Як вядома, самыя цікавыя гісторыі заўсёды пачынаюцца нечакана. Яны, так мне здаецца, нагадваюць дзіўны казачны сон, які і радасць прыносіць, і трывожыць, і нават наганяе страху.
Так, кожная цікавая гісторыя чымсьці падобная на сон. А гэтая, пра якую хачу вам расказаць, таксама нібыта сон. Мне і цяпер часам здаецца: таго, што здарылася са мною, не было. Проста прыснілася. Прыснілася, каб не паўтарыцца…
У тое лета ўрадзілі суніцы. Цёплыя, шчодра нагрэтыя сонцам, яны ўсыпалі ўсе лясныя палянкі. А ад нашай вёскі Яловікі да лесу рукою падаць. Выйшаў з хаты, прайшоў паўкіламетра — лес перад табою. Там знаёмыя сцяжынкі, якія бягуць, выводзяць да самых зманлівых сунічных палянак.
З самага ранку са сваім сябрам Васілём я адправіўся ў лес. Мы не бралі з сабой ні збанкоў, ні вядзерцаў, ні нават кубкаў. Мы проста хацелі паласавацца суніцамі, крыху пабегаць, пагукаць, праверыць птушыныя гняздзечкі. Што ж, не так даўно скончылі шэсць класаў. Канікулы. Як гаворыцца, маем права пагуляць.
Ды ў гэты дзень склалася не так, як заўсёды. На знаёмай паляне, дзе расла магутная разлапістая яліна (на гэтую яліну з Васілём часта лазілі, каб паўзірацца з вышыні на вёску, на поле, на луг), убачылі палатку. Здаецца, Васіль першым яе ўбачыў. Хоць не хочацца прызнавацца, але скажу: Васіль жвавейшы за мяне. Ен і гняздзечка першым заўважыць, і вужа, калі той вылезе на палянку, каб пагрэцца. А я валакуся за ім як з завязанымі вачыма. Часта апярэджвае мяне Васіль.
Так, так, цяпер успомніў: гэтую палатку ён першы ўбачыў. Убачыў і штурхець мяне ў бок:
— Антон, глядзі!
А мне падумалася, што гадзюка з куста вылазіць. Нядаўна, калі суніцы збіралі, ледзь рукою гадзюку не схапіў. Ох і спалохаўся! Два дні ў вачах стаяла.
— Дзе? Дзе? — страпянуўся я.
— Цішэй, — прамовіў Васіль. — Не азірайся, а глядзі ўперад. Палатка на палянцы.
Ад душы адразу адлягло. Зірнуў. Сапраўды, палатка.
— Ну і што? — кажу Васілю. — Ніколі палатку не бачыў? Няхай стаіць.
— У палатцы людзі,— прагаварыў Васіль, як бы раскрываючы вялікі сакрэт.
Мне стала смешна.
— Канешне, людзі. А ты думаў, што дзікія козы ці барсукі? Не хвалюйся. Гэтыя людзі нашы суніцы не пазбіраюць. Лес вялікі. Усім хопіць.
Комментарии к книге «Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма», Аляксей Якімовіч
Всего 0 комментариев