«Дзед Манюкін і ўнукі»

2655

Описание

Хочаце даведацца, як дзед Манюкін змагаўся з нячысцікамі, шчасліва рыбачыў, хітра ратаваўся ад мядзведзя і ваўкоў, лётаў на далёкую планету Прывідус? Тады вам абавязкова варта прачытаць гэтую кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіля Шырко.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Дзед Манюкін і ўнукі (fb2) - Дзед Манюкін і ўнукі 576K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Василий Ширко

Васіль Шырко Дзед Манюкін і ўнукі

казкі

Частка першая

Самсабе

Э-э, слухайце, саколікі, шчырую праўду раскажу, дзед Манюкін не салжэ. Раней, каб вас качкі ўбрыкнулі, нячыстай сілы, ведзьмаў розных, пярэваратняў, вурдалакаў было, не раўнуючы, як тых уюноў у старой копанцы. Яно і зразумела, паначаплялі цяперака дратоў, антэны развесілі, электрыка ноччу на слупах гарыць, вось і баяцца нячысцікі падступіцца: смальне токам, чаго добрага, дык адны ножкі ды рожкі застануцца. Ці не лепш тырчаць у балоце, якое яшчэ не паспелі асушыць, і не рыпацца? А некалі, як сцямнее, нос баішся з хаты высунуць. Ужо за парогам цікуюць люцыпары, цьфу ты, не тут казана.

Сусед наш, нябожчык дзед Мікалай, неяк раз у лесе запазніўся. Вяртаўся, калі добра-такі сцямнела. Ботаў сваіх не відаць, ды што там ботаў, ткні пальцам у вока — не заўважыш. Ідзе стары: пілой падпяразаны, сякера за поясам, каб падбадзёрыць сябе трохі, сам з сабой размаўляе. «Скора ты, Міколка, будзеш дома, — гаворыць, — гарачай капусты пасёрбаеш, а там і косці на чарэні пагрэеш…» I раптам чуе — крокі за спіной і быццам сапе нехта. Аглянуўся, боркаўскі стражнік голас падае. «Ох, чуць дагнаў, — кажа, — бяжыш ты, не раўнуючы, як на пажар. Давай прысядзем, адпачнём крышку». Дзед Міколка не надта каб стаміўся, але чаму не прысесці, калі чалавек просіць. Селі на вялікі камень пры дарозе. Стражнік выцягнуў з торбы хлеб, сала, бутэльку малака. Есць і дзеда частуе. «Добры ты чалавек, Міколка, — ляпае старога па плячы. — Дару я табе стрэльбу, бяры, палюй на здароўе…» Дзед узяў стрэльбу, пацмокаў языком, вельмі ж файная, такой у яго зроду не было. Загарэліся вочы, прыдбаць захацелася. «Толькі ці грошай хопіць у мяне заплаціць?» — пытае. «Не трэба грошай, — засмяяўся стражнік, — вось дапі малако, і плата ўся…» Стары не доўга думаючы за бутэльку і кулець астаткі малака ў рот. I адразу ж быццам праваліўся некуды. Ачомаўся пад раніцу. Працёр вочы, бачыць, вакол вада, а ён сухі, сядзіць, як жаба на купіне, сярод балота. I хто толькі перацягнуў яго сюды?.. Мац пад галавой — замест стрэльбы ламачына трухлявая. Здагадаўся дзед, што нячысцік падшуткаваў над ім…

А Камізэлька цялякаўскі… з кірмашу вяртаўся. Прадаў парасят, у карчму заглянуў, падпіў трохі, едзе і песні спявае. Дабраўся, гэта, да Прудзішчаў. Тут конь перад мастком скапыціўся. «Но-о, воўчае мяса», — хвошча каня пугаю Камізэлька, а той як укопаны стаіць, ні з месца. Злез Камізэлька з воза, бачыць, баранчык звязаны на дарозе ляжыць. I вочы такія разумныя, як у чалавека: глядзіць, не змігне. «Вот пашанцавала», — падумаў Камізэлька, за баранчыка і на воз. Паехалі далей. Едуць, едуць, конь, хоць і ўлегцы ідзе, аслабеў, ледзь ногі перастаўляе. «Ах ты, казёл смаркаты, мяшок травяны, — бэсціць каня Камізэлька, — улегцы прыстаеш… А прачуханцу ты не хочаш?..» I толькі, гэта, замахнуўся пугаю, а конь жаласна як заржэ. Спалохаўся мой Камізэлька цялякаўскі, працверазеў адразу… Глядзь на баранчыка, а той у вочы пазірае і ўсміхаецца. Збялеў Камізэлька, давай крыжы класці. Баранчык бэкае, кугукае, як дзіця, а з воза не злазіць. Тады Камізэлька ўзяў дзве саломінкі, зрабіў з іх крыж і падсунуў баранчыку пад морду… «Га-га-га…» — зарагатаў баранчык, і яго як ветрам знесла. Конь адразу падужэў — даў ходу, а там і на рысь перайшоў, быццам даганялі.

Люлька пыхнула астатні раз і патухла. Дзед выбіў аб абцас храмача попел, развязаў капшук з самасадам, натаптаў чарговую порцыю табакі. Дастаў крэсіва. Стук-грук — ні іскрынкі. «I тут нячыстая сіла лезе, — зазлаваў дзед, — нічога, абломім рогі, за намі не стане…» Ён размахнуўся, аж камяні затрашчалі, так ляснуў, сноп іскраў пасыпаўся.

Дзед кашлянуў:

— Што, жэўжыкі, прыціхлі, думаеце, крэсіва падвяло? Яно надзейней, чым сто тысяч запальнічак і яшчэ гэтулькі… Ну, то слухайце, дзед Манюкін не салжэ…

Пагнаў гэта я кароў у поле на чысты чацвер, не пашанцавала, першаму чарга выпала пасвіць. Каровы гізуюць, лётаюць, задраўшы хвасты, ведама, пасля зімы — рады, што на волю вырваліся. Ды мне ад гэтага не лягчэй. Аж дыхавіцу нагнаў, пакуль сабраў усіх у кучу. Каб шчэ трохі — сам загізаваў бы. Прагаладаўся, не тут казана, як воўк. Вала б, здэцца, з'еў. А тут мае рагулі супакоіліся, палеглі: жвачку жуюць. Думаю, і мне падсілкавацца самы раз, кішкі марша граюць. Падышоў да кусцікаў ля балотца, назбіраў ламку, палак, цяпельца невялічкае расклаў. Агеньчык гарыць сабе, а я нанізаў на ражоньчык кавалак сала і смажу. Яно цвірчыць, тук капае на хлеб: аж слінкі цякуць, так хочацца паспытаць. Здэцца, хапіў бы скварку і праглынуў гарачую цалкам. Не ведаю, як вам, саколікі, а мне такая смажаніна лепей ад усіх страў заморскіх… Ну ды смажу я, гэта, скварку, чую голас раптам. «Здароў, дзядзечка!» — быццам вітаецца нехта. Прыгледзеўся, хлопчык стаіць, з вузел ростам і не відаць самога з-пад шапкі. Хоць і мокра вакол, балота, чаравікі ў яго сухія, сам ледзь не голы: адзенне ветрам шыта, дрыжыць як асінавы ліст. «Што ты тут робіш, дзядзечка?» — пытаецца.

— Сам бачыш, — кажу, — сала смажу!

— Можна пагрэцца? Замёрз я…

— Грэйся, — кажу, — месца хопіць.

Толькі сказаў я так, хлопчык умэнт выцягнуў з кішэні жабу, нанізаў на дубец і ў агонь яе. Жаба пішчыць, варушыцца, а ён толькі зубы скаліць, пасмейваецца.

— Што з твайго сала за наедак, — кажа, — не хочаш паспытаць свежаніны?

I давай, смаркач, сваёй жабай мазаць па маёй скварцы. Гідка мне стала, не стрымаўся.

— Што гэта ты, — кажу, — нехрысць, робіш?

Схапіў я малога за каўнер ды як страсянуў, аж шапка ў таго з галавы звалілася. Бачу, рожкі тырчаць, як у гадавалага баранчыка… «Ну, пачакай, люцыпар лядачы», — думаю. Адламаў дубец з ракіты, ухапіў яго за пэтлы і давай хвастаць. Б'ю і прыказваю: «Раз, раз, раз…»

— Вой, дзядзечка, вой, — енчыць малы, — скажы два…

А я ўсё адно чаўпу: «Раз, раз, раз…» Бо ведаю, скажы два — і заявіцца двое чарцей. Тады будуць непярэліўкі. Аддубасіў нячысціка і пусціў.

— Ідзі, — кажу, — і не вяртайся, бо стаўку на горкі яблык.

— А як цябе зваць? — пытае. Дурня знайшоў, так яму я і скажу.

— Завуць мяне Сам Сабе, — гавару, — запомні: Сам Сабе!

Зарагатаў ён і пайшоў. Ідзе, аглядваецца: малы, а хітры. Але і Манюкін не лыкам шыты. Сунуся крадком, назіркам след у след. Бачу, мой хрэснік на паляну выходзіць. А там пачвар розных з свінымі лычамі, бычынымі хвастамі, ваўчынымі зубамі — мо з тысячу. Да чаго я чалавек смелы, але адчуў тут, як мурашкі па спіне паўзуць і на галаве падымаецца мой рэдкі пушок. Стхарыўся ля куста, дыхнуць баюся: крый божа, заўважаць, тады ўжо Манюкін ніколі не зманіць і праўды не скажа.

I тут з нейкай ямы вылазіць велізарны, са страшнымі ікламі і даўжэзным хвастом, люцыпар. Відаць, старшы, бо прыціхлі чэрці, не пішчаць, не кукарэкаюць.

— Хто табе так усыпаў? — пытае чорт.

— Сам сабе, сам сабе, — кажа хлопчык.

— Так яму і трэба, так яму і трэба, калі сам сябе б'е, — заверашчалі чэрці.— Трэба яшчэ дабавіць дурню…

Я ціхенька адпоўз ад паляны, вільнуў у кусты і задаў лататы.

Чароўная зямля

Ці бачылі вы, жэўжыкі, сапраўднае балота? На Ніўках, кажаце. Хе-хе, хіба ж гэта балота? Звычайная лужына. I за рэчкай не балота. Тузін кусцікаў і гэтулькі ж купін. Ды і жаб паўсотні ці набярэцца, добраму буслу на раз паснедаць.

А ці бачылі вы бяздонную багну, непраходную дрыгву і чортава вока, яму бяздонную, зацягнутую ржавай вадой з сіняватымі плямамі? Трапіць у яе чалавек ці звер — не вырабіцца. Зацягне, засмокча навек.

Вось такое балота было ў нас за грэбляй. Там толькі вужы і гадзюкі вадзіліся ды дзень і ноч кружылі хмары камароў.

За балотам пачынаўся лес, а за ім поле. Харошая зямля, тлустая, хоць на хлеб маж. На такой і пшанічка ўродзіць, і ячмень, пра жыта і гаварыць не даводзіцца. Ды вось бяда, не дабрацца туды з канём і плугам. Не пускае дрыгва. З усіх бакоў падперазала той лес і зямлю, як страшны цэрбер, ахоўвае.

А мне ўжо не спалася начамі: глядзеў на сцяну, а бачыў перад сабою пшанічнае поле. Надта ўбілася ў галаву завалодаць той нічыйнай зямлёй. Ведама, сваёй не меў, парабкаваў усё жыццё на чорта лысага.

Кроў з носа, думаю, а правяду каня праз дрыгву. А я, мае вы саколікі, хоць і маладзён тады быў, але кемкім слыў і смелым. Ламаў галаву, ламаў і прыдумаў. У лес паехаў, цэлы воз лыка надраў, дубцоў лазовых нарэзаў. Сеў дома лапці плесці. Прама скажу — незвычайныя лапці — круглыя, большыя за рэшата. Смяяліся людзі: маўляў, здурэў Манюкін.

— Ці не слана ты ў іх абуваць думаеш? — кпілі пры сустрэчы. — Нібыта ж яны не водзяцца ў нас.

Вось здзівіліся б, каб даведаліся, для чаго мне такія велічэзныя лапці.

Рана-раначкам, каб ніхто не заўважыў, пад'ехаў я да грэблі, абуў каня ў лапці, сам абуўся, і пайшлі мы праз балота. Наперадзе іду з жэрдкай, каня за сабой вяду. Хоць і ходжаная сцяжынка, але не дай бог аступіцца: сам загінеш і каня загубіш. Глядзець ды глядзець трэба. Асцярожна ступаю, жэрдкай дно мацаю… Думаю, хаця б якая птушка каня не спудзіла. Ды, дзякуй богу, пранесла ліха. Пераправіліся.

Змайстраваў я, гэта, будан з жэрдак і лапак яловых. Днём ару, ноччу адпачываю. I дзень так, і два. На трэці выйшаў з будана яшчэ да сонца. Спаласнуў расой твар, памахаў рукамі, каб сон прагнаць. Чую, нехта сапе над вухам. Аглянуўся — і ледзь не абамлеў. Прама ў вочы мядзведзь пазірае. Хачу падняць руку, каб перахрысціць лоб перад смерцю, і не магу. Ці доўга мы так стаялі — не ведаю. Павярнуўся я, як не жывы (што будзе, тое і будзе, думаю), і пайшоў у будан. Іду, і здаецца, мядзведзь скочыць на спіну. Не скача. Залез я ў будан. Сяджу ні жывы ні мёртвы. Тут і мядзведзь залазіць. Вурчыць. Пакланіўся, як чалавек, сеў насупраць мяне і ў вочы пазірае. Затым перавёў погляд на сала з хлебам. Не ведаю чаму, але я ўзяў нож, адрэзаў паўбуханкі хлеба, ладны кавалак сала і працягнуў зверу. Той зноў пакланіўся, быццам падзякаваў, і давай уплятаць, аж нос ходырам ходзіць. Пэўна, добра-такі прагаладаўся. «З'есць сала, — думаю, — а там і да мяне дабярэцца. Бач, які галодны».

З'еў і лапай махае, каб за ім ішоў. Здзівіўся я, але пайшоў. Хочаш не хочаш, а трэба падпарадкавацца. Не нарадзіўся яшчэ той чалавек, які голымі рукамі мядзведзя падужае. Ідзём мы, гэта. Падводзіць мяне ён да высачэннай хвойкі.

Сам стаў на заднія лапы, дзярэ кару і на мяне аглядаецца, затым ухапіў за рукаў і цягне далей. Спыніўся ля вялікага валуна. Ходзіць вакол каменя, нібы танцуе. Паскакаў так, паскакаў, пакланіўся яшчэ раз і ў лес паджгаў.

Хадзіў я ля таго дрэва, прыглядаўся да каменя, так і не зразумеў, што хацеў сказаць мядзведзь. Добра, што не з'еў, цэлай скуру пакінуў. Такіх хвоек і камянёў тут мора. Махнуў я рукой і яшчэ мацней на работу налёг. Як завінуся, з раніцы да вечара ару. Каб конь не прыставаў, здэцца б, і ноччу працаваў.

Два гады мяне тое поле карміла, і бабулю, і твайго бацьку, Гараська. А на трэці год надарылася страшная засуха. Усё завяла, засохла, абмялелі рэчкі, крыніцы пад зямлю схаваліся. Каб неяк пракарміцца, прадалі каня, і карову, і нават хату пад заклад… Ненадоўга, бачу, хопіць. Вырашыў, з такімі ж бедакамі, як і я, у чумакі падацца. Чумакі тады з цяжкімі клункамі ішлі на чужыну, мянялі рэчы на збожжа. Куплялі, перакуплялі. Калі шанцавала, можна было вярнуцца дадому з капейкай.

Плылі мы на плытах, пехатою ішлі… Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты. Папрасіліся раз пераначаваць на адным багатым хутары. Гаспадар пусціў нас. Мы падаставалі з торбаў хлеб, гаспадыня паставіла на стол малако і капусту. Бачу я, сядзіць на печы сівы дзядок, увесь у маршчынах глыбокіх, вочы слязяцца. Узяў я акраец хлеба — занёс старому. Глянуў на мяне дзед, хітнуў галавой і кажа ціха:

— Як паснуць усе, прыходзь на печ. Мне сказаць табе нешта трэба…

«Можа, дзед з розуму звіхнуўся, — падумаў я, — здзяцінеў ад старасці… Чаго я пайду да яго ноччу?..»

Палеглі ўсе, дзе гаспадыня паслала. Прылёг і я. Ляжу, а сон не ідзе. Хлопцы даўно храпака задаюць, а я ўсё думаю, ісці ці не ісці.

— Ты не спіш, чумак? — чую голас старога з печы.

— Не сплю, — кажу.

— Ідзі да мяне, — кліча стары.

Давялося лезці на печ. Дзед пасунуўся, даючы месца.

— Ты не пазнаў мяне, сынок? — пытае.

— Не, — кажу, — не пазнаў.

— А ці помніш таго мядзведзя, што ў будан да цябе прыходзіў?

Здрыгануўся я. «Адкуль дзед ведае пра мядзведзя, здэцца ж, нікому не расказваў, не хацеў палохаць…»

— Дык ці помніш? — перапытаў дзед. — Ты яго яшчэ салам з хлебам пачаставаў.

— Чаму ж не помню, — кажу, — добра помню… Ён мяне яшчэ вакол хвойкі вадзіў, камень паказваў…

— I што ты зрабіў з той хвойкай і каменем?

— Нічога не зрабіў, — кажу, — там такіх хвоек і камянёў хоць гаць гаці.

— Ну і дурны ж ты, — усміхнуўся дзядок, — то ж шчасце тваё. Зрэж тую хвойку, усё да сучка і апошняй іголачкі забяры. У цябе ніколі пчолы не звядуцца. Пакладзеш трэсачку ці іголачку ў пусты вулей, і адразу туды рой прыляціць. I калі дасі ты з той хвойкі каму-небудзь хоць карынку, то і ён не будзе ведаць, дзе мёд дзяваць. А пад валуном тым — гаршчок золата. Вазьмі яго, хату новую пабудуй, даўгі заплаці… I хопіць табе па свеце бадзяцца, спяшайся дадому, жонка твая і дзеці галадаюць. Можаш спазніцца.

— Хто ты такі, дзядуля? Як магу я табе аддзячыць?

— Ты мне ўжо аддзячыў. Я той самы мядзведзь, якога ты ад галоднай смерці ўратаваў. Чарнакніжнік адзін зачараваў мяне, ператварыў у мядзведзя. Сказаў, што я толькі тады стану чалавекам, калі пражыву ў лесе трыццаць тры дні. Я і жыў, карэньчыкамі харчаваўся, травой… А што вясной знойдзеш? Ні ягад, ні грыбоў. Мурашнікі я не бурыў, жывога не чапаў. Каб не ты — памёр бы я мядзведзем… А так прыму смерць чалавекам… Дзякуй табе.

Развіталіся мы, і я адразу ж, не чакаючы раніцы, дадому заспяшаўся. Трэція суткі ў бабулі і дзяцей макавага зярнятка не было ў роце. Пакарміў я іх і суседзяў, а сам да балота падаўся. Адшукаў тую сасну і камень. Знайшоў грошы, спілаваў і перанёс дахаты дрэва. «Навошта мне аднаму такое багацце, — думаю, — трэба з людзьмі падзяліцца». Раздаў золата: няхай будуюцца людзі. Хвойку тую на ўсіх раздзяліў: кожнаму па трэсачцы ці па іголачцы дасталося. I з тых часоў растуць у нас высокія, светлыя дамы, не зводзяцца ў добрых людзей пчолы, а зямля родзіць, як чароўная.

Шчасце

Жылі-былі два мужыкі. Адзін багаты, а другі бедны. Усё ў багатага было: і коні сытыя, і вепрукі — кожны з добрае цяля, а курэй, гусей, індыкаў не злічыць. Пасее бедны мужык пшаніцу, ледзь на насенне збярэ. Пасее багаты — поўныя засекі насыпле. I здэцца ж, загоны побач, а няма шчасця бедняку. Праўду людзі кажуць: багатаму чорт дзяцей калыша. Грошай цэлы куфэрак назбіраў, не ведае, куды дзяваць. Думаў, маракаваў і наважыўся яшчэ зямлі прыкупіць.

— Засей мне поле, — папрасіў ён беднага суседа, — а я ў воласць паеду. Вярнуся — разлічымся.

— Добра, — згадзіўся бядняк, — лішняя капейка мне не перашкодзіць.

Запрог багач жарабка і гайда ў дарогу. А яго сусед бедны ўзяў сявеньку, насыпаў пшаніцы, лоб перахрысціў і давай шчыраваць на чужым полі. Сыпле не шкадуючы. Далонь у яго шырокая, бярэ ў жменю болыы, чым другі ў прыгаршчы. Увачавідкі сявеньку апаражніў. Зноў напоўніў. I толькі сабраўся сыпануць, як голас пачуў:

— Не сей густа, бо не падымеш!

— Хто азваўся? — здзівіўся бядняк. — Быццам нікога няма.

I ён сыпануў жменю пшаніцы.

— Не сей густа, бо не падымеш!

— Хто ты? — спытаў бядняк, — Калі не сіла нячыстая, то пакажыся.

I перад аслупянелым бедняком вырас як з-пад зямлі чалавек. Ні стары, ні малады, але з хітрынкай у вачах.

— Хто ты такі? — перахрысціўся бядняк.

— Я шчасце твайго суседа. Памагаю яму, каб ніва каласіла, каб штогод дабра прыбаўлялася…

— А дзе ж маё шчасце? — уздыхнуў мужык. — Чаму яно не памагае мне?

— Вунь тваё шчасце ляжыць пад кустом і на скрыпачцы іграе.

— Пайду дам яму прачуханца, — раззлаваўся бядняк. — Замест таго каб памагаць мне, яно лайдачыць.

Ён выламаў добры дрын, пабег да куста. I праўда, ляжыць пад ім хлопчык і на скрыпачцы іграе.

— Ты і ёсць маё шчасце? — грозна запытаў бядняк.

— Ну я, — перастаў іграць хлопчык. — А што табе трэба?

— Як што? — разгневаўся яшчэ больш бядняк. — Вунь шчасце суседа сеяць яму памагае, як можа, спрыяе, а ты тут лынды б'еш… Вось я цябе зараз як перахрышчу гэтым дрынам, то па-другому заспяваеш.

— Вой, вой, не чапай, — завохкала беднякова шчасце. — Хіба я вінаватае, што ты ў зямлі корпаешся? Тут я табе не памагу, бо не ўмею араць, сеяць…

— Дык, можа, мне гандляваць ці красці?..

— Купі лепш скрыпку, — параіла шчасце.

— Ты здзекуешся з мяне, ці што? За якое ж ліха я куплю тую скрыпку? Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб'і.

— Прадай вала і купі.

— Я ж іграць на ёй не ўмею, — не згаджаецца бядняк.

— Было б шчасце — зайграеш.

— Эх, было не было, куплю, — сарваў бядняк з галавы шапку і пачаў таптаць нагамі.

Кінуў ён багачову сявеньку пасярод поля і дадому падаўся

— Выводзь, жонка, вала з хлява, — загадаў бядняк, — прадаваць павяду.

— Ці не з глузду ты з'ехаў, стары, дзяцей пашкадуй, — заламала рукі кабета, — па свеце з торбамі пойдзем.

— Цыц, старая, — грукнуў кулаком па стале бядняк, — як сказаў, так і будзе.

Умелі тады мужыкі верх над бабай узяць, не тое што цяпер.

Хоць і шкада было вала, але пярэч мужу не пярэч, паставіць на сваім.

Прадаў бядняк вала, купіў скрыпку. I так захацелася яму зайграць, што сіл няма цярпець. Але ж вакол людзей поўна. Засмяюць, чаго добрага, ён жа ніколі не трымаў у руках смыка. «Трэба дзе-небудзь схавацца, — рашыў бядняк, а там паспрабую».

Ішоў ён, ішоў. Бачыць, стаіць насупраць панскага палаца варывенька. Хацеў абысці, а як чорт падбівае: зайдзі, сыграй… «Было не было, — падумаў бядняк, — загляну!»

Ціхенька, каб ніхто не бачыў, прыадчыніў дзверы. Нікога. Выцягнуў з футарала скрыпку, прыціснуў да барады і крануў смыкам струны раз, другі. Што за дзіва? Скрыпка заспявала, загаварыла, і так хораша, што ў бедняка слёзы на вочы навярнуліся. А музыка лілася і лілася, чароўная і непаўторная ў сваёй прыгажосці. Музыка забыў, дзе ён і колькі часу іграе. Для яго нічога не існавала, апрача гэтых незямных гукаў.

А пану тым часам, палац якога стаяў насупраць, сказалі, што нехта ў варывеньцы іграе на скрыпцы. I так іграе, што птушкі замоўклі, вецер заціх. А пан якраз сына жаніў і нідзе не мог знайсці добрага музыку.

— Пайду паслухаю, — рашыў ён, — авось мне сам бог паслаў скрыпача.

Слухаў ён і не мог варухнуцца, пакуль не заціхла музыка. Адчыніў пан варывеньку.

— Гэта ты іграў? — спытаў у бедняка.

— Я, — спалохана адказаў той.

— Ты мне і трэба, — усміхнуўся пан. — Будзеш іграць у мяне на вяселлі…

— Адпусці, паночку, — пачаў прасіцца мужык, — у мяне жонка і дзеці з голаду паміраюць…

— Завезці ім падводу сала, хлеба, дзічыны, — загадаў пан, — а будзеш добра іграць — азалачу.

Што зробіш, давялося іграць. Ён іграў так, што слава аб ім да сталіцы даляцела. Ад прапаноў сыграць вяселле, баль ці радзіны не было адбою. I стаў бядняк такі багаты, як і не снілася яму. Вось як бывае, калі знойдзеш Сваё Шчасце. Шукайце, убрыкні вас качкі, можа, яно ляжыць дзе-небудзь пад кустом і іграе, калі не на скрыпцы, то на гармоніку ці бубне, а можа, пад ензык выпілінгвае, чым чорт не жартуе.

Чортаў сверб

На ўскраі вёскі, за аселіцай жыла-была баба. Жыла без дзеда, без дзяцей. Усяго ў яе хапала: і хлеба, і да хлеба, хоць баба не садзіла агарод, не трымала не тое што каровы, але нават курыцы. Проста яна была незвычайная, адна такая на ўсю акругу. Адным словам, павітуха. Адкуль толькі не прыязджалі людзі, якіх толькі дарункаў не прывозілі, каб баба згадзілася прыняць роды. Ехалі да яе не толькі бедныя мужыкі, але і заможныя гаспадары. I з кожным годам слава гэтай бабы расла.

Неяк раз да дома старой падкаціла панская брычка. Трое коней грызлі цуглі, білі капытамі па зямлі, фурман ледзь стрымліваў іх.

З брычкі сышоў важны пан, фацэтна разадзеты, з пышнымі, доўгімі вусамі.

— Гэ-эй, ёсць хто-небудзь у гэтай хаце?! — закрычаў пан.

— Што загадаеце, паночку? — выбегла на ганак баба.

— Хачу ўзяць цябе за павітуху, — падкруціў вусы пан. — Гавары, ці пойдзеш? А не, дык іншую паеду шукаць.

Баба забегала, замітусілася. Вядома, яно гонар. Такі хвайны пан сам прыехаў па яе. Гэта ж слава якая.

— Не бойся, не пакрыўджу, — стукнуў кулаком па шуле пан, — дом табе пабудую, які не сніўся, шубу лісіную падару, боты казловыя…

— Добра, паеду, паночку, — згадзілася баба.

Яна хуценька пераапранулася, Адзела лепшае, што ў яе было. Села ў брычку, і коні памчалі. Старая і аглянуцца не паспела, як фурман спыніўся каля велічэзнага палаца. Бабу падхапілі пад рукі лёкаі і павялі да пані. Яе вялі праз пакоі, якія аж ззялі ад золата і дарагіх камянёў. На сценах віселі прыгожыя карціны. «Вось дык пашэнціла, — думала баба, — такое і ў сне не прысніцца».

Ну гэтак ці інакш, але баба не падвяла пана. Нарадзіла пані прыгожага хлопчыка. Усе радаваліся, а найбольш пан. Ён загадаў адзець бабу ў самыя дарагія строі. Глянула баба ў люстэрка і не пазнала сябе: памаладзела гадоў на дваццаць, хоць замуж выходзь. А тут у палацы баль пачаўся. Старую пасадзілі на кут, сам пан наліваў ёй дарагое віно, падаваў стравы, якіх яна не толькі што не ела, але ніколі не бачыла.

Зайграла музыка, і паны і паненкі пусціліся ў скокі. Танчылі полькі, мазуркі, ды так хораша, што бабу падбіваў сверб выскачыць з-за стала… Але неяк выцерпела: куды ўжо з маладымі раўняцца.

А паны і паненкі то скачуць, то падбягаюць да сярэбранай міскі з вадою. Памочаць палец, памажуць вочы і зноў вытанцоўваюць.

«Дай і я памажу вока», — рашыла баба.

Неўпрыкмет, калі паны і паненкі былі заняты скокамі, яна сунула палец у міску і памазала вока. Глядзь, а паноў і паненак няма, нейкія рагатыя стварэнні з бычынымі хвастамі крыўляюцца. Спалохалася баба, прыжмурыла памазанае вока, другім глянула. Палац, расфуфыраныя паны і паненкі скачуць. Зірнула памазаным: балота, сядзіць яна не за сталом, а на купіне. «Дык вось да якога пана я трапіла, — змікіціла старая. — Гэта ж чорт прывёз сюды…»

А чэрці зноў паселі за сталы, давай баляваць, песні спяваць. I баба разам з імі п'е, выгляду не падае, што ўсё ведае.

Напіліся, наеліся госці, пачалі разыходзіцца. Бабу пасадзілі ў тую самую брычку, адарылі падарункамі. Дзівіліся суседзі, калі яе, як пані, на тройцы да самай хаты прывезлі.

Пан, як і абяцаў, дом збудаваў, ды такі высокі і светлы, што людзі дзіву даваліся. Не забываў пан старую, падарункі прывозіў, а як сын падрос, і сын пачаў прыязджаць да бабы: то хустку прыгожую прывязе, то прысмакаў. Жыве старая прыпяваючы. Рада, што яе не забываюць.

А паніч той усё часцей і часцей гасцюе ў бабы. Расце як на дражджах. Ужо на танцы ходзіць, дзяўчат праводзіць.

«Пайду пагляджу, як мой хрэснік скача», — надумала раз баба. Прыбралася, нібыта на вяселле, і пайшла. У куточку стала разам з суседкамі і наглядае. Самых прыгожых дзяўчат выбірае яе паніч. «Хутчэй, хутчэй», — падганяе музыка. Зажмурыла баба непамазанае вока, бачыць рожкі ў паніча з-пад чуба вытыркаюцца, а ў руках палачка. Ён неўпрыкмет ёю па лытках дзяўчат б'е. I тыя стараюцца на ўсю моц, гізуюць, аж пыл курыць з падлогі. Нездарма старыя людзі называюць танцы чортаў сверб.

«Бач, нячысцік, — раззлавалася баба, — збівае дзяўчат з панталыку…»

— Што ж гэта ты палачкай дзяўчат лупіш? — накінулася яна на паніча. — Вунь як запарыў іх.

— А ты хіба бачыш? — здзівіўся паніч.

— Бачу.

— А якім вокам?

— Вось гэтым!

Тут паніч тыц бабе палкай у вока. Старая завохкала, загаласіла, а паніча як ветрам знесла. Вось як, дзеткі, бывае, калі баба з чортам справу мае.

Незвычайны сон

Жылі-былі на ўскраі сяла дзед і баба. I надта ж яны любілі казкі. Хлебам не кармі, а дай казку паслухаць. Бывае, пастукае ў хату чалавек, пераначаваць папросіцца.

— А ты ўмееш казкі расказваць? — у адзін голас пытаюць дзед і баба.

Калі ўмее, за стол пасадзяць, накормяць, напояць, хоць жывот расперажы, а калі не ўмее — на дзверы пакажуць.

Неяк раз да дзеда і бабы салдат зайшоў. Салдат як салдат. Вусаты, пры шашцы. Зайшоў і напрамілы бог пераначаваць просіцца.

— А казкі ўмееш расказваць? — пытае дзед.

— Умееш, служывы? — не адстае ад дзеда баба.

— Чаму ж не ўмею, — усміхнуўся салдат, — казённы чалавек усё ўмее, аць-два…

— Ну, то начуй, — дазволілі дзед і баба.

Пакармілі госця. Дзед на печ залез, прымасціўся на чарэні, руку да вуха прыставіў, каб лепей чуць. Баба за калаўрот села. Таксама на салдата паглядае. А салдат гэты, дзеці мае, быў ніякі не салдат, а чарнакніжнік. Глянуў ён раз, другі на дзеда, нешта прашаптаў, стары і захроп на ўсю хату. Зірнуў ён на бабу, а тая наслініла пальцы і давай прасці. Круціцца кола калаўрота, нітка цягнецца, а баба ўсміхаецца: ёй прыемна, быццам і праўда казку слухае.

Дзеду ж сніцца, што ён адзін сярод дрымучага лесу. Ідзе па калена ў снезе, елкі разглядае. Спыніўся на паляне, сеў на пень. I тут яго ваўкі акружылі. Стаяць, зубамі ляскаюць.

«Здарова, брат, — кажуць, — чаго гэта ты рассеўся, як пан. Пойдзем на здабычу. Ваўка ногі кормяць».

«Які ж я вам воўк, — зазлаваў дзед, — я — чалавек».

Ваўкі давай выць, па снезе качацца ад рогату. Нарэшце адзін не вытрымаў.

«Ці не здурнеў ты, — кажа, — паглядзі на сябе, які ж ты чалавек…»

Глянуў дзед, а ён увесь калматы, а замест рук і ног воўчыя лапы. Задрыжаў стары як асінавы ліст, закалаціўся.

«Вы ідзіце, — кажа, — я не галодны».

Сабраліся ваўкі і пайшлі, а ён адзін застаўся. Разглядае сябе, мацае. Няма ніякага сумнення: воўк ён, а не чалавек. I апетыт воўчы — даймае голад, няма сілы цярпець. Аднаму ісці ў вёску страшна, яшчэ сабакі загрызуць. Трэба ваўкоў тых чакаць. Лёг дзед-воўк пад кустом, накрыўся хвастом і трасецца не то ад холаду, не то ад страху.

На другую ноч падаўся ён з ваўкамі ў сяло. Да дзедавай хаты прыйшлі. Забраліся ў хлеў, выгналі карову, за сялом задушылі яе і з'елі. Назаўтра канём павячэралі. А там і да бабы чарга дайшла. Шкода было бабу, але голад не цётка: задушыў дзед і бабу. I толькі, гэта, вярнуўся ён на паляну, бачыць той самы салдат з шашкай стаіць.

«Ты чалавек?» — пытае.

Дзед разумее, а сказаць не можа. Толькі галавой хітнуў.

«Хочаш зноў чалавекам стаць?»

Дзед зноў махнуў галавою.

«То слухай, што я табе скажу. Бачыш пень пасярод паляны, трэска ў ім. Вазьміся за гэту трэску і кульніся цераз пень галавой».

Ён ухапіўся лапай за трэску і кулець… прама на бабку з калаўротам. Тая з лавы вобзем.

— Ты што, дзед, учадзеў, на печы лежачы? — зазлавала баба. — Так і галаву зламаць можна.

— Дык гэта ты, бабка, — заплакаў стары. — А хіба ж я цябе не з'еў?

— Ці не з глузду ты, дзед, з'ехаў? — залямантавала бабка. — З якой ласкі ты б еў мяне?

— А конь і карова на месцы?

— А дзе ж ім быць? Схадзі паглядзі… Пайшоў дзед у хлеў. I конь і карова цэлыя. Вярнуўся ў хату. Пра салдата ўспомніў.

— А дзе служывы? — пытае.

Агледзеліся дзед і баба. Нідзе няма, нібы карова языком злізала.

Вось як было, мае вы верабейчыкі. Ці ж здагадаліся вы, што бабу Аўдоляй звалі, а дзед Манюкін перад вамі. Што? Не верыце?.. Каб я да трохтысячнага года не дажыў, калі гэта не так.

Людаедка

Не люблю я нашага брата, паляўнічага, за язык доўгі. Ілжэ не падсяваючы. Паслухаць яго, дык зайца на хаду падкуе, адным стрэлам сем качак заб'е. Ужо да чаго праўдзівы чалавек барон Мюнхгаўзен, але і той, калі зойдзе гаворка пра паляванне, нядорага возьме, каб збрахаць. I ў аленя вішнёвымі костачкамі страляе, і качкі ў яго самі ў печ трапляюць, скубуцца і смажацца. Чыстай вады махлярства. Я сам у комін страляў, калі над хатай качкі ляцелі. Падбіць-то падбіў, і ў печ трапілі, а вось не аскубліся самі, з пер'ем сталі смажыцца. Які там наедак. Я паважаю Мюнхгаўзена, ды, мусіць, наблытаў ён, як і ўсе паляўнічыя. Калі ёсць на свеце хоць адзін сумленны мыслівы, то гэта, несумненна, я, Манюкін. Не верыце, то слухайце.

Завялася ў нашым лесе рысь. Не звычайная рысь, з добрага ката, а велічэзная, з мядзведзя. Усіх ласёў перадушыла і за людзей узялася. У лес перасталі хадзіць. Ды вы думаеце, яна на гэтым супакоілася? О, каб так! Калі гара не ідзе да гэтага, як яго, Магамета, то Магамет ідзе да гары. Так і тая рысь — пачала ў вёску хадзіць. Ёй, бачыце, на дрэвах не сядзіцца, надакучыла. То карову задушыць, то каня, а то і сабаку звалачэ прама з двара. I палявалі на яе, і пасткі ставілі. Хоць бы што. I тут да мяне цэлая дэлегацыя з вёскі прыйшла.

— Памажы, Манюкін, — просяць, — ты ж добры стралок. Упалюй гэту людаедку.

Я, вядома, адмаўляўся.

— Нельга тую рысь забіваць, — кажу, — газеты трэба чытаць: яна санітарную хвункцыю выконвае. У Заходняй Еўропе, ці не чулі, ваўкоў пазнішчалі, дык, што вы думаеце, эпідэмія пачалася…

— Пры чым тут эпідэмія? — кажуць. — Вунь на тым тыдні цяля тая рысь у твайго суседа задушыла.

Тут усе разам загаварылі, загаманілі:

— Глядзі, Манюкін, і да цябе дабярэцца людаедка… Памажы!

Я не згаджаюся, канешне. Газеты паказваю, пра экалагічную раўнавагу гавару. А ім, цёмным, хоць бы што, хоць кол на галаве чашы, чаўпуць сваё.

— Скажы, Манюкін, што баішся, — падпускае шпількі сусед. — Як рысь ганялася за мною па надворку, ты і носа з хаты не высунуў. Ці не чакаў, пакуль ента людаедка санітарную хвункцыю выканае?..

— Не чуў, спаў, — як магу, абараняюся.

— Э-э, не чуў ён, людцы добрыя. Я зароў, як вол недарэзаны. У тым канцы сяла глухая бабуля ўчула… Нябось, залез пад коўдру і калаціўся як ліст асінавы…

Такой абразы я не мог сцярпець.

— Так і быць, — кажу, — упалюю вашу людаедку, але, калі эпідэмія пачнецца, вы будзеце вінаватыя… уся адказнасць на вас… мая справа папярэдзіць.

Тут усе павесялелі, нават сусед папрасіў прабачэння. Што грэх таіць, ведаюць людзі, раз Манюкін узяўся за справу, то давядзе яе да канца.

I ўсё ж, саколікі, сказаць лёгка. Але дзе знайсці тую рысь? Слухайце, на вус матайце, можа, і вам спатрэбіцца, запамінайце.

Узяў я шкуру бычыную, звычайны сахор, якім сена на воз падаюць, і пайшоў у лес. Сеў пад самым высокім дрэвам, шкурай ахінуўся. Акурат бык, толькі бязрогі. Але я і тут не разгубіўся: замест рог сахор прыстасаваў. Хай, думаю, гадае людаедка, чаму бык адзін, а рог у яго аж дзве пары.

Доўга сядзець давялося. А я не люблю чакаць. Ды і на сон цягне. Што я толькі не рабіў: і да тысячы лічыў, і казкі сам сабе баяў… Ды не вытрымаў — пачаў акунёў вудзіць. I сніцца, быццам скала на мяне навалілася. Цісне, да зямлі прыціскае, вось-вось раздавіць… Прачнуўся я, выбраўся з-пад бычынай шкуры і рот раскрыў ад здзіўлення. Рысь-людаедка з дрэва прама на сахор скочыла… Вось як бывае.

Больш я не хадзіў са зброяй на звяроў, хоць і эпідэмія тады не пачалася. Не сумленна, лічу, са стрэльбай на звера ісці. Палохаць палохаў ваўкоў, часам да смерці, а вось не страляў.

Хочаце паслухаць. Не так даўно было, гадоў паўста назад. Воўк тады панадзіўся на наш надворак хадзіць. Воўк — жартаўнік. Дабярэцца да аўчарні, прасадзіць хвост у акенца і давай махаць. Бедныя шуткі лезуць на сцяну са страху. I есці даеш, здэцца, уволю, а худзеюць.

Ну, думаю, пачакай, паскачаш ты ў мяне польку-трасуху.

Вечарам, калі ў доме ўсё сціхла, я намазаў рукі смалою і пайшоў прама ў аўчарню. Сцішыўся ля акенца, чакаю. Набіў люльку тытунём, толькі выцягнуў з кішэні крэсіва, а тут авечкі як забегаюць, замэкаюць: ваўка ўчулі. Праўду кажуць: пра воўка памоўка, а ён тут як тут. Усадзіў хвост-дзяркач у акенца і давай махаць. Я злаўчыўся, ды як цапну за хвост. Воўк ірвецца, зубамі скрыгіча, у мяне ўжо сіл няма трымаць, а выпусціць не магу: прыхапіла-такі смала. А воўк пнецца, з галавой мяне ў акенца прэ. I выцягнуў бы, каб хвост не адарваўся.

Воўк ходу, а я засеў: ні туды ні сюды. I хвост не магу з рук выпусціць. Крычаць гонар не дазваляе. Так і сядзеў да раніцы, пакуль сусед не выручыў. Той самы, якога рысь-людаедка па надворку ганяла.

— Усё разумею, — дзівіўся ён, — толькі хвост воўчы адкуль у цябе?..

Прамаўчаў я. Скажы — не паверыць. Яшчэ на смех падыме.

Сусед паняволі

Застала мяне неяк у лесе навальніца. Гром грыміць, аж дубы калоцяцца. Лье як з вядра. Смаліць маланка. Да ніткі прамок. Дзе б зацішак знайсці, думаю, прыхавацца, а то растану, хоць і не гліна. Бачу, дуб ладны, абхватаў у пяць, а ля самай зямлі дупло. Лепшай схованкі і не трэба. Залез, уладкаваўся. I цёпла, і ўтульна, як у хаце. Сагравацца пачаў, скруціўся абаранкам, самы раз вочы заплюшчыць… Ды раптам чую, нехта, крэхчучы, у дупло лезе, так сказаць, прысуседзіцца хоча. У цемры не разабраць. Можа, такі лядачы, як і я, шукае ратунку ад дажджу і грому. На ўсякі выпадак пасунуўся. Хопіць месца. Хаця б не разбойнік які, думаю. А ён ужо ў дупло залез, рассеўся. Вочы блішчаць, як светлякі. Быццам не чалавек, а кашляе па-старэчы. Відаць, прастудзіўся. Тут, мусіць, і ён учуў, што я варухнуўся. Рэзка, усім корпусам павярнуўся ў мой бок. Бліснула маланка. «Воўк!» — разгледзеў я. Вочы ад страху на лоб палезлі. Вось дык сусед — спапялі яго пярун. Відаць, ужо не выбрацца з гэтага дупла. Міжволі адсунуўся, нагу наперад выставіў. Не нападае, сам назад падаўся. Спалохаўся, як і я. Трошкі адышло. Надзея зацяплілася: дасць бог, пранясе, неяк памірымся. Толькі варухнуўся, шчоўкнулі зубы, звер насцярожыўся. Толькі сунься — скочыць. Э-э, думаю, дрэнь твае справы, Манюкін, — не выпусціць з дупла. Нічога не застаецца, як сядзець. Не ведаю, што аддаў бы, каб выбрацца адсюль пад дождж і гром.

Сядзім. Сочым адзін за адным. Воўк з мяне вачэй не зводзіць, а я з ваўка. I дождж ужо не лье, і гром здалёку грыміць, а мы не вылазім з дупла.

— Давай па-добраму разыдземся, — кажу. Не разумее па-чалавечы, зубы шчэрыць.

I гадзіна мінула, і другая. Днець пачало. Ні ён з месца, ні я. Ужо не страшна, толькі цела нясцерпна ные, просіць размінкі. Хоць бы рукою ці нагою варухнуць, ды не выходзіць, пракляты воўк вачэй не зводзіць, баіцца, што нападу.

— Вылазь першы, — кажу, — дальбог, не зачаплю.

Не разумее. Толькі чхае (добра-такі прастыў) ды зубы паказвае (ці не пасміхаецца). А мне не да смеху.

«Што рабіць, што чыніць? — гадаю. — Прападзеш ты, Манюкін, ні за панюшку табакі. Закурыць хіба напаследак, дык ці дасць крэсіва выцягнуць?..»

Бачу, быццам «вартаўнік» вочы прыплюшчыў. Пэўна такі, стаміўся і хвароба даецца ў знакі. Было не было, думаю, закуру. Сіл няма цярпець. Жыццё б аддаў за адну зацяжку.

Ціхенька, як злодзей, лезу ў кішэню. Расплюшчыць воўк вочы, гляне, я замру, не варухнуся; заплюшчыць — зноў лезу. Вось і крэсіва намацаў. Спацеў, пакуль выцягнуў. А трэба яшчэ люльку тытунём набіць, агонь высечы. А воўк, небарака, зусім раскашляўся — даймае прастуда. Чаго добрага, можа заразіць.

Мо з паўгадзіны развязваю капшук, набіваю люльку. Ён, пэўна, адчувае мой неспакой: час ад часу шчэрыць зубы, глядзіць, не мігае. Я тады сяджу, як школьнік на ўроку. Супакоіцца звер, я зноў за сваё. Нарэшце такі набіў люльку, у зубы ўзяў. Але як прыкурыць? Першы раз за жыццё пашкадаваў, што запальнічкі не маю. Наўрад ці спадабаецца ваўку, калі я пачну камень аб камень лупіць. Ды ці ўдасца з першага ўдару іскру высечы. Баязлівец тысячу разоў памірае, а герой — аднойчы, падбадзёрваю сябе. Прыціскаюся спінай да сценкі, асцярожна высоўваю правую нагу наперад. Калі кінецца звер, знянацку не застане, добры ўдар у зубы атрымае.

Воўк траха не спіць, хоць «хуткую дапамогу» выклікай. Заплюшчыць вочы, з мінуту ківае галавой, затым блісне агеньчыкамі і зноў дрэмле, але чуйна: варта добра дыхнуць, як усім целам уздрыгне.

Бяру ў левую руку трут і камень, у правую — другі камень. Трут сухі — не намок, а камяні ў мяне што трэба. Пашукай — лепшых не знойдзеш… Тут толькі момант выбраць. Чакаю і пяць мінут, і дзесяць, а можа, і больш, хто там лічыў. Бачу, хітнуў галавой мой воўк, я лясь камень аб камень, сыпанулі іскры. Воўк сцепануўся, прыўзняўся на заднія лапы, рыхтуючыся скочыць. Шэрсць натапырылася, з жоўтых зубоў паказалася сліна. Я замёр. З мінуту свідруем вачыма адзін аднаго. Тлее ў руках трут, пальцы апякло, а воўк вачэй не зводзіць, адзін толькі рух… «Заплюшчы вочы, заплюшчы вочы!» — бязгучна шапчу. А сіл ужо няма: гараць пальцы, імгненне і — не вытрымаю. Рэзка паднёс да люлькі трут. Задыміў. З кожнай зацяжкай, чую, сіл прыбаўляецца. А дым верне, воўк раз за разам чмыхае. Дымлю, не раўнуючы, як паравоз. Ужо не бачым адзін аднаго. Толькі вочы блішчаць і чых ды чых. Нідзе не дзенешся, думаю, выкурыць цябе самасадзік, дай бог. I тут, сапраўды, воўк мой задам, задам падаўся да выхаду. Кашлянуў напаследак і — ходу.

Вылез і я. Прысеў, пацягнуўся, дыхнуў на поўныя грудзі. Паветра, скажу вам, пасля дажджу — цуд, чысты кісларод. А я, мае вы саколікі, з таго часу, якая б навальніца ні напаткала ў лесе, у дупло не хаваюся. Не, не хаваюся. Той воўк, пэўна, таксама за вярсту абходзіць наш дуб. Беражонага бог беражэ, убрыкні вас качкі.

Як дзед цыганіў

Даўно гэта было, вой даўно. Я тады яшчэ не ўзбіўся на свой хлеб. На чужым полі з раніцы да вечара гнуў спіну. Трохі сабраў грошай. Але што за іх купіш? На хату не хапае. Хіба прыдбаць каня ці карову? Але куды іх паставіш, калі самому няма дзе галаву прытуліць. Думаў, гадаў я і вырашыў у цыганы падацца. Па свеце пахаджу, людзей пагляджу, а там будзе відаць.

Купіў гэта я ў цыганскага барона мядзведзіцу вучоную і давай з ёй хадзіць ад вёскі да вёскі. Хаджу, людзей смяшу, як жывуць, прыглядаюся.

Мядзведзіца прывыкла да мяне. Неяк пан адзін надумаў пасмяяцца з мяне: напаіў і выкінуў, голага, на мароз. Мядзведзіца так раз'юшылася, што выламала дзверы ў панскі пакой, мэблю пераламала, пана пакалечыла… А мяне ўзяла ў лапы і ў стог сена занесла. Раскідала той стог, укрыла і сама побач прымасцілася, каб цяплей было. Але і я шкадаваў яе. Сам лягу галодны, а мядзведзіцу пакармлю. Занаровіцца калі, не б'ю, як той барон цыганскі, а кіну ланцуг на падлогу, адчыню дзверы: «Не хочаш скакаць, — кажу, — не трэба, ідзі, другога гаспадара шукай!»

Пабурчыць мая мядзведзіца, пабурчыць, падыдзе, абдыме лапамі, асцярожна так, каб не зачапіць. Людзі рагочуць. Поўную шапку медзякоў накідаюць і ў торбу сала з хлебам пакладуць. Вось так і цыганіў я. За адзін год зарабіў грошай больш, чым за пяць у пана. А тут яшчэ мядзведзіца парадавала: маленькае медзведзяня прывяла. I такое смешнае, вясёлае: куляецца цераз галаву, скача. А якое разумнае!

— Пакажы, — прашу, — як дзед бабу абдымае.

Медзведзяня залезе на печ і, крэхчучы, злазіць, акурат як дзед. Перавальваецца з лапы на лапу, ідзе да бабы. Ашчаперыць лапамі, языком цмокае. Усе жываты надрываюць ад смеху. А мядзведзіца тым часам шапку па крузе носіць. Тут і самы скупы лезе ў кішэню па манету.

Так і хадзілі мы ўтрох. Я пачарнеў, бараду адгадаваў, нават цыганы за свайго прызнавалі. Адзін барон на сваёй дачцэ хацеў жаніць, ды я не схацеў. Не спадабалася мне, што цыганка тая курыць, крадзе… Каб не гнявіць барона, я ціхенька падняўся ноччу і пайшоў са сваімі мядзведзямі куды вочы глядзяць.

I ноч ішоў і дзень, пакуль не знайшоў начлег у адным сяле. Гаспадар пакарміў нас, паслаў у сенцах нанач…

Толькі гэта я заплюшчыў вочы, чую, мядзведзіца мая стогне, дзверы кіпцюрамі скрабе. I я падняўся, і гаспадар. А мядзведзіца не супакойваецца: то да мяне падыдзе, то да дзвярэй.

— Скажы, чалавеча, — пытаю гаспадара, — ці няма непадалёку ад вас якога-небудзь селішча?

— Ёсць, — кажа, — вярсты за тры адсюль хутар, жыве там чалавек адзін…

— Бяда ў яго вялікая, — кажу, — даруй, браце, але спяшаць трэба.

За мядзведзіцу я, за медзведзяня і бягом да таго хутара. Паперадзе мядзведзіца джгае, за ёй я, не выпускаючы ланцуга з рук, а за намі малое.

Ля самага хутара крык пачуў. Да акна падбег. Глянуў я і ледзь не самлеў ад страху. Здаравенны, за два метры, дзяцюк душыць гаспадара. У таго аж вочы на лоб лезуць, крыкне і замаўчыць. Эх, было не было! Я падскочыў і смальнуў нагою ў раму, яна і вылецела. Акенца маленькае, не ўлезці. Толькі медзведзяня ўскочыла. А мы са старой мядзведзіцай давай дзверы ламаць. Не паддаюцца. Я ўхапіў бервяно, мядзведзіца за канец узялася. Як грукнулі, дзверы і вылецелі. Ускочылі ў хату, а асілак медзведзяня душыць. Мядзведзіца зараўла так, што аж сцены закалаціліся. Кінулася да асілка і давай яго тузаць. Той адкінуў малога і ўхапіў з усёй сілы мядзведзіцу. Не ведаю, хто б каго адолеў, каб я не падаспеў: ланцугом злодзея па галаве, па галаве… Бачу, слабее. А мядзведзіца саўсім азвярэла, за дзіцяня помсціць. Нават мёртвага злодзея душыла, ледзь супакоіў.

— Дзякуй табе, чалавеча, — упаў на калені гаспадар хутара, — усё, што ў мяне ёсць, — тваё. Бяры каня, карову, хочаш — грошы.

А я і не слухаю, па медзведзяняці гарую. I мядзведзіца ад яго не адходзіць. Абхапіла лапамі галаву і ківаецца.

— Бачыш, як шкадуе, — заплакаў гаспадар, — гэта з-за мяне ўсё.

— Ты невінаваты, — кажу, — пахавай яго, а мы пойдзем далей… Нельга нам тут… А грошай не трэба. Навошта нам яны, калі няма малога.

Распілаваў я кальцо на губе мядзведзіцы, адкінуў прэч ланцуг і пайшоў да людзей. Ішоў — не аглядваўся, толькі на прыгорку не вытрымаў, прыпыніўся. Мядзведзіца стаяла ля хаты хутараніна, усё думала, ці даганяць мяне, ці падацца ў лес…

Вось так, дзеці, дзед ваш цыганіў.

А мядзведзіца тая, казалі людзі, часта прыходзіла да таго хутара, ля ліпы сядзела, дзе тое медзведзяня пахавана. Гаспадар ёй есці выносіў: і мёд, і малако. Нічога не брала. Відаць, не магла дараваць людзям, што забралі ў яе малое.

Рэшата гораху і …наццаць бліноў

Я ўжо казаў вам: старасць не радасць. Дзе тая сіла, што была некалі? Паўдня польку скакаў на вяселлі, мог з'есці за раз рэшата гароху і бліноў намазаных штук …наццаць. Цяпер адзін на два бакі памажу і то ледзь адолею… Вось як, мае вы саколікі, што дуж быў Манюкін, то дуж. Прыехаў раз у вёску цырк. Фокусы розныя паказвалі, смяшылі людзей. А пасля выходзіць адзін сілач.

— Хто, — кажа, — са мною падужацца хоча?

Рост у яго — ледзь да столі не дастае, ногі тоўстыя, як у слана.

— Можа, ты? — тыкае ў мяне пальцам.

Усе ў рогат. Надта ж малы я: ледзь відаць з-пад шапкі.

— Чаму не, — кажу, — магу. Але ж ты мяне заб'еш, такі здаравяка.

— Я памаленьку, — смяецца сілач.

— Ну, калі памаленьку, то давай.

Ухапіў ён мяне і давай вадзіць то ў адзін бок, то ў другі: ні прыпадняць, ні паваліць не можа. Злаўчыўся я, схапіў яго за ногі і пляхнуў. Што тут тварылася: і смех і грэх.

Ды не сілай славіўся я, а голасам. Не, спявак з мяне быў неважнецкі, але затое гудок мог перакрычаць. Калі зараву, на некалькі вёрст чуваць, шыбы ў вокнах звіняць. Хто стаіць побач, затыкае вушы. Поп нават у хор царкоўны запрасіў. Відаць, змікіціў, што на мой голас прыхаджане паваляць.

— Ты, — кажа поп, — напаўголаса цягні, а то парафіян, чаго добрага, паразганяеш.

— Я, — кажу, — наогул, не пайду ў тваю царкву. Дурня знайшоў, горла дарма драць.

Поп як смала прыстаў.

— Богу ўгодна, каб ты, Манюкін, спяваў у хоры.

— Ці мала што богу ўгодна, — кажу, — галоўнае, што мне ўгодна.

Поп давай мяне сарамаціць, бязбожнікам называць.

— Ты, — кажу, — бацюшка, хоць гаршком мяне называй, а ў печ не стаўляй.

Бачыць поп, што справы дрэнь. Пацішэў. Заплаціць паабяцаў.

Бог богам, а грошы трэба-такі былі. Каму ж капейка пашкодзіць? А я багаты Цімошка: сабака і кошка. Даў згоду. З месяц спяваў. Зацягну алілуя, дык веруючыя на калені падаюць. Паваліў валам народ у царкву, новага пеўчага паслухаць. Папу даход, хваліць мяне з амбона. У канцы месяца за разлікам прыйшоў.

— Так і так, бацюшка, абяцаў — плаці!

— Навошта табе грошы? — кажа. — Нябеснае царства падару.

Я і так і сяк пад'язджаю, ды поп сваё заладзіў: царства нябеснае ды царства нябеснае. Ну, думаю, пачакай, даўгагрывы, сквітаемся, за мной не стане. Выпіў я на вялікдзень дзесятак яек, каб горла прачысціць. Вядома, чарку прапусціў — усё, як не кажы, смялей. Ну, і пайшоў у царкву: людзі яйкі свянціць, а я горла драць.

Народу тады набілася ў хорам божы, як дзверы зачыніць. Усе на мяне глядзяць, як на святога. Кіўнуў поп, і хор зацягнуў алілуя. Чакаю, пакуль мая чарга падыдзе. Набраў поўныя лёгкія паветра і як зароў на ўвесь голас: іконы на сценах заварушыліся, быццам святыя ажылі. А я яшчэ мацней раву, як бык недарэзаны. Поп ледзь на нагах стаіць: збялеў увесь, дрыжыць, рукі падняць не можа, каб лоб перахрысціць… I тут свечкі пачалі тухнуць, шыбы звінець, а адна ікона не ўтрымалася на цвічку і пляхнула дзяку на галаву…

Што тут пачалося!

— Ізыдзі, сатана, ізыдзі, — замахаў крыжам поп.

Усе на выхад павалілі, крык, гам, вэрхал несціханы. А я з усіх сіл стараюся. Поп, як ачмурэлы, бегае, заклікае людзей да парадку. Ды не стрымаць парафіян. Аднекуль чутка папаўзла, што канец свету, ратавацца трэба.

Адным словам, саколікі, прагналі мяне з царкоўнага хору з трэскам. Поп лаяў з амбона, пекла абяцаў. Ды хіба такога, як я, запалохаеш? У самога дзеда Міхеда спытайце, хто смялей ад яго і мяне быў у партызанскім атрадзе… Шкада, няма ў жывых друга-найфайнейшага, а то ён паведаў бы… Ды што я гэта збіваюся з пятага на дзесятае, як пасля добрага паднядзелку? Я і ў тым пекле так закрычу, што чэрці паразбягаюцца. Ужо калі ваўкі нашто смелыя, і тыя майго голасу баяцца. Слухайце, дзед Манюкін не салжэ.

Пайшоў гэта я ноччу на рэчку кошыкі правяраць: так званы ес. Зімой, вядома, калі рыбка на скаварадзе смачней скваркі пасля вялікага посту.

Іду я, і Лыска за мной улёг. Хай ідзе, думаю, удвух весялей. Рачулка лясная, ад вёскі няблізка. Затое рыбы там кішма кішыць. Так што і ноччу не шкада ногі вярэдзіць.

Ну, прыйшлі гэта мы. Я кошыкі выцягваю, рыбу вытрасаю, сабака бегае. Сабака бегае, ля кожнага куста нагу падымае. Увесь яго сабачы занятак. Што яму да рыбы.

А налезла добра-такі. Выцягнуў плотку з калодку, язя з парася, шчупака… ну няхай не з быка, але з добрае свінчо. I які гэта дурань выдумаў, што рыбачы хлеб лядачы. Можа, і не даймаў нас голад ніколі, што рыбка ратавала. Во і тады: цэлы мех натаптаў. Хочаш сам еш, хочаш прадавай, а пажадае душа — сушы, пасля як знойдзеш…

Разважаю так, мех завязваю. Як падняць. Папацець трэба, каб завалачы-такі. Шкада, што санкі не ўзяў. Гора б не знаў. Але што грэх таіць, лепш валачы рыбу, чым улегцы з пустым мяшком ісці.

Узваліў я мех на плечы і пашыбаваў без аглядкі. Лыска дагоніць. Іду, напяваю:

Танцавала рыбка з ракам, А пятрушка з пастарнакам, А цыбуля дзівавала, Як пятрушка танцавала.

— Патанцуе, Манюкін, — сам сабе кажу, — твая рыбка на скаварадзе, хай без рака і пятрушкі, затое цыбулька знойдзецца да рыбкі: вянкоў з дзесяць вісіць пад бэлькаю…

Так захацелася есці, хоць той мех той развяжы ды сырой рыбы паспытай. Сам бачыў: цыган еў ды нахвальваў. Але ж той цыган босы зімой хадзіў… I тут нешта пад ногі як кінецца, я і паляцеў з капытоў. Глядзь, Лыска пада мною.

— Каб ты здох, — кляну, — так напалохаць. Падняўся. Снег атрасаю. А сабака пішчыць, да ног туліцца.

Нешта не тое, думаю. Падняў галаву. Божа, у трох кроках воўк здаравенны. Канюхамі такіх называюць. Глядзіць, не зміргне. Відаць, мацёры: шэры, з сівымі шарсцінкамі. Такі не толькі што на каня, на чалавека не пабаіцца напасці. Пашкадаваў я, што сякеры не захапіў з сабой. Стары, але дурны. Цягнецца ноччу ў Рысава-Барысава з голымі рукамі. Ці мала што на белым свеце бывае. Ды трэба нешта рабіць. Эх, было не было… I тут я як зароў нечалавечым голасам, аж ёкат па лесе пайшоў. Сам спалохаўся. А воўк стаў на дыбы і давай скакаць пад маю музыку. Раз дзесяць падскочыў, пасля ўпаў на жывот і папоўз. Адпоўз трохі і ногі адкінуў. Вось дык напалохаў…

Узяў я пад паху мяшок з рыбай, на плечы ўзваліў ваўка і панёс дахаты. Добрая шапка атрымалася. Зносу ёй бы не было, каб не згубіў, ад чарцей уцякаючы. Ды гэта ўжо другая гісторыя, а я першай не закончыў. Сарваў-такі голас. Я, не буду хваліцца, калі і цяпер закрычу на ўсе лёгкія, то ліст во з гэтай ігрушыны пасыплецца, але дзе той былы голас. Аслабеў Манюкін, не ем цяпер нямазаных бліноў, ды і гарох чамусьці звёўся. У дзень на чалавека не тое што па рэшату, па паўлітровай конаўцы не выходзіць. Вось і супакоіліся людзі, сапуць у мікрафон, а крыку, хоць вушы затыкай. Вы ўжо даруйце, саколікі, старому, я не супраць тэхнікі, але, як той казаў, а гэны слухаў, лепш сваім голасам верашчаць.

Пражорлівы злодзей

Я люблю рыбачыць, калі ніхто не бачыць. Забяруся ў кусты. Уладкуюся. А там і вуду закіну. Чакаю: клюне — не клюне. Не ведаю, як у каго, а ў мяне клюе. Толькі цягаць паспявай. Можа, таму, што жылкі не прызнаю, на конскі хвост лаўлю. Не лавілі так, жэўжыкі? О, тады вы не рыбакі. Рыба, як і чалавек, любіць усё натуральнае. Вунь былі ў модзе крымплены-мулены, розныя балоневыя плашчы — вецер свішчы. А цяпер за чым ганяюцца?.. За льнянымі кашулямі, за аўчыннымі кажухамі… Паразумнелі нарэшце. А думаюць, рыба дурнейшая за іх: лепш на бляшанку, чым на жыўца, клюне. Што ёй тыя жылкі ці лжэматылі. Куды цікавей конскі хвост і жывы, прама з зямлі, чарвяк. Слухайце, вучыцеся, пакуль дзед Манюкін жывы. Ён, дай ты рады, не салжэ.

Ну, закінуў я гэта. Не клюе. Нібыта і зрабіў усё па-людску: і чарвяка памазаў натуральным самасадам, і папляваў на яго тры разы як маіць. Чакаю. Што яшчэ застаецца? Каб так не сядзець, выкапаў за спінай канаўку, вады шапкай нанасіў. Усё будзе куды рыбу кідаць. Як не кажы, свяжэй у такой ямцы, чым у торбе… Ды, пэўна, стараўся дарма — не бярэ, хоць замовы гавары, як мой дзед:

Чэрці, чэрці!

Памажыце рыбу перці.

Аддам жонку і дзеці,

Каб не было дзе рыбу дзеці.

Думаю, паўтару на ўсякі выпадак раз, другі. I што вы думаеце — памагло. Бачу, паплавок мой загайдаўся. Рыба, значыцца, да чарвяка прынюхваецца ці хвастом яго лякае.

— Не сумлявайся, даражэнькая, — шапчу, — бяры, не пашкадуеш, самы што ні ёсць дажджавы, мо з гадзіну назад адкапаў.

Паверыла-такі. Заскакаў мой паплавок, як п'яны дзяк на радзінах. Гуляй-гуляй, ды сумленне май. Колькі можна вушлага рыбака за нос вадзіць? I тут як папрэ паплавок на дно. Я, вядома, не разгубіўся. Выцягнуў яльца з пальца, акурат на відэлец. Кажаце, ніякага наедку. Яно так і не так: на бязрыб'і і рак рыба.

Але тут пайшло і паехала. Я і пра люльку забыў, і пра дом… Дзіўсцвіцельна, быццам чэрці з усёй ракі ў адну яму рыбу сагналі. I акуні, і язі, і ментузы. Толькі паспяваю кідаць цераз плячо. Стаміўся, паясніца заныла. Пэўна, з пуд налавіў, думаю. Аглянуўся. Свят-свят, ніводнай рыбкі. Кінуўся шукаць было, ды паплавок павяло. Язя выцягнуў. Ужо ў торбу паклаў. Адсюль не ўцячэ, думаю. Зноў закінуў, і зноў язь. Праўду кажуць, калі Саўку шанцуе, то ён і ў лапцях станцуе. Мігам паўторбы напхаў. I толькі, гэта, зняў з кручка добрую плотку, нехта як смальне дубінай па плячы, я і паляцеў вобзем. Не паспеў падняцца, зноў аперазалі. Я страціў раўнавагу і булдых старчма ў яму. Са страху метраў дваццаць нырцом плыў. Вынырнуў, глядзь, а ў маёй торбе мядзведзь корпаецца. Як гаспадар яе патрошыць. «Дык вось хто рыбу змянціў. Стаяў за спінай і цягаў з канаўкі язёў ды плотак».

Пэўна, не спадабалася мядзведзю, што перастаў яго частаваць, у торбу рыбу хаваю. Вось і выламаў ламачыну і давай лупцаваць.

Хадзіў я на тое месца, мае вы саколікі, і сляды шукаў, і ламачыну, абгрызеную мядзведжымі зубамі. Толькі і зараз не магу даўмецца, чаму мядзведзь разам з рыбай рыбака не з'еў. Мо свежыя язі смачней? А мо гэта той самы мядзведзь, якога я на стозе сена спудзіў, як ваўкі яго акружылі? Усякае бывае. Калі той самы, то мы квіты: паскакаў я дроздзіка, думаў, богу душу аддам.

Адарваны хвост

То, Гараська, даўно было, яшчэ да калгасаў. Яшчэ ў мяне не расла барада, толькі вусікі прабіваліся. Але што гэта я не так пачынаю, нібы крэсіва сапсавалася. Дай праверу, ці высякае іскру. Ёсць агонь! То слухай, няхай цябе качкі ўбрыкнуць.

У кожнага гаспадара быў свой конь, а хто спраўнейшы і двух меў. Ну, пра багацейшых я і не кажу. У той час без каня ты ні богу свечка ні чорту качарга: кладзіся на лаву і ногі адкідвай. Без каня не ўзарэш, не пасееш, не прывязеш палена дроў. Гэта цяпер трактары ды машыны, зноў жа электрыка. А тады за канём, як за дзіцем, хадзілі. Не тут кажучы, захварэе, то ўсёй сям'ёй не спалі.

Слаўны быў у нас конік. Дорашам звалі. Рахманы такі, ласкавы і разумны, што чалавек. Засну на начлезе, далёка не адыдзе, побач скубецца.

Ды, пэўна, ты не ведаеш, што такое начлег. Вядома, не, а я, стары дурань, байкі баю… Хіба слухай… Вясной, улетку і восенню коней на ноч выганялі ў поле. На начлег. Каб цыганы не ўкралі ці не напалі ваўкі, кожны свайго пасвіў. Часцей падлеткі, хлопцы ці дзяўчаты, радзей сталыя.

Ой, цікава было. Вечарам з гіканнем і свістам, ухапіўшыся за грывы, імчым наперагонкі праз вёску. Такі гармідар устройвалі, што шкло у вокнах дрыжала. За рэчкай стрыножым коней, раздзелімся на кучкі, кастры палім… Чаго толькі не пачуеш тут: і пра нячыстую сілу, нябожчыкаў, здарэнні незвычайныя. Ды самае цікавае за поўнач пачыналася, калі меншыя носам клявалі.

Дагарае вогнішча. Раса з'явіцца. Зябка, хоць і лета. Скруціцца Васька ці Пецька ў клубочак ля агню і сапе ціхенька ў дзве дзірачкі. А жартаўнікі-фокуснікі тут як тут. Раскладуць касцёр на тым баку рэчкі, а цяпельца ля соннага патушаць. Круціцца, бедны, і так і сяк, даймае холад. Нарэшце прачнецца: ні кастра, ні таварышаў. Глядзь, а вогнішча ў другім месцы, і галасы адтуль далятаюць. «I як я тут апынуўся?» — гадае небарака. Накіне світку на плечы і брыдзе на агонь. Вейкі зліпаюцца. Вакол цемра. Хутчэй да агню. Ён ужо блізка, рукой падаць. I раптам боўць у ваду: «Ай, ратуйце, тану!» «Га-га-га», — рагочуць фокуснікі, цягнучы з вады тапельца. Ён, як курыца мокрая, ніяк не можа зразумець, чаму касцёр апынуўся на тым баку рэчкі…

Бач, люлька патухла. Мы зараз запалім… Ды на чым гэта я спыніўся? Ага, на забаўках. Прыеліся яны мне. Рашыў адзін каня ганяць, без кампаніі. I траву лепшую знайсці можна (на лузе даўно выпасвілі), і ніхто ноччу над вухам звягаць не будзе. Вядома, аднаму страшнавата, але, сам ведаеш, я не з палахлівага дзесятку, што мне там цыганы ці нейкія ваўкі. Так і так, кажу бацьку, хачу адзін пасвіць. «Добра, сынок, надумаў, — ухваліў стары. — Толькі Клінавага каня захапі. Захварэў дзед Клін, трэці дзень конь у хляве стаіць».

Я, вядома, згадзіўся. Ці аднаго пасвіць, ці двух. Загнаў Дораша і Клінавага Хіжака ў Абадзец, пад самы лес. Спутаў і пусціў. Сам расклаў цяпельца, грэюся, на зоркі гляджу, гадаю, дзе мая. Дораш, як заўсёды, не адыходзіць ад кастра, побач скубецца. Час ад часу голас падасць — заржэ: маўляў, не турбуйся, я тут. Ты-то тут, думаю, а дзе Хіжак. Пайшоў шукаць. Аж ля лесу на след натрапіў. Прыпёр назад. Ой, намучыўся я з ім: і біў, каб не ўцякаў, і бульбай печанай падкормліваў. Не памагае. Толькі прысну, а каня і след прастыне. Плюнуў аднойчы, прападзі ты пропадам. Гуляй, дзе хочаш, вернешся пад раніцу. Так і пасвіў амаль усё лета. Ад'еліся коні на траве-мураве, пакруглелі. Ужо на восень бралася. Ноччу і ў кажуху зябка. Таму і не тушыў касцёр, знайду добры пянёк, да раніцы тлее. Сам драмлю: то адным бокам, то другім павернешся да агню. Не сон, а нейкае паўзабыццё. Драмлю так адзін раз, чую, нібыта конь іржэ. Прадраў вочы, Дораш побач, ля кастра, вушамі стрыжэ. Іга-га-га, зноў чую, Хіжак азваўся. Узяў галавешку, іду. Прайду колькі складу рукі ў трубу: «Ого-го-го! — крычу. — Кося, кося». Адзываецца. А раней крычы, хоць ахрыпні, голасу не падасць.

I тут нейкія агеньчыкі заўважыў у цемры. Яны не гараць на месцы, мігцяць то там, то тут: раз, два, тры… пяць… не палічыць. «Ваўкі», — мільганула здагадка. Для смеласці крычу штомоцы, махаю галавешкай. Конь, учуўшы чалавека, заржаў недзе побач. Іду на голас. А агеньчыкі ўсё бліжэй, вось ужо побач. Тут і каня ўгледзеў. Увагнуў ён галаву ў пень і адбіваецца заднімі нагамі. Няпроста падступіцца. Ухапіў я каня за грыву і павёў. За мной ваўкі падаліся. Забягаюць наперад, з бакоў абходзяць. А я не зважаю — іду на агонь. Павярні з прамой — мігам заблытаюць. Толькі на агонь — ні кроку ўбок. Чую, як ляскаюць зубамі. Вядома, канюхі, звычайны воўк збаяўся б ісці за чалавекам. Гэтыя — асабліва злосныя, вялізныя. Хватка мёртвая. I ўсё ж з дарогі саступаюць. Нячаста даводзіцца сустракацца з чалавекам. Баяцца.

Да кастра ўсё бліжэй і бліжэй. Ваўкі адстаюць.

Конь дрыжыць, бакі мокрыя. Толькі цяпер бачу, што без хваста ён. Адарвалі ваўкі. I смех і грэх.

Пасля здарэння з ваўкамі Хіжака як падмянілі. Ноччу ад кастра не адагнаць. Мусіць, помніць хвост.

Добра, вол выручыў

Ад Адама ловяць рыбу людзі. I прадзед мой лавіў, і дзед, і бацька. Ды я, бадай, ад усіх іх спраўнейшы рыбак. Не глядзіце, што ад зямелькі не адрос. Малы, ды ўдалы. Якіх толькі прыгод са мной не здаралася! Пра мядзведзя вы ўжо чулі. Ды што мядзведзь? Я на шчупаку верхам ехаў, ледзь не злавіў акуня з каня… Думаеце, муціць ваду стары Манюкін, туману падпускае… Я чалавек прамы, калі і падману, то зрэдзь. Хлеб еш, а праўду-матку ў вочы рэж. Дык вось гісторыя, з якой я вас пазнаёмлю, чыстая праўда. Чэснае манюкінскае магу даць.

Малы я тады быў. Меншы нават, чым цяпер. Ну хіба з Гараську. Гэта вы сабак ганяеце, а раней дзяцей прывучалі працаваць змалку. I гусей я пасвіў, і свіней, і коз. I што вы думаеце, спраўляўся. Як міленькія слухалі. Хіба што казёл час ад часу бунтаваў: ці нойдзе на яго што, ці людзі сурочаць, вось і хвокуснічае. Разгоніцца, як дасць ніжэй спіны, я брык і ляжу. А ён стаіць, чакае, пакуль падымуся, каб яшчэ дабавіць. Ляжачага не б'е.

Ды не пра гусей і казла байка. Даверыў, гэта, мне бацька, Гараськаў прадзед, вала пасвіць. Так яго выпускалі на пашу разам з усім статкам. Адбывалі радоўку раз у месяц. Але на той час вол прыхварэў: апусціць рогі і стаіць, не тое што на траву, на буракі глядзець не хоча.

— Пагоніш яго сынок, на рэчку, — загадаў бацька, — і трава там добрая, і весялей ля вады. Дасць бог, акрыяе.

Бацька не лез, што называецца, жывым на неба, але калі якая бяда здаралася, заўсёды памінаў бога. На гэты ж раз лоб перахрысціў і ажно дзве малітвы прашаптаў, быццам адчуваў, якая незвычайная прыгода чакае мяне.

Рэчка была тады ого-го… бяздонныя віры сустракаліся. Лодкі іх за вярсту абходзілі. Не дай бог трапіць у такі — закруціць, змеле, як у жорнах. Расказвалі, што нейкі салдат заспорыў, што пераплыве вір. Шыракаплечы быў, статны — адным словам, дзяцюк з дзецюкоў. Паўвёскі сабралася, каб паглядзець, як будзе Сядзельцаў вір пераплываць. Кажуць, хацелі адгаварыць салдата. Ганарлівы быў, не паддаўся на ўгаворы. Скочыў у ваду і паплыў. Лёгка плыў, як шчупак. Вось і вір адолеў, яшчэ трохі, і бераг блізка. Ды тут нешта здарылася. Пачаў тануць салдат, быццам за ногі яго цягнулі. З усіх сіл вырываўся, крычаў, пакуль пад вадою не схаваўся. Адно кругі пайшлі. Людзі ад жаху анямелі.

А як апомніліся, прыйшлі да памяці — кінуліся ўрассыпную, хто куды… Кажуць, з таго часу вір той не толькі стары і малы абходзілі, але і качкі тут не садзіліся.

I я, вядома, далей трымаўся ад такіх мясцін. Наматаў, гэта, вяроўку на руку, хаджу за валом: куды ён — туды я. Добра скубе. Асабліва на дзяцеліну налягае. Відаць, смачна, бо на вачах бакі круглеюць. Сумна такі аднаму. Хутчэй бы ўжо абед. Вол прыляжа, а я хоць скупнуся. А сонца прыпякае. Аднекуль авадні і сляпні наляцелі. Кусучыя, халера. Атакуюць і мяне, і вала. Той траха не ашалеў: не ўстаіць на месцы, скубне раз-другі і далей прэ. Галавой круціць, хвастом махае. Нясоладка. Я за ім цягнуся, як нітка за іголкай. Ды вол зусім здурэў, да рэчкі кіруе, у бок Сядзельцавага віру. Я ўпіраюся штосілы, а яму хоць бы што, набычыўся і джгае. Кажу яму: «Тпрусенька, тпрусенька, куды ты?» Нават вухам не вядзе. А тут авадні яшчэ мудрэй усхадзіліся, джаляць з усіх бакоў. Вол на бег перайшоў. Яшчэ трохі і загізуе. Ледзь паспяваю я. Вяроўкі з рук не выпускаю — уцячэ. А ён ужо да самага віру дапёр. У ваду лезе, ратуецца ад машкары. Праўда, на глыбокае не палез: панюхаў і ніжэй ад ямы спусціўся. Тым не менш усё далей лезе, па макаўку хваста ў ваду забраўся: во данялі… Смех смехам, вяроўка кароткая, вось і я ў вадзе па шыю апынуўся. Авадні і сляпні ўжо толькі зверху атакуюць.

Доўга так стаім. Ужо сонца пачало апускацца, а вол і не думае вылазіць на бераг. Відаць, спадабалася ў вадзе. Калі папраўдзе, то і мне няблага: ні горача, ні холадна, акурат у самы раз. Але, не дай бог, калі хто ўбачыць, засмяюць. Скажуць, Манюкін-меншы з глузду з'ехаў, залез па горла ў ваду ў адзежы і стаіць, не раўнуючы, як таўкач.

Давай я гэта думаць, як выбрацца: не век жа тут кукаваць. I за вяроўку торгаю, і да валовага сумлення звяртаюся — не памагае. Тп-прусенька, тп-прусенька, родненькі, ну не муч ты мяне, колькі сядзець можна. Нуль увагі. Толькі галавой круціць: маўляў, ты як хочаш, а мне і тут добра.

Раптам ля ямы нешта як боўтне, аж вада забурліла. Страшна стала, салдата ўспомніў… Давай лупіць вала канцом вяроўкі… I тут чую, як зямля з-пад ног выслізгвае. Крыкнуць не паспеў, на дно пацягнула. Ухапіўся дзвюма рукамі за вяроўку — не выпускаю. Ды быццам на часткі рвуць: нейкая сіла пад ваду прэ, а другая наверх. Ачнуўся на беразе. Людзі акружылі: нябожчык бацька, нябожчык Барсук, Певень Швэльцаў, а побач сом — разы ў два за мяне большы. Галава, як булава. Вусішчы мо па метру.

— Валу дзякуй скажы, — скрозь слёзы ўсміхаўся бацька. — Каб ён не спудзіўся, з'ела б цябе гэта дзіва… А так мы яго з'ямо.

Колькі жыў, я такіх самоў не бачыў. Адно кішак ночвы было. Пузыр, ці душа, як у нас называюць, мо з вялізны чыгун. Няма, саколікі, цяпер такіх віроў і рыбы такой. Асушылі балоты. Хто ж рэчкі паіць будзе? Можа, і добра гэта. Як з якога боку паглядзець. А я дык чалавек старамодны, сумую па тых вірах бяздонных, па балотах з люцыпарамі. Не дурны нехта сказаў: балоты — маладосць зямлі. Ідзе час. I зямля пастарэла, і я не памаладзеў. Ды што ёй, зямлі, нейкіх паўста гадоў — не ў знак. Мне ж нядоўга засталося вам байкі баяць. Ды не вешайце нос на квінту. Вунь які дзянёк харошы ўдаўся — і сонейка, і ветрык цёплы.

Мюнхгаўзенам дражняць

Пасля вайны, дзеткі, у нашым лесе банда аб'явілася. Днём бандыты хаваліся, а ноччу нападалі на людзей, магазіны рабавалі. Казалі, што бандай той былы паліцай Пятак запраўляе. У вайну ён шчыра немцам служыў, ні старых ні малых не шкадаваў. Даўно вяроўка па ім плакала. Ды толькі няўлоўны ён быў: сёння тут, а заўтра там. Міліцыя з ног збілася, і засады рабіла, і лес прачэсвала. Ды дзе ты знойдзеш некалькі чалавек у лесе? Гэта ўсё роўна што іголку ў стозе сена шукаць.

I тут я на свой страх і рызыку наважыўся бандыцкае логава знайсці. Сказаў бабулі, што ў заробкі пайду: падрадзіўся дом будаваць. Сякеру з сабой узяў, яды на дзён сем. Ужо за вёскай драбавік са стога сена выцягнуў. Я туды яго зараней паклаў, каб бабуля не спытала, чаго гэта я зброю с сабой бяру.

Доўга ішоў я. У самую чашчобу забраўся. Тут і прыпыніцца надумаў. Месца спадабалася. Крынічка побач, ягад і грыбоў, хоць касой касі. Можна і назад не вяртацца, пакуль халады не прыціснуць.

Павесіў, гэта, я стрэльбу на сук, дастаў сякеру з-за пояса і давай будан ладзіць… Чатыры калы забіў, жэрдку зверху прымацаваў, густа галінкамі абклаў, каб дождж за карак не трапіў і камары ноччу не залезлі. Звяр'я я не баяўся, мядзведзі з нашага лесу ў пушчу перакачавалі, а воўк летам не галодны — не нападае на чалавека.

Так ці інакш, будан атрымаўся на славу. Расклаў я касцёр, скварку падсмажыў, ягадамі закусіў, вадой з крыніцы запіў… Сваю партызаншчыну ўспомніў, баявых сяброў-таварышаў. Якія хлопцы!

На ноч кастра не тушыў. Добры пянёк падкінуў — хай тлее, а сам у будан палез. Хоць ні падушкі, ні коўдры — мігам задаў храпака.

Раніцай на паляванне пайшоў. Шоламу нарабіў, кучу патронаў папсаваў, а так нічога і не забіў. Праўду кажуць пра мыслівага: дым густы — абед пусты. Давялося на падножны корм перайсці. Ягады ў шапку сабіраю, песні пяю, рэха падпявае. Нават птушкі прыціхлі, дзіву даюцца, што гэта за такі саліст аб'явіўся: ні слыху, ні голасу, а распінаецца.

Вечарам зноў касцёр расклаў. Ды не такі, як учора, а сапраўднае вогнішча. Скварку ем і скачу вакол вогнішча, як дзікун. Сам увесь у сажы, лыкам падперазаны. Каб хто збоку ўбачыў, дальбог бы, за чорта прыняў. I ведаеце, малышы-спарышы, паскачаш ля кастра і спіш як забіты. А дома на ложку варочаешся з боку на бок, то сяннік мулкі, то падушка перашкаджае. Відаць, не дурні дзікуны і чэрці, ведаюць, дзе і як скакаць трэба.

Назаўтра зноў палюю, збіраю ягады, грыбы… Хораша, весела. Рэха стамілася песні паўтараць, а птушкі зусім паўцякалі. Пэўна, раскусілі мяне як саліста.

Вечарам схамянуўся: сала на два разы ўкусіць засталося. Калі так далей пойдзе, думаю, то табе, Манюкін, жаб лавіць давядзецца. Эканоміць трэба. Падкінуў пару пянькоў у касцёр (дроў у лесе хапае), а сам з поўным барабанам на бакавую.

Праўду кажуць, галоднай куме хлеб наўме. Сню я, гэта, дом, бабка Аўдоля дастае з печы чыгунок капусты, хлеб рэжа вялікімі лустамі. Пах плыве, аж слінкі з рота цякуць. Толькі паднёс лыжку, каб зачэрпаць, тут мяне цап за руку… і голас: «Бачмо, разлёгся, як дома. Пад'ём!»

Пралупіў вочы. Двое перада мною з аўтаматамі. Маладыя яшчэ, гадоў па сорак. Сытыя, паголеныя.

— Хто такі? — пытаюць.

— Дзед, — кажу.

— Самі бачым, што не баба. Як клічуць, родам адкуль?

— З вёскі я… Мюнхгаўзенам дражняць.

— А што робіш тут?

— З бабай, хлопчыкі, пасварыўся… Ведзьма з ведзьмаў — поедам есць… вярхом ездзіць… Зусім заездзіла, хоць у магілу жыўцом лезь… Трасцу, думаю, ты мяне загоніш… Я-то без цябе, порхаўка старая, абыдуся… I — ходу ў лес.

Бачу, падабрэлі мае хлопцы, усміхаюцца. Я далей агарод гараджу:

— Хораша тут: і крынічка пад бокам, і ягад мора, толькі ваўкоў баюся, каб не напалі ноччу…

— А нас не баішся? — пытае вышэйшы ростам і нібы старэйшы.

— А чаго мне вас баяцца? — кажу. — Каму трэба стары грыб, апрача маёй ведзьмы?

— А мо цябе з міліцыі прыслалі?

Тут я збялеў, затросся, нават у кусты хацеў даць цягу, ды старэйшы затрымаў.

— Адкуль, — кажу, — вы ведаеце, хлопчыкі?.. Дальбог, прыслалі… павестку на суд… За самагонку судзіць хочуць… Я мо б і з дому не ўцякаў…

Яны ў рогат.

— Ну, дзед, — кажуць, — бяры сваю стрэльбу і гайда за намі… Ты што трэба стары, хват!

— А куды гэта, хлопчыкі? — цікаўлюся.

— Непадалёку тут.

— Ну, калі непадалёку, то пайшлі…

I ўсё ж вёрст пяць адмералі, пакуль дабраліся да месца. Буданы схаваліся ў гушчары, дзе і птушкі не водзяцца. Елкі сплялі такі густы шацёр, што і днём тут не святлей, чым ноччу.

Я спадабаўся разбойнікам. Днём за кухара быў: шашлыкі смажыў, бульбу варыў, вечарам — казкі расказваў.

Тут імёны не ў модзе былі. Лысага — Кучаравым звалі, кучаравага — Лысым, а самага маленькага — Аглобляй.

— Як мы, Мюнхгаўзен, без цябе жылі? — ляпаў па плячы атаман. — Не дзед, а скарб.

— I я — кажу, — за вамі паную: і мяса свежага ўволю, і да мяса ёсць… Вы ўжо, хлопчыкі, не праганяйце дурня старога…

Рагочуць. Весела ім. Днём выгуляюцца, а ноччу па вёсках шастаюць. На змену ходзяць: пяць ідуць, пяць застаюцца.

Як жа, думаю, ашукаць вас. Аднаму з пяццю не справіцца.

Гады не тыя. А чакаць ужо сіл няма. Ды і баба можа падняць трывогу: на тыдзень дзед збіраўся, а скора цэлых два як няма. Ды, пэўна, я пад шчаслівай зоркай нарадзіўся. Пад сто ўжо, а здаровы, як рыжык баровы. I на кані быў, і пад канём, а заўжды сухім з вады выходзіў. I цяпер пашанцавала. Пятак надумаў у суседнім раёне два магазіны абрабаваць.

— Пойдзем васьмёх. Застануцца ў лагеры Лысы, Кучаравы і Мюнхгаўзен.

У мяне аж сэрца ёкнула. З двума, думаю, спраўлюся.

— Праз суткі вярнуся, — сказаў атаман на развітанне. — Вы тут глядзіце.

Начальства з воч — падначаленыя балююць. Ясная справа. Лысы і Кучаравы аднекуль глечык з самагонам выцягнулі, самі п'юць і мяне частуюць. Я не адмаўляюся, каб не западозрылі чаго. Выберу момант і за плячо кульну шклянку, а іх заводжу.

— Ты, Лысы, — кажу, — трасцу вып'еш столькі, колькі Кучаравы. Ён не ў прыклад табе — малайчына.

Лысы лезе да мяне біцца, а Кучаравы цалавацца. Пасля на спрэчку пайшло: хто каго перап'е. Я за суддзю, вядома. Пілі яны, пілі і абодва зваліліся… Тут я скруціў кожнага вяроўкай, да дрэў прывязаў, а сам з усіх ног прыпусціў у бліжэйшую вёску. Падняў участковага, з райцэнтрам звязаліся. Акурат паспелі. Пятак з хеўрай яшчэ не вярнуліся…

Звязаных мы схавалі ў буданы. Міліцыянеры размясціліся хто дзе. А я з глечыкам пайшоў сустракаць атамана. За паўвярсты ад палаткі павіншаваў з шчаслівым вяртаннем. Кожнаму па шклянцы самагону наліў.

— Ну, дзед, цаны табе няма, — пахваліў атаман.

— Што я без вас варты, — кажу.

Ну, так размаўляючы, падыходзім мы да палатак, бандыты зброю вешаюць, распранаюцца… I тут з усіх бакоў міліцыя: «Рукі ўгору!» Утрупянелі мае разбойнічкі. Першым Пятак апомніўся:

— Ці не Манюкін ты, дзед?

— I Манюкін, — кажу, — і Ачмуровіч, і Абуйлапцінскі, а цяпер вось Мюнхгаўзен.

Дзяніса, што прадаваў ліса

Вельмі ж, дзеткі, не люблю я махляроў. Глядзіць такі на цябе, як варона, а хітры, як чорт. Хоць і мёд цячэ з языка, ліпне да сэрца, а тым часам у кішэнь паглядае. Ён ашукае цябе і грошы палічыць. Ведама, нарадзіўся, калі сумленне прадавалі.

I мяне на базары ашукаў махляр. Стары я, недабачу, вось і падсунуў за парася царскія грошы. Запомніў я яго: малы, як вош, тоўсты, як бочка, і нос кручкаваты. Думаю, пачакай, не на таго напаў, за Манюкіным не стане, абуў у лапці фашыстаў і іх памагатых, абую і цябе.

Пад той час сучка наша прывяла сем шчанюкоў. Пашкадаваў я іх тапіць. Прыгожыя, тоўсценькія такія — адно ў адно.

Пакуль раслі, мала з імі клопатаў было. Усё бліжэй ля маці церліся. Затое як падраслі, жыцця не стала. Як падымуць гвалт у сем галасоў, хоць з хаты ўцякай. I пракарміць цяжка. I баба гаруе, дакарае мяне: «Ці мы паны, дзед, з табою, каб такую гайню трымаць? З-за гэтых сабак скора з торбай па людзях пойдзем».

Але, кажуць, няма ліха без дабра. Шчаслівая думка ў мяне нарадзілася.

— Прададзім сабак, — кажу.

— Ці не з глузду ты, дзед, з'ехаў? — заламала рукі баба. — Іх і задарам ніхто не возьме…

— Не твая справа, — кажу, — шый наморднікі, на базар павязу — усіх да аднаго.

Баба і так да мяне падступае, і сяк, прынюхваецца, ці не п'яны я часам.

— Не нюхай, — кажу, — і кроплі ў роце не было. Лепш бярыся за іголку.

Я тым часам запрог каня ў драбіны, саломы падкінуў. Падумаў і стрэльбу на воз паклаў, каб усе бачылі, што паляўнічы. Сабак у мяшкі пазапіхваў.

Базар быў у самым разгары. Дралі горла зазывалы, Пішчалі парасяты, іржалі коні. I той з носам кручкаватым круціўся, вынюхваў, дзе б рукі пагрэць.

Я спыніўся ў куточку. Выпраг каня, сена падкінуў… Развязаў гэты мяшок, сабаку выцягнуў. Ён бы рад забрахаць, ды наморднік перашкаджае.

Мінуты не прайшло, як мяне акружылі з усіх бакоў. Разглядаюць майго сабаку, а ён спрэс жоўценькі, як у золаце выкупаны. Народ усё прыбывае. Ведама, свінні ды цяляты аскоміну набілі, а тут звер нейкі.

Гляджу, насаты праціснуўся да воза.

— Што прадаеш? — пытае.

— Хіба не бачыш, — кажу, — цігру бенгальскую… У Афрыцы злавіў.

Усе ў рогат.

— Я сур'ёзна пытаю, — злуе ён.

— Не па тваёй, — кажу, — кішэні мая пакупка.

Ён выцягнуў кашалёк, грошы паказвае. Заела, відаць. Ды я трымаю марку, не здаюся.

— Навошта табе, — кажу, — грошы выкідваць на няведама што… Хай бяруць тыя, хто толк у звярах знае…

— Лісіцка, лісіцка! — закрычала дзяўчынка.

I тут, як у казцы пра голага караля, усе ў маім сабаку лісіцу прызналі… А я тут яшчэ туману падпускаю.

— Пашанцавала, — кажу, — сабака мой нару знайшоў… Выкарміў дома. Вельмі ж непераборлівыя: што папала ядуць… Яе месяц-два падгадаваць, такі каўнер выйдзе — люба-дорага глянуць.

Бачу, у насатага вочы загарэліся.

— Колькі просіш? — пытае.

— Футра цяпер падаражалі, — кажу, — менш як за сто не аддам.

У яго аж рукі затрэсліся.

— Пабойся бога, — кажа. — Хто ж табе сотню за такое сабачанё выкіне?

— Ты, — кажу, — не гань мой тавар. Я мыслівы Дзяніса і прадаю не сабаку, а ліса. Не хочаш купляць — не муці ваду. Не паспею рукі развесці — знайду такіх, як ты, дзвесце.

А тут дзяўчынка, што першай у маім сабаку лісіцу прызнала, масла ў агонь падлівае:

— Мамацка, мамка, купі лісіцку, а то дзядзя той тоўсты з яе шкуру здзярэ.

Усе за жываты хапіліся. А я не губляюся.

— Купіце, жанчына, — кажу, — калі дзіця просіць.

Сам думаю, хаця б у цябе грошай не знайшлося. Не, бачу, лезе ў сумачку.

— Спусціце дзесятку, — просіць.

Глянуў я на насатага. Той расчырванеўся, сапе.

— Я першы, — кажа, — дамаўляўся. На сотню — бяры. Стукнулі па руках. Я паперку на сонца. Разгледзеў — усё як маіць — вадзяныя знакі на месцы.

— Бяры, — кажу, — лісіцу!

А сам другога сабаку з мяшка выцягваю.

— У цябе яшчэ ёсць? — дзівіцца ён.

— Не адзін! Яшчэ шэсць, — кажу. — Я ж нару знайшоў. Ён пачухаў за вухам.

— Давай і астатніх, — кажа, — толькі скінь трохі. — Чаму не скінуць, калі чалавек просіць.

— Ладна, скіну! — кажу. — Скіну па чырвонцу з ліса. Можаш з мяшкамі забіраць.

— Давай. — Ён грошы лічыць. Рукі калоцяцца. Такі за капейку жабу з Чурылава да Узды дубцом загоніць. Ды што зробіш — трэба плаціць. I ў другіх жаданне з'явілася лісіцу купіць, просяць хоць адну пакінуць. Дзяўчынка румзае, шкода беднай лісічкі.

Я пералічыў грошы і раз, і другі, пацёртую пяцёрку назад вярнуў… Маўляў, не бяру такой. Ён замяніць мусіў.

Запрог я каня і ходу… Больш я не бачыў таго спекулянта. Людзі перадавалі, што сабакі яго ледзь не загрызлі. Колькі гадоў прайшло, але і цяпер помняць Дзяніса, што прадаў сабак замест ліса.

Свінтус-грандыёзус

Вы не ведаеце, што такое свінтус-грандыёзус? Ай-яяй, як там вас у школе вучаць! Свінтус-грандыёзус ці то па-грэцку, ці то па-турэцку, не памятаю ўжо, азначае: вялікая свіння. Эх, і памяць у мяне была! Каб цяпер тыя гады, як тады. А то забудуся, што на сняданак учора было, а то яшчэ горш: кульгаю на левую нагу ды раптам пачну на правую нагу кульгаць… Дык пра што я сабраўся байку баяць? Ага, свінтус-грандыёзус… То слухайце, верабейчыкі-казельчыкі. Вельмі цяжка пасля вайны жылося, галадалі, макавай расінцы рады былі. Пакуль прычакаеш шчаўя, ледзьве-ледзь ногі перастаўляеш.

Была ў нас з бабай маленькая свінка, купілі на кірмашы. Купіць купілі, добрае свінчо, ешчае, а чым карміць яго… Думалі-гадалі, вырашылі назбіраць жалудоў. Калі ісці Вэньскай дарогай пад Стражніка, а там лесам вёрст пяць, то трапіш у дубовае балотца. Стаяць каля таго балотца векавыя веліканы, шапкамі неба падпіраюць. Кожны ў сем-восем абхватаў. Гамоняць, паміж сабою размаўляюць. То ціха гутараць, то злуюць, махаюць таўшчэзнымі рукамі-галінамі. I кожны з дубоў-асілкаў спрэс усыпаны жалудамі, не тое што цяпер. Асушылі тое балотца, і жалуды прапалі. Дзіва дзіўнае, дзе толькі дзеліся. Вось, дзеткі, да чаго дурасць чалавечая даводзіць, без рэк засталіся, сажалкі капаем, ха-ха, рыба там будзе жыць, чакай Пятра — сыр з'ясі… Хіба паўдохлы карась які… Крыўдна, бо нядаўна хадзіў я да тых дубоў, ужо не гамоняць, стогнуць, пэўна, хочуць, каб пачулі іх. А мы глухія, ды што там глухія, хутка станем без'языкія, мову сваю забываем… Даруйце, пачаў гаманіць пра тое, што баліць.

Ну дык вось. Узялі мы з бабай каляску, некалькі мяшкоў, на гарбе тыя жалуды не прыпрэш, вядома. Доўга ці не, але дабраліся-такі да балотца. Хоць і восень была, лісты на дрэвах пажаўцелі, а жалудоў пад тымі дубамі не так ужо і шмат. Не спяшаюцца расставацца з бацькоўскай кронай. Ясна, трэба карабкацца на дрэвы, трэсці іх. «Малайчына Манюкін, — хвалю сам сябе, — здагадаўся-такі захапіць вяроўку. Без яе не залез бы на дуб, кукаваў бы ўнізе, вунь якія ствалы гладкія, ніводнага сучка…»

Добра, што ёсць вяроўка, але паспрабуй закінь яе, тут снароўка трэба, не кожны сумее. Ну, а мне, Манюкіну, умельства не пазычаць. О-о, адным словам… шпурнуў я вяроўку адзін раз, другі, трэці, не чапляецца, давялося крэсіва прывязаць за канец, баба, дзякуй ёй, параіла. Тут ужо закінуў так-сяк… Трасянуў адну галіну, другую, трэцюю, і тут унізе нешта як завішчыць, зарохкае, баба такі гвалт падняла, што я ледзь з дрэва не зваліўся з перапуду. Вяроўку з рук выпусціў (трымаўся за яе, каб не ўпасці), сам нема закрычаў. А тут голас баба падала: «Дзед, дзед, што я знайшла, злазь хутчэй, паглядзі…»

Лёгка сказаць: злазь, а як злезці? Баба памрэ, а вяроўкі не закіне на дуб. Добра спускацца па тонкім ствале, а па тоўстым не кожны смяляка наважыцца. Ды не той я чалавек, каб збаяўся. Абхапіў дрэва аберуч, нагамі, шчакой да яго прыціснуўся і так-сяк споўз долу. Зірк, а баба ў руках парсючка рабенькага трымае. А праз усю спіну светлыя палоскі. Дзік. Мне аж мову адняло. Во дзе знаходка.

— Ён табе што, з неба на галаву ўпаў? — пытаю нарэшце.

— Мусіць, адбіўся ад гурту, заснуў каля дуба, а калі ты пачаў трэсці, жалуды на яго пасыпаліся, вось і завішчаў, бедненькі, мяне, старую, напалохаў…

— I не ўцякаў?

— Не, прама да мяне падбег!

I смех і грэх. Пакінь дзіка ў лесе — прападзе маленькі. Ці воўк задушыць, ці здабычаю лісы стане, а то і з голаду памрэ, зубы яшчэ толькі праразаюцца, жолуд не разгрызе.

— Ты як хочаш, Манюкін, а я не пакіну парсючка ў лесе, — кажа баба, — прападзе ён, гаротны.

.— Каб не аштрафавалі нас, цяпер законы строгія, за каласкі людзей у Сібір пясцоў пасвіць адпраўляюць. Скажуць, браканьеры мы з табой…

— А мы самі на сябе заявім, — усміхнулася баба, — так і так, знайшлі хворага парсючка, ратуем ад смерці… Хавацца не будзем.

— А чым карміць твайго дзіка, ты падумала?

— Жалудоў на жорнах змелем. Можа, мукі ў каго пазычым?

Бачу, бабу не пераспорыш — марны занятак. Ды і самому не хочацца кідаць на смерць парсючка: такі лычык прыгожы, а вочкі маленькія, а як хораша рохкае. I забралі мы яго дадому.

Пасялілі дзіка разам са свінкай. Удваіх ім весялей нябось.

Баба насушыла ў печы на блясе жалудоў, я змалоў іх. Муку размяшалі з цёплай вадой. Свінка хапала папоўніцы, а дзік усё круціўся каля карыта, пасля раз тыцнуўся лычам у яду, другі і давай чаўкаць. Мы з бабай глядзім на сваіх парасят і радуемся. Здаецца б, самі з імі пад ахвоту есці сталі.

Вылізалі карыта нашы парасяты, леглі каля сцяны ў куточку, прытуліліся адзін да аднаго, задрамалі. Удваіх весялей. I нам з бабай пара ў хату ісці: бабе ў печы дапальваць, а мне куццю ў ступе таўчы. Ды не можам: усё глядзім на нашых парасят, любуемся.

— А як мы назавём нашага парсючка? — пытаю ў бабы.

— Свінка Хаўроння, а ён няхай Хаўрон, — кажа старая.

— Ну і хвантазія ў цябе, баба, — зазлаваў я, — нічога людскага прыдумаць не можаш. То ж незвычайны парсючок. Такога на ўсю вёску ні ў кога няма. Ды што там вёску, ці ў раёне ў каго ёсць, а то і ў вобласці. Давай Свінтусам-грандыёзусам назавем…

— Сам ты свінтус, — плюнула баба, — язык зломіш, пакуль вымавіш гэты самы гран-гран…ёзус.

Сказала, але не стала пярэчыць. Мы яшчэ раз з бабай з'ездзілі па жалуды, назапасілі іх на ўсю зіму. Сушылі, малолі, размешвалі вадой, дабаўлялі крапіву крышаную, а як пахаладала, снег выпаў, конскія яблыкі пачалі з канюшні насіць. I елі нашы парасяты, не давалі ганьбы. Гэта цяпер далікатныя сталі свінні: хлеб ім з магазіна падавай. I выстранчаюць гаспадары, па некалькі буханак на дзень скармліваюць. А як нялёгка даецца наш хлеб надзённы, мае вы дзеткі. Вунь у трактарыста Валодзі Шута спытайце. Ён дзень і ноч на полі шчыруе, дыхнуць няма калі чалавеку.

Раслі нашы парасяты не па днях, а па гадзінах. Вясной Хаўроння прывяла дзесяць парасят. Пяць паласаценькіх, акурат як бацька, а пяць звычайных, беленькіх. Мы з бабай пакінулі сабе толькі парачку белых, астатніх на кірмаш завезлі. Узбіліся на капейку. Купілі мукі, на стале хлеб з'явіўся. Варта было і пра сала падумаць. Каго закалоць? Хаўроння сытая, а дзік наш, Свінтус-грандыёзус, высокі, худы, скура ды косці. Есць нібыта няблага, але не папраўляецца, толькі ўгару расце. Перад шырокі, а зад вузейшы, шэрсць доўгая. Які з яго наедак. Закалолі Хаўронню: такая ўжо свінячая доля.

Гэта цяпер свіней не пасуць, трымаюць у хлявах, а раней ганялі на выган пад Тарасіка, ці за рэчку, альбо пад могілкі. Вось і я пагнаў свайго Свінтуса-грандыёзуса з парасятамі (той парачкай, што пакінулі) на выган.

Дзіку спадабалася на волі. Ён бегаў па выгане як апантаны, прытаміўся, пачаў рыць зямлю, некалькі разоў выкупаўся ў лужыне, пасля пачаў прыглядацца да іншых свіней. А тут іх было дзесяткі тры, і пяць-шэсць не меншых за дзіка, а Тарасікаў Дзётка ці не ў два разы большы за нашага Свінтуса-грандыёзуса. Свінні не надта ладзілі між сабой, часта грызліся: станавіліся на дыбкі, грозна нападалі на саперніка ці саперніцу, высвятлялі між сабой адносіны. Толькі на Тарасікавага Дзётку ніхто не нападаў. Ён падыме галаву, гляне коса, і ва ўсіх свіней адпадала ахвота чапаць Дзётку. Надта ж грозны.

Мой Свінтус-грандыёзус таксама не падыходзіў да Дзёткі. Ён яшчэ не ведаў сваёй сілы. Счапіўся з падсвінкам. Грызянуў яго так, што той на сажняў пяць адскочыў. Дзіва што, у майго Свінтуса ўжо іклы прарэзаліся, ды не маленькія.

Адчуў дзік сілу пасля першай перамогі. Напаў на свайго аднагодка. I той даў цягу. А Тарасікаў Дзётка ўжо назіраў за баямі паласатага вепрука. Ён не сумняваўся, што дужэйшы за новенькага. Але ж надта ўжо лёгка той перамагае. I Дзётка пачаў набліжацца да Свінтуса-грандыёзуса. Падкрадваўся ціха, непрыкметна, а калі засталося да дзіка крокаў пяць, рэзка рвануў наперад, падняўся на дыбы і ўсе свае дванаццаць пудоў нізрушыў на Свінтуса. Небарака не чакаў такой грознай атакі, бо пахіснуўся, паваліўся на бок, запішчаў. А Дзётка, не даючы яму апомніцца, падкінуў дзіка лычом, грызянуў зубамі. Я падумаў, што канец майму дзіку, хацеў ужо кінуцца на дапамогу. Ды ён сам адскочыў ад Дзёткі, шэрсць яго паднялася дыбам, з рота закапала пена. Крыўдна. Дзётка нават адвярнуўся, не глядзеў на яго, маўляў, правучыў, як смаркача, і годзе: ведай сваё месца. Ды не так думаў дзік. У яго жылах цякла кроў лясных братоў, якія адзін на адзін могуць выстаяць супраць мядзведзя, нават адна свіння з парасятамі абараняецца супраць некалькіх ваўкоў. Прытуліцца задам да дрэва, унурыць голаў і чакае атакі, баяцца ваўкі… А тут яго, дзікага вепрука, нейкая свойская свіння пагрызла. Не бываць такому! I мой раз'юшаны дзік кінуўся на крыўдзіцеля. Той, мусіць, сачыў адным вокам за маім Свінтусам, бо паспеў павярнуцца лычам да небяспекі. Ды дзік так яго грызянуў, што той да зямлі прыгнуўся. Мой вяпрук круціўся як шалёны. Мо колькі імгненняў Дзётка не здаваўся, стрымліваў атакі… Ды хутка выдахся, кінуўся наўцёкі. Праз увесь выган пёр яго ў бок дому мой Свінтус-грандыёзус. Усе пастухі і пастушкі ледзь па зямлі не качаліся ад смеху, нават гаспадар Дзёткі.

…Неяк у вёску прыехалі артысты. Яны выступалі з дрэсіраванымі малпамі, сабакамі, галубамі. Нехта падказаў, што ў мяне ёсць ручны дзікі кабан. Прыйшлі гуртам паглядзець. Доўга хадзілі вакол Свінтуса-грандыёзуса, чухалі яму спіну, частавалі хлебам. Ён рахмана рохкаў. Мусіць, падабаліся госці. I ён ім прыйшоўся да душы. «Прадайце ды прадайце вашага дзіка, — прысталі да мяне, — грошы вялікія заплацім, як за карову». Не жартачкі, а ў нас хата старэнькая, падрубы мяняць трэба, дах прагніў, няма за што гонты прыдбаць. За такія грошы можна двух свіней купіць і хату адрамантаваць. З другога боку, і дзіку лепш, мы позна ці рана яго заколем, а то будзе жыць, людзей цешыць. Ды ці не шуткуюць цыркачы, я таксама люблю розыгрыш. «Сотню накінеце — дзік ваш», — кажу. Бачу, палез у кішэню барадаты, дастаў кашалёк, грошы лічыць. «Хопіць?» — пытае і дае мне сорак трыццатак. Я разгубіўся, ды баба голас падала: «Бяры, — кажа, — хай людзі добрыя спажываюць!» «Як вывучым вашага дзіка, — кажа барадаты, — то прышлём вам білеты ў цырк бясплатныя і за дарогу да Мінска заплацім. Прыедзеце?» Ну, мы з бабай захіталі галовамі ў знак згоды. Вядома, прыедзем.

Такіх грошай у нас не было ніколі. Купілі за іх цялушку, парася і хату адрамантавалі. Зажылі не горш за людзей. Часта ўспаміналі нашага дзіка, вельмі шкада было. Такі ласкавы, рахманы. Як яго дзеці вясковыя любілі! Ён іх вазіў на спіне, радаваўся, калі чухалі пад жыватом. Ляжа, выцягне ногі і рохкае. Усё жыццё б, здаецца, не расставаліся, каб не беднасць.

Неяк адвячоркам да нас зайшла паштарка. Прынесла канверт. Адкуль, што? Нам ніхто ніколі не пісаў.

— Здэцца, не з сельсавета, — кажа баба, — усе нібыта нядоімкі здалі, налог заплацілі так-сяк…

Я дастаў з шуфляды акуляры, пачаў чытаць: «Дарагія дзядуля Манюкін і баба Аўдоля! Запрашаем вас у цырк…» Пісьмо было кароткім, у ім, апрача ўсяго, ляжалі два білеты на прадстаўленне і чатыры на аўтобус: два да Мінска і два назад.

Мы з бабай ніколі ў тым Мінску не былі. Чулі, што людзей там, як у муравейніку, нельга ступіць кроку, каб не штурхануць каго, ды і пад машыну трапіць, што раз плюнуць. А на каго гаспадарку пакінеш? Ды вельмі ж ужо карціць хоць адным вокам глянуць на нашага дзіка. Цікава, ці ўдалося выштукаваць яго тым артыстам.

— Такое запрашэнне, баба, раз у жыцці бывае, — кажу, — так што, прасі суседку, няхай яна за гаспадаркай нашай паглядзіць, а мы гайда ў горад…

Дай параду бабе, яна звычайна наадварот зробіць, а тут пярэчыць не стала. Выцягнула з куфра новую спадніцу, чырвоны, ні разочку не надзяваны каптан, мае партызанскія штаны-галіфэ і белую вышываную кашулю.

— Нябось у іх у горадзе такіх строяў днём з агнём не знойдзеш, — сказала баба, — ты яшчэ, Манюкін, кірзавыя боты свае дзёгцем змаж, ды вусы ўгору падкруці, хай бачаць гарадскія разумнікі, што і мы не лыкам шытыя…

— Нягож, старая, — кажу, — і наваксую, і падкручу, толькі пільнуйся мяне, а то яшчэ якая гарадская круцелька адаб'е…

Цэлы вечар мы прыбіраліся. Баба прасавала жалязкай з вуголлямі сваю спадніцу і каптан, я квэцаў дзёгцем боты, накручваў на аловак вусы.

Назаўтра досвіткам, вёска яшчэ спала, мы з бабай падаліся ў райцэнтр. Тады яшчэ аўтобусы не хадзілі, не было асфальту. Я ішоў з ботамі цераз плячо, баба несла ў карзіне чаравікі…

Дзед выцягнуў свой самасад, адарваў ладны кавалак газеты, расправіў яе вузлаватымі пальцамі, перагнуў папалам, насыпаў тытуню, падумаўшы крыху, дабавіў махоркі. Скруціў вялізную, з пядзю, цыгарку. Як заўсёды, доўга валаводзіўся з крэсівам. Мы, дзеці, не зводзілі з яго вачэй. Во так заўсёды, спыніцца на самым цікавым і не спяшаецца. Падганяй не падганяй, пакуль не зробіць дзве-тры зацяжкі, слова з яго абцугамі не выцягнеш. А нам цікава, ці сустрэўся дзед са сваім дзіком, ці прызнаў той былых гаспадароў.

Урэшце дзед зацмокаў губайі, пусціў у неба дым.

— Перакладзіце на мову родных асін рускую прымаўку: над порогами дым клубами…

— А над ганкамі дым баранкамі! — закрычалі мы.

— Правільна! — усміхнуўся дзед. Ён памаўчаў крыху і пачаў свой аповед далей:

— Селі мы ў райцэнтры ў аўтобус.

— Гадзіны праз дзве будзеце ў Мінску, — сказаў шафёр.

Мы здзівіліся, звычайна гадзін восем пешшу напрасткі чэшаш, а тут так скора.

I праўда, не паспелі задрамаць, як у тым Мінску апынуліся. Выйшлі з аўтобуса. Божухна, страхоцце! Машыны пруць, нейкае страшылішча на рэйках раве, не павярнуцца, дыхнуць няма чым. Мы хутчэй да міліцыянера. Той пасадзіў нас на трамвай, кажа, людзей пытайце, яны ведаюць, дзе цырк той… Ну мы і пыталі. Больш баба, ад мяне ўсе адварочваюцца, нос затыкаюць, на боты зіркаюць. Бачыш, дзёгцем нясе. Злосць мяне разабрала. Кармлю іх хлебам, малаком паю, а яны нос вернуць. Крыўдна, ды маўчу. Мы ў гнаі і дзёгці ўсё жыццё, а яны тут распанелі.

У цырку нас хораша стрэлі. Пасадзілі з бабай на першым радзе. Той барадаты купец сам правёў да месца. Быў ён апрануты ў чорны дарагі касцюм, пры белай кашулі, а пад шыяй нейкая стужка завязана. Я спытаў у суседа, што гэта такое. «Бабачка», — пажартаваў ён. I тут з нас, вяскоўцаў, смяюцца. Думае, што мы ніколі тых бабачак не бачылі. Вунь у нас на лузе іх тысячы, калі не болей.

Зайграла музыка, барадаты выйшаў наперад, нешта аб'явіў. Выскачылі на арэну дзяўчаты без спадніц, у нейкіх шараварах, і давай такія хвокусы вырабляць, што мы з бабай ледзь з тых крэслаў не зваліліся. А тут барабан б'е трывогу, дзяўчаткі скачуць, лезуць па вяроўках угару, гайдаюцца, старая аж вочы заплюшчыла. «Я здагадалася, чаму яны без спадніц, — кажа, — заблыталіся б у спадніцах, разбіцца можна». Ужо я да чаго не дурань, але мудрэй за маю бабу — абыдзі ўвесь свет — кабеты не знойдзеш.

Адскакалі тыя дзяўчаткі. Усе ў ладкі плешчуць. Мы з бабай таксама. Тыя пакланіліся і пабеглі з арэны. I тут, верабейчыкі мае, музыкі вальса зайгралі. Баба мая аж закруцілася на крэсле. Каб яе воля, выскачыла б на круга. А музыка іграе, і раптам выбягае наш Свінтус-грандыёзус. Вялікі. Сыты. Хіб тырчыць. Стаў пасярод арэны, прыпаў на калені. Пакланіўся, значыць. Пасля давай кружыць пад той вальс. Хутчэй музыка іграе, ён хутчэй кружыць, цішэй — і ён запавольвае тэмп. Божа літасцівы, скажы каму ў нашай вёсцы, нізавошта не паверыць, смяяцца будзе. Маўляў, хутчэй курыцу плаваць навучыш, чым свінню танцаваць.

Тым часам музыка заціхла. Наш дзік упаў на пярэднія ногі. Крыкі «біс», гром апладысментаў. А дзік хутчэй за кулісы. Дарэмна барадаты тры разы падымаў руку, прасіў цішыні. Хіба стрымаеш людзей? Давялося зноў дзіка выпускаць. Толькі на гэты раз ён не адзін выступаў. На ім ехаў карлік. Малы, як дзіця, а з барадой. Спыніўся на сярэдзіне, і тут мая баба, як забылася, што не ў сваёй вёсцы, давай зваць дзіка: «Дзю-дзю-дзю, ідзі сюды, мой родненькі, я цябе прасначком пачастую, з вёскі прывезла, дзю-дзю-дзю…» Свінтус-грандыёзус натапырыў вушы, ступіў наперад. Карлік назад за лейцы цягне, дзік не слухае. А баба дастае праснак, і зноў за сваё: «Дзю-дзю-дзю». I тут наш Свінтус-грандыёзус як ірване з месца, карлік у каўпаку зваліўся, усе рагочуць, думаюць, так задумана… А парсюк ужо каля нас. Баба чухае яго, праснаком частуе… Маланкі бліскаюць, здымаюць нас. Бедны карлік так-сяк падняўся, да нас кульгае, крычыць, размахвае рукамі, злуе, а ўсе за жываты трымаюцца. I тут барадаты са стужачкай пад шыяй аб'явіў на ўвесь голас: так і так, гэтага дзіка выгадавалі дзед Манюкін і баба Аўдоля. Сёння па запрашэнню адміністрацыі цырка яны прыехалі ў госці. Мы з бабай павярнуліся тварам да людзей, давай таксама кланяцца. Трэба ўжо наступны нумар паказваць, а наш Свінтус-грандыёзус не адыходзіць, дарэмна карлік і барадаты цягнуць яго назад. I тады мы з Аўдоляй пералезлі цераз верх на арэну, пайшлі за кулісы. За намі подбегам кінуўся дзік. Людзі паўскаквалі з месц. Што там рабілася! Баба думала, што канец свету. Гэта ж гуляшчыя, няма чаго рабіць, дык яны такі гвалт справілі.

Нам абяцалі прыслаць фатаграфіі, адвезлі на старэнькай «эмцы» ажно да вакзала. Мы ж паабяцалі таму карліку жалудоў з аказіяй прыслаць для нашага дзіка.

Больш, дзеткі, мы не бачылі Свінтуса-грандыёзуса. Кажуць, ён за мяжу паехаў выступаць. Там газеты надрукавалі фатаграфію. Баба корміць дзіка праснаком, а побач я, Манюкін. Увесь свет дзівіцца. Яно і зразумела, са звычайным дзедам такіх прыгод не здараецца. У Манюкіна і свіння вальс танцуе, і карова польку скача. Ну, то я пайшоў, трэба парасятам есці даць, баба да родзічаў паехала. Дарэчы, парасяты не абы-якія — прапраўнукі Свінтуса-грандыёзуса.

Дзіўны кот

Усе вы, канешне, ведаеце, што наш саўгас незвычайны. Ён вырошчвае не толькі збожжа і бульбу, але і травы. Цуд-зелле — жэньшэнь, рамонкі, васількі, галаўню… Можа, тысячам людзей вярнулі здароў'е нашы травы. Адзін святаяннік ад добрай сотні хвароб памагае. У народзе кажуць: «Як без мукі нельга хлеб спячы, так без яго хваробу вылечыць…»

Нават звяры і хатнія жывёлы травамі лечацца. Відаць, і вы бачылі, як сабака шчаўе есць, а кот нейкія карэньчыкі жуе. Значыць, патрабуе арганізма. Я сам ніколі не лячыўся таблеткамі і ўколамі, усё настоі з траў піў, можа, і жыву таму так доўга. Яшчэ і цяпер на работу выходжу…

Не так даўно мяне на злёт перадавікоў выклікалі, каб досведам падзяліўся, расказаў, як мы травы вырошчваем.

Трэба дык трэба. Адзеўся я, гэта, чыста. Ордэны і медалі пачапіў… Іду па райцэнтры, вітрыны разглядваю… Не спяшаю: яшчэ болып гадзіны да адкрыцця. Дай, думаю, у кніжны заскочу, можа, новае што з'явілася.

Іду, бачу, нейкі кот за мной увязаўся: сам чорны, шыя белая. Куды я — туды ён. Я прыбавіў ходу — не адстае, прысеў на лаўку ў скверыку — побач прыпыніўся. Ці не памроілася, думаю. Сто год жыву, а ніколі не чуў, каб каты за чалавекам бегалі. Заплюшчыў вочы, расплюшчыў: сядзіць, аблізваецца. Трэба ратавацца, рашыў. Ці не смерць за табой, Манюкін, ходзіць. Падняўся я з лаўкі і бягом. Людзі аглядваюцца, пальцам каля скроні круцяць: маўляў, звіхнуўся стары з розуму. А я тым часам сігануў за нейкі вугал, адтуль у вулачку забег, а там да кніжнага паджгаў. Аглянуўся: быццам адстаў мой кот. Выцер, гэта, я ўзмакрэлы лоб хусцінкай і ў магазін зайшоў. Купіў мемуары знаёмага партызана, пагутарыў з прадаўцамі і назад пайшоў.

Толькі высунуўся за парог — кот мой тут як тут. Пазірае ў вочы і хвастом махае. Дакарае, відаць, за ўцёкі.

— I чаго ты хочаш? — пытаю. — Булкі ў мяне няма, скварку з сабой не браў — у сталовай паабедаю. Ідзі сваёй дарогай, а я сваёй.

Глянуў на гадзіннік — пара.

— Ну, будзь здароў, — кажу.

На злёце мне грамату ўручылі, каштоўны падарунак.

— Жадаем, — кажуць, — яшчэ сто год жыць і маладзець.

— Рад бы, — гавару, — таварышы. Ды ці не смерць па пятах за мной ходзіць?

Ну і расказаў пра таго ката. Усе ў рогат:

— Жартаўнік, дзед.

— Ага, — кажу, — жартаўнік. А вы ў акно паглядзіце. Можа, кот той і зараз сядзіць, чакае.

Усе да акна тут.

— I праўда, — кажуць, — сядзіць…

Бачу, прыціхлі, не да смеху. Тут мне аграном шклянку вады паднёс… Здзіўлена так на мяне глянуў:

— Ты не піў, дзядуля, валяр'янкі? Я, вядома, пакрыўдзіўся:

— Сэрца ў мяне, малады чалавек, як гадзіннік…

— А на ток не заходзіў, дзе корань сушыцца?

— Быў, вядома. Там адна моладзь працуе. Недагледзь — мігам корань перасушаць ці сырым упакуюць.

Усе абступілі нас, слухаюць: цікава, куды гэта аграном хіліць.

— Пакажыце, дзеду, боты, — просіць. Чаму не паказаць. Глянуў ён, ды як зарагоча.

— Пылок валяр'янавы прыстаў, — кажа, — добра, што за вамі адзін кот увязаўся, а не дзесяць.

Тут і палеглі ўсе ад смеху… Кот валяр'янку ўчуў, таму і хадзіў па пятах. Надта ўжо любяць яе каты. I як гэта я, стары дурань, сам не здагадаўся? Вось як, убрыкні вдс качкі, бывае.

Разам да зор

Гляньце, дзеткі, які дзень сёння. Краскі цвітуць, птушкі пяюць. А зямлю як хораша дожджык памыў: аж ззяе. Вунь і бярозка з клёнам гатова ў скокі пусціцца. Елка наструнілася, як ракета перад стартам. Ці думаў я, што дажыву да такіх часоў: чалавек да другіх планет дабраўся. Не жыццё, а казка. Стары Манюкін вам пра даўнейшае ўсё бае. Вы не крыўдуйце на яго — адляцелі мае лепшыя гады… Вось і жыву ўспамінам. Сніцца мне, што і я лячу ў вырай. Зямлю-прыгажуню нашу з вышыні птушынага палёту бачу. I стужкі рэк, і аксамітныя лугі, і сінюткія вочы азёр. Ох, як трэба шанаваць і берагчы зямельку і ўсё, што жыве на ёй! Каб тыя, хто за намі прыйдуць жыць, добрае слова пра нас сказаць маглі. I яшчэ любіць казкі, кветкі, слова роднае.

Трэба, дзеткі, чужым даражыць і сваё ў крыўду не даваць… I тады мы самі будзем прыгожымі і светлымі, як нашы бярозы, добрыя і вясёлыя, як сонечная раніца.

Вы ўжо даруйце старому Манюкіну — на гэты раз я вам нічога не паведаю: крэсіва сапсавалася, купіў запальнічку… Ды не гаруйце, мы яшчэ сустрэнемся. Я сяду на лаўку, вы абступіце мяне шчыльней… Крэсіва дастану, удару камень аб камень, пасыплюцца іскры, і паляцім мы, можа, нават да зор.

Частка другая

Такога дзеда, як мой, днем з агнем не знойдзеш. Дзесяткі казак ведае. Чуў ён іх ад свайго дзеда, а той — ад свайго. Гісторый у яго — мех пад завязку. Дарослым ён не любіць баяць — не даюць веры, зноў, кажуць, стары дзівак за сваё ўзяўся, ілжэ не падсяваючы. Iякіх толькі мянушак не прыдумалі дзеду: і Манюкін, і Мюнхгаўзен, і Ачмуровіч, і Дзед Абуй Лапці… Дзядуля не крыўдуе: што з іх, разумнікаў, возьмеш. Манюкін дык Манюкін, затое дзеці чарадою ходзяць за дзедам — за вушы не адцягнеш іх ад старога. Нават да мяне падлабуньваюцца, каб не прагнаў з надворка; вачэй не спускаюць з дзядулевага крэсіва. А яно, відаць, чарадзейнае, нездарма ён не прызнае запалак і запальнічак. Ды што тыя запалкі!.. Стукне дзед камень аб камень, пасыплюцца іскры, задыміць трут, пыхне люлькай стары, загаворыць: «Э-э, слухайце, саколікі, шчырую праўду раскажу, дзед Манюкін не салжэ. Раней, каб вас качкі ўбрыкнулі, нячыстай сілы, ведзьмаў розных, пярэваратняў, вурдалакаў было, не раўнуючы, як тых уюноў у старой копанцы». Дзед на ўсякі выпадак пакруціць галавою, ці няма побач каго-небудзь з дарослых, і толькі тады бае далей. А мы стоімся як мышы пад венікам, слухаем. Дзед збіваецца, забягае наперад, паўтараецца… Iўсё ж колькі ні слухай — самае цікавае наперадзе.

Хочаце даведацца, як змагаўся дзед з нячыстай сілай, шчасліва рыбачыў, смела ратаваўся ад мядзведзяў і ваўкоў?.. То не лянуйцеся, перагарніце старонку. Чэснае слова, не пашкадуеце.

Блізнюкі

Ерапланы тады яшчэ не ляталі, ды і па зямлі людзі не на машынах гойсалі, а на конях і быках. Адным словам, у нашым Чурылаве, каля Чаркеса, дзе вечна стаяла вада, непадалёку ад рэчкі горбілася маленькая трухлявая хатка, крытая саломай. Бярвёны той хаткі замшэлі. У напаўразбураным коміне гуляў вецер. З усіх бакоў хатку-бабулю падпіралі вярбовыя жэрдкі. Камлі іх стаялі ў вадзе, і жэрдкі пусцілі парасткі, праклюнуліся лісточкі, а там пайшлі ў рост галінкі, і хатка здавалася зялёным буданом.

Жылі ў той хатцы два блізнюкі. Волас у волас, голас у голас. Ніхто ў вёсцы не мог іх адрозніць. Вось і звалі блізнюкоў Юркамі. Хлопцы не пярэчылі. Больш таго, адзін аднаго называлі Юркам.

— Гэй, Юрка! Твая чарга паліць сёння ў печы! — крычаў адзін.

— А твая, Юрка, па дровы ехаць, — падаваў голас другі.

У Юркаў не вялося ніякай скаціны: не тое што каровы — задрыпанай казы не было. I парасят Юркі таксама не трымалі. Толькі дзве чорныя кошкі, як звечарэе, невядома адкуль з'яўляліся на падворак.

Былі тыя кошкі чарней за самую чорную ноч, колеру засланкі, якой мо паўвеку зачынялі печ. Поўсць доўгая, самі вялікія — з лісу, а выпусцяць кіпцюры, пакажуць вострыя зубы — ні адзін вясковы сабака не падступіцца.

Браты кошак вельмі любілі, ніколі не крыўдзілі. Вячэралі разам з імі. Сабе лыжку мачанкі — кошкам лыжку. Спалі таксама разам. Тыя скруцяцца клубком каля гаспадароў і мурлыкаюць, а блізнюкі гладзяць сваіх ласкавых пястух і ўсміхаюцца.

Дарэмна вясковыя дзяўчаты стараліся зацягнуць прыгожых і статных блізнюкоў у карчомку на танцы. Дарэмна падмаліньвалі вусны і чарнілі вугалькамі бровы. Ні аднаго Юрку, ні другога не цікавілі скрыпка карчмара Моўшы і дзявочыя пагляды. Здавалася, ад усяго на свеце ім даражэй іхнія кошкі.

А рана ранічкай, мае вы саколікі, адразу ж, як загарланяць першыя пеўні, тыя Муркі, быццам іх кіпнем ашпарылі, давалі драла праз акно. Толькі хвасты мільгалі. Ніводзін вясковец не бачыў іх днём. Не падабалася гэта людзям. А тут яшчэ паморак на курэй пайшоў. Хілілі пачарнелыя галовы, падалі з седалаў пеўні і чубаткі. Сыпаліся, як пераспелы гарох. Галасілі кабеты, мужчыны збіраліся вечарам на прызбе старасты, аднавокага Яўхіма, і аб чымсьці раіліся.

Блізнюкі днём усё роўна як цураліся адзін другога. Паасобку ездзілі ў лес па дровы, ніколі разам не сеялі, не аралі, сварыліся на людзях. Сто патоў выцеча, пакуль адзін спілуеш сасну ды парэжаш на некалькі кавалкаў. I як аднаму цягаць пілу-двухручку? А кожны з братоў цягаў — во якія ўпартыя!

«Не ад Бога гэта!» — казалі людзі.

Вечарам, калі з'яўляліся кошкі, хлопцы мірыліся. З хаткі чуўся дружны рогат, мяўканне. Стараста (самы смелы ў вёсцы мужчына) неяк апоўначы падкраўся да адзінага ў хатцы акна. Капціла газоўка, але нават пры яе цьмяным святле ўбачыў аднавокі Яўхім, як блізнюкі, абняўшыся, сядзяць за сталом, а на каленях у іх кошкі. Блізнюкі размаўляюць з тымі кошкамі, нібыта з паненкамі, а гэтая чарнота глядзіць ім у вочы, быццам разумее. Спытае што-небудзь каторы — і ў адказ пранізлівае «кур'яў-яў» ці пяшчотнае «мя-аў». Страшна стала старасту. Ён ціхенька вільнуў у кусты, махнуў цераз вялізную лужыну і падмазаў пяты.

Тым часам у вёсцы адкінуў лапы апошні певень. Не было ўжо каму будзіць людзей, спалі яны ледзь не да абеду. Рыкалі нядоеныя каровы, бляялі авечкі, іржалі галодныя коні. Прывезлі двух певуноў з суседняй вёскі, але нядоўга яны пажылі. Аднаго праз ноч тхор задушыў, другі прапаў.

Чорныя кошкі між тым ужо і днём бегалі па надворку, хадзілі па страсе і лазілі праз комін. Хлопцаў было не пазнаць: зусім распусціліся. Рогат, крык чуўся з іх хаткі-будана. Юркі ўжо не ездзілі ў лес па дровы, не палолі градаў.

— З чаго толькі жывуць? — дзівіўся стараста, седзячы з мужчынамі на прызбе, — Скаціны няма, дроў не прадаюць, а балююць штовечара: дух смажаніны за вярсту чуваць.

— Ці не нашых пеўняў яны свяжуюць? — спытаў стары Ахрэм.

I тады, мае вы казельчыкі-верабейчыкі, усе разам загалёкалі, замахалі рукамі.

— Не будзе таго, — крычалі мужыкі, — мы гэтых самых блізнюкоў падсмажым разам з кошкамі!

— Гайда пад Чаркеса, — гукнуў Ахрэм, — скажам, хай на нашых вачах топяць тых чорных ведзьмаў. Камяні на шыю — і з моста ў ваду!

— Гайда! — пагадзіліся ўсе.

Разам і смерць чырвана. I мужчыны пад камандай старасты рушылі да блізнюкоў. Хто трымаў у руцэ кол, хто сякеру за пояс заткнуў, а стараста ланцуг на руку наматаў. На ўсякі выпадак клікнулі Ахрэмаву сучку, самую паганую ў вёсцы, Яе нават ваўкі баяліся. Яны і блізка не падыходзілі да авечак, калі Ахрэму выпадала чарга іх пасвіць.

З хаткі-будана валіў густы дым. Згаладалыя мужыкі аж вар'яцелі ад паху смажаніны. На некаторых напала ікаўка. Чуліся з хаткі песні, тупат ног. Яна ходырам хадзіла. Пэўна, адзін з блізнюкоў пад язык выцінаў і спяваў, другі — скакаў. Стук, грук!

Ні ў такога, ні ў сякога, Як ў нашага Юркі: Сам на печы, хвост на плечы, Чыгункі ў пячурку.

Кошкі таксама развесяліліся, быццам перад канцом свету. Кур'яўкаюць, пішчаць па-свойму, па-кашачы, з людскога гора смяюцца. Жах мужыкоў апанаваў, той-сёй пачаў адставаць, нават Ахрэм нагнуўся на лапці абору завязаць, хоць тая і не думала развязвацца, і ў старасты-смельчака каленкі дрыжма дрыжэлі, так і думаў, як бы шмыгануць за вугал, а там стракача задаць. Навошта толькі папёрся сюды, праўду кажуцы калі не поп, то не апранайся ў рызу. А тут, ёлупень, у атаманы палез.

Заднія напіралі на пярэдніх. Пярэднія агрызаліся: — Не падганяй, бо не вельмі паедзеш!

Смялейшай ад усіх аказалася Ахрэмава сучка. Яна першай пачула кашачы дух на падворку; кошкі, пачуўшы шум-гаману, выскачылі з хаткі, стаіліся між вербалозу. Нават днём свяціліся іх вочы-светлякі. Кошкі шыпелі, нібыта гадзюкі. Натапырыліся, выцягнулі ў ніцую струну хвасты, усё роўна як папярэджвалі: не рушце — будзе кепска.

Сучка не спалохалася: рэзка сіганула цераз частакол, каб было дзе павярнуцца, з тых кошак адно поўсць паляцела б. Але двор маленькі, вузенькі. Муркі, як пантэры, ярасна кінуліся на сучку. Адна рвала ей кіпцюрамі морду, другая вострымі зубамі ўчапілася ў хвост.

Блізнюкі выскачылі з хаты. Убачыўшы мужыкоў, пачуўшы іх крыкі, пабеглі па хісткай кладцы да рэчкі. Тонкая слізкая кладка выгіналася, пад ёй хлюпала смярдзючая балотная ржа. Аступішся — і праглыне чортава вока, не выкараскацца. Днём не кожны асмеліцца пераадолець гэтую страшную дрыгву, а звечарэла — свішчуць камяні, кавалкі цэглы.

Відаць, не вылезці б блізнюкам з той дрыгвы, каб не дзікая кашачая ярасць. Кошкі ледзь не разарвалі бедную сучку. Яна паўзла, пакідаючы за сабой чырвоны след, з ёкатам і піскам быццам скардзілася на баязлівых людзей, што пакінулі яе сам-насам са страшнымі кіпцюрамі, вострымі ікламі шалёных Мурак.

Кошкі не кінуліся адразу за сваімі гаспадарамі. Выгнуўшы спіны, вышчарыўшы зубы, яны застылі перад кладкамі, нікога не падпускаючы да іх. Ужо ў Мурак, а не ў блізнюкоў ляцелі камяні, ды ніводная з іх не варухнулася.

— Бач, як блізнюкі ведзьмаў прыручылі, — сказаў Ахрэму на вуха стараста, — ратуюць сваіх кавалераў… не тое што нашы бабы.

Тым часам Юркі адолелі багну. Кошкі рынуліся за імі.

Сцямнела. Ніхто з вяскоўцаў не адважыўся ступіць на тую кладку.

— Га-га-га! — чуўся каля ракі вясёлы рогат,

Стараста і Ахрэм бажыліся пасля, што да хлапечых галасоў далучыліся дзявочыя. Можа, кошкі перакінуліся ў русалак і блізнюкоў пацягнулі за сабою ў рэчку?

Хадзілі чуткі: апоўначы, калі вёска засне, выходзяць яны на бераг. Скачуць, спяваюць, мяўкаюць. А зрэдзь, калі грыміць гром, смаліць агнём бліскавіца і вые ў комінах вецер, тыя кошкі-паненкі разам са сваімі кавалерамі прабіраюцца да хаткі-будана і падымаюць такі гвалт, быццам тысяча чарцей спраўляе свой баль. Блізнюкі свішчуць, кошкі мяўкаюць, ірвуць кіпцюрамі сцены, пагражаюць людзям помстай. I тады жывёла чуе страх, не спіць: хрыпяць на пашы коні, рыкаюць каровы, вішчаць у хлеўчуках свінні.

Доўга ніводзін певень не мог прыжыцца ў вёсцы. Добра, стараста Яўхім упрасіў папа асвянціць хатку-будан.

Прыадчынілі перад бацюшкам трухлявыя дзверы, і ў нос шыбануў смурод кашачага памёту, пачулася мяўканне… Поп з пераляку перажагнаўся: «Свят, свят, ізыдзі, сатана!»

Ен прачытаў малітву, папырскаў хату свянцонай вадой, і сам стараста адвёз яго назад у мястэчка.

У вёсцы спакваля паспакайнела. Закукарэкалі пеўні, закудахталі куры, але і сёння старыя людзі, мінаючы парэпаную вярбу-векавуху, дзе стаяла хатка блізнюкоў, абавязкова хрысцяцца і чытаюць пацеры.

Бабыль

Назаўтра таксама «Опель» не завёўся. Кашлянуў раз-другі, чмыхнуў незадаволена, як той лысы начальнік на трыбуне, і заглух. Бедны дзед Манюкін, мусіць, не рад быў, што звязаўся з «немчурой». Нібыта і зрабіў усе як маець: стартэр праверыў, замок запальвання, а ўсё роўна, трасцу матары, маўчыць матор, хоць бабу Аўдолю папрасі даць рады.

— Гэта нячысцікаў выбрыкі, — знайшоў, на каго зваліць віну, дзед, — я ўчора баяў вам пра іх, вось і ўсхадзіліся. Папярэджваюць, каб не біў язык аб нёба, маўчаў, а то машына ніколі не завядзецца. Трэба маўчаць, казельчыкі-верабейчыкі, так што даруйце…

— Дзеду, родненькі, няўжо ты баішся гэтых пярэваратняў?

— Ты ж такі смелы!

— Праўдзівы!

— Куды гэтым Мюнхгаўзенам…

— Вы Мюнхгаўзена не чапайце, — злуе дзед, — ён не які-небудзь капітан Врунгель, у якога са страусавых яек кракадзілы вылупліваюцца… У барона, вядома, ёсць слабасць — падпусціць іншы раз лёстачкі, а так у яго лыка ў радок, як і ў мяне.

— Дзядуля, мы таксама хочам лыка ў радок, — просім хорам. — Ну, калі ласка, пра чарцей што-небудзь.

— Дзе вы бачылі тых чарцей, — не згаджаецца дзед, — мусіць, вывеліся ці перабраліся ў іншую вёску, скажам, Жырмоны альбо тыя ж Боркі, там лес побач, балота. Ці не апошнюю ведзьму стрэў я тры гады нозад у Бабылёвым садзе. Вясной, дзеткі, было. Уся ў шэрым, гаротная. Дужа жаласна галасіла. Пэўна, шкадавала бабыля.

— А што з тым бабылём сталася?

— Доўгая гісторыя, казельчыкі-верабейчыкі, вельмі доўгая.

— Бай, дзядуля, бай, родненькі!..

— Эх, што з вамі зробіш. Трэ было б, канечне, маўчаць, бо і ў гэтай старой грушы ёсць вушы. Дальбог, пачуюць, ядрона вош, лазатыя, і не ездзіць мне, як пану, на «Опелі», а круціць педалі ровара ці, яшчэ горш, пешкі хадзіць. Ды хіба хвароба старога балбатуна вылечыць… Слухайце, дзеткі, не палохайцеся, вунь які я харобры, а і то дрыжу, так што мацуйцеся. Хто баіцца, бяжыце да бабы Аўдолі, хапайцеся за спадніцу.

Не сказаць, каб нядаўна было тое. Я тады хоць і маладзён быў, але і да зямлі не хіліўся. Добра ўсё памятаю. Дык жыў, гэта, у нашай вёсцы Даніла, хлопец-сірата. Бацькі яго рана аддалі Богу душу. Жыў хлопец адзін. Горка. Сіраце і ўзімку дзень доўгі.

Быў Даніла надзіва прыгожы. Увесь свет абыдзі — другога такога не знойдзеш. Высокі, статны, плечы — сажань, твар круглы, белы, валасы — пшанічныя. Заспявае — птушкі змаўкаюць, слухаюць сірочую песню, стане ў пракос, касцы не косяць, а любуюцца спрытам маладзецкім. I бондар Даніла адмысловы, свае бочкі ды кадушкі рэдка калі да кірмашу давязе, абавязкова людзі перастрэнуць па дарозе і купяць. Якую запросіць цану бабыль — такую дадуць. Бо не было зносу тым бочкам і кадушкам.

Лёгкую руку меў хлопец. Вялася ў яго скаціна, не пуставалі засекі.

Здавалася, выйдзі Даніла на вуліцу, свісні — і ад дзяўчат адбою не будзе. Самі на шыю павесяцца. Але дзіва дзіўнае: не гарнуліся дзяўчаты да бабыля. Нават дзеўкі-перастаркі не зважалі на яго. Ды што там перастаркі, гарбатая Гануля мінала дом Данілы.

I не раз, і не два хадзіў Даніла ў сваты. Кожны раз вяртаўся ні з чым. Каб не пакрыўдзіць майстра, гарбуза не давалі, тым не менш на кут не саджалі, да стала не запрашалі.

Напачатку Даніла смяяўся. Нават спяваў па дарозе назад:

Сеяў грэчку — не ўзышла. Сватаў дзеўку — не пайшла. Перасею, перажну, Перасватаю — вазьму.

Але чым далей — тым горш. Пойдзе Даніла ў карчомку, якую дзяўчыну ні запросіць на танец — адварочваецца ад яго, нібы ад гідкага кажана, скача з любым дзедам ці змаркачом — абы не з Данілам. Крыўдна — хоць плач. Атут яшчэ аднагодкі, у якіх дзеці бегаюць па надворку, дражняцца: «Даніла, Даніла! Чаму гэта цябе дзяўчаты не любяць?»

Напляваць ім, разумнікам, што балюча хлопцу, дужа пячэ пад сэрцам, хоць з хаты не вылазь, каб не чуць кепікаў.

Вядома, свет не без добрых людзей, суцяшаюць бабыля: «Махні рукой на зласліўцаў, Даніла, хай звоняць, пакуль ахвоту згоняць!»

Ды лёгка даваць парады. Ад іх не лягчэй.

Так ці гэтак, але аднойчы сусед падбіў Данілу паспытаць шчасця на далёкім хутары.

— Там у аднаго небаракі шэсць нявест на выданні, — казаў сусед, — галота, на вераб'іныя харчы жывуць, скваркі ў той хаце днём са свечкай не знойдзеш. Так што радуйся…

Прыехалі яны на той хутар, зайшлі ў хату. Глянуў на дзяўчат Даніла, і ў вачах пасвятлела. Нявесты — як на падбор. Спрытныя, прыгожыя і не цураюцца яго, Данілы, шчабечуць, паказваюць свае вышыванкі, выцінанкі, а то і пражу, посцілкі. Кожная па-свойму падлабуньваецца да хлопца.

Сват таксама не лез у кішэню па слова. Як мог, хваліў Данілу — і багаты, і дужы, і прыгожы. Торбу развязаў, паставіў на стол графін гарэлкі, паклаў ладны брус сала, вялікі бохан хлеба.

— Не трэба, чалавеча, хваліць хлопца, — сказаў гаспадар, — птушку па палёце відаць. Такі сокал на наш двор бедны яшчэ ніколі не залятаў. Толькі ці ведаеш ты, што дочкі мае беспасажніцы. Не магу ім даць ні коровы, ні парсюка, ні нават авечкі. Так што забірай, нябога, сваю гарэлку, хлеб-соль і шукай шчасця ў іншым доме…

Дзяўчаты прыціхлі, апусцілі долу вочы, вось-вось заплачуць. Хоць праўдзівыя словы бацькавы, але горкія.

— Не трэба мне, гаспадарок, ніякага пасагу, — адказаў Даніла, — не па пасаг да вас я прыехаў, а па дзяўчыну, чырвоную каліну. У мяне ёсць і коні, і каровы, і грошы водзяцца. Няма толькі шчасця. Як звечарэе, адзін сноўдаюся з кута ў кут, няма каму слова сказаць. Так што не спяшайцеся выганяць нас з хаты.

Памаўчаў гаспадар. Заглянуў Данілу ў вочы: «Шчыра прызнайся, хлопча, няўжо ты не мог да гэтага часу знайсці раўні сабе, што ў наш бедны двор заехаў? Можа, ты чарадзей, не тут казана, ці маеш іншыя заганы?»

— Не бойся, гаспадарок, не чарадзей я, хоць, пэўна, хтосьці зачараваў мяне, цураюцца дзяўчаты. Вось туту вас першы раз ветліва стрэлі. А заганы ў мяне ёсць: люблю сваю работу, у кожную кадушку душу сваю ўкладваю, каб былі мае бочкі як звон; гаспадарку сваю люблю: з каровамі, быкамі, коньмі, як з людзьмі, размаўляю…

— Ну што ж, хлопча, — усміхнуўся гаспадар, — выбірай любую з дзяўчат, хоць старэйшую Дэклю, хоць серадольшую, Ніну, а можаш і меншую, Марыну…

Аж разгубіўся Даніла ад радасці. Усе дзяўчаты прыгожыя, ніводнай не дасі ганьбы. Але, відаць, прыгажэй ад іншых меншая, Марына. Сказаць так уголас — старэйшых дачок пакрыўдзіць.

Выручыў сват.

— Мы з дарогі згаладаліся, — сказаў ён, — давайце, гаспадарочкі, вып'ем па чарачцы, з'ядзім па скварачцы, а там Бог бацька, вырашым, якой з дзяўчат пад вянец.

Усім па душы такія словы. Елі-пілі, Даніла няўзнак на дзяўчат кідаў пагляды, а дзяўчаты — на Данілу. Сёстры, каб заманіць госця, так і сыпалі слоўцамі, смяяліся, толькі Марына сядзела адзінокай самотніцай. Зірнуў на яе Даніла і зразумеў — лепшай жонкі яму не трэба. Боязь як рукой зняло. Навошта хітрыць, вось зараз, пры ўсіх, ён скажа, што Марына яму даспадобы. Толькі раскрыў рот, як раптам пагасла лямпа, нібы чорт пажартаваў. Стараўся гаспадар, але не змог яе запаліць, пэўна, газа скончылася. У беднай хаце, як наўздзіў, і лучыны не знайшлося. Тут табе не вёска — хутар, пазычыць няма ў каго.

— Прыязджайце, сваточкі, праз тыдзень ці пазней, як выпадзе вольная гадзіна, — сказаў гаспадар, — а тым часам Даніла хай падумае, якую з дачок узяць…

Маркотным пакідаў Даніла хату хутараніна, Невыпадкова, відаць, пагасла лямпа — тут, мабыць, без нячыстай сілы не абышлося.

Эх, жытка сірочая, доля бабылёва, цураюцца і Бог, і людзі. Толькі нячысцікі кожны крок вывіжоўваюць.

Развіталіся з гаспадарамі, дочкамі іхнімі. Дамовіліся прыехацьу наступную нядзельку. Даніла, праўда, паспеў шапнуць Марыне: «Чакай!»

Запрэглі коней і паджгалі дадому. Скуголіла мяцеліца, ляпіў у вочы снег.

— Ты хоць зразумеў, які сват я адмысловы, — хваліўся падвыпіўшы сусед, — усё жыццё будзеш удзячны за ласку. Каб не я — век табе б заставацца бабылём. Бяры старэйшую дачку, яна мажная, цягавітая, упражэцца ў гаспадарку, ого-го, дапамога будзе, панам, ядрона вош, станеш. Купіш капялюш, камізэльку з двума радамі гузікаў, як у шляхціца, а яшчэ кій з набалдашнікам.

«Агрэць бы цябе гэтым кіем, — смяяўся ў душы Даніла, — хаця кожнаму сваё. Дай суседу камізэльку, капялюш, чарку і скварку, ён будзе задаволены…»

Усю дарогу думаў пра Марыну. Якое шчасце, што не ўдалося дасюль жаніцца. У Марыны такія сінюткія, нібы кветкі лёну, вочы, а броўкі-ніціначкі чорныя, сама стройная, твар бялюткі, быццам не дзіцё беднякоў. Ён не дазволіць ёй ніякай чорнай работы рабіць, хай вышывае, дзетак гадуе. Навошта яму мажная і цягавітая? I багацця чужога не трэба.

Даніла ціхенька заспяваў: А ў багатай, а ў багатай Балы паздыхаюць, А ў беднай сіраціначкі Бровы не зліняюць.

Спраўны конь увачавідкі дамчаў да Чурылава. Даніла высадзіў суседа і завярнуў дадому. Выпраг каня, насыпаў яму аўса, пагладзіў, нібыта дзячыў за дарогу. Ля ганка з-пад ног шуганула вялікая шэрая птушка.

«Ха-ха-ха» — ці то птушка залапатала крыламі, ці то мяцеліца заскавытала. Даніла аж ростам паменшаў ад гэтага злавеснага лопату. Птушка ўсё роўна як чакала яго прыезду. Там, на хутары, святло пагасла, а тут птушка ноччу. Адкуль толькі ўзялася? Невыпадкова, мабыць. Няўжо шчасцю пагражае бяда?

Зайшоў Даніла ў хату. Раздзеўся. Лёг спаць. Доўга не мог вочы сумежыць. У вушах усё гучаў той нечалавечы рогат-енк. А калі заснуў, адразу ж прыснілася (не пры добрых людзях казана) шэрая зязюля, не малая — з добрую курыцу.

— Ты не думай, Даніла, — сказала чалавечым голасам, — што ўжо дзеўку сасватаў. Я цябе кахаю, ку-ку, нікому не аддам, ку-ку, вось чаму ніводная з дзяўчат да гэтага часу не глянула прыязна на цябе… Не думала я, ку-ку, што ты да далёкага хутара дапнеш, бо і там з цябе пасмяяліся, ку-ку… Ды нічога, ку-ку, я не аддам цябе, не аддам, ку-ку…

Даніла рвануўся да зязюлі, ледзь не ўхапіў яе за хвост, але тая зарагатала, фыркнула крыламі, растала ў цемры.

Прачнуўся Даніла, мае вы каласочкі-красачкі, на душы кошкі скрабуць. У яго, бабыля, закахалася ведзьма. Не будзе яму паратунку ні днём ні ноччу. Чым жа ён так награшыў Богу, каму дарогу перайшоў? Хто на яго навёў порчу? Нядобры сон. Цяпер чакай благіх вестак.

Дні праз тры да бабыля сват заявіўся. Перапалоханы, рукі дрыжаць, гаворыць-заікаецца:

— Непярэліўкі, Да-даніла, на той наш хутар сва-ты-ты за сватамі едуць, усё роўна як маслам памазана. Гада-дамі дзеўкі сядзелі, ніхто на іх не зважаў, думалі, века-кавухамі памруць, а тут, дзіў-дзіўсцвіцель-на, дзі-дзіва.

«Сам ты дзіва, — падумаў Даніла. — Нябось напалохаўся, прыпёр-ся асадзі назад сказаць…»

— Тэклю, старэйшую, ужо сасваталі, Ніну, серадольшую, — такса-ма. Зда-даецца, адна Ма-марына засталася. Тут, брат, нячы-чыста. Да-даруй, Да-даніла, але я на той хутар ні на-нагой — прасі не прасі. Шу-ка-кай іншага сва-та-та.

Паказаў сусед спіну, а Даніла горкімі слязьмі заліўся. Хто яму, сіраце, паможа? Вось і сусед адрокся. А хваліўся: будзеш век удзячны за ласку. Навошта казкі пра ласкі?

Шкада стала гаротнаму бабылю самога сябе. Лепш бы не ездзіў ён на той хутар, не глядзеў у сінія вочы дзявочыя. Прысушыла дзеўка чыстым паглядам, журбою светлаю. Няўжо не дачакаецца, за другога замуж выскачыць? Калі так — заставацца яму бабылём да скону. Не трэба іншых дзяўчат, не паедзе больш у сваты. Пэўна, лёс такі.

Тры дні хадзіў Даніла ў царкву, біў паклоны Дзеве Марыі, прасіў злітавацца над ім, памагчы пазбавіцца ад ведзьмінага кахання, адвадзіць ад Марыны жаніхоў.

Два дні глядзела на яго Дзева, сурова насупіўшы бровы, і толькі на трэці дзень твар яе нібыта палагоднеў.

Дзед перапыніў аповед, напіўся з драўлянага карца вады, абмыў твар, пасля нетаропка выбіў люльку, уздыхнуў. Мы церлі далонямі вочы, у Алёны нават плечы ўздрыгвалі. Шкада Данілу.

Такі добры, працавіты, а шчасця няма. I на рабоце адзін, і дома адзін. Бось і размаўляе з канём, як з чалавекам.

Глянуў я на дзеда, а ў яго вачах слязінкі. Сам перажывае, а паказаць не хоча, усміхаецца. Хітры Манюкін, але і мы не толькі адзін буквар чыталі.

— Не румзай, унучка! — пагладзіў Алёну па галоўцы дзед. — Слухай сюды.

Ну дык гэта вось сядзім мы з бабай Аўдоляй на печы, у падкіднога гуляем. На дварэ завіруха, у коміне вецер пасецца. Нам хоць бы што: утульна, цёпла. Толькі бяды той, што баба махлюе: то дзве карты разам зложыць, то не па масці паб'е. Я без акуляраў недабачу, згубіў іх, як у Піліпаўку ад ваўкоў ратаваўся. Вось і здзекуецца старая. Не ўпусціць баба свайго, калі пачуе ў гаспадара слабінку. Выйграе і крычыць, як папугай: «Дурань, Манюкін, дурань!» Яно, вядома, не заскачаш ад радасці. Я, канечне, не разумнік, але не такі ўжо дурань, каб баба раз за разам дурыла галаву.

— Мусіць, чорт табе памагае, — ляпнуў, не падумаўшы.

I тут (аж сэрца ёкнула) адчыняюцца дзверы і ў хату ўвальваецца залеплены снегам не то чалавек, не то нячысцік.

— Сабірайся, дзед Манюкін, — кажа, — паедзем на хутар далёкі. Баба ледзь з печы са страху не звалілася, а я павесялеў, пазнаў па голасе Данілу.

— I чаго я на тым тваім хутары не бачыў? — пытаю. — Калі ты думаеш, хлопча, што на печы халадней, чым на вуліцы, то памыляешся. Мне тут зусім няблага.

— Хутчэй апранайся, дзед. Паедзем у сваты!

Мне аж мову адняло ад такога нахабства. Хачу запярэчыць, а не магу. Во, моладзь пойшла: ні добры вечар табе, ні як жыццё, а з парога быка за рогі. Хаця, калі папраўдзе, і я сам такім быў.

— Ці не звар'яцеў ты, Даніла, — пазнала бабыля старая. — Які ж ён табе сват! Піхні — і разваліцца! Яму на божай пасцелі месца.

Злосць, гэта, апанавала мяне: за дурня трымае баба. Спі сама хоць на чарані, хоць пад абразамі, а баявога дзеда, можна сказаць, героя, не чэп. Я не які-небудзь папіхач. Просіць чалавек — паеду.

— Кажух нясі! — загадаў старой. — Ды буркі з бахіламі. Расселася на печы, язык распусціла. Пільнуй курэй сваіх, а не мяне.

— Дай, бацька, я табе руку пацалую, — заплакаў Даніла, — думаў, выставіш за парог, а ў мяне надзея на аднаго цябе, усе адракліся ад беднага бабыля.

Надзеў я ваенны фрэнч, галіфэ, апрануў кажух і на ўсякі выпадак пляшку свянцонай вады сунуў у кішэню: беражонага Бог беражэ.

Перажагналіся мы і ступілі за парог. Баба ўжо не лямантавала, а ціхенька падвывала, нібы ў апошнюю дарогу праводзіла.

Сабака сарваўся з ланцуга і ўчапіўся зубамі за крысо, не пускае, цягне назад у хату. Выхапіў я ў Данілы пугу і смальнуў па ім. Адскочыў убок і жаласна глянуў у вочы, хоць ты вярніся, пакуль не позна.

Эх, захацелі Манюкіна запалохаць. Хоць сівы, але маю сілы. Скочыў я ў сані. Даніла атуліў мяне мядзведжай шкурай, паднёс чарку пярцоўкі, засланіў спіной ад ветру. I памчалі мы на той хутар. Свішча вецер, снег лепіць, а мы ляцім, конь — агонь. Дальбог, на печы добра, а з добрым чалавекам у дарозе лепей, хоць і настрой у гэтага чалавека неважнецкі. Скажа слова — і макроту пускае. Дзяцюк, называецца. Не вытрымаў я.

— Цыц, жаба, — кажу, — чаго нюні распускаеш, Бога гнявіш. Ён сілу табе даў, багацце, а ты ўсё незадаволены. Тваю бяду рукамі развяду!

Сам думаю: «Можа, тая Марына ўжо сасватана? Не было сватоў, не было, а тут адбою няма. Ці не тая зязюля-ведзьма падаслала іх?»

Так ці інакш, дабраліся мы такі да таго хутара. Я, мабыць, добра б замёрз, каб не пацалаваўся разы са тры з біклагаю. Дзе карчмар Моўша дастае толькі такую пякучку? Даўно не быў у карчомцы, трэба заглянуць кольвечы, бо што гэта за мужчына, які, не раўнуючы, як дзіцё, трымаецца за бабіну спадніцу? Я ж, дзякуй Богу, не порхаўка, якую ціскані — і пасыплецца.

— Тп-п-пру! — закрычаў Даніла.

— Ру-ру! — панесла рэха.

Глянуў я і анямеў. Няйнакш паны хутар апанавалі: белыя коні, вараныя, у яблыкі! А якія сані — паглядзелі б вы самі. Жыццё пражыў, а такіх не бачыў: высокія — з панскімі гербамі, з узорамі, сядзенні мяккія, верх крыты. Грэшным дзелам падумаў, ці не ашукаў мяне Даніла, паклікаў сватаць князёўну, а не бедную дзяўчыну. Прыжмурыў вочы, агледзеўся. Хата старэнькая, нізенькі хлеў, плот з частаколу.

— Ідзі, — кажу Данілу, — у хату, пагавары з дзяўчынай, я скора буду. Ён і пайшоў. Я тым часам паадвязваў коней, залажыў пальцы ў рот і напачатку ціха, пасля працяжна і глуха завыў. Коні заржалі, захрыпелі, быццам збіраліся іх рэзаць, а там як панесліся наўскач. І смех і грэх! Я — шусь за вугал. Толькі паспеў схавацца, госці з хаты павыскаквалі. Крычаць, рукамі размахваюць, нічога зразумець не могуць. «Крычыце, — думаю, — не скора вы свае сані знойдзеце…» Сам тым часам адчыняю дзверы ў хату. Бачу — пуста, толькі Даніла з Марынай абдымаюцца, глядзяць адно на аднаго, вочы свецяцца. На мяне не зважаюць, як не бачаць. Мне гэта і трэба. Выцягнуў я з кішэні бутэльку са свянцонай вадою і давай пырскаць у кожны вугал. Не абмінуў і запечак. Лоп-лоп — вывалілася адтуль вялізная шэрая зязюля. Злосна глянула на мяне, махнула крыламі раз-другі, раскрыла дзюбу — дым з яе паваліў. Я шапчу пацеры, вады не шкадую…

— Ой, вой — баліць! — шапнула па-чалавечы зязюля і набок павалілася.

У хаце адразу ж пасвятлела. Даніла адарваўся ад дзяўчыны, кінуўся абдымаць мяне: «Дзеду, дзеду, Марына згодна стаць маёю жонкай! — Апусціў вочы долу і ўбачыў мёртвую зязюлю. — Божа літасцівы, — перажагнаўся, — гэта ж тая самая, што прыснілася мне».

Вяселле было на славу. Усе ў нашай вёсцы дзівіліся, якую прыгожую нявесту знайшоў Даніла. Кусалі губы дзяўчаты ад злосці: такому жаніху ганьбу давалі. Дзе толькі вочы былі?

— Уся вёска гуляла на тым вяселлі. Я на покуці сядзеў, а сват-сусед у сенцах, разам з жабракамі.

Бельчык

Кажуць, застаў дурня богу маліцца, то ён і лоб разаб’е. I хоць наш дзядуля не з такіх, жыўцом на неба не лезе, але ў нядзелю святкуе: ні малатка, ні пілы ў рукі не возьме. Вось і чакаем мы той нядзелькі, як жаўранак вясны. Вядома, дзядулю сумна. А мы ўжо сядзім пад грушаю, глядзім на дзверы.

Сварыцца ў нядзелю вялікі грэх. Нават з бабуляй. I не занятак для адважнага дзеда лічыць мух на столі. Іх не позна і зімой пералічыць, калі холад не выпускае з хаты.

Рыпаюць дзверы. Вытыркаецца спачатку рука з люлькай, а там і дасціпны манюкінскі нос.

— Ну што мае вы, каласочкі-красачкі, дачакаліся? Слухайце, запамінайце, на вус матайце, а хто вусоў не мае, хай тапк запамінае.

Раней у лесе, убрыкні вас качкі, звяроў і птушак розных было не менш, чым соснаў і бяроз. Мядзведзі ладзілі бярлогі ледзь не пасярод вёскі, заходзілі да нас, як да знаёмых, павітацца, мёду папрасіць. Не ўсе, праўда, такія ветлівыя былі. Узваліць іншы Мішка пчаліную калоду на плечы і папёр у лес: ні добры дзень табе, ні будзь здароў. Але ўжо калі ў лесе цябе перастрэне, то бяды не прычыніць, саступіць дрогу. Як кажуць, ведае кошка, чыё сала з’ела.

Здаралася, і лісіцы не абміналі куратнікаў. Праўда, не хапалі нясушак, а цягнулі кур-гультаек, на якіх певень дзюбай пакажа.

Вось аднойчы, здаецца, у маі, узяў я посцілку і падаўся Вэньскай дарогай пад Стражніка. Наш дзік Свінтус-грандыёзус (той самы, што вальс у цырку танцаваў) павыдзіраў са сцен мох. Пэўна, не падабался яму, дзікаму вепруку, у цяпле ляжаць. Неба не відаць, ды і вецер у катусе не свішча. Ну і пастараўся. А мне бяда, заела баба Аудоля: ідзі па мох — і ўсё тут. Трэба шчыліны пазатыкаць.

Іду, пасвістваю. Жыта зелянее, траўка новая прабіваецца ўздоўж дарогі, а ў небе жаўрук дрыжыць. Холадна беднаму ў вышыні, а спусціцца на зямлю гонар не дазваляе, вось і саграваецца песняй. Толькі пад старасць адчуваеш, не вечны чалавек, аднойчы абарвецца жытка, як і гэтая жаўрукова песня. Але што гэта мяне, старога дурня, на хвіласофію пацягнула. Радуйся кожнай светлай хвіліне, цеш сябе тым, што яшчэ не вечар.

У лесе не стрымаўся, каб не заглянуць у Дубовае балотца, дзе мы з бабуляй Аўдоляй жалуды збіралі і знайшлі нашага Свінтуса-грандыёзуса. Дзякуючы яму, пра нас увесь свет даведаўся, карэспандэнты з тэлевізіі прыязджалі, здымалі гэты самы дуб. Упрасілі мяне яшчэ раз на яго залезці, трасці жалуды, а бабу збіраць іх. Сам ніводзін не асмеліўся паўтарыць маю манеўру. Смелякі, ядрона вош! Такіх не тое што нячысты — заяц напалохае.

Патупаў я каля дуба, патупаў і пайшоў унізіну. Там густы ельнік, цёмна. як ноччу. За некалькі хвілін надраў я медна-залацістага, вільготнага моху, вынес яго на паляну, хай прасохне, лягчэй-такі будзе несці.

Заплюшчыў вочы. Ад свежага паветра галава крыжцца. Зязюля кукуе. Жыць бы вечна. Ды раптам аж здрыгануўся, штосьці ў нагу таўханула. Не дай бог, вужака. Глядзь. Вачам не веру. Белы звярок з ката. Галава вялізная, хвосцік пацучыны, тулавішча тоненькае. Пах рэзкі, едкі. Ніводная хатняя жывёліна так не пахне.

Узяў я звярка на рукі. Ён рот раскрыў, зубкі паказаў. Ого-го, якія мы страшныя. Няўжо воўк? Але чаму ж ён тады белы? Такіх быццам не бывае. Смешна. Сто гадоў мысліваму, а звяроў лясных не ведае. Пачаў я круціць звярка і так, і сяк. Звар’яцець можна. Каб не белая афарбоўка, то не тое што пабажыцца, прысягнуць можна — ваўчанё, дый годзе.

Агледзеўся вакол, патупаў.Няма ніякіх ваўчыных слядоў. Як звярок апынуўся тут, чаму адзін? А дзе яго браты-сёстры, урэшце, бацька з маці?.. Можа, кінулі вырадка, скідаюць жа буслы, здараецца, буслянят слабых з гнязда. А можа, чэрці-хуліганы пацвельваюцца са старога чалавека? Залезла ў дупло якое-небудзь люцыпаранё і пасміхаецца.

Так ці інакш, але я рашыў забраць звярка дадому, бо прападзе адзін тут у лесе: памрэ з голаду ці стане здабычай лісы. Паклаў яго за пазуху, узваліў на плечы посцілку і паспяшаўся дахаты. Дужа хацелася есці, баба абяцала мачанку з блінамі. О, гэта цуд-страва, ідзеш, думаеш пра яе, і дарога ўдвая карацей, і ношка лягчэй.

Выкінуў я мох у хлеў, у хату падаўся. Пахла мачанкай, блінамі, але я не кінуўся, як заўсёды, да стала, а выцягнуў з-за пазухі свайго звярка, паставіў на падлогу. Сагрэўшыся, ён драмаў. Пасля расплюшчыў вочкі, заплюшчыў, усім целам уздрыгнуў.

— Дзе ты ўзяў гэтае ваўчанё? — спытала баба.

— У суседа ўзяў, — кажу, — сучка прывяла.

— Ты мне лапшу на вушы не вешай, — не паверыла баба. — Пах звярыны: мух з носа падаставай — сам учуеш.

Во, думаю, дае старая варэпаўка. Такую не ашукаеш, сама каго хочаш за нос паводзіць — з мухамі ён ці без мух. Толькі Манюкін на тое і Манюкіі: так проста не здасца.

— Хіба гэта ваўчаня? — пераходжу ў наступ. — Вочы разуй. Ён жа белы, як снег. Бялей за твае белыя саматканкі.

— Аль-бі-нос! — прапела баба.

— Што-што? Які нос? — здзівіўся я.

— Альбінос! Альбінос! — паўтарыла старая.

Ці не розум страціла, думаю, пра нейкі нос чаўпе. Ды яна тут давай слоўцамі сыпаць, як па-пісанаму:

— Сярод звяроў і птушак час ад часу трапляюцца белыя екземпляры. Прырода шуткуе. Ёсць белыя вярблюды, львы, вароны, ваўкі, лісіцы… Альбіносамі па-вучонаму называюцца. Ад лацінскага альбус — белы. На 50 тысяч чорных варон адна белая.

Мне аж дух перахапіла. Гэта ж трэба, старая чытае па складах, ледзьве-ледзь распісацца можа, а тут на латыні загаварыла. Канец свету.

— Ад-ку-куль ты ўсё гэта ве-ведаеш? — пытаю.

Хе-хе-хе, на радзіва паказвае. Маўляў, бліны пякла, уключыла радзіва, там перадавалі пра белых звяроў і птушак. Вучонае слова мо тысячу разоў паўтарылі, вось і запомніла. Як усё проста. А я ўжо, ёлупень, падумаў, што баба, хаваючыся ад мяне, кантычкі чытае.

— Шчаслівы ты, Манюкін, пахваліла мяне баба, — пяцьдзесят рублёў за ваўчаня дадуць. Хустку мне купім.

— А дулю з макам ты не хочаш, — зазлаваў я, — пяцьдзесят рублёў за гэтага самага …носа, як за простае ваўчаня. Нізавошта не аддам. А ты аддасі — з дому сыду, у плытнікі пайду. Кормяць там добра, мох цягаць на сабе не трэба.

Баба, мусіць, спалохалася: застацца без такога геройскага дзеда не жартачкі. Давай яна каля ваўчаняці завіхацца. Паслала пад яго дзяружку, накрыла рукавом ад старога кажуха. Уся свеціцца, ззяе, як вычышчаны пяском самавар. I тут мне ў галаву цюкнула: разыграла мяне, абэлтуха, не хоча яна ваўчаня здаваць. Я ж стараўся, дулю з макам прыплёў. Не нарадзіўся той мужык, які лёгка бабу ашукае.

— Як назавём ваўчаня? — пытае.

— Ты яго напаі, накармі, а тады ўжо называй.

Напаілі звярка казіным малаком, у суседкі пазычаным. Рассмакаваў ваўчок, за вушы не адцягнуць. Пасля памылі яго цёплай вадой з мылам. Адразу задрамаў бедненькі.

— Давай назавём яго Бельчыкам, — прапанаваў я.

— Добрае імя, — пагадзілася бабуля.

Дамовіліся нікому не гаварыць, што Бельчык ніякі не сабака, а воўк. Тады бяды не мінаваць: забяруць ваўчка.

Штодня мылі мы Бельчыка, каб выветрыўся з яго лясны дух. Знаёмілі з нашьш ваўчком суседскіх сабак. Заменьвалі іх салам на падворак, а там у хату — кармілі разам з Бельчыкам. Бурчэлі сабакі, зубы паказвалі, але голад не цётка — мірыліся, прывыкалі.

Цяжэй мне самому было прывыкнуць да Бельчыка. Глядзіць у вочы і быццам наскрозь працінае. Размаўляю бабай, а ён слухае. Ледзь звечарэе, наш Бельчык дрэмле, а ноччу ходзіць па хаце, уздыхае, пасля скочыць на лаву і глядзіць у акно, нераўнуючы як сваіх чакае.

"Э-э, — думаю, — не месца табе, ваўчок, у хаце пад абразамі. Перавяду цябе ў будку, хоць спаць спакойна буду".

Ну, гэта, збіў я будку з дошак, дно саломай падаслаў. Днём Бельчыка на ланцугу, далей ад бяды. Ці мала людзей ліхіх? Могуць звясці ваўчка ці сурочыць. Вельмі ўжо хацелася паглядзець, якім ён вырасце.

З гусаком і гусьмі Бельчык адразу ж пасябраваў: прыганяў ад рэчкі дадому, дазваляў ім начаваць каля будкі. Людзі дзівіліся: разумны сабака ў Манюкіна, пасе гусей лепш ад любога пастушка. Прымчыць вечарам на рэчку, увачавідкі аддзеліць сваіх ад чужых і прэ дадому.

Не падабалася напачатку такая вольнасць гусаку, шыпеў, кідаўся на ваўчка, але аднойчы. калі страціў у няроўным баі паўхваста, змірыў свой гонар. А дзе ты дзенешся, калі Бельчык цябе і ў вадзе дастане, і ў затоцы знойдзе.

Топаюць гусі ланцужком, а за імі белы сабака ідзе, сочыць, каб не збіліся з маршруту. Грознае суправаджэнне. З такім нічога не страшна.

Неяк вялізная чорная псіна рызыкнула парушыць гусіны строй. Аўчар (ці не ў два разы большы за Бельчыка) кінуўся на гусака. I пух, і пер’е паляцелі б з гусінага таты, каб не ваўчок. Ён пераняў сабаку на паўдарозе і так грызянуў, што няпрошаны гсоць тыдзень залізваў рану.

"Сабачанё, а такое кусучае, — дзівіўся гаспадар чорнага сабакі, — а што будзе як падрасце!"

Жылі мы бедна: дзень з алеем, два галеем. Я ціхенька, як злодзей, хадзіў ноччу лавіць рыбу. Апрануся ў лахманы, абую лапці, кломлю з дубцоў на плечы і гайда на рэчку. Хоць і не дазвалялася лавіць — усе лавілі: не паміраць жа з голаду. Па нішчымніцы доўга за плугам не находзіш і касы не пацягнеш.

Але ці шмат наловіш адзін той кломляй? Тры плоткі ды два яльцы, нават на патэльню не хопіць. I ўсё ж куды дзецца — ідзеш.

"Вот, каб было каму тураваць, — думаю, — і юшкі з бабай пасёрбалі б, і на паду б рыбу паставілі. Еш — не хачу!"

Аднойчы, калі ў хаце не было нават крошкі хлеба, сабраўся я на рыбалку. Ужо да Карпеевай ямы падыходзіў, калі дагнаў мяне Бельчык. Хацеў прагнаць яго. Ноч, а ён белы, прыкметны, ды, урэшце, махнуў рукой. Хай тупае па беразе, учуе міліцыянта, падасць знак, кіну кломлю і ў кусты.

Так ці гэтак, залез я ў ваду. Цёплая, што луг, нагрэлася за лета. Месяц ў вадзе купаецца, плюхае рыба. Каб не піск камарыны, каб не мошкі, то і ў раю не трэба лепшай пагоды.

Паставіў я кломлю, махнуў нагой па дне — пуста, толькі муту падняў. I другі раз пуста, і трэці, і… пяты. Мусіць, вальней рыбцы ў вадзе, чымся ў манюкінскай торбе. Не спяшаецца, праклятая, лезці ў кломлю.

Стаіць мой ваўчок на беразе, пазірае.

"Што вылупіў вочы, — жартую, — лезь памагай, гультаіна!"

Бельчык скок ў ваду, фыркнуў, атросся і ў вочы глядзіць.

"Муці ваду, заганяй ад берага рыбу!" — кажу для смеху.

Паставіў кломлю пад вуглом да берага. і мой Бельчык забег наперад і давай лапамі барабаніць, траву і чарот калашмаціць. Божа, шчупак кілаграмовы, два яльцы. Гэта ж трэба!

Аднаго яльца я адразу ж ваўчку аддаў: галодны ён. Бульба для яго не наедак. Не міргнуўшы праглынуў таго яльца. Яшчэ з большым імпэтам пачаў памагаць мне. I пайшло, і паехала. Буйную рыбу ў торбу кідаю, драбнейшую аддаю ваўчку. А ён хітры, куды таму сабаку. Пастаўлю кломлю каля куста, трымаю, каб не сарвала плынню, камандую ціха: "Заганяй!" Бельчык асцярожна зойдзе наперад, пасля як наробіць лопату, муты — уся рыба наша, ёй няма куды дзявацца. Так не кожны чалавек справіцца.

"Д’ябал ты ці анёл, — думаю, — але клапоцішся, каб не памёр Манюкін з голаду".

Цяпер у вёсцы не было больш удалага рыбака за мяне. Раз прыпёр цэлую торбу рыбы, другі. Баба за галаву схапілася. Ніколі не чула, каб сабака рыбу памагаў лавіць. (Пры людзях мы называлі Бельчыка сабакам.) Цяпер і мы, і наш ваўчок не галадалі. Ён дзяліўся рыбнымі кішкамі з гусямі. Яны былі за гэта вельмі ўдзячныя яму. Вечарам займаць не трэба было: самі дадому прыходзілі.

Бельчык за нейкі месяц падрос, наліўся сілай. Ноччу, калі не ішлі на рыбалку, ваўчок дзесьці прападаў. Вяртаўся пузаты, адно ваду жлукціў. Да рыбных кішак на радасць гусей не дакранаўся. Пэўна, бегаў у лес на паляванне, бо не чуваць было, каб у людзей што-небудзь прпадала. Праўду кажуць, воўк не крадзе авечак там, дзе жыве.

Двойчы Бельчык прыносіў жывых зайцаў. Баба асвежавала, цуд мачанка, смачней за гусяціну.

Неяк пад раніцу прачнуўся я ад крыку.

"Ой, ё-ёй, ой, ёй-ёй!" — неслася з падворка.

Схапіў я сякеру і подбегам з хты ў падштаніках. Зірк. Бельчык сціснуў за руку здаравеннага мужчыну. Той крычма крычыць, аж заходзіцца, а ваўчок не пускае. На зямлі нож здаравенны, з касы, валяецца. Прыгледзеўся я — алёхаўскі злодзей Палікар. Дык вось хто гусака ў нас украў! Мала, мабыць, па другога прыйшоў.

"Ды што гэта ты, ягамосць, старых людзей крыўдзіш, — кажу, — вось скамандую сабачку, і адгрызе ён табе руку. Ніхто цябе не пашкадуе, толькі дзякуй мне скажуць".

Ваўчок як разумее, мацней сціскае зубамі злодзея, а ў таго ўжо кроў з рукі льецца, нават галасіць перастаў. Я па натуры добры, шкада злодзея, а ён яшчэ просіцца: "Дзядзечка, міленькі, адпусці?” І адпусціў я. Злодзей Палікар аддзячыў: прывёў назаўтра авечку.

А ваўчок знікаў часцей і часцей. Аднойчы прыпёр на падворак карову з малым бычком, а сам знік.

Тры дні не ведалі мы з бабай, што рабіць з каровай і бычком. Прыгнаў іх Бельчык, само сабой, здалёку. Памры, а гаспадароў не знойдзеш. Да таго ж карова калгасная, бо вушы праколаты. I вырашылі мы пакінуць яе з бычком дома. Дзе той калгас знойдзеш? Можа, ён дзесьці за Рысавам-Барысавам?

Эх, пасёрбалі мы заціркі, маслам завесы, каб не рыпелі, мазалі, а смятану пілі конаўкамі. Не верыце, нябось. Чыстую праўду кажу, чэснае манюкінскае.

Зграя

Я ўжо казаў, мае вы казельчыкі-верабейчыкі, што раней мы з бабай жылі кепска, ледзьве канцы з канцамі зводзілі. Мукі, каб спячы хлеб, не было. Вось і сядзелі на адной бульбе. Дзякуй Бельчыку, хоць на малако ўзбіліся. Авечка акацілася, можна было б адно ягня зарэзаць, але які з яго, малога, наедак, трэба падгадаваць. Тады і капусту будзе чым аздобіць. З бульбай бараніна ого-го, смаката, за вушы ад патэльні не адцягнеш. Тут і хлеба не трэба.

Сядзелі мы неяк з бабай за сталом, сербалі кіслае малако з драўлянай міскі, бульбай заядалі. На снеданне — малако, бульба і на абед, вячэру — бульба, малако. Можна каровай замыкаць, калі такая страва і тыдзень, і два, і месяц. Занядужала старая.

— Эй, акрайчык бы хлеба, як рукой бы немач зняло! — паскардзілася неяк.

Мне таксама ад слоў яе захацелася хлеба, аж у жываце забурчэла. Легка сказаць, але дзе яго ўзяць. Трэба ісці ажно ў Гарэлаўку. Праз лес, праз поле, замерзлую рэчку. Дваццаць вёрст. Летам адолець іх — раз плюнуць, а ў трыццаціградусны мароз сліна, бадай, на хаду замерзне. Хадзілі, хто маладзейшы і здаровы. Гэта цяпер людзі распанелі. Ледзь што якое — падавай ім ровар, а то і машыну.

Глянуў я, мае вы каласочкі-красачкі, на бабулю і падахвоціўся пайсці па хлеб. Грошы ў нас тады акурат завяліся, двойчы баба насіла на базар масла. Добрую капейку далі.

Апрануў я кажух, абуў буркі з бахіламі, падвязаў пад бараду шапку-аблавушку і пасунуўся ў Гарэлаўку, мароз з раніцы не надта прыпякаў, хоць сонца свяціла, а не грэла. Я — лёгкі, шыбаваў па цаліку, не правальваўся. Такая пара найстрашней для ласёў. Іх снег не трымае, ваўкоў трымае. Вось і гоняць лася вёрст дваццаць. Той выбіваецца з сіл, месячы снег, а ваўкам хоць бы што. Стоміцца лось, апануе яго зграя з усіх бакоў. Ужо не выпусцяць беднага. крычалі, ледзьве выбраўся. Восем гадзін на нагах, а яшчэ проці ночы дадому валачыся. Застацца б у Гарэлаўцы, пераначаваць у кума, а ранічкай назад дыбаць. Ды я абух зацяты, надумаў назад цялёпкацца.

Бачылі нябось, як сена ў посцілках цягаюць. Так і я, хлеб завязаў у вялікую хустку, цераз галаву ўздзеў яе на плечы, усё лягчэй і рукі вольныя. I паплёўся за аселіцу, а там па цаліку перасоўваў ногі. Шлях няблізкі, а сілы ўжо не тыя, што раніцай. Паспяшаеш — аслабнеш.

Недзе праз гадзіну я ўжо зразумеў: завідна не дабрацца, давядзецца дыбаць ноччу. Піліпаўка. Сама ваўкі гайнююць. Цяпер яны злосныя: калі ўчуюць — капцы. Баба не ўбачыць ні Манюкіна, ні хлеба.

Намацаў нож у кішэні. Зброя, канечне. Гэта калі сам-насам з воўкам сустрэнешся. Але ваўкі ў Піліпаўку ў зграі збіраюцца, па адным не ходзяць. Там іх дзесяткі. Калі што якое, то і дубальтоўкай не абаронішся.

Тым часам зусім сцямнела, Аднекуль наляцеў вецер-свяжак, а там узняўся віхор, які мігам перарос ва ўраган. Страшная сіла падхапіла мяне, чмякнула на снег і пакаціла, нібы ахапак сена. Добра, што пашэнціла: ухапіўся за лазовы куст. Вакол выла, енчыла і скавытала белая замець. Паспрабаваў я падняцца, але зноў гопнуўся ў снег, не ўтрымаўся ўжо за куст і пакаціўся па снежным полі.

— Божа, ратуй! — паспеў крыкнуць і страціў прытомнасць. Ачомаўся, мае вы каласочкі-красачкі, я ў нейкім падзямеллі. Ці не на тым свеце? Цемрыва. Памацаў вочы — нібыта цэлыя. Палез у кішэню па люльку — на месцы. Крэсіва і трут таксама не згубіў. Давай рукамі шнарыць вакол. Нейкая поўсць, і тут гэтая поўсць заварушылася, уздыхнула. Я ўжо да чаго смелы, але тут ледзь прытомнасць не страціў.

Заплюшчыў вочы, расплюшчыў. Бачу — вакол вугалькі свецяцца. Пачуў дух звярыны. Рэзкі — аж дыхаць цяжка. Ледзь не завыў ад жаху. Нейкія чорныя постаці вакол мілыаюць. Вугалькі-ліхтарыкі. Можа, страшны сон? Нехта сапе, уздыхае і туліцца да мяне.

— А-а-а! — зароў я немым голасам. — Мама-а, рату-уй! Падняў такі перапалох, што чорныя прывіды замітусіліся, забегалі, закляцалі зубамі.

Раптам сцяна, ля якой я сядзеў, пахіснулася. Мяне прыдавіла. Хтосьці ўхапіў за каўнер і пацягнуў.

— У-у-у! — пачулася працяжнае выццё.

Расплюшчыў вочы. Белае снежнае поле, вакол ваўчыная зграя шчоўкае зубамі, а побач са мною… Бельчык. Ліжа твар мой, бараду.

Бельчык гыркнуў на ваўкоў, тыя адышліся. Ён падбег да груды снегу і давай лапамі грэбці. Выцягнуў маю хустку з хлебам. Трэба ж, усе разумее.

Зноў Бельчык кінуўся да груды. На гэты раз выграб здаравенную ласіную лапатку. Ваўкі пазіралі на яе з прагнасцю. Яны адразу ж пасунуліся да нас. Адзін зусім блізка падступіўся. Бельчык ашчэрыў вострыя клыкі, шчоўкнуў зубамі, ступіў некалькі крокаў наперад. Мусіць, воўк ведаў яго нораў, бо, падціснуўшы хвост, адбегся назад.

Мне ўсё стала ясна. Бельчык — важак воўчай зграі. Тут ён князь і не пацерпіць неслухаў. Відаць, ваўкі напалі на мой след, калі я вяртаўся з Гарэлаўкі. Яны ў Піліпаўку лютыя і страшныя, і як бы ні пашанцавала са здабычай — вечна галодныя. Рожкі ды ножкі засталіся б ад дзеда Манюкіна, каб не важак зграі. Бельчык зацягнуў мяне ў пячору пад снегам, адагрэў сваім целам.

Абняў я ваўка, заплакаў. Зграя тым часам страціла да мяне інтэрас, ваўкі адбегліся наўзбоч. Узваліў я хустку з хлебам за плечы і рушыў наўскасяк пералеску, дзе стаяла наша вёска. Бельчык дагнаў мяне, ухапіў за крысо кажуха і пацягнуў назад.

«Ці не хоча, каб я, Манюкін, застаўся з ім у зграі?» — думаю. А воўк цягнуў мяне да ласінай лапаткі. Вось яно што — падарыць хоча.

— Бельчык, — кажу, — не дацягну я гэтай лапаткі дадому. Яна сама меней два пуды. Крый божа, хто-небудзь з суседзяў убачыць і заявіць у міліцыю. Тады ў турму ўпякуць. Дальбог, упякуць, за жытнія каласкі саджаюць, а за лася тым больш пасадзяць. Ну скажу — воўк падарыў. Засмяюць. Дабавяць тэрмін за абразу правасуддзя.

Не хоча воўк разумець — без падарунка не адпускае. I тады развязаў я хустку, выняў хлеб, а ў яе паклаў ласіную лапатку. Хлеб звязаў папругай. Цяпер, хто ні стрэне, падумае: во набраўся, стары, хлеба — і ў хустцы за плячыма, і ў руках.

Да вёскі было недалёка, нейкіх вёрст пяць. Гадзіна хады. Мала я не дайшоў. Баба і не ведала б, што замёрз яе дзед побач з домам.

Бельчык правёў мяне да самай аселіцы. Там і развіталіся. Ён падскочыў, лізнуў мяне па-сабачы ў твар, заскавытаў і пабег. Яго чакала зграя і, пэўна ж, ваўчыца-каханка.

Яшчэ гадоў дзесяць чуў я аповеды паляўнічых пра белага ваўка, які не баіцца ні стрэлаў, ні нават агню. У яго на шыі сырамятны ашыйнік. Пэўна, некалі жыў сярод людзей. Зграю белага ваўка ні разу не ўдалося аблажыць. Важак мацёры, хітры, загадзя чуе небяспеку, не баіцца скакаць цераз чырвоныя сцяжкі. За ім сігаюць астатнія.

Баба як не ўзрадавалася майму вяртанню. Лае, кляне. Дзе, маўляў, швэндаўся? Тры дні дома не было. Пэўна ж, піў гарэлку ў карчомцы, а яна вочы праглядзела, чакала. Чула, як выюць ваўкі за вёскаю.

Само сабой, я расказаў ёй усё. Мяса ласінае аддаў. Рэшту да капейкі. Не верыць — хоць ты памры. І сення не верыць. Яно-то, канечне, цяжка паверыць. Але раскінула б старая макаўкай: за якое такое ліха я піў, калі ўсю рэшту вярнуў. Адкуль у мяне два пуды ласяціны? Няўжо я ўпаляваў таго лася ці лук з вярбы змайстраваў і падстрэліў?

Восьтакая прыгода напаткала мяне. Хочаце верце, хочаце не верце, але дзед Міхед зайздросціў мне. Яно, зразумела, ні ў Мюнхгаўзена, ні ў Міхеда ніколі не было такога сабакі, як мой Бельчык. Барон кучу грошай траціў, каб пракарміць сваю псярню, а той воўк і сябе, і нас з бабай карміў. А ўсё таму, што ён ведае, з кім сябраваць. Манюкін не кіне сябра ў бядзе — заўсёды выручыць.

Конь-агонь

Кажуць, яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які б цыгана перахітрыў. Ён прадасць табе казла за вала і даплату возьме. Цыган на тое і цыган, каб акруціць сумленнага чалавека, ачмурыць, неўпрыкмет увесці ў зман. Апомніцца небарака, а ў кішэнях вецер свішча, у руках аброць без каня, хоць, дальбог, купляў шэрую кабылу ці варанога жарабца.

Памятаеце, як цыган дзеду Шчукару кабылу прадаваў? Праехаў Шчукар на той кабыле пару вёрст, а яна пачала зігзагам хадзіць, на вачах худзець. Была тоўстай — стала тонкай. Хітры цыган надзьмуў тую кабылу, выпала затычка, паветра вылецела са свістам, і каняка на вачах паменшала, ад ветру хістаецца.

Як я рагатаў з дзеда Шчукара! Гэта ж трэба такім ёлупнем быць. А хутка і сам трапіў у нерат: ні ўзад ні ўперад. Сёння ты з чалавека смяешся, пальцам на яго паказваеш, а заўтра каб з цябе не пасмяяліся. Так ужо здарылася: узгрыбчыліся мы з бабай Аўдоляй на капейчыну. Гаспадары. Карова ёсць, бычок, авечкі, гусінае царства, курынае. Унукі раней носа ў вёску не паказвалі, а то адбою ад іх не стала. Едуць папіць сырадою, бараніны паспытаць, разбіць на патэльню не інкубатарскіх белых яек, а жоўценькіх, свежых, адразу з-пад курыцы.

А тут зямлю пачалі калгаснікам даваць. Бяры — не хачу. Бяры гектар, бяры дзесяць. Дзіва з гэтай улады: то па вуглы хаты соткі абрэжуць, то шчодрасць пакажуць. Пэўна, у Менску, у Доме ўрада, воўк на парозе здох, вось і расшчодрыліся.

Я да работы ўвішны. Калі ўзяўся за дзела, то за вушы ад яго не адцягнеш. Дальбог, стаў бы фермерам, купіў бы трактар, машыну і ого-го якія б ураджаі атрымліваў, каб зямлі нарэзалі. Хадзіў у сельсавет, на разведку. Так і кажу там: «Хачу, ядрона вош, стаць фермерам, Дайце паўсотні гектараў зямлі, і я свет здзіўлю. Бульба будзе большай як бручка, а рэдзька з добры качан капусты. Сакрэт у мяне ёсць. Так што згаджайцеся, пакуль не перадумаў».

Старшыня палез у нейкія паперы. Доўга гартаў іх, а пасля сказаў, што зямлі мне не додуць. Нейкі там начальнік, што любіць па тэлівізіі выступаць, загадаў не запісваць стогадовых у фермеры. Супраць начальніка не папрэш. Ён што хочаш загадае. Гаспадарку па-іншаму прымусіць наладжваць. Тады мне і бабе давядзецца перавучвацца. А гэта цяжка ў нашым узросце.

Упрасіў-такі даць адзін гектар. Калі сумленна, то начальнік (не дам яму ганьбы) мае рацыю. Завідушчы народ — стогадовыя. Навошта мне, прынамсі, пяцьдзесят гектараў, калі я і аднаго без каня ўрабіць не магу? Вось і надумаў купіць чатырохногага сябра. Баба пагадзілася. Яна прачула дзесьці, што коней без даведак не прадаюць. Давялося ісці ў кантору. Там Зіна Клінава выдала мне паперку аб стажы. Семдзесят восем гадоў ажно — з іх семдзесят дзевяць член прафсаюза. А вось даведкі, што я стрыечны брат Радзівіла, не выдалі. Шкода ім, быццам Кухцічы, дзе быў родавы маёнтак Радзівілаў, за сто вёрст ад нашага Чурылава, а не за нейкіх пятнаццаць. Бю-рак-раты!

Завязаў я гэта, каласочкі-красачкі, грошы ў бабіну хустку. Ледзьве ўціснуў, шмат «зайцоў» трэба за каня аддаць, не пры касых казана.

Бліжэйшы кірмаш ва Уздзе. Восем вёрст для такога хадака, як я, не дарога. За гадзіну прыджгаў. (Дзед Міхед у партызанах не мог са мной сысціся.)

Кірмаш як кірмаш, іржуць коні, пішчаць парасяты, і ўсе разам (і пакупнікі, і прадаўцы) галёкаюць. Карацей, штурханіна, гвалт, мітусня. У кожнага свой клопат-мітрэнга.

I ўсё ж я люблю базары, рынкі, кірмашы, таржкі, таўчкі. Тут можна і сябе паказаць і на людзей паглядзець.

Коней прадаваў стары цыган. Я пазнаў яго. Неяк на раённай нарадзе выступаў. Закончыў хораша: «Няхай жыве Карла Марла і сем раз на тыдзень конскі базар!» Ляпалі яму ў ладкі.

Змяніўся цыган, ды як не пазнаць: худы, высокі, з сівой барадой. Нос маленькі, ледзь вытыркаецца з-пад вусоў, нібы баіцца паказацца. Вочы чорныя — па більярдным шары, зубы залатыя, а ў левым вуху вялізная сярэбраная завушніца.

«Конь-агонь, налятай — не зявай! — крычаў цыган, трымаючы за аброць высокага белага жарабца. — Аддам за рублі, каб добра жылі. Пяць мільёнаў зайцоў, і справа з канцом!»

Ого-го, думаю, загнуў бязносы. За такія грошы трэба дзесяць гадоў працаваць, не апранацца, не есці, не піць. Ужо не ў хустцы, у посцілцы трэба грошы насіць. Мабыць, не адзін я так маракаваў, бо ніхто да белага жарабца не прыцэньваўся. Цыган і сам зразумеў: паноў сёння на кірмашы няма. Ён прывязаў жарабца да воза, падкінуў яму ахапак сена, а сам вывеў наперад худую кабылу. Тут ужо і пакупнікі знайшліся. Я таксама падсунуўся бліжэй.

— За колькі прадасі, бэцю? — пытаю няўзнак.

— Прашу паўжарабца! Два з паловай мільёны!

I ад кабылы давялося адступіцца. Малая хустка ў бабы Аўдолі, хоць у ёй можна дзесяць буханак хлеба панесці.

— Ты што, цыган, блёкату наеўся? — закрычаў чарнявы мужчына з доўгім, усё роўна як прыклееным, носам. — Хто ж дасць за такую худобу больш як мільён? Яе піхні — і паваліцца. Пастромкамі да бэлькі трэба падвязваць, каб не ўпала…

— Цябе б на гэтых пастромках павесіць, — прыжмурыўся цыган, — кабыле сем гадоў. Самы цымус. I зубы, як у цыганкі Любы, і хвост навырост, а ногі не саб'юцца з дарогі.

— Хво-ост, хвё-ёст, — дражніцца, — прышый кабыле хвост. Хвастом не аруць, а мух ганяюць. Давай сваю казу за мільён. Красная цана!

Людзей процьма, і ўсе на баку даўганосага, на цыгана нападаюць. У таго ж язычок, як брытва. Так і рэжа, так і рэжа, ды нервы не жалезныя, пакрысе збаўляе цану. Ужо два мільёны просіць.

— Патаргуемся і яшчэ ўступіць, — шапнуў мне даўганосы, — з цябе, дзеду, магарыч!

Тут і я ў торг увязаўся.

— Аддавай кабылу за паўтарачку, — крычу, — новенькімі паперкамі плачу. Не глядзі коса — застанешся з носам.

Усе ў рогат.

— Ты майго носа не чапай! — пакрыўдзіўся цыган. — Хоць маленькі, а дулю за вярсту чуе.

I пайшло і паехала. Цыган — слова, я — два. Даўганосы на маім баку. Мусіць, дужа выпіць хоча: за кожную капейку рэжацца. Так-сяк адолелі мы цыгана. Уступіў-такі кабылу за мільён васемсот тысяч. Акурат усе мае грошы, толькі і засталося на замочку. Круць я галавою туды-сюды, а даўганосага і след прастыў. Шкада. Чалавек стараўся. Каб не ён — не бачыць бы мне кабылы, як сваіх вушэй.

— Як зваць хоць тваю каняку? — спытаў у цыгана.

— Не ведаю, бэцю! — рагоча, выскаліўшы залатыя зубы. — З тыдзень, як украў. Сам прыдумай імя!

Жартаўнік!

Ці то кабылу сурочылі на тым кірмашы, ці то цыган не карміў яе, але яна ледзь ногі перастаўляла. Пехатою на кірмаш я хутчэй дайшоў, чым назад прыехаў. Кабыла сапла, спынялася, жаласна глядзела на мяне. Давялося весці за аброць. Ужо не яна мяне везла, а я цягнуў яе. Сустрэчныя-папярэчныя рагаталі: «Во, стары, каняку купіў. Другой такой не знойдзеш!»

Па дарозе я ўжо змікіціў: цыган з даўганосым — хаўруснікі, аб'ягорылі мяне, дурня. Іду, сам з сабою размаўляю: «Вось так, Манюкін, са Шчукара смяяўся, хваліўся: я — Ачмуровіч, Абуйлапцінскі. Абуў цябе цыган у лапці. Не тваім носам маліны кляваць. Ох, пасмяюцца чурылаўцы. I праз сто гадоў з дзяцей і ўнукаў будуць смяяцца…»

Не даходзячы да вёскі, завярнуў я ў Борык, прывязаў кабылу да сасны, люльку закурыў. Пакуль не сцямнее, нельга ў вёску з кабылай паказвацца,

Ужо як добра звечарэла, прывёў я сваю каняку дахаты. Паставіў у хлеў. I баба тут як тут, мусіць, пільнавала. Прынюхваецца, ці чарку ўзяў. Дзівіцца — цвярозы. Прынесла вядро з аўсом.

— Як зваць? — пытаецца.

— Цыганка, — кажу.

— Цыганачка, Цыганачка! — гладзіць старая кабылу. Дакранулася да хваста, а ён і адарваўся. Баба глядзіць на мяне, я на бабу. I смех і грэх.

Зазірнуў я кабыле ў рот, а яна бяззубая,

— Згубіла па дарозе, — прамармытаў я.

I тут, мае вы каласочкі-красачкі, баба развярнулася ды як трэсне мне па вуху, аж шапка з галавы зляцела. Не ўцякаў я ад немчуры, разбойнікаў і чарцей не баяўся, а тут даў драпака.

— Без зубоў не вяртайся! — крыкнула наўздагон старая, Начаваў я на сене. Тая кабыла, не тут казана, пад раніцу выпруцілася. Я зняў шкуру, прадаў. Тысяч сто выручыў.

I тут цюкнула мне ў галаву яшчэ раз сустрэцца з тым цыганом. Хе-хе-хе. Купіў я ў нашай чурылаўскай краме капялюш фацэтны, гальштук, белую кашулю. Мой сусед, крывы Зусь, пастрыг мяне, пагаліў. Пакінуў толькі вузенькія вусікі. Сівыя. Давялося іх сажай падчарніць. Глянуў я ў люстэрка — не пазнаў сябе: на паўвека памаладзеў, хоць у сваты вядзі.

Цэлы тыдзень круціўся я каля люстэрка. Тройчы хадзіў да загадчыцы клуба. Яна два месяцы ў горадзе нянькой працавала і вяскоўца ад гараджаніна, дзякуй Богу, адрозніць.

— Маруська, ягадка, — кажу, — у госці да свата збіраюся. Ён у мяне прахфесар, здзівіць хачу, апрануцца па-гарадскому. Памажы!

Маруся круціла мяне і так і сяк. То капялюш набок паправіць, то гальштук перавяжа. Насоўку параіла высунуць з фрэнча, каб відаць была. I хадзіць дробненька вучыла.

— Ну, дзеду, — сказала нарэшце, — неблагі артыст бы з цябе выйшаў. Толькі грошай на адэкалон не пашкадуй, а то сенам пахнеш. Добра б твар пабяліць, рукі пясочкам адшараваць. Яно-то можна і пальчаткі белыя купіць…

У нядзелю раніцай, яшчэ радзіва не загаманіла, я ціхенька, каб бабу не пабудзіць, падняўся. Памыўся, пагаліўся, вусы падкруціў, абліў твар і галаву адэкалонам, насунуў на свае рукі-караўкі пальчаткі. Глянуў у люстэрка. Божа мой, пан не пан, а падпанак пана Ёцкі. Белая кашуля, гальштук, чорны касцюм і вузенькія шляхетныя вусікі. Ды мяне баба родная не пазнае, не тое што нейкі там цыган бязносы.

Ва ўнукаў «дыпламат» паклаў я кабылін хвост і паспяшаўся на кірмаш. Рупіла найхутчэй са знаёмым цыганом сустрэцца. Не ведаю, што ў галаву стукнула, іду і чаўпу як заведзены: «Няхай жыве Карла Марла і сем раз на тыдзень конскі базар!» Людзі вітаюцца, а я ўсё ім пра Карлу Марлу. Апомніўся, калі хтосьці сказаў за спіной: «Паны ўсе дурныя, і гэты, відаць, загаворваецца!»

Цыган, як і тыдзень назад, трымаў за вуздэчку белага жарабца. Той, здаецца, яшчэ папрыгажэў. Горда ўскідваў галаву, трос ёю, іржаў і перабіраў капытамі. А цыган не сунімаўся: «Конь-агонь, налятай — не зявай. Аддам за рублі, каб добра жылі. Пяць мільёнаў зайцоў, і дзела з канцом!»

Коней прадаюць, вядома, не ў цэнтры кірмашу, а наводшыбе. Побач дарога. Агледзеўся я, прыкінуў — лепш не трэба. Ступіў да цыгана. Пазнае ці не пазнае? Да гэтага я заскочыў у карчомку, глынуў для смеласці кубачак пярцоўкі. Там двух нашых чурылаўцаў убачыў. Зіркнулі на мяне — не пазналі. Толькі здзівіліся, чаго гэта пан не ў лестаране, а ў мужыцкай забягалаўцы.

Цыган мяне адразу ж згледзеў.

— Можа, пан жарабца хоча купіць? — пытаецца. — Пяць мільёнаў — і дзела з канцом.

Я выцягнуў з кішэні табакерку, узяў двума пальцамі белай пальчаткі крыху табакі. У адну ноздру піхнуў, у другую.

— Ап-п-п-чхі! — чыхнуў на ўвесь базар.

— Будзьце здаровы! — азваўся цыган.

— Будзьце здаровы! — як з-пад зямлі вырас даўганосы.

— Чатыры! — кажу.

— Што чатыры?

— Мільёны чатыры!

Цыган не ўступае. Я таргуюся. Слова беларускае, слова расейскае, каб пыл у вочы пусціць.

Народу — хоць гаць гаці. Не жартачкі, тут жарабца купляюць, а не парася.

— Чай, ворованная лошадь, — падкідваю шпільку, — берешь на бога, цыган. И хозяин, и милиция ищут.

Цыган божыцца, клянецца, што жарабец цыганскай гадоўлі, нават нейкія паперкі паказвае. Вочы бегаюць, шнараць. Ат, ведама, на злодзею шапка гарыць. Разгубіўся.

— Чатыры з паловай, — кажа, — і па руках. Так і быць, паўмільёна ўступлю!

— Хай будзе па-твойму! — згаджаюся. — Толькі паспытаць хачу каня, можа, ён і бегаць не ўмее. Трымай во «дыпламат», тут дзесяць мільёнаў.

Даўганосы надзеў сядло на жарабца. Засупоніў пад жыватом. Падсадзіў мяне на жарабца, даў у рукі вуздэчку і бізун.

— О, як пан файна сядзіць! — пахваліў.

Я і сам сабе падабаўся верхам на кані. Эх, не было фатографа, хай бы шчоўкнуў. А жарабец, што там казаць — парода, гарцуе пада мной. Людзі глядзяць на нас, любуюцца.

— Скача твой конь добра, — кажу цыгану, — веру, што цыганскай пароды, у вас усе ўмеюць скакаць, вось ход праверым.

Падняў я каня на дыбы, гікнуў, прышпорыў. Ён, як вецер, панёсся. А я тут яшчэ падганяю.

Доўга той цыган чакаў фацэтнага пана. Людзі таксама не разыходзіліся. А пана пры гальштуку і ў белых пальчатках няма і няма. Цыган дрыготкімі рукамі адчыніў «дыпламат». Глянуў — і мову адняло. Кабылін хвост. I запіска аршыннымі літарамі: «Цыган! Прышый кабыле хвост».

Кажуць, больш яго не бачылі на ўздзенскім кірмашы. Пакрыўдзіўся, небарака.

Чортаў млын

Сёння наш дзед Манюкін імяніннік. Да яго, як кажа бабуля, без дулі не падступіцца. Нос задраў угору, ходзіць важна, нібы бусел па балоце.

— Ты ж глядзі, Манюкін, не лопні ад гонару, — пасміхаецца бабуля. Дзед нават не глядзіць у яе бок, дарэчы, як і на нас, малечу. Гэта ж трэба — «Опель» завёўся. Ён не чмыхаў, не кашляў, а гыркнуў і роўна затарахцеў. Я на дзедавым месцы таксама заважнічаў бы: не штодня «кайзераўскія» машыны заводзяцца. Гарадскія разумнікі з паўгода біліся, каб ажывіць яго, а дзед за месяц справіўся. Ведай нашых. Цяпер і я буду нос задзіраць перад Міколкам і Змітручком. Зайздросцяць нябось. «Опель» не грузавік, ды і не трактар, на якіх бацькі іх шчыруюць.

Дзед рашуча выбівае люльку аб шуло і садзіцца ў машыну. Паехаў. I мы, і баба глядзім услед.

— Каб хоць не разбіўся, стары корч, — кажа баба, — яму б не на машыне, а на карове ездзіць.

Я грукаю кулаком па шуле. Хіба можна так плявузгаць? Нядоўга і сурочыць.

Дзед вярнуўся праз паўгадзіны. Ліха заруліў на падворак.

— На племянным жарабцы, — кажа, — ездзіў, на соме ездзіў — ездзіў, — загінае пальцы. — На мядзведзі, на чорце, на ваўку ездзіў… I вось цяпер на «Опелі». Цуд! Толькі трэцяя перадача заядае. Нічога. Чурылава не за адзін дзень будавалася…

Дзед аж заспяваў ад шчасця:

І кажух на мне, I жупан на мне, Як па вуліцы іду — Не чапайце мяне!

Хто ж зачэпіць такога геройскага дзеда? Мы маўчым. Нават бабуля праглынула язык. Я памог бы дзеду, заспяваў, ды слоў не ведаю. А дзед ужо ўпрысядку пусціўся.

Шый, старая, нагавіцы, Я не баба у спадніцы. Выцінаю і скачу, Пакуль боты не стапчу. А стапчу — не забядую, Лапці новыя абую.

I прытопне дзед, і прысвісне дзед. Люба глянуць.

— Хочаце казку пра чарцей? — пытае, перавёўшы дух.

З якой гэта нагоды мы павінны адмаўляцца ад казкі? Толькі баба і тут нораў паказала. Бразнула вёдрамі, крутнулася і па ваду паджгала, Ведама, кабету ўбачыла каля студні. Можна, між іншым, пахваліцца, што дзед «Опель» завёў і цяпер яна не будзе, як усе, хадзіць пехатою на кірмаш ці плішчыцца ў перапоўнены аўтобус.

— Дзеду, дзеду, — просіць Алёнка, — а можна мы ў машыну залезем і ты ў машыне нам казку раскажаш?

— Можна! — дазваляе дзед. Ён сёння добры, хоць ві з яго вяроўкі, на ўсё згаджаецца.

Нас прасіць не трэба. Міколка і Змітручок садзяцца ззаду, мы з Аленкай побач з дзедам. Цеснавата на адным месцы ўдваіх, але бліжэй да дзеда і да руля. Так што можна выцерпець.

— Вось пракаціўся я з вецярком, — кажа дзед, — і здагадаўся: ніякі гэта не «Опель», а «Мерседэс», надта ж цяга добрая. Вывеска толькі опелеўская. Ашукаўся пляменнік. Хіба ў «Опеля» можа быць такі добры ход? Нізавошта. Толькі вы ні гу-гу. Даведаюцца зладзеі — і цю-цю наш «О-оп…», даруйце, «Мерседэс». Лепш ужо самі будзем ездзіць.

Мы клянёмся ні гу-гу, цю-цю нам ніяк не падыходзіць. Дзед узяўся за руль, глянуў у бакавое люстэрка, ці не відаць каго-небудзь з дарослых, і таямніча пачаў:

— Спалохаць такога смелага чалавека, як я, усё роўна, што на калгасным кані абагнаць «Мерседэс». Прама скажу: я не ведаю, што такое боязь, сполах, жах, паніка, пераляк. Гэта для іншых людзей, не для мяне. Але і я аднойчы дрыжэў як асінавы ліст, свят-свят, не тут казана, каласочкі-красачкі.

Хітрыя людзі хаты трымаюцца, а мяне хлебам не кармі — дай куды-небудзь пайсці ці паехаць. Відаць, і памру ў дарозе. Не магу доўга ўседзець дома, усе роўна як нейкі сверб точыць. Характар такі. Яго не пераробіш. Баба Аўдоля лаялася, абяцала кінуць мяне, з'ехаць да дзяцей у горад, калі буду бадзяцца, як самы апошні валацуга, але ж неяк церпіць. Хто яе чакае ў тым горадзе? Тут яна гаспадыня, а там прыжывалка. Ды і дзе знойдзеш такога геройскага дзеда, як я? I рукі ў мяне растуць адкуль трэба. Плот загарадзіць — калі ласка, свінні дрот у лыч зацягнуць — няма праблем, «Мерседэс» завесці — і тут за мной не стане.

Закончылася, гэта, касавіца. Невялічкі перадых. Можна пахадзіць, свет паглядзець. Выцягнуў я з куфра свой рэчмяшок армейскі, паклаў у яго сала, хлеба, некалькі цыбулін, сцізорык, тое-сёе з адзежы, кітайскі ліхтарык на батарэйках і… калоду карт. Надумаў схадзіць да стрыечнай сястры ў Світалаўку. Дзеці ў яе разляцеліся па свеце, адна жыве, як старая вярба пры дарозе. Будзе госцю рада.

Баба на гэты раз не пярэчыла. Ведае, хоць кол на галаве чашы, але ад свайго не адступлюся. I пайшоў я. Іншы б аўтобуса чакаў, а я не такі, люблю сваім ходам. Урэшце, мне ж і за сотню толькі нядаўна пераваліла. Маладзён!

Не спяшаюся. Перастаўляю ногі памаленьку. Пагода ясная — ні хмурынкі. Спыніўся ля зенькаўскай ямы. Там хлапчукі гарадскія рыбу лавілі. Не клюе ў іх. Ат, ведама, блазнюкі! Я, канечне, давай парады даваць. Не слухаюць, падшыванцы, смяюцца: «На табе, дзед, вуду, — кажуць, — і злаві хоць печкура, тады паверым, што ты не мокрая алешына, а дуб мораны».

Эх, не люблю я, калі мой рыбацкі гонар зневажаюць. I хто? Смаркачы! Выбраў я вуду, выцягнуў з ракі ламачыну, набраў шыцікаў, папляваў на чарвяка і закінуў на шчасце… Торг паплавок — і паляцеў стралой па вадзе. Падсякаю. Ялец. А там другі, трэці. Плотка, акунь…

Я забыў, куды іду, чаго прыпыніўся на гэтай кладцы. Толькі паспяваю рыбу з кручка здымаць. Во захапіўся! Дзеці воч не зводзяць з мяне. Стараюся апраўдаць давер. Гэта няпраўда, што з гадамі кроў у жылах стыне. У мяне нібыта наадварот. Спяшаюся жыць. Хочацца і вас, унучкі, падгадаваць, і рыбу палавіць, і на паляванне схадзіць, пакуль Кашчавая самога не ўпалявала.

Агледзеўся, а ўжо сонца ўніз коціцца. Аддаў я дзецям вуды і рыбу, мяшок за плечы і — бягом.

Гадзіны дзве шыбаваў, а там сцішыў ход. Мінуў Сыманскі барок, выбраўся на поле. Праваруч насоўвалася чорная хмара. Спачатку здавалася маленькай, пасля вырасла і неўзабаве зацягнула ўсё неба. Я, вядома, прыбавіў ходу. Не дай бог, калі навальніца застане ў полі. Да ветранога закінутага млына заставалася кіламетры два. Там можна перачакаць навальніцу, а то і пераначаваць. Да таго ж жывот зводзіць, есці хочоцца. Нішто так не падганяе чалавека, як страх і голад. (Не дай бог вам такіх падганятых.)

Хмара ўсё ніжэй і ніжэй. Бліскавіца. Гром. Іду подбегам. Вось і млын. Дровы ляжаць каля невялікай самадзельнай грубкі. Гэта ўжо ратунак. Вось толькі б трут не адсырэў. Дзе там — мокры, а трэскі крэсівам не запапіш, хоць лоб размалаці. Бачу, старая куфайка вісіць. Тут ужо, каласочкі-красачкі, павесялеў я. Нашчыпаў ваты, ляснуў крэменем і агонь выбіў. Там і дровы распаліў. Заскакала полымя ў грубцы, зазіхацела, асвятляючы вялізныя жорны, паліцы, засекі.

Найперш развесіў я адзежу сушыцца, намазаўся салам, каб не прастыць. (Вучыцеся, пакуль я жывы.) А там нанізаў астаткі на ражончык і сунуў у агонь. Смажанае сала з цыбуляй, хлеб. Якія лепшыя прысмакі патрэбны старому салдату?

Штаны і кашуля мокрыя, не нацягнеш на цела, а спаць хочацца. Прытаміўся, ды і дождж цурболіць, усё роўна як сон навявае. Падышоў я да засека, глянуў туды і павесялеў — там нейкае пер'е, вата, трантаў поўна. Не замерзну. Даў нырца я ў той засек і адразу ж заснуў.

Доўга спаў ці нядоўга, прачнуўся ад гаманы і бразгацення. Прыслухаўся. На стале, каля жорнаў, штосьці звякае, і хрыплыя галасы выкрыкваюць: «Туз!.. Кароль!.. Шасцёрка!.. Гы-гы, мая ўзяла!..Тваё біта!!!»

Ясна, карцёжнікі высвятляюць адносіны. Добра, калі не разбойнікі з вялікай дарогі. Мусіць, пакуль я драмаў, яны сюды з'явіліся. Далікатныя, будзіць мяне не сталі, а можа, у цемры не заўважылі. Так ці гэтак, вырашыў я наўперад зірнуць, што за народ там. Ціхутка падняўся, глянуў праз шчыліну ўгару. Матка найсвентчая, уратуй і памілуй. Ледзь енк не сарваўся з губ. Чэрці! Такіх я не бачыў. Адзін, мабыць, галоўны: не меншы за добрага бугая. Галава, як свіная рашка, вочы савіныя, нос сіні, парэпаны — з добрую бручку, хвост метры два, капыты бычыныя, зубы жоўтыя, вострыя, рукі, быццам у гіганцкай малпы пазычыў, зарослыя шчаціннем, учэпістыя, з доўгімі кіпцюрамі. Дакранецца да цябе такая брыда хоць адным пальцам — і халэмус.

Другі з выгляду нагадваў казла — доўгая сівая барада, губы тоўстыя, вочкі маленькія, а хвост і капыты гадавалага бычка. Выгляд хоць і страшны, але не такі люты, як у першага. Напэўна, жартаўнік і махляр, бо ўсё зубы шчэрыць, па баках азіраецца. Відаць, сумленне не чыстае, усіх дурыць, вунь цэлую горку залатовак падгроб да сябе.

Трэці чорт маладзейшы. Вельмі падобны на другога, толькі меншы. Гатоў пабажыцца, што сын ці ўнук яго.

— Утрох не гульня, — зароў галоўны, — вы ў адну руку гуляеце з пляменнікам. Абжуліць мяне захацелі, ды я вас адным мезенцам укіну ў жорны і ў парашок змялю. Убачыце, дзе каза хвост носіць!

Дзіва, але сваякі не спалохаліся.

— Не сярдуй, Ваша Нізасць, — заекатаў тоненькім голасам сярэдні, — учацвярох яно, канечне, спадручней, вы маеце рацыю. А дзе ўзяць чацвёртага гульца? Намалюем? Наўкруг лес і поле. Ні людзей, ні анёлаў, ні Вашых пакорных слуг, Ваша Нізасць. Не верыце, то я гукну!

Чорт з казлінай барадой ускочыў на жорны і нема зароў:

— Ой, я-яй, ой, я-яй! Адгукніцеся!

Мне здалося, што млын закалыхаўся і паплыў, а жорны сталі круціцца. I тут мяне міжволі як нейкая сіла падштурхнула. Яшчэ рэха не сціхла, а я ўжо наперад ступіў.

— Гатоў сыграць з вамі ў карты, — кажу, — толькі цурцура — не махляваць!

Сказаў так і здрыгануўся. Толькі цяпер дайшло, што я голы, увесь у пер'і, ваце, а галоўны чорт — сам Люцыпар, яго аднаго завуць Ваша Нізасць. Вырваў бы язык сам у сябе, ды позна, слова не верабей.

— Хто такі і як сюды трапіў? — загрымеў Люцыпар, — Пакажыся. Хачу бачыць!

Давялося падняцца па прыступках наверх.

— Глядзіце, — кажу, — лівень застаў у дарозе, вось і заначаваў тут, Ваша Нізасць.

I тут чэрці ўбачылі мяне. Ім аж мову адняло. Не дзіўна: пер'е прыліпла да свінога тлушчу, вата таксама, твар у сажы.

— Хто ты такі? — спытаў нарэшце Люцыпар.

— Праваслаўны, Ваша Нізасць. Не верыце, то магу перахрысціцца, а то і пацеры пачытаць…

— Маўчаць! Тут табе не царква, а млын закінуты, котлішча наша.

— Як загадаеце, Ваша Нізасць!

— Скажы, як зваць цябе, рызыкант?

— Завіце Манюкін. Так поп ахрысціў.

— Я цябе зараз так перахрышчу, што вочы на лоб папезуць. Не ўспамінай даўгагрывых, цярпець іх не магу…

— Як загадаеце.

— Ты часам Ачмуровічу не родзіч? — спытаў другі чорт. — Надта ж падобны на яго. З маленства мяне за нос водзіць.

— Стрыечны брат мой. Жулік. Мне таксама пыл у вочы пускае.

— Бачу, ты нармалёвы дзед, — засмяяўся Люцыпар, — трапіш у пекла — не прападзеш, прыстаўлю да катла са смалой. Вось табе дзесяць залатовак. Распіскі, што прадаў душу, не трэба. Бяры напавер, я — добры. Выйграеш — вернеш доўг.

Не хочацца гуляць з чарцямі ў карты, але дзе ты дзенешся — мусіш. Не да пацераў, калі хата гарыць. Трэба ж трапіцьу такую бяду. Хто мог падумаць, што ўладар пекла каля Сыманскага барка пасяліўся? Даўно, мусіць, тут поп кадзілам махаў, раз чэрці лагаўё ўстроілі.

Эх, адзін раз Марку жэняць. Толькі не выйграць мне — карты ў калодзе нябось мечаныя. Не чакай дабра, спадар Манюкін, калі Бог ад нашых мясцін адвярнуўся і чэрці тут запраўляюць.

Селі гуляць. Я — насупраць Люцыпара, сваякі — адзін насупраць другога. Кожны паставіў у банк па дзве залатоўкі… Глянуў я ў карты, і ў грудзях пахаладзела. Хіба гэта карты? Каб горш, то і не трэба — адны малодкі. Бачу, і Яго Нізасць скрывілася. Няпруха. Тут хоць савой аб пень, хоць пнём аб саву. Каюкі.

I другі раз я прадуў, і трэці. Калі так пойдзе, то прымусяць душу ў заклад ставіць. Што прыдумаць? Люцыпар таксама прайграе. Сваякі золата грабуць. Эх, было не было.

— Даруйце, Ваша Нізасць, — кажу, — мы з вамі ніколі не выйграем. Карты мечаныя. Сваякі ашукваюць нас. Ёсць у мяне з сабою нераспячатаная калода, дазвольце ўзяць яе.

— Дазваляю! — гыркнуў Люцыпар.

Сваякі замітусіліся, кінуліся ў спрэчку. Маўляў, на пераправе коней не мяняюць. Будзем гуляць як гулялі, старой калодай.

— Глядзіце самі, Ваша Нізасць, — падпускаю туману, — я не свае грошы прайграю, а вашы. Мне не шкода.

— Нясі тваю калоду, Манюкін! — зароў Люцыпар.

Я, канечне, рад старацца. Прынес карты. Э-э, зусім па-іншаму пайшла гульня: то я залатоўкі падграбаю, то Люцыпар. Сваякі зусім галовы апусцілі. Злуюць, вядома, нервуюцца, а ў картах без вытрымкі ты нуль. Я ў Грамадзянскую вайну ўсіх ахвіцэраў абгульваў. Вытрымкі мне не пазычаць.

Пад раніцу добрую сотню залатовак выйграў, доўг аддаў Люцыпару. Думаю, гэта, дом двухпавярховы з цэглы пабудую, унукам машыны куплю. У санаторыю з бабай махнём.

На вачах пачало святлець. Чэрці нервуюцца, памылкі робяць, павышаюць стаўкі, прайграюць. А я ўсё падбіраю залатоўкі з партрэтамі цароў-амператараў. Во, пашэнціла. І раптам дзесьці далёка, пэўна ў Сыманчычах, певень азваўся. За ім другі. Чарцей як ветрам здзьмула. Былі — і няма ні Яго Нізасці, ні сваякоў. Хвокуснікі. Глядзь на стол, а там замест залатовак гарошыны казіныя. Свят, свят. Падхапіў я рэчмяшок і дай бог ногі з паганага котлішча, забыў нават адзежу забраць. Папер у пер'і і ваце. Прападзі пропадам тыя залатоўкі і тая адзежа, добра, што галавой не налажыў.

Сушня

Я так напалохаўся, што вёрст сем бег ад таго чортавага млына без аглядкі. Людзі ад мяне шарахаліся, нешта крычалі, я не адказваў. Перапуд гнаў наперад. Усё здавалася, што вось-вось чэрці дагоняць, ужо рохкаюць за спіною па-свінячы: «Аддай залатоўкі, аддай!..» Ногі прынеслі ў карчму. I адзін кубачак пярцоўкі перакуліў, і другі. Карчмар глядзіць на мяне, баіцца спытаць пра грошы. А я захмялеў, давай людзям пра чарцей і залатоўкі баяць. Слухаюць і рагочуць. Адзін нават параіў:

— Піць, дзеду, менш трэба, і чэрці не будуць блюзніцца! Разумнік знайшоўся, каб піў я, як ён, то наўрад ці дажыў бы да ста вёсен.

Хтосьці заплаціў за мяне, нават чацвяртушку ў кішэню сунуў:

— Ідзі, дзеду, дадому, а то ў вар'яцкі дом забяруць. Ты глянь на сябе… Падхапіўся я і папёр назад да млына. Гарэлка смеласці падбавіла.

Адзежа была на месцы. Так-сяк пазрываў я з сябе пер'е, апрануўся і ходу назад — у Чурылава. Згары яна гарам, тая Світалаўка, іншым разам заскочу да сястры. Яшчэ адна такая ноч, і Манюкін ніколі не зманіць. Іду, а вочы заплюшчваюцца: не спаў ноч ды і пярцоўка разбірае. Хоць стой, хоць падай. Але перасільваю сябе — іду. Ужо не ступаю, а клыгаю чорт ведама куды. Пералесак. Поле. А я ўсё перабіраю нагамі. Нарэшце ўбачыў нейкае гумно. Дзверы адчынены, вакол ні душы, толькі сосны махаюць галовамі.

«Нічога не здарыцца, калі прыкімару крыху…» — думаю сам сабе.

Зазірнуў у гумно. Пасярод яго стаіць пузаты стаяк, побач бярозавае палена. Наўкруг мялкі, часалкі, трапалкі, Сушня, вядома. Трасту тут ільняную сушаць, мнуць, трэплюць, чэшуць.

Памацаў я, гэта, стаяк — цёплы. Значыць, не так даўно людзі былі. Наўрад ці сюды нячысцікі нос пакажуць. Смела можна спаць.

Рашыў каля стаяка прымасціцца. Падаслаў пад сябе добры ахапак трасты, другім ахапкам накрыўся. Прамачыў горла пярцоўкай і як праваліўся. Прыснілася наша хата. Баба Аўдоля бліны пячэ, а Бельчык стараецца зазірнуць ёй у вочы. Ён не злодзей, як кот Міхась, без дазволу не ўхопіць блін з услона.

Баба памяняла дзве міскі рыбы на фунт свінога здору. Ён жоўценькі, пахкі: на цёплым бліне растае.

— Садзіся, гаспадарок, за стол, — ласкава запрашае старая, — бліны сёння ўдаліся, не прыліпаюць да скаварады. Бачыш, якія пульхныя, белыя. Маж здорам хутчэй, пакуль не астылі…

Бяру блін, кладу на талерку і мажу здорам. I раптам штосьці навалілася на мяне, прыціснула долу: ні прадыхнуць, ні голас падаць. Я працягнуў рукі, ухапіўся за нейкія доўгія валасы. Тузануў за іх. Дзікі енк, крык. Хтосьці ўчапіўся мне зубамі ў руку. Мігам прапалі астаткі сну. Я падскочыў як уджалены. Страшнае валасатае стварэнне ярасна кінулася на мяне. Яно драпала кіпцюрамі, кусала, біла па твары.

«Ведзьма! — здагадаўся я. — Хоча задушыць».

А яна ўжо хапіла аберуч за горла, паваліла мяне на спіну, і мы пакаціліся па зямлі.

«Э-э, праклятая, — думаю, — не на таго напала. Манюкін так табе не здасца».

Злаўчыўся я, ухапіў ведзьму за пэтлы, падхапіўся, заціснуў галаву між ног і давай лупцаваць. Яна стогне, енчыць, просіцца, а я ўсе лупцую — душу адводжу. Пасля кінуў яе і рвануў наўцёкі. Ведзьма можа і падмогу паклікаць.

Дзе дзецца, куды бегчы? У чыстым полі дагоніць, зашчыкоча, і папёр я ў сасняк. Імчаў так, што і рэчмяшок пасеяў, і чаравікі згубіў, а там старчма паляцеў у нейкую глыбокую яму.

Колькі ляжаў я там — не ведаю. Абудзіўся ад ляманту. Галасіла жанчына:

— А куды ж ты пайшоў ад мяне? А на каго ж ты, гаспадарочак, па-кі-і-нуў мяне-е? Паглядзі, якая раніца пры-г-ожая! Як хора-аша сонейка све-еціць! А табе ж там, у магілцы, цё-о-омна! Выйдзі да мяне, мой ро-одны!

Я, вядома, не вытрымаў, выйшаў.

— Чаго спаць не даеш, — кажу, — выеш, як па нябожчыку. Сказаў так і асекся. Гэта ж суседка наша — Марфа Швэльцава.

Мужа нядаўна пахавала, вось і ходзіць на могілкі — кліча. Глянула, бедная, на мяне і вочы закаціла. Губы пасінелі. Твар зялёны, бы салата ранняя. Тут не да смеху. Катурхаю кабету, вушы расціраю, не памагае. Тут я шась у кішэню — на месцы чацвяртушка, Разжаў зубы кабеце — уліў у рот некалькі кропель. Заварушылася. Не дай бог, пазнае, капцы мне. Людзі праходу не дадуць. Я, быццам рак, задам, задам і вільнуў убок. Неўзабаве на адзін чаравік наткнуўся, пасля на другі, а там і рэчмяшок знайшоў. Божа, на чурылаўскія могілкі трапіў, дзвесце метраў да хаты не дайшоў. Звар'яцець можна.

Ступіў за агароджу, агледзеўся, нікога. Як пабіты сабака, паплёўся дадому. Чакушку з недапітай пярцоўкай выкінуў па дарозе. Каб не смярдзела.

Баба накарміла, напаіла малаком і давай навінамі частаваць:

— Валька Жырмонская заходзіла, скардзілася на людзей нашых. Спіну паказвала — уся спаласавана. У сушню прыйшла яна пераначаваць, а нейкі злыдзень увабраў яе, нябогу, збіў на горкі яблык. Плача. Кажа: нікому нічога кепскага не зрабіла…

У мяне ад такой навіны аж блін папярок горла стаў. Гэта ж трэба: жабрачку за ведзьму прыняў. Знябожаная Валька — сірата, ходзіць па хатах, Хрыста радзі просіць хлеба, яек. Усе яе шкадуюць, даюць, толькі начаваць не пускаюць: вошай баяцца, бо іх у Валькі множ. Начуе, дзе давядзецца: у стозе сена, у той жа сушні каля могілак. Дык вось з якою ведзьмай біўся я. Пэўна, Люцыпар пажартаваў, пакрыўдзіўся за пройгрыш карцёжны.

Белы певень

Дзеду няўрымсціцца. Раней, бывала, баба Аўдоля не дабудзіцца, цяпер жа падымаецца з пасцелі раней, чымсьці наш рабы певень у куратніку. Баба жартуе, маўляў, дзеда блохі ганяюць. На самай справе вінаваты «Опель-Мерседэс», які наш сусед-разумнік (ажно дзевяць класаў скончыў) назваў «Антылопай ГНУ». Дзед, вядома, пакрыўдзіўся на ўсякі выпадак, хоць не ведае, што такое Антылопа, а тым больш ГНУ. Ды і хто ведае, апрача вучанага суседа? Калі возіць на «Волзе» старшыню калгаса, то, мусіць, думае, што на ім свет клінам сышоўся. Нядаўна ледзь у слуп не ўрэзаўся. Яздок, называецца. Правільна яму дзед сказаў: «Табе толькі на казе ездзіць». З трэцяй перадачой наш Манюкін ужо разабраўся, цяпер чацвёртая заядае, вось і кусаюць яго гэтыя самыя блохі, пра якія бабуля казала. Але і на трох перадачах стары гойсае не горш, чым сусед на чатырох. Раней толькі да сушні даязджаў, цяпер ажно за тры кіламетры выбіраецца. Нядаўна дапяў да Зенькаўскага возера. Калі так пойдзе, то і да Узды дабярэцца. А гэта вам не фунт гароху — восем вёрст.

Шкада, але дзед нават нас з Алёнкаю да Анты… даруйце, «Мерседэса», не падпускае. Я не злую, крый божа, старыя ўсе ўласнікі. Паслухаеш, дык і певень дзедаў, і сабака яго, і нават баба Аўдоля яго… Кім тады яна нам з Алёнкай даводзіцца? Цёткай?

Мне здаецца, дзеда яшчэ можна перавыхаваць. Не такі ўжо і стары ён. Вунь у Бібліі напісана (баба чытала), што людзі сотні гадоў жылі. Толькі праз 930 гадоў памёр Адам. Па гэтых мерках дзед маладзей за мяне, Гараську.

Мы з Алёнай штодня чакаем з нецярпеннем, пакуль сонца дасягне зеніту і дзеду нарэшце надакучыць машына, захочацца пасядзець у цяньку пад грушай.

— Дзеду, хадзі сюды, нешта пакажам! — крычым з Аленкай. Дзед зачыняе капот. Назнарок моцна грукае, каб баба пачула, хай ведае, што ён не вудзіць акунёў, а шчыруе. Пасля мые рукі і нетаропка ідзе да нас пад грушу.

— Я крэмень знайшла! — хваліцца Алёнка. — У нас на полі, каля гаража. Глядзі, які сіні, а пражылкі белыя.

Дзед круціць крэмень у руках, падносіць бліжэй да вачэй, нюхае, хоць, вядома, камень не пахне. Туману Манюкін падпускае.

— Што твой, унучка, крэмень, — кажа нарэшце, — імі ўсё поле ўсеяна, а я вось пад гэтай грушай знайшоў калісьці, хе-хе-хе… угадайце што…

— Золата!

— Серабро!

— Не гадайце, усё роўна не ўгадаеце. Так і быць — раскажу. Толькі вось закуру, бо пад лапаткай смокча. Паўдня, лічы, не курыў, каля машыны поўзаў.

Мы не зводзім з дзеда вачэй. Круцімся. Не можам на месцы ўсядзець, усё роўна як тыя дзедавы блохі на нас перакінуліся. Пэўна, заразная хвароба гэтая няўрымслівасць, відаць, нам у спадчыну дасталася.

— Здарылася гэта даўнавата, — пачынае дзед, — калі яшчэ наша Уздзянка цякла па старым рэчышчы. Надумаў я, мае вы каласочкі-красачкі, пайсці на рыбалку раніцай. Накапаў звечара чарвей у бярозавую каробачку, прысыпаў іх зямлей. Праверыў вуды. Карацей, падрыхтаваўся.

Падняўся, само сабой, да ўсходу сонца, апрануўся і пашыбаваў пад Карпея. Там на рэчцы глыбокая яма, вялізныя акуні вадзіліся.

Вёска яшчэ спала. Добра не развіднела. Толькі на ўсходзе неба крыху паружавела. Адразу вершык са школьнай чытанкі ўспомніў:

На ўсходзе неба грае пераліўным блескам, Сыпле золата над гаем і над пералескам.

Будзе табе, Манкжін, думаю, і бляск, і золата, а пакуль не развіднела — спяшайся. I я спяшаўся. Каля Хахлушчынай дзічкі-векавухі я застыў як укапаны. Біліся два пеўні. Спрэс чырвоны і белы. Гатоў пабажыцца: такіх пеўняў не сустракаў ніколі. Абодва даўганогія, цыбатыя, быццаму бусла тыя ногі пазычылі, грабяні вялізныя, вочы… чала-ве-чыя.

Чырвоны певень быў колеру полымя, пер'е пералівалася барвовымі фарбамі ўсіх адценняў. Гэтыя адценні штохвілінна мяняліся: то святлелі, станавіліся залаціста-жоўтымі, то бранзавелі, як медзь. Ягоная кручкаватая дзюба нагадвала хутчэй дзюбу каршуна. I быў ён у сваім гневе наўздзіў страшным. Вочы гарэлі нянавісцю. Не стаміўся, падскокваў высока, лупіў свайго ворага тоўстымі крыламі, каршуковай дзюбай цэліў у галаву, стараючыся дзеўбануць у вока.

Белы певень, як мне здалося, быў куды слабейшым. Я прыняў бы яго за звычайнага пеўня, каб не бусліныя ногі, блакітны грэбень і тужліва-самотныя вялікія вочы.

Пэўна, белы певень зусім абяссілеў, з грэбеня яго капала кроў. Яна сцякала па белых крылах, шыі. Скакаў ён неяк запаволена, не нападаў, а толькі абараняўся. Здавалася, белы певень выгадваў час, раз-пораз зіркаючы на ўсход, за рэчку. Можа, спадзяваўся на світанак. Развіднее — і ён уратуецца.

Чырвоны певень спяшаўся расправіцца са сваім сапернікам. Усё мацней і мацней лупіў белага крыламі, малаціў дзюбай. Скасавурыў на мяне вока — не спалохаўся, нібы чалавек для яго пустое месца.

Не спадабалася мне гэтая пагарда, ды і не люблю, калі дужы слабога крыўдзіць. Досыць, думаю, варон лічыць. Пара дзейнічаць.

Схапіў я чырвонага пеўня за доўгі хвост і шыбануў на дзічку. З яго аж пер'е пасыпалася. Думаў, правучыў-такі, адвяжацца ад белага. Дзе там! Як апантаны, кінуўся ўжо на мяне: махае крыламі, лапоча, дзяўбецца. Тут ужо сапраўдная злосць апанавала. Дзед Манюкін табе не які-небудзь Парфен Катлубовіч, каб пеўню паддацца. Адскочыў я назад і давай нахабніка хвастаць вудзільнам: «Вось табе, чарцяка, вось — зламалася ў коле вось!»

I тут, як у вершы, сонца золатам сыпанула. Мой пяюн стаў на вачах меншаць і раптам знік, нібы скрозь зямлю праваліўся. Глядзь я: белага таксама не відаць. Ну і ну, вечна траплю ў нейкую недарэчную гісторыю. Можа, і не было тых пеўняў — прыблюзнілася.

Рыбачыць расхацелася. Перахрысціўся я і назад павярнуў. Бабе ні слова не сказаў. Моду ўзяла мяне на смех падымаць. Старая пачапельня дражніцца, на «вы» называе:

— Сёння вы з паштальёнкай на вуліцы размаўлялі, яна вам часам ад стрыечнага брата Радзівіла тэлеграфму не прынесла?

— Яснавяльможны князь, — кажу абыякава, — тры дні як вылецеў з Лёндана. У папуасаў зараз гасцюе, а там астравы, з поштай кепска.

Даўся бабе ў знакі гэты Радзівіл. Хоча тэлеграму ўбачыць, што ж — некалі ўбачыць.

А час ішоў. Я ўжо забыўся на той выпадак з пеўнем. Сяджу неяк раз каля расчыненага акна, сетку вяжу. Мільгае ў руках пруток, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя вочкі. Думы-помыслы мае далёка ад сеткі і рыбы. Вясна на дварэ, праз дзень-два бульбу саджаць, а насенне кволае. Летась неўраджай быў, картоплі-карміліцы сабралі мала, ды і тая дробная. От дзіва, вырадзіўся яе гатунак. Штогод саджалі бульбу на адным і тым жа месцы, адзін і той жа сорт. Нават яблыкі і грушы выраджаюцца, а тут бульба. Спяць у шапку вучоныя ў тых Самахвалавічах ці ў карты гуляюць.

Заплюшчыў, гэта, вочы, уявіў бульбяное поле, блакітныя, белыя, ружовыя кветкі. Цвіце бульба. Эх, каласочкі-красачкі, гэтак наша шчасце квітнее.

— Вур-вур! — чую.

Расплюшчыў вочы. На падаконніку вуркуе голуб. Прыгожы, вялікі турман чыстай вады. Белы як снег. Жыццё пражыў, а такой прыўкраснай птушкі не бачыў. Дзюбка маленькая, крылы моцныя, ножкі тоненькія — не хадзіць птушка прывыкла — лятаць.

Зіркнуў голуб на мяне і паляцеў да грушы. Сеў ля яе і давай лапкамі зямлю грэбаць, як звычайная курыца. Дзіва, дый годзе. Не разумею, чаго птушка хоча… Ды голуб зноў прыляцеў на падаконнік, бліснуў вочкамі і скіраваў пад грушу.

Мне, як вядома, розуму не пазычаць. Іншы б не здагадаўся, на што намякае птушка, я ж адразу скумекаў: не проста так голуб грабецца. Выскачыў з хаты, схапіў рыдлёўку і давай шчыраваць каля грушы. Праз паўгадзіны выкапаў вялізны чыгун. Узрадаваўся, аж сэрца ёкнула. Нябось золата ці серабро. Зняў з чыгунка накрыўку, а там… бульба. Белая. Шкарлупінне тоненькае. Памыў такую, і абіраць не трэба. Клубні не надта каб вялікія — з курынае яйцо. Прараслі. Кожны пусціў сем-восем расткоў. Сама садзіць. Рашыў не цягнуць ката за хвост. У мяне на полі, за гаражом, ёсць доследная дзяляначка. Мая, манюкінская. Доследы там праводжу. Спрабую, напрыклад, бульбу з капустай парадніць, хачу, каб у зямлі раслі клубні, а наверсе капуста. Не атрымліваецца з мяне Мічурына, але я не здаюся. Баба адраклася ад гэтай дзялянкі. Так што тры соткі зямлі, можна сказаць, мае прыватныя. Грады ў мяне на іх заўсёды ўгноены, ускапаны.

«Дай, — думаю, — гэтую самую бульбу пасаджу на доследным участку…»

Узяў я сцізорык і кожную картоплю разрэзаў на некалькі частак. Расткоў хапае, так што павінна ўзысці бульбачка.

Паўдня шчыраваў я на агародзе. Бабуля клікала абедаць — не пайшоў.

— А Манюкін стары ачумеў, — смяяліся суседкі каля студні, — яшчэ авёс не пасеялі, а ён ужо бульбу саджае. — Дажыві і ты да ста гадоў — гарох пражаны, ха-ха-ха, будзеш сеяць…

Хай смяюцца, абы не плакалі. Такі ўжо мой лёс: смяшыць людзей, каб і ў горы з іх воч не каціліся слёзы-гарошыны. А Манюкіну горш не будзе: людская радасць — яго радасць. Вось так, каласочкі-красачкі.

Пасадзіў я бульбу. Стаміўся, быццам гектар канюшыны скасіў. Лёг спаць не павячэраўшы. Прысніўся мне белы голуб, чыгун з бульбай. І ў сне гадаў, хто закапаў гэты чыгун пад грушу-дзічку, чаму турман так настойліва запрашаў мяне капаць пад грушай.

Назаўтра, ледзь прачнуўся, пабег на сваё поле, Глянуў — і аж прысеў ад нечаканкі: бульба не толькі прарасла з зямлі, а ўжо кусцілася. Я хутчэй дахаты, схапіў у варыўні матыгу і давай акучваць кусты. Не разгінаў сваей старэчай спіны, пакуль не скончыў абсыпаць кожны кусцік. Можа, і дзівак Манюкін, як баба Аўдоля кажа, але калі ён ужо ўпрогся-ўнурыўся ў работу, то яго ад яе за вушы не адцягнеш.

Праз дзень бульба… цвіла. Поле было белым ад кветак, быццам снег выпаў на мой маленькі ўчастак. Суседкі прыкусілі языкі, толькі галовамі круцілі: маўляў, нешта тут нячыстае.

Мяне таксама тачыў чарвяк сумнення. Кожнай гародніне свой час. Ды, пэўна, рана радавацца. Куранят восенню лічаць. Невядома яшчэ, які ўраджай будзе.

За два дні бульба адцвіла, а яшчэ праз два дні бацвінне пачало жухнуць.

— Пайдзём, баба, — кажу Аўдолі, — ураджай здымаць, Адзін баюся! Узялі мы кошык лазовы, рыдлёўку. Трэба ж, суседкі высачылі. Рукі ў бокі, пацвельваюцца, ім весела:

— Малайчына, дзед, за тыдзень бульбу вырасціў. Стогадовыя — яны хітрыя — ім трэба спяшацца, няма калі чакаць…

Баба не змоўчала, ляпнула рукамі па кумпяках, шпурнула кош і кінулася з кулакамі да тых разумніц. Яны, вядома, не чакалі ад рахманай Аўдолі такога імпэту і ганебна адступілі. Мая баба яшчэ доўга задаволена бурчэла, кідаючы раз-пораз пераможныя позіркі ў бок студні.

Я выбраў самы маленькі корч. Капнуў. О, святая Дзева Марыя, бульбіны пад тым карчом з дзіцячую галаву. Адна, другая, пятая… дзесятая. Ці не пустыя ўсярэдзіне? Распалавініў сцізорыкам — чысты крухмал.

Тыдні два шчыравалі мы з бабой на тых трох сотках. Уся бульба ў варыўню не памясцілася, раздавалі суседзям на насенне. Я не злаваў на кабет за іх кепікі, адразу адпусціўся, а бабу Аўдолю яны не раз перапрошвалі, усё не магла старая дараваць, што нагадалі пра яе ўзрост.

Пасля дакопак спаў я тры дні і тры ночы. I кожную ноч сніўся мне белы певень, той самы, якога выратаваў я ад смерці. Стаяў ён на адной назе і падміргваў мне: «Ну як, дзед, бульбачка, урадзіла? Не шкадуеш, што рыбалку прапусціў?» — «Дзякуй, Пеця, кажу, не шкадую!»

I пазней ужо здагадаўся я: дык вось гэта хто ў голуба перакінуўся. Хочаце верце, хочаце не верце, а ўсе так было.

Красналюдак

Было гэта, казельчыкі-верабейчыкі, у сярэдзіне жніўня. З бульбай (дзякуй беламу пеўню) мы не мелі ніякай марокі. Па тры ўраджаі за год збіралі. Як на дражджах расла. Вучоныя з інстытута прыязджалі. Дзівіліся. Хіталі галовамі, Усё прасілі, каб паведаў ім, як вывеў такі хвайны гатунак. Шмат захацелі, Скажы ім, дык яшчэ папросяць пеўня белага злавіць і ў інстытут ім прывезці. Паслала ж баба дзеда па залатую рыбку для паслуг.

Бульба бульбай, але і без жыта ў гаспадарцы ні туды ні сюды. Што селяніну трэба? Міска капусты і хлеба луста. А мы ўжо з бабай каторы год без хлеба сядзелі. Да Каляд яно хапала, а там хоць торбу ў рукі і разам з жабракамі спявай на хлеб.

I летась хадзіў я па полі чарней за чорную хмару, і сёлета. Жыта рэдкае. Колас ад коласа — не чуваць голаса. Больш пасеялі, чым збяром. Ні збожжа, ні саломы, каб гавяду падаслаць ці хлеў накрыць, Быццам і зямля неблагая, і гною не пашкадавалі, а ўраджай — адной мышы на зуб. Так падумаў я па дарозе ў лес. Ці варта казаць: настрой хоць падай хоць стой. Адным словам — паганы. Не па сваёй волі ў лес ішоў — баба выправіла. Недзе прачула, што апенькі высыпалі. Маўляў, процьма іх, хоць касой касі, людзі не дрэмлюць, і косяць, і носяць.

Дала мне старая вялізны, як сяннік, зрэбны мяшок, наказала: «Пакуль не назбіраеш поўны — дамоў не вяртайся!» I ўжо на вуліцы дагнала (дзякуй — успомніла!), сунула ў кошык кавалачак сала, агурок, некалькі вараных бульбін. Пашкадавала кошка мыш. Хоцькі-няхоцькі, а давялося ісці. Калі чэсна, то апенька зімой даражэй, чым летам баравік. Заправіш цыбулькай і смятанай, чыгунок бульбы гарачай на стол і ясі, аж нос упрысядкі ходзіць. Так што я асабліва не ўпіраўся: тыя апенькі нядоўга растуць, мо з тыдзень. Спознішся — не дагоніш.

Люблю я лес, каласочкі-красачкі. Ён нас, сялян, корміць, апранае, абувае, сагравае. У лесе знойдзеш і грыб, і суніцу, і чарніцу, і маліну, і дровы для печы, і лыка для лапця.

Мабыць, я ў кашулі нарадзіўся. Толькі зайшоў у лес, прайшоў знаёмай сцяжынкай з паўвярсты, метраў сотню просекай, як нарваўся на апенькі. Раслі яны на паляне, дзе гадоў пяць назад высечка была. Шмат пнёў пакінулі пасля сябе лесарубы — і на кожным пні сядзелі сотні апенек. Усе чысценькія, крамяныя. Бялюткія, спрэс рабаціннем абсыпаныя. Завіхаюся. Зрэзваю толькі шапачкі. Не дай бог, яшчэ адзін грыбнік наткнецца на маю паляну, і цю-цю, Манюкін, давядзецца дзяліцца, лес не твая вотчына. Мяркую, сам спраўлюся, без памагатых. Рэжу і напяваю:

Пайшоў дзед па грыбы, Баба — па апенькі. Знайшоў дзед тры рублі, Баба — ні капейкі.

Трошкі не так яно, але, як той казаў, слова з песні не выкінеш. Спяшаюся. Сама ў смак увайшоў. Увачавідкі бабін мяшок нарэзаў. Высыпаў апенькі пад бярозу, галінкамі кучу накрыў, прыкмеціў месца. Пасля на ровары падскочу — забяру, было б што забіраць.

Шчырую, не разгінаючы спіны. Такая ўжо доля беларуса — век горбіцца. Гультаі, як вядома, доўга не жывуць. Не голад і хвароба іх точаць, а нэндза. Яна і цягне абібока ў магілу. Быццам і не піхае яго туды ніхто, Чалавек не пчала, што выкідвае трутня з вулля. Ён спагадлівы. Адзін сем паноў-трутняў корміць, лечыць ды яшчэ першы кланяецца ім пры сустрэчы, каб хвост не прышчамілі.

Відаць, старэю, бо зноў у хвіласофію пацягнула, лёгкі на язык стаў. Так ці гэтак, але нарэзаў яшчэ два мяшкі апенек.

«Хопіць, — камандую сам сабе, — цяпер хай баба сваю песню спяе. Дні тры перабіраць ёй гэтыя апенькі, пацець пры чыгунах, працэджваць, саліць, адным словам, даводзіць да ладу».

Сеў на пянёк, расправіў плечы. Задумаўся. Няўжо чалавек на зямлі госць? Няўжо праз год, два, хай дзесяць, не ўбачу, як гутараць з хмарамі дубы, перамаўляюцца між сабою рыпам-звонам меднастволыя сосны, хваляцца белымі спадніцамі бярозы-паненкі, трымцяць лістотаю асіны і нясуць сваю ношку, як і чалавек, рыжыя мурашы-рабацягі?

Выцягнуў з кішэні свой сціплы абед, сама падсілкавацца, а то сіл не хопіць з пня ўстаць. Толькі, гэта, убрыкні вас качкі, паднёс я бульбіну да рота, пачуў крык. Ці то сава залямантавала, ці то падалося, бо чаго той саве днём горла драць. Наструніў вушы. Зноў хтосьці голас падаў.

— Ратуйце! Ратуйце! — разабраў словы. Яснае дзела — чалавек трапіў у бяду.

Я хуценька падхапіўся з пня і вобмегам кінуўся на той голас.

— Ратуйце! Ратуйце! — неслася здалёк.

— …туйце, туйце, — паўтарала рэха.

Прадзіраўся я скрозь кусты, паваленыя дрэвы, буралом, густую крапіву. Голас небаракі то слабеў, то мацнеў і, як мне здалося, перайшоў на енк.

I тут з-пад трухлявага пня, брахнуўшы, як сабака, выкацілася аблезлая ліса. Злосна зіркнула на мяне і ў два мігі знікла ў гушчары. Я ж зачапіўся за пень і пляснуўся тварам у гразь. Падняўся. Зачарпнуў прыгаршчы вады з лужыны, прамыў вочы.

— Памажы, чалавеча! — пачулася зусім побач.

Глядзь — чалавечак пад нагамі. Маленькі, ледзь ад зямлі адрос, з-пад капелюша не відаць. А капялюш у яго хфайны — у кветкі. Апрануты ў чырвоны каптанчык. Штаны на ім беленькія — з тонкай ільняной пражы. Малюсенькія ножкі абуты ў лыкавыя лапці. Нос ёмкі, востры, як у дзятла. Сам чалавечак лахматы, а барада сівая — па калена. Вось з-за гэтай барады чалавечак і трапіў у бяду. Яна прыліпла наўкруг да смалістай сасны.

— Ці не Красналюдак ты? — пытаю.

— Ты мяне напаі, накармі, а пасля распытвай! — кажа чалавечак.

Ого, якія мы такія, крукам носа не дастаць. Фанабэрымся!

— А ты не ветлівы, — кажу, — дзякуй Богу, што на Манюкіна трапіў, а так бы паскакаў дроздзіка.

Ледзь адарваў я бараду ад сасны. Здаецца, каб і хацеў так прыклеіць яе да дрэва, то не змог бы. Навошта смешны чалавечак бегаў вакол гэтай хвоі?

— Ліса за мною ганялася — уцякаў! — усё роўна як прачытаў мае думкі Красналюдак.

— Гайда, — кажу, — на паляну! Накармлю цябе. Даруй, але напаіць не магу, самога смага мучыць, а баба не дала з сабой малака. Забылася, ведама, старая.

— Соку бярозавага не хочаш? — бліснуў хітрымі вочкамі-вугалькамі Красналюдак. Ён ужо павесялеў, слёзы на вачах высахлі.

«Вось дзе характар, — думаю, — пяць хвілін таму назад ліса ледзь нос не адкусіла, а ўжо кепікі строіць: хоча напрыканцы лета напаіць бярозавікам».

Барадаты чалавечак і вокам не маргнуў, прашаптаў нешта, ляснуў у далоні, і ў нас у руках умомант з'явіліся конаўкі з бярозавай кары. У мяне — вялікая, у лесавічка — маленькая. Паднёс я сваю да губ — бярозавік. Свежы, салодкі, быццам толькі што спушчаны. Выпіў да дна — пралескі вакол цвітуць, салаўі спяваюць, а цэлы птушыны аркестр памагае ім: свішча, цвірчыць, выцінае на ўсе галасы і падгалоскі. Дальбог, май. Я аж вочы заплюшчыў. Расплюшчыў — жоўтая лістота, цішыня. Лесавічок побач стаіць, робіць выгляд, хітрэц, што нічога не здарылася: усміхаецца і трасе барадою. — Дзякуй, лясны чалавечак, за вясну, — кажу, — яна ў мяне сто першай была. Усміхнулася, красная, падражнілася і знікла.

Прыйшлі мы на паляну, пачаставаў я Красналюдка салам, бульбай, агурком. Ён пана з сябе не строіў, усяго пакрысе адведаў. Выцер рукавом губы, падзячыў.

— Скажы, дзеду, — спытаў пасля, — а чаму ў цябе хлеба няма? Я чуў, што вялікія людзі любяць хлеб.

Тут я, каласочкі-красачкі, і падзяліўся з Красналюдкам сваім горам.

— Будзе ў цябе жыта, — захітаў носам лесавічок, — толькі вочы заплюшчы. Люблю я сюрпрызы і хвокусы розныя.

Затуліў я далонямі вочы. Чую, нешта шэпча мой Красналюдак. Чую, а слоў разабраць не магу: бу-бу-бу, гу-гу-гу… і тут шум, быццам вецер штосьці гайдае-калыша, Глянуў, о Божа, ні дрэў, ні паляны: густое залацістае жыта наўкол, як вокам кінуць. Колас з коласам вядзе гутарку. Сарваў я адзін — сто зярнят налічыў, і кожнае зернетка цвёрдае, важкае. Мне як вочы затуманіла. Давай я похапкам тыя каласы рваць, піхаць у кішэні, за пазуху.

— Не трэба, дзеду! — нібы з-пад зямлі пачуў я голас Красналюдка. — Ты мне памог, і я табе памагу.

Пляснуў ён у далоні, і нябачная рука мігам зжала ўсё жыта, у снапы звязала, а снапы ў мэндлікі паставіла. Яшчэ міг — і перад намі як з неба спусцілася долу падвода, запрэжаная парай сытых коней. Не паспеў я і слова сказаць, як хтосьці, наўздзіў дужы і спрытны, ускінуў мэндлікі на воз, уціснуў рублём, падсадзіў мяне ўгару, даў лейцы ў рукі.

— Шчаслівай дарогі, спадар Манюкін! — схіліў галаву мой Красналюдак.

Прыехаў. Баба на вуліцы сустракае.

— Малайчына, — кажа, — твае апенькі ўжо дома. Ніхто з суседзяў гэтулькі не нарэзаў.

У мяне вочы на лоб палезлі: я ж забыўся на тыя апенькі.

— Куды жыта везці? — пытаю.

— Дзе ты сцібрыў яго? — пытае старая. — Хутчэй назад вязі — у турму пасадзяць.

Ледзь супакоіў дурніцу. Ат, ведама, баба, усё на свой капыл мерае.

Завезлі мы жыта ў гумно. Выпраг я коней. Думаў, у лес пабягуць, а яны і не падумалі. У хлеў пайшлі. Падсыпаў ім аўса, напаіў. Трасуць грывамі, галовамі ківаюць, усе роўна як дзячаць.

Баба глядзіць на мяне, як на вар'ята, што падстаўляе галаву пад абух, і пальцам ля скроні круціць, маўляў, выжыў з розуму, чужых коней прысвоіў. Не на дабро гэта. Распытваць баіцца, я не з тых, каму бабы рогі падпілоўваюць. Няўрокам кажучы, магу і голас павысіць, а ён у Манюкіна ого-го-о — гудок перакрычу.

Тры месяцы малацілі мы тое жыта. Па старынцы — цапамі. I на хлеб хапіла, і на насенне. А саломы колькі! Цяпер ужо нам Бог бацька: не ведаем, што такое кепскі ўраджам, ат, ведама, якое семя — такое племя. А насенне ў нас цудоўнае!

Дажынкі для нас са старой — найвялікшае свята. Баба Аўдоля рашчыняе дзежку цеста, а як падыдзе яно, ставіць на кляновых лістах у добра напапеную печ. Дастае з яе кожны раз духмяныя боханы. Уплятаю лусту з сырадоем і ўспамінаю добрага лесавічка. Маленькі ён, кату па пяту, а душа ў яго шчодрая, сэрца вялікае.

Вас, каласочкі-красачкі, пэўна, коні цікавяць. Памятаеце цыганскага белага жарабца? Шалёны быў, быстраногі. У плуг яго ні просьбай, ні пугай не зацягнеш: занадта гордым і дзікім вырас. На такім толькі на вайну ехаць. Ох і гарцаваў бы пад гетманам Астрожскім. У мяне ж мірная натура: ваюю толькі з бабай у карты. Вось і прадаў я белага непакору. Цяпер ён у Менску на іпадроме прызы бярэ.

Неяк ездзіў я ў сталіцу на сход ветэранаў вайны, запрасілі як знакамітага партызана. Зазяваўся, гледзячы на дамы-гмахі, сцібрылі насоўку, у якую бабуля грошы завязала. Адзін чырвонец (о, я хітры!) застаўся, бо хаваў яго на ўсякі выпадак за пазухай.

«Заесць баба, жыўцом на неба адправіць», — думаю. I пайшоў я з той дзесяткай на іпадром, а раптам пашанцуе.

Прыгледзеўся я да коней. Усе сытыя, спраўныя, I што гэта? Мой конь-агонь сярод іх. Гэта ж трэба, каб ты не даждаў, — сустрэліся. Закрычаў я, а ён у адказ павярнуў галаву ў мой бок ды як заржаў… Пазнаў-такі былога гаспадара.

Паставіў я на цыганскага жарабца апошнія грошы. Смяяліся з мяне, крычалі: «На гарбатага ставіш, дзед!» Ды смяецца той, хто смяецца апошнім. Быццам віхор пранёсся па стадыёне мой белы жарабец. Укралі ў мяне сто рублеў, а выйграў я тысячу.

А коні Красналюдка ажно трыццаць тры гады ў мяне жылі. Рахманыя, працавітыя. Толькі вось у лес на іх я ніколі не ездзіў, баяўся — уцякуць ці лесавічок назад свой падарунак забярэ.

Царскі кужаль

Што ні народ, то свае строі. Які ж гэта мексіканец без самбрэра, паўночнаамерыканскі індзеец без макасін, туркменка без паранджы, а сусед-украінец без кашулі-вышыванкі? Гэта наш брат-беларус усё роўна як саромеецца сваіх строяў. Мне няма чаго саромецца, я — стары чалавек і нейлонаў-шмайлонаў не прызнаю. Апранаю зімой кажух авечы, восенню світку-саматканку. Ёсць на свята боты казловыя, на рыбалку хаджу ў лапцях. Кашуля і штаны ў мяне льняныя. Баба і выткала, і пашыла. На будзень — з грубай пражы, на свята — з тонкай. Нябось, каласочкі-красачкі, вы бачылі на мне вышываную кашулю? Бялей за снег яна, а які арнамент: тут ці не ўсе кветкі зямлі беларускай. Паясы да той кашулі — ого-го! Хоць і язык у бабы Аўдолі без касці, але і майстрыха яна дай божа.

Я і цяпер ніштаваты мужчына, а хлопцам быў зух. Дзяўчаты біліся з-за мяне, адна ледзь не ўтапілася, калі пацалаваў яе сяброўку. I трэба ж, упадабаў бабулю вашу. Глянуў на яе вышыванкі — воч не змог адвесці. Валошкі ў жыце. Луг квітнеючы. Нізка схілілася над вадой вярба… Быў я вольны казак, а стаў пагляд дзявочы лавіць, яе капрызам патураць. Гляджу на дзяўчыну, а бачу перад сабою яе вышыванкі. Слепіць прыгажосць, вочы адбірае.

Не пражыць беларусу без лёну. Заморскія транты не заменяць ільнянога адзення. I алей з лёну па мне дык куды смачней за аліўкавае масла. Пакрышыш у тыя ж апенькі цыбулі, заправіш іх алеем і на іншую страву не глянеш, пакуль не апарожніш міску.

Эх, казельчыкі-верабейчыкі, на бзік звялі лён. Ні калгасы, ні фермеры амаль не сеюць. Ат, ведама, лянок клопат любіць. Памятаеце песню:

Ох, і сеяла Ульяніца лянок, Ох, і сеяла Іванаўна лянок, Залацісты кужалёк.

Палола Ульяніца лянок, церабіла, часала, прала, палатно ткала, бяліла, кашулі шыла. Дзе ж ты цяпер знойдзеш такую Ульяніцу? Па сённяшніх Ульяніцах трын-трава не расці. Не думайце, каласочкі-красачкі, нібыта дзед Мангокін не з той нагі ўстаў, таму і завёў катрынку. Гульма гуляючы, не нажывеш дабра. Не лынды біць і язык мазоліць трэба, а на полі шчыраваць: жыта лашчыць у жмені, каб хутчэй прарасло, бульбачку даглядаць-песціць, лянок любіць, як Ульяніца. Жыта, бульбу і лянок Бог даў беларусу на радасць. Даражыць імі трэба.

Так думаў-разважаў я, пасучы кароў на Пажарніцы. Вы ведаеце яе — гэта вялікі квяцісты луг за Вэньскай дарогай. Хай не паэт я, а гатоў спяваць гімн Пажарніцы, як спявае вясной жаўрук. На гэтым лузе вочы сумежваю, каб красы самотнай не сурочыць. Бледна-залаты прамень лашчыць твар. Цішыня. I раптам далёка-далёка чую дрыготкі звон. Ён паціху расце, набліжаецца, і ўжо звіняць пераліўныя званочкі. Што гэта? Расплюшчыў вочы — карэта. Па лузе, край поля крылатыя коні імчаць шыкоўную жанчыну ў дымнай сукенцы. У руках жанчыны тонкія ніці. Сыпане іх на лазовы куст — і ўжо не ніці — срэбраную павуціну гайдае лёгкі вецярок. Павуціна на кустах, на кветках. Ці не сама гэта спадарыня-восень выехала на прагулку?

Званочкі звіняць-заліваюцца ўтомна-шчымлівым звонам. Агністыя коні лятуць, не разбіраючы дарогі. Так і да бяды нядоўга. Толькі падумаў, а кола хрусь, і карэта набок пахілілася. Кола, падскокваючы на выбоінах, тарахцела-кацілася.

Я падбег да жанчыны, падаў руку. Слава Богу — цэлая, нават не спалохалася, лагодна ўсміхаецца.

Не стэльмах я, але як бачыш тое кола паставіў на месца. Жанчына падзячыла і падала мне лазовы кошык. Не паспеў я падзячыць, як пад дугой зазвінелі званочкі, быстрыя коні панеспіся па полі.

Глянуў я ў кошык, а там клубочкі нітак. Ніткі белыя, падсіненыя, чырвоныя, жоўтыя, карычневыя. I спрэс тонкія, як павуцінне. Мусіць, з царскага кужалю пралі іх хвацкія майстрыхі. Кошык важкі, нітак шмат, вось узрадуецца баба, а то скардзілася, што ўсе ніткі выткала, зіма не за гарамі, давядзецца сіднем сядзець, а не за кроснамі шчыраваць.

Прыгнаў я вечарам кароў з пашы і хутчэй да бабы. Кошык з ніткамі падаю. Старая і так і сяк круціла тыя клубкі, а разгледзеўшы, з пацалункамі да мяне палезла.

— Восемдзесят гадоў пражылі мы разам, — кажа, — а лепшага падарунка, спадарочак, ты мне ніколі не дарыў!

Вось дык дагадзіў. Сорак восем гадоў не цалаваліся, а тут на табе, першай старая на шыю кінулася. Цуд, дый годзе!

Ужо ў лістападзе снег зямлю пасерабрыў. 1 не растаў, бо маразы прыціснулі. Я гаспадарыў па доме: паліў у печы, карміў жывёлу, а старая з ранку да вечара грукала кроснамі. Толькі ў нядзельку брала адпачынак: глядзела тэлевізар, слухала радыё або, насунуўшы на нос акуляры, малявала алоўкам на паперы нейкія ўзоры.

Праз месяц паклікала мяне:

· Ідзі, Манюкін, глянь, які кілім я выткала.

Зірнуў я, каласочкі-красачкі, на той кілім, і аж дух заняло. Дальбог, наша Пажарніца як на далоні.

— Ты прабач мяне, старога балабола, — кажу, — за лясы-балясы, але я і падноскаў тваіх не варты. Такому кіліму не ў хаце нашай месца, а ў сталічным музеі, каб больш людзей убачыла, якая ў нас зямля прыгожая, якія майстры жывуць на ёй.

Заплакала баба ад слоў такіх, абняла мяне. Так і сядзелі мы, як юныя закаханыя, воч не зводзілі з цудоўнага кіліма.

Назаўтра павесілі кілім на сцяне ў чыстай хаце, насупраць акон, каб сонечныя промні траплялі на яго. Рашылі не прадаваць за любыя грошы, хай вісіць на сцяне, вока радуе.

Забегла неяк да нас суседка хлеба пазычыць. Глянула на кілім і застыла, быццам язык праглынула. Забылася нават, чаго прыйшла. Так з адкрытым ротам і выскачыла з хаты. Не ведаю, якую казань казала яна людзям, але ад вяскоўцаў адбою не было. З вечара да раніцы таўкліся ў нас, нават з-пад Чаркеса прыходзілі. Дзверы рып ды рып. Па адным пруць і гуртам. Кожнаму паказвай кілім. Мы ўжо з бабай нервы натузалі: не рады былі, што павесілі той кілім на сцяну, а не схавалі ў куфар.

Неяк раніцай каля нашай хаты аўтобус спыніўся.

— Прымай экскурсію, старая, — пажартаваў я.

Самае смешнае, праўда — экскурсія, як у ваду глядзеў. Настаўніца дзяцей прывезла на наш кілім паглядзець. Бегаюць малыя па хаце, крычаць, калаўрот круцяць, кроснамі ляпаюць, хоць вушы затыкай.

Пэўна, мучыліся б мы з бабай да скону, каб не прыехалі да нас сталічныя госці з музея лёну. Доўга яны тупалі каля кіліма. Зблізку разглядалі яго і здалёк, мацалі. Спрачаліся, пакуль самы важны з іх не сказаў:

— Прадайце, калі ласка, ваш кілім нашаму музею. Мільёны яго ўбачаць, пра вас і вашу вёску даведаюцца…

— Не трэба грошай, — узрадавалася бабуля, — бярыце так.

— Задарма не возьмем, — пакрыўдзіўся начальнік, — гэта ж ручная работа. Калі папраўдзе, то яму цаны няма, усе роўна мы не заплацім, колькі ён каштуе, але грошы ў нас ёсць, дзяржаво дала.

Ну і прадалі мы наш кілім. За грошы, што нам заплацілі, можна было б машыну купіць. Баба з тыдзень хадзіла імянінніцай, а там зноў села за кросны. Цэлы куфар тонкага палатна наткала з царскага кужалю. Шмат зім запар шылі мы з яго кашулі, нагавіцы, каптаны, бялізну. Ох, і грэлі ж яны цела, кроў маладзілі.

А кілім наш мы некалькі разоў бачылі: паказвалі па тэлевізіі, казалі, што выткала яго Аўдоля Манюкіна. Мяне не ўспаміналі ні сном ні духам. Крыўдна.

Цыганачка

Вы, каласочкі-красачкі, чулі нябось, што цыганы дзяцей крадуць, Вось не паверу. У іх сваіх хапае. ідзе цыганка, а за спадніцу пяць-шэсць кельбікаў трымаецца. Навошта ёй чужых красці? Лухта чысцейшай вады. Гэта бабулі палохаюць дзетвару цыганамі, хочуць, каб дзеці ў страху раслі.

Не ведаю, як цяпер, але раней цыганы не тое што чытаць, але і лічыць не ўмелі. Так ці гэтак, а нейкая цыганка пакінула ў нашай вёсцы пяцігадовую дзяўчынку. Можа, няправільна палічыла свой вывадак, можа, не даспадобы была дзяўчынка, але табар зняўся з месца і панёсся ў белы свет, як у капеечку, а дзіцё засталося.

Была тая дзяўчынка чорная як смоль. Чорныя валасы адлівалі сінечай, бровы цямней сажы, твар бронзавы, а вочы глыбокія, бяздонныя. Гляне дзяўчынка на сталага чалавека з-пад ілба, і ён ніякавее, спалохана апускае вочы долу. Нейкая таямнічая сіла адчувалася ў паглядзе цыганачкі. Таму ніхто не спяшаўся прытуліць дзіця. Пакормяць, напояць і выправадзяць за вароты.

Доўга хадзіла дзяўчынка з хаты ў хату, пакуль не злітавалася над ёй адзінокая бабуля Наста. Прытуліла бабуля сірату, абагрэла, апранула, назвала Ганулькай, бо дзяўчынка не знала, як яе зваць.

Бабуля Наста была слыннай доктаркай. Усю вясну, лета і восень збірала яна зёлкі, звязвала іх у пучкі, сушыла і развешвала на гарышчы. Тымі зёлкамі лячыла бабуля і цела, і душу. Яна ведала, якая трава ад нагавораў, а якая лечыць сэрца, раматус, гарачку, падучую…

Хацела бабуля і Ганульку навучыць збіраць зёлкі, ратаваць людзей ад немачы. Нічога з гэтага намеру не выйшла. У цыганачкі не хапала цярпення збіраць тыя травы. Яна не магла ўседзець на месцы. Чорная — праворная.

У агародзе корпацца Ганулька таксама не любіла. Сумны гэта для яе занятак.

— Не хочаш працаваць, — сказала неяк бабуля, — сядзі сіднем, я буду цябе карміць, апранаць. Мусіць, ужо мая доля такая.

— Не трэба, я сама сябе пракармлю, — адказала Ганулька, — хачу наняцца пастушкай. Пагавары, калі ласка, з людзьмі…

Народ у нас спагадлівы. Гаротнаму апошнюю кашулю аддасць. А як тут сіраце не памагчы? I вяскоўцы нанялі цыганачку авечай пастушкай.

Ганулька рана-ранкам выганяла авечак на пашу. Людзі (у якіх былі авечкі) збіралі ёй торбу па чарзе. Кожны стараўся не пакрыўдзіць сірату, клалі ў тую торбу сала, мяса, хлеб і малако, а здаралася, сыр, каўбасу.

Пасвіла дзяўчынка свой статак на росных лугах, паплавах, на ўзлеску, хоць і папярэджвалі людзі: трымайся ад лесу далей. Уварвецца воўк у авечы гурт і палову яго перарэжа. Дзяўчынка толькі смяялася ў адказ: «Не перарэжа! Я замовы ведаю. Старая цыганка навучыла».

Дзівіліся людзі; імя свайго не запомніла, а замовы застапіся ў памяці. Адным словам, цыганскае дзіцё.

Авечкі тлусцелі не па днях, а па гадзінах, Ніводная не прапала. Малое дзіцё ўпраўлялася з вялікім статкам. Авечкі за ён хадзілі, як сабака за гаспадаром. Шчоўкне бізуном, свісне — і ў кучу збіваюцца. Махне рукой — і разыдуцца, унураць галовы, шчыплюць траву.

А трэба сказаць, што бабуля Наста была яшчэ вядомая на ўсю акругу варажбітка. Неяк надумала яна паваражыць Ганульцы. Раскінула карты і спалатнела.

— Нялёгкае выпрабаванне цябе, дочка, чакае, — сказала нарэшце, — прыйдзе бяда праз двух шляхцюкоў чырвовых. Яны дужа злыя і паганыя. Глядзі ж, асцерагайся…

Неўзабаве бабуля загадала доўга жыць. Пахавала яе Ганулька. Справіла памінкі, абгарадзіла магілку, помнік паставіла. Павесіла на яго ручнік, вышываны бабуляй. Часта прыходзіла на бабуліну магілку, кветкі лугавыя прыносіла: іх бабулька вельмі любіла, лячыла імі людзей добрых.

Цыганачка хутка падрастала, стала нявестай, але ўсе роўна, як і дзіцем, пасвіла авечак. Была яна прыгажэйшай ад усіх вясковых дзяўчат. Тоненькія дужкі-бровы, румяныя шчокі, малінавыя вусны і зграбны стан. А голас звонкі, чысты, заспявае — вецер сцішыцца, слухае.

Не адзін вясковы хлопец сох па чарнявай пастушцы, а некаторыя нават сватоў засылалі,

— Навошта вам цыганка? — дзівілася Ганулька. — Я не ўмею ні ткаць, ні прасці, не люблю на агародзе калупацца. Умею толькі авечак пасвіць. Лепш шукайце жонку ў іншым месцы, а на мяне, бедную цыганку, не крыўдуйце.

Так і адвадзіла ўсіх кавалераў.

А ў суседнім вялікім сяле жылі два браты, два заможныя шляхцюкі: разбойнікі і зладзеі, што яны толькі ні вытваралі, як з людзей ні здзекаваліся — то рунь коньмі патопчуць, то стог сена падпаляць, то проста паб'юць чалавека нізавошта. Падавалі на іх у суд — не памагло: то сведак няма, то паперы губляюцца. Ат, ведама, купленыя тыя суддзі багатымі: галота ж хоць у балота.

Прачулі шляхцюкі пра гордую цыганку і вырашылі пасмяяцца з яе. Прыляцелі на шалёных конях на луг, дзе Ганулька авечак пасвіла. Наскочылі на атару, пачалі біць бедных шутак бізунамі. Лупяць і зубы скаляць: «Авечкі-авечкі, дзе тая авечка, што вас пасе?»

Ганулька вырасла нібы з-пад зямлі: «Тут я, паночкі-кумочкі!» I давай іх хвастаць доўгім цыганскім бізуном. Раз аднаму, раз другому. Мігам пападалі шляхцюкі з коней. А Ганулька хвошча і хвошча. Панічы ўсе ў крыві, просяцца, каб адпусціла жывымі.

— Вы ж мяне шукалі, а цяпер пагасціць не хочаце, — смяялася Ганулька, і бізун не шкадаваў няўдалых жартаўнікоў. Нарэшце цыганка адпусцілася. З горам папалам дапаўзлі шляхцюкі да коней, ускараскаліся на іх і, пасаромленыя, паехалі дадому.

Доўга панічы залечвалі рубцы на целе, думалі-гадалі, як адпомсціць маладой цыганцы за знявагу шляхецкай годнасці. Людзі, вядома, прачулі, як Ганулька правучыла нахабнікаў, і смяяліся з іх.

Нарэшце шляхцюкі ачунялі, набраліся смеласці і зноў паехалі на той самы луг, дзе Ганулька авечак пасвіла. Захапілі з сабой стрэльбы і двух страшных ікластых ваўкадаваў. Як віхор наляцелі яны на атару. Секлі авечак бізунамі са свінцом на канцы, цкавалі злымі сабакамі. Адну котную авечку забілі, асвежавалі, расклалі цяпельца і пачалі смажыць мяса.

— Дзе гэта цыганскае насенне дзелася? — гадалі яны. — Зловім — пакажам, дзе ракі зімуюць!

Ганульку добрыя людзі папярэдзілі, што шляхцюкі едуць са стрэльбамі і ваўкадавамі, вось і пабегла яна ў вёску прасіць дапамогі. Адной не справіцца. Мужыкоў дваццаць з віламі і сякерамі кінуліся ўслед за Ганулькай абараняць сваё дабро.

Ваўкадавы ўчулі людзей, але было позна. Напалі яны на панічоў і давай іх мясіць. Збілі на горкі яблык, адабралі стрэльбы і коней, звязалі і адвезлі на падводзе ў воласць. Як там ні стараліся адвакаты абараніць шляхцюкоў, але не атрымалася. Людзі папярэдзілі суддзяў: «Не пасадзіце панічоў — пашлём хадакоў у Пецярбург да цара». Давялося-такі шляхцюкам трапіць за краты, ды яшчэ за авечак заплаціць.

Уся воласць рагатала з дурняў. Дзівіліся людзі; «Чаму мы так баяліся іх?» Мудры дзед адказаў: «Баяцца б вам вечна, каб не Ганулька! Калі ты раб, то гэта надоўга, будзеш на чэраве перад панам поўзаць. Цыган жа хоць і галодны, і хата яго небам крытая — вольны, як птушка. Яна не пытае дазволу, куды ляцець».

Схуднелі шляхцюкі ў турме, бародамі зараслі. Быццам і кармілі іх няблага, працаваць не прымушалі, а не даспадобы краты прыйшліся. Злосць і нянавісць сляпіла. Урэшце прыйшоў час вызвалення. Каля выхаду з турмы стаяла фацэтная карэта.

— Я — рамізнік, — сказаў мужык, — калі загадаеце — умэнт дадому адвязу!

Узрадаваліся шляхцюкі. Адразу шусь у карэту, каб ніхто не бачыў. Свіснуў бізун, і коні з месца перайшлі на рысь.

Панічы злосныя на Ганульку. Клянуцца страшнам помстай пакараць. Дамовіліся апоўначы падпаліць яе хату, а як выскачыць з полымя, застрэліць.

Прывёз рамізнік шляхцюкоў у маёнтак, расплаціліся яны з ім і ў хату пасунуліся. Да самай поўначы гарэлку жлукцілі, а як сцямнела, узялі стрэльбы, запалкі і рушылі ў дарогу.

Цёмна было. Зоркі і месяц схавапіся за хмары.

— Хатка наводшыбе — ніхто не ўбачыць, — радаваліся зладзеі. Падкраліся яны да хаты, толькі чыркнулі запалкамі, адкуль ні вазьміся, выскачылі людзі. Схапілі панічоў за рукі, звязалі, паклікалі стражніка, старасту, склалі паперу і ў воласць падпальшчыкаў адправілі.

Прыгледзеліся яны па дарозе да рамізніка — той самы, што вёз іх з турмы. А рамізнік усміхнуўся, садраў прыклееную бараду, вусы, зняў шапку-аблавушку.

— Цыганачка! — пазналі шляхцюкі. Скрыгітнулі зубамі, ды не ўкусіць — папаліся.

Маёнтак прадаў стары пан, каб выратаваць сыноў ад катаргі. Усе роўна пазбавілі іх шляхецкай годнасці і саслалі туды, куды Макар цялят не ганяў. Ніхто больш не бачыў тых панічоў. Ганулька выйшла замуж за гэткага ж пастуха, як і сама. Чуў я, што ўжо іхнія дзеці пасабляюць пасвіць кароў і авечак. Не ўсім жа збіраць зёлкі, прасці кужаль і корпацца ў градах.

Прывідус

Сёння ў дзеда чорны дзень. Настрой — ваяўніча-бурклівы. Назнарок моцна грукае дзвярыма, дзьмецца на бабулю і нас, падшывальцаў, не заўважае.

— Лейчына старому пад хвост трапіла, — кажа нам бабуля, — вы ўжо не прыставайце да яго са сваімі казкамі. Мы, вядома, ведаем, якая лейчына трапіла дзеду пад хвост. Міліцыя ва Уздзе затрымала дзедаў «Опель-Мерседэс». Папрасілі дакументы, а ў нашага Манюкіна ні тэхнічнага пашпарта, ні вадзіцельскага пасведчання. Вось і запрасілі дзеда ў аддзяленне. Акт склалі, штраф выпісалі і, самае галоунае, машыну арыштавалі.

Дарэмна дзед прасіўся, у камізэльку плакаў — не памагло. «Кайзера» паставілі на пляцоўцы супраць ДАІ, а дзеду параілі спяшацца на чурылаўскі аўтобус. Думалі, разумнікі, што былы партызанскі разведчык спакойна расстанецца са сваім трафеем.

Да цемнаты сноўдаўся дзед па мястэчку. У кніжны заглянуў, купіў кніжку пра свае ўласныя прыгоды. Дзеда, канечне, пазналі, папрасілі выступіць, але якое там выступленне, калі ў пяты коле, іншым разам паабяцаў заскочыць.

Як ноч запаліла на небе зоры, дзед ціхенька, як злодзей, падкраўся да сваёй уласнай машыны, адчыніў дзверцы запасным ключом. «Кайзер» усё роўна як чакаў свайго гаспадара: завёўся з паўабарота. Дзед газануў — і толькі яго бачылі. Іншы б на яго месцы ў Чурылава папёр, а дзед прасёлкамі на Світалаўку падаўся, каб збіць пагоню з тропу.

Без прыгод даехаў. Загнаў машыну ў хлеў стрыечнай сястры Даркі, той самай, да якой аднойчы не дайшоў — чэрці перастрэлі.

Сястра як дзве кроплі вады падобна на дзеда, толькі крыху маладзейшая. Яна — казачніца і гэткая ж самая штукарка, як і Манюкін. Тут ужо, як ні круці, два боты адной работы.

Дарка каровы не трымала, а хлеў прасторны — месца колькі хочаш. Засыпалі яны машыну саломай. Сляды вакол замялі. Пасля выпілі па чарцы вішнёўкі, пасмяяліся, уявіўшы, як міліцыянты кінуцца шукаць машыну. А раніцай дзед развітаўся з Даркай, сеў на маршрутны аўтобус і праз гадзіну быў дома.

Баба Аўдоля каршуніхай наляцела на старога:

— Дзе ты быў, недавярак, мы тут з унукамі ноч не спалі, думалі, разбіўся!

— Дома начаваў! — адрэзаў дзед. — Так і скажаш гасцям, яны вось-вось будуць!

Міліцыянты не прымусілі сябе чакаць. Сам начальнік ДАІ заявіўся.

— Дзе твая машына? — закрычаў з парога.

— У вас, канечне, — прыкінуўся дурнем дзед Манюкін, — тут у мяне квіток на руках за вашым подпісам.

— На бога бярэш, — зазлаваў начальнік, — праверым. Выкраў нябось машыну.

Паўдня шукаў міліцыянт дзедаву машыну. Распытваў бабу Аўдолю, суседзяў, хадзіў па сваяках.

— Дрэнь вашы справы, — пасміхаўся дзед, — я ў суд падам на ДАІ. Давядзецца плаціць за машыну, пане дабрадзею. Рэч, можна сказаць, антыкварная. На такой кайзер Вільгельм у Грамадзянскую ездзіў. Тысячы даляраў каштуе, хе-хе-хе…

Не вытрымаў начальнік, занерваваўся:

· Па вачах бачу, дзед, муціш ты ваду. Кажы, што табе трэба!

Дзед пагладзіў бараду, задыміў самасадам, пускаючы дым у вочы міліцыянту.

— Вось гэта іншы рыштунак! А то палохаць надумаў, Не на таго нарваўся: не з адной студні ваду Манюкін піў і не з адной дзяжы хлеб еў. Так што выпісвай мне вадзіцельскае пасведчанне і тэхнічны пашпарт.

— Які ж ты вадзіцель: табе ж сто гадоў! — аж падскочыў здзіўлены начальнік.

— Мае гады зязюля палічыць, а не ты! — вякнуў дзед. — Не будзе праз тыдзень дакументаў — чакай павестку ў суд.

Павярнуўся наш стары спіной да міліцыянта і ў хату пасунуўся. Начальніку нічога не заставалася, як сесці ў машыну. Цвёрды арэшак стары. Дарэмна зачапіў яго.

Прайшоў тыдзень. Хвалюецца дзед. Не едуць міліцыянты. Век не судзіўся, і пад старасць не выпадае. Вось і нервуецца. Люльку за люлькай выкурвае, усё паглядае на дарогу.

— Дзед, машына! — першай убачыла міліцэйскі УАЗ Алёнка. Дзед нават выгляду не падаў, што зачакаўся гасцей. Нетаропка ступіў насустрач начальніку ДАІ. Той усміхнуўся, першым падаў руку.

— Ваша, бацька, узяла! Эх, сціплы чалавек вы. Чаму ж раней не сказалі, што вы той самы Ачмуровіч, які банду Пятака накрыў? Вось вам і пашпарт тэхнічны, і пасведчанне вадзіцельскае. Ездзіце на здароўе!

Начальнік папрасіў дзеда аўтограф на кнізе пра яго прыгоды паставіць. Дзед насунуў на нос акуляры, пагартаў дакументы і ўжо тады запрасіў міліцыянта ў хату. Наліўкай пачаставаў, кнігу падпісаў. Рассталіся сябрамі.

— Будуць праблемы, — сказаў начальнік, — звяртайцеся да мяне. Вось мая візітка. Тут і адрас, і тэлефон.

Паехаў ДАІшнік, а дзед яшчэ доўга лунаў у паднябессі. Хадзіў важна, як старшыня калгаса па полі. Ведаў, што мы за ім назіраем.

Толькі пасля смачнага абеду прыйшоў наш дзед пад грушу. «Зараз пачне хваліцца, — падміргнуў я Алёнцы, — як піць даць пачне!»

— Вы бачылі, як старога Манюкіна паважаюць? — абняў нас з Алёнай дзед. — Вучыся, Гараська, пакуль я жывы. О-о, Манюкін ніколі не віляў хвастом, рызыкаваў, пёр на злом галавы і заўсёды верх браў. Бачылі і чулі нябось, сам начальнік дакумент прынёс на талерачцы. Хачу — еду ва Узду на кірмаш. Хачу — у Мінск на Камароўку, Там на іпадром заскочу: на белага жарабца паглядзець.

Дзед чмыхнуў носам, прыклаў палец да губы: маўляў, не для чужога вуха гаворка.

— Вы думаеце, каласочкі-красачкі, я самы звычайны зямны дзед? Хе-хе-хе! Я — касмічны прышэлец.

Мы з Алёнкай падскочылі, як кіпнем ашпараныя. Можа, з галавой што-небудзь у старога? А можа, чэрці яго дрэнчаць, вось і загаварыўся.

Дзед нават не ўсміхнуўся. Алёнка ўжо рот раскрыла, каб прачытаць нашаму Манюкіну водпаведзь, ды я тузануў яе за рукаў: «Не перашкаджай маніць!»

Не палезла сястрычка на ражон. Хітрая, каля дзеда весялей, чым ля спадніцы бабінай.

Манюкін пачухаў патыліцу, затуліў далонямі вочы:

— Не так даўно я думаў, што нічым не адрозніваюся ад суседзяў, ад бабы Аўдолі, ад вас, казельчыкі-верабейчыкі. Хіба геройствам, знаходлівасцю, ну і, мабыць, смеласцю. А так п'ю і ем, што людзі, апранаюся, як усе. Узяць, напрыклад, Тодара, суседа, мы з ім нават лыка з адной ліпы на лапці дралі, свіней разам пасвілі, а цяпер між намі бездань. Не раўня яму я. Ён — звычайны чурылавец, зрэшты, як і вы, унучкі, а я жыхар старэйшай планеты ў нашым сузор'і. Дзвесце светлавых год да яе ляцець. Будзе баба язык распускаць, а вы сваволіць, махну рукой, і бывайце здаровы, шукайце іншага дзеда-казачніка. Ды што гэта павяло мяне ў бакі, не раўнуючы як нашага пеўня пасля бойкі з суседскім?

Слухайце, не перабівайце. Не люблю, калі мне рот затыкаюць. У кожнай Палашкі свае замашкі.

Не ведаю чаму, але ці не палова маіх прыгод выпадае на жнівень. Ці не таму, што нарадзіўся напрыканцы жніўня? I тады быў жнівень. Зжатыя снапы даўно звезлі ў гумно. Лён разаслалі пад жнівеньскія росы. Бульбяное бацвінне яшчэ не пажухла — капаць картоплю рана. Вось і выдалася вольная часіна. I цюкнула мне ў галаву сівую паназіраць за зоркамі. Высплюся днём, а ноччу на гарышча лезу. Крэсла там ля акенца паставіў. У кульгавага Воліся, настаўніка астраноміі, невялічкі тэлескоп пазычыў.

Ноччу яно, канечне, халаднавата. Накіну кажух на плечы, сяду ў крэсла і гляджу ў тэлескоп. Эх, каласочкі-красачкі, чаго там толькі не ўбачыш. Зоркі падміргваюць, усё роўна як дражняцца ці дрыжаць ад холаду. Іншыя зрываюцца і падаюць уніз. Пэўна, чыёсьці жыццё абрываецца. А іх, гэтых зорак, такая множ — усё неба ўсыпана. Ды толькі часцей і часцей, як магнітам, пачала мяне прыцягваць невялічкая зорачка на небасхіле. Ужо і глядзець на другія не хочацца. Быццам зорка як зорка, а ўзіраюся на яе з замілаваннем, нават слёзы на вачах. Здавалася, мяне адтуль таксама бачаць, пасылаюць нават сігналы: «Гэта твая радзіма! Гэта твая радзіма!» Галасы чую. Так можна розум страціць. Я нібыта чурылавец, хаця, хто яго ведае, маці казала, у капусце знайшлі. Мог і падкінуць хто-небудзь у тую капусту.

Я ўжо схуднеў на трэску, хоць нагавіцы праз галаву надзявай. Днём не магу заснуць, а вечарам лезу па драбінах на гарышча. Здэцца, каб былі яны большымі, палез бы па іх да той зоркі.

Галасы з кожным днём мацнеюць. Варта ўбачыць зорку, звініць у вушах: «Гэта твая радзіма! Гэта твая радзіма!» Рад бы я не глядзець на небасхіл, а цягне, як ката да валяр'янкі.

Неяк апоўначы, калі я навёў тэлескоп на маю зорку, пачуў уладарны голас. Ён не прасіў, не раіў, а загадваў: «Заўтра гэтай самай парой прыйдзеш да сушні. Цябе сустрэнуць. Нічога не бойся!»

Лёгка сказаць — не бойся, пасля выпадку з ведзьмай я сушню гэтую днём за вярсту абыходзіў, а тут апоўначы трэба валачыся.

Спусціўся з гарышча, і пакуль дабраўся да ложка, цвёрда рашыў: няма дурных, нікуды не пайду. У мяне баба, унукі, а ногі выпруціць ніколі не позна.

Цэлую ноч заснуць не мог, як казаў мой дзед, табаку важыў. Кімарну на паўгадзіны, прачынаюся: усім целам уздрыгваю, як конь, аблеплены аваднямі і сляпнямі. Сабачы сон. У галаве, здаецца, хтосьці вяжа вузельчыкі, каб не забыўся: «Прыйдзеш да сушні… да сушні…»

Урэшце я падхапіўся і нема закрычаў: «Прыйду, прыйду, чорт вас пабяры, дайце толькі паспаць!» I адразу адпусціла, стала лёгка-лёгка, як пасля конаўкі медавухі. Заснуў салодкім сном.

Сніліся бясхмарнае маленства, дзівосны луг, глыбокая рака-пятлянка з чыстай вадой. Праспаў ажно да абеду. Баба не стала будзіць — пашкадавала, ведала, што мяне бяссонніца мучыць. І прачнуўся я зусім іншым чалавекам, быццам скінуў з плячэй год дзесяць. Хацелася песню запець, у скокі пусціцца, бабулю абняць. Лячэбны сон.

Раскінуў я мазгамі; невыпадкова ўсё гэта. Трэба ісці: авось чорт не выдасць, свіння не з'есць.

Пагаліўся я, храмачы наваксаваў, выбраў лепшую кашулю-вышыванку. Хай бачаць прышэльцы: не для нас шышкі на вярбе.

На маё шчасце, баба заснула раней і не бачыла, як я прыбіраюся, а так, чаго добрага, магла б карты зблытаць, у роспыты пусціцца, быццам ёй не ўсё роўна, куды я іду.

Апоўначы апынуўся я каля сушні. Ноч выдалася чорная. Хмары завалаклі неба. Страшнавата. Побач могілкі. Я ўжо, грэшным дзелам, сабраўся павярнуць аглоблі назад. Хто мяне знойдзе ў гэтай жахлівай цемры? Хіба Люцыпар ці нябожчык, якому ноччу не спіцца ў зямлі сырой? Ды пачуўся знаёмы голас: «Заставайся на месцы! На месцы…» Сказаў, як сякераю адсек. Усе сумненні адмяло.

Воч не зводжу з небасхілу: няма горш, як даганяць і чакаць. Хвіліна гадзінай здаецца. Напяўся — як струна. Бліснула раптам асляпляльная маланка, умэнт разагнала хмары, і я ўбачыў сваю зорку ясней, чым у тэлескопе. Ад яе аддзялілася маленькая залацістая кропачка. Яна на вачах расла, пакуль не ператварылася ў жоўты шар, які ў імгненне вока наблізіўся да зямлі і вось ужо завіс над сушняй, выпраменьваючы незямное святло. Я аж вочы прыжмурыў, нават не адразу заўважыў, адкуль з'явіўся перада мною высокі мужчына ў серабрыстым касцюме. Вочы яго не міргалі, ніводзін мускул на твары не варухнуўся. «Ідзіце за мною!» — сказаў ён.

Я — чалавек вучаны, чатыры зімы хадзіў у царкоўна-прыходскую школу, таму і здагадаўся: «Самадзелка, з жалеза, па-вучонаму ро-ро-бат, во!» Яго паслалі па мяне тыя, што ў шары. Няветлівы народ, самі не захацелі ступіць на зямлю. Ды мы не гордыя, пайду, з адвагаю і пекла мінеш.

Ро-ро-обат адчыніў дзверы, падсадзіў мяне ў нейкі калідорчык, нібыта сенцы. Тут прапанаваў пераапрануцца. Давялося пакінуць і кашулю, і храмачы, і нагавіцы, а нацягнуць на сябе серабрыстую павуціну, Расстроіўся я, дарма, выходзіць, прычапурваўся, мог і ў лапцях прыйсці — адзін знак.

«Не хвалюйся, Манюкін, — падбадзёрыў сам сябе, — ноч пераначуем — не такое ўбачым і пачуем».

Адчыніліся яшчэ адны дзверы, і я ступіў у вялікую прасторную залу. Гукі задушэўнай, казачнай музыкі запоўнілі ўсю маю істоту. Яны ўсё роўна як вярталі мяне ў маленства, уваскрашалі забытае. Я адчуў сябе наўздзіў маладым і дужым. Светлая журба і пяшчота перапаўнялі мяне, хацелася плакаць ад шчымліва-жаласнага пачуцця і смяяцца.

Даруйце, каласочкі-красачкі, што ваш дзед загаварыў як па пісанаму. Менавіта такім было маё адчуванне. Ды хіба музыку, тым больш незямную, можна выказаць словамі?

Яшчэ адны дзверы адчыніліся, і насустрач мне выйшлі людзі ў светла-серабрыстых касцюмах. Наперадзе выступаў… Божа, дай сілы, я сам, толькі малады, пяцідзесяцігадовы. Ушчыпнуў сам сябе, ці не з глузду з'ехаў. Быццам не! I радзімка на правай шчацэ ў прышэльца, і нос мой, і губы. Аж галава закружылася.

Мужчына падаў мне пухлую, гладкую руку. Э-э, такой у мяне і ў сем гадоў не было, не трымала гэтая рука ні рыдлёўкі, ні сякеры. Ясна, не з мазаля чалавек жыве. Вунь у мяне якая мужыцкая шурпатая лапа.

Поруч з мужчынам сталі юнак і дзяўчына, наўздзіў падобныя на яго, пэўна, родзічы. Былі яны прыгожымі. Не ведаю чаму, але я рады быў бачыць гэтых людзей. Хацелася кінуцца ім на шыю, абдымаць, цалаваць. Ледзь стрымаў сябе.

— Дзень добры, — павітаўся мужчына, — мы з далёкай планеты Прывідус. На Зямлі вучоныя называюць яе Бэта Цэнтаўра. Гэты шар — наш зоркалёт. Ён развівае любую хуткасць. У вас такія караблі нараклі лятаючымі талеркамі.

А цяпер самае галоўнае: мы з табой, Манюкін, браты-блізняты. Ты не глядзі, што я нібыта маладзейшы. На нашай планеце пазней старэюць. Мы абодва нарадзіліся на Прывідусе. Мяне назвалі Праўдзіным, цябе — Манюкіным. А гэта мае дзеці, твой пляменнік Янусь і пляменніца Дарота.

Я пахіснуўся, у вачах заскакалі жоўтыя агеньчыкі. Пляменнік падхапіў мяне і пасадзіў на канапу. Дарота падала кубачак з нейкай ружовай вадкасцю. Выпіў — і адразу ж адпусціла.

Мы абняліся з братам, заплакалі. Стогадовыя — лёгкія на слязу. Праўда, і маладыя, гледзячы на нас, зарумзалі.

Робат падкаціў столік на ножках. На ім стаялі нейкія бутэлечкі, ляжалі рознакаляровыя таблеткі: белыя, блакітныя, ружовыя.

«Віно і закуска, — здагадаўся я. — За ўсё жыццё не выпіў ніводнай таблеткі. Калі хварэў — лячыўся святаяннікам, валяр'янкай, мацярдушкай. Цяпер давядзецца закусваць таблеткамі, як самаму горкаму п'яніцу ў вёсцы Ахрэму. Вып'е шклянку пякучкі і — валідол пад язык». — Слухай сюды, брат, — кажу, — бяры дзяцей і да мяне гайда. Я нядаўна парсюка закалоў. Ладны, пудоў на дванаццаць. Ёсць і мяса, і каўбаса. Смятанай з маслам пачастуе баба, бліноў напячэ. А то няёмка: вы ў гасцях, а мяне частуеце.

Праўдзін уздыхнуў, прыгроб пяцярнёй гэткі ж рэдкі, як у мяне, пучок валасоў. — Не крыўдуй, брат, але нам забаронена Вышэйшай Радай ступаць на зямлю. Ледзь атрымалі дазвол на гэтую сустрэчу. Ды і не ядзім мы натуральных прадуктаў. Нас хімія ўжо тысячы гадоў корміць… Пляменнік наліў у маленькія фарфоравыя келіхі зяленага віна.

— За сустрэчу! — падняў келіх Праўдзін.

— За сустрэчу! — паўтарыў я. Віно адразу ж ударыла ў галаву. На душы стала надзіва сонечна, бесклапотна. Здэцца, абняў бы ўвесь свет. Пад такое віно ды нашу б закуску! А то што гэтыя таблеткі — ніякага смаку.

— Скажы мне, брат, — спытаў я, — як так здарылася, што нарадзіліся мы з табой на адной планеце, а жывём на розных?

— Блізняты на Прывідусе нараджаюцца раз у сто гадоў. Па няпісаных законах, аднаго з двайнят адпраўляюць на іншую планету. Кінулі жэрабя, і выбар паў на цябе. Так і рассталіся мы на сто гадоў.

— А як вы даведаліся, што я жывы?

— Вельмі проста. У твой мозг уманціравалі мікраскапічны, меншы за макавае зярнятка, датчык. Ён і пасылаў імпульсы з Зямлі на Прывідус. Увогуле, мы ўсё пра цябе ведаем. У нас нават кніга пра твае прыгоды ёсць. Модная цяпер. Яе чытаюць і дзеці, і дарослыя. Хтосьці нават з членаў Бышэйшай Рады прачытаў, паказаў іншым. Вось і паслалі па цябе. Так што афіцыйна запрашаю наведаць наш Прывідус. Прымушаць мы цябе не можам. Хочаш — ляцім, не хочаш — развітаемся. I на планеце сілай трымаць не станем. Надакучыць — адправім назад.

Пачухаў я патыліцу: і хочацца і колецца.

— Не па-людску, — кажу, — уцякаць ад бабы і ўнукаў, не папярэдзіўшы іх.

— Зараз і папярэдзім, — адказаў Праўдзін, — што б ты ні падумаў, яны прымуць за святую праўду.

«Аўдоля, прыхварэў я, — мысленна перадаў бабе, — мяне дактары ў санаторый на лячэнне адправілі. Не хвалюйся там з унукамі. Папраўлюся — і вярнуся!»

— Вось і ўсё, — паціснуў мне руку брат, — і для бабы, і для ўнукаў цяпер ты ў санаторыі. Яны ўпэўнены нават, што праводзілі цябе да аўтобуса, рэчы памагалі збіраць…

I я адразу яму паверыў. Не ведаю нават чаму.

— Ляцім! — загадаў робату Праўдзін.

Мы селі ў крэслы, шар лёгка здрыгануўся і паплыў угару.

Фарфоравыя зубы

Дзед крэкнуў, устаў з калодкі, падняў галаву і доўга (нам з Алёнкай здалося — вечнасць) глядзеў на неба. Вецер церабіў яго бараду, блытаўся ў сівых валасах. Выцвілыя ад пражытых зім і вёснаў вочы не маглі адарвацца ад сінечы. Ён сапраўды нагадваў касмічнага прышэльца, адзінокага, гордага, думкі якога на раздарожжы між планетай, дзе нарадзіўся, і планетай, дзе пражыў усё жыццё.

— Сёння нядзеля. Часу вольнага ў мяне шмат, і я раскажу пра ўсе мае касмічныя прыгоды, — загаварыў дзед, — больш ніколі баяць пра гэта не буду: не хачу вярэдзіць душу.

Мы прыціснуліся да дзеда. Наш недавер рассеяўся, як дым, падхоплены ветрам. Мы верылі кожнаму слову.

— Раскажы аб Прывідусе хоць што-небудзь, — папрасіў я брата, як толькі зоркалёт ірвануў увысь.

— Няма патрэбы гаварыць. Ты і так атрымаеш амаль усю інфармацыю.

Ён прынёс лёгкі, празрысты, быццам са шкла, шлем з тоненькімі дратамі-павуцінамі, надзеў мне яго на галаву, а правадкі падключыў да кам-кам-путара, во-во. Націснуў кнопку, у галаве загуло-зашумела, і я ўжо неўзабаве ведаў аб Прывідусе, здаецца, усё.

Прывідус (ад слова «прывід») шмат меншы за нашую Зямлю, не большы як Месяц. Ёсць там і моры, і лясы, і гарады. Вёсак няма. Ніхто не разводзіць свойскіх жывёл. Коней, кароў, свіней можна ўбачыць толькі ў заапарку ў клетках. Не сеюць на Прывідусе ні жыта, ні бульбы, ні лёну. Вырошчваюць там толькі зёлкі на лякарствы ды кветкі. Корміць, поіць і апранае людзей хімія. Жывуць людзі па трыста і больш гадоў. Раса толькі адна — белая.

Як ні дзіўна, ад кніг і газет на планеце чамусьці не адмовіліся. Гэта ўжо дань традыцыі. Не адмаўляюцца ж у Англіі ад каралевы.

Ёсць у прывідусцаў тэлевізары, а вось тэатраў, бібліятэк няма. Спортам, як і фізічнай работай, ніхто не займаецца. Працуюць толькі чалавекападобныя робаты.

Пакуль я, каласочкі-красачкі, пераварваў гэтую інфармацыю, наш шар прывадніўся.

— Развітваемся на тры дні, — сказаў брат, — па законах нашай планеты кожны чужаземец павінен прайсці каранцін.

Мяне запіхнулі ў невялікі серабрысты шар, зачынілі дзверы. Шар паплыў між дамоў, пералескаў. Увачавідкі мы даляцелі, і хутка я ўжо сядзеў у светлым цёплым кабінеце перад маладым чалавекам у сінім халаце. Вакол міргалі лямпачкі, свяціліся кам-кам-путары (ніяк не навучуся нармальна прамаўляць гэтае вучонае слова), стаялі ро-роба-ты-самадзелкі.

— Давайце знаёміцца, — сказаў малады чалавек, — я прафесар Фукс. Мне даручана праверыць ваша здароўе, падлячыць. А яшчэ пройдзеце адаптацыю. Тут кібары вам памогуць.

Якую даптацыю, якія кі-кібары, я, вядома, не ведаў, але знаку не падаў, а то яшчэ падумае, што мы на Зямлі ўсе цёмныя, не разбіраемся ў гэтых ро-ро-бертах.

Прафесар Фукс абчапіў мяне правадкамі, палажыў на канапу і падключыў апаратуру. Штосьці цененька, як камар, пішчала, пасля чуўся нейкі трэск, гул. Фукс перастаўляў прысоскі, маляваў у сваім журнале крэсцікі-нулікі. Нарэшце сказаў:

— Вы для зямляніна надзіва здаровы.

Тут я ўжо не змоўчаў.

— Анёж не, — кажу, — мяшок бульбы ўскіну на плячо і ўпрысядку пушчуся скакаць.

Прафесар паглядзеў на мяне здзіўлена, быццам не ведаў, што такое бульба і як упрысядку скачуць. Тут мяне і панесла.

— З двума мяшкамі скакаць буду, — грукнуў кулаком па стале, — з трыма…

Ледзь супакоіў мяне доктар, так я ўсхадзіўся.

— Вам трэба крыху нервы падлячыць, скуру падмаладзіць, — сказаў ён, — ну і зубы падрамантаваць. Лепш за ўсё іх «зачахліць» у фарфор. Прыгожа і надзейна.

— I колькі гадоў я змагу пражыць пасля такой капіталкі?

— На Зямлі дваццаць пяць — трыццаць, а на Прывідусе, можа, і дзве сотні.

— Ты мне, прахвесар, галаву не дуры, — кажу, — чаму ж такая розніца вялікая. Паветра ў вас лепшае ці вада?

— Тут у нас медыцына лепшая, натуральных прадуктаў не ўжываем, вучоныя і кампазітары вынайшлі музыку, якая доўжыць чалавечы век…

Ён націснуў на стале кнопку, і чароўныя гукі запоўнілі кабінет. Прыемная стома ахінула мяне, і ўпаў я ў забыццё. Сон быў ляніва-бестурботны, спакойны.

Колькі спаў — не ведаю. Прачнуўся бадзёры, пасвяжэлы. Прафесар Фукс паднёс мне да твару люстэрка. Глянуў я і не пазнаў сябе. Жоўта-бледны твар мой стаў румяным, а зубы асляпляльна белымі.

— Што вы нарабілі! — закрычаў я. — Баба цяпер роспытамі замучыць!

— Скажаце, у санаторыі падлячылі як партызана-героя, — зарагатаў прафесар.

Тут я, канечне, падзячыў доктара і за лекі, і за параду.

— Мы вам падмаладзілі ўсю скуру, ныркі ад камення ачысцілі. Засталіся дробязі…

Тры дні лячылі мяне музыкай, паілі зялёным, бязградусным віном, настоеным на зёлках, кармілі сінімі і ружовымі таблеткамі. З кожным днём, нават гадзінам, я адчувау, як дужэю, як хочацца паспытаць сваю сілу: касіць канюшыну, калоць дровы…

— Вось і ўсё, — сказаў на трэці дзень прафесар Фукс, — не хочацца мне з вамі расставацца, але давядзецца. Калі ласка, пакіньце мне аўтограф. Буду хваліцца, што самога дзеда Манюкіна лячыў.

Я, вядома, не адмовіў добраму чалавеку. Развіталіся мы цёпла. Нават абняліся, паляпалі адзін аднаго па плячы. Мой прафесар, праўда, моршчыўся, калі я гладзіў яго сваёй шырокай далоней. Ну тут ужо не мая віна, сам прыбавіў сілы, хоць і сваёй у мяне хапала.

Забраў мяне з каранціну пляменнік.

— Калі вы не супраць, то я буду вашым экскурсаводам, — сказаў ён. — Куды захочаце — туды і павяду. Я прынес вашу адзежу. Можаце пераапрануцца. Вярхоўная Рада зрабіла для вас выключэнне.

— О, дзякуй за дазвол, — пакпіў я, — такая міласць! Дарма, выходзіць, баяўся, што сцібраць мае боты з кашуляй.

Я хуценька пераадзеўся, а то яшчэ Рада перадумае.

— Вядзі, Янусь, да людзей, — кажу, — толькі ніякіх шароў, дай па грунце пахадзіць, ногі параўняць.

Варвар

Хоць я сельскі жыхар, але і горад бачыў. Быў у Берліне ў сорак пятым, у Мінску, Уздзе. Калі чэсна, то наша мястэчка мне куды больш па душы, чым тыя ж Берлін і Мінск. У нас ціха, спакойна. Калі і аблаюць цябе, то ў магазіне ці ў сельскім Савеце, а на вуліцы ідзі сваёй дарогай і ніхто не зачэпіць. У вялікіх гарадах і тлум, і гамана. Не хацеў бы я там жыць ні за якія грошы.

На Прывідусе вёсак няма. Адны гарады. У кожным горадзе па 132 546 жыхароў — ні больш ні менш. Зроблена гэта, каб жыхары аднаго горада не задзіралі нос перад жыхарамі другога. Як на маю дурную галаву — справядліва! Ніхто не казырыцца — усе роўныя. Праўда, цяжка зразумець, чаму менавіта ў горадзе павінна быць 132 546 жыхароў? Як захаваць такую квоту? (Даруйце за хітрае слова.) Хіба тут не нараджаюцца дзеці? Хіба ніхто не памірае? Няўжо ніхто не гіне на пажары ці не тоне ў моры? Ды лепш не будзем гадаць. Даўно вядома: адзін дурань задасць столькі пытанняў, што сем разумных не адкажуць. Каб не крыўдна было, усе прывідусцы (і мужчыны, і жанчыны) апрануты і абуты аднолькава. Белыя штаны, чырвоныя кашулі, на нагах сандалі з загнутымі, як лыжы, насамі.Такія клоуны ў цырку носяць. Само сабой, выглядаў я белай варонай. На мяне ўсе азіраліся. Некаторыя пазнавалі, падыходзілі аўтограф узяць ці руку паціснуць. Во, унучак, дзеда праславіў. А так хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?

Жывуць прывідусцы, як і лятаюць, у шарах. Гэта іх дамы. Усе аднолькавыя: адзін у адзін. Большы ад іншых толькі той шар, дзе Вярхоўная Рада засядае. Пасяджэнні з той Рады паказваюць па тэлевізіі. Крычаць радаўцы, спрачаюцца, як і ў нас дэпутаты. А запраўляе імі, кажуць, не самы разумны, але затое падобны на рака лысы вусач. Ён усіх і кожнага можа перакрычаць. Мусіць, за гэта і абралі яго начальнікам над начальнікамі.

Надакучыла мне швэндацца па вуліцах. Адно і тое ж — шары і людзі ва уніформе, як салдаты. Няма дзе воку зачапіцца.

— Вядзі мяне ў заапарк, — папрасіў пляменніка. — Наглядзеўся на прывідусцаў. Даруй, але ўсе на адзін капыл. Дальбог, каб сустрэў тут нашага п'яніцу Тапаркова, то расцалаваў бы, як роднага брата.

Звяроў у заапарку было шмат. Сланы, ільвы, тыгры, пантэры і нават карлікавыя бегемоты — з добрага сабаку. А ў цэнтры заапарка, у вялікай клеці, убачыў я… каня, а побач у меншай… звычайную свінню.

У мяне аж сэрца зайшлося ад крыўды. Хто ж іх, бедных, калі не я, пашкадуе?

Падышоў, каласочкі-красачкі, да клеткі, дзе мучылася свінка, адкрыў дзверцы і паклікаў: «Дзю-дзю-дзю, хадзі сю-юды, родненькая, хадзі, мая свінка, залатая шарсцінка…» І свінка давай рохкаць, усе роўна як скардзіцца на свае паганае жыццё. Тут я не вытрымаў, хоць і людзей набегла шмат, давай чухаць жывёліну пад жыватом. Яна схіліла галаву, слухае, прыемна нябось, пасля ўпала на дошкі, выцягнула ногі — жывот падставіла. Спадабалася!

Людзі крычаць. Стракочуць кінакамеры. Фотаапараты шчоўкаюць. Ім дзіва. Мусіць, нехта шапнуў, што я зямлянін, бо пачалі пляскаць у ладкі, скандзіраваць: «Маню-кін! Ма-а-ню-ю-кін!» Ледзь не разарвалі на сувеніры.

— Больш у заапарк ні нагой, — сказаў Праўдзін, — заўтра ў спартыўны музей пойдзем…

Я, канечне, не спартсмен, але чалавек дасціпны. Цікава хоць адным вокам глянуць на той музей.

Назаўтра раніцай брат, пляменнікі і я адправіліся ў той музей. Мусіць, мой учарашні паход у заапарк нарабіў шоламу, бо мноства зявак пацягнуліся за намі. Карэспандэнты таксама. А раптам і ў музеі я выкіну які-небудзь выбрык.

Прыйшлі мы. Смешна. Які ж гэта музей? Звычайная спартыўная зала, як у нашай школе, дзе мае праўнукі вучацца. Перакладзіна, шведскія драбіны, баскетбольныя шчыты, мячы. У куточку столік, на ім пад шклом шахматы і шашкі, даміно і карты. Пакрыўдзіліся б нябось Карпаў з Каспаравым на прывідусцаў: гэта ж трэба, даміно да шахмат прыраўняць. Ну і музей!

А народ усё шчэміцца і шчэміцца. Відаць, не так на экспанаты паглядзець, як на мяне. Каб пасадзілі ў заапарку ў клетку побач з канём ці свіннёй, то, дальбог, не было б адбою ад наведвальнікаў.

У мяне, каласочкі-красачкі, дужа цвёрды прэс і рукі не слабыя. Падышоў я да перакладзіны, папляваў на далоні, падскочыў, учапіўся за папярэчыну — і давай падцягвацца, выхады сілай рабіць, пад'ём з пераваротам. Сам ад сябе такога спрыту не чакаў. Мабыць, добра-такі падмаладзіў мяне доктар Фукс, дай яму Бог здароўя.

Саскочыў я з перакладзіны, усміхнуўся. Тут усе ў далоні запляскалі, быццам не Манюкін я, а сам Шчэрба — алімпійскі чэмпіен. Ніхто з прывідусцаў не ведаў, для чаго гэтая перакладзіна прызначана. Нехта нават дысертацыю абараніў, «даказаў», што на такіх перакладзінах зямляне карцёжных шулераў вешаюць.

Пляменнік Янусь пазайздросціў маёй славе, захацеў паўтарыць мае хвокусы. Ухапіўся рукамі за папярэчыну і павіс, як кішка, на жэрдцы. I астатнія прывідусцы абняславіліся.

Тут мне давялося невялікую лекцыю на спартыўную тэму прачытаць. Расказаць, як нашы зямныя пажарнікі ў даміно гуляюць, растлумачыць, што такое «рыба», «афіцэрскі казёл». Паказаў, як у шахматах конь ходзіць, а ў шашках дамка. Двойчы кінуў баскетбольны мяч у карзіну.

Прывідусцы вынеслі мяне з той спартзалы на руках. Усе газеты хвалілі, называлі чэмпіёнам Зямлі па ўсіх відах спорту. Адна газета ў замалёўцы «Варвар на перакладзіне» раіла Вышэйшай Радзе пазбавіць дысертацыі вучонага, які не тое напісаў пра перакладзіну, а мне прысвоіць званне ганаровага акадэміка. О-о, не ўсе журналісты дурні, гэты правільна змікіціў.

Вечарам да брата прыехаў начальнік акадэміі. Напрамілы бог прасіў выступіць перад вучонымі і студэнтамі.

— Я ўжо выступаў і ў заапарку, і ў спартзале — хопіць! — катэгарычна адмовіўся.

— Вы толькі адкажаце на пытанні, — маліў начальнік, — падпішаце аўтографы.

Я глянуў на брата. «Згаджайся!» — хітнуў ён галавой.

— Як табе ў нас падабаецца? — спытаў Праўдзін пасля таго, як начальнік акадэміі пакінуў нас. — Нябось хочаш застацца назаўсёды?

Эх, каб ведаў ён, як душа ў мяне шчымела, ірвалася на волю. Лепш год пажыць у Чурылаве з варварамі, чым дзесяць на Прывідусе з мазгавікамі. Сёння дзівяцца з белай вароны, а заўтра скубці яе пачнуць. Баба там замучылася адна з гаспадаркай ды і, чаго добрага, пакуль я тут таблеткі-гузікі глытаю, усю каўбасу ўмяла. Ой, трэба вастрыць лыжы!

Сем дурняў за дзівака

Шар нагадвае галоўку мака. Людзі — зярняты. Дык вось, на сустрэчу са мной у гэты шар набілася прывідусцаў, як зярнят у макаўку. I ўсе на адзін твар. Аж чырвана ўваччу ад чырвоных кашуль.

Пасадзілі мяне за пластмасавы стол, мікрафонаў панастаўлялі.

— Сёння ў нас свята, — загаварыў начальнік акадэміі, — праз сто гадоў вярнуўся на родную планету вось гэты сімпатычны малады чалавек. Аб яго жыцці і прыгодах на Зямлі вы ўсе, канечне, чыталі ў кнізе «Дзед Манюкін не салжэ». Там ён ваяваў з нячыстай сілай, ратаваўся ад ваўкоў, вадзіў па вёсках вучонага мядзведзя, шчасліва рыбачыў. Ды і самі мы пераканаліся, які гэта незвычайны чалавек: без боязі імчаў на кані па горадзе, а ў спартзале паказаў свой спрыт. Спадзяёмся, што і на гэты раз дзед Манюкін не зманіць, праўдзіва адкажа на пытанні.

Давайце прывітаем нашага госця з Зямлі. Тут, вядома, апладысменты, свіст.

— А цяпер спадар Манюкін адкажа на пытанні. Задавайце, калі ласка. Цішыня. Ніхто не хоча першым высунуцца наперад. Я выняў з кішэні люльку, набіў самасадам, стукнуў камень аб камень, пасыпаліся іскры, задыміўся трут. Прыкурыў, дым праз ноздры пускаю.

Усе ўсталі, у ладкі ляпаюць, быццам не закурыў я, а хвокус паказаў.

— Я думаў, прывідусцы смелыя, — выгукнуў у мікрафон, — раз у сто год да іх чалавек з іншай планеты прыляцеў, а яны баяцца спытаць у яго пра што-небудзь.

Узяло-такі за жывое. Наіўнае дзяўчо паднялося.

— Скажыце, спадар Манюкін, за што вы сваю бабулю пакахалі? Яна ж і дурнем вас называе, і вашым былям не верыць. Няўжо на ўсёй Зямлі не знайшлося іншай жанчыны для такога гжэчнага кавалера?

Вось дык пытанне. Трэба ж прыдумаць такое. Мусіць, дзяўчаці не работа, а любошчы на ўме. Лягчэй паўдня цэпам снапы лупіць, чым вымучыць адказ. Ды раз ужо упрогся ў гуж, то цягні.

— Вы ўсе аднолькава апрануты, — кажу, — усе на адзін твар. Можа, і добра гэта, вунь і вароны ўсе чорныя, ваўкі шэрыя, а лісіцы рыжыя. I ўсё ж сваю кашулю-вышыванку я не памяняю на вашы кумачовыя рубашкі. А мая баба Аўдоля вышывае лепш за ўсіх і песні спявае лепш за ўсіх. Праўда, даў ёй Бог язык доўгі, любіць пасварыцца. Тут ужо нідзе не дзенешся: хто каго любіць, той таго і чубіць.

— Я чуў, — падняўся з месца самавіты мужчына, — у вас вучоныя палічылі ўсіх мядзведзяў, ваўкоў і нават зайцоў. Вы, як вядома, спецыяліст па нячыстай сіле. Калі не сакрэт, колькі ў беларускіх балотах засталося чарцей і ведзьмаў?

— 132 546, — усміхнуўся я, — акурат як жыхароў у вашым горадзе. — Зала аж здрыганулася ад рогату. Мужчына-жартаўнік схаваўся за спіну суседа, трэба ж так плюхнуцца тварам у гразь. Вось табе і варвар.

Пытанні сыпаліся адно за адным:

— У вас там на Зямлі ўсё ваююць: то Ірак, то Чэчня… Калі вы апошні раз ваявалі?

— Паўгода назад, зімой. Чарэнь на печы не маглі з бабай падзяліць.

— А праўда, што ў вас дурняў не саджаюць, самі растуць?

— I не саджаюць, і самі не растуць: у іншапланецян купляем. Дурняў (хай брат даруе мне) пакідаюць на Прывідусе, а разумных на Зямлю высылаюць. А якое ж жыццё без дурняў?! Думаю, з урадам Прывідуса дамову заключым. Мы вам аднаго дзівака, а вы нам сем дурняў!

Усе зноў у рогат. Смяяліся вучоныя, студэнт, мой брат, а пляменнік ледзь з крэсла не зваліўся. Бачу, сімпатыі на маім баку. Давай ужо сур'ёзна расказваць пра Зямлю, яе прыроду, насельнікаў. Я, каласочкі-красачкі, не прахвесар, але па слова ў кішэню не лез. На кожнае пытанне меў адказ. Хаця адкуль мне ведаць, колькі акул у Ціхім акіяне ці пігмеяў у Аўстраліі? Хітрыць давялося. Маўляў, адны вучоныя кажуць столькі і столькі, а па падліках іншых крыху больш. Аж лоб узмакрэў ад тых хітрыкаў. Не прывык Манюкін маніць.

Нарэшце апошняе пытанне. Задаў яго карэспандэнт той самай газеты, што двойчы назвала мяне варварам.

— Ці думаеце вы, спадар Манюкін, вярнуцца дадому? Там вам засталося жыць не больш як трыццаць гадоў, а на Прывідусе ажно дзвесце. Што вы выбераце, кароткі век з каўбасой ці доўгі з таблеткамі?

Глянуў я на брата, на пляменнікаў, абвёў вачыма залу. Усе прыціхлі. Няпростае пытанне. Тут не пра любошчы пытаюць і не пра чарцей-ведзьмаў.

— Выберу, — кажу, — каўбасу. Пах яе мне нават у сне ноздры казыча. Глытайце свае таблеткі самі. Люблю я траву касіць, рыбу лавіць, песні з бабай Аўдоляй спяваць, казкі ўнукам баяць, На жаль, не жыць мне дзвесце год! Каб і застаўся на Прывідусе, то памёр бы ад нэндзы. Так што не памінайце ліхам!

…Цэлую ноч прасядзелі мы з братам і пляменнікамі. Ці давядзецца яшчэ калі-небудзь сустрэцца?

Брат падарыў мне на дарогу касету з незвычайнай музыкай і два невялічкія шарыкі, якія я павінен быў адразу ж праглынуць.

— Адзін паможа табе стаць найвялікшым кухарам, другі — лекарам! — сказаў Праўдзін. — Ніхто не прыгатуе такой неэвычайнай сёрбанкі, як ты. 1 яшчэ ты будзеш разумець мову зёлак.

Падзякаваў я за падарункі, пракаўтнуў шарыкі, а рана раніцай развіталіся мы з братам, сеў я ў зоркалёт, і робат за некалькі хвілін даставіў мяне да сушні.

Дома ўжо чакалі баба і ўнукі. На стале стаяла мачанка, дыміліся бліны. Дзіва!

— Адкуль вы даведаліся, што я менавіта сёння вярнуся? — спытаў неўзнарок.

— Дык учора паштальёнка тэлеграму прынесла! — крыкнулі ўсе разам.

Мне нічога не заставалася, як сесці за стол.

Сомік

I які гэта дурань прыдумаў рэкі выпрамляць? Не было ў яго сэрцы бога. Мусіць, у дзіравым корабе нарадзіўся. Выпраміць бы яму ўсе звіліны ў неразумнай макаўцы.

Без рэчкі вёска не вёска, а чалавек — паўчалавека. У яго, дальбог, душа драбнейшая за гарошыну. Не бачыў ён, як купаюцца ў вадзе месяц і зоры, не чуў, як спяваюць салаўі ў прырэчных лазняках. Ды што там казаць, усе нашы паэты-землякі выраслі на беразе рэчкі. I Крапіва, і Трус, і Бялевіч, і мой аднавясковец Якімовіч, дарэчы, як і я, казачнік. Хай казачнік не паэт, але ж добрую казку, што і песню, не проста скласці. Даўно няма Алеся Якімовіча, а ўсе ведаюць казку пра каваля Вернідуба і яго маці Параску.

Яшчэ гадоў дваццаць назад у нашай Уздзянцы вадзіліся трохпудовыя самы, велізарныя шчупакі і язі. А колькі было акунёў, лінёў, мянькоў, яльцоў і плотак! Ледзь не з кожнай нары паказваў хвост рак-вусач. Сплыло ўсё гэта, адышло, і ўжо не бруіць рэчка. Хіба павернецца язык назваць зарослую асакой і макрыцай канаву Уздзянкай?

Так ці гэтак, але даўным даўно жыў у нашым Чурылаве заўзяты рыбалоў. Не ведаю ўжо, якое імя далі яму бацькі, але людзі ахрысцілі яго Сомікам, бо ён быў чымсьці падобны на сома. Маленькія чырвоныя вочкі, прыплюшчаны нос, шырокі зубасты рот і даўжэзныя вузенькія вусы. Твар дробненькі, вечна злосны. Калі і з’яўлялася на ім усмешка, то нахабна-іранічная.

Жонка і дзеці не ўжыліся з Сомікам, сышлі з дому, і ён застаўся адзін. Жыў Сомік з ракі. Калі не спаў, то сетку плёў ці рыбу лавіў. А рыбак ён быў удачлівы. Штодзень прыпіраў дадому тры, а то і чатыры вялізныя торбы рыбы. Высыпле яе ў глыбокія драўляныя ночвы, сядзе на лаву і пасміхаецца. Прыемна назіраць яму, як ловяць адкрытым ротам паветра шчупакі, як б" юцца аб край ночваў, падскокваюць яльцы і акуні. Глядзіць, смяецца, як з гары едучы.

Лавіў Сомік рыбы так шмат, што не паспяваў яе ні спажываць, ні прадаваць. Не з’есць — сабакам выкіне, а з суседам нават драбнарыбіцай не падзеліцца. Як маладзейшы быў, тады-сяды адпусціцца, занясе родзічам маленькую місачку плотак ці печкуроў. Трасецца, каб не перадаць. Кпілі суседзі: адной рукой дае, а другой адбірае.

Пастарэў Сомік і стаў яшчэ болыным скнарам. Сядзе вячэраць — дзверы на завалу зачыняе, не дай бог хто-небудзь зойдзе, давядзецца запрашаць да стала. I еў похапкам, усё роўна як на цвіку сядзеў.

Ні ў кога ў вёсцы не было такіх сетак, трыгубіц, венцераў, як у Соміка. Па ніткі ён ездзіў у горад. Купляў моцныя, капронавыя, каб ніякая рыбіна парваць не магла.

Вязаў ён сетку з гэтых нітак і варушыў сваім шырокім зубастым ротам. Людзі казалі, замовы шэпча, а яны ў яго ад чорта. Навучыў замовам Соміка вядзьмак Нупрэй. Страшны чалавек. Праўда ці няпраўда. але знікаў ён з дому ў Піліпаўку, перакідваўся ў ваўкалака. Гойсаў з воўчай зграяй. Залазіў у хлявы, душыў авечак, свіней і нават кароў. 3-пад шэрай поўсці там-сям віднелася чалавечае цела. Паляўнічыя не раз бачылі стракатага воўка. Ён вылучаўся ад іншых. Вялізны, мацёры і хітры: ніколі не падпускаў мыслівых блізка. Усё ж аднойчы ўдалося яго параніць.

“Ваўкалак!” — пазналі па крывых слядах паляўнічыя. Былі тыя сляды куды большыя, чым у звычайнага воўка.

Доўга гналася пагоня за ваўкалакам. Ён, як ні дзіўна, не ў лес уцякаў, а пёр у вёску. Сляды прапалі каля Нупрэявай хаты. Ваўкалак як скрозь зямлю прваліўся. Перажагналіся мыслівыя і па хатах разышліся.

Назаўтра па вёсцы папаўзлі чуткі, што Сомік ні свет, ні зара доктара да Нупрэя прыводзіў: парэзаў нагу той. Людзі ў нас спагадлівыя, але ніхто апрача Соміка, не наважыўся праведаць Нупрэя.

Сомік штодня насіў Нупрэю рыбу. Дзівіліся людзі: за якую такую ласку рыбалоў-скнара дагаджае ведзьмаку. А Сомік вяртаўся звычайна апоўначы. Казалі, што быццам у падзяку за рыбу Нупрэй перад смерцю перадаў Соміку свае чары і замовы. Вось і варушыць Сомік слінявымі губамі, як жаба жабрамі, штосьці шапоча. Вочкі, сеткі, вяжа вузенькія, каб і малеча не ўцякла.

А рыбы, між іншым, у рэчцы станавілася ўсё менш і менш. Сомік як звар’яцеў. I ў нераст, і зімой не даваў рыбе перадыху. Рубіў палонкі, ставіў кошыкі, венцеры, а то і з булавой хадзіў па лёдзе. Убачыць праз лёд шчупака — гахне булавою, той, аглушаны, каменем на дно падае. Не дастане яго Сомік, а зубы шчэрыць, яму весела — забіў.

Гром грыміць, пярун смаліць, маланкі крыж-накрыж, лівень, а Сомік на рэчку з сеткамі прэ. Ні гадзіны перадыху рыбе: каламуціць ваду, лезе пішчом у норы і ўсё нешта шэпча пад нос, шэпча. Ужо не тры торбы налаўлівае за дзень, а сем. Нават сабакі і каты не паспявалі з’ядаць рыбу, і яна гніла пад вокнамі. Смурод на паўвёскі.

"Што ты, нехрысць, робіш? — сарамацілі Соміка людзі, скора ў рэчцы ніводнай рыбы не застанецца. Спыніся!"

Рагоча Сомік. Ні просьбы, ні грозьбы на яго не дзейнічаюць. Наадварот, у ярасць прыходзіць: хапае самыя болыпыя сеткі і прэ на рэчку. Здаецца б, і бацьку роднага за рыбу прадаў. Хцівы!

Аднойчы прачнуўся Сомік сярод ночы. Лыпнуў вачыма: побач каля яго пасцелі дзядок барадаты ў белым. Сомік загаварыў да яго. Маўчыць — не адказвае. Рашыў тады лямпу запаліць, каб лепей разгледзець дзядка. Чыркнуў запалкай — не загарэлася, чыркнуў другой — таксама. Цэлы карабок спаліў, але так і не здабыў агонь.

— Не старайся! — загаварыў нарэшце дзядок. — Слухай сюды. Выкінь вон усе свае рыбацкія прычындалы і на рэчку больш не хадзі. Гэта першае папярэджанне.

Сказаў так дзядок і знік. Пэўна, разумнаму б навука, а Сомік толькі пасмяяўся. Быў ён не з палахлівага дзесятку. Ведзьмака не збаяўся, а тут нейкі дзядок яму ўказ. Апрануўся цяплей, прыхапіў свае снасці і пацялёпкаўся на рэчку. Ідзе і шэпча: Чэрці, чэрці! Памажыце рыбу перці. Аддам жонку і дзеці, Каб не было дзе рыбу дзеці.

Да самай раніцы поўзаў Сомік па рэчцы. Закідваў сеткі, ставіў венцеры, боўтаўся з таптухаю, але ніводнай рыбы так і не злавіў. Удача нібыта адвярнулася ад яго. Страшна стала. Так ні з чым і вярнуўся дадому.

Стаў скідаць з сябе мокрую адзежу, а рукі і ногі рыбнай луской пакрыты. Ён здзіраць яе, змываць. Нічога не атрымліваецца: не змываецца, не здзіраецца. Тут ужо дзядка ўспомніў. Закапыліў губы, скрыгітнуў зубамі: "Не будзе па-твойму, стары дурань! Адагрэюся і зноў пайду на рэчку!"

Залез Сомік на печ, укрыўся кажухом і адразу ж захроп. Але нядоўга ён спаў. Раптам пачуў, як нехта трасе яго за плячо. Глядзь, той самы дзядок у белым. Сомік аж падскочыў, галавой у столь ударыўся: "Дык гэта ты, стары хрыч, на мяне чары напусціў?! Заб’ю!"

Схапіў ён таўкач і як смальне… сабе па назе. Зароў, захрыпеў, але другі раз замахнуўся на дзядка. Бах… костачкі на руцэ пазбіваў. Адкінуў таўкач, стогне, кляне дзядка.

— Другі раз папярэджваю, — сказаў дзядок, — не хадзі на рэчку!

Зірк Сомік, старога і след прастыў, быццам праз комін вылецеў ці ў паветры растаў.

Сядзіць Сомік раз’юшаны, губы кусае. Каб мог, сам сябе б за карак укусіў. Азвярэлая злосць перапаўняе яго. Луска на ім нават у цемры блішчыць. Такім на людзі не пакажашся. Засмяюць. Скажуць, што зарабіў — тое атрымаў.

"Пляваць хацеў я на гэтага старца, — падбадзёрыў сам сябе Сомік. — Пайду на рэчку. Горш не будзе!"

Споўз ён з печы, апрануўся, снасці на плечы ўзваліў і пасунуўся да вады. Ішоў і паўтараў, паўтараў замову, быццам баяўся забыцца:

Чэрці, чэрці!

Памажыце рыбу перці.

Аддам жонку і дзеці,

Каб не было дзе рыбу дзеці.

У самым вузкім месцы Сомік перагарадзіў рэчку венцерам. Умацаваў яго каламі, каб не сарвала плынь. Адышоўся на паўкіламетра з кломляй і двай ваду каламуціць, гнаць рыбу ў венцер. Прагнаў, гэта, метраў пяць, падняў кломлю. Сом! Вялікі. Пузаты. Глядзіць драпежнымі вочкамі-гузічкамі, не варухнецца. Сомік ашалеў ад радасці. Трэба ж, такі шанец. Яшчэ раз заставіў кломлю, махнуў нагой, падняў — зноў сом. Ад неспадзеўкі ледзь не ўпусціў рыбу. Вось дык дзіва, безліч рыбы пералавіў, ды каб два самы запар выцягнуць маленьай кломляй… такога не было.

"На, старац, выкусі!" — зарагатаў на ўсё горла Сомік.

“Кусі… кусі!” — панесла рэха па вадзе.

I тут, мае вы каласочкі-красачкі, трэці сом у кломлю трапіў. Наш рыбак аж плечы падцяў. Па спіне мурашкі пабеглі. Гэта ўжо занадта. Печкуру больш бы ўзрадаваўся, чым гэтаму сому. Няўжо той дзядок чаруе? А хоць бы і так: не здавацца ж. Выкаціў Сомік на бераг венцер і ўмлеў. Яшчэ пяць самоў уплішчыліся ў яго. Адзін у адзін: спіны чорныя, вусы вялізныя. Варушаць імі і глядзяць прама ў вочы Соміку.

— Рату-уйце! — зароў ён і, кінуўшы кломлю і венцер, на злом галавы, не разбіраючы дарогі, папёр дадому. Ён бег і адчуваў, як штосьці перашкаджае яму, цягне назад.

У хаце падбег да люстэрка, зірнуў і ўтрупянеў. На яго глядзеў не чалавек, а сом-вусач. Ззаду, на падлозе, свяціўся луской доўгі хвост.

Сомік задыхаўся. Яму не хапала паветра. Хацеў схапіць карац, зачарпнуць вады з вядра, але рукі на вачах меншалі, ператвараліся ў плаўнікі.

"Трэба хутчэй дабірацца да ракі, — мільганула думка, — там ратунак!"

Ён усунуў галаву ў вядро. Палягчэла. Выскачыў з хаты і пачыкільгікаў да ракі. Ногі слабелі, падгіналіся. Сомік губляў апошнія сілы.

Бліз ракі ён паваліўся ў гразь. Ногі, як і рукі, ператварыліся ў плаўнікі. Ён адчуў, калі за хвіліну не дапаўзе да ракі — капцы. I Сомік пакаціўся покатам, перавальваючыся з боку на бок. Вось ужо і вада.

Спакваля вярталася сіла. Адплыў ад берага на сярэдзіну ракі. Стала страшна. Рыба не даруе яму. Ведама, гэтулькі згубіў. Наляцяць шчупакі — разарвуць на кавалкі. Акуні заколюць калючкамі. Трэба ўцякаць. Але куды? I Сомік-сом ірвануўся да самай глыбокай на рэчцы Немцавай ямы. Там ён на самым дне зашыўся ў іл. Яма бяздонная. Выпрамілі рэчку, а яна не прапала, засталася. Вось і жыве там Сомік. Ён аброс мохам. Ад вечнай цемры амаль аслеп, толькі ноччу (і то калі не свеціць месяц) выплывае на жыр. Прытоіцца каля берага, бязгучна варушыць вусамі, чакае здабычу.

Чарадзейная жалейка

Было гэта яшчэ за панамі. На кургане, пад Гарадзішчам, дзе сёння вучоныя людзі зямлю капаюць, скарбы шукаюць, стаяў хорам. I ў тым хораме-палацы жыў яснавяльможны князь Ясінскі. Золата і срэбра ў яго было — хоць каўшом чэрпай. Сам Радзівіл, здаралася, прыязджаў у госці. Пілі заморскае віно, елі на залатых талерках смажаную дзічыну, вустрыц і вэнджаных вугроў.

Па святах князь Ясінскі наймаў музыкаў, выпісваў кухараў ажно з Хранцыі, запрашаў на баль мясцовую шляхту. Ох і гулялі! За сем вёрст чулася музыка, грымелі салюты з гармат. Шляхта балявала, весялілася. Нават слугі яснавяльможнага князя радаваліся святу. Глядзіш, і ім што-небудзь перападзе з панскага стала, ды і п'яныя госці шчодрыя — кінуць рубель іншы раз.

Толькі адзін юнак хадзіў самотны. Высокі, статны, з адухоўленым тварам і доўгімі кужэльнымі валасамі, што хвалямі спадалі на плечы.

Госці лавілі яго хмурны пагляд, нізка кланяліся і спяшаліся найхутчэй знікнуць. Яны добра ведалі, што малады княжыч Ясінскі не любіць ні п'яніц, ні пустапарожняй балбатні.

Шыкоўныя паненкі раней цугам хадзілі за адзіным спадкаемцам князя Ясінскага. А раптам удасца прываражыць княжыча! Ды толькі дарэмна маладыя шляхцянкі трацілі бацькоўскія грошы на дарагія транты, заморскія духі і румяны. Княжыч быў абыякавым да дзявочых чараў, і шляхцянкі ўрэшце адсталі ад яго.

Як толькі госці напіваліся, пачыналі крычаць, спрачацца, княжыч неўпрыкмет знікаў з бяседы. Ён спяшаўся ў сялянскую слабаду, дзе жылі і працавалі бацькавы прыгонныя.

Стрымгалоў, пратаптанаю сцежкай ляцеў ён не да дзяўчыны, а да ганчара дзеда Янкі.

Дзед ужо чакаў княжыча. Ён любіў яго, як роднага ўнука. Не адзін год вучыў выбіраць гліну на збаны, вазы, даводзіць яе да ладу: мачыць, мясіць, як месяць рукамі цеста ў дзяжы.

— З гнілога дрэва хаты не збудуеш, — казаў дзед, — а з гнілой гліны — гнілы збан!

Княжыч адбіраў гліну, круціў ганчарны круг, абпальваў у печы збаны і гаршкі. Ён навучыўся вырабляць такія цудоўныя вазы, дудкі, свісцёлкі, што дзед дзіву даваўся. Панскае дзіцё, а рукі залатыя. Спакон вякоў такога не было. Князі ваявалі, палявалі, балявалі, а не ў зямлі капаліся.

— Даведаецца яснавяльможны князь пра твой занятак, — папярэджваў дзед, — і быць бядзе. Што з мяне возьмеш? Я — стары! А табе лепей бы не хадзіць сюды. Позна ці рана высачаць гайдукі, скажуць князю.

Змрачнеў княжыч, але ад свайго не адступаўся. Дзед навучыў яго печы класці, жывёл і людзей з дрэва выразаць.

Так ці інакш, але праўду кажуць: ваду збан носіць да пары. Нехта ўдаў княжыча. Не ў нос князю Ясінскаму, што яго сын, як просты мужык, працуе. Даведаюцца паны, сораму не абярэшся. Скажуць, у Ясінскага грошай не хапае, дык сын яго гаршкі на продаж лепіць. Зняславяць. Большай ганьбы не прыдумаеш.

Прыляцеў аднойчы князь на шалёным кані да дзедавай хаты, расчыніў нагою дзверы і аж затросся ад лютай злосці. Ягоны сын распісваў шэнкелем вазу. Круціўся ганчарны круг, княжыч штосьці напяваў.

— Скруціць княжыча, звязаць, а старога халопа — на стайню, дваццаць пяць бізуноў усыпаць!

Выхапіў князь шаблю і давай малаціць ёю распісныя збаны, вазы, жалейкі і дудкі, драўляных шляхцянак з мамкамі і п'яных шляхцюкоў.

— Бацька, адумайся! — крычаў сын. — Ты пашкадуеш, ды позна будзе…

Князь не прывык думаць. Ён махаў шабляю. Толькі ўжо ў палацы пачаў астываць. Змяніў гнеў на міласць, загадаў адпусціць старога майстра, сына развязаць і рана ранічкай прывесці ў кабінет. Сам напіўся і лёг спаць.

Княжыч аж счарнеў з гора, так шкада было беднага дзеда і рукатворных жалеек і ваз. Хацеў закрычаць, а голас прапаў — мову адняло.

Заплакаў хлопец. Надта ж неспагадны да яго лёс. З маленства ласкі не ведаў: забраў Бог маці. Цяпер вось бацька карае, устроіў самасуд. Чым так жыць, ці не лепш з вежы выкінуцца?

— Не плач, княжыч, не гаруй, — пачуў ён ласкавы жаночы голас. Адняў ад воч далоні, убачыў перад сабой кветку валошку, якіх так шмат у жыце. Толькі гэтая кветка была ў залатых чаравічках, белай хусцінцы. Каптан — сінь-сінеча, спаднічка колеру неба яснага.

— Не плач, княжыч! — паўтарыла яна. — Я памагу твайму гору. Толькі не крыві душой, праўду кажы: даражэй табе багацце бацькава ці жаданне людзей цешыць…

Хацеў княжыч закрычаць, сказаць, што не трэба яму срэбра-золата, мур палаца, даражэй ад усяго на свеце радасць людзям несці: маляваць, ляпіць, выразаць. Раскрыў рот, а словы застылі на вуснах. Ён і забыў, што анямеў. Ды Валошка зразумела яго.

— З гэтай хвіліны, — усміхнулася сінь-кветка, — у твае выявы з гліны, у фігуркі-выразанкі жывая душа ўселіцца. I памятай, майстра, — людзі не толькі ў палацах жывуць!

Сказала так Валошка і растала ў паветры, толькі пахкі водар пакінула. А ў вушах княжыча гучалі словы: «Людзі не толькі ў палацах жывуць!»

Падумаў ён, пасля сабраў у скураны мяшок свае рэчы няхітрыя: нажы вострыя для разьбы, фарбы для роспісу; медальён з партрэтам маці; некалькі рублёў, заробленых сваім мазалём.

Ціха выйшаў ён з палаца, даў кругаля ў слабаду сялянскую. Там развітаўся з дзедам-майстрам і пашыбаваў куды вочы глядзяць.

Назаўтра раніцай бацька выправіў пагоню за сынам. Тры дні і тры ночы шукалі яго, але так і не знайшлі.

Начаваў княжыч, дзе цемра застане: у лесе пад вываратнем, у стозе сена, у карчомцы. Усюды, дзе б ні ішоў, да зямлі прыглядаўся, гліну прыдатную шукаў і не мог знайсці.

Ужо даўно грошы скончыліся, не было за што кавалак хлеба купіць, але княжыча гэта не палохала. Ён выразаў з дрэваў мядзведзяў, зайцоў, лісіц, плёў лапці, кашы для грыбоў і бульбы — мяняў іх у вёсках на хлеб.

Людзі пасля доўга ўспаміналі добрым словам майстра. Гляне хворае дзіця на драўлянага зайца — і ачуняе. А ў лапцях тых можна было сто вёрст прайсці і не стаміцца.

Ішоў наш княжыч, ішоў, і прывяла яго дарога да невялікага гарадка з дзіўнай назвай Глінішча. Прыпыніўся тут. Некалькі дзён тупаў вакол, па зямлі на каленях поўзаў. Твар свяціўся, як адпаліраваная ваза. Чаго-чаго, а гліны тут хапала: і чырвонай, і жоўта-залацістай, і нават белай. Мяў у руках яе, спрабаваў на смак. Была яна тлустая, як масла, клейкая. У родных мясцінах такой ніколі не сустракаў. Дзед вачам бы не паверыў.

«Застануся ў Глінішчах назаўсёды, — рашыў княжыч. — Але дзе жыць, за якія грошы купіць ганчарны круг?»

Хутка ці не, але ўзбіўся княжыч на капейку. Выручылі, як выручалі не раз па дарозе, тыя ж лапці і звяркі драўляныя. Пасяліўся, як і хацеў, наводшыбе ў адзінокай бабулі. Заплаціў ёй наперад за жытло і харч.

Хата стаяла на прыгорку. Побач гаманілі бярозы, спрачаўся малады дуб з дзядзькам яварам, а ўнізе, бліз рэчкі, туліліся адна да адной драўляныя хаты местачкоўцаў. У цэнтры — царква, на ўскраіне — кірмаш.

Падымаўся княжыч раней сонца, а спаць клаўся ледзь не апоўначы. У моцных лазовых кошыках насіў і насіў ён гліну, а вечарамі майстраваў ганчарны круг.

Народ у Глінішчах, як і ў кожным мястэчку, дасціпны, людзі часта спынялі майстра на паўдарозе, стараліся загаварыць з ім, а ён маўчаў, толькі рукамі размахваў, паказваў нешта. Тады і назвалі яго Маўчановічам.

— Вунь Маўчановіч гліну панёс, — казалі, — цягае і цягае. Навошта яму так шмат яе? Можа, дом хоча з гліны зляпіць ці драбіны да неба?

Неўзабаве княжыч назапасіў гліны, колькі хацеў, і круг ганчарны змайстраваў. Не было толькі ганчарнай печы. Але хіба гэта клопат для сапраўднага майстра? Хутка і печ з'явілася. I вось аднойчы прыснілася фея-кветка.

— Я ведаю, — сказала яна, — сумна табе. Зрабі найперш жалейку. З яе песняй-музыкай у душы свята паселіцца. Вось тады і парадуеш людзей!

Цэлы дзень чараваў над жалейкай Маўчановіч. З белай гліны яе вытачыў, распісаў фарбай чырвонай, абпаліў у печы. Ледзь астыла — да губ паднёс. I жалейка заспявала, ды так звонка, весела, што аж бабуля пусцілася ў скокі, шпакі здзіўлена замаўчапі, а самому майстру захацелася як найхутчэй сесці за круг і шчыраваць, шчыраваць…

Слава пра Маўчановіча разнеслася па навакольных гарадах і вёсках. Адкуль толькі ні прыязджалі людзі, каб купіць яго распісныя збаны і гаршкі, дудачкі, свістулькі ці паслухаць чарадзейную жалейку.

Ад'язджалі ад Маўчановіча з песняй у сэрцы. У збанах тых, каласочкі-красачкі, ніколі малако не кісла, а ў гаршках, колькі б ні стаяла страва, — ніколі не псавалася. Яны былі адметнымі: гляне на іх добры чалавек і адразу здагадаецца, аб чым хацеў сказаць людзям маўклівы майстра. А гаварыў ён аб дабраце, радасці жыцця.

Доўга круціў свой ганчарны круг Маўчановіч. Да слыннага майстра прыязджалі паны і падпанкі з усяго свету, ішлі простыя людзі.

Неяк дапяў да Глінішч аканом князя Ясінскага. I пазнаў ён у Маўчановічу князевага сына. Аканом забыўся нават на збаны і гаршкі, ускочыў у брычку і панёсся ў Гарадзішча, каб паведаміць яснавяльможнаму прыемную навіну. Цэлую шапку золата абяцаў насыпаць князь таму, хто знойдзе сына. Не ў радасць стала Ясінскаму паляванне, больш не склікаў ён шляхцюкоў з шляхцянкамі на баль, штодня хадзіў у царкву, замольваў свой грэх, шчодра адорваў жабракоў. Дзеду-майстру, які вучыў сына, падпісаў вольную. Адпусціў на волю яго дзяцей і ўнукаў, а таксама ўсіх слабодскіх майстроў.

Апошнім часам стары князь дужа хварэў. Баяўся памерці і не ўбачыць сына.

Пачуўшы ад аканома радасную вестку, князь падхапіўся з пасцелі, сам запрог коней, сеў на козлы за фурмана і пусціў тройку выязных рыссю.

А ў палацы варылі, смажылі, пяклі, рыхтаваліся да сустрэчы маладога Ясінскага.

У Глінішчах, каля карчмы, князь спыніўся, шпурнуў фурману лейцы, а сам пешкі падаўся да бабулінай хаты. Наперодзе бег, паказваючы дарогу, аканом, бо князь наступаў на пяты.

Сына ён пазнаў адразу. Быў май, і той вынес свой круг ганчарны на двор. Нага круціла кола. Дужыя і спрытныя рукі дакраналіся да гліны, і тая на вачах ажывала. Адухоўлены твар ганчара свяціўся. Князь не вытрымаў.

— Сынок! — закрычаў нема. — Ці ты гэта?

Ганчар спыніў кола, падняўся. Перад ім стаяў не грозны князь-уладар, а сівы дзядок, стомлены дарогай.

— Ба-бацька! — пачуўсвой голас— Бацька! — і кінуўся абдымаць дзеда.

Цэлы дзень прагаварыў князь з сынам. Людзі дзівіліся, здарыўся цуд — Маўчановіч загаварыў. I яшчэ больш былі здзіўлены, калі даведаліся, што ганчар адзіны спадчыннік яснавяльможнага князя.

Сваю майстэрню пакінуў княжыч лепшаму вучню Апалінарыю, які пасля ўвесь свет здзівіў: не жалейку змайстраваў, а арган з гліны.

Збаны, гаршкі і вазы раздаў княжыч людзям. Толькі жалейку чарадзейную захапіў з сабою. Праводзілі княжыча ўсім мястэчкам. Шчаслівы князь Ясінскі загадаў выкаціць на вуліцу бочкі з віном, вынесці рыбу і мяса. Хай помняць яго шчодрасць.

Пакланіўся княжыч людзям, ускочыў у карэту, і памчалі сытыя коні… Сёння ў Глінішчах, каласочкі-красачкі, тутэйшыя ганчары ўспамінаюць маўклівага майстра, які, перад тым як сесці за ганчарны круг, іграў на чарадзейнай жалейцы з белай гліны. А ў разбураным Гарадзішчы штогод знаходзяць незвычайныя гаршкі і збаны. Яны такія прыгожыя, моцныя, нібы не падуладныя часу. А ўсё таму, што ёсць у іх жывая душа.

Хітрая музыка

Не было гадзіны на Прывідусе, каб я не ўспамінаў пра свой дом. I бліны ўспамінаў, і печ, і сварлівую бабу. Нічога, здавалася, няма ад іх даражэй. I вось я ў сваёй хаце. З тыдзень не адыходзіў ад бабы, купляў падарункі ўнукам. Ім гэта падабалася, а вось старая коса паглядала на мяне: «Ты, мусіць, Манюкін, грэх за сабой чуеш, надта ўжо ласкавы. Глядзі, калі даведаюся пра твае шашні, то выганю з хаты назад у тую санаторыю!» Што ты возьмеш з цёмнага чалавека? Хіба яна лятала калі-небудзь на чужыя планеты, лекцыі вучоным чытала? Дальбог жа, табліцу множання забылася, хоць і хадзіла тры зімы ў школу.

Эх, усё часцей і часцей згадваў я Прывідус, нават журналіста, які называў мяне варварам, а пасля прапанаваў абраць ганаровым акадэмікам.

Тут, на Зямлі, ніхто пра мяне не піша, ніхто не фатаграфуе, быццам я такі, як і ўсе. Толькі застаўся ўспамін аб далёкай планеце ды яшчэ касета з музыкай. Аднойчы, калі ўнукі пайшлі ў школу, а баба Аўдоля падалася ў краму, дастаў я тую касету, узяў унукаў магнітафон. Акурат падышла.

Уключыў — музыка палілася. Якраз пад мой настрой. Не аглушальная і не траскуча-капрызная, а лёгкая, супакойлівая. Мелодыя светлая, сардэчная. Не заўважыў, як заснуў.

Спаў доўга ці нядоўга, не ведаю. Пабудзіла баба.

— Што з табою, дзед? — пытае. — Ці не захварэў раптам? Магнітафон дзіцячы ўключыў. Спіць пад музыку. Ты лепш вазьмі гармонік ды барыню ці «Лявоніху» ўрэж, а то слухае нейкую нудоту.

Зазлаваў я.

— Гэта не абы-якая музыка, — кажу, — яна ад усіх хвароб лечыць. Нервы супакойвае. Яе вучоныя прыдумалі!..

Глянуў я на бабу і асекся на паўслове. Пазірае на мяне як на блазна. Думае нябось, што здзяцінеў.

— Схадзіў бы ты, дзед, на вуліцу, пагуляў, — параіла баба, — а то сядзіш у чатырох сценах, нейкая хвантазія лезе табе ў галаву. Хоць людзям не мароч галаву пра лячэбную музыку, а то рагатаць будуць.

Махнуў я рукою, накінуў куфайку на плечы, схапіў магнітафон і выскачыў з хаты. Куды ісці? Сусед Тодар (той самы, з якім мы лыка з адной ліпы на лапці дралі) пасвіў за вёскай на лузе кароў.

«Пайду, — думаю, — пасяджу з Тодарам. Усё весялей чалавеку будзе, а то адзін, падпасавічаў у яго няма. Не захацеў нябось адрываць унучку ад школы».

Тодар узрадаваўся, як убачыў мяне. Ледзь не на шыю павесіўся.

— Памажы, братка Манюкін, кароў у кучу сагнаць. З імі штосьці здарылася. Гізуюць, быццам вясной. Адна ўжо ўцякла дадому. Я ўпарыўся, бегаючы.

— Мы ўмомант іх згонім, — паабяцаў я.

I праўда, удвух мы скора збілі кароў у кучу. Расклалі цяпельца, я ўключыў музыку. Праз хвіліну-другую мой Тодар пачаў акунёў вудзіць. Я падаслаў куфайку, і ён паваліўся на яе.

«Во стаміўся, небарака, — думаю. — Як ні кажы — гады!»

Ні вяселая, ні самотная мелодыя і мяне закалыхала. Не заўважыў, як і сам упаў побач з Тодарам. Спалі мы не менш як гадзін пяць, прачнуліся разам. Ужо сцямнела. I што самае дзіўнае, музыка гучала, быццам нейкая нябачная сіла пераварочвала касету.

Каровы не разбегліся, хоць іх ніхто і не пасвіў. Яны стаялі наўкруг нас і, задраўшы ўгару галовы, як мне здалося, слухалі музыку.

— Пара ўжо гнаць дадому, — спахапіўся Тодар. Ён схапіў пугу і кінуўся да статка. Дарэмна крычаў, хвастаў рагуль, ніводная не зрушыла з месца, Тодару аж кепска стала, схапіўся за сэрца. I тут я здагадаўся выключыць магнітафон.

Рагулі апусцілі галовы, усё роўна як пасля сеанса гіпнозу, і спакваля пацягнуліся дадому. Мы з Тодарам моўчкі ішлі ззаду. Ні ён, ні я не маглі зразумець, чаму так доўга спалі. Верасень. На дварэ халаднавата. Можна кімарнуць на паўгадзіны, але каб паўдня… Здэцца, на губу ні кроплі не бралі.

— Ці не чорт падшуткаваў над намі, — сказаў Тодар, — гэта яго жартачкі, ты хіба, Манюкін, нікому ні слова, а то бабы поедам з'ядуць…

Я ўжо здагадаўся, дарэмна нячысціка прыплёў сусед. Тут музыка віной. Чалавек пад яе засынае, а жывёла супакойваецца.

Прыгналі мы кароў. Баба надаіла не вядро малака, як звычайна, а два. Суседкі прыбеглі на падворак хваліць наперабой Тодара: «Во напасвіў чалавек кароў! Няма куды малака дзяваць…»

Тодар загадкава ўсміхаўся, падміргваў мне. Ён нічога не разумеў, але ад пахвалы было прыемна. Можа, і праўда яго заслуга.

Я ж выняў з магнітафона касету, знайшоў у куфры невялічкі пляменнікаў дыктафон. Уключыў — нармалёва, працуе. Вось і вазьму яго заўтра ў поле. У кішэні памесціцца.

— Можа, разам пагонім кароў? Аднаму цяжка пасвіць, — сказала баба.

— Тодар справіўся, спраўлюся і я!

— Куды табе да Тодара. Ён — герой. Ужо да чаго яго Манька скнара, а пярцоўкі паднесла. Ведама, людзі хваляць!

Назаўтра заняў я статак і пагнаў ажно пад Гарадзішча, далей ад вёскі. Там і трава добрая, і ніхто назаляць не будзе.

Каровы за ноч прагаладаліся. Хапалі траву папоўніцы, а пад'еўшы, пусціліся ў гулі. Адна ў лес прэ, другая ў шкоду. I тут я ўключыў музыку. Мае рагулі сталі рахманымі, як авечкі. Палеглі, задралі галовы і слухаюць. Смешна. Пстрыкнуў кнопкай, выключыў, каровы пагражаюць мне. Уключыў магнітафон — супакоіліся. Зноў апусціліся долу. А мяне, як і ўчора, на дрымоту пацягнула. Пэўна, не тую касету мне брат падсунуў. А можа, на зямлян яна не так дзейнічае, як на прывідусцаў? Хітнуў я галавой раз, другі, і вочы самахоць заплюшчыліся.

Прачнуўся вечарам. Палічыў каровы. Усе як адна. Махаюць галовамі ў такт мелодыі. Звіхнуцца можна.

Выключыў я дыктафон і пагнаў статак дадому.

На гэты раз каровы далі яшчэ больш малака, чым учора. I было яно куды тлусцей.

Вёска гула. Толькі і было гаворкі пра мяне і Тодара.

Мы, вядома, маўчалі. Чарга пасвіць статак выпала крывому Зусю. Пастух ён добры, ды і маладзейшы ад нас з Тодарам. «Тут ужо будзе мора малака, — думалі бабы, — трэба рыхтаваць чысты посуд!»

Рана радаваліся. Куды менш малака далі каровы. Жанчыны лаялі Зуся, маўляў, пастух з яго кепскі: па калена Манюкіну.

Вечарам у нашу хату набілася людзей, як зачыніць дзверы. I мужчыны, і бабы прасілі мяне стаць пастухом. I торбу будуць даваць штодня, а разлік восенню. З кожнага коміна па тры пуды збожжа, па сто рублёў грашыма.

Я ўпарціўся, баба не згаджалася, але людзі не адступалі. Давялося-такі падрадзіцца.

Пасвіўя кароў да «белых мух», Лепшыя каровы давалі малака па бідону. Людзі смятанай свіней кармілі, масла пудамі вазілі на базар.

Я днём спаў пад музыку, а ноччу не ведаў, куды сябе дзець. Кнігі чытаў, сам з сабой у карты гуляў.

Неяк пад раніцу прыбег Тодар. Свіння паросная захварэла. Стогне. Пена з рота капае.

— Памажы, Манюкін, — просіць, — у цябе рука лёгкая.

— Хіба я табе ветэрынар, — кажу, — едзь у цэнтру па доктара…

— Я паеду, а ты паглядзі свінню. Прападзе — з'есць мяне баба.

Я апрануў куфайку, узяў дыктафон і пасунуўся за Тодарам. Свіння пішчала, аж заходзілася. Шкода бедную.

— Едзь хутчэй, — камандую, — тут удвух няма чаго рабіць, Тодар схапіў веласіпед і паджгаў.

Я падышоў да свінні, пачухаў яе, уключыў музыку. Каб не заснуць — адышоўся на паўста метраў, вушы пальцамі заткнуў. З паўгадзіны тупаў па надворку, пасля пайшоў у хлеў. Свіння ачуняла. Рохкае, глядзіць на мяне з удзячнасцю. Выключыў дыктафон, гаспадыню гукнуў: «Нясі свінчу есці!»

Прыперла Тодарыха вядро мяшанкі. Хаўроння хапае папоўніцы. А тут і Тодар вярнуўся. Не ўдалося яму разбудзіць п'янага ветэрынара. Учора парасят пакладаў, ну і пачаставалі. Жонка сказала, што сама менш два дні будзе адлежвацца.

Тодарыха цягнула ў хату, хапала руку, каб пацапаваць. Ледзь вырваўся: кароў пара гнаць у поле.

Думаў я, каласочкі-красачкі, адпачну зімой. Дзе там, з усіх вёсак людзі едуць: то карова жвачку не жуе, то конь на ўсе чатыры нагі кульгае, то свіння не гукае. I не такі ў мяне характар, каб адмовіцца.

Я ўжо не браў з сабой дыктафона. Вывучыў тую музыку на памяць. I на дудцы мелодыю сыграю, і пад язык. Толькі вушы затыкаў ватай і танкашлем на галаву надзяваў, каб не заснуць.

Вясной зноў пагнаў каровы. Сонца прыгравае. Горача. Сяджу без кашулі, у падштаніках, а на галаве танкашлем. Дыктафон, вядома, працуе.

Дзівіліся людзі. Чалавек уключае музыку, а сам, каб не чуць яе, вушы затыкае. Мусіць, кароў да культуры прывучае. Скора намалюе круг, і гавяды будуць выкідваць свае ляпёшкі не дзе папала, а толькі ў адведзеным месцы.

Жартуюць, кепікі строяць, а прыпрэ бяда — да Манюкіна бягуць.

Сёрбанка

Хто з нас, грэшных, не любіць смачна паесці? Хто адмовіцца ад трайной юшкі, наварыстага булёну ці мясной сёрбанкі з прыправамі? Не ведаю, якія вы ласуны, каласочкі-красачкі, а мяне дык за вушы не адцягнеш ад добрай стравы. Хіба з галоднага работнік? Худы конь скора абмульваецца, а на сытага жарабца не трэба дубца.

Тую зіму мы з бабай Аўдоляй чаго толькі не назапасілі. У сенцах стаялі кубельцы з каўбасой і салам, у варыўні — бочкі з марынаванымі грыбамі, мочанымі яблыкамі, квашанай капустай. Я ўжо не кажу пра бульбу, буракі, моркву, пасолю…

Так здарылася, што зімой работы такоўскай не было. Пакормім раніцай свіней, карову — самі добра паснедаем і гуляем на печы ў падкіднога. Надакучыць гуляць — баба ідзе да кубельца. Адрэжа сала, каўбасы. Уплятаем з бульбай ці хлебам, аж шчокі трасуцца. Пасля набоўтаем у ваду чарнічнага варэння і жлукцім. А там, само сабой, разамлеем, на сон цягне. Спім да паўдня, пакуль свіння з парсюком сваім рохканнем не пабудзяць. Пакормім свінства, самі хутчэй за стол. Баба выцягвае з печы смажанае, паранае, варанае — еш, хоць расперажыся! Самае смешнае, каласочкі-красачкі, што я худзею, а баба Аўдоля, наадварот, папраўляецца. Ужо ніводнай спадніцы не можа ўсцягнуць на сябе. Стала тоўстая, бы кадушка, — перавальваецца з нагі на нагу, як качка.

Мяне ж, як выйду на вуліцу, вецер з ног валіць, высах на кіпець. Так і дух спусціць можна. Што рабіць, што чыніць? Як уратавацца? I тут я ўспомніў пра чарадзейныя дарункі брата. У мяне ж — дар кухара!

Назаўтра раніцай баба паставіла на стол смятану і масла. Нарэзала на талерку паляндвіцы, прынесла грыбоў марынаваных, агуркоў салёных. Выцягнула з печы чыгунок гарачай бульбы.

— I ты ўсё гэта адна з'ясі? — спытаў я.

— Чаму адна? Пра цябе дбаю, — кажа, — вунь як высах, аж свецішся наскрозь.

— Даруй, баба, — уздыхнуў я, — з сённяшняга дня я буду гатаваць сам. Не на карысць мне твае разнасолы. Посненькага хочацца.

— Ты ж Богу душу аддасі ад поснага. Табе трэба на сала, на бліны націскаць.

Я заўпарціўся. Старая — у слёзы, просіць не капыліцца. Ды мяне не так проста збіць з тропу, цвёрда гну сваю лінію. Урэшце адстала баба. Мусіць, сапсаваў я ёй апетыт, бо моўчкі прыбрала са стала і, сапучы, палезла на печ.

Пайшоў я ў варыўню. Выбраў дзве вялікія бульбіны, крыху пасолі, адну моркву і такіх-сякіх прыпраў: пятрушкі, укропу, кміну…

Вярнуўся ў хату, абіраю бульбу, а ў галаве круціцца: чагосьці не хапае. I гэтае штосьці ці не галоўнае, без яго добрай сёрбанкі не атрымаецца.

«Лезь на гарышча, — быццам шэпча нехта на вуха, — лезь на гарышча».

Я і палез. Дзіва дзіўнае, рукі самі пацягнуліся да пучка з крапівой-жыгучкай, а там да святаянніку і каліны.

Ці так ці сяк, злез я з гарышча, наліў у каструлю вады, укінуў туды некалькі трусіных костачак і паставіў на пліту.

Парэзаў на квадрацікі бульбу, пачысціў моркву, а пасля прапусціў яе праз тарку. I так стала весела, быццам чорт дрынчыць. Схапіў я гармонік, зайграў, заспяваў:

Эх, капустка мая Не капусціцца. Раззлавалася бабуля — Не адпусціцца. Ты-лі-лі, ты-лі-лі, Каб капусты ўлілі, Далі хлеба камяка — Паскакаў бы казака.

Баба галаву высунула з запечка, дзівіцца. А я ўжо кінуў гармонік — па капусту пабег. Нездарма пра яе спявалася.

— Ці дасі ты мне, Манюкін, хоць лыжачку тваёй сёрбанкі? — пацвельвалася баба. — Смачная нябось атрымаецца. Солі дзве жмені ўсып ды перцу ложак пяць — во пойла будзе для каровы.

— Ты маёй стравы не чапай, — кажу, — умінай сваю каўбасу. Толькі наймі чалавека, каб на печ падсаджваў. На мяне не разлічвай.

Замаўчала старая. Не спадабаўся мой жарт.

Ну і маўчы, мне няма калі языком мянташыць. Дабаўляю ў варыва гародніну. Рыхтую прыправы. Костачкі з калінавых ягад дастаю. Рукі самі ведаюць, колькі чаго браць, калі класці.

Памешваю сёрбанку драўлянай лыжкай, дабаўляю прыправы, і такі пах ідзе, што аж бабуля на печы заёрзала.

Праз паўгадзіны наліў свайго варыва ў гліняную міску, даў крыху астыць перад тым, як смакаваць. Зачэрпнуў нарэшце адну лыжку, другую, а там як рассмакаваў, увачавідкі ўсю міску ўтрубіў.

— Можа, і ты, баба, хочаш сёрбанкі? — пытаю, — То не саромейся, скажы, я налью.

Маўчыць. Занаравілася. Не будзем упрошваць, не хочаш — не трэба, самі з'ядзім.

Не палез я пасля сняданка, як звычайна, на печ. Пацягнула на вуліцу. Мароз трашчыць. Снегу па плот, а на душы цёпла. Нутром адчуваю — папраўлюся. Ёсць косці — і мяса нарасце.

Гадзіны дзве хадзіў. Дапяў да замёрзлай рэчкі, пакоўзаўся з дзецьмі па лёдзе, пагуляў у снежкі. Есці захацелася.

«Пайду дахаты, — думаю, — яшчэ міску сёрбанкі апаражню».

Прыйшоў, распрануўся, зняў вечка з каструлі, а там пуста. Глянуў на бабу — пасміхаецца. Дык вось хто ўтрубіў маю сёрбанку.

Што тут скажаш, давялося зноў кухарыць. Баба ўзялася памагаць, але я адмовіўся ад яе паслуг.

Цэлы тыдзень мы са старою нічога, апрача маёй сёрбанкі, не елі. На сала і каўбасы глядзець не маглі.

Зірнуў я аднойчы ў люстэрка і ахнуў: твар круглы, поўны, нават мой дзюба-нос выпраміўся. Скінуў кашулю — ого-го, спартсмен, не худоба — мужчына ў целе. Мускулы іграюць — прыемна.

Бабу токсама не пазнаць. Дальбог, убавіла пуды на два. Ужо не сапе, а бегае, як маладзіца. Раней не выперці з хаты па ваду, а тут сама хапае вёдры і, расхрыстаная, прэ да калодзежа.

Неяк падлабуньваецца да мяне баба. Ілжэ не падсяваючы: маўляў, я самы прыгожы, самы малады…

«Тут, — думаю, — штосьці не так. Наконт прыгажосці, можа, і праўда, але каб у сто год самы малады… Ой, недарма старая лёстачкі падпускае».

I праўда. Як у ваду я глядзеў.

— Давай, дзед, — кажа, — пляменніцу маю, Клаўку, запросім у госці. Хай пажыве ў нас які тыдзень. Усё весялей нам.

Я, вядома, не супраць. Клаўка працавітая дзяўчына, паважае старэйшых. Толькі вось хлопцы на яе глядзець не хочуць. Раздабрэла, бедная. Саромеецца з хаты выйсці. Не есць па тры дні, а ўсё роўна не худзее.

— Ідзі, старая, кліч дзяўчыну, — кажу. Баба падхапілася, пабегла.

Назад прывяла за руку Клаўку. Тая адразу закасала рукавы і давай шчыраваць: мые падлогу, столь працірае.

— Гатуй, Манюкін, сёрбанку, — шапнула мне баба. Дык вось яно што! Ох, і хітрая мая Аўдоля.

Селі вячэраць — сёрбанка. Назаўтра сняданак — сёрбанка, і на абед — таксама. Можа, і не вытрымала б Клава, уцякла б ад нас ці крадком у кубелец па сала палезла, але баба прыкінулася хворай, стогне, не адпускае ад сябе дзяўчыну. А тая на вачах худзее. Ужо каптан на ёй вісіць — дзве Клаўкі ў яго ўлезуць. Павесялела дзяўчына: смяецца, спявае.

Дома бацькі і сёстры ледзь пазналі яе. Раней з хаты на вуліцу чапялой маці гоніць, а тут сама ў клуб пабегла. Дзіва. Двое хлопцаў з-за Клавы адзін аднаму насы расквасілі. Самыя зайздросныя і багатыя жаніхі цугам ходзяць за дзяўчынай. А яна носом круціць, не можа дараваць, што пасмейваліся раней з яе.

Выскачыла замуж наша Клаўка за моладога камерсанта з Мінска. Кажуць, грошай у таго пудоў пяць.

— Ці помніш ты маю сёрбанку? — спытаў я на іх вяселлі.

— Я, дзеду, — кажа Клаўка, — на ўсё жыццё яе запомню. Вось так, каласочкі-красачкі.

Чэмер-чамярыца

Даўно нам дзед казак не баяў: замучылі тоўстыя і тонкія. Адкуль толькі не едуць. Быў афрыканскі прынц, шэйх з Кувейта, мільярдэр з Амерыкі… Якія ўжо там казкі — люльку няма калі ў зубы ўзяць. I ўсё ж неяк раніцай пасадзіў нас дзед на «кайзера» і папёр у Дубовае балотца. Тут ужо не знойдуць тоўстыя і тонкія.

Селі мы каля дуба-велікана, пыхнуў дзед люлькай і давай распавядаць: — Раскажу вам, каласочкі-красачкі, пра чэмер-чамярыцу — чарадзейную травіцу. Спачатку расла яна на лузе, а пасля вунь на тую паляну перабралася. Высокая — у рост чалавека. Кветачкі жоўта-зялёныя, дробненькія, а лісты шырачэнныя. Не любілі людзі чамярыцы. Атрутная яна. Ведзьмы з яе горкае зелле варылі, людзей губілі. Вось і вырывалі чамярыцу з коранем, выкідалі на сметнік, і ўцякла чэмер-трава ў лес.

Неяк паслала мяне баба па верас. Ей не спалася, і людзі нараілі верасовы чай. Прыйшоў я вось у гэтае Дубовае балотца. Самі бачыце, верас тут ого-го! Крыху прыстаў з дарогі, сеў вунь каля таго дуба. Восень. Маркотна. Птушкі не спяваюць. Пажаўцела лістота. Закурыў. Чую паблізу галасы. Жаночы і мужчынскі.

«I чаго людзі сюды прыперліся? — думаю. — Верасень. Сама работы па гаспадарцы. Грыбы ў балотцы не растуць, моху можна надраць і пазней…»

Чалавек я дасціпны. Прыслухаўся. Дрэнна чуваць. Я пайшоў на голас. Наблізіўся да паляны. Дыхнуў лёгкі вецярок, і ў нос шыбануў смуродны пах. Так пахне толькі вясёлка-грыб. Не проста яго адшукаць: надта ўмее хавацца. I пах чуеш, і ходзіш вакол, а не бачыш. Мой дзед аднойчы памяняў яго на сто баравікоў. I страўнік лечыць грыб-вясёлка, і ад раматусу памагае. Гэтых грыбоў мо з дзесяць на ўвесь лес. Ну і я, вядома, рашыў адшукаць яго. З маім доўгім носам гэта ўжо і не так цяжка. Іду на пах. Смурод усё мацней б'е ў ноздры, а галасы ясней і ясней. Адзін старэчы — шапялява-траскучы; другі маладзейшы — журботна-ласкавы. Тут і гадаць няма чаго — голас бабулі і юнака.

Сядзелі яны пад маладым дубком. Бабуля ў жоўтым каптане, доўгай, да пят, зялёнай спадніцы. Была яна, нягледзячы на старасць, усё яшчэ прыгожай і, мусіць, ганарлівай: гаварыла, як усе роўна рабіла ласку маладому мужчыне.

— Што ты бачыў на сваім жыцці, — казала яна, — нават сонца баішся. Зашыешся ў лісце і галаву не высунеш. Вунь які непрыемны пах ад цябе. Давай памяняемся месцамі, а то вецер на мяне дзьме.

Бабуля ўхапілася кашчавымі пальцамі за нос і перасела на месца хлопца, а той пакорліва сеў на бабуліну купіну.

Юнак быў згорблены, невысокі. Ён тхаравата аглядваўся па баках, нібы чакаў бяды. Відаць, яго пакрыўдзіла бабуля, бо ён папракнуў яе:

— Даруйце, Чамярына Янаўна, але хіба я вінаваты, што людзі аблажылі мяне з усіх бакоў: вынюхваюць, вывіжоўваюць. Хутка знішчаць. Мы размаўляем з вамі, а бяда побач. Ніводзін мой брат не дажыў да старасці. I хаваемся, і галавы не высоўваем, як вы кажаце, а знаходзяць… Усё пах пракляты. Не ад страху ён, мы нараджаемся з ім. Не крыўдуйце, але рэдка ў якой зёлкі гэтулькі атруты, як у вас. Нябось не адну жывую душу загубілі.

Я стаіўся, як нежывы. Няўжо такое можа быць? Няўжо Чамярына Янаўна — трава чамярыца, а малады чалавек — вясёлка, смуродны грыб?

— Хе-хе-хе, — кашлянула Чамярына Янаўна, — кажаш, я душагубка… А ці ведаеш ты, смаркач, што тыя душы гінуць не па маёй віне? Быццам і разумныя людзі, маімі лістамі перакладаюць адзежу, каб моль не патачыла, жывёлу ад матыліц лечаць… а самі меры не ведаюць. Настояць на гарэлцы каранёў, лістоў і жлукцяць шклянкамі… Трэба па чуць-чуць, па лыжачцы піць. Тады ўратую я ад самай страшнай немачы… Куды тым зверабою-святаянніку ці душыцы-мацярдушцы!..

— Затое як пахнуць яны, Чамярына Янаўна!

— Каму што, а дурню ступа. Што твой смурод, іх водар у параўнанні з маёй атрутай! Тысячы людзей косіць рак. Жахлівая пухліна жыўцом з'ядае чалавека. Ад яе няма ратунку. Толькі я магу тую пухліну адолець. Мой яд, я, мая атрута…

— Кіньце хваліцца, — зарагатаў малады чалавек, — я, мой, мая… рак вам не моль і не вусні на капусце. Старая кабета, а брэша, як малое шчаня.

Чамярына Янаўна падскочыла з месца, забегала вакол юнака, размахваючы кулакамі. Твар яе пачырванеў, губы падцяліся…

— Ты чуеш, грыб-смурод, — крычала яна, — ніхто яшчэ мяне так не абражаў, ды я, ды я цябе на парашок сатру, увесь твой род атручу!

Мае сумненні развеяліся, як дым. Чамярыца сварылася з грыбам вясёлкай. Уся аж дрыжыць ад злосці. Шкада, калі разбягуцца, надта ж хочацца паслухаць іх гаворку да канца.

— Во, во, атруціць вы зможаце, — не здаваўся грыб, — а вылечыць — кішка тонкая. Каму вы трэба? Вунь на паляне колькі сясцёр вашых жухне. А я тут адзін. Калі хочаце ведаць, то я ад добрай тузіны хвароб магу вылечыць і чалавека, і звера. Мой настой на гарэлцы куды даражэй за хвалёны жэньшэневы. Ды што гэты жэньшэнь, яго ў агародах разводзяць. Дарэчы, вас таксама ўбачыш і на сметніку, і на лузе, вы непераборлівыя, адным словам, ваш род нешляхетны.

— Ха-ха-ха, шляхціц-смурод! — рагатнула Чамярына Янаўна. Тут ужо грыб ірвануўся з месца, ухапіў бабулю за жоўты каптан, давай яе тузаць, крычаць.

Не люблю я, каласочкі-красачкі, калі старэйшых крыўдзяць. Сам не маладзён. Выйшаў са сваёй хованкі, ступіў да бабулі з хлапцом.

— Кіньце спрачацца, — кажу, — я магу рассудзіць, хто з вас лепшы лекар.

Грыбу вясёлцы і мову адняло. Хуценька схаваўся за бабулю, а тая не спалохалася, не ўпершыню бачыць чалавека.

— I як жа ты рассудзіш нас? — пытае.

— Вельмі проста. У нашай вёсцы адна жанчына пакутуе ад рака. Яе лячылі і ў мястэчку, і ў вялікім горадзе, вазілі да ведзьмароў, шагтгух — не памагае. Цяпер дома ляжыць, чакае смерці. У беднай сямёра дзяцей, усе малыя. Сіротамі застануцца. Людзі шкадуюць яе: рукадзельніца, пявуння. Хто з вас зможа вылечыць гаротную? Вы, Чамярына Янаўна, ці вы, пан Вясёлка?

— Я не вылечу рак, — прашаптаў грыб, высунуўшы галаву з-за спіны Чамярыны. — Вылечу хворыя ногі, рукі, нават жабу грудную, а тут, даруйце, я — бездапаможны.

Чамярына Янаўна пераможна глянула на грыба вясёлку, пэўна, назнарок заціснула доўгімі пальцамі нос, усміхнулася.

— Не раз клялася я не памагаць людзям. Вынішчаюць яны маё племя, плёткі праз яго распускаюць, але так і быць, каб нос падцерці гэтаму шляхціцу-самазванцу, я вылечу вашу рукадзельніцу.

Чамярына Янаўна падышла да высокай расліны з тоўстым сцяблом. Яе лісты пасохлі, галава схілілася долу.

— Гэта мая бабуля, — сказала Чамярына Янаўна, — нядоўга ёй жыць. Шмат зла зрабіла яна не па сваёй волі. Яе лістамі атруціліся два зайцы, два дзікі і нават адно ласяня. Шкадуе бабуля, што памрэ і ні чалавек, ні звер не скажа пра яе доброга слова. Вось вы выкапайце яе з карэннем, памыйце, высушыце, настойце на спірце, і праз тыдзень…

Чамярына Янаўна нахілілася да майго вуха і пачала ціха шаптаць. Мусіць, баялася, што пра яе таямніцу пачуе грыб вясёлка.

— Толькі памятайце, — сказала ўжо ўголас, — гэты настой паможа толькі тройчы. Адзін раз чалавеку, другі раз зверу, а трэці раз птушцы… Божа, уратуй вас, не пазбавіцца ад яго пасля гэтага.

Я паабяцаў Чамярыне Янаўне выканаць усё, што яна сказала. Нарваў верасу, выкапаў чэмер-чамярыцу і падаўся дадому.

Праз тыдзень пераступіў парог хворай жанчыны. Падбадзёрыў яе, развесяліў.

— Вылечу цябе, — кажу, — ёсць у мяне чарадзейныя кроплі. Накапаў я чэмер-чамярыцы ў лыжку, папрасіў жанчыну выпіць. Яна выпіла і адразу заснула. Шэсць дзён хадзіў я да яе раніцай, днём і вечарам. На сёмы жанчына паднялася з пасцелі. Дзеці плакалі ад шчасця. Не салгала, не падвяла Чамярына Янаўна. I я баяўся ашукацца, падвесці яе. Настой чамярыны насіў заўсёды з сабою, не дай бог хто-небудзь знойдзе…

Неяк на двор наш прыбіўся худы, зблажэлы мядзведзь. Бурая поўсць у крыві, з рота белая пена валіць. Мы з бабай спалохаліся, схапіў я стрэльбу, хацеў забіць мядзведзя, а ён жаласна глядзіць на мяне малымі чырвонымі вочкамі, усё роўна як просіць ратунку. Шкада стола Мішку. Прынёс яму малака, хлеба. Не есць. 1 тут, каласочкі-красачкі, успомніў я пра чэмер-чамярыцу. Наліў у скавараду вады, накапаў туды чамярынага настою і паднес Мішку. Той давай жлукціць ваду. Выпіў і глядзіць на мяне, маўляў, яшчэ давай.

— Хопіць, — кажу, — ідзі спаць.

Паслаў яму ў хляве саломы, і Мішка адразу ж захроп.

— А што, калі ноччу прачнецца, карову задушыць ці каня? — злавала баба.

— Не памром, — кажу, — неяк пражывём, — чуе звер добрых людзей, нездарма да нас завітаў.

Неўзабаве акрыяў Мішка. Не спяшаўся ў лес, да самай зімы жыў у нас. Ваду насіў, памагаў дровы траляваць, посцілкі цягаць. Знік позняй восенню. Пэўна, пайшоў бярлогу шукаць. Нябось выспіцца за зіму і прыйдзе да нас з бабуляй у госці.

Выратаваў я, каласочкі-красачкі, ад смерці яшчэ самую гордую птушку — ястраба. Не захацеў ён пакідаць нас з бабуляй, цяпер ад каршуноў курэй аберагае і такі хітры, вясёлы. Падымецца высока-высока, пасля падае каменем уніз, быццам хваліцца, які ён спрытны. Глядзім на яго з бабуляй і маладзеем. Таксама хочацца подняцца да нябёс. Толькі не адпускае зямля. Нават ястраб назад вяртаецца, куды ўжо нам, старым. На зямлі трэба жыць у згодзе і чалавеку, і зверу, і птушцы, і той жа чэмер-чамярыцы.

Штогод прыходжу я ў гэтае балотца, шукаю Чамярыну Янаўну, але так і не знаходжу яе. Давайце, дзеткі, мае вы кветкі, пагукаем, паклічам, а раптам адзавецца: «Ээй, дзе вы-ы, ого-го! Чамярына Янаў-на-а!»

Мы памагаем дзеду Манюкіну, крычым-гукаем, ды толькі рэха адзываецца. Маўчыць чэмер-трава.

Тэлеграма ад Радзівіла

Ой, дзед, ой, хітрун! Апрануўся, як у нядзельку, і ўсё нешта на вуліцу паглядае. Мы хацелі збегаць на рэчку, там акунь добра клюе. Не пускае дзед, пасадзіў нас на лаўку насупраць хаты і зубы замаўляе. Нябось кагосьці чакае… Нас не правядзеш: пэўна, паштальёнку. Бунь яна ходзіць ад хаты да хаты. Зараз каля нас апынецца.

— Дзень добры! — вітаецца цётка Соня. — Вам, дзеду, тэлеграма нейкая дзіўная. З-за мяжы. На пошце начальніца казала — з Англіі, во!

Дзед здзіўлена хмыкнуў, загадаў Аленцы бабулю гукнуць. Тая адразу ж выйшла на вуліцу, павіталася з паштальенкай.

— Тут мне тэлеграма, — сказаў дзед, — нібыта ад ангельцаў. Там у мяне блізкіх сяброў і сваякоў нямашака, хіба што стрыечны брат успомніў…

— Чулі, чулі, — засмяялася бабуля, — князь Радзівіл. Ты, Сонечка, не зважай на старога дурня. Ён, калі ўчаўпе сабе што-небудзь у галаву, то сам сабе паверыць. Знайшоўся мне нашчадак Радзівілаў!

— Але тэлеграма сапраўды з Лондана, — сказала паштальёнка, — і падпісаў яе Радзівіл.

Каб гром грымнуў з яснага неба, мы так бы не здзівіліся. I баба Аўдоля, і мы з Алёнай, і хлапчукі-суседзі быццам анямелі.

— Чытай ужо хіба, — папрасіў паштальёнку дзед, — я акуляры ў хаце пакінуў.

«Паважаны спадар Манюкін, — прачытала цётка Соня, — у бліжэйшы час я прышлю афіцыйнае пацвярджэнне, што вы належыце да самага старажытнага і шляхетнага роду Радзівілаў. З гэтай паперай вас, несумненна, прымуць у клуб беларускай шляхты пад старшынствам дробнага шляхцюка Г.

Такі смелы, знаходлівы і рашучы чалавек, як вы, не можа не належаць да нашага слыннага роду.

Чытаю кнігу аб Вашых прыгодах. Разам з Вам ваюю з нячысцікамі, ратую звяроў і птушак, баю дзецям казкі.

Сто лят Вам жыцця, добрага здароўя, шчасця.

Ваш Радзівіл

Лёндан. Вялікабрытанія.

31 жніўня, год 2008-ы ад Нараджэння Хрыстова».

Дзед пераможна глянуў на бабулю. Як самы сапраўдны шляхціц, пацалаваў руку паштальёнцы, забраў тэлеграму і, падміргнуўшы нам, падшывальцам, пайшоў у хату, кінуўшы няўзнак: «Нягожа, калі беларускай шляхтай запраўляе драбнарыбіца. Тут на самацёк пускаць нельга… ой, нельга».

Мы моўчкі глядзелі ўслед. Ну і дзед, усіх здзівіў. Гэта ж трэба, сам Радзівіл даў яму тэлеграму. Вунь як горда барадой затрос. Мусіць, і нам з Алёнай не выпадае з кім папала хаўрусаваць. Мы — беларусы!

Оглавление

  • Васіль Шырко Дзед Манюкін і ўнукі
  •   Частка першая
  •     Самсабе
  •     Чароўная зямля
  •     Шчасце
  •     Чортаў сверб
  •     Незвычайны сон
  •     Людаедка
  •     Сусед паняволі
  •     Як дзед цыганіў
  •     Рэшата гораху і …наццаць бліноў
  •     Пражорлівы злодзей
  •     Адарваны хвост
  •     Добра, вол выручыў
  •     Мюнхгаўзенам дражняць
  •     Дзяніса, што прадаваў ліса
  •     Свінтус-грандыёзус
  •     Дзіўны кот
  •     Разам да зор
  •   Частка другая
  •     Блізнюкі
  •     Бабыль
  •     Бельчык
  •     Зграя
  •     Конь-агонь
  •     Чортаў млын
  •     Сушня
  •     Белы певень
  •     Красналюдак
  •     Царскі кужаль
  •     Цыганачка
  •     Прывідус
  •     Фарфоравыя зубы
  •     Варвар
  •     Сем дурняў за дзівака
  •     Сомік
  •     Чарадзейная жалейка
  •     Хітрая музыка
  •     Сёрбанка
  •     Чэмер-чамярыца
  •     Тэлеграма ад Радзівіла Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Дзед Манюкін і ўнукі», Василий Ширко

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства