік пачынае тузаць дзяўчыну, але тая сама бярэ ў рукі сукню. Тут жа, на віду ва ўсіх, мяняе адзенне.
А цяпер, манах, бывай. Прабач, рукі мы табе развязаць не можам. Ногі, бачыш, таксама не спутваем, дарма што ты прыткі. А можа, бліжэй да бярозы яго, га?
Усе, акрамя Анеі, смяюцца.
Ладна, заставайся так, як ёсць. Паспееш яшчэ выспацца да раніцы. Ды не ўздумай вярнуцца ў Ізяслаў. Няма чаго бянтэжыць людскія душы.
Адыходзяць. На імшаніку застаецца адзін праваслаўны прэсвітэр. «О Госпадзі!» — ледзь не ў адчаі ўскліквае ён.
Знаёмы пакой у замку Рагнеды. У ім — княгіня. Заходзіць вядун Холад.
Рагнеда. Што табе, Холад, не сядзіцца ў тваім свяшчэнным лесе? Хіба цябе непакояць чужыя багі?
Xолад. Маю справу да княгіні.
Рагнеда. Я ўжо іншы раз хачу, каб вы рабілі свае справы без мяне.
Холад. Без прыхільнасці княгіні нельга.
Рагнеда. Гэта багі табе такую пачцівасць падказваюць?
Xолад. Княская ўлада — боская ўлада.
Рагнеда. Якая ў цябе справа?
Холад. Наконт дачкі твайго злотніка.
Рагнеда. Мне казалі, што яна нібыта знікла кудысьці?
Холад. Нашы багі наставілі яе на правільны шлях. Яна вярнулася.
Рагнеда (здзіўлена). Як вярнулася?
Холад. Пра тое адны багі ведаюць. Гэта іх тайна, як уплываць на людзей.
Рагнеда колькі часу маўчыць, ходзіць задуменна па пакоі. Спыняецца.
Рагнеда. Значыць, лёс дзяўчыны вырашаны?
Холад. Так.
Рагнеда. I чаго ад мяне твае багі чакаюць?
Холад. Каб прыйшла да свяцілішча.
Рагнеда. Калі?
Xолад. Сёння ўвечары.
Рагнеда. Ты чуў, што вялікі князь ужо прыняў хрысціянскую веру?
Холад. Чуў.
Рагнеда. I што ён нам скажа, калі дазнаецца, што дачку яго чалавека, а злотнік ягоны чалавек, дарма што тут, у Ізяславе, жыве, дык што ён скажа нам, калі дачуецца, што дачку яго чалавека прынеслі ў ахвяру драўляным багам?
Xолад. Такая воля багоў, няхай, як ты кажаш, хоць і драўляных. Але не табе, княгіня, здзекавацца з іх. Цяпер хапае каму рабіць гэта. Таму мы павінны абараняць сваіх багоў.
Рагнеда. Адкуль ты ўзяў, што здзекуюся? Але злотнік кажа, што ты знарок наваліўся на яго.
Xолад. Такая воля багоў.
Рагнеда зноў моўчкі ходзіць па пакоі.
Рагнеда. Ладна, я згаджуся прыйсці да свяцілішча. Але з той умовай, што выбар ахвяры адбудзецца нанава, пры людзях. На каго багі пакажуць, таго няхай і бяруць сабе. Няхай перад імі стануць хлопцы і дзяўчаты. А багі пакажуць, каго хочуць.
Вядун думае, пасля з неахвотай ківае ў знак згоды галавой, выходзіць.
(Пляскае ў далоні, кліча кагосьці.) Гэй!
Каля свяцілішча ў лесе, што паблізу горада Ізяслава, людскі натоўп. Вядун Холад, княгіня Рагнеда стаяць побач. За імі — нейкія язычніцкія святыя. Хтосьці са служак свяшчэннага лесу перацірае вяроўкаю знізу драўлянага ідала. Насупраць размясціліся паўкругам на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго дзяўчаты і хлопцы ў белым адзенні. Сярод іх — Анея. Служка, які перацірае ідала, увесь час пазірае на яе, нацягваючы вяроўку так, каб пакласці ідала насупраць Анеі. Людзі зачаравана сочаць за гэтым ягоным свяшчэннадзеяннем. Хтосьці выдае невыразныя гукі — ці то горлам, ці то з дапамогай музычнага інструмента. А можа, грае так наструненая вяроўка. Нарэшце служка перацірае дрэва, драўляны ідал падае на траву, паказваючы вострай галавой на Анею. Чуюцца розныя галасы — радасці, расчаравання і горычы. Злотнік кідаецца з-за натоўпу да дачкі.
Холад (да княгіні). Бачыла, багі зноў пацвердзілі свой выбар!
Рагнеда (сумна і злосна). Багі нашы сапраўды вельмі настойлівыя ў сваім жаданні. Асабліва ты, вядун!
Рагнеда ў суправаджэнні ведуна, які штосьці даводзіць ёй, пакідае ахвярную паляну.
У Рагнедзіным доме на Лыбядзі ў Кіеве Ізяслаў з радасцю кідаецца да чалавека, які расчыняе перад ім дзверы. Гэта — Фар, выхавацель велікакняскіх дзяцей.
Iзяслаў. Дзядзька Фар!..
Фар. Не забыў мяне ў сваім далёкім Ізяславе, княжыч?
Iзяслаў. Сам бачыш, не!
Фар. А я ўжо каторы дзень пасылаю людзей на бераг Дняпра, чакаем ладдзю.
Ізяслаў (усё яшчэ радуючыся). Мы — конна! Нам з дружыннікам матухна дазволіла ад Турава сесці на коней.
Фар. Ну і як? (Ляпае княжыча па клубах.) Не набіў мазалі?
Ізяслаў. Я ў сядле добра трымаюся.
Фар. Далёка адсюль твой Ізяслаў? Я ўсё прыкідваю ў галаве, дзе ён? Знаю, што ў Полацкай зямлі.
Ізяслаў. О, дзядзька Фар! Туды доўга ехаць, а яшчэ даўжэй плысці. Калі з Кіева, то спярша па Дняпры, пасля па Бярозе, затым ужо наша Свіслач. Горад наш яшчэ далей. На самым пачатку яе. Скажы, Фар, а як тут мае браты, сёстры? Маці найперш прасіла паклапаціцца пра іх.
Фар. Што тваім братам ды сёстрам? Яны ў Кіеве. Гэта ты, небарака, у глухамані. Але цяпер, думаю, усё мінецца. Вялікі князь нездарма адтуль выклікаў. Як княгіня?
Ізяслаў. Доўга сумавала. Цяпер гаспадыняй жыве ў нашым замку.
Фар. Спалохалася, калі ганец па цябе прыскакаў?
Iзяслаў. Яна ж — маці!..
Фар. Так, маці.
Ізяслаў. А навошта мяне бацька паклікаў? Дараваў мне ўчынак той?
Фар. Тваім учынкам кожны бацька павінен ганарыцца, княжыч. Праўда, спярша гарачка розум затлуміла. Ну, ды не мне судзіць князёў. А навошта паклікаў цябе бацька, дакладна не ведаю… Але не хвалюйся. Ты пакуль з дарогі памыйся, з братамі пагавары. Ты ж помніш іх?
Ізяслаў. Братоў помню. I Мсціслава, і Усевалада, а сясцёр — не.
Фар. Цяпер тут і Яраслаў жыве. Сёстры, як і ты, на маці падобны, а браты — на бацьку.
Ізяслаў. А Яраслаў — хіба наш?
Фар. Раз выхоўваўся з вамі, значыць, ваш.
Iзяслаў. Скажы, Фар, а ўвогуле… дзяцей у вялікага князя многа?
Фар. Адных сыноў — дванаццаць. Акрамя вас, што нарадзіла Рагнеда, — Вышаслаў, Святаполк, Святаслаў, Барыс, Глеб, Станіслаў, Пазвізд, Судзіслаў… Ну, а дзевак, дык… Ладна, княжыч, у нас часу пагаварыць яшчэ будзе. Ты тут прывыкай пасля дарогі, а я наведаюся ў замак, скажу вялікаму князю, што ты прыехаў. Гэй! (Пляскае ў далоні.) Хто там, нясіце княжычу Ізяславу чыстае адзенне, няхай умываецца ды адзяваецца! Ды паклічце да яго братоў і сясцёр!
Фар выходзіць. Сапраўды, пакуль Ізяслаў умываўся ды адзяваўся з дапамогай прыслужніка, да яго прыбеглі браты-падлеткі, сёстры меншага ўзросту.
Усевалад. Дарэмна не паспеў на хрышчэнне ў Кіеў! Ці, можа, знарок спазніўся?
Iзяслаў. Дарога вялікая.
Усевалад. Дзе гэта твой горад?
Ізяслаў. Як табе сказаць? Усе пытаюцца, дзе Ізяслаў, я тлумачу, а па вачах бачу, што мала хто разумее, дзе гэта. Трэба было сесці, брат, на каня ды разведаць дарогу да нас. А разам — і маці пабачыць. Нябось забыў нават аблічча яе?
Усевалад. Ты так гаворыш, быццам мы знарок?
Мсціслаў. Я добра помню маму. Нават помню, як вы з ёй ад’язджалі з Кіева.
Ізяслаў. А я вось гэтага якраз і не помню. Што было да таго, помню, а як пакідалі Кіеў — забыў.
Усевалад. Горад твой завецца па табе?
Iзяслаў. Так хацеў вялікі князь, а наш бацька Уладзімір Святаславіч. Горад будаваў для нас ён.
Мсціслаў. Пачакай, Усевалад, няхай Ізяслаў раскажа пра маму.
Першая княжна. Ага, няхай!
Ізяслаў (глядзіць на іх). Вы — мае сёстры?
Другая княжна. Сёстры, сёстры!
Ізяслаў. Які лёс у нас!.. Мець бацьку і маці, а жыць паасобку. Мама часта ўспамінае вас, тады плача, як успамінае.
Першая княжна. Яна прыгожая?
Iзяслаў. Як і вы!
Сёстры шчасліва смяюцца.
Мсціслаў. Вы, сарокі белахвостыя, клікалі б брата ў трапезную. Нябось галодны?
Ізяслаў. Не, голад чамусьці прапаў. Убачыў вас, і голад прапаў.
Другая княжна. Гэта, брацік, ад радасці. Мы таксама рады табе. (Пытаецца ў сястры.) Праўда?
Першая княжна. Праўда, праўда!
Ізяслаў. А вас — пахрысцілі ўжо ў новую веру?
Усевалад. Усе мы цяпер хрысціяне. Цябе, відаць, таксама бацька паклікаў у Кіеў дзеля гэтага.
Ізяслаў. А як… ну як хрысцяць?
Мсціслаў. Я табе раскажу.
Першая і другая княжны. Раскажы, раскажы!
Усевалад. Ціха, сарокі!
Мсціслаў. У Кіеў бацька вярнуўся з Корсуня з царыцай і адразу загадаў скінуць з гары ідалаў, адных — пасекчы, другіх — спаліць.
Першая княжна. Ты яму пра Перуна раскажы.
Мсціслаў. Не перабівай! А то абедзвюх выставім за дзверы.
Заходзіць Фар.
Фар (да Ізяслава). Ну, княжыч, можаш радавацца: вялікі князь сказаў зараз жа прывесці цябе. Абедаць будзеш ужо, няйначай, у бацькі.
Мсціслаў. Фар, мы яму не дагаварылі!
Фар. Дасць Бог, паспееце нагаварыцца.
Мсціслаў. Мы яму не дагаварылі, як людзей у Кіеве хрысцілі!
Фар. Хадзем, хадзем, Ізяслаў! (Да Мсціслава.) Я сам раскажу яму.
Першая і другая княжны (наперабой). Фар, прывядзі яго зноў да нас!
Фар. Прывяду, прывяду.
Ізяслаў і Фар ідуць па сцэне.
Iзяслаў. Ты, Фар, не даведаўся, дзеля чаго выклікаў мяне вялікі князь?
Фар. То яму аднаму ведама. Хадзем.
Ізяслаў. А што з Перуном было?
Фар (махае рукой). Ат, з ім зрабілі тое самае, што і з іншымі старымі багамі. А вось тут, па берагах гэтага Ручая, ішлі кіяўляне на Дняпро прымаць новую веру.
Ізяслаў. А што на гэта гаварылі язычніцкія святары?
Фар. Княжыч, запомні — тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.
Ізяслаў. А што ж кіяўляне? Што яны?
Фар. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават з плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: «Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго». Няверным жа тым часам загадаў сказаць: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі — ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб — будзе мне вораг!» На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцынамі і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе.
Ізяслаў. Няўжо, Фар, увесь Кіеў дабрахотам з’явіўся на хрышчэнне?
Фар. Сам жа чуеш, княжыч, вялікі князь пагражаў. Але многія з горада паўцякалі. Гэта дакладна вядома. Так што на нашай зямлі цяпер адным часам і паганскія багі, і новы, Ісус Хрыстос. I доўга яны будуць змагацца за душы людзей. Міне многа-многа часу, а на зямлі ў нас будуць прыхільнікі старой і новай веры. Але вялікі князь, пакуль жывы, не адступіцца, будзе гнаць з зямлі старую веру.
У замку, куды неўзабаве прывёў Фар княжыча Ізяслава, сустрэў іх вялікі князь Уладзімір Святаславіч. Суровы і не зусім ветлівы, Уладзімір доўга глядзеў на сына. Хто ведае, можа, здалося раптам бацьку, як стаў гэты сын яго ў абарону маці, княгіні Гарыславы. (Сцэна: няйначай, усё-ткі «ўбачыў» ён тую раніцу, прыйшла яна цяпер да яго, як насланнё.) Нарэшце вусны вялікага князя разышліся ва ўсмешцы, ён заплюскаў вачамі, яўна адганяючы ад сябе насланнё.
Уладзімір. Ты, Фар, можаш ісці. Пакінь нас адных. (Ступае да сына.) Як даехаў, сын?
Iзяслаў. Дзякаваць багам.
Уладзімір (зноў хмурачы лоб). У нас тут, у Кіеве, цяпер адзін Бог.
Ізяслаў. Так.
Уладзімір. Але пра багоў пасля. Ну-тка, выцягвай з ножнаў свой меч. (Крычыць.) Гэй, хто там, прынясіце мой меч! (Да княжыча.) А то вырас ты, бачу, з вежу, а вось якая рука ў цябе.
Вялікаму князю падносяць меч.
Трымайся! I не зважай, што перад табой вялікі князь, а твой бацька. Успомні, як кідаўся некалі абараняць маці!
Iзяслаў. Бо малы быў…
Уладзімір. Такога саромецца не варта. Іншая справа, што ў бацькі дараваць прасіць усё роўна калі, а давядзецца, аднак саромецца таго ўчынку не трэба. Ну, пачалі.
Вялікі князь і княжыч пачынаюць змагацца на мячах. Уладзімір адчувае, што сын добра валодае зброяй, крычыць: «Хвалю, Ізяслаў, хвалю!» — і спрытным ударам выбівае з рукі яго меч. Ізяслаў колькі часу стаіць збянтэжаны. Уладзімір аддае дружынніку свой меч, падыходзіць да сына, ляпае па плячы.
Значыць, недарэмна траціў час. Адчуваецца дзедава рука, ды і бацькава таксама.
Iзяслаў. Якога дзеда?
Уладзімір (амаль злосна). Не так важна! Я вось дзеля чаго цябе паклікаў у Кіеў, Ізяслаў. Хачу пасадзіць нарэшце сваіх большых сыноў на сталы ў гарадах. Вышаславу даю Ноўгарад. Святаполку — Тураў, Яраславу — Растоў. Табе, Ізяслаў,— Полацк, вотчыну твайго дзеда Рагвалода.
Ізяслаў. А што атрымаюць мае аднаўтробныя браты — Усевалад, Мсціслаў?
Уладзімір. Гэта мой клопат. Ты пра іх не турбуйся. У іх таксама ёсць бацька. Але яны яшчэ не ў гадах. Пасля атрымаюць сваё, дарма што гарадоў у маёй зямлі пакуль не хапае. (Смяецца.) Сыноў у вялікага князя кіеўскага больш, чым гарадоў. Трэба пачынаць ставіць іх паўсюды — і на Дзясне, і на Трубежы, і на Суле. Мсціславу, як падрасце, думаю аддаць Цьмутаракань, а Усеваладу — Уладзімір. Як жа твой горад выглядае цяпер?
Iзяслаў. Расце.
Уладзімір. Няхай Ізяслаў застаецца маці. А сам едзь у Полацк. Хіба не рады?
Iзяслаў. Радасць вялікая.
Уладзімір. Думаю, што атрымаць дзедаву вотчыну — гэта акурат дакрануцца гарачай рукой да радасці. У Полацку дасюль былі мае пасаднікі. Па чарзе, вядома. Цяпер ты будзеш там законным князем. Вялікі стол па-ранейшаму застаецца за мной тут, у Кіеве. Гэта ты павінен ведаць і шанаваць. У астатнім — Полацкі стол твой.
Ізяслаў. А зямля дзедава?
Уладзімір. Зразумела, што табе аддаецца пры гэтым уся Полацкая зямля, якой некалі валодаў дзед Рагвалод. Відаць, ты цяпер станеш высвятляць, што адбылося ў Полацку, калі ішоў я з Ноўгарада ў Кіеў. Табе нагавораць усялякага, толькі слухай. Маці, няйначай, таксама галаву задурыла сваёй нянавісцю. Урэшце, яе зразумець можна. Але слухай, што скажу я.
Iзяслаў. Слухаю, вялікі князь.
Уладзімір. Я напаў на Полацк і загадаў расправіцца з князем Рагвалодам. Перш за ўсё таму, што той увесь час спрабаваў адваёўваць у Ноўгарада воласці, якія ніколі не належалі яму. Па-другое, у вайне, якую вёў Ноўгарад, дзе я княжыў, Полацк падтрымліваў Кіеў, а князь Рагвалод хацеў мець за зяця Яраполка. Твой дзед па матчынай лініі, Ізяслаў, быў, такім чынам, маім ворагам. Не знішчыўшы ягонага гнязда, я не стаў бы вялікім князем у Кіеве. Разумееш?
Ізяслаў. Так.
Уладзімір. Цяпер я прыняў новую веру. I як сказаў апостал Павел: «Усе мы, хто хрысціўся ў Ісуса Хрыста, у смерць яго хрысціліся, дакладней, мы хаваліся з ім, хрышчэннем гэтым, у смерць, каб як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славай Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці». Ты з гэтага зразумеў што-небудзь?
Iзяслаў. Словы твае невыразныя пакуль.
Уладзімір. Так вучыць апостал Павел, адзін з тых, хто быў разам з Ісусам Хрыстом.
Ізяслаў (ківае галавой). Мне аб гэтым расказваў праваслаўны прэсвітэр Апанасій, што прыходзіў да нас у Ізяслаў.
Уладзімір. Я, сын мой, аддаючы табе Полацкі стол, хачу, каб ты разумеў: мінулае прайшло, цяпер усё будзе па-новаму. Але стол атрымаеш пасля таго, як прымеш новую веру. Без гэтага я не дам табе Полацкага княства.
Ізяслаў. А што старыя багі? Як мне са старой верай быць?
Уладзімір. Гэта не вера была. Звычайнае замарачэнне. Таму са старымі багамі ў сваім княстве мусіш зрабіць, як зрабіў я тут, у Кіеве. Нябось чуў?
Iзяслаў. Фар мне расказаў.
Уладзімір. Тым лепш. Бацькава воля павінна быць выканана цалкам. Я не стану доўга затрымліваць цябе ў Кіеве. Пакуль справа дойдзе да твайго хрышчэння, падбірай сабе людзей, з якімі паедзеш у Полацк. Многа адсюль не бяры. Дружыну набярэш там. А пасаднік мой табе дапаможа. Галоўнае, збяры вакол сябе разумных людзей. Слухайся іх, але і свой розум таксама май. Каго ты адсюль возьмеш? Прасі!
Iзяслаў. Нікога тут пакуль не ведаю. Але таго дружынніка, што прыязджаў да нас ганцом, дазволь узяць у Полацк.
Уладзімір. Бяры.
Ізяслаў. I Фара мне дай.
Уладзімір. А братоў тваіх ды сясцёр хто выхоўваць стане? (Падумаўшы.) Ладна, пагавару з Фарам. Яшчэ каго?
Ізяслаў. Дазволь пажыць трохі ў Кіеве, агледзецца.
Уладзімір. Добра. Але ўсё роўна доўга не затрымлівайся. У Полацку чакаюць новага князя.
Iзяслаў. Ведаюць — каго?
Уладзімір. Чакаюць, але пакуль не ведаюць. Аб гэтым знаем ты ды я. Запомні, сын: даўняе прайшло, за яго больш не трымайся, цяпер будзе ўсё новае; мы былі пагразнулі ў цемнаце і грахах; цяпер наблізілася да нас выратаванне, ноч прайшла, а дзень наблізіўся.
Iзяслаў. Што ж ты нічога не пытаеш пра маю маці, а тваю жонку?
Уладзімір. Пра яе мая воля табе выйдзе пасля. А цяпер — хадзем у трапезную, сядзем за абедзенны стол. Любіш паесці? Князь павінен многа жэрці.
Замак у Ізяславе. У святым пакоі княгіня Рагнеда, нянька. Адчыняюцца дзверы, шырокім крокам, у багатым княскім адзенні, са зброяй заходзіць Iзяслаў.
Iзяслаў. Вітаю, княгіня!
Рагнеда. Добрага дня, сын! Бачу, князем з Кіева вяртаешся?
Ізяслаў падыходзіць да маці, становіцца на правае калена, схіляе галаву.
Ізяслаў. Вялікі кіеўскі князь, а мой бацька Уладзімір Святаславіч вярнуў нам Полацкі стол.
Рагнеда. Я рада, сын, што табе нарэшце па праву дасталася дзедава вотчына. Што дзеці? Як твае браты ў Кіеве жывуць, сёстры?
Iзяслаў. Кланяюцца табе.
Рагнеда. Ніхто не захацеў прыехаць сюды?
Ізяслаў (сумеўся, але ўсё-ткі сказаў). На тое не было волі вялікага князя.
Рагнеда. Ты ўстань, князь! Значыць, Уладзімір не дараваў мне? Табе дараваў, а мне — не?
Iзяслаў. Табе застаецца на ўсё жыццё гэты горад. Я паеду сёння ж у Полацк, ты будзеш жыць тут. Па новай веры…
Рагнеда. Ты прыняў новую веру?
Ізяслаў. Так. Дык па новай веры вялікаму князю цяпер належыць мець адну жонку.
Рагнеда. Адну?
Iзяслаў. Так, адну.
Рагнеда. I ён пакідае за сабой новую, Ганну?
Ізяслаў. Я гэтым дужа не цікавіўся. Але, няйначай, гэта так. Дык згодна з новай верай князь дае волю ўсім сваім жонкам. Табе, мама, таксама.
Рагнеда. Навошта мне яго воля!
Iзяслаў. Можаш зноў выходзіць замуж.
Рагнеда. I гэта ўслед за распусным бацькам гаворыць мой сын! Я не пазнаю цябе, Ізяслаў! У Кіеве цябе падмянілі.
Ізяслаў. Не, мама, проста я стаў сапраўдным князем. А сюды прыехаў, каб пабачыць цябе і пераказаць на словах тое, што загадаў бацька.
Рагнеда. А ў Полацк? Возьмеш мяне з сабой у Полацк?
Ізяслаў. Ты застанешся жыць тут, мама. Я ўжо сказаў.
Рагнеда. Можа, вялікі князь забараняе? А ты не здольны не паслухаць яго? У цябе ж цяпер твой Полацкі стол!
Ізяслаў (да нянькі). Ты — выйдзі.
Нянька (бурчыць). Ну вось, дажыліся — ужо ад старой нянькі ў маіх князёў з’явіліся нейкія тайны! (Выходзіць.)
Ізяслаў. Я атрымаў яго з адной умовай.
Рагнеда. З якой?
Iзяслаў. Што воля вялікага князя ў Кіеве абавязкова будзе ў Полацку.
Рагнеда. I ты ўзрадаваўся такому сталу?
Ізяслаў. Я прыняў яго.
Рагнеда. Але ж полацкія князі амаль заўсёды былі незалежныя ад Кіева.
Ізяслаў. Мама, галоўнае, што ў Полацку зноў будзе свой князь.
Рагнеда. Навошта ён, такі князь, там — звязаны па руках і нагах? Дзед твой Рагвалод не схіліў галавы ні перад кім.
Iзяслаў. Затое і паплаціўся.
Рагнеда. Ён бы не паплаціўся так, калі б я самахоць згадзілася разуць ногі сыну рабыні. Ты пра гэта ведаеш?
Iзяслаў. Цяпер я ведаю шмат, мама. Але ты не павінна дакараць мяне, што я згадзіўся на пэўных умовах прыняць Полацкі стол. У мяне ў галаве снуюцца планы…
Рагнеда. О няшчасная зямля! Што з табой будзе?
Iзяслаў. Раней часу не трэба плакаць па ёй. Цяпер у яе ёсць гаспадар, свой князь.
Рагнеда. Няшчасная яна і няшчасны сын мой!
Ізяслаў. Ладна, мама, здаецца, я ўсё пераказаў, трэба спяшацца ў Полацк.
Рагнеда. Ты не раздзеліш са мной нават трапезу?
Ізяслаў. Няма калі, мама. Скажы, каб памянялі коней, а то мае стаміліся.
Рагнеда. А сам ты?
Iзяслаў. Яшчэ трымаюся ў сядле.
Рагнеда. Цяпер ужо зусім зразумела — падмянілі цябе ў Кіеве, сын! Раней ты не такі быў!
Ізяслаў. Раней не ляжаў на мне княскі клопат. Жылі сабе тут, і ўсё.
Рагнеда. Ты яшчэ ўспомніш наша тутэйшае жыццё, яно будзе здавацца табе самым лепшым.
Ізяслаў. Ты гаворыш так, быццам не жадаеш шчасця ні мне, ні нашай зямлі Полацкай, якую мы назад атрымалі?
Рагнеда. Якраз таму я і гавару гэтак, што хвалююся і за цябе і за бацькаву зямлю.
Iзяслаў. Прасі багоў за нас. Хоць што я кажу? Наконт багоў таксама ёсць воля вялікага князя. Дарэчы, трэба сказаць няньцы, каб прывялі сюды Анею. Я вазьму яе з сабой у Полацк.
Рагнеда. Яна не прыйдзе.
Ізяслаў. Чаму?
Рагнеда. Яе забралі да сябе багі.
Ад нечаканасці Ізяслаў сядае на ўслон, бярэ ў далоні твар.
Ізяслаў. Каму гэта ў галаву прыйшло аддаць яе багам у ахвяру?
Рагнеда. Самім багам. Я была тады ў свяшчэнным лесе, выбар паў на яе…
Ізяслаў. I ты не заступілася?
Рагнеда. Перад багамі ўсе людзі роўныя!
Ізяслаў (устае, бліскае вачамі). Трэба спаліць гэты лес і разбурыць свяцілішчы з усімі яго кумірамі! Так, як учынілі з імі ў Кіеве! А на іх месцы паставіць праваслаўныя цэрквы са званамі.
Рагнеда. Ты гэтага не зробіш, сын! Бо нашы багі будуць доўга харкаць крывёю ўслед вам, здрадзіўшым старой веры! Сам жа не адзін раз паўтараў за тым заходнім святаром: звон — яшчэ не малітва… (Падае перад сынам на калені.)
Ізяслаў. Устань, мама… Устань!.. (Бярэ яе, ставіць на ногі.) Урэшце, жыві тут як знаеш!.. Анея перад смерцю ні аб чым не прасіла?
Рагнеда. Не. Паводзіла сябе добра. Быццам выразна разумела, што ёй выпаў якраз такі вось лёс. Была чыстая і светлая. Ведамая справа, к багам ісці!..
Ізяслаў. А бацька яе, злотнік? Што ён?
Рагнеда. Шалеў і кідаўся на людзей.
Ізяслаў. I не абараніў? Дзе ён цяпер?
Рагнеда. Казалі, нібыта ходзіць вакол свяшчэннага лесу.
Iзяслаў. Не збіраецца помсціць?
Рагнеда. Хто ж яго ведае? Але перад багамі…
Ізяслаў. Але ж дачка…
Рагнеда. Так, сын… Але перад багамі…
Ізяслаў. Я не дарэмна кажу — трэба сапраўды гэтых лясных ідалаў і тут разбурыць. Як бацька ў Кіеве зрабіў!
Рагнеда. Не, сын, ты ўжо не чапай іх.
Ізяслаў (глядзіць амаль варожа на маці). Як знаеш!.. Бывай!.. Але новыя багі ўсё-ткі прыйдуць на змену старым! (Выходзіць.)
Усё той жа светлы пакой. Праз многа гадоў. Княгіня ўвечары стаіць каля расчыненага акна. Няйначай, што на дварэ якраз зноў пара позняга лета. У пакоі з ёю — нянька.
Рагнеда. Забылі пра нас, нянька. Нават сын забыў. Пахавалі нас тут, як у магіле.
Нянька. Такая планіда наша, княгіня.
Рагнеда. Так, планіда, будзь яна праклятая!
Чуецца, як пачынае выць недзе старая ваўчыца.
Толькі яна верная пакуль застаецца.
Нянька. Дык звер жа…
Рагнеда. Гэта я не дала яе некалі забіць Ізяславу… А вось Анею…
Княгіня слухае. I да яе прыходзіць апошні ўспамін, як цяжкі прывід: Уладзіміравы варагі ў лета 6488-е ўрываюцца ў Полацкі замак, забіваюць на вачах у Рагнеды бацьку, маці, братоў…
Канец драмы
1989
Комментарии к книге «Звон ― не малітва», Иван Гаврилович Чигринов
Всего 0 комментариев