Зоя ПАДЛІПСКАЯ
МАНАЛОГ У ПАЎСТАГОДДЗЯ...
Раман-споведзь
Светлай памяці мамы — Ганны Канстанцінаўны Янучок (Пятровіч)
Ліст да Маці
Дзякую табе, Божа. Я нарэшце дачакалася таго моманту, калі «пачула» Ваш голас, мама. Голас, які напружана старалася ўзгадаць усе гэтыя гады. Пасля таго як Вы, адляцеўшы ў вырай, нечакана пакінулі мяне, назаўсёды пасяліўшыся ў маім сэрцы.
Прыйшоў час, і я адчула жыццёвую неабходнасць запісаць нашу з Вамі доўгую і шчырую размову за больш чым сорак гадоў.
Я гаварыла з Вамі кожны дзень, раілася, сумнявалася, скардзілася на жыццёвыя няўдачы і сціпла распавядала пра поспехі, свае і дачушак, Вашых унучак, — Ганны і Анастасіі. Я прасіла Бога, каб Вы прыйшлі да мяне ў сне, каб хоць на хвілінку адчуць сябе той сямігадовай дзяўчынкай, якую Вам горкім лёсам было наканавана так рана пакінуць.
І Вы зрэдку прыходзілі да мяне на спатканне, але сон заканчваўся. Рэаліі дня зноў адбіралі ў мяне адчуванне таго найвялікшага шчасця для кожнага чалавека, калі мама — побач.
Дзіўна і незразумела, што дзіцячая памяць на доўгія гады сцерла да болю родныя рысы Вашага твару, родны голас, постаць, пяшчоту рук. А ўрэшце, што тут дзіўнага... Усяму віною тая страшная ноч, горкае сірочае ранне і жалобны чорны дзень 24 жніўня 1972 года. Гэта ўсё навечна захавалася ў памяці, да самых драбніц. А яшчэ чырвоныя і жоўтыя вяргіні, што пышна цвілі ў нашым гародчыку і якімі так шчодра быў высыпаны Ваш апошні шлях, ад роднага парога да самых могілак. Захаваўся ў памяці і вялікі букет чырвоных вяргінь, з якім я тою ж сцяжынкаю праз тыдзень крочыла ў першы клас. І чорныя жалобныя стужачкі, уплеценыя ў мае светлыя тонкія косы. І многае іншае, што парою ўвогуле хацелася б забыць назаўсёды...
Столькі дзясяткаў вёснаў і зім я пражыла без Вас, мама. З кожным годам, пакрысе сталеючы, я ўсё часцей у думках вяла сваю ціхую размову з Вамі, па-дзіцячы спадзеючыся, што некалі пачую ў адказ: «Дачушка, я ганаруся табою...»
Комментарии к книге «Маналог у паўстагоддзя...», Зоя Падліпская
Всего 0 комментариев