Жорж Сiмэнон
Раманiст
Пераклад: Алесь Асташонак
Лекцыя,
прачытаная ў Французскiм iнстытуце ў Ню-Ёрку 20 лiстапада 1945 года.
Шаноўныя панове!
Мяркую, што расчарую вас, прынамсi, у двух пунктах. Па першым вы ўжо гэта адчулi. Вы зразумелi: я належу да сама нуднай i страшнай пароды дакладчыкаў, што сядзяць перад шклянкай вады i моцненька звязаны пупавiнаю са стосам аркушаў, якiя яны перагортваюць з халоднай бязлiтаснасцю машыны. Зрэшты, што я кажу? Прызнаюся вам, нiякi я не дакладчык. У мяне так мала вопыту ўдзелу ў падобнага кшталту ўрачыстасцях, што з простасцi душэўнай я спачатку вырашыў выйсцi да вас з пустымi рукамi. Мне ўяўлялася, як я хаджу па эстрадзе, часам спыняюся, каб падкрэслiць якую-небудзь дасцiпную думку, уражваю вас красамоўствам i, не буду залiшне сцiплы, натхненнем.
Так было прыкладна месяц назад, калi я тэлеграфаваў П'еру Бэдару, што прымаю вельмi прыемнае мне запрашэнне. Я жыў у Канадзе ў зрубе на беразе возера. Там мне ўсё здавалася простым. Але ў цягнiку, па дарозе ў Ню-Ёрк, упэўненасць пачала пакiдаць мяне, i я падумаў: а цi не падрыхтаваць мне якiя-небудзь нататкi? Гэта ж таксама ўражвае, i нямала: у чалавека ў руцэ лiсточкi паперы, на якiя ён час ад часу кiдае кароткi позiрк. Але iшлi днi, а галоўнае, ночы, i гэтыя лiсточкi ператварылiся пацiху ў кашмар. А раптам я iх усе пераблытаю? Цi мо забуду ў хваляваннi сэнс якога-небудзь запiсу i спатыкнуся?
Кашмар ператварыўся ў страх, у той каламутны страх, што знаёмы кожнаму артысту, i таму, панове, у апошнюю хвiлiну я скарыўся з тым, што мне прыйдзецца паўстаць перад вамi гэтакiм раманiстам-лектарам, чалавекам, якi перагортвае аркуш за аркушам, тым часам як слухачы позiркам ацэньваюць таўшчыню стоса i ў думках прыкiдваюць, калi ж скончыцца гэтая кара.
Другое расчараванне: вам паабяцалi - i ў гэтым вiнаваты толькi я - гутарку аб рамане i раманiсце, дакладна не ведаю. Усё таму, што неабходная была назва. Бо я падумаў: раманiст, натуральна, мусiць гаварыць аб рамане. Я быў перакананы, што гэта будзе проста. Аднак я зразумеў, што зусiм няздатны распавесцi вам што-небудзь дужа слушнае аб рамане. I калi дазволiце, паспрабую вызначыць прычыну: каб вы не надта сердавалi на мяне з-за гэтай другой здрады.
Комментарии к книге «Раманiст (на белорусском языке)», Жорж Сименон
Всего 0 комментариев