«Каменданцкі час для ластавак»

1164

Описание

У першую кнігу прозы Алены Брава ўвайшлі аповесці "Каменданцкі час для ластавак", "Імя Ценю - Святло" і апавяданні. Алену Брава цікавяць псіхалагічныя і філасофскія аспекты асобы чалавека, узятага на злом. Яе героі ўвесь час аказваюцца ў лёсавызначальных сітуацыях або проста жывуць у палоне ўласных фантазій. Яны пакутуюць ад фальшу ды недасканаласці сучаснага жыцця, імкнуцца да адвечных каштоўнасцяў - Любові і Свабоды.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Каменданцкі час для ластавак (fb2) - Каменданцкі час для ластавак (Дэбют) 630K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алена Брава

Алена Брава КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК

Аповесці, апавяданні

Падрыхтаванае на падставе: Алена Брава, Каменданцкі час для ластавак. Аповесці, апавяданні., — Мінск: Мастацкая літаратура, 2004. — 183 с. (Дэбют)

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

ІМЯ ЦЕНЮ — СВЯТЛО (гісторыя адной фабіі)

Частка першая

Калі Загадчык гарадской культуры з істэрычным узвіскатам тупой пілы верашчыць, што яна звольнена, так — зволь – не – на за правал учарашняга фэсту, вядома ж, бессэнсоўна нагадваць, што менавіта яна, Вікторыя, папярэджвала, ды што там — проста такі прарочыла на ўвесь голас магчымыя ападкі, заклінаючы правесці “мероприятие” не на вуліцы — усё ж верасень, не ліпень! — а ў сценах палаца культуры, і што ўвогуле яна стамілася, бы тая траянская Касандра, прадказваць няшчасці, якія потым здараюцца з-за чужога глупства ды безадказнасці. Спраўдзілася і ўчора — дакладна так, як маляваў ейны страх: дождж быццам толькі і чакаў узмаху дырыжорскай палачкі, каб абрынуцца скрозь прапалены феерверкамі навес на сцэну і ўмомант — дырыжор не паспеў яшчэ скончыць немузычную фразу з рэзка акцэнтаваным рытмам — ператварыць яе ў свежазалітую коўзанку. Аркестр захлынуўся дажджавой вадою. У пачатку праспекта паказаўся ўжо начальніцкі картэж, а прыбіральшчыцы з вёдрамі ды анучамі, мабілізаваныя Загадчыкам на няроўную барацьбу са стыхіяй, раскірачана соўгаліся па хлюпкай сцэне, павярнуўшыся да высокіх гасцей спінамі. “Кто р-распор-рядился?!” — закрычаў, вылецеўшы з машыны і вылупіўшыся на ўсю гэтую бяссэнсавую валтузню, местачковы Куратар, і Вікторыя, рупліва захоўваючы на твары маску пераможцы, адказала на пытанне. Загадчыка, на яго шчасце, побач не было, ён паімчаўся да дырэктара універмага, хацеў заслаць мокрую сцэну дыванамі. “Плевать я хотел на его указания, начинайте концерт!” — прашыпеў, ужо шэптам, Куратар, таму што з аўто якраз выходзіла пад дагодлівыя парасоны сама Кіраўніца з міністэрства культуры, адно прозвішча якой выклікала ў кар’ерных абарыгенаў трымценне жаху, — цвёрды жэст, якім яна па-мужчынску паціскала працягнутыя рукі, напомніў Вікторыі маму. Менавіта для гэтай сурагатнай маці, а зусім не для дзяцей, і ладзіўся фэст — дзецям наогул давялося горш за ўсіх: вылецеўшы ў іскрыстым рытме “Крыжачка” на коўзкую, як лёд, сцэну, яны адразу ж пачалі падаць… Словам, свята, да якога мастацкія калектывы правінцыяльнага палаца культуры рыхтаваліся ў моцна настоенай атмасферы нервовага зрыву, перанасычанай — аж да немагчымасці дыхаць! — пахам карвалолу, асабліва пасля “наездаў” сталічных рэжысёраў, што ліхаманкава правілі ўжо зацверджаны сцэнар, — свята гэтае абярнулася задницей, у якой усе яны цяпер сядзяць. Грубае слова — яго ўчора ўвесь час паўтараў, бы цвікі забіваў ім у галовы, раззлаваны Куратар — назойліва свярбіць ў мазгах, правакуючы — Вікторыя адчувае гэта — прыступ недарэчнага смеху, які пагражае перайсці ў істэрыку. Яна спяшаецца пакінуць кабінет Загадчыка.

На гарадской плошчы яшчэ тлее ўзбуджэнне ўчарашняга фэсту. Рознакаляровыя палаткі прапаноўваюць “у шырокім асартыменце” паўгарэлыя шашлыкі ды “гумавыя” беляшы. Дарослыя і дзеці ляніва працуюць сківіцамі, уталопіўшыся на сцэну (зусім ужо прасохлую), дзе выдурняюцца скамарохі. Натоўп цясніць Вікторыю з усіх бакоў, патыхаючы едкім потам і гарэлачным духам, і яна адчувае, як звычайна ў такіх выпадках, што сэрца надта ўжо часціць. Дзіўна, аднак, іншае: яна не адчувае страху! Недаверліва, без асаблівай надзеі, Вікторыя прыслухоўваецца да сябе: тая дзяўчынка-баязлівіца, што з некаторага часу жыла ў глыбіні яе істоты і зусім не пачувалася пераможцай, — тая дзяўчынка знікла, быццам памерла. Галаўны боль, які пачаўся ўчора, пасля правалу, па-ранейшаму сцягвае скроні пульсуючым абручом, але страху — страху няма!

Вікторыя задуменна выбіраецца з натоўпу, садзіцца ў бліжнім скверыку на лаўку, дзе трое дзяўчат дымяць цыгаркамі ды разліваюць па пластыкавых пляшках таннае віно. Яна міжволі звяртае ўвагу на вясёлую кампанію, бо ведае адну з іх па мастацкай самадзейнасці. Менавіта з гэтай дзяўчынкі — яна быццам бы адмаўляецца ад чаркі — пасміхаюцца сяброўкі: “А табе — слабо? Давай, пойла выкіпае!” “Не згаджайся,” — у думках звяртаецца Вікторыя да дзяўчынкі, што вагаецца, але тая раптам ненатуральна смяецца: “А вось і не слабо!” — і працягвае руку па цыгарку. Вікторыя ўздыхае і паднімаецца з лаўкі.

Да палаца культуры хвілін дзесяць няспешнай хады. Яна спакойна праходзіць праз натоўп, які віруе на ганку універмага, і... раптам спыняецца, уражаная новай і простай, нібыта формула сонечнага святла (сонца — вось цуд! — учора заззяла і дождж перастаў, як толькі Кіраўніца паехала) і такой жа ўсё прасвятляючай думкай.

Гэта не дзеці на сцэне — гэта я ўчора ўпала.

Даўні страх спраўдзіўся, збылося горшае з прароцтваў.

А калі так — ёй, Вікторыі, сапраўды няма чаго больш баяцца.

Што ўзломлівае замкі і разрывае ланцугі, трушчыць жалезныя латы рыцараў, бы крохкую шкарплупіну, выпускаючы са змрочных закануркаў падсвядомасці зведаны ў дзяцінстве страх? Вікторыя ведае — што, бо паспытала тое на ўласных сасудах і нервах: падабенства сітуацый, няхай нават зусім непадобных з пункту гледжання нармальнага чалавека (але што гэта — нармальны чалавек? умоўнае дапушчэнне, як адносная атамная маса, не болей). На той падманліва-каварнай ідэнтычнасці ўвесь час рызыкуючы паслізнуцца, якраз як учора дзеці на мокрай сцэне, Вікторыя правальваецца скрозь прагнілыя дошкі гэтага старажытнага позорища, якое ведала яшчэ катурны трагікаў ды лапці Пятрушкі, каменем ляціць яна ў глухі калодзеж пад сцэнай, у суфлёрскі буданчык, у сваё — ці ўжо не сваё — дзяцінства, у агульнае дзяцінства ўсіх нялюбых дзяцей, з цемрадзі якога правальную гульню акцёраў агучвае страх, паступова ператвараючы памост для відовішчаў у месца катавання.

У дзяцінстве Вікторыя часта траціла прытомнасць, бо была кволай, хваравітай дзяўчынкай. Маці, аматарка папарыцца, па суботах цягала яе з сабой у грамадскую лазню, што месцілася на ўскраіне гарадка побач з дзетдомам. “Вось будзеш дрэнна сябе паводзіць — аддам сюды, дзе дзеці з голымі жыватамі пад плотам валяюцца”, — вядома, маці толькі пужала, але дзяўчынка верыла кожнаму яе слову і ўсё спрабавала зазірнуць праз вялізныя шчыліны ў тым плоце, выглядала ў пабурэлых лісцях ці ў снезе голыя брудныя жываты няшчасных дзяцей, а потым старанна цёрла губкай уласны, які пакрываўся ўжо знізу цёмным пушком, праўда, не такім іржава-драцяным, як у цялістых цётак з тлушчавымі складкамі і адвіслымі грудзямі, што мыліся на суседніх лаўках. Ад пары, грукату балей, мільгацення распараных цел ёй рабілася млосна: запацелы, як шкло, калі на яго падыхаць, пакой некуды сплываў, па руках і нагах пачыналі сноўдаць сотні нябачных мурашоў, а сэрца заходзілася ад жахлівай думкі: што будзе, калі яна, ужо намытая да лялечна-ружовага бляску, зараз упадзе туды, дзе сцякае брудная пена, — у дзетдом! яе аддуць у дзетдом!

Толькі б не ўпасці, толькі б не…

Страх рабіў падзенне непазбежным.

Прыходзіла ў сябе яна звычайна на лаўцы прылазніка, у паветры стаяў востры, як лязо, пах нашатыру, а голая распараная маці з па-вядзьмарску ўскудлачанымі валасамі біла яе па шчоках на вачах у такіх жа голых распараных цётак.

Той дзіцячы страх і сорам нечакана ўваскрэслі праз шмат гадоў, калі Вікторыя была ўжо студэнткай, — яны, аказваецца, нікуды і не знікалі, струменіліся сабе паціху ў цёмных цесных куточках цялеснай памяці, без паветра і святла, як брудная вада ў сцёкавых трубах, і вось — знайшлі слабае месца, прарваліся, затапілі нечыстотамі крыштальны палац свядомасці (яшчэ адзін палац культуры, у якім Вікторыя быццам бы дырэктар — у тым вось і справа, што быццам бы!). Яна баялася страціць прытомнасць у час студэнцкіх першамайскіх дэманстрацый: невядома чаму, спякота і скучанасць узбуджанага натоўпу, гарачкавае трызненне чырвоных сцягоў, бразгатанне аркестравай медзі выклікалі ў яе ўспамін — нават не ўспамін, не, неўсвядомленую клеткавую ўзгадку — пра тую грамадскую лазню, дзе яна ўпершыню адчула страх перад падзеннем. Нібыта навакольны свет быў усяго толькі нагрувашчаннем дрэнна прыгнаных адна да адной дэкарацый, за якімі хаваўся іншы, убачаны раз і назаўсёды вачамі спалоханага дзіцяці і населены персанажамі яго кашмараў. І як бы ні злавалася Вікторыя на сябе за тое глупства, яна пачала насіць у сумачцы нашатыр і, каб не ляснуцца раптам пад ногі напаўп’янаму натоўпу, старалася прыладзіцца да шэсця з краю. Гэтыя ўхілісцкія паводзіны не маглі застацца незаўважанымі, і камсорг курса абвінавачваў яе ў ідэйнай няўстойлівасці ды індывідуалізме. Не магла ж яна растлумачыць падцягнутаму, з бездакорным праборам “нітачкай” Лёнечку Валіцкаму, што замест выявы правадыра на чырвоным кумачы ёй мроіцца… нават вымавіць сорамна — распаранае ў лазні голае цела. Тут патыхала ўжо не “ідэйнай няўстойлівасцю”, а вылетам з інстытута. І яна цягнулася на дэманстрацыі, каб адпрэчыць несправядлівыя абвінавачанні, але перш за ўсё даказаць сабе, што яна — дужая і валодае сабой, — так, яна была сапраўднай камсамолкай, яна прыкрыквала на сваё цела жорстка і рэзка, а яно ў адказ, нібыта сабатажнік-“белы-каўнерык”, рэагавала галавакружэннем, халодным потам, здрадніцкім болем у сэрцы, а галоўнае — гэтым ганебным, бязглуздым страхам! І ўсё ж з плошчы Леніна, дзе дэманстранты “зліваліся ў адзіным парыве”, яна звычайна баязліва збягала, стараючыся не трапіць на вочы камсамольскім камітэтчыкам. А ўвечары, ад злосці на дурнога дзіцёнка, што сядзеў у ёй, у пакаранне яму, замест парка Горкага, куды скіроўваліся святочна апранутыя сяброўкі, нацягвала кеды і адмахвала, як некалі ў школе, для выхавання волі, сем кругоў вакол стадыёна.

Так, з воляй у яе ўсё было добра, толькі вось, як высветлілася, ёсць рэчы, волі ды розуму непадуладныя — жахлівае адкрыццё таго дня, калі яна ўпершыню адчула страх, уваходзячы ў парка надыханую аўдыторыю, а потым ужо і ў кіназалах прызвычаілася садзіцца з краю, каб раптам, калі што, паспець дабегчы да прыбіральні, змачыць халоднай вадой скроні і лоб — гэта дапамагло, калі Вікторыя, класе ў чацвёртым, “ад’ехала” на ўроку чытання. Настаўніцу, якая штодзень на перапынку бегала дадому праверыць, ці замкнула яна дзверы (на шчасце ці, наадварот, на бяду, небарака жыла побач са школай), у той день мучыў асабліва несцярпны сверб неспакою, і яна панеслася правяраць свой замок, не скончыўшы ўрока, выставіўшы ля дошкі Вікторыю, лепшую ў класе чытальніцу, з кніжкай у руцэ. У страўніку была пякучая пустата, у класе — ані трошачкі свежага паветра (русічка баялася скразнякоў). Апрытомнела на цыратовай кушэтцы медпункта; за прыадчыненымі дзвярыма ўсёй зачырванелай скурай адчула дураслівы галас аднакласнікаў, іх здзеклівае пакепванне. Урэшце, самыя нахабныя, з драпежна-цікаўнымі тварамі, сачылі за ёю, стоячы тут, ля кушэткі — у медсястры не хапіла розуму выставіць іх прэч.

Аказваецца, нічога не сціраецца з памяці, думала Вікторыя, усё запісваецца на стужку, якая раптам, праз гады, пачынае пракручвацца зноў, мярцвяк уваскрасае і ўказвае сухім касцяным “перстом”, як жыць жывым. Вядома ж, сцібаючы пад бадзёрым транспарантам, яна разумела, што цяперашні яе страх такі ж абсурдны, як бязглуздая педантычнасць вучыцелькі, чые дзверы непазбежна аказваліся замкнёнымі; што напоены вясною Мінск — не гарадская лазня; што ўпэўненая ў сабе студэнтка, камсамолка і г.д. не мае нічога агульнага з галоднай зашуганай дзяўчынкай у перакручаных, абы як зацыраваных “хэбэшных” калготках, у школьнай форме, што куплялася навыраст і таму мела на локцях ромбы-латкі, выкраеныя з колішняй форменнай сукенкі, якія адрозніваліся па колеры, — з той дзяўчынкай, якой яна калісьці была. Але насуперак яснаму разуменню гэтых бясспрэчных фактаў нехта ў ёй, відавочна, пераблытаў адзін пласт часу з іншым, і ў выніку эфекту накладання ўтварылася трэцяя, даволі-такі ідыёцкая карцінка.

…Яна ўзненавідзела мітынгуючыя плошчы, вялікія скрыжаванні, дзе счэпліваюцца драпежна-цікаўныя пагляды, скрозь строй якіх цягнулася, напружваючы спіну, як рэкрут пад ударамі шпіцрутэнаў; не цярпела адкрытай прасторы і спяшалася хутчэй зліцца з шэра-бетонным пейзажам; навучылася ўзводзіць будаўнічыя рыштаванні з лжывых адгаворак і апраўданняў, якія, як ёй здавалася, толькі і ўтрымлівалі ад падзення гатовую абрынуцца Пізанскую вежу яе рэпутацыі. Не, яна не магла дазволіць нейкай слабасці зламаць тыя бліскучыя перспектывы, якія адкрываў перад ёю чырвоны дыплом! А між тым дайшло ўжо да таго, што нават у ліфце ўзнімацца на дзесяты паверх роднай “абшчагі” ёй трэба было адной (потныя целы, што набіваліся ўшчыльную, выклікалі сутаргу нудлівых дрыжыкаў), і Вікторыя, дачакаўшыся ліфта, рабіла выгляд, што звыш меры засяроджана на падручніку (які меўся тут жа, напагатове), і наўмысна націскала на кнопку паверха, нягледзячы на папераджальныя воклічы падбягаючых. Але аднойчы яе злавілі, застукалі на гарачым. “Ты вельмі любіш адзіноту, праўда?” — дзверы ліфта, якія ўжо зачыняліся, па-здрадніцку раз’ехаліся і самкнуліся зноў, і яна апынулася ў цеснай прасторы кабіны сам-насам са светлавалосым, спартовага выгляду юнаком, які разглядваў яе даволі бесцырымонна пукатымі шэра-блакітнымі вачамі. І, невядома чаму ўявіўшы, што ён здагадаўся, Вікторыя з перапуду нагаварыла незнаёмцу пра сябе першае, што прыйшло ў галаву — аб алергіі на пахі іншых людзей, так-так, незвычайны выпадак, урачы разводзяць рукамі… Слухаў уважліва, не перапыняў, гэта яе адразу насцярожыла, хто ж ведаў, што ён — студэнт медінстытута! Калі б яна тое ведала, далібог, прыдумала б што-небудзь цікавейшае, бо ўсе пяць год, што яны пражылі разам з Сярожам, вымушана была падтрымліваць першапачатковую легенду, імітуючы неверагодную адчувальнасць да пахаў, якой у яе, зразумела ж, ніколі не было, і ўтойваць сапраўднае становішча.

Хлусня і страх — звяркі адной пароды: запанаваўшы ўнутры нас, яны выцясняюць наша сапраўднае “я” у глухую каморку без вокнаў, дзе яно пакутуе, бы прывід Кацярыны пад уладаю ведзьмака, а самі захопліваюць лепшыя пакоі гаспадароў дома.

Галаўны боль, ад якога свярбіць скура на цемі, а скроні сціскае нібыта металічны абруч, проста нясцерпны. Калі зараз прыняць таблетку — абруч хутка распадзецца на дзве палавінкі, яны чорнымі вужакамі спаўзуць некуды ў цемру пад крэслам. Вікторыя адкрывае сумачку: ну трэба ж — такая абачлівая, сёння яна не захапіла з сабою нават валідола! На дне сумкі самотна ляжыць адно непачаты чырвона-жоўты пачак. Той самы, які — яшчэ ўчора яна так думала — дапаможа ёй пакінуць абрыдлы тэатр жыцця, выйсці праз дзверы, якія заўсёды адкрытыя… Што змянілася з учарашняга ранку? Страх. Няўжо ён знік — сам? Вікторыя адкладвае ўбок сумку. Не, не цяпер... Эксперымент, у які яна ператварыла ўласнае жыццё, і без таго, здаецца, блізкі да заканчэння. Ці вернецца страх? Ах, як хочацца верыць, што — не! Аднак, БМС (былы муж Сярожа — так яна “скараціла” яго, аматара абрэвіятур накшталт МДП, ННС [1], тых цукерачных фанцікаў, у якія так зручна загортваць цэлы свет, не падобны на твой уласны) казаў, што лячыць фабію — гэта ўсё роўна што стрыгчы крону дрэва: замест старых галін адразу ж пачынаюць расці новыя, пакуль не выцягнеш, як той нерв пасля выдалення зуба, корань страху.

Ці выцягнула я гэты корань?

Адкінуўшыся на спінку крэсла, Вікторыя аглядае кабінет (ужо не свой), заплюшчвае вочы, масіруе пальцамі павекі, як вучыў яе БМС, але павекі па-ранейшаму налітыя болем, і застылыя нявыплаканыя слёзы — не слёзы, а шматгадовыя саляныя адклады з бачнымі на іх паверхні адбіткамі вобразаў рэчаіснасці, што ў розны час штурмавалі сятчатку, — тыя аскепкі мінулага засцяць ёй зрок, перашкаджаюць бачыць тут і цяпер у яго маментальнай непаўторнасці. Дагэтуль яна бачыла свет скрозь нявыплаканыя слёзы — можа, таму ён здаваўся ёй такім страшным?

Ён думаў, што поўнасцю пазбавіў яе ад праблем тады, калі быў яшчэ студэнтам, які вагаўся паміж псіхіятрыяй і хірургіяй, і яе рэдкая форма “псіхагеннай алергіі”, як ён глыбакадумна вымавіў, калі ліфт спыніўся на апошнім паверсе, — тая выдуманая ёю хвароба, пэўна, і вызначыла ягоны выбар. Сяргей зацікавіўся ўсур’ёз, выпытваў усё новыя падрабязнасці, а яна, не жадаючы расчароўваць яго, усцешаная ўвагай, выдумляла ўсю тую лухту, адчуваючы сябе нібыта на подыуме, у захопліваючым дух экзатычным строі з паўлінавага пер’я, усмешка, фотаўспышка, дзякуй, міс! — сама пачынаючы верыць у сваю хлусню, яна натхнёна і западрабязна распісвала тыя быццам бы незвычайныя адчуванні, а ён — ён схапіўся за шанц вылечыць яе з самаўпэўненасцю студэнта-трэццякурсніка. Тады толькі пачалі з’яўляцца перакладныя публікацыі пра “работу з сімптомам”, пра вызначальны ўплыў псіхікі на фізічныя працэсы, і ён купамі цягаў ад “прасунутых” калег літаратуру, выпрабоўваў на ёй методыкі Віктара Франкла, Эрыка Берна, Луізы Хей: нібыта прынц абуджаную пацалункам прынцэсу, ён вызваляў яе з зачараванага замка, дзе час спыніўся шмат гадоў таму, а постаці караля і каралевы замерлі ў класічных паставах жаху згодна нейкаму старажытнаму, патрапанаму на згібах сцэнару з перадвызначаным трагічным канцом; ён прадзіраўся разам з ёю скрозь непралазныя пушчы парадаксальнай інтэнцыі, дзе дрэвы-вар’яты растуць каранямі ўверх і на гэтых пераблытаных, нібыта клубок яе страхаў, каранях спяваюць перасмешнікі; прымушаў яе па некалькі гадзін у дзень прысвячаць “рабоце з люстэркам”. Я люблю цябе, я люблю цябе, тупа паўтарала яна свайму адлюстраванню, — ён, стоячы побач, неяк перахапіў яе пагляд-адбітак, і пасля гэтага ўсё паміж імі пайшло ўжо не па кніжках.

Вядома, яна пакахала яго ад самага пачатку: пакахала свой адбітак не ў раўнадушным шкле, як таго патрабавала спадарыня Хей, а ў Сярожавых ўважлівых вачах, як, увогуле, толькі і ўмела любіць сябе, і тут нічога зрабіць было ўжо немагчыма. Як ёй хацелася, каб яе любілі! Таму і захоўвала сваю ганебную таямніцу, бо баялася, што ён прасякнецца агідай да яе сапраўднай, непрыдуманай хваробы — у тым, што гэта менавіта хвароба, яна аніколькі не сумнявалася і, як толькі ён сыходзіў, накідвалася, бы згаладнелы на хлеб, на пакінутыя ім кнігі, і чытала тых Юнга і Адлера, Франкла і Фрома, аж пакуль ёй не пачынала мроіцца, што яна сама — хадзячы падручнік па псіхіятрыі.

Прыкладам, Вікторыя прачытала, што фабіі, то бо навязлівыя страхі, характэрныя для розуму, звязанага з мастацтвам, з-за асаблівых схільнасцей такога розуму да звышпачуццёвага досведу. Зрэшты, яе мала ўсцешвала вытанчанасць кампаніі, у якой яна, дзякуючы тыпу свайго розуму, апынулася: Эдгар По, Гогаль, Гёльдэрлін, Кафка… Муж цярпець не мог усіх гэтых “неўротыкаў і псіхапатаў”. “Кафку трэба было лячыць у прымусовым парадку”, — самаўпэўнена зазначаў, пагладжваючы брытвай шырокае падбароддзе. “Але тады не было б “Ператварэння”, — пярэчыла яна, бо ў героях Кафкі са змешаным пачуццём жаху і задавальнення ад нарэшце такі знойдзенай суполкі (сукамернікі, няйнакш) пазнавала сябе. “Затое быў бы шчаслівы чыноўнік страхавой фірмы”, — адразаў ён. Асцярожна, каб не выклікаць падазрэнняў, дапытвалася, што б ён параіў “адной сяброўцы”, якая — “вось дзівачка!” — баіцца страціць прытомнасць у грамадскім месцы; ён нязменна рэкамендаваў “сяброўцы” адмовіцца ад трагічнага светаўспрымання, якое ляжыць у аснове ўсіх неўрозаў, і, вядома ж, меў рацыю. Быў час, калі Вікторыя зайздросціла тым, у каго ад нараджэння нервы — сталёвыя тросы і сэрца — “палымяны матор”. Гэта ўжо потым, потым, перад канчатковым разрывам з БМС, што супаў з яго захапленнем моднай заходняй навінкай — НЛП, то бо нейралінгвістычным праграмаваннем, яна не захацела ўступіць яму сваё асабістае права быць няшчаснай, і на яго ўзбуджаны віскат: “Чалавек — гэта біякамп’ютэр! Энэлпі зробіць усіх абсалютна шчаслівымі!” холадна паціскала плячыма: “Усеагульнае шчасце — улюбёная мара псіхапата”.

Не, не хацела б яна жыць сярод людзей, чый ранак пачынаецца з афірмацый тыпу “я люблю свае геніталіі”, а ўночы астылыя адзін да аднаго муж і жонка дружненька выконваюць практыкаванне “рэанімацыя рамантычнага кахання”. І яшчэ: яна цярпець не магла ўсіх гэтых жучкаватых, нахабных “фрэйдаў” сваёй гадоўлі, што з партыйнай эмпатыяй падаграюць на ленінскім агеньчыку пераляжалыя заходнія стравы, прыпраўляючы іх соусам уласных неадрэагаваных неўрозаў. Што да БМС, дык ён даволі такі паспяхова прыстасаваўся рабіць з лімона ліманад, а выціснутую скурку збываць па цане першагатунковых фруктаў. “Вылечыўшы” уласную жонку ад складанейшай формы “псіхагеннай алергіі”, ён настолькі паверыў у сваю геніяльнасць, што звольніўся з райпсіхдыспансера і адкрыў прыватную практыку: псіхакарэкцыя, кадзіраванне, пазбаўцеся ад залішняе вагі, забудзьце пра дэпрэсію, адчуйце асалоду жыцця — (“Селядзец “Матросік” — шчасце ёсць!” — падказвала Вікторыя пачутае з тэлеэкрана, чым прыводзіла яго ў шаленства). “Асалода” ды “шчасце” — гэта былі словы-фетышы, якімі ён жангліраваў перад абдуранымі суграмадзянкамі (бо менавіта жаночы элемент валам паваліў на ягоныя “сеансы”), як той доктар, што глянцавіта пасміхаецца (над намі ж, дурніцамі, і пасміхаецца!) у рэкламе зубной пасты альбо пракладак. Не хацела б яна жыць у свеце рэклам, якія прымушаюць чалавека стаць дасканалым — ідэальнае цела ў ідэальным аўтамабілі!— і тым робяць з яго неўротыка не менш паспяхова, чым партыйныя “чысткі”.

Неяк Вікторыя пабачыла, як у напаўцёмным пакоі адны “ад’еханыя” цёткі, распасцёршы рукі, у малітоўным экстазе стаяць “пад даляравым дажджом” (зразумела, уяўным), а другія, раскінуўшыся на канапе, чакаюць, пакуль “пан доктар” падыдзе па чарзе да кожнай і з пагрозлівым вокрыкам “Тлушч, сыходзь!” памацае яе праз адзенне за тлушчавыя складкі (Вікторыі адразу чамусьці ўзгадвалася лазнева-пральнае яе дзяцінства). Божачкі, думала яна, гэта ж да чаго трэба бабе дайсці: плаціць неблагія грошы за тое, каб яе чужы мужык памацаў! Дарэчы, потым ён забараніў ёй прыходзіць на “сеансы”, бо яна, маўляў, сваім скепсісам разбурае ауру веры, якую павінны мець пацыенты, каб “афірмацыі” спрацавалі. Ён даўно закінуў тыя разумныя кнігі, па якіх калісьці займаўся з ёю, — Франкла і Фрома замяніў свет рэкламных ролікаў. Не ў стане ўжо трываць, яна пісала фламастэрам і ўкладала ў папку для яго дзелавых (нібыта!) паперак “Рэкамендацыі ДБМ” (душэўна браніраваным мудакам — яшчэ адна прыдуманая ёю абрэвіятура):

пазбаўляйцеся ад вашага індывідуальнага “я”, а таксама — ад перхаці, непрыемнага паху з роту, жуйце гумку “Орбіт” ды псіхалагічную жуйку, якую выплюнулі ўжо заходнія ДБМ.

А як высветлілася потым — адной са шматлікіх яго пацыентак гэтыя рэкамендацыі прынеслі такі карысць, і не абы-якую. З’явіўшыся на яго “сеансах” з нейкімі хімернымі скаргамі, яна глядзела на “пана доктара” з захапленнем, шырока расхінаючы веі ў Max Factor’аўскай тушы (касметыка для прафесіяналаў!), як на наваяўленага беларускага Фрэдэрыка Перлза, а яму, як высветлілася, толькі тое і патрэбна было: ён таксама любіў не сябе, а свой адбітак у нечыіх закаханых вачах. Не выключана, што і ажаніўся ён з Вікторыяй для таго толькі, каб пастаянна глядзецца ў люстэрка свайго “ашаламляльнага поспеху”. Яна, Вікторыя, была яго талісманам, яго Перамогай, але аднойчы талісман узяў дый трэснуў. І ніякая “рэанімацыя рамантычнага кахання” — з дзесяці пунктаў, паўтараць перад сном, дыханне рытмічнае — не ў стане ўжо была дапамагчы.

Не, мала таго, што галаўны боль узмацніўся, дык цяпер яшчэ перад вачыма замільгацелі нейкія чорныя плямы, бы мошкі летнім днём мак таўкуць. Ды якія там мошкі — ужо чорны снег паваліў проста ў кабінеце, куды б яна ні перавяла пацяжэлыя зрэнкі: на стол, сцены з дыпломамі ў рамачках, што заваяваў палац культуры за гады яе дырэктарства… І ўсё гэта — і дыпломы, і званні, і рамонт даху, які выцягнула з дапамогай добрых людзей, ні капейкі не ўзяўшы з гарадскога бюджэту, і новая шыкоўная заслона на вялікай сцэне — усё-усё змыў учарашні дождж, злізнуў у калодзеж ліўнёўкі, бы каляровае смецце адгудзелага свята…

Але… ўчора яна не адчувала страху! Калі Кіраўніца злосна кінула: “Спыніце канцэрт!”, калі Куратар удваіх з Загадчыкам кінуліся выконваць загад, з заўзятасцю нацкаваных аўчарак уварваліся ў танец, пачалі хапаць дзяцей за рукі і сцягваць са сцэны (быццам бы розум ад страху страцілі бугаі, а было ж прасцей і больш па-чалавечы, ці што, даць знак аркестру змоўкнуць, падысці да мікрафона, падзякаваць і адпусціць танцораў), — дзяўчаткі ў нацыянальных касцюмах, нібыта раптоўна пабуджаныя, не маглі зразумець, чаго ад іх хочуць узмакрэлыя ад старання дзядзькі з вылупленымі вачыма, — і толькі яна, Вікторыя, што заўсёды тушавалася перад начальствам, на гэты раз не разгубілася, не абмерла ад страху, які спаралюшаваў усіх: і аркестр, што працягваў іграць, нібы заведзены, і рэжысёра, і вядучага — яна знайшла ў сабе сілы абняць дзяцей за плечы, прашаптаць словы суцяшэння і падтрымкі. І, не зрабі яна гэта ў той момант, хто ведае, чым абярнулася б для маленькай “зорачкі” Настачкі, якая танцуе ўжо на міжнародных конкурсах, нервовага, кволага анёльчыка, учарашняе падзенне? Беспрычынным (а то ж! знайдзі яе потым, прычыну!) страхам, які раптам, гадоў праз дваццаць, пачаў бы мучыць вядомую артыстку пры выхадзе на сцэну, і не было б на тое ніякай рады, а ў выніку — разбітая сям’я, зламаная кар’ера, а то і, крый Божа, такі вось пачак з транквілізатарамі — прыняць увесь цалкалкам, лепшая зброя супраць болю!—

які ляжыць зараз у яе, Вікторыі, сумачцы, як апошні аргумент у шматгадовай барацьбе з фабіяй.

Страх прыводзіць за сабой хлусню. А калі няма шчырасці, каханне памірае. Яе шлюб пачаў гінуць з той, самай першай хвіліны, калі яна ў кабіне ліфта схлусіла Сярожу. І апошняе, танютка-перарывістае, кволае дыханне яе кахання, бы бетоннай плітой ва ўзарваным тэрарыстамі будынку, прыдушыла ўсё той жа хлуснёй.

Перадусім Загадчык скіраваў яе ў камандзіроўку ў Мінск. Перапоўненая электрычка, “асцярожна — дзверы — зачыняюцца” і раптам — успышка ў мозгу, якая высвеціла за наўмысна-дэкаратыўным фасадам таго снежаньскага ранку іншы, сонечны і спякотны: зялёнае ад недасыпу дзяўчо вяртаецца ў смуродлівай электрычцы дадому пасля экзаменаў у інстытут (здадзеных, дарэчы, на пяцёркі), страўнік зводзіць сутаргаю голаду, калі б не потныя целы, прыціснутыя да яе з усіх бакоў, яна ўпала б проста на падлогу. “Жанчына, тут свабодна?” — пытаецца бабулька ў футры і пуховай хустцы. “Дяўчынка, табе ўжо лепш?” — пытаецца дзядзька ў тэнісцы, ён чамусьці трымае яе на руках — я ўпала? няўжо ўпала?! — свядомасць вяртаецца, мятны пах карвалолу, голас машыніста ў дынаміку — медыка просяць прайсці ў адпаведны вагон, да яе не адразу даходзіць, што гэта яна — віноўніца перапалоху. “Жанчына, я трэці раз у вас пытаюся, ці свабодна тут?” — нарэшце, яна чуе і — які жах! — бачыць, што чыноўнік з гарадской адміністрацыі, які сядзіць насупраць, пачынае ўжо са здзіўленнем на яе пазіраць. І тут жа, як па сігналу “трывога!”, сэрца заходзіцца барабанным боем, кроў, што струменіцца ў сасудах, гатова выйсці з берагоў, рушацца наведзеныя масты, ядры б’юць па сваіх жа, разведчыкі перабягаюць на бок ворага...

Толькі б не ўпасці, толькі б не…

Вікторыя праціснулася ў тамбур: усюды — людзі-людзі-людзі, драпежна-цікаўныя пагляды. Супакоілася толькі, калі знайшла прыбіральню і зачынілася там — уф, нарэшце, адна! — і нават, разглядаючы свой спалатнелы твар у люстэрку пудраніцы, паспрабавала пажартаваць над сабой (хоць якія там жарты): калі ў яе і сапраўды — алергія на пахі іншых людзей, дык чаму ж смурод урыны раздражняе яе зараз менш, чым даволі прыстойны пах вагоннага натоўпу?

На наступнай станцыі яна выйшла.

У той вечар, збянтэжаная — яна ж думала, што страх пакінуў яе назаўсёды! — сказала мужу, што прыступ “алергіі” паўтарыўся. Ён прамаўчаў, не адводзячы вачэй ад тэлевізара, вось тады дык яна і ўцяміла, што паміж імі — усё скончана, што яна не кахае яго больш. І класічны шлюб доктара і выратаванай пацыенткі, увекавечаны ў літаратурах свету, на “тутэйшым” узроўні не атрымаўся — хіба што пародыя, не болей. Пяць год таму страх нікуды не дзеўся, ён проста адступіў са змяіным шыпеннем, звіваючыся кольцамі, перад адзінай у свеце сілай, супраць якой нічога не можа зрабіць: перад каханнем. Любоўнае зелле, якім апаіў яе прынц ля зачараванага замка, перастала дзейнічаць, і страх вярнуўся. І тое, што Сяргей разлюбіў яе, таксама праўда: вось ён маўчыць і думае зараз не пра яе, а пра тое, што пацярпеў фіяска, што ніякі ён не беларускі Фрэдэрык Перлз, а правінцыяльны шарлатан, які дурыць пакутуючых на атлусценне забяспечаных дамачак ды іншых фрустрыраваных ідыётак, аб чым ён, між іншым, і сам даўно здагадваўся. Ён таксама насіў у сабе свой страх прыніжэння, і ратаваўся, як мог — улюбёнымі вачыма той жанчыны, якая, пэўна, была ідэальным спажыўцом рэклам і “карысных парад” у часопісах — ты крутая і класна выглядаеш! а цяпер — дзесяць спосабаў спаймаць яго на кручок! — так, тая кабета вучылася жыць па глянцавых дамскіх часопісах, а не па кнізе “Як гартавалася сталь”. Што ж, яна правільна ўсё разлічыла, дакладней — “праінтуічыла” нутраным, жывёльным чуццём самкі, якое такім ад нараджэння даецца замест розуму: Вікторыі ў той момант было не да “рэанімацыі рамантычнага кахання”, бо яна стамілася ад пастаяннага напружання шматгадовай хлусні, ад бясконцых войн, якія вялі паміж сабой два яе “я”.

У ёй ужываліся (дакладней, ніяк не маглі ўжыцца) дзве розныя асобы; адну з іх, Упэўненую Пані, пераможцу з аптымістычна-дзелавітай манерай паводзінаў, Вікторыя скіроўвала ў свет у якасці пасла сваёй унутранай дзяржавы. Паслу і паўпрэду даводзілася пад афіцыйнай усмешкай дыпламата хаваць дурныя звесткі: на радзіме — мор, чума, грамадзянская вайна, а тут, на бліскучым паркеце свецкіх прыёмаў, у атачэнні шпіёнаў ды тайных нядобразычліўцаў, трэба як мага натуральней пасміхацца, як мага мацней паціскаць працягнутыя рукі, паўтараючы:“Very qlad to see you” [2].

Упэўненая Пані кіравала палацам культуры, добра пастаўленым голасам вяла перамовы са спонсарамі, улагоджвала начальства: а то ж — Вікторыя! Імя ёй выбіраў дзядуля-ардэнаносец: “Мая ўнучка мусіць быць вартай нашай Вялікай Перамогі!” І яна рупілася з ўсіх сіл “быць вартай” — спачатку піянеркай, потым камсамолкай, і, нарэшце, “маяком мясцовай культуры” — крылатая багіня Перамогі, якая раптам, бы тая старажытная Ніка, губляла галаву, і, як п’яны рыбак у палонку, правальвалася ў сваё дзяцінства. І тады месца Упэўненай Пані займала дзяўчынка-падлетак — тая дзяўчынка, што дваццаць год таму ў паніцы чакала прыходу маці з працы: ад страху ў яе балеў жывот, яе ванітавала, ногі падкошваліся; як толькі стрэлка гадзінніка набліжалася да шасці, яна пачынала, бы падстрэленая, мітусіцца па кватэры, спрабуючы прадбачыць, што на гэты раз стане пускавым механізмам скандалу: дрэнна выкручаная ануча для посуду? пясок ад абутку на падлозе? — яна спяшалася патушыць іскры магчымага пажару — паслухмяная дзяўчынка, выдатніца, член савета піянерскай дружыны — але маці заўсёды, заўсёды знаходзіла прычыну: дрэнна накрухмалены каўнерык школьнай формы, беспарадак у пісьмовым стале… “Нікчэмнасць! Дрэнь!”— істэрычна крычала маці, шпурляючы ёй у твар выдраны з “мясам” каўнерык, выварочваючы на падлогу скрыні пісьмовага стала. У маці быў гучны, добра пастаўлены голас, звыклы да выступленняў з трыбуны, і калі назаўтра па дарозе ў школу суседка з’едліва цікавілася, хто ў іх так віскоча штовечар, Вікторыя, запунсавеўшы, адказвала: “Тэлевізар…”

Вось у гэтую зацкаваную, сцятую дзяўчынку, з потнымі далонямі, у падлетка, які саромеецца свайго цела, яна ператваралася, шпарка губляючы на зваротнай дарозе свой дарослы вопыт і багаж “адносін”, варта было БМС абняць яе ў цёплым святле начніка. У час “кантакта” (яго слоўка: не каханне, не секс, а — кантакт, бы з іншапланецянамі, ці вось яшчэ — “абмен вадкасцямі ў працэсе тактыльных адчуванняў”, для яго, прыдурка разумнага, быў чамусьці важны менавіта гэты “абмен”, ужываць прэзерватывы ён наадрэз адмовіўся, а дзяцей не хацеў, бо дзеці, бач ты, перашкода “свабоднаму развіццю асобы”, і яна, добрая, паслухмяная жонка, збегала два разы на аборт, пасля чаго, пэўна, назаўсёды страціла магчымасць зацяжараць), побач з ім яна пачувалася абсалютна бясполым кавалкам гліны, і цяжка сказаць, што было прычынай: яго дурныя псеўдамедыцынскія клішэ ці яе не менш дурное “усё мусіць быць прыстойна” — маміна спадчына, замест падушак з гусіным пухам ды вышытых крыжыкам рушнікоў атрыманы пасаг. Усё “непрыстойнае” трэба было хаваць, як утаіла яна ад мужа сваю фабію, як утаіла ад маці свае першыя месячныя, таму што паняцця не мела, што гэта з ёю адбылося; сказаць пра тую ганьбу маці было немагчыма, — тая, убачыўшы аднойчы ў акно, як Вікторыю возіць на раме веліка хлопчык з першага пад’езда, кінула ёй дома ў твар пагардлівае “курва!” — і яна панесла свой сорам і жах ува двор, дзе нарвала трыпутніку, бо ведала: трыпутнік ужываецца, каб спыніць кроў, — і дома напхала лісця сабе ў трусы, а калі ўсё выявілася, забілася ў вугал паміж крэслам і падаконнем, дзе заўсёды хавалася, але маці на гэты раз не абазвала яе ні “курвай”, ні “дрэнню”, а суха патлумачыла, што “гэтая гідота” будзе адбывацца з ёю кожны месяц. “Чаму ты такая зацятая? Ты, пэўна, фрыгідная”, — гаварыў БМС, адваліўшыся ад яе і цяжка дыхаючы, а яна проста баялася штосьці зрабіць не так, яна пачынала кантраляваць сябе, думаючы толькі пра тое, ці дастаткова яна сексуальная (“ці добра накрухмалены каўнерык?”) і, вядома, тут і гутаркі не магло ісці пра яе аргазм.

І аднойчы яна пагрозлівым вокрыкам загнала тую дзяўчынку ў яе схованку, і ўпусціла ў шлюбны ложак замест сябе Упэўненую Пані з узбуджальным водарам мускусу, у экстра-класным чырвоным бюстгальтары і такіх жа стрынгах, — БМС, прасцяк, быў падмануты гэтымі піратэхнічнымі эфектамі, феерверкам штучнай жарсці, ён здрадзіў ёй, сваёй Вікторыі, з гэтай лжэ-Вікторыяй! Яна імітавала “бурны аргазм” (табе, даражэнькі, трэба? на, атрымай!), шчабятала “мілыя глупствы”, і ён, дурненькі, пыхцеў ад асалоды: “Ты сёння проста цудоўная!” А ёй крычаць хацелася, бо ўхваленні тыя прызначаліся не ёй, не ёй! Ці магла яна расчараваць, агаломшыць яго, яшчэ цёпленькага, разамлелага пасля “кантакту”, сваімі ранамі дзяцінства — “о, поле, хто цябе засеяў мёртвымі косткамі?” — сваім унутраным полем бітвы, дзе крыкі груганоў ды стогны паміраючых? І ёй заставалася іграць да канца сваю прыкрую ролю, але на гэта моцы ўсё часцей не хапала, яна не вытрымлівала, як доктар Джэкіл, твар якога скрывіла сутарга Хайда, — я быццам бы нацягнутая струна! — бо ўсё цяжэй станавілася заглушаць у сабе гукі пякельнай бойкі, той міжусобіцы, якую бесперапынна вялі два яе “я”. “Ніяк не магу зразумець, — здзіўляўся БМС, гладзячы яе пругкі, бы шкарлупіна зялёнага арэха, жывот, — гімнастыкай не займаешся, а які прэс накачаны!” — а ў яе нават у ложку (у ложку — асабліва!) усе мышцы былі напружана-сцятыя. Ці доўга можна было вытрымаць такое?

Пасля яго сыходу ёй засталося ўбогае суцяшэнне, бездапаможны смяшок: які ж ты Фрэйд, мой дарагі, калі клаўся ў ложак з жанчынай і не зразумеў, што яна не тая, за каго сябе выдае. Яна вярнула яму “прасунутыя” кнігі і раздрукоўкі афірмацый, якія могуць вылечыць усё — ад няшчаснага кахання да гемароя, у думках пагрузіла іх назад у той ліфт студэнцкай “абшчагі”, у якім БМС паехаў далей з уважлівай чытачкай жаночых часопісаў — уверх? ці ўніз? — а ёй засталася пляцоўка паміж паверхамі — no man’s land, нічыя зямля. Вось толькі кніжку Юнга яна сабе пакінула, таму што была згодная з разуменнем чалавека як істоты не механістычнай, а загадкавай і па-за часам, якая ў крылатых снах узносіцца да свайго страчанага сапраўднага “я”, адзінага і шчырага, якое адшукаць давядзецца і ёй, Вікторыі.

І тады страх назаўжды пакіне яе.

Усё, што з сябе выціскала па кроплі жоўта-зялёнага гною, а рана зноў і зноў ускрывалася свішчом, усё горшае, да чаго ў сабе ставілася з пагардай, гэтаксама было маміна, ад мамы навучанае, яе нязменнае “ласкавае цяля дзвюх матак ссе”, калі, збіраючы яе на святочную лінейку першага верасня, маці загадвала дарыць букет толькі класнай кіраўніцы, і як пры гэтым трэба ўсміхнуцца, і што менавіта сказаць, каб цябе вылучылі з белафартуховага натоўпу, запомнілі цябе і твой букет, які маці прыдзірдіва выбірала, а потым брутальна таргавалася, шпурляючы напрыканцы бабульцы ў падол скамечаны рубель. Гэта таксама было адтуль — твар маці, пахмурна-зласлівы, яна цягнула Вікторыю па вуліцы ледзь не волакам, распякаючы за плямку ад марожанага на сарафане з такой лютасцю, нібы ад той плямкі залежаў, па меншай меры, запуск арбітальнай станцыі “Саюз”, і як гэты твар раптам расцвітаў ялейнай усмешкай, намаляваным сонейкам з прамянямі-шчупальцамі, калі насустарч ім ішоў дырэктар завода, дзе маці працавала начальнікам цэха. І хваравітае імкненне заслужыць — пахвалу, дыплом, упамінанне ў дакладзе — было мамінай спадчынай… Ну, а ўпасці ў вачах “паважаных людзей” — лепш наогул не з’яўляцца на гэты свет! Калі пасля ўчарашняга правалу Куратар, характэрным жэстам папраўляючы гальштук, бы зашмаргу, адмацярыў Вікторыю з Загадчыкам проста на плошчы, пры ўсіх, — першая яе, неўсвядомленая яшчэ ўзгадка была — пра маму: божачкі, што б яна сказала! І — другая, ужо цалкам усвядомленая: як добра, што яе няма.

Жыў-быў заяц, і ўсяго ён баяўся…

Не, не заяц — хутчэй шэрая мышка, — нездарма дырэктар кінапракату, мажная бабішча, упершыню пабачыўшы яе на нейкім фэсце (дагэтуль размаўлялі толькі па тэлефоне), змерыла здзіўленым паглядам: “Вы — Вікторыя Хоміч? А я ўяўляла вас гэткай культурысткай з біцэпсамі!” — гэтак ёй удалося нават голас свой аўтэнтычны заглушыць фанаграмай Упэўненай Пані! Калі яе шэсць год таму прызначылі дырэктарам гарадскога палаца культуры, дах “плакаў” па рамонце, так што на сцэне стаялі лужыны, а заслона нагадвала прасціну, на якой з месяц праваляўся ляжачы хворы. Лепшыя памяшканні папярэдні кіраўнік здаў камерсантам пад офісы, але арэндная плата не паступала, нахабныя дзялкі ў даўгіх чорных плашчах пхалі ёй банкаўскія квіткі на нейкія аплочаныя імі будматэрыялы, якія невядома дзе аселі, і Вікторыі давялося займацца скасаваннем дагавораў, апячатваць іх факсы-камп’ютэры, выслухоўваць сцэджаныя скрозь зубы пагрозы, але гэтых, падобных да прусакоў у сваіх аднолькавых плашчах, яна не баялася (ці не таму, што яны не належалі да катэгорыі “паважаных людзей”?). За першыя тры гады яе кіраўніцтва “захезаны” правінцыйны “дэка” выбіўся ў шэраг “лепшых культурных цэнтраў вобласці”, як рапартавала мясцовая раёнка. Дзіцячы танцавальны калектыў сталі запрашаць на міжнародныя конкурсы, самадзейны тэатр атрымаў званне народнага. А потым пайшлі юбілеі мясцовых заводаў, так што прыведзеная ў “таварны выгляд” вялікая зала ледзь паспявала праветрыцца ад трэцегатунковай французскай парфумы, затое з’явілася капейка на рамонт даху. На ўрачыстым сходзе з выпадку восьмага сакавіка Загадчык назваў Вікторыю “міс Рашучасць”. А яна была проста выдатнай акторкай і хавала за фасадам лжывай асобы свой страх.

Толькі б не ўпасці, толькі б не…

Страх, як высветлілася, быў адзіным верным яе сябрам і палюбоўнікам. Спачатку яна — смешна ўспомніць! — спадзявалася, што БМС, прываблены яе новай значнасцю, вернецца, — ён і вярнуўся: па рэчы, павіншаваў яе з высокай пасадай: “ Заўжды ведаў, што ты жанчына дужая, ты вытрымаеш. А вось Галачка — яна слабая… паказала вугалок канапы, дзе сядзіць і плача, калі я на працы затрымліваюся…” Вікторыя і тады не заплакала, слёзы скамянелі пад павекамі. Так, я — дужая. Я ўсё пераадолею. Вось гэтак жа ў дзяцінстве, імкнучыся даказаць маці, што яна, Вікторыя — не “нікчэмнасць”, вызубрывала, бы вершы, параграфы ненавіснай фізікі, у якой анічога не цяміла, хоць плач, да світання сядзела за алгебрай — і атрымала такі медаль, няхай сабе срэбны, не залаты! Дарэчы, маці, пакуль яшчэ была жывая, заходзячы ў палац культуры, заўсёды знаходзіла, чым яе ўпікнуць: бруднае акно над лесвіцай (а яно спраектавана на чатырохметровай вышыні, прыбіральшчыцы баяцца залазіць!), п’яны заўгас, — і яна ўціскала галаву ў плечы пад градам здзеклівых фраз, нават, здаецца, меншала ростам — ну мышка і ёсць! — зусім як у дзяцінстве, калі маці распякала яе за дрэнна выкручаную бялізну, а ў яе проста не было, не было сілы яе выкручваць!

Вікторыя не любіла сваю дырэктарскую працу, хоць і рабіла яе на “выдатна”, як у школе — тую фізіку (па-іншаму проста не ўмела), а часам дык проста ненавідзела, як вось перад гэтым фэстам, што праваліўся: Куратар, прызначаны на “культурную” пасаду пасля станцыі юннатаў, дзе ён вырошчваў капусту на градцы, настойваў, каб дзеці ў фінале канцэрта вынеслі на сцэну прадукцыю мясцовых харчовых прадпрыемстваў: “Гэта спадабаецца гасцям!” — і Вікторыя доўга і “паліткарэктна” пераконвала ўладнага мужа ў абсурднасці ідэі, і сіл на гэта паклала забагата. У такія моманты яна выдатна адчувала, што ўсё гэта — не яе, зусім не яе.

Для ўдзелу ў “мерапрыемствах” яна з гідлівасцю ўлазіла ў даўгія спадніцы, апранала яркія строі, а ў штодзённым жыцці апраналася сціпла, каб не заўважалі: шэранькі касцюм, ніякай касметыкі, толькі памада, каб вусны не трэскаліся, а яна, між іншым, была прыгожая, з ладнай постаццю і выразнымі рысамі твару, праўда, крыху ацёклага з-за хваробы сасудаў (“Дзіўна — чаму ты не падкрэсліваеш лепшае ў сваёй знешнасці, як іншыя жанчыны?” — пытаўся БМС, калі яшчэ заўважаў тое лепшае, а потым і ён перастаў заўважаць — брава, шэрая мышка-нарушка!). Задумаўшыся тады над яго словамі, яна неўзабаве зразумела, што і тут, па прыкладу старажытных паляўнічых, спрабуе заклясці страх, падмануць злы лёс — каб не заўважыў, прайшоў узбоч, хапаў яркіх і стыльных. Што ж, яна і аказалася мышкай, якая трапіла ў жорны фабрычнай мясарубкі, і ёй пераломвала ўжо хрыбет, а яна ўсё яшчэ верыла ў выратавальную моц “ні пуха, ні пер’я”. І ў дырэктарстве тым, няхай яму ліха, калі падводзіць вынік (сакратарка, пэўна, ужо друкуе загад), не знайшла яна ніякай самарэалізацыі яшчэ і таму, што рэалізоўваць самасць можна толькі ва ўмовах свабоды, а там, дзе патыхае страхам, там свабоды няма, няма.

Пах страху — гэта пах поту, што ніякім “дэзікам” не пераб’еш; яе праймала наскрозь гэтым асабліва ліпкім, атрутным выпарэннем, варта было настольнаму календару адкрыцца на беглым запісе “нарада — 14.00”. І тут ужо голас Упэўненай Пані рабіўся падталым, нібы гук на страціўшых зарад батарэйках, і ўнутры яе раздаваўся… нават не голас, не — утробны піск мышкі-нарушкі, што ліхаманкава мітусілася ў пошуках якой-кольвек дзіркі ў падлозе, бо ў актавай зале мясцовай адміністрацыі, дзе яна вымушаная была прысутнічаць па службе, да яе вяртаўся стары дзіцячы страх, як быццам бы яна зноў сядзела, намыленая, на лаўцы ў лазні альбо крочыла ў натоўпе дэманстрантаў пад выявамі правадыра. Пэўна, ні Франкл, ні Берн, ні іншыя “прасунутыя” сападары не здолелі б патлумачыць, якое ў тых сітуацыях мелася падабенства, хай яму спрахнуць, а яна — хіба яна была разумнейшая за іх? Адно Вікторыя ведала дакладна: усе гэтыя “карцінкі” з выявамі кіназалаў, піянерскіх лінеек, мітынгуючых плошчаў, будатрадаўскіх лазняў, электрычак і аўтобусаў, дзе яна калі-небудзь зведала страх падзення, перамяшаліся ў яе мазгах, бы адначасова ўстаўленыя ў праектар слайды, ствараючы фантасмагорыю кашмараў, дзе рысы рэальнага свету былі ўжо непазнавальныя. І дарэмна яна ўгаворвала сябе, бы тое малое дзіця, не баяцца — нехта ў ёй, дурны і палахлівы, не верыў даросламу разумнаму голасу. І яшчэ: у студэнцкія гады ўзровень страху, бы вада ў час прыліву, даходзіў ёй ў горшым выпадку да падбароддзя, і яна магла дыхаць і нават плыць па-сабачы, рыўкамі; цяпер усё было значна цяжэй: моташлівая каламутная жыжка накрывала яе з цемечкам — няўжо гэта і ёсць слынны крызіс сярэдзіны жыцця? Яна ўзнімалася на трэці паверх “белага дома”: лыткі дрыжаць, падпахі ўзмакрэлі...

Божа, за што гэта мне?

Перапоўненая зала, пчалінае гудзенне, — ад паскоранага сэрцабіцця звінела ў вушах, але вось тут дык і патрабавалася выклікаць з дыпкорпуса Упэўненую Пані: уперад, пасол! Для ўсіх Вікторыя была “вторым лицом в культуре”, і паводзіць сябе абавязана была — сляпое падпарадкаванне ролі, правінцыйны сіндром — адпаведна: “прыстойна”. Як мама вучыла.

Залу зачынялі цяжкімі дубовымі дзвярамі, і нібыта выбуховая хваля ўціскала яе ў чырвонае крэсла, усё плыло перад вачыма ад малатабойных удараў сэрца. Яна глытала таблетку рудатэля, працягваючы бесклапотна смяяцца з Намеснікам (“Што гэта ў вас?” — “Так, цукерачка”. — “Салодкая вы жачына!”), — па вопыту яна ўжо ведала (а як жа — яна вывучала сваю фабію, як інвалід вывучае сваё калецтва), што самая цяжкая — першая гадзіна. Потым стане лягчэй (цікава — чаму? цела перастройваецца на аварыйны рэжым, ці што?), а бліжэй да канца нарады нудлівае напружанне наогул знікне, пакінуўшы пасля сябе, бы параненых на полі бою, стомленасць у мышцах, як пасля цяжкай фізічнай працы, ды пакутлівы галаўны боль.

Толькі б не ўпасці, толькі б не…

Цыркавому акрабату, што трасецца ад страху сарвацца і нацягвае ўнізе сетку — вось каму прыпадабнялася Вікторыя на тых зборышчах, толькі сеткай была яе ўласная нервовая сістэма, нацягнутая да невыноснага напружання. І — абсалютна бессэнсоўна: калі сетка акрабата ўсё ж выратоўвае яго ў выпадку падзення, з яе “сеткай” атрымлівалася якраз наадварот: чым мацней яна нервавалася, тым большай была верагоднасць, што страх спраўдзіцца. Цяпер ужо сам страх, а не слабасць сасудаў, стаў яе ворагам.

Як перамагчы страх страху?

Гэта стала галоўнай воссю, вакол якой круціліся яе думкі і памкненні. Яна яшчэ не жадала здавацца, яна ў адзіночку шукала спосаб адолець страх, узгадвала кніжных герояў, чыя перамога над уласным целам натхняла яе ў юнацтве. Чаму ж нічога не дапамагае цяпер? І куды падзелася яе воля? Зрэшты, воля якраз была пры ёй, пакуль што — пры ёй, гэта дзякуючы волі ёй удавалася не кідацца ў паніку, а Упэўненай Пані ўваходзіць у залу гарадской адміністрацыі. Але воля нічога не магла зрабіць з самім страхам: там, за межамі дзеяння волі, пачыналася суцэльная цемра, вуглы, зацягнутыя павуціннем, заваленыя спарахнелым хламам даўно памёрлых продкаў…

Наладзіць кантакт с той планетай душы, якая церпіць бедства, не ўдавалася, хоць плач. Спачатку Вікторыя спрабавала ўздзейнічаць на баязлівіцу ў сабе лагічнымі доказамі, як тое рабіў, прыкладам, Зошчанка (знакаміты гумарыст быў махровым неўротыкам, баяўся задыхнуцца ў працэсе ежы, сканаць раптоўна ад сардэчнага прыступу, — а Гогаль, той дык увогуле ні есці, ні спаць не мог, як усе людзі, і вось пытанне: што ж тады іхні гумар — гіперкампенсацыя штодзённага жаху?) Дарэчы, страхі нібыта развіталіся з сумным і няшчасным аўтарам “Вясёлых праектаў” і “Шчаслівых ідэй”, як толькі ён зразумеў іх “нелагічнасць”. Але яе, Вікторыны, страхі плявалі на логіку. У момант уяўнай небяспекі механізм страховачнай “сеткі” уключаўся аўтаматычна, бы нехта ў ёй паварочваў да ўпору ручку тумблера, і колькі б Вікторыя ні паўтарала пра сябе загадзя падрыхтаваныя фразы — я ўсведамляю, адкуль узяўся дурны страх, я дужэй за інфантыльны рэфлекс — у адказ раздавалася адно толькі здзеклівае пахіхікванне. Вораг быў унутры яе, і яна ніяк не магла выклікаць яго вонкі, каб з ім памерацца сіламі, а на сваёй тэрыторыі ён перамагаў заўсёды, так, заўсёды. Аднойчы яна, узгадаўшы славуты метад парадаксальнай інтэнцыі, якім калісьці БМС спрабаваў лячыць яе “алергію”, далібог, цікавы метад — самой захацець здзяйснення таго, чаго баішся, — улезла, стрымліваючы зубны дробат, у перапоўненую электрычку проста так, у выхадны дзень, ёй нікуды не трэба было ехаць — пачуццё было такое, быццам бы яна гладзіць супраць поўсці звяругу, які пакуль толькі скаліцца і пагрозліва рыкае, але тут у вагон увайшлі некалькі чыноўных дамачак з яе атачэння, і ўяўленне адразу ж намалявала карціну яе падзення на запляваную падлогу, кісла-салодкія ўсмешачкі, спачувальныя пагляды… на бліжэйшай станцыі яна выйшла.

Потым Вікторыя змяніла тактыку. Убіўшыся ў аўтобус — зразумела, перапоўнены, іншыя для яе мэты проста не падыходзілі — яна ў думках выбірала з цяжка дыхаючага натоўпу чалавека, здольнага да спачування. Гэта было нескладана: тыя, хто ездзіць не на службовых “Волгах” і, вядома ж, не на ўласных “мерсах”, звычайныя пасажыры грузных развалінаў з прадранай гумай “гармоніка”, скрозь якую за каўнер ляцяць пырскі дажджу ці снегу, а сядзенні нібыта доўга дралі ікламі дзікія драпежнікі, — усе тыя маршчастыя бабулькі з неабдымнымі клункамі, напакаванымі цаглінамі хлеба, ці з накрытымі чыстай анучай кашамі, з якіх раздаецца папіскванне куранят, тыя дзядзькі ў брудных ватоўках здаваліся ёй больш спагадлівымі, чым яе выглянцаваныя наменклатурныя калегі. І ўсё ішло гладка, пакуль які-небудзь “белы каўнерык” не праціскваўся ў аўтобус.

Быў час, калі яна размяркоўвала ўпадабаныя ёю думкаформы па днях тыдня. Так, у панядзелак па дарозе на працу казала сабе, што людзі, па сутнасці, добрыя і спагадлівыя; у аўторак — што ёй увогуле пляваць і яна не абавязана нікому падабацца; у сераду вызначала, што страх — эмоцыя неканструктыўная: а раптам нічога не здарыцца — тады, выходзіць, дарэмна баялася; у чацвер канстатавала, што ёй надакучыла баяцца — і ўсё тут; у пятніцу высвятляла, што чым карацей і афарыстычней думкаформа, тым лепш яна ўздзейнічае. Вось гэтая фраза: “ніхто мне не суддзя”— дазволіла, абапіраючыся на яе, бы на мыліцу, у суботу патаўхацца на базары і зрабіць неабходныя пакупкі. Думка яе ўвесь час блукала ў пошуках ідэальнага афарызма-ключа, які падыдзе да “замка”, раз і назаўсёды адчыніць падвалы падсвядомасці, але трапляліся нейкія аднаразовыя адмычкі. Неяк яна стаяла, страшна напружаная, на аўтобусным прыпынку, механічна чытала прыклееныя да слупа аб’явы, і раптам на вочы трапілася: “Прадаецца каўказец, кабель”, — божачкі, ці ж можна усур’ёз успрымаць людзей, што пішуць падобныя тэксты, не ўлоўліваючы падтэкстаў? У аўтобусе яна нават развесялілася, спрабуючы ўявіць сабе аўтара аб’явы, пэўна, гаспадара двухпавярховага цаглянага катэджа з безгустоўнымі вежкамі, аматара пакалупацца запалкай у зубах пасля чарговай оргіі стрававання. Шкада толькі, што “адмычкі” былі недаўгавечныя: назаўтра даводзілася шукаць новыя формулы.

Між іншым, дзякуючы таму “каўказцу”, да Вікторыі, нарэшце, дайшло, чаму не спрацаваў славуты метад парадоксу: хацець ажыццяўлення свайго страху патрабавалася з гумарам — вось у чым была ўся справа! Яна ж сябе ад роду-веку памятала проста такі паталагічна сур’ёзнай. Зрэшты, асобны род гумару быў і ёй зразумелы, думала Вікторыя ў самыя чорныя свае хвіліны: прыкладам, той смяшок, з якім Калігула адказаў закаванаму ў кайданы рабу, што папрасіў у аўгусцейшага імператара смерці, — не дакранаючыся да мяча, Калігула філасофскі зазначыў: “Хіба цяпер ты — жывеш?”

Вартае ўвагі пытанне.

Хіба жыве насамрэч закаваны ў кайданы раб, які на “ўвесь свет вялік” у парыве самапрыніжэння тлумачыць: “Я мужык, дурны мужык”? Ідэальны сеанс лінгвакарэкцыі, між іншым. Бо калі доўга прымушаць дзяцей паўтараць нейкую рытмічна арганізаваную фразу, прычым, паўтараць так, каб яна клалася на душу, то такая “афірмацыя” кадзіруе псіхіку лепей за любую ідэалогію, балбатню якой мы звыкла прапускаем міма вушэй. І без таго ў нас зашмат тых, хто нясе знутры на сятчатцы вока вобраз сябе, дурнога і няўмелага, якім “кожны пагарджае”, і, гледзячыся ў гэтае люстэрка, несвядома падганяе арыгінал пад адбітак. Дастаткова прайсціся, прыкладам, па вуліцах ды хаця б іхняга правінцыяльнага гарадка: насустрач трапляюцца мужчыны з ватнымі, як пасля глыбокага наркозу, тварамі, у нязменных спартовых нагавіцах і нібы на сметніку знойдзеных чаравіках, з нейкім агульным выразам інфантыльнага неўразумення на выцягнутых па-авечаму, няголеных тварах, якія ажыўляюцца адно пры характэрным гуку, які суправаджае перамяшчэнне вадкасці з бутлі ў гарляк; жанчыны, рана звялыя, горы цеста, за якімі ледзь пазнаюцца танюткія дзяўчынкі з выпускнога фотаздымку, зробленага на доўгую памяць — аксамітнай “кніжачкай”, з нейкай старэчай безнадзейнасцю ў вачах яшчэ цягнуць на сабе, лічы, усё: працу, дзяцей, паваляку-мужа, грымучы мацярынскі інстынкт вывозіць, а мужчыны ўвогуле апусціліся, прыціснутыя страхам перад будучым.

Чалавек жыве да тых пор, пакуль чагосьці чакае; калі ж у будучым адно безвыходнасць (вобраз-адбітак “дурня” на сятчатцы, нашэптванне ўнутранага суфлёра), ён перастае быць адкрытым да жыцця, становіцца нібы цэмент, які “схваціўся”, застыў. Становіцца лёгкай здабычай страху. І тады пачынаюцца алкаголі, траўмы, рак, суіцыды — ніколі яшчэ з часоў вайны не памірала па-дурному столькі маладых мужчын! Неяк, гартаючы мясцовую “раёнку”, якая дзеля прыцягнення падпісчыкаў стала друкаваць штотыднёвую статыстыку, так бы мовіць, кардыяграму жыцця райцэнтра (нарадзілася 8 дзяўчынак і 13 хлопчыкаў, памёрла 32 чалавекі, паступіла ў траўмапункт 96 : збітых — 23, з нажавымі раненнямі — 15, суіцыды — 13... ), Вікторыя зрабіла просценькі падлік і жахнулася: каля чатырох дзесяткаў замахаў на самагубства штомесяц у іхнім параўнальна невялікім гарадку! А потым ёй трапілася на вочы заметка, распаўсюджаная, між іншым, афіцыйным інфармацыйным агенцтвам:

Псіхічнае здароўе патрабуе ўвагі

Беларускія медыкі занепакоены вялікай колькасцю суіцыдаў, што адбываюцца ў краіне, якія выйшлі на трэцяе месца ў паказчыку смяротнасці насельніцтва. У мінулым годзе, напрыклад, добраахвотна развіталіся з жыццём больш за тры тысячы чалавек.

Вучыць людзей не баяцца — вось што тут трэба, думала Вікторыя. Народ, які баіцца будучага, не выжыве. Але, каб процістаяць страху, трэба найперш павытраўліваць на ўнутранай паверхні сятчаткі вобраз раба, упэўненага ва ўласнай нікчэмнасці (“Нікчэмнасць, дрэнь!” — як свярбіць гэта, у плоць і кроў урэзанае веданне!) і, насуперак таму, чаму нас вучылі, стварыць унутраны партрэт... не пераможцы, не (бо — адкуль?!), а хаця б — змагара. Нават калі ты асуджаны на асабістую паразу і ведаеш гэта. Так, нават тады. Змагацца з ўласным пачуццём безвыходнасці, неяк актыўна дзейнічаць па паляпшэнні свайго становішча. Хіба ж не сутаргавымі, напачатку бязладнымі рухамі — абы не патануць! — выцягвалі сябе з багны іншыя народы, як тая слынная жабка, што збіла смятану ў масла, спрабуючы выбрацца з пасткі? Але талерантныя беларусы абралі свой спосаб “бунту”: калектыўны зыход у небыццё. І нашае пагрозлівае “стрэльбы, хлопчыкі, бяры!” абарочваецца банальным забойствам: пасля сумеснага распіцця спіртнога сякерай рассёк свайму бацьку чэрап... муж нанёс жонцы 12 нажавых ран, ад якіх кабета сканала... мужчына на падпітку падпаліў уласную хату, у якой спалі двое ягоных дзяцей, а сам пайшоў у пуню і засіліўся... Гэта ўсё з тых жа зводак у мясцовай газеце. Так беларус распраўляецца са сваім мінулым, што падманула, цяперашнім, у якім ён не бачыць сэнсу і з будучым, якога баіцца...

Быў такі псіхолаг — Віктар Франкл, БМС калісьці захапляўся яго метадамі лячэння. У час другой сусветнай Франкл апынуўся ў фашысцкім канцлагеры, але выжыў і стварыў цікавую тэорыю аб сэнсе жыцця — пэўна, пра такія рэчы якраз і думаецца за калючым дротам, пад брэх аўчарак, калі назіраеш за пальцам эсэсаўца на спускавым кручку. Ва ўсялякім выпадку, на гэтае дзецішча Франкла яўна падае цень барака ўзмоцненага рэжыму. На ягоную думку, сэнс чалавечаму жыццю надае рэалізацыя каштоўнасцей, якія адносяцца да адной з трох груп: стваральныя, што палягаюць у сферы прафесійна-творчай, эмацыянальныя (любоў) і нарэшце так званыя “каштоўнасці адносін”. Апошнія, згодна Франклу, робяць асэнсаваным жыццё ахвяр — вязняў канцлагера альбо невылечна хворых, карацей, усіх тых, каму недаступныя творчасць ды каханне. Адзіны сэнс жыцця, які можа вынайсці ахвяра цяжкога лёсу, — гэта прымірэнне з ім, у чым і палягае, лічыў Франкл, “свабода ўсіх няшчасных і абяздоленых”. І ўсё выглядала б па-хрысціянску цудоўна, калі б не вось гэтая правакацыйная думка аўтара: “каштоўнасці адносін — найвышэйшыя з магчымых, а сэнс мучэння — найвышэйшы з усіх сэнсаў”. Вось яна — любоў ахвяры да ката, пакутніка — да сваёй пакуты, па-іншаму гэта называецца ма-за-хіз-мам, блізкае нам, калі не сказаць, роднае светаадчуванне. Спалілі кніжкі Маркса і дружненька сталі пацыентамі Франкла. Цэлы народ жыве “каштоўнасцямі адносін”, моўчкі пакутуе і ціха вымірае, і ўсё таму толькі, што загадзя прыняў сітуацыю як безнадзейную. Але ж гэта — недарэчная падмена, бо Франкл перасцярагаў ад спакусы скласці зброю, калі яшчэ што-небудзь можна змяніць! Бо “каштоўнасці адносін” — сапраўды выратаванне толькі для тых, каму ўжо не засталося аніякай надзеі.

Дык няўжо ж у народа музыкаў і закаханых анічога не засталося наперадзе, акрамя страху? І яму, як таму закаванаму ў кайданы рымскаму рабу, застаецца адно прасіць смерці як літасці, як адзінага плёну жыцця?!

Не, Вікторыя не хацела прыняць “каштоўнасці адносін”. Пакуль — не, казала яна сабе, змагаючыся са страхам, шукаючы ўсё новыя і новыя спосабы пераадолець яго, і на ўсю гэтую буру ў шклянцы вады траціла столькі сіл і вынаходлівасці, колькі хто іншы паленаваўся б патраціць на пытанне, як кажуць, жыцця і смерці, — што ж, гэта і было для яе такога кшталту пытаннем, а між тым гаворка ішла ўсяго толькі пра тое, каб увайсці ў залу пасяджэнняў ці аўтобус! Зразумела, ніхто з яе калег па працы, якія звыкла бачылі ў ёй Упэўненую Пані, і ўявіць сабе не мог, што хаваецца за яе заўсёды аднолькава-прыязнай усмешкай. Д’ябальская іронія была ў тым, што лепей, чым хто-небудзь, Вікторыя разумела абсурдную перабольшанасць свайго страху, яго абсалютную бязглуздасць.

Не, не вытрымаю, больш — не вытрымаю... У перапоўненай зале з зачыненымі форткамі — ні шчылінкі для свежага паветра! — яна сядзела з выразам дзяжурнай увагі, зацвярдзелым на твары, нібыта пасмяротная маска. З тых пасядзелак выпаўзала знясіленая, кожным нервам адчуваючы, што непатрэбная “страховачная сетка” зусім небясшкодная: гіперабарона вядзе да мабілізаванасці рэсурсаў цела, рэзкага выкіду адрэналіну; ўсё гэта перагарае, гніе незапатрабаваным (небяспека ж уяўная!), і кроў надоўга аказваецца атручанай ядамі страху. Раней, у юнацтве, гэты збой кампенсаваўся хутчэй, цяпер жа пасля такога ўзрушэння рэха страху яшчэ доўга будзе гучаць па ўсіх пячорах і гротах цела, знясіленага хранічнай абаронай, і аднойчы яе хворыя сасуды могуць проста не вытрымаць. Першы званочак ужо быў — вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, яна тады тыдзень правалялася ў лякарні, і ёй настолькі спадабаўся стан адасобленасці ад усіх праблем, безадказнасці і расслабленасці — нібыта ў матчыным (не — Гасподнім!) лоне — што яна, не давяраючы таму ідыёту, які сядзеў у суфлёрскім буданчыку яе падсвядомасці, — а раптам ён упадабае ложак у лякарні і “арганізуе” ёй, прыкладам, аўтакатастрофу? — пасяшалася выпісацца, нягледзячы на лямант урачоў, не прайшоўшы курс лячэння да канца.

І цяпер галава баліць так, нібы ў ёй выбухнуў узброены канфлікт дзвюх арабскіх дзяржаў — вось і ў левым вуху пастрэльвае… Нічога, дома яна вып’е лекі, што далі ўрачы, і знікне гэты пакутлівы боль, які ўключыўся ўчора, якраз пасля фэсту, калі Кіраўніца затрымалася ля іх з Загадчыкам (Вікторыя ўбачыла, як той стаў проста такі імкліва памяншацца ў росце, пакуль не ператварыўся ў гарбатага гнома з уціснутай у плечы шыяй) — ярка-кумачовыя вусны варушыліся, вымаўляючы нешта злосна-пагардлівае, адрывістае, свядомасць фіксавала асобныя фразы: безадказнасць… не адпавядаеце пасадзе… (“Нікчэмнасць! Дрэнь!” — уключылася ў памяці, аж замігцела каляровымі лямпачкамі, як на пульце кіравання падаючага самалёта), і калі Вікторыя ўзняла вочы, замест расчырванелага твару Кіраўніцы ўбачыла іншы твар…

Частка другая

На фотаздымку маці, які вісеў на дошцы гонару ля будынка гаркома партыі, Вікторыю ўражвала менавіта адсутнасць прасторы; змярцвела-лабараторнае, нібыта замарожанае святло фотамайстэрні абцякала высокую прычоску, гладкі, бы адпрасаваная прасціна, лоб, за якім, на першы погляд, проста не магло хавацца неадпаведных эпосе думак ды пачуццяў. Аднак у дзяўчынкі меўся іншы фотаздымак, пажоўклы, загнуты з ражкоў: твар маладой жанчыны напаўпрыкрыты каскадам густога валосся, што віецца, бы дзікі вінаград, на фоне якога яна стаіць, сарамліва пасміхаючыся, прыціскаючы да грудзей кацяня. Вакол яе пульсуе і дыхае прастора, атожылкі вінаграднай лазы, здаецца, прарастаюць у будучыню скрозь загусцелае паветра здымка. “Што за акторка?” — дзелавіта цікавіліся сяброўкі, і як было прызнацца, што гэтая пеннавалосая німфа ў лёгкай адкрытай сукенцы са спушчанай брэтэлькаю — яе маці, звыклая госця школьных лінеек, якая абрыдла крычыць у мікрафон фразы пра радзіму ды партыю, але найчасцей — пра доўг, доўг.

“Доўг” — гэта было галоўнае слова ў яе лексіконе і найпершая каштоўнасць у шкале дабрачыннасцей, зразумела, для людзей — суседзяў, калег па працы, начальства. “Вось, жыву дзеля дзяцей, бо гэта мой доўг”, — паважна казала яна заўсёднікам дваровых лавачак. Вікторыя з маленства засвоіла: яны з сястрой для мамы — непажаданае ярмо, якое даводзіцца несці, бо здаваць “выблядкаў” у дзетдом, як гэта рабілі калісьці жанчыны-камісары, каб быць вольнымі для рэвалюцыі ды жарсці, зараз лічыцца “непрыстойным”. “Прыстойнасць” — гэта было другое ўлюбёнае маміна слова-фетыш (як у БМС — “асалода” ды “шчасце”, што ні кажы, мяняецца эпоха — паднаўляецца слоўнік паняццяў), менавіта аб прыстойнасці палягала клапаціцца перш за ўсё, а калі нешта выходзячае за яе межы ўсё ж такі адбывалася, трэба было любым шляхам хаваць гэта ад чужога вока, якое сачыла за імі, драпежна-цікаўнае, прыпадаючы да замочнай шчыліны кватэры.

Аднойчы ў суботу — Вікторыі ішоў тады дванаццаты год — яна вярнулася са школы і знайшла маці, якая неахайна раскінулася на ложку, цяжка і хрыпла дыхаючы; гарэлачны пах, змешаны з нейкім іншым, моташліва-салодкім, плыў па кватэры, і дзяўчынка не адразу высветліла крыніцу нязвыклага паху: выкіпелая кава, разліўшыся па пліце, пагасіла полымя канфоркі, з якой выпаўзаў з ціхім шыпеннем газ. Яна тады выключыла пліту, адчыніла акно; моцна хацелася есці, але на стале замест абеду размясціўся брыдкі нацюрморт: пустая бутэлька з-пад гарэлкі, раскурочаны батон ды бляшанка з рэшткамі чырвонай ікры. Плямы расціснутай ікры былі і на падлозе, і на матчыным ложку, — прыгледзеўшыся, Вікторыя выйнайшла, што гэта кроў. Ад нудлівага жаху падкасіліся калені. Яна набілізілася да ложка — маці дыхала ў сне, значыць, была жывая… Можа, ёй патрэбна дапамога? Сітуацыя відавочна вымагала нейкіх дзеянняў: паклікаць суседзяў, патэлефанаваць у “хуткую”, але п’яная маці, пах газу — усё гэта было непрыстойна, і спалоханая дзяўчынка, вядома ж, не была ўпэўнена, што тая станоўча аднеслася б да прысутнасці ў доме чужых. У рэшце рэшт, яна вырашыла пабудзіць маці, каб тая, дарослая і вопытная, сама падказала ёй, што рабіць. “Мама-а-а!” — наўмысна гучна плакала яна, укленчыўшы ля ложка. У калысцы прачнулася і заверашчала малая. Маці ўзняла з падушкі азызлы твар, які адразу ж сказіла грымаса лютасці: “Гэта ты ўва ўсім вінаватая, б.....! З-за цябе ён кінуў нас, з-за цябе!” Выпрастанай з-пад коўдры рукой маці ўдарыла дачку па твары так моцна, што ў тае пайшла носам кроў.

…Ёй споўнілася дзевяць, калі бацька, ціхі, з вузенькімі, бы ў падлетка, плечыкамі і надта вялікім кадыком, быў вытураны з толькі што атрыманай двухпакаёўкі, на якую з-за яе, сваёй Вікусі, не стаў прэтэндаваць, а маці кінулася ў пошукі рамантычнага героя, які неўзабаве з’явіўся ў вобразе каржакаватага дзецюка, рыжавусага і рабаціністага, з жалезным пярэднім зубам і абсалютна пазбаўленымі выразу, бы керамічнымі, вачамі. У “героя”, між іншым, меўся істотны недахоп: ён быў жанаты. Некаторы час доўжылася “перацягванне каната” паміж старой і нованароджанай ячэйкамі грамадства; умацаваць матчыны пазіцыі мусіла з’яўленне на свет дзіцяці, аднак рыжавусы, які чамусьці неўзлюбіў Вікторыю, паставіў умову: “дзеўку” аддаць на выхаванне бацьку. Сама дзяўчынка нічога так горача не жадала, але маці адхіліла “непрыстойную” прапанову (“Што скажуць людзі?!”). У выніку дзядзька адбыў у ранейшую сям’ю, дзе ў яго падрастаў такі ж рабаціністы сынок.

Камень віны, які зваліўся на дзяўчынку ля матчынага ложка, па чыстай выпадковасці не пераламаў ёй хрыбет. Але нармальны рост яе перапыніўся — дарослая Вікторыя гэта цяпер добра разумела, — і на месцы ўдару пачаў расці нябачны горб. Працягваючы падвываць, ужо ціха, каб зноў не пабудзіць маці, якая адразу ж і заснула, яна выцерла плямы крыві (месцамі з праселай падлогі вытыркаліся шляпкі цвікоў — аб іх маці і паранілася, швэндаючыся па кухні басанож), схавала бутэльку і рэшткі ікры, выгляду і паху якой з таго часу не выносіла. Накарміўшы і паклаўшы спаць малую, яна забілася ў свой вугал за крэслам і прасядзела там да рання, калоцячыся ад холаду і страху, што маці прачнецца і зноў будзе яе біць…

Але маці больш ні разу не ўдарыла яе — так, ні разу. Яна выбрала іншы від катавання: словы. Ах, лепш бы яна лупіла яе чым папала! Але, як звер беспамылкова вызначае слабае месца ў ахвяры, маці распазнала ў дачцэ звышадчувальнасць менавіта да слова (так іншы чалавек бывае асабліва адчувальны да фізічнага болю). Прылады катавання розніліся ў залежнасці ад настрою ката — ад пякучай пугі іроніі, якой маці пагульвала амаль юрліва, да жалезных ціскоў праклёну, у якіх храбусцелі косткі. Так, будучы ў гуморы, яна пераказвала Вікторыі вычытаныя ў газетах гісторыі пра хлопчыкаў ды дзяўчынак, якія ў трынаццаць год перамагалі ў чэмпіянатах, а ў шаснаццаць абаранялі дыпломы па марксізму. “Ёсць жа шчаслівыя бацькі, — крывадушна ўздыхала яна, — а ў мяне дачка — нікчэмнасць”. Абавязкам Вікторыі было дабіцца нейкай неверагоднай ступені дасканаласці, якой людзі ў прыродзе сваёй не валодаюць, — толькі такая, без пылінкі ды плямкі, дасканаласць здольная была ўраўнаважыць цяжар ахвяры, якую маці прынесла дзеля яе, адмовіўшыся ад асабістага шчасця. Прынамсі, так яна, дурнічка, думала, бо з той п’янай суботы ўпячатанае ў падкорку таўро віны вызначала ўсе яе ўчынкі, нібыта магніт, пакладзены пад компас. Гэта цяпер — толькі цяпер! — Вікторыя зразумела: маці змахлявала, бы цыганка на базары, яна проста падманула дачку, пераклаўшы на яе кволыя плечы ўласную дарослую ношу. Вядома ж, маці сама была няшчаснай — і тады, калі “лячылася” гарэлкай ад болю, і пазней, калі знайшла паратунак у партыйнай рабоце.

Але ці дае ўласная, няхай горкая, пакута права скалечыць іншую, ні ў чым не вінаватую істоту?

Не і не, не зможа шырма для споведзі замяніць ласкавае калыханне аксамітнага і пераходзячага, а анемічны постсавецікус псіхааналіз — перахапіць тую слынную гістарычную ролю партыі: служыць рысталішчам замешчанай актыўнасці бязмужніх жанчын з уладнымі амбіцыямі. Ім у першую чаргу, а не старцам з устаўнымі сківіцамі, да твару аплакваць былую эпоху, якая давала абдзеленым любоўю, пакрыўджаным жанчынам неверагодную магчымасць адыграцца. Гэтыя думкі — як лінза, скрозь якую Вікторыя разглядвае, спасцігае цяпер сваё гаротнае дзяцінства, якое прыйшлося, дарэчы, якраз на сямідзесятыя, калі партыйны эгрэгар, хоць і з нарумяненымі шчокамі ды адрузлымі мышцамі, быў яшчэ здольны ўлагодзіць libido згаладнелых правінцыяльных цётак. І маці кінулася ў грамадскія ігрышчы, як іншыя — у разгул. Яна назаўсёды выключыла са свайго жыцця свет эмоцый, што здрадзіў ёй: так асцярожная паддоследная пацучыха, атрымаўшы ўдар элекрашокера, больш не набліжаецца да прынады, у адрозненне ад сваіх дурненькіх сябровак. З асалодай калекцыяніравала маці знакі ўвагі свайго міфічнага імпатэнтнага “палюбоўніка”: усе гэтыя ціснёныя золатам граматы, бразгучыя медалькі з выявамі правадыра — яна раскладвала бліскучае барахло на стале, і твар яе свяціўся замілаваннем… А дзеці, дзеці, якім так патрэбны былі яе любоў і падтрымка?! Ды што дзеці… Дзеці мусілі вырастаць роўнымі шэрагамі на пляцоўках школ ды стадыёнаў, як аднолькава падстрыжаная трава на газоне, пад гукі фанфар і “рачовак”, і пры гэтым быць дыстылявана-ідэальнымі: дзецьмі, за якіх “не сорамна”.

Часам, вярнуўшыся дадому пасля партсходкі ці дэпутацкай сесіі, маці садзілася перад люстэркам і нібыта ўпадала ў цяжкую здранцвеласць. Штосьці лішняе, непатрэбнае — зморшчынка на гладкім лбе (калі выкрывала няверных мужоў, даводзілася хмурыцца), звялая ружа, пустая каробка з-пад цукерак з легкадумным малюнкам — раптам узнімалі з падводных глыбіняў памяці, як твар тапельніцы Алёнушкі са дна, тую маладую жанчыну з валасамі, як дзікі вінаград, — жанчыну, якая марыла зусім не пра бразгучыя медалькі ды граматы. Паміж “гістарычным аптымізмам савецкага народа” і яе сапраўднай будзённасцю ўтваралася пустэча, у якую свістаў вецер адчаю. І яе лютасць скіроўвалася на пахмурную звераватую дзяўчынку, якая — вось жа ўпартая дрэнь! — ніводнага разу не заплакала, не прылашчылася да маці, як малодшая дачка, — ну вядома ж, гэтай жывёліне ўсё матчына абурэнне — што гарох аб сценку, так як і разгэтак! Маці і ў галаву не прыходзіла, што дзяўчынка кожнае ейнае ў гневе кінутае слова прымае ў сябе, у тую найглыбейшую глыбіню, дзе сплятаюцца карані лёсу, жывяцца цудоўнай вільгаццю, прызначанай для творчасці ды кахання; што ад злоснага мамінага крыку тое вільготнае дно ператвараецца ў ссохлую пустэчу, на якой можа вырасці толькі страх і недавер да людзей… А чаму, чаму яна так зацята маўчала, седзячы, бы ваўчанё, у сваёй схованцы за крэслам? Чаму не пярэчыла, не апраўдвалася? Ды таму, што была ўпэўненая ў неабдымнасці сваёй віны: усё так, мама мае рацыю (ды і хіба можа мама — памыляцца?!), яна, Вікторыя, — нікчэмнасць, поскудзь… яе ніхто ніколі не палюбіць… а маці, раз’юшаная яе маўчаннем, не магла ўжо спыніцца і асыпала “ідыётку” праклёнамі. Зрэшты, часам “шкадлівая дзеўка” ў час гэтых слоўных экзекуцый падала, бы падкошаная, на падлогу, і маці, упэўненая, што “істэрычка” ўзяла манеру прытварацца, пакідала пакой, бразгаючы дзвярыма так, што асыпалася тынкоўка…

Зачыніць дзверы на ключ, прылегчы на канапу, падкласці пад шыю скручаны валікам ручнік, расслабіцца і памасіраваць кропкі “неадкладнай дапамогі” на лбе і на скронях, як вучыў яе БМС, — вось што зараз трэба зрабіць замест таго, каб корпацца ў гнойнай ране свайго дзяцінства, быццам адвёрткай у тых болевых кропках калупацца, голымі рукамі, без наркозу, выцягваць скрываўлены корань страху… Але ж — усё роўна палезлі ўжо ўспаміны, нібы вятры з развязанага матросамі меха, і запозна Адысею хапацца рукамі за галаву, як бы яна ні балела…

Не так даўно, можа, месяц таму, Вікторыі прыснілася, як яна раскапвае маміну магілу, рукамі разграбае мокрую клейкую зямлю, пакуль не дабіраецца да мамы, якая неахайна раскінулася ў яме, цяжка і хрыпла дыхаючы, як дваццаць гадоў таму, і Вікторыя, укленчыўшы на купе чорнай зямлі, у роспачы спрабуе пабудзіць маці, а тая раптам хапае яе за валасы, нечакана густыя і даўгія, як на даўнішнім маміным здымку (вось чаго не атрымала ў спадчыну Вікторыя — ейных прыгожых валасоў), а пасля цягне ў раскрытую ямішчу, зусім як кашчавы шкілет — аголеную прыгажуню на карціне Ханса Б. Грына “Смерць і дзяўчына”, і вось ужо Вікторыя ляжыць у магіле замест мамы, а мама, невядома як завалодаўшы ейнымі целам і душой, жыве замест дачкі яе жыццё… Прачнулася тады ў халодным поце, абмацала сябе, каб ўпэўніцца: гэта — я, наcамрэч — я.

Калі гэта адбывалася без сведкаў — прыкладам, у час купання, у перанасычаным парай паветры ваннага пакою (ваду маці налівала нясцерпна гарачую — “няхай гразь адмокне!” — нібы Вікторыя за тыдзень зарастала нейкай асабліва ўчэпістай граззю), яна не баялася, зусім наадварот: ёй было лёгка і прыемна некуды адплываць, адчуваючы сваё трапяткое, а потым вокамгненна абмяклае, зніякавелае сэрца; сузіраць, як бляклая туманнасць люстранога шкла, на запацелай паверхні якога так зручна пальцам выводзіць сваё імя, пачынае раптам мільгацець рознакаляровымі іскрамі. Ува што можа аднойчы выліцца яе “плаванне” у гарачай ванне, яна, вядома ж, ведала, але ёй было ўсё роўна. У тым свеце, куды яе змывала хваля млосці, існавалі чамусьці толькі два колеры: чорны і аранжавы. Цень, які насоўваўся на зрок адтуль, быў жывы: у ім сыходзіліся і разыходзіліся зменлівыя плямы, чарноцце вібрыравала вогненнымі сполахамі, нібыта ў глыбіні таго ценю цемечкам немаўляці пульсавала самастойная сонечная кропка, якая раптам расла, пашыралася, і тады нейкія светлавыя каметы кветкамі раскрываліся ў змроку — і зноў усё захіналася мглой. Па гэтым вогненным кіпені яна навучылася прадбачыць стан непрытомнасці і да апошняга марудзіла паклікаць на дапамогу. Што было потым, калі чорна-аранжавыя бурбалкі раптоўна знікалі, і яна ляцела ў глухі калодзеж без дна? Вікторыя не ведала. Відавочна, потым была смерць — маленькая і абарачальная, але зусім, зусім сапраўдная. Гэтым часам яе звычайна пераносілі з ваннага пакоя, дзе зачыняцца ёй не дазвалялася, на ложак — там яна і прыходзіла ў сябе. Дзе яна толькі што пабывала? І што адбывалася тут без яе? Смерць, думала дзяўчынка, па сутнасці, цудоўная рэч, бо ў ёй няма ні сораму, ні страху.

І калі раз’юшаная маці праклінала яе, Вікторыя востра жадала памерці, і, здаралася, нехта кідаў ёй са змроку чорна-аранжавы выратавальны круг. Можа, такім чынам дзіцячая свядомасць абаранялася ад жаху будучага, якое пад уплывам маміных праклёнаў — Вікторыя гэта дакладна адчувала — зрушвалася з месца і перайначвалася. Бо тыя праклёны мелі асаблівую сілу. Калі маці выплёўвала іх даўкім ад нянавісці голасам, над галавой дзяўчынкі са страшэннай хуткасцю раскручвалася свісцячая спіраль, нябачны смерч, і на гэта гукабаляванне зляталіся дэманы — яна ясна чула шум скрыдлаў. Ах, лепш бы маці ўдарыла яе, збіла ў кроў! Яе праклёны, бы сляпыя цыклопы, шпурлялі ў дзяўчынку, маленькую і трымцячую, цэлымі скаламі. Час згушчаўся над яе цемем, рабіўся непразрыстым, імкліва страчваючы ружова-блакітны колер, на вачах ператвараўся ў біблейскі “сасуд смерці” — і толькі смерцю яна магла ад яго абараніцца. Вяртанне ў свядомасць пасля матчыных словавывяржэнняў было цяжкім: Вікторыю пакутліва ванітавала, проста такі выварочвала, а потым, знясіленая, яна забівалася ў свой вугал паміж крэслам і падаконнем, дзе ўпадала ў дзіўнае здранцвенне; у гэтым напаўсне-напаўяве яе праследавалі жудасныя ўяўленні-вобразы, так што, апрытомнеўшы апоўначы, яна не адразу магла зразумець, якая з дзвюх рэальнасцяў сапраўдная, а якая — толькі адбітак першай у мутным люстэрку кашмару.

Дарэчы, маці не толькі ні разу не паказала яе ўрачу, але кожнае лета пхала — “каб выйшла дурасць!” — у піянерскія лагеры на тры змены, дзе Вікторыя знемагала ў духаце камунальных душавых і на санцапёку лінеек. Менавіта там у яе розуме, бы чырвоная кнопка трывогі, і замігцела тая думка: толькі б не ўпасці, толькі б не… Менавіта там, дзе было столькі патэнцыяльных сведкаў яе ганьбы, яна пачала адчуваць страх перад падзеннем і кантраляваць свае рэакцыі, бо яшчэ не ведала: смерць, няхай сабе маленькую і абарачальную, пракантраляваць нельга.

Фотаздымак маладой прыгажуні з валасамі, як дзікі вінаград, яна схавала ў нейкую кнігу, а потым згубіла. Ды і ці быў ён наогул? Пасля смерці маці ў Вікторыі засталіся толькі здымкі, зробленыя заводскім фатографам. На іх тая нібыта ў масцы, застылай, як гіпсавы барэльеф правадыра над яе галавой, але пад той маскай — нават пажоўклая фотапапера не магла схаваць гэта — скажоны пагардай і гневам твар, змяінае шыпенне ярка-кумачовых вуснаў: “Каб ты правалілася, праклятая!”

У міфах многіх народаў матчына лона — сімвал раю. Страчанага, трэба заўважыць, раю, бо Адам, пакінуўшы Боскае лона, вымушаны быў стаць дарослым і прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Праўда, адначасова ён набыў свабоду. Рай, як любая таталітарная сістэма, свабоды пазбаўлены па азначэнні. Таму, нягледзячы на цяжкасці дарослага жыцця, дзіця звычайна аддае перавагу нарадзіцца, чым застацца назаўжды ў матчыным чэраве. Зрэшты, здараюцца і выключэнні.

Патолагаанатамы замест акушэраў

Па паведамленнях прэсы, патолагаанатамічны музей пры Г-м медыцынскім інстытуце папоўніўся яшчэ адным экспанатам. Жанчына з беларускае глыбінкі зацяжарала, але праз некалькі тыдняў сімптомы цяжарнасці зніклі самі па сабе. Калі праз дваццаць два гады яе прааперыравалі па падазрэнні на ракавую пухліну маткі, хірургі выцягнулі на свет скамянелы плод — літапедыён, які ўвесь гэты час жанчына пранасіла ў сваім чэраве.

Нейкая баязлівая душа не адважылася выкарыстаць свой шанц — падумала Вікторыя, прачытаўшы тую газетную “сенсацыю” і ўнутрана здрыгануўшыся, — і вось яшчэ адзін са спосабаў аддаць перавагу небыццю: застацца назаўжды ў маміным жывоціку, стварыць сабе ў ім магілу. Але хіба не тое ж самае — жыць на свеце, адчуваючы, што нябожчыца-маці гвалтам завалодала тваімі целам і душой, што яе пагарда дыктуе твае ўчынкі, яе праклёны — перадвызначаюць твой лёс? Па сутнасці, Вікторыя, не здолеўшы абарваць пупавіну крэўнай залежнасці ад маці, дагэтуль яшчэ не нарадзілася насамрэч. Яна скамянела ў сваім страху, як той пачварны літапедыён.

Зрэшты, матчына лона — далёка не заўсёды рай. Дурная маці можа труціць плод алкаголем ды тытунем (і тады матка ператвараецца ў партатыўную газавую камеру), знявечыць ягоныя мяккія косткі гарсэтамі, і нават, нібыта спрактыкаваны кат, праткнуць цемечка непажаданаму дзіцяці распаленай вязальнай спіцай — увогуле, спосабаў забойства бяспраўнага вязня жаночай маткі напрыдумана шмат. І тады, тады... адвечны рай матчынага лона ператвараецца ў франклаўскі канцлагер, дзе няшчаснай ахвяры не застаецца анічога, акрамя як прыняць “каштоўнасці адносін” і скарыцца.

Вязень дзяцінства, Вікторыя рызыкуе так і не знайсці сваё сапраўднае “я”. Як, зрэшты, і народ, да якога яна належыць. Гэты народ таксама баіцца нарадзіцца, бо свет навокал змяніўся, стаў іншы, і кожны мусіць цяпер прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Але быць ахвярай, “дурным мужыком”, спавядаць “каштоўнасці адносін” нашмат лягчэй, чым стаць вольным і прызнаць: усё — і ва ўласным дабрабыце, і ў дабрабыце краіны — залежыць ад нас саміх. І мы ўпарта трымаемся за лона матухны-гісторыі, якая ўвогуле нас і не любіла ніколі (мо зацяжарала намі “па залёту”?), — што ж, такі нам, у адрозненне ад іншых, шчаслівейшых народаў, выпаў лёс. Але свой крыж мы можам ператварыць у перамогу, і ў глыбіні ўласнага Ценю адшукаць кропку Сонца, і распаліць Святло “на ўвесь свет вялік”, — зразумела, калі адважымся, нарэшце, нарадзіцца.

Між іншым, проста фізічнае аддзяленне ад маці не вырашае праблемы: тут патрэбна непаслушэнства замест пакорлівасці, слыннае выкраданне плода з Дрэва Пазнання Дабра і Зла. Не цярплівасць Сізіфа, а мужнасць Праметэя. Гэты цяжкі шлях вымагае шмат высілкаў; нават Адам, які атрымаў свабоду хутчэй па непаразуменні, горка сумаваў па страчанай залежнасці. Але яму, прынамсі, было аб чым шкадаваць. А мы сумуем па страчаным канцлагеры, дзе ўсё вырашалі за нас, дзе не трэба было думаць самастойна, адно жывіцца таннымі харчамі праз плацэнту “лепшай у свеце” эканомікі. Мы, здаецца, ужо выкінуты з лона парадзіхі пры дапамозе кесарава сячэння (трохі гвалтоўна, але дзякуй і за такі шанц), аднак усё працягваем глядзець назад, і туга наша робіцца цяжарнай смерцю. “Калі чалавек хоча жыць, ён павінен змагацца і ахвяраваць сваёй звернутай назад тугой, каб дасягнуць найвышэйшай даступнай яму вяршыні”, — лічыў Юнг. Калі ж не... Чалавек (альбо народ) становіцца зачараваным смерцю. Менавіта гэты душэўны стан Вікторыя беспамылкова вызначала на тварах землякоў, і ў сабе, стомленая марнымі высілкамі перамагчы страх, часам знаходзіла тую ж зачараванасць смерцю, яе спакоем і свабодай.

Але... ці не ілюзія тая свабода? Смерць — дзверы, якія заўсёды адкрытыя... Вось толькі — куды? У зіхаценне касмічных зорак, у царства Духу, які вее, дзе захоча? Альбо — назад, у ракавай пухлінай пашкоджаную матку?

Так, народ, які баіцца будучага, не нараджаецца. Ён ператвараецца ў літапедыён — мёртвы, скамянелы плод. Такі народ-агорафоб забывае, што ён — нашчадак славутага старажытнага роду; ягоны шлях — таптанне на месцы, вычэрчванне цыркулем канцэнтрычных-канцэнтрацыйных кругоў, прадрапванне ржавай голкай заезжанага дыска.

Невыпадкова ў тых жа міфах матчына лона — гэта адначасова і сімвал магілы, а пажыццёвая духоўная залежнасць ад маці — метафара смерці.

Так, смерці.

Учора, ранкам свайго правалу, Вікторыя вынырнула са сну, вынесеная нарастаючай хваляй трывогі, якая неўзабаве перайшла ў паніку. Панічны страх, страшнейшы за смерць, насылаецца лясным богам Панам, так, прынамсі, лічылі старажытныя грэкі; чалавек, які падпаў пад уладу гэтага страху, бяжыць і бяжыць, уцякаючы невядома ад чаго, пакуль у рэшце рэшт не ўпадзе мёртвы. Сучаснаму чалавеку бегчы няма куды, ён заціснуты ў вузкі пенал гарадской кватэры, і таму накручвае кіламетры ўнутры сябе. Сэрца Вікторыі шалёна калацілася, мышцы былі напружаныя, бы ў марафонца. Толькі вось куды бегчы? І ці далёка ўцячэш ад самой сябе? Апранулася, хацела выпіць кавы — і не змагла: пальцы дрыжэлі, кава расплюхалася на стол.

Вікторыя стаяла ўжо ў вітальні, калі яе раптам працяла вострае, як удар электратоку, адчуванне-упэўненасць: я не магу пакінуць кватэру, мне страшна.

Некалькі разоў яна падыходзіла да дзвярэй і адступалася. Нарэшце, стомлена апусцілася на зэдлік у вітальні.

Што рабіць, Божа, што рабіць?

Праз чвэрць гадзіны мусіў пачацца фэст, а яна сядзела, спалоханая мышка-нарушка, і як ні выклікала з найдалейшых закануркаў сваёй істоты Упэўненую Пані, тая не азывалася на яе воклічы, нібы памерла. Страх — яна цяпер толькі зразумела — наступаў прадумана, можна сказаць, па плану, у яго злосных нападах праглядалася свядомая воля: спачатку выцесніў яе з натоўпу дэманстрантаў, потым — з душных аўдыторый, электрычак і аўтобусаў. Апошнім часам яна пазбягала наведваць вялікія крамы, дзе было далёка да выхаду, і купляла ўсё ў ларках ды камерцыйных палатках, а ў залах пасяджэнняў заўсёды садзілася з краю, недалёка ад дзвярэй. Якую памылку яна зрабіла, пазбягаючы “небяспечных” сітуацый! Бо варта было ёй адступіць, аддаючы ворагу новы кавалачак сваёй тэрыторыі, як казланогі бажок рабіўся нахабным, патрабаваў ад яе новых і новых уступак. Страх гнаў яе, бы зграя паляўнічых сабак — параненую жывёліну, ён несся па следу яе крыві, пакуль не загнаў ва ўласную нару. Сёння яе жыццёвая прастора звузілася да памераў кватэры, заўтра яна, нібыта шчыгрынавая скура, сціснецца да памераў ложка, дзе Вікторыя будзе дрыжэць пад коўдрай ад страху, а потым, потым — да магілы, месца апошняга супакаення.

Пэўна, яна памылілася, калі вырашыла змагацца з фабіяй ў адзіночку. Можа, цяпер яшчэ не позна? Яна патэлефануе БМС, так, зараз жа патэлефануе… І — кінула слухаўку, бо ўявіла вышэшы за чалавечы рост плот райпсіхдыспансера, бляклыя цені ў зашморганых байкавых халатах і шлёпанцах, раўнадушныя да ўсяго навокал, загружаныя “калёсамі”… уявіла Загадчыка, які з гідлівым спачуваннем працягвае ёй сетку апельсінаў… Не, толькі не гэта! А тады — што? — спытаў спакойны і разважлівы, быццам чужы, голас унутры яе. І сам сабе адказаў: дзверы, якія заўсёды адкрытыя.

У студэнцкія гады, у кінатэатрах, Вікторыя заўсёды садзілася побач з дзвярамі, над якімі гарэлі чырвоныя літары надпісу: “ВЫХАД”. І на кінасеансе жыцця ўсядзець магла толькі з краю, таму і трымала ў лядоўні сярод упаковак з лекамі адну, чырвона-жоўтую, па сканчэнні тэрміну годнасці замяняючы яе на новую (БМС, дурненькі, верыў што ў яе бяссонніца і выпісваў чарговы рэцэпт).

Што ж, яна выйдзе праз адкрытыя дзверы, бо смерць настолькі не страшная, што дзякуючы ёй нішто для нас не страшна. Гэтай афірмацыі больш за тры тысячы год, і аўтар яе не дурнейшы за Фрэйда — Луцый Аней Сенека.

Вікторыя адкрыла лядоўню, узяла ўпакоўку транквілізатараў. Вось і яна, як той раб, што прасіў у Калігулы смерці... А колькі гадоў змагалася, не жадаючы прыняць “каштоўнасці адносін”! Колькі сіл паклала! Марная барацьба... Што ж, усяго толькі яшчэ адзін суіцыд у зводцы мясцовай статыстыкі... Яна паклала таблеткі ў сумку. І — так стала раптам лёгка на душы, нібыта вось тут, у сумцы, пашпарт са свежанькай — яшчэ чарнілы не прасохлі — візай ва ўсе краіны свету, ды яшчэ — білет на трансатлантычны рэйс: шчасліва заставацца, панове, выбачайце, калі што не так! І нават вораг быццам бы сцішыўся, разгубіўшыся перад яе новай свабодай, так што Вікторыя, не даючы сабе часу жахнуцца прычыне раптоўнай палёгкі, падхапіла сумку, начапіла акуляры з зацемненымі шкельцамі (каб схавацца, няйнакш, — нібыта ў дзяцінстве, заплюшчыўшы вочы: “А цяпер — шукайце мяне!”) і выйшла з кватэры.

Неба было пахмурным, сэрца адразу ёкнула: навес над сцэнай… Усміхнулася: паміраць сабралася — а пра што дбаю... Да пачатку канцэрта засталіся лічаныя хвіліны, і яна, каб скараціць шлях, пайшла па драўляна-пясчанай вулачцы Калгаснай, па якой у апошні раз хадзіла гадоў дваццаць таму школьніцай з цесна напакаванай фізкультурнай торбай ды пузатым партфелем. Вулачка, як і тады, патанала ў непралазным брудзе, і нават вялізная балотападобная лужышча з падгнілымі, бы краі запушчанай раны, абсягамі была, як ні дзіўна, усё тая ж. У гэтую лужышчу яна калісьці ўвалілася, паслізнуўшыся на чарговым сметніку, што рэгулярна ўтваралі тут мясцовыя жыхары, і доўга потым мыла і сушыла адзенне, каб маці нічога не заўважыла…

Раптам яна спынілася, уражаная ўспасмінам: усё гэта ўжо было, было. Яна ішла па гэтай самай сцяжынцы, ішла, зачараваная смерцю…

Самым пакутлівым было тое, што дзяўчынка любіла маці — а той, хто любіць, безабаронны і адкрыты для нападу. “Ненавіджу яе”, — прызнавалася сястры малодшая, Вольга, якая на матчына “дура!” імгненна адклікалася: “сама такая!” І — дзіўна, маці адступалася, атрымаўшы адпор, увесь свой гнеў скіроўвала на маўклівую старшую дачку, якой назваць маму “дурай” уяўлялася святатацтвам, ад якога неба павінна абрынуцца на зямлю. Менавіта пакуты безадказнай любові прывялі дзяўчынку да думкі пра самагубства — гэта было апошнім адчайна-маўклівым крыкам, маленнем аб лістасці, пасля якога маці проста не зможа застацца такой, як раней. Вікторыя думала, што ўжо ведае смерць па стане непрытомнасці (гэта было зусім не балюча і не страшна) і што так жа, як з непрытомнасці, яна здолее адтуль вярнуцца ў належны момант, каб мама, рыдаючы ад раскаяння, прыняла яе ў любячыя абдымкі.

У тую раніцу, каб не выклікаць падазрэнняў, яна, як звычайна, выправілася ў школу з партфелем, у якім, аднак, замест падручнікаў і сшыткаў ляжаў пакунак, набыты ёю напярэдадні ў гаспадарчым аддзеле універмага. Яна доўга блукала сярод неахайных слоікаў з ядавіта-блакітным медным купарвасам і нейкім, падобным на брудную соль, парашком, пакуль нарэшце не спыніла свой выбар на невялічкім пакунку — ён якраз умяшчаўся ў партфель — з надпісам “Фунгіцыд”. У пакунку быў блякла-зялёны парашок — менавіта так Вікторыя ўяўляла сабе той чароўны раслінны састаў, якім Урфін Джус з яе любімай казкі ажыўляў драўляных салдатаў. Ці дапаможа гэты парашок ажывіць душу яе мамачкі? Касірша раўнадушна ўзяла ў яе медзякі, зэканомленыя ад школьных абедаў, нават не пацікавіўшыся, што за агарод збіраецца апырскваць піянерка ў сярэдзіне зімы. Дома Вікторыя ўважліва вывучыла інструкцыю — асцярожна: яд! пры пападанні на слізістыя неадкладна прамыць! — і схавала пакунак у партфель.

Каля гадзіны яна правяла ў паўцёмным падвале пад’езда, дзе ў вялізных, пакрытых павуціннем трубах журчэла вада, і ледзь не заснула. Потым ёй захацелася салодкага. Дзяўчынка пералічыла дробязь, якая ў яе засталася, — роўна семнаццаць капеек — і, схаваўшы партфель за трубамі, збегала ў суседнюю кулінарыю. Пірожнае здалося ёй незвычайна смачным. Было шкада пакідаць цёплы, ціхі падвал, але трэба было ажыццяўляць задуманае: усё роўна яна не пайшла сёння ў школу, класная кіраўніца на перапынку абавязкова патэлефануе маці, і калі высветліцца, што яна прагуляла без прычыны…

Пустая кватэра сустрэла яе адчужана і ніякавата. Бы зладзейка, яна асцярожна пракралася на кухню, нажніцамі адрэзала вугалок пакунка і наўздагад сыпанула порцыю парашку ў дзіцячы металічны кубачак, дадаўшы з чайніка вады: маці прывучыла яе піць толькі кіпячоную.

…святло, асляпляючае святло залівае яе, б’е ў вочы, ёй балюча глядзець на гэтыя яркія лямпы, выключце іх, калі ласка! Яе вязуць па ярка асветленаму калідору, да сцен прыціскаюцца цені, замест твараў у іх белыя маскі, яе галава моцна прыціснута да чагосьці цвёрдага, нечые рукі ў гумавых пальчатках уводзяць ёй у горла доўгую трубку, трубка раздзірае нёба, яна хоча закрычаць, але не можа, яна давіцца, захлёбваецца вадой, якую ўліваюць у трубку, а потым трубку выцягваюць, і яна зноў не паспявае крыкнуць, каб яе адпусцілі, не мучылі больш, дазволілі пайсці ў цёплы, ціхі падвал, там яна і будзе жыць, і ніхто больш не назаве яе курвай, але ёй не даюць сказаць ані слова, і жахлівая трубка прадзіраецца праз яе зліплыя вантробы зноў і зноў, а выратавальная непрытомнасць усё не наступае…

…чаму яна ляжыць адна ў гэтым халодным пакоі, на цыратовай кушэтцы, нават без прасціны, чаму яе не паклалі, прынамсі, у звычайную палату, гэта ж — бальніца, дзіцячая бальніца, ці не так? “Таму што ты нікчэмнасць, дрэнь, — гаворыць маці і гідліва хіхікае, — я хацела б, каб маёй дачкой была тая дзяўчынка, пра якую пісалі ў газетах: яна папрасіла забраць у яе вочы, здаровыя вочы, і аддаць сляпому сакратару кампартыі ЗША, каб паскорыць рэвалюцыю ў Амерыцы. Я б ганарылася такой дачкой! А такіх, як ты, мы будзем спальваць у паравозных топках!” Медсястра схіляецца да яе, уводзіць нешта ў трубку кропельніцы, і твар маці туманіцца, знікае…

Маці прыйшла да яе ў лякарню толькі аднойчы і затрымалася роўна на хвіліну. Яна нават не падышла да ложка і, стоячы ў дзвярах, кінула: “Што цяпер будуць гаварыць людзі!”

Праз тры тыдні Вікторыя вярнулася ў школу. Настаўнікі старанна рабілі выгляд, што нічога не здарылася, размаўлялі з ёю павялічана-клапатліва, як і аднакласнікі, відавочна, кімсьці праінструктаваныя, але яна не давярала ні адным, ні другім. Ах, яе аднакласнікі! Хто-то, а яны дык мелі ў запасе цэлы набор роляў, пляваць яны хацелі на “спіраль грамадскага развіцця”, бо цікавіліся іншымі спіралямі — процізачаткавымі, і барвова-сіняватыя плямкі на дзявочых шыйках, сарамліва замаскіраваныя завітымі пасмачкамі, маглі б расказаць пра іх другое, патаемнае жыццё, — зрэшты, настаўнікі лічылі за лепшае не заўважаць таго, што адбывалася не на іх тэрыторыі, у іх таксама былі свае ролі. На выпускным вечары Людка Г., самая разбітная з класа, чытала верш на рускай мове “Не смейте забывать учителей” — яны, настаўнікі, нават усплакнулі, калі на апошнім радку Людчын голас задрыжэў, бы ад паўнаты пачуццяў, і яна выбегла з залы; Вікторыя кінулася следам — і заспела яе ў прыбіральні: Людка, з цыгаркай у руцэ, заходзілася ад рогату: “Класна я гэтых дур, вучылак, умыла?” Можа, так і трэба жыць — маючы па два, тры абліччы? Вось жа і мама з таварышамі па партыі размаўляе адным голасам, а з ёю — зусім іншым! Здаецца, усім навокал гэта дадзена ад нараджэння — хлусня як другая скура, як шкарлупінне, што абараняе курыны эмбрыён, і толькі яна адна нарадзілася чамусьці не такой, як усе, з аголенымі нервамі і слабымі сасудамі…

— І тады ты зламалася. Ты выраклася сябе, і заглыбока схавала свой боль.

Ты вырашыла стаць такой, як усе, каго ставіла табе ў прыклад мама: упэўненай ў сабе, цынічна-дзелавітай, падманам па фальшывай кантрамарцы прабрацца на сцэну, дзе на ўсю моц ішла захопліваючая дух гульня, і толькі для цябе адной у ёй не праглядалася ролі. Ты ўзяла сабе чужую ролю, з руплівасцю першай вучаніцы капіравала чужыя манеры і словы, не разумеючы яшчэ, што цябе падпільноўвае самае страшнае, што можа здарыцца з чалавекам: небяспека пражыць не сваё жыццё. Ты выпесціла ў сабе новае “я” — Актыўную Камсамолку, потым — Упэўненую Пані, якая дзякуючы сваёй звычцы дасканала выконваць чужыя загады неўзабаве аказалася прынятай у свет масак — местачковую наменклатуру (як узрадавалася мама!). Так, толькі гэтае “дасягненне” і ўмацоўвала ў табе пачуццё ўласнай годнасці, у якую ты ніколі, ніколі не верыла, бо памятала, хто ты ёсць на самай справе: “нікчэмнасць, дрэнь”. Ты глядзелася ў чужыя вочы — мужа, калег, начальнікаў — як у люстэрка, з хваляваннем лавіла ў іх адбітак уласнай каштоўнасці, якая ніколі не была для цябе самадастатковай. І вось тут дык ты і трапілася ў пастку, бо на правінцыяльнай сцэне, дзе давялося табе разыгрываць спектакль свайго жыцця, з года ў год ішла адна-адзіная пастаноўка: ідыёцкае маскі-шоу, дзе нельга ні на ёту адступіць ад сцэнара і замест прымітыўнага тэкста бяздарнага аўтара вымавіць нешта сваё. Гэты спектакль, ну трэба ж, аказаўся пастаўлены ў духу брутальнай інтанацыі твайго дзяцінства: вышэйшы па пасадзе тут паводзіць сабе як дробны мафіёзі, асабістая годнасць вытоптваецца, кожны імкнецца зваліць сваю віну на іншага. У гэтай гульні ты атрымала ролю — міс Рашучасць, а як жа ж! — і табе пастаянна даводзілася сябе кантраляваць, каб незнарок акрайчык тае маскі не адклеіўся, як вус у Папаніна ў адной старой камедыі, але тут была для цябе не камедыя, а драма жыцця і смерці, без дурніцаў, таму што вох як цяжка было прымусіць скамянець у цісках зададзенага вобразу свой сапраўдны твар — твар дзяўчынкі, зацкаванай, нялюбай, вечна вінаватай, прыціснутай цяжарам матчыных праклёнаў. Той дзяўчынцы не было месца ў клане “паважаных людзей” — тут ты не памылілася! — і таму ніхто: ні муж, ні калегі, ні начальнікі — не павінны былі ўбачыць яе, ад каго адцуралася нават родная маці.

Так, ты трапілася ва ўласную пастку: пастаянна сябе кантраляваць стала

тваёй звычкай. Але вегета-сасудзістыя рэакцыі — адзінае, што нельга сфальсіфікаваць. Тваё цела здрадзіла табе. Яно не жадала жыць па выдуманых табой правілах, пад бездакорна-лжывым грымам удзельнічаць у ідыёцкім маскі-шоу, яно, тваё сумленнае цела, баранілася па-за тваёй воляй, яму рабілася млосна на шматгадзінных зборышчах у перапоўненых залах, куды не прасачыцца ні свежаму паветру, ні свежай думцы — цела тваё гатова было ўсім выдаць тваю хлусню! Вось тады і з’явіўся страх: толькі б не ўпасці, толькі б не…

А страх — гэта крах. Крах кар’еры Упэўненай Пані. Крах сям’і і кахання. Падсвядомасць — нарэшце ты ўцяміла! — усё успрымае лі-та-раль-на, пераносны сэнс пераводзіць у прамы. Ты баялася ўпасці ў вачах БМС, у вачах “паважаных людзей” — страціць “прэстыж”, аскандаліцца (“усё павінна быць прыстойна!”) — нездарма дэман страху мучыў цябе менавіта сярод тых, хто ведаў тваё “не-я” — фальшывую маску. Падсвядомасць перавяла твой страх на сваю мову, прымітыўна-цялесна-дзіцячую: ты баялася ўпасці ў прамым сэнсе слова. А што яму яшчэ заставалася рабіць, таму навязліваму суфлёру пад сцэнаю? Ён паслухмяна выконваў мамін загад: быць дасканалай! Выконваў аўтаматычна, слепа і глуха, нягледзячы на тое, што прага дасканаласці ёсць, па сутнасці, сцэнар самазнішчэння. І ты, паслухмяная маміна дачка, забівала сябе: ты змагалася са сваім целам, якое, дарэчы, паводзіла сябе абсалютна нармальна — проста рэагавала на адсутнасць кіслароду ў паветры, і ўсё! — а ты змагалася з уласным сэрцам і сасудамі — вось гэтая маніякальная заклапочанасць і была ў табе ненармальнай. З целам не трэба змагацца, бо яно — мудрае, яно старажытнейшае за свядомасць і само ведае, калі, у які момант яму лепш вызваліцца ад свайго назойлівага ментальнага двайніка, звесці сваю жыццядзейнасць да мінімуму. І зноў жа, цела само ведае (ад Бога, бо вырашаць тое — толькі Боскае права, не нашае), калі яму наогул пакінуць гэты свет.

Але цябе вучылі перамагаць, і ў той жа час унушалі, што ты — нікчэмнасць, ні на што не здатная. Тая ж трагедыя адбылася і з народам, да якога ты належыш. У выніку паспяхова выхавалі самагубцаў. (Ці не тое ж робіць сучасная рэклама, патрабуючы ад чалавека “быць дасканалым”, што б там ні было?) Аднаму нас не вучылі і не вучаць: быць самімі сабой. Убогая і няшчасная твая крывадушнасць у вартай жалю спробе выглядаць пераможцай чаго б гэта ні каштавала — нават за кошт жыцця, як высвятляецца, — твая труслівая ўсмешка і “бесклапотная” балбатня на іх сходках, калі ўнутры ўсё скалыналася ад трывогі, — вось гэта і было падзеннем! А што да твайго страху, дык гэта — страх выкрыцця тваёй хлусні. Гэта сігнал глыбіннай нязгоды гуляць у бяздарнай п’есе. Крык адчаю дзяўчынкі, якую ты ў сябе затуркала, загнала ў вугал за крэслам і падаконнем — акурат як тое рабіла мама! — і таксама, як і мама, ты яе ў сабе не любіш, не любіла. Яна, тая няшчасная дзяўчынка, настойліва даводзіла, што ты жывеш не сваё жыццё, але мы не чуем голасу праўды, не можам дачуцца, пакуль не загонім саміх сябе ў тупік, дзе застаецца толькі выпіць упакоўку транквілізатараў альбо накінуць зашмаргу на шыю.

Між іншым, тыя “ключыкі”, якія ты ўвесь час падбірала, не спрацоўвалі менавіта таму, што немагчыма вызваліць сваё сапраўднае “я” з унутранага канцлагера, над якім пануе Упэўненая Пані. Але яна, дзякуй Богу, нарэшце правалілася. Мамін праклён збыўся, і страх... знік. Учарашні дождж змыў у сцёкавую канаву тваё фальшывае жыццё. Нібыта хвалі ўсясветнага патопу альбо каляплодныя воды, сышоў і пакінуў цябе нованароджанай для жыцця без страху.

Без страху!

Абдымі ж тую дзяўчынку, якая жыве ў табе, палюбі яе, бо ніхто, акрамя цябе, не можа гэта зрабіць.

І яшчэ... даруй маме. Яна таксама — ахвяра, бо пражыла не сваё жыццё.

Некранутая чырвона-жоўтая ўпакоўка плюхаецца на дно пакунка для смецця; туды ж ляцяць граматы з подпісам Загадчыка, лісткі настольнага календара з датамі пасяджэнняў і нарад… Свабодная! Яна нарэшце — свабодная! Вікторыя паднімаецца, каб адчыніць акно — ёй чамусьці не хапае паветра — і ледзь паспявае плюхнуцца назад у крэсла, каб не ўпасці, бо ў вачах становіцца зноў цёмна ад лютага болю. У псіхааналітычнай сваёй Адысеі яна зусім забыла пра лекі, якія трэба было неадкладна прыняць яшчэ, пэўна, гадзіну таму, — урачы ж папярэджвалі! Павольна, сабраўшы ўсе сілы і пакрываючыся ад слабасці ліпкім потам, Вікторыя дабіраецца да дзвярэй і расчыняе іх насцеж. Калідор палаца культуры, звычайна ажыўлены, сёння пусты; з вялікай залы наплываюць густыя хвалі гукаў — відавочна, там ідзе нейкае “мерапрыемства”. Яна вырашае рухацца туды і амаль ужо дасягае, спыняючыся на кожным кроку, дзвярэй у пакойчык за сцэнай, калі ўспамінае пра тэлефон. Прасцей было пазваніць проста з кабінета — вахцёрцы, напрыклад, тая б збегала ў аптэку. Вікторыя аглядваецца: зваротны шлях здаецца даўжэзным — а ўсяго якіх-небудзь метраў дзесяць! — ды і дзверы ў грымёрку побач, у двух кроках, і яна цягнецца да іх, і раптам перастае адчуваць левую руку, — рука нямее ад пляча да кончыкаў пальцаў, як у паркавай статуі, здаецца, зараз пойдзе трэшчынкамі і асыплецца на падлогу, але правая — правая рука ўжо схапілася за дзвярную ручку, і Вікторыя ўцягвае непаслухмянае цела ў пакой. Там, як на бяду, нікога няма, толькі за кулісамі цепліцца нейкае жыццё, і тады яна робіць яшчэ некалькі крокаў і аказваецца на вялікай сцэне за кулісай.

Схаваная занавесам, Вікторыя глядзіць ў залу. Боль у галаве быццам бы сціхае, і нават зрок яснее, так што яна можа разгледзець твары ў першым радзе. Вось уціскаецца ў крэсла Загадчык, бачна, як ён нервуецца, як лісліва шэпча нешта на вуха Куратару — ці не пра яе звальненне? І перад гэтымі людзьмі яна баялася “упасці”? Іх ухваленні цаніла вышэй за ўласнае пачуццё годнасці? Вікторыі так смешна, што яна фыркае, бы дзяўчынка. Ды яны самі — ахвяры страху, кожны з іх трасецца за сваю пасаду, хоча выглядаць пераможцам, а як жа, усе яны баяцца падзення, выкрыцця сваіх патаемных слабасцей ды заган. Яна баялася тых, хто сам баіцца!

Я смяюся з цябе, дурны, бязглузды страх! Я буду апранацца ў яркія файныя строі. З усмешкай я буду ісці наперад, насустрач лёсу. Я пачну ўсё з пачатку, бо я толькі сёння нарадзілася...

Вікторыя заплюшчвае вочы, заспакоена пасміхаецца скрозь слёзы (што гэта — няўжо салёныя камянюкі пад павекамі расталі?), і, здаецца, боль зусім праходзіць, і нават рука робіцца зноў гарачая і жывая. На сцэне дзяўчынка (ці не тая самая, якую яна бачыла ў скверыку з сяброўкамі? так, яна!) усё з той жа ненатуральнай усмешкай, з якой некалькі гадзін таму працягвала руку па цыгарку, чытае нейкія бяздарныя вершы, завучаным жэстам прыціскаючы да грудзей пухлявыя ручкі. Вікторыі шкада яе: які шлях давядзецца прайсці той, каб зразумець: рукі да сэрца можна прыціскаць толькі тады, калі яно сапраўды баліць!

Яна хоча штосьці вельмі важнае сказаць дзяўчынцы, якая ўжо скончыла сваё чытанне, але тут у галаве нібыта лопаецца вогненны шар, чырвона-аранжавыя кругі плывуць перад вачыма, і Вікторыя паспявае яшчэ падумаць: вось будзе гжэчна грымнуцца ў непрытомнасці перад усёй гэтай выглянцаванай публікай! — а потым дашчаны насціл сцэны перастае быць апорай...

Чым ад людзей далей, тым спуск круцейшы. Як вышчараны лесвіцы прыступкі! Мой Цень — ён там, хаваецца унізе, Я асвятляю да яго дарогу. Падземны вецер мкнецца патушыць Малы агеньчык, што нясу ў далонях. Смяротнаму стварэнню не пазбегнуць Адвечнай бойкі з несмяротным злом. Іду адна — Ужо шмат тысячагоддзяў. Але мой Цень — старэйшы за мяне. Я ведаю: ён — там, на самым дне... На жаль, кароткае жыццё ў свечкі: То гасне, то перамагае цемру Ды неабдымны сон пачвар трывожыць. І толькі час адкрые таямніцу: Імя другое Ценю ёсць Святло.

КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК

У канверце — каляровы фотаздымак: смуглявае немаўля, ручкі-ножкі ў “перавязачках”, чорныя валосікі кучаравяцца (Карына таксама нарадзілася кучаравай і надта вялікай, — нягледзячы на апошняе, выскачыла хуценька, ледзь акушэрка паспела мой яблычак пунсовы заморскі на рукі падхапіць,— як жа ты рвалася, дачушка, ў гэтую бойню! “Que niña mas linda! [3] А второй будет мальчик,”— казаў тады твой татка, радасна скочучы — бо ж Зайчаня! — з іспанскай на рускую). Сын Рэйнальда — ён мог быць і маім сынам! — ляжыць на вялікім махровым ручніку (малайчына, Феліпа, захавала для ўнучыка мой колішні дарунак) і ўсміхаецца блазнавата-бессэнсоўна, як могуць усміхацца толькі немаўляты, перад якімі жыццё па правілах гульні вось-вось пачне разгортваць свае яркія цацкі-прынады, спакусліва шамацець стракатымі паперкамі ласункаў, завабліваць і гэтую даверлівую душу туды, дзе, апавітая ружамі і драпежным плюшчом, прыхавана клетка, — каб потым, калі чарговая ахвяра трапіць у пастку, адразу ж перастаць прыкідвацца і паддобрывацца, як той хітры палітык пасля выбараў; вось тут і ўключаецца святло, дзяжурны кінамеханік, пазяхаючы, адкідвае прэч стужку з прывабнымі карцінкамі, а тое месца, куды зачараваны глядач толькі што з захапленнем пазіраў, аказваецца прымацаванай да голай сцяны прасцінай у плямах абы-як пазамыванай месячнай крыві і спермы, з прарэхамі, якія ён сослепу — ах! — прымаў за зоркі, — але гэта калі яшчэ будзе, гадоў праз …наццаць, а пакуль што ён, небарака, усміхаецца так, быццам бы можа ўсяго гэтага пазбегнуць. (Зрэшты, цалкам магчыма, што і пазбегне, бо, як ягоны бацька, мае шанец так і застацца ва ўзросце немаўляці да скону: тады ён — шчасліўчык, бо пражыве жыццё ў клетцы і не заўважыць гэтага.) На фотаздымку бачны вугал камоды, на ёй ляжыць ракавіна, та самая, спіралепадобным рогам дагары, — малюнак, нанесены на яе адпаліраваную паверхню разцом мастака, вядома, адсюль не разгледзіш, але я цудоўна памятаю яго: плошча Далорэс з пальмай, што трымціць на адной назе, як Алісія Алонса ў віртуозным па, каланіяльных часоў кавярня з выявамі даўно памёрлых ідальга. Мы часцяком сядзелі там з мастакамі з Communidad Artística [4], — менавіта ў гэтай кавярні ў хуткім часе пасля майго прыезду чарнаскуры Куэльяр і падарыў мне тую ракавіну (“Esa cosa bella — para muchacha hermosa!” [5]), Рэй проста ашалеў ад рэўнасці і дарунак адабраў, а раніцай паімчаў у Парке-дэ-Сэспедес і купіў там яшчэ адну ракавіну Куэльяра, з дакладна такім жа малюнкам: “Если ты меня бросаешь, мы будем смотреть одинаковый эль пайзахе”. Не, mi vida, ты памыляўся, mi corazón [6], зусім не аднолькавы мы будзем бачыць пейзаж. Прасціна ў кінатэатры камунальная, а праектар у кожнага свой, партатыўны, так бы мовіць, ужыўлены ў падкорку пры нараджэнні — не, раней! Бачыць адзін і той жа пейзаж мы, каханы, асуджаны з табой па-рознаму, як былі асуджаны па-рознаму вымаўляць гукі, вітацца з сябрамі, гатаваць снеданне і вячэру, выказваць радасць і адчай, і тыя словы пяшчоты, якія мы шапталі адно аднаму, з галавой выдавалі нашую чужароднасць. Мы былі замураваныя кожны сам у сябе, як твой сын — у сваё маленства, як гук — у спіральныя выгібы ракавіны. Я падношу яе, шурпатую, халаднаватую, да вуха. Роў дагістарычных пачвар, спевы анёлаў, енк з берагоў падземных рэк гудуць у ёй. Вецер, які гайдае залаты човен Месяца, што плазам, рожкамі дагары, апускаецца ў Атлантычны акіян, лятучыя крокі прывідаў у сярэдневяковай крэпасці з напаўсатлелымі пірацкімі сцягамі гудуць у ёй. Што яшчэ? Пазыўныя “радыё гусанас” за шчыльна зачыненымі дзвярыма, тупат маршыруючых і крыкі “Viva!” [7], стогны цяжарных, што трацяць прытомнасць у цісканіне хлебных чэргаў, гудуць у ёй. Que mas? [8] Не то скрыгат зубоўны, не то нажом па шкле — гук брутальна ўрываецца ў мой сон, але ён, гэты гук, спаталяе мой слых больш, чым усе мелодыі свету…

Гэта скрыгоча колцамі па асфальце вазок паштальёна, па-тутэйшаму —cartero, у якім ён развозіць газеты і лісты; гук той, пачуты яшчэ здалёк, шторанку кідае мяне да верхняй паловы дзвярэй, якая складаецца з гарызантальных дошчачак, прымацаваных да драўлянае рамы на манер жалюзі (ніжняя, шкляная частка дзвярэй, матава пафарбаваная, як у лазні), — рывок, дошчачкі тырчма, у прарэзы адразу ж сігае чорны кудлаты дымішча: малюпасенькі дом наш — ну, далібог, ластаўчына гняздо! — лепіцца дахам да балкона іншага будынка, а з усіх трох бакоў заціснуты паміж мужчынскай цырульняй, фотасалонам ды нейкім складам (і сцены з тымі мае агульныя — глухія), — дом наш адзіным сваім вочкам, тым самым, па-турэмнаму закратаваным дошчачкамі, утрапёна глядзіць на вар’ятню аўтамабільнай дарогі, ад якой адасоблены ўсяго толькі вузенькім, двое ледзь разыдуцца, тратуарчыкам; і калі я, захінаючы далонню вочы ад нясцерпнага сонца, чакаю таго паштальёна з ягоным вазком, літаральна ў двух кроках ад мяне ўверх па Агілера з ровам і віскатам нясуцца аўто — іржавыя, пакамечаныя, з выбітым шклом і страчанымі на нейкіх фантастычных рысталішчах дзверцамі, бразгочуць усімі фібрамі сваіх цудам ацалелых душ, але галоўнае, галоўнае — дымяць, халера іх бяры, рухавікі ў іх не ў парадку ці паліва абы-якое (тут ачышчанае паліва каштуе фантастычных грошай), ці тое і другое разам, але а восьмай гадзіне наш гараж-альтанка-гняздо перапоўнены ўжо густымі клубамі дыму, у гэтым “букеце” хіба толькі О2 і няма; я ўжо не кажу пра тое (падумаеш, дробязь!), што, пачынаючы з той жа восьмай гадзіны раніцы, трэба напружваць галасавыя звязкі, перакрыкваючы ашалелы роў матораў (потым, у Беларусі, я даволі доўга буду пераадольваць звычку размаўляць крыкам), — і так да прыцемкаў.

Дзякуй Богу, паштальёны тут выходзяць на працу рана, пакуль той інфернальны аркестр яшчэ толькі настройвае інструменты дзесьці па аўтазапраўках. Праціснуўшы руку паміж дошчачкамі, я магу, добрая сеньёра, паляпаць па плячы Арланда, пабалакаць з ім пра цэны на рыс і фасолю ў магазінах venta libre [9], адначасова прагна назіраючы за павольнымі рухамі яго цёмных і вузлаватых, быццам карэнішча юкі, рук. Але, на жаль, вазок зноў коціць не Арланда, а маладзён у белай гуайяверы [10], — пэўна, ён нарадзіўся не пад паштальёнскай зоркай, і яна яму не спрыяе, бо пакуль ён замяшчае Арланда, я не атрымала ніводнага ліста з дому — ніводнага! І сёння хлапец толькі разводзіць рукамі. Што ж, грэх вінаваціць зоркі ў тым, што на маёй радзіме, якую я пакінула назаўсёды (слова, у якое немагчыма паверыць), на маёй радзіме, дзе прастору крояць размашыста і няскупа, даючы велічэзныя прыпускі на швы, а будынкі не налязаюць адзін на другі нібы дэкарацыі з пап’е-машэ ў правінцыйным тэатры, — на маёй радзіме пра мяне забыліся.

Ад гэтага горка, як ад здрады.

У калысцы заварушылася Карына, — я ўкладваю ў яе ручку віверон — здаецца, менавіта так Феліпа называе бутэлечку з соскай — і раптам слупянею, уражаная жывым прамяністым пульсаваннем чужой мовы: “vivir” азначае “жыць”, таму “viveron”, пэўна — крыніца жыцця? Ці можна даць лепшае найменне рэчы для дзіцячага кармлення? (Потым, ў час вучобы ў Escuela de Idiomas — школе моў для іншаземцаў, — я зразумею, што маё “адкрыццё” было вынікам мясцовага акцэнту: класічнае іспанскае “beberon” паходзіць ад “beber” (піць), а не ад “vivir”; але прыгажосць гэтай памылкі застанецца са мной надоўга, як, дарэчы, і чароўнае фанетычнае падабенства тых дзеясловаў). У чужой хуткай гаворцы, дзе словы горача дыхаюць адно аднаму ў патыліцу, як навабранцы на ганку ваенкамата, такое вось мільгаценне сэнсаў і фанем, як ні дзіўна, заўважаеш куды часцей, чым у роднай мове; урэшце, так яно і мае быць, бо фраза засціцца туманнай слюдою звычкі, і толькі ўдумаўшыся ў якое-небудзь слоўка, знаёмае, як блакітная жылка на скроні ва ўласнага дзіцяці, раптам адчуеш усёй скурай яго зіхоткую спрадвечнасць (так-так, менавіта — скурай, пад паверхняй якой струменіцца кроў ў сасудах; я на ўсё рэагую вегетатыкай, у мяне можа ўзняцца тэмпература ў адказ на геніяльны радок, а сэрца ад якога-небудзь чароўнага дыялектызму пачынае біцца, бы рыбіна ў руцэ; магчыма, вегетатыўная нервовая сістэма і вібрыруючая тканка мовы — рэчы аднаго парадку, і з’яўляюцца ўсяго толькі знешняй абалонкай чагосьці іншага.)

— Alésia, abre! [11]

Феліпа ўваходзіць у дом са сваёй палатнянай сумкай, — ажно з пяці гадзін шторанку яна выпраўляецца ў прадуктовыя чэргі, інакш тут не прыдбаеш нават жменькі сухога гароху, з якога мы гатуем суп-чычара. Свякроўка, аднак, заўсёды выглядае вясёлай; нешта спяваючы, яна выкладвае на стол наш тыднёвы мандада: прадукты і тавары першай неабходнасці, якія адпускаюцца па тархеце, гэта значыць, картцы (тархета тут — асноўны дакумент, без яе проста аддасі Богу душу ад голаду): адну лібру рыса, невялічкія пакункі з чорнай фасоляй і гарохам, пачак цыгарэт, пачак запалак, трошкі цукру, трошкі кавы — маці Божая, і з гэтым мы маем пратрымацца тыдзень?! Але тое яшчэ не ўсё: Феліпа ўрачыста разгортвае асобную паперку — маўляў, вось яно, глядзі! — нашы з ёю два танюткія, напаўпразрыстыя, быццам пялёсткі ружы, нармаваныя “біфштэксы” памерам з дзіцячую далоньку, — віртуозы, нічога не скажаш, напрактыкаваліся адразаць мяса! І, нарэшце, ласунак для Карыны — самотны апельсін на дне сумкі.

— La vida es la lucha [12], — уздыхае свякроўка і пачынае распавядаць, як цяжка было ўгаварыць Розу з лаўкі прадаць ёй гэты апельсін — бо толькі для цяжкахворых! Па спецыяльных тархетах!

На донцы нашага з Феліпай “віверона”, у сэнсе — кававаркі (вось дзе сапраўдная крыніца жыцця, без жартаў!) засталася яшчэ кропля, аддаю рэшткі кавы свякрусе (заслужыла!), а сабе заварваю другі раз гушчу: тут не снедаюць, кава мусіць падтрымаць нашыя сілы да абеду, які складаецца звычайна з талеркі рысу і жменькі фасолі альбо гароху. Нават запалкамі тут карыстаюцца не так, як дома: калі будзеш чыркаць запалкай аб пачак, нічога не атрымаеш: тонкая, што рыбіна костка, запалка проста зломіцца, — напачатку я такім чынам звяла іх багата, потым прыстасавалася прыціскаць падушачкай пальца галоўку запалкі да бакавіны пачака. Пакуль я з руплівасцю пітэкантрапа намагаюся здабыць агонь, газніца астывае. Уф! Усё трэба пачынаць з пачатку. La vida es la lucha!

Ніколі не думала, што звычкі адыгрываюць такую значную ролю ў жыцці. Дык вось чаму людзі баяцца перамен: яны ўчэпіста трымаюцца за свой уласны вобраз, сатканы са звычак. Разарві, пераблытай гэтыя ніці, — што застанецца ад чалавека? Варта паставіць пытанне: ці існую я насамрэч?

Феліпа раскладвае ежу па бляшанках і слоіках: у паперы нічога захоўваць нельга — зжаруць прусакі, па-тутэйшаму — кукарачы, яны тут велічэзныя, бр-р, каля пяці сантыметраў у даўжыню, у доме іх — процьма, трэскаюць усё, нават ношанае, з пахам чалавечых выпарэнняў адзенне; калі пачвара ўпершыню выслізнула з маёй бялізны, падрыхтаванай для мыцця, — закрычала нема, а зараз нічога, прызвычаілася. Каштуючы светла-карычневую “каву” (mierda яно і ёсць mierda, адпаведна — дзярмо), спрабую зразумець, чаму ў бананава-цукрова-кававым раі апельсіны атрымліваюць толькі цяжкахворыя, кава і цукар — па тархетах, але загаварыць пра гэта з Феліпай — значыць абразіць яе патрыятычныя пачуцці, градус якіх, я заўважыла, расце адваротна прапарцыянальна зніжэнню карткавых нормаў. Вось і зараз рука свякроўкі са стараннасцю выдатніцы выводзіць “самапіскай”, зробленай з пластмасавага футарала для тэрмометра, дату чарговага ліста да сястры ў вёску:

“29 de Julio Año 30 de la Revolución” [13].

Ішоў апошні год дзесяцігоддзя, што змяніла свет, у якім мы выраслі. Ноч перад адплыццём “Тараса Шаўчэнкі” на Кубу мы з Рэйнальда правялі ў ленінскім пакоі адэскага рабочага інтэрната; літары з пенапласту, з якіх калісьці складаўся вялізны, на ўсю сцяну, тэкст “маральнага кодэкса”, часткова паадклейваліся і валяліся ў калідоры ўпокат, як і самі п’яныя “СРОИТЕЛИ МУНИЗМА”, — нікчэмныя літары, што раптам выпалі са звыклага ім слова. Якое ж новае слова можна было скласці з гэтых самотных літар? СВАБОДА!

Нам здавалася тады, што той, хто гаворыць пра яе, ужо свабодны чалавек (гэта сёння, 25 лютага года 12-га ад абвяшчэння Незалежнасці, я не магу лічыць свабодным таго ўрача, які тыдзень таму стаяў ля майго ложка і, замест выканання сваіх абавязкаў, пырскаючы слінай, лаяў урад і мас-медыа (асабліва — газеты!), праецыруючы свой архетып ворага на пацыентку, што таксама недзе там друкавалася, а на той момант ляжала з тэмпературай пад сорак і лімфавузламі быццам арэхі, — але доктара тое мала цікавіла: ён дэманстраваў, што ён — чалавек свабодны.) Тады мы яшчэ не разумелі, што па-сапраўднаму свабодны чалавек проста не заўважае гэтага, бо свабода з’яўляецца натуральным станам ягонага арганізма. Але нават тое каламутнае, з падазроным пахам чагосьці знаёмага (тыпаграфскай фарбы? гумы першамайскіх шарыкаў і айчынных прэзерватываў?) паветра — якім асвяжаючым яно было пасля задушлівых балотных выпарэнняў, чым мы дыхалі ў сценах школы, універсітэта, рэдакцый беларускае “глыбінкі”, куды раз’язджаліся на практыку! “Кураторы на местах” патрабавалі ад нас дзелавітага пустабрэхства, узведзенай у ранг прафесіі крывадушнасці; нашыя металізаваныя лінатыпам радкі мусілі быць падобнымі да маршыруючых па асфальтавых дарожках стадыёна шэрагаў дзябёлых цётак з павязаным пад дубальтовым падбароддзем у кожнай піянерважацкім гальштукам. Тлусты шрыфт загалоўкаў нагадваў прусакоў, укормленыя статкі якіх пасвіліся на пажыцях нашага “Другога Інтэрнацыянала”, у сэнсе — універсітэцкага інтэрната-“двойкі”, дзе жыло шмат студэнтаў з замежжа; тэкставыя — петыт і часопісны рублены — прыпадабняліся ланцужкам добрасумленных мурашоў, апантаных месіянскай ідэяй узвядзення сусветнага мурашніка; нанпарэль глядзелася лічынкамі мух, — параўнанні множыліся да бясконцасці, але лягчэй ад гэтага не станавілася. Я знайшла паратунак у вершах, якія пісаліся пераважна ў стол; калі б псіхіятру давялося пабачыць мае тагачасныя тэксты, ён, пэўна, адзначыў бы прагрэсіруючы аутызм, які пышна квітнеў за наглуха зачыненымі аканіцамі рымскае вілы маёй свядомасці, — я неслася на крылах шызафрэнічных вобразаў у нейкія крывава-чорныя нябёсы, дзе жыццё было, па сутнасці, немагчымым. Вердыкт, вынесены рэдакцыяй аднаго саліднага часопіса, куды я адважылася даслаць свае творы, быў справядлівы: “Паэзія, заснаваная не на рэальнасці.” Але засноўваць што б там ні было на той псеўдарэальнасці, якая раілася навокал, размнажаючыся з хуткасцю насякомых, я не жадала. Усе каштоўнасці гэтага свету былі мёртвыя, нібыта праспіртаваныя вантробы ў слоіках, якія грувасціліся на стэлажах кафедры хірургіі, куды нас ганялі адпрацоўваць “ваенку”. Самым страшным было тое, што і на сабе я пачынала адчуваць тую ж маску, нябачную плеўку, у якую было герметычна запакавана ўсё — ад бацькоўскіх павучанняў да па-правінцыйнаму нявіннай гульні ў “бутэлечку”, якой мы цешыліся на вечарынках у гонар нашых паўналеццяў, і нават тыя нясмелыя пацалункі, якія ўсхваляваныя гульцы дарылі адно аднаму за зачыненымі дзвярыма, не пранікалі ў нашыя сэрцы з-за той плеўкі. Свет, у якім мы былі абавязаны стаць шчаслівымі, быў забруджаны крывадушнасцю, як радыяцыяй. І мне любой цаной хацелася здзерці абрыдлую маску, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася сарваць з сябе і самую скуру.

І вось плеўка пайшла трэшчынамі і пачала адвальвацца, нібы сырая тынкоўка. Нам здавалася — не, мы былі ўпэўнены! — што пасля гэтага пачнецца новае жыццё, якое не можа, не мае права быць падобным да мінулага. Якія недапушчальныя абагульненні намі рабіліся! Памятаючы са школы, што “ў кроплі вады адлюстроўваецца сонца”, мы не прынялі да ўвагі, што па кроплі нельга меркаваць аб памеры сонечных плям. Гэта быў сумленны ўзлёт расійскае прэсы, якая прачытвалася да выхадных дадзеных і прозвішча рэдактара. І раптам аказацца ў краіне, дзе “Маскоўскія навіны” і “Спадарожнік” былі забаронены за абразлівы, з пункту гледжання мясцовых улад, выпад супраць Брэжнева, гэтага блазна, пра якога мы яшчэ ў школе склалі вершык: “Бровы мае ён густыя, словы шамкае пустыя…”! У краіне, дзе амерыканскае “Радыё Марці” (“радыё гусанас”, як зняважліва называлі яго тутэйшыя функцыянеры) слухаюць у навушніках, каб суседзі не данеслі ў СDR [14]! Аднак найбольш ужывальным словам і тут аказалася… так-так, тое самае, зашмальцаванае, як мясцовыя грашовыя паперкі з надпісам “Куба, свабодная ад Амерыкі,” — але што можна было купіць за гэтыя тугрыкі?! Тады, у васьмідзесятых, мы мелі звычку, досыць беспадстаўную, як высветлілася, кідаць не задумваючыся: “У нашых крамах нічога няма”, — нам і прымроіцца не магло, што ёсць краіна, дзе тую метафару трэба разумець літаральна. Ну, хіба можна назваць крамай месца, дзе пасярод мармуровага (а то ж! тыя, хто будаваў на пачатку стагоддзя, разлічвалі на іншае) прылаўка, быццам тая біблейская авечка, што адбілася ад статка, самотна пасвілася талерка з брутальнае гліны ды на драцяных “плечыках” боўталася нейкая рабочая адзежына? Урэшце, прадуктовыя крамы ўражвалі яшчэ мацней: на паліцах стаялі — па картках дзецям! — адно бляшанкі савецкай згушчонкі. Прадаўчыцы спакойна спалі, уладкаваўшыся ў куточку: скрасці ўсё роўна не было чаго. За любой драбязой — ад шнуркоў да пялюшак — адразу ж выстройваліся кіламетровыя чэргі, ачэпленыя паліцыяй. Былі, праўда, крамы venta libre — так званага свабоднага гандлю, дзе лязо для галення каштавала 25 песа, наручны гадзіннік — 60, вентылятар — 600, а лядоўня больш за паўтары тысячы, пры сярэднім заробку кубінца ў дзвесце песа. Існавалі яшчэ спецыяльныя крамы, дзе рэчы прадаваліся ў абмен на золата. Толькі тады я ацаніла запаслівасць Рэйнальда, якая дома так раздражняла мяне: за некалькі месяцаў да ад’езду ён пачаў цягаць мяне па мінскіх крамах, прымушаючы скупаць усё запар. Мы набылі: лядоўню “Саратаў”, электраплітку, пасцельную бялізну, прас, чайны сервіз, каструлі, патэльні, падушкі, а таксама у неверагоднай колькасці розную драбязу: гаспадарчыя сумкі, адрэзы таннага паркалю, наборы для шыцця, шпількі, заколкі для валасоў, пластмасавую біжутэрыю і г.д. Прадаўшчыцы гаспадарчых аддзелаў гастраномаў збывалі нам заляжалы тавар; згараючы ад сораму, я прасіла фанабэрлівых прыгажунь ГУМа адмераць мне па дваццаць метраў нейлонавых стужак — “чырвонай, калі ласка, сорак” — і па дзесяць — танных карункаў. У ЦУМе я набыла велічэзнага, з залаціста-крэмавай поўсцю, мядзведзя (менавіта такога росту, па маіх меркаваннях, мусіла быць Карына). “Зачем ты тратила столько денег на этот oso [15]? Нам еще надо купить детский обувь, много обувь разных размеров”. — “Паслухай, куды мы збіраемся? Мо на якую ненаселеную выспу?” — “Увидишь.” Вось і пабачыла, гаротніца...

Наш “Тарас Шаўчэнка” прышвартаваўся ў гаванскім порце якраз 26 ліпеня, у найвялікшае нацыянальнае свята. У гэты дзень у 1953 годзе адбыўся штурм легендарных казармаў Манкада пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра — уверцюра рэвалюцыі 1959-га. “Viva Fidel!” [16] — гэта былі першыя словы, якія я прачытала, сышоўшы з трапа парахода на цвёрдую зямлю. Лозунг вісеў на сцяне будынка, які, пэўна, ужо не адно дзесяцігоддзе знаходзіўся ў аварыйным стане. Пакуль мы ехалі з порта ў таксоўцы — неверагодная калымага вытворчасці пяцідзесятых (далібог, як у старых замежных фільмах, вось толькі без шкла і дзверцаў!) пагражала разваліцца — я паўсюдна бачыла натоўпы маршыруючых, дарослых і дзяцей: апранутыя ў форму колеру хакі, пад шалёны барабанны дробат яны шчоўкалі затворамі стрэльбаў, нешта гучна крычалі. Выпадкова зірнула на іхнія ногі — у чым дзеці абуты… “Вот, смотри сюда, — мой муж, відавочна шчаслівы і горды, тыцнуў пальцам у вялізны партрэт, які несла негрыцянка, апранутая — Госпадзі! — у адну толькі празрыстую камбінацыю — такія мы дома носім пад сукенкамі. — Это Хосе Марти, интеллектуальный автор штурма казарм Монкада!” Высокі лоб з залысінамі маладога Леніна, пышныя вусы Карла Маркса, халодныя вочы. А вось і ахвярныя ягняты: як заўсёды, вельмі маладыя, як заўсёды, з прыстойных сем’яў. Вось гэты, Хасе дэ Хесус Мадера Фернандэс ( трэба ж — Хесус! І гэтая абавязковая прыстаўка “дэ”!), яму было ўсяго дзевятнаццаць — чыста паголены, з мяккай хваляй валасоў і тонкімі рысамі твару, а вочы, вочы — так глядзіць чалавек, ужо гатовы прынесці сябе ў ахвяру… Альбо вось гэты — Оскар Альберта Артэга Лора, ён пражыў трохі больш — дваццаць пяць год. Пра што яны думалі, ідучы на верную пагібель? Пра бедны народ, яны заўсёды думаюць пра народ, гэтыя гераічныя хлопчыкі, толькі чаму іхнія ахвяры абарочваюцца ў будучым мільёнамі ахвяр, іх кроў — рэкамі крыві? Урэшце, можа, тут усё па-іншаму? Пажывем-пабачым…

Не адпускаючы рукі Рэя (ён рэгістраваў свой дыплом фізіка-ядзершчыка, хадзіў па павестку ў войска), я шпацыравала па вуліцах рэвалюцыйнае Гаваны, шырока раскрытымі вачыма пазірала на аварыйныя "ролс-ройсы” без шкла і дзверцаў, на апранутых у вульгарна-яркія крымпленавыя штаны і такія ж кашулі азызлых кубінак з бігудзі на галаве, на дзяцей, нягледзячы на спапяляючую спякоту, абутых у чорныя, мілітарысцкага тыпу чаравікі мясцовай вытворчасці, і ўва мне расло пачуццё нерэальнасці ўсяго гэтага, — нібыта мы, штодзень пераводзячы гадзіннік назад у нашым плаванні па Атлантыцы, нейкім непапраўным чынам зрушылі час, сталёвы вінт “Тараса” скамечыў кволыя косткі стрэлак, звар’яцелыя орды даўно адышоўшых у небыццё дзён узялі цыферблат штурмам, Зямля дала зваротны ход, — і мяне нейкім ветрам занесла ў каланіяльную дзірку на досвітку навукова-тэхнічнай эры.

La libertad. Пэўна, яе, свабоды, дамагаюцца дзеля адзінай мэты: адразу ж апынуцца ў палоне новай залежнасці. І што чакае маю Радзіму, якая свабодай трызніць?

На трэці дзень знаходжання ў Сант’яга-дэ-Куба (радзіма майго мужа і — “калыска рэвалюцыі”: недалёка ад нашага дома, што па вуліцы Агілера, знаходзяцца слынныя казармы Манкада) я пачала пакутаваць ад “сіндрому зняволенага”, добра знаёмага па студэнцкіх будатрадах: немагчымасці пабыць у адзіноце. Унутраных дзвярэй у большасці кубінскіх дамоў няма, як няма і аніякіх агароджаў звонку: усё расхінута насцеж, пранізана духам сумеснага вулля. Мая “спальня” адгароджана ад “залы” толькі шырмай з кавалка бруднае драпіроўкі; “зала” па-тутэйшаму — нешта сярэдняе паміж вітальняй і гасцёўняй, сюды ўваходзяць з вуліцы, прычым, аніякіх табе ганкаў ды прыступак: выкладзеная кафляю падлога проста пераходзіць у тратуар. Адвячоркам Феліпа ўключае тэлевізар у сваёй “зале” і расхінае верхнюю, з дошчачак, частку дзвярэй. Прахожыя спыняюцца, каб утаропіцца ў чарговы бразільскі серыял (тут ніхто нікуды не спяшаецца!), і, абапершыся на нашую раму, шумна каменціруюць уцёкі нявесты багача Мансерата ў бардэль; парачкі мілуюцца ледзь не над галавой Феліпы, якая раскінулася на канапе пад плюшавым дыванком з безгустоўным пейзажам (гэты дыванок Рэй купіў у адэскім ГУМе, і дакладна такі ж самы, да майго жаху, вынес адтуль пад кашуляй ягоны сябра. “У вас столькі тавараў, вы не збяднееце!”— прастадушна патлумачыў ён мне; дарэчы, гэтыя дэкаратыўна-прыкладныя лубкі ды яшчэ пластмасавыя ружы, таксама “echo en la URSS”, [17] складаюць стандартны набор мясцовага інтэр’ера — іх можна пабачыць амаль у кожнай хаце). Цудоўнае жытло (раней тут, здаецца, быў нейкі склад) бацька Рэя (таксама Рэйнальда) атрымаў “за заслугі перад рэвалюцыяй”; зараз Рэйнальда-viejo [18] (Божа, як ён абражаецца, калі я так яго называю!) жыве непадалёку з маладзенькай прыгажуняй, але сувязяў з дзецьмі не парывае; час ад часу сям’я збіраецца разам: прыязджае з Гаваны старэйшы сын Эрнеста і заглядвае дачка Марго, якая за выкананне інтэрнацянальнага абавязку ў Анголе нядаўна заахвочана асобнай кватэрай (з жахам успамінаю яе расказ пра тое, як яна, хірург-афтальмолаг, рабіла ў той Анголе аперацыі пры дапамозе... манікюрнага набора, які я калісьці падарыла ёй, — бо медыцынскіх інструментаў там не было). Стары дом тады задаволена рыпіць пашкоджанымі рэўматызмам суставамі, звыкла ўдыхае смурод газніцы задымленымі лёгкімі, — але, далібог, не падабаюцца яму гэтыя чужаніцы, ластаўкі, што заляцелі сюды з невядомых краёў, асабліва старэйшая “савеціка”, ці як там яе (“Адкуль вы прыехалі?” — “З Беларусі”. — “Як-як? Руса? Савеціка?” [19]) — з ейным прыездам нешта змянілася, нешта стала не так, як трэба…

Трымаючы за руку Карыну, я ступаю на расплаўлены спякотай асфальт. Дом падазрона пазірае ўслед. Мы накіроўваемся ўніз па Агілера, да плошчы Далорэс, міма вялікіх вітрын, у якіх разгублена нікнуць убогія сувеніры, міма мяшкоў са смеццем, выстаўленых ля кожнага дома ў чаканні басурэры [20] — у іх ужо гаспадараць пацукі, маленькага рынку, дзе прадаюцца тыя ж нікому непатрэбныя сувеніры, плеценыя капелюшы ад сонца ды спекулянты прапаноўваюць з-пад палы вянозных куранят, міма мулаткі-марожаншчыцы з плямамі дэпігментацыі на голых руках, кавярні, аплеценай барочнымі карункамі агароджы, аперэтачных балконаў, на якіх пажоўклыя матроны п’юць каву пасля сіесты, — там-сям з-пад асфальта яшчэ вытыркаюцца іржавыя рэбры рэек (да рэвалюцыі ў Сант’яга хадзілі трамваі!) — наш шлях ляжыць да кнігарні, якая, калі ўжо гаварыць пра дом, і стала ім, маім сапраўдным Домам у гэтай краіне. Калі я, зацікавіўшыся вітрынай, расфарбаванай дакладна як гастраном у нашым райцэнтры перад Новым годам (снежная баба з носам-моркаўкай, абавязковае зайчаня) упершыню ўвайшла сюды, кроў кінулася мне ў твар і на вачах выступілі слёзы (штосьці такое зрабіла гэтая чортава спякота з маёй і без таго надта лабільнай вегетатыкай) — і было з чаго: на паліцах стаялі кнігі — і якія! Песцілі зрэнкі ізумрудная вокладка Крысты Вольф і графітавая — Кафкі, густы ультрамарын Цвейга плаўна перацякаў, нібы колеры навальнічнага неба, у стрыманы фіялет Пруста. Тады, напрыканцы васьмідзесятых, такія кнігі у Мінску купіць было немагчыма. Маладая жанчына з круглым, славянскага тыпу тварам і русымі валасамі да плеч звярнулася да мяне: “Заходьте, пажалста!” Няўжо родная трасянка?! Як яна абражала мой слых у Беларусі! А тут — тут я гатовая была кінуцца на шыю Лідзіі Руцэвіч, сіньёры-адміністрадоры гэтай суверэннай Касталіі ў дзяржаве перманентна ўзбуджанай плоці.

Ліда аказалася родам з Магілёва. Муж, высокапастаўлены кубінскі funcionario partido [21], прывёз яе ў Сант’яга восем гадоў таму. Праца, якую ёй перадала, ад’язджаючы ў Гавану, такая ж, як мы, саўкубінка беларускага паходжання, аказалася проста фантастычна выгаднай. Варта паўтарыць: добрая кніга ў нас на радзіме яшчэ заставалася дэфіцытам. Тыя жаданыя выданні Бродскага і Пруста, па якіх сумавалі згаладнелыя чытачы на прасторах дажываючага апошнія гады СССР, ляжалі тут, на паліцах схаванай паміж Парке-дэ-Сэспедес і плошчай Далорэс невялічкай крамы амаль свабодна (“амаль” — таму што “вяршкі” Лідка-такі прыхоўвала і размяркоўвала “па сваіх каналах”), і купіць іх можна было за цану, пазначаную ў верхнім вугле вокладкі, толькі не за рублі, зразумела, а за мясцовыя песа, бо прызначалася ўся гэтая раскоша “для ўмацавання дружбы з братнім кубінскім народам”. Урэшце, “браты-кубінцы” зазіралі сюды хіба што па непаразуменню (побач знаходзілася тытунёвая лаўка). Затое Лідка з ейнай “кропкай” была добра вядомая сярод савецкіх спецыялістаў, што працавалі на Кубе, і маракоў з гандлёвых суднаў. “Што прывезлі, хлопчыкі? Грэчка, кансервы ёсць? Альбом эратычнага масажу маю, пяцітомнік Алданава, даведнік рыбалова — каму што трэба?” — плыла яна насустрач “сваім” пакупнікам, віхляючы сцёгнамі, бразгочучы завушніцамі-ракушкамі.

У кнігарні я пазнаёмілася з Вольгай: падумаць толькі! — вырасці ў адным райцэнтры Беларусі і сустрэцца тут, дзе дваццаць дзевяць тамоў супердэфіцытнай медыцынскай энцыклапедыі прапаноўвалі дваццаць дзевяць тысяч прычын жыць у суцэльным кашмары (калі, зразумела, іх прачытаць) і сваёй шэра-шызай вокладкай нагадвалі колер неба над нашымі роднымі абсягамі. “Тут неба зусім іншае, — задуменна адзначыла Вольга, страшэнна худая, з па-хлапечы вузкімі сцёгнамі і калісьці вогненна-рыжым, а цяпер напаўсівым вожыкам над рабаціністым тварам. — Тут неба такое, быццам яго вымылі да бялюткай чысціні, а потым шчодра дадалі сінькі”. Мы абмяняліся адрасамі: Вольга мела кватэру ў новым, нядаўна пабудаваным мікрараёне Абель-Сантамарыя, дзе жыла з дачкой Кацяй. На пытанне пра мужа аджартавалася: тут, на Кубе, сёння ён твой, а заўтра — суседчын…

— Уф! Зранку зноў цыклон пранёсся, — рапартуе Лідка, падлічваючы выручку. — Ні храна сабе, 345 песа! Ад’язджалі дадому кароткатэрміноўцы з рэфінэрыі [22], змялі ўсё падчыстую, нават залеж, Дастаеўскага з Гогалем. Дарэчы… — Лідка паніжае голас, хаця ў краме, акрамя нас, толькі две прадаўшчыцы-кубінкі, Ана і Анабель, абедзве кампрэндэн [23] толькі адну мову — іспанскую, — я тут для гранд-мадам з консульства Набокава пакідала, дык яна мне тушонкі падагнала, па пяць песа, браць будзеш? У крамах па восем, і тое днём з агнём…

— Не, Лідуся, дзякуй. У мяне ўсяго пяць песа, я лепш кніжку куплю.

— Ну, як сабе хочаш, — Лідка кладзе грошы ў касу і цікавіцца голасам

строгай настаўніцы: — Мо вучышся паціху, га?

— Чаму?

— Гледзячы ў калюжыну, не бачыць бруду, а бачыць адлюстраванне

сонца.

— Я стараюся. Але не вельмі атрымоўваецца.

— Гэта натуральна, — паблажліва заўважае мая сяброўка. — На

першым этапе прывыкання нікому з дзяўчат не ўдаецца пазбегнуць крытыкі. Галоўнае — не параўноўваць. Быццам ў нас на радзіме мала свінства. Жыць, у рэшце рэшт, можна ўсюды.

— Згодна, усюды, але — так?! Сёння Феліпа вымыла падлогу і, апаласнуўшы трохі таз, збіралася памыць у ім Карыну. Я залямантавала, дык яна з нейкім нават, ведаеш, гонарам адказала: “У маім доме таз усяго адзін!” Ён сапраўды адзін, іржавы, з пазаклейванымі дзіркамі. Пытаюся: “Чаму новы не купіце?” Аказваецца, апошнія трыццаць год, гэта значыць пасля перамогі іхняй рэвалюцыі, тазы ў продаж не паступалі. А газніца! Гэта ж жах! Феліпа добрая і шчыра клапоціцца пра Карыну, але — дзікунствам сваім ганарыцца?!

— Ты маеш рацыю, яны любяць дзяцей, — Лідка быццам недачула

ўсяго папярэдняга. — Я неяк распавяла ім, — ківок у бок Аны і Анабель, — пра нашыя дамы-малышоўкі, куды здаюць нашчадкаў жывыя бацькі, дык яны проста не зразумелі, пра што ідзе гаворка: у іх нічога падобнага і ўявіць сабе немагчыма.

— Святая прастата. Мой свёкар, прыкладам, проста не зразумеў, чаму я

не іду неадкладна ў карпункт “Правды” і не ўладкоўваюся на працу. Учора ён прывалок у дом Феліпы здаравенны камень. Я запыталася, навошта. Высветлілася, што такая вось камянюка — рэч першай неабходнасці ў хатняй гаспадарцы, яна замяняе кавамолку, мясарубку, малаток і г.д. Усе гэтыя рэчы зніклі з продажу пасля перамогі рэвалюцыі.

— Затое ў іх медыцына — не параўнаць з нашай!

— Медыцына выдатная, спрачацца не буду. Але ж калі б людзі

нармальна харчаваліся ды жылі ў больш-менш прыстойных санітарных умовах, не спатрэбілася б столькі лекараў.

— Затое ў іх…

Гэтая гульня можа цягнуцца бясконца. Любую маю карту Лідка гатова пабіць прыхаваным у яе казырным тузом. Яна бярэ пад сваё крыльца ўсіх новенькіх і вучыць жыць па метадзе “рэальнай ілюзіі” (аўтар тэрміна — яна сама, асноўны прынцып — “гледзячы ў калюжыну, не бачыць бруду…” і г.д.), а пакуль мы спасцігаем курс выжывання, падкормлівае прадуктамі з савецкіх суднаў. Мо такім чынам яна прымушае саму сябе паверыць у тое, што прапаведуе?

— У Гаване жонка Рэйнальдавага брата, заўваж, у мінулым — чэмпіёна

Алімпійскіх гульняў, — не здаюся я, — спытала мяне, ці часта ў Беларусі бывае dia de la agua [24], і так і не дала веры, што ёсць краіны, дзе вада цячэ з крана кожны дзень, а не раз у тры-чатыры дні, як тут. Яны проста жывуць пад каўпаком, як мы калісьці.

— А мы з Арманда, — уздыхае Лідка, — год жылі наогул без вады.

Гэтыя лайдакі не спяшаліся рамантаваць, а Арманда, ты ж яго ведаеш: “Рэвалюцыянер павінен трываць цяжкасці”, — ён дык, бляха-муха, цэлы дзень на працы, рэвалюцыянер доўбаны, а “цяжкасці трываць” даводзілася мне, на карку тую ваду на пяты паверх цягала... Эх, хадзем у падсобку, хлопнем па маленькай, га? — раптам прапаноўвае яна.

У мяне няма ніякага жадання піць (на вуліцы — 32 па Цэльсію, валідол у кішэні), але чужая настойлівасць, як заўсёды, бярэ верх над маёй слабай воляю. На стале ў Лідкі — пачатая бутэлька “Пшанічнай”, кіслая капуста, рыбныя кансервы — усё сваё, родненькае, нібыта толькі што з гастранома ля нашае “абшчагі”! Гаспадыня запальвае “сцервадэску”, па-змоўніцку падміргвае:

— Сярожа, памочнік капітана з аднаго судна, прывалок…ну, мы бачымся калі-нікалі…дык ведаеш, як ён нашых дзяўчат тутэйшых называе? Інтэрпапялушкамі. Бо пасля цудоўнага балю кахання спяшаемся, хе-хе, да газніцы з кукарачамі…

— А я б параўнала нас з ластаўкамі…

— Гэта чаму? “Ласточка с весною в сени к нам летит”, ці што?

— Ластаўкі робяць гнёзды не з галінак, як іншыя птушкі, а, лічы, з

бруду — з гліны ды зямлі, змешаных са слінаю, і лепяць іх зноў жа не на дрэвах, а прымацоўваюць куды заўгодна: да балконаў, карнізаў. Яны здольныя нарадзіць і выхаваць патомства практычна ў любых умовах. Вось толькі ў клетцы жыць не могуць…

— Да таго ж ластаўкі — добрыя летуны, — падхіхіквае Лідка. — Бач, куды мы з табой заляцелі…Э-эх! Іншы раз сама дзіву даюся, як я тут апынулася.

Гісторыя Ліды, расказаная

ў кнігарні на вуліцы Энрамада

Мне яшчэ ў Саюзе на месцы не сядзелася. У белакаменнай вучылася, а працаваць дзе толькі не давялося! “Ты — што тое пустазелле, — казала маці, — усюды прыжывешся”. Адукацыя ў мяне для Кубы самая, хе-хе, “падыходзячая”: пушніна-футравы тэхнікум, потым інстытут скончыла на таваразнаўцу. З чырвоным дыпломам, прашу ўлічыць! Першая практыка — у Стаўрапольскім краі, у нарыхтоўчай канторы. Час поўсці. Чабаны прывозяць па дванаццаць тон. “У-ть, понимаешь” — гэта мы дырэктара канторы так звалі, улюбёная ягоная прымаўка была, — краў бязбожна, пасадзілі яго ў васьмідзесятым; але тады я была яму ўдзячная, бо ганяў мяне на Нявінамыскую фабрыку пярвічнай апрацоўкі поўсці назіраць за якасцю. А я па жыцці надта цікаўная. Потым вох як тое спатрэбілася!

Размеркавалі мяне ў Калінінградскую вобласць, у самы адстаючы раён. За два гады вывела сваю нарыхтоўчую кантору ў перадавыя. З Масквы спецыяльна прыязджалі — вопыт пераймаць. “Вось дык беларуска! Ну і малайчына! Як табе ўдалося?” — “Прапагандай сярод мясцовага насельніцтва,” — адказваю. А якое там насельніцтва? Хеўра зладзеяў ды алкашоў. На самай справе рабілася ўсё гэтак. Наводзіла кантакты з літоўцамі суседніх абласцей. Сыравіну яны везлі мне з задавальненнем: здаў пятнаццаць тон бульбы — атрымай даведку на “жыгуль”! Але па закону здатчык павінен жыць у нашым раёне. Я знаходзіла ў вёсцы дзядулю: “Дзеда, на тваё імя афармляю кантракт. Вось табе дзвесце рублёў”. Дзед, Божы дзьмухавец, рукі мне ад шчасця цалаваў. Рызыкавала, канечне. Альбо вось яшчэ выпадак: гандлююць грузіны памідорамі. “Хлопчыкі, хочаце японскі магнітафон, скураное паліто?” Увесь свой тавар яны мне оптам здавалі, танней, канечне, але грошы адразу плюс дэфіцыт-с. Кантора ўверх пайшла — аб'явіліся зайздроснікі. А як жа ж! Загадчыца аддзела па якасці аблспажыўсаюза Філатава ўсе мае кантракты асабіста праездзіла. Ніхто, дзякуй Богу, не раскалоўся. А мяне, прыкінь, запрасілі працаваць у аблвыканкам старшым інспектарам па якасці! Філатавай я, дарэчы, адпомсціла: праехалася па ўсіх ейных нарыхтоўчых канторах — я ж гэтую фісгармонію знутры ведаю! — знайшла процьму парушэнняў. Дык, казалі, ёй проста ў кабінеце з сэрцам блага зрабілася. А не капай іншаму яму!

Жыла я — не бедавала! Кватэру далі. Званок зазвініць, адчыню дзверы — стаяць скрыні з памідорчыкамі адборнымі, яйкі двухжаўтковыя, языкі...быццам самі, хе-хе, прытупалі. Я тым часам па прадпрыемствах шнарыла ў якасці арбітра паміж вытворцам і гандлем. Абласная газета “Калінінградская праўда” артыкул мой надрукавала пра нарыхтоўкі скурсыравіны — “Чалавек мяняе скуру”, хі-хі. Эх, ці ж думала, што ў хуткім часе сама буду скуру, бы тая змяя, мяняць?! Усяго ў мяне было ў дастатку, а вось шчасця — не мела! Мужыкі трапляліся — цюхцяі, пусці-павалюся, маці мая такіх апоўзлікамі называе. Ні ў ложку не могуць рады даць, ні карысці ад іх у доме. Паехала неяк у сталіцу “залатую” у камандзіроўку, там у рэстаране і пазнаёмілася з Арманда. Адразу ж пасля вячэры і падняліся да яго ў нумар… Зусім іншай жанчынай у Калінінград паехала. А ён за мной услед. На працы адпачынак узяла, тыдзень з ложка не вылазілі... Што ты кажаш? Не гэта галоўнае? Ну, як яшчэ паглядзець! Усё кінула, сытае жыццё на “абалдзенны” секс ды гарохавы суп-чычара прамяняла. Дзярма тут насёрбалася — крый Божа! Пяць год працавала ў прыгараднай школе, як той рамонак палявы сярод мясцовых. Зараз трошкі лягчэй, але ўсё роўна…Свякруха кроў п’е, кішкі вымотвае. Але я ўмею атачыць сябе ў думках суцэльным белым спектрам, чаму і вас, дурненькіх, вучу. Нейкі мудрэц казаў: хіба мае значэнне, як табе жывецца, калі ты лічыш, што добра? Вось толькі, в-о-ох, не трэба той спектр на колеры раскладваць. А яно ж часам, зараза, само так атрымоўваецца. Прыкладам, іду праз той прыгарад, дзе настаўнічала. Сярэдзіна працоўнага дня, а пасярод вуліцы мае былыя вучні “расслабляюцца”, танцуюць пад гукі мясцовага шлягера “Сafé del campo” [25]. Маці мая, што ў Магілёве, за ўсё жыццё хвіліначкі днём не пасядзела без справы, у шэсцьдзесят год — выпрацаваная, знямоглая. А гэтыя здаровыя лбы адно ведаюць: скокі ды блядкі. Але калі зусім ужо хранова стане тут, я ў Іспанію звалю. Бач, што на паперцы напісана… чытай! Гэта адрас мі-лі-я-не-ра! З Канарскіх астравоў! Сам мне ручкай з залатым пёркам зрабіў ласку напісаць. Так што пустазелле — яно нідзе не прападзе!

Dia de la agua. Стоячы ў клубах пары, мы з Феліпай змагаемся з распухлай змяёй прасціны. Ні ваннага пакоя, ні душа ў доме няма: ў закутку нашай “спальні”, амаль побач з ложкамі, ёсць нічым не адгароджаная ніша ў сцяне, так званае lavadero, дзе падведзена вада, зразумела, халодная, якая цячэ з крана раз у тры дні, гэта і ёсць слынны “дзень вады”, якога чакае ўся Куба. Астатнія справы адкідваюцца дзеля галоўнай — мыцця бялізны. Проста ў падлозе даволі вялікая адтуліна (аніякіх табе дэкаратыўных рашотак), куды сцякае брудная вада. У Феліпы ржавая савецкая “Аурыка”, якая плюецца пенай і грукоча, як трактар. У нашым доме бялізна імгненна робіцца чорнай ад дыму і сажы, таму трэба прыкласці шмат намаганняў, каб прывесці яе ў прыстойны выгляд. Уф! Хіба дзеля гэтага я скончыла універсітэт? На што траціцца жыццё! Але кубінская жонка далёкая ад падобнага вобразу мыслення, — як, урэшце, і беларуская.

— Felipa, hija mía! [26]

Гучна грукоча ў дзверы Марго — коратка пастрыжаная, цесна ўпакаваная, як усе кубінкі, у сінтэтычныя штаны, са спартыўнай сумкай “Дынама-Мінск” цераз плячо. Чымсьці мая куньяда [27] вельмі незадаволеная. Дарэчы, “hija mia” — “дачка мая” — мясцовы зварот да любой асобы жаночага полу, незалежна ад узросту і роднасных адносін (так мяне кліча суседскае дзяўчо, абражацца бессэнсоўна). Паспрабавала б я сказаць сваёй маці нешта накшталт: “Галіна, дзяўчынка мая…” — не, не магу нават уявіць рэакцыю. Або гэты іх зварот да незнаёмага — оуе, вымаўляецца з расцяжачкай: вой-е, у Саюзе Рэйнальда напачатку рабіў з яго моўную кальку, ледзь адвучыла ад гэтага правакацыйна-пагрозлівага “паслю-ючай”, на якое беларускія хлопцы вокамгненна рэагавалі баявой стойкай, а ён, дурненькі, лічыў іх занадта агрэсіўнымі.

Ага, вось і прычына незадаволенасці мужавай сястрыцы: сёння раніцай ў лаўцы давалі рыбу, а Феліпа, заняўшыся бялізнай, правароніла гэты сапраўды ўнікальны шанец. Працуючая Марго мусіць трымаць прадуктовыя карткі ў маці. Не кожная жанчына можа дазволіць сабе чатыры-пяць гадзін штодзённага стаяння ў чэргах. Мне шкада свякроў, і я пытаюся спачувальна:

— А чаму Марго не робіць пакупкі ў магазінах venta libre?

— У venta libre можа купляць толькі буржуазія, такія там цэны,—

адразае Феліпа.

— Хіба на Кубе ёсць буржуазія?

— Ёсць. Гэта тыя, каму недастаткова нармаваных прадуктаў.

Мой слабы розум, размораны спякотай, міазмамі газніцы ды голадам (калі нахіляюся, перад вачыма мільгацяць іскры ў чарноцці), усё ж аказваецца здольным адсачыць недвухсэнсоўнасць намёку.

— У цяжкі для Рэвалюцыі час, — павучальна працягвае Феліпа, — трэба ўмець абыходзіцца найменшым. Ёсць у табе сёння талерка рысу — бьен [28], няма — таксама бьен. Усё астатняе — мяса, яйкі, масла — гэта буржуазная раскоша. Камандантэ [29] заклікае зацягнуць рамяні на апошнюю дзірку — і кожны кубінец павінен гэта зрабіць!

— А калі Камандантэ запатрабуе наогул нічога не есці?

Феліпа гнеўна ўскідвае галаву ў белых паперках (і навошта везла ёй з Саюза найлепшыя бігудзі ў падарунак?):

— Камандантэ варта толькі загадаць! Асабіста я хачу аднаго:

памерці раней, чым сканае Камандантэ!

Неадпаведнасць паміж дзіцячай жыццярадаснасцю кубінцаў і фанатычнай гатоўнасцю да смерці дзеля мёртвай схемы — вось што найбольш здзіўляе. Смерць узгадваецца тут пастаянна і менавіта ў палітычным кантэксце. “SOCIALISMO O MUERTE!” [30]— велічэзны лозунг, які вісіць насупраць нашага дома на фасадзе школы, шторанку прымушае мяне ўнутрана ўздрыгваць і паскараць крокі, калі я а шостай гадзіне іду за малаком для Карыны. Гэта самы папулярны лозунг на Кубе, якая толькі што адсвяткавала трыццатую гадавіну рэвалюцыі; яго можна ўбачыць паўсюдна: на першых палосах “Гранмы” і “Хувентуд Рэбельдэ”, нават над уваходам у радзільню “Los Angeles” (што значыць, між іншым, “Анёлы”). Разам з братам-блізнюком “MARXISMO-LENINISMO O MUERTE!” [31] яго нясуць на дэманстрацыях школьнікі, наўрад ці здольныя ўсвядоміць крыважэрнасць прапанаванай ім альтэрнатывы. Калі я гляджу на дзіцячыя ручаняты, якія з гонарам узнімаюць уверх, да аргіястычнага сонца, брутальна збіты транспарант, мне хочацца закрычаць. Няўжо яны не разумеюць — не дзеці, вядома, а тыя, хто вучыць іх хорам скандзіраваць: “Nu-es-tro de-ci-sión — so-ci-alis-mo o muer-te!” [32], што ўсё гэта ўжо было, было — два словы палымнелі ў адным радку, гучаў дробат маршаў, плылі над натоўпам сцягі колеру крыві — і колькі яе ў гонар тых слоў сцякло ў зямлю! Калі б дрэвы маглі піць кроў, якая пачварная расліннасць, здольная засланіць нават мясцовую трапічную, узышла б з чарназёму і гліны, са снегу ды вечнага мярзлоцця! “У нас такого просто не может быть”, — бесклапотна адмахваўся Рэй, а я — я паўтарала, бы радкі мартыралога, фразы, якімі перанасычаны падручнік роднае гісторыі: заколаты штыкамі, забіты прыкладамі, пасечаны шаблямі, павешаны, расстраляны, расстраляны, расстраляны… Ад лозунга патыхала крывёю, як ад падзёртага, у барвовым пераплёце, “Кароткага курса гісторыі ВКП (б)” 1938 года выдання, які я, ахвочая да старых папер, што хавала маці ў кніжнай шафе, вывудзіла неяк з самага дна яе. Так, ёсць памяць крыві, пэўна, яна адклалася ў костках, струменіла па жылах дзяўчынкі, чыя калыска стаяла ў тым самым пакойчыку дома на ціхай вулачцы райцэнтра, дзе за дзесяць год да яе нараджэння паміраў, адплёўваючы сухотную кроў, ейны прадзед пасля сібірскага лагера. Бабуля неахвотна пераказвала па маёй просьбе дзікую гісторыю пра тое, як яе бацька, прыкладны, між іншым, калгаснік, спазніўшыся неяк з-за гаспадарчай патрэбы на сходку, — а мароз стаяў градусаў трыццаць пяць, — увайшоў быў у памяшканне, дзе сяляне, ахінутыя бюстам “правадыра народаў”, у мёртвай цішыні слухалі матэрыялы чарговага партз’езда, і, на змерзлыя рукі хукаючы, здзіўляючыся халадэчы, выдыхнуў: “Ну і дзянькі надышлі!” Ноччу яго забралі. Гэты аповед усялякі раз выклікаў у мяне слёзы шалёнага пратэсту: як жа вы не разумееце, крычала я дарослым, гэта ж было не абы-што — чалавечае жыццё, бессэнсоўна затаптанае, бы пустазелле на нашым гародзе! Я трэсла бабулю за плечы, я патрабавала, каб яна пацвердзіла, што такога проста не магло быць у краіне, дзе я нарадзілася для радасці і шчасця, а то ж, я ўжо ведала са школьных урокаў літаратуры, што чалавек нараджаецца для шчасця, — і каб знішчыць вось так, нізашто? У чымсьці ён мусіў быць вінаваты?! Але бабуля сумна маўчала, і мне даводзілася прымірыцца з тым, што гэта — было, і рэкі не перасохлі, і лясы не сатлелі, і неба не абрынулася на зямлю. У маёй мадэлі свету ўтварыўся пралом, які зеўраў пад нагамі, — скразняком прасочваўся паўз яго холад небыцця, гэты пралом трэба было недкладна залапіць, інакш немагчыма было жыць далей. Залапіць — але чым? Што магло спатрэбіцца мне ў якасці будаўнічага матэрыялу? “Рачоўкі”, сцягі, бяздумныя фразы пра гатоўнасць “отдать жизнь за дело партии”, якія лёгка вымаўляліся маімі аднакласнікамі? Але я — я не адчувала ў сабе такой гатоўнасці, так я і сказала тады класнай кіраўніцы, калі дзяўчынка з “Г” класа здрадзіла мне. У сваіх самотных прагулках па горадзе я аднойчы выпадкова аказалася ў дзівосным месцы. Гэта быў Свята-Уваскрэсенскі Сабор, — я ступіла за жалезную агароджу, і невядомае дагэтуль адчуванне чагосьці сапраўднага агарнула мяне. Зыходзіла яно ад васковых лікаў вялікапакутнікаў на іконах; тут не было нуднай муштры, абрыдлых хатніх скандалаў, вечнай няшчырасці дарослых, — я палюбіла хадзіць туды, і аднойчы, са спагады, ці што, узяла з сабой дзяўчынку з паралельнага класа, мне хацелася з кім-небудзь падзяліцца нечакана знойдзенай мною асалодай, — яна і расказала пра ўсё класнай. Потым я стаяла на мосце паміж старым і новым горадам, у старым квітнеў купаламі Сабор, у новым гняздзілася мая школа, — пазірала скрозь закіпаючыя слёзы на чорную, ашчэраную Беразіну, якая ўжо вызвалялася ад лёду. “Сацыялізм або смерць!” — лозунг аказаўся зусім не прапанаваным мне свабодным выбарам, гэта была жорстка зададзеная формула: ці ты з намі, ці цябе НЯМА. Вядома, ты дзесьці там ёсць, з кіркай ці мятлой, растлумачыла настаўніца, але на тое, каб рэалізавацца, можаш забыцца. На тым мосце я ўзважыла кожную частку альтэрнатывы і адхіліла абедзве. Я выбрала трэці кампанент, які ў формуле адсутнічаў: ЖЫЦЦЁ.

Барочная вітая брамка гудзе і павольна ад’язджае ўбок. Пранізліва-барвовыя кветкі азаліі нацэлены на мяне ва ўпор, нібыта бяссонна-пільныя зоркі маёй радзімы, — тут я на яе тэрыторыі. Даволі буйная яшчарка нахабна перабягае мне дарогу. Што ж, хутка высветліцца, ці добрая гэта прыкмета.

Віцэ-консул СССР у Сант’яга-дэ-Куба Дзмітрый Уладзіміравіч разглядвае мой недарэчны замежны пашпарт, ганарліва ўпрыгожаны дзвюма візамі: кубінскай — на пастаяннае месца жыхарства, і савецкай — на тры месяцы, — разглядвае так грэбліва, быццам перад ім тлустая яшчарка. Залатая фікса ў ягоным роце пагардліва паблісквае.

— Ну и что? Срок вашей частной поездки истек. Почему вы до сих пор

здесь?

— А дзе ж мне быць?

— Как это — где?!— роблена здзіўляецца дыпламат. — В СССР, конечно.

— І што ж, дазвольце спытаць, мне там рабіць?

— Как это — что?! Ожидать разрешения советской стороны на

постоянное проживание на Кубе.

— Але ж тое даўно мне дазволена. Гэта кубінская віза на ПМЖ

спазнілася, яна дагнала мяне ў Адэсе, за гадзіну да адплыцця парахода, — а без гэтай візы АВІР не мог выпусціць мяне з краіны інакш, чым у госці на тры месяцы, хаця адпаведныя паперы на пэ-эм-жэ аформіў.

— Однако ответ на наш запрос, действительно ли вам разрешен выезд

из СССР на постоянное место жительства, до сих пор не получен. Так что поезжайте домой и ждите.

— Але ж лагічней пачакаць тут, ці не так?

— Но ведь ваши три месяца истекли!

Мы абое цудоўна разумеем, што ўсё тое — гульня, і я не магу адмовіць сабе ў прыемнасці крыху падкалупнуць чужую маску за краёчак, які незнарок адклеіўся.

— Добра, — згаджаюся з прытворнай пакорлівасцю. — Я гатовая ехаць

дадому, — за кошт консульства, вядома?

Кадэбэшнік расцягвае губы ў нарматыўна-плакатную ўсмешку, якая павінна выявіць, што ён змяніў гнеў на міласць. Залатая фікса паблісквае ўжо досыць прыязна.

— Мой долг был вас предупредить.

— Дзякуй. Можна ісці?

Апошні пагляд на інтэр’ер кабінета, дзе самое кандыцыянаванае паветра прасякнута эманацыямі абавязку — як заўсёды, паказушнага. Аднак, калі трымацца набору недарэчных альтэрнатыў (варыянтаў “SOСIALISMO O MUERTE!”), віцэ-консул не жартуе: яны маюць права мяне дэпартаваць. Гэта можа значыць — хто ведае? — развітанне з маёй маленькай, з Карынай. Яшчэ адно развітанне.

Дзікунская жарсць кубінцаў да нейлонавых стужак і пластыкавых кветак (пры неверагоднай, да вар’яцтва даводзячай прыгажосці жывых!) дазволіла мне купляць трохгадовай Карыне раскошна ілюстраваныя кніжкі. Але ж… да казак пра Папялушку і сястрыцу Алёнушку патрабаваўся сінхронны пераклад на іспанскую.

Карына год пражыла на Кубе з Феліпай. Загарэлае чарцяня, якое адразу ж ўшчаперылася наманікюранымі кіпцямі ў поўсць ГУМаўскага мядзведзя, не звяртаючы асаблівай ўвагі на матчына ўзрадаванае квахтанне, мала нагадвала бледную, вечна прастуджаную дзяўчынку, якую летась Рэй адвёз у Сант’яга. Менавіта яе квітнеючы выгляд прыводзіў ён у сваё апраўданне, калі я накінулася на яго з папрокамі. “Ты ні слова не сказаў тады, у якіх умовах мусіць жыць нашая дачка! Без глытка свежага паветра! Без нармальнай ежы!” — “Но она живой и здоровый!” О, гэтая кубінская логіка! Першая наша буйная сварка, на жаль, несла ў сабе насенне ўсіх наступных.

Карына з ранку да вечара насілася па доме (не пад калёсы ж аўтобусаў яе выпускаць!), — Феліпа называла яе terrеmoto — землятрус; зухавата танчыла ламбаду і конга; падкладала сабе пад сукню рыззё, робячы грудкі, як у танцоўшчыц “Тropicana” — слыннага мясцовага мюзікла; фарбавала вусны памадай і — ані слоўка не разумела з маіх “дочанька-даражэнькая”. Затое па-іспанску яна гаварыла правільна і хутка. “Оуе”, звярталася яна да мяне, за год забыўшыся на самое слова “мама”. Калі з ёй спрабавалі завесці гаворку па-руску ці беларуску, яна смяялася, бы з дзіўнае гульні. Спачатку я ліла слёзы над моўнай безданню, што тая сястрыца Алёнушка над цёмнай ракою; Рэй склаў для мяне штосьці накшталт размоўніка, пераважна з ужываннем лексікі забараняльна-дазвольнай; была завучана і дальнабойная фраза, якая выкатвалася, нібы антыбіётык рэзерву, у безнадзейных выпадках: “Мама з татам забяруць мядзведзя і паедуць назад у Беларусь”. Карына хітравата паблісквала вочкамі і прыціскала да сябе el oso з досыць парадзелай ужо поўсцю.

Менавіта Карына дала мне першыя ўрокі іспанскай мовы. Спыніўшы яе хуткую гаворку на незразумелым слове, я патрабавала: “enseña!” [33] — і пальчык дачушкі паказваў на адпаведны прадмет. “Como se llama?” [34] — пыталася я, тыцнуўшы, у сваю чаргу, на кубак ці чаравік, і атрымлівала правільны адказ. Дзяўчынцы відавочна падабалася гэтая гульня з дурнічкай-матуляй, якая не ведала, як называюцца самыя простыя рэчы. “Mami, трэба казаць не “aсostate”, а “acuéstate,” [35]— папраўляла мяне мая маленькая настаўніца, беспамылкова арыентуючыся ў граматычных формах дзеясловаў. У хуткім часе я ўскладніла заданне: “Vamos a llamar eso…” [36] — і паўтарала па складах назву прадмета на роднай мове. І дзівосная ж у яе была памяць! Ці ўсе дзеці без выключэння валодаюць такім скарбам? Прайшло два месяцы нашых рэгулярных заняткаў, і Карына загаварыла на своеасаблівай трасянцы, якая вельмі хутка ператварылася ў два правільныя моўныя патокі. Надышоў дзень, калі я рызыкнула абмеркаваць з ёю праблему грамадзянства. “Хто ты: кубана альбо савеціка?”— “Yo soy cubana-cubanita-cubanona,” [37]— пасля такога гарэзлівага, але досыць ўпэўненага адказу маленькая гітана з распушчанымі па плячах валасамі заспявала тутэйшы нацыянальны гімн, а потым, раскідаўшы свае кніжкі, выцягнула часопіс з партрэтам на вокладцы: “Mira, mira! Eso es Fidel! Patria o muerte!” [38] Я не прыдумала нічога разумнейшага, акрамя як запытацца, раскрываючы на першай старонцы рускі буквар: “А гэта хто?” — “Abuelo…” [39] — няўпэўнена зірнула на мяне мая ідэалагічна падкаваная ў іншай кузні дачка.

Не абыходзілася і без казусаў. “Цёця, вось гэта — твая цёця”, — унушала я, — у вуснах Карыны, якія мелі ўжо звычку да іншай артыкуляцыі, гэта гучала як “тота”, Марго абражалася: па-іспанску “tota” — жаночы полавы орган. Каб не турбаваць сваякоў, мы перанеслі ўрокі пад адкрытае неба, у паркесіта — маленькі скверык на вуліцы Энрамада. Месца гэтае было мною абрана яшчэ з тых меркаванняў, што давала рэдкую магчымасць размаўляць нармальным чалавечым голасам, а не крычаць, як на пажары: пасля сіесты Энрамада ператваралася ў вуліцу пешаходаў, паліцыя пільна за гэтым назірала, — бо сапраўднае жыццё кубінцаў пачынаецца а шостай гадзіне вечара, калі спадае спякота, жанчыны здымаюць бігудзі, дзяўчынак апранаюць у пышныя карункавыя строі і завязваюць ім тыя самыя стужкі, якімі мы забяспечылі паўтузіна бліжэйшых кварталаў; закаханыя, узяўшыся за рукі, пакідаюць дамы, каб хадзіць па горадзе, удзельнічаць у фіестах, якія ладзяцца тут жа, у скверах: музыкі, танцы да раніцы, мімалётныя секс-прыгоды; з карнавальнай лёгкасцю ўспыхваюць раманы, якія так жа лёгка гаснуць пад промнямі сонца. Ну, а працоўны дзень, — так, сумны, але непазбежны дадатак да вечнага свята жыцця, якому не перашкаджаюць ні пустыя страўнікі, ні адсутнасць вады і электрычнасці.

Няўжо нарэшце-такі ажыццявілася спрадвечная мара ўсіх узломшчыкаў клеткі, у якой асуджаны пакутаваць зняволены чалавек, усіх гэтых “духоўных тэрарыстаў” — ад Хрыста да Оша, — якія прапаноўвалі трымцячаму ад страху і агіды двухногаму “выскачыць” з вязніцы, прабіўшы адтуліну ў столі, і, далібог, няважна, што тленнае цела пры гэтым заставалася стаяць на каленях ці сядзець у позе лотаса (гэта як каму падабаецца) ля парашы, — ну, цела яно і ёсць цела, кветка смерці, покрыва майі, ці як там яшчэ, нічога не паробіш. А былі яшчэ іншыя ўцекачы, іх, дарэчы, непараўнальна больш (амаль усе мы), якія спрабавалі і спрабуюць вызваліцца ад брыдоты паўсядзённасці праз чары сексуальнасці, — дык тыя ўцёкі наогул смеху вартыя, бо зводзяцца да банальнага ўколу наркотыку ў вену, каб часова не бачыць кратаў ды кайданкоў. І ўвогуле, тое лепш за нас рабілі старажытныя фракійцы на сваіх дыянісіях, і куды больш удала робяць зараз люмпены. А справа ў тым, што ніхто (амаль ніхто!) не ў стане працяглы час заставацца цвярозым, сам-насам з агідным фактам існавання клеткі. Аднак тутэйшае дыянісійства — зусім асаблівага гатунку. Ніякіх уцёкаў ад жыцця! Наадварот — суцэльная ад яго асалода. Іх цалкам задавальняе тое, што ёсць, яны нічога лепшага не жадаюць (“Вы, савецкія, хочаце жыць лепш, а гэта ганебна!” — пяць балаў, Феліпа!), не рамантуюць свае жытло, не спрабуюць пазбавіцца ад пацукоў і прусакоў. Яны кладуцца спаць галоднымі, але вясёлымі. Яны не памятаюць мінулага, не баяцца будучага. Для шчасця ім дастаткова гукаў афрыканскага тамтама, бутэлькі піва ды хуткацечнае злучкі пад адкрытым небам.

Я ведала адну кубінку, ёй проста фантастычна пашанцавала: у яе закахаўся заходні немец, пачуцце быццам бы сталася ўзаемным; пераадолеўшы неверагодныя перашкоды з дакументамі, ён здолеў-такі выцягнуць яе з пацучынай нары, дзе яна жыла, і звезці ў сваю Баварыю. Цераз паўгода я сустрэла гэтую жанчыну на вуліцы. “А-а, я кінула яго, — бесклапотна махнула яна рукой. — Уяўляеш, ён папрасіў мяне вымыць падлогу! І ў ложку ён мала на што здатны, дый тое не кожны дзень”. І яна пашыбавала, віхляючы сцёгнамі, пад руку з чарнявым ілбом, у сваю пацучыную нару, дзе на шасці квадратах размяшчаюцца: ложак, газніца, лядоўня ды адтуліна ў падлозе, якая служыць клазетам і над якой прымацавана да столі бляшанка з-пад тушонкі з прадзіраўленым дном, што імітуе душ, — пайшла, пакінуўшы мяне стаяць пасярод вуліцы ў літаральным сэнсе з адвіслаю сківіцай.

Не, гэта шчасце, далібог, шчасце. Навучыцца яму немагчыма, як немагчыма зблажэць па ўласным жаданні. А, між іншым, шкада.

…Над галавой, у кронах акацый, робіцца дробная работа перашэптвання і перастуквання. Гіганцкі барвовы стручок, падобны да крывой, па ручку скрываўленай пірацкай шаблі, падае на мармуровую лаўку паркесіта. Карына дае яго мне ў левую руку, — у правай я ўжо трымаю свінню-скарбонку. “Mami, toca!” [40] Высахлае насенне грукоча ў струку, як кастаньеты; манеткі па пяць і дзесяць сентава звіняць ў скарбонцы, быццам бразготкі. Карына вельмі хораша танчыць пад гэтую “музыку” у цэнтры сквера, да вялікага задавальнення парачак, што мілуюцца на лаўках.

Ён вырастае побач са мной так раптоўна, што я ўздрыгваю. На ім сіняя уніформа паліцэйскага. Ён з прыязнай усмешкай назірае за Карынай, пэўна, ужо даўно. Ён кліча яе да сябе. Дзеці на Кубе не баяцца незнаёмых — тут усе адно аднаму с в а е — асабліва калі незнаёмы мае дзівосную пістолу, “mami, mira, que grande!” [41] Ён сказаў… што ён сказаў спачатку? Урэшце, гэта неістотна. Ягоныя вочы часта-часта міргаюць, і таму твар пад казырком фуражкі здаецца безабаронным, хаця ён і спрабуе нацягнуць на яго выраз непахіснасці. Карына бразгоча перад ім сваёй свіннёю-скарбонкай і хутка лапоча пра тое, што мусіць назбіраць“muchоs pesos”, [42] каб паехаць з маці ў Беларусь. Ён разумее не адразу. “Belarusía? Donde está eso? Ah, Unión Soviéticа…” [43] Ён працісквае две манеткі ў ружовую шчылінку. “Puede ser, tú te quedas con nosotros, Carina…” [44] — кажа ён з той жа прыязнай усмешкай, зірнуўшы ў мой бок. Ягоная думка мне цалкам зразумелая.

Па мясцовым заканадаўстве мая дачка лічыцца грамадзянкай Кубы, хаця і нарадзілася ў Беларусі. Я не маю права вывезці яе адсюль без дазволу мужа. Многія мае суайчынніцы, даўно скасаваўшы шлюб, вымушаны жыць тут, бо бацька дзяцей, найчасцей, каб адпомсціць былой жонцы, не падпісвае адпаведныя паперы на іх выезд за межы Кубы. Застаецца адно: чакаць, пакуль сын альбо дачка дасягне паўналецця… Вось дзе сапраўдная пастка.

“Арманда ніколі не дазволіць забраць Дзімку, — неяк прагаварылася Ліда. — Таму асабліва і не рыпаюся”.

Дык вось яны, карані “рэальнай ілюзіі”. Урэшце, адзінае, у чым я ўпэўнена, як у тым, што на Кубе ніколі не выпадзе снег, — гэта каханне Рэйнальда. Хіба можа Зайчаня зрабіць мне балюча?

Здалёк Касцільё-Дэль-Мора здаецца свечкай, якая аплывае ад спякоты на грувасткім кандэлябры скалы. Рэй атрымаў трое сутак звальнення з войска, і мы, нарэшце, выбраліся паглядзець наваколле Сант’яга. Ад задухі ў аўтобусе (лепш не ўзгадваць, як мы ў яго заходзілі: паліцыянты запускалі, бы жывёлу, цераз калідор, утвораны двума металёвымі бар’ерамі, але напрыканцы натоўп рушыў уперад, аўтобус не здолеў зачыніць дзверы — так і ехаў з жывымі гронкамі цел, што звісалі з падножак), ад двайнога нясцерпнага бляску мора і сонца мае бедныя зрэнкі цьмянеюць, свядомасць туманіцца прыступам млосці, і вось ужо скалы па збочынах дарогі здаюцца мне радамі рымскага цырка, а гнуткае лісце пальмаў у прыпарнай смузе — апушчанымі долу вялікімі пальцамі сенатараў, што аддаюць загад неўтаймаванаму сонцу дабіць мяне, пераможанага гладыятара. “Крепость Дель Морро, — амаль крычыць мне ў вуха Рэйнальда, — у аўтобусе шум, віскат, бы сапраўды вязуць скаціну, — был построен в средневековье, чтобы защищать владения испанцев от пиратов, а теперь стал единственный в мире — о, да-да, единственный! — музей пиратов”. Па стромкім схіле ўверх між тым караскаецца, чапляючыся каранямі і голлем за голы камень, падбіраючыся да крэпасці ўшчыльную, нейкая звар’яцелая расліннасць, — не іначай, як душы старажытных карсараў, што ўвасобіліся ў сухапутнае воінства пальмаў і кактусаў, паўсталі з марскіх глыбіняў і працягваюць штурм цытадэлі, каб, у рэшце рэшт, узяць яе і завалодаць сваёй, цяпер ужо музейнай, зброяй.

Скала навісла над намі, як выпнутае ўперад падбароддзе легіянера. Чорны, гарачы, як негрыцянская падпаха, калідор — і мы ў крэпасці. Дзіўная зброя, цудам ацалелыя сцягі, пазелянелыя манеты. Драўляны Хрыстос з кроплямі драўлянае крыві ў малельні. Партрэт піраткі з русалчынымі валасамі, у белых брыджах і з карабінам, што яшчэ дыміцца ад стрэлу. Бляск мора ўсюды гоніцца за мной, зрэнкі паражоныя ім скрозь шчыліны байніц, і зноў я, знямоглая, слепну, быццам ад бялюткага снегу, што ляжыць некрануты на ўскрайку беларускага лесу, і не ведаю ўжо, ці сапраўды існуюць: каменны правал калодзежа з барочным, у завітушкі, крыжом над ім (крыкні ўніз што-небудзь! ну, крыкні ж! чый дзівосны голас табе адкажа?), паўнаважныя, як гарбузы, гарматныя ядры, чарнаскурая нявеста ў бялюткім строі, шлейф ейнае пышнае сукні нясуць двое негрыцят, хлопчык ды дзяўчынка, дзеля зручнасці прымацаваўшы ягоны край да абруча, з-за гэтага нявеста ў абручы вымушана драбнютка перабіраць нагамі побач са сваім, колеру безмесяцовае ночы, жаніхом. Пэўна, іхнія продкі, вечнасць таму прывезеныя сюды з Афрыкі ў труме карабля, вось так жа ўважліва пазіралі навокал, аглядаючы каменную выспу, ву-унь яна, праваруч ад крэпасці, там быў калісьці рынак рабоў (адсюль, дарэчы, і ідзе перавага чарнаскурага насельніцтва над белым у арыентальнай правінцыі Кубы), — але з тых часоў усё перамяшалася ў адным, гатовым вось-вось узарвацца тыглі: наскальны жывапіс і камп’ютэрная графіка, плашчаніца Хрыста і гуманітарныя прасціны хоспісаў, пот канкістадораў і пыл атамнага распаду, хутка марнеючыя, як чалавечае жыццё, садзікі Адоніса і апельсінавыя гаі вострава Хувентуд, набраныя буйным шрыфтам перадавіцы “Гранмы” і кабалістычныя знакі, якія чэрцяць на сценах цытадэлі вецер ды час, сонца Сант’яга-дэ-Куба і асляпляючы снег Беларусі, Саціа-Юга і жалезнае стагоддзе… Калі хімічная рэакцыя, нарэшце, адбудзецца і ўсё закруціць небывалы смерч, я, пэўна, не здолею выбрацца з гэтай касмічнае варонкі, так і буду ашалела насіцца па коле, як матацыкліст на забаву публіцы носіцца па вертыкальнай сцяне балагана. Тады, Рэйнальда, адшукай мяне ізноў, як ты ўжо зрабіў аднойчы, пераадолеўшы тысячы марскіх міль, — хіба не дзеля таго, каб вызваліць мяне з майго стэрыльнага, як нелюбоў, дзявоцтва, у якім я пакутавала, шчыльна спавітая страхамі ды комплексамі? Дапамажы мне знайсці сябе. Вызвалі мяне ад мяне самой. Адкажы мне: чаго я хачу на самай справе?

Хутка аглядаем апошнюю залу. Адзін элемент экспазіцыі відавочна выпадае з агульнага стылю: мілітарысцкага тыпу здаравенныя чаравікі. Няўжо рамантычныя карсары перасякалі Атлантыку ў гэткім небайранічным абутку?

— Гэта чаравікі Камандантэ, — голас экскурсавода дрыжыць ад

хвалявання. — У іх ён з групай кампаньерас [45] змагаўся за свабоду Кубы.

Мяне душыць недарэчны смех. Ён лезе з усіх пор, як дзікая зеляніна з любога кавалка зямлі пад гэтым вар’яцкім сонцам. Гід спалохана азіраецца, муж балюча сціскае маё запясце.

— Не могла держать за себя! — будзе казаць потым Рэйнальда (калі ён

нерваваўся, няправільнасць ягонай рускай мовы рабілася асабліва відавочнай). — Что подумал этот люди? Кого я привез на Кубу?

— Няўжо не разумееш, які гэта ідэалагічны крэтынізм: змясціць

абутак вашага дарагога Камандантэ ў музеі пі-ра-таў! Вось дык “піраты дваццатага стагоддзя”! Я думаю…

Эх, дарэмна я гарачылася, толькі вегетатыку сваю, і без таго пашкоджаную трапічнай спякотай ды вільготнасцю, ушчэнт дабівала.

— Мине пливать, что ты думаешь, — груба перапыніць Рэйнальда, —

если думаешь, старайся молчить!

Адсюль, з маленькай лагуны ля падножжа скалы, цытадэль яшчэ больш нагадвае дагарэлую свечку. Agua mala [46], празрыстая медуза, боўтаецца ў вадзе; па беразе ходзіць самотны цень — лоўца васьміногаў са сваёй дагістарычнай зброяй. Выцягнуты даўгім жалезным крукам на пясок васьміног нечакана аказваецца агіднага сыра-мяса-барвовага колеру.

А ці ведаю я, уласна кажучы, чалавека, што ляжыць на пяску побач са мной, ад якога зачала і нарадзіла дзіця і з якім збіраюся быць побач hasta la muerte [47]? І што я пра яго ведаю?

“Зайчаня” — гэтая мянушка адразу ж прыклеілася да яго ў нашым дзевяцьсот першым пакоі “двойкі”, што на Кастрычніцкай; дзяўчат забаўляла ягоная манера вымаўляць “ч” замест “ш”, нябачаная расчоска з даўжэзнымі рэдкімі зубамі, якая тырчма стаяла ў капе ягонай шавялюры; захаплялі кіназоркавая ўсмешка — такіх перлінаў-зубоў у беларусаў не бывае — і “эстраднае” прозвішча (што ён заўзята аспрэчваў: “Bravo” по-испански значит “храбрый”!) . Ён і быў экзатычным “храбрым” зайкам, які адчайна змагаўся з лютасцю беларускае зімы, ён ніколі не насіў шапак — на ягоныя драцяныя кучары ніводная не налазіла, мёрз у балонневай куртачцы, пакуль я не звязала яму швэдар з авечае поўсці, але тое было потым, а тады — тады дзяўчаты няшчадна пясочылі мяне, бо даўно здагадаліся, дзеля чыіх вечна апушчаных у кнігу вачэй Зайчаня штовечар прыходзіць у дзевяцьсот першы: вось ён зноў замёрз у ліфтавым пакоі, а ты, дурніца, не выйшла, на дыскатэцы толькі цябе і чакаў, а ты ўвесь вечар, ідыётка клінічная, з кніжкай правалялася, кніжкі будзеш на пенсіі чытаць!

“ЛІКВІДУЕМ ЦНАТЛІВАСЦЬ ЯК НЕПІСЬМЕННАСЦЬ!”—

лозунг гэты вісеў на сцяне ў нашым пакоі, з усіх жыхарак якога толькі я ды Валька з глухой палескае вёскі не пранікліся яшчэ ягоным ультрарэвалюцыйным зместам. “Нет, этого просто не моджит быть”, — шаптаў ён, ад хвалявання блытаючы гукі, ды і было чаму здзіўляцца: калі абысці ўсю Кубу з газавай лямпай (імітацыя дыягенавага ліхтара, няйнакш), наўрад ці адшукаеш хаця б адну virgin у васемнаццаць год, так ён мне і сказаў тады, пяшчотна папраўляючы коўдру.

Каханне ёсць мацярынства: я нашу цябе ў сэрцы, як сваё вечнае, адзінае дзіця (а потым ты нараджаешся і, магчыма, забіваеш мяне, але тое ўжо неістотна); каханне ёсць радасная гатоўнасць да ахвяры, поўнай анігіляцыі майго трымцячага ад замілавання “я”. У сваіх фантазіях (цалкам магчыма, што і эратычных, калі сыходзіць з псіхааналітычнае сімволікі) я ўяўляла сябе распасцёртай ніцма на каменнай падлозе малельні, паражонай “божественной десницей”, а ў вершах укладвала ў руку каханаму аголены меч; я ўяўляла каханне набажэнствам, — не оргіяй тантрыкаў і не чорнай месай, што было б яшчэ зразумелым, не, я правакавала каханага на ролю Адзінабога, але наўрад ці можна адшукаць мужчыну, здольнага працяглы час на гэтай вышыні ўтрымацца, — і таму ў будучым мне пагражала скаціцца да крыважэрных паганскіх культаў, якія ахвяравалі дзяўчат божышчам з сабачымі галовамі, альбо выкалаць сабе вочы, каб не бачыць фатальнай неадпаведнасці. Але я пакахала вясёлае, смуглявае Зайчаня-Маўглі, мне пашанцавала. Рэйнальда адразу ж разбіў ушчэнт той сцэнар, вынесены мною з пахмурна-мазахісцкага дзяцінства: акрамя радасці даваць, вучыў ён мяне, існуе яшчэ радасць атрымліваць асалоду. “Як гэта? Для сябе?!” — “Конечно. Не только мужчине — тебе тоже должно быть хорошо”. — “Але ж мне і так добра, бо табе добра”. — “Нет, это совсем не то, coño, [48] как ты не понимаешь?! На Кубе это знает любая четырнадцатилетняя девчонка! Я не могу быть довольный, потому что тебе еще не было хорошо”. — “Але ж мне і так добра, бо…” і г.д. Аб якім-такім “хорошо” казаў мой муж, я зразумела ўжо на Кубе, вось колькі мусіла прайсці часу, перш чым я дагнала чатырнаццацігадовае кубінскае дзяўчо ва ўменні думаць пра сябе не як пра “орган”, прызначаны выключна дзеля “ягонага” задавальнення, а як пра асобна ўзятую істоту, якая можа мець нейкія ўласныя жаданні.

Адбылося тое ў час адпачынку Рэйнальда, які мы праводзілі ў Communidad Artística — пасёлку мастакоў на беразе мора, у доміку, крытым пальмавым лісцем, — ягонага гаспадара, вядомага скульптара, тэрмінова выклікалі ў Гавану рабіць статую нейкага дзеяча рэвалюцыі, — увесь дзень мы то ляжалі на пляжы, то гулялі па парку гігантаў — так Рэй называў невялічкую пляцоўку паміж гор, наскрозь прадзьмутую ветрам, дзе высечаныя са скал велічэзныя дыназаўры і птэразаўры замерлі ў паставах, якія сведчылі аб тым, што містычны транс смерці выхапіў іх з самага віру жыцця: пачвара з перапончатымі крыламі ўпівалася ў загрывак звераяшчару, за іхнім паядынкам прагна назірала трэцяя істота, з выпнутымі з пашчы ікламі, — паядынак той працягваўся вечна, хаця пясок — пясок, у які ператвараецца з цягам часу ўсякая кроў, ужо сачыўся з іх пор; гэта было царства ветру і пяску, вецер па начах варушыў старонкі каменных кніг, быццам наўмысна забытых кімсьці ў нішы скалы. “Там штосьці напісана! Што? Што?” — “У нашего друга скульптора спроси”, — Рэй прыцягваў мяне да сябе. — “Пачакай, сюды нават аўтобусы не заходзяць, глядзі — вось прыпынак, вось металёвая шыльдачка, а на ёй нічога няма!” — “И правда — совсем пустая… а позавчера в клетках были цифры…” О, я дык ведала, у чым справа: гэта вецер здзімаў з яе тэкст! Вячэраць мы хадзілі ў маленькі рэстаранчык на беразе — сангрыя з лёдам, нязменны рыс з мікраскапічнымі кавалачкамі свініны (у восемдзесят песа абышоўся нам тады той райскі адпачынак, у палавіну месячнага заробку Рэя! больш ніводнага разу так і не выбраліся на пляж — дарагавата; Куба — “адзін суцэльны пляж” толькі для турыстаў).

…Разам з намі за столікам — вядомы кераміст з жонкай-расіянкай, якая трымае на каленях васьмімесячнага Пашку, асуджанага тут называцца Пачкай (праз месяц я сустрэну гэтага кераміста ў нашым консульстве — ён будзе прасіць савецкае грамадзянства). З кампаніяй “савецікас” хоча выпіць Куэльяр, “кароль каралаў”, так называюць яго ў Парыжы, дзе ўжо двойчы выстаўляліся ягоныя эбанітавыя статуэткі афрыканскіх бажкоў, упрыгажэнні з чорнага карала і панцыра чарапахі ды распісаныя мясцовымі пейзажамі ракавіны, дарэчы, ён сам за імі нырае шторанку з лодкі, — вось толькі самога мастака ў Парыж не пускаюць. “А ты застаўся б у Парыжы, Куэльяр?” — “Навошта мне Парыж, chica [49]? Я малюю толькі на тых ракавінах, якія сам з мора здабыў. Яны жывыя.” — “Так, прырода ў вас найпрыгажэйшая ў свеце. Вось недалёка адсюль кактусы квітнеюць, белыя дамы, басейны…” — “Гэта “Bañario-del-Sol” — гатэль для замежных турыстаў.” — “А дзе адпачываюць кубінцы?” — “Кубінцы, chica, едуць у “Kazonal”, пяцьдзесят камэ ад Сант’яга, тыпавыя блочныя пяціпавярхоўкі без вады і электрычнасці.” — “Без вентылятара, маці Божая! Але чаму, чаму?! Садавіну вы атрымліваеце па картках, на цудоўных вашых пляжах адпачываюць іншыя. Дзе ж тая Куба для кубінцаў, пра якую крычаць газеты?” — “Баста! — Рэй пляскае ў далоні. — Vamos a bailar!” [50]

Трымаючыся за рукі (нават маю вартую жалю пародыю на лацінаамерыканскі танец зычлівыя кубінцы сустрэлі “бурными, продолжительными аплодисментами”), мы выходзім пад гарачыя трапічныя сузор’і. З шоргатам з-пад ног шугаюць яшчаркі з хвастамі дагары. Бераг усыпаны арагавелымі пласціністымі шкілецікамі нейкіх веерападобных марскіх істот. Дзе тыя зеленавокія глыбакаводныя прыгажуні, што трымалі ў жамчужных пальчыках гэтыя вееры? Даўно скамянелі, ператварыліся ў пясок і мора вынесла на бераг іхнія высмактаныя часам бясполыя рэшткі. І я баюся гэтага ветру, які шапаціць у маіх венах, быццам золаташукальнік, перасыпаючы пясок марных надзей, неспатоленых жаданняў, і, раз'юшаны, нічога не знаходзіць, акрамя жменькі праху, у які ператворыцца з часам маё трапяткое цела, — захіні мяне ад гэтага ветру смерці, каханы, пакуль пясок не прасачыўся ў нашыя косці… Што за вецер вынес мяне на арбіту зусім новых, не падобных на ранейшыя, адчуванняў? Дзесьці ўнізе жывата раптоўна ўспыхнула дрыготкае святло і, працяўшы цела балюча-соладкай маланкай, згасла. Ад глыбіннай, перадсмяротнай тугі, якая агарнула мяне пасля гэтага дзівоснага іскрыста-пранізлівага пульсавання, я заплакала. “Что случилось, что?” — “Ах, мне блага…” — “Дурочка, тебе хорошо! Ну, наконец-то…” Так мой лацінаамерыканскі Пігмаліён выляпіў з зашуганага саўковага падлетка жанчыну, вось толькі не ведаю, на шчасце ці на бяду, таму што ствараў ён, як сапраўдны мастак, для душы, а не для публікі, калі пад публікай мець на ўвазе тых беларускіх мужчын, з якімі, пасля нашага развітання з Рэем, мне давялося мець справу, вось тут дык і высветлілася, што мой муж няправільна мяне зарыентаваў: я і ад тых, у сэрцы вынашаных (бо кахала!), чакала трапяткой увагі да адчуванняў майго цела, да ягонага “добра”, а што атрымала, дый не толькі ў ложку, — не варта пра тое. Пачуцці сталай жанчыны нельга скамечыць, як кавалак сырое гліны, і кінуць зноў на ганчарнае кола; тое здолее зрабіць у свой час толькі Ідэальны Каханы — Той, ад Якога я яшчэ дзяўчынкай так прагна жадала паразы.

Рэпарта савеціка — пасёлак працуючых на Кубе кантрактнікаў; тут, як прыгаворваў казачны Кашчэй Бессмяротны, рускім духам пахне. І сапраўды — рускім, хаця навокал пальмы і дрэвы гуайява, і насельнікі стандартных пяціпавярховак не расчульваюцца пры згадках пра бярозку, хіба што пра валютную (тут яна мае назву “Cubalse”). Я вяжу саўспецам карункавыя каўнерыкі, швэдары з мексіканскага акрылу, пінеткі для немаўлят (нараджаюць багата). Разлічваюцца звычайна прадуктамі, і я добра адчуваю “рускі дух”, калі ўкормленыя, дабраякасныя савецкія жанчыны пагардліва пхаюць пачак рафінаду альбо бляшанку тушонкі схуднелай, як дзяўчо (сорак кэгэ важыла!), саўкубінцы.

Сябруем мы толькі з узбечкай Дзінорай; перманентнае прыніжэнне, у якім жывуць “нацыянальныя кадры” тут, як і ў сябе на радзіме, робяць наша з ёю становішча амаль агульным. Смуглявы Айбек — Дзінора аддала яго ў кубінскую школу, хаця ў пасёлку ёсць савецкая (“Дзіця павінна выкарыстаць шанц вывучыць мову!”) — вітае нас з Рэйнальда па-іспанску і вяртаецца да тэлевізара: Cuba TV [51] круціць мульцяшкі, зноў жа імпартовыя, расійскія — “са снегам”. Нарэзаны танюткімі лустачкамі сыр і чорны чай (на Кубе толькі зялёны) — сапраўдны банкет! За сталом сядзіць пара: муж — кубінец, жонка — венгерка (пазнаёміліся ў час вучобы ў Кіеве, адзіная мова зносін — руская) ды незнаёмая мне зграбная жанчына сярэдняга веку з сівой пасмачкай у кароне пышных каштанавых валасоў.

— Ірына, — працягвае яна мне вузкую далонь; пробліск срэбнага

заручальнага пярсцёнка з пяццю сапфірамі — саўкубінка!

Каштуючы ласункі, міжволі любуюся сваёй новай знаёмай: вось дзе спараўдная careluna — месяцалікая, як называюць нас, славянак, тутэйшыя, маючы на ўвазе акругласць твару і бялюткую скуру. Бровы Ірыны выгінаюцца, нібы лук Апалона, — так напісалі б пра яе мае ўлюбёныя паэты-рамантыкі. Як, пэўна, кахае муж гэтыя высокія бровы, дзівосныя аквамарынавыя вочы, з якой асалодай п’е ён з месяцова-срэбнага кубка яе лона!

Дзінора на днях вярнулася з паездкі дамоў.

— Жах! — распавядае яна, па-мясцовым звычаі намазваючы сыр

Джэмам. — У Ташкенце бачыла разгон дэманстрацыі, у Фергане — спаленыя дамы туркаў. Дык гэта і ёсць свабода? Кажуць, нам перастануць плаціць далярамі. Не можа быць, бо партыйныя ўзносы ж прымаюць толькі ў валюце.

— У мяне на працы праблемы з-за таго, што мая жонка венгерка, —

уключаецца ў размову мужчына. — Яны, маўляў, нам здрадзілі. Венгрыя здрадзіла Кубе таму, што больш не хоча абменьваць “Ікарусы” на апельсіны. Савецкі Саюз дзесяцігоддзямі ўсім забяспечваў Кубу, ад мульцікаў, — ківок у бок тэлевізара, — да тэхналогій, кубінцы развучыліся працаваць. Але я хачу працаваць і зарабляць досыць, каб адпачываць на Варадэра, жыць у пяцізоркавым гатэлі і вячэраць у лепшых рэстаранах. Мы вырашылі з'ехаць у Венгрыю, каб зарабіць грошай і вярнуцца на Кубу з кішэнямі, поўнымі даляраў!

— Я сёння адкрыла падручнік Айбека, — працягвае Дзінора. — Ведаеце, што там напісана? Вось: “Lu-char es bu-eno, fu-sil es bu-eno, ca-da cu-ba-no tie-ne que sa-ber fu-silar.” [52] Давядзецца забіраць дзіця са школы.

— Не шкадуй, — Ірына папраўляе вельмі белымі гнуткімі рукамі сваю “карону”, — хутка ў кубінскіх дзяцей пачнецца так званая школа-кампа: іх забіраюць з дому і звозяць у вёску, дзе яны не столькі вучацца, колькі апрацоўваюць зямлю і вырошчваюць агародніну пад вельмі прыблізным наглядам выхавацеляў. Бо ў асобы перыяд, які абвясціў зараз Камандантэ, школьнікі, а ў надзвычайным выпадку і дарослае насельніцтва, мусяць пакінуць горад і заняцца агароднінаводствам, каб пракарміцца. Тым не менш у вёсцы галадэча (талерка рысу ў дзень), дзеці спяць усе разам, завашыўленыя, нярэдка там і пазбаўляюцца цнатлівасці. Пасля школы-кампа ў класе з’яўляюцца цяжарныя дзяўчынкі. Сын адной маёй знаёмай не вытрываў — збег дадому на папутнай машыне, а той грузавік сарваўся ў цясніну на горнай дарозе Сьера-Маэстра…

Памаўчалі.

— Мне здаецца, вучоба асноўную частку кубінцаў мала цікавіць, —

уступаю ў размову я. — Побач з нашым жытлом знаходзіцца галоўны паштамт Сант’яга-дэ-Куба. Дык штодня да нас заходзяць маладыя жанчыны з просьбай напісаць тэкст тэлеграмы! Уяўляеце, я, іншаземка, запаўняю ім бланк!

Ірына паціскае плячыма:

— Значная частка насельніцтва пасля рэвалюцыі так і засталася

непісьменнай. Ну, навошта мясцовым жанчынам тая навука? Яны ў большасці не працуюць, сядзяць дома ды бавяць час у чэргах. А сваю навуку, у сэнсе — як задаволіць мужчыну ў ложку, яны до-обра ведаюць…

— Можа, і ведаюць, — вох, бачу, нервуецца мой Рэйнальда, не

даспадобы яму размова, але ўсё роўна працягваю: — Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць цераз яго страўнік. Але іхнія жанчыны не ўмеюць і не любяць гатаваць ежу, ты ж мне тое яшчэ ў Саюзе казаў, праўда, даражэнькі? Памятаеш, як ты ў маёй бабулі наварочваў кіслую капусту? І гэта не столькі іхняя галеча, колькі лянота. У продажы няма ні сокаў, ні фруктаў, а на Гран-Пьедра — Вялікім Камені — лепшыя гатункі манга спеюць і псуюцца, і ніхто іх не збірае, бо дзеля гэтага трэба далёка ісці, высока лезці. Вось ты ж захацеў мяне пачаставаць і прынёс, так, каханы?

Але каханы маўчыць, нібы вады ў рот набраўшы. Каб неяк запоўніць паўзу, пачынаю распавядаць пра музей піратаў, і, вядома ж, не ўтрымліваюся — узгадваю слынныя чаравікі Камандантэ…

— Ведаю, бачыла! — перапыняе мяне Дзінора. — Дарэчы, у нас адзін кантрактнік — ён усю Кубу аб’ездзіў — кажа, што тут ледзь не ў кожным музеі маюцца свае “чаравікі Камандантэ”.

— А норма на хлеб між тым штомесяц зніжаецца, — устаўляе кубінец, абдымаючы сваю маўклівую жонку-венгерку. — У чэргах жартуюць: хутка будуць даваць адно яйка на дваіх.

— Як бы тыя жарты ды не спраўдзіліся…

На днях я чытала пра суд над Чаўшэску. “Дзвесце грамаў калбасы — гэта ўсё, што вы далі румынскай сям’і?”— пытаўся абвінаваўца. Каўбаса ў былым сацыялістычным лагеры — штосьці накшталт сімвалу самасці. Цікава, аб чым спытаюць пракуроры ў мясцовых кіраўнікоў, калі скончыцца час Камандантэ на Кубе? Як толькі я агучваю свае думкі, мой муж ускоквае, быццам уджалены.

— Усе вы нічога не разумееце! Правільна казаў днямі Камандантэ на

прэс-канферэнцыі ў Бразіліі, маючы на ўвазе СССР — былога сябра Кубы і савецкія газеты: зараз атруту нам нясе “el spirito santo”. Але рэвалюцыянер — не ідыёт! Таму кубінцы не павінны слухаць тое, што ім даводзіць “святы дух”. Вось так!

Рэйнальда заціскае далонямі вушы і дэманстратыўна пакідае пакой. Бразгаюць дзверы. Спачувальныя позіркі прысутных...

Вяртаюся дадому адна, у апраметнай цямрэчы: ліхтары на Ферэйра не гараць, святла ў дамах няма (эканомія электрычнасці). У торбе боўтаюцца некалькі апельсінаў — мой сённяшні “улоў”. Праваруч, пад пальмай, — невялічкая бажніца, каменная ніша, у якой да рэвалюцыі ставіліся выявы Дзевы Марыі. Зараз там гіпсавая галава нейкага дзеяча, здаецца, Хасе Марці, з гладкай, як яйка, паверхняй замест вачэй. Не, Карына не будзе вучыцца па тым падручніку, маршыраваць з плакатам “SOCIALISMO O MUERTE!”, не будзе спаць упокат з тутэйшымі разбэшчанымі хлопцамі ў школе-кампа. Не будзе маліцца гіпсаваму балвану з пустымі вачніцамі. Не будзе. Ах, Рэйнальда, Рэйнальда! Чаму ты ў мяне такі? Чаму менавіта ты? Менавіта ў мяне? Там, у Беларусі, ты заўсёды разважна маўчаў падчас нашых хваравітых спрэчак аб усялякіх “ізмах”: маўляў, тое вашая ўнутраная справа, — і цяпер патрабуеш таго ж ад мяне. А я не магу так! Не магу, бо гэта маё дзіця збіраюцца ператварыць у балванчыка з абкарнанымі мазгамі! Навошта тады я імкнулася вывезці яе адтуль? Навошта?!

Нага трапляе ў нябачную канаву вадасцёку, і я падаю. Дзікі боль, аж у вачах заскакалі аранжавыя шары. Не, гэта апельсіны, незаслужана пакрыўджаныя венгерскімі імпарцёрамі, з глухім грукатам коцяцца ўніз па Ферэйра…

Зразумела, не подзвігі ў ложку майго вогнепаклонніка, у антрацытавых вачах якога палымнелі афрыкана-іспана-індэйскія жарсці, захапілі мяне, васемнаццацігадовую; будучы рамантыкам, я паддалася салодкаму, чароўнаму ўздзеянню чужой мовы. Так, гэта быў раман менавіта з самім El Castellano [53], і тут, у адрозненне ад зямнога ложка, я лёгка адчувала захапленне паўнавартаснага аргазму.

…Замест кніг і сшыткаў у кубінскім дзевяцьсот трынаццатым пакоі, на дзвярах якога прыклеены плакат з выявай Чэ Гевары (сюды я на трэцім курсе перабралася са сваімі рэчамі) усюды кучамі ляжаць пласцінкі; я гадзінамі слухаю галасы Хуліо Іглэсіаса, Хасе Велеса, Раберто Карласа, Мануэля Серата, Сільвіа Радрыгеса, уцягваю, нібыта праз саломінку, ўсю гэтую іспанскую і лацінаамерыканскую салодкую атруту, якая расцякаецца па маіх жылах павольным агнём, і таемная жарсць да чужаземнай ручаёвай мовы, чым больш незразумелай, тым больш чароўнай, часова засланяе спакойную, як шматгадовы шчаслівы шлюб, любоў да роднай гаворкі.

Amiga, рerdonе si hoy me meto en tu vida.

Pero te estoy sentiendo tan perdida… [54]

Гэта была песня аб каханні і болю развітання, яе выконваў мой улюбёны дуэт — Хуліо Іглэсіас з нейкай спявачкай, Рэйнальда пераклаў яе тэкст для мяне. Як цудоўна гучалі па-іспанску словы —“amigo”, “amiga”, з таго часу мы з Зайчанём інакш адно аднаго не называлі. Акрамя песень былі і літаратурныя ўзгадкі: Лорка, Гарсія Маркес, Карпенцьер, Лопэ дэ Вега… “Объята Севилья и мраком, и сном”. Я прымярала на нічога не падазраючага Рэйнальда то адну, то другую рамантычную маску. Верагодна, размаўляй мой каханак на якой-небудзь мове пушту, нічога б не адбылося: я не заслухалася б чароўнымі песнямі сірэн і, напэўна, разгледзела б пастку, ужо гатовую зачыніцца ў мяне за спінай. “Восемь недель, — буркнула ўрач студэнцкай паліклінікі. — На аборт или как?” Гэта было цудам: ува мне як згорнуты, увесь у ліпкім млечным соку і расе, бутончык кветкі, ўтульна спала дзіця — які з маіх уяўных Дон-Жуанаў, з плашчом і шпагай, стаўся яму бацькам? Пяшчота імгненна разраслася ўчэпістымі парасткамі, апляла, як плюшч ці павітуха, маю свабоду, ад якой я ў тое ж імгненне без ваганняў адмовілася: камандзіроўкі ад маладзёжных рэдакцый, ксеракопіі Бродскага і Мандэльштама, мае ўласныя паэтычныя творы, якімі зацікавіўся сталічны часопіс, — усё было з радасцю прынесена ў ахвяру. І ў той майскі дзень, калі мы з Рэйнальда будзем доўга ехаць на тралейбусе, а потым станем у хвост страшнай кіламетровай змяі, якая будзе канчацца на бальнічным ганку; калі ад шоргату слоў “Гомель…Брагін…Хойнікі…” мяне ўпершыню пачнуць калаціць дрыжыкі і я бездапаможна захіну кофтай досыць вялікі жывот; калі праз тры гадзіны — дастаяліся, нарэшце, — ўрач паднясе дазіметр да маёй шчытавідкі, а потым, пахітаўшы галавой, штосьці скажа медсястры і тая зробіць чарговы, пэўна, трохтысячны за дзень запіс у журнале, — я буду ўжо ведаць, што звязу сваё зайчанятка ў казачную краіну, дзе пальмы падобныя да танцуючага Шывы і дзе ніколі не бывае радыёактыўных дажджоў.

Урэшце, выбару “ехаць — не ехаць” фактычна не засталося, пра гэта лёс такі паклапаціўся, скіраваўшы мяне на дзевятым месяцы ў родны райцэнтр, дзе ў радзільні лютаваў стафілакок. З тэмпературай пад сорак я адна купала і спавівала дзяўчынку, пакуль вялізны гнайнік у распухлай малочнай залозе не зваліў мяне на аперацыйны стол. Насілкі на падлозе ў перапоўненым аддзяленні, потым палата на дванаццаць чалавек, смурод сукравіцы і гною, якія выцэджвалі са сваіх парэзаных цыцак (вось яна — фальклорная “кроў з малаком”!) такія ж, як я, гаротніцы; тройчы хірург узразаў на маёй левай адзін і той жа, не паспяваючы зажыць, шоў, праецыруючы ў нейкія занябёсныя сферы метафару майго жаночага лёсу (тройчы буду кахаць і тройчы спазнаю пякельны боль развітання). Госпадзі, і як жа ж багата ў маёй парэзанай грудцы было малака! Яно ўсё прыбывала і прыбывала, цякло проста з раны, якую хірургі наўмысна пакінулі адкрытай; я не спраўлялася сцэджвацца і скусала ў кроў губы ад болю. О, тым малаком можна было б успаіць не адно дзіця (а маё між тым галоднае, ускормлівалася Бог ведае чым)! Адкуль яно бралося? Я амаль нічога не ела, не піла. Мой лечачы ўрач штодня гучна мацюкаўся на абходзе: роту жаўнераў тут трэба, каб усё павыдойваць! “На Кубе по законам Революции вас бы расстреляли,”— кіне потым Рэйнальда таму хірургу, але мы былі не на Кубе, а ў роднай Беларусі, дзе, нягледзячы на каньякі і палкі кілбас, — іх рэгулярна купляў на сваю пенсію і прыносіў лекарам мой дзядуля, які замяніў мне ў жыцці бацьку, — я тры месяцы правалялася ў гарадской лякарні, дзе бесперашкодна гніў нават не загрыміраваны труп бясплатнай медыцыны.

…Любімыя дзеці не пішуць вершаў, бо кожны верш ёсць крык: “Перавяжыце мне раны!” Бінтоў у нас дома зроду не вадзілася. Прадметам асаблівага гонару маёй маці было тое, што яна ніводнага разу за час сваёй працоўнай дзейнасці не брала бальнічнага ліста. “Усе хваробы — ад ляноты! Хварэе той, хто не хоча працаваць!”— безапеляцыйным тонам заяўляла яна, пагардліва скасавурыўшыся на маю перавязаную грудку. Ёй, упэўненай у сваёй выключнай дасканаласці, патрабавалася песціць мару аб ідэальных дзецях, якія ніколі не хварэюць, не трапляюць у няшчасці, не выходзяць замуж за замежных жабракоў і не нараджаюць пасярэдзіне вучэбнага семестра. І калі мая малодшая сястра больш-менш гэтай схеме адпавядала, дык я з яе проста-такі з трэскам выламвалася. “Вось у нас на працы ў адной жанчыны дачка за араба выйшла, — паведамляла яна мне, — дык зяць усю кватэру дыванамі павысцілаў!” О, яна валодала здольнасцю прымусіць мяне пачувацца вінаватай, нават калі аб злосным намеры не магло ісці гаворкі (“З-за вашых хвароб я страціла апетыт! Я зусім дрэнна сплю!”— усё гэта артыкулявалася гучна, з добра разыгранай інтанацыяй непадробленага трагічнага пафасу), і цень уласнай віны цягнулася за мной па жыцці, бы надакучлівы паклоннік. Журботных устаноў накшталт лякарняў яна проста не выносіла: за тры месяцы маёй хваробы была ў мяне толькі аднойчы і затрымалася роўна на столькі хвілін, колькі спатрэбілася, каб выкласці з сумкі бутэльку малака ды булку. Але затое, калі гаворка ішла пра поспехі — пра маё школьнае золата і срэбра на рэспубліканскіх алімпіядах па мове і літаратуры, публікацыі ў гарадской газеце, гераічна здадзеныя экстэрнам экзамены за чацвёрты курс, — пра гэта неадкладна інфармаваліся суседзі і саслужыўцы, з годнасцю, вартай каралевы-маці, прымаліся віншаванні; яна, так бы мовіць, зрывала кветкі той славы, якой я, па прыродным нутраным жаданні забіцца паглыбей у нару (тую самую, з Кафкі), заўсёды інстынктыўна пазбягала. Найцікавейшае: яе анітроху не бянтэжыла, што тыя перамогі мною заваёўваліся не дзякуючы, а насуперак адсутнасці такой неабходнай дапамогі з яе боку; пакуль я валялася ў лякарні з ніяк не жадаючай зажываць грудкай, клопат пра Карыну ўзяла на сябе мая старэнькая бабуля, бацькава маці, але ў хуткім часе дзядуля, той самы, які з хваляваннем чакаў у бальнічным калідоры маіх маўклівых хірургаў, зваліўся з інфарктам, і старыя больш не маглі даглядаць праўнучку, якая, дарэчы, стварала шмат праблем: у яе выявіўся вывіх тазасцёгнавага сустава, і яна суткі напралёт крычала ў сваіх распорках, не жадаючы злазіць з рук. Што тычыцца Рэйнальда, ён спакойна працягваў вучобу ва ўніверсітэце, у той час як на правінцыйнай сцэне разыгрываўся тэатр аднаго актора, дакладней — акторкі: у адзінай асобе сумяшчаліся ролі маці і таты, а таксама віртуальныя постаці бабуль і дзядуляў з абодвух бакоў (так яно, дарэчы, і засталося потым — на ўсё жыццё); на стале расла гара канспектаў; у ванным пакоі — гара пялюшак; давялося пачаць працаваць, каб утрымліваць сям’ю (Зайчаня, будучы грамадзянінам сацыялістычнай краіны, атрымоўваў восемдзесят рэ стыпендыі і падзарабіць нідзе не мог); з уладкаваннем Карыны ў дзіцячы садок пачалася чарада бальнічных лістоў, якая пагражала перарасці ў лавіну і г.д., — а адзіная існая бабуля роўным, добра пастаўленым голасам унушала мне па тэлефоне, калі я ў чарговы раз звальвалася з нервовым знясіленнем: “Еш арэхі — гэта добра для сэрца” альбо “Рабі морс з чорных парэчак — у іх шмат вітаміна С”. Не памятаю дакладна, як апынулася ў шкляна-храміраванай зале “Шарамецьева-2”, перад бар’ернай стойкай, за якую толькі што прайшла, кавыляючы, як медзведзянятка, на сваіх крываватых ножках, трымаючыся за руку Рэя, мая дачушка, — пагранічнік прыўзняўся ў сваёй будцы, каб злічыць фота ў ейным замежным пашпарце з арыгіналам; две гадзіны пасля адлёту самалёта на Гавану я бадзялася па аэрапорце, прысаджвалася да нейкіх столікаў у кавярні, замаўляла сабе штосьці, не магла праглынуць ні глытка, — “Are you need help?” — “No, thank you” [55], — і толькі пачуўшы праз два дні ў слухаўцы ручайковы галасок Карыны, дазволіўшы сабе сэрцам усвядоміць неверагодную адлегласць, што лягла паміж намі і ўжо ведаючы, так, дакладна ведаючы, што ніколі не дарую сабе гэтага, — упершыню за два гады сцятых зубоў і наматаных на кулак нерваў зараўла ўголас, як баба.

Amigo, yo te agradesco por sufrir conmigo.

Intento ver me libre y no contigo… [56]

Яна ўважліва глядзіць на мяне цьмянымі пацеркамі вачэй. Кубінская шушара. Яе вусы пажадна варушацца.

— Прэч! — я замахваюся на яе кнігай, якую чытала пры святле

газавай лямпы, але яна і вусам не вядзе, быццам разумеючы, што з нагой, да калена замураванай у гіпс, я не зраблю ёй шкоды. Яна сядзіць ля сцёкавай адтуліны ў падлозе, з якой выслізнула, у паўметра ад калыскі Карыны.

— Пайшла прэч!

Імкненне кінуць у начную госцю кнігай хутка згасае, — а раптам яна адскочыць проста ў калыску? Крычаць? Пабудзіць Феліпу? Але ж Феліпы, Божа мой, няма дома, сёння ў яе начное дзяжурства ў CDR і яна са стрэльбай за плячыма патрулюе наш квартал! Асцярожна, абапіраючыся рукамі, спрабую спусціцца з ложка; мой “іспанскі боцік” бразгаецца на падлогу з глухім грукатам, востры боль прымушае на момант страціць прытомнасць. Калі я прыходжу ў сябе — пацучыхі ўжо няма.

Пералом нагі на паўтара месяца выратаваў мяне ад хлебных чэргаў, якія былі сапраўдным пеклам (тры вочкі на падняцце); норма — каля двухсот грамаў хлеба на душу, блізка паўдня ля булачнай, да якой прыпісаны нашыя тархеты, выстройваецца натоўп сотні ў тры (два слупкі без накіду, адно вочка зняць); больш нідзе ў горадзе, акрамя гэтай булачнай, хлеба нашай сям'і не прададуць; машына, на якой прывозяць наздраватыя і надзвычай лёгкія боханы (пад скарыначкай — больш пустаты, чым мякішу), — тая машына ўсяго адна, і калі яна ад’язджае за чарговай партыяй, чарга чакае пад пякучым сонцам (восем слупкоў з накідамі); іншым разам замест хлеба выдаюць галеты — сухое нясмачнае пячэнне з шэрай мукі аж па пяць штук на брата (паварочваем работу на сподні бок — колькі дадуць за гэты каўнерык?). Не мне з маім sindromo climático [57], як называюць тутэйшыя ўрачы мае прыступы галавакружэння і млосці да страты прытомнасці, цягацца з мажнымі мулаткамі, якія нават час чакання ў чарзе выкарыстоўваюць для таго, каб завесці шашні з прахожымі мужчынамі альбо голасна распавесці таваркам, “як той Педра мне ўставіў”. Я заўважыла: сабраўшыся разам, кубінкі гавораць, як правіла, пра секс, а беларускія жанчыны — пра ежу і спосабы яе прыгатавання. Мне здаецца, што кулінарнае самазадавальненне маіх абдзеленых каханнем суайчынніц (у час знаходжання ў лякарнях мяне заўсёды прыводзіла ў нейкі сакральны жах колькасць ўжытай імі ежы) — проста варыянт сублімацыі. Абжорствам падсвядома замяшчаецца паўнавартасны коітус, якога многія з іх пазбаўлены па прычынах альбо фрыгіднасці, альбо адзіноты, альбо таго сумнага факта, што нашыя мужчыны сублімуюць сваё лібіда найчасцей праз алкаголь. У кубінцаў іхняя сексуальнасць выліваецца натуральным, самой прыродай прарытым рэчышчам; можа, таму ў іх столькі дзіцячай наіўнасці і даверу да жыцця (і ніводнага п’янага на вуліцах, хіба што ў дні карнавалаў)? Я ніколі не сублімавала свой эрас праз вішнёвы кампот, а вось паспрабуй, нават маючы поўны камплект вытанчаных пяшчотаў у ложку, замест хлеба есці банеата ( мясцовая агародніна накшталт рэпы), як гэта раіць мне свёкар, частуючы мярзотным варывам у сваім заканурку, — вось тут міжволі ацэніш свяшчэннадзейства беларусак над шкоднымі, па сутнасці, марынадамі ды варэннямі, затое якімі смачнымі!

Мяне здзіўляла, як пры непасрэднасці кубінцаў у сексуальным жыцці — ніякіх там неўрозаў, сублімацый, спароджаных культурай, — яны не бачаць ілжывасці тых форм, у якія заціснута іх грамадскае жыццё, не разумеюць, што злучаюцца яны, як жывёлы ў заапарку, пад уважлівым наглядам вартаўніка. Ці, можа, усяму віною колер вачэй? Іхнія карыя — лепшыя святлафільтры, чым мае зялёныя; магчыма, яны створаны прыродай так, што затрымліваюць не толькі лішак сонечных промняў, але і тое, што непажадана бачыць. Урэшце, такім чынам створаны вочы ўва ўсіх людзей.

Цяпер я ведаю, як трэба пісаць дадому: прывязваючы да кожнага сказа маленькі, але важкі сатырычны грузік. Прыкладна так. Давайце, дзеці, паслухаем казку і пасмяёмся з Алесі Прамудрай (а то ж! Пэўна, лічыла сябе такой, ідыётка), якая прэе ў гіпсе пры трыццаці сямі па Цэльсію ў месяцы кастрычніку. Ляжыць, красуня, не ў стане нават узяць з лядоўні шклянку вады. А дзе ж яе каралевіч? Ды ў войску, змагаецца з Кашчэем Бессмяротным, у сэнсе — імперыялізмам амерыканскім. Адно шчасце: наведваюць небараку сяброўкі — Ліда, Ірына ды Вольга, то лустачку хлеба, то пачак цыгарак прыцягнуць. Але што да вас, сваякі мае ў Беларусі, дык праўду пра тое вы мусіце зведаць няхутка, у свой час, ніяк не раней. Не трэба, вох, дзеці, не трэба кідаць у агонь жабчыну скуру раней прызначанага тэрміну, бо заканчваецца тое вельмі блага. Хаця куды ўжо, куды горш…

…А як там мой родны горад, агорнуты пурпуровым плашчом восені? Тут дрэвы не скідваюць лісце: у іх, як і ў жыхароў тутэйшых месцаў, перманентнае свята жыцця і лета. І больш за ўсё мне не хапае менавіта восеньскіх дрэў, дрэў-паломнікаў, што выправіліся пакланіцца святыням, — улегцы, без лісця, ім зручней і маліцца, і плакаць; не хапае азяблага, у гусінай скуры драбнюткіх зорак, неба над Беразіной, сюррэалістычнай акварэлі бледна-ліловых прыцемкаў і цішыні, што спее ў ствалах да вясны, як павольная кроў. Памяць з хітрасцю наёмнага забойцы ўсюды змайстравала для мяне пасткі, уцягнуўшы ў змову нявінныя рэчы, вось, прыкладам, гэтую сукенку, у ёй я танцавала на выпускным балі з хлопчыкам і была трошкі закаханая, і потым, потым мы пацалаваліся з ім ля пад’езда; калі я апрану яе тут, у гэтай рэчы памрэ яе душа, якую я ў яе ўдыхнула тым пацалункам, як некалі Гасподзь удыхнуў душу ў мяне самую… А ўласна кажучы, дзе яна — мая душа? На вастрыі іголкі, іголка ў яйку, яйка ў качцы, качка ў куфры, куфар на дрэве залатым восеньскім пагойдваецца ў трыдзевятым царстве. А дзе яно, тое царства? Вось і ўзгадвай цяпер, Алеся Прамудрая…

Што гэта ты, маці, замест сатыры ў настальгію ўкінулася, ці што? Па сваёй краіне ганаровых донараў? Зрэшты, тваё знаходжанне тут ёсць вынік свабоднага выбару, ці не гэтак?

Але ж. Усе сённяшнія крыжы — гэта ўчарашнія свабодныя выбары.

Ну, а цяпер «о практическом»: уяві, сястрычка, жывём мы на тыя грошы, якія выручылі з продажу нейлонавых стужак, што па пяцьдзесят капеек за метр, ды гаспадарчых сетак, якія каштуюць у нас па восемдзесят капеек (загналі па дзесяць рэ, то бо песа, кожную, мала купіла, дурніца). Усяго прадалі больш чым на дзвесце песа — а хто з мяне смяяўся за шэсцьдзесят метраў стужкі? Урэшце, я і сама не магла ўявіць, што стужачкі стануць амаль адзінай крынцай нашага існавання тут. Ах, трэба было фігні гэтай купіць разоў у дваццаць больш! Ты пытаешся, ці ўладкаваўся Рэйнальда нарэшце на працу, так, ён ужо вярнуўся з войска і каля месяца працуе ў лабараторыі атамнай электрастанцыі правінцыі Альгін; я з Карынай застаюся ў Сант’яга: не для таго вывозіла яе з Беларусі, каб пасяліць побач з ядзерным рэактарам. Да таго ж жыць там няма дзе, мужу далі толькі ложак ў інтэрнаце ды талоны на харчаванне адзін раз у дзень у сталоўцы ягонага Чарнобыля, якога, у выпадку чаго, хопіць на ўсю Кубу, так я яму і сказала. Пасварыліся, канечне. Але самае галоўнае, што заробак ягоны — смешна сказаць! — складае сто дзевяноста песа. Варта было дзеля гэтага пяць год вучыцца ў Саюзе! Пражыць учацвярых (улічы Феліпу, якая ніколі не працавала і зараз знаходзіцца на ўтрыманні малодшага сына) на такія грошы, зразумела, немагчыма. Таму я заклапочана пошукамі працы, бо ўжо скончыла школу моў для іншаземцаў і — павіншуй мяне! — атрымала дыплом. З вязаннем маім таксама скончана: ніткі перавялі на venta normado [58] — па адным матку на рукі і — толькі для цяжарных! Так што ты, сонейка, мне дапамажы. Калі будзеш адпісваць у адказ, пакладзі паміж старонкамі ліста адзін метр стужкі, толькі прыцісні з абодвух бакоў, а канверт потым папрасуй. Зараз у модзе тут жоўтыя і блакітныя. Іншым разам можаш даслаць карункі, што па трыццаць капеек метр, іх ірвуць з рук па восем песа, бо — днём з агнём…

Рэйнальда падлічыў ужо, што ліст ад сястры са стужкай прыйдзе якраз да Новага года: “Вось мы і засмажым кураня на свята!” Дзіўныя людзі! Яны прадавалі метр стужачкі і радаваліся, што сёння не лягуць спаць галоднымі. А заўтра — заўтра іх не цікавіла. Як хутка мой каханы пагадзіўся жыць “за кошт СССР” — у дадзеным выпадку гэта значыла за кошт маёй маці, залежаць ад якой мне менш за ўсё хацелася. Таму ўпарта хадзіла па канторах, каб усюды пачуць аднолькавае: “Compañera, no hay nada para usted.” [59] Нашыя сустрэчы з мужам — а прыязджаў ён цяпер раз у месяц, Альгін — няблізкі свет, білет сёе-тое каштуе, — звычайна заканчваліся спрэчкамі (“Якое дзікунства — дзве асобныя чаргі ў краме: para los hombres і para las mujeres.” [60] — “Мужчыны працуюць, іхні час трэба берагчы!” — “Але твая сястра таксама працуе, чым яна горш за мужчын?” — “Справа жанчыны не працаваць, а нараджаць салдат для Рэвалюцыі!” — ах, amigo, калі б ты толькі ведаў, што амаль слова ў слова паўтараеш “фашыста” Ніцшэ!), — урэшце, не толькі нашыя: неяк да мяне прыбегла са слязамі на вачах Лідка:

— Зноў з Арманда тыдзень не размаўляем. Паказала яму заметку

ў “Известиях”, ну, тую, “Аресты в Гаване”. Ты ведаеш, што ён сказаў? “Правільна. Усіх трэба расстраляць”. Як жыць далей, га?

Ліда глядзіць на мяне так, быццам я зараз пакажу ёй выйсце — гэткую трыумфальную арку, якая не ператворыцца ў новую пастку. Ейны Арманда неяк падвозіў мяне ў мікрараён з прыгожай назвай Барка-дэ-Ора, што значыць Залаты Карабель, дзе жыве Ірына, з якой мы, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, пасябравалі. Якраз грукатаў трапічны лівень, на аўтобусным прыпынку безнадзейна стаяла сям’я з маленькай дзяўчынкай, — Арманда давёз іх да самога дома, не узяў ні песа: “Каб дзяўчо не захварэла!” А тых, у Гаване, — расстраляць…

— Ён думае, — усхліпвае Лідка, — што на тыя восемдзесят песа, якія

выдае мне штомесяц, можна пражыць! Ён і не ўяўляе, што ўсе прадукты ў ягонай лядоўні — з савецкіх суднаў. Ён лічыць, дурненькі, што ўсе на Кубе жывуць так, як мы! Вох, наспеў час зрабіць яму “асобы перыяд”: тархету ў рукі — і марш у краму па мандада! Будзе яму тады “socialismo o muerte…”

Я ўявіла сабе паважнага Арманда Лопеса ў той чарзе за дзіцячым абуткам (па тархеце — дзве пары ў год), з-за якой не спала мінулую ноч. Крама “La Habanera”, што значыць “Гаванка”, якраз па суседству з намі. З вечара натоўп запоўніў вуліцу, жанчыны сядзелі проста на тратуары, у дзве гадзіны ночы была першая пераклічка, а шостай раніцы — другая, да адкрыцця падаспелі дзве паліцэйскія машыны, але шкло ў вітрыне ўсё роўна высадзілі. Час ад часу да нас у дом заносілі непрытомных жанчын, звычайна цяжарных. Суткі без вады, ежы і сну, на спякоце — якім адважным камуністам трэба для гэтага быць, таварыш Лопес!

Прыйшоў, нарэшце, доўгачаканы ліст ад сястры. Канверт быў ускрыты і груба заклеены, зразумела, ніякіх стужак у ім не выявілася. Так што Новы год мы сустрэлі досыць сціпла: некалькі апельсінаў, бутэлька “Habana Club”. Рэйнальда чухаў патыліцу, а на мяне напаў істэрычны рогат: якраз тыдзень таму ў мяне скралі расчоску, — расчоскі ў Сант’яга не купіць! — і я вырашыла не расчэсвацца год, да паездкі на Беларусь, а табе, каханы, для поўнага камплекту — яшчэ адна цытата з Ніцшэ: “Толькі там, дзе канчаецца дзяржава, пачынаецца чалавек”.

…Корань усіх войнаў і непаразуменняў у свеце — толькі ў розніцы перагорнутых адбіткаў на сятчатцы вока, бо кожны — кожны! — бачыць свет па-свойму, стварае свой ўласны фільм на экране камунальнага кінатэатра. Для аднаго гэта — трылер з жахамі, для другога — камедыя пра бананавы рай, для трэцяга — антычная трагедыя року, для чацвёртага — сентыментальная “мыльная” опера і г.д. Розніца культур і індывідуальнага досведу змяншаюць нашыя шанцы на ўзаемаразуменне. Але я ўсё ж такі хацела выратаваць нашае каханне, amigo mio, няхай яно ўсяго толькі лісцік, намаляваны на цаглянай сцяне, што ўзвышаецца насупраць закратаванага акенца. Нават калі ты, не паслухаўшыся мяне, занёс нашыя заручальныя пярсцёнкі ў краму venta libre — на дваццаць шэсць даляраў заважылі тыя вузенькія абадкі, якраз хапіла табе на вентылятар, бо ў тым тваім Чарнобылі, зразумела, без яго не абысціся; нават калі ты паказаў мне на вуліцы маладую негрыцянку, якая ішла той вульгарна-зазыўнай хадой, моцна віхляючы сцёгнамі, як большасць тутэйшых жанчын: “Яна ходзіць як каралева! Нельга параўнаць з табой!”; нават калі твая маці пасля чарговай нашай з ёю спрэчкі (“Я хацела навучыцца ў цябе камунізму…” — “Не хапала мне яшчэ быць настаўніцай дурноты!”) ледзь не кінулася да мяне з кулакамі, і толькі крык Карыны: “Abuela! Mama no se tocan!” [61] ацверазіў яе, — я ўсё яшчэ спадзявалася на нешта, я шукала спосабу падмануцца, хаця ўсё было зразумелым desde el princípio. [62]

Каханне — проста скрылёк апельсіна пад нагамі маршыруючага натоўпу.

Апельсінавае дрэўца раскашуе. Шчаслівае сваёй прыгажосцю, яно расце проста пасярэдзіне пакоя, у паціа — адпаведнага паняцця ў нас няма, гэта жылая частка дома пад адкрытым небам, нешта накшталт унутранага дворыка.

— Як жа ж можна — без даху над галавой! А што калі маньяк які залезе!?

— Супакойся, ты не ў “Саўку”, — Ірына пражыць на патэльні зеленаватыя кававыя зярняты. — Зараз вячэраць будзем, дый заначуеш у мяне — бач, які дождж.

Кафляная падлога ідзе пад ухіл, і ў доме суха. Што за раскоша, Госпадзі, пасля майго ластаўчынага гнязда — спаць пад апельсінавым дрэўцам! Пад зоркамі!

— Злачыннасці ў нашым разуменні, таго дзікунства і бессэнсоўнай жорсткасці вычварэнцаў тут няма, — працягвае гаспадыня. — Крадзяжоў, вядома, шмат. Але гуляць па Сант’яга можна хоць да раніцы абсалютна спакойна.

— Шчаслівая ты, Ірка. Дом у цябе вялікі, машына, муж добры…

— Ты мяркуеш? — усміхаецца Ірына.

Гісторыя Ірыны, расказаная пад апельсінавым дрэўцам у паціа

Маці ад мяне адмовілася ў Мінскай радзільні, бацька ж у такіх выпадках звычайна не знаходзіцца. Вырасла ў дзіцячым доме. Калі мне споўнілася дванаццаць, мяне згвалтавалі чацвёра старэйшых хлопцаў. Расціснулі сківіцы, улілі ў горла гарэлкі, звязалі рукі маімі ж майткамі. Дырэкцыя інтэрната хуценька інцыдэнт замяла, мяне ж яшчэ ўва ўсім і абвінавацілі: маўляў, п’яная была, распусніца, сама падставілася. З таго дня ў маім горле быццам жалезная сцятая спружына засела і пры найменшым дотыку з боку хлопцаў пагражала вырвацца слязьмі, крыкам. Таму і сяброў ніколі не мела — ні ў вучылішчы, ні ў інстытуце. Вучылася апантана: гэта дапамагала трываць. Пасля заняткаў падзарабляла санітаркай у лякарнях, мыла самалёты ў мінскім аэрапорце. Прыгожая была, але варта каму-небудзь з хлопцаў выказаць цікавасць, як мая спружына выскоквала з пазоў — праўда, ужо не ў істэрыку, а ў панічны страх: сэрцабіццё, халодны пот, унутраная дрыготка — словам, усе класічныя прыкметы фобіі. Аднойчы пад Новы год я моцна прастудзілася і ляжала з тэмпературай пад сорак у інтэрнаце. Мае суседкі па пакоі раз’ехаліся па хатах. У той час я вучылася ўжо ў аспірантуры, кандыдацкую пісала. Раптам — стук у дзверы. “Войе, сеньёра, прасціце паджалста!” Альберта памыліўся дзвярамі. Пэўна, невыпадкова з памылкі ўсё і пачалося… Не, яго я не баялася: кубінцаў успрымала як дзяцей — добрых, наіўных. “Войе, сеньёры зусім блага!” Сам прыбраў у пакоі, згатаваў вячэру, нават ёлачку ўпрыгожаную адкульсьці прыцягнуў. Упершыню ў жыцці хтосьці паклапаціўся пра мяне, зрабіў для мяне свята! Хварэла я тады доўга, аказалася запаленне лёгкіх, Альберта бегаў па аптэках, варыў мне булёны, а галоўнае, не прымушаў класціся з ім у ложак: “Не гэта, Ірычка, галоўнае”. Праз два гады мы ўзялі шлюб. На каленях стаяў, маліў мяне паехаць на ягоны востраў Свабоды. Ласкавымі словамі называў, якіх ў дзяцінстве чуць не давялося. Пагадзілася, бо каму я там, у Саюзе, была патрэбная? Спачатку ўсё было добра. Муж кахаў мяне да вар’яцтва і брудна лаяўся, калі адна мясцовая прыгажуня ўпарта заляцалася да яго: “Сёння зноў на вуліцы тая мулатка — que puta! — прапанавала пайсці з ёю ў дом сустрэчаў, дык я ёй, Ірычка, ведаеш што адказаў? Vete al coño de tu madre singada y no me resinges mas!” [63] Тут, у Сант’яга, ён паступіў ва унівесітэт: я настаяла. Пяць год працавала як клятая, ужо Дзімка нарадзіўся, потым — Пецька. Альберта толькі вучыўся. І вось вывучыўся… на маю галаву. Стаў дырэктарам інстытута Сонечнай Энергіі. Сакратаркі, лабаранткі, навуковыя супрацоўніцы… і ўсе клічуць то на пляж, то ў дом сустрэчаў. У Сант’яга ёсць цэлыя кварталы такіх дамоў, дзе каханкам на дзве-тры гадзіны выдаюць ключы ад нумара, дакументамі, зразумела, не цікавяцца, ды і навошта: у пашпарце кубінца ты не знойдзеш адзнакі аб шлюбе. Не верыш? Паглядзі ў свайго. Раней, ідучы па вуліцы разам з кубінкай, я здзіўлялася бесклапотна кінутай ёю фразе: “Вось у гэтым доме расце дзіцёнак ад майго мужа”. А зараз сама магу такі дом паказаць. Дзявулі ледзь споўнілася шаснаццаць, а яе ўжо клічуць “tortillera’й”. Ведаеш, што такое “tortilla”? Засмажаная з абодвух бакоў яечня з кавалачкамі мяса ўнутры. А калі казаць пра жанчыну, дык гэта аматарка атрымліваць асалоду ў ложку з двума мужчынамі адразу... Пытаешся, ці кахае яна Альберта? Ты мяне здзіўляеш. Жанчыны на Кубе не разумеюць тых рамантычных пачуццяў, якія псуюць кроў экзальтаваным славянкам. Для большасці з іх каханне гэта перш за ўсё секс. Кубінка не пасаромеецца ў цябе на вачах заляцацца да твайго мужа. Легчы ў ложак яна без комплексаў прапаноўвае першая, і калі мужчына адмаўляецца, назаўтра ўвесь квартал будзе называць яго підарасам, марыконам, бо тая “пакрыўджаная” ў чарзе за прадуктамі ўсё раскажа суседкам. “Я не хачу здраджваць табе, — кажа цяпер Альберта, — але што зробіш, калі жанчына запрашае! Як-ніяк, мы жывём на востраве Свабоды, хе-хе!” Вяртацца мне няма куды, бацькоўскага дома ў Беларусі ў мяне ніколі не было, хіба што той інтэрнат... Да таго ж сыны мае выраслі тут. І цяпер, калі муж, як іншыя кубінскія мужчыны, свістам “пс-с-с” падзывае да сябе на вуліцы ўпадабаную жанчыну (як кошку!), жалезная спружына зноў раздзірае мне горла, я нават адчуваю прысмак металу ў роце. Магчыма, калі-небудзь яна парве мне скуру і выскачыць вонкі, як са зламанай цацкі…

Я гляджу, як лівень тармосіць і матлашыць апельсінавае дрэўца, і ўзгадваю іншае дрэва, — маладзенькую чаромху, што расла ў пыльным двары пяціпавярхоўкі, адкуль я дзесяць год шторанку выпраўлялася з велічэзным партфелем выдатніцы ў школу, — аднойчы я выйшла з пад’езда і жахнулася: з танюткага яе ствала звісалі ашмёткі садранае кары, а сам ствол быў увесь парэзаны сцізорыкамі: няйнакш, тыя вылюдкі-падлеткі, з-за якіх страшна ў нашым горадзе выйсці на вуліцу пасля дзесяці, не знайшлі сабе іншай ахвяры. І мне тады раптам здалося, што гэта зусім не дрэўца, а дзяўчына знявечаная. Па чарзе гвалтавалі, увечары. З апаганеным целам і вуснамі ці не ты стаіш, Беларусь мая? Просіць погляд спатольнага дожджыка… Толькі гвалт той — бясконца доўжыцца.

Савецкі консул у Сант’яга-дэ-Куба Вячаслаў Іванавіч Лінькоў (родам, між іншым, з Чэрвеня, братка-беларус) стучыць па мікрафоне:

— Я рад, что вижу всех вас вместе. Перестройка открыла и для вас

наши двери. Михаил Сергеевич Горбачев считает, что мы должны сближаться с соотечественниками, которые проживают за границей постоянно, а Генконсульство предлагает в качестве формы этого сближения общее собрание.

Лідка нахіляецца да мяне:

— Гэты ж Лінькоў год таму, калі нашы дзяўчаткі прапанавалі

святкаваць Восьмае сакавіка ўсім разам, выказаўся так: не забывайцеся, маўляў, яны — савецкія жанчыны, а вы толькі фармальна савецкія грамадзянкі.

І сапраўды: хто мы такія? Гляджу на дзяўчат, што сядзяць у “актовом зале” консульства. Праваруч ад мяне — Ліда, яна ўжо зноў квітнее, як ружа, няйнакш, памочнік капітана Сярожа прыязджаў суцяшаць; леваруч — мая зямлячка Вольга, рыжы вожык ваяўніча тапырыцца; побач з ёю Ірына, я цяпер ведаю прычыну затоенага болю, што заўсёды прыхаваны на дне яе аквамарынавых вачэй; вунь, з краю, Саша, яна тут носіць арыстакратычнае прозвішча Гуціерэс-дэль-Касцільё, а сама родам з глухой украінскай вёсачкі, увішная, яна і ў Саюзе везла б на сваім карку, як тут вязе, лайдака-мужа, дваіх дзетак, свякруху-змяю, кажуць, за стужачкі дом пабудавала, гэта ж колькі трэба было, Божа мой, тых стужачак перацягаць; побач з Сашай — віцеблянка Таня, цяжарная трэцім дзіцём, ціхенька выцірае слёзы: муж яе два месяцы таму на гумавай лодцы рушыў цераз Фларыдскі праліў у Злучаныя Штаты, звестак пакуль няма, можа, патануў, а можа, свае ж выцягнулі (невядома, што горш); з-за спіны адчуваю пах часнаку, ну, вядома, гэта таўстуха Зінка, яна і тут, як раней у аршанскім прадмагу, аблічвае і абважвае пакупніц, — дома нарадзіла дзіцёнка ад афрыканца, а потым, бач, ачмурыла кубінскага хлопца, уладкавалася; у першым радзе — ветэран кубіна-савецкіх шлюбна-ложкавых адносін масквічка Данілеўская, ёй бы з Калумбам плаваць, — першыя саўспецы вярнуліся з Кубы мільянерамі: выменьвалі на прадукты, махровыя ручнікі ў непісьменных сялян брыльянты ды золата, і Данілеўская таксама часу не губляла, дзіва што ў васьмідзесятым “пагарэла” на мытні (канфіскацыя, ходка ў савецкую турму, амністыя, вяртанне на Кубу), зараз прыдумала найвыгаднейшы бізнес — возіць у Савецкі Саюз на продаж мелагенін, лякарства ад віціліга, якое ўва ўсім свеце адна толькі Куба і вырабляе, дзіўна, але мясцовая aduana [64] яе не кранае; а вунь тая чарнавокая — новенькая, родам з Каўказа, кажуць, апантаная ідэяй адпомсціць мужу-кубінцу за ягоныя секс-прыгоды ў Саюзе, ну, у чым-чым, а ў гэтым дасягне поспеху, можна не сумнявацца.

Дык хто ж мы? “Саўкубінкі” — для консульскіх, “савецкія прынцэсы” — для прадаўшчыц “Cubalse”. Ластаўкі, якія лепяць свае гняздзечкі і выводзяць дзетак і ў гарах Сьера-Маэстра, і побач з амерыканскай вайсковай базай у Гуантанама, і пад пальмавымі дахамі закануркаў у Баяма. На Кубе нас каля пяці тысяч (палова — дзеці), у адным толькі Сант’яга — трыста шэсцьдзесят душ, з іх, па маіх падліках, беларусак каля сотні, ах, дзяўчаткі мае родненькія, і куды нас з вамі д’ябал занёс, за якім-такім шчасцем алмазным? І дзе нашыя з вамі хлопцы-бульбашы — у Афгане паляглі? Гарэлка спаліла? А былі ж яны Госпадам прызначаныя менавіта для нас — дык чаму ж не сустрэлі, не знайшлі? Крыўдна, дзяўчаткі. Крыўдна да слёз.

Нарэшце, праграма “мероприятия” вычарпаная: выкладчык-кантрактнік з універсітэта Арыенце прачытаў лекцыю пра Барыса Пастэрнака (“Гэта той, што на Кубе жыў, во, “Старик из моря” яшчэ напісаў, га?” — дэманструе эрудыцыю Зінка); старшыня суда Сант’яга з прыязнай ўсмешкаю пацвердзіла, што нашыя дзеці — кубінцы, так-так, кубінцы, а таму будуць служыць у войску і, калі спатрэбіцца, абараняць рэвалюцыю са зброяй у руках; потым ўзышла старажытная, як Анцільская града, “праблема каўбасы”, тут, на жаль, пазбаўленая іранічнага падтэксту: дзяўчаты наляталі на Лінькова, як раз’юшаныя квахтухі на лісіцу, патрабуючы сабе права на рэшткі прадуктаў, якія “не даядаюць” саўспецы:

— Жонкі спецыялістаў і блізка не падпускаюць нас да крамы, што на

тэрыторыі савецкага пасёлка, справа даходзіць да пікетаў!

— А ўсё для таго, каб потым нам жа гэтую жратву ўтрая даражэй прадаць!

— Вы ж самі казалі: мы таксама савецкія грамадзянкі, нашы дзеці есці

хочуць!

— Вы зусім забылі пра Баяма, Гуантанама, а нас там сорак жанчын.

Чаму б вам калі-небудзь не прыехаць пацікавіцца, як мы маемся?

Дарэмна, дзяўчаткі, крычыце: Масква слязам не верыць. Лінькоў нервова паглядае на гадзіннік: ці не перайшоў ён незнарок меру збліжэння з “постоянно проживающими”, вызначаную Генконсульствам?

Напрыканцы ўзнялася з месца маладзенькая расіянка, зусім яшчэ дзяўчынка, і распавяла звычайную гісторыю пра мужа, які завёз на Кубу і кінуў, свякроўка адабрала тархету, грошай няма, удваіх з дзіцём жывуць практычна на вуліцы, вярнуцца на радзіму няма за што.

— Мой муж — вайсковец, я хадзіла да генерала Эспіноса, камандзіра

арміі Арыенце, дык ён толькі плячамі паціснуў…

Консульскія таксама паціскалі плячамі, а мы, саўкубінкі, моўчкі пусцілі па крузе мяшэчак, куды клалі, хто колькі мог ахвяраваць: па пяць, дзесяць песа. Прынамсі, пад’ясі сёння, гаротнічка. А білет на самалёт у Саюз на дваіх каштуе вельмі дорага... Атрымаўшы ў рукі поўны мяшэчак грошай, дзяўчына голасна зарыдала.

— Бягі адсюль, — гаворыць мне на вуліцы Таня, папраўляючы сукенку

на досыць вялікім жываце. — Ты яшчэ маладая, пачнеш жыццё спачатку.

Нашая беларуская “дыяспара” збілася ў гурт на аўтобусным прыпынку.

— Ды каму мы ў Саюзе патрэбныя? — віскоча Зінка прафесійна

пастаўленым голасам гандляркі. — Замуж хто вас там возьме, бабы?

— Дзяўчаты, дзе знайсці якую працу?..

Усе разам паварочваюцца да мяне.

— Зараз усё ўскладнілася, Алесечка, — Ірына зрывае квітнеючую

галінку і ўколвае ў сваю пышную каштанавую “карону.” — З тае пары, як у СССР пачалася перабудова, адносіны кубінцаў да нас змяніліся. Яны лічаць, што мы здрадзілі “ідэалам сацыялізму”, пра тое кажа ўвесь час Камандантэ. Мы, з іх пункту гледжання, дрэнна ўплываем на думкі мясцовага насельніцтва. Таму і на працу нас не бяруць.

Дык вось яно што! Цяпер мне зразумелыя апушчаныя вочы, крываватыя ўсмешкі ў тых канторах, дзе я пабывала. Толькі дарэмна чаравікі збівала, ідыётка, іх тут не адрамантуеш.

Няўжо і сапраўды няма іншага выйсця, як вяртацца дадому?

— Ці будзе ў нас з Рэйнальда сын?

Празорца доўга маўчыць, лёгенька пагойдваючыся. Здалёк даносіцца шум мора. Вентылятара ў хаціне няма, да таго ж стары пастаянна курыць люльку з нейкай пахучай сумессю, у мяне пачынае кружыцца галава… з густакіпячага, як варыва, паветра ўсплываюць нейкія вобразы: чорны ігольчаты шар марскога вожыка, сухая крабавая клюшня… хлопчык, што гуляе з залацістым марскім пяском… Насланнё? Трызненне? Проста я надта доўга марыла пра сына, нашага з Рэйнальда сына, вось мне і мроіцца бераг мора, густавалосы анёл на пяску…

Па твары ведуна раптам прабягае сутарга. Ён узнімае абедзве рукі і робіць жэст, быццам бы баронячыся ад нечага. Што гэта значыць? Перапытваць нельга, Вольга папярэдзіла, але я і так выдатна разумею: мары маёй не суджана ажыццявіцца.

Пытаюся, нарэшце, пра тое, дзеля чаго прыйшла:

— Ці варта мне вяртацца на радзіму?

На гэты раз стары адказвае хутка. Ён бярэ ў кожную руку па гліняным

гаршку і пераварочвае дном дагары. Гаршкі пустыя, толькі з аднаго выкацілася рысавае зярнятка.

— Тут — пуста, там — таксама пуста.

сястрычка доўга табе не пісала прабач нешта дрэннае робіцца з маёй нервовай сістэмай зусім не магу спаць таблеткі што ты мне ўкладаеш ў канверты вымаюць як і тыя стужкі а цыгарэты скончыліся ўсю ноч сяджу ды ўзгадваю чаго ў свеце ніколі не было і ўжо не будзе сыночак мой анёл густавалосы марскі пясочак бач перасыпае са жмені ў жменю кроны дрэў спляліся нібы шацёр над галавой дзіцячай і пазалотай лісце адлівае святло вяртае сонцу ападае анёл мой вельмі хутка адляціць і зноў я сон самотны сон пабачу ўвесь час адзін і той жа кубак кавы і моташны спякотны брудны горад дзе гіпсавы балван на месцы Божым стаіць глядзіць вачніцамі пустымі крывавай патрабуючы ахвяры дзе блазны носяць каўпакі і маскі і зняць не могуць твары іх даўно ўжо спарахнелі ды ў вачніцах пуста дзе мушу я прыкідвацца жывой як выбухоўку на двайное дно сятчатак скаргі мерцвякоў хаваю і толькі ўночы я магу прачнуцца калі усё навокал засынае і ангела свайго ізноў пабачыць вось ён стаіць нібы падрыхтаваны ахвярай стаць праклятаму куміру о выкупляючая моц крыві а ён жа мог смяяцца і гуляцца на беразе дзе жоўценькі пясочак ах сыплюцца з нябёсаў аскялёпкі святла бяссонцавага прыгадала я дзень якога не было ніколі і ўжо не будзе

Калі, у які момант рэчаіснасць быццам бы паплыла перада мной, паверхневы яе пласт пачаў адклейвацца, як пераводная карцінка, і за ім выявіліся краты вязніцы? Перадусім гэта адбылося яшчэ ў Беларусі са светам узаконеных штампаў і фальшывых вобразаў, падрыхтаваных на патрэбу натоўпу, да якіх я мела непасрэднае дачыненне. Дурненькая, я спадзявалася, што здолею выскачыць праз каханне да мужчыны. Каханне бароніць ад жаху і голай абсурднасці існавання, яно бароніць нават ад хвароб, перад ім адступаюць вірусы і пухліны (сама ўпэўнілася!), — гэта таму, што каханне дае нам веру ў тое, што мы бессмяротныя, як багі. Закаханы не захварэе ў зачумленым горадзе, ён можа прайсці па вяроўцы, нацягнутай над пляцам, і не ўпасці. Дык што ж гэта за магутная сіла, пад апекаваннем якой ён знаходзіцца? Без сумневу — Боская сіла ісціны, так можа дзе йнічаць толькі Той-Хто-Абуджае-Нас. Але чаму, чаму тады ісціна прымае такі недасканалы выгляд: мужчыны з вартай жалю смяротнай гліны, які да таго ж яшчэ і безнадзейна дурны, бо дазваляе розным міфатворцам сабе ашукваць? Але па-іншаму, па-іншаму, унушала я сабе, ісціна проста не можа прабіцца ў тваю паўцемру (прасцей было б, калі б у табе жыла поўная цямрэча!), менавіта з-за тваёй недасканаласці Бог не можа з’явіцца перад табой у іншым выглядзе, — узгадай лёс небаракі Семелы, дачкі фіванскага цара Кадма, якая прасіла магутнага Зеўса — і дапрасілася-такі! — паказацца ёй ува ўсім бляску ягонай славы. (Між іншым, хіба не сімвалічна, што менавіта ў Семелы, якую ў літаральным сэнсе спаліў агонь ісціны, нарадзіўся найвялікшы падманшчык і дарыцель ілюзій Дыяніс?). Што ж, няхай будзе так, Бог наўмысна хавае свой вобраз і вымушае задавальняцца зярняткам ісціны. Але чаму ж гэтая “ісціна” напрыканцы ўцягвае нас у пастку? А потым, потым, калі мы, прыціснутыя цяжарам лёсу, павольна пачынаем цверазець, — няўжо гэта яна, “ісціна”, здзекліва хіхікае ў нас над галавой, як малпа, што разгойдваецца на прутах клеткі?

Усё так: закаханы, як лунацік, як п’яны, можа прайсці па вяровачцы, нацягнутай над пляцам; але варта яму прачнуцца, як адразу ж з’яўляецца блазен, каб цераз яго пераскочыць. Дык што ж гэта за д’ябальская сіла, зацікаўленая ва ўсеагульным і поўным падмане? І ці можна назваць яе ісцінай? Калі я, адурманеная каханнем, гуляла з маім amigo па вуліцах Мінска, увесь свет здаваўся мне цудоўным і поўным шчасця. Зараз я таксама кахаю, але — інакш: я бачу, як нашыя жывыя сэрцы паступова скурчваюцца, пакрываюцца зморшчынамі, сохнуць ад спрэчак і крыўд, і ў рэшце рэшт становяцца падобнымі да тых драцяных каркасаў у форме сэрцаў, якія вісяць у вітрынах крамаў на Энрамада ў Дзень Святога Валянціна, з прыклеенай да кожнага стралой з фольгі. Не, я не хацела б станавіцца цвярозай! Мая ранейшая слепата захінала мяне, яна была коканам, у якім ўтульна спала, быццам зародак у мацярынскіх водах, мая душа. На жаль, вярнуцца назад у матчына лона яшчэ нікому не ўдалося.

…Штодзень на працы я бачу праз акно кабінета адну і тую ж п’янюжку, апранутую ў нязменныя спартовыя штаны і вязаную шапачку, з нязменным пластыкавым пакетам ў руцэ, куды яна збірае бутэлькі. Колькі ёй год? Трыццаць? Пяцьдзесят? Тут — ейная “тэрыторыя”, у закуточку паміж сценамі трох металічных гаражоў увесь час збіраюцца жадаючыя “падлячыцца”, і ёй звычайна перападае па некалькі глыткоў з кожнае бутэлькі. Потым яна сядзіць на лаўцы ля аўтавакзала, і я, ідучы міма, бачу яе вочы, зацягнутыя ружовай плеўкай, як у нованароджанага, дый тварык у яе такі ж барвовы і зморшчаны. Я ніводнага разу не заўважыла ў гэтых вачах і ценю трывогі. Яна блажэнная, як немаўля. Вось я і думаю, ці ж не ёсць самое ап’яненне — неўсвядомленае вяртанне ва ўзрост немаўляці да вечнай абароненасці ля матчыных грудзей? Я часцяком бачу, як яна экстатычна смокча з гарла: задзёрты дагары твар, прыжмураныя вочы — ну як тое дзіця ў радзільні! І калі дадумаць да канца, дык ці не ёсць ўсё гэта — прыхаванае жаданне вярнуцца ў асалоду небыцця? Вырвацца — хаця б часова! — з жыцця, якое ёсць — не-жыццё?

Маё ап’яненне каханнем мусіла хутка скончыцца. Es tan corto el amor y tan largo el olvido, [65] кажуць кубінцы. Паўднёвыя сузор’і ваяўніча глядзелі на мяне скрозь папярочныя прарэзы бананавага ліста, як скрозь забрала; дый самі зоркі здаваліся прымацаванымі спехам, як папала, і з-пад гэтага тэатральнага рэквізіту пацягнула злавесным скразняком. Куды было бегчы ад той сілы, якая раней захінала мяне, а цяпер душыць і плюшчыць маё жыццё, бы какосавы арэх? Усё правільна: той, хто пакінуў агульнае для ўсіх лона маці-прыроды і адважыўся нарадзіцца, той пазбаўлены абароны, ён сам-насам з холадам і цямрэчай Сусвету. Выйсце, вядома ж, было: канчаткова звар’яцеўшы ад страху, проста разбіць сабе галаву аб жалезнае днішча клеткі, але я не магла сабе тое дазволіць: за маю руку трымалася дзяўчынка, яна яшчэ знаходзілася ў палоне маскараднага дыму і блішчынкі, прыклееныя да мантыі факіра, прымала за зоркі, яна крала ў мяне пудру і памаду, каб уключыцца ў агульную гульню прытворства, — не, страшэнным грахом было б кінуць яе ці выхапіць раней належнага тэрміну з выратавальнага сну дзяцінства.

І чым даўжэй працягнецца яе чароўны сон, тым лепш.

Так, жыццё без кахання — не-жыццё. Без яго ўвесь свет адно вязніца. Бо гэта не Бог, не д’ябал, а сіла самога жыцця ўздзейнічае на нас, то захінаючы і баронячы, то бязлітасна ўтоптваючы ў зямлю. Жыццё, зразумела, зацікаўлена ў сваім працягу. І, калі хочаце, каханне de verdad [66] — гэта біялагічна ўбудаваны ў падкорку механізм адурманьвання сябе, які мае на мэце адно працяг чалавечага роду.

Але калі мы ўхіляемся ад любві да жыцця, мы пачынаем любіць смерць.

Вольга пакуе дзве пульхныя валізкі: сярэдніх памераў і вельмі вялікую (раз у два гады саўкубінкам дазваляецца наведаць радзіму; тыя месяцы, што мая сяброўка правядзе дома, у нашым родным горадзе, буду вартаўніцай яе кватэры на другім паверсе сучаснага будынка ў Абель-Сантамарыя — вось і знайшла сабе “працу”, гаротніца!). У першай валізцы — адзенне-шчоткі-ручнікі, мая гаспадыня плюхаецца на яе з размаху сваімі сарака пяццю кагэ (гэта ў трыццаць восем год!), — уф, ледзь зачынілася! Я збіраюся выканаць той жа трук і з другой валізкай, агромністай, але дзікі, нейкі нечалавечы віскат Вольгі апярэджвае мяне:

— Не садзі-і-іся!

Цьфу, цьфу, цьфу, ну хіба ж так можна? Што ў цябе там — выбухоўка? Лістоўкі кубінскага Супраціўлення? Вольга адкідвае накрыўку: валізка даверху запоўненая ярка-чырвонымі каробачкамі — сотні каробачак! Асцярожна (чорт яго ведае, што там) бяру адну ў рукі; немудрагелісты надпіс гулліва паведамляе: “CONDOM”.

— Ну, што яшчэ з гэтай доўбанай краіны на продаж павязеш?

Вольга ахайна зачыняе валізку, зацягвае рамяні.

— Раніцай была ва універсітэце, за заробкам ездзіла, дык у нас на

падрыхтоўчым факультэце, уяўляеш, забастоўка, — паведамляе яна. — Студэнты выкідваюць з вокнаў сумкі, падручнікі, бо падфак, дзе яны ўжо год праходзяць узмоцнены курс рускай мовы, — за-чы-ня-ецца! Так! Кубінцы больш не будуць вучыцца ў СССР.

Вось гэта навіна! Значыць, мы — апошнія ластаўкі, якія заляцелі ў гэты спякотны край! Больш яркія мулаты не стануць вывозіць з Беларусі дурнічак-нявест!

— Няўжо Кубе больш не патрэбны спецыялісты?

— Патрэбны, вядома. Але тутэйшае кіраўніцтва баіцца “прамыўкі

мазгоў”, і не без падстаў: тыя, хто пабываў у Саюзе, пачынаюць думаць па-іншаму. На падфак прыехала дама з Міністэрства адукацыі: у СССР, маўляў, вам пагражае небяспека, там бастуць, страляюць. Тады ўзняўся адзін з хлопцаў-інтэрнацыяналістаў: “А калі вы нас у Анголу пасылалі, вы не думалі пра небяспеку? Я нічога не баюся, бо спаў пад кулямі, трупы сяброў знявечаныя ў Гавану адпраўляў.”

…Адшумеў, адшаргатаў лівень, і святло ў Абель-Сантамарыя раптам пагасла: яшчэ адна “таямніца” рэвалюцыі. Горы на гарызонце здаюцца імпрэсіяністычна размытым пейзажам, праваруч у смузе мільгацяць аддаленыя агні Сант’яга. Бронзавы Дон-Кіхот тымае на вастрыі кап’я ўжо цэлы стэарынавы сталактыт, а Вольга паліць цыгарку за цыгаркай і ўсё расказвае, расказвае…

Гісторыя Вольгі, расказаная, калі ў Абель-Сантамарыя пагасла святло

Слушна пісаў адзін заезджы журналіст з “Камсамолкі”: нашы дзяўчаты бягуць сюды ад шэрай будзённасці. Так, горш за ўсё была менавіта шэрасць. Маці ўсё жыццё працавала за капейкі на дрэваапрацоўчым камбінаце; бацка памёр рана — ад гарэлкі. Брат таксама спіўся, сеў у турму. Пасля гэтага і маці стала заглядваць у шклянку. Жылі мы ў бараку, клазет на вуліцы, суседзі — такія ж пралетарскія сем’і: мат-перамат, бойкі, ваніты. Ты ж ведаеш наш Залінейны раён — рабочую ўскраіну. Дарэчы, ты трапна заўважыла тады ў кнігарні: у нас на радзіме нават неба амаль заўсёды аднаго колеру: шэрае, азызлае, здаецца, вось зараз харкне табе ў твар сухотнай макротай, як амністыраваны зэк.

Паступіла ў педінстытут. Узрадавалася, дурніца: ну, вырвалася, нарэшце! Але ж у інтэрнаце тое самае: гарэлка, безграшоўе і — шэрасць. Дый ад думкі, што цераз пяць год у родную залінейную школу вяртацца, дзе з кожным годам за парты садзіцца ўсё больш напаўдэбільных дзяцей алкаголікаў, моташна рабілася. Песня, памятаеш, была ў тыя гады папулярная: “Куба далека — Куба рядом…” Яна і аказалася побач, хе-хе, бліжэй няма куды: у маім ложку. Хорхе быў найлепшы дыск-жакей у інстытуце; слухалі з ім рок, джаз — “балдзелі”. Ну, а што быў ён чорным ажно да сінечы… дык хоць зялёным у крапінкі, толькі б не тая класічная трыяда беларускай жанчыны з рабочай ускраіны, якая была мне з дзяцінства наканавана: гарэлка, пабоі, мацяршчына. Калі спахапілася, што зацяжарала, пераваліла ўжо месяцы за тры. Пазычыла грошай, сунула ўрачысе “на лапу”, тая паабяцала зрабіць аборт, а сама ў той дзень на працу не выйшла. Мяне ўжо ў аперацыйную ўзялі, маску далі, “паплыла” я, і раптам чую роў урача: “А гэтая, халера яе вазьмі, як тут апынулася?!” Пакінулі мяне да раніцы на ложку ў калідоры — раздыхацца пасля наркозу. Ляжу, плачу. Той урач, што аборт мне рабіць адмовіўся, якраз уночы дзяжурыў. Паслухаў, як я скуголю. “Супакойцеся, жанчына. Калі ўжо гэтае дзіця такое непажаданае на свеце, я зраблю вам. Заўтра знойдзеце мяне”. Усю ноч над тымі словамі думала, а раніцай знайшла-такі таго ўрача, каб сказаць: не трэба.

У радзільні адразу ж шэпты папаўзлі: нарадзілася мая Кацюха з цёмнай плямай на попцы. Адна студэнтка, што разам са мной ляжала, ад дзіцёнка свайго адмаўлялася — звычайнага, беларускага; юрыстка ад ейнага ложка проста да мяне пашыбавала: “Пішы, што адмаўляешся, каб мне сюды двойчы не бегаць”. Я тую юрыстку на тры літары паслала. Тады ў нашым педінстытуце якраз чэпэ адбылося: студэнт-кубінец кінуўся пад цягнік, бо бацькі дзяўчыны не дазвалялі сустракацца; рэктар сам адвозіў труп у Гавану. Таму нам адразу ж далі асобны пакой у “абшчазе”, жывіце, маўляў, радуйцеся. Толькі радасці не атрымлівалася: на вуліцах Мінска кідалі мне ўслед камяні, камякі бруду, калі я з каляскай на шпацыр выходзіла. Якіх толькі матаў у свой адрас не наслухалася!

На Кубе сустрэлі досыць прахалодна. Маці і сястра Хорхе лезлі біцца, кралі ежу ў Кацюхі. Хорхе зблытаўся з негрыцянкай. “Выбіла” ў мясцовага кіраўніцтва кватэру, ды вось памылку зрабіла, што Хорхе да сябе пусціла: сем гадоў выжываў мяне адтуль, дванаццаць судовых працэсаў вытрывала! З-за Кацькі адступілася, плюнула на тую кватэру, бо ў дзіцёнка неўроз пачаўся. Галадала, працавала ўдзень і ўночы, каб зарабіць грошай. Урэшце, сабрала на нейкае жытло, дык тыя тры тысячы песа ў мяне мясцовая аферыстка выдрапала, падсунуўшы “ліпавыя” дакументы на дом. Чаму не з’ехала? А куды было ехаць? Да маці-алкагалічкі? Брата-рэцыдывіста? Вось гэтую кватэру я ў мэра Сант’яга ведаеш як выманіла? Гарбачоў на Кубу з сяброўскім візітам прыехаў, дык прыгразіла мясцовым, што паскарджуся яму асабіста. Тады яшчэ кубінцы перад Саўдэпіяй запабягалі, прынамсі, ордэр мне выдалі адразу ж. Абклеіла я ў хаце апошні куток шпалерамі, села ў гэтым куточку… і ўпершыню задумалася пра сваё жыццё, бо раней не дазваляла сабе шмат задумвацца. Атрымоўваецца, ад чаго я ў маладосці так ўтрапёна бегла — тое і атрымала: пабоі, прыніжэнне, безвыходнасць. Пэўна, са сваёй каляіны не выскачыш, вось так. І дзеля чаго было краіну мяняць? Хіба што…

Вось зараз я прыеду дамоў, у барак свой на вуліцы Залінейнай, ён пры Брэжневе стаяў, пры Гарбачове і пры новых уладах, колькі б іх ні было, стаяць будзе (маеш, Волечка, рацыю! Ехала заўчора на аўтобусе міма таго барака — стаіць, родненькі, стаіць!). Шмоткі на мне з Cubalse, у вушах брыльянты — зразумела, фальшывыя, але хто пра тое ведае. Суседкі ажно пазелянеюць ад зайздрасці: “Бач, Волька з “загранки” прыкаціла! Вось шчаслівая, га! Пашанцавала дзеўцы. А мы тут боўтаемся, як дзярмо ў палонцы…”— “Вядома! — адкажу з годнасцю. — Яшчэ як пашанцавала!”

У школе яе лічаць дзівачкай. Завуць яе Андрыя Ніевес, “nieve” па-тутэйшаму — снег. Беласнежка. Чорнакучаравая Снягурка з вачамі, падобнымі да спелых вішань. Андрыя ніколі не бачыла снегу. Ёй шаснаццаць, а яна не ўдзельнічае ў групавых секс-прыгодах на пляжы і нават не мае novio [67] (перадача для моладзі па Cuba TV — вядучая гутарыць з дзяўчынкай: “Колькі табе год?”— “Дванаццаць”. — “У цябе ёсць novio?”— “Быў, мы развіталіся”. — “Чаму?” — “З-за бацькоў. Яны лічаць мяне маленькай, а я ўжо дарослая!”— “Што ты будзеш рабіць, калі сустрэнеш іншага novio?”— “Будзем кахацца на пляжы!” Урэшце, у гэтым, з папраўкай на сярэднееўрапейскі тэмперамент, мы ўжо “дагналі і перагналі”, так што ты, Андрыя, баюся, нідзе не адшукаеш снегу той чысціні, якую малююць табе твае дзявочыя сны, і калі-небудзь згодзішся задаволіцца тымі папяровымі мяшэчкамі з ільдом, падфарбаваным танным сіропам, якія прадаюцца тут за пяць сентава). “Скажы, людзі ж не маглі пайсці ад малпаў, праўда?” Вялізныя вільготныя вішні ўмольна глядзяць на мяне з-за рашоткі суседняга балкона. “А як ты лічыш, Андрыя?” — “Не, не маглі, хаця ў маім падручніку па марксізме так напісана. Я думаю… — яна спалохана азіраецца і пераходзіць на шэпт, — што людзей стварыў Бог! Я кожны вечар малюся Святой Марыі. Гэтаму мяне навучыла бабуля.”

Андрыі я дазваляю парушаць маю адзіноту, яна ж ажыццяўляе маю сувязь са знешнім светам: ездзіць у Сант’яга па малако для Карыны, водзіць дзяўчынку на агляды ў белы двухпавярховы домік médico de la família [68]. Зараз на Кубе лютуе эпідэмія гнойнага кан’юнктывіту, і Карыне штосьці там закапваюць у вочкі для прафілактыкі. Сямейны ўрач Рауль, класічнага іспанскага тыпу “тарэадор” з тонкім, бы лязо, профілем асабіста наведваў мяне (“Як — сеньёра жыве зусім адна? Без мужчыны?!”), шчыра гатовы прапанаваць свае паслугі, і не толькі медыцынскія, але давялося па магчымасці ветліва выставіць прыгажуна за дзверы. Другі ўжо месяц я не пакідаю кватэры ў Абель-Сантамарыя. Ірына з Лідай лічаць, што маё анахарэцтва звязана з жаданнем не бачыць і не чуць, але гэта не зусім так. Ісціна ж заключаецца ў тым, што мой занятак, лепш сказаць, не-занятак, патрабуе пустэльніцтва і цноты. Я мушу атрымаць адказ на вельмі важнае пытанне, менавіта атрымаць у гатовым выглядзе, бо адказы на ўсе пытанні ўжо існуюць, больш таго — яны даўно адпраўлены нам, вось толькі розум па пэўных прычынах спазняецца з прыняццем паведамлення. Адзінае, што мне неабходна зрабіць, каб даведацца, — гэта ачысціць экран ад тых вобразаў, якія праецыруе на яго мая свядомасць, адступіць у Нішто, каб на прасціне экрана змог праступіць тэкст, — зашыфраваны, зразумела, але інтэрпрэтацыя сноў і іншых дарожных паказальнікаў, іх пераклад на рабочую мову не ўяўляе асаблівай цяжкасці: мне застанецца толькі вытлумачыць сэнс сігналаў, якія падаюцца адтуль (мною ж самой і падаюцца, маім тамтэйшым двайніком, а кім жа ж яшчэ?), каб, нарэшце, атрымаць адказ на сподачку з блакітнай аблямовачкай. Вось якой я займалася работай-не-работай, — калі б у той час я была знаёмая з адпаведнымі тэкстамі, я б ведала таму дакладную назву: не-дзеянне, але тэксты тыя я прачытаю і знайду ўжо знаёмымі шмат гадоў пазней і буду яшчэ здзіўляцца нечаканаму дэжа-вю. Сама таго не ведаючы, у Абель-Сантамарыя я практыкавала падыход да вырашэння праблем, які прымяняецца ў дзэнскіх манастырах: заставайся адзін, проста будзь у сваім целе, расслабся, ад цябе нічога не чакаюць, еш, спі, ні аб чым не хвалюйся, — імітацыя мацярынскага ўлоння, няйнакш, — о, там мы ведалі адказы на ўсе пытанні, і зноў будзем іх ведаць — потым, а тут, тут усё, што мне трэба ведаць, будзе адкрыта ў належны час — але не раней! І гэты час, я тое дакладна адчувала, захінаючы на ноч драўляныя дошчачкі жалюзі з нацягнутай паверх іх moscitero [69], — гэты час ўжо блізка. Таму, бесклапотная, але ўнутрана гатовая бачыць і чуць, — проста глядзі, як рэчы самі сабой адбываюцца, — я спала да паўдня, потым запарвала сабе чай, — між іншым, чай, калі верыць усходняй легендзе, упершыню вырас на гары Та, дзе медытыраваў на працягу дзевяці год, адвярнуўшыся тварам да сцяны, нейкі вялікі дзэнскі манах, дык каб не засынаць, ён адрэзаў сабе павекі і кінуў цераз плячо, з іх потым і выраслі парасткі чаю, — але той манах, пэўна, як і іншыя самазабойцы плоці, ставіў перад сабой задачу выскачыць з клеткі праз адтуліну ў столі, я ж не замахвалася так высока, дый хто з нас гатовы заплаціць такую цану нават за поўнае і канчатковае вызваленне? І таму я запарвала чай, каб піць яго, атрымліваючы вялікую асалоду, з грузінскім варэннем з грэцкіх арэхаў, улюбёным ласункам І.В.Сталіна, як запэўніла мяне Дзінора, разлічваючыся за апошняе маё вязанне пяццю слоікамі таго варэння, якія і складалі ўсю маю ежу ў Абель-Сантамарыя. Амаль што акрыды ды дзікі мёд.

…Я трохі займаюся з Карынай роднай мовай. Дачушка мая значна змянілася за той час, што я правяла з ёй на Кубе, — яна больш не terrеmoto, не гітана з распушчанымі па плячах пасмамі, тварык яе набыў месяцовую славянскую акругласць, рухі — плаўнасць. Пластычная дзіцячая душа, трапіўшы ў іншыя рукі, узяла новы напрамак росту і змяніла формы цела. Я рада, што Карына не выхоўваецца ў “дзіцячым калектыве”, там альбо тут гэта значыць адно і тое ж — схему, у якую з маленства заганяецца чалавек. Усякі раз, пакідаючы яе за агароджай дзіцячага садка ў родным райцэнтры, я здзіўлялася вялікай колькасці рашотак, якія вычварная фантазія нейкага садамазахіста размясціла на дзіцячых пляцоўках у якасці прыстасаванняў для гульні: круглыя і прастакутныя, вертыкальныя і гарызантальныя “снарады” з металічных прутоў, за якімі, як за кратамі, самотна бялее тварык маленькага зняволенага, і толькі арэлі — заўсёды занятыя, заўсёды жаданыя! — пакідаюць прастору для дазволенай мары. А потым, праз дваццаць год, позна будзе бегаць па псіхіятрах і хапацца за Берна і Адлера, рабіць узроставую рэгрэсію па Джанет Рэйнуотэр ды вызначаць тып псіхапатыі па Леангарду — часцей за ўсё яна аказваецца, між іншым, субдэпрэсіўнай, а якой ёй яшчэ быць, скажыце, калі ласка? Мы самі носім у сабе свой ГУЛАГ і Асвенцым (так-так, дзяўчаткі мае, Волечка, Ірына — вы пра тое ўжо здагадаліся?), і ўсё тое, што ствараем вакол сябе, ёсць толькі іх праекцыі на экране камунальнага кінатэатра. Мы самі, застаючыся — пажыццёва! — тым Пецей альбо Кацяй з дзіцячага садка, лепім на борціку пясочніцы аднолькава брыдкія серыйныя “піражкі”, а формачку, з якой лепім, нам калісьці гвалтам уклалі ў руку: “Гуляй тут! Нікуды не адыходзь!” — вось мы і лепім, лепім, усю зямлю сваімі пачварнымі вырабамі ўжо запаланілі і не падазраём, што можна гуляць зусім па-іншаму: выкінуўшы прэч абрыдлую ідыёцкую формачку, свабодна і радасна.

Пакуль Андрыя водзіць Карыну на вячэрнюю прагулку і распавядае ёй пра Святую Марыю, я паціху пішу свой дзённік.

3 мая 1990 года.

Толькі што прыбегла ўсхваляваная Андрыя. Сёння на сходзе CDR усім жыхарам квартала загадана падрыхтаваць эвакасумкі (вада, кансервы, дакументы). На амерыканскую вайсковую базу ў Гуантанама сцягнута вялікая колькасць узброеных салдат. “Ну дык і што? Гэта іх тэрыторыя, яны праводзяць там вучэнні”, — спрабую супакоіць дзяўчыну. “Ах, Алеся, не, — усхліпвае яна. — У CDR сказалі — у любы момант можа пачацца вайна. Па трывозе мы ўсе мусім сесці ў грузавік, які павязе нас у горы Сьера-Маэстра — хавацца ад бомб norteamericanos” [70]. Бязглуздзіца нейкая. Учора па тэлевізары паказвалі прыбыццё на Кубу дзяцей з чарнобыльскай зоны, тут ёсць спецыяльныя лагеры, дзе яны адпачываюць і падлечваюцца. Няўжо там, у Саўдэпіі, зусім з глузду з’ехалі — адпраўляюць дзетак туды, дзе становішча настолькі напружанае?

Пасля сыходу Андрыі ўсё-ж-такі пачала збіраць “эвакасумку”. Карына дапамагала мне, страшэнна задаволеная: “Mami, мы збіраемся на пляж?” Спахапілася: Маці Божая, савецкія дакументы нашы засталіся на Агілера, маю толькі carnet, мой мясцовы пашпарт, і tarjet’у de menor — пасведчанне асобы Карыны! Мы з ног да галавы — кубінцы!

4 мая.

8.00. Прыходзілі з CDR — падбіраць мне памер процівагаза. Праверылі змесціва “эвакасумкі”: “Бьен, бьен, кампаньера. [71] Медыкаменты абавязкова пакладзіце”. Нічога сабе жартачкі. Можа, Ірына што-небудзь растлумачыць? “Не здзіўляйся, я жыву тут пятнаццаць год, і ўвесь час у мяне ў калідоры стаіць сабраны рукзак, — голас Ірыны ў слухаўцы абсалютна спакойны, ажно ад сэрца адлягло. — Тутэйшае кіраўніцтва пастаянна трымае людзей у напружанні, унушае ім, што не сёння — заўтра на іх нападуць. Запалоханым натоўпам лягчэй кіраваць, ты ж разумееш. Ды і ад унутраных праблем гэта адцягвае ўвагу. Але, урэшце, хто іх ведае, тых амерыканцаў. Слухай Маскву”. Не разумею, што можа казаць Масква, калі сама яна лічыць Кубу месцам, больш бяспечным для знаходжання сваіх хворых дзяцей, чым СССР?!

9.30. Тэлефанавала Лідка. Яна мяне расчаравала: калі пачнецца вайна, нас не адправяць дамоў на першых жа савецкіх суднах. У Саюзе сваіх бежанцаў багата, па ўсіх вакзалах Масквы сядзяць. Мы — грамадзянскае кубінскае насельніцтва.

13.45. Выйшла на балкон. Суцэльнай сцяной стаіць спякота, спякота. Трыццаць пяць па Цэльсію, жах! Адразу стала млосна. А тут яшчэ грузавікі носяцца па шашы, поўныя вайскоўцаў у маскіровачнай форме. Да пальмы прымацаваны кардонны плакат з намаляваным на ім ашчэраным кракадзілам-Кубай і надпісам: “Yanki — fuera!” [72]

16.00. Паклала ў “эвакасумку” кніжкі, па якім вучу Карыну чытаць, Вольчына пляжнае пакрывала… Загараць я там збіраюся, ці што?

17.20. Прынеслі свежы нумар “Гранмы”. Першая і другая палосы газеты — у духе no pasaran, на трэцяй і чацвёртай — “святцы”: Камільо, Марці, Масеа, Чэ Гевара. Уключыла “яшчык” у надзеі пачуць Маскву. Але дзе там! Паказваюць вайсковыя манеўры — нашы, гэта значыць кубінскія. Мы, высвятляецца, у адказ на вучэнні амерыканцаў вырашылі распачаць свае “вучэнні”. Вох, небяспечныя гульні! Паказваюць актыўную падрыхтоўку мірнага насельніцтва “да абароны рэвалюцыі.” Дык вось што азначаюць прымацаваныя на кожным мясцовым доме шыльдачкі з надпісам “Listo para la Defensa” (“Гатовыя да абароны”) і малюнкам рыдлёўкі ці вядра ці яшчэ якога прадмета: менавіта гэтую рэч мусяць гаспадары дома па трывозе ахвяраваць на абарону сацыялізму, і, адпаведна, пачаць рыць акопы, насіць ваду і г.д.

19.15. Псіхоз працягваецца. Жыхарам нашага дома загадалі сабрацца на reunión [73]. Сказалася хворай. Але балкон адкрыты, цудоўна чутна, што там адбываецца ўнізе. Усе выступоўцы запэўніваюць “Фідэля і партыю” ў сваёй гатоўнасці “памерці свабоднымі”. “Socialismo…” — заклікае прамоўца. — “… o muerte!” — хорам падхоплівае натоўп. Цікава, а мяне — штыком мусіце закалоць, ці што? Дайце, прынамсі, памерці за тое, за што я сама жадаю! Кожны раз, калі прамоўца вымаўляе імя Фідэля, астатнія крычаць: “Comandante, ordene!” [74] Быццам той хор у царкве, але там гэта гучыць узнёсла. Шум падаючага цела, віскат. Выходжу на балкон. Расіта, маці гаротнічкі Андрыі, б’ецца ў істэрычным прыпадку: “Камандантэ, дазволь мне памерці за цябе!”

20.55. Зноў тэлефанавала Лідка. Яна толькі што прыехала з пляжа, дзе забаўлялася з нейкім Педра (а можа, не Педра). Увесь пляж застаўлены гарматамі. Новапрыбыўшых адразу ж уключылі ў “план”. Калі б нападзенне “янкі” заспела нас там, распавядала незадаволеная Лідка (яшчэ б! адпачынак сарваўся!), мы мусілі б выконваць функцыі прадатрада: лавіць рыбу і перадаваць яе ў горы. Што-што, а la defensa у кубінцаў арганізавана бліскуча. На гэта траціцца ўвесь іхні запал. Дзе ж тут народнай гаспадаркай займацца…

5 мая.

Андрыя моўчкі вядзе нас з Карынай па крывой вулачцы. З дахаў лаюць сабакі, у пяску бавяцца чорныя, бы жукі, дзеці з распухлымі жыватамі. А вось і маленькая каплічка. Унутры зусім няшмат людзей (не тое што на сходах ды маршах!). Андрыя пакрывае плечы чорнай карункавай мантыльяй, пэўна, таксама бабулінай. Яе вішнёвыя вочы поўныя слёз. “Ты ведаеш, калі паўночныя амерыканцы нападуць на нас, я памру сеньярытай. Я яшчэ ніколі не была з мужчынам.” Ну, я дык памру ўзаранай глебай, але ад гэтага, далібог, не лягчэй. Хаця б Рэйнальда патэлефанаваў са свайго Чарнобыля, маць яго за нагу.

6 мая.

16.45. Быццам бы пачуў мяне — прыехаў Рэй з Альгіна. Упершыню за два месяцы выбралася ў наш дом на Агілера, і каля паўдня зазбіралася назад. Гаварыць няма пра што. Глухая сцяна. Няўжо, каханы, у нас не засталося адно для аднаго іншых слоў, акрамя абраз? Дайшла ўжо да аўтобуснага прыпынку, але рух перакрыты: ідуць дэманстранты. Прыйшлося вытрываць яшчэ і гэта. Ад Парке-дэ-Сэспедес да плошчы Мартес прадэфіліраваў натоўп чалавек у паўтысячы. Марш, як я разумею, быў закліканы прадэманстраваць гатоўнасць мас абараняць заваёвы сацыялізму. Тархету! Змясціць на транспарант тархету і даць ў рукі той, з пафарбаванымі валасамі, што ідзе наперадзе і выкрыквае рыфмаваныя лозунгі:

— “Arriba, abajo…—

— …los yanki son guanajos!” — хорам заканчвае натоўп.

— “Se oye, se siente…—

— …Fidel esta presente!” [75]

Фальклор мясцовы, пэўна. Вой-е, а народ час марна не губляе: дзяўчаткі-школьніцы ў натоўпе вабна круцяць задкамі, далонькамі адбіваюць рытм конга, ззаду да іх прылабуньваюцца вяртлявыя маладзёны, кладуць рукі на плечы, а потым і ніжэй пасоўваюць, дзяўчаткі рагочуць, робяць танцавальныя быццам бы рухі ўперад-назад.

— Para que sea Fidel, para que sea! [76]

У рытме конга — малайцы! Палітыка пад сексуальным соусам альбо секс, прыпраўлены палітыкай. Нацыянальная, так бы мовіць, страва. Толькі мяне ад яе ўжо з душы верне.

— Tenemos a Fidel! Amamos a Fidel! [77]

Хлапкі стрэлаў. Барабанны пошчак. Шчоўканне затвораў. Ляскат металічных талерак.

— Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo

del socialismo! [78]

Хто, як кажуць, сумняваўся. А што гэта там, на будынку школы? Побач з класікай — “SOСIALISMO O MUERTE!” — вісіць новая “нятленка”: “PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL!” [79] Ну, Феліпа, як казаў рускі казачны стары, — чай теперь твоя душенька довольна?

00.10. Няхай мяне правільна зразумеюць тыя кампаньерас, якія знойдуць на стале мой дзённічак, разгорнуты на гэтай вось старонцы, калі раптам праз некалькі хвілін паветраная трывога прымусіць нас сесці ў іхні грузавік і з’ехаць д’ябал ведае куды. Абавязкова перакладзі ім, Рэйнальда. Шаноўныя, звяртаю вашую ўвагу на тое, што я асабіста нічога не маю супраць Камандантэ, як не маю нічога супраць, да прыкладу, Людовіка ХIV. Больш таго, калі карыстацца мовай газет, я мушу прызнаць, што Фідэль Кастра, безумоўна, адна з выбітнейшых фігур дваццатага стагоддзя, жывая легенда, надзвычайная харызма і г.д. За адно тое, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яму ўдаецца трымаць паўгалодны народ з досыць выбухованебяспечным тэмпераментам у абсалютным паслушэнстве на адной толькі голай ідэі свабоды гэтага паўгалоднага народа ад другога, багатага і сытага, — за адно толькі гэта перад ім можна зняць капялюш. Але, шаноўныя кампаньерас, зразумейце мяне: я прыехала з краіны, досыць красамоўная гісторыя якой прымушае адносіцца з падазронасцю да кожнага, хто следам за французскім манархам паўтарае: “Дзяржава — гэта я”. Сеньёры! Я прыехала з краіны, дзе чалавека дастаткова доўга пазбаўлялі права на прыняцце рашэння аб тым, як яму пражыць ягонае ўласнае жыццё; дзе ўмела падагрэтае на вогнішчы ілюзорных жаданняў-фантазій калектыўнае ўзбуджэнне часцяком пераходзіла ў калектыўнае вар’яцтва. І калі інтарэсы дзяржавы ўзводзяцца ў ранг веры, а партыйны правадыр ператвараецца ў паўбога; калі жудасных памераў маршы набываюць сэнс хрэсных хадоў, якімі адпужваюць уяўных дэманаў; калі існуе толькі адна ісціна, а кожны, хто думае інакш, ператвараецца ў ерэтыка, — то непазбежна наступае момант, паважаныя таварышы, калі на самога паўбога — а таксама на ягоных жрацоў, што куды больш небяспечна, — перастаюць распаўсюджвацца паняцці дабра і зла.

Norteamericanos не стануць нападаць на вас, сеньёры. Ні сёння, ні заўтра, ні праз дзесяць год. Яны не настолькі дурныя, каб уступіць у бойку з арміяй фанатыкаў, гатовых здзейсніць калектыўнае самазабойства. Не, час вашага Камандантэ скончыцца сам, у сілу, так бы мовіць, натуральнага развіцця падзей. І тады… Не забывайце, шаноўныя кампаньерас, што маятнік, які даў занадта вялікую адмашку ў адзін бок, абавязкова качнецца ў супрацьлеглы роўна на столькі ж. Ні на міліметр менш.

7 мая.

“Las tropas se están retirando” [80]. Вучэнні ў Гуантанама скончаны без аніякіх эксцэсаў. Надыйшоў час і мне выводзіць свае войскі з гэтай нястомленай сонцам краіны. Адказ, які я чакала, — адказ на пытанне “як жыць далей?” — нарэшце, прыйшоў — не ў сне альбо медытацыі, а ў выглядзе вось гэтай газетнай фразы. Мяне быццам апякло: вось яно! Las tropas se están retirando. Не спатрэбілася інтэрпрэтацый ні па Юнгу, ні па Фрэйду. Нейкі старажытны філосаф сцвярджаў, што абставіны, у якіх мы ў дадзены момант знаходзімся, ёсць тое, чаго мы вартыя і чаго самі сабе жадаем. Ці то нешта змянілася ў маіх неўсвядомленых жаданнях, ці то статус мой у Госпада Бога павысіўся, але я раптам адчула, што ні года, ні месяца не ў стане больш заставацца тут.

Está bueno ya. [81]

Апошнім маім ранкам у Санцьяга я прачнуся а пятай гадзіне. Вось тады я і ўбачу лозунг. Ён будзе прымацаваны паверх старога плаката на будынку школы:

“ABAJO FIDEL!” [82]

Не, гэтага проста не можа быць. Я заплюшчу вочы, ушчыкну сябе за мочку вуха. Лозунг застанецца вісець на ранейшым месцы. Першы парыў: пабудзіць мужа, свякроўку — вось, глядзіце! не ўся Куба думае так, як вы! — хутка згасне: а што, калі ён яшчэ не паспеў схавацца? Рэйнальда і Феліпа кінуцца ў СDR, паліцыянты пачнуць прачэсваць квартал за кварталам… Не! Я буду маўчаць. Бяжы адсюль, дружа, хутчэй бяжы, а ў мяне сёння багата іншых спраў: у дзевяць трыццаць адыходзіць мой цягнік да Гаваны, а там — аэрапорт Хасе Марці, а там… урэшце, далей лепш не заглядваць; мы з табой, дружа, магчыма, адзіныя ў рэвалюцыйным Сант’яга не ведаем, чым скончыцца каменданцкі час ў нашым жыцці. Да болю ў скронях, да сардэчнай млосці мы няўпэўненыя ў сваім будучым. Бяжы адсюль, хутчэй бяжы…

Вэрхал усчыніцца каля шасці. Будзе мітусня, крыкі. Да нас пачнуць заскокваць паліцыянты, я буду красамоўна паціскаць плячамі, у рэшце рэшт, усё быццам бы супакоіцца. А восьмай гадзіне я пачую грукат у дзверы — чужы, нядобры грукат: сваякі Феліпы звычайна не грукочуць, а гучна крычаць. Няўжо CDR-аўцаў д’ябал прынёс? Хуценька схаваю падрыхтаваныя валізкі за шырму (“Ты спекулююеш,— заўважыла тыдзень таму Феліпа: каб купіць білеты на самалёт сабе і Карыне, мне давялося, са згоды Рэйнальда, прадаць сёе-тое з рэчаў, якія мы прывезлі з сабой, — я абавязана заявіць пра гэта ў CDR”.). Але госць, прыгажун з аперэтачнымі вусікамі нітачкай, акажацца прадстаўніком зусім іншай установы. Ён разгорне перада мной “ксіву”: Seguridad Estatal. [83] Маці Божая, толькі гэтага мне яшчэ не хапала! “Я б хацеў пагутарыць з сеньёрай сам-насам.” Цягнік — праз паўтары гадзіны. Да вакзала — каля паўгадзіны. Візу афармляла гасцявую, на тры месяцы, ніхто, нават муж, не ведае, што маю намер застацца дома. Пэўна, мясцовыя могуць мяне затрымаць. Але службовец наўрад ці мае інфармацыю пра мой хуткі ад’езд, зранку не было часу пацікавіцца. Толькі не паказваць выгляду, што спяшаюся. Ну што ж, сеньёр, давайце пагутарым. Папярэджваю: я дрэнна ведаць мова, ну вось проста зусім дрэнна. Што вы казаць? Быў час падвучыцца? У школе моў? Ах, вы і пра гэта ведаць. Але, бачыце, я быць дрэнны слухачка. Шмат прапускаць. Зламаць нагу, два месяцы ў гіпсе. Да таго ж, мець вельмі дрэнная здольнасць да моў. Зусім дрэнная. Я нават родны мова часам забываць, кампаньера, так-так, у краіне, дзе я нарадзілася, гэта, так бы мовіць, нацыянальная рыса. Як вы сказалі? (Толькі не глядзець на гадзіннік!) Сёння ўночы нічога не бачыць, не чуць. Сін дуда устэд тіене разон: [84] контрэвалюцыйныя элементы не спяць. Але я, у адрозненне ад іх, эстой дурміенда. [85] Мае — што? Кан-так-тас? А, гэта ў сэнсе — з кім я тут маю зносіны? З кубінцамі: муж, свякроўка. Мой муж? О, ён аддадзены рэвалюцыі больш, чым жонцы! Гэта дакладна. Што? Кантакты сярод — каго? Вой, мусьё, я не разумею, сэр, пра што гэта вы. Руса? Савеціка? З кім я мець зносіны сярод савецкіх? Асабіста ні з кім. Надзіе. [86] (Божачкі, колькі ж гэта часу?) Шчыльны амістад [87] ні з кім не маю. Я наогул не быць аматарка кантактас. Абсалютны інтраверт. Што значыць — інтраверт? Ах, далібог, вам гэта мала цікава. Не, гэта не сексуальная меншасць, супакойцеся. Што-што? Паўтарыце, калі ласка, містэр. Цяпер — па складах. Ах, не, не разумею. І мне таксама шкада. (Без дваццаці дзевяць!) Што вы кажаце? Іншым разам запросіце перакладчыка? О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера, [88] — вось толькі я мяркую, што “ла віста” ўжо не будзе, хіба толькі ў прыёмнай у д’ябла. Таксі! Таксі! Сюды! Карына, дачушка, хутчэй! Бяжы адсюль, дружа, бяжы…

Эпілог

Нікога з родненькіх маіх дзяўчатак-беларусак няма на сённяшняй Кубе, дзе “як грыбы растуць чатырох- і пяцізоркавыя гатэлі, — цытую рэкламны праспект, — пабудаваныя фірмамі з сусветным імем — іспанскімі Horizontes і Guitart, нямецкай LTI.” Ну, рэклама яна і ёсць рэклама, тут дарэчы будзе прыгадаць адзін анекдот: нейкі жыхар рая папрасіўся ў турыстычнае падарожжа ў пекла. Прыехаў, а навокал — спяваюць, танцуюць, жанчыны вабныя. Спадабалася. Вяртаецца, значыць, ён да Бога і просіць: адпусці мяне, маўляў, у пекла на ПМЖ. Вельмі весела там! Не паспеў прыехаць, як чэрці яго падпахі і — на патэльню. Мужык той да Бога лямантаваць: як так, я ж зусім іншае бачыў! А Гасподзь яму ў адказ: турыстычнае пажарожжа, даражэнькі, гэта адна справа, а эміграцыя — зусім іншая. Цалкам магчыма, што сёння на Кубе сапраўды “незвычайны рай для турыстаў” (гэта зноў з той жа рэкламы), але вось жыццё Феліпы і Рэйнальда мала змянілася, гэта я дакладна ведаю. І ў тых гатэлях не яны адпачываюць. Так што, пэўна, не памылілася Лідка, з’ехаўшы-такі, як і збіралася, на Канары, ды і мужа, палымянага камуніста Арманда, ўмудрылася разам з сабой выцягнуць; а за ёй, за ёй паляцелі прэч з таго “выраю” і іншыя ластаўкі. Віцеблянка Таня цяпер у Маямі: муж яе паспяхова дасягнуў паўночнаамерыканскага кантынента і забраў яе з двума дзецьмі (трэцяе, немаўля, памёрла) у тамтэйшую кубінскую дыяспару. Ірына і Вольга, прадаўшы ўсё, што мелі, разам з дарослымі дзецьмі купілі білеты на самалёт да Масквы і выйшлі ў Ірландыі, у аэрапорце Шаннон падчас перасадкі: кубінскіх бежанцаў прымалі, здаецца, у многіх краінах, прынамсі, так пісала Лідка. Як склаўся іх лёс, мне невядома. Нічога не ведаю і пра Андрыю Ніевес, мяркую, і яна не адпачывае ў тых пяцізоркавых, хіба што знайшла сабе багатага паўночнаамерыканскага спонсара, у чым я асабіста сумняваюся. Але чаго на свеце не бывае…

Дзяўчаткі мае, птушачкі пералётныя! Апошнім песа, апошняй жменяй гароху, апошняй лыжкай цукру, якім разводзілася шклянка простай вады — часам гэта быў сняданак на цэлы дзень! — дзяліліся мы адна з адной, і нашае сяброўства, аб якім нездарма распытваў тады той прыгажун з сегурыдад, — сяброўства нашае якраз-такі і было сапраўднай каштоўнасцю, непадробленай, гэта я толькі цяпер зразумела, за пісьмовым сталом, у доме, падобным не да ластаўчынага гнязда, а да бетоннага калумбарыю, дзе вецер, раз’юшаны вецер ускраіны, бесперашкодна круціць за вокнамі смерчы ржавага пяску, дзе ёсць хлеб, куплены не па картках, і адзіноты колькі заўгодна, — у роднай Беларусі, куды вярнулася з усіх вас — я адзіная.

Шмат часу пасля вяртання я ўсхоплівалася пасярод ночы ў ложку, піла, задыхаючыся, карвалол, — мне ўпарта сніўся адзін і той жа сон: я ў Сант’яга, у доме на Агілера, і мне ўжо ніколі не выскачыць з гэтае пасткі, я нават чула ў сне бразгатанне колцаў вазка cartero. Потым гэта прайшло, але… але выскачыць я ўсё-ткі не здолела. Вось яна, мая клетка, не апавітая больш ружамі, і нават драпежны плюшч падзавяў (а навошта, скажы, калі ласка, жыццю цябе цяпер вабіць, падманваць?), — і толькі дзесьці наверсе, разгойдваючыся на прутах, здзекліва хіхікае малпа.

“Тут — пуста, там — таксама пуста.” Не памыліўся тады празорца. О, цяпер ты не збіраешся больш уцякаць; як стары зацкаваны звер, поўсць у падпалінах, лапа перабітая, — ты зразумела, што збягаць табе, менавіта табе, якраз-такі і няма куды. Гэта ў іншых ёсць яшчэ шанцы: змяніць (у каторы раз?) краіну пражывання, вывучыць (якую па колькасці?) мову, —урэшце, усё гэта і ты цудоўна магла б зрабіць, бо здольнасць да моў маеш не такую ўжо і дрэнную, як распавядала тады таму прыгажуну, а якраз наадварот — дай Божа ўсякаму, — але ў цябе такога шанцу няма, бо ты з самага нараджэння — не, раней! — асуджаная на паразу.

Нарадзіцца ў свет жанчынай; нарадзіцца ў беларускай глыбінцы і адтуль вынесці свой жыццёвы сцэнар; але да таго, да таго — быццам бы памянёнага мала! — нарадзіцца жанчынай з так званай іскрай Божай і, адпаведна, нежаданнем ісці звыклай жаночай каляінай, — у любых шыротах, на любым паўшар’і гэтая трыяда сімптомаў здольная хіба што ўмацаваць сцены тваёй вязніцы. І гэта ты, дзякуй Богу, добра ўжо усвядоміла.

Ты будзеш біцца грудзьмі аб пруты клеткі, грызці, як ваўчанё, жалеза пасткі, выць і разгойдваць сцены сваёй турмы. У дрэнныя хвіліны ты нават падумаеш пра тое, што калісьці, шаснаццаць год таму, здзейсніла злачынства, няхай па неасцярожнасці, як пішуць ў канстатуючай частцы прысудаў, бо ты была маладзенькай дурнічкай, якая шукала кахання і шчасця, і таму асудзіла яшчэ адну душу на жыццё (хіба не злачынства — нараджаць дзяцей у гэты свет, які ён цяпер ёсць? якім ён заўсёды быў?!), — але тут жа і абвергнеш сама сябе: не, тое было не злачынства, а — ахвяра, якую ты заўсёды прагла знайсці ў каханні да мужчыны, а зведала ў мацярынстве. На тую ахвяру ты асуджана самой сваёй жаночай сутнасцю; і тая душа, якую ты прывяла ў гэты свет, асуждана на яе гэтаксама, і, можа, тая нашая ўнутраная неабходнасць нараджаць і гадаваць, ахвяруючы сабой, у тым ліку і сваім прызваннем, “дарам Божым”, калі такі маецца, — яна і ёсць той падмурак, на якім стаіць жыццё.

Быць жанчынай — гэта адначасова і пастка, і найвялікшае шчасце, бо толькі жанчына мае карані ў Сусвеце, толькі яна здольная перажыць пачуццё абсалютнага зліцця з іншай істотай — знітаванасці, дасягальнай адно ў цяжарнасці, — і толькі яна здольная нарадзіць. Не яе віна, што яна нараджае ў свет, створаны мужчынамі. Мужчына пазбаўлены каранёў, ён адасоблены ад сусветнай Еднасці і вымушаны ўсталёўваць свае панаванне праз такія брыдкія рэчы, як штурм Бастыліі, казармаў Манкада альбо Зімовага Палаца. Але — з іншага боку: менавіта таму, што ён няздольны нарадзіць, мужчына стварае вялікае мастацтва. Дык як жа вытлумачыць амаль непераможную цягу да пісьмовага стала, унутранае ўсведамленне абавязку — перад кім, дарэчы? перад Богам? перад будучымі пакаленнямі? лухта, лухта! — калі тое адчувае жанчына?

Як памылку прыроды, няйнакш.

Пасля нараджэння дачкі я забараніла сабе запісваць вершы: усё, з гэтым скончана! — бо затрачаны на вершы час у літаральным сэнсе, а не ў метафарычным, адбіраў у дзіцяці кавалак хлеба — і да Кубы, і на Кубе, і пасля, але яны ўсё роўна нараджаліся, сніліся калі-нікалі гатовымі строфамі (а потым раніцай не магла ўспомніць ні радка! вось была пакута!), мармыталіся на бягу, калі неслася на грашовую службу, якая дарэшты высмоктвала мазгі, а калі нешта з таго трызнення ўсё ж трапляла ў сшытак, то непадзеленым на радкі і строфы, каб не было спакусы назваць яго вершам. Я гадамі жыла бы замураваная ў сцяну. О, у сэнсе беларускамоўнага “культурнага асяроддзя” нашая правінцыя — амаль тое самае, што Сант’яга-дэ-Куба, нават горш, бо там мая асаблівасць лёгка тлумачылася: маўляў, чужаніца, што з яе возьмеш! Ці ўяўляеце вы, што такое быць чужаніцай у месцы, дзе нарадзілася, бо тут жанчына-паэт (вымаўляю гэта як дыягназ, як клінічны сіндром, бо на большае ніколі не прэтэндавала) — нешта вартае смеху альбо жалю, нешта больш жахлівае і няўклюднае, чым слынны слон у пасуднай лаўцы: выпадковыя сябры паціскаюць плячыма і хутка знікаюць, сябры сапраўдныя даўно з’ехалі ў замежжа, а родная маці з непадробленым трагічным пафасам заклікае зарабляць грошы, прынамсі, нейкім менш старажытным спосабам, чым робіць гэта большая частка жанчын. І мусіш зарабляць. Вось толькі пасля гэтага пачуваешся так, бы адкаркоўвала піўныя бутэлькі алмазным разцом.

О, зразумела, не ўсё так змрочна. І тут, і тут магчымы варыянты: адразу і назаўсёды скамянець, ператварыцца ў бессэнсоўны кавалак плоці, які носіцца па коле фізіялагічных патрэб, як матацыкліст па вертыкальнай сцяне балагана, і гэта лічыць звычайнай доляй чалавека; альбо навучыцца досыць камфортнаму “двайному жыццю”, гэтай свядомай шызафрэніі нашага стагоддзя, бач ты, і тэрмін адпаведны ёсць: восем гадзін у дзень рабіць не тое, што хочаш, гаварыць не тое, што думаеш, а вечарам і па выхадных дазваляць сабе раскошу “быць сабой”, як рабіў тое аўтар згаданага тэрміну, вытанчаны паэт (для сябе) і афіцэр вермахта (для грамады) Готфрыд Бен. Толькі ж ўсё тое не для цябе, і ты гэта добра ведаеш. Ты ніколі не аднімеш у дзіцёнка кавалак хлеба, які зарабіла, гандлюючы сваёй згвалтаванай душой (вось яна, сапраўдная ахвяра!); ніколі не сашлеш яе ў другі раз на невядомы востраў; па вечарах і выхадных ты будзеш прыносіць ёй, як ластаўка ў дзюбе, хлеб іншы: Цветаеву, Багдановіча, Заратустру — ты будзеш спяшацца з гэтым, быццам за табой па пятах гоніцца забойца з нажом. Ты будзеш раздзірацца напалам паміж Божым і жаночым у табе, паміж дарам і абавязкам, як князь, прывязаны янычарамі за ногі да вершалін дрэваў; творца ў табе будзе вымушаны заглушаць вобразы, гатовыя эякуліраваць, і толькі, калі зусім ужо нельга стрываць, калі… так пануры самотнік анануе на сваім ложку, — і ўсё-ткі, і ўсё-ткі кожны твой незапісаны, не падзелены на строфы верш будзе як удар рыдлёўкай па кучы пароды, што абрынулася і заваліла цябе, быццам шахцёра ў забоі, удар чым больш безнадзейны, тым больш адчайна-настойлівы. Бо, выдатна ўсведамляючы сваю асуджанасць на паразу, ты ўсё-ткі не здашся, ты будзеш — насуперак усяму! — процістаяць той сіле, якая метадычна намагаецца прыціснуць цябе да зямлі. Ты ўжо ведаеш пра абсалютную свядомасць і мэтанакіраванасць гэтай сілы, — але аднойчы ты зразумееш, што яна нейкім чынам роўная той сіле, якую ты здольная выставіць на супраціўленне. Імя тваёй сілы — любоў. І яна настолькі вялікая, што можа змяніць напрамак ветру, разбурыць Карфаген і зноў узвесці яго з руін. Гэта любоў дае табе сілы для барацьбы: адплёўваючыся крывёю, ты будзеш паўзці наперад, пакуль пазногці не сатруцца да мяса і не парвуцца жылы. О, ноччу ты можаш выць у сваіх сценах колькі заўгодна — ніхто не пачуе (і ў гэтым — твая адзіная свабода!), а днём, закусіўшы ў кроў губы, ты павалачэшся, цягнучы за сабой сваю клетку, як ваўчанё скрываўленую пастку, і кожны крок будзе перамогай над тваім асабістым каменданцкім часам, над той сілай, мэта якой — ударыць, нібы ў звон, у тваё цела, падвешанае да столі, як яна ўжо зрабіла з многімі да цябе. Уперад руш, ды з круга не сыходзь. Круціся ў дзён бясконцым калаўроце. І не чакай, нябога, што Гасподзь, паспачуваўшы, тэрмін твой скароціць. Бы ваўкалак — ні чалавек, ні воўк — ён вобраз свой хавае, не іначай. Ён ёсць любоў, адначасова — доўг. Рашы-ка гэту дзэнскую задачу. Дык як жа жыць? Любіць. Даўгі плаціць. У турме тваёй амністый не бывае. Той свет, магчыма, трэба заслужыць. Нас толькі ў гэты проста так пускаюць…

Так, ты будзеш рухацца наперад, бо за табой, след у след, ідзе дзяўчынка, якую ты любіш. Яна спяшаецца расці, яна пазычае ў цябе ўжо не пудру, а томікі Юнга, каб зразумець свае ўласныя сны. І, можа, калі-небудзь яна народзіць дзяўчынку — чорнакучаравую, ручкі-ножкі ў “перавязачках” — і ты пакладзеш яе на вялікі махровы ручнік, які захоўваеш у шафе, а потым, потым гэтая дзяўчынка вырасце і, магчыма, здолее зламаць тую праклятую клетку, каб стаць, нарэшце, свабоднай, як ластаўка.

Магчыма.

Дзеля гэтага — adelante! [89]

Студзень — красавік 2002 года.

ТАПІЦЬ ДЗЯЎЧЫНАК ТУТ ДАЗВОЛЕНА

Труцяць, труцяць — а якая карысць? І — ледзь не наступіла на кучку запэцканых інсектыцыдам напаўжывых членістаногіх: спаўзліся да ўмывальніка, бач ты, а яна прыняла іх за разадраную на драбнюткія шматкі бакавіну пачака ад запалак; трымаючыся за сцены ў брудна-шэрых падцёках, пацягнулася ў свой пакой, сама нібыта недатручаны прусак: зранку ў страўніку бурболіць,бы ў слоіку з заплеснявелым марынадам, а боль які, Госпадзі, проста схваткі, — так, пэўна, пакутуюць жанчыны ў радзільні, ну а ёй, ёй дык адкуль ведаць, як яны пакутуюць? Уляглася на тахту — спружыны нават не ўсхліпнулі — схуднела яна апошнім часам (“Неўрастэнія, — лаканічна прыпячатаў участковы тэрапеўт, бегла зірнуўшы на яе картку, — ну, так-так, выкладчык педтэхнікума, з ёю ім, эскулапам, заўсёды ўсё “ясна”, вось і гэтаму таксама — накрэмзаў пазногцем на яе голым жываце нейкую сетку, якая праз тры хвіліны зрабілася ярка-чырвонай, і параіў: — Нярвішкі лячыце”).

Нервы ў яе сапраўды не ў парадку, тут і да бабкі хадзіць не трэба, толькі вось праца зусім не пры чым. Студэнты яе любяць: “Аэліта Андрэеўна, вы расказваеце пра падзеі 1812 года так, быццам самі бачылі вогнішчы егераў на Батарэях.” А яна і бачыла. Альбо — дырэктар тэхнікума: “Вось вы паўтараеце ўслед за сярэдневяковымі шарлатанамі, што вірусы быццам бы слугі, хм, нябачнага дэмана, але ж Парацэльс ваш, мілачка мая, быў усяго толькі невук, га? — прыгразіць, бывала, тлустым пальцам: — Гісторыя любіць дакладнасць. Прыпадзі, як сказана, і папі... Вось так.” А яна і прыпадала, і піла набгом, у дзяцінстве ёй здавалася, што з той ракі ўсе могуць піць, і крыўдзілася, калі дарослыя смяяліся з яе расказаў пра сем пакрывалаў (“Марыя Сямёнаўна, вы надзвычай удала выбралі імя дачцэ — Аэліта! З галіны фантастыкі, хі-хі!”), а потым, калі яна вызначыла ў суседкі цёткі Доры язву страўніка, якую пацвердзіў японскі зонд, ужо не смяяліся, а асцярожна раілі паступаць у медыцынскі: “ Грошы заграбаць будзеш!” Але яна насуперак усім выбрала гістарычны: не хацела яна таго страшнага дару! Вось і Чорны Лама туды ж, соўваў ёй кніжкі па раджа-ёзе: “ З тваімі дадзенымі можна лёгка навучыцца пакідаць цела!” А навошта ёй гэта — пакідаць цела? Ёй і ў сваім целе вельмі нават няблага, — зразумела, не цяпер, калі нутро навыварат мкнецца. І сноў тых, яркіх, нібыта ўсходні базар, і куды больш жывых, чым так званая рэчаіснасць, — і сноў тых яна не хацела: была нават задаволена, калі пасля таблетак, што давала ёй маці, гэтыя незвычайныя сны надоўга пераставалі сніцца. І ў “ашрам”, як прэтэнцыёзна называў свой гурток Чорны Лама (у “свецкім жыцці” — Лёха Вош, ён блазнюком вечна з піянерлагера з-за завашыўленасці вылятаў), — у гурток гэты яна для таго толькі падалася, каб адшукаць у сабе крыніцу таго пакутлівага незвычайнага зроку, і, калі ўдасца, выключыць яго, як выключаюць фары аўтамабіля.

Вось калі ляжаць, падцягнуўшы калені да жывата, дык, здаецца, і не баліць. Хутчэй бы Кудзін прыйшоў. Насценны гадзіннік з надтрэснутым шклом, галінастыя аленевыя рогі расколін аблыталі цыферблат дробнаячэістай сеткай, быццам бы разарванай і спехам звязанай вузламі, і скрозь гэтую нераўнамерную сетку яна, Аля, сама, нібыта рыбіна якая-небудзь, злоўленая будучым, што яшчэ не наступіла (“Сонейка, а вось і я!” — зноў Кудзін, гэты гора-рыбак, свае словы-кручкі закідваць будзе, вось дурненькі, яна даўно злоўлена адзінотай і страхам, якія мацней за каханне — якое там каханне! — яе да яго прывязалі), — скрозь лоўчую снасць часу яна назірае за рухам стрэлак. Геаметрыя чакання прадстаўлена, па сутнасці, нязменнымі велічынямі: пі-эр-квадрат круга, заселенага стрэлкамі, ды дурной бясконцасцю Аліных хаатычных перамяшчэнняў па пакоі інтэрната: паправіць штору, уткнуць свежы ліст пятрушкі замест ссохлага ў паштэт, пераставіць вазон з лімонным дрэўцам далей ад талеркі Кудзіна.

Ад аднаго выгляду зацягнутай мутнай плеўкай салаты зноў адчула ком у горле, закружылася галава... Хрась! Гэта зламаўся ў яе пальцах колкі ствол лімона, за які ўхапілася, страціўшы раўнавагу. Вось і барвовая кропля набрыняла побач з гарошынай працоўнага настаўніцкага мазаля на сярэднім пальцы правай рукі... Аблізала палец... Лімоннае дрэўца! Яна яго зламала! Цяпер яе Адзіны, яе Нябесны Хлопчык — якія там яшчэ імёны яна яму прыдумвала? — больш сюды не прыйдзе!

Яе пакутліва званітавала ў металічны тазік. Абцерла рот ручніком. Лягла на бок, падцягнуўшы да жывата калені. Палягчэла... Не, нервы тут хутчэй за ўсё ні пры чым. Яна, пэўна, атруцілася парашком для прусакоў, які па ўсёй кухні насыпаны. З іншага боку, дрэнна ёй ужо не першы месяц. Але ж і паскудства тое на калідорах не пераводзіцца, насякомым хоць бы хны, а людзі пакутуюць.

...А ўласна кажучы, на чым заснавана яе ўпэўненасць у тым, што Ён калі-небудзь сюды вернецца? Ды на глупстве ж, смешна сказаць: на лімоннай костачцы! Ён піў чай з лімонам дробнымі меланхалічнымі глыткамі, а яна, упершыню за сем год іх блізкасці свабодная ад страху страціць Яго, самім гэтым страхам і даведзеная да той мяжы адчаю, за якой ўзнікае свабода, і асуджаны на пакаранне сам пачынае маліць ката: хутчэй бы ўжо, раз усё роўна — канец! — яна, упершыню за сем год маўклівага трывання, спяшалася выказаць яму ўсё: што не можа больш чакаць, разгойдваючыся, бы на арэлях, ад надзеі да адчаю, што абяцанні, надакучлівыя Яго абяцанні парваць з сям’ёй, спачатку з першай, потым з другой, — так-так, я і гэта сцярпела! ну ўспомні, колькі разоў ты амаль “сыходзіў” адтуль, ага, і ўвесь час штосьці стрымлівала, а тая актывістачка, з якой ты ездзіў у круіз па Міжземным моры на гаркамаўскія грошы, камсамол тады яшчэ не разваліўся, памятаеш? — я і гэта даравала, таму што кахала цябе, ка-ха-ла! І потым, калі ты на хвалі “дзермакратыі” улез у каманду таго палітыка, Шуевіча, і, атрымаўшы права распараджацца грашыма на яго перадвыбарную кампанію, абрабаваў небараку дачыста, так, дачыста, — шаноўны прафесар дагэтуль здзіўляецца, як табе тое ўдалося, — але мне тыя грошы не патрэбныя, мне толькі ты быў патрэбны! О, яе маналог прымусіў бы зарыдаць ад жалю нават глухога да праяваў “сансары” містыка сваёй гадоўлі Чорнага Ламу, не кажучы ўжо пра чуллівага Кудзіна з яго тварыкам-з-кулачок, як у Бураціна, і жаўтазубай усмешкай ад вуха да вуха, што нагадвае шырынку з маланкай, якая раз’ехалася, — але не Яго, не, не Яго! Ён толькі здзіўлена ўзняў брыво, аднак чай дапіў (любіў чай з лімонам), адвёў убок вочы і, нічога не сказаўшы, зачыніў за сабой дзверы. У яшчэ цёплым Ягоным кубку плавала слізкая дробязь: цэдра, лімонная костачка... Менавіта гэтую костачку яна механічна ўціснула ў рыхлую зямлю кветкавага вазона, быццам бы кропку ставіла ў безнадзейных узаемаадносінах.

Тры гады мінула з таго дня... Навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Забараніла ж сабе ўспамінаць, вырашыўшы пачаць жыццё спачатку — без Яго! Выцягнула цыгарэту. Кінула позірк на гадзіннік. Стрэлкі па-здрадніцку капіравалі зламанае дрэўца: ствол паказваў на шэсць, вяршыня — на дзесяць. Кудзін чамусьці спазняецца... Ёй раптам стала холадна. Як была, у старанна адпрасаванай сукні, забралася пад тонкую казённую коўдру. Вось не магла за столькі год набыць хоць бы ватовую, — гэтым, дарэчы, Ён яе таксама папракаў. Ды пляваць ёй было і на коўдру, і на тэлевізар, на фіг патрэбны быў ёй той тэлевізар, — сем год яе каханне праецыравала на экран (а што ёсць свет, як не пусты экран, які адлюстроўвае нашы думкі і ўяўленні аб саміх сабе?), — праецыравала мары і сны, і Аля была адзіным гледачом гэтага захапляючага фільма! А яшчэ кахаць — гэта як песню складаць, казаў Айк, бард з іхняга гуртка шукальнікаў “мокшы”: быццам бы па вяроўцы на дыбачках ідзеш, трымаешся толькі за сярэбраны дрот голасу, туга нацягнуты над галавой, — і рукі да крыві рэжа, і адпусціць няма як : разаб’ешся насмерць. Яна тады расціснула пальцы і аказалася ў пустаце без апоры. Жыццё стала бяссэнсавым. Не, не атрымалася адразу паставіць гэтую самую “кропку”...

“Плюнь і разатры”, — раіла ёй сяброўка, татарка Натэла, вось яна дык не цярпела любоўных пакут і рамантычнага пафасу. Толькі Аля, дурнічка сентыментальная, усё чаравала над кветкавым вазонам. Загадала: прарасце зярнятка — быць яшчэ адной сустрэчы з каханым... Вось табе і “кропка”. Як высвятляецца, сімвалічны жэст “пахавання” лімоннай костачкі трэба было інтэрпрэтаваць зусім інакш: як хітрыкі памяці-марадзёркі, якая імкнецца любым шляхам раздабыць трафей, накшталт мундзіраў напалеонаўскай арміі, што пыляцца ў краязнаўчым музеі іх гарадка, — Аля кожны год водзіць туды студэнтаў, воляй-няволяй вымушаная ўнікаць у падрабязнасці мясцовай гісторыі, хоць, далібог, яе амбіцыёзная эпоха Банапарта не так ужо і цікавіць, яна больш любіць змрочную магію старажытнасці, асабліва ж — таямнічы Тыбет. Па вераваннях Тыбета яна напісала ў свой час дыпломную работу, абарона якой, помніцца, прыцягнула ў канферэнц-залу зачараваных “перабежчыкаў” з іншых кафедр.

За тры гады вунь як вымахаў яе трафей... Трафей? Не, пэўна, не зусім так. Над трафеямі не твораць абрадаў, іх кладуць пад музейнае шкло і забываюць. А яна кволы расток выняньчвала, ледзь не слязьмі, як фальклорная Настачка пунсовую кветачку, палівала, перастаўляла ўслед за сонцам па падаконніку і ўсё шаптала над кожным лісточкам, прыгаворвала: “Ён вернецца, вернецца...” І дрэўца чула яе — яна можа ў тым пабажыцца! — убірала яе пачуцці і думкі, як тэрафім [90] — заклінанні тыбецкага шамана... Прыпаліла цыгарэту ад недакурка. Ну вось і ўсё. Да ночы лімон завяне. Што ж, у каханага ёсць яшчэ час, каб прыйсці... Хацела засмяяцца жарту, а не атрымалася. Дурніцай, якой яна была дурніцай...

Боль у страўніку крыху сцішыўся, затое ўзмацніліся дрыжыкі. Накінула паўзверх коўдры старое футра. Рыхтуючыся сёння да сустрэчы з Кудзіным, без асаблівага, урэшце, імпэту, як Фама няверуючы да тайнай вячэры, яна не ўлічыла аднаго: што давядзецца вось так, гадзіну за гадзінай доўгайграючага выхаднога дня, сядзець у напружаным чаканні ля накрытага стала — зусім як тады... Жаласную ўсмешку ўсё ж выціснула. Вось зараз зламаная напалам вертыкаль у кветкавым вазоне паказвае пятнаццаць хвілін на сёмую, а нядбайны вучань трымціць ад прымхлівага жаху на парозе склепа, дзе чакаў знайсці адно пахавальныя пакрывалы былой жарсці, але магільня аказалася пустая і камень адвалены...

...Ля вялізнага каменя, пастаўленага на Батарэях у памяць аб рассеяных пад гэтым месцам рускіх і французскіх костачках, усё і адбылося. У тое лета ліхтары на правым беразе Бярэзіны былі як неміргаючы позірк, быццам бы ў зрэнках маладога горада адлюстроўвалася свечка, запаленая недзе ў левабярэжных нетрах горада старажытнага, — у тое незабыўнае лета ваенна-гістарычныя клубы з усяго “адзінага і магутнага”, якія на працягу месяца праследавалі прывід Напалеона ад Масквы да Смаленска, завяршалі тут, на месцы разгрому вялікай арміі, свой вясёлы паход. Прабіраючыся праз натоўп пераапранутых у гарадскім парку, Аля апыналася то сярод казакаў атамана Платава, то трапляла ў бівак гусараў графа Палена, якія мірна пацягвалі піва з гвардзейцамі маршала Нея, а то раптам яе звалі ў цень ліп вясёлыя апалчэнцы Сяславіна. На дашчанай сцэне ўдваіх з Айкам спявалі пад Аліну гітару, і ім шалёна апладзіравалі падпіўшыя воіны абедзвюх армій. Песня, якую склаў Айк, прысвячалася бою на Батарэях — так называлі мясцовыя жыхары зямляныя ўмацаванні, узведзеныя іх міралюбівымі продкамі перад мостам каля Маскоўскага тракта. У тым баі палягло шмат рускіх салдат, яшчэ больш — французаў. Аля дакранулася да ордэна святога Уладзіміра на грудзях у генерала Ламберта, які вадзіў салдат у штыкавую атаку на рэдуты. Ордэн быў падробкай, як, дарэчы, і сам генерал, музейны работнік. Ёй раптам стала сумна слухаць малодшага навуковага супрацоўніка з Масквы, апранутага ў форму камандзіра ўланаў, — помніцца, ён абяцаў са сваім “эскадронам” учыніць перапалох у горадзе, калі яна, Аля, не прыйдзе вечарам да ракі, дзе будзе гулянне; яна якраз спрабавала вызваліць руку з потнай далоні фальшывага ўлана, калі ўбачыла Яго.

Ён ляцеў праз натоўп драгунаў і кірасіраў, — загарэлы, белазубы, з правільнымі рысамі падкрэслена мужнага твару, у светлым касцюме і белай сарочцы з расхінутым каўняром, бы толькі што сышоў з нейкага савецкага плаката. Цяпер яна сказала б — з рэкламы цыгарэт “Marlboro”, так-так: тая ж прыкрая прыгажосць абавязковай ямачкі на падбароддзі, шырокія плечы. Мы ўспрымаем свет праз набор сімвалаў, і нават нашая сексуальнасць, як тая сабака акадэміка Паўлава, безадмоўна рэагуе на пэўныя “званочкі”. Сімвалы апелююць да цёмнай сферы інстынктаў, абмінаючы розум і логіку. Мы беспадстаўна надаём той ці іншай асаблівасці чалавечага аблічча нейкія значэнні, а потым скардзімся на падман. Як, да прыкладу, захаплялі Алю Ягоныя моцныя плечы! Яна бачыла ў іх не проста плечы статнага мужчыны, а сімвал надзейнасці! І памылілася, як высветлілася. Дык каго ж ёй у тым абвінавачваць, акрамя сябе? І з якой такой дзяржаўнай мэтай камсамольскія сакратары падбіраліся з рэкламнай знешнасцю секс-сімвалаў — хіба задавала яна тады сабе гэтае пытанне?

Жывот апякло, быццам бы ўлан на скаку ботам засандаліў, яна нават застагнала ціхенька. Так, толькі коні ў іх і былі сапраўдныя... Усё ж такі атрута для прусакоў тут, напэўна, ні пры чым. Інакш адкуль гэты металічны прысмак у роце? Мае рацыю ўрач-стаматолаг, што жыве на другім паверсе іхняй “абшчагі”: у яе хранічнае атручванне малымі дозамі ртуці і свінцу, якія, на яго думку, уваходзяць у склад тых шыкоўных пломбаў з амальгамы, што паставілі ёй у прыватнай лякарні пяць год таму. Пастараліся камерсанты: калі яна ўсміхаецца, металічных нашлёпак на зубах не бачна ну вось ані трошачкі. А ўсмешка ў яе... “духоотворенная” (замест “одухотворенная”) — ну і выдумаў той масквіч слоўка! Тады ноччу на Бярэзіне, убачыўшы ля вогнішча Яго, выцягнула Натэлу з нечыіх п’яных абдымкаў, папрасіла пазнаёміць. На заходнім рэдуце, які быў узведзены дзеля прыкрыцця рускай арміі, але ні разу свайму прызначэнню не паслужыў, затое аказаўся ідэальна падыходзячым для іншага “прыкрыцця” (слава генію Барклая дэ Толі!), — там, на смарагдавай мураве, усё і адбылося. Куды падзеўся шляхецкі гонар “недатыкі” курса? Растварыўся ў шалясценні трафейных сцягоў і залатых галуноў, у шуме батарэйных соснаў, што сыходзяць бурштынавай смалой-жывіцай, у якую ператварылася з цягам часу кроў пахаваных пад курганамі герояў — рускіх, французскіх. Шум крыві ўзнімаў яе туды, дзе зіхацелі сем пакрывалаў, і свяшчэнныя знакі на іх былі ў тую ноч ёю разгаданыя...

О, сыны Агню, і вы, асуры — змрочны падземны народ, і вы, вешчыя камяні-менгіры на горных хрыбтах Тыбета, што служаць пустэльнікам для медытацый, і ты, Змей у бясконцых кольцах, валадар найніжэйшай тантры чараўніцтва і некрамантыі, што спрадвеку круціш млынавае кола Задыяка, — весяліцеся і бласлаўляйце цудоўныя пакрывалы, што ўзнеслі Алю на найвышэйшае, сёмае неба! Высветлілася: зусім не трэба было сядзець, скрыжаваўшы ногі, і да атупення паўтараць услед за Чорным Ламам “Ом, Ом, Ом”, і паліць араматычныя палачкі, і паглыбляцца ў медытацыю пры дрыготкім святле чырвонага ліхтара; у тую ноч усе стыхіі — Зямля, Вада, Агонь і Паветра — былі заадно, як некалі, яшчэ да пачатку зямных часоў; і ажывала пад курганамі старажытная, загавораная на крыві зброя, і ціхуткім звонам адказвалі скарбы, пакінутыя імператарам на дне Бярозы-ракі, і чорная палоска неба над імі была нібыта павязка на старым, мудрым, абветраным твары Кутузава...

Яна кінула позірк на столь, дзе ніколі не высыхала цёмная паласа сырой тынкоўкі, і ўсміхнулася. Якой жа рамантычнай дурнічкай яна была тады! Сем год Ён прыходзіў — калі “быў час” — у гэты пакой, перадусім соўваў пад нос вахцёршы, былой падпольшчыцы бабе Любе, сваю “ксіву”, пранікнёна вешаў старой на вушы развесістую локшыну наконт важнасці ідэйнай работы з моладдзю “на месцах” (ага, не адыходзячы ад ложка); грозная “наглядчыца” Яго абагаўляла і прапускала бесперашкодна, а потым, калі камсамол разваліўся ўжо канчаткова, Ён, скарыстаўшы ўсё тую ж сваю здольнасць мянціць языком, пад шумок зарэгістраваў свой ФАМ — Фонд абароны моладзі (як жа, “абароны”!), дзе, дарэчы, “вынырнулі” гаркамаўскія аўто, што згінулі былі без весткі, і іншая маёмасць, — Ён, забяспечыўшы сабе раскошнае месцейка пад камерцыйным сонцам, працягваў зрэдку з’яўляцца ў Алі, і чым Ён узяў вахцёршу памаладзей (баба Люба не перажыла забароны “кіруючай і накіроўваючай”) — толькі д’ябал, пэўна, і ведае. Ну а яе, Алю, чым Ён зачараваў? Не толькі ж шырокімі плячамі і ўсмешкай каўбоя? Бо яна ж не дурнічка якая-небудзь, усё-усё пра Яго зразумела — не адразу, канечне, — дык што ж гэта за насланнё такое, “влеченье — род недуга”?

Сорак тысяч год існуе на Зямлі разумная раса, і ўсяго толькі дзве тысячы з іх людзі пакланяюцца міласэрнаму, “духоотворенному” богачалавеку! А астатнія трыццаць восем тысяч год у цэнтры магічнага мастацтва і рэлігіі стаялі жывёлы альбо напаўлюдзі-напаўзвяры, прычым не толькі таямнічы Сфінкс і Гор-Сокал, крылатае сонца, але і крыважэрны кракадзіл Себек, і чорны шакал Анубіс! А скокі Дургі [91] на чалавечых целах! А каралі з чарапоў на шыі чорнай Калі [92]! Чалавека спрадвеку прыцягвала зло: ад гэтага ёй, гісторыку, было нікуды не дзецца. Гартаючы маляўнічыя альбомы па старажытным мастацтве, якія ў вялікай колькасці з’явіліся зараз у крамах, Аля гадзінамі разглядвала жахлівых дэманаў на фрэсках Арканья і на карцінах Босха, страшэнныя выскалы пачвар, — а ім жа пакланяліся, як багам, прыносілі ў ахвяру найпрыгажэйшых дзяўчат! Але ўся “фішка” была ў тым, што асобныя з гэтых антыгон самі жадалі быць прынесенымі ў ахвяру і паміралі ў экстазе! А яна хіба далёка адышла ад іх? Па сутнасці, яе разумная свядомасць была толькі кропкай, вяршыняй піраміды, і толькі гэтая маленькая кропка ў ёй была адчынена ўзвышанаму і духоўнаму, — асновай піраміды былі трыццаць восем тысяч год язычніцтва, і ці варта было здзіўляцца таму, што каханы, якога яна абагаўляла, быў — з папраўкай на дробязнасць эпохі — няхай сабе не міфічным злодзеем, але, несумненна, з пароды каварных ракшазаў [93]? Так званыя “станоўчыя мужчыны” не закраналі Аліна сэрца ані трохі: побач з імі не чулася таго самага “званочка”, які прымушаў усю яе істоту ажно трымцець ад прадчування трагедыі. І чым лепей яна гэта разумела, тым больш бяссільнымі былі яе спробы пранікнуць у цёмнае дно піраміды з дапамогай логікі, — кволы прамень розуму, тонкі, быццам клінапісныя знакі шумераў, бясследна раставаў у змроку. Толькі з дапамогай сноў яна здолела б рассеяць гэты змрок, але якраз сны і палохалі яе, — у адрозненне ад прыцярушанай пылам паўсядзённасці, яны былі перапоўнены такім моцным і пранізлівым святлом, што яна асцерагалася, усведамляючы: канчаткова стаць відушчай там — значыць аслепнуць тут.

Аднойчы яна заснула вось так, апранутая, і раптам апынулася ў нейкім скамечаным і ліпкім, бы цукерачны фанцік, сне, дзе ўвесь іхні гурток — Чорны Лама, Айк, Натэлка, мясцовая паэтка Зінка і яна, Аля, — сядзелі, як звычайна, на падлозе ў аднапакаёвай “хрушчобе” Чорнага Ламы і займаліся медытацыяй, а потым раптоўна, як гэта здараецца ў снах, адбылася змена абстаноўкі: замест сцен у пузырыстых аранжавых шпалерах яна ўбачыла вакол сябе велічэзную каменную пляцоўку: на такіх пляцоўках у Тыбеце забіваюць ахвярных жывёл. Сярод манахаў “чорнай веры” і шаманаў існуе звычай качацца голымі па рэштках трупаў, імітуючы злучку звяроў. І яе неадольна цягне паспытаць гэтага кашчунства — рытуалу, які дазваляе атрымаць дар яснабачання і чараўніцтва. Дарэмна яе юны брат, складальнік гімнаў Вялікай Маці, просіць адмовіцца ад гэтага рашэння, — яна няўмольная! Вось ужо дудзяць у трубу з чалавечых касцей, да яе набліжаюцца жрацы, каб сарваць з яе адзенне і кінуць на акрываўленыя камяні, — бывай, мілы брат! Але ён, бязвусы юнак, амаль хлопчык, ламае сваю сітару [94], — што ж, ад гэтага часу і ён будзе пакланяцца лютай Дурзе, толькі б не развітвацца са сваёй любай сястрой у будучых жыццях... Яна глядзіць на сваё цела: яно вымазана крывёю... ўзнімае вочы: замест сонца ў небе вісіць барвовая пульсуючая сфера ў кароткіх нарастах-шчупальцах. Якраз такія ж усеяныя шыпамі панцыры Аля бачыла на палотнах Босха. Дэман выпраменьваў вібрацыі смерці; яна тое выдатна зразумела, калі прачнулася, як апрытомнела, — ад жаху сэрца выскоквала з грудзей. Можа, і на самай справе душа яе пакідала цела? Вось жа і кватэру Чорнага Ламы яна бачыла, быццам бы толькі што была там, і нават акрайчык шпалераў, які адклеіўся, быў на сваім месцы, нібыта распячатаны канверт адтуль.

Першы такі “канверт” Аля атрымала ў чатырнаццаць год — менавіта столькі ёй было, калі маці адцягала яе за валасы, аблаяўшы шлюхай: дачка, бач ты, груба адказала яе сужыцелю, — а Аля не была шлюхай, яна была выдатніцай і членам камсамольскага пражэктара, — ад крыўды дзяўчынка тады збегла з дому і села ў траву пад высакавольтнай лініяй, спадзеючыся, што провад абарвецца і заб’е яе (яна чула пра такі выпадак). Пачалася навальніца; яна працягвала ўпарта сядзець, прыціскаючыся бокам да жалезнага рабра апорнай вышкі. І дачакалася: зверху пачаў спускацца асляпляльны шар. Быццам зачараваная, яна не магла адвесці погляду ад вогненнай кропкі; у рэшце рэшт, усё затапіў прамяністы акіян святла. Потым — бы павярнулі трубку калейдаскопа — з вогненнага кіпеню саткаліся ўзорыстыя пакрывалы, Аля налічыла іх сем; яны зіхацелі і хваляваліся, бы паверхня вады ці агню. Выявы звяроў і птушак на пакрывалах рухаліся, быццам жывыя: Аля ўбачыла, як распускае хвост фанабэрлівы паўлін, як мядзведзь у жамчужным тумане прабіраецца па вяршыні скалы. На той цудоўны “экран” можна было ўздзейнічаць: любая Аліна думка ці адчуванне вокамгненна на ім адбіваліся. Так, пяшчота мела серабрыста-блакітны колер, страх — брудна-барвовы з цёмнымі сполахамі. Аля паспрабавала ўявіць сабе маці з айчымам; яны тут жа з’явіліся на “экране” у клубах жоўта-зялёнага атрутнага дыму. Потым постаць айчыма пачала змяншацца, ператварылася ў чорную кропку і наогул знікла. Пасля гэтага Алін зрок зноў надоўга зацягнула асляпляльным святлом. Павольна, вельмі павольна з малочнага туману сталі ўзнікаць асобныя постаці. “Анёлы”, — здагадалася яна. “Упершыню сустракаюся з такім выпадкам: шаравая маланка наблізілася да дзяўчынкі ўсутыч — і ніводнага апёку”, — вымавіў адзін з анёлаў. “Сапраўды, дзіўна, — адказаў другі. — Але мазгавыя парушэнні яўна маюць месца.” З тыдзень Аля правалялася ў лякарні, хоць адчувала сябе выдатна. Сужыцеля маці ў хуткім часе пасадзілі, а ёй з таго часу пачалі сніцца дзіўныя сны...

Божачка, навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Чым былі тыя сны на самай справе: трызненнем, спароджаным яе хворым мозгам, прадуктам залішняга захаплення “чарналамаўскім будызмам” альбо містычным адкрыццём, — урэшце, ці не ўсё роўна ёй цяпер? Хутчэй, хутчэй прыходзь, Кудзін! “Дзе ты ходзіш, дурань-воўк, шэры воўк, страшны воўк?” — гэта яны ў дзіцячым садку вершык такі развучвалі. Кудзін, вядома, не воўк; ён, з яго маленькай галоўкай, зрэзаным дэгенератыўным падбароддзем і занадта вялікімі жоўтымі зубамі, нагадвае дварняка. Проста хатняя жывёла, не тое што, прыкладам, трансцэндэнтальны асёл Чорны Лама з яго “мантрамі” і “монда”, — Чорнаму Ламе не патрэбны ўвогуле ніхто, ён прытрымліваецца “непрыхільнасці да аб’ектаў пачуццяў”, ён і яе, Алю, спрабаваў “прадзвінуць” да ступені архата, гэта значыць, буддыйскага святога, але ёй заўсёды хацелася менавіта прыхільнасці, а зусім не “прасвятлення на працягу адной інкарнацыі”. Не, Кудзін якраз тое, што трэба (“Алечка, сонейка, разумееш, лічыў сябе ні на што ўжо больш не здатным: столькі год без гэтага самага... і усё з-за жонкі...” — “А ты ёй казаў?” — “Бессэнсоўна. Ды і мне з ёю ўжо не хочацца: атлусцела, ноччу ўстае да лядоўні.” — “Але зараз у цябе ўсё добра! Проста супермужчына!” — “Дзякуючы табе, сонейка...”). Ну, наконт “супер” яна, вядома ж, схлусіла. Што ж, у яе таксама ёсць свае словы-кручкі. Затое ўжо гэты дык нікуды ад яе не дзенецца; ён куды больш надзейны, чым іншыя “старацелі”, што расхіствалі дрымучыя нетры Алінай тахты пасля таго, як Ён сыйшоў...

— Аэліта Андрэеўна, вас да тэлефона!

Скінула коўдру. Ад рэзкага руху сэрца закалацілася недзе ля горла. Са слухаўкі, бы вёрткая змейка, выпаўзаў галасок Кудзіна:

— Алечка, сонейка, прабач... я не здолеў прызнацца жонцы... усё-ткі

дваццаць тры гады разам...

Не слухаючы далей, паклала трубку. Пацёрла вуха, у якім яшчэ гучаўагідны голас. За вухам намацала гарошыну ўспухлага лімфавузла. І такую ж — на шыі... Ах, вунь яно што! Прасквазіла яе. Майскае цяпло такое падманлівае. А можа... а можа... кроў кінулася ў твар, аглушальна ўдарыла ў скроні — можа, яна зацяжарала? Таксікоз? Прагна выпіла яшчэ шклянку віна. Лягла. У страўніку разлілася прыемная цеплыня. Ну што ж, яна народзіць. Пакойчык у яе ёсць. Дрэнна, вядома, што дзіця ад Кудзіна, бесхрыбетнага плюгаўца. Як хацела яна калісьці дзіця ад Яго — мужчыны-пераможцы з мяккай хадою драпежніка, самаўпэўненасцю Напалеона! Апошнім часам ёй ўсё часцей хацелася, каб хоць нехта быў побач, і зусім неабавязкова — герой і пераможца. Перагортваючы старонкі чарговай манаграфіі пра пераправу пад Студзёнкай, прызнавалася сабе ў тым, што і яе масты гараць, салдаты з крыкамі “Здрада!” мітусяцца ў дыме паміж перадавымі атрадамі Вітгенштэйна на беразе і полымем, адразаючым шлях да ўцёкаў. І выйсце ў яе, як і ў іх, адно: скачок у ледзяную ваду разам з канём і зброяй. Як спяваў тады ў гарадскім парку Айк: “Смяротны скачок уратуе наш гонар...” Ён і выбраў смяротны скачок. Хапіла сіл адважыцца. І імя гэта дзіўнае — Айк, не то мянушка, не то псеўданім, не слова, а ўсплёск каменя, што падае ў глыбіню, — і яго ён, атрымоўваецца, невыпадкова абраў сабе яшчэ ў дзяцінстве, — расказваў, што “зайкай-айкай” звала яго бабуля за вечнае пахмурнае айканне на просьбы не прапускаць школу, а ён проста адсек у слова кароткі “заечы” хвосцік. А ў яе хопіць сіл адважыцца на скачок? Не, ёй нельга. У яе дзіця будзе. Бедны “зайка-айка”. Яму ўвесь час не шанцавала: Натэлка яго кінула, бацькі-алкашы ўсё цягнулі з дому, нават гітару сына прапілі. Ён часцяком пазычаў гітару ў Алі. У іх гуртку “прасветленых” ён быў маладзейшым. І самым блізкім ёй па духу. Брат... Высокі, хударлявы, з завушніцай у мочцы вуха і кароткім, “заечым”, хвосцікам валасоў, перацягнутым гумкай, ён аднойчы прышкандыбаў да яе ў “абшчагу” увесь збіты, — нарваўся на п’яных адмарозкаў у позняй электрычцы, — і яна пакінула яго начаваць; нованароджаны кветнік пачуццёвасці, які мог бы ўзняцца з насення іх нясмелых дотыкаў адно да аднаго, быў падсечаны ў самай сцябліне дзіўным прадчуваннем інцэсту, якое адначасова агарнула абодвух. Яны былі занадта аднолькавыя для таго, каб прагучаў той “званочак”, што абуджае сексуальнасць: рамантычна-экзальтаваныя, схільныя да самакатавання. Таму яна адчувала да яго толькі невыразную пяшчоту, як да сына ці брата. Так і заснулі тады, не распранаючыся і не размыкаючы цнатлівых абдымкаў, на яе рыпучай тахце. Перадусім ён чытаў ёй вершы, там нешта было пра “натхнёны шэпт трызнення”, “вуснаў малітоўны экстаз”, пра “ландышы імгненняў”, што маюць цудоўны водар. Гэта ён Натэлцы прысвяціў. Госпадзі, ну чаму так: чым святлейшы чалавек, тым да больш цёмнай “палавінкі” яго цягне прыляпіцца? А як ён спяваў! Так звініць у музеі старажытная бронза. Калі яна народзіць хлопчыка, дык няхай ён будзе падобны да Айка. Не да Кудзіна, не да Чорнага Ламы і... не да Яго, не! Да Айка.

Бо менавіта Айка напомніў ёй у даўнім сне юны складальнік гімнаў Вялікай Маці. Яна гэта ў той вечар зразумела, калі яны ўсе пяцёра ў апошні раз сядзелі разам на падлозе “хрушчобы” Чорнага Ламы, дзе не было ніводнага крэсла і наогул ніякай мэблі, акрамя матраца з выпнутымі спружынамі, таму што мэблю, як элемент “майі”, Чорны Лама яшчэ раней выкінуў на сметнік, да вялікай радасці бамжоў, а ўсе рэчы, якія не звезла ў Калінінград Рытка, раздаў жабракам і цыганам: “Я вызвалены ад матэрыяльнага!” Вось таму і сядзелі на голай падлозе, скрыжаваўшы ногі па-будыйску, і Айк усё спяваў, спяваў, перабіраючы струны Алинай гітары... У той вечар яго голас як ніколі кранаў душу. Чорны Лама нерваваўся: ён, з яго комплексам Нарцыса, і тут хацеў быць першы (ага, будыст храновы), ён таксама спрабаваў складаць нейкія духоўныя гімны, толькі хіба ж гэта былі гімны: “Я іконы спалю, попел вецер усходні развее...”? Гэта ён у тым сэнсе, што не пакланяецца бачным выявам Бога, толькі Вялікаму Даа. Ёй, Алі, усё гэта здавалася глупствам і кашчунствам. Уявіўшы сабе ўскалмачаны вожык Чорнага Ламы, падобны да густа змазанай гуталінам шчоткі, яго пакамечаныя нагавіцы і сарочку, яна ўспомніла гісторыю, якую ёй некалі расказаў калега-гісторык. Аднаму яго сябру, які лічыў сябе рэрыхаўцам, пашчасціла апынуцца ў Кітаі. Ён тут жа кінуўся вывучаць храмавыя надпісы і выявы бостваў, — патаемныя веды шукаць. У маляўнічым месцы, на беразе ракі, на напаўразбуранай сцяне ён убачыў старажытны надпіс і, канечне ж, захацеў яго прачытаць. Запрасіў перакладчыка. А там вось што аказалася напісана: “Тапіць дзяўчынак тут дазволена”. Так-так, вось тут — калі ласка, колькі заўгодна, а ўніз па рацэ — там чамусьці нельга. “Азіятчына, дзікунства,” — абураўся “рэрыхавец”. Справа ж у тым, што душа Усходу закрыта для няўдалых “шукальнікаў”. Нездарма тамтэйшая мудрасць кажа: толькі калі вучань падрыхтаваны, прыходзіць настаўнік. Вось так і з Чорным Ламай: колькі б ён ні карпеў над Ведамі ды Упанішадамі, знойдзе там толькі брутальны надпіс на разбуранай сцяне. Нават тыя штукі, дзэн-монда, нават іх Айк складаў лепш за Чорнага Ламу, далібог, лепш! Вось яна зараз паспрабуе ўспомніць апошняе дзен-монда Айка, — у той вечар яны яго і пачулі, больш ён ужо нічога не напісаў, таму што ў дваццаць тры трыццаць (так “мянты” потым сказалі — пра час, а яна і без іх здагадалася, спраўлялася па календары: Айк дачакаўся захаду сонца, бо вычытаў у “Бхагавадгіце”, што той, хто пакідае гэты свет пры святле дня, абавязкова вернецца сюды ў новым целе), — роўна ў дваццаць тры трыццаць ён выкінуўся з даху дзевяціпавярхоўкі, — дык яно ж пра гэта, апошняе яго дзэн-монда:

Іскра не гарыць па-за вогнішчам, Воблаку не захаваць адну і тую ж форму, Кропля высыхае па-за акіянам —

Так частка памірае без Цэлага.

Вогнішча зліваецца з прагнай іскрай, Неба перацякае ў распасцёртае воблака, І ў кроплю ўпадае акіян:

Так частка вяртаецца ў Цэлае.

Вось ён і распасцёрся на асфальце, як воблака, адлюстраванае ў калюжыне, каб вялізнае неба перацякло ў яго...

Чаму, чаму яна ўспомніла ўсё гэта?

Няўжо толькі з-за зламанага лімона?

Пасля гібелі Айка яна не хадзіла больш у аднапакаёўку без мэблі, аклееную аранжавымі шпалерамі. Усе яны: шызоідны гаспадар кватэры, шалапутная Натэлка, тоўстая Зінка — нагадвалі ёй таго “рэрыхаўца”. Урэшце, былі ў Алі і іншыя прычыны не жадаць сустрэчы з Чорным Ламай...

Раптам яна штосьці ўспомніла, кінулася шукаць у тумбачцы, выцягнула, нарэшце, кішэнны каляндарык. Так яно і ёсць... Не можа яна быць цяжарнай. Што ж тады з ёю? Што? Сэрца паляцела ўніз, быццам француз пад лёд Бярэзіны...

У дзверы нясмела пастукалі. Кудзін адважыўся! Адважыўся... І — адхіснулася: на парозе стаяў Чорны Лама ў жоўтай бруднай балонневай куртачцы, вязанай шапачцы, няголены, падобны да бамжа, з нейкім новым, зацкаваным позіркам. Два гады таму, у час іх апошняй сустрэчы, ён глядзеў зусім па-іншаму: ганарліва, самаўпэўнена. Госць марудзіў. Відавочна, таксама ўражаны змяненнямі, якія з ёю адбыліся, здагадалася Аля.

— Можна ўвайсці?

Яна моўчкі саступіла ўбок. Мужчына прайшоў у пакой і сеў на адзіную табурэтку, ля стала.

— Навіна ёсць. Дрэнная. Ты справішся, Алька?

Выліў у шклянку рэшткі віна з бутэлькі. Рука яго дрыжэла... Ды ён жа п’яны! Напіўся і строіць з сябе містыка, які ўбачыў самога Усявышняга!

— Ну, і што там табе “адкрылася”?

— Я ВІЧ-інфіцыраваны.

— Спачуванні.

— Ты не разумееш... я ўжо быў ВІЧ-інфіцыраваны, калі мы з табой... на

Новы год... якраз перадусім мая ранейшая, Рытка, прыязджала скасаванне шлюбу афармляць, ёй карцела выскачыць за свайго марачка... Ну вось, цяпер яны абое ў лякарні. Калінінград — партовы горад. Сніданосцы там —звычайная справа...

Ён яшчэ працягваў гаварыць, але ў Алі раптам моцна заламіла ў скронях і нібыта вяроўкай зашмаргнула горла. Нейкая сіла пацягнула яе са страшэннай хуткасцю праз бетонныя сцены і зямлю, поўную веснавых сокаў, — толькі косці хрусцелі... Вось яна зноў — у цэнтры каменнай пляцоўкі... яе цела вымазана крывёю... вакол яе — рэшткі гніючых трупаў... пах страху і смерці... пульсуючая сфера барвовага колеру з кароткімі шчупальцамі...

Калі яна ўжо бачыла гэта?

Апрытомнела на тахце. Чорны Лама сядзеў тут жа, на кукішках, вочы яго ліхаманкава блішчэлі.

— Гэта ўсё Рытка, Рытка...

Бачыла ў сне, некалькі год таму!

Бачыла днямі, гартаючы медыцынскі часопіс, дзе быў намаляваны

вірус СНІДу!

— Ты з ёй трахаўся, так?!

Недарэчнае пытанне чалавеку, у кватэры якога ўсяго адно “спальнае месца” — матрац на падлозе. Чалавеку, які лічыў сабе настолькі “вызваленым” ад прыхільнасці да каго б там ні было, што калі яна, Аля, два гады таму прыбегла ў яго кватэру на досвітку, з першым снегам трэцяга тысячагоддзя на вейках, узрушаная тым, што не адчувае аніякай віны перад тым, іншым, сваім Нябесным Хлопчыкам, пасля бурнай навагодняй ночы з Чорным Ламай (а высвятляецца — і яна можа быць па-будыйску “непрыхільнай”і “адвязанай” — як паветраны шарык, адпусці нітачку — і паляціць!), — дык вось, калі яна ціхенька, з намерам пабудзіць спячага пацалункам, дурнічка, увайшла у кватэру (ключ быў ува ўсіх пецярых), тыя двое на матрацы не паспелі нічым прыкрыць голыя целы...

— А Зінка? — бо гэта Зінчына грудастая постаць кінулася ёй тады ў вочы.

— Цяжарная. Яна ўжо ведае. Вырашыла захаваць дзіця.

— А Натэлка? З ёю ты таксама быў, так?! — раптам здагадалася яна.

— Сучка яна, Натэлка... — мужчына выцер твар бруднай шапачкай. —

Сучка, сучка... сама лезла... я не хацеў з-за Айка, ён жа так яе кахаў...

— Ты — поскудзь, — заўважыла амаль спакойна, бо раптам зразумела

ўсё, усё. Айк першы даведаўся, ён рэгулярна здаваў кроў, збіраў грошы на новую гітару. Там яму і паведамілі. Ён не мог думаць на Натэлку, якую абагаўляў. Пэўна, вырашыў, што заразіўся пры здачы крыві.

— Я толькі следаваў нашай філасофіі, ты ж памятаеш: будзь непрыхільны

ні да каго і ні да чаго! У кнігах я знайшоў, што секс і медытацыя аднолькава спрыяюць прасвятленню! Я дасягнуў ужо поўнай свабоды ад усіх кайданоў: сям’і, абавязку, Бога... “Сустрэў Буду — забей Буду!” Дык за што?..

— За што? — перапыніла Аля.

І пачала смяяцца, разгойдваючыся на крайку тахты, бы на арэлях.

Спачатку ціха, потым усё гучней. Нейкі калючы рогат ірваўся з яе перасохлага горла, балюча драпаючы яго, быццам праз яе рагатала нешта іншае, невядомае і страшнае. Дык вось яны, сем пакрывалаў, — па адным на кожнага з іх! Барвовага, з цёмнымі сполахамі, колеру... У нейкім дзікім захапленні яна прынялася загінаць пальцы. Так, Кудзін — шосты, а яго фрыгіднай жонцы пашанцавала... Тады хто ж сёмы? Абавязкова павінен быць сёмы! Яна не адразу заўважыла, што Чорнага Ламы ў пакоі няма, а ў расчыненыя дзверы заглядвае здзіўлены твар дзяжурнай.

— Вас да тэлефона.

Узяла слухаўку.

— Прывітанне, Літа.

Так называе яе толькі адзін чалавек у свеце! Знаёмы да дрыжыкаў голас

ляніва пацікавіўся — быццам бы і не было трохгадовага маўчання! — ці не пачастуе яго Аля чаем з лімонам?

— Я заскочу на паўгадзіны... Урэшце, калі ты занятая...

— Я свабодная! Чакаю! — адказала Аля, стараючыся ўкласці ў чужы

калючы голас усю сваю ранейшую пяшчоту.

У пакоі яна ўдзячна пагладзіла паніклае лімоннае дрэўца.

Ён прыйдзе! Яе Нябёсны Хлопчык! Яе Адзіны! Прыйдзе! Ад гэтага часу Ён будзе належаць толькі ёй, і яны больш ніколі не развітаюцца. Так, ніколі. Яна будзе кахаць яго цярпліва і горача, як ні разу ніхто за апошнія сорак тысяч год.

Май 2002

ЗМЯЯ, ПАКРЫТАЯ ПЁРАМІ ПТУШКІ СОНЦА

Нават пасля таго, як галоўны ўрач горада, яе равеснік, з валасамі колеру “спелы каштан”, фарбаванымі, ці што, і надзіва дагледжанымі пазногцямі раздражнёна патлумачыў, што ён асабіста ні пры чым, што абласная фармацыя ўзяла дый спыніла пастаўкі таго прэпарата ў горад, бо ўсяго на ўсіх, зразумела, не хапае (“Вы ж бачыце — эканоміка ў заняпадзе, дык адкуль у бюджэце возьмуцца грошы?” — гучна ўшчуваў ён яе, маўкліва-прыніжаную, як калісьці сама яна, у сваю бытнасць выкладчыцай, ушчувала занадта жвавых шкаляроў), — вопытны маніпулятар, ён дабіўся-такі свайго: на момант яна сапраўды адчула сорам, быццам бы прыйшла патрабаваць для сябе нейкіх незаконных ільгот, — так, нават пасля таго, як гэты заклапочаны сваёй знешнасцю дзеяч, дэманструючы танюткую скуру імпартнага пінжака, тэатральна развёў рукамі — маўляў, нічым не магу дапамагчы, — яна не здагадалася яшчэ пра энтрапію. Тысячу разоў (а мо і болей — ніхто не лічыў) даводзіла яна “прасунутым” вучням фізіка-матэматычнага каледжа другі пачатак тэрмадынамікі, шпарка пісала на класнай дошцы формулу, ажно крэйда крышылася пад ейнымі ўпэўненымі пальцамі, — але ў тым кабінеце з рознымі там факсамі-шмаксамі ну проста-такі разгубілася, як дзяўчынка, і думка пра энтрапію, з’явіся яна ў той момант, паказалася б ёй, пэўна, недарэчнай. Ды і што, скажыце, калі ласка, была ёй за справа да астывання любых сістэм — а хаця б і да цеплавой смерці Сусвету, якую прадказваў песіміст Клаузіус! — яе ў той момант хвалявала толькі ўласная смерць, якая не прымусіць сабе доўга чакаць, калі былая настаўніца фізікі, а цяпер пенсіянерка Валянціна Валовіч не здабудзе тое, за чым прыйшла. І таму, узгадаўшы, як галоўурач зарульваў на шыкоўнай “таёце” ува двор, поўны ўшчэнт дабітых машын “хуткай дапамогі”, яна авалодала голасам і даволі цвёрда запыталася, колькі ёй яшчэ чакаць. “Не ведаю. Купляйце прэпарат ў Мінску.” — “Але ж у мяне даволі сціплая пенсія.” — “Ну, пазавіхайцеся як-небудзь! — разнервавана павысіў голас лекар. — Дарэчы, вы не адна такая, каля трохсот жанчын у горадзе маюць патрэбу ў гэтым лякарстве!”

Бяссоннай ноччу, уталопіўшыся ў каменны калодзеж двара, — прыглушана-блакітнае святло ў акне дома насупраць нагадвала акно працэдурнага пакоя ў анкалагічным стацыянары, дзе штоночы сінелі кварцавыя лямпы, — яна намагалася зразумець, чаму ў бюджэце няма грошай, калі з восені квартплата ўзляцела проста-такі да астранамічных велічыняў. Прыкладам, за сваю двухпакаёвую ёй даводзіцца выкладваць цяпер аж пяцьдзесят шэсць тысяч “бээр”. Метастазаў у яе, дзякуй Богу, не выявілася, таму і льгот па квартплаце няма ніякіх: сярод анкалагічна хворых тымі льготамі прадбачліва надзяляюць толькі паміраючых. “Ты ўсё сядзіш, Валянціна, а я вось суб-сі-ды-ю сабе выбегала,” — пахвалілася суседка, таксама пенсіянерка. Звярнулася была і яна за той субсідыяй: “Вось калі б пенсія ў вас на восем тысяч менш... ды кватэра аднапакаёвая...” — прабляялі ў домакіраўніцтве, і яна не стала спрачацца, пайшла сабе, здзіўляючыся ўжо чыста прафесійна, якая моцная ўсё ж такі рэч — магніт бюракратызму, і якое шырокае ён вакол сабе стварае поле, скрыўляючы ўсё прамое адпаведна сваім магнітным лініям, што не маюць ні пачатку, ні канца. Пасля аплаты “камуналкі” у яе заставалася пяцьдзесят тысяч. Жыць было можна (ела яна, што тая птушка, вопратку перашывала), нават сыну дапамагаць. Вядома, пакуль тамаксіфен быў бясплатны...

Тыя таблетачкі пры выпісцы са стацыянара малады, але ўжо змардаваны канвеерам бяды хірург, якому яна, саромеючыся, сунула дзесяць даляраў “на развіццё навукі”, загадаў ёй ужываць на працягу пяці год пасля аперацыі, не прапускаючы ніводнага прыёму з абавязковага курса, так, ніводнага, бо хімічнае рэчыва, якое стрымлівае рост клетак-“забойцаў”, хутка выводзіцца з арганізма. І яна, думаючы, вядома ж, пра сына — бо толькі дзеля свайго хлопчыка і змагалася за жыццё! — з добрасумленнасцю савецкага педагога штодня прынімала лякарства. Але неўзабаве тамаксіфен знік з усіх аптэк райцэнтра, і льготныя яе рэцэпты (нядоўга радавалася, што хоць гэта — бясплатна) ператварыліся ў бескарысныя паперкі з круглымі пячаткамі.

Няўжо тры сотні яе зямлячак, скрушна думала Валянціна, многім з якіх яшчэ “паднімаць” дзяцей (з усіх яе таварышак па анкалагічнай палаце толькі яна мела дарослага сына), — дык няўжо ж нас, гаротніц, проста кінулі?! — слоўка, дарэчы, з лексікону яе ўнучкі і, як ўсе тыя моўныя “эксцэнтрызмы”, пульсуюча-гарачае, жывое. Бо ўнутры мовы таксама адбываліся нейкія незваротныя працэсы (узрастанне энтрапіі, няйнакш, але гэта яна зразумее пазней, значна пазней): асобныя словы астывалі, ператвараліся ў мёртвыя абалонкі-шкарлупіны, унутры якіх — пустата, нішто. Калі яна адчула гэта ўпершыню? У кабінеце галоўурача? Або яшчэ раней — у анкалогіі? Дарэчы, там, у анкалогіі, яна ад тугі ўзялася чытаць замежны раман, які належаў маладзейшай з іх, студэнтцы Святлане, — у тым рамане мурашы так-такі і зжэрлі нованароджанае дзіця, пакінуўшы ад яго пустую абалонку. Такія вось выпатрашаныя абалонкі засталіся ад слоў “СУМЛЕННЕ”, “СПАГАДА”, “ЛЮБОЎ”. Хіба ў нашых медычных установах — дый не толькі ў іх! — завяліся міфалагічныя тэрміты, з горыччу разважала яна, але і тады — вось дзівачка! — не задумалася яшчэ пра ўсеагульную энтрапію.

Замест гэтага запісалася на прыём да дэпутата, за якога галасавала тры гады таму на парламенцкіх выбарах, — ён зрэдку наязжаў са сталіцы, дзе атабарыўся, у родную акругу. “Не хадзі, пустое”, — адгаворваў яе Андрэй, сын, па дзіцячай звычцы нізка схіліўшы голаў над талеркай супа, — машынабудаўнічы завод, дзе ён за сто пяцьдзесят тысяч у канструктарскім бюро “кантаваўся”(яшчэ адно ўнучкіна выслоўе, цешча ж казала больш жорстка: “прасіжваў штаны”), — завод той быў літаральна ў двух кроках ад яе дома, і ў абедзенны перапынак сын забягаў перакусіць (ў сталоўцы было дорага). Прыходзіў і пераказваў пачутае ад Наташы, жонкі, якая працавала на тым жа заводзе на складзе каляровых металаў: як генеральны з хаўруснікамі “пазычылі” са склада стратэгічны запас сыравіны, нарыхтаваны па асаблівым спісе на выпадак вайны, як пусцілі той метал на няўлічаную прадукцыю, як “загналі” яе, а грошы (“энзэшны” метал жа “халяўны”!) паклалі сабе ў кішэні, як спісалі і замянілі — так спрытна, што ніводная праверка не падкапалася! — зрасходаваныя медзь ды срэбра на новыя — ці не з дапамогай таго самага дэпутата, ранейшага дырэктара завода? Потым Андрэй, як звычайна, пераходзіў да асабістага, скардзіўся на нішчымніцу: дачка хварэе, патрэбны лекі, добрае харчаванне, а заробак мізэрны зноў затрымліваюць... жонка, каб падзарабіць, пацягнулася на Беластоцкі рынак за таварам і, узваліўшы на плечы вялізны рулон дывана (заказ дырэктарскай сакратаркі), там жа і асунулася... вядома, таваркі завалаклі ў аўтобус і яе, і той д’ябальскі дыван, але цяпер Наташа ляжыць — не падымаецца, скрыгоча зубамі ад болю ў пазваночніку...

Ад манатоннага голасу сына, дрыжання ягоных пальцаў (апошнім часам, нявестка скардзілася, ён часцяком вяртаўся дамоў нападпітку, казаў, частуюць сябры), ад усяго ягонага зацкаванага выгляду ў левай грудзі, дзе была пухліна, пачынала нібыта паколваць тупой іголкай, і хацелася зрабіць штосьці непамыснае, але што яна магла зрабіць, што?! Хіба выкласці на стол перад тым дэпутатам бясплатныя (а то ж! бясплатныя!) інвалідныя ліфчыкі, якія атрымала днямі на пратэзным заводзе: няхай забірае назад сваю “ільготу” збяднелая дзяржава, а яна, Валянціна, абыдзецца неяк, паперашывае старыя, толькі б трыста жанчын іхняга горада маглі па-ранейшаму атрымліваць тамаксіфен! Так, яна, як і тыя жанчыны, мусіла жыць, бо ніколі яшчэ сын не здаваўся ёй такім безабаронным, нават трыццаць пяць год таму, у радзільні, калі акушэрка паклала поруч два скруткі з аднолькавымі ружовымі тварыкамі (зараз у гарадской радзільні двое родаў запар сталіся б цудам); тое, другое немаўля, працягвала сабе спаць, не зразумеўшы яшчэ, што назаўжды выкацілася спелым яблычкам з райскага саду, а ейны галубок нецярпліва, з грымаскай пакуты на тварыку, круціў галоўкай туды-сюды, аж расчырванеўся, небарака, пакуль не патрапіў роцікам на акрайчык казённае коўдры, у якую быў спавіты, не пачаў смактаць прагна тую пажаўцелую ад аўтаклавіравання анучу... Ах, Божа ж мой! Ёй у той момант якраз зашывалі штосьці там, унізе, разарванае маладым жыццём, што пёрла з яе напралом; яна бачыла, як мільгае ў руцэ ўрачыхі іголка з ніткай, але болю не адчувала — адно шчаслівае замілаванне... Пазней яна даведалася, што некаторыя жанчыны здольныя перажыць у родах незвычайную асалоду, мацнейшую нават за аргазм — пэўна, яна была з такіх... Тая пяшчота, што захлынула яе, калі акушэрка агаліла ёй грудзі і паднесла дзіця, каб яно высмактала першыя кроплі малозіва, — тая пяшчота была асалодай куды мацнейшай за няўклюдныя торганні ў ложку з мужам, які хутка сышоў ад іх і пра якога яна не любіла ўспамінаць.

Аднак было ў тым шчасці ад самага пачатку штосьці чужароднае, нейкая чарвяточына ў райскім яблычку: страх. Так, менавіта ў той момант, калі ружовы роцік пачне патрабавальна церабіць ейную смочку, яна адчуе... выразны страх смерці, які ўжо з таго часу не пакіне яе, так, не пакіне. І цяпер, калі дарослы сын разгублена сядзеў перад ёю, нізка схіліўшы голаў, яна адчувала, як той страх паколвае ў грудзях тупой іголкай, падбіраецца да сэрца. Ёй нельга паміраць! Нельга, бо як жа Андрэй застанецца без яе ў гэтым свеце мёртвых слоў і выпатрашаных паняццяў?! Але... нітка, якая здавалася бясконцай, выслізнула з вузенькага вушка, і іголка ператварылася ў імітацыю старажытнага інструмента, якім робіць сваю работу кашчавая. І Валянціна адштурхнула руку з востра наточанай касой, і пайшла-такі да дэпутата. І толькі там, убачыўшы ў прыёмнай твар народнага выбранніка — барвовы, наліты спелай крывёю, як разламаны кавун, з чорнымі драбнюткімі семечкамі вочак, і гэтымі хціва пабліскваючымі вочкамі збоку ўбачыўшы сябе — інтэлігентную жанчыну ў старамодным капялюшыку, з жаўтавата-пергаментнай скурай абвіслых шчок, яна раптоўна — так у момант катастрофы асфальт, якому належыць мірна шаргацець пад нагамі, займае месца неба — здагадалася, нарэшце, пра энтрапію.

Здагадалася? Не, гэта не было высілкам ейнае думкі; хутчэй, было падобна на тое, як быццам бы нехта іншы напісаў крэйдаю на школьнай дошцы, з якой сцёрты ўвесь папярэдні, выдатна засвоены матэрыял, — напісаў на паверхні яе свядомасці, нібыта на дошцы, добра знаёмую формулу, якая — вось гэта і ўразіла! — аказалася нечым большым, чым проста суадносінамі паміж энтрапіяй S і тэрмадынамічнай верагоднасцю W. Прыродныя працэсы заўсёды імкнуцца перавесці матэрыяльную сістэму ў такі стан, у якім яна, сістэма, мае найвялікшыя шанцы захавацца нязменнай. Вобразна кажучы, дзеці, верагоднасць “выжывання” сістэмы і ёсць энтрапія. Вытанчаны храм мае вялікія шанцы быць разбураным, бо мае нізкую энтрапію, а булыжнік праляжыць некранутым стагоддзі. Гарачыя вулканы рана ці позна патухнуць і застынуць пляўкамі мёртвае лавы, якая ніколі ўжо не ўваскрэсне, затое такі астылы плявок захаваецца, пэўна, да канца свету, і не дзіўна: энтрапія ў яго максімальная. Ці магчыма, што і чалавек падпарадкоўваецца таму ж жалезнаму закону? Як і любая матэрыяльная “сістэма”, ён схільны да самаразбурэння, і, відавочна, тым у большай ступені, чым больш у ім уласна чалавечага... Цяпер вам, нарэшце, зразумела, дзеці, чаму СУМЛЕННЕ, СПАГАДА і... правільна, ЛЮБОЎ! — абмяжоўваюць нашыя шанцы на выжыванне? Затое ўсё груба-таўстаскурае і прымітыўнае мае зайздросную энтрапію і, адпаведна, бесклапотнае існаванне — язык не паварочваецца назваць гэта жыццём, зрэшты, у духоўным плане гэта ўжо і не жыццё, а амаль што стан неарганічнай матэрыі. Бо чалавек у Сусвеце вызначаецца менавіта любоўю і схільнасцю да самаахвярнасці... Але ці не ўсё роўна той “чалавекасістэме” з тварам-кавуном і хцівымі вочкамі, у якую катэгорыю занясе яе бясстрасны Сусветны Розум, — калі Ён, зразумела, ёсць, і калі ўсе гэтыя думкі, што нехта (пэўна, яе ж, Валянціны, дагэтуль невядомае, прыхаванае “Я” — а хто ж яшчэ?) напісаў крэйдай на школьнай дошцы ейнай свядомасці, — калі думкі тыя — не адно трызненне?

...О, тыя мёртвыя “чалавекаабалонкі” заўсёды добра “ўладкаваныя”, і перакормленыя іхнія дзеці лянотна жуюць гумку за таніраваным шклом нятанных аўто! Дарэмна хадзіла яна па кабінетах мясцовых начальнікаў: яны ніколі не пойдуць насуперак закону энтрапіі, спачуваючы камусьці іншаму. Згорбіўшыся, нібыта састарэла ў імгненне, яна пакінула прыёмную, так і не пагаварыўшы з тым, да каго прыйшла.

А што ж з усяго гэтага вынікае? — ужо дома працягвала яна ў думках свой уяўны урок, маналог, так бы мовіць, перад апусцелым класам (вучні даўно на канікулах, і толькі дзівак-настаўнік самотна стаіць ля дошкі з крэйдаю ў сціснутых пальцах), — а вынік, даражэнькія, просты: калі чалавек ідзе насуперак усеагульнаму аскаціньванню, прыходзіць смерць са сваім старажытным інструментам. Так, смерць падпарадкоўвае-такі адшчапенца ўсеагульнаму закону, бо прах, у рэшце рэшт, мае максімальную энтрапію.

Яна, Валянціна Валовіч, была з самага пачатку асуджаная на паразу ў гэтай гульні са смерцю, бо любіла і баялася, а страх і любоў ёсць самыя чалавечыя з усіх пачуццяў. Ды і што ёсць любоў да дзяцей, калі не вечны, ні на хвілю не адпускаючы страх, які, нібыта джала змяі, раздвойваецца на страх памерці самой (бо да болю шкада дзіця, пакінутае ў чужым варожым свеце) і страх за ягонае жыццё, бо без сына страчваўся сэнс ейнага існавання. У маленстве Андрэй часта хварэў, аднойчы ў яго нават здарыўся прыступ фебрыльных сутаргаў — Божа, яна ледзь не звар’яцела тады, і хоць урачы тлумачылі пасля ўсіх абследванняў, што ніякай эпілепсіі ў яе хлопчыка няма і сутаргі могуць больш ніколі не паўтарыцца, яна ўсё ж не дала веры лекарам, і варта было Андрэю схапіць банальны катар, проста-такі ўпадала ў паніку, ночы прасіжвала ля ягонага ложка, сачыла за спячым, ці не трымцяць у яго, барані Божа, ручкі ды ножкі. Ад урокаў фізкультуры, розных там палявых работ яна вызваляла яго, прыніжана выклянчваючы “даведачкі” у школьнага ўрача. Калі ён вучыўся ў інстытуце, зноў жа здабывала яму вызваленні ад будатрадаў. Нарэшце, сын уладкаваўся на завод амаль побач з домам, ажаніўся... Яна ўздыхнула з палёгкай, але тут грымнула эпоха перамен. Таварышы Андрэя пасыходзілі з паміраючага прадпрыемства, пачалі “круціцца”, займелі ўласныя дамы ды машыны, а ён працягваў сядзець у КБ, вычэрчваць ужо амаль ірэальныя карцінкі нікому не патрэбных агрэгатаў, жыць з сям’ёй у драўлянай прыбудове да цешчынай хаты...

Усё часцей сын з’яўляўся да яе нападпітку — і гэта з ягоным здароўем! П’яны, ён быў з ёю ласкавы, як у дзяцінстве, — яе маленькі хлопчык! — а працверазеўшы, моўчкі ляжаў на канапе і паліў, або скардзіўся на жыццё нейкім згаслым, манатонным голасам, і ёй рабілася вусцішна: мроілася, што перад ёю не Андрэй, а мёртвая пустая абалонка. Здагадвалася, што жонка і цешча рэгулярна “пілуюць” яго за безыніцыятыўнасць, няўменне зарабіць больш-менш прыстойныя грошы, і, невядома чаго саромеючыся, — то ж ейны хлопчык, кравіначка! — ціхенька соўвала яму ў кішэню зэканомленую ад пенсіі дзесятку. Каб не засмучаць яго, схлусіла, што пабывала-такі на прыёме ў дэпутата: “Ведаеш, ён абяцаў, добры чалавек, разабрацца і дапамагчы!” — і Андрэй, як ні дзіўна, тым і задаволіўся, не цікавіўся больш, ці атрымала яна тамаксіфен; не супакоілася толькі нявестка — дарэчы, менавіта Наташа і выпхнула сёння яго са стосам бясплатных рэцэптаў на ранішняй электрычцы ў Мінск: “Маці памірае, а ты так і будзеш ляжаць, смаліць у столь?”

Зрэшты, не адзін ейны сын такі, думала яна, стоячы ля акна ў чаканні, — двор быў засцелены прасцінай снегу, жаўтавата-шызай ад зносу, з грубым вываратным швом самотнага сабачага следу пасярэдзіне, з бальнічным вуглавым штампам счарнелай ад сырасці пясочніцы, — не адзін Андрэй наліваецца па вечарах танным віном: так робіць большасць мужчын у іхнім горадзе. Цяпер — толькі цяпер! — яна пачала разумець, што цяга да алкаголю таксама, пэўна, абумоўлена духоўнай энтрапіяй: такім чынам мужчыны прымушаюць замаўчаць сумленне, спагаду і... страх, часова прыпадабняюцца памерлым. Але ж заканчваецца той самападман досыць сумна: ранкам мужчыны прачынаюцца, ахопленыя яшчэ большым страхам і адчаем, у яшчэ больш моцных цісках жалезнага закону. І тады, тады... учыняюць самагубствы, паміраюць ад хвароб. Так, паміраюць насамрэч...

Дый чаго яно вартае, такое жыццё?!

Гэтыя думкі ўсхвалявалі яе, моцна ўсхвалявалі; тым часам вецер за акном ашалела біўся, як клаустрафоб, у замкнёнай прасторы двара, і амаль так жа білася ў клетцы звыклых уяўленняў яе думка... Зноў узгадалася студэнтка Святлана, суседка па анкалогіі, — на тумбачцы ў той ляжала забагата кніжак, яна, Валянціна, яшчэ паспачувала: маўляў, дзяўчына наўрад ці паспее ўсё прачытаць — так прама на вачах зжыраў яе хуткацечны рак. Святлана аднойчы распавяла ім, няшчасным кабетам, пра нейкіх людзей, якія быццам бы жывуць — дзіўная рэч, калі прыняць да ўвагі энтрапію! — не толькі не вынішчаючы ў сабе любоў, а пашыраючы яе на ўсё жывое. А калі да іх прыходзіць смерць, яны ўнутрана даюць на гэта згоду, бо смерць, накшталт школьнай вучыцелькі, усяго толькі сцірае з класнай дошкі засвоены матэрыял, ператвараючы яе гладкую паверхню ў імітацыю некранутай роўнядзі вод, над якою насіўся НАПАЧАТКУ Боскі Дух... Так, тыя людзі, нібыта бессмяротныя богі, самі твораць свой Сусвет ад пачатку да канца.

Валянціна тады толькі паўсміхалася пра сябе: хіба існуюць насамрэч людзі, якія любяць усіх і не баяцца смерці? А цяпер задумалася над тым нібыта парадоксам; неадчэпныя думкі вялі яе ўсё далей... Вецер між тым раз’юшана кідаўся на сцены дамоў, ажно трымцелі металёвыя карнізы, а потым узмываў вышэй за дахі, і адтуль, выгінаючы па-змяінаму гнуткі хрыбет, дудзеў у трубу бетоннага калодзежа... У адной з тых кніжак, што грувасціліся на тумбачцы ў Святланы, — яна, Валянціна, узяла яе пагартаць, каб прагнаць страх і боль пасля аперацыі, — была змешчана выява бога ветру старажытных індзейцаў. “Змяя, пакрытая пёрамі птушкі Сонца” — так гучала дзіўнае імя таго божышча, недарэчнай, з яе, Валянціны, пункту глеждання, істоты, бо, не маючы сапраўдных крылаў, змяя, вядома ж, не магла лятаць, а пер’е ўздоўж тулавішча, няхай нават і было яно як у птушкі Сонца, толькі перашкаджала поўзаць па зямлі. Тады Валянціне, зразумела, было не да таго, каб цікавіцца паганскімі прымхамі, а цяпер, слухаючы выццё ветра за акном, яна ўпарта раздумвала над тым, навошта ж той змяі боскае ці анёльскае апярэнне.

І сапраўды — навошта?..

Грукнулі дзверы ў вітальні; Андрэй, худы, у паношанай куртачцы і вязанай шапачцы, няголены, прайшоў у пакой, выклаў на стол непатрэбныя паперкі з круглымі пячаткамі: “Бясплатна па мясцовых рэцэптах у Мінску не даюць...” Адарвалася ад акна: “Я ж казала, сынок, не трэба было і час губляць...” Падышла, абняла свайго хлопчыка. І — адхіснулася: у твар ударыў пах алкаголю. Ён зразумеў, адхіліўся ўбок, неахвотна патлумачыў: “Сябра сустрэў у электрычцы... ён півам пачаставаў... Дарэчы, — працягваў Андрэй, — купіць прэпарат у сталічных аптэках можна... я падлічыў: на месячны курс табе трэба каля дваццаці тысяч...”

Глядзела, як ён есць, нізка нахіляючыся над варывам з нечага, што з вечнай схільнасцю гандлю да эўфемізмаў называецца “супавым наборам”...

Вецер за акном зусім звар’яцеў, круціўся ў нейкай экстатычнай плясцы, нібыта індзейцы пад шаманаў бубен... Міжволі яна падлічыла ўсё, і калі сын устаў з-за стала, абціраючы рот рушніком, ужо ведала “расклад”: пенсія — 106, квартплата — 56, тамаксіфен — 20... На існаванне целу, яшчэ жывому, яшчэ патрабуючаму нейкіх клопатаў аб сабе, застаецца трыццаць тысяч рублёў. Нібыта прачытаўшы ейныя думкі, Андрэй пахмурна кінуў: “У мяне праз тыдзень палучка. Калі не затрымаюць, вядома. Куплю табе тваё лякарства”. Яе слых неяк непрыемна разанула гэта “табе, тваё”, але справа была ў іншым: унучка, празрыста-блакітная скура схуднелага тварыку, вялізныя вочы... Унучка месяц ужо ляжала ў лякарні з запаленнем лёгкіх. “Не уздумай! — рашуча сказала яна. — Грошы патраць на дачку. Купі садавіны, вітамінаў.” — “Куплю табе тваё лякарства,” — з п’янай настойлівасцю паўтарыў Андрэй.

Пасля ягонага сыходу памыла посуд, прыбрала ў пакоі. Зараз сын наўрад ці ўсведамляе, што сказаў; але заўтра, працверазеўшы, акажацца перад непамысным, нечалавечым выбарам: каго ратаваць — маці або дачку, на каго патраціць апошнія грошы. У ім прачнуцца яшчэ жывыя сумленне, спагада, любоў, якія не ўзнімуць яго на крылах дагары, не прымусяць дзейнічаць — на гэта ён не здольны (ці ж не яна, маці, у тым вінаватая?), а яшчэ ніжэй прыціснуць да зямлі, як, пэўна, пацяжэлыя ад дажджу, запэцканыя брудам сонечныя пёры — тую няўклюду-змяю... І ён не вытрымае, зноў пабяжыць за чаркай, каб забыцца на сам той жахлівы выбар...

Падышла да тэлефона, набрала нумар. Адказала свацця. Пасля стандартных фраз пра здароўе — на месцы левай грудзі між тым калола тупой іголкай — папрасіла паклікаць Андрэя. “Спіць твой Андрэй, — пахмурна адазвалася свацця. — Дрыхне без задніх ног.” — “Тады перадайце яму, калі ласка, Антаніна Пятроўна, толькі адразу ж, як прачнецца... мне толькі што тэлефанавалі ад нашага дэпутата, дык вось, ён разабраўся, дапамог... тамаксіфен заўтра паступіць у гарадскія аптэкі, і я зноў буду атрымліваць яго... бясплатна...”

Вярнулася на кухню. У прааперыраванай грудзі зноў адчула нейкую пульсацыю. Што ж, яна купіць тамаксіфен на сваю пенсію, так, купіць. Галоўнае цяпер — выратаваць унучку. А трыццаць тысяч, якія застануцца ад пенсіі — гэта паўбуханкі хлеба і пакет малака на дзень. Нічога, у вайну людзі горш жылі. Вядома, яна не зможа больш дапамагаць сыну, але... Андрэй павінен прызвычаіцца да таго, што хутка застанецца ў гэтым свеце без яе. Так, без яе. Бо колькі яна вытрымае ўбойную моц “хіміі” пры такой “дыеце”? Месяц? Год? Можа, наогул не здолее прымаць тую атруту на галодны, лічы, страўнік, і хутка вырашыць кінуць тое лячэнне-мучэнне? Зрэшты, гэта ўжо няважна...

Яна, Валянціна Валовіч, больш не баіцца смерці.

Зноў успомнілася студэнтка Святлана, яе абсалютны спакой, яе незвычайная цеплыня ў адносінах да хворых і нават да грубых санітарак...

Э-эх! Чалавеку не дадзена крылаў, каб узнесціся над жалезнымі законамі жыцця, над уласнай знямогласцю і хуткай, як ні круціся, смерцю; але пёры птушкі Сонца (ці Каго-Там-Яшчэ?), бач, вытыркаюцца ў таго-сяго з нас. Як жа няўтульна з такім “упрыгожаннем” на астылай, пустой абалонцы Зямлі!.. І не ўратаваліся ж тыя інкі ці майя, не ўратаваліся, калі сышлі на бераг барадатыя іспанцы Картэса! Дык навошта ж Змяі тыя пёры птушкі Сонца? Навошта?!

Алена Брава

Нарадзілася 18 жніўня 1966 года ў горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і службоўцаў. Скончыла з залатым медалём спецыялізаваную школу з ангельскім ухілам, затым факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля нядоўгага перыяду працы ў раённай газеце Барысава з'ехала з мужам і дачкой на Кубу. Пасля вяртання з 1990 года жыве ў Барысаве і працуе намеснікам галоўнага рэдактара ў раённай газеце "Адзiнства".

Літаратурная вядомасць прыйшла да Алены Брава адразу ж пасля першых публікацый яе твораў у "тоўстых" літаратурных часопісах - чытачы і крытыкі звярнулі ўвагу на новае імя ў беларускай літаратуры. Проза Алены Брава адрозніваецца падкрэсленым інтэлектуалізмам, пранікненнем у найглыбейшыя закамаркі чалавечай душы.

Пісаць Алена пачала яшчэ ў школе - зразумела, вершы; да паэзіі вярталася і ў больш спелыя гады, вынікам чаго стаў паэтычны зборнік "На глыбіні каранёў", выдадзены ў 2002 годзе. Пасля таго, як аддала даніну захапленню вершатворчасцю, пераключылася на прозу.

Як празаік Алена публікавалася ва ўсіх вядучых літаратурных часопісах Беларусі, удзельнічала ў калектыўных зборніках "Апавяданне - 2005", "І зоркі над Бярэзінай - ракой". Першая яе кніга "Каменданцкі час для ластавак", якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 2004 годзе ў серыі "Дэбют", была ганараваная літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес".

1

МДП — маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, ННС — неўроз навязлівых станаў.

(обратно)

2

Вельмі рада вас бачыць (англ.)

(обратно)

3

Que niña mas linda! (ісп.) — Якая прыгожая дзяўчынка!

(обратно)

4

Communidad Artística (ісп.) — Мастацкае аб’яднанне.

(обратно)

5

Esa cosa bella — para muchacha hermosa! (ісп.) — Гэтая прыгожая рэч — для вабнай дзяўчыны!

(обратно)

6

Mi vida, mi corazón (ісп.) — маё жыццё, маё сэрца.

(обратно)

7

Viva! (ісп.) — Жыве!

(обратно)

8

Que mas? (ісп.) — Што яшчэ?

(обратно)

9

Venta libre (ісп.) — свабодны гандаль.

(обратно)

10

Гуайявера — лацінаамерыканская даўгая мужчынская кашуля, якую носяць навыпуск.

(обратно)

11

Alésia, abre! (ісп.) — Алеся, адчыні!

(обратно)

12

La vida es la lucha (ісп.) — Жыццё гэта барацьба.

(обратно)

13

29 de Julio Año 30 de la Revolución (ісп.) — 29 ліпеня года 30-га ад Рэвалюцыі.

(обратно)

14

CDR (Comité de la Defensa de la Revolución) (ісп.) — Камітэт Абароны Рэвалюцыі, кубінская грамадская арганізацыя.

(обратно)

15

Oso (ісп.) — мядзведзь.

(обратно)

16

Viva Fidel! (ісп.) — Жыве Фідэль!

(обратно)

17

Echo en la URSS (ісп.) — зроблена ў СССР.

(обратно)

18

Viejo (ісп.) — стары.

(обратно)

19

Руса? Савеціка? (ісп. — Rusa?Sovietica?) — Руская? Савецкая?

(обратно)

20

Басурэра (ісп.— basurera) — смеццяўборачная машына.

(обратно)

21

Funcionario partido (ісп.) — партыйны функцыянер.

(обратно)

22

Pэфінэрыя (ісп. — refinería) — нафтаачышчальны завод.

(обратно)

23

Kампрэндэн (ісп. — comprenden) — разумеюць.

(обратно)

24

Dia de la agua (ісп.) — дзень вады.

(обратно)

25

“Café del Campo” (ісп.) — “Вясковая кавярня.”

(обратно)

26

Felipa, hija mía! (ісп.) — Феліпа, дачка мая!

(обратно)

27

Kуньяда (ісп. — cuñada) — залоўка.

(обратно)

28

Бьен (ісп. — bien) — добра.

(обратно)

29

Камандантэ (ісп. — Comandante) — Камандзір; на Кубе так называюць Фідэля Кастра.

(обратно)

30

SOCIALISMO O MUERTE! (ісп.) — САЦЫЯЛІЗМ АБО СМЕРЦЬ!

(обратно)

31

MARXISMO-LENINISMO O MUERTE! (ісп.) — МАРКСІЗМ-ЛЕНІНІЗМ АБО СМЕРЦЬ!

(обратно)

32

Nuestro decisión — socialismo o muerte! (ісп.) — Нашае рашэнне — сацыялізм або смерць!

(обратно)

33

Enseña! (ісп.) — Пакажы!

(обратно)

34

Como se llama? (ісп.) — Як гэта называецца?

(обратно)

35

Acuéstate (ісп.) — кладзіся (спаць).

(обратно)

36

Vamos a llamar eso…(ісп.) — Давай называць гэта…

(обратно)

37

Yo soy cubana-cubanita-cubanona (ісп.) — Я кубінка-кубіначка-кубінішча.

(обратно)

38

Mira, mira! Eso es Fidel! Patria o muerte! (ісп.) — Глядзі, глядзі! Гэта Фідэль! Радзіма або смерць!

(обратно)

39

Abuelo…(ісп.) — Дзядуля…

(обратно)

40

Mami, toca! (ісп.) — Мама, грай!

(обратно)

41

Пістола, mami, mira que grande! (ісп. — pistola) — пісталет, мама, глядзі, які вялікі!

(обратно)

42

Muchos pesos (ісп.) — шмат песа.

(обратно)

43

Belarusía? Donde está eso? Ah, Unión Soviética…(ісп.) — Беларусь? Дзе гэта? А, Савецкі Саюз…

(обратно)

44

Puede ser, tú te quedas con nosotros, Carina…(ісп.) — Магчыма, ты застанешся з намі, Карына…

(обратно)

45

Kампаньерас (ісп. — compañeros) — таварышы.

(обратно)

46

Agua mala (ісп.) — дасл. — дрэнная вада.

(обратно)

47

Hasta la muerte (ісп.) — да скону.

(обратно)

48

Coño (ісп.) — д’ябал.

(обратно)

49

Chica (ісп.) — дзяўчынка.

(обратно)

50

Vamos a bailar! (ісп.) — хадзем танцаваць!

(обратно)

51

Cuba TV (ісп.) — кубінскае тэлебачанне.

(обратно)

52

Luchar es bueno, fusil es bueno, cada cubano tiene que saber fusilar (ісп.) — Змагацца — гэта добра, стрэльба — гэта добра, кожны кубінец павінен умець страляць.

(обратно)

53

El Castellano (ісп.) — класічная іспанская мова (кастыльская)

(обратно)

54

Amiga, perdone si hoy me meto en tu vida. Pero te estoy sentiendo tan perdida…(ісп.) — Сяброўка, прабач, што сёння я ўмешваюся ў тваё жыццё. Але я адчуваю, што ты такая разгубленая…

(обратно)

55

Are you need help? — No, thank you (англ.) — Вам патрэбна дапамога? — Не, дзякуй.

(обратно)

56

Amigo, yo te agradesco por sufrir conmigo. Intento ver me libre y no contigo…(ісп.) — Сябар, я ўдзячная табе за тое, што пакутуеш cа мной. Я спрабавала ўбачыць сябе свабоднай і не з табой…

(обратно)

57

Sindromo climático (ісп.) — кліматычны сіндром.

(обратно)

58

Venta normada (ісп.) — нармаваны гандаль.

(обратно)

59

Compañera, no hay nada para usted (ісп.) — Таварыш, для вас нічога няма.

(обратно)

60

Para los hombres; para las mujeres (ісп.) — для мужчын; для жанчын.

(обратно)

61

Abuela! Mama no se tocan! (ісп.) — Бабуля! Маму нельга чапаць!

(обратно)

62

Desde el prinсípio (ісп.) — з самага пачатку.

(обратно)

63

Que puta! Vete al coño de tu madre singada y no me resinges mas! (ісп.) — Якая шлюха! Ідзі да д’ябла тваёй траханай маці і не даймай мяне больш!

(обратно)

64

Aduana (ісп.) — мытня.

(обратно)

65

Es tan corto el amor y tan largo el olvido (ісп.) — Каханне такое кароткае, а забыццё такое працяглае.

(обратно)

66

Es tan corto el amor y tan largo el olvido (ісп.) — Каханне такое кароткае, а забыццё такое працяглае.

(обратно)

67

Novio (ісп.) — тут: бой-френд.

(обратно)

68

Médico de la família (ісп.) — сямейны ўрач.

(обратно)

69

Moscitero (ісп.) — супрацьмаскітная сетка.

(обратно)

70

Norteamericanos (ісп.) — паўночныя амерыканцы.

(обратно)

71

Бьен, бьен, кампаньера. (ісп. — Bien, bien, compañera) — Добра, добра, таварыш.

(обратно)

72

Yanki — fuera! (ісп.) — Янкі — прэч!

(обратно)

73

Reunión (ісп.) — сход.

(обратно)

74

Comandante, ordene!(ісп.) — Камандзір, загадвай!

(обратно)

75

Arriba, abajo… …Los yanki son guanajos! Se oye, se siente… …Fidel esta presente! (ісп.) — Уверх, уніз… …Янкі — дурні! Чутна, бачна… Фідэль прысутнічае!

(обратно)

76

Para que sea Fidel, para que sea! (ісп.) — Няхай будзе Фідэль, няхай будзе!

(обратно)

77

Tenemos a Fidel! Amamos a Fidel! (ісп.) — Маем Фідэля! Любім Фідэля!

(обратно)

78

Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo del socialismo! (ісп.) — Фідэль! Ты можаш пагутарыць з намі! Куба ўяўляе сёння ўзор сацыялізму!

(обратно)

79

PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL! (ісп.) — АДДАЕМ ПЕРАВАГУ ПАЙСЦІ З ЖЫЦЦЯ ПЕРШ, ЧЫМ ПАДЗЕ ФІДЭЛЬ!

(обратно)

80

Las tropas se están retirando (ісп.) — Войскі выводзяцца.

(обратно)

81

Está bueno ya (ісп.) — Тут: з мяне досыць.

(обратно)

82

ABAJO FIDEL! (ісп.) — ДАЛОЎ ФІДЭЛЯ!

(обратно)

83

Seguridad Estatal (ісп.) — Дзяржаўная Бяспека.

(обратно)

84

Сін дуда устед тіене разон (ісп. — Sin duda usted tiene razon) — Бясспрэчна, вы маеце рацыю.

(обратно)

85

Эстой дурміенда. (ісп. — estoy durmiendа) — я спала.

(обратно)

86

Надзіе (ісп. — nadie) — ніхто.

(обратно)

87

Aмістад (ісп. — amistad) — сяброўства.

(обратно)

88

О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера. (ісп. — O,si,si, muy bien. Muchas graсias. Hasta luego. Hasta la vista, compañero.) — О, так, так, вельмі добра. Вялікі дзякуй. Да пабачэння. Да сустрэчы, таварыш.

(обратно)

89

Adelante! (ісп.) — наперад!

(обратно)

90

Тэрафім — прадмет, на які з пэўнай мэтай наслойваецца псіхічная энергія.

(обратно)

91

Дурга — “жахлівая”, жонка Шывы ў яе крыважэрнай іпастасі.

(обратно)

92

Калі — “чорная” багіня, ў індуісцкай тантры ёй прыносіліся крывавыя ахвяры.

(обратно)

93

Ракшазы — у вераваннях тыбетцаў: дэманы-пярэваратні, здольныя прымаць любое аблічча.

(обратно)

94

Сітара — струнны музычны інструмент у Тыбеце.

(обратно)

Оглавление

  • Алена Брава КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК
  • ІМЯ ЦЕНЮ — СВЯТЛО (гісторыя адной фабіі)
  •   Частка першая
  •   Частка другая
  • КАМЕНДАНЦКІ ЧАС ДЛЯ ЛАСТАВАК
  • ТАПІЦЬ ДЗЯЎЧЫНАК ТУТ ДАЗВОЛЕНА
  • ЗМЯЯ, ПАКРЫТАЯ ПЁРАМІ ПТУШКІ СОНЦА
  • Алена Брава Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Каменданцкі час для ластавак», Алена Брава

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства