Падрыхтаванае на падставе: Андрэй Федарэнка, Шчарбаты талер: Аповесьць, апавяданьні — Мінск: Юнацтва, 1999. — 207 с.
ISBN 985-05-0307-6
Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010
© Камунікат.org, 2010
ШЧАРБАТЫ ТАЛЕР Часціна першая. ЗАГАДКАВАЯ МАНЕТАРаздзел 1. АКСАНА — «ВЬІКРАДАЛЬНІЦА» ДЗЯЦЕЙ
Бацька зірнуў на куханны гадзіннік, умацаваны ў шафцы над газавай плітою, адсунуў кубак з недапітай гарбатаю.
— Дзіўна... — прамармытаў ён. — Увесь час думаю, чаго не хапае? Аказваецца, тэлефон маўчыць. Аж не прыпомню такога вечара, каб ніхто не званіў, каб я нікому не быў патрэбен... Можа, тэлефон сапсаваўся?
Аксана, седзячы насупраць і п'ючы гарбату, паціснула плячыма. Бацька выйшаў у пярэднюю, хутка вярнуўся. У адной руцэ ён трымаў тэлефон, у другой — шнур з выцягнутай з разеткі вілкаю.
— Аксана,— сказаў бацька, зморшчыўшы лоб, падазрона ўглядаючыся ў дачку (ён быў блізарукі),— што гэта значыць? Навошта ты адключыла тэлефон?
— Ну, выцірала пыл у кутку каля разеткі... Можа, неяк выпадкова зачапіла шнур, ён і вылузнуўся.
Бацька ўздзеў на нос акуляры, але позірк яго і цяпер, праз шкельцы, не змяніўся, вочы глядзелі на дачку з тым жа падазроным прыжмурам.
— Я табе не веру. Што ты зноў утварыла?
— Нічога.
— Што ў школе?
— Нічога.
— Ты гаварыла сёння з завучам, як мы дамаўляліся? Сказала яму, што заўтра ты прапусціш урокі, бо мы едзем да бабулі?
— Супакойся, я... гаварыла з завучам.
— Ён адпусціў?
— Адпусціў. Сказаў... сказаў: «Ты добрая дзяўчынка, едзь на здароўе хоць на адзін дзень, хоць на некалькі, хоць да канца вучобы»...
Бацька не даслухаў і махнуў рукою, у якой трымаў шнур.
— Не, штосьці тут не тое... Вось зараз сам перазваню яму дамоў і спытаю,— і бацька знік.
Аксана ўздыхнула. Ну, зараз пачнецца... І чаму гэта дарослыя так любяць праўду, так дабіваюцца яе? Калі б усе гаварылі толькі праўду, што за жыццё было б?.. «Аксана, ты адключыла тэлефон?» — «Так, я адключыла тэлефон».— «Навошта?!» — «Таму, што завуч збіраўся званіць табе, каб выклікаць назаўтра ў школу».— «Навошта?!» — «Каб пагаварыць пра мае паводзіны»... Цьфу! Праўда страшэнна нудная і нецікавая...
Комментарии к книге «Шчарбаты талер. Апавяданні», Андрей Михайлович Федоренко
Всего 0 комментариев