Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга — твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мэмуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаданага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.
Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнымі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя — зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.
Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць.
Васіль БыкаўРодная мая мясьцiна, мабыць, ня надта тыповая для раўнiннай поўначы Беларусi — дужа зрыты рэльеф, пагоркi i лагчыны, раўкi, балацявiны i азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых i лясных, круглых, крывулястых, часам з голымi, а ў бальшынi з аброслымi трысьнягом берагамi. Ну i, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалi, асаблiва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палi амаль паўсюль цесныя, лапiкамi на пагорках, нiзiнах, часьцяком парэзаныя раўчукамi з алешнiкам на схiлах. На тых лапiках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамi цi азёрамi рассыпалiся вёскi — невялiкiя, з крывымi вулiцамi, а то i зусiм бяз вулiцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары i ня вёскi, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплiвала хату, хлявы, сьвiран, варыўню, гумно з токам, паветкай i пуняй. Нават невялiкая вёска здалёку рабiла ўражаньне немалой забудоўкi. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносiлася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела i людзей. Цяпер у маiх Бычках два дзясяткi самотных хатаў, палова зь якiх стаяць пустыя. У астатнiх дажываюць свой век нямоглыя пэнсiянэры.
Комментарии к книге «Доўгая дарога дадому», Василь Быков
Всего 0 комментариев