А хiтрая Рыбка паплыла i схавалася ў тванi пад самым парогам Экватара. Яна думала, што Кiт раззлаваўся, i баялася паказацца яму на вочы.
Марак узяў з сабою свой паляўнiчы нож. Сiнiя палатняныя штаны былi па-ранейшаму на iм, калi ён крочыў па каменьчыках каля самага мора. Але падцяжак на iм ужо не было. Яны асталiся ў горле ў Кiта. Iмi былi звязаны лучынкi, з якiх Марак зрабiў рашотку. Вось i ўсё. Гэтай казцы канец.
Калi ў вокнах каюты
Зялёная цьма,
I пырскi ўзлятаюць
Да труб,
I ўстаюць пахвiлiнна
То нос, то карма,
А слуга, што падносiць вам
Суп,
Нечакана так валiцца
У куб,
Калi хлопчык ад рання
Неадзеты сядзiць
I мяшком на падлозе
Яго нянька ляжыць,
Калi хвалi страшэнна
Равуць за кармой
I нiхто не смяецца,
Не п'е i не есць,
Вось тады для нас ясна,
Што значаць сабой:
Сорак Норд,
Пяцьдзесят Вест!
ЧАМУ Ў ВЯРБЛЮДА ГОРБ
Вось яшчэ адна казка, i ў ёй я хачу расказаць, чаму на спiне ў Вярблюда такi вялiкi горб.
У сама першыя гады, даўно-даўно, уся зямля была новенькая, толькi што зробленая. Жывёлы з першых жа дзён пачалi служыць Чалавеку. Але ў Страшэнна-Панурай Пустынi жыў Страшэнна-Пануры Вярблюд, якi i не думаў працаваць. Ён еў сухiя калючкi, жорсткiя галiнкi, тамарыск, цярноўнiк i кару, але працаваць нiзашто не хацеў, - такi несумленны гультай! I што б нi казалi яму, ён на ўсё адказваў:
- Гррб!
Толькi "Гррб" - i болей нiчога.
Вось аднойчы, у панядзелак ранiцой, прыйшоў да яго Конь. На спiне ў Каня было сядло. У зубах вуздэчка.
- Вярблюд, а Вярблюд! - сказаў ён. - Iдзi да Чалавека i пачнi бегаць трушком, як бегаем мы.
- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Конь пайшоў да чалавека i расказаў яму ўсё.
Неўзабаве пасля гэтага да Вярблюда прыйшоў Сабака. У яго ў зубах была палка. Ён прыйшоў i сказаў:
- Вярблюд, а Вярблюд! Iдзi да Чалавека, навучыся хадзiць разам з iм на паляванне, як мы.
- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Сабака пайшоў да Чалавека i расказаў яму ўсё.
Неўзабаве пасля гэтага прыйшоў да Вярблюда Бык. У Быка на шыi было ярмо. Ён сказаў:
- Вярблюд, а Вярблюд! Iдзi да Чалавека i ары зямлю, як аром мы.
- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Бык пайшоў да Чалавека i расказаў яму ўсё.
Увечары Чалавек паклiкаў Каня, Сабаку i Быка i сказаў:
Комментарии к книге «Казкi (на белорусском языке)», Редьярд Джозеф Киплинг
Всего 0 комментариев