«Муштук і папка»

2238

Описание

Маленькая сага.



1 страница из 50
читать на одной стр.
Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

стр.
Янка БрыльМуштук і папка ДЗВЕ ПАХАРОНКІ

У жніўні сорак дзевятага, калі я, праз дваццаць сем гадоў пасля таго, як мяне вывезлі з Адэсы, наведаў горад майго пачатку, з ім нас, мяне і жонку з нашай малою дачкой, знаёміла ўдава майго найстарэйшага брата.

Таго амаль легендарнага Валодзі, які павінен быў забраць мяне з заходнебеларускай вёскі ў савецкі горад, як толькі я падрасту, а брат, закончыўшы свой сельгасінстытут, усталюецца ў пэўную самастойнасць. З гэтым не атрымалася… А ў трыццаць восьмым Валодзю закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам у саўгасе.

Братавая Надзя да сваіх сарака чатырох пастарэла ў злыбедах жонкі «ворага народа», працавала кандуктарам трамвая, жыла ў пакойчыку старога дома з падлеткам сынам. На гэты дзень яна ўзяла адгул. Калі мы селі ў трамвай і я хацеў узяць білеты, Надзея Іванаўна шапнула:

— Не надо, Ваничка. Кондуктор — моя знакомая, проедем и так.

Усмешка яе бядняцкай задаволенасці, што можа вось і так яшчэ пачаставаць дарагіх гасцей, запомнілася мне ледзь не поруч з яе расказам пра першае і адзінае спатканне з арыштаваным мужам.

Познім зімовым вечарам, нарэшце падпільнаваўшы, дачакаўшыся таго, ад каго гэта залежала, яна ўпала перад ім на калені, у снег, і ён — надзіва — дазволіў спатканне. Валодзя быў скатаваны, у пашматаным, выбруджаным адзенні, і ён здолеў неяк шапнуць ёй:

— Я ничего не подписал.

У вёсцы маці расказвала мне, хлапчуку, што ён быў гарачы і горды… Згадаю дзве паперыны.

Рабочы хлопец, шафёр аўтобуса, наведаў мяне ў бальніцы. Усім, хто прыходзіў, я быў, вядома, рады, аднак з асаблівай удзячнасцю, з прыемным здзіўленнем сустрэў гэтага госця. Мы зрэдку перазвоньваліся, сустракаліся яшчэ радзей, але ж вось ён дачуўся, сабраўся і перадачку прынёс. Я памятаю яго яшчэ няўрымслівым падшпаркам, у апошнім ваенным годзе; сустракаўся з яго старэйшым братам, прыгожым, выхаваным юнаком, перад самым яго адыходам у армію; ведаў іхнюю маці, прыбіральшчыцу, ціхую, цягавітую кабеціну з дабрадушнай усмешкай. І ў беднасці, і ў ваенным ліхалецці яна здолела падняць сваіх гарушчых мальцаў людскімі ды не распуснымі, як і хацеў бы іх бацька, які прапаў недзе ў лагеры. Калі мы з маім нечаканым госцем, я лежачы, ён седзячы, гутарылі паціху, між іншым успамінаючы яго маму і брата, ён дастаў партманэ, пашукаў у ім і падаў мне паперыну.

Так я і ўбачыў першую «пахаронку».

Комментарии к книге «Муштук і папка», Янка Брыль

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства