«Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася»

581

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася (fb2) - Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася 100K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Михаил Иванович Делец

Міхась ДЗЯЛЕЦ

Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася

Калі б у мяне хто запытаў: як найбольш поўна ацаніць і коратка выразіць жыццё Андрэя Ягоравіча Макаёнка, я б адказаў адным словам — гарэнне. Гарэнне ва ўсім: і ў выкананні службовых абавязкаў, і ў адносінах да творчых задум, і ў шматлікіх сяброўскіх сувязях, без якіх ён не ўяўляў свайго жыцця, і ва многім іншым.

Сяброў у Андрэя Ягоравіча было багата. 3 аднымі ён крочыў поплеч у суровыя гады вайны, з другімі ён пазнаёміўся ў цяжкі пасляваенны час, з трэцімі яго сутыкнуў лёс — лёс таленавітага драматурга — на далейшым, ужо творчым шляху. Але raлоўнае, у чым быў асабліва зацікаўлены, без чаго не ўяўляў жыцця, — дык гэта ўсё тое, што было навокал яго, што адбывалася ў нашай краіне і за яе межамі. Так, ён не быў абыякавы ні да адной больш ці менш важнай падзеі, якая мела месца нават дзе-небудзь далёка, але стала яму вядомай. У тыя раннія маладыя гады, гады вучобы, збірання сіл, ён, безумоўна, не меў магчымасці выказваць усё тое, што было ў яго на душы, скажем, у перыядычным друку ці ў літаратурным творы. Але ў коле сваіх сяброў Макаёнак адкрыта і па-партыйнаму прама выказваў свае думкі, свае адносіны да розных падзей.

Ён адчуваў пастаянную прагу да ведаў, пастаянна гарэў на працы, быў прыцягальнай сілай, своеасаблівым факелам сярод сяброў. У любой кампаніі, вялікай ці малой, ён умеў быць заўсёды ў цэнтры ўвагі: і сам не сумаваў, і другім не даваў. Дзе Макаёнак — там заўсёды весела: жарты, гумар, смех.

Яго высакародная палкасць добра відаць і ў тых шматлікіх таленавітых драматургічных творах, што добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй нашай краіне i нават за яе межамі, у якіх сатырык-драматург, барацьбіт-камуніст Андрэй Макаёнак вядзе бескампрамісную размову з шматлікай аўдыторыяй гледачоў, клічучы савецкіх людзей на змаганне супраць зла і несправядлівасці, за сваё шчаслівае сённяшняе жыццё і за яшчэ больш шчаслівае будучае.

3 Андрэем Ягоравічам Макаёнкам я пазнаёміўся ў першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі, дэмабілізаваўшыся з радоў Савецкай Арміі, паступіў у 1947 годзе ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Шчаслівы лёс звёў нас у адну, дзесятую, групу — групу газетных работнікаў. I хаця гэта быў ужо другі двухгадовы набор слухачоў, яго склад, асабліва газетных груп, па-ранейшаму быў неаднародны: поруч з прадстаўнікамі перыядычнага друку, якія ў суровыя гады вайны ў падполлі, у партызанскіх атрадах, у невымерна цяжкіх умовах заклікалі савецкіх людзей на свяшчэнную вайну з чалавеканенавісніцкім фашызмам, вучыцца газетнай справе прыйшлі і былыя партыйныя і камсамольскія работнікі, настаўнікі і дэмабілізаваныя воіны. Увогуле прыйшлі ўсе тыя, хто па прызванню, з пачуццём абавязку хацеў прысвяціць сваё жыццё служэнню прэсе. I трэба адзначыць, што, нягледзячы на неаднароднасць складу, rpyпa склалася дружная, баявая і, галоўнае, працалюбівая: па паспяховасці навучання ішла наперадзе іншых груп школы. Мяне выбралі старастам групы, і я з прычыны гэтага абавязку меў дачыненне да таго, хто і як з слухачоў займаецца. Дысцыпліна была, трэба сказаць, суровая. Атрыманне тым ці іншым слухачом двойкі было надзвычайным здарэннем не толькі ў групе, але і на ўсім курсе. Яно станавілася тэмай сур'ёзнай размовы і на партыйным бюро курса, і на пасяджэннях парткома школы. Некаторых двоечнікаў запрашаў да сябе ў кабінет i дырэктар школы, былы камандзір партызанскага злучэння Ілья Паўлавіч Кожар. Пасля размовы з Ільёй Паўлавічам, які па свайму характеру быў некалькі флегматычны, але вельмі чулы і ўважлівы чалавек, за што яго слухачы не толькі паважалі, але і любілі, віноўнік сустрэчы выходзіў у такім стане, быццам ён некалькі гадзін без перапынку цягаў цяжкія грузы: чырвоны, успацелы, з жаданнем тут жа куды-небудзь знікнуць, адасобіцца. I калі яго таварышы раптам пыталіся: «Ну як там, бацька здорава лаяўся?» — ён, не падымаючы галавы, адказваў: «Лаяўся? Лепей бы ён лаяўся! Мне лягчэй было б, нават каб не тое лаяўся, а твар расквасіў,— нікому б і слова не сказаў бы! А то!.. Ды што гаварыць!» Такі слухач пасля рабіў усё, каб толькі зноў, у другі раз, не трапіць на гутарку з паважаным усімі кіраўніком школы. I двоечнікаў, у прыватнасці ў нашай групе, не было. Я сам здзіўляўся, як ужо немаладыя людзі, якія прайшлі праз суровыя гады вайны, з усімі яе жахамі і цяжкасцямі, як яны ўпарта і настойліва займаюцца. Праўда, неабходна адзначыць, што клопатам Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі і кіраўніцтва школы ўмовы для заняткаў у тыя нялёгкія гады былі створаны прыстойныя. У такіх умовах не займацца сумленна мог толькі безадказны або бяздарны чалавек, а такіх у партыйную школу не бралі.

Два гады мы з Андрэем Ягоравічам вучыліся ў партыйнай школе, два гады, дзень у дзень, вядома, акрамя выхадных і канікул, сустракаліся за партамі, слухалі адных і тых жа выкладчыкаў. Я сядзеў з Іванам Цімашэнкам за другой партай, Андрэй Ягоравіч ззаду, за трэцяй,— з Іванам Вераб'ёвым. Вучыўся Макаёнак паспяхова, пацеў, як і другія, а можа быць, нават і больш другіх, таму што калі ён адказваў на ўроках ці экзаменах, выступаў на семінарах, дык заўсёды гаварыў тэмпераментна, яго смуглаваты твар разрумяньваўся, пакрываўся буйнымі кроплямі поту. Мне здаецца, што менавіта ў гэтыя гады, гады вучобы ў партыйнай школе, ён ужо намеціў свой далейшы творчы шлях — шлях драматурга. Праўда, нам, сябрам, ён аб гэтым нічога не гаварыў. Але мы ведалі, што над невялікімі сатырычнымі творамі ён працаваў ужо. Адну з такіх п'ес, «Быць бычку на вяровачцы», мы нават збіраліся паставіць на школьнай сцэне сіламі сваёй групы.

Андрэй Ягоравіч іншы раз так захапляўся сваімі літаратурнымі вобразамі, што ча­сам забываўся, дзе ён знаходзіцца. Hi з таго ні з сяго раптам сярод урока ён мог узарвацца такім гамерычным рогатам (Макаёнак заўсёды рагатаў гучна), што ставіў у няёмкае становішча выкладчыка, а заадно i самога сябе. Пасля такога непрадбачанага «ўзрыву» Макаёнак чырванеў, прасіў прабачэння ў выкладчыка і ўсёй групы. Але іншы раз гэтыя прабачэнні не вычэрпвалі канфлікту. У нашай групе рускую мову і літаратуру выкладала незамужняя жанчына (не буду называць яе прозвішча), якая, як гаворыцца, засядзелася ў дзеўках. Яна была цікавая асоба i па тым часе апраналася з густам. Адчувалася, што камусьці з нас, таксама халасцякоў са стажам, яна хацела спадабацца. А Андрэй вазьмі ды і «ўзарвіся» двойчы запар на адным тыдні на яе ўроках, як ён потым казаў, «сваім дурацкім рогатам». Першы раз выкладчыца, нервовая па сваёй натуры, аж падскочыла з крэсла, пачырванела, прымусіла Андрэя ўстаць i тут жа за няправільныя паводзіны прабрала. Другі ж раз, рашыўшы, што Макаёнак смяецца менавіта з яе, яна, не скончыўшы ўрок, грукнула дзвярыма і пабегла ў выкладчыцкі пакой. А на наступны дзень не Андрэя, а мяне, як старасту групы, выклікаў да сябе дырэктар школы. Я, вядома, здагадаўся, дзеля чаго мяне выклікае началь­ства, і, безумоўна, хваляваўся, перажываў. I не столькі за сябе, колькі за Андрэя. Ад­чувалася, што размова будзе аб учарашнім выпадку. Яно так і здарылася. Калі я зайшоў у кабінет, Ілья Паўлавіч не сядзеў у сваім дырэктарскім крэсле, як звычайна, а расходжваў па кабінеце. «Наганяе злосць»,— падумаў я. Ён пасадзіў мяне ў крэсла, што стаяла каля масіўнага пісьмовага стала, а сам апусціўся ў такое ж крэсла насураць. Гледзячы на мяне сваім праніклівым поглядам, ён павольна, робячы паўзу амаль. пасля кожнага слова, запытаў:

— Таварыш Дзялец, вы хто: стараста ці не стараста ў сваёй групе?

— Стараста,— не вытрымліваючы яго погляду і апускаючы галаву, адказаў я.

— Дык чаму ж у вас урокі зрываюцца? Гэта ў лепшай групе школы!

— Група тут не вінавата.

— А хто ж? 3 выкладчыка пасмешышча робяць, i група не вінавата?! Здорава атрымліваецца!

Ён забарабаніў пальцамі правай рукі па стале і раптам спытаў:

— Што сабе думае гэты ваш Макаёнак?

Я крыху асмялеў, рашыў вылажыць усё начыстату. Прызнаўшы, што факт сам па сабе кепскі i што група яго не адабрае, я ў той жа час падкрэсліў, што i Макаёнка нельга так безапеляцыйна абвінавачваць. У яго гэта здараецца міжволі, ён i сам асуджае свой учынак. Але што вылецела, таго ўжо не зловіш.

— Дык што, ён гэта ненаўмысна робіць? — перапытаў Ілья Паўлавіч.— Выкладчыца сцвярджае, што смяецца Макаёнак менавіта з яе.

— Ну што вы, Ілья Паўлавіч,— працягваў я,— з ім адзін такі выпадак быў нават на агульным сходзе групы. Абмяркоўвалі мы вынікі вучэбнай чвэрці. Я выступаю з дакладам. Раптам ён як зарагоча, як закрычыць: «Бабанькі, бабанькі, крапівой яго!» Толькі калі зарагатала ўся група, Макаёнак апамятаўся, зразумеў, дзе ён, і, вядома, пачаў прасіць прабачэнкя.

— Выходзіць, ён ярка выражаны халерык,— сказаў Ілья Паўлавіч.

Я, прызнацца, тады яшчэ не ведаў, што такое халерык, і, каб не пытацца ў дырэктара аб гэтым, адказаў няпэўна:

— Штосьці ў гэтым родзе.

Ілья Паўлавіч хітравата ўсміхнуўся, падняўся з крэсла, прайшоўся па кабінеце.

— Сітуацыя, скажу, лепш не прыдумаеш,— разважаў ён, нібыта сам з сабой.— У групе зрываюцца заняткі, а вінаватых, выходзіць, няма. Адзін міжволі за'рагатаў, а другі без прычыны збег з урока...

— Ілья Паўлавіч,— перапыніў я яго,— вы ж таксама іншы раз на лекцыі, дзеля разрадкі, расказваеце забаўныя выпадкі. Хіба яна не магла выкарыстаць выхадку Ма­каёнка для разрадкі?

— Магла, вядома,— пагадзіўся i дырэктар,— ну а калі i яна па характеру таксама, як i ваш Макаёнак, халерык? Тады як?

Я не знайшоў што адказаць і прамаўчаў. Ілья Паўлавіч таксама некаторы час моўчкі хадзіў па кабінеце, Потым падышоў і спыніўся ззаду крэсла, на якім толькі што сядзеў.

— Вось што, дарагі стараста,— ужо патрабавальным тонам працягваў ён,— халерык ці не халерык слухач таварыш Макаёнак, i я таксама не ведаю, якія літаратурныя вобразы ён выношвае ў сваёй галаве, але падобнае не павінна паўтарыцца на занятках. Для гэтага ёсць свабодны час: тут твары колькі хочаш i як хочаш. Калі ж кожны слухач на лекцыях ды ўроках пачне займацца, чым яму ўздумаецца, у што тады ператворацца заняткі?! Што ж тады гаварыць аб дысцыпліне?!

Дырэктар зноў трохі памаўчаў, нешта абдумваючы, i потым заключыў:

— Прапясочце Макаёнка на трохкутніку, — у трохкутнік групы ўваходзілі сакратар партгрупы, прафсаюзны арганізатар i стараста. — Упэўнены: крытыка сяброў пойдзе яму на карысць.

3 гэтым Ілья Паўлавіч і адпусціў мяне.

На пасяджэнні кіраўніцтва групы, дзе прысутнічаў i Макаёнак, я далажыў аб змесце размовы ў дырэктара школы, папракнуў Андрэя за нястрыманасць. Ён даў слова, што падобных фактаў больш не будзе. «Папрашу, — сказаў, — Вераб'ёва, каб штурхаў мяне ў бок, калі я незнарок пачну замыкацца ў сабе, ляцець у аблокі».

Хаця ў далейшым новых непрыемных інцыдэнтаў на занятках у Андрэя не было, работу над стварэннем новых сатырычных вобразаў ён, несумненна, працягваў. У гэ­тым мы пераканаліся, калі перад выпускным экзаменам пісалі заключную работу па беларускай мове. Гэты предмет у нашей групе выкладаў Куляшоў Іван Вaсільевіч. Чалавек ён спакойны, разважлівы, з вялікім жыццёвым вопытам. Беларускую мову ведаў дасканала i нам прывіваў любоў да яе. Хaця мaтэрыял сам па сабе сухі, але заняткі Куляшоў праводзіў цікава, падбіраючы заўсёды вельмі арыгінальныя прыклады.

На гэты раз, перш чым даць нам заданне, выкладчык зрабіў невялікую прадмову. «Два гады, дарагія сябры, праскочылі неяк непрыкметна, — пачаў Іван Васільевіч, — Мы, можна сказаць, па-сапраўднаму толькі пазналі адзін другога, так-так... — Словы «так-так» Куляшоў ужываў вельмі часта,— а ўжо расставацца неабходна. Праз некалькі месяцаў з новымі слухачамі я буду вывучаць свой курс з самага пачатку, а вы пойдзеце ў вялікую жыццёвую і, мне хочацца верыць, так-так, творчую дарогу, да чаго вас абавязвае выбраная прафесія. Не магу сказаць, што ўсе вы станеце славутымі, так-так, але цвёрда веру, будуць сярод вас і таленавітыя журналісты, і вялікія рэдактары, а можа быць, і масцітыя пісьменнікі. Усё можа быць, так-так. Усё будзе залежаць ад вас, ад вашай працаздольнасці. Талент, які дадзены чалавеку, сам па сабе не раскрываецца. ён патрабуе працы, працы i яшчэ раз працы.

Куляшоў уздыхнуў, падняў уверх галаву, быццам хацеў угледзецца ўдалечыню, убачыць нашу будучую дарогу, і працягваў:

— Не ведаю, ці будзеце вы памятаць пра мяне. Я, здаецца, стараўся ўсё рабіць, каб вас зацікавіць сваім предметам, так-так, а мне хочацца захаваць памяць аб вашай дружнaй, здольнай групе, у якой, на мой погляд, ёсць добры творчы патэмцыял. I вось я вырашыў,— Куляшоў загадкаве ўсміхнуўся,— не давaць вам звычайнaга дыктaнтa, як мы рабілі раней. Усё роўна памылак, дапушчаных у ім, мы ўжо не паправім, так-так. Вы напішаце сачыненне на вольную тэму. Пісаць можна aб усім, што кaго хвaлюе: перажытае ў гады вaйны, цяперешняя рэчаіснасць і заўтрашні дзень, вашы мары і імкненні... Адным словам, ніякіх абмежеванняў. Адно толькі пажаданне: пішыце з душой! I тэрмін даю вам на сачыненне не дзве вучэбныя гадзіны, а творчы тыдзень. Праз тыдзень работы здаяце старасту.

Безумоўна, пасля такогa нaстаўлення ўсе мы без выключэння стараліся паказаць, што два гады вучобы ў партшколе не прайшлі бясследне для нас i што мы ўжо чаго-небудзь варты.

Праз тыдзень сaчыненні былі ў Куляшова, а яшчэ праз тыдзень ён прынёс іх на заняткі прачытaныя ўжо. На нашы нецярплівыя пытанні: «Ну як сaчыненні?» ён, усміхаючыся, адкaзаў:

— Нядрэнна, нядрэнна ўвогуле, так-так. А вось у некаторых нават вельмі нядрэнна. Асобныя сачыненні мне хaцелеся б нават зачытаць. Узяць, да прыкладу, сатырычнае апавяданне тавaрышa Макаёнка. Гэта, я вам скажу, хаця і невялікі, але ўжо літарaтурны твор, тaк-так. Яго можна смела друкаваць.

Куляшоў пачаў з выразaм, было відаць, што ён да гэтага ўжо не раз прайшоўся па сачыненню Андрэя Ягоравіча, чытаць забaўную гісторыю aб тым, як у спякотны летні дзень старшыня калгаса «Бярозавы гай» Арсен Нестаравіч Берднікаў дабіраўся з раённага цэнтра дамоў. Сюжэт зусім просты: старшыня на сваёй калымазе знаёмай дарогай, па якой матляўся сотні разоў, едзе дамоў. Што тут можа быць цікавага, смешнага? Але Макаёнак паставіў свайго героя ў такія камічныя сітуацыі, што не смяяцца было нельга. I ўся група, у тым ліку i сам Макаёнак, рагатала. Нам здавалася, што гэта была першая ацэнка будучага таленту. Мы радаваліся за свайго таварыша.

Кончыўшы чытаць, Куляшоў некаторы час углядаўся ў нашы расчырванелыя ад смеху твары, а потым коратка заключыў:

— Напісана, можна смела сказаць, выдатна!

Пасля заканчэння партыйнай школы Андрэй Ягоравіч Макаёнак застаўся працаваць у Мінску, у часопісе «Вожык», мяне накіравалі ў Баранавіцкую абласную газету «Чырвоная звязда». 3 гэтага часу нашы сустрэчы былі рэдкія, эпізадычныя. Так атрымалася, што Макаёнак, працягваючы журналісцкую працу, пачаў сур'ёзна займацца драматургіяй. Я ж, пасля загартоўкі газетнай працай, пачаў потым працаваць у мясцовых савецкіх i пaртыйных органах. У гэты перыяд прыпамінаецца толькі aдзін выпадак, калі мы, тры былыя слухачы дзесятай групы партшколы, Цімашэнка Іван Восіпавіч, Верaб'ёў Іван Пятровіч і я, выпадкова сустрэліся ў гасцініцы «Беларусь» у Мінску. Вераб'ёў, у той час рэдактaр Нaвaгрудскaй рaённaй газеты, чалaвек з выгляду вельмі просты (дaклaдней скaзаць, ён толькі прыкідваўся праставатым, а на самой справе разумны, з гумарам у душы), раптaм ні з таго ні з сяго прапанавaў:

— Хлопцы, а ці не завітaць нам усім да Макаёнка ў госці? Ён жа цяпер вядомы драматург! Вунь п'есы па ўсёй краіне разышліся.

— Гэта правільна,— пагадзіўся і я,— але вось таму, мне здаецца, нам і не трэба нязванымі ламацца ў кватэру.

Цімашэнка мяне падтрымаў. Але Вераб'ёў не здаваўся:

— Якія ж вы сябры? Колькі гадоў не бачыліся і сустрэцца баіцеся.

— Мы тут спрачаемся і, магчыма, дарэмна,— заўважыў я.— А раптам яго і дома зусім няма?

— Чаго прасцей, — сказаў Іван Восіпавіч, — спачатку пазваніць па тэлефоне, даведацца, ці дома, а калі дома, у гутарцы высветліць, ці ёсць у яго магчымасць з намі сустрэцца.

— Глядзі ты, — усміхнуўся Вераб'ёў, — далікатныя людзі цяпер у міліцыі працуюць (Цімашэнка ўжо служыў у органах МУС). Пазваніць, даведацца... Чорт з вамі, зараз пайду, пазваню... Чакайце...

Ён выйшаў з нумара, дзе мы знаходзіліся. Тады ў звычайных нумарах гасцініцы тэлефонных апаратаў не было, ён стаяў толькі на стале ў дзяжурнай па паверху. Мінут праз пяць-дзесяць Іван Пятровіч вярнуўся:

— Ну, што я сказаў?! — яшчэ не закрыўшы дзвярэй, узбуджана загаманіў ён.— Сапраўдных сяброў высокае становішча не псуе. Андрэй ёсць Андрэй, той, якога мы добра ведаем. I ён чакае нас у сваёй кватэры.

Мы моўчкі выслухалі ўзвышаную тыраду нашага сябра, i потым я сказаў:

— Раз ён чакае, дык мы затрымлівацца не будзем.

Макаёнак жыў тады па вуліцы Карла Маркса непадалёк ад гасцініцы «Беларусь». Праз якіх-небудзь паўгадзіны мы ўжо былі ў яго. За некалькі гадоў нашай разлукi Андрэй ніколькі не змяніўся. Такі ж, як i раней, рухавы, усмешлівы. Кожнага з нас ён па чарзе моцна абняў, прыгаворваючы:

— Нічога, нічога, хлопцы, дабрэеце на мясцовых харчах.

— Жывём па закону сацыялізму, — адказаў за ўсіх Іван Пятровіч, — хто працуе, той і есць.

— Ведаю, ведаю, Ваня, — заўсміхаўся Макаёнак, — яшчэ па партшколе ведаю, што ты гэты закон любіш. Не раз i мяне хатнім салам і каўбасой частаваў.

— Я i зараз магу пачаставаць, — прызнаўся Вераб'ёў.— Гэты харч у мяне ніколі не выводзіцца.

— На гэты раз, дружа, твой фокус не атрымаецца, — Макаёнак злёгку паляпаў Вераб’ёва па плячы. — Вы мае госці — частаваць буду я.

Андрэй запрасіў нас у суседні пакой, дзе каля стала ўжо завіхалася яго мілавідная гаспадыня. Жонка з намі павіталася даволі лагодна, i як толькі мы ўселіся за сталом, яна, шапнуўшы нешта Андрэю Ягоравічу на вуха, тут жа выйшла.

— Гаспадыня што, з намі не прысядзе? — спытаў Цімашэнка.

— Не хоча ўмешвацца ў мужчынскую гамонку,— жартаўліва адказаў Макаёнак i больш сур'ёзна дадаў.— Ёй па справе ісці трэба.

Мы засталіся адны, і сапраўды пачалася мужчынская размова. Успаміналі партшкольныя часы, сяброў, якія раз'ехаліся па ўсёй рэспубліцы, гаварылі аб тым, дзе і як хто ўладкаваўся, аб нялёгкай працы раёншчыкаў. Нарэшце дабраліся да драматургіі. Калі гаворка зайшла пра п'есу «Лявоніха на арбіце», Макаёнак раптам спытаў:

— Ну, як вам, падабаецца мая Лявоніха?

Я, к свайму сораму, толькі чуў, што п'еса вельмі актуальная, вострасатырычная, а вось глядзець яе не глядзеў.

Цімашэнка з адказам таксама не спяшаўся. I толькі Вераб'ёў упэўнена адказаў;

— Выдатная п'еса!

— Чым ты можаш гэта пацвердзіць? — Андрэй Ягоравіч паглядзеў ва ўпор на Вераб'ёва і ўсміхнуўся, маўляў, сказаць «выдатная п’еса» для драматурга мала, ён хо­ча ведаць больш: якую рэакцыю ў душы яна выклікала, якія практычныя вывады глядач для сябе зрабіў.

— Да чаго заахвоціла цябе мая п'еса?

— Да чаго? — Вераб'ёў таксама ўсміхнуўся.— Я прыйшоў дамоў пасля спектакля і паганяў цешчу.

Адказ быў такі дзіўны і нечаканы, што ўсе мы, зразумела, акрамя Вераб'ёва, зайшліся смехам. Асабліва заразліва рагатаў Макаёнак, Не перастаючы рагатаць, выціраючы насавіком слёзы з вачэй, ён дапытваўся:

— Ваня... дарагі... пры чым тут цешча? За што ты яе?

Вераб’ёў, як ні ў чым ні бывала, нават не ўсміхнуўшыся, адказаў:

— Каб болей не утыкала свой нос, куды не патрэбна.

Макаёнак ізноў заліўся смехам:

— Вось гэта вывад, вось гэта эмоцыі! Абавязкова патэлефаную ў Кіеў майму сябру Заграбельнаму, ён аднойчы цікавіўся, як гледачы рэагуюць на мае п'есы. Цяпер я з поўнай падставай скажу яму, што самым рашучым чынам!

Гутарка наша працягвалася, як раптам зазвінеў у калідоры званок, Андрэй Ягоравіч выйшаў i тут жа вярнуўся з двума невядомымі таварышамі. Адзін з іх, вышэй сярэдняга росту, поўны, шыракатвары мужчына, як мы потым пры знаёмстве даведаліся, быў галоўным рэжысёрам тэатра Савецкай Арміі, а другі, хударлявы i намнога маладзейшы,— галоўны мастак тэатра. Андрэй Ягоравіч запрасіў іх да стала. Але яны катэгарычна адмовіліся, растлумачыўшы, што зайшлі толькі на хвіліну перад спектаклем.

— Спектакль сёння ў нас незвычайны, — паведамілі масквічы, — «Лявоніху на арбіце» ставім дзвесце пяцідзесяты раз. Своеасаблівы юбілей. Вось калектыў тэатра і даручыў нам запрасіць аўтара на сустрэчу пасля спектакля. Вельмі просім, Андрэй Ягоравіч, уважыць нашу просьбу.

Макаёнак паглядзеў на масквічоў, якія па-ранейшаму стаялі каля стала, потым кінуў погляд на нас:

— Ведаеце, якая тут штука, вельмі хацелася сёння вечар правесці са сваімі старымі, — ён слова «старым!» падкрэслена расцягнуў, — сябрамі. Але i вам таксама адмовіць нельга, не адзін год ужо сябруем.

— Правільна,— пагадзіліся масквічы.

— Што ж тут прыдумаць? — гаспадар задумаўся, забарабаніў пальцам! па стале.

— Нічога не трэба прыдумваць,— сказалi мы ўсе разам. — Вось яшчэ з гадзіну пагутарым i пойдзем.

Андрэй Ягоравіч, як быццам нас не чуў, спытаў у масквічоў:

— Мы з вамі дзе павінны сустрэцца?

— У гасцініцы «Беларусь».

— Калi?

— Гадзін у адзінаццаць вечара.

— Выдатна. Я абавязкова буду.

Калі масквічы пайшлі, Андрэй Ягоравіч прапанаваў нам:

— Ведаеце што, сябры, дома ў мяне гарачага на вячэру нічога няма, а паесці неабходна добра, дык цi не лепей нам таксама перайсці ў рэстаран гасцініцы «Беларусь». Тым больш, што ўсе вы ў ёй жывяце. Там, нікуды не спяшаючыся, пасядзім, працягнем нашу размову. Вы не ўяўляеце, як я вам рады i як мне хочацца уволю з вамі нагаварыцца.

Мы, ведаючы ўжо аб маючай адбыцца сустрэчы, спрабавалi адмовіцца, але Макаёнак i слухаць не хацеў:

— За колькi год першы раз сустрэліся — i ўцякаць?! Гэта, браткі, сорам!

Бачачы нашу нерашучасць, Андрэй Ягоравіч, звяртаючыся да Вераб'ёва, дадаў:

— У гасцініцы ты мяне, Іван Пятровіч, і сваімі хатнімі прыпасамі пачастуеш. Прызнацца, я ўжо даўно сялянскай каўбаскі не каштаваў.

— Гэта іншая справа, — адказаў Вераб'ёў. — У такім выпадку прапанова прымаецца.

Вечар гэты запомніўся назаўсёды. Гутарылі мы доўга, гутарылі аб розным. Успаміналі сяброў, з якімі вучыліся. Андрэй Ягоравіч цікавіўся, як ідуць справы ў калгасах і саўгасах, які настрой у людзей. I мы разумелі, што і яго гэтая тэма хвалюе. У сваю чаргу мы дапытваліся ў Макаёнка аб яго далейшых творчых планах. У канцы Андрэй Ягоравіч сказаў, што ён захапіўся калгаснай тэматыкай. Усё ж мы зразумелі, што працягваць размову на гэтую тэму ў яго не было настрою. I наогул яўна адчувалася, што яго нешта турбуе, што ён штосьці недагаворвае. Нам карцела праясніць гэту акалічнасць, але ў рэстаране з'явіліся маскоўскія артысты, Андрэй Ягоравіч перайшоў да іх.

Толькі праз некалькі гадоў, калі Макаёнак скасаваў шлюб са сваёй жонкай Аленай, я даведаўся, што прычынай тых яго хваляванняў было сямейнае жыццё.

Больш частыя сталі сустрэчы, больш цесныя ўзаемаадносіны пасля таго, як я пераехаў на працу ў Мінск. У сакавіку 1969 года мяне прызначылі рэдактарам рэспубліканскaй газеты «Звязда». Адным з першых, хто прыйшоў мяне павіншаваць, быў Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Ён у тэты час быў ужо галоўным рэдактарам часопіса «Нёман».

— Ну, Міхал, — ён i пасля ўвесь час, калі мы былі не на людзях, называў мяне не Міхаілам, а Міхалам, — ад душы віншую цябе з гэтай пасадай i жадаю найлепшых поспехаў!

Я падзякаваў яму за віншаванні і сказаў:

— Я разлічваю i на тваю дапамогу.

— Маю дапамогу? — перапытаў Макаёнак.— Якую дапамогу я магу табе аказаць? Крытыкаваць «Звязду» «Нёман» не мае права. Наадварот, сам пабойваецце, каб ад яе не дасталося. А што яшчэ?

— Бачыш, мы на адным з рэдакцыйных сходаў аналізавалі становішча, чаму «Звязда» губляе падпісчыкаў. I прыйшлі да вываду: адной з прычын з'яўляецца тое, што ў газеце вельмі рэдка выступаюць вядучыя пісьменнікі рэспублікі са сваімі новымі творамі.

— Дык «Звязда», скажам, раманы ці апавяданні ды i п'есы цалкам же друкаваць не зможа? — зазначыў Андрэй Ягоравіч.

— Вялікія творы друкаваць поўнасцю ў газеце, безумоўна, нельга,— адказаў я.— Але найбольш яркія ўрыўкі даваць не толькі можна, але i неабходна. Гэтым мы будзем і павышаць аўтарытэт газеты, і папулярызаваць саміх аўтараў, іх новыя творы.

— Выходзіць, калі напісаў дрэнную аповесць або п'есу, дык яе трэба несці не ў выдавецтва, а к вам у газету. Вы друкуеце з яе лепшыя ўрыўкі, i яна потым ідзе за мілую душу? — з'іранізаваў Макаёнак і засмяяўся.— Так я зразумеў?

— Не, не так, — гэта была наша першая размова пасля даволі доўгагa рaсстaння,i мне хацелaся яе прaцягваць.— Па-першае, «Звязда» не такая газета, каб друкаваць урыўкі з дрэнных аповесцей ці п'ес, па-другое, я думаю, што дрэнных твораў вы і ў «Нёмене» не друкуеце.

— Калi шчыра сказаць, хацелася б не друкавaць, aле даводзіцца... Іншы раз проста выбару няма, — Андрэй Ягорaвіч хітра ўсміхнуўся. — Вось тады i мы друкуем урыўкі, так сказаць, лепшае з горшага.

— Ваш чaсопіс тоўсты, матэрыялу патрэбна многа, тут сапрaўды іншы рaз яго не назапасіш, — згадзіўся я. — А для газеты заўсёды што-небудзь цікавае выбраць можна. Вось, скажам, мы крытыкуем многія клубы, што ў іх дрэнна абстаяць справы з самадзейнасцю. Крытыкуем справядліва. А калі паглядзець з другога боку: што можна ўзяць для самадзейнасці з нашай газеты? Не шпарка разгонішся! Цікавыя навела ці апавяданне друкуюцце рэдка. Аб скетчах, невялікіх п’есах i гаварыць не прыходзіцца. Вось, для прыкладу, ты, Андрэй, у апошнія гады, калі стаў вядомым драматургам, напісаў што-небудзь для самадзейных драматычных гурткоў?

— А навошта? — здзівіўся ён.— Я пішу вялікія п'есы.

— Правільна, вялікая п'еса лепей. Але яе паставяць у рэспубліцы ў адным, у лепшым выпадку ў двух тэатрах. А малую маглі б сыграць у сотнях, а то i тысячах самадзейных калектывах. Якая шырыня вядомасці.

— Ды дзе ж цяпер гэтыя калектывы? Іх жа няма!

— У гэтым вялікую віну павінны ўзяць і вы, драматургi, на сябе.

— Ты ведаеш, Міхал, а я аб гэтым не падумаў, — прызнаўся ён.

— Чыстaсaрдэчнaе прызнанне змякчае віну, — пажaртаваў я. — Рaз пaмылкa дапушчана, яе трэба выпраўляць. Калі ты не пярэчыш, я зраблю адну прапанову...

— Якую? — пацікaвіўся Андрэй Ягоравіч.

— Ты, не адкладваючы ў доўгую скрынку, пішаш невялікую п'есу для самадзейных калектываў, i мы яе тут же друкуем у «Звяздзе».

— Бач пад'ехаў! — Макаёнак адкінуў рукой песмы сваіх чорных валасоў, што звісалі над вачыма. — Разумеет, хацелася якраз брацца за новую вялікую п'есу.

— Пачaкай з ёю крыху, панасі ў себе, — не адступаў я. — Аднаактоўка ў цябе больш месяца-двух не зойме ж?

— Ды не, вядоме.

— Дык ці не варта табе ўважыць самадзейныя калектывы, а заадно i сябра? Вось у гэтым твая дапамога i будзе.

На гэтай першай сустрэчы ў рэдакцыі мы дамовіліся, што кожная новaя п'есa, якая будзе Макaёнкам напісанa, упершыню з’явіцца перад чытачамі «Звязды».

Андрэй Ягоравіч даў цвёрдае слова.

Зноў у рэдакцыі Андрэй Ягоравіч з'явіўся дзесьці праз месяц.

— Ну, Міхал, рыхтуй прэмію! Тваё першае задание выканаў! — ён дастаў з папкі і неяк вельмі ўжо ўрачыста паклаў на стол рукапіс, на вокладцы якога было надрукавана: «Трыбунал».

Я запрасіў яго сесці, а сам пачаў гартаць рукапіс. I тут Макаёнак зноў загаварыў:

— Вось толькі аднаактоўка не атрымалася. Сеў пісаць, і ўсё так лёгка пайшло, разумееш, што не заўважыў, як вялікая п'еса вырысавалася. Але клянуся, слова гонару, задумвалася аднаактоўка: і персанажаў мала, і дзеянне праходзіць у адным месцы, так што дэкарацыі мяняць не трэба. Словам, гэтую вялікую п'есу можна ставіць і ў драмгуртках.

Я быў вельмі ўзрадаваны такой пунктуальнасцю сябра і наперад, яшчэ не чытаючы, сардэчна падзякаваў яму за п'есу.

— Якая б яна вялікая ні была, — сказаў я, — мы яе надрукуем цалкам.

— Ты спачатку пачытай, пачытай, — усміхаючыся, казаў Макаёнак, — можа, яшчэ забракует?

— На ўрыўкі намякаеш?

— Не, навошта? Самому мне п'еса падабаецца. Аказалася, я яе даўно выношваў. Часта думаў над тым, як паказаць усенародную барацьбу з фашызмам, не выводзячы на сцэну вялікую колькасць людзей. А тут вось гэта задача: напісаць аднаактоўку, што паставіла мяне ў пэўныя рамкі і ўрэшце рэшт дапамагло мне. Увогуле, ты пачытай уважліва, на мой погляд, п'еса атрымалася нядрэнная.

Неўзабаве Андрэй Ягоравіч, спаслаўшыся на якуюсьці сустрэчу ў Саюзе пісьменнікаў, пайшоў. Я адразу ж прыняўся чытаць п'есу. Чытаў і здзіўляўся: які просты сюжэт і як напісана проста, але які глыбокі сэнс закладзены! На абмежаваным плацдарме канфлікту ў адной сям'і паказаны адносіны беларускага народа да гітлераўскіх акупантаў.

Праз тыдзень аддзел літаратуры і мастацтва падрыхтаваў п’есу да друку, і яна была надрукавана часткамі ў некалькіх нумарах, Рэдакцыя пацікавілася, які водгук «Трыбунал» выклікаў у чытачоў. Ён быў самы спрыяльны.

Наступная п'еса, якую Макаёнак прынёс у «Звязду», была «Таблетку пад язык». Андрэй Ягоравіч расказваў мне, што яе сюжэт і прататыпы многіх герояў п'есы знайшоў у калгасе «Новае Палессе» Лунінецкага раёна, дзе, дарэчы, старшынёй быў наш аднакурснік па партыйнай школе Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч. Па запрашэнню Уладзіміра Апанасавіча Макаёнак непрацяглы час жыў у гэтым калгасе, цікавіўсяі працоўным днём старшыні, жыццём і працай калгаснікаў, побытам і звычаямі палескай вёскі. Многа гутарыў з калгаснікамі — з маладымі і пажылымі. Яго ўжо тады хвалявала пытанне: чаму вёска старэе, чаму ў ёй не затрымліваецца моладзь. Вынiкам гэтых шматлікіх сустрэч і з'явілася п'еса «Таблетку пад язык».

Андрэй Ягоравіч, перадаючы мне п'есу, папярэдзіў, што дзён праз дзесяць-пятнаццаць ён едзе на адпачынак, так што калі будуць якія заўвагі, дык пажадана разгледзець іх да адпачынку. У рэдакцыі п'есу мы прачыталі хутка. Заўвагі, хаця і невялікія, але былі. Макаёнак уводзіў у п'есу некаторых палітычных дзеячаў міжнароднага маштабу, прычым у негатыўным плане. 3 сюжэтам п'есы гэта ніяк не было звязана, упаміналіся яны як бы між іншым. Мы прапанавалі зняць гэтыя ўпамінанні, і Андрэй Ягоравіч пагадзіўся з намі.

Ён паехаў адпачываць, а мы ў «Звяздзе» пачалі часткамі, ці, як у рэдакцыйнай кухні называлася, кавалкамі, друкаваць «Таблетку пад язык». У чатырох нумарах ужо былі публікацыі, i раптам мне пазванілі: публікацыю п'есы часова спыніць. Але чаму, таварыш, які перадаваў мне ўказанне, не мог сказаць. Ён шчыра прызнаўся, што i сам не ведае.

Гэты званок усхваляваў мяне. У той жа вечар я яшчэ раз перачытаў п'есу. Ці не дапусцілі мы з аўтарам якую памылку? Як ні стараўся з рэдактарскага пункту гледжання знайсці што-небудзь падазронае, з двайным сэнсам — нічога не знайшоў. А тут прыкладна дзесьці праз тыдзень у рэдакцыі пачалі раздавацца званкі: чаму спынілі друкаваць п’есу Андрэя Макаёнка? Гэтыя званкі нас, з аднаго боку, радавалі, мы пераконваліся, што п'есу нашы падпісчыкі чытаюць i што яна ix хвалюе. А з другога боку, мы адчувалі сябе няёмка, таму што пераканаўча адказаць, чаму рэдакцыя спыніла публікацыю п'есы, не маглі. Тады я пайшоў да загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Паведаміў яму, што п'есу «Таблетку пад язык» сам перачытваў некалькі разоў, чыталі яе і іншыя супрацоўнікі рэдакцыі і што мы не знаходзім нічога такога, каб яе не публікаваць. Тым больш, што ўжо і званкі раздаюцца ў рэдакцыі: чытачы цікавяцца, чаму спынена публікацыя. Мы павінны або працягваць публікацыю, сказаў у заключэнне я, або растлумачыць чытачам прычыну спынення публікацыі. Другога выйсця няма, калі газета не абыякавая да свайго аўтарытэту.

Загадчык аддзела паабяцаў мне, што пастараецца разабрацца і дасць вычарпальны адказ. I сапраўды. Праз тры дні ён пазваніў мне і сказаў, што п'есу можна працягваць друкаваць.

Макаёнак таксама, як аказалася, хаця і быў у адпачынку, але за публікацыяй сваёй п’есы сачыў. Друкаванне п'есы ў цэнтральным органе Кампартыі рэспублікі было добрай гарантыяй, ва ўсякім выпадку лепш любой станоўчай рэцэнзіі, для далейшага прасоўвання яе на тэатральную сцэну. А тут замінка. Дзесьці на сярэдзіне п'есу перасталі друкаваць. Гэта, безумоўна, не магло не ўсхваляваць такога эмацыянальнага аўтара. Як рэагаваў Андрэй Ягоравіч на тэты факт, мне невядома. Але як толькі ён прыбыў з адпачынку, дык адразу ж з'явіўся ў рэдакцыі. I першымі яго словамi былі:

— Ну як, Міхал, папала за мяне? Будзеш ведаць, брат, як даваць абавязацельствы першым друкаваць п'есы, ды яшчэ настырнага Макаёнка.

— Нічога не папала,— адказаў я.— Проста атрымалася нейкае непаразуменне. Цяпер жа ўсё, як было дамоўлена,— п'еса надрукавана.

— Ведаю, ведаю, дарагі, не скромнічай. — Ён адкінуўся на спінку стула, паглядзеў праз акно кудысьці ўдалечыню. Потым павярнуўся да мяне і працягваў: — Калі на сцэне з’яўляецца нецікавая, нудная п'еса, усе абураюцца: няўжо не знойдзецца чалавек, які б напісаў што-небудзь вастрэй, цікавей! А напішы вастрэй, абавязкова каму-небудзь пакажацца небяспечным, як бы чаго не выйшла. I пачынай тады даказваць, што гэта белае, а не чорнае, і рэжысёру, і ў міністэрстве, а іншы раз і вышэй. Чэсна скажу, вельмі складана і вельмі цяжка быць драматургам-сатырыкам.

— Але затое і прыемна, калі твае п'есы ідуць па ўсёй краіне і ўсюды сустракаюць гарачае адабрэнне,— заўважыў я.

— Апладысменты, вядома, прыемная рэч. Але гледачы ж не ведаюць, колькі поту выльецце ў драматурге, пакуль яго п'еса трапіць на суд грамадскі.

Быццам бы ў пацвярджэнне сказанага Андрэй Ягоравіч дастаў з кішэні насоўку і выцер пот, які пачаў выступаць на твары.

— А перада мною ты чаго пацееш? — пажартаваў я.

— Чорт яго ведае чаго, — сказаў Макаёнак, — у апошні час штосьці часта пачало працінаць потам. Старэю ці што?

— Старэць табе не дазволена, — адрэагаваў я.

— Гэта ж чаму?

— Халасцяк жа ты, а халасцякі заўсёды маладыя.

— Парахня сыплецца, а ён нос угору, — Макаёнак засмяяўся.

— Вядома, так. — Я рашыў высветліць, ці не цяжкавата для Макаёнка халасцяцкае жыццё, таму спытаў: — Андрэй, ці не цяжка жыць табе аднаму?

— Аднаму? — перапытаў ён.— Тут коратка не адкажаш. Усё залежыць ад таго, з якога боку падыдзем да гэтага пытання. Калі ўзяць бытавы бок, дык, вядома, цяжкавата. Тут жонка незаменная. А калі ж падысці з творчага боку — зусім іншая справа. Разумееш, за дванаццаць год сямейнага жыцця я з цяжкасцю напісаў чатыры п’есы. I чатыры мае лепшыя п'есы выдаў, як кажуць, нагара за чатыры гады халасцякоўства. Свабоды больш, менш матання нерваў.

— Але i да цябе ўвагі менш?

— Эге, браток, не тое толькі сонца, што свеціць у аконцa. Увага жонкі добра. Але ты не ўлічваеш увагі гледачоў, грaмадскасці. А начальства?! — сказеў ён і рассмяяўся. — Вось ты, Міхал, таксамa немaлaя шышка. А якую ўвагу да мяне праявіў! Як быццам простую справу зрабіў — надрукаваў п’есу. Але ці ведаеш ты, якую процьму клопатaў зняў з мaіх плеч. «Звязда» — орган Цэнтральнага Камітэта Кампартыі рэспублікі. Раз яна ацаніла п'есу, недрукаваўшы яе, выходзіць, п'еса пaтрэбнaя. Так я рaзумею?

— Вядоме, тaк,— згадзіўся я з яго думкаю.

— Дык вось, калі пасля гэтага якія жукі i пачнуць мне гудзець над вухам, з дапамогай «Звязды» я ад ix хутка адаб'юся.

Калі размова была закончана i Андрэй Ягоравіч ужо збіраўся выходзіць, на развітанне паціснуўшы мне руку, ён раптам затрымаўся, ціха сказаў:

— Слухай, Міхал, ледзь не забыў. Нядаўна быў у дзеда, Кандрата Кандратавіча. Стары напісаў п'есу. Даў мне яе пачытаць, папярэдзіўшы, каб нікому аб ёй не распаўсюджваўся. П'еса, скажу табе, цудоўная. У такія гады і такая п'еса, проста неверагодна! Падкаціся да старога. Думаю, для «Звязды» ён таксама не адмовіць, даўні ж звяздовец.

— Як хоць п'еса называецца? — пацікавіўся я.

— «Брама неўміручасці». Ты абавязкова наведайся да Кандрата Кандратавіча.

Я падзякаваў Андрэю Ягоравічу за падказку. Праз некалькі дзён быў ужо ў кабінеце Кандрата Кандратавіча, а дзесьці праз месяц «Брама неўміручасці» пачала друкавацца ў «Звяздзе».

У памяці захаваўся і такі эпізод, які адбыўся на прыёме ў гонар пяцідзесяцігоддзя Беларусі. Прыём быў вялікі, многа гасцей прыехала з Масквы і Ленінграда, з усіх братніх рэспублік. Мы з Андрэем Ягоравічам сядзелі за рознымі сталамі. Але ў канцы прыёму Макаёнак адшукаў мяне.

— Міхал, пойдзем да нашага стала, я хачу цябе пазнаёміць з украінскімі таварышамі.

Я не стаў пярэчыць, тут жа падняўся і пайшоў за ім. Доўгі стол, да якога мы падышлi, быў разлічаны асоб на дваццаць. Цяпер жа за ім сядзела ўсяго чалавек шэсць. Астатнія, відаць, пайшлі ўжо дамоў. Аднаго з сядзеўшых я адразу пазнаў — гэта быў вядомы ўкраінскі артыст Тарапунька. Андрэй Ягоравіч прадставіў мяне ўкраінскім таварышам, назваў і кожнага з іх, а потым пасадзіў мяне побач з Тарапунькам. Госці — украінскія артысты, якія прымалі ўдзел у святочным канцэрце, — былі ўжо ў добрым настроі: жарты, смех сыпаліся як з рога дастатку. Я стараўся таксама ўнесці свой уклад у гэты агульны добры настрой. I ўсё ж такі хацелася даведацца, якім чынам Макаёнак пазнаёміўся з Тарапунькам.

— Вы даўно знаёмы з Андрэем Ягоравічам? — спытаў я ў яго.

— Дуже даўно,— хітравата ўсміхнуўшыся, адказаў Тарапунька. — 3 таго часу, калі яшчэ і ў вочы Макаёнка не бачыў.

— Як жа гэта? — здзівіўся я.

— А вось так. Быў я аднойчы на дачы ў свайго лепшага сябра Даўжэнкі Аляксандра Пятровіча. Зайшла размова аб драматургіі. Аляксандр Пятровіч i кажа: «Не падабаюцца мне многія нашы драматургі. Прывязаліся да свайго хутара з белымі мазанкамi ды сланечнікамі i далей гэтага хутара нічога не бачаць. Вунь у Беларусі ёсць такі Макаёнак. Дык ён падымае праблемы ўсёй краіны, на міжнародныя тэмы выходзіць. Вядома, яму i слава i гонар». Вось з гэтай размовы я, можна сказаць, як бы і пазнаёміўся з Макаёнкам. А калі потым Андрэй Ягоравіч завітаў да нас у Кіеў, мы тады з ім пазнаёміліся і асабіста.

Я не ўтойваў ад свайго суседа, як прыемна мне было пачуць ад яго такую высо­кую ацэнку творчасці Андрэя Ягоравіча з боку такога выдатнейшага кінадраматурга, як Даўжэнка.

У 1973 годзе мяне зацвярджаюць старшынёй Дзяржкамвыда БССР. Я часцей пачаў бываць у Саюзе пісьменнікаў на розных мерапрыемствах. Часцей мы пачалі сустракацца i з Андрэем Ягоравічам. Сустракаліся і ў Доме літаратара, і ў яго на кватэры, i на дачы. У гэты час Макаёнка рэдка калі можна было сустрэць аднаго — ён заўсёды быў разам з Іванам Пятровічам Шамякіным. Вядома, што ў многіх пісьменнікаў ёсць калегі па пяру, з якімі яны сябруюць, абмяркоўваюць творчыя планы, дзеляцца патаемнымі думкамі. Але я не баюся смела сцвярджаць, што такой блізкай, такой чыстасардэчнай, па-сапраўднаму братняй дружбы мне не даводзілася сустракаць. 3 імі цікава было знаходзіцца ў кампаніі. Мяне яны неяк шкадавалі, менш адпускалі ў мой адрас вострых жартаў і калючак. Затое ніякіх абмежавакняў не рабілі для сябе. Андрэй Ягоравіч, калі быў у добрым настроі, а панурым яго рэдка калі можна было бачыць, проста іскрыўся гумарам, Івану Пятровічу нярэдка даводзілася адбівацца ад нападак свайго дасціпнага друга. I ў той жа час нельга было не заўважыць, што гэта два вялікія пісьменнікі, два сябры, ужо жыць адзін без аднаго не маглі. Гэта іх сяброўства як бы натхняла сваімі сардэчнымі, вельмі чулымі і клапатлівымі адносінамі да Андрэя жонка Івана Шамякіна — Марыя Філатаўна, простая, сціплая, вельмі чулая беларуская жанчына і вялікая-вялікая працаўніца.

Неяк мы з Шамякіным былі на дачы ў Андрэя Ягоравіча. Пасля абеду рашылі прагуляцца па лесе. Калі выйшлі на двор, Андрэй Ягоравіч раптам папрасіў нас:

— Мінутку пачакайце, я загляну ў майстэрню.

— У цябе і майстэрня ёсць? — здзівіўся я.

— Хіба ты ў ёй ні разу не быў? — у сваю чаргу здзівіўся і ён.

— Не быў, вядома,— адказаў я.

— Тады пойдзем глядзець.

Майстэрня знаходзілася з тыльнага боку дачы ў невялікім, добра абсталяваным памяшканні. Мне давялося толькі шчыра здзіўляцца таму мноству інструментаў, розных прылад, што знаходзіліся ў ёй. Тут былі і сталярныя і слясарныя прылады, тачыла і ціскі, станок для свідравання і многае іншае. На палічках, уманціраваных у сцяну, ляжалі розныя вінцікі і болцікі, стаялі банкі з якімісьці растворам! і фарбамі, знаходзіліся і невядомыя мне рэчы. Я не вытрымаў і спытаў:

— Ягоравіч, а ты часта працуеш у сваёй майстэрні?

— Амаль кожны дзень,— адказаў ён.— Эге, калі б не было гэтай майстэрні, я даўно б ужо адрахлеў, заплыў тлушчам. Мая майстэрня — мой целаахоўнік.

3 майстэрні мы адправіліся на прагулку. I гулялі даволі доўга. Праўда, доўгіх прагулак Макаёнак не любіў, і не таму, што яны надакучалі яму. У апошні час усё больш і больш давалі знаць параненыя ў час вайны ногі. Хадзіць станавілася ўсё цяжэй, асабліва зімою, па снезе.

У час прагулкі мы гутарылі аб розным: і аб навінах у беларускай літаратуры, і аб апошніх падзеях у свеце. Андрэй Ягоравіч пачаў скардзіцца, што ў яго вельмі многа часу адымае часопіс. ён працягваў яшчэ працаваць галоўным рэдактарам «Нёмана».

— Чаму ты не адмовішся ад яго? — спытаў я.— Матэрыяльнай патрэбы ў цябе ж няма?

— Не, вядома.

— Дык у чым справа?

— Не адпускаюць.

Ён пачаў тлумачыць, што ўжо двойчы ставіў пытанне ў дырэктыўных органах, але там просяць яшчэ папрацаваць.

— Мне здаецца, — сказаў я, — што галоўная твая праца — пісаць добрыя п'есы. А ўсё, што гэтаму перашкаджае, патрэбна адкінуць.

— Слушна, слушна, — падтрымаў мяне і Шамякін. — Андрэй пытанне гэта ставіў, відаць, няўпэўнена, ён разумее, што яму з часопіса выйсці неабходна. Але выходзіць самому не хочацца.

— Чакае, каб папрасілі? — сказаў я.

— Вось чаго-чаго, а гэтага я не дапушчу! — Макаёнак нават зрабіў выразны жэст рукой.

— Ну а калі цябе два сябры просяць, — зноў загаварыў я, — аддацца цалкам і поўнасцю драматургii, ты можаш ім адмовіць?

— I ім не адмоўлю, — Андрэй Ягоравіч зарагатаў. — Іван вунь у саюзе колькі гадоў на сакратарскім крэсле сядзіць і не ўступае маладым. Ого!

— Дык мяне ж уступіць месца ніхто не прасіў, — засмяяўся і Шамякін.

— Не прасіў? — Макаёнак нават спыніўся. — Іване, родны, я магу дапамагчы. Заўтра ж ахвотнікі знойдуцца.

— Добра, добра, — адмахнуўся Іван Пятровіч. — Не будзь ты, Андрэй, усіх мудрэй. Рабі ты, што табе сябры кажуць. Народу патрэбны твае п'есы, вось ты i давай ix.

— Дарэчы, Андрэй, ты над чым зараз працуеш? — спытаў я.

— Ды пакуль што ні над чым. Усё думаю, — ён крыху памаўчаў, потым загаварыў зноў.— Хочацца напісаць п'есу на ваенную тэму. Але не пра вайну, што мінула, а пра сучасныя ваенныя абставіны. Вельмі шмат зараз ахвотнікаў стала раздзьмухваць атамнае кадзіла. I палітыкі замежныя і пентагонаўскія ды натаўскія генералы толькі і трубяць аб гэтым. Эх! — усклікнуў ён. — Была б мая ўлада, абрэзаў бы я гэтым генералам гузікі на ix форме...

— Навошта? — перабіў яго Шамякін.

— Не разумееш? Штаны без гузікаў у руках трымаць патрэбна, каб не апынуцца ў адных сподніках, Вось няхай увесь час i трымаюць свае лампасы ў руках, а не махаюць атамнымі бомбамі.

Пазней гэтую задумку ён здзейсніў у п'есе «Кашмар». Праўда, калі над пастаноўкай яе працавалі ў тэатры імя Янкі Купалы, дык назву п'есы са згоды аўтара чамусьці замянілі на «Святую прастату», што, я б сказаў, не зусім адпавядае зместу твора.

Успамінаецца i такая размова. У Ждановіцкім водным каскадзе ёсць даволі доўгі ўчастак, зроблены спецыяльна для трэніровак водных слаламістаў, з крутымі перападамі, рознымі перашкодамі. Гэты ўчастак сапраўды напамінае бурлівы горны паток. Аднойчы ў адзін з выхадных дзён мы з Андрэем Ягоравічам ішлі па беразе гэтага канала. Вада ў ім бурліла, у некаторых месцах рабіла віры, пенілася. Мы крочылі не спяшаючыся, вялі звычайную ў такіх выпадках гамонку аб апошніх навінах, аб падзеях жыцця. Раптам Макаёнак спыніўся, павярнуўся да патоку:

— Глядзі, Міхал, як бурліць, як імкліва нясецца! Колькі тут зігзагаў, паваротаў. А вось спартсмену па гэтай пратоцы трэба так праплысці, каб і човен цэлы застаўся, і самому не апынуцца ўніз галавой, і, галоўнае, апярэдзіць другі, быць першым.

— Ну, гэты від спорту для найбольш адчайных, — хацеў працягнуць размову ў гэтым кірунку і я. — Больш усяго лодачных спаборніцтваў праходзіць на спакойных вадаёмах.

— Гэта так, так... — згадзіўся Андрэй. — Але я хацеў сказаць вось аб чым. Мне такое адчайнае спаборніцтва спартсменаў нагадвае жыццё і дзейнасць драматургаў. Яны таксама, калі хочуць быць сапраўднымі драматургамі, павінны заўсёды знаходзіцца ў бурным патоку жыцця, з усімі яго перападамі і вірамі, з падводнымі каменнямі і перашкодамі, якія нечакана ўзнікаюць на шляху. Яны павінны, як і той спартсмен-слаламіст, пастаянна напружваць сілы, адчайна змагацца, каб на ix прыкладзе, на іх творах людзі вучыліся, як трэба паводзіць сябе ў жыцці, як змагацца са злом, неўтаймаванай стыхіяй, каб быць чалавекам з вялікай літары. А гэта, Міхал, вельмі складаная справа.

Мы зноў нетаропка пайшлі па беразе канала, i Андрэй Ягоравіч працягваў:

— Вось ужо за шэсцьдзесят гадоў пераваліла. А прага пісаць не суцішаецца. Не разумею тых пісьменнікаў, якія да шасцідзесяці яшчэ не дажылі, а ўжо пачынаюць падчышчаць шуфлядкі сваіх рабочых сталоў: друкуюць дзённікі, пісьмы i розную іншую дробязь. Па-мойму, так: пакуль сэрца б'ецца — стварай! А ў дзённіках і пісьмах разбяруцца без цябе.

Ён на некаторы час змоўк, пачаў разглядваць вершаліны стройных хвой, што ўсутыч падступалі да канала, потым загаварыў зноў:

— Праўда, гэтае чартоўскае «без цябе» іншы раз і ва ўласнае сэрца стукае. Часам ні з таго ні з сяго задумаешся: а што будзе без цябе? Хто прыме тваю эстафету?

— Табе, Ягоравіч, яшчэ рана думаць аб гэтым, — уставіў я.

— Яно так, рана. Але ведаеш, калі думка з'явіцца ў мазгу, дык ад яе не адмахнешся. Дык вось i я часам задумваюся. Калі сказаць пра мяне, то эстафету ў драма­турги я прыняў ад нашага старэйшыны — Кандрата Кандратавіча Крапівы. Стараўся несці яе належным чынам. Як-ніяк мае п'есы ставіліся ва многіх тэатрах краіны. Нават выйшлі на замежную сцэну. Гэта ж нядрэнна, Міхал?!

— Нядрэнна тут не падыходзіць, — не пагадзіўся я.— Лепш сказаць, што гэта добра.

— Ну, няхай будзе i так, — працягваў Макаёнак. — Але вось ты скажы, каму мне перадаць сваю эстафету?

Я не чакаў ад Андрэя Ягоравіча такога пытання, таму запярэчыў:

— Аб гэтым гаварыць, думаю, яшчэ няма патрэбы.

— Няма то няма, але калі б, скажам, прыйшлося. — Ён з хітраватай усмешкай паглядзеў на мяне. — А можа, я хачу праверыць цябе, нашага галоўнага друкара, як ты разбіраешся ў драматургіі? А?

Я пачаў перабіраць у памяці вядомых мне драматургаў: Матукоўскага, Петрашкевіча, Дзялендзіка, Васілеўскага... Я ведаў, што ў Макаёнка найбольш цесныя былі сувязі з Мікалаем Ягоравічам Матукоўскім. Ён яшчэ не стары, у росквіце творчых сіл.

— Матукоўскаму, відаць, — адказаў я.

— Матукоўскаму, — машынальна паўтарыў ён. — Так, слушна, ён таксама бярэцца за вострыя тэмы, піша цікава. Але, разумееш, ёсць другая кандидатура...

— Хто ж такі? — не сцярпеў я, лічачы, што сярод названых мною кандыдатур i самім Макаёнкам Матукоўскі ацэньваецца вышэй.

— У нашай драматургіі гэты чалавек яшчэ невядомы.

— Цікава, цікава,— сказаў я.

— Ён пазнаёміў мяне са сваімі першымі п'есамі. Я іх уважліва прачытаў і зразумеў: у беларускую драматургію ідзе новы, я б сказаў, яркі талент. Сваю эстафету ўжо сёння я гатоў перадаць яму.

— Хто ж гэты малады талент? — не цярпелася даведацца мне.

— Зусім яшчэ малады хлопец, — сказаў Андрэй Ягоравіч, — яго прозвішча Дудараў... Аляксей Дудараў, — паўтарыў ён.

Дударева я сапраўды не ведаў i нават не чуў аб яго п'есах. Тым не менш было прыемна даведацца, што ў драматургію ідзе новы талент i што пуцёўку ў творчае жыццё яму дае Андрэй Ягоравіч Макаёнак.

Апошнім творам Андрэя Ягоравіча, як вядома, была п'еса «Дыхайце эканомна».

Я даведаўся аб ёй толькі тады, калі Макаёнак прыйшоў да мяне ў Дзяржкамвыд i паклаў п'есу на стол.

— Вось мой адказ на самую вострую сучасную тэму. I хаця я ведаю, што ты яе, як калісь у «Звяздзе», адразу друкаваць не будзеш, усё ж такі пачытай і, калі будуць заўвагі, скажы.

Гэта было ў канцы жніўня 1982 года. Я, безумоўна, адразу п'есу прачытаў. У ёй выкрываліся і высмейваліся імперыялістычныя маньякі, якія насуперак волі народаў свету, у тым ліку і свайго ўласнага, узвінчваюць гонку ўзбраенняў, падштурхоўваюць свет да новай тэрмаядзернай вайны, спадзеючыся, аднак, што ў гэтай сусветнай ка­тастрофе ім, нешматлікім выбраным прадстаўнікам крывавага бізнесу, у падрыхтавеных загадзя пад зямлёю сховішчах-бункерах усё ж удасца ўцалець. У напружаных да крайнасці міжнародных абставінах выбраная імперыялістычная эліта ізалюецца ад знешняга свету ў падземных сховішчах і адтуль націскае... пагібельную кнопку ядзернага ўдару. Яны ўпэўнены, што праз якіясьці паўгадзіны-гадзіну на планеце жыццё перастане існаваць. У сваіх бункерах гэтыя маральныя ўроды толькі чакаюць, калі на паверхні зямлі знікне радыяцыя і можна будзе выйсці на белы свет на гэты раз адзінымі ўладарамі планеты...

Але, як аказалася, сілы, што выступалі супраць вайны, своечасова адключылі смяротную ядзерную кнопку. На зямлі працягваецца мірнае жыццё, але ўжо без ваеннага псіхозу. Разведчыкі нетраў геолагі выпадкова натыкаюцца на сакрэтны бункер і выяўляюць у ім пячорных уладароў свету. Так заканчваецца п'еса.

У мяне было некалькі заўваг па зместу п'есы. Асабліва слабай мне здалася яе канцоўка. Замест суровага народнага прысуду міжнародным злачынцам, якія, хаваючыся ў падзямеллі, рыхтавалі чалавецтву немінучую пагібель, станоўчыя героі п'есы толькі выказваюць пагарду ім, паведамляючы, што на планеце пануе мір і вядуцца спрэчкі толькі аб тым, як называць жанчыну: гаспадыняй, сеньёрай ці мадамай.

Пры чарговай сустрэчы, гэта было ў кастрычніку 1982 годе на ўрачыстым вечары, прысвечаным стагоддзю з дня нараджэння Якуба Коласа, Андрэй Ягоравіч пасля прывітання адразу спытаў:

— Ну як, Міхал, асіліў?

— I даўно,— адказаў я.

— Спадабалася?

— П'еса добрая, галоўнае, зараз, у час такіх абвостраных міжнародных абста він, вельмі патрэбная.

— Вось бачыш, стараюся крочыць з жыццём у нагу. Там, у п'есе, ёсць такое месца: эскадра чырвоных падыходзіць да вострава Уваскрасенне, што i было завязкай канфлікту. Даючы назву востраву, я i не здагадваўся, што такі востраў i на самай справе існуе на карце. А днямі чытаю ў газеце: «Англійская эскадра, якая накіроўваецца да Фалклендскіх (Мальвінскіх) астравоў, збіраецца ля вострава Уваскрасенне». Аказваецца, што не толькі падобны востраў, але і падобная акалічнасць складваецца, якая можа прывесці да міжнароднега канфлікту. Вядома, у дадзеным выпадку справа да крайнасці не дойдзе, воран у ворана кавалак здабычы адабраць можа, а вока не выклюе.

— Гэта, вядома, так,— згадзіўся я і дадаў: — У мяне, Андрэй Ягоравіч, па п'есе ёсць заўвагі.

— I сур'ёзныя? — паглядзеўшы на мяне ва ўпор, спытаў ён.

— Ведаеш, у сур'ёзных рэчах дробязей не бывае, — няпэўна адказаў я.

— Выходзіць, нам трэба сустрэцца?

— Трэба. Выберы час i заедзь да мяне на працу.

— Глядзі, што выдумаў?.. — зарагатаў Макаёнак. — Пад'едзь да яго на працу... Там пастаянна службоўцы з паперамі, бясконцыя тэлефонныя званкі. Пагаманіць жа не дадуць! А калі спрачацца яшчэ прыйдзецца? Не, дарагі Міхал, давай зробім па-другому: у любы дзень пасля працы або ў выхадны збяромся на дачы, сядзем, ніхто перашкаджаць не будзе, пап'ём чайку, паталкуем аб тым аб сім, а заадно і твае заўвагі разгледзім. Згодзен?

Я не пярэчыў. Мы дамовіліся, што напярэдадні, калі ў мяне будзе выпадаць воль­ны час, я пазваню яму.

Да кастрычніцкіх святаў вольнага часу так і не выпала. I толькі пасля святаў, у першую суботу, якая выдапася на рэдкасць дажджлівай, я з раніцы пазваніў Андрэю Ягоравічу на кватэру. Ніхто не адказаў. «Выходзіць, на дачы», — рашыў я і прыняўся тэлефанаваць на дачу. Але i на дачы ніхто не адказваў. «Відаць, у Шамякіных Макаёнак працягвае свята», — падумаў я і набраў хатні тэлефонны нумар Івана Пятровіча. Шамякін тут жа адказаў.

— Андрэй выпадкова не ў цябе? — спытаў я.

— Не, Андрэя ў мяне няма,— адказаў ён.

— Тэлефанаваў яму i на кватэру i на дачу — нідзе не адказваюць.

— А на якую кватэру ты яму тэлефанаваў? — пацікавіўся Іван Пятровіч.

— Як — на якую? — не зразумеў я пытання.

— Андрэй перад святам пераехаў на новую кватэру i тэлефон новы паставіў.

Іван Пятровіч даў мне нумар тэлефона Макаёнка, i я адразу ж набраў яго. Трубку падняў Андрэй Ягоравіч.

— Міхал, рады цябе чуць, — адказаў ён на мае віншаванні.

— У мяне сёння свабодны ўвесь дзень, — сказаў я. — Калі табе зручна — я да тваіх паслуг.

Адчувалася, што мой званок з'явіўся для Андрэя Ягоравіча нечаканасцю.

— Ох, Міхал, браток, — пачулася ў трубцы, — тут, разумееш, такая штука, яшчэ ніяк не ўладкуемся ў кватэры, цягаю мэблю, на кухні мазюкаю. — На нейкае імгненне ён замаўчаў, відаць, абдумваючы, як паступіць далей, i потым дадаў: — Ведаеш, Іванавіч, давай перанясём сустрэчу на заўтра. За гэты час я, бадай, з кватэрнымі справамі ўпраўлюся. Ва ўсякім выпадку заўтра раніцой яшчэ сазвонімся.

Я паклаў на рычаг трубку i жонцы, якая была тут жа i чула нашу размову, паведаміў, што Макаёнак пераехаў на новую кватэру.

— Чаму ж ты збіраешся адрываць яго ад хатніх спраў? — папракнула мяне жон«а. — Ты не ведаеш, што такое пераезд на новую кватэру?

— Ведаю, ведаю, — адказаў я ёй, — але ж я турбую Андрэя Ягоравіча не па сваёй, а па яго справе.

— Якое гэта мае значэнне, па чыёй справе,— казала далей жонка, — калі кватэру патрэбна прывесці у парадак, не будзе ж ён з табой гутарыць на нераспакаванай мэблі.

Мне не хацелася працягваць гэтую размову, хаця я і разумеў, што жонка ў нечым мела рацыю. Я сказаў:

— Добра, заўтра я яму тэлефанаваць не буду. Калі ён вызваліцца, патэлефануе сам. А не патэлефануе, будзе вядома, што ён заняты, i тады будзем дзейнічаць па свайму плану.

У нядзелю да дванаццаці гадзін дня чакаў я званка Макаёнка. Але Андрэй Ягоравіч не тэлефанаваў. Пасля дванаццаці мы з жонкай паехалі на сваю дачу — трэба было яе закансерваваць на зіму.

Як расказваў мне потым Іван Пятровіч, яны ўдвух з Макаёнкам у нядзелю сабраліся ехаць на дачу толькі ў чатырнаццаць гадзін. У гэты час Андрэй Ягоравіч і тэлефанаваў мне, але мяне ўжо дома не было. Так у выхадныя дні мы i не сустрэліся.

Я вырашыў на наступным тыдні, не чакаючы выхадных, выкраіць час i абавязкова сустрэцца з Андрэем Ягоравічам, бо ведаў, што п'есу «Дыхайце эканомна» ён перадаў для чытання тэатру імя Горкага. Але 16 лістапада да мяне ў кабінет зайшоў адзін з супрацоўнікаў і гаворыць:

— Вы чулі, Макаёнак памёр...

— Як памёр?! — вырвалася ў мяне.

— Кажуць, памёр у бальніцы.

Вестка гэта так уразіла мяне, што я больш не мог вымавіць i слова. Усяго некалькі дзён назад Андрэй Ягоравіч быў поўны энергіі, творчых сіл, клапаціўся аб пастаноўцы сваёй новай п'есы, паляпшаў, як ён казаў, на старасці гадоў свае бытавыя ўмовы і раптам пайшоў з жыцця. Крыўдна стала і на чалавечую долю, што так заўчасна абрывае жыццё. Мне чамусьці ўспомніўся ўрачысты вечар, прысвечаны шасцідзесяцігоддзю Андрэя Ягоравіча. На гэтым вечары многа гаварылі аб яго творчасці, называлi лепшыя п'есы, якія ставіліся ва многіх тэатрах краіны і за яе межамі. Але Андрэй Ягоравіч, выступаючы ў заключэнне, выказваючы прамоўцам падзяку за высокую ацэнку яго творчасці, за цёплыя словы ў яго адрас, сказаў: «Дарагія сябры, я лічу, што лепшыя мае п'есы тыя, што яшчэ будуць напісаны». I зала бурнымі воплескамі сустрэла гэтую заяву драматурга, таму што перад прысутнымі стаяў на трыбуне чорнавалосы, з пачырванелым тварам, поўны энергіі, я б сказаў, намнога маладзейшы сваіх год Андрэй Ягоравіч Макаёнак.

I вось трагедыя. 3 засмучанай душы міжволі вырываюцца словы: «Як жа так, родны Андрэй Ягоравіч, што ж ты не стрымаў свайго слова?!» Як жа гэта здарылася? Чаму так рана абарвалася жыццё камуніста-барацьбіта, які быў у вечным гарэнні, у барацьбе за лепшы лёс простага савецкага чалавека, за велічнасць любімай Айчыны?

Якая нечаканая i якая незаменная страта!

Пройдуць гады, утаймуецца ў душы нясцерпны боль, адыдуць у гісторыю падзеі нашых дзён, але яго светлы вобраз будзе доўга жыць у сэрцах усіх тых, хто крочыў побач, хто хоць аднойчы сустракаўся з яго творчасцю. Яго цудоўныя п'есы будуць хваляваць, будуць зваць на барацьбу са злом i цемрашальствам, будуць вучыць жыццю, памагаць упэўнена, з годнасцю ісці па ім не аднаму будучаму пакаленню. I, безумоўна, яго высакароднае імя назаўсёды застанецца ў нашай савецкай літаратуры.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася», Михаил Иванович Делец

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства