Дакументальная аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Грахоўскі С., Рудабельская рэспубліка. Дакументальная аповесць. Мінск, «Беларусь», 1968. 324 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
АД АЎТАРАДзе яна, Рудабельская рэспубліка?
На картах ці ў падручніках геаграфіі яе не знойдзеце. I ўсё ж яна была, змагалася за права «людзьмі звацца», за свабоду, за праўду, за сённяшні дзень.
Гісторыя гэтага краю незвычайная i гераічная: у Рудабелцы амаль ніколі не было акупантаў, тут ніколі не апускаўся чырвоны сцяг, падняты над рэўкомам у лістападзе 1917 года.
Як жа ўдавалася амаль бяззбройным сялянам адстойваць сваю свабоду ад страшэннай навалы, што з усіх бакоў у розных мундзірах i пад рознымі сцягамі паўзла на Савецкую краіну? Хто гэта помніць? Хто пра гэта раскажа?
Герояў i ўдзельнікаў тых падзей застаецца ўсё меней i меней. Амаль не захавалася дакументаў часоў грамадзянскай вайны на Рудабельшчыне, не ўсё зберагла i людская памяць. I ўсё ж нельга, каб адна з яскравых старонак нашай гісторыі была забыта. Неабходна ўзнавіць найбольш важныя падзеі паўвекавой даўніны, расказаць пра першыя крокі савецкай улады на Палессі.
Зрабіць гэта мяне заклікала грамадзянскае сумленне, з'явілася прагнае жаданне падзяліцца з нашымі сучаснікамі тым, што ведаў раней, пра што дазнаўся ў апошні час.
У дзяцінстве я жыў непадалёк ад Рудабелкі. Памяць захавала водгулле тых падзей, абліччы некаторых герояў, факты i самую атмасферу грамадзянскай вайны. У 1935 годзе сустракаўся з многімі рудабельскімі партызанамі, з ix бацькамі i дзецьмі. З таго часу мяне хвалявала гэтая тэма, i я зноў пачаў пошукі. Удалося знайсці сястру першага старшыні рудабельскага рэўкома Аляксандра Салаўя — Марыю Раманаўну Андрэеву. Многія сцвярджалі, што яна загінула ў 1920 годзе. А яе ўласнае жыццё варта ўсхваляванай аповесці пра мужнасць i адданасць рэвалюцыі. Успаміны Марыі Раманаўны дапамаглі мне ўявіць многія рысы характару, зразумець вытокі ўчынкаў i подзвігаў яе гераічнага брата.
Комментарии к книге «Рудабельская рэспубліка», Сергей Иванович Граховский
Всего 0 комментариев