«Віленскія казкі»

378

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Віленскія казкі (fb2) - Віленскія казкі 203K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Адам Глобус

Адам ГЛОБУС

ВІЛЕНСКІЯ КАЗКІ

Шэрыя людзі

Казалі, што ў горадзе ёсць Галоўны. Чуткі хадзілі, што без Яго нічога важнага ў Вільні не робіцца. Як скажа Галоўны - так яно і будзе. Ніхто дакладна не ведаў ні прозвішча Галоўнага, ні імя Яго. Нават месца, дзе жыве Ён, ніхто дакладна не ведаў. Усё рабілі шэрыя людзі, праз якіх Галоўны кіраваў Вільняй. Да іх усе звярталіся з прапановамі, а шэрыя людзі звязваліся з Галоўным. Ён або дазваляў, або забараняў. На ўсе пытанні ў Галоўнага было толькі два адказы - “не” альбо “так”.

Гісторык Віктар Чуб вырашыў правесці даследаванне і знайсці Галоўнага. Ён сачыў за адным з шэрых людзей і высачыў шлях да Галоўнага. Шлях той скончыўся недзе на вуліцы Завальнай. Чуб нават дайшоў на Завальную да Галоўнага і пагаварыў з Ім. Ён застаўся страшэнна задаволены знаёмствам і размовай. Гісторык Чуб меркаваў, што напіша грунтоўны навуковы артыкул пра дзейнасць Галоўнага ў Вільні.

Гісторык думаў, а Галоўны рабіў. Ён забраў у Віктара Чуба ўсю, якая толькі была, памяць. Бяспамятнага Віктара шэрыя людзі ўладкавалі падмятальшчыкам прывакзальных вуліц. Так было, бо нічога ў Вільні не рабілася і не робіцца без Галоўнага, нават вуліцы падмятаюцца толькі па Яго загадах.

Чырвоная Цагліна

Хто з нас не хацеў падняць з зямлі маленечкі каменьчык і шпурнуць у шыбу, за якой хаваецца любімы чалавек? Шкло зазвініць - і за ім з’явіцца любы твар. На тым твары ты пабачыш усмешку, радасць і задавальненне. Толькі ёсць яшчэ шыбы, за якімі жывуць твае ворагі. Пад акном з такімі шыбамі ўзнікае моцная прага схапіць не маленечкі каменьчык, а важкі камень. Схапіць, размахнуцца і запусціць у шыбу так, каб шкло разбілася і высыпалася. Шмат хто і шмат дзе біў камянямі шыбы сваіх ворагаў. Людзі разбівалі вокны ды білі вітрыны і ў нашай Вільні. Білі, пакуль не з’явілася Чырвоная Цагліна.

Старая Вільня спрэс цагляная. З чырвонай гліны ды белай вапны выбудавалі яе нашыя папярэднікі. Пэўна, таму і бараніць шыбы старой ружовай Вільні ўзялася менавіта Чырвоная Цагліна. Яна падае на галаву таму, хто шпурнуў камень у чужое вакно. І ў дзевяці з дзесяці выпадкаў Чырвоная Цагліна забівае аматара біць шыбы. Цяпер у Вільні амаль не разбіваюць вокны, і не таму, што не хочуць, і не таму, што ў горадзе стала менш дрэнных людзей, зусім не, - а таму, што кепскія віленчукі баяцца помсты ад Чырвонай Цагліны.

Белая маска

Ян Пільны бачыў набліжэнне смерці да чалавека. Меў такі дар. Ён бачыў белую маску на тых, чые дні ў гэтым свеце заканчваліся. Ян жыў на другім паверсе шэрага дамка каля сабора Святой Ганны. Праз свае невялічкія вокны ён добра бачыў выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі мастацтваў, якая стаяла побач з чырвонай Ганнай. Неяк на адным з выкладчыкаў жывапісу, на твары Васіля Жыценя, Ян пабачыў белую маску. Пільны быў упэўнены, што Жыцень не працягне больш за тыдзень. Але той працягнуў не толькі адзін тыдзень, ён працягнуў тры. Самае дзіўнае тое, што белая маска знікла з ягонага твару. Была, была, была і знікла. Пільны мог паклясціся ў саборы Ганны ўсімі святымі, што белая маска смерці была на твары Жыценя. Праз некалькі месяцаў яна зноў з’явілася на старым твары выкладчыка Васіля. З’явілася, а праз пару дзён знікла.

Калі белая маска праступіла на Жыцені трэці раз, Ян Пільны пачаў за ім сачыць неадступна. Ён высачыў, як Васіль павёў свайго малодшага брата Кастуся ў бар “Грамулька”, як там напаіў яго моцным самагонам да непрытомнасці, як у цёмным скверы за “Грамулькай” зняў з сябе белую маску і пачаў чапляць на братаў твар. Тут Ян Пільны не вытрымаў, падбег да Жыценя і крыкнуў на ўвесь начны сквер: “Што ты робіш, гад?” Васіль так спалохаўся, што паваліўся на зямлю мёртвым. Белая маска выпала з халоднай рукі выкладчыка і рассыпалася ў пыл.

Кот і сабака

Дзіва дзіўнае здарылася ў інтэрнаце маргарынавага завода. У адным пакоі там жылі два хлопцы - электрык Мякіш і сталяр Каптур. Хлопцы жылі добра, сябравалі. Выпівалі адзін раз на тыдзень - вечарам у пятніцу. Жылі так, ажно пакуль Каптур не знайшоў сабе віленчанку і не пераехаў жыць да яе. Толькі жыццё з фанабэрыстай віленчанкай у рабочага з маргарынавага завода не склалася. Ягоная вясковасць хутка надакучыла гараджанцы, і яна выгнала Каптура са сваёй кватэры. Была якраз пятніца, выгнаннік узяў гарэлкі і завітаў да сябра ў інтэрнат.

За чаркай Каптур папрасіў у Мякіша дазволу пажыць які тыдзень у інтэрнацкім пакойчыку. Балазе яму нікога ў пакой не падсялілі. Але Мякіш адмовіў Каптуру. Сказаў, што цяпер да яго прыходзіць жанчына - дыспетчарка з маргарынавага. Ім не патрэбны ў пакоі трэці чалавек. Каптур пачаў настойваць і раззлаваў Мякіша. Той нават ударыў былога суседа, калі пачуў зняважлівыя словы, кінутыя ў бок дыспетчаркі. На ўдар Мякіша Каптур адказаў сваім моцным ударам. Былыя сябры сашчапіліся ў бойцы. Яны крычалі, скавыталі і раўлі. Яны пабілі ўвесь посуд і паламалі ўсю мэблю.

Калі ў пакой уварваліся іншыя жыхары інтэрната, там іх сустрэла дзіўнае відовішча. У адным кутку сядзеў і брахаў сабака, падобны да Каптура, а ў супрацьлеглым шчэрыўся і сіпеў кот, падобны да Мякіша. Першым з пакоя вылецеў кот, за ім у пагоню панёсся сабака. Больш ніхто ніколі не бачыў Каптура і Мякіша ні ў Вільні, ні ў якім іншым месцы.

Паветраны човен

Човен быў зусім маленькі, роўна на аднаго чалавека, і не больш. Здалёк ён выглядаў нават дзіцячым. Рэжысёр-дакументаліст Данат Зарэцкі знайшоў яго за дрывотняй. Рэжысёр быў у прастоі. Рэжысёры часта трапляюць у прастоі, і дакументалісты не выключэнне.

Беспрацоўны Данат гуляў па Вільні. Ён прамінуў сабор Святой Ганны і выйшаў на мост. Перайшоў праз яго і трапіў у Зарэчча. Там ён зайшоў у стары дворык доўгага двухпавярховага дамка. У двары над рэчкай стаяла дрывотня. За ёй Зарэцкі знайшоў паветраны човен. Сеў у яго, адштурхнуўся вяслом ад старой дрывотні і паплыў у паветры. Данат паплыў у белавоблачную вышыню, а чырвоныя і ружовыя вежы Вільні пазаставаліся ўнізе. Зарэцкі думаў, што некалі абавязкова здыме дакументальны фільм пра віленскае Зарэчча. Ён нават верыў, што вернецца і здыме фільм.

Жоўтыя мыліцы

Віленчукі не раз і не два бачылі, як па рачных хвалях плылі жоўтыя мыліцы. Пекар Леанід Пупка забіраў іх у інваліда Базыля Бязручкі, прыносіў на мост і з вышыні шпурляў у рачныя хвалі. Спярша Пупка намерваўся забіць бязногага Бязручку, але ў апошні момант перадумаў. Вырашыў іншым чынам караць нябогу. Пупка прыдумаў забіраць у маладога інваліда яго жоўтыя мыліцы і выкідаць іх у рачную плынь. Хай Вільня бачыць пакаранне, хай Вільня помніць пра забойства дзяўчыны- прыгажуні, дачкі пекара Валярыны. Інвалід Бязручка перарэзаў горла той прыгожай Валярыне. Уся Вільня ведала, што дачку пекара зарэзаў калека Базыль. Ведаць ведалі, але доказаў не хапіла, каб яго асудзіць. Купіў ён сабе алібі і сведак. Купіў, гад! Дзе толькі грошы знайшоў? Каб хто сказаў... Забіў, гад, чалавека і выкруціўся ў судзе. Ён перарэзаў дзяўчыне горла за тое, што яна яго падманула і скалечыла.

Малады садоўнік Базыль Бязручка некалі закахаўся ў Валярыну і днямі навылёт стаяў з букетамі пад яе балконам. Дзяўчыне надакучылі кпіны сябровак, якія пасміхаліся з Валярыны, маўляў, у яе мог закахацца толькі такі безграшовы садоўнік, як Базыль. Валярына паабяцала сяброўкам, што прагоніць кавалера ў ноч вялікай поўні. Дзяўчына сказала Базылю, што ў ноч поўні спусціць з балкона вяровачную лесвіцу - і ён зможа падняцца да яе ў пакой. Пакуль яе бацька будзе спаць, яны зоймуцца сапраўднымі дарослымі абдыманнямі ды прыцісканнямі.

Не толькі Базыль дачакаўся вяровачнай лесвіцы, скінутай з балкона, яе дачакаліся і прагныя да начных прыгод злосныя сяброўкі Валярыны. Яны бачылі, як у месячным святле садоўнік палез уверх. Ён ужо быў пад самым балконам, калі падступная дачка пекара вострым, як брытва, бацькавым нажом зрэзала вяровачную лесвіцу. Базыль грымнуўся з вышыні трэцяга паверха на брук і пераламаў косткі на абедзвюх нагах. Разбіты, пакрыўджаны і зняважаны садоўнік ляжаў на слізкім і халодным бруку, а Валярына і яе сяброўкі ажно заходзіліся мярзотным рогатам.

Гэты страшны рогат пад поўняй Базыль Бязручка не змог дараваць Валярыне. Ён тады яе люта зненавідзеў, а праз пару месяцаў падпільнаваў у бязлюдным завулку, спыніў і зарэзаў. Над труною любай дачкі Леанід Пупка абяцаў звесці са свету яе забойцу, а потым перадумаў і вырашыў пускаць па рачной вадзе жоўтыя мыліцы.

Чорная авечка

На ўскрайку Новай Вільні жыў спраўны гаспадар Рэпка. Ён трымаў авечак і прадаваў аўчыны, лой ды бараніну. Той Рэпка быў вялікім майстрам. Мог пашыць такі кажушок для дзяўчыны, што калі толькі раз зірнеш на яе ў гэтай вопратцы, то ніколі не зможаш забыць ні той кажушок, ні тую дзяўчыну. Казалі: Рэпка чараваў.

У нававіленскага чараўніка ў хляве чорная авечка нарадзіла крылатага цмока. Галава ў яго была змяіная, цела і лапы - сабачыя, на спіне цмок меў крылы, як у кажана, але вялікія, хвост быў доўгі і змяіны. Чорная авечка, як толькі нарадзіла пачвару, так адразу і здохла. Цмок падпоўз да каровы і высмактаў з яе вымені ўсё чыста малако. Ажно вымя пачарнела. Насмактаўшыся малака, цмок выпаўз з хлява і ўзняўся ў неба. Ён зрабіў вялікае кола над Новай Вільняй. Шмат хто з нававіленцаў бачыў крылатага цмока ў небе. Шмат хто расказваў, як пачвара ляцела пад нізкімі хмарамі, а пазней за тымі хмарамі і схавалася.

Пасля нараджэння цмока і смерці чорнай авечкі людзі перасталі ў спадара Рэпкі купляць бараніну, лой ды аўчыны. Больш ніхто не шыў у Рэпкі і чароўныя кажухі. Давялося чараўніку прадаваць усю сваю спраўную гаспадарку і з’язджаць з Віленшчыны ў Мінск, дзе ніхто не ведаў ні пра чорную авечку, якая змагла нарадзіць цмока, ні пра чароўныя кажухі... Праўда, некалі даўно пра чорную авечку, цмока і Рэпку напісала віленская газета “Ваша Ніва”. Гэта было вельмі і вельмі даўно, калі рэдактарам той газеты быў яшчэ чалавек, а не робат.

Ненатольная цікаўнасць

У адной жанчыны з прывакзальнай Вільні акрамя наманікюраных пальцаў былі на руках яшчэ і тонкія шчупальцы ненатольнай цікаўнасці.

Альбіна — чорная ўдава

Пра чорную ўдаву мне казаў Аляксей, а яму расказаў Ігнат - брат Альбіны. Яна працуе прадаўшчыцай ў гаспадарчай краме. Гандлюе простым рыштункам для працы на зямлі. У яе царстве шмат рыдлёвак ды капачоў, шуфлікаў ды грабляў з віламі. Праца як праца, жанчына як жанчына. Звычайная прадаўшчыца з віленскай крамы. На першы погляд. Ігнат казаў, што за гэтай звычайнасцю хаваецца нейкая страшная сіла...

Альбіна скончыла школу, уладкавалася на працу і выйшла замуж. Яна нарадзіла дачку. Мужу споўнілася 27 гадоў, і ён павесіўся. Так Альбіна стала чорнай удавою першы раз. Неўзабаве яна зноў выйшла замуж. Нарадзіла дачку ад другога мужа. Яму споўнілася 27 гадоў, і ён павесіўся. Не прайшло і года, як Альбіна зноўку выйшла замуж і нарадзіла дачку. Цяпер усе чакаюць жніўня, калі трэцяму мужу споўніцца 27 гадоў. Браты трэцяга мужа чорнай удавы сказалі, што, калі брат іх - не дай ты, Бог - павесіцца, яны самі павесяць Альбіну. Сказалі, прыйдуць у краму з віламі ды граблямі і там павесяць чорную ўдаву. Цяпер яны ўсе чакаюць жніўня, і я разам з імі чакаю.

Зялёнае возера

У віленскіх літаратуразнаўцаў Раі ды Радзіма Раманоўскіх з’явілася дачка Руніта. У свае пятнаццаць, калі нарадзіўся яе брат Лукаш, Руніта прапанавала бацькам узяць падушку і задушыць немаўля ў калысцы, а труп вывезці з Вільні і выкінуць у Зялёнае возера. Бацькі насварыліся на Руніту, і яна сышла з дому.

Дзяўчына з’ехала з Вільні ў Мінск і вывучылася на медсястру. Лукаш вырас і пачаў перакідацца ў цмока. Аднойчы ён ператварыўся ў цмока і высмактаў усю чыста кроў з бацькі і маці. Руніта прыехала на пахаванне бацькоў, спаліла іх парэшткі ў крэматорыі, а брата задушыла падушкай у яго ложку. Лукаш напіўся за жалобным сталом і спаў як забіты, таму сястра змагла пакараць яго - брата-бацьказабойцу і цмока-ваўкалака. Труп Лукаша дзяўчына вывезла з Вільні і ўтапіла ў Зялёным возеры. Пасля ўсяго страшнага Руніта Раманоўская пражыла ў бацькоўскім доме на ўскрайку Вільні доўгае і шчаслівае жыццё. Праўда, на Зялёнае возера яна больш ніколі не ездзіла і не хадзіла.

Святы і сякера

Сцяпан Ліпскі намерыўся стаць святым. Навокал усе казалі, што свет выратуюць святыя, таму ён і задумаў зрабіцца выратавальнікам. Працаваў Сцяпан звычайным рабочым на будоўлях. Падымі ды прынясі, атынкуй ды пафарбуй, прыкладзі ды прыкруці. Прараб загадваў, а Ліпскі выконваў. Жыццё цякло павольна і бесклапотна, але Сцяпану надакучылі павольнасць і бестурботнасць. Ён наглядзеўся тэлевізара, наслухаўся радыё, начытаўся інтэрнэтных публікацый і набыў сякеру.

Спадар Ліпскі з вуліцы Завальнай прыдбаў невялічкую сякеру, каб адсекчы сабе чэлес. На думку Ліпскага, той замінаў яму стаць святым. Ад чэлеса ішлі ўсе паскудныя і брудныя думкі. Ну і што гэта за святы, калі ў яго чэлес да калена? З такім чэлесам толькі ў д’яблавы памагатыя ісці. Ліпскі не любіў д’ябла, гнаў ад сябе агідныя думкі і пажаднасць. Таму ён купіў сякеру, паклаў чэлес на калодку і адсек яго. Разам з ім Сцяпан адхапіў сабе і палову машонкі з яечкам. Адным ударам сякеры Ліпскі скалечыў сябе. Але не проста скалечыў, ён параніў сябе смяротна. Рабочага Сцяпана Ліпскага нават не паспелі давезці з будоўлі да бальніцы. Ён сышоў крывёю і сканаў па дарозе. Шкада, што ніхто не збіраецца залічваць Сцяпана Ліпскага ў святыя. Як на мой розум, дык ён святы.

Чароўныя сувеніры

Студэнты Мечык Радкевіч і Таля Серада засталіся без сродкаў. Першы год бацькі ім аплочвалі ўніверсітэцкую вучобу, а другі аплочваць адмовіліся, бо ў саміх не было лішняга цэнта. Мечык і Таля гаравалі, седзячы ў таннай сталоўцы. Калі дзяўчына заплакала, Мечык прапанаваў выйсце. Ён сказаў, што стане перакідвацца ў чароўныя сувеніры, а Таля будзе іх прадаваць, і ў іх з’явяцца сродкі, каб заплаціць універсітэту.

Першы раз Радкевіч перакінуўся ў дарагі скураны партманет з выціснутай на ім Вострай брамай. Таля прадала Вострую браму на сувенірным кірмашы. Праз дзень Мечык вярнуўся да Талі жывым і здаровым. Другі раз хлопец перакінуўся ў бурштынавыя пацеркі. Таля іх прадала пад Вострай брамай. Праз дзень Мечык вернуўся вясёлым і шчаслівым. Трэці раз ён зрабіўся вязанымі рукавіцамі, якія прадаліся на прывакзальнай плошчы. Калі Мечык вярнуўся, Таля ўгаварыла хлопца навучыць і яе перакідацца ў чароўныя сувеніры. Мечык доўга адмаўляўся, а калі ўсё ж пагадзіўся і навучыў дзяўчыну ператварацца ва ўсё, што яна толькі магла захацець, дык Таля перакінулася ў сітаўку і паляцела з Вільні ў Лондан. Больш у Вільні пра Талю Сераду нічога і не чулі. Ну а Мечык Радкевіч усё яшчэ вучыцца на эканаміста і падпрацоўвае грузчыкам у гіпермаркеце “Акропаліс”.

Конь і Сабака

Конь працаваў у цырку. Доўга працаваў. Больш за дзесяць гадоў ён вазіў па арэне акрабатку, якая падскоквала на яго спіне, рабіла ў паветры сальта і гупалася на сядло дзвюма нагамі. Ад гэткага гупання ў Каня забалеў хрыбетнік. Конь пачаў упарціцца, калі дрэсіроўшчык выганяў яго на арэну. Жывёлу пачалі лупіць пугай. Стомлены і пабіты Конь вырашыў уцячы ў лес.

Па дарозе ў лес Конь сустрэў Сабаку. Той ляжаў на пыльнай траве і плакаў.

- Што ты плачаш, дарагі Сабака? - пацікавіўся Конь.

- Плачу, бо сарваўся я з ланцуга і ўцёк з дому. Я ўцёк, бо гаспадар трымаў мяне ў халоднай будцы на ланцугу і кепска карміў. Апошнім ча­сам ён амаль і не карміў мяне. Тады я парваў ашыйнік, уцёк, а цяпер не ведаю, куды ісці і што рабіць. Таму я лёг на траву і плачу!

- Я цябе добра разумею, дарагі Сабака. Мы можам пайсці разам у адно цудоўнае месца - у Шчодры лес. Там шмат салодкіх ягад для цябе, там многа сакаўной травы для мяне, а яшчэ тамака цячэ чысты ручай, у якім свежая вада для нас...

Сабака ўзрадаваўся прапанове:

- Дарагі Конь, я хацеў бы пайсці з табою ў Шчодры лес, але ў мяне зусім няма сілы, каб ісці.

- Сядай мне на спіну, і я завязу цябе, - прапанаваў добры Конь.

Сабака заскочыў на спіну Каня, і той завёз яго ў Шчодры лес. Пакуль

Конь вёз Сабаку, ён папрасіў таго паводзіць сябе ціха - не скавытаць і не брахаць, каб злыя людзі не пачулі і не пабачылі ўцекачоў. Сабака даў Каню слова гонару, што не стане брахаць і скавытаць у Шчодрым лесе.

Першыя тры дні Сабака і Конь пражылі ціха. Яны елі салодкія ягады і сакаўную траву, пілі крынічную ваду з ручая, адпачывалі пад цяністымі дрэвамі. На чацвёрты дзень Сабака захацеў мяса. Ён прыйшоў да Каня і спытаўся, дзе можна знайсці мяса, каб падсілкавацца па-сапраўднаму. Конь прапанаваў яму пайсці на гарадскі сметнік, што пачынаўся за Шчодрым лесам. На ім Сабака знайшоў кавалак лівернай кілбасы. Праглынуў яго і пачаў брахаць ды скавытаць ад шчасця.

Сабака так доўга скавытаў і брахаў, што з Вільні на сметнік паспелі прыехаць гіцлі. Яны пачаставалі шчаслівага сабаку кавалкам цёплага варанага мяса. Сабака еў мяса, глядзеў на гіцляў у зялёных камбінезонах і думаў, што гэта сапраўдныя анёлы, бо толькі анёл можа пачаставаць сабаку такім цёплым і такім смачным мясам. Калі ён даеў свой апошні ў жыцці кавалак мяса, гіцлі пагладзілі і ўсыпілі Сабаку. Яны закапалі яго тут жа - на гарадскім сметніку. Гіцлі закапалі Сабаку і разраўнавалі зямлю, каб ніхто ніколі яго не знайшоў і пра яго не ўспамінаў.

Калі гіцлі з’ехалі са сметніка, Конь выйшаў са Шчодрага лесу. Ён стаў над закапаным у зямлю Сабакам і сказаў:

- Я чуў ад дрэсіроўшчыка, што толькі ў адным Лондане кожны год гіцлі ўсыпляюць больш за трыццаць тысяч непаслухмяных сабак, якія нядобразычліва ставяцца да чалавека і парушаюць цішыню. Пэўна, дрэсіроўшчык казаў пра Лондан праўду. Шкада, што ты, дарагі мой таварыш Сабака, не паслухаў мяне. Ты брахаў, ты скавытаў, ты прагнуў мяса... Ты парушыў цішыню, і цябе закапалі ў брудны пясок. Я вярнуся ў Шчодры лес, дзе буду жыць спакойна і непрыкметна, але зрэдчас буду прыносіць табе, дарагі мой Сабака, і класці на пясок невялічкі букецік лясных кветак.

Кот і Сабака

З усіх сваіх жывёл фермер любіў Сабаку больш за астатніх. Сабака служыў спраўна. Брахаў на чужынцаў і сваіх трымаў у строгасці. Калі якія каровы ці конь забрыдалі на чужое поле, Сабака хутка ім нагадваў вярнуцца да сваёй травы. Шмат радасці было ў фермера, калі ў Сабакі знайшоўся Шчанюк. Гаспадар спадзяваўся, што Шчанюк вырасце і зойме пачэснае месца Сабакі. Так бы яно і было, каб не Кот.

Калі аднойчы фермер з Сабакам пайшоў на паляванне, Кот сабраў усю скаціну, што жыла на ферме, і прапанаваў забіць Шчанюка. “Мала таго што на нас бясконца брэша і нас балюча кусае дурны Сабака, дык праз які год вырасце ягоны Шчанюк. Тады на нас будуць брахаць і нас будуць кусаць ужо не адзін, а два бобікі. Трэба затаўчы Шчанюка! Неадкладна!!!” Жывёлы падтрымалі смяротны прысуд. Конь біў Шчанюка капытом. Ка­рова парола рогам. Свіння рвала зубамі. Певень дзёўб дзюбай. Кот драў кіпцямі. Жывёлы не проста забілі Шчанюка, яны парвалі яго на дробныя кавалкі і зжэрлі.

Сабака, вярнуўшыся з палявання, шукаў і не мог знайсці любага Шча­нюка. Ніхто з жывёл не прызнаўся ў забойстве, толькі Кот сказаў, што Сабака дарма шукае свайго сына. “Жывёлы забілі яго, падралі на дробныя шкуматы і з’елі!” - так Кот агаломшыў Сабаку. Тут усе жывёлы абурыліся... “Ты сам падбіў нас забіць Шчанюка!” - “Ты першы пачаў ірваць яго кіпцюрамі!” - “Ты з’еў апошні самы смачны кавалачак ягонага вуха!” Раз’юшыўся Сабака і кінуўся на Ката. Той спрытна ўзляцеў на плот, з плота пераскочыў на страху гумна, са страхі перабраўся на дрэва, з дрэва саскочыў на дах дома... Карацей, тым разам Кот ад Сабакі ўцёк. Але з таго самага дня ўсе сабакі не любяць катоў. Не любяць і кідаюцца на іх. Не ведаю, як там у вас, а ў нашым Віленскім краі менавіта так. Дарэчы, раней у тутэйшых катоў на хвастах былі кутасы, як у львоў. Дык сабакі паабрывалі ім тыя кутасы.

Зялёная галава

Маладая жонка кінула старога мужа і пайшла да маладога каханка. Чую пра такое маладое і брыдкае ды згадваю віленскага доктара - сівабародага Максіма Куля. На старасці гадоў паважаны доктар захапіўся медсястрой Святланай. Тая доўгі час адмаўляла Максіму, а потым пагадзілася на вяселле і стала Святланай Куль.

Дзяўчыне было сумна са старым доктарам, і яна злюбілася з маладым шафёрам “хуткай дапамогі” Зміцерам Мурашкам. Неўзабаве Святлана кінула доктара і пайшла жыць да шафёра. Стары Куль зазлаваў і пракляў здрадніцу так, што ў яе на месцы чалавечай галавы з’явілася зялёная га­лава чарапахі са змяіным раздвоеным языком. Доктар быў упэўнены, што шафёр пабачыць зялёную галаву і прагоніць Святлану з хаты.

Куль памыліўся, бо Зміцер Мурашка пакінуў жонку ў доме і пачаў шукаць па ўсёй Вільні сродкі, каб замест зялёнай галавы чарапахі вярнулася чалавечая галава медсястры. Усе раілі шафёру ісці да доктара Куля, казалі, што толькі ён можа вырашыць пытанне з заменай зялёнай галавы.

Мурашка пайшоў да Куля і напрамілы бог прасіў, каб той вярнуў жонцы- здрадніцы чалавечае аблічча. Доктар пашкадаваў маладых людзей, шафёра Зміцера і медсястру Святлану. Доктар на тое і доктар, каб шкадаваць чалавека і дапамагаць у бядзе. Куль зняў са Святланы праклён. Зялёная галава чарапахі знікла, а на яе месца вярнулася галава чалавечая, адно што на памяць пра здраду ў жанчыны назаўсёды застаўся раздвоены язык змяі.

Чырвоная бутэлька

Гісторыю пра чырвоную бутэльку я пачуў ад п’яніцы Алега. Зазвычай ён п’е, седзячы на прывакзальным пляцы. Алег пачынае піць раніцай. Пачынае з маленечкай шкляначкі піва. Тут яго і падпільноўваюць розныя безграшовыя дзяды. “Пакінь глыток!” - просяць. Алег шчодры. Ён пакідае паўглытка піва на сподзе аднаразовай шклянкі. Паўглытка не шкада.

Але неяк адзін з безграшовых брудных дзядоў папрасіў у Алега вялікую шклянку піва. Нахабна запатрабаваў, можна сказаць. “Мужык, ты мусіш мяне ўратаваць. Без паўлітры піва я дамоў не дайду. Памру тут, каля вакзала!” Алегу было шкада піва для неахайнага нахабы, але ён усё ж купіў вялікую шклянку і пачаставаў дзеда. Той выпіў, падзякаваў і сказаў Алегу дзіўную рэч: “Мужык, калі раптам захочаш выпіць, а рублёў не будзе, падыходзь пад Зялёны мост. Стань каля вады, тупні левай нагою тры разы. Праз імгненне каля тваёй правай нагі з’явіцца чырвоная бутэлька, поўная моцнага віна. Віно можаш выпіць, а пустую бутэльку абавязкова пакінь пад мостам”. Алег, вядома, не паверыў бруднаму дзеду, які назваўся Вадзяніком. Хто ў такое паверыць? На цвярозую галаву ў такое ніхто не паверыць і правяраць не пойдзе...

Аднаго разу Алег моцна выпіў, яму хацелася яшчэ крыху накаціць для шліфоўкі, але капейчыны не было. Тады Алег і пайшоў пад Зялёны мост і тупнуў тры разы левай нагой. Каля правай нагі з’явілася чырвоная бутэлька з партвейнам.

Алег пачаў хадзіць пад мост кожны божы дзень. Віно выпіваў, а бутэльку пакідаў. Так было, пакуль Алег не пачаставаў чароўным парт­вейнам свайго заўсёднага сабутэльніка Валерку. Той не пажадаў пакідаць чырвоную бутэльку. Ён захацеў яе здаць як звычайную шклатару. Калі прыёмшчыца адмовілася прымаць чароўную бутэльку, Валерка раззлаваўся. Ён так раз’юшыўся, што разбіў чырвоную бутэльку аб цагляную сцяну... Алег яшчэ некалькі разоў спрабаваў тупаць пад мостам левай нагою, але партвейн ад Вадзяніка больш не з’яўляўся.

Белы аўтобус і белы трамвай

Шмат разоў я чуў пра белы аўтобус, але ніколі яго не бачыў. Пра яго шмат расказвалі. Бачылі яго да вайны. Казалі, што ездзіў па Вільні страшны белы аўтобус. Калі ён спыняўся, усе, хто аказваўся непадалёк, змаўкалі, схілялі галовы і заходзілі ў яго. Белы аўтобус зачыняў скрыгатлівыя дзверы. Сведкі асабліва любілі падкрэсліць жахлівую рыпучасць аўтобусных дзвярэй. Белы аўтобус звозіў віленчукоў у невядомым кірунку. Ніхто з іх не вярнуўся, каб расказаць, куды ездзіў белы аўтобус.

У ваенны і пасляваенны час старыя віленчукі палохалі дзяцей згадкамі пра белы аўтобус. Паціху аповеды пра людаедскі аўтобус сціхлі. Забыўся пра яго і я, ажно пакуль не пабачыў на мінскай вуліцы Змітрака Бядулі белы трамвай. Ён бясшумна каціўся па бліскучых рэйках. У белым трамваі не было ніводнага пасажыра. Падумалася: не дай бог возьме і спыніцца... Белы трамвай не спыніўся. Пакаціўся ў бок чыгуначнага вакзала. Калі ён знік за чырвоным домам, мне і згадаліся расказы пра белы аўтобус у даваеннай Вільні.

Мышанё і Цмок

Некалі ў Вільні жыў мастак Сергіевіч. Ён і расказваў легенду пра Цмока і Мышанё...

Здарылася тое даўно, калі ў небе над гатычнай Вільняй яшчэ можна было ўбачыць цмока. Мышанё, якое жыло ў сутарэннях пад гарадской брамай, бачыла цмока часта. Кожнага разу Мышанё зайздросціла цмоку, які меў крылы і мог уздымацца да ружовых аблокаў. З пякучай зайздрасці і нарадзілася мара пра ўласныя крылы.

Мышанё знайшло на балоце маленечкага Цмока і папрасіла ў яго пазычыць крылы на адзін-адзінюткі палёт над горадам. Цмок, хай сабе і малы, а крылы пазычаць адмовіўся. Збаяўся.

Тады Мышанё вырашыла хітраваць. Яно назбірала ў вялікі кубак малінавых ягад і запрасіла Цмока ў сваю нару на салодкі пачастунак. Уваход у мышыную нару быў такі вузкі, што Цмоку, каб туды пралезці, давялося зняць свае крылы. Пакуль Цмок ласаваўся малінамі, Мышанё надзела на плечы крылы і ўзнялося над Вострай брамай. У той вечар у Вільні з’явіўся не толькі першы Кажан. У той вечар у Вільні з’явілася і першая Яшчарка, якая атрымалася з падманутага Цмока, ласага на салодкія маліны.

Чырвоны дом

У віленскага дойліда Яся Карпоўскага было два сыны - Ігар і Тодар. Абодвум было за трыццаць, а ніводзін з іх так і не завёў жонкі. Стары Карпоўскі вырашыў дапамагчы сынам з пошукамі жанчын. Ён знайшоў невялікі чырвоны дом на беразе рэчкі і набыў яго для сыноў. Стыры думаў: калі сыны пачнуць жыць асобна ад бацькі, ім больш лёгка будзе паразумецца з жанчынамі. Трэба сказаць, што купляць чырвоны дом ста­рому Ясю нараіла вядзьмарка Хрысціна Сліж. Яна запэўніла дойліда, што ў чырвоным доме Ігар і Тодар знойдуць вялікае шчасце.

Першым ў чырвоны дом перабраўся Ігар. Яму было сумна сядзець у пустым доме, таму ён вырашыў напіцца. Пасярод ночы Ігара пабудзіла жанчына. Яна прыйшла ў дом з рэчкі. Выйшла з вады цалкам голая, зайшла. ў чырвоны дом і разбудзіла новага гаспадара. Ігар прачнуўся, але падумаў, што ўсё яшчэ спіць. Таму ён зусім не спалохаўся голай і халоднай, як рачная вада ў верасні, жанчыны. Ігар спытаў яе імя і пачуў: “Люда”. Яна хацела залезці да Ігара пад коўдру, але той абачліва не пусціў халоднае стварэнне ў ложак. Замест гэтага мужчына загадаў Людзе прынесці яму вішнёвага піва, каб паправіць цяжкую галаву. Жанчына прынесла Ігару вішнёвага піва. Тады ён папрасіў прынесці да піва падсоленых арэхаў. Пасля піва з арэхамі Ігар надумаў пакурыць і паслаў Люду па цыгару. Пакуль ён курыў, пачало ўзыходзіць сонца. Жанчына спужалася сонечнага святла і вярнулася ў рэчку. Пасля развітання з Людай Ігар праспаў у чырвоным доме ўвесь дзень. Позна ўвечары ён вярнуўся да бацькі і абвясціў, што вырашыў ажаніцца. За жонку Ігар узяў Пэлю Кавалёву - дачку арганіста.

Тым часам Ясь Карпоўскі перасяліў у чырвоны дом свайго малодшага сына Тодара. Той спакойна жыў у гэтым доме на беразе рэчкі, пакуль тая была пад ільдом. Як толькі пачаўся крыгаход, уначы з ледзяной вады выйшла Люда і завітала ў госці да Тодара. Той, ведаючы братаву гісторыю, заказаў піва, арэхаў і цыгару. Люда прынесла пачастункі. Тодар зрабіў адзін глыток вішнёвага піва, узбударажыўся і пацалаваў Люду. За пацалункам пачаліся танцы, за танцамі - любошчы. Чырвоны дом ходырам хадзіў усю ноч. Раніцай у чырвоным доме знайшлі мёртвага Тодара, белага і халоднага, як рачны лёд.

Стары Ясь Карпоўскі хацеў забіць вядзьмарку, якая нараіла перасяляць сыноў у чырвоны дом. Не забіў, бо Хрысціна сказала, што, забіўшы яе, дойлід страціць і сына Ігара. Практычны Карпоўскі не стаў спакушаць лёс. Ён перафарбаваў пракляты чырвоны дом у белы колер і выгадна прадаў яго армянскім уцекачам з Баку.

Рудагаловая дзяўчынка

Бутэлькі мне падабаліся заўжды. Гульня сонечных промняў у шкле і ў вадкасці мяне зачароўвала. Я доўгі час любіў бары, вінныя магазіны і ўласна алкаголь. Кінуўшы выпіваць, я не пазбавіўся любові да поўных бутэлек. Таму з радасцю наведваю крамы з каньяком, віном і віскі, дзе купляю падарункі тым, хто яшчэ любіць адкаркаваць бутэлечку і напоўніць чарку да краёў.

Неяк у віленскай краме “Ботлеры” я выбіраў для брата бутэльку аднасоладавага віскі, калі зачапіў парасонам пляшку з бурбонам. Тая даляцела да каменнай падлогі і спынілася. Яна спынілася ў якім сантыметры ад зямлі, павісела ў паветры, а потым узнялася і стала на паліцу. Пляшка. стала на тое самае месца, адкуль я яе скінуў сваім доўгім парасонам. Агледзеўшы краму, я пабачыў у цёмным кутку рудагаловую дзяўчынку. Яна пазірала на мяне круглымі вачыма. Калі я глянуў на выратаваны бурбон, дзяўчынка поглядам прыўзняла пляшку над паліцай і павольна апусціла яе на месца. Я хацеў падзякаваць рудагаловай, але язык мой адмовіўся слухацца. Давялося выйсці з крамы без падарунка.

Я даўно здагадваўся пра месца, дзе можа гняздзіцца шматаблічны чорт, але ў вобразе спрытнай рудагаловай дзяўчынкі не чакаў яго пабачыць.

Чорны саган

Гімназіст Яраслаў Сом любіў лыжы і рызыку. Як толькі выпадала воль­ная хвіліна, Яраслаў браў лыжы і кіраваўся на старыя могілкі. Там ён ляцеў з гары паміж каменных крыжоў ды металічных агародак, прыцярушаных свежым снегам. Разбіцца і забіцца ў час такога катання прасцей простага, але ў Ярыка быў іншы і больш складаны лёс.

Ягонае катанне надакучыла нябожчыкам. Больш за ўсё яно раздражняла і злавала не звычайных здранцвелых мерцвякоў, а земляных людаедаў. Яны і злавілі аднойчы гімназіста, запхалі хлопца ў мех і завалаклі ў капліцу. Пад ёй былі прасторныя сутарэнні, дзе стаяла электрапліта, на якой у чорным сагане людаеды намерваліся зварыць суп з маладой чалавечыны. Пакуль награвалася вада, Ярык вылез з меха, прайшоўся па сутарэннях, схапіў земляную дзяўчынку-людаедку і засунуў яе ў харчовы мех, а сам схаваўся за электраплітой.

У выніку земляныя людаеды замест гімназіста Сома зварылі і з’елі ўласную дачку. Наеўшыся варанага мяса, людаеды паснулі. Яраслаў вылез з-за электрапліты і ціхенька пакінуў прытулак земляных самаедаў. З таго дня хлопец больш ніколі не лётаў на лыжах з гары, пазастаўлянай каменнымі і жалезнымі крыжамі.

Шэры цырк

Раз на месяц у шэрым цырку ладзіліся баі без правілаў. Праходзілі яны ўначы. Запрашаліся на іх толькі правераныя людзі. Байцам дазвалялася ўсё, акрамя забойства на арэне. Біліся яны да страты прытомнасці. Ёсць баі. Ёсць азарт. Ёсць і пераможца. Па шэрым цырку ў пераможцах хадзіў баец з мянушкай Бык. Ён збіваў, ламаў і затоптваў усіх сваіх канкурэнтаў, ажно пакуль аднойчы на арэну не выйшла жанчына-баец з мянушкай

Каліта. Яна кінулася на Быка і ашчаперыла яго рукамі і нагамі так, што той ажно дыхаць не мог. Здушаны Бык раптам скінуў чалавечае аблічча і зрабіўся ваўком. Каліта схапіла звера за пашчэнкі і разадрала яго напалам. Акрываўленае воўчае сэрца вывалілася на арэну. Каліта зжэрла абсыпанае пяском гарачае сэрца і зараўла на ўвесь шэры цырк. Такім чынам яна абвясціла і адсвяткавала перамогу. Арганізатарам баёў давялося прыстрэліць Каліту за парушэнне галоўнага правіла - на арэне саперніка не забіваць.

Рыжы асілак

Дрэсіроўшчыца Люба закахалася ў ільва і нарадзіла ад яго рыжага асілка. Ён вырас у дарослага чалавека за тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Асілак сказаў маці, што пасланы ў наш свет, каб знішчыць шасцігаловага цмока, які трымаў у страху ўвесь горад. Люба паказала на Замкавую гару і чырвоную вежу на ёй: “Там сядзіць шасцігаловы. Ён перамог і забіў шмат волатаў. Ты будзеш далёка не першым, каму цмок зняў галаву...” Асілак запэўніў маці, што пераможа ў паядынку.

Бітва волата з цмокам цягнулася тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Рыжы асілак адсек шэсць цмокавых галоў. Адсечаныя галовы разам з крылатым целам ён абліў газаю і спаліў. Прах і попел рыжы волат развеяў над рэчкаю.

Вільня радавалася перамозе асілка над цмокам. Віленчукі спадзяваліся, што іх горадам цяпер стане кіраваць волат-пераможца. Але тое былі марныя спадзяванні. Рыжы асілак пакінуў Вільню і выправіўся ў Афрыку, дзе перакінуўся ў ільва і стаў жыць як самы звычайны цар звяроў. Дарэчы, маці волата - дрэсіроўшчыца Люба - стала гаспадыняй цырка і самай паважанай жанчынай у горадзе.

Белая торба

Усё жыццё Ада Завала прапрацавала на малаказаводзе. Яна распараджалася на складзе і адпускала гатовую прадукцыю. У Ады было адно шчасце - сын-бязбацькавіч Антон. Завала выгадавала хлопца адна, чым і ганарылася. Калі ў Ады знайшлі белакроўе і яе жыццё амаль скончылася, яна пашыла з бабулінага саматканага палатна белую торбу. Чароўную рэч жанчына пакінула сыну ў спадчыну.

З белай торбы Антон мог раз на дзень дастаць адну-адзінюткую рэч, якую пажадае . Напачатку ён заказваў розныя прысмакі на вячэру. Даставаў смажаную курыцу, паляндвіцу і вэнджаную рыбу. Паступова апетыт Антона пачаў павялічвацца і жаданні змяніліся. З торбы выцягнуўся вялікі тэлевізар, потым кампутар і айфон. Знайшоўся ў белай торбе і шчаслівы латарэйны білет. Выйграных грошай хапіла на рамонт кватэры. Нейкім неверагодным чынам з белай торбы Антон выцягнуў дакументы на катэдж з садам у ціхім кутку Новай Вільні. Белая торба падаравала хлопцу машыну, правы і стыльную вопратку. Багаты, малады і прыгожы Антон Завала вырашыў, што надышоў яго час зрабіць палітычную кар’еру. Ён загадаў белай торбе напісаць для яго прэзідэнцкую праграму. Антон быў упэўнены ў магутнасці белай торбы. Ён памыліўся. Замест загаданай праграмы ў пакоі з’явіўся цень Ады Завалы. Нябожчыца ўзяла белую торбу і знікла.

Антон не доўга перажываў праз тое здарэнне. Ён прадаў катэдж з садам і адкрыў сувенірную краму, дзе зараз паспяхова прадае розную драбязу, у тым ліку палатняныя торбы з краявідамі старой Вільні.

Шэрая дзяўчынка

Стася Сушко трапіла пад дождж. Раніцай, калі дзяўчына бегла на за­няты ва ўніверсітэт, стаяла сонца, таму парасон застаўся вісець у вітальні. Дождж заспеў студэнтку на праспекце, там жа да яе падбегла шэрая дзяўчынка. Яна схапіла Стасю за руку. Дзяўчына руку вырвала, але на яе скуры засталіся чырвоныя, падобныя да апёкаў пляміны. Пакуль Стася дабегла дамоў, шэрая дзяўчынка паспела ўшчыкнуць студэнтку за шыю і за шчаку.

Стасіна маці, як толькі пабачыла дачку, пакрытую апёкамі, якія моцна свярбелі, адразу паклікала шаптуху Разэлю. Тая ледзь устала з ложка, насілу дайшла да дома Сушко. Разэля ўважліва агледзела Стасю, потым прайшлася па кватэры і пабачыла ў цёмным кутку за сервантам шэрую дзяўчынку. Шаптуха спытала: “Што ты, хвароба шэратварая, хочаш, каб зняць апёкі?” Дарэчы, ніхто, акрамя ледзь жывой бабы Разэлі, не бачыў шэрую дзяўчынку. “Мне патрэбны ўпрыгожванні. Забяру залатыя пярсцёнкі і завушніцы. Забяру ланцужкі залатыя, але крыжыкі пакіну. Яшчэ мне патрэбны грошы на таксі да аэрапорта і на білет да Капенгагена. Калі вы аддасцё золата з грашыма і я сяду ў таксі, апёкі знікнуць”. Шаптуха ўгаварыла хворую дачку і знерваваную маці адкупіцца ад хваробы. Шэрая дзяўчынка не падманула старую Разэлю: як толькі таксі паехала ў бок аэрапорта, чырвоныя пляміны ў Стасі зніклі, нават дробных слядоў па сабе не пакінулі.

Шэры чалавек і бутэлька белай

Кожную раніцу Барыс Кулеш і Толя Морква, ідучы ў архітэктурна-будаўнічы каледж, праходзілі каля могілак. Там даўно нікога не хавалі, таму большасць капцоў ужо доўгі час была непрыбранай. Закінутасць могілак выглядала загадкава, вусцішна і рамантычна, таму Барыс і Толя любілі фатаграфавацца каля каменных і металічных крыжоў. У час адной такой могілкавай фотасесіі да хлопцаў падышоў нябожчык - шэры чалавек і папрасіў дапамагчы. Ён прыбраў магілы сваякоў, пазграбаную лістоту паскідаў на кавалак брызенту. Цяжкі брызент з апалым лісцем шэры ча­лавек хацеў перанесці ў дальні куток могілак да кантэйнераў са смеццем. Аднаму было нязручна перасыпаць лісце з брызенту ў кантэйнер. Хлопцы дапамаглі шэраму чалавеку, за гэта ён прапанаваў падарунак - бутэльку белай. Кулеш катэгарычна адмовіўся, а Морква забраў бутэльку і схаваў у заплечнік. Толя сказаў Барысу, што гарэлку, падараваную нябожчыкам, ён аддасць сваім бацькам, якія страх як любяць выпіць.

Ён і сапраўды перадаў бутэльку белай бацькам-выпівохам. Тыя ўзрадаваліся, выпілі, атруціліся і памерлі. Толя ведаў, што нельга браць пачастунак у нябожчыка, але спадзяваўся, што, калі перадаць яго іншым, ён нікому не зробіць шкоды. Хлопец моцна памыліўся і застаўся без бацькоў, якіх спалілі ў крэматорыі і падсялілі да дзядоў на старых і непрыбраных могілках.

Пошукі шчасця

Святы Ніхто сустрэў святую Ніяк, і яны разам выправіліся з Вільні шукаць святую зямлю ў Нідзе.

Чырвоны канверт і залаты барабан

Захар Шарахоўскі пабачыў сон, у якім яго жонка-нябожчыца Ала перадала яму ліст у чырвоным канверце. Захар прачытаў яго і даведаўся, што нябожчыца хоча вярнуцца ў наш свет. Дзеля гэтага Шарахоўскі мусіць знайсці залаты барабан, якога баяцца ахоўнікі падземнага горада мёртвых.

У антыкварнай краме Захар выкупіў залаты інструмент, пра які пісала Ала Шарахоўская. З барабанам пад пахаю мужчына выправіўся на дапамогу сваёй жанчыне. Праз капліцу на Кальварыйскіх могілках Захар спусціўся ў падземны горад. Ахоўнікі паспрабавалі прагнаць Шарахоўскага, але той пачаў біць у залаты барабан. Яны адступілі, пазакрывалі далонямі вушы і разбегліся.

Захар знайшоў у горадзе мёртвых сваю любую Алу. Тая моцна здзівілася, калі пабачыла жывога Захара. Ён расказаў пра сон і пра ліст у чырвоным канверце. Ала сказала мужу, што сон быў не зусім прарочы. Яна не збіраецца вяртацца ў наш свет. Вядома, ёй прыемна пабачыць любімага Захара, але іх спатканне лепей не зацягваць. Жонка правяла мужа да капліцы на Кальварыйскіх могілках. Там яны і развіталіся да наступнай, яшчэ не блізкай сустрэчы.

Залаты барабан Захар аднёс назад у антыкварную краму. Праз пару тыдняў яго нехта прыдбаў, і Шарахоўскаму вярнулі грошы, складзеныя ў чырвоны канверт.

Шэры дом

На ўскрайку Вільні стаяў шэры дом. Некалі ён быў светлым і чыстым, потым дом пацямнеў. Вокны ў ім пазабівалі дошкамі. Звонку падавалася, што жыцця ў шэрым доме зусім няма. Насамрэч там жыла маладая жанчына Людміла Войцік. Жыла яна там не адна, а з нябожчыкам. Той у свой час быў яе жаніхом. Напярэдадні вяселля мужчыну насмерць збіла машына. Яго пахавалі, але маладому чалавеку не ляжалася ў вузкай магіле. Ён выйшаў з-пад зямлі, прыйшоў да Люды і прымусам завёў яе ў шэры дом.

Жыць з нябожчыкам было цяжка. Так цяжка, што Людміла некалькі разоў збіралася засіліцца, але мужнасці на самагубства не хапіла. Пакуты жанчыны бачыла мышанё, што таксама жыло ў шэрым доме. Яно і прапанавала дапамогу. Людміла наказала мышаняці пайсці да яе брата Антона Войціка і папрасіць паратунку. Мышанё і прывяло мужчыну ў шэры дом. Там Антон ператварыўся ў ваўка і парваў на шматкі жорсткага нябожчыка. Брат забраў сястру да сябе. Пасля перажытага Людміла доўга і цяжка хварэла, але потым паправілася.

Чорнае возера і сівы волас

Вера Лой аднойчы папрасіла свайго мужа Алега расчасаць ёй валасы. Алег расчэсваў светлыя валасы італьянскай масажнай шчоткай і касцяным швейцарскім грабеньчыкам. Сярод светла-залатых валасоў муж знайшоў на жончынай галаве срэбна-сівы волас. Вера моцна заперажывала з-за сівога воласа і блізкай старасці. Алег яе суцяшаў. Ён расказаў, што ведае чароўнае Чорнае возера, якое ляжыць пасярод балот у лесе пад Гудагаем. Калі чалавек у купальскую ноч апаласнецца ў Чорным возеры, дык памаладзее на цэлы год.

Вера ледзь дачакалася купальскай ночы. Разам з мужам яны абмыліся ў бурштынавай вадзе чароўнага возера, і жанчына адчула, што памаладзела ажно на дзесяць гадоў. Радасць яе была велічэзнай. Гадоў трыццаць запар Вера і Алег ездзілі на Купалле з Вільні ў Гудагай. Яны купаліся ў Чорным возеры - і на іх галовах не было ніводнага сівога воласа.

Пэўна, Алег і Вера пражылі б разам сто гадоў, каб не страшнае здарэнне. Аднаго разу Вера ішла праз шырокае поле, калі пачалася навальніца. Свет сцямнеў. Грымнуў пярун. Заляскаталі маланкі. Вера ведала, што трэба легчы тварам у зямлю, раскінуць рукі, зрабіцца крыжам і папрасіць у міласэрнага Хрыста літасці. Ведаць ведала, але вырашыла не класціся на мокрую зямлю, а пабегчы ў лес і схавацца пад дрэвамі. Вера бегла праз поле, калі яе ўдарыла, абпаліла і забіла маланка.

Алег пахаваў жонку, пасумаваў і вырашыў знішчыць Чорнае возера. Узімку ён завёз у лес некалькі машын пяску і засыпаў возера так, што ад яго і следу не засталося. Пасля развітання з чароўным возерам Алег Лой пачаў новае, спакойнае, звычайнае жыццё.

Шафёр і вядзьмарка

Сяргей Пяюн заснуў за рулём. Праваліўся ў сон на якое імгненне, але гэтага часу якраз хапіла, каб ягоны грузавік з цэглай з’ехаў з дарогі, прабіў дашчаны плот, урэзаўся ў аднапавярховы дамок, праламаў у ім сцяну і высадзіў аконную раму. Пяюн, дзякуй лёсу, не скалечыўся і моцна не пабіўся. Гаспадыня дамка - вядзьмарка Жана Новік - была ў гэты час на верандзе і фізічных пашкоджанняў не атрымала. Вядома, жанчына спужалася. У яе было адчуванне, што дом яе разбураны і дах вось-вось абваліцца на галаву. Калі страх прайшоў і ўзняты пыл пачаў асядаць, Жана выбегла ў двор і бруднымі словамі аблаяла збялелага шафёра. Той адразу прызнаў сваю віну і паабяцаў паправіць дамок раз’юшанай вядзьмаркі.

Рамонт Сяргей зрабіў сам. Плот паставіў. Дзірку ў сцяне заклаў цэглай і атынкаваў. Акно зашкліў. Шпалеры паклеіў. Плот і дом давялося яшчэ і перафарбоўваць. За час рамонту Сяргей і Жана пасябравалі, зблізіліся і злюбіліся. Шафёр нават зрабіў вядзьмарцы прапанову выйсці за яго замуж, але паставіў адну ўмову: Жана павінна была цалкам змяніць сваё харчаванне. Яна мусіла кінуць есці чорную зямлю, яшчарак, пацукоў, сабак, катоў, балотныя кветкі, жаб, трытонаў, груганоў і мышэй. Вядзьмарка паабяцала Сяргею, што кіне есці вядзьмарскія прысмакі і будзе харчавацца проста, як усе звычайныя віленчукі. Яна стрымала слова і пражыла пад адным дахам з Пеюном доўгае і шчаслівае жыццё.

Белы сад

Экскурсавод Яўген Ломаць вадзіў пілігрымаў па Вільні. Зарабляў ён добра. Жыў са смакам. Расказваў вандроўнікам пра мінулае, сучаснае і будучае Вільні. Тут было так, а зрабілася гэтак. Там было, а цяпер стала. На гэтым месцы будзе... Падчас адной экскурсіі Ломаць востра адчуў незваротнасць жыцця. На гэтым месцы праз сотню гадоў будзе стаяць Вільня, а яго, Яўгена Ломаця, у ёй не будзе. Загараваў мужчына. Так загараваў, што кінуў працу і пайшоў у свет шукаць вечнае жыццё.

Зайшоў у лес, заблукаў і ўжо падумаў, што не выйдзе з яго. Але выбраўся, бо дапамог яму Лесавік: пашкадаваў шукальніка вечнасці і вывеў на дарогу. Ішоў Ломаць па дарозе, збочыў на сцежку, па сцежцы зайшоў у балота і зноў падумаў, што згіне ў багне. Не згінуў, бо Балотнік дапамог: выцягнуў з твані і правёў на сухі край балота. За тым балотам узвышаўся груд, на якім рос белы сад, а пасярод яго стаяў дом, у якім жыла жанчына - беззаганная Арына. Яўген спытаў у яе: “Ці ведаеш ты хоць нешта пра бясконцае жыццё?” - “Ведаю... У маім белым садзе і ў маім доме заўсёды раніца і заўсёды вясна. Жыццё тут, на гары, бяскон­цае...” Узрадаваўся Яўген і застаўся жыць з Арынай. Застаўся ў садзе, дзе заўсёды вясна, застаўся ў доме, дзе заўсёды раніца.

Трыццаць тры гады Яўген пратрываў у бясконцым жыцці і засумаваў. Ён сумаваў па лету, па зіме і восені. Сумаваў па зорах у начным небе. Ён так знудзіўся, што папрасіў у Арыны дазволу, каб вярнуцца ў Вільню. Жанчына спякла хлеб, адрэзала лусту, загарнула яе ў палатно і сказала: “Калі стане табе кепска ў абноўленай Вільні, ты з’еш лусту майго хлеба - і вернешся ў той стары горад, з якога выходзіў”.

Яўген Ломаць вярнуўся ў Вільню праз трыццаць тры гады і не пазнаў свой горад. Усё ў ім зрабілася інакшым і чужым, нават людзі ў горадзе гаварылі на розных малазразумелых мовах. Яўген разгарнуў палатно, дастаў лусту, з’еў хлеб і вярнуўся ў тую Вільню, з якой выходзіў шукаць сабе вечнае жыццё. Вяртацца на працу экскурсавода ён не захацеў. Яўген Ломаць уладкаваўся ў часопіс, дзе пісаў штотыднёвыя прадказанні ў форме гараскопаў. Яны карысталіся вялікім попытам, бо шмат што з іх сапраўды збывалася.

Ружовыя пялёсткі

Андрэй Дыла разам з жонкай прыйшоў на аўтавакзал. Яны збіраліся ехаць з гарачай жнівеньскай Вільні на адпачынак да прахалоднага мора ў Палангу. Жонка папрасіла Андрэя пачакаць каля чамаданаў, а сама пабегла па бутэльку вады. Больш ніколі свайго Андрэя Дылу яна і не бачыла. Чамаданы засталіся, а муж знік назаўжды.

Пакуль жонка купляла мінералку, да Андрэя падышла вядзьмарка і паказала яму ружовыя пялёсткі. Дылу так яны зачаравалі, што мужчына кінуў чамаданы, жонку, забыўся на адпачынак каля мора і пайшоў за вядзьмаркай у Зарэчча. Сведкі бачылі, як Андрэй ішоў па зарэчанскай вуліцы разам з жанчынай. Больш яго ніхто не сустракаў, адно расказвалі, што вядзьмарка зачаравала Дылу, калі паказала яму на аўтавакзале свае ружовыя пялёсткі.

Рудая котка

Юрась Ткач жыў з маці. Яна па тры разы на дзень прасіла сына, каб той знайшоў сабе жонку. Юрась шукаў, але яна не знаходзілася, ажно пакуль ў парку каля вежы Гедыміна не пабачыў рудую котку. Ткачу яна так спадабалася, што ён вырашыў злавіць жывёлу і забраць дамоў. Юрась асцярожна пайшоў за рудой прыгажуняй. Тая спусцілася з гары, прайшла ў бок рэчкі і схавалася ў маленькім дамку. Праз акно Ткач убачыў, як рудая котка ператварылася ў рудавалосую жанчыну.

Тры месяцы, тры тыдні і яшчэ тры дні Юрась Ткач заляцаўся да рудавалосай прыгажуні і ўгаворваў выйсці за яго замуж. Нарэшце дзяўчына дала згоду. Маці Ткача нядоўга радавалася за сына, бо аднойчы пабачыла, як яе нявестка перакінулася ў рудую котку. Старая Ткачыха вырашыла неадкладна ратаваць сына. Яна забіла котку, пасекла яе труп рыдлёўкай на кавалкі і закапала на кветніку.

Юрась шукаў жонку тры месяцы, тры тыдні і тры дні, а потым убачыў каля дома на сваім кветніку незвычайную рудую кветку і пазнаў у ёй страчаную жанчыну. Ткач ажно заплакаў ад шчасця, што нарэшце знайшлася яго прыгажуня. Хай кветка, хай зусім не такая, як была, але ж яна ёсць, яна знайшлася, і яна тут! Сляза з мужавага вока выцякла і ўпала на рудую кветку, а тая ўзяла дый ператварылася ў рудавалосую жанчыну. Маладыя вырашылі кінуць старую Ткачыху ў Вільні, а самі назаўжды з’ехалі жыць на бераг Нёмана ў Друскенікі.

Белая вада

Праграміст Валодзя Воўк жыў адзін. З-за самоты ён пачаў карміць птушак. Купляў крупы ды семкі, сыпаў іх на брук і радаваўся разам з галубамі. Сярод птушак знайшоўся голуб, які завёў праграміста да чараўніка. У яго Валодзя і навучыўся шматлікім фокусам і цудам. На развітанне чараўнік падараваў праграмісту маленечкую бутэльку белай вады.

Ідучы па вясновай Вільні з бутэлечкай у кішэні, Валодзя Воўк сустрэў старую жанчыну, якая была падобна да ягонай маці-нябожчыцы. Воўк спыніў старую і прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Тая адмовілася, спаслаўшыся на ўзрост, але пагадзілася працаваць у Валодзі ў якасці кухаркі і прыбіральшчыцы. Воўк, пачуўшы пра згоду, абліў старую белай вадой - і жанчына памаладзела ўтрая... Праграміст і яго маладая жонка яшчэ доўга-доўга кармілі птушак на віленскім бруку.

Месяц і залацістая зорка

Воля Дол ішла на кірмаш, калі пачула голас прыдарожнага валуна: “Ты дастанешся небу..” Вяртаючыся, дзяўчына зноў пачула той самы голас і тыя ж словы пра неба. Дома яна расказала бацькам пра здарэнне. Маці і бацька моцна перапалохаліся. Яны так спужаліся, што вырашылі ўцячы з Вільні і схаваць дачку ў якім іншым месцы.

Пакінуўшы горад, уцекачы паехалі праз лес. Калі пачало цямнець, сям’я Долаў убачыла замак, абнесены высознай цаглянай сцяной. Воля зайшла ў адчыненую браму, каб папытаць у каго-небудзь дазволу заехаць у замак і пераначаваць. Тут вароты ўзялі ды зачыніліся. Колькі бацькі ні грукалі ў жалезную браму, ніхто ім не адчыніў. Воля чула грукат і крыкі бацькоў, але, як ні спрабавала, не змагла адчыніць браму.

Дзяўчына пайшла па замку шукаць дапамогі. У бязлюдных пакоях Вольга знайшла маладога нябожчыка. Побач з ім на каменнай падлозе ляжаў кавалак папіруса з надпісам: “Выцягні меч з сэрца забітага! Хай ён вернецца ў свет святла! Хай дапаможа табе знайсці сваю дарогу!” Воля выцягнула меч з сэрца прыгожага нябожчыка. Малады ваяр устаў і зрабіўся ясным месяцам, а Воля Дол зрабілася залацістай зоркай. З таго часу па-над начной Вільняй паўсталі светлатвары месяц і ягоная залацістая зорка. Бацькі Волі пабачылі на небе залацістую зорку, пазналі ў ёй сваю дачку і суцешыліся.

Залатыя рогі

Маладой віленчанцы Антаніне Сініцынай спадабаўся анёл. Жанчына так закахалася, што лётала за ім неадчэпна. Куды анёл - туды і Сініцына. Заляцанні жанчыны скарылі крылатага прыгажуна. Яны пачалі цалавацца і любіцца. Антаніна дзвюма рукамі ўчапілася ў анёльскі німб. Анёл ускінуў галаву. Німб хруснуў. У руках жанчыны застаўся вялікі кавалак бясцэннага ўпрыгожання, а на анёльскай галаве ўзніклі залатыя рогі. Так у нашай Вільні і з’явіўся першы чорт.

Чытацкі білет

Журналістка Валя Цвік нават сярод калег вызначалася эксцэнтрычнасцю. Яе жыццё складалася з розных трагікамічных сцэнак, таму мала хто ўслухоўваўся ў яе словы. Што б ні казала Валя, усе чулі адно “вух!” ды “ах!” Нават яе каханак кінадраматург Макс Дубатоўк не надаў увагі яе маналогу пра забойства... “Я цябе заб’ю! Дубатоўк, ты мяне чуеш? Я цябе заб’ю, калі прыдумаю, як пазбавіцца ад твайго паганага трупа. Ты мне надакучыў! Я цябе ненавіджу! Ты займаеш усе мае думкі з раніцы да вечара. Як толькі я вынайду спосаб схаваць нябожчыка, ведай: прыйшоў твой канец!”

Макс быў далёка не дробным чалавекам. Росту ў ім было пад метр дзевяноста, важыў ён больш за сто кілаграмаў. Але памеры не ўратавалі Дубатоўка. Валя Цвік закалола каханка нажом, а цела парэзала на кавалкі бензапілой. Папілаванага Дубатоўка Цвік расфасавала ў чорныя мяшкі для смецця. Потым звезла іх на гарадскі сметнік. Здзічэлыя сабакі паразрывалі мяшкі. Шафёр віленскага смеццявоза адшукаў не толькі галаву Дубатоўка. У мяшку з галавою ён знайшоў і чытацкі білет, выпісаны на імя Валі Цвік.

Як білет для наведвання ўніверсітэцкай бібліятэкі трапіў у мяшок з галавою, Валя не захацела тлумачыць. На пытанне, чаму яна так жорстка абышлася з каханкам, адказала проста: “Забіла, бо гуляць гуляў, а замуж не браў!”

Дзяўчыну пасадзілі за краты. Па дарозе ў турму паліцэйскія малявалі перад Валяй самыя змрочныя перспектывы. Дарэмна стараліся, бо Валя Цвік выйшла з камеры ў калідор, а потым і з турмы на вуліцу - праз сцяну. Так! Яна магла праходзіць праз сцены, а свой чытацкі білет Валя падкінула да адрэзанай галавы каханка дзеля забаўкі.

Шэрае неба

Горкі п’яніца Энцяляхій Бохан прадаў сваё адлюстраванне. Вось як гэта адбылося.

Энцяляхій прапіў усё да ніткі. Папрапіваў ён і ўсе пазыкі, якія толькі мог зрабіць. Грошы ў п’яніцы скончыліся, а выпіць усё яшчэ хацелася страшэнна. Нутро гарэла пякельным полымем. Ледзь жывы Энцяляхій павалокся да Святой брамы, каб у Маці Божай папрасіць паратунку. Па дарозе да брамы Бохан мінаў прывакзальны базар, там ён і пабачыў чарнавусага д’ябла. Элегантны, у чорным палітоне, князь цемры стаяў пад светлафорам і праз чорныя акуляры пазіраў на базарную мітусню. Энцяляхій пераадолеў страх і падсунуўся да нячыстага:

- Дружа, купі маю душу!

- Праз пару дзён твая душа, горкі п’яніца Энцяляхій, і так будзе маёй. Я пачакаю, - д’ябал павярнуўся да п’яніцы спінаю.

- Купі мой цень. Я чуў, што ты купляеш у людзей іх цені, - слёзна папрасіў п’яніца.

- Каб мы былі ў Афінах ці ў якім Іерусаліме, можна было б і пра цень пагаварыць. Мы на поўначы, мы ў Вільні. Колькі тых сонечных дзён на балтыйскай поўначы? Раз-два - і няма. Зноў дождж. Зноў шэрасць. Зноў лужыны кругом. Так што і твой цень, спадар Бохан, мне зусім не патрэбны!

- Лужыны, лужыны, лужыны... Чорт, як жа мне хочацца выпіць! Хоць ты падай на карачкі і з лужыны пі... Слухай, дружа, купі маё адлюстраванне. За бутэльку віна я прадам табе сваё адлюстраванне...

- Адлюстраванне, кажаш? Яго, здаецца, я яшчэ не купляў. Я шчодры, таму дам табе бутэльку гарэлкі. Дам такую бутэльку, у якой гарэлка ніколі не скончыцца для цябе.

П’яніца ўзрадаваўся. Ён пайшоў разам з д’яблам у зацішны двор. З- пад крыса свайго чорнага палітона князь цемры дастаў вялікае круглае люстэрка. Ён прымусіў Бохана трымаць люстэрка, на якое наліў трохі гарэлкі. Праз пластыкавую кактэйльную трубачку д’ябал выпіў разлітую па люстэрку гарэлку. Ён яе засмактаў разам з адлюстраваннем горкага п’яніцы Энцяляхія Бохана. Недапітую бутэльку разам з круглым люстэркам д’ябал пакінуў нікчэмнаму чалавеку, які прапіў усё, нават сваё адлюстраванне.

Бохан вырашыў неадкладна праверыць, ці не падмануў яго д’ябал. П’яніца пачаў заліваць у сябе гарэлку наўпрост з рыльца. Ён заліў яе столькі, што памёр тут жа, у зацішным двары, лежачы тварам на люстэр­ку, у якім не было ягонага адлюстравання, але выдатна адлюстроўвалася спакойнае нізкае шэрае неба.

Металічныя шарыкі

Сантэхнік Рыгор Карапет спраўна рамантаваў унітазы, а яшчэ ён вы­датна труціў мышэй і пацукоў. Карапет карыстаўся ў Вільні вядомасцю і быў запатрабаваны, але Рыгору было сумна рабіць звычайныя і добрыя справы. Ад іх ён не атрымліваў задавальнення. Радасць прыносілі розныя дробныя злачынствы. Разам з пацукамі і мышамі Карапет труціў сабак і катоў. Душа паскудніка трыумфавала, калі гучаў плач гаспадара забітага сабакі. Весяліўся Карапет і на могілках, дзе завальваў крыжы і разбіваў малатком твары на партрэтах нябожчыкаў.

За мярзотным заняткам яго і заспеў аднойчы стары вартаўнік могілак. “Што ж ты, скаціна бязрогая, вырабляеш? Каб табе самому цяжкім ма­латком ды па твары гваздануць! Прэч пайшоў з нашых могілак!” - стары крычаў здалёк, бо пабойваўся наблізіцца да ўзброенага малатком вар’ята.

Вартаўнік баяўся, і Карапет сам рашуча пайшоў на яго. Рыгор узняў руку з малатком, каб абрынуць удар на старога. У гэты момант вартаўнік схапіў Карапета адной рукой за доўгі нос, а другой за вялікае вуха. Вартаўнік крутануў галаву паскудніка так, што скура на яго шыі луснула. З вялікай ірванай раны на зямлю пасыпаліся бліскучыя металічныя шарыкі. Усё нутро Карапета было запоўнена дробнымі сталёвымі шарыкамі. Яны высыпаліся, задыміліся і хутка пазгаралі на свежым паветры. Скуру сантэхніка Карапета вартаўнік выкінуў на сметнік да звялых і пасохлых букетаў.

Чырвоны тур

Здарылася тое дзіўнае ў часы, калі на землях нашых уладарылі князі. У Полацку кіраваў князь Полацкі, у Тураве - князь Тураўскі, а ў Вільні - князь Віленскі. Князь Віленскі меў найпрыгажэйшую жывёлу з тых, што вяліся ў тутэйшых краях, - чырвонага тура. Ні ў князя Тураўскага, ні ў князя Полацкага тура не было. Казалі, што ва ўсім белым свеце засталася адна асобіна - чырвоны тур князя Віленскага. Хто толькі не прыязджаў у Вільню, каб палюбавацца на тура! Натоўпы цікаўных збіраліся паглядзець, як рэдкую жывёлу купаюць у рэчцы.

Вядома, што ўладару тура зайздросцілі. Найбольшую зайздрасць меў наваградскі лекар. Самы знакаміты лекар у Беларусі мацней за ўсіх зайздросціў князю Віленскаму. Можна сабе ўявіць, як ён узрадаваўся, калі пачуў, што адзіная дачка князя Віленскага моцна захварэла і ніхто яе не можа вылечыць. Калі князь Віленскі папрасіў дапамогі ў наваградскага лекара, той запатрабаваў сабе чырвонага тура. Сказаў, што толькі на ім ён паедзе да хворай. Князь пагадзіўся. Лекар сеў верхам на чырвонага тура, прыехаў у Вільню і вылечыў князеву дачку. Замест платы за выратаван- не дзяўчыны ён папрасіў вярнуцца з Вільні ў Наваградак на чырвоным туры, каб людзі на свае вочы пабачылі веліч лекара наваградскага. Князь Віленскі не пабачыў нічога кепскага ў жаданні лекара, ён і падумаць не мог, што той зарэжа чырвонага тура. Лекар вярнуўся дамоў, зарэзаў і падсмажыў жывёлу. Увесь Наваградак сабраўся на пачастунак. Лекар сказаў, што князь Віленскі сам загадаў падсмажыць тура на вогнішчы і пачаставаць наваградцаў. Так знік апошні тур з тых, што некалі жылі на нашых землях. Наваградцы казалі, што яны ніколі не каштавалі нічога больш смачнага за мяса печанага чырвонага тура. Пэўна, так яно і было на самай справе.

Шкада, што гісторыя пра чырвонага тура на гэтым не скончылася. Князь Віленскі не дараваў крадзяжу. Ён паслаў забойцу, які вострым кінжалам працяў сэрца лекара наваградскага.

Браты і сёстры

Яраслаў Вуж вырашыў навучыцца рабіць тэатральныя дэкарацыі і паехаў для гэтага з Вільні ў Мінск. Там ён і закахаўся ў артыстачку з драмтэатра імя Купалы. Вуж і артыстачка былі шчаслівай парай. Яны любіліся ледзь не штодня, ажно пакуль у іх адносіны не палез старэйшы брат артыстачкі Фелікс. Ён пачаў патрабаваць ад Яраслава вяселля. Любіш - жаніся! Вуж паспрабаваў аджартавацца, за гэта Фелікс ударыў дэкаратара малатком па лбе і забіў. У артыстачкі, якая бачыла забойства, здарылася істэрыка. Феліксу давялося абліць яе халоднай вадой з вядра, каб супакоілася. Яна прыйшла ў сябе і дапамагла брату закапаць каханка ў лесе пад Ракавам.

Яраслаў праляжаў там нядоўга, бо ніхто яго не аплакаў як след. Келб выбраўся з-пад зямлі і пайшоў у Вільню. Па дарозе ён заходзіў у чужыя двары і спрабаваў папрасіць жанчын, каб тыя пагаласілі па ім. Ніхто не стаў слухаць нябожчыка: усе ўцякалі ад чалавека, аблепленага сыройі цёмнай зямлёй. Толькі сястра Яраслава Магда Вуж выслухала брата, аплакала яго, пахавала на Росах і пасля гэтага паехала ў Мінск. Там яна знайшла Фелікса і абліла яго сернай кіслатой з галавы да ног.

Белы промень

Чуў і такую казку... Па белым прамяні дзённага святла душа пакутніка выбралася з чорнага пякельнага полымя ў рай.

Дубовы кій

Стары Мечыслаў Кужаль, калі напраўду пачаў паміраць, сабраў блізкіх і папрасіў, каб у першую ноч пасля пахавання нехта пайшоў ахоўваць яго свежую магілу. Усе родныя паабяцалі выканаць запавет Мечыслава.

На пышных хаўтурах сваякі моцна панаядаліся і панапіваліся. Валачыся ўночы на могілкі? Каму тое трэба? Што і ад каго тамака ахоўваць? Вянкі ды букеты? Бяздушнае цела? Каму яно патрэбна, акрамя зямлі? Пагаманілі сваякі за сталом і параспаўзаліся па сваіх дамах ды кватэрах. Толькі малодшая дачка Мечыслава Кужаля Рэгіна ўзяла бацькаў дубовы кій і пайшла да свежай, абкладзенай жывымі кветкамі магілы.

У самую густую цемрадзь ночы на могілках з’явіўся белы трапятлівы прывід. Ён наблізіўся да магілы Мечыслава і пачаў хапаць ды раскідваць вянкі з букетамі. Ад шуму, што нарабіў прывід, Рэгіна, якая паспела задрамаць, прачнулася і крыкнула:

- Ты хто? Што табе трэба ад магілы майго бацькі?

- Стары Кужаль здзекаваўся з мяне! Ён усяляк прыніжаў мяне! Мардаваў! Тоўк! Ганіў! Цяпер я прыйшоў, каб адпомсціць...

- Раз бацька цябе ганіў і прыніжаў, значыць, ты заслужыў тыя знявагу і ганьбу! Цяпер пасярод ночы ты вандаліш і шуміш на могілках. Вось я вазьму і разаб’ю цябе дубовым кіем! - дзяўчына ўдарыла па белым прывідзе бацькавым кіем. Ён патрымцеў яшчэ якое імгненне і разваліўся на аскабалкі. З разбітага прывіда на магільны пясок высыпалася цэлая гара залатых манет.

Над бацькавай магілай Рэгіна прасядзела да самай раніцай. Калі развіднела, дзяўчына сабрала золата і вярнулася дамоў, дзе расказала сваякам пра тое, як выканала запавет бацькі і атрымала дадатковую спадчыну на Бернардзінскіх могілках.

Шэры сом

Хлопчык Ясь Доўгі пайшоў на рыбу і злавіў у Віліі невялічкага шэрага сома. Паланёны сомік загаварыў чалавечай мовай:

- Злітуйся, хлопча! Выпусці мяне ў Вілію! Калі будзе ў цябе якая бяда, я прыплыву і дапамагу. Каб мяне паклікаць, ты зараз адшчыкні ад майго вуса маленечкі кавалак. Калі я спатрэблюся, падыдзі да рэчкі і спалі гэты кавалачак. Попел кінь у Вілію. Я пачую, як ён упадзе на ваду, і адразу з’яўлюся.

Ясь Доўгі не паверыў ніводнаму слову рыбіны, але злітаваўся і адпусціў яе ў родную хвалю. Праўда, кавалачак вуса хлопец адшчыкнуў і пакінуў сабе на ўсялякі выпадак.

Жыццё бяжыць хутка. Праляцела жыццё і ў Яся Доўгага. Ніякай вялікай бяды з ім так і не здарылася. Кавалак вуса, адшчыкнуты ў шэрага сома, праляжаў у яго ажно семдзесят сем гадоў. Стары Ясь вырашыў яго спаліць і паглядзець, ці праўду казала рыбіна. Як толькі попел спаленага вуса ўпаў на ваду, з Віліі паўстаў велізарны шэры сом і запытаў, чым можа дапамагчы.

- Можаш мяне зрабіць маладым? - дзеля жарту сказаў Ясь Доўгі.

- Магу!

- Зрабі!

Шэры сом зрабіў са старога Яся малога хлопчыка. Так Ясь Доўгі пражыў на беразе Віліі не адно, а цэлыя два жыцці, а ўсё таму, што ў адзін важны момант быў літасцівым.

Жаўтабокая калебаса

На Ратушным пляцы ў маленькай антыкварнай крамцы Алесь Верабей набыў жаўтабокую калебасу. Касавокі крамнік сказаў Вераб’ю, што калебаса чароўная і можа спяваць; толькі ён забыўся, што трэба зрабіць, каб паўднёваамерыканская біклага заспявала. Раней памятаў, а цяпер састарэў і забыўся. Не каб сесці і ўсё запісаць пра жаўтабокую калебасу. Паспадзяваўся на памяць, а яна, нягодніца, і падвяла.

Алесь купляў калебасу выключна для ўпрыгожвання інтэр’ера ў сваім начным бары з назвай “Амазонка”. У бары несупынна круціліся песні Боба Марлі, таму спевы жаўтабокай калебасы былі нібыта і непатрэбнымі, але ёсць такая рэч, як цікаўнасць. Алесю Вераб’ю стала цікава пачуць голас калебасы. Ён яе пагладждваў, ён па ёй пастукваў, ён яе трос. Калебаса маўчала. Ён наліваў у яе ваду, віно і ром. Ні гу-гу. Ён яе ўгаворваў, ён ёй пагражаў, ён на яе сварыўся і абяцаў выкінуць на лютаўскі мароз. Калебаса маўчала. Верабей ужо падумаў, што крамнік з Ратушнага пляца пажартаваў. Гандаль - мастацтва падманаў. Чаму не падмануць пакупніка, які сам хоча падмануцца? У выніку Верабей панёс жаўтабокую калебасу, каб паставіць на паліцу з бутэлькамі залатой тэкілы. Каб было больш зручна несці, Алесь засунуў свой вялікі палец у адтуліну калебасы, а яна ўзяла ды заспявала. Яе спеў быў цудоўным, такім спевам мог зачаравацца і сам Боб Марлі.

Пунсовы вецер

Вітальд Бобрык любіў Хрысціну Сойку. Хрысціна кахала Вітальда. Справа маладая. Закаханыя чакалі свайго прызначанага на верасень вяселля і штовечар прагульваліся па летняй Вільні. У час няспешнай прагулкі ў Нагорным парку на іх наляцеў пунсовы вецер. Ён быў такі жорсткі, што нават апісаць цяжка. Вецер адарваў нос і вуха з тварыка Хрысціны. Адарваў ёй нагу і руку. Паадрыванае пунсовы вецер узняў у неба і параскідаў па розных кутках цёмнага парку.

Вітальд адшукаў вуха і нос каханай. Знайшоў і прыляпіў на месца. Ён адшукаў яе нагу і гэтаксама спрытна прымайстраваў да цела. Руку Хрысціны Сойкі Вітальд знайсці не змог. Ён шукаў яе цэлую ноч, шукаў усю раніцу і наступны дзень. Усе думалі, што Хрысціна з’явіцца на ўласнае вяселле аднарукай. Усе клялі страшнымі праклёнамі пунсовы вецер і прасілі неба вярнуць нявесце руку. Здарыўся цуд: рука ў Хрысціны адрасла. Яна была крышачку меншай і танчэйшай за папярэднюю, але гэта, калі асабліва не прыглядацца, не кідалася ў вочы. Вяселле ў Бобрыкаў прайшло радасна.

Зорная птушка

Уліна Зёлка жыла адна. Кожную зіму яна карміла птушак чорнымі і белымі семкамі. Зёлка хварэла, атрымлівала мізэрную пенсію, грошай ёй увесь час не хапала. Аднойчы настаў такі чорны дзень, што ў яе нават не знайшлося капейкі, каб купіць тыя семкі. Сініцы прыляцелі раніцай на падаконне, але пачастункаў не знайшлі. Усе птушкі паляцелі далей, і толькі адна сініца засталася. Яна не паляцела разам з астатнімі, а ўзнялася ў яшчэ цёмнае і поўнае зорак неба. Там яна здзяўбла з густога і сіняга неба некалькі зялёных зорачак і са звычайнай сініцы зрабілася зорнай птушкай. Яна заззяла дыяментамі, смарагдамі і сапфірамі. Сініца вярнулася да хворай Зёлкі і павяла яе па Вільні, завяла ў яўрэйскі квартал, дзе паказала за старой напаўразбуранай дрывотняй закапаную ў зямлю скарбонку з золатам. Знойдзеных манет хапіла на новую кватэру і лячэнне. Уліна цалкам вылечылася, знайшла сабе мужа і пачала працаваць прадаўшчыцай бурштынавых і саламяных упрыгожанняў.

Палёты на спіне

Тамара Загорская прыйшла да доктара і папрасіла пілюль ад дэпрэсіі. Іх Тамара прасіла не для сябе, а для дачкі Вольгі. Доктар пачаў распытваць пра хваробу. Загорская расказала, што другі тыдзень дачка не ўстае з лож­ка, ляжыць тварам да сцяны, нічога не есць, толькі п’е падсоленую ваду. Доктар сказаў знерваванай маці, што Вольгу трэба лячыць не пілюлямі, а палётамі на спіне. Загорская не паверыла, што дачка яе зможа лётаць, а тым больш - лётаць на спіне. Доктар узяў Тамару за руку і паказаў, як трэба павольна ўздымацца ў паветра. Рабіць гэта трэба вертыкальна, а потым няспешна класціся на спіну і ляцець у вышыні. “Некалькі колаў над вечаровай жнівеньскай Вільняй - і дэпрэсія скончыцца!” - запэўніў усхваляваную палётам пацыентку вопытны доктар.

Тамара ўгаварыла Вольгу ўзняцца над горадам і, лежачы на спіне, абляцець Вільню тры разы. Калі маці з дачкой, стомленыя палётам, апусціліся на свой балкон, дэпрэсія ў Вольгі сапраўды прапала, нібыта яе і не было.

Груганы

Жыў у Вільні вядзьмар Шчытамір Коўш. Ён добра чараваў і варажыў на картах, а калі сказаць чыстую праўду - Шчытамір апавядаў даверлівым людзям тое, што яны самі хацелі пачуць. Коўш шчодра абяцаў шчасце, добрую долю і багацце. Нешта з наабяцанага ведзьмаром спраўджвалася, а праз гэта і вядомасць яго расла. Вырасла слава Шчытаміра ажно да таго, што паклікаў яго сам вялікі князь і загадаў за тры дні знайсці скрадзены ў яго куфар золата. Коўш ніколі не спадзяваўся на ласку вялікага князя, таму сабраўся і як мага хутчэй уцёк з Вільні.

Ідучы праз лес, Шчытамір спыніўся адпачыць пад вялікім дубам. На тое дрэва прыляцелі два груганы - усходні груган і заходні. Усходні расказаў заходняму віленскую навіну пра тое, што ў вялікага князя злодзеі скралі куфар. Заходні расказаў усходняму працяг той навіны: злодзеі закапалі золата на беразе Нёмана пад Друскенікамі. Шчытамір вярнуўся ў Вільню, наведаў палац князя і паведаміў пра закапанае каля Нёмана золата. Куфар са скарбам знайшлі. Шчытаміру Каўшу добра заплацілі за службу, але ён усё адно з’ехаў з Вільні, каб лішні раз не спакушаць лёс.

Залаты ваўкаліс

Стаяў змрочны час, калі ў Вільні на троне сядзеў шэравалосы князь. Жорсткі, бязлітасны, крыважэрны валадар кожную ноч, калі ўсе віленскія брамы мусілі зачыняцца, выпускаў з замкавых сутарэнняў залатога ваўкаліса. Звяруга быў хітры, як ліс, ды моцны і вялікі, як воўк. Залаты ваўкаліс ірваў, грыз і рэзаў усіх, хто не паспеў зачыніцца за брамамі на сваіх падворках і за дзвярыма сваіх дамкоў. Шмат п’яных віленчукоў пазабіваў ваўкаліс. Многа разяватых віленчанак згінула пад лапамі людарэза. Не шкадаваў залаты ваўкаліс і малых дзяцей. Бацькі дзяцей-пакутнікаў спрабавалі злавіць і знішчыць людарэза, але нічога добрага з іх помсты не атрымалася. Звяруга пашкуматаў усіх мсціўцаў на анучы.

Добра, што гора не бывае вечным. Кравец Язэп Мацак прачытаў у адной старажытнай кнізе, што залатога ваўкаліса можа перамагчы асілак у залатой кашулі. Уся Вільня таемна збірала і сабрала золата на кашулю для Язэпа Мацака. Ён пашыў сабе патрэбную вопратку, выйшаў пасярод ночы на віленскую вуліцу, сустрэў ваўкаліса і забіў звяругу. Як толькі Вільня пачула пра перамогу над зверам, людзі павыходзілі з-за сваіх дзвярэй і брам. Яны прыйшлі ў палац і скінулі з трона шэравалосага князя. На вольны трон людзі запрасілі і пасадзілі краўца Язэпа Мацака ў залатой кашулі - і запанавала ў Вільні справядлівасць.

Чорны Паляўнічы

Чорны Паляўнічы прывалок у Вільню чуму. У тыя старадаўнія часы страшныя хваробы разгульвалі па нашых краях як у сябе дома. Халера, чума, сухоты выкошвалі цэлыя вёскі, мястэчкі і гарады. У той раз чвэрць Вільні вымерла ад чумы, якую Паляўнічы падхапіў у гнілой яміне.

Чорны Паляўнічы блукаў па пушчы, хацеў застрэліць дзіка, каб зімою быў запас мяса. Стаміўся ён, ходзячы. Так стаміўся, што не заўважыў яміну, выкапаную на звера. Уваліўся ў яе. Добра, што яміна была старая і вострыя калы ў ёй пападгнівалі. Чорны Паляўнічы пабіўся і паабдзіраўся, але не загінуў на калах. Выбрацца з пасткі сам ён не змог. Прасядзеў у халоднай гразі цэлую ноч, а раніцай убачыў над краем ямы галаву цікаўнага Зайца. Чорны Паляўнічы звярнуўся да яго за дапамогай. Папрасіў, каб той скінуў у яміну сухое дрэва, па якім можна было б вылезці. Заяц пашкадаваў чалавека, прыкаціў і ўкінуў у яміну сухую яліну. Па ёй Чорны Паляўнічы выбраўся з пасткі.

Каб пагрэцца і абсушыцца, чалавек расклаў вогнішча. Каля вялікага агню згаладалы Паляўнічы забіў і з’еў Зайца. Па дарозе дамоў ён адчуў, што нейкая цяжкая хвароба захоплівае ператомленае цела. Дома на ложку

Чорны Паляўнічы пакрыўся гнойнымі струпамі і сканаў. Ад Паляўнічага чума перакінулася на ягоных сямейнікаў, ад сямейнікаў пайшла па суседзях, ад суседзяў распаўзлася па ўсёй Вільні. Чвэрць гараджан выправілася следам за Чорным Паляўнічым. Усё з-за таго, казалі людзі, што няўдзячны чалавек забіў свайго выратавальніка.

Шэрае возера

Анэта Крыж з дзяцінства хадзіла ў ягады. Лясы вакол Вільні яна веда­ла добра, таму заўсёды вярталася дадому з поўным вядром. У той дзень Анэта выправілася ў маліны. Назбірала трохлітровы бітончык і пайшла на дарогу, каб спыніць спадарожную машыну і на ёй вярнуцца ў горад. Сцежка бегла каля Чорнага возера. Анэце захацелася змыць з сябе стому ў цёмнай, як ноч, вадзе. Яна распранулася і зайшла ў возера, памыла сябе знізу, памыла зверху і апаласнула з усіх бакоў.

Да Вільні Анэта Крыж даехала без прыгод, а дома ёй зрабілася кепска, ды так, што думала - памрэ. Доктарка шукала і не знайшла ў жанчыны прыкмет звыклай хваробы, а пачуўшы пра купанне ў Шэрым возеры, параіла пайсці да шаптухі. Анэта наведалася да знахаркі і расказала, як у Шэрым возеры памыла сябе знізу, зверху і з усіх бакоў. Шаптуха загадала жанчыне вярнуцца да возера і папрасіць у яго прабачэння. Перапрошваць возера Анэце Крыж давялося не за тое, што яна памыла сябе знізу, зверху і з усіх бакоў, а за тое, што насікала ў цёмную ваду. Шэрае возера выслухала прабачэнні Анэты, даравала ёй нахабства і адагнала ад яе насланую хваробу.

Трава вяртання

У Зарэччы некалі жылі паляўнічыя браты Рысі. Сымон - старэйшы, Язэп - малодшы і Віктар - сярэдні. Аднаго разу браты выбраліся на чарговае паляванне і ўсе як адзін забыліся на запалкі і запальнічкі. Сабраліся яны адпачыць у лесе, пагрэцца каля вогнішча, а раскласці агонь няма чым.

Пайшоў Язэп шукаць запалкі. Знайшоў у лесе крывы дамок. Зайшоў у яго і папрасіў у старой гаспадыні пазычыць запалкі або запальнічку. Старая пырснула на Язэпа атрутай. Мужчына сканаў, і людаедка пачала варыць яго ў медным сагане.

Тым часам Віктар выправіўся шукаць брата і агню. Сярэдні брат, як і малодшы, знайшоў дамок. Зайшоў у яго і таксама трапіў у медны саган. Старая ледзь паспела зварыць братоў Рысяў, як у яе дамку з’явіўся Сымон. Ён збіў старую на горкі яблык, прымусіў яе запарыць траву вяртання і абмыць чароўным зваротным узварам целы сваіх малодшых братоў. Ста­рая абмыла братоў, выцерла іх ільнянымі рушнікамі - і мужчыны ажылі. Розгалас пра чарадзейную траву вяртання ў адзін міг абляцеў усю Вільню. Шмат хто хадзіў па тую траву ў лес, але ніхто больш не знайшоў ні крывога дамка старой людаедкі, ні чароўнай травы вяртання.

Залатыя дранікі

Самая смачная бульба ў нашым кутку зямлі, вядома, у Вільні. Бо паўсюль садзяць бульбу, якую некалі прывезлі з Амерыкі, а пад Вільняй расце бульба, якую ў даўнія часы даставілі з месяца. Здабыла яе князёўна Бірута.

Аднойчы ўначы князёўна сядзела на самай высокай віленскай вежы і пабачыла на месяцы індзейца, які ў гэты час на сваім невялічкім полі капаў бульбу. Бірута распранулася, абмазала цела лятучым бальзамам, села верхам на бярозавае памяло і выправілася ў зорнае неба. Князёўна прыляцела на месяц, дзе пазнаёмілася з маладым чырванаскурым селянінам. Ён пачаставаў яе маладой бульбінай. Біруце так спадабалася падсоленая вараная бульба з маслам і кропам, што яна выпрасіла ў індзейца цэлы мех з клубнямі. Князёўна распытала, як садзіць бульбу і калі яе трэба збіраць. Індзеец навучыў Біруту не толькі садзіць і капаць, ён паказаў ёй, як смажыць з бульбы хрусткія залатыя дранікі. Князёўна вярнулася ў Вільню, дзе загадала сваім сялянам вырошчваць самую смачную бульбу на белым свеце і смажыць з яе залатыя дранікі.

Сіняя цагліна

Усё найлепшае з таго, што пабудавалася ў старой Вільні, паўстала дзякуючы сіняй цагліне. Вежа Гедыміна, сабор Ганны, універсітэт, званіца каля кафедральнага сабора, яўрэйскі квартал, царква Параскевы і шмат іншых пабудоў маюць сувязь з той чароўнай рэччу. У даўнія часы цагліну падараваў віленскім дойлідам анёл. Ён прынёс з неба на зямлю нябесна-сінюю цагліну, на адным баку якой быў намалёваны залаты леў, а на другім - залаты алень. Анёл сказаў дойлідам, што, перад тым як пачаць нешта будаваць у горадзе, трэба прыйсці позна ўвечары на месца будучай будоўлі і пакласці на зямлю сінюю цагліну. Класці неабходна было менавіта львом да неба. Яна павінна была праляжаць так цэлую ноч. Раніцай трэба было паглядзець уважліва, ці не зрушылася цагліна, ці не перакулілася львом да зямлі, а залатым аленем - да неба. Калі зрушылася ці, крый бог, перакулілася, пачынаць будоўлю ў гэтым месцы было нельга, бо, што ні пабудуй, - стаяць не будзе, разбурыцца само ці нехта зруйнуе. Дойліды паслухаліся анёла. З таго часу ледзь не тысячу гадоў усё самае прыгожае паўставала ў Вільні згодна з прадказаннямі сіняй цагліны. Калі тая ляжала ноч нерухома, будоўля распачыналася, калі перакульвалася ці зрушвалася з месца, будоўля адкладалася.

Падчас апошняй вялікай вайны сіняя цагліна знікла. Кажуць, што ў час, калі Вільня апынулася ў Трэцім рэйху, сіняя цагліна трапіла ў кепскія рукі, ёй завалодаў архітэктар-вар’ят. Ён сашкроб з цагліны залатых ільва і аленя, а замест іх панамалёўваў срэбныя чарапы і свастыкі. Не паспела срэбная фарба высахнуць на чароўнай цагліне, як у Вільню зайшоў д’ябал. Ён наведаўся да вар’ята і забраў сінюю цагліну. Ухапіў і знёс пад зямлю.

Зялёны яблык і чароўны нож

Віленскі грузчык Адась Русак знайшоў на прывакзальным пляцы чароўны нож. Ім ён мог разрэзаць напалам зялёны яблык так, што потым яго можна было скласці - і ніякага следу ад разрэзаў не заставалася. Зялёны яблык натуральна зрастаўся. Цікава, што жоўтыя і чырвоныя яблыкі, разрэзаныя напалам чароўным нажом, не зрасталіся зусім, яны развальваліся, як ты іх ні складай.

Адась Русак аб’ехаў паўсвету са сваім фокусам пад назвай “Зялёны яблык і чароўны нож”. Ён бы і другую палову свету аб’ехаў, каб не ржа. У Пакістане чароўны нож раптам пакрыўся рудой іржой і перастаў працаваць, перастаў здзяйсняць дзівосы з яблыкамі. Давялося Адасю Ру­саку вярнуцца ў родную Вільню і зноў пайсці працаваць грузчыкам на чыгуначным вакзале.

Шэрая котка

Жыла ў Вільні шэрая котка. Гаспадароў у яе не было. Выглядала яна звычайна. Котка і котка, шэрая і шэрая, звычайная і звычайная. Паводзінамі яна вылучалася. Яны былі пачварныя, жахлівыя. Котка крала на базарах мяса і кілбасы. Яна задзірала малых і вялікіх птушак. Яна пачала загрызаць малых дзяцей. Заскоквала ў дзіцячую каляску і перагрызала немаўляці шыйку. Шэрую котку лавілі і забівалі. Яе секлі на кавалкі. Яе закопвалі жыўцом. Кожнага разу шэрая котка адраджалася, паўставала з мёртвых.

Была ў той шэрай пачварнай коткі чароўная іскра жыцця. Яна хавалася ў якой-небудзь часцінцы злоўленай жывёлы. Залазіла ў валасок ці кіпцік, а потым з яго аднаўлялася ўся як ёсць шэрая котка. Пра іскру жыцця віленчукам расказаў вядзьмар Фама Капуста. Яму і прынеслі ў драцяной клетцы палонную шэрую котку. Срэбнымі абцугамі Фама выцягнуў з коткі блакітна-белую іскру жыцця і пагасіў яе ў воцаце.

Чорны ордэн

Неяк у Вільні пачалі чэзнуць кветкі. Увечары кветнік быў сакавіты і свежы - вока радаваў, а раніцай на зямлі ляжалі адно пасохлыя пёры травы ды пажоўклыя скручаныя пялёсткі. Усё ішло да таго, што Вільня магла застацца зусім без кветак. Віленчукі захваляваліся. Пільнавалі. Сачылі адзін за адным. Нехта пабачыў цень чорта, які пасыпаў кветнікі чырвонай соллю ды паліваў ацэтонам. Пайшла пагалоска, што трэба з нячысцікам дамовіцца, пакуль ён не звёў усе чыста кветкі. На перамовы выйшаў сам мэр Вільні. Сустрэча адбылася на ганку ратушы. Чорт быў ветлівым і пакляўся не чапаць кветнікі, калі яго ўзнагародзяць ордэнам. Мэр не чакаў такога нахабства, але ордэн чорту паабяцаў.

Праз тры дні на ганку ратушы мэр узнагародзіў чорта Чорным ордэнам, які звычайна давалі герою, што абараняў горад ад ворагаў. Чорны ордэн спадабаўся Чорту. Ён больш не чапаў вазоны і кветнікі, але пачаў зводзіць віленскіх катоў і сабак. Штоноч у Вільні сталі знікаць сотні сабак і катоў. Давялося мэру даваць чорту яшчэ адзін Чорны ордэн, каб не чапаў катоў з сабакамі. Нячысцік спыніў вынішчэнне гаўкалаў і мяўкалаў, але звёў са свету некалькі малых дзяцей. Мэр паабяцаў чорту трэці Чорны ордэн, каб толькі той не чапаў віленскіх дзетак.

Чорт прыйшоў па чарговую ўзнагароду на ганак ратушы, дзе яго і забіў мэр. Бойка была цяжкай. Нячысты рогам прабіў мэру бок і выбіў вока, але той працяў чортава сэрца бліскучым кінжалам. Забітага чорта пасеклі на кавалкі і спалілі ў жалезнай бочцы, каб погань не адрадзілася. Скалечаны мэр памёр ад ран праз тры дні. На пахаванне героя выйшла ўся Вільня. З таго часу Чорным ордэнам больш ніколі нікога не ўзнагароджвалі, пра яго нават стараюцца і не ўспамінаць.

Залатая свечка

Тодар Тур адсядзеў у турме дзесяць гадоў. Яго абвінавацілі ў забойстве, якога ён не рабіў.

Жонку Тодара ахапіла рэўнасць. Жанчына ажно звар’яцела праз сваю беспадстаўную палымяную рэўнасць. Яна атруцілася, але зрабіла гэта так, што ўсё паказвала на тое, што яе забіў муж. Жанчына нават заплаціла лжывым сведкам, якія казалі на судзе, што на свае вочы бачылі, як Тодар сыпаў у жончын келіх з віном смяротную атруту.

Тур выйшаў з турмы і пайшоў праз летнюю Вільню. Ён ішоў праз свой родны горад доўга, ажно пакуль не пабачыў на беразе рэчкі чорную хату. На яе чорным ганку стаяла прывабная жанчына, прыбраная ў чорную сукенку. Тодар прыпыніўся каля чорнага плота і папрасіў у жанчыны кубак вады. Тая пачаставала Тура з чорнага кубачка смачнай, як свабода, вадой. Тодару так спадабалася вада, што ён вырашыў затрымацца і пагаварыць з жанчынай.

Ён даведаўся, што ў яе памёр муж. Жанчыну, як і яго, спрабавалі абвінаваціць у забойстве, але справа ў судзе развалілася. Следчыя не назбіралі патрэбную для абвінавачвання колькасць доказаў. Жанчына выйшла з суда і вярнулася дамоў. Уночы да яе прыйшоў нябожчык-муж, ён і ператварыў яе светлую хату ў чорную. Усе рэчы, што ў той момант былі ў хаце, набылі глухі, як смерць, чорны колер. Нябожчык вярнуўся на могілкі, але цяпер кожная рэч, якая пераначуе ў чорнай хаце, робіцца нязменна-чорнай, нават малако і вада чарнеюць. Таму жанчына не пакідае ў хаце на ноч ні ваду, ні малако, ні яйкі...

Тодар Тур паабяцаў жанчыне выгнаць з яе хаты чарнату. Ён застаўся ў хаце на ноч. Тур ведаў, што яму можа дапамагчы залатая свечка. Калі Тодар выйшаў за турэмную браму, яго пераняў начальнік турмы. Ён сказаў:

- Ведаю, ты, браце, змарнаваў у маёй турме дзесяць гадоў маладога жыцця. Ведаю, што цябе абвінавацілі ў забойстве, якога ты не рабіў. Ведаю, што вярнуць табе дзесяць гадоў не змагу. Але я дам табе, браце, залатую свечку. Ты пойдзейш па Вільні і ўбачыш нешта надзвычайнае. Сустрэнеш некага, каму спатрэбіцца дапамога. Тады спыняйся і запальвай залатую свечку. Агонь яе прынясе табе шчасце...

Пасярод ночы Тур запаліў выратавальную залатую свечку. Са свечкай у руцэ Тодар тройчы абышоў чорную хату, і яна з чорнай зрабілася белай. Усе рэчы, на якія падала залацістае святло свечкі, страчвалі чарнату і вярталі свой натуральны колер. Раніцай на беразе рэчкі віленчукі пабачылі на месцы чорнай хаты белую. У той шчаслівай хаце Тодар Тур разам з новай жонкай дажыў да ста гадоў.

Час махаонаў

Пайшла ў Вільні мода на ўпрыгожванне сцен зашклёнымі скрыначкамі з рознымі матылямі. У сувенірныя крамы панавезлі розных экзатычных матылёў з трапічнай Афрыкі ды бразільскай сельвы. Сінякрылыя і смарагдавыя, рубінавыя і пярэстыя - яны нагадвалі пра вечнае лета і захапляльныя вандроўкі. Мясцовыя падлеткі пачалі лавіць, высушваць і прадаваць тутэйшых матылёў. З тутэйшага добра куплялі паўлінава вока, але найбольшай папулярнасцю карыстаўся жоўта-чорны махаон. Лавіць і прадаваць махаонаў забаранялася, бо матылька запісалі ў Чырвоную кнігу. Вядома ж, усё забароненае заўсёды і самае салодкае, і самае патрэбнае, і самае дарагое, ліха на яго. Толькі і ахоўнікі прыроды не спалі ў шапку. Яны высачылі чалавека, які прыносіў у крамы зашклёныя скрыначкі з махаонамі. Звалі затрыманага браканьера Апалінар Жмут.

Ахоўнікі прыроды запатрабавалі ад мужчыны неадкладных тлумачэнняў. Ён сказаў, што ў ягоных скрыначках не сапраўдныя махаоны, а намалёваныя алоўкамі на паперы. Ахоўнікі не паверылі Жмуту. Тады той сказаў, што можа на вачах у прысутных намаляваць яшчэ аднаго вялікакрылага маха­она. Яму прынеслі паперу і каляровыя алоўкі. Апалінар Жмут намаляваў жоўта-чорнага матылька і пстрыкнуў па ягоным крыле пазногцем. Намаляваны матыль паварушыў крыламі, махнуў імі і ўзняўся ў паветра. Пакуль махаон ляцеў да адчыненага акна, спадар Жмут выйшаў з крамы праз дзверы. Больш ніхто не бачыў у Вільні малявальшчыка жывых матылёў і больш ніхто не прадаваў засушаных махаонаў у зашклёных скрыначках. Так у Вільні прайшла мода на матылёў і скончыўся час махаонаў.

Залаты сом

Неверагодную гісторыю пра Тасю Келб расказвалі не толькі ў Вільні, але і ў Друскеніках, і ў Вілейцы. Мне падаецца, што больш пераканаўча яна гучала ў Друскеніках, на беразе Нёмана, але гэтым разам я спынюся на віленскім варыянце.

На ўскрайку горада жыла ў невялічкім дамку Тася Келб. Яна трымала коз. Жыла з таго, што прадавала малако і сыр. Жыла бедна, але не гаравала. Сваіх коз Тася пасвіла на беразе рэчкі.

Аднойчы яна стаяла каля самай вады і разглядала арэшнік, што зелянеў пасярод ракі на востраве. “Каб апынуцца мне на востраве і нарваць там вялікіх і салодкіх арэхаў!” - сама сабе сказала Тася і цяжка ўздыхнула. Яна ўздыхнула так цяжка, што яе пачуў залаты сом. Ён падняўся на паверхню вады і прапанаваў Тасі Келб сваю дапамогу: “Я завязу цябе на востраў і вярну на бераг столькі разоў, колькі ты пажадаеш. Такую прыгажуню я згодны катаць на сваёй спіне ўсё жыццё...”

Тася Келб села на спіну залатога сома і пераплыла на востраў. Там набрала цэлы кош салодкіх арэхаў і папрасіла залатую рыбіну перавезці яе на бераг, дзе чакалі ўстрывожаныя козы. Сом перавёз Тасю праз рэчку і прапанаваў выйсці за яго замуж і жыць разам у падводным рачным каралеўстве, дзе ён, залаты сом, з’яўляўся каралём. Тася Келб схітравала: яна паабяцала прывесці на бераг рэчкі сваю старэйшую сястру, прыгажуню Зосю, якая, маўляў, абавязкова пагодзіцца стаць каралевай у падводным каралеўстве.

Сом паверыў жанчыне. Ён тры гады чакаў, пакуль Тася Келб прывядзе на бераг сястру Зосю. Тым часам Тася хадзіла пасвіць сваіх коз на лясныя паляны. Келб зусім забылася пра абяцанне, дадзенае залатому сому. Каб яна помніла пра яго, яна б яшчэ тры гады не хадзіла з козамі на бераг рэчкі. І вось прыгнала Тася Келб свой статак на бераг, дзе некалі сустрэлася з залатой рыбінай. Тут з вады і з’явіўся залаты сом. Ён праглынуў увесь статак і знік пад рачнымі хвалямі. Так залаты сом адпомсціў Тасі Келб за падман. Бедная жанчына праплакала тры дні і тры ночы, а потым прадала дамок і з’ехала на возера Свіцязь, на беразе якога і зараз пасвіць адну белую казу.

Чырвоная палачка

Юзэфа Чабор вярнулася з гіпермаркета і пачала разбіраць торбу з набыткамі. У ёй было шмат чаго смачнага: шэры хлеб з алівамі, прашута, зялёная салата, запраўленая алеем морква, дробныя памідоркі, бутэлька мінеральнай вады. На сподзе торбы Юзэфа знайшла чырвоную палачку. Яна не купляла яе і не клала ў сумку. “Мабыць, касірка выпадкова ўсунула!” - падумалася Юзэфе. На касах у гіпермаркеце ўвечь час раздаюць нейкія цацкі ды сувеніры. Жанчына пакруціла чырвоную палачку ў руках і выпадкова дакранулася ёю да крыху звялай салаты. Здарылася дзіва: завялыя лісты раптам паразгортваліся і парабіліся пругкімі ды свежымі. “Мабыць, гэтая чырвоная палачка чароўная! - такая здагадка мільганула ў галаве Юзэфы Чабор. - Мабыць, яна зможа вяртаць свежасць не толькі звялай салаце?” Жанчына згадала, што па дарозе з крамы бачыла прысыпанага снегам замерзлага голуба. Яна апранулася, схапіла чырвоную палачку і пабегла шукаць мёртвую птушку. Знайшла. Дакранулася да пакрытага шэранню голуба чырвонай палачкай - і ён ажыў. Птушка абтрэсла з крылаў шэрань, узнялася ў начное неба і там знікла. Узрадаваная Юзэфа па дарозе дамоў зайшла на сметнік, дзе за кантэйнерам ляжаў здохлы сабака. Чырвоная палачка і сабаку ажывіла.

Раніцай Юзэфа Чабор выправілася ў крэматорый, каб яшчэ раз праверыць моц чырвонай палачкі. Сярод падрыхтаваных да крэмацыі людзей жанчына выбрала забітага ў перастрэлцы маладога злодзея. Ёй стала шкада хлопца, бо малады ж зусім, пажыць не паспеў, бо чалавек мусіць мець шанец на выпраўленне. Чырвоная палачка лёгка падняла хлопца з труны. Той моцна перапужаўся, пабачыўшы вакол сябе труны з нябожчыкамі. Ён, як быў у адным летнім касцюмчыку, так і пабег у ім праз засыпаную снегам Вільню.

Пасля крэматорыя Юзэфа Чабор вырашыла выправіцца на неба і ажывіць чырвонай палачкай пагаслую зорку. Жанчыну праводзілі ў падарожжа ўсе сваякі і знаёмыя. Некаторыя нават спрабавалі ўгаварыць Юзэфу застацца, але яна не пагадзілася і пайшла шукаць сваю мёртвую зорку. Мала хто верыць у тое, што Юзэфа Чабор вернецца ў Вільню, але ёсць такія, хто ўсё яшчэ спадзяецца з ёй сустрэцца. Сярод тых, хто спадзяецца, можна знайсці і мяне.

Шэрае дрэва

Уся Вільня памятала, што аднойчы ў ноч перад Дзядамі чорт звёў з горада сем дзяўчатак. Дзе хто ні шукаў, знайсці іх так і не змаглі. Шмат гадоў прамінула з тых злашчасных Дзядоў, а Вільня ўсё ніяк не магла забыць пра сваіх зведзеных чортам дачушак. Прыватны дэтэктыў Яраслаў Дол вырашыў адшукаць зніклых дзяцей. Ён сабраўся і выправіўся на пошукі.

Ішоў мужчына дзень, ішоў месяц, ішоў год і прыйшоў да шэрага дрэва. Па тым высозным дрэве Яраслаў залез на неба. Там, ходзячы па аблоках, ён пачаў распытваць пра зніклых з Вільні дзяцей. Ніхто з сустрэчных нічога карыснага сказаць не змог. Яраслаў ужо сабраўся вярнуцца на зямлю, калі да яго падышлі жанчыны ў жалобных строях. Яны папрасілі Яраслава Дола пайсці на могліцы, дзе жанчыны пазакопвалі мёртванароджаных немаўлятак. На могліцах яны хавалі не толькі мёртванароджаных, але і ўсіх сваіх нехрышчоных дзетак. Такіх немаўлятак жанчынам было асабліва шкада, таму і папрасілі яны Яраслава Дола выкапаць дзяцей з магіл, ажывіць іх і прывезці ў Вільню, а там сказаць, што і гэтых дзетак некалі звёў з горада бессардэчны чорт. Яраслаў спытаў, як яму вярнуць да жыцця нябожчыкаў. Жанчыны далі мужчыне біклагу жывой вады.

Дол павыкопваў дзяцей з магілак на могліцах і чароўнай вадою паліў іх. Тыя ажылі. Яраслаў завёў усіх у горад і сказаў віленчукам, што гэта дзеці, якіх некалі пазводзіў чорт. Вільня паверыла Яраславу Долу і сабрала сродкі на іх утрыманне.

Чорная дама

Маладая сям’я - Фларыяна і Лукаш Бараны - шукала сабе дом. У газеце “Наша доля” яны прачыталі абвестку, што ў Зарэччы за касцёлам Святога Барталамея ёсць дом, які гаспадары выставілі на продаж. У кан­торы, што займалася продажам таго дома, Лукаш і Фларыяна ўзялі ключ. Супрацоўнікі канторы расказалі пра сваю вялікую занятасць рознымі неадкладнымі справамі і з пакупнікамі ў Зарэчча не пайшлі, маўляў, сям’я Бараноў і сама зможа дом паглядзець.

Лукаш і Фларыяна хутка знайшлі і лёгка адчынілі пусты дом. У прасторных і светлых пакоях яны пабачылі чорную даму. Яна скінула з сябе ўсю вопратку і кінулася да Бараноў. З крыкамі Фларыяна і Лукаш павыскоквалі на вуліцу і пабеглі з гары праз Зарэчча ў бок святой Вострай брамы. Каля брамы яны, змораныя і задыханыя, спыніліся і азірнуліся: ці не бяжыць голая дама за імі? Яе нідзе не было.

Лукаш пакінуў жонку каля Вострай брамы і вярнуўся ў Зарэчча, каб зачыніць дом. Баран быў на сто працэнтаў упэўнены, што ніякай голай дамы ён больш не спалохаецца. Чорнай дамы нідзе не было. Лукаш зачыніў пусты дом і вярнуў ключ у кантору. Прадаўцам нерухомасці Баран сказаў, што перадумаў купляць дом у Вільні, бо яны разам з жонкай вырашылі вярнуцца ў бацькоўскі маёнтак пад Наваградкам. Што тут скажаш?.. Не адзін ён пабойваўся спаткаць на віленскіх вуліцах голую чорную даму.

Ружовы сад

Шмат хто ў Вільні садзіць і даглядае ружы, але кветкі з Ружовага саду мелі непараўнальна моцны водар і невыказную прывабнасць. Ружовы сад рос за ружовым домам. Даглядалі ружоўнік жанчыны, што жылі ў тым незвычайным доме. Трэба сказаць, што там жылі толькі жанчыны. Дом, як і сад, быў па-сапраўднаму казачным: там было заўсёды светла, як удзень, і цёпла, як улетку. Там заўсёды быў год нулявы, месяц нулявы, тыдзень нулявы і дзень, адпаведна, нулявы. У Ружовым садзе ніхто ніколі не старэў і не змяняўся. Калі нейкая з віленчанак жадала вечнага жыцця, яна ішла ў ружовы дом і даглядала Ружовы сад. Жанчыны з Ружовага саду казалі, што смерць абмінае іх дом. Так яно і было насамрэч, але ў водары Ружовага саду заўсёды прысутнічала выразная нота смерці. Можна нават сказаць, што ружовы дом і Ружовы сад пахлі салодкай смерцю. Так было, пакуль адны жанчыны прыходзілі ў Ружовы сад, а другія сыходзілі з яго. Так было, пакуль апошняя з даглядальніц казачнага ружоўніка не пакінула ружовы дом. Як толькі яна выйшла з яго, ён пацямнеў, пачарнеў і разбурыўся. Разам з домам знік і чароўны сад. Віленчукі часам згадваюць Ружовы сад і вечнае жыццё ў ім, але не моцна шкадуюць, што ён знік.

Сінявус і жаночыя душы

Здарылася ўсё гэта ў даўнія напаўгалодныя савецкія часы. Мінай Глыж працаваў шафёрам на хлебазаводзе. Штораніцы Мінай развозіў па крамах боханы чорнага і белыя батоны. Раз, а то і два разы на тыдзень Глыжу даводзілася вазіць свежы хлеб у далёкія вёскі. На доўгіх маршрутах Мінай любіў падабраць на адхоне спадарожніцу, каб павесяліла сваімі расказамі пра жыццё-быццё. Адна такая спадарожніца весяліла Глыжа байкамі пра ненармальны секс. Мінай распаліўся і прапанаваў жанчыне любошчы. Тая спалохалася, пачала адмаўляцца і крычма крычаць. Бабская істэрыка яшчэ больш усхвалявала шафёра. Мінай задушыў бабу, згвалціў нябожчыцу і выкінуў у лесе труп.

Глыжу спадабаўся гвалт. Ён адчуў смак і задушыў у сваім хлебавозе яшчэ шэсць жанчын. Маньяка-душыцеля шукалі сваякі замардаваных жанчын. Гвалтаўніка-некрафіла шукалі міліцыянеры. Яны нават мянушку яму прыдумалі - Сінявус. Кепская была мянушка, бо непраўдзівая. Ні сініх вусоў, ні сіняй казачнай барады Мінай Глыж не насіў. Ён быў шыракаплечым, шэравокім, заўсёды чыста паголеным бландзінам. Прывабная знешнасць Глыжа не замінала яму маньячыць у віленскім краі.

Невядома, колькі б яшчэ людзей ён задушыў, каб не душы забітых. Яны і спынілі віленскага маньяка Сінявуса. Штоночы ў кватэру Міная Глыжа пачалі прылятаць душы забітых жанчын. Яны ляталі над ложкам забойцы і спявалі. Іх спевы былі такімі пранікнёнымі і ў іх было столькі жальбы, што Мінай Глыж не вытрываў. Ён узяў вяроўку, зрабіў пятлю і задушыўся. Міліцыянеры знайшлі ў кватэры самазабойцы сем жаночых кашалькоў: так раскрылася і закрылася справа з віленскім гвалтаўніком Сінявусам. Дарэчы, стары хлебавоз, на якім працаваў Мінай Глыж, спісалі, бо ніхто не захацеў садзіцца за яго руль.

Зялёны кашалёк

Будаўнік Кастусь Грыб хадзіў вакол Вільні. Ён шукаў пясок для будоўлі. У лесе пад адным з пясчаных адхонаў Грыб спыніўся на беразе невялічкага балота. Будаўнік набраў жменю пяску і пачаў перасыпаць яго з далоні на далонь. З балотца вылез чорт і запытаў у будаўніка, чым гэта ён займаецца.

- Збіраюся засыпаць пяском тваё чортава балота! - пажартаваў Грыб.

- Не трэба засыпаць балота! Там жа мае чарцяняткі жывуць. Ты ж не хочаш, каб мае дзеткі зрабіліся бежанцамі?

- Што прапануеш? - запытаўся Кастусь.

- Ёсць у мяне зялёны кашалёк. У ім ніколі не заканчваюцца грошы. Я табе яго падару!

З вялізным зялёным кашальком у руцэ Кастусь Грыб вярнуўся ў Вільню. Будаўнік паверыў, што зараз у яго добра пойдзе жыццё. Ён паверыў, што вялікія грошы дапамогуць рабіць вялікія справы. Грыб памыліўся. Усё купленае на чортавы грошы імгненна псавалася. Усё пабудаванае на чортавы грошы хутка разбуралася. Усе пазыкі, параздаваныя чортавымі грашыма, ніколі не вярталіся.

Тры гады Кастусь Грыб змарнаваў на заняткі з зялёным кашальком. На чацвёрты год ён вырашыў вярнуць яго гаспадару. Пайшоў у лес, стаў пад пясчаным адхонам на беразе балота і гукнуў чорта. Той з’явіўся, заўсміхаўся і спытаў:

- Няўжо, Кастусь, ты не задаволены зялёным кашальком?

- Так. Я не задаволены тваім падарункам і вяртаю яго!

- Дарагі дружа, я не магу ўзяць назад падарунак. Ён твой на ўсе часы...

- Ведаў, што ты, чарцяка рагатая, адмовішся. Таму я заплачу. Падару табе свой залаты заручальны пярсцёнак, каб ты толькі забраў свой зялёны кашалёк!

Чорту спадабаўся залаты бляск пярсцёнка. Ён забраў зялёны кашалёк і ўпрыгожанне. Калі чорт схаваўся ў балоце, Кастусь Грыб дастаў мабільнік і патэлефанаваў на нумар бомбы, схаванай у зялёным кашальку. Выбух быў такім моцным, што на месцы балота ўтварылася глыбокае возера. Вада ў ім мае прыемнае зялёнае адценне, а таму і стала называцца возера Зялёным. Варта сказаць, што пярсцёнак, на які спакусіўся чорт, быў танным. Кастусь Грыб купіў яго на прывакзальным базары ў старой цыганкі за тры еўра.

Чорныя жукі

Ліцэіст Люцыян Руды вырашыў стаць пярэваратнем-вампірам. Ён прачуў, што на Лукішках у крывабокім дамку з маленечкай вежай жыве старая вампірка Паўліна. Люцыян пазнаёміўся з жанчынай і пачаў насіць ёй розныя каштоўныя падарункі накшталт скальпеляў, бутэлек для крыві і кубкаў Эсмарха. Старая прымала падарункі, але не спяшалася ператвараць ліцэіста ў крыважэрнага монстра. Руды ўжо стаў думаць, што дарма дорыць Паўліне дарагія рэчы. Тут яна і прапанавала Люцыяну з’есці пячонку яго малодшай сястры Мілавіды. Ліцэіст крыху павагаўся, але пагадзіўся на сваяцкі канібалізм.

Паўліна перавярнула сябе і Люцыяна ў чорных жукоў. Яны паляцелі да Мілавіды, якая салодка спала ў сваім дзіцячым ложку. Чорныя жукі развязалі ў дзяўчынкі пуп і вокамгненна з’елі яе пячонку. Мілавіда памерла. Жукі прыляцелі ў крывабокі дамок і там вярнулі сабе чалавечае аблічча.

За няпоўны месяц чорныя жукі забілі і з’елі ажно шэсць чалавек. Акрамя пячонкі Мілавіды яны з’елі сэрца Люцыянавай маці, высмакталі кроў з ягоных абодвух дзядоў і абедзвюх бабуль. Невядома, колькі яшчэ шкоды нарабілі б у Вільні чорныя жукі, каб не Люцыянаў бацька Фларыян. Ён, як толькі пабачыў чорных жукоў, адразу пазабіваў іх гумавай мухабойкай. Пасля тых страшных здарэнняў Фларыян Руды цяжка хварэў, але выкараскаўся з хваробы, завёў новую сям’ю, доўга жыў і ў ясным розуме адсвяткаваў сваё дзевяностагоддзе.

Салодкі грыб і ружовая ягада

Казімір Карп узяў сабе за жонку маладзенькую Міраказу. У шлюбную ноч дзяўчына даведалася пра Казіміраву нямогласць. Яна паплакала і паабяцала знайсці лекі для мужа.

Маладая жонка абышла ўсіх віленскіх дактароў, ведзьмакоў і вядзьмарак. Ніхто не ведаў надзейных лекаў ад мужчынскай нямогласці. Нешта раілі, штосьці прапаноўвалі, але нічога не дапамагала. Міраказа была настойлівай, упартай і зацятай, таму паехала ў Гародню і пачала абход тамтэйшых дактароў. Стары лекар падказаў ёй шукаць салодкі грыб, які вырастае ў месячным святле на гудагайскіх балотах. Міраказа абышла і аблазіла ледзь не ўсе балоты вакол Гудагая. Тройчы яна ледзь не ўтапілася ў чорнай багне. Жанчына ўжо зусім апусціла рукі, калі знайшла салодкі грыб. Ён вярнуў Казіміру Карпу мужчынскую моц.

Праз тры месяцы пара Карпаў высветліла, што адной Казіміравай моцы не дастаткова, каб завесці дзіця. Трэба яшчэ вылечыць Міраказу ад бясплоддзя. Гэтым разам спадар Казімір пачаў абыходзіць дактароў, ведзьмакоў і вядзьмарак. Старая лекарка з Рыгі параіла яму знайсці ружовую ягаду, што выспявае ў лясах пад Краславай. Казімір цэлае лета прашукаў у краслаўскіх лясах патрэбную ягаду. Знайшоў. Яна вярнула Міраказе здольнасць нараджаць. Пара Карпаў так узрадавалася папраўленаму здароўю, што завяла ажно дваццаць сем дзяцей. Гэта была самая вялікая шматдзетная сям’я ва ўсёй Вільні, і ўсе яе любілі і дапамагалі парадамі, рэчамі і грашыма.

Чырвонае яйка

Стася Кур прахадзіла цяжарнай не сем і не дзевяць месяцаў, а цэлых адзінаццаць. Замест таго, каб нарадзіць дзіця, Стася знесла чырвонае яйка. Неўзабаве з яго вылупіўся чалавечак. Мужа ў Стасі не было. Гадавала сына, названага Дзівасілам, адна. Хлопчык рос разумным і выхаваным. Захапляўся, як і ўсе дзеці, гаджэтамі, але акрамя гэтага страшэнна любіў ляпіць. З рознакаляровага пластыліну ён выляпляў цэлыя гарады з людзьмі, машынамі, дрэвамі і небаскробамі. У сярэдзіне кожнага вылепленага Дзівасілам горада ўзвышалася калона, на якой замацоўвалася чырвонае яйка. Стася пачала цікавіцца, чаму менавіта чырвонае яйка ставіць яе сын на цэнтральных пляцах сваіх гарадоў. Дзівасіл адказаў, што мае адну таямніцу: дзякуючы чырвонаму яйку ён можа вяртаць да жыцця памерлых.

Маці не дала веры словам дзіцяці. Тады Дзівасіл прынёс з гімназіі чучала вераб’я. Ён абліў яго вадою, абмазаў чырвонай глінай так, што атрымалася чырвонае яйка. Яго хлопец кінуў у вогнішча. Калі дровы прагарэлі, Дзівасіл нахіліўся над чырвоным яйкам і падзьмуў на яго. Гліна патрэскалася, яйка развалілася, і з яго вылецеў жывы верабей. Дзівасіл Кур валодаў сакрэтам уваскрашэння птушак, жывёл і людзей, але, акрамя гімназічнага вераб’я, ён больш нікога ніколі не ўваскрашаў.

Чырвоны мур

Даўно тое здарылася. Зусім даўно. Тады вакол Вільні стаяў высокі чырвоны мур. Былі ў ім брамы, якія зачыняліся ўвечары на цэлую ноч. Раніцай яны адчыняліся, і горад наш прачынаўся, працаваў і весяліўся да самага вечара, ажно пакуль зноў не зачыняліся брамы ў чырвоным муры. У вольную нядзелю віленская швачка Каміля Мех вырашыла пагуляць па лесе і пазбіраць маліны. Ягады тым летам урадзілі. Каміля наабірала цэлае вядро спелых малін. Пакуль гуляла, пакуль збірала, пакуль вярталася - нядзеля і прамінула. Сонца апусцілася і пачало чырванець. Горад пазачыняў брамы.

Каміля ўжо падыходзіла да чырвонага мура, калі пачула, што нехта вялікі яе даганяе. Азірнулася і ад страху выпусціла з рукі цяжкае вядро. Яно гупнулася на дарогу і перакулілася. Пераспелыя ягады высыпаліся ў шэры дарожны пыл... Да Камілі набліжаўся вялізны буры мядзведзь. Швачка не стала яго чакаць, а кінулася бегчы напрасткі да чырвонага мура. Яна і сама потым не змагла добра растлумачыць, чаму паляцела па траве да мура, а не пабегла па дарозе да брамы. Казала, што нібыта пачула голас чырвонага мура, які паклікаў яе: “Бяжы сюды!” Каміля Мех наблізілася да мура і прабегла яго наскрозь. Праляцела, як пралятаюць дымавую заслону. Каміля нават не закашлялася, калі спынілася на цёмнай віленскай вуліцы. Тым часам і мядзведзь паспрабаваў прабегчы праз чырвоны мур, але раскалоў сваю вялізную галаву аб цэглу.

Раніцай Каміля Мех схадзіла па вядро. А мёртвага мядзведзя забралі сабе віленскія брамнікі.

Каб чырвоны мур прапусціў праз сябе каго іншага акрамя Камілі, у Вільні не чулі.

Сіняе пяро

У старога Радаміра Птаха загінула дачка. Ехала за рулём легкавушкі і не дала рады кіраванню. Дарога ў залеву была слізкай - аўтамабіль і панесла на павароце. Ён зляцеў пад адхон і ўрэзаўся ў тэлеграфны слуп. Дачка Птаха памерла адразу, а зяць яшчэ тыдзень праляжаў у коме перад тым, як выправіцца ў магілу.

У старога Птаха засталася ўнучка Геня. Ён яе любіў больш за ўсіх на белым свеце. Таму і перажываў, калі Геня захварэла. Дзяўчынка тэмпературыла. Яе біў безупынны кашаль. Геню паклалі ў бальніцу. Доктарка сказала Радаміру, што надзеі на папраўку амаль няма.

Стары Птах выйшаў з бальніцы і пайшоў куды вочы павядуць. Так ён выйшаў з Вільні і апынуўся на лясной сцежцы. Радамір ішоў бы і далей, каб не паваленае сухое дрэва, якое загарадзіла дарогу. Гадзіны тры Птах патраціў на тое, каб адсунуць дрэва са сцяжыны. Удзячная сцежка прывяла Птаха да крыніцы. Толькі і з ёй не ўсё было добра. Шмат гадоў крыніцу ніхто не чысціў. Радамір не паленаваўся і пачысціў яе. Прыбраў ламачча і гнілую лістоту. Абклаў крыніцу камянямі. Глянеш - вока парадуецца. Удзячная крыніца параіла Птаху пайсці адпачыць пад маладым дубам, што стаяў пасярод поля. Не паспеў Радамір прылегчы ў цянёчку, як дуб папрасіў крынічнай вады. Стаяла спёка, і дрэва пакутавала ад смагі. Птах не адмовіў дубу і паліў яго. Ад працы стары так стаміўся, што лёг на траву пад цяністым дубам і адразу ж заснуў.

Прачнуўся Радамір пасярод ночы. На дубе сядзелі сінія голуб і галубка. Голуб скардзіўся галубцы, што ўдарыўся крылом аб галіну так, што адно пяро ў яго ледзь трымаецца. Галубка суцяшала яго тым, што згубіць адно пяро нястрашна. Той адказаў, што гэта чароўнае пяро, якое можа адагнаць любую хваробу, узмахнеш ім - і хвароба ўцячэ. Стары Птах толькі падумаў, што добра было б яму атрымаць чароўнае пяро, як дуб захістаў галінамі, нібыта на яго моцны вецер наляцеў. Галубы спалохаліся і ўзняліся ў начное неба, а чароўнае сіняе пяро адарвалася ад галубінага крыла і апусцілася на траву

Радамір схапіў пяро і пабег у бальніцу ратаваць унучку. Сіняе пяро дапамагло! Потым Радамір Птах спрабаваў тым пяром дапамагчы і іншым хворым людзям, але не змог, бо было пяро чароўным, але ж аднаразовым, як высветлілася.

Чырвоныя кветкі

Жонка неяк папрасіла свайго Сымона Зыля паліць кветкі на балко­не. Муж нават назваў тых раслін не ведаў, называў іх для сябе проста чырвонымі кветкамі. Ён набраў поўную лейку вады і выйшаў на балкон. Пачаў паліваць кветкі. Нахіліўся праз парэнчы. Галава закружылася і зрабілася цяжкай. Ногі, наадварот, сталі лёгкімі-лёгкімі. Зыль перакуліўся праз парэнчы і паляцеў з сёмага паверха на зямлю. Лейка вырвалася з рукі і ляцела асобна ад гаспадара. Яна вырвалася, бо рука Сымона Зыля зрабілася слабай і маленькай. Ён і сам увесь пачаў змяншацца і сціскацца. Калі даляцеў да зямлі, дык быў не большым за звычайнага чорнага мура­ша. Зменшаны Сымон апусціўся на пялёстак, які крыху раней абляцеў з іх чырвоных кветак. Зыль быў такі лёгкі, што прызямліўся мякка і зусім не пабіўся. Саскочыўшы з пялёстка, мужчына пачаў павялічвацца і хутка вырас да звычайных чалавечых памераў. Жонцы пра выпадковае падзенне Сымон расказваць не стаў. Сказаў толькі, што выпусціў лейку, а яна зусім не пабілася, бо пластмасавая і пустая.

Белая куля

Данута Салавей вярталася з крамы з важкім кошыкам у руцэ. На дарозе ёй трапіўся чарнавусы мужчынка, які прапанаваў дапамогу. Кош быў такі цяжкі, што Данута нават узрадавалася нечаканай прапанове.

Калі муж Дануты Ціхамір зайшоў у сваю кватэру, дык пабачыў на голай Дануце голага мужчынку з чорнай ад валасоў спінай. Раз’юшаны муж заскочыў на кухню, выцягнуў з-пад буфета сякеру, забег у спальню і паспрабаваў забіць мужчынку. Ціхамір хацеў секануць па валасатай спіне, а сякера замест гэтага перасекла белую шыю Дануты, бо спрытны, не раўнуючы, як малпа, мужчынка паспеў саскочыць з жонкі-здрадніцы і ўскараскацца на шафу. З яе чарнавусы скочыў на Ціхаміра. Ён не проста скочыў, ён заскочыў у яго.

Так у Ціхаміра Салаўя залез сам чорт. І Салавей ператварыўся ў гвалтаўніка і маньяка, які штоночы паляваў на адзінокіх віленчанак, каб згвалтаваць і забіць. Акрамя сваёй Дануты Ціхамір засек яшчэ шэсць жан­чын, пакуль яго не высачылі і не застрэлілі белай куляй. Калі адмысловая куля прабіла Ціхаміраў лоб, дык паліцэйскія пабачылі, як з цела мёртвага маньяка вылецеў цень маленькага мужчынкі з вострымі рагамі над вузкім ілбом і доўгім хвастом над худым азадкам.

Шэры работнік

Гаспадар цацачнай крамы Адам Жур зайшоў у бар, які месціўся на другім паверсе гіпермаркета “Максіма”. Там выпіў чарку гарэлкі. Выпіў для сугрэву. На вуліцы сыпаў лютаўскі снег. Мароз хапаў за нос і вушы.

Хацелася цяпла і спакою. Жур моцна стаміўся за працоўны тыдзень. Гарэлка яго ўзбадзёрыла. Потым Адам набыў бутэльку віна, кавалак смажанай рыбы і пластыкавую каробку варанага рысу. Пятнічная вячэра абяцала быць смачнай.

На ганку “Максімы” Адам Жур паспрабаваў выклікаць па тэлефоне таксі. Усе нумары як на злосць былі занятыя. Пятніца, вечар - да таксі не датэлефанавацца. Адам не адчайваўся. Ён набіраў і набіраў розныя нумары, ажно пакуль да яго не падышоў шэры работнік.

- Выклікалі?

- Я таксі спрабую выклікаць... Хіба вы таксіст?

- Я не таксіст. Я шэры работнік. Я магу зрабіць усё, што вы, спадар Жур, пажадаеце. У вас ёсць магчымасць даць мне ажно тры загады. Папярэджу адразу: не магу любіць і забіваць людзей. Усё астатняе - калі ласка!

Адам паглядзеў на свой пакет з віном і рыбай і падумаў, што было б добра павячэраць з прыгожай жанчынай.

- Работнік, а ты можаш стварыць мне жанчыну?

- Няма праблемы. Якую жанчыну вы, пан Адам, хацелі б пабачыць?

- Такую, каб я ў яе закахаўся з першага позірку. Глянуў, на імгненне аслеп ад яе прывабнасці і закахаўся на ўсё жыццё! Можаш?

- Хвіліначку! - шэры работнік зняў скураныя пальчаткі, гучна пляснуў у далоні, і на ганку “Максімы” паўстала аголеная жанчына. Адам Жур глянуў на жанчыну і знямеў. Ад яе ашаламляльнай прывабнасці, у якую імгненна закахаўся. А яшчэ у Адама адняло мову таму, што ў прыгажуні росту было ну ніяк не больш за метр.

- Што ты нарабіў, работнік чортаў? - закрычаў Жур.

- Я зрабіў усё, як і дамаўляліся... Жанчына, прыгажосць, закаханасць...

- Памер!

- Пра памер гутаркі не было. Тут халодна! Мароз, снег, завіруха пачынаецца. Таму я крыху памыліўся з памерам. Будзем перарабляць?

- Вядома, будзем! Толькі спачатку ты апрані яе. Яна ж мерзне.

Шэры работнік пляснуў у далоні, і на прыгажуні з’явілася цудоўная і дарагая вопратка. Футра з чарнабурак выглядала проста шыкоўна. Адам Жур з замілаваннем разглядаў шэдэўр шэрага работніка.

- Як будзем перарабляць жанчыну? - спытаў той.

- Як, як? Зрабі так, каб яна і я мелі аднолькавы рост. Трэба зрабіць так, каб мы былі роўнымі. Каб нам было зручна... Ты разумеет?

- Вядома! Я ўсё разумею і ўсё зраблю так, як вы сказалі! - шэры работнік пляснуў у далоні, выканаў трэці загад і знік. На ганку гіпермаркета “Максіма” засталіся адно Адам Жур і яго каханая. Яны б^ілі аднолькавага росту. Таго росту ў кожным з іх было не больш за дзесяць сантыметраў. Маленечкі Адам і яго маленечкая жанчына крадком вярнуліся ў гіпермаркет і засталіся там жыць.

Сінявокая Чума

Можа, яно насамрэч так і было?.. А можа, пра тое віленчукі навыдумлялі?.. Хто цяпер ведае?.. Старыя кажуць, што Чума, якая прыйшла ў горад, пазірала на свет сінімі вачыма. Чорныя валасы ў яе мелі металічна-сіняе адценне. Сукенку яна насіла глыбока-сінюю. Нават чаравікі на Чуме былі чорна-сінімі. Такая толькі зірне на чалавека, а той ужо і захоплены ў палон невылечнай хваробай. Росту ў ёй было метры са тры - волатка, веліканка, асілак. Чума прайшла па Вільні - і горад ахапіла эпідэмія. Яна прыбыла ў горад з Лагойска, а таму моцна стамілася і легла адпачываць на драўлянай вежы Гедыміна.

Пакуль яна спала, тутэйшы дрывасек Добар Драч пачаў раскладаць вогнішчы на віленскіх плошчах. Мужчына казаў, што хвароба страх як баіцца агню. Ён запэўніваў, што калі пару разоў пераскочыш праз вялікае полымя, дык Чума да цябе не прычэпіцца. Віленчукі скакалі праз агонь і так ратаваліся ад жудаснай хваробы. Але гэтага Драчу было замала. Ён вырашыў спаліць саму Сінявокую Чуму. З усіх віленскіх дрывотняў людзі пазвозілі паленне пад Замкавую гару. Пазвозілі, абклалі яе і падпалілі. Ніколі раней Вільня не бычыла такога велізарнага вогнішча. Языкі полымя лізалі зорнае неба. Ахопленая з усіх бакоў непралазным полымем, Сінявокая Чума зараўла на ўвесь свет. Яна спрабавала выбегчы з агню, але не змагла. Чума згарэла разам са старым драўляным замкам. Пасля эпідэміі і пажару віленчукі пабудавалі на гары новы замак з камянёў і чырвонай цэглы.

Белая душа

У царкве Святой Параскевы Пятніцы працаваў вартаўніком Велямір Хлеб. Чалавек ён быў збольшага станоўчы, але меў адну загану - уночы абкрадаў маленькія крамы. Жонцы Велямір казаў, што цэлую ноч сядзіць у царкве і пільнуе, каб хто не абрабаваў святое месца, а сам тым часам хадзіў красці. Накрадзенае Хлеб хаваў у царкоўных сутарэннях. Калі Велямір днём хадзіў па крамах, дык дамоў вяртаўся праз сутарэнні і тое-сёе прыносіў у хату з нарабаванага.

Жонка пачала непакоіцца, бо Птах браў з сямейнай скарбонкі тры рублі, а пакупак прыносіў ажно на дзесяць ці дваццаць. Жанчына высачыла мужа і ўсё зразумела. Самым нечаканым з таго, што пабачыла жонка, была белая душа мужа. Калі Хлеб выходзіў з царквы Святой Параскевы Пятніцы, каб ісці красці, яго белая душа пакідала цела і заставалася сядзець на падлозе пад абразамі. Душа не ўдзельнічала ў злачынствах. Яна чакала, пакуль бяздушны Велямір вернецца на пост вартаўніка, а тады залятала ў яго цела.

Аднаго разу, пакуль Хлеб абкрадаў гадзіннікавую краму, жонка прыйшла ў царкву, злавіла белую душу і пасадзіла яе ў слоік пад капронавае вечка. Калі Велямір вярнуўся, жанчына зрабіла яму прапанову: яна вяртае мужу душу, а той кідае крадзяжы. Хлеб, стоячы ў царкве на каленях, паабяцаў кінуць зладзейства. Жонка адкрыла слоік і выпусціла белую душу. Тая вярнулася ў цела Хлеба. З той ночы Велямір больш нічога ні ў кога не ўкраў. Хацеў, але ў яго заўсёды хапала моцы стрымліваццца.

Жоўтая вежа

Чэрці, як і людзі, прыходзяць у Вільню па-рознаму. Адзін пешшу прытупвае, другі на ровары заязджае, трэці на матацыкле закатваецца. Чэрці не грэбуюць машынамі, аўтобусамі і цягнікамі. Найбагацейшыя з іх на самалётах прылятаюць у Вільню. Расказвалі, што нейкія чэрці нават на паветраным шары ляцелі ў наш край, але вецер здзьмуў яго некуды ў бок азёрнай Браслаўшчыны і далей у Латгалію.

Шэрахвосты чорт Ладон прыплыў у Вільню на байдзе. Прыплыў, каб рабіць добрым віленчукам розныя дробныя паскудствы. Каму шыну ў ровары прапароць, каму ў шыбу камень пусціць, каго п’янага ў лужыну падпіхнуць. Ладон быў латэнтным ніцшэанцам і жыў пад лозунгам: “Падштурхні таго, хто падае ў яміну!” Штурхаў! Біў! Псаваў! Пакуль не злавілі яго паліцэйскія і не пасадзілі ў Жоўтую вежу.

Была некалі ў Вільні Жоўтая вежа з вязніцаю для асабліва небяспечных стварэнняў. Ладон, безумоўна, быў стварэннем, і небяспечным, таму і сядзеў на ланцугу ў гэтай вежы. Ён знаходзіўся за тоўстымі сценамі, але і праз іх прапаўзала ягонае шкодніцтва. Дастаткова было дзіцяці прайсці побач з вежай, як яно пачынала хварэць на сухоты.

Калі дактары вылічылі крыніцу захворванняў, паліцэйскія раззлаваліся. Яны выкапалі глыбокую яміну перад вежай, загналі ў яе Ладона і засыпалі пяском. Чорт спрабаваў выбрацца з-пад зямлі. Тры дні і тры ночы ён стагнаў і плакаў, а потым заціх і здох. Жоўтая вежа яшчэ тры месяцы распаўсюджвала вакол сябе сухоты. Яна і далей магла б выпраменьваць заразу, але вежу разбурылі. Жоўтую цэглу вывезлі з Вільні і ўтапілі ў лясных азёрах Латгаліі. На месцы, дзе высілася Жоўтая вежа, віленчукі пасадзілі дрэўцы і зрабілі акуратны сквер, у якім цэлае лета красуюць кветкі.

Шэрая качка

На паляванні Мацей Корч падстрэліў шэрую качку. Па дарозе ў Вільню паляўнічы думаў-гадаў, да якой з каханак завезці трафей. Да белакосай Вялеі ці да чарнабровай Чарэі?

Шэрая качка патрапіла на стол да Вялеі. Птушку жанчына патушыла з гароднінай. Мацей з белавалосай каханкай прабавіўся ўсю ноч. Заснуў пад раніцу. Калі ж прачнуўся, то пабачыў побач з сабою не сінявокую Вялею, а вішнёвагубую Чарэю. Мацей вырашыў скарыстаць момант, не ўставаць з ложка і цэлы дзень правесці ў ім з Чарэяй. Пасля салодкіх любошчаў ушчэнт стомлены Корч праспаў цэлую ноч, а прачнуўся ў абдымках светлатварай Вялеі. Тая згатавала сняданак з чорнай горкай кавай ды бутэрбродамі з белым сырам. Корч паснедаў, узяў стрэльбу і паехаў дамоў. Жонцы Мацей сказаў, што дарма біў ногі, бо паляванне атрымалася пустым.

Залацісты пясок

Кірыл і Раіна пражылі разам доўгае жыццё. Дзяцей у іх не было. Яна працавала швачкай, ён краўцом. Рабілі яны з раніцы да вечара. Працавалі спрытна, за што мелі добры прыбытак і павагу. Увечары пасля вячэры Раіна і Кірыл выходзілі на шпацыр. Яны прагульваліся ўздоўж крынічнай і празрыстай Віліі. Кожную нядзелю Кірыл і Раіна выходзілі па рачным беразе далёка за горад, дзе ладзілі пікнік з віном ды пірагамі.

Была нядзеля, стаяла лета, і было спякотна. Раіна і Кірыл выйшлі за горад, стаміліся і прыселі на траву каля самай рэчкі. “Нікуды больш не хачу ісці. Добра было б зайсці ў ваду, легчы на пясок і так ляжаць”, - сказаў Кірыл. Ён распрануўся, зайшоў у Вілію і лёг на залацісты пясок. Раіна гэтаксама распранулася, зайшла ў ваду і лягла на залацісты пясок. Сляпучае жнівеньскае сонца бачыла, як у крынічнай вадзе хуткаплыннай рэчкі на залацістым пяску старыя Кірыл і Раіна ператварыліся ў звычайных ракаў.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Віленскія казкі», Адам Глобус

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства