«Споведзь»

3031

Описание

Ларыса Антонаўна Геніюш (1910–1983) — выдатная паэтка з самабытным голасам. Яна прайшла жудасныя этапы, сталінскія лагеры смерці. Твор — шчырая споведзь нязломнага, дарэшты адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой родны край, у людзей сваёй зямлі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Споведзь (fb2) - Споведзь 642K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Лариса Антоновна Гениюш

Ларыса Геніюш СПОВЕДЗЬ

«Благаславенны родны дом…»

Намарыўшыся археалагічнымі вандроўкамі па Панямонні, я любіў зазірнуць у Зэльву, у гасцінны дом на вуліцы Савецкай, дзе жыла Ларыса Антонаўна Геніюш.

Кветнік ледзь не на ўсё дварышча. Дашчаныя прыступкі ганка. Стук у знаёмае звонкае: «Заходзьце!» А потым за смачным пачастункам роспыты пра «беларускія справы ў Менску», пра Уладзіміра Караткевіча і пра ўсіх агульных знаёмых. I ўспаміны пра Жлобаўцы, Прагу, Інту…

Пры адной з такіх сустрэч я папрасіў Ларысу Антонаўну, каб запісала ўсё, што памятала, што перажыла. Яна ж, насцярожана азірнуўшыся па баках, намякнула, што тое-сёе робіцца. Як аказалася, і без маіх напамінкаў, калі яшчэ жывы быў муж Іван Пятровіч, успаміны ўжо ў асноўным былі напісаны.

Летам 1982 года я зноў быў у Зэльве. I пры размове Ларыса Антонаўна раптам прыклала палец да вуснаў і паказала на столь — адтуль маглі падслухоўваць. Затым моўчкі вынесла з суседняга пакоя папку і сцішана сказала: «Рабіце з гэтым, што хочаце. Я вам давяраю, Міхаська». Я развязаў тасёмкі, разгарнуў папку, і страпянулася сэрца: «Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы…»

I чаму менавіта тым летам яна перадала мне рукапіс з успамінамі? Можа, прадчувала блізкую смерць? Ёй пачала ўжо з’яўляцца чорная жанчына — вястунка бяды ў бацькоўскім родзе Міклашэвічаў…

Гэта быў час ціхай рэабілітацыі Сталіна. Таму не шкодзіла асцерагацца, і я, каб не трапляць пад пільныя вокны камяніцы насупраць, агародамі пакінуў дом Геніюшаў…

Сучасная беларуская літаратура небагатая асабліва ні мемуарыстыкай, ні эпісталярным жанрам. Бо калі што і напісана, то з абачлівасцю на цэнзара, следчага або стукача. Успаміны выдатнай нашай паэткі Ларысы Геніюш — мужнае выключэнне. У іх споведзь душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі, слова пра час і пра сябе, пра блізкіх людзей, сяброў і ворагаў. У іх шлях самаадданага служэння Беларусі паэтычным словам, дзеяннем, непахіснасцю грамадзянскай пазіцыі і шлях па ўсіх пакутах сталінскай «Гэгэнны» — праз засценкі МДБ Менска, этапы, перасылкі, лагеры смерці на далекай Поўначы. Перад чытачом праступае бясконцае мноства абліччаў — любячых бацькоў і мужа, сялянак з Панямоння, пачынальнікаў беларускага адраджэння ў пражскай эміграцыі, людзей розных сацыяльных пластоў і нацыянальнасцей, патрыётаў і здраднікаў, гестапаўцаў і лагерных надзорак, герояў, што паміралі з несмяротным купалаўскім на вуснах: «Жыве Беларусь!» Суровай меркай цаніла Паэтка падзеі і людзей, і ў першую чаргу сваіх супляменнікаў. Але на гэта яна мела поўнае права, выпакутаваўшы яго бязвіннай гібеллю найбліжэйшых людзей, нялюдскім уласным прысудам на чвэрць стагоддзя нематы і практычнага неіснавання, гадамі цкавання ўладарнымі пігмеямі ўжо ў пасля сталінскія часы…

Успаміны Ларысы Геніюш уяўляюць тэкст, надрукаваны на машынцы амаль без правак. Бачна, аўтарка не спадзявалася ў хуткім часе іх апублікаваць, дый вяртацца да напісанага, нешта правіць — як нанова перажыць праследаванні, турмы, лагеры, што было і цяжка, і балюча.

Твор не мае назвы. Улічваючы змест і стылёвыя адметнасці, вырашана назваць «Споведзь».

Падрыхтоўка рукапісу да выдання патрабавала максімальнай абярэжлівасці. Л.Геніюш магла залішне суб’ектыўна ацэньваць некаторых асоб, з этычных меркаванняў падаецца не поўнае напісанне іх прозвішчаў. Ларыса Геніюш карысталася дарэформенным правапісам, але не паслядоўна трымалася яго. Захаваны стыль і з нязначнымі праўкамі арфаграфія. Розныя формы аднаго і таю ж слова, часам на адной старонцы, да адзінай нормы напісання не прыводзяцца: газета — газэта, перасьледаваць — прасьледаваць, пражскі — праскі, турма — цюрма, хлопец — хлапец, цэрква — царква і г.д. Пакінута нязменным напісанне слоў не падпарадкаваных правілам арфаграфіі з мэтай перадаць стылевыя асаблівасці аўтарскай мовы, напрыклад: барэцік гаўса, казахскіх гавец, сядзімо, развіднело… Захавана не заўседы дакладнае вымаўленне замежных слоў, у каментарыях яны падаюцца на мове арыгінала. У каментарыях пазначаны таксама розначытанні, паўторы, даецца тлумачэнне дыялектаў.

Чытач можа азнаёмцца з рукапісам «Споведзь» Л.Геніюш у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі.

Міхась Чарняўскі

1. Жлобаўцы

Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы…» З сяла Аляксандраўка, што ля Воўпы, ад старых прыяцеляў маіх бацькоў Зелянкевічаў відно як на далоні нашу сялібу й чутно, здаецца, як вецер калыша дрэвы.

Часам доўга ўглядаюся на сьцежкі свае маладосьці — ажываюць успаміны, і здаецца мне: спрацаваныя матчыны рукі туляць мяне ласкава да сэрца, алеяю, ці, як мы казалі,— прагонам, шырака крочыць тата, я яму толькі па бараду, і, угледзеўшы мяне, ён заўсёды ўсьміхаецца пад сваімі крыху рыжымі вусамі, заўсёды падзеліцца думкамі накшталт: «Полацкае княства сяньня зрабілі непапулярным са страху, каб не сэпаравалася па праву ад імпэрыі, але ці ты думаеш, што твая Беларусь утрымаецца эканамічна, калі б была самастойнай?» Тата ведае, чым жыву, і часамі хоча мяне паквяліць[1], як малое дзіця. Крыху спрачаемся, мае ідэі для яго, з дзядоў ужо нявольнага, як экзотыка. Тата ведае, чым за гэта плаціцца, і паглядае на мяне з нейкай чуласьцю сумнай.

Ксеня невялікая, але з вялікімі цёмна-сінімі вачыма, чорнавалосая й зграбная, жыве сваімі законамі й любіць часам закурыць папяроску. Мы ўсе вельмі супраць гэтага. Ніна, вельмі прыгожая бландынка з зялёнымі вачыма, вельмі любіць танец. Недзе бачыла балет і доўга, пасучы гусей, танцавала свае дзіўныя танцы на пальчыках, з яе не сьмяяліся. Расьціслаў высокі, але яшчэ ня мэтар дзевяць-дзесят пяць, да якіх дарос у сталым веку. Ён вучыцца ў сельскагаспадарчай школе ў Жыровіцах, вельмі прыгожы, чулы, ціхі, паслухмяны й працавіты, хоць яшчэ дзіця. Нейк, калі мы разам ехалі да Гудзевіч, сказаў мне свае пляны на будучыню, яны былі даволі дзіўныя. «Калі вырасту, дык вазьмем ад бацькоў часьць зямлі, якая нам належыць з табою, і будзем разам гаспадарыць, ты будзеш садзіць кветкі, даглядаць хаты, а я пакажу ўсім, як трэба дабываць ураджаі, пасьля вазьмем да сябе бацькоў, і нам так будзе добра». Мілы, наймілейшы мой брат, Гэркулес з душою, як лютня. Здавалася яму, што пакінуць Жлобаўцы — гэта здрадзіць сваёй сям’і.

А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласьці ўсяго нашага народу й вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі, і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на весьнім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажушках сваіх зімою, і коні насілі нас у куліку па дарогах, на якія ласкава сьвяціў месяц.

Пасьля быў Аркадзі, вечна вясёлы, стройны й з твару падобны на маму. Яго мы нейк любілі меней ад Славачкі. Вельмі бурным, гордым, сьмелым такім юнаком быў наймалодшы з хлопцаў Аляксей. Браты былі дружныя, любілі коней і мелі свае хлапцоўскія забавы. Але яны былі яшчэ дзеці, вучыліся, і найбольшым «хлопцам» удома была я. Усе справы з падаткамі, урадамі[2], даўгамі, крэдытамі ўскладаў тата на мае плечы. Ён не любіў такіх спраў, і я іх не любіла, але памагала тату, як толькі магла. Наша наймалодшая Людміла, Люсенька — як мы яе называлі, была раскошным дзецям, прыгожым, ласкавым і вельмі разумным. Была яна любоўю ўсей сям’і, і ў яе маленькім сэрцайку было столькі ласкі да ўсіх, што мы яе падзіўлялі. Яна вельмі любіла мяне, болей як маму, і мы амаль не разлучаліся.

Я была найстаршай удома з дзяцей і, здаецца, найболей каханай бацькамі, брацікамі, Люсяй і слугамі. Ксеня й Ніна мяне не любілі. Новы вялікі дом, і ўсе ўдома. Цяжка было знайсьці адпаведную працу пры Польшчы, асабліва калі бацькі былі больш-менш забясьпечаныя, на вышэйшую адукацыю не было матэрыяльных магчымасьцяў, заставалася працаваць на зямлі й чакаць мужа. Падсьведама і я думала аб мужу нейкім, але ён мусяў быць Беларус. Такіх не было, толькі сяляне, усё роўна муж мой будзе Беларус! А сватоў было шмат, даходзіла да трагэдыяў, часам да сьмеху. Мы былі праваслаўныя, вось і сваты ад маладых сьвятароў пачыналіся. «Што ж, купі часты грабеньчык, бараду ж будзеш часаць сваяму мужу», — сьмяяліся сёстры і я разам з імі. Часам людзі мяне ледзь толькі бачылі, а ўжо прасілі мае рукі Гэта было дзіўна, несамавіта. Мама іх усіх не любіла, а яе прыяцелька, пані Ядвіга Зелянкевічыха, гаварыла: «Няма кавалера для панны Ларысы, толькі Пілсудскі!» Гэта быў вялікі камплімент, у якім мілая пані Ядвіга абсалютна забывалася аб позьнім веку польскага маршала й думала голысі аб яго знатнасьці. Для мяне нават ён не прыйшоў бы ва ўвагу, бо ж быў не беларус…

Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсе ад лаўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасьцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху заможнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам сансцкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усе рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасьці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы сьпявалі. Сьпявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі ня постам. Увечары з усіх сёл чуўся сьпеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагаы дзеяньня, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асьветаю — знача, тым болей сьведамаю крыўд, якія церпіць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў бязьдзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваей зямлі й толькі цярпеў і стагааў ад нястачы, прыніжэньня й няволі.

Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады»[3], альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфэнзывай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька, але ён не зацікавіў мяне асабліва. Зьмест народнай паэзіі, песьні, абычаяў быў шмат глыбейшы, дікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсе гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сьцяміць маім бацькам і суседзям. Яны з жахам думалі: гдзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы маяго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяродзьдзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная нешравядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сьляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі. ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасьці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасьці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаваньні якіх я сумнявалася нават… Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існаваньня. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданьні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасьцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ён абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі сьлёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі… Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага… А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне ня будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць», — секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што мны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як зьбіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсьць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госьцi: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнес за яго каўцыю[4] 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў сьвятару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў ня з бедных і ня з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсе яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісьці перапрашаць сьвятара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў іправу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён сьвята…

Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю… Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам[5] на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў…»

Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу…

I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.

Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.

«Дзевчына-люд», — гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою… Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш… I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош… Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: калі ня будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усе роўна на гэтай зямлі нашай ня будзе шчасьця, бо ня будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.

Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфэнзыва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й маяго дзядзьку Сьцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь ня плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, гдзе яго павялі. Многа назьбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражаньне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, гдзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаньнем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’яжджаем да т. зв. «Чортавай гары», і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі[6] з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пасядаюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку…» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну… Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». «Чортава гара» кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі зьлезьці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везьці мяне ў Ваўкавыск. На мае зьдзіўленьне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны сьледавацель і нагодай муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Ня беця вы хоць тых учарайшых нашых вязьняў, асабліва маяго дзядзьку». — «Або мы калі каго б’ём?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала… Адным словам, маяго дзядзьку ня білі. За пару дзён выпусьцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады… Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала…

Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, гдзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі… Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фэльчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэньнем хворай паводле радаў фэльчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасьля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць… Мае сваякі былі з гэтага ўсяго няшчасныя, і ўнеўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся сьлязьмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. З СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ею й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты…».

Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясьціў аб сваім прыезьдзе. Я ня вельмі ўсьцешылася, ня тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб ня ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цеплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта ня простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь… Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы… Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вясельле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, разьдзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць сьлёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыцьце салодкае… Я ўсе выпаўняю. У цэркве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом аўтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся… Перад вянчаньнем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца… I так моцна трымаю сваяго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысьціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу… Удома чакаюць нас госьці, і далей усе як на вясельлі: падаркі, госьці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу…

Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й мае пяро. За сабою я пакідала ўлюбены прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыцьце, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў масьлячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песьні яе пайшлі сьледам за мною. I я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планэце, мае Жлобаўцы, гдзе я ніколі не сумавала й ня трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод алыныны як-раз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе бяз таты, ён вельмі разумны, нейк усе бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень… Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небясьпека, як прадчуцьце таго, што пасьля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсе відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.

Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, гдзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесьці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацьвердзілі пасьля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы схалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасьля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасьля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, сваяго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасьць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент[7] мэдыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасьля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж беларус сьведамы, упарты, непахісны, такога ня купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.

Я ніколі нічога не плянавала, пляны гэта домікі з карт, а ў сьвеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Эўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыцьце ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў маяго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, гдзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк ня вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. I так ішлі мы ў жыцьце з ярым кляймом беларускасьці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.

2. Зэльва

Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць мэдыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль ня знаю. Ведаю М.Танка й вельмі захапляюся яго творчасьцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, ня мог паступіць на польскі унівэрсытэт. Гiмназія ня мела дзяржаўных правоў. У Ліцьве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР[8] у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпэндыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвэнтаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.

У Вільні была Беларуская Школьная Рада[9], гдзе працавалі Тарашкевіч і Грыневіч, якія пэрспэктыўным студэнтам давалі посьвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязаньне, што, атрымаўшы асьвету, кожны беларус выдасьць кніжку на роднай мове па спэцыяльнасьці й дасьць за свой кошт вышэйшую асьвету аднаму сваяму суайчыньніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песьні народныя, каб засьпявалі. У Літву трэба было перайсьці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў сваяго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату», — сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посьвядкі не хапіла. Ніякія посьвядкі тут значэньня ня мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды зьявіліся прадстаўнікі БНР В.Захарка й Дзьмітрыеў, якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам, які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас»[10] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Бэрлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, гдзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. I так праз Бэрлін у жаданую чэскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзьве бульбіны, каб вяроўка ня коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Эўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра, — прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпэндыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да сваяго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга… Вярталіся на ўсход, гдзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе… Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасьці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы сьпяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што сьлед іх жыцьця й навукі не міне бясьсьледна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Бэрліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есьці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есьці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці зьелі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі сьвет. Шмат пазьней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.

А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсьць такая маленькая крамка, гдзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак[11] і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім ня думаючы аб заўтрашнім дні, шчасьлівы толькі тым, што сяньня мы разам, яшчэ пакуль што разам… Гэта было так хораша, і радасьці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяньня, на старасьці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі ня думалі аб тым, што будзем есьці заўтра. Бог нейк сьцярог нас, нашае жыцьце, і так мы жывем яшчэ сяньня.

Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезьлі мы з татам яго на станцыю, разьвіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасьцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсьць паяўленьне новага жыцьця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясьмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У маі я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа… Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сьцежкі… Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціньнем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есьці з перадачы, якую яму прынесьлі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі пад час ускрыцьця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касьцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, гдзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстаньні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяньня: ці не хачу на яго паглядзець? Сяньня, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсе здавалася праўдай… Я пайшла з ім.

У Зэльве, гдзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзьверы кругом. Там пад тымі дзьвярыма стаялі людзі, іх разганяла паліцыя, баяліся дэманстрацыі. У склепе паліцыі, тае дэфэнзывы, на тапчане ляжаў забіты. Быў невялікага росту, васпаваты, у новым тканым гарнітуры. Вокал сядзелі жанчыны, зьбялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі ня рэзалі сябе ад чужога зьдзеку!..» Мне здаецца, што гэта гаварыла ня я, гэта, напэўна, ужо быў час хоць на словы, калі яшчэ не на чыны. Гэта ўсім, хто асьмеліўся няволіць, мучыць наш пакутны народ! Так сказаць ім у вочы быў ужо найвышэйшы час! Там была паліцыя, і мой пачын, на цьвярозы розум, быў амаль неверагодны. Мяне пачалі страшна байкатаваць, мяне проста ахрысьцілі камуністкай, якой я не была зроду. Я проста не магла ніколі, а цяпер асабліва, зносіць зьдзеку над маім народам. Я ж чакала дзіця, і яно будзе неадродным сынам нашага народу, і трэба, каб доля іх, нашых беларускіх дзяцей, была чалавечай. Ня толькі ў чужой, харошай літаратуры, але сапраўды ў нас мусяе быць воля, гуманізм і асьвета на роднай мове й свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў! Найгорай я зрабіла бедным мужавым бацькам, яны й так дрыжэлі за лёс сваяго адзінага сына, які адзінока, упарта йшоў супраць чужой цемры, упэўнены ў тым, што й мы нарэшце станем людзьмі, як пісаў наш Купала. Тату цягалі. Ён, кажуць, адкупіўся нейк і выгарадзіў мяне, ссылаючыся на маю цяжарнасьць. Мяне крыху папракалі, але ня надта, можна было гэта вытрымаць, магло быць горай. Бацькі Яначкі былі добрымі людзьмі.

Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ ня час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясьняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, гдзе б яно ні тварылася супраць нас.

Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзьве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зельле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе… Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, Ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэет. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім ня ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі[12], дзівосныя аплаты за ўсё й сьлёзы, сьлёзы маіх бацькоў… «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж…» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасьць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага ня сьмеў змусіць… Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць сваяго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць…» Тады стары тата маяго мужа працягнуў рукі да мяне. абняў мяне й сказаў: «Я шчасьлівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі ня можаш ты скрыўдзіць сваіх баць коў, дык ніколі ня скрыўдзіш маяго сына…» Я заплакала. А харошы стары Петр Станіслававіч Геніюш прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной… Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасьці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасьці… I памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, бяз нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. I гэта ёсьць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й ня выракліся народу сваяго й таго, што яму, як усім іншым народам на сьвеце, належыць!

Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасьцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасьць, але пасьля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасьцей… Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасьцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаваньне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя сьвяточныя абеды, так я навучылася прымаць гасьцей. Я сваіх кватэрантаў частавала, як сваіх гасьцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасьля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаваньняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасьць і духовая сіла ўсё перанесвді. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватэрантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’яжджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. I так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.

Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, ня лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апэляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.

Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам ня хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае… Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары… Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасьць усюды. Усё цяпер гэта было сьмешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсьць у бацькі 6 гэкт. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі… Ад такой нагласьці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі зьвярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасьці. Вялікая заля, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. I вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсьць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бясьсільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу маяму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы… Цікава… Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У гэты час пануе страшная нянавісьць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зьневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. I так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.

Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сьне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасьць за яго долю, каб я гэта памятала… Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне перасьледуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.

I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаньнем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына… Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын… Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, маяго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі сваяго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцьця.

Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа маяго сына. I вось паехаў тата на вакзал па гасьцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі сьвятар Ян-сон, хрысьціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі…

I вось мужу далі дазвол выехаць. Ня проста так. Ён зьвярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да сваяго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвез мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянек з намі, і мы разьвіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсьведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай[13] напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка, — ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне сваяго сына.

Аднойчы ў суботу я ўбачыла на падворку чужую фурманку, з яе выходзіў мой муж! Я думала, што гэта нейкая зьява, але гэта быў ён. Ён вярнуўся з Варшавы. Палякі разьбілі чэскі кансулят[14] у Варшаве, і чэхі нікога пакуль што ў Прагу не пускалі. Загадалі прыехаць цераз пару тыдняў. I хоць грошай было вельмі мала, муж прыехаў да нас. Гэта было вельмі жадана, гэта было як сонца з-за хмар. Пару тыдняў пры калысцы сына мы былі вельмі шчасьлівыя, і гэты пражскі, эўрапейскі студэнт сказаў мне, што ня ведаў, як цікава можна жыць у глушы. I вось прыйшоў дзень, калі мы зноў разьвіталіся, і калі б я ведала, што гэта аж на два даўгія гады, я, напэўна, не змагла б стрываць гэтага. Сыночку было паўтара месяца. Цяжка было бяз мужа, яшчэ цяжэй было думаць, як там ён сам і бяз грошай і як яму там вучыцца ў такіх варунках, гэтаму цьвердаму маяму чалавеку, які першы з малой Зэльвы намагаўся напружаньнем усіх сіл стаць лекарам. Лекарам-беларусам з малой хаты сялянскай, з убогай лапінкі бацькавай зямлі. I ён дапяў свае мэты, хоць і галадаў, і працаваў на дарогах, на будоўлях, гдзе толькі змог. Ён стаў-такі лекарам, і гэта было як шчасьце.

А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысьцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Ва-вацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу ня мог, яго тут ужо прасьледавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу[15]. Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганьне, напады сэквэстратараў[16] на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыцьцё на пасаг… Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяньня яшчэ бяскарна прасьледуюць і душаць астаткі жыцьця маяго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул… Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей…

Нарэшце напісаў мне муж, каб я старалася выехаць да яго. Ён знайшоў недзе скромную працу, і час ужо яму ўбачыць сына. Паўгода цягнулася справа маяго выезду. Я ўжо жыла ў Зэльве, куды вярнулася й мама маяго мужа. Яна вельмі палюбіла сваяго ўнука й вучыла яго розным песенькам. Хлопчык сапраўды быў харошы, калі я часам плакала, дык браў мяне рукамі за шыю й казаў: «Апаць, Вавацька, апаць» — не плач, знача, і мне ўжо было лягчэй. Аднойчы пачаў крычаць на мяне мой тата, дык ён стаў супраць яго з дубцом і голасна заявіў яму: «Монё Вавацька кіцяць!» — няможна на Ларачку крычаць. Дзед вельмі засароміўся, а крычаў ён на мяне таму, што я заступілася за Расьціслава, тата быў несправядлівы да яго часам. Мне загадвалі заўсёды за два тыдні прыехаць у староства, і зноў адказвалі даць дазвол, і зноў загадвалі за два тыдні прыехаць. Так цягнулася ўжо паўгода, але я езьдзіла, прасіла, не губляла надзеі.

Бацькі па-ранейшаму гаспадарылі, выкручваліся з даўгоў. Часам выклікалі мяне, калі было трудна. Гэта былі апошнія часы маяго прабываньня на Бацькаўшчыне. Быў канец 37-га года. З палёў цягнула халодным ветрам, і сонца нейк заходзіла болей крывава. Вечарамі, начамі луналі пажары частыя, як на бяду. Яшчэ раз выклікалі тату адносна выпіскі беларускіх газэтаў, прыгразілі штрафам (напрыклад, за сабак і т. п.) і непрыемнасьцямі, а тата ўжо прывык да іх. Яны пашыралі веды аб Беларусі, закраналі нашу гісторыю, ля іх групаваліся нашыя лепшыя літаратары. Уздымалі яны разумна, абгрунтавана, ня лозунгамі, а нязьбітымі довадамі на права нашай самастойнасьці, незалежнасьці, наш народ. Я крыху пісала, вершаў сваіх па-ранейшаму нікуды не пасылала, часам мужу:

Калі першая зорка на неба загляне, тады ўспомні, мілы, пра нас, душа мая выйдзе к табе, на спатканьне, па небе, на зорку якраз… і т. п.

Вершы загінулі. А народ стагнаў. Палякі яшчэ мелі нагласьць закідаць нам, што мы іх ня любім, ня ўдзячныя ім, бачыце, за путы… А пратэст супраць іх нарастаў. Я маўчала, але ўсё гэта асядала на сэрцы прагай змаганьня за лепшы сьвет.

Аднойчы сутоньнем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасьць, такі прыліў сілаў, штр ўсе стала мне ня страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сябе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасьця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленьнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасьць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасьці не зьмяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны зьбянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусьцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа ня ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям’ю. Горача я разьвіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасьцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад’яжджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто ня бачыў яе болю й сьлёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла ў цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.

3. Прага

У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў праскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.

Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. I вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, сьмяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але сваяго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.

Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасьля завёз муж мяне й сваяго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо пасьпеў яму паламаць стрэлкі на гадзіньніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыяжджаў, на нядзелю абавязкова.

Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім, была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.

Дзядзька быў намесьнікам П.Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў[17], падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа.

Пасьля зьезду, які быў скліканы ў Бэрліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасьці Беларусі. Цьвікевіч, Заяц і Пракулевіч вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зьліквідавалі фізычна.

Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальва рачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асьвечаная, разумная жанчына. Яна прыяжджала да нас, калі ехала да сваяго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыцьцё на гэта зьбіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да сьмерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасьць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.

У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую зьяву — там выразна не любілі т. зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць ня ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спэцыяліста скурна-вэнэрычных хваробаў, чэскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам па Чэскім Градзе[18] (Крамлі), а муж увесь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасьць і працавітасьць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцьця.

Я вельмі хутка навучылася па-чэску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са сваяго дому, нічуць не ўступала хвалёнай эўрапейскай. Чэснасьць і ветлівасьць, праўдзівасьць і сьмеласьць, гасьціннасьць, ахвярнасьць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш ня быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі», — падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасьць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе ня горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.

А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амэрыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзыдэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык (Гарыг — прозьвішча па жонцы-амэрыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму ў Эўропе. Памер ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесьці ў апошнюю дарогу сваяго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзыдэнтам Эдуард Бэнэш — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзе яй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.

Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высьмейваў нас і не прасьледаваў, як гэта было ў Польшчы. На ўсё гэта я паглядала з вялікай радасьцю, а мае асабістыя адносіны да людзей здабылі мне такія сымпатыі, што шмат пазьней сьледавацель у Менску сказаў мне на злосных допытах: «Што вы за чалавек — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне ня можам на вас знайсьці сьведкаў!» Так іх і не знайшлі, мяне судзілі без ніякіх сьведкаў. Чэхі часам крыху зыходзяць са свае яснай дарогі, але трэба прызнаць ім, што зноў на яе вяртаюцца Масарыкавыя дзеці.

Усё мне тут было новым, але ня лепшым, чымсьці ў нас. Сытасьць ніколі не была маім ідэалам, а вось чалавечнасьць — заўсёды. Чэхаў я часам не разумела — яны маглі плакаць, калі птушанятка ўпала з гнязда, і спакойна праходзіць міма чалавека ў бядзе. Усе ў іх лічылася на «коруны», і кожным трэцім словам у гутарцы іхняй была «коруна»[19]. Тут ня верылі так моцна ў Бога, як у маім краі, і хоць храмы ў іх былі болей велічныя й прыгожыя, чымсьці ў нас, здавалася мне, што ў нас сумленьне, ахвярнасьць і праўда ў адносінах да людзей куды вышэйшыя. Чыста было ў іх усюды й вялікі парадак ва ўсім, і гэта я падзіўляла.

Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й разьвіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выяжджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасьць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, гдзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разьлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што зьвярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасьці, клікалі да сябе.

Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку. Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэскі настаўнік з сям’ей, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыяжджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваею жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсе жыцьцё. Я навучылася варыць чэскія стравы, пячы булкі па-іхняму.

Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасьці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.

Мы жылі ў адных сенях з той сям’ей, гдзе жыў мой муж раней з панам Новакам — маладым студэнтам. Якія дзіўныя чэхі! Аднойчы прыйшла да мяне тая гаспадыня з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца яе добры кватэрант. Я зьдзівілася, бо амаль ня ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт ня можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся ў пані дактарову, бярэ ўсе да сябе Іжычка, згубіў спакой і зусім ня можа вучыцца, і я вінавата! Хто такую несуразіцу чуў? Пасьля мы шчыра пагаварылі з панам Новакам. Ён стараўся зразумець незразумелае. Паводле яго слоў, быў ён сынам гандляра, ніякі не рамантык, меў нарачоную, якую, здавалася яму, кахаў. Усё абдумана, заплянавана як належыць, і раптам нешта такое, з чым яму ніяк ня справіцца! Для мяне гэта таксама было дзіўным, як можна плянаваць і пачуцьці? Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк. Вось такія былі чэхі — цьвярозыя, чэсныя, але душа ў іх была.

Чэскі быт памалу ўваходзіў у мае прывычкі. Каб лепей варыць, я купіла сабе кулінарную кніжачку й з цікавасьцю прачытала там, як прыгатаваць на абед «жабі стэгінка» (жабіныя кулыпачкі). У гэты час мне прыпомніліся нашыя каўбасы, сальцэсоны, вантрабянкі, парасяты і індыкі, якія так смачна падавалі на Беларусі. Жабы, гэта ж, мусіць быць, несусьветная несмач! Але чэскія кнэдлікі[20] мне падабаліся.

А тым часам падзеі не стаялі на месцы. Нейк Прага ня спала цэлую ноч, гэта тады, калі немцы акупавалі Аўстрыю. Чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся. А тым часам быў у Празе апошні й цудоўны Сакольскі зьлёт[21]. Гэта была адчайная дэманстрацыя патрыятызму, прыгажосьці, спартыўнасьці, сілы. Прага некалькі тыдняў не прачыналася й не засынала, Прага проста ня спала! Яна вітала, паіла, карміла, дарыла й гасьціла чужых і айчынных гасьцей. Яна сьмяялася й плакала, адчыняючы людзям насьцеж свае чыстае сэрца й быццам просячы зразуменьня, ратунку й помачы супраць таго, што маршыравала адмераным каваным крокам з Захаду й на цэлую Эўропу ўжо крычала: «Гэйль Гітлер!» На стадыене былі цуды зладжанай масавай гімнастыкі, быў улюбёны свой прэзыдэнт з неадступным другам — мілай і дастойнай першай дамай Рэспублікі — сваей жонкай. Але гэта быў апошні размах свабоднага народу. Насоўваліся цяжкія хмары. Усе мясьціны свабоднай дзяржавы прывезьлі на гэты зьлёт любоў і вернасьць ураду сваяму й сталіцы. Я бачыла, як таргоўкі бралі ў прыпол цытрыны й памяранцы са сваіх латкоў і нясьлі іх моладзі, якая ўсё прыбывала й прыбывала ў Прагу, вітаючы дарагую сталіцу. Я бачыла пасьля, як кожная з гэтых гандлярак трымала ў руках газэту, гдзе пісалася аб адарваньні ад Рэспублікі яе правінцыяў і галоўнае — Судэцкага краю, і як кожная плакала з гора. Плакаў тады ўвесь гэты харошы, пакінуты ўсімі народ. Гэта не была Рэспубліка, а дом іх дарагі й гасьцінны, сям’я іх адзіная, на якую тупым маршам ішоў іх адвечны вораг, і зьнікуль не відно было ратунку. Прагна адскубла сабе з жывога цела Рэспублікі й ачумелая Польшча, быццам ня думаючы аб тым, што чакае заўтра яе безабаронны, няшчасны народ. Адна толькі Румынія засталася ў тыя страшныя дні чалавечнай і дружнай. Недарма, знача, румынскія жанчыны на Сакольскім зьлёце крычалі перад трыбунай ураду аб сваей адданасьці й аб дружбе…

А час ішоў. Я не магу забыцца аб чэскай мабілізацыі. Усе мы ў нашым доме супольна слухалі, як гаварыў Гітлер. Ён крычаў, злаваўся, быццам крыкам хацеў паралізаваць запалоханыя народы. Нарэшце ноччу аб’явілі аб мабілізацыі. Людзі сьмяяліся, кідаліся сабе ў абдымкі! Яны ня плакалі, не баяліся, яны былі шчасьлівыя, што могуць, маць шчасьце йсьці бараніць сваю волю, сваю Радзіму. «Тэдь вімэ, на чэм йсмэ!» (ведаем, што рабіць!) — крычаў мне сусед наш з несказаным шчасьцем. Мы ня думалі, што вораг дасьць чэхам спакойна мабілізавацца. Суседзі паадзявалі маскі, а ў нас была толькі адна, і мы з мужам пачалі тут сварыцца: ён пхаў яе мне, а я яму назад, і нарэшце мы адкінулі яе зусім. Назаўтра муж папытаўся ў мяне, што, на маю думку, яму рабіць? На маю й на яго думку трэба было вось цяпер адудзячыцца харошаму народу за асьвету й за гасьціннасьць, і муж пайшоў і запісаўся дабравольцам. Але вайны не было, а чаму, я гэтага нават ня ведаю… Як я цяпер думаю, дык Прага ня ў сілах была стрымаць нямецкую ўсю напорыстую навалу, але навала гэтая была ў сіл iх пакінуць ад тысячагадовага горада мокрае месца… Спакой а сабе паехалі дамоў Дэладзье, Чэмбэрлен і інш., якія на так коратка адвярнулі ад сябе небясьпеку. Прэзыдэнт Эдуард Бэнэш пакідаў сваю Бацькаўшчыну. Усе плачучы слухалі ягоную апошнюю прамову. Ён прашчаўся са сваім народам, змушаны пакінуць яго. Мне так захацелася ў гэты час падзякаваць яму за ўсё, што чэхі зрабілі для нас, што я, каб муж ня ведаў, напісала яму на Град падзяку ад нас, усі беларусаў у Празе, і шчырае спагаданьне з прычыны такой гістарычнай сумнай, трагічнай падзеі. Мужу пасьля толькi паказала падзяку з Граду, якая, як адказ на мой ліст, надышла з Граду. Мы доўга яе перахоўвалі вайною.

У Чэхаславакіі ўтварыўся новы ўрад на чале з трагічнай асобаю Гахі. Пасьля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, засьнежаны дзень увайшлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усе — ад мыла й сала пачынаючы. У Кашпараку жыла сям’я нямецкіх камуністаў. Гэта быў рабочы й нейкі дзеяч Ота Кляўдэр, Ані, ягоная жонка, і іх дачка. Ані мне многа радзіла, памагала. Ота вадзіў Юру на спацыр, калі я мыла бялізну, і часта нам прыносіў маскоўскія газеты. Ён мне сказаў, што вайну вырашыць савецкая зброя, і гэта пасьля аказалася праўдай. У іх я пазнаёмілася з многімі людзьмі. Адныя з іх — румынскія яўрэі — уцякалі з Прагі й пакінулі нам сваю кватэру. Гэта быў невялічкі пакойчык, і цераз карыдор куханька. Недарагая кватэра й для нас акурат. Яўрэі былі вельмі маладыя, і жонка была надзвычайна прыгожая. Гэта быў чацьвёрты паверх, найвышэй у гэтым доме. Ніжэй пад намі жыла пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, і яшчэ ніжэй — сям’я Малжулаў, гдзе былі дзве дачкі-студэнткі. З малодшай Лідаю мы пасябравалі.

Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрадоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагаалі з Граду, але ён быў такі нэрвовы й такі няшчасны, што ня мог працаваць. А можа, і не хацеў… Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.

Пасьля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.

Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаем, што зьбіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасыўнасьці, запалоханасьці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватэрантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасьля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягауў мне легітымацыю[22], на якую я нават ня глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госьця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.

Нядаўна я пра гэта расказвала адной жанчыне. Яна ў мяне толькі папыталася: «Такі Хрыстападобны?» Кажу: «Так, бледны, худы, страшны й менавіта Хрыстападобны». Яна назвала яго. Гэты чалавек дапамог арганізаваць, а пасьля такжа прадаць і праваліць «Грамаду»… Быў гэта страшны чалавек… Болей мы ў хату такіх не пускалі, прыходзілі да нас толькі свае сябры й нашыя з Моджанаў.

Пасьля падзелу Чэхаславаччыны нас пачалі вельмі прасьледаваць палякі. Яны відавочна патрабавалі, каб чэхі нас вярнулі ў Польшчу, бо мы ж былі польскімі грамадзянамі. I вось у нас бязвыхаднае становішча, нас выкідаюць. Нехта перадаў мужу, каб мы з сынам схадзілі да аднаго з чэскіх сэнатараў і папрасілі заручыцца за нас. I вось ідзем мы з Юрачкам, вяду яго за руку. Калі мы туды прыйшлі, дык усе ва ўрадзе зацікавіліся цудоўным хлопчыкам, які міла гаварыў чэскія вершы. Пан сэнатар прыняў нас ветліва. Я вельмі няўмела папрасіла яго памагчы нам — прасіць нешта для сябе мне было заўсёды цяжка. Ён загадаў сакратарцы напісаць нешта, падпісаў гэта, і мы трапілі ў рукі ўсіх супрацоўнікаў гэтага ўраду. Яны паспелі ўжо купіць Юру чэскія кніжачкі для дзяцей і сабралі яму троха й грошай. Я старалася скрыць тое, што я не прывыкла, каб давалі мне грошы, што я іх прывыкла людзям даваць, але яны ўсе былі такія шчырыя, такія харошыя, што я ўзяла гэты падарак для сына, і мы сардэчна разьвіталіся з імі. Так мы засталіся ў Празе, і грозны начальнік паліцыі для чужынцаў, нейкі славак — забылася яго прозьвішча ўжо, — ня мог нас так сабе выкінуць.

Палякі нейк ужо пранюхалі мае крыўды на іх, і бацькі мне са страхам пісалі, чаму я не маўчу лепей у Празе, што тут шкадуюць, што наагул мяне выпусьцілі са сваіх рук… Я чытаю польскія газеты. Кракаўскі «Кур’ер поранны» пісаў, што палякі немцаў разаб’юць, напэўна, і тады пашыраць свае граніцы так, што польскі жолнеж[23] падасьць руку японскаму. Аж куды ўжо пашырацца граніцы Рэчы Паспалітай! Каго Бог хоча пакараць, адыме розум, — думала я. Мы яшчэ пасьпелі зрабіць Юрачкін партрэцік і паслаць яго бацькам, як немцы напалі на Рэч Паспалітую. Шкада было нашых людзей, шкада было бацькоў нашых, нашай зямлі. Вайна ня жарты, і немцы ня ангелы! Што ж, выйшла яшчэ горай, як мы баяліся. Зьяднаньне Беларусі і яе «асвабаджэньне» поўнасьцю закрыла мне гора маёй сям’і. Хутка напісалі нам, што тата мой памяняў сваю кватэру на горшую ў Гродне, і я ўжо ведала, што гэта значыць. Неўзабаве гэта пацьвердзілася, і мы ад зэльвенцаў атрымалі справу аб тым, як ля сьцяны нейкага хлява ў Зэльве забілі 21 чалавека, у тым ліку старэнькага бацюшку Якабсона, зэльвенекага ксяндза, і інш… Божа мой, і каму й пашто гэта было трэба? Калі хто й чакаў чаго, дык ня гэтага. Старэнькі гэты сьвятар, памятаю, вельмі любіў туліпаны, а матушка яго была старэнькая, малая, як курапатка. Ён прыходзіў да нас хрысьціць Юрачку й такі быў бяскрыўдны. Што там далей у нас рабілася, я ня ведала, але лёс таты мяне ўстрывожыў, і тут я пыталася: за што? Я ня ведала, як дапамагчы ім. Напісала ліста ў Палаўкі, да чалавека, які быў многім нам забавязаны, да Люціка Уладка. Гэта быў набожны чалавек, наш сусед. Яму давалася балота касіць, поля, што засеяць. Мама і лячыла дзяцей ім, і жаніла, і нават на вясельлі ў іх была каравайніцай, што было супраць яе правілаў. I вось гэты чалавек прадаў нас, першы падпісаўся на вываз мамы з дзецьмі, бо тату ўжо дабівалі ў Гродне ў турме разам з яго братам Валодзем і пляменьнікам Віталем. Сын гэтага Люціка, таксама Уладзімір, цяпер важны праваслаўны сьвятар савецкі, якога яны пасылаюць увесь час за граніцу. Кажуць, што ён партыйны.

Казаў мне адзін чалавек, што тады было агульнае азьвярэньне, насалода з мукаў чалавечых і канец сьвету. Так недзе наступаў некалькі вякоў таму Чынгісхан на славянскія землі… Сумнае было злучэньне зямлі нашай, неблагаславеннае добрай справай.

З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай.

Хутка пасьля маяго прыезду ў Прагу памёр Тамаш Грыб — таксама член ураду БНР, наймалодшы яго міністар. Памёр на васпаленьне лёгкіх — дарагі Флемінг тады яшчэ ня даў людзям пэніцыліну. Усе мы езьдзілі на крэмацыю, якая сама па сабе ўжо была для мяне дзівам. Там я пазнаёмілася з Ермачэнкам, Русаком, Бакачом, Калошам і інш. Труна паволі адплывала ад нас, і на хорах нейкі ўкраінскі сьпявак прачула сьпяваў «Не пагаснуць зоркі ў небе». Я таксама адчула, што і я ўжо на чужыне, і горка зашчаміла сэрца. Пасьля былі грамадзкія хаўтуры. Пад гэрбам нашым і сьцягам вісеў прыгожы Грыбаў партрэт, зышлося многа людзей — чэхаў і братоў-эмігрантаў. Валодзя Тамашчык мне іх называў. Ад чэхаў быў ведамы славіст, прафэсар Славік, выступаў сардэчна, прадумана. Ад украінцаў выступаў, здаецца, прафэсар Дарашэнка, які некалі першы напісаў кніжачку аб нашым адраджэньні. Сам ён з Чарнігаўшчыны, дык беззаганна валодаў беларускай мовай. Ад рускіх эсэраў гаварыў вельмі цікавы Чарноў. Была на хаўтурах і Радзянко. Яна, здаецца, любіла мяне, мы часта сустракаліся ў цэркве. Скромна ў хустачцы пад бараду гэтая шляхотная дзяячка, здаецца, ніколі ня думала пра сябе. Пасьля заканчэньня унівэрсытэту доктар Грыб працаваў у славянскім архіве ў беларускім яго аддзеле. Плацілі там грашы, і ён дарабляў у няшчодрае беспрацоўе як мог, насіў нават і прадаваў, казалі, краваткі[24] па людзях, а ў архіве пісаў, заўзята працаваў для Беларусі. Кажуць, засталося пасьля яго многа вартасных навуковых працаў. Часам выдавалі беларусы ў Празе «Іскры Скарыны»[25], над якімі працаваў пераважна доктар Грыб, а фінансаваў іх Васіль Русак — мажны й вельмі энэргічны слуцкі паўстанец[26], які памёр пасьля вайны ў савецкім зьняволеньні. Былі яшчэ Клаўсуць, Вітушка, Астапкевіч і інш. Яны пераважна пажаніліся з чэшкамі й жылі ня ў Празе.

Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты[27] аб сваім кабінэце даслоўна ва ўсіх чэскіх газэтах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсьміхаўся, але зусім не выклікаў.да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла мэдыцыну (зубніха) на беларускую стыпэндыю, мелі яны дзьве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек ня меў ніякае літасьці над беднымі сваімі суайчыньнікамі, ён наагул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцьці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маей сымпатыі й маяго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасьля таго здарэньня ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, ня маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сьцяміць… Інтарэсы маяго народу — мая сьвятасьць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, гдзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаваньняў ня ведаго, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды бяздомны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасьць жыцьця. Былі й другія з вышэйшаю асьветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі… Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконаньня, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе ня лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзыдэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсьці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, ня выдаў.

Пасьля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез»[28] — знача без грамадзянства. Гэта было ня так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела… Немцы са сваёй ведамай дакладнасьцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы[29], беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшканьня, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу зьнялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі ня бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў ня мелі. Узяць іх было небясьпечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі ў Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цьвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсьленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распiску Бакачу, бо сапраўды ён ня меў з чаго жыць.

Казалі, што беларусы вельмі добра біліся, але ўсе гэта было дарма, і вось паявіліся нашыя палонныя, а было іх шмат. У Бэрліне пачала для іх выходзіць газета «Раніца»[30], якая хутка трапіла і ў Прагу. Муж яе выпісаў. Акрамя нямецкіх зводкаў былі там і беларускія пытаньні, вершы, карэспандэнцыя. Была гэта нічуць ня горшая газета за ўсе пратэктарацкія і іншыя, якія мы чыталі, ды была на роднай мове. Людзі вельмі стараліся, каб мела й беларускі зьмест. Цяпер ужо яна была адзіным друкаваным беларускім словам.

У гэты час уцяклі з Саветаў Расьціслаў і Віця, стрыечны мой брат. Калі забралі тату, дык пачалі шукаць Славачку — ён быў ужо паўналетні. Хлопец блукаў тры месяцы па лесе, то быў у сваякоў, якія ня вельмі хацелі яму дапамагчы. Нарэшце яны перайшлі граніцу і ўцяклі ў Польшчу да татавай сястры, што была за сьвяшчэньнікам. Мілая цёця хутка выжыла нашых юнакоў. Прышыўшы ім літары «П» на плечы, іх адправілі на працу ў Нямеччыну. Ад хлопцаў мы даведаліся аб трагэдыі нашых сем’яў. Віці бацькоў (яго маці — татава сястра) забілі ў іх фальварку Ярылаўцы (цяпер Польшча). Цеці вырвалі язык і дзёрлі пасы скуры з плячэй. Дзядзю Цімошу, кожнаму з іх было праз 80 гадоў, проста забілі, а іх сына Валодзю білі й выдзерлі яму вочы і ўрэшце забілі. Тады наладзілі ў Ярылаўцы танцы пад гармошку й наагул — забаву, трупы ляжалі на панадворку побач… Віця ў гэты час біў немца, і калі вярнуўся, дык перавезьлі яны з маім татам трупы з ярылаўскага хлява пад бераставіцкую царкву й там пахавалі. Пасьля забралі тату, казалі, біў яго канваіруючы нейкі Сундукевіч, а ён ішоў і маўчаў. Казалі мне людзі, што быў з імі ў гродзенскай турме, з якой ужо ніхто з нашай сям’і жывы ня выйшаў. Маму маю з дзецьмі, вымучыўшы на месцы, вывезьлі ў Казахстан. Я не знаходзіла сабе месца, усё пыталася: «За што, за што?» Я хацела кончыць жыцьцё, пусьціўшы газ, да гэтага ў мяне былі і іншыя непрыемнасьці. Муж мяне вывалак з маленькае кухні.

Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну… Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на мае імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усе дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсьць тут у няволі браты мае, цемныя, нават ня ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. I вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мысьлі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем’і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасьцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусьціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не зьвярталі, разагнаўшыся на ўсю Эўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі езьдзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асьветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.

Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, гдзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазыцыю, маю сьмеласьць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсьць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсьведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя калянізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасьля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасьце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.

Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзьве вельмі дыатынгаваныя[31] дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасьцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасьцю паглядалі амаль усе. I вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі, — наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не паджэнтэльмэнску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсьць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларўску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т. п.

Тым часам Славачка й Віця ехалі пад канвоем у Нямеччыну. Немец, якому на гаспадарку дастаўся наш Расьціслаў, вёў яго да хаты і ўсе дрыжэў, аглядаўся. Гдзе ж, не чалавек, а рослы магутны дуб — што пра гэтых славянаў толькі ні начытаўся немец! Вось схопіць адною рукою яго за карак, і немец ня пісьне. Расьціслаў гэтага не зрабіў, уцёкшы ад адных, ня мог і не хацеў адразу нешта пачынаць. Яго накармілі, аднесьліся па-людзку, і Славачка пачаў дапамагаць немцу. Скончыў ён Жыровіцкую сельскагаспадарчую школу й йа натуры быў кемлівы й разумны хлапец. Высокі быў — 1 м 95 см, шырачэзны ў плячох. Густыя валасы, як багаты жытні сноп, хораша ляжалі на галаве, пра парцыянальны роўны нос крыху з гарбінкаю, зеленаватыя, поўныя нейкай затаёнай дабраты вочы, у якія пасьля заглядала я, задраўшы голаў. Немцы яго ацанілі й палюбілі па-свояму. Ён сам веў іх усю гаспадарку, але пісаў мне, што надта цяжка яму, што нават імя сваяго ня чуе й называюць яго тут Нікляс (ад — Міклашэвіч), адно толькі быў рады, што яны нічога не разумеюць, як ён іх лае па-свояму на ўвесь голас. Пасьля ўсіх сваіх вандровак Расьціслаў быў вельмі абдзёрты й вось напісаў мне аб гэтым нейк незнарок. Чэхі далі мне дазвол паслаць яму адзеньне. Я паслала яму ўсё неабходнае, ад бялізны да цёплай прыгожай курткі й да апошніх драбніцаў мужчынскага туалету. Хлопец зрабіўся элегантны, да гэтага немцы падаравалі яму капялюш (гут!) і гадзіньнік (эйн ур!). Расьціслаў меў усе, што характарызуе «вышэйшую расу германцаў», і ў іх зрадзілася думка ажаніць яго і ўсынавіць. Немцы пачалі пісаць мне ў Прагу мілыя лісты, у іх была там нейкая дачка ці сястра, якая ня супраць была ўступіць з намі ў сваяцтва. Брат ад такога шарахаўся, такое было не для нас. Але вось яго сілаю праз «арбайтсамт»[32] забраў да сябе нейкі нямецкі начальнік. Гэта была сапраўды ўжо трагэдыя для нас усіх. У старога гаспадара ён жыў, як у сям’і, а тут пасадзілі яго на кухні, гдзе кармілі аднаго й чым папала. Загадалі маладому панічу даіць кароў, што для яго было найвялікшай пакутай. Начамі папярэдні немец тайна насіў яму есьці, ледзь ня плакаў, але ня змог вярнуць сабе Расьціслава. А я ўсё думала: і як яго, няшчаснага, ратаваць? Ну й сьвет пайшоў, ну й нашая няшчасная доля…

Цераз Польшчу пераслалі мне ліста ад мамы. Завезьлі іх недзе ў Паўночны Казахстан на станцыю Кіялы, гдзе было галадно, халадно й цяжка. Мама пісала, што зайздросьціць Марыі Паўлаўне, той цйці Мані, якую забілі разам з мужам і з сынам. Я дрыжэла за маміна жыцьцё, і калі мы вечарам скуль вярталіся з мужам і холад біў мне ў твар, для мяне гэта быў холад дзікага Казахстану. Я баялася, і нездарма, што мама ня выжыве. Яна так ужо болей не сустрэлася ні з намі, ні з нашым татам. Так ліквідавалі таварышы «клас», вынішчаючы нас да апошняга паасобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але й для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу… Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабокх Францыя ляжала ўжо пакананай, нават славутая лінія Мажыно яе ня выратавала. Гераічна, амаль у адзіночку змагалася старая мудрая Англія, а дзяржавы трагічна падалі адна за другою. Фюрэр і кампанія плянавалі напады, немцы гайлявалі, Англія змагалася, Сталін паціраў рукі над загубай Эўропы, а людзі — адныя ратаваліся як маглі, а другія стагналі ў мучэньнях.

Муж, як і раней, штодзённа хадзіў да доктара Градзіла. Бедны, пакананы легіянер ад раніцы да позьняй ночы круціў Бі-бі-сі і іншыя жоралы[33] аб’ектыўнай інфармацыі; як ваенны, ды яшчэ палкоўнік, крыху арыентаваўся ў лёгкіх і крывавых подзьвігах фюрэра, добра ведаючы тое, што заваяваць мала, трэба яшчэ акупаваць тэрыторыі і ўтрымаць там больш-менш парадак і т. п. На шчасьце для Эўропы, Гітлер быў заваявацелем, але абсалютна паганым палітыкам, і ня трэба было вялікага розуму, каб прадбачыць канец авантуры. Ну, а пакуль што ўсе мы былі ў руках ненармальных людзей, якіх проста трэба было нейк перахітрыць, каб самым выжыць, ды яшчэ паводле магчымасьцяў дапамагчы людзям. Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога. Але вось прыйшоў дзень, калі доктар Градзіл засьмяяўся ля сваяго радые, а Сталін, кажуць, затросься ад нечаканасьці — Гітлер напаў на Савецкі Саюз! Градзіл сказаў, што сталася тое, што трэба. Я начыталася аб нямецкай тэхніцы й ведала, што яна ня толькі для парадаў у Бэрліне, якія мы бачылі ў кіно, яна цяпер, менавіта цяпер гарэ крывавымі барознамі маю Беларусь, і зялёныя сёлы нашыя ў небясьпецы. Я толькі спадзявалася, што, часта бітыя ў гісторыі, мы й тут вывернемся нейк, хто як можа, і народ захаваецца.

На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасьці. Што ж, мы без грамадзянства й ня просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б… Сьмешна. У Ермачэнкі быў свой ад’ютант, нейкі Аўчыньнікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад’ютантам, а цяпер зьмяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцбкамі за граніцу. Вось гэты ад’ютант, які ні слова ня ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасьля нападу нямецкага на СССР пачаў аб’яжджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вульлі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не пасьпела. Аўчыньнікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя маяго мужа, які ўсе ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх ня бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружаньне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усьмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсбды нязьменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі ня можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды, маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцьця ня мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, ня мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі сьпяшаўся сюды з працы. Яму ня далі яшчэ ні сесьці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынею сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж зьбялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў… Тэлеграму акрэсьліў Ермачэнка як ад «беларусоў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сьведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і сьвінства з намі зрабілі. Петра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясьніў мне, што вельмі страшны час і ня ўсім, на жаль, можна верыць… Першы й апошні раз быў муж старшыней на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»… Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усьміхаўся… I вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласьць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой сьледчы, я тады зразумела подласьць ня толькі нямецкіх агентаў… Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласьць называцца ўраднікамі, рэпрэзэнтантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыцьцё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш сьвет, не па дарозе! Гэта нізасьць, за якую ўстыдаўся б бандыт… Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна сьвет перайсьці, але назад не вярнуцца…

I вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так мае сэрца сяньня…» — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад’есьці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя ня раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто ня выйшаў ад нас галодны ў той час, калі большасьць людзей думала аб сабе толькі.

Пасьля паду Польшчы ў Прагу нейкім чынам прыехаў з Варшавы Забэйда-Суміцкі. Заехаў ён да Русака, і наагул заапекаваўся ім Ермачэнка і яго кампанія. Але яго паклалі ў больніцу, і выпадала адведаць яго, падзякаваць за харошую песьню, бо сапраўды народная наша песьня ў яго выкананьні была надзвычай харошай. Вось я й выбралася з ружамі адведаць у больніцы хворага. Ляжаў дзядзька на ўсе ложка, нейкі спацелы, бледны й зусім не падобны на таго, што на абразках. Што ж, села я, аддала свае ружы, якія, закаціўшы тэатральна вочы, маэстра з насалодай нюхаў, пагутарыла крыху й болей туды не пайшла. Затое хутка прыйшоў да нас сам маэстра. Мой палкі й вялікі патрыёт Яначка запрасіў яго хоць два разы на тыдзень прыходзіць да нас на абед, каб беларускія таленты захавалі свае сілы для песьні. Маэстра вельмі рад да нас хадзіў.

Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханьні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай сваяго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя ня ведаем, што казаць, але за пару хвілін зьявіўся наш малец, ужо пасьпеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Эўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што ня меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не пасьпяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.

А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй зьмерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасьля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх…

«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла, — гарланіў на допытах ачумелы сьледавацель, — гэта як амэрыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава столькі людзей ня ходзіць». Нічога я яму болей не паясьняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк ня месьцілася паняцьце чалавечае дабраты… Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў» даць мне ні больш — ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесьці яшчэ й маяго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыцьё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі… Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён ня выжыў бы.

А тым часам збываўся мой сон пры ад’езьдзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыльлі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, гдзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сьне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.

Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсьліць мае нейкае значэньне, нейкае маральнае першынство. Перасьцерагаў мяне перад гдзеякімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне апэрацыя апэндыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Апэрацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямненьня. Вельмі хораша аднёсься да мяне малады лекар, які мяне апэраваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, гдзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасьля апэрацыі, а найболей лекар, які мяне апэраваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сыстэма.

Ермачэнка, які вельмі сэпараваўся ў прыватным жыцьці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэскімі калачамі з кіслымі сьлівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разьбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэньня, бо гэта ня быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разьлікам на вечную ўдзячнасьць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку… На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваей элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе ня меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне 6н зьвярнуўся як да патрыеткі і як да хрысьціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такой харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасьці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было сьмешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазыцыя была непахіснай. Вельмі зьдзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазыцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасьцю, што мы вельмі левыя… Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.

Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасьце. А тым часам мая новая знаемая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я ня ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсьці яе кватэры. Я ніколі ня думала, што прыгажая віла з гаражом і басэйнам для плаваньня яе дом. Я апранулася вельмі сьціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаймай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазьнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэньня. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са сьвечкамі і ўсе для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасьля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, гдзе працуе мой муж, а пасьля зьвярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу… Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Сьмешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басэйне, з чаго Юра вынес цікавую спасьцярогу. што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці Сн. Яны купаліся голенькімі.

Я вельмі зьдзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыньнікавым да нас і загадаў мне вязьці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясьціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на разьвітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обэрмэдыцынальрат» і «обэррэгірунгсрат» на Чэскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гэстапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візыты, калі мяне часам «шукалі» ў іх… Цяпер мне гэта ўсе вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады…

Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі ня толькі нам, але й чэхам, калі я да іх зьвярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцьці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжаньні хутчэй англічане.

Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсе наглядалі жыцьце й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасьць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезьлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сьніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.

Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяньня чакала мае ўдзячнасьці, мае любові. Зьняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, маяго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль ня нашай газэты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі маяго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назьбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газэта выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя зьвярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя гдзе ім толькі было можна. Не было газэты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзя дзька Васіль мінуласьць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасьць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаньнем народу нашага й адчайным каханьнем да мае Айчыны.

Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага ня б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволітакі пасыўных беларусаў. Як цяжка было ўсе гэта стрываць.

Веліч маяго каханьня, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасьля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафэсар Ціхі, ведамы славянафіл, напісаў мне, што зьнішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў… Што ж, прафэсар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасьля выхаду ў сьвет «Невадам з Нёмана»[34] зноў мне выразіць сваё вялікае прызнаньне. Што ж, я ня гневаюся, бо ні адзін народ так ня зьдзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі… Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучзньні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі… Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасьць і тое найясьнейшае, што я выхавала ў душы са сваяго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсьці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсьці за злога чалавека й пасьля прабудзіць у ім усе тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не пасьпеў давесьці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усе сьвятое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласьць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе… Так думаю я сяньня, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось, як паліць у СБП[35] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіенаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату бяз нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесь аўтобус і ня ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць… Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, ганьбяць бяз довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяньня новыя паны яго паганяць… Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў… Я ўжо ня думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузьняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасьля разам з намі… Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасьля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, зьбялеў і ледзь выжыў з такога… Усё гэта распаўзаецца зьверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасьцю не назаву й з такімі мэтадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе…

Якія сьвятыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяньня гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу… За што? За што? Чаму так страшна азьвярэлі людзі? Няўжо навечна? Няўжо гэта той народ наш, за які так спакойна я йшла на мучэньні? Што яны будуць рабіць, калі «прачнецца Бог» і ўзварушыцца іхняе сумленьне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла, не падыходзіць да нас з бруднымі думкамі ўнізіць нас, ашукаць ці данесьці на нас. Калі на чалавека дзесяць гадоў гаварыць, што ён сабака, дык на адзінаццаты год ён будзе бегаць на чатырох і забрэша. Гэта да нас застасавалі такі мэтад, бо такіх сільных яшчэ ня бачылі. «Бо нішто вас ня можа зламаць», — сказаў мне адзін праўдзівы, хоць іхні, чалавек, які ні адзін камень шпурнуў у наш бок, але пасьля адумаўся, убачыўшы кроў…

У культурных народаў ёсьць ахова жывёлаў, зьвяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыцьцё свае змаганьню й цярпеньню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосьцд мае былі літасьцівыя, спагадлівыя ў няшчасьці; з чаго атупелі, што іх зьмяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а гдзе ж сумленьне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленьні людзкія слёзы, а сяньня — гэта «героі», настаўнікі для моладзі, узор для грамадзтва… Як акрэсьліць цяпер паняцьце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як ёсьць у Васіля Быкава? Як, яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небясьпекі? — баюся думаць. Можа, I за акіянам бываюць такія бяздушныя, глухія на мучэньні людзей, але там ёсьць, напэўна ёсьць, і сапраўдныя хрысьціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інхарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на сьмерць, барані свае путы… Жудасна.

Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчасьлівы чалавек, бо ў мяне ўсягчэ адзін вораг — Ермачэнка. Так, ён пра нас не забыўся. Перад усім, ад’яжджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Сьмешна было, увесь архіў Камітэту: пратакол залажэньня арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усе згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на сьледстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла маяго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта ёсьць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сьцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амэрыканцы» менскай, гдзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ён тыдзень так стаяў, у вадзе, бяз ежы. Кажа цяпер, што сьпяваў песьні… Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвеньні… Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сьцяне кроў распырсканая, я так і замерла… «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам…» — «Ну, дык пакажэце яго і яму…» Вось тады толькі нехрыст выпусьціў Яначку. Я мацнейшая і фізычна, і духова, дык увесь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, ня хочучы, «дагадзіла»…

Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасьць даволі вялікая, але сярод іх і мае імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў: Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усiм ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы ня лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».

Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку… Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гэстапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль»?[36] Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасьці[37] — душа вырывалася з гора… А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што ня прыйдзе, і зноў я залівалася сьлязьмі… Пасьля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так зьмірылася. Перад ад’ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М.Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыяжджаў са сваім гаафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» —. «А, ім даюць там нешта…» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есьці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усьмехам, ад якога мне халадно… Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ён у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.

Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю «мэтады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і апэратыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асымілююць народ, але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма».

А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш, мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасьці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ён мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачко расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і «бедны кулі» ўжо ня мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсьцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцьця, а іх можна было чакаць.

Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва унівэрсытэце й працаваў, як некалі Яначка, гдзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. I тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку… Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязьменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжаньне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра падарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэскай «Смэтанавай сіні»[38], быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго ня ведалі. Ён нам гэтага доўга ня мог дараваць. З Петрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся… Настолькі чэсным гэты чалавек ня быў.

Жук, які ў нас бываў таксама, быў ведамы як камуніст, чаго ён не скрываў перад намі. Ён хацеў выжыць, дачакацца камунізму. А нам што? Мы былі дэмакраты, якія шанавалі перакананьні чужыя, і таксама жадалі, каб шанавалі й нашыя. Калі ён быў галодны, дык крыху яго падкормлівалі, калі немцы яго арыштавалі, дык ратавалі яго. Затое ён, калі мяне выкрадалі з Прагі, вадзіў кагэбістаў па чэскіх кватэрах, каб знайсьці й выдаць мяне. Яму гэта не ўдалося. Каб забралі нас тады, у 45-м годзе, мы ўжо не жылі б напэўна… Пасьля прыйшоў да нас, мы былі да сьмерці напалоханыя, але я яму паказала дзьверы. Хто здрадзіў сяброўства, дык няма такому месца ў скромнай хаце, гдзе мы жывём. Ка жуць, што ўдзячнасьцю мерыцца культура людзей, і ў гэтым ёсьць праўда.

З Парыжа пераехаў у Бэрлін Мікола Абрамчык і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасьцяў, дапамагаў што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, высказваліся пра яго з энтузіязмам. Нейк ён прыехаў і ў Прагу да Русака, і як звычайна яны зайшлі да мяне. Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар, што пацьвердзілася ў гутарцы з ім. Гэты чалавек, здавалася, ня меў слабасьцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць ня мог, ён жыў гэтым. Гэта быў чалавек чыну, мяне ён цаніў. Гэта пачуцьцё ўмацавалася, калі мы пазнаёміліся. Мы доўга й шчыра гутарылі, калі ён прыйшоў да мяне назаўтра. Мне падабаўся дыяпазон яго інтарэсаў і тое, што ён ужо прадбачыў вынік вайны (гэта было ў 42-м годзе) і ўжо думаў пра нашую масу завезеных на работы ці палонных з польскай арміі. Ён прыехаў наконт мае кніжкі, якая мелася друкавацца. Я ня ведала, як гэта ўсё робіцца, бо кніжку фінансаваў Камітэт. Мы напісалі дагавор, што мне належыць 50 % ад чыстага зыску[39] за кніжку й 50 аўтарскіх экзэмпляраў. Я слухала яго й падпісала дагавор. Пасьля аказалася, што аўтару ў Заходняй Эўропе належыць толькі 15 % чыстага даходу ад кнігі. Мікола, калі я не хацела браць за кніжку грошай, бо за свае вершы я іх ніколі ня брала, сказаў мне: «А вось мы гэта й прадбачылі, немагчымая ты асоба, і таму цябе „апуталі“ догаварам». Я ўсё роўна ўсяго не ўзяла, бо лічыла, што мы ўсе павінны працаваць для народу без нагароды. У мяне быў муж, і ў мяне быў хлеб, і гэтага нам хапала. Мець магчымасьць працаваць для культуры сваяго народу — гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэньне — гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасьць і сілы, каб узьняць свой народ. Нядобрая маці адзінага сына, якая не змагла выгадаваць яго, не магла яго забясьпечыць, і ён стаўся ахвяраю вогненнага патрыятызму бацькоў. Але ён быў галодны, і людзі не заўседы накармілі яго, але заўсёды пакрыўдзілі. Не, людзі, якія йдуць за народ свой змагацца, ня маюць права мець сем’яў, рабіць няшчаснымі сваіх дзяцей…

А бедны дзядзька Васіль ляжаў у тубэркулёзным шпіталі за Прагаю. Выбраліся мы да яго ўсе разам. Быў рад, Мікола меў яму што сказаць, Я пацешыла яго, што вясной ён будзе мне дыктаваць і я ўсе запішу… Дзядзька сумна паглядзеў на мяне й сказаў, што вясною ён будзе спаць пад кусьцікам і я да яго прыйду. Ішлі дамоў пехатою, кожны задуманы.

З чэскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі ня ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі сьвет 12 харошых відокаў[40] нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданьняў з пранямецкім зьместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы ня вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў зьбірацца ў дарогу, у Менск! Яго госьці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, гдзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Эўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсься да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асьвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць ня ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя», — адказаў мне на гэта немец.

Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восеньню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госьці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка ня вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо ня памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасьці маяго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасьць асьляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не зьбіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесьці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, зьела кавалачак кураняці з каляф’ёрам[41]. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыцьцём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла свае зьдзіўленьне й папрасіла пры мне гэтага чалавека ня ганьбіць… Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэньнем адкінула гэта і, са злосьці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.

I вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала зьбірацца. Рабіць гэта трэба было праз гэстапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасьля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсьці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, гдзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусьцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я сьмела сказала, што такое ня прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзьвярыма чакала на мяне мае дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсьведаміла сабе, куды я яго, абаронцу маяго маленькага, з сабою ўзяла.

Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды ня ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала[42], што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасьля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, гдзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка. Дык пасьля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасьць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое… Быць паэтам знача ня толькі любоў зьняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазьней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага…

Вельмі спагадліва аднесьліся да мяне Шпэры. Яны былі супраць якога-кольвек маяго выезду з Прагі. I вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартамэнты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзьвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзьвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасьці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я ня ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісьці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асьвенцім, каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асьвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне ня мусіць сілаю вязьці і ў Менск… А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпеньне. Мне ня верылася, што мяне проста пусьцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусьціў. Заўсёды падкрэсьлена ветлівы Ермачэнка зьвярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсьці, ні сесьці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек ня зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамэлеон, вы ж здраднік! Згінеце вы рззам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не суні маецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швэцыю, я забясьпечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небясьпечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі ня мсьцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у водавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, сьмелы, вельмі харошы сынок.

А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых тубэркулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намесьнік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзен атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыяжджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часьцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечда якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынею БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасьці нашага народу! «Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экзэмплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзыдэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусьцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што мэдпэрсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай сьмерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера сьмерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамэнт, ён прасіў нас нічога не прадпрыймаць за яго жыцьця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі сьпярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізычнае нішчаньне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, гдзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошаньня незалежнасьці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.

Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экзэмпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога ня ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада, а гэта быў як другі ўрад, як апазыцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР нс магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але зямалыя для маяго народу». I так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раньнім юнацтве тубэркулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім ня думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змаганьня за волю сваяго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларусьсю. Нездарма мне сказалі на сьледстве, што іх паляваньне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з адньші немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разьлічваў на дзядзькаў тэстамэнт, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разьлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў, сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было ня шчыра, а вонкава. Дзядзька ня мог сьцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі ня мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж… Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцьця.

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсе да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава, паставіўшы шмат пазьней мяне перад абліччам сьмерці. Што ж: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасьць маіх прасьледавацеляў і сымерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.

А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся.

Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсьці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасьля высьветлілася, афэрыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усб было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як сьлед пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасьці далі дзядзьку мэталёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазьбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі… А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахаваньня. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.

Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч з Бэрліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, гдзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лскар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаваньне ды нейкая чэснасьць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахаваньня. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезьлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за агаленьне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаваньне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасьць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій, расеец, вельмі харошы чалавек і сьвятар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я ня вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасьцівы й вечна міласэрны да таго харошага сьвятара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахаваньня, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разьлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасьля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго званьня напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т. зв. Новую Эўропу, тысячалетні нямецкі «райх»[43], гдзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагаданьня ад чэхаў і роздых нацыянальнасьцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна сваяго народу рэпрэзэнтаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабываньня там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазьней пад час неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына ня раз гасьціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.

I так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка. На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасьць жыцьцёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змагайьні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды ня толькі ён… На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваей беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амэрыканскай газэты (ня памятаю назовы) аб прагалошаньні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.

Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, гдзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезьці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасьля дэзынфэкцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й ня мелі дастаткова адзеньня. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаваньні, і здавалася, яны нічога ня ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка[44] ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знай шлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсе, да чаго ты дакранешся», — сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзеньня, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж ня бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезьлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезьці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусьціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на сьледстве сьледавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым…

I так сябры паехалі, павезьлі з сабою часьць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усе думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасьце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошаньня незалежнасьці нашай, што для кожнага народу сьвятая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсьць самастойнасьць дзяржаўная, ёсьць фэдэрацыі, але як бы не было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцьці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненьні. Не, я не аддам мінулага!

Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскрозь іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад’ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: ня тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знаньні й жыцьцё Радзіме. Пэрспэктывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасьці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сымулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпэндыю атрымала асьвету.

Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасьля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.

Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які ня раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, ня мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганьне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленьнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяньня думаю, што такое было тады яго заданьне. Вялы й недалекі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інг. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя праскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, гдзе таксама доўга не пажылі.

Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасьць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасьць, і чысьціня, і шчырасьць пачуцьцяў мяне зьдзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям ня часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ёй не адплачваў тым жа.

Часам паказваўся ў Прагу Вітушка, які беларускасьці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцьця на крыжовую дарогу шчырага змаганьня за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасьці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інг. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасьцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсьць і толькі няма граша, каб пад’есьці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Ня памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.

Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозьвішча. Пасьля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Ня ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й гдзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасьці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, ня ведаю.

Даволі паважнай фігурай сярод праскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энэргічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, гдзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й ня меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эспэранта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спэцыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Ня мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасьля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не, — кажу, — сябра, нічога мне вашага ня трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстаньні. Ня мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяньня. Русак меў добры голас і ахвотна сьпяваў у аматарскай групе опэрных чэскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасьля, яго родная пляменьніца Каця Русак…

Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Судзьдзеў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Судзьдзеў ахвотна прыяжджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асьвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасьля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па сьмерці». Паводле яго практычных разьлікаў, такое не аплачвалася… Кожнаму свае.

Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія пэрспэктывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсьці на небясьпеку й забывацца зусім аб сабе. Ня кожнаму такое да густу, ды горай, ня ўсім пад сілу. Чэхам было бясьпечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.

Змаганьне нашае пакуль што было амаль без пэрспэктыў, але ні на што нягледзячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасьць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасьля атэнтату[45] на Гайдрыха, той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.

У мяне бяз мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб таньней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсе фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў на чальнікам Саюзу нямецкіх лекараў і загадваў усімі мэдычнымі справамі.

Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сымпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсе расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасьць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж ня меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазьней сказалі мне Піпэры, што паводле меркаваньня доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ… А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён зьвярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, гдзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.

Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ваням, каб яны набіраліся энэргіі й шустрасьці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна зьдзівіў клас.

Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасьцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, гдзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсьці. Гэта пазьней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць прасьледавацеляў, якія намагаліся маральна яго зьнішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасьцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа…

Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі ня ўсе яго любілі і ён ня ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т. п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, гдзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага ня ведаеце, сорамна гэта…»

Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяньня цярпеў за Беларусь». Я зьбянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзялімую Расею, расьцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага… У чэскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэскую школу.

Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Ня раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасьць, дабівалі яго фізычна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяньня, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасьць, толькі няхай ня будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад сваяго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!

А дарагі мой Расьціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Бэрліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расьціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасьля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людзкія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасьля вайны ня спыніцца нечалавечы зьдзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўд ным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў… Але татары яшчэ ня самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Мэтады нішчаньня людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяньня… Дарма чакалі мы з Расьціславам сваіх бацькоў. Вырак сьмерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.

Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасьцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расьціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цьвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расьціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара мэтра шырынею. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так сьвята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк ня мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк ня цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут…

А кут той мне сьніўся начамі. Не зусім было добра там сьветлавалосаму Расьціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расьціслава прасьледаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоньнем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цьвярозы мэдык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расьціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецьвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сьляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах, — і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расьціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму ня верыць. Яшчэ сяньня расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расьціслава начамі. Брат ня ўсе мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.

Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсьмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсьць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсе давалі — і дзьверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсе тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расьціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады сьвіснулі партызаны, і пазьбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, ня ведаючы, як брат зарэагуе на іх візыт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе… Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расьціслаў, як я, хрысьціянін, папрасіў іх усіх выйсьці, спыніць свой гаеў і помсту пакінуць Богу…

А мама калела з холаду й з голаду ў Казахстане, дагарала яе жыцьцё. Аркадзі й Аляксей ваявалі ў Андэрса. Маленькая Люся расла ля казахскіх гавец, а Ксеня й Ніна найменей думалі аб хворай маці. Недзе, няведама гдзе нават, здаецца ў гродзенскай турме, крычала, прасіла аб помсьце нявінна пралітая кроў таты. Але мы з Расьціславам ня мсьціліся, мы не любілі Сваіх ворагаў, настолькі хрысьціянамі мы не былі, але мы памагалі ім у цяжкі час, можа, крыху спадзяваліся, што дабро ачалавечыць ім душы, а можа, і нічога не спадзяваліся, проста мы няздольныя былі зрабіць зло.

Начальнік таго невялікага партызанскага збору ля Воўпы, нейкі Міша, здаецца, вельмі зачасьціў са сваімі хлопцамі да Расьціслава. Яны абодва абмяркоўвалі апэрацыі, вельмі пры гэтым аглядаючыся, каб ня нішчыць народу. Крыху пазьней мы прагутарылі з братам ноч напралёт, было гэта ў Зэльве. Расьціслаў клікаў мяне ў Жлобаўцы, але мяне не пусьцілі. Ён запэўніў мяне, што партызаны радыя мяне сустрэнуць, і вось тады пачаў расказваць пра іх. Я пыталася: ці ня ўдарыў яго камісар нямецкі? Ён папрасіў, каб я аб гэтым ніколі не запыталася яго болей. Сказаў толькі, што мама мусіць жыць і яму трэба яе дачакацца.

А той камісар быў раней у Зэльве, быў гэта нейкі, кажуць, немец з палякаў, меў адну руку й сабаку, якога рад нацкоўваў на людзей. У Зэльве вешаў яўрэяў, біў беларусаў і любіў полек. Казаў мне Славачка, што наш знаёмы настаўнік Файкоўскі перакладчыкам у яго, дык ужо мае зусім крывы твар і вывернутую шчаку ад пабояў таго камісара. А на семнаццацігадовую дзяўчыну нацкаваў сабаку, які так пашматаў дзяўчо, што сканала… «Чаму ж не заб’еце гада?» — пытаюся. «Нельга, Залатая рыбка, сто чалавек нашых за яго забілі б, сёлы трэба нам сьцерагчы».

Казаў, што аднаго такога запынілі ў ляску на спацыры на кані, дык грымнуўся гад на калені й крычаў: я быў добры, я быў добры! Яго толькі адлупілі, здаецца, таксама думаючы пра сёлы. Той Міша, відно, не дурны быў хлапец. Ён ажаніўся з дзяўчынаю з Палавок, вёскі, што каля нас, і памёр, казалі, пасьля вайны ад сухотаў…

Ведаючы нямецкую мову, шмат каму памагаў Расьціслаў. Жыў ён спакойна, бо людзі любілі яго, але пад канец прыйшлі нейкія невядомыя далёкія партызаны й ледзь яго не забілі. Не хацеў ён ехаць да нас у Прагу. Кахаў маці й чакаў яе, завяраючы мяне, што бальшавікі цяпер перамяніліся і ўжо перасталі глуміць і вынішчаць людзей. Маці, маці й маці…

У Красным Грудзе жыла мая дваюрадная сястра, што за Каліноўскім. У іх бываў Расьціслаў, перавёз да іх свае рэчы, калі ў 44-м годзе адыходзіў у Савецкую Армію. Ён хаваўся спачатку, бо хацеў ехаць шукаць нашай маці, але тая нашая сястра яго выдала. Расьціслаў загінуў 26 красавіка 1945 года[46], пахаваны недзе ў раёне Барнім у Нямеччыне.

Шмат пазьней сястра Ніна прасіла мяне, каб я кінула думаць пра Беларусь, бо яны вынішчаць усю нашую сям’ю. Яны забілі маяго тату, дамучылі сьведама маму, атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе[47] ва Вроцлаве, даканалі маральна й фізычна Юрку, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расьціслава, кажучы: «Твая сястра-пісьменьніца супраць нас, і ты кулацкі сын…» Вестку гэтую трудна мне праверыць, але, мяркуючы па тым, як яны нішчылі людзей і асабліва нашую сям’ю, гэта зусім праўдападобна. Такога не рабілі нават гітлераўцы, асабліва са сваімі людзьмі. Высокі мой, сьветлы мой, каханы малады брат… Я толькі пытаюся ў Бога — за што?

Нейк пару гадоў таму падышоў да мяне чалавек у Воўпе. Ён мне сказаў, што ў арміі хлапцы з Данілаўцаў угаворвалі Расьціслава ўцякаць з-пад Бэрліна, ён адмовіўся. Сказаў, што ўдома ёсьць Папенюкі і іншыя, якім ён зрабіў дабро, і яны цяпер выслугоўваюцца перад балыпавікамі тым, што яго прасьледуюць… Што ж, і гэта пакінем Богу… Мы з Расьціславам, як дзеці, і пакуль што гэта наш крыж.

Калі мы вярнуліся з лагеру, дык былі зусім бедныя, амаль абдзёртыя. Тады я паехала па просьбе Яначкі да тае свае стрыечнае сястры Лены ў Красны Груд. Славачка пісаў мне, што завёз да яе й маю зінгераўскую машыну. Меў да нас пасьля доўгае разлукі прыехаць наш сын. Мы хацелі прадаць машыну й крыху лепей прыняць сына. У Воўпе сустрэлі мяне нашыя сяляне, яны завялі мяне ў сяло, брыгадзір даў каня й чалавека, і мы паехалі ў Красны Груд. Сястра мая сядзела пад яблыняю, і перад ёю ляжалі горы яблыкаў, якімі яна мяне частавала. Яна вельмі зьдзівілася, што я добра выглядаю, а што яна хворая, ходзіць на ўколы. Пачала бедаваць, што яна бедная, тады я заверыла яе, што нічога ў яе прасіць не зьбіраюся. «А што ў цябе ёсьць?» — запыталася яна. «У мяне ёсьць Сын і ёсьць Муж, а гэта вялікае багацьце!» — сказала я сястры. Тады я пачала пытацца ў яе маю машыну, аб адзежы братавай я не гаварыла, яна перарабіла яе сваім сынам. Сястра ахвотна аддавала мне маю машыну, але толькі тады, калі я дам ёй 600 рублёў (было да рэформы), бо яна дала Славачцы, якога выдала, два кілаграмы сала й 500 рублеў грашыма, вось гэта я ёй мушу вярнуць, іначай яна ня мае што гаварыць са мною… Тады селянін, які быў са мною, кажа ёй: «Калі вы давалі Расьціславу грошы, дык тады пуд жыта каштаваў 500 рублёў, я вам дам сяньня два пуды жыта, толькі аддайце Ларачцы яе машыну». Яна не аддала. Мне прьшомнілася, як вайною ў Прагу прыехала яе родная сястра з сям’ей, з мужам сьвятаром Лапіцкім і дзяцьмі, і як я старалася ўсе магчымае зрабіць для іх, але я маўчала. Чалавек, які мяне прывёз, хацеў паглядзець на машыну, і мы пайшлі ў былы палац, гдзе жыла мая сястра. Паркет блішчэў, зелянела плюшавая мэбля, адчуваўся ва ўсім вялікі дастатак. «Гэта мне людзі перахавалі», — тлумачылася да подласьці скупая скнэра-сястра. А селянін сказаў ёй: «Вось бачыце, вам перахавалі рэчы, а тут за чужую машыну вы хочаце грошы ад чалавека, у якога няма, толькі як на дарогу…» Машына мая стаяла раненая куляю й гранатаю. Машына перажыла нас. Я пагладзіла яе рукою, і мы пайшлі. Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, — сказала я, — з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» — і выйшла. Сястра дзівілася, як мяне, паню, яшчэ возяць сяляне, а яны вазілі мяне, можа, крыху баяліся прадсядацеля, але падвезьлі. Усю дарогу назад мяне мучыла сэрца, і падарожжа я ўспамінаю са страхам. Гэта была родная дачка замучанай у 41-м годзе татавай сястры цёці Мані…

Людзі зрабіліся як зьверы, яны вырывалі адзін другому з рук убогія лахманы й старыя рэчы. Напаверх выплыла ў людзях найгоршае. Усякая шляхотнасьць у асяродзьдзі бальшавікоў выдаецца «буржуазным предрассудком», нечым так ненармальным, як некалі — подласьць. Вартасьць чалавека мерылася не яго чынамі, пражытым жыцьцём, а той толькі шызафрэнічнай ярасьцю, з якою ён хваліў некалі Сталіна, а цяпер тое, што славілі заместа яго. Людзі пашалелі ад дзікага. Мне казалі, што ў 41-м годзе быў канец сьвету й людзі, каб выжыць, рабіліся проста зьвяр’ём, Калі ястрабкі арыштавалі татавага брата ў Гудзевічах, дзядзьку Валодзю, дык яго жонка са страху пакінула чацьвёра дзяцей, ад 15 да 4 гадоў і ўцякла ў Польшчу.

Старшая сястронка за некага выйшла замуж, а маленствы папляліся аж у Крынкі, ад Гудзевіч гэта амаль 50 км, да сваяго дзеда Юрка Анісімовіча. Шукалі ратунку. Дзед данёс на іх у НКВД з просьбаю, каб забралі ад яго памешчыцкіх дзяцей і вывезьлі туды, гдзе ўсіх вывозяць… Не пасьпелі іх вывезьці, бо наскочылі немцы. Расказвала мне гэта з жудасьцю Тамара, адно з тых бедных дзетак. Дзед памёр у Хорашчы, згубіўшы розум, але гэта пасьля. Людзям забіралі зямлю, іх суседзяў, іх родных, і самае страшнае тое, што ім забіралі сумленьне, тое беларускае, хрысьціянскае сумленьне маіх землякоў. Тое ж самае я наглядала і ў Празе. Гэта была адзіная нагода, гдзе праяўляліся самыя зьвярыныя інстынкты чалавека, і называлася гэта — прагрэсам… У Гітлера рабілі гэта паводле яго загаду, а тут рабіў гэта кожны! Кожны стараўся даказаць, што ён дастойны біць, мучыць і забіваць, знача, прыгодны для Сталіна. Трудна думаць, што людзі, узгадаваныя на падобным, створаць культуру, дастойную чалавека. З такіх крыніцаў раней ці пазьней выплыве загуба для сьвету. Машына — не культура, і шрубкі — не індывідуа…

I так Прага, 1943 год. Вясна. У Прагу маецца ў водпуск прыехаць мой муж, мы з Юрам яго вельмі чакаем. Але пакуль прыехаў ён, дык паявіўся, на маё гора, Ермачэнка. Ён адразу прыслаў да мяне сваяго ад’ютанта Аўчыньнікава, які загадаў мне здаць Ермачэнку беларускі архіў па В.Захарку. Што ж, я яму паказала дзьверы. За некалькі гадзін ён зноў прыехаў у наш малы пакойчык, цяпер ужо з запіскаю нейкага Лангера й Рыхтэра — начальства з Менску. Я ветліва паясьніла Аўчыньнікаву, што мы жывем у Пратэктараце Чэхіі і Марава й толькі гэтай уладзе я падпарадкуюся. Трэці раз ён прыехаў з загадам ужо ад пражскага гэстапа. Я сказала, што паеду да Ермачэнкі.

Хораша адзеўшыся, каб не адчуваць сябе ніжэй ад іх, я села ў трамвай. Ва мне ўсё дрыжэла. Я паднялася ў кватэру Ермачэнкі, і яго дзяржыморда адчыніў мне дзьверы. Ля дзеравянай бочачкі, з каньяком відавочна, стаялі поўныя чаркі, закусі не было відно, а Ермачэнка й два немцы сндзелі ў дыміну п’яныя, чырвоныя й не вельмі пэўныя ў вымове слоў. Яны папыталіся ў мяне, гдзе ключ ад архіву памершага? Я пацікавілася: пашто ім гэта? «Мы хочам вывучыдь беларускую мінуласьць, каб ведаць, як у далейшым адносіцца да беларусоў як да нацыі». Я сказала, што ключа ў мяне няма. «Што ж, мы тады зломім замок», — прамармытаў немец. Атмасфэра была напружанай, слоў падала мала, і былі яны цяжкія, як град. А ў каго ключ, каму яго даў Захарка? Ня ў нашых інтарэсах было путаць Міколу й камплікаваць[48] ужо й так дастаткова скамплікаванае нашае становішча, і я адкрыла сваю вельмі элеганцкую сумку й паклала ключы ім на стол. Немцы з цікавасьцю паглядалі на мяне, яны былі болей талковыя за Ермачэнку. Уся я была ў цёмна-шэрым і ў чорным, і найчарнейшым быў мой настрой. На сходах я па-бабску расплакалася. Нікога, хто мне дапамог ці парадзіў бы, ля мяне не бьіло. Калі прыехаў Янка, дык ніякіх ён зацікаўленьняў маімі справамі не праявіў. Быў вельмі заняты сабою й толькі сабою. Ёй, здавалася мне, перастаў быць нават джэнтэльмэнам, і, гледзячы на яго, мне рабілася прыкра. Многа распавядаў пра Слонім і становішча на Беларусі. Немцы да яго адносіліся з недаверам. Еў ён разам з імі, але ў асобным пакоі, зусім адзін, каб ня слухаў размовы немцаў. Ён сам ня сеў бы з імі за стол, але тое, што яны сэпаравалі яго, было прыніжаючым. Муж расказваў аб расстрэлах селаў, аб тым, як яны стараліся іх ратаваць. Мужа прыслалі на месца доктара Дылеўскага, таксама з Чэхаславакіі, якога арыштавалі. Супраць мужа былі палякі й немцы. Палякі рукамі немцаў стараліся вынішчаць альбо высылаць у Нямеччыну беларускі элемэнт. Яны многа ўжо пасьпелі вынішчыць нашых, абвіняючы іх у камунізме. Камуніст ці не камуніст — для нас ня мела значэньня, трэба было ратаваць усіх. Муж вырваў з лагероў савецкіх і яўрэйскіх лекараў, і яны ўсе ўцяклі ў партызаны. Калі мужа камісар Эрэн абвініў у дапамозе ім, дык ён сказаў, што хіба камісар ведае тое, што яўрэяў розуму вучыць ня трэба. Эрэн, яшчэ пад уплывам палякаў, затаіў на мужа нянавісьць, але Піпэр трымаў з Прагі руку над Янкаю, і пакуль што яму нічога нельга было зрабіць…

А тым часам Ермачэнка паехаў з немцамі на кватэру дзядзькі Васіля, і яны перавязьлі архіў дзядзькі на кватэру да Ермачэнкі. Ермачэнка больш-менш арыентаваўся ў тым, што было ў архіве. Дзядзька паказваў яму дакументы, і вось ён не знаходзіць іх, ён лютуе! Аб гэтым мне расказала пані Крэчэўская, якой Ермачэнка абяцаў, што назаве яе імем ясьлі ў Менску. Гэта яе не кранула. Цану авантурніку яна ведала. Але доказы Ермачэнкі былі галаслоўнымі, бо чым ён мне мог давесьці, што ў архіве было. Немцам я сказала, што архіў пакінуў мне дзядзька Васіль проста як сваей сваячніцы. Але са страху я ня спала ночы.

Янка зьбіраўся ад’яжджаць. Заставацца з Ермачэнкам было небяспечна, і Янка пайшоў прасіць, каб нас з Юрам пусьцілі да бацькоў у Зэльву. Надзіва нам гэта дазволілі, толькі на гэты раз бяз права ехаць у Слонім і наагул у «Остлянд»[49], як казалі яны. Мы хуценька сабраліся ў дарогу й на Бэрлін і Варшаву выехалі на дзьве нядзелі да бацькоў у Зэльву. У Бэрліне сустрэліся з сябрамі, і яны нам памаглі сесьці на варшаўскі цягнік, на які быў сапраўдны натоўп. Едучы, мы маўчалі, маўчала й нашае дзіця. Немцы, як чмялі, глядзелі на ўсіх ня немцаў, не скрываючы свае нянавісьці. Каля цягніка бегалі іх партыйныя фраў з апаскамі[50] на рукавах і нешта ўсё дапамагалі сваім. Адчувалася тут, што немцы людзі, а рэшты яны не прызнаюць. I як там людзі маглі з імі жыць, гэта як сярод ваўкоў?..

У Варшаве нешта прадавалі ля цягніка худзенькія хлопчыкі. Брадзілі людзі вынішчаныя й галодныя. На такім фоне ўпэўнена вырысоўваліся сытыя немцы ў ваенным і элегантныя іхнія фрау, якія, здавалася, ня бачылі вокал няшчасных ці вельмі ўжо лёгка згадзіліся з іх менейвартасьцю. Стала палякаў жаль. Цярпеў народ, а ён, затуманены, думаў некалі, што і ён пануючая нацыя над намі, цяпер сурова расчароўваўся. Па дарозе ў адным купэ з намі ехалі немцы з водпуску. Сярод іх быў нейкі швайцарац-чыгуначнік, які бязбоязна высказваўся аб тым, што ён разумее беларускіх партызанаў…

У Беластоку стаялі калоны яўрэяў з зоркамі на рукавах, яны мелі атупелыя твары, бы стаялі тут, а самыя адсутнічалі, вачмі недзе былі далёка. Было трагічна, што нішто іх ня можа выратаваць з гэтае прорвы, хоць немцаў, здаецца, не было так многа, вось кінуліся б на іх, і хоць нехта ўцёк бы. Цягнік ляцеў па роднай зямлі, але была яна нейкая пустая. Вясна была яшчэ ранняя, у Празе толькі зацьвітаў бэз. На палёх стаяла дагары нагамі, розна ўздыблена многа танкаў, накіраваных на захад. Цяпер яны застылі, як жудасныя манумэнты трагічнай бездапаможнасьці. Ля цягніка, ля палатна дарог ляжала пару паравозаў і перакіненых вагонаў, ля іх шэрыя, болей чымсьці бедна апранутыя жанчыны пасьвілі каровы. Мужчыны, якія нешта рабілі на палёх, мелі нейкія ненатуральныя, імправізаваныя шапкі на галовах, як быццам вайна тут трывала вякі й пагінулі ўсе шапачнікі ў Беларусі. На станцыі ў Ваўкавыску насільшчыкі з рыкшамі перавезьлі нашыя рэчы на прыгарадны, мясцовы цягнік.

Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна зьзяе папалуднёвае сонца й асьвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесь цэнтр, усё разьбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.

Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госьці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасьля абкрадуць пасьмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэньні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы…

Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сьцежкі, гдзе яшчэ сьлед бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і гдзе яны сяньня. Як страшна, калі бураць гнезды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сьведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, нi трагэдыя маей сям’і. Ён мае сваё жыцьцё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасьля аказалася, ня супраць яго расстраляць, каб ня Прата, ня доктар Піпэр у Празе. Назаўтра ад’яжджае муж, я яго праводжу. Яму не ў га лаве нейкая там БНР, ні сьмерць дзядзькі Васіля, ні яго, нi мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнаньні з важнасьцю свае пэрсоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’яжджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасьвіць кароўку.

На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.

На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк»[51] — яечны лікёр.

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…

А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…

Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»?[52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.

Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны несьлі тое, дзеля чаго галоўнае езьдзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Несьлі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз сьлезы нешта гаварылі. Пазьней я прачытала ў беластоцкай газэце вельмі цёплае апісаньне нашай гэтай сустрэчы. Пасьля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцьці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, гдзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

Другі раз для мяне зацьвіў бэз гэтай вясною. Мне сьнілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квецьцем твой парог, Расыгіславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваёй спэцыяльнасьці вэнэролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г. зн. нешта накшталт «так, ёсьць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасьце, ня скончыліся сьмерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі езьдзіў як сьведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр..

Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое ня верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму мэдпрактыка на тэрыторыі ўсяго т. зв. тады «Остлянду»… Янка бараніў сёлы й сьмела выступаў супраць Эрэна… Палякі цешыліся, далбка глядзець і бачыць яны ня ўмелі…

Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх ня вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы… Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль сьмерць па дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусьціў, мы спяшаліся ў Прагу.

Да Ваўкавыска ехалі прыгарадным цягніком, людзі прыглядаліся да мяне, зьвярталіся з пытаньнямі, з просьбамі. Мы затрымаліся на пару дзён у Бэрліне, сустрэліся з сябрамі на супольнай вячэры, гдзе ўсё было на карткі. Хвалілі мяне, выступаючы, нашыя сябры, а Мікола, які выступаў апошні, дык сказаў проста: «Яна наша Жоанна д’Арк». Мне пацямнела ў вачох. Ранюсенька мы паехалі. Некалькі асоб нас праводзіла, занялі нам месцы загадзя. Я доўга трымала ў руках букет чырвоных ружаў, і здавалася мне — чую галасы сяброў.

У Празе пачаліся нечаканыя клопаты, паводле загаду са Слоніма, мужа належала адправіць на працу ў Нямеччыну як лагернага лекара. I чаму ж такая нянавісьць з таго Слоніма, што там Янка мог нарабіць? Мне прыпомнілася, як крыху раней наведаў мяне ў Празе адзін вельмі элегантна апрануты чалавек. Ён быў урачыста настроены й вельмі паважна прасіў мае рукі: дазвольце мне заапекавацца вамі й вашым сынам. Мяне затрасло, але я папыталася ў яго: на якой падставе ён просіць мае рукі пры жывым мужу? «А ён ня вернецца болей», — адказаў мне нядошлы, няўпорны жаніх мой. Болей я, здаецца, нічога не пыталася, а толькі енчыла са злосьці на ўвесь пакойчык, а той «жаніх» ляцеў па сходах з цыліндрам у руках.

Знача, у Празе ведалі, што муж жывым ня вернецца… Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісьці да фрау Шпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я ня йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, гдзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася маяму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там, — скардзіўся мой Іван Пятровіч, — хачу быць лекарам і толькі лекарам».

Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў зьдзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю мэдыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасьць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было гдзе даць.

I так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасьцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасьліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасьля маяго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе ня бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыцьцё самагубствам.

Да нас многа прыяжджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой пэсімізм. Пасьля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сьляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы сьлед на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая…

Часта пісаў брат. Я праз Жэнэву, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расьціслаў быў рады, што сьпіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсьць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расьціслаў ледзь выратаваў жыцьце… Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасьць.

Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасьціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцьці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо ня верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна сьмерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацьвіў у Празе й перацьвіў бэз.

Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага раньня прыйсьці ў гэстапа. Мы не заснулі, ці мала ёсьць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыцьцё ў такі час… Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс[53]. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»… Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягаецца да маяго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посьвядку з месца працы, што ня можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту гэта ехаць на сьмерць… Толькі б ня ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан…

Еду я адна. Я не зьвярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інг. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосьць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.

У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя[54], беларуская клерыкальная партыя (1917–1940) пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчаньня, фізычнага вынішчаньня нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаваньні, але хто не спрабўе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гэгэмонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсе будзе паводле іх плянаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.

Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым ня ведалі. З сабою я амаль нічога ня брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.

Нарэшце я папрашчалася з імі, і цягнік рушыў. Муж плакаў сьлязьмі. Ехалі мы да граніцы з Польшчаю. Русак маўчаў, ён нешта думаў і толькі соп, я да яго не аказвалася. З намі ехала сям’я вельмі цікавых людзей. Яны папыталіся ў мяне, куды мы едзем. Даведаўшыся праўду, не маглі супакоіцца… Яны гатовыя былі вярнуць мяне сілаю назад, прадбачылі найгоршае. Яны слухалі забароненае радые, чаго баяліся рабіць мы. Пару гадоў ужо, як нам дасталі кароткія хвалі з радыбпрыёмніка й на гузічак начапілі картку, у якой было, што за слуханьне чужога радыё грозіць сьмерць. Баяліся мы за сына. Часам толькі прыходзілі Міціны і ўсоўвалі ў прыёмнік шпільку. Нехта стаяў на вахце, і такім чынам слухалі забароненае. Баяліся мы дворнічыхі, і нездарма. Усемагутная даносчыца пры немцах, такой жа была пазьней і пры бальшавікох.

Чэхі папрасілі ў мяне мой адрас, далі мне свой. Я абяцала ім паведаміць адразу аб сваім падарожжы, безумоўна, калі вярнуся, на што, паводле іх, было мала надзеі. Бліжэй Польшчы паявіліся немцы, якія ехалі дамоў на «урляўб»[55]. Былі гэта, відавочна, «фольксдойчы»[56], бо гутарылі па-польску. Везьлі яны з Італіі шаўковыя панчошкі, шоўк і іншыя падарункі сваім дамам. Сярод іх выдзяляўся вельмі востры на язык аўстрыяк у скураных кароткіх нагавіцах, малады яшчэ. Я маўчала, але ён нешта ў мяне запытаўся абыякавае, я адказала яму паважна, мусяла сказаць і тое, куды я еду. Аўстрыяк, які ехаў мабілізавацца ў Варшаву, вельмі спалохаўся, ён таксама рад бы вярнуў мяне дамоў, але мы пад’яжджалі ўжо да польскай граніцы.

Мы пераходзілі ў польскі цягнік, а пакуль што йшлі на таможню. Аўстрыяк узяў мае рэчы й пэўна стаў побач мяне. Я ў жыцьці ня бачыла такога страшнага, зьверскага чалавека з седлаватым носам, як той галоўны таможнік. Ён енчыў, рваў, кідаў рэчы й наводзіў на ўсіх жах. Палякі нейк не палохаліся, яны, відавочна, прывыклі, але ў Празе падобнае было хіба толькі на гэстапа. У мяне быў пашпарт без грамадзянства, але зьвер схапіўся толькі за маю кніжку «Ад родных ніў», ён трос ёю й нешта крычаў, што тут за «русіш літаратура». Спалохаўся й мой спадарожнік і папытаўся ў мяне, што за кніжка. Калі я яму расталкавала, што кніжка мая, выданая ў Празе, ён праверыў гэта, пагаварыў нешта са зьверам і, схапіўшы мой чамадан, павёў мяне хутчэй у цягнік. Я мусяла сказаць яму, што я паэтка, што прывяло фрыца ў захапленьне. Дзіўны быў гэта чалавек — прозьвішча было ў яго славянскае. Ён зусім перамяніўся й ледзь ня плакаў, што мне трэба ехаць у самае пекла. Ён запрасіў мяне на абед у рэстаран-вагон, гдзе шчодра дазваляў абстрыгаць свае картачкі на нас дваіх. Я запрапанавала яму каньяк, а йн мне аддаў свой дэсэрт. Немцы на нас паглядалі, але ён трымаўся як джэнтэльмэн. У Варшаве ён завёў нас з Русаком у пачакальню для немцаў і не адышоў ад мяне, пакуль ня здаў мяне на рукі доктару Шчорсу, якога аднайшоў у Варшаве, і не пераканаўся, што гэта зусім парадачны чалавек і мне нічога ня грозіць. За ўсе гэта прасіў толькі, каб я яму адказала на ліста, калі ён мне напіша ў Прагу. Як жа сардэчны, як жа харошы быў гэты чалавек, быццам Піпэры.

Варшава здалася мне сумнай, бязлюднай. Кожны дом, гдзе былі немцы, быў аплецены калючым дротам. Гэта падняло маю павагу да палякаў. Месцы ў трамваях былі падзеленыя для палякаў і немцаў. Людзі на вуліцах былі настарожаныя, сумныя, апранутыя вельмі скромна.

Шчорс вёз нас да сябе, гдзе ля шпіталя была ў яго кватэра. Мы спачатку пайшлі з ім да яго маці, якая ляжала пасьля апэрацыі на апэндыцыт. У Шчорса былі яшчэ сябры з Бэрлша. Ехаць на Кангрэс ён не зьбіраўся й дзівіўся, куды гэта нясе нас.

Мне вельмі хацелася ведаць, што ж задумаў на гэты раз Ермачэнка… Неабыякавасьць яго да мае асобы настарожвала.

Назаўтра раненько мы ўжо ехалі ў напрамку Беларусі. Каля Беластоку ўжо пачалі паяўляцца цягнікі пад адкосам, і штораз то іх было болей. Цягнік ішоў толькі да Ваўкавыска, а там былі толькі цягнікі вайсковыя, на якія нас ніхто не хацеў браць. Русак, як пень, нічога ня думаў, не прадпрымаў, сядзеў, соп і драмаў. Мне сказалі, каб я зьвярнулася да нейкага начальніка. Той быў вельмі расстроены. Сумна паглядзеў на мяне й папытаўся, ці не баюся. Кажу яму, што не баюся й ехаць нам трэба. Ехалі мы, мінаючы Зэльву, а там недзе быў брат мой, былі мужавы бацькі, але спыняцца цяпер ля іх было небясьпечна і мне, і ім. Спыніцца ў такі час гэта знача застацца назаўсёды, а ў Празе чакала дзіця.

Нарэшце селі мы ў цягнік, гдзе ўсе ваенныя й ніводнай жанчыны. Акружылі мяне немцы, якія ехалі з адпускоў у Менск. Яны хвалілі беларусаў, баяліся партызанаў. Да цягніка падбягалі дзяўчаты з маслам і яйкамі, адной з іх я пачапіла свае пацеркі, так мне хацелася нешта пакінуць тут.

Мне вельмі хацелася піць, пад’яжджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я ня немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысьць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсьвяцейшых правоў… Колькі ж будзе такое трываць?..

Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункры, бункры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасьце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені…

У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я ня ўсе разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы ня рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар» — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.

Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка ёсьць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсьці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасьць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усе выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?

У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, гдзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра зьбянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, гдзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.

На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям’і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіваньне…

Нарэшце мы апынуліся ў Менску, зьлезьлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасьць несусьветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.

Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў…

Нам паказалі будынак, гдзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.

Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсеньневай. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць… Я мусяў сказаць вам гэта». — «А я й так гэта ведала».

Мы паехалі да Кушаляў. Натальля Арсеньнева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Натальля Арсеньнева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасьцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцьці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.

Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасьці, гдзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізычна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.

«Малая розьніца між немцамі й рускімі для нас», — адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і сьмерці, пакуль што не прынясьлі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусьціліся ў склеп, гдзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там эўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Натальляй Арсеньневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч. Ён сабраўся ад’яжджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку… Назьбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасьля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім. «Я чуў пра вас», — сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула», — кажу яму ў адказ. Прэзыдэнт сьпяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сьцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуавацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й зьбіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла сваяго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Натальлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча, якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.

Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынку, гдзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усе ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсе гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, гдзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сьціскалася, гледзячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк пэрсанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафер. Поўная машына партфэляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут сядзімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі… Падышоў да мяне Алесь Салавей, прысеў такі прыгожы юнак, прадэклямаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацьця. Душаць сьлёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыцьцё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сьляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц зьлітаваўся: даў дзьве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.

Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябелы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа», — грыміць яго вялічаство прэзыдэнтаў шафер. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у не бясьпецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці ня слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везьці мяне завялікая чэсьць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу[57]. Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зьверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзыдэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут зьдзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, ня далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто ня думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасьціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Зьнекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сьцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды ня ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто ня слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма… Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Ня слухайце гэтую жанчыну, ня едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, ня немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не, дык будзе вам горай». Сьцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы…»

Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сьцяпанаў з дружкамі. Веў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі сьвятар Балай сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’яжджалі ў цэркву, гдзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне ня клікала, а я села на канапу ля стала, зьняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасьля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посьвядку аб дэзынфэкцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн»…[58] Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг»![59]

Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нэрвовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сьцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыцьцём. А тут няпэўнасьць, а можа, не дажывем да заўтра?

Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягауў мяне за руку, абняў і кажа: «Ня бойся, мой салавейка, яны ня будуць горад бамбіць».

Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посьвядкі аб дэзынфэкцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн»[60] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву, паэту, бо ён нічога з сабою ня меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну… Вось штука, вось Сьцяпанаў…

Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленысу. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнабмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім ня ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасьля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосьці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калёніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». I яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.

А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нес: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч, наш мастак, — вялікую срэбную латышскую манэту «лат», якія латышкі носяць як мэдальёны. А Найдзюк назьбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін ня вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменьні мы тут начыста забыліся, гледзячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсьць паэткі, але ж пачуцьця такога да іх няма… I мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.

Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх зьлез і немец, які задаў нам такое пытаньне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы сьвятар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, гдзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч і жудасны Сьцяпанаў — разам выпівалі… 0, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія…

А цягнік прысьпяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувэніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безьліч машынаў — ні канца, ні пачатку… Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала зьвярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, разьвітальныя яго праменьні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было мае сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сьцежцы, сьмяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасьціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўседы ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменьні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцьці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчасьлівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на сьвіньню нашую «сьвіначка-дзецятко», чым мяне пасьля доўга падрочвалі[61]. Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэньняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?

Яшчэ маленькая я мела вялікае перажываньне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі ня трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі ня спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Сьлёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гаяздо, а я вось бясьсільная, першы раз бясьсільная ў жыцьці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом сьпяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі», — адказваю. «Ах, дзіця мае, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку…» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць…

Я не пішу аб каханьні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усе гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым сьвятам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэньні, несучы імя яе высока як сьвятасьць, імя маёй Беларусі…

Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі сьпяваць пра «гаймат»[62], як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка ня вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсьцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той, ці прадажнае, ці наіўнае стварэньне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы разьвіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой…

Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсей бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы разьвіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцьці мы не сустрэліся.

З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, гдзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча, быў ён рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза ня згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасьля мы пайшлі на Лукішскі пляц, гдзе авеяла нас духам мужнасьці Кастусёвай і вялікай адказнасьці за лёс сваяго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога сьветлага, акрамя мураўёвых, як за Кастуся, але слабейшымі быць мы ня мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гэкатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў ня дасьць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганьні за лёс Бацькаўшчыны… Я адчувала гэта.

Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радые, мы слухалі. Ноччу прыяжджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі ня йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсе, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая…» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу… Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, гдзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сыгналы» (быў такі часапіс). Пранясло… Я крыху спацела.

На літоўскай граніцы з Прусьсю мы вылезьлі. Тут ужо мы ад дэзынфэкцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсй аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, сьвяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы эўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Натальлі Арсеньневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку сьвятара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб’ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны… Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разуменьня, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кэнігсбэрг пэўныя сябе, задаволеныя.

Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям’і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё…» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засьмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.

Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк… I вось я ў трамваі пад’яжджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне як навоі. Нехта ля дзьвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанвне, ці прывезла яму кніжкі з Зэлввы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсе, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова… I тут я расплакалася… Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Расьсмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам зьбялеў і злосная грымаса замяніла ўсьмешку… Яна сьмяротна спалохалася, зьдзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней ня верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяньня, чаму я тады ня выгнала яе назусім з нашай хаты…

Я, выхаваная ля маці, ня ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з маяго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсьці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафэсара Ляцкага. Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасьці. Я паглядала на сьцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага, Тэфі, Гіпіус, Блока і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія парасьпісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне зьдзівіла зацікаўленасьць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расьціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох… Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.

Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія сьвятары з сем’ямі з Кэнігсбэрга прыехалі да нас у хату… Госьці ёсьць госьці, але тут не гасьціна, а трэба іх нейк ратаваць, прашсаць, прыстроіць і т. п. Прытым муж мой ня любіць ні сьвятароў, ні клопатаў з імі й наагул нэрвовы стаў, здаецца, і сам сябе ён ня любіць… Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго ня бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гэстапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выяжджаючы ў Менск.

Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да сваяго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыньнікі й яна ня мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме… Гэта было праўдай.

Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды зьмякчыць, зьмяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць[63] сьвятароў, яна проста загадвала гэстапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваей багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра сваяго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.

Хутка ўладкавала я сваіх гасьцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасьцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не пасьпела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусьцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык сьвятарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны ня маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, сьвятар і там ужо быў…

Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д.

Адна хлусьня, прытым несусьветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да праскіх сьвятароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых сьвятароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасьцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны зьдзівіліся, калі я ім сказала йсьці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усе, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі…» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амэрыканцаў… Ну й ну… Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усе, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.

У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражываньне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі… Павяла я іх на Чэскі Град да доктара Піпэра. Сьмешна, у тым Чэрнінскім палацы[64] я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва… Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу працу ў найлепшым праскім шпіталі на Булеўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцьці.

Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, маяго сына й маяго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі зьяжджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сестры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяньня, што я іх не паслухала.

Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’яжджалі ў сьвет, і толькі таму, што беспэрспэктыўнасьць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытаньне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Ня ўсе да нас заяжджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны ня мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ей пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны ня любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са сьвежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасьцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, сьвет.

Юрачка шчыра апекаваўся ўцекачамі. Вучыўся ён надзіва добра. Калі часамі паяўляліся горшыя ацэнкі, дык амбітны хлопчык сядаў за заняткі паважна й зноў ганарыўся посьпехамі. 27 ліпеня 1944 года скромна адсьвяткавалі мае трыццаць чатыры гады. Муж купіў мне залаты пярсьцёначак з амэтыстам, і я загледзелася ў сіні колер цудоўнага каменьчыка. Мне тады прыпомніліся вочы маяго серадольшага брата Аркадзя — такія ж былі беззаганна сінія. Якраз у гэты дзень ён аддаваў Богу душу недзе ў Ларэта ля Рыма ў арміі генерала Андэрса. Аб гэтым прыйшла вестка пасьля вайны. Не пісалі да нас болей і Расьціслаў, і мужавы бацькі. Страх аб іх лёсе спыняў дых. Усе ратаваліся, уцякалі, а Расьціслаў шукаў маці, якую вельмі любіў. Дарма, усе дарма, вера ў дабро можа быць толькі ў гуманных, дэмакратычных дзяржавах.

Прыехалі ў Прагу паэт Сяднёў, дацэнт Жарскі, Русак. Гэта былі пераважна савецкія людзі, і той вялікай, амаль сьвятой любові й ахвярнасьці для Радзімы ў іх не было. Я з імі не знаходзіла супольнае мовы, часам іх адносіны выглядалі як правакацыя. Не пазнаць было, што мае для іх вартасьць у жыцьці і ў што яны вераць… Час быў нялёгкі, што чакала расьцярушаных па цэлым сьвеце, што чакала тых удома ў супольным суровым расейскім катле? Ці хоць яшчэ пару дзесяткаў год застануцца сабою?

Нам было найгорай, да ўсіх пакутаў таго часу мы яшчэ радзіліся «кулакамі»… Гэтае слова самое забівала нявінных, сіраціла дзяцей, гнала на высылкі, турмы, на несказаныя цярпеньні. Гэта былі, як яўрэі пры Гітлеру — усе амаль ужо гэтым адным словам асуджаныя на загубу. Гэтае слова, як выпалены агнем знак, відно на чале маім нават сяньня. Нясу яго, як пакуту й як нейкі церпкі гонар тых, якія пагінулі ў муках… Сяньня асабліва. Гэтых пячацяў «меней-цэннасьці» ў мяне болей, як у іншых, і ўсё я нясу гэта горда! Некалі ж было ўсё толькі для палякаў, пасля — «нур фюр дойчэ»[65], а цяпер толькі для тых, хто ў партыі ці хто даносіць. У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры па цэлым сьвеце, 8 — сьмяротна вінаватая за тэстамэнт… Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму.

У Празе памёр украінскі паэт Олэсь. Было вельмі многа людзей на пахаваньні. Аддалі яму сваю павагу й беларусы. Я вельмі любіла ўкраінскага журналіста Алега Лашчанку, гэта быў палкі й разумны патрыёт, своеасаблівы ў падыходзе да людзей, якіх ацэньваў нейк інстынктыўна на вартасных і паганых. Заўсёды ён ведаў нешта новае, добрае. Ненавідзеў немцаў настолькі, што аднойчы, калі я хацела пазнаёміць яго з фрау Піпэр, дык ледзь, вельмі ня хочучы, толькі падаў ёй руку. У мяне было шмат знаемых, нават сяброў між чэхаў, а ён прызнаваў толькі ўкраінцаў і то ня ўсіх. Затое калі ўжо паверыў некаму, дык назаўсёды. У людзях амаль не памыляўся.

Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзыяў не было, горкай практыкай лягла на маю сям’ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Пэрспэктыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезьлі вокнамі, ехалі пад амэрыканскія бомбы, а ўсе ж ехалі.

Старшыней Праскага камітэту самапомачы быў Аляксандр Русак. Камітэт знаходзіўся ў яго на кватэры, куды ён памясьціў і Абрамаву з сям’ёй, калі яна прыехала ў Прагу. Зрабіў гэта на маю просьбу, але хутка я пашкадавала свае даверлівасьці. Абрамава вельмі хутка напісала на Русака данос у гэстапа з тым, каб атрымаць ягоную кватэру. Мы вельмі расчароўваліся ў т. зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, ня ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасьці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасьці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцьця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў даны мамэнт аплочваліся. «Што гэта, матэрыялізм?» — думала я сабе, старонячыся ад іх…

Прыемным выняткам з гэтае масы былі Міціны з Кіева. Яны нейк спалучалі ў сабе шляхотнае й практычнае й заставаліся прытым вельмі харошымі, інтэлігентнымі людзьмі. Сябры прасілі мужа, каб выяжджаў з намі і ён. «Не, я сацыяліст, — цьвердзіў муж, — і я тут застануся». Тады яны прасілі, каб нас з Юраю пусьціў з імі выехаць, што нас не пакінуць, выратуюць, дагледзяць. «Не, — цьвердзіў муж, — сына ня дам, а калі жонка хоча, няхай едзе сама без дзіцяці». Я маўчала. Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Мае найбольшае жаданьне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазьбегнуць лесу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасьцю. Вялікай мужнасьцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя.

Я ніколі ня слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засьвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад’яжджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, гдзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сьляпы перад лёсам.

«Што робіце, пані Ларыса, — пераконваў Лашчанка, — ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасьці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесьці, што ён ня меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасьце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчасьлівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто ня ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям… Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.

Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясьняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бясьсільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа маяго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанесьлі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка ня спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыцьце скоўваў ім языкі й рукі.

I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, гдзе ў цяжкіх варунках разьмяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фэльчарам. Гэта быў студэнт мэдыцыны, які, калі немцы закрылі чэскія унівэрсытэты, не пажадаў ехаць канчаць студыя ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.

Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай, разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!

Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, гдзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асьвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г. зн. каралева. Ядвіга пасьля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзьвех дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазьбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна сьпяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеньнем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было сьмешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасьць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я-то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разьлічваліся за драбніцы, пасьпявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям…

Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі сьледавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амэрыканскай разьведкі. А мы тых амэрыканцаў ня бачылі ў вочы, дый яны ня ведалі аб нашым існаваньні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зьняволеным на Панкрац (праская турма), а часам і дапаможа паважна.

Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цьвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст ня ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх бязглуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасьце ўсіх тых, кудэмі кацілася бязьлітасная вайна і ўставалі новыя, пасьляваенныя зьдзекі.

Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасьць. Усё нас лёс разлучае: то пасьля вясельля на колькі месяцаў, то пасьля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.

На століку ля маяго ложка Евангельле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала маяго таварыства: «Мама, няхай сяньня будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды», яму здаецца, што ён малы Ізяслаў…

Ізноў парадкі чужыя, ламаньне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а ня з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людзкія законы недарэчных адзінак. Экспэрымэнт. Гэта тое, што нас чакала пасьля ўсіх жудасьцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна ня скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасьць старому Богу… А Ён глядзіць з вышыні сваяго ўкрыжаваньня, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга сваяго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасьце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай сьмерцю на крыжы. Не, Ён ня гнаў мільёнаў адборнай моладзі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на сьмерць пайшоў Сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, ня прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяньня гэта робяць тысячы газэтаў, радыё й тэлебачаньне сьвету! Мудрасьць крылатая, яна, як насеньне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасьць. Проста й мудра, велічна й вечна!

А пакуль што зьбіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласьць-няміласьць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА[66]. Хто канаў ад голаду й масавага зьдзеку над людзьмі, той іх асудзіць ня можа. Трагічны іх лёс выклікае сьлёзы. Зноў тут паняцьце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасьці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разуменьня людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзьню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты[67] ніколі не зацьвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы не забаўкі й аэрапланы ня птушкі…

Напэўна, і ў хрысьціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.

Уцякаюць з Прагі масава немцы. Ня немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей, — казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лэсі Украінкі, — а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчасьлівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэньні, а рэшта ня мае значэньня. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.

Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разьбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інг. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, ёсьць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганьне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцьці, а на гэтае пэрспэктываў ніякіх…

Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спэцыяліста па Ай-кітабах[68]. Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Ня кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасьці ў служэньні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!

Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасьця. Трывожна… Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сьцягі нацыянальныя амэрыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэскі Арлой, гадзіньнік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асьляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.

Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасьце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланьне. Усюды сьцягі, сьцягі… Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару… Ужо болей ніхто па вуліцах ня ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на мэдпункт у касьцёле. Я хаджу да яго, і бн замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменьні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзьвярох нашага дому, сорамна сяньня ня быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радые. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Зьмяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радые, што савецкія танкі на пэрыфэрыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, сьмерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка…

За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраньнях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні свае й гарэлку. Сьмяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!

Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага ня б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім ня скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разьбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’яжджае. Назаўтра чэхі жэнуць[69] немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы»[70] на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калябаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна…

Па вуліцы вядуць дзяцей нямецкіх, вядзе іх нехта ад швайцарскага Чырвонага Крыжа. Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей, коцяць на зямлю, топчуць нагамі. Муж закрыў мне сваім каптаном голаў: «Не глядзі, маці, не глядаі». А ў хаце сядзець ніяк нельга, бо скажуць: ня цешышся з «асвабаджэньня», і можа быць нявесела… Удома Юра бяжыць з плачам і крычыць: «Не хачу жыць на такім сьвеце, гдзе б’юць дзяцей». 0, сын, нашчадак шляхотнага няшчаснага народу. Суседка прыпала мне да грудзей і плача: «Пані докторова, я не магу глядзець на зьдзекі над людзьмі, але толькі вам гэта магу сказаць, сваіх баюся». О мілая пані Копэцкая, нядаўна ж яна перахоўвала, памагала яўрэям… Нейкія людзі падышлі на вуліцы й кажуць мне тое, што й мая суседка, што ён вярнуўся з лагеру й таму бачыць зьдзеку ня можа. Так, мучыць і забіваць могуць толькі выбраныя, і такім менавіта аддалі ўладу над рэштаю людзей. Яшчэ так нядаўна, калі спыняўся ля нас цягнік са зьняволенымі ў паласатым, мы іх кармілі, глядзелі ўсіх, і немцаў. А цяпер… А цяпер за адно нямецкае слова раз’юшаныя чэшкі лупяць насьмерць. Ішлі палонныя бэльгічане й нешта папыталіся па-нямецку, дык так на іх напалі бабы, што ледзь не забілі на месцы, і толькі даведаўшыся, што гэта палонныя з Бэльгіі, перамяніліся адразу ў чулых самарытанак — бэльгічане ім плюнулі ў твар. Босых немак гоняць па разьбітым шкле й лупяць, і ўсё ім мала, а вусатыя савецкія ваякі выносяць немцам па куфлю піва. Бой кончыўся, прагаласілі перамогу, і баец не патрабуе болей забіваць, яму хочацца добрага міру. Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бензінам і паляць. Згінь ты, прападзі з такою культураю! Поўнасьцю перабраўшы гітлераўскія мэтады, крычаць, што яны дэмакраты! На Панкрацкім пляцу вешаюць публічна Пфіцнэра, гэта гісторык нямецкі, які фальшаваў гісторыю чэхаў, і за тое яму такая «чэсьць» — публічна вешаць. Нам каб хоць дачакаць публічна адлупіць тых, якія фалыпуюць нам нашую мінуласьць!

Ад раніцы чэскія мамы з возікамі з дзяцьмі і ядою чакаюць на пляцу на «відовішча». Нямала, трыццаць шэсьць тысяч народу. Аж мудрая Англія папыталася па радые: няўжо гэта народ Масарыка? З тае пары пачалі вешаць у вязьніцы, у двары. Прыходзіць сумны Карлічак і кажа, што ніколі не ажэніцца з чэшкаю, што яны азьвярэлі. Да яго сябры судзьдзі на Панкрацы прыйшла знаёмая дзяўчына, каб ён дастаў ёй «лістэк на поправу» (білет на павешаньне). Бо «любіцелям» гэтага відовішча прадавалі білеты. «Не, — казаў, — не ажанюся я ніколі са сваею зямлячкаю, гэта ня людзі, я лепш вазьму беларуску…» Што ж, дарагі Карлічку, і беларускі ня ўсе паэтэсы, ёсьць і ў нас розныя, але такіх, якія б хацелі глядзець, як вешаюць людзей, такіх мала. Адна Еўдакія Лось пакуль што паліла мае жывыя вершы, вось ёй можна было б запрапанаваць білецік…

Божа мой, такі ж не найгоршы той наш народ — ён у сэрцы сваім чалавечым яшчэ высока культурны ў параўнаньні вось з гэтымі: з аднымі й з другімі ў Эўропе. Ёсьць бандыты і ў нас, але такіх мы лічым вырадкамі, нават у час, калі ім была «зялёная вуліца», іх у нас не было многа… Не відно байцоў нават каля тых, якія мучаць жанчын.

Ля нас нейкі савецкі шпіталь. Стары старшына штодзённа бярэ туды пару немак з лагеру й ніколі ня крыўдзіць іх, накорміць, нават дасьць ім з сабою. Яны дзівяцца яго высокай культуры. Доўга яшчэ праводзілі чэхі суд гісторыі над адвечным ворагам славянства, толькі жаль, што мэтады іх помсты-справядлівасьці не прыносілі гонару славянству ў XX веку нашае эры. Стварылі такую «рэволючні гарду» (рэвалюцыйную гвардыю), на якую ўсе казалі: рабуючая гвардыя. Гэтыя малойчыкі стралялі каго ня лень, аж адзін з іх прыйшоў да нашае кіоскершы, зусім ужо з гэтага адурэлы, і расказваў, што тыя нямецкія дзеці, якія прасіліся, каб ён іх не забіваў, усё стаяць яму перад вачыма і дзень, і ноч, і ён адчувае, што ўжо дурэе…

Да нас прыйшоў аднойчы з аўтаматам партызан славацкі, які ведаў толькі адно, што я друкавалася за акупацыі, як друкаваліся ўсе да аднаго чэскія й славацкія пісьменьнікі, і вось явіўся на расправу. Прыставіў мне да грудзей знамяніты, апеяны, апаэтызаваны аўтамат і хацеў ужо страляць, але яшчэ думаў. Я мяшала цеста ў місцы й так не пераставала яго мяшаць і з тым дулам, парваў мяне нейкі сьмех. Юра тым часам быў ужо на дварэ і ў хату вярнуўся са здаравенным байцом-украінцам, які, убачыўшы такія зьдзекі над маці сваяго малога перакладчыка, падняў такую квяцістую лаянку й крык аб тым, як яны, якіх нашы асвабадзілі, будуць яшчэ тут палохаць нашых жанчын! Славак пачаў апраўдвацца, што каб ведаў, што Юра гаворыць па-расейску, дык такога не зрабіў бы. Здавалася, што ён ужо не славак і амаль расеец, пакуль з аўтаматам. Папёр яго той украінец, і болей «герой» да нас не паказаўся.

Суседзі-чэхі былі амаль усе маімі сябрамі, а ў час самай рэвалюцыі явіліся дзядзькі, якія развозілі вайною вугаль, усе камуністы. Я ім, бывала, заўсёды дам па жмені махоркі, якою нас шчодра засабляў з Беларусі мужаў тата. Часам нейк скамбінуюць вугля ды прыедуць прасіць закурыць, вось я ім заўсёды дам пакрысе «зельля» й ніколі не вазьму іх вугля, а ў велькае сьвята й па чарачцы знамянітага беларускага самагону.

Вось і прыбеглі дзядзькі бараніць мяне ад усякіх нягод у час неспакою. Што ж, я іх прывітала з перамогай і нашкрабла яшчэ ў пудэлку закурыць ім. Прыбег з сяла й балаховец наш Судзьдзеў, які таксама адчуваў патрыятычную адказнасьць за цэласьць мае асобы. Пасьля мы былі аточаныя самымі апекунамі.

Байцы і, галоўнае, чыны вышэйшыя нахваталі крыху ў Эўропе трыпяркоў, мякка кажучы. Для іх быў з гэтай прычыны адпаведны шпіталь, але каму хацелася туды галасіцца[71] ў такую слаўную пару перамогі, вось і лячыў іх «свой доктар». Лячыў хлопцаў сапраўды сумленна, і даволі мы іх любілі. Кожны з іх нам ня радзіў рушыцца з Прагі, а ў кампаніі кожны чулым голасам размалёўваў усю красу радзімы й клікаў дамоў. Мы верылі, безумоўна, гутаркам у адзіночку.

Мне ўсяк дагаджалі, вазілі мяне на машыне, прыносілі падаркі. Мы былі радыя, бо ўжо ніякія «славацкія героі» ня мелі дачыненьня да нас. Часта было нам з нашымі новымі сябрамі даволі клапатліва, то частуй, то на рэнтген іх вядзі. Найгорай было, калі яны ў нас частаваліся, дзякавалі за ўсё й трэба было з імі выпіць. Гэта было неабходна. Муж пасьля двух аб’ёмістых чарак рабіўся нежывы, а ня выпіць мы баяліся. Наагул, прызнацца, мы ўсе ж іх вельмі баяліся. Піць даводзілася мне, я сільнейшая. У жыцьці ня піўшы, я піла поўнымі шклянкамі, перад гэтым выпіўшы добры глыток алею, і нічога мне не было! Трымалася, як усе мае Міклашы, мае продкі, знамянітыя тым, колькі маглі выпіць, не губляючы галавы й ног! Муж дзівам дзівіўся, разумеў маю адчайную ахвярнасьць, толькі не разумеў, нехрыст паганы, што ён мяне пакінуў на такія пакуты, а я яго выручаю.

Пакуль што ўсё йшло добра, галоўнае было нейк захавацца ў Празе любою цаною. Забіралі пакуль што ўсіх савецкіх грамадзян, але мы не былі ніколі савецкія й нас гэта не датычыла. Чэскія актывісты таксама трымаліся далей ад нас. Муж працаваў на сваёй апошняй ваеннай працы ў вялікай фабрыцы «Чэска-мараўскай» у Празе. Вайною там чэхі весела рабілі немцам танкі, ну а цяпер нават ня ведаю, што яны там тварылі. Мужа яны пакінулі на месцы, але яго шэф, чэх, мусяў уцякаць. З дырэктарамі яны зусім ня цацкаліся, а загадвалі ім рабіць прысядкі і іншую гімнастыку за кару іх супрацоўніцтва. Мужа вельмі паважалі. Ён ім нічога асабліва добрага не зрабіў, але й паганага не зрабіў ніколі. Памагаў як мог і быў адным з чатырох лекараў фабрычных у рэспубліцы, якіх чэхі пакінулі ў спакоі й на працы.

Жылося нам матэрыяльна няблага, але вось спакою не было — не было спраў ад мужа бацькоў, ад Славачкі. Няведама, што было з мамай і рэштай сям’і. Тату я нечаму лічыла нежывым. Яго такі забілі ў гродзенскай турме, як і дзядзьку Валодзю. А вось за маму непакоілася.

У нас зноў быў цэнтр беларускага жыцьця. Усе ўцекачы, якія не пасьпелі выехаць на Захад, зьбіраліся ў нас. Нейк трэба было іх ратаваць, бо дамоў яны не хацелі. Зачасьціў да нас вельмі харошы, паважны хлопец Петра Сьценьнік, ён вельмі моцна клапаціўся аб уцекачах. Недзе на вёсцы ля Прагі жылі нашыя, сярод іх доктар Мінкевіч з жонкаю й дзьвюмя дочкамі, адна з іх была нарачонай Пётры. З Петрай мы разумелі сябе як родныя і ўсе рабілі, каб ратаваць нашых. Прыходзілі і доктар Мінкевіч, і дацэнт Жарскі, які застаўся, каб вярнуцца дамоў, бо баяўся на Захадзе, як казаў, беспрацоўя. Паяўляліся розныя тыпы, і толькі я цяпер разумею, што было між іх поўна стукачоў.

Аднойчы прыйшла дзяўчына, якая шукала мужа. Казала, што ўцякла з савецкага лагеру, мела пры сабе толькі індэкс віленскага унівэрсытэту, які паказала. Мужа яна ведала. Называць яе не хачу. Трымалася яна несамавіта, але я лічыла сваім абавязкам дапамагчы і ёй. Напала яна перад усім на папяросы, якія курыла без перарыву. Я карміла яе, калі прыйшоў муж. Яна нам залівала, што ўцякла з лагеру, каб нас пабачыць, што яе ад амэрыканцаў укралі ў савецкі лагер. Мы слухалі й не падазравалі, што прыеланая яна па нашыя душы. Яна ў нас убачыла Пётру і ўсё пыталася ў яго, як дастацца на Захад. Пётра маўчаў, і мы з ім госьці ня верылі.

Нарэшце мы з Пётрам паслалі адну чэшку ў Пльзэнь, каб яна нам даведалася пра вольны амэрыканскі лагер для перасяленцаў. Найвышэйшы час было ратаваць людзей. У гэты час трэба было захварэць дачцэ Мікулічаў. Захварэла яна цяжка на тыф. Палажылі дзяўчо ў шпіталь на сяле, гдзе яе не лячылі зусім, бо мясцовы пэрсанал быў камуністычны і іх лічылі за ўцекачоў ад саветаў. Бедныя бацькі бегалі ля вокан, а дзяўчо канала без лячэньня. Бацьку-доктара да хворай не пускалі. Аднойчы Петра прыйшоў счарнелы з болю — Гэля памерла. Няшчасьце зрабіла нас неасьцярожнымі. Мы думалі толькі аб памершай. У мяне прасілі, каб выстарацца дазвол на пахаваньне яе на праскіх могілках для эмігрантаў. Чэхі звычайна ні ў чым мне не адмаўлялі, не адмовілі й на гэты раз. Цела перавезьлі ў капліцу на могілкі. Было нейкае ўжо асеньняе амаль сьвята, і я паехала ў тую капліцу на вячэрню. Між праваслаўных мяне добра ведалі, і яны былі мне знаёмыя.

Ля капліцы я ўбачыла Жука й са зьдзіўленьнем папыталася, што ён тут робіць? Ён дзіўна паглядзеў на мяне й сказаў, што прыйшоў паглядзець на магілы байцоў. А тут яшчэ паявілася знамянітая «студэнтка Віленскага унівэрсытэту». Я спалохалася. Яна мне вытлумачыла, што яе зноў пусьцілі з лагеру, і пачала нешта закідаць, што праскім беларусам грозіць бяда. Мяне настарожыла сама атмасфэра таго вечара, а тут яшчэ такія гутаркі… Дзіўна.

Назаўтра быў дождж. Муж, адыходзячы на працу, прасіў у мяне, каб ня езьдзіла на пахаваньне, і ён ужо пачаў адчуваць небясьпеку. Рана прыехаў Петра й пакінуў у нас хлопчыка ў веку нашага Юры, сам пабег на могілкі. Пахаваньне мела быць пасьля абеду. Я пакінула ўдома дзяцей і паехала да тае капліцы, павезла вялікі букет белых гладыёлусаў. Паехала, каб злажыць свае спагаданьні бедным бацькам і перапрасіць, што нельга мне быць на пахаваньні.

Маці я сказала, што я чую, як за мною ўсюды ходзяць, і баюся, каб не прычыніць ім яшчэ большага гора. Маці, забыўшыся з болю аб усім на сьвеце, пачала прасіць мяне, каб я абавязкова прыехала. Я вярнулася дамоў, пакарміла дзяцей, і мы паехалі з імі на могілкі. Муж з працы прыходзіў толькі ўвечары. Калі мы ля Алыпанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў, якія відочна доўга ўжо так стаялі, бо аж ім рагі з дажджу парабіліся на гімнасьцёрках. Я падбегла да дзяцей і абняла іх са страху. Яны спакойна йшлі пад вялікім сямейным парасонам і крыху зьдзівіліся.

Нябожчыцу ўжо пахавалі, мы спазьніліся. Засыпалі магілу, над якой стаялі нашыя людзі й між імі, абнімаючы адну нашую дзяўчынку, тая шпіенка. Мяне затрасло. Насыпалі горку, мы пайшлі ў царкву. Няведама скуль назьбіралася нашых, яны не пабаяліся разьдзяліць няшчасьце з сябрамі. Стаю, гляджу на іх і плачу, а тая сьцерва пытаецца ў мяне, чаго плачу? Кажу ёй, што куды ж ехаць гэтым нашым няшчасным людзям, калі ж ужо будзе нашая Бацькаўшчына для нас і мы гаспадары ў ёй. Не магу спыніцца ад плачу. Пасьля падыходзіць Петра, усе мы складаем свае кашалькі, хто што мае, і разам Пётра расплачваецца з бацюшкам.

Людзі адыходзяць, а нам усё ёсьць нешта там рабіць. Нарэшце йдзем і мы трое. Сьцерва, Пётра пасярэдзіне і я. Ідзем пад руку. Петра раптам кажа: «Пераходзьма на польскую мову». Я аглянулася — за намі пасьпяшаліся тыя афіцэры, ад якіх я засланіла дзяцей. Божа… Яны падышлі й напалі на яе, пашто яна выйшла з лагеру, і ўсіх нас павялі з сабою ў савецкі перасяленчы лагер. Яна мяне штурхае й кажа, каб я ўцякала. Чаму? Як я пакіну Пётру? Божа мой…

Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я ня іх грамадзянка, але бяз Пётры, думаю, не пайду. Пётра зьбялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пбтры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу бяз памяці на трамвай.

Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы ня любіць, я расплакалася горкімі сьлязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў сьмяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць…

Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, зьмілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.

Знача, поўная найстрашнейшых прадчуваньняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы.

«Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што прасьледаваць мяне не пера’стануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б… Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны», — адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезьці. «Дзякуй, — кажу, — а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе», — кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе, — кажу. — Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сьцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе ня злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасьля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязьці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сьцерва ўсё звоніць… Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога ня ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!

Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сьцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сяньняшняе й сама стала бяз памяці ля сваяго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.

А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усе, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстамэнце, і нельга было зыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!

Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сьцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Петры. Ня раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае плянавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасьля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.

Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасьці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны ня хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасьці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Петру, і яна сказала мне, што яго ня выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі[72]. Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.

Сябры мне многа пазьней сказалі, што ў зьняволеньні бачылі ў прыбіральні напісанае прозьвішча Пётры й крыж ля прозьвішча, знача, яго забілі…

Я нічога не пыталася ў сьцервы, я не магла глядзець у яе бок і толькі чакала, калі гэты смурод выйдзе з хаты. Яна ж, відно, хацела нам дабра, можа, за тое маё збалелае за Беларусь сэрца, а я яе зненавідзела, як гіену. Я не магла зразумець, як можна лапаць, выкрадаць няшчасных, якія ўставалі з векавое няволі й як маглі стараліся падняць, усьвядоміць народ. Усе прадажныя перакідаліся з лагеру ў лагер, выплывалі пры любых абставінах, як нечысьць, на паверхню, а вось ідэйны, найлепшы наш элемэнт гінуў.

Я разумела бальшавікоў — яны заплацілі велькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога — гэта ня нашая перамога, бо мэта іх — вынішчыць нас і асыміляваць, што ж даказалі яны за ўвесь пэрыяд сваяго існаваньня. Яны ж ня могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіцьсілаю на свой маскоўскі лад увесь сьвет, ня думаючы аб тым, якія вартасьці нішчаць… Страшнымі цяпер мне зрабіліся і ўсе тыя харошыя хворыя байцы, якія выжылі з цяжкіх баёў і сапраўды жадалі людзям дабра. «Не вяртайцеся, не вяртайцеся дамоў, вам няма там чаго рабіць…» — іхнія словы.

Цяпер я іх баялася ўсіх, не магла іх ні бачыць, ні чуць. Не адчыняла ім ніколі дзьвярэй больш. Іх недзе перавялі за Прагу з іх штабамі, і чэхі вельмі сардэчна з імі разьвітваліся, хоць многае ім не падабалася. Замест гэтых шэрых скромных герояў з крывавых баеў паявіліся цяпер тылавыя «ваякі» ад МВД, і яны ўжо анулявалі тое добрае й шляхотнае, што было ў франтавікоў. Нельга было цяпер выдаваць нашых, пройдзе час, стрэцца розьніца, болей зразумеюць адныя другіх, тады…

Пераважна гэта адносілася да беларусаў-заходнікаў, якія ня мелі абавязкаў да савецкай дзяржавы, бо не жылі амаль пад ёю, і нічога пакуль што яна ім не дала, нават КПЗБ[73], рэвалюцыйная, марксісцка-ленінская партыя (1923–1938) не прызнала, а хацела ад нас усяго! Усяго безапэляцыйна! Яшчэ на Беларусі чуліся крыкі раскулачаных на сьмерць і вывожаных з хатаў у пустэчы, якімі надзяліў лёс гэтую дзяржаву на пакуту ўсім людзям. Я хадзіла як учадзеўшы — свой боль і боль за харошага беларуса Петру…

Як тут выкруціцца, як ратаваць сям’ю? Аб сабе я ня думала. Вось трэба было плаціць, сурова плаціць за асьліную ўпартасьць сваяго «сацыяліста». Праўда, уцякаць з немцамі, ня маючы з імі нічога супольнага, лагічна, не было пашто, але якая ў Сталіна логіка, калі ад яго капрызаў гінулі мільёны людзей… Такі ўжо лёс, і сапраўды з пагранічнага Вімпэрку, як мы, — трапіць проста на канец сьвету ў Комі, дык гэта трэба мець сапраўды беларускую долю… I вось я ведаю прыблізна, калі па нас прыйдуць, і ведаю тое, што чэхі ня хочуць нас выдаць, і ведаю, што ня маюць права ламаць нам дзьвярэй… Ведаю многа, але як ратавацца — засталося два дні… Паганая «панская» натура, ня можам недзе схавацца ў чэхаў з той няшчаснай прычыны, каб не зрабіць ім зла, бяды, якога «Сібіру» на іх не прыклікаць. Гэта з нас можна дзерці скуру, але мы нікога яшчэ нічым ня скрыўдзілі, мае рукі на тое, каб памагаць людзям, і вось мы як дурні, і што нам самотным рабіць? Бог і мы, вера толькі на Бога продкаў маіх.

Мой «атэіст» разгубіўся не на жарты. Я хоць маю Бога, а ён сваю логіку, якая трашчыць. Быў у мужа адзін харошы пацыент, якому ў свой час многа зрабілася, пан Дворжак, быў ён загадчыкам нейкага спартыўнага клюбу. Пайшлі мы ўтраіх да яго, каб ён нас нейк пераправіў у Пльзэнь, гдзе былі гуманныя, разумныя амэрыканцы, якія калі й саджалі людзей, дык не са зьдзеку, але вінаватых сапраўды. Такое мы чулі праз іх, а ў нас жа віны ніякае! Сьняцца мне тыя амэрыканцы начамі як адзіны ратунак нашай няшчаснай сямейкі.

Вось мы і ў пана Дворжака. Дзянёк позьні, летні, сонечны-сонечны. Ходзяць сабе людзі, шчасьлівыя людзі, ах, якія ж шчасьлівыя — іх заўтра ня будуць красьці… Пан Дворжак ня можа нам памагчы, ён захварэў, выйоаў да нас і так сказаў, што ня можа. Ня мог сапраўды, цераз два тыдні памёр на апэрацыйным стале ад раку мачавога пухіра… Што ж, бліжыцца нейкая непазьбежнасьць… Мне прыпомніўся верш мой адзін з апошніх: «Дай адкупіць мне цярпеньнем паэта долю і волю, і шчасьце народу…»

У нас яшчэ ёсьць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля сквэру, Я з жудасьцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі… Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць… Ну й сьвет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным сьвеце»… Дамоў ідзем з Юраю, ён мая сіла. Добра, што хоць Янка ў бясьпецы, удар будзе па нас дваіх, і мы вытрымаем! Бог з намі. Я зьбіраю ўсе мае сілы, і ўсю маю веру, і ўсю маю любоў да маяго народу — я вытрымаю! Сын, мае хлапчане, пры мне, і ён усе дасканала разумее. Праўда, ён нейк нам сказаў, што хто быў на версе, той цяпер на нізе й наадварот і як добра, што мы былі й засталіся пасярэдзіне. Цяпер мы выходзім з усіх гэтых рамак, нас узялі на мушку.

Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома… Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складаньні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамэндаваўся. А мы дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час… Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!

Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бясьпецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзыдэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.

Мы з сынам дваіх у маёй пасьцелі чытаем Евангельле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы сьвет.

Разбудзіў мяне бесьперапынны званок і трэск дзьвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзьвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзьвярыма: «Мамачка, пусьці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці…» Адчыняю дзьверы, пан Чада прывёў маяго «галубочка» на маё гора… Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс… Хутка паслала яму пасьцель і падумала сабе, што ўсе ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала…

У нас былі прыгатаваныя тры ўколы, калі б нас бралі на зьдзекі, адныя ці другія — дык мы пастанавілі лепш траім памерці. Уколы ляжалі яшчэ з вайны.

У хаце ў мяне ўсе больш-менш ёсьць, нават сухая бульба. Ходзім па хаце на цыпачках, як духі, больш ляжымо. Панядзелак. Калі ж ужо будуць нас красьці? Вокны завешаныя, і ніхто ня ведае, што мы ўдома. Ведае толькі той пан Зіка, быўшы югаслаўскі консул, пацук аблезлы, каб ён скруціўся да раніцы… Дзень прайшоў сяк-так. Хлопцаў сваіх я накарміла. Гаворым мы мала, болей думаем. Я яшчэ не чытала «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма, вось цяпер пачала чытаць. А няхай яго, ну й літаратура мне трапіла на гэты час… Што ж, і мы тут як на тым востраве Іф…

Я хварэла ўвесь час на язву страўніка, і ад такога перажываньня вельмі пачало мне балець пад ложачкай. Звычайна ссда мне памагала. Было ўжо надвечар, ціха кругом. Я ўстала босая, з распушчанымі косамі да пояса, у доўгім, да зямлі, халаце, узяла шкляначку тонкую венскую й замяшала ложачкаю соду, каб выпіць, як раптам пачаў званіць званок, але так званіць, што я ня выпіла той соды і, трымаючы ложачку рукою ў шклянцы, каб ня бразнула крый Божа, падышла да дзьвярэй і падперла іх моцна плячом. За дзьвярыма гутарка, як на кірмашы, а я стаю, не баюся, вось толькі каб тая ложачка ня бразнула. Мне здаецца, я лекачу. Не, няхай яны ня ведаюць, што мы ўдома… Галосны наш званок грыміць, не перастае. Цямнее. Я на цыпачках іду на сваё ложка. Муж ляжыць, як нежывы, маўчыць, бо й што скажаш? Мераю вокам адлегласьць да вакна. Затрашчаць дзьверы, дык выскачу галавою ўніз, я ведаю, што я ім патрэбная, як і ўся мая кулацкая сямейка. Не, я жывая ня дамся! Званок звоніць, і звоніць, і звоніць да першае гадзіны ўначы. Пасьля мы паснулі.

Ранак быў сонечны, мы хадзілі, елі ціхенечко, амаль ня дыхалі. Была пошта, нехта званіў, але мы нікому не адчынялі. Юрачка, наш неспакойны, як жывое срэбра, сынок, цэлымі днямі сядзеў пад сталом на дыване й ставіў вежы з падушак, што на канапе. Надзіва спакойны малы. «Сынок, ты, напэўна, хочаш на двор, такая ж пагода?» — «Не, мама, што мне з таго, каб быў я на дварэ й ня меў татачка й мамачкі, лепш я пасяджу пад сталом і буду мець мамачку й татачка», — мудра надзіва сказала хітрае наша дзіця.

У мяне заўсёды нейкія запасы ежы. Я сялянка. Вось цяпер гэта ўсё прыдалося. Юры падабаецца есьці смачныя кампоты штодня… Так мы праседзелі тыдзень аж да суботы. У суботу мы выйшлі. У хату наляцела людзей, плачуць, цалуюць нас, прынесьлі ежу й кветкі. Адныя думалі, што мы ўцяклі, другія баяліся, што нежывыя.

Знача, пад наіп вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расьцягнутыя брэзэнты, а начальнікі званілі, але пад дом наш зышлася ўся часьць горада, гдзе мы жылі, увесь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктарову», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы ня раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сэкрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што бяз чэскай паліцыі ніхто ня мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспэдыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспэдыцыя» закончылася. Павезьлі Петру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцьця, праўда — трывожнага…

Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі…

Я яшчэ раз напісала прэзыдэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амэрыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі маяго ліста на машынцы па-чэску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амэрыканскае пасольства.

На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небясьпека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэньні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыцьце, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасьці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысьцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.

Усе залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагаа выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, гдзе добра іх ведалі… Вось яны й партызаны ня нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песьняй і з каханьнем да старога сваяго народу.

Час ішоў. З Граду Праскага не было ніякага адказу ад прэзыдэнта Бэнэша, можна было думаць, што ён маіх лістоў не атрымаў. Надышоў час аддаць Юру ў чэскую школу. Расейская гімназія й пачатковая школа перайшлі цяпер у рукі прысланых з Масквы настаўнікаў. Яны мне не падабаліся: поўныя падазронасьці да кожнага чалавека, нейкае казёншчыны, салдацкай патрабавальнасьці й сталінскай суровасьці, яны мала адышлі ад тых, якія выхоўвалі «гітлерюгэнд»[74]. Мы пастанавілі аддаць Юру ў нармальную чэскую школу. Спачатку мне не хацелі аддаваць яго папераў, але я й слухаць не хацела аб тым, каб ён і далей там вучыўся. У чэскую школу чужынцам ізноў ня лёгка было даць у той час дзіця. Пачаліся «Народні выборы» і т. п. рады. Трзба было некалькі подпісаў давераных сьведкаў, што мы за часоў акупацыі не былі калябарантамі і т. п. Чэхі падпісвалі нам гэта абедзьвюма рукамі, і так Юру прынялі ў школу. У расейскай ён скончыў чацьвёрты клас, і вось чэхі хацелі, каб ён паўтараў у іх той жа клас, бо ня дасьць рады. Я ўпрасіла іх, каб узялі хлопца ў пяты клас на пробу. Калі я прыйшла да дырэктара за пару тыдняў, як ён мне назначыў, дык аказалася, што Юра ўжо найлепшы вучань класа, а да канца года ён быў найлепшы вучань усей чэскай школы, усімі любімы «выраблянец».

У Юры паявіліся новыя калегі, але яны яму не падабаліся. Часта хлопчык выказваў мне свае думкі: «Мамачка, у іх дзікія забавы, яны на ходніках[75] рысуюць усе вісельні й гуляюць у тое, што вешаюць людзей». Так, гэта было страшна. Нашы некультурныя беларусы ніколі такіх гульняў ня ведалі, а можа, цяпер і яны пайшлі з «духам часу»? Было аб чым думаць.

Нарэшце прыйшла вестка ад таты — пакуль што яны ў Зэльве былі жывыя. Тата пераслаў ліста Славачкі яшчэ з арміі. Гналі іх тады на захад. Аб сьмерці Расьціслава мы яшчэ ня ведалі. Старыя беларусы ў Празе былі вельмі занятыя сабою, даказвалі, бедныя, сваю лаяльнасьць новым парадкам і каяліся ў тым, чаго не рабілі, бо ніхто з іх для беларускай справы амаль нічога й не зрабіў. Забэйда цьвердзіў, што яго палітыка была самай разумнай і яму нічога ня грозіць. Зразумела. Да нас прыехала Відавіса Паўлаўна Ляцкая. Яна пацяшала мяне, што красьці мяне й ня ўкрасьці яшчэ ня самае страшнае, жыцьцё наперадзе. Ермачэнкавы рэчы чэхі з ярасьцю расьцягалі з яго кватэры й з яго вілы, гдзе гаспадаром пакінуў ён старэнькага бацька свае жонкі. Старога ня скрыўдзілі, толькі выгаалі з апартаментаў. Перад канцом вайны Ермачэнка запусьціў бараду, каб яго не пазналі. Аднак немцы самыя яго пасадзілі, кажуць, за тое, што спэкуляваў золатам, у шынах аўтамабіля вывозячы яго з Менску, гдзе да ўсяго іншага меў, напалову з сястрою свае жонкі, камісійную краму! Даведалася я аб гэтым ад Піпэраў. «Ведаеце, — казаў доктар Піпэр, — я зрабіў так, як вы, фрау Ларыса, ня мсьціў. Калі прыйшла да мяне жонка Ермачэнкі прасіць дапамогі, я і яму дазволіў вітаміны й туалетныя драбніцы ў камеру. Бачыце, ад вас навучыўся», — нейк іранічна паўтарыў ён.

Прыйшла цяжкая вестка пра нашых гасьцей — сям’ю сьвятара Балая. Яны трапілі пад страшны амэрыканскі налёт на Дрэздэн. Калі шчасьліва выбраліся са склепу пад царквой, дык іх сын Косьця схапіў ровара на зямлі. Немцы, кажуць, адразу яго расстралялі. Гэта было жудасна.

У Чэхаславакіі тым часам адбываліся маніфэстацыі, мітынгі, парады. Здаецца, не было ім канца. Муж, як і раней, хадзіў на работу ў сваю фабрыку, і часам было яму цяжка. Калі прыводзілі да яго хворых немцаў-рабочых, дык трэба было да іх адносіцца бязьлітасна, як адносілася рэшта пэрсаналу. Ён жа да ўсіх адносіўся толькі як лекар, які бачыць хворага й яго хваробу. Падтрымоўвала яго ў гэтым яго лекарская й яго беларуская этыка. Усё жыцьцё ведаю сваяго мужа й ніколі не заўважыла, каб ён адступіўся ад шляхотнай лекарскае этыкі, ад мовы свае роднай і ад шматпакутнай Айчыны.

Ад часу тае няўдачнае кражы я са страхам хадзіла па вуліцах, за мною так і шмыгалі сышчыкі, і я іх ведала ў твар. Я замірала ад кожнага аўто, якое ля мяне спынялася. Нейк зайшоў да нас супрацоўнік чэскай тайнай паліцыі. Ён нат сказаў, што прэзыдэнт Бэнэш «урговал», г. зн. яшчэ раз пытаўся ў іх аб маім лёсе. Лісты ён аддаў у Міністэрства ўнутраных спраў, гдзе тады міністрам быў камуніст Носэк. Лісты палажылі пад сукно, а цяпер зноў варушаць справу. Той чэх парадзіў нам узяць чэскае грамадзянства, якое дадуць нам, а мне асабіста парадзіў запісацца ў Саюз анты-фашыстаўскіх жанчын і ў Саюз чэска-савецкай дружбы, тады ўсе будзе добра.

Уражаньні з тае кражы, з тае нагласьці й з гора мае сям’і былі такія цяжкія, што я пайшла назаўтра й запісалася ў Саюз чэскапаўночнаамэрыканскай дружбы, прадсядацелем якога быў прафэсар Шпачэк. Я пачала хадзіць у саюз на лекцыі ангельскай мовы разам з малым Юркам. Ён цесна пасябраваў з пляменьнікамі чэскага прэм’ер-міністра Здэнэка Фірлінгера, якія прыехалі з Амэрыкі й па-чэску амаль не размаўлялі. Іх старшая сястра выкладала ангельскую мову ў саюзе.

Аб Юрку зноў гаварылі анекдоты па Празе. Аднойчы яму сказала настаўніца зрабіць сказ са словам прыгожы (бэатыфол)[76], хлопчык і сказаў: «Мая дзеўчына вельмі прыгожая». Настаўніца яго падняла на сьмех малога. Юра абразіўся. Калі дала яна яму зноў слова «немагчымы», дык ён злосна адказаў ёй: «Нашая настаўніца асоба немагчымая». Ад таго часу ён ня мог цярпець яе, Юрку й тут усе любілі, а яго настаўнікі цанілі яго як вучня й як маленькага, самастойна, разумна думаючага, шляхотнага чалавека. Здольнасьці ў хлопчыка былі вялікія, і мы хацелі вучыць яго як найвышэй. Вучыўся ўжо ён у чэскай гімназіі, і іх прафэсар-немец хаваў сабе ўсе яго хатнія працы, у якіх бачыў і глыбокія думкі, і здольнасьці. Так надзейна зарысоўвалася юнацтва нашага адзінага сына.

Але самым важным пытаньнем цяпер было пытаньне існаваньня. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваей дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафэсара Шпачэка, які адразу зьвярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасьць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не зьбіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыцьце, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газэтку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. I гэтую газэтку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.

Мне прыпомніліся мае сьмелыя, як на ваенны час, вершы, мой боль над лесам нашых суродзічаў палонных і вывезеных на работу, і тых, што ў лясох, і тых, што па сёлах. Беларус у маю хату — хлеб на стол, часам апошні яго кусочак роўна разьдзелены паміж госьцем і сынам. А прыйдзе час, і мільёны маіх землякоў пашкадуюць мне нават скарыначкі хлеба ў няволі, не памогуць малому хлопцу, адзінокаму й разгубленаму, на пасьляваенных дарогах чужой зямлі. Яшчэ сеці расставяць і зацягнуць у чорны омут, скуль ратуе адзін толькі міласэрны Бог.

Калі аднойчы нясла я праз лес пад канвоем цяжкое бярвеньне й сьнег быў вышэй пояса, я адчула, што душуся, што сэрца маё ўжо адмаўляецца працаваць, і тады падумала аб тых, якія, хвалячы тое, што чыняць над намі, езьдзяць сабе ў галубых экспрэсах ці службовых або ўласных машынах наўпрасткі, праз сьвежыя магілы маяго роду і ўсіх за вайну палеглых дзеля сытасьці іх. Маці наша, Беларусь наша, колькі ж яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці твае? Але гэта было шмат пазьней, ужо ў Комі АССР.

А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезьлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцьвелі няшчасныя з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сьцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасьля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагодзьдзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які пасьпеў ужо пазабіваць і вынішчыць ня толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.

Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласьць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Сьвет перавярнуўся дагары нагамі, усе засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяньня ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны ня мелі!

Прад вачыма паўзуць манашанькі, як шкілеты, і з прасьветленымі цярпеньнем вачыма, засуджаныя ўдовы з арлоўскай турмы, ня кажучы ўжо аб цярпеньні нашых народаў. Строіць свой посьпех і благабыт на падобным — гэта зажыва стаць жывеламі, ніколі не дастойнымі званьня людзей. Вось цяпер наглядаю, як успрымае гэтае ідалапаклонства сярэднеэўрапейскі культурны народ, і з жалем бачу ажыўшыя з каменнага веку пачаткі жывёльнага ў людзях…

Расплываецца цень Масарыка над яго народам, успаміны аб ім, харошым, вандруюць на дно шафаў, як капіталістычны дысананс, небясьпека сацыялістычнага новага ладу. Адвечныя славянафілы чэхі дарма шукаюць рысаў славянскага ў вусатым і насатым твары Джугашвілі, крыху крывяцца, але загад ёсьць загад, і Прага пад уплывам новых, барадатых, насатых прарокаў ходзіць на галаве. Няўжо і ім Бог адняў начыста розум? Не, гэта не замена багоў, гэта цынічнае ануляваньне дасягненьняў людзкасьці за дзьве тысячы гадоў прасьветленай, хрысьціянскае эры.

Я пачынаю крыху разумець, што я нарабіла, запісаўшыся ў Саюз чэска-амэрыканскай дружбы, для мяне, прасьледаванай, — гэта страшная небясьпека, але адначасова для мяне як для чалавека — гэта адзіны крытэрый жыцьця, прамень сьвятла ў цьмянай яскіні[77], гдзе мы цяпер апынуліся. Усе грозіць нам згубай, але сумленьня сваяго, твару сваяго чалавечага мы не губляем! Юрачку мы запісалі ў ІМКу, гэта Саюз хрысьціянскай моладзі на манер амэрыканскай. Разам з Фірлінгеравымі ён едзе на Сазаву ў летні дзіцячы лагер. Гэты лагер, кажуць, найлепшы ў сярэдняй Эўропе.

У мужа водпуск, і мы з ім першы раз едзем адпачываць у «Шпіндлерув млын» у Судэты. У прыватным доме адпачынку нам няблага, толькі муж ня хоча хадзіць, ня любіць. Ляжыць на сонейку, выграваецца. А ў гарах хораша, зелена. Пасьля Прагі паветра як найлепшы лек. Кормяць няблага, толькі порцыі мікраскапічныя, і мы даволі галодныя. Які шчасьлівы мой муж, а вось я зусім няшчасная, сумую, лекачу ўся, не знаходжу сабе месца. Раптам баюся за Юру, пішу яму на Сазаву поўныя каханьня лісты. Перажываю. Чаму? Тут усе нямецкае, але немцаў выгналі, ходзяць адныя толькі старушкі ў чорных хустачках, на іх нельга глядзець — колькі трагічнага болю ў іх тварах… Гэты боль аж крычыць, і я яго адчуваю, бо я так добра ведаю, што гэта боль. А кругом вясёлыя курортнікі, папіваюць «півічко», сьмяюцца, ходзяць у горы, і рэшта ім усе абыякава. Праўда, яшчэ тут ходзяць хораша апранутыя дамы — чэшкі. Яны наравяць усё трымацца бліжэй да зьняволеных калонаў, якія працуюць у лесе, відавочна, жонкі калябарантаў. Калі добры, людзкі канвой, дык яны сустрэнуцца, пагавораць…

Як жаль, што не відно канца лагером і зьняволеньню, і здаецца, што яно толькі пачынаецца. Мне несказана цяжка. Са сваімі прадчуцьцямі я толькі пакута, вечна настарожаная бяда маяму мужу. Ён сабе ляжыць, чытае, і нічога хімэрнага, несамавітага яго ня мучыць… Нявесела мець паэтку за жонку, недзе думае ён сабе. А я бягу ў касьцёл, там правіць ксёндз яшчэ немец, якога не пасьпелі прагнаць. Што ж мне рабіць, каб было лягчэй? «Адпраўце мне імшу па памершых», — прашу ў ксяндза. Гавару яму, хто я й што мне вельмі, вельмі цяжка. У касьцбле ня так, як у царкве, я стаю, малюся, але мне й пасьля імшы не палегчала…

Ідзе экскурсія на Сьнежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 мэтраў)[78], я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я ня ведаю змучаньня, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваем нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфэлем і пытаецца, ці ня ўздумаем ісьці яшчэ на Сьнежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што ня йдзем на Сьнежку…

Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасьля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сьцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.

Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’яжджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, гдзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.

Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’яжджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усё гэта складаю на месца. Выціраю сьцены, вытрасаю дываны, драткую[79] паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацьвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.

Назаўтра доўга сьпімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста… Божа мой, даю яго мужу… Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, зьбялеў нейк… Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме, Расьціслаў загінуў у арміі Касьцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі… Ногі мае з ваты, і сьвет кружыцца, кружыцца… Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама… О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой… Аркадзічак, Тату… Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда… Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця мае адзінае, ратуй маяго мужа… Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.

Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане…

Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прысьнілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Сьмерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэньне цярпеньня. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей ня меў такога жудаснага болю, як я… Сестрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсе, што мела. Люсенька была шчасьлівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.

Толькі я стала горам для сваей сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касьцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сьцерва папярэдзіла мяне, што пражскія сьвятары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсё даносяць… Ня ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.

А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фагарафіяў памершых і ўглядаюся.

А на працы ў мужа пачало ня ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але бн сказаў ім, што лекар і ксёндз ня сьмеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.

Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, гдзе мая сястра й гдзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненьняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.

Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж зьдзерлі мне яго разам з абручальным персьценем і гадзіньнічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі…

Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму навакольлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, ня хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасьці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, ня крывячы сваім сумленьнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленьне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто ня кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумленьня й няма чалавека! Касьцяк людзкі — гэта людзкое сумленьне.

Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзяніства. Муж хацеў чэскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыцьцб бн хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль», — мудра адказаў Сыд… Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыцьцё нашае было б лягчэйшым…

I так мы пачалі старацца чэскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі ня проста давалі людзям пасьляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас трасьлі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсьці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцьця, якія ня здрадзілі праўдзе, шляхотнасьці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на сьвеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.

Юра выступіў супраць ідэі чужога грамадзянства й сказаў нам, што гэта здрада перад сваім народам. Было нам дзіўна яго слухаць. Сяньня думаю, што, можа, яго, малога, агенты якія так навучылі. Аднойчы нам яго ўкралі, павезьлі з сабою нейкія байцы, адразу нейк пасьля іх прыходу ў Прагу. Ноч не было хлопчыка, і мы каналі са страху. Назаўтра нам яго прывезьлі байцы таго штаба, які першы ў нас затрымаўся. З ім нам прывезьлі мяса, каўбасаў і сваю, здавалася, дружбу. А сяньня нечаму думаю, а можа, яны нам тады купілі дзесяцігадовага хлопчыка? Я сяньня ўсё ўжо магу чакаць ад іх, хоць такое й неймаверна. Сына мы ніколі ні аб чым не пытаемся. Нам цяжка задаваць яму падобныя пытаньні, раніць чалавека, а ён маўчыць. Маўчыць…

Людзі пачалі вельмі расчароўвацца ў савецкіх байцах і людзях. Рэчаістасьць выглядала непрывабна, зусім іначай, як прапаганда на старонках савецкіх газэт. Найболей не падабалася пагоня за гадзіньнікамі. «Давай часы» — стала насьмешлівай пагаворкай.

Чатыры партыі моцна змагаліся перад выбарамі. У Чэхах найболей галасоў атрымалі камуністы, у Славаччыне наадварот. Славакі не маглі дараваць Бэнэшу сьмерці ксяндза Ціса. Бэнэш і тут кіраваўся помстаю. У яго волі было памілаваць гэтага чалавека. Адсутнасьць велікадушша — трагэдыя тупых адзінак, рэпрэзэнтуючых народ. Час ішоў. Чэхаславаччына ўсе яшчэ не выходзіла з чаду помсты й маніфэстацыяў, але бурныя словы не маглі закрыць суровай для камуністаў праўды — народ, прывыклы да ладу й парадку, расчароўваўся ў пустых словах, традыцыі перамагалі.

Беспартыйнага маяго мужа звольнілі з працы. Далі яму нейкае адшкадаваньне. Трэба было шукаць працы. Тым часам далі нам чэскае грамадзянства. Мне сяньня здаецца, што далі нам яго, проста каб мы не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. «Е нам цті дат вам обчанстві» (гонар для нас даць вам грамадзянства), — сказалі нам чэхі, даючы нам яго.

Муж шукаў працы, а сябры ўсе рабілі, каб толькі нас перацягнуць да сябе. «Ужо год еў бы кансэрвы, — гаварыў муж, — каб цябе паслухаў». Ну, пакуль што еў па кусочку сьвежага мяса, але гэта яшчэ пакуль што, пасьля амаль дзесяць гадоў жывіўся знамянітай камсою ды хлебам з мякінаю. Кансэрва была як мара, як сон, які не збываецца…

Нас клікалі ў Парыж, прыслалі паперы, каб лягчэй было нам дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў нас там сваякі. Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, ня вытрымае». Гэта зрабіць тады сапраўды было б найразумней, але муж галава ў хаце, паглядзімо, што будзе далей, як жа тая галава пакіруе?

Бяда ў людзей іх шматкі, іх рэчы. У нас гэта былі горы кніжак, якія ўчэпіста трымалі маяго мужа пры сабе. Яны, здавалася, яму даражэй за нас з сынам. Я зацінала вусны, і прадчуваньне згубы нейк зусім авалодала мною. Муж шукаў працы. Абяцалі яму яе і ў Карлавых Варах, і ў іншых месцах, а далі ў мястэчку Вімпэрку ў Судэтах ля самай граніцы. Вось крыху толькі заблудзіся, і амэрыканцы схопяць цябе на граніцы ў абдымкі. О, які гэта нязьдзейсьнены, які салодкі сон… Здаецца, нічога не хацеў бы, толькі б не баяцца, што ізноў цябе схопяць і павалакуць, як і іншых, на канец сьвету ў свае суровыя душагубныя сьнягі й маразы.

Чэхі, напэўна, нам і далі гэты Вімпэрк, што спадзяваліся-такі на нейкі розум у беларускіх галовах. Але каго Бог пакараць хоча, дык прытупляе той розум… З мужам на гэтую тэму дарма было гаварыць, і хоць адзіным яго аргументам былі кансэрвы, усе ж ён трымаўся за яго аберуч і з месца скрануць не даваўся. Яму сьнілася Бацькаўшчына, а мне свабода й жыцьцё, гдзе ўсе людзі роўныя — кулакі яны ці люмпэн-пралетары, абы былі чэснымі людзьмі. Здаецца, раз на дзень еў бы, каб толькі не баяўся за сваё адзінае дарагое дзіця. Рэчаістасьць была страшнай: ніякае магчымасьці літаратурнай працы ці наагул працы для сваяго народу, карыснай, канструктыўнай, і гэты, ніколі не засынаючы страх з тылавых «герояў» арміі, якая паволі адыходзіла з Эўропы дамоў, тых, другіх, пакідаючы за сабою.

Алёша не забываў нас. «Дзьве тысячы братоў маіх ляжыць тут», — пісаў ён, перасылаючы здымак Монтэ Касыно й знамянітую песьню аб ім. Пісаў па-польску, бо так яго вучылі ў школе (іначай не вучылі), і польскае навакольле Андэрсавай арміі апалячыла яго начыста. Хлапчаня не магло сьцяміць, што Беларусь — гэта ня толькі тыя, хто зьнішчыў нашых бацькоў; што Беларусь — гэта старая нашая казка-зямля, нашая Маці й нашая мэта. Ня час было пераконваць брата, я яму паслала толькі пачатак свае кніжкі з вершамі аб гэтай зямлі. Мне было радасна з таго, што ён, хоць ён адзіны, выжыў з гэтае вайны. Пасьля пачалі мне пісаць і дзяўчаты, яго сымпатыі, і я пацела, па-ангельску адказваючы на іх лісты. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Толькі, на жаль, любіў джын, у чым мне чыстасардэчна прызнаваўся. Пісаў аб ім і яго камандзір андэрсаўскі. Маляваў хлопца хораша, як растаропнага добрага чалавека. Аляксей, кудэмі ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й так размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову.

Пісаў, што мог вучыцца ў Андэрсавай арміі, але хацелася яму ваяваць…

Аляксей быў нашаю радасьцю, а яго сябра з вайсковай ангельскай місіі ў Празе, Сыд Алард — мілым госьцем. А ў вачох паноў долі зямлі, гдзе мы жылі, гэта было сьмяртэльным грахом амаль. Бо хоць брат і біўся супраць таго ж ворага, цяпер аказалася, што ахвяры толькі сьпяць роўныя між сабою па капцах і магілах, а пераможцы дзеляцца на класы.

А я прызнавала толькі паганых і добрых людзей, бо разумны, асьвечаны інтэлігент куды больш патрэбны грамадзтву за азьвярэлага, тупога пралетара, якога мэта пакуль што толькі й толькі — карыта. I так будзе вечна, бо людзі могуць лепш жыць матэрыяльна, але яны не дасканаляцца масава да ўзьнёслага ахвярнага ўзроўню назначаных лёсам адзінак, якія служылі й будуць вечна служыць прыкладам людзям. Ня мэта раўняць усіх людзей да ўзроўню такіх прымітываў. На Захадзе падымаюцца людзі больш да ўзроўню шляхотных інтэлігентаў. Прынамсі, такіх ставяць, выбіраюць, каб валодалі рэштаю.

Муж памалу зьбіраўся ў Вімпэрк, а Юра пайшоў у школу. Муж пісаў, што яму не пагана. Аднойчы я выбралася яго адведаць. Гэта цераз 200 км за Прагаю. У гарах ужо было халадно, і сам Вімпэрк такое цяжкае зрабіў на мяне ўражаньне, што я раніцай уцякла ў касьцёл, каб хоць крыху акрыяць душою. Нідзе яшчэ не было мне так жудасна, як у гэтай мясьціне. Ня высказаць было маяго страху, і муж адмаўляўся мяне разумець. Душа паэта — сэйсмограф. Яшчэ раз паехалі мы туды на сьвятога Мікалая (чэскае старое сьвята) з сынам. Уражаньне не было лепшым. Наадварот. Нават сяньня цяжка мне пісаць пра тыя дні.

Муж там чуўся як рыба ў вадзе. Восеньню 47-га года пан Кржываноска, наш добры знаёмы, ведаючы, як я хачу пабачыць маіх сёстраў, дастаў машыну й павёз нас на Сьнежку, гдзе сустракаліся чэхі з палякамі, бо гара была падзелена напалову. Цудоўна ехалася, пераначавалі мы ў гатэлі прадгор’я й назаўтра пайшлі пехатою на Сьнежку. Нясьлі падаркі, і сэрца сьціскалася ад сустрэчы пасьля столькіх падзеяў, а сустрэча бліжылася. Горы былі восеньню ня меней прыгожыя, лужайкі яшчэ зялёныя, сосны дзявоча задуманыя. ў чыстым небе, а пагода была як высьненая. Юрачка бег лёгка пад горку, а я ўжо ня бегла, як бывала раней, пачало не хапаць мне паветра. На Сьнежцы дзьве гасьцініцы, і ў польскай мы знайшлі нашых! Ніна моцна пастарэла, а Люся была як абразок — такая зграбная, прыгожая, што не адарваць вачэй. Пан Кржываноска адразу сказаў, што такой дзяўчыны нельга пакідаць палякам. Чэхі ўсё яшчэ ня мелі ласкі на іх. Мы завялі іх на наш чэскі бок, я дастала ежу, на стале разлажыла, але есьці ніхто ня мог, мы й гутарылі мала, проста нейк анямелі. Я надзела на пальчык Люсі залаты пярсьцёнак, які мне купіў муж у дзень сьмерці Аркадзія, ня ведаючы аб гэтым. Люся марыла аб пярсьцёнку й была радая. Было яшчэ й на сукеначкі і інш. Юра быў вельмі рад, усё хацеў быць з Люсяй. Даў ёй сваю прыгожую горскую палку.

Я папыталася аб замустве, і цудоўная Люся сумна адказала мне, што ў яе загробны жаніх… Мне пайшоў мароз па скуры. Яшчэ раней, калі я ім усе апісала пра Славачку й пра той чорны цень, які прасьледаваў яго, Люся адказала мне, што, жывучы ў Казахстане, і да яе прыходзіў чорны цень. Першы раз увайшоў праз закрытыя дзьверы ў зямлянку, у якой яны жылі. Усе спалі, Люся яшчэ мылася, і сказаў: «Спой, невеста, не пугайся…» Люсю знайшлі на зямлі абамлелай. Ад таго часу, як і ў Жлобаўцах, многія яго бачылі. Мама прачнецца, а над сьпячаю Люсяй чорны цень. Люся мне казала, што прывыкла да яго. Аднойчы ноччу прачнулася і, убачыўшы цень, папыталася: «Што ты ад мяне хочаш?» — «Тваю маму», — адказаў цень. Цераз два месяцы мама памерла. Цень паказаўся яшчэ раз, і ў паветры пранесьліся словы «Со святыми упокой». Болей Люся тым часам яго ня бачыла, але дзяўчо нейк чакала непазьбежнай сустрэчы з ім, свае сьмерці. Многа пазьней, у 1952 годзе 22 мая, Люся памерла вельмі загадачна, толькі ня духі былі прычынаю яе сьмерці…

Усё гэта неверагодна, але я ня маю падставаў ня верыць чэснаму, найчасьнейшаму брату маяму, маці сваёй і дарагой сястронцы. Я ня маю падставаў ня верыць ім, і я ім веру. Я мела намер забраць з сабою Люсеньку. Перад ад’ездам схадзіла ў чэскую паліцыю, і яны абяцалі мне яе прапісаць, калі ўдасца перавезьці яе ў Прагу. Люся была гатовая йсці з намі, але Ніна так спалохалася, так зьбялела й пачала прасіцца, каб мы ня бралі Люсенькі, бо яе за гэта пасадзяць, а яна ўжо ведала савецкую турму…

Польскае таварыства ахвотна забрала з сабою пад апеку маіх сёстраў. Панесьлі нават іхнія рэчы. Дружныя й харошыя палякі ў горы, як брацьця. А мы йшлі памалу да свае машыны. Са Сьнежкі відно было польскі бок. Мне здавалася, што там бясьпечней крыху. Пайшла мая Люсенька, як русалачка, з імі ў маім зялёным касьцюме, у харошай шапачцы белай. «Каб ня гэты шакалад, што ем, і каб не падаркі ад іх, я думаў бы, што гэта сон», — мудра высказаўся мой Юра.

Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк ня мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда… Задуманая, сумная, як ня з гэтага сьвету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся… Ня шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцьця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азьвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расьціслава ў час вайны, а пасьля прасьледаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасьць Сталіну, памагаючы фізычна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сяньняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, ня ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда сваяго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай… Няўжо так вынішчаць увесь наш род?

А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля маяго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азьвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна… А можа, гэта толькі шумавеньне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў маяго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.

Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, гдзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх, Часта я прыяжджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчасьлівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён ня слухаў. Муж мала наагул зьвяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім ня бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.

Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэску з расейскім акцэнтам. Бясьсільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён зьвяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т. п. Мне прыпомніўся Аляхновіч, нічога новага, паўтараецца тое, што перанес калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на прасьледавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чакіст у лес, не даяжджаючы да Крынак…

Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сьляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут ня бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасыўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыцьцё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданьне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло камёнем на сумленьне маяго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.

У яго былі свае зацікаўленьні, сваё жыцьцё. Будучы ў Вімпэрку, я варыла яму, падавала, паліла ў печы, а ў свабодны час малявала алавікамі ці акварэльлю. Калі ён ехаў далёка на вызавы, дык браў мяне заўсёды з сабою. Тады я глядзела на лясы, на пакінутыя ў іх немцамі хаткі й думала пра Беларусь. I тут і там было для мяне страшна. Страшна, калі вайна, але страшней, калі на яе крывавых сьлядох прадаўжаецца сабачае, нізкае сачэньне, мучэньне й выдаваньне людзей, якія ня хочуць гнуцца, не патрабуюць лпраўдвацца й не паддаюцца загаду, каб любіць тое, перад чым некалі здрыганецца людзкасьць, як перад пеклам. Логіка тут была рэчай сьмешнай, а подласьць і нізасьць законам дня. Цяпер многае зьмянілася, але такое робіцца й далей, але хоць крыху маскуецца, тады ж гэта было яўна, выразна нагла.

I так пасьля высокай эўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцьці: мядзьведзь — начальнік, тайга — закон… Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзьвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасьці! Аднак Юра хацеў паезьдзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, гдзе былі лыжныя тэрэны[80] й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасьля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыцьцё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паезьдзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было, яму страшна. Яшчэ ня ўсе абжылі тады чэхі ў т. зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы. Сколькі кароў, столькі начальнікаў на пакатых баках Судэцкіх гораў. А некалі там кожны гаспадар меў па некалькі кароў, і агульная іх колькасьць была дзесяць раз большай і дзесяць раз лепшай ад калгаснай. Людзі на ўсё гэта глядзелі скептычна, але, як казалі немцы: «Бэфэль іст бэфэль» — і вось кожны гэтаму прыказу падпарадкоўваўся, каб толькі ня трапіць у сталінскія крывавыя кіпцюры.

Прафэсар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.

Сестры ўжо добра ўладзілі сваё жыцьцё, і здавалася, што ім будзе спакойна й добра. Мае знаёмыя, хто як мог і хто чым мог, памагалі ім. Яны нават пісалі, што ім яшчэ ніколі так добра не жылося. Была добрая кватэра й кожнай праца, і ўсе тры разам. На жаль, ім хацелася яшчэ лепей, галоўнае — весялей. Усё гэта кончылася посьле трагічна.

Алёша пісаў паранейшаму. Ужо пачаў звыкацца з лёсам і новай сваёй Бацькаўшчынай — гасьціннай зямлёю Англіі. Бліжылася вясна, яна раньняя ў горах. Калі доўга не прыходзіў муж, дык я выходзіла на двор і глядзела, як імкнуць цёмныя хмары і як губляецца ў іх бездапаможна адзінокі месяц. Той пэўнасьці жыцьця, стабільнасьці заўтрашняга дня, што была некалі, не прадбачылася нават. Кожны жыў абы дзень да вечара, нават партыйныя. Меліся быць выбары ў Чэхаславаччыне, але не адбыліся. Замест іх зноў была рэвалюцыя, на гэты раз разьдзяліўшая народ на камуністаў і дэмакратаў. Выйгралі камуністы, бо так загадаў тады Зорыну Сталін.

Даўно ўжо мінуў перыяд крывавай нямецкай акупацыі, з якой мы выйшлі жывымі, але самае галоўнае, што паэзія мая, мая любоў да Беларусі была чыстай, як крыніца ў полі. Я нікому ні слова не сказала, не напісала, акрамя Зямлі маей і маяго Народу! Мае словы табе былі толькі, Айчына мая пакрыўджаная, табе была ўся вернасьць мая, якую пранесла я праз нялёгкія дні, бо табе толькі свае жыцьце прысьвяціла. Надыходзіць другая пара выпрабаваньняў. Для мяне яна будзе яшчэ страшнейшай, але Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх, дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае. Няхай вернасьць мая й любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Тваяго дрэва, пясчынка з палёў Тваіх, нясу Табе рэшткі жыцьця маяго й маб сэрца. Як жа хачу пралажыць мукамі сваімі сьветлы сьлед да заўтрашняй Твае долі. Пакідаю Вам усім на памяць словы мае й на міласьць Вашу маіх нашчадкаў. Няхай крыўды, мне зробленыя, адкупяць шчасьлівыя дні для іх на Зямлі, якая ёсьць нашай. Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасьцяў сваяго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаваньне сільнейшаму, але падпарадкаваньне роўнасьці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас самых не сьпяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», ня ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы[81], самабытны, стары й варты народ!

I так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў пэрспэктыве сэрца, расьпятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына маяго адзінага й ня дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцьця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе зьдзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: зьдзек над намі ці мая любоў? Няхай на мабй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу маяго, наша культура ад сьвятой Еўфрасіньні ўжо гуманная, якія ж вартасьці гэга ў сьвеце лагероў, забіваючых чалавецтва сьцюжай Варкуты й агнём Асьвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыцьцё й зьнішчэньне такія вартасьці народу бяз шкоды для ўсяго чалавецтва? Сьпі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усе будзе забрана мне, і сьлед мой амаль зацёрты, але зярняты чынаў вашых і нашых слоў перажывуць усб маральнае катаваньне й закрасуюць у недалёкім часе, каб вечна наш жыў народ!

Не, нельга мне вінаваціць маяго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зьверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагодзьдзя кіркаваньня Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»??? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т. зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.

Ня можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі мэтадамі ў жыцьцё. Вялікае крывавымі мэтадамі брыдзіцца! Канчаецца гасьціна мая ў т. зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасьць славянству на грузінскія вусы сваяго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так бяздумна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных сьвету грузінскіх вусоў… Ну й «натхненьне» для народаў зямлі, ды яшчэ эўрапейскіх!

Недзе ў закрытым вартаваным памяшканьні дагараў чэскі прэзыдэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны… Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псэўдапраўдах XIX стагодзьдзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненьняў вялікіх людзей на гуманным разьвіцьці чалавечай культуры.

Мяне чакала павольнае забіваньне паэта й ніякай магчымасьці творчае працы наагул. Але ўсе ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тага вазіў на яе лес аж з-за Немана. Бярвеньні былі смольныя, аб’ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасьцелі з адмарожанымі нагамі. Пасьля ставілі дом, пасьвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зельлячка, як рабілася яшчэ да нас. Разьвіталася я з ёю ў 37-м годзе, ад’яжджаючы да мужа з сынам. Калі вывезьлі нашых бацькоў, перавезьлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расьціслаў вярнуў яе назад на свае месца, каб мама, вярнуўшыся, мела гдзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезьлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезьлі й нашае гумно на гараж. Было там ДЭУ[82], а цяпер нават ня ведаю, якая там установа.

Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, гата з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвеньні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людзкую сьведамасьць прадчуваньнямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людзкасьці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае сьвята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосьці, і памяць бацькоў будзе асьвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы Беларусы, у якіх ня гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасьціне. Усё благое адыходзіць у небыцьце, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсьмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсе ж прыходзяць да нас у кожную восень… I пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.

Жыцьцё нашае было працай, болем, але было й песьняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застольлі, раве бяздумна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песьня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы: «Ты яшчэ не засьпявала ў нашай хаце, таму ты ня нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла… Не мадэрныя, чужыя песьні, а нешта з душы нашай, з душы народу…

Знача, застанецца за намі Залатая Прага. Былі ў мяне з ёю свае гутаркі. Старыя муры й каменьні болей мне гаварылі за жывую сучаснасьць. Узнагароджвалі за пакінуты родны край. Цяпер пазбавяць нас аднаго й другога. Пазбавяць нас зусім усяго, і буду нумарам толькі «0-287», які мне нашыюць на плечы й па якім будуць аклікваць мяне ў нечалавечы мароз нечалавечага краю аленяў і комі…

Хто ж даў права, хто ж даў права вырываць людзям душу й пераліцоўваць, пераварочваць на нейкі лад адвечную душу народаў? Ці могуць судзіць аб вартасьцях тыя, якія не разумеюць паняцьця сапраўдных вартасьцяў людзтва? Недзе яшчэ думалі аб нас, нехта яшчэ хацеў ратаваць нас. Былі гэта чужыя людзі, а лёс гнаў нас ужо на Поўнач загадамі Сталіна й яго халубў. У Празе бушавала рэвалюцыя, і падалі апошнія стаўпы незалежнасьці, якой не ануліравалі нават суровыя акупанты немцы. Крычалі яшчэ на вуліцах сакалы — сіла й гордасьць народу, але й яны замоўклі перад хітрай і грубай сілай.

Дваццаць пяць гадоў пражыў муж мой у гэтым горадзе і ў гэтым народзе. Ён ужо думаў па-чэску, так, як па-беларуску. Цяпер вырывалі яго з карэньнямі, і мне было вельмі жаль яго. Людзей, якіх нельга было зламаць, належала зьнішчыць. Пазьней скажа мне нейкі журналіст, які забрыў на дапрос у знамянітую «амэрыканку», што якая розьніца — з чэскім мы грамадзянствам ці з іншым, гэта толькі пытаньне пару гадоў, калі ўсё гэта будзе — рускае… Адна дзяржава… Нейкі гібрыд Эўропы й азыятчыны, падумала я.

Што ж, чалавек — жывёліна, якая магла жыць некалі на дрэве, пасьля ў пяшчэры, дык пэвен час стрывае й тут, але гэта будзе рэгрэс! Хвост нам пэўне ня вырасьце, але духовыя вартасьці атупеюць альбо й зьнікнуць зусім. Шчасьце людзей рэч індывідуальная, так і народаў. Як жа страшна пакідаць мілае сэрцу, прывычнае, роднае…

Ці ж заменяць нам бяздумныя й бяздушныя лозунгі сьвята нашых дзядоў? Руінамі глядзелі ў будучыню нашыя старыя замкі, гарады й сьвятыні. Іх заціралі, бурылі вялікую мінуласьць, як хацеў некалі сам фюрэр: зьнішчыць усё й тады цьвердзіць, што немцы прынесьлі культуру. Ён усё зьнішчыў, толькі далейшы яго плян праводзілі нагла ў жыцьце другія калянізатары. Вартасьці спрадвечнага Ваўкавыска пачыналіся ад Баграціёна… I так усё і ўсюды. Паявіліся новыя гэбэльсы, ніяк не ўступаючыя яму ў хлусьні і ярасьці прапаганды. Тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў.

4. Гэгэнна

Доля людзкая, відавочна, даецца нам пры нараджэньні, яе не абыдзеш і канем не аб’едзеш, як кажуць у нас. Колькі разоў я ўжо магла ў гэтым пераканацца за свой век, так як і ў тым, што прадчуваньні мае былі як верныя сябры, якія папераджаюць перад няшчасьцем. Край, з якога я выйшла, і асяродзьдзе яшчэ былі цесна злучаны з зямлёй, прыродай, яе стыхіяй, паверамі й спрыяльнасьцю такіх сілаў, якія падсьведама адчуваюць толькі дзікія зьвяры і ў меншай меры хатняя жывёла, асабліва сабакі. Памятаю, мне ніколі не бывала сумна на бацькавым хутары Жлобаўцы. Я адчувала таварыства дрэў, расьлінаў і матчыну прыхільнасьць да мяне атуленага сутоньнем, засеянага шырокага поля. Мне было цесна й сумна нават у невялікім гарадку Ваўкавыску, гдзе я вучылася, мне бракавала цёплай ласкі маіх нямых сяброў — шырокага поля, дрэў і жывёлы, ня кажучы ўжо аб нашай сям’і, да якой я была да болю прывязанай. Я ня знала, што выпадае, што трэба, што можна, што модна, я толькі ведала і ў душы маёй цаніла тое, што я люблю. Болей за ўсе на сьвеце я любіла маіх бацькоў і Радзіму, якую я разумела тады, як мой народ. Любіла вятры й зямлю, песьні старыя, ціхіх сялянак, коні й маладосьць. Гэта было даўно.

Я ўжо дзесяць гадоў у Празе, у мяне харошы муж і ўжо вялікі разумны сын, але сэрца мае належыць маей Зямлі, і яна мяне асьцерагае. Ужо тры гады, як няма мне спакою. Дрыжу й лекачу, калі чую расейскую мову, а калі бачу савецкіх людзей у ваеннай форме, замірае мне сэрца й хочацца быць там, гдзе іх не відно. Аднойчы йшлі мы са знаёмаю чэшкай пані Тэскавай вечарам па Празе, і мне зрабілася раптам пагана й неспакойна, я аж затрымалася, ня йшлі ногі. Аказалася, мы праходзілі каля савецкага пасольства, аб чым я нічога ня ведала. Маё добрае поле было са мною, быццам шаптала…

I так мы ў Вімпэрку на граніцы Чэхіі і Нямеччыны. Мужа далі там на паўгода лекарам, звольніўшы з фабрыкі, на якой ён працаваў у Празе. Сын вучыўся ў чэскай гімназіі й жыў на кватэры ўкраінцаў Кушчынскіх у Празе. А я то пабуду ў Вімпэрку, то зноў еду да сына. Цяжка без мяне аднаму й другому. А з Вімпэрка як жа блізка да граніцаў свабоднага сьвету, гдзе не крадуць людзей, гдзе людзі жывуць, можа, не багата, але свабодна, не баяцца ні ноччу ні днём нечага такога страшнага, ад чаго мне замірае сэрца й чаго сама яшчэ не разумею. Я не баюся, адвагі хапае мне й рашучасьці ў жыцьці, гэта ня страх. Я выжыла ў вайну, не скрывіўшы, не запляміўшы чысьціні сваяго беларускага сумленьня. Гэта нешта горшае, нейкая непазьбежнасьць, як мукі й пекла яшчэ за жыцьця. Муж прымае хворых у сваім кабінэце, а калі едзем да іх за Вімпэрк, у мяне заўсёды паяўляецца надзея, што ноччу пераедзем граніцу, і я пачынаю дыхаць лягчэй, хочацца толькі, каб разам быў сын, а болей нічога ня трэба. Гэта былі толькі мары, у мужа не было прадчуцьця. У лекараў падобнага не бывае, яны не паэты…

5 сакавіка 1948 года было мне страшна ўжо з самай раніцы. Я рыхтавалася да дня нарадзінаў маяго мужа, якія 8 сакавіка. Замовіла яму торт у цукерні, на картачкі выбрала цукеркі й другія падобныя драбніцы, якія ён любіць, але нічога мяне ня цешыла, тая нейкая чорная непазьбежнасьць вісела нада мной, як хмара, паралізавала крокі. Нават малітва не прыносіла палягчэньня. Не пасьпеў мне муж зрабіць нейкай заўвагі раніцай, як я горка расплакалася, і ён мусяў суцяшаць мяне, як малую. Абед прайшоў спакойна на вонак. Але калі муж быў, як кожны дзень пасьля палудня, на працы ў касе хворых, мне ўжо было зусім пагана. Што паўгадзіны аказваліся званкі, то з суседняй Квільды прасілі, каб ён прыехаў, то пыталіся, калі ён будзе ўдома і т. п. Была пятніца, я прыгатавала вячэру й першы раз падумала, што пост і адбіўныя катлеты, бульба й малако кіслае — ці ня грэх у гэты дзень?

Пасьля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінэце, а пасьля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісьці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы езьдзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасьля апэрацыі й аблучэньня, заставалася ёй толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавеньня. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.

На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасьля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным сьвятле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзьвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэньняў. За яе хваробу ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеця так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сьцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога ня зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывелу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасьці?» — «Адна мільённая за тое, што сяньня ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесьці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай зьвярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нэрвовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім бяз сьнегу, але яшчэ без травы.

Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясьніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не пасьпела я адысьці ад дзьвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са зьдзіўленьнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто ня мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне, Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сьцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзьверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыцьцё й чуў аб гэтай нечалавечай сыстэме. «I вам ня сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэньне. Робячы збольшага вобыск, яны паясьнілі нам, што вобласьць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але ня далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бясьсільныя.

Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, гдзе запісалі нашыя пэрсаналіі, а пасьля пад надзорам стражнікаў — у вязьніцу, якая мясьцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў… Надзірацелі ў вязьніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой ня меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязьніцы…

У бруднай, зялёнай ад плесьні камеры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагэдыю адзінокага сваяго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла… Ды наагул я ня думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізычнага адчуваньня той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэньні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сыстэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы…

Назаўтра прынясьлі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, гдзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям’ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу… Лёс нам, відно, наканаваны зьверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.

Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Імпэрку іх было мала. 8 сакавіка прынясьлі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсе яшчэ сьпіць пасьля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпеньне наша зацягнецца… Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прынясьлі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзячы побач, у прадчуваньні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.

Нас выклікаў чэскі судзьдзя, чаго — ужо ня памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ён крыху апрытомнеў са свае тупасьці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сьляпое прыладзьдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленьняў яго недальназоркіх продкаў… Так пачынаўся канец «гасьціны» чэскага народу да бяздомнай і бяздольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэньня, якое там адчувалі ўсе, хто ня гутарыў чыста па-чэску да вайны, у вайну й пасьля яе… Велікадушнасьць у палітыцы свомая[83] толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо ня нова…

Усе гэтыя дні ў бязьмежным уласным горы прад вачыма стаяў мне твар той жанчыны, што канала недзе бяз помачы ў муках. Ніхто за тую ноч не знайшоў лекаў, каб яе ратаваць, і ніхто не памог ёй абязбольваючым уколам. У параўнаньні з яе доляй наша не была яшчэ самай горшай. Калі вялі мяне да судзьдзі, я прыкмеціла, як надзірацель валачыў наверх нашую машынку да пісаньня. Знача, ужо раскрадалі кватэру. Былі там рэчы, крыху маей біжутэрыі, кніг і новакупленыя мужам столікі й мэдычныя інструменты й шафкі для ўласнага кабінету. У пакоі ляжалі недакончаныя акварэлі й мае рысункі алавікамі, мікраскоп, крыху мэблі, пасьцелі. Машынку й пару болей вартасных рэчаў судзьдзя дазволіў перадаць знаёмым, рэшту, здаецца, раскралі. Гэтага надзірацеля я бачыла, калі нас перавезьлі ў горад Пісэк, сярод зьняволеных. Ён прадстаўляў уладу, належаў да народнага выбару й шырока карыстаўся ёю, як многія тады, г. зн. краў што траплялася й гвалтаваў нямецкіх дзяўчат, якіх арыштоўвалі за пераход граніцы. Адну маладзенькую пакалечыў прытым, так і дастаўся ненадоўга за краты. Быў гэта грубы, агідны чалавек, як і ўсё, што ў той час наверх выплывала. Чэхі стараліся дараўняць сваяму настаўніку ўсходу ў мэтадах змаганьня за камунізм.

На дзевяты дзень павялі нас канвоі праз Вімпэрк да цягніка. Нас адвозілі ў Пісэк, у вобласьць. Людзі глядзелі на нас са спачуваньнем. На адной з астановак шумна было на пэроне, адзін з канваіраў выйшаў і, вярнуўшыся назад, з болем апавясьціў нам, што іх улюбёны Ян Масарык, міністар замежных спраў ЧСР[84], выскачыў з вакна. Стала жудасна. Нядаўна яшчэ ён гаварыў, што ня можа для іх быць усход і захад, што для яго народу: усход, захад, поўнач і поўдзень. Такі цяпер жыць ня мог. Старэйшы канвой задумаўся, малодшы сядзеў і плакаў. «Гэта горай, як у 38-м годзе», — сказаў ён і, паглядзеўшы на нас, пачаў пераконваць нас, што будуць старацца ня выдаць нас, што таму й вязуць у Пісэк, бо маюць надзею яшчэ ратаваць нас, нейк іначай адразу павязьлі б на граніцу. На станцыі ў Пісэку канвоі спынілі гутарку з намі й строга загадалі йсці наперад. Вуліцы былі з вясны яшчэ шэрыя, пустыя. Час быў перадвелікодны, і на сьценах дамоў красаваліся плакаты, на якіх вялікімі літарамі было напісана «ГЭГЭННА»[85]. Гэтыя плакаты як бы віталі нас прадсказаньнем нашага лёсу наступных гадоў. Для нас сапраўды пачалася «Гэгэнна».

Вязьніца ў Пісэку была ў старым мураваным кляштары над самой рэчкай Атавай. Дзень і ноч шумеў там вадаспад і жудасна вішчэлі чайкі. Здаецца, яшчэ сяньня чую іх безнадзейны піск і адчуваю холад і сырасьць неапальваных камераў старыннага муру. Мы былі першымі вязьнямі новай рэвалюцыі. У камерах сядзелі пераважна людзі, суджаныя за акупацыю. Былі гэта хворыя, знасілаваныя савецкімі салдатамі немкі, былі й чэшкі. Як аказалася пасьля, былі гэта згорклыя, злыя, завістлівыя жанчыны, якія рады даносілі адна на адну й падлізваліся начальству. Асабліва непрыемнай была велькая, маладая немка Ольга, хітрая й двудушная. Былі й сымпатычныя бабкі, гэта сялянкі. Сядзелі яны за тое, што добра самыя ня ведалі — немкі яны ці чэшкі. Адна з іх, засуджаная на два гады пані Доўлёва, цесна са мной падружыла. У адным канцы будоўлі быў касьцёл, і мы з ёю ахвотна аб гэтым гаварылі. Яе дарослыя сыны не забываліся аб маці, толькі што з нашым прыходам у вязьніцу забаранілі перадачы. Зрабіў гэта нейкі начальнік пан Гоўска, якому здавалася, што вязьні добра выглядаюць. Пані Доўлёва першая падышла да мяне, калі мяне амаль бяз памяці ўвялі ў камеру. Калі нас прывялі ў вастрог і здалі надзірацелю, ён зароў на мяне такім дзікім голасам, як ніхто ніколі ў жыцьці. На гэта якраз прыехаў Юра з панам Кржываноскам, якія, не застаўшы нас у Вімпэрку, ехалі сьледам за намі. Падвялі мяне з мужам да кратаў, за якімі вонку яны стаялі. Я, ня могучы вымавіць слова, апусьцілася на калені і, здаецца, плакала й шаптала, каб сын дараваў нам свой сірочы лёс, на які мы яго пакінулі. Хлопчык быў бледны, але спакойны. Здаецца, гладзіў мяне ручкай, працягнутай праз краты. Ежы, якую ён нам прывез, канвой узяць не дазволіў. Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, гдзе разьдзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасьля кінула ў камеру, паказаўшы мне жалезную койку ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй былі Бог, сын і боль і страшное нейкае атупеньне, бы правал памяці, які ўжо аддзяляў мяне назаўсёды ад учарашняга дня. У тую хвіліну й падышла да мяне харошая старушка.

Малодшыя жанчыны-вязьні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й ня суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзяным пакоі, Вясна ў вязьніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзьлі. Ложак быў цьвёрды, рабрысты, і посьцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацьця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зьверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спэцыяльнай нянавісьцю да маей асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямельле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зьняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, бяз сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі ня плакаў пад час гутаркі з намі. Усе, начальства й зьняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіньнічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізытаваць[86] польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. I так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.

Калі нас прывезьлі ў Пісэк, дык сьледавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачваньня, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасьцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засьмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усей сілай сваяго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусьню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент маяго дзеяньня. Пасьля толькі я зразумела, што падобныя мэтады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й мэтадах зьдзекаваньня над людзьмі. Абвінавачваньні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсьмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласьць, выясьняючы, што ўсё гэта хлусьня, і калі, як заявілі чэхі, мы ня мелі ніякай віны па чэскіх законах, а самыя былі чэскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто вьтдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласьці мне адказалі, што яны не кампэтэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.

Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры зьдзекаваліся над ім, а я тым часам выясьняла ў меры магчымасьці справу нашага лбсу. I адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы зьяўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаваньне за бяспраўнае зьняволеньне. Я гэта прачытала — вачам ня веру, як усе талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але… Але саветы, прагныя найбольшай колькасьці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам[87]. Як жа было сумна расчароўвацца…

Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цьвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амэрыканцы ядуць адныя кансэрвы, а ён іх ня любіць. Часта пасьля ён сабе ўспамінаў тыя амэрыканскія кансэрвы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цьвярдога селядца, якога некалі бачыць ня мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.

Калі прыяжджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсе пыталася, як ён ёсьць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывьгчная я ў жыцьці да выгодаў, але адно — не магу на цьвёрдым спаць. Пасьцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасьцірадла гадамі… Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асьцярожна нехта і ў сьне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленьняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасьць яго ў жыцьці перад зьмяінай, найпадлейшай хітрасьцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.

Юра часта прыяжджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усьмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысьціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасьля адсуну Бэнэша новы прэзыдэнт Чэхаславакіі Готвальд адзначаў сваё прэзыдэнцтва амністыяй для вязьняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амэрыканскім сьняданьнем з варункам, што я яго зьем пры ёй. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне сьлезы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сьцен вязьніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязьніцы, дарма там стоячы да позьняга вечара.

У міжчасе ведаючы, што нас ратаваць немагчыма, кум наш забіраў хлопчыка ў Польшчу. Мы падпісалі даверанасьць, што аддаем сына пад яго апеку. Перадаў ён мне зажатую ў пальчыках маленькую фігурку сьвятога Антонія, калі прыйшоў разьвітацца. Было крыху лягчэй, што адвозяць яго ў Польшчу, здавалася, там ён хутчэй выратуецца. На сабе мне не залежала, я была гатовая прыняць самыя страшныя цярпеньні, якія моўчкі прымаюць змагары за сваю Радзіму. Няведама пашто й за што ўпляла доля ў гэтае цярпеньне й маяго мужа, і гэта было мне балюча й непрыемна. Калі людзі ад’яжджалі на Захад, ён упарта цьвердзіў, што ён сацыяліст і яму будзе добра пры новай уладзе ў Чэхах. Тое ж думалі амаль усе чэхі, а мне замірала сэрца з жудасных прадчуцьцяў усходніх Асьвенцімаў, гдзе места печаў спальвалі людзей палярныя маразы, зьдзекі надзораў адпаведных сваяму палітычнаму рэжыму, непасільная праца, амаль забарона лістоў (пісаць два разы ў год) і чвэрць стагодзьдзя пакараньня за патрыятызм, што чалавеку нагадвала сьмерць за жыцьця…

У Пісэку ніколі не было палітвязьняў, дык і бібліятэка вязьніцы была прыстасаванай для абмежаваных праступнікаў людзкіх законаў. Не магла я чытаць тых убогіх абмежаваных раманаў са слашчавасьцю мінулага веку й аднойчы сказала гэта мужу пры сустрэчы. Судзьдзя, які прысутнічаў пры нашай размове (такі закон), прыслаў мне ў камеру пару цікавейшых кніг, між імі й томік паэзіі Бадлера. Мая ўвага спынілася на вершы, гдзе адыходзіць карабель і людзі адплываюць ад сваіх назаўсёды. Ня памятаю слоў, але верш гэты прадсказваў маю долю, нечалавечна жудасную, бязьлітасна адзінокую.

Надышоў дзень, калі падліза немка Ольга, няшчасная дзеўчына й адумысловы стукач, пранюхала недзе ў начальства, што мяне адвязуць, каб выдаць у рукі расейцам. Гэта ўжо адчувалася, і я была даволі спакойнай. На выратаваньне не было надзеі, і трэба было йсьці насустрач усяго, што вякамі нёс расеец няшчасным сваім суседзям, мала ўступаючы сваяму сябру па духу Адольфу Гітлеру. Увесь ператварыўшыся ў плаза, поўзаў цяпер расейскі народ ля клятых сталінскіх ботаў, ліжучы падэшвы вялікага крывапіўца й прадаючы на мукі безьліч сваіх братоў. Ня кожны трынаццаты тут быў Іудам і ня кожны пяты! Я мала памылюся, калі скажу, што Іудам тут быў кожны другі. Ня маючы магчымасьці чэсна жыць, мець нармальныя варункі існаваньня й росту — расеец меў адзіны шлях выбіцца над узровень другіх рабоў — ён даносіў. Даносіў з пялюшак і з пялюшак хваліў ня думаючы страшных тыранаў чалавецтва, якія натхнялі нянавісьцю да Бога й чалавека сваіх грамадзян і сталіся «прадцечам» самога фюрэра ў сэнсе злачынстваў. Паняцьце «чалавек», на ўзровень якога ўзняло нас хрысьціянства й дасягненьні людзкога розуму, дзіка бурылі «частку божага твору», ператвараючы ў «шрубку» пякельнай сталінскай машыны, папераджаючай печы Асьвенціма й колькасьцю ахвяр перавышаючай іх… Не пратэставаў ужо амаль ніхто. Усё было аберуч вынішчана самымі расейцамі, а хто й сказаў слова супраць, дык сказаў яго толькі — раз… Другі раз нікому не давялося, бо такіх хапалі, судзілі й засылалі ў пустыні, гдзе ўсё, пачынаючы ад клімату, было прадумана прыстасаваным да масавага нішчаньня людзей маральна і, безумоўна, фізычна. Вось што мяне чакала.

Яшчэ зацемна прыйшоў па нас канвой. Меў загад весьці нас з закаванымі рукамі, аб чым нас папярэдзіў, але нечаму зрабіць гэтага ня змог, хоць я й не пратэставала, бо ж якая розьніца, калі гутарка датычыць фанатыкаў? Ішлі мы, несучы свае мяшкі, і я аступілася па дарозе. Трэснуў мне напалову абцасік маяго туфля. Так ён там і застаўся чэхам на ўспамін аб славянскай гасьціннасьці…

Вязьлі нас цягніком, людзі ўзіраліся на нас часам абыякава, часам варожа. Ян Масарык даўно ўжо спачываў на могілках, і яго былыя падданыя шукалі цяпер другіх шляхоў да «сыцейшага» існаваньня. Мы з мужам маўчалі. Канваіры былі каменныя, няветлівыя. Калі муж папрасіўся выйсьці й адзін з канваіраў яго павёў, дык другі, нейк пачалавечы на мяне глянуўшы, сказаў мне, што, так як я сільнейшая духам ад маяго мужа, ён хоча прыгатаваць мяне на тое, што нас вязуць дзеля выдачы саветам. Ва мне ўсё зьледзянела раптам. Гэта ўжо была нагая суровая праўда, падступаючыя пад самае горла крывавыя сталінскія кіпцюры… Я не заплакала. Я проста скамянела, і нейкі прыліў адчайнай адвагі ахапіў усю маю асобу. Я адчувала, што йду на няроўны бой. Я гэты бой успрымала бяз капелькі страху ў сэрцы. Упарта адганяла толькі думку аб сыну, з гэтым болем я ня справілася ўсё жыцьце… Памалу я прыгатавала мужа да гэтай жудаснай неабходнасьці. Ён зьбялеў, але не самлеў, як і я.

Так нас прывезьлі ў Прагу. На вуліцах хадзілі сакалы, быў, мусяць, апошні чэскі сакольскі зьлёт. Бледныя мы, як папера, стаялі ў канцы трамвая. Паўгода прабываньня ў Пісэку ўжо пакінула на нас сьлед. А пасьля адбывалася ўсё як звычайна, толькі не загадалі тут нам дагала распрануцца й гідкія пальцы надзоркі не краналі маіх валасоў і цела, як гэта рабілі са мною ў Пісэку. Была гэта праская паліцэйская вязьніца, куды нас завезьлі. Была яна прыспасоблена да часовага прабываньня там злодзеяў і прастытутак. Канвой, перадаючы нас, даў нам падпісаць нейкую складзеную ўдвое паперу. Муж падпісваць не згадзіўся й зажадаў, каб яму паказалі, у чым справа. Аказваецца, Прахаціцкі «обэц» (сельсавет) гэтай паперкай апавяшчаў нас, што менавіта ён пазбаўляе нас чэскага грамадзянства. Што мелі супольнага з намі тыя Прахаціцы, і сяньня не разумею. Ня памятаю, ці мы гэта падпісалі, магчыма, што падпісалі з нейкай ужо тупой абыякавасьці да ўсяго, што нас акружала.

У вязьніцы былі брудныя ложкі, але цікавыя людзі. Былі гэта саколкі, якія мелі адвагу крычаць лозунгі, ня згодныя з духам усходу, і дзяўчаты, якіх абвінавачвалі ў арганізаваньні атэнтату на нейкага камуніста з ЦК. Атэнтат гэты зрабіў, здаецца, адзін малады студэнт, які вечарамі хораша й сумна сьпяваў сваей дзяўчыне: «Доброў ноц, ма міля». Усе мы, як і тая дзяўчына ў адной з камер, з любасьцю слухалі тую песеньку й падзіўлялі мужную сілу хлопца. Сядзела з намі яшчэ адна з дачок Круліш-Ранды, чэскага магната, Эва, маладая разумная жанчына, якая, здаецца, несла ў сваім сэрцы ўсю адказнасьць за тое, што тварылася ў яе каханай айчыне. Рознае ў ёй бывала, але ўпершыню страшная рука ўсходу ў сваіх брудных кіпцюрох заціскала жывое сэрца рэспублікі, стараючыся выкрасьліць з сэрцаў дарагое імя Масарыка — бацькі й сына. Чэхі пачыналі разумець свае жудаснае становішча, і нянавісць да ўсходу замяніла старое славянафільства. Часта прыходзілі ў камеру жанчыны й плакалі, што яны не за палітыку сюды трапілі. Недзе схавалі Бэнэша, і людзі ведалі, што няшчасны прэзыдэнт ужо жывым ня выйдзе. Да мяне нейк па-дзіцячаму «прыліпла» маладая гэбрэйка, якая ўцякала з Мадзяршчыны праз Прагу ў Палестыну й апынулася з намі. Яна ня ведала моваў і са страху ад мяне не адыходзіла… У камеры забаронена было плакаць і наракаць. Усё рабілася, каб захаваць нэрвы свае й другіх ды здароўе, бо пакута пачыналася толькі. Гэты дэвіз маладых чэшак вельмі мне дапамог у дальнейшым на Поўначы. «Кіп смайлінг»[88], — часта паўтарала я сабе ў найцяжэйшыя хвіліны жыцця. Пакуль чэхі, на ўзор сваіх усходніх «апекуноў», гатавалі адпаведныя вязьніцы для палітвязьняў, мужныя чэскія дзяўчаты памагалі мне перажыць хвіліны разлукі з Захадам і пакінулі харошы ўспамін аб лепшай частцы сваяго народу. У гэтай паліцэйнай вязьніцы Прагі прабылі мы нешта месяц ці паўтара. У адной з камер сядзеў мой муж, але ён цяпер меў курава, тут яно дазвалялася, і адчуваў сябе крыху лепш. Сын ужо быў у Польшчы, і здавалася нам, што ён душою й думкамі заўсёды пры нас. Сьнілася мне, што мы з ім ідзем па беразе рэчкі, кругом вада, а дождж яшчэ лье на нас, ідзем доўга, так, як гэта аказалася пазьней — гады разлукі й мукаў, і Бог ведае, ці не цяжэй было адзінокаму дзіцяці ў пасьляваенным Вроцлаве…

Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэскай вязьніцы ў Празе. Сакольскі зьлет, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зьняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на зьлёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасьці, свае рэспублікі супраць насільля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзяячкі хрысьціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасьля перавароту. Пасадзілі бедную ў камеру прастытутак, гдзе былі бруд, заўшыўленасьць, цяснота. Як я чула, дык чэскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зьняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.

Аднойчы вечарам нейкі сьледавацель-крыміналіст адчыніў дзьверы нашай камеры. Я са зьдзіўленьнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент маяго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яё кавалерам, які, як пасьля высьветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візыта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са сьпешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасьцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі бяз курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасьці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі сьлёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў, спыніў мне і сьлёзы, і дых. Доля сына сьвідравала мозг, паласавала нэрвы. Толькі прыклікаўшы на памяць усе цярпеньні мае Радзімы й колькасьць ахвяраў праз усе варожыя акупацыі, я зноў прыклікала ўсе свае духовыя сілы, каб стрываць і найгоршае.

А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’езьдзе. Гэта было нешта, як сьмяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусьцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усей душою прасіла ў Бога літасьці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная бязглузьдзіца й бесчалавечнасьць, гдзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людзкое культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў сьлязьмі змываць кроў вынішчанага тыранствам маяго роду.

Нас пасадзілі ў машыну, якую вязьні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці зьбеглі з яе, адвезьлі ў савецкі лагер перамяшчэньня захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі плян сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.

Нарэшце падагаалі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схудненьня й бледнасьці твар, і жнівеньскае сонца літасьцівымі праменьнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часьць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязьлі нас далей ад сына й ад Эўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край сьвету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязьлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязьлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасьць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозьніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласьці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэскія пагранічнікі, як быццам вязьлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.

На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усей сваей культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязьлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, гдзе, памятаю, была на сьцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў сьнег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сьцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сьведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы. у падзямельлі якой мучыліся сотні зьняволеных, кінулі й нас. Ледзь пасьпелі мы разьвітацца, як раскідалі нас у тым падзямельлі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.

У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэньні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я разьдзяліла з імі часьць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафэсіянальная шпіенка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бэстыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіенка, і ў савецкай камеры рэкамэндуючы асьцярожнасьць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросьце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, гдзе найчасьцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзьвярох, раздражаючы сваею нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра сваяго мужа, прафэсіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала прасьледаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль, тойфэль»[89] — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасьці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабываньня ў падзямельлі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасьці з гэтага мець ня будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзыдэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзыдэнтам у цяні Бэнэша. На пытаньне аб кампартыі чэскай сказала, што яна лічная[90] колькасна, але якасна нічога ня вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы зьнекуль прывезьлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязьніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Эўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часьцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасьць пакінулі Менску.

Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагэдыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сьціхалі гучэць да раніцы. Савецкія сьледавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праяжджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэньнях. Месяцамі без мыцьця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.

На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была ня лёгкай, пераважна нешта мыць пасьля рамонту ці бяленьня, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зьняволенай абслугай гэтай патайной вязьніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсьці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зьверх свае працы. Быў там у абслузе й зьняволены малады лекар. Ён зьвярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зьняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скрозь слезы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасьць, што памагчы зьняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясьняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розьніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінэт, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасьля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.

Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.

Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.

Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і ня ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усе ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азьвярэла, але кніжку, як я пасьля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.

Нас разьмяшчалі на грузавых машынах і ўсе стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сымпатычны грэк стаяў бедны ў чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.

Павезьлі нас за Вену, гдзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзьвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зьняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязьняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзячы на цягнік, як іронію дасягненьняў людзкасьці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часьці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзьці. Паабдзіралі мы і адзеньне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсе. Для нас, эўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назьбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[91] кансэрваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есьці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь ня рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чакістых, паджарых, з хітрымі, сьвідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і зьдзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязьлі «да мядзьведзяў». Ад’яжджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдзкі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця, самое ў шырокім бязьлітасным сьвеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’яжджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана ня так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасьля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганьні, каб маральна й фізычна зьнішчыць няшчаснага хлопца.

З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісьцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасьцю адварочвалася ад Эле Вінклер і нейкай Геры, якую ўсе пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.

У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца мае акрэпло.

Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне сваяго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампрамэтаваўся і ў Амэрыку яго ня пусьцяць. А фрау Фіні малілася сьвятому Шчэпану, праз край якога нас вязьлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.

Так нас прывезьлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасьцёркі, а побач гаалі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямельлі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых… Нарэшце я ўбачыла маяго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азьвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».

Завялі нас у вялізны хлеў, гдзе сарціравалі нас і разьдзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зьняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.

Нарэшце нас пусьцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку… На гэты раз я сваю чэскую Біблію схавала пад пальто, якое спэцыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усе пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіньнік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зьняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасьля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на сьмярдзячых рыбіных касьцех. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амэрыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амэрыканскім адзеньні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафэсыйныя шпіёны прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі шпекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву[92] — печаную гуску. Пасьля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасьля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога ня сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезьлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есьці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо не віноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэксу тых часоў.

Ужо быў асеньні месячны вечар, а мы ўсе сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сестрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.

У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы як людзі без грамадзянства мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розьніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле»[93], ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я як паэтка дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэскай мабілізацыі, ды прытым яго выгаалі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зьберагчы мужавы нэрвы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас сьледства.

Позьнім вечарам і да нас дайшла чарга здаваць свае рэчы і йсьці ў жаночыя баракі. Мы разьвіталіся з мужам. Заплакалі. Пасьля нас, жанчын, павялі ў баню. А быў там толькі душ. Ваду пушчаў нейкі яўрэй. Уся амаль адміністрацыя таго лагеру й тут была з яўрэяў. Трудна толькі было разабрацца, хто з іх вольны, а хто зьняволены. Вось той яўрэй як пачаў лаяць немкаў ды з помсты за ўсе Асьвенцімы як пачаў пускаць на нас то гарачую, то халодную ваду, што мы енчылі немымі галасамі, аж пакуль я ня вылаяла яго як сьлед і не прыгразіла, што канцы на яго знайду! Гэтак калі мы прыехалі ўжо на савецкую граніцу, дык уляцелі да нас з візгам нейкія савецкія салдаты: «Девушки, девушки!» Я ім тады сказала, што, думаю, мы прыехалі ў культурную дзяржаву й нас тут ня скрыўдзяць. «Да, да, мы культурные», — адказаў нейкі з іх, зачыняючы наш быдлячы вагон. Фрау Рэнэ мне за гэта дзякавала. Пасьля бані я разлучылася са сваімі немкамі, і мяне павялі ў нейкі барак, пусьцілі на карыдор, сказаўшы нумар дзьвярэй. Карыдор той даўгі. Я паволі цадышла да адных дзьвярэй, заглянула ў тое «вока» й аж замерла! Працерла вочы й гляджу далей, а там як зачараваная казка! Сядзяць на клуначках цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты, прыгожыя, маладзенькія, у вышываных блюзачках, усе з косамі, і сумна нешта пяюць. Пакой вялікі, і многа іх, многа, і такая нейкая чысьціня й сьвятасьць б’е ад іх, што вачэй не адарваць. Мне замерла сэрца — о Украіна, дарагая, родная, за што табё такая пакута ад ворагаў?

Дзьверы я знайшла, адкрыў мне іх нейкі высокі мажны блатны, як я пасьля даведалася, Валя. Зачыніў іх ключом зноў, і я апынулася ў невялікім пакоі, гдзе з браку месца сядзелі ля клуначкаў жанчыны. Спалі. У куце стаяла агромністая параша. Толвкі ля яе між дзьвёх украінак мне выпала месца. У кутку, каля печы, сядзела на клуначку старая, незвычайна прыгожая жанчына. Яе чорныя з белым косы дакраналіся амаль да зямлі. Яна ня спала. Украінкі сказалі мне, што гэта ігуменьня Васільянскага манастыра — Маці Марта. Пачалі адразу ў мяне выпытвацца — скуль я й хто, і калі я ім сказала, што я беларуска з Прагі Чэскай, дык яны мяне нейк штурхнулі адразу й прыціснулі да самай сьмярдзячай парашы. «Вы дурная, — сказалі яны мне, — вас чаго сюды прынесла, да раю захацелі, дык вось вам рай, паглядзіце!» Я засьмяялася й калі расказала сваім новым сяброўкам, як сюды трапіла, дык яны толькі ўздыхнулі, падсунуліся колькі маглі, каб мне было выгадней, расказалі яшчэ пра сваю найтрагічнейшую долю, і, здаецца, паснулі мы. Сон быў ня сон, бо па галовах бегалі даўгія хвастатыя пацукі, якія перагрызалі й чаравікі пад галавою, а па сьценах паўзьлі тысячы сытых блашчыцаў, ад якіх не было ратунку. Раніцай быў пад’ём, хадзілі да парашы мыцца. Пасьля прынесьлі нейкай баланды пасьнедаць, далі па крысе хлеба немучнога нейкага, нясьпечанага, які прытым трэба было разьдзяліць на цэлы дзень. Я пачала разглядацца па камеры, і вочы мае зноў спыніліся на велічавай, дастойнай постаці Маці Марты. Пасьля сьнеданьня, а было яшчэ шэра, вывелі нас на «прагулку» па лагерным двары. Я ўбачыла вужы пастроеных па пяцёрках калонаў няшчасных людзей. Былі там нялетнія дзеці, былі калекі на кулях і дзядкі, як лунь белыя, і старэнькія бабусі, і моладзь — бледная, нэрвовая з болю, са сьледстваў, ненавідзячая акупантаў, з баявым, упартым агнём старых казакоў. Вокал пляцу стаялі баракі. Цяжка было падумаць, што ў іх зьмясьцілася столькі людзей, а вывелі іх толькі частку!

Маці Марта прыклікала мяне да сябе, і я ёй шчыра ўсё пра сябе расказала. Яна, відавочна, адразу паверыла мне, і ў нас завязалася нейкая цеплыня й давер. Пасябравала я й з другімі ўкраінкамі. Тут я ажыла! Гэта не былі ўжо цынічныя сварлівыя аўстрыячкі, а ідэйныя, чыстыя, як сьляза, баявыя дзяўчаты й жанчыны, са сьлядамі пабояў на целе. Мы клаліся на падлогу, накрываліся якім гуцульскім радном, каб нас меней чулі, і гаварылі гадзінамі. Мне забівала дух ад іх адвагі, мужнасьці, мукаў. Усе гэта яны ўспрымалі натуральна, думаючы толькі пра Украіну. Старыя жанчыны, якім забралі ўсё й дзяцей за тое толькі, што яны накармілі сыноў-паўстанцаў, несьлі свой крыж дастойна, ціха. Дзеці з жудасьцю ўспаміналі пра «маскалёў», як тыя рабілі аблавы, вынішчалі сёлы, заганялі іх у лагеры. З намі сядзела дзяўчынка лет дванаццаці. Яна з брацікам, дзесяцігадовым хлапчуком, уцякла з высылкі на Украіну ад голаду. Іх злапалі й праз вязьніцу, як і шмат іншых, варочалі назад недзе ў Комі ці Казахстан. Дзяўчынцы прыносілі перадачы й хлопчыка часам пушчалі ў нашую камеру, каб ён пад’еў, бо ў яго камеры галодныя блатныя дзеці адразу ўсё адабралі б. Мы ўжо прывыклі да хлопчыка, быў ён малы, паважны. Аднойчы ён мне сказаў, што моцна верыць у тое, што іх «жовто-блакітны» сьцяг будзе над Кіевам! О, дай гэта Божа, харошы хлопча! Разумнае было дзіця, меў там яшчэ такога ж сябру. Раніцай давалі ім па пайцы хлеба. Адразу яго зьесьці было нельга, бо яшчэ цэлы дзень наперадзе, а схаваць хлеб таксама нельга, блатныя жулічкі адбяруць. Дык хлапчаняты з раніцы прадавалі адну пайку, грошы добра перахоўвалі, а ўвечары куплялі сабе пайку зноў. Дзяліліся яны ўсім, і спадзяюся, што выжылі. На перасылцы гэтай адчуваўся бой, атмасфэра несказанага, падобнага грэцкаму, шляхотнага геройства. Усё тут дыхала ўкраінскай адчайнай прагай волі й барацьбой. Жанчыны сьпявалі, маліліся суполвна й ніколі ня плакалі. Голкамі з рыбіных касьцей ці нейкай цудам захаванай сапраўднай голкай яны з адзеньня выпаранымі ніцямі вышывалі на лапінках трагічную гісторыю гэтых часоў. Былі гэта цуды, на якія пайшло крыху й мае бялізны. Былі гэта мадонны, з малітваю пад нізам, сэрцы, прабітыя мячом, з якіх капала кроў на ўкраінскую зямлю, магілы пабітых мужоў і сыноў з надпісамі й вянкі цярновыя, і разарваныя на руках дзяўчыны-Украіны варожыя ланцугі. Некалі будзе музэй змаганьня й болю гэтай Зямлі й чалавецтва паклоніцца бабусям пабожным і мужным і «каранаваным» дзяўчатам. Каранаваньне… Гэта чакісты ставілі ля сьценаў дзяўчат і абстрэльвалі ім кароны вакол галавы. Ад гэтага сівелі, дурэлі, а ў адной «каранаванай» Вольгі так і засталася дзірачка на чале.

З Маці Мартай мы шчыра пасябравалі. Нягледзячы на свае 64 гады, была яна «наймалодшай у камеры», а можа, і ў цэлым лагеры. Заўсёды ў курсе палітычных і лагерных спраў, радзіла ўсім, памагала. Нават маладыя дзяўчаткі засуджаныя дзяліліся з ёю зьместам запісачкаў ад сваіх каханых, між радкамі якіх былі заўсёды і іншыя справы. У той час якраз, а быў гэта 48-мы год, забілі нейкага сьвятара, які выступаў супраць вуніі, і аб гэтым галоўна вяліся гутаркі. Маці Марта кожны дзень, акрамя сьвятаў ці т. зв. савецкіх выхадных, атрымоўвала з горада ад сёстраў перадачы. Дорага гэта ёй абыходзілася, бо трэба было шчодра дзяліць іх з «адміністрацыяй», але ў Маці Марты знайшлося заўсёды нешта ня толькі для мяне, але й для маяго мужа, якому гэтая цудоўная асоба здолела пераслаць ежу і ў зусім другі барак. Яўрэі народ вёрткі, яны за грошы зробяць што хочаш, ды прытым, як я пазьней пераканалася, яны палічылі маяго мужа сваім. Быў ён худы, зарослы, чорны й сапраўды паходзіў крыху не на сваю расу. Мілая гэніяльная Маці Марта здолела зрабіць нават так, што аднойчы нейкі старшыня прывёў мужа ў наш барак. Была нядзеля, і мы якраз супольна адпраўлялі імшу. Я выйшла, і мы доўга маглі пагаварыць з сабою. Муж расказваў, як грэк Янайка са сваімі аўстрыйскімі сябрамі й «адміністрацыяй» барака добра ўляпілі Вінклеру. Адлупілі яго на горкае яблыко, зьдзерлі з яго ўсе амэрыканскія рэчы, якімі адразу «завалодала адміністрацыя», і так хоць часткова адпомсьцілі за безьліч крыўд. Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветаў, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чакісты й гэтую пару і, як усіх, паперлі да «белых мядзьведзяў». Апавясьціў мне таксама муж, як ён прадаў сваю кашулю ў пасачкі, бо «ў пасачкі кашуляў ён ня любіць»… за пачачку нейкага тлушчу, якога ня можа есьці, а свае пражскія боты прагандляваў так: папрасілі яго, каб праз кармушку перадаў нейкаму купцу адзін бот памераць, бота таго яму не вярнулі, а ноччу пацягнулі з-пад галавы другі. Успамінаў недзе пасьля тую раскошную папялінавую кашулю ў пасачкі, носячы савецкія дзяругі, як і амэрыканскія кансэрвы, якіх так баяўся. Мы стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час. Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі ня гутарыць аб ім.

З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існаваньня ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай мэдыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блюзку, эскуляпка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, гдзе быў мой муж. Погляд, усьціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ сьледственнай, і мне дазвалялі йсьці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўседы паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.

Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесьці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сьціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсе стрываць, бо чалавек гэта небясьпечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны пачальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.

Аднойчы несьлі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, разьвесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас ня ўбачыў». Мяне крыху зьдзівіла яго блатная далікатнасьць, але засталося добрае ўражаньне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весьці мяне ў т. зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна ня мела чаго злажыць[94], і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Ня ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх маяму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі ня маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясьняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красьці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасьля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор», — казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзбн прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спэцыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць… «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, гдзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы», — гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блюзах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амэрыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасьля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амэрыка куды страшней была для іх, чымсьці разьбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на сьледстве, гдзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысьцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданьне й рады Маці Марты былі для мяне сьвятасьцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусьню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.

Пасьля трох тыдняў нашага прабываньня ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіены. Ніяк не мясьцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаваньняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублеў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сьцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна разьвіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.

Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спэцыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усе ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зьняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязьлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зьняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле сваяго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валенак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва зьдзекаваліся. Там недзе былі й «апартамэнты» для канваіраў.

Колькасьць зьняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т. п. — гэта было добра з’арганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часьць дзяржаўнай дзейнасьці й неабходнасьці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і сьмешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх мэтадах нішчэньня людзкасьці. Такое ня мае, ня можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі ня моўкнуць са сьмерцю, а голасна крычаць да сумленьня ўсяго сьвету, гдзе ўзровень чалавека на вышыні. Усе, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму эўрапейцу сьціскала горла вялікім болем людзкім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Эўропы, зьвярталіся да сваяго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды сьвятым. Незразумелы садызм распасьціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэньням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязьлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т. зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.

Ну а пакуль што вязьлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі ў Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.

У Баранавічах вязьніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасьля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамэндавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес… Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу зьмяніўся. Перад сном яшчэ яны пасьпелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасьцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненько, яшчэ не развіднело, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, цi няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасьць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, гдзе загадалі прысесьці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасьля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў зьвярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезьлі нас у Менск. Мы ехалі Беларусьсю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш сваяго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».

У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завостраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесьці й нахіліць голавы, а пасьля павялі ў іншы вагон, гдзе мы праседзелі да позьняга вечара. Гутарылі мы праз сьценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб ня лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю зьдзекаваньня, дык пастараюся ня жыць. Ён так зьбянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т. зв. «амэрыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі зьдзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў… Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуваньне сьціснула сэрца… Нас разьдзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасьля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амэрыцы, як мне пасьля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасьць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол… Увесь Менск разьбілі бязьлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, гдзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.

А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і ня думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізычна, і рвала нэрвы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэця што хачаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж мэдыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце…» Мне стала сорамна за мужа, што так бн уніжаецца дзеля кніжак. Я ня ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў…

Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязьніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есьці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках… У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.

Пачаліся дапросы. Сьледавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасьць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасьці савецкага сьледства, а побач разьлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой сьледавацель ня мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімые». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы гіростыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакараньня сваёй моладзі, забіраеце ёй усю магчымасьць людзкога жыцьця й шчасьця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго сьледавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі сьледавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэця, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэньні гэтага слова».

Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, гдзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я зьдзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозьвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разьведцы, але ў мяне паявілася ўражаньне, што ён служыў і ў савецкай… Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозьвішчам мужа, бо яго нечакана, як тслькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасьці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небясьпекі, апутаныя нацысцкай хітрасьцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай…

Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асьвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысьці ў змаганьні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера[95] ўбогая, а рэлігія, вера хрысьціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён ня меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г.д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога ня меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасьце, ніякі не манах!»

Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесьніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказаньне маіх братоў, гдзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але мэтады вялікай і дробнай подласьці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сыстэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх бэрыяў. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасьці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцьце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменнмого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыцьцё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі… Прагрэс — гэта мудрасьць. Нехта сказаў, што гэта ня робяць вучоныя, бо вучоныя экспэрымэнтуюць на сабаках. Саветы — на людзях.

Я ўжо амаль год у вязьніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць сьледавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозьвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, гдзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасьля кідаюць мяне ў другую адзіночку, гдзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэньне. Калі я ўвайшла туды, стварэньне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваньнем[96] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Ня ведаючы паганага ў жыцьці, я не магу дадумацца, што гэта т. зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі сьледчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, сьледства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сьведкаў. Яе выклікаюць да сьледчага, усьміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасьцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сьцежка ля сьцяны. Ля дзьвярэй калярыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А гдзе ж гэта я буду спаць?» — «Сьледавацель казаў — пад ложкам», — адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзьверы і ўсоўвае нары, якія трэба класьці адным канцом на тумбачку, другім на калярыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафэсарам. Маці яе быццам прыбіралыпчыца ў нейкім урадзе. Ёсьць брат і ёсьць Сенька — яе ўхажор, і ёсьць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разьлюбіў… Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасьць у гэтай нары на злосьць ім усім, усей гэтай бесчалавечнай сыстэме! Мяне выклікае сьледавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д. «Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бэстыя…» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа сьледавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей…

Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасьля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленьні. Яна была асуджаная на тры гады за «розглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданьне сачыць і даносіць усе на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасьля Ліля некаму прызналася. Усе гэта мне сказалі дзяўчаты.

Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне ці да маяго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязьніцы й зьдзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна… Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ[97] павіс над нашай сям’ей, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязьніцы сказаў мне зьбірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызьверыўся, што ня будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да сьмерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»…

Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, гдзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы сьледавацель пачаў часьцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезьлі з лагероў, здаецца, спэцыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага зьдзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад сьледавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сьляды, г. зн. жудасны слоўнік і адсутнасьць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на сьмярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае… Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязьніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязьніцы. Ніхто яго прозьвішча ня ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне ня глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым ня можа памагчы… Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.

Ноччу ў камерах гарэў заўсёды сьвет. Сьвяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі ня хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыцьцё й прагнуць выжыць. Начамі часта разьлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсе, некага білі, было нейк жудасна.

Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далбка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсьці. Пасьля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сьцяны й так трэснуў маім лобам у сьцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасьля валок мяне далей, далей… Нарэшце завёў у кабінэт Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінэце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трех принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранічна, можа, перакласьці. «Не, ня трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам сьледственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосьць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцьця ня вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязьніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю сьмерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасьць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страгана, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Усе было пры мне, г. зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? I Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі ня страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на „Г“?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет маяго другога сьледавацеля, гдзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-сьледавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяньня пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, сьледавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцьця. На стале ляжала прэспап’е, дык я няхочучы падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэспап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасьля асьцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцьці болей не было мовы.

Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасьці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага зьвяр’я, гдзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць… Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданьні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыцьцё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчасьлівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы, што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасьць жыцьця й яго цікавасьць, у маім паняцьці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцьця й яго радасьцяў за ўсялякую цану й за цану сумленьня. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існаваньня яны ня ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх… Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязьніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску… Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэсксй! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра…

Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візыту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуцьцяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Ня раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта ня толькі ратунак, але й кар’ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людзкасьці, адрачыся ад Хрыста й зьмяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэньне іх і адсутнасьць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасьцю канстатаваў Коган, што ёсьць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зьняволеньня чалавека. О, гуманізм XIX стагодзьдзя, як далёка мы адступілі назад!

Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці сьледавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скрозь зубы, што ёсьць два ўрады й два прэзыдэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не зьвяртаўся, і ён выйшаў. Чужы сьледавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы сьледства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.

I вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў маяго таты былі ў лютым, ён не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла[98]. Я ведала, што судзіць мянt будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненьне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезьлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для судзьдзяў, вышэй крыху й на абадраных сьценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й маяго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесьці, і пачаліся абвінавачваньні. Я ўжо дакладна ня памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе, а мужава тое, што ён быў у Слоніме (па камандзіроўцы). Нешта гаварылі, а муж, худы, страшны, бяз зуба наперадзе, на нікога не ўслухаўся, толькі паглядаў на мяне праз сьлёзы й шаптаў: «Мама, мамачка, вось я табе прынёс часнычок, ён так падобны на лілью, якія ты любіш. Думай, што гэта кветачка, лілья. Трэцяга ж была гадавіна нашага вясельля, я выпрасіў табе часнычок у баптыста…»[99] Я яму дала свае падаркі, і мы амаль не зьвярталі ўвагі, што гавораць да нас апрычнікі. Гэта быў Вярхоўны суд БССР пры ваенным пракурору. Сядзела там і нейкая баба, а прадсядацелем яго быў нейкі Шаўчэнка. Гэтае аднафамільства гіцля й генія мяне бянтэжыла. Нарэшце далі мужу апошняе слова, і ён заплёўся ў словах, і пацяклі яму сьлёзы. Я штурхнула яго ў бок, але ён плакаў… Маё апошняе слова было злосным, я ўспомніла сьмерць бацькоў і ўсю іх суровасьць і несправядлівасьць, амаль лаялася з імі, бо й гаварыць не было там з кім. Суд выйшаў. Але не пасьпеў выйсьці, як ужо вярнуўся назад. Знача, вырак быў ужо гатовы, і працэс суда быў суцэльнай камэдыяй! Гэта ж амаль як у Гітлера, а то й мандрэй, падумала я сабе. А нам чыталі вырак па 25 гадоў ІТЛ кожнаму, без канфіскацыі маёмасьці з той прычыны, што ў нас яе няма. Мне падкасіліся ногі, але злосьць і нянавісьць да садыстаў вярнулі мне сілы, і я выслухала ўсе да канца. Бедныя людзі, бясьсільныя стварэньні, падумала я, убогая дзяржава мучаных і мучыцеляў і другіх між імі няма! А той Шаўчэнка, між іншым, пачаў гаварыць: «Лариса, мы за воровские организации даем по десять лет, мы вас пересудим. Мы не имели бы места для вас, если бы вы были с нами, но вы с этими бандитами. Вы пишите, мы вас пересудим». Не, кацюга, я ня буду з такімі, як ты!!!

Суд адышоў, пачынала зьмяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, разьдзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са сьветам, з культурай, з усім… Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу… Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»… Нас вывелі на засьнежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпеньні й адзіноту. Сьмешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага… Нас прывялі пад нейкую вязьніцу, гдзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру…

Завязьлі мяне зноў у тую «амэрыканку». Начальнік вязьніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў… Я засталася сама, і думкі пра зьдзек над намі, пра сына, пра загубленае жыцьце адымалі розум. У галаве стукалі словы: гдзе гора, гдзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынесьлі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезьлі ў вязьніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусьцілі ў камеру жанчын. Як я пасьля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя сьветлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.

Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасьліва жыць, калі б толькі слухала голасу сваяго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, гдзе трэба…

У вязьніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта ня сьмешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам сьнілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум маяму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасьцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне сьнілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскрозь прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй… Раз мне прысьнілася землетрасеньне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю… Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сьне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць сьвет: праясьніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэх… Мой чэскі сьледавацель меў тубэркулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прысьнілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю тубэркулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам зьбіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысьніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб ня плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла… Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў маяго сроку. Я ня ўсе сны сяньня памятаю, але яны былі амаль прарочыя.

У камеры жанчын мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзячы на паўстагодзьдзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, гдзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасьля павязьлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязьніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зьняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас разьдзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.

Паверхі й сходы вязьніцы ў Брэсьце… На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсьць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакараньня. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есьці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданьні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся з намі й аднойчы паведамілі нас, што маяго мужа паклалі ў больніцу. Я так і прыпала да сьцяны, і мяне на гэтым злапаў канваір. Начальства назначыла мне 5 сутак карцара. Жудасная адзіночка ў сутарэньні цюрмы. Пуста, толькі стоўб каменны, укапаны ў зямлю, і холад. 20 дэкаў[100] хлеба ў суткі й адзін раз на 5 сутак талерка жудаснай зупы. Побач крычаць ненармальныя людзі. Крычаць неймавернымі галасамі, іх б’юць. Магу зразумець, што яны выліваюць сабе парашу на голаву, грызуць сьцены, робіцца страшна, не магу зразумець, пашто яшчэ мучаць яны ненармальных, ужо й так пакрыўджаных Богам? Знача, розуму ў іх ніяк няма — зьвяры! А час ужо бліжыцца да вясны. На шырокі бліскучы падаконьнік асеў пыл. Недзе зазванілі ў царкве на вячэрню, і праз закратаванае вакно прабілася вельмі яснае неба. Сонца яшчэ не заходзіць. Сэрца маё перапоўніла прага малітвы, і я пальцам па чорным запыленым падаконьніку пачала маляваць голаў ХРЫСТА ў цярновым вянку. Галава выйшла цудоўна, і кропелькі крыві быццам зьбеглі па сьвятым ЯГО твары. Абраз выйшаў вельмі харошы, быццам нехта натхнёна вадзіў маею рукою, і мне пацяклі сьлёзы. У гэты мамэнт з грукам адчыніліся дзьверы й раз’юшаны савецкі афіцэр схапіў мяне за шыю й пачаў раўсьці, паказваючы на Хрыста: «Кто это, кто это?» — «ХРЫСТОС», — кажу. Тут ён выразіўся на Хрыста такім жудасным, непаўтарымым словам, якое толькі можа прыдумаць абсалютнае бясьсільле ўбогага твору ў змаганьні з ніколі недасяжнай яму веліччу духу. Паўтарыць гэтага не магу. «Еще пять суток карцера дать ёй за эти рисунки!» — енчыў няшчасны, сьціраючы рукавом з шырокага бліскучага падаконьніка голаў ХРЫСТА. А за вакном званілі соладка званы, і бліжыўся дзень ХРЫСТОВАГА ЎВАСКРАСЕНЬНЯ. Той страшны чакіст ня раз пасьля заглядаў да нас у камеру, падыходзіў, калі адвозілі мяне на этап, і з лютай нянавісьцю сычэў на мяне: «Касмапалітка…» Яны прывыклі да ламаньня людзей на першы загад, а я пастанавіла да сьмерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паломаным хрыбтом няма чалавека.

Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасьля сустрэліся на этапе. Называўся ён Лёша, прозьвішча ня памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Зьвялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Маяго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ён усе ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.

На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косьці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага зьдзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасвць радьт выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасьць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спэцыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдзкімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гэстапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі… Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынэлі нёс пад пахаю цэглападобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гаалі б сваяго роднага бацьку… Мы пакідалі Беларусь, тую, па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насьмерць.

Нас разьмясьцілі ў знаёмыя ўжо мне «апартамэнты вагонзака», дапаўняючы намі ўжо й так поўныя клеткі. Мы з Нінай Камбэрскай, здаецца, з Менску, і нейкай другой цяжарнай жанчынай з-за Брэста трапілі ў клетку побач з ксяндзамі. Мы маглі гаварыць. Ксёндз Лазар знаў многа моваў, праўда, ён не лічыў патрэбным на Беларусі ведаць беларускую мову, ну, але гэта няхай яму прабачыць Бог, які даў пакуль што магчымасьць цярпець беларусам за сваю свабодную будучыню, у якую мы цэлым сэрцам верым. Была каталіцкая Вялікая Пятніца, усе былі крыху пад гэтым уражаньнем. Ксяндза асудзілі на 10 гадоў, а за што, ён нават добра ня ведаў. Затое ён ведаў дзень сваяго арышту яшчэ перад арыштам і ведаў дзень, калі яго пусьцяць. Гэта ён ведаў з прарочага сну, з якога многа ўжо спраўдзілася. Ля нас ехаў яшчэ другі Лёша, як ён расказваў нам, яго схапілі, калі прызямляўся на Беларусі, скінуты з дэсантам, так і быў яшчэ ў камбінэзоне. Ехаў там яшчэ й харошы беларускі студэнт Борыс па прозьвішчу, і так стварылася наша маленькая група. Мы стараліся дапамагчы сабе ўзаемна хоць словам, беглі да сябе заўсёды, калі нас выводзілі на этап з чарговай перасылкі.

Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы. Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г. зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта. Была там адна беларуска, жонка яўрэя. Яна мне казала, што яе сынок выжыў толькі дзякуючы таму, што быў яўрэям, яго глядзелі, і муж яе хутка дзіця забраў. У другіх лагерох дзеткі так паміралі, калі іх меліся з лагеру забіраць сваякі. Маюць, напрыклад, прыехаць па дзіця, і вось паўтараюцца ўсе сымптомы запаленьня лёгкіх, і дзіця да прыезду па яго канае. Адна харошая расейская жанчына Шура (прозьвішча ня памятаю), якой муж-хірург пазбыўся розуму, калі яе цяжарную забралі, казала мне, што й з яе дачушкаю зрабілі таксама. Калі радзіла яна, дык разрывы вялікія, якіх такая менавіта медсястра загадала не зашываць, бо быць жанчынай ці быць маці болей зьняволенай ня прыйдзецца… Шура высокая, прыгожая, маладая, заўсбды сумная, усё хварэла далей па-жаночаму. Так жа рабілі на поўначы, і мужчыны прасілі нас лічыць, колькі бедных дзетак памерла. Яны гэта ведалі.

Нас вязьлі далей. Першай вязьніцай, гдзе мы трапілі па дарозе, была вязьніца ў Арле. Калі забіралі ў капцёрку мае рэчы, дык паведамілі мне бытавікі зьняволеныя, якія там працавалі, што сюдой праехаў ужо нехта Геніюш, доктар. Я падзякавала за вестку. Знача, Яначку вязуць на поўнач… У Арлс ўвялі нас з Нінаю ў дзеравяную вязьніцу, у камеру, поўную жанчын. Стаяла там неймаверна велькая дзеравяная параша, па берагі поўная, адпаведна араматная, і жанчыны былі большасьцю зусім абарваныя, хоць пару было й апранутых лепей. Сустрэлі яны нас вельмі сардэчна, да сьлёз цёпла, як нідзе болей. Падзяліліся хлебам і нейкімі ляпёшкамі з бульбы і яшчэ нечага, якія цяжка было раскусіць, але раскусіўшы ўжо нейк было можна жаваць. Многія з іх сядзелі за самагонку, якую гналі з буракоў, каб пракарміць дзяцей, бо мужыкі не вярнуліся з вайны. Яны былі радыя хоць тым, што маюць тут хлеб, і плакалі толькі па дзецях. Жанчьшы гэтыя з усім зьмірыліся, лічылі сваю зямлю няшчаснай, як пад татарскім ігам, і час акупацыі, жудасны час акупацыі, лічылі лепшым часам сваяго нялюдзка суровага жыцьця, бо маглі тады сеяць і жаць на сваім. Яны нічога не баяліся. Сярод іх былі й дзьве настаўніцы з Арла, і жонка прадсядацеля калгаса, якая, калі я ад’яжджала, дала мне 10 рублёў на дарогу, можа, спатрэбяцца. Сядзелі яны таму, як казалі, што нехта сядзець мусяў, доля выпала на іх. Апрача іх былі там немкі з Паволжа й татаркі. Гэтыя дзяўчаты ўцяклі з месца, гдзе пасялілі іх народы. Далі ім за гэта па 20 гадоў катаргі, і ўсіх іх, як я пасьля даведалася, павезьлі на Варкуту.

Пабыўшы ў іх пару тыдняў, мы папрашчаліся з гэтымі амаль сьвятымі жанчынамі. Нас выклікалі далей. Наша малая групка зноў сустрэлася ўся на этапе, і мы маглі крыху пагаварыць. Ксёндз тут адсьвяткаваў свае сьвяты спакойна. Гэта ў Вялікую Пятніцу ў «вагонзаку», калі мы з ім гаварылі праз сьценку, падышоў да яго афіцэр і папытаўся, за што ён, абманшчык, які адурманьваў народ, дастаў срок? «Па графіку, — кажа ксёндз, — падышоў графік, і мяне ўзялі». — «Дык вось ідзі цяпер памый падлогу ў карыдоры, навучышся працаваць». — «Я ўмею ўсё рабіць, — сказаў ксёндз, — а вось вы, акрамя насіць пагоны й мучыць людзей, больш ні на што ня здольныя…» Афіцэр закусіў губы, і калі бедны ксёндз Лазар вымыў той карыдор уздоўж усіх закратаваных клетак з намі, зьвярочкамі, яго далі ў карцар, бо й там ён быў таксама. Дык ксёндз нам, сустрэўшыся, казаў, што не было там так страшна, ён спаў там, а ў клетачцы ля нас сядзела іх болей дваццаці, адзін на адным, і яму было горай. Нас зноў пасадзілі недалёка, і мы між сабой час ад часу перакідаліся словам. Ва ўборную пускалі нас рэдка, а то й не пускалі даўжэйшы час, што было асабліва пацешна для канваіраў, і яны адпаведна камэнтавалі сьпех няшчасных і далей зьдзекаваліся з ксяндза.

Нас прывязьлі ў Горкі ў т. зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, разьмесьцяць, бо зьняволеных назьбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасьцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасьці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са сваяго ўбогага чамаданчыка дзьве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.

Ах, гэты Горкі, кляты Горкі… Там і шманалі нас не палюдзку. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія пасьпелі ім уесьціся ў косьці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана. Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сьведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасьцямі на іх скромным ваенным вясельлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчасьлівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Ня ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі сьветлае. Мне пасьля болей года вязьніцы асабліва хацелася быць вонку.

Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап зьбіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасьля даведалася, абодвух Лешаў і Борыса павезьлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў зьвісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасьцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, ня мог паўтарыць той жудасьці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і разьдзелі, і зьдзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзеньне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і ня чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людзкасьці, якога яна й зьнішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзьверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзі з дзесяцігадовымі срокамі ён ня выжыве. Ён шчыра зайздросьціў нам дваццаціпяцігадовага сроку…

Нас павезьлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усе роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька Марта. Вечарам, нешта расказваючы, выкрала блатная яшчэ сукеначку з таго мяшка, але мне ўжр было ўсе роўна. Начальнік канвою сказаў мне, што ўжо вез сюдэмі маяго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку… Гэта вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах, брудзяць усякае пачуцьце брудным дотыкам сваіх крывавых рук. Пасьля той начальнік стаў ля нашай клеткі й пачаў пяяць панылыя расейскія песьні. Выў гэтак не пераставаючы да поўначы, відно, і самому было нялёгка. Адно бачыць тысячы зьняволеных людзей, а тут цягнуць іх яшчэ на страшную поўнач… Некаторых зьняволеных высаджвалі па дарозе, іншых набіралі. Цяпер ужо суцэльны цягнік быў з «вагонзакаў». Гэта «галіна прамысловасьці» гандлю людзьмі была найлепей арганізаваная ў Савецкім Саюзе й пастаўленая на першае месца. Там недзе амэрыканцы арганізоўвалі дапамогу людзям пасьля вайны ці сваю магутную прамысловасьць… Што ж, каго Бог хоча пакараць — розум адыме…

Нарэшце нас прывезьлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязьніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут ня чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць…

Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…

Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК[101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы…[102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…

Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…

Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…

Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…

Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касьцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, гдзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое ня мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасьці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косьці й скуру, ні на што не зьвяртаючы ўвагі, Мы атупелі да іх навакольля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас разьвялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясьціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеньнікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцьвякам. Есьці нас вадзілі ў сталовую строем, гдзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.

З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасьля этапу чэх. Пасьля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчасьлівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласьць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-летгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць зьдзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі… Сьмешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасьць бесчалавечнасьці супраць мяне. Лячыў мяне зьняволены доктар-паляк. Прозьвішча яго ня памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала… Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людзкасьць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер 1-шы ОЛП[103], з якім належыць мне наладзіць лучнасьць, каб працаваць».

Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцьвенныя сьпевы, то ў дэталі жудаснага сьледства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цьверда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры Нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.

Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зьняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсьці тут адну пісьменьніцу, жонку доктара з Чэх. Знача, яна шукала мяне. Я да сяньня ня пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ… Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсьці. Мужа павезьлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач… Стала нейк безнадзейна, нясьцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На двард была сьлякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэпляць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвэнтуальны пабег… Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласьць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок… Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я ня думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасьць няшчасных. Падаў сьнег з дажджом, і некалькітысячны шнур людзкі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й сьнегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асьвенціме й Майданаку. Навука Гітлера не пайшла ў лес… Што будзе, куды гэта дойдзе людзкасьць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. I вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезьці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя… Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішней цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт»[104], — казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які ня сьніўся нават ардзе Джынгісхана… Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцьвенны сьпеў двух дзядкоў, я расплакалася.

5. Лагер

Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі[105] і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.

Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.

На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.

З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.

Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК[106], на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»

Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць…[107]

Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…

Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі… А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны… Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго… Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi[108] ды хварэла.

Інта — гэта т. зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык[109]. Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вэрбоўка іх — гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.

Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т. п., дык БУР[110] ужо забясьпечаны. БУР — гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцьця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й прасьпявалі: «Сьпі, Ісусе, сьпі на сіні, дай Бог шчасьце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццацьцю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых ня вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было гдзе дзецца. Былі яны й сярод украінак, але лічаныя. Маеа ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клюбам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элемэнтаў.

Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфэра, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасьля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т. п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасьля сьмерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватэрантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемэнт і нас зноў трэба вярнуць у Комі… Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамэнт бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэньне таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў сьпiсаны акт па сьмерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т. п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасьля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям’ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяньня. Страшны быў яго сын Петр і яшчэ страшнейшай дачка — наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.

Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 1948 года 12 жніўня, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 1949 года 7 лютага па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы гэта была групавая арганізацыя, а другі нешта накшталт: «Ведаючы, што на зьмену капіталізму мае прыйсьці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй…» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. I так, маючы разам з мужам паўстагодзьдзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям’ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым ня ведаў. Коган мне прапанаваў на сьледстве разьвесьціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын… Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсьці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаецца нават перад грозьбай сьмерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасьля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў бяз розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых, — не стрывае.

I так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозьвішча). Калі мне надта хацелася есьці ці было ня вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне… Так, тое сумленьне… Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсе, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленьне й яны ясна сабе ўсьведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асьвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і зьвярэюць яны ад зьдзеку й нявольнай працы, на дзесяцігодзьдзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і сьвету… Марксізм у яўнай практыцы.

Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвоя на бярвеньнях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё сваё пакутнае прабываньне ў лагерох, а вось сяньня ноччу меў тэмпэратуру, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асьцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэця. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося», — зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо сьмяротнае рашэньне, і чвэрць стагодзьдзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасьля свае т. зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасьць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасьць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людзкога, пэўна, ня змог бы такога чаўпсьці з радасьці, каб перамог. Тут зьдзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека расыгісвалі сьледавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я ня ўбачыла ў жыцьці Раманчука, гэтага нашага сьветлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.

Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небясьпечна, жыць бяз іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цьвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсьці напралом праз лагер, не зьвяртаючы ўвагі на рэшту зьняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуцьце да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зьняволеньня адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцьця элемэнту. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зьняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт ня так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», ня маюць іншых пачуцьцяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку… Любымі сродкамі… Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лагеры супраць бяспраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў зьвязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім[111], паляком, які пасьля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага калянізацыі Украіны й Беларусі.

А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.

I вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава[112], і каб дабрацца да цьвердага грунту, нам трэба было здымаць напластаваньне моху. Пласт той быў часам у паўмэтра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох зьмярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.

З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.

Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты… Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла… Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця…» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На „Северное сияние“», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё „Северное сияние“», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы… Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук… Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.

Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузьняцова — жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т. п.

Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю, — нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога ня ведаю!» — «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсьць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці… Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя… Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.

Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небясьпечная птушка ва ўсім лагеры, якой ён прыгразіў «сухарыкамі» (вязьніцай) і радзіць ёй прыціхнуць… Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазьбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бясьпекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.

Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зьняволеных на працу — з працы. Мы — на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі — чысьціць сьметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства — на грамы ядуць, на кілаграмы с…» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў сьвяты Гаман, яму лілі г… на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот…» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосьці й часамі стралялі.

Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зьняволеныя ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаемся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязьніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было ня так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў — родных, беларускіх. Гэта знача — агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагодзьдзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але ня іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыцьцё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і. другія.

Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там ня буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.

Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, гдзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з воль нымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязьняў. Пасьля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітаньні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень, Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасьці і ўсее мне нясуць тыя прывітаньні. А я зьнемаглася з гора, што я ня з імі, ня разам, ня там… Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпэратуры, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адiной, шкадуюць мяне… Закованыя, ужо засуджаныя хлопдня прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на сьмерць… 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія слоовы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б’еш?..» Я маўчала, як гроб, атупела з гэтага болю.

Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць зьдзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад iх адракліся, вельмі асуджалі пасьля гэтых герояў, што пасьмелі выступіць супраць такога насільля. Гадка было слухаць, чытаць высказваньні ўсякіх […] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!

Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны пасьпелі перадаць людзям весткі абэа мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё ня верыцца, як той Люцынцы, да сяньня ня верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня…» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не пасьпелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і ня цяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’яжджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленьні.

Доўга пасьля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэх? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другі прасіў напісаць яму верш аб зьняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:

Догорают грустно огоньки костра, летят мои мысли с темно-синим дымом, ты мне как невеста, ты мне как сестра, почему не можешь быть женой любимой…

Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасьля, усе нехта перадаў чакістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.

I так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяньня пра гэта амаль нічога ня ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятую, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай»[113], Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасьля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усе гэта некалі некаму яшчэ належыць дасьледаваць, каб ведалі людзі.

А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета… Аднолькавыя да атупеньня годы. Інта была цэнтрам т. зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т. зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна зьмена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разьлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб’ёмістыя, і нам ня раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасьвіліся каровы, расьлі раньняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра — трансава, а гдзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсьцебанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб’екты з сабакамі найчасьцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасьля сьмерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, большасьць нялюдзкі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб’ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават сьпявалі пад савецкі гімн:

Союз нерушимый зэка и конвоев Сплотила на дальних обьектах Инта і г.д.

Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі[114] гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна[115] ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна… Што ж, «земля наша широка и обильна»… Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:

Конвоируй, стой верно на страже, одного лишь смотри не забудь, если даже тебе прикажут, не стреляй в нашу гордую грудь…

Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.

А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк»[116], як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.

Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. I яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элемэнтам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыцьце паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскрозь. А людзі бсьць людзі, яны, як расьліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысьціянства стварылі душу людзям, і яна прагае сьвету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзяваньня на збаўленьне, а людзі ўсе ж хочуць застацца людзьмі.

Беларусак у параўнаньні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Экспэрымэнт вельмі асьведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям’ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцьця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, ня раніць, галоўнае, вытрымаць, усб перажыць. Сьмешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэньне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны — што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было — не выводзіць людзей, калі тэмпэратура ніжэй 40°, але нас выводзілі, і тады хоць сканай у адкрытай тундры.

Пасьля пачалася правакацыя. Калі ўбачылі арганізаванасьць беларусаў, супраць мяне настроілі цэлы батальен стукачоў і правакатараў. Дайшло да таго, што я пачала атрымоўваць запіскі пад уплывам нейкага Гінька, што беларусам не патрэбныя арыстакраты, памешчыкі, як я, і т. п. Асабліва пазьбівалі нашую, як мы казалі, Беларускую сям’ю нейкі обэрстукач Шапавал[117], Канвега, С., які быў падстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі «Чайка». Была гэта арганізацыя моладзі на Слонімшчыне. С, як пасьля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на сьледстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзьведзяў». Кажуць, што на сьледстве яны трымаліся выдатна, зьдзіўлялі стойкасьцю й патрыятызмам.

Усе мы былі для саветаў нявольнай ненавіснай масаю. Працаваў хто з немцамі, ці толькі ў Бога верыў, ці толькі хацеў гаварыць на роднай мове, ці здуру расказаў страшны сон пра Сталіна — усе разглядаліся аднолькава, за выняткам тых, незалежна ад іх віны, якія верай і праўдаю кляліся ў вернасьці «бацьку Сталіну» і ў лютай нянавісьці да ўсяго іншага сьвету. Такія былі пераважна лагернымі прыдуркамі, і іх рукамі часта нас нямала мучылі. Прыдуркамі, безумоўна, былі пераважна расейкі, але здараліся і іншыя.

Была такая фінка, гадкая дзеўка Ліля Бірклан. Аднойчы нешта завялі ў лагеры новае. Узялі многа дзяўчат дваццаціпяцілетніцаў і далі іх у асобны барак пад яшчэ стражэйшы надзор, у такі штрафбарак. Іх вадзілі асобна на самыя цяжкія працы, закрывалі і ўдзень, і нанач і наагул чаўплі, што хацелі. Мяне не забралі. У час гэтых цяжкіх работ найболей над імі зьдзекавалася менавіта тая клятая фінка. Штрафбарак нарэшце распусьцілі, было ўжо пад весну. Дзяўчаты столькі нацярпеліся ад прыдуркаў, што пастанавілі ахвяраваць сабою й хоць адной адпомсьціць. Згаварыліся яны яшчэ ў штрафбараку тоўчаным шклом сыпнуць у вочы Бірклан, як гэта рабілі блатныя, каб болей, гадзіна, ня бачыла сьвету. У кожнай важнейшай справе амаль усе радзіліся са мною. Вось і явілася «дэлегацыя». Я іх выслухала. Сказала, каб мне прынесьлі тое тоўчанае шкло. Яго прынесьлі, добрую жменю ў хустачцы. Трэба было сьпяшацца, пакуль не надьтдуць каротшыя ночы. Тады я кажу: «Дзеці, а ці варта гінуць нам за такую дрэнь?» — «Трэба, — кажуць, — рады ад іх няма». Трэба — ведала гэта і я. Але такі мне жаль стаў дарагіх дзяўчатак, асабліва харошай, любай літовачкі Ядзяле, што я пачала іх спыняць. «Рэч страшная, — кажу. — А вы спрабавалі словам? Трэба спачатку словам спыняць іх». — «Ды што вы, Ларыса Антонаўна, яны, гэтыя гіены — і словы, ды хто адважыцца гутарыць з дрэнямі, прададуць як міленькіх». — «Я, — кажу, — сама буду гутарыць». Замерлі дзяўчаткі, калі аднойчы я выклікала Бірклан на лагерную дарогу і ўсе ёй сказала, а яшчэ й тое, як яна ў сушылцы радзіла надзорам трымаць мяне ў БУРы, далей ад людзей. Бірклан зьбялела, яна клялася й бажылася, што не вінаватая. Я ёй парадзіла не трымаць дзяўчат ля кіркі, калі сам канвой іх здымае, не даваць ім зьвярыных нормаў, не даносіць, іначай будзе тое, што мела стацца цяпер. Мяне яна не ўдала й год, гадзіна, была як чалавек, але пасьля ізноў за сваё ўзялася. Мяне вывезьлі ў штрафны лагер, і калі пасьля двух гадоў зноў вярнулі ў Інту, дык першай абняла мяне й расцалавала Ядзяле. У Інце ўжо пакрысе пускалі на волю людзей, і яна, стройная, высокая, мілая, сказала мне: «Як вам дзякую, што вы не дапусьцілі, каб я чалавеку высмаліла вочы. Як я тады змагла б глядзець у вочы сваяму дзецятку, якое, можа, некалі Бог мне дасьць»… Гдзе яна сяньня, гэта мая Шатрыя, такі быў яе псэўдонім.

Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадалiся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.

Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя мэтады маральнага зьдзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і зараньне яшчэ было вясьці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзьлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па сьнезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны номер. На свой яшчэ памятую сяньня:

Не на груди, как всегда, ношу монограмму года. Она как таинственный шифр, монограмма моя из цифр, как источник страдальческих тем, номер ноль двесте восемьдесят семь.

Многа было прыдумана розных эпіграм, яны забыліся амаль. Мы былі рабамі, і гэта груба, па-пралетарску, нейк зьдзекліва, давалі нам заўсёды адчуць. Тады я ім казала:

Если человек с умом, а при том и с сердцем, ему легче быть рабом, чем рабовладельцем.

З намі хадзіла часам на работу полька пані Тэрэса. Звычайна яна была вечным прыдуркам і з начальствам знаходзіла супольную мову, але часам, з нейкіх меркаваньняў, выводзілі і яе. Была гэта даволі сымпатычная, інтэлігентная жанчына. Некалі, відно, даволі прыгожая, бо ўсё бедавала, што цяпер за ёю «нікт пэвно шалець не бэндзе…». Аднойчы, калі мы кіркавалі асабліва брудныя сьметнікі ля начальнікавых кватэраў, яна вельмі міла папрасіла мяне аб вершы. Ну, я ўжо ёй сказала яго на яе мове:

Ленк мень пженіка, гды відзэн сьметнікі, цо ронк змэнчоных чэкаён поэты, розпач огарня, гды відзэн тон псярнен, цо мне на сьметнік провадзі з багнэтэм[118].

Беларускіх вершаў не пішу тут, бо частачка з іх усё ж захавалася ня толькі ў памяці.

Я была лагернай энцыкляпэдыяй, і да мяне часта зьвярталіся ў спорах. Стаімо раз шэрай, ад сьвежага сьнегу прамоклай грамадкай пад сьцяною нейкага інцінскага «палаца», прад намі праходзяць інцінскія жыхаркі, едуць студабэкеры[119]. Дзяўчаты з Прыбалтыкі і ўкраінкі пачынаюць крытыкаваць іх уборы, негустоўныя, прэтэнсыяльныя ў гэтым нялюдзкім клімаце. Расейкі тут і сьцяліся з імі, што ў іх лепш, як у Эўропе! «I машыны?» — пытаюцца ўкраінкі. «Да, и машины». — «Та, пані Ларысу, скажыце вы: е ў іх маркі своіх машынів?» Кажу: «Е». Тут мае дзяўчаткі й скісьлі… «А яка ж у іх марка?» — «Яка? А „чорны воран“», — кажу. Ну й пачаўся хохат.

Нейкі начальнік лагеру Палякоў, гад з гадаў, забараніў нам хадзіць па лагернай дарозе, гдзе маршыраваў звычайна сам з надзірацелькамі, а нам заставалася толькі дарога ля раду ўборных, якія адчайныя літоўкі на дзяржаўныя сьвяты ніколі не забываліся «ўпрыгожыць» дзяржаўнаю зоркаю. Усе былі прыніжаныя вельмі й абураныя, пакуль я не растлумачыла ім ясна, што на нашай дарозе сьмярдзіць уборнай, а на той другой жа сьмярдзіць начальствам, дык што горай? Усе згадзіліся, што лепей уборныя…

Ідзем пяцёрачным строем Інтою й бачым плакат: містэр Чэрчыль, капіталіст, трымае запаленую галавешку, а над ім рука рабочага з нейкаю жалезінай, але так, што гэтая рука зусім над галавешкай. Мілая латышка Лайма Крэтуліс, якая дзень у дзень ішла са мною строем два гады, глядзіць на мяне й шэпча: «Глядзеця, як жа ён утрымае сваю жалязяку, калі гэты яму яўна добра прыпякае?» Дзелімся зараз спасьцярогаю з другімі. Лайма была цудоўная, высокая, стройная, вельмі чэсная. Была ў яе хворая сяброўка, а наступала вясна, было вельмі мокра. У Лаймінай сяброўкі, як ува ўсіх, брэзэнтовыя чаравікі, якія днём поўныя вады, а пад вечар на лёд зьмярзаюцца разам з нагамі. Прыходзіць раз Лайма й просіць адпушчэньня грахоў: у нейкага прыдурка ўкрала чаравікі ў далёкім бараку, жаль хворай Мільды… Пільна мне ўзіраецца ў вочы. Кажу: «Маладзец, добра зрабіла, тая дрэнь дастане іншыя, а вось Мільдзе будзе цяплей». Калі нам з ёю давалі норму, дык часта мы сварыліся. У Лаймы быў тубэркулёз, і я яе ашчаджала. Я была многа старзйшай, і яна ашчаджала мяне. Аднойчы загадалі нам адкідаць сьнег. Ніколі ў жыцьці я ня бачыла столькі сьнегу разам, проста горы! Кідаем яго, кідаем, і я слабею. Лайма гэта бачыць і просіць мяне, каб адпачыла. Я — не. Не магу кінуць яе адну. Яна просіць мяне доўга, нарэшце з дзікай злосьцю кідаецца на мяне, коціць мяне на зямлю й сілай вырывае лапату. Тады стаіць, і поўныя вочы адчаю… Харошая Лайма.

Мае нэрвы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсьць надзоркаў са знамянітым азьвярэлым Прасьветавым. Сьпімо, мяне ж сьцягваюць з нараў, Прасьветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяньнік бяз простыні й пачынае трасьці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасьць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцьвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людзкі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць…» Мне лепей, людзкія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цьвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён… За «любоў» ня судзяць… Яна рарсазвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб’екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змаганьня, аб тым, што ніхто ня будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, ня ведаючы, што 6н быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чакістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.

Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх ня жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасьці, усіх дзеячоў. Сьціналі й сьціналі[120], як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменьнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы… Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ ня ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасьці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі. Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасьля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла…» Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізычна, ня даць бяздольных і няшчасных на загубу.

Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору… Як абысьці гітлерызм і ўсб ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб ня мсьціцца, на гэта ня час. Маяго бацьку зьнішчылі саветы, вывезьлі ўсю маю сям’ю. Пасьля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расьціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ён ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасьля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цьвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавескую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул ня ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто ня бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й ня ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць бязмозглыя нацы. Якая трагэдыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасьці для народу…

Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцьці. Я ўмела выйсьці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасьць: прадаць сумленьне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасьці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…

I так толькі ўдумацца ў становішча сваяго народу: выбітыя ці расьцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасьля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемэнт, адданы латышом Дзьвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемэнт, безумоўна, не на фізычную працу. Зьняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора — каталікі. Людзі, якія слова ня ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, — сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас ня толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як калянізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сьведамасьць яго нацыянальную, яго мову.

Бедныя, цёмныя мае браты, кожны з іх на загад тых, якім прадаўся ахвотна, павёў бы мяне на эшафот. Я ня сплю начамі й думаю, што калі выжывем і далічымся якога мінімуму землякоў, дык знача, станецца цуд! Родзіцца нас вельмі мала. Крывавыя рукі савецкіх гінеколагаў патрашаць без перарыву бедных жанчын. Такая сыстэма, што дзяцей гадаваць нельга многа, дый няма гдзе, дый няма як. Маці на дзяржаўнай працы, і маленькім належыць замоўкнуць… Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сьметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысьцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысьціць… О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі… Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны ня людзі.

Нейк зайшла да нас аднойчы настаўніца з Ваўкавыску, не хачу яе называць. Яе муж беларус, і мне жаль яго. Пераконвала мяне жыць, зьвяртацца да начальства, плюнуць на сваіх землякоў, з якімі можна рабіць рознае, яны як ня людзі, і г.д. Я ёй сказала, што я не пацьверджу на сваім прыкладзе яе тэорыі, няхай аб гэтым ведае. Чалавек яна, паводле яе слоў, які многа можа, зьвязаны так ці іначай з хэўрай усякага начальства, ад вобласьці пачынаючы, і ўсе яны ня нашыя, і ўсе яны адно. Дык пытаюся: «Ну, калі мы ўжо такія па-вашаму нікчэмныя, пасыўныя, дык скажэце, а нам дазволілі б мець, напрыклад у Ваўкавыску, свае школы?» — «Это я могу сказать — никогда!» Яна абяцала нас адведаць са сваім мужам. Давялося прасіць яе сваякоў, каб не паказваліся лепш мне на вочы. Ня маем права пагнаць к чорту нават усіх марадзёраў і ўласаўцаў, якія аселі тут як «пануючая нацыя», увайшлі ў ролю «культуртрэгэраў». Такіх з грашкамі як жа выкарыстоўваюць да брудных розных спраў, да дэнацыяналізацыі. Яны як піяўкі на целе народу, і ім усе прывілегіі ад зямлі пад бульбу, сена для кароў, кватэр і т. п. пачынаючы. Гэта ў малым мястэчку, а што ў гарадох? Ёсьць, праўда, Акадэмія навук у нас, але на ўсю Беларусь, як яна шырокая й даўгая, няма ніводных дзіцячых ясьляў на нашай мове… Ёсьць школы з ангельскай, з французскай мовамі выкладаньня, але на ўсю сталіцу Менск няма ніводнай школы з беларускай мовай выкладаньня… Няўжо нам прыйдзецца загінуць? Як жа жаль мне маяго Народу, куды ж ужо адступаць? О Божа, Якому маліцца не даюць нам нават на роднай мове. О Рым, якога ксяндзы ня йдуць да нас з салодкім і вечна мудрым словам Божым і любоўю, а з палітыкай, з дэнацыяналізацыяй тых, якія так намагаюцца, так хочуць выжыць як народ, як лепшыя людзі…

Я адарвалася ад лагеру. Пра яго мне так ня хочацца пісаць, так цяжка вяртацца думкамі ў тое пекла. Божа, які ў найбольшай безнадзеі забраў крывавага Сталіна, зьлітуйся над народам, якога зямля прасякла сьлязьмі й крывёю яго замучаных сыноў. Гэта дом наш, гэта зямля продкаў нашых, і мы тут пратрывалі вякі. Сочаць і рыскаюць за намі, якія думаем аб народзе, і нож накіраваны ў нашыя сэрцы…

А ў лагеры міналі гады. Найчасьцей вытарфоўка. «Вот надо строить, — казалі часам канваіры, — сюда еще привезем и англичан, и американцев, для них и строим…» Апэтыт нязгоршы. А тым часам архіепіскап Кантэбэрыйскі[121] шукаў паразуменьня свае веры з камунізмам і сваіх мысьляў з думкамі Сталіна й яму падобных. Чыталі мы аб гэтым у газэце Комі АССР нейкай там «Северной», мусіць, праўдзе. Ах, сэр з Кантэбэры, казалі мы, каб гэта цябе папаганяць тут крыху на нашым месцы, то ведаў бы ты, неразумны дзядок, з кім табе гутарыць, і да каго зьвяртацца, і чаго дамагацца для людзкасьці на тваім адказным становішчы. Не працягвай рукі тым, якім яе не падала б мудрая жыцьцёвай практыкай, простая ўкраінская жанчына. Падобнае не для дэбатаў, як яно й не для жыцьця, Нехта сказаў, што, калі б рабілі камунізм вучоныя, яны яго дасьледавалі б сьпярша на сабаках… I так мы існавалі гады й дзесяцігодзьдзі. «Такі элемэнт, які тут прамерз ужо, нам ня страшны», — цьвярдзілі начальнікі.

Далёка засталося тое, што называецца жыцьцём, а яно такое простае: голас сына, муж прыходзіць з працы, супольныя абеды, дружныя вечары. Радыё й мяккае крэсла, ложак выгодны, цішыня, цеплыня, кніжка. Шчыміць сэрца, калі гэта ўспамінаеш, проста спыняецца сэрца, і ўвесь арганізм бы ахапляе параліч, калі пачнеш думаць пра сына. Сьніцца вялікая камера, вязьні, вязьні, а пасярод іх мой сын, ужо юнак, бледны, танклявы. Падыходзіць да вязьняў і кажа: «Я вам дам проса, а вы мне кусочак сала…» Што за сон? У кожным лагеры ёсьць такія свае аракулы, старыя мудрыя бабкі, якія разгадваюць сны. Зьвярнулася і я да такое. Глянула яна на мяне сумна й кджа: «Недзе пасадзілі вашага сына, незьляцілага хлопца, і ён просіць есьці ў людзей, проса — гэта знача прасіць». Гэта аказалася праўдай, аб якой я даведалася пасьля.

Я хворая, брыгада нашая адыходзіць на аб’ект, а мяне пакідаюць у бараку. Днявальныя шаруюць швабрамі драўляныя дошкі падлогі, паляць у печках, на якія строга па норме выдаецца вугаль нават тут, гдзе ён дабываецца. Я заснула й з крыкам схапілася з нараў, крычу, шукаю сваяго сына, які, здаецца, быў толькі што тут, яшчэ чую на плячы дотык ягонай рукі й словы: «Уставай, мамачка, панясем з табою на Новы год ёлачку на магілкі…» Божа мой, што ж гэта? Мяне ўсю калоціць, у дзьверы ўрываецца стадо надзорак, пачынаецца шмон. Усе пасьцелі на нарах ператрэсеныя й раськіданыя, шчупаюць мяне. Натрэніраваныя рукі абмацваюць зашыты ў целагрэйку сьвяты абразок, аблічча Божае Маці. Яго мне некалі вышылі на ганучцы ўкраінкі ў Львове. Як жаль. Ёсьць яшчэ адзін, але гэтага жаль асабліва, там вышыты тры літары: БББ (Божа, барані Беларусь).

Сяньня куцьця, вяртаюцца брыгады, некаму ўдалося пранесьці пад бушлатам малую ялінку. Божа мой, Сьвяты Вечар… «Пані Ларысочко, зробымо Святый Вэчэр». Мне ўсё яшчэ ў вачох сын, як добра, што можна яшчэ некаму памагчы ў нечым, асабліва сяньня… Дзяўчаткі даўно ўжо зьбіралі камсу, не зьядалі кусочкаў рыбы. Недзе ў сушылцы ці ў качагарцы зварылі куцьці й кампоту. У некага кансэрва, у некага з пасылкі яблык ці жменя гарэхаў. Вечар, стаіць ялінка на адзіным стале. Правізарычныя сталы зроблены з нараў, накрытыя такія ж лавы. Ёсьць і кусочак прасьвіркі ў некага, у некага аплатак. Ежа на стале, мы ўсе па-сьвяточнаму. Раней умудрыліся дастаць якія драбніцы са сваіх мяшкоў, што перахоўваюцца ў капцёрцы. Чалавек, можа, сорак, такія ўсе сьцішаныя, па-хрысьціянску ўрачыстыя. Я ў белай блюзцы на першым месцы, мне належыць ад сэрца сяньня ўсіх прывітаць. Молімся супольна. Я ўстаю. Цішыня… Не змагла б паўтарыць таго сяньня, што мне тады дыктавала доля нашая горкая й змагарная, любоў да сваіх сем’яў і земляў, туга па іх і тая сіла, якая загадвае нам ня здацца, а перамагчы! У вачох мне сын. Калі прыходзяць надзоркі, у нас ужо ўсе схавана, толькі ў сэрцах сьвятло, і доўга яшчэ пасьля іх адыходу не сьціхаюць калядкі.

Новы год надыходзіць, да мяне адносяцца ўсе нейк дзіўна, мінаюць, маўчаць. Увесь лагер… Божа, што сталася? Элка кліча мяне ў кіно, купляе білет. Ня памятаю, што паказвалі. Яна нахіляецца да мяне й просіць, каб я не закрычала, кажа даць слова. Даю. Тады яна кажа мне, што ёсьць тэлеграма аб сьмерці мужавага таты. Мне дадуць яе пасьля Новага года, прыдуркі нават шкадуюць… Нейк так, як з тым судом над маімі сябрамі. Я ледзянею, але не крычу. Яна просіць мяне, каб трымацца, бо магу сказаць тут з бяды нешта, чаго сказаць нельга. На гэта разьлічваюць, і стукачы ўжо нагатове. У бараку я енчу, гавару тое, што сказаў бы кожны людзкі чалавек на маім месцы! З-за іх, гэта з-за іх гінем мы па аднаму, забытыя, хворыя. Элка ў паніцы, а мне на ўсе, чым палохаюць мяне, — напляваць! Знача, ёлачка на могілкі на Новы год… Сьпі спакойна, дарагі мужаў тата, які быў татам і для мяне, вечны пакой табе, даражэнькі замучаны, запалоханы, адзінокі й абакрадзены нават па сьмерці.

Хлопцы ўжо зараблялі, і нехта з іх пераслаў мне крыху грошай. О, якая я чулася багатая! Я купіла ад некага акуляры, бо іначай ужо не магла чытаць і заказала манашанькам у лагеры паніхіду па тату. Ім не плацілася, але звычайна куплялася ў лагернай краме крыху цукеркаў, якіх сухарыкаў, калі былі, і пасьля, па ўсіх правілах адпраўленай паніхіды, частавалася прысутных на ёй людзей.

Я крыху забегла наперад, гэта ўжо, мусяць, было па сьмерці Сталіна ці цесна перад тэтым. Як жа мы былі галодныя! Як жа хацелася бульбы, звычайнай паранай бульбы, якою на Беларусі кормяць сьвіней. Калі нашую брыгаду бралі ў «овощехранилище», гдзе былі прадукты для начальства, дык мы на іх накідаліся. «Пані Ларысочко, а можна нам красты?» — пыталіся дарагія ўкраінкі. «Колькі ўлезе, — казала я, — можна нам браць усё з ежы й лахманоў, каб не замерзьці, гэта ніякі грэх, нам яны адабралі ўсё». Часам прысылалі цыбулю з Горкага, і мы на яе накідаліся, елі яе, як яблыкі, грызьлі й не адчувалі, што яна горкая, — так смакавала. Часам была морква, а часам капуста, якую мы зьядалі галоўкамі, і нас здувала.

Казалі, што найгорай было тут пасьля 45-га года. Быў голад, і людзі мерлі. Асабліва тады паміралі людзі з Прыбалтыкі, яны ня так былі звычаныя на мучэньні. Трупаў не аддавалі, хавалі іх між сабою, каб атрымаць на іх пайку. Кажуць, нехта зрабіў пабег. Яму хапіла сілаў толькі дабегчы да поля з турнэпсам — ёсьць на поўначы такая вадзяная бручка. Там ён і застраг. Еў бяз памяці, еў з пяском той турнэпс, і калі яго, наганяючы, застрэлілі й разрэзалі, бо ўсё ж «па-навучнаму», дык у жываце гэтага насьмерць выхудлага шкілета было столькі турнэпсу, што «па-навуковаму» гэта было зусім неверагодна.

Раз у тое «овощехранилище» прывезьлі бульбу з Беларусі. Як жа мы на яе паглядалі! Канвой выдаўся нязгоршы й дазволіў нам у нейкім брудным вядры яе зварыць. Елі мы яе, як торт, як найбольшы дэлікатэс. Аднолькава смакавала яна прадстаўніцам усіх нацыяў. Па бульбінцы мы яшчэ схавалі, нейк перайшлі шчасьліва шмон і перанесьлі іх нашым хворым у зоне, як пераносілі часта й цыбулю, часнык ці нешта, што было можна зьесьці. Голадам і тэрорам трымалі нас, як абцугамі.

Ёсьць у гэтай дзяржаве такі народ: блатныя. Яны жылі ў асобных бытавых лагерох. Гэта жудасны элемэнт, які прайшоў усе грахі і ўсе забароненыя рэлігіяй і чалавечымі абычаямі гадасьці жыцьця, пачынаючы ад забойстваў. Можа, гэта быў і пратэст супраць савецкага ладу, але гэты лад выкарыстоўваў і іх супраць нас, т. зв. «контраў», ці іншага ідэйнага элемэнту. Адным словам, супраць нармальных людзей. Блатныя ў сваіх лагерох галадалі, і ім усё роўна гінуць, дык лепей ужо там, гдзе палітычныя са сваімі пасылкамі. Вось хапіла якой-небудзь блатной Фені аб’явіць на ўвесь голас, што яна не савецкі чалавек, а, напрыклад, унучка Трумэна (ён быў тады прэзыдэнтам), як яе хапалі, кідалі ў вязьніцу й давалі за такую здраду «любимой родине» роўна 25 год! Пасылалі іх, безумоўна, у нашыя лагеры. Гэтыя трумэнавы сваячкі былі найгоршым жахам для нас, ад іхняга слоўніка пачынаючы. Яны маглі абакрасьці, забіць і зарэзаць. Максімальны іх срок ад гэтага ні меншаў, ні большаў. У іх была свая гутарка, пераплеценая рознымі варыяцыямі самага рускага мата. Вось такіх ставілі над намі брыгадзірамі, карацелямі. Анна Пятроўна Скрыпнікава, з якою я сустрэлася ў Мардоўскай АССР у «Дуброўлазе», часам высказвалася шчыра аб лагерным начальстве ці парадках. Яе тады саджалі ў БУР, а з ёю блатных, якія накідаліся на старушку (была ў лагерох 22 гады) і разьбівалі ёй да крыві голаў. Пасьля ўкраінкі на адным з этапаў, у якім наслалі на іх блатных, такі далі ім адпор, так іх зьбілі, што гэтую практыку крыху прыпынілі. Але блатныя любілі адважных людзей і такіх, якіх прасьледавала начальства. Для іх, напрыклад, трапіць на дошку гонару ў лагеры быў найбольшы ўстыд, калі яны былі т. зв. «законьнікамі». Не любілі працаваць, казалі, калі нешта трэба было раськідаць: «Бурыць не строіць — сэрца не баліць». Вось, мусяць, з гэтых меркаваньняў яны добра даволі адносіліся да мяне. Памятую такую адну Кацьку, чорную, высокую, якая аднойчы з гонарам заявіла, што яна паважае мяне, бо я такая ж адважная, як і яна, нікога не баюся, і пачала мне расказваць, як яна задушыла ля ўборнай сваю падружку, а пасьля памагала забіць яшчэ некага — налічыла 6 чалавек… Я ўзялася за голаву. Да яе ніколі не дайшло б, што я мінала чарвяка на сьцежцы, бо і ён хацеў жыць, і што адвага мая з іншых жоралаў і зусім процілеглых мэтаў. Калі нас, неспакойны элемэнт, мелі адвозіць на «Новую Зямлю» (так казалі), дык Фрыма Барысаўна (прозьвішча забылася), якую судзілі як яўрэйку, што хацела «атруціць студні ў Ленінградзе» і г.д. — усё, безумоўна, выдумка, — вось яна й спалохалася, што там яе блатныя зарэжуць. Блатныя абурыліся, прыйшлі да мяне й кажуць: «Ня бойцеся нас, мы вас паважаем, і калі вас павязуць з намі на „Новую Зямлю“, мы вас ня скрыўдзім, а вось тую Фрыму Барысаўну б… мы тут прыкончым на месцы». Мусяць, Фрыма Барысаўна адкупілася нейк у начальства, яе нікуды ня выслалі, а нас выслалі ў Абезь з блатнымі, але гэта пазьней.

А тым часам у мяне йшла перапіска з мужчынскімі лагерамі. Пасьля я пачала зьвязваць сяброў між сабою, каб былі кантакты й поўная цэласьць у нас. Пісалі ўжо ваўсю й нашыя дзяўчаты. Сядзелі за гэта ў БУРах, але пісалі, так было лягчэй жыць. У нас стварылася цесная беларуская сям’я. Мы як толькі маглі падтрымоўвалі сябе ўзаемна. Часта, калі мы праходзілі каля 1-га, напрыклад, ОЛПа на працу, дык сябры пазнавалі мяне, яны выходзілі амаль да дроту й розна мне паказвалі жэстамі сваю еднасьць, стойкасьць і братэрства. Я, безумоўна, мала што бачыла праз сьлёзы, а дзяўчаты, нават і стукачы, да гэтых праяваў беларускай сямейнасьці адносіліся амаль жа набажна. Сям’я наша была сапраўды нечым набажна ўзьнёслым, вартым нашай Маці-Беларусі. Толькі гэта было да пары. Вораг спалохаўся, і пачалі вербаваць розных Шапавалаў, дэзарыентоўваць іншых, палохаць і раськідаць па другіх лагерох. Нічога, добрае ніколі ня гіне, яно жывое й сяньня. Не памылюся, калі скажу, што беларусы трымаліся найболей шляхотна й найцясьней.

Час поўз, прыйшла восень, нас вадзілі на розныя аб’екты, часам за 12 кіламэтраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасьце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т. п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манэўравалі, каб рукавіца ня трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зьняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесьці запіскі. На аб’ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разьбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісьць не выбівалася ў змаганьні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для сьмеху, для забыцьця таго, што нас акружала. Што магло нас няшчасных чакаць, каб ня сьмерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплыней хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чакісты, сьледавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гвазьдзікамі, ружамі і т. п. Яны заглушалі гэтым смурод сваяго сумленьня ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што сьмярдзелі потам, — гэтага я не магла разгадаць. I вось доўга для мяне асабіста парфумы нагіаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб’екты работы.

I так восень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азьвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала… Які ж жаль… Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыцьцё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпеньні цягнуцца дзесяцігодзьдзі, і вось у лагеры быді дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шаферамі пад час пагрузкі пяску на аб’ектах, пры разгрузцы вугалю і т. п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісьць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасьці проста пырскалі слязьмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларысо, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасьля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т. п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую… Машына, куды яе зсыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўседы апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі — выйшла за агароджу…[122] Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шайталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога ня ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим…» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разьлікам некалі ім адпомсьціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасьля павязьлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцьця. У саветаў усё «панавучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі…

На наступны год усіх вывелі за зону, але нейк нас пакінулі з Елізаветай Радзіонавай. Яна была жонкай прэм’ер-міністра РСФСР. Яе мужа расстралялі пасьля вайны, а ёй, таму што яна жонка расстралянага, далі 10 год лагероў. З ёю была і Аксана Кубаткіна, яе муж быў, здаецца, нейкім генералам ад КГБ. Аксана Кубаткіна была вялікай прыхільніцай бацькі Сталіна, нягледзячы на тое, што ён пакараў сьмерцю яе мужа (аднаго з ініцыятараў 25-гадовага пакараньня для сваіх землякоў) і параскідаў па лагерох рэшту сям’і. Яна старалася шчырай працай даказаць сваю прыхільнасьць ураду. Праца яе заключалася пераважна ў падсьцёбваньні другіх, бо яна была брыгадзірам. Спраўлялася яна з гэтым выдатна, як на погляд начальства, з іншымі поглядамі яна мала лічылася. Адумыслова крыла матам, каб даказаць сваю духовую прыналежнасьць да пралетарыяту, але скрыгітала зубамі, чытаючы лісты ад сына, які таксама быў у лагерох. Меншы быў пры старой бабцы, і іх абое называлі ворагамі народу. «Я ня думала, ня ведала, што ў нас творыцца падобнае», — часта стагнала Кубаткіна. Радзіонава была вельмі тактоўнай і талковай жанчынай. Мела тры дачкі. Старшую яе нарачоны не пабаяўся ўзяць за жонку сабе пасьля ўсіх рэпрэсіяў, а дзьве малодшыя жылі ў сястры. «Лариса Антоновна, меня вызывали по поводу вас, и я сказала им, что Люция Антоновна — это мещанка, а вот вы — это глубокий, подлинный ум…» — «Вы мне дрэнна прыслужыліся», — засьмяялася я.

I так мы з ёю ў зоне, а сяньня маюць забіраць з зоны дзяцей, якім два ці болей двух годзікаў. Маюць іх адвозіць у розныя дзетдомы. Большасьць мамак вывелі за зону, але ня ўсіх. У адным кутку нашага лагеру быў другі лагер, таксама аплецены калючым дротам і з вахтаю. Там жылі т. зв. вольныя дзеці. Імі загадвала вольнае начальства й болей давераныя прыдуркі. Дзяцей гэтых нарадзілі цяжарныя ўжо з волі жанчыны ці якія сталі цяжарнымі ў лагеры. Толькі на час хваробы дазвалялася мець рожаніцы дзіця пры сабе, пасьля яго забіралі, і маці пускалі толькі да дзіцяці ў час кармленьня. Калі ж кармленьне кончылася, дык толькі раз на тыдзень, калі ня выдумалі якой эпідэміі. Мамкі бегалі ў адчаі ля калючага дроту й часта проста кідаліся на яго. Вечнае сьвятое мацярынства, яго натуральныя праявы караліся тут і асьмейваліся. А бедныя маці ляцяць з работы туды, гдзе дзіця. З маленькага прыдзелу цукру, які атрымоўваюць, вараць нейкія немагчымыя цукеркі, хаваюць кусочкі рыбы, пячэньні ці што могуць выпрасіць у тых, якія маюць пасылкі, а то і ўкрасьці… Каля дзіцячай зоны вечны плач, а дзеці, бы ціначкі, бледныя, запалоханыя, рвуцца толькі да мамаў, хоць бачаць іх так рэдка, аднак пазнаюць і кахаюць толькі іх адных. Маці нямеюць ад шчасьця ля іх. Вось сяньня забяруць гэтых дзетак. Мы глядзімо з жахам, як над лагер прыляцелі й хмарай закружыліся грачы. Стала цёмна ад іх, закракалі, закрычалі, і нам пайшоў мароз па скуры. У зону ўехалі аўтобусы, забрахалі сабакі, залаяліся матам канваіры, і пачаўся плач, крык, разьдзіраючае душу выцьцё, быццам людзкія прадсьмяротныя мукі. Такое галашэньне не бывае нават па памершых. Мы зьледзянелі, падысьці бліжэй было нельга, раз’юшаныя канваіры стралялі б. А грачы ўсё кружылі, кракалі, не сьціхалі нямыя птушкі, якія адчулі жудасны чалавечы боль. «Я не знала, не знала, что у нас такое быть может», — шаптала, зьбялеўшы, Радзіонава. «А за што вашага мужа забілі?» — спыталася я. «Жалел свой народ, хотел добра ему», — ціха прашаптала яна. Аўтобусы паехалі, крык ставаўся хрыплым, прыдушаным. Калі я падышла да бараку бліжэй, дык яшчэ адлівалі гдзе каторых памлелых, чуцілі. На нарах ляжала амаль нежывая Соня Сьвіда. Яна працавала ў лагернай аптэцы, і чорненькую сваю Кацюшу ўдалося ёй затрымаць пры сабе даўжэй. Бацька Каці быў лекар, нейкі нацмен. Соня часта казала: «У Каці цудоўныя валасы, але ёй трэба сорак касічак заплятаць, так, як у народзе яе бацькі». Соня рысавала кніжачкі для яе, пісала казкі. На сьвеце мела толькі яе адну. Цяпер ляжала амаль нежывая. Яна ня выла, яна некалі была дамай, ёю й засталася, толькі стагнала жудасна, нечалавеча… Яшчэ горай было, калі ў зону вярнулася рэшта мамак. Галашэньне доўга не сьціхала. Радзіонава й Кубаткіна так абураліся, што можна было думаць, што яны там наверсе сапраўды ня ведалі аб колькасьці зьняволеных і аб іх муках. Між іншым, абедзьве, калі са мною прашчаліся, дык мелі аднолькавую просьбу да мяне: «Лариса Антоновна, прошу вас, останьтесь всегда такой, какая вы есть». Я ім гэта ахвотна абяцала. А дзетак гэтых папуталі ў дзетдомах. Калі сваякі забіралі іх дамоў, дык часта давалі ім ня тое дзіця. Прысылалі здымачак з хаты, і пачынаўся плач. Дзіця нейкай рускай мамы завезьлі аж у Галіччыну й наадварот. Куды падзелі Нату, нічога ня ведама. Зусім магчыма, што й не жыве… Яшчэ полькі зьвярнуліся да мяне, каб напісаць ім верш пра Галіну Готэс. Прасілі, каб па-расейску, каб прачыталі ўсе. Павезьлі яго з сабою ў Польшчу. Я яго добра ня памятаю, вось толькі ўсяго:

День осенний с утра заливался от слёз пред начальства прижмуренным взглядом. Один на посёлок, другие в колхоз — проходили все молча бригады. Конвоиры привычным движеньем руки с суровостью нечеловечьей направляли спокойно нагие штык в беззащитные женские плечи. И каждый почти с них «молитву» изрек, роняя слова с наслаждением: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег, стреляю без предупреждения». Шли серые, мрачные, часто без сил, под раскаты сурового мата, и дождь проливной лишь уныло звонил ударами слёз по бушлатам. Галю застрелили. Возможно, что где-то те, из-за морей, в половине двадцатого века стреляют так в прериях диких зверей, здесь можно стрелять в человека. Спокойно «актировал» жизнь эту враг, пайку лишнюю списывал хлеба. Стонал лишь от горя бессильный «Минлаг», с ним плакало чёрное небо… Давали девчата суровый обет отомстить эту жизнь молодую. Нам крикнула дико надзорка в ответ: «Мы завтра пристрелим другую!» Но руки над трупом пожав среди тьмы, мы сказали: «Так завтра не будет, что завтра ведь наше, что завтра ведь мы, что завтра ведь лучшие люди…»

Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.

Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для сьвіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнаньні з намі, як паны. У кожнай сьвіньні свая клетка і ўсе сьвінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Ня ведаю, хто еў мяса з тых сьвіней, мы елі камсу й сьмярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (О, Ленина), о, сталина», — казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасьці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасьці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб… А яшчэ мы елі суп з рэдзькавеньня з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак… Ды чаго мы ўрэшце ні елі… Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэсьлівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў сьвята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсе жыцьцё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й ня посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Сьвінскае нормы яны ня елі, і тут выйгравалі сьвіньні…

Горам для нас былі этапы. Прыяжджалі купцы. Гэта былі звычайна босы з нейкіх лагероў, гдзе стройкі. Кожны начальнік лагеру прагнуў збыць старых і набраць маладзейшых. Нас заганялі брыгадамі. Спачатку лагерныя лекаркі ці лекары (пераважна апошнія — сьцервы) глядзелі нас на цяжарнасьць, ня мыючы рук… Пасьля мы йшлі голыя да пояса да стала, гдзе засядалі лекары, купцы й начальнікі. Нам заглядалі ў зубы, мацалі, круцілі голавы й бралі нас на ўлік этапны альбо, крывячыся, адкідалі. «Хадавы тавар» быў тады: «З трыццатага года нараджэньня». Часам везьлі аж у Караганду. Усюды тое самае! Да нас прыбывала папаўненьне з волі, прыбывала шчодра… На Інце доўга была з намі Соня Радэк. Яна рабіла прыдуркам. Была францужанка Пірэт, якая дзеля «славы Францыі» старалася працаваць разам з усімі. Была яна нейкай вечна надутай, а можа, ганаровай, што яна ня мы… З ёю гутарыла нейкая Угрымава (здаецца, так), якая разам з мужам з патрыятычных меркаваньняў вярнулася на «родину» з Францыі. Іх з Адэсы, здаецца, проста з парахода далі на Інту. Працавала яна художніцай. Малявала карыкатуры на розныя лагерныя парушэньні, напрыклад, як мамкі лезуць праз вузенькае вакноў калючым дроце да сваіх дзяцей. Ну, гэта, як і другое, нас не сьмяшыла… Была з ёю і яе сястра Волкава, якая старалася мне давесьці, што сталінская «эпоха» найслаўнейшы час расейскай гісторыі. Дык аб чым было з дурнем болей гутарыць? Я цесна дружыла з Люцынкаю, а калі яе адвезьлі ў Абезь, дык з харошаю жанчынай Ольгай Фоцюк, з Ольгай Мароз, са сваімі дзяўчатамі, якіх, прызнацца, пабойвалася за малымі выняткамі. На іх быў асаблівы націск, а мы — як каты ў мяшку. Часта каторая з дзяўчатак гаварыла мне: «А цяпер „пасварымся“ з вамі, ня будзем гутарыць, ні сустрачацца…» Я за гэта дзякавала, ведала, што застаўляюць на мяне даносіць, і нам выгадней было «пасварыцца».

Тактыка не зьмянілася, так робяць са мною й цяпер. I цяпер ходзяць да людзей і рознае на мяне выдумоўваюць, падобнае было і ў лагеры. I тут, і там мала гэтаму верылі.

Было розна, але ў лагеры мяне даволі слухалі. У нас ладзілі канцэрты вельмі харошыя: балеты, мантажы з опэраў, эстраду. Аднойчы запрапанавалі даць нешта ўкраінскае, думалі што, але адна з масквічак так непрыгожа выразілася аб менейцэннасьці беларусоў і ўкраінцаў, што вас заела. Канцэрт гатовы, але на яго ніхто ня йдзе! Сцэна пустая, брыгады ня рухаюцца з месца… На гэта трэба было толькі сказаць: «Калі так, дзяўчаткі, дык нам там ня месца…» Гэта была цудоўная зьяднанасьць, нават прыдуркі ня йшлі… Пасьля давалі і ўкраінскія намяры: песьні, нешта з «Запарожца за Дунаем» і, здаецца, нават «Шэльменку».

Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часьць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сьцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радые — захварэў Сталін. Наша групка — украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі — так і зьбегліся, ня ведалі, як стрымаць сваю радасьць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, сьмяртэльна, няўжо канец зьдзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы — крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад’яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» I што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве нехрыст… Кажу: «Ёсьць розныя геніі, светлыя ёсьць і чорныя, гэты быў найчарнейшы…» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсе чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасьць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяньня?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо ня ўстане. Сьвята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газэтах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы ня ўстане. «Кінь к чорту яго, — кажам, — ён ужо ня страшны…» Яна сьмяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна…

I вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасьць. Паглядаем на канваірскія морды, пасьмейваемся, што ж сіроткі без сваяго «тата», вам ня сорам за ўсе?.. Нас яшчэ пусьцяць ня хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той сьмерці людзям стала дыхаць лягчэй.

Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Натальля Арсеньнева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т. п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сьціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што ня лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Эўропы, а там жанчыны, нават зьняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна…» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасьці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсе гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людзкасьці тут не было й ня будзе, тут хітрасьць. Пасьля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасьветава?» Яму сказалі, хто Прасьветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны… О іронія, о жах… «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісьцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпляматах. Я яму на гаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусьціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Ня ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражаньне, што яны нарэшце сьцямілі, што сяджу дарма. I яшчэ адно я зразумела, што калі пыгаецца, нехрыст, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль ня пусьцяць… Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Эўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й пасьлядоўнасьць, тут Сталін і мера пачуцьцяў да яго вырашалі людзкія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амэрыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдзкасьць Гітлерам, зьдзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня…» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься…» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасьць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.

Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачылігя. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Быда гэта беларуска Жэня Пазьняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людзкай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным… «У чым шрава?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсьць родная мама, але гэтага не магу ёй сказаць, не перанесла б…» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зьняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й зьдзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай візасьці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. I вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, гдзе ўсе забіваюць — ад волі чалавечай да самога чалавека, — трэба ратаваць жыцьцё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася, Але ў мяне ж свая беларуская сям’я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзідя, нельга тут раджаць, трэба гэта зьнішчыць і зацерці сьляды… Што ж, практычна, вельмі «па-людзку»… Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны… Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» — «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць…» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасьць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі… гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, бяздушных… Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсб роўна ніколі ня скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсьцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем — Ларыса… А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыцьцё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленьні… Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, ня маці, зайздросная за сваё дзецятко, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў тубэрхулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.

Мяне як штрафніка вывозілі Ніхто ня ведаў куды, гадалі, што на Новую Зямлю. Я пайшла да Жэні. Яна распавіла дзецятка й з плачам упала тварам на яго, уся яна ўздрыгвала, аж стагнала. Я падкяла яе, і мы разьвіталіся. Пару рублёў сваіх я палажыла ля дзецятка й ледзь жывая выйшла з той больніцы. Справа кончылася пагана. Жэня, памятаючы высказваньні сяброў, не зьвярнулася да нікога з нашых. Была ў нейкай знаёмай. Многа хто хацеў ажаніцца з ёю, але жадалі, каб яна аддала ў дзетдом дзіця. Жэня не згаджалася й ненавідзела такіх людзей. Пасьля яна захварэла, захварэла й дзецятко. I калі ўжо пагражала ім найгоршае, зайшоў туды Аляксей, грузін. Ён спачатку падышоў да дзіцяці, пачаў ратаваць яго, а пасьля й Жэню. Ён ажаніўся з ёю, ці кахала яна яго, я не магла запытаць у яе. Я люта злавалася на нашых хлопцаў, ня здольных на дабро й велікадушша.

Цераз пару гадоў, калі мяне зноў вярнулі на Інту й мы з пані Оляй, ужо разканваіраваныя, хадзілі чысьціць сьметнікі па Інце, дык аднойчы, раней кончыўшы сваю норму, зайшлі да Жэні. Была ў іх маленькая хатка, мара ўсіх зьняволеных. Юра вырас, увесь быў, як Жэня, чарнавокі й вельмі прыгожы. Аляксей папраўляў праводку, і малы цюкаў за ім малаточкам. «Гляньце, як мне мой сын памагае», — сказаў, засьмяяўшыся, Аляксей і да сваіх добрых, шырокіх грудзей прытуліў яго маленькі тварык. Я толькі намагалася, каб не заплакаць ля іх. Пасьля паадносіла ім свае лагерныя драбніцы, бо нас «иностранцев» зьбіралі ўжо на далекі этап. Нас завязьлі ў «Дуброўлаг» у Мардоўскую АССР, у Поцьму.

Што цяпер з Юраю гэтым, я ня ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве сваяго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць… Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё ня раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасьцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.

А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцэдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто ня скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасьцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх… Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падрёных на каяньне слоў… Лагер плакаў. Дзяўчаты зьбіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажылося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка — куды ж нас папруць? Нам гэтага ня скажа ніхто, канвой наш — нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезьлі ў інвалідны лагер у Абезь. Ну што ж, гэта ня самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла — гэта было яшчэ болей на канцы сьвету.

Забылася напісаць, як пасьля сьмерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасьля непакоячага маўчаньня аб’явілі аб тым, што здымаюць нам намяры й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасьці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што номер для нас не цяжкі… Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасьць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяньнем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезьлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш ня хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасьці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызьнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элемэнту на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азыяцкія правакацыі. Неспакойны элемэнт замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б’юцца ў лагеры з літоўцамі! Б’юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазьвярэлі за дзесяцігодзьдзі жывёльнага існаваньня. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасьцяў не дапусьцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.

Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозьвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цьвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сыстэму зьняволеньня й трыманьня ў няволі наскрозь. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер ня будзе дарагой мэблі, але на сьценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае — згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з бю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.

Мне лісты не прыходзілі ніскуль. Тата мужаў памёр, муж ня ведаў, гдзе я, а сына, як мы пазьней даведаліся, пасадзілі за хуліганства, і білі яго, і зьдзекаваліся над ім, як самыя хацелі, праўда, польскімі рукамі на гэты раз. Усюды ёсьць шумавеньне й вырадкі, вось і Польшча хоць гэтымі людзьмі дагадзіла «асвабадзіцелям», як яны самыя вечна сябе называлі. Вестка аб лёсе сына дайшла між радкоў і ў Абезь. Беднаму, відно, пашкодзілі мае вершы, якія стукачы, розныя Шапавалы, выдалі нелюдзям на Інце. Было відно, што баяцца, каб сын ня стаў, як маці. Трэба было прыбіць дзіця, каб не ачуняла, не паднялося… Бедны мой сын, але трэба было змагацца, каб усім дзецям на ўсёй зямлі можна было б пры бацьках гадавацца й расьці, як растуць дзеці цывілізаванага сьвету, пазнаючы прынцыпы дабра, праўды, чэсьці й міласэрдзя.

Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза, і мы доўга сьнілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі плян.

У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. З Тамарай Ве-раксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага маяго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як номер балету са сьпевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маб слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна… Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве» — як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасьці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх было аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеяк, заганялі ў БУР і вельмі прасьледавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезьлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есьці. Яны не хацелі ў няволі йсьці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягауць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоцьцях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй…» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго ня змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 40°, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сьцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разьбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцьці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сьценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач зьбіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому ня верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасьля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзьлі насьмерць. Яны ўсё посьцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзьлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зьняверыўшыся, не маглі й не хацелі болыд слухаць усякай хлусьні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць ня так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Зьбяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сьцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. I дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку бяз розьніцы нацыі, рэлігіі, пераконаньняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства… «Вы ж мусіце быць з намі, — казалі, — вы ж такая, як мы». I калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсьці да іх… Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасьля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцьці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым ня думаць, нічога не хацець — ні вайны, ні асвабаджэньня, ні помсты на ворагу — і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, і, нягледзячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо… Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»… I наагул было розных сэктаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, разьмясьцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вясельлі. Мы думалі, што ў іх ня ўсе ўдома, а гэта ж такая іх сэкта… А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.

Нідзе, як тут, ня ясна было, што «вера без дел мертва есть», а без любові да людзей — тым болей. Я часам думала, як чуўся б і што ў гэтых варунках рабіў бы які сапраўдны амэрыканскі місіянер? Якую ён тут застасаваў бы тактыку? Я толькі ведала, што не заўсёды трэба быць голубам, у гэтым выпадку — лепей лісою. На ражон было лезьці ня час, а, як той лекар казаў — перахітрыць ворага. Дзіўна, што яны найболей баяліся ўсе ж рэлігіі. За малітоўнымі кніжачкамі й абразкамі дык проста палявалі. Аднойчы я ляжала хворая, засталіся ў бараку й другія дзяўчаты і, карыстаючы з гэтага, маліліся. Увайшлі надзоркі, з якіх найболей дурная й найболей лютая была нейкая Дунька. Пачаўся шмон. Убачыўшы малітоўнік, Дунька накінулася на дзяўчо, як гіена. Дзяўчына пачала ўцякаць, скакаць па верхніх нарах, Дунька за ёю ў сваіх боцішчах. Малітоўнічак кінулі мне, і я яго ўраз прыхавала, а сама пачала стагнаць. Дунька не знайшла яго, з чаго ледзь ня выла. Наагул надзірацелі былі нелюдзі. Калі аднаму з іх, нейкаму Кір’янаву, нарадзілася дзіця, дык людзі не пыталіся: хлопец ці дзяўчына, а канваір ці надзорка? Ніхто ня мог уявіць сабе, што з гэтых кацюгаў можа быць нешта іншае. Кір’янаў пасьля сьмерці Сталіна, кажуць, пайшоў вучыцца на афіцэра. Так, зусім на гэта адпаведны элемэнт, ад нечалавечага выразу твару пачынаючы.

Людзей у лагеры амаль ня білі. Мяне дык біў толькі раз нейкі Іваноў за тое, што не хацела йсьці мыць падлогу ў воінскі барак. Я так і не пайшла, але ўжо енчыла, што мела сілаў, аж адскочыў ад мяне й кінуў біць. Нас мучылі вышукана маральна. Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нэрвы, ганялі, усяк прыніжалі. Штодзённа мы павінныя былі казаць ім канец сваяго сроку. У мяне гэтае «сьвята» прыпадала на 73-ці год! Вось мы мусялі такое памятаць. Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасьці. Не, усяго не перасказаць… Ніхто з іх ня меў літасьці, і гэта палохала найболей, знача, ня будзе на зямлі людзей — адныя ўзаемныя мучыцелі толькі… Мне, праўда, і сяньня ня лепей, мучаць яшчэ болей прадумана й садыстычна, як некалі… Вера толькі ў сілу, а рэшта ўсе ня мае значэньня паводле іх. А сілы гэтае ніхто яшчэ не парушыў, яе прызнаюць, і енкі няшчасных мільёнаў зьняволеных моўкнуць у тундры, у пустынях і стэпах гэтай надзеленай прасторамі й дзікасьцю краіны, якая мучыць і губіць даўно ўжо самую сябе, ня знаючы меры.

Пасьля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, гдзе ні дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасьля землятрусу. Усякая нечысьць зьдзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я ня вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеця й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка…» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік — шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне ляп назад у вочы… З вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны».

Можна думаць, як я там чулася, ведаючы ўсё яе выслужваньне немцам… Розум тут ня дзейнічаў, усё залежала ад шчасьця.

З Ольгай Мароз была ў нас адна доля й адна папулярнасьць у добрых людзей. Была ў лагеры й англічанка Кэтты, жонка нейкага важнага таварыша. Мела двох сыноў на волі, мужа, які ад яе, здаецца, адрокся, і, як сапраўдная камуністка, непрахадзячую любоў, якую ад Сталіна перанесла цяпер на Леніна. Яна ўсё брала на розум, але я ёй аднойчы расказала ангельскі фільм «Дзьве тысячы жанчын», які я ўбачыла ў Празе, і гэта кранула яе не на жарты. Кэтты была худая, тонкая, рыжанькая й не благая. Як і мы ўсе, чысьціла ўборныя, а чысьціць было што й кіркаваць… Уборная — гэта таксама нейкі падыход да камунізму, вялікі рад дзіраў, і там «калектыўная творчасьць» з раніцы пачынаючы, і чарга, і погляд на гэтае ўсе, і роздум…

У Менску яшчэ нейкая Болбат, мянчанка, цьвярдзіла, што ў лагерах пачнецца яе сапраўдны камунізм, у які яна вельмі верыла, і вось пачынаўся ад супольных нараў, гдзе з-за цеснаты ўсе па камандзе паварочваліся на той ці іншы бок, з супольнай кармілкі, бані, працы, да тае жудаснай уборнай, успомніць якую страх… А недзе ў сьвеце ўсе ж жылі жанчыны, капрызілі, апраналіся ў розныя моднасьці і, можа, наракалі… О, калі б яны бачылі гэтае хоць у сьне, яны, напэўна, ня ведалі б межаў асабістаму сваяму шчасьцю. Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, гдзе хлеба ўволю на стале і ціха, ціха, як у храме…

Хрысьціяне сябе нейк узаемна пазнавалі. Нягледзячы на веравызнаньне, кожны, хто верыў, хіліўся да такіх, як ён. Усюды на поўначы панаваў аўтамат, як і ў літаратуры, як і ў гульнях дзяцей да сяньняшніх дзён. Так, аўтамат гэта сіла: кожны тупы елуп можа трымаць сотні найлепшых безабаронных людзей і рабіць з імі, што сам хоча. Змушаць іх, напрыклад, пераносіць горы сьнегу з месца на месца да абсалютнага ўпадку сілаў ці проста страляць ля нас, а калi мелі неасьцярожнасьць адысьці ўбок, дык і ў нас. Гэтыя аўтаматы так доўга заглядалі нам у вочы, што сяньня яны здаюцца нам сімвалам камунізму, супраць якога ў нас заставаўся — крыж. Адзіны, беззаганны й бясстрашны, які не пакінуў нас у нашых суровых выпрабаваньнях — нашая мужнасьць і нашая сіла. I вось у гэты жудасны час мы думалі сабе — ніводнага. кроку ў бок ад вучэньня Хрыста й ніводнага слова іначай! Ёсьць жа нейкая чалавечнасьць на сьвеце, на якую мы спадзяемся, бо мы толькі да канца пазнавалі жудасны твар джынгісханаў і нам з імі не па дарозе.

Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесьці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але ня проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавеньне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на сьмех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэньня нават на жудасным сьледстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну бяззубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнаньні з табою, а ты — бяззубы й гнілы пень пры іх». Цкаваньне змоўкла, і толькі т. зв. нарадчыца са зьняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са сьмеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсься ад хохату.

У лагеры была адна амэрыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. З яе пасьмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сьціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амэрыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сэпараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. З ёю было мне вельмі бясьпечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязьлі нас разам — як «інастранкі». Была ў лагеры й нейкая каханка Бэрыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Бэрыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпляматычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бэстыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыцьцё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіенка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, ня кажучы ўжо аб зьняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад’езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэньні кватэр.

Пасьля сьмерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі езьдзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа мэтраў сам Косьця Шышэя. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам[123] я вельмі замярзала. Косьця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасьць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф’ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сьцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф’еў, здаецца, з ёю разьвёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі мэтраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, сьлізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.

Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа[124], а што гэта, я й сяньня добра ня ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасьці сьнегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць сьнег гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 40 спацееш, а тут мы зьбіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо зьмерзьлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён зьнік недзе, пасьля зноў паказаўся й вось падыходзіць. да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зьледзянелы сьнег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасьля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са сьнегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасьць, зьнік, і добра, што ён ня бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто зьеў тую мандарынку, мы іх прынесьлі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысьціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы сьнегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посьцілі, было нам сьветла нейк ад надыходзячага вялікага сьвята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на сьледстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на сьнег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынесьлі мне, каб разьдзяліла. Селядцы я разьдзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанесьлі ў зону й пасьля спраўлялі разам Вялікдзень…

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есьці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасьмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасьля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш…

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў ня так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыцьцём. Савецкія сьледавацелі з надзвычайнай радасьцю капаюцца менавіта ў розных пачуцьцях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасьць пазьдзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псыхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасьць мелі тыя сьцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сытуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла… Выхваляліся пасьля, такое знушчаньне называлі подзьвігамі разьведчыкаў…

Пасьля сьмерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесьці «веліч» гэтых ідэяў… О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, ня іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасьля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто ня ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, гдзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасьці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынесьлі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т. п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася нешта кулінарыць… Гэта быў торт са зьмеленых, высушаных паек хлеба, разьмешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зьверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяньня я яго ня ела б… Дзяўчаткі былі так узрушаныя, сьлёзкі ў вачох… Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам зьямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. I тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір’янаў, падыме нары і як лясьне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў — торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу ня вылезу, але ён нейк са злосьці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон… Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зьверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы — раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала… Сама стаю з масьцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сьцервы, але ў карыта не дадумаліся… Вечарам прыйшлі мае дзеці… Хоць плач, яны, бедныя, тры дні ня елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта зьбіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчасьлівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху сьпяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангельля ці іншай вечнай мудрасьцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» — «Ларысы Геніюш», — адказваюць дзяўчаты нейк бязбоязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезьці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая». Першы раз чую гэтую песьню, ледзь ня плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь…

Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цьвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма гдзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасьля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуцьцяў людзкіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва сваяго ўлюбёнага Маякоўскага, вялікія два аркушы. Прывітаньняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны ня ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў… О, мары сьветлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў… Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Ня мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай гад гэтыя словы Сыноў аба мне! Ён амаль усе аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць ня ў БУР… Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача на волю». — «Нет, все дороги ведут к коммунизму», — пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае…

Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым… А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’яжджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны ня плакалі, а мне плач разьдзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме, мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расьціслаў, мэтар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Бэрлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын… Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазьней даведалася, і я… Толькі я не адна, са мною заўседы людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязьмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасьля лагеру й мой муж…

А пакуль я ўваходжу ў новы лагер, у інвалідзкі Абезь. Яшчэ я ня ведаю аб сьмерці мае любімай наймалодшай Людмілы, ня ведаю яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што сядзіць у польскай вязьніцы сын мой і яму цяжка… У Абезі выбеглі супраць нас калекі, розныя гарбуночкі, старушачкі. Тут ёсьць карпусы хворых тубэркулёзьнікаў, ёсьць болей за 40 хворых псыхічна, у іх агароджаны барак, і там нам уступу няма. Няма тут ні вала, ні каня, як на Інце. Бабкі самыя на сабе возяць і ваду, і вугаль, і прадукты, і ўсе нечыстоты. Найболей тут, як і ўсюды, украінак, яны ўжо сухенькія, пачарнелі, але як жа яны добрыя, ласкавыя да харошых людзей, як жа лютыя й злосныя да недругаў. Яны, здаецца мне, ведаюць усе на зямлі, гэта цярпеньне адчыніла ім вочы на ўсе праявы жыцьця іх цяпер.

Вось я ў Абезі, але думкамі ўсё яшчэ на Інце. Не магу забыцца, як падышла да мяне вельмі прыгожая расейская дзяўчына Аня Бандарэнка. На работу яна ўсе старалася так завязаць хустачку, каб чубік харошы было відно, бушлат свой падганяла па фігуры. Хацелася ёй падабацца, хоць сасонкам, хоць людзям, якія глядзяць на яе, а можа, сабе самой. Аднойчы прыйшла да мяне моўчкі, доўга стаяла, а пасьля папыталася ціхенька: ці я выслухаю яе, ці памагу, ці змагу палюбіць яе, нягледзячы на тое, што яна расейка? О, як жа сьмешна! Аня, мілая, харошае дзяўчо, ці ж ёсьць, ці ж можа быць тут розьніца між вамі ўсімі, такімі беднымі, такімі дарагімі… «Ты як дзіця мне, — кажу, — і будзеш заўсёды кусочкам сэрца маяго». Я заплакала, такія пытаньні былі не на месцы, у вачох доўга стаялі Стасяле Міляўскайце й Зося Будрыце — літоўскія студэнтачкі, якія лічылі мяне болей сваёй, як мае дзяўчаты. А Шатрыя… Падыдзе часам, калі хаджу адна, і скажа ўсё, аб чым я думаю, так мяне ведала, а другія… А полька Марыя, маладзенькая, высокая, сьветлая: «Пані Ларыса, ці праўда, што такія, як я, недзе цяпер „адоруюць“[125] перад вобразам Божым у касьцёле. Яны, пэўна, як анёлы, і мне так хочацца быць з імі, ня буду, пэўна, ужо, вырасту вельмі… А мне так халадно бывае, і тады я плачу, і сьлёзы зьмярзаюцца, ці вытрываю 25 лет?» Мілыя вочы ўпіраюцца ў неба, і такі жаль на прыгожым тварыку… А Марыя-беларусачка, савецкая патрыётка, але чысты такі, ня лжывы чалавек. Ляціць да мяне з кожнаю сьветлаю весткай і сама зьзяе… А Нуся Зарэцкая, малая ўкраіначка, якая ледзь ня плача й пытаецца, ці сапраўды ў Амэрыцы так забіваюць неграў, як нам паказвалі ў фільме паводле сцэнарыя нейкай эстонкі? Успакойваю, паясьняю, дзіця верыць мне, і ёй лягчэй. Яна ўсе вучыць вершы на памяць, некалі хоча гаварыць іх людзям, і ёй 25 год пакараньня: сьледавацелем у яе быў сын Каўпака, а ёй было, мусіць, 18 годзікаў, а можа, і меней… Але былі і іншыя, напрыклад, прыехала нейкая медсястра з Варкуты, уходжаная (на агульных працах не працавала), усё нейчая любоўніца… Прэцца ў нашае таварыства. Вось імяніны пані Тэрэсы. Яна манэўруе словамі, нарэшце чытае цудоўныя вершы — нешта аб белых «пціцах». Мы захопленыя, перасказваю іх Элцы, якая ведае болей як дзьве тысячы вершаў, чым часта сагравае мяне на аб’ектах, і яна хахоча! Верш, здаецца, Цютчава… Ну й дрэнь баба!

Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно — гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзяць нас, строяць, правяраюць сьпярша брыгаду, пасьля ўвесь лагер. Жарты — працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкляматарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсьці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзеньне й пашпарты і ўцякаць на волю…» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, бабо, і йдзі, скуль прыйшла! Мэтады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія цябе паслалі, надта па-свояму вы ўсе абдумалі, сьпеця спакойна, мы выйдзем і так і перажывем яшчэ ўсіх стукачоў…»

На аб’екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасьля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, — кажа, — бачыце, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» — «Так, — кажу, — былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы…» Ён замоўк і адышоў… А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Езьдзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасьцей езьдзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», — кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, — кажу, — калясо гісторыі круціцца, сяньня мы, заўтра вы…» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». — «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше…» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар Прозьвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цьвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як сьнег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т. п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо бяз лаянак, моўчкі…

Мы на аб’екце чысьцім сьнег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысьцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Ня бойся, мама, ён ня сьмее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі… «Мама, мы шчасьлівыя, што мы маем сям’ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаемся, маці…» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цбплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузьняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць ня буду, дый гутарыць, як захачу… «Ну, что?» — пытаецца. Маўчу. «Что делать?» — кажа. «Што ж, — кажу, — парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усьміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напісалі жалабу, можа, вас пусьцілі б дамоў?» — «Начальніца, а многа вы каго пусьцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» — «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы…» Так яна мяне й адпусьцiла. Ніхто ня мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ёй перавялі зьмест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.

А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак ня ўлазiць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы ня хворая.» — «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей ня ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасьцё мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасьці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў… А тую Кузьняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсьцілася пасьля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.

Адзін раз чысьцілі сьнег ля зоны, ля дратоў. Людзей расставілі. У мяне была гара сьнегу, і, калі ўсе разышліся і ў зону не было відна, падышоў канвой, сказаў, што ён з Магілёўшчыны й мяне ведае. Пасьля схапіў лапату й пачаў хутка адкідаць сьнег. Спацеў. Пачуў, што падыходзіць другі канвой, і адышоў памалу…

Быў велькі этап. Усіх маладзенькіх кудысьці адвозілі, маіх дзяўчат. Былі гэта пераважна літоўкі, украінкі й між імі такая мілая Лена, Эліце, літовачка. Ёй было 19 лет. Забралі яе й мужа Ігнася, якога яна вельмі кахала й толькі пра яго й гутарыла. Мілае дзіця было зьбітае на сьледстве, і найгорай было лётаць, казала. «Як лётаць, дарагая Эліце?» — я пыталася. «А вось ставіць сьледавацель табурэтку на табурэтку й так аж да столі, а наверх саджае мяне, а пасьля вырве апошнюю пры зямлі, і я лячу…» Пасьля мы сустрэліся. «О, поне Ларыса, — як казалі яны, — нас завязьлі ў лес, гдзе сосны пад неба, далі пілку, сякеру й норму, і хоць плач, але мы пасьля налаўчыліся, толькі раней быў там лагер блатных мужчын, якія ніколі не выконвалі сваіх нормаў, і мы мусялі выканаць за іх недароблены плян бясплатна. Нас замучылі, і мы ўжо зусім дайшлі, але нехта данёс гэта вышэйшаму начальству, і нас выратавалі. Што яны з намі чаўплі, што чаўплі…» — з вялікіх вачэй прыгожай Эліце толькі ліліся сьлёзы…

Часам былі добрыя прыдуркі. Адна такая Наташа мела нават свой куточак, куды мы прыходзілі грэцца, памыцца. У яе было заўсёдый крыху хлеба. Там я сустрэлася й з Соняй Сьвідай, была яна нейкая сваячка жонкі Тарашкевіча, гулялі мы з ёю часта ў шахматы, але аднойчы яна папыталася ў мяне, ці СБМ і Самапомач — гэта тое самае? Гэта мяне настарожыла, каму ж да гэтага была справа? I я ўжо баялася яе… Доўга былі мы й з Люсяй Васількоўскай, з якой сустрэліся ў Горкім. На жаль, мае падазрэньне, што яна стукачка, пацьвердзілася. Але яна не была паганай. Раз ледзь ня ўдарыла мяне, бо я даказвала, што й тут капіталізм, толькі капітал у адных руках і ніхто яго не кантралюе… Яна спалохалася за мяне й сілай змусіла замоўкнуць.

Вялікдзень, а мы за зонаю. Сьнег, марозік, кірка й лапата… Стала так сумна, і прыгадалася мінулае: Прага, муж, сын… I вось муж на працы, я чакаю яго, адхіляю фіранку ад акна, гляджу на лімузіны, і мне ўспамінаюцца далёкія хаты. Я п’ю за іх чарку віна й думаю, што некалі я ўсім сваім сёлам дакажу, як умею цярпець за іх і ўсё выцерпець. Адным словам — «адхіляючы цюль ад акна, з поўнай чарай, угору паднятай, я стаю ў задуме адна» — і вось кажу гэта сваім сёлам. Далей я верш забылася, а канчаецца ён нейк так:

Поўнач, сьцюжа, вясьняныя сьвяты, сьнег і сьлёзы па твары, як соль, прада мною кірка й лапата, толькі сэрца ля хатаў і сел. I як колісь Сьвятое Расьпяцьце, з Яснай Чашы, ля Царскіх Варот, п’ю свой боль, як вялікае шчасьце, за пакутны каханы народ!

Вось зьмест больш-менш таго велікоднага вершу. Жаль, я доўга памятала яго, але ўсе забываецца пад новым наплывам падзеяў і горкіх спраў. Забылася многа.

6. Абезь

Абезь не працоўны, інвалідны лагер, але што мацнейшых паслалі адразу на сенажаць. Летам трава на поўначы расьце дзень і ноч, яна нейкая вадзяная, высокая. На Інце й нас вадзілі касіць сена. Круціла я тую касу ў руках, а пасьля як размахнулася, і пайшло… Мама мяне ўсяму навучыла. Яна казала, што добра ўсё ўмець, ня ўсб рабіць. Як гэта мне ў жыцьці прыдалося! Я не стагнала. Вось на такой сенажаці найгоршае машкара й камары. Як налезе машкары ўсюды, то мы проста танцуем дзікі танец з болю. Пазавязваем рукавы, даўгія нагавіцы, а яны тнуць, аж спухнем, і ў вочы. У канвоя ёсьць накамарнікі. Ды ад камароў можна хоць дымам адратавацца, ад машкары — нічым. Бывала, у нас паяўляюцца салодкія мары: вось прывязаць бы тут да дзерава на ноч таго вусатага, калі яшчэ жыў, і бачыць, як ён выкручваўся б, ці надзорак разам з Прасьветавым і Кір’янавым… Ад такіх мараў нам лягчэла крыху. Вось Олю Мароз з Міляю і ўзялі на такую сенажаць, а мяне далі на кухню раздатчыцай. Дзьве тысячы жанчын і столькі разоў махнуць толькі чарпаком тройчы ў дзень, а катлы валачыць, а мыць раздачу і т. п. За тое даюць нам есьці крыху рыбы, тамату, хлеба, супу. Што ж, работа чыстая, і я папраўляюся. Пад белым халатам у мяне заўсёды прыгожая блюзачка з пражскіх рэчаў, хораша завязаная касынка. У лагеры адныя калекі, жаль на іх паглядаць, альбо старушэнцы, вельмі разумныя некаторыя. Усе тут яшчэ пад уражаньнем ад начальніка ОЛПа, нейкага Петрусенкі. Ён тут быў цар і бог, адным словам, тыран над бабамі. Старушкі качагарылі, усе вазілі на сабе й жудасна баяліся. Петрусенка быў зьверам, ён нападаў на жанчын, саджаў іх у БУР, на дварэ ім задзіраў спадніцы й шманаў. У кожным бараку сядзела адна такая бабка па чарзе дзень і ноч на «вшшашга». Гэта знача — уваходзіць яго вялічаство Петрусенка, і яна схопіцца й крычыць усім: «Внимание». Бяда тым, хто прылёг ці не саскочыў у час. БУР забясьпечаны. Настолькі быў страшны, што адна жанчына ўпала з верхніх нараў і моцна прыбілася — проста прысьніўся ёй, беднай, Петрусенка. Людзі былі тут як ня людзі, запалоханыя, прыбітыя. Тварылася тут дзіўнае, але нават такое: выходзіць раненько адна масквічка з бараку, а быў Вялікдзень, і бачыць, па сьцежцы за лагерам крочыць канвой і крэсьціцца, крэсьціцца… Гэта ўжо з дзіваў дзіва! Але адна сьмелая прыгажуня, сапраўды красуня на рэдкасьць, абяцала бедным жанчынам выгнаць Петрусенку й выгнала. Гэта была Лена, дачка знамянітага белага генерала Сямёнава й японкі. Прыгожая, як зара, мудрая. Казалі, што па-расейску гаварыла як ніхто, нейкай асаблівай, прыгожай мовай. Я яе ня бачыла. Яна цяпер сядзела ў загароджаным корпусе псыхічна хворых, і кажуць, што не сымулявала хваробы. Вось яна зьвярнулася да тырана, глянула, і ён згубіў голаву й спакой. Гэта ўсім сказала. А аднойчы ўзяла ноччу бушлат, кінула яго на драты, падманула сабак. Шпіёнка яна была адумысловая, і так канвоям не прыйшло ў голавы, што інвалідкі зробяць пабег, яны сабе драмалі на вышках ці марылі аб павышэньні, а красуля лезла праз драты й пералезла! Яна нікуды не ўцякала, бо дарога ў тундры адна й старожаць яе тысячы чацьвераногіх і двуногіх сабак. Калі хлопцы рабілі пабег, іх палапалі. Пагрызеных сабакамі, кінулі іх ля лагернай брамы як перасьцярогу другім. Да іх нельга было падыходзіць, і яны ў страшных мучэньнях памерлі. Лена ведала гэта. Яна проста пайшла з раніцы ва ўпраўленьне лагероў пасёлка Абезь. Сказала, хто яна, і заявіла, што вельмі засумавала па сваім мілым — Петрусенку… Ну, так яна, гэтае мужнае дзяўчо, выратавала няшчасных, замучаных, зацюканых інвалідаў. Лену далі ў псіхкорпус, і яна, пэўна, была першай ахвярай гэтай няслаўнай практыкі — хаваць разумных і нявінных за падвойныя краты. Аб ёй гаварылі легенды. У гэтым лагеры яшчэ было нешта несуразнае: вольны мужчына! Быў гэта немец доктар Штэер, хірург. Меў ён сваё царства-гасударства — хірургічны корпус, зусім ізаляваны ад рэшты лагеру, і апэраваў каго трэба — каго ня трэба. Аб ім адзываліся розна. Адныя хвалілі яго, а другія, якія сталі калекамі пасьля яго апэрацыяў, клялі яго. Адна лекарка мне казала, што ён шарлатан, які ня ведае нават анатоміі, і ён тут вельмі дзіўная асоба. Крыху хворых жанчын ён апэраваў звычайна, без апэрацыі, казалі, ён ня мог жыць. Усім, каму трэба — каму ня трэба, ён выкідаў матку і ўсіх рабіў няплоднымі. Ляжалі ў яго, гнілі па паўтара года, а звычайны апэндыцыт трэба было адлежаць заўсёды з загнаеньнем раны найменей тры месяцы. Тут іншая рэч: аўтаклаў абслугоўвала санітарка, літоўка нейкая Косьця. Яна мела ключы ад апэрацыйнай, і без яе волі Штэер ня меў права сам увайсьці ў апэрацыйную. Па-мояму, аўтаклаў, я яго бачнла, быў сапсаваны. Хворым раны зашывалі дзесятым номерам ніцей, якімі шыць. Хворых было там поўна заўсёды, яны гнілі. Штэер рабіў ім перавязкі, абсалютна не трьшаючыся антысэптыкі, разносіў гной. Нешта тут праўды было.

Яшчэ на Інце я прыхворвала, у мяне была пухліяа маткі, якая павялічвалася. Нейкая па-навучнаму — фібраміёма. Яна дакучала мне, а пасьля дзьвіганьня цяжкіх катлоў боль быў цяжкі. Але я насіла катлы, шпарка махала апалонікам, разліваючы зупу, мерачы кашу. Загадчыца кухні-сталовай была расейка, нейкая талковая жанчыяа. Было вельмі чыста, абеды лепшыя, як на Інце. Інвалідкі яя кожнага бараку мелі гародчыкі з моркваю, бурачкамі, усё гэта йшло ў супольны кацёл. Сьвіньні тут былі крыху й для нас. Часам былі мікраскапічныя порцыі, але былі. Хто меў пасылкі, варыў сабе на індывідуальнай кухні. Была такая кухня й на Інце, і мне раз сьпяклі там пляцкі[126]. Мы рабілі нешта ў воінскай часьці, і мяне паставілі вытрасаць мяшкі ад мукі. Там было пакрысе мукі, і я настрасала яе болей кілаграма. Тыя бонды[127] смакавалі мне страшна, і я частавала імі дзяўчат. На Інце яшчэ я атрымала пасылку са Львова ад Маці Марты Лесьняк. Акрамя смачных рэчаў была там мяккая падушачка, і я ажыла. Мне перастала балець галава.

У Абезі было таксама многа беларусак, але вельмі былі яны расьцярушаныя. Спалоханыя сваім СБМ і строга за гэта пакараныя, яны хацелі жыць, хацелі дамоў. Мала хто разумеў з іх лёс сваяго народу й тое, што трэба было ў розных варунках жыць і пра яго думаць. Палітыкі ў лагеры ў нас ніякай не было, гэта ня час быў. Мы стараліся толькі выжыць, застаўшыся сабой, людзьмі, знача, якія думаюдь. Мы ведалі, хто мы, і стараліся захаваць гонар, які адабралі, патапталі нашаму народу. Разумны й чэсны беларус знойдзе дарогу да ясьнейшага лёсу сваяго й Айчыны, калі будзе трэба. Толькі ўжо быць гаспадарамі ў нашай хаце другім не дамо й зьняволеньня не пацерпім.

Ніхто ня ведаў, хто я — проста паэтка й вязень. Мае імя з волі нічога ня мела супольнага з маім лагерным імем. Гэта паўставала асобна, гартавалася ў горы. Кожны ведаў толькі, што сын у мяне і ў няволі муж. Гэта і слабасьць мая, і сіла. Застыць, аднак, у горы мне было і нельга, і непатрэбна. Патрэбна было думаць і жыць і памагаць думаць другім. Мае думкі — мае вершы. Памятаю, раз на куцьцю ў палякаў, гдзе сапраўды было вельмі цёпла й міла, у мяне папрасілі вершаў. Яны пасыпаліся з самага сэрца. Па-беларуску, і так усюды, заўсёды.

«За что вам дали срок?» — пытае нейкі сьледавацель у лагеры. «Имею честь терпеть за Беларусь…» Гэта дзейнічала. Свае думалі, вярталіся да нас, чужыя нас шанавалі. Гэта не была палітыка лозунгаў, нянавісьці інстынктаў, а хутчэй палітыка розуму, праўды й сэрца. Некалі сябры казалі мне, што я летуценьнік, што без палітыкі нельга. Я згодная, але ў гэтым выпадку лепш было так. Разьлічвалася на доўга, усе словы й чыны ня раз яшчэ праверыць час. Сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі ня змыліць, і мэта яго адна: Беларусь.

Працаваць мне было штораз цяжэй, балела паясьніца — ні сесьці, ні ўстаць. Мяне паслалі да лекарак. Глядзелі мяне, давалі мазі, але боль не сьціхаў. На Абезь тым часам прыяжджалі мужчыны з канцэртамі, была й свая культбрыгада. Мужчынаў мы частавалі ў нашай сталовай запяканымі макаронамі на іх гонар, капустай, чаем. Парадкі мяняліся відавочна. Яшчэ на Інце, расказвалі дзяўчаты, якія былі ў зоне, што прыйшлі нейкія начальнікі, шкадавалі зьняволеных, падавалі нат рукі… Ну, гэта ня быў Казлоў і яго хэўра… Недзе з нетраў гэтай вялікай зямлі прабівалася чалавечнасьць, прачыналася сумленьне ў людзей, але не ва ўсіх.

Мяне паслалі на прыём да Штэера. Ён вельмі зьдзівіўся, убачыўшы мяне, нейк узрушыўся. Знайшоў маю хваробу й адразу назначыў легчы ў яго стацыянар. Пані Луцкая, украінка, з якою мы пасябравалі, крыху спалохалася, я — не! I вось апэрацыя. Ноччу зьявілася да мяне ўся мая сям’я ў сьне. Тата, мой магутны тата схапіў мяне на рукі й недзе адносіў з чорнага, нейкага захмаранага Абезя й цэлы аж лекацеў са страху, прыціскаючы мяне да грудзей… «Не, не хачу апэрацыі, — сказала я, — зусім не хачу». — «Не, вы паляжэце сабе ў больніцы, — сказаў Штэер, — пасьля будзем бачыць, я вам дам тут працу, будзьце ў нас раздатчыцай для хворых і мне падасьце ежу. Цяпер тут раздатчыцай страшны чалавек, полька пані Ніка. Яна мяне ненавідзіць і я яе, а вы тут адпачнеце, ужо я вас скрыўдзіць ня дам». Там працавала Кэтты, англічанка, якую з Інты вывезьлі раней. Была яна ў Штэера санітаркай і вельмі добра глядзела хворых. На жаль, яна дружыла з пані Нікай. Ніка была з Вільні, нямілая дама, яе нянавісьць перайшла й на мяне.

Ня ведаю, паколькі праўда, але Штэер казаў мне, што яна дабівалася яго сэрца… З маяго боку тут Штэеру нічога не пагражала, а што я ніколі не прадам яго, ён добра ведаў. Знача, пакуль апэрацыі ня будзе. Ноччу зноў пры мне тата. У Абезі сьветла й ціха, ён абняў мяне, памахаў рукою й сам адзінока пайшоў у напрамку лесу… Знача, усё добра. А мне добра было там, хворыя такія свае, такія харошыя. У палаце нашай Слава Грэбянюк. У яе нешта з лёгкімі, некалі выразалі ёй два рабры, і цяпер горай, і яшчэ мілыя ўкраінкі ляжаць на выцяжцы — хворыя касьцякі. Гутарым, сьмяемся. Са Штэерам працуе вольная злая сястра й надзвычай прыгожая й мілая ўкраінка Анечка. Злая Косьця сьпіць ня з намі. Штэер ад Нікі збавіўся, ад Косьці ўсё ня можа. Штэеру даю тое, што ўсім, але прыгожа кладу гэта на талерку. Ён ненавідзіць кашы й кажа, што калі вернецца ў Бэрлін, дык забароніць падаваць іх на стол, а ў тое, што ён вернецца, ён моцна верыць. Гаворым з ім шчыра аб усім. У сваім пакоі бн вельмі любіць кветкі, «грюнэ эккэ», як кажа, зялёны куточак. А кветак у Абезі многа, паклоньніцаў удзячных у Штэера яшчэ болей, дык кветкі ў вазонах заўсёды ёсьць. Ніка недзе ў брыгадзе, а што там робіцца ў зоне, я нават ня ведаю, хоць прыходзяць да мяне дзяўчаты, але ў нас свае беларускія справы. Маты Марта прыслала мне ў пасылцы кетгуту, пэніцыліну й шчотачкі мыць хірургу рукі, бо мыў вельмі сьцертымі, але апэрацыю мы адкладаем. «Вы мне не давяраеце?» — пытае Штэер… «Не, я не давяраю Косьці й гэтай вальняшцы, што з ёю шэпчацца й што вам асыстуе на апэрацыях. Я іх баюся й апэрацыі баюся». Пра свой сон не кажу, гэта мая тайна, мая сіла. Даўно ўжо мне не было так зацішна ад начальства, так добра. На Штэера розна кажуць, што ён закаханы ў маладое ўкраінскае дзяўчо і т. п. Гэта мяне не датычыць, і я сапраўды ня бачу злога за ім. Ён чэсны, адданы хворым, разумны. Мне добра, але цяжка Олі Мароз, вось бы ёй так адпачыць тут крыху са мною. Патрэбная якраз санітарка. Кажу яму ўсё як ёсьць, што Оля штрафнік, як і я. Ён кажа, што і яму 25 сроку і ён штрафнік, паспрабуе яе ўзяць. Оля ў нас, і мы пасьмейваемся. Штэер разумеецца на моцных людзях і рады, што ёй памог. Кэтты й пані Ніка пасінелі са злосьці, вольная сястра — як зьвер! Вось чапляецца да мяне. Я разьліваю хворым малако, цяжкахворым. Крыху застаецца, даю яго слабенькай бабцы пры ёй, і вось яна даносіць на мяне, што раздаю малако каму ня трэба… Што я дакажу, што мы наагул можам даказаць? Мяне выклікаюць, каб апэраваць. «Я вам ня веру, — кажу вольнай сястры. — Калі так лжацё, дык можаце й забіць чалавека…» Мяне выпісваюць з больніцы ў брыгаду, забіраюць адразу і Олю, а так хацелася, каб яна адпачыла…

Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі сьнегам. Варылі нам яе мерзлую, сьмярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі разьмярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць, сьвіньні ня елі б, ну, мы яе елі… Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы… Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі…

Яшчэ ў адной штрафной зоне пазьней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусьцяць, каго навечна засадзяць, што ён знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць… Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне зьявіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосьці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа… Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — ня дзіва… Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсьці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касьцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пiлсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газэце, што ААН нешта пастанавіла пазытыўнае для нас, зьняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусьцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне гдзе не заперлі на канец сьвету. Радзіў ісьці куды хоць санітаркай, бо з больніц ня будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне ня ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ёю працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. I тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб’яднала. У стацыянары многа хворых са сьледства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косьці, то голавы. Ёсьць даволі сымулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе зьбіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленьне лёгкіх найчасьцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посьцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны нясьлі яе ў свой барак. Мяса, якога яны ня бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я ня з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзьлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасьцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касьцей, і яно ні за што ня ляжа на казённае. Добра, што Маты Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць.

Глядзіць гэта прасьветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сьцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як сьвечачкі, гасьлі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыцьце. Усе «па-навучнаму»… Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цьвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер сьмяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гэмаглабіну.

Тым часам да нас прывезьлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзеньне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не’ хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысьціць, але што ім да зьнясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сытуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, гдзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса… Ясьней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца… Я абмярцьвела, але ня плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця… Ад’яжджалі немкі, прыйшоў разьвітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людзкасьцю за тое, што натварылі вайною, што цьвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасьці.

А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае сьвята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насьценнай газэце надрукавалі мой верш бяз прозьвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро мае пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.

I тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчык, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куцьцю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Ледзю я завочна пазнаёміла з Кастусём Шышэям, ён і ажаніўся з бю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. I так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаньнем, каб ніхто ня сьмеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуцьцяў хапала. Так дачакалася яна сваяго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людзкае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маты Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага, — таксама як Маты Марта — ігуменьняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленьнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезьлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маты Іосіфа мела тубэркулёз — у час сьледства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцьці ня бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маты Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазьней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.

Аднойчы прысьніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою… Я атрымала праз Маты Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, гдзе яна пісала аб сьмерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са сьлядамі крыві, атручаную газам. Ніхто ня ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня[128]. Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна ня плакала, выношвала плян. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятко, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэньні… А дзецятко расло, былі вельмі пышныя хрысьціны, зьехаўся ў Жлобаўцы ўвесь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі ня плакала. Мама ўсе ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэньнем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пэніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленьне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. I вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й бяз мамы, наагул бяз Жлобаўцаў. Там кожны кусьцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсьць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Сьнежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезьлі ў лагеры на канец сьвету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпеньні, аб сьмерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэньнях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсею, заціраюць сьляды. I вось маё дзіця ў вязьніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й гдзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла сьмерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасьля разьбілі, зьняволілі нашую сям’ю, а цяпер яшчэ гэта… Божа мой, калі ж канец…

А мяне зноў цягаюць. На гэты раз зноў нейкі яўрэй, нейкі важны начальнік, відно. Угаворвае падобраму напісаць памілаваньне ці жалабу, каб нарэшце пусьцілі мяне. «Сколько можно порядочным людям сидеть?» — крычыць мне, што пусьцяць нас у Чэхаславакію ці сюды, толькі каб я напісала, ён хоча ведаць, што ўгаварыў мяне. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала! Плачу і ўцякаю. Праз увесь лагер няма ў мяне просьбаў да іх! Мяне ня мелі права судзіць, і яны гэта ведаюць і няхай дадуць мяне туды, скуль узялі! Што тут робіцца, чаго яны хочуць? Шкадаваць яны нікога не шкадуюць, і гэта я ведаю, яны хочуць мяне абмануць, знача, хочуць мяне тут пакінуць, выпусьціць на маю просьбу, ага, так яно выглядае… Трэба рабіць так, каб адвезьлі ў Эўропу, там сын, людзі болей чалавечыя й няма Комі. Ах, якія ж шчасьлівыя немкі і ўсе, каму ўдалося вырвацца згэтуль. Сталіна няма, але яны тут родзяцца, як грыбы, і хто ведае, ці зноў з якога духоўнага семінарыста ня вылупіцца падобны чорт? Не, не, толькі ўпарта старацца, каб як далей згэтуль! Мы, беларусы, сэнтымэнтальныя скрыпкі, раскісаем без Радзімы й ляцімо да яе на загубу. Нас можна так вылушчыць да апошняга, ап’яненых любоўю да сёлаў! Трэба жыць розумам, а сьвятасьць пачуцьцяў захаваць аж на дно душы. Тут галоўнае быць і застацца чалавекам, пасьля ўжо быць сацыялістам, пралетарам ці кім хто хоча, але чалавекам трэба быць перад усім, а тут нельга!

Раны ў душы пякуць, як агонь, муж не загіне, ён піша, што цяпер працуе лекарам і гэта жыць можна, але вось сын мой у горы, малы мой сын… «Мама, я піў гарэлку, я быў як нелюдзь, — скажа ён мне пасьля, — іначай яны мяне ня выпусьцілі б…» Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленьне, а заграніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усе зьнекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й ня быць у яго крывавых руках прыладзьдзем да яго спраў. Мяне яны ўжо не абмануць, а вось як мой муж? Гэта непакоіць мяне, і я ўжо хацела б забыцца аб ім, бо чую з яго лістоў, што мы розныя людзі. Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасьці тут, на Поўначы… Якое, чалавек, шчасьце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбная барацьба!

Примечания

1

Паквяліць (дыял.) — падражніць, даводзіць да слёз.

(обратно)

2

Урад (чэшск. urad) — дзяржаўная ўстанова.

(обратно)

3

Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі (1925–1927).

(обратно)

4

Каўцыя (польск. kaucja) — грашовы задатак.

(обратно)

5

Нуртам (дыял.) — ніц.

(обратно)

6

Паздзыгаць (дыял.) — пасаскокваць.

(обратно)

7

Абсальвент (польск. absolwent) — выпускнік навучальнай установы.

(обратно)

8

Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), 9.03.1918–1925.

(обратно)

9

Культурна-асветніцкая арганізацыя, на аснове якой было створана Таварыства беларускай школы (ТБШ), 1921–1937.

(обратно)

10

Люйдымас (літ. liudijimas) — пасведчанне.

(обратно)

11

Шляфрочак (ням. Schlafrock, польск. szlafrok) — дамашні халат.

(обратно)

12

Ліцытацыя (польск. licytacja) — аўкцыён.

(обратно)

13

Сафо (Сапфо) — старажытнагрэчаская паэтка (канец VII ст. да н. э. — 1-я пал. VI ст. да н. э.)

(обратно)

14

Кансулят (польск. konsulat) — консульства.

(обратно)

15

Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны ўрадам буржуазнай Польшчы ў мястэчку Бяроза-Картузская Палескага ваяводства, 1934–1939.

(обратно)

16

Сэквэстратар (польск. sekwestrator) — судовы выканаўца.

(обратно)

17

Міжнародная арганізацыя дзяржаў, створана на Парыжскай мірнай канферэнцыі, 1919–1964.

(обратно)

18

Пражскі Град, гістарычнае ядро Прагі, заснаваны ў IX ст., рэзідэнцыя чэшскіх правіцеляў і архіепіскапаў.

(обратно)

19

Коруна (чэшск. koruna) — крона, грашовая адзінка некаторых заходнееўрапейскіх краін.

(обратно)

20

Кнэдлік (чэшск. кnedliceк) — фрыкадэлька.

(обратно)

21

Чэшская гімнастычная арганізацыя «Сокал» створана ў 1862 годзе.

(обратно)

22

Легітымацыя (польск. legitymacja) — пасведчанне асобы.

(обратно)

23

Жолнеж (польск. zolnierz) — салдат.

(обратно)

24

Краватка (польск. krawat) — гальштук.

(обратно)

25

Беларускі літаратурны і культурна-грамадскі часопіс, выходзіў у Празе, 1931–1935.

(обратно)

26

Удзельнік узброенага выступлення на Случчыне, 14.11.–28.12.1920.

(обратно)

27

Інзэрат (польск. inserat) — аб’ява.

(обратно)

28

Штатэнлез (ням. staatenlos) — без грамадзянства.

(обратно)

29

У 1939 годзе ў Данцыгу на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх цэнтраў некаторых заходніх краін было створана Беларускае бюро даверу пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі, а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. У Празе ўтварыўся яго філіял — Пражскі камітэт самапомачы.

(обратно)

30

Беларуская газета, якая выходзіла ў Берліне (1939–1945).

(обратно)

31

Дыстынгаваны (польск. gystyngowany) — вытанчаны, свецкі.

(обратно)

32

Арбайтсамт (ням. Arbeitsamt) — біржа працы.

(обратно)

33

Жорала (дыял.) — крыніца.

(обратно)

34

Зборнік вершаў Л. Геніюш (Мінск, 1967).

(обратно)

35

Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ).

(обратно)

36

Бэфэль (ням. Befehl) — загад.

(обратно)

37

Непрызваітасьць (польск. nieprzyzwoitsc) — непрыстойнасць.

(обратно)

38

Тэатр ім. Б. Сметаны.

(обратно)

39

Зыск (дыял.) — прыбытак.

(обратно)

40

Відок (дыял.) — карціна, пераважна пейзаж.

(обратно)

41

Каляф’ёр (польск. kalafior) — цвятная капуста.

(обратно)

42

Пашыхаваць (дыял.) — пашанцаваць.

(обратно)

43

Райх (ням. Reich) — дзяржава, імперыя.

(обратно)

44

Пудэлачак (дыял.) — карабок.

(обратно)

45

Атэнтат (польск. atentat) — замах.

(обратно)

46

Дата і год смерці брата Расціслава на іншых старонках — 28 красавіка 1945 года.

(обратно)

47

Дата і год смерці сястры Люсі на іншых старонках — 22 мая 1952 года, 1954 год.

(обратно)

48

Камплікаваць (польск. kamplikowac) — ускладняць.

(обратно)

49

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на акупаваных Германіяй землях Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі.

(обратно)

50

Апаска (польск. opaska) — павязка.

(обратно)

51

Аерканьяк (польск. ajerkoniak, ням. Eierlikor).

(обратно)

52

Дойчлянд (ням. Deutschland) — Германія.

(обратно)

53

Другі Усебеларускі кангрэс, з’езд прадстаўнікоў беларускіх арганізацый, легальна існуючых у акупаванай Германіяй Беларусі.

(обратно)

54

Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД).

(обратно)

55

Урляўб (ням. Urlaub) — водпуск.

(обратно)

56

Фольксдойчы (ням. Volksdeutsche) — немцы, што жылі за межамі Германіі.

(обратно)

57

Горба (дыял.) — куча.

(обратно)

58

Маецца на ўвазе пасведчанне аб дэзінсекцыі (ням. Entlausungschein).

(обратно)

59

Орднунг (ням. Ordnung) — парадак.

(обратно)

60

Раўс русішэ швайн (ням. heraus russisches Schwein) — вон, руская свіння.

(обратно)

61

Падрочваць (дыял.) — дражніць.

(обратно)

62

Гаймат (ням. Heimat) — радзіма.

(обратно)

63

Замэльдаваць (дыял.) — стаць на ўлік, прапісацца.

(обратно)

64

Палац у стылі барока ў Празе.

(обратно)

65

Нур фюр дойчэ (ням. nur für Deutsche) — толькі для немцаў.

(обратно)

66

Руская вызваленчая армія, вайсковыя фарміраванні, створаныя нямецкімі ўладамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з ваеннапалонных Савецкай Арміі.

(обратно)

67

Багнэт (польск. bagnet) — штых.

(обратно)

68

Рэлігійныя кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся татарамі, якія пасяліліся на Беларусі з XIV ст.

(обратно)

69

Жэнаць (дыял.) — гнаць.

(обратно)

70

Гакэнкройц (ням. Hakenkreuz) — свастыка.

(обратно)

71

Галасіцца (польск. zglosic) — паведаміць.

(обратно)

72

Легальная маладзежная арганізацыя, якая існавала на Беларусі ў часы нямецкай акупацыі.

(обратно)

73

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ).

(обратно)

74

Гітлерюгэнд (ням. Hitlerjugend) — фашысцкая маладзёжная арганізацыя юнакоў ва ўзросце 14–18 гадоў у Германіі (1926–1945).

(обратно)

75

Ходнік (дыял.) — тратуар.

(обратно)

76

Бэатыфол (англ. beautiful) — прыгожы.

(обратно)

77

Яскіня (польск. jaskinia) — пячора.

(обратно)

78

Снежка, найбольш высокая вяршыня ў Судэтах на граніцы Польшчы і Чэхаславакіі (1602 м).

(обратно)

79

Драткаваць (чэшск. dratkovati) — націраць пол.

(обратно)

80

Тэрэн (польск. teren) — мясцовасць, тэрыторыя, раён.

(обратно)

81

Акрэмы (дыял.) — самабытны

(обратно)

82

Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне.

(обратно)

83

Свомая (дыял.) — характэрная

(обратно)

84

Чэхаславацкая Рэспубліка (CSR) (1918–1960).

(обратно)

85

Гэгэнна (гебр. геена) — пекла.

(обратно)

86

Зрэвізытаваць (польск. rewizytowac) — нанесці візіт у адказ.

(обратно)

87

Горад у Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспубліцы.

(обратно)

88

Кіп смайлінг (англ. keep smiling) — давайце ўсміхацца.

(обратно)

89

Тойфэль (ням. Teufel) — чорт.

(обратно)

90

Лічны (польск. liczny) — шматлікі.

(обратно)

91

Такрошні (дыял.) — леташні, мінулы.

(обратно)

92

Патрава (дыял.) — ежа.

(обратно)

93

Фэртраўэнштэле (ням. Vertrauensstellung) — адказная пасада.

(обратно)

94

Злажыць (дыял.) — адзець.

(обратно)

95

Жамера (дыял. жамярня, Сцяшковіч Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мн., 1983) — дзетвара.

(обратно)

96

Палітаваньне (польск. politowanie) — спачуванне, жаль.

(обратно)

97

Выпраўленча-працоўны лагер.

(обратно)

98

Аддзедзічыць (дыял.) — атрымаць у спадчыну.

(обратно)

99

Тут.

(обратно)

100

Дэка (грэч. deka) — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае дзесяць.

(обратно)

101

АК (Armia Krajowa) — Армія Краёва, польская падпольная ваенная арганізацыя перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане.

(обратно)

102

Польскі эмігранцкі ўрад у Лондане (1939–1945).

(обратно)

103

Асобы лагерны пункт.

(обратно)

104

Юберкультывірт (ням. uberkultiviert) — звышкультурны.

(обратно)

105

Шчопці (дыял.) — невялікая колькасць чаго-небудзь сыпучага, што можна ўзяць трыма пальцамі.

(обратно)

106

Дрэваапрацоўчы камбінат.

(обратно)

107

Л. Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на іншай старонцы.

(обратно)

108

Макатка (дыял.) — невялікі вышываны дыванок або карціна.

(обратно)

109

Кацык (дыял.) — туземны князек.

(обратно)

110

Унутрылагерная турма.

(обратно)

111

На іншай старонцы гэта прозвішча напісана: Рудкоўскі.

(обратно)

112

Трансава (дыял.) — багна, дрыгва.

(обратно)

113

Беларуская вайсковая каманда «смірна».

(обратно)

114

Вяротны (дыял.) — вельмі падобны.

(обратно)

115

Благальна (польск. blagalny) — умольна.

(обратно)

116

Гэршэндэ фольк (ням. herrschende Volk) — пануючы народ.

(обратно)

117

З ліста Міколы Канаша (Жлобін):

«…У пятым і шостым нумарах часопіса „Маладосць“ Ларыса Антонаўна ўспамінае прозвішча стукача Шапавала. З такім прозвішчам працаваў у нашым лагеры ў ППЧ (производственно-плановая часть) наш зямляк. Жывы ён сёння і дзе знаходзіцца, цяжка адказаць, і ўсе ж хочацца сказаць некалькі добрых слоў аб ім. Я доўгі час працаваў у шахце на адбойным малатку, гэта адна з самых цяжкіх прац. На такіх работах пераважна выкарыстоўвалі людзей, якія мелі па 25 год зняволення. Напрыклад, у брыгадзе са мной працавалі літовец Пяткявічус, латыш Дэрмакс, вядомы ў Эстоніі ў саракавыя гады баксер Агур і г.д. I вось аднойчы мяне ў шахце цяжка пакалечыла, я прахварэў больш месяца і калі паправіўся, зноў накіравалі на малаток дзяўбці вугаль, але нормы выпрацоўкі я выконваць ужо не мог. Тады накіравалі да мяне нарміроўшчыка В. Яблонскага, які цэлы тыдзень вёў нада мною хронаметраж маей працы. Памятаю, гэта была трэцяя змена (начная). Вярнуўшыся ў лагер, я хутка заснуў і чую, раптам мяне нехта будзіць: „Хлопча, уставай. Кепскія твае справы. Прыйшла папера з шахты, дакладная, у якой абвіняюць цябе ў сабатажы. Пайшлі са мною да лекара“. У кабінеце хірурга аказаўся на прыеме ўкраінец лекар Дзячук. I вось яму кажа Шапавал: „Трэба спасці хлопца. Зрабі гэта, я прашу цябе, доктар“. Не ведаю, што Дзячук напісаў там, але я, прыйшоўшы ўжо на мрацу на шахту, больш не працаваў на малатку. Дзякую за гэта толькі Шапавалу, якога я нават ніколі больш не сустракаў і нічым яго нават не аддзячыў.

У „Споведзі“ яшчэ есць шмат прозвішчаў, якія вядомы мне, але яны ўпамінаюцца там двума, трыма словамі, хаця многія варты большага».

Магчыма, Ларыса Антонаўна каго і без нейкіх асаблівых падстаў залічыла да стукачоў. Але жывыя і нябожчыкі няхай прабачаць яе за лішнюю падазронасць, бо і сапраўды паўжыцця яна была шчыльна акружана даносчыкамі і правакатарамі.

(обратно)

118

Пранікае ў мяне страх, калі бачу сметнікі, што чакаюць змучаных рук паэта, ахапляе роспач, калі бачу гэтых сабак, што мяне на сметнік вядуць са штыхом. (обратно)

119

Грузавік амерыканскай вытворчасці.

(обратно)

120

Сьцінаць (дыял.) — ссякаць.

(обратно)

121

Архіепіскап Кентэрберыйскі — глава англіканскай царквы.

(обратно)

122

Пра смерць Галі Готэс з ліста М. С. Ласціўкі да сям’і Канашаў (з украінскай):

«…Што да „Споведзі“ Л. Геніюш, дзе яна апісвае пра Інту і пра забойства Галі Готэс — усе правільна… Адно толькі недакладна, дзе яе забілі… Я сама была пры гэтым злачынстве… Не магу спакойна пісаць… Проста рукі дрыжаць… Я да сёння яшчэ памятаю і кожны дзень малюся за яе душу… А было вось як. 17 верасня, у панядзелак, вось толькі год крыху забылася, здаецца, 53-ці. Нашу брыгаду павялі капаць бульбу на поле „ім. Казлова“, так мы яго называлі… Расставілі нас на барознах з рыдлеўкамі. Крайняй была Галя, а я адразу каля яе другая. Не пакапалі мы яшчэ і паўгадзіны, як раптам, ні з таго ні з сяго, пачуўся выстрал. I адразу Галя з крыкам: „Ой, сястру, сястру!“ — схапілася за жывот і ўпала. Усё гэта я бачыла. Я кінулася да яе, але сам забойца, малады ахоўнік, прыбег, схапіў мяне за каўнер і адкінуў з крыкам: „Уходи, а то и тебя убью!“ — і адагнаў да гурту, што сабраўся каля надзоркі. Моцна сталі мы ўсе крычаць і зваць на дапамогу лекара. Але нас яна і ахоўнікі акружылі і нікуды не пускалі. А Галя за той час поўзала па зямлі, а за ёю цякла кроў нават праз ватныя штаны. Так яна, пакутваючы, сапраўды адпаўзла за так званую зону… I калі з горада прыехалі опер і лекар, то яна ўжо была мертвай, і яе забралі і павезлі. Нас, так як мы моцна крычалі, што не будзем з забойцам працаваць, пагналі ў зону і адразу ў сталовую на абед. Але мы ад яго адмовіліся і ў знак жалобы нічога не елі, і нас распусцілi па бараках. На другі дзень на вахце, калі ўбачылі, што той забойца зноў будзе нас канваіраваць, то мы запратэставалі, што не пойдзем з ім на працу. Нас спачатку „уговаривали“, а потым дзве першыя пяцёркі забралі ў БУР, а нас прымусам вывелі, але, праўда, ужо без забойцы… Вось так Галя ні за што загінула. А надзоры апраўданне забойцы склалі версію, што яна выйшла за забароненую зону, але гэта чыстая хлусня!»

(обратно)

123

Коц (дыял.) — баваўняная або шарсцяная коўдра.

(обратно)

124

Аддзел раеннага забеспячэння.

(обратно)

125

Адораваць (польск. аdorwac) — пакланяцца.

(обратно)

126

Пляцка (польск. рlасек) — аладка, пірог.

(обратно)

127

Бонда (дыял.) — праснак.

(обратно)

128

Збродня (дыял.) — злачынства.

(обратно)

Оглавление

  • «Благаславенны родны дом…»
  • 1. Жлобаўцы
  • 2. Зэльва
  • 3. Прага
  • 4. Гэгэнна
  • 5. Лагер
  • 6. Абезь Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Споведзь», Лариса Антоновна Гениюш

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства