«Дарога праз Курапаты»

316

Описание

Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Унікальны ў гісторыі журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Кніга абароненай годнасьці.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Дарога праз Курапаты (fb2) - Дарога праз Курапаты [calibre 2.48.0] 1766K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Радыё Свабода

Дарога праз Курапаты

Кнiга аднаго рэпартажу

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.

Заснавальнік і каардынатар сэрыі Аляксандар Лукашук

Мастацкі рэдактар Генадзь Мацур

Карэктар Аляксандра Макавiк

Электронная кніга падрыхтавана па выданні:

Дарога праз Курапаты. — Радыё Свабода, 2002. — 464 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.)

ISBN 0-929849-03-5.

© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2002

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Жывыя ў Курапатах

…Пазванілі зь Менску — праз Курапаты пачынаюць прабіваць дарогу Я папрасіў неадкладна паслаць туды карэспандэнта, і ў вечаровым этэры 20 верасьня прагучаў рэпартаж. Мы ня ведалі, што гэта толькі пачатак, што паўстане ўнікальная кругласутачная вахта, што нажы бульдозэра будуць бурыць крыжы, што згарыць намёт, што нашыя магнітафоны будуць замярзаць пры мінус 20 градусах, а валанцёры будуць абараняць Курапаты, як абараняюць гонар ці Радзіму — без тлумачэньняў, рацыянальных падставаў, пошуку сродкаў і надзеі на перамогу.

«Свабода» была ў Курапатах, бо іх спрабавалі парушыць. Ня зьнішчыць — пасьля адкрыцьця Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва месца сталінскіх расстрэлаў увайшло ў гісторыю, як Хатынь і Чарнобыль, назаўсёды. Паскудзтва на могілках абражала ня мёртвых, а жывых.

На беларускай «Свабодзе» яшчэ не было такога выпадку, каб штодня больш за восем месяцаў запар весьці рэпартаж з аднаго месца. Так б’юць у звон — разьмерана, у адно і тое ж месца, і пругкі мэтал працінае паветра працяжнымі ўсхліпамі. Так кайлом на рудніках вырубаюць мёрзлую руду — у адну кропку, зноў і зноў, пакуль не надколецца глыба. У нас былі мікрафон, сярэднія і кароткія хвалі. І слухачы. У тым ліку — у Курапатах.

Зь дзёньніка валанцёраў: «24 сакавіка 2002 году. 19 гадзіна. ...Праслухалі першы рэпартаж Радыё Свабода, зь якога даведаліся пра тое, што сапраўды адбывалася ў цэнтры Чулі крыкі й шум пры затрыманьні, даведаліся пра сапраўдную колькасьць затрыманых, больш за семдзесят. Мы ў шоку... Калі рэпартажы скончыліся, выйшлі паліць ды ўбачылі, як у наш бок рухаецца «ментавоз». Усталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу. Пасьля нядоўгай размовы «мянты» разьвярнуліся ды зьехалі. Адразу ж напілілі й усталявалі 13 слупкоў поперак дарогі на ўезьдзе ва ўрочышча з поля. Па радыё чулі, што барысаўскія апазыцыянэры зранку паставілі крыж, які павалілі вандалы сёньня ўначы. Гэта змагары. Хвала ім...»

Ганна Соусь перадала больш за дзьвесьце рэпартажаў з Курапатаў і была ўганараваная прэміяй АлесяАдамовіча, якою Беларускі ПЭН-Цэнтар адзначае найлепшую журналісцкую працу году. Там таксама працавалі Альгерд Невяроўскі ды іншыя нашыя калегі.

Але героі гэтай кнігі — не журналісты, а сама падзея і яе ўдзельнікі — валанцёры, людзі, якія прыносілі харчы, прывозілі дровы, ладзілі талокі, рабілі археалягічныя экспэртызы, вялі перамовы з будаўнікамі, адпраўлялі набажэнствы, — каля паўтысячы імёнаў згадана ў гэтых рэпартажах. Яшчэ больш, верагодна, не згадана. Мяжа ў Курапатах праходзіць не паміж мёртвымі й жывымі, а паміж памяцьцю і хлусьнёй, паміж учора і заўтра, і заўсёды — паміж катамі і ахвярамі Абаронцы адваявалі ў дарогі нашу годнасьць.

Аляксандар Лукашук,

Беларуская служба Радыё Свабода

Прага

Моладзь у абарону Курапатаў

Валанцёры, якія згадваюцца ў рэпартажах

Арцём АГМЕНЬ (сапраўднае прозьвішча невядомае). Нарадзіўся ў 1984 годзе. Студэнт Магілёўскага ўнівэрсытэту імя А.Куляшова. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Аляксандра АНДЖЫЕЎСКАЯ, 18 гадоў. Навучэнка падрыхтоўчага аддзяленьня БДПА, спэцыяльнасьць архітэктура Зьбітая амонаўцамі 9 лістапада 2001 году. Актывістка руху «Зубар».

Віталь АПЕТ. Жыве ў Крупках. Каля трох тыдняў правёў у Курапатах. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Аляксандар АТРОШЧАНКАЎ, 21 год. Выключаны з факультэту міжнародных зносінаў БДУ падчас перадвыбарчай кампаніі 2001 году. Затрыманы і зьбіты АМОНам у Курапатах пры спробе перакрыць дарогу будаўнічай тэхніцы 8 лістапада 2001 году. Прысуджаны да штрафу. Прэсавы сакратар руху «Зубар».

Цімох АТРОШЧАНКАЎ. Нарадзіўся 22 сьнежня 1983 году ў Менску. Скончыў менскую 195-ю школу. Цяпер вучыцца на другім курсе Інстытуту кіраваньня. Зьяўляецца старастам курсу. У Курапатах — ад самага пачатку й да завяршэньня вахты памяці. Прыходзіў ва ўрочышча пасьля заняткаў амаль штодня. Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Яўген АФНАГЕЛЬ, 23 гады. Скончыў Беларускі Дзяржаўны Пэдагагічны Ўнівэрсытэт. Затрыманы і зьбіты АМОНам у Курапатах 9 лістапада. Прысуджаны да штрафу. Актывіст руху «Зубар».

Кацярына БАРАВІК, 16 гадоў. Школьніца. Затрыманая ў Курапатах 9 лістапада. Прысуджаная да штрафу. Актывістка руху «Зубар».

Стася БАСАВА. Нарадзілася 27 жніўня 1983 году ў Менску Скончыла 182-ю школу. Цяпер вучыцца на трэцім курсе факультэту журналістыкі БДУ. У Курапатах ад пачатку да завяршэньня вахты памяці. Звычайна прыходзіла пасьля вучобы і ўвечары сыходзіла. Актывістка Маладога Фронту.

Дзяніс БІЛЬДЗЮК. Нарадзіўся 12 верасьня 1982 году ў Менску. Навучаўся ў менскім ліцэі №1. Паступіў у Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт Інфарматыкі й Радыёэлектронікі, адкуль быў выключаны за апазыцыйную дзейнасьць. Сёлета ізноў паступіў у тую самую навучальную ўстанову. Як сьцьвярджае Дзяніс, «апазыцыйную дзейнасьць распачаў з маленства, яшчэ з бацькам» Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Сяржук ВЫСОЦКІ. Нарадзіўся 16 красавіка 1971 году ў Менску. У 1993-м скончыў факультэт «Гісторыя, паліталёгія і права» Беларускага Дзяржаўнага Пэдагагічнага Ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Лідэр Беларускай Партыі Свабоды.

Глеб ВЯЗОЎСКІ. Нарадзіўся 17 студзеня 1982 году ў Менску. Упершыню трапіў у Курапаты пяцігадовым хлапчуком — тады яго прывёў ва ўрочышча бацька. У 2001 годзе паступіў у Кадэцкі юрыдычны агульнаадукацыйны корпус, адкуль пазьней быў адлічаны за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Правёў у Курапатах шэсьць з паловай месяцаў. 8 лістапада пры спробе перакрыць дарогу будаўнічай тэхніцы моцна зьбіты амонаўцамі і дастаўлены ў шпіталь з траўмай галавы Актывіст руху «Зубар».

Ірына ВЯТКІНА. Нарадзілася 14 траўня 1986 году ў Менску. Навучаецца ў 88-й менскай сярэдняй школе. Амаль штодзённа ўдзельнічала ў абароне Курапатаў. Актывістка Маладога Фронту.

Алег ГНЕДЧЫК. Нарадзіўся 22 лістапада 1986 году ў Менску. Скончыў сярэднюю школу, цяпер вучыцца ў Вышэйшым будаўнічым каледжы. Правёў у Курапатах некалькі месяцаў Актывіст Маладога Фронту.

Зьміцер ДАШКЕВІЧ. Нарадзіўся ў 1981 годзе. Скончыў старадароскую школу №2, потым Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Актывіст Маладога Фронту.

Алесь ДРАБ (сапраўднае прозьвішча невядомае). Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Шклове. Прыватны прадпрымальнік. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Генадзь ДРАНКОВІЧ (Барада). Нарадзіўся ў жніўні 1968 году ў Докшыцкім раёне. Скончыў сярэднюю школу, атрымаў спэцыяльнасьці кіроўцы, трактарыста й газазваршчыка. Служыў у войску. Двойчы быў затрыманы за абарону Курапатаў 8—9 лістапада, пакараны штрафам. Намесьнік старшыні Беларускай Партыі Свабоды.

Сяргей ДРАНКОВІЧ. 1965 году нараджэньня. Скончыў Менскі Тэхналягічны Iнстытут. Жыве ў Бярэзінскім раёне, працуе лесьніком. Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Алена ЖУК. Нарадзілася 30 сакавіка 1983 году ў Менску. Скончыла 9 клясаў агульнаадукацыйнай школы й мэдычную вучэльню Зараз — на другім курсе БДУ. «Калі б мы «здалі» Курапаты, мы б прайгралі значную частку барацьбы з рэжымам», — кажа Алена. Сяброўка Беларускай Партыі Свабоды.

Хведар ЖЫВАЛЕЎСКІ. Нарадзіўся 29 ліпеня 1982 году ў Менску. Вакаліст рок-гурта «Голая манашка». Ва ўрочышчы правёў каля трох месяцаў. За абарону Курапатаў 9 лістапада суд прысудзіў Хведара да сямі сутак зьняволеньня.

Андрэй ЗАЙЦАЎ, 24 гады. Актывіст руху «Зубар» з Гомеля. 20 сьнежня 2001 году скончыў жыцьцё самагубствам пад ціскам афіцэра КГБ, які прымушаў яго стаць інфарматарам.

Зьміцер ЗАХАРЭВІЧ. Нарадзіўся 20 сакавіка 1980 году ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Піша песьні й вершы. Друкаваўся ў «Нашай Ніве» і «Беларускай маладзёжнай». Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Зьміцер ЗДАНЬ (сапраўднае прозьвішча невядомае). Нарадзіўся ў 1981 годзе. Карэнны мянчук. Студэнт Мэдычнага Ўнівэрсытэту. Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Раман КАЗАКЕВІЧ, 18 гадоў Затрыманы ў Курапатах 9 лістапада. Прысуджаны да штрафу. Сябра руху «Зубар».

Марыя КАНТАЎТАЙТЭ. Непаўнагадовая дзяўчына з інтэрнату ў Смалявічах.

Аляксей КАПЭЛЯН (сапраўднае прозьвішча невядомае). Каля 30 гадоў. Казаў, што нарадзіўся ў Воршы. Працаваў кіроўцам. У часе, калі жыў у Курапатах, стаў дыяканам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. У студзені 2002 году зьехаў у невядомым накірунку. Сяржук Высоцкі такім чынам характарызуе Аляксея: «Бадай, самая загадкавая асоба ў Курапатах. Маленькі, дзіўна рухавы, працяглы час ён быў адной з галоўных фігур у лягеры. Прыродная актыўнасьць разам са здатнасьцю да кантактаў зь людзьмі вельмі хутка зрабілі Капэляна сваім і сярод абаронцаў і сярод рабочых, і нават сярод амонаўцаў. Зьяўленьне яго ў Курапатах было раптоўным, як і яго зьнікненьне».

Каця КАРПЕНКА. Жыве ў Віцебску. Правяла ў Курапатах каля чатырох месяцаў. Актывістка Маладога Фронту.

Зьміцер КАСЬПЯРОВІЧ. Нарадзіўся 25 лютага 1982 году. Студэнт Беларускага Ўнівэрсытэту Культуры. Зь першых дзён трымаў варту ў Курапатах. Актывіст Маладога Фронту.

Ірына КАШТАЛЯН. Студэнтка гістарычнага факультэту БДУ. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Гісторыка». Актывістка руху «Зубар».

Натальля КІЙКО. Нарадзілася 24 жніўня 1980 году ў Менску ў сям’і мастакоў. Скончыла менскі мастацкі ліцэй №26 і паступіла ў Беларускую Акадэмію Мастацтваў на аддзяленьне станковай графікі Зараз студэнтка 4 курсу. Актывістка Маладога Фронту.

Алег КОРБАН. З аўтабіяграфіі: «Я, Корбан Алег Міхайлавіч, нарадзіўся 4 лютага 1985 году ў Менску Скончыў

сярэднюю школу №22. З 2000 году зьяўляюся актывістам арганізацыі Малады Фронт. Восем разоў затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі. Удзельнічаў у абароне Курапатаў».

Віталь КОШАЛЕЎ. Нарадзіўся 31 сьнежня 1981 году ў Менску. Скончыў 103-ю менскую школу, зараз навучаецца ў радыётэхнічным каледжы. Прыйшоў у Курапаты 24 верасьня й заставаўся ва ўрочышчы практычна штодзённа да 8 лістапада. Сябра Маладога Фронту.

Вераніка КУПЧАНКА. Была затрыманая за абарону Курапатаў 9 лістапада. Тады была грамадзянкай Расеі, цяпер мае беларускае грамадзянства. Жыве ў Гомелі. Актывістка руху «Зубар».

Вольга КУЎШЫНАВА. Вучыцца ў адной з камэрцыйных ВНУ Менску. Дзяжурыла ва ўрочышчы цягам месяца напрыканцы вахты памяці. Актывістка Маладога Фронту.

Вераніка ЛАЕЎСКАЯ. Жыве ў Маладэчне. Каля двух тыдняў правяла ў Курапатах.

Сяржук ЛІСІЧОНАК. Нарадзіўся 24 красавіка 1980 году ў Менску. Студэнт 4 курсу юрыдычнага факультэту БДУ. Актывіст Маладога Фронту.

Аляксей ЛЯЎКОВІЧ, 18 гадоў. Навучэнец машынабудаўнічага ПТВ. Затрыманы ў Курапатах 9 лістапада. Прысуджаны да штрафу. Актывіст руху «Зубар».

Сяржук МАЦКОЙЦЬ. Нарадзіўся 8 сакавіка 1972 году ў Менску. Скончыў 8 клясаў. Майстар мотаспорту. Актывіст Маладога Фронту.

Людміла ПАКЛОНСКАЯ. Нарадзілася 28 красавіка 1983 году ў Гомелі. Дзяцінства правяла ў Сьвіслацкім раёне ў бабулі. Цяпер навучаецца на 4 курсе Вышэйшага каледжу сувязі. У Курапаты ўпершыню трапіла раніцай 9 лістапада 2001 году і фактычна ўвесь час правяла там да новага году, потым рэгулярна прыходзіла ва ўрочышча. Актывістка арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты», сяброўка аб’яднаньня «Гісторыка».

Міхась ПАНКОЎ. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Васіль ПАРФЯНКОЎ. Нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы №163. Працуе аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку. Прыйшоў у Курапаты летась 9 лістапада й застаўся ва ўрочышчы да самага завяршэньня вахты памяці. Прысуджаны да штрафу.

Алесь ПІТКЕВІЧ. Нарадзіўся ў 1971 годзе. Мянчук. Працуе інжынэрам-электрыкам. Браў удзел у курапацкім чыне напачатку. Быў у шэрагах БПС.

Алесь ПОКЛАД. Нарадзіўся 23 траўня 1978 году ў Менску. Мае сярэднюю адукацыю. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Алесь САМОНЧАНКА. Нарадзіўся 20 сьнежня 1979 году. Карэнны мянчук. Тэхноляг-электроншчык, працуе на адным зь менскіх заводаў. Актыўна ўдзельнічаў у курапацкім чыне ў зімовыя месяцы. Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Аляксей САРОКА. Сябра Маладога Фронту з Крупак.

Мікіта САСІМ, 18 гадоў. Жыве ў Баранавічах, вучыцца ў сярэдняй школе. У Курапатах ад самага пачатку вахты памяці. Правёў ва ўрочышчы каля чатырох месяцаў. За абарону Курапатаў 8—9 лістапада быў аштрафаваны. Актывіст руху «Зубар».

Павал СЕВЯРЫНЕЦ. Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Старшыня Маладога Фронту.

Яўген СКОЧКА. Нарадзіўся 7 кастрычніка 1979 году ў Менску. Скончыў Гомельскі політэхнічны тэхнікум па спэцыяльнасьці «лесанарыхтоўка й транспарт драўніны». У 1995 годзе паступіў у Беларускі Дзяржаўны Тэхналягічны Ўнівэрсытэт, адкуль быў адлічаны за апазыцыйную дзейнасьць. Намесьнік старшыні Маладога Фронту.

Цімох СУГАКА. Нарадзiўся 21 сакавiка 1982 году. Характарызуе Сяржук Высоцкі: «Праявіў асабістую мужнасьць 9 лістапада, калі стаў пад самазвал, што сыпаў пясок на крыжы».

Яраслаў СЬЦЕШЫК, 20 гадоў. Быў выключаны зь Беларускага Дзяржаўнага Тэхналягічнага Ўнівэрсытэту за ўдзел у апазыцыйных акцыях Жыве ў Салігорску. Затрыманы 8 лістапада ў Курапатах за тое, што перашкаджаў людзям у цывільным ламаць крыжы. 9 лістапада зьбіты АМОНам і затрыманы. Прысуджаны да буйных штрафаў. Актывіст руху «Зубар».

Аляксей ТАЛСТОЎ. Нарадзіўся 17 сьнежня 1984 году ў Менску. Скончыў сярэднюю школу й вучыцца цяпер на першым курсе ва Ўнівэрсытэце Культуры. Паэт, мастак. У Курапатах з самага пачатку вахты памяці. Да сьнежня 2001 году прыходзіў ва ўрочышча амаль штодня. Сябар Маладога Фронту.

Юрась ФАБІШЭЎСКІ, 18 гадоў. Вучыўся ў менскай мэдычнай вучэльні. У Курапаты прыходзіў амаль штодня цягам некалькіх месяцаў, 8 і 9 лістапада быў зьбіты АМОНам і затрыманы, прысуджаны да штрафу. Былы актывіст руху «Зубар».

Алесь ЦЯЛЕГІН (Гетман). Нарадзіўся 2 ліпеня 1971 году ў Казахстане ў сям’і вайскоўцаў. Скончыў сярэднюю школу ў Янаве на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў Ніжагародзкай зэнітна-ракетнай каманднай вучэльні. Пасьля скончыў Цэнтар перакваліфікацыі вайскоўцаў і атрымаў спэцыяльнасьць мэнэджэра-эканаміста. За абарону Курапатаў быў аштрафаваны. Былы сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Пятрусь ЦЯМАШКА (Чуб). Мае сярэднюю адукацыю. Працуе ў «Белорусской деловой газете» скарбнікам. У Курапатах ад самага пачатку і да завяршэньня вахты памяці. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Мікола ЦЯЦЁРКІН. Вучыцца на трэцім курсе БДУ Браў удзел у абароне Курапатаў на самым пачатку й напрыканцы акцыі. Актывіст Маладога Фронту.

Дзяніс ЧЫКАЛЁЎ. Нарадзіўся 17 ліпеня 1986 году ў Расеі. У 1987 годзе сям’я пераехала ў Гомель. Там скончыў сярэднюю школу №45. Цяпер вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным вышэйшым каледжы народных мастацкіх промыслаў №126. Пяць разоў прыяжджаў у Курапаты, каб узяць удзел у вахце памяці — усяго аддзяжурыў ва ўрочышчы адзін месяц і 5 дзён. Актывіст Маладога Фронту.

Міхаіл ШАРАМЕТ. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Менску. Актывіст Маладога Фронту.

Антось ШКУРЫНСКІ. Нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Мураме Ўладзімерскай вобласьці Расеі. У 2001 годзе прыехаў у Беларусь. Да курапацкай вахты далучыўся ў студзені 2002 году. Фактычна штодзённа заставаўся ва ўрочышчы да чэрвеня. У красавіку быў затрыманы міліцыянтамі і амаль месяц знаходзіўся ў прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Пасьля заканчэньня вахты памяці працаваў на Ждановіцкім рынку грузчыкам, пасьля зьехаў дахаты ў Расею. Замежны сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Уладзімер ШЛЯХЦІЧ (сапраўднае прозьвішча невядомае). Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Магілёве Працуе на заводзе. Актывіст Беларускай Партыі Свабоды.

Антось ШТУРМАН (сапраўднае прозьвішча невядомае). Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Менску. Студэнт Беларускага Дзяржаўнага Політэхнічнага Ўнівэрсытэту. Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Арына ШЫКУРАВА Нарадзілася 28 траўня 1986 году ў Менску. Вучыцца ў 11 клясе Беларускай нацыянальнай гімназіі №23. Калі пачалася вахта памяці ў Курапатах, 24 дні запар няспынна правяла ва ўрочышчы. Пасьля перапынку ізноў жыла ў лягеры валанцёраў каля месяца.

Аляксей ШЭІН. Нарадзіўся ў Менску ў 1976 годзе. Закончыў школу з мастацкім ухілам у Горадні, вучыўся ў ліцэі пры БДУ, на філялягічным факультэце БДУ, працаваў навуковым супрацоўнікам у Музэі Янкі Купалы. Намесьнік старшыні Маладога Фронту.

Павал ЮХНЕВІЧ, 18 гадоў. Затрыманы ў Курапатах 9 лістапада, прысуджаны да штрафу. Актывіст руху «Зубар».

Андрэй ЯГОРАЎ. Кіраўнік праваабарончай службы руху «Зубар».

Ільля ЯДРАНЦАЎ. Нарадзіўся 18 жніўня 1983 году ў Менску. Вучыцца ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце Iнфарматыкі й Радыёэлектронікі Сябра Беларускай Партыі Свабоды.

Зьміцер ЯДЧЭНЯ, 21 год. Некалькі тыдняў правёў у Курапатах на самым пачатку вахты памяці. Потым зьехаў ва Ўкраіну. Цяпер вучыцца ў Львове. Сябар Маладога Фронту.

Валанцёры на месцы курапацкага лягэру ў гадавiну пачатку вахты памяцi 24 верасня 2002 году.

Рэпартажы

20 верасьня 2001

У КУРАПАТАХ НА МЕСЦЫ ПАХАВАНЬНЯЎ ПАЧАЛІ ВЫСЯКАЦЬ ДРЭВЫ

У раёне ўрочышча Курапаты будаўнічыя брыгады пачалі высякаць дрэвы там, дзе хутка пройдзе Менская кальцавая дарога. Паводле сьведчаньняў сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, высечка можа закрануць каля 300 магілаў.

Ягор Маёрчык:

Сёньня сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо заўважыў, што на месцы масавых пахаваньняў будаўнікі пачалі высякаць лес. ЮХО: Пачалі рэзаць наўпрост усе дрэвы. І асявая рыса — 30 мэтраў, гэта амаль да самага крыжа. Спачатку казалі, што ўсяго 2 мэтры, а там ужо ўсе 22 мэтры ад дарогі.

— Ці закранае высечка лесу пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?

ЮХО: Безумоўна, закранае. Па магілах, дзе адбываецца выразка, пойдзе дарога — па самай галоўнай частцы, дзе больш за ўсё магілаў. Там каля 700 магілаў пазначана. Недзе закране 200—300 магілаў.

Паводле Ўладзімера Юхо, дзеяньні ўладаў у Курапатах адпавядаюць сутнасьці самой улады.

ЮХО: Гэта становіцца ў адзін шэраг са зьнішчэньнем беларускай сымболікі, беларускай мовы, беларускай школы і памяці тых, хто загінуў, бязьвінных ахвяраў

Уладзімер Юхо ды іншыя сябры КХП БНФ лічаць невыпадковым тое, што высечка дрэваў у Курапатах распачалася якраз у той дзень, калі Аляксандар Лукашэнка прыняў прысягу.

У КУРАПАТАХ УЖО ПРАЦУЮЦЬ ЭКСКАВАТАРЫ

Увечары наша карэспандэнтка наведала Курапаты і пагутарыла з работнікамі.

Ганна Соусь:

Я прыехала ва ўрочышча а шостай вечара. На зямлі ляжаць высечаныя дрэвы. З абодвух бакоў дарогі высеклі дрэваў на 20 мэтраў. Яшчэ працуе будаўнічая тэхніка. Я падышла да будаўнікоў. Мае суразмоўцы — бульдазэрыст Анатоль і экскаватаршчык Уладзімер, прыехалі сюды з Магілёўшчыны. Пра тое, што ў гэтым месцы калісьці былі расстраляныя тысячы бязьвінных людзей, будаўнікі даведаліся ад мяне.

АНАТОЛЬ: Мы вэрбованыя.

УЛАДЗІМЕР: Адкуль мы ведаем, што тут у вас ёсьць. Нам сказалі тут капаць, вось мы й будзем капаць.

— Як асабіста вы пачуваецеся, езьдзячы па гэтым месцы на бульдозэры?

УЛАДЗІМЕР: Ня ведаю. Я мяркую, што гэта проста лес. Лес нішчыць нельга, але ж дарогу пашыраць трэба.

— А чаму вы з Магілёва сюды прыехалі?

АНАТОЛЬ: Таму што ў Магілёве няма працы. Вось нас сюды — у камандзіроўку...

— Калі пачнуць карчаваць?

УЛАДЗІМЕР: У бліжэйшыя дні. Можа, праз два дні, самае большае праз тыдзень. Хутчэй за ўсё, мы нічога тут ня ўбачым. Пройдзем бульдозэрамі і нічога не заўважым.

— Калі, прыкладам, ваш дзед альбо прадзед быў расстраляны і тут пахаваны. Як вы мяркуеце, па ягоных костках можна праяжджаць?

АНАТОЛЬ: Я ведаю, калі рабілі пашырэньне Гомельскай дарогі, там было нямецкае пахаваньне. Прыехалі зь Нямеччыны гэтыя Гансы...

УЛАДЗІМЕР: Немцы.

АНАТОЛЬ: Ну немцы. Сабралі сельсавет. Маўляў, тут нашыя браты, немцы, Гансы... Акуратна экскаватарам... Косткі там былі, дык іх у труну. А тут — значыцца, нікому не патрэбна.

УЛАДЗІМЕР: Мы па гэтых костках будзем езьдзіць, нас прымусяць езьдзіць. Нават калі, як вы гаворыце — дзед, прадзед... Але я спадзяюся, што ня ўбачу. Калі ўбачу, я абяцаю, што аб’еду. Я ніколі да гэтага не дакрануся.

АНАТОЛЬ: На гэта ж ёсьць праектанты. А мы проста экс-плюатацыйнікі. Нам сказалі, і мы робім.

— Няўдзячная праца...

УЛАДЗІМЕР: Калі б ня Вы, мы б нічога пра гэта ня ведалі. Мы ж не ад харошага жыцьця — а што ў Магілёве мне няма працы, альбо яму — у Бабруйску.

Калі я пакідала Курапаты, экскаватар пачаў працаваць.

21 верасьня 2001

РЭКАНСТРУКЦЫЯ ДАРОГІ Ў КУРАПАТАХ

З намі на простай тэлефоннай сувязі Ганна Соусь, наша карэспандэнтка, якая цяпер знаходзіцца ва ўрочышчы Курапаты.

Ганна, добры вечар!

— Добры вечар.

— Што Вы бачыце, распавядзіце, калі ласка.

— Тут працягваюцца будаўнічыя работы. Тэхніка падведзеная шчыльна да месцаў пахаваньня. Слухачы Радыё Свабода могуць пачуць, як працуюць экскаватары і бульдозэры. Вакол ляжаць пасечаныя дрэвы. Сёньня ў прадпрыемстве «Магістральаўтадор», якое займаецца рэканструкцыяй Менскай кальцавой дарогі, мяне запэўнілі, што месца пахаваньняў ня будзе закранутае. Дарэчы, раней у Камітэце па аўтамабільных дарогах сьцьвярджалі, што пашырэньне дарогі адбудзецца толькі ў бок гораду. Але ж цяпер я на свае вочы бачу пасечаныя дрэвы з абодвух бакоў дарогі. Побач са мною дзьве жанчыны, учора яны паслухалі рэпартаж Радыё Свабода пра Курапаты і сёньня, абураныя, прыйшлі сюды. Адна зь іх нават кінула камяні ў бок будаўнікоў. Я даю слова Веры Ціцянковай:

— Мы вельмі ўражаныя тым, што тут адбываецца. Гэта проста барбарства. І таму, людзі, мы павінны абараніць гэтае месца. Ад барбараў.

Вядома, што першага кастрычніка частка кальцавой дарогі ад Лагойскага тракту да пачатку гарадзенскай трасы будзе зачыненая на рэканструкцыю. І ўсё ж такі, ці ёсьць яшчэ рэальная магчымасьць прыпыніць будаўнічыя работы ў Курапатах? Калі б, прыкладам, сотні людзей прыйшлі сюды і сталі перад гэтымі бульдозэрамі, якія цяпер працуюць, гэтымі экскаватарамі і рашуча сказалі: «Не дазволім!» Я зьвяртаюся з гэтым пытаньнем да Любові Сакалоўскай, якая сёньня таксама прыйшла ў Курапаты.

САКАЛОЎСКАЯ: Ведаеце, пачуцьцё вельмі і вельмі жахлівае. Гэта наша сьвятое месца руйнуецца. І ў мяне такое адчуваньне, быццам гэта мяне капаюць, маю душу. Людзі, прыходзьце! Пабачце, што тут адбываецца. Ня будзьце абыякавыя! Гэта ж наша сьвятое месца, Курапаты. А ўлады хочуць зруйнаваць яго.

Любоў Сакалоўская і Вера Ціцянкова прынесьлі сёньня ў Курапаты сьвежыя кветкі. Між іншым, адзін з будаўнікоў, зь якім я размаўляла ўчора, сёньня сказаў: «Дзякуй Богу, я заўтра зьяжджаю Не магу тут працаваць».

— Ганна, тыя людзі, што там працуюць на гэтых экскаватарах – гэта прывезеныя людзі з Магілёва, гэта не менчукі, так?

— Так.

— І яны не ўсьведамляюць, на якое месца іх прывезьлі?

— Учора яны нават ня ведалі, што такое Курапаты. Сёньня вось Вера Ціцянкова і Любоў Сакалоўская паказалі ім гэтыя крыжы. І рабочыя былі вельмі ўражаныя.

— Акрамя Вас і дзьвюх гэтых жанчын там больш нікога няма?

— На жаль, няма.

22 верасьня 2001

П’ЯНЫ БУЛЬДАЗЭРЫСТ ГАНЯЎСЯ ПА КУРАПАТАХ ЗА ЖАНЧЫНАМІ, ЯКІЯ БАРАНІЛІ ПАХАВАНЬНІ

У суботу наша карэспандэнтка наведала Курапаты. Будаўнічыя работы ў лясным масіве працягваюцца.

Ганна Соусь:

З самага ранку сюды прыходзяць людзі. Яны нясуць кветкі, ставяць сьвечкі, жагнаюцца. Абураюцца тым, як пашыраюць кальцавую дарогу. Мужчыны сярэдняга веку Лявон Мішын і Алесь Кір’янаў абмяркоўваюць сытуацыю.

ЛЯВОН: Тут мусіць захавацца памяць пра ахвяраў масавых рэпрэсіяў.

Алесь Кір’янаў гатовы на рашучыя дзеяньні, толькі каб захаваць Курапаты.

АЛЕСЬ: Бальшавікі хочуць зруйнаваць гэтае месца, таму я сёньня й прыйшоў, каб выказаць сваё абурэньне. Калі патрэбна будзе, я зараз пайду й пакладуся пад гэты экскаватар.

Зараз бульдозэр рухаецца ў бок курапацкай шыльды. Ён праходзіць за некалькі мэтраў ад яе. Людзі спрабуюць загаварыць з бульдазэрыстам.

АЛЕСЬ: Тут жа мёртвыя пахаваныя.

БУЛЬДАЗЭРЫСТ: Вы маю сям’ю карміць будзеце?

АЛЕСЬ: А пры чым тут вашая сям’я й могілкі? А калі я да вас паеду й буду руйнаваць могілкі вашых бацькоў? Што Вы скажаце мне?

БУЛЬДАЗЭРЫСТ: Гэта ўсё мусіць рашаць нехта наверсе.

АЛЕСЬ: Любы загад можна так апраўдаць. І людзей тут расстрэльвалі за гарэлку... Так што, Вы хочаце сказаць, што такі час настаў, што трэба могілкі руйнаваць? Рушыць мёртвых?

БУЛЬДАЗЭРЫСТ: Не.

Усе, хто прыйшоў сёньня ў Курапаты, вельмі абураныя, некаторыя жанчыны ледзь стрымліваюць сьлёзы. Кажа Інэса Лейпч, актывістка КХП БНФ:

— Там, дзе могілкі, дзе адбыліся такія страшныя падзеі, заўсёды знаходзяцца геапатагенныя зоны. Там будзе дрэнная энэргетыка, і на гэтым месцы могуць адбывацца і аварыі, і ўсякія няшчасныя выпадкі.

У гэтым лесе, на гэтай зямлі

Нявінныя людзі расстраляныя былі.

Дык ці ж мы антыхрысты, ці ж мы дэбілы,

Каб пляжыць бязь літасьці тут іх магілы?

Ці Бог розум адняў у нас, людзі?

Ці д’ябал нашыя душы зьнявечыў?

Ці дарога гэтая шчасьліваю будзе,

Што пабудуем мы на касьцях чалавечых?

Калі я вярнулася ў рэдакцыю, мне адразу патэлефанавалі жанчыны, што засталіся ў Курапатах. Адразу пасьля майго ад’езду яны пачалі прымацоўваць да дрэваў абразы. І тады бульдазэрыст, дарэчы, п’яны яшчэ зранку, разьвярнуў сваю машыну і паехаў на іх, зачапіў дрэва й ледзь не забіў адну жанчыну. Потым бульдазэрыст выйшаў зкабіны, схапіў манціроўку й пачаў ганяцца за жанчынамі, крычаў, што ўсіх зараз заб’е.

Вера Ціцянкова, Любоў Сакалоўская, Інэса Лейпч ды іншыя жанчыны, якія прышлі сёньня ў Курапаты з кветкамі й сьвечкамі, зьбіраюцца зьвярнуцца з гэтай нагоды ў суд.

23 верасьня 2001

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАСТАНАВІЛАЗМАГАЦЦА ЗА КУРАПАТЫ

У Курапатах перад указальнай шыльдай людзі ўсталявалі два вялікія крыжы На ўсіх дрэвах побач з дарогай яны прымацавалі абразкі і надпісы: «Тут былі расстраляныя больш за 200 тысяч чалавек».

Ганна Соусь:

Сьляды бульдозэраў сёньня бачныя ўжо каля вялікага Курапацкага Крыжа й мэмарыяльнага знаку «Пакутнікам Беларусі».

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ і Маладога Фронту, а таксама людзі, што проста прыйшлі сёньня ў Курапаты, вырашылі, што два новыя крыжы не дазволяць будаўнікам прайсьці бульдозэрамі па сьвятым месцы.

Таксама сёньня ў лесе людзі адшукалі чалавечую костку, якая захавалася з часоў расстрэлаў. Парэшткі былі пахаваныя побач з адным з усталяваных сёньня крыжоў. Як распавёў намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў, цяпер кожны дзень у Курапаты будуць прыходзіць людзі й сачыць за тым, як ідуць будаўнічыя работы. Ён заклікаў таксама ўсіх штодня прыходзіць сюды пасьля пятай вечара. Заўтра ж прадстаўнікі Маладога Фронту зьбіраюцца прынесьці ў Курапаты шмат крыжоў і ўсталяваць іх уздоўж ляснога масіву.

Варта дадаць, што ў часе сёньняшняй акцыі ўсе машыны, што рухаліся па кальцавой дарозе, зьмяншалі хуткасьць.

24 верасьня 2001

У КУРАПАТАХ ЗЬЯВІЛІСЯ КРЫЖЫ, АБРАЗЫ І ПЛЯКАТЫ

Учора ў Курапатах прадстаўнікі КХП БНФ усталявалі два крыжы. Гэта ня толькі напамін пра трагедыю, што адбылася тут у 1930—40-я гады, але й спроба не дазволіць будаўнікам зруйнаваць гэтае месца. Наша карэспандэнтка запісала ў Курапатах меркаваньні людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтай акцыі.

Ганна Соусь:

Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

— Наша грамадзтва трэба выцягваць з багны. На жаль, самая вялікая бяда — што інтэлігенцыя маўчыць. Яна прыгнечаная. І таму я адрасаваў бы свае словы перш-наперш інтэлігенцыі. Вы ёсьць элітай нацыі, мозгам нацыі, вы — дух нацыі. Прыйдзіце першыя на гэтае месца ў Курапаты. Выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, настаўнікі ў школах, кіраўнікі вытворчасьці, ідзеце сюды, прывядзеце людзей, пакажыце прыклад.

Студэнт-гісторык Павал Космач:

— Тут зьнішчаецца ўрочышча, у якім было забіта больш за 200 тысяч беларусаў. У асноўным гэта была беларуская інтэлігенцыя, сяляне з Усходняй і Заходняй Беларусі, якія супраціўляліся калектывізацыі. Мы зараз імкнемся з дапамогай, можа, сымбалічных вобразаў, надпісаў выратаваць гэтае ўрочышча, уплываючы на падсьвядомасьць тых людзей, якія тут працуюць. Усё ж гэтыя людзі — беларусы, яны павінны паважаць сваіх продкаў, якія тут загінулі.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

— Мы прапануем людзям прыходзіць сюды кожны дзень, каб супрацьдзейнічаць гэтаму гвалту. Закопваць памяць, закатваць яе асфальтам — гэта проста жах. Зараз з панядзелка мы пачынаем кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты насупраць Савету Міністраў. Мы разумеем, што яны нам будуць ізноў даваць пікетаваць толькі на плошчы Бангалор, але мы будзем настойліва патрабаваць каля Савету Міністраў пікетаў у абарону Курапатаў, у абарону нашай сьвятыні й памяці. Мы спадзяемся, што ўсё ж грамадзтва падымецца на абарону Курапатаў.

Сваю прапанову выказала актывістка КХП БНФ Ангеліна Масюта:

— Можа, лепей гэты ўчастак дарогі не пашыраць і пакінуць

яго такім жа вузкім. Можа, лепей, каб кіроўцы аўто проста прыпынялі тут рух — 40 кілямэтраў альбо 60. Яны павінны ведаць, што калі пашырыцца дарога, яны будуць наогул ехаць па могілках. Хачу зьвярнуцца праз Радыё Свабода, каб да нас далучыліся ня толькі людзі, якія ходзяць пешшу, але й тыя, хто езьдзяць на аўто, хто непасрэдна будзе езьдзіць па гэтай дарозе.

24 верасьня 2001

ШТО СЁНЬНЯ АДБЫВАЕЦЦА Ў КУРАПАТАХ?

Простае ўключэньне ў этэр нашай карэспандэнткі Ганны Соусь з Курапатаў.

— Ганна, ці пацьвярджаецца інфармацыя, што пастаўленыя ўчора крыжы зьнесьлi?

— Не, яны стаяць. Але дрэвы, да якіх былі прымацаваныя абразы і надпісы «Тут было зьнішчана 200 тысяч чалавек», ужо паваленыя. Некалькі гадзінаў таму, калі я прыехала, яны яшчэ ляжалі на зямлі, а цяпер іх вывезьлі. Толькі што сябры Маладога Фронту ўсталявалі вялікі крыж менавіта ў тым месцы, дзе цяпер ідуць будаўнічыя работы. У часе, калі гэта адбывалася, сюды пад’ехалі некалькі машынаў і выйшлі нейкія начальнікі. Я зьвярнулася да іх з пытаньнем, што будуць рабіць, ці зьнясуць крыж? Адказ быў нэрвовы: «Мы поставим крест на этом всем».

— Колькі там знаходзіцца актывістаў?

— Каля дзесяцi чалавек з Маладога Фронту, некалькі чалавек з КХП БНФ і яшчэ некалькі беспартыйных.

— Малады Фронт і КХП БНФ заклікалі, каб людзі прыйшлі ў Курапаты для пратэсту…

— Заклікі былі, але прыйшло зусім няшмат людзей. Актывісты Маладога Фронту паведамілі, што заўтра яны прывязуць яшчэ 5—6 крыжоў і ўсталююць іх паўсюль. Ну і вось я бачу, што людзі пачынаюць падыходзіць. Відаць, таму, што скончыўся працоўны дзень.

25 верасьня 2001

У КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ПРЫПЫНІЛІ БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ

З учорашняга вечара ва ўрочышчы ўвесь час знаходзяцца прадстаўнікі Маладога Фронту, яны не дазваляюць будаўнікам працаваць на тэрыторыі Курапатаў.

Ганна Соусь:

Калі я сёньня а дзявятай раніцы прыехала ў Курапаты, там было ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Гарэла вогнішча. Паболела драўляных крыжоў, якімі перакрываюць дарогу будаўнікам. Наладжаны намёт, у якім правялі гэтую ноч сябры Маладога Фронту. Гаворыць лідэр гэтай арганізацыі Павал Севярынец:

— Ноччу тут было спакойна. Недзе а восьмай гадзіне пад’ехаў трактар, падышлі некалькі рабочых, якія дастаткова нясьмела папрасілі дазволу прыбраць сьмецьце, якое ўчора наварочалі. Але мы сказалі, што ніякіх работаў мы тут не дапусьцім. Яны адказалі, што калі так, дык ня будуць нічога чапаць і сышлі.

Павал Севярынец кажа, што сябры Маладога Фронту цяпер будуць трымаць варту ў Курапатах і дамагацца, каб трасу вялі па іншым баку дарогі альбо ўвогуле ў іншым месцы. Сябры Маладога Фронту таксама будуць увесь час майстраваць і ўсталёўваць крыжы вакол ляснога масіву. Сёньня зранку ў Курапаты прыйшоў і старшыня БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка.

ВЯЧОРКА: Па-першае, мы павінны высьветліць, паводле якога праекту выконваюцца працы. Па-другое, калі ў гэтым праекце ўлічаны мэмарыяльны статус гэтай мясьціны, а так павінна быць, значыцца, праект мусіць датрымвацца жорстка. Ня можа й не павінна быць тут усялякіх савецкіх завядзёнак, накшталт разваротных месцаў бульдозэраў і гэтак далей. Праз гэтую мясьціну цягаюць зрэзаныя камлі дрэваў, у чым няма абсалютна ніякай патрэбы. Улады павінны зразумець, што без публічнасьці ім ня ўдасца выканаць Лукашэнкаў загад пра чарговую «ўдарную стройку».

Вінцук Вячорка паведаміў таксама, што сябры БНФ і актывісты некаторых грамадзкіх арганізацыяў вырашылі заўтра запрасіць на сустрэчу прадстаўнікоў усіх апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прафсаюзаў, каб стварыць Нацыянальны Курапацкі Камітэт, які б выступіў кааліцыйным калектыўным арганізатарам абароны гэтай мясьціны.

Наступная мая суразмоўца – кіраўнічка Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная. Учора яна вывучала праект рэканструкцыі дарогі. Паводле яго пашырэньне ў бок Курапатаў павінна быць 2—2,5 мэтра.

КЛЯШТОРНАЯ: А што тычыцца пахаваньняў, дык няма гарантыяў, што й на гэты, і на другі бок не натыкнуцца на тое, што было калісьці пры будоўлі гэтай дарогі. Да нас цяпер падышоў майстра, і я пытаюся ў яго: «Паводле якога пляну вы працуеце?» «А які плян? Няма ніякага пляну», – гаворыць ён. Такога ж ня можа быць. Цяпер ідзе пачатковая стадыя – падрыхтоўка тэрыторыі. Гэта павінна весьціся паводле праекту, кожнае дрэва мусіць быць пазначанае. А гэтага няма.

Лідзія Крывіцкая жыве ў мікрараёне Зялёны Луг, нарадзілася яна тут, ейныя бацькі працавалі ў калгасе «Зялёны Луг». Спадарыня Лідзія памятае, як калісьці будавалася кальцавая дарога.

КРЫВІЦКАЯ: Калі пракладвалася, я бачыла, як стаяў самазвал, у ім нейкія рэбры, косткі, рассыпаныя чарапы... І другі самазвал стаў, у яго таксама засыпалі. А куды адвозілі, ня ведаю…

Сёньня будаўнічыя брыгады працавалі ў кілямэтры ад Курапатаў. Я падышла да рабочых ды пацікавілася іхным стаўленьнем да рэканструкцыі кальцавой дарогі праз пахаваньні. Гаворыць будаўнік Міхал з Магілёва:

— Многа могілак зачыняюць. Я ведаю, 25 гадоў, і ўсё... Звычайнае пахаваньне, такіх у Беларусі багата. Можна зайсьці ў любы лес, дзе ішлі баі, там шмат франтавікоў ляжыць. Яны ўвогуле Радзіму баранілі... Я не лічу гэта нейкім сьвятым месцам.

А начальнік спадара Міхала, які, дарэчы, з усьмешкай прадставіўся для Радыё Свабода як Сьцяпан Бандэра, на маё пытаньне, ці будуць адноўленыя ў Курапатах будаўнічыя работы й калі, адказаў наступным чынам:

— Вось як Вы сыдзеце, дык і пачнем.

25 верасьня 2001

ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ЎВЕЧАРЫ

Што адбываецца ў Курапатах зараз, у 18:10 менскага часу? На простай тэлефоннай сувязі зь ляснога масіву пад Менскам — наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі.

— Ці не аднавіліся там будаўнічыя працы? Што адбываецца?

— Будаўнічыя працы не аднаўляліся. Пасьля таго, як сёньняшнюю ноч у Курапатах правялі каля дзесяцi актывістаў Маладога Фронту, рабочыя адышлі ад Курапатаў на некалькі дзясяткаў мэтраў і там раўняюць пляцоўку… Праўда, рабочыя казалі маладафронтаўцам, што калі яны сыдуць, дык работы адновяцца. Але моладзь настроеная вельмі рашуча і сыходзіць адсюль не зьбіраецца.

— Значыць, яны будуць начаваць другую ноч?

— Так, яны будуць начаваць другую ноч сёньня. І вось якраз зараз ідзе ўсталяваньне крыжоў у Курапатах. Сёньня сіламі Маладога Фронту на камбінаце рытуальных паслугаў былі замоўленыя тры праваслаўныя, тры каталіцкія і адзін пратэстанцка-рэфармацкі крыж, якія зараз будуць усталяваныя ўжо другім ці трэцім шэрагам на пляцоўцы, дзе рабочымі былі сьпілаваныя дрэвы, і дзе меліся распачынаць працу па пашырэньні дарогі. Таксама стала вядома, што ў гэты самы час у сядзібе БНФ адкрываецца ўстаноўчы сход камітэту ў абарону Курапатаў. На паседжаньне гэтага камітэту запрошаныя ўсе суб’екты шырокай грамадзянскай кааліцыі, а таксама сябры творчых саюзаў, навукоўцы. Як кажуць сябры аргкамітэту, галоўнае зараз – знайсьці нейкае паразуменьне зь мясцовымі ўладамі і з кіраўніцтвам «Белгіпрадору», які тут праводзіць работы. Зусім нядаўна стала вядома, што кіраўнікі будаўніцтва дамовіліся з прадстаўнікамі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, каб правесьці дарогу, не закранаючы магілаў. Больш за тое, будаўнікі абавязаліся добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў.

— Ці гаварылі Вы з рабочымі? Можа гэтая грамадзкая акцыя неяк паўплывала на іх, і яны зьмянілі сваё меркаваньне?

— Так, мне ўдалося паразмаўляць з тым самым бульдазэрыстам, які раней выказваўся пра косткі… Ён ужо настроены менш агрэсіўна, чым раней. Кажа, што трэба дамаўляцца зь іх кіраўніцтвам, маўляў, мы – людзі паднявольныя… Іншыя рабочыя да масіву не набліжаюцца. Шмат спыняецца машынаў, людзі выказваюць сваю падтрымку Нават прыехаў бізнэсовец, які прывез харчовую дапамогу для моладзі, што тут начуе.

26 верасьня 2001

МАЛАДЫ ФРОНТ БАРОНІЦЬ КУРАПАТЫ АД БУЛЬДОЗЭРАЎ

У Курапатах працягваюць трымаць варту прадстаўнікі Маладога Фронту — яны не дазваляюць будаўнікам працаваць на тэрыторыі ляснога масіву.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах па-ранейшаму прыпыненыя будаўнічыя работы. Дарогу будаўнікам перакрываюць ужо 18 крыжоў. На дрэве вісіць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Паставілі два намёты, гарыць вогнішча. Прадстаўнікі Маладога Фронту бароняць Курапаты ад будаўнікоў зь вялікім сабакам, ньюфаўндлэндам. Мой суразмоўца, сябар Кальварыйскай рады МФ Сяржук Мацкойць апрануты ў вайсковую форму.

МАЦКОЙЦЬ: Недзе а 10-й гадзіне раніцы тут, насупраць галоўнага крыжа спынілася машына з бартавымі знакамі «Дарожна-будаўнічае ўпраўленьне 34 акцыянэрнага таварыства дарожна-будаўнічага трэсту Віцебску». Два супрацоўнікі гэтай канторы спрабавалі зрабіць тут пэўныя замеры. Я, Павал Севярынец ды ўсе, хто тут ёсьць, не далі ім гэтага зрабіць.

Сяржук Мацкойць ды іншыя сябры Маладога Фронту сёньня размаўлялі з будаўнікамі.

МАЦКОЙЦЬ: Яны настроеныя так: пакуль людзі ёсьць — мы сюды ня пойдзем. З учорашняга дня інтэнсіўна ідуць работы проста каля Курапатаў.

Мой другі суразмоўца Зьміцер Ядчэня правёў гэтую ноч у Курапатах.

ЯДЧЭНЯ: Вельмі халодна было. Пад раніцу, недзе а 6-й гадзіне былі замаразкі да мінус трох, увогуле нават каля вогнішча было цяжка сагрэцца. Потым выглянула сонца, і крыху пацяплела. Ніхто нас не прымушае, па сваім жаданьні мы тут застаемся. Учора разам зь сябрамі Маладога Фронту тут начавалі сябры Беларускай Партыі Свабоды. Для іх мы паставілі яшчэ адзін намёт. Сёньня мы ізноў працягнем дзяжурства. Будзем стаяць да апошняга й будзем сачыць ня толькі за тым, што тут адбываецца, але й за тым, што будзе вырашаць аргкамітэт у абарону Курапатаў.

Сёньня я сустрэлася ў Курапатах і з прадстаўніком «Магістральаўтадору» Аляксандрам Барысевічам. Вось як ён тлумачыць прычыны канфлікту, што ўзьнік у сувязі з пашырэньнем кальцавой дарогі каля Курапатаў:

— Можа, трэба было загадзя паведаміць праз газэты, што праектуецца такая дарога шырокая, паводле міжнародных стандартаў. Можа, людзі інакш бы паставіліся, з разуменьнем. Нам устанавілі тэрмін, калі трэба ўвесьці гэтую кальцавую — лістапад 2002 году. І таму, каб своечасова выканаць заданьне прэзыдэнта, тут працуе ўся краіна

— Віцебск, Гомель, Берасьце, Магілёў.

Ці ёсьць яшчэ магчымасьць спыніць рэканструкцыю кальцавой дарогі каля Курапатаў і правесьці дарогу іншым шляхам, згодна з праектам 1993 году? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да геадэзіста Міхала Ярца, які працуе цяпер на гэтым участку дарогі.

ЯРАЦ: Гэта будуць нічым не абгрунтаваныя выдаткі. Варыянт такі — каб мінімальна закрануць... Можа, некалькі магіл прыйдзецца перазахаваць. Усё астатняе застанецца некранутым. Лепшага варыянту я як геадэзіст тут ня бачу. Праектанты некалькі разоў пераглядалі варыянты рэканструкцыі, каб абысьці, не закрануць і тут, і там, неяк сьціснуцца. Дзе могілкі блізка, будзем ставіць падпорныя сьценкі. Усё магчымае зробім, каб не закрануць.

Але гэта тэхнічны бок курапацкай праблемы, а што да маральнага... Вось ужо некалькі дзён над Курапатамі лятае >вялікая чарада галубоў. Некаторыя людзі кажуць, што гэта >душы бязьвінна загінулых людзей.

26 верасьня 2001

У МЕНСКУ СТВОРАНЫ АРГКАМІТЭТ ДЗЕЛЯ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ

Сябры грамадзкага аргкамітэту будуць дамагацца ад уладаў, каб не краналі курапацкіх пахаваньняў ды каб стварылі ў Курапатах мэмарыял.

Альгерд Невяроўскі:

У сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту бралі ўдзел лідэры БНФ, Маладога Фронту, Маладой Грамады, Мартыралёгу Беларусі, Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі ды іншых арганізацыяў.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец распавёў пра тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. Паводле ягоных словаў, дзякуючы намаганьням маладафронтаўцаў, якія ўжо некалькі дзён стала знаходзяцца ў Курапатах, будаўнічыя работы ва ўрочышчы цалкам спынілі. Лідэр МФ заявіў, што моладзь будзе знаходзіцца ў Курапатах да таго часу, пакуль не пастановяць будаваць дарогу ў абыход месцаў масавых пахаваньняў. Маладыя апазыцыянэры заклікалі сяброў аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы неадкладна накіраваць у Савет Міністраў ды іншыя дзяржаўныя ўстановы лісты з патрабаваньнем перагледзець праект будаўніцтва кальцавой дарогі.

Прадстаўніца Інстытуту гісторыі АН Валянціна Вяргей і кіраўніца Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная сказалі, што, на жаль, перагледзець праект будаўніцтва дарогі немагчыма, аднак неўзабаве адміністрацыя Інстытуту гісторыі й праектны інстытут «Белгіпрадор» заключаць адмысловае пагадненьне. Праектны інстытут і будаўнікі абавязуюцца неадкладна спыніць работы, калі закрануць хаця б адно пахаваньне, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў. Пасьля гэтага разгарэлася гарачая дыскусія. Гаворыць прадстаўніца Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Ірына Жыхар:

— Будзе падпісаная дамова паміж Інстытутам гісторыі й «Белгіпрадорам». Калі будзе знойдзеная хоць адна костка, спыняецца ўся праца і пачынаюць працаваць археолягі. І ў нас, калі гэтая дамова будзе заўтра падпісаная, зьяўляецца час.

Многія сябры аргкамітэту казалі, што цяпер праз ультыматумы нічога не дасягнеш — трэба лічыцца з рэаліямі А вось меркаваньне Паўла Севярынца:

— Пытаньне ў тым, ці мы змагаемся за Курапаты, вядзем духовае змаганьне, ці мы спрабуем нешта выгадаць у існуючага рэжыму. Я не кажу, што адна пазыцыя кепская, а другая добрая, я лічу, што перамогі можна дасягнуць толькі тады, калі прынцыпова настойваць на сваім.

У выніку спрэчак дасягнулі кампрамісу. У сваім звароцеаргкамітэт патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць усе будаўнічыя работы ў раёне Курапатаў, правесьці там археалягічныя дасьледаваньні, а таксама дасьледаваць усе дакумэнты праекту дарогі — каб пераканацца, што магілы ахвяраў рэпрэсіяў ня будуць закранутыя. Аргкамітэт таксама прыняў зварот да партыяў і арганізацыяў з заклікам далучацца да грамадзкай ініцыятывы ў справе захаваньня Курапатаў.

А актывісты Маладога Фронту пасьля паседжаньня накіраваліся на дзяжурства ў Курапаты, дзе сёньня ноччу яны запаляць зьнічы ўздоўж дарогі каля ўрочышча.

27 верасьня 2001

У КУРАПАТАХ НЕ ДАЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ БУДАЎНІКАМ

Cябры Маладога Фронту па-ранейшаму трымаюць варту каля мэмарыялу. У Курапаты ідуць і ідуць людзі — нясуць крыжы, сьвечкі, кветкі, харчы для маладафронтаўцаў.

Ганна Соусь:

Гэта была ўжо трэцяя ноч у Курапатах для сяброў Маладога Фронту. Дарэчы, вельмі халодная. Распавядае Віталь Кошалеў:

— Кветкі стаяць у вадзе, дык вось — вада замерзла. Сёньня з раніцы будаўнікі сюды нават ня сунуліся. Мы перагарадзілі, каб тут ня езьдзілі. Потым зранку прыехалі археолягі, яны дасьледавалі костку, якую знайшлі тут у нядзелю. Падыходзяць увесь час людзі, цікавяцца — цяпер больш, чым раней.

Віталь Кошалеў упэўнены, што трымацца маладафронтаўцы будуць да апошняга. Яны ўжо рыхтуюць поліэтылен для намётаў на выпадак дажджу. Мінулую ноч правёў у Курапатах і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

СЕВЯРЫНЕЦ: Зьявіліся зьвесткі, што косткі, якія выкопваліадсюль і салдаты перазахоўвалі ў 1940–50-я гады, знаходзяцца недалёка, літаральна за некалькі соцень мэтраў, у лагчыне, яны засыпаныя сьмецьцем. Мы паспрабуем праверыць і гэтую інфармацыю. Гэты дзень, я мяркую, прысьвецім таму, каб не дапусьціць будаўнікоў на пагорак з таго боку. Мо дасьледуем магчымыя пахаваньні на тым баку дарогі і ў лагчыне. Яшчэ паставім некалькі крыжоў на пад’ездах, падыходах, каб яны ня здолелі праехаць. Відавочна, нас хочуць узяць зморам. Думаюць, што тут проста людзі патусуюцца й сыдуць. Так ня будзе. Будзем стаяць, пакуль ня зьменяць гэтую дарогу.

Увесь час у Курапаты прыходзяць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. Адна зь іх, Вольга Кацянкова набыла крыж на свае грошы. Я размаўляю зь ёй, пакуль маладафронтаўцы выкопваюць яму для крыжа.

КАЦЯНКОВА: Безумоўна, людзі, якія стаяць ва ўладзе, і той жа Ярмошын, які ўзначальвае наш урад... Ён рускі чалавек. Няхай бы ён падумаў, што нашыя адносіны з Расеяй таксама залежаць ад яго палітыкі тут, у Беларусі. Ці зацікаўлены ён нешта зрабіць для беларускага народу, не зганьбаваць сваю нацыю?

Вольга Кацянкова зьбіраецца сёньня падаць заяву на пікет каля Савету Міністраў, каб прыцягнуць увагу ўраду да курапацкай праблемы.

Эвальд Гатоўскі жыве ў суседнім мікрараёне Сёньня ён прынес у Курапаты невялічкі крыж, зроблены сваімі рукамі.

ГАТОЎСКІ: Сёньня з раніцы пачаў рабіць гэты крыж... Паслухаў «Свабоду», ды нешта за сэрца так узяло... Калі паглядзеў на гэтых хлопцаў, дык у мяне трохі надзея зьявілася, што будзе ў нас будучыня, і будзе яна зьвязаная з нашай незалежнасьцю, якую вось такія хлопцы абароняць. Я дабраслаўляю душы гэтых хлопцаў на іх вось такі грамадзкі подзьвіг. Сапраўды ўсё можна зрабіць — зрушыць гэтую шашу, але не трывожыць костак нявінных людзей. На гэтым трэба паставіць крыж на ўсю гісторыю і на будучыню.

Эвальд Гатоўскі падараваў маладафронтаўцам чайнік, у якім яны цяпер грэюць ваду над вогнішчам. Ён прынес ім таксама з дому крыху харчоў. Дарэчы, многія жыхары раёну чым могуць дапамагаюць абаронцам Курапатаў.

28 верасьня 2001

«…Я САМ БЕЛАРУС, І ХАЧУ, КАБ НАС БОЛЬШ НЕ СТРАЛЯЛІ Ў КУРАПАТАХ…»

Пяты дзень Курапаты вартуюць сябры Маладога Фронту і Беларускай Партыі Свабоды. Надоечы міліцыянты прымусілі абаронцаў зьняць з дрэва бел-чырвона-белы сьцяг.

Ганна Соусь:

З учорашняга дня ў Курапатах паболела крыжоў. Самы вялікі быў усталяваны ўчора ўвечары побач з дарогай на пагорку, бліжэй да месца пахаваньняў. Каля курапацкай указальнай шыльды цяпер знаходзіцца вялікі стэнд, зь якога можна даведацца пра гісторыю гэтага месца — тут ёсьць падборка газэтных публікацыяў пра Курапаты, фотаздымкі, што рабіліся ў часе археалягічных раскопак. На стэндзе ёсьць здымак Біла Клінтана ў Курапатах, а таксама мэмарыяльнай пліты «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі», якую месяц таму разбурылі.

У Курапатах па-ранейшаму гараць вогнішчы, стаяць намёты, але няма ўжо на дрэве бел-чырвона-белага сьцяга. Распавядае сябар Кальварыйскай рады Маладога Фронту Сяржук Мацкойць:

— Пад’ехаў спачатку маёр гарадзкой міліцыі. Пачаў чапляцца да людзей: «Што вы тут сядзіце? Што паліце вогнішча? Што за сьцяг вісіць?» Проста не пайшлі зь ім на канфлікт, і каб не раздражняць міліцыянтаў, прыйшлося зьняць сьцяг. А так больш тут канфліктаў не адбывалася. Сёньня мы плянуем паставіць яшчэ некалькі крыжоў, прайсьціся па пэрымэтры Курапатаў, паглядзець. Учора, калі ўсталёўвалі крыж, літаральна ў мэтрах 10—15 ад дарожнага пакрыцьця адшукалі месца, дзе было раскапанае пахаваньне. Гэта зрабілі ня больш як год таму.

У Курапатах начаваў і Зьміцер Ядчэня. Ён гаворыць, што >абаронцы адчуваюць вельмі моцную падтрымку жыхароў >мікрараёну і кіроўцаў, што праяжджаюць мiма.

ЯДЧЭНЯ: Пад’яжджаюць людзі, якія даведваюцца пра гэта з Радыё Свабода альбо з газэтаў, яны выказваюць сваю падтрымку нам — тым, хто тут знаходзіцца і ўдзень, і ўначы.

— Ці прыходзілі да вас прадстаўнікі афіцыйнай улады, вядомыя людзі Беларусі, пісьменьнікі, палітыкі?

ЯДЧЭНЯ: На жаль, нікога зь вядомых палітыкаў альбо грамадзкіх дзеячоў за гэтыя дні тут не было, на вялікі жаль. І начальства таксама.

А што да падтрымкі простых грамадзянаў, дык сёньня я >неаднойчы на свае вочы бачыла яе. Каля Курапатаў >спынілася вялікая фура зь берасьцейскімі нумарамі. З >кабіны выйшаў кіроўца, ён аднес абаронцам Курапатаў >пакунак з харчамі.

КІРОЎЦА: Вядома, падтрымліваю. Я ж сам беларус. І хачу, каб нас больш не стралялі... У Курапатах...

Пэнсіянэрка Аляксандра цяпер прыходзіць у Курапаты штодня.

АЛЯКСАНДРА: Гляджу — вогнішча, хлопцы сядзяць. Я думала, яны проста гуляюць. Але яны мне ўсё распавялі...

— Вы хвалюецеся за іх?

АЛЯКСАНДРА: Вельмі. Я першы раз бачу такіх людзей. Гэта сапраўды героі. Яны любяць Беларусь.

Падтрымаць абаронцаў Курапатаў сёньня прыйшоў і пэнсіянэр спадар Васіль разам са сваім сябрам.

ВАСІЛЬ: У 1937 годзе ў мяне бацьку забралі. Можа, ён тут ляжыць. Вось хаджу, сьвечкі стаўлю. Трэба ж захаваць памяць пра гэтых людзей. Дай Бог, каб хлопцы трымаліся... А так... Вядома, якая наша краіна. Прыйдуць амонаўцы ды ўсё гэта разьвярнуць, крыжа на іх няма...

Хлопцы й дзяўчаты, што бароняць Курапаты, ні на што ня скардзяцца, спадзяюцца толькі, што бліжэйшым часам надвор’е значна не пагоршыцца й ня пойдзе дождж. Адзінае, што часам абаронцам Курапатаў не хапае пітной вады. І яны папрасілі мяне праз Радыё Свабода зьвярнуцца з просьбай да тых, хто неўзабаве пойдзе ў Курапаты, узяць з сабой некалькі бутэлек вады.

28 верасьня 2001

У МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ КРУГЛЫ СТОЛ ПА ПРАБЛЕМЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ

Сябры аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вырашылі арганізаваць круглы стол у справе абароны гэтага месца масавых рэпрэсіяў.

Альгерд Невяроўскі:

Сакратарка грамадзкай ініцыятывы Ірына Жыхар на сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту агучыла дакумэнт, зь якога вынікае, што работы па пашырэньні Менскай кальцавой дарогі праходзяць зь вялікімі парушэньнямі будаўнічага праекту.

Спадарыня Жыхар працытавала адказ кіраўніцтва арганізацыі «Магістральаўтадор», якая ёсьць заказчыкам пашырэньня кальцавой дарогі, прадстаўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі. Заказчыкі паведамляюць, што работы па пашырэньні дарогі ў раёне Курапатаў плянуецца распачаць у 2003–2005 гадах. У гэтым лісьце (ад 18 чэрвеня сёлета) прадстаўнікі «Магістральаўтадору» прапануюць археолягам Акадэміі Навук прагледзець папярэдні праект будаўніцтва, пазначыць на мапе ўсе месцы пахаваньняў і зрабіць заўвагі адносна рэалізацыі гэтага праекту. Гаворыць Ірына Жыхар:

— А гэтак не адбылося, таму што ў ліпені ці ў жніўні Лукашэнка праехаў па трасе й пабачыў, што маскоўскі шлях яго не задавальняе. Ён выклікаў заказчыкаў і сказаў: якія два гады на праектаваньне, навошта вам праекты? Неабходна сёньня зрабіць тую працу, якую вы плянавалі зрабіць праз два гады. І ня тры гады рабіць, а здаць дарогу ў 2002 годзе.

Такім чынам, цяперашняе будаўніцтва вядуць, не зважаючы на тое, што на шляху знаходзяцца магілы расстраляных людзей.

Сёньня сябры аргкамітэту зацьвердзілі канчатковы варыянт заявы, у якой актывісты грамадзкай ініцыятывы патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва ў раёне Курапатаў, правесьці ў прыдарожнай зоне дадатковыя археалягічныя дасьледаваньні. Аргкамітэт таксама дамагаецца абнародаваньня вынікаў курапацкага расьсьледаваньня, якое вайсковая пракуратура правяла ў 1997–99 гадах, ды агарадзіць і ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча. Гэтую заяву падпісалі шэраг партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама такія вядомыя людзі як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Ганчарык ды іншыя.

Сябры аргкамітэту вырашылі арганізаваць грамадзкую дыскусію ў справе абароны Курапатаў На наступным тыдні яны зьбіраюцца правесьці круглы стол пад назвай «Мэ-марыял Курапаты: сёньняшні стан і праблемы захаваньня». У ім павінны ўзяць удзел прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных установаў, гісторыкі й грамадзкасьць. А заўтра ў Курапатах грамадзкія арганізацыі ладзяць талаку дзеля добраўпарадкаваньня тэрыторыі ўрочышча.

28 верасьня 2001

ЦІ ПАГРАЖАЕ РЭКАНСТРУКЦЫЯ КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ КУРАПАТАМ?

Ці закрануць будаўнічыя работы ў раёне Курапатаў пахаваньні ахвяраў сталінскага генацыду? Як мусіць выглядаць месца па сканчэньні рэканструкцыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае Аляксей Фёдараў, дырэктар інстытуту «Белгіпрадор».

Ягор Маёрчык:

Плянуецца, што ўжо ў панядзелак 1 кастрычніка частка Менскай кальцавой дарогі ў раёне ўрочышча Курапаты будзе закрытая на рэканструкцыю Адновіцца рух толькі налета, у лістападзе. За гэты час будаўнікі плянуюць зрабіць наступнае. Па-першае, ля ўрочышча пабудуюць два падземныя пераходы. Па-другое, у раёне вуліцы Мірашнічэнкі зьявяцца дзьве аўтамабільныя пляцоўкі, кожная на 40 аўтамабіляў. Па-трэцяе, праезная частка насупраць пахаваньняў пашырыцца на 15 мэтраў. Такім чынам, будзе шэсьць аўтамабільных палосаў шырынёй агулам 32 мэтры. Па-чацьвертае, будаўнікі ўсталююць спэцыяльныя пліты на тым месцы, дзе кальцавая дарога некалі разрэзала ўзвышша з пахаваньнямі.

Працягвае Аляксей Фёдараў, дырэктар інстытуту «Белгіпрадор» — установы, якая распрацоўвала праект рэканструкцыі кальцавой дарогі:

— У межах выемкі будуць прадугледжаныя спэцыяльныя канструкцыі, якія будуць забясьпечваць надзейнасьць і ўстойлівасьць гэтых схілаў. Яны будуць абавязкова адлюстроўваць сутнасьць таго месца, дзе праходзіць дарога.

На мапе, якую мне паказалі ў інстытуце «Белгіпрадор», сапраўды бачна, што кальцавая дарога не закранае пахаваньні. І разам з гэтым Аляксей Фёдараў зазначае:

— Зроблена ўсё, каб ні ў якім разе тое, што тут знаходзіцца, не закрануць. Гэта непахісна. Паўтаруся, траса спраектаваная такім чынам, што не парушае ўсяго таго, што тут ёсьць. Мы пашыраемся ў межах дарогі, якая там сёньня праходзіць. І не перасоўваемся ні ўлева, ні ўправа.

Спадар Фёдараў дадаў, што кантраляваць хаду рэканструкцыі дарогі будуць спэцыялісты Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук.

З тым, што будаўнічыя працы не закрануць магілы, згодная і былая супрацоўніца інстытуту «Белпрампраект» Мая Кляшторная, якая таксама знаёмая з плянам рэканструкцыі. Аднак яна бачыць небясьпеку для Курапатаў у іншым:

— Гэтая дарога — першай катэгорыі. Дарога, калі мае першую катэгорыю, мае права на абслугоўваньне — і ўлева, і ўправа захопліваць зямлю да 200 мэтраў. Што такое нарматыўныя 200 мэтраў? Гэта зьнішчэньне Курапацкага ўрочышча.

Мая Кляшторная пагаджаецца з думкай, што «праблемы Курапатаў» сёньня магло б не існаваць зусім, калі б у свій час беларускія ўлады на практыцы, а не на словах надалі ўрочышчу адмысловы статус ахоўнай тэрыторыі, добраўпарадкавалі яе і збудавалі на месцы масавых расстрэлаў мэмарыяльны комплекс.

Чалавечыя косткі і рэшткі абутку ў курапацкай магiле.

Пачатак будаўнічых работ, 24 верасьня 2001 году.

Сябры Маладога Фронту ўсталёўваюць крыж у Курапатах.

29 верасьня 2001

У КУРАПАТАХ ПРАЙШЛА ТАЛАКА

Каля 50 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў прыбралі тэрыторыю мэмарыялу ад сьмецьця і ўсталявалі прыкладна трыццаць крыжоў уздоўж курапацкага ўчастку Менскай кальцавой дарогі.

Альгерд Невяроўскі:

Ноч у Курапатах прайшла спакойна. Ужо некалькі дзён тут стаяць два намёты, каля іх дзяжураць ня менш за дзесяць прадстаўнікоў Маладога Фронту ды іншых маладзёвых арганізацыяў. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец паведаміў нашаму радыё, што цягам мінулае начы на дарозе каля пікету спынялася некалькі міліцэйскіх машынаў, пасажыры якіх працяглы час здалёк назіралі за тым, што адбываецца ў Курапатах.

Паводле Севярынца, вельмі шмат жыхароў раёну Зялёны Луг, што знаходзіцца побач з Курапатамі, а таксама кіроўцы, якія праяжджаюць па дарозе, салідарныя зь пікетоўцамі. Людзі перадаюць ім цёплыя рэчы, харчы, а таксама кажуць словы падтрымкі. Будаўнічыя работы каля ўрочышча спынілі, але толькі часова. Гаворыць Павал Севярынец:

— Нашы размаўлялі з будаўнікамі. Што цікава, ім забаранілі размаўляць зь пікетоўцамі — сказалі, каго ўбачаць зь пікетоўцамі, звольняць з працы. І другое — начальства ўвесь час гаворыць ім, што дарога ўсё роўна пройдзе па Курапатах, усё роўна пройдзе тут, мы толькі чакаем пэўны час, а потым усё роўна павядзем дарогу тут.

На 10 гадзінаў раніцы сёньня ў Курапатах была прызначаная талака дзеля ўпарадкаваньня тэрыторыі могілак. Але ў гэты час ва ўрочышчы сабралася толькі каля дзесяцi апазыцыйных актывістаў. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— У кожным разе напярэдадні Дзядоў, з увагі на тое, што ў нашай сталіцы агульныя Дзяды ўшаноўваюцца менавіта ў Курапатах, талаку трэба было б ладзіць. Але цяпер, калі над курапацкім мэмарыялам навісла пагроза будаўнічага вынішчэньня ў выніку загаду Лукашэнкі пра чарговую ўдарную будоўлю, гэтыя працы маюць і другое напаўненьне — прыцягнуць увагу ўсіх людзей да Курапатаў як да мясьціны, якая дарагая дзясяткам, сотням і тысячам суграмадзянаў. Упарадкоўваючы Курапаты, мы паказваем, што не дапусьцім іхнага разбурэньня.

Тым часам у Курапаты прыходзілі актывісты БНФ, Маладога Фронту, КХП БНФ ды іншых арганізацыяў. Усяго ў талацэ ўдзельнічалi каля 50 чалавек. Сіламі маладафронтаўцаў і актывістаў КХП БНФ уздоўж дарогі ўсталявалі каля 30 новых крыжоў, а таксама ачысьцілі тэрыторыю на пагорку, дзе знаходзяцца курапацкія магілы.

Грамадзкімі работамі кіраваў адзін зь лідэраў Мартыралёгу Беларусі, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч. Ён паведаміў, што паміж археолягамі й праектантамі кальцавой дарогі існуе пагадненьне, паводле якога ніводная курапацкая магіла ня будзе закранутая будаўнікамі, а тэрыторыя мэмарыялу будзе добраўпарадкаваная. Але гэта толькі папярэдні праект.

Мікола Крывальцэвіч лічыць, што пакуль канчатковы плян яшчэ не зацьверджаны, ёсьць магчымасьць разгледзець варыянт, пры якім новая кальцавая дарога магла б абысьці Курапаты.

30 верасьня 2001

АПЫТАНЬНЕ НА МЕНСКІХ ВУЛІЦАХ

Наш карэспандэнт цікавіўся, што думаюць людзі на менскіх вуліцах пра магчымае разбурэньне магілаў расстраляных людзей.

Альгерд Невяроўскі:

Пераважная большасьць апытаных рознага веку й заняткаў нічога ня чула пра канфлікт вакол Курапатаў. Даводзілася тлумачыць, што ў выніку распачатых у раёне ўрочышча дарожна-будаўнічых работ могуць зьнішчыць магілы расстраляных 60 гадоў таму людзей. І вось якая была рэакцыя мінакоў:

ДЗЯЎЧЫНА: Я думаю, што гэтага ня варта рабіць, бо да памяці трэба ставіцца з павагай. Відаць, трэба перанесьці гэтую дарогу ў іншае месца, каб яна не праходзіла праз магілы.

ХЛОПЕЦ: Я думаю, што нельга нішчыць магілы — альбо правесьці раскопкі, і гэтых людзей пахаваць у іншым месцы. Гэта сьвятое месца.

Пажылая жанчына лічыць, што ў канфлікт вакол Курапатаў павінны ўмяшацца ўлады:

— Магілы нельга нішчыць, гэта сымбалі нашы, гэта карані нашыя.

— Што павінны зрабіць улады, каб не краналі магілаў?

— Гэта павінен паклапаціцца Лукашэнка, таму што іншага выйсьця няма. Што «бацька» рашыць. Мы ня ў сілах. Людзі, ведаеце, так — як начальства вырашыць зьверху. А шараговы чалавек ніколі не рашае такіх праблемаў.

— Вы лічыце, што магілы мусяць застацца некранутыя?

— Нельга кранаць. Ні ў якім выпадку нельга. Таму што гэта наша памяць. Мы памрэм, нас таксама будуць варушыць... Нельга.

Гэтая жанчына лічыць, што ў Курапатах павінен паўстаць мэмарыял. Такую думку падзяляюць многія апытаныя. Гаворыць студэнтка Белдзяржунівэрсытэту:

— Магілы — гэта наша сьвятое, і мы павінны іх зьберагчы. Я ня ведаю, як да гэтага ставяцца так лёгка — усё зраўнаць, згубіць. Мы павінны зрабіць так, каб яны захаваліся, каб гэта была памяць для нашых нашчадкаў. Магчыма, нейкі мэмарыяльны знак, які б нагадваў тым, хто будзе жыць пасьля нас, пра ахвяры.

Спадар сярэдніх гадоў лічыць, што ўсе будаўнічыя работы ў Курапатах трэба неадкладна спыніць:

— Проста павінны забараніць там будаўніцтва. Перагледзець праект, гэта ўсё рэальна. У наш час разьвітая тэхналёгія будаўніцтва. Усё залежыць ад уладаў, як яны захочуць — так і зробяць. Калі яны зробяць кальцавую дарогу на гэтым месцы, ня ведаю... Мне здаецца, што міне час, і іх пракляне народ за тое, што яны нарабілі.

Іншую думку выказаў толькі адзін чалавек:

— Ведаеш, мне ў прынцыпе ўсё роўна. Калі вырашылі добраўпарадкаваць, значыць, трэба.

— І ня важна, што гэта будзе на касьцях?

— Мне бяз розьніцы. Усё нашае жыцьцё пабудаванае на касьцях, і нічога ня зробіш.

Такім чынам амаль усе апытаныя (прыкладна 15 чалавек) заявілі, што разбурэньне магілаў — барбарства, якое трэба неадкладна спыніць.

1 кастрычніка 2001

УЖО БОЛЬШ ЗА ТЫДЗЕНЬ МОЛАДЗЬ ВАРТУЕ КУРАПАТЫ

Сябры Маладога Фронту ды іншых арганізацыяў рыхтуюцца да таго, што давядзецца бараніць гэтае месца ажно да Дзядоў.

Ганна Соусь:

У Курапатах усталявалі ўжо больш за 40 крыжоў. Самыя вялікія зь іх бачна амаль за кілямэтар. Найбольш уражвае, калі сьцямнее і побач з кожным крыжом гарыць сьвечка. Як распавёў Радыё Свабода лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, за ноч згарае каля 50 сьвечак. Увогуле ж жыцьцё абаронцаў Курапатаў цяпер досыць мірнае і поўнае гаспадарчых клопатаў. Распавядае Павал Севярынец:

— Прыбіралі сьмецьце, яго вельмі многа. Відаць, да Дзядоў некалькі талокаў давядзецца наладзіць. Тым ня менш, некаторыя сем’і яшчэ заходзяць у лес на пікнічок. Усім даводзіцца тлумачыць, што гэта за месца. Большасьць згортваецца і з разуменьнем сыходзіць. Будаўнікі паводзяць сябе спакойна, сюды ня йдуць. Былі зьвесткі, што сёньня закрыюць дарогу, але рух пакуль працягваецца.

Павал Севярынец мяркуе, што варта ўжо неяк вызначыцца з тым, як усё ж будзе адбывацца рэканструкцыя дарогі каля Курапатаў:

— Хутчэй за ўсё, калі аргкамітэт альбо палітыкі старэйшага пакаленьня ня здолеюць дасягнуць нейкага выніку, мы самі распачнем кампанію. Будзем зьвяртацца ў аблвыканкам, у гарвыканкам. Магчыма, будуць нейкія пікеты ўжо ў горадзе, накіраваныя на тых чыноўнікаў, што прымаюць рашэньні па гэтай дарозе.

Пры гэтым, падкрэсьлівае Павал Севярынец, маладафронтаўцы працягнуць вартаваць Курапаты. Магчыма, па часе ўсталююць вагончыкі, бо ночы становяцца ўсё халаднейшыя. Да сталічных абаронцаў Курапатаў ужо далучаюцца людзі зь іншых гарадоў Беларусі. Мой суразмоўца Дзяніс прыехаў сюды з Гомеля.

ДЗЯНІС: Даведаўся я праз рэчыцкіх... Прыехаў падтрымаць.

Штодня ў Курапаты прыходзяць сябры КХП БНФ. Сёньня Рыгор Кійко разам са сваім сябром рабілі крыжы з паваленых будаўнікамі дрэваў.

КІЙКО: Мы з гэтага лесу зробім вялікія крыжы, каб яны здалёк былі бачныя і нагадвалі людзям... Учора сем вялікіх крыжоў зрабілі. Шмат сяброў з КХП працавалі. Пакуль яшчэ дарогу не зачынілі, мы выкарыстаем гэты момант, каб паставіць яшчэ больш крыжоў. Будзем тут змагацца. Калі трэба, будзем зямлянкі рыць, бярвеньні ёсьць. Вытрымаем аблогу...

Сяброўка КХП БНФ Інэса Лейпч прыходзіць у Курапаты штодня І кожны дзень у яе зьяўляюцца новыя вершаваныя радкі пра гэтае месца:

Не чапайце Курапатаў!

Тут месца сьвятое.

Крыжы, магілы ў соснаў шатах

пакіньце ў спакоі!

Паглядзіце, нават птушкі

над гэтым сьвятым месцам

грамадою чыняць мужна

акцыю пратэсту.

А, можа, гэта й ня птушкі,

а ахвяраў дух крылаты

тут у хваляваньні кружыць,

шукаючы рады.

Не чапайце Курапатаў!

2 кастрычніка 2001

АКЦЫЯ МОЛАДЗІ Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

На простай тэлефоннай сувязі — наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Зараз у Курапатах ідзе дождж. Тут сабралася каля 20 чалавек.

— Ці бачыце Вы там новыя твары?

— Я бываю ў Курапатах штодня і кожны дзень бачу новых людзей. Некаторыя мяняюцца, прыходзяць празь дзень-два, але шмат і новых твараў. Вось я бачу, што тут зьявіліся новыя плякаты, яны доўгія, 10 мэтраў, прымацаваныя да дрэваў. Там напісана: «Тут пахаваныя бязьвінныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў», «Курапаты – наш боль». Плякаты добра відаць з аўтамабіляў, што едуць па дарозе. Шмат кіроўцаў спыняюцца. Учора Курапаты наведала дэпутатка палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.

Зараз побач са мной знаходзіцца сябра Маладога Фронту Зьміцер Ядчэня. Дзяржаўныя тэлевізія і радыё пакуль ніякім чынам не паведамлялі пра тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. Тым ня менш, Вольга Абрамава хоча ініцыяваць курапацкае пытаньне ў парлямэнце. Як Вы мяркуеце, Зьміцер, ці здольная палата прадстаўнікоў дапамагчы вырашыць гэтае пытаньне, ці ў стане яны дапамагчы абаронцам Курапатаў?

— Не, я лічу, што палата прадстаўнікоў у дадзены момант нічога ня можа вырашыць. Мы ўсе ведаем, што сабой уяўляе «палатка», ведаем яе паўнамоцтвы, ведаем, што яна прымае дасланае згары.

— Я чую там нейкія гукі, нібыта сякера. Што там у вас адбываецца?

ЯДЧЭНЯ: Так, гэта мы робім яшчэ некалькі крыжоў, якія паспрабуем сёньня ўсталяваць. Ну і таксама сячэм дровы для вогнішчаў.

— Радыё Свабода кожны дзень асьвятляе вашую акцыю. Ці адчуваеце вы зваротную сувязь праз Радыё з тымі людзьмі, якія прыходзяць да вас?

— Так. Вось учора шмат людзей вярталася зь лецішчаў, і яны казалі, што на лецішчах чулі Свабоду і чулі пра нашыя заклікі, таму яны прыяжджаюць сюды і падтрымліваюць нас матэрыяльна і маральна.

— Ці зьбіраецеся вы начаваць, колькі вас там застанецца?

— Кожную ноч нас тут застаецца 10—15 чалавек.

3 кастрычніка 2001

ВАРТА МОЛАДЗІ Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Наўпроставае ўключэньне ў этэр нашай карэспандэнткі Ганны Соусь з Курапатаў:

— Сёньня раніцай будаўнічая тэхніка пачала працаваць літаральна ў пяці мэтрах ад крыжоў. Моладзь мела гутарку з прарабам будоўлі. Той сказаў, што мае загад – 20 мэтраў у дзень, інакш будаўнікоў звольняць. Наконт магілаў бязьвінна пакараных прараб сказаў: «Гэта ўсё пустое».

Сёньня ж сябры КХП БНФ усталявалі яшчэ два крыжы. Дарэчы, менавіта сёньня былі пададзеныя заявы ў гарвыканкам і аблвыканкам на правядзеньне мітынгу і жалобнага шэсьця на Дзяды Побач са мной знаходзіцца сябар

Сойму КХП БНФ Валеры Буйвал.

БУЙВАЛ: Мы падалі заявы на нядзелю, 28 кастрычніка, каб правесьці шэсьце ў Менску і жалобны мітынг у Курапатах у дзень ушанаваньня памяці продкаў Дзяды. Збор адбудзецца 28 кастрычніка ў 11:30 у сквэры на бульвары Талбухіна, потым людзі з крыжамі, абразамі і сьвечкамі пройдуць па праспэкце Скарыны ў Курапаты, і тут з 15 да 17 гадзін адбудзецца жалобны мітынг.

У гэтыя хвіліны яшчэ працягваецца круглы стол па праблеме Курапатаў, а побач са мной сябар Маладога Фронту Аляксей Талстоў. Пры якой умове маладафронтаўцы сыдуць з Курапатаў? Якія гарантыі патрэбныя вам, каб вы зьнялі намёты і пакінулі гэтае месца?

ТАЛСТОЎ: Мы спынім дзяжурства толькі ў тым выпадку, калі тут больш ня будзе весьціся будоўля дарогі, і калі пабачым, што будоўля вядзецца ў іншым месцы – а менавіта зь іншага боку дарогі. Ніякія дакумэнты нас не задавальняюць.

— Ганна, тыя людзі, што там знаходзяцца, якім чынам яны змаглі ахвяраваць гэтай справе столькі часу?

— Я сёньня размаўляла з многімі людзьмі. Гэта студэнты, работнікі. Яны мяняюцца і спрабуюць спалучаць работу і вось гэтую варту. Аляксей Талстоў скажа пра гэта:

— У нас тут шмат хто. Ёсьць вартаўнік, ёсьць студэнты менскіх ВНУ. Шмат хто застаецца на ноч, некаторыя нават тут жывуць – з вучобы адразу сюды, адсюль – на вучобу.

3 кастрычніка 2001

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ КРУГЛЫ СТОЛ У СПРАВЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ

Прадстаўнікі грамадзкасьці й дзяржаўных установаў абмяркоўвалі праблемы выратаваньня курапацкіх пахаваньняў у зьвязку з пашырэньнем кальцавой аўтадарогі, аднак кампрамісу не знайшлі.

Альгерд Невяроўскі:

Арганізатарамі круглага стала выступілі сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Удзел у гэтым мерапрыемстве таксама бралі актывісты КХП БНФ і некаторых грамадзкіх арганізацыяў, а таксама праектанты дарогі — кіраўнікі інстытуту «Белгіпрадор», Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Менгарвыканкаму, Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук ды іншых.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы прапанавалі кіраўніцтву дзяржаўных установаў паведаміць, паводле якога праекту да нядаўняга часу ў Курапатах вяліся будаўнічыя работы, ці ўлічвалі праектанты і будаўнікі асаблівы мэмарыяльны статус урочышча й гэтак далей.

Прадстаўнікі праектнага інстытуту «Белгіпрадор» паведамілі, што існуе толькі агульны праект рэканструкцыі кальцавой дарогі, паказалі праектныя мапы, а таксама тлумачылі, якую карысьць можа прынесьці пашырэньне дарогі.

Разам з тым, дзяржаўныя чыноўнікі фактычна прызналі, што будаўніцтва дарогі на курапацкім участку адбывалася без выкананьня якіх-кольвек нормаў правядзеньня работаў на аб’екце, які лічыцца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. Прычына ў тым, што на пастанову Аляксандра Лукашэнкі рэканструкцыя кальцавой дарогі ідзе ў сьціслыя тэрміны.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец абазначыў пазыцыю сваёй ды іншых арганізацыяў, якія цяпер ахоўваюць курапацкі нэкропаль ад разбурэньня:

— Мы там будзем стаяць, пакуль праект ня зьменяць, пакуль дарога ня пойдзе такім чынам, каб не кранала Курапатаў. Будзем там стаяць і ўдзень, і ўначы. Пытаньне да вас: ці вы кампэтэнтныя прымаць рашэньне аб спыненьні будаўніцтва і пачаць абмеркаваньне? Ці вы кампэтэнтныя рыхтаваць гэтае рашэньне, ці толькі можаце даваць парады?

Кіраўнікі праектнага інстытуту, а таксама заказчыка «Магістральаўтадору» казалі, што зьмяніць праект немагчыма, бо тады дарога стане даражэйшая на 20 мільярдаў рублёў. Разам з тым, прадстаўнікі дзяржаўных установаў прызнавалі, што калі справа ідзе пра ўшанаваньне памяці продкаў, гаварыць пра затраты не выпадае. Кажа прадстаўнік падрадчыкаў — арганізацыі «Магістральаўтадор»

Анатоль Лыцін:

— Сёньня акупляльнасьць ня тая тэма, каб яе абмяркоўваць. Наконт абыходу: тут можна па-рознаму падыходзіць, і ў кожнага будзе свая думка. Абыход можа быць і на 2, і на 3 кілямэтры, і па цяперашняй дарозе, калі яна не чапае магілаў.

Прадстаўнікі дзяржаўных установаў запэўнівалі грамадзкасьць, што цяпер будаўніцтва будзе весьціся пад кантролем археолягаў, бо існуе адпаведная дамова з Інстытутам гісторыі. Наступнымі днямі археолягі правядуць праверку глебы побач з дарогай, каб яшчэ раз пераканацца, што на шляху будаўнікоў няма магілаў. Прадстаўнікі дзяржаўных установаў таксама абяцаюць добраўпарадкаваць і агарадзіць тэрыторыю Курапатаў. Падсумаваньне вынікаў круглага стала зрабіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— Я задаволены тым, што абмеркаваньне пачалося. Я задаволены тым, што прадстаўнікі праектных і выканаўчых ведамстваў прыйшлі. Тое, што яны пад мікрафонамі прэсы й перад вачыма сапраўды шырокай грамадзкасьці пачалі выказвацца, браць на сябе пэўныя абавязкі, не адмаўляць каштоўнасьці Курапатаў як нацыянальнага мэмарыялу — гэта ўжо зарука таго, што яны будуць браць на сябе маральную адказнасьць за любыя рашэньні.

Лідэр БНФ спадзяецца, што прадстаўнікі дзяржавы й грамадзкасьці дасягнуць урэшце прымальнага для абодвух бакоў рашэньня ў справе Курапатаў.

4 кастрычніка 2001

ЗАЎТРА Ў КУРАПАТАХ ПАЧНУЦЦА АРХЕАЛЯГІЧНЫЯ РАСКОПКІ. БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ СПЫНЕНЫЯ

Міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Міхаіл Баравы, прызначаны 10 дзён таму, паабяцаў, што ў бліжэйшы час работы па рэканструкцыі кальцавой дарогі ля Курапатаў будуць прыпыненыя на два тыдні На сувязі наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня міністар Баравы наведаў Курапаты. Разам зь ім сюды прыехалі прадстаўнiкі практычна ўсіх будаўнічых арганізацыяў, што занятыя ў рэканструкцыі кальцавой дарогі, а таксама дэпутаты палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд і Марыя Худая. Былі таксама супрацоўнікі Інстытуту гісторыі. З сабой яны прывезьлі шмат журналістаў. Адметная рэч – за 10 дзён, што ладзіцца варта Курапатаў, ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ не наведаў гэтае месца. Але вось сёньня прыехала здымачная група АТН і сталічнага тэлебачаньня. У выніку размовы, што адбылася з абаронцамі Курапатаў, была дасягнутая дамоўленасьць, што будаўнічыя работы спыняюцца на два тыдні і тут пачынаюцца археалягічныя раскопкі. Але ёсьць пэўныя недарэчнасьці. Справа ў тым, што будаўнічыя работы ў Курапатах былі прыпыненыя 10 дзён таму, калі людзі пачалі ўсталёўваць крыжы і сталі не пускаць бульдозэры. А што да будаўнічых работаў, якія цягнуцца цяпер, дык сёньня на іншым баку дарогі пачалі высякаць дрэвы. Будаўнічая тэхніка ўсё ж працуе і зусім блізка ад Курапатаў.

— Ці вераць хлопцы з Маладога Фронту, што іх дапамога ўжо не спатрэбіцца?

— Яны працягваюць дзяжурства. Сёньня яны ўсталявалі новы намёт на пагорку побач зь вялікім крыжам, зьбіраюцца павялічыць колькасьць дзяжурных. Апрача таго, яны зьбіраюцца ўзяць удзел і ў археалягічных раскопках, якія пачнуцца заўтра раніцай а 9-й гадзіне. Побач са мной Павал Космач, студэнт-гісторык, які будзе каардынаваць працу Маладога Фронту ў часе раскопак. Маё пытаньне да яго. Зараз мы стаім побач з паласой, якую пазначылі будаўнікі – гэта прыкладна 15 мэтраў з абодвух бакоў дарогі, менавіта тут будуць ладзіцца раскопкі. Якія будуць вашыя дзеяньні, калі ня знойдзеце парэшткаў людзей?

— Мы будзем весьці свае раскопкі троху далей у бок Заслаўя. Менавіта там, паводле меркаваньня многіх гісторыкаў, ёсьць больш раньнія пахаваньні – не 1937—41 гадоў, а пачатку 30-х. Заўтра там Малады Фронт разам з супрацоўнікамі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук будзе распачынаць раскопкі.

4 кастрычніка 2001

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ АДМЯНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА ДАРОГІ ПРАЗ КУРАПАТЫ

Сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вырашылі накіраваць зварот у пракуратуру, у якім гаворыцца, што Савет Міністраў парушыў закон пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, дазволіўшы правядзеньне будаўнічых работ у межах нэкропалю.

Альгерд Невяроўскі:

Сябры ініцыятывы сабраліся сёньня, каб вырашыць: пагаджацца зь дзяржаўнай прапановай працягу рэканструкцыі кальцавой дарогі пад наглядам археолягаў і грамадзкасьці ці дамагацца будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў Як вядома, сёньня міністар транспарту й камунікацыяў Міхаіл Баравы ў часе наведваньня Курапатаў заявіў, што ўсе будаўнічыя работы на гэтым участку прыпыняюцца на два тыдні, і ўвесь гэты час зону магчымых дарожных работ будуць дасьледаваць археолягі разам з актывістамі Маладога Фронту.

Праўда, кіраўнік археалягічных работ з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Алег Іоў лічыць, што новыя пахаваньні на гэтай тэрыторыі наўрад ці будуць знойдзеныя. Гаворыць спадар Іоў:

— Мы вырашылі праводзіць раскопкі на 12 аб’ектах па абодва бакі дарогі, дзе, магчыма, знаходзяцца парэшткі ахвяраў. Хаця сам я да гэтага стаўлюся даволі скептычна. Але паводле дамовы трэба правесьці гэтыя раскопкі, і ад заўтра мы пачнем.

Спадар Іоў гаворыць, што археолягі ўжо ня раз праводзілі дасьледаваньні ў гэтым раёне, і ўсе знойдзеныя пахаваньні былі пазначаныя на адпаведных мапах Але каб яшчэ раз пераканацца, што дарога ня пройдзе па магілах, раскопкі ўсё ж правядуць.

Сябры аргкамітэту адзначалі, што Савет Міністраў Беларусі груба парушыў Закон пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, дазволіўшы будаўніцтва ў ахоўнай тэрыторыі помніка Курапаты. Актывісты грамадзкай ініцыятывы лічаць, што ўлады мусяць вярнуцца да праекту 1993 году, паводле якога кальцавая аўтадарога ідзе ў абыход Курапатаў, а ва ўрочышчы неадкладна стварыць сапраўдны мэмарыяльны комплекс.

Людзі ня надта вераць абяцаньням уладаў. Улады ж абяцаюць, што правядуць работы вельмі адказна і ахайна, умацуюць дарожныя адхоны адмысловымі сьценкамі з мэмарыяльнымі надпісамі, а калі ўсё ж знойдуць парэшткі ахвяраў, дык урачыста перапахаваюць іх. На думку гэтайчасткі сяброў ініцыятывы, да ўладаў трэба выстаўляць максымум патрабаваньняў.

Сябры ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вырашылі накіраваць зварот у пракуратуру з патрабаваньнем даць прававую ацэнку рашэньню Саўміну аб будаўніцтве на тэрыторыі мэмарыялу. Вырашылі таксама стварыць юрыдычную, міжнародную, мэмарыяльную, археалягічную камісіі грамадзкай ініцыятывы. Гэтыя органы будуць распрацоўваць дакумэнты й звароты з мэтай прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да праблемы Курапатаў, а таксама патрабаваць ад уладаў стварэньня ва ўрочышчы сапраўднага мэмарыялу. Пастанавілі таксама распачаць збор подпісаў сярод жыхароў мікрараёну Зялёны Луг з патрабаваньнем весьці будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў.

5 кастрычніка 2001

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДАКАЗАЦЬ, ШТО Ў КУРАПАТАХ ЛЯЖАЦЬ НЕ АХВЯРЫ СТАЛІНСКІХ РАССТРЭЛАЎ – НЕМАГЧЫМА

Гутарка нашага карэспандэнта з адкрывальнікам Курапатаў для грамадзкасьці Зянонам Пазьняком.

Юры Сьвірко:

— Зянон Станіслававіч, якое ваша стаўленьне да таго, што зараз адбываецца ў Курапатах?

— Стаўленьне маё вядомае. Раз Курапаты зьбіраюцца зьнішчыць, стаўленьне маё рэзка нэгатыўнае. Курапаты стараліся зьнішчыць на працягу ўсяго пэрыяду, як яны ўзьніклі. Рабілі гэта рознымі мэтадамі. Пракладка ў пачатку 60-х гадоў дарогі праз Курапаты – таксама быў адзін з мэтадаў. Пасьля таго, як Курапаты былі адкрытыя і дасьледаваныя ў 1988 годзе, і калі прыйшлося прызнаць тое, што было, увесь час былі спробы нейкім чынам зьнішчыць гэты помнік, гэтую памяць. Спачатку рабілі гэта мэтадамі палітычнымі, меркавалі, што можна перагледзець гэтае пытаньне. І таму некалькі разоў распачыналі новыя сьледзтвы. Апошняе сьледзтва праводзіў рэжым Лукашэнкі. Усё было пастаўлена на даволі шырокую плятформу. Вырашылі яшчэ раз зрабіць праверачныя раскопкі. І гэтыя раскопкі паказалі тое ж, што і ў 1988 годзе. Яшчэ 12 гадоў таму я казаў, што даказаць адваротнае немагчыма. Я як археоляг гэта ведаю.

А цяпер рэжым Лукашэнкі вырашыў маўчаць, таму што любыя спробы зараз пачынаць гэтую справу і дасьледаваць будуць сьведчыць толькі супраць яго. Вырашылі зайсьці з другога боку – паднялі старыя праекты пашырэньня кальцавой дарогі, праекты яшчэ 1993 году… Што значыць — пашыраць дарогу? Гэта – запусьціць тэхніку, а шырыня ж вымяраецца ня толькі палатном, яна вымяраецца і плошчай будаўнічай пляцоўкі. Па-другое, сам факт будаўніцтва дарогі на касьцях людзей прыніжае гэтае месца, гаворыць, што яно нязначнае, бо на ім можна будаваць дарогі, імчацца з хуткасьцю 100 кілямэтраў на гадзіну. Гэта проста плявок у твар нашай памяці пра людзей, якія там загінулі.

— Вы ўзгадалі, што ў 60-я гады пачалі будаўніцтва кальцавой дарогі. Цяпер Аляксандар Лукашэнка загадаў яе пашырыць. Як вы думаеце, з тэхнічнага боку, ці магчымае ўвогуле пашырэньне кальцавой дарогі ў гэтым месцы?

— Яно магчымае з гледзішча тэхнічнага, але немагчымае з гледзішча духоўных інтарэсаў нацыі. Людзі, якія кіруюцьдзяржавай, павінны гэта разумець. Нельга абгрунтоўваць эканамічнымі інтарэсамі якое б там ні было будаўніцтва ля Курапатаў, на той зямлі, дзе пахаваныя людзі. Дарогу трэба весьці ў аб’езд Курапатаў. Дарэчы, такія праекты ёсьць. Але яны былі проста адкінутыя, бо вымагаюць большых выдаткаў. Курапаты – мартыралёг нацыі. І таму выдаткі павінны быць большымі, каб захаваць гэты мартыралёг.

Маю сказаць, што мы гэтае пытаньне адсочваем ужо год. Народны Фронт яшчэ летась паставіў задачу зрабіць з Курапатаў народны помнік кшталту Грабаркі на Беласточчыне. Гэта значыць, паколькі афіцыйныя ўлады закінулі Курапаты, не зьбіраюцца там нешта мэмарыяльнае рабіць, то хай сам народ робіць, хай кожны прынясе свой крыж у памяць пра загіблых. І калі кожны прынясе, там будуць сотні тысячаў крыжоў. Гэта будзе помнік, які будзе крычаць пра наш боль. Гэты працэс пачаўся яшчэ летась і працягваецца па сёньняшні дзень.

Яшчэ 6 жніўня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй БНФ быў накіраваны запыт у Савет Міністраў, у якім мы патрабавалі, каб новая дарога пайшла ў аб’езд урочышча. Гэта быў наш пратэст на спробы будаваць. Да гэтага часу мы не атрымалі адказу. І ў аўторак, 25 верасьня, быў накіраваны новы ліст у Савет Міністраў, дзе таксама гаворыцца, што Менская кальцавая дарога павінна прайсьці ў абыход урочышча Курапаты. Чакаем адказу.

Акрамя таго, зараз стараемся разьвіць ініцыятыву людзей, каб народ стаў на абарону магілаў пакутнікаў. Толькі тады мы пераможам. Таму што, калі людзі застануцца ўбаку, чыноўнікі могуць зьнішчыць усё. Толькі сам народ можа забараніць і спыніць гэтае барбарства. Курапаты – сымбаль нашых пакутаў, яны маюць такое ж значэньне, як і бел-чырвона-белы сьцяг. Рэжым пачаў з таго, што зьнішчыў сьцяг нацыі. А цяпер вось яны хочуць зьнішчыць і апляваць Курапаты, дзе пахаваныя сотні тысячаў забітых нявінных людзей. І калі мы дапусьцім, што па магілах будуць езьдзіць аўтамабілі, пасьля гэтага мы ня зможам лічыць сябе людзьмі. Таму трэба шырыць інфармацыю пра Курапаты і намеры ўладаў, каб людзі паўсталі на іх абарону, не заставаліся дома. Трэба пярэчыць барбарству. Што датычыць тэхнічных магчымасьцяў, то, натуральна, такія магчымасьці ёсьць, каб правесьці дарогу ў абыход Курапатаў. Ёсьць пяць ужо распрацаваных варыянтаў, наколькі мне вядома. І праблемы тут няма. Тут пытаньне палітычнае. Рэжым вырашыў зьнішчыць наш сымбаль, наш мартыралёг. Мы павінны таксама разумець гэта палітычна: нас зьнішчаюць, а мы павінны супраціўляцца.

— Вы сказалі, што ёсьць пяць варыянтаў пракладкі гэтай кальцавой дарогі. Наколькі вялікія Курапаты з гледзішча гэтай кальцавой дарогі? На колькі кілямэтраў трэба яе аднесьці, каб не закранаць косткі забітых?

— Можна, скажам, правесьці гэтую дарогу праз звалку. Калі ісьці ў бок Ёдкава, гэта будзе справа ад Курапатаў, за калодзішчанскай дарогай, у бок Дроздаў. Трэба зрабіць дугу ў некалькі кілямэтраў. Гэта магчыма. Ёсьць цэлы шэраг варыянтаў. Мы павінны сказаць уладзе: «Вы павінны ісьці на такія выдаткі, каб прычыніць боль усёй нацыі? Тым мільёнам, якія ўжо не паўстануць з магілаў на сваю абарону...» А для людзей, якія не разумеюць духоўных каштоўнасьцяў, мы павінны сказаць, што існуе тэхнічнае разьвязаньне праблемы.

— Спадар Пазьняк, як вы ацэньваеце рэакцыю грамадзтва на тое, што адбываецца? Зазначым, што ў Курапатах сёлета ўсё пачалося з разбурэньня лаўкі Клінтана, якую вы, здаецца, разам усталёўвалі...

— Так, гэта праўда. Што тычыцца грамадзкасьці. Я разглядаю гэта як працэс. Грамадзкасьць ня мае інфармацыі. Недзяржаўныя газэты выходзяць маленькімі накладамі, тэлебачаньне і радыё маўчаць. Я не магу абвінавачваць грамадзтва ў абыякавасьці. Людзі проста мала інфармаваныя. Будзе пашырацца інфармацыя, будуць прыходзіць у Курапаты і людзі. Я добра памятаю 1988 год. Тады ўвогуле людзі нічога ня ведалі пра Курапаты. Але зьявіўся артыкул у «Літаратуры і мастацтве», і яго прачыталі ўсе. І калі быў абвешчаны мітынг у Курапатах 19 чэрвеня, хоць і стараліся камуністычныя ўлады як маглі не дапусьціць гэтага мітынгу, стыхійна сабралася 10 тысячаў чалавек. Усё залежыць ад інфармацыі, і калі інфармацыя будзе пашырацца, я перакананы, што нашыя людзі не застануцца абыякавымі.

6 кастрычніка 2001

ШТО АДБЫВАЕЦЦА Ў КУРАПАТАХ

Мы працягваем сачыць за тым, што адбываецца ў Курапатах. Там зараз знаходзіцца наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі.

— Скажыце, Альгерд, ці працягваюцца там нейкія працы?

— Так, сёньня ў Курапатах працягваліся археалягічныя раскопкі. Актывісты Маладога Фронту пад кіраўніцтвам супрацоўніка Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Алега Іова раскопвалі яшчэ адзін аб’ект, дзе, верагодна, маглі знаходзіцца рэшткі ахвяраў рэпрэсіяў. У гэтай яміне ані костак, ані рэшткаў адзеньня ці абутку знойдзена не было. На гэтым археалягічныя працы ў раёне Курапатаў спыненыя да панядзелка. Археолягам засталося дасьледаваць тут яшчэ дзесяць аб’ектаў па абодва бакі кальцавой дарогі. Алег Іоў не выключае, што ў некаторых месцах могуць быць знойдзеныя магілы. Сёньня ж у Курапатах сіламі актывістаў КХП БНФ была арганізаваная талака. Людзі прыбіралі тэрыторыю ўрочышча, усталёўвалі новыя крыжы. Прадстаўнікі КХП БНФ заяўляюць, што нават калі археолягі ня знойдуць магіл, яны ўсё адно не дазволяць весьці будаўніцтва кальцавой дарогі праз Курапаты. Яны гатовыя ў разе патрэбы ўстаць у пікеты разам з прадстаўнікамі маладзёвых арганізацыяў, якія таксама не зьбіраюцца сыходзіць з урочышча да таго часу, пакуль дарога ня пойдзе ў абыход Курапатаў.

Мэмарыял сёньня наведала і дэлегацыя прадстаўнікоў Таварыства Беларускай Культуры ў Літве ды віленскага цэнтру грамадзкай ініцыятывы «Дэмакратыя для Беларусі», якія ўсталявалі на пагорку вялікі крыж з абразом Вастрабрамскай Божай Маці. Паводле сябра гэтай арганізацыі Сержука Вітушкі, пасьля вяртаньня ў Вільню яны зьвернуцца да ўладаў Літвы з просьбай дапамагчы абараніць Курапаты на міжнародным узроўні. Літоўскія беларусы спадзяюцца, што ўлады іх краіны падтрымаюць гэты зварот, бо ў курапацкіх магілах таксама ляжаць і грамадзяне Літвы. А заўтра, у нядзелю, у Курапатах пройдзе зноў талака. Усю ноч тут будуць знаходзіцца людзі, якіх стала значна больш. Сёньня свой лягер тут разьбілі актывісты руху «Зубар».

8 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЮЦЦА РАСКОПКІ

На пытаньні ў простым этэры адказвае наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі:

— Ці ёсьць нейкія вынікі раскопак?

— Сёньня ўздоўж кальцавой аўтамагістралі на курапацкім участку працягваюцца археалягічныя раскопкі, што праводзяць супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі пры дапамозе Маладога Фронту, «Зубра», іншых арганізацыяў. Пакуль новых магілаў ахвяраў рэпрэсіяў ня знойдзена.

Цяпер абаронцы Курапатаў раскопваюць трэці аб’ект з вызначаных 12-ці. Актывісты раскопак тлумачаць маруднасьць іх правядзеньня тым, што бракуе людзей. Цяпер раскопкі праводзяцца сіламі 5—6 чалавек.

— Альгерд, раскопкі – справа спэцыфічная. Колькі там навукоўцаў і якую менавіта дапамогу яны патрабуюць? Ці можа непрафэсійны чалавек ім дапамагаць?

— Так, прадстаўнікі Інстытуту гісторыі пад кіраўніцтвам Алега Іова паказваюць маладым людзям, дзе трэба капаць. Раскопваюць звычайнымі рыдлёўкамі. Глыбіня даволі сур’ёзная. Спачатку капаюць яму каля паўтара мэтра, пасьля капаюць кантрольны шурф – невялікую яміну глыбінёй 3 мэтры, а то й болей.

— Як прайшлі апошнія суткі ў Курапатах, ці не было там канфліктаў?

— Як паведаміў Павал Севярынец, ноч прайшла спакойна, а вось раніцай адбыўся інцыдэнт: некалькі актывістаў КХП БНФ выкапалі пастаўленую ўчора будаўнікамі жалезную агароджу, зьнялі стужку ў раёне поля крыжоў, перад уваходам у Курапаты. Гэтай стужкай была вызначаная мяжа плянаванай дарогі. Неўзабаве ў Курапаты прыехаў кіраўнік арганізацыі «Магістральаўтадор», якая каардынуе работы пашырэньня дарогі, Анатоль Лыцін, ён абвінаваціў актывістаў КХП БНФ у самаўпраўстве, парушэньні дамоўленасьцяў паміж уладамі і грамадзкай ініцыятывай «За ўратаваньне Курапатаў». Паводле Лыціна, усталяваньне агароджы прадугледжанае дамовай.

Сябры КХП БНФ заявілі, што не дапусьцяць пашырэньня дарогі, таму вызначэньне межаў дарогі ня мае сэнсу.

— А што будаўнікі? Ці аднаўляюць гэтую агароджу?

— Не, сёньня гэтая агароджа адноўленая не была, жалезныя трубы ляжаць, складзеныя ў адным месцы – перад уваходам. На дарозе сёньня днём працавала адна машына з будаўнікамі, якія бурылі сьвідравіны: пад плянаванай дарогай мяркуюць будаваць падземны пераход.

9 кастрычніка 2001

УНАЧЫ НЕВЯДОМЫЯ ПРАВЯРАЛІ РАСКОПКІ

Прадстаўнікі Маладога Фронту, «Зубра» і Партыі Свабоды пад кіраўніцтвам археолягаў Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі ўжо амаль раскапалі шэсьць месцаў уздоўж кальцавой дарогі ў раёне Курапатаў, дзе, як меркавалася, могуць быць магілы ахвяраў масавых рэпрэсіяў.

Альгерд Невяроўскі:

Ніякіх пахаваньняў да гэтага часу ня знойдзена. Раскопкі будуць працягвацца яшчэ, як мінімум, тыдзень. Сёньня ўначы ў Курапатах знаходзілася больш за дзесяць актывістаў маладзёвых арганізацыяў, і адбылося незвычайнае здарэньне: некалькі груп маладых людзей прыехалі ў Курапаты на машынах і цягам начы хадзілі па ўрочышчы. Яны паводзілі сябе вельмі дзіўна. Калі абаронцы спрабавалі да іх наблізіцца, каб высьветліць прычыны зьяўленьня, тыя адразу ўцякалі. Невядомыя засыпалі адно зь месцаў раскопак. Дарэчы, увесь час, калі яны знаходзіліся ў Курапатах, непадалёк на дарозе стаялі дзьве міліцэйскія машыны На думку актывіста Маладога Фронту Сержука Мацкойця, гэта была акцыя псыхалягічнага ціску на абаронцаў Курапатаў.

Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Як паведаміла сакратарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ірына Жыхар, рабочая група асамблеі вырашыла зьвярнуцца да няўрадавых арганізацыяў з прапановай падрыхтаваць і накіраваць у вайсковую пракуратуру Беларусі зварот з патрабаваньнем рассакрэціць і зрабіць даступнымі вынікі расьсьледаваньня, праведзенага ў Курапатах у 1197—99 гадах.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, гэтае расьсьледаваньне, ініцыяванае шэрагам праўрадавых арганізацыяў, чарговы раз пацьвердзіла, што ў курапацкіх магілах ляжаць ахвяры менавіта камуністычнага тэрору. Ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» падрыхтавала таксама праект скаргі ў пракуратуру Беларусі, каб даць ацэнку дзеяньням службовых асобаў, якія дазволілі работы ў Курапатах.

Дарэчы, у жніўні мінулага году Аляксандар Лукашэнка сваім распараджэньнем прызначыў адказным за паскоранае пашырэньне кальцавой дарогі цяперашняга кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага, у той час віцэ-прэм’ера і куратара будаўнічай галіны. Лідэры БНФ пастанавілі правесьці 3 лістапада шэсьце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памінаньня продкаў.

Шэсьце пачнецца а 13-й гадзіне зь менскай плошчы Якуба Коласа.

10 кастрычніка 2001

РАСКОПКІ Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ПРАЦЯГВАЛІСЯ ПАКУЛЬ БЕЗВЫНІКОВА

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— З раніцы з-за дажджу не капалі. Але вось у другой палове дня надвор’е палепшылася, і літаральна 5 хвілін таму хлопцы ўзяліся за рыдлёўкі. Капаюць яму, якая раней ужо была пачатая. Яе глыбіня 1 мэтар, шырыня 1 мэтар, даўжыня 3 мэтры.

— Якая была мэтодыка выбару месца, дзе цяпер капаюць?

— Гэтае пытаньне я пераадрасоўваю лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу, які знаходзіцца побач са мной.

СЕВЯРЫНЕЦ: Аснова мэтодыкі ўзятая з працаў Зянона Пазьняка і яго калегаў, якія пачалі тут капаць паўтара дзясятка гадоў таму. Паказаньнем для раскопак служыць яміна. Звычайна запоўненая трупамі яміна з часам правальвалася на мэтар ці болей. Такіх ямінаў шмат у Курапацкім лесе. Разам з тым прасаджаная яміна можа знакаваць і тое, што была эксгумацыя, калі целы перахоўвалі. Тое, што мы нічога не знайшлі, можа сьведчыць, што частка ямінаў прыроднага паходжаньня, а частка — перазахаваныя. Непадалёк ад дарогі маглі перазахоўваць, каб не пакідаць сьлядоў. Ну а далей у лес… відаць, такой настойлівасьці ўжо не было.

— Наколькі нечаканай была заява Аляксандра Лукашэнкі, што трэба праявіць увагу да Курапатаў, бо там, маўляў, ляжаць і нашыя людзі?

СЕВЯРЫНЕЦ: Яна была абсалютна прадказальная. Зараз Лукашэнку патрэбнае міжнароднае прызнаньне, трэба выглядаць добрым царом. Я не выключаю, што Лукашэнка можа нават зьявіцца ў Курапатах, можа нават на Дзяды, можа аб’явіць аб пабудове мэмарыялу ці нейкай сьценкі, якая б знакавала ўвагу ўладаў да месца трагедыі. Карацей, чарговы раз згуляць у папулізм. Мы бачым такую магчымасьць, і думаем, нездарма нядаўна тут ноччу зьяўлялася некалькі машынаў, высаджвалася некалькі групаў людзей у цывільным, хадзілі з рацыямі па лесе.

— Павал, а ці прымеце вы ідэю мэмарыялу, калі яна будзе зыходзіць ад Лукашэнкі?

СЕВЯРЫНЕЦ: Чаму не? Калі гэта будзе ідэя паўнавартаснага мэмарыялу, калі дарога пройдзе не па костках, а ў абыход Курапатаў, а тут будзе добраўпарадкаваная тэрыторыя і ўсталяваная нейкая стэла, то, безумоўна, мы прымем гэта. Але я сумняюся, што Лукашэнка будзе гэта рабіць, бо такім чынам ён абрынае сваю ўласную канцэпцыю кіраваньня, бо робіць шмат у чым тое самае, што рабілася ў Беларусі ў 30-я гады – зьнішчае мову, культуру. І гэта будзе для яго ненатуральны крок, калі ён пойдзе на поўнае прызнаньне таго, што адбылося ў Курапатах, і на пабудову тут мэмарыялу.

Паралельна з раскопкамі ладзіцца яшчэ адна акцыя Маладога Фронту – ідзе збор подпісаў сярод жыхароў мікрараёну Зялёны Луг-6 за тое, каб участак Менскай кальцавой дарогі каля Курапатаў быў зачынены, і каб была праведзеная аб’язная дарога. Учора ўвечары маладафронтаўцы прайшлі некалькі пад’ездаў на вуліцы Мірашнічэнкі і сабралі ўжо больш за 100 подпісаў. У квартале, што прылягае да ўрочышча, жыве каля 5000 чалавек. І сябры Маладога Фронту плянуюць зьвярнуцца да кожнага зь іх. Зьбіральнікі подпісаў адзначаюць, што практычна ўсе жыхары Зялёнага Лугу вітаюць акцыю, якая цяпер праходзіць у Курапатах. Людзі не задаволеныя, як адбываецца рэканструкцыя, бо высякаюцца дрэвы, зьнішчаюцца дзіцячыя пляцоўкі, адпаведна, павялічваецца загазаванасьць і расьце шум ад дарогі.

Дагэтуль людзі ідуць у Курапаты. Вось сёньня было ўсталявана яшчэ некалькі крыжоў. Кругласутачнае дзяжурства працягваецца. Апрача маладафронтаўцаў там дзяжураць сябры Беларускай Партыі Свабоды, «Зубра» і КХП БНФ.

11 кастрычніка 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ БУЛЬДОЗЭР ПАВАЛІЎ ДВА КРЫЖЫ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Гэта адбылося ўдзень, прыкладна а другой гадзіне. Я была сьведкай гэтай падзеі. На другім баку дарогі насупраць лягеру абаронцаў былі ўсталяваныя тры вялікія крыжы. Яшчэ ўчора я бачыла, як паўзь іх езьдзіла тэхніка, але іх не краналі. Сёньня ж бульдозэр паехаў на крыжы і паваліў два зь іх. Калі я разам з хлопцамі з Партыі Свабоды і «Зубра» падышла да бульдазэрыста, мы заўважылі, што ён п’яны і ледзь трымаецца на нагах. Там жа знаходзіўся начальнік участку, які паводзіў сябе даволі агрэсіўна. Ён заявіў, што пра спыненьне працаў нічога ня ведае. Потым пад’ехала белая «Аўдзі» з магілёўскім нумарам «1001 ТР», і зь яе выйшаў нейкі начальнік. На пытаньні, чаму яго падначаленыя прыходзяць на працу п’яныя, ён адказваў, што хто, маўляў, даў вам права кантраляваць мяне і маіх падначаленых. Калі ж я падышла і запыталася ў яго пра пасаду і імя, ён сказаў, што ён проста выпадкова тут праяжджае і ніякага дачыненьня да дарогі ня мае.

— Ці спрыяе надвор’е раскопкам?

— Пакуль што дажджу няма, капаць можна, але ўначы вельмі халодна, і людзям тут, відаць, ноччу цяжка. Цяпер каля вогнішча 12 чалавек. Яны адзін з двух паваленых крыжоў адрамантавалі і паставілі на месца.

— Ці дагэтуль прыходзяць у Курапаты людзі з падтрымкай тым, хто бароніць месца расстрэлаў?

— Так, дагэтуль ідуць людзі. Большасьць – сябры КХП БНФ. Кожны зь іх прыходзіць з харчамі, многія дагэтуль нясуць крыжы. Усе гавораць, што заўтра будзе талака і прыйдзе шмат людзей. Дарэчы, пра раскопкі. Яны сёньня працягваліся, але нічога знойдзена не было.

— Які настрой у абаронцаў Курапатаў?

— Яны зьбіраюцца стаяць да канца. Настрой даволі аптымістычны. Здаецца, іх не палохаюць маразы. Яны нават не дазваляюць людзям, што выгульваюць сабак, падыходзіць да гэтага месца, ня кажучы ўжо пра будаўнікоў, якія спрабавалі зьнесьці крыжы. Дарэчы, будаўнікі некалькі разоў казалі, што на крыжы ня пойдуць. А вось сёньня п’яны пайшоў. Магчыма, гэта невыпадкова, што менавіта п’яныя йдуць на крыжы.

12 кастрычніка 2001

МІЛІЦЫЯНТЫ ГАВОРАЦЬ, ШТО АБАРОНА ЎРОЧЫШЧА – ГЭТА ПІКЕТ

У Беларускім Тэлебачаньні прагучала інфармацыя, што дарога, нягледзячы на перашкоды, будзе здадзеная ў тэрмін Што адбываецца зараз у Курапатах? На пытаньне адказвае Ганна Соусь:

— Толькі што адсюль сышлі два прадстаўнікі міліцыі, адзін зь якіх – начальнік управы аховы грамадзкага парадку УУС Менскай вобласьці Ігар Уладыка. Другі – намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну. Ён не прадставіўся. Яны прыйшлі сюды ў зьвязку з тым, што ў пятніцу міністар транспарту і камунікацыяў накіраваў ліст міністру ўнутраных справаў Навумаву, дзе выказаў незадаволенасьць, што пікетоўцы перашкаджаюць будаўніцтву дарогі Як яны распавялі, курапацкае пытаньне разглядалася на нарадзе першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Шчурко. Міліцыянты папярэдзілі, што акцыя можа разглядацца як пікет і за гэта абаронцы могуць несьці адказнасьць.

13 кастрычніка 2001

КУРАПАТЫ: НАШЧАДКІ КАТАЎ СУПРАЦЬ НАШЧАДКАЎ АХВЯРАЎ

Аляксандар Лукашук гутарыць з Васілём Быкавым.

Улетку 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» зьявілася адна з самых значных публікацыяў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя – артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці». З таго моманту, ужо 13 гадоў, ідзе барацьба за Курапаты. З аднаго боку – нашчадкі тых, хто расстрэльваў, з другога – нашчадкі тых, каго расстрэльвалі. У публікацыі, якую мужна зьмясьцілі ў сваім выданьні кіраўнікі рэдакцыі Мікола Гіль і Анатоль Вярцінскі, быў яшчэ адзін аўтар – Васіль Быкаў, які напісаў прадмову. Аўтарытэт і вядомасьць Быкава праломвалі сьцяну страху, баранілі аўтараў і газэту і адначасна надавалі публікацыі ўсясьветную значнасьць. Я пазваніў у Франкфурт-на-Майне і папрасіў аўтара прадмовы ўзгадаць, што яго тады ўразіла больш за ўсё ў старонках рукапісу, якія перадаў яму Пазьняк. Гаворыць Васіль Быкаў:

— Канечне, уразіла ня тое, што ў той час – 30-я гады адбываліся рэпрэсіі і вынішчэньне людзей, бо гэта было агульнавядома. Я якраз у той час на ўласную ініцыятыву займаўся рэабілітацыяй шмат якіх рэпрэсаваных пісьменьнікаў, дзеячоў культуры, меў справу зь Вярхоўным Саветам. Усё гэта было вядома. Не вядома было толькі

тое – і гэта было адкрыцьцём Пазьняка і Шмыгалёва – што ў такіх маштабах рэпрэсіі, па сутнасьці – вынішчэньне, адбывалася ў ваколіцах Менску, што ўсё гэта пахавана зусім блізка, за кальцавой дарогай. Вось гэтага ніхто ня ведаў. І вось празь некалькі дзесяцігодзьдзяў тое ўпершыню адкрылася, стала вядома грамадзкасьці.

— Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля публікацыі была створаная так званая дзяржаўная камісія ў справе Курапатаў, і ў яе складзе былі прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва Беларусі, у першую чаргу, партыйнага кіраўніцтва Беларусі, але таксама і ўрадавага. Былі ў яе складзе і Вы. Скажэце, як прадстаўнікі тагачаснай намэнклятуры ўспрымалі сваю працу ў камісіі?

— Старшынёй камісіі, наколькі я памятаю, была спадарыня Мазай. Яна тады была віцэ-старшынёй ураду. Адносіны былі ўвогуле насьцярожаныя, бо ўсё ж розныя людзі і па-рознаму да гэтага адносіліся. Я памятаю, што ў гэтую камісію ўваходзілі і генпракурор Тарнаўскі, і таксама старшыня КГБ. Памятаю, аднойчы мы засядалі нават у памяшканьні КГБ, у кабінэце старшыні, які нам даказваў, што дакумэнтаў ніякіх няма, усё зьнішчана, і таму нічога, што прасьвятліла б тыя факты, знайсьці немагчыма. Тым ня менш, большасьць камісіі тады прыняла рашэньне пачаць раскопкі, якія і былі распачатыя пад кіраўніцтвам археоляга (як тады гаварылі) Зянона Пазьняка.

— Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля таго, як праўда пра Курапаты была пацьверджаная, была створаная камісія ў справе ўвекавечаньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў, і Вы таксама бралі ўдзел у той камісіі. Маё пытаньне такое – чаму не ўдалося паставіць помнік у Курапатах?

— Вельмі проста. Па-першае, мяняўся час. Пасьля першага вялікага спалоху камуністы апамяталіся і зразумелі, што яны ня толькі могуць захавацца, але і ўзяць рэванш. Сапраўды, тады была створаная камісія пераважна зь дзеячоў мастацтва. Яе ўзначальваў мастак Васіль Шаранговіч. У якасьці прапановы было прадстаўлена ці не 15 праектаў помніка, якія разглядаліся, абмяркоўваліся. Яны былі розныя па мастацкіх якасьцях, але нешта там адабраць можна было. Аднак жа я вельмі хутка зразумеў, што гэты помнік з удзелам прынамсі гэтай камісіі пастаўлены ня будзе. Таму што сама камісія, і асабліва яе старшыня – хоць ён аб гэтым не гаварыў – адчулі на сабе прэсінг партыйнага кіраўніцтва, якое сабатавала гэтае ўвекавечаньне. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя сродкі. Найперш сьцьвярджалася, што мастацкія якасьці праектаў недасканалыя, што трэба ўдасканальваць, перарабляць, трэба, маўляў, адкласьці на наступны раз, прычым гэтыя адкладаньні рабіліся ўсё больш доўгімі. І ўрэшце ўсё і пайшло, як вада ў пясок.

— Апроч камісіяў, пра якія расказвае Васіль Быкаў, існавала яшчэ адна – камісія Вярхоўнага Савету, куды таксама быў абраны і я, як прадстаўнік Мартыралёгу Беларусі. У асноўным мы займаліся справамі рэабілітацыі, кампэнсацыяў, ініцыявалі перагляд справаў. Але аднойчы зайшла гаворка пра Курапаты. Напярэдадні я быў у Курапацкім лесе і бачыў сьвежыя кастрышчы, пустыя бутэлькі, бляшанкі і выступіў з прапановай як найхутчэй паставіць агароджу вакол Курапатаў, як гэта звычайна робіцца на вясковых могілках. Ніхто ня быў супраць, пачалі абмяркоўваць дэталі, вырашылі даручыць гэтую справу Васілю Шаранговічу, які таксама быў у той камісіі Вярхоўнага Савету. Тады ён выступіў і сказаў, што спатрэбіцца недзе паўгода – як мінімум месяцы тры, каб распрацаваць праект агароджы Для мяне гэта быў сапраўдны шок – тры месяцы на тое, што любы вясковы дзядзька зробіць за паўдня!.. Тыя тры месяцы цягнуцца ўжо дзясятак гадоў. Як сёньня Васілю Быкаву бачыцца адказ на пытаньне – хто вінаваты ў тым, што сёньня робіцца з Курапатамі?

— Найперш, канечне, вінаватая ўлада. Таму што ўлада па сутнасьці сваёй была камуністычная з самага пачатку адкрыцьця Курапатаў і працягвае цяпер быць – яна ня можа пайсьці на прызнаньне злачынстваў камуністычнай улады ў 30-я гады. І гэта нягледзячы на тое, што прадстаўнікі той улады, якія былі ў камісіі афіцыйна, пацьвердзілі факт гэтага ўдзелу ў вынішчэньні людзей. Вядома, напрыклад, што генэральны пракурор Беларусі Тарнаўскі са сьледчымі выдаў у Маскве кніжку пра Курапаты, дзе вельмі дакладна, выкарыстоўваючы вялізны фактычны матэрыял, у тым ліку і вынікі раскопак, і сьведчаньні сьведкаў (нават тых сьведкаў, якія ўдзельнічалі ў расстрэлах – былі і такія!) — гэта ўсё там прыводзілася, – паказаў праўду пра Курапаты. Ну і пасьля ўлады зрабілі выгляд, што нічога гэтага няма, пачалі аспрэчваць сам факт адкрыцьця гэтага злачынства. Тады стала зразумела, што яны ня хочуць прызнаць, прынамсі ўзяць на сябе адказнасьць, бо прыйшлося б адказваць, калі не пэрсанальна, дык камуністычнай партыі, якая тады кіравала, а таксама органам дзяржаўнай бясьпекі – яны адчувалі адказнасьць за свой удзел у гэтым генацыдзе. Таму яны не маглі пагадзіцца, каб прызнаць гэта ўсё. Я ведаю, што тады некаторыя зь сяброў гэтай камісіі выйшлі афіцыйна са складу камісіі, надрукавалі свае асобныя меркаваньні, як, напрыклад, «гераіня» беларускага народу Осіпава, якая першая пачала, так бы мовіць, гуляць у інтарэсах органаў бясьпекі 30-х гадоў і цяперашніх. Ну і некаторыя іншыя… І вось пачалі ствараць новыя камісіі, ініцыяваць новыя раскопкі… Гэта было зроблена для таго, каб праўду пра Курапаты схаваць назаўсёды. Ну а цяпер, як бачым, яе канчаткова закопваюць пад асфальт.

— Васіль Уладзімеравіч, хіба нас ня можа зьдзівіць пазыцыя беларускіх уладаў – ні мінулых, камуністычных, ні цяперашніх іх спадкаемцаў… Але вось пазыцыя грамадзкасьці – ці ёсьць падставы для папрокаў на адрас беларускай грамадзкасьці?

— Ну, грамадзкасьць можна папракаць, канечне. Але гэтыя папрокі, як заўсёды, будуць павісаць у паветры. Бо што такое грамадзкасьць? Гэта нешта вельмі няпэўнае… Апроч таго, тут справа яшчэ ў адным моманце, а менавіта ў адносінах грамадзкасьці да Беларускага Народнага Фронту і, у прыватнасьці, да яго лідэра Зянона Пазьняка. Паколькі менавіта ён быў ініцыятарам адкрыцьця Курапатаў, то яго праціўнікі і палітычныя апанэнты не маглі пагадзіцца на яго авангардную ролю ў гэтай справе. Магчыма, яны хацелі самі ўдзельнічаць у гэтым, або наадварот замаўчаць.

— Што можа азначаць для беларускай нацыі страта Курапатаў?

— У маральным сэнсе страты ня будзе. Таму што незалежна ад таго, ці будзе ў Курапатах пампэзны ці шыкоўны мэмарыял, ці яны будуць закатаныя пад асфальт, усё-ткі праўда ўжо выйшла з падзямельля, яна жыве, і ў гісторыі Беларусі яна ўжо прапісаная навек. Але было б вельмі добра, каб гэтая праўда знайшла нейкае матэрыяльнае ўвасабленьне, каб людзі бачылі нейкі знак, сымбаль таго, што там адбывалася ў 30-я гады і задавалі сабе пытаньне – хто вінаваты? Але, відаць, гэтага ня будзе, і ў тым страта для грамадзтва. Але для гісторыі Беларусі яны знойдзеныя і ўпісаныя ў яе, я думаю, навек.

Кожны сам стварае сабе помнік – будаўніцтва дарогі праз Курапаты стане помнікам і ўладам Беларусі на мяжы стагодзьдзяў. Чым лепшую дарогу яны пабудуюць, тым даўжэй яна будзе нагадваць пра вечную спрэчку ахвяраў і катаў.

15 кастрычніка 2001

СЯБРЫ ІНІЦЫЯТЫВЫ «ЗА ЎРАТАВАНЬНЕ МЭМАРЫЯЛУ КУРАПАТЫ» БУДУЦЬ РАІЦЦА СА СЬВЯТАРАМІ

Яны вырашылі правесьці са сьвятарамі розных канфэсіяў сустрэчу, на якой спадзяюцца пачуць адказ на пытаньне «Ці маральна весьці будаўнічыя работы ў раёне пахаваньня бязьвінна забітых людзей?»

Альгерд Невяроўскі:

Актывісты грамадзкай ініцыятывы заклікаюць улады не аднаўляць рэканструкцыі дарогі ў Курапатах, пакуль пракуратура ня дасьць адказу на іхную заяву. Сёньня яны правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой распавялі пра плян сваёй дзейнасьці на бліжэйшую будучыню. Праз два дні заканчваецца двухтыднёвы мараторы на будаўнічыя работы ў Курапатах, абвешчаны ўладамі ў зьвязку з археалягічнымі раскопкамі.

Археолягі не знайшлі ў прыдарожнай зоне ўрочышча ніякіх пахаваньняў, і цяпер будаўнічыя работы могуць быць адноўленыя Учора адбылося паседжаньне, на якім былі прапанаваныя два варыянты далейшых дзеяньняў. Частка сяброў грамадзкай ініцыятывы лічыць, што ўлады не пагодзяцца на будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў, і таму самі гатовыя прыняць будаўніцтва дарогі праз урочышча, што будзе адбывацца пад пільным кантролем грамадзкасьці. Сябры ініцыятывы зьбіраюцца сустрэцца з кіраўніцтвам арганізацыі «Магістральаўтадор», каб атрымаць пэўныя гарантыі добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў, узьвядзеньня вакол урочышча агароджы і гэтак далей. Іншая ж група сяброў ініцыятывы не зьбіраецца саступаць і заяўляе, што не дапусьціць пашырэньня дарогі праз Курапаты.

Каб знайсьці паразуменьне, сябры ініцыятывы вырашылі параіцца са сьвятарамі розных канфэсіяў. Гаворыць сакратарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ірына Жыхар:

— Мы павінны прыйсьці да кансэнсусу. І таму ўзьнікла ідэя правесьці нараду менавіта са сьвятарамі, таму што магілы — гэта духоўнае, гэта наша памяць. І духоўныя асобы тут не апошнюю ролю адыграюць.

А вось меркаваньне актывіста ініцыятывы Вацлава Арэшкі:

— Максымальнай задачай для нас застаецца правесьці будаўніцтва дарогі па іншай тэрыторыі. Але, зь іншага боку, мы разумеем, у якой краіне жывем, і лічым, што няма сэнсу займацца канфрантацыяй толькі дзеля канфрантацыі. Калі будзе магчымасьць знайсьці кампраміс, мы будзем ісьці на перамовы, на дыялёг.

Сябры грамадзкай ініцыятывы вырашылі зьвярнуцца да ўладаў з заклікам не аднаўляць будаўнічых работаў у Курапатах, пакуль пракуратура ня дасьць адказу на іхную заяву. Заява патрабуе даць юрыдычную ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў Саўміну, што дазволілі весьці будаўніцтва на тэрыторыі помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Сёньня ж у пракуратуру Беларусі накіравалі яшчэ адзін зварот з патрабаваньнем рассакрэціць вынікі расьсьледаваньня, што праводзілася ў Курапатах у 1997—99 гадах, каб пакласьці канец інсынуацыям пра тое, што ва ўрочышчы ляжаць ахвяры нацыстаў.

Сябры грамадзкай ініцыятывы таксама накіравалі ў амбасады краінаў Эўропы і ЗША, а таксама ў міжнародныя структуры адкрыты ліст да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам выказаць сваю салідарнасьць у справе абароны Курапатаў ды іншых гістарычных помнікаў беларускага народу.

17 кастрычніка 2001

ЖЫХАРЫ ЗЯЛЁНАГА ЛУГУ БУДУЦЬ ДАМАГАЦЦА ПРАКЛАДКІ ДАРОГІ Ў АБ’ЕЗД КУРАПАТАЎ

Сёньня ў Курапатах адбылася грамадзкая акцыя з удзелам жыхароў менскага мікрараёну Зялёны Луг-6, якія таксама выступаюць супраць пабудовы дарогі праз Курапаты На сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Акцыя адбываецца не зусім у Курапатах, а на дыспэчарскай аўтобуснай станцыі «Зялёны Луг-6». Тут сабраліся каля 50 чалавек жыхароў мікрараёну. Яны вельмі абураныя тым, як адбываецца рэканструкцыя кальцавой дарогі. Ім не падабаецца, што высечаныя дрэвы, што зьнішчаюцца дзіцячыя пляцоўкі, што шмат шуму, вялікая загазаванасьць. І вось сёньня людзі сабраліся з тым, каб стварыць ініцыятыўныя групы, якія будуць хадзіць у Савет Міністраў і патрабаваць перагляду рашэньня аб рэканструкцыі кальцавой дарогі ў раёне Курапатаў Людзі таксама патрабуюць вярнуцца да праекту 1993 году, паводле якога прадугледжвалася пабудаваць дарогу ў абыход Курапатаў. За мінулы тыдзень сабрана больш за 500 подпісаў. Зараз вось людзі чытаюць ліст, які дэпутатка палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава даслала жыхарам прылеглых дамоў, якія яшчэ ў красавіку патрабавалі, каб кальцавая дарога не была праведзеная ў гэтым месцы.

— Ганна, ці гэтую акцыю наведалі прадстаўнікі афіцыйных уладаў, каб пагаварыць зь людзьмі?

— Не, тут няма ніводнага прадстаўніка ўладаў. Нядаўна толькі пад’яжджала машына міліцыянтаў, але яны зьехалі. Нікога з уладаў няма. Ёсьць прадстаўнікі Маладога Фронту.

Людзі вельмі абураныя. Прыкладам, Яўгенія Назарава мяркуе, што неўзабаве іхны мікрараён можна будзе называць не «Зялёным», а «Карычневым Лугам».

НАЗАРАВА: Замест спальнага тут будзе забруджаны раён. І жыць будзе немагчыма. У нас усе дзіцячыя пляцоўкі выходзяць на гэтую кальцавую дарогу — 15 мэтраў да дарогі.

А пэнсіянэр Аркадзь лічыць, што варта вярнуцца да праекту 1993 году і пракласьці дарогу ў аб’езд урочышча.

АРКАДЗЬ: Забруджанасьць, пыл, загазаванасьць... Трэба пераносіць дарогу далей ад жылых дамоў.

У свой час жыхары Зялёнага Лугу ўжо зьвярталіся да ўладаў з просьбамі ды патрабаваньнямі ня весьці рэканструкцыю дарогі ледзь не пад іхнымі вокнамі, але гэтыя захады ня мелi плёну. Гаворыць спадарыня Ірына:

— Раней я хадзіла па дому ды зьбірала подпісы супраць будоўлі дарогі. Пад лістом падпісаліся 166 чалавек, але ўсё роўна дарогу зрабілі.

— А калі Вы зьбіралі подпісы?

— Месяц таму.

— На чыё імя быў ліст?

— Паўлава... Супраць улады, як гавораць, нічога ня зробіш.

Мітынг засьведчыў, што ўсё ж жыхароў Зялёнага Лугу >больш хвалюе экалёгія мікрараёну і абыякавасьць уладаў, >чым праблема захаваньня памяці пра ахвяраў камуністычнага тэрору. Людзей абурае, што зь імі ніхто не параіўся, >калі прымалі рашэньне пра рэканструкцыю дарогі. >Пэнсіянэр спадар Валянцін гаворыць:

— Прэзыдэнта сюды запрасіць... А так — што хачу, тое й раблю. А людзям жыць трэба. Для транспарту ўсё робяць, так? А вось для людзей дрэнна робяць.

У выніку сёньняшняй сустрэчы жыхары Зялёнага Лугу стварылі ініцыятыўную групу з 10 чалавек, якая будзе дамагацца будаўніцтва дарогі ў аб’езд Курапатаў. З гэтай прапановай яны будуць зьвяртацца ў сродкі масавай інфармацыі, а таксама будуць дамагацца сустрэчы з чыноўнікамі з Савету Міністраў й адміністрацыі прэзыдэнта.

18 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ АДБЫЛОСЯ АСЬВЯЧЭНЬНЕ КРЫЖОЎ

Прысутнічалі як абаронцы Курапатаў, так і жыхары мікрараёну Зялёны Луг-6. На сувязі — наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Асьвячаў крыжы айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Мяркуецца, што калі крыжы будуць асьвечаныя, дык гэта абароніць месца пакутніцтва беларускага народу ад разбурэньня. Тут сабраліся больш за 30 сяброў КХП БНФ, яны і ініцыянавалі гэтае мерапрыемства. Таксама тут прысутныя сябры Маладога Фронту і жыхары прылеглага мікрараёну. Дарэчы, вельмі важна, што гэта адбываецца менавіта сёньня, бо сёньня будаўнікі зноў павалілі два крыжы, што былі ўсталяваныя зь іншага боку дарогі. Зрэшты, яны кажуць, што гэта было зроблена ненаўмысна падчас павалкі дрэваў і абяцаюць аднавіць крыжы. Але пакуль не аднавiлi.

Сёньня раніцай у Курапатах адбыўся надзвычайны інцыдэнт. А сёмай раніцы па дарозе ехала калёна ўнутраных войскаў. За 300 мэтраў да лягеру абаронцаў калёна запаволіла хаду, уключыла фары, і калі БТРы параўналіся зь лягерам, фары скіравалі ў бок абаронцаў. Паводле аднаго зь сяброў Кальварыйскай рады Маладога Фронту, гэткім чынам улады хочуць запалохаць абаронцаў Курапатаў.

Сёньня ж у Курапатах працягваюцца археалягічныя раскопкі — дасьледуюць дзьве яміны, заўтра будзе яшчэ адна раскапаная, і пасьля абеду будзе рыхтавацца папярэдняе заключэньне па выніках раскопак.

— Ганна, раней перадавалася, што грамадзкі камітэт у абарону Курапатаў зьвярнуўся да сьвятароў усіх канфэсіяў з пытаньнем, ці маральна будаваць дарогу на касьцях бязьвінна расстраляных людзей. З вашага паведамленьня вынікае, што адгукнулася пакуль толькі Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква?

— Так, наколькі мне вядома, Леаніда Акаловіча запрашала кіраўніцтва КХП БНФ. Запрашалі і сьвятароў іншых канфэсіяў, але яны не пагадзіліся. Зрэшты, я бачыла, што сюды падыходзіў айцец Уладзімер з царквы ў Зялёным Лузе, што цяпер будуецца. Там ёсьць каплічка, якую ён даглядае. Але ён не далучыўся да асьвячэньня крыжоў. І яшчэ адна рэч. Нядаўна ў менскае бюро Радыё Свабода заходзіў Зянон Мейкін з Астраўца. Ён выказаў прапанову – каб усе нашчадкі тых людзей, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, калі едуць па кальцавой дарозе, везьлі сюды камяні. Зь цягам часу з гэтых камянёў можна было б зрабіць помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Паколькі дзяржава дагэтуль нічога зрабіць ня здолела, помнік мог бы быць збудаваны з камянёў, прывезеных з тых мясьцінаў, дзе некалі жылі пакутнікі. Зянон Мейкін папрасіў сваю прапанову перадаць праз Радыё Свабода слухачам.

— Колькі на гэты момант усталявана крыжоў і як яны выглядаюць? Ці ёсьць там традыцыйныя ручнікі?

— На некаторых ёсьць традыцыйныя ручнікі, ёсьць абразы, побач з крыжамі стаяць зьнічы, кветкі. Крыжоў ужо пад сотню. І гэта вельмі важна. Калі празь некалькі дзён будзе прынятае рашэньне будаваць далей, ці пойдуць будаўнікі на крыжы? Будаўнікі кажуць, што самі здымаць крыжы ня будуць, што гэта мусяць зрабіць тыя, хто іх ставіў. А тыя, хто ставіў, наўрад ці пагодзяцца іх прыбіраць.

19 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ ЗАВЕРШЫЛІСЯ РАСКОПКІ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Як сёньня паведаміў Радыё Свабода старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Алег Іоў, які й кiраваў раскопкамі, у тым месцы, дзе плянуецца пашырэньне дарогі, сьлядоў пахаваньняў не было знойдзена. Цяпер спадар Іоў рыхтуе заключэньне для будаўнікоў. Па высновах яго заўтра адбудзецца нарада на ўзроўні намесьніка міністра транспарту і камунікацыяў, на якой будзе абмяркоўвацца курапацкае пытаньне. Алег Іоў мяркуе, што будаўнічыя працы будуць адноўленыя ў Курапатах у панядзелак або ў аўторак.

Сёньня ж я мела размову з актывісткай грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ірынай Жыхар. Паводле яе, у панядзелак у другой палове дня ў Курапатах адбудзецца сустрэча грамадзкасьці – усіх тых асобаў, хто падпісваў заяву аб стварэньні ініцыятывы, і будаўнікоў, у прыватнасьці, мусіць прыехаць генэральны дырэктар прадпрыемства «Магістральаўтадор» Анатоль Лыцін. Ірына Жыхар кажа, што плянуецца дасягнуць наступнай дамовы: будаўнікі гарантуюць стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, і тады грамадзкасьць пагаджаецца з тым, што будуць адноўленыя будаўнічыя работы, і тыя, хто нясе кругласутачнае дзяжурства, сыходзяць адсюль. Але ці пагодзяцца з гэтым сябры Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і «Зубра», якія ўжо трэці тыдзень вартуюць Курапаты? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да Віталя Кошалева, сябра ўправы Маладога Фронту.

КОШАЛЕЎ: Учора, як вядома, на ўправе МФ было прынятае рашэньне, што ня будзем сыходзіць. Абаронцы Курапатаў тут застануцца да апошняга. Мы ня пусьцім сюды будаўнікоў, мы не дарма будавалі тут крыжы, улады не дачакаюцца, каб мы адсюль сышлі.

— Віталь, я ведаю, што Вы бралі ўдзел у раскопках. На Вашую думку, ці былі патрэбныя гэтыя раскопкі?

— Безумоўна, так. Мы адцягнулі час, за які сабралі больш за 500 подпісаў жыхароў мікрараёну Зялёны Луг-6 і наагул больш-менш узьнялі грамадзкую думку ў мікрараёне. Да пачатку раскопак усе тут літаральна спалі.

— Але ж ня знойдзеныя рэшткі пахаваньняў менавіта на гэтым месцы, дзе будзе праходзіць дарога. Ці ёсьць сэнс працягваць супрацьстаяньне? Тым больш, што ў такім выпадку будзе справакаванае сілавое рашэньне праблемы зь міліцыяй і гэтак далей?

— Сэнс, безумоўна, ёсьць. Тое, што раскопкі ля самай дарогі нічога не далі, толькі пацьвярджае, што там усё выкапанае, і ёсьць сьведкі, якія бачылі, як у 60-я гады, калі будавалася дарога, адсюль самазваламі вывозілі косткі. Таму месца расстрэлаў і месца пахаваньняў там усё ж ёсьць, і тое, што адтуль выграблі косткі і пахавалі іх невядома дзе, гэта таксама яшчэ адно злачынства дзяржавы. Як месца расстрэлу людзей яно нікуды не зьнікае. Мы ахоўваем ня нейкія фармальныя рэчы, мы ахоўваем памяць тых забітых, што былі замардаваныя ў гэтым лесе.

Заўтра аб’яднаньне моладзі Эўрапейскі Шлях арганізуе ў Курапатах талаку. А сёньня будаўнікі звалілі яшчэ адзін крыж – менавіта той, які ўчора асьвячаў айцец Леанід Акаловіч. Сёньня таксама ў Курапаты прыяжджалі міліцыянты Савецкага РАУС. Цікава, што гэта былі гарадзкія міліцыянты, а гэтую тэрыторыю кантралююць міліцыянты Менскага раёну. Міліцыянты цікавіліся тым, што тут адбываецца, паводзілі сябе спакойна і зьехалі.

20 кастрычніка 2001

ТАЛАКА

У нас на сувязі Менск. Курапаты. Сёньня там адбылася талака. У ёй браў удзел і наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Добры дзень, Валер.

— Добры дзень, сапраўды ў Менску зараз вельмі добрае надвор’е.

— Валер, наколькі дружная і наколькі шматлюдная сёньня была талака ў Курапатах?

— Нягледзячы на добрае надвор’е, ня вельмі шматлюдная. Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшло. Але праца вельмі спорыцца. Людзі прыйшлі з косамі, зь сякерамі. Высякаюць сухастой, хмызьняк, дрэвы, апалае лісьце. Хутка Дзяды, таму трэба тут прыбраць На гэты момант большая частка тэрыторыі прыбраная. Тут шмат людзей сталага веку і моладзі. Прычым, неабавязкова гэта прадстаўнікі палітычных партыяў. Вось я спытаў у маладзёнаў, адкуль яны, і яны адказалі, што не належаць да ніякіх партыяў, проста прыйшлі дапамагчы.

— А ці ёсьць у Курапатах будаўнікі?

— Ведаеце, калі я ехаў сюды, у Курапаты, па кальцавой дарозе, па ёй сапраўды вельмі цяжка ехаць, там поўна розных будаўнічых машынаў, вядзецца праца на подступах да Курапатаў. Яны ўжо літаральна падбіраюцца. Усяго ў некалькіх мэтрах ад Курапатаў працуюць бульдозэры. Але мяжу Курапатаў не перасякаюць. Яны з учорашняга дня пачалі працаваць, але на гэты момант таксама фактычна ўдзельнічаюць у талацэ. Яны прыбіраюць сьмецьце, гальлё.

— Пачатак ці аднаўленьне будаўнічых работ будзе залежаць ад заключэньня археолягаў. Калі яно чакаецца?

— У панядзелак. Тады нейкае канчатковае рашэньне будзе прымаць грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў», сваё рашэньне будуць прымаць прадстаўнікі ўлады, будаўнікі Шчыра кажучы, у мяне, як і ў многіх людзей, што сабраліся тут, у Курапатах, дрэнныя прадчуваньні. Баюся, што будзе цяжка спыніць гэтую машыну будаўнічую, што разгарнулася й ідзе на Курапаты.

Мы вяртаемся ў Курапаты. З намі сёньня па тэлефоне зьвязаўся вядомы фотакарэспандэнт Уладзімер Кармілкін. Ён паведаміў пра выпадак, сьведкам якога быў якраз сёньня ў Курапатах.

КАРМІЛКІН: Калі я прыйшоў сёньня ў Курапаты, людзей было спачатку малавата, але потым сталі падыходзіць. Я пайшоў на левы бок дарогі, каб паглядзець, там якраз пад’яжджалі трактары. Трактар «Беларусь», вялікі такі, задрыпаны, нядобрага такога выгляду. Ну і там Папкоў і Юхо ставілі крыжы. Упоперак дарогі гэтай, дзе валяць лес. І калі яны ставілі крыжы, капалі ямы, у гэты час пад’ехаў гэты трактар «Беларусь», зь яго выйшаў трактарыст. З выгляду я адразу зразумеў, што ён не зусім цьвярозы. Ён накінуўся на Папкова і на Юхо, маўляў, чаго вы стаіце, чаго перашкаджаеце нам працаваць? І Юхо яму гаворыць, што яны тут знаходзяцца, таму што прыйшлі абараніць Курапаты.

Курапаты — месца, дзе нашы продкі ляжаць, гэта наш боль. А ён адказвае: «А мне напляваць на гэты ваш боль, мне нада грошы зарабляць». Ну і бачу, што ён разьюшаны. Два разы спрабавалi яго супакоіць, але ён ніяк ня слухаўся, а потым сеў на трактар, разьвярнуўся і проста на іх паехаў.

На шчасьце, ахвяраю п’янога трактарыста ніхто ня стаў. І, паводле сьведчаньняў Уладзімера Кармілкіна, некаторыя будаўнікі, як ён бачыў, прадаюць тыя дрэвы, якія высякаюць у Курапатах. З намі на сувязі працягвае знаходзіцца наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Ён дасьць нам магчымасьць пагутарыць з археолягам, Міколам Крывальцэвічам.

— Спадар Мікола, увогуле якія Вашыя адчуваньні, якая будучыня чакае Курапаты ў наступныя дні, прынамсі, да Дзядоў?

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Паціху працягваюцца талокі. Ужо вельмі шмат зроблена ў Курапатах. Цэнтральная частка, дзе найбольшая канцэнтрацыя магіл, яна ўжо вычышчана ад кустоў, прыбрана сьмецьце. Людзі косяць ссохлую траву.

— Ці Вы асабіста бралі ўдзел у апошніх раскопках у Курапатах?

— Не.

— Тады — Ваша прафэсійнае меркаваньне. Чаму ўсё ж там нічога ня знойдзена?

— Уздоўж дарогі і ў зону праектаванага будаўніцтва магілы не трапляюць. Мы гэта адразу казалі. Хаця, меркавалі, а раптам чагосьці не заўважылі. Таму гаварылі пра абавязковы археалягічны нагляд. А раней, калі мы рабілі ахоўную зону Курапатаў, дык рабілі яе зь вялікім запасам, ведаючы, што трэба як мага больш тэрыторыі ахапіць і ахоўваць гэтую тэрыторыю. Фактычна гэтыя раскопкі былі праверкай западзін ужо не ў самой зоне будаўніцтва, а трошачкі за межамі, за краем праектаванай дарогі.

Трыццатага кастрычніка мы плянуем ставіць тут крыжы, у прыватнасьці, па расстраляных археолягах. Вядомыя тры археолягі, якія былі расстраляныя ў Менску 27 жніўня 1937 году. Гэта Дубінскі, Ляўданскі і Каваленя. Крыж у іхную памяць будзе ўсталяваны археолягамі нашай Акадэміі Навук. Будзе грамадзкая акцыя. Мы пастараемся яе сабраць. Ужо людзі шмат грошай ахвяравалі на гэта. Акрамя таго, мы давалі аб’явы, далі рахунак гарадзкога Таварыства Беларускай Мовы для збору грошай на крыжы ў Курапатах. І ўжо паступілі першыя грошы. І на гэтыя грошы мы таксама замовім крыжы і ўсталюем іх.

— Для тых, хто ня мае магчымасьці бачыць гэтыя крыжы, скажыце, якія яны і колькі каштуе такі крыж?

— Мне цяжка сказаць, таму што розныя майстры просяць па-рознаму. Даляраў 20, напэўна, будзе каштаваць адзін крыж. Мы прапанавалі праект крыжа, трошкі больш за 2 мэтры вышынёю. Каб ён, калі ўкапаеш, быў у рост чалавека. Гэта звычайны крыж з адной перакладзінай.

22 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ ЗАЎТРА ЧАКАЮЦЬ «СІЛАВОГА ВЫРАШЭНЬНЯ»

На сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Пакуль у Курапатах спакойна, але людзі, што знаходзяцца тут, называюць гэта зацішшам перад бурай. Будаўнічыя працы ня йдуць, кругласутачнае дзяжурства працягваецца. Плянавалася, што сёньня тут адбудзецца сустрэча актывістаў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» з кіраўніцтвам прадпрыемства «Магістраль-аўтадор», але яе перанесьлі на заўтра. Сёньня ж у гэтай фірме намесьнік дырэктара ў справе будаўніцтва Сяргей Ісакаў мне паведаміў, што работы ня будуць адноўленыя і заўтра. Але нядаўна будаўнікі зьнялі частку асфальтавага пакрыцьця дарогі, літаральна насупраць лягеру абаронцаў, і цяпер транспарт, едучы міма, запавольвае хаду. У лягеры ідзе жыцьцё – тут чытаюць вершы, сякуць дровы, гатуюць ежу. Нядаўна прыбіўся бяздомны сабака, які цяпер вартуе лягер. Вырашана, што нехта пасьля возьме яго дахаты.

Але ўсё ж чым гэта скончыцца і калі? Побач са мной актывіст руху «Зубар» Яраслаў Сьцешык. Яраслаў, ці падрыхтаваныя вы, што на крыжы пойдуць бульдозэры або сюды прыедуць міліцыянты?

— Вядома, мы падрыхтаваныя, але ня так, як хацелася б. Па-першае, як толькі пачнецца гвалт, мы зьбіраемся паведаміць журналістам. Зьбіраемся абараняць Курапаты негвалтоўным супрацівам – будзем сядаць на шляху бульдозэраў, будзем рабіць, што зможам.

— Ганна, у суботу фатограф Уладзімер Кармілкін паведаміў, што быў сьведкам сутычкі паміж абаронцамі Курапатаў і адным з трактарыстаў нападпітку. Ці зьвяртае міліцыя ўвагу на такія выпадкі? Што гэта за людзі, тыя будаўнікі, можа яны мяняюць сваё стаўленьне да працы ў Курапатах?

— Я часта бачу будаўнікоў нападпітку, аднойчы і прараба п’янога бачыла, але няма ўражаньня, што кіраўніцтва ці міліцыянты кантралююць іх стан. Нагадаю, што калі быў зьнішчаны першы крыж, тады нейкі кіраўнік пасадзіў у сваю машыну п’янога бульдазэрыста і адвез яго кудысьці.

— Ёсьць зьвесткі, што дрэвы, якія высякаюцца, прадаюцца пасьля будаўнікамі. Ці так гэта?

— На маю думку, не. Тая драўніна, якая была атрыманая дагэтуль, пайшла на дровы абаронцам Курапатаў, з часткі дрэваў робяць крыжы, якіх тут цяпер вельмі шмат. Астатнія дрэвы проста ляжаць на зямлі.

— Выглядае, што галоўны дзень будзе заўтра?

— Так, усе чакаюць заўтрашняга дня, але аптымізму, як я бачу, у абаронцаў няма. Яны чакаюць «сілавога вырашэньня» і чакаюць, што стануць ахвярамі і закладнікамі таго, што не зрабілі дарослыя палітыкі.

23 кастрычніка 2001

ПРАЦА БУДАЎНІКОЎ ЛЯ КУРАПАТАЎ ПАЧНЕЦЦА ПРАЗ 7–10 ДЗЁН

Такі вынік сустрэчы актывістаў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў з генэральным дырэктарам прадпрыемства «Магістральаўтадор» Анатолем Лыціным, што прайшла непасрэдна ў Курапатах.

Ганна Соусь:

Генэральны дырэктар «Магістральаўтадору» зыходзіў з высновы, што пачаць будаўніцтва кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў ужо немагчыма. Спадар Лыцін зазначыў, што ў ягонай кампэтэнцыі толькі пытаньні добраўпарадкаваньня мэмарыялу Курапаты. Але ж многія з тых патрабаваньняў, якія падалі раней актывісты грамадзкай ініцыятывы, будаўнікі забясьпечыць ня здолеюць.

ЛЫЦІН: Паставіць на дарозе чатыры ўказальнікі «Курапаты — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», замяніць драўляны помнік «Тут у лясным масіве знаходзяцца астанкі ахвяраў масавых рэпрэсіяў». На жаль, такую работу мы ня можам выканаць — паставіць чатыры ўказальнікі «Курапаты — месца згубы». Я магу ў межах маёй кампэтэнцыі ўсталяваць два дарожныя ўказальнікі ў межах стаянак, якія будуць, дзе будзе напісана «Урочышча Курапаты».

ЖАНЧЫНА: А «месца згубы ахвяраў»?

ЛЫЦІН: Гэта трэба ўзгадніць у вызначаным парадку.

Але ж гэткі варыянт не задавальняе актывістаў грамадзкай >ініцыятывы, і сёньня яны накіравалі ліст у Савет Міністраў, >у якім патрабуюць перагледзець цяперашнюю праектную >дакумэнтацыю ў справе рэканструкцыі кальцавой дарогі >ды вярнуцца да праекту 1993 году, упарадкаваць тэрыторыю могільніка й забясьпечыць ахову пахаваньняў, а таксама правесьці нараду ў Савеце Міністраў па гэтых пытаньнях.

Але ж ці гарантуюць будаўнікі, што яны не адновяць работаў у Курапатах, пакуль ва ўрадзе будуць разглядаць гэтае пытаньне? Гаворыць генэральны дырэктар прадпрыемства «Магістральаўтадор» Анатоль Лыцін:

— Не, такіх гарантыяў я даваць не магу. У межах паласы, дзе праведзеныя археалягічныя раскопкі, дарога будзе будавацца.

Паводле спадара Лыціна, будаўнічыя работы ў Курапатах будуць адноўленыя праз 7–10 дзён. Гэта сталася асноўным вынікам сёньняшняй сустрэчы грамадзкасьці з будаўнікамі. Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка, гэта можна было прадказаць.

СІЎЧЫК: Узровень прадстаўніцтва з боку ўлады не дазваляў спадзявацца на нейкія вынікі. Прыйшоў начальнік будоўлі, які абсалютна шчыра сказаў, што ад яго не залежыць адказ на самае галоўнае пытаньне — пройдзе кальцавая дарога праз Курапаты ці не?

Грамадзкасьці трэба падтрымліваць тых людзей, якія кругласутачна знаходзяцца ў Курапатах, і не дапусьціць, каб рэжым зьнішчыў гэты мэмарыял.

Асобную пазыцыю ў справе Курапатаў займае КХП БНФ. Гаворыць намесьнік кіраўніка партыі Сяргей Папкоў:

— Сёньня стаіць галоўнае пытаньне — усё ж прымусіць урад весьці дарогу ў абыход Курапатаў. Іншых пытаньняў зараз нельга ставіць. Не даваць ім зачэпкі. Вось на гэтым мы стаім, і на гэтым будзем бараніць Курапаты.

Адметна, што ў часе сёньняшняй сустрэчы генэральны дырэктар «Магістральаўтадору» не пацікавіўся меркаваньнямі тых людзей, што ўжо амаль месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства. Слова прадстаўнікам «Зубра» й Беларускай Партыі Свабоды.

СЯБАР «ЗУБРА»: Мы застанемся, таму што яны робяць сваю палітыку, а мы проста баронім косткі нашых суайчыньнікаў. І мы іх не аддамо, што б яны там ні вырашылі, на якія б пагадненьні ні пайшлі.

СЯБАР БПС: Справа ў тым, што з тых, хто займаецца Курапатамі, сюды прыходзяць толькі адзін Юхо і жанчыны, у большасьці з КХП БНФ, партыі Зянона Пазьняка.

Разам з будаўнікамі ў Курапаты сёньня прыехалі й міліцыянты на чале з намесьнікам кіраўніка абласной міліцыі Ігарам Уладыкам. І на пытаньне Радыё Свабода пра тое, што будуць рабіць міліцыянты, калі будуць адноўленыя будаўнічыя работы, а моладзь працягне вартаваць Курапаты, ён адказаў наступным чынам:

— Мы будзем рабіць тое, што належыць.

— Больш канкрэтна.

— Тлумачу, што мы будзем рабіць тое, што павінны рабіць.

Гэтым усё сказана.

24 кастрычніка 2001

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ РЫХТУЮЦЦА ДА АПОШНЯГА СУПРАЦІЎЛЯЦЦА БУДАЎНІКАМ

На сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня лягер абаронцаў Курапатаў некалькі разоў наведвалі міліцыянты з раённай управы ўнутраных справаў. Адзін зь іх, маёр, пакінуў свой нумар тэлефону і параіў тэлефанаваць, калі тут нешта здарыцца. Міліцыянты таксама паабяцалі, што будуць прыходзіць сюды некалькі разоў на дзень і адсочваць сытуацыю.

Цяпер абаронцы Курапатаў рыхтуюцца да зімы – сякуць дровы, хутка будзе ўсталяваны вялікі вайсковы намёт з «буржуйкай», бо ночы сталі вельмі халодныя Прыкладам, учора ўначы было каля 5 градусаў марозу, і сагрэцца было магчыма толькі каля вогнішча.

Наагул цяпер пачынаецца найбольш складаны этап для абаронцаў Курапатаў. Калі першыя дні была вялікая цікавасьць, людзі прыходзілі сюды, прыносілі харчы, дапамагалі хто чым можа, дык цяпер трымацца становіцца ўсё цяжэй Не хапае харчоў, а часам і проста ўвагі грамадзкасьці. У лягеры часта гавораць пра тое, што пра іх проста забыліся. Побач са мной знаходзіцца актывіст руху «Зубар» Мікіта Сасім.

САСІМ: Першая хваля цікавасьці спала, і зараз тут мала хто зьяўляецца.

— Хутка могуць пачацца будаўнічыя працы. Які настрой у вас, што будзеце рабіць?

— Будзем заставацца тут да апошняга. Пакуль будзем жывыя, дарогі тут не пабудуюць. Да маразоў мы зараз рыхтуемся, хутка паставім намёт зь печкай – будзе цёпла. Адзінае, чаго хацелася б папрасіць, каб людзі сюды прыходзілі хаця б падтрымаць нас.

— Чаго патрабуеце ў першую чаргу?

— Добра было б, каб людзі прынесьлі коўдры. А так усё нармалёва, ежы пакуль што хапае, сядзім…

Я яшчэ дадам, што цяпер у Курапатах зьявіўся плякат «А вы паставілі крыж у абарону Курапатаў?» і заклік «Ідзеце ў Курапаты – там кожны дзень павінны быць людзі. Рэжым задумаў зьнішчыць самую балючую старонку нашай нацыянальнай памяці. Стаўце крыжы, баранеце сьвятыню». Дарэчы, пра крыжы. Сёньня я была сьведкай, як будаўнікі фатаграфаваліся побач з крыжамі. Магчыма, яны сьпяшаліся зрабіць здымак на памяць, бо хутка ім давядзецца накіроўваць тэхніку на гэтыя крыжы.

25 кастрычніка 2001

У АДКАЗ НА ЗАКЛІК, ЯКІ ПРАГУЧАЎ У ЭТЭРЫ СВАБОДЫ, У КУРАПАТЫ ЗНОЎ ПАЦЯГНУЛІСЯ ЛЮДЗІ

На тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Учорашні заклік не зьмяншаць увагу да лягеру абаронцаў Курапатаў, які прагучаў у нашай праграме, быў пачуты. Сёньня ад раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі. Прыкладам, я была сьведкай, як адна пэнсіянэрка, спадарыня Ніна, прынесла бульбу, нехта іншы прынес печыва. Кальцавая дарога цяпер зачыненая для руху транспарту, і актыўная будоўля ідзе ўжо ў ста мэтрах ад Курапатаў, насупраць аўтобуснай станцыі. Дарэчы, сёньня раніцай на станцыі зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, які вывесілі сябры руху «Зубар».

28 кастрычніка, у нядзелю, КХП БНФ ладзіць шэсьце а 12-й гадзіне ад гадзіньнікавага заводу і ў 15 гадзін – жалобны мітынг у Курапатах. Потым будуць яшчэ мерапрыемствы – 30 кастрычніка і 3 лістапада. Мерапрыемстваў шмат, але пакуль не відаць вялікай актыўнасьці грамадзянаў. Побач са мной намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык.

— Вячаслаў, можа варта было наладзіць адно, але масавае мерапрыемства?

— Натуральна, у сёньняшніх умовах лепш было б, каб было адно масавае мерапрыемства, але чарговы раз, на жаль, спрацаваў суб’ектыўны фактар – а менавіта тое, што пазыцыя розных палітычных партыяў і групаў не ўзгадняецца. Таму маем, што маем. Часткова віна ляжыць на ўсіх кіраўніках палітычных партыяў. Таму я лічу, што трэба па магчымасьці браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Наша задача – як можна дапамагчы маладым і самім паўдзельнічаць.

— Чаму ня шмат палітычных сілаў праявілі ўвагу да таго, што адбываецца ў Курапатах?

— На жаль, прызначэньне Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам мела кепскія наступствы для беларускага грамадзтва. Грамадзтва зараз у пэўнай ступені разгубленае, і актыўнасьць дастаткова нізкая. Вы ж бачыце, чыімі сіламі адбываецца абарона Курапатаў, бачыце, што робіцца ў Акадэміі Навук – там наагул ніякіх пратэстаў няма. У гэтай сытуацыі мусіць адбыцца кансалідацыя ўсіх беларускіх сілаў, бо наперадзе нас чакаюць цяжкія часы, і супрацьстаяць акупацыі можна толькі агульнымі сіламі.

26 кастрычніка 2001

МОЛАДЗЬ ВЫРАШЫЛА СТВАРЫЦЬ СВІЙ АРГКАМІТЭТ АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ

Як сёньня, напярэдадні нядзельнага мітынгу, выглядаюць Курапаты? На простай тэлефоннай сувязі — наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Добраўпарадкаваньне Курапатаў працягваецца і зараз. Сёньня сябры КХП БНФ працавалі на пагорку. Яны зноў майстравалі крыжы, я бачыла, як намесьнiк старшыні партыі Сяргей Папкоў працаваў сякерай. Ён гэта вельмі спрытна робіць, і яго калегі кажуць, што ён можа зрабіць вялікі крыж за 40 хвілін – гэтак яго некалі навучыў бацька На думку сяброў КХП БНФ, у нядзельным шэсьці возьмуць удзел каля 1000 чалавек. Гэта будуць ня толькі сябры КХП БНФ, але і сябры Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар», Маладога Фронту, прыедуць таксама людзі з рэгіёнаў.

Сёньня сябры маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо больш за месяц вартуюць Курапаты, абмяркоўвалі ідэю стварэньня свайго ўласнага аргкамітэту. Яны не задаволеныя тым, як цяпер актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вядуць перамовы з уладамі Чым менавіта яны не задаволеныя? Я гэтае пытаньне пераадрасоўваю сябру БПС Алесю Гетману.

— Ці ня лічыце вы, што гэта можа пашкодзіць ідэі абароны мэмарыялу?

ГЕТМАН: Мы не спрабуем стварыць раскол паміж партыямі і групамі, якія ўваходзяць у камітэт. Справа ў тым, што ў нас да іх няма даверу, бо яны зьявіліся тут пару разоў, і да таго ж яны заклікалі нас сысьці і не бараніць Курапатаў. Таму моладзь і партыя КХП БНФ вырашылі стварыць свой аргкамітэт, які ўвесь час знаходзіцца ў Курапатах, а не засядае недзе за круглымі сталамі.

— Гэта азначае, што вы ня пойдзеце нi на які кампраміс і што вы не дапусьціце, каб кальцавая дарога прайшла праз Курапаты?

— Мы ні ў якім выпадку не дапусьцім, каб дарога прайшла праз Курапаты. Адзін кампраміс для нас – гэта каб дарога пайшла ў абыход.

Дадам яшчэ, што будаўніцтва кальцавой дарогі працягваецца і з кожным днём набліжаецца да Курапатаў. Разьлічваюць, відаць, на тое, што стане халодна і людзі доўга тут ня выседзяць. Апрача таго, калі ўсё будзе зроблена, і застанецца толькі невялікі кавалак ля Курапатаў, дык нічога не застанецца, як пачаць працаваць і на ім.

27 кастрычніка 2001

МІНІСТАР ЗАЯВІЎ, ШТО ДАРОГУ ПРАЗ КУРАПАТЫ ПАБУДУЮЦЬ

Будаўнікі абяцаюць паставіць мэмарыяльныя знакі на кальцавой дарозе ля Курапатаў, але будаўніцтва працягнуць. Пра гэта распавёў намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў Аляксандар Мінін.

Любоў Лунёва:

Спадар Мінін распавёў пра сытуацыю, якая склалася ў Курапатах:

— Калі распрацоўвалі праект кальцавой дарогі, я разглядаў гэтае пытаньне. Я сустракаўся са старшынём аб’яднаньня «Курапаты» Вацлавам Нямковічам. Я ўдзячны яму за тое, што ён перадаў нам мапы меркаваных пахаваньняў. Мы дасьледавалі гэтыя матэрыялы і з улікам іх прынялі рашэньне пра будаўніцтва кальцавой дарогі з пасоўваньнем у бок гораду. Ну, а цяпер пачалося супрацьдзеяньне розных грамадзкіх групаў. Мы ў працэсе рэалізацыі праекту адразу пачалі выкарыстоўваць археалягічныя распрацоўкі. З Інстытуту гісторыі запрасілі гісторыкаў, археолягаў. Гэты праект суправаджалі таксама прадстаўнікі Камітэту гісторыка-культурнай спадчыны ды іншыя грамадзкія арганізацыі.

На мінулым тыдні археалягічная праца ў Курапатах была скончаная. Вось у мяне заключэньне, падрыхтаванае Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук. Яно пацьвердзіла, што на месцы плянаванага будаўніцтва ніякіх пахаваньняў няма. Так што праца будзе весьціся пад наглядам. Больш за тое, дарожнікі пабудуюць два пераходы і спэцыяльныя пляцоўкі. У Курапаты стане лягчэй дабірацца гарадзкім транспартам. Будуць распрацаваныя памятныя знакі.

Калі пачнецца актыўнае будаўніцтва, спадар Мінін не сказаў.

МІНІН: У нас канкрэтна былі вызначаныя прагматычна-хрысьціянскія падыходы, якія заключаюцца ў наступным: калі ў працэсе будаўніцтва мы знойдзем нейкія парэшткі, то мы іх пахаваем на іншым месцы адпаведна заканадаўству. Што тычыцца даты, дык рашэньне аб рэканструкцыі дарогі было прынятае ў 2000 годзе. А наконт актыўнага будаўніцтва — дык праца і так вядзецца няспынна.

Цяпер дарожная тэхніка ўшчыльную праедзе ля месца пахаваньняў, а бульдозэры аддзяляе ад крыжоў пара дзясяткаў мэтраў.

28 кастрычніка 2001

ШЭСЬЦЕ Ў КУРАПАТЫ ПРАЦЯГВАЛАСЯ ТРЫ ГАДЗІНЫ

Больш за 1000 чалавек узялі ўдзел у шэсьці, прысьвечаным Дзядам.

Альгерд Невяроўскі:

Удзельнікі шэсьця на Курапаты, арганізаванага актывістамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, пачалі зьбірацца сёньня аб 11-й гадзіне недалёка ад прахадной Менскага гадзіньнікавага заводу. У асноўным гэта былі прадстаўнікі КХП і Партыі БНФ, Маладога Фронту, руху «Зубар», Партыі Свабоды, Мартыралёгу Беларусі, былі й проста жыхары сталіцы.

Адзін з арганізатараў акцыі, намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў патлумачыў, чаму шэсьце й мітынг з нагоды Дзядоў адбываюцца менавіта сёньня.

ПАПКОЎ: Сёньня апошняя нядзеля кастрычніка, Дзяды адзначаюцца ў канцы кастрычніка, і сёньня вельмі важна, каб Дзяды адбыліся да таго, як улады пачнуць работы па пашырэньні дарогі праз Курапаты. Гэта вельмі важна, каб прымусіць правесьці дарогу па-за Курапатамі.

Тым часам удзельнікі шэсьця пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі з надпісамі «Дзяды», «Абаронім Курапаты!», «Ушануйма ахвяраў Курапатаў!» ды іншымі сталі ў калёну й рушылі па праспэкце Скарыны ў бок мэмарыялу. Наперадзе калёны людзі несьлі звон і сьпявалі беларускія песьні. Удзельнікі акцыі несьлі больш за 20 крыжоў, каб усталяваць іх на магілах расстраляных. Гаворыць Алесь Блізьнюк з Радашкавічаў:

— У мяне ў Курапатах пахаваны, па зьвестках сваякоў, стрыечны дзед. У 1937 годзе яны жылі ў Ігумене (цяпер называецца Чэрвень), і прыйшлі да яго энкавэдысты, забралі, і ён зьнік. І толькі ў 1957 годзе прыйшлі дакумэнты, зь якіх вынікала, што ён пахаваны недзе ва ўрочышчы Курапаты.

А вось як патлумачыла свой удзел ва ўшанаваньні продкаў 15-гадовая вучаніца адной зь менскіх школаў Марыя Еліна:

— Я бяру ўдзел у гэтай акцыі, бо мы павінны стаяць за сваю Радзіму. Некаторыя людзі думаюць, што гэта ня важна, што гэта ня іхная будучыня, але трэба ўсё ж стаяць за яе.

А вось меркаваньне былой зьняволенай сталінскіх лягераў Надзеі Дземідовіч:

— Сярод іх мог быць і мой бацька. Але, на шчасьце, ён сядзеў у слонімскім астрозе, і там гараджане гэты астрог вызвалілі, ён ня трапіў у Курапаты. Мог бы й трапіць, калі б яшчэ пару дзён праіснавала савецкая ўлада. Я вельмі многа перацярпела, была ў лягеры. Там нас зьнішчалі, гэта ў Казахстане, у Кенгіры, і я паклялася, што колькі буду жыць — буду памятаць іх увесь час.

Сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч, які йшоў наперадзе калёны, сказаў, што асьвеціць усе крыжы, што ўсталявалі на магілах расстраляных, і будзе маліцца за іхныя душы. За тры гадзіны ўдзельнікі шэсьця прайшлі 10 кілямэтраў. Увесь час іх суправаджала некалькі міліцыянтаў, але паколькі акцыя была дазволеная ўладамі, яны не перашкаджалі ўдзельнікам.

28 кастрычніка 2001

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ХАЙ ДУША КОЖНАГА РАССТРАЛЯНАГА Ў КУРАПАТАХ УВАСОБІЦЦА Ў КРЫЖ

Жалобнае шэсьце на Дзяды скончылася сёньня мітынгам у Курапатах. На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Тут сабралася больш за паўтары тысячы чалавек. Гэта сябры КХП БНФ, БНФ «Адраджэньне», Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар» і проста шараговыя грамадзяне. Яны прыйшлі ў Курапаты з кветкамі і крыжамі. Гараць зьнічы. Вось толькі што адбылося набажэнства па бязьвінна загіблых людзях, якое правялі два сьвятары – ксёндз Ігар Лашук з парафіі Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Менску і айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Бацькаўшчыне. Цяпер на мітынгу зачытваюць ліст Зянона Пазьняка, які ён даслаў адмыслова на Дзяды ў Курапатах. Ліст чытае сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал. Зянон Пазьняк піша пра тое, што гэта першыя Дзяды ў трэцім тысячагодзьдзі, і менавіта цяпер узьнікла вялікая пагроза, што Курапаты будуць зьнішчаныя.

«Я хачу сказаць, што ня раз казаў: будуйма ў Курапатах усім народам народны мэмарыял, хай кожная несьмяротная душа, расстраляная ў Курапатах, увасобіцца ў крыж».

Гэта словы зь ліста Зянона Пазьняка. Людзі, якія выступаюць на мітынгу, кажуць, што яны цяпер знаходзяцца літаральна на лініі фронту, бо робяцца ўсе захады, каб зьнішчыць гэтае сьвятое месца. Дарэчы, менавіта сёньня працягваюцца будаўнічыя працы. Будоўля наблізілася літаральна на 10 мэтраў да мяжы Курапатаў і не спыняецца нават у час мітынгу Пра гэта зараз гаворыць у сваім выступе спадар Беленькі. Не абышлося без інцыдэнтаў. Нейкі п’яны юнак спрабаваў крычаць «Слава Расеі», але яго хутка выгналі з Курапатаў іхныя абаронцы.

— Ганна, ці літасьцівае надвор’е да абаронцаў Курапатаў сёньня, і як выглядае зараз сам мэмарыял? Ці пабольшала крыжоў?

— Тут зараз даволі вільготна, надвор’е не зусім добрае. Крыжоў вельмі шмат – больш за сто. Вось сёньня, калі праваслаўны і каталіцкі сьвятары асьвячалі крыжы, яны асьвячалі ня толькі тыя, што тут былі, але й тыя, што людзі несьлі падчас шэсьця 10 кілямэтраў. Прынесеныя сёньня крыжы потым будуць усталяваныя на магілах.

29 кастрычніка 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІСЯ ЛЮДЗІ КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫГЛЯДУ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна, раніца таксама. Затое паменела валанцёраў, якія нясуць варту. Уначы тут было чатыры чалавекі, а калі я ўдзень прыехала ў Курапаты, тут ля вогнішча сядзеў толькі адзін сябра руху «Зубар». Пазьней ізноў пачалі прыходзіць людзі, і цяпер тут каля дзесяцi чалавек.

Удзень некалькі гадзінаў над Курапатамі кружыў гелікоптэр, часам вельмі нізка – 10 мэтраў над зямлёй. Некаторыя з валанцёраў мяркуюць, што гэта спроба запалохаць абаронцаў. А дзесьці а 14-й гадзіне сюды пад’ехалі хлопцы ў скуранках і залатых ланцугах. Яны пачалі распытваць, колькі грошай атрымліваюць валанцёры за тое, што знаходзяцца тут, цікавіліся, ці беларусы ляжаць у гэтых магілах, а можа – габрэі? Наогул, паводзілі сябе вельмі нахабна. А потым паведамілі, што хутка сюды прыедуць амонаўцы і ўсіх разгоняць. Некаторыя абаронцы мяркуюць, што гэта быў невыпадковы візыт, бо каб выкінуць адсюль людзей, уладам неабавязкова зьвяртацца да АМОНу – можна зьвярнуцца па дапамогу да крымінальных структураў. Дарэчы, тут згадваюць пра выказваньні Лукашэнкі ў Гомелі, калі ён казаў пра шчыльныя дачыненьні паміж уладамі і крымінальнікамі.

Сёньня 29 кастрычніка. У гэты дзень у 1937 годзе ў Курапатах пачаліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. У такі самы дзень быў забіты і Браніслаў Тарашкевіч. Побач са мной сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо.

ЮХО: Раней тут выступалі і Ніл Гілевіч, і Васіль Быкаў, і Генадзь Бураўкін. Таму і зараз, калі будаўнічая тэхніка падышла зусім блізка да Курапатаў, трэба, каб інтэлігенцыя ўзьняла свой голас і каб ён быў пачуты. Аб Курапатах сёньня ведае ўвесь сьвет, і толькі беларускія ўлады нічога ня хочуць чуць і хочуць руйнаваць помнік.

Вось толькі што зноў пралятаў гелікоптэр… Нагадаю, што заўтра, 30 кастрычніка, ва ўсім сьвеце паводле рашэньня ААН будзе адзначацца Мiжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У Беларусі сёлета ўпершыню пад эгідай грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» пройдзе тыдзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

29 кастрычніка 2001

РАДА БНР ВЫКАЗАЛА ПАДТРЫМКУ АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ

У Нью-Ёрку пад старшынствам Івонкі Сурвіллы адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк:

Прэзыдыюм Рады БНР выказаў падтрымку беларускім патрыётам, якія выступілі ў абарону Курапатаў. Паводле словаў старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, спрыяць захаваньню Курапатаў – сьвяты абавязак кожнага сумленнага беларуса.

30 кастрычніка 2001

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ

30 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў У Беларусі на прапанову грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» праводзіцца тыдзень памяці. Сёньня ў Курапатах усталёўваюць і асьвячаюць крыжы. На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня ў Курапатах сабралося каля 100 чалавек. Людзі прыйшлі з кветкамі і крыжамі, прынесьлі бел-чырвона-белыя сьцягі. Сярод прысутных — тыя, чые продкі былі расстраляныя сталінскімі катамі. Прыкладам, у кіраўніцы Мартыралёгу Беларусі Маі Кляшторнай, якая цяпер побач са мной, бацьку расстралялі менавіта 30 кастрычніка. Сёньня ж у Курапаты прыйшлі і тыя, хто стаўся ахвярамі палітычных рэпрэсіяў ужо ў наш час. Непадалёк стаяць Павал Севярынец, які нядаўна выйшаў з-за кратаў, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка ды іншыя Толькі што быў усталяваны крыж у памяць беларускіх археолягаў, расстраляных у 1937-м. Побач са мной археоляг Мікола Крывальцэвіч.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: 27 жніўня 1937 году ў Менску былі расстраляныя тры беларускія археолягі, што працавалі ў сэктары археалёгіі Інстытуту гісторыі. А сэктар і складаўся тады з трох чалавек. Гэта Сяргей Дубінскі, Аляксандар Ляўданскі і Аляксандар Каваленя. Яны былі арыштаваныя ў траўні, а Дубінскі ў ліпені 1937 году. Па-сутнасьці, гэтыя людзі пачалі акадэмічную беларускую археалёгію, якая ў той час станавілася на ногі і рабілася навукай у многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў нас. З гібельлю гэтых людзей была перарваная натуральная хада станаўленьня беларускай навукі. Наша археалёгія адрадзілася толькі ў 60—70-я, а можа і ў 80-я гады. Тады ж, у 30-я гады, беларуская акадэмічная навука згубіла каля 150 навукоўцаў.

31 кастрычніка 2001

АБАРОНЦЫ ЗНОЎ НЕ ДАПУСЬЦІЛІ БУДАЎНІКОЎ ДА ПРАЦЫ ЛЯ МАГІЛАЎ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Гэтая ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна. Абаронцы правялі яе ў вайсковым намёце з «буржуйкай», які быў усталяваны ўчора. Было нарэшце цёпла. Сёньняшні дзень прайшоў таксама без асаблівых здарэньняў. Галоўны яго вынік валанцёры фармулююць так: «Яшчэ адзін дзень мы не дазволілі будаваць побач з Курапатамі кальцавую дарогу». Будаўнікі сюды не падыходзяць і, дарэчы, міліцыянты таксама. Дагэтуль над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг, які ўсталявалі яшчэ ў нядзелю. Гэта ўжо чацьверты сьцяг. Тры папярэднія прымусілі зьняць міліцыянты. З 24 верасьня, калі пачалося кругласутачнае дзяжурства, праз варту ў Курапатах прайшло ўжо больш за 100 сяброў Маладога Фронту, БПС і «Зубра», а таксама проста моладзі, што не ўваходзіць ні ў якія арганізацыі Некаторыя правялі ў Курапатах дзень ці два, а некаторыя два-тры тыдні.

Курапаты, апроч усяго іншага, натхняюць на творчасьць. Прыкладам, калі я сёньня прыйшла сюды, Федзя Жывалеўскі сядзеў ля вогнішча і пісаў вершы. Ён правёў у Курапатах каля трох тыдняў. У яго тут нарадзіўся не адзін верш. Я папрасіла яго прачытаць нешта:

Стамляюся. Чорныя думкі прэч.

Складана ў экстрыме заставацца сабою.

Ня варта скарыстоўваць мяне быццам рэч,

Бо ў целе яшчэ торгаецца нешта жывое.

Холадна спаць на бацькоўскіх касьцях,

Склаўшы на дровы цяжкія галовы.

Восеньская мыш зрабіла замах

У ахілесаву пяту маёй цёмнай паловы.

Жыцьцё ў Курапатах праходзіць у надзвычайных клопатах. Валанцёры рыхтуюцца да зімы. Колюць дровы, назапашваюць харчы, зьбіраюцца заставацца тут да апошняга.

1 лістапада 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТЫ ПРЫЙШЛІ ДЫПЛЯМАТЫ З ПОЛЬСКАЙ АМБАСАДЫ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Нягледзячы на моцны вецер і дождж, у Курапатах сабралася каля 20 чалавек. Сёньня Дзяды. Курапаты наведалі прадстаўнікі польскай амбасады. Яны прыйшлі са сьвечкамі і кветкамі, каб ушанаваць памяць палякаў і іншых людзей, што былі тут расстраляныя. Дарэчы, гэта быў першы візыт у Курапаты акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў з таго часу, як тут узьнік лягер абаронцаў.

Ад моцнага дажджу парваўся цаляфан над альтанкай, сарваўся адзін намёт. Гэта была, як тут кажуць, ноч на выжываньне. Тут заставаліся 20 чалавек, якія гэта вытрымалі. Сёньня раніцай над аўтобуснай станцыяй «Зялёны Луг» і над дамамі мікрараёну залуналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Апоўдні іх зьнялі камунальныя службы. Будаўнічыя работы не спыняюцца. Па ўсім відаць, хутка яны прыйдуць і ў Курапаты Але і абаронцы не зьбіраюцца сыходзіць. Сёньня вось у вайсковым намёце рабілі насьціл.

Побач са мной Арына Шыкурава з руху «Зубар». Яна правяла ў Курапатах ужо 28 дзён. Як Вы мяркуеце, ці выкарыстаюць улады сілу, каб сагнаць вас адсюль?

— Пакуль што Дзяды – дык мы думаем, што ў гэты тыдзень нас браць ня будуць. Але будаўнікі кажуць, што ўжо заўтра прыйдзе АМОН і нас прагоняць.

— Чаму вашая вахта менавіта кругласутачная? Вы не баіцёся непагадзі, не баіцёся за здароўе?

— Наконт здароўя вы маеце рацыю. У нас на валасах бывае іней, бывае мы плаваем на паралёне ў лужынах у намётах. Паўцякалі нават пацукі і наш любімы сабачка Маскалька, які сеў у 53 тралейбус.

— Што кажуць вашыя бацькі?

— Па-рознаму. Некаторыя ад бацькоў хаваюць, кажуць, што сядзяць у кампутарным клюбе. Іншым бацькі дапамагаюць. Чаму мы ноччу сядзім? Таму што ёсьць вандалы, якія могуць скінуць крыжы, а на раніцу прыйдуць будаўнікі. Таму мы і днём і ноччу глядзім, каб у Курапатах быў парадак.

Галубы па-над Курапатамі — нібы душы ахвяраў.

Першыя крыжы на месцы будаўнічых работ.

Будаўнiчыя работы працягваюцца

Першыя намёты.

2 лістапада 2001

СЁНЬНЯ — ДЗЯДЫ

Сёньня — дзень, калі беларусы памінаюць сваіх памерлых.

Сяргей Абламейка, Прага:

Менавіта на Дзяды 1987 году ў Менску адбыўся першы за савецкім часам антысавецкі мітынг, у якім мне давялося браць удзел. Тады на мітынгу ўпершыню ўспаміналі рэпрэсаваных у 30-я гады беларускіх дзеячоў. Менавіта на Дзяды 1988 году быў разагнаны мітынг у Курапатах – і якраз з таго моманту фактычна бярэ адлік беларускі дэмакратычны рух і новае беларускае адраджэньне. Той разагнаны мітынг стаў пачаткам канца камунізму ў Беларусі. Дзяды і Курапаты сёньня памятаюць усе, каму дарагія ідэалы вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

2 лістапада 2001

УНАЧЫ БЫЎ ПАДПАЛЕНЫ НАМЁТ АБАРОНЦАЎ

На простай тэлефоннай сувязі – наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня Дзяды. Нягледзячы на тое, што вось ужо чацьверты год Дзень памяці продкаў не зьяўляецца выходным днём, сёньня з раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі. Марыя Мінкевіч прыйшла з кветкамі і сьвечкамі, каб памянуць бацьку і трох дзядзькоў. Іх арыштавалі ў лютым 1938 году і ўжо празь месяц расстралялі. Пазьней Марыя Мінкевіч зьвярнулася ў архівы КГБ і даведалася пра тое, што ейны бацька і дзядзькі былі расстраляныя ў Менску, хутчэй за ўсё, у Курапатах. А вось Вера Іванавіч дагэтуль ня ведае, дзе пахаваны яе бацька Міхал Коршак, якога таксама арыштавалі ў 1938 годзе, але штогод яна прыходзіць менавіта ў Курапаты. І Вера Іванавіч, і Марыя Мінкевіч вельмі ўдзячныя валанцёрам, якія ўжо больш за месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства і не дазваляюць будаваць дарогу на костках іх бацькоў.

Дарэчы, учора ўвечары тут адбылося надзвычайнае здарэньне. Нехта звонку падпаліў дах намёту. Пра тое, як гэта адбылося, распавядзе сябра БПС Цімох Атрошчанкаў:

— Сёньня ўначы, а палове на другую, мы заўважылі, што дах намёту ў нас гарыць. Калі мы выбеглі яго тушыць, насупраць намёту на дарозе стаяла белая «Волга» з танаваным шклом. Адно шкло было апушчанае, і адтуль здымалі на камэру ўсё, што мы рабілі, як тушылі пажар.

— Як вы ацэньваеце гэтае здарэньне?

— Я мяркую, што гэта была правакацыя. Яны вывучалі нашыя дзеяньні, хацелі паглядзець, колькі людзей у намёце. Штучнасьць падпалу відавочная, бо калі мы палівалі агонь вадой, ён разгараўся яшчэ больш – відаць, было ўжытае нейкае хімічнае рэчыва.

— Такім чынам, вам пагражае рэальная небясьпека?

— Так. Каб мы спалі, мы маглі б нават згарэць у гэтым намёце.

— А вы ня думалі папрасіць дапамогі ў праваахоўчых органаў, каб падтрымаць парадак у Курапатах?

— Мы ім не давяраем.

У Курапатах чакаюць Сержука Сокалава-Воюша. Ён абяцаўся сёньня ўвечары прыехаць і пасьпяваць валанцёрам свае песьні. Заўтра пад эгідай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» адбудзецца шэраг мерапрыемстваў – на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцкім парку, у парку Чалюскінцаў і ў Курапатах. Сюды прыйдуць людзі з кветкамі і сьвечкамі.

2 лістапада 2001

НЕВЯДОМЫЯ МАГІЛЫ АХВЯРАЎ І КАТАЎ

Сёньня сотні месцаў масавага пахаваньня ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі ня будуць ушанаваныя наведнікамі, там ня будуць запаленыя сьвечкі, ускладзеныя вянкі. Бо ніхто ня ведае, дзе гэтыя пахаваньні, гаворыць Аляксандар Лукашук.

Алена Цiхановiч:

Са мной побач у студыі мой калега Аляксандар Лукашук, які быў у ліку арганізатараў Мартыралёгу Беларусі, зьяўляўся сябрам камісіі Вярхоўнага Савету ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў; плёнам ягонай працы ў архівах сталі некалькі кніг і дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных палітычным рэпрэсіям у Беларусі Аляксандар, што мы ведаем з дакумэнтаў пра месцы масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў?

— Не нашмат больш, чым пра верагодныя месцы пахаваньня вядомых людзей, якія зьніклі ў Беларусі за апошнія два гады. Вядомыя некаторыя месцы пахаваньняў – але заўсёды дзякуючы людзкой памяці, працы археолягаў, а не архіўным дакумэнтам. Але гэта не азначае, што такіх дакумэнтаў не было.

Наркамат унутраных справаў быў моцна бюракратызаванай арганізацыяй і падрабязна дакумэнтаваў сваю дзейнасьць. Тут дзьве праблемы: захаванасьці дакумэнтаў і доступу да архіву. Падчас кароткай адлігі ў канцы 1991— 1992 гадоў, каілі дасьледчыкі мелі доступ да архіву КГБ, яны – і я ў тым ліку – ніколі ня мелі доступу да каталёгу. Мы проста ня ведалі, што ёсьць у гэтым архіве, бо замовіць матэрыялы можна было толькі паводле прозьвішча. Так рабілі сваякі ахвяраў, якія прыходзілі ў прыёмную КГБ на вуліцы Камсамольскай, і ім паказвалі нейкія часткі справаў забітых. Як сябра камісіі Вярхоўнага Савету, я, як і дасьледчыкі з Акадэміі Навук, Саюзу Пісьменьнікаў, навучальных установаў, мог замовіць некаторыя справы – але таксама трэба было ведаць імя чалавека. Атрымаць матэрыялы можна было толькі з рук спэцыяльнага супрацоўніка. Але ж напэўна там былі іншыя архівы – перапіска, дакумэнтацыя аддзелаў, службаў, раённых управаў, у тым ліку расстрэльнай каманды. Пазьней старшыня КГБ генэрал Шыркоўскі заявіў, што КГБ – гэта ня хатачытальня, і абмежаваны доступ у архівы стаў яшчэ больш абмежаваным. Кіраўніцтва КГБ пры гэтым заяўляла, што ніякіх дакумэнтаў пра месцы расстрэлаў не захавалася.

— Наколькі верагодна, што дакумэнтальныя зьвесткі ўсё ж засталіся?

— У 50-я гады, пасьля сьмерці Сталіна і арышту Берыі, з архівамі «працавалі». Мне расказваў адзін былы чэкіст, які служыў тады на Поўначы, як яны, маладыя лейтэнанты ГБ, цягалі мяхі з картатэкай – справамі ахвяраў – у кацельню, і палілі там. Памятаю, ён скардзіўся, што дрэнна гарэлі – былі туга спрэсаваныя. У адзін мех уваходзіла да 10 тысячаў картак. Я таксама бачыў у архіўных справах спробы выкрасьліць, замазаць імёны тайных асьведамляльнікаў, якія датуюцца тым самым часам. Але калі гаварыць пра дакумэнтальныя сьляды месцаў расстрэлаў – яны, безумоўна, засталіся. Напрыклад, справаздачнасьць гаражу і мэханічных майстэрняў НКВД, выдачы рыштунку, расклады дзяжурстваў – пры дастатковай колькасьці падобных ускосных дакумэнтаў можна знайсьці ўсё, што заўгодна – было б жаданьне.

— Такім чынам, у дзясяткі месцаў пахаваньня сёньня, на Дзяды, ніхто ня прыйдзе – бо невядома, куды дакладна ісьці.

— Гэта так. Сёньня многія ня ведаюць, куды ісьці. Можна проста паставіць сьвечку ў сваім акне ў памяць ахвяраў, гэта будзе годна і дарэчы. Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць – у гэтых месцах масавага пахаваньня ляжаць і людзі, якія самі працавалі ў НКВД ці партыйных органах, праводзілі раскулачваньне, высылкі ў Сыбір, арганізоўвалі рэпрэсіі, пакуль самі не патрапілі ў іх жорны. Камуністаў не хавалі на спэцмогілках, кідалі ў тую ж яму. Я не прыхільнік выслоўя, што сабаку сабачая сьмерць. Але не выпадае дараваць, зьмяшаць у адно памяць пра катаў і ахвяраў. Каты засыпалі магілы, палілі дакумэнты, арыштоўвалі архівы з адной мэтай – каб пра гэта ня помнілі, каб можна было ім надалей рабіць сваю справу. І апошнім часам, пасьля зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей – Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага, такая памяць – таксама адметнасьць нашых беларускіх Дзядоў на пачатку ХХІ стагодзьдзя.

2 лістапада 2001

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: НА ДЗЯДЫ Я ХАЦЕЎ БЫ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ТЫХ, ХТО ПАСТАВІЦЬ СЬВЕЧКІ Ў КУРАПАТАХ

На простай тэлефоннай сувязі ў Франкфурце-на-Майне – народны пісьменьнік Васіль Быкаў:

— Старасьць – гэта, канечне, стан адзіноты. Як казаў адзін вельмі добры расейскі пісьменьнік: «Застаўся адзін, бо сябры разышліся па магілах». Гэта сапраўды так – у жыцьці застаецца ўсё менш, затое ў магілах усё большае. Але большае таксама і ў памяці. Што да мяне, дык памяць мая шмат дзе: і ў ваенных магілах, і ў пасьляваенных. Нядаўна я наведаў пратэстанцкі храм у Франкфурце – царкву Сьвятога Мікалая, дзе паставіў сьвечкі па двух Мікалаях, памерлых у Беларусі. Гэта па памерлым у мінулым годзе маім браце Мікалаі, а таксама па нядаўнім нябожчыку Мікалаі Матукоўскім.

Я хацеў бы сказаць, што, апрача дарагіх магілаў блізкіх, для беларусаў ёсьць яшчэ ўсеагульны нацыянальны сакральны сымбаль – Курапаты. Хаця сымбалі ў нас не ў пашане, яны традыцыйна бурацца кожнага часу, кожнае стагодзьдзе – і касьцёлы, і цэрквы, і могілкі, але затое ёсьць літаратура, ёсьць пісьменнасьць, гістарыяграфія, дзе ўсё гэта надзейна захоўваецца. І нават у гэтым сэнсе я хацеў бы сказаць, што і Курапаты, незалежна ад таго, ці будуць яны нейкім чынам ушанаваныя ўладамі – што, канечне, вельмі сумнеўна – тым ня менш, яны ўжо ёсьць. Ёсьць сакральны вялікі сымбаль нацыянальнай гісторыі Беларусі. Таму сёньня я хацеў бы далучыцца да тых, хто паставіць сьвечкі ў Курапатах.

2 лістапада 2001

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДЗЯДЫ ДЛЯ МЯНЕ ЗЬВЯЗАНЫЯ З КУРАПАТАМІ І НАРАДЖЭНЬНЕМ БНФ

На простай тэлефоннай сувязі ў ЗША – Зянон Пазьняк:

— Дзяды мне напамінаюць менавіта аб стварэньні Беларускага Народнага Фронту. Менавіта на Дзяды, 30 кастрычніка 1988 году, адбылося хрышчэньне БНФ. Тады, як многія памятаюць, ЦК КПБ падрыхтаваў велізарную правакацыю супраць Фронту. Былі кінутыя ўнутраныя войскі, былі кінутыя тысячы міліцыянтаў, ужываўся газ. Зьбіраліся проста дабіваць людзей, а потым зваліць на Народны Фронт, назваўшы нас фашыстамі, і потым атрымаць мэдалі з Масквы і расправіцца такім чынам зь беларускім адраджэньнем. Гэтае хрышчэньне тады БНФ вытрымаў. Для мяне асабіста гэта было вялікае палітычнае выпрабаваньне.

Што датычыць духоўнага ўсьведамленьня гэтага сьвята, то я лічу, што гэты дзень ёсьць вельмі важным у чалавечым жыцьці, бо ён падводзіць чалавека да разуменьня сэнсу існаваньня. Увогуле лічыцца, што калі людзі пачалі задумвацца над памяцьцю роду, калі яны вылучаліся з прыроды, тады пачала вылучацца і культура. Думаючы аб продках, чалавек пачынае думаць і аб будучым, усьведамляе сябе гістарычнай істотай. Людзі пачалі разумець гісторыю… Вось у гэтым сэнсе Дзяды вельмі важныя і для кожнага чалавека, каб усьвядоміць сваё жыцьцё і параўнаць яго, бо ніхто ня вечны і ніхто ня ведае, што будзе потым, і як трэба жыць, каб было так потым, як мяркуюць мудрыя людзі…

2 лістапада 2001

ЛЯ ГОМЕЛЬСКІХ КУРАПАТАЎ УЛАДЫ ПАЧАЛІ БУДАВАЦЬ АДСТОЙНІК

Сёньня а 17-й гадзіне на 9-м кілямэтры шашы Гомель-Чарнігаў сябры БНФ правялі жалобны мітынг.

Казімер Яноўскі, Гомель:

Тут некалькі гадоў таму гомельскія дэмакраты ўстанавілі чорны крыж з адмысловай таблічкай. Аднак невядомыя вандалы сарвалі таблічку, а ўлады побач з крыжам распачалі будаўніцтва адстойніку для сьцёкаў.

Напярэдадні мітынгу маладафронтаўцы прыбралі месца ля крыжа, а сябра КХП БНФ Уладзімер Шыцікаў аднавіў надпіс: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкай дыктатуры ў 1919—1940 гадах».

3 лістапада 200

ДЗЯДЫ. ПРАЦЯГ

У Беларусі працягваюць адзначаць дзень памяці продкаў Сёньня паводле праваслаўнага календара бацькоўская субота. Многія ізноў прыйшлі на могілкі.

Валер Каліноўскі:

Курапацкі лес сустрэў Дзяды прыбраным і ўпарадкаваным. Сёньня тут ціха. Машыны ня езьдзяць па прылеглым участку кальцавой дарогі, выкарыстоўваючы паралельную трасу. Людзі прыходзяць, каб ускласьці кветкі да магілаў, запаліць сьвечкі. Некаторыя чакаюць сьвятара, каб замовіць памінальную малітву па сваіх рэпрэсаваных родзічах Як, напрыклад, менская пэнсіянэрка Тацяна Бароўская, дзядзька якой ляжыць у адной з курапацкіх

магілаў.

БАРОЎСКАЯ: Яго ў 37-м годзе схапілі... Мы кожны год прыходзім на Дзяды. Прыйдзе сьвятар альбо ксёндз, хачу я падаць, каб памаліліся.

Тацяна Андрэеўна нарадзілася ў вёсачцы побач з Курапатамі і была сьведкаю масавых расстрэлаў у 30-я гады.

БАРОЎСКАЯ: Яны прывозілі ўвечары. Машыны заходзілі цішком. Аўчаркі былі вялікія. Дротам было абгароджана. А мы тут гулялі, і кароўкі нашыя. Нас тады тут восем домікаў у вёсцы той да вайны было…

Тацяна Бароўская нэгатыўна ацэньвае спробы ўладаў пашырыць за кошт Курапатаў кальцавую дарогу. Тым часам моладзь працягвае варту ў ацепленым вайсковым намёце. Рыхтуецца да чарговай ночы. Мінулая ноч прайшла спакойна. А пазамінулаю невядомыя спрабавалі спаліць намёт ды здымалі гэта на відэа. Як сьведчыць Алесь Гетман зь Беларускай Партыі Свабоды, маральны ціск на абаронцаў Курапатаў працягваецца, але, нягледзячы на гэта, штоноч паўтара-два дзясяткі актывістаў маладзёвых арганізацыяў нясуць дзяжурства. Яны мяркуюць, што пасьля памінальных сьвятаў сытуацыя можа абвастрыцца. Гаворыць Алесь Гетман:

— Маё адчуваньне, што ідзе здача Курапатаў уладам. Таму мы прапануем сярод моладзі, гэта Малады Фронт, «Зубар» і Беларуская Партыя Свабоды, мы прапануем зрабіць свой камітэт «Моладзь у абарону Курапатаў». КХП БНФ будзе ў нас як кансультант. Сытуацыя такая, што ўлады, мабыць, пойдуць усё ж такі на штурм. Але мы адсюль ня сыдзем, пакуль ня зробім сваё, пакуль не даб’емся, каб дарога пайшла ў абыход Курапатаў.

Лідэр іншай арганізацыі, прадстаўнікі якой нясуць варту ў Курапатах, Маладога Фронту, Павал Севярынец, распавёў Радыё Свабода пра пляны маладзёвага камітэту.

СЕВЯРЫНЕЦ: На пачатку наступнага тыдня, у панядзелак, маладзёвыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у абароне Курапатаў, правядуць нараду, пасьля якой запросяць сюды прадстаўнікоў грамадзкага камітэту «За ўратаваньне Курапатаў», якія дзейнічаюць у крыху іншых сфэрах, у горадзе, дзеля таго, каб пачуць, што думаюць грамадзкія дзеячы, археолягі, тыя, хто гэтую ініцыятыву запачаткоўваў. Бо цяпер, пасьля Дзядоў паўстае пытаньне, што рабіць далей. Маладыя людзі гатовыя абараняць Курапаты і крыжы ў Курапатах да апошняга. Паралельна Малады Фронт зьбірае подпісы сярод жыхароў бліжэйшых мікрараёнаў, сярод студэнтаў і сярод аўтамабілістаў. Агульная лічба гэтых подпісаў ужо за тысячу. Розныя катэгорыі насельніцтва, па-рознаму ацэньваючы гэтую праблему, прыходзяць да адной высновы: патрэбна аб’езная дарога, і патрэбны мэмарыял у Курапатах.

5 лістапада 2001

МОЛАДЗЬ У АБАРОНУ КУРАПАТАЎ

Сёньня актывісты Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і руху «Зубар» вялі перамовы аб стварэньні аргкамітэту «Моладзь у абарону Курапатаў».

Ганна Соусь:

У склад аргкамітэту ўвойдуць прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо 43 дні нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства і не дазваляюць будаваць кальцавую дарогу. У якасьці кансультантаў выступяць прадстаўнікі КХП БНФ.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, адзін з кіраўнікоў Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман і актывіст руху «Зубар» Яўген Афнагель плянуюць заўтра сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», каб атрымаць ад іх, так бы мовіць, справаздачу: чаго яны дасягнулі ў выніку перамоваў з уладамі. Перамовы гэтыя доўжыліся больш за месяц.

ГЕТМАН: Мы зьбіраемся дзейнічаць у якасьці альтэрнатывы, бо, як мы лічым, яны ня выканалі таго, што ад іх патрабавалася. Прайшла інфармацыя, што яны з намі быццам бы дамовіліся, нібыта мы згодныя, каб тут будавалася дарога, аднак такіх перамоваў увогуле не вялося. Таму мы зьбіраемся выказаць ім недавер.

Апошнім часам абаронцы Курапатаў адчуваюць, што за імі пільна сочаць Увесь час побач зь лягерам праяжджаюць аўтамабілі з зацененым шклом, непадалёк стаіць адзін той самы белы фургон. Валанцёры мяркуюць, што ў ім разьмешчаная тэхніка для праслухоўваньня. Увогуле тут чакаюць наступу і пэўным чынам рыхтуюцца да яго: у вайсковым намёце, у якім жывуць абаронцы, вялікімі лічбамі пазначаныя тэлефоны ўсіх незалежных СМІ. Тут разумеюць, што адзінае, што можа ўратаваць тых, хто нясе кругласутачнае дзяжурства, гэта ўвага грамадзкасьці. Бо толькі калі тут увесь час будуць знаходзіцца людзі, улады ня здолеюць пабудаваць у гэтым месцы кальцавую дарогу і сагнаць адсюль людзей.

6 лістапада 2001

ЗНАК ІНІЦЫЯТЫВЫ «МОЛАДЗЬ У АБАРОНУ КУРАПАТАЎ» – КРЫЖ ПАКУТАЎ

У Курапатах прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, якія ўжо 44 дні нясуць тут кругласутачнае дзяжурства, абвесьцілі пра стварэньне ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў».

Ганна Соусь:

Прэсавая канфэрэнцыя адбылася непасрэдна каля Крыжа Пакутаў. Менавіта ён абраны знакам ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў». Як зазначыў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, сябры маладзёвых арганізацыяў урэшце вырашылі аб’яднацца й заявіць пра канчатковыя мэты доўгатэрміновай акцыі ў Курапатах.

СЕВЯРЫНЕЦ: Моладзь, якая абараняе Курапаты, лічыць, што любыя работы ў гэтым раёне немагчымыя, крыжы, усталяваныя людзьмі, недатыкальныя. З гэтай мэтай учора мы прынялі сумесны зварот да міжнароднай супольнасьці. А канчатковыя мэты ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» — пабудова кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў, альбо другі варыянт — двума рукавамі: адзін бок па гэтай дарозе безь яе пашырэньня, без таго, каб кранаць крыжы, проста ўпарадкаваньне, і другі — па гэтак званай бэтонцы. Яшчэ адна наша мэта — дамагчыся стварэньня ў Курапатах сапраўднага мэмарыялу. Прычым на аснове крыжоў, усталяваных грамадзкасьцю.

Павал Севярынец адзначыў, што маладзёвая ініцыятыва ня ёсьць альтэрнатывай грамадзкай ініцыятыве «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», якая зрабіла шмат карыснага, але з прычыны адсутнасьці згоды сярод ейных актывістаў ня здолела прыняць канчатковага рашэньня — дамагацца будаўніцтва дарогі ў аб’езд альбо пагаджацца з тым, што прапануюць улады. Гаворыць Павал Севярынец:

— Будзем праводзіць паралельную юрыдычную працу разам з грамадзкай ініцыятывай. Яны падаюць заявы ў Генэральную пракуратуру, мы будзем зьвяртацца ў мясцовыя пракуратуры, у міжнародныя юрыдычныя структуры. Думаю, што толькі дапаможам тым людзям, якія ўжо заняліся гэтай працай. Першай пра дапамогу нам заявіла Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ.

Паводле Паўла Севярынца, ініцыятыва «Моладзь у абарону Курапатаў» адкрытая для ўсіх іншых партыяў і арганізацыяў. Сваю падтрымку ёй ужо выказала ў тэлефоннай размове і старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. А вось меркаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка:

— Гэта якраз тыя людзі, якія ахвяруюць і сваім часам, і здароўем, бо ў такіх умовах вытрымаць паўтара месяца вельмі цяжка. Яны ўвесь час рызыкуюць, што могуць сутыкнуцца з гвалтам улады. І таму я заклікаю ўсіх падтрымаць ініцыятыву моладзі, бо яны даказалі ўжо, што Курапаты можна абараніць, спыніць будаўніцтва магчыма. І зараз трэба не разважаць, а прыходзіць і дапамагаць у Курапатах, ставіць крыжы, павялічваць колькасьць валанцёраў, дапамагаць моладзі, прыносіць харчаваньне, каб тут была цёплая вопратка.

Разам з кругласутачным дзяжурствам актывісты ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» плянуюць працягнуць збор подпісаў за будаўніцтва кальцавой дарогі ў абыход Курапатаў. За гэта ўжо падпісаліся каля 1000 жыхароў мікрараёну Зялёны Луг, паўтысячы студэнтаў і больш за 300 аўтамабілістаў.

7 лістапада 2001

П’ЯНЫЯ МАЛАДЗЁНЫ ПАТРАБАВАЛІ КЕЛІХІ, КАБ «АДПАЧЫЦЬ» У ЛЕСЕ

Сёньня, нягледзячы на тое, што ва ўсёй Беларусі выходны дзень, каля Курапатаў працягваліся будаўнічыя работы. Сёньня ж тут сябры КХП БНФ робяць і ўсталёўваюць крыжы.

Ганна Соусь:

Большасьць сяброў партыі прыехалі ў Курапаты з набажэнства, якое адбывалася ў царкве ў Ратамцы. Набажэнства было ў памяць ахвяраў рэвалюцыі і камуністычнага тэрору.

Крыжы сёньня ўсталёўвалі з другога боку дарогі, блізу мікрараёну: на тых участках, дзе яшчэ можа прайсьці будаўнічая тэхніка. Побач са мной сакратар Сойму КХП БНФ Валеры Буйвал.

БУЙВАЛ: Я б назваў тых, хто працуе зараз на трактарах і прывозіць у Курапаты горы зямлі, разбуральнікамі, а небудаўнікамі. Але мы тут, мы ставім крыжы, нашыя сябры будуць бараніць Курапаты.

Сёньня ў Курапатах не абышлося без інцыдэнту. А палове на чацьвертую сюды прыйшлі п’яныя хлопцы і сталі патрабаваць ад валанцёраў, каб тыя далі ім келіхі, маўляў, зьбіраюцца ісьці ў лес – «адпачываць». Паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Адзін зь іх прадставіўся ахоўнікам начнога клюбу «Мэркуры», які знаходзіцца ў Зялёным Лузе. Ён папярэдзіў абаронцаў, што гэта «іхная тэрыторыя, іхнае месца адпачынку» і пагражаў хуткай расправай Гэтыя людзі правакавалі бойку, але яна не адбылася, бо побач было некалькі дзясяткаў сяброў КХП БНФ, гэта спыніла п’яных.

Цяпер валанцёры мяркуюць, што неўзабаве тыя могуць зьявіцца зноў, калі тут ня будзе людзей сталага веку Уначы тут звычайна каля дзесяці чалавек, яны здольныя сябе абараніць.

8 лістапада 2001

БУЛЬДОЗЭРЫ ПАВАЛІЛІ ЎСЕ КРЫЖЫ КАЛЯ ЛЯСНОГА МАСІВУ

Некаторыя людзі спрабавалі спыніць будаўнічую тэхніку. Прыкладам, Уладзімер Юхо трымаўся за крыж, казаў, што паставіў яго па сваім дзеду. Але яго схапілі і павялі амонаўцы.

Ганна Соусь:

Таксама затрыманы Яраслаў Сьцешык, сябра руху «Зубар» Тэхніка працягвае працаваць, засталіся крыжы з другога боку дарогі, але й іх пачынаюць зносіць Я запыталася ў аднаго з будаўнікоў, што ён адчувае, калі едзе на крыжы? Ён гаворыць: нам загадалі, мы будзем выконваць загад.

Тут увогуле вельмі нэрвовая атмасфэра, некаторыя дзяўчаты плачуць. Пакуль грамадзкасьці мала. Патэлефанавалі ўсім прадстаўнікам палітычных партыяў і заклікалі хутчэй прыяжджаць.

— Ганна, ці абаронцы ня йдуць на канфлікт з будаўнікамі?

— Вырашылі, што на канфлікт ня пойдуць, будуць проста стаяць і глядзець. Міліцыянты, дарэчы, самі крыжоў не здымаюць.

— Ці ўдалося пацьвердзіць інфармацыю ў прадстаўнікоў міліцыі, што сапраўды нехта быў забіты ў лесе побач з урочышчам?

— Гэтую інфармацыю яны не пацьвярджаюць і не абвяргаюць. Хутчэй за ўсё, гэта была падстава, каб сюды прыехала міліцыя. Міліцыянты нічога не гавораць пра нябожчыка. Галоўнае, што трэба здымаць крыжы, паводле іх. Трэба будаваць дарогу.

Зараз бачна, што падыходзяць жыхары мікрараёну Зялёны Луг, яны спрабуюць падысьці да лягеру валанцёраў, але гэта зрабіць складана, бо дарога перакрытая тэхнікай і міліцыянтамі.

8 лістапада 2001

УКЛЮЧЭНЬНЕ А 18.30. ДЗЯСЯТКІ ЛЮДЗЕЙ ВЫЙШЛІ НА ДАРОГУ, КАБ СПЫНІЦЬ ТЭХНІКУ

Прыкладна 20 хвілінаў таму людзі зрабілі жывы ланцуг. У гэтым ланцугу стаялі ўсе абаронцы Курапатаў, сябры Маладога Фронту, руху «Зубар», Беларускай Партыі Свабоды, Вячаслаў Сіўчык, Ірына Жыхар, Зьміцер Бандарэнка, іншыя.

Ганна Соусь:

Яны выкрыквалі: «Жыве Беларусь!» і прастаялі хвілінаў пяць. Пасьля гэтага некалькі дзясяткаў амонаўцаў накінуліся на іх і пачалі зьбіваць. Я на свае вочы бачыла, як зьбівалі Рыгора Кійка, яго білі вельмі моцна Я зараз у вайсковым намёце знаходжуся, вось зайшлі міліцыянты. Яны загадваюць усім выйсьці з намёту. Раней было затрымана каля дзесяцi чалавек, і вось зараз пачаўся наступ на тых, якія засталіся ў намёце. Шмат міліцыянтаў у касках. Ланцуг супраць тэхнікі ўжо разагнаны, крыжы ўсе паваленыя, іх зьвезьлі ў кар’ер на сьметнік. Абаронцы зьбіраюцца застацца на ноч. Вось Глеб Вязоўскі тут, яго зьбілі, ён ляжыць з акрываўленым тварам. У часе затрыманьня зьбілі журналістку Натальлю Радзіну.

8 лістапада 2001

ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ РАЗАГНАНЫ. ЯК ГЭТА АДБЫВАЛАСЯ

Дзесьці а 16-й гадзіне ў Курапаты прыехалі міліцыянты. Да валанцёраў падышоў намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну Яўген Абакунчык.

Ганна Соусь:

АБАКУНЧЫК: Ёсьць заключэньне і дырэктара Інстытуту гісторыі прафэсара Сташкевіча, і кіраўніка работ Іова. Калі вы за дзесяць хвілін не прыбераце ўсіх перашкодаў, што замінаюць работам, мы вымушаныя будзем зрабiць захады прымусовага характару. Вось — час пайшоў.

ХЛОПЕЦ: Чакайце, калі мы нічога не прыбіраем, то што здарыцца?

АБАКУНЧЫК: Ёсьць адміністрацыйная адказнасьць — за пікетаваньне.

У тую хвіліну ў Курапатах ужо знаходзілася некалькі соцень міліцыянтаў. Усё, што адбывалася далей, яны здымалі на відэакамэры. Да Курапатаў падагналі будаўнічую тэхніку. Празь дзесяць хвілінаў будаўнікі пачалі прыбіраць крыжы. Адразу за імі ехалі бульдозэры. На той момант у Курапатах было ўсяго зь дзясятак людзей. Многія былі разгубленыя. Каця Карпенка проста плакала:

КАЦЯ: Ну як яны маглі гэта зрабіць? Я не разумею... Як у іх магло сумленьня хапіць? Няўжо яны не разумеюць, тут людзі пахаваныя...

Я падышла да будаўнікоў, што валілі крыжы.

— Што вы адчувалі, калі крыжы здымалі?

— А нічога, нам сказалі — у нас работа.

Сябар руху «Зубар» Яраслаў Сьцешык спрабаваў спыніць будаўнікоў, ён узяўся за крыж, на які ехаў бульдозэр і не адыходзіў ад яго. Яраслава Сьцешыка адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламілі рукі, кінулі тварам у зямлю ды пачалі біць. Ад некаторых зь іх сыходзіў пах сьпіртнога. Спрабаваў спыніць тэхніку й сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо.

ЮХО: Мой дзед пахаваны тут!

ЛЮДЗІ: Ды пусьціце яго, што вы яго трымаеце! Пусьціце чалавека!

ЮХО: Вось тут я паставіў свайму дзеду крыж! Мой бацька інвалід вайны, у 1941-м прыняў бой пад Беластокам! Дзед мой пахаваны тут, я паставіў яму крыж!

МІЛІЦЫЯНТ: Усе адышлі!

ЛЮДЗІ: Адпусьціце яго! Што вы робіце! Фашысты! Вас усе праклянуць! Дзеці, унукі праклянуць! Уладзімера Юхо амонаўцы зьбілі і занесьлі ў міліцэйскі >аўтобус.

Я паспрабавала зьвярнуцца да міліцыянтаў па тлумачэньні й атрымала наступны адказ:

МІЛІЦЫЯНТ: Ды мы ня слухаем вас — мы глуханямыя. На гэты момант у Курапатах ужо знаходзілася каля ста >чалавек. Сюды прыехалі апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, простыя людзі. Але хутка міліцыянты перагарадзілі дарогу, і трапіць у Курапаты было ўжо немагчыма. Неўзабаве некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на >дарогу і зрабілі жывы ланцуг, каб не дазволіць праехаць >будаўнічай тэхніцы. У ланцугу былі Вячаслаў Сіўчык, >Зьміцер Бандарэнка, Ірына Жыхар, Павал Севярынец, сябры Беларускай Партыі Свабоды, Маладога Фронту і «Зубра».

ГАЛАСЫ: Жыве Беларусь! Жыве! Жыве Беларусь! Рукі прэч ад Курапатаў! Адразу пасьля гэтага амонаўцы пачалі зьбіваць гэтых людзей. Я бачыла, як білі й кідалі тварам у бруд мастака Рыгора Кійка, а потым яго, усяго ў крыві, вялі да міліцэйскага аўтобуса. Зьбілі Зьмiтра Бандарэнку, Глеба Вязоўскага ды іншых. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Далей амонаўцы пачалі валіць вайсковы намёт, а каб ім не перашкаджалі людзі, што яшчэ заставаліся ў Курапатах, выкарысталі атрутны газ. Сымбалічна, што ў 1988 годзе ўсё пачыналася ў Курапатах з газу «Черёмуха», а ў 2001-м менавіта газам скончылася змаганьне за Курапаты.

Кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах доўжылася 46 дзён.

9 лістапада 2001

РАНІЦАЙ НАД УРОЧЫШЧАМ ЛЁТАЎ ГЕЛІКОПТЭР

Абаронцы Курапатаў гавораць, што а 8-й раніцы ў небе зьявіўся гелікоптэр, яны выказваюць меркаваньне, што ў ім быў Аляксандар Лукашэнка.

Ганна Соусь:

Будаўнічыя работы скончыліся недзе а 18-й гадзіне. Сюды ўвесь час прыходзяць людзі. Міліцыянты сышлі разам з будаўнікамі. Усталяваныя ўначы наноў 15 крыжоў захаваць не ўдалося.

Будаўнічыя працы пачаліся ад раніцы, прычым будаўнікі прыйшлі на працу адразу зь міліцыянтамі. Абаронцы спрабавалі спыніць тэхніку, і ў выніку былі затрыманыя 11 чалавек, сярод якіх Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец, Сяргей Папкоў, Уладзімер Юхо, іншыя. Пасьля былі затрыманыя два актывісты руху «Зубар». Валеры Буйвал і Ўладзімер Раманцоў, якія спрабавалі ўратаваць крыжы, былі схопленыя і адвезеныя ў «варанку» ў невядомым кірунку. Усяго былі затрыманыя каля 20 чалавек.

А 12-й гадзіне ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі, але міліцыянты зрабілі ланцуг, каб не дапусьціць іх да абаронцаў. Сёньня Курапаты наведалі Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Зьміцер Бандарэнка, Аляксей Кароль, Аляксей Марачкін, Людміла Гразнова. Заўтра ў Курапатах адбудзецца талака.

9 лістапада 2001

У СУДЗЕ МЕНСКАГА РАЁНУ СУДЗЯЦЬ ЗАТРЫМАНЫХ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ

Уладзімера Юхо, Уладзiмера Плотнікава, Васiля Парфянкова, Лявона Cадоўскага, Міколу Вязьміна і Віктара Кавешнікава затрымалі ўчора пад-час разгону акцыі ў Курапатах.

Любоў Лунёва:

Іх прывезьлі ў суд у другой палове дня. Усіх затрыманых абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку пад-час правядзеньня вулічных акцыяў і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Пакуль старшыня суду разьмяркоўваў адміністрацыйныя справы, намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну імкнуўся не пусьціць журналістаў да кабінэтаў судзьдзяў, а перад адвакатамі ўвогуле зачыняў дзьверы ў кабінэт.Журналісты зьвярталіся да судзьдзяў, каб спыніць міліцэйскае свавольства.

Васiля Парфянкова судзьдзя Генадзь Руноў аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 тысяч рублёў).

ПАРФЯНКОЎ: Для мяне гэта вялікія грошы, амаль увесь заробак. Я працую ў сёмым аўтобусным парку аўтасьлесарам.

Уладзімер Юхо патрабаваў, каб ягоную справу вялі на беларускай мове. Судзьдзя адмовіў яму. Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Я прасіў весьці паседжаньне на беларускай мове, але мне адмовілі на той падставе, што ў нас дзьве мовы. Судзьдзя казаў, што судовае справаводзтва вядзецца толькі на расейскай мове. Тады я запатрабаваў, каб гэты судзьдзя не праводзіў паседжаньне, а справу перадалі іншаму судзьдзю.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва спадара Юхо, але суд перанес на іншы тэрмін. Справу Віктара Кавешнікава суд накіраваў у міліцыю, каб міліцыянты перарабілі пратакол — яны няправільна пазначылі частку артыкулу. Паводле заканадаўства Віктара Кавешнікава павінны вызваліць з судовай залі, але замест гэтага міліцыянты пасадзілі яго зноў у міліцэйскі «варанок».

Тым часам да будынку суду прывезьлі Вячаслава Сіўчыка, Цімоха Сугаку, Андрэя Будзька, Хведара Жывалеўскага і Паўла Севярынца Разгляд іхных справаў прызначылі на розныя тэрміны, бо яны патрабавалі адваката. Гаворыць Павал Севярынец:

— Затрымлівалі вельмі груба. Людзі з крыжамі альбо каля крыжоў стаялі, пакуль іх бульдозэры не засыпалі пяском да пояса. Амонаўцы сьмяяліся зьверху. Потым яны атрымалі загад: людзей зь пяску дастаць і адвесьці ў аўтобус. Нас прывезьлі ў Менскі раённы аддзел. Там было яшчэ шэсьць чалавек. Трымалі ўвесь дзень. Толькі пад вечар прывезьлі ў суд.

Хутчэй за ўсё, тым, хто затрыманы паўторна на апазыцыйных акцыях, пагражаюць суткі арышту. Усім, хто слухае «Свабоду», хачу перадаць: ні гэтым, ні тэхнікай, ні штрафамі, ні суткамі, ні фізычнай сілай нас не спыніць.

На гэты час у міліцэйскім пастарунку на Старабарысаўскім тракце трымаюць некалькіх сяброў Партыі Свабоды, вядомае прозьвішча толькі аднаго зь іх — Алеся Цялегiна. А ў Савецкай управе ўнутраных справаў знаходзяцца больш за дваццаць сяброў маладзёвага руху «Зубар». Некаторых зь іх жорстка зьбілі амонаўцы. Супрацоўнікі міліцыі да некалькіх чалавек выклікалі «хуткую дапамогу».

9 лістапада 2001

МЕНЧУКІ РЭЗКА КРЫТЫКУЮЦЬ УЖЫВАНЬНЕ СІЛЫ СУПРАЦЬ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ

Некаторыя выказваюць думку, што Бог пакарае тых, хто руйнуе крыжы й накіроўвае тэхніку на магілы.

Альгерд Невяроўскі:

Я наведаў Курапаты сёньня ўдзень. Перад кардонам АМОНу, які не прапускаў на тэрыторыю ўрочышча прадстаўнікоў Маладога Фронту, КХП БНФ, руху «Зубар», Беларускай Партыі Свабоды ды іншых арганізацыяў, стаяла й шмат жыхароў прылеглага да Курапатаў мікрараёну Зялёны Луг. Нехта прыйшоў паназіраць зь цікаўнасьці, а нехта адкрыта спачуваў маладым людзям і абураўся дзеяньнямі міліцыі Вось меркаваньні людзей сярэдняга веку Юрыя Вогнева й Валера Азарава:

ВОГНЕЎ: Па-першае, гэта парушэньне правоў чалавека, і наагул, я лічу, зьнішчаюцца рэшткі дэмакратыі ў Беларусі.

— Прагучаў заклік валанцёраў да іншых апазыцыйных арганізацыяў, каб бараніць Курапаты. Ці будзеце ўдзельнічаць у гэтай акцыі?

ВОГНЕЎ: Наконт таго, каб удзельнічаць, я яшчэ ня ведаю, бо я не магу кінуць працу, але маральна я разам з гэтымі людзьмі і нават гатовы аказаць ім матэрыяльную дапамогу, калі будзе патрэба. Я гатовы аддаць частку свайго заробку.

АЗАРАЎ: З боку міліцыі гэта ж проста нейкі бардак атрымліваецца. Гэта ж адразу было бачна. Супраць дзяцей ставіць здаровых мужыкоў — гэта проста несур’ёзна.

Жыхарак дому, што насупраць Курапатаў, Сьвятлану й >Соню абурае найперш тое, што дарога пройдзе каля іхных >вокнаў, але й маральны аспэкт праблемы для іх вельмі >важны:

СЬВЯТЛАНА: Гэта мой дом, мая жыльлёвая плошча, мае дзеці.

СОНЯ: Мы ўжо паўгода пратэстуем, і што далей? З гэтага нічога не атрымалася. Подпісы назьбіралі й аддалі. Лук шэнка пераступіў цераз нас. Як можна ісьці праз жывых людзей? Якія б ні былі іхныя прынцыпы, жыцьцёвыя погляды — гэта амаральна.

СЬВЯТЛАНА: Гэта жудасна — гэтыя мянтоўскія кардоны. Мы тут жывем ужо больш як 20 гадоў. У нас ніхто не пытаўся, вось гэтую дарогу рабіць тут ці не. Зьбітыя людзі. Гэта ж фашызм.

А вось меркаваньне пэнсіянэркі Валянціны Трэмбіцкай, што таксама жыве побач з Курапатамі, і якая паўтара месяца чым магла дапамагала абаронцам мэмарыялу:

— Дарогу можна было рабіць на паўкілямэтра ад Курапатаў. Ня трэба было гэтага скандалу. Ня трэба было бойні. Ня трэба было зьбіваць гэтых дзяцей. Ня трэба, каб яны два месяцы сядзелі ля вогнішча, гібелі тут у холадзе, у голадзе. Але яны змагаліся, як яны казалі, за магілы нашых продкаў. Мэта дзяржавы, можа й не дзяржавы, але аднаго чалавека — зьнішчыць памяць аб Курапатах, аб загінуўшых нашых дзядах і бацьках!

Яшчэ адна жыхарка Зялёнага Лугу Лізавета Жукоўская перакананая, што тых, хто нішчыць крыжы, пакарае Бог:

— Асабіста я на баку гэных бээнэфаўцаў і гэнага саюзу моладзі! Я супраць таго, што на чалавечых костках тут будуюць дарогу. Я жыву тут з 1981 году. Я бачыла тут чарапы. 8–10-гадовыя хлопчыкі капаліся ў зямлі, бегалі з чарапамі, у якіх была дзірка ў патыліцы. А тады мы нават ня чулі, што гэта за назва такая — Курапаты. Разумееце? Трэба шанаваць памяць гэтых рэпрэсаваных людзей. Я праваслаўная, хрысьціянка. Гэта вялікі грэх. Прырода іх пакарае. Іх пакарае Бог.

І толькі адзін мужчына сталага веку ў часе апытаньня выказаў думку, што нічога страшнага ў Курапатах не адбываецца, і там мусіць прайсьці кальцавая дарога.

9 лістапада 2001

КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ АПЭРАТЫЎНА АДРЭАГАВАЛА НА ПАДЗЕІ Ў КУРАПАТАХ

Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі сёньня тэрмінова накіравала на адрас сваёй штаб-кватэры ў Вене адмысловую справаздачу пра падзеі ў Курапатах.

Уладзімер Глод:

Паводле супрацоўніцы КНГ Бэаты Разуміловіч, якая была непасрэднай сьведкай згаданых сутыкненьняў, справаздачу даслалі, каб сьвет апэратыўна даведаўся пра падзеі ў Курапатах. Спадарыня Разуміловіч падкрэсьліла, што КНГ АБСЭ ў гэтым выпадку вырашыла не чакаць, пакуль надыдзе час для звычайнай справаздачы.

9 лістапада 2001

УЛАДЫ АДДАЮЦЬ ПЕРАВАГУ БУЛЬДОЗЭРАМ І ПАЛКАМ

Такая галоўная думка многіх беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія прыйшлі ўчора ўвечары на абарону курапацкіх крыжоў і магіл.

Валер Каліноўскі:

Заплянаванага паседжаньня грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» з абмеркаваньнем далейшай тактыкі 8 лістапада не адбылося. Сытуацыя прымусіла ўсіх сабрацца ля бульдозэраў, што нішчылі курапацкія крыжы. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што гэткае разьвіцьцё падзеяў можна было прагназаваць, але разьлічвалі ўсё ж на іншае.

ВЯЧОРКА: Можна было спадзявацца, што пасьля выбараў (калі, здавалася б, Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі) рэжым праявіць дастатковы розум і запросіць усё ж людзей на размову. Усе мы, каму дарагі лёс Курапатаў, рыхтаваліся да такой размовы. Усе спадзяваліся, што ўдасца дамагчыся мэмарыяльнага статусу запаведніка Курапаты.

Вінцук Вячорка зазначыў, што адказу на гэтыя звароты так і не было, і цяпер трэба зьвяртацца ня толькі ў пракуратуру, але і ў міжнародныя арганізацыі — у прыватнасьці, у ЮНЭСКА.

ВЯЧОРКА: Цяпер самае важнае — ня здаць Курапаты ў цэлым. Ня здаць Курапаты як знак нашай пакуты і нашай памяці з ХХ стагодзьдзя.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што гэты гвалт сьведчыць пра тое, што ўлады ня будуць прыслухоўвацца да грамадзкасьці, да лістоў інтэлігенцыі, жыхароў Менску.

БЯЛЯЦКІ: Гэта бяспраўе — бо рабіць гэта ўначы, выстраіўшы міліцыю, паставіўшы кардоны для пабудовы дарогі — мабыць, такога яшчэ не было. Замест таго, каб працягнуць дыялёг, паспрабаваць знайсьці нейкае прымальнае рашэньне, улады вырашылі проста гвалтам працягнуць тое, што яны пачалі рабіць

Мастак Аляксей Марачкін падпісваў лісты ва ўрад у абарону Курапатаў.

МАРАЧКІН: Сатана тут правіць баль. Я думаю, што час усё расставіць на месцы. Зараз яны тут пад аховай АМОНу, бульдозэры тут разьяжджаюць, нішчаць крыжы — гэта вельмі балюча. Балюча за тое, як руйнуюць нашу памяць. Калі-небудзь гэтыя грахі адгукнуцца і на тых людзях, што тут на бульдозэрах, і на тых, што нас акружылі, каб мы не прайшлі.

Аляксей Марачкін лічыць, што ўсё адно нельга апускаць рук. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец падтрымлівае думку спадара Марачкіна:

СЕВЯРЫНЕЦ: Гэта сатанізм проста. І людзі, якія забіралі абаронцаў Курапатаў, яны за гэта адкажуць — не перад намі, а перад Богам.

Гаворыць Аляксей Кароль:

— Пад салодкія размовы пра дыялёг і пра магчымасьці зьмяніць сытуацыю проста б’юць маладых. Гэта жахліва. Пад тымі ж самымі Курапатамі — сымбалю лепшага (ці горшага) не прыдумаеш.

— Вы лічыце, грамадзтва не змагло адстаяць Курапаты?

— Не змагло.

— Чаму?

— Шмат прычынаў. І сярод іх — апатыя грамадзтва, ягоная абыякавасьць. І параза на выбарах.

Аляксей Кароль мяркуе, што сёньняшняя падзея вельмі важная — магчыма, пераломная ў новай гісторыі Беларусі. Адзін зь лідэраў БНФ Вячаслаў Сіўчык стаяў у ланцугу, што быў разагнаны АМОНам. Яму пабілі акуляры.

СІЎЧЫК: Я думаю, што ўлада, здольная на такія дзікунствы — апаганьваць памяць ахвяраў Курапатаў — гэтая ўлада ня мае ніякай будучыні. І што б ні казалі, той час ужо ніколі ня вернецца — будуць заўжды людзі, якія адкрыта выходзяць і не баяцца зьверстваў сёньняшняй улады.

Старшыня Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная плакала і спачатку сказала, што яна проста зьнямела.

КЛЯШТОРНАЯ: Прымаў рашэньне адзін чалавек — гэта Лукашэнка. Таксама як і дэпутатаў выкідалі з будынку Вярхоўнага Савету на пачатку ягонай дзейнасьці, а зараз можна ўсё выкінуць зь дзяржавы. А ягоная дзяржаўная дзейнасьць — вось яна, будаўніцтва. Гэта тыя ж самыя стройкі, куды людзей гналі, і на кожным мэтры дарогі трупы ляжалі.

Адзін зь лідэраў КХП Сяргей Папкоў быў у такім жа настроі.

ПАПКОЎ: Баліць сэрца, не магу нічога нават і сказаць. Гледзячы на гэты гвалт, на гэта ўсё — пад покрывам ночы заўжды зладзейства рабілася. Як і ў 1937–1941 гадах забівалі тут, так і цяпер топчуць душы забітых людзей. Зараз зноў будзем арганізоўваць людзей, на месцы зламаных крыжоў будзем зноў ставіць крыжы, будзем усё рабіць, каб спыніць гэта.

9 лістапада 2001

ШТО РАБІЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ МІНУЛАЕ ПЯТНІЦЫ

У Курапатах працягваецца процістаяньне. Людзі зноў усталёўваюць крыжы і спрабуюць спыніць будаўніцтва.

Ганна Соусь:

Раніцай будаўнікі прыйшлі на працу разам зь міліцыянтамі й адразу ж сустрэлі супраціў абаронцаў Курапатаў Пра тое, як гэта адбывалася, распавядае актывістка Партыі БНФ Ірма Табушава:

— Прыблізна каля 10 гадзінаў моладзь і дарослыя выйшлі й перакрылі дарогу. Павал Севярынец сярод іх быў адзіны з крыжом. Пад’ехаў чырвоны аўтобус, зь якога выйшлі дзясяткі два амонаўцаў. Падышлі да моладзі, сталі яе ціснуць, зьбіваць і скідаць на адхон. Зьверху машыны сыпалі пясок. Тут пачаўся хапун. Першымі схапілі Ўладзімера Юхо і Лявона Садоўскага. Астатнія мужчыны, якіх білі, круцілі, усё ж лезьлі пад гэты пясок і стаялі пад машынамі. Тут пачалі забіраць і астатніх.

Усяго раніцай у Курапатах затрымалі 11 чалавек. Тым часам будаўніцтва дарогі працягвалася. Самазвалы высыпалі пясок. Амонаўцы не дазвалялі людзям падыходзіць да будаўнічай тэхнікі. Тады некалькі жанчын, каб выказаць свой пратэст, пачалі сьпяваць. 15-гадовы Рацібор Бягун, які жыве ў Зялёным Лузе, не хаваў свайго адчаю:

— Я сёньня сюды прыйшоў, бо проста немагчыма назіраць збоку за тым, што тут робіцца. Калі я быў малы, бацька вадзіў мяне сюды. І я нібы піў усё гэтае адраджэньне Беларусі. Курапаты для мяне — гэта вельмі каштоўнае месца. Сёньня для мяне гэта сьвятыня.

Дзесьці апоўдні ў Курапаты прыйшло некалькі соцень чалавек. Але яны ня здолелі прайсьці да ляснога масіву, бо дарогу перакрылі амонаўцы. Людзі былі вельмі абураныя.

Вось што паведаміў Зьміцер Бандарэнка:

— Учора ўначы подла ламалі крыжы, і пралілася кроў мастака Рыгора Кійка. Гэта што — не сатанізм? Калі гэта на могілках будавалі дарогі? Задумайцеся пра сваіх дзяцей, пра сваіх унукаў да сёмага пакаленьня.

ЖАНЧЫНА: Што Вы робіце, фашысты!

МІЛІЦЫЯНТ: Ідуць будаўнічыя работы. За невыкананьне законных патрабаваньняў работнікаў міліцыі ёсьць адміністрацыйная й крымінальная адказнасьць.

Людзі прастаялі так некалькі гадзінаў, спрабуючы прайсьці ў Курапаты. Але амонаўцы на чале з падпалкоўнікам Юрыем Падабедам не дазвалялі прайсьці. У натоўпе з другога боку дарогі стаялі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Аляксей Кароль, Людміла Гразнова, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя палітыкі. Прыйшоў сюды й мастак Рыгор Кійко, якога ўчора жорстка зьбілі міліцыянты.

КІЙКО: Усяго вывазілі ў бруд. Ледзь не задушылі. Мне на твар селі пяць чалавек, не было чым дыхаць. Білі па пятках гэтымі палкамі. Рукі цяпер як плеці вісяць. Гэтак у гестапа ня робяць, крымінальнікаў так не затрымліваюць. Хай Бог зь імі разьбіраецца.

Сёньня стала вядома, які мэмарыял плянуюць зрабіць у Курапатах улады. Актывістка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ірына Жыхар сустрэлася зь вядучым спэцыялістам Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам. Нядаўна спадар Дайнэга атрымаў ліст з адміністрацыі прэзыдэнта за подпісам памочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Посахава. Той прапаноўвае Камітэту разгледзець праект мэмарыялу ў Курапатах старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў спадара Лапіцкага.

ЖЫХАР: Спадар Лапіцкі выступіў з ініцыятывай, якую падтрымлівае сёньня спадар Посахаў — стварыць тут мэмарыял. У сваім лісьце Лапіцкі піша, што трэба зьнесьці ўсе крыжы, што існуюць у Курапатах — ня толькі тыя, што стаяць тут, але й тыя, што на магілах, што ўсе ахвяры былі атэістамі. Я хачу сказаць, што гэта жах, і жах тое, што гэта падтрымлівае сёньня адміністрацыя прэзыдэнта. Усё паказвае на тое, што будзе створаны мэмарыял ахвярам фашыстоўскага генацыду.

Зь пятнаццаці крыжоў, што раніцай былі ўсталяваныя ў Курапатах, цяпер засталося толькі дзесяць, некаторыя зь іх давялося выкопваць і ўсталёўваць у іншым месцы, каб іх не павалілі бульдозэры. Крыжы дапамагаў усталёўваць айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, які асьвяціў у Курапатах каля сотні крыжоў. Сёньня ўсю ноч побач з крыжамі будуць гарэць сьвечкі. Заўтра ў Курапатах а 12-й гадзіне адбудзецца талака. Абаронцы запрашаюць прыйсьці на яе ўсіх, каго хвалюе лёс нацыянальнага нэкропалю Курапаты.

10 лістапада 2001

У ТАЛАЦЭ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛI НЕКАЛЬКІ СОЦЕНЬ ЧАЛАВЕК

Адбылося таксама набажэнства і асьвячэньне крыжоў.

Ганна Соусь:

У Курапатах гучала жалобная музыка. На талаку прыйшлі некалькі соцень чалавек. Міліцыянтаў сёньня было больш як учора і пазаўчора. Яны былі паўсюль — каля лягеру валанцёраў, на дарозе, у полі, у дварах дамоў. Будаўнікі працавалі пад аховай міліцыянтаў. Дзесьці апоўдні сябры руху «Зубар» зрабілі жывы ланцуг акурат насупраць ланцугу міліцыянтаў. «Зуброў» было каля 20 чалавек, міліцыянтаў утрая больш. Хлопцы і дзяўчаты трымалі ў руках запаленыя сьвечкі. Гаворыць жанчына сталага веку спадарыня Дар’я:

— Гэтыя міліцыянты проста ня ведаюць, чаму мы тут стаім. Мы хочам ім патлумачыць, што нельга так рабіць. Калі мы забудземся на тое, што было, у нас ня будзе будучыні.

Сёньня 48-ы дзень, як у Курапатах ідзе кругласутачнае дзяжурства. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец кажа, што гэтая акцыя будзе працягвацца і моладзь будзе сачыць, каб будаўнічыя работы вяліся на 15–20 мэтраў ад дарогі. Гаворыць Павал Севярынец:

— Людзі будуць падыходзіць, будуць назіраць за тым, як ідзе гэтае будаўніцтва, будуць усталёўваць крыжы, якія, на наш погляд, павінны стаць асновай грамадзкага мэмарыялу ў Курапатах. І ніякія міліцыянты, ніякія дарожныя будаўнікі тут, у прынцыпе, не перашкодзяць. Крыжы будуць зьяўляцца і на дарозе, уначы і ўдзень. Гэтай дарозе спакою ня будзе.

Паказальна, што на месцы, дзе пачаўся Беларускі Народны Фронт, дзе пачалося духоўнае адраджэньне Беларусі канца ХХ стагодзьдзя, зноў супрацьстаяньне, зноў зьбіраецца моладзь. І гэтае новае пакаленьне, відаць, зможа не паўтарыць памылак палітыкаў старэйшага пакаленьня.

А вось як ацэньвае вынікі паўтарамесячнай акцыі ў Курапатах лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

— Гэта ўрок для ўсяго беларускага грамадзтва: што далей так змагацца з Лукашэнкам нельга. Патрэбныя іншыя людзі, іншыя падыходы. І беларуская моладзь якраз гэта й паказвае. На сілу трэба адказваць сілай, на гвалт трэба адказваць чынам нацыі. Тут — найлепшая частка моладзі, якая мае волю да барацьбы, яна фактычна ратуе сумленьне ўсёй згвалчанай, прыніжанай нацыі.

Дарэчы, сёньня нейкі мужчына ў цывільным пагражаў арыштам аднаму зь сяброў гэтай партыі Алесю Гетману. Нагадаю, што ўчора Алеся затрымалі, але праз чатыры гадзіны выпусьцілі.

Сёньня ў Курапатах ізноў рабілі і ўсталёўвалі крыжы. Але гэта не спадабалася начальніку Бараўлянскага аддзелу міліцыі Генадзю Васілеўскаму. Узьнікла спрэчка. Што да іншых інцыдэнтаў зь міліцыяй, дык варта згадаць наступны. Адна дзяўчына хацела падараваць кнігу пра Курапаты кіраўніку менскага АМОНу Юр’ю Падабеду, але той проста ўцёк ад яе. Але ж галоўнай падзеяй сталася набажэнства, якое правёў айцец Леанід Акаловіч.

АКАЛОВІЧ: За месца гэтае Курапацкі лес і за ўсе месцы й краіны, за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

ЛЮДЗІ: Госпадзе памілуй.

Айцец Леанід Акаловіч асьвяціў крыжы.

АКАЛОВІЧ: Асьвячаюцца акрапленьнем сьвятой вады гэтыя курапацкія пакутніцкія крыжы, у імя Айца й Сына й Сьвятога Духа, Амен. Хай стаяць вечна як напамін пра ахвяры страшэнных пакутаў. Абарані, Божа, нашу Беларусь ад падобнага.

На той час, калі рыхтаваўся матэрыял, не было вядома пра новыя затрыманьні ў Курапатах. Але намесьнік старшыні Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што ўлады могуць ізноў выкарыстаць сілу.

СІЎЧЫК: Цалкам магчыма, таму што ідуць увесь час пагрозы, увесь час ладзяцца нейкія дробныя правакацыі. Але ж я ня думаю, што сёньня гэта галоўнае. Самае галоўнае, што адбылося сёньня — ізноў былі асьвечаныя крыжы, было дастаткова многа людзей. Гэта паказвае, што мы працягваем барацьбу за наш мэмарыял.

У Курапатах сёньня гучалі беларускія песьні. Жанчыны падыходзілі да міліцыянтаў і сьпявалі ім пра сапраўдныя беларускія сымбалі. І, вядома, сёньня ў Курапатах гучаў «Магутны Божа».

10 лістапада 2001

ЗАХОДНІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ЎЗРУШАНЫЯ ПАДЗЕЯМІ Ў КУРАПАТАХ

Прадстаўнікі замежных амбасадаў усе дні канфлікту ў Курапатах наведваліся на месца падзеяў ды пісалі справаздачы ў свае сталіцы.

Валер Каліноўскі:

Найбольш апэратыўна адрэагавала на падзеі Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. Яе прадстаўніца Бэата Разуміловіч асабіста сачыла за канфліктам.

РАЗУМІЛОВІЧ: АБСЭ на гэта пазірае з гледзішча правоў чалавека. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй. Учора мы выслалі ў Вену ў штаб-кватэру АБСЭ сваю справаздачу з гэтай нагоды. Наша афіцыйная інфармацыя будзе паведамленая ўжо зь Вены. А ў гэты момант мы сочым за разьвіцьцём.

Тым ня менш, місія АБСЭ не абмяжоўваецца справаздачамі і зьвяртаецца да беларускага ўраду са зваротамі, парадамі, у тым ліку і адносна сытуацыі з Курапатамі. Гаворыць Бэата Разуміловіч:

— Мы напісалі ліст у Міністэрства культуры з прапановай растлумачыць сытуацыю зь іхнага гледзішча. Мы чакаем адказу. Але адказу пакуль няма.

11 лістапада 2001

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА КУРАПАТЫ

«Дарога праз магілы», «Лукашэнку патрэбная шаша, а ня могілкі» – пад гэткімі загалоўкамі вядучыя польскія газэты зьмяшчаюць сёньня артыкулы пра будаўніцтва аўтамабільнай дарогі праз Курапаты.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава:

Найбольш масавая польская «Gazeta Wyborcza» ў матэрыяле «Навошта Курапаты», распавядае, як міліцыя напярэдадні зьліквідавала намёты актывістаў беларускай апазыцыі, якія спрабавалі абараніць ад будаўніцтва аўтастрады месца спачыну ахвяраў масавых рэпрэсіяў НКВД.

«У чацьвер вечарам жыхары менскага раёну Зялёны Луг бездапаможна назіралі, як бульдозэры цягнулі ў балота дзясяткі каталіцкіх і праваслаўных крыжоў. Каля дзясятка людзей, якія баранілі Курапаты, затрымала міліцыя, некаторыя былі жорстка зьбітыя», — піша газэта.

«Міліцыянты атакуюць намёты, якія паставілі беларусы ў Курапатах, каб абараніць гэтую мясцовасьць ад плянаў ураду, які хоча збудаваць тут новую аўтастраду», – гаворыцца ў матэрыяле «Лукашэнку патрэбная шаша, а ня могілкі», які зьмяшчае сёньня газэта «Życie».

«Гэтая акцыя ўладаў ёсьць доказам таго, што цяперашні беларускі рэжым прадстаўлены вандаламі, бо толькі вандалы ці сатаністы могуць зьнішчаць крыжы ды не зьвяртаць увагі на чалавечыя магілы», — цытуе «Życie» сябра Маладога Фронту Аляксея Шэіна.

«Апазыцыянэры змагаліся ў чацьвер з амонаўцамі за крыжы, усталяваныя на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах», — паведамляе ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік «Rzeczpospolita».

12 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ПАРУШАЮЦЬ ДАМОЎЛЕНАСЬЦІ З ГРАМАДЗКАСЬЦЮ

Уздоўж дарогі ў Курапатах на адлегласьці 22 мэтры ад восі дарогі стаіць ужо каля 40 крыжоў. Гэта мяжа, за якой ня могуць весьціся будаўнічыя працы. Такая дамоўленасьць была дасягнутая на сустрэчы абаронцаў з будаўнікамі.

Ганна Соусь:

Гэта было вызначана на сустрэчы, але сёньня ўвечары я была сьведкай таго, як прараб прапаноўваў валанцёрам забраць гэтыя крыжы, бо яны ўсё ж перашкаджаюць весьці будаўнічыя работы. Сёньня ў Курапатах будаўнікі працуюць без аховы міліцыянтаў, але міліцыя знаходзіцца непадалёк, яны сядзяць у машынах і пільна сочаць за ўсім, што адбываецца.

Сёньня ў Курапатах высякалі і карчавалі дрэвы. Гэта рабілі будаўнічыя брыгады з Магілёва Яны будуць пракладаць дарогу да пагорку. Пазьней іх зьменяць будаўнікі зь Берасьця.

Сёньня актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і валанцёры сустракаліся з будаўнікамі. У выніку перамоваў былі вызначаныя шэсьць наглядальнікаў, якія штодзень будуць сачыць, як ідуць будаўнічыя работы. Гэта прадстаўнікі трох арганізацыяў – Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Ірына Жыхар, Мая Кляшторная ад Таварыства Беларускай Мовы, Сяргей Сахараў з «Дыярыюшу», а таксама тры назіральнікі ад партыі БНФ – Сяргей Міхноў, Уладзімер Кішкурна і Андрэй Церашкоў. Заўтра з раніцы яны пачнуць наглядаць за будаўнічымі працамі. Але сёньня ўжо ідзе археалягічны нагляд за будаўніцтвам. Вось толькі што з Курапатаў сышлі Андрэй Мяцельскі і Алег Іоў, археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Як зазначыў у размове са мной старшы навуковы супрацоўнік Мяцельскі, калі ў выніку будаўніцтва будуць знойдзеныя пахаваньні, будаўнічыя працы адразу будуць прыпыненыя. Аднак, як лічаць археолягі, гэта малаверагодна, паколькі, як яны кажуць, пахаваньні знаходзяцца ў 80—100 мэтрах ад дарогі.

Два дні таму сюды прыехала прадстаўніца «Мэмарыялу» з Санкт-Пецярбургу Аляксандра Рэзьнікава. У пятніцу яна ўбачыла ў тэлевізары, як разбураюцца Курапаты, адразу набыла квіток на цягнік і прыехала ў Менск. Два дні і дзьве ночы яна правяла тут, у лягеры валанцёраў. Аляксандра Рэзьнікава вельмі абураная тым, што адбываецца ў Курапатах. Яна расказала мне пра месца ля Санкт-Пецярбургу, яно называецца Левашова, гэта таксама месца расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, падобнае да Курапатаў. Але ў тым месцы пабудаваны мэмарыял, туды прыходзяць людзі, і ўлады зь вялікай павагай ставяцца да яго. Рэзьнікаву зьдзівіла, што ў Курапаты найперш прыходзяць ня людзі сталага веку, у каго былі рэпрэсаваныя сваякі, а моладзь, і гэта, на яе думку, вельмі сымбалічна.

12 лістапада 2001

10 СУТАК АРЫШТУ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ

Такі прысуд вынесьлі лідэру Маладога Фронту за абарону крыжоў у Курапатах. Іншых затрыманых пакуль караюць штрафамі.

Любоў Лунёва:

Сёньня ў суд Савецкага раёну Менску і ў суд Менскага раёну міліцыянты прывезьлі больш за дваццаць затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Судзьдзя Генадзь Руноў больш за пяць гадзінаў разглядаў справу Паўла Севярынца. Прысуд — дзесяць сутак арышту.

Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода:

— Столькі каштуе сёньня правасудзьдзе, столькі каштуе, на думку ўрадавых чыноўнікаў, памяць, столькі каштуе сама праблема Курапатаў. Мяне абурыў апошні сьведка — міліцыянт, начальнік Бараўлянскай міліцыі сп. Васілеўскі. Мала таго, што ён прыйшоў у суд нецьвярозы, дык яшчэ адкрыта і нахабна хлусіў.

Лідэр Маладога Фронту будзе адбываць пакараньне ў будынку на Старабарысаўскім тракце, бо спэцразьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна, дзе звычайна адбываюць пакараньне менскія апазыцыянэры, прызначаны толькі для тых, каго асудзілі ў менскіх гарадзкіх судах. У гэтым жа судзе адказнага сакратара КХП БНФ Уладзімера Юхо аштрафавалі на пяць мінімальных заробкаў. Валеры Буйвал і Алесь Раманоўскі заявілі хадайніцтвы, каб у суд выклікалі амонаўца, які іх затрымліваў. Яны заявілі, што будуць удзельнічаць у працэсе толькі пасьля таго, як зададуць яму некалькі пытаньняў. Паколькі суд задаволіў гэтыя хадайніцтвы, працяг справы адбудзецца заўтра. А Лявон Садоўскі павінен будзе заплаціць штраф 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў) Яму слова:

— Я не зразумеў, за што мне дваццаць мінімалак. За тое, што бараніў Курапаты? Крыжы свайго рэпрэсаванага дзеда? Тое, што амонаўцы і міліцыянты на мінулым паседжаньні блыталіся ў паказаньнях, сьведчыць пра хлусьню зь іхнага боку. Я спадзяваўся, што суд улічыць усе гэтыя акалічнасьці. Калі пачуў, што судзьдзя схільны аштрафаваць, папрасіў, каб замянілі штраф на арышт. Дзе я вазьму такія грошы? Але судзьдзя не пагадзіўся на гэта.

У Савецкі суд Менску супрацоўнікі міліцыі прывезьлі сяброў Маладога Фронту, маладзёвага руху «Зубар» і Беларускай Партыі Свабоды. Вось іх прозьвішчы: Андрэй Ягораў, Яўген Афнагель, Ірына Кашталян, Мікола Ткачэнка, Юрась Фабішэўскі, Яраслаў Сьцешык, Раман Казакевіч, Мікіта Сасім, Уладзіслаў Валадзько, Алесь Цялегін, Генадзь Дранковіч, Вераніка Купчанка і Яўген Клімаў.

Амаль усе яны запатрабавалі адваката, і з гэтае прычыны суды над імі перанесьлі. Толькі студэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўген Клімаў адмовіўся ад адваката і атрымаў штраф — сем мінімальных заробкаў (гэта 53 000 рублёў). Сярод затрыманых была дзяўчына, грамадзянка Расеі Вераніка Купчанка. Яна наўмысна прыехала ў Менск, каб бараніць Курапаты Вось як яна патлумачыла свой учынак:

— Я грамадзянка Расеі. Калі даведалася пра Курапаты і пра тое, што там адбываецца — адразу прыехала ў Менск. Гэта ж блюзьнерства. Я вырасла на Сахаліне, на гэтай высьпе раней было шмат палітрэпрэсаваных. Там і цяпер жывуць іхныя нашчадкі. Гэтая тэма для мяне вельмі блізкая.

Суды будуць працягвацца тыдзень, але большасьць зь іх адбудзецца ў чацьвер.

12 лістапада 2001

ХВЕДАР ЖЫВАЛЕЎСКІ ДАСТАЎ 7 СУТАК АРЫШТУ

Ён асуджаны судом Менскага раёну. Судзьдзя Аляксандар Тачкар вынес гэты прысуд, хоць Хведар студэнт і неўзабаве яму трэба здаваць іспыты.

Любоў Лунёва:

Хведар Жывалеўскі будзе адбываць пакараньне разам з Паўлам Севярынцам у будынку на Старабарысаўскім тракце, дзе ўмовы ўтрыманьня значна горшыя, чым нават у сумнавядомым спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна.

12 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ПРАЦУЮЦЬ У КУРАПАТАХ БЕЗ ПРАЕКТУ

Пра гэта сёньня даведаліся актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты».

Альгерд Невяроўскі:

Актывісты грамадзкай ініцыятывы сустракаліся сёньня раніцай з прадстаўнікамі будаўнічых і праектных арганізацыяў, што вядуць работы на курапацкім участку кальцавой дарогі. Падчас размовы высьветлілася, што будаўнікі пашыраюць дарогу без праекту.

Прадстаўнікі будаўнічых арганізацыяў толькі на словах запэўнілі актывістаў ініцыятывы, што дарога будзе пашырацца ня больш як на 22 мэтры ў бок Курапатаў. Праблема грамадзкага кантролю за дзеяньнямі будаўнікоў і стала галоўнай на сёньняшнім вечаровым паседжаньні грамадзкай ініцыятывы.

Будаўнікі пагадзіліся, каб за іхнай працай наглядалі грамадзкія назіральнікі, і прараб нават зарэгістраваў 6 актывістаў ад БНФ, ТБМ ды іншых арганізацыяў. Але ніякага афіцыйнага статусу гэтыя назіральнікі ня маюць. Актывісты ініцыятывы вызначылі шэраг патрабаваньняў да ўладаў, якія агучыў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— Працы вядуцца без праекту, што ёсьць найгрубейшым парушэньнем будаўнічых нормаў і правілаў, і тэхнікі бясьпекі, і заканадаўства, і здаровага сэнсу. З гэтага вынікае, што трэба спыніць усе будаўнічыя працы, пакуль ня будзе гэтага самага канчатковага праекту. Тыя, хто рэальна дзяжурыць у Курапатах, павінны займець афіцыйны статус, каб там была пастаянна дзейная група, у якой быў бы хоць нейкі статус.

Сябры ініцыятывы прынялі зварот да грамадзкасьці з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць абаронцаў мэмарыялу, а таксама звароты да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага і ў пракуратуру, каб яны патлумачылі, чаму будаўніцтва такога сур’ёзнага аб’екту як кальцавая дарога вядзецца без праекту.

На паседжаньні вырашылі правесьці на наступным тыдні сустрэчу прадстаўнікоў грамадзкасьці з чыноўнікамі ўраду, праектных установаў і Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку якой мусіць быць падпісаны пратакол, які б рэглямэнтаваў правы й абавязкі абодвух бакоў, у тым ліку ў справе добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў. Прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, што аб’яднаныя ў ініцыятыву «Моладзь у абарону Курапатаў», прапанавалі распачаць конкурс на стварэньне ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Гэтую ініцыятыву падтрымалі. Паводле сакратаркі грамадзкай ініцыятывы Ірыны Жыхар, памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў ужо накіраваў у Камітэт па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны прапанову паставіць у Курапатах помнік ахвярам фашыстоўскіх рэпрэсіяў. Каб перашкодзіць гэтым плянам уладаў, сябры ініцыятывы вырашылі зьвярнуцца да разгляду праектаў помніка ў Курапатах, што стварылі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў Будуць таксама зьбіраць сродкі на пабудову ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Мастакі суполкі «Пагоня» ўжо вырашылі ахвяраваць на пабудову помніка ў Курапатах усе грошы, што яны зарабілі на выставе сваіх твораў.

13 лістапада 2001

НАЗІРАЛЬНІКІ Ў КУРАПАТАХ СОЧАЦЬ ЗА БУДАЎНІЦТВАМ ДАРОГІ

Сёньня высьветлілася, што будаўнікі ня маюць праекту пабудовы падпорнай сьценкі.

Ганна Соусь:

Дагэтуль побач з будаўнікамі ўвесь час можна пабачыць міліцыянтаў. Але ў лягер валанцёраў яны цяпер не заходзяць, пільнуюць абаронцаў Курапатаў здалёк. Распавядае сябар Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман:

— Дзесьці да 11-й начы дзяжурыла машына міліцыі, іх зьмянілі амонаўцы.

— Ці былі пагрозы?

— Начальнік «Белпалку», які тут кіруе, учора сказаў Аляксею, што адзін ужо тут дахадзіўся з сотавым, глядзі, хутка й цябе таксама... Будаўнікі казалі, што трэба будзе прыбіраць некаторыя крыжы. Мы кажам, што ня будзем гэта рабіць, прыбірайце самі. А яны нам кажуць, што заўтра ўзвод АМОНу прывядуць.

Валанцёры ўвесь час сочаць за тым, як адбываецца пашырэньне кальцавой дарогі. Кантактаваць з будаўнікамі часам бывае не зусім проста. Распавядае сябар руху «Зубар» Мікіта Сасім:

— Учора ўвечары прыйшоў адзін зь іх у нецьвярозым стане. Намагаўся даведацца, колькі нас, чаго мы хочам, чаго сядзім, колькі нам плацяць. Мы пагналі яго, сказалі: прыходзь сюды цьвярозы, тады паразмаўляем.

— Вы сочыце за тым, як ідзе будаўніцтва?

— Канечне. У некаторых месцах яны залазяць за межы, якія стварылі самі для сябе.

Сёньня за будаўнічымі працамі ў Курапатах афіцыйна назіраў Уладзімер Кішкурна. Ён высьветліў, што будаўнікі ня маюць праекту пабудовы падпорнай сьценкі. Я спрабавала паразмаўляць з будаўнікамі, хацела запытацца ў іх, як яны адчуваюць сябе пасьля таго, як накіравалі тэхніку на асьвечаныя крыжы. Падышла да сіняга мікрааўтобуса, у ім знаходзіліся шасьцёра начальнікаў, у тым ліку й прараб будоўлі, зь якім я раней ня раз гаварыла. Ніхто не пажадаў назваць сваіх імёнаў і пасадаў.

— Калі скончыцца будаўніцтва на гэтым участку?

— Калі скончыцца, тады і ўбачыце.

— Чаго хаваецеся? Тэма галосная. Усе тэлеканалы паведамляюць.

— Ёсьць заказчык, тэлефануйце яму.

— А вы хто?

— А мы так проста прыехалі паглядзець, палюбавацца на прыроду.

— Вы ж маеце дачыненьне да будаўніцтва?

— Я тут выпадкова.

— Я колькі разоў да Вас з гэтым мікрафонам падыходзіла...

— Гэта нехта падобны.

— Дзяўчынка, не перашкаджайце. Тут працаваць трэба.

Тэма гучыць? Нічога не гучыць, усё ўжо прагучала...

— Калі людзі тут жывуць і сочаць за будаўніцтвам...

— Напэўна гэтым людзям тут цікава жыць.

— Ёсьць тут каму наглядаць. Ёсьць тут Інстытут гісторыі, спадар Іоў — ён адмыслова за гэтым назірае.

Ня мела посьпеху й спроба паразмаўляць з экскаватаршчыкамі.

БУДАЎНІК: Да нас расстрэльвалі, пасьля нас будуць расстрэльваць. Машына вось зламалася. Цётка, не перашкаджай працаваць.

Сяброўка КХП БНФ Вера Ціцянкова прыходзіць у Курапа-ты амаль штодня. Яна мяркуе, што трэба працягваць пільнаваць будаўніцтва.

ЦІЦЯНКОВА: Адно — насыпаць вал, а другое — яшчэ іншыя работы, каб яны не пайшлі далей, бо дарога ўжо пайшла... На жаль. Але пад наглядам міліцыі чаго толькі ня зробіш у гэтай дзяржаве. Калі мы сюды прыйшлі 21 верасьня, будаўнікі размаўлялі зусім інакш. Тады яны казалі, што не, на крыжы мы ня пойдзем, мы бачым, што тут ёсьць пахаваньні. А зараз яны нават ня хочуць размаўляць. Таму што ім няма чаго сказаць. Яны празь нешта пераступілі. Шкада, што так адбылося. Відаць, сам наш народ вінаваты, бо дзеці стаялі як маглі. Пакуль такі народ, так і будуць яны таптацца па костках.

13 лістапада 2001

ПРАЦЯГВАЮЦЦА СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ

Сёньня ў судзе Менскага раёну судзілі прэсавага сакратара КХП БНФ Валерыя Буйвала, намесьніка лідэра БНФ Вячаслава Сіўчыка і сябра арганізацыі «Зубар» Юрася Фабішэўскага.

Любоў Лунёва:

Судзьдзя Аляксандар Тачкар апытваў амонаўцаў, якія затрымлівалі Валерыя Буйвала На пытаньне: «Чаму вы хапалі людзей?» амонавец Яўген Зяневіч адказаў: мы людзі маленькія, нам загадалі — мы выканалі загад. Ці было правапарушэньне з боку ўдзельнікаў акцыі, амонаўцы адказаць ня здолелі. Яны спаслаліся на загад кіраўніцтва, якое прымусіла іх пісаць рапарты на затрыманых. Падчас перапынку ў слуханьнях Валеры Буйвал паведаміў Радыё Свабода:

— Ідзе савецкі суд — «самы гуманны суд у сьвеце». Але ўсе думкі, канечне, ня тут. Дзякуй за падтрымку ўсім, хто прыйшоў падтрымаць, дзякуй калегам-журналістам. Толькі думкі зараз у Курапатах. Трэба інфармаваць грамадзкасьць, трэба падымаць людзей, трэба паведамляць пра гэтую нашу нацыянальную трагедыю па ўсім сьвеце. Вось гэта — самая галоўная праблема.

Пасьля прагляду апэратыўнай відэастужкі Валеры Буйвал заявіў у судзе, што яна груба змантажаваная праваахоўчымі органамі. Судзьдзя перанес далейшы разгляд справы на заўтра, бо вырашыў апытаць у якасьці сьведкі маёра Iгара Зяневіча, які кіраваў разгонам людзей у Курапатах.

Наступным судзілі Вячаслава Сіўчыка. На суд прыйшоў апэратар расейскай тэлекампаніі TV6 Уладзімер Андронаў Ён прынес відэасюжэт пра Курапаты ад 9 лістапада, які трансьляваўся ў той дзень у вечаровым выпуску навінаў. Такім чынам, у судзе зьявілася дзьве відэавэрсіі падзеяў таго дня. Далейшы разгляд справы Вячаслава Сіўчыка перанесены на заўтра.

14 лістапада 2001

МЕНСКІ РАЁННЫ СУД АПРАЎДАЎ ВЯЧАСЛАВА СІЎЧЫКА

Суд Менскага раёну апраўдаў намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка. Астатніх затрыманых караюць штрафамі й арыштамі.

Любоў Лунёва:

Сёньня пасьля трохдзённага разьбіральніцтва судзьдзя Аляксандар Тачкар спыніў адміністрацыйную справу на Вячаслава Сіўчыка. Падставай для апраўданьня сталіся дзьве відэастужкі. Першую перадалі ў суд супрацоўнікі праваахоўчых органаў, другую — апэратар расейскага тэлеканалу TV6 Уладзімер Андронаў. Відэастужкі абверглі сьведчаньне начальніка Бараўлянскай міліцыі Генадзя Васілеўскага. Раней судзьдзя Генадзь Руноў, грунтуючыся на сьведчаньнях менавіта гэтага міліцыянта, пакараў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца дзесяцьцю, а Хведара Жывалеўскага — сямю суткамі арышту.

Вячаслаў Сіўчык мае намер прыцягнуць да адказнасьці маёра Васілеўскага за ілжывыя сьведчаньні ў судзе.

СІЎЧЫК: Менавіта са сьведчаньняў спадара Васілеўскага вынікае, што я зьдзейсьніў правапарушэньне паводле 167 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. Мяне абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Васілеўскі дадаў сьпіс з 11 чалавек і казаў, што іхныя прозьвішчы былі высьветленыя ў РАУСе. Таму я лічу, што трэба падаваць скаргі на рашэньні судоў і на дзеяньні маёра Васілеўскага, які нахабна хлусіў у судзе. Я буду намагацца прыцягнуць да адказнасьці спадара Васілеўскага. Тым больш, што менавіта пасьля ягонага «бліскучага» выступу ў судзе Павал Севярынец атрымаў 10 сутак арышту.

Цімох Сугака зь Беларускай Партыі Свабоды за абарону Курапатаў пакараны штрафам 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў).

СУГАКА: Я працаваў спачатку на будаўнічым рынку ва Ўруччы, а потым і ў Ждановічах. Калі начальства даведалася пра тое, што я бараніў Курапаты, мяне звольнілі. Цяпер вось далі 20 мінімалак. Цікава, што раней Хведару Жывалеўскаму далі 7 сутак арышту, а мы ж былі затрыманыя разам за тое, што стаялі на каленях. Невядома, чаму суд вырашыў даць мне больш мяккае пакараньне. У мяне няма такіх грошай. Спадзяюся, што мне дапамогуць.

А ў справе Валерыя Буйвала прысуд яшчэ не абвешчаны. Заўтра цягам дня ў двух судах — Савецкім гарадзкім і Менскім раённым — будуць судзіць 12 затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Гэта юнакі й дзяўчаты з Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і руху «Зубар».

14 лістапада 2001

АРХЕОЛЯГІ ВЫСТУПІЛІ З ЗАЯВАЙ

Археолягі, што назіраюць за будоўляй, мяркуюць, што пахаваньням пакуль нічога не пагражае. Але іх непакоіць, што цяпер у Курапатах улады шукаюць «нямецкі сьлед» і не рассакрэчваюць вынікаў сьледзтва 1997–99 гадоў З гэтай нагоды яны й выступілі з адмысловай заявай.

Ганна Соусь:

У Курапатах сёньня экскаватары працавалі на пагорку. Гэтым займаліся будаўнічыя брыгады зь Берасьця. Магілёўскія рабочыя каля лягеру валанцёраў рабілі шурфы, бо хутка тут пачнуць будаваць падземны пераход. Некаторыя будаўнікі прапаноўвалі валанцёрам сваю дапамогу, казалі, што могуць выкапаць яміны для крыжоў, якія тут будуць усталёўваць у суботу й нядзелю.

Раніцай за працай будаўнікоў сачыў археоляг Віктар Кудрашоў з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Мне не давялося сустрэцца зь ім, але пра вынікі ягонага назіраньня мне распавёў старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Алег Іоў.

ІОЎ: Зараз экскаватар акуратна здымае верхні слой глебы, недзе 20–25 сантымэтраў па адхоне — дзе Курапацкі ўзгорак. Паводле словаў Кудрашова, калі б там былі магілы, яны былі б бачныя. Але нічога няма, там пясок, жвір. Ён размаўляў сёньня з прарабам, і той сказаў, што яны будуць дасыпаць дарогу на 70 сантымэтраў і ня будуць кранаць Курапацкага ўзгорку. Мы сочым ня толькі за тым, каб не было магілаў, але й каб бульдозэры не заяжджалі за межы тычак.

Я запыталася ў Алега Іова, навошта было праводзіць месяц таму ў Курапатах дадатковыя археалягічныя раскопкі, калі было вядома, што за 15–20 мэтраў ад дарогі няма пахаваньняў? Тым больш, што менавіта на высновы навукоўцаў з Інстытуту гісторыі й спасылаліся міліцыянты, калі тыдзень таму ўжылі сілу супраць абаронцаў Курапатаў Спадар Іоў адказаў гэтак:

— Паводле нашай дамовы зь «Белгіпрадорам» раскопак не павінна было быць. І гэтыя раскопкі я праводзіў менавіта на просьбу Маладога Фронту й грамадзкай ініцыятывы. Сам я не хацеў раскопак весьці. Я проста казаў, што, відаць, там нічога няма, на 90 адсоткаў.

Дагэтуль у Курапатах застаюцца амонаўцы. Гаворыць сябар Беларускай Партыі Свабоды Алесь Гетман:

— Дзьве машыны АМОНу тут знаходзяцца. Нармальна да нас ставяцца, размаўляем зь імі. Супраць нас нічога ня маюць. Яны тут выступаюць як ахова будаўнікоў. Ад нас ахова.

Валанцёры пільнуюць будоўлю, і ўжо дасягнулі пэўных вынікаў. Прыкладам, яны не дазволілі будаўнікам перанесьці тычкі з 22 на 26 мэтраў ад восі дарогі. Cёньня ж будаўнікі пагадзіліся перанесьці ў іншае месца аўтобусны прыпынак, які, паводле пляну, мусіў знаходзіцца побач зь лясным масiвам. Распавядае Аляксей Капэлян:

— Сёньня рабочы інжынэрнай службы сказаў, што нам прасьцей перанесьці прыпынак на 5 мэтраў, чым валіць гэтыя дрэвы й спрачацца з вамі. Ён таксама прагаварыўся: сказаў, што той плян, паводле якога яны будуюць дарогу, — стары і ўжо адменены, і праекту на гэтую дарогу ўвогуле не існуе.

Нагляд за будоўляй валанцёраў і археолягаў будзе весьціся штодня. Да таго ж археолягі, удзельнікі працы ўрадавых камісіяў у справе Курапатаў 1988 і 1993 гадоў выступілі з заявай, у якой выказваюць занепакоенасьць апошнімі выступамі дзяржаўных СМІ на гэтую тэму. У гэтых артыкулах актыўна навязваецца грамадзтву думка пра тое, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры фашыстоўскіх расстрэлаў другой усясьветнай вайны, і пры гэтым замоўчваецца афіцыйная выснова ўрадавай камісіі 1988 году аб Курапатах як месцы масавага зьнішчэньня людзей органамі НКВД. Да таго ж засакрэчаныя вынікі сьледзтва 1997—99 гадоў.

Археолягі заклікаюць усіх зацікаўленых асобаў узяць удзел у выпрацоўцы і абмеркаваньні праекту стварэньня Народнага мэмарыялу памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Курапатах. Гэтую заяву падпісалі археолягі Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, Андрэй Мяцельскі, Валянціна Вяргей, Лявон Калядзінскі, Міхась Чарняўскі, Віктар Кудрашоў і Аляксандар Мядзьведзеў.

15 лістапада 2001

МАСТАКІ ПРАДАЮЦЬ ТВОРЫ, КАБ ЗБУДАВАЦЬ МЭМАРЫЯЛ У КУРАПАТАХ

У Менску адкрываецца дабрачынная мастацкая выстава-продаж, сродкі ад якой пойдуць на будаўніцтва мэмарыялу ў Курапатах. Паводле арганізатараў, сярод якіх культурніцкая камісія БНФ і гарадзкая арганізацыя ТБМ, гэта акцыя не палітычная.

Ягор Маёрчык:

Выстава-продаж распачынае працу ў менскай галерэі «Золата». Цягам тыдня тут можна будзе набыць 18 новых твораў жывапісу, графікі й скульптуры вядомых беларускіх мастакоў Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Сяргея Цімохава, Пётры Русака і Юрыя Хілька. Адзін з арганізатараў выставы мастак Генадзь Драздоў кажа, што ў гэтай акцыі некалькі мэтаў:

— Па-першае, зрабіць такую камэрцыйную выставу, каб назьбіраць сродкаў для пабудовы мэмарыялу. І, па-другое, гэта запусьціць інфармацыйную хвалю, каб яшчэ раз нагадаць людзям, што ёсьць праблема ў Курапатах. Паколькі дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі, якія могуць гаварыць наўпрост, абмежаваныя і кантакт з шырокімі коламі таксама абмежаваны — гэта адзін са шляхоў, каб прыйсьці да людзей.

Учора грамадзкая ініцыятыва «Моладзь у абарону Курапатаў» абвесьціла конкурс найлепшага праекту мэмарыялу. У журы ўвайшлі мастакі, скульптары і палітыкі. Вызначэньне найлепшага праекту адбудзецца пасьля конкурсу эскізаў.

15 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ Ў КУРАПАТАХ ПЕРАСТУПІЛІ ПРАЗ 22-МЭТРОВУЮ МЯЖУ

Яны парушылі ранейшую дамоўленасьць пра тое, што працы будуць весьціся не далей, чым за 22 мэтры ад дарогі.

Ганна Соусь:

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў адзін з пабудаваных участкаў Менскай кальцавой дарогі. У Курапаты, найбольш праблемную для ўладаў будоўлю, ён не прыехаў. Лукашэнка заявіў, што рэканструкцыя дарогі мусіць завершыцца ўжо ў наступным годзе, і зьвярнуўся да кіраўнікоў Менску й Менскай вобласьці Міхаіла Паўлава й Мікалая Дамашкевіча: «Вы не павінны расьцягваць будоўлі!»

Будаўнічыя работы ў Курапатах ідуць шпарка. Сёньня тут напалову прысыпалі жвіром крыжы, якія былі ўсталяваныя за 22 мэтры ад дарогі, і зьяўляліся, так бы мовіць, мяжой, за якой нельга весьці будаўнічыя работы На тэрыторыі ляснога масiву ўвесь дзень стаяла машына з амонаўцамі. Гэтым быў вельмі абураны сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо, ён нават спрабаваў прагнаць міліцыянтаў.

ЮХО: Заехаў АМОН на машыне ў мэмарыяльную зону. А гэтага нельга. Яны кажуць, што быў вусны загад, каб іхная спэцмашына стаяла каля лягеру.

Побач зь лягерам цяпер АМОН раённай міліцыі, а з другога боку дарогі — гарадзкі. Раённыя амонаўцы маюць неблагія дачыненьні з валанцёрамі. Часам кавы разам вып’юць, потым распачнуць дыскусію пра Курапаты. Валанцёры спрабуюць паўплываць на сьвядомасьць гэтых людзей.

Сёньня на Курапацкім пагорку земляныя работы не вяліся, будаўнікі здымалі асфальт. Раніцай тут пабываў археоляг Алег Іоў.

ІОЎ: Учора яны зьнялі 40 мэтраў з правага боку дарогі, сёньня я думаў, што будуць здымаць астатнія, а яны ніякіх земляных працаў не праводзяць. Толькі на тым баку здымаюць дзірван, але не з узвышша, а з плоскай мясцовасьці. Большасьць пахаваньняў — на ўзвышшы. І калі яны здымаюць дзірван і ёсьць магіла, то адразу будзе бачная такая чорная пляма памерам ад 2 да 4 мэтраў. Будуць бачныя рэчы... Тады адразу трэба спыняць будаўніцтва.

Паводле Алега Іова, археолягі будуць наглядаць за будаўніцтвам да 31 сьнежня, менавіта да гэтага тэрміну мусяць скончыцца земляныя працы на ўчастку ля Курапатаў. Але назіраньне можа працягнуцца й далей.

ІОЎ: Аднавіць нагляд можна будзе, калі тут будуць парадкаваць тэрыторыю — пракладваць дарожкі, рабіць сьценку, нейкія дэкаратыўныя прылады, крыжы, надпісы «Курапаты», шыльды...

Ужо 53 дні ў Курапатах кругласутачна дзяжураць сябры маладзёвых арганізацыяў. З кожным днём халаднее, і ахоўваць Курапаты становіцца ўсё цяжэй. Гаворыць валанцёр Глеб Вязоўскі:

— Мы зьвяртаемся да грамадзкасьці з просьбай усталёўваць крыжы на месцы зьнесеных, а таксама па ўсім урочышчы. Мы зьвяртаемся да людзей, каб яны прыходзілі сюды, каб дапамаглі нам, хто чым можа. У суботу а першай гадзіне тут будзе набажэнства, а ў тры пачнецца набажэнства ў нядзелю. Хай людзі прыходзяць, дапамагаюць. Гэта трэба нам усім. Людзі тут ужо стаміліся, некаторыя па тыдню сядзяць...

Глеб кажа, што валанцёры будуць заставацца ў Курапатах, пакуль тут ня скончацца будаўнічыя работы.

15 лістапада 2001

СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ ПЕРАНЕСЬЛІ НА ЗАЎТРА

У Савецкім судзе Менску думалі судзіць дванаццаць затрыманых абаронцаў Курапатаў. Але разгляд перанесьлі на заўтра, бо не было сьведкаў ад міліцыі.

Любоў Лунёва:

Ва ўправе ўнутраных справаў Савецкага раёну судзьдзям патлумачылі, што ўвесь асабовы склад міліцыі нясе службу на Камароўскім рынку. Туды сёньня наведваўся Аляксандар Лукашэнка. Супрацоўнікі міліцыі зранку ачапілі рынак і прылеглыя да яго вуліцы.

У другой палове дня некаторыя міліцыянты прыйшлі ў суд, але гэтага было недастаткова для разьбіральніцтва. Гэта ня першы выпадак, калі суды адкладаюць, бо няма сьведкаў з боку міліцыі.

16 лістапада 2001

ЧАСОПІС «ECONOMIST» ПРА КУРАПАТЫ

«Храбусьценьне касьцей» – артыкул пад такой назвай, прысьвечаны Беларусі, друкуе часопіс «Economist». У ім гаворыцца ня толькі пра пабудову кальцавой дарогі на месцы масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага тэрору ў Курапатах, але і пра сучасную палітычную сытуацыю ў краіне.

Кастусь Бандарук, Прага:

Сучаснасьць у Беларусі змрочная. З часу, як уладарны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў верасьні быў пераабраны на другі тэрмін у выніку сфальшаваных выбараў, – піша «Economist», — без эфэктыўнай апазыцыі ў самой краіне і за мяжою, таксама дрэнна выглядае і будучыня. Больш за тое, цяпер нават мінуўшчына праблематычная. Дамарослая філязофія Лукашэнкі – сумесь параноі, русафіліі і савецкай настальгіі, не пакідае нават месца памяці аб масавых забойствах часоў Сталіна ў 1937—41-м гадах, у выніку якіх была зьнішчаная беларуская эліта і пракладзены шлях да пасьлеваеннай русiфікацыі краіны Зараз у Курапатах непадалёк ад Менску ўлады будуюць дарогу па найбольш вядомых магілах тых жахлівых гадоў. Беларускія дысыдэнты знайшлі гэтыя магілы ў 1988 годзе. Яны лічаць, што там пахаваныя як мінімум 250 тысячаў ахвяраў савецкага тэрору. Беларускія ўлады называюць лічбу «ўсяго» некалькі тысячаў і кажуць, што гэта ахвяры нацыстаў. Сем тыдняў таму пачаліся пратэсты невялікіх групаў людзей, у якасьці галоўнага аргумэнту ўлады ўжылі бульдозэры і АМОН.

16 лістапада 2001

У КУРАПАТАХ ЗАСЫПАЮЦЬ ПЯСКОМ КРЫЖЫ

Усталяваныя ўздоўж дарогі крыжы будаўнікі ўсё больш засыпаюць пяском.

Ганна Соусь:

Сёньня за некалькі гадзінаў я налічыла ля ўрочышча каля 20 самазвалаў зь пяском. Будаўнікі падвышаюць узровень дарогі, пры гэтым прысыпаюць пяском крыжы. Як распавёў мне сёньня адзін з майстроў будоўлі, хутка давядзецца прыбіраць усе крыжы, што ўсталяваныя на адлегласьці 22 мэтры ад восі дарогі. За тым, як сёньня засыпалі пяском крыжы, назірала пэнсіянэрка спадарыня Вольга.

ВОЛЬГА: Гэта — жах. Нармальны чалавек гэта ўсё ня можа вытрымаць. І галоўнае, што гэта ўсё непрадумана. Паставілі, засыпалі, крыжы гэтыя зьнялі. А далей што?

Да таго ж будаўнікі сёньня павалілі колькі крыжоў (адзін >зь іх мэталічны), якія былі ўсталяваныя з другога боку дарогі за Курапацкім узвышшам. >Археоляг Алег Іоў сёньня назіраў за тым, як працаваў экскаватар на пагорку.

ІОЎ: Але ён профіль ня робіць, а здымае ў ніжняй частцы дзірван на 20 сантымэтраў. Я тут з раніцы. Рэшткаў пахаваньняў тут няма. Цяпер экскаватар паехаў далей, на самы канец, далей ад пахаваньняў, таму там, канечне, нічога ня будзе. Падагналі машыну, якая будзе здымаць асфальт.

Алег Іоў наступным чынам патлумачыў, чаму будаўнікі прысыпаюць пяском крыжы:

— Яны, канечне, не павінныя заходзіць за гэтыя тычкі, таму сантымэтар сюды, сантымэтар туды. МАЗ ня так высыпле гэты пясок, і калі яго трамбуюць, ён трошкі рассыпаецца. Але ж я бачу, што яны тут занадта заходзяць.

За будаўніцтвам працягваюць сачыць і валанцёры. Мінулай ноччу тут было 11 чалавек. Увесь час дзьме вельмі моцны вецер, і нават вайсковы намёт ледзь вытрымлівае. Але валанцёры сыходзіць не зьбіраюцца. Гавораць Люда Паклонская з «Маладых сацыял-дэмакратаў» і Аляксей Капэлян.

ЛЮДА: Сьнег увечары. А тут цёпла. Увесь час распальвалі печку. Да Новага году пасядзім...

АЛЯКСЕЙ: Канечне, каб тут зьбіралася больш народу, было б лепей. У нас няроўныя сілы зь імі змагацца. Вось каб сабралася 400, 500 чалавек — іншая справа. Яны б глядзелі на гэта інакш. Але пратрымаемся й кантраляваць іхную работу будзем.

17 лістапада 2001

АБАРОНЦЫ ЗЬВЯРТАЮЦЦА ПА ДАПАМОГУ ДА ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Яны працягваюць варту ў вельмі цяжкіх умовах. Аднак, нягледзячы на холад і хваробы, не зьбіраюцца пакідаць Курапаты.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня будаўнічыя работы пачаліся а палове дзявятай раніцы. Больш дзясятка самазвалаў, бульдозэраў і экскаватараў пад аховай амонаўцаў павялічвалі насып дарогі. Побач, у вайсковым намёце й каля вогнішча знаходзіліся 12 валанцёраў зь Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар», Маладога Фронту й арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты», якія ўсю мінулую марозную ноч правялі ў Курапатах.

Пра тое, як прайшла ноч, распавядае старшы лягеру валанцёраў Алесь Гетман, які ўчора прыехаў ва ўрочышча з суду, дзе быў аштрафаваны на 10 мінімальных заробкаў за абарону мэмарыялу 9 лістапада:

— Адзінае дрэнна, што пачалі людзі хварэць, і народ, я так бачу, пачынае трохі сьціхаць. Курапацкі сындром супрацьстаяньня народу і ўладаў сьціхае.

Днямі маладзёвы курапацкі аргкамітэт абвесьціў конкурс на стварэньне ва ўрочышчы помніка ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў Да канца году валанцёры зьбіраюцца ўсталяваць у Курапатах праваслаўную й каталіцкую каплічкі, а таксама памятны знак у гонар закатаваных там габрэяў. Алесь Гетман праз Радыё Свабода зьвярнуўся да слухачоў з наступнымі словамі:

— Мы зьвяртаемся да арганізацыяў, да Чырвонага Крыжа з просьбай дапамагчы цёплымі рэчамі. Таму што людзі прыходзяць ва ўсім чыстым, і гэта ўсё брудзіцца. Я ведаю, што многія могуць дапамагчы – коўдрамі ці спальнікамі. Бо становіцца ўжо вельмі халодна.

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен за душы палеглых там людзей, а таксама за здароўе абаронцаў мэмарыялу, які адправіў айцец Леанід Акаловіч. У набажэнстве ўдзельнічала каля 20 чалавек. Пасьля сябры КХП БНФ і валанцёры ўсталявалі ва ўрочышчы 4 крыжы, што былі паваленыя бульдозэрамі некалькі дзён таму. Міліцыянты абаронцам не перашкаджалі. Аднак, калі ва ўрочышчы зьявілася здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, у Курапаты прыехалі тры дадатковыя міліцэйскія машыны. Цягам сёньняшняга й заўтрашняга дня група Паўла Шарамета будзе здымаць тут сюжэты для дакумэнтальнага фільму пра распад СССР і жыцьцё ў цяперашняй Беларусі.

18 лістапада 2001

ВА ЎРОЧЫШЧЫ ПРАЦАВАЛА ЗДЫМАЧНАЯ ГРУПА ПАЎЛА ШАРАМЕТА

Будаўнікі парушаюць раней дасягнутыя дамоўленасьці. Сёньня раніцай яны пачалі высякаць лес.

Альгерд Невяроўскі:

Будаўнікі пачалі высякаць дрэвы з боку мікрараёну Зялёны Луг а 8-й гадзіне раніцы, калі ў лягеры валанцёраў знаходзілася ўсяго некалькі чалавек. Астатнія абаронцы, што правялі там мінулую ноч, паехалі адпачываць дахаты. Будаўнікі рэзалі дрэвы бэнзапіламі і адмаўляліся тлумачыць, дзеля чаго яны гэта робяць. Аднак, група валанцёраў на чале зь лідэрам Партыі Свабоды Сержуком Высоцкім патрабавала ад начальніка будаўніцтва гэтага ўчастку спадара Задарожнага тлумачэньняў. Урэшце начальнік адказаў, што яны, маўляў, чысьцяць месца для пракладкі новага вадаправоду ад возера Цна ў Зялёны Луг.

Пры гэтым спадар Задарожны заявіў, што ні пра якія дамоўленасьці з грамадзкасьцю ён ня чуў і выконваць іх не зьбіраецца. Гаворыць Сяргей Высоцкі:

— Будаўнікам абазначылі новую мяжу высечкі, і сёньня яны паглыбіліся далей у лясны масiў. Як вядома, пахаваньні тут з абодвух бакоў – і з правага, і зь левага. Вось сёньня яны ўлезьлі ў левы бок.

Неўзабаве ў Курапаты прыехалі супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч ды іншыя грамадзкія назіральнікі. Пачалі разьбірацца, хто дазволіў высякаць прыдарожныя дрэвы. Начальнік участку прызнаўся, што ніякага праекту ў яго няма, аднак спыняць работы ён ня будзе, маўляў, можаце скардзіцца начальству, якое зьявіцца на аб’екце заўтра. Пры гэтым да назіральнікаў падышоў падпалкоўнік, камандзір роты АМОНу й заявіў:

— Вы маеце паўнамоцтвы... а я маю паўнамоцтвы забясьпечыць ахову работам. Калі трэба будзе, я прывяду сюды яшчэ два ўзводы, але працу забясьпечу.

Тым ня менш, высечка лесу была спыненая. Сёньня ў Курапатах працавала здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, якая здымае фільм, прысьвечаны 10-м угодкам распаду СССР. На думку спадара Шарамета, улады ў Беларусі зусім не зьмяніліся, і пра гэта трэба пастаянна нагадваць сьвету. Гаворыць Павал Шарамет:

— Мы вырашылі зьняць тое, што зараз адбываецца ў Курапатах, бо трэба фіксаваць усё грамадзка значнае, што цяпер адбываецца ў Беларусі. З аднаго боку, вандалізм у Курапатах — гэта чарговае злачынства рэжыму, а з другога — тое, што людзі спрабуюць абараніць магілы, сьведчыць, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі існуе.

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен, у якім брала ўдзел каля 50 чалавек, а мінулай ноччу валанцёры ўсталявалі яшчэ 8 новых крыжоў.

19 лістапада 2001

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ

Сёньня ўвечары прайшла сустрэча актывістаў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» з прадстаўнікамі дзяржаўных установаў.

Альгерд Невяроўскі:

Актывісты ініцыятывы ладзілі гэтую сустрэчу для таго, каб вырашыць з уладамі пытаньні аховы гістарычнага помніка, якім ёсьць Курапаты. Першапачаткова плянавалася, што сустрэча адбудзецца ў канфэрэнц-залі гатэлю «Юбілейны». Гаворыць арганізатарка сустрэчы Ірына Жыхар:

— Сёньня да нас быў званок зь «Белінтурысту». Паведамілі пра тое, што на Машэрава, 19 прарвала трубы й сустрэчу праводзіць немагчыма.

Сябры ініцыятывы таксама зьвярталіся ў Фэдэрацыю прафсаюзаў з просьбай даць памяшканьне, але безвынікова. Сустрэчу правялі ў рэдакцыі газэты «Рабочы», і на яе не прыйшла большасьць запрошаных дзяржаўных чыноўнікаў. Аднак нават тыя, што прыйшлі – аўтар праекту пашырэньня дарогі Мікалай Крэчэтнікаў з установы «Белгіпрадор» і дырэктар інстытуту «Менскград» Аляксандар Калантай – распавялі шмат цікавага. Гаворыць Мікалай Крэчэтнікаў:

— Праектаваньне, будаўніцтва й рэканструкцыя кальцавой дарогі адбываецца ў паскораным тэмпе, хутчэй за прадугледжаныя тэрміны. Нас паставілі ва ўмовы, што мы павінны запраектаваць рэканструкцыю дарогі і яе пабудаваць за адзін год. Да лістапада наступнага году кальцавая дарога павінна быць пабудаваная. Адпаведна праектная дакумэнтацыя мусіць быць распрацаваная да сьнежня сёлета. Праектная дакумэнтацыя будзе выпрацоўвацца паралельна з будаўніцтвам дарогі.

Ня дзіва, што непасрэдна ў часе будаўніцтва ў папярэдні праект уносяцца розныя зьмены, кшталту пракладкі вадаправоду ды іншых камунікацыяў, і дзеля гэтага рабочыя праводзяць несанкцыяваную высечку лесу ў Курапатах ды іншыя працы.

Праўда, аўтар праекту спадар Крэчэтнікаў, а таксама прадстаўнікі арганізацыі «Магістральаўтадор» запэўнівалі прадстаўнікоў грамадзкасьці, што добраўпарадкуюць тэрыторыю Курапатаў, зробяць на дарозе падпорныя сьценкі і могуць за кошт дзяржавы абгарадзіць урочышча.

Але чыноўнікі раілі не сьпяшацца з пабудовай агароджы й выпрацаваць яе добры праект. Дырэктар дзяржаўнага інстытуту «Менскград» Аляксандар Калантай нават прапанаваў грамадзкасьці выпрацаваць свой праект мэмарыялу ў Курапатах і даць яго на разгляд нечарговай навуковай рады ягонай установы, якая можа адбыцца ўжо ў наступную сераду. Грамадзкая ініцыятыва падтрымала гэтую прапанову. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— Варта было б скарыстаць апошні шанец і зьвярнуцца ў Генпракуратуру для таго, каб гэтыя працы прыпыняліся. Гэта раз. І другое – лавіць на слове сп. Калантая, прадстаўніка «Менскграду», з тым, каб адбылася архітэктурная рада, дзе курапацкае пытаньне павінна быць абмеркаванае. І яшчэ адна выснова – безумоўна трэба патрабаваць, дамагацца ад дзяржавы закладаньня ў бюджэт адпаведных рэсурсаў дзеля таго, каб дзяржава мэмарыялізавала гэтую мясьціну.

19 лістапада 2001

АМОН НЕ ДАЕ АБАРОНЦАМ ПРАТЭСТАВАЦЬ

Будаўнікі лічаць, што ў Курапатах трэба наноў пракладаць магістральны вадавод, тэлефонную лiнiю й высакавольтны кабэль.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай ля ўрочышча ўжо стаялі машына й аўтобус з амонаўцамі, усяго каля 40 чалавек. Нагадаю, што ўчора валанцёры змусілі будаўнікоў перапыніць высечку лесу каля мікрараёну Зялёны Луг. Верагодна, што сёньняшнім сваім зьяўленьнем АМОН меў намер засьцерагчы валанцёраў ад далейшага супраціву. Сёньня за два кілямэтры ад урочышча адбывалася нарада будаўнікоў. На ёй мне давялося паразмаўляць з галоўным інжынэрам праекту на ўчастку ля Курапатаў Валерам Шакалавым, які прадстаўляе «Менскінжпраект».

ШАКАЛАЎ: Для таго, каб разьвязаць «вузел» праз Курапаты, трэба перакласьці магістральны вадавод, тэлефонную каналізацыю й высакавольтны кабэль. Для гэтага спатрэбіцца зона каля 7 мэтраў уздоўж кальцавой дарогі, якаяцяпер падрыхтаваная. За гэтым абяцалі назіраць навукоўцы з Інстытуту гісторыі. Але ж ёсьць і фармальнае заключэньне, што ў гэтым месцы няма пахаваньняў.

Паводле Валера Шакалава, калі пры пашырэньні дарогі не перакладваць вадавод ды іншыя камунікацыі, дарога можа стаць небясьпечнай.

ШАКАЛАЎ: Эксплюатаваць яго пад праезнай часткай немагчыма. Калі нешта здарыцца, будзе вялікая аварыя на дарозе. Таму яго трэба выносіць. І калі прынятае рашэньне, што дарога пашыраецца па старому сьледу, значыць трэба перакладваць усе камунікацыі ў гэтым самым калідоры.

Сёньня на нараду будаўнікоў спрабавалі трапіць і валанцёры. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Прынамсі, гэтая інфармацыя павінна была зьявіцца раней. Навукоўцы, якія, аказваецца, ведалі ўсё і давалі дазвол на гэтае чарговае вынішчэньне дрэваў, мусілі пра гэта паведаміць нам. Інжынэры й будаўнікі, зь якімі мы размаўлялі, апускаюць вочы долу. Маўляў, мы самі тут працуем, і нам па начах, як яны кажуць, ня сьпіцца.

Сёньня ў першай палове дня лес ня секлі. Тым часам абаронцы працягвалі майстраваць крыжы. Я засьпела за працай Уладзімера Юхо, які сёньня зрабіў 3 крыжы. Спадара Ўладзімера хвалюе, што трапіць у Курапаты становіцца з кожным днём усё больш складана.

ЮХО: З абодвух бакоў так засыпалі, што, калі не апранаць адмысловы абутак, цяжка сюды дабрацца. І другое, калі людзі з прыпынку сыходзяць і адразу бачаць машыну

АМОНу, безумоўна, некаторыя пужаюцца. Я сам бачыў, як некаторыя паварочвалі й ехалі дадому.

19 лістапада 2001

ЯШЧЭ ДВА АБАРОНЦЫ ПАКАРАНЫЯ СУДОВЫМ ШТРАФАМ

Працягваюцца судовыя працэсы над затрыманымі ў Курапатах 8 і 9 лістапада.

Любоў Лунёва:

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску судзьдзя Аксана Рэлява аштрафавала сябра маладзёвага руху «Зубар» Андрэя Ягорава і сябра Беларускай Партыі Свабоды Генадзя Дранковіча. Кожны мае заплаціць штраф 45 тысячаў рублёў. Паводле міліцэйскага пратаколу, суд інкрымінаваў ім непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і парушэньне грамадзкага парадку ў часе вулічных акцыяў.

20 лістапада 2001

ПРАТЭСТЫ ПРЫНЕСЬЛІ ПЛЁН

Будаўнікі аднавілі сёньня пілаваньне лесу ў прыдарожнай зоне. Аднак пратэсты валанцёраў і актывістаў ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» мелі вынік — шырыня ачыш-чанага ад дрэваў участку ня будзе большай за 3—4 мэтры.

Альгерд Невяроўскі:

Пілаваньне дрэваў пачалося з самай раніцы. Тут працавалі рабочыя магілёўскага будаўнічага трэсту, а за іхнай працай назіралi некалькі амонаўцаў, якія пільнавалі, каб гэтаму не перашкаджалі абаронцы Курапатаў. Зрэшты, валанцёры, якіх было ў лягеры ўсяго пяць чалавек, і ня думалі ўмешвацца. Сытуацыю камэнтуе актывіст БПС Аляксей Капэлян, які ўжо некалькі дзён запар начуе ў Курапатах:

— Калі яны пачалі валіць лес, я пайшоў туды. На два мэтры яны ўсё ж такі нам саступілі. Але, калі пачынаеш прасіць, каб не валілі дрэвы на тыя, што яшчэ будуць расьці — бессэнсоўна, ніхто ня слухае і ў размовы не ўступаюць.

Будаўнікі пілавалі дрэвы ды раўнялі замерзлы за ноч дарожны насып. Рабочыя, што рыхтуюць месца для пракладкі вадаводу, а таксама тэлефонных і энэргетычных камунікацыяў, патлумачылі, што начальства загадала ім зрабіць паласу шырынёй 3—4 мэтры ад дарогі, і больш ні на сантымэтар углыб урочышча яны ня пойдуць. Тым часам валанцёры грэліся ў намёце каля печкі. Сёньняшняя ноч была надзвычай сьцюдзёнай (тэмпэратура сягала мінус 10 градусаў). Валанцёры просяць, каб людзі дапамаглі ім цёплымі рэчамі й харчаваньнем. Кожную раніцу ў лягер прыходзіць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо і чым можа ім дапамагае. Ён лічыць, што праца будаўнікоў у Курапатах можа прывесьці да зьнішчэньня ляснога масiву.

ЮХО: Зараз відавочна, што тут паўстануць новыя экалягічныя праблемы. На гэтым месцы, дзе на 5—6 мэтраў падымаюць насып, увесну будзе забалочаная частка. Будзе затоплены Крыж пакутнікам Беларусі. А наступствы такія, што гэты сасновы лес будзе загублены, бо ён ня можа расьці ў забалочаным месцы.

Актывісты КХП БНФ і валанцёры маюць усталяваць сёньня яшчэ каля дзесяцi новых крыжоў.

21 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ПЕРАКАНАНЫЯ, ШТО ВАЛАНЦЁРЫ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ПА 20 ДАЛЯРАЎ ШТОДЗЕНЬ

Сёньня раніцай будаўнікі павалілі яшчэ некалькі дрэваў Далей увесь дзень вяліся земляныя работы — самазвалы сыпалі жвір на дарогу, потым сюды прывезьлі трубы для пракладкi вадаводу.

Ганна Соусь:

Другі дзень у Менску марозна. Валанцёры грэюцца ў вайсковым намёце з «буржуйкай». Сёньня тут зьявілася газавая гарэлка, яе падаравалі незнаёмыя ім людзі. У куце намёту стаяць мяхі з бульбай ды яблыкамі — гэта звыклае харчаваньне абаронцаў Курапатаў.

Тым часам і амонаўцы, што ўвесь час таксама тут дзяжураць, і будаўнікі ў размовах упэўнена сьцьвярджаюць, што валанцёры атрымліваюць па 20 даляраў штодзень на кожнага. Але я неаднойчы была сьведкай, як у лягеры проста не было чаго пад’есьці. Дарэчы, тых 10 тысячаў рублёў у дзень на харчаваньне, якія некалькі тыдняў таму абяцаліся даваць ім актывісты ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», валанцёры чакаюць і дагэтуль. Вось меркаваньне Мікіты Сасіма:

— Прыходзяць бабулькі 80 гадоў і прыносяць па 4—5 тысячаў са сваёй пэнсіі. А людзі, якія варочаюць тысячамі даляраў, ня могуць прынесьці сюды проста хаця б ежы.

Вось ужо другі дзень у лягеры знаходзіцца музыкант Хведар Жывалеўскі, які за абарону Курапатаў адседзеў сем сутак за кратамі. Ён распавёў Радыё Свабода пра ўмовы ўтрыманьня зьняволенага.

ЖЫВАЛЕЎСКІ: Было 12 чалавек у камэры. Там, дзе можна было спаць, зьмяшчалася толькі 8. Тры дні ў нас не было вады. З раніцы і ўвечары дзясятая заварка гарбаты з кавалкам хлеба. У абед — сантымэтар супчыку ў талерцы й там кашка, катлецінка.

Па-рознаму складваюцца дачыненьні валанцёраў з будаўнікамі. Прыхільнік Беларускай Партыі Свабоды Аляксей Капэлян распавядае, што будаўнікі часам дапамагаюць валанцёрам нарыхтоўваць дровы.

АЛЯКСЕЙ: А з будаўнікамі добра. Уступаюць у мірныя перамовы. Берасьцейскія будаўнікі ўвесь час паддатыя. Учора маглі за гарэлку й сюды да нас дровы прынесьці. Магілёўскія, тыя, што насупраць нас дрэвы валяць, добрыя. Я папрасіў, каб яны нам накрыжавалі на чурбаны, дык яны зрабілі, засталося толькі забраць.

Цяпер у Курапатах увесь час знаходзяцца адныя й тыя ж людзі. Многія з тых, што прыходзілі сюды да падзеяў 8лістапада, больш не зьяўляюцца. Засталіся, як мяркуе Мікіта Сасім, самыя ўпартыя й шчырыя змагары за Курапаты.

САСІМ: Тут ужо склалася курапацкая сям’я. Засталіся людзі, якія тут знаходзяцца больш за месяц.

21 лістапада 2001

МІЛІЦЫЯНТЫ НЕ ЗЬЯЎЛЯЮЦЦА НА СУДЫ

Сёньня ў Савецкім судзе Менску плянавалася разгледзець апошнія справы затрыманых 9 лістапада абаронцаў Курапатаў. Але й гэтым разам працэсы былі сарваныя супрацоўнікамі міліцыі.

Любоў Лунёва:

Судзьдзі Руслан Казадаеў, Іна Шэйко і Аксана Рэлява разьлічвалі скончыць разгляд справаў чатырнаццаці чалавек яшчэ на мінулым тыдні. Яны штодня тэлефануюць ва ўправу ўнутраных справаў Cавецкага раёну, але безвынікова. Большасьць супрацоўнікаў міліцыі ігнаруе судовыя позвы. Cёньня разгледзелі толькі дзьве справы. Судзьдзя Казадаеў за абарону Курапатаў аштрафаваў Міколу Ткачэнку на 37,5 тысячаў рублёў, а паводле судовага прысуду Аксаны Рэлявы Яўген Афнагель павінен заплаціць 45 тысячаў.

АФНАГЕЛЬ: Напрыканцы працэсу я спадзяваўся, што мяне апраўдаюць. Паказаньні супрацоўнікаў міліцыі супярэчылі адно адному. Калі міліцыянтам прапанавалі намаляваць месца майго затрыманьня, адзін намаляваў крыжык на вуліцы Мірашнічэнкі, а другі, магу нават працытаваць:

«Каля елачак, побач з прыступкамі на кальцавой дарозе». Суды над астатнімі затрыманымі абаронцамі перанесьлі >на іншыя тэрміны. Сярод іх і сямнаццацігадовы Мікіта >Сасім.

САСІМ: Надакучыла хадзіць у суд амаль кожны дзень. Я свае абавязкі выконваю, а супрацоўнікі міліцыі чамусьці не зьяўляюцца. Як затрымліваць, дык яны затрымліваюць, а як у суд прыйсьці — дык яны ня могуць. Можа ім сорамна? Можа яны папросту не жадаюць хлусіць?

Сёньня судзьдзя Шэйко цягам дня чакала супрацоўнікаў міліцыі. Напрыканцы яна напісала адпаведнае прадстаўленьне на іх дзеяньні ў гарадзкую ўправу ўнутраных справаў.

22 лістапада 2001

МЕНСК ЗАСЫПАЛА СЬНЕГАМ

Каля Курапатаў не вялі будаўнічых работ. Валанцёры мяркуюць, што за імі ўвесь час пільна сочаць невядомыя людзі.

Ганна Соусь:

У Курапатах пад сьнегам — крыжы, дарога, будаўнічая тэхніка. На вайсковым намёце ледзяшы. Над «буржуйкай» сьцелецца дымок. Сьнег пачынае троху таяць, зьмешваецца са жвірам і ўтварае бруднае месіва, таму трапіць цяпер у лягер валанцёраў досыць складана. Сёньня будаўнікі каля Курапатаў не працавалі. Не прыехалі на свій звычайны пост каля лягеру й раённыя амонаўцы. Толькі блізу мікрараёну стаяла адна машына з гарадзкім АМОНам.

Начавалі ў Курапатах дзесяць чалавек — сябры Беларускай Партыі Свабоды, Маладога Фронту й «Зубра». Удзень валанцёраў паменела, бо многія зь іх пайшлі вучыцца ды працаваць. Я засьпела тут шэсьць чалавек. Гаворыць сябар Беларускай Партыі Свабоды Зьміцер Захарэвіч:

— Шчыра кажучы, зараз гэта ўжо больш справа гонару. Таму што будоўля не вядзецца.

Валанцёры ўвесь час адчуваюць увагу да сябе — і ня толькі звычайных грамадзянаў, але, як яны мяркуюць, пэўных структураў. Распавядае Хведар Жывалеўскі:

— Уначы, недзе а шостай гадзіне, я выходзіў з намёту і ўбачыў, як з боку лесу ішоў чалавек. Так атрымалася, што я нібыта ішоў на яго. Ён пасьпяшаўся забрацца на дарогу й пачаў неяк ненатуральна кашляць, нібыта нейкія знакі падаваў. Потым, калі я падняўся на дарогу, то ўбачыў, што ён пабег у бок аўтобуснай станцыі. Потым я чуў нейкі крык, але не разабраў дакладна, адно слова ў загадным тоне.

Хведар трымае ў руках маленькага чорнага шчанюка. Гэта ўжо ня першы сабака, што прыбіўся да лягеру валанцёраў. Аднаго зь іх абаронцы Курапатаў нядаўна ўладкавалі ў сям’ю. Адразу з Курапатаў Хведар зьбіраўся на плошчу Бангалор, на пікет у абарону бадзяжных жывёлаў. Мы ішлі зь ім да аўтобуснай станцыі, і ён чытаў мне ўрыўкі зь вершаў і казак, якія напісаў у Курапатах:

— Самая галоўная фраза, якая была напісаная ў Курапатах: «У цябе за сьпінай вырасьлі крылы — увесь час замінаюць хадзіць празь дзьверы».

23 лістапада 2001

У ЛЯГЕРЫ ВАЛАНЦЁРАЎ ЗАСТАЛОСЯ ЗУСІМ МАЛА ЛЮДЗЕЙ

Гэтай ноччу тут былi толькі тры валанцёры. Аднак, абаронцы кажуць, што гэта часовая зьява.

Альгерд Невяроўскі:

У Менску пачалася адліга. Раніцай на курапацкім участку кальцавой дарогі адноўленыя будаўнічыя працы. Самазвалы падвозілі жвір, рабочыя падвышалі насып дарогі. За гэтай працай назіраў Мікола Крывальцэвіч.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Я парушэньняў не заўважыў, усё ідзе ў межах заплянаваных працаў. Будаўнікі заўжды парушаюць нормы — у праекце адно, а на практыцы адбываецца па-іншаму. Гэта мы ведаем са сваёй археалягічнай практыкі. І наша назіраньне іх дысцыплінуе.

Дарэчы, трубы для сьцёку вады будуць накіраваныя ў бок Курапатаў, і ёсьць небясьпека, што ўвесну каля Крыжа Пакутаў узьнікне сапраўднае балота. Мікола Крывальцэвіч спрабаваў дамовіцца, каб будаўнікі зрабілі дрэнажную сыстэму і накіравалі сьцёкі на прылеглае поле, але безвынікова. Інжынэры кажуць, што такая сыстэма будзе дорага каштаваць, а вадасьцёк выходзіў у Курапаты і раней, да пашырэньня дарогі, і вада ніколі не размывала магілы. Валанцёры рэзка адмоўна ставяцца да намеру накіраваць вадасьцёк у Курапаты. Гаворыць актывіст БПС Аляксей Капэлян:

— Зьбярэцца наша кіраўніцтва, будзем вырашаць, што рабіць. Асабіста я супраць пракладкі трубаў, і ня толькі я. Бо сюды пойдзе вада, і будзе балота.

Высечку дрэваў у прыдарожнай зоне рабочыя спынілі, аднак усе паваленыя сосны яны некуды вывозяць. Валанцёры лічаць, што будаўнікам загадала гэта рабіць начальства, каб не пакідаць жыхарам лягеру дроваў і матэрыялу для вырабу новых крыжоў.

У лягеры абаронцаў сёньня было няшмат людзей. Толькі пяцёра актывістаў руху «Зубар» ды Партыі Свабоды сядзелі ў намёце каля печкі. Уначы ў лягеры заставаліся ўсяго тры чалавекі. Праўда, валанцёры сьцьвярджаюць, што неўзабаве на начныя дзяжурствы зноў заступяць ня менш за дзесяць чалавек. Валанцёр Аляксей працягвае:

— Пяцідзясятнікі перадалі нам цёплыя рэчы, абяцалі коўдры. Каб было больш цёплых рэчаў, было б лепей.

— Што вы зьбіраецеся рабіць сёньня?

— Зараз будзем рабіць праваслаўныя крыжы, і ці сёньня, ці заўтра будзем іх усталёўваць уздоўж поля. Гэта будзе своеасаблівая агароджа.

24 лістапада 2001

НА ВАЛАНЦЁРКУ НАПАЛІ ХУЛІГАНЫ

У лягеры абаронцаў зьявілася больш людзей. На адну з валанцёрак учора напалі невядомыя, а міліцыянта, які за яе заступіўся, пакарала начальства.

Альгерд Невяроўскі:

Рабочыя сёньня працягвалі падсыпаць жвір на дарогу, а таксама пачалі капаць канаву для пракладкі трубаў вадасьцёку За гэтымі работамі ўжо які дзень запар назірае Мікола Крывальцэвіч. Ён размаўляў з прарабамі, сачыў за працай тэхнікі, але ніякіх парушэньняў з боку будаўнікоў не заўважыў. Спадар Крывальцэвіч лічыць, што будаўнікі працуюць вельмі ахайна дзякуючы таму, што ў Курапатах стала знаходзяцца валанцёры, якія пільна сочаць за паводзінамі рабочых.

Уначы ў лягеры валанцёраў знаходзілася дзевяць прадстаўнікоў Партыі Свабоды, «Зубра» і Маладога Фронту. А ўчора ўвечары каля Курапатаў адбылося надзвычайнае здарэньне. Невядомыя напалі на актывістку руху «Зубар» Кацярыну Карпенку, якая ішла ў лягер, і спрабавалі сілай зацягнуць яе ў машыну.

КАЦЯРЫНА: Я ішла сюды, і нейкая машына мне пачала сыгналіць. Зь яе вылазіць хлопец, падыходзіць да мяне й пытае, як праехаць да Дразьдзінкі. Я кажу: «Я ня ведаю, дзе яна знаходзіцца, мне трэба ісьці». А ён стаіць і кажа: «А можа вы з намі праедзеце і пакажаце». Я адмовілася, а ён узяў мяне за рукі й пацягнуў да машыны. Стаіць каля машыны, трымае за руку й не адпускае. Я вырвалася і ўцякаць. Ён за мной пабег, але я прыбегла сюды, а тут сядзеў АМОН.

Амонаўцы адразу ж паехалі сьледам за нападнікамі й затрымалі іх. Гэта былі тры мясцовыя жыхары зь мікрараёну Зялёны Луг. На іх аформілі пратаколы за кіраваньне машынай у нецьвярозым стане і за супраціў работнікам міліцыі.

А сёньня амонаўцы, што дзяжурылі ў Курапатах, паведамілі валанцёрам, што аднаго зь іхных калегаў, які затрымліваў гэтых хуліганаў, начальства загадала пасадзіць на гаўптвахту. Маўляў, ня варта было дапамагаць апазыцыянэрам.

Тым часам маладзёвая варта ў Курапатах працягваецца. Гаворыць актывістка Маладога Фронту Іра Вяткіна:

— Некаторыя са старэйшых (напрыклад, у БНФ) казалі, што тут ня трэба ўжо сядзець, бо мы нічога ўжо ня зробім. Але людзі, якія спадзяюцца на нашу перамогу, яны тут сядзяць і будуць сядзець.

Сёньня валанцёры майстравалі крыжы, якія пасьля заўтрашняга асьвячэньня айцом Леанідам Акаловічам будуць усталяваныя ўздоўж мяжы Курапатаў. Валанцёры таксама рыхтуюць пляцоўку, дзе неўзабаве стане яшчэ адзін намёт — для часовай капліцы. Сёньня ў валанцёраў своеасаблівы юбілей — споўнілася роўна два месяцы, як яны знаходзяцца ў Курапатах Алесь Гетман кажа, што ўвечары яны зьбяруцца за сьвяточным сталом і падымуць кубкі гарбаты за сваю перамогу.

25 лістапада 2001

НАБАЖЭНСТВА

Ноч у Курапатах прайшла спакойна. Аднак з прычыны маразоў валанцёраў было няшмат. Нават на сёньняшняе набажэнства прыйшло ня больш за дзесяць чалавек.

Альгерд Невяроўскі:

Будаўнікі на дарозе амаль не працавалі. Толькі на адным участку бульдозэр раўняў жвір. У лягеры абаронцаў тры чалавекі грэліся ў намёце каля печкі. Актывіст БПС Аляксей Капэлян захварэў, і таму ляжаў у ложку пад цёплай коўдрай. Вось што ён распавёў нашаму радыё:

— Сутычак з будаўнікамі няма. Яны ўсё выконваюць, ідуць па правілах. Хлопцы прыходзілі мясцовыя, зь Зялёнага Лугу, сядзелі з намі, размаўлялі аж да 5 гадзінаў ранку.

Ноччу ў лягеры было восем чалавек з Партыі Свабоды й арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты». Раніцай большасьць разьехалася па сваіх справах, і ў лягер яны вернуцца толькі бліжэй да вечара. Валанцёры прызнаюць, што з прычыны халадоў і хваробаў людзей ва ўрочышчы застаецца менш Аднак лічаць, што ў іх хопіць сілаў, каб несьці варту да таго часу, пакуль усе будаўнічыя работы тут будуць скончаныя. Гаворыць валанцёрка Людміла Паклонская:

— Будзем сядзець, не адступім… Уяўляю, што, напрыклад, праз могілкі, дзе пахаваная мая бабуля, пачалі б будаваць шашу — я б таксама іх адстойвала.

Апоўдні ў курапацкі лягер прыехаў душпастыр валанцёраў айцец Леанід Акаловіч Кожную нядзелю ён адпраўляе тут набажэнства памяці загінулых, а таксама за здароўе абаронцаў мэмарыялу ды асьвячае змайстраваныя валанцёрамі крыжы. Гаворыць Леанід Акаловіч:

— Вядома, мне як сьвятару хацелася б, каб усё гэта праходзіла ціха, мірна й бяз новых пакутаў для моладзі, якая сапраўды бароніць нашую Бацькаўшчыну — Беларусь, і нашую Веру. Мы тут думаем зрабіць сьцяну памяці, зрабіць капліцы. Магчыма, прывязуць нам абразы, статуі Маткі Боскай і Ісуса Хрыста. Каб гэтыя капліцы паставіць разам са сьцяною, і на гэтай сьцяне можна было пісаць вядомыя імёны тых, хто быў расстраляны ў Курапатах.

26 лістапада 2001

АБАРОНЦЫ БУДУЦЬ ЗАСТАВАЦЦА ВА ЎРОЧЫШЧЫ ЯШЧЭ ПАЎГОДА ДА КРАСАВІКА

Менавіта столькі будзе працягвацца рэканструкцыя кальцавой дарогі ў раёне Курапатаў.

Альгерд Невяроўскі:

У Менску зноў адліга. Валанцёры сёньня выглядалі вельмі задаволенымі, бо цяпер ня мусяць сядзець у намёце ля «буржуйкі», а нарэшце могуць заняцца парадкаваньнем тэрыторыі Курапатаў. Гэтай ноччу ў лягеры было пяць ак-тывістаў Партыі Свабоды, руху «Зубар» і «Маладых сацыял-дэмакратаў». Пра тое, чым займаюцца валанцёры, распавядае Аляксей Капэлян:

— Усталявалі некалькі крыжоў. Але цяпер нам іх трохі складаней ставіць, бо зямля вельмі прамерзла. Будзем ставіць намёт пад капліцу, да суботы мы яго павінны ўсталяваць. А сёньня трэба раскідаць пясок, які я прывез. Каб можна было перанесьці наш намёт на больш высокае месца.

Сёньня валанцёры пілавалі й калолі дровы, насілі ваду й рыхтаваліся да наступнай ночы. Тым часам на дарозе будаўнічыя работы амаль не вяліся. Кіраўнікі гэтага будаўнічага ўчастку ў прыватных гутарках прызнаваліся, што вядуць працы вельмі ахайна, бо за імі пастаянна назіраюць валанцёры.

Начальнікі будаўнікоў кажуць, што сёньня ў іх адбылася нарада, у часе якой быў акрэсьлены тэрмін заканчэньня работаў на курапацкім участку — красавік наступнага году. Да гэтага часу працы будуць весьціся штодня. Валанцёры кажуць, што таксама застануцца тут да красавіка. Праўда, дзяжурыць ім усё цяжэй. Гаворыць Людміла Паклонская:

— Я тут была тыдзень, потым хварэла. А цяпер ужо другая ноч, як я тут. Памяншаецца колькасьць абаронцаў, пра нас усе забываюць, на жаль. Але мы трымаемся.

Пасьля непрацяглага перапынку сёньня ў Курапаты прыехалі й актывісты Маладога Фронту. Гаворыць Аляксей >Талстоў:

— У часе прэзыдэнцкай кампаніі мы былі больш занятыя, чым іншыя маладзёвыя арганізацыі, і нашы людзі стаміліся. Гэта па-першае. А па-другое, напэўна трохі ня тым людзям даручылі арганізоўваць тут дзяжурствы. Але ж гэта ня ёсьць паказьнікам таго, што структуры Маладога Фронту менш дзеяздольныя за структуры іншых маладзёвых арганізацыяў. Гэткі перапынак выкліканы тым, што людзі папросту стаміліся.

27 лістапада 2001

БУДАЎНІКІ ЗАПАТРАБАВАЛІ, КАБ АБАРОНЦЫ ПРЫБРАЛІ АД ДАРОГІ КРЫЖЫ

Крыжы, усталяваныя пад дарожным насыпам,нібыта перашкаджаюць будаўнікам рабіць адхон.

Альгерд Невяроўскі:

Патрабаваньне зыходзіла ад прараба, які кіруе работамі ў Курапатах. Маўляў, вы часова прыбярыце крыжы, мы зробім дарожны адхон, а потым можаце ўсталёўваць іх зноў. Адзінаццаць прадстаўнікоў Партыі Свабоды й руху «Зубар», якія начавалі сёньня ў Курапатах, былі абураныя гэтай прапановай. Гаворыць Алесь Гетман:

— Мы ня будзем выкопваць гэтых крыжоў. Бо гэтыя крыжы асьвечаныя сьвятаром Акаловічам. А па-другое — як так? Ужо ж вызначылі межы. Калі мы пойдзем на саступкі, яны ўвесь час будуць нечага патрабаваць.

А вось што распавёў іншы валанцёр Хведар Жывалеўскі:

— Прапанова гучала наступным чынам: «Давайце вы цяпер дастанеце зь зямлі крыжы, мы зробім сваю справу, а вы потым паставіце іх на месца». Для нас гэта вельмі сьмешна — тыя людзі, якія ставілі гэтыя крыжы, зараз будуць іх даставаць... Я сказаў: «Рабіце што хочаце, вы тут зь міліцыяй, мы ня будзем вам перашкаджаць. Але няхай прыедуць журналісты, няхай людзі даведаюцца». Ня нашая справа выкопваць крыжы. Нашая справа — іх тут ставіць.

Прараб будоўлі катэгарычна адмовіўся гаварыць у мікрафон, як, зрэшты, і называць сваё імя ды прозьвішча. Аднак у прыватнай гутарцы прызнаўся, што ягоныя падначаленыя зрабілі новы насып дарогі на некалькі мэтраў шырэйшы, чым было патрэбна. І таму цяпер прараб хоча, каб валанцёры выкапалі крыжы і будаўнікі маглі выправіць сваю памылку.

Прараб не адмаўляў, што працуе без канчатковага праекту, аднак ня бачыць у гэтым нічога кепскага. Маўляў, мы так заўсёды працуем, і часам здараюцца памылкі. Прараб заявіў, што калі праз 2–3 гадзіны валанцёры не прыбяруць крыжы, ён сам прыбярэ іх бульдозэрам. Аднак у гэты час у Курапаты прыехалі журналісты з фота- й тэлекамэрамі, і будаўнікі хутка спынілі працу ды кудысьці зьніклі Па дарозе толькі час ад часу праяжджала міліцэйская машына, а таксама «Волга» зь нейкім начальствам.

Тым часам ва ўрочышча прыехалі назіральнікі ад грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ўладзімер Кішкурна й Сяргей Міхноў. Яны сустрэліся з кіраўнікамі будоўлі і дамовіліся, што будаўнікі ня будуць кранаць крыжоў.

Валанцёры вельмі задаволеныя тым, што іх падтрымала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У сваім звароце да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну, які быў апублікаваны сёньня ў недзяржаўных газэтах, спадарыня Сурвілла называе абаронцаў Курапатаў случакамі нашых дзён, якія бароняць Бацькаўшчыну. Старшыня Рады БНР заклікае беларусаў тысячамі ісьці ў Курапаты, каб абараніць магілы ахвяраў чужацкага тэрору й прадэманстраваць сьвету сваю салідарнасьць.

27 лістапада 2001

МІКІТУ САСІМА СУД ПАКАРАЎ ШТРАФАМ

У Савецкім судзе Менску судзьдзя Аксана Рэлява ўрэшце здолела разгледзець справу Мікіты Сасіма з Баранавічаў. Гэты 17-гадовы юнак пяць разоў прыяжджаў у Менск, і кожнага разу суд пераносілі на іншы час з прычыны адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі.

Любоў Лунёва:

Сёньня міліцыянты ўрэшце ў суд прыйшлі. Нягледзячы на тое, што іхныя паказаньні былі супярэчлівыя, судзьдзя пакарала Мікіту Сасіма штрафам на пяць мінімальных заробкаў (гэта каля 38 тысяч рублёў). Адвакат Павал Сапелка абураны гэткім прысудам:

— Супрацоўнікі міліцыі цынічна хлусілі, але ж суд палічыў іхныя сьведчаньні сапраўднымі і пакараў непаўналетнягахлопца. Спадзяюся, што вышэйшыя судовыя інстанцыі перагледзяць гэтую пастанову, і адміністрацыйная справа будзе спыненая.

Раней непаўналетніх удзельнікаў апазыцыйных акцыяў вызвалялі ад судовай адказнасьці — іхныя справы разглядалі адміністрацыйныя камісіі пры райвыканкамах. Гэтым разам Мікіту Сасіма судзілі, як усіх дарослых затрыманых абаронцаў Курапатаў.

САСІМ: Для маёй маці гэта вялікія грошы. Атрымліваецца, што за абарону Курапатаў пакаралі не мяне, а маю маці.

Судзьдзям засталося разгледзець пяць адміністрацыйных справаў удзельнікаў акцыі ў Курапатах.

28 лістапада 2001

АДНОСІНЫ ПАМІЖ ВАЛАНЦЁРАМІ Й ІНІЦЫЯТЫВАЙ «ЗА ЎРАТАВАНЬНЕ КУРАПАТАЎ» СТАЛІ НАПРУЖАНЫМІ

У Курапатах моладзь пільнуе ўсталяваныя ля насыпу дарогі 16 крыжоў.

Альгерд Невяроўскі:

Будаўнікі на курапацкім участку кальцавой дарогі сёньня падсыпалі пясок, а таксама капалі канаву для пракладкі вадасьцёку. Трубы вадасьцёку будуць накіраваныя ў бок Курапатаў.

Прараб сёньня зноў заявіў, што насып дарогі будзе выроўнівацца, а таму давядзецца на пэўны час выкапаць усталяваныя там крыжы. Паводле прараба, дамоўленасьць пра гэта была дасягнутая ўчора падчас сустрэчы назіральнікамі ад ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» спадарамі Кішкурнам і Міхновым Самі назіральнікі заяўляюць, што гэта ня так — была дасягнутая дамоўленасьць, каб будаўнікі рабілі адхон дарогі ахайна й не чапалі ўсталяваных крыжоў Гаворыць старшы ў лягеры валанцёраў Алесь Гетман:

— Назіральнікі з ініцыятывы дамовіліся з будаўнікамі, што будуць выкопваць крыжы й адстаўляць іх убок. «Моладзь у абарону Курапатаў» супраць гэтага. Мы крыжы выкопваць не зьбіраемся й будзем іх бараніць. Крыжы асьвечаныя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой, і яны ёсьць першай часткай мэмарыялу.

— Ці ёсьць тут сёньня міліцыя?

— Два ЎАЗікі былі з раніцы, цяпер застаўся адзін. Яны з машынаў не выходзяць. Але ёсьць інфармацыя, што ў іх сёньня ўзмоцнены патруль. Гэта зьвязана з нашым супрацьстаяньнем будаўнікам з-за крыжоў. Нічога, мы гэтага не баімся.

Між іншым, адчуваецца, што паміж валанцёрамі (а сёньня начавалі ва ўрочышчы 12 чалавек) і актывістамі ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» існуе сур’ёзнае напружаньне ў дачыненьнях. Валанцёры крыўдуюць, што яны ўжо нібыта не патрэбныя ініцыятыве, дый наагул справа абароны Курапатаў ня вельмі цікавіць большасьць апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Тым часам актывісты ініцыятывы кажуць, што валанцёраў пачалі выкарыстоўваць як прыладу ва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Гаворыць сакратарка ініцыятывы Ірына Жыхар:

— Канфлікту з нашага боку няма. Мы спадзяемся, што робім агульную справу. Але трэба несьці адказнасьць за ўсё тое, што ты сам робіш. Маладыя людзі самі вырашылі праводзіць там дзяжурствы, робяць гэта добраахвотна, а потым кажуць, што вы дрэнныя, бо мы тут сядзім, а вы нам не прыносіце ежу й цёплыя рэчы. А я задаю пытаньне — спадарства, калі вы прымалі рашэньне, чаму вы з намі не параіліся? Я лічу, што начныя дзяжурствы нямэтазгодныя. Працы пачынаюцца а 8-й раніцы. І калі ёсьць жаданьне назіраць за працамі, гэта магчыма рабіць з самай раніцы да позьняга вечара.

28 лістапада 2001

У ГАРВЫКАНКАМЕ АБМЕРКАВАЛІ ПАДПОРНУЮ СЬЦЯНУ

Архітэктурная рада пры Камітэце архітэктуры, горадабудаўніцтва й землеўпарадкаваньня Менгарвыканкаму на сваім паседжаньні ў пятніцу абмеркавала будаўніцтва падпорнай сьцяны ўздоўж урочышча Курапаты.

Альгерд Невяроўскі:

На думку сяброў гэтай рады, падпорная сьцяна павінна выглядаць эстэтычна, але ня мусіць быць занадта мэмарыяльнай. Прапанавалі зрабіць яе з маналітных бэтонных канструкцыяў з фрагмэнтамі шэрага граніту. Паводле папярэдніх разьлікаў, даўжыня гэтай сьцяны складзе 180 мэтраў, а вышыня ад 60 сантымэтраў да 2 мэтраў. Ніякіх мэмарыяльных надпісаў на сьцяне не плянуюць. На паседжаньне рады не былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», хаця чыноўнікі і абяцалі гэта зрабіць. У Камітэце архітэктуры нашаму радыё паведамілі, што разглядаліся толькі папярэднія накіды праекту, і ніякага рашэньня пакуль не прынялі. Калі праект будуць зацьвярджаць, прадстаўнікоў грамадзкасьці абавязкова запросяць. Актывісты грамадзкай ініцыятывы заяўляюць, што будуць патрабаваць, каб на падпорнай сьцяне ў Курапатах было пазначана, што гэта — месца масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

29 лістапада 2001

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Будаўнікі на курапацкім участку дарогі сталі працаваць больш ахайна й не чапаюць усталяваных пад насыпам крыжоў.

Альгерд Невяроўскі:

На сёньняшняй начной варце ў Курапатах было 9 прадстаўнікоў БПС, Маладога Фронту, руху «Зубар» і «Маладых сацыял-дэмакратаў». Будаўнічыя працы аднавіліся а 8-й гадзіне раніцы, рабочыя займаліся пракладкай вадасьцёку Паводле папярэдняга праекту сьцёкавыя трубы будуць накіраваныя ў бок урочышча, аднак падобна, што з гэтым пагадзіліся й назіральнікі ад грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», і валанцёры Аўтары праекту сьцьвярджаюць, што вадасьцёк не пашкодзіць курапацкім пахаваньням, а на пабудову адмысловай дрэнажнай сыстэмы, каб накіраваць ваду на прылеглае да Курапатаў поле, няма сродкаў. Затое валанцёры дамагліся, каб будаўнікі не чапалі ўсталяваных пад насыпам крыжоў. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Вы бачыце, што экскаватар поўзае з розных бакоў, але да крыжоў не дакранаецца. І гэта ў вялізнай ступені дзякуючы людзям, што тут знаходзяцца. У нас ёсьць інфармацыя, што некалькі рабочых з-за гэтага звольніліся.

Паводле валанцёраў, многія амонаўцы, якія дзяжураць у Курапатах, таксама падыходзяць да іх і выказваюць падтрымку. У курапацкі лягер апошнімі днямі прыяжджалі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі й аказвалі падтрымку валанцёрам, у тым ліку й матэрыяльную. Пра тое, чым займаюцца валанцёры сёньня, кажа Аляксей Капэлян:

— Сёньня мы будзем рабіць пляцоўку пад намёт для набажэнстваў.

— Скажыце, ці робіце вы крыжы, і ці ўсталёўваеце іх апошнім часам?

— Крыжы зробленыя, але ўсталёўваць іх стала цяжэй, бо прамерзлая зямля.

Валанцёры вырашылі, што крыжы будуць усталяваныя ў нядзелю пасьля набажэнства.

30 лістапада 2001

АБАРОНЦЫ ДАМАГЛІСЯ ЗЬМЕНАЎ У ПРАЕКЦЕ ДАРОГІ

Трубы вадасьцёку будуць пракладзеныя ў адваротны ад мэмарыялу бок.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ўначы ў Курапатах заставалася восем валанцёраў з БПС, руху «Зубар» і «Маладых сацыял-дэмакратаў». Яны дамагліся, каб водаадвод быў накіраваны ў бок возера Цна, а не да Курапатаў. Распавядае старшы ў лягеры валанцёраў Аляксей Капэлян:

— Вельмі добра, што тут ня будзе балота. Будаўнікі гэта самі пацьвердзілі, ды й вокам бачна, куды нахіленая труба. Яны сёньня павінны скончыць укладку гэтай трубы, крыжы не чапаюць. Я ўчора размаўляў з майстрам і з інжынэрам. Яны казалі, што навядуць тут парадак.

Паводле валанцёраў, з будаўнікамі ў іх склаліся даволі прыязныя дачыненьні, і тыя нават абяцалі дапамагчы ў справе ўсталяваньня палявой капліцы для набажэнстваў. Частка валанцёраў пакінула сёньня лягер а 4-й гадзіне раніцы. Паехалі сустракаць сустаршыню ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» Паўла Севярынца, які за абарону мэмарыялу правёў 10 сутак у турме Заўтра ў Курапатах павінна адбыцца нарада кіраўнікоў маладзёвай ініцыятывы, і будзе зацьверджаны плян далейшых дзеяньняў.

Абаронцаў штодня падтрымліваюць мясцовыя жыхары Гаворыць адзін зь іх, Яўген:

— Я тут жыву непадалёк. Калі першы раз прыйшоў, паглядзеў, што тут моладзь, у якой бывае, што няма чаго есьці, дык я ім і каву прыносіў, і гарбату. Бачу, што хлопцы за сваю ідэю стаяць. Таму я падтрымліваю гэтых хлопцаў.

Людзей, якія хоць чымсьці хочуць дапамагчы абаронцам Курапатаў, нямала. Калі я ўжо сыходзіў, ва ўрочышча прыйшла сямейная пара. Павітаўшыся з валанцёрамі, яны ўзялі рыдлёўкі й пайшлі капаць прамерзлую зямлю, каб падрыхтаваць месца для новых крыжоў.

1 снежня 2001

БЕСТЭРМІНОВАЯ АКЦЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Лідэры кааліцыі «Моладзь у абарону Курапатаў» вырашылі працягваць бестэрміновую акцыю ва ўрочышчы.

Альгерд Невяроўскі:

Павал Севярынец, Сяргей Высоцкі і Алесь Гетман арганізавалі сёньня прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра далейшыя пляны Яна праходзіла каля курапацкага Крыжа Пакутаў. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, які толькі ўчора выйшаў на волю пасьля 10-сутачнага арышту:

— Магчыма, тыя, хто будуе гэтую дарогу і тыя, хто ахоўвае гэтае барбарскае будаўніцтва, разьлічвалі, што з надыходам халадоў моладзь здыме свой лягер, што мы ня вытрымаем такіх выпрабаваньняў і сыдзем. Але ўчора мы сабраліся і вырашылі працягваць бестэрміновую акцыю датуль, пакуль існуе пагроза крыжам, нацыянальнаму нэкропалю Курапаты. Па шчырасьці, я ня ведаю, колькі гэта будзе працягвацца, можа, тыдзень, можа, месяц, можа, болей, але актывісты «Моладзі ў абарону Курапатаў» гатовыя стаяць тут столькі, колькі спатрэбіцца.

Спадар Севярынец таксама дадаў, што пасьля ягонага выхаду на волю актыўнасьць сяброў Маладога Фронту ў справе абароны Курапатаў узмацнілася Ён заклікаў людзей чым магчыма дапамагчы абаронцам. Тым часам сёньняшняй ноччу ў Курапатах былі заўважаныя прадстаўнікі спэцслужбаў У лягеры начавалі сем валанцёраў. Гаворыць старшы лягеру Алесь Гетман:

— Ноч прайшла даволі неспакойна, нэрвозна. Усю ноч стаяла знаёмая нам «Волга» цёмна-сіняга колеру. Як кажуць міліцыянты, гэта былі людзі «са зьмежнай арганізацыі», з КГБ. Было адчувальна, што ідзе праслухоўка сотавых тэлефонаў. Ізноў яны штосьці пачалі, да чагосьці рыхтуюцца. Мы ўжо заўважылі, што ўлады рэагуюць спачатку такім шляхам — сочаць, колькі людзей тут застаецца, хто прыходзіць і адыходзіць.

Сёньня валанцёры займаліся гаспадарчымі справамі, а таксама рыхтаваліся да заўтрашніх мерапрыемстваў. Заўтра ў Курапатах адбудзецца малебен. Актывісты КХП БНФ працягвалі стварэньне народнага мэмарыялу, усталяваўшы яшчэ 10 крыжоў.

2 снежня 2001

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧЫЛІ ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ

У другой палове дня тут адбылося набажэнства памяці змагароў за незалежнасьць Беларусі. Пасьля ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Беларускай Партыі Свабоды.

Ягор Маёрчык:

Цяпер цяжка нават уявіць, што яшчэ некалькі тыдняў таму ля ўрочышча Курапаты была Менская кальцавая дарога Ад яе нічога не засталося. Пласт асфальту даўно зьнялі, прывезьлі пясок і ў два бакі актыўна пашыраюць падмурак будучай праезнай часткі.

Жыцьцё ў лягеры абаронцаў праходзіць пад гукі будаўнічай тэхнікі. Працы не спыняюцца нават выходнымі Безь перапынкаў і сьвятаў дзяжураць тут і два мікрааўтобусы з амонаўцамі. Яны сочаць за парадкам і стараюцца як мага меней кантактаваць як зь сябрамі Маладога Фронту і Беларускай Партыі Свабоды, так і з будаўнікамі Першым у лягеры абаронцаў мяне сустрэў Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Сёньня начавала 14 чалавек. Гэта шмат. Рэдка калі было больш. Пад’ехалі хлопцы з Магілёва, з Гомеля. Настрой у нас прыўзьняты. Сёньня гадавіна Слуцкага збройнага чыну.

Сябры Маладога Фронту і БПС працягваюць рабіць крыжы і ўсталёўваць іх вакол Курапатаў. У другой палове дня сьвятар Леанід Акаловіч справіў тут памінальнае набажэнства за супакой душаў ваяроў Слуцкага збройнага чыну. А ўвечары сябры чэскай фундацыі «Чалавек у нядолі» паказалі абаронцам дакумэнтальныя фільмы «Дарога на Курапаты» і «Звычайны прэзыдэнт».

3 снежня 2001

УНАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЛЕДЗЬ НЕ АДБЫЛАСЯ АВАРЫЯ

Валанцёры дамовіліся з будаўнікамі, і тыя прыбралі тэрыторыю ад сьмецьця і пяску.

Альгерд Невяроўскі:

Ноч і дзень у Менску выдаліся вельмі марознымі. Пасьля ўчорашняга сьвяткаваньня ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну ў лягеры засталося 8 валанцёраў ад Беларускай Партыі Свабоды, руху «Зубар» і Маладога Фронту. У намёце каля печкі было досыць цёпла, і валанцёры спадзяваліся, што іхнае дзяжурства пройдзе спакойна, аднак пасярод начы побач зь лягерам адбылося нечаканае здарэньне. Распавядае Мікіта Сасім:

— Уначы нейкі п’яны мужчына на машыне разам зь дзьвюма жанчынамі «селі ў яму». Добра, што ён пасьпеў націснуць на гальмар, бо інакш яны б папросту забіліся. Хлопцы даставалі яго.

— Ён хіба зьехаў сюды ў Курапаты?

— Не. Там, дзе яма й труба, ён ехаў па дарозе, і нічога ня ведаў. Але ж там усё перакапана, нават, здаецца, дарожныя знакі стаяць. Ён ледзь не паваліўся, але выцягнулі. Потым прыйшлі міліцыянты, пачалі правяраць, і аказалася, што ў яго няма нават дакумэнтаў на машыну.

Як гэта ні дзіўна, міліцыянты ня толькі не затрымалі п’янога кіроўцу, які невядома якім чынам трапіў на перакапаны ўчастак дарогі ды пацярпеў ад аварыі, але па-сяброўску пагутарылі зь ім і адпусьцілі Будаўнічыя работы былі адноўленыя сёньня а 8-й гадзіне раніцы. Будаўнікі закопвалі трубу вадасьцёку й раўнялі дарожны насып. Аднак пасьля размовы з валанцёрамі яны заняліся й прыборкай тэрыторыі Гаворыць Аляксей Капэлян:

— Я зь сябрам займаўся пяском. Прыгнаў трактар, каб тут зрабілі адхон. Мой сябра добраўпарадкаваў тэрыторыю. Потым я ўзяў бульдозэр, а ён выраўняў пляцоўку, дзе былі навернутыя кучы пяску.

Учора ўвечары валанцёры ўсталявалі ўздоўж мяжы ўрочышча сем новых крыжоў.

3 снежня 2001

ЗА АБАРОНУ КУРАПАТАЎ РАМАН КАЗАКЕВІЧ

АШТРАФАВАНЫ СУДОМ

У Менску працягваліся суды над абаронцамі Курапатаў.

Любоў Лунёва:

У Савецкім раённым судзе Менску маладафронтаўца Рамана Казакевіча аштрафавалі на 100 000 рублёў. Суд над Сяргеем Папковым сёньня не завершыўся, бо не прыйшлі сьведкі з боку міліцыі. Працяг суду — заўтра.

4 снежня 2001

ВАЛАНЦЁРАМ ДАПАМАГАЮЦЬ ДЗЕЦІ

Будаўнічыя работы ў Курапатах вядуцца цяпер ахайна.

Альгерд Невяроўскі:

Ноччу ў Менску было ніжэй за 15 градусаў. Тым ня менш, у лягеры валанцёраў начавалі восем актывістаў Партыі Свабоды, Маладога Фронту і арганізацыі «Маладых сацыял-дэмакратаў». Калі я прыехаў ва ўрочышча, экскаватаршчык ахайна здымаў грунт з адхону дарогі, не чапаючы ўсталяваных там крыжоў. Распавядае старшы ў лягеры валанцёраў Алесь Гетман:

— Нарэшце нам далі зацьверджаны плян будаўніцтва, і цяпер мы можам кантраляваць кожны мэтар, кожны сантымэтар дарогі. Зараз яны адкопваюць тое, што засыпалі. Ад нас патрабавалі, каб мы выкапалі крыжы. Будаўнікі іх засыпалі амаль напалову, а цяпер іх адкопваюць. Калі зваліўся на адзін з крыжоў камень і трохі яго прыціснуў, будаўнікі прасілі прабачэньня, што так здарылася.

Пакуль я гутарыў з Алесем Гетманам, каля лягеру спынілася машына, зь якой выйшаў старшыня Камітэту аўтадарогаў Аляксандар Мінін, які паведаміў аднаму з валанцёраў, што працы будаўнікоў ідуць пад ягоным кантролем Спадар Мінін сказаў, што калі раптам валанцёры заўважаць нейкія парушэньні з боку будаўнікоў, то да рабочых будуць прынятыя адпаведныя меры.

Варта ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» будзе працягвацца — нягледзячы на маразы. Нядаўна валанцёрам прынесьлі дзьве скрыні зь елачнымі цацкамі, і цяпер моладзь рыхтуецца да Калядаў і Новага году. А ўчора ў курапацкім лягеры зь мехам сьвежых булак зьявіліся два вучні адной зь менскіх школаў. Алесь Гетман працягвае:

— Прыйшлі два хлопчыкі. Мы адразу іх заўважылі. Яны тут хадзілі, перажагналіся, памаліліся каля крыжоў, а потым падышлі да нас і кажуць: «Вось — што змаглі сабралі, цёплых булак і мінэралкі». Таксама прынесьлі віншаваньне абаронцам: што яны нас падтрымліваюць, і што Беларусь не загіне, пакуль ёсьць такія, як мы, што сядзяць у Курапатах.

Сёньня валанцёры нарыхтоўвалі дровы на ноч, а таксама рабілі новыя крыжы, якія будуць усталяваныя ва ўрочышчы выходнымі.

4 снежня 2001

ЗАВЯРШАЮЦЦА СУДЫ НАД АБАРОНЦАМІ

У Савецкім раённым судзе Менску зноў судзілі абаронцаў Курапатаў Сяргея Папкова і Яраслава Сьцешыка пакаралі штрафамі.

Любоў Лунёва:

Намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Сяргея Папкова судзьдзя Руслан Казадаеў пакараў штрафам на 50 тысяч рублёў. Чатыры разы вынясеньне прысуду адкладалі, бо сьведкі-міліцыянты не прыходзілі ў суд.

Сяргей Папкоў пракамэнтаваў прысуд для Радыё Свабода:

— Тое, што мне далі штраф за абарону Курапатаў, за абарону гэтага сьвятога месца, за тое, што мы настойваем, каб дарога ішла не праз Курапаты, а мінуючы Курапаты (існуе такі праект) — гэта сьведчыць, што сёньняшні рэжым па ўказцы Масквы, працуючы на ўваход ці продаж Беларусі ў склад Расеі, хоча, каб не было такіх месцаў, якія б нагадвалі пра злачынствы Масквы. Яны імкнуцца зьнішчыць Курапаты. Але я думаю, што ў іх гэта не атрымаецца.

Судзьдзя Аксана Рэлява завочна пакарала штрафам сябра маладзёвага руху «Зубар» Яраслава Сьцешыка на 45 тысяч рублёў. Прысуду ня вынесьлі яшчэ двум абаронцам Курапатаў — Уладзімеру Раманцову і Ўладзiмеру Плотнікаву. Судзьдзі накіравалі іхныя справы ў міліцыю, каб там перарабілі пратаколы.

Такім чынам, амаль за тры тыдні асудзілі каля трыццаці затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах У выніку двое — лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і сябра гэтай арганізацыі Хведар Жывалеўскі — правялі некалькі сутак арышту ў ізалятары на Старабарысаўскім тракце. Штрафамі пакаралі Яўгена Афнагеля, Андрэя Ягорава, Міколу Ткачэнку, Юрася Фабішэўскага, Яраслава Сьцешыка, Рамана Казакевіча, 17-гадовага Мікіту Сасіма, Уладзіслава Валадзька, Алеся Цялегіна, Генадзя Дранковіча, Яўгена Клімава, Вераніку Купчанку, Уладзімера Юхо, Лявона Садоўскага, Віктара Кавешнікава, Цімоха Сугаку, Андрэя Будзька і Рыгора Кійка Справы на Вячаслава Сіўчыка і Ірыну Кашталян спынілі ў судзе.

На чатырох міліцыянтаў судзьдзі напісалі прадстаўленьне ў гарадзкую ўправу ўнутраных справаў за сыстэматычны зрыў судовых паседжаньняў Ігнараваньне судовых позваў судзьдзі расцанілі як непавагу да суду.

5 снежня 2001

АБАРОНЦЫ ПАТРАБУЮЦЬ СКІРАВАЦЬ СЬЦЁКАВУЮ ТРУБУ АД МЭМАРЫЯЛУ

Начальства загадала будаўнікам пракладваць трубу вадасьцёку ў бок курапацкага мэмарыялу. Валанцёры рыхтуюцца да акцыі пратэсту.

Альгерд Невяроўскі:

Будаўнікі фактычна скончылі пракладку вадасьцёку каля Курапатаў. Раней рабочыя й валанцёры дамовіліся, што дрэнажная сыстэма будзе такой, каб сьцёкавыя воды пайшлі не на тэрыторыю ўрочышча, а ў бок возера Цна. Аднак учора ўвечары сюды прыехала начальства і загадала рабочым пакласьці яшчэ адзін кавалак трубы ў накірунку валанцёрскага лягеру Назіральніца ад грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Мая Кляшторная, якая ў гэты час была ва ўрочышчы, і валанцёры доўга спрачаліся ў гэтай справе з кіраўнікамі будоўлі Аднак чыноўнікі заявілі, што ня будуць пракладваць вадасьцёк у Курапаты толькі ў тым выпадку, калі спадарыня Кляшторная зробіць уласным коштам альтэрнатыўны праект дрэнажнай сыстэмы. Такі падыход будаўнічага начальства вельмі абурыў абаронцаў. Гаворыць валанцёр Алесь Гетман:

— Мы іх з гэтай трубой сюды ня пусьцім. На такім сьвятым месцы нельга рабіць балота.

А вось меркаваньне актывісткі арганізацыі «Маладых сацыял-дэмакратаў» Людмілы Паклонскай:

— Мы не дапусьцім, каб сюды быў вадасьцёк. Бо, як казала ўчора Мая Тодараўна, усю гэтую ваду магчыма пусьціць у каналізацыю. А калі пусьціць ваду па костках, зноў будзе супрацьстаяньне.

Сёньня Мая Кляшторная працягвала перамовы з будаўнічым начальствам. Паводле прэсавага сакратара грамадзкай ініцыятывы Сяргея Сахарава, ёсьць верагоднасьць, што будаўнікі ўсё ж пагодзяцца адвесьці трубу вадасьцёку ад урочышча.

Сёньня ў лягеры начавалі дванаццаць валанцёраў. Яны прызнаюцца, што з-за маразоў начаваць у намёце стала халодна. Валанцёры просяць людзей, у якіх ёсьць непатрэбныя цёплыя рэчы, перадаць іх у лягер. Аднак, нягледзячы на холад i не зусім добрае харчаваньне, пакідаць Курапаты валанцёры не зьбіраюцца. Сёньня яны нарыхтоўвалі дровы для сваёй печкі, а таксама майстравалі новыя крыжы для адмысловай агароджы вакол мэмарыялу.

5 снежня 2001

СЬЛЕДЧЫЯ ШУКАЮЦЬ ВАНДАЛАЎ

Сьледчыя аддзелу міліцыі Менскага раёну распачалі допыты сьведкаў у справе зьнішчэньня ў Курапатах мэмарыяльнага знаку, які ўсталяваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у 1994 годзе і які тры месяцы таму разбурылі невядомыя вандалы.

Альгерд Невяроўскі:

Міліцыянты сёньня прыехалі ва ўправу БНФ і дапыталі некалькіх сяброў гэтай арганізацыі, у тым ліку й лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Сьледчых цікавіла, хто мог учыніць гэтую барбарскую акцыю. А ў гарадзкую міліцыю Менску сёньня выклікалі актывіста Маладога Фронту Сяргея Лісічонка, які пацярпеў ад дзеяньняў міліцыянтаў у Курапатах 8 лістапада (яму разьбілі галаву). Спадар Лісічонак падаў скаргу ў пракуратуру, і сёньня міліцыянты ўгаворвалі яго забраць заяву. Павал Севярынец назваў дзеяньні міліцыі кан’юнктурнымі. На ягоную думку, улады жадаюць зрабіць рэвэранс у бок Амэрыкі і адначасова супакоіць грамадзкую думку пасьля нападу сілавых структураў на лягер абаронцаў.

6 снежня 2001

СЬЛЕДЧЫЯ ДАПЫТВАЛІ АБАРОНЦАЎ

Сьледчыя зь Менскага раённага аддзелу міліцыі працягваюць дапытваць абаронцаў Курапатаў у справе разбурэньня лаўкі Клінтана.

Альгерд Невяроўскі:

Нягледзячы на моцныя маразы, маладзёвая варта ў курапацкім лягеры працягваецца Мінулай ноччу там заставаліся 9 чалавек, але сёньня раніцай у лягеры быў толькі Алесь Гетман. Астатнія разьехаліся па справах. Спадар Гетман і распавёў мне пра ўчорашні вечаровы візыт сьледчых:

— Міліцыянты патрабавалі, каб мы далі ім паказаньні ў справе разбурэньня лаўкі Клінтана. Мы ня ведаем, хто гэта зрабіў, бо яе разбурылі яшчэ ў жніўні, да нашага прыходу ў Курапаты.

Абаронцы пазналі аднаго зь міліцыянтаў. Гэта маёр з Бараўлянаў, які ўвечары 8 лістапада кіраваў захопам валанцёраў і разбурэньнем іхнага намёту. Дарэчы, амэрыканскі мэмарыяльны знак, які быў разьбіты невядомымі вандаламі 13 жніўня сёлета, ня быў канчаткова зьнішчаны і ня зьнік Сябры БНФ адвезьлі яго ў майстэрню вядомага скульптара Алеся Шатэрніка, які ўжо адрэстаўраваў расколатую лаўку. Спадар Шатэрнік зьбіраецца ўсталяваць падарунак амэрыканскага народу на ранейшым месцы ў Курапатах 15 студзеня наступнага году — у восьмую гадавіну наведваньня мэмарыялу Білам Клінтанам Будаўнічых работ на курапацкім участку дарогі сёньня амаль не вялі. Тым часам назіральніца ад грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Мая Кляшторная сёньня працягвала перамовы з чыноўнікамі Камітэту архітэктуры й будаўніцтва Менгарвыканкаму ў справе вадасьцёку, які пракладзены ў бок Курапатаў. Паводле спадарыні Кляшторнай, будаўнічае начальства гатовае зацьвердзіць такі варыянт пракладкі трубы, пры якім сьцёкавыя воды будуць накіраваныя ў бок ад Курапатаў. Але канчатковае рашэньне ў гэтай справе прымуць заўтра.

А ў абаронцаў Курапатаў зьявіліся іншыя праблемы Валанцёры кажуць, што ім бракуе грошай на харчы. Яны заклікаюць людзей і грамадзкія арганізацыі дапамагчы ім.

7 снежня 2001

БУДАЎНІКІ ДАПАМАГАЮЦЬ ВАЛАНЦЁРАМ

Абаронцы мэмарыялу з дапамогай рабочых рыхтуюць пляцоўку для будаўніцтва часовай капліцы, а таксама майструюць новыя крыжы.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў курапацкім лягеры былі дзевяць актывістаў Партыі Свабоды, «Зубра» й Маладога Фронту Ноч прайшла даволі спакойна. Праўда, учора ўвечары ў лягер прыйшлі тры п’яныя будаўнікі зь Віцебску, якія нядаўна прыехалі працаваць на кальцавую дарогу Спачатку яны паводзілі сябе агрэсіўна. Аднак пасьля тлумачальнай гутаркі перапрасілі за свой стан і паводзіны й пакінулі лягер.

Зь іншымі ж рабочымі ў валанцёраў склаліся прыязныя адносіны, і яны нават дапамагаюць абаронцам добраўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Гаворыць Аляксей Капэлян:

— Будаўнікі прывезьлі пясок, каб зрабіць пляцоўку пад капліцу, каб людзі не стаялі на голым сьнезе й няроўнай зямлі. Пазьней, перад абедам вызваліцца бульдозэр, і мы ўсё тут выраўняем і сплянуем. Ну а пасьля, як абяцалі, хлапцы ўкатаюць грунт — каб не хадзіць па гэтым пяску, як па пуху, а каб цьвёрда было нагам стаяць.

Сёньня будаўнікі ўкатвалі дарожны грунт для ўкладкі асфальту.

А ўчора ўвечары курапацкі лягер наведалі два журналісты зь Вялікабрытаніі, якія доўга распытвалі валанцёраў пра іхнае жыцьцё й абарону мэмарыялу Большасьць валанцёраў удзень выяжджае ў Менск, дзе яны наведваюць розныя арганізацыі і ўстановы ў пошуках сродкаў для існаваньня лягеру. Паводле валанцёраў, ранейшае фінансаваньне з боку грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» цяпер спыненае, і яны самі шукаюць грошай на харчаваньне Тым ня менш, сыходзіць з Курапатаў валанцёры не зьбіраюцца На іхную думку, толькі дзякуючы прысутнасьці ва ўрочышчы моладзі будаўнічыя працы вядуцца ахайна і з захаваньнем дамоўленасьцяў паміж уладамі й грамадзкасьцю.

9 снежня 2001

СЬЦЮДЗЁНЫЯ НОЧЫ

Уначы ледзь не згарэў намёт абаронцаў Курапатаў. Маладыя людзі, якія сочаць за працай будаўнікоў, пакутуюць ад моцных маразоў і пацукоў.

Ягор Маёрчык:

Сёньня спынілася рэканструкцыя Менскай кальцавой аўтадарогі. Зранку будаўнікі не змаглі завесьці тэхніку — моцныя начныя маразы ператварылі салярку ў кісель Абаронцы Курапатаў таксама пакутуюць ад холаду. Яны ўсё часьцей прыходзяць у намёт пагрэцца Тут ля вогнішча Сяржук Высоцкі распавядае апошнія навіны з жыцьця валанцёраў:

— Ноч была самая халодная за апошні час. Ледзь не загарэўся намёт. Цярушкі падалі на намёт — дзякуй Богу, заўважылі і затушылі.

Тым часам маладыя людзі працягваюць рабіць крыжы ды ўсталёўваць іх вакол Курапацкага лесу. Гэтая праца нескладаная, але вымагае вялікай сілы. Каб умацаваць крыж, трэба выкапаць ямку з паўмэтра глыбінёй. Але пясок зрабіўся як камень. І абаронцы доўга дзяўбуць глебу рыдлёўкамі, каб паглыбіцца на некалькі сантымэтраў. Нядзеля для абаронцаў — гэта як бацькоўскі дзень у летніку. Прыкладна апоўдні сюды наведваюцца простыя людзі. Звычайна не з пустымі рукамі: найчасьцей яны прыносяць ежу альбо фундуюць сымбалічную суму грошай.

СПАДАРЫНЯ: Купіце сабе што-небудзь. Я той раз была, дык ад сябе пяцёрку дала. І зараз я вам скварачку дам, дзеткі мае дарагія. Як вы тут маецеся?

Абаронцы, напэўна, ня раз узгадваюць добрым словам пэнсіянэрку Веру Дрэвiц:

ДРЭВIЦ: Мы прыходзім кожную нядзелю. Прыносім ежу. А сёньня прынесьлі адзежу — куртку з капюшонам, цёплы швэдар, ваўняныя панчохі, капялюш вязаны — тое, што ім трэба.

— Гэтыя рэчы — вашы ўласныя?

— Уласныя! Мы перагледзелі, што можна сюды прынесьці. Па «Свабодзе» чулі, што трэба ім вопратка, дык мы бягом-бягом сабралі. Трэба дапамагчы. Я ж не галадую, значыць, магу падзяліцца з тымі, хто стаіць на пярэднім пляне.

Штонядзелю ў Курапатах адбываецца традыцыйнае набажэнства. Сьвятар Леанід Акаловіч запрашае ўсіх памаліцца за спакой душаў бязьвінна загінулых ахвяраў сталінскага тэрору.

10 снежня 2001

АПОШНІЯ ЗЬВЕСТКІ З КУРАПАТАЎ

У Курапатах працягваюцца земляныя работы Валанцёры падаравалі будаўнікам кнігу Зянона Пазьняка.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах аднавіліся земляныя работы, якія былі спыненыя ў выходныя з-за моцнага марозу. Спачатку геадэзісты рабілі замеры на дарозе. Гаворыць Зьміцер Кірылаў з Магілёўскага дарожна-будаўнічага трэсту:

— Сёньня мы зрабілі разьбіўку зямельнага ўчастку. Зараз прыедзе прадстаўнік тэхнагляду й будзе прымаць працу. Пасьля гэтага мы будзем насыпаць слой пяску таўшчынёй 45 сантымэтраў.

За будаўнічымі працамі ўвесь час назіраюць валанцёры Мінулай ноччу ў лягеры было дзесяць чалавек, удзень крыху менш – адны пайшлі на вучобу, другія – на працу Апошнім часам у валанцёраў склаліся прыязныя дачыненьні з будаўнікамі. Прыкладам, на кабіне аднаго бульдозэра я заўважыла эмблему Беларускай Партыі Свабоды Распавядае Алесь Гетман:

— Мы паведамляем, чым ёсьць на самой справе Курапаты. Да будаўнікоў не даведзена, што тут пахаваньні. Ім кажуць, што тут нейкі падкоп апазыцыі. Мы падыходзім да іх, даводзім, падаравалі ім кнігу пра Курапаты Зянона Пазьняка.

Сёньня я засьпела ў лягеры валанцёраў спадара Ўладзімера з-пад Ракава. Ён штодзень слухае Радыё Свабода й пільна сочыць за падзеямі ў Курапатах, але трапіў сюды ўпершыню. Спадар Уладзімер пачаставаў абаронцаў мёдам з уласнай пасекі.

УЛАДЗІМЕР: Вырашыў прыехаць, пазнаёміцца з гэтымі мужнымі людзьмі, барацьбітамі за лёс Беларусі й выказаць ім сваю падзяку. Гэты мёд з майго падвор’я, я займаюся пчалярствам. Я – пэнсіянэр. Жыў бы ў Менску, калі б не было гаспадаркі, і канечне, быў бы тут, і быў бы да апошняга моманту.

А вось пэнсіянэрка спадарыня Алена ходзіць у Курапаты цяпер амаль штодня. Сёньня яна прынесла валанцёрам некалькі кіляграмаў кілбасы, яблыкі ды хлеб.

АЛЕНА: Я кожны дзень слухаю Радыё Свабода, і плачу кожны дзень... Мне шкада гэтых дзетак. Нам, старым, ужо засталося нямнога жыць, а вось гэтыя дзеткі... Я проста хварэю за іх будучыню. Як не прыйсьці сюды, вось што магла, тое й прынесла. Яшчэ сваю футру цёплую хачу аддаць гэтай дзяўчынцы.

На сёньня ж прызначанае й чарговае паседжаньне аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Паводле прэсавага сакратара ініцыятывы Сяргея Сахарава, сёньня будзе ўтвораны выканаўчы камітэт, які зоймецца мэмарыялізацыяй Курапатаў. У яго ўвойдуць сябры камісіяў, адказныя за грамадзкае назіраньне, юрыдычнае забесьпячэньне, працу зь дзяржструктурамі, прэсай і міжнароднымі арганізацыямі. Будуць абмяркоўвацца й спрэчныя пытаньні.

САХАРАЎ: У першую чаргу пра тое, якім чынам усё ж мусяць будавацца ўзаемаадносіны прадстаўнікоў ініцыятывы з прадстаўнікамі арганізацыяў, якія непасрэдна знаходзяцца ў Курапатах – сябрамі Беларускай Партыі Свабоды й Маладога Фронту. Валанцёры былі запрошаныя сёньня, і варта нагадаць, што прадстаўнікі БПС зьяўляюцца таксама сябрамі некалькіх падкамісіяў – па мэмарыялізацыі й па грамадзкім назіраньні.

11 снежня 2001

У КУРАПАТАХ ПАБОЛЕЛА МІЛІЦЫЯНТАЎ

Магчыма, неўзабаве пачнецца высечка дрэваў на пачатку ляснога масiву Валанцёры кажуць, што апошнім месяцам Курапаты не наведаў амаль ніхто з апазыцыйных палітыкаў. Ганна Соусь:

Гаворыць Аляксей Капэлян:

— Раніцай а 9-й гадзіне прыехала машына з амонаўцамі. Я адразу не зразумеў. Думаю, чаго іх нагналі сюды. Яны пастаялі тут, потым далей ад’ехалі й цяпер там стаяць.

Нядаўна Аляксей даведаўся ад будаўнікоў, што два тыдні таму ў іх зьмянілася кіраўніцтва, а дакладней, прызначаны новы адказны за рэканструкцыю ўчастку кальцавой дарогі ад Лагойскага тракту да вёскі Цна. Але валанцёры бачылі яго ля Курапатаў толькі аднойчы. Да таго ж, паводле Аляксея, новы кіраўнік адмовіўся ад размовы з абаронцамі.

Нядаўна высьветлілася і яшчэ адна акалічнасьць. Некаторыя будаўнікі кажуць, што, магчыма, ім давядзецца высекчы дрэвы ў самым пачатку ляснога масiву дзеля будаўніцтва падземнага пераходу і аўтобуснага прыпынку, бо цяпер тут не хапае месца для развароту тэхнікі. Паводле валанцёраў, звычайна раніца ў Курапатах пачынаецца са слуханьня Радыё Свабода, а ўдзень ідзе агляд незалежнага друку. Валанцёры сочаць за тым, што пішуць газэты пра Курапаты, але апошнім часам такая інфармацыя зьяўляецца ўсё радзей.

Я засьпела ў лягеры Сержука Высоцкага. Ён узгадаў учорашняе паседжаньне грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў», на якім адбылася спрэчка паміж актывістамі ініцыятывы й валанцёрамі. Распавядае Алесь Гетман, які браў удзел у паседжаньні:

— Нас пачалі абражаць, нібыта моладзь толькі кажа, а нічога ня робіць. Вы ведаеце, што насамрэч моладзь робіць, а ня кажа. Адзіны чалавек з гэтай ініцыятывы, зь якім мы будзем размаўляць — гэта Мая Тодараўна. Алесь Гетман меў на ўвазе сташыню Мартыралёгу Беларусі Маю Кляшторную. Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Калі мы вырашым, што не патрабуецца тут нашая варта круглыя суткі, дык гэтае рашэньне прымем толькі мы, а ніхто з гэтак званых цэнтрысцкіх палітыкаў. Фактычна за апошні месяц тут ня быў ні адзін зь беларускіх апазыцыянэраў. Натуральна, акрамя так званых «праклятых нацыяналістаў».

Кажа Люда Паклонская з арганізацыі «Маладых сацыял-дэмакратаў»:

— Амэрыканцам, немцам патрэбна, а беларусам?.. Шараговыя грамадзяне, канечне, прыходзяць. Прыходзяць цудоўныя жанчыны з БНФ. Але ж галоўныя палітыкі – не... Яны ўжо зарабілі свае ганарары.

Гаворачы са мной, Люда трымае ў руках нататнік — у ім яна робіць графічныя мініятуры пра Курапаты — вось вайсковы намёт, у якім жывуць валанцёры, лес, асобныя дрэвы, сонца над Курапатамі. Люда мяркуе, што калі-небудзь гэтыя мініятуры могуць стаць пэўнай ілюстрацыяй таго, як беларуская моладзь змагалася за мэмарыял.

12 снежня 2001

ВАЛАНЦЁРЫ НЯ ВЕДАЛІ, ШТО ІХ УЗНАГАРОДЗІЛІ

Абаронцы трымаюцца адмысловых правілаў: у Курапатах забаронена лаяцца, паліць там, дзе ёсьць пахаваньні, і даводзіць размовы да сур’ёзных спрэчак.

Ганна Соусь:

Пра тое, што абаронцы сталі ляўрэатамі прэміі «Хартыі-97» за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасьць», яны сёньня даведаліся ад мяне Іх крыху зьдзівіла, што ніхто не прыйшоў да іх і не паведаміў пра гэта.

Сёньня ў Курапатах марозна, але тэхніка працавала няспынна. Будаўнікі бралі пробы грунту, каб потым будаваць падпорную сьцяну. За гэтым назіраў старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Алег Іоў. Ён кажа, што трэба вельмі пільна сачыць за тым, як будзе будавацца сьцяна й пракладвацца вадавод уздоўж дарогі. Але гэтыя працы адклалі да вясны.

На вуліцы 15 градусаў марозу, але ў вайсковым намёце з «буржуйкай» цёпла. Распавядае сябар руху «Зубар» Глеб Вязоўскі:

— Ноч прайшла добра, было цёпла, некаторыя ў майках спалі. Дровы нарыхтавалі, поўны дзень учора пілавалі. Уначы было шасьцёра чалавек — з Маладога Фронту, «Зубра» і Беларускай Партыі Свабоды.

Глеб Вязоўскі вартуе Курапаты два месяцы і тыдзень. Ён узгадвае, як у 1988 годзе бацька прыводзіў яго, яшчэ маленькага, у гэтае месца. Бацькі Глеба вітаюць, што ён абараняе Курапаты, часам прыносяць валанцёрам харчы, і адзінае, пра што просяць — каб сын штодня тэлефанаваў дадому. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць: верагодна, што ў Курапатах быў расстраляны прадзед Глеба — Іван Бандарчук.

ГЛЕБ: Ён жыў тут недалёка ў Менску. Як распавядала прабабка маёй маці, прыехаў «варанок» і забраў яго — хутчэй за ўсё, сюды. Гэта быў саракавы год, дзесьці так. Я асабіста паставіў тут тры крыжы па ім. Калі было яшчэ больш-менш цёпла, дык і сьвечку пад гэтымі крыжамі трымаў, усю ноч хадзіў.

Сёньня Глеб Вязоўскі быў старшы ў лягеры. У абаронцаў ёсьць шэраг правілаў, якія яны строга выконваюць. Прыкладам, нельга ўжываць расейскі мат ды прыходзiць у лягер нецьвярозым. Забаронена прапаноўваць непаўнагадовым дзяўчатам цыгарэты, пачынаць размовы, якія прывядуць да сур’ёзнай спрэчкі, нельга ўжываць абразьлівыя выразы Яшчэ адно курапацкае правіла — нельга паліць у тых месцах, дзе ёсьць пахаваньні. Парушэньне правілаў караецца папярэджаньнем, працоўным заданьнем альбо адцісканьнямі (да 50 разоў). А калі я запыталася, ці існуе ў валанцёраў правіла «размаўляць толькі па-беларуску», мне адказалі, што такое пытаньне амаль не ўзьнікае — усе і так карыстаюцца беларускай мовай. Адметна, што многія расейскамоўныя юнакі пачалі менавіта тут гаварыць і пісаць па-беларуску.

13 снежня 2001

ВАЛАНЦЁРЫ ЗАПРАШАЮЦЬ НА НАБАЖЭНСТВЫ

І просяць дапамагчы набыць яшчэ адзін намёт для часовай капліцы.

Ганна Соусь:

У Курапатах сёньня было так халодна, што калі я брала інтэрвію ў будаўнікоў, не спрацаваў дыктафон. Аднак, нягледзячы на маразы, мінулай ноччу ў Курапатах дзяжурылі сямёра абаронцаў. Уначы чарговы раз ад іскраў з «буржуйкі» загарэўся дах намёту. Полымя загасілі, але засталася дзірка, якую давялося закрыць бляхай. Раніцай валанцёры пілавалі дровы, потым гатавалі ежу. Аляксей Капэлян, які вартуе Курапаты каля двух месяцаў, сёньня быў адказным за харчаваньне. Аляксей — дыякан Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы й бярэ ўдзел ва ўсіх набажэнствах у Курапатах. Ягоны шлях да Бога распачаўся ў 1998 годзе ў Жыровіцкім манастыры.

АЛЯКСЕЙ: Будаваў у Курапатах капліцу. Аднойчы ўбачыў тут валанцёраў. Паразмаўляў зь імі. Так тут і застаўся. І гэта прывяло мяне да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

У Аляксея прыязныя дачыненьні з будаўнікамі й амонаўцамі. Валанцёры жартуюць, што Аляксей займаецца ў Курапатах місіянэрскай справай. Штонядзелю а першай гадзіне ў Курапатах адбываецца набажэнства. Аляксей заклікае ўсіх прыходзіць на іх:

— Служыцца малебен і тры-чатыры экцініі, Малітва за Беларусь, за беларускі народ і беларускіх пакутнікаў у Курапатах. Мы хочам тут паставіць намёт. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей, хто хоча дапамагчы, хаця б часова ўзяць у арэнду нейкі намёт, у якім будуць праходзіць набажэнствы.

Калі я сыходзіла з Курапатаў, Капэлян размаўляў з бульдазэрыстам На кабіне машыны была налепка з эмблемай Беларускай Партыі Свабоды.

13 снежня 2001

ПРАКУРАТУРА ПАЦЬВЕРДЗІЛА, ШТО Ў КУРАПАТАХ ЛЯЖАЦЬ АХВЯРЫ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ

Такі быў адказ на запыт актывістаў ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты».

Ягор Маёрчык:

«Як першапачатковымі, так і дадатковымі расьсьледаваньнямі выяўлена, што ў 1937–1940-х гадах органамі НКВД зь месцаў заключэньня вывозіліся ва ўрочышча Курапаты людзі і там расстрэльваліся», — гэтымі словамі начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем законаў у войсках і на транспарце, старшы дарадца юстыцыі спадар Доўбыш адкiнуў іншыя вэрсіі адносна таго, чые парэшткі ляжаць у Курапатах.

Разам з гэтым ён адмовіўся абнародаваць вынікі апошняга расьсьледаваньня, якія дагэтуль засакрэчаныя. Дзяржаўны чыноўнік тлумачыць гэта тым, што розныя сілы могуць «шырока выкарыстаць» гэтую інфармацыю ў палітычнай барацьбе.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Валянціны Вяргей.

ВЯРГЕЙ: На будаўніцтва гэта не паўплывае. Адзінае, на што можа паўплываць, — гэта на агульную грамадзкую сытуацыю. Ня думаю, што цяпер зноў будуць падымацца пытаньні пра «нямецкі сьлед».

Як паведамілі актывісты ўратаваньня мэмарыялу, яны зьбіраюцца дамагацца выкананьня пастановы Савету Міністраў пра ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскага тэрору ў Курапатах. Такая пастанова была прынятая ў 1989 годзе.

14 снежня 2001

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ ГАЛАСУЕ СУПРАЦЬ МЭМАРЫЯЛУ

Дэпутаты адмовіліся ўключыць у расходную частку бюджэту краіны на 2002 год будаўніцтва мэмарыялу ахвярам сталінскага рэжыму ў Курапатах.

Уладзімер Глод:

З 81 дэпутата толькі 15 выказаліся «за». Астатнія галасавалі супраць, альбо ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. Старшыня Камісіі ў справах бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Сяргей Кісялёў паведаміў, што камісія не падтрымлівае прапанову дэпутата Ўладзімера Навасяда, паколькі праект помніка ў Курапатах ня значыцца ў адмысловым сьпісе пажаданых аб’ектаў манумэнтальнай скульптуры. А сьпікер Вадзім Папоў дадаў, што ўвогуле будаваць помнік у Курапатах, можа, і трэба, але «не за бюджэтныя грошыкі».

Сутыкненьне абаронцаў зь міліцыяй.

Арышты абаронцаў.

14 снежня 2001

ВАЛАНЦЁРЫ АДМОВІЛІСЯ АД ПРЭМІІ «ХАРТЫІ-97»

Яны мяркуюць, што яшчэ ёсьць час, каб угаварыць будаўнікоў перанесьці падземны пераход у іншае месца, далей ад Курапатаў.

Ганна Соусь:

Сёньня ля Курапатаў будаўнічых работаў не вялі. Тэхніка працавала на ўчастку ля мікрараёну. Валанцёры мяркуюць, што цяпер трэба дамагацца, каб падземны пераход, які заплянавалі пабудаваць ля Курапатаў, перанесьлі ў іншае месца. Гаворыць Аляксей Капэлян:

— Пакуль яны яшчэ нічога не пачалі, трэба ісьці да іх і размаўляць. Хай яны пераносяць гэты падземны пераход. Яны хочуць валіць лес. Але гэтага ня будзе. Мы не дамо зваліць ніводнага дрэва ды куста.

Аляксей зьбіраецца ў панядзелак пайсьці да будаўнікоў зь Віцебску, якія мусяць будаваць пераход. У лягеры крыху паменела валанцёраў. Уначы тут былi толькі чатыры сябры Партыі Свабоды. Паводле аднаго з кіраўнікоў партыі Зьмітра Захарэвіча, гэта зьвязана з маразамі, а таксама з тым, што ў многіх валанцёраў-студэнтаў пачалася сэсія. Зьміцер таксама паведаміў Радыё Свабода, што сябры БПС вырашылі адмовіцца ад прэміі «Хартыі-97».

ЗЬМІЦЕР: Мы адмаўляемся ад гэтай прэміі, таму што «Хартыя-97» робіць усё, каб здыскрэдытаваць нашу арганізацыю. Яна ў свой час спрабавала падвесьці арганізацыю да расколу, у выніку чаго частка сяброў БПС пакінула партыю. Менавіта яны надрукавалі правакацыйны часопіс «Нацыя». Гэта было зроблена ў друкарні газэты «Рабочы». Там пад шыльдай БПС выкладаюцца цалкам расісцкія, нацысцкія ідэі.

Зьміцер часта прыходзіць у Курапаты з гітарай і сьпявае валанцёрам свае песьні. Сёньня ён чытаў свае вершы. Будаўніку Андрэю з Магілёва, зь якім я сёньня пазнаёмілася, 22 гады. Андрэй дзесяць дзён працаваў на будаўніцтве дарогі каля Курапатаў. Сёньня ён ад’яжджае дадому.

АНДРЭЙ: Можа, толькі летам прыеду сюды зноў — асфальт класьці. Працы няма ў Магілёве, толькі Менск і ратуе.

— А Вашы кіраўнікі распавядалі Вам штосьці пра Курапаты?

— Што Вы, навошта ім гэта? Накіравалі ды ўсё — працуйце. Ім гэтае месца, ведаеце...

— А Вам?

— Мне? Мне і так, і гэтак...

Раней Андрэй дапамагаў валанцёрам рыхтаваць пляцоўку пад намёт для набажэнстваў. Але на пагорку — там, дзе знаходзіцца большая частка пахаваньняў, ён дагэтуль ня быў.

Сёньня я бачыла, як раніцай з Курапацкага пагорку зьяжджалі лыжнікі.

15 снежня 2001

«ХАРТЫЯ-97» ПАЧУВАЕЦЦА АБРАЖАНАЙ

Каардынатар гэтай грамадзкай арганізацыі Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што словы аднаго з актывістаў БПС, якія прагучалі ўчора ў этэры Радыё Свабода ў дачыненьні да «Хартыі-97» — абраза.

Ганна Соусь:

Рэканструкцыя кальцавой дарогі каля Курапатаў сёньня не вялася, будаўнікі былі занятыя на іншым участку, побач з аўтобуснай станцыяй «Зялёны Луг» Валанцёраў у лягеры было няшмат, большасьць зь іх прысутнічалі на зьезьдзе БНФ.

Але ж у Курапаты, як і звычайна ў выходныя, прыходзілі людзі. Прыкладам, спадар Мікола, які жыве недалёка, прыйшоў ва ўрочышча на лыжах. Ён прынес валанцёрам крыху грошай на харчы. Спадар Мікола мае невялічкі ўласны бізнэс і мяркуе, што дапамагчы абаронцам — ягоны грамадзянскі абавязак.

МІКОЛА: Для мяне гэтае месца, як і для любога беларуса, многае значыць. Бо ў нашай краіне яшчэ захаваліся тыя ж захады, як і ў тыя гады, калі тут расстрэльвалі людзей. Я вельмі ўдзячны гэтым маладым людзям, якія тут падстаўляюць свае плечы й галовы пад удары і ахоўваюць нашу памяць.

Спадар Яўген таксама жыве недалёка ад гэтага месца і бывае ў Курапатах амаль штодзень.

ЯЎГЕН: Памятаю, як прачытаў калісьці артыкул пра Курапаты. Я тут некалі езьдзіў у Дроздава па малако, і ўвесь час было не па сабе, калі вяртаўся позна на ровары. Ніяк ня мог усьвядоміць, як гэта магло адбывацца... Мяне нешта цягне сюды, нешта трывожна за гэтых хлопцаў.

Нагадаю, што ўчора адзін зь сяброў Беларускай Партыі Свабоды заявіў у этэры нашага радыё пра тое, што сябры партыі адмаўляюцца ад прэміі «Хартыі-97», якой гэтая арганізацыя ўзнагародзіла абаронцаў у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Паводле кіраўніка БПС Сержука Высоцкага, гэтае рашэньне прынялі актывісты партыі, якія вартуюць мэмарыял.

ВЫСОЦКІ: Арганізацыя «Хартыя», з нашага пункту гледжаньня, неаднаразова скампрамэтавала сябе антынацыянальнай дзейнасьцю, дзейнасьцю супраць БПС, супраць Маладога Фронту.

А вось меркаваньне каардынатара «Хартыі-97» Зьмітра Бандарэнкі:

— Я ня буду камэнтаваць выказваньняў БПС, таму што ня вельмі паважаю гэтую арганізацыю. Я вельмі паважаю Радыё Свабода, беларускую службу. І для мяне менавіта гэтыя словы, якія прагучалі ў этэры вашай радыёстанцыі, зьяўляюцца абразай. І таму было б важна, каб радыёстанцыя проста папрасіла прабачэньня.

Зьміцер Бандарэнка лічыць сябе асабіста ахвярай расейскага нацызму:

— І ад нямецкага нацызму абодва мае дзяды загінулі, і бацька ў партызанах быў, і маці галадала ў акупацыі. Таму я лічу гэта абразай.

17 снежня 2001

АПОШНІЯ ЗЬВЕСТКІ З КУРАПАТАЎ

Мы працягваем расповед пра людзей, якія цягам ужо амаль трох месяцаў удзень і ўначы дзяжураць ва ўрочышчы.

Ганна Соусь:

Сёньня самазвалы насыпалі пясок, каб падвысіць узровень дарогі. Геадэзісты рабілі замеры. За працай будаўнікоў увесь час назіраюць абаронцы.

Мінулай ноччу ў Курапатах начавалі толькі тры чалавекі. Адзін зь іх — 19-гадовы Юрась Фабішэўскі. Я засьпела яго за навучаньнем, хлопец чытаў падручнік гісталёгіі. Юрась вучыцца ў 1-й менскай мэдычнай вучэльні, апошнім часам яму даводзіцца рыхтавацца да заняткаў у Курапатах.

ЮРАСЬ: Выкладчыкі разумеюць мяне. Кажуць, што мы тут добрую справу робім, але ж трэба вучыцца...

У Юрася ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпеў дзед — Вацлаў Фабішэўскі. Яго арыштавалі пасьля другой усясьветнай вайны.

ЮРАСЬ: Дзесяць гадоў ён быў у лягерах, згубіў там сваё здароўе і, калі прыехаў сюды, хутка памёр. Ён — з Гарадзенскай вобласьці, селянін. Кажуць, што ён быў у нейкай, як тады называлі, бандзе. Як мне распавядаў бацька, дзед ня вельмі добра ставіўся да савецкай улады й тады, калі вярнуўся зь лягеру. Мне яшчэ бабуля казала, што ён сапраўды ўдзельнічаў у нейкіх акцыях супраць савецкай улады.

Юрась Фабішэўскі, як і ягоны дзед, таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў — сёлета, у Курапатах. Яго затрымлівалі двойчы — 8 і 9 лістапада. Першы раз суд пакараў Юрася штрафам на 6 мінімальных заробкаў, цяпер ён чакае другога суду — за другое затрыманьне. Юрась узгадвае, як празь некалькі тыдняў пасьля падзеяў 8 лістапада амонаўцы, якія яго схапілі, наведаліся ў лягер валанцёраў:

— Прыходзілі сюды паразмаўляць, даведацца, як справы, чым мы тут займаемся. Усё вельмі цікавяцца, колькі нам тут грошай плацяць. Нам тут нічога ня плацяць.

Калі я сыходзіла з Курапатаў, Юрась разам са мной ішоўда аўтобуснага прыпынку — сустрэць дзяўчыну, якая едзе ў Курапаты пасьля заняткаў. Гэта стала ўжо пэўным правілам — хлопцы сустракаюць і праводзяць дзяўчат, якія бяруць удзел у вартаваньні мэмарыялу.

18 снежня 2001

АБАРОНЦЫ ЎЦЯПЛЯЮЦЬ СВОЙ НАМЁТ

У гэтым ім дапамагаюць будаўнікі.

Ганна Соусь:

Калі я раніцай прыйшла ў лягер, валанцёры пілавалі дрэвы. Колькі дроваў патрэбна штодзень? Пра гэта распавялі Дзяніс Більдзюк і Васіль Парфянкоў.

ДЗЯНІС: Вышынёй дзесьці па пояс, даўжынёй – мэтры два...

ВАСІЛЬ: Гэта на дзень. І на ноч столькі ж патрэбна.

— А дзе цяпер дровы бярэце?

ВАСІЛЬ: На гэтым баку сухастой...

ДЗЯНІС: Мы ня валім нічога, зьбіраем зь зямлі. Ачышчаем лес...

Дзяніс і Васіль ужо ня першы дзень і нават ня першы месяц вартуюць Курапаты. 18-гадовы Васіль прыйшоў сюды 9 лістапада. За дзень да таго ён пабачыў у тэлевізіі, як амонаўцы разганялі абаронцаў. Адразу хацеў бегчы на дапамогу, але бацькі не дазволілі. Прыйшоў у Курапаты толькі раніцай, тады ж яго й затрымалі амонаўцы. За абарону ўрочышча судзьдзя пакараў Васіля штрафам — 20 мінімальных заробкаў. Працуе Васіль у сёмым аўтобусным парку сьлесарам.

ВАСІЛЬ: З ночы сюды. Адсюль – у ноч, на працу. Вось так і жывем.

— А калі сьпіце?

— Сплю ўдзень.

Нядаўна Васілю на працу прыйшла «папера» зь міліцыі.

ВАСІЛЬ: Начальнік мяне таксама падтрымлівае, але ён кажа: «Я нічога не магу зрабіць, трэба прымаць меры». За падзеі 9 лістапада прэмію зь мяне зьнялі.

— Ці вялікая прэмія?

ВАСІЛЬ: Можа, тысячаў пяцьдзясят.

Васіль яшчэ ў школьныя гады пачаў браць удзел у масавых акцыях. Узгадвае, як разам з бацькам хадзіў на «Марш Свабоды-1», як штогод на Дзяды ішоў у Курапаты. Другі мой суразмоўца Дзяніс у свае 19 гадоў ужо мае досьвед палітычных рэпрэсіяў Пасьля «Маршу Свабоды-1» яго выключылі з унівэрсытэту. У Курапатах Дзяніс амаль зь першага дня, калі пачалося дзяжурства.

ДЗЯНІС: Калі я лічу сябе беларусам, то трэба бараніць Беларусь.

На мае пытаньне, чаго ён баіцца, Дзяніс адказаў наступным чынам:

— Больш за ўсё я баюся спалохацца. Я імкнуся нічога не баяцца. Канечне, Бога трэба баяцца.

Дарэчы, паводле Дзяніса, гэтая жыцьцёвая формула й адрозьнівае валанцёраў ад тых людзей, што назіраюць за падзеямі ў Курапатах збоку.

Сёньня ў лягер прывезьлі ўцяпляльныя шчыты з адной менскай вайсковай часткі. Дапамаглі валанцёрам у гэтым будаўнікі. Распавядае Аляксей Капэлян:

— Машына – будаўнікоў. Я дамовіўся пра яе з галоўным інжынэрам, паехаў на вайсковыя склады й забраў. Раней гэта былі зборныя шчытавыя домікі. Цяпер яны пойдуць на ўцяпленьне намёту.

А вось што кажа кіроўца машыны, 25-гадовы будаўнік з Магілёва Андрэй:

— Папрасілі – мы й прывезьлі. Мы сябруем зь імі, добрыя хлопцы.

Што да рэканструкцыі кальцавой, дык сёньня ля Курапатаў працягваліся земляныя работы. Геадэзісты кажуць, што ўзровень дарогі ля ўрочышча трэба будзе падвысіць прыкладна на адзін мэтар.

19 снежня 2001

ВАЛАНЦЁРАМ НЕ ХАПАЕ ДРОВАЎ

Сёньня раніцай я засьпела ў лягеры толькі аднаго валанцёра — Аляксея Капэляна. А начавалі тут чатыры чалавекі.

Ганна Соусь:

Капэлян спрабаваў распаліць «буржуйку» пры дапамозе саляркі, бо дровы былі сырыя. Аляксей кажа, што з ацяпленьнем намёту могуць быць праблемы.

АЛЯКСЕЙ: Будаўнікі нарэзалі нам дроваў, але ж яны сырыя, будуць шыпець, кіпець, а цяпла ня будзе. Нам на суткі патрэбны адзін кубамэтар. Трэба ісьці шукаць сухастой, але ж і яго застаецца ўсё меней. Ужо і так эканомім гэтыя дровы. Сёньня ўначы тры разы тушылі «буржуйку» дзеля эканоміі.

Увесь час валанцёраў пільнуе міліцыя. Адна машына з абласным АМОНам стаіць непадалёк ад ляснога масiву, а другая, з гарадзкім — з боку мікрараёну. Звычайна раніцай амонаўцы заходзяць у намёт, каб пералічыць валанцёраў. Апошнім часам Аляксей заўважыў пэўныя перамены ў міліцэйскім дзяжурстве.

АЛЯКСЕЙ: Ужо тыдзень, як гарадзкія стаяць без машыны. Прывозяць двух чалавек, выкідваюць — і мерзьніце поўны дзень. Яны й лазяць вакол Курапатаў.

— А да вас не заходзяць пагрэцца?

— Абласныя хай заходзяць, а гарадзкім сюды дарога закрытая.

— А чым абласныя лепшыя за гарадзкіх?

— Абласныя душой і сэрцам з намі. Але ж ёсьць загад, і яны нічога зрабіць ня могуць. Яны разумеюць, што гэта трэба ня толькі нам адным, а гэта патрэбна многім — нават і ім, так яны кажуць.

Паводле Аляксея, розьніца паміж гарадзкімі й абласнымі амонаўцамі была бачная яшчэ 8 і 9 лістапада, у часе затрыманьняў.

АЛЯКСЕЙ: У асноўным затрымлівалі гарадзкія. Абласныя затрымалі двух ці трох чалавек. Ёсьць у іх такі начальнік Папоў, ён аддаваў некалькі загадаў, ён крычаў на іх і ледзь насільна ня гнаў, толькі тады яны пайшлі. І не зьбівалі так, як зьбівалі гарадзкія.

Размаўляючы з Аляксеем, я заўважаю, што полымя ў «буржуйцы» амаль гасьне — сырыя дровы ня хочуць гарэць. >Аляксей спадзяецца, што неўзабаве нехта прыйдзе, тады >яны разам пойдуць у лес па сухія дровы.

20 снежня 2001

АПОШНІЯ ЗЬВЕСТКІ З КУРАПАТАЎ

Нягледзячы на тое, што абаронцам не стае харчаваньня і дроваў, яны ўладкоўваюць свой лягер і рыхтуюцца адзначыць тры месяцы абароны мэмарыялу.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску стаяў марозны дзень. Будаўнікі рэканструявалі іншыя ўчасткі кальцавой дарогі і не набліжаліся да Курапатаў. Тым часам раніцай у лягеры знаходзіліся тры валанцёры — Аляксей Капэлян, Дзяніс Більдзюк і Васіль Парфянкоў Ноччу валанцёраў было ўдвая больш. Пра сёньняшнія пляны распавядае валанцёр Аляксей:

— Будзем рамантаваць шчыты, каб уцепліць намёт. Што застанецца — пойдзе на капліцу. На нашым участку работы не вядуцца.

Валанцёры гавораць, што ім не стае харчаваньня і дроваў. У навакольным лесе ўжо няма дрэваў, якія б можна было выкарыстоўваць на дровы. Пакуль абаронцы мэмарыялу паляць старыя запасы дрэва, а таксама салярку, якую ім даюць будаўнікі. Людзі часам прыносяць ім ежу, але гэтага недастаткова.

Пры тым частка валанцёраў адмаўляецца браць грошы з прэміі, якую ўручыла абаронцам Курапатаў «Хартыя-97». А яшчэ ў некаторых абаронцаў зьяўляюцца нечаканыя фінансавыя выдаткі. Так, учора міліцыянты затрымалі каля ўласнага дому Васіля Парфянкова Суд пакараў яго штрафам 200 тысяч рублёў за тое, што ён 9 лістапада перашкаджаў руху будаўнічай тэхнікі ў бок Курапатаў Міліцыянты адвезьлі Васіля ў банк і прымусілі аплаціць гэты штраф Нягледзячы на складанасьці, валанцёры вырашылі арганізаваць 24 сьнежня сустрэчу сяброў з нагоды іхнага 3-месячнага знаходжаньня ва ўрочышчы. Кажа Аляксей Капэлян:

— Я запрашаю ўсіх прыходзіць сюды 24 сьнежня а 12-й гадзіне. Людзі прыйдуць, нам будзе весялей.

21 снежня 2001

ВАРТА Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Будаўнікі сёньня вазілі з кар’еру пясок — падвышалі ўзровень дарогі А валанцёры працягваюць вартаваць Курапаты.

Ганна Соусь:

Распавядае Аляксей Капэлян:

— Вечар і ноч прайшлі добра. Нарыхтоўвалі дровы — прыносілі зь лесу, а потым пілавалі й калолі іх. Начавалі ў намёце восем чалавек — два «зубры», астатнія — зь Беларускай Партыі Свабоды.

Аляксей частуе мяне мёдам. Надоечы нехта падараваў валанцёрам некалькі літраў. Мёд у лягеры цяпер вельмі патрэбны. У Курапатах марозна, і актывісты часта хварэюць.

У намёце абаронцаў прыбрана — цёплыя коўдры акуратна складзеныя, на самаробным стале замест ручніка ўлёткі, посуд чыста вымыты (па ваду валанцёры ходзяць на аўтастанцыю альбо да знаёмых жыхароў мікрараёну). Ля «буржуйкі» сушацца сырыя дровы Цімох Атрошчанкаў вартуе Курапаты ўжо больш за два месяцы, амаль зь першых дзён. Цімох вучыцца ў адным зь менскіх эканамічных інстытутаў.

ЦІМОХ: Тут амаль усе мае канспэкты. І я з вучобы адразу сюды — раблю тут свае хатнія заданьні. І зранку — а 8-й — адразу на вучобу.

Заўтра Цімоху спаўняецца 18 гадоў. «Нарэшце мяне змогуць пасадзіць на «суткі», — жартуе хлопец. Цімох згадвае, як больш за два гады таму ён вырашыў размаўляць толькі па-беларуску.

ЦІМОХ: Гэта было 21 ліпеня 1999 году, калі я ўпершыню трапіў на апазыцыйны мітынг, што быў прысьвечаны заканчэньню тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Увосень таго году я прыняў рашэньне размаўляць толькі па-беларуску, за што шмат пацярпеў. І ў школцы, і ад сяброў — шмат хто не разумеў, называў мяне калгасьнікам. Але я зь дзяцінства хадзіў зь бел-чырвона-белым значкам. Мне проста падабаліся гэтыя колеры, а вось палітычнае жыцьцё пачалося менавіта тады.

Апошні раз Цімоха затрымлівалі за распаўсюд улётак у часе перадвыбарчай кампаніі. А найбольш пацярпеў ён на футбольным матчы паміж Украінай і Беларусяй — тады яго моцна зьбілі амонаўцы. Пасьля гэтага ў Цімоха часта баляць ныркі, асабліва гэта адчуваецца ў Курапатах, калі халодна.

Цімох згадаў, як правёў у Курапатах чатыры з паловай тыдні запар. Яго бацькі прыходзілі ў лягер і спрабавалі забраць сына дахаты, але беспасьпяхова. На маё пытаньне, што ў Курапатах для яго найбольш складана, Цімох адказаў наступным чынам:

— Па-першае, псыхалягічна тут вельмі цяжка, бо кожны дзень адчуваеш, што знаходзісься на чалавечых костках. Зараз ужо да гэтага прызвычаіўся паціху, але спачатку было вельмі цяжка. Асабліва, калі засынаў — у сьне прыходзілі людзі, прасілі, каб я іх не расстрэльваў... А па-другое, канечне, халодна. Зіма ўсё ж такі.

Цімох разьвітваецца са мной і сьпяшаецца на заняткі, сёньня ў яго інфарматыка, а заўтра — залік па філязофіі.

22 снежня 2001

АБАРОНА КУРАПАТАЎ ЗАСТАНЕЦЦА Ў ГІСТОРЫІ

Валанцёры мяркуюць, што іхная акцыя ўвойдзе ў падручнікі гісторыі Беларусі.

Ганна Соусь:

У Курапатах усё занесена сьнегам. Нягледзячы на гэткае надвор’е, ля аўтобуснай станцыі «Зялёны Луг-6» сёньня працавала будаўнічая тэхніка. Спачатку будаўнікі чысьцілі дарогу ад сьнегу, а потым засыпалі пяском. Ля ўрочышча рэканструкцыя дарогі сёньня не вялася. У лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра. Уначы тут былі чатыры чалавекі, але раніцай яны сышлі — на працу ды на вучобу, бо сёньня ў Беларусі працоўны дзень.

Мой суразмоўца — 20-гадовы валанцёр Цімох. Я засьпела яго за распальваньнем «буржуйкі». Дровы ўсе сырыя, і каб ацяпліць намёт, даводзіцца ўвесь час дадаваць у печку салярку. У Цімоха, як дарэчы і ў многіх з абаронцаў Курапатаў, родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

ЦІМОХ: Бабуля распавядала, што ейны брат быў у лягерах у 1930-я гады. Потым вярнуўся ў Беларусь. Памёр ужо даўно. Я яго ніколі ня бачыў.

На пачатку 1990-х гадоў бацька Цімоха браў актыўны ўдзел у апазыцыйных акцыях.

ЦІМОХ: Распаўсюджваў улёткі, літаратуру. Выхоўваў мяне ў духу беларускага адраджэньня. Вось тады ён мне распавядаў таксама й пра Курапаты, і пра беларушчыну. Цяпер я пераняў ягоныя сьцягі. Зараз бацька крыху адышоў, больш працуе, бо трэба неяк жыць, карміць сям’ю.

Цімох цяпер вучыцца ў менскім пэдагагічным каледжы на аддзяленьні пачатковай школы. Нядаўна праходзіў практыку ў адной зь менскіх школаў і быў уражаны тым, што амаль ніхто з настаўнікаў ня можа размаўляць па-беларуску.

ЦІМОХ: Калі буду працаваць зь дзецьмі, дык, натуральна, па меры магчымасьці буду ўводзіць беларускую мову, бо на беларускай мове настаўнікі цяпер ня вельмі жадаюць размаўляць.

Цімох мяркуе, што кругласутачная варта, якую ўжо амаль тры месяцы нясуць у Курапатах сябры маладзёвых арганізацыяў, калісьці можа ўвайсьці ў падручнікі гісторыі Беларусі.

ЦІМОХ: Будзе што распавесьці дзецям і ўнукам — як мы былі тут, жылі ў гэтым намёце, усталёўвалі крыжы. Пакінулі, можа, невялікую, але ўсё ж памяць. Усё ж нязьнесьлі, як меркавалі раней, палову Курапатаў, па магілах ху скаланулі, ізноў усе ўспомнілі пра Курапаты, пра сваіх продкаў, пра тое, што мы ўсе ў Беларусі жывем.

Многія валанцёры часта просяць, каб у этэры Радыё Свабода не гучалі іхныя прозьвішчы. Яны ня хочуць, каб на працы ды вучобе даведаліся пра іхны ўдзел у гэтай доўгатэрміновай акцыі. Звычайна не называюць сваіх прозьвішчаў і сябры Беларускай Партыі Свабоды. І таму, як казаў Цімох, нашчадкі, хутчэй за ўсё, ня будуць ведаць прозьвішчаў многіх абаронцаў Курапатаў, як, дарэчы, ня ведаюць цяпер імёнаў большасьці расстраляных тут людзей.

23 снежня 2001

РЭКАНСТРУКЦЫЯ ДАРОГІ ІДЗЕ ШПАРКА

У Курапатах марозна, усе дрэвы белыя ад сьнегу. Сагрэцца можна толькі ля «буржуйкі» ў намёце абаронцаў.

Ганна Соусь:

Я запытваюся ў Аляксея Капэляна, ці ня зьмерзьлі яны ўначы, калі было 20 градусаў марозу.

АЛЯКСЕЙ: Ну і што — 20 градусаў. Хай будзе й болей, розьніцы няма. Пераначавалі, ня зьмерзьлі — было 12 чалавек з руху «Зубар» і Беларускай Партыі Свабоды.

— Нягледзячы на гэткае надвор’е, ля Курапатаў сёньня працуе тэхніка...

— Яны возяць пясок, укатваюць. Канец году, і яны павінны заплянаваны памер работаў выканаць. Адзін дзень нават да 10 гадзінаў вечара працавалі. Скончаць падвышаць узровень дарогі — зоймуцца падземным пераходам. Вось тады ізноў стануць у нас зь імі жорсткія адносіны.

Аляксей кажа, што дзеля будаўніцтва пераходу рабочым трэба будзе высекчы частку дрэваў зь ляснога масiву. А валанцёры будуць імкнуцца не дазволіць ім гэтага. Сёньня ў Курапатах я сустрэла пэнсіянэрку Тамару Івановіч. Некалі яна брала ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. З таго часу шмат хварэе, таму прыходзіць у Курапаты ня так часта, як хацела б. Спадарыня Тамара прынесла валанцёрам бульбы ды яблыкаў.

ІВАНОВІЧ: Я сказала «вялікі дзякуй» валанцёрам. Маладыя хлопцы ідуць на такія ахвяры, яны тут сьпяць, жывуць у антысанітарных умовах. Гэта вялікі подзьвіг. Яны ж не за плату ідуць, не за грошы, а за сумленьне.

Каля лягеру абаронцаў стаяць дзьве машыны з амонаўцамі. Валанцёры часам жартуюць, што міліцыянты разам зь імі вартуюць Курапаты. А давядзецца, і разам будуць Новы год сустракаць.

АЛЯКСЕЙ: Прыйдуць да нашай елкі, праганяць ня будзем.

24 снежня 2001

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ

ПРЭСАВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ

Споўнілася тры месяцы, як у Курапатах нясуць вахту валанцёры.

Ганна Соусь:

Прэсавая канфэрэнцыя адбывалася ў вайсковым намёце пад гукі будаўнічай тэхнікі. Падсумоўваючы вынікі трохмесячнай акцыі, Павал Севярынец зазначыў:

— Мы будзем назіраць за працай будаўнікоў столькі, колькі спатрэбіцца. Да таго часу, пакуль будаўнікі ня сыдуць. Калі гэта будзе некалькі месяцаў, мы застанемся на некалькі месяцаў.

А паводле Яўгена Афнагеля, верагодна, што моладзь працягне дзяжурства і пасьля заканчэньня будаўніцтва, і будзе знаходзіцца тут, пакуль не пабудуюць мэмарыял.

У часе прэсавай канфэрэнцыі ўсе выступоўцы шмат гаварылі пра тое, што ў Курапатах фармуюцца новыя палітычныя сілы Беларусі. Яўген Афнагель узгадаў запіс, зроблены надоечы ў адмысловым курапацкім дзёньніку дацкім журналістам:

АФНАГЕЛЬ: Ён напісаў, што можа ў гэтым лягеры нараджаецца новая Беларусь. Сапраўды, Курапаты прымірылі ўсе маладзёвыя арганізацыі. Усе робяць адну справу. І я вельмі спадзяюся, што прыклад моладзі пакажа, што трэба рабіць дарослым палітыкам, якія ня могуць ніяк пазбавіцца сваіх амбіцыяў.

Сяржук Высоцкі згадаў трагічны лёс Андрэя Зайцава з Гомеля:

— Нельга не сказаць пра трагічную гібель Андрэя Зайцава, аднаго з абаронцаў Курапатаў, які прыяжджаў сюды й працягваў тут варту некалькі дзён. Гэты чалавек апынуўся пад вельмі сур’ёзным ціскам уладаў. Хто ён, як не чарговая ахвяра расейска-камуністычнай сыстэмы? Злодзеі, якія тут раней забівалі людзей, працягваюць і далей забіваць. І гэтая ахвяра — ахвяра Курапатаў таксама.

Што да канкрэтных вынікаў трохмесячнай варты, дык Павал Севярынец акрэсьліў іх наступным чынам:

— Удалося абараніць ня вельмі, можа, глябальныя — лякальныя — але вельмі важныя дэталі. Куды пацячэ вада са сьцёкаў, якім чынам будзе фармавацца адхон, ці крануць крыжы, усталяваныя грамадзтвам, — гэта ўсё адстойвалі абаронцы Курапатаў. Мы ўзьнялі тэму пабудовы мэмарыялу, і тая ж самая грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў» нарэшце зразумела вартасьць гэтай тэмы, і цяпер там пачалі працу.

У часе прэсавай канфэрэнцыі ў Курапатах паболела міліцыі. Прыехаў нават адмысловы мікрааўтобус — «варанок». У намёт зайшоў маёр міліцыі і, не назваўшы сябе, пачаў распытваць, хто тут галоўны, хто наладзіў прэсавую канфэрэнцыю. Далей запрасіў усіх выступоўцаў (як, дарэчы, і мяне) прайсьці разам зь ім у машыну, але потым зьмяніў сваё рашэньне й пакінуў урочышча.

25 снежня 2001

ДА АБАРОНЦАЎ ДАЛУЧЫЛІСЯ ВАЛАНЦЁРЫ З МАГІЛЁВА Й ШКЛОВА

Каля Курапатаў увесь дзень вялі земляныя работы. Глеб Вязоўскі кажа, што будаўнікі хочуць як мага хутчэй скончыць рэканструкцыю дарогі на «праблемным» участку.

Ганна Соусь:

Учора ў лягер прыехалі два хлопцы з Магілёўшчыны. 17-гадовы Арцём вучыцца ў апошняй клясе школы.

АРЦЁМ: Трэба таксама паўдзельнічаць у абароне нацыянальнага нэкропалю Беларусі. Той народ, які ня ведае сваёй гісторыі, ня мае права на самастойнае існаваньне. Быў тут аднойчы раней, яшчэ ўвосень, але ж ня здолеў затрымацца надоўга.

Бацькі Арцёма вітаюць сынава рашэньне ўзяць удзел у варце памяці ў Курапатах падчас школьных вакацыяў. Прадзеда Арцёма ў 1930-я гады раскулачылі, і толькі цудам ён ня трапіў у сталінскія лягеры Сам Арцём пасьля заканчэньня школы зьбіраецца паступаць у Магілёўскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на аддзяленьне гісторыі, сацыялёгіі й права. У часе нашай размовы ён узгадаў, што ў Магілёве ёсьць свае Курапаты:

— Ёсьць такое месца ля мясакамбінату ў кар’еры. Там таксама пахавана некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

— А там ёсьць нейкі мэмарыяльны знак, помнік, крыжы?

— Там нашыя нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі ўсталявалі вялікі крыж.

— А ў Магілёве многія людзі пра гэта ведаюць?

— На Дзяды на гэтае месца прыходзілі каля 100 чалавек.

А так у сьвядомасьці людзей няма таго, што вось у Магілёве ёсьць такое месца.

18-гадовы Алесь прыехаў у Курапаты са Шклова. Ён гаворыць, што на радзіме Аляксандра Лукашэнкі многія людзі ведаюць пра трохмесячную акцыю ў Курапатах, іх таксама хвалюе лёс нацыянальнага нэкропалю. Арцём і Алесь не выключаюць, што цягам наступных месяцаў несьці варту памяці ў Курапаты прыедуць і іншыя валанцёры з Магілёўшчыны.

26 снежня 2001

УЛАДЗIМЕР ЮХО: «КУРАПАТЫ ЗАСЫПАЮЦЬ ЖВІРАМ»

Сёньня будаўнікі зноў падвышалі ўзровень дарогі Сьцежку, па якой можна трапіць ва ўрочышча, часткова засыпалі.

Ганна Соусь:

Апошнім часам трапіць у Курапаты становіцца ўсё больш складана. Сумёты сьнегу па калена, перакапаная дарога, па якой увесь час езьдзяць самазвалы й бульдозэры. Сёньня ўзровень дарогі ля ўрочышча падвысілі амаль на паўмэтра. З гэтай прычыны спускацца ўніз да лягеру валанцёраў стала вельмі складана. Гэтым быў абураны Ўладзімер Юхо:

— Курапаты засыпаюць самым злачынным чынам. Возяць і возяць гэты жвір. Тут відавочны канфлікт з прыродай. Ужо калі з вуліцы Мірашнічэнкі людзі ідуць да «Аквабелу», дык не пазнаюць таго месца, якое было адразу за дарогай. Гэта хвалюе ўсіх жыхароў мікрараёну Зялёны Луг, дзе я жыву.

Уладзімер Юхо раней прыходзіў у Курапаты амаль штодня. Але пасьля падзеяў 8 і 9 лістапада, калі яго моцна зьбілі амонаўцы, ён быў вымушаны пэўны час лячыцца. Цяпер адчувае сябе ўжо крыху лепш і зьбіраецца разам з валанцёрамі сустракаць Новы год. Аляксей Капэлян мяркуе, што трэба зрабіць адмысловую дарогу ў Курапаты на час рэканструкцыі.

АЛЯКСЕЙ: Сёньня падчас перапынку на абед вазьму грэйдэр і праб’ю новую дарогу праз поле ўздоўж гэтай дарогі, каб людзі маглі добра спускацца там каля прыпынку і не ісьці па гэтай дарозе, па гэтым пяску. Я ўжо дамовіўся з будаўнікамі. І АМОН мяне падтрымаў у гэтым, бо ім таксама нязручна стаяць тут на адхоне.

Старшым у лягеры ўжо доўгі час зьяўляецца 33-гадовы Генадзь Дранковіч, адзін з кіраўнікоў Беларускай Партыі Свабоды. Я распытваю Генадзя пра сутнасьць ягонага старшынёўства ў лягеры.

ГЕНАДЗЬ: Каб парадак захоўваўся, харчаваньнем каб былі людзі забясьпечаныя... Нарыхтоўка дроваў, стасункі з будаўнікамі, амонаўцамі… Каб было цэнтралізаванае разьмеркаваньне дзяжурстваў. З 10 вечара да 6 ранку разьмяркоўваюцца зьмены.

Генадзеў дзед, Андрэй Дранковіч, у 1930-я за адмову ўступіць у калгас быў сасланы ў паўночныя лягеры Другога ягонага дзеда арыштавалі як польскага шпіёна. І толькі некалькі гадоў таму Генадзевы родныя атрымалі паперы аб рэабілітацыі, ім была выплачаная невялічкая кампэнсацыя за канфіскаваную паляўнічую стрэльбу Сам Генадзь займаецца рамонтам аўто, але апошнія тры месяцы даводзіцца шмат часу аддаваць дзяжурству ў Курапатах Новы год ён таксама плянуе сустрэць тут.

ГЕНАДЗЬ: Набудзем, канечне, торт. Паспрабуем сьвяткаваць безь сьпіртовых напояў...

— Магчыма, з шампанскім?

— Калі нават і шампанскае, то, як кажуць, дзіцячае. Сьпіртовыя напоі ня будуць ужывацца, таму што калі яны будуць ужытыя, гэта дасьць падставу міліцыянтам і іншым казаць, што тут сабраліся п’яніцы.

Калі я сыходзіла з Курапатаў, валанцёры ўпрыгожвалі яліну, якая расьце побач з намётам.

27 снежня 2001

АБАРОНЦЫ РЫХТУЮЦЦА ДА НОВАГА ГОДУ

Яны дамагліся, каб будаўнікі праклалі часовую дарогу ад канцавога прыпынку грамадзкага транспарту «Зялёны Луг» да Курапатаў праз поле.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску адліга, і да лягеру валанцёраў дабірацца складана. Прараб будоўлі сказаў мне, што з валанцёрамі наладжаныя самыя шчыльныя й прыязныя адносіны, і ні пра якое парушэньне нормаў будаўніцтва цяпер ня можа быць размовы.

У курапацкім лягеры былі тры валанцёры. Яны рабілі новыя крыжы. Гаворыць Генадзь Дранковіч:

— Крыжы будуць усталяваныя да Новага году ў бок ад поля і ўздоўж дарогі. Мы паставім яшчэ 20 крыжоў, якія будуць пазначаць контуры мэмарыялу.

Сёньня ў курапацкім лягеры начавалі пяць чалавек. Тыя хлопцы, што засталіся несьці варту ўдзень, акрамя майстраваньня крыжоў, зьбіралі дровы, а таксама парадкавалі тэрыторыю. Для таго, каб людзі, што прыйдуць у госьці да валанцёраў у навагоднюю ноч, маглі лёгка дабрацца сюды, Аляксей Капэлян разам з будаўнікамі праклаў новую часовую дарогу праз поле. Валанцёры ўжо ўпрыгожылі навагоднюю ялінку, што стаіць пасярод лягеру. Елачныя цацкі прынесьлі жыхары мікрараёну Зялёны Луг, якія цягам апошніх дзён дапамагаюць валанцёрам яшчэ й харчамі.

28 снежня 2001

БУДАЎНІКІ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ АБАРОНЦАЎ

Сёньня ў будаўнікоў у Курапатах быў апошні сёлета працоўны дзень Рабочыя едуць дахаты на навагоднія вакацыі й вернуцца толькі 3 студзеня.

Ганна Соусь:

Звычайна будаўнікі каля ўрочышча Курапаты ня вельмі ахвотна размаўляюць з журналістамі. Але Ігар Шылягаў з Магілёва сам захацеў даць інтэрвію Радыё Свабода. Ён кажа, што наша радыё найбольш аб’ектыўна даносіць да слухачоў інфармацыю пра тутэйшыя падзеі Ігар Шылягаў працаваў 8 і 9 лістапада, укатваў пясок Пазьней у адной газэце ён прачытаў, што рабочыя ягонай брыгады адразу пасьля падзеяў тых дзён звольніліся з працы, і быў гэтым вельмі абураны.

ШЫЛЯГАЎ: Ніхто не звальняўся, проста зьмянілася вахта. Кожны выконвае тут сваю работу. Не пакутуем мы ад кашмараў. Але ж прыйшлі да кампрамісу пазьней, а адразу не маглі. Па-першае, звузілі дарогу і больш сюды не заходзім. Па-другое, знайшлі агульную мову з тымі, хто бароніць гэтае месца. Дык няўжо нельга было гэтага адразу зрабіць, а не даводзіць да таго, што адбывалася 8 і 9 лістапада.

Ігар Шылягаў раней нічога ня ведаў пра Курапаты.

ШЫЛЯГАЎ: Ніхто нам нічога не тлумачыў. Прыехалі валіць лес, і тады даведаліся. Атрымлівалі інфармацыю больш з чутак. Начальства нас папярэдзіла, каб мы дужа сюды ня лезьлі пры працы, і каб не задзіраліся. А пра тое, што тут адбывалася, ніхто нічога не казаў. Інструктавалі так: працуйце, глядзіце пільна, бо, можа, нехта кінецца, клемы перакрые, і каб самі ня лезьлі ў той бок.

Ігар Шылягаў працуе на вібракатку й экскаватары. Будуе дарогі ўжо каля 15 гадоў, і яму вельмі крыўдна, што цяперашняя будоўля сталася праблемнай. На пытаньне, хто ў гэтым вінаваты, Ігар адказвае:

— Вышэйшае кіраўніцтва вінаватае... Што нашае, што мясцовыя ўлады. А вінаваціць рабочых... Прыходзяць некаторыя старыя й кажуць: «Што вы робіце?» Пры чым тут рабочыя? У мяне такая ж сям’я, мне яе карміць трэба.

Апошнім часам Ігар шмат дапамагае абаронцам. Учора навазіў сюды пяску, каб зрабіць пляцоўку пад капліцу. Дарэчы, ягонае кіраўніцтва ведае пра гэта і ня чыніць перашкодаў Неаднойчы і ад будаўнікоў, і ад міліцыянтаў я чула, што валанцёры знаходзяцца тут за грошы, па 20 даляраў штодзень...

ШЫЛЯГАЎ: Я чуў таксама, ходзяць чуткі. Але ж ня верыцца нешта, каб атрымлівалі такія грошы й жылі ў такіх умовах.

Ігар сёньня ад’яжджае ў Магілёў, і на разьвітаньне ён захацеў у этэры нашага радыё павіншаваць з Новым годам і Калядамі ўсіх валанцёраў:

— Што тычыцца абаронцаў Курапатаў, то жадаю ім перамогі ў іхнай справе. Правільна робяць, што дамагаюцца. Нават у нас у Магілёве ёсьць пахаваньні, дзе расстрэльвалі, там усё агароджана, культурна зроблена. А тут у самой сталіцы ніхто нічога ня ведае пра гэта. Даўно маглі агарадзіць нейкай простай агароджай, каб людзі ведалі.

29 снежня 2001

ЯК ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТАВАЛІСЯ ДА НОВАГА ГОДУ

Яны падсумоўваюць вынікі сваёй трохмесячнай акцыі.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай у лягеры абаронцаў было каля дваццаці чалавек. Адчувалася перадсьвяточная атмасфэра — ля намёту стаіць елка, упрыгожаная цацкамі. Гаворыць Генадзь Дранковіч:

— Прыходзяць людзі, пытаюцца: як будзеце Новы год сустракаць? Прыносяць шампанскае, гарэлку. Мы адмаўляемся. Але будзем сьвяткаваць. Мы зараз разьмяркоўваем групы, хто зь якой гадзіны будзе знаходзіцца тут. Абавязкова набудзем тарты, будзе мінэралка, безалькагольнае ігрыстае шампанскае. Сьпіртовыя напоі ўжывацца ня будуць, канечне. Будуць цукеркі. Яшчэ штосьці прыдумаем.

Сёньня ў лягер прыехала здымачная група расейскага тэлеканалу НТВ. Павал Севярынец наступным чынам патлумачыў іхную цікаўнасьць:

— Новы год — гэта час, калі прынята аглядацца на мінулы год, калі людзі хочуць адчуць гісторыю. А гісторыя творыцца тут.

На Новы год Павал таксама зьбіраецца прыйсьці ў Курапаты, але толькі на пэўны час. Бо акрамя гэтага возьме ўдзел у навагодняй акцыі Маладога Фронту. Плянуецца, што ў ноч на 1 студзеня 2002 году бел-чырвона-белыя Дзяды Марозы на цэнтральных вуліцах Менску будуць раздаваць людзям прызы.

Сёньня валанцёры абмяркоўвалі, чаго яны дасягнулі, баронячы ўрочышча. Гаворыць Цімох Атрошчанкаў:

— Ёсьць некалькі галоўных вынікаў. Першы — усё ж мы адстаялі дзьве паласы, адстаялі частку гэтага лесу, хоць ня ўсё, але гэта можна лічыць нашай перамогай. І яшчэмоладзь паказала старэйшым палітыкам, на што яна здольная.

Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Чын нацыянальнай волі на Курапатах закрэсьліў паразу беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта галоўны вынік. Другі галоўны вынік — многія людзі зараз вярнулі сабе веру ў беларускую справу й нашу барацьбу, і тое, што многія людзі ў Беларусі могуць сказаць зараз, што Беларусь сапраўды жыве!

30 снежня 2001

ПРАСКІ АКЦЭНТ

Нядзельны круглы стол Радыё Свабода.

Вiталь Тарас:

ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ: Заўсёды, калі робяцца сур’ёзныя, рызыкоўныя акцыі, заўсёды наперадзе моладзь. Гэта тычыцца і абароны Курапатаў.

МАЯ КЛЯШТОРНАЯ: Я б хацела, каб гэткія простыя рэчы вырашаліся ў Беларусі простым шляхам Ніхто не павінен там сядзець у маразы. Ніхто не павінен парушаць спакой тых магіл. Але што адбылося – адбылося. Нічога мы не адстаялі. Дарога прайшла, яе пашырылі, цяпер яна плюхнулася на Курапаты ўсім сваім зьмяіным целам. Што там ужо адстойваць?! Мы не адстаялі тое, што маглі адстаяць. Зараз толькі роспач.

АФНАГЕЛЬ: Я згодны, што мы атрымалі паразу пасьля падзеяў 8—9 лістапада, калі адбыліся сутычкі з АМОНам, калі мы, сапраўды, не змаглі спыніць будаўніцтва дарогі ў Курапатах Зараз мы сочым за выкананьнем дамовы, каб будаўнікі не парушалі хаця б гэтую дамову. Гэта такі кампрамісны варыянт. Нам застаецца адстаяць хаця б гэта.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ: Застаўся, сапраўды, сорам, засталася роспач ад таго, што зрабілі ўлады ў Курапатах, і што грамадзтва не змагло гэтаму супрацьстаяць. Вось чаму мы працягваем там быць. Курапаты — гэта ня толькі і ня столькі сымбаль сьмерці. Як і крыжы, што там стаяць. Як і крыж Хрыстовы, гэта, у першую чаргу, сымбаль, які абуджаелюдзей, які дае надзею на духовае ўваскрасеньне, на ўздым. І моладзь будзе стаяць там, дзе боль, дзе сорам, дзе ганьба, каб усё грамадзтва бачыла і разумела, дзе гэтая балявая кропка.

ГАННА СОУСЬ: За гэтыя тры месяцы варты ў Курапатах я таксама была ва ўрочышчы амаль штодня і заўважыла такую заканамернасьць, калі добра пазнаёмілася з валанцёрамі. Практычна ў кожнага бацькі на пачатку 90-х бралі ўдзел у апазыцыйных акцыях. І ўпершыню ў Курапаты многіх прывялі менавіта іхныя бацькі. У многіх валанцёраў дзяды альбо прадзеды былі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў і многія рабілі крыжы менавіта па сваіх дзядах і прадзедах. Для параўнаньня, будаўнікі, што працуюць у Курапатах, гэта таксама маладыя людзі, але большасьць зь іх ня ведаюць імёнаў сваіх прадзедаў Часта яны прыводзяць такі аргумэнт: усе дарогі пабудаваныя на костках. Такім чынам, розьніца паміж тымі, хто абараняе пахаваньні, і тымі, хто цяпер будуе там дарогу, палягае ў стаўленьні да магілаў продкаў. І тут, сапраўды, унікальная сытуацыя: моладзь бароніць будучыню на магілах. Як гэта — тры месяцы спаць, есьці, піць, чытаць, размаўляць на бацькоўскіх касьцях? Што зьяўляецца для вас найбольш складаным у гэтай доўгатэрміновай акцыі?

СЕВЯРЫНЕЦ: Найбольш складана захаваць той дух супраціву, які вывеў нас супраць гэтага барбарскага будаўніцтва. Тры месяцы — гэта час. А людзі ўсялякія. Там часам дзесьці і сьмех, і жарт, і ўсё гэта. Варта і, я лічу, трэба было гэта стрымліваць.

АЛЕСЬ ГЕТМАН: Моладзь, знаходзячыся ў Курапатах, паказала, што яна болей працаздольная, чымся многія старэйшыя людзі.

ВІТАЛЬ ТАРАС: Такое ўзьнікае пытаньне, ці Курапаты нейкім чынам паспрыялі, каб людзі розных пакаленьняў лепш зразумелі адно аднаго? Ці не адбыўся новы раскол паміж нацыянальна-сьведамай моладзьдзю і тымі прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі, якая раней бараніла Курапаты, а цяпер, нібы так выглядае, махнула на іх рукой?

ТАЦЯНА ПРОЦЬКА: Гэтыя людзі, якія там знаходзяцца, вяртаюць нам памяць пра жудасныя старонкі нашага існаваньня Але бяз гэтых старонак мы ня зможам ісьці далей, разьвівацца як дэмакратычная краіна. Бо менавіта гэтыя старонкі – наша плата за дэмакратычнае разьвіцьцё.

МІКОЛА КРУКОЎСКІ: Перафразаваўшы выраз аднаго вядомага эўрапейскага пісьменьніка, можна сказаць, што попел Курапатаў стукае ў сэрцы кожнага сьвядомага беларуса. І мы павінны прачнуцца. І менавіта моладзь, на адрас якой многія, асабліва майго пакаленьня людзі, адпускалі часам словы папроку, маўляў, яна раўнадушная, менавіта моладзь зараз пачынае прачынацца. Менавіта тыя гераічныя хлопцы і дзяўчаты.

АФНАГЕЛЬ: Пра раскол між пакаленьнямі не скажу. Ёсьць звычайнае непаразуменьне, якое грунтуецца на адвечным канфлікце бацькоў і дзяцей. Непаразуменьне тычыцца толькі шляхоў дасягненьня нашай мэты. Бо мэта ў нас усё ж адна. Але шляхі дасягненьня, яны ў моладзі больш радыкальныя, у старэйшага пакаленьня – больш, скажам, сур’ёзныя. Калі для дарослых людзей абарона Курапатаў можа зводзіцца да нейкіх інфармацыйных рэчаў, дык для нас яна зводзіцца наўпрост да знаходжаньня ў гэтым месцы.

ГЕТМАН: Я згодны зь Яўгенам, што заўсёды ёсьць непаразуменьне паміж моладзьдзю і больш сталым пакаленьнем. Вы ж ведаеце, што ня так даўно было выказваньне спадарыні Ірыны Жыхар. З чаго ў нас невялічкая сварка выйшла. Гэта здарылася таму, што моладзь больш рашучая, у тым ліку і сваiмі меркаваньнямі. Таму гэта павінна было адбыцца.

СЕВЯРЫНЕЦ: Маё меркаваньне — расколу няма, ёсьць сьветапоглядны разлом. Я б пайшоў крыху глыбей, чымся проста супярэчнасьці паміж бацькамі й дзецьмі альбо, скажам, нейкі маладзёвы радыкалізм ці максымалізм. Мне здаецца, гэта ўжо розныя пакаленьні. Новае пакаленьне, моладзь адчувае родную зямлю пад нагамі і Бога па-над сабою. Тое, чаго так не хапае старэйшаму пакаленьню. Менавіта таму, мне здаецца, у моладзі і ёсьць будучыня і ёсьць пэрспэктыва.

ТАРАС: Падчас падрыхтоўкі перадачы мы зьвярталіся да некаторых прадстаўнікоў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», але яны, на жаль, адмовіліся ўзяць удзел у перадачы. Да таго, вядома, частка валанцёраў адмовілася ад прэміі «Хартыі-97». Як вы лічыце, ці не зьяўляецца пазыцыя валанцёраў, ці не здаецца яна многім іншым людзям, якім таксама неабыякавы лёс Курапатаў, празьмерна бескампраміснай, нягнуткай часам? Што для вас галоўнае сёньня, палітычны зьмест барацьбы за захаваньне Курапатаў, процістаяньне з рэжымам ці ўсё ж сам лёс мэмарыялу?

СЕВЯРЫНЕЦ: Самае галоўнае — гэта абуджэньне беларускай нацыі. Мне здаецца, проста мэмарыял, як факт – гэта яшчэ ня ўсё. Галоўнае, што б Беларусь магла атрымаць ад Курапатаў. Мы павінныя жыць гэтым болем, адчуваць яго штодня. Для гэтага мала мэмарыялу. Для гэтага трэба быць там увесь час. Пакуль там ідуць работы.

ГЕТМАН: Наконт таго, што адмовіліся ад грошай. Канечне, у нас ёсьць цяжкасьці з грашыма, у нас іх ніколі не хапае. Мы ўжо давалі інтэрвію наконт гэтага. Адмовіліся дзьве арганізацыі — БПС і Малады Фронт. А тое, што ўзяў «Зубар», – гэта іхная справа, яны ўзялі гэтыя грошы на сябе.

АФНАГЕЛЬ: Малады Фронт не адмаўляўся таксама. Мы лічым, што гэтая прэмія нам дапамагла ў маральным сэнсе, таму што сапраўды адчулі дапамогу з боку старэйшага пакаленьня і падтрымку, якой нам так не хапала. Ну, а матэрыяльны складнік таксама дапаможа тым людзям, якія не адмовіліся ад прэміі і знаходзяцца ў Курапатах.

СОУСЬ: Пры якой умове вы сыдзеце з Курапатаў?

АФНАГЕЛЬ: Сысьці мы зможам толькі тады, калі адтуль сыйдуць будаўнікі, калі будзе дакладна вядома, што будзе будавацца мэмарыял. А, магчыма, ёсьць і такое меркаваньне, мы застанемся да таго часу, пакуль ня будзе пабудаваны мэмарыял.

ГЕТМАН: Я згодны. Гэтае пытаньне мы вырашалі паміж сабой. Нам трэба будзе сыходзіць толькі тады, калі скончыцца будаўніцтва. Таму што самі будаўнікі кажуць: калі вы, хлопцы, сыдзеце, тут невядома, што будзе.

СЕВЯРЫНЕЦ: Я таксама лічу, што мы павінны сысьці з Курапатаў апошнімі. Дзеля таго, каб першымі ісьці да новай Беларусі, у першых шэрагах.

ТАРАС: Я прапаную паслухаць зварот Зянона Пазьняка да абаронцаў Курапатаў.

ПАЗЬНЯК: У нашым беларускім грамадзтве знайшліся людзі, якія добраахвотна ўсклалі на сябе абавязак старажаваньня Курапатаў. Істотна, што яны знаходзяцца там увесь час. І тое будаўніцтва дарогі, якое там робіцца, ёсьць пад іхным наглядам...

31 снежня 2001

ШТО Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ

Гэтай раніцай наша карэспандэнтка наведала ўрочышча.

Ганна Соусь:

У Курапатах усё замяло сьнегам — і дарогу, і тэхніку І толькі да лягеру абаронцаў вядзе сьцежка. З самага ранку сюды прыходзяць людзі, каб павіншаваць валанцёраў з Новым годам. Пэнсіянэрка спадарыня Зося прынесла абаронцам кілбасаў для сьвяточнага стала.

ЗОСЯ: Прыйшла павіншаваць хлопцаў-абаронцаў, пажадаць ім здароўя, вытрымкі, каб у наступным годзе будаўніцтва дарогі спынілася й споўніліся ўсе мары ня толькі гэтых хлопцаў, але і ўсіх сумленных беларусаў.

Плянуецца, што ўвечары тут зьбяруцца каля дваццаці валанцёраў. Адзін зь іх — Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Сапраўднае вялікае сьвята, і настрой, натуральна, ва ўсіх людзей узьняты. Буду тут на Новы год. Гэта тое невялікае, што я магу зрабіць для гэтых людзей, таму што яны ахвяравалі сваім часам, здароўем за гэтыя месяцы.

Да Новага году абаронцы рыхтуюць адзін аднаму невялікія падарункі. А для Васіля Парфянкова найлепшым падарункам стала б наступнае:

— Напэўна, каб будаўнікі адсюль сышлі, каб не было тут гэтай дарогі, бульдозэраў. Я разумею, што Новы год — гэта такое сямейнае сьвята. А для мяне тут некаторыя людзі — гэта больш, чым сям’я — Аляксей Капэлян, Генадзь Барада.

А вось што кажа Генадзь Дранковіч:

— Будзе салодкі стол у намёце. Усё залежыць ад надвор’я. Магчыма, вынесем стол на вуліцу, бо, калі прыйдзе шмат людзей, усе ў намёце не разьмесьцяцца. Ад імя Беларускай Партыі Свабоды віншую ў першую чаргу старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонку Сурвіллу (дзякуем за яе падтрымку), усіх сяброў і прыхільнікаў нашай партыі, нашых хаўрусьнікаў ня толькі ў Беларусі, але й за яе межамі, сваіх знаёмых і блізкіх і ўвесь беларускі народ!

У Курапатах спадзяюцца, што ў наступным годзе ва ўрочышчы нарэшце будзе пабудаваны мэмарыял.

1 студзеня 2002

ЯК АБАРОНЦЫ СУСТРАКАЛІ НОВЫ ГОД

Першую ноч 2002 году ў Курапатах правялі 15 чалавек.

Ганна Соусь:

Але людзей, што наведалі ўрочышча ў навагоднюю ноч, было значна больш. А 12-й гадзіне валанцёры выйшлі на дарогу і выпілі шампанскага — дзьве бутэлькі на ўсіх (нагадаю, што ва ўрочышчы алькагольныя напоі ўжываць нельга). Распавядае Аляксей Капэлян:

— Праводзілі стары год, сустрэлі новы. Пажадалі адзiн адному ўсяго найлепшага. Прыходзілі й Дзед Мароз, і Сьнягурка.

— А хто быў Дзедам Марозам?

— Нехта з КХП БНФ. У сапраўдным убраньні — вось палку нават забыўся сваю. Павіншаваў нас. Прынес цёплыя коўдры й ежу. АМОНу не было.

Учора ўвечары карэспандэнты Радыё Свабода хацелі ў >апошнія хвіліны 2001 году паразмаўляць у жывым этэры >з абаронцамі Курапатаў, але гэтага не адбылося з >тэхнічных прычынаў Сытуацыю тлумачыць Аляксей Капэлян:

— Тут былі тры мабільныя тэлефоны, але да нас не маглі датэлефанавацца, і я таксама ня мог датэлефанавацца. Здолеў гэта зрабіць толькі а 4-й гадзіне раніцы. Усе людзі адзін аднаго віншавалі, і сетка была перапоўненая.

Аляксей Капэлян частуе мяне тортам, які падаравалі ўчора абаронцам. Былі й іншыя падарункі — у намёце цяпер вісіць карціна мастака Сяргея Нядбальскага ды ва ўрочышчы зьявілася новая шыльда «Курапаты — дарога сьмерці». Геадэзіст Уладзімер Лыско нядаўна адзначаў у Курапатах Каляды. Новы год ён таксама сустракаў разам з валанцёрамі.

ЛЫСКО: Нарыхтавалі дровы, потым сядзелі, слухалі музыку, размаўлялі. Я будзільнік на сотавы запісаў, і як падышла 12-я гадзіна, выйшлі на дарогу, сталі кругам. Як мой будзільнік зацікаў, выпілі па чарцы шампанскага, і сказалі тосты за лепшае жыцьцё.

А вось як адзначыў новы 2002 год Лявон Ачапоўскі.

АЧАПОЎСКІ: Недзе а 2-й гадзіне выйшаў на вуліцу. Каля нас пабудавалі 12-павярховы дом, я залез на яго і з даху намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг. А 3-й гадзіне паехаў у Курапаты — да сяброў і нашым продкам пакланіцца.

Сёньня з самага ранку ў Курапаты прыходзяць людзі. Яны >віншуюць валанцёраў з Новым годам і жадаюць ім мужнасьці.

2 студзеня 2002

ДАРОГА ПАДЗЕЛІЦЦА НА ДВА РУКАВЫ?

Валанцёры высьветлілі, што будаўніцтва дарогі ля Курапатаў будзе весьціся двума рукавамі.

Ганна Соусь:

У лягер валанцёраў трапіць цяпер вельмі складана, бо замяло ўсе сьцежкі, сьнегу па калена, дзьме моцны вецер. Рэканструкцыю кальцавой дарогі пакуль прыпынілі. Бульдозэры й самазвалы засыпаныя сьнегам Я засьпела ў Курапатах Валянціна Мацкевіча, разам з Аляксеем Капэлянам ён вывучаў плян рэканструкцыі дарогі. В.Мацкевіч — інжынэр, мае 20-гадовы досьвед у будаўніцтве дарог. Нядаўна валанцёры даведаліся ад будаўнікоў, што кальцавая дарога будзе пракладвацца двума рукавамі, як, дарэчы, раней і прапаноўвалі сябры Маладога Фронту. Гэтае рашэньне для спадара Мацкевіча сталася нечаканасьцю.

МАЦКЕВІЧ: Траса складаецца з шасьці палос — тры паласы ў адзін бок, тры — у другі. А паводле таго пляну атрымліваецца, што, пачынаючы зь перакрыжаваньня з вуліцай Мірашнічэнкі, дзьве паласы адводзяцца па бэтонцы на Заслаўе. Тады тут застаюцца чатыры паласы — дзьве ў тым напрамку, дзьве ў іншым. Гэтае рашэньне датаванае жніўнем. А я ад Камітэту аўтамабільных дарог атрымаў апошні адказ, датаваны сьнежнем. І ў ім нічога не гаворыцца пра гэта. Наадварот — аргумэнтацыя ідзе на карысьць таго, што эканамічна абаснаванае ранейшае рашэньне.

Валянцін Мацкевіч мяркуе, што новы варыянт рэканструкцыі ёсьць перамогай валанцёраў, а тое, што прымалі гэтае рашэньне цішком, сьведчыць пра паразу ўладаў Спадар Мацкевіч заўважае, што пры рэканструцыі дарогі ля Курапатаў былі парушаныя будаўнічыя нормы.

МАЦКЕВІЧ: Першае, і самае галоўнае (гэта запісана ў будаўнічых нормах) — нельга пракладаць дарогі праз могілкі і нават на некаторай адлегласьці ад іх. Другое, нельга пракладаць дарогі празь і на некаторай адлегласьці ад тэрыторыяў, якія зьяўляюцца гістарычнай памяцьцю народу. Ёсьць такі запіс у будаўнічых нормах. Далей ідзе парушэньне санітарных нормаў, паводле якіх таксама забаронена пракладаць дарогі каля пахаваньняў людзей. Бо там могуць быць закансэрваваныя бактэрыі, нават сыбірскай язвы. Ніхто ня можа гарантаваць. Якіх людзей расстрэльвалі? Тым больш на нізе гэтых самых пахаваньняў ёсьць гумусавы слой. Ніхто не дасьледаваў, у якім ён стане. Блізкасьць мікрараёну вядомая — тут 80 мэтраў да жылога масiву. Кальцавая дарога зьяўляецца вельмі шумнай трасай, і адлегласьць ад жылых масiваў павінна быць ня менш за 100 мэтраў, шум ня можа быць вышэйшым за 60 дэцыбэл. Безумоўна, што гэты ўзровень шуму ня будзе вытрыманы, і таму трэба будзе ўзводзіць шумазасьцерагальную сьценку. Улічваючы, што жылыя дамы стаяць на пагорку, паводле маіх прыкідаў, бэтонная сьцяна павінна быць ня менш за 5 мэтраў. Уяўляеце, якія сродкі патрэбныя для гэтага. Тыму якраз варыянт абыходу Курапатаў быў бы эканамічна больш важкі.

3 студзеня 2002

ЛЮДЗІ СТАВЯЦЬ СЬВЕЧКІ ПА ЗАГІБЛЫХ СВАЯКАХ

Плянуецца, што будаўнічыя работы каля Курапатаў будуць адноўленыя заўтра.

Ганна Соусь:

Раніцай у лягеры былі чацьвёра валанцёраў. Адзін зь іх, Сяржук Мацкойць, кажа, што мінулай ноччу за лягерам нехта назіраў.

МАЦКОЙЦЬ: Праехаў сіні «Джып» без нумарных знакаў, але ж зь мігалкай. Першы раз асьвяціў лягер фарамі, пастаяў хвілінку ды зьехаў. Другі раз праехаў паўзь лягер і стаў на дарозе далей.

— Цяпер людзям вельмі складана дабірацца ў Курапаты...

— Так, але ў каго ёсьць намер прыйсьці сюды, дабяруцца.

Як пацьверджаньне гэтых словаў, літаральна празь некалькі хвілінаў у вайсковы намёт заходзіць Сяргей Качаноўскі разам са сваім сынам Георгіем. Спадар Сяргей прыйшоў паставіць сьвечку – у памяць пра свайго дзеда, якога расстралялі 3 студзеня 1937 году.

КАЧАНОЎСКІ: Калі ў 1994 годзе мы з маім бацькам зьвярталіся ў архівы КГБ, каб даведацца пра месца пахаваньня майго дзеда Аляксея Міхайлавіча Качаноўскага, нам паведамілі, што ён расстраляны ў Менску, можа, у парку Чалюскінцаў, але хутчэй за ўсё – у Курапатах. Мы з сынам ходзім сюды 3 студзеня кожнага году.

Сяргей Качаноўскі прынес сьвечкі. Увечары валанцёры запаляць іх пад крыжамі, ушаноўваючы памяць Аляксея Качаноўскага. Сёньня ў лягеры валанцёраў быў Юры Фабішэўскі, студэнт менскай мэдычнай вучэльні За абарону Курапатаў яго пакаралі штрафам 200 тысячаў беларускіх рублёў.

ФАБІШЭЎСКІ: Хутчэй за ўсё будуць вылічваць са стыпэндыі – па дзьве з паловай тысячы, 20 адсоткаў.

— А якая стыпэндыя ў Вас?

— 12 тысячаў.

— Колькі гадоў Вам давядзецца выплачваць?

— Я ўжо вучобу скончу і пачну працаваць, пакуль выплачу гэты штраф.

Апошнім часам у абаронцаў ізноў узьніклі праблемы з палівам. Па высокім сьнезе цяжка прабірацца ў лес. Васіль Парфянкоў кажа, што добрыя людзі паабяцалі валанцёрам 20 мяхоў вуглю.

4 студзеня 2002

У КУРАПАТАХ ЗНОЎ НАСЬПЯВАЕ КАНФЛІКТ

Тут пачалі будаваць падземны пераход. Будаўнікі кажуць, што ім давядзецца высекчы частку дрэваў зь ляснога масiву.

Ганна Соусь:

Раніцай работы на дарозе аднавіліся. Пачалося будаўніцтва падземнага пераходу. «Катэрпілеры» зь цяжкасьцю прабівалі прамерзлую зямлю. Гэта сталася нечаканасьцю для валанцёраў. Гаворыць Аляксей Капэлян:

— Прыехалі магілёўскія будаўнікі. Пачынаюць падымаць прамерзлы слой, каб выкапаць падземны пераход. Раней мы дамаўляліся наконт лесу, што толькі некалькі дрэваў зваляць, бо больш мы не дамо секчы, і што падземны пераход перанясуць бліжэй да гораду.

Але спадзяваньні валанцёраў ня спраўдзіліся. Падземны пераход будуецца якраз насупраць ляснога масiву. Мой суразмоўца, прараб Юры з Магілёва, кажа, што падземны пераход ня стане праблемай, тым больш, што ў выніку людзям стане лягчэй дабірацца да Курапатаў — ня трэба будзе пераходзіць праз дарогу.

— Колькі спатрэбіцца часу, каб выкапаць падземны пераход?

ЮРЫ: Два дні.

— Цяпер так халодна, зямля прамерзла на некалькі мэтраў. Гэта ня будзе перашкаджаць?

— Гэта не прамерзла, гэта мы так ушчыльнілі.

— Якая будзе глыбіня катлавану?

— Да ўзроўню зямлі.

— Як мне падаецца, спачатку трэба зрабіць падземны пераход, а потым ужо класьці дарогу. Чаму атрымалася наадварот — засыпалі, утрамбавалі ўсё, а цяпер робіце пераход?

— Канкрэтнага праекту не было. Чарцяжы спачатку былі адны, пасьля пераўзгаднілі на іншыя.

— Колькі зойме часу будаўніцтва самога пераходу?

— Месяц, другі.

Сёньня я зьвязалася па тэлефоне з адным з кіраўнікоў рэканструкцыі дарогі на ўчастку ля Курапатаў, дырэктарам Магілёўскай дарожна-будаўнічай управы №14 Яўгенам Казачэнкам. Ён кажа, што давядзецца яшчэ высякаць частку дрэваў ляснога масiву.

КАЗАЧЭНКА: Чатыры сасны перашкаджаюць пешаходнай дарожцы, — тыя, што з краю. Высячэм шэсьць, можа чатыры дрэвы — але ня больш. Пешаходная дарожка будзе ісьці да намёту.

— Валанцёры прасілі будаўнікоў, каб падземны пераход перанесьлі крыху далей, і тады б не было патрэбы гэтыя дрэвы высякаць...

— Разумееце, гэта не мая кампэтэнцыя, не на маім узроўні вырашаецца.

— Калі пачнуць высякаць дрэвы?

— Зараз гэта не гарыць. Мы можам прыехаць, узгадніць, каб не было гэтых канфліктаў.

7 студзеня 2002

БУДОЎЛЯ НЕ СПЫНЯЕЦЦА І Ў ДЗЕНЬ ХРЫСТОВАГА РАСТВА

У Курапатах гучаць калядныя песьні.

Ганна Соусь:

Айцец Леанід Акаловіч сёньня праводзіў ва ўрочышчы набажэнства.

АКАЛОВІЧ: Дарагія браты й сёстры ва Хрысьце, я, айцец Леанід, курапацкі сьвятар, шчыра віншую нашых беларусаў на Бацькаўшчыне й на чужыне зь вялікім сьвятам — нараджэньнем Ісуса Хрыста.

Каб людзям было зручней дабірацца да Курапатаў, валанцёры зрабілі адмысловыя прыступкі. А сёньня будаўнікі расчысьцілі грэйдэрам дарогу праз поле ад аўтобуснага прыпынку да ўрочышча. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Шкада гэтых будаўнікоў — такі дзень, такое сьвята, нават у лукашэнкаўскай Беларусі гэта выходныя. А людзей прымушаюць у такі дзень працаваць, капаць.

Я сустрэла ў Курапатах Ларысу Куўшынаву. Яна запаліла сьвечкі ля Крыжа Пакутаў. У 1937 годзе былі рэпрэсаваныя тры ейныя дзядзькі — Алесь, Міхал i Курэй Марозы.

КУЎШЫНАВА: Прыйшла з настроем ня вельмі сьвяточным, бо даводзіцца абараняць такую сьвятыню. Сэрца баліць...

Ходзім, плачам трохі тут...

Спадарыня Ларыса — доктарка, працуе ў 1-й Менскай клінічнай бальніцы гінэколягам. Яна прыйшла ў Курапаты разам са сваёй сяброўкай і былой калегай Верай Дрэвіц, якая трыццаць гадоў адпрацавала ў прыёмным пакоі 1-й клінікі. Гаворыць спадарыня Вера:

— Вось прыйшлі павіншаваць хлопцаў, прынесьлі ім пірагоў, згушчонкі, цукерак і кавы. Мы ад шчырага сэрца ўсё

робім.

Увесь дзень ва ўрочышча ішлі й ішлі людзі.

8 студзеня 2002

БУДАЎНІКІ ЗАПРАШАЮЦЬ ВАЛАНЦЁРАЎ НА РАЗМОВУ

Раніцай у вайсковым намёце разам з валанцёрамі ля «буржуйкі» грэліся два амонаўцы.

Ганна Соусь:

Яны пешшу прыйшлі на свой штодзённы пост у Курапатах, бо начальства гэтым разам не дало машыны. Прастаяўшы некалькі гадзінаў на марозе, амонаўцы папрасіліся да валанцёраў.

Сёньня будаўнікі працягвалі капаць катлаван для падземнага пераходу. Аляксей Капэлян у суботу езьдзіў у «Белгіпрадор» і напісаў заяву, у якой ад імя абаронцаў патрабаваў, каб дрэвы ня секлі. Вынікам гэтай заявы сталася запрашэньне валанцёраў на сустрэчу з прадстаўнікамібудаўнічых арганізацыяў, якія вядуць рэканструкцыю дарогі. Сустрэча адбудзецца заўтра. Сяржук Высоцкі лічыць, што статус абаронцаў Курапатаў бясспрэчна вырас.

ВЫСОЦКІ: Адбыліся кардынальныя зьмены. Будаўнікі сталі вельмі асьцярожныя. Ужо гаворкі ня можа ісьці пра тыя інцыдэнты, што былі напачатку, калі яны ганялі жанчын.

А вось меркаваньне Аляксея Капэляна:

— Яны хочуць, каб мы сустрэліся і распавялі, чаго хочам дасягнуць, і каб яны маглі прыняць іншае рашэньне. Я думаю, гэта з-за таго, што мы не даем ім працаваць, і яны не атрымалі 13-ю зарплату.

Плянуецца, што на заўтрашнюю сустрэчу пойдуць Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі й Яўген Афнагель. Сёньня, як амаль штодня, я сустрэла ў Курапатах Уладзімера Юхо. Яшчэ тры месяцы таму ён паставіў тут крыж у памяць пра свайго дзеда Іосіфа Юхо, якога арыштавалі ў 1946 годзе, а ў 1948-м Іосіф Юхо загінуў у ГУЛАГу.

ЮХО: Тады судзілі «тройкі». Справа ў тым, што ён капліцу адкрыў пры немцах. Яго выбралі кіраваць гэтай капліцай і праводзіць набажэнствы, бо ён быў адукаваны чалавек, ведаў беларускую, польскую мовы.

Бацька Ўладзімера Юхо сустрэў мінулую вайну 22 чэрвеня ў Беластоку. Узгадваючы падзеі 8 і 9 лістапада ў Курапатах, спадар Уладзімер праводзіць паралелі:

— Якраз у той вечар падзеі неяк перапляліся з тымі, 22 чэрвеня 1941 году, пра якія распавядаў мне бацька, пра тое, як ішлі танкі. Было асьветлена, ішоў грэйдэр, такое было адчуваньне, як у бацькі ў 1941-м.

8 лістапада крыж, зроблены Ўладзімерам Юхо, быў паламаны, а самога яго тады затрымалі й моцна зьбілі. Блізкім часам Уладзімер Юхо плянуе зрабіць новы крыж.

9 студзеня 2002

БУДАЎНІКІ ЗНАЙШЛІ НЕКАЛЬКІ СОЦЕНЬ СТАРЫХ ГІЛЬЗАЎ

Учора ўвечары, капаючы катлаван для падземнага пераходу, яны натрапілі на сотні гільзаў савецкай вытворчасьці. Гільзы ляжалі на глыбіні некалькіх мэтраў.

Ганна Соусь:

Распавядае Аляксей Капэлян:

— Я ўжо вярнуўся да намёту, падыходжу да вогнішча, а будаўнікі мне: «Лёха, хадзі сюды». Падыходжу. На кавалку цыраты — гільзы. Мы высыпалі іх на пясок, пачалі глядзець. Будаўнікі адразу спынілі працу. Пытаюцца, што ім рабіць?

Сёньня будаўнікі працавалі на іншым участку дарогі Каб аднавіць работы ля Курапатаў, ім трэба атрымаць заключэньне археолягаў пра паходжаньне гільзаў У намёце абаронцаў іх разглядае Аляксей Капэлян.

КАПЭЛЯН: Гэта ад карабіну нашага... Вось яшчэ адна буйнога калібру... Ёсьць зусім маленькая... Яны цалкам заржавелі.

Сёньня ў Курапаты прыехаў археоляг Алег Іоў.

ІОЎ: Тут знойдзеныя сотні дзьве гільзаў савецкай вытворчасьці. Тыя, што мы пасьпелі паглядзець — гэта 1938 і 1949 гадоў. Гільза 1949 году буйнакалібравая. Але тут ёсьць наганныя гільзы й гільзы ад вінтоўкі. Гэта папярэднія меркаваньні.

— Вы бачылі гільзы на пагорку, у ямінах. Ці падобныя яны на гэтыя?

— Канечне. Там большасьць гільзаў наганныя, бо большасьць расстрэлаў праводзілася з наганаў. А тут большасьць вінтовачных. Ад першых курапацкіх пахаваньняў тут мэтраў 150, таму мне цяжка зараз сказаць, ці маюць яны дачыненьне да Курапатаў, ці проста можа бой нейкі быў. Але ж пра бой тут не было чутна да гэтага часу.

— Ці можа гэтая знаходка нейкім чынам паўплываць на тое, каб прыпыніць будаўнічыя работы ля Курапатаў?

— Вядома, калі б былі знойдзеныя пахаваньні, будаўнічыя работы спынілі б і вырашалі, што рабіць далей. Пакуль, акрамя гільзаў, нічога няма. І ня думаю, што тут будуць пахаваньні. Тут нізіна, у ёй не хавалі. Калі выкапаць тут трохмэтровую яму, як у Курапатах, яна адразу будзе напалову ў вадзе.

Алег Іоў заўважыў сярод гільзаў і тыя, што датаваныя 1960 годам. Адна з вэрсіяў — частка гільзаў магла быць сюды завезеная разам зь пяском, калі будавалася Менская кальцавая дарога. Але больш дакладнае заключэньне Алег Іоў абяцаў зрабіць празь некалькі дзён.

10 студзеня 2002

КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІ ПРАДСТАЎНІКІ АМЭРЫКАНСКАЙ АМБАСАДЫ

Тут рыхтуюцца да ўсталяваньня адноўленай лавы Клінтана.

Ганна Соусь:

Сёньня валанцёры вялі перамовы з будаўнікамі — пастанавілі, што пры будаўніцтве пешаходнай дарожкі дрэвы на мяжы Курапацкага ўрочышча ня будуць высечаныя. Плянуецца, што 15 студзеня а 13-й гадзіне ў Курапатах адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё адноўленага мэмарыяльнага знаку «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі» — лавы Клінтана, якую ўсталёўвалі таксама 15 студзеня, але 1994 году, і якую летась разбурылі вандалы Прадстаўнікі амэрыканскай амбасады абмяркоўвалі з валанцёрамі тэхнічныя пытаньні падрыхтоўкі тэрыторыі для цырымоніі. Амэрыканцы пакуль не атрымалі афіцыйнага дазволу беларускіх уладаў на ўсталяваньне адноўленага мэмарыяльнага знаку.

І яшчэ адна важная падзея сёньняшняга дня. Павал Севярынец і Аляксей Капэлян сустракаліся з кіраўнікамі будаўнікоў дарогі. Штаб будаўнікоў — за некалькі кілямэтраў ад лягеру. Пытаньні тычыліся найперш пабудовы падземнага пераходу й пешаходнай дарожкі, каб будаўнікі пры гэтым не высякалі дрэваў. Гаворыць Павал Севярынец:

— Ужо некалькі месяцаў на гэтых дрэвах вісяць абразкі. Яны былі своеасаблівай мяжой Курапацкага ўрочышча. Такім чынам, дрэвы ўжо маюць значэньне.

Галоўны інжынэр праекту Мікалай Крэчэтнікаў пагадзіўся, што дрэвы валіць ня варта.

КРЭЧЭТНІКАЎ: Калі вы прынцыпова хочаце пакінуць гэтыя дрэвы, то яны застануцца, але будуць тырчаць сярод пешаходнай дарожкі. Іх можна абкласьці пліткай.

Мікалай Крэчэтнікаў паведаміў пра тэрміны заканчэньня будаўніцтва Прыкладам, падземны пераход будзе гатовы ў лютым, а земляныя работы павінны быць завершаныя 30 красавіка. Галоўны інжынэр мяркуе, што ўсе пытаньні, зьвязаныя з Курапатамі, можна вырашыць мірна.

КРЭЧЭТНІКАЎ: Мы ж ня хочам тут напаскудзіць, нашкодзіць. Мы таксама за тое, каб Курапаты былі мэмарыялам. І вы бачыце, што мы, дарожнікі, робім што можам. Іншая справа, цалкам упарадкоўваць тэрыторыю мы ня будзем, бо гэта ня нашыя пытаньні. Будзе абвешчаны рэспубліканскі конкурс на ўладкаваньне гэтай тэрыторыі.

Вось як ацаніў вынікі сёньняшняй сустрэчы Павал Севярынец:

— Добра, што размова ўжо ідзе не з пазыцыяў «мы тут зробім, а вы паглядзіце», а сапраўды дасягаюцца нейкія кампрамісы, хай і самыя дробныя.

Павал Севярынец спадзяецца, што сустрэчы валанцёраў з будаўнікамі стануць рэгулярнымі.

11 студзеня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ДАПАМОГУЦЬ УСТАЛЯВАЦЬ ЛАВУ КЛІНТАНА

У Курапатах рыхтуюцца да цырымоніі.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай Курапаты зноў наведалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, а таксама дырэктар прадпрыемства «Магістральаўтадор» Анатоль Лыцін. Абмяркоўвалі падрыхтоўку да цырымоніі ўсталяваньня адноўленай лавы Клінтана. У перамовах бралі ўдзел і валанцёры. Яны зоймуцца падрыхтоўкай тэрыторыі. Распавядае Сяржук Высоцкі:

— У амэрыканскай амбасады ёсьць магчымасьці справіцца бяз нас — напрыклад, наняць нейкую фірму. Але тое, як яны ўсё робяць, ёсьць праявай цывільнасьці й відавочнай павагі да валанцёраў, нават не да валанцёраў, а да гэтага месца сталінскага генацыду над беларускім народам. Тое, што яны менавіта цяпер, зімою заняліся гэтым пытаньнем, ёсьць праявай маральнай падтрымкі.

Працягвае Аляксей Капэлян:

— Сёньня мы пачнем «адбіваць» парамэтры пляцоўкі, якая будзе каля лавы Клінтана, каб людзі стаялі ня ў сьнезе, а на цьвёрдай зямлі. Таксама праб’ецца дарога наверх. Прачысьцім пляцоўку ля намёту, а потым дарогу на горку. За два дні гэта будзе зроблена.

Аляксей кажа, што людзям цяпер найлепш ісьці да ўрочышча кружной дарогай, якую надоечы праклалі грэйдэрам.

КАПЭЛЯН: Будзе дарога праз поле. Пад’ехаць маюць права толькі дыпляматычныя й міністэрскія машыны. А ўсе астатнія людзі павінны кінуць свае машыны ля прыпынку і самі рухацца сюды — перасекчы дарогу, спускацца й ісьці полем.

Мэмарыяльны знак «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі», падараваны беларусам у 1994 годзе прэзыдэнтам Білам Клінтанам, быў разбураны вандаламі мінулым летам. Менш чым праз паўгода ён будзе адноўлены. Мэмарыяльнага знаку ад беларускіх уладаў, які б ушаноўваў памяць некалькіх соцень тысяч беларусаў, расстраляных у 1937–41-м гадах карнікамі НКВД, у Курапатах дагэтуль няма.

12 студзеня 2002

ДОБРААХВОТНІКІ ПАРАДКУЮЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ

Тым часам, улады ня робяць амаль нічога дзеля таго, каб людзям было зручна прыйсьці на цырымонію.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня раніцай у лягеры знаходзілася сем валанцёраў, якія правялі там мінулую ноч Яны расчышчалі сьнег каля крыжоў на Курапацкім узгорку. А таксама рабілі сьцежку да месца ўсталяваньня памятнага знаку. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Зараз у нас шмат працы. Мы паабяцалі амэрыканскім калегам, што дапаможам, і гэтае слова трымаем.

Апошнім часам Курапаты па некалькі разоў на дзень наведваюць прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі. Цягам апошніх дзён яны вялі перамовы з будаўнічым начальствам у справе добраўпарадкаваньня тэрыторыі ўрочышча і пад’ездаў да яго. Але перамовы прынесьлі няшмат плёну. Анатоль Лыцін паабяцаў толькі, што машыны з урадавымі і дыпляматычнымі нумарамі змогуць 15 студзеня пад’ехаць да Курапатаў па новым дарожным насыпе. Іншыя ж госьці мусяць пакінуць свае машыны на канцавым прыпынку транспарту «Зялёны Луг» і потым прыкладна 200 мэтраў ісьці да Курапатаў пешкі Гэты шлях, відавочна, будзе нялёгкім, бо расчышчаць падыходы да ўрочышча ад сьнегу будаўнічае начальства адмовілася Чыноўнікі заявілі валанцёрам, маўляў, гэта — вашая справа, рабіце ўсё самі. Не цікавяцца тым, як ідзе падрыхтоўка да ўрачыстасьці, і прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Беларусі Тым ня менш, валанцёры гавораць, што да аўторка прывядуць Курапаты ў належны стан. Яны ўжо пасыпалі сьцяжынкі пяском, расчысьцілі ўзгорак ад сьнегу, а таксама зьбіраюцца зрабіць прыступкі для бясьпечнага спуску з насыпу.

14 студзеня 2002

У КУРАПАТАХ РЫХТУЮЦЦА ДА ЦЫРЫМОНІІ

Тэрыторыю парадкуюць валанцёры і супрацоўнікі амэрыканскай амбасады, беларускія ўлады фактычна не дапамагаюць.

Ганна Соусь:

Сёньня майстравалі адмысловую драўляную трыбуну для заўтрашніх урачыстасьцяў. Памятны знак – лава Клінтана — ужо ўсталяваны, але пакуль прыкрыты тканінай. Ачы чаная ад сьнегу і прысыпаная пяском дарога вядзе праз

поле да Курапацкага пагорку. Як паведаміў сёньня Радыё Свабода кіраўнік «Магістральаўтадору» Анатоль Лыцін, які раніцай наведаў Курапаты, ягонае прадпрыемства не спрычынілася да падрыхтоўкі заўтрашніх урачыстасьцяў — усё зрабілі валанцёры ды прадстаўнікі амэрыканскай амбасады.

Паводле спадара Лыціна, заўтра з 12 да 14 гадзінаў будаўнічыя працы на ўчастку ля Курапатаў будуць прыпыненыя, каб нічога не перашкаджала людзям прыйсьці на цырымонію і каб у часе цырымоніі й набажэнства не былі чутныя гукі машынаў.

Паводле Сержука Высоцкага, тое, што валанцёры працавалі ў Курапатах на сваю ініцыятыву, выклікала нэрвовую рэакцыю з боку некаторых начальнікаў.

ВЫСОЦКІ: Нечакана прыехаў мясцовы начальнік, і аказалася, што мы ўсё падрыхтавалі — пясок насыпалі, сьнег прыбралі, ачысьцілі ад сьнегу крыжы. І прадстаўнік Савецкага райвыканкаму быў гатовы з намі сварыцца. Як жа так здолелі зрабіць — без уладаў, наўпрост з амэрыканцамі.

Валанцёры адмовіліся ад ганарару. Сяржук Высоцкі тлумачыць:

— Прапаноўвалі аплаціць гэтую працу, але гэтае месца — ня бізнэс для валанцёраў. Гэта месца, дзе мы ратуем сумленьне беларускага народу, дзе мы ратуем сваё ўласнае сумленьне.

Цырымонія адкрыцьця адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі беларускаму народу» адбудзецца заўтра а 13-й гадзіне.

Валанцёры ў вайсковым намёце.

Нарыхтоўка дроваў каля валанцёрскага намёту

Пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак у Курапатах 15 студзеня 2002 году.

15 студзеня 2002

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ЎРАЧЫСТАЯ ЦЫРЫМОНІЯ

Сюды прыехаў амбасадар ЗША, шмат іншых дыпляматаў высокага ўзроўню.

Ганна Соусь:

Дарога да ўрочышча была пазначаная бел-чырвона-белымі стужкамі — гэта будаўнікі агарадзілі шлях па Менскай кальцавой дарозе да ляснога масiву. А 13-й гадзіне ў Курапатах было ўжо некалькі соцень чалавек — валанцёраў, сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў, дыпляматаў, навукоўцаў, шараговых грамадзянаў. Цырымонію адкрыцьця адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі» распачаў амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.

КОЗАК: Сёньняшняя імпрэза як мага лепш пасуе для таго, каб аддаць даніну павагі пахаваным у гэтай сьвятой зямлі. Шмат нявінных людзей былі забітыя ў гэтым месцы. У асноўным беларусы, але й расейцы, палякі, літоўцы, украінцы ды іншыя.

Хаця Беларусь больш за іншыя краіны пакутавала ад замежных захопнікаў і катастрафічных катаклізмаў, тыя, што тут пахаваныя, не былі ахвярамі падобных пакутаў. Калі дакладней, яны былі ахвярамі ўраду. І многія з тых, што тут пахаваныя, самі працавалі на той урад. Выдатны беларускі паэт Янка Купала адметна адлюстраваў гэтую ідэю ў сваім вершы:

І прыйдзе новых пакаленьняў

На наша месца грамада

Судзіці суд, ці мы сумленна

Жыцьцё прайшлі, ці чарада

Зьняваг мінулых нас ня зьела,

Пакінуўшы свой дым і чад,

І мы па-даўняму нясьмела

Жылі ня ў лад і неўпапад?

А ўжо свой выдасьць непадкупны

Аб нас гісторыя прысуд,

Калі аглядам гляне рупным

І разьбярэ, ў чым справа тут.

Як і восем гадоў таму, калі амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан ушаноўваў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, сёньня ў Курапатах быў Станіслаў Шушкевіч, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі. Афіцыйныя беларускія ўлады прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Сычоў. Станіслаў Шушкевіч параўноўвае сёньняшнюю падзею з 1994 годам:

— Сёньня, я лічу, на вельмі нізкім узроўні прадстаўленыя ўлады — на ўзроўні намесьніка міністра. Калі ўсталёўвалася гэтая лава, тады Хвастоў, цяперашні міністар, быў перакладчыкам у нас. І сёньня мог бы прыехаць. Тады тут прымаў усіх Пазьняк. У нас была вельмі складаная сытуацыя. Было вялікае супрацьстаяньне візыту амэрыканскага прэзыдэнта наогул, і яшчэ найвялікшае супрацьстаяньне было ягонай паездцы ў Курапаты.

У часе сваёй прамовы амэрыканскі амбасадар выказаў падзяку аўтару памятнага знаку скульптару Алесю Шатэрніку, які адрэстаўраваў лаву Клінтана.

ШАТЭРНІК: Трэба было пераасэнсаваць. Проста склеіць было нецікава. Менавіта тое месца, дзе яна была расколатая на дзьве паловы, — я яго як бы пакінуў, зрабіў сымбалічным, і на гэта месца адліў з мэталу жалобны вянок.

У Курапаты прыехала шмат дыпляматаў. Пасьля цырымоніі я падышла да польскага амбасадара Марыюша Машкевіча. Ён стаяў ля крыжа, усталяванага ў памяць палякаў, якіх расстралялі ў Курапатах.

МАШКЕВІЧ: Сёньняшні дзень паказаў, што цэлы цывілізаваны сьвет супраць таталітарызму, супраць тэрарызму, і ахвяры, каторыя там ляжаць у гэтых магілках, ахвяры

НКВД, ахвяры таталітарнай сыстэмы — ушанаваныя, і гэта самае галоўнае. Для мяне як для польскага амбасадара важна тое, што такім чынам ушанавалі таксама й палякаў, якія тут спачываюць.

Марыюш Машкевіч разам зь літоўскім амбасадарам Ёнасам Паслаўскасам наведалі намёт, у якім жывуць абаронцы Курапатаў.

Сябры Беларускай Партыі Свабоды ў часе цырымоніі заставаліся ў намёце. Паводле лідэра БПС Сержука Высоцкага, гэта было выклікана тым, што яны не атрымалі запрашэньня на цырымонію, тады як былі запрошаныя ўсе астатнія апазыцыйныя палітыкі, і нават тыя, хто ўвогуле ня браў удзелу ў абароне Курапатаў, тыя, хто не наведваў урочышча апошнія месяцы.

Тым часам урачыстасьці працягваліся. Айцец Леанід Акаловіч асьвяціў адноўлены мэмарыяльны знак. І, як і восем гадоў таму й шмат разоў за апошнія амаль чатыры месяцы, што ідзе вартаваньне Курапатаў, ва ўрочышчы сьпявалі «Магутны Божа».

16 студзеня 2002

У КУРАПАТАХ АКТЫВІЗАВАЛІСЯ МІЛІЦЫЯНТЫ

Пасьля ўчорашняй цырымоніі ва ўрочышча зачасьцілі міліцыянты Валанцёры хочуць перагарадзіць дарогу, каб па лясным масiве ня езьдзілі на машынах.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай урочышча выглядала бязьлюдна, асабліва ў параўнаньні з учорашнім днём У намёце валанцёры распальвалі «буржуйку», геадэзiсты рабілі замеры на дарозе. Аднавілася будаўніцтва падземнага пераходу. Я заўважыла, як па засыпанай пяском шырокай дарозе на Курапацкі пагорак некалькі разоў заяжджала міліцэйская машына. Алесь Гетман мяркуе, што міліцыянты атрымалі загад сачыць за тым, каб з адрэстаўраваным памятным знакам ізноў чаго-небудзь ня здарылася.

ГЕТМАН: Учора пасьля цырымоніі дзесьці а пятай гадзіне прыехаў участковы, паглядзеў на лаўку і зьехаў. Сёньня а сёмай гадзіне раніцы зноў прыяжджалі міліцыянты, пыталіся: дзе лава? Нават ня ведалі, дзе яна знаходзіцца. І паехалі на пагорак на машыне. Мы сёньня абмеркавалі й вырашылі: будзем перагароджваць дарогу, каб па Курапатах ня езьдзілі машыны, нават міліцэйскія.

Да ўчорашніх урачыстасьцяў валанцёры паставіліся па-рознаму. Гаворыць Алесь Гетман:

— Было шмат людзей, нават такіх, якія тут ніколі не былі, нават у часе падзеяў 8 і 9 лістапада. І яны рабілі выгляд, быццам яны тут ледзь не галоўныя. Збоку гэта выглядала як самарэкляма перад амэрыканскімі й другімі амбасадарамі. Мы не былі на самой цырымоніі, але нас наведалі польскі й літоўскі амбасадары, якія выказалі падзяку валанцёрам.

Акрамя дыпляматаў, заўважыў Алесь Гетман, зь вядомых асобаў у намёт да валанцёраў зайшоў павітацца толькі Станіслаў Шушкевіч.

А вось што сказаў пра Курапаты народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч:

— Гэта месца сьвятое для нас, для нашага народу. Я амаль не сумняваюся, што два маіх дзядзькі тут ляжаць. На сёньняшні дзень невядома, дзе іх магілы. Іх схапілі ў 1937 годзе, і як у ваду... Таму я сюды заўсёды прыходжу з такім пачуцьцём, што гэта нашая сьвятыня, якой мы павінны даражыць.

17 студзеня 2002

АБАРОНЦАМ НЕ СТАЕ ХАРЧАВАНЬНЯ

Ежу валанцёрам прыносяць толькі некаторыя жыхары мікрараёну Зялёны Луг.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Курапатах начавалі восем чалавек, але раніцай засталіся толькі трое. Валанцёры палілі ў печы й нарыхтоўвалі дровы на вечар. Настрой у хлопцаў быў ня надта вясёлы, яны лічаць, што пасьля ўрачыстасьцяў, зьвязаных з аднаўленьнем лавы Клінтана, цікавасьць да Курапатаў пачала зьніжацца. Гаворыць Алесь Гетман:

— Пасьля таго буму, калі тут быў амэрыканскі амбасадар, людзі перасталі зьвяртаць на нас увагу. У нас увогуле няма ніякага фінансаваньня, няма ніводнай бляшанкі тушаніны. Засталося трохі сала, вось гэтым і харчуемся. Што будзе далей — ня ведаю.

Сёньняшнюю ноч разам з хлопцамі правёў у намёце адзін зь лідэраў апазыцыі Гарадзеншчыны, прафэсар гарадзенскага мэдунівэрсытэту Алесь Астроўскі. Спадар Астроўскі лічыць, каб зразумець, чым ёсьць Курапаты для беларусаў, трэба хаця б адну ноч правесьці ў лягеры абаронцаў мэмарыялу. Сёньня абаронцы працягвалі майстраваць новыя крыжы, якія агароджай будуць усталяваныя ўздоўж урочышча.

18 студзеня 2002

ЗА АБАРОНЦАМІ ЎНАЧЫ НАЗІРАЮЦЬ НЕВЯДОМЫЯ АСОБЫ

Нядаўна на валанцёраў учынілі напад прыхільнікі РНЕ й скінгеды.

Ганна Соусь:

Сёньня будаўнікі ўвесь дзень клалі бэтонныя пліты для падземнага пераходу Плянуюць, што вышыня пераходу будзе два з паловай мэтра. Будаўніцтва вядзецца шпарка.

Раніцай у намёце былi шэсьць валанцёраў. Распавядае актывіст БПС Ільля Ядранцаў:

— Частку ночы я быў на варце, рэшту спрабаваў заснуць. Час ад часу праяжджалі машыны. Адна ехала вельмі марудна. Гэта быў стары «рафік», шэры, зь цёмным шклом. Калі я пад вечар вяртаўся, там, дзе пачынаецца будоўля дарогі, стаяў таксама «рафік» зь цёмным шклом. Усё нас «пасуць», хочуць ведаць, што мы робім.

Ільлю 18 гадоў, ён вучыцца на факультэце радыёэлектронікі На ягонай куртцы — шэўрон з Пагоняй. Калісьці да рэфэрэндуму 1995 году гэткія шэўроны былі на міліцэйскай форме. Ільля прыходзіць у Курапаты амаль з самага пачатку варты, звычайна застаецца ў лягеры на ноч. Ягоны расповед працягвае Сяржук Высоцкі:

— Прыяжджалі жанчыны з Бабруйску, якія ўсю інфармацыю бралі выключна з Радыё Свабода. Прыходзяць людзі зь Менску, яны таксама слухаюць Радыё Свабода. Выступаў тут бард Ян з-пад Смаленску, ягонае прозьвішча — Віктар Бачыхін.

Сяржук Высоцкі распавёў пра надзвычайны інцыдэнт, які адбыўся надоечы з часткай абаронцаў Курапатаў, калі яны былі ў горадзе:

— РНЕ, скінгеды (эўрапейскія фашысты) і адкольнікі з БПС, як гэта ні сумна, — усе фактычна злучаныя ідэяй нянавісьці да нас, да курапацкіх змагароў. Напалі на восем чалавек, якія маюць дачыненьне да нашай арганізацыі, быў адзін прадстаўнік арганізацыі «Зубар» Яўген Афнагель і прадстаўніца Маладога Фронту. Зьбівалі страшэнна. Нашы, натуральна, далі адпор, наколькі маглі. Прысутнічалі пры гэтым, як ні дзіўна, нават відэакамэры, фатографы нейкія, якія ўсё гэта дакумэнтавалі. Калі пачалася бойка, тыя крыкнулі «Мы сейчас устроим вам Курапаты!»

У выніку гэтай бойкі два валанцёры трапілі ў шпіталь.

19 студзеня 2002

ВАДОХРЫШЧА

Сёньня ў лягеры абаронцаў адзначалі сьвята.

Альгерд Невяроўскі:

На ўчастку кальцавой аўтадарогі каля ўрочышча працягваліся будаўнічыя работы Пакуль я дайшоў да лягеру валанцёраў, пабачыў ажно тры машыны амонаўцаў. Уначы ў лягеры начавалi дзесяць чалавек, і ўсе яны бачылі, як па тэрыторыі Курапатаў хадзілі невядомыя людзі ў цывільным. Раніцай прыехала некалькі міліцэйскіх машынаў. Гаворыць Алесь Гетман:

— З раніцы тут пад’ехалі два ЎАЗікі АМОНу і яшчэ дзьве міліцэйскія машыны. Быў ізноў той маёр, які кіраваў, калі 8–9-га тут былі падзеі. Як яны нам растлумачылі, пасьля ўсталяваньня лаўкі Клінтана яны павінны два разы на дзень назіраць за ёю. Мы там перагарадзілі пад’езд стужкай, але стужку яны разарвалі і паехалі ўсё роўна. Але зараз мы будзем рабіць шлягбаўм.

Тым часам у Курапаты пачалі прыходзіць жыхары суседняга раёну Зялёны Луг, сябры КХП БНФ ды проста людзі, якім неабыякавы лёс мэмарыялу Сёньня на сьвята Вадохрышча набажэнства ў Курапатах служыў айцец Леанід Акаловіч. Сабралася каля 30 чалавек. Многія несьлі валанцёрам прадукты, цёплыя рэчы ды ўвогуле дапамагалі, чым маглі. Гаворыць госьць валанцёраў Валянцін Мацкевіч, які пастаянна дапамагае жыхарам курапацкага лягеру:

— Я кожную нядзелю прыходжу, нешта прынясу з сабою: цыгарэты, ці што. Яны адстойваюць за ўсіх нас, за ўсю Беларусь. Ім трэба дапамагчы. Фактычна, яны за гэты год зрабілі немагчымае, тое, чаго не зрабілі палітычныя партыі, гэтыя хлопцы ўзводзяць такі слуп, за які можна чапляцца. Слуп упартасьці ў змаганьні за мэту.

20 студзеня 2002

СЁНЬНЯ БУДАЎНІКІ ПРАЦАВАЛІ НА ПАДЗЕМНЫМ ПЕРАХОДЗЕ

За работамі няспынна сочаць валанцёры.

Ганна Соусь:

Плянуецца, што неўзабаве ў Курапаты прыедуць сябры Гарадзенскай філіі Партыі БНФ, каб далучыцца да вартаваньня нацыянальнага нэкропалю.

21 студзеня 2002

ГІСТОРЫКІ ПРА КУРАПАЦКУЮ ПРАБЛЕМУ

Навуковая група ў Інстытуце гісторыі, якая займалася гісторыяй палітычных рэпрэсіяў, была скасаваная пасьля 1996 году.

Ганна Соусь:

Межы ахоўнай тэрыторыі гістарычнага помніку першай катэгорыі – Курапацкага масiву – толькі цяпер будуць нанесеныя на мапу Генэральнага пляну разьвіцьця Менску Гаворыць археоляг Алег Іоў:

— Да вясны будаўнікі павінны зрабіць яшчэ дзьве працы, што зьвязаныя зь землянымі работамі. З правага боку дарогі, бліжэй да гораду будзе праводзіцца вадавод, і невялікая траншэя будзе рабіцца пад калектарам, каб сьцякала вада да трубы, якую зараз ужо праклалі. І на пляцоўцы ля Крыжа Пакутаў таксама будзе зроблены невялікі калектар, троху ўздымуць узровень грунту. І потым, калі пачнуць ставіць падпорныя сьценкі, трэба будзе за гэтым прасачыць.

Алег Іоў браў удзел у раскопках у Курапатах разам зь Зянонам Пазьняком. Тады раскопкі ініцыявала пракуратура пасьля выхаду артыкула Пазьняка «Курапаты – дарога сьмерці». Паводле Алега Іова, адмысловыя археалягічныя раскопкі дзеля пошуку масавых пахаваньняў і вызначэньня імёнаў ахвяраў палітычных рэспрэсіяў у Беларусі дагэтуль не праводзіліся.

ІОЎ: Як польскія навукоўцы ў Катыні ды іншых месцах рабілі адмысловыя дасьледаваньні месцаў рэпрэсіяў. У нас жа ані спэцыяльна, ані мэтанакіравана мы там не капалі. Мы капалі ў сувязі са сьледзтвам, і былі прыцягнутыя туды як спэцыялісты, як экспэрты. Але адмысловых раскопак не вялося ў Беларусі ніколі. Хоць месцы ёсьць, якія можнабыло б дасьледаваць.

— Якія?

— Лошыца. У Менску некалькі такіх месцаў. Калі тут быўяшчэ Зянон Станіслававіч, хацелі раскапаць, прашурфаваць Лошыцу. Але літаральна за дзень да таго, як мы туды зьбіраліся, гэтае месца засыпалі гравіем і пабудавалі там гараж! Капаць варта практычна ў кожнай турме. Дзе былі турмы, там расстрэльвалі. Гэта Вялейка, Горадня. Асабліва 1941 год, калі пачалася вайна, усе палітычныя, якія там былі, усе загінулі каля турмы. Я ведаю, што каля Пінску ёсьць такія месцы...

Наступная мая суразмоўца – старшая навуковая супрацоўніца Інстытуту гісторыі Валянціна Вяргей.

ВЯРГЕЙ: Гэты помнік нават ня быў нанесены на Генплян. Зараз, калі межы пазначаныя на мясцовасьці, трэба вызначыць іхныя каардынаты й зьмясьціць на Генэральным пляне разьвіцьця Менску. У інстытуце ў нас была група па дасьледаваньні палітычных рэпрэсіяў. Яна скасаваная пасьля 1996 году. Яшчэ быў аддзел пры архіўнай управе – зьбіраўся кампутарны архіў рэпрэсаваных у Беларусі. Зараз зьвесткі з гэтага архіву перададзеныя па абласьцях, нават у абласныя публічныя бібліятэкі. Але доступ да іх закрыты, лічыцца, што яны ў распрацоўцы знаходзяцца.

Валянціна Вяргей мяркуе, што трэба наноў ствараць адмысловы цэнтар дасьледаваньняў гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, і менавіта цяперашнія падзеі ў Курапатах могуць паспрыяць гэтаму.

22 студзеня 2002

АБАРОНЦАМ НЕ ХАПАЕ ЕЖЫ

Валанцёрамі зацікавіліся прыхільнікі РНЕ і руху скінгедаў — надоечы ўвечары яны прыходзілі ў Курапаты.

Ганна Соусь:

Ля Курапатаў працягваюць будаваць падземны пераход — ужо выклалі ягоную аснову з бэтонных плітаў. У намёце абаронцаў я засьпела сёньня чатырох валанцёраў. Мы размаўляем, седзячы ля цёплай «буржуйкі». Адзін з валанцёраў рэжа сала з апошніх запасаў: у абаронцаў усё больш праблемаў з харчамі. Алесь Гетман кажа:

— Фінансаваньня ў нас увогуле ніякага няма. Учора ледзь грошай назьбіралі на адну сьвечку, каб уначы не было цёмна ў намёце. У людзей у саміх зараз няма сродкаў, таму нясуць тое, што нарыхтавалі ўлетку на зіму. Варэньня ў нас столькі ўжо, што ня ведаем, што зь ім рабіць. Але адным варэньнем сыты ня будзеш. Новыя людзі амаль што не падыходзяць. Калі нас чуюць у рэгіёнах, то мы запрашаем людзей, каб яны прыяжджалі сюды хаця б на суботу, нядзелю, каб дапамагчы, бо працы ў нас зараз шмат.

Дачыненьні з будаўнікамі, паводле Алеся Гетмана, у валанцёраў даволі стрыманыя, бо цяпер у Курапатах працуе зьмена рабочых, якія валілі крыжы 8 і 9 лістапада. Мой наступны суразмоўца — Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Некаторыя людзі пытаюцца: «А чаму вы тут застаяцеся? Усё ж ужо адбылося. Пікам было ўсталяваньне мэмарыяльнага знаку ЗША, а зараз ужо час сыходзіць». Насамрэч гэта тое, чаго хоча рэжым. Каб чарговы раз сказаць, што яны былі, каб паказацца перад камэрамі й дапамагчы амэрыканцам. Не, якраз наадварот. Тыя, хто так лічыў, якраз і сышлі, а ў Курапатах засталіся людзі, якія бачаць у гэтым справу сваёй нацыянальнай годнасьці

Апошнім часам валанцёры адчуваюць пільную ўвагу з >боку прыхільнікаў РНЕ ды іншых прафашыстоўскіх арганізацыяў. Некалькі дзён таму ўвечары яны наведваліся >ў лягер абаронцаў Курапатаў.

ГЕТМАН: Натоўп быў чалавек пятнаццаць. Стаялі, мабыць, паўгадзіны. Потым ад іх аддзяліўся і падышоў да нас хлопец. Спытаўся, ці ёсьць тут БПС і нацбрыгады. Спытаўся, якая ў нас сувязь. Яго ў намёт ніхто не пусьціў. Мы сказалі, што ў намёце пятнаццаць чалавек сядзяць. Ён паразмаўляў, пайшоў да астатніх, і яны сышлі.

Валанцёры не выключаюць, што менавіта гэтыя людзі спрычыніліся да леташняга разбурэньня лавы Клінтана. Да таго ж апошнім часам у горадзе ўжо адбылося некалькі абаронцаў я засьпела сёньня чатырох валанцёраў. Мы размаўляем, седзячы ля цёплай «буржуйкі». Адзін з валанцёраў рэжа сала з апошніх запасаў: у абаронцаў усё больш праблемаў з харчамі. Алесь Гетман кажа:

— Фінансаваньня ў нас увогуле ніякага няма. Учора ледзь грошай назьбіралі на адну сьвечку, каб уначы не было цёмна ў намёце. У людзей у саміх зараз няма сродкаў, таму нясуць тое, што нарыхтавалі ўлетку на зіму. Варэньня ў нас столькі ўжо, што ня ведаем, што зь ім рабіць. Але адным варэньнем сыты ня будзеш. Новыя людзі амаль што не падыходзяць. Калі нас чуюць у рэгіёнах, то мы запрашаем людзей, каб яны прыяжджалі сюды хаця б на суботу, нядзелю, каб дапамагчы, бо працы ў нас зараз шмат.

Дачыненьні з будаўнікамі, паводле Алеся Гетмана, у валанцёраў даволі стрыманыя, бо цяпер у Курапатах працуе зьмена рабочых, якія валілі крыжы 8 і 9 лістапада. Мой наступны суразмоўца — Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Некаторыя людзі пытаюцца: «А чаму вы тут застаяцеся? Усё ж ужо адбылося. Пікам было ўсталяваньне мэмарыяльнага знаку ЗША, а зараз ужо час сыходзіць». Насамрэч гэта тое, чаго хоча рэжым. Каб чарговы раз сказаць, што яны былі, каб паказацца перад камэрамі й дапамагчы амэрыканцам. Не, якраз наадварот. Тыя, хто так лічыў, якраз і сышлі, а ў Курапатах засталіся людзі, якія бачаць у гэтым справу сваёй нацыянальнай годнасьці.

Апошнім часам валанцёры адчуваюць пільную ўвагу з боку прыхільнікаў РНЕ ды іншых прафашыстоўскіх арганізацыяў. Некалькі дзён таму ўвечары яны наведваліся ў лягер абаронцаў Курапатаў.

ГЕТМАН: Натоўп быў чалавек пятнаццаць. Стаялі, мабыць, паўгадзіны. Потым ад іх аддзяліўся і падышоў да нас хлопец. Спытаўся, ці ёсьць тут БПС і нацбрыгады. Спытаўся, якая ў нас сувязь. Яго ў намёт ніхто не пусьціў. Мы сказалі, што ў намёце пятнаццаць чалавек сядзяць. Ён паразмаўляў, пайшоў да астатніх, і яны сышлі.

Валанцёры не выключаюць, што менавіта гэтыя людзі спрычыніліся да леташняга разбурэньня лавы Клінтана. Да таго ж апошнім часам у горадзе ўжо адбылося некалькі нападаў на абаронцаў Курапатаў. Сытуацыю тлумачыць Сяржук Высоцкі:

— Ужо адбыліся тры маштабныя сутычкі. Былі падрыхтаваныя брытагаловыя. Сярод іх пазналі шэраг актывістаў РНЕ, правую руку Глеба Самойлава, прадстаўнікоў руху скінгедаў. Яны разьлічваюць вывесьці адсюль людзей, выбіць іх з Курапатаў.

23 студзеня 2002

ВАЦЛАЎ НЯМКОВІЧ: «БАЛЬШАВІКІ БЫЛІ — БАЛЬШАВІКІ ЗАСТАЛІСЯ»

Наша карэспандэнтка сустрэлася са старшынём Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлавам Нямковічам, які 14 гадоў займаецца справай мэмарыялу.

Ганна Соусь:

Летась 14 верасьня Вацлаў Нямковіч патрапіў у аварыю. Некалькі месяцаў давялося быць у гіпсе. Калі ён згадвае гэты выпадак, у яго на вачах сьлёзы — бо крыўдна, што ня змог узяць удзелу ў падзеях, што адбываліся ў Курапатах гэтыя чатыры месяцы. А Курапаты для Вацлава Нямковіча апошнія 14 гадоў ёсьць сэнсам жыцьця. Грамадзкае аб’яднаньне Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» было створанае 10 гадоў таму дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў У невялічкай кватэры Вацлава Нямковіча месьціцца сапраўдны архіў — газэтныя публікацыі пра Курапаты, стэнаграмы паседжаньняў, дзе разглядаліся праекты конкурсу на стварэньне помніка, пасьведчаньне аб наданьні Курапатам статусу помніка першай катэгорыі ды іншае Мы сядзім за сталом, на якім ляжыць вялікая мапа Курапатаў, і размаўляем. Вацлаў Нямковіч згадвае, як у 1993 годзе ў Чырвоным касьцёле праходзіў конкурс праектаў помніка ў Курапатах.

НЯМКОВІЧ: Быў 51 варыянт помніка — ведаеце, то крыж, то страляюць, то зорка ў баку... З 51-го выбралі 26 праектаў. Тады кожны мастак хацеў увекавечыць сваё прозьвішча. З 26-ці выбралі лепшых пяць, потым далучыўся яшчэ шосты. Мастакі «рэжуць» Курапаты ўздоўж і ўпоперак — хто царкву ставіць на гары, хто ўкопвае ў зямлю, хто крыж празрысты, прапануюць кавярнi, фантаны...

Вацлаў Нямковіч мае ўласны погляд на тое, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах.

НЯМКОВІЧ: Ня рухаць ямы, на кожнай паставіць крыж. Зрабіць прыгожую мастацкую агароджу. Паставіць дзьве брамы на ўваходзе й выхадзе — Брама Смутку й Брама Надзеі. Уздоўж Алеі Смутку паставіць знакі з усіх Курапатаў, якія ёсьць у Беларусі, знакі пра ўсіх нашых вялікіх людзей, загінулых у часы бальшавізму. Пасярэдзіне могільніка павінен быць вялікі крыж. У пачатку паставіць маленькую каплічку для ўсіх канфэсіяў. Яшчэ патрэбны навуковы будынак — бібліятэка, кіназаля.

Вацлаў Нямковіч не спадзяецца, што й цяпер, калі чарговы раз будзе абвешчаны конкурс на стварэньне помніка, у Курапатах хутка паўстане мэмарыял І вось чаму:

— Бальшавікі былі — бальшавікі засталіся. Ніхто не памяняўся, усе на месцы, яны кіруюць...

Вацлаў Нямковіч мяркуе, што ў курапацкай зямлі мусіць быць руплівы гаспадар.

НЯМКОВІЧ: Я два гады «адваяваў» — шукаў гаспадара. Ніхто ня хоча, ніводны музэй у Беларусі. Ёсьць мэмарыял у нас у Хатыні, чаму й ня тут?.. Ёсьць лесапаркавая гаспадарка, але ж гэта паркавая арганізацыя, яны ж не гаспадары гэтага помніку. Няма гаспадара ў мэмарыялу.

Вацлаў Нямковіч пакуль ня бачыць арганізацыі альбо ўстановы, што здолела б стаць сапраўдным гаспадаром нацыянальнага нэкропалю. Але галоўнае цяпер, паводле Вацлава Нямковіча, каб у пытаньні наконт Курапатаў была згода.

24 студзеня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ ВАРТУЮЦЬ КУРАПАТЫ

Згуртаваньне беларусаў Канады выказала падзяку і падтрымку валанцёрам у іхнай барацьбе.

Ганна Соусь:

Самі валанцёры мяркуюць, што яны прайшлі толькі частку свайго шляху. Напэўна, самую складаную, бо давялося перажыць міліцэйскую аблогу, суды, пакараньні, моцныя маразы, хваробы й расчараваньні. Гаворыць Алесь Гетман, які правёў у Курапатах каля трох месяцаў:

— Яшчэ тут вельмі шмат працы, але будзем трымацца. Вялікі дзякуй людзям, якія едуць сюды зь Менску, каб прывезьці нам што-небудзь, альбо маральна падтрымаць. Прыяжджаюць людзі, каб паіграць нам на гітары, бо насамрэч цяпер вельмі сумна ўсё выглядае, асабліва калі пачаў таяць сьнег. Вельмі сумна. Грукат машын з самай раніцы...

Сапраўды, пасьля адлігі ўсё больш відавочныя наступствы рэканструкцыі кальцавой дарогі. Пясок, заваленыя крыжы, пад нагамі куламесь. Ля намёту валанцёраў ляжаць яловыя галінкі, каб не было гэтак вільготна Па дарозе на Курапацкі пагорак бачныя сьляды машынаў. Алесь Гетман працягвае:

— Гэта амонаўскія машыны заяжджаюць на ўзгорак паглядзець лаўку Клінтана. Мы з амонаўцамі ўжо размаўлялі наконт таго, каб яны хадзілі туды пешкі, а ня езьдзілі па Курапатах на машынах. Ёсьць зьмены, што пехам ідуць, а ёсьць такія, што залятаюць туды на сваіх УАЗіках. Два разы на дзень яны глядзяць на лаву Клінтана.

Нядаўна валанцёрам перадалі ліст са словамі падзякі й падтрымкі ад Згуртаваньня беларусаў Канады. Зьвяртаючыся да абаронцаў, прадстаўнікі Згуртаваньня адзначаюць, што «гэта вельмі няпроста — выйсьці ў першыя рады і даць прыклад людзям, што можна змагацца з чорнымі сіламі, запаліць агонь сьвятла й надзеі, і паказаць, што ў нас ёсьць будучыня». Канадзкія беларусы не падзяляюць валанцёраў на прадстаўнікоў тых ці іншых групаў ці плыняў, для іх усе актывісты — мужныя людзі, змагары за шчасьце беларускага народу.

Акрамя Згуртаваньня беларусаў Канады, надоечы абаронцаў падтрымалі й беларусы Літвы — перадалі валанцёрам цукерак.

25 студзеня 2002

ПРАДСТАЎНІКІ ЖДАНОВІЦКАГА ЛЯСГАСУ СКЛАЛІ НА ВАЛАНЦЁРАЎ ПРАТАКОЛ

Абаронцам належыць наведаць на наступным тыдні сядзібу лясгасу.

Ганна Соусь:

Паводле Алеся Гетмана, прадстаўнікі лясгасу распавялі валанцёрам, што надоечы іхнаму начальству патэлефанавалі зь Міністэрства ўнутраных справаў, і менавіта з гэтай прычыны яны цяпер і высьвятляюць, дзе валанцёры бяруць дровы для абагрэву намёту.

25 студзеня 2002

ПРА КУРАПАТЫ НАПІШУЦЬ КНІГУ

Грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» рыхтуе да друку кнігу.

Ганна Соусь:

Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы Сяргей Сахараў, празь некалькі тыдняў выйдзе ў сьвет кніга пра Курапаты, у якой будзе адлюстраваная гісторыя нацыянальнага нэкропалю ад 1930-х да 2002 году Выданьне амаль гатовае да друку, чакае толькі канчатковага рэдагаваньня, ужо ёсьць прыблізны макет вокладкі. Як адзначыў Сяргей Сахараў, кнігу падрыхтавала адмысловая група.

САХАРАЎ: Гэтую групу ўзначальвае старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Дыярыюш» Ларыса Андросік, і ў яе ўваходзяць Ігар Кузьняцоў, Алег Іоў, Мікола Крывальцэвіч. А таксама Вацлаў Арэшка, які займаецца рэдагаваньнем гэтай брашуры. Кузьняцоў піша пра тое, што адбывалася ў Курапатах у 1930-я гады. А што тычыцца Крывальцэвіча й Іова, то яны глядзяць на курапацкую праблему з гледзішча археалёгіі. Трэцяя частка тычыцца самых апошніх падзеяў вакол Курапатаў. Спадар Вацлаў Арэшка мяркуе, што каб усе бакі былі задаволеныя кнігай, яна мусіць быць чыста інфарматыўнай. Наклад мяркуецца ня меншы за 500 асобнікаў.

Апроч гэтага, вырашана абвясьціць конкурс на найлепшы праект мэмарыялу ў Курапатах. Як адзначыў Сяргей Сахараў, інфармацыя пра конкурс будзе апублікаваная ў СМІ. Пытаньне аб пабудове ў Курапатах мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсіяў надоечы абмяркоўвалі й дэпутаты палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Паводле кіраўніка камісіі ў справе правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ Валерыя Ліпкіна, узьвядзеньне мэмарыялу будзе садзейнічаць «аднаўленьню гістарычнай справядлівасьці» і «пакладзе канец спрэчкам, якія існуюць у грамадзтве». Сябры камісіі маюць намер зьвярнуцца да старшыні палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова з тым, каб ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня на сэсіі.

26 студзеня 2002

ВАЛАНЦЁРАЎ ВЫКЛІКАЮЦЬ У ЛЯСЬНІЦТВА

Тым часам да іх далучаюцца добраахвотнікі з Расеі.

Ганна Соусь:

Раніцай каля намёту валанцёраў стаялі тры міліцэйскія машыны. Кожная зь іх цягам дня па некалькі разоў заяж-джае на Курапацкі пагорак — гэткім чынам міліцыянты сьцерагуць адноўленую лаву Клінтана Абаронцы неаднойчы спрабавалі пераканаць міліцыянтаў хадзіць да мэмарыяльнага знаку пешкі, але пакуль безвынікова Сёньня ў Курапатах абмяркоўвалі ўчорашнія падзеі, калі прадстаўнікі лясной гаспадаркі склалі пратакол на Алеся Гетмана за тое, што нібыта валанцёры валяць лес.

ГЕТМАН: Учора дзесьці аб 11-й гадзіне завіталі прадстаўнікі ахоўнага лясьніцтва. Адзін зь іх — спадар Макоўскi са Ждановіцкага лясьніцтва. Яны пастанавілі, што ў квадраце 83 незаконна ўсталяваны намёт і тэрыторыя вакол яго забруджаная рэшткамі дроваў.

Алесю Гетману належыць цяпер у аўторак наведаць кантору лясьніцтва, каб, як гаворыцца ў пратаколе, «узгадніць магчымасьць знаходжаньня на тэрыторыі лясьніцтва» Алесь мяркуе, што такім чынам улады хочуць прымусіць валанцёраў пакінуць Курапаты Дарэчы, некалькі месяцаў таму ў Курапаты ўжо наведваліся лесьнікі, але тады яны пагадзіліся з тым, каб валанцёры валілі сухастой З чым зьвязаная гэткая перамена ў стаўленьні лясьнічых да валанцёраў? Алесь Гетман працягвае:

— Яны адказалі, што ім патэлефанавалі зь Міністэрства ўнутраных справаў і прапанавалі падысьці разабрацца з тым, што тут валанцёры валяць лес і робяць крыжы. А крыжы мы рабілі з таго лесу, які валілі будаўнікі.

Да таго ж, распавёў Алесь Гетман, цяпер валанцёры паляць у «буржуйцы» збольшага вуглём, які надоечы прывезьлі іхныя прыхільнікі. Сёньня, як і звычайна ў выходныя дні, у Курапаты прыходзілі людзі. Сьвятлана Данілава прыехала з Барысава Яна прывезла валанцёрам юшку, яшчэ цёплую бульбу з грыбамі, а таксама халадзец Бацька спадарыні Сьвятланы Іван Хрып быў расстраляны карнікамі НКВД, і дагэтуль невядома, дзе ён пахаваны. Спадарыня Сьвятлана, мяркуе, што найхутчэй у Курапатах.

ДАНІЛАВА: Калі я пачула, што тут пачалі будаваць дарогу на касьцях, я ня здолела да гэтага паставіцца абыякава, і таму ўвесь час цяпер сюды ежджу.

Апошнім часам да валанцёраў далучыўся Антон Шкурынскі з расейскага гораду Мураму, што ва Ўладзімерскай вобласьці. Летась ён прыехаў у Менск у госьці да свайго сябра, а калі даведаўся пра падзеі ў Курапатах, вырашыў узяць удзел у вахце памяці.

ШКУРЫНСКІ: Тут мусіць быць мэмарыял. Насамрэч цяперашняя вахта — гэта таксама супрацьстаяньне цяперашняму рэжыму й напамін аб мінулым, аб сталінскіх рэпрэсіях, і напамін пра тое, што мінулае можа вярнуцца.

Род Антона паходзіць з Заходняй Украіны, за савецкім часам шмат ягоных родных пацярпелі ад масавых рэпрэсіяў і цяпер ляжаць у брацкіх магілах ў Сыбіру, Казахстане, на Калыме ды ў Салаўках. Ужо некалькі тыдняў Антон Шкурынскі вывучае ў Курапатах беларускую мову, і на маё пытаньне, як доўга ён зьбіраецца знаходзіцца ў Курапатах, адказаў:

— Да перамогі.

27 студзеня 2002

НАЧНЫЯ «ГОСЬЦІ»

Ноччу ў курапацкім лягеры зьявіліся невядомыя асобы, якія прапаноўвалі абаронцам выпіць гарэлкі ды забыцца на сваю варту.

Альгерд Невяроўскі:

У Менску пачалася адліга, i дабрацца да курапацкага мэмарыялу стала надзвычай складана. Новы дарожны насып настолькі разьмяк ад дажджу, што ні прайсьці, ні праехаць па ім амаль немагчыма. Пакуль я ішоў ад канцавога прыпынку «Зялёны Луг» да Курапатаў, я бачыў, як буксавалі й не маглі праехаць па дарозе цяжкія МАЗы будаўнікоў. Відаць, з прычыны такой непагоды ўсе будаўнічыя работы на курапацкім участку Менскай кальцавой дарогі спынілі.

У вайсковым намёце валанцёраў знаходзіліся чатыры хлопцы (ноччу іх было шэсьць чалавек), якія палілі печку й адпачывалі. У дождж нікому не хацелася выходзіць на вуліцу. Старшы ў лягеры Алесь Гетман распавёў:

ГЕТМАН: Уначы быў цікавы візыт. Прыйшлі тры хлопцы, ад якіх пахла гарэлкай. Яны прапаноўвалі й нам прынесьці гарэлкі. Я кажу: у нас сухі закон, мы сабе забаранілі. Але яны настойвалі. Мы тут абмяркоўвалі гэта й лічым, што, відаць, улады тут нешта зьбіраюцца рабіць. А мы ім як костка ў горле.

Сёньня валанцёры плянавалі займацца прыборкай тэрыторыі й майстраваць новыя крыжы. Аднак апоўдні ў лягер прыйшлі некалькі жанчын, якія прынесьлі валанцёрам гарачай хатняй ежы. Гаворыць спадарыня Вера:

— Мы заўсёды нешта прыносім хлопцам. Ці піражкі, ці пірагі, дранікі — што ёсьць. Мы прыхільніцы таго, што хлопцы робяць, і лічым абавязкам ім дапамагчы.

Нягледзячы на кепскае надвор’е, прыйшоў у Курапаты й айцец Леанід Акаловіч.

АКАЛОВІЧ: Я абавязаны, бо мы дамовіліся, што кожную нядзелю — якое б ні было надвор’е, колькі б ні было тут нашых вернікаў — адзін, два ці тры. Хто прыходзіць у імя Хрыстовае, будзе й Бог з намі. Дык вось, прыходзім тут справіць малітву альбо абедніцу ды памянуць нявінна палеглых забітых нашых курапатцаў.

А ўвечары ў лягеры пройдзе нарада маладзёвай курапацкай ініцыятывы. Валанцёры будуць абмяркоўваць мэмарыялізацыю Курапатаў, а таксама стварэньне разам з арганізацыяй «За ўратаваньне Курапатаў» кнігі пра гісторыю й абарону ўрочышча.

28 студзеня 2002

ШМАТ РЭПРЭСАВАНЫХ БЕЛАРУСАЎ ДАГЭТУЛЬ НЕ РЭАБІЛІТАВАНЫЯ

Архівы КГБ, у якіх знаходзіцца інфармацыя пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, дагэтуль закрытыя. Навукоўцы ня маюць доступу да матэрыялаў. Пра гэта — гутарка з дасьледчыцай, кандыдаткай гістарычных навук Нінай Стужынскай.

Ганна Соусь:

Амаль уся інфармацыя пра палітычныя рэпрэсіі знаходзіцца ў архівах КГБ, але часткова яе можна адшукаць і ў Нацыянальным архіве — тут захоўваецца частка матэрыялаў па гэтак званым «палітычным бандытызьме», кулацкай контаррэвалюцыі й палітычных рэпрэсіях Ніна Стужынская, якая ўжо шмат гадоў займаецца гісторыяй антысавецкага супраціву, у свой час мела магчымасьць працаваць з дакумэнтамі ў архівах КГБ.

СТУЖЫНСКАЯ: Гэта вельмі спэцыфічны архіў. Ён ніколі ня быў адкрыты. Навуковец ці сваяк рэпрэсаванага можа пацікавіцца канкрэтнай асобай, і толькі па прозьвішчу чалавека (пажадана мець год і месца яго нараджэньня) супрацоўнік архіву, звычайна афіцэр КГБ, шукае адпаведныя матэрыялы. Ёсьць яны на самой справе ці няма, нам невядома — мы можам толькі верыць ці ня верыць супрацоўніку.

Ніна Стужынская згадвае, як напачатку дзевяностых, маючы адмысловую паперу ад Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, можна было дасьледаваць пэўныя матэрыялы ў архівах КГБ. Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася.

СТУЖЫНСКАЯ: Летась я праявіла такую цікаўнасьць. Справа ў тым, што я заканчваю доктарскую дысэртацыю «Антысавецкі рух у Беларусі ў 1918–1929 г.». Я пацікавілася, ці маю я магчымасьць зазірнуць у тыя самыя дакумэнты, якія я глядзела 4–5 гадоў таму. Аказалася, што не.

І ўсё ж многія навукоўцы і цяпер, нягледзячы на закрытыя архівы, працягваюць вывучаць гісторыю палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Ніна Стужынская працягвае:

— Тут ёсьць адзін момант — з гэтай тэмай немагчыма абараніцца. Для дзяржавы гэтая тэма небясьпечная — і тэма супраціву, і тэма палітычных рэпрэсіяў. Вельмі кароткі быў тэрмін адноснай дэмакратыі ў Беларусі, навукоўцы проста не пасьпелі да канца вывучыць тэму Курапатаў. Але я ўпэўненая, што дакумэнты існуюць.

Якім чынам цяпер можна даведацца пра сапраўдную гісторыю Курапатаў, каб прагучалі ўсе імёны забітых там людзей? Многія беларусы атрымалі напачатку 1990-х даведкі аб рэабілітацыі сваіх родных, у якіх было запісана прыкладна так: «Расстраляны ў Менску, хутчэй за ўсё, у Курапатах».

СТУЖЫНСКАЯ: Што тычыцца курапацкіх справаў, я думаю, што, канечне, могуць зьвярнуцца вельмі канкрэтныя людзі, якія маюць вось такія даведкі. Але я лічу, што гэта бессэнсоўна зараз. Каб даведацца гісторыю Курапатаў, гісторыю тых людзей, якія там паляглі, патрэбныя кардынальныя зьмены — найперш ва ўладзе.

Ніна Стужынская адзначае й яшчэ адну важную акалічнасьць. Дагэтуль не рэабілітавалі беларусаў, якіх абвінавачвалі ў арганізацыі контаррэвалюцыйных выступаў ці паўстаньняў супраць савецкай улады.

СТУЖЫНСКАЯ: Магу прывесьці прыклад Юркі Лістапада. Ён меў тры прысуды. І ён рэабілітаваны па дзьвюх справах, але не рэабілітаваны па адной — гэта прысуд 1926 году, якраз за арганізацыю контаррэвалюцыйнага выступу супраць савецкай улады. Я прысутнічала гадоў шэсьць таму на судзе. Наш суд вельмі жорстка паставіўся, маўляў, гэта антыканстытуцыйны ўчынак і не падлягае рэабілітацыі.

28 студзеня 2002

БОЛЬШ ЗА ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Сёньня за рэканструкцыяй Менскай кальцавой дарогі назіралі сем валанцёраў.

Ганна Соусь:

Будаўнікі робяць падземны пераход, а таксама падвышаюць узровень дарогі. Валанцёры рыхтуюцца ісьці ў Ждановіцкую лясную гаспадарку, куды іх выклікалі для размовы наконт нібыта «незаконнага ўсталяваньня намёту» і высечкі лесу. Разам зь імі ў лясьніцтва пойдуць прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» і карэспандэнт Радыё Свабода.

29 студзеня 2002

128 ДЗЁН ВАХТЫ ПАМЯЦІ

За рэканструкцыяй Менскай кальцавой дарогі сёньня сачылі тры добраахвотнікі.

Ганна Соусь:

Валанцёры не зьбіраюцца пакідаць урочышча да заканчэньня земляных работ, а магчыма, і да таго часу, пакуль ня будзе пабудаваны мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

30 студзеня 2002

УЛАДЫ ЦІСНУЦЬ НА ВАЛАНЦЁРАЎ ПРАЗЬ ЛЯСЬНІЦТВА

Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі й Алесь Гетман наведалі Ждановіцкае лясьніцтва Менскай лесапаркавай гаспадаркі.

Ганна Соусь:

Падставай для візыту стаў інцыдэнт на мінулым тыдні, калі на добраахвотніка Алеся Гетмана склалі пратакол за нібыта «незаконнае ўсталяваньне ў лесе намёту» і высечку дрэваў. Паводле лясьнічага Сяргея Макоўскага, у Менскую лесапаркавую гаспадарку патэлефанавалі зь Міністэрства ўнутраных справаў і папрасілі паўзьдзейнічаць на валанцёраў Лясьнічы на пачатку размовы з абаронцамі выказаўся даволі шчыра:

— Адразу скажу — палітыка нам не патрэбная.

— Скажыце, калі ласка, чаму гэтае пытаньне ўзьнікла толькі цяпер, праз чатыры месяцы? Намёт у лесе даўно стаіць...

— Гэта й ёсьць палітыка. Калі ня могуць разабрацца ўлады, дык што нам? Пачнеце валіць лес — вось і будзем разьбірацца.

Валанцёры выказвалі свае аргумэнты — каб усталяваць у лесе намёт, не патрэбныя ніякія дазволы ўладаў, а на ацяпленьне намёту ідуць дрэвы, якія будаўнікі павалілі яшчэ летась. У часе размовы высьветлілася, што ў дакумэнтах Менскай лесапаркавай гаспадаркі дагэтуль не пазначана, што Курапаты ёсьць помнікам гісторыі першай катэгорыі.

МАКОЎСКІ: Нідзе, абсалютна, ня ведаю... У нас адбылося лесаўладкаваньне — і там нічога не пазначана, проста як «лясны масiў». Канечне, мы ведаем, што гэта за месца, і таму, зразумела, прыбіраем увесь час, робім санітарныя высечкі лесу. Усё гэта пачалося, калі капалі газаправод і раскапалі некалькі магілаў, хаця, кажуць, тое ж самае было, калі будавалі кальцавую.

Галоўным вынікам размовы стаўся дазвол на высечку часткі сухастою.

МАКОЎСКІ: Калі ласка, давайце дамовімся, дашлем вам майстра, заклеймім, адвядзем высечку, дапаможам нават на месцы нарыхтаваць. Выпішыце тыя дровы. Толькі трэба ўсё афіцыйна, выпішам лесарубачны квіток, як належыць. Дамо пілу, дапаможам расьпіліць.

Валанцёры задаволеныя вынікамі свайго візыту. Гаворыць Павал Севярынец:

— Пасьля кароткай размовы высьветлілі ўсе пытаньні, зьнялі ўсе праблемы, таму што людзі ў Беларусі разумеюць, што такое Курапаты. Відавочна, што на гэтае лясьніцтва «наехалі» зьверху.

А вось меркаваньне Сержука Высоцкага:

— Па-чалавечы, канечне, шкада людзей, якіх улады проста падстаўляюць у розных палітычных правакацыях. Відавочна, што чалавек зьмяніў сваё бачаньне пасьля размовы, калі пазнаёміўся з намі.

Працягвае Алесь Гетман:

— Улады, КГБ, МУС ня здолелі прыціснуць нас наўпрост, пачалі шукаць іншыя шляхі. Хай шукаюць...

Пасьля лясьніцтва валанцёры паехалі ў Курапаты. Апошнім часам там узьнікла шмат праблемаў з прычыны надвор’я — паўсюль куламесь, увесь час падцякае намёт. Учора ўначы з-за моцнага ветру нахіліўся комін «буржуйкі», і таму зноў крыху падпаліўся намёт.

31 студзеня 2002

130 ДЗЁН ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Валанцёры заклікаюць усіх ахвотных прыходзіць ва ўрочышча на талаку ў суботу аб 11-й гадзіне.

Ганна Соусь:

Абаронцы разам з гісторыкамі й сябрамі арганізацыі Мартыралёг Беларусі акрэсьлілі межы ахоўнай тэрыторыі, і цяпер ім патрэбная дапамога, каб усталяваць на гэтых межах адмысловыя слупкі Сёньня ж адбываецца чарговае паседжаньне грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», на якім будзе абмяркоўвацца канцэпцыя будучай мэмарыялізацыі ўрочышча.

1 лютага 2002

АБАРОНЦЫ ЗАПРАШАЮЦЬ НА ТАЛАКУ

Усю мінулую ноч яны трымалі намёт, які ў любы момант мог быць зьнесены моцным ветрам.

Ганна Соусь:

Да Курапатаў ад аўтобуснага прыпынку цяпер лепш ісьці ўздоўж мікрараёну На пачатку ляснога масiву да лягеру валанцёраў можна трапіць праз ужо напалову збудаваны падземны пераход. Каля яго стаіць машына з АМОНам. На вуліцы – лужыны, але ў намёце, дзякуючы «буржуйцы», цёпла. На падлозе – драўляны насьціл, некалькі тыдняў таму яго адмыслова пабудавалі для цырымоніі адкрыцьця адноўленай лаўкі Клінтана Паводле Алеся Гетмана, гэтай ноччу ў лягеры ніхто ня спаў.

ГЕТМАН: Трымалі намёт, каб яго ня зьнесла ветрам. Мабыць, тры разы ўбівалі калы. Я даўно такога ветру ня бачыў. А так нармальна ўсё. Учора быў на прэзэнтацыі кнігі Ігара Кузьняцова, дамовіліся аб супрацоўніцтве. У нас шмат матэрыялаў, якія нам прыносілі людзі. Перадамо іх Ігару Кузьняцову для кнігі пра тых, хто загінуў у Курапатах, а таксама пра абаронцаў.

Алесь Гетман частуе мяне адмысловай курапацкай стравай – рысавым супам з тушанінай. Фірмовыя стравы валанцёраў – макарона з тушанінай, фасоль з тушанінай, бульба, зноў жа з тушанінай. Наступны мой суразмоўца – Глеб Вязоўскі. Ён адкладвае ўбок раман братоў Стругацкіх і ўзгадвае 30 верасьня – дзень, калі ўпершыню трапіў у Курапаты. З таго часу Глеб практычна не пакідаў урочышча.

ВЯЗОЎСКІ: Чатыры месяцы ёсьць дакладна. Але ж бывае, што я зьяжджаю на дзень, каб памыцца й з бацькамі сустрэцца. Я хацеў бы, каб сюды больш людзей прыходзіла, каб дапамагалі нам. Прыходзьце заўтра на талаку, а ў нядзелю – на набажэнства.

Талака ў Курапатах адбудзецца заўтра аб адзінаццатай гадзіне. Звычайна раніцай у лягер прыходзіць Сяржук Высоцкі. Сёньня я таксама засьпела яго ў Курапатах.

ВЫСОЦКІ: Зараз, калі прайшоў пік інфармацыйнай падтрымкі, цікаўнасьці, калі многія лічаць само сабой зразумелым, што людзі тут знаходзяцца, псыхалягічна вельмі цяжка быць тут.

Сяржук Высоцкі мяркуе, што спэцслужбы спрабуюць шантажаваць некаторых абаронцаў Курапатаў, і ў выніку некаторыя зь іх больш не зьяўляюцца ва ўрочышчы.

2 лютага 2002

ТАЛАКА

Людзі прыбіралі тэрыторыю ўрочышча ад сьмецьця, усталёўвалі новыя крыжы ды ўкопвалі слупкі, якімі будзе пазначаная мяжа мэмарыялу.

Альгерд Невяроўскі:

На заклік узяць удзел у талацэ адгукнулася нямала людзей. Пакуль я ішоў ад канцавога прыпынку «Зялёны Луг» да Курапатаў, сустрэў некалькі чалавек, якія з ламамі, рыдрыць арганізатар сёньняшняй талакі археоляг Мікола Крывальцэвіч:

— На плянах у нас ёсьць абазначаная тэрыторыя Курапацкага могільніка ўсяго, і гэта ёсьць ахоўная зона, якая была вызначаная яшчэ ў 1992 годзе і зацьверджаная ў 1993 годзе. Але гэтую зону варта абазначыць яшчэ і на мясцовасьці, па пэрымэтры ўсяго лесу і ў лесе па той мяжы, якая ў нас пракладзена на плянах. У сувязі з гэтым і прызначаецца вось гэтая талака. Трэба слупкі ўкопваць, пілаваць іх. Зямля замерзлая, трэба яе дзяўбаць – даволі цяжкая фізычная праца.

Сёньня ў курапацкім лягеры начавалі тры валанцёры. Але ноч выдалася неспакойнай: некалькі разоў у лягер прыяжджалі міліцыянты, хадзілі па тэрыторыі Курапатаў, агледзелі памятны амэрыканскі знак. А сёньня ва ўрочышча прыехаў прадстаўнік лясьніцтва Менскага раёну, які заўважыў новыя крыжы і слупкі – пазначэньне мяжы мэмарыялу – і заявіў, што складзе на валанцёраў пратакол за незаконную высечку лесу. Добраахвотнікі доўга тлумачылі лесьніку, што крыжы і слупкі зробленыя не са сьвежапаваленых дрэваў, а зь лесу, які раней сьпілавалі будаўнікі. Тым ня менш, перад ад’ездам лясьнік паабяцаў, што ў хлопцаў яшчэ будуць праблемы зь ягонай установай. Аднак талака ў Курапатах сёньня прайшла спакойна і арганізавана. А ўвечары прыехалі прадстаўнікі чэскай фундацыі «Чалавек у нядолі», якія паказалі некалькі дакумэнтальных фільмаў, у тым ліку і вядомую стужку «Дарога на Курапаты».

3 лютага 2002

АЛЯКСЕЙ МАРАЧКІН: «КРЫЖ – ГАЛОЎНЫ СЫМБАЛЬ КУРАПАТАЎ»

Мастак Аляксей Марачкін займаецца распрацоўкай канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў.

Ганна Соусь:

У майстэрні Аляксея Марачкіна дагэтуль захоўваецца эскіз курапацкага крыжа, які ён зрабіў напрыканцы васьмідзясятых. Потым, як і многія, ён нес на сваіх плячах ужо рэальны крыж ад будынку КГБ ва ўрочышча. Лёс мастака шчыльна зьвязаны з нацынальным нэкропалем і цяпер Летась 8 лістапада, калі бульдозэры валілі крыжы, Аляксей Марачкін быў разам з валанцёрамі І цяпер у грамадзкай ініцыятыве «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» мастак узначальвае рабочую групу, якая выпрацоўвае канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча.

МАРАЧКІН: Безумоўна, найважнейшую ролю ў адкрыцьці Курапатаў адыграў Зянон Пазьняк. І маральнае права менавіта яго – гаварыць уголас, як зрабіць так, каб гэтае сьвятое месца не парушыць. Я памятаю, як Зянон сабраў нас, мастакоў і зацікаўленых асобаў тады яшчэ на Дзімітрава, 3. Я, Маркавец, Кулік, Купава – мы думалі пра тое, які жа зрабіць знак, сымбаль? Безумоўна, самы асноўны – гэта крыж.

Аляксей Марачкін узгадвае, як праводзіўся конкурс на мэмарыял у Курапатах. Тады ён браў удзел у абмеркаваньні праектаў.

МАРАЧКІН: І тады гэты конкурс нічога ня даў, бо падыход быў савецкі. Я ўзгадваю гэтыя праекты… Усё роўна што Брэсцкай крэпасьцю былі гэтыя вялізарныя манумэнты. І я зараз думаю, дзякуй Богу, што не ўзьвялі. Ведаеце, урывацца ў гэтую сьвятую мясьціну з гэтымі мэмарыяльнымі комплексамі, гэта дужа небясьпечна.

Надоечы Аляксей Марачкін абмяркоўваў канцэпцыю мэмарыялу ў Лёндане з айцом Аляксандрам Надсанам, і той ухваліў ідэю актывістаў грамадзкай ініцыятывы.

МАРАЧКІН: Курапаты, гэтыя магілы, гэтыя сосны маўклівыя – гэта й ёсьць той храм, які павінен быць. Ніякага мэмарыялу, ніякага будаўніцтва там ня трэба рабіць. Сымбаль Курапатаў — гэта крыж, і ён ужо пастаўлены. Адзінае, што яго трэба зрабіць больш даўгавечным. А далей гэтая алея — не парушаючы ніводнай сьцяблінкі, ніводнай галінкі, ідуць крыжы, праваслаўныя й каталіцкія. Там можна ўстанавіць камень для тых габрэяў, якія там загінулі, нейкі знак, каб ушанаваць другія нацыі. У нас ёсьць беларускія традыцыі, гэта значыць, што кожны добры могільнік павінен быць аздоблены агароджай. Павінен быць уваход, брама. Магчыма, каля брамы невялічкая каплічка, каб там заўсёды гарэлі сьвечкі.

Такая канцэпцыя будзе прадстаўленая для абмеркаваньня ў наступную пятніцу на чарговым паседжаньні грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Паводле Аляксея Марачкіна, рэалізацыя канцэпцыі не запатрабуе шмат грошай.

МАРАЧКІН: І калі б адкрылі агульны рахунак, то нават па даляру, па рублю, па капейцы мы маглі б сабраць грошы самі.

Дарэчы, гэтая праца ўжо распачатая. У мінулую суботу на талацэ былі ўсталяваныя слупкі, якія пазначаюць межы мэмарыялу. А калі растане сьнег, мяркуе Аляксей Марачкін, можна будзе пачаць добраўпарадкаваньне ўрочышча, узьвядзеньне агароджы й брамы.

4 лютага 2002

134 ДНІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Сёньня ў лягеры знаходзіліся пяць валанцёраў Харчоў у іх засталося толькі на два дні.

Ганна Соусь:

Валанцёры займаліся добраўпарадкаваньнем урочышча. У адлігу намёт падцякае, таму даводзіцца ўвесь час змагацца зь вільгацьцю Плянуецца, што заўтра ўрочышча наведаюць прадстаўнікі Ждановіцкага лясьніцтва. Яны вызначаць дзялянку ў лесе, дзе валанцёрам будзе дазволена валіць сухастой.

5 лютага 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЗРАБІЛІ АНТЭНУ, КАБ СЛУХАЦЬ РАДЫЁ СВАБОДА

Сёньня над Курапатамі ізноў залунаў лёзунг «Абаронім Курапаты», які летась 8 лістапада сарвалі з дрэваў амонаўцы.

Ганна Соусь:

Раніцай валанцёры разам зь лесьнікамі Міколам і Алесем са Ждановіцкага лясьніцтва абыходзілі лясны масiў блізу мікрараёну, каб адшукаць сухія дрэвы, якія пацярпелі ад жукоў-караедаў. Як патлумачыў спадар Мікола, іх абавязкова патрэбна высечы да красавіка, каб шкоднікі не пасьпелі перабрацца на іншыя дрэвы.

Лясьнік Алесь Трафімаў высякае на дрэвах, у асноўным на ялінах, адмысловыя знакі. Заўтра рабочыя лясьніцтва гэтыя дрэвы сьпілуюць і аддадуць валанцёрам на дровы. У лесе яшчэ поўна сьнегу, а вось каля лягеру валанцёраў сьнег ужо растаў. Я заўважыла пры ўваходзе ў намёт адмысловыя драўляныя прыступкі. Распавядае старшы ў лягеры Алесь Гетман:

— Учора была вялікая адліга – вада амаль ішла ў намёт. Мы пракапалі канаўкі, зрабілі ў намёце новы насьціл, дзякуючы спадару Міхнову, які прывез драўляныя паддоны. Трохі сьмецьця сабралі, пілавіньня. Харчаваньня засталося ў нас на адзін дзень і ўсё, больш нічога няма. Грошы ва ўсіх скончыліся. Я вось захварэў трохі, бо перапады надвор’я – то зімна, то цёпла.

Вялікі плякат-расьцяжку «Абаронім Курапаты» бачна нават з вокнаў мікрараёну. 8 лістапада амонаўцы сарвалі яго, і толькі ўчора, прыбіраючы тэрыторыю, валанцёры адшукалі расьцяжку ў лесе. Гаворыць Глеб Вязоўскі:

— Расьцяжку адшукалі пад гальлём, у брудзе. Мы яе пачысьцілі й павесілі.

Абаронцы Курапатаў плянуюць неўзабаве ўзьняць над намётам і бел-чырвона-белы сьцяг. У лягеры мяне сёньня ўразіла і адмысловае прыстасаваньне-антэна для праслухоўваньня нашага радыё Алесь Гетман працягвае:

— У нас было вельмі дрэнна чуваць Радыё Свабода, якое мы ўвесь час слухаем, і да якога ставімся зь вялікай павагай за тое, што яно дае матэрыялы пра Курапаты. І мы зрабілі адмысловую антэну – на дрэвы павесілі жалезнае кола ад ровара й працягнулі ў намёт дрот. Зараз вельмі добра стала чуваць.

Рабочыя тым часам працягвалі будаваць падземны пераход.

6 лютага 2002

136 ДЗЁН ДОЎЖЫЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Валанцёры ўсталявалі ля намёту пяцімэтровы шост зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Ганна Соусь:

Плянуецца, што заўтра ва ўрочышчы зьявяцца сьцягі Беларускай Партыі Свабоды й руху «Зубар». Сёньня ў лягеры дзяжурылі восем актывістаў.

7 лютага 2002

КІРАЎНІКІ АБЛАСНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ БНФ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Яны вырашылі, што сябры іхных арганізацыяў таксама возьмуць удзел у ратаваньні мэмарыялу.

Ганна Соусь:

Першае, што заўважаеш, падыходзячы да Курапатаў, гэта бел-чырвона-белы сьцяг, усталяваны ля намёту валанцёраў. Амонаўцы, якія дзяжураць ва ўрочышчы, пакуль ніяк на яго не рэагуюць. Летась міліцыянты неаднойчы патрабавалі ад валанцёраў зьняць сьцяг.

Мінулую ноч у лягеры правялі тры кіраўнікі абласных арганізацыяў Партыі БНФ: з Магілёўшчыны – Анатоль Фёдараў, з Гарадзеншчыны – Мікола Байсюк і зь Меншчыны – Валянцін Баранаў. Раніцай я засьпела ў намёце Міколу Байсюка.

БАЙСЮК: Мы вырашілі падтрымаць людзей у Курапатах. Мы не павінны быць убаку, бо ўсё Адраджэньне ў Беларусі пачалося з Курапатаў і Зянона Пазьняка. Прафэсар Астроўскі быў першы з нашых рэгіянальных прадстаўнікоў, хто тут начаваў. Людзі на Гарадзеншчыне ведаюць пра Курапаты. Адзін выпадковы кіроўца сказаў мне вельмі проста: «Ніколі ня будзе шчасьця на гэтай дарозе. Дарога, якая прайшла па касьцях людзей, ня будзе шчасьлівай».

Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Калі прыяжджаюць людзі-аднадумцы з розных куткоў Беларусі, узьнікае адчуваньне, што мы адзіная сіла, што беларускі супраціў – гэта рэальная рэч, і што мы – вялікі народ.

8 лютага 2002

АМОНАЎЦЫ ПАТРАБУЮЦЬ ЗЬНЯЦЬ СЬЦЯГ

Раніцай у Курапаты прыехаў маёр міліцыі й пачаў распытваць валанцёраў пра артыкул «Фашизм наступает», які быў надрукаваны больш за тыдзень таму ў «Белорусской деловой газете».

Ганна Соусь:

Артыкул у «БДГ» быў напісаны з нагоды прэсавай канфэрэнцыі лідэра Беларускай Партыі Свабоды Сержука Высоцкага, які распавядаў пра напады на абаронцаў Курапатаў прыхільнікаў руху РНЕ й скінгедаў. Маёр міліцыі меркаваў, што гэтыя бойкі былі ў Курапатах, тады як насамрэч яны адбываліся на Кастрычніцкай плошчы Пасьля ад’езду маёра да валанцёраў падышлі амонаўцы, якія сёньня дзяжурылі ва ўрочышчы, і прапанавалі зьняць бел-чырвона-белы сьцяг каля намёту Паводле Алеся Гетмана, амонаўцы зьбіраліся нават самі прыбраць сьцяг, але ім перашкодзіла тое, што ў Курапаты прыехалі карэспандэнты польскага тэлеканалу «TVP1».

8 лютага 2002

АБМЕРКАВАЛІ ПРАЕКТ МЭМАРЫЯЛУ

Гэтаму было прысьвечанае паседжаньне грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты».

Ганна Соусь:

Праект канцэпцыі падрыхтавала рабочая група на чале з мастаком Аляксеем Марачкіным. Аўтары зыходзяць з таго, што Курапаты — адзінае ў Беларусі з шырока вядомых месцаў масавых расстрэлаў. І таму Курапаты павінны мець статус гісторыка-ляндшафтнага помніка найвышэйшай катэгорыі й быць пад аховай дзяржавы й апекай усяго грамадзтва. Па пэрымэтры ўрочышча належыць усталяваць агароджу, узьвесьці ўваходныя брамы, пры якіх мець ахову. Пастаўлены ў 1989 годзе Крыж Пакутаў застаецца дамінантай будучага мэмарыялу. Цалкам некранутымі варта пакінуць ямы-пахаваньні, бо яны найбольш моцна ўзьдзейнічаюць на сьвядомасьць і ўяўленьне людзей. Аўтары канцэпцыі лічаць нямэтазгодным узьвядзеньне на месцы закладнога каменя мэмарыяльнага комплексу «з бэтону ці мэталу», або нейкага будынку, нават храму. Храм і музэй павінны быць вынесеныя за межы ахоўнай зоны, каб выключыць любыя земляныя работы на гэтай тэрыторыі.

Гаворыць адзін з распрацоўнікаў культуроляг Вацлаў Арэшка:

— Трэба максымальна захаваць тое, што ёсьць — алея, крыжы — гэта ўсё мусіць стаць асновай для далейшага разьвіцьця мэмарыялу. Астатняе мусіць натуральна разьвівацца ўжо з таго, што складаецца.

Паводле каардынатаркі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ірыны Жыхар, абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялізацыі ня будзе простым.

Прыкладам, пасьля таго, як надоечы ў этэры Радыё Свабода мастак Аляксей Марачкін распавёў пра сваё бачаньне будучага мэмарыялу, да сяброў ініцыятывы пачалі зьвяртацца вязьні сталінскіх лягераў. Гаворыць Ірына Жыхар:

— Яны не пагаджаюцца, каб гэта быў ляндшафтны помнік. Хочуць, каб гэта было нешта манумэнтальнае. Я ведаю, што Беларускі камітэт міру абмяркоўваў учора свой сымбаль, і яны хочуць прапанаваць яго грамадзкасьці. У іх гэта такая падкова — знак прымірэньня. Але наша задача — каб усё грамадзтва ўзяло ўдзел у абмеркаваньні.

9 лютага 2002

АБАРОНЦАМ НЕ ХАПАЕ ДРОВАЎ

Яны зьбіраюць сухое гальлё вакол урочышча і чакаюць панядзелка, калі прыедзе камісія зь лясьніцтва і вызначыць, якія дрэвы ў лесе можна высекчы й пусьціць на дровы.

Альгерд Невяроўскі:

У курапацкім лягеры я засьпеў трох чалавек — гэта Пятрусь Чуб, Васіль Парфянкоў і Антон Шкурынскі. Іншыя абаронцы апошнім часам ці моцна стаміліся, ці пачалі хварэць на грып, і таму сябры далі ім адпачынак Антон гаворыць, што апошнім часам у лягеры не хапае дроваў, а лесьнікі забараняюць секчы дрэвы нават у адлеглым ад Курапатаў лесе. Праўда, лесьнікі абяцалі прыйсьці ў панядзелак і паказаць дзялку, дзе можна праводзіць высечку. Абаронцы прызначылі на гэты дзень талаку. Гаворыць Антон Шкурынскі:

— У панядзелак прыйдзе шмат людзей ад розных арганізацыяў — ад Маладога Фронту, БПС, «Зубра». Лесьнікі будуць пілаваць дровы, а нашая задача — пасекчы іх і перанесьці сюды.

Пакуль я размаўляў з Антонам, у лягер прыйшлі Пятрусь і Васіль, якія хадзілі па харчы. Учора сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» выдзелілі валанцёрам трохі грошай, на якія хлопцы купілі кілбасы, некалькі вэнджаных рыбінаў і хлеба. Учора міліцыянты прымусілі валанцёраў зьняць бел-чырвона-белы сьцяг. Распавядае добраахвотнік Пятрусь:

— Адбыўся невялікі канфлікт. Яны пачалі казаць: «Здыміце гэтую анучу, а то мы дапаможам і павесім яе вам на ныркі». Мы спачатку не здымалі, але потым прыйшлося зьняць.

Валанцёры гавораць, што зьнялі сьцяг, каб не правакаваць менскіх гарадзкіх міліцыянтаў, якія апошнімі днямі >часта прыяжджаюць у Курапаты. А з амонаўцамі Менскай >вобласьці, што таксама патрулююць урочышча, у валанцёраў наладзіліся добрыя адносіны, як і з будаўнікамі, што >цяпер робяць падземны пераход. >Учора паўдня ў Курапатах разам з валанцёрамі правяла >група першага каналу польскага тэлебачаньня, якая здымае фільм пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

11 лютага 2002

У КУРАПАТАХ ПАЧАЛАСЯ ЭПІДЭМІЯ ГРЫПУ

Мінулую ноч разам з валанцёрамі правёў кіраўнік Гомельскай рады Маладога Фронту Дзяніс Чыкалёў.

Ганна Соусь:

Падземны пераход яшчэ не дабудаваны, ногі тонуць у сьлізкай гліне, паўсюль лужыны. Ля намёту валанцёры выкапалі канавы, каб не залівала вадой. У лягеры сустракаю маладафронтаўца Дзяніса Чыкалёва з Гомеля. Летась ён каля месяца браў удзел у вахце памяці, 8 і 9 лістапада хлопца двойчы затрымлівалі амонаўцы. Тады ж Дзяніса моцна зьбілі. Дзяніс распавёў, што хутка ва ўрочышча прыедуць новыя добраахвотнікі з Гомеля. Дарэчы, у ягоным горадзе ёсьць свае Курапаты.

ДЗЯНІС: У нас у Гомелі за Навабеліцай ёсьць 9-ы кілямэтар па Чарнігаўскай шашы — там таксама месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. І там стаіць сьцяна, збудаваная рабочымі, і нейкі зьліў. Мы зьбіраемся зрабіць там мэмарыял. Фарбу зараз зьбіраем, крыху цяплей стане, дык пачнем фарбаваць.

У Курапатах дождж, таму валанцёры часова зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг — каб не сапсаваць Мінулым тыднем амонаўцы прымушалі іх зьняць сьцяг, але ў выходныя сытуацыя зьмянілася. Распавядае Антон Шкурынскі:

— Прыходзіў гарадзкі міліцыянт, назваў сябе — як належыць. Запытаўся, як нашыя справы. Мы сказалі, што ўсё добра, толькі вось сьцяг прымушаюць здымаць. Дык міліцыянт сказаў: «Вешайце колькі заўгодна, хай увесь час вісіць. Калі што, клічце нас».

У валанцёраў праблемы з дровамі. Лесьнікі вызначылі сухія дрэвы для высечкі і сёньня мусілі прыехаць, каб іх сьпілаваць, але чамусьці не зьявіліся. А бязь іхнага дазволу валанцёры ня хочуць валіць дрэвы, каб іх потым не абвінавацілі ў незаконнай высечцы. Алесь Гетман сёньня быў старшым у лягеры.

ГЕТМАН: Зараз з харчаваньнем стала лепш. На ўправе БНФ стаіць скарбонка для грашовых ахвяраваньняў «Для абароны Курапатаў». І вось на грошы з той скарбонкі мы будзем набываць ежу. Надвор’е вельмі дрэннае, і амаль усе валанцёры хварэюць на грып. Я таксама хварэю, у Антося таксама пачаўся грып. Некаторыя ўвогуле зьехалі дахаты, таму што грып вельмі моцны.

12 лютага 2002

КАМІТЭТ МІРУ РАСПРАЦАВАЎ УЛАСНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ МЭМАРЫЯЛУ

і накіраваў яе прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму, а таксама кіраўнікам Нацыянальнага сходу Вадзіму Папову й Аляксандру Вайтовічу.

Ганна Соусь:

Летась менавіта з ініцыятывы Беларускага камітэту міру некаторыя дэпутаты палаты прадстаўнікоў вырашылі вынесьці на наступную сэсію пытаньне аб мэмарыялізацыі Курапатаў. Размаўляючы са старшынём Камітэту Іванам Кірычэнкам, я зьвяртаю ўвагу на тое, што фармулёўка расплывістая — рэпрэсіі не названыя ні палітычнымі, ні сталінскімі. Іван Кірычэнка тлумачыць:

— Можа, гэтае пытаньне і прынцыповае, але мы на прэзыдыюме прыйшлі да высновы, што пакуль сьледчыя органы ня скажуць апошняга слова, мы ня будзем сьпяшацца й даваць нейкія дакладныя вызначэньні.

Паводле Івана Кірычэнкі, ня так істотна, хто расстрэльваў у Курапатах, і хто тут пахаваны — галоўнае, каб была ўшанаваная памяць. Спадар Кірічэнка распавёў пра канцэпцыю, якую распрацаваў Камітэт міру:

— Архітэктурны праект прадугледжвае, што ўсе працы павінны быць выкананыя не ў манумэнтальным, а ў ляндшафтна-паркавым стылі, і з самымі мінімальнымі выдаткамі. Пры гэтым мы хацелі б максымальна захаваць урочышча Курапаты, месцы пахаваньняў і навакольнае асяродзьдзе. Мы лічым, што мэмарыял павінен мець агульнанацыянальны статус.

Іван Кірычэнка прапанаваў Генадзю Навіцкаму, Вадзіму Папову й Аляксандру Вайтовічу стварыць рэспубліканскую камісію з кіроўчых асобаў, адмыслоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Ніхто з актывістаў грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» пакуль не знаёмы з праектам Беларускага камітэту міру Што да таго, ахвярам якіх рэпрэсіяў будзе мэмарыял, дык прэсавы сакратар ініцыятывы Сяргей Сахараў адзначыў, што дастаткова ўзгадаць надпіс на камені на Курапацкім узгорку: «На гэтым месцы мусіць быць пабудаваны мэмарыял у памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».

13 лютага 2002

АБАРОНЦЫ ХВАРЭЮЦЬ НА ГРЫП

Валанцёраў падтрымалі сябры беларускай суполкі «Скарына» ў Празе.

Ганна Соусь:

Намёт абаронцаў цяпер нагадвае вайсковы шпіталь, амаль усе валанцёры хворыя на грып, некаторыя нават не падымаюцца з ложкаў. На стале ляжаць лімоны й таблеткі «Антыгрыпакапс». Гаворыць Алесь Гетман:

— Мяне трохі ўжо адпусьціла, учора вельмі дрэнна сябе адчуваў. Лесьнікі пакуль не зьяўляліся, сёньня будзем ім ізноў тэлефанаваць, бо няма ўжо чым паліць «буржуйку», а на вуліцы пахаладала.

— Хто вас наведвае?

— Да нас прыходзяць шараговыя людзі, а зь вядомых асобаў нікога няма.

Надоечы валанцёрам перадалі грошы на ўтрыманьне лягеру сябры беларускай суполкі «Скарына» ў Празе. Мікіта Сасім прыяжджае ў Курапаты з Баранавічаў. Тры гадзіны электрычкай ды яшчэ гадзіна аўтобусам ці тралейбусам да ўрочышча — і ён у лягеры абаронцаў Мікіта правёў ва ўрочышчы больш за тры месяцы. І цяпер, калі вядзецца дыскусія пра тое, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах, я спыталася пра гэта ў Мікіты Сасіма:

— Я думаю, што асноўны мэмарыял тут ужо ёсьць — гэтыя крыжы. Можна пабудаваць агароджу, паставіць мэмарыяльны знак. Каб было напісана, што тут такое, калі людзей расстрэльвалі.

Працягваючы думку Сасіма, Алесь Гетман згадаў канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча, якую распрацавалі актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў».

ГЕТМАН: Гэтая канцэпцыя абмяркоўваецца на ўправе БНФ кожную пятніцу. Была прапанова Беларускага камітэту міру, мы пра яе ведаем. Але гэтая канцэпцыя непрымальная для нас. Гэта тое самае, што пачаць будаўніцтва дарогі праз Курапаты. Давайце ня гнацца, каб зрабіць вялікія пабудовы, як у Хатыні, а захаваем тое, што ёсьць.

14 лютага 2002

ЯКІМ МАЕ БЫЦЬ ПОМНІК У КУРАПАТАХ

Анатоль Вярцінскі рэдагаваў газэту «ЛіМ», калі ў ёй былі надрукаваныя цяпер ўжо сусьветна вядомыя артыкулы «Курапаты — дарога сьмерці» З.Пазьняка й Я.Шмыгалёва і «Шумяць на магілаю сосны» З.Пазьняка.

Ганна Соусь:

«Якім быць помніку ў Курапатах» — артыкул з такой назвай за подпісам Анатоля Вярцінскага зьмешчаны ў «ЛіМе» яшчэ ў лютым 1989 году. Спадар Анатоль паказвае мне яшчэ адзін надрукаваны на паперы тэкст з такой жа назвай — гэта ягоная канцэпцыя мэмарыялу. Анатоль Вярцінскі згадвае, як пасьля выхаду артыкулаў пра Курапаты ў «ЛіМе» распачалася дыскусія пра тое, якім мусіць быць помнік.

ВЯРЦІНСКІ: Тады ў мяне ўзьнікла меркаваньне, што ў аснову помніка павінна легчы ідэя «За што?», таму што размова ідзе пра нявінна забітых. Ён мог мне ўявіцца ў выглядзе дзьвюх фігураў, якія сымбалізуюць тую сілу, якая забівае, і тых, каго забіваюць. На сёньняшні дзень я схіляюся да думкі, што манумэнтальнага ўвасабленьня там ня трэба ствараць. З другога боку, можа ўсё ж мае рацыю Шатэрнік. Тут патрэбная канструктыўная дыскусія.

Анатоль Вярцінскі паказвае мне ўласны архіў па курапацкай тэме, які ён зьбірае ўсе гэтыя гады — тут газэтныя >публікацыі, пастановы ўраду, вершы, кнігі. Большасьць >тэкстаў дагэтуль актуальная.

ВЯРЦІНСКІ: Новаму пакаленьню тых хлопцаў і дзяўчат, прадстаўнікі якіх сёньня абараняюць Курапаты, варта ведаць канкрэтыку курапацкага злачынства, нават некаторыя дэталі, мэханізм таго, як ажыцьцяўляліся рэпрэсіі. Тым больш, што Курапаты ўжо сталі доказам таго, што менавіта Беларусь была выпрабавальным палігонам для сталінскіх рэпрэсіяў.

Вяртаючыся да падзеяў васьмідзясятых гадоў, Анатоль Вярцінскі згадвае тыя выпрабаваньні, якія давялося вытрымаць у сувязі з выхадам артыкулаў пра Курапаты:

— Першая публікацыя «Курапаты — дарога сьмерці» прайшла без асаблівага ціску з боку дырэктыўных органаў. Цяжэй было нам зь Зянонам Пазьняком надрукаваць другі артыкул «Шумяць над магілаю сосны», які зьявіўся ўжо ў выніку раскопак, якія правялі супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. На той час улады, у тым ліку й партыйныя, у нейкім сэнсе ўзброіліся, падрыхтаваліся й не давалі згоду на друкаваньне другога артыкулу. Адаслалі нас да старшыні камісіі па курапацкай справе Ніны Мазай. Мы былі прынятыя ёй, адбылася гутарка ўтраіх з гэтым артыкулам у руках. Мазай пагадзілася, каб гэты артыкул быў апублікаваны.

— Ці спадзяецеся Вы, што пры гэтай уладзе ў Курапатах будзе створаны мэмарыял?

ВЯРЦІНСКІ: Я маю сумнеў, што пры гэтай уладзе будзе створаны нармальны помнік. Нават з пункту гледжаньня чыста фінансавага забесьпячэньня гэта малаверагодна. Ва ўсякім выпадку, я перакананы, што дадзены моцны імпульс. І мы павінны быць удзячныя тым валанцёрам, якія днююць і начуюць там, стаяць на абароне Курапатаў.

Паводле Анатоля Вярцінскага, невыпадкова, што менавіта ў Беларусі больш чым празь дзесяць гадоў ізноў узьнялася хваля грамадзкай цікавасьці да гісторыі палітычных рэпрэсіяў, тады як у іншых краінах былога СССР гэтая тэма цяпер менш актуальная, бо там ужо ёсьць помнікі ахвярам рэпрэсіяў. А ў Беларусі дагэтуль улады не пакаяліся й не ўшанавалі памяць бязьвінных ахвяраў сталінскага генацыду.

15 лютага 2002

АБАРОНЦЫ — СЯРОД ЗАТРЫМАНЫХ

Валанцёры хочуць папоўніць сваю бібліятэку творамі Быкава й Караткевіча і абвяшчаюць Курапаты «краінай, свабоднай ад лукашызму».

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай абаронцы актыўна абмяркоўвалі ўчорашнія затрыманьні ў часе акцыі Маладога Фронту «Беларусь — у Эўропу». Сярод затрыманых былі Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткіна. Каб падтрымаць сваіх пацярпелых сяброў, некаторыя валанцёры хадзілі сёньня ў суд Савецкага раёну Што да жыцьця ў лягеры, дык тут па-ранейшаму лютуе грып. Гаворыць Алесь Гетман:

— Ужо ўсе, хто тут знаходзіцца, хварэюць на грып. Я вось ужо колькі дзён хварэю, а стан не паляпшаецца. Сёньня зьяжджаю ў Берасьце дахаты, каб трохі вылечыцца. Усім, хто да нас прыходзіць, адразу даем аксалінавую мазь, каб людзі не захварэлі. Зараз вельмі актыўна нам дапамагаюць спадар Міхноў і спадар Кішкурна. Лесьнікоў дагэтуль няма, і спадар Міхноў прывозіць нам дровы.

У намёце абаронцаў ёсьць невялічкая бібліятэка — кнігі захоўваюцца ў адмысловай скрынцы. Глеб Вязоўскі прачытаў тут ужо не адну кнігу.

ВЯЗОЎСКІ: «Індэкс рэпрэсаваных» — гэта была апошняя кніга, якую я прачытаў. Потым твор у фантастычным стылі «Клятва крысиного короля» ды яшчэ некалькі. Зараз чытаю «Плавучы востраў» Жуля Вэрна. Таксама прачытаў кнігі «Курапаты», «Цуды, якія ёсьць у сьвеце», «Гісторыю баявых мастацтваў». Мы хочам, каб у нас у бібліятэцы было болей кніг беларускіх пісьменьнікаў, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча ды іншых. Калі ў каго-небудзь ёсьць магчымасьць, няхай падносяць нам кнігі, мы будзем вельмі ўдзячныя.

Гэтыя амаль пяць месяцаў абаронцы Курапатаў жывуць своеасаблівай еднасьцю — без тэлебачаньня й электрычнасьці, паводле адмысловых правілаў, ва ўмовах «на выжываньне», аб’яднаныя адной ідэяй — захаваць нацыянальны нэкропаль. Апошнім часам у валанцёраў нарадзілася ідэя абвесьціць у Курапатах «Свабодную краіну Беларусь». Тлумачыць Алесь Гетман:

— Гэта краіна, свабодная ад лукашызму. Мы будзем яе бараніць. Нават амонаўцы становяцца тут іншымі людзьмі. У нас вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, які ніхто не здымае, а калі спрабуюць, мы яго баронім.

16 лютага 2002

У ЛЯГЕРЫ ВАЛАНЦЁРАЎ ХВАРЭЮЦЬ НА ГРЫП

Абаронцаў Курапатаў становіцца ўсё менш.

Альгерд Невяроўскі:

Цяпер тут толькі чатыры чалавекі — Глеб Вязоўскі, Антон Шкурынскі, Мікіта Сасім і Пятрусь Чуб. Выгляд ва ўсіх хлопцаў хваравіты. Гаворыць Мікіта, які ледзь падняўся з ложку:

— Няма каму больш сядзець. Было й такое, хлопцы начавалі па адным, па два чалавекі. Калі мы сыдзем, тут наогул нікога не застанецца.

Учора ўсіх цяжкахворых валанцёраў адправілі лячыцца дахаты. Але людзі не забываюцца пра Курапаты. Сёньня ў лягер завітаў гарадзенскі мастак Юрась Мацко, які прывез абаронцам харчы. Глеб Вязоўскі кажа, што сёньня валанцёры нарыхтоўваюць дровы. Яны сякуць у лесе тыя дрэвы, якія раней вызначылі лесьнікі А таксама рыхтуюць бярвёны, зь якіх пазьней будуць зробленыя новыя крыжы.

Тым часам сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» зацьвердзілі сваю канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча. Асноўнай часткай мэмарыялу мусіць стаць Крыж Пакутаў.

17 лютага 2002

АЛЕСЬ ШАТЭРНІК БАЧЫЦЬ У КУРАПАТАХ МАСТАЦКІ ПОМНІК

Грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» зьбіраецца абвесьціць конкурс на найлепшы праект. Многія сябры ініцыятывы супраць узьвядзеньня ў Курапатах скульптурных кампазыцыяў. З гэтым ня згодны скульптар Алесь Шатэрнік.

Альгерд Невяроўскі:

Вядомы менскі скульптар Алесь Шатэрнік адрамантаваў нядаўна памятны знак — лаўку Клінтана. Ён не згаджаецца, што цэнтральнай кампазыцыяй будучага мэмарыялу мусіць быць Крыж Пакутаў, усталяваны там у 1989 годзе, а ўрочышча будзе толькі ляндшафтным помнікам з самаробнымі крыжамі, як на звычайных могілках. Гаворыць Алесь Шатэрнік:

— Мы ўсё ж цывілізаванае грамадзтва. І зрабіць проста могільнік — мне не ўяўляецца. Калі ўзяць гістарычны прыклад, як ствараліся помнікі, гэта звычайна былі творы мастацтва, яны маюць большае гучаньне.

У скульптара ёсьць свой праект мэмарыялу, які ён зьбіраецца вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне. Гэты помнік ахвярам бальшавізму спадар Шатэрнік зрабіў яшчэ ў 1987 Саюзе. Алесь Шатэрнік працягвае:

— Я ў той час зрабіў кампазыцыю ў сучасных формах. Называлася яна «Лёс. Лес». Сапраўды, лёс чалавека як лес, як сьпілаваныя дрэвы. Лёсы людзей ператвараліся ў дровы. Кампазыцыя сабой уяўляла тры сьпілаваныя бервяны, і на іх стаяць тры постаці, як птушкі. Гэтая кампазыцыя навеяная ўспамінамі 1960-х гадоў. Я ехаў у горад Вятку, Кіраў на той час. Цягнік ішоў угору, а зьлева й справа былі вялікія лесапавалы. І людзі, як птушкі, стаялі на паваленых дрэвах і позіркамі праводзілі цягнік ды махалі шапкамі. Магчыма, там былі яшчэ й рэпрэсаваныя.

Гэтую мадэль помніка скульптар прэзэнтаваў на выставе 1987 году ў Полацку, а пасьля яе асобнікі набылі Музэй сучаснага беларускага мастацтва й музэй Цымбэрлі ў Нью-Ёрку. Цяпер Алесь Шатэрнік прапануе зрабіць гэтых людзей-зданяў на бярвеньні ў натуральную велічыню, а таксама дадаць да гэтай кампазыцыі дзьве вялікія шыльды, стылізаваныя пад крылы анёлаў, на якіх прапануе зьмясьціць імёны й прозьвішчы вядомых і невядомых беларусаў, што загінулі ў час бальшавіцкага тэрору. Свій помнік Алесь Шатэрнік хоча ўсталяваць у самым цэнтры ўрочышча, на Курапацкім узгорку, дзе цяпер ляжыць камень з шыльдай. На вяршыні гэтай кампазыцыі скульптар плянуе зрабіць сонцакрыж, традыцыйны для беларускага сакральнага мастацтва.

18 лютага 2002

У КУРАПАТАХ ПАБОЛЕЛА ВАЛАНЦЁРАЎ

Яны прыбіраюць тэрыторыю ўрочышча й зьбіраюцца ўсталёўваць крыжы.

Ганна Соусь:

Я ішла ў Курапаты праз падземны пераход — ён ужо амаль гатовы. Ва ўрочышчы сьнег практычна растаў, сонца падсушыла лужыны, і трапіць у лягер можна безь перашкодаў.

У намёце разам з валанцёрамі былі два амонаўцы. Міліцыянтам даводзіцца хадзіць на дзяжурства пешшу, і некаторыя заходзяць да валанцёраў пагрэцца.

АМОНАВЕЦ: Нармальныя хлопцы. Але ж па дамах трэба разьяжджацца...

— Вы мяркуеце, што гэта нікому не патрэбна?

— Тут ужо ніхто нічога ня зробіць. Застануцца Курапаты.

Кожны з валанцёраў мае ўласны досьвед дачыненьняў зь міліцыяй — і ў часе падзеяў 8 і 9 лістапада, і пазьней. Прыкладам, Ірыну Вяткіну ў часе акцыі Маладога Фронту ў Дзень сьвятога Валянціна затрымалі амонаўцы. Тым ня менш, яна ня ставіцца да іх варожа.

ВЯТКІНА: Яны ж зарабляюць грошы. Можа, яны нічога іншага ня ўмеюць, апроч як зьбіваць моладзь. Любы хло-пец любіць пабіцца, а ім за гэта яшчэ плацяць вялікія грошы.

Распавядае актывіст Пятрусь Цямашка:

— Мы наладзілі санітарны дзень. Прыбралі ў намёце, вынесьлі «буржуйку», прачысьцілі яе. Вакол прайшліся, пазьбіралі сьмецьце.

Пятрусь у Курапатах амаль зь першых дзён, калі пачалася вахта памяці. Ён адзін з тых, хто вытрымаў лютыя маразы, дажджы, моцныя вятры й галодныя дні. Пятрусь вельмі задаволены тым, што апошнім часам у Курапатах паболела добраахвотнікаў. Ягоную думку падзяляе Стася Басава:

– З надыходам вясны актыўнасьць моладзі мусіць падвысіцца.

Я пытаюся ў Антося Шкурынскага, колькі часу яшчэ ён зьбіраецца правесьці ва ўрочышчы.

ШКУРЫНСКІ: Думаю, што доўга. Пакуль ня будзе зроблены мэмарыял, трэба ахоўваць. Можа, пазьней ужо не ў намёце, але будзем патрулямі сюды хадзіць.

— Вы са сваімі сваякамі з Расеі зьвязваецеся, размаўляеце... Як яны ставяцца да таго, што Вы тут?

— Бацька сказаў бы «добра», таму што ён ведае, што гэта — мая справа, і я раблю яе шчыра. Нельга даць загінуць памяці.

Пры ўваходзе ў намёт вісяць два самаробныя сталёвыя мячы — дзесяць і дванаццаць кіляграмаў. Валанцёры часам наладжваюць адмысловыя турніры і, як рыцары ў старажытныя часы, спаборнічаюць зь мячамі ў руках. І сёньня, калі я сыходзіла, валанцёры Глеб Вязоўскі й Антось Шкурынскі распачалі спаборніцтва.

19 лютага 2002

МІЖНАРОДНЫ КОНКУРС НА ПРАЕКТ МЭМАРЫЯЛУ

Сябры грамадзкіх ініцыятываў «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» прэзэнтавалі праект канцэпцыі мэмарыялу журналістам.

Ганна Соусь:

Курапаты ёсьць месцам згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, нацыянальным нэкропалем, абагульненым вобразам усіх ахвярных могілак у Беларусі. З канца 1980-х гадоў і па сёньняшні дзень ва ўрочышчы адбываецца стыхійная мэмарыялізацыя. З гэтага сыходзілі аўтары праекту канцэпцыі. Вось яе асноўныя тэзы:

Дзяржава павінна забясьпечыць ахоўны статус урочышча як гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі. Паводле беларускіх традыцыяў ушанаваньня й аздабленьня могільнікаў, па ўсім пэрымэтры ахоўнай зоны належыць устанавіць агароджу, а таксама ўзьвесьці ўваходную браму. Устаноўлены ў 1989 годзе Крыж Пакутаў павінен застацца дамінантай будучага мэмарыялу.

Аўтары канцэпцыі лічаць мэтазгодным узьвесьці на месцы закладнога каменя помнік ці кампазыцыю, адпаведную й сумаштабную тэрыторыі могiлак. Храмы розных канфэсіяў і Музэй ахвяраў таталітарызму трэба вынесьці за межы ахоўнай зоны, каб выключыць любую магчымасьць земляных работаў у Курапатах. Мастак Аляксей Марачкін акцэнтуе ўвагу на некаторых прынцыповых момантах канцэпцыі, якія адрозьніваюць яе, прыкладам, ад канцэпцыі Беларускага камітэту міру.

МАРАЧКІН: У паралельных прапановах акцэнтуецца, што Курапаты — гэта знак прымірэньня. Не зразумела, каго й з кім будзе прымірэньне. Курапаты — гэта знак пакаяньня, знак ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Што да фінансаваньня будучага мэмарыялу, дык паводле культуроляга Вацлава Арэшкі, яно можа адбывацца наступным чынам:

— Разьлічваць на істотную дапамогу дзяржавы не прыходзіцца. Хутчэй за ўсё, асноўнай крыніцай фінансаваньня можа стаць усенародны збор сродкаў.

Ці скаардынавалі свае дзеяньні актывісты грамадзянскіх ініцыятываў з будаўнікамі, што займаюцца цяпер пашырэньнем кальцавой дарогі ля Курапатаў? На гэтае пытаньне адказвае Мая Кляшторная:

— Мы абмежавалі іх тэрыторыю. Яны абавязаныя працаваць у межах той тэрыторыі, якая непасрэдна патрэбная ім для будоўлі. Яны дапамогуць і ў тым, каб паставіць знакі, засталбіць тэрыторыю.

Працягвае мастак Аляксей Марачкін:

— Пасьля таго, як улады праклалі дарогу, яны не прыпыняцца й пачнуць нешта будаваць. І тады гэтая канцэпцыя, якая прайшла апрабаваньне, абмеркаваньне, будзе тым тормазам ці кантролем таго, што будзе рабіцца ўладай.

Актывісты грамадзкіх ініцыятываў прапануюць усім жыхарам Беларусі ўзяць удзел у грамадзкім абмеркаваньні праекту. Яны зьбіраюцца правесьці адмысловыя сходы дзеля абмеркаваньня канцэпцыі ў іншых месцах згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а іх вядома каля 70. Праз два месяцы пасьля ўнясеньня адмысловых зьменаў і прапановаў плянуецца абвесьціць міжнародны конкурс на праект Мэмарыялу ахвярам масавых палітычных рэпрэсіяў у Курапатах.

20 лютага 2002

НАД КУРАПАТАМІ — БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ

У лягеры застаецца няшмат валанцёраў. Многія па-ранейшаму хварэюць на грып.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску значна пахаладала, падняўся моцны вецер. Калі раніцай я падыходзіў да курапацкага намёту, валанцёры толькі скончылі аднаўляць павалены ветрам комін печкі-«буржуйкі». У самім намёце было досыць халодна, і шасьцёра валанцёраў, пераважная большасьць якіх хварэе на грып, спрабавалі рэшткамі дроваў распаліць печку. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— У аднаго з валанцёраў, Антося, сёньня была вялікая тэмпэратура — 38,8. Вось у Чуба таксама флюс. Усе хварэюць. Зараз толькі самыя стойкія засталіся.

Мінулай ноччу ў лягеры заставаліся чатыры чалавекі, сёньня раніцай прыйшлі яшчэ двое. Напрыклад, непаўналетняя актывістка Маладога Фронту Іра Вяткіна прыходзіць у лягер ледзь не штодня і чым можа дапамагае хлопцам гатаваць ежу, весьці гаспадарку. Тыя валанцёры, што адчуваюць сябе адносна нядрэнна, сёньня займаліся нарыхтоўкай дроваў.

Сёньня валанцёры абмяркоўвалі прэзэнтаваную ўчора канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў. Кажа Васіль Парфянкоў:

— Вельмі не падабаецца, што яны ўсё вырашылі бяз нас. Яны хочуць паставіць тут лаўкі нейкія. Ня трэба тут ніякіх лавак. Плотам можна абнесьці, каб было відаць, што тэрыторыя ахоўваецца. І вартаўніка сюды пасадзіць.

Учора жыхары курапацкага лягеру зноў паднялі на флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыянты гэтым разам ня мелі да валанцёраў прэтэнзіяў, а наадварот, сказалі, што іхная задача — падтрымліваць парадак і ахоўваць жыхароў лягеру.

21 лютага 2002

151 ДЗЕНЬ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА МОЛАДЗІ

У лягеры абаронцаў знаходзіліся тры валанцёры.

Ганна Соусь:

Тым часам пры Беларускім Саюзе Мастакоў створаная экспэртная камісія «Нэкропаль Курапаты». У яе ўвайшлі вядомыя мастакі й мастацтвазнаўцы, якія зоймуцца наладжваньнем міжнароднага конкурсу на найлепшы праект мэмарыялу. У плянах камісіі — правядзеньне мастацкіх аўкцыёнаў дзеля збору сродкаў на мэмарыял.

22 лютага 2002

АБАРОНЦЫ ЗЫЧАЦЬ ПЕРАМОГІ БЕЛАРУСКІМ ХАКЕІСТАМ

Паводле Сержука Высоцкага, перамога беларускіх хакеістаў над швэдамі пэўным чынам зьвязаная і з барацьбой за Курапаты.

Ганна Соусь:

Яшчэ ідучы падземным пераходам, чую гук пілы. Каля намёту Сяржук Высоцкі й жыхар Зялёнага Лугу спадар Яўген пілуюць дровы.

ВЫСОЦКІ: Вось такое бервяно, калі пакалоць, то якраз хопіць на цэлы дзень дакладна й яшчэ на частку ночы.

У валанцёраў нарэшце скончыліся праблемы з ацяпленьнем намёту. Працягвае Глеб Вязоўскі:

— Учора спадар Валянцін прывез грузавік дроваў. Сёньня ізноў былі замаразкі, мінус дзесяць, але ж пратрымаліся.

Глеб адчувае сябе не зусім добра, ён быў бадай адзіным з валанцёраў, хто дагэтуль не захварэў на грып, але цяпер хвароба, напэўна, адолела й яго. Валанцёры адзначаюць, што апошнім часам цікавасьць да Курапатаў павялічылася. Надоечы ў лягеры правёў ноч карэспандэнт «Белорусской газеты», ён цяпер рыхтуе рэпартаж пра абаронцаў Былі й іншыя наведнікі. Пра іх распавядае Антось Шкурынскі:

— Учора прыходзіла бабулька з чарнобыльскага раёну, пыталася, ці магчыма атрымаць сьпіс людзей, якія былі расстраляныя ў Курапатах. Прыходзілі міліцыянты, мы прайшлі зь імі да лавы Клінтана, дык яны кажуць: «А гэныя мярзотнікі, як гэта дарогу па касьцях будаваць. Малайцы, што вы тут трымаецеся, удачы вам!»

Большасьць абаронцаў — заўзятары, і яны пільна сочаць за выступамі беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Амэрыцы. Сяржук Высоцкі ўзгадвае, зь якой радасьцю ўспрынялі валанцёры перамогу беларускіх хакеістаў над швэдзкай зборнай:

— Ня толькі Аляксандар Лукашэнка любіць хакей. Многія з нас любяць футбол, хакей. Нават некаторыя хакеісты — мае знаёмыя. Прыкладам, Аляксандар Бяляеў, адзін з трэнэраў беларускай зборнай, браты Панковы. Вядома, што вельмі спачувае беларускаму руху Аляксандар Андрыеўскі. Мяркую, гэтая перамога — за тыя малітвы, што былі тут у Курапатах і тых людзей, якія былі вакол іх.

Сёньня ўвечары абаронцы зноў будуць перажываць за беларускую зборную.

23 лютага 2002

АМОНАЎЦЫ ХАЦЕЛІ САРВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫ СЬЦЯГ

Сёньня ў лягер валанцёраў прыехаў патруль амонаўцаў.

Альгерд Невяроўскі:

Валанцёры здымаць сьцяг адмовіліся, і амонаўцы былі вымушаныя пакінуць урочышча. Цягам сёньняшняга дня восем добраахвотнікаў займаліся працамі па гаспадарцы, а таксама добраўпарадкаваньнем тэрыторыі ўрочышча.

23 лютага 2002

МАСТАКІ ЗЬБІРАЮЦЦА ЛАДЗІЦЬ АЎКЦЫЁНЫ

Днямі пры Беларускім Саюзе Мастакоў створана экспэртная камісія «Нэкропаль Курапаты».

Альгерд Невяроўскі:

У яе склад увайшлі мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін, скульптары Алесь Шатэрнік ды Алесь Дранец, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка ды некаторыя іншыя творцы. Пра мэты гэтай камісіі распавядае яе ініцыятар Мікола Купава:

— Мэта нашай камісіі — акумуляваць усе тыя ідэі й напрацоўкі, якія цяпер высьпяваюць у грамадзтве. Нельга ж такую справу высокага духоўнага значэньня пусьціць на самацёк. Тут патрэбнае прафэсійнае вока й прафэсійныя адносіны да таго, што будзе там рабіцца.

На старшыню экспэртнай камісіі абраны Аляксей Марачкін. Камісія мае грамадзкі характар. Яе сябры не зьбіраюцца прасіць у дзяржавы сродкаў на ўзьвядзеньне мэмарыялу, а вырашылі зарабіць грошы самі. Мікола Купава працягвае:

— Правесьці некалькі аўкцыёнаў па продажу сваіх твораў для таго, каб запачаткаваць фундацыю. Я думаю, што ў гэтай справе дапамогуць іншыя арганізацыі, структуры. Гэта павінна быць усенароднае рушэньне.

24 лютага 2002

НА ВАЛАНЦЁРКУ НАПАЛІ НЕВЯДОМЫЯ

Мінулая ноч у Курапатах прайшла вельмі неспакойна.

Альгерд Невяроўскі:

Раніцай ва ўрочышчы ішоў мокры сьнег, і ў намёце каля печкі сядзелі чатыры валанцёры. Над лягерам па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Будаўнічыя работы на дарозе не вяліся, і таму добраахвотнікі былі занятыя гаспадарчымі справамі. Настрой у хлопцаў даволі сумны. Спачатку яны ўвогуле не хацелі гаварыць пра прычыну такога настрою. Пасьля старшы ў лягеры Алесь Гетман усё ж распавёў:

— Ноччу спрабавалі згвалтаваць адну нашу дзяўчыну, з «Маладых сацыял-дэмакратаў». Мы езьдзілі лавілі тых хлопцаў, што спрабавалі яе згвалтаваць.

Паведамляць нейкія падрабязнасьці гэтага інцыдэнту валанцёры не захацелі, заявіўшы, што з бандытамі яны разьбяруцца самі. Вядома толькі, што дзяўчыне Людзе ледзь удалося ўцячы ад гвалтаўнікоў, пасьля чаго яна прыбегла ў лягер і распавяла, што на яе напалі. Некалькі валанцёраў пабеглі ў мікрараён, знайшлі хуліганаў і, як прызналіся, пагаварылі зь імі па-мужчынску.

Сёньня абаронцы разьбіралі на дровы вялікія шчыты з дошак, якія прывезьлі ў лягер актывісты ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Як гавораць валанцёры, апошнім часам праблемаў з харчаваньнем у іх няма — ежу прывозяць прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы і простыя людзі, што наведваюць лягер. Адна з такіх добраахвотніц — спадарыня Вера, яна прынесла сёньня капусты й алею. Гаворыць спадарыня Вера:

— Я слухаю перадачы, чытаю газэты і вельмі занепакоеная нашай сытуацыяй. Зьнікаюць людзі. Абаронцы Курапатаў таксама ў такой сытуацыі, на холадзе, гэта ж ня дома.

Хворыя. І я вельмі перажываю за ўсё гэта.

Калі я пакідаў Курапаты, па дарозе сустрэў яшчэ некалькі >чалавек — яны йшлі ў бок лягеру наведаць валанцёраў і >падтрымаць іх.

25 лютага 2002

МІКОЛА КАНАШ ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ У КУРАПАТАХ КРЫЖОВУЮ ГАРУ

Ва ўрочышчы трэба стварыць мэмарыял накшталт літоўскай Крыжовай гары. Гэтак мяркуе былы вязень ГУЛАГу Мікола Канаш са Жлобіна.

Ганна Соусь:

Кожны вязень сталінскіх лягераў павінен паставіць у Курапатах свой крыж, на якім будзе пазначаны ягоны лягерны нумар.

КАНАШ: Калі людзі будуць ахвяроўваць сродкі, кожны захоча крыж паставіць. А калі гэта былыя нявольнікі, хай на крыжы яны паставяць свой нумар. Нас інакш не называлі, толькі па нумары. Мы былі ня людзі, нумары як на аўтамабілі ў нас на сьпінах былі напісаныя. Я б выслаў грошы, бо сам туды ня зьежджу, і хачу, каб нехта на гэтую суму зрабіў крыж, які б стаяў у Курапатах.

Мікола Канаш хоча, каб на ягоным крыжы быў напісаны й лягерны нумар ягонай жонкі Сафіі Канаш, зь якой ён пазнаёміўся, працуючы на шахце ў горадзе Інта, Комі АССР. А трапіў спадар Канаш у ГУЛАГ праз тое, што ў часе другой сусьветнай вайны, у 1943 годзе, стаў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі.

КАНАШ: Мы вывучалі там беларускія песьні, першым чынам гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», крыху гісторыі, маршавалі, уздымалі сьцяг. У 1944 годзе, калі прыйшло, так бы мовіць, вызваленьне, мяне забралі ў савецкае войска.

Арыштавалі Міколу Канаша толькі ў 1948 годзе ў Петразаводзку. Ён дагэтуль памятае тамтэйшую ўнутраную турму.

КАНАШ: Сядзеў у адзіночцы, выклікалі звычайна ноччу або днём, калі абед, каб я не харчаваўся. Спаць зрэдку давалі. Пасьля тры месяцы судзілі — далі мне дваццаць пяць гадоў. Празь нейкі час накіравалі ў ленінградзкія «Кресты». Быў я ў 90-й камэры, было нас 89 чалавек. Ляжалі. Калі трэба было павярнуцца, дык варочаюцца ўсе, а калі падняўся, то твайго месца ўжо няма.

Пасьля «Крестов» Мікола Канаш трапіў у Комі АССР. У 22 гады давялося працаваць з адбойным малатком у шахце за 1 кіляграм 200 грамаў чорнага мокрага хлеба на дзень. Так прайшлі восем гадоў.

КАНАШ: Я заўсёды выпрацоўваў норму на 120 і больш адсоткаў. Нам сказалі — вызваляць тых, хто будзе мець адпрацаваным паўтэрміну. Пасьля сьмерці Сталіна былі залікі. І я набраў 12 з паловай гадоў — год за два.

За цяжкую рабскую працу ў ГУЛАГу Мікола Канаш атрымаў у 1992 годзе пасьля рэабілітацыі кампэнсацыю — каля 60 тысяч рублёў. Набыў тады за гэтыя грошы каляровы тэлевізар і мапэд. Жыве цяпер ён разам з жонкай спадарыняй Сафіяй у Жлобіне ў невялічкай двухпакаёвай кватэры. Пэнсіі хапае толькі на харчаваньне, вопратку даўно ўжо не набываюць, але на жыцьцё ня скардзіцца, бо зьведаў значна горшыя часы. Спадар Мікола ўзначальвае Жлобінскую арганізацыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

КАНАШ: Каля 60 чалавек нас у Жлобіне, але ў арганізацыі толькі 12. Гэта пераважна людзі пацярпелыя. Жывуць больш-менш нармальна, таму што маюць хаты, агароды, свая бульба, свая цыбуля, таму ня вельмі гэтым цікавяцца.

Сам Мікола Канаш пільна сочыць за падзеямі вакол Курапатаў, атрымлівае інфармацыю ў асноўным з Радыё Свабода і спадзяецца, што нарэшце ў Курапатах будзе створаны мэмарыял.

26 лютага 2002

ПЯЦЬ МЕСЯЦАЎ ВАХТЫ

На «буржуйцы» ў намёце стаіць рондаль з гарачай вадой, хутка валанцёры пачнуць гатаваць звыклую макарону з тушанінай.

Ганна Соусь:

Спадар Яўген падкідвае ў «буржуйку» сухія дровы. Ён жыве ў суседнім мікрараёне, часта наведвае абаронцаў Курапатаў.

ЯЎГЕН: Дапамагаю хлопцам, усё ж я старэйшы. Зрабіў ім два тапарышчы. Нейкія парады даю. Трэба закончыць ужо гэтую справу — агароджу каб зрабілі, каб ахова была. Каб уся краіна й горад адчулі, што тут ня месца для выгулу сабак...

Эпідэмія грыпу ў Курапатах ужо скончылася, але многія валанцёры зараз пакутуюць ад наступстваў хваробы. Антось Шкурынскі пачуваецца сёньня ня вельмі добра.

ШКУРЫНСКІ: У Цімоха Сугакі пайшло ўскладненьне на вушы, а ў мяне на лёгкія — бранхіт. Спрабую лекавацца, чым магу. Нам прыносяць розныя вітаміны, прымушаюць есьці мёд. Спрабуем лячыцца, але яшчэ й працаваць трэба.

У мінулую нядзелю споўнілася роўна пяць месяцаў, як тут пачалася вахта памяці. Многія прыйшлі павіншаваць валанцёраў з гэтай датай. Бабулькі, як іх называюць валанцёры, прынесьлі пірагоў і прысмакаў. Глеб Вязоўскі, які зь першых дзён бярэ ўдзел у вахце памяці, спадзяецца, што ўвесну да сталых абаронцаў далучацца новыя.

ВЯЗОЎСКІ: Людзей не хапае. Людзі тут ужо маральна стаміліся, дзяжураць ужо вельмі шмат, таму трэба калі-нікалі, хоць раз на два тыдні, выяжджаць у горад, каб крыху разьвеяцца.

Пакуль ідзе нашая гутарка, макарона з тушанінай амаль гатовая. Скончыўшы кухарскія справы, Алесь Гетман пачынае падсумоўваць вынікі пяцімесячнай вахты:

— Шмат чаго мы дасягнулі. Зараз тут будзе пабудаваны мэмарыял. Гэта ўсё цягнецца амаль 13 гадоў. А цяпер моладзь паказала, што яна больш працаздольная. Мяркую, калі б мы тут не сядзелі, тут нічога б не пабудавалі яшчэ дзесяць гадоў.

Алесь Гетман паказвае мне кнігі, што надоечы зьявіліся ў курапацкай бібліятэцы — гэта «Кар’ер» Васіля Быкава, брашуры пра Курапаты, Хатынь і Трасьцянец, усе творы прысьвечаныя трагічным падзеям у гісторыі Беларусі. Але мэмарыял створаны пакуль толькі ў Хатыні.

27 лютага 2002

УЛАДАЛЬНІК АРХІВУ ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ ФІЛЬМ

Фатограф Уладзімер Кармілкін прапануе стварыць фільм «Дарога на Курапаты-2» на падставе ягонага архіву відэа- і аўдыёзапісаў.

Ганна Соусь:

У кватэры Ўладзімера Кармілкіна сабраны ўнікальны архіў. Тут і рэчы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якія былі знойдзеныя ў часе раскопак пры канцы 1980-х — гліняныя кубкі, іржавы дрот, запальнічкі Спадар Уладзімер захаваў нават стужкі зь вянкоў, якія калісьці ўскладалі ў Курапатах.

На сьценах кватэры — бел-чырвона-белыя сьцягі, якія людзі ў розныя гады несьлі ў Курапаты Свае першыя здымкі пра Курапаты спадар Кармілкін зрабіў у часе вядомага мітынгу на Дзяды ў 1988 годзе. З таго часу цягам амаль 14-цi гадоў ён здымаў усе шэсьці й мітынгі ва ўрочышчы. У ягоным архіве ёсьць фатаграфіі пра візыт Біла Клінтана й пра сёлетняе аднаўленьне разбуранага мэмарыяльнага знаку.

На стале ў спадара Ўладзімера — апошні альбом пра Курапаты з унікальнымі кадрамі. Вось крыжы, якіх ужо няма пасьля падзеяў 8 і 9 лістапада, вось грузавікі завальваюць людзей пяском, надпісы на расьцяжках, якія разарвалі амонаўцы, ды шмат іншага, што стала ўжо гісторыяй.

КАРМІЛКІН: Гэтых здымкаў вельмі шмат, і напэўна ні аднаго, ні двух альбомаў ня хопіць, каб за столькі гадоў усё надрукаваць.

Уладзімер Кармілкін мае ўнікальную фанатэку — запісаныя на аўдыёкасэтах галасы ўсіх, хто выступаў у Курапатах на працягу больш чым дзесяці гадоў. Вось, прыкладам, фрагмэнт выступу Зянона Пазьняка ў Курапатах на Дзяды ў 1991 годзе.

ПАЗЬНЯК: Вельмі важна прыйсьці памянуць гэтыя мясьціны, памянуць нашых продкаў, і гэта дасьць нам духоўную сілу.

Ужо некалькі гадоў спадар Уладзімер захоўвае і відэа-стужкі пра Курапаты. Сёньня мы разам зь ім яшчэ раз паглядзелі кадры пра падзеі 8 і 9 лістапада. Уладзімер Кармілкін мяркуе, што з гэтага матэрыялу можна стварыць працяг фільму «Дарога на Курапаты».

КАРМІЛКІН: Міхаіл Жданоўскі зрабіў цікавую кінастужку пра Курапаты, Аляксандар Лукашук быў аўтарам сцэнару гэтага фільму. Хацелася б, каб быў працяг — «Дарога на Курапаты-2».

Уладзімер Кармілкін спадзяецца, што знойдуцца людзі, якія здолеюць ажыцьцявіць гэтую ідэю і скарыстаюць ягоныя аўдыё- і відэаархівы. Да таго ж усе дакумэнты пра Курапаты, якія спадар Уладзімер карпатліва зьбірае, маглі б стаць экспанатамі музэю ў Курапатах.

27 лютага 2002

АБАРОНЦАЎ СПРАБАВАЛІ АТРУЦІЦЬ

Невядомыя падкінулі ў намёт валанцёраў нейкае хімічнае рэчыва з задушлівым пахам. Хлопцы пачалі ванітаваць і задыхацца.

Ганна Соусь:

Калі яны выбеглі з намёту, дык заўважылі, як два чалавекі беглі ў бок лесу. Алесь Гетман мяркуе, што гэта была правакацыя спэцслужбаў, якая мела за мэту прымусіць валанцёраў пакінуць урочышча. Надоечы Курапаты наведаў старшыня фонду «Дзецям Чарнобылю» Генадзь Грушавы. Ён прывез валанцёрам харчоў і паабяцаў падтрымку й надалей.

28 лютага 2002

НАМЁТ ВАЛАНЦЁРАЎ ЗАЛІВАЕ ВАДОЙ

У Курапатах будаўнікі, капаючы канаву пад вадавод, знайшлі чалавечую костку. Валанцёры запрасілі археолягаў.

Ганна Соусь:

Костку адшукалі ў лясным масiве з боку дарогі блізу мікрараёну. Будаўнікі адразу ж аддалі знаходку валанцёрам, парэшткі захоўваюцца цяпер у іхным намёце. Заўтра ў Курапаты прыйдуць археолягі. Костка невялікая, крыху больш за 20 сантымэтраў. Сёньня з самай раніцы абаронцы змагаліся з наступствамі адлігі. Гаворыць Глеб Вязоўскі:

— Пасьля ўчорашняй навальніцы на полі набралася шмат вады. Зараз яна ўся цячэ сюды, да намёту. Думаю, што сёньня будзем поўны дзень змагацца з вадой — адводзіць яе кудысьці, ці ў лес, ці да трубы. А зараз з поля рака шырынёй два мэтры неўзабаве прыцячэ да нас.

У намёце чыста прыбрана, акенцы ўпрыгожаныя штучнымі кветкамі. Гэта Люда Паклонская апошнімі днямі займалася ўладкаваньнем.

ЛЮДА: Я ў Курапатах начую трэцюю ці чацьвертую ноч. Тут даволі складана, я зараз проста хварэю. Гэта ня тое што хатнія ўмовы — тут ані нармалёвай вады, ані памыцца хлопцам, нічога...

— А як бацькі ставяцца да таго, што Вы тут?

— Мая маці ня супраць. Аднойчы яна сказала, што калі б ёй было дваццаць гадоў, яна таксама знаходзілася б тут, разам з намі. Яна ведае, што мы не дарэмна тут знаходзімся й змагаемся.

Алесь Гетман прапаноўвае мне каву зь вялікага тэрмасу. Гэта адзін з падарункаў, што надоечы прынес у Курапаты старшыня Беларускага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы.

ГЕТМАН: Ён прывез лекі, харчы, расьцяжку вельмі цікавую, пастанову Ўсебеларускага зьезду. Абяцаў дапамагчы нам вопраткай і новым намётам. Бо наш сёньняшняй ноччу цалкам працёк.

Алесь Гетман кажа, што дапамога вопраткай і абуткам будзе вельмі своечасовай. Многія валанцёры знасілі ў Курапатах па чатыры-пяць параў ботаў, ня кажучы ўжо пра вопратку.

Калі я сыходзіла з Курапатаў, хлопцы разварочвалі расьцяжку, што прывез Генадзь Грушавы. На белым фоне чырвонымі літарамі напісана: «З нашай дзяржавай гавораць стагодзьдзі! Не давай сабе загінуць, народзе!»

1 сакавіка 2002

У ПРАЕКТУ РЭКАНСТРУКЦЫІ ДАРОГІ КАЛЯ КУРАПАТАЎ НОВЫ НАВУКОВЫ КІРАЎНІК

Ім стала дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага архітэктарка Мая Кляшторная.

Ганна Соусь:

Гэтае рашэньне было прынятае на паседжаньні ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэсмесьнік дырэктара Дэпартамэнту Ігар Чарняўскі:

— Замена навуковага кіраўніка была праведзеная з прапановы цяперашняга падрадчыка прадпрыемства «Магістральаўтадор» і з ініцыятывы Менскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ведаючы, што Мая Тодараўна на грамадзкіх асновах вельмі многа ўвагі надае ўрочышчу Курапаты і фактычна вырашае многія пытаньні, напрыклад, у справе ліўневай каналізацыі, мы прынялі рашэньне аб замене навуковага кіраўніка.

Папярэдні навуковы кіраўнік праекту архітэктар Мікалай Емяльянаў, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі «Магістральаўтадору», фактычна ня браў удзелу ні ў распрацоўцы праекту, ні ў назіраньні за яго ажыцьцяўленьнем. Тады як Мая Кляшторная вырашала ўсе спрэчныя пытаньні паміж заказчыкам і грамадзкасьцю.

Мая Кляшторная — архітэктарка паводле адукацыі, у 1959 годзе закончыла Менскі архітэктурны тэхнікум, потым вучылася ў Маскоўскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце і Ўсесаюзным завочным інжынэрным інстытуце. Больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў арганізацыі «Белпрампраект» у аддзеле генэральнага плянаваньня, дзе займалася пытаньнямі горадабудаўніцтва.

Яе лёс шчыльна зьвязаны з Курапатамі. Хутчэй за ўсё, ва ўрочышчы быў расстраляны ейны бацька — беларускі паэт Тодар Кляшторны. Да таго ж спадарыня Мая сама — былы вязень ГУЛАГу, узначальвае зараз Мартыралёг Беларусі. На сваё прызначэньне Мая Кляшторная адрэагавала наступным чынам:

— Я ніколі не хацела, каб мая праца была адзначаная нейкімі пасадамі, але ж буду працягваць тое, што й рабіла раней. Нам трэба канчаткова вырашыць пытаньне пра межы ўрочышча. Сёньня ў мяне якраз павінна быць сустрэча наконт статусу гэтай зямлі. Калі сёньня ня прыйдзем да нечага пэўнага, я пайду да Паўлава і буду ўжо весьці размову аб тым, што Курапаты павінны ўваходзіць у межы гораду. І потым трэба распрацаваць праект ахоўнай зоны, яго таксама няма. Мы ня ведаем, якія нормы павінны быць, прыкладам, адлегласьць ад урочышча да плянаваных аўтастаянак ды іншых аб’ектаў. Гэта ўсё ўжо трэба разглядаць разам з ахоўнай зонай.

Мая Кляшторная кажа, што за гэтую працу ёй ня трэба ніякай платы, а калі яна й будзе, то пойдзе на карысьць мэмарыялізацыі Курапатаў.

1 сакавіка 2002

ПАЧАЎСЯ СУД НАД АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ

У Менскім раённым судзе разглядалася адміністрацыйная справа Ўладзімера Плотнікава ў зьвязку з падзеямі ў Курапатах 9 лістапада.

Любоў Лунёва:

Сёньня ў суд разам з Уладзімерам Плотнікавым прыйшлі некалькі чалавек, якія летась абаранялі крыжы ў Курапатах. Тады 9 лістапада Ўладзімера Плотнікава затрымалі ў жывым ланцугу. Судзьдзя аштрафаваў Уладзімера на 150 мінімальных заробкаў завочна. Абласны суд скасаваў гэтую пастанову як незаконную. Цяпер у судзе будуць апытваць спадара Плотнікава, міліцыянтаў і сьведкаў. Адвакат Вера Страмкоўская напачатку паседжаньня хадайнічала, каб справу спынілі, бо скончыўся тэрмін Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, прыцягнуць чалавека да адказнасьці можна толькі на працягу двух месяцаў. Але судзьдзя абвесьціў, што справу трэба разгледзець, каб высьветліць, ці было правапарушэньне. Гаворыць Уладзімер Плотнікаў:

— Мяне абурыла, што калі я пачаў казаць па-беларуску, дык судзьдзя адразу пачаў перакладаць усё сакратарцы. Сам я нарадзіўся ва Ўсурыйску Прыморскага краю. Я расеец, але мяне абражае, як абыходзяцца зь беларускай мовай на яе роднай беларускай зямлі.

13 сакавіка судзьдзя Зьмiцер Грыцэль апытае ўсіх сьведкаў і вынесе пастанову.

2 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРАЎ У ЛЯГЕРЫ СТАЛА БОЛЬШ

Сяржук Высоцкі гаворыць, што з надыходам вясны ў абаронцаў адкрылася «другое дыханьне».

Альгерд Невяроўскі:

Над лягерам па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Сёньняшняй ноччу там знаходзіліся дзевяць валанцёраў. Раніцай многія зь іх разьехаліся па сваіх справах, а ў лягер прыйшлі тры актывісты Маладога Фронту, якія нарыхтоўвалі дровы. Гаворыць Алег Корбан:

— Сёньня мы з Маладога Фронту дапамагаем у дзяжурстве й абароне Курапатаў. Трэскі тут нарыхтоўваем і пілуем дровы. А яшчэ сёньня выпускаюць з турмы Васю, і мы яго сустрэнем.

18-гадовы Васіль Парфянкоў — асоба ў курапацкім лягеры вядомая й паважаная. Ён абараняе Курапаты амаль зь першых дзён. За ўдзел у маладзёвай акцыі «Беларусь — у Эўропу!» 14 лютага суд пакараў Васіля 10 суткамі арышту. Сёньня многія абаронцы паехалі да спэцпрыёмніка сустракаць спадара Парфянкова.

Валанцёры Антон Шкурынскі й Алег Гнедчык гавораць, што цяпер жыхарам лягеру стала лягчэй, бо ёсьць харчы й дровы, а таксама фактычна скончылася эпідэмія грыпу. Сёньня ў лягер прыйшоў і адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Ужо пераадолены той крызыс, пра які казалі.

Псыхалягічны, эмацыйны. Больш людзей сюды прыходзіць, больш людзей начуе. Курапацкая варта зараз знаходзіцца на моцнай хвалі.

— А, што, на вашую думку, надало другое дыханьне гэтаму чыну?

— Перамога — і гэта ўжо стала зразумела самім курапацкім абаронцам. Прыйшла вясна, а вясна — гэта наш беларускі час. Вясной мы абвяшчалі незалежнасьць, я маю на ўвазе ўгодкі БНР. Вясной адбывалася вельмі шмат падзеяў, важных для краіны. І гэта адчуваецца — аўра пераможцаў вітае над абаронцамі Курапатаў, і гэтага нельга не заўважыць.

3 сакавіка 2002

У ГРАМАДЗКУЮ КАМІСІЮ ПАСТУПІЛА КАЛЯ 30 ПРАПАНОВАЎ

Але, на думку Ірыны Жыхар, сярод іх няшмат цікавых і арыгінальных.

Альгерд Невяроўскі:

Камісія ў справе мэмарыялізацыі пры грамадзкіх ініцыятывах «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» абвясьціла конкурс 19 лютага, і за гэты час у камісію паступіла каля 30 прапановаў. Свае праекты даслалі асобныя грамадзяне са Смургоняў, Віцебску, Менску, аднак камісія пакуль вылучыла толькі адну істотную прапанову, аўтар якой — менскі гісторык Нэлі Герасімава. Гаворыць сакратарка камісіі Ірына Жыхар:

— Яна як гісторык лічыць, што ў Курапатах трэба зрабіць перазахаваньні. Бо нельга месцы расстрэлаў раўняць зь месцамі пахаваньняў. Чалавек ведае, што сыдзе ў магілу, і перад магілай у яго няма аж такога страху. А на месцы расстрэлаў людзі адчувалі жах, страх і моцную трывогу. Таму яна прапануе зрабіць у Курапатах перазахаваньні й толькі пасьля будаваць мэмарыял.

Хаця сябры камісіі і прызналі прапанову спадарыні Герасімавай арыгінальнай, але канчатковай згоды ў гэтай справе няма. Частка камісіі пагаджаецца перазахаваць ахвяраў у агульнай магіле, іншыя ж лічаць, што ня варта чапаць парэшткі.

Было таксама шмат тэлефанаваньняў. Многія пагаджаюцца з канцэпцыяй мэмарыялізацыі, прапанаванай грамадзкай камісіяй. Гэта значыць, што ў Курапатах мусіць быць усталявана шмат крыжоў, пабудаваны цэнтральны помнік памяці ахвяраў, а таксама належным чынам добраўпарадкаваная тэрыторыя ўрочышча. Ірына Жыхар ды іншыя сябры камісіі пакуль ня надта задаволеныя тым, як ідзе грамадзкае абмеркаваньне.

ЖЫХАР: Я думаю, што людзі проста прызвычаіліся. Бо курапацкая тэма ня новая, яна як бы старая, у тым сэнсе, што больш за 10 гадоў на слыху. З тае пары шмат часу прайшло й не адбылося галоўнага — краіна й нацыя не пакаяліся за тыя грахі, якія былі ў савецкія часы.

Конкурс праектаў будзе працягвацца два месяцы, і цягам гэтага часу сябры камісіі абяцаюць знайсьці аптымальны варыянт.

4 сакавіка 2002

162 ДНІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Ва ўрочышчы былі 10 валанцёраў. Сярод іх — Васіль Парфянкоў, у якога пазаўчора скончыўся тэрмін зьняволеньня ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах лесьнікі Ждановіцкага лясьніцтва нарэшце пачалі высечку сухіх дрэваў. Абаронцы мяркуюць, што цяпер дроваў ім хопіць аж да лета.

5 сакавіка 2002

ЛЯ ЎРОЧЫШЧА АКТЫВІЗАВАЛІСЯ БУДАЎНІЧЫЯ ПРАЦЫ

Самазвалы звозяць друз на дарогу. Абаронцы мяркуюць, што з прыходам вясны будаўніцтва кальцавой дарогі пойдзе больш шпаркімі тэмпамі.

Ганна Соусь:

Сёньня ва ўрочышчы лесьнікі Ждановіцкага лясьніцтва працягвалі высякаць сухія дрэвы. Алесь Гетман кажа:

— Мы дамовіліся зь лесьнікамі, што сырыя дрэвы пойдуць на крыжы. Дапамога нам таксама патрэбная, бо гэтыя дрэвы трэба пераносіць з другога боку лесу. Учора да нас двойчы завітвалі міліцыянты, мы іх павіншавалі з Днём міліцыі. Дачыненьні зь міліцыяй цяпер нармальныя — яны ставяцца да нас з павагай.

Што да адносінаў з будаўнікамі, дык, паводле Сержука Мацкойця, іх можна назваць стабільна-спакойнымі.

МАЦКОЙЦЬ: Яны да нас прыходзяць і параіцца, і проста паразмаўляць. Надоечы адбыўся паказальны выпадак — прыходзіў прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы, якая будуе на гары побач з урочышчам каплічку. Ён папрасіў, каб мы дазволілі правесьці кабэль з электрычнасьцю й тэлефоннай сувязьзю ў абыход ляснога масiву. Паабяцаў, што й да нас правядуць электрычнасьць і тэлефон.

Сёньня ў намёце валанцёраў зьявілася новая канапа, якую прывез старшыня гарадзкой рады Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна. Але надыходзіць час абеду, і Каця Карпенка пачынае абіраць бульбу.

— Што вы сёньня будзеце гатаваць?

КАЦЯ: Гэта не да мяне. Гетман, што мы сёньня будзем гатаваць?

ГЕТМАН: Капусту.

— А якія звычайна ў дзяўчат тут абавязкі?

КАЦЯ: Посуд памыць, бульбу абабраць, прыбрацца...

— А што найбольш складана для дзяўчыны ў лягеры?

КАЦЯ: Калі тут сядзіш, усё павінна быць добра, і нічога ня можа быць складаным...

На ложку ляжыць гітара. Некаторыя абаронцы Курапатаў, у тым ліку й Каця, часта вечарамі сьпяваюць пад яе. Многім тут вельмі падабаецца песьня «Kein Russland», якую напісаў адзін з актывістаў Зьміцер Захарэвіч.

6 сакавіка 2002

МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ ПРА БУДУЧЫНЮ КУРАПАТАЎ

Трэба ідэнтыфікаваць парэшткі расстраляных і зрабіць сьцяну памяці, на якой будуць напісаныя імёны ахвяраў.

Ганна Соусь:

Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук археоляг Міхась Чарняўскі не спадзяецца на тое, што пры цяперашняй уладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады й расстрэльваў бязьвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай.

ЧАРНЯЎСКІ: Калі ведаць па сьпісах, хто тут расстраляны, то паводле генэтычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба й грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сьцяну трэба рабіць, і на гэтай сьцяне пісаць усе прозьвішчы...

Міхась Чарняўскі бачыць будучы мэмарыял у Курапатах такім:

— Ня варта нешта будаваць на магілах, бо сам лес, схілы й ямы напоўненыя пакутамі. Гэтая мясьціна ўжо ёсьць мэмарыялам. Там толькі павінна быць чысьценька, і людзі павінны хадзіць моўчкі са зьнятымі капелюшамі. І канечне, каб магілы былі нейкім чынам пазначаныя. Там будуць рабіць апорныя сьценкі. Я там паставіў бы знак — ня больш за 60 км хуткасьці. І вось на гэтых сьценках проста выклаў бы велізарнымі літарамі «Курапаты» зь левага й з правага боку, каб кожны, хто ехаў, прыпыняў рух.

Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-х гадоў ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі. Тады археолягі асьцерагаліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар’ер.

ЧАРНЯЎСКІ: Быццам ніхто ня ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць зямлю пад кар’ер, дык якраз там, дзе расстрэльвалі.

Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар’ер быў зроблены пад Вялейкай, дзе ў 1941 годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязьняў, і яшчэ шмат дзе ў Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не пасьпелі й ня здолелі зраўняць зь зямлёй, дык Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі ўпершыню трапіў ва ўрочышча:

— Успомніў нашых археолягаў, нашую інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што во тут — нашае Адраджэньне 1920-х гадоў.

Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 70-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі «нацыяналістамі», ён распачаў збор грошай у іх падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць мулярам. Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чарняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца.

7 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ ДАБУДОЎВАЮЦЬ ПАДЗЕМНЫ ПЕРАХОД

З самай раніцы тут ішоў моцны дождж. Калі я падышла да падземнага пераходу, дык заўважыла, што ў ім хаваюцца ад дажджу рабочыя.

Ганна Соусь:

Ужо трэці дзень у Курапатах працуе брыгада будаўнікоў з Барысава.

БУДАЎНІК: Бэтанаваць усё будзем, потым гідраізаляцыю рабіць, засыпаць і гэтак далей.

— А Вы ведалі, што ў Курапатах людзі жывуць ужо пяць месяцаў?

— Хто тут ведаў...

— А як Вы ставіцеся да таго, што моладзь пратэстуе, сочыць за будаўніцтвам, пад бульдозэры клаліся раней... Ці варта гэта рабіць?

— Канечне, трэба. Гісторыю абараняць трэба.

Калі дождж крыху сьціх, будаўнікі падышлі да стэнду «Курапаты — дарога сьмерці» каля намёту валанцёраў і пачалі чытаць пра гісторыю гэтага месца.

У намёце абаронцаў цяпер стала больш утульна. Зьявілася невялічкая канапа, якую прывез Уладзімер Кішкурна. Каля намёту складзеныя дровы, якія валанцёры пілавалі ўчора. Але жыцьцё ў лягеры не выглядае спакойным. Гаворыць Цімох Сугака, які правёў у Курапатах ужо больш за два з паловай месяцы:

— Учора быў вельмі напружаны дзень. Тры разы прыходзілі нейкія п’яныя. Прапаноўвалі нам выпіць. Казалі нам: «Чаго вы тут сядзіце? Гэта ўсё роўна нічога ня вырашыць». Нешта падобнае было перад падзеямі 8 і 9 лістапада...

Сёньня ў лягеры я засьпела Антося Шкурынскага. Учора лекары паставілі яму дыягназ — вострая форма бранхіту. Я запыталася ў Антося, як ён пачуваецца?

ШКУРЫНСКІ: Нармалёва, толькі кашляю, жару ўжо няма. Там настойваюць на шпіталізацыі, але я мяркую, што калі буду лекавацца дома ці на нейкай кватэры, вынік будзе той самы. Тут у мяне ёсьць антыбіётыкі й вітаміны.

— Як паставіліся лекары да Вас, калі даведаліся, што Вы абараняеце Курапаты?

— Там сказалі: «Мы ведаем, хто ты такі». А ў іх на стале «Белорусская газета» ляжыць з рэпартажам пра абаронцаў.

8 сакавіка 2002

У АБАРОНЦАЎ АМАЛЬ СКОНЧЫЛІСЯ ХАРЧЫ

У жыхароў курапацкага лягеру зноў складанае фінансавае становішча.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня дабрацца да лягеру абаронцаў было вельмі складана з прычыны моцнага сьнегу й ветру. Нават будаўнікі спынілі працу й схаваліся ў сваіх вагончыках. А ў намёце цёпла і прыбрана, пах мімозаў. Хлопцы-валанцёры (а іх у лягеры было васьмёра) віншавалі сваіх сябровак Іру Вяткіну й Кацю Карпенку з жаночым днём. Дзяўчаты амаль штодня прыходзяць у Курапаты, гатуюць ежу, прыбіраюць намёт і ўсяляк дапамагаюць хлопцам Як валанцёры будуць сьвяткаваць сёньняшні дзень? Гаворыць Каця Карпенка:

— Гэта будзе ня тут. Людзі, якія зараз тут знаходзяцца, пойдуць сьвяткаваць у іншае месца. А тут будзе замена.

Тым часам валанцёры пачалі абедаць. Я заўважыў, што елі яны толькі макарону й запівалі гарбатай. Гаворыць старшы ў лягеры Васіль Парфянкоў:

— Апошнім часам з харчаваньнем цяжкавата. Вось сёньня 10000 нам падкінулі, дык трохі закупілі, а так было цяжка. Учора нават хлеба тут не было.

Хлопцы фактычна на апошнія грошы купілі дзяўчатам кветкі. Іра Вяткіна кажа, што такі падарунак для яе яшчэ больш каштоўны:

— Яны думаюць пра нас, не забываюць, што сёньня сьвята. Гэта вельмі прыемна. Насамрэч значна больш прыемна, чым звычайна.

Амаль штодня сюды прыходзіць мужчына сталага веку, спадар Яўген. Ён дапамагае моладзі, а таксама спадзяецца стаць афіцыйным вартаўніком будучага Курапацкага мэмарыялу.

ЯЎГЕН: Мяне прыцягвае тое, што тут сапраўды ёсьць прыкметы барацьбы. Мы адстаялі гэтую тэрыторыю, быццам бы падведзены нейкі статус пад яе. А ў будучыні я мяркую тут уладкавацца на працу, калі тут будзе нейкая ахова ці што.

Сёньня валанцёры разам з рабочымі лясьніцтва пілавалі дрэвы, якія пойдуць на ацяпленьне намёту, а таксама на пабудову побач з Курапатамі праваслаўнай капліцы.

9 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ПАНІХІДА

На месцы будучай праваслаўнай капліцы была адслужаная паніхіда памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

Альгерд Невяроўскі:

Сьвятар праваслаўнага прыходу зь мікрараёну Зялёны Луг айцец Уладзімер Стукач, які апякуецца Курапатамі, гаворыць, што капліца там будзе пабудаваная, бо яму ды й іншым вернікам быў адмысловы Боскі знак. Каля 30 вернікаў са Сьвята-Ўваскрасенскай царквы разам з айцом Стукачам прыйшлі ва ўрочышча на жалобны малебен-паніхіду.

9 сакавіка паводле праваслаўнага календара — г.зв. бацькоўская субота, дзень, калі перад Вялікім Пастом Царква ўзгадвае памерлых продкаў і асабліва — бязьвінна загінулых. Вернікі сабраліся каля праваслаўнага крыжа й курапацкай магілы, якраз насупраць таго месца, дзе закладзеныя падмуркі будучай капліцы Вобразу нерукатворнага Збавіцеля. Гаворыць айцец Уладзімер:

— Кожную бацькоўскую суботу, а сёлета іх пяць, мы праводзім набажэнства ў Курапатах, бо тут у нас месца памінаньня ўсіх, хто загінуў.

— Айцец Уладзімер, чаму пабудова капліцы актывізаваная менавіта цяпер?

— Як грошы зьявяцца, так і робім. Мы, натуральна, просім, каб усе, хто можа, ахвяравалі нам на гэтую справу, бо грошай мала. Мы будуем галоўны храм Хрыстовага Ўваскрашэньня ў Зялёным Лузе, а тут у нас падвор’е. Капліца названая ў гонар Збавіцеля нерукатворнага вобразу й бязьвінна забітых на беларускай зямлі.

Падмуркі капліцы былі закладзеныя паўтара года таму, і гэтай справе папярэднічала містычная гісторыя. Айцец Уладзімер разам са сваімі вернікамі апякуецца курапацкімі магіламі ўжо даўно. І вось аднойчы яны прыйшлі ў Курапаты адпраўляць паніхіду па загінулых, і, як гаворыць сьвятар, у часе набажэнства ўсе сабраныя ўбачылі на небе выяву Ісуса Хрыста, які блаславіў вернікаў. Тады й вырашылі пабудаваць на гэтым месцы капліцу. Празь нейкі час гэтае рашэньне вернікаў падтрымаў і мітрапаліт Філарэт. Праўда, пакуль грошай хапіла толькі на падмуркі. Але айцец Уладзімер перакананы, што капліца будзе-такі пабудаваная сіламі саміх вернікаў. Нядаўна будаўнікі дарогі пагадзіліся пракласьці на ўзгорак да падмуркаў бажніцы тэлефонную ды іншыя камунікацыі.

Паводле айца Ўладзімера, нейкага супрацоўніцтва паміж вернікамі й валанцёрамі няма — проста дапамагаюць адны адным па-суседзку. Сьвятар Стукач пакуль не ўзгадняў свой праект і з грамадзкай ініцыятывай «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», бо фармальна капліца будзе знаходзіцца па-за межамі Курапатаў. Аднак айцец Уладзімер гаворыць, што ўзгадняць будзе, каб усе помнікі ў Курапатах выглядалі гарманічна.

Удзень у лягеры было некалькі добраахвотнікаў. На набажэнства яны не прыйшлі, але, паводле старшага ў лягеры Васіля Парфянкова, гэта ня нейкі палітычны дэмарш. Проста ў хлопцаў было вельмі шмат гаспадарчых справаў.

10 сакавіка 2002

У ЛЯГЕРЫ АБАРОНЦАЎ ГУЧЫЦЬ ГІТАРА

Калі я падыходзіў да лягеру, пачуў беларускія песьні.

Ягор Маёрчык:

Кажа старшы ў лягеры Дзяніс Більдзюк:

ДЗЯНІС: Тут амаль кожны другі, як высьветлілася, паэт. Вельмі ціха ўначы гучала гітарная музыка. Зьявілася нават чорная сумная курапацкая рамантыка. Ноч прайшла спакойна. Сядзелі два амонаўцы, вельмі ўважліва слухалі, спрабавалі штосьці зразумець.

11 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ КАЖУЦЬ ПРА «КУРАПАЦКІ СЫНДРОМ»

Рок-музыка Хведар Жывалеўскі мяркуе, што ўжо ня варта і ўдзень і ўначы пільнаваць Курапаты, а трэба рабіць іншыя захады дзеля захаваньня нацыянальнага нэкропалю.

Ганна Соусь:

Нягледзячы на тое, што на гарадзкіх вуліцах ужо амаль суха, каля лягеру валанцёраў дагэтуль лужыны. Сёньня будаўнікі зь менскага прадпрыемства «Інтэрвэстбуд» рабілі гідраізаляцыю падземнага пераходу. Паводле галоўнага інжынэра прадпрыемства Валера Міхайленкі, у будаўнікоў склаліся прыязныя дачыненьні з валанцёрамі.

МІХАЙЛЕНКА: Нармальна мы ставімся да ўсяго гэтага. Кантактуем з усімі людзьмі. Ніякіх эксцэсаў у нас тут не было.

У лягеры валанцёраў я сустрэла рок-музыку Хведара Жывалеўскага. За ўдзел у падзеях 8 і 9 лістапада ён трапіў за краты на сем дзён. Апошнім часам Хведар зрэдку прыходзіць у Курапаты.

ЖЫВАЛЕЎСКІ: Тут няма ўжо чаго трымацца, няма з кім змагацца, няма за што змагацца. Ужо ўсё прайшло, і больш ня будзе той хвалі, што была раней. Хутка можа й сыдзем. Я дык дакладну сыду.

Хведар Жывалеўскі мяркуе, што трэба выкарыстоўваць новыя формы, каб прыцягнуць увагу да Курапатаў:

— Ёсьць пляны зрабіць фэстываль «СуПкультура». Тым больш, што зараз будуць цёплыя дні, і гэта можна будзе ладзіць на прыродзе. Думаю, што можна было б зрабіць ідэйны працяг Курапатаў. Працягнуць гэтую тэму ўжо не пасядзелкамі й бойкамі з уладай, а пэрформансамі й гэтак далей.

Але зь меркаваньнем Хведара ня згодныя іншыя валанцёры. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Наадварот, тут варта знаходзіцца. Зараз будзе цёпла, у лесе пачнуць піць, забруджваць урочышча, і трэба сачыць, каб нічога гэтага не было. Нават калі пабудуюць дарогу, тут усё роўна будзе наш адмысловы патруль хадзіць.

28 лютага Васіль павінен быў ісьці ў войска, але ў гэты дзень яму давялося адбываць пакараньне ў прыёмнікуразьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у акцыі Маладога Фронту на Дзень сьвятога Валянціна. Цяпер Васіль пойдзе ў войска, магчыма, толькі ўвосень. Зараз увесь свой час ён аддае Курапатам.

ПАРФЯНКОЎ: Гэта, можна сказаць, мой другі дом.

Гэтак думаюць многія абаронцы. Хведар Жывалеўскі нават кажа пра «курапацкі сындром».

ЖЫВАЛЕЎСКІ: Курапацкіх можна пазнаць па бляску ў вачах. Я гэта й назваў «курапацкім сындромам». Гэта ўсё ў сьвядомасьці адкладваецца. Як гэта ў людзей бывае — хто з вайны прыйшоў, хто з Курапатаў...

12 сакавіка 2002

БАЖ ЛАДЗІЦЬ ГРАМАДЗКІЯ СЛУХАНЬНІ

У слуханьнях па мэмарыялізацыі Курапатаў, якія наладзіла Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, узялі ўдзел усе зацікаўленыя.

Ганна Соусь:

У Музэі Янкі Купалы сёньня сабраліся ўсе, каго хвалюе лёс Курапатаў: пісьменьнік Янка Брыль, валанцёры і актывісты грамадзкіх ініцыятываў, сябры Беларускага камітэту міру, прадстаўнікі «Белгіпрадору» і «Магістральаўтадору», архітэктары, мастакі, скульптары, сьвятары, археолягі, лідэры палітычных партыяў. Абмяркоўваліся дзьве канцэпцыі мэмарыялізацыі. Адну зь іх, пра якую Радыё Свабода ўжо не аднойчы падрабязна паведамляла, выпрацавалі грамадзкія ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» Гаворыць мастак Васіль Шаранговіч, які на пачатку 1990-х узначальваў журы конкурсу на праект помніку ў Курапатах:

— Што такое Курапаты ў сэнсе мэмарыялізацыі? Акрамя палітычнай падасновы, гэта месца захаваньня, гэта могілкі. Што вызначала такое месца спакон вякоў? Агароджа, брама, капліца й крыжы, што характэрна для ўсіх беларускіх могілак.

Другую канцэпцыю прапанаваў Беларускі камітэт міру Гэта «Мэмарыял пралітай крыві» — збудаваньне непадалёк дарогі ў выглядзе падковы, якая сымбалізуе такія паняцьці як удача, шанцаваньне, дабрабыт і прымірэньне Гаворыць старшыня Камітэту міру Іван Кірычэнка:

— Мы аддалі свае прапановы ў чатыры інстанцыі — прэзыдэнту, прэм’еру, кіраўнікам абедзьвюх палат парлямэнту. Нам паведамілі, што парлямэнт прыняў нашыя прапановы, абмяркоўвае іх і мае намер вынесьці іх на наступную сэсію.

Мастак Аляксей Марачкін:

— Як мы да гэтага ставімся? Ці як прымірэньне й пакаяньне, ці як да помніка ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта фактычна помнік генацыду нацыі. А зараз я бачу, што ідзе прыніжэньне праблемы, ужо заяўка й канцэпцыя ляжаць на стале ў тых, хто вырашае лёс Курапатаў.

Сваё меркаваньне даслаў удзельнікам сёньняшняга сходу пісьменьнік Васіль Быкаў. Ягоныя словы перадае паэт Сяргей Законьнікаў:

«Я пазнаёміўся зь дзьвюма канцэпцыямі ўвекавечаньня Курапатаў. Абедзьве яны слушныя. Важнасьць і мэтазгоднасьць іх не выклікаюць сумневу. Мне падаецца важным улічыць патрабаваньні грамадзкіх ініцыятываў аб вынясеньні за межы ахоўнай зоны храмавага будаўніцтва розных канфэсіяў. І самае галоўнае, каб гэтае ўвекавечаньне ажыцьцявілася як мага хутчэй, не было ў чарговы раз «завалакічанае». Мабыць, ня трэба занадта спадзявацца на ўлады. Трэба ўсю справу весьці з удзелам і пад кантролем грамадзкіх арганізацыяў. Асабліва маладзёвых, якія тую справу даволі выпакутавалі, пранёсшы праз паліцэйскі тэрор і сьцюжу зімы. Посьпехаў ім».

13 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ НЕ ПАГАДЖАЮЦЦА З КАНЦЭПЦЫЯЙ КАМІТЭТУ МІРУ

Паводле валанцёраў, ідэю мэмарыялу ў выглядзе падковы прапануюць людзі, якія ніколі не былі ў Курапатах.

Ганна Соусь:

На шляху ва ўрочышча я сустрэла Алеся Гетмана. Ён ішоў на суд над Уладзімерам Плотнікавым.

ГЕТМАН: Суд ідзе яшчэ за падзеі 8 і 9 лістапада. І мяне запрасілі ў якасьці сьведкі. Там ідзе ня суд, а «судзілішча», наколькі я ведаю.

Учора валанцёраў наведалі журналісты з рэгіянальных газэтаў — «Берасьцейскага кур’ера» й «Магілёўскага тыднёвіка».

Сёньня ў лягеры гаварылі пра ўчорашнюю дыскусію ў Купалаўскім музэі. Гаворыць Глеб Вязоўскі:

— Падкова разьлічаная на вялікую колькасьць людзей. Дзе яны яе тут паставяць? Давядзецца палову лесу высекчы, а мы гэтага не дамо зрабіць. Як яны казалі — гэта сымбаль удачы й пакаяньня. Але ж якое пакаяньне павінны мы тут несьці, альбо тыя, каго расстрэльвалі? Мне падаецца, што спадар Кірычэнка ўвогуле ня быў у Курапатах і не ўяўляе, што тут і як, колькі тут месца...

З Глебам згодныя й іншыя актывісты — Васіль Парфянкоў і Антось Шкурынскі. Апошні, дарэчы, ужо ачуняў пасьля хваробы й пачуваецца цяпер значна лепш. Мінулую ноч у лягеры правёў Сяржук Высоцкі.

ВЫСОЦКІ: Абаронцы Курапатаў павінны сказаць вельмі важныя словы наконт мэмарыялізацыі Курапатаў. Узьнікла пагроза таго, чаго мы найбольш апасаліся — што ўсё будзе проста загаворанае. Чаму беларусы павінны каяцца за расейскі камунафашызм, які зьнішчаў беларускі народ? Калі пачынаецца гаворка пра пакаяньне, прымірэньне й згоду, якая ў выніку разбурае самую сутнасьць галоўнай думкі, то мы гэтага не прымаем і будзем супрацьстаяць, як супрацьстаялі гэтаму вандалізму. Гэта той самы вандалізм, толькі палітычны.

Абаронцы вырашылі заставацца ва ўрочышчы й пасьля таго, як будзе пабудаваная дарога, каб сачыць, як будзе адбывацца мэмарыялізацыя нацыянальнага нэкропалю.

13 сакавіка 2002

ПЛОТНІКАВУ ДАЛІ ШТРАФ

У Менскім раённым судзе за абарону Курапатаў пакараны сябра КХП БНФ Уладзімер Плотнікаў.

Любоў Лунёва:

Судзьдзя Зьміцер Грыцэль аштрафаваў Уладзімера Плотнікава на 150 мінімальных заробкаў. Гэта апошняя справа на затрыманага ўдзельніка падзеяў 8 і 9 лістапада.

Раней Уладзімера Плотнікава судзілі завочна, і таму абласны суд скасаваў рашэньне як незаконнае. Спадар Плотнікаў абвінавачваецца ў супраціве міліцыянтам і парушэньні адміністрацыйнага заканадаўства. Падчас суду сакратарка паседжаньня прызналася, што ня ведае беларускай мовы. Судзьдзя вымушаны быў абвесьціць перапынак, каб замяніць яе на іншую. Праз паўгадзіны высьветлілася, што ніхто з сакратароў Менскага раённага суду не валодае дзяржаўнай мовай. Давялося працягваць працэс у ранейшым складзе. Уладзімер Плотнікаў не прызнаў сябе вінаватым.

ПЛОТНІКАЎ: Я сам у Курапатах усталяваў тры крыжы. На адным крыжы зрабіў шыльдачку і напісаў там імёны маіх дзядзькоў: «Мурашка Мікалай, Мурашка Ўладзімер і Мурашка Віктар». У 1937-м іх забралі, і мы нічога пра іх лёс ня ведаем. Я вырашыў паставіць крыжы, каб прыходзіць туды, як на могілкі. 9 лістапада, калі прыйшоў, убачыў, што крыжы зьнішчаныя. Гэтых барбараў не спыніла нават тое, што іх асьвяціў сьвятар.

Судзьдзя, заслухаўшы ўсіх сьведкаў і прагледзеўшы апэратыўную відэастужку, прызнаў Уладзімера Плотнікава правапарушальнікам На думку адвакаткі Веры Страмкоўскай, прысуд вынесены з парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства.

СТРАМКОЎСКАЯ: Сёньняшні прысуд супярэчыць ня толькі адміністрацыйнаму заканадаўству, але й Канстытуцыі Беларусі. У нас ёсьць тэрмін разгляду адміністрацыйных справаў у судах. Гэтая справа павінна быць спыненая, бо скончыўся тэрмін разгляду. Судзьдзя спаслаўся на нейкую пастанову пленуму Вярхоўнага суду, але, калі я папрасіла паказаць мне гэтую пастанову, як юрыст юрысту — ён ня здолеў гэтага зрабіць.

Уладзімер Плотнікаў будзе абскарджваць прысуд. Хутчэй за ўсё, будзе прызначанае новае разьбіральніцтва.

13 сакавіка 2002

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ЗЬВЯРНУЎСЯ ДА АБАРОНЦАЎ

У «Лісьце да моладзі, што пільнуе Курапаты» Зянон Пазьняк піша:

«Я б вам параіў, усім маладым патрыётам Беларусі, гуртавацца шырэй у справе аховы Курапатаў. Народны Мэмарыял вымагае ў цяперашніх умовах комплекснага дагляду і пільнаваньня. Бо небясьпека падсьцерагае Курапаты ня толькі з боку рэжыму, але і з боку карысьлівых людзей ягонай «апазыцыі», што навучыліся існаваць за кошт імітацыі палітычнай дзейнасьці. Крытэр тут адзін, і ім трэба кіравацца: у Курапатах нічога нельга будаваць (ні дарог, ні пляцовак, ні бункераў, ні іншых пабудоваў, ні савецкіх «мэмарыяльных комплексаў», ні цэркваў, ні касьцёлаў, ні мячэтаў ды сынагог. Тут не павінна быць ніякага бэтону, асфальту ды жалезьзя). Курапаты ўжо ёсьць Народны Мэмарыял. Ён існуе. Гэта магілы, лес і крыжы. І кожны тут можа паставіць свой памятны крыж. Гэта наша народная традыцыя. Так адзначаецца наша памяць».

14 сакавіка 2002

СЭМІНАР АБ’ЯДНАНЬНЯ «ДЫЯРЫЮШ»

На месцах усіх масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Беларусі варта правесьці эксгумацыю, каб потым распачаць крымінальную справу й дасьледаваньне, як гэта рабілася калісьці ў Курапатах. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі навуковага сэмінару «Месцы масавых пахаваньняў і расстрэлаў у Беларусі».

Ганна Соусь:

Сэмінар, наладжаны грамадзкім аб’яднаньнем «Дыярыюш», адбыўся ў габрэйскім цэнтры на вуліцы Інтэрнацыянальнай, акурат паміж будынкамі КГБ, пракуратуры й вайсковай пракуратуры. Дарэчы, прадстаўнікі гэтых установаў былі афіцыйна запрошаныя на сэмінар, але ўдзелу ў ім не ўзялі.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, у 48 гарадах і мястэчках Беларусі вяліся масавыя расстрэлы людзей з 1928 па 1941 гады. У многіх гарадах у сярэднім ад трох да чатырох такіх месцаў, а, прыкладам, у Менску іх 12. Ігар Кузьняцоў склаў адмысловую мапу, дзе пазначыў усе меркаваныя месцы расстрэлаў. Афіцыйна прызнаным месцам масавых расстрэлаў ёсьць толькі Курапаты. Астатнія ў большасьці вызначаліся паводле сьведчаньняў людзей, бо архівы КГБ па-ранейшаму засакрэчаныя. Якім чынам магчыма надаць афіцыйны статус іншым месцам масавых расстрэлаў і пахаваньняў? Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч:

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: У многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў суседняй Польшчы, ёсьць цэлы кірунак у археалёгіі — гэтак званая мілітарная археалёгія, і спэцыялісты-археолягі, якія займаюцца менавіта эксгумацыяй магілаў, месцаў расстрэлаў, баёў. Трэба ствараць такі кірунак і ў Беларусі, таму што ў нас, як нідзе, вельмі шмат месцаў пахаваньняў. Пра многія такія месцы дакумэнтаў не захавалася, пакуль, ва ўсялякім разе, іх няма. І адзіны мэтад — гэта праз эксгумацыю здабываць гэтыя зьвесткі.

Цяпер афіцыйна ладзіць раскопкі дзеля пошуку парэшткаў мае права адмысловы батальён пры Міністэрстве абароны, які шукае парэшткі ахвяраў войнаў Але магчымы й іншы варыянт. Паводле Алега Іова, археолягі могуць атрымаць ад Інстытуту гісторыі гэтак званы «адкрыты ліст» ці дазвол на правядзеньне археалягічных раскопак, а потым зарэгістраваць яго ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

ІОЎ: Можна атрымаць адкрыты ліст на выведкі ў любым раёне Беларусі, закласьці шурф і паглядзець, што там. Каб гэта зрабіць, трэба, каб нехта паказаў, дзе гэта было. І зафіксаваць усё. Практычна так і пачыналіся Курапаты. Гэткія ж раскопкі можна правесьці блізкім часам ужо ў Лошыцы. Але гэта запатрабуе працы ня толькі археолягаў, але й іншых спэцыялістаў.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Гэта патрабуе работы вялікай колькасьці экспэртаў для дасьледаваньня парэшткаў, клеймаў, гільзаў. Калі мы капалі Курапаты, там працавала цэлая група экспэртаў, зьвязаных з пракуратурай. Мэдыкі працавалі з парэшткамі, адмыслоўцы з Гандлёвай палаты ладзілі экспэртызу клеймаў. Трэба рабіць заключэньне. Без экспэртных заключэньняў такіх спэцыялістаў мы проста ня здолеем легалізаваць, засьведчыць свае высновы. Трэба працаваць зь дзяржаўнымі органамі. І вось тут паўстае праблема.

Што да ўшанаваньня такіх месцаў, дык, паводле Валянціны Вяргей, у большасьці зь іх пачынаючы з 1989 году намаганьнямі людзей усталяваныя невялікія помнікі. Звычайна гэта крыжы альбо камяні. Усе гэтыя памятныя знакі сфатаграфаваныя, уся інфармацыя пра іх сабраная ў электронным выглядзе ў аб’яднаньні «Дыярыюш».

15 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПААБЯЦАЛІ ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ, ШТО НЕ ДАЗВОЛЯЦЬ У КУРАПАТАХ НІЧОГА БУДАВАЦЬ

У тым ліку й «падкову», прапанаваную Беларускім камітэтам міру.

Ганна Соусь:

Раніцай у лягеры я засьпела дзевяцігадовага Аляксея. Перад заняткамі ў школе (а ён вучыцца ў другую зьмену) хлопчык наведаў лягер валанцёраў Аляксей жыве непадалёк і часта бывае ва ўрочышчы.

— Што ты ведаеш пра гэтае месца?

— Што тут загінулі нашыя продкі.

— А хто табе распавёў пра Курапаты?

— Мае бацькі.

— Як ты ставісься да таго, што тут ідзе вахта памяці?

— Трэба памінаць нашых продкаў... Я дапамагаў тут — крыжы рабіў, ваду насіў...

Аляксей пытаецца ў абаронцаў, хто зь іх пойдзе на сёньняшнюю акцыю з нагоды Дня Канстытуцыі, бо сам вельмі хоча ўзяць у ёй удзел. Але валанцёры вырашылі заставацца ў лягеры. Гаворыць Алесь Гетман:

— У Беларусі Канстытуцыя ніколі не выконвалася. Калі ў судзе пачынаеш размаўляць па-беларуску, табе прапануюць перайсьці на расейскую мову, тады як у Канстытуцыі запісана, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Які можа быць Дзень Канстытуцыі, калі Канстытуцыя не выконваецца?

Валанцёры падтрымалі прапанову археолягаў Інстытуту гісторыі распачаць дасьледаваньне іншых месцаў масавых расстрэлаў і пахаваньняў. Дзяніс Більдзюк упэўнены, што моладзь магла б дапамагчы навукоўцам.

ДЗЯНІС: Трэба давесьці да людзей, што такіх месцаў было шмат, што не з усёй Беларусі людзей везьлі ў Курапаты. Я заклікаю моладзь усёй Беларусі бараніць такія месцы, бо, як мне падаецца, яны ўсё ж будуць нішчыцца, калі паспрабуюць раскрыць злачынства, што адбывалася за сталінскім рэжымам. І такія спробы былі, у той жа самай Лошыцы. Я знаёмы з чалавекам, які жыве ў Лошыцы. І ён мне шмат распавядаў, як спрабавалі ўвогуле зьнесьці Лошыцу, пабудаваць там дамы. Сьляды замятаюць, як могуць...

Надоечы Дзяніса выключылі з унівэрсытэту за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Цяпер ён часова працуе на рынку й вучыцца на курсах газазваршчыкаў. Некалькі дзён таму ён зрабіў адмысловую мэталічную ручку на дзьверцы «буржуйкі» з надпісам — БПС.

Абаронцы паказалі мне ліст Зянона Пазьняка, які атрымалі некалькі дзён таму. Алесь Гетман ад імя валанцёраў выказаў падзяку Зянону Пазьняку за падтрымку:

— Зянон Пазьняк — першаадкрывальнік Курапатаў, мы працягваем варту, якую ён распачаў. Ён просіць, каб мы не дазвалялі тут нічога будаваць. Мы яму гэтае абяцаем — нічога не дамо будаваць, ніякіх «падковаў» тут ня будзе.

16 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ УСТАЛЯВАНЫЯ 20 НОВЫХ КРЫЖОЎ

Міліцыянты, што патрулююць урочышча, зноў патрабавалі, каб валанцёры зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, але жыхары лягеру адмовіліся выканаць іхнае патрабаваньне.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску даволі цёплае сонечнае надвор’е. У Курапацкім лесе сышоў апошні сьнег і высахла зямля. Зважаючы на гэта, актывісты КХП БНФ арганізавалі сёньня ва ўрочышчы талаку й добраўпарадкавалі тэрыторыю мэмарыялу. Напярэдадні яны прывезьлі ў Курапаты 20 новых крыжоў. Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо:

— Сёньня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі прыйшлі ў Курапаты, каб усталяваць яшчэ шмат крыжоў. Гэта ў нас пачынаецца першая талака. Яна будзе праводзіцца рэгулярна, кожную суботу.

— Чыім коштам зробленыя крыжы?

— Сябры КХП зьбіралі ахвяраваньні. Самі прыносілі і давалі хто там тысячу, хто дзьве. І таму гэта крыжы ад людзей, якія ведаюць, шануюць гэта месца і хочуць дапамагчы, чым могуць.

Сябрам КХП БНФ актыўна дапамагалі добраахвотнікі з курапацкага лягеру. Сёньняшняй ноччу ў намёце было 10 чалавек. Раніцай тут зьявіліся амонаўцы і пачалі выстаўляць валанцёрам свае патрабаваньні. Гаворыць старшы ў лягеры Алесь Гетман:

— Прыйшлі два амонаўцы і пачалі папярэджваць, каб мы зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, які вісіць каля намёту. Мы, як заўсёды, адмовілі ім. Яны настойліва патрабавалі, але так жа настойліва ім было адмоўлена.

— Яны вам не пагражалі, што будуць нейкія рэпрэсіі?

— Не пагражалі, але мы бачылі, што па радыёстанцыі яны выклікалі сваю базу. Зараз вы бачыце, што зьбіраецца шмат людзей, а для іх гэта заўсёды жахліва.

Сёньня ў Курапаты таксама прыехалі некалькі лесьнікоў, каб дапамагчы валанцёрам у нарыхтоўцы дроваў. Лесьнікі пілавалі сухія дрэвы й канём везьлі іх у лягер. Лясьнік Алесь Трафімаў тлумачыць, чаму ён у выходны дзень бясплатна дапамагае валанцёрам:

— Я такі ж беларус, як і ўсе. Я лясьнік. Атрымалася так, што мне далі тут участак. Я кірую тут тры гады. Хлопцаў я ня крыўджу.

— Вы, як я разумею, выразаеце сухастой?

— Сухастой і толькі сухастой, бо мне сырое нельга.

— Скажыце, як вы ставіцеся да таго, што тут маладыя людзі, дзяўчаты вось ужо палову году жывуць у гэтым намёце і абараняюць урочышча?

— Я вітаю гэта. Я сам беларус.

17 сакавіка 2002

П’ЯНЫЯ ХУЛІГАНЫ СПРАБАВАЛІ ЎЧЫНІЦЬ БОЙКУ

З надыходам цёплага надвор’я ў абаронцаў Курапатаў зьявіліся дадатковыя праблемы Ва ўрочышча ўсё часьцей сталі прыходзiць асобы, якія спрабуюць арганізаваць тут пікнікі.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў лягеры былі толькі два валанцёры — лідэр Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі й ягоны калега Ільля Ядранцаў. Усе астатнія абаронцы мэмарыялу, стомленыя працяглым дзяжурствам, былі накіраваныя дадому адпачываць. Сёньня тут пабывала некалькі групаў менскіх жыхароў, якія цікавіліся гісторыяй Курапатаў Але з пацяпленьнем у валанцёраў зьявіліся й праблемы. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Стала больш людзей прыходзіць, стала больш даступным гэтае месца, але больш пацягнулася й гарадзкіх маргінальных элемэнтаў. Людзей, якія прыходзяць «адпачыць на прыроду» з гарэлкай. Гэта новыя праблемы. Так што на будучыню, відавочна, трэба будзе не зьмяншаць, а павялічваць колькасьць валанцёраў.

Учора ўвечары адбылася сутычка валанцёраў з падпітай кампаніяй хуліганаў, якія хацелі арганізаваць ва ўрочышчы пікнік. Гаворыць Ільля Ядранцаў:

— Недзе прыблізна а палове на восьмую вечара зьявілася кампанія з трох маладзёнаў. Усе яны былі нападпітку. Было відавочна, што яны зьбіраліся прысесьці й нешта выпіць. Мы іх адразу папрасілі адсюль сысьці. Яны ў адказ: «А што вы тут робіце? Хто вы такія, і чаму у вас нейкі сьцяг не такі, няправільны?» Пасьля адзін зь іх ударыў нашага хлопца. Мы іх сілай супакоілі. Яны сыходзілі з пагрозамі вярнуцца зь вялікай колькасьцю людзей, спаліць уначы намёт, і ўвогуле ўсіх пазабіваць. Такім трэба даваць рэальны адпор. Гэта месца, дзе такога не павінна адбывацца.

Міліцыянтаў, якія патрулююць Курапаты, у часе сутычкі з хуліганамі ва ўрочышчы чамусьці не было. Яшчэ валанцёрам пастаянна прыходзіцца тлумачыць ня надта сьвядомым аматарам выгулу сабак, чаму гэтага нельга рабіць у Курапатах. Аднак, паводле валанцёраў, большасьць наведнікаў Курапатаў усё ж такі ведае, як трэба паводзіць сябе цывілізаваным людзям у мэмарыяльным месцы Абаронцы лічаць, што на адносіны людзей да Курапатаў паўплывала й іхная паўгадавая вахта.

18 сакавіка 2002

ГІСТОРЫЯ ШУМІЛІНСКІХ КУРАПАТАЎ

Недалёка ад вёскі Мікалаева ў Шумілінскім раёне Віцебскае вобласьці пахаваныя больш за 1000 чалавек, якіх расстралялі на самым пачатку мінулай вайны.

Браніслава Станкевіч, Віцебск:

Жывыя дагэтуль сьведкі колішняй трагедыі ўзгадваюць, як у ліпені 1941 году паўзь іхную вёску рухалася вялікая калёна зьняволеных. Іх пераводзілі з Заходняй Беларусі далей на ўсход. Як потым стала вядома, большасьць вязьняў была пакараная за непадпарадкаваньне новай савецкай уладзе.

У Мікалаеве канваіры надумаліся прыпыніць калёну на адпачынак. Але нечакана наляцелі нямецкія самалёты… Напалоханыя людзі кінуліся ў розныя бакі, ды ахоўнікі загадалі ўсім палегчы проста на дарозе Калі самалёты адляцелі за небасхіл, канваіры параіліся ды вырашылі расстраляць ацалелых вязьняў, каб ня йсьці далей з рызыкаю, што тыя могуць разьбегчыся пры наступным налёце Трупы вырашылі запісаць на рахунак фашыстаў. І канваіры зноў загадалі ўсім легчы на дарозе ды пачалі расстрэльваць безабаронных людзей… Тутэйшым жыхарам было загадана ноччу перавезьці ўсіх расстраляных у бліжэйшы сасоньнік. Адны капалі вялікую яміну, другія перавозілі нябожчыкаў на калёсах, па 10 чалавек на возе…

У 1942 годзе немцы зацікавіліся абставінамі расстрэлу людзей. Зноў-такі сіламі тутэйшага насельніцтва яны вырашылі зрабіць перазахаваньне За прымусовы ўдзел у гэтым штодня давалі пачак цыгарэт ды бутэльку шнапсу. У новую брацкую магілу перавезьлі парэшткі блізка 800 чалавек. Але клопат пра іх ня быў праяваю гуманнасьці – немцы шукалі на трупах каштоўнасьці, якія забіралі сабе…

Потым захопнікі адступілі, а месца пахаваньня й сёньня выглядае такім, якім яго пакінулі ў часе вайны Пасьля вызваленьня ў Мікалаева былі прыяжджалі сваякі забітых, хто змог нешта даведацца пра апошні прытулак сваіх блізкіх, але большасьць пахаваных тут людзей дагэтуль застаюцца невядомымі.

Пры канцы 1980-х гадоў, калі пачыналася «галоснасьць», пра шумілінскае пахаваньне зьявіліся два артыкулы ў беларускім друку – у раённай газэце «Герой працы» ды ў рэспубліканскім часопісе «Полымя». Тады раённыя ўлады паабяцалі неяк ушанаваць памяць забітых, але хутка забыліся на свае абяцаньні.

Сёлета ў вёску Мікалаева наведаліся сябры Таварыства Беларускае Мовы з суседняга, Бешанковіцкага раёну Яны запісалі ўспаміны відавочцаў трагедыі, а ўлетку вырашылі адправіць на гэтым месцы жалобную імшу ды ўсталяваць памятныя крыжы.

19 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЎЛАДКАВАЛІСЯ НА ПРАЦУ НА РЫНАК

Сёньня абаронцы павесілі на дрэвы новы транспарант-расьцяжку: «Тут пакояцца астанкі тысяч грамадзян Беларусі — нявінных ахвяр расейскага камунафашызму».

Ганна Соусь:

Амаль штодня хто-небудзь прыходзіць наведаць Курапаты й падтрымаць валанцёраў. Сёньня я засьпела ў лягеры пэнсіянэра спадара Васіля. Першы раз ён трапіў ва ўрочышча ў 1988 годзе на Дзяды, з тых часоў наведвае Курапаты некалькі разоў на год.

ВАСІЛЬ: Гэтае памятнае месца павінна быць у сэрцы кожнага беларуса.

— Скажыце, калі ласка, ці хто-небудзь з вашых родных пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў?

— Стрыечны дзядзька быў высланы на Беламорканал... Тут у Курапатах павінен быць нейкі добры помнік. Гэтую мясьціну трэба наведваць хаця б некалькі разоў на год — калі памінаюць памерлых продкаў — на Радаўніцу й на Дзяды.

Некаторыя валанцёры з прычыны пастаяннага дзяжурства ў Курапатах згубілі працу альбо былі адлічаныя з навучальных установаў. І сёньня актывісты Васіль Парфянкоў і Цімох Сугака адшукалі кампрамісны варыянт працаўладкаваньня. Распавядае Дзяніс Більдзюк:

— Гэтае месца стала такім звыклым для хлопцаў, што яны тут жывуць, можна сказаць. Знайшлі нават працу паблізу на рынку «Аквабел», будуць там цягам дня грузчыкамі, а ўвечары вяртацца сюды.

Валанцёраў падтрымалі кінэматаграфісты са студыі «Тацяна» і рэжысэр Юры Хашчавацкі. Я заўважаю на стале ў намёце місу зь вінэгрэтам. Гэта — пачастунак ад жанчын са студыі «Тацяна», якія надоечы наведалі лягер. Тлумачыць Антось Шкурынскі:

— Прыходзіла жанчына са здымачнай групы «Тацяна» й прынесла нам вячэру — рыбу, вінэгрэт, бліны. Абяцалі прыйсьці ўсёй групаю. І яшчэ яны прынесьлі пірог ад рэжысэра Юр’я Хашчавацкага. Вельмі смачны пірог з тварагом і курагой. Дзякуй яму. Хай сам прыходзіць.

Старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы паабяцаў прывезьці сёньня абаронцам новую вопратку й абутак.

20 сакавіка 2002

«КУРАПАТЫ ПАДОБНЫЯ ДА КАРПАТАЎ»

Украінец Анатоль Татарскі мяркуе, што беларускія Курапаты ў нечым падобныя да Карпатаў, дзе змагаліся з бальшавікамі байцы Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі.

Ганна Соусь:

Жыве Анатоль Татарскі ў доме насупраць урочышча, і зь ягоных вокнаў часам бачны бел-чырвона-белы сьцяг ля намёту валанцёраў. Спадара Татарскага я ўпершыню сустрэла ў Курапатах летась 25 верасьня, на другі дзень пасьля таго, як распачалася вахта памяці. З таго часу ён неаднойчы прыходзіў сюды падтрымаць валанцёраў. Праўда, апошнія некалькі месяцаў ня можа выйсьці з кватэры з-за хваробаў. Але сустракаецца з валанцёрамі спадар Анатоль амаль штодня — менавіта ў ягоную кватэру актывісты ходзяць па ваду.

Анатоль Татарскі гаворыць пра Курапаты з хваляваньнем:

— Курапаты для мяне як Карпаты. Разумееце? У Карпатах ляжаць восемдзесят тысяч нашых хлопцаў, якія змагаліся з камунаю.

Нарадзіўся Анатоль Татарскі каля Львова. У часе другой усясьветнай вайны ўступіў ва Ўкраінскую Паўстанцкую Армію. За гэта ў 1946 годзе яго арыштавалі. Спадар Анатоль паказвае мне сваю працоўную кніжку — з 1946 па 1954 гады ён працаваў крапільшчыкам у паўночна-ўсходнім рудаўпраўленьні Паўднёва-ўсходняга горнахімічнага камбінату. Анатоль Татарскі тлумачыць:

— ГУЛАГ гэта... Яны ж ня могуць напісаць горад... Паштовы горад Андзіжан, паштовая скрыня 200. Усё, і ніякага адрасу. Дабывалі ўранавую руду — чаму нас туды завезьлі. Цуд, мне хутка 74 гады ў траўні будзе, як я пасьля ўрану застаўся жывы? Восем гадоў працаваў з уранам...

Пасьля вызваленьня Анатоль Татарскі працаваў у Сыбіру, потым жыў у Вільні, зь цяжкасьцю вярнуўся ў Львоў (яго там доўга не хацелі прапісваць), а ў 1973 годзе пераехаў у Менск. Анатоль Татарскі, як і многія вязьні ГУЛАГу, дагэтуль не рэабілітаваны.

ТАТАРСКІ: Не імкнуўся я, нікуды не хадзіў. Ведаеце, я баюся нават сёньня хадзіць па Менску. Зьнянацку падыдзе кагэбіст і забярэ...

Адразу, як у Курапатах пачалася вахта памяці, у Анатоля Татарскага склаліся прыязныя дачыненьні з валанцёрамі.

ТАТАРСКІ: Я зьдзіўляюся, што яны такія ёсьць. Таму што тут і так ужо беларускую мову зьнішчылі, усе школы Лукашэнка пазачыняў. Ва Ўкраіне яшчэ сьцяг жоўта-блакітны вісіць, а беларускага ўжо няма. А як можа быць дзяржава безь яго? Мяне зьдзіўляюць гэтыя хлопцы. А я зь беларусамі заўсёды...

Анатоль Татарскі спадзяецца дажыць да таго часу, калі Курапаты стануць сапраўдным мэмарыялам.

21 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЗАПРАШАЮЦЬ УСІХ АДЗНАЧЫЦЬ ПАЎГОДЗЬДЗЕ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Апошнім часам у лягеры абаронцаў багата наведнікаў.

Ганна Соусь:

Надоечы сюды завіталі прадстаўнікі Беларускага камітэту міру, каб, як мяркуюць валанцёры, заручыцца падтрымкай моладзі перад заўтрашнім паседжаньнем, на якім чарговы раз будзе абмяркоўвацца канцэпцыя мэмарыялізацыі Курапатаў Некаторыя валанцёры паставіліся да гэтага візыту не зусім прыязна. Гаворыць Цімох Сугака:

— Прыходзіў кіраўнік Камітэту, пачынаў пра «падкову» распавядаць. Калі ён зайшоў, я прынцыпова не ўставаў з ложка.

Але канфлікту не адбылося. Працягвае Антось Шкурынскі:

— Гаварылі, вось мы такія добрыя, усім дапамагаем. І вы таксама добрыя, пад трактары кідаліся. Давайце што-небудзь тут пабудуем. Асабліва ў палеміку зь імі не ўступалі. Ня сталі тлумачыць, што ніякага будаўніцтва з тэхнікай мы тут не дазволім. Яны гэта і так добра ведаюць. Яны зайшлі ў намёт, а потым пагаварылі з двума палкоўнікамі ў адстаўцы.

Антось зьвярнуў увагу на тое, што прадстаўнікі Камітэту міру нават не падняліся на Курапацкі ўзгорак — туды, дзе большасьць пахаваньняў. У нядзелю 24 сакавіка споўніцца паўгода, як у Курапатах пачалася бестэрміновая вахта памяці. Валанцёры хочуць у гэты дзень сабраць ва ўрочышчы як мага больш людзей — усіх, хто спрычыніўся да абароны нацыянальнага нэкропалю. Распавядае Люда Паклонская:

— Тут будзе сход, прысьвечаны паўгодзьдзю нашага знаходжаньня ў Курапатах. Я запрасіла спадара Скіргайлу, каб ён пайграў нам на дудзе. Павінны прыйсьці й Павал Севярынец, і Сяржук Высоцкі, і ўсе абаронцы. Будзем шчыра радыя ўсіх бачыць.

Большасьць валанцёраў плянуе ўзяць удзел у акцыі з нагоды Дня Волі. Гаворыць Цімох Сугака:

— Абаронцы вырашылі, што пойдуць шэсьцем разам з КХП БНФ.

Цімоху сёньня споўнілася дваццаць гадоў. Раніцай ён прымаў віншаваньні ад сяброў.

22 сакавіка 2002

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА І КАМІТЭТ МІРУ ВЫПРАЦАВАЛІ АГУЛЬНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ

Сёньня адбылося абмеркаваньне гэтай канцэпцыі на сядзібе Таварыства Беларускай Мовы.

Ганна Соусь:

Пасьля грамадзкіх слуханьняў наконт будучага мэмарыялу ў Курапатах, грамадзкая ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і Беларускі камітэт міру супольна выпрацавалі адзіную канцэпцыю мэмарыялу. Вось яе асноўныя палажэньні: у Курапатах павінен быць узьведзены мэмарыял бязьвінна загінулых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які мусіць мець агульнанацыянальны статус. Па ўсім пэрымэтры яго належыць устанавіць агароджу, ямы-магілы трэба пакінуць цалкам некранутымі. Цяперашні Крыж Пакутаў i памятныя знакі ўшанаваньня ахвяраў павінны застацца дамінантай будучага мэмарыялу. Дапускаецца магчымасьць лякальнага пэрсаніфікаванага ўшанаваньня ахвяраў. Мастацкае ўвасабленьне мэмарыялу павінна прадугледжваць прымальнасьць для розных веравызнаньняў.

ВЯЧОРКА: Мэмарыял ствараўся натуральным чынам, і такая самая натуральнасьць ягонага напаўненьня павінна прадугледжвацца й надалей. Рэальна магільныя яміны ўшаноўваюць крыжамі. І гэтаксама было б натуральна, калі б нехта мусульманскага вызнаньня ўганараваў камянём тую ці іншую мясьціну. Ёсьць прасека, якая стыхійна сталася месцам самых розных спосабаў ушанаваньня. Там ёсьць амэрыканская лава, якая, відаць, і была прыдуманая як вобраз, які сапраўды паядноўвае ўсіх, які ўласьцівы для могілак. Там і стала б, хутчэй за ўсё, калектыўнае месца ўшанаваньня.

У часе абмеркаваньня ўзьніклі спрэчкі наконт назвы мэмарыялу. Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, лідэр БПС Сяржук Высоцкі й скульптар Алесь Шатэрнік мяркуюць, што ў канцэпцыі павінна быць пазначана: мэмарыял ахвярам бальшавіцкага генацыду. Аднак большасьць сяброў грамадзкай ініцыятывы схіляецца да таго, што ў канцэпцыі трэба ўжываць агульнавядомы тэрмін «ахвяры палітычных рэпрэсіяў», а паняцьце бальшавіцкага генацыду трэба даць у адмысловай прэамбуле да праекту канцэпцыі. Тэкст канцэпцыі будзе ў хуткім часе падрыхтаваны і агучаны 25 сакавіка, у панядзелак, пасьля чаго прадстаўнікі ўсіх грамадзкіх арганізацыяў падпішуць праект канцэпцыі і дашлюць прэм’ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Грамадзкасьць таксама будзе дамагацца стварэньня рэспубліканскай камісіі, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, інтэлігенцыі, грамадзкіх ініцыятываў і арганізацыяў. Плянуецца, што рэспубліканская камісія зоймецца правядзеньнем міжнароднага конкурсу на найлепшы праект мэмарыялу ў Курапатах, зборам сродкаў на яго, а таксама будзе кантраляваць будаўніцтва мэмарыялу.

23 сакавіка 2002

ТАЛАКА Ў КУРАПАТАХ

У суботу сябры КХП БНФ ладзілі талаку. Яны ўсталёўвалі крыжы й парадкавалі тэрыторыю.

Ганна Соусь:

Талака распачалася а 12-й гадзіне. Гаворыць прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал:

— Працягваецца стварэньне народнага мэмарыялу, лесу крыжоў. Мы лічым, што менавіта такі мэмарыял павінен існаваць у Курапатах. Не патрэбныя тут жалезабэтонныя монстры.

Валанцёры таксама бралі ўдзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча. Прыкладам, Антось Шкурынскі адкопваў рыдлёўкай крыжы ў насыпу дарогі, якія засыпалі будаўнікі.

— Што зь імі будзеце рабіць далей? У іншае месца пераносіць?

— Не. Хопіць ужо. Мы памылкова дазволілі, каб гэтыя крыжы завалілі пяском. Цяпер такога не павінна быць. Проста будзем выцягваць будаўнікоў з машын і тлумачыць ім гэта.

Раніцай Курапаты наведаў прафэсар Дэвід Гаўнт з Унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму, які таксама зьяўляецца дырэктарам Школы Балтыйскіх і Ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў. Прафэсар Дэвід Гаўнт — гісторык і займаецца дасьледаваньнем цёмных бакоў гісторыі. Паводле спадара Гаўнта, у сьвеце добра ведаюць пра Курапаты. Раней ён сам шмат чытаў пра гэтае месца, але сёньня на свае вочы пабачыў лясны масіў, дзе ляжаць парэшткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як распавёў мне навуковец Андрэй Катлярчук, які таксама працуе ў Школе Балтыйскіх і Ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, гэта ўжо ня першы візыт швэдзкіх навукоўцаў у Курапаты. Два тыдні таму Курапаты наведала група швэдзкіх археолягаў.

КАТЛЯРЧУК: Былі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музэю Швэцыі Уля Ульфсан і Джэкі Тэфэндар, а таксама галоўны спэцыяліст па часе вікінгаў на ўсходзе Эўропы, прафэсар Стакгольмскага ўнівэрсытэту Інгмар Янсан. Пад-час размовы гаворка зайшла таксама пра Курапаты, бо ўсе ведаюць, што археолягі займаліся гэтым пытаньнем

— Зянон Пазьняк і Мікола Крывальцэвіч. І мы былі тут. Уля Ульфсан сказаў мне, што ён быў у Латвіі, Літве й Эстоніі ў такіх самых мясьцінах, але найбольш моцнае ўражаньне пакінулі менавіта Курапаты. Вось гэтая дарога, вось гэтыя крыжы ад людзей, неафіцыйныя. Археолягі сказалі, што яны хочуць зрабіць сэмінар у Швэцыі й распавесьці пра гэтую археалягічную экспэдыцыю, пра Курапаты, бо гэта — таксама археалёгія, але якая моцна кранае сэрцы.

Заўтра споўніцца паўгода, як у Курапатах пачалася бестэрміновая вахта памяці. Гаворыць Люда Паклонская:

— На заўтра вырашылі нічога такога не прызначаць, таму што яшчэ невядома, каго затрымаюць на Дзень Волі, а каго не, і хто сюды прыйдзе. У любым выпадку тут будуць зьбірацца людзі. Усё ж афіцыйна мы тут знаходзімся з 24 верасьня з 6 гадзін вечара. Прыходзьце, калі ласка. Будзем шчыра радыя бачыць.

24 сакавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ АДЗНАЧАЮЦЬ ДЗЕНЬ ВОЛІ

24 сакавіка споўнілася роўна паўгода, як добраахвотнікі вартуюць мэмарыял.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня раніцай у лягеры было шэсьць валанцёраў, якія правялі там мінулую ноч. Настрой у хлопцаў і дзяўчат сьвяточна-трывожны, бо большасьць зь іх зьбіраецца ехаць у цэнтар Менску на шэсьце з нагоды Дня Незалежнасьці і канцэрт у парку Янкі Купалы. Трывожацца валанцёры з тае прычыны, што гэтыя акцыі не дазволеныя ўладамі, і кожнага ўдзельніка можа затрымаць міліцыя. Тым ня менш, валанцёры цьвёрда вырашылі браць удзел у сьвяткаваньні. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Трэба паказаць уладам, што ёсьць яшчэ людзі, якія могуць прыйсьці і сказаць ім: «Не!» Якія могуць выйсьці на вуліцу і нешта зрабіць. Ня толькі тут, у Курапатах, але і ў горадзе.

Такім чынам, у лягеры засталіся толькі двое дзяжурных. У гэты час у Курапаты прыйшла невялікая экскурсія. Настаўнік гісторыі зь менскай школы №74 Павал Баркун прывёў на Дзень Незалежнасьці ў Курапаты некалькі сваіх вучняў.

БАРКУН: Гэта цікава мне, і я намагаюся прышчапіць цікавасьць да гэтага маім вучням. Ёсьць у мяне цікавы курс –гісторыя Беларусі. У гэтым курсе не хапае ўражаньняў, атмасфэры гісторыі Беларусі. Вось і намагаюся нейкую такую атмасфэру тут знайсьці.

А вось чаму зацікавіліся гісторыяй Курапатаў дзевяціклясьнікі Зьміцер Пласкавіцкі і Марына Ковель.

ПЛАСКАВІЦКІ: Мне ўвогуле падабаецца гісторыя Беларусі, хочацца даведацца пра тых, хто тут ляжыць. А таксама пра людзей, якія тут пікетуюць, намагаюцца захаваць гэтыя магілы.

КОВЕЛЬ: Проста цікава ведаць гісторыю нашай краіны.

Сёньня мінула роўна 6 месяцаў з таго дня, калі добраахвотнікі распачалі варту ва ўрочышчы. Гаворыць Іра Вяткіна:

— Мы хацелі гэта адзначыць, прыгатаваць нешта смачнае зь ежы, але сёньня ж акцыя, Дзень Волі, і таму вырашылі, што потым, можа, у панядзелак як-небудзь адзначым, сымбалічна.

25 сакавіка 2002

ПРЫНЯТЫ КАНЧАТКОВЫ ВАРЫЯНТ КАНЦЭПЦЫІ

Cябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і Беларускага камітэту міру прынялі канчатковы варыянт канцэпцыі Мэмарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў «Курапаты».

Ганна Соусь:

Менавіта з такой назвай пагадзілася большасьць удзельнікаў сустрэчы. Гаворыць мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч:

— Гаворкі пра мэмарыял вяліся адразу ж зь першых дзён, як толькі праўда пра Курапаты сталася вядомая шырокай грамадзкасьці. Спадзяюся, што на гэты раз давядзем да лягічнага завяршэньня.

Цягам гэтага тыдня канцэпцыя будзе абмеркаваная ў розных палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях. Плянуецца, што 1 красавіка адбудзецца яе падпісаньне прадстаўнікамі гэтых арганізацыяў, пасьля канцэпцыя будзе дасланая прэм’ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Працягвае каардынатарка грамадзкай ініцыятывы Ірына Жыхар:

— Мы будзем зьвяртацца ў Савет Міністраў, бо толькі ён на сёньняшні дзень мае паўнамоцтвы стварыць рэспубліканскую камісію з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў і творчай інтэлігенцыі, куды будуць уключаныя сябры грамадзкіх арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў.

З канцэпцыяй мэмарыялу не пагадзіліся сябры Беларускай Партыі Свабоды, якія прысутнічалі сёньня на паседжаньні. Лідэр партыі Сяржук Высоцкі прапанаваў свій варыянт прэамбулы.

ВЫСОЦКІ: Мы ня лічым, што гэты дакумэнт павінен быць залішне мяккім да ўлады, бо па апошніх падзеях відаць, што свае абяцанкі ўлады вельмі хутка забіраюць назад. Нам не патрэбныя тут мільённыя датацыі. Фактычна трэба пабудаваць агароджу й браму.

— Вы мяркуеце, што ня трэба зьвяртацца да прэм’ер-міністра?

— Не. Я лічу, што ад уладаў патрэбнае проста прызнаньне, на якім можна будзе грунтавацца. Трэба разумець, што гэта часовая ўлада.

26 сакавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПАДСУМОЎВАЮЦЬ ВЫНІКІ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Валанцёры мяркуюць, што шэсьць мэдалёў, атрыманых у часе ўчорашніх урачыстасьцяў з нагоды Дня Волі, трэба падзяліць на ўсіх.

Ганна Соусь:

Выгляд Курапатаў выклікае цяпер супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку — засыпаныя пяском крыжы, амаль дабудаваны падземны пераход, у якім можна пабачыць разьбітыя бутэлькі й бруд. А з другога боку — каля 40 крыжоў уздоўж прасекі, якія ўсталявалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, і пазначаныя галінкамі й камянямі месцы, дзе ў выходныя будуць пастаўленыя новыя крыжы. А таксама перагароджаная дарога, па якой міліцэйскія машыны звычайна заяжджалі ва ўрочышча.

Распавядае Антось Шкурынскі:

— Сюды ўвечары 24 сакавіка прыехалі 12 «зуброўцаў» з Барысава. Праслухалі праграму Радыё Свабода а шостай гадзіне. Убачылі міліцыянтаў, сталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу, і як толькі міліцыянты зьехалі, адразу ўсталявалі калы.

У намёце валанцёраў цяпер вісяць два гліняныя мэдалі — з тых, што ўручылі ўчора абаронцам Курапатаў на ўрачыстым паседжаньні з нагоды Дня Волі. Мэдалямі й ганаровымі дыплёмамі былі ўзнагароджаныя Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі, Глеб Вязоўскі, Генадзь Дранковіч і Сяржук Мацкойць. Сёньня некаторыя валанцёры выказвалі прапановы падзяліць гэтыя мэдалі на шмат кавалкаў, каб сымбалічную ўзнагароду атрымалі ўсе абаронцы Курапатаў. Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Атрымалі прадстаўнікі розных арганізацыяў. Мэдаль, які перадалі, напрыклад, мне, я ўспрымаю як узнагароду ўсёй Беларускай Партыі Свабоды. Гэта ўзнагарода ня толькі мне, але й астатнім 49 сябрам незарэгістраванай БПС, якія былі найбольш задзейнічаныя ў курапацкай варце.

Як адзначалі ў часе ўчорашняй цырымоніі, абарона Курапатаў — гэта першая перамога ў XXI стагодзьдзі. А вось як ставяцца да гэтага самі валанцёры. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Курапаты — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна жыць пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, размаўляць вольна па-беларуску. Гэта й ёсьць галоўны вынік.

Я гартаю курапацкую кнігу водгукаў і прапановаў і бачу ў ёй шмат запісаў, у якіх падсумоўваюцца вынікі шасьцімесячнага знаходжаньня ва ўрочышчы. Вось адзін зь іх:

«Шмат чаго адбылося за гэты час. Але ж галоўнае — мы, прадстаўнікі розных арганізацыяў, разам! І ў адрозьненьне ад «старой апазыцыі», мы ня лаемся й ня рвем адзін аднаму горла».

27 сакавіка 2002

НАВУКОЎЦЫ — ПРА СВАЁ БАЧАНЬНЕ КУРАПАТАЎ

У Менску прайшло грамадзкае абмеркаваньне мастацкага аздабленьня будучага мэмарыялу.

Альгерд Невяроўскі:

Грамадзкае абмеркаваньне сымболікі курапацкага мэмарыялу наладзілі грамадзкія арганізацыі Архіў найноўшае гісторыі, «Дыярыюш» і Рэлігійнае аб’яднаньне прагрэсіўнага юдаізму. У дыскусіі бралі ўдзел прэзыдэнт гэтага аб’яднаньня Якаў Басін, гісторык культуры Вацлаў Арэшка, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, намесьнік старшыні БНФ прафэсар Юры Хадыка ды іншыя вядомыя асобы, што ўваходзяць у грамадзкую ініцыятыву «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Гаворыць Якаў Басін:

— Праблема ў тым, што няма ніякіх сур’ёзных крытэраў, каб нейкім чынам вызначыцца па гэтай тэме. Гэта праз тое, што да нашага часу рэлігійныя сымбалі дамінуюць у масавай сьвядомасьці. Напрыклад, крыж — гэта хрысьціянскі сымбаль. Наўрад ці юдэі пагодзяцца, каб іхныя пахаваньні апынуліся пад крыжам. А што рабіць з мусульманамі?

Такую думку падзяляе й гісторык Ігар Кузьняцоў, які доўгі час займаецца тэмай масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Беларусі. Паводле Кузьняцова, праблема сымболікі курапацкіх пахаваньняў вельмі сур’ёзная, бо акрамя хрысьціянаў, юдэяў і мусульманаў у тых магілах ляжаць і атэісты-камуністы, і якім чынам ушаноўваць іхную памяць — ставіць чырвоную зорку, ці што?

Прафэсар Юры Хадыка прапаноўвае свой варыянт агуль-награмадзянскага помніку ахвярам Курапатаў:

— Павінен быць сьціплы, ляканічны сымбаль. І з улікам таго, што загінулі людзі розных веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў, праблема складаная. Я думаю, што ўсіх бы задаволіў роўнаканцовы грэцкі крыж. Ён быў сымбалем не ўкрыжаваньня, не хрысьціянства, а быў сымбалем агню, уваскрашэньня й вечнасьці. Першыя хрысьціяне яго выкарыстоўвалі ня ў зьвязку з укрыжаваньнем, а якраз у зьвязку з канцэпцыяй уваскрашэньня.

Думку пра тое, што цэнтральны курапацкі помнік мусіць быць пазбаўлены выразнай канфэсійнай сымболікі, падзяляюць і іншыя навукоўцы. Нават пастар царквы Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Зьміцер Мамойка лічыць, што мэмарыял найперш мусіць нагадваць пра кароткае зямное жыцьцё чалавека. Аднак удзельнікі абмеркаваньня ўважаюць, што мэмарыял ня мусіць быць і знакам прымірэньня паміж ахвярамі й катамі, бо каты дагэтуль не пакаяліся ў сваіх злачынствах. Гаворыць Вацлаў Арэшка:

— Памяць пра тых, хто забіваў, пра катаў — гэта яшчэ адна важная частка мэмарыялу. І нацыянальны помнік ахвярам рэпрэсіяў ня можа быць бяз гэтага напаміну. Без таго, што ня будзе названы сам факт існаваньня гэтых катаў. Катаў, якія не былі ніколі пакараныя і ў пэўнай ступені засталіся сымбалем дзяржаўнай палітыкі.

Хаця ўдзельнікі абмеркаваньня й адзначалі, што ў беларусаў дагэтуль няма агульнанацыянальнага грамадзянскага сымбалю, тым ня менш, усе яны прызналі, што галоўнай ідэяй будучага помніку мусяць стаць паняцьці «смутак і адкупленьне». Удзельнікі таксама пагадзіліся, што пасьля таго, як мэмарыял будзе збудаваны, трэба спыніць стыхійнае ўсталяваньне ў Курапатах крыжоў, каб ня ўносіць у цэльны ансамбаль элемэнты эклектыкі.

28 сакавіка 2002

СЯБРЫ КХП БНФ ПРЫВЕЗЬЛІ Ў КУРАПАТЫ КРЫЖЫ

Алесь Чахольскі й Уладзімер Юхо выгружаюць з машыны вялікія сасновыя крыжы.

Ганна Соусь:

Сакратар управы партыі Алесь Чахольскі запрашае ўсіх прыходзіць у суботу ў Курапаты а дванаццатай гадзіне на талаку.

ЧАХОЛЬСКІ: Запрашаем з рыштункам, бярыце сякеры, граблі, рыдлёўкі... Прыйдзе час, і сапраўды тут будзе мэмарыял, але ня зараз, таму што тое, што плянуюць розныя «камітэты» і гэтак далей, абсалютна ня ўлічвае сёньняшняй сытуацыі пры дыктатуры. Яны ня ўлічваюць, што гэтая дарога будзе прыбраная адсюль, як толькі будзе ўсталяваная нармальная дэмакратычная ўлада. І тады будзе іншая канцэпцыя гэтага мэмарыялу. Зараз трэба ставіць толькі крыжы.

Алесь Чахольскі мяркуе, што варта прымацаваць да крыжоў, якія стаяць уздоўж прасекі, шыльды з імёнамі расстраляных у Курапатах. Гэткім чынам трэба ўшанаваць і памяць людзей, якія стваралі БНР і паклалі жыцьцё на адраджэньне Беларусі. Паводле спадара Чахольскага, новыя крыжы зробленыя на ахвяраваньні людзей.

ЧАХОЛЬСКІ: Партыя распачала збор сродкаў. І людзі з розных куткоў Беларусі ахвяруюць грошы на сьвятую справу. Мы будзем і далей усталёўваць крыжы, таму я вас заклікаю ахвяраваць. Грошы можна прыносіць на адрас: праспэкт Ф. Скарыны 133—147. Запэўніваю, што ніводная капейка, акрамя як на гэтую справу, нікуды ня пойдзе.

Каля падземнага пераходу з боку ляснога масiву ляжаць горы жвіру. Уладзімер Юхо вельмі занепакоены тым, як вядзецца будаўніцтва:

— Як сьпяшаюцца, забіваюць ужо палі, працягваюць засыпаць нават тыя крыжы, да якіх сказалі, што ня дойдуць. Мы будзем ставіць яшчэ крыжы па алеі, афармляць кампазыцыю, якую нам дапамаглі зрабіць мастакі суполкі «Пагоня». А наверсе ўздоўж дарогі будзем усталёўваць жалезныя крыжы.

Што да валанцёраў, дык надоечы да іх ізноў завіталі школьнікі адной менскай школы — настаўніца зрабіла для іх экскурсію ў Курапатах Учора ж ва ўрочышчы адбыўся надзвычайны інцыдэнт. Распавядае Ірына Вяткіна:

— Нейкі хлопец дзіўнага выгляду прыйшоў у лягер, але мы яго адправілі адсюль. А потым да нас прыйшла жанчына й сказала, што недалёка ляжыць чалавек. Хлопцы падышлі i ўбачылі, што ён ляжыць з адкрытымі вачыма й не варушыцца. Мы выклікалі «хуткую дапамогу», і лекары сказалі, што ў яго быў прыступ.

Ірына Вяткіна мяркуе, што гэты хлопец быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў, і непакоіцца, што з надыходам цёплага надвор’я моладзь зь мікрараёну зноў паспрабуе наладжваць у Курапатах пікнікі і гэткія інцыдэнты могуць паўтарыцца.

30 сакавіка 2002

У КУРАПАТАХ ПАЎСТАЛА КРЫЖОВАЯ АЛЕЯ

На чарговай талацэ актывісты КХП БНФ усталявалі дзясяткі крыжоў на цэнтральнай алеі мэмарыялу.

Валер Каліноўскі:

Некалькі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў ды беспартыйных грамадзянаў прыйшлі сёньня з рыдлёўкамі і граблямі на традыцыйную курапацкую талаку. Жанчыны прыбіралі леташнюю лістоту і сьмецьце, мужчыны ўсталёўвалі крыжы. Цяпер на цэнтральнай алеі — 60 моцных сасновых крыжоў стандартнага памеру, яны цалкам зьмянілі вонкавы выгляд мэмарыялу.

Алесь Чахольскі, сакратар управы КХП БНФ, распавёў Радыё Свабода пра канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў, якой кіруецца ягоная партыя:

— Мы пачалі стварэньне гэтага мэмарыялу ў 2000 годзе, калі адбылося крыжовае шэсьце ў Курапаты. Зараз фактычна гэта і ёсьць помнік. Далей на нашых талоках штосуботы крыжы будуць усталёўвацца непасрэдна на магілах у гэтым лесе, каля дарогі. Кожная душа павінна быць увасобленая ў крыжы.

Спадар Чахольскі сказаў, што крыжы неўзабаве будуць пафарбаваныя і асьвечаныя. Актыўны ўдзельнік талакі пэнсіянэр Аляксандар Тарала перакананы, што спадзявацца на дзяржаўныя мэмарыяльныя знакі ў Курапатах ня варта:

— Трэба рабіць тут народны помнік, а не каб дзяржава рабіла. Спачатку дзяржава забівала тут людзей, а зараз помнік хоча рабіць. Я думаю, што трэба, каб кожны прынес свой крыж і паставіў у памяць тых, якія тут загінулі, невінаватых людзей.

Тым часам у Курапацкі лес пацягнуліся аматары пікнікоў і шашлыкоў. На заўвагі ўдзельнікаў талакі, што тут нельга праводзіць гулянкі, яны проста не рэагуюць. Асабіста мне ўдалося пагаварыць зь сям’ёй, якая ў Курапацкім лесе, адразу за крыжамі зьбірала сок зь бярозаў. На пытаньне, ці не бянтэжыць іх, што ў гэтай зямлі ляжаць целы закатаваных людзей, маладыя людзі адказалі, што невядома, хто тут яшчэ ляжыць, што пахаваньні былі даўно, шэсьцьдзесят гадоў таму, у гэтай зямлі няма ўжо крыві, адны косткі, а бярозавік яны тут назапашваюць штогод. Непадалёк прыбірала леташняе лісьце Жана Цішурова, яна мяркуе, што патрэбны яшчэ немалы час, каб выхаваць павагу да гэтага месца ва ўсіх, хто сюды прыходзіць бавіць час.

31 сакавіка 2002

ВЯЛІКДЗЕНЬ АДЗНАЧЫЛІ ПРАЦАЙ

Усе жыхары курапацкага лягеру, а іх там сёньня было больш за дзесяць чалавек, прыбіралі тэрыторыю ўрочышча ад сьмецьця.

Альгерд Невяроўскi:

Разам зь лесьнікамі Менскага лясьніцтва яны высякалі сухастой ды іншы непатрэбны хмызьняк, а таксама засыпалі пяском калюжыны з вадой. Я ня мог не задаць хлопцам і дзяўчатам пытаньне, ці будуць яны ўвогуле адзначаць Вялікдзень. І атрымаў даволі нечаканы адказ Гаворыць старшы ў курапацкім лягеры Алесь Поклад:

— Мы адзначаем яго працай. Я лічу, што ў гэты дзень, таксама як і на Радаўніцу, трэба ўспомніць аб тых людзях, якія загінулі за нас, мабыць, за мяне асабіста ці за тых сяброў, якія тутака знаходзяцца. Мы прыбіраем крыжы, могілкі, зьбіраем сьмецьце.

Працягвае Сяргей Мацкойць:

— Мы плянуем увечары згатаваць сьвяточную вячэру, зразумела, бяз моцных напояў, таму што ў нас тут гэтая рэч забароненая.

Учора ўвечары валанцёры былі вымушаныя ўжыць сілу, каб выправадзіць з Курапатаў двух п’яных мужчынаў, якія спрабавалі ўварвацца ў намёт і патрабавалі ад хлопцаў пачастунку.

1 красавіка 2002

ЗВАРОТ ДА ЎРАДУ

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў падпісалі зварот да ўраду Беларусі, у якім прапануюць стварыць адмысловую дзяржаўную камісію ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў.

Альгерд Невяроўскі:

Паводле канчатковага варыянту канцэпцыі мэмарыялізацыі прапануецца захаваць усе тыя мэмарыяльныя знакі, якія ўжо ўсталяваныя ў Курапатах, а таксама выканаць пастанову ўраду ад 1989 году, паводле якой мусіць быць усталяваны помнік ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што ў Курапатах ня варта будаваць пампэзных помнікаў — галоўнае, каб гэтае месца набыло адпаведны ахоўны статус, было добраўпарадкаванае і агароджанае.

Як паведаміла Ірына Жыхар, пад зваротам да ўраду й прэм’ера Генадзя Навіцкага падпісаліся цэнтар «Супольнасьць», Беларускі камітэт міру, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Беларускі Гельсынскі камітэт, праваабарончы цэнтар «Вясна» ды іншыя арганізацыі У склад дзяржаўнай камісіі акрамя чыноўнікаў павінны ўвайсьці вядомыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы Кажа Ірына Жыхар:

— Калі здаровы сэнс — галоўная падстава дзейнасьці ўраду, то, натуральна, ён прыслухаецца да звароту. Я думаю, што нязручна будзе ўраду й прэм’еру йсьці супраць грамадзтва.

А вось меркаваньне гісторыка культуры Вацлава Арэшкі:

— Галоўнае, што беларускае грамадзтва на гэтай глебе сапраўды знайшло агульную тэму для размовы, для салідарнасьці. А як удасца… Я думаю, што наўрад ці ва ўрадзе зараз ёсьць шмат цікавасьці да гэтай справы, і мне здаецца, што яны б ахвотна выкарысталі ўсё гэта супраць апазыцыі.

Рэзка супраць дамовы з урадам у справе мэмарыялізацыі Курапатаў выступаюць КХП БНФ і Партыя Свабоды. Гаворыць намесьнік старшыні КХП Сяргей Папкоў:

— Мы лічым, што помнік ёсьць. Гэта крыжовы помнік народнай памяці. Таму ўсе гэтыя кабінэтныя паседжаньні не даюць для людзей ніякага плёну. Беларусы павінны памятаць пра тыя злачынныя гады. Кожны можа й павінен прыехаць і паставіць там крыж. А зрабіць спробу нешта там уладкаваць і, як некаторыя прапануюць, абмежаваць доступ людзям ставіць там крыжы — то гэта й назваць прыстойным словам немагчыма.

Прадстаўнікі гэтых партыяў лічаць, што абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялу павінна быць больш шырокім, а ў цяперашніх уладаў браць грошы на яго пабудову амаральна. Тым ня менш, зварот грамадзкасьці будзе перададзены ва ўрад ўжо заўтра.

2 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ ЗАСЫПАЮЦЬ КРЫЖЫ КАЛЯ НАСЫПУ ДАРОГІ

Валанцёры спрабуюць супрацьстаяць далейшаму пашырэньню трасы й просяць дапамогі.

Ганна Соусь:

Апошнімі днямі будаўнікі падсыпаюць жвір на ўчастак кальцавой дарогі ля Курапатаў. Пры гэтым існуе небясьпека, што крыжы, усталяваныя тут раней, неўзабаве будуць засыпаныя. Валанцёрка Каця Карпенка некалькі разоў спрабавала спыніць рабочых.

КАРПЕНКА: Я проста пачала адкопваць крыжы. Падышлі будаўнікі, галоўны інжынэр лаяўся маскальскімі мацюкамі на нас, крычаў, каб крыжы не адкопвалі, што іх трэба ўвогуле выкапаць і аднесьці куды-небудзь, бо іх усё роўна закапаюць.

— Што вы мяркуеце рабіць далей?

— Раней была дамова пра тое, што гэтыя першыя крыжы ня будуць засыпаць. Калі яны іх будуць засыпаць як зараз, пакрысе, то мы будзем іх адкопваць. А калі будуць дзейнічаць нахабна, то яны будуць закопваць крыжы разам з намі.

Апошнімі днямі ў лягеры абаронцаў было багата замежных наведнікаў — нарвэжцы й французы, прыходзілі чэскія кінэматаграфісты. Не абмінаюць лягер і беларусы. Прыкладам, старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы чарговы раз прывез валанцёрам харчоў. Завіталі ў Курапаты й актывісты з Барысава. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Прыяжджалі сюды два «зуброўцы» з Барысава. Яны, як даведаліся, што тут зараз няшмат народу (нас сёньня тры чалавекі начавалi), дык паабяцалі, што з Барысава на выходныя будуць прыяжджаць заўжды тры-чатыры чалавекі.

Валанцёры цяпер актыўна займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі. Працягвае Антось Шкурынскі:

— Адпрацоўваем сьценкі, клін, робім фізычныя практыкаваньні — бег, куляньне, адцісканьне.

— А дзеля чаго гэта трэба ў Курапатах?

— Каб у выпадку нейкіх непрыемнасьцяў зь міліцыяй альбо зь іншымі засланымі людзьмі ўсім трымацца разам.

Гэтыя засьцярогі не беспадстаўныя. Тлумачыць Сяржук Высоцкі:

— Ускладнілася становішча ў Курапатах. Шмат людзей ідуць, так бы мовіць, на прыроду. 31 сакавіка былі сутычкі зь імі. 30 сакавіка сюды прыйшлі каля 25 маладых людзей нападпітку, агрэсіўныя такія. Я ня веру ў выпадковыя групаваньні маладых людзей, якія прыходзяць сюды, так бы мовіць, паштурхацца з палітычнымі. Звычайна іх нехта скіроўвае. Зараз ідзе новая форма вандалізму, калі пад’яжджае самазвал і высыпае жвір на крыжы. Нашыя падыходзяць туды пратэставаць, а ў гэты час пад’яжджае другі самазвал у іншым месцы. Фактычна гэта новая спроба пашырэньня трасы. І нам зараз тут патрэбная дапамога.

Сяржук Высоцкі заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс нацыянальнага нэкропалю, далучацца да бестэрміновай вахты памяці ў Курапатах.

3 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ СПЫНІЛІ РАБОТЫ

Абаронцы дамагліся, каб будаўнікі праводзілі работы ахайна й не засыпалі жвірам крыжы.

Альгерд Невяроўскі:

Сёньня ў Менску быў халодны й сонечны дзень. У курапацкім лягеры заставаліся толькі Антось Шкурынскі і Алег Гнедчык, якія беcпасьпяхова спрабавалі распаліць вільготнымі дровамі печку ў намёце. Валанцёры скардзіліся, што сёньняшняя ноч выдалася нечакана халоднай, і таму фактычна бяcсоннай для іх. У намёце начавалі тры чалавекі, і гэта, на іх думку, таксама вынік нечаканых халадоў.

АЛЕГ: Мы тут зіму ўсю перажылі. А тут два-тры чалавекі ўсё роўна будуць заставацца кожны дзень. Такога не было, каб нікога не заставалася ў Курапатах.

АНТОН: Холад ня можа зламіць нашую волю. Мы ўсё роўна будзем змагацца, колькі б нас ні засталося. Апошнімі днямі будаўнікі кальцавой дарогі працавалі >вельмі неахайна: робячы дарожны насып, засыпалі >жвірам крыжы. Валанцёры прыклалі шмат намаганьняў >супраць гэтага. Сёньня рабочыя ўвогуле пакінулі курапацкі >ўчастак дарогі Антон Шкурынскі працягвае:

— Спрабуем больш-менш культурна размаўляць з інжынэрамі і будаўнікамі. Будаўнікі кажуць: «Усе пытаньні да нашага начальства...»

Істотную дапамогу валанцёрам аказвае дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» і яго старшыня Генадзь Грушавы Паводле спадара Грушавога, Курапаты сталі сымбалем, зь якога пачаўся беларускі дэмакратычны рух. Таму ён лічыць, што дапамагаць валанцёрам ёсьць ягоным маральным абавязкам. Гаворыць спадар Грушавы:

— Сёньня я разам зь дзецьмі. Там жа дзеці Чарнобыля, там сядзяць, гэта ж не дарослыя. Я бачу ў гэтых маладых людзях, якім сёньня 20, 22, 23 гады тых самых чарнобыльскіх дзяцей, якіх я 12 гадоў таму пачаў ратаваць ад радыяцыі.

Спадар Грушавы заклікаў валанцёраў цьвёрда стаяць на сваім і не саступаць больш ні сантымэтру курапацкай зямлі ўладам і будаўнікам.

4 красавіка 2002

АНАТОЛЬ БЕЛЫ ХОЧА ЎГАНАРАВАЦЬ АБАРОНЦАЎ

Старшыня клюбу «Спадчына» Анатоль Белы распавядае пра свае ранейшыя спробы ўсталяваць у Курапатах помнік «Пакутнікам Беларусі».

Ганна Соусь:

Ён мяркуе, што трэба нейкім чынам адзначыць усіх валанцёраў, якія нясуць вахту памяці.

БЕЛЫ: Я хацеў бы ўганараваць нейкім мэдалём. Зрабіць вялікі дыплём і ўнесьці ў яго імёны ўсіх гэтых людзей. Гэты мэдаль і дыплём захоўваць дзе-небудзь у музэі ці нейкім архіве, а астатнім выдаць дублікаты гэтага дыплёму.

У 1999 годзе з ініцыятывы клюбу «Спадчына» быў створаны грамадзкі камітэт, які ставіў на мэце ўзьвядзеньне ў Курапатах помніка «Пакутнікам Беларусі». Плянавалася, што помнік у форме Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай вышынёй больш за тры мэтры будзе ўсталяваны там на Дзень Волі 25 сакавіка 1999 году. У склад камітэту тады ўвайшлі Мартыралёг Беларусі, Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» ды іншыя арганізацыі. Быў нават адкрыты банкаўскі рахунак для ахвяраваньняў на помнік. Мінула тры гады. Помніка ў Курапатах дагэтуль няма. Чаму?

БЕЛЫ: Увесь удар быў накіраваны на мяне. Па-першае, паставілі пад сумнеў стварэньне такога помніка. Па-другое, паставілі пад сумнеў, што ўжо помнік робіцца. Па-трэцяе, аўтар помніка скульптар Мірончык як бы адмовіўся ад таго, што ён пачаў рабіць.

Анатоль Белы сьцьвярджае, што гэты помнік ужо зроблены:

— Хочаце, зараз паедзем, і я вам пакажу яго. Ён ужо зроблены — такі, як я і плянаваў. Я ня буду казаць, дзе быў зроблены й як. Я чакаю толькі зручнага моманту.

Але калі я выказала жаданьне паглядзець на крыж, Анатоль Белы, спаслаўшыся на занятасьць, адмовіў мне ў гэтым, паабяцаўшы паказаць крыж у іншы час. Ці зьбіраецца Анатоль Белы прапаноўваць свой помнік на конкурс, калі будзе створаная рэспубліканская камісія?

БЕЛЫ: Ні ў якім выпадку. Я ня веру ні ў якія камісіі, я ня веру ні ўва што.

5 красавіка 2002

ВАЛАНЦЁРЫ НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ ПРЫБІРАЦЬ КРЫЖЫ

У Курапатах дагэтуль ня вырашана, што рабіць з асьвечанымі крыжамі, якія трапілі ў насып дарогі.

Ганна Соусь:

Валанцёры не дазваляюць прыбіраць крыжы з насыпу, гэтаксама як і весьці іншыя земляныя работы ў лясным масіве. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Крыжы нельга прыбіраць зь зямлі. Будаўнікі, а дакладней улады самі сябе паставілі ў тупік. Яны працягваюць насыпаць трасу зьверху. З другога боку, каб разраўняць, ім трэба зрушыць крыжы. Узьнікае пытаньне, як гэта зрабіць?

Сяржук Высоцкі пакуль сам ня бачыць выйсьця з гэтай сытуацыі, але запэўнівае, што валанцёры не дазволяць кранаць крыжы. Будаўнікі таксама ня ведаюць, што рабіць. Гаворыць геадэзіст Віктар зь менскага прадпрыемства «Маналіт»:

— Нам кала не даюць тут забіць, ужо ня кажучы пра капаньне. Людзі ня могуць грошы зарабіць з-за таго, што ня можам тут капаць, тэхніку паставіць.

— А якія працы вам тут трэба рабіць?

— Трэба выкапаць траншэю, потым заліць бэтонам сьценку, потым усё будзе пліткай абкладвацца. Праектам усё ўжо прадугледжана. Падземны пераход робіцца менавіта для людзей. Што, на звычайных могілках трактар па сьмецьце не прыяжджае? А капаюць чым? Экскаватарам магілы капаюць. Прыкладам, на Паўднёвых могілках капаюць «Беларусам».

Але абаронцы не прымаюць такія аргумэнты. Вось меркаваньне Васіля Парфянкова:

— Крыжы асьвечаныя. Ніхто іх выкопваць не зьбіраецца. Натуральна, будзем вырашаць пытаньне з гэтай адсыпкай, з тым, што яны на гэты бок пясок сыплюць.

Валанцёры спадзяюцца, што ў суботу й нядзелю ў Курапаты прыйдзе больш людзей, і будаўнікам будзе складаней засыпаць крыжы пяском. Дарэчы, заўтра а дванаццатай гадзіне сябры КХП БНФ зноў будуць ладзіць у Курапатах талаку.

7 красавіка 2002

ВАСІЛЬ ШАРАНГОВІЧ СУПРАЦЬ КОНКУРСУ

Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, які калісьці ўзначальваў журы конкурсу на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, мяркуе, што ня трэба абвяшчаць новы конкурс.

Ганна Соусь:

ШАРАНГОВІЧ: Я лічу, што гэта шлях у нікуды. Я глыбока ўпэўнены, ужо маючы горкі вопыт правядзеньня гэтых конкурсаў. Трэба менавіта з маладых творцаў з новым мастацкім мысьленьнем стварыць рабочую групу, выпрацаваць канцэпцыю, а яна, гэтая канцэпцыя ўжо лунае ў паветры, яна патрабуе толькі мастацкага ўвасабленьня. Калі гэта будзе прынятае, ня трэба ніякіх конкурсаў. Другая справа — менавіта шырокае абмеркаваньне з удзелам прадстаўнікоў розных канфэсіяў, грамадзкасьці, інтэлігенцыі, навукоўцаў, гісторыкаў. Вось гэта — шлях, які можна рэалізаваць.

Васіль Шаранговіч узгадвае падзеі дзесяцігадовай даўніны, конкурс на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах і праекты, якія тады прапаноўваліся. У большасьці, мяркуе мастак, яны не адпавядалі самой ідэі курапацкіх могілак і ўяўлялі сабой жалезабэтонныя канструкцыі, выкананыя ў рэалістычным стылі. Але безвыніковасьць конкурсу мастак зьвязвае з тым, што ён адбываўся, так бы мовіць, на пераломе часу, калі ў Беларусі зьмянялася ўлада Гаворыць Васіль Шаранговіч:

— Я быў ініцыятарам яшчэ аднаго, нават ня конкурсу... Я проста папрасіў маладога скульптара Валяр’яна Янушкевіча, мяркуючы, што малады чалавек можа гэта зрабіць бліжэй да нашага разуменьня... Што ж такое Курапаты? Гэта могілкі бязьвінна загінуўшых і невядомых людзей. Што такое могілкі ў разуменьні народу? Гэта месца пахаваньня, якое мае агароджу, капліцу й браму. Валяр’яну Янушкевічу быў прапанаваны тады менавіта такі падыход.

Васіль Шаранговіч мяркуе, што гэтую ідэю пасьля пэўнага ўдасканаленьня і трэба ажыцьцявіць:

— А зрабіць гэта могуць толькі маладыя, таленавітыя скульптары й архітэктары — той жа Валяр’ян Янушкевіч, які ўжо адчуў гэтую тэму. У нас ёсьць Аляксандар Дранец, Павал Лук. Я магу назваць шмат таленавітых людзей, якія б маглі ўдзельнічаць у стварэньні такога мэмарыялу, якія маюць і мастацкую падрыхтоўку, і талент, і сучаснае мысьленьне.

8 красавіка 2002

У ТАЛАЦЭ ЎЗЯЛІ ЎДЗЕЛ НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ ЧАЛАВЕК

Людзі высякалі кустоўе на магілах і парадкавалі тэрыторыю.

Ганна Соусь:

Нягледзячы на зусім не красавіцкае надвор’е — у суботу ішоў сьнег — з самай раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі на талаку. Прыкладам, сябра КХП БНФ Аліна Дуброўская прыехала з Койданава, каб узяць удзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча.

ДУБРОЎСКАЯ: Я лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Сюды трэба ісьці й працаваць для нашай будучыні, для нашых продкаў...

Сёньня ў Курапатах працаваў і археоляг Мікола Крывальцэвіч. Чатырнаццаць гадоў таму ён разам зь Зянонам Пазьняком ладзіў раскопкі ва ўрочышчы. З таго часу спадар Крывальцэвіч кожны год прыбірае тэрыторыю могільніка перад Дзядамі й Радаўніцай.

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Штосуботу на працягу красавіка з 11 гадзінаў мы ўсіх чакаем на талокі. Будзе высякацца кустоўе, сьцежка будзе рабіцца. Я думаю, што такія талокі напярэдадні Радаўніцы й Дзядоў стануць традыцыйнымі. Вось ёсьць адна магіла, вельмі глыбока раскапаная, яшчэ шмат гадоў таму вандалы гэта зрабілі. Мы яе не маглі засыпаць, таму што кусты вырасьлі вельмі вялікія. Трэба кустоўе высекчы, агаліць усю гэтую прастору — там шмат магіл у кустах пазарастала, а потым і крыжы паставіць, і ўпарадкаваць.

У талацэ бралі ўдзел і абаронцы. Да прыкладу, Сяржук Высоцкі раскідаў пясок на ўзгорку.

ВЫСОЦКІ: Гэты пясок, які быў насыпаны тады, калі адбылася цырымонія аднаўленьня амэрыканскага памятнага знаку, цяпер зьбіраецца да кучы, каб усё выглядала больш прыстойна.

А вось сябра КХП БНФ Мікола Капарыха высякае ў лесе хмызьняк.

КАПАРЫХА: Вось гэтыя кусты падцярэбім. Жанчыны сьмецьце зьбіраюць, каб можна было бачыць з дарогі, колькі тут крыжоў.

Ва ўрочышчы працавалі сябры самых розных палітычных партыяў і арганізацыяў. Паводле Міколы Крывальцэвіча, у Курапатах зусім няважна, да якіх арганізацыяў належаць людзі

КРЫВАЛЬЦЭВІЧ: Тут жа супольная праца. І ў гэтым нашая сіла. Мы пакажам, што нешта здолеем зрабіць. І тут ёсьць для ўсіх магчымасьць папрацаваць і сказаць, што я — абаронца Курапатаў.

9 красавіка 2002

БУДАЎНІЦТВА ДАРОГІ МОЖА БЫЦЬ СКОНЧАНАЕ ПРАЗЬ МЕСЯЦ

Рабочыя кажуць, што завяршэньне ўсіх працаў каля ўрочышча магчымае ўжо празь месяц.

Ганна Соусь:

Калі ў будаўнікоў быў перакур, я зьвярнулася да іх з пытаньнем пра тэрміны працы. Мне адказвае гэадэзіст Мікола Гусакоў:

— Калі ня будуць перашкаджаць, то паспрабуем за месяц усё здаць.

— Маецца на ўвазе — і асфальт пакласьці?

— І асфальт, і добраўпарадкаваць, і гэтак далей. Людзі разумеюць, што будзе існаваць дарога, і будзе ўвага да іхных крыжоў, будуць замежныя госьці прыяжджаць і ня будуць хадзіць па балоце. Тут будзе падпорная мэмарыяльная сьцяна, якая сваім выглядам будзе нагадваць пра нашае мінулае.

А паводле валанцёраў, дагэтуль існуе небясьпека нацыянальнаму нэкропалю. Гаворыць Мікола Ткачэнка:

— Як гэта, каб па могілках нашых братоў, якіх рэпрэсавалі яшчэ за Сталіна, езьдзілі машыны? Зараз мне цікава сачыць за тым, каб нічога не парушалася, каб рабочыя не пашыралі дарогу яшчэ больш.

Апошнім часам выходзіць зь лягеру ўвечары стала небясьпечна. Надоечы Антось Шкурынскі пацярпеў ад невядомых хуліганаў.

ШКУРЫНСКІ: Увечары каля адзінаццаці гадзінаў вяртаўся ад шапіку з цыгарэтамі. На паўдарозе тры здаровыя хлопцы ўбачылі мяне. Адзін зь іх кажа: «А, гэта іхны начальнік», і адразу наляцелі й пачалі біць. Потым пабеглі на прыпынак, а я пайшоў у лягер. Хлопцы нашыя спужаліся, кажуць: «Што гэта з табой?»

— Як Вы цяпер адчуваеце сябе?

— Як стары дзед. Усё баліць.

10 красавіка 2002

СУТЫЧКА ВАЛАНЦЁРАЎ З РАБОЧЫМІ

Улады парушылі ранейшыя дамоўленасьці й далі рабочым распараджэньне засыпаць пяском курапацкія крыжы.

Любоў Лунёва:

Раніцай некалькі самазвалаў пад’ехалі да таго месца, дзе ўсталяваныя крыжы, і пачалі засыпаць іх пяском. Рабочыя не рэагавалі на пратэсты абаронцаў. Тады ў кабіны паляцелі камяні. Рабочыя былі вымушаныя спыніць працу. Намесьнік галоўнага інжынэра выклікаў міліцыю. Міліцыянты прапанавалі рабочым напісаць заявы, каб былі падставы для затрыманьня валанцёраў. Аднак ніводзін рабочы на гэта не пагадзіўся. Сяржук Высоцкі лічыць, што сёньня Курапаты паўсталі перад небясьпекай зьнішчэньня.

ВЫСОЦКІ: Бачыце, якая сур’ёзная сытуацыя. Падчас размовы яны прызналіся, што плянуюць насыпаць да самога лесу. Будуць засыпаць вось гэтую пляцоўку, дзе знаходзіцца намёт, усе крыжы, знак са сьцягам. Пра гэта мы даведаліся толькі сёньня. Ніхто нам пра гэта раней не паведамляў, больш за тое, нам казалі зусім іншае.

Некалькі крыжоў засыпаныя пяском амаль дарэшты. Калі заўтра будаўнікі зноў пачнуць сыпаць пясок, крыжы апынуцца цалкам пад насыпам дарогі. Заўтра — 200 дзён з пачатку абароны Курапатаў. Валанцёры заклікаюць грамадзкасьць бараніць нацыянальны нэкропаль.

ВЫСОЦКІ: Будзем зьвяртацца да іншых палітычных арганізацыяў. Да тых, хто можа быць нашым саюзьнікам, да грамадзкасьці, каб актывізаваць намаганьні. Насамрэч, зацішшам улады скарысталіся для чарговага наступу. Давайце ўжо дагледзім Курапаты. Паспрабуем зрабіць тое, што здолеем. Ня так многа часу засталося. Але ў нас няма ўпэўненасьці, што сёньня ўвечары, уначы альбо заўтра раніцай улады не давядуць сваю справу да канца і не засыплюць крыжы канчаткова.

11 красавіка 2002

АБАРОНА КУРАПАТАЎ ДОЎЖЫЦЦА 200 ДЗЁН

Валанцёры падсумоўваюць вынікі вахты памяці і заклікаюць грамадзкасьць далучацца да іхнага чыну.

Ганна Соусь:

Над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай. Ужо больш за месяц міліцыянты нават не спрабуюць зьняць яго. Паводле валанцёраў, гэта ёсьць адным з вынікаў двухсотдзённага супрацьстаяньня. Дарэчы, сёньня ва ўрочышчы ніякім чынам гэтую дату не адзначалі — падставаў для радасьці было няшмат. Засыпаныя крыжы, вада, што бесьперапынна бяжыць са сьцёку ў бок Крыжа Пакутаў — гэта ўсё наступствы рэканструкцыі кальцавой дарогі.

Васіль Парфянкоў мяркуе, што цяпер пачынаецца найбольш складаны этап у вартаваньні Курапатаў — будаўнічыя працы павінны завершыцца цягам месяца, і таму патрэбны пільны кантроль за хадой будаўніцтва.

ПАРФЯНКОЎ: Нарэшце тут будуць будаваць мэмарыял, які абяцалі яшчэ ў 1989 годзе. Вось гэта галоўны вынік нашай вахты. А тое, што дарога — дык яе падсыпаюць, падсыпаюць і падсыпаюць. Усё, што мы раней тут адваявалі, усё засыпалі.

Васіль бярэ ўдзел у вахце памяці ўжо амаль пяць месяцаў.

Апошнім часам у лягеры паменела валанцёраў. Уначы тут было тры чалавекі. Існуюць праблемы й з харчамі. Працягвае Сяржук Высоцкі:

— Трымаемся толькі дзякуючы прыватным ахвяраваньням грамадзянаў і сямейным магчымасьцям. Нехта прыносіць малака, кавалак сала, хлеб.

Сяржук Высоцкі падсумоўвае вынікі двухсотдзённай варты:

— У выходныя дні, асабліва калі трошкі цяплей, каля сотні чалавек прыходзяць сюды, каб ушанаваць памяць продкаў, якія нявінна загінулі ад расейскага камунафашызму. У Курапаты прыходзяць маці з дочкамі, школьныя настаўнікі з вучнямі. Мэмарыялізацыя ў сэрцах людзей ужо адбылася. Гэта вялікая перамога, якой, я лічу, можна ганарыцца. Увага, пра якую мы не маглі марыць паўгода таму, бясспрэчна, існуе з боку простых беларускіх грамадзянаў.

12 красавіка 2002

АНТОН ШКУРЫНСКІ ШПІТАЛІЗАВАНЫ

Cёньня ў Курапатах начавалі тры чалавекі. Раніцай «хуткая дапамога» шпіталізавала Антона Шкурынскага, якога зьбілі мясцовыя хуліганы.

Любоў Лунёва:

Паколькі Антон мае расейскае грамадзянства, мэдыкі раней адмаўляліся класьці яго ў шпіталь бясплатна. Сёньня, калі стан здароўя хлопца значна пагоршыўся, лекары зьлітаваліся.

12 красавіка 2002

ЯЕ НАЗЫВАЮЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МАЦІ ТЭРЭЗАЙ

Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча (а яна адна гадуе двух дзетак і даглядае хворую маці), Ірына Важнік часта прыходзіць у Курапаты, дапамагае валанцёрам.

Ганна Соусь:

Калі ўвосені распачалася вахта памяці, Ірына Важнік амаль штодня прыяжджала ва ўрочышча. Дапамагала валанцёрам, чым магла, і стала для іх за гэтыя амаль сем месяцаў ледзь ня самым блізкім чалавекам.

ВАЖНІК: Мяне, вядома, хвалюе лёс Курапатаў, але ж хвалюе й лёс гэтых хлапцоў і дзяўчат, якія трымаюць вахту. Чым магу, дапамагаю. Калі хто захварэе, цягну да сябе дадому. Што ёсьць, гарбаты дам папіць, пакладу... Канапу ставіла да батарэі, грэла ўзімку. Я не магла спаць спакойна ў сваёй цёплай хаце, усё думала, як яны там. А яны й мне дапамагаюць. Ведаюць, што ў мяне два дзіцяці, і жывем мы на адную зарплату, мужык мяне кінуў, ні капейкі не прыносіць, і маці ў мяне хворая. І яны прывозілі мне харчы дахаты, дапамагалі сьнег узімку прыбіраць...

Ірына раней была выхавацелькай у дзіцячым садку, але цяпер ёй даводзіцца працаваць прыбіральшчыцай — Ірына спадзяецца, што гэткім чынам яна здолее атрымаць асобную кватэру, бо жыве цяпер у камуналцы. Дарэчы, менавіта там некалькі дзён правёў валанцёр Антось Шкурынскі, якога надоечы жорстка зьбілі невядомыя Ірына здолела ўладкаваць яго ў шпіталь на лячэньне.

ВАЖНІК: Ратуючы іншых, ратуеш сябе. Вось цяжка, і туды трэба, і сюды, і грошы зарабляць, і я яшчэ прыбіраю хаты багаценькім. Здаецца, што ня будзе ані часу, анічога. Але ж калі падумаю пра іншых, тады й пра сябе забываю.

Калі Ірына Важнік прыходзіць у Курапаты, звычайна яна ўзгадвае пра брата свайго бацькі, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля вайны яго арыштавалі толькі за тое, што меў імя Адольф, і накіравалі ў Казахстан у лягер. Часам Ірына прыяжджае ў Курапаты на ровары са старэйшай дачкой Вольгай.

ВАЖНІК: Старэйшай Вользе 12 гадоў, дык яна наагул там хоча й начаваць. А малая, тры гады, а ўжо крычыць: «Жыве Беларусь!»

Калісьці сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Людміла Гразнова назвала Ірыну Важнік беларускай маці Тэрэзай, жанчынай са сьветлымі вачыма й сьветлым сэрцам. А вось як гаворыць пра сябе ў сваім вершы сама Ірына:

А я не хачу паднявольнай здавацца.

Не «граждане» мы, а свабодны народ.

Пакліча мой край за радзіму змагацца,

Пайду ў лясы адкапаць кулямёт.

А ўвечары выйду — улётку наклею,

Дзе чорным па беламу, я не баюсь,

Хай вечна ў душах ня гасьне надзея,

А ў сэрцы хай вечна «Жыве Беларусь!»

13 красавіка 2002

МІЛІЦЫЯНТЫ СПРАБУЮЦЬ ЗАПАЛОХАЦЬ ВАЛАНЦЁРАЎ

Сёньня міліцыянты ізноў спрабавалі запалохаць абаронцаў Курапатаў.

Альгерд Невяроўскі:

Яшчэ ўчора ўвечары ва ўрочышча прыехала Мая Кляшторная і паведаміла валанцёрам, што ўлады прынялі рашэньне праводзіць будаўнічыя работы на пляцоўцы, дзе стаіць Крыж Пакутаў. А ўжо сёньня з самай раніцы ў намёт, дзе знаходзіліся пяць добраахвотнікаў, прыйшлі міліцэйскія афіцэры. Яны заявілі, што хутка будуць абаронцаў высяляць. Валанцёры адразу ж патэлефанавалі актывістам грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ ды іншых арганізацыяў Неўзабаве ў Курапаты прыехалі Аляксей Марачкін, Мая Кляшторная, Мікола Крывальцэвіч ды іншыя вядомыя асобы, якія апякуюцца мэмарыялам Мая Кляшторная патлумачыла сытуацыю:

— Учора я сюды выяжджала з намесьнікам генэральнага дырэктара «Белаўтадору», і падрадчык быў, зь якімі мы дамовіліся, што сёньня яны прыедуць з геадэзістам, кіраўніцтва будзе «Белаўтадору» таксама. Геадэзіст павінен, згодна з маёй схемай і згодна з праектам, вызначыць граніцы работ. Таму што так ужо немагчыма. Сыплюць і сыплюць. А для чаго сыплюць? А потым лішні жвір, што зь ім будзе?

Мая Кляшторная запатрабавала, каб будаўнікі зрабілі належную дрэнажную сыстэму, якая будзе выводзіць ваду з тэрыторыі мэмарыялу. Будаўнікі пагадзіліся, але папрасілі перасунуць валанцёрскі намёт у іншае месца, бо ён замінае пракладцы дрэнажнай сыстэмы Гаворыць старшы ў валанцёрскім лягеры Сяржук Высоцкі:

— Няправільнае рашэньне. Няправільнае хаця б таму, што не было ўзгодненае з прадстаўнікамі іншых партыяў. Пры ўсёй павазе да аўтарытэту Маі Тодараўны Кляшторнай, яна не павінна была з будаўнікамі прымаць рашэньне без кансультацыі зь іншымі.

Думку спадара Высоцкага падтрымліваюць і многія актывісты КХП БНФ, якія ладзілі сёньня ў Курапатах талаку. Гаворыць сакратар управы КХП Уладзімер Юхо:

— Выконваецца той плян зьнішчэньня Курапатаў, і гэтыя падзеі паказваюць, што ад гэтага пляну не адступаюць пад выглядам таго, што будуць рабіць добраўпарадкаваньне. Па сутнасьці, сёньня нішчыцца самае галоўнае месца – Крыж пакутнікам Беларусі.

14 красавіка 2002

У КУРАПАТЫ ПАЦЯГНУЛІСЯ АМАТАРЫ ПІКНІКОЎ

Яны паляць вогнішчы і пакідаюць пасьля сябе сьмецьце; акрамя таго, канфліктуюць з абаронцамі.

Валер Каліноўскі:

У Курапацкім лесе цяпер чыста. Пасьля таго, як прайшло некалькі талокаў, тэрыторыя прыбраная. Зьявіліся першыя пралескі. Прыбраныя месцы ўпадабалі жыхары бліжэйшага мікрараёну Зялёны Луг, якія выбіраюцца ў Курапаты на шашлыкі. Сёньня апоўдні тут можна было налічыць пяць іхных вогнішчаў. На заўвагі абаронцаў аматары шашлыкоў звычайна ніяк не рэагуюць альбо адказваюць грубасьцю. Разам з актывістам КХП БНФ Уладзімерам Юхо мы падышлі да некалькіх такіх групаў. Малады мужчына нам адказаў, што яго зусім не хвалюе, што тут пахаваныя людзі ды, маўляў, яшчэ трэба даказаць, хто тут пахаваны. Дзьве жанчыны, відаць, дачка з маці, якія распалілі надзвычай вялікае вогнішча, таксама не зьбіраліся апраўдвацца.

— 20 год тут жывем, і ніхто ня бачыў, што тут магілы. Заўсёды мы тут адпачываем і будзем адпачываць, — адказала маладая жанчына, якая рабіла шашлык. Уладзімер Юхо лічыць, што гэтую праблему ўладам можна было >б вельмі лёгка вырашыць, калі б паставіць адпаведныя >шыльды да аштрафаваць парушальнікаў некалькі разоў. >Але міліцыя не рэагуе на звароты абаронцаў і не ахоўвае парадку ў мэмарыяльным лесе. Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Нідзе адзнакі нават няма аб тым, што гэта Курапаты. Другое, улады па сутнасьці вот гэтыя ўсе гады, сем гадоў, заахвочваюць, каб людзі сюды ішлі.

Уладзімер Юхо сёньня асабіста назьбіраў колькі пакінутых менчукамі шампуроў Працягвае Васіль Парфянкоў:

— Ну, канечне, сутычкі зь імі былі, і не адна была сутычка. Але мы падыходзім, культурна тлумачым, маўляў, ня трэба, тут жа могілкі. Яны: «Да, усё. Добра-добра». Мы кажам, каб сьмецьця не пакідалі. Яны пагаджаюцца: «Добра. Мы за сабою ўсё прыбярэм». Пасьля там усё дап’юць – прыходзяць і пачынаюць разборкі. Зараз два чалавекі ўжо ляжаць у бальніцы. Адзін з апёкамі, у яго апёкі трэцяй ступені, ён упаў на печку ў намёце. Было яшчэ... Адзін пайшоў па цыгарэты, хлапец, каля пераходу падпільнавалі нейкія тры, зьбілі. Таксама ляжыць у бальніцы, зламаныя сківіцы, нос.

Васіль мяркуе, што іх вахта ў Курапатах працягнецца яшчэ як мінімум месяц І не выключае, што зноў будуць канфлікты з будаўнікамі, якія хочуць рабіць дрэнаж якраз там, дзе знаходзіцца намёт абаронцаў.

15 красавіка 2002

У ВЁСЦЫ ЧАРНАГУБАВА ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ

Станіслаў Лісоўскі на сваю ініцыятыву й за свае грошы ўсталяваў помнік 67 рэпрэсаваным землякам у вёсцы Чарнагубава, што на Капыльшчыне.

Ганна Соусь:

Гэтая вёска — адна зь нямногіх, дзе ўшанавана памяць пра ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта тры дубы з крыжамі й званамі й дзевяць мэталічных плітаў, а на іх надпісы — «1929—1937», «Сялянам і былой шляхце вёскі Чарнагубава — ахвярам палітычных рэпрэсіяў», «На гэтым месцы раней стаяла хата «кулака» Сьвінкоўскага», а таксама верш Сяргея Грахоўскага:

Мы тут жылі, касілі і аралі,

а нас, невінаватых пакаралі

за тое, што зямлю і вас любілі.

Больш за паўсотні сейбітаў забілі

у страшны трыццаць сёмы год.

Жыві і сьцеражыся, наш народ!

Помнік усталяваны ў 1996 годзе дзякуючы намаганьням Станіслава Лісоўскага. Ягоны дзед, якога ў трыццатыя гады расстралялі ў Курапатах, родам з гэтай вёскі. Спачатку Станіслаў Лісоўскі высьвятляў лёс дзеда – хадзіў па дзяржаўных установах, па архівах...

ЛІСОЎСКІ: Калі вычытаў аднойчы ў газэтах выказваньне Аляксандра Лукашэнкі накшталт: «ня я пасадзіў ахвяраў рэпрэсій», а гэта значыць, што гэта яго амаль не цікавіць, то я зразумеў, што трэба займацца самому гэтымі пошукамі. Я «аблазіў» менскае й віцебскае КГБ і даведаўся, дзе расстралялі аднаго дзеда, дзе расстралялі ягонага брата, дзе загінуў трэці брат. І паспрабаваў паставіць крыж. Потым мне падалося, што крыж — гэта слабавата для трох нармальных людзей, і я пачаў хадзіць па вёсцы, цікавіцца. Так зь цягам часу набралося аж 67 чалавек рэпрэсаваных — зь іх 29 расстраляна, 20 вывезьлі на Поўнач і ў Сыбір, пяць чалавек адседзелі ў турмах свае тэрміны й вярнуліся назад. Гэтыя лічбы мяне ўзрушылі надта моцна, і я вырашыў ставіць помнік.

Спадар Лісоўскі дадае — 67 рэпрэсаваных у вёсцы, дзе ўсяго было каля сотні хат. Сем гадоў спатрэбілася на тое, каб у Чарнагубаве зьявіўся помнік. У гэтым Станіславу Лісоўскаму дапамагалі многія людзі. Прыкладам, архітэктары Станіслаў Бандалевіч і Тацяна Пешкава зрабілі макет і праект помніка.

ЛІСОЎСКІ: Потым мне дапамаглі званы вытачыць, потым крыжы недзе зварыў, але самая цяжкая была справа, каб у вёсцы камянямі не закідалі. Калі я капаў гэтыя яміны, вакол мяне хадзілі людзі, глядзелі... Потым знайшоўся цудоўны чалавек — Віктар Татур, падключыліся Франусь Радкевіч, Аляксандар Сапежка і суседзі. Пачалі дапамагаць, і ўсё пайшло...

Станіслаў Лісоўскі гатовы дапамагчы ў справе ўшанаваньня памяці продкаў сваім землякам і ў іншых вёсках Капыльшчыны.

ЛІСОЎСКІ: Помнік такі зрабіць можа кожны з вас. Я яшчэ раз пытаюся, землякі! Мой хатні тэлефон 223-78-78. Калі захочаце ўзьняць пытаньне па сваіх вёсках (а ў 200 вёсках Капыльшчыны людзі былі рэпрэсаваныя), паведамце мне. І мы з вамі паціху знойдзем сьпісы рэпрэсаваных, гэта цяжкая справа. І мы з вамі ўшануем памяць нашых землякоў зь Семежава, Грозава... Нехта павінен пачынаць.

15 красавіка 2002

204 ДНІ ДОЎЖЫЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Будаўнікі дасталі з насыпу дарогі ўсе асьвечаныя крыжы й склалі іх ля намёту валанцёраў.

Ганна Соусь:

У лягеры дзяжурылі восем актывістаў. Як паведаміў Радыё Свабода Сяржук Высоцкі, валанцёры заўтра зьбіраюцца падаць у пракуратуру заяву наконт нападаў і зьбіцьця некаторых абаронцаў Курапатаў, што адбываліся цягам апошніх тыдняў.

16 красавіка 2002

МІЛІЦЫЯ ЗЬНІШЧАЕ ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ

Стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну затрымалі абаронцаў Курапатаў.

Любоў Лунёва:

Сярод іх адна дзяўчына. Усіх адвезьлі ў дзяжурную частку. Міліцыянты зьнесьлі намёт і пачалі зьнішчаць лягер абаронцаў Курапатаў.

16 красавіка 2002

УВЕЧАРЫ МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎСІХ ВАЛАНЦЁРАЎ, ЯКІЯ НЕСЬЛІ ВАРТУ Ў КУРАПАТАХ

Міліцыянты зьнішчылі бел-чырвона-белы сьцяг, які некалькі тыдняў лунаў над лягерам.

Ягор Маёрчык:

У Курапаты вярнуўся Сяржук Высоцкі. Ад яго мы даведаліся апошнія навіны. Затрыманыя хлопцы знаходзяцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Мы таксама высьветлілі, што афіцыйныя асобы, якія адказваюць за рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, адмаўляюць той факт, што яны папрасілі міліцыянтаў аказаць нейкі ціск на валанцёраў у Курапатах Сёньня ў пракуратуру Менскага раёну была пададзеная скарга на дзеяньні міліцыянтаў, якія парушылі закон (што да затрыманьняў).

Зараз у намёце знаходзяцца блізу дзесяці чалавек. З палітыкаў толькі Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі. Астатнія – шараговыя людзі, некаторыя зь іх прыйшлі сюды пасьля таго, як пачулі ў этэры нашага радыё пра тое, што адбывалася тут некалькі гадзінаў таму. Яны прыйшлі выказаць сваю падтрымку і салідарнасьць. За гадзіны, што мінулі пасьля міліцэйскага налёту, людзі пасьпелі аднавіць флагшток, і над Курапатамі зноў узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг.

На ноч у Курапатах застануцца валанцёры, каб несьці вахту. Гэта новыя людзі, што прыйшлі дапамагчы, і тыя, каму пашчасьціла ня быць затрыманымі. Заўтра мусіць адбыцца прэсавая канфэрэнцыя на тэму сёньняшніх падзеяў. Людзі ў Курапатах зноў і зноў паўтараюць, што сёньняшнія падзеі – гэта дзікунства з боку ўладаў, і ўжо няма гаворкі пра нейкі кампраміс адносна пераносу намётаў Звонку ніякай дадатковай міліцэйскай аховы, новых сілаў ня бачна. Але людзі, што прыйшлі нядаўна з прыпынку грамадзкага транспарту, што на вуліцы Мірашнічэнкі, заўважылі некалькі машынаў зь людзьмі ў цывільным Дакладна невядома, ці выпадковыя гэтыя машыны.

16 красавіка 2002

АБАРОНЦЫ ПАДАЛІ ЗАЯВЫ Ў ПРАКУРАТУРУ

За рэканструкцыяй дарогі ля Курапатаў сёньня назіраў Вацлаў Нямковіч.

Ганна Соусь:

Сёньня я сустрэла ва ўрочышчы старшыню Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлава Нямковіча. Ён моцна ўражаны тым, як зьмяніліся Курапаты за амаль сем месяцаў будаўніцтва.

НЯМКОВІЧ: Уражаньні страшныя. Калі стаць вунь там на гары й паглядзець на гэтую шырокую пляху высечанага лесу, то гэта — самыя густыя яміны. Не зусім апраўданая гэткая вышыня дарогі, таму што там — пагорак, і яны павінны былі на ім зьняць які-небудзь мэтар, ня болей, і тут зьняць. Тады было б ніжэй, было б меней і работы, і зямлі.

Размаўляючы са спадаром Нямковічам, мы назіраем за рабочымі, што капаюць траншэю ля падземнага пераходу — тут будуць пракладзеныя высакавольтныя й тэлефонныя кабэлі для праваслаўнай капліцы, што будуецца цяпер на гары. Вацлаў Нямковіч мяркуе, што месца для падземнага пераходу было абрана вельмі няўдала.

НЯМКОВІЧ: Гэты пераход зрабілі ў самым балоце, у самым нізкім месцы, дзе вада стаіць. А з гэтага боку ён выходзіць на лясную палянку. Горш не прыдумаеш.

Вацлаў Нямковіч паказвае на некалькі дзясяткаў крыжоў, што ляжаць ля намёту валанцёраў — учора будаўнікі прыбралі іх з насыпу дарогі. Вацлаў Нямковіч працягвае:

— У мяне вельмі прыемнае ўражаньне, што людзі панесьлі крыжы ў Курапаты. І нясуць, нясуць, нясуць. Гэта сапраўды будзе людзкі мэмарыял. Месца тут дужа многа. Што сасна, то трэба крыж.

Ва ўрочышчы я засьпела сяброў руху «Зубар» з Барысава, якія вырашылі далучыцца да вахты памяці. Валанцёр Павал ужо ня першы раз прыяжджае сюды. Ён мяркуе, што крыжы, прыбраныя з насыпу дарогі, трэба будзе ўсталяваць у іншым месцы.

Сябры ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» падалі заявы ў пракуратуру Менскага раёну й Камітэт у бараць бе з арганізаванай злачыннасьцю ў сувязі з правакацыямі і зьбіваньнем валанцёраў. Тлумачыць Сяржук Высоцкі:

— Гэта для нас нейкі спосаб гарантаваць бясьпеку людзям. З другога боку, гэта перасьцярога ў тым пляне, што калі прыйдуць нейкія людзі й пачнуць гвалтоўныя дзеяньні, то нашыя дзеяньні павінны разглядацца як самаабарона й імкненьне дзейнічаць у рамках закону.

16 красавіка 2002

ЯК ЗАТРЫМЛІВАЛІ ВАЛАНЦЁРАЎ

А 19-й гадзіне вечара ў Курапаты прыехалі дзьве патрульныя міліцэйскія машыны.

Альгерд Невяроўскі:

З машынаў выйшлі высокія міліцэйскія чыны і накіраваліся ў намёт валанцёраў. Пра тое, што адбылося, распавядае сьведка Любоў Сакалоўская:

— У намёт увайшло міліцэйскае начальства з Савецкага РАУСу, яны былі ў цывільным, але я пэўна ведаю іх. Яны выгналі хлопцаў на вуліцу, абражалі іх, бамжамі абзывалі, выклікалі нейкую машыну, але я ўжо пабегла тэлефанаваць. Калі я прыйшла, хлопцаў ужо не было, і флагшток быў на зямлі. І сьцяга не было, напэўна яны сарвалі, бо дагэтуль сьцяг быў. Яны патрабавалі пасьведчаньняў ці пашпартоў і казалі, што мы вас забіраем для высьвятленьня асобы.

Нам стала вядома, што кіраваў гэтай апэрацыяй «праверкі пашпартоў» начальнік Савецкага райаддзелу міліцыі Менску спадар Бусло. Як вынік, міліцыянты затрымалі чацьвярых валанцёраў – Алеся Поклада, Васіля Парфянкова, Антона Шкурынскага і дзяўчыну Машу. Дзе цяпер затрыманыя – невядома. Дзяжурныя Савецкага райаддзелу міліцыі і найбліжэйшага да Курапатаў пастарунку міліцыі заявілі мне, што людзей з такімі прозьвішчамі з Курапатаў не прывозілі. Неўзабаве пасьля затрыманьня валанцёраў у Курапаты прыехалі актывісты палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў Вось як пракамэнтаваў затрыманьні Сяржук Высоцкі:

— Вельмі характэрна, што гэта адбылося менавіта сёньня, калі мы падалі заявы ў Камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і ў пракуратуру. Мы падалі заявы пра тыя сыстэматычныя правакацыі й зьбіцьці, што адбываліся тутака. Два хлопцы, якіх забралі, – яны напярэдадні выйшлі са шпіталю, іх зьбіў невядома хто. Так вось, сёньняшнія падзеі – адказ улады на тое, як яна ставіцца да сваіх грамадзянаў.

А вось меркаваньне актывіста БНФ Вячаслава Сіўчыка:

— Гэтую атаку можна было прадбачыць. Улады рабілі ўсё, каб выцесьніць адсюль валанцёраў, і тое, што сёньня яны правялі зачыстку, – гэта невыпадкова. Наступ на Курапаты працягваецца. У нашай краіне апошнім часам, на вялікі жаль, мала што адбываецца. Натуральна, курапацкая варта была ўладам як стрэмка ў воку, яна іх раздражняла – аж да самых вярхоў.

Месцы затрыманых валанцёраў у намёце сёньня ноччу зоймуць іхныя калегі.

17 красавіка 2002

ВАХТА ПАМЯЦІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Пасьля ночы ўтрыманьня ў гарадзкім аддзеле міліцыі Васіля Парфянкова й Алеся Поклада адвезьлі ў суд Савецкага раёну.

Ганна Соусь:

Валанцёраў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся й пагражалі міліцыянтам фізычнай расправай.

Першае, што я ўбачыла сёньня раніцай у Курапатах — гэта бел-чырвона-белы сьцяг ля намёту валанцёраў. Мінулую ноч ва ўрочышчы правялі пяцёра абаронцаў, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі. Дарэчы, у Сержука ўчора быў дзень народзінаў, але настрой зусім не сьвяточны з прычыны затрыманьняў сяброў ягонай партыі. Кажа Дзяніс Більдзюк:

— Усю ноч варту трымалі, чакалі, што будзе другі напад, можа, забіраць яшчэ нас будуць.

Учора ўвечары былі затрыманыя ня толькі Антось Шкурынскі, Алесь Поклад, Васіль Парфянкоў і Марыя Кантаўтайтэ. На падыходзе да лягеру міліцыянты затрымалі валанцёра Сержука Мацкойця.

МАЦКОЙЦЬ: Іду па насыпе. Да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным і паказваюць пасьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі. Я працягваю ваенны білет. Яны нават яго не разгарнулі, зводзяць мяне з насыпу й перадаюць супрацоўнікам службы аховы. Прывезьлі ў Савецкі райаддзел, службу аховы, там пратрымалі недзе паўтары гадзіны. Потым завалаклі ў пастарунак на вуліцы Кальцова. Там на мяне склалі пратакол за тое, што я знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі ў непрацоўны час, і таксама за парушэньне нейкага артыкулу Правіл дарожнага руху. Пасьля гэтага мяне выкінулі. Прайшло больш за тры гадзіны.

Cяржук Мацкойць адразу пасьля гэтага паехаў у Курапаты, узяўшы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, які валанцёры павесілі сёньня раніцай замест папярэдняга невялічкага штандару — падарунка фатографа Ўладзімера Кармілкіна. Прыкладна апоўдні стаў вядомы лёс Алеся Поклада й Васіля Парфянкова. Іх пратрымалі ноч і раніцу ў гарадзкім аддзеле міліцыі, потым склалі пратакол, а прыкладна а дванаццатай гадзіне адвезьлі ў суд Савецкага раёну. Валанцёры запатрабавалі адваката, і суд над імі быў перанесены на заўтра.

З суду абаронцы адразу ж прыехалі на прэсавую канфэрэнцыю, якая ладзілася з нагоды ўчорашніх падзеяў. Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў распавялі, што іх затрымліваў асабіста начальнiк Савецкага райаддзелу міліцыі Бусло, які, дарэчы, зараз афіцыйна ў адпачынку, і ягоны намесьнік Гуранкоў. Варта заўважыць, што тэрыторыя Курапатаў належыць да Менскага раёну, і таму незразумелы ўдзел гарадзкіх міліцыянтаў ва ўчорашніх падзеях Распавядае Алесь Поклад:

— Паводзілі сябе жорстка. Спыталіся, чаго ты сюды прыйшоў? Адказваю, што я тут жыву. Яны кажуць, што зараз зьменяць мне месца жыхарства. Потым былі выкрыкі. Ударылі Васіля па твары. Атрымаў ён таксама дубінкай. Калі прыехаў УАЗік, усім сказалі па адным выходзіць. Антось сказаў, што яму таксама па назе ўдарылі. Потым нас усіх завезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі. У мяне быў пашпарт з сабой, у Васіля — таксама. Па кампутары праверылі, усё было нармалёва. Потым нас звазілі ў наркалягічны дыспансэр. Далей нейкі міліцыянт забраў Антося й Машу й павёў некуды, а нам сказаў чакаць. Закінуў у пакой — мэтар на мэтар прыкладна...

Алесь Поклад пры гэтым адчуваў сябе вельмі кепска — у яго зламаная рука і вялікія апёкі на сьпіне, але гэтыя акалічнасьці міліцыянтаў не цікавілі. У выніку валанцёраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Тлумачыць Васіль Парфянкоў:

— У пратаколе запісана — аказвалі супраціў міліцыі, пагражалі фізычнай расправай і нецэнзурна лаяліся. Пры гэтым іх было восем здаровых ілбоў, а нас — дзяўчына й тры хлопцы, у аднога зь якіх страсеньне мозгу, у другога — сьпіна ў апёках і зламаная рука, у мяне вывіхнутая нага. І мы ім пагражалі фізычнай расправай...

Суд над Васілём Парфянковым і Алесем Покладам адбудзецца заўтра. Тым часам палітыкі занепакоеныя сытуацыяй вакол Курапатаў. Паводле актывіста Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка, улады ў хуткім часе паспрабуюць ізноў разагнаць лягер абаронцаў.

СІЎЧЫК: Наступным днём і наступнай ноччу ў Курапатах будуць нейкія падзеі. Бачна, што дзесьці наверсе рэжыму прынятае рашэньне зьліквідаваць лягер. Бачна, што гэта ня здолелі зрабіць нейкімі легальнымі шляхамі, таму будзе «беспредел». Адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі валанцёры Алесь >Поклад і Васіль Парфянкоў паехалі ў Курапаты — надалей >бараніць нацыянальны нэкропаль.

17 красавіка 2002

ДВУХ АБАРОНЦАЎ БУДУЦЬ СУДЗІЦЬ ЗАЎТРА

Затрыманую ўчора ў Курапатах 16-гадовую Марыю Кантаўтайтэ трымаюць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку для непаўнагадовых на вуліцы Акрэсьціна.

Любоў Лунёва:

Марыю пасьля сьмерці бацькоў прывёз зь Літвы да сябе ў Смалявіцкі раён ейны дзядуля. Адміністрацыя прыёмніка чакае брата Марыі, каб аддаць яму сястру пад подпіс. Антон Шкурынскі, грамадзянін Расеі, утрымліваецца ў асобнай камэры. Паколькі Антон ня мае пашпарту, ён можа правесьці 30 сутак у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна — для высьвятленьня асобы. Акрамя гэтага, супрацоўнікі прыёмніка будуць праводзіць праверку, ці не знаходзіцца Антон у крымінальным вышуку. Раней ён зьвяртаўся па дапамогу ў справе аднаўленьня згубленага пашпарту ў расейскую амбасаду, але, паводле ягоных словаў, атрымаў адмову. У амбасадзе нам адмовіліся даць інфармацыю на гэты конт. Васіля Парфянкова і Алеся Поклада, якіх міліцыянты абвінавачваюць у дробным хуліганстве, будуць судзіць заўтра ў Савецкім раённым судзе Менску.

17 красавіка 2002

РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ БАРАНІЦЬ КУРАПАТЫ

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да суродзічаў.

Спадарыня Сурвілла піша ў сваім звароце: «Няма таго дня, каб не прыйшла якая прыкрая зьвестка зь Беларусі. Найбольш цяжка ўспрымаць весткі пра злачынствы, зьдзек з усяго беларускага, нячэснасьць тых, хто нясе адказнасьць за долю нашага народу, за адсутнасьць свабоды, за страх, за нялюдзкія ўмовы жыцьця.

Апошняя вестка – арышт абаронцаў Курапатаў і нішчэньне іхнага лягеру. Што чакае цяпер маладых герояў? Што для іх прыдумаў «прэзыдэнт»? Адно ёсьць пэўнае: вялікае расчараваньне кожнага беларуса, які яшчэ верыў, што ён можа нейкім чынам нешта зьмяніць на лепшае ў жыцьці свайго народу.

Ня менш праймае аднак і сам факт перарваньня вахты. Бо ж гэта значыць, што ўлады будуць рабіць тое, што ім захочацца ў Курапатах, каб сьцерці зь людзкой памяці сотні тысяч ахвяраў сталінскага тэрору». Івонка Сурвілла зьвяртаецца да беларусаў: «Ідзеце бараніць хлапцоў і дзяўчат, якія на працягу шасьці месяцаў баранілі ня толькі магілы вашых дзядоў, але і ваш гонар, гонар беларускага народу. Памятайце, што зьдзек з гэтых маладых людзей – гэта зьдзек з нашай гістарычнай памяці, з нашага народу, з нашай беларускасьці. Мы ня можам быць пасіўнымі гледачамі гэтага зьдзеку».

17 красавіка 2002

БУДАЎНІКІ СПРАБАВАЛІ ЗААТАКАВАЦЬ МЭМАРЫЯЛ

Пры падтрымцы міліцыі яны пераступiлі мяжу мэмарыялу й папсавалі пляцоўку перад Крыжом Пакутаў. Экскаватар пакінуў тэрыторыю мэмарыялу толькі пасьля таго, як там зьявіліся актывісты грамадзкіх арганізацыяў і замежныя дыпляматы.

Альгерд Невяроўскі:

А палове пятай вечара на курапацкую пляцоўку побач з намётам заехаў экскаватар. У той час у лягеры знаходзіліся чатыры валанцёры, якія як маглі пратэставалі супраць уварваньня будаўнічай тэхнікі на тэрыторыю ўрочышча. Экскаватар езьдзіў каля галоўнага Курапацкага крыжа прыкладна паўгадзіны й пакінуў глыбокія каляіны на зямлі.За дзеяньнямі экскаватаршчыка з дарогі назіралі міліцыянты з Савецкага райаддзелу Менску, але дзеяньням ягоным не перашкаджалі.

Тэхніка пакінула галоўную курапацкую пляцоўку толькі пасьля таго, як ва ўрочышча прыехалі актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Гаворыць Алесь Чахольскі:

— Працягваецца зьнішчэньне Курапатаў. Ніякіх дамоваў з гэтымі ўладамі быць ня можа. Курапаты – гэта наша сьвятыня. Без усялякіх падставаў увялі тэхніку, хаця раней было катэгарычна заяўлена, што тэхнікі ў Курапатах быць не павінна. Відавочная яшчэ адна задумка ўладаў – падвесьці трубу пад Крыж Пакутаў і зрабіць тут балота. Хочуць прынізіць гонар беларуса, зноў зьдзекуюцца з ахвяраў, расстраляных расейскімі бальшавікамі ў гэтым лесе.

Абаронцы перакананыя, што і ўчорашняе затрыманьне >валанцёраў, і сёньняшні наступ будаўнічай тэхнікі перасьледуюць адну мэту – выдаліць з урочышча тых, хто перашкаджае пракладаць праз пляцоўку трубу вадаводу.

18 красавіка 2002

МАЯ КЛЯШТОРНАЯ ДАМАГАЕЦЦА СПЫНЕНЬНЯ БУДАЎНІЧЫХ РАБОТ

Яна кажа, што рашэньне аб заезьдзе будаўнічай тэхнікі на тэрыторыю мэмарыялу прынялі галоўны інжынэр гэтага ўчастку і прараб.

Ганна Соусь:

Сёньня раніцай у Курапатах Мая Кляшторная разам зь вядучым спэцыялістам Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам высьвятлялі, на якой падставе ўчора будаўнічая тэхніка заяжджала на пляцоўку каля Крыжа Пакутаў.

КЛЯШТОРНАЯ: Для таго, каб працягваць будаўнічыя работы па выхадзе з танэля, яны пазбавілі сябе магчымасьці зрабіць праезд уздоўж дарогі, таму што зрабілі ўжо адсыпку гэткіх тэрыконаў, якія маглі б быць і пазьней. Таму тут зрабілі разваротную пляцоўку на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Гэта проста нахабнае рашэньне. Яно было прынятае галоўным інжынэрам гэтага ўчастку й прарабам. І толькі таму, што няма распрацоўкі праекту, які б арганізоўваў гэтае будаўніцтва. Мы дамовіліся, што заезд будзе толькі з гэтага боку. Як яны будуць гэта вырашаць — гэта іхная справа, там спуск у іх ёсьць. А на пляцоўку ніякага заезду ня будзе.

Мая Кляшторная гаворыць пра неабходнасьць пабудовы дрэнажнай сыстэмы, бо цяпер з прычыны сьцёку вады забалочваецца пляцоўка паміж курапацкай шыльдай і Крыжом Пакутаў. Але ж выкананьню работаў перашкаджае намёт валанцёраў. Спадарыня Мая спрабуе пераканаць валанцёраў прыбраць намёт альбо перанесьці яго ў іншае месца.

КЛЯШТОРНАЯ: Будаўніцтва па ўпарадкаваньні ня мае тут страшных наступстваў. І таму, калі на 70—80 сантымэтраў будзе падсыпка, крыжам гэта ніяк не перашкодзіць. Што датычыць намёту, то лічу, што ўжо тут тэрмін знаходжаньня ў гэтым намёце, відаць, скончыўся. Калі людзі не зразумеюць, што толькі гэта й замінае таму, каб канчаткова прывесьці гэтую пляцоўку ў парадак, што ж — значыць адстаялі, добраўпарадкаваньня гэтай пляцоўкі не адбудзецца.

Мікола Дайнэга гэтаксама ўпэўнены, што ня варта замінаць добраўпарадкаваньню ўрочышча.

ДАЙНЭГА: Добраўпарадкаваньне, якое тут адбудзецца, было прадугледжанае яшчэ пры першым нашым узгадненьні з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук. Камітэт архітэктуры прапаноўваў «бэсэраўскай пліткай» выкласьці тэрыторыю пляцоўкі перад Крыжом Пакутаў. Але ж мы параіліся, і вырашылі, што ня трэба гэтага рабіць, трэба проста засеяць траўку, як гэта было, так і павінна застацца. А вось добраўпарадкаваньне трэба правесьці, і як мага хутчэй, бо бачыце — вада ўсё цячэ й цячэ...

Валанцёры, што былі сёньня ў лягеры, не супярэчылі аргумэнтам спадарыні Кляшторнай і спадара Дайнэгі. Гаворыць Дзяніс Більдзюк:

— Калі ўсё будзе нармалёва, то можна будзе намёт зьняць, калі скончацца ўсе працы. Тут да дрэнажу яшчэ далёка, я так разумею. А калі дарогу пакладуць, можна й дрэнаж пасьля.

Дзяніс кажа, што мінулую ноч у лягеры правялі пяць валанцёраў. Сытуацыя была больш-менш спакойная, толькі некалькі разоў увечары і ўначы прыяжджалі міліцыянты. Сёньня лягер наведаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Менскага раёну Ігар Зяневіч Ён высьвятляў акалічнасьці, зьвязаныя з папярэднімі нападамі й зьбіцьцём валанцёраў У размове зь ім высьветлілася наступнае: 15-мэтровая паласа ўздоўж дарогі належыць гораду, а ўсё, што далей — Менскаму раёну. Рашэньне пра гэта, паводле спадара Зяневіча, было прынятае сёлета напрыканцы лютага. Я нагадваю маёру міліцыі, што намёт валанцёраў знаходзіцца на тэрыторыі Менскага раёну, але ж пазаўчора менавіта ў ім затрымлівалі валанцёраў супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі.

ЗЯНЕВІЧ: Галоўнае, каб парадак быў, каб людзям было спакойна, каб яны маглі прыйсьці й адпачыць, і аддаць даніну памяці.

Ігар Зяневіч быў адным з тых, хто кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў у часе падзеяў 8—9 лістапада.

19 красавіка 2002

УЧОРА ЎНАЧЫ ЗГАРЭЎ НАМЁТ ВАЛАНЦЁРАЎ

Адзін з актывістаў Алесь Поклад атрымаў моцныя апёкі і цяпер знаходзіцца ў аддзяленьні рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Ганна Соусь:

Прыехаўшы раніцай у Курапаты, я ўбачыла асмаленыя рэшткі вайсковага намёту, які прастаяў ва ўрочышчы больш за пяць месяцаў — захавалася толькі «буржуйка» й мэталічныя прадметы. У валанцёраў Ірыны Вяткінай i Васіля Парфянкова твары былі ў сажы, яны разгублена стаялі побач з рэшткамі намёту. Распавядае Васіль:

— Уначы засталося толькі тры чалавекі, таму мы ня выставілі начную варту. Каля трох гадзінаў ночы прачнуліся ад дыму. Я адразу выскачыў з гасьніцай, пабачыў, што гарыць вось гэты вугал намёту, і полымя пераходзіць далей, на дах. Некалькі разоў зьбілі полымя гасьніцай, але яна скончылася. Пачалі шукаць Алеся, ён увечары лёг на адно месца, потым перавярнуўся, апынуўся на другім месцы. Мы падумалі, што ён выбег. Выбеглі з Ірынай на вуліцу й пачулі крыкі. Давялося парваць фортку, намёт і выцягнулі яго. Ён вельмі моцна абгарэў — шыя, рукі, ногі.

— Выклікалі міліцыю?

— Выклікалі. Адразу прыехалі міліцыянты, хвілін празь дзесяць. Потым прыехала «хуткая» праз 40 хвілінаў, потым пад’ехалі пажарныя. Ім засталося толькі вугольле заліць.

Працягвае Ірына Вяткіна:

— Прачнулася ад дыму. Штурханула Васіля, што гарым... Потым сядзелі ля намёту, калі Васіль успомніў, што там былі балёны з прапанам... Міліцыянты казалі, маўляў, вы самі падпалілі намёт.

Раніцай, даведаўшыся пра падпал намёту, у Курапаты адразу прыбег Сяржук Высоцкі, крыху пазьней прыехалі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Скочка ды іншыя актывісты Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Калі ўсе прыёмы аказаліся неэфэктыўнымі — ад пагрозаў, ад шантажу, розных зьбіваньняў, ад арыштаў, ад таго, што пачалі скрадаць людзей — цяпер вось да гэтага дайшлі. Ня трэба вялікай мужнасьці й вялікай падрыхтоўкі, каб падкрасьціся ўначы, трошкі лінуць на намёт і падпаліць яго.

Паводле Паўла Севярынца, гэтая акцыя адбылася невыпадкова менавіта зараз, бо да заканчэньня земляных работаў засталося зусім мала часу.

СЕВЯРЫНЕЦ: Варта ў Курапатах будзе працягвацца. У якой форме, мы гэта вырашым. І абавязкова знойдзем тых людзей, якія гэта зрабілі. Наконт гэтага няхай дараваньня не чакаюць. Тое, што робіцца — падпальваньне жывых людзей у намёце — так гітлераўцы рабілі падчас вайны. Так рабілі энкавэдэшнікі.

А вось меркаваньне Вячаслава Сіўчыка:

— Відавочна, што сам Лукашэнка ставіў задачу зьнішчыць мэмарыял, і гэтая трагедыя, якая адбылася сёньня пад раніцу — гэта ўжо заключны этап.

Я зьвярнулася ў Менскі раённы аддзел міліцыі, каб высьветліць пункт гледжаньня міліцыянтаў на гэтае здарэньне.

— Скажыце, калі ласка, ці ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі са спаленьнем намёту?

ДЗЯЖУРНЫ: Праводзіцца праверка, справа яшчэ не ўзбуджалася.

Варта заўважыць, што апошнімі днямі многім абаронцам Курапатаў пагражалі невядомыя асобы, якія называлі сябе арганізацыяй «Сумленьне Курапатаў». Яны патрабавалі, каб валанцёры сышлі з урочышча. Дарэчы, учора нехта, прадставіўшыся сябрам арганізацыі «Сумленьне Курапатаў», патэлефанаваў асабіста мне на мабільны тэлефон і папрасіў аб сустрэчы. Я дамовілася стэлэфанавацца пазьней, але больш званкоў не было.

Што да іншых вэрсіяў здарэньня. Валанцёры часам палілі ў намёце, пэўную небясьпеку ўяўляла і старая «буржуйка», якой ацяпляўся намёт. Раней было некалькі выпадкаў, калі ад іскраў «буржуйкі» запальваўся дах. Але гэта — толькі вэрсіі.

19 красавіка 2002

АЛЕСЬ ПОКЛАД — У РЭАНІМАЦЫІ

Найбольш пацярпелы ад падпалу намёту 24-гадовы Алесь Поклад з моцнымі апёкамі знаходзіцца ў рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Альгерд Невяроўскі:

Аляксандра Поклада прывезьлі сёньня ў апёкавы цэнтар Менскага шпіталю хуткай дапамогі прыкладна а пятай гадзіне раніцы і адразу ж зьмясьцілі ў рэанімацыйную палату інтэнсіўнай тэрапіі. Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру шпіталю Ўладзімер Дарафеенка:

— Пастаўлены папярэдні дыягназ — тэрмічная хвароба, тэрмічныя апёкі полымем (паводле словаў пацярпелага). Апёкі каля 15%. Пашкоджаныя твар, рукі, ногі. Каля 15% цела — апёкі 1, 2, 3 ступені. Дэталі глыбіні й плошчы апёкаў высьветляцца сёньня пасьля перавязкі.

— Уладзімер Міхайлавіч, наколькі сур’ёзныя гэтыя апёкі, і колькі часу Аляксандар можа прабыць у вас?

— Мне цяжка даваць прагнозы, бо ў кожнага хворага хвароба працякае па-свойму. Могуць быць знойдзеныя нейкія спадарожныя хваробы, могуць быць нейкія складанасьці. Пасьля сёньняшняй перавязкі пад наркозам мы ўбачым глыбіню й плошчу апёкаў. Пасьля гэтага зможам зрабіць нейкі папярэдні прагноз.

Загадчык апёкавага цэнтру, дзе ляжыць Аляксандар Поклад, аднак, прагназуе, што лячэньне пацярпелага зойме ня менш за тры тыдні. Уладзімер Дарафеенка не выключае, што Алесю спатрэбіцца перасадка скуры й пераліваньне крыві, але дадае, што пра гэта пакуль казаць рана. У шпіталі ёсьць усе неабходныя прэпараты для лячэньня Алеся Поклада, а таксама кроў для пераліваньня. У рэанімацыю да Поклада нікога не пускаюць, але паводле словаў Уладзімера Дарафеенкі, ягонаму жыцьцю нічога не пагражае.

ДАРАФЕЕНКА: Я не лічу гэты выпадак нейкім экстраардынарным, бо ў нашае аддзяленьне паступаюць вельмі цяжкія хворыя. У нас і цяпер ляжаць хворыя з апёкамі скуры плошчай на 50 і 70%. І перад, і пасьля апэрацыі. Таму гэты выпадак у сэнсе цяжкасьці лячэньня для нас не ўяўляе нечага асаблівага.

19 красавіка 2002

ЗША ЗАКЛІКАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ СПЫНІЦЬ ГВАЛТ У КУРАПАТАХ

Сёньня амбасада ЗША ў Беларусі выдала прэс-рэліз з нагоды нядаўніх падзеяў.

«Злучаныя Штаты моцна занепакоеныя нядаўнім гвалтам ва ўрочышчы Курапаты Учора невядомыя нападнікі падпалілі адзін з намётаў, у выніку моцныя апёкі атрымаў чалавек, які ў ім спаў, ён цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў крытычным стане», – адзначаецца ў прэсавым рэлізе У сёньняшнім прэсавым рэлізе амбасада ЗША ў Беларусі заклікае беларускія ўлады «правесьці вартае даверу расьсьледаваньне гэтага і другіх выпадкаў гвалту і зрабіць захады, каб прыцягнуць нападнікаў да адказнасьці і абараніць мірных удзельнікаў пратэсту».

20 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ ПРАЙШЛА ТАЛАКА

Ва ўрочышчы супольна працавалі некалькі дзясяткаў сяброў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Ганна Соусь:

У Курапатах на папялішчы ўсталяваны адмысловы жалобны звон. Фатограф Уладзімер Кармілкін стукае па ім.

КАРМІЛКІН: Курапатаўцы зрабілі свой жалобны звон з каструлькі. Тут, я лічу, курапацкая Хатынь.

Мы стаім разам над папялішчам і разьбіраем абсмаленыя рэшткі рэчаў валанцёраў. Сяржук Мацкойць пералічвае, што загінула ў полымі:

— У Васі згарэла выходная куртка са значкам БПС. У Ірыны Вяткінай пагарэлі амаль усе рэчы. А ў Антося Шкурынскага загінулі наагул усе рэчы. Згарэла таксама маё пасьведчаньне майстра спорту. Глядзіш на гэтае папялішча, пачынаеш разьбіраць і знаходзіш такія рэчы, як фотаапарат. Вось я трымаю на далоні бел-чырвона-белы значак, абгарэлыя ключы ад кватэры. Фактычна з усяго курапацкага абозу цэлай засталася толькі антэна, якую мы выкарыстоўвалі ў часе праслухоўваньня Радыё Свабода. Неверагодна, але застаўся цэлым наш інфармацыйны курапацкі стэнд.

Сяржук Мацкойць разам зь іншымі валанцёрамі правёў у Курапатах ноч. Ня спалі, сядзелі ля вогнішча й размаўлялі. На полі ўсю ноч стаяла міліцэйская машына. Разам з актывістамі ў Курапатах была Любоў Сакалоўская.

САКАЛОЎСКАЯ: Я вырашыла, што гэта для мяне важнейшае, чым тая акцыя на Якуба Коласа. Маё месца тут. Правяла ў Курапатах ноч, дапамагала моладзі. Хадзілі ў краму, кармілі іх, паілі гарбатай. Нас было дзевяць чалавек.

Мінулую ноч у Курапатах правёў і Павал Севярынец. Я >даводжу да яго апошнюю інфармацыю з прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацый, паводле якой >запаленьне намёту адбылося з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з полымем невядомымі асобамі. Павал >адказвае наступным чынам:

— Вэрсія, фактычна, адна. Гэта беларускія спэцслужбы. Мы паспрабуем высьветліць, чыімі рукамі. Гэта было зроблена адмыслова напярэдадні 19 красавіка, за 10 дзён да завяршэньня земляных работ, напярэдадні ўрачыстага завяршэньня вахты памяці.

— А вэрсію выпадковага запальваньня намёту вы выключаеце цалкам?

— Мы выключаем цалкам. Я быў напярэдадні ўвечары ў лягеры. Я бачыў, што печка была нераспаленая, таму што было дастаткова цёпла. Сьвечкі, якія мы прынесьлі, тушылі, як толькі клаліся спаць...

Паводле Паўла Севярынца, неўзабаве ў Курапатах будзе ўсталяваны новы намёт. Ужо расплянаваны графік дзяжурстваў ва ўрочышчы актывістаў Беларускай Партыі Свабоды й Маладога Фронту. У суботу з самай раніцы ва ўрочышча пачалі прыходзіць людзі на талаку. Спачатку абмяркоўвалася ідэя прыбраць рэшткі намёту, але потым вырашылі пачакаць. Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч:

— Папялішча можна будзе пакінуць, агарадзіць невысокім плотам, пакінуць найбольш уражальныя галавешкі, паставіць невялікі крыжык і невялічкую таблічку, што гэта азначае. Гэта ўсё ўвайшло б у Курапацкі комплекс.

На талаку ў Курапаты прыйшла Арына Вячорка разам з чатырохгадовай дачкой Ружанай.

АРЫНА: Курапаты для мяне — сьвятое, таму што майго дзеда Васіля, хаця й ня тут, расстралялі ў 1937 годзе. Я б хацела, каб тут была дошка, дзе можна было б разьмесьціць фотаздымкі й памятныя лісты пра родных, якія пацярпелі.

Разам з Арынай Вячоркай прыбіралі тэрыторыю ўрочышча сябры Кастрычніцкіх радаў Партыі БНФ і Таварыства Беларускай Мовы. Гаворыць Ян Грыб:

— Прыехалі пакланіцца, памаліцца, і карыстаючыся тым, што на дзяржаўным узроўні абвешчаны суботнік, мы таксама вырашылі тут папрацаваць.

Як ужо павялося, на талаку ў Курапаты прыйшлі сябры КХП БНФ. Сябра сойму партыі Пятро Шашкель паказвае на новыя крыжы, што былі загадзя прывезеныя ва ўрочышча.

ШАШКЕЛЬ: Штосуботу а дванаццатай гадзіне сябры нашай партыі прыходзяць сюды, каб усталёўваць чарговы раз крыжы. Учора было падрыхтавана сорак крыжоў, якія мы павінны тут усталяваць.

Я рухаюся далей у лес і бачу, як Уладзімер Кішкурна высякае хмызьняк.

КІШКУРНА: Сяку гальлё — сьляды лукашызму.

Васіль Парфянкоў на пажарышчы валанцёрскага намёту.

Ірына Вяткіна і Васіль Парфянкоў разьбіраюць рэшткі згарэлага намёту.

Айцец Леанід Акаловіч зь вернікамі ў Курапатах.

21 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ НОВЫЯ НАМЁТЫ

Месца згарэлага заўчора намёту абгароджанае. Побач зьявіліся два новыя, меншыя.

Валер Каліноўскі:

Сёньня апоўдні, калі я прыйшоў у Курапаты, абаронцы адбіваліся ад грубых слоўных нападак трох мужчын, гадоў па 30—35, на выгляд трэніраваных і каротка падстрыжаных. Яны прадставіліся мясцовымі жыхарамі, якім абаронцы мэмарыялу нібыта перашкаджаюць тут гуляць зь дзецьмі. Яны груба правакавалі і спрабавалі запалохаць абаронцаў. Даводзілі ім, што ўсё роўна тут пройдзе дарога, што крыжы тут не патрэбныя.

ГАЛАСЫ: Вот тут крест стоит, например… Это чья-то могила или что? Зачем он здесь стоит? Для чего его здесь поставили? Мне просто интересно. Те, кто здесь сидят. Они здесь сидят за деньги.

Відавочна было, што гэтая тройка зьявілася сюды невыпадкова. За 30 мэтраў за гэтым назіралі два міліцыянты. Але на хуліганскія выкрыкі і грубую лаянку незнаёмцаў яны прынцыпова не рэагавалі. Абышлося ўсё, відаць, таму, што ў лягер абаронцаў прыйшло даволі шмат людзей. Гэтак лічыць Вячаслаў Сіўчык.

СІЎЧЫК: Мне здаецца, я не магу гэтага сьцьвярджаць, але мне ўсё-такі здаецца, што гэта прадстаўнікі нейкіх сілавых структур.

Думку Вячаслава Сіўчыка падзяляе і Мікалай Рымараў, чалавек пэнсійнага ўзросту, які таксама сёньня прыйшоў у Курапаты.

РЫМАРАЎ: Гэта правакатары. Яны маглі і намёт падпаліць, і зьбіць хлопцаў. Чаго заўгодна можна ад іх чакаць.

Мікалай Рымараў асабіста пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. У валагодзкіх лягерах загінуў ягоны бацька Асон Рымараў, жыхар вёскі Сілівонаўка Жлобінскага раёну. Расстраляныя былі і браты спадара Рымарава, якія працавалі настаўнікамі.

РЫМАРАЎ: Я сюды ня першы раз прыходжу. Бо няма мне больш куды хадзіць. У такіх самых лясах, як гэты, пахаваны мой бацька, у Валагодзкай вобласьці, браты мае таксама ў лесе ляжаць.

Гэтай ноччу ў лягеры несьлі варту шэсьць валанцёраў. Гаворыць адна зь іх, Ірына:

— Ноч больш спакойная была. Увечары тут нейкія хлопчыкі зь дзяўчатамі ішлі, яўна зь пікніка, і адзін зь іх яўна парываўся сюды, на нашага хлапца кідаўся, абяцаў, што заўтра сюды прыйдуць. Крычаў, адзін ваш намёт спалілі, я і гэтыя спалю...

Людзі, якія сёньня гулялі побач, адмыслова падыходзілі да абаронцаў, каб выказаць сваю падтрымку. Самі абаронцы асэнсоўваюць пэрспэктывы сваёй доўгатэрміновай акцыі. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

— Я думаю, што вахта ўсё роўна працягнецца.

22 красавіка 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Суд над Васілём Парфянковым перанесены на 26 красавіка.

Ганна Соусь:

Раніцай у лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра — Сержука Мацкойця.

МАЦКОЙЦЬ: Начавала нас пяць чалавек. Ноч прайшла ціха, спакойна, без эксцэсаў. Адзінае што — пад раніцу згасла нашае «любімае» акенца на восьмым паверсе, трэцяе ад пачатку дому. У нас ёсьць падазрэньні, што менавіта з гэтага акна й назіраюць за абаронцамі. Яно пачало гарэць з самага пачатку варты… Адзінае, што сёньня данімала — гэта холад. У намёце спаць было практычна немагчыма. Сёньня чакаем актывізацыі будаўнікоў… Галоўнае, каб падыходзілі людзі, таму што, я гляджу, цікавасьць да гэтага месца паціху страчваецца. А людзі тут неабходныя для працы й начной варты.

Сяржук распавёў, што астатнія валанцёры накіраваліся ў суд, дзе на сёньня прызначаны разгляд справы Васіля Парфянкова. Ля суду Савецкага раёну поўна людзей — усе чакаюць, калі прывязуць удзельнікаў акцыі 19 красавіка, і таму ўвага да справы Васіля крыху меншая. Судзьдзя Руслан Казадаеў пераносіць разгляд справы на 26 красавіка. Сытуацыю тлумачыць адвакатка Вера Страмкоўская:

— Зараз справа адкладзеная, але, хутчэй за ўсё, яе перададуць у Менскі раённы суд.

Вера Страмкоўская паведаміла, што ў сувязі з усім гэтым зноў накіраваная скарга пракурору Менскай вобласьці. Далей я іду ў Менскі шпіталь хуткай дапамогі, каб высьветліць стан здароўя Алеся Поклада Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру Ўладзімер Дарафеенка:

— Стан здароўя — сярэдняй цяжкасьці. Сёньня была перавязка. Застаецца ўсё тое ж — 15% агульнай плошчы, 1, 2 і 3 ступень апёкаў. Адчувае сябе нядрэнна.

— Колькі часу ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі?

— Прагнозы можа даць, напэўна, толькі Гасподзь Бог. Мінімум — тры тыдні, а можа й больш.

Сёньня ж Васіль Парфянкоў і Сяржук Высоцкі наведалі пацярпелага сябра ў шпіталі. Прынесьлі яму сокаў і адмысловую трубачку, каб піць, бо сам Алесь Поклад яшчэ ня ў стане самастойна харчавацца. Валанцёры напісалі Алесю запіску са словамі падтрымкі. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Калі я пайшоў перадаваць гэтую паперу, ён спытаў: «Як вы? Як Ірына?» Я яму адказаў, што ўсё добра, лепш клапаціся пра сябе, а не пра нас, і хутчэй папраўляйся.

ВЫСОЦКІ: Відавочна, што патрэбныя грошы, каб забясьпечыць нармальны догляд Алесю, для таго, каб потым забясьпечыць лекі. Мы вымушаныя зараз зьвярнуцца з тым, каб цэнтралізавана распачаць збор сродкаў менавіта на дапамогу Алесю Покладу.

23 красавіка 2002

УНАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЗНОЎ ЗЬЯВІЛІСЯ НЕВЯДОМЫЯ

Яны хадзілі каля лягеру, а калі да іх спрабаваў наблізіцца адзін з валанцёраў — уцяклі.

Альгерд Невяроўскі:

Ад самай раніцы на курапацкім участку дарогі працаваў бульдозэр, які рабіў канчатковы дарожны насып. Крыжы, што стаялі пад гэтым насыпам, валанцёры выкапалі, каб паставіць іх у іншым месцы ўрочышча. Дарожныя рабочыя гавораць, што зробяць насып хутка й ахайна, не пашкодзіўшы іншых крыжоў, бо атрымалі ад начальства такі загад.

У лягеры зараз стаяць два маленькія намёты, валанцёры маюць цёплыя коўдры ды спальны мех. Але бальшыня абаронцаў ня сьпіць усю ноч — грэюцца каля вогнішча й вартуюць лягер. Пасьля нядаўняга падпалу намёту валанцёры не дазваляюць сабе расслабіцца. Сёньняшняй начы ў Курапатах знаходзіліся Яўген Скочка, Ірына Вяткіна, Васіль Парфянкоў і Сяргей Мацкойць. Учора ў Курапаты нечакана прыехала вялікая дэлегацыя польскіх турыстаў. Распавядае Васіль Парфянкоў:

— Яны езьдзілі ў Хатынь, і сюды заехалі. Іх жанчына прывезла, дык казала, што такія экскурсіі будуць сюды заяжджаць кожны тыдзень. Тут такая сымбалічная скрыня на лекаваньне Алеся Поклада, грошаў трохі туды накідалі. Яны былі вельмі абураныя тым, што тут робіцца. Казалі, што нельга тут будаваць дарогу.

Турысты паставілі зьнічы каля крыжоў, сярод якіх ёсьць і польскі. А сёньня ўначы каля гэтых крыжоў зьявіліся невядомыя Распавядае Сяргей Мацкойць:

— Сёньня, недзе а 4-й гадзіне мы зь Яўгенам заўважылі, што загарэліся зьнічы. Я пайшоў паглядзець. Не дайшоўшы да польскага крыжа мэтраў 70—80, я заўважыў постаць, якая хуткім крокам спрабавала сысьці. Калі я крыкнуў: «Хто ў лесе?» — пачуў крокі яшчэ аднаго чалавека. Я зразумеў, што гэта былі добра падрыхтаваныя людзі ў камуфляжнай вопратцы, бо іх амаль не было відаць. На пяску каля польскага крыжа й на дарозе засталіся адбіткі вайсковых ботаў з надпісам «Otika».

Іншыя валанцёры таксама лічаць, што, хутчэй за ўсё, такім чынам спэцслужбы выпрабоўваюць іхныя нэрвы. Бо навошта было б хавацца людзям, якія нічога не зрабілі, а проста запалілі зьнічы на магілах? Сёньня раніцай абаронцы зьбіралі ў лесе дровы для вогнішча на наступную ноч. Старшы ў лягеры Яўген Скочка знайшоў вырытыя з магілаў чалавечыя косткі. Гаворыць Яўген Скочка:

— Гэтыя косткі — фрагмэнт тазу чалавека... бярцовая костка, ключыца, два пазванкі, рэбры. Яшчэ ёсьць фрагмэнты костак, ня можам разабрацца якія. Яны валяюцца па паверхні. Бачна, што людзі, якія ходзяць на талокі, добраўпарадкоўваюць, ня ведаю, ці яны знаходзяць, але ў сьмецьці ня бачна костак. Калі знаходзяць косткі, то іх трэба зносіць у лягер.

Валанцёры лічаць, што ўсе курапацкія магілы павінны быць умацаваныя, а знойдзеныя косткі — урачыста перазахаваныя.

24 красавіка 2002

СПОЎНІЛАСЯ СЕМ МЕСЯЦАЎ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Сёньня адбылося перазахаваньне чалавечых парэшткаў, што былі знойдзеныя ў Курапацкім лесе.

Ганна Соусь:

За сем месяцаў вахты валанцёрам давялося шмат выцерпець — амонаўскія дубінкі й зімовую сьцюжу, падпал намёту й міліцэйскія пастарункі, галодныя дні й абыякавасьць часткі грамадзтва да іхнай справы. Цяпер наступае апошні этап у вартаваньні Курапатаў — да заканчэньня земляных работаў на кальцавой дарозе засталося менш за месяц. І менавіта цяпер ва ўрочышчы былі знойдзены чалавечыя парэшткі — сьведчаньне даўніх злачынстваў. Разам зь Сержуком Мацкойцем я іду ў лес, мэтраў з дваццаць ад прасекі, далей за каталіцкі крыж.

МАЦКОЙЦЬ: Вось мы зараз амаль на тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя косткі. Гэта чэрап зь дзьвюма ўваходнымі кулявымі адтулінамі. Яго знайшоў спадар Юхо. Астатнія косткі былі знойдзеныя мной і Яўгенам Скочкам. Яны не былі нічым прысыпаныя. Мы іх сабралі менавіта на гэтым пятачку літаральна за некалькі гадзінаў.

— Чаму ж яны не былі знойдзеныя ў часе талокаў, бо тут людзі хадзілі, высякалі хмыз?..

— Справа ў тым, што чалавеку недасьведчанаму вельмі складана пазнаць косткі. Яны вельмі падобныя да галінак, і таму проста маглі іх не заўважыць. Па-другое, цалкам верагодна, што гэтыя косткі зьявіліся пасьля раскопак так званых «чорных археолягаў». І трэцяе, таксама верагодна, што гэтыя косткі проста вымывае дажджом.

Мінулую ноч у лягеры правялі шэсьць валанцёраў — Сяржук Мацкойць, Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Яўген

Скочка, Вячаслаў Сіўчык і Васіль Парфянкоў. У Курапаты працягваюць ісьці людзі. Сёньня ўрочышча наведаў расеец Уладзімер Селанцеў разам з жонкай.

СЕЛАНЦЕЎ: З Курапатамі... увогуле, у мяне тут нікога няма, але ж зьвязвае гісторыя. Яна нікому не даецца ў запас, яна пачынае ізноў паўтарацца.

25 красавіка 2002

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ

Валанцёры плянуюць заставацца ва ўрочышчы да заканчэньня будаўнічых работ.

Ганна Соусь:

Участак дарогі ля Курапатаў падрыхтаваны для ўкладкі асфальту. А ў лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра — Васіля Парфянкова.

ПАРФЯНКОЎ: Ноч прайшла спакойна. Міліцыя ў лесе стаяла, было пяць чалавек міліцыянтаў. Нас начавала шэсьць чалавек. Было ціха, спаць у намёце зараз нармалёва.

Пакуль мы гаворым, у лягер падыходзіць сяржант зь Менскага райаддзелу міліцыі. Ён — адзін з тых, хто дзяжурыць ля ўрочышча. Міліцыянт распытвае нас пра Курапаты й вахту памяці, а пасьля скардзіцца, што яму ўжо на тры тыдні затрымліваюць выплату заробку. Уладзімер Юхо браў удзел ва ўчорашнім перазахаваньні чалавечых парэшткаў, знойдзеных у Курапацкім лесе:

ЮХО: Паклалі парэшткі разам у чыстую прасьціну. Адбылася маленькая імша па загінулых, і па гэтым чалавеку, які быў ахвярай НКВД. Захавалі на глыбіню прыкладна 1,5 мэтра з усімі пашанамі ў тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя парэшткі.

Сёньня Курапаты наведаў Сяргей Шынкевіч з Партыі БНФ.

ШЫНКЕВІЧ: Мае дзяды не па прамой лініі былі зьнішчаныя бальшавікамі, раскулачаныя. Зь дзьвюх вялікіх сем’яў выжыла толькі адна дзяўчынка. Усе загінулі, я ня ўпэўнены, што ў Курапатах, можа ў Сыбіру ў месцы такога кшталту, як Курапаты. Мы людзі ўсё ж, ня быдла, павінны па-людзку ставіцца да сваіх продкаў, да сваёй мінуўшчыны, каб гэта не паўтарылася ў будучыні.

Сёньня ж я патэлефанавала намесьніку начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Менскага раёну Ігару Зяневічу. Ён кажа, што крымінальная справа з прычыны пажару ў намёце не заведзеная. Спадар Зяневіч схіляецца да вэрсіі неасьцярожнага абыходжаньня з агнём. А ў прэсавай службе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў мне паведамілі, што прычына ўзгараньня намёту — парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі пры карыстаньні газавым прымусам.

26 красавіка 2002

АБАРОНЦЫ БЯРУЦЬ УДЗЕЛ У ЧАРНОБЫЛЬСКІМ ШЛЯХУ

Cярод іх — ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС Сяржук Мацкойць.

Ганна Соусь:

Мінулую ноч у лягеры абаронцаў было сем валанцёраў. Сяржук Мацкойць кажа, што з самай раніцы зьявіліся наведнікі.

МАЦКОЙЦЬ: Да нас падышоў міліцыянт, якога накіравалі сюды на пост. Сам ён — участковы з Мачулішчаў. Мы зь ім прайшліся, паразмаўлялі. Відаць, што чалавек упершыню ў Курапатах і ўспрымае блізка да сэрца ўсё тое, што тут адбылося. Можна сказаць, сапраўдны супрацоўнік міліцыі, а ня тыя мянты, якія звычайна нас сустракаюць на акцыях. Прыехалі сёньня муж з жонкай з Глыбокага. Замацавалі абразок і бел-чырвона-белы сьцяжок на дрэве.

Для Сержука Мацкойця 26 красавіка — сумная гадавіна, бо шаснаццаць гадоў таму пятнаццацігадовым падлеткам, прыпісаўшы сабе адзін год, ён паехаў на Чарнобыльскую электрастанцыю.

МАЦКОЙЦЬ: На трэці дзень пасьля аварыі я апынуўся сярод ліквідатараў. Як там жартавалі, ёсьць тры варыянты дурняў — круглы дурань, квадратны дурань і добраахвотнік. Вось я быў у трэцяй катэгорыі. Амаль месяц я там прабыў, атрымаў артыкул 18. Але ж мне давялося кінуць гэтае пасьведчаньне тут у Менску пасьля таго, як даведаўся, што ліквідатарам №1 у Саюзе ліквідатараў стала небезьвядомая фігура Аляксандра Лукашэнкі. Зараз я ўваходжу ва ўкраінскую Раду ліквідатараў «Зныч».

Сяржук Мацкойць узгадвае падзеі шаснаццацігадавой даўніны:

— У асноўным я працаваў як дазымэтрыст. Праверка радыяцыі на КПП, праверка радыяцыі ў самім горадзе Славуцічы і высьвятленьне ачагоў найбольшага выпраменьваньня з наступнай іх ліквідацыяй. Чарнобыльскі шлях — гэта сумная гадавіна, кожны год я бяру ўдзел у гэтай акцыі.

Сёньня будаўнікі капалі траншэю ля падземнага пераходу для падпорнай сьценкі. Раней плянавалася, што гэта будзе рабіцца пры дапамозе тэхнікі, але ўрэшце было прынятае рашэньне выкапаць траншэю рыдлёўкамі, бо нельга, каб на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці працавала будаўнічая тэхніка. Гаворыць будаўнік Васіль:

— Капаем траншэю. Няма экскаватара, тым больш, што тут вада, усё затопіць, трэба хутка рабіць. Сёньня зробім.

Сёньня меўся адбыцца суд над валанцёрам Васілём Парфянковым. Але чарговы раз суд быў перанесены — на 16 траўня. Цяпер справу Васіля і Алеся Поклада будзе разглядаць суд Менскага раёну. Што да стану здароўя апошняга, то, паводле дзяжурнага лекара апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі, ён па-ранейшаму цяжкі. Алесь дагэтуль застаецца ў рэанімацыі.

27 красавіка 2002

У КУРАПАТАХ — ЧАРГОВАЯ ТАЛАКА

Раніцай тут сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. Людзі выкарчоўвалі хмызьняк.

Любоў Лунёва:

Некалькі чалавек усталёўвалі крыжы. Уладзімер Юхо з Валерыем Буйвалам рыхтавалі крыжы ўздоўж дарогі, каб іх пафарбаваць. Уладзімер Кішкурна працаваў сякерай.

КІШКУРНА: У мяне тут расстраляныя два дзядзькі. Адзін у 1937 годзе, а другі ў 1938-м. Праз тры дні. Там шыльдачка і крыж... Мы выкарчоўваем гэтыя кусты, бо яны тут усё запаланілі — не прайсьці, нічога не відаць. Тут будзе прыгожа. Можна будзе прыйсьці, памянуць сваіх продкаў, а не хавацца. Вунь некалькі купак па дзесяць чалавек. Сядзяць, п’юць, вогнішчы на магілах. Побач зь імі міліцыя. Яна правярае нас, не дазваляе нам тут знаходзіцца, а гэтым кажа: «Гуляйце, хлопцы». Ну, гэта ж браты па розуму.

Тут адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

КАВАЛЕЦ: Мы прыходзім сюды, каб уладкаваць гэтае месца, каб паставіць крыжы на тых месцах, якія зьяўляюцца пахаваньнямі. Тут багата ляжыць людзей, якія палеглі як патрыёты Беларусі.

Мікалай Стоцiк, мужчына вельмі сталага веку, разам з >Анатолем Крываротам усталёўвае крыж.

СТОЦIК: Я прынес крыжы, каб ушанаваць памяць загінулых ад бальшавіцка-камуністычнай улады. З майго роду шмат людзей пацярпелі ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў. І з матчынага, і з бацькавага. Амаль нікога не знайшоў... Толькі ведаю, дзе мая сястра ляжыць. Каля ракі Ула.

Людзі разьлічваюць да Радаўніцы правесьці яшчэ дзьве талакі, каб прыбраць тэрыторыю народнага мэмарыялу ад хмызьняку й сьмецьця.

28 красавіка 2002

ВАЛАНЦЁРАЎ ВЫКЛІКАЛІ Ў МІЛІЦЫЮ

У іх узялі паказаньні пра напады на лягер абаронцаў урочышча.

Альгерд Невяроўскі:

Прычынай сёньняшняга выкліку валанцёраў у пастарунак сталі іхныя нядаўнія заявы ў міліцыю і пракуратуру. Абаронцы патрабуюць, каб было распачатае сьледзтва па фактах нападаў на іх. На думку Сержука Высоцкага, сёньняшнія допыты істотна адрозьніваюцца ад таго, на які два дні таму яго выклікалі ў міліцыю Савецкага раёну. Бо тых сьледчых найперш цікавілі не акалічнасьці падпалу намёту і нападу на валанцёраў, а чаму Высоцкі стварыў незарэгістраваную партыю.

Апошнім часам істотна пагоршыўся стан здароўя Алеся Поклада. Ён у цяжкім стане па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні.

Раніцай, калі Сержука Высоцкага і ягоных сяброў выклікалі ў міліцыю, у лягеры заставаўся толькі адзін валанцёр, Уладзімер Сас. Пад праліўным дажджом спадар Сас спрабаваў падтрымліваць агонь у вогнішчы, накрыўшы яго вялікім кавалкам бляхі. Уладімер гаворыць, што ноч была досыць цяжкай для пяці валанцёраў з прычыны кепскага надвор’я. Валанцёры заклікаюць усіх пазычыць ім плашчы-накідкі ці цырату, каб вартавыя мелі магчымасьць схавацца ад дажджу, не адыходзячы ад вогнішча.

29 красавіка 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ПАТРЭБНАЯ ДОНАРСКАЯ КРОЎ

Абаронцу Курапатаў 24-гадоваму Алесю Покладу, які ўжо адзінаццаты дзень знаходзіцца ў рэанімацыі, тэрмінова патрэбная донарская кроў.

Ганна Соусь:

Як паведаміла лекарка Дыяна Сіротава, стан Алеся паранейшаму цяжкі, дагэтуль захоўваецца высокая тэмпэратура, штодзень яму пераліваюць плязму. Заўтра Алесю будзе зробленая апэрацыя нэкратаміі, гэта значыць — прыбіраньне нэкратычных тканак. Паводле лекаркі, Алесю патрэбная кроў ня менш як 15 донараў. Сябры Беларускай Партыі Свабоды й Маладога Фронту зьвяртаюцца да прафэсійных донараў ды іншых людзей з заклікам дапамагчы Алесю Сярод актывістаў гэтых арганізацыяў ужо знайшлося некалькі чалавек, гатовых здаць сваю кроў.

Донары павінны быць паўнагадовыя, мець менскую прапіску, даведку пра флюараграфію за апошнія паўгода, даведку пра стан здароўя, узятую ў тэрапэўта ў паліклініцы па месцы жыхарства з указаньнем хваробаў за апошні год Група крыві можа быць любая. Кроў прымаюць у шпіталі хуткай дапамогі на першым паверсе ў аддзяленьні пераліваньня крыві з 8.30 да 11.30.

29 красавіка 2002

ВАЛЯНЦІНА ТРЫГУБОВІЧ: МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫЯ ПАВІННА ІСЬЦІ ПАКРОКАВА

Старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская пэрспэктыва» Валянціна Трыгубовіч падкрэсьлівае, што галоўнае, каб мэмарыялізацыя была даведзеная да лягічнага завяршэньня.

Ганна Соусь:

Улетку мінулага году ў бюлетэні грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская пэрспэктыва» былі надрукаваныя ўспаміны ўдзельнікаў самага першага мітынгу ў Курапатах. Паводле Валянціны Трыгубовіч, гэта было прадчуваньне таго, што неўзабаве Курапаты ізноў стануць гарачай тэмай для грамадзкасьці.

Мастацтвазнаўца спадарыня Трыгубовіч разам зь іншымі актывістамі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў. Цяпер канцэпцыя, падпісаная прадстаўнікамі 14 грамадзкіх аб’яднаньняў, дасланая ў Савет міністраў. Тым часам сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (дарэчы, партыя не падпісала канцэпцыю) працягваюць на талоках усталёўваць уздоўж прасекі крыжы.

ТРЫГУБОВІЧ: Мы ўвесь час зыходзілі з таго, што ў Курапатах пахаваныя хрысьціяне, мусульмане, юдэі й атэісты. Гаворка ў мэмарыяльным пляне ідзе пра тое, каб ушанаваць памяць менавіта ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. І тут трэба знайсьці нейкі адэкватны мастацкі вобраз. На сёньняшні дзень ніхто з нас ня можа сказаць канкрэтна, як гэты вобраз павінен выглядаць. Але пэўная частка людзей ужо для сябе рашэньне прыняла — яны дружна засяляюць Курапаты крыжамі, і такім чынам як бы манапалізуюць права хрысьціянаў на гэтую тэрыторыю. Як мы ні спрабуем завязаць кантакты зь юдэйскай, мусульманскай абшчынай, яны не далучаюцца да гэтай справы, менавіта праз гэтую агрэсіўную такую хрысьціянскую забудову. Патрэбны далейшы дыялёг. Я не лічу, што тое, што робіцца цяпер у Курапатах, ёсьць найлепшым выйсьцем. Устаноўка крыжоў уздоўж прасекі, так бы мовіць, явачным парадкам, гэта таксама праява таталітарызму.

Валянціна Трыгубовіч схіляецца да пакрокавых дзеяньняў у мэмарыялізацыі Курапатаў:

— Канцэпцыя гатовая, яна накіраваная ў Савет міністраў.

Мы чакаем кроку зь іх боку. У свой час грамадзкасьць накіравала шэраг лістоў у пракуратуру, і мы атрымалі адказы. Нішто не праходзіць бясьсьледна. Зьвярну вашую ўвагу нават на выступ Лукашэнкі перад парлямэнтарамі. Ён сказаў: «Там пахаваныя людзі». Ня ворагі народу. Гэта значыць, што нават зь яго боку ўжо зроблены нейкі крок наперад. Каб не было гэтага змаганьня за Курапаты, каб не стаялі там маладыя валанцёры, каб ня стукаліся нашыя актывісты ва ўсе чыноўніцкія дзьверы, нават гэтага мы б сёньня ня чулі.

Але ж галоўнае, паводле Валянціны Трыгубовіч, каб справа мэмарыялізацыі Курапатаў была даведзеная да лягічнага завяршэньня:

— Калі справа не даведзеная да канца, яна вяртаецца, і кожны раз абрастае нейкімі праблемамі, крыўдамі, і рабіць яе цяжэй. Таму для сябе й іншых хочацца паставіць такое пытаньне. Калі што-небудзь пачынаеш, ці трэба даводзіць гэта да лягічнага завяршэньня? На вялікі жаль, мы яшчэ гэтага ня ўмеем рабіць.

30 красавіка 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ЗРАБІЛІ АПЭРАЦЫЮ

Трое донараў ужо здалі кроў для пацярпелага ад апёкаў валанцёра.

Ганна Соусь:

Лекар апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі Валянцін Машэль ахарактарызаваў стан Алеся Поклада як цяжкі й кампэнсаваны. Сёньня Алесю зрабілі апэрыцыю нэкратаміі — прыбралі нэкратычны струп. Паводле Валянціна Машэля, ужо сёньня да іх прыходзілі донары здаваць кроў для Алеся.

МАШЭЛЬ: Прыходзілі тры чалавекі. Маці Алеся кажа, што прыйдуць яшчэ людзі, бо яны цяпер афармляюць даведкі ў паліклініках. Толькі нам ня трэба, каб сюды ішлі натоўпам. Трэба тры-чатыры чалавекі штодзень.

Валянцін Машэль запэўніў, што ампутацыя Алесю не пагражае.

МАШЭЛЬ: Паклалі яго на добры францускі ложак. Прыбралі струп, зараз раны будуць падсыхаць, інтаксыкацыя паменшыцца, будзе крыху лягчэй. Хутчэй за ўсё, спатрэбіцца перасадка скуры.

Цяпер да падзеяў у Курапатах. Сёньня раніцай я засьпела ва ўрочышчы валанцёра Віталя Апета з Крупак. Ён распавёў, што мінулую ноч у лягеры правялі тры актывісты. Віталь ужо ня першы раз прыяжджае на дзяжурства ў Курапаты.

АПЕТ: З Крупак сюды на пару дзён прыяжджаў яшчэ Аляксей Сарока.

Будаўнікі цяпер працуюць над узьвядзеньнем падпорнай сьценкi. Пакрысе завяршаецца й будаўніцтва падземнага пераходу. Будаўнік Ігар ня можа дакладна сказаць, калі завершацца працы, бо ўсё залежыць ад таго, як хутка ім падвозяць будаўнічыя матэрыялы. Спадар Ігар з павагай ставіцца да валанцёрскай вахты.

ІГАР: Раней ведалі па чутках, але цяпер убачылі, што тут людзі былі забітыя, расстраляныя. Мы ўвесь час ходзім праз гэты лес да нашых бытовак...

Будаўнік Уладзімер зь менскага будаўнічага трэсту №1 упэўнены, што ў Курапатах нарэшце будзе ўзьведзены мэмарыял, і ягонае стварэньне пачынаецца з мастацкага афармленьня падземнага пераходу.

УЛАДЗІМЕР: Сьценку гэтую робяць мэмарыяльную, як на Нямізе. Цалкам бэтон зь зялёным адценьнем і гранітныя ўстаўкі будуць. Гэтак сама й з другога боку. І думаю, што паставяць і помнік, калі ўжо ўсе працы скончацца.

1 траўня 2002

АКТЫВІСТЫ БСДП ПРЫБРАЛІ ТЭРЫТОРЫЮ Ў КУРАПАТАХ

Гэткім чынам яны адзначылі 1 траўня — Дзень працы.

Ганна Соусь:

Сёньня некалькі дзясяткаў сяброў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі працавалі ў Курапатах Гаворыць актывіст партыі археоляг Міхась Чарняўскі:

— Гэта нашая памяць, гэта нашая пакута. Гэта адзінае, што нас зьвязвае (а мала што зьвязвае), як народ у нацыю.

Аляксей Кароль й Павал Знавец высякаюць хмызьняк на магілах. Спадар Кароль тлумачыць, чаму актывісты ягонай партыі вырашылі сёньня папрацаваць у Курапатах:

— Зыходзячы з магчымасьцяў і з нашай памяці й нашай віны перад тымі, хто калісьці быў рэпрэсаваны рэжымам, мы вырашылі прыйсьці сюды й крыху папрацаваць. Гэтаксама гэта даніна павагі да тых, хто трымае тут вахту больш за сем месяцаў. Сапраўды, каб іх тут не было, я думаю, што не было б ужо паловы гэтага ўрочышча.

Павал Знавец:

— Тут расстраляныя дзясяткі тысяч людзей, і мы вось сячэм хмызьняк, ходзім па касьцях нявінна забітых. Трэба хоць нейкі парадак тут захоўваць. Замест мітынгаў і маёвак у нас працоўная маёўка, як у сапраўдных сацыял-дэмакратаў.

Мінулую ноч у Курапатах правялі чацьвёра валанцёраў. >Гаворыць адзін зь іх, Уладзімер Сас:

— Ноч прайшла даволі трывожна, нейкія гукі чуліся ў лесе. Мы былі ўвесь час насьцярожаныя.

Уладзімер Сас распавёў, што пасьля таго, як яны падалі заяву ў пракуратуру з прычыны нядаўніх нападаў на валанцёраў, да іх адмыслова быў прыстаўлены міліцыянт. Сёньня, калі да валанцёраў пачаў чапляцца п’яны будаўнік, гэты міліцыянт загадаў яму пакінуць урочышча.

2 траўня 2002

АЛЕСЬ ПОКЛАД ДАГЭТУЛЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў РЭАНІМАЦЫІ

Стан абаронцы па-ранейшаму цяжкі.

Ганна Соусь:

Спачатку я завітала ў аддзяленьне пераліваньня крыві Менскага шпіталю хуткай дапамогі. Лекары кажуць, што сёньня ўжо адзін чалавек здаў сваю кроў для Поклада. На трэцім паверсе шпіталю, у апёкавым цэнтры Алесем апякуецца лекар-рэаніматоляг Валянцін Машэль.

МАШЭЛЬ: На гэты момант ягоны стан цяжкі, стабільны. Невялікая тэндэнцыя да паляпшэньня. Далейшы прагноз рабіць пакуль складана. Праляжыць ён тут даволі доўга. Спатрэбіцца перасадка скуры, пераліваньне крыві, плязмы. Мы прасілі, каб прыходзілі хаця б тры донары штодзень, каб здалі кроў чалавек дваццаць пяць. На дадзены момант нашыя заяўкі на кроў для Поклада цалкам выконваюцца.

У палаце разам з Алесем яшчэ тры чалавекі. Алесь адчуваў сябе дрэнна й нават ня здолеў пагаварыць са мной. Побач зь ягоным ложкам сядзела сястра. Апошнім часам яна альбо маці ўвесь час разам зь ім. Сястра Алеся Поклада адмовілася размаўляць са мной, спаслаўшыся на тое, што цяпер у іхнай сям’і складаны пэрыяд, і яны ня хочуць публічнасьці.

Сыходзячы з апёкавага цэнтру, я сустрэла лідэра БПС Сержука Высоцкага, ён ішоў наведаць Алеся.

ВЫСОЦКІ: Зьбіраюся пагаварыць з загадчыкам аддзяленьня, таму што Алесю трэба дапамагаць. Знайшоўся, я лічу, вельмі высакародны чалавек — Генадзь Грушавы, які кажа, што можа дапамагчы перавесьці Алеся ў платнае аддзяленьне, каб палепшыўся догляд.

Сяржук Высоцкі надоечы хацеў сам здаць кроў для Алеся Поклада, але высьветлілася, што гэта немагчыма, бо калісьці ён перанес хваробу Боткіна.

ВЫСОЦКІ: Ня так мала людзей, якія хочуць здаць кроў, тэлефануюць мне нашыя сябры й прыхільнікі зь іншых беларускіх арганізацыяў, найперш Маладога Фронту. Але многія людзі, што прыходзяць, перахварэлі на нейкія інфэкцыйныя захворваньні, прыкладам, на Боткіна.

3 траўня 2002

КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІ ЖАНЧЫНЫ ЗЬ МЮНХЕНУ

Некаторыя зь іх адмовіліся ад паездкі ў Хатынь.

Ганна Соусь:

Нямецкія прадстаўніцы міжнароднай арганізацыi «Terre des Femmes», што значыць «Зямля жанчын», сёньня раніцай прыехалі ў Курапаты. Большасьць зь іх даведаліся пра гэтае месца толькі цяпер, калі прыехалі ў Беларусь на запрашэньне фонду «Дзецям Чарнобыля». Жанчыны былі моцна ўражаныя тым, што пабачылі ва ўрочышчы — яміны-магілы ў лесе, шэраг крыжоў, спалены намёт валанцёраў... Гаворыць Ліана Лінхоф:

— Я лічу, што вельмі важна ўшанаваць такія месцы. І тое, што тут супрацьстаяць таму, каб людзі памяталі мінулае, што тут будуецца дарога — гэта, канечне, вельмі дрэнна і ўражвае вельмі нэгатыўна.

А вось меркаваньне Маліны Майстар:

— Гэта вельмі сумна, што тут ідзе такі ціск на людзей. Нават узьнікае пагроза жыцьцю гэтых людзей. З другога боку, я вельмі радая, што менавіта моладзь пачала абараняць мінулае, абараняць сваю краіну.

Старшыня Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная, якая распавядала нямецкім жанчынам пра Курапаты, зазначыла, што, на жаль, на постсавецкай прасторы дагэтуль належным чынам не былі асуджаныя злачынствы камуністычнага рэжыму і пакаяньня не адбылося. Паводле Маі Кляшторнай, гэта невыпадкова, што напярэдадні 8 і 9 траўня, Дня Перамогі, нямецкія наведнікі прыехалі ў Курапаты .

КЛЯШТОРНАЯ: Вайна паказала, што ніводзін бок ня меў рацыі. І гэта адчуваюць людзі новага пакаленьня. Сёньня, напрыклад, я сустрэлася з жанчынамі, якія адмовіліся ехаць у Хатынь, яны прыйшлі сюды, у Курапаты. Яны вырашылі даведацца й зразумець, што ж тут... Тое, што наш фашызм нарабіў, гэта нават і параўнаць нельга...

Адна з кіраўнікоў фонду «Дзецям Чарнобыля» Ірына Грушавая не хавала сваіх пачуцьцяў, гаворачы пра Курапаты:

— Мне гэта неабыякава, таму што два мае дзяды загінулі ў Сыбіры праз сталінізм, былі закатаваныя ў лягерах. Мая маці вырасла як дзіця ворагаў народу...

Фонд «Дзецям Чарнобыля» ўвесь час дапамагае валанцёрам — і харчаваньнем, і вопраткай. Дарэчы, два новыя намёты ва ўрочышчы — гэта таксама іхная дапамога. Валанцёры, што былі сёньня ва ўрочышчы, вельмі ўдзячныя нямецкім жанчынам за падтрымку Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Вельмі важна, што яны пабачылі. Усе яны сказалі, што Курапаты для іх — гэта адкрыцьцё.

4 траўня 2002

ТАЛАКА ПЕРАД РАДАЎНІЦАЙ

Cёньня ў Курапатах сябры КХП БНФ ладзілі чарговую талаку.

Ганна Соусь:

Вольга Кацянкова бярэ ўдзел амаль у кожнай такой талацэ.

КАЦЯНКОВА: Вельмі сумна глядзець на гэтую дарогу — яна пашыраная ў бок менавіта масавых пахаваньняў. Гэта зроблена ўладамі адмыслова. І людзей, якія тут вартавалі, проста выкарыстоўвалі, каб зрабіць выгляд, што ўлады нешта дамаўляюцца з грамадзкасьцю. Нічога яны не дамаўляліся, зрабілі ўхіл дрэнажнай трубы ў бок Крыжа, пашырылі дарогу, засыпалі ўсе крыжы... Шкада...

Уладзімер Юхо адмыслова прыехаў на талаку зь лецішча. Ён штодзень наведвае ўрочышча.

ЮХО: Будзем прыбіраць. Таксама заплянавалі сёньня прапітку крыжоў. Яны ставіліся ў сырым выглядзе, зараз яны падсохлі, i мы будзем рабіць прапітку. Потым будзем іх фарбаваць перад Радаўніцай. А на наступнай талацэ паставім апошнія 50 крыжоў, што заплянавалі, будзем заканчваць нашую кампазыцыю.

Сёньня — Вялікая субота, і Ангеліна Масюта вырашыла яе правесьці менавіта ў Курапатах. МАСЮТА: У Бібліі сказана, што не субота для чалавека, а чалавек для суботы. Сапраўды, у Курапатах набываеш нейкую духоўную моц, бо тут — нашае мінулае, нашая гісторыя. І таму мы прыходзім сюды кожную суботу, робім працу, а душа адпачывае.

Валанцёрская вахта ў Курапатах працягваецца. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Ноч прайшла спакойна, начавала сем чалавек. Каля трох гадзінаў ночы нехта шастаў па лесе. Мы нікога не знайшлі. Невядома, хто тут быў і чаго хацеў.

Разам з Васілём сёньня дзяжурыў студэнт БДУ Мікола Цяцёркін.

ЦЯЦЁРКІН: Мне здаецца, што менавіта тут ёсьць беларушчына. Я ня бачу нічога іншага ў горадзе. Мне падабаецца мець сваю дзяржаву, і я лічу, што, можа, адсюль менавіта й пачнецца нашая дзяржаўнасьць.

5 траўня 2002

ВЯЛІКДЗЕНЬ

Сёньня ў Курапатах жыхары мікрараёну Зялёны Луг ладзілі пікнікі.

Ганна Соусь:

Удзень я налічыла каля дваццаці пікнікоў. Гучала музыка, смажыліся шашлыкі, лілося піва й гарэлка. На пытаньне, чаму гэткім чынам вырашылі адзначыць Вялікдзень у Курапатах, некаторыя людзі адказвалі адназначна — сёньня сьвята, мы ўжо прызвычаiліся адпачываць у Курапацкім лесе.

ЖАНЧЫНА: Прыйшлі адпачыць.

МУЖЧЫНА: Па-першае, сьвята, адпачыць, а па-другое, ушанаваць памяць нашых продкаў. Кажуць, што тут вельмі вялікія пахаваньні. Ёсьць такое сьвята — Радаўніца, дык тады таксама на магілах п’юць, памінаюць, як яшчэ.

Валанцёры спрабавалі тлумачыць, што на гэтым месцы нельга ладзіць пікнікі, але дарма. Некаторыя рэагавалі на звароты вельмі агрэсіўна. Міліцыянтаў сёньня ва ўрочышчы не было. Валанцёрку Вольгу Куўшынаву моцна ўразіла, як на месцы згубы людзі адзначаюць Вялікдзень.

КУЎШЫНАВА: Маю ўнікальную магчымасьць на ўласныя вочы назіраць, як народ сьвяткуе Вялікдзень, як паляцца вогнішчы, як смажацца шашлыкі на касьцях людзей, расстраляных падчас сталінскіх рэпрэсіяў.

Разам з Вольгай мы разглядаем невялічкія фартушкі, якія ўвосень зрабілі адмыслова для курапацкіх крыжоў вучні менскай 110-й школы. Учора ўвечары невядомыя асобы пазрывалі гэтыя фартушкі і павалілі некалькі крыжоў. Распавядае спадар Яўген, які быў сьведкам гэтага вандалізму:

— Мы заўважылі, як нейкая кампанія накіроўваецца сюды, да лягеру, і зьявілася падазрэньне, што адбываецца нешта дрэннае. Пайшлі туды... Яны, відаць, нас заўважылі, выйшлі на сьцежку й роўна пайшлі да нас. Калі мы запыталіся, што вы робіце, яны сказалі, што шукаюць дзяўчыну. А мы падышлі і ўбачылі паваленыя крыжы, на польскім падпалілі стужкі, фартухі абарваныя, паваленыя мэталічныя крыжы, спрабавалі расхістаць драўляныя. Мы ўсё паправілі...

7 траўня 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Актывісты абмяркоўваюць, як супрацьстаяць пікнікам на магілах.

Ганна Соусь:

Раніцай я засьпела ў Курапатах сем валанцёраў — яны чакалі нямецкіх студэнтаў, так званых «альтэрнатыўшчыкаў». Гэта маладыя людзі, якія замест службы ў войску працуюць у шпіталях, інтэрнатах ды іншых сацыяльных установах. Плянавалася, што нямецкія юнакі возьмуць удзел ва ўпарадкаваньні ўрочышча. Дзяніс Більдзюк распавёў мне пра інцыдэнт, што адбыўся ўчора ўвечары:

— Было гадзін адзінаццаць. Хлопчык зь лесу вылез, пабіты моцна. Увесь твар апухлы. Сьцьвярджаў, што на яго ў лесе кінуўся нейкі дзядзька, прыставіў нож да горла і зьбіў яго. Прычым не абрабаваў яго, а проста зьбіў. Вось такі выпадак. Ноч прайшла спакойна, у лягеры было пяць чалавек.

Апошнім часам валанцёры абмяркоўваюць, якім чынам і калі завершыць вахту памяці. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Мы раіліся зь людзьмі, якія зрабілі свой унёсак у курапацкі чын. Усё ж вырашылі, што цяпер прыпыніць яго будзе няправільна. На фоне нядаўніх падзеяў — выкраданьня людзей, зьбіцьцяў, падпалу намёту... Цяпер сысьці да завяршэньня земляных работ — гэта даць падставу тым жа ворагам казаць: «Вось яны тут сядзелі, столькі намаганьняў прыклалі й нічога ня выседзелі». Натуральна, што раней ці пазьней адсюль трэба будзе сыходзіць. Мяркую, што да канца траўня давядзецца тут быць — дачакацца завяршэньня земляных работ.

Хутка сьвяточныя дні, і валанцёры чакаюць, што жыхары суседняга мікрараёну зноў масава пойдуць у Курапацкі лес на пікнікі Гаворыць Цімох Атрошчанкаў:

— Усё ж трэба тлумачыць людзям, што гэта ня тое месца, дзе можна зьбірацца й рабіць пікнікі. Калі гэта не дапамагае, трэба дзейнічаць іншымі сродкамі.

— Якімі іншымі? Выклікаць міліцыю?

— Магчыма, выклікаць міліцыю, магчыма, самім выводзіць зь лесу. Калі людзі нармалёвыя, то ім можна нешта растлумачыць, нават калі яны п’яныя, хаця нармалёвыя людзі сюды ня прыйдуць на пікнікі...

Што да пабытовых складанасьцяў, дык пасьля падпалу вайсковага намёту іх паболела. Люда Паклонская гатуе на вогнішчы макарону з тушанінай і распавядае мне пра цяперашняе жыцьцё-быцьцё:

— Даволі складана, уначы халодна спаць у маленькіх намётах. Варта зараз на вуліцы. Таксама на вуліцы знаходзяцца ўсе рэчы. Намёты маленькія. Усё ж пад дахам было прасьцей.

Сёньня я зьвязалася па тэлефоне з загадчыкам апёкавага цэнтру Ўладзімерам Дарафеенкам. Ён распавёў, што Алесю Покладу стала крыху лепей, але хлопец яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, і яму дагэтуль робяць пераліваньне крыві. Паводле лекара, трэба, каб кожны тыдзень пяць-шэсьць чалавек здавалі кроў для Алеся.

8 траўня 2002

НЯМЕЦКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ ПРЫБРАЛІСЯ Ў КУРАПАТАХ

Урочышча наведала вялікая дэлегацыя маладых немцаў, якія выконваюць альтэрнатыўную вайсковую службу.

Альгерд Невяроўскі:

Яны прыехалі ў Беларусь у гістарычную вандроўку, каб наведаць месцы масавых рэпрэсіяў нацысцкага й камуністычнага рэжымаў ды дапамагчы ва ўпарадкаваньні гэтых мэмарыялаў. Яны ўжо наведалі Хатынь, Дальву й Трасьцянец. Такую праграму для хлопцаў падрыхтаваў кіраўнік іхнай групы Вольф Юнк, які ўжо даўно наведвае Беларусь і шчыльна працуе з фондам «Дзецям Чарнобыля».

Сёньня маладым немцам паказалі магілы ахвяраў камуністычнага тэрору ды распавялі гісторыю тых рэпрэсіяў. Яны былі вельмі ўражаныя тым, што пачулі й пабачылі Гаворыць Маркус Пуршкэ:

— На жаль, маім першым уражаньнем было тое, што гісторыя беларускага народу настолькі фатальная, што народ дагэтуль ня можа даць гэтаму ўсяму рады. І тое гора, тая барацьба, якую ён цяпер перажывае, каб вярнуць сваю праўдзівую гісторыю, гэта прыносіць, на маю думку, столькі ж пакутаў, як і самі тыя жахлівыя падзеі вялікага

тэрору.

Маладыя немцы вельмі высока ацанілі тое, што іхныя беларускія раўналеткі бароняць мэмарыял ад разбурэньня. Гаворыць Даніэль Шольц:

— Натуральна, вельмі цяжкае ўражаньне пакінула гэта ўсё, асабліва Алея Крыжоў. І з боку гэтых хлопцаў, што бароняць Курапаты, гэта вельмі адважны чын.

Нямецкія хлопцы зрабілі ў Курапатах шмат фотаздымкаў і абяцалі распавесьці пра чын маладых беларусаў сваім сябрам і знаёмым, а таксама нямецкім мэдыям. Немцы прывезьлі абаронцам харчы і разам з валанцёрамі прыбіралі тэрыторыю мэмарыялу. Вольф Юнк быў вельмі задаволены, што ягоным хлопцам сталі больш блізкія праблемы Беларусі, бо менавіта на гэта й разьлічаная замежная праграма для прадстаўнікоў нямецкай альтэрнатыўнай службы. Сёньня ноччу ў Курапатах было пяць чалавек, і старшы ў лягеры Яўген Скочка гаворыць, што ноч прайшла спакойна. Актыўнасьць выяўлялі толькі міліцэйскія патрулі, якія некалькі разоў прыяжджалі ў Курапаты і сачылі за парадкам ва ўрочышчы.

Валанцёры турбуюцца пра стан здароўя свайго сябра Алеся Поклада. Сёньня для яго здаў кроў Васіль Парфянкоў:

ПАРФЯНКОЎ: Здаў кроў, хацеў да яго падняцца. Мяне да яго не пусьцілі, а тыя 20 000 рублёў, што мне заплацілі за здачу крыві, я аддаў маці Алеся, якая ўвесь час каля яго знаходзіцца. Стан ягоны па-ранейшаму цяжкі.

Алесю Покладу робяць апэрацыі па выдаленьні зьмярцьвелых тканак скуры. Донарскую кроў для яго можа здаць кожны — у панядзелак, сераду й чацьвер з паловы на дзявятую да паловы на дванаццатую раніцы ў Менскім шпіталі хуткай дапамогі.

9 траўня 2002

«ГЭТА НЯ НАШ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ»

— мяркуюць некаторыя абаронцы.

Ганна Соусь:

Раніцай у Курапатах не адчувалася сьвяточнага настрою. Валанцёры нарыхтоўвалі дровы, займаліся штодзённымі справамі Многія абаронцы маюць сваё стаўленьне да Дня Перамогі. Гаворыць Зьміцер Захарэвіч:

— Канечне ж, мы ведаем, што такое Дзень Перамогі. Гэта зьвязана ня толькі зь перамогай 9 траўня. Існавала й незалежная «партызанка», ня толькі савецкая. Тыя людзі, якіх зараз лічаць здраднікамі, яны таксама ваявалі ня толькі супраць фашыстаў, а таксама змагаліся за вызваленьне нашай Радзімы ад Савецкага Саюзу.

Думку Зьмітра працягвае Ільля Ядранцаў:

— Час ужо ня той, але ўсё роўна — гэта ня наш Дзень Перамогі, перамога ня ў нашых сэрцах. Перамагла тая камуністычная сыстэма. Гэтая перамога столькі жыцьцяў нашых беларусаў забрала. Хаця б вось гэтае месца. На ім вайна таксама пачыналася — камуністы нішчылі нашых беларускіх патрыётаў. Было дзьве імпэрыі зла — Нямеччына й камуністы. Але імпэрыя ня можа існаваць вечна. Імпэрыя — гэта зло заўжды. А мы, беларусы — за сваю зямлю. Нам ня трэба ніякіх вялікіх ідэяў.

Сяржук Высоцкі ставіць пад сумненьне сам факт перамогі для беларускага народу:

— Ці была гэтая перамога для Беларусі? Мы згубілі ў гэты час Віленшчыну, Беласточчыну. Мы засталіся адзінай краінай-пераможцай, якая згубіла сваю тэрыторыю. Мы згубілі кожнага чацьвертага жыхара нашай краіны. Мой дзед ваяваў, дарэчы, меў ордэн, другі дзед ваяваў, кулямётчыкам быў, але я ад іх чуў такія думкі: «У свой час мы перамаглі адзін фашызм, а, відаць, другі фашызм давядзецца дабіваць вам». Трагедыя ў тым, што цяпер пануе рэжым, які будуецца на падмурку таго новага фашызму, які прыйшоў у Беларусь у 1944 годзе, калі сышлі нямецкія фашысты, а прыйшлі расейскія камунафашысты. Беларуская Партыя Свабоды спачувае незалежніцкаму руху, таму, які стаяў за беларускую дзяржаўнасьць, які змагаўся й з нацыстамі, і з камуністамі.

Паводле Сержука Высоцкага, дзень 9 траўня для валанцёраў будзе надта цяжкім. У другой палове дня ў Курапаты масава пойдуць на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну. І давядзецца тлумачыць ім усім, чаму нельга піць гарэлку і смажыць шашлыкі на могілках. Ужо апоўдні ў Курапатах зьявіліся першыя аматары адпачынку на траве. Юнак і тры дзяўчыны пілі расейскае піва «Балтыка» непадалёк ад лавы Клінтана.

— Вы ведаеце, што гэта за месца?

ЮНАК: Так, Курапаты.

— Як вы мяркуеце, гэта нармальна — піць піва на магілах?

— Не... Проста больш няма дзе. Мы тут, каб бацькі не «засяклі».

— А вы сёньня нешта сьвяткуеце?

— Так, адзначаем 9 траўня.

Пасьля размовы з валанцёрамі хлопец і дзяўчыны сышлі з урочышча.

10 траўня 2002

АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ПАТРЭБНАЯ ДОНАРСКАЯ КРОЎ

Заўтра сябры КХП БНФ ладзяць чарговую талаку.

Ганна Соусь:

У курапацкім лягеры відавочныя наступствы начнога дажджу — паўсюль лужыны, на століку ляжаць змакрэлыя харчы, над вогнішчам сушыцца коўдра, ляжаць вільготныя дровы. Гаворыць Алена Жук:

— Усю ноч ішоў дождж, адным даводзілася хавацца ў пераходзе, другія ў намёце сядзелі, але ж, як заўсёды, падтрымлівалі вогнішча. Намёт працякаў, так што зараз коўдры мокрыя, усё мокрае... Вельмі шмат п’янога народу тут бадзялася. Мы да іх падыходзілі, прасілі, каб яны прыпыніліся, распавядалі пра гэтае месца. Некаторыя разумелі, другія — не. Гэта як заўсёды. Але ж большасьць разумела.

Алена згадвала падзеі ўчорашняга дня, калі ў Курапаты ішлі на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну. Алена часьцяком прыходзіць у Курапаты, звычайна ўвечары і на ноч, бо раніцай ёй трэба ісьці на вучобу. Яна вучыцца ў БДУ на факультэце альтэрнатыўнай мэдыцыны. Курапаты для яе — ня проста месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, але й сымбаль супрацьстаяньня.

АЛЕНА: Мне падаецца, што гэта — адзінае, што ёсьць, што засталося ў беларускага народу. Гэта тое, што мы павінны вытрымаць да канца, мы павінны тут перамагчы ўладу, таму што іншых шляхоў зараз няма. Курапаты застаюцца адзінай надзеяй.

Мінулую ноч у Курапатах правялі некалькі валанцёраў з Барысава, актывістаў руху «Зубар». Адзін зь іх, Васіль, ужо ня першы раз дзяжурыць ва ўрочышчы.

ВАСІЛЬ: Я прыяжджаю, каб тут не маглі будаваць дарогу, каб па маіх продках ня езьдзілі машыны.

— А хто пацярпеў у Вас ад рэпрэсіяў?

— У майго дзеда расстралялі маці з бацькам. Яны жылі ў Менску, потымі пераехалі. Як дзед распавядаў, на яго вачах расстралялі маці й бацьку. Таму я тут і абараняю, каб такога ніколі не было.

Пацярпелы ад апёкаў абаронца Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі. Паводле лекара Валянціна Машэля, стан здароўя Алеся здавальняючы, але яму па-ранейшаму патрэбная донарская кроў.

11 траўня 2002

ТАЛАКА

Разам з валанцёрамі яе ладзілі прадстаўнікі палітычных партыяў і рухаў.

Любоў Лунёва:

Сабралося каля трох дзясяткаў чалавек. Гэта прадстаўнікі КХП БНФ, Маладога Фронту і Партыі Свабоды. Яны зьбіралі гальлё, усталёўвалі крыжы, у тым ліку і крыж, які прывезьлі беларусы зь Вільні. Высьветлілася, што ўначы невядомыя скінулі машыну тэхнічнага сьмецьця. Гаворыць Сяржук Мацкойць:

— Якраз за вагончыкамі будаўнікоў, дзе былая сьметніца была, сюды вось, бліжэй да бэтонкі, літаральна ад бэтонкі мэтраў 150, звалена машына сьмецьця, і відаць, што гэта тэхнічнае сьмецьце: і фільтры, і запчасткі ад трактароў, ды фактычна машына сьмецьця.

У размову ўступіла Мая Кляшторная:

— Я думаю, што гэтае сьмецьце якраз будаўнікоў. Некалькі чалавек забіваюць у зямлю калы. Гаворыць >Уладзімер Юхо:

— Мы сканчаем кампазыцыю пры ўваходзе з боку Зялёнага Лугу. Плошчу акаймляем крыжамі. Тут ужо будзе кампазыцыя закончаная. Застанецца толькі з боку Цны.

Сёньня ў Курапатах падчас працы ізноў знайшлі чалавечыя косткі. Гаворыць Валеры Буйвал:

— Рэгулярна знаходзяць парэшткі нашых пакутнікаў, чарапы прастрэленыя, косткі. Гэта ўжо стала штодзённасьцю Курапатаў. Хаваем. Таксама праводзіць багаслужбу сьвятар.

На самым версе курапацкага шляху стаіць Алесь Чахольскі.

Вось што ён распавёў мне:

— Каля гэтага камяня сустрэў чалавека. Стаіць моліцца. Мы зь ім пазнаёміліся. Аказалася, што ён трымаў справу свайго бацькі ў руках. Бацька ягоны расстраляны ў 1938 годзе. У яго ёсьць даведка, што ён расстраляны ў горадзе Менску. А менавіта, яму сказалі, што ён расстраляны тут. Вось бачыце, дзе бярозкі растуць. І там яміна. Ён кажа мне, што яму пастаянна бацька сьніцца, што ён сядзіць там. І папрасіў там дапамагчы яму і крыж усталяваць, ён шыльду зробіць.

13 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА РАДАЎНІЦЫ

Яны чакаюць, што заўтра ў Курапаты прыйдзе шмат людзей.

Ганна Соусь:

Будаўнічыя работы ля ўрочышча не вядуцца ўжо больш як тыдзень. За гэты час на схілах дарогі вырасла трава. Пэнсіянэр Эвальд Гатоўскі вырашыў прыйсьці сюды перад Радаўніцай, калі тут яшчэ няшмат людзей і можна спакойна пахадзіць, падумаць, узгадаць памерлых продкаў.

ГАТОЎСКІ: Мне здаецца, гэтыя людзі тут і ходзяць, тут адчуваецца дух гэтых людзей... Баліць сэрца, таму я імкнуся сюды прыйсьці, і памаўчу з гэтымі хлопцамі, пажадаю ім добрага здароўя, каб яны вытрымалі гэтую вахту, таму што гэтая вахта — гэта нашая несьмяротнасьць.

Эвальд Гатоўскі ўзгадвае, як дзесяць гадоў таму, працуючы рэжысэрам на Беларускім тэлебачаньні, ён здымаў відэаролік пра Курапаты. З таго часу спадар Гатоўскі ня можа забыцца на некаторыя курапацкія дрэвы, якія сваімі абрысамі нагадваюць людзей у пакуце Валанцёры, што сёньня дзяжураць у лягеры, абмяркоўваюць пікнікі. Гаворыць Вольга Куўшынава:

— Як ні дзіўна — выходныя дні, а тут у Курапатах усё досыць спакойна. Людзі так масава, як на Вялікдзень, чамусьці не зьяўляюцца. Калі паляць вогнішча, то адзінкі. І яшчэ адсюль зьніклі людзі, якія выступаюць супраць нас — можа, паехалі працаваць на агароды. Сюды цяпер падыходзяць толькі тыя, хто спачувае нашай справе.

Расповед Вольгі Куўшынавай працягвае Зьміцер, студэнт мэдычнага ўнівэрсытэту. Ён нядаўна далучыўся да вахты памяці ў Курапатах.

ЗЬМІЦЕР: Тое, што было зроблена за час курапацкай варты, нельга адразу пакідаць. Улічваючы, што зараз ня вельмі шмат людзей сюды ходзяць, таму што зараз сэсія, я вырашыў таксама зрабіць нейкі ўнёсак у гэтую справу.

13 траўня 2002

АБАРОНЦА ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ

Антона Шкурынскага трымалі ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна 28 сутак.

Ганна Соусь:

Амаль месяц Антон знаходзіўся за кратамі, але ён так дакладна і не зразумеў, за што сядзіць. Яго затрымалі 16 красавіка ў Курапатах і пасьля накіравалі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна дзеля высьвятленьня асобы, бо ён ня меў з сабой пашпарту.

ШКУРЫНСКІ: Даведацца, дзе я жыву і ці праўда тое, што я сказаў, было літаральна справай некалькіх хвілінаў. Яшчэ 16 красавіка яны патэлефанавалі зь міліцыі і спраўдзілі, што так, сапраўды ёсьць такі. Я таксама даваў поўныя пашпартныя зьвесткі. Можа, толькі пасьля гэтага ў іх узьнікла ўпэўненасьць, што я — гэта я.

У прыёмніку-разьмеркавальніку Антона чатыры разы выклікалі да сябе сьледчыя, бралі паказаньні з прычыны заявы ў пракуратуру, што раней падалі абаронцы Курапатаў. Ад іх жа ён і даведаўся пра спаленьне намёту й пра тое, што ягоны паплечнік па курапацкай справе Алесь Поклад знаходзіцца ў рэанімацыі. Антон Шкурынскі распавядае пра ўмовы зьняволеньня на Акрэсьціна:

— У асноўным камэры былі перапоўненыя. Мінімум дзевяць чалавек на восем месцаў, максымум 15 чалавек там было. Такі разнастайны калектыў — віетнамцы, афганцы, грузіны, азэрбайджанцы, армяне, расейцы, беларусы, украінцы. У мяне напэўна два тыдні балела галава даволі моцна. Цяпер, дзякуй Богу, нічога не баліць.

Некалькі месяцаў таму Антось зьвяртаўся ў расейскае консульства з прычыны страты пашпарту — яму параілі ехаць у Мурам, каб там аднаўляць дакумэнты. За час, што Антось Шкурынскі знаходзіўся на Акрэсьціна, ніхто з расейскай амбасады не пацікавіўся ягоным лёсам. Ля Акрэсьціна Антося сустракалі Сяржук Высоцкі й ягоны сябра валанцёр Дзяніс. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Гэта помста рэжыму чалавеку, які быў на Курапатах, які там шмат пратрымаўся. Ніякіх — ні крымінальных, ні адміністрацыйных абвінавачаньняў чалавеку. Фактычна за адсутнасьць пашпарту пратрымалі месяц у турме. А другое, пра што варта сказаць — гэта паводзіны расейскага боку, амбасады Расейскай Фэдэрацыі. Не было ні найменшага спачуваньня чалавеку. На нашыя званкі не было ніякай рэакцыі.

Антон Шкурынскі выйшаў на волю зь невялічкім пакункам з асабістымі рэчамі й некалькімі даведкамі. Па часе павінны вырашыцца ягоныя праблемы з дакумэнтамі. Усе рэчы Шкурынскага згарэлі ў намёце 19 красавіка. Але ён не губляе аптымізму. Антон зноў зьбіраеца ехаць у Курапаты.

ШКУРЫНСКІ: Курапаты для мяне — гэта квінтэсэнцыя беларускай барацьбы за незалежнасьць, месца, дзе сапраўды зь людзей вырастаюць патрыёты.

14 траўня 2002

АДБЫЛІСЯ ЖАЛОБНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ

Людзі згадвалі пакутнікаў, што ляжаць у курапацкай зямлі.

Ганна Соусь:

Сёньня ў Курапатах паміналі людзей, расстраляных тут бальшавіцкім рэжымам. Жалобныя ўрачыстасьці наладзілі сябры КХП БНФ. Ксёндз Пётар з Касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены справіў жалобнае набажэнства.

ПЁТАР: Зараз мы за ўсіх загінулых у Курапатах — незалежна ад таго, ці гэта католікі, праваслаўныя, пратэстанты, ці іншыя канфэсіі — сьпяваем «Нешпоры» — малітву, якая бярэ пачатак ад першых хрысьціянаў.

Жалобнае набажэнства справіў айцец Леанід Акаловіч. Ля Крыжа Пакутаў гучаць імёны бязьвінна загінулых у Курапатах:

АКАЛОВІЧ: Супакой душы рабоў тваіх, слугаў, курапацкіх пакутнікаў — Каранеўскага Язэпа, Ігнатоўскіх Юр’я і Валянціна, дзяцей вядомага акадэміка Ігнатоўскага, Сымона Рак-Міхайлоўскага... Тут расстраляныя таксама многія дзеячы Акадэміі Навук. Памяні, Божа, у сваім царстве Сяргея Дубінскага, Аляксандра Каваленю, Аляксандра Ляўданскага — беларускіх археолягаў. І шматлікую групу беларускіх пісьменьнікаў памяні, Госпадзе, у сваім валадарстве — Якава Бранштэйна, Анатоля Вольнага (Ажгірэя), Алеся Дудара (Далідовіча), Міхася Зарэцкага, Васіля Кавалёва, Тодара Кляшторнага, Майсея Кульбака, Юрку Лявоннага...

Каля сарака чалавек слухаюць моўчкі, гараць зьнічы, лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. А ў лесе ля дрэваў стаяць міліцыянты. Да жалобных мерапрыемстваў ва ўрочышча прыгналі зялёны «аўтазак».

Вось прытуліўшыся да дрэва, абапіраючыся на мыліцы, стаіць Надзея Дземідовіч. Маладой дзяўчынай пасьля вайны яна трапіла ў Кенгірскі лягер.

ДЗЕМІДОВІЧ: Для мяне Курапаты — заўсёды цяжкія ўспаміны. Тут столькі нявінных людзей загінула ні за што. Адчуваю тую цяжкасьць у грудзях, але яшчэ больш мне страшна, каб нас ізноў з Расеяй не злучылі, і каб зноў не пайшлі тыя Курапаты па ўсёй зямлі, як раней.

Сёньня ў Курапатах кожны гаварыў пра тое, што баліць. Рэжысэр Валеры Мазынскі ўзгадаў лёс Уладзіслава Галубка.

МАЗЫНСКІ: Яму якраз 120 год з дня нараджэньня. А калі ён загінуў, магчыма, тут вось, у гэтым лесе, яму было столькі, колькі мне цяпер. Ён ня быў палітыкам, ён сапраўды любіў беларускія танцы, любіў сьпяваць, пісаў для беларускай сцэны, езьдзіў на калымажках па вёсках, іграў спэктаклі й быў з гэтага шчасьлівы. І за тое, што ён быў з гэтага шчасьлівы, мы сёньня пішам, што 1937 год — гэта заканчэньне яго дзейнасьці.

Алесь Чахольскі гаворыць пра традыцыю беларусаў памінаць памерлых на Радаўніцу.

ЧАХОЛЬСКІ: У гэты дзень мы павінны прыходзіць да нашых продкаў, нявінна тут закатаваных, і ўшаноўваць іх памяць. Хто акрамя нас ушануе, скажыце, калі ласка? Ніхто, акрамя нас, беларусаў.

Сёньня ва ўрочышчы памінаў пакутнікаў і паэт Анатоль Вярцінскі.

ВЯРЦІНСКІ: У свой час я ўжо пісаў ад імя тых, каго няма ў жывых: «Вы нам не шкадуйце сумотных, журботных пачуцьцяў сваіх. Лепшая памяць для мёртвых — гэта любоў да жывых». Але я думаю, што тут недастаткова гаварыць толькі пра любоў, пра нашую вернасьць памяці нявінна забітых, тут трэба згадваць, што тут ня проста загінулыя, а тут забівалі людзей, забівалі нявінных.

Пры канцы жалобных урачыстасьцяў каталіцкі й праваслаўны сьвятары асьвяцілі Алею Крыжоў, якую цягам апошніх месяцаў усталявалі ўздоўж курапацкай прасекі сябры КХП БНФ.

15 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЗНОЎ ЗНАЙШЛІ ЧАЛАВЕЧЫЯ КОСТКІ

У актывістаў узьніклі непаразуменьні з будаўнікамі.

Ганна Соусь:

У Курапатах зноў знойдзеныя чалавечыя косткі. Распавядае Яўген Восіпаў:

— Мы прайшліся да лаўкі Клінтана. Непадалёк ляжала вось такая костка. Прайшлі празь лес, штурхнулі нагой лаўжы, і там былі косткі. Цьвёрдыя пароды асядаюць, глеба вільготная, ад дажджу вымакла.

Яўген Восіпаў разам зь іншымі актывістамі руху «Зубар» прыехаў у Курапаты з Барысава. Зь лютага яны рэгулярна бяруць удзел у дзяжурстве ва ўрочышчы. Сёньня ж у валанцёраў узьніклі праблемы з будаўнікамі. Гаворыць Сяржук Мацкойць:

— На аўтамашыне прыехаў чалавек, які прадставіўся прарабам будаўнікоў зь Берасьця, таксама падышоў прараб з нашага ўчастку дарогі. Пачаўся канфлікт з-за таго, што быццам бы нашыя людзі за час сьвятаў паздымалі іхную разьмётку. Але нашыя людзі гэтым не займаліся ніколі й ня будуць займацца. А ў лесе ёсьць дастаткова месцаў, дзе відавочная іхная разьмётка (вешкі, слупы) — і ляжыць паваленая тымі асобамі, якія прыходзяць сюды на шашлыкі. Ён пачаў нам пагражаць, што зараз быццам бы выкліча міліцыю, на трох любых чалавек пакажа пальцам і прыцягне да адказнасьці.

Апошнім часам дачыненьні паміж валанцёрамі й будаўнікамі сталі больш напружанымі Добраахвотнікі не дазваляюць капаць у лясным масіве траншэі пад падпорныя сьценкі. Але будаўніцтва кальцавой дарогі ля Курапатаў запавольваецца і зь іншых прычынаў. Сытуацыю тлумачыць будаўнік Уладзімер:

— Ня вырашылі яшчэ, як гэтую сьценку і гранітныя ўстаўкі рабіць. Таму вельмі марудна ўсё рухаецца. Увогуле, кальцавая павінна здавацца да 1 верасьня, а як там будзе... Усё зьвязана зь фінансаваньнем. Нам, менскім, яшчэ плацяць больш-менш, а віцебскія й магілёўскія працуюць тут за 130–150 тысяч. Карацей, няма грошай на дарогу.

Абаронца Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры. Надоечы яго перавялі з аддзяленьня рэанімацыі ў звычайную палату. У блізкім часе Алесю будуць рабіць апэрацыю перасадкі скуры.

Валанцёры мяняюць палотнішча сьцяга на флагштоку каля намёту.

Алея Крыжоў у Курапатах.

16 траўня 2002

У КУРАПАТЫ І ПАСЬЛЯ РАДАЎНІЦЫ ПРЫХОДЗЯЦЬ ЛЮДЗІ

Валанцёры выказваюць свае меркаваньні наконт таго, як доўга трэба ахоўваць Курапаты.

Ганна Соусь:

Стоячы блізу Крыжа Пакутаў, я размаўляю з Генадзем Дземчанкам. Ён распавядае пра лёс свайго дзеда, пацярпелага ад сталінскіх рэпрэсіяў.

ДЗЕМЧАНКА: Дзед адседзеў сем гадоў пасьля вайны ні за што. А бабуля з чатырма малымі дзецьмі... Можаце ўявіць, якое было жыцьцё, малыя ледзь не памерлі з голаду. А дзед таксама застаўся жывым выпадкова. Як ён казаў, працягнуў бы яшчэ тыдзень-два, і памёр бы з голаду. Але прыйшоў там нехта зь лягернага начальства й запрасіў яго на працу, бо дзед быў столяр. Спачатку іх падкармілі некалькі тыдняў, а потым яны пачалі працаваць — нешта будаваць гэтаму начальству. Вось так ён і застаўся жывы.

Генадзь Дземчанка сёньня каля гадзіны правёў у Курапатах — хадзіў уздоўж Алеі Крыжоў, узгадваў мінулае:

— Наведаў Курапаты, і неяк на душы стала сьвятлей, спакайней — вельмі прыгожыя крыжы ўкапаныя.

Што да валанцёрскага жыцьця ў лягеры, то тут усё па-ранейшаму — вахта працягваецца. Гаворыць Дзяніс Більдзюк:

— Ноч прайшла спакойна. Начавалі чатыры чалавекі.

— Якая цяпер асноўная задача валанцёраў?

— Галоўная задача — не дазваляць рабіць усялякія сьвяты на костках, я маю на ўвазе пікнікі й гэтак далей. І ранейшая місія — тлумачыць людзям, што гэта за месца, і чаго мы тут сядзім.

На сайце Радыё Свабода цяпер ладзіцца апытаньне. Наведнікам прапануецца пытаньне «Колькі яшчэ ахоўваць Курапаты?» і чатыры варыянты адказу: «Да заканчэньня пабудовы прылеглай часткі дарогі», «Да заканчэньня пабудовы ўсёй дарогі», «Да стварэньня мэмарыяльнага комплексу», «Пакуль кіруе Лукашэнка». Я папрасіла валанцёраў выбраць свой варыянт адказу. Антось Шкурынскі схіляецца да наступнага:

— Хутчэй за ўсё, да мэмарыялізацыі Курапатаў.

17 траўня 2002

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ

Мінулую ноч ва ўрочышчы начавалі сем валанцёраў.

Ганна Соусь:

Раніцай Яўген Скочка, які быў адказным за дзяжурства, перазахаваў у адну зь ямін-магілаў чалавечыя парэшткі, якія надоечы валанцёры знайшлі ва ўрочышчы.

17 траўня 2002

МІХАІЛ ЖДАНОЎСКІ ЗГАДВАЕ СВОЙ ФІЛЬМ

Усяго рэжысэр зьняў каля 50 фільмаў, сярод іх, бадай, найбольш вядомы — «Дарога на Курапаты», сцэнар якога напісаў Аляксандар Лукашук.

Ганна Соусь:

Міхаіл Жданоўскі ўзгадвае:

— Тэма ўзьнікла спантанна, калі пачалася эксгумацыя. Кіраваў усімі раскопкамі Зянон Станіслававіч. У нас ёсьць такі від працы — летапісны матэрыял. Мы проста езьдзілі ды здымалі, яшчэ без намеру зрабіць фільм. Потым здымалі мэдэкспэртызу. Калі я спрабаваў адшукаць людзей, так бы мовіць, з супрацьлеглага лягеру, то мне адзін са сьледчых сказаў так: «Вось табе ключ ад майго кабінэту ў Генэральнай пракуратуры, вось табе гадзіна, вось дакумэнты — сядай і працуй».

Тады ж Міхаіл Жданоўскі даведаўся й пра лёс свайго дзеда, расстралянага ў 1937 годзе. Адседзеў у сталінскіх лягерах і бацька рэжысэра. Спадар Жданоўскі згадвае, як у часе раскопак у Курапатах, калі знаходзілі чарговы прастрэлены чэрап, ён думаў пра свайго дзеда. Але вернемся да гісторыі стварэньня фільму:

— Алесь Адамовіч і Яўген Еўтушэнка папрасілі паказаць частку матэрыялаў на адным зь іхных паседжаньняў. Тут на студыі пачаўся пярэпалах — маўляў, нікуды за межы Беларусі мы гэты матэрыял ня можам выпусьціць. І тут загаварылі: «Як, ужо здымаюць?» Тады гэты матэрыял забралі на фільматэку. Але дырэктар студыі Гарбачоў выклікаў нас і кажа: «Я разумею, што вы ўсё роўна будзеце рабіць, прыдумайце нейкае выйсьце». Мастацкі кіраўнік нашай студыі Ўладзімер Халіп кажа: «Давайце назавем матэрыял неяк нэўтральна — «Вечная памяць».

З гэткай назвай і працягваліся здымкі. Разам зь Зянонам Пазьняком аўтары фільму апытвалі жыхароў вёсак, што недалёка ад Курапатаў. Міхаіл Жданоўскі не хацеў, каб фільм пра Курапаты атрымаўся выключна публіцыстычным.

— Фільм рабіўся як мастацкі твор. У мяне там няма ніводнай канкрэтнай асобы, мы нават Пазьняка там не называем, проста Зянон. Там ёсьць Кат, ёсьць Народ зь вялікай літары, ёсьць Судзьдзя, Сьледчы, Злачынца зь вялікай літары. І фільм наш заканчваецца фразай жанчыны, якая гаворыць пасьля ўсяго апатэозу, нібыта пачаліся новыя часы. Яна кажа: «Хто яго ведае. Неяк зь Зянонам размаўляла, а мінуць гады — як яно будзе? Як мой бацька казаў:

«Закон, што дышла — куды павярнуў, туды й выйшла». Уласна кажучы, народ не памыляецца.

На пачатку 1990-х фільм «Дарога на Курапаты» дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе. Але Міхаіл Жданоўскі ня памятае, каб яго калі-небудзь паказалі па Беларускім тэлебачаньні. Калі ў Менску праходзіў фэстываль праваабарончага кіно, кінастудыя не дала для яго копію «Дарогі на Курапаты». Некалькі гадоў таму канал «Культура» хацеў купіць у беларусаў гэты фільм.

— Наш былы міністар Сасноўскі ніколі ня бачыў гэтага фільму. Паглядзеў і сказаў нашаму тагачаснаму дырэктару Сяргею Лук’янчыкаву: «Пакладзі ў сэйф». Гэта ж бессэнсоўна. Копія ёсьць у горадзе, у Маскве, у архіве ў Дзяржынску. Фільм існуе. Курапаты існуюць. Можа, самога Пазьняка забудуць, але праз Курапаты яго будуць помніць.

Цяпер рэжысэр Міхаіл Жданоўскі здымае фільм пра апэратара Сяргея Пятроўскага, які памёр паўтара года таму. Разам зь ім яны зьнялі шмат фільмаў, у тым ліку й «Дарогу на Курапаты».

18 траўня 2002

СЯБРЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ ЧАРГОВУЮ ТАЛАКУ

Будаўнікі ўзводзяць падпорную сьценку ля пагорку.

Ганна Соусь:

Гаворыць Уладзімер Юхо:

— Сёньня ў нас чарговая талака. Мы зьбіраемся ўпарадкаваць тэрыторыю — тую частку ад дарогі, якую яшчэ не пасьпелі апрацаваць. Калі будуць крыжы, будзем ставіць крыжы сёньня.

Працаваў сёньня ў Курапатах і Мікола Стоцік.

СТОЦІК: Для мяне Курапаты — гэта найвялікшы боль за ўсю маю нацыю. Ня толькі за тых маіх родзічаў, якіх бальшавікі забілі. Ня тут, у іншых месцах... Па бацькавай лініі ў мяне шмат родзічаў загінула, і па лініі маці таксама. Ейны брат зьнік ужо ў саракавых гадах, пасьля вайны. І бацька мой пацярпеў, я шмат пераплакаў. Але бацька мой быў інвалід, з адной ныркай, дык яго адпусьцілі.

Апошнімі днямі будаўнікі актыўна працуюць на ўзьвядзеньні падпорнай сьценкі ля Курапацкага пагорку. Як мяркуе Васіль Парфянкоў, гэта вельмі важны ўчастак дарогі, бо магілы знаходзяцца зусім блізка ад сьценкі.

ПАРФЯНКОЎ: Канфлікты былі зь імі невялічкія з-за гэтай сьценкі. Яны хацелі яшчэ рэзаць тут гару, але мы не далі ім гэтага, бо пайшлі бы косткі. Потым былі канфлікты з будаўнікамі з-за дошак. Яны хацелі на нас у суд падаць за тое, што мы скралі гэтыя дошкі. Вярнулі ім гэтыя дошкі, каб не было ніякіх праблемаў.

Будаўнікі забіваюць палі для падпорнай сьценкі ля Курапацкай гары. Мае суразмоўцы — будаўнікі з Магілёва Станіслаў і Валер.

СТАНІСЛАЎ: Мы пакуль толькі займаемся забіўкай паляў. Потым пасьля нас будзе рабіць нейкі «Маналіт». Будуць агароджваць плітамі, будзе нармальна, прыгожа.

— А Вы ведаеце, што тут зусім блізка ўжо магілы?

— Без паняцьця.

ВАЛЕР: Ня ведаю, я прайшоўся па гэтым лесе, тут не магілы, а нейкі сьвінарнік. Я толькі не разумею, чаму такі ажыятаж пачаўся, калі вашыя валанцёры білі шкло, камянямі кідаліся. Гэтым жа трэба карыстацца. Вось будуюць дарогу, будуць езьдзіць замежнікі, трэба ўпарадкаваць гэты лес, пачысьціць — чым сядзець там ля вогнішча, чакаць, пакуль скурыш гэты намёт. Вось бы пачысьцілі тут, зрабілі сьцежкі...

СТАНІСЛАЎ: Дарогі, масты ўсім патрэбныя — і ворагам, і добрым, усім людзям.

19 траўня 2002

АБАРОНЦЫ ЗЬБІРАЮЦЦА ЗЬМЯНІЦЬ ТАКТЫКУ АХОВЫ

Ня выключана, што замест начных вартаў яны будуць патруляваць тэрыторыю ўдзень і ўвечары.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў лягеры знаходзілася сем чалавек Але настрой у многіх валанцёраў ня вельмі аптымістычны. Ужо даволі даўно яны харчуюцца за кошт прыватных ахвяраваньняў і дзякуючы дапамозе фонду «Дзецям Чарнобыля». Сёньня ў іх зусім скончыліся грошы.

Кіраўнікі ініцыятывы «Моладзь у абарону Курапатаў» бачаць, што валанцёры стаміліся ад паўгадовага жыцьця ў намётах і вырашылі зьмяніць тактыку абароны мэмарыялу. Да таго ж будаўнічыя працы на курапацкім участку дарогі апошнім часам амаль не вядуцца. Днямі пра зьмены ў справе абароны будзе абвешчана публічна. А вось што сказаў мне Васіль Парфянкоў:

— Стомленасьць пэўна ж адчуваецца, і людзей ужо ня так шмат стала. Адчуваюць, што хутка ўсё скончыцца. Няма такога ўздыму, што быў на пачатку вясны, калі намёт спалілі. Натуральна, што сысьці адсюль прыгожа, правесьці нейкую маніфэстацыю, шэсьце нейкае. Але калі мы й сыдзем, варта ня скончыцца. Раніцай і ўвечары будуць прыходзіць патрулі ды сачыць тут за парадкам.

Сяргей Высоцкі таксама лічыць, што зьмена тактыкі абароны зусім не азначае, што валанцёры дазволяць уладам рабіць у Курапатах усё што заўгодна.

ВЫСОЦКІ: Гаворка ня йдзе пра тое, што мы зьбіраемся сыходзіць з Курапатаў.

20 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРАМ ПАГРАЖАЛІ СКІНГЕДЫ

Учора а дзясятай вечара да лягеру абаронцаў наблізіліся пяцёра невядомых, адзін зь якіх трымаў у руках сякеру, а другі — нож.

Ганна Соусь:

Паводле Сержука Высоцкага, гэта былі прадстаўнікі скінгедаў. Валанцёры выклікалі міліцыянтаў з апорнага пункту, і тыя затрымалі нападнікаў, але празь некаторы час выпусьцілі.

Сёньня раніцай Курапаты наведалі прадстаўнікі Менскага раённага аддзелу міліцыі, якія высьвятлялі акалічнасьці ўчорашняга інцыдэнту.

20 траўня 2002

ГЕНАДЗЬ ГРУШАВЫ: КУРАПАТЫ НЯ МОГУЦЬ БЫЦЬ «ПРЫВАТЫЗАВАНЫЯ»

Старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» вітае ідэю наладжваньня дзённых пікетаў у Курапатах.

Ганна Соусь:

Генадзь Грушавы ўвесь час дапамагае абаронцам Курапатаў – харчамі, грашыма, вопраткай ды іншым чынам. Прыкладам, пацярпеламу ад апёкаў Алесю Покладу перадаваў грошы на лекі менавіта Грушавы. Да таго ж робіць ён гэта, пазьбягаючы ўсялякай публічнасьці.

ГРУШАВЫ: Я падкрэсьліваю, што гэта робіць ня фонд, які я ўзначальваю. Гэта раблю я асабіста, як асоба, як чалавек, які вельмі высока ацэньвае ўчынкі гэтай моладзі.

Генадзь Грушавы гаворыць пра рознае стаўленьне да курапацкай тэмы ў розных пакаленьняў:

— Сёньня Курапаты ня могуць быць, так бы мовіць, прыватызаваныя выключна толькі людзьмі, якія адкрылі Курапаты і зрабілі першыя крокі для таго, каб нацыя зразумела, што адбылося зь ёй 60—70 гадоў таму. Я сам належу да старэйшай генэрацыі, я добра разумею пачуцьці тых людзей, зь якімі я пазнаёміўся 15 гадоў таму ў Курапатах. А з другога боку, я адчуваю, наколькі ўсё ж важны, рашучы крок быў зроблены менавіта моладзьдзю ў той самы момант, калі Курапаты зноў паўсталі як пытаньне годнасьці нацыі.

— Напэўна, зусім хутка, магчыма, нават заўтра ў часе прэсавай канфэрэнцыі будзе абвешчана, што вахта памяці завяршаецца Але не сканчаецца, бо ўдзень будуць працягвацца дзяжурствы, а ўначы яны будуць прыпыненыя. Якое вашае меркаваньне – ці варта цяпер сыходзіць з Курапатаў?

— Гаварыць аб прыпыненьні гэтай вахты нельга. Мне падаецца, што трэба шукаць новыя формы. Тое, што сёньня гэта можа быць у выглядзе дзённых пікетаў, да якіх далучаюцца самыя розныя людзі, можа, гэта й адпавядае таму, што чакае грамадзтва. Месяцы вахты ў намёце ў самыя страшэзныя маразы... Гэта ўсё, так бы мовіць, прыелася, стала звычайным. А тыя людзі, якія не адважыліся далучыцца да гэтага, якім не хапіла мужнасьці й здароўя, ім, канечне, ня вельмі прыемна бачыць, што менавіта моладзь такую пазыцыю займае. Яны шукаюць іншыя варыянты. Можа, і трэба зрабіць гэты крок. Далучайцеся да гэтых пікетаў, прыходзьце ў Курапаты на дзень...

21 траўня 2002

АБАРОНЦЫ СПЫНЯЮЦЬ НАЧНЫЯ ДЗЯЖУРСТВЫ

Яны абвесьцілі на прэсавай канфэрэнцыі, што з 3 чэрвеня пераходзяць на дзённае патруляваньне нацыянальнага нэкропалю.

Ганна Соусь:

Летась 24 верасьня ўвечары васьмёра маладых людзей з крыжамі сталі перад бульдозэрамі, і менавіта з гэтага пачалася вахта памяці ў Курапатах, якая цягнецца ўжо амаль восем месяцаў. Гаворыць Павал Севярынец:

— Мы плянуем арганізаваць урачыстае зьняцьцё лягеру абаронцаў і прымеркаваць гэта да 3 чэрвеня — даты, калі ў 1988 годзе выйшаў знакаміты артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Якраз з гэтага артыкула й пачалася гісторыя ня толькі Курапатаў, але й нацыянальнага руху.

Як распавёў Сяржук Высоцкі, валанцёры вырашылі патрабаваць ад уладаў цывілізаванай, узгодненай з грамадзкасьцю мэмарыялізацыі Курапатаў.

ВЫСОЦКІ: Сёньня мы падалі заяву ў гарвыканкам, пасьля прэсавай канфэрэнцыі будзем падаваць заяву ў аблвыканкам, а 3 чэрвеня будзем падаваць зварот у Савет Міністраў. А 12—й гадзіне ў Курапатах адбудзецца мітынг, пасьля мы пойдзем у горад, прымем рашэньне, у якім месцы будзем разгортваць сьцягі, i пойдзем падаваць наш зварот уладам.

Дзённае патруляваньне будзе ладзіцца наступным чынам — групы з 3–4 чалавек некалькі разоў на дзень будуць абыходзіць тэрыторыю ўрочышча. Павал Севярынец тлумачыць:

— За колькі гадзінаў мы абыходзім усю тэрыторыю, глядзім, што зьмянілася, і калі штосьці сапраўды зьмянілася, мы паведамляем пра гэта ў аўтарытэтныя арганізацыі, Маі Кляшторнай, кіраўніку праекту спадару Крэчэтнікаву, ініцыятыве «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», грамадзкасьці. І калі спатрэбіцца, зьяўляемся там у большай колькасьці.

А вось меркаваньне валанцёраў, якія вытрымалі асноўны цяжар курапацкай вахты. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Крышку сумна сыходзіць адтуль. Прызвычаіліся ўсе, і як бы сталі адзінай сям’ёй. Але ж вечна там таксама не прасядзіш.

Працягвае Цімох Атрошчанкаў:

— Варта там было, канечне, сядзець — але вельмі цяжка. Ужо не адчуваецца такой падтрымкі ад грамадзтва.

А вось меркаваньне Дзяніса Більдзюка:

— Мы не сыходзім адтуль, працягваем варту, толькі зьмененыя яе формы. А так змаганьне працягваецца.

Плянуецца, што ў дзённым патруляваньні возьмуць удзел, акрамя сталых абаронцаў, сябры іншых грамадзкіх арганізацыяў. Прыкладам, пра ўдзел сяброў гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ заявіў сёньня Ўладзімер Кішкурна:

— Мы будзем далучацца да вахты, і як сябры сойму будзем ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня для ўсяго Беларускага Народнага Фронту.

Думку Ўладзімера Кішкурны працягвае актывіст Партыі БНФ Сяргей Міхноў. Дарэчы, вайсковы намёт, спалены 19 красавіка, быў ягонай прыватнай уласнасьцю.

МІХНОЎ: Адзін з асноўных набыткаў курапацкай справы — гэта тое, што ў грамадзтве адбылася кансалідацыя. Паўстала ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Калі б такая справа не атрымала такі вялікі розгалас у грамадзтве, то АМОН бы выкінуў абаронцаў адтуль за 30–40 хвілінаў.

Пра значэньне маладзёвай вахты памяці гаворыць і Валянціна Трыгубовіч:

— Тое, што маладыя аказаліся навідавоку і найбольш актыўнымі, гэта натуральна. Толькі, на маю думку, усё гэтае змаганьне можна ўявіць у выглядзе такога вялікага айсбэргу, дзе бачны пік — гэта моладзь і яе кругласутачная вахта, а ўвесь падмурак — гэта ўсе іншыя структуры, прэса, грамадзкія арганізацыі, партыі, асобныя людзі.

Паводле Маі Кляшторнай, адным з галоўных вынікаў курапацкага супрацьстаяньня ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг, што вось ужо некалькі месяцаў лунае ва ўрочышчы.

КЛЯШТОРНАЯ: Гэта месца, дзе сапраўды павінен быць наш сьцяг, адкуль яго ўвогуле нельга прыбраць, як і крыж. І калі хто гэта зробіць, то варта бараніць сьцяг на гэтым месцы.

Якім чынам паўплывае завяршэньне кругласутачнай вахты на хаду рэканструкцыі дарогі на гэтым участку? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства «Магістральаўтадор» Сяргей Ісакаў:

— Можа, і былі нейкія непаразуменьні паміж будаўнікамі й валанцёрамі, але я мяркую, што стасункі засталіся нармальныя. Нам трэба добраўпарадкаваць гэтую пляцоўку. Мы праінструктуем нашых рабочых такім чынам, каб ні ў якім разе не было ніякіх парушэньняў — каб не пашкодзілі дрэвы, кусты ды ўсё астатняе. Усё пакінуць у тым выглядзе, як і цяпер, толькі ўпарадкаваць.

22 траўня 2002

ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА Ў КУРАПАТАХ СЬЦЯГ?

Некаторыя будаўнікі мяркуюць, што ня варта спыняць кругласутачную вахту памяці.

Ганна Соусь:

Курапацкі бел-чырвона-белы сьцяг добра бачны на падыходзе да ўрочышча. Ён добра замацаваны бэтонам у адмысловым пастамэнце. Ці магчыма захаваць нацыянальны сымбаль пасьля пераходу на дзённае патруляваньне?

Раней міліцыянты неаднойчы здымалі бел-чырвона-белыя сьцягі валанцёраў. Аднак гэты, апошні, бадай, самы вялікі з усіх, лунае над Курапатамі больш за 40 дзён. Нагадаю, што яго ўсталявалі пасьля падпалу намёту. Дзяніс Більдзюк спадзяецца, што нацыянальны сымбаль застанецца ва ўрочышчы.

БІЛЬДЗЮК: Я мяркую, што яго трэба пакідаць на месцы, бо мы такімі намаганьнямі яго ставілі, што здымаць самім нельга.

— А які настрой у валанцёраў?

— Настрой такі ж самы. Нічога не зьмянілася. Пяць чалавек начавалі. Сяржук Высоцкі а трэцяй гадзіне пайшоў дахаты. І калі ішоў, то на «кальцы» пабачыў аўтобус з АМО-Нам.

Удзень Дзяніс з валанцёркай Веранікай удваіх дзяжурылі ва ўрочышчы. Вераніка вітае ідэю дзённага патруляваньня Курапатаў:

— На мой погляд, гэта было б лепш, чым тут суткамі дзяжурыць, таму што дарога ўжо практычна пабудаваная.

Крыху іншае стаўленьне да гэтага рашэньня ў некаторых >будаўнікоў, якія сёньня капалі траншэю для тэлефоннага >й высакавольтнага кабэляў для праваслаўнай капліцы, што >будуецца зараз на гары Гаворыць будаўнік Васіль:

— Тут зноў пачнуцца раскопкі, зноў прыйдуць марадзёры. Я лічу, што правільна яны тут сядзелі. Патруль прыйшоў, паглядзеў і сышоў, а на іншы пэрыяд могілкі застаюцца пустыя. За гэты час можа ўсё здарыцца — і раскапаць, і апаганіць магілы. Я за тое, каб лягер існаваў, як і раней.

Думку спадара Васіля не падзяляе ягоны калега будаўнік Рыгор:

— А я мяркую, што гэта ўсё бессэнсоўна. Сюды ніхто не палезе і капаць нічога ня будзе. Я ня ведаю, ужо амаль год сядзяць... Не капалі дагэтуль, і цяпер ня будуць капаць.

23 траўня 2002

ВАХТА ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Сёньня дзень народзінаў абаронцы Алеся Поклада. Ён дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры Менскага шпіталю хуткай дапамогі.

Ганна Соусь:

Алесевы паплечнікі наведалі яго ў шпіталі й павіншавалі са сьвятам.

24 траўня 2002

СПОЎНІЛАСЯ ВОСЕМ МЕСЯЦАЎ АД ПАЧАТКУ ВАХТЫ

Надоечы ўрочышча наведала дэлегацыя палякаў, чые бацькі былі расcтраляныя ў Катыні.

Ганна Соусь:

Валанцёры вывесілі два новыя лёзунгі, так званыя «расьцяжкі» – з патрабаваньнем мэмарыялізацыі Курапатаў.

Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Расьцяжкі прынес учора Сяржук Высоцкі. Учора прыяжджалі палякі, яны ехалі з Катыні й заехалі сюды. Гэта тыя палякі, чые бацькі былі расстраляныя ў Катыні. Іх шмат было, напэўна, чалавек дваццаць, поўны аўтобус. Калі яны даведаліся, што ў Алеся Поклада ўчора быў дзень народзінаў, дык яны грошы надавалі. Мы на іх купілі Алесю нармалёвы падарунак – набор для галеньня. Прыйшлі да яго, напэўна чалавек восем, і потым яшчэ да яго людзі йшлі й ішлі з раніцы да вечара.

Васіль кажа, што Алесь адчувае сябе крыху лепей, але яму яшчэ давядзецца шмат часу правесьці ў апёкавым цэнтры. А суд над самім Васілём чарговым разам перанесьлі – на 28 траўня. Антось Шкурынскі, які пасьля падзеяў 16 красавіка амаль месяц правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна, сёньня зьбіраецца нарэшце забраць свой пашпарт з аддзелу міліцыі Ён уладкаваўся на працу, і заўтра ў яго першы працоўны дзень.

ШКУРЫНСКІ: Заўтра – мая першая працоўная зьмена. Буду працаваць вартаўніком на аўтастаянцы ля мэтро «Пушкінская». Суткі праз тры.

Антось мяркуе, што гэткі рэжым працы дазволіць яму браць актыўны ўдзел у вахце памяці ва ўрочышчы, як цяпер, так і тады, калі распачнуцца дзённыя дзяжурствы.

25 траўня 2002

ТАЛАКА

На талаку сябры КХП БНФ прыехалі адразу пасьля ўскладаньня кветак да помніка Максіму Багдановічу з нагоды 85-й гадавіны сьмерці паэта.

Ганна Соусь:

Анатоль Крыварот бярэ рыдлёўку і пачынае капаць яміну пад крыж. Уладзімер Юхо распавядае, як будзе выглядаць кампазыцыя:

— Кампазыцыя не зусім закончаная. Будзем узгадняць з мастакамі з суполкі «Пагоня». Пачатковая ідэя ажыцьцяўляецца. Вось тут ля Крыжа Пакутаў будзе працягвацца гэтая алея з двух бакоў, каб адцяніць самы галоўны наш крыж, які быў пастаўлены ў 1989 годзе. І завершыцца кампазыцыя каля ўваходу ў мэмарыял. А потым Алея Крыжоў будзе працягвацца ў бок Цны.

Сёньня я сустрэла ў Курапатах 15-гадовага Рацібора Бегуна. Ён жыве недалёка і часьцяком наведвае ўрочышча.

БЯГУН: Усе падзеі, якія разгортваюцца тут, я бачу зь дзяцінства. Гэтае месца вельмі важнае для мяне. Тут загінула надта шмат бязьвінных людзей, каб гэтае месца проста так забываць.

У талацэ браў удзел і Віктар Кавешнікаў, актывіст КХП БНФ.

КАВЕШНІКАЎ: Курапаты, я спадзяюся, будуць падмуркам будучай беларускай нацыі. Усё гэта — справа не аднаго дня, не аднаго тыдня…

Думку Віктара Кавешнікава працягвае Зьміцер. У яго на кашулі значак з надпісам: «Размаўляй па-беларуску».

ЗЬМІЦЕР: Я лічу, што кожны сьвядомы беларус павінен браць чынны ўдзел у гэтай справе.

Сябры КХП БНФ плянуюць і ўлетку ладзіць талокі па суботах.

26 траўня 2002

СПРАВА АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ ЯШЧЭ НЯ СКОНЧАНАЯ

Курапацкія валанцёры рыхтуюцца да згортваньня свайго лягеру, якое павінна адбыцца праз тыдзень.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў лягеры знаходзілася шэсьць валанцёраў на чале зь Яўгенам Скочкам. Сёньня ў валанцёраў зноў скончыліся прадукты, але хлопцы гавораць, што гэта не вялікая праблема. Маўляў, калі 8 месяцаў вытрымалі, дык і апошні тыдзень пратрымаюцца. Праўда, пры гэтым дадаюць, што былі б удзячныя людзям за харчовую дапамогу.

Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Сумна, сумна будзе адсюль сыходзіць. Бо так ужо прывыклі і з хлопцамі як браты сталі. Але вечна таксама тут не праседзіш, і калі вырашылі, то трэба сыходзіць. Праўда, калі будзе трэба, зноў паставім намёт, і будзе зноў кругласутачная варта.

Сябры Васіля Антон Шкурынскі й Яўген Восіпаў таксама шкадуюць, што прыйдзецца згарнуць намёты. Гаворыць Антон Шкурынскі:

— Патрачаных тут сілаў не шкада, бо яны пайшлі на добрую справу.

А вось меркаваньне Яўгена Восіпава:

— Шкада ўсё пакідаць. Невядома, што тут будзе адбывацца. Зноў шашлычнікі будуць хадзіць у гэты лес. Я, натуральна, буду прыяжджаць у суботу і ў нядзелю. Бо я сам з Барысава.

Валанцёры ўжо пачалі прыбіраць тэрыторыю свайго лягеру ад сьмецьця. На думку Васіля Парфянкова, цяпер самае галоўнае – вывезьці з Курапатаў жалезныя рэшткі спаленага намёту. Кожны дзень у Курапаты прыходзяць менчукі й замежныя госьці. Усе яны выказваюць падтрымку й падзяку абаронцам.

27 траўня 2002

СЯБРЫ ПАРТЫІ БНФ ВОЗЬМУЦЬ УДЗЕЛ У ПАТРУЛЯВАНЬНІ

Адзін з крыжоў, што ўзвышаюцца ў Курапацкім лесе на пагорку, усталяваў некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ.

Ганна Соусь:

За гэтыя восем месяцаў я вельмі часта сустракала Ўладзімера Кішкурну ў Курапатах. То ён канапу валанцёрам прывозіць, то цёплую вопратку й спальныя мяхі, то сьвечкі й акумулятар для сьвятла, то сякеры з рыдлёўкамі. Узімку Ўладзімер Кішкурна аплачваў у лясьніцтве рахункі за сухія дрэвы для ацяпленьня намёту валанцёраў Дарэчы, знакамітую «буржуйку» ў вайсковы намёт прынес менавіта спадар Уладзімер.

КІШКУРНА: Калі я па ўзросту не магу да іх далучыцца — быць на вахце поўнымі суткамі, тыднямі, дык я хоць чым магу дапамагу — і маральна, і матэрыяльна.

Два дзядзькі Ўладзімера Кішкурны — Войцэх і Іосіф — былі расстраляныя ў Курапатах. Іосіф Кішкурна да 1935 году жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

КІШКУРНА: Іосіф, родны мой дзядька, у 1935 годзе пераяжджае ў Менск. Яму даюць кватэру, і ён працуе столярам. У 1938 годзе яго арыштавалі як польскага шпіёна і расстралялі. У гэты ж самы час арыштоўваюць майго бацьку. Як мне распавядалі пасьля вайны бацька з маці, тады яны проста цудам уратаваліся. Ён проста нічога не гаварыў. Яго пратрымалі за кратамі тры месяцы.

Як агента польскай выведкі ў 1938 годзе расстралялі й стрыечнага дзядзьку Ўладзімера Кішкурны Войцэха. Рэабілітавалі яго ў 1968 годзе, а Іосіфа Кішкурну — у 1959 годзе. Пра тое, што абодва дзядзькі былі расстраляныя ў Курапатах, Уладзімер Кішкурна даведаўся толькі пры канцы васьмідзясятых гадоў.

КІШКУРНА: Як Зянон распачаў раскопкі, зьявіліся публікацыі. У «Мінскай праўдзе» надрукавалі даведку з КГБ са сьпісам людзей, якіх расстралялі ў Курапатах. Вось адкуль я даведаўся, што там мае дзядзькі.

Некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна паставіў крыж у Курапатах па сваіх дзядзьках. Цяпер ён возьме актыўны ўдзел у дзённым патруляваньні, якое распачнецца 3 чэрвеня.

КІШКУРНА: Калі такая вахта будзе не кругласутачная, а пагадзінавая, мы здолеем далучыць да яе больш актывістаў. Мы разглядалі гэтае пытаньне на гарадзкой радзе і прынялі рашэньне, што, як будзе спыненая кругласутачная вахта (праўда, і гэтак нашыя сябры й начавалі ў Курапатах, і дапамагалі), мы возьмем удзел у дзяжурствах, і гэта будзе больш эфэктыўна.

28 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ ЎСТАЛЯВАЛІ КРЫЖЫ

Тыя крыжы раней будаўнікі прыбралі з адхону дарогі. У некаторых месцах насып пачаў прасядаць.

Ганна Соусь:

Трапіць у Курапаты цяпер складана, моцныя дажджы размылі глебу, поўна лужынаў, са сьцёку няспынна цячэ вада ў бок Крыжа Пакутаў. Сёньняшні дождж загасіў вогнішча валанцёраў. Самі добраахвотнікі сядзяць у маленькім намёце. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Моцны дождж пайшоў пад раніцу.

— А чым вы занятыя вось гэтыя апошнія дні перад тым, як будзе скончаная кругласутачная вахта?

— Усталявалі нанова крыжы, якія дасталі з адхону будаўнікі. Пяць — уздоўж адхону, і тры — на гары паставілі.

— Як будзе праходзіць цырымонія зьняцьця лягеру?

— Будзе невялічкі жалобны мітынг, выступяць людзі, і мы панясем свой зварот у Савет Міністраў, калі дойдзем датуль.

Насып кальцавой дарогі ўжо зарос высокай травой. У адным месцы яна прысыпаная зямлёй. Паводле Васіля Парфянкова, гэткім чынам будаўнікі прысыпаюць насып, які прасеў. Дарогу ля ўрочышча будавалі шпаркімі тэмпамі, нягледзячы на надвор’е. Часам сьнег прысыпалі зямлёй Валанцёры прагназуюць, што й надалей дарога будзе даваць усадку, і ня толькі насып, але й сама траса. Валанцёр Антось Шкурынскі крыху шкадуе, што хутка давядзецца спыняць кругласутачную вахту памяці ва ўрочышчы:

ШКУРЫНСКІ: Гатовы яшчэ паўгода тут праседзець дзеля сьвятой мэты. Так, канечне, трэба яшчэ й на працу, трэба і ў свой горад зьезьдзіць, але тут таксама патрэбныя людзі.

29 траўня 2002

ДА ЗАКАНЧЭНЬНЯ ВАХТЫ ЗАСТАЛОСЯ 5 ДЗЁН

Пакуль дзяжурства ва ўрочышчы па-ранейшаму працягваецца.

Ганна Соусь:

Паводле Сержука Высоцкага, валанцёры атрымалі адказ з пракуратуры Менскага раёну, у якім паведамляецца, што пракуратура ня будзе заводзіць крымінальную справу з нагоды шэрагу правакацыяў і зьбіцьця валанцёраў. Што да суду над Васілём Парфянковым, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, то ён перанесены на 3 чэрвеня.

29 траўня 2002

ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА ПРАВЯДЗЕ ТАЛАКУ

Удзельнікі ініцыятывы хочуць супольна пазначыць межы мэмарыялу з боку гораду.

Ганна Соусь:

Сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» заклікаюць усіх прыходзіць у суботу й нядзелю аб 11-й гадзіне на талаку. Гаворыць каардынатарка ініцыятывы Ірына Жыхар:

— Урочышча Курапаты мы звычайна разглядалі з аднаго боку, — таго, дзе зараз ёсьць валанцёры. А тэрыторыі з боку Менску такой пільнай увагі не надавалі. І зараз там будаўнікі праводзяць кабэльныя сеткі, і нават праваслаўная царква нешта капае непасрэдна на самой тэрыторыі мэмарыялу. Яны зараз гатовыя проста ісьці па магілах, і нават ужо чуюцца такія воклічы: «Калі сустрэнем магілу, зробім перазахаваньне». У будаўнікоў у бюджэце закладзеныя такія выдаткі — слупы, каб вызначыць, дзе межы мэмарыялу. Мая Тодараўна Кляшторная, якая цяпер зьяўляецца навуковай кіраўніцай гэтага аб’екту, тэрмінова шукае магчымасьці, каб гэтыя слупы закупілі й прывезьлі менавіта на гарадзкі ўчастак мэмарыялу.

Ірына Жыхар заклікае ўсіх зацікаўленых прыходзіць 1 і 2 чэрвеня ў Курапаты з рыдлёўкамі, каб усталяваць гэтыя слупы й такім чынам пазначыць межы мэмарыялу. Грамадзкае аб’яднаньне «Дыярыюш» практычна падрыхтавала да друку кнігу пра Курапаты. Актывісты ініцыятывы зьбіраюцца распачаць збор ахвяраваньняў на выданьне гэтай кнігі накладам 10 тысяч асобнікаў. Ірына Жыхар тлумачыць:

— Цяпер у краіне жахлівая сытуацыя з падручнікамі гісторыі. Тэма бальшавіцкіх рэпрэсіяў наагул зьнікае з падручнікаў. Мы вырашылі ня проста шукаць грошы пад друк гэтай кнігі, а нават зрабіць цэлую кампанію для настаўнікаў гісторыі, для выкладчыкаў гісторыі ВНУ, для бібліятэкараў. Мы хочам 19 чэрвеня правесьці вялікую нараду з прадстаўнікамі творчых саюзаў, праектных іністытутаў, навукоўцамі, рэлігійнымі канфэсіямі й грамадзкімі арганізацыямі наконт таго, як зьбіраць гэтыя грошы.

Кампанія, якая распачнецца 19 чэрвеня, скончыцца 30 кастрычніка, у Міжнародны дзень ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

30 траўня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ЗАВЯРШЭНЬНЯ ВАХТЫ

Яны падсумоўваюць вынікі доўгатэрміновага дзяжурства.

Ганна Соусь:

У Курапатах паболела валанцёраў. Актывісты курапацкага чыну хочуць найбольш плённа правесьці ва ўрочышчы апошнія чатыры дні. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Мы змагаліся тут за ўшанаваньне памяці забітых людзей, і мы сыходзім не таму, што стаміліся ці там не хапала харчаваньня. Пытаньне ня ў стоме, а ў тым, што мы даем апошні шанец уладзе гэтым сыходам і завяршэньнем — знайсьці ў сабе нешта чалавечае.

Думку Сержука Высоцкага працягвае Генадзь Дранковіч:

— Мы захавалі гэтыя Курапаты, і мы даем шанец гэтай уладзе, гэтай дзяржаве й той жа самай апазыцыі прыняць пэўнае рашэньне.

Сёньня ў лягеры было пяцёра валанцёраў — яны абыходзілі лясны масіў, прыбіралі сьмецьце, абмяркоўвалі дэталі сыходу. Дагэтуль яшчэ ня вызначана, што рабіць з парэшткамі згарэлага вайсковага намёту і бел-чырвона-белым сьцягам. Папялішча, напэўна, давядзецца прыбраць, а вось пакідаць сьцяг ва ўрочышчы без нагляду небясьпечна. Некаторыя валанцёры шкадуюць, што кругласутачнай вахты памяці ня будзе, гаворыць Алег Гнедчык:

— Тут правялі шмат часу, як вялікая сям’я. Будзе, канечне, шкада, усе разыдуцца. Але будзем яшчэ сюды прыходзіць, толькі не начаваць, а ўдзень... Учора прыходзіў нейкі чалавек, вывярнуў крыж. Хлопцы за ім пабеглі, але злавіць не пасьпелі.

Алесь Поклад ужо больш за месяц знаходзіцца ў апёкавым цэнтры. Валанцёрка Стася Басава апошнія некалькі тыдняў амаль штодня наведвае свайго пацярпелага сябра.

БАСАВА: Ягоны стан збольшага нармальны. Ён патроху ідзе на папраўку. Але лекары пакуль не даюць камэнтароў наконт таго, як доўга ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі.

— Можа, яму што-небудзь трэба?

— Яму прапісалі досыць шмат лекаў, якія каштуюць дастаткова дорага. Таму патрэбныя грошы. Трэба зьвязвацца зь ягонай маці, альбо пытацца на ўправе БНФ. Там ёсьць адмысловая скрыня для ахвяраваньняў Алесю Покладу.

31 траўня 2002

РЫГОР КІЙКО МЯРКУЕ, ШТО Ў КУРАПАТАХ ПАЎСТАЕ НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ

Сябры КХП БНФ апрацоўвалі крыжы адмысловымі рэчывамі.

Ганна Соусь:

Мастак Рыгор Кійко летась у верасьні адным зь першых пачаў рабіць і ўсталёўваць у Курапатах крыжы. Усяго тады ён змайстраваў зь бярвеньня больш за дваццаць вялікіх крыжоў. 8 лістапада ў часе вядомых падзеяў Рыгора Кійка й ягоную дачку Лілію жорстка зьбілі амонаўцы, а потым суд прызначыў мастаку выплаціць штраф. Сёньня раніцай спадар Кійко разам зь сябрамі КХП БНФ прыйшоў у Курапаты, каб апрацаваць адмысловымі рэчывамі крыжы, якія былі ўсталяваныя ўздоўж курапацкай прасекі.

КІЙКО: За паўгода мы ўсталявалі Алею, у якой больш за сто крыжоў. Нас кансультуюць мастакі з суполкі «Пагоня». Шмат крыжоў у саміх Курапатах — усталявана больш за 200 крыжоў. Людзі прыватна прывозяць, ёсьць крыжы з Польшчы і зь Літвы. Калі раней нельга было пазнаць, што тут месца расстрэлаў ахвяраў рэжыму, то цяпер людзі вельмі ўражаныя, што месца ўпарадкаванае.

У Рыгора Кійка, як і ў многіх беларусаў, родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

КІЙКО: Можа, хто-небудзь тут пакоіцца. Мой дзядзька, старэйшы брат майго бацькі, загінуў перад вайной. У матчыным родзе шмат людзей таксама пацярпелі.

Рыгор Кійка мяркуе, што ў Курапатах ня трэба ўзводзіць вялізных збудаваньняў, ва ўрочышчы цяпер натуральна паўстае мэмарыял з крыжоў. Спадар Рыгор з павагай ставіцца да кругласутачнай вахты моладзі.

КІЙКО: Цяпер ужо можна гэтую вахту спыніць, але трэба весьці дагляд. Уначы тут нічога ня здарыцца, а вось удзень трэба прыходзіць, бо будаўнікі працуюць, яны хочуць пракласьці трубу якраз ля Крыжа Пакутаў. А начную вахту тут павінна несьці міліцыя, бо гэта іх непасрэдны абавязак. Гэта мэмарыял, які ахоўваецца дзяржавай.

Сёньня я засьпела ў Курапатах Алега Радзюка разам зь ягонай васьмігадовай дачкой Барбарай. Яны прыйшлі апрацоўваць крыжы. Да заканчэньня кругласутачнай вахты памяці засталося тры дні. На адным з дрэваў вісіць абвестка, што 3 чэрвеня а другой гадзіне адбудзецца мітынг і шэсьце ад Курапатаў.

1 чэрвеня 2002

КУРАПАТЫ НАВЕДАЎ ТОМАС ВЕНЦЛАВА

На талацэ працавалі актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» і сябры КХП БНФ.

Ганна Соусь:

Сябры КХП БНФ яшчэ ўчора ўвечары прывезьлі ва ўрочышча 40 крыжоў, а сёньня ўсталёўвалі іх блізу Крыжа Пакутаў i на пагорку. Гаворыць Алесь Чахольскі:

— Наша партыя працягвае ўсталяваньне крыжоў. Сёньня мы хочам закончыць афармленьне цэнтральнай Алеі. Далей будзем ставіць крыжы на магілах, уздоўж дарогі.

Уладзімер Юхо кажа, што трэба будзе працягнуць Алею Крыжоў да Цны.

ЮХО: З боку Цны зроблены пераход. І вядома, што, калі там будуць спыняцца машыны, то людзі пойдуць з гэтага боку ў раён Курапатаў.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і другія актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» сёньня прыйшлі ва ўрочышча з рыдлёўкамі й сякерамі.

ВЯЧОРКА: Сёньня — традыцыйная праца, якую трэба рабіць рэгулярна. Гэта выкарчоўваньне кустоў і зрэзваньне буйной травы і тых жа самых кустоў. Гэтую працу трэба рабіць безупынна, каб выпадковыя наведнікі ўсё ж бачылі й магільныя яміны, і крыжы, каб яны разумелі, што гэта ня проста звыклы лес.

Сяргей Мацкевіч прыйшоў на талаку разам з жонкай Тамарай. Дзеда Сяргея Сільвэстра Мацкевіча расстрэльвалі ў Курапатах, але той цудам застаўся жывы.

МАЦКЕВІЧ: Перад самай вайной дзеда з Драгічынскага раёну забралі сюды. Яго тут стралялі, але так здарылася, што ён стаяў у другім шэрагу, і яго недастралілі, і разам зь нейкім палякам яны выбраліся ўначы з-пад трупаў і пайшлі ў бок хаты. Пакуль дайшлі дахаты, пачалася вайна. І недзе ў 1943 годзе ён, бачачы, што савецкія войскі наступаюць, і яго ізноў будуць страляць, пайшоў у бок захаду

— у Польшчу, Нямеччыну, а ў 1949 годзе трапіў у Амэрыку. І пра гэта калісьці распавёў на Радыё Свабода. І толькі тады сваякі даведаліся, што ён жывы. Лёс склаўся так, што ў 1986 годзе ён памёр, так ніводнага разу й ня ўбачыўшы сваіх родных.

Сёньня ўрочышча наведаў вядомы літоўскі пісьменьнік й былы дысыдэнт Томас Венцлава. Ён зазначыў, што Курапаты можна паставіць у адзін шэраг з такімі месцамі як Асьвенцім і Майданэк. Спадар Венцлава нагадаў пра літоўскі досьвед у справе ўшанаваньня бязьвінных ахвяраў сталінскага рэжыму, пра тое, як літоўцы вывозілі парэшткі сваіх грамадзянаў з Сыбіру і Поўначы, як ставілі помнікі ахвярам рэпрэсіяў.

ВЕНЦЛАВА: У Вільні існуе музэй КГБ у будынку былога КГБ. Я магу толькі пажадаць, каб у Беларусі ў будынку КГБ, які, я спадзяюся, стане будынкам былога КГБ, быў створаны падобны музэй.

2 чэрвеня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА СПЫНЕНЬНЯ ВАРТЫ

Яны хвалююцца за лёс мэмарыялу пасьля зьняцьця кругласутачнай варты.

Галіна Абакунчык:

Сёньня днём у Курапатах заставаліся тры валанцёры, але мінулую ноч тут дзяжурылі 12 чалавек. Ноч прайшла спакойна, калі ня ўлічваць, што ў Курапацкім лесе праз дарогу ад лягеру начную пагулянку з музыкай і песьнямі наладзіла група моладзі. Да валанцёраў яны не чапляліся, а пасьля сябе пакінулі гару бруду і пустых пляшак. Затое цалкам сплянаванай акцыяй, скіраванай на запалохваньне валанцёраў, яны лічаць спробы невядомых людзей штоночы выкопваць крыжы, усталяваныя вакол урочышча. Гавораць маладафронтаўцы Вераніка Лаеўская й Сяржук Мацкойць.

ЛАЕЎСКАЯ: Крыжы вакол Курапатаў выкопваюць ноччу. Некаторыя пакідаюць так, а некаторыя з сабой забіраюць. Гэта наўмысна робіцца. Напэўна, хочуць запалохаць, каб мы хутчэй адсюль сышлі. А калі мы адсюль сыдзем, то невядома што тут будзе.

МАЦКОЙЦЬ: Мы пераходзім на патруляваньне. Будзем тут прыбіраць сьмецьце і ганяць так званых шашлычнікаў, і наогул сачыць за парадкам, бо гэтае месца без нагляду пакідаць нельга.

Вандалы й невядомыя шкоднікі ў Курапатах актывізаваліся толькі з надыходам цяпла. Затое людзі, чые сваякі былі тут расстраляныя альбо закатаваныя падчас рэпрэсіяў далёка ад Беларусі, прыходзяць і прыяжджаюць з самага пачатку варты. Сёньня тут былі спадарыня Ала й Ніна Касінюк.

АЛА: Мы часта тут бываем. У мяне тут расстраляныя дзядзька і цётка. Лічу, што Курапаты — сымбаль нашых пакутаў.

НІНА: У мяне родныя ня тут, а ў Краснаярскім краі, але ж туды ня дойдзеш. Дык я сюды прыходжу, бо тут людзі гэткія ж, як і мае родныя.

Сёньня валанцёры працягвалі прыбіраць тэрыторыю вакол лягеру, каб заўтра быць гатовымі да закрыцьця начной варты. Яны вельмі шкадуюць, што давядзецца здымаць з флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг. Слухаем Вераніку Лаеўскую й Сержука Мацкойця.

ЛАЕЎСКАЯ: Калі сьцяг пакінуць, то яго адразу здымуць. Шкада, бо гэтае месца сьвятое і сьцяг тут павінен быць. Ня ведаем, што рабіць.

МАЦКОЙЦЬ: Сьцяг тут трымаўся ўвесь час. Нават у самыя цяжкія дні, калі было зьбіцьцё, калі згарэў намёт, калі арыштоўвалі людзей. Урочышча заставалася бязь сьцяга літаральна некалькі гадзінаў. І таму гэты сьцяг увасабляе веру моладзі ў лепшую будучыню.

3 чэрвеня 2002

«КУРАПАТЫ СТАЛІ ЗНАКАМ ГЕНАЦЫДУ»

Зянон Пазьняк заклікае моладзь надалей дапамагаць у справе стварэньня народнага мэмарыялу ў Курапатах.

ПАЗЬНЯК: Курапаты сталі відочным і зразумелым знакам генацыду. Уся ранейшая інфармацыя мела для народу абстрактны характар. А вось калі зьявіліся зьвесткі пра Курапаты, калі людзі маглі ўбачыць і памацаць гэтыя чарапы, гэтыя адтуліны, калі яны зразумелі, што расстрэльвалі простых людзей, а ня ўсякіх там Бухарыных ды Яжовых, то для людзей гэта стала відочным знакам, і таму сёньняшняя ўлада, якая ажыцьцяўляецца КГБ, і ў Беларусі, і ў Расеі, не зацікаўленая, каб існаваў такі помнік, як Курапаты, і таму адбываецца фактычна яго зьнішчэньне. Вось чаму я лічу, што галоўная задача моладзі – дапамагаць тым людзям, якія ствараюць народны мэмарыял у Курапатах. Гэты народны мэмарыял пачала ствараць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя і Беларускі Народны Фронт 2000 году. Там зараз ставяцца крыжы ўсімі людзьмі. У каго хто загінуў, людзі нясуць гэтыя крыжы і ставяць. І тое, што моладзь была ў Курапатах цягам амаль цэлага году, што яна прысутнічала там днём і ноччу, гэта вельмі добра. Яны зрабілі вялікую справу, яны зрабілі добры выбар.

3 чэрвеня 2002

У КУРАПАТАХ АДБЫЛОСЯ ЗАКРЫЦЬЦЁ ВАХТЫ

З самай раніцы валанцёры парадкавалі тэрыторыю ўрочышча – зьнімалі намёты, палілі сьмецьце ў вогнішчы, прыбіралі свае асабістыя рэчы.

Ганна Соусь:

Многія шчыра шкадавалі аб заканчэньні вахты, якая доўжылася 250 дзён, празь якую прайшлі некалькі соцень валанцёраў. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі й штандары Маладога Фронту і Беларускай Партыі Свабоды. А другой гадзіне дня ля Крыжа Пакутаў сабралося каля васьмідзесяці чалавек. За цырымоніяй назіралі прадстаўнікі КНГ АБСЭ й амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мітынг распачала Валянціна Трэмбіцкая, жыхарка мікрараёну Зялёны Луг.

ТРЭМБІЦКАЯ: Дарагія мае дзеці i ўнукі! Я вельмі ганаруся вамі. Вы зрабілі вялікую справу. Вы ўвайшлі ў гісторыю Беларусі, гэткай маленькай кропелькай, але ўвайшлі. Яшчэ летась я думала пра вас. Хто вы? Сьвятыя ці рамантыкі, ці дон-кіхоты, ці вы людзі сьвядомыя, якія маюць свае ідэалы, якія любяць свой народ, сваю Радзіму. За гэта вялікі вам дзякуй!

Вынікі вахты падсумоўвае лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

— Дзеля таго, каб ніколі больш не было Курапатаў, вы, хлопцы й дзяўчаты, выстаялі ў гэтай беспрэцэдэнтнай вахце, у гэтым геройскім чыне. Я думаю, што вам было б ня сорамна перад тымі, хто тут нізашто пагінуў. За апошнія паўгода зробленая вялізарная справа – слова Курапаты зноў загучала.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец быў адным з тых, хто ўвечары 24 верасьня з крыжам у руках стаў перад бульдозэрамі. З таго моманту й распачалася доўгатэрміновая варта. Сёньня ў часе свайго выступу Павал выказаў падзяку ўсім, хто спрычыніўся да абароны нацыянальнага нэкропалю.

СЕВЯРЫНЕЦ: Абавязкова трэба сказаць, што супольна з маладафронтаўцамі, зь Беларускай Партыяй Свабоды, якія ўзялі на сябе асноўны цяжар вядзеньня гэтай акцыі, у самой акцыі брала ўдзел шмат актывістаў розных арганізацыяў, маладзёвых аб’яднаньняў, КХП БНФ, Беларускага Народнага Фронту, ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Мы вельмі ўдзячныя тым журналістам, якія штодня езьдзілі сюды, асабліва Радыё Свабода. Гэта сапраўды надала Курапатам такое гучаньне, якое вымусіла ўлады адступіць. Многія прыходзілі сюды проста, каб паўдзельнічаць, каб падтрымаць, але да глыбіні душы гэта праймала менавіта падчас вартаў. З тымі, хто быў ля вогнішча, хто быў у намётах за 250 дзён, я зараз абсалютна гатовы ісьці ня толькі ў выведку. Гэта сапраўды было гарніла, дзе гуртаваўся нацыянальны рух, дзе гуртаваліся маладыя людзі да будучых перамогаў.

Зянон Пазьняк сёньня зьвярнуўся да валанцёраў зь лістом, які зачытаў намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка:

«Гэтае месца ёсьць скрыжаваньнем беларускага лёсу. Яно кажа пра выбар шляху. Вы зрабілі свой выбар, і ён добры. Нягледзячы на цяжкасьці й няпростасьць задачы, вы сталі на бок тых, хто бароніць магілы закатаваных продкаў. Вы зрабілі мужны ўчынак, які паспрыяў захаваньню сьвятога месца. Аддаючы належнае добрай справе і ахове Курапатаў, якую вы ажыцьцяўлялі, мушу сказаць, што ахова неабходная й надалей, і асабліва – уначы. Могілкі, якія маюць вялікае грамадзкае і нацыянальнае значэньне, ахоўваюцца ва ўсім сьвеце. Нельга пакідаць народны мэмарыял без нагляду. Добра было б, каб днём і ноччу Курапаты былі пад аховай. Пакуль улада на Беларусі ў чужых руках, яна ня будзе спрыяць нічому добраму, сьвятому й беларускаму. Таму шмат што залежыць ад супольнага рашэньня і магчымасьцяў саміх беларусаў. Ахова Курапатаў – адна з канкрэтных грамадзкіх задач».

Абарона Курапатаў не прыпыняецца, ужо заўтра ва ўрочышча на дзённае дзяжурства прыйдуць добраахвотнікі. У часе мітынгу выступілі Людміла Гразнова, Уладзімер Кішкурна ды іншыя, хто спрычыніліся да абароны Курапатаў А вось меркаваньне валанцёра Зьмітра Захарэвіча, прадстаўніка Беларускай Партыі Свабоды:

— За гэтыя амаль пятнаццаць гадоў было шмат перамогаў, але, на жаль, яшчэ больш было паразаў. Гэты курапацкі чын 2001—2002 гадоў, спадзяюся, зноўку зрабіўся тым паказьнікам беларускай волі, і менавіта ён даў надзею пасьля апатыі, якая здарылася зь людзьмі пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён зноў даў надзею на тое, што мы пераможам.

Думку Зьмітра Захарэвіча працягвае Сяржук Высоцкі:

— Так, Курапаты не паспрыялі аб’яднаньню ўсяго беларускага народу, на жаль, Курапаты на сёньняшні час не аб’ядналі ўсю беларускую апазыцыю, але Курапаты аб’ядналі тысячы людзей вакол праўды. Вакол справядлівасьці, людзей у Беларусі й па-за яе межамі. У гэты дзень хочацца падзякаваць усім, хто быў далучаны да курапацкай справы. Так атрымалася, што Беларусь чакала герояў, і мы гэтых герояў Беларусі далі.

Сяржук Высоцкі заклікаў валанцёраў ісьці шэсьцем да Савету Міністраў, каб уручыць зварот ураду з патрабаваньнем мэмарыялізацыі Курапатаў. Валанцёры й іншыя ўдзельнікі мітынгу сышлі з Курапатаў, а ва ўрочышчы над папялішчам вайсковага намёту застаўся лунаць бел-чырвона-белы сьцяг.

3 чэрвеня 2002

АБАРОНЦЫ ПРЫЙШЛІ НА ПЛЯЦ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Работнікі канцылярыі прынялі пэтыцыю, паабяцаўшы перадаць кіраўніцтву ўраду.

Галіна Абакунчык:

Каля двух дзясяткаў абаронцаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сёньня прыйшлі на пляц Незалежнасьці, каб перадаць ураду ліст з патрабаваньнем мэмарыялізацыі ўрочышча. Каб не сустрэцца зь міліцэйскімі кардонамі і дайсьці да Дому ўраду, валанцёры вырашылі дабрацца да цэнтру гораду на грамадзкім транспарце. Ад Нямігі яны пехатою прайшлі на праспэкт Францішка Скарыны й толькі каля гатэлю «Менск» разгарнулі сьцягі, зь якімі й дайшлі да Дому ўраду. Тут іх сустрэлі дзяжурныя міліцыянты й прапанавалі зайсьці ў будынак толькі некалькім чалавекам. Гэта зрабілі Сяржук Высоцкі й Яўген Скочка. Работнікі канцылярыі прынялі ліст, паабяцаўшы перадаць яго вышэйшым асобам і зарэгістраваць. Увесь гэты час валанцёры стаялі на пляцы Незалежнасьці з разгорнутымі бел-чырвона-белымі й бел-чырвона-чорнымі сьцягамі, чаго ўжо даўно не было. Сваіх лідэраў яны сустракалі воплескамі, а тыя сёньняшнюю падзею назвалі перамогай абаронцаў Курапатаў Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Гэта першы выпадак за апошнія чатыры гады, калі тут, на гэтай плошчы зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта перамога абаронцаў Курапатаў, зь якой я вас усіх віншую.

У лісьце на адрас ураду краіны абаронцы ўрочышча нагадалі, што ў Курапатах пахаваныя дзясяткі тысячаў закатаваных карнікамі НКВД грамадзянаў Беларусі і што неўшанаваньне гэтага месца кіраўніцтвам краіны ёсьць пасiўнай формай вандалізму. Яны патрабуюць, каб дзяржава ўзяла на сябе адказнасьць у справе мэмарыялізацыі Курапатаў, пачынаючы з усталяваньня агароджы й аховы. Валанцёры будуць дамагацца выкананьня сваіх патрабаваньняў. Гаворыць Яўген Скочка:

— Мы пачакаем, пакуль яны зарэгіструюць гэтую заяву, а потым пабачым і рэакцыю ўладаў. Магчыма, давядзецца зноўку аднавіць вахту. Але я веру, што яны ўрэшце зразумеюць, што нас не перамагчы й Курапаты ня зьнішчыць.

Сёньня ўвечары ў Курапатах будзе зьняты бел-чырвона-белы сьцяг, які сымбалізаваў валанцёрскую прысутнасьць ва ўрочышчы, і ўпершыню ад верасьня ноччу тут нікога не застанецца. Але й надалей будзе працягнутае штодзённае патруляваньне.

Журнал абаронцаў

Апошнi дзень кругласутачнай вахты 3 чэрвеня 2002 году. Ганна Соусь, Сяржук Высоцкi, Марат Гаравы, Павал Севярынец, Уладзiмер Кармiлкiн.

Дыктафон «Свабоды»

(журналісты — пра тое, што засталося па-за этэрам)

Ганна Соусь:

... 20 верасьня. Вечар. Дождж. Я еду ў таксоўцы ў Курапаты. Гадзіну таму скончыла рабіць рэпартаж з інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль у вушах — крыкі абураных людзей, якіх не пусьцілі паглядзець на цырымонію на Кастрычніцкай плошчы. «А дзе гэта Курапаты?» — голас кіроўцы адцягвае ўвагу. Таксіст зьвязваецца з дыспэчарамі, тыя таксама ня ведаюць... Пачынаю тлумачыць. Машына спыняецца на кальцавой дарозе. Ляжаць высечаныя дрэвы. Працуюць бульдозэр і экскаватар. Я выходжу з машыны й дастаю дыктафон...

... Праз тыдзень. У Курапатах гарыць вогнішча. Дымам прапахла ўся вопратка й валасы. А шостай у мяне жывы этэр з Курапатаў. Разам з Уладзімерам Юхо ідзем па лесе. Баюся выпадкова ступіць нагой у яміну-магілу. Халодна й страшна... На дарозе спыняецца вялікая фура, зь яе выходзіць мужчына з пакункам харчоў і аддае яго валанцёрам. Дастаю дыктафон... «Я беларус, і не хачу, каб нас больш стралялі... У Курапатах!» Дагэтуль памятаю твар таго мужчыны...

... 8 лістапада. Дождж. Бруд. Сьвятло ад міліцэйскіх відэакамэр сьлепіць вочы. Гук паваленага крыжа. Крыкі затрыманых. Кроў. Сьлёзы. Пах перагару. Паўсюль міліцэйскі колер. Дыктафон няспынна фіксуе падзеі — шкада, што ўсё ня можа трапіць у этэр...

... 9 лістапада. Раніца. У паліклініцы мне ставяць кропельніцу. Тэлефануюць валанцёры з Курапатаў — ізноў пачаўся разгон лягеру. Не магу дачакацца, калі ж яна дакапае... Сядаю ў таксоўку, галава яшчэ крыху кружыцца. Калі прыяжджаю ва ўрочышча, міліцыя ўжо затрымала абаронцаў. Дастаю дыктафон і пачынаю апытваць сьведкаў разгону. У Курапаты ідуць і ідуць людзі. Праз гадзіну ізноў пачынаецца супрацьстаяньне...

... 24 сьнежня. Вечар. Каляды. Мне тэлефануюць з Курапатаў. Капэлян перадае слухаўку будаўніку з Магілёва. «Хочам даць Вам інтэрвію, мы ня верым другім выданьням. Толькі Радыё Свабода гаворыць праўду пра Курапаты...» Раніцай прыяжджаю ва ўрочышча. Будаўнік, малады мужчына ўжо ў цывільнай вопратцы (сёньня вяртаецца дадому) чакае размовы. Ён быў у той будаўнічай брыгадзе, што працавала 8—9 лістапада. «Вось я ў газэтах чытаў пра тое, што нібыта пасьля гэтых падзеяў некаторыя будаўнікі звольніліся Гэта няпраўда. Мы ўсе засталіся працаваць. Няхай гэта прагучыць па «Свабодзе». Мой дыктафон піша ўсё...

... Вясна. Сонца й сьнег у Курапатах. Штодня адныя й тыя ж людзі ў лягеры. Стомленасьць і пэўная абыякавасьць. Усё цяжэй шукаць нейкі паварот для рэпартажу. Тут нічога не зьмяняецца. Дарога будуецца. Нешта зьмяніць ужо немагчыма. У лягеры — паўгалодная паўсядзёнка. Чакаюць невядома чаго... Часам адчуваньне, што Курапаты анікому ўжо непатрэбныя... «Як можна туды столькі хадзіць?» — дзівяцца калегі й сябры. Але раніцай ногі самі ідуць да прыпынку 24-га аўтобусу. Ад майго дому да Зялёнага Лугу на ім крыху больш за гадзіну... Дарогай трымаю ў руках дыктафон, праслухоўваю ранейшыя запісы, тыя, што не ўвайшлі ў сюжэт...

... 23 траўня. Гэта ня проста супадзеньне. У Алеся Поклада і ў мяне сёньня дзень народзінаў. Яго зараз віншуць у шпіталі калегі па курапацкай вахце. Пра свой дзень я пакуль маўчу. Як звычайна, пішу на дыктафон аднаго з курапацкіх сядзельцаў. Часам здаецца, што ўсё, зьвязанае з тэмай Курапатаў, наканавана мне лёсам. Думаю, што невыпадкова маімі настольнымі кнігамі тры гады запар былі старыя нумары часопісу «Новый мир» — «Архіпэляг ГУЛАГ». Увесь трагізм рэпрэсіяў адчуваю тут, каля ямаўмагілаў. А найбольш востра тады, калі некаторыя былыя вязьні ГУЛАГу, прыходзячы ў Курапаты, адмаўляюцца гаварыць на дыктафон. Яны дагэтуль баяцца...

... 3 чэрвеня. Ня веру, што гэта мой апошні дзень у Курапатах. Гэта толькі дзень заканчэньня вахты памяці, дзень сыходу валанцёраў. Майму дыктафону яшчэ шмат давядзецца працаваць у Курапатах...

Альгерд Невяроўскі:

Дзень 9 лістапада 2001 году.

Прыяжджаю раніцай на канцавы прапынак «Зялёны Луг», ад якога да Курапатаў прыкладна 200 мэтраў, і бачу вялікі натоўп людзей. Міліцыянты сталі ланцугом і нікога не прапускаюць ва ўрочышча. Лідэры апазыцыі тут жа ладзяць імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю.

Сярод натоўпу розных людзей я заўважыў пажылага спадара, які вылучаўся шляхетнасьцю сваёй мовы й паводзінаў. Ён спакойна тлумачыў людзям, у чым каштоўнасьць гэтага Курапацкага лесу, і чаму маладыя людзі сталі на абарону магілаў.

Я разгаварыўся з гэтым чалавекам, якога клічуць Анатоль Татарскі. Спадар Анатоль вольна гаварыў ня толькі па-беларуску й расейску, але й па-ўкраінску й польску. Ён паходзіць з галіцыйскай Украіны, з-пад Львова. Выхаванец варшаўскай школы езуітаў, пасьля салдат Украінскай Паўстанцкай Арміі. Браў удзел у баях з бальшавікамі, за што пасьля разгрому УПА на 8 гадоў трапіў у ГУЛАГ. Цяжка працаваў у лягерах і ўранавых капальнях Усходняга Сыбіру, там пахаваў шмат сваіх сяброў па зброі, сярод якіх былі й беларусы. Пасьля вызваленьня жыў у розных месцах СССР, бо ва Ўкраіне яго, «буржуазнага нацыяналіста» й «ворага народу», не хацелі прапісваць. Урэшце ажаніўся зь беларускай і прыехаў у Менск. Спадар Татарскі казаў мне, што беларусам трэба вяртаць сваю нацыянальную памяць і сьвядомасьць. А Курапаты, на ягоную думку, ёсьць адным з самых трагічных сымбаляў беларускай гісторыі. Цікава было назіраць, як гэты абсалютна не савецкі чалавек даводзіў выхаваным у савецкіх традыцыях людзям, чаму трэба шанаваць сваю гісторыю й продкаў.

Тыя спачатку глядзелі на яго як на іншаплянэтніка, маўляў, пра што гэта ён.

Пасьля я ня раз бачыў Анатоля Татарскага ў Курапатах, у валанцёрскім лягеры. Ён прыносіў хлопцам і дзяўчатам цёплыя рэчы й харчаваньне, падбадзёрваў іх словам. І заўсёды запрашаў усіх у госьці ў сваю невялікую кватэру ў Зялёным Лузе.

Ягор Маёрчык:

Аднойчы Курапаты наведаў галяндзкі студэнт Ёст Сьлім. Безь пяці хвілінаў выпускнік вышэйшай школы журналістыкі прыехаў рабіць творчую дыплёмную працу пра Беларусь. Кажа, што ведаў пра Курапаты выключна з мэдыяў. І вось цяпер ён рады, бо мае магчымасьць пабачыць усё на свае вочы.

З самага пачатку яго ўразілі крыжы, дзясяткі крыжоў, якія валанцёры ўкопвалі ўздоўж будучай Менскай кальцавой дарогі.

Наступным сюрпрызам была падрабязная мапа Курапатаў з пазначанымі на ёй пахаваньнямі. Ёст быў зьдзіўлены колькасьцю магілаў, шчыльнасьцю іхнага знаходжаньня. І яшчэ двума фактамі: нэкропаль фактычна разрэзаны дарогай, жылыя дамы мікрараёну Зялёны Луг збудаваныя вельмі блізка да магілаў. Пазьней у лягеры зьявіўся Мікола Крывальцевіч. На просьбу Ёста ён зрабіў гістарычную экскурсію па Курапатах І вось мы на самым версе нэкропалю. У некалькіх мэтрах ад крыжоў. Спадар Крывальцэвіч апісвае працу энкавэдыстаў: як ахвяраў прывозілі сюды, як ставілі іх на ўскрайку ямы, як расстрэльвалі, як закапвалі і як пасьля ўсяго гэтага забойцы йшлі на танцы ў суседнюю вёску. Эўрапеец ня верыць сваім вушам. Некалькі разоў перапытвае пра асобныя моманты: ці правільна ён зразумеў Напрыканцы Ёст просіць спадара Крывальцэвіча паказаць, як вонкава выглядае пахаваньне, каб сфатаграфаваць.

Гісторык ляканічна адказвае: «Вы стаіцё на ўскрайку пахаваньня». Галяндзец літаральна падскоквае і робіць крок убок. «А цяпер, — кажа Мікола Крывальцэвіч, — вы стаіцё на самой магіле». У спадзяваньні апынуцца на «чыстай» зямлі Ёст ліхаманкава робіць яшчэ адзін крок. Але чуе жорсткае: «Вы ўжо трапілі на тэрыторыю іншай магілы».

За дзьве гадзіны ў Курапатах Ёст Сьлім адшчоўкаў некалькі фотастужак, ягоны дыктафон не выключаўся. Сам ён увесь час вымаўляў адно толькі слова — «unbelievable!», што ў перакладзе з ангельскай значыць «неверагодна».

Паказьнік асобаў

А

Абакунчык Галіна, карэспандэнт Радыё Свабода 439, 444

Абакунчык Яўген, намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну 112, 115

Абламейка Сяргей, карэспандэнт Радыё Свабода 98

Абрамава Вольга, дэпутатка палаты прадстаўнікоў 45, 50, 70

Агмень Арцём з Магілёва 5

Адамовіч Алесь, пісьменьнік 4, 418

Адольф, дзядзька Ірыны Важнік, рэпрэсаваны 354

Азараў Валер 117

Акаловіч Леанід, сьвятар 72, 73, 75, 89, 124, 126, 148, 161, 162, 164, 173, 184, 227, 240, 255, 379, 411

Алена, пэнсіянэрка 185

Алесь са Шклова 209, 210

Аляксандра, пэнсіянэрка 34

Аляксей, школьнік зь Зялёнага Лугу 317

Анатоль, будаўнік з Бабруйску 15, 16

Анджыеўская Аляксандра 5

Андронаў Уладзімер, тэлеапэратар 137

Андросік Ларыса, старшыня аб’яднаньня «Дыярыюш» 252

Андрыеўскі Аляксандар, хакеіст 286

Андрэй, будаўнік з Магілёва 195, 200

Апет Віталь з Крупак 5, 393

Аркадзь, пэнсіянэр 71

Арцём з Магілёва 209, 210

Арэшка Вацлаў, культуроляг 69, 252, 270, 283, 334, 335, 340

Астроўскі Алесь, прафэсар з Горадні 242, 268

Атрошчанкаў Аляксандар 5

Атрошчанкаў Цімох 5, 99, 203, 204, 215, 401, 424

Афнагель Яўген 5, 106, 131, 157, 178, 207, 208, 216, 218, 219, 229, 243

Ачапоўскі Лявон 222

Б

Багдановіч Максім, паэт 429

Байсюк Мікола, актывіст БНФ з Горадні 268

Бандалевіч Станіслаў, архітэктар 358

Бандарук Кастусь, карэспандэнт Радыё Свабода 145

Бандарчук Іван, рэпрэсаваны 188

Бандарэнка Зьміцер, палітык 111, 113—115, 123, 195—197

Бандэра Сьцяпан, будаўнічы начальнік 25

Баравік Кацярына 5

Баравы Міхаіл, міністар транспарту і камунікацыяў 50, 51, 64

Барадулін Рыгор, паэт 36

Баранаў Валянцін, актывіст БНФ 268

Баркун Павал, настаўнік гісторыі 330

Бароўская Тацяна, пэнсіянэрка 104, 105

Барысевіч Аляксандар, прадстаўнік «Магістральаўтадору» 28

Басава Стася 5, 281, 436

Басін Якаў, прэзыдэнт аб’яднаньня прагрэсіўнага юдаізму 334

Бачыхін Віктар, бард з-пад Смаленску 243

Беленькі Юрась, намесьнік старшыні КХП БНФ 21, 90

Белы Анатоль, старшыня клюбу «Спадчына» 344, 345

Берыя 101

Більдзюк Дзяніс 6, 198, 199, 202, 308, 317, 318, 323, 364, 370, 400, 410, 416, 424, 426, 427

Блізьнюк Алесь з Радашкавічаў 88

Бранштэйн Якаў, пісьменьнік, рэпрэсаваны 411

Брыль Янка, пісьменьнік 310

Будзько Андрэй 116, 178

Буйвал Валеры, прэсавы сакратар КХП БНФ 47, 89, 109, 114, 130, 136—138, 328, 388, 407

Бураўкін Генадзь, паэт 91

Бусло, начальнік Савецкага РАУС 363, 365

Бухарын 441

Быкаў Васіль, пісьменьнік 36, 64—68, 91, 102, 277, 278, 292, 311

Бягун Рацібор, жыхар Зялёнага Лугу 122, 429

Бяляеў Аляксандар, хакейны трэнэр 286

Бяляцкі Алесь, палітык 120

В

Важнік Ірына 353, 354

Вайтовіч Аляксандар, кіраўнік Нацыянальнага сходу 273

Валадзько Ўладзіслаў 131, 178

Валер, будаўнік з Магілёва 420

Валянцін, пэнсіянэр 71

Васілеўскі Генадзь, начальнік Бараўлянскай міліцыі 126, 130, 137, 138, 181

Васіль з Барысава 406

Васіль, будаўнік 388, 427

Васіль, дзед Арыны Вячоркі, рэпрэсаваны 377

Васіль, пэнсіянэр 34, 323

Венцлава Томас, пісьменьнік 438, 439

Вера, жыхарка Зялёнага Лугу 255, 288

Віктар, геадэзіст 345

Вітушка Сяржук зь Вільні 57

Вогнеў Юры 117

Войцэх, дзядзька Ўладзімера Кішкурны, рэпрэсаваны 431, 432

Вольга, дачка Ірыны Важнік 354

Вольга, пэнсіянэрка 146

Вольны Анатоль, паэт, рэпрэсаваны 411

Восіпаў Яўген з Барысава 412, 413, 430

Высоцкі Сяржук, лідэр БПС 6, 7, 10, 125, 148, 149, 152, 170, 172, 173, 183, 186, 187, 196, 208, 215, 220, 227—229, 232, 234, 235, 240, 243, 247, 248, 259, 260, 262, 268, 269, 285, 286, 298, 312, 320, 326—327, 332, 333, 342, 345, 348, 350—352, 355, 359, 360, 362—364, 372, 382, 389, 390, 396, 397, 401, 404, 410, 421, 422, 424, 426, 428, 433, 435, 444, 445, 447

Вэрн Жуль, пісьменьнік 278

Вязоўскі Глеб 6, 112, 114, 143, 188, 209, 262, 266, 277—279, 282, 285, 286, 291, 294, 312, 333

Вязьмін Мікола 115

Вяргей Валянціна, археоляг 29, 141, 191, 246, 316

Вярцінскі Анатоль, паэт 64, 275, 276, 412

Вяткіна Ірына 6, 161, 277, 281, 284, 305, 306, 331, 333, 336, 337, 369, 371, 372, 376, 379, 381—383, 385

Вячорка Арына 377

Вячорка Вінцук, старшыня БНФ 24, 40, 49, 93, 119, 120, 123, 133, 151, 327, 438, 442

Вячорка Ружана 377

Г

Галубок Уладзіслаў, драматург, рэпрэсаваны 411

Ганчар Віктар, палітык, зьніклы бязь вестак 102

Ганчарык Уладзімер, палітык 36

Гаравы Марат 447

Гарбачоў, дырэктар кінастудыі 418

Гатоўскі Эвальд, пэнсіянэр 32, 408

Гаўнт Дэвід, швэдзкі прафэсар 329

Герасімава Нэлі, гісторык 299

Гетман Алесь, гл. Цялегін Алесь

Гілевіч Ніл, паэт 91, 241

Гіль Мікола, пісьменьнік 64

Глод Уладзімер, карэспандэнт Радыё Свабода 119, 191

Гнедчык Алег 6, 298, 342, 343, 436

Гразнова Людміла, палітык 115, 123, 354, 443

Грахоўскі Сяргей, паэт 357

Грушавая Ірына 397

Грушавы Генадзь, старшыня фонду «Дзецям Чарнобыля» 294, 295, 324, 341, 343, 396, 422, 423

Грыб Ян 377

Грыцэль Зьміцер, судзьдзя 297, 313

Гуранкоў, намесьнік начальніка Савецкага РАУС 365

Гусакоў Мікола, геадэзіст 349

Д

Дайнэга Мікола, спэцыяліст Камітэту аховы спадчыны 123, 369, 370

Дамашкевіч Мікалай, кіраўнік Менскай вобласьці 142

Данілава Сьвятлана з Барысава 253, 254

Дар’я, удзельніца талакі 125

Дарафеенка Ўладзімер, лекар 374, 382, 401

Дашкевіч Зьміцер 6

Дземідовіч Надзея, былая палітзьняволеная 88, 411

Дземчанка Генадзь 416

Дзікавіцкі Аляксей, журналіст 128

Доўбыш, чыноўнік пракуратуры 190

Драб Алесь 6

Драздоў Генадзь, мастак 141

Дранец Алесь, скульптар 287, 347

Дранковіч Андрэй, рэпрэсаваны 211

Дранковіч Генадзь (Барада) 6, 131, 153, 178, 211, 212, 215, 220, 333, 435

Дранковіч Сяргей 7

Дрэвiц Вера, пэнсіянэрка 183, 227, 228

Дубінскі Сяргей, археоляг, рэпрэсаваны 78, 93, 411

Дуброўская Аліна, сяброўка КХП БНФ з Койданава 348

Дудар Алесь, паэт, рэпрэсаваны 411

Е

Еліна Марыя, школьніца 88

Емяльянаў Мікалай, архітэктар 296

Еўтушэнка Яўген, паэт 418

Ж

Жданоўскі Міхаіл, кінарэжысэр 293, 417—419

Жук Алена 7, 405, 406

Жукоўская Лізавета, жыхарка Зялёнага Лугу 118

Жывалеўскі Хведар 7, 94, 116, 132, 138, 155, 158, 164, 177, 308— 310

Жыхар Ірына, каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» 30, 35, 59, 69, 74, 111, 113, 123, 124, 129, 133, 150, 168, 215, 270, 299, 300, 332, 340, 434

З

Завадзкі Зьміцер, тэлеапэратар, зьніклы бязь вестак 102

Задарожны, начальнік будаўніцтва на ўчастку каля Курапатаў 148, 149

Зайцаў Андрэй з Гомеля 7, 208

Законьнікаў Сяргей, паэт 311

Зарэцкі Міхась, пісьменьнік, рэпрэсаваны 411

Захаранка Юры, палітык, зьніклы бязь вестак 102

Захарэвіч Зьміцер 7, 158, 194, 302, 403, 443, 444

Здань Зьміцер 7

Знавец Павал, палітык 394

Зося, пэнсіянэрка 220

Зяневіч Ігар, маёр міліцыі 137, 371, 386

Зяневіч Яўген, амонавец 136

I

Іванавіч Вера 98, 99

Івановіч Тамара, пэнсіянэрка 207

Ігар, будаўнік 393, 394

Ігнатоўскі, акадэмiк 411

Ігнатоўскі Валянцін, рэпрэсаваны 411

Ігнатоўскі Юры, рэпрэсаваны 411

Іоў Алег, археоляг 52, 56, 57, 58, 74, 112, 129, 135, 139—141, 143, 146, 188, 230, 245, 246, 252, 316

Ірына, жыхарка Зялёнага Лугу 71

Ісакаў Сяргей, намесьнік дырэктара «Магістральаўтадору» 78, 425

К

Каваленя Аляксандар, археоляг, рэпрэсаваны 78, 93, 411

Кавалёў Васіль, пісьменьнік, рэпрэсаваны 411

Кавалец Аляксей, сакратар управы БНФ 389

Кавешнікаў Віктар, актывіст КХП БНФ 115, 116, 178

Казадаеў Руслан, судзьдзя 156, 177, 382

Казакевіч Раман 7, 131, 175, 177

Казачэнка Яўген, дырэктар Магілёўскай дарожна-будаўнічай управы №14 226

Калантай Аляксандар, дырэктар інстытуту «Менскград» 150, 151

Каліноўскі Валер, журналіст 75, 77, 104, 119, 127, 337, 356, 380

Калядзінскі Лявон, археоляг 141

Канаш Мікола, былы вязень ГУЛАГу са Жлобіна 289, 290

Канаш Сафія, былая зьняволеная ГУЛАГу 289, 290

Кантаўтайтэ Марыя 7, 363, 364, 366

Капарыха Мікола, сябра КХП БНФ 348

Капэлян Аляксей 7, 140, 146, 154, 156, 159, 162, 163, 170, 171, 174, 182, 186, 189, 190, 194, 200—203, 206, 207, 211, 212, 220—223, 225, 228—231, 233, 448

Каранеўскі Язэп, рэпрэсаваны 411

Караткевіч Уладзімер, пісьменьнік 277, 278

Кармілкін Уладзімер, фатограф 76, 77, 79, 292, 293, 365, 375, 379, 447

Кароль Аляксей, палітык 115, 121, 123, 394

Карпенка Кацярына 8, 160, 301, 302, 305, 341

Касінюк Ала 440

Касінюк Ніна 440

Касьпяровіч Зьміцер 8

Катлярчук Андрэй, навуковец 329

Кацянкова Вольга, актывiстка КХП БНФ 31, 32, 298

Качаноўскі Аляксей, рэпрэсаваны 224, 225

Качаноўскі Георгі, наведнік 224

Качаноўскі Сяргей, наведнік 224

Кашталян Ірына 8, 131, 178

Кійко Натальля 8, 437

Кійко Рыгор, мастак 44, 111, 114, 123, 178, 436, 437

Кір’янаў Алесь 18, 19

Кірылаў Зьміцер, геадэзіст з Магілёва 184

Кірычэнка Іван, старшыня Камітэту міру 273, 311, 312

Кісялёў Сяргей, дэпутат палаты прадстаўнікоў 191

Кішкурна Іосіф, рэпрэсаваны 431, 432

Кішкурна Ўладзімер, сябра Сойму БНФ 129, 135, 165, 167, 277, 301, 304, 377, 388, 425, 431, 432, 443

Клімаў Яўген з Горадні 131, 178

Клінтан Біл, прэзыдэнт ЗША 33, 56, 179—181, 231, 232, 233, 235, 239, 242, 244, 247, 250, 253, 261, 279, 286, 292, 404, 412

Кляшторная Мая, старшыня Мартыралёгу Беларусі 24, 29, 37, 92, 121, 129, 178, 179, 181, 187, 216, 283, 295—297, 354, 355, 369, 370, 397, 407, 424, 425, 434

Кляшторны Тодар, паэт, рэпрэсаваны 295, 411

Ковель Марына, школьніца 330, 331

Козак Майкл, амбасадар ЗША 237, 238, 239, 242

Корбан Алег 8, 298

Коршак Міхал, рэпрэсаваны 99

Космач Павал, студэнт-гісторык 21, 51

Кошалеў Віталь 8, 31, 74

Красоўскі Анатоль, бізнэсовец, зьніклы бязь вестак 102

Крукоўскі Мікола, філёзаф 217

Крывальцэвіч Мікола, археоляг 41, 77, 93, 141, 149, 159, 160, 252, 263, 315, 316, 329, 348, 349, 355, 377, 448, 451

Крыварот Анатоль, актывіст КХП БНФ 389, 429

Крывіцкая Лідзія, жыхарка Зялёнага Лугу 24, 25

Крэчэтнікаў Мікалай, аўтар праекту пашырэньня дарогі 150, 151, 231, 232, 424

Кудрашоў Віктар, археоляг 139, 141

Кузьняцоў Ігар, гісторык 59, 252, 261, 315, 334

Кулік Яўген, мастак 264

Кульбак Майсей, пісьменьнік, рэпрэсаваны 411

Купава Мікола, мастак 264, 287

Купала Янка, паэт 238

Купчанка Вераніка 8, 131, 178

Куўшынава Вольга 8, 399, 400, 408

Куўшынава Ларыса, наведніца 227

Л

Лаеўская Вераніка 8, 440

Лапіцкі, старшыня Менскай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 123, 124

Лашук Ігар, сьвятар 89

Лейпч Інэса, сяброўка КХП БНФ 19, 44

Лінхоф Ліана, наведніца зь Нямеччыны 397

Ліпкін Валеры, дэпутат палаты прадстаўнікоў 252

Лісічонак Сяржук 9, 180

Лісоўскі Станіслаў з Капыльшчыны 257, 258

Лістапад Юрка, палітык, рэпрэсаваны 257

Лук Павал, скульптар 347

Лукашук Аляксандар, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода 4, 64—68, 100—102, 293, 417

Лукашэнка Аляксандар, прэзыдэнт РБ 14, 24, 35, 41, 42, 48, 53, 54, 60, 61, 84, 91, 114, 118, 120, 121, 123, 125, 127, 128, 133, 142, 144, 145, 203, 210, 286, 325, 358, 373, 387, 392, 417, 448

Лук’янчыкаў Сяргей, дырэктар кінастудыі 419

Лунёва Любоў, карэспандэнт Радыё Свабода 86, 115, 130, 132, 136, 137, 144, 153, 156, 166, 175, 177, 313, 350, 352, 359, 366, 388, 406

Лыско Ўладзімер, геадэзіст 222

Лыцін Анатоль, дырэктар «Магістральаўтадору» 49, 58, 74, 80, 81, 232, 234, 235

Лябедзька Анатоль, палітык 115, 123

Лявонны Юрка, паэт, рэпрэсаваны 411

Ляўданскі Аляксандар, археоляг, рэпрэсаваны 78, 93, 411

Ляўковіч Аляксей 9

М

Маёрчык Ягор, карэспандэнт Радыё Свабода 14, 36, 141, 173, 183, 190, 308, 360, 451

Мазай Ніна, старшыня камісіі ў справе Курапатаў 65, 276

Мазынскі Валеры, рэжысэр 411

Майстар Маліна, наведніца зь Нямеччыны 397

Макоўскі Сяргей, лясьнічы 253, 259, 260

Малiноўскi Максiм 12

Мамойка Зьміцер, пастар 335

Марачкін Алесь, мастак 115, 120, 141, 263—265, 269, 270, 283, 287, 311, 355

Маркавец Віктар, мастак 264

Мароз Алесь, рэпрэсаваны 227

Мароз Курэй, рэпрэсаваны 227

Мароз Міхал, рэпрэсаваны 227

Масюта Ангеліна, актывістка КХП БНФ 22, 398

Матукоўскі Мікалай, пісьменьнік 102

Мацкевіч Валянцін, інжынэр 222—224, 244, 285

Мацкевіч Сільвэстар, рэпрэсаваны 438

Мацкевіч Сяргей 438

Мацкевіч Тамара 438

Мацко Юрась, мастак з Горадні 278

Мацкойць Сяржук 9, 27, 33, 59, 224, 301, 333, 339, 364, 375, 376, 381—383, 385, 387, 407, 413, 440

Машкевіч Марыюш, амбасадар Польшчы 239, 241

Машэль Валянцін, лекар 393, 395, 406

Мейкін Зянон з Астраўца 73

Мікалай, брат Васіля Быкава 102

Мікола, жыхар Зялёнага Лугу 196

Мікола, лясьнік 266

Мінін Аляксандар, намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў 86, 87, 176

Мінкевіч Марыя 98, 99

Мірончык, скульптар 344

Міхайленка Валеры, галоўны інжынэр «Інтэрвэстбуду» 309

Міхал, будаўнік з Магілёва 25

Міхноў Сяргей, сябра Сойму БНФ 129, 165, 167, 266, 277, 425

Мішын Лявон 18

Мурашка Віктар, рэпрэсаваны 313

Мурашка Мікалай, рэпрэсаваны 313

Мурашка Ўладзімер, рэпрэсаваны 313

Мядзьведзеў Аляксандар, археоляг 141

Мяцельскі Андрэй, археоляг 129, 141

Н

Навасяд Уладзімер, дэпутат палаты прадстаўнікоў 50, 191

Навіцкі Генадзь, кіраўнік ураду 60, 133, 273, 328, 331, 340

Навумаў, міністар унутраных справаў 64

Надсан Аляксандар, сьвятар 264

Назарава Яўгенія, жыхарка Зялёнага Лугу 71

Невяроўскі Альгерд, карэспандэнт Радыё Свабода 4, 25, 29, 35, 40, 41, 48, 51, 56—59, 68, 87, 117, 132, 147, 148, 150, 154, 159, 160, 162—164, 167—170, 172, 174, 175, 178, 180, 182, 202, 212, 234, 241, 243, 254, 262, 270, 278, 279, 284, 287, 288, 298, 299, 305, 306, 318, 320, 330, 334, 338, 339, 342, 354, 362, 368, 374, 383, 389, 402, 421, 430, 450

Ніна, пэнсіянэрка 84

Нядбальскі Сяргей, мастак 222

Нямковіч Вацлаў, старшыня Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» 86, 248, 249, 361

О

О’Ніл, супрацоўнік амбасады ЗША 369

Осіпава 67

П

Павал з Барысава 362

Падабед Юры, кіраўнік менскага АМОНу 123, 126

Пазьняк Зянон, старшыня КХП БНФ 3, 53, 56, 60, 64, 65, 67, 82, 89, 103, 184, 185, 219, 239, 245, 246, 264, 268, 275, 276, 293, 303, 314, 317, 318, 329, 348, 417—419, 424, 432, 441, 443

Паклонская Людміла 9, 146, 162, 163, 179, 187, 288, 294, 295, 326, 329, 401

Панковы, браты, хакеісты 286

Панкоў Міхась 9

Папкоў Сяргей, намесьнік старшыні КХП БНФ 20, 21, 76, 77, 81, 85, 88, 114, 121, 175, 177, 340

Папоў Вадзім, старшыня палаты прадстаўнікоў 191, 252, 273

Папоў, міліцэйскі начальнік 201

Парфянкоў Васіль 9, 115, 198, 199, 202, 220, 225, 270, 271, 277, 284, 298, 300, 305, 308—310, 312, 330, 333, 341, 346, 351, 352, 356, 363—367, 371, 372, 376, 378, 379, 381—383, 385, 386, 388, 398, 403, 420, 421, 424, 428, 430, 432—434

Паслаўскас Ёнас, амбасадар Літвы 239—241

Паўлаў Міхаіл, мэр Менску 71, 296

Пётар, сьвятар 410

Пешкава Тацяна, архітэктар 358

Піткевіч Алесь 9

Пласкавіцкі Зьміцер, школьнік 330, 331

Плотнікаў Уладзімер 115, 177, 297, 312—314

Поклад Алесь 9, 339, 363—367, 371—374, 382, 388, 390, 393, 395, 396, 401, 403, 405, 406, 409, 413, 422, 427, 428, 436, 449

Посахаў Сяргей, памочнік Лукашэнкі 123, 124, 133

Процька Тацяна, праваабаронца 217

Прыгара Галіна, карэспандэнт Радыё Свабода 92

Пуршкэ Маркус, наведнік зь Нямеччыны 402

Пятроўскі Сяргей, кінаапэратар 419

Р

Радзіна Натальля, журналістка 112

Радзюк Алег 437

Радзюк Барбара 437

Радкевіч Франусь 358

Разуміловіч Бэата, прадстаўніца КНГ АБСЭ 119, 127

Рак-Міхайлоўскi Сымон, рэпрэсаваны 411

Раманоўскі Алесь 130

Раманцоў Уладзімер 114, 177

Руноў Генадзь, судзьдзя 115, 130, 137, 138

Русак Пётра, мастак 141

Рыгор, будаўнік 427

Рымараў Асон, рэпрэсаваны 380

Рымараў Мікалай 380, 381

Рэзьнікава Аляксандра з Санкт-Пецярбургу 129, 130

Рэлява Аксана, судзьдзя 153, 156, 157, 166, 177

С

Садоўскі Лявон 115, 122, 131, 178

Сакалоўская Любоў, актывiстка КХП БНФ 17—19, 362, 376

Самойлаў Глеб, кіраўнік РНЕ 248

Самончанка Алесь 9

Сапежка Аляксандар 358

Сапелка Павал, адвакат 166

Сарока Аляксей з Крупак 9, 393

Сас Уладзімер 390, 395

Сасім Мікіта 9, 83, 131, 134, 155—157, 166, 174, 178, 274, 275, 278

Сасноўскі, міністар культуры 419

Сахараў Сяргей, сакратар ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» 129, 179, 185, 251, 252, 274

Севярынец Павал, старшыня Маладога Фронту 10, 23, 27, 29—31, 40, 43, 44, 48, 58, 60, 61, 93, 105—107, 108, 113, 114, 116, 120, 122, 125, 130, 132, 138, 171, 172, 177, 180, 207, 208, 215—219, 229, 231, 232, 259, 260, 326, 333, 372, 376, 385, 424, 442, 447

Селанцеў Уладзімер, наведнік 385

Сіротава Дыяна, лекарка 390

Сіўчык Вячаслаў, намесьнік старшыні БНФ 81, 84, 93, 108, 111, 113, 114, 116, 121, 126, 136—138, 178, 360, 363, 364, 366, 372, 373, 380, 381, 385

Скіргайла, дудар 326

Скочка Яўген 10, 372, 383—385, 403, 417, 430, 443, 445

Сокалаў-Воюш Сяржук, бард 99

Соня, жыхарка Зялёнага Лугу 117, 118

Соусь Ганна, карэспандэнт Радыё Свабода 4, 15, 16, 18, 20—23, 27, 31, 32, 43, 45, 46, 50, 60, 62, 63, 70, 72, 73, 78, 80, 82, 83, 85, 89, 90, 92—94, 98, 106, 107, 109—112, 114, 122, 124, 129, 134, 139, 142, 145, 152, 155, 157, 184, 186, 188, 189, 194, 195, 197, 198, 200, 203, 204, 206, 207, 209, 210, 213, 214, 216, 219—222, 224, 225, 227—229, 231, 232, 235, 238, 240, 242, 244—246, 248, 250, 251, 253, 256, 258, 259, 261, 264—269, 272—275, 277, 280, 282, 285, 289, 291, 292, 294, 295, 300—302, 304, 309, 310, 312, 315, 317, 323, 324, 326— 328, 331, 332, 336, 341, 344, 345, 346, 348, 349, 351, 353, 257, 359, 361, 364, 369, 371, 375, 381, 384, 386, 387, 390, 391, 393—396, 398—400, 403, 405, 408, 409, 410, 412, 416, 417, 419, 422, 423, 426—429, 431—436, 438, 442, 447, 448

Сталін 101, 145

Станіслаў, будаўнік з Магілёва 420

Станкевіч Браніслава, журналістка 321

Сташкевіч, дырэктар Інстытуту гісторыі АН 112

Стоцiк Мікола 389, 419

Страмкоўская Вера, адвакатка 297, 314, 382

Стругацкія браты, пісьменьнікі 262

Стужынская Ніна, гісторык 256, 257

Стукач Уладзімер, сьвятар 306—308

Сугака Цімох 10, 116, 138, 178, 291, 304, 323, 326

Сурвілла Івонка, старшыня Рады БНР 92, 108, 165, 220, 367

Сычоў Аляксандар, намесьнік міністра замежных справаў 239

Сьвінкоўскі, рэпрэсаваны 357

Сьвірко Юры, журналіст 53

Сьвятлана, жыхарка Зялёнага Лугу 117, 118

Сьлім Ёст, галяндзкі студэнт 451

Сьцешык Яраслаў 10, 79, 110, 113, 131, 177, 178

Т

Табушава Ірма, актывістка БНФ 122

Талстоў Аляксей 10, 47, 164

Тарала Аляксандар, пэнсіянэр 338

Тарас Віталь, карэспандэнт Радыё Свабода 217—219

Тарасевіч Зінаіда, старшыня Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 327

Тарашкевіч Браніслаў, палітык і навуковец, рэпрэсаваны 91

Тарнаўскі, генпракурор 66

Татарскі Анатоль, былы вязень ГУЛАГу 324, 325, 450

Татур Віктар 358

Тачкар Аляксандар, судзьдзя 132, 136, 137

Ткачэнка Мікола 131, 156, 178, 349

Трафімаў Алесь, лясьнік 266, 319

Трыгубовіч Валянціна, мастацтвазнаўца 331, 334, 391, 425

Трэмбіцкая Валянціна, жыхарка Зялёнага Лугу 118, 442

Тэфэндар Джэкі, швэдзкі навуковец 329

У

Уладзімер, будаўнік з Магілёва 15, 16

Уладзімер, будаўнік зь Менску 394, 413

Уладзімер, пэнсіянэр з-пад Ракава 185

Уладзімер, сьвятар з царквы ў Зялёным Лузе 73

Уладыка Ігар, намесьнік кіраўніка абласной міліцыі 64, 82

Ульфсан Уля, швэдзкі навуковец 329

Ф

Фабішэўскі Вацлаў, рэпрэсаваны 197

Фабішэўскі Юрась 10, 131, 136, 178, 197, 198, 225

Фёдараў Аляксей, дырэктар інстытуту «Белгіпрадор» 36, 37

Фёдараў Анатоль з Магілёва 268

Філарэт, мітрапаліт 307

Фіцджэралд Мэгі, першая сакратарка КНГ АБСЭ 369

Х

Хадыка Юры, намесьнік старшыні БНФ 334

Халіп Уладзімер, мастацкі кіраўнік кінастудыі 418

Хашчавацкі Юры, кінарэжысэр 323, 324

Хвастоў, міністар замежных справаў 239

Хілько Юры, мастак 141

Хрып Іван, рэпрэсаваны 253

Худая Марыя, дэпутатка палаты прадстаўнікоў 50

Ц

Церашкоў Андрэй 129

Цімох, 20-гадовы валанцёр 205—206

Цімохаў Сяргей, мастак 141

Цiхановiч Алена, карэспандэнт Радыё Свабода 100

Ціцянкова Вера, актывiстка КХП БНФ 17—19, 135, 136

Цішурова Жана 338

Цялегін Алесь (Гетман) 10, 85, 105, 106, 116, 125, 131, 134, 140, 147, 161, 164, 167, 172, 176, 178—180, 184, 187, 217—219, 240, 241, 242, 244, 247, 250, 251, 253, 255, 259—261, 266, 267, 269, 272, 274, 275, 277, 278, 288, 291, 292, 294, 295, 301, 302, 312, 317—319

Цямашка Пятрусь (Чуб) 10, 270, 271, 278, 281, 284

Цяцёркін Мікола 11, 399

Ч

Чарняўскі Ігар, намесьнік дырэктара Дэпартамэнту аховы спадчыны 296

Чарняўскі Міхась, археоляг 141, 302, 303, 394

Чахольскі Алесь, сакратар управы КХП БНФ 335—338, 368, 407, 412, 438

Чуб Пятрусь, гл. Цямашка Пятрусь

Чыкалёў Дзяніс з Гомеля 11, 44, 271, 272

Ш

Шакалаў Валеры, галоўны інжынэр будоўлі на ўчастку ля Курапатаў 152

Шарамет Міхаіл 11

Шарамет Павал, журналіст 148, 149

Шаранговіч Васіль, мастак 65, 66, 310, 346, 347

Шатэрнік Алесь, скульптар 181, 239, 276, 279, 280, 287, 327

Шашкель Пятро, сябра КХП БНФ 377

Шкурынскі Антось 11, 254, 270—272, 278, 281, 282, 284, 286, 291, 298, 304, 305, 312, 324, 326, 328, 333, 342, 343, 350, 352, 353, 363, 364, 366, 376, 409, 410, 417, 428, 430, 433

Шляхціч Уладзімер 11

Шмыгалёў Яўген, суаўтар артыкула «Курапаты – дарога сьмерці» 3, 64, 65, 275, 424

Шольц Даніэль, наведнік зь Нямеччыны 402

Штурман Антось 11

Шунейка Яўген, мастацтвазнаўца 287

Шушкевіч Станіслаў, палітык 36, 115, 123, 239, 241

Шчурко, намесьнік міністра ўнутраных справаў 64

Шыкурава Арына 11, 95

Шылягаў Ігар, будаўнік з Магілёва 213, 214

Шынкевіч Сяргей, сябра БНФ 386

Шыркоўскі, старшыня КГБ 101

Шыцікаў Уладзімер з Гомеля 104

Шэін Аляксей 11, 128

Шэйко Іна, судзьдзя 156, 157

Ю

Юнк Вольф, наведнік зь Нямеччыны 402, 403

Юры, прараб з Магілёва 226

Юхневіч Павал 12

Юхо Іосіф, рэпрэсаваны 229

Юхо Ўладзімер, сакратар управы КХП БНФ 14, 76, 77, 82, 91, 110, 113—116, 122, 130, 142, 152—154, 178, 210, 229, 319, 335, 336, 355, 356, 385, 386, 388, 398, 407, 419, 429, 438, 448

Я

Ягораў Андрэй 12, 131, 153, 177

Ядранцаў Ільля 12, 242, 243, 320, 404

Ядчэня Зьміцер 12, 27, 33, 45, 46

Яжоў 441

Яноўскі Казімер, карэспандэнт Радыё Свабода 104

Янсан Інгмар, швэдзкі навуковец 329

Янушкевіч Валяр’ян, скульптар 347

Ярац Міхал, геадэзіст 28

Ярмошын, кіраўнік ураду 31

Яўген, жыхар Зялёнага Лугу 171, 196, 285, 291, 306, 400

Оглавление

  • Жывыя ў Курапатах
  • Моладзь у абарону Курапатаў
  • Рэпартажы
  • Дыктафон «Свабоды»
  • Паказьнік асобаў Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Дарога праз Курапаты», Радыё Свабода

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!