Кірыл Дубоўскі
Беларуская мова
Беларуская мова
Мы сядзелі з Пашам у кавярні, пілі гарбату і палілі. Ён распавядаў мне пра свой сон.
— Снілася, быццам у мяне выйшла кніга і была яе прэзентацыя ў Маскве. На ёй прысутнічаў Бегбедэр і яшчэ нейкія вядомыя аўтары. Памятаю, што адчуваў сябе багатым і шчаслівым, а як прачнуўся — нічога. Ні грошай, ні кнігі. Вось так вось.
Паша паціснуў плячыма. Нейкі час мы сядзелі моўчкі. Потым я асмеліўся распавесці.
— Я сёння бачыў жахлівы сон. Ты ж, напэўна, ведаеш, што ўчора я напісаў сваё першае беларускамоўнае апавяданне. Напісаў і паклаўся спаць. І снілася, быццам я нікуды не сыходзіў з-за стала. Сядзеў перад маніторам, і тут да мяне ў пакой уваходзіць мужык. Велічэзны такі, з вусамі, ногі ў лапцях, у валасах каўтун. І кажа ён мне:
“Я твая Беларуская Мова! Ды не будзе ў цябе іншых моваў апроч мяне! Калі ты вырашыў аддаць мне душу, то ведай, што мусіш выканаць неабходныя ўмовы. З сённяшняга дня ты будзеш як мага больш пісаць пра наш край, наш шлях, зямельку гаротную беларускую, маскалёў клятых чужынцаў і пагоню бел-чырвона-белую. Калі ты гэтага не зробіш, я вярнуся і ўтаплю цябе ў трасянцы”.
— І вось не ведаю зараз, што рабіць, — уздыхнуў я. — Хачу пісаць пра дзяўчат, каханне, вясну.
Паша задумаўся.
— Трэба неяк круціцца. Будзеш пісаць, што і на нашу гаротную зямельку беларускую прыйшла вясна. Дзяўчаты ўпрыгожылі рукі бел-чырвона-белымі латэкснымі напульснікамі. І паўсюль запанавала каханне. Гэта адзіны твой шлях у гэтым краі.
Добры раман
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Кажуць, што кожны чалавек здольны напісаць адзін добры раман — пра сваё жыццё. Сяржук верыў, што адзін добры раман можна раздзяліць на шмат добрых апавяданняў і што так будзе нават і лепш.
Пісаць ён пачаў яшчэ ў школе. Гэтаму нямала паспрыяла класная насценгазета, у якой маглі надрукаваць кожнага, хто захоча. Аднак канкурэнцыя сярод школьнікаў была такой вар’яцкай, што трапіць са сваімі вершычкамі ці апавяданнечкамі на шырокую старонку насценгазеты лічылася вялікім поспехам.
Першае напісанае ім апавяданне называлася “Пазыкі”. У ім ён едкай сатырай кляйміў свайго аднакласніка, які паўгода назад пазычыў у Сяржука рубель і дагэтуль не аддаў. Калі ён прынёс апавяданне настаўніцы літаратуры і, па-сумяшчальніцтву, галоўнаму рэдактару насценгазеты, тая прачытала яго на месцы і вынесла суровы прысуд: не падыходзіць.
— Сяргейка, — сказала яна, — гэта добра, што ты таксама ўзяўся за пяро, але тэма твайго апавядання занадта дробязная, яна не будзе цікавай іншым. Ты б павучыўся, напрыклад, у Марыйкі. Пачытай яе апошні вершык пра тое, як добра нам усім вучыцца ў школе. Вось як трэба пісаць!
Занадта дробязная! Як жа так? Можа, для настаўніцы рубель — гэта дробязь, але для Сержука гэта былі вялікія грошы, ён доўга перажываў сваю страту. А тут высвятляецца, што Пецька, які, можна сказаць, разарыў яго, не зрабіў нічога асаблівага, што гэты найбрыдотнейшы ўчынак, які так глыбока раніў Сержука, нават не заслугоўвае таго, каб пра яго пісалі. Пра што ж тады пісаць?
Пра каханне! Цяпер ён павінен напісаць пра каханне, Сяржук гэта добра разумеў. Якім жа ён быў смешным, калі прынёс настаўніцы тое недарэчнае апавяданне пра рубель. Але цяпер ён пасталеў, змяніўся. Яго хвалююць іншыя тэмы. Прыйшоў час напісаць пра каханне паміж мужчынам і жанчынай.
— Сяргейка! Гэта добра, што ты пераключыўся на дарослыя тэмы, усё-ткі ты зараз адзінаццацікласнік. Але ў перажываннях твайго героя няма нічога новага. Гэта бывала з усімі і ўжо даўно апісана ў літаратуры, і не толькі класікамі, але і тваёй аднакласніцай Марыкай, якая напісала на гэтую тэму проста выдатны вершык. Вельмі раю прачытаць!
Зноў не пацэліў! Што ж гэта такое? Кожны вечар ён засынаў і прачынаўся з думкай пра Яе, і гэтыя думкі не пакідалі яго ўвесь дзень. Ён выказаў іх у сваім апавяданні, напісаў шчыра, як толькі мог, а гэта аказалася не новым. Не новым і не цікавым. Але што ж тады новае?
Эратычная проза. Дабротная прыгожая эратычная проза. Да таго ж, досвед, дзякуй богу, ужо быў, хай сабе і невялікі. У лютым, на сустрэчы выпускнікоў, Сяржук не без прыемнасці авалодаў у ванным пакоі чырвонай ад віна Марыйкай. Калі яны потым сядзелі на кухні і палілі, Сяржук гадаў, ці знойдзецца месца гэтай выпадковай сувязі ў чарговым Марыйчыным вершы. У яго апавяданні — дакладна знойдзецца.
«Сяргей! Вымушаны паведаміць вам, што дасланае вамі апавяданне “Каханне ў ванным пакоі” па многіх прычынах нам не падыходзіць, нягледзячы на тое што наш часопіс спецыялізуецца на эратычнай прозе. Адчуваецца, што жыццёвы досвед аўтара вельмі малы, а ў апісанні акта кахання няма нічога яркага і арыгінальнага, што магло б зацікавіць чытача. Паспрабуйце яшчэ! З павагай, галоўны рэдактар”.
Не арыгінальна і не нова. Ну колькі ж можна? Зрэшты, Сяржук не пакідаў надзеі надрукаваць сваю прозу ў Інтэрнэт-выданнях, часам нават і даволі падазроных. З аднаго з такіх сайтаў яму аднойчы прыйшоў адказ адным радком: “Тэма цыцак раскрытая недастаткова”. Пасля гэтага Сяржук пачаў больш асцярожна выбіраць месцы магчымых публікацый.
Але яго не друкавалі. Ён пісаў пра сябе, пра тое, што бачыць навокал, але адмовы сыпаліся адна за адной. Ніхто не хацеў браць нават слёзнае апавяданне пра суседскую дзяўчынку, якая захварэла на рак і цудам вылечылася. Сяржук меркаваў, што калі б дзяўчынка у рэшце рэшт памёрла, яго апавяданне мела б больш шанцаў на посех, але хлусіць не хацеў. Ён пісаў праўду.
“Кожны чалавек здольны напісаць адзін добры раман — пра сваё жыццё”. Ага, зараз! Каму яно патрэбна — тваё жыццё, калі ты — просты хлопец? Тваё жыццё апісалі класікі яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі, і тое ўжо толькі тую частку, якая дасталася ім ад Пушкіна ў васемнаццатым. І што зараз рабіць?
Забіць сябе! Але не проста забіць. Ён жыў проста, а памрэ прыгожа. Павесіцца, атруціцца, падраць вены — гэта для тых, хто не здольны нічога выдумаць. А ён — асоба творчая, апісваў жыццё на мяжы тысячагоддзяў. Ну што ж, не прыйшоў яшчэ, напэўна, ягоны час. Але ўжо хутка. Што б такое выбраць? Мурашнік. Ён распранецца і ляжа на мурашнік. Выдатная смерць, вартая сапраўднага творцы. Так ён і зробіць. Бывайце!
“Цела дваццацічатырохгадовага Сяргея Іванова знайшлі ў прыгарадным лесе пасярод вялізнага мурашніка. Мяркуючы па цыдулцы, якую ён пакінуў, такім няпростым спосабам малады чалавек вырашыў здзейсніць самагубства. Нагадаем, што гэта ўжо пяты выпадак самагубства пры дапамозе мурашніка за апошнія два месяцы”.
Клон
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Спачатку ўсё ішло добра. Андрэй кланіраваў жонку і цешыўся кампаніяй адразу дзвюх каханых жанчын. Адна хадзіла на працу, другая завіхалася па гаспадарцы. Штотыдзень мяняліся.
Праблемы пачаліся, калі ён захацеў легчы ў пасцель адразу з абедзвюма. Жонкі пачалі раўнаваць адна да адной і ледзь не пачалі бойку. “Дурніцы, — пачаў пераконваць Андрэй. — Ты — гэта яна, а яна — гэта ты. Я з вамі жанаты ў рэшце рэшт, усё па закону”. Але жонкі заўпарціліся, і калі Андрэй быў з адною, другая ішла плакаць на кухню.
Калі адна жонка зацяжарала, а другая — не, у сям’і наспеў вялікі скандал. Цяжарная рыхтавалася быць маці і ўсё больш часу праводзіла дома і марыла пра дзіця. Да іншай жонкі ставілася крыху пагардліва. Апошняй даводзілася затрымлівацца на працы, а першая зусім перастала туды хадзіць.
Адным не вельмі цудоўным днём другая жонка пайшла жыць да ягонага сябра. Андрэй насіўся па кватэры з нажом за першай. “Але ж я кахаю цябе, - заломвала яна рукі. — Чакаю тваё дзіця!” “Сука! — крычаў Андрэй. — Вы ж аднолькавыя, калі ён ёй так спадабаўся, то і ў табе гэта ёсць, прызнавайся!”
У рэшце рэшт ён кланіраваў сам сябе, прывёў дадому, пазнаёміў з жонкай і сказаў: “Ён будзе жыць з табою.” Дастаў з кішэні пісталет і выстраліў сабе ў скроню.
Надзейныя запляшнікі
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Калі нахлыне пачуццё адзіноты, здаецца, што твае сябры — зусім не сябры, а звычайныя прыяцелі. Пра прыяцеляў раптам разумееш, што з імі ты проста п’еш разам. Разматваючы гэты клубок зялёнай нуды, прыходзіш да высновы, што тыя, з кім ты проста п’еш разам, — наогул невядома хто з іншага вымярэння, але ніяк не людзі з твайго жыцця.
Калі б не ўсе гэтыя думкі, што раптоўна нахлынулі на мяне, і не трывалае жаданне напіцца не аднаму, я б ніколі не апынуўся ля дзвярэй кампаніі НЗ — “Надзейны запляшнік”. Фірма адкрылася зусім нядаўна і, як я зразумеў з рэкламы, магла даць мне ў арэнду годнага таварыша для асядлання зялёнага змія.
Вось таму я рашуча расчыніў шкляныя дзверы і зайшоў у памяшканне. Дзяўчына на рэсэпшане гасцінна мне заўсміхалася.
— Дзень добры, — сказаў я і крыху сцішыў голас. — Я тут упершыню і хацеў бы скарыстацца вашымі паслугамі.
— Цудоўна, — яшчэ прыязней заўсміхалася дзяўчына. — Зараз я вам крыху распавяду пра нашу кампанію. Мы прапаноўваем два віды паслуг. Па-першае, можам пазнаёміць вас з такім самым, як вы, кліентам шляхам параўнання анкет. Гэта будзе каштаваць танней, аднак стопрацэнтнага выніку, па зразумелых прычынах, мы гарантаваць не можам. Альбо вы заўсёды можаце звярнуцца да паслугаў аднаго з прафесіяналаў нашай фірмы, выбраўшы сабе тарыфны пакет. Пакет паслуг “Лёгкі” ўключае выпіўку ў рэстарацыі, дзе кожны плаціць сам за сябе. Пакет “Гасцявы” прадугледжвае больш задушэўную гутарку ў гасцях. Пакет “Усе свае” прапануе вам…
— Я зразумеў, —спыніў я яе. — Я не хачу прафесіянала. Хачу нармальнага жывога чалавека. Зможаце?
— Безумоўна. Толькі запоўніце спачатку вось гэтую анкету.
Я сеў за столік у куце і занёс ручку над паперай.
Спачатку мне давялося ўказаць улюбёныя алкагольныя напоі. Потым — іх аптымальную колькасць за адзін прысест. Ніжэй мне прапаноўвалі скончыць фразу “Калі я вып’ю, то раблюся…”. Я крыху паразважаў і напісаў: “сентыментальным”. У самым канцы трэба было пазначыць дадатковыя навыкі. Я паставіў мінусы насупраць “спяваць”, “танчыць”, “добра біцца” і плюсы насупраць “слухаць”, “спачуваць”, “даваць парады”.
Дзяўчына-кансультант хутка занесла маю анкету ў кампутар.
— Зараз паглядзім, хто можа стаць для вас аптымальным партнёрам, — сказала яна, лёгенька застукаўшы пальцамі па клавіятуры.
Я сачыў позіркам за яе рукамі.
— Такім чынам, — вымавіла яна нарэшце, — найлепшы кандыдат на сёняшні вечар для вас — гэта Павел, 34 гады, інжынер. У раздзеле “Пра сябе” Павел напісаў: “Люблю тэкілу, але магу і гарэлку”. Вы абавязкова знойдзеце агульную мову. Зараз я звяжуся з Паўлам, і праз гадзіну ён будзе чакаць вас у бары “Дудакі” — у тым месцы, якое вы абодва пазначылі ў сваіх анкетах.
— Дзякуй, — сказаў я. — Спадзяюся, усё пройдзе добра.
— Безумоўна. Прыслаць вам яшчэ каго-небудзь раніцай?
— Не трэба, — адказаў я. — Не пахмяляюся.
Паўла я пазнаў па фотаздымку, які мне паказалі ў “Надзейным запляшніку”. Ён сядзеў за стойкай бара і нешта казаў бармэну.
— Прывітанне, — сказаў я. — Вып’ем?
— Дзякуй Богу, ты прыйшоў! — адказаў Павел. — Замаўляй.
Я замовіў піва і мы стукнуліся.
— За знаёмства!
Павісла паўза.
— Ты раней ужо сустракаўся з запляшнікамі? — спытаўся Павел.
— Не, а ты?
— У мяне гэта таксама ўпершыню. Ты не падумай, я насамрэч нармальны, і сябры ў мяне ёсць. Ну, добрыя прыяцелі — дык дакладна.
— Ды і ў мяне таксама...
Пра што гаварыць, мы не вельмі разумелі. Не дзяліцца ж вось так з наскоку сваёю адзінотай з незнаёмым чалавекам. Мы замоўклі. Калі маўчаць зрабілася зусім няёмка, Павел зрабіў выкшталцоны ход.
— Як жа прыемна часам памаўчаць з добрым чалавекам, — сказаў ён. — Не адчуваеш сябе самотным, і ў той жа час у душу ніхто не лезе.
Я кіўнуў на знак згоды, і мы зноў замаўчалі.
— А можа, гарэлкі? — рашуча запытаўся праз пэўны час Павел.
Мы ўзялі гарэлкі і пачалі яе піць частымі чаркамі. Агульны занятак крыху зблізіў нас, таму Павел нарэшце адважыўся пачаць размову.
— А ведаеш, усе бабы — сукі!
— Чакай, — сказаў я. — А чаму толькі бабы?
— Таму што мы — нармальныя, — раптам пачаў усхліпваць ён. — Усё для іх робім, а яны нас кідаюць. Хоць на гэты раз я сам ёй здрадзіў...
Я зразумеў, што мой надзейны запляшнік напіўся. Потым Павел пачаў свой не вельмі звязны аповед пра іх з Марынай адносіны. Я слухаў яго, спачуваў і нават нешта раіў. Наогул, я і сам мог яму такіх жа, калі не лепшых, гісторый панарасказваць, ды калі нехта пачынае паводзіць сябе так, нібыта яму горш, чым мне, я адразу раблюся моцным, мудрым і спагадным. Асабліва пасля гарэлкі.
Канешне, гэта быў не адзіны мой самотны вечар. Але аддаваць яшчэ адзін у рукі аматараў я больш не хацеў. Я занадта высока цаніў сваю адзіноту. А таму папрасіў у НЗ даць мне на гэты раз прафесіянала. Тая самая дзяўчына працягнула мне каталог.
“Надзвычай душэўны запляшнік Пётр складзе для вас незабыўную кампанію”, — адкрыў я метадам тыка. “Класіка, брудэршафт, на разліве. Дасканалае валоданне антыпахмельнымі тэхнікамі!”
Я выбраў сабе Івана. У яго прапанове мяне падкупіў запіс “Музыка на ваш густ”. Тарыф вырашыў узяць “Гасцявы+”. Бачыць чужых людзей у сябе дома не хацелася, а плюс заключаўся ў тым, што Іван наразаў халодныя закускі.
Іван адразу ж стварыў уражанне сапраўднага прафесіянала. Хоць я пазваніў у ягоныя дзверы на пяць хвілін раней прызначанага, ён сустрэў мяне прывітальным крыкам: “Штрафную да дна!”. Каталог рэкамендаваў Івана як асабліва душэўнага запляшніка. У цяльняшцы і трэніках вусаты Іван і насамрэч выглядаў простым і добрым чалавекам.
Мы селі за стол. Іван разліў гарэлку. Я выпіў і закусіў кавалкам каўбасы.
— Ну, паміж першай і другой, як кажуць… — не марудзіў Іван.
Мы зноў выпілі. Мне захацелася паслухаць музыку.
— У цябя Дзепіш Мод ёсць? Ці М’юз які плаксівы? Што-небудзь для душы.
Іван крыху нахмурыўся
— Ужо музыку? Яшчэ рана.
— Ну добра, — здаўся я. — Скажы, як час прыйдзе.
Іван забаўляў мяне анекдотамі, у асноўным пра Васілія Іванавіча і Пецьку, аднак адмачыў і пару непрыстойных штучак, па-змоўніцку мне падміргваючы.
— Ну, а цяпер і музыку можна, — сказаў ён, калі ў бутэльцы амаль нічога не засталося. Пасля чаго выйшаў з кухні, дзе мы сядзелі. Калі ён вярнуўся, на ягоных грудзях вісеў акардэон.
— Табе якая музыка падабаецца? Я што хочаш магу.
— А можа проста вып’ем? — спытаўся я асцярожна, каб не абразіць пачуццяў душэўнага сабутыльніка.
— Цяжка мне ўжо кожны дзень піць, — раптам паскардзіўся ён. — Сэрца ўжо нешта барахліць пачало. Я наогул на заводзе працую, а тут толькі падпрацоўваю…
Я чарговы раз падумаў пра якасць сервісу ў нашай краіне.
— Добра, я тады сабе налью, а ты зайграй.
Пакуль я дабіваў гарэлку, Іван меланхалічна разводзіў мяхі і перабіраў клавішы. Развіталіся мы цёпла, недаедзеную закуску ён сабраў у мяшочак і сунуў мне ў рукі.
— Чаго дабру прападаць, за ўсё ж уплочана.
Але калі да мяне зноў падкраўся смутак, я на гэты раз абыйшоўся без фірмы, а проста пазваў да сябе дадому ўсіх, каго называў сябрамі, прыяцелямі, і ўсіх, з кім проста часам выпіваў. Мы на славу напіліся і пачалі званіць у кампанію НЗ. Мы прасілі аператара перадаць Паўлу, што Марына абавязкова вернецца, а таксама патрабавалі, каб да нас прыехаў Іван з акардэонам, але той аказаўся на выездзе. Я прызнаваўся ўсім гасцям у тым, што люблю іх, казаў, якія яны блізкія і родныя, што я лічыў, нібыта яны мне не сябры, а на самой справе —яшчэ якія сябры. Мы разам ванітавалі з балкона, трымаючы адзін аднаго за плечы, спатыкаліся і падалі ў кватэры, шумелі, уключалі музыку, і ўсё гэтае шчасце было для ўсіх абсалютна бясплатным.
А хто там ідзе
(Пераклад з расейскай Алены Казловай)
Васямнаццаць гадоў для юнака — гэта не толькі ўзрост паўналецця, калі адкрываюцца неабмежаваныя магчымасці дарослага чалавека, але таксама і той узрост, ад якога юнака хочуць забраць у войска.
Калі Алесю споўнілася васямнаццаць, ён не пераймаўся з гэтай нагоды: на той момант ён ужо год як вучыўся ва ўніверсітэце, і служба ў войску яму пагражала толькі ў аддаленай перспектыве. Але ўсе мы ведаем, што час неўмольна бяжыць наперад, і аднойчы, калі Алесь перайшоў на апошні курс, ён адчуў сапраўдны страх ад таго, што неўзабаве можа згубіць звыклую свабоду. Бо ён ведаў, што позва з ваенкамату прыйдзе ў красавіку, ну самае лепшае — у траўні. А потым, калі камісія пацьвердзіць , што ён здаровы, прыйдзецца паслужыць. Ягоны бацька пераконваў, што жыццё на гэтым не сканчаецца, і расказваў, што Алесеў дзядуля служыў больш за тры гады, і нічога з ім не здарылася. Алесь разумеў, што ў словах бацькі ёсць пэўная доля праўды, але адно толькі ад думкі пра цэлы год у казарме яго ахопліваў жывёльны панічны страх. Ён не мог знайсці сабе месца.
Штодзень па дарозе ва ўніверсітэт ён бачыў, як сноўдалі па горадзе грузавікі, набітыя пад завязку маладымі салдатамі. Салдаты рамантавалі рэльсы перад ягоным домам, салдат паказвалі па тэлебачанні. Пры тым сюжэты заўжды былі самымі страхотнымі: самазабойствы, дзедаўшчына, нягоды жыцця, пазбаўленага ўсяго людзскага.
У гэтым непарыўным страху Алесь здаў апошнюю сесію, прайшоў практыку на маргарынавым заводзе і засеў за дыплом. І калі надыйшоў красавік, што зацурчаў ручаямі, ягоныя жахлівыя мроі пачалі спраўджвацца. Ён атрымаў позву.
Алесь вельмі разлічваў на тое, што яго прызнаюць непрыдатным паводле сэрца. Яшчэ на медаглядзе, калі ён быў першакурснікам, урач паставіў яму незразумелы дыягназ “ПМК” і дазволіў прапускаць фізкультуру. Але ваенкаматаўскі тэрапеўт, толькі кінуўшы вокам на рэзультаты алесевага ўльтрагукавога даследавання, гнюсна разрагатаўся і напісаў у асабістай справе “прыдатны”, зацьвердзіўшы непрыемнае слова круглай пячаткай.
Алесевы вочы, жывот, пячонка, селязёнка, зубы, лёгкія, ногі, рукі і шчытападобная залоза — усё гэта даследавалі ў самыя кароткія тэрміны, але ягонае цела было зрадніцкі здаровым. І вось, калі ён усур’ёз вырашыўся назаўжды развітацца з гэтым жыццём, толькі б не дацца ў рукі салдафонам, ён выпадкова падслухаў у трамваі размову двух дзяўчат.
— Алена, павер, ён табе спадабаецца. Зьнешне ён падобны да Грэга Кінэра, які граў у фільме “Лепей не бывае”.
— Кінэр-Кінэр-Кінэр… — некалькі разоў паўтарыла сяброўка дзяўчыны. — Не, не магу згадаць, як ён выглядае…
— Ныркі-ныркі-ныркі, - пачуў Алесь, які слухаў размову напаўвуха.
Ныркі!!!
Вось пра што ён не згадаў! Алесь выскачыў з трамвая і подбегам кінуўся ў ваенкамат, дзе ўрачы ўжо добра яго ведалі.
— Ну што ты там сабе яшчэ прыдумаў? — запытаўся хірург.
— Ныркі. У мяне з дзяцінства хворыя ныркі, — зманіў Алесь, у кволым спадзеве на тое, што так яно і выявіцца.
— Ну глядзі, — сказаў хірург, — апошні раз даем табе накіраванне. Колькі ўжо можна нас мучыць?
Затым быў усепранікальны рэнтген, ультрагук і незразумелыя радыёізатопныя даследаванні. А ўжо колькі крыві Алесь здаў за гэты час! Калі б ён здаваў яе за грошы, то ўжо даўно б атрымаў званне ганаровага донара.
Тут варта б ненадоўга спыніць аповед, каб заўважыць, што ў час перапынку паміж медаглядамі Алесь знайшоў у сабе сілы, каб прайсці найскладаны конкурс на вакантнае месца ў буйной страхавой кампаніі. Зрэшты, Алесь усё адно не верыў, што будзе там працаваць. Яго абяцалі ўзяць адно пры ўмове, што ён здыме ўсе пытанні, датычныя войска.
І вось надыйшоў момант, калі Алесь пайшоў забіраць вынікі даследавання нырак. Абыякавы ўрач працягнуў яму бланк з заключэннем і ўручыў рэнтгентаўскія здымкі. Алесь спусціўся па бальнічнай лесвіцы на першы паверх, сеў на лаўку, перажагнаўся, пацалаваў нацельны крыжык і паглядзеў на дыягназ. Кепскім, але усё-ткі боль-менш разборлівым почыркам ўрача на аркушы былі выведзеныя неверагодныя словы “нефраптоз 3-й ступені”. На той момант Алесь ужо дасканала ведаў усе пяцьдзесят старонак закону, які рэгламентаваў стан здароўя прызыўнікоў, таму адразу ж сцяміў, што нефраптоз — гэта свабода. Нефраптоз — гэта праца ў страхавой кампаніі і перспектывы росту. Нефраптоз — гэта сонца, мора і дзяўчаты. Нефраптоз — гэта здаровы сон і апетыт. Нефраптоз — гэта будучыня, а будучыня за нефраптозам. Вось дык ныркі, ну проста дзьве перліны! Алесь расплакаўся. Слёзы закапалі на чорныя рэнтгентаўскія здымкі. У гэтым трыюмфальны момант у кішэні загудзеў мабільнік. Званілі са страхавой кампаніі.
— Аляксандр, ці разабраліся вы з пытаннем войска? Вас прызналі непрыдатным?
— Не. Але яны яшчэ не ведаюць, што я маю!
— Яны не ведаюць, што я ім пакажу! — патрэс Алесь рэнтгенаўскімі здымкамі. — З нефраптозам мне паўсюль зялёнае святло і доўгі калідор!
— Пракрычаўшы гэта, ён пабег у ваенкамат. Там без чаргі, пачаў распіхваць панурых хлопцаў, што тоўпіліся пад дзвярыма хірурга.
Ну і хто там да нас ідзе такі нахабны? — запытаўся хірург, які пачуў шум у калідоры.
Алесь заляцеў у кабінет і злосна засмяяўся. У ягоных вачох загарэўся шалёны агенчык.
Хто там ідзе? Вы пытаецеся, хто там ідзе?
Ён падыйшоў да хірурга, узняў руку, у якой трымаў здымкі, нібыта хацеў імі кагосьці ўдарыць. Потым раптам збляднеў, сеў на падлогу і зашаптаў:
А хто там ідзе, а хто там ідзе? Нас нефраптоз за сабою вядзе... А хто там ідзе, а хто там ідзе? Нас нефраптоз за сабою вядзе...Так ён паўтараў да таго часу, пакуль з суседняга пакоя для яго не паклікалі псіхіятра, што напярэдадні прызнаў яго здаровым.
Новы экзамен
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
1.
Я дагэтуль успамінаю той дзень, шэсць год назад, калі дэкан нашага факультэта з вялікай сіняй папкай у руках увайшоў у нашу аўдыторыю.
— Дзень добры, дзеці, — сказаў ён нам, тады яшчэ першакурснікам. — У мяне для вас цікавыя навіны.
Па партах праляцеў ледзь чутны гул, група захвалявалася. Дэкан паднёс руку да рота і адкашляўся.
— Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра новую ініцыятыву нашага міністэрства адукацыі. Скажу шчыра: яна крыху... эээ... незвычайная.
Я паглядзеў на аднагрупніка Воўку Іваненка. Ён паціснуў плячыма і адвярнуўся. Дэкан тым часам працягваў:
— З гэтага семестра ва ўсіх вышэйшых навучальных установах нашай краіны ўводзіцца новы экзамен.
— Магчыма, вы хацелі сказаць “новы курс”, Павел Ігаравіч? — запытала выкладчыца вышэйшай матэматыкі, якая дагэтуль сціпла стаяла ля падаконніка з крэйдаю ў руцэ.
— Не, не новы курс. Менавіта новы экзамен.
— Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны? — пажартаваў з апошняй парты Паўлюк Букін. Дэкан кінуў на яго грозны позірк і Паўлюк уцягнуў галаву ў плечы.
— Магчыма, гэты экзамен падасца вам вельмі простым і нават вясёлым. Але не забывайце, што здаваць яго вам давядзецца пасля кожнага семестра ўсе пяць год вашага навучання. Выніковы сярэдні бал будзе зафіксаваны ў вашым дыпломе аб вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, гэты сярэдні бал стане важным крытэрам для працаўладкавання.
Мы сядзелі і прыслухоўваліся да кожнага слова. Дэкан зноў адкашляўся.
— Але, дзеці, не буду вас мучыць. Гаворка ідзе пра экзамен на шчаслівасць.
Група збянтэжана маўчала. Дэкан зазірнуў у сваю папку.
— Па ініцыятыве кіраўніцтва нашай краіны і міністэрства адукацыі, з гэтага года вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць ацэньваць не толькі веды, але таксама і прыроджаныя здольнасці. Гэта патрэбна дзеля таго, каб выявіць сярод вас тых, каму ад прыроды шанцуе больш або менш за астатніх. Многія салідныя кампаніі хочуць браць на працу толькі тых людзей, якім у жыцці спадарожнічае поспех. Адпаведна тым з вас, каму поспех у жыцці не спадарожнічае, давядзецца шмат і старанна працаваць, каб мець магчымасць канкурыраваць на рынку працы. Ці ёсць пытанні?
— Павел Ігаравіч, — гэта зноў была выкладчыца вышэйшай матэматыкі, — а як жа будзе праходзіць гэты экзамен?
— Добра, слухайце. Студэнты будуць па адным заходзіць у аўдыторыю і выцягваць сабе перад экзаменацыйнай камісіяй адзнаку ад нуля да дзесяці. Не білет, а адразу адзнаку. Зразумела?
Дэкан агледзеў нашу групу.
— Калі пытанняў больш няма, то я пайду.
З гэтага дня ўсё і пачалося.
2.
У раскладзе экзаменаў выпрабаванне на шчаслівасць стаяла ў самым канцы. На той момант мы ўжо здалі астанія дысцыпліны і ўсхвалявана тоўпіліся перад зачыненымі дзвярыма.
Першай захацела пайсці Марыйка Лакіна. Перад тым, як зайсці, яна ўзялася за ручку і на імгненне застыла. А потым рашуча расчыніла дзверы і знікла ў аўдыторыі.
— Зараз паглядзім, наколькі шчаслівая Марыйка, — пракаментаваў Паўлюк Букін, — калі што — абавязкова ажанюся!
Праз хвіліну Марыйка выйшла.
— Дзесяць!
Мы ахнулі.
— Я наступны! — крыкнуў Паўлюк Букін і знік за дзвярыма. Вярнуўся ён ужо з дзевяткай. За ім хынулі і астатнія.
Я пайшоў дзесьці ў сярэдзіне. Да таго часу маім аднагрупнікам шанцавала, меней за шасцёрку ніхто не выцягнуў.
Павернутыя тыльным бокам лісцікі з адзнакамі радамі ляжалі на стале перад экзаменацыйнай камісіяй, на чале якой сядзеў сам дэкан. Я занёс руку над сталом і прыслухаўся да адчуванняў. Я ведаў, што мая адзнака абавязкова сябе акажа. Калі мне падалося, што ў руку нібы закалола, я схапіў найбліжэйшы лісцік і перавярнуў яго. На адваротным баку стаяў чорны, тлусты нуль.
— Як вы разумееце, пераздачы быць не можа, — сказаў мне дэкан. — Гэтая адзнака будзе залічана і паўплывае на ваш выніковы бал.
Засмучаны, я выйшаў у калідор.
Па сканчэнні экзамена высветлілася, што завалілі яго толькі я і Вольгачка Шчасная. Нам ніхто нічога не сказаў, аднак мне падалося, што ў вачах нашых аднагрупнікаў мы сталі кімсьці накшталт заразна хворых.
Калі ўсе пачалі абмяркоўваць, як і дзе будуць адзначаць паспяховае завяршэнне сесіі, я падыйшоў да Вольгачкі і стаў побач.
— Не бяры да галавы, Волька, — сказаў я. — Нічога страшнага не адбылося.
Яна падняла вочы. Яны былі поўныя слёз.
— Мне заўсёды не шанцуе, — усхліпнула Вольгачка. — Я думала, каб хоць адзін бал ці два, а тут...
Яна закрыла твар рукамі.
— Не перажывай, вучоба — не галоўнае, — сказаў я і тут жа адчуў усю недарэчнасць сваіх слоў.
Вольгачка глуха заплакала.
3.
У той вечар мы гулялі з Вольгачкай адны па начным горадзе. Блукалі па вузкіх вулках, не звяртаючы ўвагі на тое, што з неба валіў мокры снег, пакуль, нарэшце, не набрылі на маленькую кавярню. Там мы селі за столік і зазірнулі ў меню.
— Дзвесце шаснаццаць гатункаў кавы, звар’яцець можна! — узрадавалася Вольгачка.
Да нас падыйшла афіцыянтка з нататнікам у руцэ.
— Чорную без цукру, — папрасіў я.
Афіцыянтка чыркнула ў сваім нататніку.
— І яшчэ йеменскі гатунак “Аль-Маха”, калі ласка, — выбрала Вольгачка.
Афіцыянтка вінавата ўсміхнулася.
— Прабачце, “Аль-Маха” толькі што скончыўся, мне вельмі прыкра.
— Ну тады таксама чорную без цукру.
Вольгачка адкінулася на спінку невялічкай канапы.
— Вось бачыш, — сказала яна. — Мне ніколі не шанцуе. Экзамен толькі пацвердзіў гэта. Праўда, раней пра гэта ніхто не ведаў, гэта было неістотна, а зараз пра маю няўдачлівасць даведаюцца ўсе.
— Мне здаецца, ты дарма так перажываеш. Гэты экзамен нічога нам не дадаў і нічога не адняў, мы засталіся такімі ж, як і раней. Усё нармалёва.
— Не, — сказала Вольгачка. — Не ўсё нармалёва.
4.
Аказалася, што яна мела рацыю. Пасля таго, як мы атрымалі калы па шчаслівасць і ў другім семестры, нашы аднагрупнікі стараліся абыходзіць нас бокам. І хоць яны па-ранейшаму заставаліся змушана ветлівымі, мець з намі агульныя справы неяк баяліся.
У трэцім семестры мы з Вольгачкай упэўнена выцягнулі па тройцы і ўзбадзёрыліся, ды ўжо ў чацвёртым нам давялося задаволіцца двойкамі.
Аднойчы я паспрабаваў схітрыць на экзамене — занёс руку над лісцікамі з адзнакамі, дачакаўся звыклых іголачак у далоні, але лісцік схапіў з супрацьлеглага боку стала. Ды гэта не дапамагло, у маёй руцэ аказаўся здрадніцкі кол.
Нашыя аднагрупнікі ішлі ў асноўным роўна — шэсць-сем балаў, толькі Марыйка Лакіна ды Паўлюк Букін атрымлівалі адны дзевяткі і дзесяткі. Паўлюк, як і абяцаў, ажаніўся з Марыйкай. Яны нават не сталі чакаць заканчэння вучобы.
Мы з Вольгачкай таксама пачалі думаць пра вяселле. Наша катастрафічная нешчаслівасць нас вельмі зблізіла.
Тым часам у краіне пачаў зараджацца рух няўдачнікаў. Яны патрабавалі адмены новаўведзенага экзамену, аргументуючы гэта недапушчальнасцю штучнага раздзялення на ўдачлівых і няўдачлівых. Але іх пратэст аказаўся няўдалым, паступова рэгулярнае тэсціраванне на шчаслівасць стала абаязковым для ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў, а потым і прыватных фірм. Ніхто не хацеў бачыць у сябе супрацоўнікаў, няздольных прыцягнуць хоць які-небудзь невялічкі поспех. Павялічылася беспрацоўе.
Многія праблемы да пары не датычыліся нас з Вольгачкай, аднак пяць год навучання прамінулі непрыкметна і надыйшоў той момант, калі нашай групе далі дыпломы з выніковымі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах.
У тым ліку і па шчаслівасці.
5.
Той дзень, шэсць год назад, змяніў маё жыццё. Што такое беспрацоўе, я цяпер зведаў на ўласнай скуры. Ніводная фірма не жадае бачыць мяне сваім супрацоўнікам, і вінаваты ў гэтым, натуральна, сярэдні бал па шчаслівасці — адзін з паловай. Некаторыя дырэктары, здаралася, праяўлялі ў адносінах да мяне міласэрнасць і згаджаліся не зважаць на мае няўдачы падчас навучання, але толькі пры ўмове, што я выцягну сабе прымальны бал на іх вачах. Ці трэба казаць, што нічога добрага з гэтага не атрымлівалася.
З цягам часу мы з Вольгачкай пераехалі жыць у спецыяльны для такіх, як мы, квартал. Харчуемся і апранаемся на матэрыяльную дапамогу. Чакаем дзіця і часта фантазіруем, на каго яно будзе падобнае. Кажуць, гены перадаюцца праз пакаленне. Мы на гэта вельмі спадзяемся. А раптам нам пашчасціць?
Трубачка
Аднойчы я ўбачыў паненку з трубачкай у галаве. Я запрасіў яе да сябе, набыў піва і наліў крыху праз трубачку. Ўжо зь першымі кроплямі дзеўчына пачала ўсьміхацца ў адказ на мае жарты, прыціскацца да мяне, лашчыць пальцамі шчаку. Я заліў усю бутэльку і яна мяне пацалавала. Пасьля другой мы згасілі сьвятло.
Праз некалькі дзён я ўбачыў яе зноў. Яна зрабіла выгляд, быццам мы незнаёмыя. Але ў маім заплечніку знайшлася бутэлька “Аліварыі”, і я ў другі раз скарыстаўся яе трубачкай. Мы прачнуліся побач і разыйшліся хто куды. Я потым сустракаў яе, але трубачкі больш ў галаве не было. Мы ня ведалі, што казаць адно аднаму, і больш ніколі ня бачыліся.
І тады я пачаў шукаць дзяўчын з трубачкамі, якія маглі мне падараваць пяшчоту і ласку. Я насіў у заплечніку піва, якое бурштынавымі струменьчыкамі ўліваў ім ў галовы. Яны хутка п’янелі і мне здавалася, быццам яны мяне кахаюць. Але надыходзіла раніца, і ўся іх пяшчота і ласка кудысьці выпараліся.
Адной дзеўчыне я заліў праз трубачку гарэлку. Яна адразу пачала плакаць. І пакуль я дарэмна чакаў сваю порцыю пяшчоты і ласкі, жалілася, што неўзаемна кахае іншага хлопца, і ўвесь час дасылала яму смс.
А потым мне абрыдла ўсё гэта і я прыладзіў трубачку самому сабе. Я заліваў туды піва і чырвонае віно, хадзіў шчасьлівы, і навакольны сьвет быў пяшчотны і ласкавы.
Апавяданні сярэдзіны вясны
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Сярэдзіна вясны
— Адсюль цудоўныя краявіды, — сказала Насця, калі яны з Дзімам залезлі на дах дванаццаціпавярховіка. — Я люблю сюды прыходзіць.
Дзіма паглядзеў уніз, і ў яго закружылася галава.
— Я баюся вышыні, — сказаў ён, учапіўшыся рукамі ў парапет.
— І я баюся. Але тут усё роўна файна.
Дзіма адышоў ад краю.
— А на гэтыя дахі наогул можна лазіць? — спытаўся ён. — А раптам нам штраф дадуць?
— Хто?
— Ну, я не ведаю. Супрацоўнікі ЖЭСа, напрыклад, ці міліцыя. Нельга ж, напэўна, каб усё па дахах лазілі.
— Безумоўна, нельга. Бо так можна напалохаць Карлсана. Ён тады паляціць і не вернецца.
— Што?
— Я пажартавала.
— А-а-а…
Насця паглядзела на гадзіннік.
— Поўнач! Пятнаццатага красавіка прыйшло! Самая сярэдзіна вясны! Адчуй! Зараз так пахне момантам, сапраўдным момантам!
— Клеем?
— Дзіма, не смяшы мяне! Я магу незнарок пакаціцца ад смеху! Будзеш потым мой банцік ад асфальту адшкрабаць.
— Які банцік? У цябе ж кароткія валасы.
— Я жартую! Проста мне весела! Вясна!
— Мне трэба дадому, — сказаў Дзіма, — заўтра на працу з раніцы. Паперы важныя прыйдуць.
— А віно? Мы ж узялі віно, каб сярэдзіну вясны святкаваць.
Дзіма нахіліўся і дастаў з дыпламата пакет віна. Патрымаў яго ў руках, затым паставіў на парапет перад Насцяй.
— Я не буду, — сказаў ён, — забірай сабе. Сярэдзіна вясны — гэта крута, але мне насамрэч трэба ісці.
Дзяўчына ў прыбіральні
Я нудзіўся ў чарзе ў платную прыбіральню і думаў пра тое, што яна ніколі не скончыцца. Перада мною стаялі два хлапцы. Па белых кашулях, запраўленых у чорныя штаны, востаносых бліскучых туфлях і асабліваму выразу твараў я пазнаў у іх банкаўскіх супрацоўнікаў. Хто-хто, а я з такімі тыпамі сутыкаўся. Адзін з іх пра нешта апавядаў іншаму:
— Я ёй кажу: пайшлі ў якую рэстарацыю прыстойную, я плачу. А яна мне: “Хачу на дах — і ўсё”. Я з бабамі з інтэрнэту не першы раз сустракаюся, але гэтая зусім нейкая ненармальная. Ну я з ёю і палез…
Далей я не слухаў. Звычайная гісторыя двух людзей, якія вырашылі выпаўзці насустрач адзін аднаму, ды нешта не склалася. Колькі такіх сітуацый у мяне самога было!
Калі падышла чарга, я нагнуўся да акенца, працягваючы грошы, і ўбачыў дзяўчыну. Сказаць, што я быў ашаломлены, — нічога не сказаць. Дзяўчына ў акенцы была не проста прыгожай, яна была прыўкраснай. Крыху бледны твар, цёмныя валасы і вялізныя зялёныя вочы. На грудзях вісеў бэджык з яе імем — Юля. Я забыўся, навошта прыйшоў, і стаяў, разявіўшы рот і перамінаючыся з нагі на нагу. Тым часам Юля працягнула руку з тонкім прыгожым запясцем і спрытна выцягнула з майго кулака 600 рублёў.
— Наступны, — сказала яна. Я прайшоў далей і ўжо спіною пачуў, як алкаш, што стаяў за мною, шчыра здзіўляўся: “Што такая красуня робіць у гэтай прыбіральні?”
Я выйшаў на вуліцу і паглядзеў на таблічку, дзе быў напісаны час працы ўстановы, і ўжо ў той самы вечар стаяў каля прыбіральні з букетам невядомых кветак, купленых у выпадковай бабулькі на выхадзе з метро.
Калі з’явілася Юля, я падышоў да яе і працягнуў кветкі. Яна прыняла букет без асаблівага здзіўлення і дазволіла себе праводзіць. Яна жыла непадалёку, і мы пайшлі пехатою па сухіх красавіцкіх вуліцах.
— Паслухайце, Юля. Я разумею, гэта, напэўна, вельмі недалікатнае пытанне, але тым не менш. Як вы здолелі знайсці такую працу? — нарэшце спытаўся я.
Яна адказала не адразу. Дастала з сумачкі цыгарэты, запаліла.
— Гэта ўсё размеркаванне. Я скончыла універсітэт, і мяне на два гады размеркавалі сюды адпрацоўваць грошы, якія патраціла дзяржава на маю адукацыю.
Я здзівіўся:
— А на якой спецыяльнасці вы вучыліся?
— Бюджэтаванне і кіраванне патокамі.
Я не ведаў, пра што яшчэ спытацца, і таму задаў зусім дурацкае пытанне:
— Вам падабаецца ваша праца?
— Нічога так, — адказала Юля, — я ўжо звыклася. Канечне, дах крыху зносіць. Уявіце: з раніцы да вечара прасядзець у прыбіральні. Але цярпець можна. Лепш, чым у чарнобыльскай зоне працаваць, ці ў вёсцы. Хоць часам здаецца, што маладосць так і пройдзе ўся ў прыбіральні. Цікава, праўда?
Я асмялеў:
— Можа, мы заўтра сходзім куды-небудзь разам? У кіно, напрыклад.
— Цудоўна! — узрадавалася Юля. — Я вельмі люблю фармат “Чатыры на чатыры”. Заходзьце па мяне пасля працы.
Мы дамовіліся, што я абавязкова зайду, і развіталіся.
Размова ля Свіслачы
— Што ты зараз робіш? — спытаўся Паша ў Косціка, калі скончыліся пары.
— Не ведаю.
— Ідзем піва піць?
— Давай, сёння бацькі як раз грошай падкінулі.
— Тады паехалі ў цэнтр.
На метро яны дабраліся да Нямігі, купілі піва і выйшлі да Свіслачы.
— Ну, давай за нас! — сказаў Паша. Косцік зрабіў некалькі глыткоў.
— Усё-ткі нармалёвае піва “Аліварыя”, — сказаў Паша, закурваючы. — Адзінае з беларускіх, якое піць можна.
— Я не ведаю.
— Ну так, ты ж у нас зусім нядаўна піць пачаў.
— Спойваеш ты мяне.
— А хулі, трэба бухаць, пакуль малады, пакуль першы курс. Потым калі яшчэ пабухаеш?
— Я зараз лепш бы з дзяўчынай быў, чым бухаў.
Паша засмяяўся.
— Слухай, у цябе з бабамі зусім ніяк, ці што?
— Ніяк, — прызнаўся Косцік. — Сустракаўся з адной, калі мне яшчэ семнаццаць было. Яна мяне выратавала, можна сказаць. Паабяцай, што нікому не раскажаш..
— Ну ты мяне крыўдзіш, — абурыўся Паша.
— Я ў шаснаццаць год клятву сабе даў. Я быў тады такі ж адзінокі, як зараз. Карацей, я вырашыў, што калі да васемнаццаці год у мяне не будзе ніводнай дзяўчыны, то на свой дзень народзінаў я адкуль-небудзь саскочу. Ці мала высокіх дахаў? Яна якраз з’явілася, калі два месяцы заставалася.
— І ты, дэбіл, што, рэальна скочыў бы?
— Не ведаю, галоўнае, што нават думаць пра гэта не давялося
— Ну і як яна?
— Яна файная была. Але мы з ёй проста цалаваліся. Потым праз месяц яна пераехала з бацькамі на Украіну. Мы яшчэ перапісваліся крыху.
— І што, з таго часу — нікога?
— Нікога.
— Бедалага.
Косцік адкрыў новую бутэльку.
— Сваякі жартуюць, што на мяне дзяўчаты вешаюцца. Прыходжу ў госці, і бабуля мною ганарыцца. Паўтарае пастаянна, што я высокі і прыгожы брунет. Ад дзяўчат адбіцца не магу, напэўна. А што я ёй скажу?
— Скажы, што ўсе дзяўчаты — у мяне, маленькага бландына.
Паша так гучна засмяяўся, што літаральна складваўся напалам. Косцік сумна пазіраў на яго. Паша і праўда быў значна меншага росту, аднак бландынам назваць яго можна было толькі з вялікай нацяжкай. Яго валасы былі нейкага бруднага саламянага колеру, нібыта нехта выцягнуў са стога шматок саломы. У Мінск Паша прыехаў вучыцца з Бабруйска. Косцік дрэнна ўяўляў, дзе гэта. І ўсё роўна з дзяўчатамі Паша меў куды больш прыязныя адносіны, чым ён, высокі брунет са сталіцы.
— Ведаеш, — сказаў Косцік. — Ёсць такі жарт: калі ў цябе няма дзяўчыны, значыць, у некага іх дзве.
— Не пераймайся, — сказаў Паша. — Яшчэ сустрэнеш сваю.
У інтэрнаце
— Сёння ідзем у інтэрнат, — сказаў Паша Косціку на перапынку. — Пазнаёмлю цябе з бабамі. Можа, і западзеш на якую. Там і нармальныя ёсць.
Косця захваляваўся. Не кожны дзень выпадала яму знаёміцца з дзяўчатамі, а можа нават і ўразіць іх чым-небудзь. Рэшту дня ён правёў як на іголках, дакучаючы Пашы пытаннямі пра сённяшні вечар.
Па дарозе да студэнцкага інтэрната яны зайшлі ў краму. Паша купіў дзве бутэлькі гарэлкі і двухлітровы пакет апельсінавага соку.
— А віно браць будзем? — спытаўся Косцік.
— Не забывайся, куды ідзеш, — адказаў Паша. — Гэта табе інтэрнат, а не рамантычная вячэра.
Яны зайшлі ў будынак і пакінулі студэнцкія білеты у вахцёркі, а потым падняліся на трэці паверх. У пакоі іх сустрэў хлопец у спартовых штанах і тапках. Хлопца звалі Лёха, гэта быў ягоны пакой. Лёха растлумачыў, што жыве з суседам-завучкам, і таму ў звычайны дзень пры ім не разгуляешся, але сёння сусед нарэшце зваліў дадому і можна рабіць, што хочаш.
Лёха пайшоў пазваць дзевак. Паша тым часам выкладваў з заплечніка на стол гарэлку і сок.
— Яны што, праўда будуць гэта піць? — спытаўся Косцік.
— А куды яны дзенуцца? Ты што, тупы?
Вярнуўся Лёха. За ім у пакой зайшлі дзе дзяўчыны. Іх твары падаліся Косціку знаёмымі. Напэўна, бачыў ва ўніверы. Адна была вышэйшая, цёмнавалосая, уся нейкая вуглаватая. Другая — фарбаваная бландзінка з формамі. Не сказаць, каб прыгажуні, але нічога. Косця прыкінуў і вырашыў, што першая яму падабаецца больш, і таму абрадаваўся, калі яна села побач з ім на ложак. Бландзінка прымасцілася побач з Пашам, Лёха сеў на крэсла.
Паша разліў гарэлку па шклянках. Косцік дадаў у сваю соку, астатнія не разбаўлялі.
— Ну, за сустрэчу! — сказаў Паша, і яны гучна стукнуліся.
Размаўлялі ні пра што. Абмяркоўвалі выкладчыкаў, нейкія даўно прамінулыя п’янкі, расказвалі анекдоты. Косцік згадаў дарэчы некалькі смешных гісторый, якія вычытаў у Інтэрнэце. Калі ён чарговы раз сказаў “Інтэрнэт”, Лёха здзівіўся:
— Ты што, зусім адтуль не вылазіш?
— Косцік там з дзяўчынкамі знаёміцца, — сказаў Паша.
Косцік раззлаваўся. Па-першае, Паша сказаў гэта вельмі пагардліва, па-другое, яму не хацелася, каб дзяўчыны падумалі, нібыта ён яшчэ не знаёмы з усімі, хто яму патрэбен.
— Ды ідзі ты!..
— Фігня твой інтэрнэт, — гучна пачаў Паша. — Не разумею, што ты там знайшоў. Я наогул не ведаю, што там і як, а ты зусім з глуздоў з’ехаў. Кажуць, там толькі самыя страшныя бабы сядзяць. Тыя, каго так ніхто не хоча. І яны там сабе мужыкоў шукаюць, бо іх ніхто не бачыць. А яшчэ там мужыкі сядзяць пад выглядам баб і такіх прыдуркаў, як ты, разводзяць. Кідай ты гэтую справу!
— Нічога не страшныя. Такія, як і паўсюль.
— Тады навошта табе гэты галімы комп? Толькі грошы і час адбірае.
— Ды ну цябе, нічога ты не разумееш.
Настрой у Косціка сапсаваўся. Ён павярнуўся да цёмнавалосай і паспрабаваў пачаць размову.
— Ты любіш чытаць?
— У школе не любіла, а зараз чытаю, што сябры даюць.
— Ааа. І што, напрыклад?
— Ну, Данцова там, Каэльё.
— Каэльё?
— Ага, я «Алхіміка» прачытала, мне вельмі спадабалася. Я лічу, што гэта вельмі мудрая кніга.
Косціка перасмыкнула.
— А музыку ты якую слухаеш?
— Я не вельмі музыку люблю, у асноўным слухаю радыё.
Косцік паглядзеў направа. Паша ўжо схапіў бландынку за каленка.
— А фільмы табе якія падабаюцца? — працягнуў Косцік.
— Розныя, камедыі ў асноўным.
Пра што пытацца далей, Косцік не ведаў.
— Пайшлі пакурым, — сказаў яму Паша, падымаючыся з ложка.
Яны выйшлі на калідор і запалілі цыгаркі.
— Ты ведаеш, у чым твая праблема? — спытаўся Паша, гледзячы Косціку ў вочы.
— Ну скажы.
— У тым, што замест таго каб проста паспрабаваць выябаць дзеўку, ты стараешся спачатку выябаць ёй мазгі. Нахер табе ведаць, якую яна музыку слухае, якія фільмы глядзіць, якія кнігі чытае? У цябе што, не стаіць без усёй гэтай хуйні?
— Ды ладна табе, — прамармытаў Косцік.
— Прасцейшым трэба быць, разумееш? Прасцейшым.
— Паспрабую, — паабяцаў Косцік і яны вярнуліся ў пакой.
Вочы
— Прыкінь, я ўчора па мордзе атрымаў ад сяброўкі, — паскардзіўся Ваня і пачасаў шчаку.
— Ад якой яшчэ сяброўкі?
— Ты яе не ведаеш. Мы з ёй проста сябруем, у кіно ходзім. Размаўляем. У яе нават нехта ёсць, напэўна. Мы сядзелі ўчора на лаўцы, віно пілі. Вясна там, сонейка, птушкі. Раздавілі ўжо пакет на дваіх, і тут бачу я — а ў яе позірк такі асаблівы. Нібыта хоча, каб я яе абняў. Ну ты ж ведаеш, я заўсёды па вачах бачу, калі дзеўкі гэтага хочуць. Ні разу не памыліўся. Ну і палез я да яе з рукамі, а яна мне як заляпіла…
Ваня зноў памацаў шчаку.
— Я калі зараз думаю, што ж гэта наогул было, то разумею, што вочы ў яе проста касыя былі. Звычайны п’яны позірк. І ў тых, што да яе, — таксама. Бухія яны ўсе былі. Проста мне шанцавала.
Па кнігі
— Заходзь, — сказала Ліза. — Можаш не разбувацца, у нас рамонт.
Дзіма асцярожна пераступіў парог.
— Пайшлі ў мой пакой. Хаця і там не вельмі.
У пакоі Дзіма агледзеўся. Канапа ў куце была накрытая поліэтыленавай плёнкай з белымі разводамі, на акне не было фіранак. У голай празрыстасці шкла было нешта настолькі няўтульнае, што Дзіма паморшчыўся. Пустая шафа ля сцяны была расчынена, побач на падлозе валяліся кнігі.
— Што я табе павінна аддаць, кажаш? — спыталася Ліза.
— Каэльё і Муракамі.
— А, ну так!
— Дарэчы, як табе?
— Нармальна. Праўда, нічога асаблівага.
— А мне спадабалася, — сказаў Дзіма. — Вельмі лёгка чытаецца. Ведаеш, пасля працы мазгі зусім не вараць, не кожная кніжка падыйдзе.
— Ну так. А ты па-ранейшаму ўвесь у працы?
— Не пачынай.
— Ды я так. Цяпер ужо якая розніца?
— Яны замоўклі.
— Чым зараз займаешся? — спытаўся Дзіма.
— Ды нічым асаблівым. На шэйпінг хіба што запісалася, хачу добра выглядаць.
Дзіма паглядзеў на Лізіны абцягнутыя блузкай грудзі. “Як ні круці, — раптам падумаў ён, — калісьці я дакранаўся да гэтых грудзей, падабаецца ёй гэта або не”. Потым ён пачаў думаць, што чалавечая скура пастаянна абнаўляецца і, напэўна, у Лізы ўжо зусім іншыя грудзі, а тыя, што былі, больш не існуюць. І што наогул ніводзін міліметр Лізінага цела больш нічым не звязаны з ім. Яму зрабілася сумна.
— Пра што задумаўся? — спыталася Ліза.
— Ды так. Дарма мы ўсё ж расталіся. Ты была самай лепшай. Навокал зараз адны вар’яткі. На дахі цягаюць, хочуць невядома чаго.
— Ты паскардзіцца мне прыйшоў?
— Прабач.
— Не бядуй, яшчэ сустрэнеш сваю. На мне свет клінам не сышоўся.
Сябры
Косцік і Паша дапівалі чарговую бутэльку піва ў Косціка дома на кухні.
— Пайшлі пакурым, прапанаваў Паша, — і яны з бутэлькамі ў руках выйшлі ў пад’езд да смеццепровада.
— Мне ўжо добра, —прызнаўся Косцік і пахіснуўся.
— Дык і не павінна быць дрэнна, — засмяяўся Паша. — Глядзі толькі не наклюкайся зноў, як у інтэрнаце.
— Ну колькі ўжо можна нагадваць?..
— Ну а што? Як налёг тады на гарэлку, дык ледзь я цябе потым да хаты дацягнуў.
— Ай!..
Паша зацягнуўся і агледзеўся.
— Часам здаецца, што каля гэтага смеццепровада ўся маладосць і пройдзе, — пажартаваў ён.
— Добра, што ты да мяне часта заходзіш, — адказаў Косцік. — Мы ж сябры.
— Так, сябры. І ведаеш, ніводная баба сяброў табе не заменіць.
— Ага.
— Ну сам мяркуй, ці зможаш ты калі-небудзь нармалёва пабухаць з бабай?
— Не, — згадзіўся Косцік.
— А ці ж баба зразумее цябе так добра, як сябар?
— Мабыць, не.
— Ну вось бачыш…
Паша схіліўся да Косцікавага вуха:
— Я табе больш скажу: бабы — гэта зло, а ўсё зло — ад баб. Галоўнае — сябры.
— Я згодзен, — сказаў Косцік. Яму зрабілаяся раптам вельмі добра. Добра і лёгка.
— Правільна, ну гэтых баб. Давай лепш вып’ем за сяброў.
Тры рэчы
— Мяне цікавяць тры рэчы, — адказала яна на маё прывітанне ў асьцы. — Якога ты росту? Ці вялікі ў цябе жывот? Ці ёсць на тваёй галаве хоць якая расліннасць? Калі адкажаш правільна на ўсе тры пытанні, у цябе будуць вялікія шанцы на знаёмства са мною. І ніяк інакш.
Я здзівіўся. Пачатак нашай размовы быў вельмі незвычайным.
— Ты пра гэта ва ўсіх пытаешся? Я сярэдняга росту, дзесьці метр семдзесят восем, жывот у мяне зусім звычайны, а на галаве ёсць валасы, праўда, даўно не стрыжаныя. Але ж гэта нам не перашкодзіць?
— Усё выдатна, хлопчык! Ты — проста бальзам на маю душу. Навокал адны маленькія, лысыя, пузатыя вычварэнцы. Спадзяюся, ты мне не хлусіш.
Так мы з ёю і пазнаёміліся. У той жа самы вечар мы вырашылі ўбачыцца і дамовіліся сустрэцца каля нулявога кіламетра.
Яе звалі Насця, мы бадзяліся з ёю па цёплых вуліцах і пра нешта гутарылі.
— Нешта мы ўсё кругамі ходзім, — сказала яна раптам. — Ты хочаш закружыць мне галаву?
Так шпацыруючы, мы падышлі да “Белай вежы”.
— Пачынаем лічыць, — сказала Насця. — Вось глядзі: адзін, другі, трэці, чацвёрты…
— Хто?
— Ну як гэта хто? Пытанні ў цябе. Маленькія, лысыя вычварэнцы. Тут іх натуральны арэол існавання, тут іх цэлыя статкі. Кыш! Кыш! — раптам замахала рукамі Насця.
Я ашалела глядзеў на яе.
— Ну добра, пайшлі далей. Усё роўна яны нікуды адсюль не падзенуцца, дарма толькі нервы трапаць з імі.
— А можа, яны ўсё ж разбегліся б?
— Не, ты што. Ёсць такія рэчы, якіх ты не можаш змяніць. Гэтым светам кіруе нешта нізкае, пражорлівае і пачварнае — гэта аснова. Ты яе ніяк не зрушыш, колькі вецер ні ганяй.
Мы дайшлі да нейкай лаўкі.
— Давай пасядзім, — сказала Насця.
Мы селі.
— Выпіць было б нядрэнна, — сказаў я раптам.
— У мяне ёсць, — адказала Насця. Яна расшпіліла свой заплечнік і дастала адтуль пакет віна.
— Ого, — здзівіўся я. — Ты да ўсіх так на першае спатканне прыходзіш?
— Не, ты што. Проста так атрымалася.
Мы адкрылі пакет і пачалі піць віно.
— Глядзі, яны не рухаюцца! — раптам паказала Насця пальцам на неба.
— Хто?
— Хмары. Яны стаяць на месцы. Чаму?
— Можа, іх проста нічога не кранае?
Насця засмяялася.
— Можа. А давай на іх дзьмуць. Раптам яны зрушацца з месца?
— Давай.
Мы набралі ў лёгкія паветра і пачалі дзьмуць на хмары.
Бацькі
Косцік і Паша разам са сваімі аднагрупнікамі Сяргеем і Віцем сядзелі і пілі піва.
— Ну, давайце за нас, — падняў Паша ўверх бутэльку “Крыніцы”.
Яны ў чатырох стукнуліся. Косцік глынуў.
— Вось што дзіўна, — сказаў ён. — Я раней зусім нічога не піў, а зараз — амаль кожны дзень. Я нават ужо не ведаю, ці то я заўсёды напіваюся, ці проста часам цверазею. Раблю першы глыток і разумею: я вярнуўся.
— Куды? — спытаўся Паша.
— Не ведаю. Нібыта аднекуль пайшоў, а цяпер вярнуўся. Вечары — як у тумане нейкім. І раніцай, ведаеш, прасветлена так.
— Ну ты даеш, — сказаў Сяргей. — Цябе гэта напружвае, ці што?
— Не ведаю. Так можна ўсё на свеце прапіць.
— А што яшчэ рабіць у гэтым жыцці?
— Не ведаю, ёсць, напэўна, у жыцці нейкі сэнс.
— Ніякага сэнсу ў жыцці няма, — сказаў Віця.
— Тады чаму ты самагубствам жыццё не скончыш? — спытаўся Паша.
Віця задумаўся:
— Напэўна, з-за бацькоў. Для іх жа гэта будзе гора.
— Ну так, — сказаў Сяргей. — Я таксама жыву толькі з-за бацькоў. А інакш навошта?
— Добра, — сказаў Паша. — Раз вы такія разумныя, то давайце вып’ем за бацькоў.
— Давайце нап’емся за бацькоў, — прапанаваў Косцік.
І яны напіліся.
Проста
Косцік і Ліза сядзелі на лаўцы перад універам і моўчкі курылі. Толькі што яны правалілі залік па вышэйшай матэматыцы і цяпер з тугою глядзелі на дванаццаціпавярховы будынак альма-матэр.
Ліза кінула тонкі фільтр у сметніцу і пацягнулася па новую цыгарэту.
— Я на выходныя дадому хацела паехаць, а зараз давядзецца ўсё па-новаму вучыць. І цяпер жа ўжо не спішаш.
— А я ўсё роўна спісваць ніколі не ўмеў, — прызнаўся Косцік. — Крыўдна, што адны мы з усёй групы не здалі.
— Вось табе і майскія святы. Як дура, буду сядзець у чатырох сценах з інтэграламі, пакуль усе гуляць будуць.
— А мне дык і гуляць не вельмі хочацца. Нейкая мутная вясна ў гэтым годзе. Чакаеш нечага вечна, чакаеш, спадзяешся…
— Ай, і не кажы…
Косцік задраў галаву ўверх і зацягнуўся.
— Мне дык наогул часам хочацца з даха нашага ўнівера скочыць, — сказаў ён.
— Я таксама пра гэта думала, — здзіўлена адказала Ліза. — А вось табе чаму хочацца?
Косцік задумаўся. Што ёй адказаць? Парызнацца, што самотны? Што адчувае сябе няўдачнікам па жыцці? Ды яшчэ і гэты залік правалены…
— Ну… вось хочацца часам проста так. А табе?
— І мне проста так, — сказала Ліза.
І яны засмяяліся.
Бяз назвы
— У мяне нікога шчэ не было, — сказала яна і схавала галаву пад коўдру. Засьмяялася. — Толькі не забівай мяне.
Раніцай я заўважыў на прасьціне чырвоную пляму. Учора мы пралілі віно.
Апавяданнi сярэдзiны восенi
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Сярэдзіна восені
Юля і ейная сяброўка Іра стаялі ўвечары на гаўбцы ў калідоры старога дзевяціпавярховага дома. Перад імі касымі кроплямі шамацеў дождж. За спінаю безупынна гудзеў ліфт. Падавалася, што дым ад цыгарэтаў у вільготным паветры можна было памацаць рукамі.
— Пятнаццатага кастрычніка, — сказала Юля. — Што гэта за дзень для людзей? Пятнаццатага кастрычніка — гэта самая сярэдзіна восені, жоўтае лісце замест паветра і асфальту, вецер і дождж замест пагоды, восеньская дэпрэсія ў нармальных людзей замест настрою.
І толькі мне адной выпала нарадзіцца ў гэты дзень ды яшчэ кожны год лічыць яго святам. Гэта нармальна?
— Варта прызнаць, табе не вельма пашанцавала, — адказала Іра і паправіла акуляры.
— Вось і я пра тое ж. А сёння мне да таго ж дваццаць год стукнула. Бывай, дзяцінства. Як той казаў, трэці дзесятак. Вось я і пастанавіла трохі развітацца са слаўным добрым дзяцінствам.
Юля кіўнула ў бок пакета, што стаяў ля ног.
— Мне заўсёды чамусьці дарылі на дзень народзінаў мяккія цацкі. І хлопчыкі, і дзяўчынкі, яны заўсёды дарылі мне цацкі. Гэта нармальна?
— Мне дарылі кнігі, — сказала Іра.
— Можа, таму, што ты з дзяцінства гуляеш ў “Што? Дзе? Калі?”
— Цікавая версія.
— А вось мне дарылі гэтыя цацкі не толькі на дні народзінаў. Прыцягвалі на спатканні, куплялі на восьмага сакавіка. Нібы я дзіцё нейкае. Раней — яшчэ можа быць, але цяпер мне дваццаць, час завязваць з гэтымі цацкамі, канчаткова з імі расправіцца.
— Ты адсячэш ім галовы?
— Ну што ты? — засмяялася Юля. — Мы хіба ў сярэднявеччы?
Зараз мы проста выкінем іх нахран з гэтага гаўбца. Адну за адной.
— Ты думаеш, так будзе правільна?
— Так, Іра, правільна. Табе ўжо наогул дваццаць адзін, будзеш дапамагаць.
Выратаванне шарагоўца Раяна
Я вяртаўся дадому з працы. Яшчэ зусім нядаўна я рабіў гэта да таго, як пачынала цямнець, а цяпер, калі я выходзіў з офісу, мяне падпільноўвалі прыцемкі ў найлепшым выпадку. Але сёння акурат надарыўся не найлепшы выпадак, і на вуліцы было цёмна, наколькі гэта наогул магчыма ў горадзе. Да таго ж ішоў дождж, змешваючы лісце пад нагамі з зямлёй і ператвараючы ўсё гэта ў суцэльную брудную кашу. Больш за ўсё на свеце я марыў хутчэй трапіць дадому і залезці пад коўдру, а яшчэ лепей — стаць дзіцёнкам і пайсці ранкам у дзіцячы садок, а не на працу.
Калі я падыходзіў да свайго пад’езда, на мой парасон нешта пляснулася, адскочыла і ўпала на зямлю. Я нахіліўся і за метр ад сябе заўважыў у лужыне зайца — звычайную мяккую цацку з доўгімі вушамі. Было незразумела, адкуль ён зваліўся на маю галаву. Я ведаў толькі, што зайцам няма чаго рабіць у лужыне, таму вырашыў уратаваць небараку Раяна, як адразу ж яго ахрысціў. Бясстрашна ступіўшы ў лужыну амаль новымі чаравікамі я выцягнуў звярка, перанёс яго ў сухое месца пад брылёк пад’езда і прыхінуў да сцяны.
— Вольна, шараговец! — сказаў я яму. Тым часам цацкі пасыпаліся аднекуль зверху адна за адной.
Па чарзе я падымаў іх з зямлі, выцягваў з лужын, выкручваў, саджаў ля сцяны ўсіх гэтых бурундучкоў, мядзведзікаў, хрушак, сцяпашак. Я адчуваў сябе салдатам, які на спіне выносіць параненых таварышаў з поля бою.
Нарэшце надыйшоў момант, калі ўсе яны сядзелі побач, мокрыя і брудныя. Я прысеў каля Раяна, прыхінуўся да сцяны і закурыў. Нялёгкая гэта работа.
Чалавек дажджу
— А дзе твае радакі? — спытаўся Рома ў Сярогі.
— На лецішчы, — адказаў той. — Яны цяпер кожныя выходныя ездзяць. Нарыхтавалі кучу рознага гаўна на зіму, перацягваюць памаленьку ў горад.
— А гуркоў яны выпадкам не закруцілі салёных? — пацікавіўся Валера. — Гарэлка ж як-ніяк...
— Зірну потым у лядоўні. А пакуль можна і замуціць, калі ўжо нас трое.
Сярога разліў гарэлку па чарках. Хлопцы выпілі.
— А добра ўсё-ткі, субота. Ва ўнівер з ранку не трэба, — сказаў ён.
— Ды наогул афігенна, — падтрымаў Рома. — Толькі што баб не хапае.
— А каму іх цяпер хапае, знаёміцца трэба. Тут яшчэ свае метады неабходныя.
— Без іх аніяк, — уздыхнуў Рома. — Я вось апроч метаду “здароў, як справы” ўвогуле нічога прыдумаць не магу. Яшчэ ў школе неяк спрацоўвала, а цяпер...
— Спадарства, вы лузеры, — сказаў Валера. — Уласна мой метад знаёмства называецца “чалавек дажджу”. Як толькі збіраецца на дождж, я выходжу на вуліцу і пільна азіраюся навокал. Многа якія дзяўчаты ходзяць без парасонаў. Ці то за надвор’ем не сочаць, ці забываюць іх дома. І, ведаеце, мяне гэта натхняе. Ну скажыце, хіба можа вам спадабацца дзяўчына, у якой прагнозы надвор’я ў галаве? Якая нават нездольная забыцца на такую дробязь, як парасон? Не! — сказаў Валера, пагрукваючы кулаком па стале, — прагматычныя дзяўчаты — не мой тып. У іх у галаве толькі грошы. Іншая рэч — мокрыя, безабаронныя красуні, якія так міла намагаюцца схаваць прычоску далонькай. Вось дзеля такіх я і з’яўляюся на вуліцы з шыкоўным парасонам, упэўнены ў сабе, з ручніком і каньяком напагатове. Во як яно, спадарства!
Сяргей і Рома агаломшана глядзелі на Валеру. Той, у сваю чаргу, глядзеў на іх і, падавалася, быў задаволены эфектам ад свайго аповяду. За вакном тым часам пачало пастукваць.
— Здэцца, дождж пачынаецца, — узрадаваўся Валера. — Вы тут сядзіце, а я покуль збегаю на вуліцу, каго-небудзь прывяду. Толькі глядзіце, — пагразіў ён пальцам, — не выпівайце ўсю гарэлку без мяне! А то вярнуся, мокрага парасона паспытаеце.
Вяртанне
Ліфт адчыніў дзверы, і я выйшаў у калідор. Заяц Раян спачываў за пазухай, больш яму нішто не пагражала. На пляцоўцы стаялі дзве дзяўчыны. Адна, сімпатычная бландынка, жыла, здаецца, у нашым пад’ездзе. Другую, вельмі поўную і ў акулярах, я раней ніколі не бачыў.
Бландынка займалася тым, што налівала ў аднаразовыя шклянкі віно на падваконні. Я на ўсякі выпадак кіўнуў ёй, хоць і не быў упэўнены, што мы суседзі.
— Пачакай, — сказала яна. — Віна хочаш?
— У яе дзень нараджэння, — удакладніла тоўстая дзяўчынка.
— Давайце, — сказаў я.
Віно было занадта салодкім, але мне ўсё роўна спадабалася.
Я паспеў крыху сагрэцца, у галаве прыемна закружылася.
— Дарэчы, у мяне ёсць для цябе падарунак, — сказаў я. Расшпіліў куртку і за вушы выцягнуў Раяна. — Гэта табе, — працягнуў зайца імянінніцы. — Я цудам выратаваў яго. Нехта скінуў яго мне на галаву.
— Зайку бросила хозяйка, под дождем остался зайка, — пачала дэкламаваць тоўстая. Бландынка тым часам не спяшалася браць падарунак. Крыху пастяла, потым працягнула руку, узяла Раяна і паклала яго ў пусты пакет, што валяўся на падлозе.
— Дзякуй, — сказала яна.
Уцёкі
— Валера, каго ты прывёў? — спытаўся Сярога, адводзячы таварыша ўбок. — Расказваў пра мокрых прыгажунь, а прывёў дзвюх мокрых курыц, ды ячшэ і пэтэвэшніц. Як гэта называецца? Сябар, да?
— Ды кінь ты, — пачаў апраўдвацца Валера. — Цёмна ж было, дождж гэты не ў тэму...
— Тым мне тут на дождж не спіхвай! — раззлаваўся Сярога.
— Карацей, ты іх прывёў, ты і выганяй, куды хочаш.
— Ім няма куды пайсці, разумееш... Яны здымалі пакой, а гаспадыня іх пракінула, падманула — раптам замкі памяняла, а сама на лецішча. Няхай дзяўчаткі пасядзяць крыху, сагрэюцца.
Дзяўчаткі тым часам распраўляліся з апошняй гарэлкай і гучна рагаталі.
— Ну і што мы зараз будзем піць, як ты лічыш? — зароў Сярога. Тут яго вочы нібыта прасвятлелі.
— Каньяк! — успомніў ён. — Ты казаў, што носіш з сабой каньяк. А ну даставай! — загадаў ён Валеру.
— Каньяк для дзяўчат! — паспарбаваў супраціўляцца Валера, але здаўся пад грозным Сярогавым позіркам і дастаў з сумкі бутэльку “Крышталю”.
Сярога амаль нагбом махнуў паўшклянкі, заеў лімонам.
З пакою данёсся дзявочы віск, уплецены ў гучныя Ромавы крыкі. Сярога раптам адчуў сябе да брыдоты няўтульна ва ўласнай кватэры, у гэтым памяшканні з чатырма сценамі і цёплым, прапітаным (насычаным?) пахам спірту паветрам. Яму невыносна захацелася апынуцца на вуліцы, пад дажджом, каб кроплі білі яго ў твар, а паветра было рэзкім і пранізвала халоднай свежасцю кожны ўздых.
— Каб да раніцы іх тут не было, — сказаў Сярога.
Апрануўшы паліто і боты, ён выбег на вуліцу. Ля выхаду з пад’езда спатыкнуўся аб рознакаляровыя мяккія цацкі, што невядома адкуль узяліся пад нагамі, але не звярнуў на гэта ўвагі і таму нават не здзівіўся.
На зіму
— А хлопцы нібы павар’яцелі, — сказала Юля. — Ты думаеш, у іх абвастрэнне вясной? Нічога такога. Кожны спрабуе сабе дзеўку да халадоў знайсці, хоць якую. Трэба ж бавіць з некім доўгія зімовыя вечары, вось і запасаюцца.
Юля ўздыхнула.
— Ты б, Ірка, ведала, — працягнула Юля, — колькі я ўжо адшыла за апошнія два тыдні. І ўсе яны дурні такія. Адзін мяне да сябе дадому зваў ката глядзець. Думаў, што раз я дзяўчына, то на любую скаціну дамашнюю павядуся. Я гэтых катоў ужо столькі пераглядзела, не лічачы сабак розных, хамякоў і чарапашак.
Ірка задуменна барабаніла пальцамі па дужачцы акуляраў.
— Напэўна, гэта не так ужо і дрэнна, калі нехта табою цікавіцца.
— А табою хіба не цікавяцца? Бачыла, як гэты хлопец на цябе глядзеў?
— Не бачыла, ты ўсё прыдумляеш спецыяльна. А хто гэта наогул?
— Ды сусед, здаецца. Веньку назад прыпер. У Раяна перахрысціў. Што за свет, нават з дзяцінствам не дадуць нармалёва развітацца ў дзень нараджэння. Ненавіджу.
Апошняе апавяданне
Сярога брыў пад дажджом па лужынах і дрыжэў ад холаду. Алкаголь даўно выветрыўся, і ў галаву лезлі розныя думкі. Ён думаў пра тое, што няма нічога горшага за брудныя кастрычніцкія лужыны. Вось калі б цяпер былі чыстыя красавіцкія, то іншая рэч. А так... Ён ужо шкадаваў, што сышоў з уласнага дому, але вяртацца яму не хацелася. Парывы ветру білі ў твар, прадзьмувалі мокрае адзенне, а ён усё крочыў і крочыў.
Ля нейкай цаглянай сцяны ён спыніўся і закурыў, прыкрываючы цыгарэту пальцамі ад дажджу. Стаяў і выпускаў у гэты непрыветны свет атрутны дым. — Малады чалавек! — пачуў ён аднекуль збоку дзявочы голас. Яго гаспадыня хавалася пад вялізным парасонам. — Малады чалавек! Вы ж зусім мокры! Вазьміце ручнік, вытрыце хоць бы валасы, каб не захварэць. Хочаце каньяку сагрэцца? У мяне ёсць з сабою. Дарэчы, я жыву зусім побач.
Бяз назвы
Мы сядзелі зь ёй побач, нага да нагі. Вымушаная блізкасць з-за адсутнасьці вольных месцаў. Раптам мы адначасова адчулі дрыжыкі, быццам нашыя ногі ахапіла ліхаманка. Я выцягнуў з кішэні тэлефон і прачытаў новую смс: “Nam treba razyiscisia”. Мае рукі разьвязаліся, і я абняў сваю суседку.
Героі
(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
...Яна з’явілася непрыкметна. Падыйшла да мяне са спіны, далікатна дакранулася да пляча.
— Прывітанне.
— Дзень добры, Вераніка, — азірнуўся я. — Чым магу служыць?
— Ты сам ведаеш...
Яна апусціла вочы. У іх куточках збіраліся першыя слязінкі.
— Нават не здагадваюся. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.
Вераніка сціснула пераплеценыя пальцы. Наманікюраныя пазногцікі ўпіліся ў скуру.
— Ты хочаш, каб мы з Янкам расталіся!
— Крый Божа, Вераніка! Зусім я гэтага не хачу.
— Але ж мы павінны растацца, так?
— Толькі таму, што ты здараджваеш яму.
Вераніка пачырванела. Я працягнуў:
— Час ужо Янку здагадацца. Хіба ты не ведаеш, што ўсё тайнае становіцца яўным?
— Але ж ты можаш зрабіць так, каб ён не даведаўся...
— Канечне магу, — пагадзіўся я. — Але гэта будзе выглядаць фальшыва, і мне ніхто не паверыць. Ты мая ўлюбёная гераіня менавіта таму, што ты такая сапраўдная.
— І чаму мне толькі рэаліст дастаўся, — уздыхнула Вераніка. — Ну ты ж вельмі проста мог бы быць рамантыкам. Вось у Светкі пісьменнік — рамантык. І ў яе такое каханне...
— А яшчэ я мог бы быць постмадэрністам. Я б табе такое каханне паказаў... Паўгода ты шчасліва жыла з Янкам, навошта табе быў патрэбен гэты Аляксей?
— Мне? — здзівілася Вераніка. — А навошта ён з’явіўся ў трэцім раздзеле?
— Гэта другарадны персанаж, ты не павінна была звяртаць на яго ўвагі.
— А можа, ты сам гэта ўсё зрабіў для развіцця сюжэта? Вам, пісьменнікам, наогул напляваць на лёс сваіх герояў, пакрэмзаеце, як хочацца, абы чыталася цікава. Калі нехта шчаслівы, то вам гэта не падабаецца, вам гэта сумна. А нам што рабіць?
Я задумаўся.
— Мне падаецца, Вераніка, ты павінна разабрацца, хто табе патрэбен. Калі ты будзеш кідацца на кожнага выдуманага мною хлопца, то шчаслівай не будзеш. Мая віна, я стварыў цябе занадта палкай, але калі ты зможаш трымаць сябе ў руках, то Янка ні пра што не даведаецца.
— Добра, — сказала Вераніка. — Я паспрабую.
— Вось і дамовіліся, можаш быць спакойнай.
Вераніка знікла так сама незаўважна, як і з’явілася. А я сеў за стол і ўключыў кампутар. Пад рытмічны стук клавішаў Аляксей пераехаў у іншы горад, дзе ў хуткім часе ажаніўся са створанай для яго дзяўчынай. Для Веранікі з Янкам я напісаў рамантычны вечар, такі, што не горш, як у Светкі.
Я хачу, каб усе былі шчаслівымі.
Комментарии к книге «Беларуская мова», Кирилл Дубовский
Всего 0 комментариев