Кацярына Оаро Сарочае радыё
Лісты падзякі
Аповесць
2013
Рэдактар Алена Казлова
Вёрстка Веры Бохан
Дызайн вокладкі Nick Antipov
Мастак Жулі Ле Дэвеат
Карэктар Алена Пятровіч
lit-bel.org
1.
«Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаварыў, дагаворваў ды загаварыўся».
У Старым горадзе заўсёды пуста. Наўкол найпрыгажэйшыя будынкі і двары, якія сцякаюцца ў вуліцы. Дзівоснае рэха, і Свіслач блізка.
«Кола выкалесілася, жалеза выжалезілася, палукашак выпалукашыкаваўся, агонь выагняваўся. Каласы каласавалі, каласавалі, выкаласаваліся. I тут гу-гу, і там гу-гу, і нічога разабраць не магу. Смешкі кошцы, слёзкі мышцы».
Свіслач не вабіць да сябе. Уся ў бетоне, з безнадзейнай вадой, гэтая рака нібы вінаваціцца, што цячэ, пакуль іншая, Няміга, задыхаецца ў калектары. Па Свіслачы ўсур’ёз не плаваюць, на яе не садзяцца лебедзі ― і яна зелянее, лянуецца, знемагае ў бетонных сценах. Заціснутая рака ― не падыдзеш да яе проста так, чарпануць вады. На ёй толькі зямлістыя качкі, і хіба аднойчы ўлетку высунуліся рыбы з вады ― з адкрытымі ратамі: была спёка, і ў вадзе нешта размножылася, зацвіло і адабрала ў рыб увесь кісларод. Тады мяне здзівіла: колькі рыбы ў знежывелай, сціплай і цярплівай Свіслачы! Але мінуў дзень ― і зноў усё па-ранейшаму. Усплёсне яе нехта педаллю катамарана ― паверхнева, несур’ёзна ― не цвяліў бы! Ніколі я не бачыла, каб рэкі старэлі. А наша нібыта заўчасна старая, цяжкая, абяссіленая. Паплёскаецца вадаспадзікам у Чыжоўцы і ў парку Горкага ― і выцеча з горада. І толькі там пачынаецца яе хуткасць, яе рачная ўпартасць; яна змяняе колер, распараджаецца берагамі. Тут калі ўвойдзеш у ваду ― ужо не выйдзеш у тым жа месцы.
Я перайшла на другі бераг, да Палаца спорту. На земляным схіле над набярэжнай нікога не было, я села на зямлю, падклаўшы пад сябе пухлы штодзённік. Адсюль віднеліся цацачныя дамкі Старога горада і доўгая высотка «Панарамы». Я пачала ўглядацца ў яе. Людзі, што жывуць у гэтым доме, напэўна, ходзяць на працу пешкі і ўсё паспяваюць. Запаліліся вокны, і прыйшоў вечар. Пачало халаднець. Я раскрыла заплечнік, у якім быў слізкі файл з заявай аб сыходзе з універсітэту, і паклала да яго штодзённік. Час ехаць дадому, выспацца перад панядзелкам. Я спусцілася ў метро міма «ружачак». На платформе модна апранутыя падлеткі мяшаліся з міліцыянерамі, туга абцягнутымі сваёй сіняй формай.
― Ну а калі б не трэба было хадзіць на вучобу, што б ты рабіў? Усё роўна хадзіў бы, бо няма чаго рабіць… ― пачула я абрывак размовы.
Міліцыянеры хадзілі па трое, моўчкі, па цэнтры платформы. Я звыкла прасачыла, каб ані мая хада, ані твар не змяніліся.
2.
Як і кожнае раніцы, я стаяла ля цяжкіх тонкіх металічных дзвярэй. На іх не было ніякай шыльды, толькі званок ― і у змрочным пад’ездзе яны выглядалі як дзверы звычайнай кватэры. Націснула кнопку. У галаве праляцела штодзённае: «Прыходзілі?» Думка гэтая вярэдзіць шторанак.
Але дзверы хутка шчоўкнулі і адчыніліся. Я ўвайшла ў калідор, слізганула ў ванную вымыць рукі.
У пакоях-кабінетах ужо былі людзі. Цімох, стыль-рэдактар у круглых акулярах на вострым носіку, раскрываў жалюзі ― звычайны яго, не надта патрэбны рытуал. Няшмат святла пранікае ў кабінет, і ўвесь дзень тут усё роўна будзе гарэць электрычнае: вонкавыя жалюзі-аканіцы заўсёды закрытыя. Я павіталася.
― Добры дзень, добры дзень… Добры панядзелак ― гэта аксюмаран, ― адказаў высокі голас. Як заўсёды, калі Цімох жартаваў, у яго голасе гучала штосьці дзіцячае. Да таго ж ён прамаўляў рускае «г», і яго словы нечакана выбухалі і інтанацыя змянялася, як у іншаземца. На некаторыя фразы Цімох заўсёды рэагаваў аднолькава, з адным і тым жа выразам твару, інтанацыяй, і мы любілі яго правакаваць. Варта толькі было назваць яго карэктарам, як ён папраўляў:
― Стыль-рэдактар! ― падымаў дугі броваў над акулярамі і застываў так на імгненне.
«Аксюмаран ці не аксюмаран, а я радая вас бачыць», ― падумала я.
― Яна працаваць пакуль не стамілася, не разумее, ― падхапіў Паленаў. Ён ужо сядзеў за сваім сталом у куце, пракручваючы колца на мышцы.
Паленаў ― класічны журналіст: высокі, настойлівы, з басістым голасам, кашуля пад швэдрам з ромбамі. Робіць у дзень па два рэпартажы, потым ― дахаты, а потым ― на канцэрт да гурта, для якога піша песні.
Збіраліся астатнія. Званок пілікаў, дзверы шчоўкалі. Бразнула лыжачка, з кухні пацягнула першым цыгарэтным дымам, нехта пайшоў па калідоры ў рэпарцёрскую з кубкам кавы. Кнігі трохтомнага слоўніка беларускай мовы з пятніцы ляжалі па розных сталах, і ніхто іх яшчэ не кранаў. Уключаліся камп’ютары, скайпы, «званілкі». Увайшоў Сямёнавіч, наш гукарэжысёр:
― Уявіце, еду ў машыне, слухаю радыё. Ну, не нашае, вядома… І там гэты Найдзёнаў, уявіце. Чуваць жа: за хвіліну да гэтага ўскочыў у студыю, аддыхваецца. «Добрай раніцы!» ― пачынае навіны. А сам, напэўна, у галаве рэшту ад таксіста пералічвае. І з гэтымі іх паўзамі, у мікрафон: «У Беларусі. Дзесяць. Рублёў»! Я так і сеў… І не выразаць жа ніяк. Жывы эфір! Рублёў!
Гэтак жа, як Цімох найперш адкрываў унутраныя жалюзі, Сямёныч з’яўляўся на жарце. Пакуль прачынаўся камп’ютар, я прыадкрыла заплечнік: запаветная старонка была ў ім. Аднак усё яшчэ трэба было чакаць да заўтра, калі прыйдуць дакументы. «Няўжо так і прыносяць сенсацыі ― у заплечніку?» Паленаў, што сядзеў злева ад мяне, скончыў друкаваць, з размаху стукнуў па клавішы і пайшоў у рэдактарскую.
Рэдактар працаваў у гэтыя выходныя. Ён падняў стомленыя вочы ад манітора:
― Вітаю, Паленаў. Што няма ўсіх так доўга? ― белая манжэта машынальна прыбрала кубак з высахлай кавай. Карычневы контур донца застаўся на аркушы паперы.
Аркуш гэты ўжо перастаў быць роўным, яго бакі падняліся і загарнуліся, як у бліна, які трэба перавярнуць. У нашым выпадку ― не перавярнуць, а здрабніць. Усё зробленае за дзень мы вывешваем на сайт, а потым няроўнымі кіпамі нясем спецыяльнай машынцы. «Стваральнік пазлаў» называе яе Мацвіеня. Мне ўяўляецца, як які-небудзь Вася са спецслужбаў аднойчы атрымае заданне сабраць гэтыя палосачкі абсалютна аднолькавай формы ў ранейшыя аркушы і змарнуе на гэта ладны кавалак свайго жыцця. Спачатку гэта падавалася мне дзікунствам: я спраўджваю інфармацыю ў трох крыніцах, збіраю, як камяні са скразнымі дзірачкамі, удалыя каментары, пішу тэкст, расшыфроўваю «сінхроны», начытваюся… А пасля бяру цела майго рэпартажу, адзіную жывую, неэфемерную яго сутнасць ― і прыношу ахвяру ў куце пакоя «стваральніку пазлаў». Бездакорна здрабняецца праца майго дня. Мацвіеня кажа, што гэта філасофскі прыбор ― алегорыя часу, які не шкадуе ні дня нашага жыцця. Знішчаецца маё імя ў канцы старонкі. Мы зрасліся тут са сваімі псеўданімамі і часта блытаем іх з сапраўднымі імёнамі. Часам мне нават хочацца перастаць быць Таняй Цыбулькай і ператварыцца ў разумную і смелую Алю Ясную ― яснае адлюстраванне. Але Аля існуе толькі на экранах камп’ютараў, а ўсе яе тэксты рвуцца па вечарах, як спіс грахоў пасля споведзі.
Адно маё інтэрв’ю выжыла і перачакала ў засадзе цэлыя выходныя, зрабіўшыся падстаўкай для састарэлай рэдактарскай кавы. Здаецца, толькі стос газет быў сённяшнім у гэтым кабінеце.
— Чаму ўсіх так доўга няма? ― падзівіўся Улад.
— Адкуль я ведаю, іх спытайце, ― сказаў Паленаў у адчыненыя дзверы.
Высокі, ладны Паленаў сеў на самае зручнае крэсла і сагнуўся, як ноўтбук. Ён змоўк, быццам ведаючы ўласцівасць свайго голасу запаўняць усю прастору. Але пяць ужо прагрымелых слоў адгукнуліся ў суседнім кабінеце ― і там пачалі згортваць ранішнія расслабленыя справы перад тым, як панясецца дзень: дапісвалі пасты ў ЖЖ, зачынялі акенцы чатаў, мянялі статусы на «не турбаваць».
Штораніцы, раздаючы свежыя тэмы, рэдактар быццам штурхаў камень, што спачываў на вяршыні гары: камень падаў уніз, набіраючы хуткасць, і пачынаўся інфармацыйны дзень.
Журналісты ўваходзілі ў рэдактарскую, і твар Улада святлеў. Як быццам знікалі зморшчыны і яшчэ больш сінелі вочы ― беларускага валошкавага колеру, але не па-беларуску дзелавыя.
— Мы прыпаслі два рэпартажы ў пятніцу і выставілі іх на выходных ― наведвальнасць сайта вырасла ўдвая, ― ён ведаў, з чаго трэба пачынаць планёркі. ― З гэтае нагоды прэміі Паленаву…
— А то ж! ― задаволена, як кот, прыжмурыўся Паленаў.
— І Алі, за талеркі, ― Улад прыўзняў ацалелы аркуш са следам кубка. ― Глядзі. І ты не хацела іх рабіць. А дзякуючы тэлевізару людзі чытаюць наша радыё!
У нашай кватэры тэлевізар захоўваецца ў кладоўцы. Ён нічога не расказвае мне адтуль пра спадарожнікавыя антэны. Але раз зрабіўшы гарачы рэпартаж пра тое, што іх забараняюць, я атрымала і ўсе наступствы: кожны суд, кожная знятая або пакінутая на фасадзе антэна цяпер ― мой клопат. Шыпячыя, свісцячыя і санорныя мурашкі бягуць па маім целе ад слоў ЖЭС і ЖРЭА. Камунальныя службы, указы, загады, адмовы ― гэта як сядзець у доўгай чарзе да дзвярэй з ДСП, за якімі даюць даведку, што ў вас няма вошай.
— Таму сёння… ― Улад зірнуў на мяне, ― патрэбны працяг.
— Улады патрабуюць! ― далучыўся Сямёныч.
— Не, Улады, сёння я без талерак… У Купалаўскім прэм’ера.
— Талеркі, а ў вольны час ― прэм’ера.
Ён сцвярджаў, што маю тэму нікому немагчыма аддаць. Што мантажнікі і інжынеры ЖЭСаў ужо даўно мае сябры. Гісторыя праблемы ў маім архіве… Праблема, архіў… Можна падумаць, што я саіскальнік навуковай ступені па талеркалогіі. «Гэта лёгкая тэма, ― сказаў рэдактар, ― ты без цяжкасці робіш, і нас усе чытаюць».
— Але як жа Купалаўскі? І што людзям карысней?
— Ай, Аля, ну, што ты не разумееш! ― шыкнуў на мяне Цімох. Але рэдактар змякчыў яго:
— Чаму, пытанне так ставіць можна. Але яно пакуль для нас не існуе. Пакуль мы ідзем да людзей, а не наадварот. Ува ўсіх ёсць заданні? Ідзіце працуйце, а мы яшчэ пагаворым.
— А потым мы скажам: у нас ужо такая аўдыторыя, у якой спадарожнікі ёсць, мы не можам выбівацца з фармату…
— Я думаў, ЖЭСы ― твая ўлюбёная тэма.
— Улад!
— Але хіба Купалаўскі ― гэта так цікава? Эксклюзіўна? Ведаеш статыстыку?
— Не эксклюзіўна… Чалавечна.
— Ты прынясі мне тэму, якую я не змагу не ўхваліць. Тады пры ўсім жаданні не будзе талерак.
«Заўтра», ― падумала я.
— Не напускай чмуту. Хуценька зрабі, а потым тэатр па трафарэце.
— Якім яшчэ трафарэце?
— Сёння талеркі, а заўтра Купалаўскі. Калі не з’явіцца нічога неадкладнага.
— З’явіцца…
3.
Аднойчы мы, студэнты чацвёртага курса, сядзелі ва ўніверсітэцкай аўдыторыі з маленькай радыёстудыяй, апранутыя яшчэ не па-веснавому, але ўжо і не ў чатыры слоі. Спазняўся выкладчык, а мы захоплена гаманілі пра ўсё на свеце. У нейкі момант я змоўкла і раптам пабачыла ўсіх разам: траекторыі размоваў, нехта глядзіць у люстэрка, перадае асадку, цісне тэлефонныя кнопкі, перапыняе таго, хто гаворыць. Усё ў светла-шэрым пустым апошнім зімовым святле ― што робіць рэчы больш рэальнымі, пластычнымі і прымушае адчуваць строгую непазбежнасць развітання з імі. «Застацца?» ― спытала я тады кагосьці ўнутры сябе.
Увайшоў нейкі незнаёмы чалавек, следам наш выкладчык. Гэтым госцем ён інтрыгаваў нас на мінулым тыдні: «Прыйдзе і многаму вас навучыць…» Мы сабраліся амаль усёй групай. Ахвотна, хорам загрымелі крэслы ― вітаем.
— Дзякуй, добры дзень, ― сказаў ён па-руску, з паўзамі паміж словамі, і вельмі лёгка ўсміхнуўся.
Гэта быў яшчэ малады мужчына з прыемным голасам (пазней ён раскрыў нам, што для гэтага трэба прамаўляць на выдыху), ільснянымі валасамі і чыстым абуткам. Валасы былі па-мужчынску рэдкаватыя, але ахайна ўкладзеныя, дорага пашыты касцюм добра сядзеў. Замест недамоўленасці або дакладнасці, якіх я ад яго чакала, у яго выглядзе была перанасычанасць ― можа быць, з-за тканіны касцюма, можа быць, з-за таго, што ён прыйшоў у студэнцкую аўдыторыю так, як з’яўляюцца весці платны семінар. Госць стаяў некалькі секунд, усміхаючыся, і я пераставала аналізаваць яго, падкупленая ўсмешкай. Даляцеў пах парфумы, добрай, хіба што кропельку знарочыстай. Адкрытая, але дзіўная пластыка: як быццам выразныя, прыгожыя жэсты доўгіх рук былі крадзенымі.
Мы глядзелі на яго з бязлітаснай студэнцкай дапытлівасцю і чакалі, калі ён пацягнецца ўжо ў кішэню па насоўку, а выцягне бясконца доўгую стужку з рознакаляровых хустачак. Чалавек гэты (ці то Антон, ці то Вадзім, без імя па бацьку) спытаў нашыя імёны, пра што-небудзь пацікавіўшыся ў кожнага. Паважліва зазіраў у вочы і пытаўся:
― А адкуль вы родам?
― А якая ваша спецыялізацыя?
― Працуеце недзе ўжо?
― Што значыць гэты знак на ланцужку? ― і так далей.
Мы ўсталі ў кола і, смеючыся, у нешта гулялі. Потым, разняволеныя, расселіся па сваіх месцах.
― Давайце пагаворым пра маўленне, ― пачаў ён. ― Бо мова ж ― гэта інструмент журналіста?
Мы заківалі. За вокнамі свісталі птушкі, крыху далей шумела шаша, і вясна была блізка, ужо адчувальная скурай, нюхам, але яшчэ нябачная. Валасы госця злёгку раскудлаціліся. Задаволены выкладчык, перадаручыўшы госцю сваё месца, сядзеў за самай далёкай партай.
― І вы, вядома, ужо знаеце, што ад таго, як падасце адну і тую ж навіну, залежыць яе ўспрыманне?
― Вядома, ― задаволена адказвалі мы.
― Тады, нарэшце, апошняе пытанне: ці хочаце вы гаварыць так, каб уплываць на вашых суразмоўцаў? І каб вас ніколі ні ў чым не абвінавачвалі?
― Ну, так, так, ― інэрцыйна калыхалася аўдыторыя.
― Я зараз дам вам… фразу. Адну фразу. А вы групкамі, як сядзіце, пашырце яе. Пераможа той, у каго будзе самая доўгая. Дазваляецца ўсё, толькі не дадавайце новых сэнсаў. Вы можаце размыльваць сэнс колькі заўгодна. Рабіце яго недакладным, абцякальным. Скажыце як мага больш і даўжэй. Карыстайцеся штампамі, зацямняйце… «Двое рабочых сустрэліся, пагаварылі пра жыццё і разышліся» ― вось ваша зыходная інфармацыя. Двое рабочых сустрэліся, пагаварылі пра жыццё і разышліся.
Студэнты імгненна зразумелі, што трэба рабіць. Нехта захіхікаў, здзіўлены такой вольніцы, хтось пажартаваў наконт рэвалюцыі. З задавальненнем, якога я ніколі ў інстытуце не бачыла, усе ўзводзілі шмат’ярусны фантан штампаў. Хуліганскі беспакараны дух заваёўваў паветра. З розных бакоў гучала:
― Пра бягучае становішча асабістых спраў…
― Пэўная колькасць прадстаўнікоў…
― Працоўнага класа…
― Правялі сустрэчу… планавую сустрэчу… па пытаннях…
Гэта рабілася падобна да збору ў міністэрстве. Перад кожным узнікала нябачная, з жоўтага дрэва кафедра. Неўзабаве ўсе загаварылі на адной мове.
― Абмеркаванні надзённых жыццёвых пытанняў, задач і праблем, ― бюракратычна бубніў мой аднакурснік.
Словы паступова гублялі сэнс, замяняліся пластыкавымі падманкамі, а потым і зусім знікалі. Гэта здавалася вар’яцтвам. Я згадала, як аднойчы праязджала на машыне міма аварыі: доўгая фура ляжала, перавярнуўшыся, напалову ў кювеце, а груз яе быў рассыпаны па дарозе: памперсы, пракладкі… Шыкоўныя дзяўчаты ў прыталеным футры, якія спынілі джып за дзесяць метраў ад месца аварыі, сцярвятнікамі выдзёўбвалі бясплатны тавар. Адна нагнулася за сінім пачкам, іншая ішла з бярэмем да сваёй машыны. Я азірнулася: выкладчык сядзеў ля акна, у промні святла ззялі яго льняныя вусы. Ён быў задаволены тым, як жвавенька праходзіць урок. Энергічная, хлапечая постаць, здавалася, мацуецца да крэсла спружынкамі. Ён перазірнуўся са сваім госцем праз увесь пакой. Той стаяў манументам ля дошкі з выразам найвялікшай карыснасці.
― Скончыўшы гутарку… ― пачаў Толік.
― Працэс камунікацыі! ― выправіла наша выдатніца.
― Так! Скончыўшы працэс камунікацыі, яны прайшлі ў кірунку.
З другога боку падхапілі:
― Да месца афіцыйнага…
І працягвалі:
― І фактычнага пражывання…
У мяне забалелі вушы. Фразы насіліся ўнутры і вакол галавы… Кожны раз, калі я лавіла спалучэнні слоў, я ўдакладняла і падаўжала іх і ціха прамаўляла. Штампы будаваліся ў лёгкія, заліхвацкія, гіганцкія паверхі ― адкуль іх гэтулькі ў мяне? Я выправоджвала іх уяўнай мятлой. «Выправоджвала»? І я махнула ёю і на гэтае слова.
Было страшна, як быццам я вар’яцею ці падпальваю сваю хату. Хацелася крычаць: «Нельга!» Штосьці было настолькі не так, што я адчувала гэта фізічна.
Нават нашыя маўчуны палка выкручвалі словы. На тварах радасць, рызыка, прага поспеху. «Трэба несці ногі з гэтага кіпячага катла», ― падумала я і злавіла погляд трэнера.
― Калі нехта з нейкіх прычын не хоча ўдзельнічаць, ён можа пайсці, ― нечакана і добразычліва, як быццам не ўпершыню сустрэўшы маю рэакцыю, вымавіў ён, гледзячы мне ў вочы.
Так! Я працягнула руку пад парту, каб намацаць заплечнік.
― Дзе вы працуеце? ― спытаў мяне Антон ці Вадзім.
― Я шукаю сябе.
Узяўшы заплечнік, я бязгучна выслізнула з аўдыторыі і праз хвіліну з інстытута. Выйшла з цёмнага будынка ў цёплую вулічную слоту і дачакалася аўтобуса. У вачах мільгалі чыноўнікі: кожны чалавек са скураным партфелем здаваўся працаўніком якой-небудзь адміністрацыі. Мяне апанавала стома. На сядзенні насупраць сівы дзядуля ў акулярах чытаў газету. Ён быў падобны да ветэрана вайны, ваеннага лётчыка: высокі (гэта было відаць, нават калі ён сядзеў), зграбны, з адкрытым тварам. Мы дарылі такім гваздзікі ў дзяцінстве.
― Паважаныя пасажыры! Каб выключыць выпадкі падзення і траўміравання падчас руху гарадскога камунальнага пасажырскага транспарту, трымайцеся, калі ласка, за поручні, якія спецыяльна для гэтага прадугледжаны.
Яго вялікія рукі трымалі адну з цэнтральных газет. Кожны раз, калі я бачу дзядулю, які чытае газету, мне робіцца сорамна. У далёкім куце аўтобуса вызвалілася месца, і я пайшла туды.
4.
Увечары, калі ўсё было гатова: каментары атрыманыя, а сінхроны нарэзаныя, пачышчаныя і расшыфраваныя ― я села пісаць рэпартаж. Кожны панядзелак увечары Мацвіеня запісвае доўгую музычную перадачу ― студыя будзе занятая, і ў мяне шмат часу.
― Пайду зноўку цалавацца з мікрафонам, ― кажа ён. ― На двары трава, на травы двара. На дравы тва…
«У Беларусі пачынаюцца суды над уладальнікамі спадарожнікавых антэн», ― напісала я ў назве. Доўгі радок на чыстай старонцы. Тут ёсць усё важнае. Але неяк доўга, і спатыкаецца язык. Я стала ўслухоўвацца, услухоўвацца, паўтараючы яго шэптам, як вершы. У-бе-ла-ру-сі па-чы-на-юц-ца су-ды на-ду-ла-даль-ні-ка-мі… Адзін націск на чатыры склады. Дрэнна гучыць і не запамінаецца. І млява, як у ЖЭСе.
«Людзей судзяць за талеркі»? Смешна. Уявіліся лятучыя талеркі, створаныя людзьмі ў роспачы, і сур’ёзны суд у чорнай геаметрычнай шапцы.
«Тых, хто не зняў спадарожнікавую антэну, выклікаюць у суд», ― але гэта зусім не востра і чытаецца двухсэнсоўна. Можна прачытаць вы́клікаюць і выкліка́юць. І па-ранейшаму непрыгожа. Ці можа назва рэпартажу на сацыяльную тэму гучаць прыгожа?
«У Горадні пачаўся першы суд над уладальнікам талеркі». Гэта не лепей і не горш за ўсе астатнія варыянты. У той жа плоскасці. Трэба адтуль выйсці.
«За талеркі судзяць». Не. «За талеркі пачалі судзіць». Таксама не. Так і бачу заўсёды незадаволеную жанчыну, якая ўсхліпнула, за гэтым загалоўкам. Здаецца, стварыць паўтары старонкі тэксту прасцей, чым прыдумаць яму назву.
«Людзі, хопіць глядзець тэлевізар», ― напісала я і перайшла да рэпартажу. Ён склаўся хутка: падрабязная навіна ў лід-абзацы, падводкі ― каментары, падводкі ― каментары. Прагноз на будучыню ад эксперта і бэкграўнд у канцы. Апошняя літара вярнула мяне да назвы.
«Першы ў гісторыі беларускага заканадаўства суд над уладальнікам «спадарожніка» пройдзе ў Горадні». Не. Урачыстасць, нібыта я пішу пра першы спадарожнік у космасе. Назва мусіць быць… нейтральнай і інфарматыўнай. Але як нейтральнай? З-за мяжы будзе вяшчаць новы спадарожнікавы канал ― і ўлады здымаюць антэны. Тым, хто задае пытанні ― штраф, і суд, і дэмантаж.
Можа быць, так: «Тых, хто вырашыў узаконіць антэну, будуць судзіць»? Ці: «Талерку немагчыма ўзаконіць»? Не, не… Не навіна, а песімізм.
У кабінет зайшоў Улад. Стоячы, ён выглядаў не так, як калі сядзіць за сталом. Невысокі, каржакаваты. Рукі ў кішэнях. Калі ён раздае нам тэмы, ён увесь ― профіль: высакародны нос, светлы чубок да светлых броваў, вусны акуратна рухаюцца і жэст кісцяў, накіраваных наперад. Цяпер жа я прыкмячала невялікі жываток і тое, як нядоўгі туфель калупае носам падлогу.
― Калі твой рэп будзе гатовы? ― спытаўся ён.
― Назвы няма.
Ён нахіліўся, і цяпер я бачыла яго профіль.
― Давай мне. Што ёсць навіной?
― Тое, што людзей пачалі выклікаць у суд за талеркі, якія немагчыма ўзаконіць.
― Гэтак і напішы, што можа быць прасцей?
Рэдактар ужо прабег вокам мой рэпартаж.
― «У Беларусі пачынаюцца суды над уладальнікамі спадарожнікавых антэн» ― вось назва. Пішы і вывешвай на сайт.
5.
Позні вечар. Я ляжала на сваім ложку, закінуўшы на сцяну стомленыя ногі. За акном ноч, але яшчэ рыпелі дзіцячыя арэлі.
Я думала пра тое, што гэтыя талеркі рабіла апошнім часам раз на тыдзень. Цэлы дзень тэлефанавала ў ЖЭСы, у фірмы, якія прадаюць антэны, званіла юрыстам і мантажнікам. Цэлы дзень свайго жыцця ― спадарожнікавым антэнам. А з-за мяне людзі… Спачатку чытаюць навіны. Потым абмяркоўваюць. Думаюць пра іх. Можа быць, як і я, цяпер ходзяць і заўважаюць, вісяць ці не гэтыя белыя блінцы на дамах.
Ні ў каго з маіх сяброў-журналістаў няма тэлевізара. Мы не чытаем навіны ў вольны час. Таму што вядома, як іх робяць, і таму што больш за палову з іх ― гэта вось такія «талеркі». Хацелася камусьці пра гэта сказаць. Я набрала мамчын нумар.
― Доча, что ты ела сегодня? ― было першае яе
пытанне.
― Салатку, ― адказала я.
― Что?
― Ну, салат.
― Я устала, у меня нет желания понимать твой белорусский. Говори нормально. И надо лучше питаться. Здоровье ― это самое главное в жизни, ― дэвіз кожнага мамінага паходу да лекара ці віншавання. ― Люби себя.
― Дык я ж з хлебам ела! ― паспрабавала я жартаваць.
Маўчанне.
― Я толькі прыйшла дадому, мама. Ужо позна, нічога не хочацца. Заўтра паем.
― Это вы так поздно работаете? ― у яе голасе пачулася павага. ― Как и я… Прихожу вечером уставшая, сил ― никаких. Ни папе внимания уделить, ни себе, об уроках Петиных даже молчу. На кухню что-то приготовить ― и ночь уже. И все в голове отчеты, отчеты. Иногда проснусь в темноте: вдруг не ту цифру поставила? ― мама сказала пра гэта амаль з асалодай. ― Вспоминаю, вспоминаю. Так страшно в этот момент. Аж перекрещусь. У нас же проверки каждый месяц. Найдут что-нибудь ― уволить могут. А в такой работе где-нибудь да затешется ошибка.
Я ўяўляю памылку як вош, якая выскоквае з частых зубцоў драўлянага грэбня, якім водзіць маміна рука.
― Бывает, даже по воскресеньям работаем. Здесь все от проверяющих зависит. Ты еще по-настоящему не работала, не понимаешь.
Мама, здаецца, думала, што журналісты ўвесь дзень толькі п’юць каву і мантуюць карцінкі, ці ходзяць па вуліцы з фотаапаратам, ці сыплюць экспромтамі ў жывым эфіры:
― Это только начало, это еще пока романтика…
― Так, да горла рамантыкі.
― Что?
― Нічога. Нічога… Мама, журналістыка ― не для мяне.
Яна маўчала, а я апраўдвалася:
― Таму што гэта ― засмечваць людзям галовы.
― Ты в книжках это вычитала. Так и слышно, что не твои слова.
― Чаму ж не мае? Мае… Усе кажуць, калі чуюць «журналіст»: «О-оо-оо-о. Як прэстыжна!» А я бачу, што гэта прафесія ― рабіць усё, каб людзі не думалі пра… сэнс жыцця.
― Высокие слова, слишком заумно, ― не ўпершыню прамовіла сваю дэкларацыю мама. ― Я за простоту. А это не простота, это все надумано. Вспомни, как ты хотела на журфак. «Мама, это мое призвание!», «Человек должен заниматься тем, к чему душа лежит!»…
― Я думала, мяне навучаць пісаць. І я спатрэблюся.
― Что ты еще за ребенок! Потом смеяться будешь над своими словами.
― Я не дзіця. Працую, вуч… здымаю кватэру. Грошай у цябе не бяру. Мама, журналістыка ж амаль заўсёды пра нейкае смецце! Усе гэтыя «жыццёвыя» пытанні. Так рэдка бываюць важныя тэмы. ЖЭСы, кошты на жыллё, падвышэнне базавай велічыні, дырэктыва нумар адзін, два, тры…
― Танюша, вот именно это и есть жизнь, а не в облаках все время лётать.
― Беларускае слова?
― Какое?
― Лётаць!
― Не придирайся.
― Карацей, я, здаецца, не буду ўсё жыццё журналістам. Я думаю нават, што, калі б не было майго радыё, я б ужо цяпер не была…
― А я тебе скажу, что я впахиваю на работе каждый день, ― у яе зрабіўся голас снежнай каралевы. ― Никого не волнует, во сколько я заканчиваю: будь добра закончить, хоть в восемь, хоть в девять. А конец месяца ― это и в десять, и в одиннадцать. И если заболела ― не так, как у вас: позвонила и все. Справку давай, а если проверка ― то никаких болезней. И знаешь, я довольна. Я довольна!
― Ты задаволеная?
― Я считаю, что не надо летать в облаках.
― А я лічу, што лётаць у аблоках ― гэта паперы цэлы дзень пісаць.
― Без бумажки ты, дорогуша, ничего сделать в этой стране не сможешь.
― Вось, менавіта. Добра… Як там наш кот?..
6.
Паклаўшы слухаўку, але не спаталіўшы жадання паразмаўляць, я пачула, што ў кухні ўжо пачалася «гарбатка штовечар». Мае суседзі, Алесь і Паліна, так называюць вечаровыя кухонныя размовы за гарбатай.
― Высвятляецца, што Пазняк ― тэатразнаўца! ― чула я Паліну з калідора. ― Ён так пісаў пра Брэхта… скарб для маёй дысертацыі. Я думала, ён быў усяго толькі гучным палітыкам. Зусім не!
Яшчэ не ўбачыўшы Паліну, я магла ўявіць яе жэсты. Калі яна кажа: «Зусім не!», то круціць галавой (валасы пералятаюць з аднаго пляча на іншае) і шырока і рэзка адводзіць руку. У яе адкрытая жэстыкуляцыя ― танчыць усё цела, а найбольш рукі. Мы з Алесем аднойчы паставілі эксперымент: папрасілі яе расказаць гісторыю, не рухаючыся. Паліна збівалася, губляла патрэбныя словы і зусім не магла стрымаць рукі. Здаецца, словы ў яе ўзнікаюць адначасова з жэстамі ці на долю секунды пазней.
Пабачыўшы мяне ў дзвярах, але не «раскусіўшы» яшчэ майго настрою, Алесь у сваіх заўсёдных акулярах на доўгім смешным носе ажыўлена, хоць, здаецца, сур’ёзна спытаўся:
― І як вы сёння ратавалі свет?
Вось поўная Палініна супрацьлегласць. Флегматычны, стрыманы, сур’ёзны, з эканомнымі рухамі. Юрыст… Паважае маю працу. Шкадуе, што сам не журналіст. Але я не магла стрымацца:
― Білі лынды! Нейкі ЖЭС, а не радыё!
Паліна раптам зайшлася ад смеху, а я адчувала, што заводжуся.
― Касмічныя тэмы! ― працягвала я.
― А, я забыўся, сапраўды! Я ж заходзіў на ваш сайт, бачыў твой рэпартаж. Пра талеркі, ― кажа Алесь.
― Таня, а што такое, ― Паліна яшчэ смяялася, ― лынды? І яшчэ гэтыя, ну, гэтыя… ― яна пакруціла рукою, дапамагаючы сабе ўспомніць, ― Бібікі?!
Я маўчала. Паліна працягвала:
― Дарэчы, а чаму іх здымаюць? Кажуць, яны псуюць… ― яе рукі акрэслілі прастакутнік у паветры, ― выгляд будынкаў? Але ж гэта не так?
― Мне гэта нагадвае, ― сказаў Алесь, ― зразумела, толькі нагадвае ― сорак першы год.
Паліна махнула на яго рукой і цокнула языком.
― Ды я сур’ёзна кажу. Мой дзед мне расказваў, што ўсім тады загадалі здаваць радыёпрыёмнікі. Пачынаецца вайна ― а ўсе з прыёмнікамі стаяць, чарга. Добраахвотна, праўда, бо прыёмнікі ж таннейшыя за антэны.
Мы, удумваючыся, замоўклі.
― І прычына тая ж самая…
― Ды скажаце вы мне прычыну ці не?
― Кантроль інфармацыі, вядома, ― юрыдычным тонам працягваў Алесь. ― Канал новы будуць глушыць.
― Ну, а людзям-та што? Мы яго ў інтэрнэце зловім, калі захочам.
― Толькі мы і зловім… ― Алесь апёкся гарбатай і праз зубы ўцягнуў паветра. ― У тваёй бабулі ёсць інтэрнэт? Ці хоць у мамы? А тэлевізар ёсць. Але там жа нават «Культуры» няма ― адны серыялы і «Дыскавэры», і тыя па кабельным.
Я сядзела, згарбаціўшыся і адчуваючы напругу ў спіне, не ў сілах выпрастацца. Гарбаты не хацелася.
― Я не буду гэтым займацца, ― сказала я.
― Ты чаго? Гэта немалая справа.
― У мяне хутка будзе падваенне асобы. Я ― страчаны журналіст.
Алесь паглядзеў на мяне непраўдападобна павялічанымі вачыма. Я раней і не заўважала, якімі велізарнымі робяцца ў акулярах дальназоркія вочы.
― Тады я такі ж юрыст. І што?
― Добра, а я страчаны тэатральны крытык. І гэта таксама праўда!
Мы паглядзелі на Паліну, якая некалькі хвілін таму захоплена казала пра Брэхта. Погляд яе вачэй, формай падобных да гарбузовых зерняў, як быццам пацяжэў, але рукі працягвалі свае танцы.
― Я перастаю верыць, што тэатр змяняе людзей, ― яна зрабіла такі жэст, быццам скінула нябачную тогу. ― Хоць распранайся, хоць ты мацюкайся са сцэны! ― Паліна працягнула «р» так, што выйшла «ррраспранайся», ― хоць стаў класіку ― людзі толькі ахаюць! І нічагуткі, ― валасы зноў пераляцелі, ― не бяруць з сабой, у сваё жыццё!
Ад гэтага нястомнага тэатральнага рупліўца рэдка можна было пачуць такое. Мы пачалі падбадзёрваць яе.
― Можа, ён змяняе…
― Гэта ж цяжка зразумець і адсачыць…
― Не змяняе, ― абрэзала Паліна. Нармальныя людзі нават не ведаюць, як прачытваць спектакль. У іх ніякіх ключоў, ― Поля павярнула нябачны ключ у нябачным замку, ― яны не маюць уяўлення пра падтэксты. Як дзеці ў школцы, памятаеце, казалі: аўтар не мог пра гэта думаць! Ён такога не ўкладаў, гэта прыдумалі крытыкі! Яны лічаць, што ў кожнага тэксту мноства тлумачэнняў і ўсе яны правільныя.
― Постмадэрністы, ― прамармытаў Алесь.
― Сядзіць чалавек у тэатры ― і не думае! Ён прыйшоў расслабіцца…
Паліна яшчэ нешта казала пра спектакль, які ішоў на дзвюх нашых дзяржаўных мовах, праз што гледачы скардзіліся ў водгуках, што ім даводзілася напружвацца. Мне стала неяк няёмка.
― Гэта ж праз нас. Гэта ж менавіта праз нас. Гэта СМІ расслабляюць чалавека. Яму пра ўсё ў лоб кажуць, удзёўбваюць у галаву, малюначкі паказваюць, «мадэлююць рэальнасць»… А ён і абвыкае… Вось жа, напрыклад… у тэатры, у літаратуры ― усё бывае на фоне чагосьці. А ў журналістыцы без фону…
― Без падтэксту, ― дадала Паліна.
― Без рытму. Беспаветраная прастора нейкая. Там кажуць пра важныя рэчы, але неяк не так… Журналісты як быццам не з гэтага часу! Таму што яны не адчуваюць часу за сабой. У іх нейкая дзіўная карціна свету. І яны, і іх час ― там заўсёды пачатак. І яшчэ… я вось што хацела сказаць… яны завуць дрэннае рэалістычным. А добрае іх мала цікавіць.
― Таня, але ж у журналістаў усё ж такі ёсць факты, ― адвакатнічаў Алесь.
― Але няма ведаў.
― Яны пішуць пра падзеі…
― Не пражытыя імі. Без унутранага аўтабіяграфізму! Таму мы і робімся цынічнымі.
Паліна паднялася з-за стала і пайшла мыць кубкі. Яна адкрыла кран і загаварыла:
― Я хачу, каб тэатр дзейнічаў. Каб ён, ― струмень грымлівай вады перапыніўся, ― душы скаланаў! Каб людзі думалі пра сябе, спрачаліся пра спектакль! ― яна крутанула кран, і вада зноў абрынулася ў ракавіну.
― Вядома, і я таксама хачу, ― адказала я ўжо пад грукат вады.
― Я не ведаю, як гэта, ― прызнаўся Алесь.
7.
Наступным днём я прачнулася да будзільніка ― я рэдка хварэю на пана. Свежа ў пакоі ― дождж? Я павярнулася да акна: стукае і стукае ― па шкле, па карнізе. Крыху паглядзела на кроплі, а потым згадала. Сёння ў маёй пошце павінна быць…
Прачыніла акно. Мммм… Пахла свежасцю. «Ммммммммммммм», ― пачала я рабіць практыкаванне для голасу, уяўляючы самалёт, што набліжаецца і аддаляецца. Мне казытала ў вуснах. Гук нарастаў, паглынаў усе астатнія гукі ― я бачыла кропелькі на авальных пасажырскіх вокнах ― і паступова аддаляўся. Самае складанае ― гэта захаваць дыханне, каб ён заціхаў паступова, столькі ж, колькі нарастаў. «Ммммммммммм», ― яшчэ раз. І яшчэ. Вусны казыча, казыча дзёсны! Гэта добра ― я помніла, ― гэта правільны гук! Адэля што-раз мяне абсякае: «Расціскайце сківіцы!» Але ў мяне няправільны прыкус. «У мяне таксама», ― кажа яна і сыходзіць. Я намагаюся расслабіць сківіцу.
«Рррррррррр!» Збілася на паніжэнні, гук праслізнуў. Калі ён атрымліваецца ідэальна, Алесь думае, што я пыласошу. Ён аднойчы спытаў мяне: «Ты кожны дзень пыласосіш? Да працы?» Удых. «Рррррррррр!» Удых.
«Шшшшшшшшш», ― вось што пасуе сённяшняму надвор’ю. Яшчэ раз, яшчэ раз ― без свісту, калі ласка!
Цяпер пажаваць язык. Ён яшчэ зусім сонны. Весялей. Абудзіць вусны. «Кпці-кптэ-кпта-кпто-кпты…» Дождж паліў мацней ― таксама натрэніраваўся. «Кпці-кптэ-кыпыты…». «Кпці-кптэ-кпта-кпто-кпты…». «Шпак шапоча пра шыпулькі, шалік шоўкавы ў шыпульках…» Дыханне пайшло глыбокае, энергічнае…
У маршрутцы па звычцы заканчвала гімнастыку: кожны выдых павольны, быццам задзімаю свечку. Падлятала на выбоінах.
Абяцанае свяцілася новым лістом у маёй пошце. Я раздрукавала далучаны файл і яшчэ раз прачытала ― усё супадала. Кабінет быў ужо пусты, я схапіла цёплыя аркушы ― і ў рэдактарскую.
― Усе расхапалі твае талеркі, ― пачаў планёрку Улад. ― Час іх палюбіць. Але Купалаўскі, Аля, давядзецца пакуль адкласці ― сёння…
― У мяне ёсць тэма, як вы і прасілі, ― перапыніла я і працягнула свае пяць аркушаў.
Тэмы з жыцця ― галоўныя. Яны самыя цікавыя, свежыя, яшчэ нікім не кранутыя, і гэта значыць, што нас усе прачытаюць, перадрукуюць і расставяць спасылкі. Людзі любяць такія тэмы. Але тут… На плошчы, у краіне, якая адчувае Чарнобыльскія падзеі як учорашнія, дзе мае сябры з Краснаполля атрымліваюць вялізную сацыяльную стыпендыю і сапраўды трацяць яе ўсю на лекі, дзе ў дзяцей павялічаная шчытападобная залоза…
― На плошчы Незалежнасці… паўгода ўжо… радыеактыўная плітка.
Я сама не паверыла ў тое, што сказала. У галаву лезлі думачкі: «Раптам зараз з паперы ўсё знікне?» «Гэта быў падман зроку?» «Ці надрукавана шпіёнскім чарнілам, якое знікае?» «Але ж не можа быць ― прэзідэнцкая праграма! Можа, са мной нешта не тое?» Па твары рэдактара нельга было зразумець, ці знікла чарніла.
― Няўжо ў цябе экспертыза?
Я кіўнула.
― Такі радыеактыўны фон, ― рэдактар пачаў чытаць уголас, ― недапушчальны пры будаўніцтве. Выпраменьванне ад пліткі на новай плошчы… у два разы перавышае норму.
― І дагэтуль там! Паўгода! ― абурыўся наш праграміст.
― І людзям нядаўна на ёй лавачкі паставілі, марозіва, фантан. Адпачывайце, касацікі!
― А я жыву там паблізу, ― прамовіў яшчэ нехта.
― Толькі ўчора там з хлопцам сядзелі… Усе змоўклі.
― Прыйшлі капцы, ― падсумаваў Сямёныч.
8.
Нешта паўсталі перад маім унутраным зрокам гэтыя рыбы, што высунулі раты з ракі. Іх доўгія падводныя целы ― падобныя да паленаў, раскрытыя вусны ― слізкія. Ці разумела рыба, што робіць, ці толькі настойлівая сіла інстынкту штурхала яе ўверх? А калі Няміга цячэ ў калектары, ці прыстасаваліся рыбы жыць там?
«Калі гэты сюжэт выйдзе… добра, што ў нас адключаны званок», ― думала я. Яго зняў яшчэ Алесь, калі балатаваўся ў мясцовыя саветы. Памятаю, як усе нашыя сябры абыходзілі з улёткамі кватэры. Алесь іскрыўся, даследаваў праблемы мікрараёна, палымнеў, нават браў сам у сябе інтэрв’ю для свайго буклета. Неблагое, на дзіва, атрымалася інтэрв’ю.
9.
Рэдактар глядзеў паперы, мы маўчалі.
― Трэба ўсё праверыць. І сфатаграфаваць. Хто мае дазіметр?
― Толькі раніцай выклаў! ― пляснуў Сямёныч па кішэні.
― Што, ніхто?
― У маёй бабулі быў, але яна ў Нясвіжы, ― сказала Наста.
― Дый што, давайце пакуль без дазіметра зробім. Гэта ж бомба! ― спяшаўся, як заўсёды, Пінчук. Мы заківалі.
― Так, і ў наступным матэрыяле сфатаграфуем дазіметр. Там жа ў дакументах усё замерана.
― Не-не, гэта трэба спраўдзіць.
― Вы думаеце, плітка ўсё ўжо выфаніла?
― Я думаю, ― сказаў рэдактар, ― фаніць яна не менш, чым паўгода таму. Але ўсё адно трэба праверыць і паставіць здымак.
― Але столькі часу змарнуем!
― А як вы сабе ўяўлялі працу журналіста? І з чаго б тады чытачу нам давяраць? ― Улад пастаянна казаў «чытачу», а не «слухачу». Але яго праўда ― нас больш чытаюць, чым слухаюць. Мы нават прыдумалі слоган на адной з планёрак: «Нас не зловіш!»
― Нясвіж ― гэта далекавата, вядома. Але калі не знойдзем, блаславім тваю бабулю. Найперш трэба пазваніць чалавеку з Соснаў, чый подпіс тут стаіць. Турбаваць МУС, напэўна, не мае сэнсу, але трэба. Адмовяцца каментаваць ― не забудзьцеся гэта запісаць. Адмова ― таксама каментар.
― Мусім прымусіць МУС! ― засмяяўся Сямёныч. ― МУС ― гэта ад Мусаліні?
― Здаецца, Сямёныч хоча дапамагчы. Возьмеш, Аля?
― Было б не залішне мець мужчынскі голас, каб з іх нешта вытрасці. Можа, мы з Паленавым маглі б рабіць?
― Паленаў таксама баіцца талерак? У вас змова?.. Сур’ёзна, калі ўсё пацвердзіцца ― а яно пацвердзіцца, не дарма ж гэта замова МУСу ― трэба даведацца, чаму. Хто вінаваты і які яго лёс. Здаецца, мяняць плітку не збіраюцца. Што сказаць: будзе серыял, ― рэдактар глядзеў у дакумент і пачухваў алоўкам светлую галаву.
10.
Паляцеў дзень. Паленаў пад беларускі рок выкручваў стырно, аўтамабільны рэмень нязвыкла ціснуў, і мяне моцна заносіла на паваротах то ўправа, то ўлева. Ніколі раней я не разумела, што значыць «дрыжаць каленкі», цяпер зразумела. Некалькі гадзін мы вышуквалі дазіметр, а пасля, заправіўшыся ўжо другі раз за дзень, з набраклай кардоннай скрынкай на заднім сядзенні парулілі да плошчы.
Там усё было заліта сонцам: плітка, мармур ваз і фантанаў. Ад пылу, які стаяў у паветры, было цяжка дыхаць, круглявасць ваз з кветкамі блішчала на сонцы, не пераліваючыся. На сіметрычна пастаўленых лавах ― людзі, усё больш студэнты. Іх трымалі ў аблозе мэрыя, міністэрства, два ўніверсітэты і Чырвоны касцёл, што месцяцца па баках плошчы. Павольная, бяздзейная атмасфера горада-рэтардацыі.
Я паглядзела на дазіметр. Прастадушны, яшчэ савецкіх часоў, ён чамусьці выклікаў у мяне давер: над ім не працавалі дызайнеры ― майстры кіравання ўспрыняццем, ён меў прамыя няскругленыя вуглы і матавую пластмасу самых някідкіх колераў.
Паленаў паклаў прыбор на плітку і электронныя лічбы далі свае паказанні. Акурат 63 мікрарэнтгены, як і ў экспертызе.
Па маёй скуры пабеглі мурашкі, мне больш не хацелася заставацца тут ані на хвіліну. Тое, што я не магла адчуваць радыяцыю фізічна, палохала мяне яшчэ больш.
― Ты ж паскуда, ― прамовіў Паленаў, гледзячы на плітку з кукішкаў. ― А і не скажаш!
― Можа, паедзем ужо? ― прыспешыла яго я.
Мы прайшлі каля лаўкі, дзе сядзелі, абняўшыся, хлопец і дзяўчына.
«Ідзіце адсюль!» ― карцела мне крыкнуць.
Я дыбала за шпаркай хадой Паленава, азіраючыся. Яны нарэшце заўважылі маю павернутую галаву, але не зразумелі майго непрамоўленага папярэджання.. Дзяўчына адвярнулася ад мяне, як ад недарэчнасці, абвіўшы рукамі шыю каханка.
І раптам я пачула дзіўны, гучны спеў. Голас ― звонкі, высокі і вясёлы, нішто не душыла яго, ён быў нават празмерна вольны ― настолькі, што здавалася, спявачка не ў сабе. «Расслабленая сківіца», ― пранеслася ў мяне ў галаве. З боку Нямігі міма музея гісторыі кіно ішла і спявала на поўны голас проставалосая жанчына сталага веку, яе хустка спала з галавы на круглыя плечы. Рукі яна крыху сагнула ў локцях і выцягнула наперад, як на сцэне. Крочыла, нікога не заўважаючы.
«Які жаноцкі, прыгожы голас, ― падумала я. ― Цікава, як бы ён гучаў па радыё?»
Кожны, хто жыў у Менску, сустракаў яе. Ля Камароўкі, у сотым аўтобусе, на Усходзе, на «Дружнай», ля Акадэміі навук… Не ведаю, ці спыняецца яна калі-небудзь. Магчыма, што яна заўсёды ідзе, ідзе, але чамусьці кружыць і застаецца ў Менску. Яе лічаць гарадской вар’яткай.
11.
Надзіва, як ніколі лёгка даставаліся каментары. «Сапраўды, мы праводзілі гэтую экспертызу, ― казалі нам. ― Плітка ― з Украіны, і ў гэтым радовішчы высокі фон».
Мы перазіраліся з Паленавым і прастадушна радаваліся: «Удалося!» Паступова рабілася ясна, што нашых званкоў ніхто не чакаў, і таму навукоўцам яшчэ не паспелі заткнуць раты. Нават дырэктар аддзела радыяцыйнага кантролю пагутарыў з намі, уздыхаючы, і выказаў здзіўленне і занепакоенасць. Мы горача падзякавалі яму, я са спадзяваннем, а Паленаў без, што плошчу перабрукуюць.
― Що ж, в нас купують ― ми продаємо. Недорого, ― нараспеў адказвалі ўкраінцы.
Увечары нарадзіўся тэкст рэпартажу, мяне ахапіла радасць: вось зараз усе, усе дазнаюцца пра гэта. І ўсё зменіцца. Такім журналістам, нават на мяжы сваіх сіл, я згодная быць.
Гукарэжысёр Сямёныч прыбраў на стале, акуратна павесіў навушнікі на выцягнутыя шыі мікрафонаў і запісаў нас.
12.
Нібы месца, з якога назіраеш, раптам перамясцілася ўверх: адлегласці зрабіліся нязначнымі, сцены ― тонкімі і ўмоўнымі. У розных частках Мінска ― па яго ўскраінах і праспекце, на розных паверхах ― спалі людзі. Іх атулялі коўдры ― з кветачкамі, проста белыя, з геаметрычнымі фігурамі. Пад адну коўдру сыходзіла сіваватая барада Сямёныча, і было раскрыта яго татуіраванае плячо. У іншай кватэры, на іншым паверсе з-пад пледа выглядвала акуратненькая Адэліна ножка. Вялікая ступня Паленава звісала з ложка, як з паліцы ў плацкартным вагоне. Накрыўшыся да носа спальным мяшком, пахропваў Мацвіеня з сабранымі аранжавай гумкай калматымі дрэдамі. Сапла Наста са свежай, лёгкай стрыжкай, у чорнай масачцы на вачах. Злёгку падрыгвалі светлыя вейкі Цімоха. На начным століку адпачывалі на кнізе рэдактарскія акуляры, і Улад спаў мёртвым сном, набіраючыся сіл для мітусні дня.
Людзі гэтыя прачыналіся каля паловы на восьмую, рэзка садзіліся на ложку, спакойна сцягвалі павязку з вачэй, ішлі ў душ, мудрагеліста закручвалі дрэды, ставілі чайнікі, выкладвалі тварог на сподак, закурвалі, уключалі музыку, разміналі голас, раніліся голячыся, цалавалі каханых, думалі: «Што ж сёння будзе?», шапацелі газетай, правяралі пошту, слізгалі пяткай па лыжцы для абутку, бразгалі дзвярыма і прыязджалі ў рэдакцыю.
Потым увесь дзень працавалі і прыслухоўваліся, як да навальніцы, як разыходзіцца па сайтах тое, што яны замералі і запісалі. Як абмяркоўваюць іх рэпартаж і ляцяць у іх першыя паклёпныя стрэлы.
Уся гэтая гісторыя здаралася са мной упершыню ― і мае нервы скакалі лявоніху на вуголлі. Калі ў інтэрнэце дзяліліся спасылкамі, прасілі сяброў не хадзіць на плошчу і патрабаваць невядома ў каго перакласці плітку, я радавалася, ганарылася, верыла, як школьніца, у лепшае.
Але былі і скептыкі, у асноўным мужчыны, ― яны рэзка і нецэнзурна ўскрыквалі. Без стомы назалялі яны з’едлівасцю з недарэчнымі памылкамі: «Да они соченили коментарии! И составили документы в фоташопе!» Я нервова круцілася на крэсле. «А как же печать?» ― пісала я ім са спехам створанага акаўнта, эмацыйна жэстыкулюючы, перад тым, як набраць каментар. «А галасы ў аўдыёрэпартажы?» «А фатаграфія дазіметра на плошчы?» Непрымірэнчыя і ўпартыя адказы-нападкі ішлі кулямётнай чаргой. Сэрца маё зусім упала, калі пачалі страляць беларускай мовай. Мае аргументы не пераконвалі, і здавалася, што я гуляю ў тэніс, але па той бок сеткі нікога няма.
Праз паўгадзіны гэтай знясільваючай гульні і я, і мае праціўнікі аціхлі. Выцершы слёзы, я ўвайшла ў рэдактарскую.
Лічбы зіхацелі і бегалі на твары Улада ― ён сказаў мне, колькі чалавек ужо прачыталі навіну.
― Напэўна, дазіметр памыліўся.
Ён маўчаў, чакаў.
― …Мне падаецца, што я хлушу. Бо ніхто не верыць. Я адказваю, што…
― Не адказвай.
― Але яны кажуць, што мы ўсё выдумалі, ― я расплакалася.
― Плятуць з дуба вецце. Аля, гэта ўжо не твая адказнасць. Не ўвязвайся ў спрэчкі. Мы журналісты, мы даем факты. А што людзі з імі робяць, слухаюць ці затыкаюць вушы, ― гэта людзі самі вырашаюць. Трэба паважаць чужыя меркаванні.
― Крыўдна.
― Эй…
― Што?
― За кдбшнікаў крыўдна? Ім за гэта плацяць, ну, хіба ты не разумееш? Іх нават па айпішніках відаць. Паглядзі, яны праколваюцца, ― і ён пачаў тлумачыць мне, як яны «праколваюцца».
Нейкая дурата, і спустошанасць, і абнадзеенасць, і жудасць ― усё разам. І ўсё-ткі рэдактар дадаў мне сіл, я пайшла ўдзячная яму. Тэлефанаваць, задаваць пытанні, усміхацца, а пасля зноў ездзіць з Паленавым і вымяраць радыяцыйны фон на іншых плошчах.
13.
Увечары я глядзела спектакль у Купалаўскім і то паглыблялася ў п’есу, забываючыся на ўзрушэнні таго дня, то вынырвала з яе ― і ўсё мне тады здавалася хлуснёй і непатрэбным упрыгажэнствам. У антракце я нечакана пачула, як мужчынскі голас з задняга раду пераказвае мой рэпартаж. Ён нібыта трос яго за ногі, галавой уніз, не заўважаючы, як высыпаюцца з яго ўсе дэталі. Каб уразіць дзяўчыну, мужчына ўсё перабольшыў ― плітка «зафаніла» ў два разы мацней. Я ледзь стрымлівалася, каб не павярнуцца, і мая патыліца гатовая была загаварыць. А спадарожніца засталася абыякавай да аповеду ― і тады той жа голас кінуў: «Наогул, будматэрыялы заўсёды выпраменьваюць, гэта нармальна…»
Слёзы падступілі да горла. Па спіне бегалі мурашкі ад думкі, што ўсе тут ведаюць мяне і мой псеўданім, глядзяць з дакорам, сумняваюцца, не вераць і вінавацяць. Погляд выхопліваў самыя непрыкметныя шэрыя пінжакі, і я думала: «Гэты?», «Гэты?», «Гэты чытаў і не паверыў?»
Хацелася стаць ля цэнтральнага ўваходу ў партэр і даваць кожнаму гледачу праграмку, у якой было б напісана: «Гэта праўда. Мы не хлусілі. Гэта праўда». Замест роляў былі б нашыя псеўданімы, а насупраць ― імёны.
Я згадала, як Мацвіеня неяк прапанаваў выпусціць паштоўкі з лагатыпам нашага радыё. На іх былі б усе супрацоўнікі рэдакцыі без вопраткі, са смелымі поглядамі проста ў камеру. І подпіс: «Нам няма чаго хаваць».
Пачаўся другі акт, патушылі святло, і я знікла ад чужых вачэй у аксамітавым барвовым крэсле.
14.
Пасля спектакля я вярнулася дамоў. Паліна з Алесем купілі вялікі крэмавы торт і ад ганка пачалі віншаваць мяне з сенсацыйным рэпартажам. Казалі, што іх калегі абмяркоўваюць маю навіну, што інтэрнэт цытуе нашае радыё і што гэта сапраўдная журналістыка, на якую я дарма нядаўна нагаворвала.
― Мы спадзяемся, цяпер плітку памяняюць, ― сказала Паліна, працягваючы мне торт.
― Нават я спадзяюся, Таня, ― падміргнуў Алесь праз тоўстыя лінзы.
― Мне страшна, ― шчыра сказала я.
― Так.
― Мы вырашылі пакуль не ўключаць званок. Добра і без яго.
Прасядзелі за гарбаткай мы нядоўга: размова не ішла, я вадзіла носам, а Паліна назаўтра з’язджала ў Польшчу на тэатральны фестываль. Толькі Алесь бадзёра дапытваўся, як нам прыйшло ў галаву праверыць радыеактыўны фон. Але мая крыніца папрасіла мяне нікому гэтага не адкрываць.
15.
Раніцай трэба было абавязкова ва ўніверсітэт, на абарону курсавой. Хоць заява пра сыход і напісаная, я яшчэ не аддала яе. А курсавая была пра ўлюбёнага паэта.
На першым жа паверсе мы сутыкнуліся з намесніцай дэкана, але яна мяне не заўважыла ― і я расслабілася. Я ішла па калідоры, усміхаючыся, бо Аля Ясная тут у шапцы-няўгледцы, інкогніта, а я ― адкрыта.
Сканчаўся семестр і ўвесь навучальны год. Усё дыхала гультайствам і паэзіяй. Мы прадчувалі доўгае расставанне перад апошнім курсам. «Не заўважыце, як скончыце», ― казалі выкладчыкі, і мы поўніліся пяшчотай адно да аднаго.
Абарона ішла нетаропка, па спісе, у якім маё прозвішча было перадапошнім. Выходзілі да кафедры нашы прыгожыя студэнткі і студэнты ў бруістых блузках і атласных пінжаках. Пастаўленымі галасамі шчабяталі тыя, хто круціўся на тэлебачанні. Ім было ўжо не пазбавіцца ад эфірнага голасу ― і таму кожную цытату яны зачытвалі як падводку ў навінах. Выкладчыкі ўсміхаліся: ім было прыемна чуць гэтыя інтанацыі.
Большасць курсавых былі пра свае ж каналы, серыі перадач, «праекты». Хіба што пра структуру выпуску навінаў ніхто прадбачліва не пісаў. Яна была ўсім вядомая: «прэзідэнт ― гаспадарка ― катастрофа за мяжой», але негалосна забароненая да разбору.
Лічаным творчым працам выкладчыкі ўсё адно задавалі «журналісцкія» пытанні, якія здзьмувалі натхненне з твараў.
― Если бы вы брали интервью у Шукшина… Вот завтра у вас ― интервью. Придумайте мне сейчас пять вопросов, которые вы бы задали Шукшину.
― Вы дважды подчеркнули, что лучшие интервью с Бродским записали его коллеги ― литературоведы, писатели. Значит, вы отказываете журналистам в праве приближаться к творческим личностям такого масштаба, как Бродский?
Пасля перапынку засталіся ўсяго некалькі старых выкладчыкаў. Студэнтаў, якія яшчэ не выступалі, прасілі ўкладвацца ў пару хвілін. Не задавалі пытанняў. Прапаноўвалі не выступаць, калі згодныя на «чатыры». Але нас усё роўна было шмат, і час пераваліў за поўдзень, а потым і за абед.
Падчас маёй абароны ў «прэзідыуме» сядзеў адзін старэнькі дацэнт. Іншыя разышліся, смешна прыўздымаючы абцасы і ўсё ж тупаючы, паказваючы на тварах спешку, занятасць і шкадаванне. Выступ не клеіўся, я некалькі разоў збівалася, але не бачыла нават профілю выкладчыка, а толькі сівую патыліцу. Мне паставілі «выдатна» таму, што яно ўжо стаяла як папярэдняя адзнака куратара. Я вярнулася на сваё месца ― даслухваць апошнюю працу.
І нечаканы падарунак ― яна была прысвечаная ваеннай прозе Васіля Быкава! Я зусім забылася на сваю плітку. Можа быць, гэта адлюстравалася на маім твары, бо калі аднакурсніца расказвала, яна глядзела мне ў вочы. Але амаль тут жа нас перапыніў голас дацэнта, захрыпеўшы гучна і абурана:
― Пачакайце-пачакайце. Нешта я не зразумею. З кім вы ўзгаднялі гэтую тэму?
― Навуковы кіраўнік, ― студэнтка назвала імя і загаварыла паспешліва, ― якога мне прызначылі, ― запрошаны выкладчык, не нашага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца рэдка, і мне не ўдалося яго знайсці. Я выбрала тэму сама. Напісала і пакінула на кафедры. Два тыдні таму. Няўжо ён не паспеў праверыць?
― Я не бачу ў тэксце ніякіх пазнак, ― голас дацэнта счарсцвеў. ― І на тытульным лісце адсутнічае адзнака. Вы ведаеце, што на ўзгадненне тэмы курсавой трэба пісаць заяву? І як мне вам верыць, што вы прынеслі за два тыдні?
Студэнтка разгубілася. Я пачала разумець, у чым соль.
― Ну… я не ведаю. Можа, у метадыста спытаць?
― «Ну!» «Ну!» Вы за чатыры гады не маглі пазбавіцца ад слоў-паразітаў?
― Прабачце.
― Вы нікуды не ўладкуецеся з такой мовай. За што вам дыплом увогуле выдаваць?
― Даруйце, ― умяшалася я, ― але словы-паразіты былі і ў іншых выступоўцаў.
― Прынесла нейкую працу, яна нідзе не значыцца, нікім не праверана…
― А хіба кіраўнік не мусіў з’явіцца хаця б на абароне? ― спыталі з аўдыторыі.
― Што вы мне загадаеце з ёй рабіць? Мне самому адзнаку ставіць? ― Ён трос рукой, сціскаючы аркушы ― і тыя сагнуліся, пераламіўшыся. ― На якіх падставах?
― Ну… ― студэнтка пачырванела. ― Прабачце. Можа быць, можна паставіць на падставе майго выступлення?
― І тэму выбралі ж! Як спецыяльна! Падвесці мяне хочаце?
― Давайце паслухаем выступленне, ― сказаў нехта са студэнтаў.
― Давайце паслухаем! ― далучылася і я.
― Добра, давайце хутка ― асноўныя тэзісы.
Але выступ быў сапсаваны. Студэнтка скамечана пераказвала ўступ і заключэнне, пакрываючыся чырвонымі плямамі і вельмі баючыся сказаць «ну». Калі яна цытавала, угадвалася, што праца напісана цікава, але ніякай складнасці ўжо не было. Выкладчык слухаў адным вухам, грэбліва гартаў тэкст і думаў сваё. Я спрабавала зноў злавіць яе погляд, каб абнадзеіць маёй зацікаўленасцю, але яе вочы мітусіліся і супакойваліся толькі на аркушах курсавой.
― Журналістыка, дарагая мая, — гэта чацвёртая ўлада. Праходзілі такое?
― Праходзілі.
― А ўсе ўлады мусяць дзейнічаць зладжана.
― Але ж у мяне літаратурная тэма…
― Вы разумееце, пра што я. А калі не разумееце, то і адзнаку вам ставіць няма за што. Дапускаеце тут самавольства. Чацвёрты курс! Вы павінны выдатна ведаць, як ставіцца да гэтага вашага Быкава… Вы ведаеце пра яго апошнія творы?
― Ну… ведаю. Але ў мяне не па іх.
― Нельга вось так выдзіраць з кантэксту. Ваша задача як журналіста, у першую чаргу, — дапамагаць існуючай уладзе і не разгойдваць лодку. Я зразумела выражаюся? ― Мы сядзелі збянтэжаныя і не рэагавалі. ― Зыходзячы з гэтага, у вашага Быкава там няма чаго аналізаваць. Яго нават выключаюць са школьнай праграмы, вам гэта вядома? Вы што думаеце, там дурні сядзяць? Разумнейшыя за вас людзі выключаюць. А вы сваім розумам жывяце? Накрапалі тут…
Аўдыторыя, хоць ужо і нешматлікая, выйшла са здранцвення і запярэчыла:
― Што вы такое кажаце наогул? Гэта ж стылістыка. Аналізаваць можна што заўгодна! ― абуралася выдатніца з першай парты.
― Дзе вось яе куратар? Чаму яго няма? ― далучыўся Толік.
― Ну, пачалася ідэалогія! Нават у «саўку» Быкава не забаранялі! ― загулі заднія рады.
― Мы Быкава ў школе праходзілі. Гэта наша літаратура, беларуская. Вы ад мамы сваёй таксама адмовіцеся?
― Цццц-ццц-ццц, затрашчалі, абаронцы! Вы пакуль на маім крэсле не сядзіце.
― Дый у вас не крэсла…
― А што у мяне, па-вашаму?
― Зэдлік!
― Пагумарылі? Цяпер сур’ёзна. Мы ўжо выйшлі за рэгламент. Праца дрэнная, мы ўсе гэта пачулі. Тэма не ўзгодненая. Выступленне няўдалае. Словы-паразіты. Рэцэнзіі кіраўніка няма. Я вам праз сваю велікадушнасць стаўлю найніжэйшы бал, а не адпраўляю на пераздачу.
― Што? Гэтая праца хоць самастойная, а не спампаваная з інтэрнэту! Вы ж яе нават не чыталі! ― пачуліся адзінокія выкрыкі.
― А я не яе кіраўнік, ― ён паказаў пальцам, ― каб чытаць. Са мной бы яна такога не напісала, запэўніваю вас. І спыніце гэты базар. Было б з-за чаго. Мы і так засядзеліся, вы адбіраеце і мой час. Прашу ўсіх разыходзіцца.
Студэнтка ціха пайшла ад кафедры да свайго стала.
У чарговы раз зрабілася ясна, што час рабіць выбар. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ некалькі гадзін, і я паехала ў рэдакцыю, пракручваючы ў галаве загаловак: «Студэнтам зніжаюць бал за курсавыя паводле Васіля Быкава»…
16.
― Калі ласка, Аля, пазвані астролагу, ― спакойна кажа Улад. ― Якраз паспееш зрабіць адзін званок.
― Што? ― у мяне выйшла тэатральная паўза. ― А я думала, у нас сур’ёзнае радыё.
― У нас сур’ёзнае радыё. Пазвані астролагу.
― А калі я не веру астролагам?
Рэдактар усміхнуўся:
― А міністрам ты верыш?
Выявілася, наш тэлефонны нататнік захоўвае некалькі чарадзейных нумароў ― на выбар. Узяць самага звонкага, нават мне вядомага? Я дачакалася гудка, набрала код іншай краіны. «Здравствуйте…» ― і пачала задаваць смешныя пытанні са свайго нататніка. Калі паважаны шматслоўны астролаг адказаў на іх, ён нечакана ўзяўся прызнавацца ў любові да нашай краіны:
― Я очень люблю Беларусь. Я часто пролетаю над ней и чувствую, что она ближе к небу. Над ней никогда не бывает зон турбулентности. И вы знаете, как в центре бушующего, сумасшедшего циклона, всегда есть мертвая точка, зона покоя. Без нее ничего не возможно. И центр Европы, ваша Беларусь — это и есть центр циклона: все тихо, ничего не движется. Прекрасная страна! Любые вспышки тут же сходят на нет. Вы понимаете?
― И это хорошо? ― я трымала ўключанай кнопку запісу.
― Конечно, это может восприниматься как дискомфортные условия. Пассионариями, очень активными личностями, стремящимися к максимальной самореализации, в том числе и творческой. Для них нужно, конечно, активное начало, среда, которая сформировала бы конфликтную ситуацию, находящуюся у них внутри. Но ровненько вся Беларусь попадает в мертвую зону. Только кое-где по краям, на границах есть движение, творческие всплески, а в основном ― тишина, которая держит, я повторяю, всю Европу.
Агаломшаная, я падышла да Улада з дзвюма навінамі: пра будучыя катастрофы, як ён прасіў, і пра становішча творчых людзей у Беларусі.
Улад кіўнуў ― і даў мне стос газет:
― Сённяшнія. Як у бубен б’юць!
17.
«Як у бубен б’юць…» Журналісты ператварыліся ў шаманаў у маёй галаве: вось яны скачуць з бубнамі вакол цэнтральнай плошчы, выкрыкваючы рытмічныя магічныя гукі, каб уся радыяцыя знікла, жывенька сабралася ў камяк і выйшла з пліткі.
Верхняя газета стосу разгарнулася проста на зацемцы пра маю плітку. «На добрае месца паставілі», ― падумала я. Калонкі тэксту і фота дазіметра справа ― такога ж, як наш. Напэўна, усе яны былі двайнятамі ў Савецкім Саюзе. Здымак быў зроблены на той самай плошчы, з будынкам выканкама на фоне. Буйнымі літарамі рыфмаваны загаловак ― «Гранит не «фонит». Я ж кажу, шаманскія скокі…
Дробна дрыжэла ў руках газета, гэтак чытаць было нязручна, і я апусціла яе перад сабой на клавіятуру. Гулі электрычныя лямпы. Журналісты, адзін за адным, бралі свае торбы і сыходзілі да-дому. Хутка, манатонна працаваў «стваральнік пазлаў». Каля яго на маленькім століку застаўся чыйсьці нямыты кубак.
Пачала чытаць паўтлусты шрыфт лід-абзаца: «У інтэрнэце распаўсюдзіліся плёткі…» Плёткі ― гэта, выходзіць, Паленаў, і я, і рэдактар, і журналісты, і гукарэжысёр… «…што плітка на плошчы Незалежнасці «фаніць», ― я зрабіла ўдых і паўзу. «Наш журналіст паехаў у свой працоўны час замерыць радыеактыўны фон на галоўнай плошчы краіны». У свой працоўны час. Што ж за праца ў гэтага журналіста? Ад чытання крыўда падкаціла да горла, я спынялася пасля кожнай фразы. Бачна было, як гэта зроблена, і ясна, чаму гэтак. Можна нават курсавую пісаць па метадах і прыёмах. Але сэрца задавала зусім іншыя, наіўныя пытанні.
Далей ― доўгая, у два з паловай газетныя радкі, пасада. Намеснік начальніка, з якім мы гутарылі, казаў з газеты: «Радыяцыйны фон на плошчы 140 наназівертаў у гадзіну, а не мікрарэнтген. Але нават калі перавесці ў мікрарэнтгены, у вас атрымаецца зусім іншая лічба ― 14». Я ведала заключэнне экспертызы на памяць, але на хвіліну спалохалася. Наназіверты ці мікрарэнтгены?.. Cэрца застукала мацней за стваральніка пазлаў. А як праўдзіва выглядае!
Зацемка была акурат такога памеру, каб даць зразумець, што навіна няважная, і каментуюць яе толькі з-за павышанай да гэтага цікавасці грамадства. Намеснік называў вялізныя, пераканаўчыя лічбы. Казаў, што будматэрыялы заўсёды «фаняць».
Апошні абзац быў пра ворагаў, якія ідуць на ўсё, каб парушыць спакой у Беларусі.
Наліла сабе вады і раскрыла выданне нумар два… Тры… Чатыры. На адным з фота дазіметр стаяў дагары нагамі, спехам накіраваны вымяраць фон космасу. Уключыла скайп і трапіла пад дождж спасылак. Перадрукі, абмеркаванні. Чамусьці ніхто з «незалежных» СМІ не паехаў «у поле», а толькі цытаваў нас.
На форуме галоўнай газеты множыліся каментары. Тут ішла цэлая вайна, пакуль я абараняла курсавую. Я пракруціла старонку ўніз і раптам убачыла таго самага напаўміфічнага, уважлівага чытача, пра якога мы ўсе марым. «Яны, ― пісаў чытач, ― лічбы на фота не зацерлі…» Я замёрла. І сапраўды: буйным планам сфатаграфаваны тварык дазіметра: «63». Лічба, якая ні разу не згадвалася ў артыкуле.
Я зноў разгарнула газету. У левай калонцы чалавек пры пасадзе з доўгай назвай казаў свае лічбы, але дазіметр насупраць яго ― іншыя.
Я пачала смяяцца і плакаць, усё разам. Прайшлася па каментарах на сайце далей: хтосьці верыў, хтосьці не верыў, хтосьці тут хаваўся ў авечай шкуры. «Кола выкалесілася, жалеза выжалі… выжалезілася… Кола выкалесілася, жалеза выжалезілася… палукашак выпалукашыкаваўся, агонь выагняваўся…», ― паўтарала я, каб захаваць розум.
Згадала пра сяброўку з дзяржаўнай, той самай, газеты, якая працавала там па размеркаванні. Набрала яе нумар. «Што гэта, ― запыталася, ― вы напісалі?» ― «Ён нават ездзіў на плошчу, ― адказала яна, і было чуваць, што не ўпершыню. ― Там дакладна нічога не “фаніць”, ён праверыў!»
І нават для тэлевізійных навінаў ужо паспелі зняць сюжэт. Што за публіка пабывала сёння на плошчы… Павольна поўз вусень загрузкі. Я ведала ключавыя словы, якія пачую: «прыдумка», «плёткі», «хлусня»… «Да абразаў гатовы», ― варта прамаўляць нашаму выпускніку, атрымліваючы дыплом. Нашто я справакавала на хлусню столькіх людзей? І якая хлусня большая: іх ці мая, калі б я ўтаіла? Я разумела, які будзе сюжэт. Я падрыхтавалася.
І вось гэты кароткі агрэсіўны рэпартаж. «Сорока на хвосте принесла еще одну новость, ― казаў мужчынскі голас за кадрам, ― изощреннее предыдущих». Сарока ― гэта, відаць я. Я ж працую на сарочым радыё.
А ў канцы, нечакана, калі я ўжо выдыхнула, ― прозвішча аўтара, «спецыяльна для першага канала». Божа мой… Гэты журналіст ― мой аднакурснік.
― У цябе нехта памёр? ― пачула я голас Мацвіені.
― Так. Аля Ясная.
Студыя была вольная. Я зайшла ў пакой, абцягнуты шэрым сітаватым паралонам ― конусамі, якія тырчалі са сцяны. Макаўка гукарэжысёра з каромыслам навушнікаў бачная з-за манітора, высока пасаджанага на стосе кніг «Легенды беларускага року». Па баках ― дзве калонкі-волаткі, з майго боку ― шэры бліскучы стол з парай мікрафонаў, дзвюма дугамі масіўных «вушэй» і малюсенькімі лямпамі накіраванага святла, некалькі забытых аркушаў і ручак.
― Можна, Сямёныч?
― Валяй.
Я села на адно з крэслаў, нахіліла мікрафон, як калодзежнага жураўля, уключыла лямпачку. Сямёныч крутануў адну, другую рознакаляровую галоўку мікшарнага пульта:
― Пагавары.
― Раз, раз, раз, раз, раз-два-тры-чатыры. Кпці-кптэ-кпта-кпто-кпты, ― адценні майго голасу мяняліся, нібыта я настройвала гітару. ― Вы слухаеце найскандальнейшае радыё Менску, у эфіры сё…
― Добра, паехалі!
― Беларусь чакае катастрофа напрыканцы гэтага…
― Падалей ад мікрафона.
― Беларусь чакае катастрофа напрыканцы гэтага года, сцвярджае вядомы астролаг.
― Заціснута горла. Дай ты сабе дыхаць!
Пракашліваюся. Сківіца металічная, не паддаецца.
― Беларусь чакае катастрофа напрыканцы гэтага года, сцвярджае вядомы астролаг.
18.
Не спыняючыся і не стамляючыся, я ішла менскімі вуліцамі. Напэўна, ужо гадзіну ці паўтары. Рытм хады супакойваў, крокі адцягвалі ўвагу на саміх сябе, і тады здавалася, што няма нічога, акрамя гэтых крокаў і руху. Думкі і пачуцці з’яўляліся і праляталі, як аблокі, у маёй галаве.
Міма цяклі мемарыяльныя дошкі, што як знарок сціраюць любыя ўспаміны. Някідкія прозвішчы, тыповыя профілі партыйных дзеячаў, кіраўнікоў, сакратароў. Няясна, як доўга яны віселі на менскіх дамах і колькі яшчэ правісяць. Няўжо гэта яны ― героі майго горада? Ці раскажа вам мінчук, кім былі гэтыя людзі? Успомніць хоць адно прозвішча? Студэнты жартам складаюць ім біяграфіі і кажуць прыезджым: гэта псеўданімы! Барадуліна, Быкава…
Тут, на шыльдах, маглі б апынуцца кудзеры і доўгі нос Ганса Хрысціяна Андэрсана, дзе-небудзь каля лялечнага тэатра. І дзеці б радаваліся, што ідуць дарогай, якой ішоў аднойчы іх улюбёны казачнік. Рамэн Ралан таксама быў у Менску. Чаму б не павесіць памятную дошку з яго выслоўем? Напрыклад: «Праўда ва ўсіх адна і тая ж, але ва ўсякага народа ёсць свая адмысловая хлусня, якую ён называе сваімі ідэаламі». Але, вядома, такая шыльда тут доўга не правісела б.
Археолагі мараць раскапаць Менск: падземныя хады, старыя інтэр’еры захоўваюцца ў гэтай зямлі. Хутка паўстаюць новыя будынкі, але не робяцца значнымі. Заходзіш у бібліятэку-дыямант, а пачуваешся як у гандлёвым цэнтры. Менск перакройваўся так часта, што маска вечна маладога горада як быццам прырасла да яго аблічча.
Спусціўшыся ад верхняга горада да набярэжнай, я прайшла каля доўгага будынка «Панарамы» і дабралася да царквы. Нягледзячы на тое, што яна стаяла на ўзвышшы, яе ні адкуль не было відаць. І раптам ― празрыстае рэшата брамы, белыя, як аркуш паперы, сцены, абраз Марыі Магдаліны, зяленіва пахілаў і чорныя з золатам, як начное неба, купалы. З-за сцен даносіўся спеў. Нейкія людзі падышлі сюды ж і таксама муляліся, не наважваючыся ўвайсці. Па вуліцы ўздоўж бязважкага плота − царкоўны садок. У адзін бок і назад: разгледзелі ўжо ўсе кветкі. Я заходжу з пачуццём няёмкасці, але толькі ў двор. Усаджваюся на зацішную бакавую лаўку.
Гэта ж ілюзія, падман зроку, што мы кранаем важныя, патаемныя гісторыі. Ці найбруднейшыя. Мы ж не кранаем. Мы прыходзім, нібы слепакі. Калі нешта адбываецца, што важнейшае? Падзея або чалавек? Дык што ж? Нават спачатку ― прыйдзеш з адкрытым сэрцам і на наступны дзень з тым жа сэрцам, а ў яго канвеерам: талеркі, дзіцячыя дамы, жыроўкі… Аднаго рэпартажу хапіла б на паўгода: у ім лёсы, гора, жывое жыццё. А кожны дзень ― новы, яго трэба перамаўчаць, перастрававаць. Вось ― перастрававаць… Кажуць, у нас ва ўсіх расцягнутыя страўнікі. І нават маладому чалавеку трэба паўтара года дыеты, каб вярнуцца да нормы. Дарэчы, можа, і для гэтага таксама яны посцяць? Дык вось, у нас жа ўсё вось так расцягнута. Сэрца расцягнута… Штодня людзі чытаюць навіны. Падрабязнасці, каментары. І калі па-сапраўднаму: у палове навін… не, дакладней ― кожны дзень ёсць хоць адна, хоць некалькі навін, такіх навін, якія калі ўжо прачытаеш, то хопіць на тое, каб згадаць самае галоўнае. І вось гэтае галоўнае, яно як бы мігціць, прасвечвае то тут, то там.
У гэты момант з дзвярэй выйшаў святар. Я збянтэжылася, узнялася з лавы і выйшла праз прачыненую браму.
19.
― Яааааааак… ― завёў Цімох.
Келіхі сустрэліся ў адной кропцы, і стройны радыйны хор ударыў:
― Жахнем!!!
― Мы ведаем, што ты ў жалобе… ― пачаў Мацвіеня, і ўсе зарагаталі.
― Але сёння… ― па тых жа нотах працягваў рэдактар, ― у Таццяны Цыбулькі народзіны…
― Пачакайце, пачакайце, без мяне не пачынайце! ― крычаў са студыі Сямёныч. ― А то я вас запішу…
― Дык вось, з нагоды дня нараджэння… у цябе не будзе рэпартажу пра талеркі.
― Вось яны, дарагія! ― гукарэжысёр прыбег, пагрукваючы талерачнай гарой.
― Ды ладна! ― адказала я. ― Я не веру. Што за жыццё без талерак?
― Вось. «Не веру!» Возьмеш інтэрв’ю ў Станіслаўскага. Такі табе падарунак ― пра тэатр.
― І яшчэ вось гэта, ― Сямёныч паставіў талеркі на стол і паклаў на іх невялікую прадаўгаватую скрынку.
― Што? ― я здагадалася, што ў ёй ― і твары засвяціліся ўсмешкамі, пацвяржаючы маю думку. ― Вы сур’ёзна?! Дыктафон? ― мне захацелася зараз жа дастаць яго і што-небудзь запісаць, хоць талеркі, чэснае слова. ― Няўжо?! У мяне ― уласны ― дыктафон? Ды вы з глузду з’ехалі? Гэта ж дорага!
― Цяпер чакаем рэпартажаў з тралейбуса, з дома, і на выходных, калі ласка…
― Ну, вы даяце! Дзякуй! Вы ведалі, так? Ведалі? Каму я прагаварылася?
― Дык вось: сюжэт пра тэатр, ― нагадаў рэдактар. ― Гэта не жарт. Сёння ў Харланчука апошні суд. Праз гадзіну. Так што даядаем прысмакі ― і, Ясная, ну, ці Цыбулька, вы там высветліце самі… едзе на паседжанне.
І вось Ясная і Цыбулька ― з новым дыктафонам ― у гулкай зале суду на драўлянай лаве. Як быццам зялёны мінскі аўтобус перавёз мяне з аднаго свету і часу ў іншыя. Савецкія хронікі: скупы голас засядацеля, злёгку разгублены адвакат і штампаваныя гаворкі. Здаецца, калі ўзяць гэтыя штампы і размясціць іх у выпадковым парадку, усё роўна атрымаецца суд.
― Собранный театром художественный совет признал актера Павла Харланчука не соответствующим занимаемой должности. На совете присутствовали (пералік прысутных)… Председатель совета (імя)… На этом основании актер высшей категории Павел Харланчук был уволен… (назвалі дзень, год).
У аднастайна беглым зачытванні стэнаграм мінулых паседжанняў, пералічэнні тых, хто нападаў і абараняўся, і цытаванні іх прамоваў прайшла палова суду. Спачатку я была ўся увага, сабранасць і ўключанасць. Але мы ўсё маўчалі і слухалі доўгія пасады, даты, спасылкі на нейкія дакументы. Відаць, тут перабывалі ўсе галоўныя людзі тэатра, з якога звольнілі Харланчука. Знаёмыя прозвішчы тых, хто пайшоў з працы разам з ім. Паліна адкрыла мне тэатральны сакрэт, што збіралася паляцець цэлая чарада, але пасля ― «гнёзды, дзеці…» ― і засталіся. Толькі з трыма і яшчэ жонкай Харланчука з вялікім жыватом я дзяліла лаву. Драўляная спінка рэзаніравала, калі яны перагаворваліся.
Адвакат у мяккім прымятым пінжаку ― і сам быў увесь мяккі, змяты. Непадрыхтаваны, як хлопчык у сіняй форме з металічнымі гузікамі, што выйшаў да дошкі. Калі яго перапынялі ― ён змаўкаў ціхмяна, а калі спрабаваў уставіць фразу слабым голасам, усёй зале рабілася няёмка.
Сам Харланчук быў інакш ціхмяны: як баец на полі бою.
― Нават калі я хварэў, за мной прыязджалі ў лякарню на машыне, і я ехаў на спектакль. Я ні разу не прапусціў рэпетыцыі, акрамя гэтых дзесяці дзён. Чаму мой мастацкі кіраўнік не згадаў пра гэта? Як я магу быць непрыдатным да прафесіі? На спектаклях аншлагі. У мяне ёсць прэміі. На гэтай камісіі, якую яны спехам сабралі, ніхто не глядзеў на мяне ад сораму. Засядацелі зачыталі з паперак свае рэплікі. Некаторыя адмовіліся ў гэтым удзельнічаць.
― Павел Александрович, мы обсуждаем, были ли формальные нарушения в заседании художественного совета и процессе Вашего увольнения. Суд не обнаружил таких нарушений.
Суд не выявіў, таму што іх не было. Усё правялі акуратна, па пратаколе, з асабістай прысутнасцю намесніка міністра.
― Усім вядома, што прычына не ў двух спектаклях, якія я прапусціў. Што прычына палітычная. Мне прапаноўвалі адмовіцца ад маіх поглядаў, сказаць, што я апынуўся на плошчы выпадкова, што я вывучаў паводзіны людзей для сваіх будучых роляў…
Суд слухаў усе словы аднолькава спакойна. Павекі ў суддзі былі прыкрытыя, і здавалася дзёрзкім казаць гучна і перашкаджаць трывожнаму сну гэтай стомленай дамы. Немагчыма было вызначыць, што яна адчувае, на чыім яна баку і які адсотак ад прамоў яна ўспрымае. Усё, што было горача, шчыра, эмацыйна, як бы аўтаматычна адфільтроўвалася «чацвёртай сцяной», празрыстай, нябачнай, паміж залай і прэзідыумам. Суддзя расплюшчвала вочы толькі тады, калі шапацела пыльная судовая мова.
Адкуль ведаў пра гэта рэдактар ― не разумею, але пасяджэнне сапраўды выявілася апошнім. Суд выйшаў для прыняцця рашэння і праз паўхвіліны вярнуўся з дзвюма старонкамі надрукаванага тэксту. Усё скончылася проста: «Не задаволіць прашэнне Харланчука…» Гэта значыць ― пакінуць яго з запісам аб прафесійнай непрыдатнасці. Выходзіць, майстэрства акцёра можна страціць за дзесяць дзён, праведзеных у турме.
«Павел Харланчук», ― увяла я ў пошукавіку на працы ― і на мяне пасыпаліся згадкі пра яго ўзнагароды ўперамешку з навінамі аб звальненні. «Новы твар беларускага тэатра», ― называў яго адзін крытык. Нават Паліна напісала падрабязную рэцэнзію на адзін са спектакляў.
Мой загаловак атрымліваўся някідкім, не навіновым ― прынамсі, для нашай краіны: «Суд прызнаў законным звальненне акцёра, арыштаванага на “плошчы”». Выбудоўваўся такі кантраст слоў суддзі і акцёра, адваката і сведак, што ўсё гэта лепш бы выйшла ў п’есе. Мне хацелася б пісаць пра людзей, а не пра падзеі. Можна ўставіць у п’есу жонку Харланчука, ― думала я, ― як яна сядзіць цяжарная на нашай лаве. Я чула, як яна сказала «нічога» ў канцы пасяджэння, трымаючы руку на жываце. Мне хацелася б напісаць і пра яе, але я здагадвалася, што гэта выкрасляць.
Маёй радасцю быў удалы канец, у нас рэдка бывалі добрыя канцоўкі. Заўсёды ж хочацца, каб ― раз! ― і на іншую вышыню. Каб канец быў нечаканым і асвятляў рэпартаж па-новаму. У сваім апошнім слове Харланчук сказаў: «Нічога, ёсць і іншы суд, больш міласэрны». Я перапісала гэтыя словы, закрыла двукоссе, паставіла кропку і панесла рэдактару.
― Не-е-е, ― закруціў ён галавой, закрэсліваючы апошні радок рэпартажу, мой апошні радок. ― Не, журналістыка не аб гэтым, і нашае радыё таксама.
― Ведала, што вы так скажаце! ― раззлавалася я. ― Я ўсё роўна пастаўлю.
― Мы не заканчваем рэпы сінхронамі, ― змяніў аргументацыю Улад.
― А гэты закончым!
― А ты ведаеш, што журналіст мусіць быць нейтральным? Не прымаць нічыю пазіцыю?
― Я больш не веру ў аб’ектыўнасць.
20.
Раскрыты пусты чамадан ляжаў на ложку, а Паліна з Алесем сядзелі на крэслах і размаўлялі. Калі я ўвайшла ў пакой, Паліна расказвала, што ў Польшчы лічыцца, што ставіць Шэкспіра ― благая прыкмета. Хтось паставіў ― і яго тэатр згарэў. Потым яшчэ нехта… Алесь трымаў у руках кавалак блакітнага сыру, які прывозіць у наш дом кожны, хто прыязджае з-за мяжы. Паліна пасвяжэла пасля пары дзён у іншай краіне. Яна сядзела прама і спакойна, зусім не ў стане гатоўнасці. Гатоўнасці ― да чаго? Я прыслухалася да ўласных думак і адчуванняў… да агрэсіі?
― З днём нараджэння!
― Дзякуй! З прыездам. Харланчука не апраўдалі.
― Да ты што? Хаця… ну, натуральна.
― Эй, што вы пра сумнае? ― сказаў Алесь. ― Поля, давай ужо, даставай!
Паліна зняла сумачку са спінкі крэсла і пераклала сабе на калені ў чаканні, што Алесь скажа прамову.
― Таня, мы з Поляй склаліся і купілі табе падарунак. Не ведаем, ці такі, як ты хацела, але мы стараліся.
З цемры сумкі на свет вынырнула прыгожа загорнутая скрыначка-іншаземка.
Я разгарнула чырвона-белую паперу ― і ўсё ўва мне як быццам раптам замарозілі. У галаве круцілася: падзякаваць, быць радай, не падаваць выгляду. Але паўза зацягнулася, і момант быў страчаны. Я паглядзела на Паліну, потым на Алеся, і сказала:
― Такі дарагі падарунак…
― Не хвалюйся, мы купілі яго ў Польшчы і з вялікай зніжкай. Ён, вядома, не прафесійны, але ўсё адно добры. Што такое?
Як сумна, выяўляецца, мець два дыктафоны. Што мне цяпер рабіць з імі? Вось першы ― з добрай якасцю запісу, статусны. І другі ― душэўны, цёплы падарунак ад людзей, якія вераць у журналістыку.
Дзіўны дзень нараджэння. Гэта мая даросласць: імя і псеўданім, якія пачынаюць блытацца ў маёй галаве (я аднойчы ледзь не падпісала кантрольную Аля Ясная. А аднойчы бачыла сон ― мяне ў ім мама называла Алечкай). Адукацыя, якую няёмка назваць вышэйшай, і праца, пра якую нельга казаць уголас. Русский язык і беларуская мова, размаўляючы на якой на вуліцы, чуеш «калгасніца» ці «апазіцыянерка»… І вось цяпер два дыктафоны.
Я ляжала ў ложку і думала пра гэта, калі ў мае дзверы пастукалі.
― Ты не спіш? ― прашаптаў Палінін голас у шчылінку дзверы.
― Не, ― я таксама прашаптала, пасылаючы свой голас далёка, як нас вучылі на радыё. Паліна ўвайшла.
― Я забылася табе расказаць самае галоўнае. Нас у гэтай паездцы пазнаёмілі з Пазняком. Таня, гэта маё найвялікшае ўражанне! Я сказала яму, што пішу дысертацыю па Брэхце і што я ў захапленні ад яго артыкулаў. Я за паўгадзіны з ім пачула столькі, колькі не даведалася за пяць гадоў у акадэміі, ― голас яе быў мяккім, яна сядзела на краёчку ложка, рукі з’яўляліся і знікалі ў прамянях святла ад ліхтара.
― Поля, ты такая прыгожая цяпер, ― я збянтэжыла яе. ― Добры чалавек гэты Зянон Пазняк? Я заўжды думала, што ён нейкі агрэсіўны палітык.
― Ага. «Толькі Зянон!» ― яна засмяялася, уклаўшы ў гэты лозунг усю цеплыню свайго голасу. ― Калі б ён не займаўся Брэхтам у маладосці, не пісаў рэцэнзій, я б толькі думала, што разумею эпічны тэатр. А ён, ведаеш, паглядзеў на мяне так і, калі я пра Брэхта згадала, сказаў: «О Бертольт! Захапленне ўсяго майго юнацтва!»
― Так пафасна гучыць!
― Але не ад яго. Калі б ён жыў у Беларусі, я папрасіла б яго быць маім негалосным навуковым кіраўніком. І яму давялося б зноў заняцца крытыкай.
― Хочаш, зробім пра яго і пра цябе сюжэт? Пазняка запішам па тэлефоне. Што-небудзь кшталту: «Беларускія крытыкі адкрываюць для сябе Зянона Пазняка», ― мы захіхікалі.
― Не трэба, дзякуй, ― Паліна коратка дакранулася да маёй коўдры, як звычайна робяць перад развітаннем, і вінавата ўсміхнулася: ― А то яшчэ закосяць маю дысертацыю.
― А раптам усе яго цытаты табе выкрасляць?
Паліна прамаўчала.
― Ты казала, у цябе паўтэксту на іх будуецца.
― Так і будзе. Я паспрачаюся, вядома. Але потым выкраслю.
― А думкі? Перапішаш сваімі словамі?
― Не задавай мне няёмкіх пытанняў.
21.
Сярэдзіна дня. Жалюзі ледзь-ледзь прапускалі святло. Праз гарачыню мы прачынілі вокны. Да ножак сталоў у кабінеце туліўся таполевы пух. Калі хто-небудзь уваходзіў, то прыносіў пушынкі на рукавах і валасах. Паленаў раздражняўся і ўсё часцей чхаў ― алергія.
― Падпаліць бы іх, як у дзяцінстве, ― ён паддзеў купку пуху нагой. Пух зачапіўся за замшу і застаўся на туфлі.
― Вось што такое пакора, ― прамармытаў Цімох, гледзячы на доўгі паленаўскі туфель.
Я рыхтавала нудны рэпартаж з чыноўнікамі і ведала, што за пяць, а з улікам пуху і сонца, можа, і за дзесяць хвілін да абеду яны ўсе паўцякаюць са сваіх кабінетаў. Чыноўніка нельга кранаць у абед: ён нічога не раскажа, раззлуецца, нагаворыць грубасцяў і запомніць тваё прозвішча. Таму я напісала Насці ў скайпе:
― У сквер?
― І на гадзіну пазней скончыць?
― Цэлая гадзіна ― пух і каты́.
Яе ціхі смех пачуўся мне праз некалькі камп’ютараў.
― Будзь асцярожная: яшчэ толькі сярэдзіна тыдня. Нельга выпадаць у вечнасць.
― Тады можам купіць ежы, яна прызямляе.
На дварэ было яшчэ гарачэй, пух паўбіваўся ў кустоўе, яго пена ахінала бардзюры. У ёй корпаліся вераб’і, і кожны раз, калі яны ўзляталі, пух лётаў таксама. Дзе-нідзе ён кружыўся дробнымі вірамі або каціўся, як перакаці-поле. Мы елі мяккі хлеб, салату і сыр, седзячы на прагрэтай жоўтай лаўцы. Цягнула паехаць куды-небудзь у горы, забыцца на горад, любавацца ляснымі гіяцынтамі замест рэкламных банераў.
― І чыноўнікі цяпер абедаюць… Яшчэ не ведаюць, што мы ім пазвонім.
― Ты да іх такая неабыякавая? ― Наста круцілася на цёплай лаве, тыкаючы палачкамі салатку.
― А ты хіба абыякавая?
― Я вучуся быць абыякавай. Не хачу нервы свае на іх марнаваць. Я памятаю, памятаю ўсе гэтыя думкі падчас вучобы на журфаку. Мы тады баяліся гэтага слова ― «цынізм», але журналісту трэба быць цынікам. Выдаткі прафесіі. Паглядзі вунь на Паленава: з кім хочаш пагаворыць, усё выслухае і тут жа забудзе. Нічога не бярэ на свой рахунак. Выразна аддзяляе працу ад жыцця. Гэта мудра.
― Паленаў усё ж унікум, а не ўзор.
― Што ж ты, і ў трыццаць пяць збіраешся хвалявацца з-за кожнага рэпартажу?
Я задумалася. Падаецца, я не мела абсалютна ніякага адказу. Зазірнула ў сябе і знайшла там толькі пытанне:
― Здаецца, я не ўяўляю сябе ў трыццаць пяць у журналістыцы. Ты ўяўляеш? У нашай краіне? І калі з’явяцца дзеці…
― Я для сябе заву гэта «Калі ў мяне з’явіцца прозвішча нумар тры», ― Наста засмяялася. ― Калі-небудзь… Нават дзіўна, што мы дагэтуль працуем. Штораніцы перад нашымі дзвярыма гадаю: быў ператрус ці не.
― І я.
― Ды ўсе, напэўна, гадаюць. Не паручуся толькі за Паленава, ― мы засмяяліся таму, як мы яго гераізавалі. ― І нешта ўва мне кожны раз здзіўляецца, калі адчыняюцца дзверы. Я думаю, ведаеш, што мы страчаныя журналісты. Мы размалёўваем сцены карабля, які тоне. Мы гаворым людзям: «Тоне!» ― і яны нават нас чуюць і таксама пачынаюць казаць адзін аднаму: «Тоне!!!» Але паправіць нічога амаль немагчыма і эвакуявацца няма куды.
― Але ж былі пісьменнікі «страчанага пакалення». Можа быць, мы мусім казаць людзям прадушу? Самы час.
― Дык мы часам гаворым. Не так часта, як хочацца, але ж часцей, чым іншыя. Слухай, а што твае бацькі? Ці не адгаворваюць ад журналістыкі?
― Яны… радыя. Што я нарэшце кожны дзень, з раніцы да вечара ў «офісе». Што я атрымліваю не толькі ганарар, але і заробак. Што я ― як усе нармальныя людзі. Што стамляюся ― гэта значыць, працую. Іх непакоіць толькі, што з заробку падатак на пенсію не адлічваецца.
― Ты выбрала проста найлепшую з офісных работ! ― пакпіла Наста. ― Я са сваімі пра гэта нават не гавару. Для іх я працую дзесьці, дзе гавораць па-беларуску ― гэта значыць, у старасвецкім, цацачным і бяспечным месцы.
― У рыцарскім клубе?
― Накшталт. Мы ж і ёсць нешта кшталту рыцарскага клуба. А пра дзяцей… Вунь у рэдактараў жа ёсць дзеці, і ў гукарэжаў, і ў Паленава. Але ж тады трэба такім байцом быць… І не жанчынай, напэўна? А ўвогуле, нас жа і зараз на звычайную працу могуць не ўзяць. Як акцёра з твайго рэпартажу, ― яна на секунду змоўкла. Верабей падскочыў зусім блізка і чакаў чарговай крошкі. Потым дадала: ― Мы страчаныя. Так што, можна працаваць сумленна.
― І слухаць, як абмяркоўваюць у чарзе ў тэатры твой рэпартаж? І не мець права назваць свайго псеўданіма?
― Так, і атрымаць аднойчы незалежную прэмію з дыпломам на сваё «другое імя». І спаліць яго, каб нічога не здарылася.
― Ты так зрабіла?
― Я так зрабіла. І Паленаў таксама. А яшчэ, ведаеш, я аднойчы рабіла стрыт, і ў мяне было пытанне: «Пра што вы думаеце, калі стаіце ў чарзе?» І першы ж чалавек, якога я спыніла, спытаў: «А что такое «чарза»?»
― Як думаеш, нас назавуць потым дысідэнтамі?
― Ці нешматлікімі сумленнымі беларускімі журналістамі. Ці здраднікамі радзімы. А хутчэй за ўсё, забудуць. Вось чаго мне не шкада, ― яна ўсміхнулася, ― дык гэта таго, што пенсія не назапашваецца. Абое рабое. Можа быць, я праз тыдзень памру. Можа быць, мяне прымусяць эміграваць. А хутчэй за ўсё, проста зменяць які-небудзь закон разам з канстытуцыяй, і пенсіі не стане ці яе будуць выдаваць асобнікамі цэнтральнай газеты або баламі… А можа быць, рыцарскага клуба «Беларусь» ужо не будзе.
Мы маўчалі. Пушынка прызямлілася ў салату, але Наста глядзела не туды.
― Нам час працаваць, Аля. Хадзем?
«Штосьці павінна быць нязменным, ― думала я па дарозе. ― Штосьці мусіць быць у свеце трывалым… Што ж гэта?»
22.
Ва ўніверсітэце ішла пара па ідэалогіі. Колішняга выкладчыка, маладога доўгавалосага беларускамоўнага лектара, змяніла на гэтай пасадзе паўнаватая жанчынка з нерухомай прычоскай-інсталяцыяй. Жанчынка млява вяла ўрок і, калі ёй задавалі пытанні, віскатала:
― Не правакуйце мяне! Гэта не тычыцца майго курсу! ― пры гэтым твар яе змяняўся.
― Гэта тычыцца, ― з розных кутоў даносілася да яе. Яна прыкрывала павекі і працягвала надыктоўваць, не чуючы нас.
Яна адмыслова не рэагавала на «правакацыі», з-за якіх і прагналі яе папярэдніка з аспірантуры і адусюль з запісам у асабістую справу. Дарэчы, ён ужо другі «прафесійна непрыдатны» чалавек, які сустрэўся мне.
Слухаць было нудотна, пакутліва, а з адчыненай форткі цягнула нядушным, вольным паветрам ― і мы шапталіся з Наташай, маёй сяброўкай.
― І калі вяселле?
― У жніўні. Так цяжка ― усё на маіх плячах.
― Сукенку абрала ўжо?
― Хацела цнатлівую, а мне пасуюць толькі адкрытыя. Давялося браць з дэкальтэ… Дарагія яны, вядома. Працую за дваіх.
― А Вася яшчэ не знайшоў працу?
― Праспаў сумоўе. Хоць гэта да лепшага, напэўна. Інакш бы іншая праца не знайшлася. Вось ён хадзіў ужо ўчора, далі выпрабавальны тэрмін, а потым мусяць узяць.
«Можа быць, пасталее», ― падумала я. Васю я бачыла толькі ля камп’ютара, у камп’ютары ― бесперапынна страляе аўтамат. Вочы цацачныя, справа ― паўтарашка піва. Так ён мне і ўяўляўся ― або з півам і мышкай, або цалуецца з Наташай. Таму я ўзрадавалася поспеху з працай.
Вочы Наташы, яе твар напоўніліся зараз дзявочай верай у вельмі шчаслівую будучыню.
― І праца цікавая, з гукам. Расшыфроўка, усё сучаснае.
― Расшыфроўка чаго?
― Тэлефонных размоў. Ім там, у органах, патрэбна. І ўяўляеш ― такая праца, такі заробак, і нават не патрабуецца закончаная вышэйшая адукацыя. Якраз для майго Васі.
― Чыіх размоў?
― Не ведаю, якая розніца. Ён шмат чаму навучыцца, гэта ж так цікава. Новыя тэхналогіі, усё сучаснае.
― Вы мяне тут не правакуйце! ― высокім голасам аглушыла кагосьці выкладчыца. Але мы сядзелі далёка і не чулі, пра што ў яе спыталі.
Гутарка змялася.
Наташа, соладка пацягнуўшыся, улеглася на парту.
― Як падумаю, што мой муж будзе ваенным…
Прыгожыя гладкія валасы ўпалі на твар, і яна заплюшчыла вочы, працягваючы летуценна ўсміхацца.
23.
На наступны дзень я нават не паспела пазаймацца голасам ― спазнялася на працу. Спехам апранулася і праз пяць хвілін трэслася ў душнай маршрутцы. Пальцы церабілі тэлефон, рука гатовая да таго, што ў любы момант ён раздражнёна завібруе і высвеціць на экране працоўны нумар.
Заляцела ў рэдакцыю ― планёрка ўжо скончылася. Рэдактара злавіла на кухні.
― Прабачце! Я праспала!
Працягваючы перамешваць цукар у каве, ніколькі не паскорыўшы гэтага працэсу, Улад сказаў:
― У цябе праз сорак хвілін інтэрв’ю. З жонкай Казуліна.
Я звяла ў галаве файлы: Казулін ― былы рэктар майго ўніверсітэта. І былы кандыдат у прэзідэнты. Падчас паслявыбарчых пратэстаў ён, здаецца, павёў шэсце да турмы, дзе сядзелі тады ўсе, нават мае сябры. І за гэта яго самога пасадзілі, толькі не на пятнаццаць сутак, а на пяць гадоў.
― Ты яе ведаеш?
― Не.
― Ірына Казуліна. Яна ўчора публічна сказала, што ў яе рак апошняй ступені. Мы гэта ведалі, але не пісалі. А цяпер, калі яна абвясціла, можна з ёй пагаварыць. Яна робіць нейкую праграму для хворых, трэба пра ўсё гэта даведацца. І пра яе мужа, вядома, таксама распытаць. І нібыта яна кнігу піша.
― Вы… Вы што? Мяне? Трэба ж такія рэчы загадзя казаць! Паглядзіце, як я апранутая. Адпраўце Паленава.
― Нармальна апранутая. Пра гэта не думай.
― Але мне дваццаць гадоў. Я ж… дробязь зялёная для яе.
― Яна вельмі ветлівая, не хвалюйся. Зараз абмяркуем з табой пытанні, інтэрв’ю будзе вялікае, тры блокі.
…І вось таксоўка ўжо выкліканая, чакае мяне ля дома.
― А, забыў! Вось грошы ― купі кветак.
― Якіх яшчэ кветак?
― Якіх-небудзь непампезных, звычайных дзённых кветак.
24.
У самым цэнтры (мінчукі называюць цэнтрам мноства месцаў), у двары дома «Панарама», выявілася ўтульна, прасторна. Прыемнай і бяззбройнай была яго савецкасць. Нягледзячы на тое, што тут жыў Казулін, на лесвічных пляцоўках не ляжалі дываны, як гэта можна было сабе ўявіць, а кнопкі дамафона не былі якімі-небудзь бамбукавымі. Ліфт прыехаў са звыклым грукатам. Я ўжо разумела, што ўсё будзе не так страшна, як мне ўяўлялася, хоць яшчэ хвалявалася, што дваццацігадовая дзяўчына будзе распытваць пра рак бліскучую свецкую даму.
Я патэлефанавала. Худы падлетак з кароткай стрыжкай адчыніў мне дзверы.
― Добры дзень. Я журналіст з радыё.
― Я Ірына.
Яна была ў чорным і праз гэта падавалася нейкай пластычнай, нядаўна вылепленай. Яе слабы хрыплаваты голас гучаў па-радыйнаму сабрана, накіравана. Я ўвайшла.
― Гэта вам.
Кветкі адлюстраваліся здзіўленнем на яе твары. Яна прыняла іх жэстам жанчыны, якая ведае, як гэта робіцца. Тут я заўважыла яе рукі. Яны былі тонкімі і лёгкімі, як ніткі, але рухаліся плаўна, мякка. Калі б глядзець толькі на тое, як рухаюцца гэтыя рукі, можна было б падумаць, што яны царскія. Гэта былі жэсты першай лэдзі, балетныя жэсты, жэсты чалавека, які валодае сваім целам і жыццём. Але скура абцягвала жылы, і кісці былі танюткімі, бязважкімі. Крохкая іх лінія ішла да локця, які здаваўся асобным органам ― настолькі ён быў узбуйнены.
Рукі паставілі кветкі ў вазу: якраз па памеры. «У гэтым доме хапае ваз», ― падумала я. Я села на канапу, дастала дыктафон, мікрафон, нататнік і запасныя батарэйкі. На століку, дзе цяпер стаялі мае кветкі, быў фотаздымак сям’і ў рамачцы. Ірына на ёй была ўжо такой, як цяпер ― з кароткімі хлапечымі валасамі, у чорным. Яна села каля мяне:
― З чаго мы пачнем? ― спытала яна наўпрост.
― З таго, што мы рады, што вы пагадзіліся на інтэрв’ю.
― Дзякуй, ― усмешка.
Я націснула чырвоную кнопку «Маранца» і перайшла на журналісцкі тон.
― Нядаўна вы публічна сказалі пра сваю хваробу. Вы ўдзельнічаеце ў канферэнцыі, у групах дапамогі. Чаму вы вырашылі дапамагаць іншым зараз, калі вам самой патрэбна дапамога?
Яна кіўнула, як бы кажучы: я зразумела вашае пытанне і зразумела вашае хваляванне, кажыце смела.
― Таму што мы ўсе ў адной лодцы. Я памятаю, як гэта ― калі даведваешся, што хворая. І як няма куды пайсці, акрамя дома. Мне пашанцавала з сям’ёй: нада мной ніхто не гараваў. І мне даў Бог такую ж аптымістычную натуру. Але я бачыла на канферэнцыях жанчын, чые мужы пайшлі ад іх у гэты момант. «Цяпер у мяне ёсць права пайсці», ― вось так яны рэагавалі. А ў жанчын у гэты час, ведаеце, так шмат пытанняў і рэакцый. Спачатку гэтыя думкі: «Чаму я?» Потым: «Дзе купіць грудны пратэз?» Усе гэтыя гонкі за інфармацыяй, чытанне тонаў літаратуры, ― яна закашлялася. ― Прабачце, я часам буду кашляць.
― Не турбуйцеся, гэта ўсё выразаецца.
― Выразаецца… Ведаеце, калі ў лякарню прыходзяць сваякі, сябры, лекары… Гэта адно. А калі прыходзіць здаровая жанчына, прыгожая, і кажа: «Я таксама была тут»… «Я таксама была, і я паправілася. Я перамагла». Гэта дае сілы больш, чым псіхолагі. Вось гэта, напрыклад, робяць жанчыны з нашай групы дапамогі.
― А вы?..
― Я ляжала. Хадзіла. І потым зноў ляжала. Вы ведаеце, што хвароба вярнулася да мяне праз восем гадоў. Я прайшла хіміятэрапію, радыетэрапію. Усе гэтыя штучкі з аблысеннем мне знаёмыя. Гэта цяжка. Я нават папрасіла, каб мяне загадзя пастрыглі нагала. І, ведаеце, я памятаю адзін момант, пра маю сям’ю. Вось мы сядзім усе разам на гэтай канапе, а мае дзеці гладзяць мяне па галаве і кажуць: «Якая ўсё ж у цябе прыгожая чарапушка!»
Я згадала цэлы спіс фільмаў, у якіх героі стрыгліся нагала перад хіміятэрапіяй. Але вось перада мною быў жывы чалавек у такой сітуацыі, і я гэты штамп пражывала ўпершыню. Ірына працягвала казаць, трохі ўсміхалася ў канцы кожнай фразы, падвышала інтанацыю, як францужанка.
― Калі праходзіш хіміятэрапію, трэба есці шмат ― тады падвышаецца ўзровень лейкацытаў у крыві. І я набрала кілаграмаў трынаццаць за год. І кароткая стрыжка. Я выглядала тады зусім па-іншаму. Нават на навагоднім свяце я гэта адчула. Я там была з мужам, яго знаёмы падышоў і кажа: «Ну, Казулін зусім знахабіўся. Цяпер ён з жонкай, значыць, летась з палюбоўніцай быў?» Такая была розніца. Потым, калі хвароба вярнулася праз восем гадоў, быў, натуральна, шок. Я не магла паверыць: усё было ў парадку ― і раптам тыя ж праблемы. Але што тут зробіш? Збярэш сябе ў ахапак і пойдзеш лячыцца.
Яна ізноў закашлялася. Узнялася, каб прынесці шклянку вады так лёгка, канапа нібыта нават не прымялася. Мы пагаварылі пра канферэнцыю, пра валанцёраў, пра тое, як можна да іх далучыцца і чым дапамагчы.
― У групах пераймаеш досвед тых, у каго такія праблемы ўжо былі і вырашаныя. Нават, напрыклад, такія пытанні: як дапусціць, каб не ацякала рука, каб лімфадэма не развілася? Пасля хіміятэрапіі ёсць аблысенне ― дзе ўзяць парык? Як пабудаваць адносіны ў сям’і? Бо і інтымныя адносіны вельмі часта парушаюцца: мужчына баіцца неяк пакрыўдзіць жанчыну, не турбуе, клапоціцца пра яе здароўе, а яна расцэньвае гэта як тое, што яе менш любяць. Увесь гэты досвед неацэнны.
Яна змоўкла. Мы паглядзелі адна на адну, яна кіўнула і ўсміхнулася.
― Ці ёсць у вас чалавек, якога вы ставіце сабе ў прыклад? ― напісана ў мяне ў апытальніку.
Усмешка, якая ўжо збіралася знікнуць, раскрылася шырэй.
― Адразу мне ўспамінаецца адна дама, Вікторыя. І імя ў яе таксама такое… пераможнае. Калісьці ёй зрабілі аперацыю, потым другую. Яна потым так сказала: «Я зразумела, што цяпер усю па кавалачках мяне і парэжуць. Спачатку адзін кавалачак выдаляць, потым другі, потым трэці, і ад мяне нічога не застанецца». І яна пачала дзейнічаць, мяняцца. Яна пенсіянерка, працуе псіхолагам-кансультантам у Кіеве і ўвесь час спрабуе нешта новае: новыя метады цялеснай тэрапіі, новую сістэму харчавання… Цяпер ужо не для сябе, а каб дапамагаць. Я была ў яе на трэнінгах, яна цудоўна працуе. Дазнаешся так шмат новага пра сябе. І вось яна, Вікторыя, для мяне ўзор дзейнай, энергічнай жанчыны. Яна ўмее прыслухоўвацца да сябе і трываць. І дапамагаць.
«А што вы чуеце, калі прыслухоўваецеся да сябе?» ― захацелася спытаць мне. А яшчэ лепей ― памаўчаць, седзячы з ёй на гэтай канапе. Хацела б я працаваць на радыё, дзе ставяць часам цішыню ў эфір.
Мне давялося вымавіць нязграбнае і недарэчнае:
― Скажыце, як жывецца з гэтай праблемай у Беларусі?
Ірына кіўнула, гледзячы мне ў вочы і ўсміхаючыся, лёгка ўздыхнула і сказала:
― Шчыра кажучы (яна як бы папрасіла прабачэння за гэта), ёсць праблемы з пратэзамі, з некаторымі рэчамі. Іх трэба недзе прасіць, заказваць. Гэта магло б лёгка вырашыцца, але чамусьці стаіць на месцы. У тым жа басейне, у санаторыі, на моры… вельмі нязручна. Купальнікаў няма. Пратэз гэты вялікі, ён плавае… Такія дыскамфортныя дробязі. Можна зрабіць спецыяльныя абанементы ў басейн для жанчын, хворых на рак. Каб яны не саромеліся. Бо не заўсёды ёсць пратэзы ці купальнікі. Проста адвесці спецыяльны час, у які купаюцца толькі праапераваныя жанчыны. І яны маглі б там без пратэзаў паплаваць, адчуваючы сябе вольна і камфортна. Ніхто не глядзеў бы на іх і не здзіўляўся.
― Прабачце, але, можа, лепей было б вашаму мужу не ўдзельнічаць у выбарах?
― Я б ніколі не даравала сабе гэтага. У кожнага сваё жыццё і свая мэта. І Аляксандр ― ваяр, я заўсёды гэта ведала. Не хачу такой ахвяры. Не ведаю, як бы я гэта перажывала. Мне было б складаней.
Мне ўсё больш хацелася паглядзець на яе мужа. І на іх удваіх.
― І, вы ведаеце, нам жа прапаноўвалі свабоду. Аляксандра маглі адпусціць, калі б ён эміграваў. Мы адмовіліся.
― Але як вытрымаць чаканне?
― Мне ўвесь час здаецца, што яго вось-вось адпусцяць. Часам такая ўпэўненасць… Улетку аднойчы я прачнулася і зразумела: сёння ўвечары ён будзе дома. Я кінулася здымаць усе гардзіны, мыць вокны. Бо ён дакладна сёння прыязджае! Маё пачуццё і дапамагае мне, і падводзіць мяне. Але ж ясна, што ўсё адбываецца правільна. Мы не павінны былі паводзіцца інакш.
Зазвінеў тэлефон.
― Вам тэлефануюць.
― Гэта будзільнік, ― яна падышла да яго і выключыла. ― Нагадвае, што час прымаць лекі.
― Я пачакаю, прыміце.
― Усё нармальна, давайце працягнем.
― Вы ўпэўненыя? Апошняе, пра што я вас спытаю: вы пішаце кнігу. Пра што?
― Што вы, гэта не кніга! Нататкі. Я не ведаю, у які момант яны вырастаюць у кнігу.
― Усе просяць вас напісаць кнігу…
― Я імкнуся. Там гісторыя майго лячэння альтэрнатыўнымі метадамі і шмат успамінаў. Усё сплятаецца. Гэта будзе таксама часткай праграмы для хворых на рак. Я б хацела паказаць ім, што трэба змагацца ў любой сітуацыі. І што гэта нялёгка, ― яна памаўчала. ― Скажыце, гэта дыктафон называецца? Я так шмат вам расказала, я б уставіла гэта туды. Калі не складана, вы б маглі…
― Вядома, я прынясу вам запісы.
― Мне, бывае, хочацца пісаць, але сіл няма. А тут так зручна ― голас. Дочкі мае маглі б перадрукаваць.
― Я і сама вам прынясу тэкст. Тым больш, мы робім расшыфроўку для сайта. Нас жа цяжка «злавіць», нас чытаюць… Заўтра вы будзеце дома?
Я зразумела недарэчнасць пытання, але Ірына вельмі проста адказала:
― Буду.
25.
Я прайшла пад аркай і выйшла да набярэжнай Свіслачы. Рабізна яе паблісквала на сонцы. Сямейства качак роўна плыло, амаль не калыхаючыся на хвалях ― з берага не было ясна, у які бок. Вось ён, стары Менск ― прыгожы твар горада. «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі булатнымі, жыццё на таку кладуць, веюць душу ад цела…» Каля выхаду з метро ― сорак бронзавых руж і трынаццаць цюльпанаў, помнік загінулым у даўцы ў дзевяноста дзявятым. «Сустрэнемся каля ружачак?..» ― дамаўляюцца мінчукі.
Дзесьці тут па падземнай трубе ў поўнай цемры цячэ і не спіць схаваная рэчка. Здаецца, з літоўскай яе назва «Няміга» перакладаецца як «бессань».
Раз на год гэтую частку горада займае верхняя вада ― летнія дажджы. Вада спускаецца ў метро, затапляе падворак Петрапаўлаўскага сабора, не дае круціцца аўтамабільным колам на шашы.
Вокны Ірынінага дома выходзяць на Свіслач. Напэўна, з іх яна бачыць лукавіну ракі і Выспу Слёз з капліцай. Там на сценах ― спісы беларусаў, загінулых у Афганістане. Бяссонны цэнтр Менска прасякнуты смерцю.
Праспектам Менск працягнуўся з Варшаўскага боку ў кірунку Масквы, і ўсе плошчы, нанізаныя на гэтае верацяно, ― цэнтральныя: Незалежнасці, Кастрычніцкая, Перамогі, Якуба Коласа. Свіслач перакрэслівае гэтую вось горада і стварае сваю: Камсамольскае возера, Старажоўка, Верхні горад, парк Янкі Купалы, парк Горкага.
Чаму ж тут, у Траецкім, нейкае прастадушнае запаволенне, паўсон, і не верыш, што на дарагіх машынах, якія праязджаюць міма, ― менскія нумары? Менск ― як бестурботная, разамлелая пад сонцам, нячулая да гора першакурсніца. Калі пра хворую жанчыну, чый муж за палітыку ў турме, пра падпольнае радыё пачаць камусьці расказваць вось тут, у чыстым, выцалаваным, высланым смерцю цэнтры горада ― сама засумняешся ў сваіх словах.
Рэдактар ухваліў шматстаронкавы тэкст для вялікай перадачы, сказаўшы толькі:
― Дай крыху больш слёз.
Я не адразу зразумела яго, але потым выправіла сёе-тое ў падводках (я пісала іх у тралейбусе па дарозе назад, везучы з сабой непарушны Траецкі спакой) ― і атрымалася драматычней.
Цімох не наракаў, што працоўны дзень яго ўжо скончыўся. «Дзякуй», ― і ён працягнуў назад аркушы ў закавыках выпраўленняў. Выявілася, што ён ведае Казуліных. Рэдактар аднойчы быў у іх у гасцях цэлы вечар. Пінчук галасаваў за Казуліна на выбарах. Мацвіеня вучыўся з іх дачкой. А Наста студэнткай падпрацоўвала афіцыянткай у бары, дзе часам бываў муж Ірыны.
26.
На наступны дзень я выправілася да «Панарамы» пехатою. Сэрца маё білася гучна, не цішэй, чым грукатаў ліфт. «Яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла». Патэлефанавала ў дзверы.
― Добры дзень!
― Добры дзень, Аля! Заходзьце.
Мяне кальнула гэтае імя. «Не Аля!» ― хацелася сказаць мне. ― «Яе не існуе, а я, я існую!»
― Я вам аддаць… Вось дыск, на ім усё ёсць: і гук, і тэкст. А тут раздрукоўкі. Вось тое, што будзе ў эфіры і спасылка на наш сайт, ― «цішэй, голас, цішэй, не будзь таропкім…»
― Дзякуй.
― Ірына. Паслухайце…
― Так?
― У мяне ёсць дыктафон. Маленькі, зручны. Устаўляецца адразу ў камп’ютар, ― мне здалося, яна зрабіла рух галавой, што як бы значыла «не», і я пачала гаварыць хутчэй. ― Дазвольце, я вам падару яго. Вы напішаце кнігу. Калі ласка?
Яна паглядзела мне ў вочы ― я зразумела, што яна шукала мой погляд. Адна спакойная секунда.
― Такі дарагі падарунак. Але вам ён, напэўна, патрэбны для працы…
― У мяне два.
Яна здзівілася.
― Мне падаецца, усё гэта здарылася… не проста так.
Не ведаю, ці ўсміхалася Ірына, якімі былі яе рукі і гэтак далей. Але вочы яе былі спакойнымі і прамяністымі.
― Дзякуй, ― вось і ўсё, што яна сказала ўголас. ― Цяпер я не змагу не напісаць кнігу.
― Тут навушнікі, інструкцыя, батарэйкі. Нічога складанага.
― У мяне таксама для вас падарунак.
Яна дастала зялёны даўгаваты кораб з салатавым бантам. Унутры быў прыгожы, тонкай, выдатнай працы кубак з вечкам і сітам. Усярэдзіне ляжала запіска: «Алі Яснай. Не забывайцеся на сябе. Нават на працы піце гарбату з задавальненнем».
Я не магла захаваць такую запіску: у ёй згадвалася імя дзяўчыны, якую я не павінна ведаць.
27.
Так я піла гарбату з задавальненнем яшчэ некалькі месяцаў. Здала, каб закрыць навучальны год, іспыты. Ездзіла на ровары на Цнянку глядзець познія летнія заходы. Прабіралася ў самую глыб выспы, дзе то знойдзеш выбудаваны кімсьці лабірынт, то святога, намаляванага на камяні… Талеркі ў горадзе так і не знялі ― гэта выявілася немагчымым. Я пісала рэпартаж за рэпартажам ― іх перадрукоўвалі, абмяркоўвалі і забывалі. Лёс не зводзіў мяне больш з Ірынай. Я зрабіла ўсяго адзін званок: кароткі, удакладніць нешта пра яе мужа, ― і ўсё. Мне хацелася набраць яе нумар проста так, ад сябе ― але што я скажу ёй, дваццацігадовая дзяўчына? Часам я расказвала камусьці яе гісторыю, згадвала наша інтэрв’ю, але чула: «Цікава, а на што яна жыве?» ― і я змаўкала. Мяне мала займала гэтае пытанне. І вось аднойчы, на выходных ― вестка.
Алесь з Палінай спыталіся, ці не чытала я навіны.
― Не. Я чытаю навіны па буднях.
― Ірына Казуліна памерла.
Наступным ранкам на працы Цімох, Наста і Мацвіеня падышлі да мяне рана, да планёркі, з тымі ж навінамі. Выявілася, наша інтэрв’ю было апошнім.
У гэты час Казулін стукаў кулакамі ў дзверы камеры і патрабаваў вызвалення. Дзеці сказалі, што будуць адкладаць пахаванне, пакуль яго не адпусцяць. Хаця б на некалькі дзён. Ніхто не ведаў, калі пахаванне.
― Мы думаем адправіць толькі фатографа, ― сказаў рэдактар. ― Ці ты таксама хочаш?
― Не, ― закруціла галавой я.
Вядома, мне хацелася пайсці, але толькі без дыктафона ў кішэні. Я б не змагла вылоўліваць у натоўпе знакамітасцяў і родных і прасіць сказаць нешта незнаёмаму чалавеку. Мне было шкада фатографа, якому давядзецца парушаць маўчанне шчоўканнем затвора.
― «Рыба» ёсць у цябе на сёння?
― Якая рыба?
― Ясна. Зрабі тады да абеду радыёнекралог. З яе голасам. Можа, ёсць кавалкі, якія не пайшлі ў эфір. Цяпер могуць прагучаць.
Пасля планёркі я спытала Цімоха, і ён прасвяціў мяне, што «рыба» ― гэта матэрыял-нарыхтоўка, напрыклад, з людзьмі, якім нядоўга засталося. Яго пускаюць у эфір адразу пасля смерці. «А адкуль, ― сказаў ён, ― бяруцца тоўстыя біяграфіі, выдадзеныя адразу пасля смерці? Пішуцца за некалькі начэй?»
28.
У той кватэры ― з вялікай залай, з вазай з тоўстага крышталю на нізкім століку, бэжавай канапай ― былі людзі: дочкі, некалькі сваякоў, сяброў. Дзіўнае пачуццё: я размаўляла тут некалькі гадзін з Ірынай у поўнай цішыні, і вось цяпер гэтая цішыня засталася з ёй, а мы ― хто з дыктафонамі, хто з тэлефонамі, хто як ― працягвалі размаўляць. З другога пакоя пачуўся голас Аляксандра, які прасіў прабачэння, што не сустракае нас, казаў, што хутка выйдзе. Зайшлі ў кухню ― я адчула рэзкі водар прыпраў і шолах фольгі. Адна з дачок апускала ў духоўку вялізнага карпа, фаршаванага ўсім на свеце.
― Праз колькі гадзін трэба быць у калоніі? ― спыніў хтосьці яе рух.
― Праз чатыры. Ужо праз паўгадзіны яму трэба выязджаць.
Мы глядзелі на карпа, на рукі дачкі. Усе разумелі, што Казулін нічога не паспее ― хутчэй за ўсё, з’есць кавалачак у машыне, а астатняе прападзе.
― Добры дзень, паважаныя, ― ён з’явіўся ў дзвярах, высокі, апрануты ў чорны спартовы касцюм. Заняў сабой увесь дзвярны праём.
― Я адразу пераапрануўся, як ехаць, каб мы не гублялі потым часу, ― усміхнуўся.
Ён займаў пасаду рэктара ўніверсітэта, калі я паступіла на журфак. Памятаю, як першага верасня на свяце для першакурснікаў у парку атракцыёнаў вядучы абвясціў: «А сейчааас ― ррректор!» Але ніхто не падняўся на сцэну. Ужо некалькі хвілін высока над намі гуў верталёт. Ён апусціўся, гук паграмчэў, і мы задралі галовы. Тут дзверкі адчыніліся, і з верталёта выпала і разматалася вяровачная лесвіца. Хтосьці пачаў спускацца па ёй. Лесвіца пагойдвалася, фігура спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо бачная была белая кашуля, і гальштук цярэбіла ветрам. Гэта і аказаўся рэктар.
І вось я бачыла яго зноў ― без гальштука, без зухаватасці ў абліччы, са складкамі на шчоках, як быццам хтосьці прарэзаў іх ножыкам для паперы. Высокі, лысы. З іскрыстымі вачыма. Не рэктар, а палітык. Мы пазнаёміліся, паціснулі адзін аднаму рукі. Карп запякаўся ў духоўцы, дочкі стаялі, абдымаючы бацьку з двух бакоў, і відаць, што, калі б не было нас, журналістаў, яны віселі б у яго на шыі і сядзелі на яго каленях. З’явілася віно ў вялікіх келіхах ― я ж не п’ю віна!.. ― Казулін папрасіў усіх частавацца. Адзін з яго сяброў, у якім таксама адгадваўся былы кіраўнік, ці, можа быць, вучоны ― з годнасцю у паставе, з «радыйным» голасам, падняў тост за хутчэйшае вызваленне ― да дна. Што рабіць ― я выпіла ўсё са свайго келіху.
Дзіўна было ўсё гэта: Казуліна з вялікім скандалам выпусцілі на тры дні пахаваць жонку, і ён за гэты час даў некалькі прэс-канферэнцый, сустрэўся са сваёй партыяй. А цяпер стаяў ― сцішаны, спакойны, і я магла толькі згадваць яго ранейшага. Мы, вядома, не паспелі нічога з задуманага: нават дастаць сямейны альбом, які хацелі пагартаць разам. Задавалі пытанні. Ён адказваў, але не як на інтэрв’ю, а проста, неафіцыйна. Глядзеў у вочы. Я памятала, што ён палітык, і спрабавала разгадаць, сапраўдная ці напаўсапраўдная яго шчырасць. Спыталі яго, чаму ён рабіў такія дзіўныя рэчы ў гэтыя дні. Ён маўчаў. А потым аднекуль з глыбіні засяроджанасці прамовіў:
― Калі я даведаўся аб яе смерці, я ледзь не разнёс турму. Я біўся ў дзверы, у сцены, я крычаў, што калі мяне не выпусцяць, гэта застанецца назаўсёды на іх сумленні. Зноў абвясціў галадоўку. Абвінавачваў прэзідэнта ў гэтай смерці. Я не мог больш там сядзець! І калі мяне нарэшце адпусцілі на гэтыя тры кароткія дні ― спачатку я працягваў шалець. Я даваў інтэрв’ю, у якіх усё гэта казаў. Але цяпер, пасля пахавання… У мяне няма больш ніякіх крыўдаў. Я не ведаю, можа, яны з’явяцца зноў. Але вось ужо суткі, як я не злуюся нават на прэзідэнта. Я дараваў усім. Як можа быць інакш у такія дні? Ува мне больш няма лютасці. Толькі…
«Пакора?» ― падумала я.
― Толькі мір. І каханне да маёй жонкі. Вядома, шкада, што мы так доўга былі ў расстанні і яна памерла не ў мяне на руках. Але на ўсё воля… Божая. Ведаеце, мяне ўразіла, што людзі прыехалі на пахаванне з усёй краіны. Я нават не магу ўспомніць раёна, з якога да мяне не падыходзілі б. І, ведаеце, яны падыходзілі, казалі пра Ірыну, а потым… прасілі не галадаць больш. Казалі, што і я ім патрэбны. І ўва мне прачнулася нейкае іншае пачуццё, адчуванне глыбіннай адказнасці за людзей. Я ўжо як быццам не вольны распараджацца сваім жыццём сам. Я раней казаў розныя словы… Напрыклад, што калі людзі хочуць, каб я быў жывы, яны павінны нешта для гэтага зрабіць. Цяпер я магу сказаць, што ніхто нічога не павінен рабіць. Гэта я ўжо людзям абавязаны. Я жыў дзякуючы ім. Калі прачытаць лісты, якія мне пісалі, то можна расплакацца. Пісалі дзеці, мне нават напісаў 86-гадовы чалавек!
Казаў ён ад душы ці не ад душы, я не ведаю, але яго словы клаліся ў мікрафон, які я перад ім трымала, і ішлі па кабелі, і па руцэ да майго сэрца. Я ніяк не магла запомніць, растлумачыць сабе, што Ірына памерла. Мне здавалася, што трагізму было нават больш, калі мы гаварылі з ёй, яшчэ жывой. Погляд мой выхапіў маленькі будзільнік на халадзільніку. Гэта ён звінеў падчас інтэрв’ю, калі Ірыне быў час прымаць лекі.
29.
― Яшчэ не прыехалі? ― не называючыся, пытаўся Цімох ў трубкі. ― Гэта зноў мы. Яшчэ няма?
Я заканчвала мантаваць інтэрв’ю: мы хацелі выпусціць яго сёння, няхай нават позна ўвечары. Машыне, у якой ехаў Казулін, на кожным пасту загадвалі спыніцца. Павольна правяралі дакументы, колы, багажнік… Але побач спынялася без загаду іншая ― якую вёў сябра Аляксандра, падобны да вучонага, ― і пасажыр, не парушаючы закона, перабіраўся ў яе. Пакуль ДАІ разгублена заканчвала праверкі, Казулін ехаў ― да наступнага паста. Праз нейкі час іх даганяў першы кіроўца ― і фокус паўтаралі.
― Навошта яны гэта робяць? ― пыталася я ў Цімоха. ― Ён жа ўсё роўна едзе ў турму.
― Думаю, яны дабіваюцца, каб ён спазніўся і лічылася, што ён уцёк.
«Я з пакорай прыму ўсё, што мне падрыхтавана», ― чула я ягоны голас у навушніках. Баюся, што калі надрукаваць гэта ― будзе адзін пафас, прыгожыя агульныя словы. «…Г эта значыць, вы больш не будзеце галадаць?» ― «Я нават не буду парушаць рэжым».
А вось голас дачкі ― яго дарожка на камп’ютары была менш густая і высокая: «Не, чарнавікоў ці накідаў кнігі я не знайшла». Трэба будзе аднойчы падказаць ёй паглядзець запісы на дыктафоне. Але толькі пазней, калі жалоба скончыцца.
У рэдакцыі было ціха ― толькі мы з Цімохам ды Сямёныч у студыі. Адчуваўся ледзь улоўны пах паралонавых насадак на мікрафон, гумы на навушніках, пластмасы дыктафонаў, белай паперы для прынтару ― пах радыё. І яшчэ паветра берагло пах кавы і шын ровара, які стаяў каля дзвярэй. Я адчыніла дзверы:
― Ці можна начытацца?
― Так.
Голас павінен быць сур’ёзным, афіцыйным, але не сумным. Нейтральны халаднаваты голас. У мяне не выходзіла. Я паўтарыла першы сказ. Ужо пятнаццаць разоў.
― Начытай алфавіт, а я сам нарэжу, ― паўтарыў Сямёныч барадаты жарт. І я пачала:
― А. Б. В. Г. Д. Дж. Дз…
30.
Раніцою не прачнуцца. Я вярнулася ўчора ўпоцемках, пасля таго як мы павесілі на сайт сюжэт і абнавілі навіны: «Машына з Аляксандрам Казуліным паспела ў калонію за хвіліну да прызначанага тэрміну…» ― і гэта не журналісцкія маніпуляцыі ў загалоўку, а праўда. Скрозь дрымоту я чула, як грукоча па карнізе дождж. Я прачыналася некалькі разоў уночы, а ён усё стукаў, стукаў, стукаў, стукаў і не спыняўся.
Калі ўжо ўзнялася, згадка пра саснёны сон прыйшла да мяне. Я ў нейкай загараднай вялікай напаўпустой, з рэхам, сядзібе сяджу на прэс-канферэнцыі. Яе дае прэзідэнт. Я задаю яму пытанні. Адно за другім. Гляджу на яго і баюся, што ён можа загіпнатызаваць мяне.
«Усю ноч працавала ― і зараз зноў?» ― абурылася мая свядомасць. Я апырскала твар халоднай вадой і заспана ўсміхнулася ў люстэрка ваннай. «Не магу згадаць, што гэта былі за пытанні!»
Выйшла на вуліцу, раскрыла парасон, і з яго тут жа пацякла ручаямі вада. На асфальце наліло велізарныя лужыны. Калі я спазнюся, можна пажартаваць, што абыходзіла іх. Справа маячыла палоска лесу, чамусьці хацелася збочыць туды, схавацца пад хвояй, падыхаць мокрым паветрам з яе пахам. Я не ведала, калі прыедзе маршрутка, спыніцца яна ці, перапоўненая, прамчыцца па лужыне. Адчувалася нейкая цягучасць ва ўсіх цягліцах. Я ўжо амаль дайшла да прыпынку, калі зазваніў тэлефон. «Вось бы…»
― Слухаю.
― Аля, вітаю. Сёння на працу ісці не трэба.
― Чаму? Хто гэта?
― Не перажывай і не падыходзь да офісу. Ты ўжо блізка?
Я пазнала Насту.
― Я, шчыра кажучы, яшчэ толькі на сваім прыпынку.
― Малайчына. Вяртайся дамоў ці ідзі да каго-небудзь. Табе ператэлефануюць, я сама пакуль нічога не ведаю. Бывай.
Я стаяла на прыпынку. Маршрутка зачыніла дзверы і паехала. Цяпер хацелася на працу, а не ў лес. «Прыходзілі ці нешта іншае?» Святлафор загарэўся зялёным, я прайшла тое ж скрыжаванне, што і хвіліну таму, паплялася дадому.
«Ррр-ррр», ― тэлефон зноў завібраваў.
― Таня, у вас усё нармальна?
― Не, у вас таксама?
― Сёння раніцай ува ўсіх незарэгістраваных СМІ ператрусы. Канфіскоўваюць усю апаратуру.
― Адкуль ты ведаеш?
― Ужо ў інтэрнэце напісалі. Але і сайты амаль усе заблакаваныя, бракуе звестак. Мы з мужам сышлі з дому з камп’ютарамі ў заплечніках. Ну, давай, асцярожней там.
Гэта была мая аднакурсніца Вера.
Я падумала, што мяне могуць чакаць у закутку паміж ліфтам і кватэрай. Дайшла да пад’езду, узняцца на свой паверх вырашыла па лесвіцы, на ўсялякі выпадак. Калі што, проста прайду, нібыта я жыву вышэй, нібыта я ― не Аля Ясная.
Здаецца, нікога. Ключ бразнуў у замку. Ціха і хутка, як злодзей, я прашмыгнула за дзверы. Тут усё было так, як я пакінула. Я зачыніла дзверы і прыціснулася да іх спінай. Дзверы ўявіліся мне літымі, велізарнымі. Мне здавалася, я ўмацоўваю іх сваім целам.
З душу выйшаў Алесь. Ён увесь сціснуўся, убачыўшы мяне.
― Пара ― лазня, лёгкі дух.
― Ты чаго дома, Таня?
― Алесь, дай мне, калі ласка, інтэрнэт. У мяне не аплачаны. У нас на радыё… ператрусы.
У інтэрнэце было няшмат: «усе незалежныя незарэгістраваныя рэдакцыі» ― «сёння раніцай» ― «магчыма, не апошнія» ― «канфіскацыі, ператрусы» ― «пакуль не могуць датэлефанавацца».
Я змяніла пароль у пошце і пачала выдаляць лісты, звязаныя з працай. Трэба было ачысціць усе і на камп’ютары, нават тое, што я збіралася захоўваць на памяць: запісы размоваў без мантажу, старыя інтэрв’ю. Калі я выдалю зараз файл «Ірына Казуліна», то больш нідзе не застанецца яе голасу з невыразанымі даўгімі паўзамі, не застанецца таго, што яна расказвала занадта доўга і што мы не маглі змясціць у перадачы.
― Націскай, ― сказаў Алесь, ― як юрыст кажу.
Трубку дамафона не падымаць, калі нікога не чакаем. Калі што ― тэлефануем. Калі ператрус ― просім іх пасведчанні і перапісваем дадзеныя. Калі што ― нічога не ведаем. Калі? Калі ― тады што?
Тэлефон!
― Аля, тэлефаную з аўтамата, слухай мяне ўважліва. Вазьмі грошы і ідзі як мага хутчэй у бліжэйшую адвакацкую кантору. Скажы, што табе трэба наняць адваката, заключы дамову. Талон, які табе дадуць, пакладзі ў пашпарт, і хай ён увесь час там ляжыць. Тады ў выпадку чаго ты будзеш мець права выклікаць свайго адваката.
― А яны там, у канторы, нармальныя? Ім мож-
на… расказваць?
― Не ведаю. Пашукай.
Ісці па вуліцы страшна. Страшна сядзець дома. Бегма ў адвакацкую кантору. Дамова. Апатычная, невыразная адвакатка. Дзякуй. Дадому!
Па дарозе ― на пошту, купіць канверт і падпісаць на ім адрас універсітэта. Здаецца, час зрабіць гэта. Пакласці ўнутр маю заяву і ўжо лёгкай рукой апусціць у скрыню.
Дома тая ж гісторыя з ліфтам. Нікога ― прашмыгваю ва ўласныя дзверы. Халера! У мяне поўныя туфлі дажджавой вады. У пакой. Больш не магу.
Разумеючы, што мой тэлефон праслухоўваецца, наважваюся пазваніць маме. Калі ім вядомы мой нумар, то хіба не ведаюць яны, хто мае бацькі? Так што ж здарыцца, калі я патэлефаную?
А мама занятая, у яе праверкі, тэрміны і тэставанне. Яна не можа гаварыць. Мама!
Ператэлефануе ўвечары.
Я стаю пасярэдзіне пакоя з тэлефонам у руках. Без паспешлівасці, спрабую сабраць свае думкі і даць ім аціхнуць, ўяўляю самалёт, што набліжаецца, а потым аддаляецца, і выціскаю гук: «Ммммммммммммм…» Ён занадта хутка нарастае, і на паніжэнне дыхання бракуе. Тады глыбокі ўдых і кароткая затрымка. «Ммммммммммм», ― яшчэ раз. Расціскаю сківіцу. І яшчэ. Уважліва і выразна ― кожны гук. Каб казытала рот. І рука на дыяфрагме.
Потым запальваю свечку, саджуся каля яе і доўга выдыхаю так, каб не гасла полымя. На тэлефоне бяжыць секундамер. Кожны новы выдых усё даўжэйшы. Даўжэйшы. І вось ужо спакойны, раўнамерны паток паветра. Самае складанае ў гэтым практыкаванні ― загасіць свечку, калі скончыш яго рабіць. Дзьмеш, дзьмеш… Полымя сцелецца гарызантальна, як высокая трава пад ветрам, і кожны раз зноў паўстае. Рэзкі, моцны выдых! Не згасае. Растрэніравалася… Гашу пальцамі, устаю каля акна. Цяпер хуткамоўкі.
― Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў, дагаварыў, дагаворваў ды загаварыўся, ― я бачу неба: цёмнае, зацягнутае. Чаму мае словы, праўдзівыя, не наводзілі глыбокага міру і цішыні, а выклікалі тысячы іншых, злых слоў? Чаму сэрца маё з кожнай новай тэмай мярцвее? Усе лягчэй працаваць, але ўсё складаней здзівіцца. Я быццам раблюся прафесійнейшай, і выконваю заданні хутка і ўпэўнена. Але гэты прафесіяналізм ― як новы чужы орган ува мне. Няўжо я створаная для таго, каб тэлефанаваць, тэлефанаваць, тэлефанаваць, пісаць, удакладняць, часам бліскаць, але менавіта бліскаць, а не свяціцца? Адлюстраванае святло кладзецца на кожнага, хто падстаўляе яму гладкі лоб ці спіну пад патрэбным вуглом. Мне хацелася рабіць як мае быць сваю справу. Але быць журналістам ― значыць гаварыць. Не сказаць, змаўчаць ― гэта схлусіць. Ці можа быць, што ўсе мае сюжэты толькі змушалі душу мітусіцца? Як жа сумна Табе, напэўна, было слухаць мае рэпартажы…
У гэты момант я вырашыла, што больш не зраблю ніводнага такога рэпартажу. Ці ёсць у мяне яшчэ час? У майго рэдактара, у бацькоў, педагогаў, акцёраў, чыноўнікаў, у прэзідэнта, Божа?
Запілікаў дамафон. Мы сцішыліся і замёрлі.
Комментарии к книге «Сарочае радыё», Кацярына Оаро
Всего 0 комментариев