«Кветкi самотнай князёўны»

3563

Описание

У Лідзіі Адамовіч даволі багатая фантазія, яе героі - не прыземленыя чарапахі, а нейкія ўзнёслыя, апантаныя прагай пошуку, помкнення да нязведнага. Яшче адна цікавая рыса таленту Лідзіі Адамовіч заключаецца ў тым, што яна не шкадуе сваіх герояў, не прыгладжвае іх, не ідалізуе. Яны атрымліваюць тое, што заслужылі. І кожны сваё...



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Лидия Адамович Кветкi самотнай князёўны

Аповесць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Аленка не магла стрымацца ад смеху — мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу — у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.

…Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.

— Сцiхнi ты, дурнiца! — таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!

Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:

— Можна вас?

Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi — на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.

…Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, — ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень… I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце — бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары… З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль… Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi…

Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405… 405… i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда… Мiкола Гайда… i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда… Алена Гайда…

— Самотная князёўна на чужым бале? — абарваў яе думкi прыглушаны голас.

Алена ўзняла вочы — яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён падобны на цыгана, — падумала дзяўчына. — На старога цыгана!" I адвяла позiрк.

— Баль заканчваецца, — прамовiў мужчына лагодна. — Можа, мы пойдзем дадому разам?

— Да якога яшчэ дому? — раздражнёна павяла плячыма Аленка.

— Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?

— Пашукайце сабе па ўзросту, — цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.

— Нават так? — усмiхнуўся ён. — Што ж, дзякую за танец!

I правёў яе на месца.

У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.

Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, — гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.

— Ой, цюльпанчык! — ускрыкнула Аленка. — Жывы! Малайчына, Анатоль!

— Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, — усмiхнуўся хлопец. — Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы…

Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.

— Пайшлi да маiх, — шапнула Анатолю, — а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы… Аленка, пайшлi разам! — звярнулася да сяброўкi.

— Не, — адмоўна махнула галавою Аленка. — Я тут застануся, на ганку… Мiколу пачакаю… Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо…

— Ну, глядзi сама, — адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.

… Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк — палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.

— А я, як нi пагляджу ў акно — усё вы стаiце, — падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. — Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?

Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! — з непрыяззю падумала Аленка. — Цыган стары!"

— Давайце знаёмiцца, — прапанаваў ён. — Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?

— Не, — суха адказала Аленка. — Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць…

— Мы амаль землякi, — усмiхнуўся Вайдаш. — У мяне ў Менску кватэра… Спускайцеся ўнiз! — працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. — Цi чакаеце каго?

Аленка не адказала.

— Ён не варты гэтага! — засмяяўся Дуброўскi. — Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе — шмат хто бачыць яе ля маёнтка… Вось i вас, здаецца, закранула яна…

— Што? — у Аленкi пахаладзела спiна. — Якая здань?

Але з прыступак сышла.

— Гэта даўняе паданне, — мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, — з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека — ён робiцца сляпым духоўна… Ён любiць толькi цела… i гiне ў сляпым каханнi… Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць…

— Ой, раскажыце, калi ласка! — устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае… Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..

— Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, — уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, — знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе… У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго — знiшчыць здань…

…Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар. Аленка, зачараваная i ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася i… ужо не iснавала ў цяперашнiм часе: у белым прывiдным тумане з'явiўся на канi магутны i суровы князь Вiтаўт.

— Я Дарына, Дарына! — выйшла з снежнай завiрухi дзяўчына. — Ты пазнаў мяне, князь?

Вочы яе — цёмная ноч, косы быццам у русалкi.

— Я была маленькаю, калi ты прыязджаў да майго бацькi, — прашаптала дзяўчына.

— Памятаю цябе, Дарына! — адказаў Вiтаўт i падхапiў, пасадзiў яе на каня, да сябе…

Мiльганула недзе сярод дрэў Чорная здань, працягнула кашчавую руку да кволай Дарыны…

…I Аленцы падалося, што яна пачула дзiкi смех. Ён стаяў у вушах, калi Вайдаш закончыў аповяд i падвёў яе да хаты. Яны развiталiся. Зачынiўшы ў сенцах за сабою дзверы, Аленка дакранулася да клямкi, каб увайсцi ў хату, але ў гэты момант пачула здзеклiвы шэпт:

— Не хацела за пана — будзеш валяцца ў нагах у хама!

— За пана, за пана!.. — крыклiва паўтарыў нехта.

Крык гэты прымусiў здрыгануцца Аленку, рассыпаўся на гукi, i вось ужо кожная частачка яго гучала паасобку, утвараючы манатонны, цiхi гоман, падобны на шапаценне лiстоў… Аленка рванула дзверы i ўскочыла ў хату…

Iрэна не захацела iсцi сёння ў касметычны салон. Яна здзерла бульбiну, наклала мякоцце на сурвэтку i прыклала да твару. Уладкавалася на крэсле i ўключыла Бетховена. Iрэне вельмi падабалася ягоная «Апасiяната», асаблiва стрыманая i велiчная другая частка. Разлiваючыся, музыка напаўнялася ўсё большай мяккасцю i цеплынёй…

Iрэна думала аб апошняй сваёй практыцы ў дзiцячым садзе. Апошняй, пераддыпломнай. Яна так любiла дзяцей, iх дапытлiвыя вочкi! Нiколi не забудзе чарнявай жыдовачкi Алiны Савiкоўскай, яе бацькi працуюць у оперным тэатры, сама ж дзяўчынка з маленства займаецца ў музычнай школе.

— Вы такая прыгожая, быццам фея! — сказала Алiна Iрэне ў першы ж дзень яе прыходу ў садок. — Вы прыйшлi да нас з казкi, праўда? Вы так цудоўна граеце на пiянiна!

Iрэне падабалася, калi ёй гавораць камплiменты, нават дзецi. Наогул, яна купалася ў камплiментах мужчын на вулiцы, у iнстытуце, у гасцях, як у кветках, ёй гаварылi камплiменты жанчыны, якiя працавалi ў касметычных салонах, дзе часта Iрэна рабiла прычоскi, манiкюр, макiяжы, масаж…

Iрэна сама любiла сваё цела, маладое, прыгожае, гнуткае, свае рукi з акуратнымi тонкiмi пальчыкамi, свае валасы пшанiчнага колеру, свае шэрыя вочы i мяккiя вусны… Але чаму ж Янка пакiнуў яе? Чым яна яму не дагадзiла?..

Не хацелася ўспамiнаць тую вечарынку, на якой ён зачараваўся яе сяброўкай Рэняй, хоць некалькi дзён назад смяяўся з Рэнiных ног i паходкi. Яны стаялi на балконе i палiлi цыгарэты… А потым ён болей не прыйшоў да Iрэны. А Рэня, прыбегшы да яе ў iнстытут, выпалiла проста ў вочы:

— Iрэнэчка, не крыўдуй, ён сказаў, што хоча са мною сустракацца. Мае бацькi паедуць жыць у вёску. Там прырода, лес, ты ж ведаеш, што мой бацька хварэе на лёгкiя. А нам з Янкам застанецца кватэра. Шкада, што машыну бацька забiрае!

I, крутнуўшы поўнымi сцёгнамi, абцягнутымi кароткай джынсавай спаднiчкай, заспяшалася на выхад…

Бацька пайшоў з сям'i. "У нас з тваёй мацi даўно няма ўзаемаразумення, сказаў Iрэне тата, — каханне даўно згасла, ператварыўшыся ў самоту ад аднастайнасцi, клопатаў, сварак i шэрай будзённасцi…" Ён вярнуўся ў вёску i жыў адзiн у старой бацькоўскай хаце.

Iрэна паднялася з крэсла i пайшла ў ванну. Змыла твар, усмiхнулася сабе ў люстэрка i пачала распранацца. Цела адчула асалоду цёплай вады. Iрэна ляжала ў ванне i пацiху пацягвала з кубачка каву. Заўтра ёй трэба распавядаць дзеткам пра музычныя iнструменты. З задавальненнем пойдзе сёння ў бiблiятэку. А па дарозе трэба зайсцi да суседкi, Аленчынай мацi. Можа, i Аленка будзе дома, раскажа, як Новы год сустрэла.

Iрэна ўключыла фен, пачала сушыць валасы i адначасова любавацца iмi. Янка так любiў расплятаць яе косы! Спачатку цалаваў iх, потым вочы, вусны, шыю… Цалаваў яе рукi. Цалаваў усё яе цела. Кружыў па пакоi на руках сваiх. "Маленькi мой зайчык, маё сонейка, кветачка мая… — шаптаў ёй на вуха. Русалачка мая…" Разам з iм яна ўзлятала на неба, танула ў вiры асалоды… А цяпер яго няма…

Iрэна ўздыхнула i адкiнула фен. Апранула чырвоную сукенку, вузенькую, класiчнага пакрою, з чорным банцiкам пад каўняром, i выйшла з кватэры.

— Iрэначка! — заўсмiхалася Аленчына мацi. — Заходзь, даражэнькая!

— Добрай ранiцы, цётка Соф'я! Адпачываеце?

— Якое там адпачыванне, Iрэначка! — уздыхнула цётка Соф'я, маладжавая жанчына, пухлая, з вузкiмi вуснамi i зачасанымi ўгору валасамi, якiя агалялi i так вялiкi лоб, паправiла пояс на дарагiм халаце i дадала, запрашаючы Iрэну прысесцi: — Нiкога ў хаце няма. Кiнулi ўсе мяне, а я з ранiцы заўсёды такая хворая! Трэба выйсцi ў горад развеяцца… Можа, пойдзеш са мною?

— Ды я ж у бiблiятэку…

— Вось якiя вы, маладыя, — паскардзiлася Соф'я i выйшла на кухню, вярнулася з падносам, на якiм стаялi два кубкi кавы i пiражкi. — Частуйся, Iрэначка, сама пякла… Ты такога нiколi не зробiш, як Аленка! Ты нiколi мацi не кiнеш, а Аленка мая ўладкавалася ў iнтэрнат студэнцкi i нават з кватэры выпiсалася, знацца з мацi не хоча! Свякруха жыла са мною, усё малiлася, а хiба ж я яе чапала? Сама запсiхавала i паехала ад мяне ў сваю вёску, у Жыровiчы, там манастыр, ведаеш? Вось няхай там i молiцца! Адзiн муж кахае мяне, Iрэначка, вось ён мяне не кiне нiколi!

Iрэна адвярнулася, каб схаваць усмешку: «кахае».

— Кожную ранiцу я хварэю, Iрэначка! — скардзiлася Соф'я. — Быццам не цела ў мяне, а вата, рукi як вяроўкi вiсяць, ногi не маюць моцы… Быццам хто кроў высмактаў з мяне. Мне трэба з ранiцы пагаварыць з кiм, энергii набрацца, тады ўсё праходзiць, так мне экстрасенс параiў. Я — знак агню. I муж мой — знак агню. Гэта не падыходзiць. Мне каб вось знак зямлi, як Аленка, знак вады, як свякруха, а яны мяне пакiнулi… — Соф'я змахнула з вачэй слязу. — А ты хто, Iрэначка? Ты ж з маёй Аленкай у адзiн месяц нарадзiлiся…

— Я — Панна, — адказала Iрэна. — Знак зямлi…

— Ой, зайчык ты мой! — узрадавалася Соф'я i абняла дзяўчыну. — Ты мне падыходзiш! Давай размаўляць, можа, палягчэе мне…

— А пра што размаўляць? — даверлiва запытала Iрэна.

— Ай, золатка маё! — заўсмiхалася Соф'я. — Памятаеш, як мы з табою пасябравалi? Стаiш ты ля ваенторга, а Янка падбягае, на рукi цябе бярэ, кружыць. Усе пазiраюць на вас, зайздросцяць… А потым вы ў аўтобус селi, ты яму галаву на плячо схiлiла дый за шыю абняла, а бабы шэпчуць: "Як у койцы!" А вы цалавацца, а бабы ад злосцi: "Кiнь ты яе ў пельку! Цалуюцца, а тады кусацца будуць!" Злыя людзi, Iрэначка, вось i сурочылi вас…

— Не трэба пра гэта! — адсунулася ад яе Iрэна.

— Ну як жа ж не трэба, калi ён, гад, учора гэтак жа з Рэняй ля ваенторга цалаваўся!

— Цётка Соф'я! — Iрэна роспачна ўскочыла з месца i схапiлася за цыгарэту, чыркнула запалкай i зацягнулася на поўны ўдых.

— Ён жа ж, Iрэначка, ёй кожны дзень кветкi купляе, як i табе раней купляў!

— Хопiць! — Iрэна выпусцiла ў твар Соф'i сiвы клубок дыму, зацягнулася зноў, але, папярхнуўшыся, закашлялася i закрычала на яе: — Ведзьма! Што ты мне нервы псуеш зранку?

— Iрэначка! — лагодным голасам прамовiла Соф'я, паклала ёй руку на плячо i пагладзiла. — Ты лепш закадры старога… Вось адна лярва маладая твайго бацьку закадрыла, дык ён ёй падаркi кожны дзень носiць… Каб i ты старога мела, то i табе б тое ж было…

Соф'я прытулiла да сябе Iрэну i паспрабавала пацалаваць, але тая вырвалася i пабегла да дзвярэй.

— Прыходзь, Iрэначка, золатка маё, яшчэ! — ласкава ўсмiхнулася Соф'я, твар яе пасвятлеў, з вачэй спала мроя. Яна жвавенька паднялася з месца i, па-маладзецку крэкнуўшы, пацягнулася. — Кроў у жылы вяртаецца…

Iрэна паспрабавала адчынiць дзверы, але не змагла. Соф'я падышла да яе, павярнула ў замку ключ, расчынiла дзверы i на развiтанне шапнула:

— Ты толькi на пiянiна сваiм не трынкай — рана не загоiцца! Рана ад злога чалавека, Iрэначка, зусiм не загойваецца. Век свайго Янку помнiць будзеш!

Iрэна размахнулася i стукнула Соф'ю па твары сумкай. Тая толькi ўсмiхнулася ў адказ — твар у яе памаладзеў, складкi пад вачыма разгладзiлiся, вусны чырванелi, як мак.

— Заходзь у госцi, Iрэначка! — маладым, сакавiтым голасам кiнула яна ўслед дзяўчыне.

Ранiцай Мiкола прачнуўся ў чужым пакоi. Спахапiўшыся, пачаў азiрацца навокал: цi не ў медвыцвярэзнiку? Ён ехаў ад бацькi з канiкулаў выпiўшы i заснуў у трамваi… Не, ён быў у самым звычайным iнтэрнатаўскiм пакойчыку. Насупраць стаяў другi ложак, засланы ружовай капай. Над iм вiселi партрэты артыстаў, выразаныя з часопiсаў. Ля акна стаяла белагаловая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i разглядала яго пашпарт, якi дастала з кiшэнi нагавiц. Усё ягонае адзенне вiсела на спiнцы крэсла.

— Эй, што ты па кiшэнях лазiш? — ускочыў Мiкола i выхапiў у яе пашпарт.

— А ў цябе фiгура — клас! — гарэзлiва адказала дзяўчына. — Ну што, Гайда Мiкола бацькавiч? Ты мне падыходзiш па ўзросту. Мне таксама дваццаць пяць…

— А ты мне — не! — агрызнуўся той i пачаў нацягваць нагавiцы.

Дзяўчына падышла да яго, абняла за шыю, прытулiлася вуснамi да грудзей.

— Ты быў у мяне першы, — прашаптала яна. — I другога нiколi болей не будзе…

— Адчапiся! — адхiлiўся Мiкола i надзеў кашулю. — Адкуль ты такая ўзялася? Ненармальная…

— Зараз прынясу бульбачку, фаршырованую мясам, — засмяялася дзяўчына, пальчыкi аблiжаш! I не прыкiдвайся дурнем — гэта табе не пасуе! Я помню ўсё, усе твае словы ноччу…

I, какетлiва павёўшы брывамi, пабегла з пакойчыка. Вярнулася праз хвiлiну, хуценька паставiла жароўню на тумбачку, выцягнула дзве талерачкi i пачала раскладваць бульбу, яна так смачна пахла, мела залацiсты колер, а з яе выглядвалi скарыначкi запечанага мяса… Дзяўчына спрытна расклала вiдэльцы, нарэзала хлеб. Паставiла на стол пляшку гарэлкi. Легкадумны кароценькi халацiк, са знарок расшпiленымi ўнiзе двума гузiкамi, агаляў прыгожыя поўныя ногi.

— Проша пана! — усмiхнулася дзяўчына, паказваючы рукою на стол. — Проша частавацца!

Мiкола паслухаўся. Перад гэтым зiрнуў у акно — мясцовасць была незнаёмая.

— Можа, растлумачыш мне, дзе я? — з iронiяй сказаў дзяўчыне.

— Хто каму павiнен тлумачыць? — здзiвiлася тая. — Ты ж учора гаварыў, што ўсё жыццё мяне шукаў. У маiм трамваi да канца змены катаўся, рамансы на гiтары спяваў…

— Дзе гiтара? — спалохаўся Мiкола i, знайшоўшы позiркам яе ля сцяны, супакоiўся. Успомнiў — было такое. Але каб iсцi да яе ў iнтэрнат?!

— Сама мяне сюды прыцягнула?

— Ах ты, нягоднiк! — раззлавалася яна. — Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалцiў? У мяне сведкi ёсць! Зараз пайду ў палiклiнiку судмедэкспертызы, калi ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле…

— Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!

— Ды я з табою з аднаго года! Калi не будзеш болей са мною сустракацца, калi не прыйдзеш болей да мяне…

— Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны iнтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты — двоечнiца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла i гарадскою сябе лiчыш?

— Я хоць i двоечнiца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Iльготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, i будзеш там з даяркамi гуляць! З кiм ты там ажэнiшся? Ну, калi настаўнiца якая прыедзе пасля вучылiшча, бо пасля iнстытута альбо замужнiя, альбо не едуць зусiм, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Iнтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, iльготнай кватэры, тады iдзi прэч! Чуеш, прэч!

I выпхнула яго за дзверы.

Анатоль Хвашчэўскi сядзеў на педсавеце як на iголках. Спачатку разбiралi двоечнiкаў з яго групы, потым астатнiх гультаёў i прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забiрала шмат часу. Трэба было весцi справы ў турыстычным клубе вучылiшча, якi ён узначальваў, дый пра сябе не забываць — у яго па турызме толькi КМС, а хацелася б "майстра спорту". Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькi клопатаў! Не, трэба тэрмiнова жанiцца, тады б прыйшоў з працы, жонка налiла б баршчу, пад'еў — i на трэнiроўку. Як вольны час — у паход! А жонка няхай дома верцiцца, а то i ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезцi… Галя падыходзiць яму за жонку, з беднай сям'i, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. I апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкi, i хопiць. А астатнiя грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнiкi, на спартовыя касцюмы…

Анатоль уздыхнуў з палёгкай — педсавет скончыўся. Глянуў на гадзiннiк спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвiлiн!

… Сцяпан, высокi, плячысты, з зачасанымi ўгору валасамi i маленькiмi вусiкамi, убачыў Анатоля яшчэ здалёк i памахаў яму рукою.

— Прабач! — уздыхнуў Анатоль, пацiскаючы сябру руку. — Ну, як справы? Дыпломная пiшацца? I кiм жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?

— Згодна дыплому — эканамiстам, але паеду на хутар, да бацькi, — адказаў Сцяпан. — Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!

— Жаночая справа — чакаць! — буркнуў Анатоль, працiскаючыся ў поўны аўтобус.

— Марусю бяром у паход? — цiха папытаўся Сцяпан, ставячы набiтую цяжкую сумку долу.

— Не, яна нам не падыходзiць, — сур'ёзна адказаў Анатоль. — Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кiраўнiк паходу, адказны за ўсiх. А яна ва ўзросце, нiколi не хадзiла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёмiлiся ў паходзе выхаднога дня… Вось грэчкi завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнiкi адрамантуе…

— У якiм гэта яна ўзросце? — засмяяўся Сцяпан. — Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!

— Усяго? — раззлаваўся Анатоль. — А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Рознiца ў дзесяць год, разумееш?

Сцяпан хмыкнуў i адвярнуўся да акна.

— Ты мне не хмыкай! — незадаволена кiнуў Анатоль. — Мiкола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лiдэрства. У мiнулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. I ты туды ж? Калi так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я — лiдэр i камандую ўсiмi, альбо паходу не будзе, не дам нi палатак, нi заплечнiкаў, не падпiшу пуцёўку!

— Хопiць, — супакоiў яго Сцяпан, — выходзь, прыехалi!

— Ой, хлопчыкi! Анатоль, Толечка! Сцяпан! — пляснула ў далонi ўзрадаваная Маруся.

Выглядала дзяўчына вельмi прывабна: доўгi пышны халат з глыбокiм выразам, чырвоныя манiсты, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у «хвосцiк», вялiкiя чорныя вочы нагадвалi цыганку. Мяккiя вусны расплылiся ва ўсмешцы:

— Толечка, я твой эдельвейс, якi ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялiкi скарб!

Яна запрасiла хлопцаў садзiцца, а сама пабегла на кухню прыхапiць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставiла пляшку лiкёру i зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкi, Маруся з'явiлася праз хвiлiну з падносам, на якiм стаялi тры кубачкi духмянай кавы.

— Усё, будзем частавацца! — смеючыся, выдыхнула Маруся. — Гэта я ад радасцi так замiтусiлася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кiно мяне не запросiць, нягоднiк! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! — засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамi на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разлiла па келiхах чырвоны, як кроў, лiкёр…

— Ну, вып'ем за Марусю, — прапанаваў Анатоль, — Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш… Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсцi!

— Дык я ж толькi за цябе збiраюся! — усмiхнулася Маруся, падносячы келiх да вуснаў.

— Мы тут да цябе па справе прыйшлi, — мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкi. — Ты мне летась добрыя шкарпэткi ў паход звязала, але вось яны парвалiся…

— Звяжу новыя, — засмяялася Маруся. — Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусi, краязнаўчы паход…

— Ужо расказаў? Памяло! — зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. — Я ж сказаў, раз i назаўсёды: Марусi нельга ў спартовыя паходы!

— Ну чаму ж? — запярэчыла тая. — Я на турзлёты ад свайго «Менскбудпраекта» езджу! А тут паход у вас першай складанасцi, для навiчкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?

— Усё! — стукнуў кулаком па стале Анатоль. — Размова пра паходы скончана, Маруся, — сказаў больш лагодна, — ты ж наша выручалачка! Ты ж заўсёды дапамагаеш i цяпер, калi ласка, дапамажы…

Ён падняўся з-за стала, выняў з сумкi палатку i два заплечнiкi, умольна глянуў у вочы Марусi i прашаптаў:

— Калi ласка…

— Добра, — уздыхнула Маруся, — зашыю…

I Анатоль узрадавана пачаў выкладваць Марусi пачастункi: грэчку, кнiгi, якiя купляў ёй у час вандровак…

Сцяпан моўчкi пазiраў на абаiх, адной рукою абапёршыся на поручань канапы, другую — паклаў на спiнку.

— Ты што, можа, яшчэ i бялiзну яму мыеш? — папытаўся ў Марусi.

— I мыю, i грошы яго захоўваю, — уздыхнула Маруся, — а ён прыбяжыць на хвiлiну, кiне мне свой поўны заплечнiк: «Зашый-памый» i зноў у свой iнтэрнат, быццам яму там мёдам намазана.

— А чаму б вам не пажанiцца? — засмяяўся Сцяпан.

— Я лепшую гаспадыню, чым Маруся, не знайду, — прамармытаў Анатоль. — Але ёсць адна прычана, па якой я не магу з ёй ажанiцца. Яна гэта ведае…

Анатоль падняўся, чмокнуў Марусю ў шчаку.

— Ну што, Сцяпан, паедзем? — уздыхнуў ён. — Справы, Маруся, прабач… Дзякую за ўсё! Трэба ж яшчэ на трэнiроўку паспець. Да Мiколы заехаць…

— Добра, — усмiхнулася Маруся, — бывай! Калi заглянеш?

Анатоль пацiснуў плячыма.

— Ну й мудак ты! — кiнуў Сцяпан, калi яны выйшлi ад Марусi. — Такая дзяўчына, а ты яшчэ носам круцiш!

— Рознiца ва ўзросце, разумееш? — заклапочана закiваў галавою Анатоль. На цэлых сем год…

— Ды якая там рознiца? У цябе вунь залысiны на галаве, а яна як кветачка!

— А табе што, спадабалася? — устрывожыўся Анатоль. — Ты глядзi ў мяне! Маруся — мая сяброўка! А наконт залысiн — глупства, жанчына ўсё роўна хутчэй старэе… Дый у сексуальным плане будуць праблемы, калi жонка старэйшая… Да таго ж яна ўжо не дзяўчына, а я хачу менавiта дзяўчыну. Здраджваць не будзе, разумееш? Яна акрамя мяне не будзе нiкога ведаць i будзе лiчыць, што лепш нi з кiм не будзе…

— Значыць, ты ўсё ж — сексуальна заклапочаны, — усмiхнуўся Сцяпан. Ведаеш, мне нiколi ў галаву не прыходзiлi такiя глупствы!

— Радзiць у такiм узросце цяжка… — працягнуў Анатоль.

— Табе радзiць? Чаго ты панiкуеш? — раззлаваўся Сцяпан. — Ну, жанiся тады на маладой дурнiцы, на Гальцы сваёй iнфантыльнай! Вось яна табе падыходзiць якраз як карове сядло!

II

Белыя фiранкi за зялёнымi шторамi. Пятае акно на чацвёртым паверсе. Пацямнелае ад мокрага снегу дрэва, за якiм схавалася Аленка. З трывогаю i асалодаю глядзiць на Мiколава акно дзяўчына. Там гарыць святло. Аленка ведае, што сёння ў Мiколы сабралiся хлопцы, каб абмеркаваць летнi паход. Пабегла разам з Анатолем яе сяброўка Галя — вастраносая, тоненькая, падобная на мышку, крыху закамплексаваная, сарамлiвая вясковая дзяўчына. Анатоль забег сёння па Галю, пачаставаў Аленку цукеркамi, а яна ўсё завiвала на плойку валасы, але тыя ўпарта клалiся роўнымi пасмамi на плечы, на белую кофтачку з карункавым каўнерыкам. Дзяўчына апранула сваю старую карычневую спаднiцу, высокiя боцiкi з амаль сцёртымi абцасамi i вырашыла пайсцi да Мiколы сама. Яна спадзявалася, што ў такiм убраннi спадабаецца яму.

… Неяк летам Аленка сустрэла Мiколу на вулiцу. Яна была апранута ў паркалёвую выцвiлую сукенку. У яе не было грошай на новую… Мiкола ветлiва прывiтаўся з дзяўчынай, але побач iсцi пасаромеўся. З таго часу Аленка эканомiла грошы, каб набыць нешта моднае, i вось купiла гэтую кофтачку…

Мокры снег бязлiтасна мачыў бялявы, перафарбаваны чубчык Аленкi. Нарэшце, набраўшыся смеласцi, яна пераступiла парог iнтэрната, здала вахцёру дакументы i паднялася на чацвёрты паверх.

…Такая родная, знаёмая лiчба: 405! Сэрца закалацiлася — вось-вось вырвецца з грудзей! Дрыготкiмi пальчыкамi пастукала ў дзверы.

— Заходзьце! — вясёлы зычны голас Мiколы пранiзаў яе наскрозь. Не ўвайшла — уляцела Аленка, застыла на парозе, вочы ў вочы сустрэлася з Мiколам. Ён стаяў ля зялёных штораў. За сталом, ля тапаграфiчнай карты, сядзеў у чорным швэдры барадаты Анатоль, сур'ёзны i заклапочаны. Ля яго павольна памешваў гарбату ў шклянцы Сцяпан, акуратна апрануты ў шэры касцюм, пры гальштуку. Галя-мышка разглядвала на святло лямпачкi каляровыя слайды, якiя Мiколаў сусед па пакойчыку, Антось, хударлявы, з прамымi валасамi i чубам, якi закрываў вочы, ад чаго ён увесь час махаў галавою, падаваў ёй са скрынкi i расказваў, з якога яны паходу. Галя ж пры гэтым падымала высока бровы, усмiхалася i кiвала яму галавою.

— Добры вечар усiм! — мовiла Аленка. — А я вось iду мiма, бачу святло… I вырашыла зайсцi…

— Правiльна вырашыла! — засмяяўся Мiкола i падаў ёй крэсла. — Сядай, а то ў нас тут каву нiхто пiць не хоча, пакажы прыклад!

I налiў ёй поўную шклянку.

— Значыць, з Менска iдзём пешшу да вёсачкi Гарадзiшча, — адарваў галаву ад карты Анатоль. — Там робiм першы начлег. Пагледзiце старажытныя валы, якiмi раней быў абнесены горад. Далей пойдзем да Музея архiтэктуры i побыту Беларусi, музей пад адкрытым небам. Затым пойдзем праз лес да вёскi Вiшанька. Тры днi ходу — i мы на месцы, шукайце ў вашай Вiшаньцы мур былога маёнтка Дарыны, падзямелле, Блакiтны пакойчык…

— Тры днi па лесе — гэта нецiкава! — заключыў Мiкола. — Мы ж не на разрад здаём! Навошта нам кiламетраж гнаць? Даедзем на машыне. Лепш гэтыя тры днi аддаць на паездку ў Жыровiчы, там манастыр, помнiк архiтэктуры. Яшчэ куды-небудзь наведацца, напрыклад, у Сынкавiцкую царкву-крэпасць, што ля Баранавiч. Дарэчы, у Баранавiчах таксама ёсць што паглядзець.

— Так справа не пойдзе! — узняўся з месца Анатоль. — Вы тады не турысты, а матраснiкi, i ваш шлях — да экскурсбюро, да мяккiх аўтобусаў!

— А што толку ногi бiць? — заўважыў Сцяпан. — Паход краязнаўчы, а не спартовы!

— Экскурсiя нават цiкавей! — уставiла слова Аленка, каб Мiкола бачыў, што яна падтрымлiвае ягоны погляд на паход.

— Вы мне турызм, спорт не ганьбiце! — ускiпеў Анатоль. — Я нават хлопцам у турклубе сказаў: калi мая жонка будзе супраць паходаў, развядуся! I з вамi тады — развод!

— Толечка! — падышла да хлопца Галя, але той злосна глянуў на яе.

— Усяму свой час! Тут я — не Толечка!

Супакоiў усiх Антось — жвава падняўся, зашмыгаў вяснушкаватым носам i засмяяўся:

— А торт жа наш дымiцца!

Галя пiскнула i выбегла на кухню. З духоўкi сапраўды iшоў дым. Дзяўчына адчынiла яе i выцягнула анучкай тое, што засталося ад торта. Спалохана замаргала вачыма. У гэты момант на кухню ўвайшоў Анатоль. Будучая жонка разгублена паглядала на яго. Потым, адважыўшыся, плёхнула агарак у сметнiцу.

— Малайчына! — здзеклiва кiнуў Анатоль, разгладжваючы бараду, падышоў да акна i запалiў.

Нейкi час яны моўчкi стаялi адно ля аднаго. Анатоль па звычцы стрэсваў попел у вазон. Галя паглядвала на бедны, замораны ўюнок i нарэшце рашылася:

— Ты зноў… у кветкi? Гэта ж шкодна iм…

— Сама не дасканалая, — сур'ёзна глянуў на яе Анатоль, — а другiх вучыш!

— Не дымi ў твар! Колькi можна казаць адно i тое ж? Ты, як твой бацька: у твар да субяседнiка з люлькай лезе, слiнаю пырскае i не здагадаецца адступiцца!

— Ты майго бацьку не ганьбi! Ён настаўнiк, пенсiянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы! — павысiў голас Анатоль, а потым дадаў цiшэй: — Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есцi варыць, шыць, бялiзну мыць… I маўчаць, калi муж адпачывае!

Анатоль раптам запынiў на Галi ўважлiвы позiрк.

— А гэта яшчэ што? — скрывiўся ён. — Чаму каўнерык брудны?

Галя вiнавата маўчала.

— Каўнерыкi трэба мяняць кожны дзень! — павучальна кiнуў ёй Анатоль i пайшоў у пакойчык.

Мiкола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакiтная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!

— Я паданне прынесла, — сказала яму цiха Аленка. — Хочаш пачытаць? Пра князя Вiтаўта i Дарыну. Мне адзiн чалавек у Вiшаньцы на Новы год расказаў…

— А? — не зразумеў яе Мiкола. — Ага, добра, — узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кнiжную палiцу i пачаў спрэчку з Анатолем, якi толькi што зайшоў у пакой.

— Нiякiх аўтобусаў! — крычаў Анатоль. — Альбо спартовы паход, альбо сам вядзi паход! Забяспечвай усiх палаткамi, спальнiкамi, заплечнiкамi!

I ён, у запале, кiнуў недакураную цыгарэту на ложак.

— Ай! — закрычала Галя. — Ты зноў абы-куды кiдаеш? Тое ж самае, што i палiш у ложку, ужо раз было — коўдру прапалiў!

— Не вучы мяне жыць! — адрэзаў Анатоль. — Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кiдаць! Бачыш, што заснуў, - забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кiнуў, - падымi!

— Анатоль! Нi дня ў лесе! — упарцiўся Мiкола. — Ад музея архiтэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавiчы i Слонiм. А ўжо пасля Жыровiч Вiшанька! Маршрут цiкавы, усе згодныя, не ламайся!

— Пайшлi, Галя! — крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы палiто. Тая паслухмяна апранулася, i яны выйшлi з пакойчыка, не развiтаўшыся.

…Дапiўшы гарбату, пайшоў у хуткiм часе i Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакiнуў яе з Мiколам адных, але Антось быццам i не разумеў трынкаў на сваёй гiтары, моршчыў нос i нешта мармытаў.

— Мiкола, я даўно хачу навучыцца iграць на гiтары, — звярнулася да хлопца Аленка. — Парай, калi ласка, якую лепш гiтару купiць.

— Гледзячы колькi ў цябе грошай, — абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.

— А як ты думаеш, мне лепш пайсцi на курсы цi можна самой навучыцца iграць?

— На чым? — неўразумелымi вачыма глянуў на яе Мiкола i пазяхнуў.

— На гiтары, — расчаравана i безнадзейна мовiла Аленка.

— А-а! На гiтары? — усмiхнуўся той. — Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра. — Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!

— З задавальненнем! — падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк. — Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы…

— Прабачце! Да пабачэння! — засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.

На душы было цяжка i крыўдна.

— Ну што вы падаеце на мяне? — незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.

Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азiрнулася. Засяроджана глядзела ў акно. "Зараз загадаю на нумар машыны, — падумала яна, — калi будзе апошняя лiчба няцотная ў нумары, што абгонiць нас, то Мiкола пакахае мяне".

Аўтобус абагналi «Жыгулi» 15–40 МIГ. "Ай, цотны лiк! — расчаравалася Аленка. — Загадаю iнакш. Калi нас абгонiць машына чырвонага колеру — Мiкола пакахае мяне!"

Аўтобус запынiўся на перакрыжаваннi. Аленка лiхаманкава шукала позiркам чырвоную машыну. "Ёсць! — амаль падскочыла ад радасцi. — Побач з намi! Родненькая, чырвоненькая!"

Аўтобус замарудзiў, калi загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. "Ура! Малайчына! Значыць, Мiкола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!" — затрапятала сэрца ў Аленкi.

— Не дыхайце мне ў твар! — крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.

— Вас жа не чапаюць, чаго вы? — заўважыў нехта.

— Дык я вас чапаю! — ускрыкнула тая.

— Едзьце на таксi!

— Гэта ўжо састарэла! — агрызнулася жанчына. — Прыдумайце што новае!

Аленка азiрнулася — так i ёсць, гэта яе мацi, "энергiяй запасаецца"! Дзяўчына хацела адвярнуцца, але нечакана ўбачыла Вайдаша Дуброўскага i ўсмiхнулася яму. Той кiўнуў ёй, прывiтаўся i падышоў блiжэй.

— Як справы, паненка? — папытаўся, гледзячы на яе арэхава-цёмнымi вачыма.

— Добрыя справы, дзякуй, — адказала яму i, развiтаўшыся, падалася на выхад.

Ён сышоў разам з ёю.

— Зойдзем у кафэ! — прапанаваў Аленцы.

Аленка ад адчаю, што нiчога не атрымалася з Мiколам, згадзiлася.

— Майце на ўвазе, — папярэдзiла дзяўчына, калi яны распраналiся ў вестыбюлi, — мая згода нiчога такога не азначае. У мяне ёсць хлопец! За вячэру я буду разлiчвацца сама!

Дуброўскi ўсмiхнуўся i прапанаваў ёй руку, каб падняцца па лесвiцы.

Яны селi за столiк ля акна, задрапiраванага бардовымi шторамi. Афiцыянт паставiў на столiк шампанскае, труфелi. Загучала прыемная мелодыя. Дуброўскi прапанаваў патанцаваць. Аленка ўсмiхнулася i выйшла з-за столiка, падала яму сваю руку…

У час танца Аленка заўважыла, колькi побач прыгожа апранутых жанчын аксамiтныя, парчовыя сукенкi, дэкальтэ, упрыгожаннi… I яна засмуцiлася, што на iх фоне выглядае жабрачкай.

— Я часта ўспамiнаю наш першы танец, — прашаптаў на вуха Дуброўскi, — i нiколi не спадзяваўся, што патанцуем яшчэ…

Аленка маўчала, яна думала пра тое, што здраджвае свайму каханню.

— Вы такая мiлая, непасрэдная, — усмiхнуўся Вайдаш, падводзячы яе да стала, калi танец скончыўся.

Афiцыянт разлiў у бакалы шампанскае.

— Шкада, што я сёння еду ў Гданьск, — прамовiў Дуброўскi, неадрыўна гледзячы на дзяўчыну. — Калi паспею ўладзiць усе справы, вярнуся праз два тыднi. Куды табе патэлефанаваць?

— Нiкуды, — сур'ёзна адказала Аленка. — Я не буду здраджваць свайму хлопцу.

Дуброўскi задуменным, а яшчэ Аленцы здалося, i горычным позiркам, як бы шкадуючы, пазiраў на яе.

— Цябе загубiць Чорная здань, — уздыхнуў ён. — Знайдзi жалезны кубак, прыгожы жалезны кубак з накрыўкай, адкрый яго i заглянi туды. Можа, табе ўдасца выратавацца… калi ты зразумееш сутнасць…

Больш за вечар ён нiчога не сказаў Аленцы. Стрымана развiтаўся, правёўшы яе да студэнцкага iнтэрната.

Галя ўжо спала, калi Аленка цiхенька адчынiла дзверы, прабралася да ложка i, распрануўшыся, залезла пад коўдру. Перад вачыма ўсплыў стары панскi маёнтак у Вiшаньцы. Быццам бы яна, у прыгожай сукенцы, стаiць сярод дрэў старога парку…

…Мiльгануў у небе месяц i сарамлiва схаваўся за лапкi ялiнак. У пакоi маёнтка, праз шырокi аконны праём, вiдаць постаць Дарыны.

Збянтэжаная i бледная, у доўгай жоўтай сукенцы стаiць яна перад бацькам. Срэбны, прыцiшаны голас разлiваецца, патанае ў высокай зале.

— Мы толькi сябры з князем Вiтаўтам, — разгублена шэпча Дарына. — Ён жа стары для мяне, непрыгожы… Маладому я душу i цела аддала…

— Сыну леснiка, прыгажуну з дзявочымi вуснамi?! — крычыць на яе бацька, i вочы яго налiваюцца чырванню. — Зганьбiць свой род хочаш? Забылася, што акрамя прыгажосцi ў чалавека яшчэ ёсць i душа? Сэрцам шчырым i чыстай душою Вiтаўт цябе кахае! Я памру, хто ж абаронiць цябе, як не Вiтаўт?

— Сын леснiка абаронiць! — цвёрда сказала дачка. — Завязе мяне любы да мора! Хай нам птушкi садзяцца на рукi, хай нам хвалi расказваюць казкi… Багацце Вiтаўта — нiшто! Адзiнае багацце — наша каханне з сынам леснiка, наша маладосць. Адпраўляй назад сватоў Вiтаўта!

I Дарына з упартай усмешкай пакiдае пакоi маёнтка.

— Аленка, прачынайся! На зарадку пабеглi! — тармасiць за плячо сяброўку Галя.

— Ой, сапраўды! — працiрае сонныя вочы Аленка i ўскоквае з ложка. — Мiкола ўжо, вiдаць, бегае па парку! Дай Бог мне ўбачыцца з iм!

Яна выглядвае ў акно. Неадчэпная, як манiя, думка мiльганула ў галаве: "Калi ўбачу ў акно на вулiцы мужчыну — Мiколка пакахае мяне, калi жанчыну — не пакахае!"

Унiзе, па асфальце, тэпалi двое дзетак. "Нiчога, — падумала Аленка, можа, гэта маленькiя хлопчыкi, таксама ж мужчыны! А калi дзяўчынкi? Зараз спушчуся ўнiз i праверу! Калi дзяўчынкi — дрэнь справа, не пакахае!"

I яна, як апантаная, апрануўшы спартовы касцюм, кiнулася бегчы ўнiз па лесвiцы, на вулiцу…

Невыносны, сапраўдны фiзiчны боль стаяў пад грудзьмi. "У гэтым месцы канцэнтруюцца ўсе нервовыя канчаткi, — успомнiла Iрэна з курса псiхалогii. Згустак нерваў… Клубок… Значыць, сэнс "балiць у грудзях" — не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабiў? За што, Божа? Што я табе зрабiла дрэннага, Янка? Што я табе зрабiла?" Рука iнстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Iрэна паднялася з ложка. За акном пачало вiднець. За ўсю ноч яна так i не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сiвы клубок яго, Iрэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скiнула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, палiў цыгарэту нейкi мужчына. У другiм акне, на кухнi, завiхалася жанчына. А Iрэне было так адзiнока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсiм свеце!

"Жанчыны чамусьцi заўсёды даруюць мне!" — успомнiла яна словы Янкi. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажанiцца. Усё падрыхтавалi да вяселля, а ён збег. "Толькi дурнi жэняцца перад службай у войску! — заключыў Янка. — Жана пакрыўдзiлася. Нават не прыйшла праводзiць мяне на службу. Але калi я вярнуўся, усё даравала. Пачалi сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?"

"Я таксама даравала б табе, Янка, — падумала Iрэна, — толькi вярнiся. Ты мой бог, у тваiх абдымках мне так добра… Мне нi з кiм не было так добра, як з табою…"

— Iрэна, на практыку спознiшся! — крыкнула бабуля i заглянула ў яе пакойчык. — Фу, надымiла, распуста! Iдзi снедаць! Мацi павяла Паўлiка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, — паскардзiлася старая. — Мы з дзедам даўно не спiм, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлiк вялiкi стане, чуеш? Нельга яму будзе з мацi i таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўлiка ў тваю спальню…

— Ды не пайду я замуж! — адказала Iрэна i забычкавала цыгарэту. — Я нiколi не пайду замуж! Мне не шанцуе!

I пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цiкавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма…

— Хто ведае, адкуль з'явiлася жалейка? — Iрэна падняла ўгару i паказала дзецям музычны iнструмент. — Памятаеце паданне?

Дзяўчынка з ружовым банцiкам у валасах паднялася з месца.

— Жыла сiрацiнка Насця, — пачала яна. — Пакахала хлопца, але ён быў такi ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну i вырашыў iсцi па свеце шукаць яе. Знайшоў — а тая толькi пасмяялася з яго. I вырашыў хлопец вярнуцца да Насцi, але тая ўжо выйшла замуж…

— Добра, — усмiхнулася Iрэна. — А дзе ж нашы русалачкi, што яны павiнны цяпер рабiць?

Iрэна зайграла, i дзецi сталi ў карагод.

— Янка! Янка! — закрычалi яны. — Хадзi да нас, мы будзем тваiмi нявестамi! Рабi з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцеблiка зялёнага жалейку! Весялiць нас будзеш!

— А чаму Янка? — здзiвiлася Iрэна. — Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалi…

— Казалi, казалi! — загаманiлi дзецi.

"Божа ж мой, — спалохалася Iрэна, — у паданнi не было iмя хлопца! Янка, што ты зрабiў са мною? Нават iмя тваё не дае мне спакою…"

Iрэна перастала iграць.

— Можна, я буду Янкам? — папрасiўся хлапчук у паласатай кашульцы.

— Будзь, — з сумам адказала Iрэна i ўспомнiла, як Янка падарыў ёй матроскую цяльняшку. Яна апранула яе за горадам — бегала ў жыце, бы русалка: валасы распушчаныя, шорты кароценькiя, паласатая цяльняшка. А потым на лясной палянцы яны цалавалiся, а побач паслiся каровы.

Хлопчык у паласатай кашульцы зайграў на жалейцы.

— А цяпер, Янка, заплюшчы вочы, i мы табе дадзiм нявесту! — закрычалi дзецi i паднеслi яму пук кудзелi.

— Гэта не мая нявеста! — адкiнуў кудзелю хлопчык.

— Вось табе нявеста! — падала яму ляльку Iрэна.

Хлопчык усмiхнуўся, абняў ляльку i зноў заплюшчыў вочы. У гэты момант дзецi забралi ў яго з рук ляльку i падлажылi бярвенца.

— Ой, гэта ж трухлявае палена! — расплюшчыў вочы хлопчык.

— Янка! — сказалi хорам дзецi. — Хто доўга выбiрае — заўсёды з трухлёй застаецца!

— А за жалейку… — дадала Iрэна.

— Дзякуй! — закрычалi дзецi.

— Добра вы засвоiлi паданне, — пахвалiла ўсiх Iрэна. — А цяпер будзем развiтвацца.

Яна вярнулася ў музычны кабiнет. Думкi пра Янку не адступалi. "Трэба схадзiць да яго ў iнтэрнат, — вырашыла Iрэна. — Можа, я супакоюся нарэшце, калi ён растлумачыць, за што мяне пакiнуў?" Яна прыгладзiла валасы, але раптам рука запынiлася, замерла на месцы — з-пад далонi выглядваў сiвы валасок! Iрэна спужалася, рукi задрыжэлi.

"Гэта стрэс, — падумала яна. — Пасiвела! У дваццаць два гады пасiвела. А можа, мне сустрэць Янку на маршруце, падысцi да шаснаццатага аўтобуса… Чакаць… А калi не яго змена? Не, лепей пайду ў iнтэрнат!"

Янкi дома не аказалася. Сусед яго, стараваты ўжо мужчына, нахабна ўсмiхнуўся:

— Ты да Бiневiча? А ён ужо звольнiўся! У палюбоўнiцы жыве!

Iрэна выйшла з iнтэрната, знайшла тэлефон-аўтамат i набрала нумар Рэнi.

— Прывiтанне, — сказала стрымана. — Як жыццё маладое? Можа, замуж выйшла? Дарэчы, Янка ў цябе?

— Навошта мне твой Янка! — раззлавалася Рэня. — Скажы мне дзякуй, што я адбiла яго ў цябе, а то б век ад бруду не адмылася! Альфонс твой Янка, усякла? Пажор у мяне ўсё, пярсцёнак стырыў i знiк! Цяпер, дзеўкi казалi, на танцах "Каму за трыццаць" абiваецца. Бараду адпусцiў. Мацярок-адзiночак кадрыць. Гаварыў жа: "Паваляюся, бы сыр у масле, пару тыдняў, галоўнае, пра вяселле штодня казаць!" Ён жа зараз беспрацоўны i бомж, Бiневiч твой, казёл!

I Рэня паклала слухаўку.

Маруся Вайтовiч стаяла ў чарзе да споведзi. Малады святар не звяртаў на яе ўвагi.

— А каб лiха на вас, анцiхрысты! — старая грабла накапаны на падлогу воск. — Каб рукi адсохлi таму, хто свечкi бокам ставiць!

— Жанчына, супакойцеся! — пачала ўшчуваць яе маладая дзяўчына ў зялёным палiто. — Вы ж людзей ад царквы адбiваеце, яны iдуць да споведзi, а вы iх праклiнаеце!

— Маўчы, зараза! — крыкнула ў адказ старая. — Сама абортаў, вiдаць, кучу нарабiла, а мне ўказваеш?

Людзi запытальна паглядалi на святара, чакалi, што ён вось-вось супынiць яе. Але той з каменным тварам спавядаў вернiкаў. Падышла чарга дзяўчыны ў зялёным палiто. Яна нешта прашаптала святару, i той, абурыўшыся, гучна мовiў:

— Тое, што вы прыслалi нам пасылку, добра. Але ж маглi i прынесцi — у адным горадзе жывём. А наш стараста з хворай нагою iшоў па вашу пасылку два кiламетры на пошту.

— Прабачце, — схiлiла галаву дзяўчына, — дабром пайшло, а злом выйшла… Каюся…

— I тое, што вы прыслалi… — ушчуваючы, прадоўжыў святар, — у нас такога, мiленькая, навалам. Iншы раз мы прадаём гэта вернiкам, грошы iдуць на рамонт царквы.

Маруся, як аслупянелая, здзiўленым позiркам глядзела на святара i не разумела, дзе яна знаходзiцца. Успомнiла аповяд старых, быццам бы нехта хацеў у гэтай царкве дзiця хрысцiць, дык яму прыснiўся сон. Святая Сафiя Слуцкая, чые мошчы знаходзiлiся тут, з'явiлася ў сне таму чалавеку i сказала: "Не хадзi туды…"

— Стаiць як пень! Iдзi! — крыкнуў нехта на Марусю, падштурхнуўшы яе да святара.

— Iмя? — запытаў той.

— А як iмя вашай служкi, якая ўвесь час абражае вернiкаў? — у тон яму адказала Маруся. — Дзе ваша павага да людзей? Гэта царква цi дом вар'ятаў?

— Не маеце права асуджаць другiх! — пачырванеў ад злосцi святар. — Самi без граху?

Маруся завярнулася i пайшла прэч. На прыступках, ля дзвярэй царквы, стаяла тая самая дзяўчына ў зялёным палiто. Прамы бялявы чубчык, вiдаць, адбелены гiдраперытам, добрыя цёмныя вочы, яскравая ўсмешка.

— Здорава ты яго! — сказала дзяўчына Марусi. — Тут заўсёды так, болей маёй нагi тут не будзе. Лепш хадзi ў царкву Марыi Магдалены, што ля Камсамольскага возера, там так спакойна, такi добры айцец Уладзiмiр! I служачыя добрыя.

— Дзякую, — шчыра адказала Маруся.

— А ты праз iх Бога не кiдай! — параiла дзяўчына. — Я раней злавалася, што мне не шанцуе, нават крыжык i iконку праз акно выкiнула, а потым зразумела, што ўсе мае беды праз грахi мае. Шчырая вера ў Бога прыйшла да мяне пасля наведвання Жыровiцкага манастыра. Там ёсць цудатворная iкона i крынiца. Я стаяла ля iконы, а да мяне быццам цяпло iшло, i такая асалода ў грудзях! Пагаварыла з Мацi Божай, папрасiла ў яе дапамогi, i сапраўды ўсё збылося. А калi нашы мары не збываюцца, значыць, так хоча Бог — яму ж лепш ведаць, што нам трэба для нашага выратавання.

— А дзе знаходзiцца Жыровiцкi манастыр? — зацiкавiлася Маруся.

— Ля Слонiма. Адтуль аўтобус, тройка, у Жыровiчы ходзiць. Праз паўгадзiны. Калi мы вызначалi маршрут нашага паходу, якi будзе летам, я папрасiла ўключыць Слонiм, каб зноў пабыць у манастыры!

— Вы турыстка? — узрадавалася Маруся. — А я так хачу заняцца турызмам! Сапраўды, спартовым!

— Ай, навошта вам спартовы турызм? У нас кiраўнiк паходу, Толiк Хвашчэўскi, займаецца прафесiйным турызмам. Ну й што з таго? Захворванне суставаў атрымаў, радыкулiт, хранiчны бранхiт. Кожны раз пасля паходу ў бальнiцу кладзецца. А ўсё роўна! Аж пакрыўдзiўся на нас, калi мы прапанавалi ў паход уключыць элементы экскурсii на аўтобусе.

— Анатоль Хвашчэўскi? — здзiвiлася Маруся. — Майстар працоўнага навучання ў ПТВ?

— Вы яго ведаеце?

— Канешне! — усмiхнулася Маруся. — Такi выдатны хлопец, дзелавiты, разумны, спартсмен!

— Гэта так, — пагадзiлася дзяўчына, — але ж занадта ўпарты. Адмовiўся весцi неспартовы паход. Цяпер нам няма дзе ўзяць палаткi.

— Гэта не праблема, — шчыра прамовiла Маруся. — Я вам дапамагу. Наш начальнiк аддзела вядзе спартовы гурток. Мы таксама выязджаем на прыроду. Ёсць палаткi, спальнiкi, астатняе. Я сёння папрашу ў яго!

— Нам трэба ўлетку…

— Зразумела! — весела адказала Маруся. — Давай знаёмiцца! Маруся Вайтовiч, iнжынер праектнага аддзела «Менскбудпраекта». Зараз я табе свой тэлефон пакiну.

I хуценька напiсала на паперцы.

— А я — Алена Акулiч, — усмiхнулася дзяўчына, паклала паперку ў кiшэню. Шчаслiва! Пабачымся!

Маруся амаль подбегам неслася па калiдоры да свайго аддзела, усё баялася нарвацца на Дуброўскага. Мiнулы раз ён моцна насварыўся на яе за спазненне.

— Ну што? — выдыхнула Маруся, заскочыўшы ў аддзел. — Не заглядваў Дуброўскi?

— Няма на каго тут яму заглядваць, — засмяялася Зоська, разглядваючы свой нос у пудранiцу i пэцкаючы пэндзлiкам пад вейкамi.

— Ён цяпер на польскiх паненак заглядваецца, — дадала Надзея Шэбан, разлiваючы ў кубкi каву. — У Гданьск паехаў на два тыднi. Можа, хоць цукерак прывязе?

— Глядзi, каб прывёз! — скрывiла вусны Зоська. — Вось у маёй сяброўкi начальнiк аддзела! Каву разам з iмi п'е, смяецца, жартуе. А наш Дуброўскi нават на навагоднiм агеньчыку мяне да танцаў не запрасiў, колькi нi маргала яму.

Зазванiў тэлефон. Надзея Шэбан падняла слухаўку.

— Маруся, цябе! — усмiхнулася ёй. — Напэўна, Анатоль твой…

Маруся з хваляваннем узяла слухаўку.

— Слухаю! — весела сказала яна. — Сцяпан? А дзе ж Анатоль? Што-небудзь здарылася? Зноў трэнiроўка… не можа пайсцi са мною ў кiно?.. Ты запрашаеш? Дзякую, Сцяпан… Я не пайду! Ну i што, што Анатоль папрасiў цябе? Няхай сабе прападаюць бiлеты! Запрасi так каго… Прабач!

Яна паклала слухаўку, i на вочы навярнулiся слёзы крыўды.

III

Мiкола мыўся пад душам пасля ранiшняга бегу, калi ў дзверы пастукалi. Закруцiўшыся ў прасцiнку, хлопец адчынiў дзверы. На парозе стаяла дзяўчына ў блакiтнай дутай куртцы, джынсах i вязанай шапачцы. У руках трымала вялiкую сумку.

— Вы да Антося? — ветлiва запытаў ён.

— Да цябе, дарагi! — цмокнула тая Мiколу ў шчаку i, адхiлiўшы з дарогi, прайшла ў пакойчык.

Кiнула, не гледзячы, убок рукавiчкi, шапку, паставiла сумку на стол. Адным махам развяла на куртцы замок i засталася ў прыгожым вязаным швэдры. Села на ложак, выцягнула ўперад ногi.

— Здымi чаботкi! — засмяялася гарэзлiва.

Мiкола, як зачараваны, паслухаўся. Але потым ускочыў, паставiў яе чаботкi ў кут i, паправiўшы на сабе прасцiнку, папытаўся:

— Ты хто такая?

— Ай, не пазнаў! — гучна засмяялася тая, адкiнуўшы назад галаву. — Наташа я, твая Наталачка! — паднялася з месца i абняла яго. Затым адхiнула i сур'ёзна дадала: — У мяне ёсць адзiн сакрэт, але я потым скажу. А цяпер, даруй мне, калi ласка, што я тады на цябе накрычала. Я закахалася i баялася, што ты мяне пакiнеш…

— Трамвайшчыца… — расчаравана прысеў на ложак Мiкола.

— Не злуйся! — падмiгнула яна i расшпiлiла сумку, пачала выкладваць на стол прысмакi. — Я табе шчупака фаршыраванага зрабiла, вось пернiкаў напякла… Бутэлечка… I падарунак, трымай!

Працягнула вялiкую каробку замежнага адэкалону.

— А што сёння за свята? — скрывiў вусны Мiкола, але каробку ўзяў.

— Дзень Савецкай Армii!

— Савецкага Саюза ўжо даўно няма, тупiца!

— А ты ж яшчэ ў Савецкай Армii служыў да перабудовы.

— Мне з табою не цiкава! Аб чым нам гаварыць, трамвайшчыца? — абурыўся Мiкола i выйшаў з пакойчыка.

— Што хочаш? — агрубелым голасам спытала смуглявая старая цыганка. — На хлопца, га?

— Я ўжо была ў вас, — цiха адказала Аленка, аглядаючы цёмны пакойчык з iконамi на покуцi.

— Прынесла?

— Не змагла дастаць ягонай вопраткi, — маркотна мовiла Аленка.

— Я не пра гэта, — перабiла яе цыганка. — Грошы прынесла? Для таго, каб скарыць ягоную волю, каб прымусiць ягонае цела злiцца з тваiм, патрэбна асаблiвая малiтва… Таму i грошы вялiкiя.

Аленка моўчкi працягнула цыганцы кiпу грошай, i тая засунула iх у патаемную кiшэню недзе ў складках спаднiцы.

— Малiтву вывучыла? Распранайся!

Аленка зняла з сябе ўсю вопратку, села на каленi на рассыпаную соль. Цыганка паставiла насупраць яе свечку. Налiла ў келiх вiна i паставiла з левага боку, налiла ў другi келiх вады i паставiла з правага.

— Чытай перад iконаю, — мовiла цыганка, — i маж спачатку вiном, тады вадою…

— Благаславi мяне, Мацi-Зямля, бо я дзiця тваё! — прашаптала Аленка. Благаславёныя будзьце мае вочы, каб я ўбачыла правiльныя шляхi да цябе!

Дзяўчына намачыла пальцы ў вiне i памазала вочы. Затым намачыла пальцы вадою i правяла над павекамi.

— Благаславёны будзь мой нос, каб я пачула асалоду твайго паху! прадаўжала яна. — Благаславёны будзь мой рот, каб я змагла гаварыць пра цябе, благаславёны будзьце мае грудзi, каб у iх бiлася адданае табе сэрца, благаславёныя будзьце мае ногi, каб я змагла iсцi па дарозе, якую пакажаш ты мне. Я — дзiця тваё, i ты, мацi, дапамажы мне!

Аленка азiрнулася на цыганку: "Што далей?"

Тая моўчкi пацiснула плячыма.

— Ты ж не прынесла ягонай вопраткi, — разважала цыганка. — З чаго я зраблю чароўныя лялькi? Вось што, апранайся i iдзi да яго проста зараз! Ён выйдзе да цябе, я ўпэўнена! Бяры яго вопратку i да мяне!

Аленка, як загiпнатызаваная, паднялася. Апрануўшыся, рашуча выйшла з хаты.

Мiкола, моцна ўзлаваны выхадкай Наташы, стаяў ля вахты. Праз акно, у водсвеце лiхтара, убачыў Аленку. Тая пазiрала ўгору, на вокны, i варушыла вуснамi. Ён выйшаў на парог i паклiкаў яе:

— Эй, на каго ты там молiшся?

— Я вокны лiчу… Дзе тваё акно, вызначаю, — наiўна адказала тая з дзiцячай радасцю ў голасе i падышла да яго.

— Як добра, што ты прыйшла! — шчыра ўзрадаваўся Мiкола i падумаў, што з дапамогай гэтай дзiвачкi, якая штовечар тырчыць пад ягонымi вокнамi, ён выжыве Наташу. — Я ўжо па табе засумаваў! Чаму не прыходзiла?

Ён абняў Аленку i заўважыў, што палiто знiзу крыху парванае i зашытае. "Што, ёй бацькi не дапамагаюць?" — здзiвiўся.

— Я раней прыходзiла, — усмiхнулася Аленка, ледзь паспяваючы за iм. — Але вас з Антосем увесь час дома няма, дзе вы ходзiце?

— Басейн, вячэрняя прабежка, трэнiроўкi, — уздыхнуў Мiкола, — вось i няма часу з дзяўчатамi бавiцца…

Яны падышлi да вахты.

— Гэта са мною! — падмiргнуў Мiкола старэнькаму дзядку-вахцёру i шапнуў Аленцы на вуха: "Дакументы не здавай! Застанешся…" i пацалаваў дзяўчыну ў шчаку. Аленка была на сёмым небе ад шчасця. Яна з такiм замiлаваннем глядзела на Мiколу, калi яны падымалiся на лiфце на ягоны паверх!

Але як збянтэжылася Аленка, калi ўбачыла ў пакоi ў Мiколы другую дзяўчыну! Тая выкладвала з сумкi прысмакi…

— Знаёмся, Наташа, — мовiў Мiкола, нахабна гледзячы ў твар прыгожанькай дзяўчыне, — гэта Аленка, мая нявеста!

Наташа хмыкнула, скрывiўшы пухленькiя вусны, але да Аленкi падышла i нечакана пацалавала яе ў шчаку.

Мiкола зняў са сцяны гiтару, прапанаваў Аленцы садзiцца на ягоны ложак i сеў побач.

— Песня для цябе, мiлая! — усмiхнуўся Аленцы.

Аленка пачырванела ад нечаканай радасцi.

Не утешайте меня, мне слова не нужны, Мне б отыскать тот ручей у янтарной сосны, Вдруг сквозь туман там краснеет кусочек огня, Вдруг у огня ожидают, представьте, меня!

Мiкола спяваў песню Юрыя Вiзбара:

Милая моя, солнышко лесное…

— Где, в каких краях, встретишься со мною? — падхапiла Наташа прыпеў i запрасiла ўсiх да стала.

Аленка з удзячнасцю пахвалiла кулiнарныя здольнасцi Наташы.

— А вось Мiкола называе мяне дурнiцаю, — паскардзiлася Наташа. — Паўплывай на яго, Аленачка!

— Абавязкова! — усмiхнулася тая.

Мiкола зарагатаў, адхiнуўшыся на спiнку крэсла.

— Паслухай, Мiкола! — загарэлiся вочы ў Аленкi. — Я дапамагу табе знайсцi палаткi ў паход! Мая знаёмая возьме iх у сябе на працы. Спадзяюся, што ты возьмеш i мяне ў паход за такую паслугу?

— Вядома, вазьму, Аленачка! — абняў той дзяўчыну. — I нават у загс! Заўтра прынясi свае паданнi — чытаць будзем!

— Яны ў мяне тут! — ускочыла з-за стала Аленка, хуценька выцягнула з кiшэнi лiсты. — Пачытаць?

— Давай я! — забраў лiсты Мiкола i пачаў чытаць.

…Жыла Дарына з каханым на беразе Чорнага мора. Але словы яго чароўныя больш не вабiлi яе, i тварам яго прыгожым перастала любавацца яна. Блукалi яны з месца на месца, часта сварылiся, бо муж яе не мог знайсцi сабе справы i нiчога не ўмеў рабiць. Уцякла яна ад яго i трапiла да старой вядзьмаркi. Стала жыць у яе ды вядзьмарству вучыцца. I не было ў яе сiлы i грошай вярнуцца да роднай зямлi. Сумавала Дарына па Бацькаўшчыне, як сон, успамiнала сваё дзяцiнства.

I пачула яна аднойчы, што ў мясцiны гэтыя прыехаў князь Вiтаўт са сваёю дружынай. Пабегла яна, каб паглядзець на яго. Дазналася, што ў князя не зажывае рана ад даўняй бiтвы, i папрасiла, каб дазволiлi ёй вылечыць яго. Згадзiўся князь, дапусцiў да сябе маладую вядзьмарку. Лячыла яна яго. Але падалося яму, быццам бачыў ён недзе дзяўчыну.

— Чаму твар свой хаваеш? — вочы ў Вiтаўта пры святле свечкi цёмна-сiнiя, аксамiтныя i глыбокiя, i здаецца Дарыне, у iх такое цяпло i ўтульнасць… — Як завуць цябе? — пытае ўсё ён.

Павекi ў Дарыны заплюшчаныя, яшчэ болей захiнулася яна ў сваю чорную хустку i схiлiла галаву. Не можа назваць iмя свайго.

— Цяпер лепей сябе адчуваю, — кажа князь. — Што хочаш за лекi свае?

Вочы ў дзяўчыны загараюцца, падае долу чорная хустка.

— Дадому! Да зямлi сваёй любай! — шэпча дзяўчына, да грудзей прыцiснуўшы рукi.

Князь узнiмаецца.

— Ты — Дарына?

I твар свой у слязах хавае яна…

— Ай, не наганяйце самоту! — пацягнулася за сталом Наташа. — Давайце лепш вып'ем! Сёння свята… Дарэчы, Аленачка, я працую на пятым маршруце трамвая, прыходзь, калi я ў першую змену, гэта на тым тыднi. Пакатаю! А потым у госцi пойдзем! Я пачастую цябе фаршыраванымi катлетамi на выбар: з грыбамi, з цыбуляй смажанай цi морквай. А яшчэ я смачна раблю рыбу фаршыраваную…

— Ды што ты, як трашчотка! — перабiў яе Мiкола. — Заўжды ў цябе ўсё фаршыраванае: то бульба мясам, то рыба… Вось толькi галава пустая!

— Нiчога! — усмiхнулася Наташа. — Я тваю пiлюлю праглынула, зараз перавару… Смейся, смейся, пакуль весела! Ты ад мяне хутка такi контрудар атрымаеш — заплачаш!

Наташа хiхiкнула i ўзялася з асалодаю есцi цёплыя катлеты з укропам зверху. Мiкола ўключыў магнiтафон i запрасiў Аленку на танец.

Увесь час шаптаў дзяўчыне салодкiя, сакавiтыя, як вiшня, словы кахання. Наташа танцавала адна. Павольна, прыгожа кружылася па пакойчыку ў шчыльна абцягнутых джынсах, у самавязаным узорыстым швэдры.

— Табе час iсцi! — заўважыў ёй Мiкола. — Зараз прыйдзе вахцёр з тваiмi дакументамi!

— Ой, не плач! — працягнула Наташа i прысела на крэсла, узяла ў руку шклянку з недапiтым вiном i павольна пацягнула праз саломiнку.

— У мяне застанецца Аленка! — настойлiва сказаў Мiкола.

— Я не супраць! — усмiхнулася Наташа, сцягваючы праз галаву швэдар.

Яна засталася ў прыгожым танюткiм лiфчыку. Затым павольна зняла джынсы i бухнулася ў ложак.

— Давайце яшчэ вып'ем! — засмяялася Наташа, гледзячы на збянтэжаных Аленку i Мiколу. — На развiтанне, з Аленкай… Зараз Мiкола правядзе цябе дахаты… А потым вернецца да мяне!

— Запомнi! — крыкнуў ёй Мiкола, падышоўшы да ложка. — Я не люблю агрэсiўных, плаксiвых i назойлiвых жанчын!

— З якой кнiгi гэты выраз? — насмешлiва мовiла Наташа. — Мусiць, Дэйла Карнегi цяпер чытаеш? Фiлосаф! Напэўна, ужо дзесяць сшыткаў спiсаў на афарызмы? Iнтэлектуал! Я не агрэсiўная — проста заўсёды гавару праўду! Не плаксiвая — мне твой замуж патрэбен як сабаку пятая нага! У нас дзяўчаты, мацi-адзiночкi, кватэры льготныя атрымлiваюць! Ды я лепш буду мацi-адзiночкай, чым за такога, як ты, пайду! Навошта мне за табою ў вёску ехаць? Я не назойлiвая, я — ветлiвая, павiншаваць цябе прыйшла! I пажартавала я цяпер, скрывiла вусны Наташа ў пагардлiвай усмешцы, — хацела пабачыць, як ты са сваiмi бабамi разбiраешся, калi ўсе разам прыходзяць!

Наташа ўскочыла з ложка, спрытна апранулася i, паслаўшы Мiколу паветраны пацалунак, выйшла з пакойчыка.

— Нарэшце! — з лёгкасцю ўздыхнуў хлопец i прытулiўся вуснамi да Аленчынага пляча. — Я кахаю цябе, — прашаптаў ён дзяўчыне. — Заставайся сёння ў мяне, да ранку… А заўтра, на золку, разам скiруем да возера, на ранiшнi бег…

Пасля саўны Iрэна прыняла масаж. З даўняга часу знаёмая ёй Светачка пляснула ў далонi, калi Iрэна скiнула прасцiну i лягла на масажную кушэтку.

— Як вы пахудзелi! Парайце дыету!

— Дэпрэсiя… — адказала Iрэна. — Лепей быць мажной, але шчаслiвай…

Цела Iрэны разамлела, сагрэлася, i здалося ёй, што стала яна лёгкай-лёгкай i ўзнялася над зямлёю… Як даўно не была Iрэна ў салоне «Грацыя»! Гэта яе самае любiмае месца, выходзiш адсюль зусiм iншым чалавекам — новым, памаладзелым, шчаслiвым… Як спяшалася яна адсюль раней да Янкi — акрыленая, вясёлая! Ён багатварыў яе цела, цалаваў яго. Iрэна адчувала спiною халадок зялёнай травы i пах кветак, пяшчотныя вусны Янкi… Цёплы рачны пясок сыпаўся ёй на жывот… Пырскi халоднай вады лагодзiлi твар…

— Якiм колерам будзеце фарбаваць пазногцi на нагах?

Абудзiлася ад думак Iрэна ўжо ў педыкюрным пакойчыку.

Чаму думкi пра Янку не пакiдаюць яе? Праз сцяну — касметычны кабiнет. Яна абавязкова зробiць там маску, масаж твару, i ёй накладуць макiяж «Лебедзь» ён так пасуе да яе вачэй.

— Я параю вам макiяж "Раманс"! — усмiхнулася касметычка. — Вы ж сказалi, што iдзяце на вечар…

— У фiлармонiю, — паправiла Iрэна. "Адна iду…" — падумала з сумам.

…З люстэрка пазiрае прыгожая дзяўчына — пшанiчнага колеру валасы ўкладзены ў складаную прычоску. "Застаўся апошнi штрых, — усмiхаецца свайму адлюстраванню Iрэна, — манiкюр!"

— Ну вось, цяпер я пачну новае жыццё! — з палёгкай уздыхнула Iрэна, выйшаўшы з салона.

…Яна адчула, што адзiнота можа быць пяшчотнай i спакойнай. На душы ўтульнасць i асалода. Менавiта ў такiя часы цiхага роздуму i спакою наведвае нас Дух Святы — мы ачышчаемся душою сярод цiшынi, сярод прыгажосцi аксамiтна-зялёных дрэваў, ласкавай травы i шчырых кветак, удумлiва-спакойнага неба i цiхай малiтвы. Iрэна ведала, што дома яна абавязкова адключыць тэлефон, перастане чытаць газеты i часопiсы на нейкi час, не будзе глядзець тэлевiзар. Цiшыня i спакой — цудатворныя лекi!

Iрэна зайшла па дарозе ў Дом фота, заказала ў бары каву, нетаропка пiла, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прыгожыя, танюткiя пальчыкi трымаюць кубак з кавай. Вусны, цалуючы, кранаюць яго край, у роце — гарачыня i гаркаваты, як ад бразiльскiх цыгарэт, прысмак… Насупраць яе сядзiць элегантна апрануты мужчына гадоў за трыццаць. Густыя чарнявыя валасы з нiтачкамi срэбра, зачасаныя ўгору. Класiчнага крою пiнжак, прыгожы iмпартны гальштук i белы шарфiк, цёмнае палiто расшпiлена… Iрэне хочацца, каб ён звярнуў на яе ўвагу, але той заняты размовай са сваiм субяседнiкам — сур'ёзным пажылым чалавекам.

— Рэстаўраваць стары маёнтак, я лiчу, будзе больш выгадна, чым будаваць новы аздараўленчы цэнтр, — гаворыць той, хто спадабаўся Iрэне.

— Месца выбрана добрае, спадар Дуброўскi, — адказвае пажылы, — Вiшанька цудоўная вёска: лес, рэчка побач… А людзi! Добрыя, старыя мясцiны… Цяпер такiх вёсак амаль не засталося, усюды прыезджыя людзi, карэнных жыхароў амаль няма, а гэта, можна сказаць, старажытная вёска, такая, якую я ведаў у дзяцiнстве… Ласкавая палеская вёсачка!.. Параскiдаў Чарнобыль людзей па чужых мясцiнах…

Мужчына ўздыхнуў.

— Нiчога, вернуцца яшчэ, — супакоiў яго Дуброўскi. — Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi…

Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. "Гэты чалавек не для мяне, — падумала Iрэна, — я не дарасла да яго… А як бы хацелася мець такога!.."

Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..

А вось i дзедава хата. Мусiць, года з паўтара Iрэна не была тут. Ёй адчынiла маладая жанчына, павяла здзiўлена чорнымi брывамi, зашпiлiла таропка знiзу халат, чорныя даўгiя валасы рассыпалiся па плячах. Недзе ў глыбiнi пакоя плакала дзiця. Iрэна прывiталася i прайшла ў хату. Бацька сядзеў на кухнi. Убачыўшы дачку, падняўся насустрач ёй.

— Я прыехала, тата, — Iрэна прысела на край канапы, агледзелася. — Божа, як вы жывяце? — уздыхнула здзiўлена, але без злосцi. — Нават тэлевiзара няма… А я сёння ў фiлармонiю iду!

— Шчаслiвая! — усмiхнуўся бацька.

— Шчаслiвыя вы! — адказала дачка, а затым, махнуўшы рукою, дадала: Добра! Паказвайце мне маю сястрычку альбо брацiка. Я не раўную…

…На сцэне невысокi, у белым касцюме музыкант з Германii — Мюлер. Iрэна пачула толькi ягонае прозвiшча. Музыкант iграе на аргане. Вядучая сказала, што Мюлер у дзяцiнстве любiў прыйсцi досвiткам у касцёл. З вiтражных вокнаў на арган падалi першыя сонечныя промнi, i ў гэтых промнях танцавалi ў паўзмроку маленькiя блiскучыя пылiнкi… Музыкант склаў мелодыю iх танца… Iрэна, як зачараваная, растваралася ў дзiўнай музыцы…

Але казка скончылася — у гардэробе Iрэна адчула сябе адзiнокай i разгубленай. Мужчыны падавалi жанчынам палiто, а Iрэна сваё ўзяла сама. "Каб я была замужам, я б не была адзiнокаю тут", — падумала яна.

— Iрэначка! Прывiтанне! — Яна ўбачыла Нiнэль Мiхайлаўну, якая вядзе ў iнстытуце харэаграфiчны факультатыў. — Ты чаму не прыходзiш на рэпетыцыi? Што здарылася з табою?

— Ужо ўсё прайшло! — усмiхнулася тая. — Прыйду!

— Прыходзь, Iрэначка! — Нiнэль Мiхайлаўна ўзяла пад руку свайго мужа. Ну, бывай! — заспяшалася да выхаду.

"Шчаслiвая!" — з сумам падумала дзяўчына.

Ля пад'езда нехта стаяў. Спачатку Iрэна спалохалася, потым сэрца нечакана забiлася — няўжо Янка? Падышла блiжэй.

— Я так даўно цябе чакаю, — сказаў ён з дакорам. — Дзе ты ходзiш?

— Янка, Яначка! Дарагi мой! — узрадавалася Iрэна. Моцна прыцiснулася да ягоных грудзей. Потым, усё яшчэ не верачы, што ён тут, заглянула ў твар. Такiя родныя блакiтныя вочы, светлыя валасы, пухлыя, як у капрызнага дзiцяцi, вусны, а над iмi «шляхецкiя», як ён смяяўся, вусы…

— З другiм была? — з рэўнасцю запытаў Янка, але тут жа дадаў: — Рыхтуйся да вяселля! Трэба дрожджаў дастаць. У цябе ж суседка ў сталовай працуе. Мая мацi гарэлку выжане…

— А як жа ж Рэня? — з крыўдай мовiла Iрэна.

— Трэба яна мне, крываногая! — кiнуў Янка. — Болей з ёй не сябруй, гэта не сяброўка, што хлопцаў адбiвае! Ну, пайшлi да тваёй суседкi!

— Давай спачатку да нас! Скажам маме пра наша вяселле, можа, падарункi якiя трэба, родзiчаў назавеш, каб ведаць, што каму купляць…

— О, гэта справа! — ажывiўся Янка. — Тады пайшлi!

Iрэна ўляцела ў кватэру радасная, трымаючы за руку Янку.

— Мамачка! — закрычала яна, але раптам застыла на парозе.

Яна ўбачыла ў сваёй кватэры незнаёмага мужчыну.

— Iрэначка, гэта Iван Сяргеевiч! — сарамлiва паднялася з-за стала мацi. Ён — камерсант. У нас ёсць шанц пабываць за мяжою!

Iрэна засмяялася:

— Я ж казала табе, што сорак два гады — гэта яшчэ не канец жыцця!

— Я ад васемнаццацi гадоў цягну лямку сямейнага жыцця, — паскардзiлася мацi. — Хачу абнаўлення, навiзны! З iм я адчуваю сябе маладою!

— А ты i не старая! — бадзёра адказала Iрэна.

— Ты была ў бацькi? — устрывожана мовiла мацi. — Як ён там, не памёр яшчэ? Конюхам працуе альбо ў вартаўнiкi падаўся? I гэта з вышэйшай адукацыяй!

— Навошто ты зневажаеш яго? — раззлавалася Iрэна. — Ён разумны, малады, таленавiты i мае права на асабiстае шчасце!

— Ах ты, нягоднiца! — замахнулася на яе мацi. — Ты ўсё жыццё патурала ягонаму вар'яцтву!

Янка схапiў Iрэну за руку, выцягнуў з кватэры.

— Я ж казаў, пайшлi лепш да суседкi! — мовiў ён.

Iрэна заплакала.

— Супакойся, — абняў яе Янка. — Я табе на паперцы напiшу сваiх родзiчаў, а ты ўсё купiш, дамовiлiся?

Iрэна згодна кiўнула галавой i хацела пацалаваць хлопца, але той адхiлiўся.

— Што гэта за прышчык у цябе на вуснах? — строга запытаў ён.

— Прастыла…

— А можа, з кiм была, га? — занепакоiўся Янка. — Можа, што дрэннае?

— Адчапiся! Пайшлi лепш да суседкi!

…Задаволеная чырванашчокая цётка Соф'я выйшла са спальнi ў прыгожым зялёным халаце.

— Iрэначка, Янка! — заўсмiхалася яна. — А мая ж Аленка дадому вярнулася! Дачушка, у нас госцi!

З кухнi выбегла Аленка ў спартовым касцюме.

— Усё спортам займаешся? — абнялася з ёю Iрэна, гарэзлiва спытаўшы: Закадрыла свайго спартсмена-бегуна?

— Ой, закадрыла, Iрэначка! — абазвалася Соф'я, несучы ўсiм каву на падносе. — Сядайце, даражэнькiя, на канапу! Аленка ж купiла бiлеты ў беларускi тэатр на п'есу «Верачка», запрасiла Мiколу, заўтра пойдуць!

— Ну, як ты ладзiш з мацi? — шапнула на вуха сяброўцы Iрэна.

— Цярплю, — махнула рукою тая. — Мне грошы патрэбны, бо Мiкола дужа любiць, каб модна я апраналася…

— А чубчык ты не фарбуй, — заўважыла Iрэна, — зараз модна ўсё натуралёвае! Ты й так прыгожанькая, русявая…

— Мы ў паход летам iдзём! — паведамiла Аленка. — Мiкола групу вядзе, бо Анатоль адказаўся. А я палаткi дастаю! З адной дзяўчынай пазнаёмiлася, Марусяй зваць, яна мне дапаможа!

— Хопiць шаптацца! — усмiхнуўся Янка. — Ты, Аленачка, маю Iрэну не зводзь нiкуды, у нас летам вяселле. Вось прыйшоў да вас, цётка Соф'я, кланяцца, ласкава зiрнуў ён на жанчыну, — дрожджаў дастаньце!

— Дастану… — працягнула Соф'я i насцярожана глянула на Iрэну: няўжо даравала ўсё яму?

— I яшчэ, калi зможаце, дзiцячых кансерваў, - папрасiў Янка. — Мы з Iрэнай да маёй сястры Лiлi паедзем у госцi.

Iрэна ласкава прытулiлася да хлопца.

— Нешта ты цямнiш, Яначка! — прысела ў крэсла Соф'я. — Кастусь! паклiкала мужа. — Iдзi сюды!

У дзвярах паказаўся Аленiн бацька, хударлявы, твар змораны, з алоўкам у руцэ.

— Ты ўсё працуеш? — незадаволена сказала Соф'я. — Усё жыццё ў вядучых iнжынерах ходзiш, а Танька да шэфа падсунулася, начальнiкам паставiў! Сорам! Баба начальнiкам аддзела працуе, табою камандуе! Калека ты, а не мужык! Глянь во на гэтага хлопца! — кiнула ў бок Янкi. — Той, што ты казаў, цi не?

Янка на хвiлiну знiякавеў.

— Падобен крыху… А што? Хто гэта?

— Iрэнчын кавалер.

— А-а-а! Тады не падобен! — i пакрочыў у свой пакойчык.

— У чым справа? — занепакоiлася Iрэна.

— Усё добра! — усмiхнулася Соф'я, падала ёй каву i заўважыла, што рукi ў Янкi затрэслiся, калi браў ад яе гарачы кубак…

Сцяпан прыехаў да Марусi на працу з букетам кветак. Дзяўчаты з яе аддзела ўжо разглядалi фотаздымкi, што прынесла яна з паходу па Нарачы.

— Вось ты i абскакала Анатоля! — засмяяўся Сцяпан. — Цяпер ён абавязкова возьме цябе ў летнi паход!

— А паглядзi, якую сценгазету яна зрабiла для Анатоля! — зазначыла Надзея Шэбан.

— I вершы свае змясцiла, — пахвалiла Зоська, папраўляючы прычоску.

Сцяпан, па-сяброўску абняўшы Марусю, пачаў чытаць сценгазету.

На першым плане — здымак: Маруся ў штармоўцы, ля вогнiшча, з гiтарай. I надпiс: "Ранак сонечны, але бадзёра-халаднаваты. Мы iдзём на лыжах, а я ўяўляю аксамiтна-зялёны дыван маладой вясновай травы. Анатоль, ты вядзеш мяне ў свой летнi паход!.. Гэта ж будзе, праўда? Падобныя на куранятак дзьмухаўцы ў траве, i мы з табою сярод iх…"

Сцяпан з раздражненнем адсунуў газету ўбок.

— Табе не спадабалася? — цiха спытала Маруся.

— Мне не спадабалiся твае фантазii! — абурыўся Сцяпан. — Тысяча клiчнiкаў пад выразам: "Гэты паход прысвячаю табе, Анатоль!" Ён жа цябе не варты! Анiяк табе не падыходзiць: нi iнтэлектам, нi ростам, нi характарам!

Маруся пакрыўджана маўчала. Ужо калi выйшлi на вулiцу, мовiла:

— Ты не маеш права забараняць мне кахаць яго!

— Аднак павiншаваць цябе з першым паходам прыйшоў не ён!

Маруся развiталася i шпарка пакрочыла да аўтобуснага прыпынку.

Анатоль Хвашчэўскi моўчкi назiраў, як Галя збiралася: доўга стаяла ля люстэрка, прымервала некалькi сукенак, але ўсё ёй не падабалася. Нарэшце яна нацягнула джынсы i майку. Прысела на свой ложак i сказала, як адрэзала:

— Я знаёмiцца з Марусяй не пайду!

— Гэта чаму? — здзiвiўся i адначасова ўзлаваўся Анатоль.

— Таму, што сёння сход у Мiколы Гайды з выпадку паходу.

— Ты? Да Мiколы? — аж пачырванеў Анатоль, вусны яго задрыжэлi. — Якiя паходы, калi ты рыхтуешся стаць маёй жонкай?! Пра паходы забудзь!

— Табе, значыць, можна, а мне — забудзь! — ускiпела Галя. — Я марыла пра турыстычную сям'ю, каб муж, жонка i дзецi разам хадзiлi ў паходы, на турзлёты! Каб дружна, весела, разам усюды!..

— На кухнi тваё месца, як i кожнай жонцы! — затрос кулаком у яе перад носам Анатоль. — Я пасварыўся з Мiколам! А ты, як мая будучая жанка, не павiнна iсцi ў гэты ганебны паход, якi вядзе ён!

— А памятаеш, ты казаў, што паходы даражэй за ўсё, нават з жонкай развядзешся, калi пускаць не будзе? Мне таксама паходы даражэй за ўсё! Значыць, мы квiты?

— Жанчына — гэта другое! — буркнуў Анатоль. — У нашай сям'i такога не было! Мой бацька — настаўнiк! I мацi заўсёды яго паважала, нiколi не абуралася, нават калi ён гуляў з бабамi, праўда, адной акно пабiла… Але ж дома i насоўкi яго смаркатыя па вуглах збярэ i памые i ў хаце, i па гаспадарцы ўсё спраўлялася сама! Ён нiчога не дапамагаў, бо казаў, што жанчына — гэта авечка, яна павiнна скарацца i быць паслухмянай, калi кахае! А мая мацi кахала бацьку! А ты? Хiба ты кахаеш мяне, калi вось так размаўляеш?!

— Няхай яно згарыць, такое каханне! — плюнула Галя. — Я не мазахiстка! I ў паход я пайду!

— Тады болей мяне не ўбачыш! — крыкнуў Анатоль i, грымнуўшы дзвярыма, пайшоў ад яе.

Увесь час у тралейбусе дрыжэлi рукi. Супакоiўся толькi ля дома Марусi. Iрвануў дзверы пад'езда, увайшоў у лiфт. Ля Марусiнай кватэры перавёў дыханне i нацiснуў на званок. Дзверы адчынiў Сцяпан.

— Ты ўжо тут за гаспадара? — раззлаваўся Анатоль, пiхнуў яго i зайшоў.

— Анатоль! — кiнулася да яго Маруся. — Чаму ты адзiн, дзе Галя?

— Пра гэта забудзь, — адрэзаў Анатоль i па-гаспадарску развалiўся на канапе. — Дай мне што выпiць!

Маруся заспяшалася на кухню.

— Паглядзi, якую газету яна табе намалявала, — падаў скрутак Анатолю Сцяпан.

Той разгарнуў, абыякава глянуў, нават не прачытаў i задаволена кiнуў газету на стол.

— Маруся! Мая курыца ў цесце гатова? — крыкнуў ёй на кухню.

Дзяўчына ўжо спяшалася да хлопцаў з поўным падносам, на якiм красавалiся, смачна пахлi, наганялi апетыт разнастайныя прысмакi.

— Маруся! Выходзь за мяне замуж! — адкусваючы кавалак курынага мяса, прамармытаў Анатоль. — Заўтра нясём заяву! — выцерся папяровай сурвэткай i дадаў, стукнуўшы Сцяпана па плячы: — Будзеш сведкам на вяселлi!

Маруся ўспыхнула ад радасцi. А Сцяпан моўчкi выйшаў на балкон i запалiў ён не ведаў, радавацца яму цi плакаць: Маруся ўжо i для яго рабiлася як свая, як родная…

IV

Мiкола доўга не мог знайсцi патрэбнай мелодыi для сваёй песнi. Струны да болю ўпiвалiся ў пальцы…

— Ды кiнь ты бразгацець! — незадаволена прагугнеў Антось.

Вялiкiя вочы на хударлявым твары, блакiтныя, празрыстыя, яны падобны на лятучыя пёрыстыя хмаркi. Калi Антось засмучаўся, хмаркi гэтыя цямнелi, а калi смяяўся — сярод хмарак успыхвала вясёлка…

— Слухай, Пiтоша, а чаму ты нiкога не кахаеш? — засмяяўся Мiкола. Гэтую мянушку ён даў хлопцу за вялiкiя вочы i цiхi, пранiклiвы голас.

— А што такое ў тваiм разуменнi каханне? — адказаў Антось. — Мары альбо секс? Каханне — гэта тое, што мы самi прыдумваем пра аб'ект закаханасцi. Вось як Аленка, напрыклад, молiцца на цябе, як на Бога, i не ведае, што на самай справе ты — нiкчэмнасць… А Вольга, якой ты пiшаш вершы i з якою нi разу не сустракаўся, гэта што, платанiчнае каханне? Яна ж усё роўна не пачуе тваiх песень у сваёй вёсцы, не даведаецца пра тваё «каханне». Цi ты паедзеш да яе па размеркаваннi?

— Вядома, не! — кiнуў гiтару Мiкола. — Як жа я кiну спорт i аўтарскую песню? У вёсцы нiхто ранiцою не бегае — засмяюць! Басейна няма. Мiнулым летам на конкурсе аўтарскай песнi я заняў трэцяе месца… Столькi апладысментаў!

— Згадзiся, што па вялiкiм рахунку ты — шэрасць, — цiха мовiў Антось. — I ў iнтэлекце таксама, нахапаўся вяршкоў, усяго патроху… Аленцы мазгi пудрыш, Вользе такiя вершы прысвячаеш, каб людзей дурыць, маўляў, якое ў яго пакутнае каханне… Калi ты кахаеш тую Вольгу, чаму не едзеш да яе? Дык яна ж у цябе проста фетыш, вобраз, на якi ты працуеш, i ўсё! Цi не так?

— Абставiны не дазваляюць нам быць разам, — уздыхнуў Мiкола. — А Аленку мне проста шкада — яна закахалася, i я не магу груба з ёю абысцiся…

— Ды лепш горкая праўда! Перахварэе, як дзецi вятранкай…

Антось не дагаварыў — у пакойчык зайшоў Сцяпан, у касцюме, расшпiленай куртцы, з вялiкаю поўнаю торбаю.

— Грэчкi прынёс, хлопцы! — гучна вымавiў Сцяпан. — У паход возьмем! Бацька дасць яшчэ тушонкi…

— Вось што значыць быць сынам фермера! — задаволена сказаў Мiкола.

— Ды якi там фермер! — засмяяўся Сцяпан. — Мой бацька на хутары жыве, акрамя мяне двое сыноў жанатых, разам працуюць, вось i багатыя.

— А сястра ёсць? — пацiкавiўся Мiкола.

— Ёсць, малая яшчэ, толькi школу скончыла, але крыху хворая…Вось паеду i я на хутар жыць, не хачу нi ў горадзе эканамiстам працаваць, нi ў калгасе! На хутары лепш жыць, сярод братоў, дружна ў нас, весела! Кожны вечар да бацькi ў хату прыходзяць браты з жонкамi, размаўляем, у карты гуляем…

Мiкола закiваў галавою i заспяшаўся адчынiць дзверы — нехта стукаў. Аслупянеў — побач з Аленкаю стаяла сапраўдная прыгажуня: пшанiчныя валасы выглядваюць з-пад моднага каптурыка, шэрае дэмiсезоннае палiто, доўгi шарф заколаты жоўтаю брошкаю ў выглядзе вялiкага матылька…

— Я — Iрэна! — працягнула дзяўчына руку, i зачараваны, прыемна ўражаны Мiкола пацалаваў яе руку.

Сцяпан заспяшаўся зняць палiто з прыгажунi, акуратна павесiў яго на цвiк. Антось ласкава запрасiў дзяўчат за стол, усмiхаючыся, налiў па кубку гарачай гарбаты.

— Iрэначка, я чуў, што ты iграеш на фартэпiяна, — падсеў да яе Мiкола. — А цi ўмееш ты пiсаць музыку? Вось, напрыклад, на мае вершы…

Ён падаў ёй сшытак. Iрэна асцярожна, кончыкамi пальцаў з вялiкiмi нафарбаванымi пазногцямi разгарнула яго. Пачала чытаць.

— Я праслаўлю цябе, як Петрарка Лауру… — усмiхнулася Iрэна. — А што праслаўляць? — здзiвiлася. — Чалавек — эгаiстычны i недасканалы, няўдзячны… Наш свет поўны цудаў: захад сонца падобны на мора вогненных фарбаў; начное неба ўсыпана зоркамi; лес пранiзаны промнямi сонца… Спеў птушак, кветкi-матылькi… Чалавеку ўсё гэта падараваў Бог, але чалавек губiць прыроду, зямлю, на якой жыве… Мы на першым курсе хадзiлi ў паход па вёсках, i я заўважыла, што вясковыя людзi не бачаць той прыгажосцi, якая акружае iх: дзецi ламаюць дрэўцы, дарослыя па цаглiнцы разбiраюць царкву альбо палац, забруджваюць сажалкi… Гарадскiя, якiя выраслi i большую частку свайго жыцця жывуць на асфальце, так не ставяцца да прыроды…

— Ведаеш, Iрэна, — звярнуўся да яе Сцяпан, — калi ў вёсцы натомiшся ад працы, дык не да гэтага! Так на зямлi напрацуешся, што табе не да любавання прыродаю!

— А цi ведаеш ты гiсторыю сваiх мясцiн? — пацiкавiлася Iрэна.

— Я табе i кажу: нам не да гэтага! Мар'iн хутар, i ўсё! А якая там Мар'я жыла, мне няма справы! Мая мацi як праполе гектар зямлi, буракоў там цi бульбы, дык ёй не да прыгажосцi! Абы да падушкi, i ўсё! Неяк адна жанчына i кажа маёй мацi, што мы, дзецi, не ласкавыя ў яе. А калi той мацi было лашчыць нас, калi працы столькi, подбежкам усё: пакармiла — на поле, пераапранула — i ў хлеў! Яны нават з бацькам разам не спалi, усякiя там пацалункi, мiлаванне, што па тэлевiзары паказваюць, для iх смех, плююцца! Мой брат меншы ажанiўся, дык жонка такая лiслiвая, усё да мужа лезе абдымацца, а мацi сварыцца: сорам, маўляў, як гарадскiя, гультаi!

— Няўжо сорам мужу з жонкаю абдымацца ды цалавацца? — засмяялася Iрэна.

— Ноччу няхай абдымаюцца! — зазначыў Сцяпан. — А то палягуць тэлевiзар глядзець, дык яна руку на яго пакладзе цi сама на плячо да яго лажыцца. А мацi як убачыць, то ганяе! Не жанiх i нявеста ўжо, да вяселля трэба было мiлавацца!

— Ой, а мая сястра з мужам ужо ва ўзросце, дык калi i падурэюць мiж сабою, балуюцца, i дзецi ля iх, усе смяюцца, то ў хованкi гуляюць, а то скачуць па маме з таткам, весела так! — засмяялася Iрэна. — I ў вёсцы жывуць таксама, дваюрадная сястра мая…

— Гэта ўжо блазнота, у нас усё строга! Нiякага балаўства, тым больш з дзецьмi, i блiзка няма такога, каб яны па бацьках скакалi ды з iмi ў хованкi гулялi! У нас больш маўчаць, мужыку з жонкаю няма чаго попусту языком малацiць!

— А сястра мая з мужам неяк аж да дзвюх гадзiн ночы размаўлялi, — не здавалася Iрэна. — I Новы год разам сустракалi, iм i кампанii не трэба…

— У нас такога няма! — махнуў рукою Сцяпан. — Гэта ўсё гарадская блазнота!

Мiкола зарагатаў i плюхнуўся на крэсла побач з Аленкаю.

— Табе, Сцяпаначка, трэба гарачая жанчына! — засмяяўся ён. — Тады i пабалуешся, i пагаворыш! Вось як мы з Аленкаю, таксама да дзвюх гадзiн ночы размаўляем, а то i да ранку!

Ён абняў дзяўчыну i пацалаваў. Антось незадаволена скрывiўся i сказаў:

— А я вось не маю звычкi на ўвесь голас крычаць, з кiм я да ранiцы размаўляю!

— Я i так ведаю, з кiм! — засмяяўся Мiкола. — З Богам, усё малiтвы шэпчаш…

— Нiчога смешнага няма! — умяшалася Iрэна. — Не разумею, чаму вы, усе вясковыя, такiя няверуючыя людзi? Мая сяброўка сказала ў вёсцы, што верыць у Бога, дык смяялiся, маўляў, што гэта за настаўнiца веруючая? Здаецца, вясковыя блiжэй да прыроды, павiнны любiць Бога, верыць у яго, а атрымлiваецца, што гарадскiя больш…

— Неадукаваны чалавек не зразумее Бога, не паверыць у яго, — цiха мовiў Антось. — Тупыя людзi гэта людзi, у якiх душа спiць. Яны ведаюць толькi гарэлку, секс i iншыя задавальненнi для свайго цела, а душа ў iх мёртвая. Вось i ў вёсцы думаюць толькi пра тое, каб працаваць, есцi…

— Ты мне вёску не ганьбi! — строга вымавiў Сцяпан. — Я хоць i ў горадзе вучыўся, хоць гэтыя вашыя культурныя звычкi набыў: "добры дзень", "калi ласка", — але калi прыеду дадому, стану такiм, як i быў! Усё гэта нiкчэмнасць — культура ваша! Што яна дае чалавеку? Я хачу быць самiм сабою!

— А я вось хачу паехаць у вёску, каб прывiць людзям культуру! — зазначыла Iрэна. — Без культуры нельга!

— Бяры з сабою Сцяпана! — засмяяўся Мiкола.

— Не, мы будзем з iм сварыцца, — адказала тая. — У нас розныя погляды на жыццё: я дбаю пра духоўнае, а ён пра матэрыяльнае.

Сцяпан засмяяўся, падышоў да Iрэны i пацалаваў яе ў шчаку.

— У вас жа цалавацца нельга! — усмiхнуўся Мiкола.

— Да вяселля можна! — выказаўся Сцяпан i пайшоў адчыняць дзверы. На парозе з'явiлася Галя: вясёлая, радасная, яна выгукнула са шчаслiвай усмешкай:

— Ура! Канец рабства! Я за Анатоля не iду замуж! Iду з вамi ў паход!

I вытрасла з сумкi цэлую кучу папер.

— Маршрутныя карты, меню на ўвесь паход! — выдыхнула, смеючыся. — А таксама — кнiжка-замалёўка для запiсаў прыгод у паходзе!

— Малайчына! — Антось падышоў да дзяўчыны i па-сяброўску абняў яе.

— Калi ласка, жанiх! — усмiхнулася Анатолю работнiца загса, — атрымайце квiтанцыю. Нявеста, запоўнiце, калi ласка, бланк. З правага боку — дадзеныя жанiха, з левага — нявесты!

Маруся ўспыхнула, зачырванелася.

Сеўшы за стол, Анатоль падсунуў пашпарты i бланк да Марусi.

Пакуль Маруся запiсвала дадзеныя Анатолевага пашпарта, той уважлiва разглядваў старонкi пашпарта дзяўчыны. Раптам падскочыў, бы яго пчала ўкусiла, нават войкнуў. Маруся перастала пiсаць. Запытальна паглядзела на яго.

— Э! Так справа не пойдзе! — матнуў Анатоль галавою. — Групы крывi ў нас розныя…

Памаўчаў. Потым узяў бланкi i паклаў сабе ў кiшэню.

— Пайшлi! — строга вымавiў Анатоль. — Дрэнь справа! Сястра мне гаварыла, калi розныя групы крывi — дзецi будуць дурныя. Трэба патэлефанаваць ёй, параiцца!

— Дзе твая сястра працуе? — з насмешкай спытала Маруся. — Дзе яна такiх глупстваў набралася?

— Ты мне Святлану не ганьбi! — раззлаваўся Анатоль. — Яна разумнейшая за любога доктара ў бальнiцы, хоць i санiтаркаю працуе!..

Вусны Марусi скрывiлiся ва ўсмешцы, вялiкiя чорныя вочы глядзелi на хлопца з такiм здзiўленнем, быццам бачылi яго ўпершыню…

Галя з асалодаю ўслухоўвалася ў словы вершаў, якiя чытаў Мiкола. Пяшчота i горыч напаўнялi iх, бясконцая туга па каханай, якая так далёка ад яго…

— Каму ён прысвяцiў гэтыя вершы? — заклапочана шапнула Галi на вуха Аленка.

— Нейкай Вользе, што ў Жыткавiчах жыве. Настаўнiцай працуе…

Тугi камяк падкацiў пад сэрца. Аленка адчула, што вось-вось расплачацца. Успомнiла пяшчотныя словы Мiколы, якiя ён гаварыў ёй уначы, але так нiколi i не сказаў ёй «кахаю»…

— Байкавыя касцюмы не браць — хутка намакаюць i доўга сохнуць! — раздаўся зычны голас Антося, абудзiў Аленку ад горкiх думак. — Калготкi таксама не браць, чуеце, дзяўчаты? — засмяяўся хлопец. — Штаны, шкарпэткi… Адносна заплечнiкаў — абалакаўскi альбо яраўскi. Тэхнiка бяспекi: iдзём праз лясныя завалы — не скачам, дрэвы за ствалы не чапаем — у падгнiлых дрэваў яны не крэпкiя, кара гнiлая… За заплечнiк нiчога не чапляем, з кiшэняў нiчога не тырчыць…

— У паход выступаем пасля выпускнога, у пачатку лiпеня, — прамовiў Мiкола, згортваючы карту. — Работу з вяроўкамi, вязанне вузлоў пройдзем у наступны раз. Цяпер — усiм зранку бегаць, хадзiць на трэнiроўкi, у басейн, каб потым на маршруце не памiраць! Паўторым арыентаванне на мясцовасцi…

— Я скажу! — усхапiлася Аленка. — Мох, лiшайнiкi заўсёды растуць з паўночнага боку, а смала выступае з паўднёвага, мурашнiкi — з паўднёвага боку дрэва. Алтар у праваслаўных цэрквах робiцца на ўсход.

— Добра! — усмiхнуўся Мiкола i павярнуўся да Iрэны. — А ты ведаеш, як вызначыць час без гадзiннiка?

— Вядома, — засмяялася тая. — Мне кожны дзень дарылi кветкi. Цюльпаны вечарам закрывалi пялёсткi. А ружы я сама клала спаць у ванную. Жоўтыя дзьмухаўцы пад маiм акном у шэсць ранiцы ўжо раскрытыя, а пасля пятнаццацi-шаснаццацi гадзiн засынаюць! Таксама i наготкi ў гэты час кладуцца спаць. Падбел прачынаецца ў дзесяць, а засынае ў васемнаццаць. Шыпшына хоць i рана прачынаецца, але кладзецца ажно ў дваццаць адну гадзiну. А начныя фiялкi ў гэты час толькi прачынаюцца! А салаўi пачынаюць спяваць звечара, гадзiн у адзiнаццаць…

— Усё гэта — дробязi! — пасмiхнуўся Сцяпан, прысёрбваючы з кубка гарбату. — Раю ўсiм лепш набыць гадзiннiкi!

— Вось калi ты вясковы хлопец, то й раскажы нам прыкметы добрага i дрэннага надвор'я! — засмяялася Iрэна.

— Калi ласка! Для цябе — што хочаш! — усмiхнуўся ёй Сцяпан. — Добрае надвор'е: месяц пры ўзыходзе захутаны ў бляклы круг, зоркi мiгаюць слабым зеленаватым святлом, камары таўкуць мак, божая кароўка хутка злятае з рукi, конiкi моцна стракочуць, салаўi спяваюць…

— Ой, Сцяпан! — усклiкнула Iрэна. — Так добра нагаварыў, што мне ў вёску захацелася!

— Кветкi моцна пахнуць! — дадала Аленка i падсела да Мiколы. — Можна, я пачытаю твой сшытак з вершамi? — запытала цiха.

Мiкола згадзiўся. Яна не стала чакаць, калi ўсе разыдуцца, развiталася i пайшла дадому, прыцiскаючы да грудзей Мiколаў сшытак з вершамi для Вольгi.

— Ты — Дарына? — князь узнiмаецца з месца.

— Не, не Дарына… — шэпча дзяўчына. — Не, не Дарына… Вазьмiце з сабою!

Доўга маўчыць князь, а потым гаворыць:

— Што ж, збiрайся. Толькi пешшу не пойдзеш. Княжною паедзеш. Убор прынясуць табе слугi.

Не ведала Дарына — сон гэта цi ява. Няўжо такi суровы князь дараваў ёй цi проста трымаў слова перад бацькам яе?

… Не давалi думкi спакою Дарыне i нават тады, калi стаяла яна ля магiлы бацькi i слёзы пакаяння цяклi па яе твары.

Засталася Дарына жыць у замку князя Вiтаўта, i назваў ён яе сястрою. Стала блiжэй ведаць князя Дарына i адкрыла ў iм цеплыню душы i сардэчнасць — як з сябрам i братам, часта размаўляла з iм. I стаў ёй князь блiзкiм i родным чалавекам. Пакахала яго Дарына, шчыра i моцна, але не магла адкрыцца яму ў гэтым.

Настаў час, калi да названай сястры князя пачалi сватацца, але ўсiм яна адмаўляла, у душы кахаючы Вiтаўта.

Князь не наведваў Галубiнку больш за паўгода. У прыгожым маёнтку з бела-блакiтнага каменю жыла Дарына. Час свой яна праводзiла ў малiтвах i чаканнi.

— Кажуць, з'явiўся ў нашых краях багаты купец з-за мора, — паведамiла Дарыне дзяўчына-пакаёўка, якая жыла з ёю. — Дачка ў яго вельмi прыгожая вачэй не адвесцi! У гасцях яна з бацькам у замку князя. I будзе там вечарына…

— Я даўно не атрымлiвала вестак ад князя, — самотна прашаптала Дарына. Пiсала да яго, але ганец заўсёды вяртаўся з адным адказам, маўляў, князь дзякуе за лiст. I болей нi слова!

… Недзе пад вечар у маёнтак прыскакаў вершнiк. Дарына выбегла яму насустрач. Узяла пакет, разгарнула яго i з трапяткiм сэрцам пачала чытаць. Князь запрашаў яе ў замак на вечарыну!

Яна прыцiснула лiст да вуснаў.

— Божа мой! — прашаптала Дарына. — Я ўбачу яго!..

V

Гнуткiя, тоненькiя, бы бярозкi, дзяўчаты высыпалi на сцэнiчную пляцоўку. Рознакаляровыя, вясёлыя — проста кветкi! Нiбыта чараўнiца, раскрыўшы свае далонi, стварыла iх, такiх прывабных, не падобных адна на адну. Яны растварылiся ў музыцы, калыхнулiся, быццам ад подыху ветру, i… паплылi над зямлёю…

— Iрэна, плечы раўней! — зычны голас Нiнэлi Мiхайлаўны раздаецца ў зале. Руку адводзiм… Так, так! А зараз — бегунок: i — раз-два-тры! Адажыо, дзяўчаткi!.. Малайцы!

Iрэна, танцуючы, уяўляла сябе прынцэсай. А чаму б i не? Яна самая шчаслiвая — выходзiць за Янку. Рэня ад зайздрасцi напляткарыла на Янку, а ён па-ранейшаму працуе ў аўтапарку, у iнтэрнаце сваiм жыве, як i жыў! Сусед яго па пакойчыку нахлусiў, бо таксама зайздросцiць iхняму каханню! Цяпер нiякiм плёткам пра Янку Iрэна не паверыць! Сёння Iрэна купiла сабе шлюбную сукенку. Аддала Янку дзiцячыя кансервы, дрожджы i падарункi для ягоных родзiчаў.

Усмешка не сыходзiла з Iрэнiнага твару, вочы ззялi, бы ранiшняе сонейка.

— Дзякую, дзяўчаткi! — зазвiнеў голас Нiнэлi Мiхайлаўны. — Заняткi скончаны, да сустрэчы! Iрэначка! — паклiкала цiха дзяўчыну i працягнула ёй кнiжачку. — Гэта табе! У гонар тваiх змовiн з Янкам!

Iрэна падзякавала, пацалавала Нiнэль Мiхайлаўну i падумала, што князёўна з вокладкi так падобна на яе самую, шчаслiвую Iрэначку-прыгажуню, якая хутка развiтаецца з дзявочым жыццём i прыме прозвiшча мужа — Бiневiч…

… Мацi сустрэла Iрэну як звычайна з заплаканым тварам i папярэдзiла, каб не займала тэлефон — а раптам бацька тэлефанаваць будзе! Дзяўчына скрывiлася i, перакусiўшы на хаду, пайшла да Соф'i.

— Ты Аленку маю не бачыла? — запытала жанчына з хваляваннем. — Казала, у Жыткавiчы паедзе да нейкай Вольгi. Пайшла да Мiколы, сёння ж яны ў тэатр збiралiся, а там музыка на ўвесь пакой, i нiхто не адчыняе. Прыбегла дадому, плача, кажа, у Жыткавiчы паеду, да Вольгi. А што гэта за Вольга? Можа, зноў нейкая цыганка? А цi ведаеш ты, Iрэначка, якое гора ў нас? — Соф'я паправiла халат, затулiла поўныя ногi. — Аленка ж мая цяжарная! Хацела яму сказаць, але саромеецца. Намякнула наконт дзiцяцi, дык ён i слухаць не хоча. Я ёй таблеткi дастала, але не дапамаглi, пойдзе на аборт… А што ж рабiць, Iрэначка? Не трэба мне, каб людзi смяялiся з яе!

— Адзiн тлум ад гэтага кахання, — уздыхнула Iрэна. — А можа, Аленцы пашанцуе яшчэ? Вось як у мяне з Янкам, быццам i пасварылiся, i разышлiся, а цяпер — вяселле!..

— Ах ты, дурнiца! — закiвала галавою Соф'я. — Мужык мой у гасцях быў у свайго калегi, дык бачыў там твайго Янку. Ужо два месяцы, як твой Янка жанаты! Бабу ўзяў з дзiцем. З таго часу, як яго з аўтапарка выгналi, усё на вакзале начаваў — у вёску вяртацца не хацеў. На танцах знайшоў нейкую дурнiцу дый ажанiўся! А дагэтуль нiдзе не працуе, то ўкрадзе што, то ў такой, як ты, нешта выдурыць! Галавы ў цябе няма — падарункаў яму накупляла, дрожджаў, дзiцячых кансерваў!

Соф'я закiвала галавою i пакруцiла пальцам ля скронi. Iрэна ўспыхнула i падалася прэч з кватэры. Але потым вярнулася i сказала Соф'i, каб дала адрас, дзе цяпер жыве Янка. Тая назвала.

Дзверы адчынiла жанчына гадоў за трыццаць.

— Вам каго? — строга папыталася яна.

— Можна Янку? — папрасiла Iрэна.

— Вы сёння ўжо пятая! — трасучыся, вымавiла жанчына i крыкнула ў глыб кватэры: — Янка! Iдзi разбiрайся! Хутка яны да цябе з мiлiцыяй з'явяцца!

— Прывiтанне! — выйшаў на пляцоўку Янка.

Хваравiты ад перапою твар, засмяглыя вусны, змяты спартовы касцюм. Ён зачынiў за сабою дзверы, i яны з Iрэнай засталiся адны.

— Ну, што ты хочаш?.. Падавай у мiлiцыю, — пазяхнуў ён.

Iрэна з размаху стукнула яго па твары.

— Без iстэрыкi, добра? — пацёр ён шчаку. — Я ўжо не працаваў, звольнiлi мяне, а ты ўсё патрабавала кветак… Мне не было дзе жыць, а ў Рэнi была хата. Я харчаваўся ў яе. А потым яна мяне выгнала, бо я пярсцёнак у яе ўкраў — на вяселле мне патрэбен быў пярсцёнак, жанiўся я з гэтай чувiхай, якая табе дзверы адчыняла… Яна багацейшая за Рэню i не такая капрызная, як ты. Яна за мяжу ездзiць, зразумела, у чым справа? Вось i ты сабе такога шукай хахаля, усякла?

— Вярнi мне тыя падарункi, што я купляла, быццам для тваiх родзiчаў! выкрыкнула Iрэна.

— Ай, цiшэй! — прамямлiў, пацiраючы за вухам, Янка. — Я i раней лiчыў, што ты крыху iстэрычная… Пардон, мадам! Падарункаў няма — падарыў жончынай мацi. А што мне рабiць было, калi не працую?

Iрэна залямантавала ад злосцi i крыўды, наляцела на Янку з кулакамi, пачала рваць ягоныя валасы, упiлася зубамi ў шчаку, з асалодай адчуваючы на сваiх вуснах ягоную кроў… Нiхто не мог спынiць яе — яна бiлася з iм не на жыццё — насмерць, ратуючы свой гонар, помсцячы за ўсё i за ўсiх. Павыскоквалi на пляцоўку суседзi. Нечакана прыехалi мiлiцыя i людзi ў белых халатах. Вырываючыся з нечых учэпiстых рук, Iрэна рагатала, гледзячы на акрываўленага Янку з пакусанай шчакою, разадраным пазногцямi тварам i апухлым вокам. Ён, згорбiўшыся, тулiўся ў кутку ля дзвярэй…

— Кладзiся спаць! — загадаў Антось i схаваў у тумбачку пустую бутэльку.

— Не! — хiстаючыся, плюхнуўся на стул Мiкола. — Я буду пiць, пакуль не звалюся!.. Схадзi яшчэ ў краму!

— Якая табе крама — апоўначы ўжо! — настойлiва ўкладваў сябра ў ложак Антось. — Спi лепш, набраўся як свiння гразi! Аленка прыходзiла, стукала ў дзверы, але я ёй не адчынiў… Вы ж у тэатр збiралiся!

— Якi тэатр? — узняўся з ложка Мiкола. — Яна мне надакучыла сваiмi прапановамi!

Ён павярнуўся тварам да сцяны, але раптам ускочыў.

— Антось! Прачытай мне лiст ад Таццянкi, — папрасiў сябра.

— "Дачушка такая моднiца, — пачаў Антось, — у садок збiраецца i кажа, каб сёння не апранала тую сукенку, у якой была ўчора… Нам ад цябе нiчога не трэба. Проста ведай, што калi ты адслужыў у войску i паехаў дадому…"

— Хопiць! — Мiкола злез з ложка i пачаў апранацца. — Гадаўка яна, Таццянка! Увесь настрой мне сапсавала, у душу залезла! Але ўсё роўна не паеду да яе!

Ён павярнуў ключ у замку, адчынiў дзверы.

— Ты куды? — занепакоiўся Антось.

— Да трамвайшчыцы! Яна налье…

— Дык я не зразумела, да каго вы? — смяялася маладая вахцёрка.

— Я ж кажу: Наташа, трамвайшчыца… — паўтарыў Мiкола.

— У нас усе трамвайшчыцы! — зайшлася зычным смехам жанчына. — А прозвiшча як тваёй Наташы?

— Ай, бялявая такая! Баявая дужа… I смачна гатуе!

— Мiхалёва, можа? Ну прайдзi ў дзвесце другi пакой, — буркнула вахцёрка.

Ён падняўся на другi паверх, пастукаў у дзверы.

— Ах ты, мой сiнявокi донжуан! — абняла яго Наташа ў празрыстым блакiтным пеньюары. — Я ведала, што ты прыйдзеш… Ой, дарагi, ды ты ж ледзь на нагах трымаешся! Хуценька ў ложак, хуценька… Вось… Зараз я цябе разую, дам сто грамаў i сама прылягу побач…

Аленка выйшла на невялiчкай станцыi «Жыткавiчы». Гаманлiвая жанчына, што гандлявала пончыкамi з павiдлам, растлумачыла ёй, як прайсцi на вулiцу Вясновую. Яна пакрочыла, асцярожна трымаючы ў руках вялiкiя гладыёлусы, якiя везла Вользе з самага Менска. Патрэбны дом знайшла хутка. Гэта была невялiчкая хатка на вулiцы ў прыватным сектары. Аленка зайшла ў двор i пастукала ў дзверы. Ёй адчынiла дзяўчына гадоў дваццацi пяцi, сур'ёзная, строгая, у льняной сукенцы з вышытымi ля каўнерыка кветкамi.

— Прабачце, можна Вольгу? — прамовiла Аленка.

— Гэта я, — адказала тая. — Заходзьце, калi ласка!

Аленка нязграбна ўсунула ёй кветкi, прашаптала: "Ад Мiколы!" — i прайшла ў пакой.

Здзiўленымi вачыма паглядзела Вольга на нечаканую госцю, паставiла кветкi ў вазу, прапанавала Аленцы садзiцца за стол, а сама пайшла па каву. Прынесла. Адгарнула рукою валасы — штучна завiтыя, яны даставалi да плячэй i мякка клалiся на каўнерык, — усмiхнулася:

— Пазнаёмiмся?

— Ага! — усхапiлася з месца Аленка i назвала сваё iмя.

— Частуйцеся кавай, — прапанавала Вольга. — I давайце пагаворым пра Мiколу, дарэчы, ад якога гэта Мiколы кветкi?

— Як "ад якога"? — здзiвiлася Аленка. — Вы й не здагадалiся? Вось ад гэтага Мiколы! — працягнула ёй сшытак з вершамi. — Ён так кахае вас! Часта чытае нам вершы свае, вы — яго муза, яго натхненне…

Заiнтрыгаваная Вольга ўважлiва чытала кожны лiст, а калi скончыла, падняла на Аленку вялiкiя шэрыя вочы:

— Вы — яго сястра?

— Не, мы разам вучымся…

— З якога ты класа, Аленка? З нашай школы? — пацiкавiлася Вольга. Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах… Да гэтага ў вёсцы выкладала…

— Я з Менска, — удакладнiла тая. — Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала — ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..

— Iнстытут культуры… — правяла пальцам па бровах Вольга. — Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?

— Мiкола Гайда! — амаль раззлавалася Аленка.

— Гайда? — мовiла Вольга. — Так, так, я ведаю яго… Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы… Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань… I пра князя Вiтаўта i Дарыну.

Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.

— Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, — з сумам прадоўжыла яна. — Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе… Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! — усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. — Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там… Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы… А вось Вiшанька!..

Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.

— А пра Мiколу раскажыце! — папрасiла Аленка.

— Пра Мiколу? — узняла бровы Вольга. — Гэта быў маленькi свавольны хлопчык, неслух i ганарлiвец. Ён жыў са мною па суседству, вучыўся ў паралельным класе, але ён нiколi мне не падабаўся, дый сам нiколi не заляцаўся да мяне… Я раскажу табе пра другога хлопца, — таемным голасам мовiла Вольга. — Калi мне было чатырнаццаць гадоў i я вучылася ў восьмым класе, у мяне закахаўся вельмi «стары», як мне тады здавалася, хлопец. Ён ужо скончыў iнстытут i працаваў iнжынерам. Яму было дваццаць чатыры гады, i мне здавалася, гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. — Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. — Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён — паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма… А iсцi за абы-каго не хачу!

Яна крыху памаўчала, а потым дадала:

— Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён — фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася — ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар "узяў напракат" у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..

Аленка расчаравана ўздыхнула.

— Кветкi я купiла сама, — усмiхнуўшыся, прашаптала яна. — Хацела пабачыць вас…

Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.

VI

Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.

— Вы таксама з вышэйшай? — адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. — На станок, вучанiцай токара пойдзеце?

— Не! — адмовiлася Маруся. — Там шумна, бруд…

— Даражэнькая, — засмяялася iнспектар, — столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?

— Мазаiчнiцай! — папрасiлася Маруся. — Там хоць творчая работа…

— Трэба скончыць курсы…

— Згодна! — узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.

Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.

— I куды ж гэта так? — засмяяўся ён, прывiтаўшыся.

Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.

— Вы скажыце, што ад Дуброўскага, — усмiхнуўся ён, — i вас адразу, пасля курсаў, возьмуць на працу!

— Дзякую! — шчыра мовiла Маруся, i ёй стала сумна, што вось так нечакана развалiўся iх праектны аддзел: Зоська i Надзя Шэбан цяпер сядзяць дома, хатнiя гаспадынi. А Дуброўскi? Яна чула, быццам ён атрымаў у спадчыну маёнтак ад свайго прадзеда, стаў мiльянерам i цяпер узначальвае нейкую фiрму…

— Я падвязу вас, — прапанаваў Дуброўскi.

Маруся згадзiлася. Усю дарогу ехалi моўчкi — слухалi музыку. На развiтанне Дуброўскi ўсмiхнуўся i пацалаваў ёй руку…

Дома чакала шмат спраў, таму Маруся першым чынам вырашыла ўзяцца за ўборку кватэры. Учора прыходзiлi Iрэна з Аленкаю — цыравалi заплечнiкi, палаткi. Малявалi замак, князя Вiтаўта, Дарыну… Размаўлялi пра каханне… Маруся радавалася, што паход павядзе не Анатоль i што наогул ён ужо даўно выкраслены з яе жыцця…

Толькi ўзялася за справу — званок у дзверы. Адчынiла i застыла на парозе ад здзiўлення: перад ёю стаяў Анатоль, а за ягонай спiною — сарамлiвая, тоненькая, вастраносая Галя…

— Вось гэта сюрпрыз! — усмiхнулася Маруся. — Праходзь, Галя! А чаму гэта Анатоль з табою, на хвост садзiцца, у паход захацеў?

Яна насмешлiва агледзела яго з ног да галавы, запрасiла ў кватэру. Той адразу, па-свойску, усеўся на канапу, закiнуў нага за нагу i выпалiў:

— Курыцу ў цесце, антрыкот, залiўное! Усё гэта павiнна навучыцца гатаваць Галя, бо мы з ёю памiрылiся, вяселле — адразу пасля паходу. Навучы яе, калi ласка, Маруся, быць гаспадыняй!

Тая, аслупянеўшы, пазiрала на Галю, потым пастукала кулаком па сваiм iлбе:

— Во, у цябе, Галачка, макацёр не варыць! Ты ж сама ўпэўнiлася, што ён дэспат, што яму патрэбна проста баба, каб варыла-мыла, а ён па паходах будзе хадзiць! А цябе нiкуды не пусцiць!

— Ай, Маруся, — засмяялася Галя. — Гэта ён спачатку, а потым i дзяцей захоча, i ў паходы мяне браць стане…

— Чаму ты такая наiўная? — раззлавалася Маруся. — Калi чалавек табе адкрыта гаворыць аб сваiх патрабаваннях, чаму ты не верыш яму, а спадзяешся на нейкiя цуды? Ён жа табе канкрэтна сказаў: жанчыне месца на кухнi! Так, Анатоль?

— Ну! А як жа, — згадзiўся ён, — я заўсёды гавару праўду, навошта мне перад вяселлем прыкiдвацца адным, а потым станавiцца другiм. Я чалавек адкрыты, не вiляю, каб спадабацца. Да мужчыны трэба альбо прыстасоўвацца, альбо кiдаць!

— Вы ж такiя розныя, Галя! — узяла яе за плечы, глянула ў вочы Маруся. Людзi альбо падыходзяць адно аднаму, альбо не — сярэдзiны не бывае, Галя, вы ж не падыходзiце адно аднаму: у вас розныя iнтарэсы, патрабаванннi, погляды на жыццё! Ты хочаш, каб была турысцкая сям'я, а Анатоль хоча толькi сам удасканальвацца, хадзiць у паходы, рабiць кар'еру. Ён жэнiцца толькi таму, што надакучыла самому ежу гатаваць!

— Ён мяне кахае, — настойвала Галя.

Маруся зiрнула на Анатоля, i той адмоўна закiваў галавою.

Галя ўбачыла гэта i засмяялася:

— Ён жа з сузор'я Панны! А ўсе Панны — сарамлiвыя i нiколi ў каханнi не прызнаюцца, хаваюць свае пачуццi. Маёй сяброўцы муж сказаў «кахаю» толькi на трэцiм годзе сямейнага жыцця!

— Не спадзявайся на гэта, — уздыхнула Маруся. — Калi чалавек маўчыць, значыць, яму ёсць чаго маўчаць. "Не бойся крыклiвага, а бойся маўклiвага", недарэмна так кажуць у народзе.

Маруся падышла да акна, адхiлiла фiранкi. Вечар апускаўся на горад. Сонца садзiлася ў хмары, вялiкiя, чырвона-барвовыя. Мацнеў вецер, тужлiва хiсталiся верхавiны дрэў…

Галя прытулiлася да Анатоля, але той адхiлiўся ад яе, шыкнуў, маўляў, не час для абдымкаў. "Калi ты хмуры мiзантроп альбо эгаiстычны бурчун, — падумала Маруся, — шлюб не выправiць цябе. Шлюб нiкога не зменьвае — ён толькi зрывае маскi…"

— Якi ў цябе сакрэт? — раззлавана глядзеў на Наташу Мiкола. — Навошта тэлефанавала? Прыпёрся, як дурань, у твой iнтэрнат, цяпер на мяне ўсе тут пяляцца!

— А ты не звяртай нi на каго ўвагi! — засмяялася Наташа i ўсунула яму ў рукi выварку з бялiзнай. — Нясi на кухню!

— Я табе не грузчык!

— Тады сакрэту не скажу! — загадкава ўсмiхнулася яна.

Мiкола паслухаўся. Калi вярнуўся з кухнi ў яе пакойчык, Наташа рыхтавала на стол. Побач, на ложку, сядзелi з цiкаўнымi тварамi яе сяброўкi.

— Агледзiны ўстроiла? — буркнуў Мiкола, але за стол сеў.

Сяброўкi прымасцiлiся ля яго. Ён падмiргнуў iм, калупнуў вiдэльцам сардэльку, адкусiў, пачаў умiнаць рыс з чырвонай падлiвай.

Наташа перамiгнулася з дзяўчатамi i пачала:

— Мiколачка, пайшлi з намi ў Дом мэблi! Трэба нешта купiць, а мы саромеемся. Мужчыне спрытней! На грошы i пайшлi!

— Вы што, прэзерватывы там купляць будзеце? — незадаволена падняўся з-за стала Мiкола. — Што там, у мэблевым, можа быць такое, чаго можна саромецца?

Дзяўчаты захiхiкалi i пацягнулi Мiколу на вулiцу.

…У салоне дзiцячай мэблi Наташа пашапталася з прадаўшчыцай, павiляла з таемнай усмешкай ля Мiколы i загадала яму iсцi ў касу выбiць чэк. Калi ён падышоў з чэкам да прадаўшчыцы, тая ветлiва падкацiла да яго дзiцячую каляску. Мiкола раздражнёна ўздыхнуў, моўчкi выкацiў каляску з салона i на вулiцы развiтаўся з дзяўчатамi, сказаўшы iм, што ў гэтым жарце няма нiчога смешнага.

Ля свайго iнтэрната сутыкнуўся з Аленкай.

— Заявiлася! — буркнуў сабе пад нос.

— Мiколачка, мне трэба табе сказаць нешта сур'ёзнае, — пачырванеўшы, мовiла Аленка.

— Што, табе таксама каляску купiць? — са злосцю кiнуў Мiкола.

— Мiколачка! — заззяла Аленка. — Як ты здагадаўся? Я такая шчаслiвая! Яна кiнулася яму на шыю. — Мне доктар сказаў, што нельга рабiць першы аборт, i вось ты не супраць нашага дзiцяцi… Дзякую! Я так кахаю цябе!

— Якiя кнiжныя словы! — узяўся за ручку дзвярэй Мiкола. — Яны не адгукаюцца ў маёй душы. Ну што мне рабiць, Аленка, каб пакахаць цябе, што?

— Давай пажэнiмся, а тады прывыкнеш, — папрасiла Аленка i дакранулася да ягонай рукi. — Можа, i каханне прыйдзе. Кажуць, калi ў сексе абаiм добра, то i ўсё будзе добра.

— А душа, Аленка? — узмалiўся Мiкола. — Зачараванне сексам пройдзе, а што рабiць душы потым, калi мы духоўна чужыя?..

— Навошта ж тады ты прыняў маё каханне?

— Я прыняў тваё цела, каб не загубiць адмовай у каханнi тваю душу.

— Ты ўжо яе загубiў! — заплакала Аленка.

— Мне трэба было цябе адхiлiць, так? — абняў ён дзяўчыну. — Каб адхiлiў, ты ўсё роўна пакутавала б. А цяпер хоць добры ўспамiн застанецца пра каханне. Не трэба табе цяпер дзiця, Аленка! — папрасiў Мiкола. — Удасканальвайся, рабi кар'еру. З тваiмi знешнiмi дадзенымi ты можаш дасягнуць многага, трэба толькi стаць трошкi камунiкабельнай, дзелавiтаю, смелаю. Ты — меланхолiк, саромеешся ў кампанii. А ведаеш, трэба проста ў кампанii звярнуць на сябе ўвагу, стаць у цэнтры ўвагi, паглядзiш, тады ўсё будзе добра i ўсё ў цябе атрымаецца. Ты наiўная, добрая, у цябе ёсць будучыня — ты станеш зоркаю. Паслухайся мяне, калi ласка!..

Мiкола закусiў вусны i моцна прыцiснуў дзяўчыну да сябе. Яна вырвалася i пабегла да аўтобуснага прыпынку.

— Ну, што ты стаiш самотная? — усмiхнулася чараўнiца Iлона. — Я твайго бацьку не адбiвала, сам прыйшоў да такога рашэння. Я марожанае заказала, зараз прынясуць, i «Фанты», любiш?

Iрэна згодна кiўнула i прысела за столiк.

— Я ведаю, што ён кахаў цябе, але пакiнуў, - з болем выгаварыла Iрэна.

— Пакiдаюць розных, а вяртаюцца да самых каханых, — удумлiва мовiла Iлона.

— Вiдаць, добрая была, што ад цябе пайшоў муж твой? — засмяялася Iрэна. Альбо выгнала?

— Настае дзень, калi быццам прачынаешся ад доўгага сну, — сур'ёзна мовiла Iлона, — i разумееш, што ляжыць ля цябе зусiм чужы чалавек. I робiцца страшна, што вось з гэтым чужым табе прыйдзецца жыць да старасцi…

— Iшла за роднага, а аказаўся чужым? — ухмыльнулася Iрэна.

— За незнаёмца iшла, — уздыхнула Iлона, — зусiм мала ведала яго, амаль дзве ночы.

— А бацьку майго ты за колькi начэй закахала ў сябе?

— Начэй у нас не было, — усмiхнулася Iлона. — Мы даўно ведалi адно аднаго, часта размаўлялi, на турзлётах былi — твая ж мацi грэбавала турзлётамi, паходамi, а дарэмна! А чалавек раскрываецца менавiта ў паходах, у сумесных вылазках на прыроду, а не ў сексе i не ў экскурсiях у суседнi кiнатэатр. Калi хочаш больш даведацца пра чалавека, зразумець, падыходзiць ён табе цi не, больш размаўляй з iм.

Iрэна ўздыхнула i даверлiва паспавядалася:

— Я таксама размаўляла i ў паходы хадзiла са сваiм сябрам. Заўважала, што ён жорсткi з бадзячымi катамi, сабакамi i ўсё хвалiцца, што ягоная аўчарка лепшая. Калi iшла цяжарная жанчына, ён крывiўся, што яму не падабаецца такая постаць, i казаў, што калi я буду цяжарная, то буду выглядаць лепш. Ён быў эстэт, любiў толькi прыгожае, i я разумела, што ён здрадзiць мне ў любую хвiлiну. Ён нерваваўся, калi я выпацкала ягоны iмпартны спартовы касцюм, i я зразумела, што ён сквапны i жорсткi. Але ў той час ужо прывыкла да яго i не магла пакiнуць яго першая. Да ўсяго ж ён мне падабаўся ў сексе. Калi б у мяне хапiла смеласцi ў той час парваць з iм, не было б той ганьбы, якую ён зрабiў мне. Яго звалi Янка. Я ненавiджу яго цяпер i сябе за сваё маладушша…

Iлона дакранулася да рукi Iрэны.

— Не крыўдуй на мяне, калi ласка, — цiха сказала яна. — Мяне таксама жыццё бiла, а цяпер я знайшла сябра, заступнiка, я знайшла роднасную душу. Калi ты выйдзеш замуж, пасталееш, то зразумееш мяне i свайго бацьку.

— Я iншы раз не разумею самую сябе, — паскардзiлася Iрэна. — Шукаю каханне i не знаходжу. Навокал адзiн мiраж. Няўжо мне прыйдзецца чакаць яго так доўга, як чакаў мой татка?

У вушах у Аленкi гучыць музыка, i срэбныя званочкi звiняць, рассыпаюцца па ўсiм пакоi. Яна ляжыць на руцэ ў Мiколы i марыць, што яны ўжо пажанiлiся. Аленка не можа заснуць — яна з асалодаю ўглядаецца ў начны змрок. Вось настольная лямпа, калi яе ўключыш — плывуць рыбкi, там унутры нешта круцiцца, i яны плывуць. На тумбачцы — магнiтафон, касета групы «Спэйс». Над ложкам кнiжная палiчка, мiкрасвет яе каханага: тое, чым ён жыве, захапляецца, аб чым марыць. Яна з асалодаю глядзiць на ягоны твар i ў душы спадзяецца, што ранкам ён скажа ёй: "Не iдзi сёння ў бальнiцу! Няхай будзе дзiця!" Вядома, скажа, заспакойвае сябе Аленка, i нiкуды яна не пойдзе, i народзiць яму дзiця… А потым, можа, i пажэняцца? Вось у адной дзяўчыны такое было: не браў, не браў, а як нарадзiла, то i ўзяў! У Аленкi ёсць шанц! Яна асцярожна ўстае з ложка, апранае Мiколаву кашулю. Зялёныя шторы такiя знаёмыя, родныя, цяпер яна бачыць iх не праз марознае шкло цi мокрае — ад дажджу, а з пакоя, як гаспадыня… Аленка адсоўвае iх. Мроiцца блакiтны водсвет ранiцы. Паабапал дарогi цвiтуць каштаны. Вось прайшоў першы трамвай. Запынiўся ля iнтэрната. З яго выйшла лёгкая, iмклiвая дзяўчына з пакетам у руцэ…

Аленка ўважлiва разглядвала значкi на блакiтным вымпеле: «Тэрскол», гарналыжная турбаза, альплагер «Улу-Тау», "Домбай"… Мiкола шмат дзе пабываў, i яна, Аленка, таксама там пабывае, каб стаць блiжэй да яго. Яна ўжо ходзiць у бiблiятэку, самаўдасканальваецца, каб яму з ёй было аб чым паразмаўляць. Запiсалася на курсы кройкi i шыцця адзення, модна апранаецца…

— Ай, каго там чэрцi прынеслi? — незадаволена падняўся з ложка Мiкола, пачуўшы стук у дзверы. — Схавайся за штору! — загадаў Аленцы i пайшоў адчыняць.

— Ты што, ужо зусiм з глузду з'ехала? — буркнуў ён, убачыўшы Наташу. Паспаць не даеш!

— Я на маршрут выехала, — усмiхнулася яна, — вось, думаю, занясу табе кашулi. Яны так хутка высахлi, праз гадзiну пасля таго, як ты пайшоў ад мяне…

Мiкола моўчкi ўзяў пакет i кiнуў яго на ложак. Наташа адразу заўважыла за шторай постаць i засмяялася:

— Аленка! Вылазь, я «Рыслiнг» прынесла, зараз вып'ем!

Адкаркавала бутэльку, паставiла трэцюю шклянку i налiла ўсiм. Выцягнула з-за шторы Аленку i ўручыла ёй паўшклянкi вiна.

— Мне нельга сёння, — адказала тая i паставiла шклянку на стол.

— Яна зранку ў бальнiцу iдзе, — мовiў Мiкола, падаючы Аленцы сукенку. Апранайся, а то спознiшся…

… Князь прывiтаў Дарыну лёгкiм кiўком галавы, пацалаваў ёй руку i незвычайна доўга затрымаў свой позiрк на яе твары.

— Ты такая бледная, што здарылася, сястра?

— Ад хвалявання, князь, — усмiхнулася Дарына. — Такi цудоўны баль!.. I дачка заморскага магната, з якою вы танцавалi…

— Яна прыгажуня, бясспрэчна, — адказаў цiха Вiтаўт, — але другая завалодала маiм сэрцам настолькi, што не магу болей маўчаць пра сваё каханне, мушу прызнацца i прасiць яе згоды стаць маёй жонкай…

— Якою шчаслiваю яна будзе з вамi, князь! — самотна схiлiла галаву Дарына. — Уставаць разам з вамi на золку, любавацца захадам сонца, гаманiць у начной цiшынi пад спеў салаўёў i стракатанне конiкаў… Дакрануцца да вашых валасоў, правесцi рукою па твары…

Дарына ласкава ўсмiхнулася, i ў вачах яе застылi слёзы. Яна паспешлiва пакiнула залу. Па шырокiх прыступках паднялася ў верхнiя пакоi. Месяц заглянуў у акно, на iмгненне высвецiў пацеркi ў касе дзяўчыны. Цiха гарэла свечка, роўнае полымя кiдала на сцяну ласкавы водблiск. Але Дарыну ахапiў адчай. Яна зразумела, што нiколi не зможа стаць жонкаю Вiтаўта, што ёй наканавана лёсам быць толькi сястрою ягонай…

Зялёны келiх падносiць да вуснаў сваiх Дарына. Келiх з атрутаю. I чуе, блiзка зусiм, таропкiя крокi да яе спальнi. Вiтаўт?

— Мая каханая, што ты зрабiла? — нахiляецца над Дарынаю Вiтаўт.

— Прабач мне, — шэпча Дарына. — Чорная здань пагубiла мяне ў юнацтве звар'яцела я ад сляпога кахання, не кахання — прагi да цела! I за гэта, што цяпер зрабiла, прабач мне, любы мой Вiтаўт… Грэх на мне, памалiся лепш Богу…

Крык адчаю разрывае начную цiшыню. Спалохана ўзлятаюць заспаныя птушкi, i хаваюцца ў чароце гнуткiя русалкi. Мiтусяцца па пакоях i ў садзе госцi князя. Усё зблыталася: сон i ява… памiрае Дарына…

— У вас быў хлопчык, — самотна гаворыць акушэрка Аленцы. — Паляжыце тут крыху, потым вас адвязуць у палату…

— Дзе я? — пытаецца Аленка.

— Ужо ўсё прайшло, — супакойвае яе медыцынская сястра, гладзячы па галаве.

— Хто я? — Аленчыны вочы напаўняюцца слязьмi, i яна страчвае прытомнасць.

…Згорблены стары прыйшоў з лесу, у доўгай палатнянай кашулi, з сiвою барадою. Выняў з-за пазухi прыгожы кубак на тонкай падстаўцы i падаў яго змрочнаму, пачарнеламу ад гора князю. Той агледзеў яго i здзiвiўся — кубак быў закрыты жалезнай накрыўкай.

— Што ў iм? — сурова спытаў у старога.

— Смерць Чорнай зданi, — мовiў той. — Хто ўбачыць, што знаходзiцца ўнутры кубка, — перастане быць нявольнiкам сляпога кахання, прагi да цела. Чорная здань пакiне яго.

Князь пакруцiў у руках кубак, любуючыся яго прыгажосцю. Нечакана нацiснуў на накрыўку, i яна адскочыла. Заглянуў усярэдзiну. Нейкi час яго бровы былi ўзнятыя ад здзiўлення. Потым князь паставiў кубак на стол, i самотная ўсмешка прабегла па ягоным твары.

— Прыгожы кубак, унутры якога пустэча… — прашаптаў Вiтаўт. — Што можа быць мудрэйшым?.. Хай прадоўжыць Бог ваша жыццё, мудры старац!

— Слуг паклiчце i загадайце кубак паставiць на вiднае месца, пакланiўшыся, мовiў стары. — Няхай другi, апантаны, сляпы, нявольнiк Чорнай зданi i прагi да цела, адкрые яго i, унутр зазiрнуўшы, ачуняе душою i целам, не паўторыць памылку Дарыны…

ЧАСТКА ДРУГАЯ

I

…Было такое ўражанне, што трапiлi ў мiнiяцюрную вёску мiнулага. Анатоль Хвашчэўскi, прымiрыўшыся з Галяй, усё ж такi павёў групу ў паход сам, згадзiўшыся нават на экскурсiю ў Музей архiтэктуры i побыту Беларусi.

— Нiчога рукамi не чапаць! — дзелавiта папярэдзiў Анатоль. — Музей пад адкрытым небам — унiкальная рэч! Зойдзем вось у гэту хату!

…Тканыя ручнiкi вiселi на покуцi i ля парога. Ля печы — невялiчкi ручнiчок з карункамi з аднаго канца.

— Гэта ж трапкач! — засмяялася Галя. — У нас такi дома быў, i мацi часта "давала нам трапкача"! Толечка, я таксама буду нашым дзеткам "трапкача даваць"! — какетлiва глянула на хлопца.

— Мы ж дамовiлiся: нiякiх дзяцей! — сурова адказаў Анатоль. — Мне i чужыя надакучылi ў маiм ПТВ!

Галя махнула рукою, у душы спадзеючыся, што ён толькi цяпер так гаворыць.

Мiкола разглядаў прыстасаванне для лучыны.

— Добрая рэч! — кiнуў ён Антосю. — I для паходаў згадзiцца!

— Паглядзiце на калыску! — мовiў Сцяпан. — Яна трымаецца на цвiку, што ўбiты ў столь. У нас дома такая на гарышчы ёсць!

— А саламяны капялюш нiчога! — засмяяўся Мiкола. — Я быў бы падобны ў iм на шляхцiца!..

Аленка пагардлiва ўсмiхнулася i адвярнулася ад яго… Увесь час пасля таго, што яна зрабiла, ёй паўсюдна здаваўся пах закiсу азоту, якi даюць перад аперацыяй… Пах гэтай маскi… Неяк Мiкола паспрабаваў пацалаваць яе падалося, што яна задыхаецца, вусны Мiколы пахлi закiсам азоту… Яна вырвалася, пабегла ад яго…

— А зараз я вам пакажу нешта страшнае! — загадкава сказаў Анатоль i павёў усiх да наступнай хаты па вузкай вулачцы.

…Доўгi пагонны двор, хата прамавугольнай формы. Гаспадарчыя пабудовы побач з жылымi пакоямi.

— Такiя хаты ў нас, на Вiцебшчыне, будуюць, — паведамiў Сцяпан, — i наша хата, на хутары, такая ж! Гэта строй Заходняй Беларусi.

— Ой, Сцяпаначка, якi ж ты багаты! — засмяялася Iрэна, папраўляючы касу. Добры будзе ў мяне жанiх! Цi не хочаш быць жанiхом?

— Хачу! — засмяяўся Сцяпан, абняў Iрэну, i яны першымi ўвайшлi ў хату.

…На покуцi — iконы. На драўляным стале ляжыць муляж хлеба на сене. Доўгая лаўка. Прыгожыя жаночыя андаракi вiсяць над ложкам ля печы. На кiйку перад печчу вiсяць каўбасы…

— Хата прыбрана да Каляд, — паведамiў Анатоль. — Апошнi з гаспадароў памёр у XIX стагоддзi. А потым, хто нi пасяляўся тут, цi памiраў, цi дурнеў. Хату будавалi па старажытным звычаi: гаспадар мазаў вуглы сваёю крывёю, каб тут жылi толькi ягоныя родзiчы…

— Пайшлi адсюль! — пiснула Галя.

— А я вось застануся тут на ноч! — расхрабрыўся Мiкола. — Потым раскажу вам, можа, сюды прывiды з'яўляюцца?

Зацiкаўленыя хлопцы i дзяўчаты пагадзiлiся з ягоным рашэннем.

Лес рэдкi, у асноўным кусты альшанiку, танклявыя грабы ды арэшнiк. Сям-там — бярозкi. Мiж дзвюх палатак вiхляе вузкая сцяжынка. Iрэна кладзецца на жывот i вуснамi знiмае кропельку расы з пялёсткаў маленькай ружовай кветачкi. Босыя ногi дрыгаюць у паветры, побач валяюцца кеды. Антось запускае ў дзяўчыну валанчыкам ад ракеткi i запрашае пагуляць з iм. Яна адмоўна, з лянотаю, круцiць галавою i любуецца на Сцяпана, якi коле дровы для вогнiшча.

— Заўтра будзе добрае надвор'е, — кажа Аленка Антосю, — раса нанач…

Той кiвае ёй i падае ў руцэ сунiцы.

— Частуйся, не сумуй! — усмiхаецца ёй. — Табе яшчэ будзе шчасце!

Яна дзякуе. З асалодай адчувае ў роце смак пахучых ягад — нават есцi шкада.

Галя сядзiць ля палаткi i зашывае Анатолевы штаны.

— Эй, а чаму твой заплечнiк тут? — пытаецца ў яе Анатоль.

— А хiба мы не ў адной палатцы будзем?

— Не, не ў адной! — адносiць яе заплечнiк да другой палаткi Анатоль. — Я вяду групу, i мне зараз не да цябе! Са мною ў палатцы будзе Iрэна!

— А мы што, усе будзем у адной цiснуцца? Шэсць чалавек? — ускiпела Галя.

— Не шэсць, а пяць, — паправiў яе Анатоль. — Мiкола сёння ў музейнай хаце начуе…

— Гэта ж несправядлiва, Анатоль! — падышоў да яго Антось з ракеткаю ў руцэ. — Вас будзе ў палатцы двое, а нас — пяцёра!

— Законаў турызму не ведаеш! — кiнуў Анатоль. — Кiраўнiк паходу заўсёды спiць у асобнай палатцы!

— I бярэ да сябе любую кралю? — засмяяўся Антось.

Сцяпан у гэты момант закончыў секчы дровы, але ў спрэчку не лез, моўчкi пачаў распальваць вогнiшча. Дарэмна чакала Iрэна, як ён на ўсё адрэагуе.

Праз сон Мiкола пачуў, як нехта закашляў на печы, глуха, па-старэчы. Спачатку ён падумаў, што гэта ягоны бацька. Працёр вочы i ўспомнiў, што ён не дома, а ў чужой хаце, у музеi. Навокал панавала цiшыня, нават у вушах звiнела. У маленькае акно свяцiла поўня. Мiкола глянуў на покуць. Там вiселi абразы, гарэла лампадка. "Якая лампадка? — падумаў ён. — Не было нiякай лампадкi вечарам!"

Надзiва светла было ў хаце. Бразнула клямка. Адчынiлiся i зачынiлiся дзверы ў пакой. Стукнулiся адзiн аб адзiн вiлачнiкi ля печы.

— Ай, Стэфка! — заварочаўся нехта на печы. — З самага ранку топчашся! Дай мне паспаць!

— Спiце, мама, спiце! — адказаў жаночы голас. — Казiк каня запрагае ў поле. Трэба нешта яму сабраць. Хутка дзецi прачнуцца!

Насцеж расчынiлiся дзверы з сяней. Пачулiся дзiцячы гоман, валтузня… Дробны пошчак маленькiх ножак па ўсёй хаце… Стук лыжак аб стол…

— Чэсiк! Не лезь першы па бульбу! — заверашчаў зычны дзявочы галасок.

Пачулiся цяжкiя крокi па хаце.

— Зноў аброць закiнулi! — абурыўся мужчынскi голас. — Стэфа! Налi ў слоiк кiслага малака. Духата зранку!

Мяккая вадкасць плёхнулася на дно пасудзiны…

Потым наступiла цiшыня. Некуды знiк месяц. Праз шчылiну адчыненых дзвярэй пранiк сноп цьмянага святла. На парозе застыў маленькi светлагаловы хлапчук з кучаравымi пышнымi валасамi.

— Тата! — радасна закрычаў ён i працягнуў да Мiколы рукi.

— Iдзi адсюль! — падаў нехта няветлiвы голас з печы. — Ужо пеўнi спяваюць!

Мiкола адчуў, што валасы на галаве становяцца дыбам. Праз нейкi момант пачуўся ранiшнi спеў першага пеўня…

— Баранавiцкi раён! — ускрыкнула Галя амаль на ўвесь аўтобус. — Зараз будуць Петкавiчы, радзiма першадрукара Iвана Фёдарава.

Анатоль таўкануў яе ў бок: "Маўчы, непрыстойна!", але яна не сунiмалася, павярнулася на сядзеннi назад, да сяброў, i паведамiла:

— А даведалiся, што ён быў з Беларусi, праз ягоны герб, якi знойдзены ў архiвах Кракава. Iван Фёдараў быў шляхцiц з роду Рагазоў…

Яна павярнулася да Анатоля, i ён шапнуў:

— Выйдзем у Баранавiчах — i адразу да маёй цёткi!

— Я хачу наведаць спачатку Пакроўскую царкву! — не пагадзiлася Галя. — У яе падвалах знаходзяцца мазаiчныя вiтражы, якiя рыхтавалi выдатныя майстры жывапiсу ў часы Рэчы Паспалiтай, расейскiя i беларускiя мастакi…

— Мне перад жанiцьбай вельмi важна, што скажа мая цётка пра цябе! — заявiў Анатоль. — А вiтражы пачакаюць!

— I сапраўды, у гараскопе правiльна сказана: усе Панны — прыдзiрлiвыя! адвярнулася ад яго Галя, але ўрэшце потым згадзiлася з Анатолем.

…Цётка Людвiка аказалася дзябёлай адзiнокай жанчынай, якая жыла ў цеснай аднапакаёвай кватэры. Яна запрасiла Анатоля з Галяй у вузкую кухню i, ледзь прасоўваючыся памiж ракавiнай, халадзiльнiкам i кухонным сталом, на ўсе лады расхвальвала Анатоля, войкала, завiхалася, збiраючы на стол. Анатоль запалiў, выпусцiўшы клубок сiвога дыму цётцы ў спiну.

— Хоць мужчынам запахла! — закрактала цётка Людвiка. — Люблю дым…

Галя ж напружана назiрала, як на канцы цыгарэты нагарае слупок попелу, i разважала, куды яго дзене Анатоль. Той павольна скiнуў яго на падлогу.

— Зноў, як бацька! — незадаволена шапнула яму Галя.

Анатоль строга глянуў на яе i пачаў есцi бульбу з салам. Цётка Людвiка прымасцiлася побач.

— А вы не будзеце снедаць з намi? — пацiкавiлася Галя.

— Я на дыеце, — паскардзiлася тая. — Сэрца балiць, нельга тлушчу ўжываць, малачко вось п'ю…

З'еўшы скварку, Анатоль зноў салодка зацягнуўся цыгарэтай.

— Ты паеш спачатку, а потым палi! — заўважыла Галя.

— Ты лепш раскажы, хто твае бацькi! — сказала цётка Людвiка. — Не хачу, каб наш Толечка трапiў у дрэнныя рукi!

— У мяне добрыя бацькi, — адказала Галя. — Калгаснiкi… А я — будучы бiблiятэкар.

— Ай! — аж ускочыла цётка. — Дык бiблiятэкары ж у выхадныя працуюць! А хто ж Толiчка накормiць?

— Зранку нагатую…

Цётка Людвiка падцiснула вусны i пачала прыбiраць са стала. Анатоль незнарок выпусцiў дым проста ў твар Галi.

— Фу! Надымiў! — паднялася тая з месца. — Пойдзем лепш у другi пакойчык, пагаворым…

— Ты глянь на яе! — пiснула цётка Людвiка, аж вусны яе затрэслiся. — Якая праява! Дым ёй замiнае!

I яна, цяжка дыхаючы, апусцiлася на крэсла. Анатоль хуценька паднёс ёй вады.

— Бр-р-р! — напiўшыся, выцiрала вусны тая. — Толiчак, не спадабалася мне твая паненка… У-ф-ф! Сэрца забалела… Не прыеду на тваё вяселле…

— Цётка Людвiка!.. — Анатоль паклаў ёй на плячо сваю руку. — Цётка Людвiка!..

— У-ф-ф! — уздыхнула яна. — Не, не прыеду, Толiчак!..

— Нам час iсцi ўжо, — маркотна вымавiў ён, сцiснуўшы цётчыну руку. Прабачце, калi што не так…

I кiнуў Галi, каб iшла на выхад. Сам рушыў за ёю.

— Толiчак! — усхапiлася цётка Людвiка i заспяшалася за iм, трымаючыся рукою за сэрца. — Прыязджай, прыязджай! Адзiн…

Той моўчкi кiўнуў на развiтанне. Ужо ў пад'ездзе накiнуўся на Галю:

— Чаму перад маiмi родзiчамi паводзiш сябе так, га?

— А што, я хiба ведала, што яна такая нелюдзiмая? — абурылася Галя. — Што я такога дрэннага сказала ёй? Выйсцi ў другi пакой — гэта абраза?

— Яна любiць мяне, а ты "надымiў", "пайшлi ад яго ў другi пакой"! Быццам грэбуеш мною!

— А што, я павiнна балдзець, як твая цётка, ад дыму тваiх цыгарэт? Можа, ты стукнеш яшчэ, дык мне i малiцца на цябе трэба будзе?

— Маўчы, калi сабралася замуж! Раней трэба было думаць, а цяпер кола закруцiлася — дарогi назад няма! — крыкнуў на яе Анатоль.

…Слонiм. Тутэйшы ансамбль Мiхаiла Клеафанса Агiнскага, брата вядомага музыканта… Iрэна правяла далонню па сцяне старога будынка, прытулiлася шчакою да халоднага каменя. Глянула ўверх — над ёй бяздоннае блакiтнае неба.

— Я хачу застацца тут, — прашаптала яна Аленцы. — Памерцi, каб нiколi не вяртацца ў горад, дзе ўсё напамiнае Янку i бацьку.

Яна пазiрала на Сцяпана, хоць была да яго абыякавая. Хлопец здаваўся працавiтым, але ўвесь час у паходзе маўчаў: не спрачаўся, нiчога не расказваў, нiкога не крыўдзiў i нi за каго не заступаўся…

— А можа, вось за такога i трэба выходзiць замуж? — разважала ўслых Iрэна. — На дзяўчат не звяртае ўвагi, значыць, жонцы здраджваць не будзе.

— Не кiдайся ў крайнасцi! — папярэдзiла яе Аленка.

— А што, ён цiхi, спакойны, — зазначыла Iрэна. — Я навучу яго сексу, i ён будзе ўдзячны мне за гэта, i нiколi яго не пацягне да другой, бо з другою яму не будзе так, як са мною. Я — суперзорка, так сказаў Янка.

— Выкiнь з галавы Янку i Сцяпана! — строга сказала Аленка. — Пайшлi, трэба яшчэ ў былым Слонiмскiм манастыры пабываць. А потым — у Жыровiчах, там жыве мая бабулька, там — мой любiмы манастыр…

— Хутчэй на аўтобус! — паклiкаў усiх Мiкола. — Да Жыровiч iдзе!

Галя памкнулася была iсцi за ўсiмi, але Анатоль пацягнуў яе за рукаў штармоўкi.

— Стойце! Усе назад! Тут некалькi кiламетраў, а прыгажосць якая! Пойдзем пехам…

— Iсцi да такога месца адна асалода! — падтрымала Аленка. — Анатоль праўду кажа: раней паломнiкi да святых месцаў пешшу хадзiлi.

…З левага боку вiднеўся на ўзгорку зялёны лес. Жоўтае поле пшанiцы звiнела налiтымi каласамi. Босыя ногi падарожнiкаў ступалi ў гарачы пясок, як у муку, пакiдаючы глыбокiя сляды. Па дарозе амаль не было транспарту.

— Некалi землi гэтыя належалi праваслаўнаму вяльможу, падскарбiю Аляксандру Солтану. Было гэта ў 1470 годзе, пры Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, пачаў аповяд Антось. — Пастухi пасвiлi статак i ўбачылi яркае святло, якое лiлося праз галiны дзiкай грушы, пад якою працякаў ручай. Падышлi i ўбачылi на дрэве iкону. Невялiчкую, з далоньку, iкону Божай Мацi. Прынеслi Солтану, але ён схаваў яе ў скрыню, а калi прыйшлi да яго госцi, то хацеў пахвалiцца, палез — а яе там няма! Праз нейкi час пастухi знайшлi iкону на той самай грушы. Тады Солтан пабудаваў храм у гонар з'яўлення цудатворнай iконы. Ля храма з'явiлася вёска Жыровiчы. Землi тут былi добрыя, «тлустыя», казалi. Каля дзесяцi гадоў знаходзiлася iкона ў храме, але ўзнiк пажар, i драўляны храм згарэў. Нiхто на папялiшчы не знайшоў iконы. Прайшоў час, i сялянскiя дзецi, якiя iшлi са школы, заўважылi на гары, дзе раней стаяў храм: сядзiць на каменi ў прамянiстым святле незвычайнай прыгажосцi панi i трымае ў руках iкону тую. Дзецi пабеглi па настаўнiка, а калi вярнулiся — на каменi гарэла свечка i ляжала тая самая iкона. Цяпер той камень знаходзiцца ў адной з цэркваў Жыровiцкага манастыра. Там i цудатворная iкона. Цудадзейнае тое месца — бываеш там, i цягне зноў i зноў…

Мiкола са здзiўленнем пазiраў на сябра.

— Ты быў там?

— Некалькi разоў, - усмiхнуўся Антось. — Заўсёды перад экзаменамi, i вочы лячыў, ваду браў у цудатворнай крынiцы. Мне Аленка параiла.

— А мне здаецца, што гэта казка, — сказаў Мiкола i павярнуўся да Сцяпана. — А як ты думаеш?

Той пацiснуў плячыма. "Чаму ён нiколi не выказвае сваiх поглядаў? падумала Iрэна. — "Хто мудры — той заўсёды маўчыць"? Цi "Маўчыць той, каму няма чаго сказаць, бо галава пустая"? Загадкавы хлопец. А загадкавае прыцягвае".

II

Палаткi раскiнулi на ўскрайку сяла на прыгожым поплаве, сярод зялёнай травы i маленькiх стракатых кветак. Хараство i цiшыня панавалi навокал. Аленка лягла на траву, i ёй здалося, што зямля дыхае. Яна глядзела ў бок манастыра, i здавалася ёй, што вярнулася яна дадому — такая мiлая была ёй гэтая мясцiна! У Жыровiчах, акрамя бабулькi, жыве яе стрыечная сястра Таццянка, у яе такi слаўны хлапчук — Алесiк! Вельмi любiць яго Аленка. I яна, папярэдзiўшы Анатоля, заспяшалася да Таццянкi. I як жа здзiвiлася, калi ўбачыла там сваю мацi. Расчырванелая, падпiтая Соф'я сядзела з Алесiкам на канапе.

— Алесiк кажа, што цябе не любiць! — заявiла яна, выцiраючы далонню вусны, нахiлiлася да малога. — Праўда, сынок? Скажы ёй!

Хлопчык засаромеўся, схаваўся за яе спiну.

— Глупства вы, цётка, кажаце! — сказала Таццянка i павяла Аленку на кухню, каб пачаставаць.

Загаварылi пра вучобу, жыццё. На парозе з'явiлася Соф'я.

— Чуеш! — звярнулася да Аленкi. — Я й кажу яму, каго ты больш любiш: мяне, што табе ўсё купляю, цi Аленку, якая нiчога табе не купляе? Дык ён кажа: цябе! Цябе, цётачка! — зарагатала Соф'я.

Аблiзала вусны i дадала:

— Дачушка, налi квасу!

— Якога табе квасу? — не зразумела Аленка.

— Ды не ты! — махнула рукою Соф'я. — Ты — свякрусiна дачка, бабкi сваёй любiмай, i таткi свайго, калекi! А мая — вось! — яна абняла Таццянку. — Маю дачушку ўзялi замуж, а цябе нiхто не бярэ!

I яна навалiлася на Таццянку, абняла, зацмокала ў твар.

— Ай, цётка Соф'я! — вырывалася Таццянка. — Чаму вы Аленку не любiце?

— Няхай яе мая свякруха любiць! Я iх радню ненавiджу! Свякруха прыбягала, плакала: ой, ой, сястрычка мая памерла! Ха-ха-ха! Хутка й сама памрэ!

— Што, бабка Нiчыпарыха памерла? — са слязьмi вымавiла Аленка. — Чаму ты мне не сказала?

— Бо я ад радасцi п'ю i танцую! — засмяялася Соф'я. — Увесь ваш род загублю пад корань, бо жыццё маё загубiлi, гады!

I Соф'я загаласiла. Аленка выбегла з хаты i пайшла да сваёй бабулькi.

— Уздыхаеш, бедная! — абняла Аленку бабка. — Доўга яна яшчэ тваю кроў пiць будзе…

Сухенькая, сярэдняга росту, бабка была акуратнай i ладнай гаспадыняй, хоць апошнi час i не мела ўжо сiлы ўпраўляцца ў хаце, на агародзе i ў хляве. Трымала некалькi курэй ды аднаго парсюка. Прыходзiла Таццянка, дапамагала. Адзетая бабка сёння ў карычневую спаднiцу, паўзверх якой завязаны белы фартух, у сiнюю трыкатажную кофту, на галаве белая хусцiнка.

— Я табе грабеньчык у Баранавiчах купiла! — падала гасцiнец Аленка. — А дзе твая кошачка?

— Бегае, — усмiхнулася бабка i абняла Аленку. — А матка твая ж бiла яе, кошачку маю, як я жыла з вамi, — бабка выцерла рукою вочы, — i мяне не раз у галаву таўкла. Калi ж ужо табе, Аленачка, Бог шчасця дась? Малiся, донечка мая, малiся! Можа, падась Бог табе знак свой.

Бабка дастала з шуфлядкi свой малiтоўнiк i падала Аленцы.

— Вазьмi з сабою ў паход, спатрэбiцца.

Аленка падзякавала.

…Белыя фiранкi на вокнах, праз iх вiдаць кавалачак неба. Вышыты ручнiк на покуцi.

— Гэта ж я яго вышывала! — усмiхнулася Аленка. — А памятаеш, як да нас бабкi прыходзiлi на вячоркi? Гiсторыi розныя расказвалi. Бабка Вера чытала Мележа, "Людзi на балоце". Бабка Каця варыла трактарыстам абед i хвалiлася, што ёй столькi курэй кожны раз варыць прывозяць, што яна так наелася! Бабка Яўстрацiха прыходзiла, настаўнiкава мацi. Яе ўжо няма. Бабкi Маланнi няма, у якой брат манахам у Кiева-Пячэрскай лаўры.

— I сястрычкi маёй няма, — заплакала бабка. — Ты так любiла яе!..

Аленка абняла бабку.

— Усiх ты памятаеш, донечка, — прашаптала тая. — Каго няма, i тых добрым словам успомнiш. Хутка i я да iх пайду…

— Ну, што ты! — супакоiла яе Аленка. — Пажывi яшчэ. З кiм жа я застануся?

— З Богам, дзiцятка, з Богам, — закiвала галавою бабка. — Адзiн ён у нас з табою заступнiк…

— Усiм па цукерачцы да гарбаты! — гаманiла Галя, завiхаючыся ля вогнiшча. — Вось гэтая цукерка — апошняя, i я аддам яе Анатолю з Iрэнай, у iх сямейная палатка, няхай i цукерка будзе адна на дваiх!

I ўсунула яму ў руку карамельку.

— Так! Ужо рэўнасць пачынаецца? — павысiў голас Анатоль. — Гэта апошнi паход для цябе! Не бяру нават на турзлёты! Тваё месца — на кухнi!

— Ды не равi ты! — крыкнула на яго Iрэна. — Галя, давай мяняцца месцамi!

Яна забрала свой заплечнiк i спальнiк i панесла ў другую палатку.

— Галя, забiрай, калi ласка, свой спальнiк i нясi ў Толеву палатку! сказала настойлiвым тонам Iрэна. — Анатоль, ты няправiльна сябе паводзiш, трэба паважаць будучую жонку, шанаваць яе!

— Я павiнен клапацiцца пра ўсю групу! — адрэзаў той. — Што гэта за кiраўнiк, якi мiлуецца ў палатцы з будучай жонкай!

— А з кiм ён павiнен мiлавацца, з чужою нявестай?

— Нi з кiм! — крыкнуў Iрэне Анатоль. — Я з табою мiлаваўся, цi што, лялька ты размалёваная! Табе не ў паходы хадзiць, а на матрацы грэцца!

— Не смей абражаць Iрэну! — падышоў да яго Мiкола.

— Хлопцы, цiха! — супакоiў iх Антось. — Можа, Анатоль i праўду кажа: нельга кiраўнiку групы мiлавацца з будучай жонкай цi нявестай, а трэба дбаць пра ўсю групу. Вось Анатоль i выбраў нейтральнага чалавека суседам да сябе ў палатку — Iрэну. Яна ж — нiчыя нявеста. Таму раўнаваць да яе, Галя, табе няма чаго! Ну хочаш, я пайду спаць да Анатоля ў палатку? Я i Аленка! Згода? I нiкому не будзе крыўдна i цесна ў палатцы. Ну як, хлопцы?

Антось абвёў усiх позiркам. Сцяпан моўчкi, бы яго не датычыць, калупаў наском чаравiка трухлявы пень. Мiкола кiўнуў галавою. Анатоль уздыхнуў i прамовiў:

— Парадак! Канфлiкту няма!

…Над вуллямi кружылi кропкi-пчолкi, растапырыўшы крылцы, садзiлiся на кусты малiннiку, на белую квецень яблынь, акуратна пасаджаных у рады руплiвымi манашкамi. За садам, уздоўж возера, паважна хадзiў качур, кракаў, клiкаў качак да вады. Ускочыла ўгору рыбiна, схапiла мошку i знiкла ў возеры. Перавернуты човен прыткнуў смаляны бок да цаглянай агароджы манастырскага двара. Тут жа стаяла сучасная тэхнiка для апрацоўкi зямлi.

Аленка прайшлася ўздоўж агароджы, па вузкай упадзiне, пазiраючы ўгару на дрэўцы i кусты. Над iх верхавiнамi бялеў купал Багаяўленскай царквы. Узнялася наверх. Абышла царкву кругом. Пастаяла ля магiл архiрэяў i ля магiл без надпiсаў — толькi крыжыкi. Тут пахаваны браты i сёстры, манахi. Аленка падумала, што, мабыць, вельмi добра быць пахаванай вось тут, у манастыры. Нiхто не зруйнуе магiлу, не пабудуе на ёй дом. Цiшыня i ўтульнасць, спакой манастырскага жыцця i небыцця, вечнасцi.

Калi чалавек са спакоем i развагаю задумваецца пра смерць, значыць, ён пасталеў. Аленка прайшла паўз келлi, i ўпершыню ёй захацелася адзiноты i спакою.

Лучше кельи нет подруги Средь монашеской среды. Она лечит все недуги, Избавляет от беды…

прашаптала Аленка словы вершаў невядомай манашкi. Верш гэты, як i ўсе артыкулы ў самадзейнай манастырскай газеце, быў без прозвiшча аўтара. А можа, яго складалi ўсе разам?

Знай одну только дорогу: В храм и в келию свою, Угождай с любовью к Богу, Чтоб блаженствовать в Раю.

Аленка ўсмiхнулася, i такою нiкчэмнаю здалася ёй уся мiтусня ў свеце: бязглуздыя мары аб прывiдным каханнi, цяга да хутчэйшага замужжа, як быццам потым адкрыецца там для цябе рай, набыццё моднага адзення, салоны, пустыя размовы на фiласофскiя тэмы, спорт, палiтыка… Усё адна мiтусня… I ўсё гэта праходзiць з узростам: захапленнi, мары, каханне, вечным застаецца толькi Бог. I Любоў, але не тая, якую прыдумалi людзi, падмянiўшы сапраўднае бутафорыяй: мiлаванне-расстанне, слёзы-пацалункi, клятвы-здрады, а вось гэтая любоў, якая ў манастыры памiж людзьмi! Аленка ўспомнiла, як да яе звярталiся: "Сястрычка, сядай сюды, калi ласка!", "Сястрычка, у нас нельга апранацца так, даруй мне, грэшнай! Я табе зараз прынясу што-небудзь iншае", "Матушка, можа, вам цяжка?", "Братка, дапамажы, калi ласка". Усюды такая любоў, ветлiвасць, клопат аб iншых, што хочацца застацца тут назаўсёды. Учора Аленка стаяла ля плота ў манастырскiм садзе, а па той бок плота iшлi па вулiцы свецкiя хлопцы i лаялiся бруднымi словамi.

Вкусив райского блаженства Всех молитв, канонов, митр, Монастырского единства, Ты, монах, захочешь ль в мир?..

Галiнкi акацыi калыхалiся ад подыху соннага ветру, марудна, ласкава краналi халодную шыбiну. Смугла-сiнi вечар прыйшоў на зямлю. Зацiхлi гукi, гамонка руплiвага дня. У маленькай агульнай келлi ля столiка з лампадкаю сабралiся паломнiкi, свецкiя людзi. Яны пазiралi на спакойны, лагодны твар манашкi, прыслухоўвалiся да яе роўнага, разумнага голасу.

— Недасягальны i магутны Бог, — гаварыла яна, — таму наш розум не можа ахапiць усяго i зразумець сутнасць Бога. Але чысцiнёю сэрца свайго мы Яго разумеем i наблiжаемся да Яго. Як нiхто i нiколi не змог удыхнуць у сябе ўсё паветра, так i розум не змесцiць неабсяжнае Божае сутнасцi. Мы павiнны радавацца таму, што Бог недаступны розуму зямнога чалавека, Яго мы будзем пазнаваць усю вечнасць, якая чакае нас пасля смерцi нашай.

— Матушка! — падала голас дзяўчына ў белай блузцы i жоўтай касынцы. Парайце, калi ласка, што мне рабiць! Здаецца, раблю дабро, а выходзiць — зло. Я прыехала на хутар, пачала расказваць усiм пра Бога, кнiжкi духоўныя раiла, а з мяне пасмяялiся.

— Дзiця маё, — уздыхнула манашка, — Хрыстос гаварыў: "Не кiдайце бiсер свiнням!" Не будзь такою даверлiваю, не кiдайся адразу з адкрытаю душою да людзей, не даведаўшыся, хто ёсць хто. Бiсер — гэта душа наша. Пазбягай дрэнных людзей i не старайся iх выправiць — белым чорнае не адбелiш, толькi выквацаешся…

— Матушка! — звярнулася да манашкi другая дзяўчына. — На мяне нi з таго нi з сяго пляткараць…

— Плюнь на iскру, i яна патухне, а калi дзьмуць будзеш, то разгарыцца, i нядоўга да пажару! Калi церпiш ад людзей знеслаўленне — гэта пасланне ад Бога да славы тваёй, бо пакора — вышыня, чым глыбей пакора, тым вышэй чалавек узносiцца духоўна. Ты ж не крыўдуеш на дзяцей, якiя абы-што балбочуць? Дык i на плеткароў не крыйдуй, маючы ўзвышаную душу. Людзi заўсёды будуць пляткарыць — iм не дагодзiш. Калi Хрыстос прапаведаваў, злыя людзi казалi: "У iм д'ябал!" Пачаў вылечваць — то ён, маўляў, дурань! I так iм дрэнна, i гэтак. Людзi ненавiдзяць разумнейшых за сябе. Не шукай спакою i спачування ў людзях, а шукай яго ў Бога i ў людзей веруючых.

— Матушка, а як мне пазбегнуць непрыемнасцяў на новым месцы працы? спытала Аленка.

— Маўчанне — вось поспех, вось пачатак мудрасцi! — адказала тая, паклаўшы ёй руку сваю на плячо. — Калi ты будзеш маўчаць, табе будзе добра на любым месцы, усюды… Аддаляйся ад людскога жыцця, i пазбегнеш граху.

Ружовая Аленчына шчака кранулася мяккай падушкi, рука павольна нацягнула коўдру. У куце перад iконай гарыць лампадка: блакiтнае марыва, водсвет падае на белую сцяну. Цiшыня i спакой ахутваюць келлю. Толькi аднекуль здалёку, бы пранiзлiвы боль, паўстаюць перад вачыма Аленкi прыгожы твар, абцалаваны сонцам у летнiм паходзе, белазубая гарэзлiвая ўсмешка, шырокiя плечы, дужыя рукi, зменлiвы позiрк, сакавiты голас таго, каго нельга вырваць з сэрца.

— Мiкола! — шэпча Аленка.

Але яго засланяе другi — стары, чарнявы, з сiвiзною ў валасах, з позiркам, поўным годнасцi i пяшчоты.

— Я еду ў Гданьск, — гаворыць ён. — Патанцуем на развiтанне?

I знiкае. А на яго месцы стаiць незнаёмы мужчына ў даспехах сярэднявечча i працягвае Аленцы кубак.

— Вазьмi яго, — шэпча, — у iм смерць Чорнай зданi…

"Гэта Вiтаўт!" — здагадваецца Аленка.

— Дарына прыходзiць да мяне кожную ноч. Садзiцца на ложак i ўсмiхаецца, кажа ён. — Я гавару ёй словы кахання, але яна не чуе iх. У той страшны вечар, калi яна выпiла атруту, я хацеў сказаць ёй, што даўно дараваў i толькi яе абраў сабе за жонку. Толькi яе, больш нiкога. Адчай Дарыны апярэдзiў мае словы. Спяшайцеся дараваць сваiм блiзкiм, адпускаць грахi пры жыццi iх!

Аленка працягнула руку, каб узяць кубак, але князь знiк. На яго месцы з'явiлася белая мроя.

— Дарына? — усхапiлася Аленка.

— Малiся за мяне, — прашаптала яна, — вялiкi грэх на мне…

— Я знiшчу Чорную здань! — сказала Аленка. — Скажы, дзе кубак, я дапамагу табе!

— Ты яе не знiшчыш, — адказала Дарына. — Яна ўжо кранулася цябе. Ты i я грэшнiцы, але ж ты жывая. А мне там, дзе я цяпер, вельмi дрэнна, нiхто не молiцца за мяне на зямлi. Тваё месца тут. Тут не растуць мае кветкi. Ты ведаеш, дзе яны растуць? Аб чым папярэджваюць?

— Якiя кветкi? — зацiкавiлася Аленка, але мроя растала ля акна, за якiм ружавела ранiца.

— А-а! — ляпаў сабе па жываце Мiкола. — А я ў цудатворнай крынiцы выкупаўся, усе грахi змыў, праўда, Аленка? — Ён раскалмацiў валасы дзяўчыне, якая толькi што вынырнула з-за палатак. — Ну як, памалiлася? — засмяяўся ён. Малiся, Аленачка, за нас, грэшных, доўга яшчэ нам iсцi прыйдзецца да Вiшанькi!

I ён пачаў складваць рэчы ў свой заплечнiк.

— Iрэначка, прыхарошваешся перад люстэркам? — зычны голас Мiколы гучаў на ўсю паляну. — Што жанчыне патрэбна для шчасця, нават на дзiкiм востраве? Вядома, люстэрка, бо кожная жанчына крышачку свавольная малпа!

Iрэна скрывiла вусны i не глянула ў ягоны бок. Сцяпан у расшпiленай кашулi скручваў палатку. Дзяўчына падышла да яго i нешта прагаварыла. Той моўчкi закiваў галавою. Антось аббiваў зямлю з жалезных пруцiкаў, якiя трымалi тэнт. Галя старанна засыпала пяском яму са смеццем, а Анатоль наском чаравiка ўтрамбоўваў зямлю — прысыпаў вогнiшча. Аленка сядзела на сваiм заплечнiку i назiрала за маленькiм жуком, што поўз у траве…

Мiкола ўключыў транзiстар. Адтуль надакучлiва пiшчала i трынкала. Нарэшце загучала музыка.

— Выключ! У лесе трэба слухаць музыку прыроды! — загадаў Анатоль.

— Я не магу доўга быць у iзаляцыi, мне трэба iнфармацыя — мозг у бяздзеяннi дэградуе! — адказаў той.

— Я як кiраўнiк групы павiнен сам выконваць i прымушаць iншых трымацца парадку i патрабаванняў, якiя тычацца паводзiн у паходзе! — строга прадэкламаваў Анатоль. — Мы — турысты, а не дзiкуны! I ты павiнен выконваць загад камандзiра!

Мiкола засмяяўся.

— Мозг чалавека засмечаны непатрэбнай iнфармацыяй, — прадоўжыў Анатоль, уздыхнуўшы. — Чаму, вы думаеце, я ўвесь час у паходах i паходы мне даражэйшыя за ўсё? Чалавеку карысна пасядзець у цiшынi i падумаць. Сучасны лад жыцця не дае гэтага. У вiхуры жыцця думкi чалавека лётаюць абы-дзе, толькi не ля сваёй душы. А ў паходзе, на прыродзе, ты сам становiшся частачкай яе, дзiцем яе. А ты як пустазелле якое!

— А можа, ён баiцца застацца сам-насам са сваiм сумленнем, га? — заглянуў у твар Мiколу ягоны сябар Антось i выключыў транзiстар. — Да нас прыходзiць Дух Святы не ў буру i гром, а сярод цiшынi i подыху лёгкага ветру.

— Добра, пайшлi! — закiнуў на спiну заплечнiк Мiкола. — А то на менскi аўтобус спознiмся!

— Нiякiх больш аўтобусаў, - строга прамовiў Анатоль. — Нам трэба выбрацца да Нёмана, на тое месца, дзе мы былi, Мiкола, у тым годзе, — ён павярнуўся да хлопца. — Памятаеш той хутар, ля якога мы ў балота трапiлi?

— Няхай яно гарыць, тое месца! — раззлаваўся Мiкола. — Цэлы дзень па балоце iшлi, а ўсё моста праз Нёман няма i няма! На тым баку — хутар, хлопец з лодкай. Мы яму пакрычалi, i ён нас пачаў перавозiць, а мацi яго крычыць: "Ганi «Чайку» назад!" Хiба яна не бачыла, што нам дапамога трэба? Скнары яны ўсе тут. Раней хутарамi жылi, дый цяпер, хоць i вёскi ўтварылiся, псiхалогiя людзей засталася ранейшая. У кожным двары свой калодзеж. Спачатку iдзе высокi плот, потым сад, гаспадарчыя пабудовы, а тады ўжо хата. Людзi ваўкаватыя, i ўсё iх жытло стаiць да людзей задам! Хiба ж гэта вулiца вясковая, калi вокны на дарогу не глядзяць? Мы ж з табою былi ў Загаллi, у аднаго сябра-турыста, дык там звычайная палеская вёсачка, а ўсе вокны ў хатах — на вулiцу, ля кожнай хаты — лавачка ўкопана, людзi вечарамi сядзяць, гамоняць, песнi пяюць, а тут усе пазашываюцца ў норы i сядзяць, адзiн аднаго ненавiдзяць!..

— Не ўтрыруй, калi ласка! — строга сказаў Анатоль. — Пайшлi да Нёмана!

Хлопцы i дзяўчаты моўчкi скiравалi за Анатолем, толькi Мiкола нехаця плёўся ззаду…

— А я кажу: калi ў мяне жонка патлусцее — будзе кожную ранiцу вакол хаты бегаць! — сур'ёзна паўтарыў Анатоль, памешваючы мярзотны кiпень у катле.

— Як ты называеш гэтую страву? — наiўна папыталася Галя, лiслiва заглядваючы ў твар хлопцу.

Анатоль раздражнёна ўздыхнуў i нiчога не адказаў. Аленка пацягнула Галю за штармоўку i пасадзiла з сабою побач на бярвенца.

— Думай, калi пра што пытацца! — па-даросламу шыкнула на яе. — Бачыш — ён заняты! Гэта ж ягоны фiрменны напiтак: глiнтвейн…

— Глiнтвейн? — перапытала Галя. — А з чаго ён?

— Гарачае вiно з перцам, карыцаю i гваздзiкай, — шапнула Аленка.

Анатоль строга глянуў у iх бок i сказаў:

— А вось што зробiць кожная з вас, калi заўважыць, што спаднiчка стала цесная?

Iрэна павярнулася да Аленкi i ўзбуджана зашаптала:

— Гэтае вiно, гэтае вiно… падобнае на вусны Янкi! Такiя гарачыя, палкiя… Мяккiя, як мармелад… Я хацела б растаптаць ягоныя вусны сваiмi абцасамi!

Вочы дзяўчыны гарэлi д'ябальскiм агнём.

— Не зацыклiвайся! — строга вымавiла Аленка. — Твае думкi пра яго блакiруюць аўру, i нi адна разумная iдэя не прыйдзе да цябе. Адкiдвай гэтыя думкi, iнакш звар'яцееш!

Аленка ўсмiхнулася Анатолю i сказала:

— Ну, калi мая спаднiчка стане цеснай, то я буду ранiцай бегаць па два кругi вакол возера, больш нават за нашага майстра бегу — Мiколу!

Мiкола задаволена кiўнуў Аленцы, правёў пальцамi па струнах гiтары:

— Цудоўная жонка камусьцi будзе! А вы, Iрэна з Галяй, што зробiце?

— Знайду багатага мужа, каб купiў другую спаднiцу! — скрывiла вусны Iрэна.

— А я… — марудзiла Галя, не ведаючы, што адказаць, каб спадабацца Анатолю.

Нарэшце, паказваючы сваю эканомнасць i гаспадарлiвасць, вымавiла:

— А я зраблю такiя клiны, каб пашырыць… Лампасiкi…

Гучны выбух смеху разарваў вячэрнюю цiшыню ля вогнiшча. Не смяяўся толькi адзiн Анатоль.

— Трэба некаму схадзiць на хутар, — пасля доўгага маўчання вымавiў ён, яек купiць альбо курыцу… Заўтра будзе працяглы маршрут. Пешшу да Вiшанькi. Нiякiх болей аўтобусаў. Лiшнюю вагу скiнем i мазгi праветрым…

— Нам трэба Уздзенскi раён наведаць, — напомнiў Антось, сур'ёзна задумлiвым позiркам гледзячы на Анатоля. — У вёсцы Нiзок стаiць паўразбураны маёнтак Наркевiча-Ёдкi. У "Зборнiку помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi" за 1987 год, па Менскай вобласцi, пра нашага славутага земляка нi слова…

— Нiзок ёсць у маршруце, — згодна кiўнуў галавою Анатоль i дадаў: — Дык, можа, ты збегаеш на хутар? Вазьмi каго-небудзь з дзяўчат!

— Ну, дык вы ж самi казалi ранiцою, што прадасце курыцу, — разгублена стаяла перад маленькаю, з падслепаватымi вачыма старою Галя.

— А на чым вы з таго боку пераехалi, га? На лодцы? — перапытала тая. — А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя…

— Колькi скажаце, столькi i дадзiм! — выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.

— Ай, — сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. — Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!

— Ды ну вас к чорту! — раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!

— Цьфу! — плюнула старая. — Галеча там — не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя…

— I задам да людзей! — выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.

Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.

— Ды не нервуйся ты! — ласкава сказаў ён. — Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?

Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.

— Не крыўдуй, прабач мне! — папрасiў Антось. — Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!

Галя недаверлiва глянула на хлопца.

— Не бойся, я цябе падтрымаю, — запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, — ты толькi памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты — мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?

Галя засмяялася i сказала даверлiва:

— Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная…

— Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.

— Навошта? — не зразумела Галя.

— Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе — сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.

Ён памаўчаў i дадаў:

— А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.

Галя глянула на яго, як на вар'ята.

— Я хачу, каб у мяне была сям'я! — усклiкнула яна. — Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.

— Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады…

— Адкуль ты такога набраўся? — раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.

Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.

— Мо малака прадасце, бабуля? — ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.

— Не, — цвёрда адказала тая. — Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!

— У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?

— Анягож! — затрэсла галавою старая. — Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй — няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.

— Дык мы ж не нячысцiкi, мы — турысты, — усмiхнуўся Антось.

— К чорту вас, к чорту! — ускочыла старая i выпхнула iх з хаты.

— Пайшлi з гэтага гiблага месца, — махнула рукою Галя i ўздыхнула: Хутчэй бы да Менскай вобласцi выбрацца! Я згодная i ноччу iсцi!

III

— Ну, хто раскажа што цiкавае? — разглядваючы начное зорнае неба, спытаў Анатоль. — I iсцi лягчэй будзе.

— Лепш слухай пошчак конiкаў у траве! — агрызнуўся Мiкола, папраўляючы заплечнiк. — Ганяеш, як на разрад! Я ў майстры спорту па турызме не хачу! Папярэджваў жа ўсiх, што лепш на гэтыя хутары не сунуцца, вось да чаго твая ўпартасць, Анатоль, даводзiць! На пусты жывот да Менска пiлiць трэба!

— Ну, не сярдуй, — прымiрэнча адказаў Анатоль, — мы ж крыху аўтастопам праехалi, ужо да Менскай вобласцi рукою падаць. Ля Плешчанiц на начлег запынiмся. Будзем там у тры гадзiны ночы.

Антось падышоў да Галi i нешта шапнуў на вуха. Тая голасна сказала:

— Сябры, паслухайце паданне!

Анатоль азiрнуўся, запынiўся, быццам чакаў ад яе нейкага падвоху. Але дзяўчына, усмiхнуўшыся, павольна пачала аповяд:

— Гэта здарылася ў той час, калi людзi ваявалi з лукамi i стрэламi. На вайне ў аднаго хлапчука загiнуў бацька. Старэйшы брат яго сказаў: "Вось вырасту i адпомшчу за татку!" А хлапчук i кажа: "А я памiру ўсiх заўтра ранiцою!" Пасмяялiся з хлопчыка ўсе i леглi спаць. А той пабег да сваiх воiнаў i паздымаў з лукаў цяцiвы. Пабег да ворагаў i зрабiў тое ж. Нацягнуў гэтыя цяцiвы на драўляную дошку з дзiркай, атрымалiся струны. Крануў iх рукою — i палiлася журботная мелодыя. Прачнулiся воiны абодвух бакоў i пайшлi глядзець, што дзе здарылася. Бачаць, на тым полi, дзе яны бiлiся, сядзiць маленькi хлапчук i iграе на незвычайным iнструменце. Пачалi яны пытацца ў яго, што ён тут робiць. "Са зброi вашай гуслi зрабiў я, — адказаў той, — вось i распавядаюць яны, колькi гора i слёз прынеслi войны людзям. Гуслi могуць весялей зайграць, але толькi тады, калi вы братамi станеце". Маўчаць воiны, не ведаюць, што i адказаць. "Хворыя вашы душы, — мовiў хлопчык, — буду вам лекарам!" I дзiўная музыка палiлася з-пад ягоных пальчыкаў, абудзiла наваколле. Заслухалiся воiны. А калi сонейка паказалася з-за лесу, пачалi воiны абдымацца i плакаць, называць адзiн аднаго братамi. Вось так музыка зрабiла цуд, — закончыла Галя, — вось так, кажуць старыя, з'явiлiся першыя гуслi.

Антось па-сяброўску сцiснуў Галiну руку i шапнуў: "Я ж казаў — ты мiлая. Усё ў цябе атрымалася…"

— Малайчына! — жвава вымавiў Мiкола i паляпаў Галю па плячы.

Дзяўчаты засмяялiся. Iрэна глянула на Сцяпана: а што скажа ён? Той моўчкi крочыў, гледзячы пад ногi.

— Прывал! — злiтаваўся Анатоль i кiнуў на траву свой заплечнiк. Паўгадзiны!

Мiкола расчаравана ўздыхнуў.

— Пайшлi паходзiм па начным лесе! — прапанавала Сцяпану Iрэна. Той згадзiўся. Нейкi момант iщлi ўбок ад прывалу моўчкi.

— Скажы што-небудзь! — засмяялася Iрэна.

Сцяпан згроб яе ў абдымкi i пачаў палка цалаваць. Iрэна смяялася, адбiвалася ад яго.

— "Зоркi, умытыя вячэрнiм дажджом…" Паэтычна, праўда? — прашаптала Iрэна. — Гэта Мiкола напiсаў такi верш. А яшчэ: "Мы з табою сустрэнемся, веру я… Я цябе адшукаю мiж зорак. Для цябе расчыню я дзверы, я стаў iншым, не той, што ўчора…" Прыгожа? А ты любiш вершы?

— Не, — адказаў Сцяпан, выпускаючы яе з абдымкаў. — Той, хто складае вершы, крыху шызануты, "не от мира сего".

— Ну, што ты галiмацью нясеш? — пакрыўдзiлася Iрэна. — Дзе ты такое вычытаў?

— Што такое "галiмацья"? — не зразумеў хлопец.

— Ты што, не ведаеш? — засмяялася Iрэна. — Гэта калi чалавек гаворыць розныя глупствы. А ведаеш, адкуль пайшло гэтае слова? Адзiн доктар, Галь Мацье, француз, выпiсваў хворым лекi, а на рэцэптах пiсаў розныя анекдоты, для падтрымання духу. Ён быў выдатны псiхолаг, калi так рабiў…

— Я не чытаю кнiжак, — вяла вымавiў Сцяпан, — толькi дэтэктывы або пра агароднiя культуры, пра жывёлу хатнюю. Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?

Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.

— А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? — пацiкавiлася яна.

— А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч…

— I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?

— Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся…

Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.

— Давай лепш цалавацца! — абняў яе Сцяпан.

— А ў цябе дзяўчына ёсць? — вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.

— Вось ты i будзеш дзяўчынаю, — прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. — Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?

Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала:

— Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!

Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.

Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы — увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.

— Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, — прамовiў Антось. — Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя…

Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях — сiвiзна.

— Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! — узрадавалася Галя. — Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.

Анатоль строга цыкнуў на яе.

— Гэта з нашай вёскi чалавек, — сказаў Мiкола, — пайду павiтаюся.

I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.

— Ну што, разам паснедаем? — усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. — Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi — Лоша i Уса, — зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, «нема» iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне — злiццё дзвюх душ у адну?

— Ага! — заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. — А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?

— Памятаю, — засмяяўся Дуброўскi, — i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!

— Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!

Анатоль тузануў Галю за штармоўку: "Такiя размовы вядуцца сам-насам!" Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:

— А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал — пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!

Дуброўскi закiваў галавою.

— Гэта было 25 лiпеня 1982 года, — павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.

— Як вы гэта запомнiлi? — радасна здзiвiлася тая.

— Потым скажу, — засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.

Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу. Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.

— Пойдзем разам да рэчкi, — прапанавала яму Галя, — рукi памыем.

— Пайшлi, — згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.

Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта "накрываў на стол", раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным позiркам глядзела ўслед Дуброўскаму — для яе ён быў прынцам з казкi, чароўным i недасягальным. Яна не разумела, як гэта можна вось так, проста, па-свойску, размаўляць з iм. Калi яна ўпершыню ўбачыла яго ў бары Дома фота, ён часта снiўся ёй. Яна ўяўляла яго з сабою ў тэатры, у фiлармонii. А тут вось гэтая недарэка Галя, "будучая жонка" Анатоля прыцягнула ўвагу яе прынца, яе мару. Аказваецца, яны з Галяй з адной вёскi. Не, ён не вясковы! Ён гарадскi, ён — толькi для яе! I яна зробiць усё, каб застацца з iм назаўсёды!..

Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.

— Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? — прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер…

— Што цяпер? — пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.

— Я кахаю цябе! — заглянула яна яму ў твар. — Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму…

— I за iншага выходзiш замуж.

— А хiба ты прапаноўваў мне? — здзiвiлася тая. — Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? — трымала яго за руку Галя.

Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:

— Пакуль не…

— Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! — з запалам папрасiла дзяўчына.

— Я наогул нiкога не кахаю…

— I мяне? — наiўна папыталася Галя.

— I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта…

Ён павярнуўся, каб пайсцi.

— Пачакай! — у вачах у Галi застылi слёзы. — Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру… А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?

Дуброўскi маўчаў.

— На што мне тады спадзявацца? — упарта дапытвалася Галя. — Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: "Не!"

— Галя, — разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, — трыццаць — гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi…

— Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа «не», ён скажа "можа быць"!

I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.

* * *

— На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, — гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей — машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.

— Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю…

Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам. Усе павярнулiся туды.

— Так, гэта Якубава вежа! — пацвердзiў Дуброўскi. — Дваццаць сем метраў вышыня, Эолова арфа наверсе была. Ён вывучаў уплыў электрычнасцi на раслiны. Ставiў доследы па прыёме i перадачы электрасiгналаў без правадоў…

— Як цiкава! — падсела да Дуброўскага Iрэна. — Давайце сходзiм туды з вамi, хутка поўнач, можа, убачым духi памерлых… Мне з вамi нiчога не страшна!

Дуброўскi засмяяўся i сустрэўся позiркам з Аленкаю. Тая хуценька адвяла погляд, бо сядзела ў абдымках Мiколы.

— Можа, даслухаем аповяд? — звярнуўся да Iрэны Дуброўскi. — Ведаеце, Якуб Наркевiч-Ёдка распрацаваў метад тэрапii, электратэрапii паралiзаваных i хворых на нервы. Сканструяваў громаадвод. Яго iдэю бяздротавага тэлеграфа падхапiлi iншыя вучоныя…

Дуброўскi змоўк. Мiкола нешта шапнуў Аленцы, i яны цiхенька некуды ўцяклi.

— Якуб адкрыў санаторый у мястэчку Пясочным, а ў Слуцку былi ягоныя аптэкi, — прадоўжыў Антось. — Але, як кажуць, няма прарока ў сваёй айчыне. Многiя памешчыкi i мяшчане лiчылi яго дзiваком…

— Бывала, i кпiлi, — уздыхнуў, быццам аб нечым сваiм, Дуброўскi. — Такiя адносiны i мне давядзецца адчуць, — дадаў цiшэй, — дабра людзi не разумеюць… Якуб быў членам эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, яго ведаў увесь свет…

Нарэшце Галя адсунулася ад Анатоля i падала голас:

— У Францыi, у 1900 годзе, Якуб атрымаў званне прафесара электраграфii i магнетызму!

— Сядзi! — незадаволена буркнуў Анатоль.

— Ды ну цябе! — агрызнулася Галя. — I загаварыць нельга!

— Калi мужыкi гавораць, бабе маўчаць трэба! — адрэзаў Анатоль.

Галя ўзбуджана i нервова кiнула Iрэне:

— Пайшлi спаць!

— Канешне, — усмiхнулася Iрэна, абняла Галю i кiнула развiтальны позiрк на Дуброўскага.

Той усмiхнуўся ў адказ.

— Сходзiм заўтра пашукаем магiлы, можа, знойдуцца, — заклапочана прамовiў Антось, гледзячы на Анатоля.

— Абавязкова, — згадзiўся той. — Ну што, будзем тушыць вогнiшча? Я думаю, Аленка з Мiколам не заблудзяцца…

Яны патушылi вогнiшча i скiравалi да палаткi. Дуброўскi не пайшоў адразу спаць. Пастаяў ля машыны, разлажыў сядзенне, а потым пакрочыў у бок руiн.

Пералiвiста спявалi салаўi. Недзе ў кустах чароту кракнула дзiкая качка. Нехта iшоў ад берага насустрач Дуброўскаму. Калi параўняўся з iм, Дуброўскi пазнаў Мiколу.

— Не спiцца? — спытаў той.

— Так, — абазваўся Дуброўскi i пакрочыў далей.

Неўзабаве на самым краi берага заўважыў Аленку. Яна сядзела, абхапiўшы рукамi каленi. Пачула крокi, але не азiрнулася. Дуброўскi спынiўся ў яе за спiною. У твар дыхала холадам ад рэчкi, цiха шапацеў чарот.

— Вярнуўся? — папыталася Аленка. — Навошта? Больш я не скажу табе, што кахаю. Колькi разоў гаварыла пра гэта табе, а ты маўчыш… Ведаю, не кахаеш. I, напэўна, нiколi не пакахаеш. А душа мая згарыць, як гэтая зорачка, што падае ўнiз…

Дуброўскi цiха адышоў ад яе. Пакрочыў да машыны. Залез пад коўдру i заснуў…

Iрэна доўга варочалася, разбудзiла Галю i палка прашаптала:

— Хочаш, вершы пачытаю, вядзьмарскiя?

— Ты што, з глузду з'ехала? — сонна прамармытала тая. — А дзе Аленка?

— Не ведаю. Слухай! — Яна вылезла са спальнiка, адкашлялася i зацягнула:

Одну свечу, чтоб начертать твой лик Или твое подобье восковое С такими же глазами цвета неба Осеннего, незрячего. И с телом, Таким же милым, дивным и желанным, Сокрытым под неяркою одеждой. Или траву, волшебную траву, Чтобы она в устах слегка горчила, Твои к моим притягивая губы. Быть может, яд, чтоб я сама пила, Но и тебе, как будто ненароком, Дала бокал за трапезой угрюмой. Я сделала б напиток приворотный, Чтоб слить на миг две плоти воедино. Войти в тебя хочу я лихорадкой, Проникнуть в плоть твою, как малярия, Лучу подобно, пронизать зрачки, Как Дух Святой, стигматами отметить Прекрасные ладони страстотерпца. Любовь моя! С конца, а не сначала, Когда бы я смогла тебя приблизить, Я имя бы твое произносила, Но в простоте твержу тебе: "Люблю!" Все жду тебя, а ты не снизошел Ко мне, печальной, как я ни просила…

Iрэна заплакала наўзрыд… Галя абняла яе i прашаптала:

— Я ведаю, пра каго ты, не хвалюйся, ты таксама яму спадабалася…

— Праўда? — расшырыла зрэнкi Iрэна, схапiла Галю за плечы. — Ён табе сказаў пра гэта? А я думала, што ў цябе з iм…

— Не, не, — запэўнiла яе Галя. — Схадзi да яго цяпер, паклiч, i ён выйдзе да цябе, толькi каб хлопцы не прачнулiся…

Iрэна радасная выскачыла з палаткi.

— Шчаслiвы Сцяпан! — усмiхнулася сама сабе Галя. — Такая прыгожая дзяўчына! Вось каб мне быць такою, можа б, Вайдаш…

— Вайдаш, Вайдаш! — нехта пастукаў у шкло машыны. Дуброўскi ўсхапiўся i ўбачыў жанчыну ў доўгай белай сукнi. Засяроджана паглядаў на яе, не рашаўся адчынiць дзверцы.

— Гэта я, — вымавiла жанчына, — Iрэна…

— Хм! — здзiвiўся Дуброўскi. — Залазь сюды! Што-небудзь здарылася?

Не паспеў ён дагаварыць, як дзяўчына сваiмi вуснамi абхапiла ягоны рот i настойлiва пачала цалаваць, прыгаворваючы:

— Ты мой, толькi той! Нiкому цябе не аддам! Я так доўга чакала цябе, Вайдаш, мой князь, мая мара! Нi адна жанчына на зямлi не вартая цябе, толькi я… Цеплыня майго цела толькi для цябе, не растрачаная, зберагала толькi для цябе, Вайдаш! Дакранiся да мяне, прашу цябе, я — як мёд, заўсёды буду табе салодкай, раз паспытаўшы — болей не адцягнеш… Я берагла сваё цела, клапацiлася пра яго, каб ты мог валодаць iм… Я ўся твая, да кожнай частачкi, да крывiначкi, твая, Вайдаш…

— Канешне, канешне, Iрэна, — адказаў ён, неяк выбавiўшыся з яе абдымкаў. Давай вып'ем «Кока-колы», пагаворым спачатку, добра?

Яна згадзiлася, ласкава прыхiнуўшыся да ягонага пляча.

— У цябе прыгожае цела, Iрэна, — сказаў Дуброўскi, падаючы ёй стакан з напiткам, — але захапленне iм можа доўжыцца паўгода, год… потым настане пустата, бо нiчога агульнага, духоўнага, у нас няма… Табе цяпер патрэбны сябар, проста сябар, якi б зразумеў цябе. Я бачу, што з табою нешта здарылася, што, Iрэна?..

Як быццам ачомаўшыся ад сну, Iрэна засаромелася, нешта прамармытала, а потым заплакала.

— Ты не сустрэла сапраўднага кахання, — пагладзiў Дуброўскi яе па валасах. — А тое, што было з табою, напэўна, здрада, гэта таму, што ты спакусiлася на не сваё… Тваё табе яшчэ будзе…

— Вайдаш! Я марыла пра такога хлопца, як ты!.. Пра такога мужчыну!..

— Ты ж не ведаеш, якi я, — самотна адказаў той. — Гэта толькi знешнасць…

— Я адчуваю сэрцам… Я ўбачыла цябе ў бары некалькi месяцаў назад i закахалася. А гэтая сустрэча — выпадковая, тут, у Нiзку. Значыць — ты мой лёс!

— Якая ты iмпульсiўная… I верыш у тое, што твая прыгажосць вырашыць усё…

— Так, я вар'ятка, — уздыхнула Iрэна. — Ля вогнiшча ты не звяртаў на мяне нiякай увагi…

— Там ёсць хлопчык адзiн, здаецца, вельмi закаханы ў цябе… Сцяпан!

— Яму трэба толькi маё цела! — ускiпела Iрэна. — Усiм вам патрэбна толькi маё цела! I табе, i Янку! А душа? Вам усiм напляваць на яе!..

— Дзе душа твая, дзе, Iрэна? Я бачу толькi вось гэтае цела пад празрыстаю сарочкаю. Чаго ты хацела ад мяне — маланкавага кахання? Ты думала, што я нiколi не бачыў голых жанчын?

Iрэна з размаху ўрэзала яму аплявуху i выскачыла з машыны…

— Ну, дзе Сцяпан? — высунула з палаткi галаву Галя. — Ты хадзiла да яго? Аленка ўжо спiць… Дзе ты была?

— Сцяпан? Дык ты гаварыла пра Сцяпана? — раззлавалася Iрэна. — Калгаснiца няшчасная! Чым ты толькi хлопцаў бярэш? Вайдаш з табою да ракi ходзiць, у вёсцы ты яго братам завеш, а са мною ён i пагаварыць не захацеў! За Анатоля замуж iдзеш, а мяне, прыгажуню, таленавiтую, разумную, нiхто не бярэ!

На крык вылезла з палаткi Аленка.

— Вось ты — веруючая! — кiнула ёй Iрэна. — А чаму ж твой Бог не роўна дзелiць, га?

— Мы на зямлi пакутуем за грахi нашы, — адказала тая.

— А калi ж я паспела награшыць, што мне з маленства на хлопцаў не шанцуе? Якая-небудзь кракадзiлiха, глядзiш, па горадзе iдзе з прыгажуном, а тут!..

— За грахi нашы з мiнулага жыцця, — паправiла Аленка. — Вiдаць, ты ў ранейшым жыццi была злая, нiкога не любiла, вось i вярнулася на зямлю, каб выправiцца. Не спяшайся, пачакай, i сустрэнеш свайго хлопца, з якiм будзеце роднасныя душы…

— Ну, нi фiга! Каб мяне ўсялякiя калгаснiцы абскоквалi! Я ўпярод за цябе i за Галю выйду, абяцаю! Пасля паходу!

I яна скiравала да палаткi хлопцаў. Паклiкала Сцяпана. Той нехаця вылез, пацiраючы сонныя вочы.

— Чаго ў такую рань? — працягнуў, пазяхаючы.

— Мяне адзiн сноб пакрыўдзiў, будзеш абараняць! Пайшлi, пагуляем яму на зайздрасць, няхай ведае, якi ў мяне абаронца ёсць!

— Ой! — крэкнуў, пацягнуўся i нехаця прысеў Сцяпан, пачаў нацягваць красоўкi. — А што такое «сноб», га?

— Снобамi называлi ў Францыi дзяцей дробных чыноўнiкаў цi сялян, якiя паступалi вучыцца ў вышэйшыя ўстановы i ва ўсiм старалiся вонкава быць падобнымi на свецкiх сеньёраў, не клапоцячыся пра духоўны стан, iнтэлект, ветлiвасць, манеры, паводзiны. Вельмi моднiчалi… Гэткi сноб намалёваны ў кнiжцы: стаiць ля бочкi, сам у кiрзачах, штаны вiсяць складкамi… Кiдае ўбок белыя пальчаткi, а яны ў бочку — плясь!

— А-а! — абняў Iрэну Сцяпан. — Iнтэлект, iнтэлiгент… А чым адрознiваюцца гэтыя словы?

— Дык ты ж iнстытут у гэтым годзе скончыў, на эканамiста вучыўся i не ведаеш такiх слоў? — абурылася Iрэна. — Кожны iнтэлiгент павiнен быць iнтэлектуальным…

— Ай, масла масленае! — махнуў рукою Сцяпан. — Давай лепш цалавацца!

За сядзiбай, у лясным гушчары, так разраслiся кусты дзiкай шыпшыны, што нельга было прайсцi — драпалi твар, рукi, чаплялiся за вопратку. Нечакана трапiлася пад ногi нязвыклая для лесу раслiна — барвiнак.

— Глядзiце, глядзiце! — усклiкнула Галя i прысела ля раслiны.

— Ды што ты крычыш як апантаная, — пацягнуў яе за рукаў Анатоль. — Не ўмееш паводзiць сябе на людзях. Ну, барвiнак, ну i што? Нiколi не бачыла?

— Як яна хоча, так няхай i выказвае свае пачуццi! — заступiўся Антось. Што ты ўвесь час з яе дурнiцу робiш? Дуброўскi не па табе, а паважае яе, нават сябраваў з ёю. Яму падабаецца яе непасрэднасць. Не ўсiм жа людзям быць аднолькавымi…

— Так! — насупiўся Анатоль. — Трэба разборку рабiць! Дзякуй богу, Дуброўскi паехаў ранкам…

— Ён паехаў на сустрэчу са сваiмi сябрамi спелеолагамi! — зазначыла Галя. — Ведаеце, хто такiя спелеолагi? Альпiнiсты ў горы падымаюцца, а спелеолагi спускаюцца пад зямлю…

Анатоль незадаволена паморшчыўся i загадаў усiм сесцi на пагорку.

— У паходзе сапсавалася дысцыплiна! — заявiў Анатоль, сурова аглядваючы падарожнiкаў. — Сорам! Дзяўчаты з глузду з'ехалi, як убачылi гэтага франта Дуброўскага на iншамарцы!

Ён кiнуў калючы позiрк на Сцяпана i Iрэну i сказаў:

— А вам, закаханыя, няма чаго бадзяцца ўначы па лесе! Турыст павiнен спаць i рыхтавацца да заўтрашняга кiламетражу! Секс i спартовы паход несумяшчальныя! Калi яшчэ раз паўторыцца такое — здымаю з маршруту! Можаце адпраўляцца хоць цяпер! Аўтастопам — i на твой хутар, Сцяпан!

Iрэна незадаволена ўскочыла, глянула на Сцяпана — той моўчкi грыз сцяблiнку.

— Сядзь! — тузанула яе за калашыну Аленка. — Шалянiца! I Галю пакрыўдзiла нi за што…

Анатоль затрымаў позiрк на Аленцы.

— А ты дзе была? Мiкола хроп без заднiх ног, а ты дзе валачылася? У якой вы ўсе форме зараз? Паглядзiце на сябе! Кругi пад вачыма, сонныя, як мухi! Каханне замучыла? Перад паходам усе свае «охi», "ахi" пакiдайце дома!

— Бярыце прыклад з Галi i Анатоля! — засмяяўся Мiкола. — Яны вось жэняцца пасля паходу, а трымаюцца як чужыя! Сапраўдныя турысты!

— Галя таксама "добрая"! — не зразумеўшы Мiколкавых кпiнаў, буркнуў Анатоль. — Мяне беспадстаўна раўнуе, а сама на шыю Дуброўскаму вешалася!

— Добра, хлопцы! — падняўся Антось. — Ён жа ўжо паехаў! Iнцыдэнт вычэрпваецца. Даруем нашым дзяўчатам гэткi запал. I болей уначы нiхто не блындаецца, нават закаханыя!..

Ён глянуў сабе пад ногi, схiлiўся над барвiнкам i ўсмiхнуўся:

— А Галя праўду казала: барвiнак! Значыць, тут могiлкi…

Усе ўсхапiлiся, пачалi разглядацца.

— Уяўляеце, ён расце тут аж з васемнаццатага стагоддзя! — раскрыла задуменныя вочы Аленка. — Уяўляеце? Сам размнажаецца, расце, а тых, хто пасадзiў яго, ужо няма… Барвiнак, пасланец з мiнулага!..

Прайшоўшы крыху ўперад, Мiкола натрапiў на яму. Над ёй навiсала куча плiт-камянёў. Ён апусцiўся на каленi ля адной з плiт i прачытаў услых:

— Анэля Ёдка. 1850–1873. Мацi Якуба…

— Фамiльны склеп разбураны ўшчэнт, — прашаптала Аленка.

— Золата шукалi… — пахмурна сказаў Антось. — А вось адзiн добры чалавек недзе тут захоўвае плiту з магiлы Якуба, каб марадзёры не забралi…

Ён сарваў сiнюю кветачку барвiнку i паклаў на Анэлiн камень.

— Калi разбураюць магiлы, надыходзiць крах цывiлiзацыi, — сумна заключыў Анатоль. — А каму тут займацца помнiкамi даўнiны? Вясковыя людзi былi цёмныя ў васемнаццатым стагоддзi, такiя i цяпер. На ахову сродкаў няма, дык хоць бы не абыходзiлiся так па-варварску з помнiкамi архiтэктуры!

Iрэна адцягнула Аленку ўбок i прашаптала:

— Мы са Сцяпанам лiняем адсюль!

— Гэта куды? — здзiвiлася сяброўка.

— На хутар да яго едзем. Прывiтанне ўсiм! Пакуль!

— Ды што ж гэта вы! — паспрабавала затрымаць яе Аленка. — Хутка да Вiшанькi дойдзем, а там — маёнтак, падзямелле, Блакiтны пакойчык… А да Сцяпанавага хутара гэта ж так далёка!

— Нiчога, аўтастопам заедзем — Нёман ад Заходняй Дзвiны недалёка. Затое рамантычна! I пажэнiмся там адразу! Абрыдла мне ўсё: горад мой, каханне, мой бацька, якi кiдаецца памiж жонкай i маладухай. Менчанкай я болей не хачу быць, бо менчанак ловяць, каб ажанiцца па разлiку! Памятаеш, як мы на танцы хадзiлi? Першае, пра што хлопец пытаецца, калi запросiць: "Вы менчанка?" Казлы iнтэрнатаўскiя на кручок нас ловяць! А на iнтэлiгентнага, на гарадскога мне не шанцуе! Яны ганяюцца за такiмi, як Галя!

— Ты занадта ўтрыруеш, Iрэна! Апамятайся! — роспачна пачала Аленка. — Са Сцяпанам у вас няма духоўнай еднасцi, iнтарэсаў. Ведаеш, як ён казаў пра сваю будучую жонку? Маўляў, такую сабе хачу, каб грады выпалала хутчэй за ўсiх баб i каб нi травiнкi! Каб сем кароў выдаiла хутчэй, чым бабы трох падояць! Ён не ведае, як гаварыць камплiменты, як трымацца за сталом. Як ты пражывеш там без культуры?

— Затое ён мне здраджваць не будзе!

— Ты ж яго не кахаеш…

— А што мне дало тое каханне? Дрыжала пры кожным званку тэлефона, бегла на кожны званок у дзверы… Хадзiла як апантаная за iм следам… А цяпер Дуброўскi! Ён нават не захацеў майго цела!.. Я нiкому не патрэбна, нiкому…

— Чым табе спадабаўся Дуброўскi? — здзiвiлася Аленка.

— А хiба ты сляпая? — усклiкнула Iрэна. — Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi — мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?

— Лепшага за Мiколу нiкога няма, — адказала Аленка. — Ён прыгожы, рослы, вясёлы… А як iграе на гiтары, складае вершы!..

— Не для цябе ён, Аленка! Ён — пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi — агонь!..

— Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае — пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца… Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..

Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.

IV

Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз. Яна нават у сне ўспомнiла, што бачыла ўжо гэтага хлапчука — ён бег да яе, i ў яго былi такiя прыгожыя блакiтныя вочы. Ён называў яе мамай…

Зазванiў будзiльнiк, i Маруся прачнулася, доўга ляжала пад коўдрай, не хацела праганяць тую асалоду, якую адчувала ў сне, калi ўзяла малога на рукi. Але час быў iсцi на працу. Работа мазаiчнiцай ёй падабалася. Маруся ўстала з ложка, хуценька апранулася. Баба Саша, Сашуля, як ласкава называлi яе суседкi, хударлявая, сярэдняга росту, з круглым акуратным ротам, вакол якога сабiралiся маршчынкi, i маленькiмi спагадлiвымi вачыма, паставiла на стол яечню i падала аладкi. На сцяне цiкаў маятнiкам гадзiннiк, на цыферблаце была выява медзведзянятак, якiя гулялi ў лесе ля паваленага дрэва. Заўважыўшы Марусiн позiрк, бабулька вымавiла:

— Усе нашы продкi, Анiскаўцы, былi бортнiкамi i пчалярамi. Бацька мой, Мiхей, любiў па лесе хадзiць, рой шукаць. Была ў яго свая любiмая палянка, Медунiцаю назваў яе. Да яго выпаўзаў там вожык, нюхаў руку i частаваўся са сподачка. Аднойчы бацька падгледзеў, як мядзведзiца малых у рэчцы купала схопiць зубамi за грыўку, акуне — i на бераг. А яны пiшчаць, балуюцца, бы дзецi! Дык бацька на памяць пра тую сустрэчу вось гэтыя ходзiкi i купiў ды мне падарыў, як замуж iшла…

Бабулька паглядзела на гадзiннiк, выцерла далонню вочы. Маруся села за стол, побач, на шырокую канапу прымасцiлася i баба Саша. Пачалi снедаць. Гледзячы ў акно, старая ўскрыкнула:

— Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў…

Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:

— Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы… Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай…

— Можа, й так, — пагадзiлася бабка, — у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi…

— Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак, кажуць, там, дзе расце дзiкая мальва, у лесе. У падзямеллi маёнтка Дарыны знаходзiцца Блакiтны пакойчык. У iм — кубак князя Вiтаўта. Хто адкрые кубак — знiшчыць Чорную здань…

— Ды казкi ўсё гэта, — адмахнулася бабка, — нiчога ў тым кубку нямашака.

Маруся пачала апранацца на працу.

— Дык свята ж сёння — нядзеля, — заўважыла старая. — Выхадны ж у вас!

— Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць! — адказала Маруся i заспяшалася з хаты.

Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора — сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.

— Гэта вы? — усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.

— Вось i сустрэлiся, — засмяяўся Дуброўскi. — Добрай ранiцы вам!

— I вам таксама, — Маруся зняла касынку.

— А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, — зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады. — Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў…

Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.

Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:

— Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?

— Былi ў маёнтку Якуба? — пацiкавiлася Маруся. — А я так нi разу там i не пабыла, а марыла…

— Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi…

— Дзякую, — узрадавалася дзяўчына. — А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?

— Усё пакуль у планах, — уздыхнуў Дуброўскi.

Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.

Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.

— Сама, — адказала Маруся. — Люблю творчую працу.

— Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле? — пацiкавiўся ён.

— Вядома, — з сумам адказала Маруся. — Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам — усё, скарацiлi…

— Так, — задумлiва прамовiў Дуброўскi, — калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.

— Вельмi цiкава! — адказала Маруся. — Пра кар'еру — мару.

— Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.

Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!

Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, — падумала яна, — i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм — пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася… да яго ў хату!

* * *

— Мiкола, а чаму гэтыя дробныя чырвоныя кветачкi ў траве завуцца мацярынкай? — дагнала хлопца Аленка.

Хмызняк застаўся ззаду, пайшоў роўны дол, парослы гусiнымi лапкамi i мацярдушкай.

Мiкола глянуў на дзяўчыну i нiчога не адказаў. Аленка сарвала кветачку i паднесла да вуснаў.

— А я ведаю, чаму "мацярынка", — весела сказала яна. — Кветачка лекавая, ад сямi хвароб абараняе, як мацi дзiцятка…

— Зноў ты са сваiмi фантазiямi! — буркнуў Мiкола, прыглядаючыся да зямлi.

— Ты мальваў шукаеш? — не сунiмалася Аленка. — А чаму менавiта iх?

— Адчапiся са сваiмi дзiцячымi пытаннямi! Мальвы — кветкi Дарыны, яны паказваюць на месца знаходжання маёнтка.

Сярод дрэў вiднеўся высахлы раўчук, старое русла рэчкi. Аленка ўзняла галаву, паглядзела на адно з дрэўцаў i весела запляскала ў ладкi:

— Мiкола, пакружы мяне на руках, як раней, я табе за гэта нешта скажу!

— Была б ты добраю дзяўчынаю, каб толькi не дзяцiнiлася!

— Iншы раз так хочацца пабыць маленькаю, прыцiснуцца да цябе i заснуць у тваiх абдымках!

Аленка ўздыхнула i дадала:

— Глядзi — гэта дзiкая яблынька, навокал шмат такiх, значыць, недзе тут быў маёнтак Дарыны…

Мiкола пачаў моўчкi аглядаць яблынькi, стаў на каленi ля зарослага мохам вялiкага пня, пагладзiў яго рукою. За некалькi метраў ад сябе ўбачыў парослыя травою глыбы, кiнуўся да iх, развярнуў i… вачам яго адкрыўся камень бела-блакiтнага колеру.

— А вось i мальва! — закрычала Аленка. — Маёнтак Дарыны!

— Бяжы ў стан, — загадаў Мiкола, — паклiч усiх!

— А пацалуемся ў гонар нашай знаходкi? — засмяялася Аленка i абняла Мiколу.

— Цярпець не магу, калi дзяцiняцца! — раззлаваўся Мiкола. — Табе трэба дзядзьку якога ў кавалеры шукаць, будзе табе татка, а ты дачушка! Напэўна, у дзяцiнстве табе не хапала бацькоўскай цеплынi?

— Не хапала, — з сумам адказала Аленка. — Нiякай цеплынi. Нiхто мяне не любiць. Нiкому я не патрэбна.

I пабегла ад яго.

…Мартынаў груд — паляна з высокай, па пояс, травою. Вакол паляны раслi лаза, рэдкi алешнiк, грабы ды вольхi. Брыгадзiр загадаў хлопцам касiць траву, а дзяўчаты пайшлi ў далёкi канец паляны грэбцi ўжо высахлае сена. Стаяла спёка, а з лесу вецер нёс халадок, шчабяталi птушкi. Прыемна i лёгка станавiлася на сэрцы ў Галi. Учора яна начавала дома, узяла Анатолевы рубашкi ды бялiзну, памыла, адпрасавала. Аленка начавала з Марусяй, у хаце, дзе тая кватаравала. Дзяўчаты палолi бабе Сашы агарод, а вечарам сядзелi дома. Галя зайшла да iх i праз плот убачыла Вайдаша Дуброўскага. Ён сядзеў з дзедам Уладыморыкам у двары, на лавачцы. Галя прывiталася, а дзед запрасiў да сябе, пачаставацца першымi яблыкамi — белым налiвам. Галя сядзела з iмi побач, гаманiла, i душа яе радавалася, што не трэба ўвесь час сачыць за сабою, можна гаварыць, што хочаш, смяяцца, i нiхто цябе не штурхне: маўчы, дурнiца! Вось тады i засумнявалася Галя, цi варта наогул ёй iсцi замуж за Анатоля. Пасля яна зайшла да Марусi з Аленкай i параiлася, вядома, не называючы iмёнаў Вайдаша i Анатоля.

— Адзiн чалавек сказаў мне: удасканальвайся, рабi кар'еру, я буду табе дапамагаць. Не iдзi замуж! А я вось думаю: ну, не пайду я цяпер замуж, а дзе гарантыя, што тады, як зраблю кар'еру, гэты чалавек возьме мяне? А раптам застануся ў старых дзеўках?

— У старых застанешся, — засмяялася Аленка, — а вось у дзеўках — нiколi!

А Маруся настойвала на сваiм: замуж табе цяпер не патрэбны! Але Галя Марусi не надта давярала, бо заўважыла нешта не тое ў адносiнах Анатоля да дзяўчыны. Глядзеў ён неяк на яе не так, як на астатнiх, дый краем вуха яна чула ад Сцяпана, быццам у свой час Анатоль сябраваў з Марусяй, а што там было ў iх — невядома. Можа, Маруся i сама за Анатоля хоча, таму i яе адгаворвае? "Але ж i Вайдаш адгаворвае, — мiльганула свавольная думка. — А можа, таму, што кахае мяне? — Галя перастала грэбцi сена, задумалася. — Можа, хоча, калi я пасталею ды паразумнею, ажанiцца са мною?"

Ёй стала весела, яна заўсмiхалася.

— Гэй, што гэта за пакет у траве валяецца? — крыкнуў Анатоль, наблiжаючыся да дзяўчат.

— Гэта, мусiць, Галя ежу з сабою ўзяла, — абазвалася з другога канца паляны Аленка.

— Бярыце яго, ды пайшлi разам абедаць! — прапанаваў ён. — Хлопцы вас ля канаўкi вунь той чакаюць, — паказаў рукою.

Галя пачакала Аленку i, падхапiўшы пакет, дагнала Анатоля.

— Гэта не ежа! — сказала хлопцу. — Гэта я табе рубашкi вымытыя прынесла… Трусы там твае, майкi…

Анатоль аж аслупянеў, здзiўленымi i гнеўнымi вачыма агледзеў Галю. Аленка затаiла ўсмешку i адвярнулася.

— Ды я б сам па iх прыйшоў! — абурыўся хлопец.

— Во! Не ўгадзiла ўжо! — пакрыўдзiлася Галя. — Зрабi чалавеку дабро!..

— Дык навошта ж на поле — да палатак бы прынесла!

— Яшчэ чаго! Як пану насi! Вось iшла сена грэбцi, ведала, што ты тут будзеш, — i прынесла!

Анатоль раздражнёна бухнуўся пад капу сена i стукнуў сам сябе кулаком па калене.

— Галя! — узвыў ён. — Мы ж адсюль пойдзем да старшынi калгаса па экскаватар! Ён дае нам машыну за нашу працу. Потым экскаватаршчык будзе капаць, на тым месцы, дзе зямля правалiлася ля маёнтка Дарыны. А там, можа, i падзямелле адкрыецца, Блакiтны пакойчык… I ты ўвесь час будзеш з гэтай торбай, у якой мае рубашкi, насiцца? У цябе галава ёсць?

У Галi на вачах з'явiлiся слёзы.

— Добра, Анатоль, я торбу панашу! — прапанавала Аленка. — Толькi не крычы на Галю!

Яна ўзяла пакет з рук сяброўкi, абняла яе, i яны пайшлi.

Маруся канчала грэбцi сена з бабай Сашай, калi вясковы дзядзька прывёз на канi халодны, запацелы бiтон з вадою.

— Паклiч i дзеда Ўладыморыка вады папiць! — сказала Марусi бабка.

Дзяўчына пайшла па высокай траве да дзедавай дзялянкi. Старога не было вiдаць. Каса тырчала, уваткнутая ў зямлю. Ля скiрды сена нехта сядзеў, прыхiнуўшыся спiною да яе, у накiнутай на плечы кашулi.

— Ваду прывезлi! Пiць будзеце? — аклiкнула Маруся.

Мужчына павярнуўся, i Маруся пазнала Дуброўскага.

— Дзякуй, — з таемнай усмешкай гледзячы на яе, адказаў Дуброўскi. Сядайце, — прапанаваў ёй.

На нейкi момант Маруся застыла ў нерашучасцi. Потым прысела побач.

— Бачыце, я не кусаюся, — засмяяўся Дуброўскi, — а вы пабаялiся ўчора прыйсцi да мяне…

— У мяне было шмат спраў, - адводзячы позiрк, адказала Маруся.

— Я ведаю, — задуменным голасам адказаў Дуброўскi, — да вас прыходзiла на начлег дзяўчына з турысцкай групы… Аленка. Ахвяра Чорнай зданi.

— Яе яшчэ можна выратаваць, — сугучна ягоным думкам сказала Маруся. — Каб трапiўся добры чалавек…

— Нiякi чалавек яе не выратуе, акрамя яе самой, — заключыў Дуброўскi. Але ўжо позна…

— Яны шукаюць жалезны кубак, якi знiшчыць Чорную здань, — пасля нядоўгага маўчання сказала Маруся. — Але, нягледзячы на ўсё, тайна, вiдаць, не ў самiм кубку. А разгадка — у апошнiх радках падання: "Вы мудры чалавек, князь, сказаў стары, — вы зразумееце i ўбачыце, што знаходзiцца ўнутры прыгожага кубка…" Зразумееце — калi ўбачыце! Ён паглядзеў i зразумеў. Унутры была пустата! Смерць Чорнай зданi ў разуменнi чалавекам таго, што пад прыгожым тварам часта схавана пустая душа!..

— Я заўсёды цанiў у жанчынах мудрасць, — з павагай сказаў Дуброўскi, гледзячы на Марусю.

Ён працягнуў руку да яе валасоў, але Маруся адхiлiлася i прадоўжыла:

— Бабка Саша мне расказвала, што ёсць людзi з мёртвай i жывою душою. Душа жывая ажыўляе чалавека, надзяляе талентамi, iмкненнем да прыгожага, да Бога… Чалавек з мёртваю душою прыпадабняецца да жывёлы: працуе, есць, спiць. Таму мёртвыя душы, як кампенсацыю, часта атрымлiваюць прыгожыя постацi. У старажытных жыдоўскiх рукапiсах знаходзяцца запiсы аб тым, што Iсус не быў прыгожы, але твар яго свяцiўся дабрынёю i ўсiм ён здаваўся самым прыгожым на свеце…

— Вы — цудоўны чалавек, — сказаў Дуброўскi, усмiхнуўшыся. — Ведаеце, калi мы яшчэ працавалi ў «Менскбудпраекце», неяк разам з паперамi вы аддалi мне чарнавiк нейкага пiсьма…

Вусны ў Марусi перасохлi ад нечаканасцi: няўжо пiсьмо да Анатоля, але ж яна яму не пiсала?!.

— Пiсьмо Дарыны да Вiтаўта, — цёплыя, арэхавага колеру вочы Дуброўскага глядзелi на яе з зацiкаўленасцю. — Я ведаў гэтую гiсторыю кахання. А вас яна, напэўна, моцна ўразiла, калi пiсьмо гэта вы напiсалi на адваротным баку праекта…

— Студэнцкая звычка, — засмяялася Маруся, — студэнцкая звычка пiсаць у канспектах пiсьмы!

— Вы марылi пра рамантычнае каханне, уяўлялi сябе ў мiнулым князёўнай? твар Дуброўскага асвятлiла па-сяброўску шчырая ўсмешка.

— Не, — суха адказала Маруся. — Я не рамантык i рамантыкаў не люблю!

— Таму, што самi пакутавалi ад няздзейсненых мараў?

— Вы памыляецеся, — цвёрда адказала Маруся.

— Можа, i так, — пагадзiўся Дуброўскi. — Але я хацеў бы пачуць з вашых вуснаў пiсьмо Дарыны да Вiтаўта. Прачытайце мне яго сёння вечарам, у маёнтку. Я буду чакаць вас у адзiнаццаць гадзiн, — ён дакрануўся да рукi Марусi.

— Добра, — адказала яна i пайшла ад яго.

— Усе ў кучу, у кучу! — смяяўся Мiкола. — Аленка, наразай хлеб, а я сала. Гурочкi салёныя парэжа, раскладзе Галя! Дзяўчаткi, спрытней! Антось, ты паклiкаў Вайдаша?

— Я схаджу! — усхапiлася Галя.

— Сядзi! — сурова глянуў на яе Анатоль. — Антось пойдзе!

Галя скрывiлася, цяжка ўздыхнула i пачала наразаць гуркi.

— Мiкола, ты нарваў зялёнай цыбулi ў бацькi? — папытаўся Анатоль у хлопца. — I каб сёння ж iшоў да бацькi касiць сена!

— Я ж у паходзе! — заявiў той.

— У лагеры застаёмся я i Антось, — цвёрда вымавiў Анатоль, — Галя дапамагае сваёй мацi, Аленка — бабцы Сашы. Усе павiнны быць занятыя. Пасля абеду я iду па экскаватар, я i Антось… Вы ж усе заявiцеся да маёнтка, калi дапаможаце людзям. Турысты павiнны не толькi выконваць нарматывы кiламетражу, любавацца прыродаю, але i прыносiць карысць!

— Малайчына! — засмяялася Аленка. — Сапраўдны кiраўнiк паходу!

Яна працягнула яму кубак з квасам i азiрнулася. Да iх накiроўваўся Дуброўскi з Антосем.

— Невыпадкова нашы маршруты перакрыжоўваюцца! — гарэзлiва засмяяўся Дуброўскi, прывiтаўшыся з усiмi. — Няйнакш, хлопцы, мы адно i тое шукаем… Што вас прывяло ў Вiшаньку?

Ён прысеў на траву. Галя па-свойску прымасцiлася побач i падала яму акраец хлеба.

— Блакiтны пакойчык шукаем, — сказаў Мiкола, — кубак жалезны. Здаецца, на падзямелле натрапiлi. Там вялiкi завал, але мы крыху пакапаем, палазiм…

— На даследаваннi патрэбны дазвол, — адказаў Дуброўскi, — па падзямеллях лазiць небяспечна…

— А хто будзе ведаць? — весела адзначыў Мiкола.

— Зямля належыць мне, — нечакана папярэдзiў Дуброўскi. — Мой маёнтак злучаецца падземным ходам з гэтым маёнткам, дарэчы, з рэшткамi так званага маёнтка Дарыны, якi знаходзiцца на маёй зямлi…

— Ну i капiталiст! — узлаваўся Анатоль. — Няўжо ж вы не дазволiце маiм хлопцам палазiць па падзямеллi, хiба што самi там скарб шукаеце?

— Гэта небяспечна, паўтараю! — строга адказаў Дуброўскi. — А скарбаў тут нiякiх няма. Будуецца дзiцячы санаторый, зямля добраўпарадкоўваецца для дзiцячых пляцовак, аднаўляецца храм, якi быў пабудаваны на сродкi маiх родзiчаў. Таму не пажадана, каб тут праводзiлiся нейкiя iншыя работы.

— Ваш санаторый толькi для адводу вачэй, — скрывiўся Анатоль, — а самi камерцыяй займаецеся! Не веру я ў вашу мiласэрнасць, кожны заднюю думку мае сябе хоча праславiць!

— Ды як ты можаш? — падхапiўся Антось. Ягоныя сiнiя вочы спахмурнелi, твар залiўся чырванню. — Па сабе раўняеш? Пустаслоў: "мацi шкадую, мацi шкадую", а як адпачынак атрымаў — у паход пайшоў! Галя яшчэ жонкай не стала, а яе ў вёску да сваёй мацi прэш, каб дапамагала, рабыню знайшоў! А ты, — ткнуў пальцам у дзяўчыну, — бегаеш за iм, як дурнiца!

Галя аж выпусцiла гурок з рукi. Дуброўскi падняўся, падзякаваў за абед. Аленка дагнала яго, запынiла сярод высокай няскошанай травы.

— Прабачце, калi ласка, маiм сябрам! — сказала з хваляваннем.

Да iх спяшалiся астатнiя, акрамя Анатоля. Дуброўскi, агледзеўшы ўсiх, усмiхнуўся:

— Я не крыўдую. Усю гiсторыю чалавецтва суправаджае зайздрасць. Дурнi зайздросцяць разумным, а гультаi — багатым.

— А што ж я табе параю, донечка? — з мяккай, прыветнай усмешкай адказала бабка Саша, гледзячы на Галю. — Адзiн цябе бярэ, другi не бярэ, але замуж не раiць… Можа, сам хоча цябе ўзяць?

Бабка сыпанула куранятам жменю проса. Цёмныя, загарэлыя ногi з пакручанымi пальцамi грэлiся ў жоўтым гарачым пяску. На каленях у бабкi ляжаў шэры каток. Галя нецярплiва церабiла падол спаднiцы.

— А мо паварожыце? — папыталася ў бабкi.

— Спалiла я свае карты, — адмахнулася тая. — Хто варожыць, той у пекла трапляе, — паправiла касынку. — А ты, Галечка, ужо з мацi работу справiла? Не пойдзеш у лес, там нешта капаюць хлопцы рыдлёўкамi?

— Няхай сабе капаюць! — надзьмула вусны Галя. — Вайдаш экскаватар забаранiў… А я з Анатолем пасварылася, бо той Вайдаша аблаяў. Аленка яму рубашкi ў палатку занясе, як сена ваша з Марусяй зграбуць…

— Дык Маруся ўжо дома, — паведамiла бабка, — спiць, бо вечарам, сказала, некуды пойдзе…

— Да Анатоля, куды ж яшчэ! — раззлавалася Галя i нервова сарвала зялёны сцеблiк травы. — Ну, не! Я таксама надвячоркам да палатак пайду, вось i сустрэнемся!

Галя яшчэ крышку пастаяла, а потым, сказаўшы бабцы «дабранач», выйшла на вулiцу. Ля варот Мiколавай хаты ўбачыла Аленку.

— Галя, пайшлi ў госцi да свёкра майго! — гарэзлiва паклiкала Аленка i адчынiла дзверцы.

Галя ўбегла следам.

— А якiя яблыкi ў свёкра! — смяялася Аленка. — А дзе ж ён сам?

На парог выйшаў гаспадар.

— Добры дзень, дзядзька! — павiталiся дзяўчаты.

— Добры, добры! — закiваў той галавою. — А я пазнаў вас, памятаю, як зiмою па яблыкi прыходзiлi квашаныя…

— А цяпер вось па свежыя прыйшлi! — засмяялася Аленка.

Дзядзька Адась запрасiў гасцей у хату. Паставiў на стол мiску з мёдам.

— Вось гэта смаката! — аблiзнулася Аленка, набiраючы поўную лыжку. — А дзе ж ваш Мiкола?

— От, дзеўкi! — матнуў галавою дзядзька, прысеў з iмi побач. — Ану прызнавайцеся, каторая ў майго Мiколу закахалася?

— Ды вось я! — трасянула валасамi Аленка. — Добрая буду нявестка? Давайце вам грады папалю, пагледзiце, цi спрытная!

— Ды я i так бачу, што спрытная, — адказаў дзядзька. — Лаўлю на слове! Ану пайшлi, цыбулю мне выпалеш!

Аленка ўсхапiлася, пацягнула за сабою Галю. Тая адмахнулася. Ужо на парозе Аленка пачула, як Галя шэпча дзядзьку Адасю:

— Няхай яна паполе, а я раскажу вам пра сваё гора. Вы ж чалавек мудры, парайце! Ёсць у мяне два хлопцы… Толькi не кажыце нiкому, Анатоль i Вайдаш… Дык вось…

Аленка, пацiснуўшы плячыма, выйшла з хаты i пайшла ў агарод.

За рэчкаю, на ўзгорку, падымаўся, уставаў з руiн, палеглых камянёў i смецця, стары панскi маёнтак. Ахутаны туманам i змрокам, таямнiча i велiчна маўчаў. На небе загаралiся зоркi. Спявалi залiвiста i галасiста салаўi. За маёнткам высокай сцяною чарнеў лес.

Маруся прысела на валун ля сцяны маёнтка. Дуброўскага яшчэ не было. Але раптам яна пачула крокi, азiрнулася — ён выходзiў з аднаго з пакояў на першым паверсе. Падышоў, прывiтаўся. Яна адказала.

— Натамiлiся сёння на Мартынавым грудзе? — самотна сказаў ён. — А цi расказала бабка Саша, чаму груд Мартынавым завецца?

— А вы не ведаеце? — усмiхнулася Маруся. — Напэўна, самы першы i даведалiся — дзед Уладыморык расказаў!

— Я хачу, каб мне расказалi вы, — папрасiў Дуброўскi, — я хачу чуць ваш голас…

Ён падаў ёй букет палявых кветак i сказаў:

— Зберажыце яго. Сёння дваццаць сёмага лiпеня, Сцяпанаў дзень. Кветкi, сабраныя ў гэты дзень, маюць цудадзейную сiлу аберагаць ад хвароб, сурокаў i злых духаў…

— Вы верыце ў гэта? — узняла бровы Маруся.

— Як i ў паданне пра Мартынаў груд, — цiха мовiў Дуброўскi i сеў насупраць Марусi. — Я хачу бачыць вашы вочы i слухаць вас…

Маруся засмяялася i пачала роспавед:

— Адзiн селянiн, Мартынам яго звалi, вяртаўся ноччу дахаты з базару, на канi. Воз яго трапiў у балота. Што нi рабiў — а выехаць не можа. Глядзiць: iдзе да яго дзяўчына ў белым адзеннi. Падышла i кажа:

— Выратуй мяне, чалавеча! Зараз сюды сваты па мяне прыедуць. Пасадзi мяне на воз да сябе ды скажы, што з табою я заручана.

Згадзiўся Мартын. Аж бачыць — бягуць сюды людзi, у ладкi плешчуць, на бубнах граюць. А наперадзе — юнак невыказнай прыгажосцi, падбягае да воза, цягне да сябе дзяўчыну. А Мартын не пускае:

— Яна мая нявеста! Мы з ёю заручаны!

Дзяўчына плача, калоцiцца, а сама халодная як лёд. А тут як грымне гром, як ляснуць маланкi — глядзь, а людзi тыя ў страшыдлаў ператварылiся, крычаць, скугочуць. А прыгожы юнак загарэўся агнём i правалiўся пад зямлю. А на Мартынаў воз упаў з неба яркi прамень святла. Пакланiлася Мартыну дзяўчына i пачала па промню на неба падымацца. А ля яе анёлы кружацца. Зажмурыў Мартын ад святла вочы, а калi адкрыў — бачыць, ранiца ўжо, а на месцы балота — паляна прыгожая: трава высокая, сакавiтая, кветкi, матылькi лятаюць. I пачуў Мартын голас:

— За тое, што выратаваў ты мяне, месца гэтае людзi Мартынавым грудам назавуць. Нiколi не перавядзецца тут сакавiтая трава для жывёлы вашай i для вас — лекавая: зверабой, мацярынка, чабор, бяссмертнiк ды рамонкi!..

Кажуць, гэта была душа Дарыны. Бог доўга не мог прыняць яе да сябе, бо самагубца яна… Атруцiлася…

Аленка, трымаючы ў руцэ пакет з Анатолевым адзеннем, прабiралася праз зараснiк дзiкай акацыi да магiлы Мiколавай мацi. Запынiлася. Перахрысцiлася, палажыла пакет ля парослага травою ўзгорка. Нахiлiлася i пацалавала крыж.

— Цётачка Алеся, — прашаптала дзяўчына, — памалiцеся на тым свеце за мяне i Мiколу, каб мы пажанiлiся! Я так кахаю яго! Усе сродкi выпрабавала: варажыла, чаравала, даруй мне, Госпадзi! Хай зямля будзе вам пухам, цётачка Алеся! Памалiцеся за нас, грэшных!

Яна парвала з магiлы траву, расчысцiла ўсё. Нарвала белых кветак акацыi i паклала на магiлку. Яшчэ раз перахрысцiлася i заспяшалася да рэчкi. Ля палатак ужо гарэла вогнiшча.

Iшла поплавам, ля маёнтка, калi пачула адтуль нейкi голас. Сцiшылася. Падышла блiжэй. Голас чуўся выразна. Аленка разбiрала словы:

— Князь мой! Вiтаўт! Пакуль мы ў разлуцы, а як доўга яна прадоўжыцца — я не ведаю. Але я буду малiцца, каб Бог дараваў вам жыццё. Кожны раз пасля таго, як я праводжу вас за вароты замка, мне здаецца: знiкаеце вы, знiкаю i я. Мая душа ляцiць за вамi. Я чую ваш голас у шэпце траў, у гомане званочкаў, я бачу вашы вочы ў блакiце ранiшняга неба. Не знiкайце надоўга, князь. Не пакiдайце мяне назаўсёды. Мне страшна. Без вас я памру.

Нехта ўздыхнуў.

— Я зачараваны… — сказаў мужчынскi голас.

— Вы проста паэт альбо — фантазёр! — засмяяўся жаночы.

Аленка падкралася блiжэй. На першым паверсе, у зале маёнтка стаялi двое: Дуброўскi i… Маруся. Яны прайшлiся да прыступак, што вялi на другi паверх. Кожны крок адазваўся тугою ў сэрцы Аленкi. "Вось мне б так, — падумала яна, з Мiколам… Як рамантычна!"

Дуброўскi i Маруся паднялiся па прыступках, i Аленка ўжо не бачыла iх, толькi чула галасы. Ёй было так цiкава паслухаць, аб чым размаўляе з яе сяброўкай гэты "стары цыган". "Цяпер ужо князь!" — усмiхнулася Аленка. Яна стала прыслухоўвацца.

— Вы сёння такая прыгожая, — сказаў Дуброўскi, — гэты сарафан вельмi пасуе вам…

"Хоць бы мне адзiн камплiмент сказаў Мiкола!" — пранеслася ў думках у Аленкi.

— Кiм вы марылi быць у дзяцiнстве? — папытаўся Дуброўскi ў Марусi.

"Мiкола нiколi не цiкавiўся, кiм я марыла быць, i наогул, як я жыла, што мяне засмучала i радавала", — абуралася Аленка.

— Ну што, расказваць далей пра сваё захапленне спелеалогiяй? — засмяяўся Дуброўскi.

V

У разбуранай царкве пасялiлася сава. Яна крычала ўначы, як малое дзiця, i палохала дзяўчат, якiя познiлiся на танцах. Мiколу не давала спакою думка пра царкоўны склеп i ўмураваныя ў сцяну, ледзь прыкметныя дзверцы. Ён зусiм не слухаў музыкi, нiкога не запрашаў да танцаў. Сядзеў з Антосем за столiкам i гуляў у шахматы.

— Пайшлi, паспрабуем адчынiць тыя дзверцы! — з запалам шапнуў на вуха сябру. — А то Дуброўскi i туды лезцi забаронiць!

— Ды там, пэўна, вiно захоўвалася, — адмахнуўся Антось i нечакана запынiў погляд на дзяўчыне, што з'явiлася на парозе.

Пышныя кучаравыя валасы яе ў святле каляровых лiхтароў дыскатэкi адлiвалi блакiтным святлом. Танюткая талiя перацiснута блiскучым поясам. Жоўтая сукенка пералiвалася то малiнавым, то аранжавым адценнем.

— Гэта мая мара! — усклiкнуў Мiкола i заспяшаўся да яе.

Але ў гэты момант яму перайшоў дарогу высокi юнак, чарнявы, з чубам, зачасаным набок.

— Алесiк! — уклiкнула дзяўчына. — Ты не забыў мяне?

— Патанцуем, Гайва! — усмiхнуўся той, i дзяўчына, усмiхаючыся, павяла яго ў круг.

Мiкола аж заскрыпеў зубамi.

— Усё роўна адаб'ю! — цвёрда сказаў ён, гледзячы на Антося.

Сябар засмяяўся.

Галя сядзела побач з Аленкай i ўвесь час азiралася, калi хто заходзiў у клуб.

— Каго ты там выглядваеш? — пацiкавiлася Аленка. — Анатоль усё роўна застаўся ў лагеры.

— Я ж табе даверылася: Вайдаша кахаю!

— Дарэмна гэта…

— Ну чаму дарэмна? Калi ён сказаў мне: не выходзь замуж, значыць, хоча, каб я пасталела, а тады мяне возьме! Нават дзядзька Адась так казаў! А чаму Вайдаш гаварыў мне: не iдзi замуж? Значыць, меў нешта такое…

— Я i Маруся таксама табе кажам: не iдзi! Але ж мы не маем «нешта», проста па-сяброўску раiм. Вось i Вайдаш табе па-сяброўску раiць!

— Маруся кахае Анатоля, таму i кажа! — аж падскочыла Галя.

— А я ж не кахаю Анатоля!

— Затое ты Вайдаша кахаеш! — заключыла Галя. — Бачыла, як ты плакала, калi ён да нас у лагер прыходзiў…

— Ды мне туш у вочы трапiла, вочы размазала… — пачала апраўдвацца Аленка. — У Вайдаша ёсць нявеста, ён — князь, i яна — князёўна, — схлусiла Аленка. — Як ты не разумееш, што ён з табою нiколi не ажэнiцца! Яму патрэбен жораў у небе, а не сiнiца ў руках.

— Дык я, па-твойму, — сiнiца? — раззлавалася Галя.

— Ён ажэнiцца па разлiку, — растлумачыла Аленка, — усе князi, каралi жэняцца па разлiку. I выкiнь яго з галавы!

— Значыць, за Анатоля iсцi? — не разумела Галя.

— I за Анатоля не iдзi, i на Вайдаша не спадзявайся! — уздыхнула Аленка i замахала перад сабою насоўкай. — Працуй, рабi кар'еру, разумней! Уф! Я хутка тут з табою здурнею!

Яна паднялася i накiравалася да выхаду. За ўвесь час танцаў Аленку так нiхто i не запрасiў. "Няўжо гэта праўда, што я нiкому не патрэбная?" падумала яна.

* * *

З боку вёскi паказалася чорная хмара. Падзьмуў вецер, зашамацелi, загайдалiся верхавiны дрэваў, паднялiся ў паветра сухiя лiсты, галiнкi, сыпанулi ў твар Анатолю. Ён закрыўся рукавом штармоўкi.

— Ну, што назбiраў грыбоў для будучай жонкi? — аклiкнуў яго вясёлы дзявочы голас.

Азiрнуўся: у жоўтым спартовым касцюме i з кошыкам стаяла ля яго i ўсмiхалася Маруся.

— Садзiся, падвязу! — саскокваючы з ровара, узрадаваўся Анатоль. — Садзiся наперад, а то дождж хутка будзе! Ведаеш, у мяне з Галяй — усё! Яна на шыю гэтаму панiчу вешаецца!

— Дуброўскаму? — здзiвiлася Маруся. — Што ў iх агульнага?

— А ты ў яго спытай! — незадаволена буркнуў Анатоль, падсаджваючы Марусю на раму. — Малалетак кадрыць, i ўсё! Iрэна памяшалася, да яго ў машыну голая хадзiла, Аленка нешта плача…

— Можа, яна з-за Мiколы? — абазвалася Маруся. — Ён жа ўжо Гайву кадрыць…

— Ды не з-за Мiколы! — павысiў голас Анатоль. — Яна Мiколу ўсё даруе. А тут, надысь, князь гэты заяўляецца, рыбу вудзiць. Сядзiм утрох: я, Антосiк i ён, гад! Аленка падышла, павiталася, а ён сядзiць i глядзiць на яе, сядзiць i глядзiць, дык яна сваю вуду кiнула, заплакала i пайшла!

— Няўжо заплакала? — не паверыла Маруся.

— Ля мяне ж сядзела, бачыў… А Галя казала, што калi зiмою Аленка прыязджала да яе, то Дуброўскi гэты на танцах кадрыўся да Аленкi. А што там было потым, хто ведае, можа, у Менску стрэлку накiнуў… Сустракалiся, можа… Невядома яшчэ, ад каго яна аборт рабiла, ад яго цi ад Мiколы…

— Стой! — закрычала Маруся. — Што за плёткi?

I саскочыла з ровара. Анатоль паставiў ровар да дрэва. Буйныя кроплi дажджу ўпалi Марусi на шчокi i нос, пасыпалiся на валасы. Анатоль абхапiў Марусю, затулiў у сваю штармоўку i горача зашаптаў:

— Успомнi, як усё было ў Менску? Я прынёс табе эдэльвейсы, а ты гаворыш: застанься!.. Якi я дурны быў! Я гатовы застацца з табою назаўсёды! Ты разумная, з табою не сорамна ў кампанii, ты не гаворыш глупстваў. Ты добра гатуеш, да такой жонкi не сорамна i сяброў пасля паходу запрасiць! I размаўляць з табою цiкава. А да мацi маёй паедзеш — не нахвалiцца табою, бо ты i грады выпалеш, i карову падоiш! I з паходу мяне чакаць будзеш! Маруся, выходзь за мяне замуж!

Ён памкнуўся пацалаваць яе, але тая адхiлiлася i гарэзлiва спытала:

— А мяне ў паходы браць будзеш? На турзлёты будзеш пускаць?

— Маруся, якiя паходы, турзлёты ў тваiм узросце?

— Дык што я табе, баба старая? — раззлавалася Маруся i адпiхнула яго ад сябе.

Ён упаў, падняўся i пачаў апраўдвацца:

— Маруся, я пра здароўе тваё клапачуся… Табе i без паходаў работы ў хаце хопiць!

— А дзецi? Ты хочаш дзяцей?

— Маруся, калi ты мяне кахаеш, то зразумееш: адна турыстычная спартовая пуцёўка на Камчатку ў паход пятай катэгорыi больш за сто даляраў каштуе. А мне пазарэз трэба гэты паход, я майстрам спорту стаць хачу! Пра якiх дзяцей можа быць гаворка, каб самiм пракармiцца неяк ды мне на пуцёўку сабраць… А ты ў Дуброўскага ў фiрме мазаiчнiцай такiя даляры заграбаць будзеш — я ўвесь свет змагу пабачыць!

— А я? — упарта дапытвалася Маруся.

— Жанчына, калi кахае, на ўсе ахвяры пойдзе…

— А вось гэтага не хочаш? — Маруся сунула яму пад нос вялiкi кукiш. — На, вось табе, з маслам!..

I пабегла ад яго пад пралiўным дажджом, паставiўшы на галаву кошык.

* * *

— Дзед Уладыморык, — ветлiва ўсмiхнуўся Мiкола, — вось прыйшоў паданне запiсаць. Пра Тарфянога аленя, як абяцалi…

— Заходзь, заходзь, — запрасiў той у хату. — I дажджу не пабаяўся!

Дзед правёў яго ў прасторную, вялiкую хату з пабеленай печчу. Паказаў рукою на канапу. Узяў са стала мiсу з яблыкамi i падаў хлопцу:

— Частуйся! Можа, гарбаткi вып'еш? Прамок жа…

— Не, дзякую! — адмовiўся Мiкола. — А вы адзiн у хаце? Дзе ваша ўнучка Гайва?

— Я тут! — выглянула з другога пакойчыка прыгожая дзяўчына ў спартовым касцюме, з распушчанымi валасамi. — А я вас памятаю… Вы — сын дзядзькi Адася, у якога смачныя мочаныя яблыкi!

I засмяялася.

— Гайва! Як ты вырасла! — усмiхнуўся Мiкола. — А я ж цябе ў клубе не пазнаў! I зараўнаваў, калi ты з Алесiкам танцаваць пайшла! Навошта табе той Алесiк, вунь якi шрам у яго праз увесь твар, а ты — прыгажунечка! Табе прынц патрэбны.

— Як ты? — засмяялася Гайва i кiнула ў яго яблыкам. — Бачыла я, як ты са сваёю прынцэсаю Аленкаю ў рэчцы купалiся ноччу… Мы тады з Алесiкам гулялi…

— Яна ўжо не мая прынцэса, — абарваў яе Мiкола i ўзяўся слухаць аповяд дзеда.

Стары добра ўладкаваўся ў крэсле i, пацягваючы з прыгожага глiнянага кубка гарбату, пачаў:

— Жыў некалi ў тарфяных балотах алень. Рогi меў — тры метры даўжынёю. На яго часта палявалi, бо з такiх рагоў можна было шмат упрыгожанняў вырабiць, дый наканечнiкi стрэлаў, коп'яў, тронкi нажоў. Аленяў гэтых раней было шмат, але знiшчылi iх. I застаўся адзiн Тарфяны алень. Нiхто на яго ўжо не паляваў, шкадавалi людзi, бо была гэта самка, аленiха, i магла яна прынесцi прыплод… Але адна прыгажуня загадала жанiху свайму забiць аленiху, тады толькi згодзiцца пайсцi за яго замуж. Пайшоў хлопец у лес. Глядзiць — стаiць на паляне аленiха, а ля яе — цяля. Пашкадаваў хлопец аленiху i не забiў яе. Але ўпартая прыгажуня загадала зараз жа прывесцi да яе аленiху i цяля. Вярнуўся ён назад у лес. Убачыла яго аленiха i кажа чалавечым голасам:

— Не губi мяне, хлопец! Апошняя я з роду майго. Заб'еш — прападзе i дзiця маё, згiне род наш назаўсёды…

Сляпое каханне перамагло пачуццё лiтасцi да жывёлы, бо каханне заўсёды ад д'ябла, даражэнькiя мае…

Дзед Уладыморык абвёў позiркам Мiколу з Гайвай i дадаў:

— Каханне да жанчыны або каханне да мужчыны — ёсць самая няправiльная ў чалавечым разуменнi любоў. Гэта не боская любоў, гэту любоў прыдумаў д'ябал, ён асляпляе пажаднасцю да цела…

— А што ж аленiха, загiнула? — пацiкавiлася Гайва. — Забiў яе хлопец?

— Не, — матнуў дзед галавою. — Прывёў хлопец аленiху да сваёй каханай, а цяля па дарозе ўпала ў дрыгву i загiнула. Аленiха ж падняла дзяўчыну на рогi i закiнула аж на самы Месяц, а сама пабегла да дрыгвы i згiнула там. З таго часу прапаў у нашых краях Тарфяны алень, вымер. А прыгажуня, кажуць, i дагэтуль на Месяцы сядзiць, аленiху выглядвае, прабачэння ў яе папрасiць хоча. Але ж тая мёртвая ўжо, няма яе. Трэба пры жыццi яшчэ паспяваць даравання сабе прасiць, пры жыццi тых, каго мы пакрыўдзiлi. А памёр чалавек цi жывёлiна, хто нам даруе тады? У Бога ўжо прабачэння прасiце…

Дзед уздыхнуў, падняўся з канапы.

— Дождж скончыўся, — глянуўшы ў акно, зазначыў стары.

— Дазвольце нам з Гайвай па лужынах пабегаць! — весела ўсмiхнуўся Мiкола дзеду.

Той кiўнуў, i Мiкола, схапiўшы дзяўчыну за руку, пацягнуў яе на вулiцу.

— Я ведаю таемныя дзверцы адны, — шапнуў ёй на вулiцы, — яны ў падзямелле вядуць!

I павёў яе да царквы. Гайва ўвесь час iшла моўчкi, абмiнаючы мокрыя кусты, пераскоквала праз лужыны. Выглянула сонейка. Халадком i свежасцю пахлi прамытыя дрэвы i трава, кветкi зiхацелi ў сонечных промнях.

— Яшчэ да сустрэчы з табою я склаў вершы незнаёмцы з будучынi. Хочаш, прачытаю? — пранiкнёна сказаў Мiкола i ўзяў Гайву за руку.

— Не, — адмовiлася дзяўчына. — Пасля нашай смерцi тыя вобразы, якiя мы стваралi ў час зямнога жыцця, матэрыялiзуюцца ў астральным свеце. Тваё цела пакiне душа i стане астралам. У астральным свеце ты ўбачыш сваю незнаёмку. А таксама i iншыя вобразы… Напэўна, Пушкiн сустракаў там i сваю Таццяну Ларыну, i Анегiна…

Гайва таемна ўсмiхнулася, а потым дадала жорстка:

— А яшчэ ты там сустрэнеш сваiх дзяцей, тых, ад якiх адмаўляўся, а дзяўчаты рабiлi аборты… Гэтыя дзецi будуць чапляцца за твае ногi i рукi i не пускаць цябе вышэй — да Бога, у чысты свет, у духоўны…

— Якая ты жорсткая! — з крыўдаю вымавiў хлопец.

— А ты — лавелас! — надзьмула яна вусны. — Бачыла я такiх: прыгожы збан, унутры якога пустата… Збан, аб якi не адна дурнiца разаб'е галаву!

Мiкола збялеў.

— Добра, не крыўдуй! — прымiрэнча дакранулася да ягонай рукi Гайва. — Гэта ў мяне з дзяцiнства. Люблю казаць, што думаю. Яшчэ люблю мучыць хлопцаў, асаблiва тых, якiя мяне кахаюць. А вось закахалася сама, у Алесiка, але нiзашто не прызнаюся! I буду яго мучыць… Люблю сцэны, як у фiльмах пра сярэднявечча: рыцар на каленях прызнаецца ў каханнi…

Яна засмяялася:

— Алесiка ўжо так два разы мучыла. Адзiн раз загадала ў рэчцы халоднай пакупацца, мне кветак з таго берага прынесцi, а другi раз — каб залез на вежу i напiсаў там маё iмя.

— Трэцяга разу не будзе! — пасмiхнуўся Мiкола.

— Што я скажу, тое i будзе! — упарта адказала Гайва. — Каралевы заўсёды ставiлi перад кавалерамi iспыты, каб тыя маглi даказаць сваю адданасць, сваё каханне. Вось калi Алесiк выканае маё трэцяе заданне, апошняе, тады згаджуся быць ягонай жонкай.

— Ты не кахаеш яго…

Гайва засмяялася i пабегла да склепа разбуранай царквы, спусцiлася туды, адчынiла таемныя дзверцы i крыкнула:

— Вось табе даказваю, што кахаю!

I палезла ў падзямелле.

Яны iщлi па цёмным калiдоры, выкладзеным брукаванкай. Пахла сырасцю i плесняй. Мiкола падняў лiхтарык угору. Роўная, пакрытая зялёным налётам столь.

— Калi дзверцы так лёгка адчыняюцца, тады мы не першыя тут, — зрабiў выснову хлопец.

— Тут былi спелеолагi, — паведамiла Гайва. — Такiя лабiрынты прайшлi, розныя пасткi тут, нечаканасцi, тупiковыя калiдоры, карацей, адны загадкi… Таму мне брат i забаранiў лазiць сюды…

— А Блакiтны пакойчык знайшлi? — пацiкавiўся Мiкола. — Кубак жалезны…

— Пакойчык знайшлi, а кубка — не… Пайшлi пакажу, дзе той пакойчык, пацягнула яго за руку Гайва.

Неўзабаве ад галоўнага ходу аддзялiўся ў правы бок другi ход, вузейшы. Яны звярнулi туды, але хутка натыкнулiся на сцяну.

— Завяла! — расчаравана прамовiў Мiкола i прытулiўся да халоднай сцяны. Раптам заўважыў збоку вывалены камень, пасвяцiў туды лiхтарыкам. — Гэй! Ды там жа, пад намi, яшчэ адзiн калiдор! Глядзi!

Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу…

— Можа, там якi пакойчык? — шапнула яна. — Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала — Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана — крыжык спелеолагi паставiлi…

— Усё роўна ж кубка там не знайшлi, — адмахнуўся Мiкола. — Стой тут, а я скокну — гляну, што там!

I знiк у прагалiне.

…Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. "Цётка Соф'я? — здзiвiўся Мiкола. — Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?"

Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.

— Ну што, знайшоў кубак? — засмяялася яна.

— Пашукай дзе вяроўку, — папрасiў ён. — Я хачу выбрацца адсюль!

Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе… кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты…

— Там нiчога няма! — закрычаў ён Гайве, якая ўжо спускала яму вяровачную лесвiцу.

— I мары твае, i словы, i каханне — усё гэта дутае, вось такое, як кубак гэты прыгожы! — засмяялася Гайва. — Усярэдзiне ў iм — пустата!

Мiкола пачаў падымацца. Кiнуў позiрк унiз, i яму падалося, што там стаяла i пазiрала на яго жанчына ў ружовым халаце…

Аўдоцця, папраўляючы белую ў крапiнкi хустку, уляцела ў двор дзеда Ўладыморыка. Той корпаўся ў агародзе.

— А бяроз ля цябе насаджана, ай колькi! Мусiць, поўны пограб квасу! сакатала маладзiца i дакранулася рукою да ствала дрэва. — Ай, спёка якая, а бяроза халодная як лёд!

— Белы колер бярозы не для прыгажосцi, — пасмiхнуўся дзед. — Бачыла, як вясною беляць дрэвы? Гэта робяць, каб зберагчы дрэва ад сонечных апёкаў… Вось i бярозе Гасподзь даў белы ствол, каб сонечныя промнi не шкодзiлi.

— А дуб як жа тады? — пераступiла з нагi на нагу маладзiца.

— А ў таго кара тоўстая… Малады — гэты велiкан кволы, не любiць марозу, ветру, сонца, таму прарасцi i жыць першыя два-тры гады ён можа толькi пад апекаю iншых дрэў i кустоў. Ты, напэўна, бачыла на лясных палянках адзiнокiя магутныя дубы? I пыталася ў сябе: чаму яны не загiнулi i растуць тут, калi больш дрэваў наўкола няма! Адказ просты: тут некалi былi дрэвы i кусты, якiя дапамаглi дубу вырасцi. А iх гадаванец перажыў сваiх апекуноў!

Аўдоцця заўважыла, што з гаража выйшаў Вайдаш Дуброўскi, i загаварыла мацней:

— Ай, а мая ж Галечка збiралася замуж за Анатоля, дык гэтая ж Маруся, што ў твайго Вайдаша ў маёнтку працуе, адбiла яго!

Дуброўскi зiрнуў на жанчыну. Яна перахапiла позiрк i дадала:

— Дрэнных кадраў сабе падбiраеце, Вайдаш! Учора Маруся ў лесе з Анатолем стаяла! Як дождж iшоў.

Той уздыхнуў i адвярнуўся ад яе.

— А мая ж Галечка плача i плача! — не сунiмалася Аўдоцця.

Дзед Уладыморык махнуў на яе рукою, падняў вядро i пайшоў у хлеў.

Аўдоцця крыху пастаяла i падалася да другога двара. Тут жыў Рыгор. Мужчына гарадскi, купiў нядаўна ў Вiшаньцы хату. Дзецi ў яго дарослыя, пажанiлiся ўжо. Пакiнуў жонцы кватэру, а сам прыехаў сюды.

Рыгор стаяў на ганку ў джынсах, без майкi.

— Ты, як манах, жывеш! — крыкнула яму праз плот Аўдоцця. — Бабу сабе не хочаш?

— У сваты прыйшла? — засмяяўся Рыгор.

— Бессаромнiк, накiнь што на плечы! — махнула на яго рукою Аўдоцця. Навошта ты мне патрэбны?! Памрэш, дык прыедуць твае дзецi ды хату тваю на чатыры часткi падзеляць, а мне пятая застанецца — бяры бярвеннi ды цягнi пятую частку! Ведаю я законы, дарагi! На цябе iшач, а тады ўсё дзецям застанецца!

— А я на жонку хату перапiшу! — адказаў Рыгор. — Пойдзеш тады?

— На халеру ты мне! — плюнула Аўдоцця. — Галю маю лепш бяры, маладую!

— Прыводзь! — засмяяўся зноў Рыгор i прысеў на ганак.

— А я ж чула, што ў цябе палюбоўнiца ў горадзе была, якую ты замуж не ўзяў! — вышчарылася Аўдоцця. — Колькi з жонкаю жыў, столькi табе i помсцiла! А вось, глядзi, i сюды дабярэцца!

— Тфу на цябе! — плюнуў Рыгор. — Не накаркай!

Аўдоцця скрывiлася i пайшла да сваёй хаты.

Аленка доўга чакала на прыпынку аўтобус. Павiнна была прыехаць мацi. Нарэшце падкацiла легкавая машина, i адтуль, незадаволена буркаючы, вылезла Соф'я ў кароткай спаднiцы i маладзёжнай майцы.

— Ты ўжо зусiм з глузду з'ехала! — не стрымалася Аленка. — Бабы ў вёсцы засмяюць!

— Пляваць мне на тваiх баб! — кiнула ёй у рукi сваю дарожную сумку Соф'я. — Я дзеля шчасця свайго прыехала!

Яна паправiла прычоску:

— Бабка твая памерла.

— Што, бабка? Ты хiба з Жыровiч? Чаму ж тэлеграму не дала на пахаванне прыехаць?

— Надта шмат пытанняў задаеш! — пайшла паперадзе Соф'я, горда трымаючы галаву. — У гэтай вёсцы Рыгор мой жыве! Цяпер, калi ён разышоўся з жонкаю, калi старая памерла, цяпер вы, гады, мне не перашкодзiце выйсцi замуж за Рыгора! Дзякуй богу, што бацьку твайму ногi адняло! Я ж казала — калека!

— Ты называла яго ўвесь час так, i твае словы збылiся! Ты прыцягваеш адмоўную энергiю на людзей!

— Я — прарочыца! — засмяялася Соф'я. — Казала на цябе — прастытутка? Вось прастытуткай i стала, валяешся ў нагах у гэтага хама, Мiколы! — Соф'я плюнула сабе пад ногi. — Цяпер нiхто не перашкодзiць майму шчасцю!

— Я так i ведала, што бабка памрэ! — усхлiпнула Аленка. — Наш сабака цэлую ноч выў. Потым каровы снiлiся — цэлы статак. А адна адбiлася i прэцца да бабiных варот, а я не пускаю…

— Я варажыла, — усмiхалася Соф'я, — хадзiла да цыганкi, i яна сказала, што i калека хутка памрэ… I разводу не трэба! Рыгор будзе мой…

— Дзе пахавалi бабку? — спытала са слязьмi на вачах Аленка.

— Дзе жыве Рыгор, сучка? — закрычала Соф'я. — Ты мне зубы не загаворвай!

— Атрутнае ў цябе каханне, — прашаптала Аленка. — Ад д'ябла яно!

— А што ад Бога твайго? Што? — ускiпела Соф'я. — Што мне даў твой Бог? Колькi я нi прасiла, нi малiла яго, каб у мяне здарыўся выкiдыш! Табою, сучка, зацяжарала, як Рыгор быў у войску! А ты, сучка, моцна трымалася ў жываце! Колькi я камення пацягала! Колькi праклёнаў табе пасылала, а ты ўсё роўна, назло мне i майму шчасцю з Рыгорам, нарадзiлася! Кажы зараз жа, дзе ён жыве?

Аленка моўчкi паказала на невялiчкую хатку сярод прыземiстага саду. Соф'я, кiнуўшы дачку ў слязах, пабегла ў двор да Рыгора.

— I як жа ж ты той шакалад робiш? Усiх дзяцей перакормiш! — дзiвiлася баба Саша, назiраючы, як Маруся памешвае на агнi малако з цукрам.

— Колькi ты лыжак малака лiла? — убегла ў хату Гайва. — У мяне нiчога не выходзiць — вада адна, i ўсё…

— Трэба ж пароўну ўсяго, — усмiхнулася Маруся, — калi дзве лыжкi малака, то i дзве лыжкi цукру… Глядзi, размешваем… Трэба, каб пяць хвiлiн толькi пакiпела, не болей… Здымаем!

Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.

— Чым займаецца твой брат? — як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. — А дзед што робiць?

— Дзед тэлевiзар глядзiць, — Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.

— Яшчэ адну лыжку кладзi, — параiла Маруся. — А брат што робiць?

— Таксама глядзiць! — Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. — Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.

Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.

— Дзве лыжкi сыпаць? — перапытала ў Марусi.

Тая кiўнула.

— Вайдаш сумны, — працягвала Гайва, памешваючы ў мiсцы. — Нехта яму настрой сапсаваў…

— Стаў на агонь усё! — загадала Маруся. — Няхай кiпiць чатыры хвiлiны. Тады разлiвай у формачкi i стаў у халадзiльнiк…

— I ў цябе таксама няма настрою! — заўважыла Гайва. — Учора мы з табою столькi шакаладак нарабiлi! А сёння ты нiчога не хочаш рабiць…

— Нешта Вайдаш са мною i не павiтаўся, — паскардзiлася Маруся. — Глянуў i адвярнуўся.

— На цябе наплялi ўсяго, — растлумачыла Гайва, — быццам бы ты з Галiным Толiкам абдымалася ў лесе…

— Вось яно што! — уздыхнула Маруся. — Ён у плёткi верыць?

— Можа, ён цябе зараўнаваў! — засмяялася Гайва.

— Анатоля я ведаю проста як сябра, перадай яму! I хай ён не судзiць мяне па сабе! Анатоль мне ўсю праўду пра яго сказаў, пра яго адносiны з Галяй i Аленкай! — раззлавалася Маруся.

— Пойдзем сёння ў лагер! — прапанавала Гайва. — Няхай Вайдаш параўнуе! I Алесiк таксама!

Маруся згодна кiўнула галавою.

…Утульна i цiха было ноччу ля вогнiшча. Анатоль раздаваў у кубках гарбату. Мiкола абапёрся на грыф сваёй гiтары i пазiраў на цёмную паверхню вады, у якой раз-пораз плёскалася рыба. Антось трымаў у руцэ галiнку i адмахваўся ёю ад камароў. Галя сядзела, насупiўшыся, ля яго i кiдала незадаволеныя позiркi на Марусю i Гайву.

— Я раскажу вам аповяд, — прапанаваў Мiкола. — Пра каханне. Шкада, што няма Аленкi, паехала на магiлу да сваёй бабкi. Але ж слухайце. Некалi чалавек быў магутны, ён меў выгляд страшны: жаночае i мужчынскае тулавы, зрослыя ў адно. Багi вельмi баялiся гэтых людзей, таму рассеклi iх на палавiны: мужчынскую i жаночую… Тады чалавек стаў слабы i няшчасны — ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю… Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку…

— Таму, што верым у гэтую казку! — строга сказаў Антось. — Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе — душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа — бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай — бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш — здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у свеце сваiх фантазiй, у падмане д'ябла! Нам трэба адмовiцца ад гэтага свету i дбаць пра свет вечны…

— А я веру ў каханне! — запярэчыў Мiкола. — Петрарка i Лаура… Неферцiцi i Эханатон… Рамэа i Джульета…

— Сцiхнi! — Антось адкiнуў убок галiнку. — Петрарка нiколi не падыходзiў да Лауры, ён кахаў сваё каханне, сваю фантазiю. Рамэа i Джульета — думка, хаця такое i можа здарыцца ў час закаханасцi. Але што ж потым? Неферцiцi? Так, яна сiмвал не толькi прыгажосцi, але i мудрасцi, дапамагала мужу ў рэформах. У iх было шасцёра дачок. Неферцiцi прыхiльна сустрэла рэлiгiйную рэформу Эханатона. Кажуць, да пары збан ваду носiць. Праз дваццаць гадоў сямейнай iдылii фараон закахаўся ў жанчыну маладую, у Кiю. Неферцiцi пакiнула мужа i замкнулася ў палацы, якi ён раней пабудаваў ёй. Кiя была авантурысткай, але аслеплены фараон не бачыў гэтага. Яго напаткала д'ябальскае каханне, прага да цела. Замест любовi боскай, якая была памiж iм i Неферцiцi, любовi, сяброўства, ён выбраў д'ябальскае. Немалады i хворы фараон пад прымусам Кii выжыў Неферцiцi з яе палаца, сцёр яе адлюстраваннi са сцен i намаляваў Кiю. Палюбоўнiца дамаглася афiцыйнага тытула фараона — суправiцельнiцы. Ёй пры жыццi была зроблена залатая труна. Але з вышынi сваёй Кiя бразнулася нiц. Падрабязнасцяў гэтага вучоныя пакуль не ведаюць. У Кii адабралi палацы i аддалi iх дочкам Неферцiцi. Яе iмя пасаскрабалi са сцен i сасудаў. Адабралi i труну. Час смерцi Кii i далейшы лёс фараона невядомы. Але дакладна вядома, што Неферцiцi перажыла iх абодвух. Яна выдала замуж дачок, але так i не дачакалася ўнукаў. Дочкi былi бясплоднымi. Напэўна, так пакараў Бог род фараона. Малодшая дачка Неферцiцi выйшла замуж за фараона Тутанхамона. Неферцiцi памерла на чацвёртым годзе яго кiравання. Але i ён доўга не пражыў. У ягонай пахавальнi ў шкатулцы захавалiся дзве малюсенькiя мумii мёртванароджаных ягоных дзяцей. Удава Тутанхамона болей замуж не выйшла. Так на дачцэ Неферцiцi Анхесенпаатон i скончылася васемнаццатая дынастыя егiпецкiх фараонаў, сышла з гiстарычнай арэны калiсь вялiкая i дружная сям'я Эханатона i Неферцiцi. А ўсяму вiною блуд фараона…

Усе моўчкi глядзелi на вогнiшча. Галя паднялася i пайшла спаць у палатку. Мiкола пайшоў правесцi яе, аб нечым размаўляў з дзяўчынай. А калi тая схавалася ў палатцы, ён аслупянела запынiўся i амаль хвiлiну пазiраў некуды ў цемру.

— Што з табою? — аклiкнуў яго Анатоль.

Той здрыгануўся i моўчкi вярнуўся да вогнiшча. Праз хвiлiну ў стане паказаўся Алесь. Гайва ажывiлася, пачала жартаваць.

— Пацалуй мяне перад хлопцамi! — шапнула яму на вуха. — Апошнi iспыт. Тады паверу, што кахаеш!

Алесь упарта маўчаў.

— Можа, спаць пойдзем? — спытаў у хлопцаў Мiкола. — Туман над рэчкаю, да сну хiлiць…

— А вось калi Алесiк пацалуе мяне, тады i пойдзем! — засмяялася Гайва i падставiла хлопцу шчаку. Але той не пацалаваў. Гайва надзьмула вусны i ўскочыла з бярвенца.

— Пайшлi, Маруся, дадому! — паклiкала яна.

Дзяўчаты развiталiся. Алесь i Анатоль узялiся правесцi iх дахаты. Калi яны адышлiся на некалькi метраў ад лагера, пачулi страшэнны крык Мiколы, хлопец крычаў не сваiм голасам. Яны кiнулiся назад. Збялелы, перапалоханы Мiкола сядзеў на каленях ля Галiнай палаткi, а дзяўчына сонна лыпала вачыма, пацiраючы шыю.

— Вось у гэтае месца! — паказваў на Галiну шыю Мiкола.

Рукi ў яго трэслiся.

— Скура не пракушана, — шаптаў ён. — Яна ў Галi так энергiю забiрала — як вампiр кроў смокча. Прыцiснулася вуснамi да шыi — i забiрала энергiю. Яна ў лесе стаяла за дрэвамi, пакуль мы сядзелi ля вогнiшча. Чакала. Я бачыў яе ў падзямеллi…

— Хто гэта быў? — спытаў Антось. — Жанчына? Ты яе ведаеш?

— Соф'я… — трасучыся, вымавiў Мiкола. — Аленчына мацi…

— Казкi ўсё гэта! — працягнуў Анатоль.

— Не казкi! — перабiў яго Антось. — Соф'я — энергетычны вампiр. Яе астральнае цела выходзiць у час сну i забiрае ў людзей энергiю. Калi Соф'я памрэ, цела яе застанецца ружовым у труне, бо астрал будзе падтрымлiваць яго, сiлкаваць энергiяй. Трэба забiць асiнавы кол на яе магiле, калi памрэ, iнакш яна доўгi час будзе мучыць людзей i мёртвая…

Маруся здрыганулася. Усе баялiся заставацца ў лагеры. Мiкола прапанаваў пайсцi начаваць да ягонага бацькi.

— Нам трэба ўсю ноч малiцца, — прамовiў Антось.

I яны рушылi ў бок вёскi.

Ля хаты дзядзькi Адася Маруся развiталася i пайшла спаць.

Галя прапанавала Анатолю пайсцi да яе.

— Людзi смяюцца, што я то ў палатцы начую, то ў Адася, — сказала яна. Хопiць дзьмуцца на мяне. Я табе дарую тое, што ты з Марусяй абдымаўся…

— Я з ёю не абдымаўся! — раўнуў на яе Анатоль. — Мне раўнiвая жонка не патрэбна!

I скiраваў у двор.

Гайва стаяла памiж Мiколам i Алесем i смяялася.

— Галя, пойдзем начаваць да дзядзькi? — жартавала яна.

Тая, развiтаўшыся, пайшла дахаты адна.

— Ну што ж, — Гайва горда ўзняла галаву, — iдзiце, хлопцы, сабе спiце! А я пагуляю… Адна… Вось Алесiк не пацалаваў мяне, значыць, не кахае…

Мiкола тым часам цмокнуў дзяўчыну ў шчаку. Яна засмяялася.

— Да пабачэння! — скрывiўшы вусны, прамовiў Алесь i пайшоў ад iх.

Гайва сцiхла. Ёй стала крыўдна i адначасова сорамна. Яна памкнулася была пабегчы за Алесем, але не рашылася.

— Хлопцы, iдзiце ў хату! — загадаў Антось. — Я правяду Гайву, мне трэба з ёю пагаварыць…

Анатоль стомлена паплёўся за Мiколам да дзвярэй.

Калi падышлi да хаты дзеда Ўладыморыка, Антось стаў насупраць Гайвы i прамовiў:

— Памятай, у цябе брат вялiкi чалавек, князь, дырэктар фiрмы, а ты пустая i дурная… Цябе нiколi не пакахае нiводзiн хлопец, бо ты кiдаешся iмi, зневажаеш. Табе здаецца, што ты — каралева, а на самай справе — дзяўчынка на ноч… Так, хто першы пацалуе!..

Гайва з размаху стукнула яго па твары.

— Дзякуй, — пацёр шчаку Антось. — Можа, паразумнееш! Другi табе праўду нiколi не скажа, а выкарыстае тваё глупства ў сваiх мэтах… Хлопцы любяць дурненькiх, без гонару, пустых, як збанок той, што валяецца ў дзеда Ўладыморыка ля сабачай будкi…

* * *

Горкiмi здавалiся першыя яблыкi, горкiмi былi малiны i ўвесь свет для Зоськi, асаблiва калi яна падыходзiла да люстэрка. Увесь яе твар быў пабiты прышчамi. Хоць i працавала яна бiблiятэкаркай пасля заканчэння тэхнiкума, хоць i кнiжкi цiкавыя чытала i шмат ведала, але нiводзiн з хлопцаў нiколi не запрашаў яе да танцаў. Вось i Матрунiн Алесь. Хутка будзе настаўнiкам у iхняй школе. Цiкавы i добры хлопец, заўсёды ёсць з iм аб чым пагаварыць, а як танцы, дык мiма праходзiць.

Зоська нашчыпала цыбулi ў боршч i памкнулася ўжо iсцi ў хату, як праз плот яе гукнула жанчына ў ружовым халаце. Гэта была госця дзядзькi Рыгора.

— У цябе памада для губ ёсць, прыгажуня? — папыталася ў яе жанчына. — Нясi мне сюды!

Зоська паслухмяна пайшла ў хату i прынесла.

— Завi мяне Соф'я, — сказала жанчына, малюючы вусны. — На каву не хочаш мяне запрасiць?

— Хадземце, — сцiпла адказала Зоська.

Соф'я ўладкавалася на стуле i чакала, пакуль дзяўчына згатуе пiтво. Затым, адсёрбваючы гарачую каву, мовiла:

— Дапамажы мне ў адной справе. Трэба дзядзьку Рыгора прычараваць… А ў цябе ёсць хлопец? — зыркнула на яе вачыма, згледзела на падваконнiку сшытак, разгарнула. — Ой, Алесь, Алесь… Вершы яму пiшаш? Давай i Алеся твайго прычаруем, га?

— Не, мне не трэба! — адмовiлася Зоська.

— Тады дазволь люстэркам тваiм, тым, вялiкiм, што ў калiдоры, пакарыстацца. Мне трэба зараз. На сенавал яго мне аднясi!

— А самi вы не можаце? — павысiла голас Зоська. — Я ж вам не рабыня!

— Не пiшчы, казяўка! — скрывiлася Соф'я. — Маё каханне вышэй за вас усiх! Усе вы — нiкчэмнасць!

Яна зняла са сцяны люстэрка i пайшла з iм на сенавал да Рыгора.

— Свечкi будзеце палiць? — крыкнула ёй услед Зоська. — Хлеў не спалiце.

Соф'я палезла ў кiшэню халата i выцягнула адтуль маленькую кнiжачку, на вокладцы якой быў намаляваны д'ябал i розныя незразумелыя знакi.

— Чорная магiя, дурнiца! — скрывiла вусны Соф'я. — Будзеце мяне баяцца ўсе як агню!

I палезла па драбiнах на гарышча ў хляве.

Зоська спужана лыпала вачыма, затым пабегла, замкнула сваю хату i накiравалася ў двор бабы Сашы.

Старая пякла аладкi. Запрасiла Зоську пачаставацца. Тая расказала бабцы аб усiм, што здарылася.

— Трэба Ўладыморыка паклiкаць, пайшлi! — знайшлася бабка Саша.

I яны заспяшалiся да дзеда. Дома быў Вайдаш. Ён прыветлiва сустрэў бабку i Зосю, прапанаваў сядаць, пачаставаў мёдам, а сам пайшоў у сад за дзедам. Уладыморак выслухаў iхнi аповяд, i яны ўсе, разам з Вайдашам, вырашылi пайсцi да Рыгора. Таго дома не аказалася. Аўдоцця, якая ведала ўсе вясковыя навiны, сказала, што Рыгор яшчэ ўчора вечарам паехаў у горад. Тады яны пайшлi да хлява. Раптам дзверы самi расчынiлiся, падняўся буран, раскiдаў па двары сена, закружыўся вiхор… Страшэнны крык пачуўся з хлява… Калi ўсё сцiхла, Вайдаш, пачакаўшы крышку, падняўся на гарышча. Тое, што ён убачыў, прымусiла яго здрыгануцца. Цела Соф'i нейкiм дзiўным чынам было рассечана на дзве часткi, якiя знаходзiлiся па розных баках вялiкага люстэрка…

Залацiстыя купалы i зялёныя сцены велiчна паўсталi перад Аленкай, калi яна, пасля наведвання магiлы бабулькi, прыйшла ў Жыровiцкi манастыр. Утульнасць, спакой i цiшыня ўладарылi тут. Ступiла за зялёныя вароты — i адкрыўся ёй другi свет, невядомае дагэтуль жыццё… Iшла Аленка сюды ўжо, каб застацца… Тут усё прачынаецца рана. Аленка паспела да ранiшняй службы. Пазнала сваiх сясцёр — замкнутая, маўклiвая сястра Марыя. На вiд ёй год васемнаццаць. Жывая, усмешлiвая Стэфанiя, год дваццацi. У яе было першае каханне, вяселле. А з войска ён вярнуўся не да яе… Каханне — падман. Гануля — прыгожая, гнуткая. У жыццi не знайшла сябе. Лёс не даў збыцца яе планам i марам. Цяпер усё суцяшэнне — у Богу. Вольга нiяк не зразумее, чаму навокал так шмат злых людзей, таму знайшла прытулак у Бога. Горкае расчараванне ў людзях прывяло сюды i Кацярыну. Загiнулi ў аварыi родныя Святланы i Алены. За грахi бацькоў-п'янiц прыйшла малiцца Таццяна. Так i не ўладкавалiся ў жыццi Дар'я i Iрына. Такi лёс манашак i старэйшых. Зараз усе сёстры моляцца за жывых сваякоў i памерлых…

Аленка прайшла да карпусоў духавенства, знайшла пакой матушкi iгуменнi i папрасiла прыняць яе. Выслухаўшы аповяд дзяўчыны, яе жаданне пайсцi ў манастыр, матушка сказала:

— Дзiця маё, але ў цябе ў мiру ёсць хворы бацька. Хто яго дагледзiць? Сама ж казала, што мацi паехала да другога. Можна выконваць усе патрабаваннi манаскiя ў мiру. I нават патрэбна. Гэта будзе твой першы послух — выходжваць бацьку аж да самай ягонай смерцi. Жыццё манаскае ёсць жыццё па евангельскiх запаведзях, якiя нам даў Хрыстос, Збавiцель наш. I запавядаў гэта ўсiм без выключэння. Калi табе па душы жыццё манаскае — будзь манахiняй, калi ты прызваная Богам служыць у мiру, то заставайся там. Хвалiць Госпада можна ўсюды, аберагаючы ў душы сваёй, у сэрцы сваiм, падпарадкоўваючыся законам Божым. Манах — гэта той, хто прытрымлiваецца запаведзяў. Манах ёсць той, у каго цела ачышчанае, чыстыя вусны i розум прасветлены, хто, смуткуючы i хварэючы, заўсёды памятае i думае пра смерць — i ў сне, i ў час малiтвы i працы. Манах — бездань пакорлiвасцi, у якой ён утапiў усякага злога духа. Вера наша выражаецца ў размове i даверлiвасцi да Бога, размова — ёсць малiтва. Вера стрымлiвае эгаiзм, дае чалавеку свабоду i спакой, дабрыню. Iспыты i смуткi непазбежныя ў жыццi — яны правяраюць нашу веру. Смутак упэўнiвае нас у тым, як недаўгавечны радасцi зямныя, мiрскiя… Што трэба рыхтавацца да больш дасканалага, вечнага жыцця — у свеце Гасподнiм, духоўным, нябачным для нас цяпер…

Матушка iгумення ўзяла ў рукi тоўстую кнiгу "Жыццё святых" i цiха мовiла:

— Многiя лiчаць манашак дзiвачкамi, маўляў, як гэта яны жывуць без мужчын, без сям'i. Але ж мэта жыцця i сэнс не ў гэтым…

Твар у матушкi чысты, здаецца — свецiцца. Вочы — вялiкiя, разумныя.

— Iдзi пакуль, пажывi ў мiру, — параiла ёй матушка, — правер веру сваю, дагледзь бацьку. Толькi аберагай чысцiню цела i душы… Можа, табе знойдзецца добры хрысцiянiн, вернiк… Вось паслухай пра святую мучанiцу Людмiлу…

Матушка разгарнула кнiгу i прачытала:

— Людмiла была родам з Сербii, дачка князя. Выйшла замуж за князя чэшскага. У той час чэшскi народ быў яшчэ не хрышчаны. Пасля шлюбу князь i яго жонка даведалiся пра Хрыста, пра Бога адзiнага — i прынялi хрышчэнне. Пабудавалi цэрквы. Запрасiлi ў iх святароў. У iх было тры сыны i адна дачка. У хуткiм часе муж Людмiлы памёр. Княжна смуткавала i суцяшала сябе ў малiтве, раздавала бедным мiласцiну. Нявестка ж узненавiдзела свякруху-хрысцiянку i вырашыла загубiць яе. Яна падаслала бандытаў, i тыя забiлi Людмiлу. Ёй тады было шэсцьдзесят год. Усё сваё жыццё Людмiла пражыла як хрысцiянка, таму Гасподзь праславiў многiмi цудамi месца яе пахавання: кожную ноч над тым месцам з'яўлялiся свечкi i гарэлi ўсю ноч… Сын Людмiлы перанёс яе мошчы ў Прагу, дзе яны знаходзяцца i цяпер…

Матушка перагарнула некалькi лiстоў.

— А вось пра Фёклу, — пачала яна. — Фёкла яшчэ была дзяўчынаю, калi пачула ад апосталаў пра Iсуса. Павел, размаўляючы з ёю пра чысцiню духоўную i цялесную, сказаў, што дзяўчына, якая беражэ сваю чысцiню, не iдзе замуж, падобная да анёлаў, а Хрыстос — ёсць жанiх яе… Фёкла цвёрда вырашыла пакiнуць жанiха свайго зямнога — не выходзiць за яго замуж. Яна не скарылася волi бацькоў i збегла ў пустыню. Хутка яе схапiлi, i яе мацi ад злосцi i непакорнасцi дачкi паддалася ўплыву д'ябла i крыкнула:

— Спалiце яе!

…Да здзiўлення ўсiх, полымя высока паднялося i акружыла Фёклу, не чапаючы яе, а потым раптам пайшоў дождж з градам i патушыў полымя. Фёкла была выгнана з горада…

…Адзiн князь закахаўся ў Фёклу, высачыў яе, прапанаваў стаць ягонай жонкай. Але Фёкла не паддалася на спакусу д'ябла.

…Кiнулi Фёклу да дзiкiх звяроў, але тыя не кранулi яе.

— На ёй чароўная вопратка! — закрычалi язычнiкi. — Здымiце яе!

…Звяры ляглi да ног Фёклы, прыкрываючы яе сваiмi целамi, каб злыя людзi не глядзелi на яе голую…

…Пражыла Фёкла чыстаю ў пустынi, лячыла людзей ад хвароб, а калi стала старою, то вырашылi хлопцы наглумiцца над ёю. Фёкла бегла ад iх i прасiла Бога выратаваць яе. Тады скала расступiлася — i праглынула Фёклу, абаранiла чысцiню яе. Гэтая гара зрабiлася магiлай бязгрэшнага цела яе. Цяпер яна ў вечным жыццi праслаўляе Бога…

Матушка ўздыхнула.

— Выбiрай сама шлях свой да Госпада, — сказала яна Аленцы.

Вясковыя людзi адмовiлiся хаваць Соф'ю — яны баялiся нават наблiзiцца да яе. У горадзе муж Соф'i па стану здароўя не мог арганiзаваць пахаванне. Ягоная дачка даглядала яго i ў страху малiлася штодзённа i кожную ноч. Прыняць цела мацi яна адмовiлася. Так i ляжала Соф'я ў раённай трупернi каля двух тыдняў, пакуль раённыя ўлады не пахавалi яе, захутаўшы ў тканiну, без труны. Закапалi за могiлкамi, у раўчуку. Вось тады i пачалося: кожную ноч нешта скавытала на магiле, кружылi вялiкiя птушкi, непадалёку ад таго месца траплялi ў аварыю машыны. Да ўсяго яшчэ ў прыдатак многiя, хто бачыў ноччу жанчыну ў ружовым халаце, пачыналi адчуваць млявасць, слабелi рукi i ногi не маглi хадзiць. Выклiкалi бацюшку, але той адмовiўся i наблiжацца да магiлы. Трэба было ноччу, апоўначы, забiць асiнавы кол у магiлу, але ўсе баялiся. А больш за ўсiх Зоська.

Сёння яна мыла на рэчцы бялiзну i ўспамiнала, як хадзiла вечарам да турысцкага вогнiшча. Прыгажун Мiкола трымаў у руцэ жалезны кубак з накрыўкай i расказваў паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ён сказаў, што знiшчыў Чорную здань, i цяпер кожная дзяўчына можа быць спакойнай — яе не напаткае сляпое каханне, прага да цела.

Сляпое цi не сляпое каханне ў яе да Алеся, дзяўчына не ведала. Але тое, што ён учора не звяртаў увагi на Гайву, якая ўвесь вечар лезла да яго, як лiса, песцiлася… Зоська падслухала iхнюю размову ля дуба. Гайва малiлася, каб Алесь за нешта не крыўдаваў на яе, але той быў непахiсны… Можа, ён закахаўся ў iншую?..

— Гэй, ты мне ўсю рыбу разагнала! — крыкнуў нехта з моста.

Зоська падняла галаву. Алесь! Чырвань залiла яе твар. Хлопец спусцiўся ўнiз, падышоў да яе.

— А хто ж гэта на мелкаводдзi рыбу вудзiць? — засмяялася Зоська. — Тут толькi бялiзну палошчуць!

— Я пажартаваў, - прысеў на траву Алесь. — А ты так на беразе i сушыш бялiзну?

— А каб часу марна не трацiць! — гарэзлiва адказала Зоська. — Давай i тваю кашулю памыю!

Алесь зняў i падаў Зосьцы. Пакуль тая мыла, нарваў ёй букецiк незабудак. Падаў.

— Дзякую, — прашаптала Зоська, не верачы свайму шчасцю.

— Яны на твае вочы падобныя! — засмяяўся Алесь.

Нейкi час ён моўчкi сядзеў на беразе, потым спытаў:

— Ты чаму на танцы перастала хадзiць? Соф'i баiшся? А можа, сходзiм удваiх на яе магiлу?..

— Спатканне там назначаеш? — засмяялася Зоська, аж прысела. — Ой, не магу! Рамантычная прапанова! Каму сказаць — жываты палопаюцца!

— А што? — у тон ёй адказаў Алесiк. — Затое не банальна! Спатканне на магiле вампiра… Ды з такою дзяўчынаю, як ты, не толькi ў разведку, але i на магiлу Соф'i iсцi не страшна — не падвядзеш, надзейная!

— Адкуль ты ведаеш, што я надзейная?

— А што? Збяжыш пры першых цяжкасцях? Палахлiвая?

Алесь загадкава ўсмiхнуўся:

— Ты, мусiць, i жонка была б надзейная…

— Вядома! — скрывiла вусны Зоська. — Не збягу, як Гайва-прыгажуня, бо хто на такую паквапiцца! Ты добра ўсё разлiчыў — выдатная рабочая сiла: мыць, шыць, грады палоць!

Зоська адкiнула ўбок мокрую хустку, якую мыла.

— Думаеш, мне замуж ваш патрэбен? — горда сказала яна. — Адной у сто разоў лепей! Нiхто нервы не матае. Бяры сваю кашулю — высахла ўжо, i iдзi адсюль, не перашкаджай!

Алесь усмiхнуўся, падышоў да Зоськi i нечакана пацалаваў. Дзяўчына адпiхнула яго, i той бразнуўся ў ваду. Выйшаў мокры, злы.

— Праўду кажаш — не патрэбен табе той замуж! — насмешлiва кiнуў ёй. — Хто з табою, дзiкаркаю, ужывецца!

I пайшоў.

…Вечарам Зоська, як заўсёды, баялася нават зiрнуць на тое месца, дзе раней вiсела вялiкае люстэрка, — ёй здавалася, што там стаiць Соф'я. Мацi, як заўсёды, падаiўшы карову ў палове дзевятага, легла спаць. Бацька гуляў з братам у карты. Зоська, калоцячыся, чакала наблiжэння поўначы. Але яшчэ было толькi адзiнаццаць. Яна выйшла, са страхам гледзячы на Рыгораў хлеў. Дзядзька Рыгор сядзеў на ганку i плёў кошык.

— Хлеў ужо асвяцiлi? — пацiкавiлася Зоська. — Нiчога адтуль не чуеце, не бачыце?

— Чарцей не трэба баяцца! — засмяяўся Рыгор. — Калi баiшся, то яны радуюцца. У мяне неяк у хляве цэбар стаяў, а тады сам па сабе перавярнуўся, дык я як пачаў лаяць чарцяку ды выганяць: "Прэч адсюль, поскудзь!" Памятаеш, як Iсус сказаў у пустынi: "Адыдзi ад мяне, сатана!" Дык з таго часу ў мяне нiякiх чарцей не водзiцца. Яны баяцца смелых!

— Праўда? — раскрыла вочы Зоська. — А на магiле Соф'i можна асiнавы кол забiць? Абавязкова ў поўнач, а калi ў поўдзень або цяпер вось, калi вiдно яшчэ?..

— Калi хочаш! — махнуў рукою Рыгор.

Зоська, аб нечым крыху падумаўшы, узяла сякеру i накiравалася ў лясок. Там, бесперапынна молячыся, высекла вялiкi асiнавы дрын — i пайшла да магiлы Соф'i. Чым блiжэй падыходзiла, тым станавiлася страшней. Раптам ёй паказалася, што нехта iдзе следам. Азiрнулася — нiкога. Яна набрала ў лёгкiя паветра i гучна выдыхнула.

— Адыдзi ад мяне, сатана! Я цябе не баюся! — прашаптала яна.

Пачала падыходзiць да раўчука. Было яшчэ вiдна, але ад лесу ўжо цягнулiся цёмныя ценi. Яна не глядзела туды.

— Адыдзi да мяне, сатана! — гучней сказала Зоська i падышла да магiлы.

Падалося, што нехта ззаду затупаў i схаваўся за дрэвам. Але Зоська не азiрнулася. Воклiч, шэпт… Нехта назваў яе iмя…

— Адыдзi ад мяне, сатана! — моцна крыкнула Зоська i ўваткнула асiнавы кол у магiлу.

Пачала са злосцю забiваць дрын у зямлю, i дзiўна, што з кожным ударам ёй станавiлася лягчэй!.. Закончыўшы справу, яна перахрысцiлася, прачытала ўслых малiтву i раптам пачула прыглушаны смех. Пастаяла крыху, затым перахрысцiлася на ўсе бакi i пакрочыла ад магiлы. Iшла спакойна, але ўвесь час здавалася, што нехта iдзе следам. Тады яна, не азiраючыся, кiнула назад сякеру. Нехта войкнуў i мацюкнуўся.

— Во дурная! Чалавека забiць можа! — пачула голас Алеся, цi тое падалося.

Зоська не азiралася. Ён дагнаў яе. Паспрабаваў нешта сказаць.

— Адыдзi! — са злосцю замахнулася Зоська.

— Я ж табе не сатана! — залiхвацкi засмяяўся ён. — Ну ты i дзяўчына смелая! Усю вёску ад вампiра выратавала!

Зоська нiчога не адказала. Iшлi невялiчкай сцяжынкай, паўз рэчку. Нечакана, на павароце, пачулiся дзiўныя гукi — быццам сабака скуголiў. Алесь насцярожана прыслухаўся, прыгледзеўся i ўбачыў на сцяжынцы бабра. Светла-буры небарака з невялiкай круглай галавою i амаль голым плоскiм хвастом глядзеў на iх маленькiмi вочкамi, чорнымi, як вугольчыкi, i выцiраў iх кароткiмi пярэднiмi лапкамi, нахiляючыся то ў адзiн, то ў другi бок. З вачэй звярка кацiлiся слёзы, i выгляд ад гэтага ў яго быў няшчасны.

— Чаму ён плача? — цiха спытала Зоська.

— Таму, што мы з табою загарадзiлi яму дарогу.

— Хiба ён не можа абысцi?

— Вось у гэтым яго i бяда, што не можа, — самотна мовiў хлопец. — Такi ўжо ён дзiвак. Калi выйдзе з рэчкi пагрызцi кару асiны, то абавязкова павiнен вярнуцца назад па той самай сцяжынцы, па якой прыйшоў. А калi яна занята, то будзе сядзець i плакаць… З-за гэтага яны i гiнуць.

— Кажуць, хто заб'е бабра, таму не будзе дабра, — успомнiла прыказку Зоська.

Бабёр старанна выцiраў вочкi, прысядаў, зноў станавiўся на заднiя лапкi, умольна пазiраў чорнымi вочкамi, пакуль Алесь з дзяўчынай не адышлi ўбок. Тады звярок падскочыў ад радасцi i заспяшаўся да рэчкi, плюхнуўся ў ваду i знiк.

Нечакана Алесь абняў Зоську i пацалаваў. Дзяўчына вырвалася ад яго i пабегла дахаты праз зелянеючыя агароды.

— Мне трэба жонка не толькi прыгожая, але i разумная! — буркнуў Анатоль, скручваючы палатку.

Галя пераступiла з нагi на нагу, кiнула позiрк у бок Антося, той сядзеў на ўжо сабраным заплечнiку i перабiраў струны гiтары.

— Толечка! Ва ўсiх людзей здараюцца памылкi! — умольна заглянула яму ў твар Галя.

— А хто пусцiў плёткi пра мяне i Марусю? — са злосцю вымавiў той. — А хто кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму расказваў пра мяне i Вайдаша? З усiмi, як дурная, раiлася: iсцi мне за Анатоля цi чакаць Вайдаша?

— Навошта мне твой Вайдаш! — узмалiлася Галя. — Ён жа з Марусяй спутаўся начальнiк са сваёй падначаленай! Яна палюбоўнiца ягоная!

— Што? — вытарашчыў вочы на яе Анатоль, адкiнуў убок палатку. — Ану! Антось, пайшлi хутчэй да Мiколы, час ехаць ужо! Па дарозе я зайду да Марусi… — буркнуў сабе пад нос.

Яны пакрочылi ў бок вёскi. Галя пакорлiва плялася ззаду Анатоля.

— Калi ты ўжо навучышся апранацца! — кiнуў ёй Анатоль. — Сорамна, калi каго знаёмага сустрэну! Ты так i ў горадзе хадзiць будзеш? Босая, сукенка брудная…

— Гэта ж вёска… — прамармытала яна.

— Вёска, вёска! — агрызнуўся той. — Паглядзi, як Гайва апранаецца!

— Яна ж сястра князя…

— А Маруся?

Галя аж ускiпела:

— А што ёй? Курве гэтай! Твая была палюбоўнiца — хамава, цяпер — князева! Сяброўка такая — хлопца ў мяне адбiла, абодвух! Вунь у Зосьчынай мацi ёсць сяброўка — Святлана, дык сёння Зосьчыну мацi ў раддом забралi, а цётка Света ўсё дапамагае: кароў доiць, свiней кормiць! Цётчынаму мужыку есцi варыць! Вось гэта сяброўка, дык сяброўка!

Галя пiхнула нагою хортку i ўвайшла ў свой двор. Азiрнулася, крыкнула на развiтанне Анатолю:

— Шчаслiвай дарогi!

I, плачучы, заспяшалася ў хату.

Хлопцы скiравалi да Мiколавага двара. Той ужо чакаў iх — сядзеў на лавачцы пад яблыняй. Побач — спартовая сумка.

— Што, на працу ўжо сабраўся? — усмiхнуўся Анатоль.

— Дык Наташка ж, трамвайшчыца, — глянуў у бок Антося, — памятаеш, такая прыдуркаватая, усё жратву мне насiла, да сябе на працу ўладкавала! Цяпер буду вучыцца на вадзiцеля, у горадзе застануся. Хоць адна дзяўчына добрую справу зрабiла!

— А што з Аленкай? — пацiкавiўся Антось. — Усё мiлавалiся ў паходзе…

— Навошта яна мне з такою дурною маткаю! Праўда, ужо пакойнiца матка, але ўсё роўна непрыемна ведаць, што Аленка яе дачка… Мне б дзяўчыну з добрага роду, вось як Гайва… — задумлiва ўзняў вочы Мiкола. — Але яна не хоча быць са мною — Алеся кахае… Што ж, будзе дзяўчынаю маёй мары… Прыгожая! Праўда, хлопцамi кiдаецца, кошту сабе не ведае, задавака ганарыстая!

— Даганарыцца! — заключыў Антось. — З доўгага выбору — лапцi ды аборы…

— Яе ж брат дадому адправiў! — выйшаў з хаты бацька Мiколы.

Хлопцы прывiталiся з iм. Дзядзька сеў з iмi побач на лаву, запалiў.

— Што, скончыўся паход? — закiваў галавою. — Цяпер — хто куды… А ты, Антось, дзе працаваць збiраешся, можа, таксама, як мой Мiкола, ад вёскi адмовiўся…

— Я ў семiнарыю пайду вучыцца, — адказаў той.

Хлопцы са здзiўленнем паглядзелi на яго.

У гэты момант у двор уляцела заплаканая Зоська.

— Дзядзька Адась! — заплакала яна. — Вы, як бацька хросны, парайце, што мне рабiць! Мацi яшчэ ў раддоме, а цётка Света бацьку нашага забрала да сябе жыць! Я адна па гаспадарцы! А што ж я мацi скажу, калi з раддома явiцца? Дзе татка, скажу? — галасiла яна. — Да цёткi Светы перайшоў! Вось якая яна сяброўка была маёй мацi — мужыка адбiла!

— Мусiць, яны даўно ўжо знюхалiся, — агоркла мовiў дзядзька Адась, прытулiўшы да сябе Зоську.

— Бабам нельга верыць! — са злосцю абазваўся Мiкола. — Сяброўка — гэта першы вораг! За што я жанчын не люблю! Вось мужчынскае сяброўства — гэта жалезна!

— Свет — бардак, а людзi — б… — буркнуў Анатоль, пацiраючы бараду.

— Я ж казаў вам — каханне ад д'ябла, — заключыў Антось, уздыхнуўшы. Каханне прыносiць пакуты, здраду, яно забiвае. А любоў боская — самая правiльная любоў на свеце. Яна — у манастырах…

— Чаму вы не прыйшлi ўчора вечарам? — запытаў Марусю Дуброўскi, заходзячы ў двор бабы Сашы.

Маруся кармiла пшаном куранят. Азiрнулася, глянула на яго.

— Адзiн раз я ўжо зайшла, да дзеда Ўладыморыка, па справе, — уздыхнула Маруся, — а колькi стала плётак! Сказалi, што я — ваша палюбоўнiца.

— Вось як? — засмяяўся Дуброўскi. — А я чуў другое…

— Мяне зусiм не цiкавiць, што вы чулi, — адказала Маруся i паднялася на ганак. — Сёння я еду дадому. Работа мазаiчнiцы больш не патрэбна ў маёнтку.

Дуброўскi сарваў маленькую блакiтную кветачку ў траве. Яна мела тры пялёсткi, а пасярэдзiне дзве стрэлачкi.

— Ведаеце, як называецца гэта кветачка? — лагодна запытаў Дуброўскi.

Маруся ўсмiхнулася, твар яе пасвятлеў.

— Гадзiннiчак, — адказала яна. — Я так назвала яго ў дзяцiнстве… А другую, ружовую, у якой пялёсткi падобныя на сонечныя промнiкi, — сонейкам… Я любiла сваю вёску Хвойнае, там былi такiя добрыя людзi! Яна выселена з-за радыяцыi, але людзi вяртаюцца, а ў iншыя хаты засялiлiся чужыя — прыезджыя людзi з розных месцаў…

— Вы пакажаце мне сваю вёску? — папрасiў Дуброўскi. — Раскажаце, дзе хто жыў…

— Гэта ж далёка…

— Мы паедзем на маёй машыне.

— Не, дзякую, — адмовiлася Маруся, — ужо i так куча плётак. Сустрэла неяк у лесе Анатоля, выдумалi, што абдымалiся. Цяпер пра вас i мяне…

— З людзьмi нiзкаiнтэлектуальнымi трэба паводзiць сябе асцярожна, — сказаў Дуброўскi. — Раней я таксама гэтага не ведаў i, як вы, таксама iшоў да iх з адкрытаю душою, гутарыў з усiмi, панiбрацтваваў… А яны не паважаюць тады, калi знiжаешся да iх. Яны паважаюць таго, хто зверху над iмi, таго, каго трэба баяцца, хто не звяртае на iх увагi, не размаўляе з iмi. Вось былi два дырэктары ў адным саўгасе. Першы — просты чалавек, гутарыў з iмi, калi чарку-другую прапусцiць, а то i прынясуць яму дадому, як дасць каму машыну цi так што — даведку якую выпiша. Дык яго не баялiся — свой чалавек! I пляткарылi… А прыйшоў другi, дык да яго звяртаецца чалавек, а ён сядзiць i маўчыць. Той чалавек другi раз перапытае: "А можна мне гэта?" Дырэктар зноў маўчыць. Тады калгаснiк аж у ногi кланяецца: "Даражэнькi, а цi можна мне гэта, га?" Вось толькi тады дырэктар, ад сэрца адрываючы, кiне яму: "Добра, iдзi!" А на вулiцы да яго падысцi баялiся, такi ганарысты быў, бо як хто падыдзе i спрабуе казаць што яму, дырэктар iдзе, а чалавек бяжыць ззаду i гаворыць: "А можна мне, га?" Дырэктар сабе пад нос: "Добра, iдзi!" А ў сям'i ён быў ласкавы i разгаворчывы. Так што вучыцеся i вы не размаўляць, вытрымлiваць паўзу, калi да вас звяртаецца хам, быць ганарыстай…

— Вы людзей называеце хамамi? — з прыкрасцю спытала Маруся. — Значыць, вы князь, а яны — хамы?

— А як можна назваць людзей, якiя ўсё жыццё, як свiннi лыча, галавы нiколi не падымалi да сонца. Не бачаць нiякай прыгажосцi навокал, жывуць сярод прыроды i псуюць яе. Гараджане так да прыроды не ставяцца. Пасля паходу ўсё пасля сябе прыбяруць. А вы былi на ўскрайку лесу? У мiнулым годзе там дровы калгаснiкi для пiларамы загатаўлiвалi, дык засмецiлi ўвесь лес — галлё, пнi выкарчаваныя, усё гнiе, не прайсцi, спаганiлi лес. А можна ж было ўсё сабраць у кучу ды людзям аддаць на растопку печаў цi так куды… Металалом з механiчнага двара ў полi валяецца абы-дзе, расцягнуты па ўсiм поплаве. А раней тут якiя травы былi, кветкi. Мазуту ў рэчку злiваюць. Што датычыць мяне, то многiя мне зайздросцяць, багаты, маўляў, маёнтак аднаўляю не так для санаторыя, як для сваёй славы. Яны мне зайздросцяць. Як насякомыя, якiя ляцяць на гнiлое, так i зайздросны чалавек, прамiнуўшы добрыя намеры блiжняга, вышуквае ў iм заганы, каб упiцца языком-джалам сваiм…

Дуброўскi прысеў на лавачку. Маруся апусцiлася на ганак, уважлiва слухаючы яго.

— На вас пляткарылi духоўна пустыя жанчыны, — прадоўжыў ён, — i таксама ад зайздрасцi, бо не могуць зразумець вас — у вас жа багаты ўнутраны свет… I м нiколi гэтага не зразумець. Я таксама не разумею iх, бо трэба для гэтага апусцiцца на ўзровень iх мышлення, а гэта цяжка, бо ў iх свае каштоўнасцi. Год за годам жывуць, гадуючы кароў, свiней, атрымлiваюць грошы i едуць у райцэнтр за шмоткамi. Большае iх не цiкавiць. Нядаўна ў райцэнтры быў фестываль, але нi адна мацi сваё дзiця не пусцiла. Iх самiх не цiкавiць нiчога, акрамя ежы i работы. Неяк была экскурсiя "Архiтэктурныя помнiкi раёна", нiхто з вяскоўцаў не паехаў. "З кiм жа мы карову пакiнем? — гаварылi яны. — Хто ж свiней пакормiць?" Адна настаўнiца не пусцiла сваю дачку. А другая паехала, з дзiцем. I з яе смяялiся. Смяюцца, калi хто iдзе на возера, адпачыць. Не дай бог, каб хто паехаў у санаторый лячыцца — гультайка… Дзяцей у лагер не адпускаюць няхай дома сядзяць, дапамагаюць. У дзецях з маленства забiваюць духоўнасць, i растуць яны сярод духоўнай пустэчы, плётак… А вы, Маруся, яшчэ крыўдзiцеся, што на вас пляткараць! — засмяяўся Дуброўскi. — А чым жа iм тут заняцца, калi не прамываннем касцей другога? На разумнейшае — галава не варыць. Яны жывуць у духоўным вакууме. I любы новы чалавек — гэта сенсацыя. Ведаеце, я быў апошнi раз у гэтай вёсцы ў маленстве. Думаў, вось прыеду — усё будзе па-новаму. Аказалася — нiчога не змянiлася, я вырас духоўна, а яны засталiся такiмi ж! Сустрэў дзяўчыну, з якой у маленстве сябраваў, вось, думаю, пагаворым, усё ж сельскагаспадарчую акадэмiю скончыла. I пытаю ў яе, калi апошнi раз у горадзе была. Кажа, нядаўна, на курсы ездзiла. Дык цi наведала тэатр? Наведвала, кажа, «Тэрмiнатар-2» глядзела. Дык гэта ж кiнатэатр, кажу! А яна: "А якая рознiца: тэатр цi кiнатэатр — усё адно: кiно!"

Маруся засмяялася.

— Нас заўсёды вучылi культурным манерам: як за сталом сябе паводзiць, у гасцях, на прыёмах, — дадаў Дуброўскi, — а вось як паводзiць сябе ў асяроддзi хамаў, нiхто яшчэ не напiсаў кнiжкi. А шкада! — Вы паедзеце са мною? павярнуўся да яе, крануў за руку Дуброўскi. — Заедзем у Менск, сёння ў фiлармонii канцэрт фартэпiяннай музыкi. Iгар Алоўнiкаў. У праграме Бах i балады Шапэна. Можна ў оперны схадзiць, там зараз "Севiльскi цырульнiк", у беларускiм тэатры — «Iдылiя»…

— Дзякую, — разгублена ўсмiхнулася Маруся. — Мне трэба падумаць.

— Не, — цвёрда сказаў Дуброўскi, — калi вы пачняце разважаць, абавязкова прыйдзеце да няправiльнай высновы!

Ён падняў яе за дзве рукi, усмiхнуўся:

— Бярыце свае рэчы — i ў машыну! Будзем падарожнiчаць — спачатку ў Менск, тады ў вашу вёску, а потым — у Нiцу. Там жывуць мае бацькi. Зараз яны адпачываюць. Я адправiў туды i Гайву…

"Вар'ят, — падумала Маруся, — i я буду вар'яткай, калi дам згоду на гэта падарожжа…"

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

I

— Во дурная! — раззлавалася свякруха, зыркаючы вачыма на Iрэну. — Якая табе гароднiна ў жнiўнi? Яшчэ памiдоры зялёныя, агуркi не выраслi! Вунь адшчыкнi зялёнай цыбулi ды еж з салам! Аладку бяры!

— Я ўжо тлустая стала ад вашых аладак i сала! — буркнула Iрэна. — Грошы ж ёсць! Ад мая месяца сядзяць без гароднiны! Паехалi б ды капусты ў горадзе купiлi, памiдораў!

— Бач ты! — ускочыла старая. — А грошы за гэта якiя?

— Чым мяхамi пярлоўку свiнням купляць, дык лепей бы гароднiны купiлi!

— Ды з цябе ж смяяцца будуць! У вёсцы жыве, а ў горадзе гароднiну купляе!

— А ўсё лета без вiтамiнаў — добра? — насупiлася Iрэна. — Я хацела клубнiку пасадзiць, дык нiхто расады не даў з баб!

— I правiльна — бо звядуцца! — падтакнула свякруха. — Я вунь малака дала папiць адной бабе, а яна пахвалiла яго, маўляў, смачнае, дык карова масцiтам захварэла!

— А чаму ж тады калгасныя не хварэюць? — ускiпела Iрэна. — Надакучылi мне вашы забабоны! Кветак хацела развесцi — не даў нiхто насення, усе баяцца, каб не звялiся!

— Лепш бы буракоў насадзiла! — буркнула свякруха. — Толку ад гэтых кветак! Адны матылi тады лятаюць!

— Як вы не бачыце прыгажосцi! — здзiвiлася Iрэна. — Прырода, кветкi, матылькi!

— Тфу! — плюнула старая i бразнула дзвярыма.

Са спальнi выйшаў Сцяпан, пачэсваючы ў сябе ў паху. Пачаў мачыцца ў вядро.

— Ты б хоць пасаромеўся! — крыкнула Iрэна.

— Дай лепш пахмялiцца, — буркнуў ён i пачухаў патылiцу.

— На каго ты стаў падобен! — узлавалася Iрэна.

— Схадзi ў вёску, — папрасiў ён. — У краму, пiва купi.

— Я туды болей не пайду! — адказала Iрэна. — Здароваюся, а мне нiхто не адказвае.

Сцяпан прысеў ля стала, узяў у рот бульбiну.

— Ты хоць рукi памый! — загадала Iрэна.

— Пайшла ты! — буркнуў ён.

Увайшла свякруха з поўным бульбы чыгуном.

— Не здароваюцца з ёю! — прамармытала яна. — А цi ведаеш ты, што першым здаровацца нельга — сваё здароўе аддаеш! У нас не здароваюцца! Гэта ў вас усё: «здрасце», "дзякуй"! Пайшлi ў госцi, дык зганьбiла толькi нас. Што нi слова, што нi кусок за сталом — усё: "калi ласка", "калi ласка"! У нас так не робяць! I час ужо кiдаць звычкi гарадскiя! Чаму з маiм кумам не пацалавалася за сталом, га?

Старая налiла ў чыгун вады i пiхнула яго ў печ.

— Томка! — пазвала дачку. — Iдзi карову завядзi на пасту!

Дзяўчына злезла з печы, пацягнулася i пачала апранаць спартовы касцюм.

— Мам, ну пусцiш мяне ў горад? — працягнула яна. — Там канцэрт сёння…

— Якi табе канцэрт! — агрызнулася старая. — Вунь у малiну збiрайся! Варэнне варыць трэба…

— Я ж ужо наварыла з малiны…

— Дык падлогу памый! — крыкнула тая. — Работы табе няма, на Iрэну ўсё глядзiш — тая то за матылямi ганяецца, то на неба глядзiць: "Ой! Якi прыгожы заход сонца!" Людзi пачуюць, дык скажуць, што дурная!

Старая ад злосцi кiнула на стол анучу i трапiла ў твар Сцяпану.

— Бляха старая! — закрычаў той. — Бацька, уставаў бы з печы хутчэй, а то гэтыя бабы заб'юць мяне! Пайшлi схованку матчыну шукаць — пахмялiцца ахвота.

— Я цябе пахмялюся! — абазваўся бацька i пачаў спускацца на прыпечак.

— А няхай вам Iрэнчына матка гарэлкi прышле! — падскочыла старая. — Я вяселле справiла за свае грошы, а яны i носа не паказалi! I не далi нi вiлкi, нi лыжкi! На халеру было тады гарадскую браць! Хай бы бедная, але вясковая, а то я з гэтай Iрэнкай здурнею! Чуеш, бацька, што яна мне ўчора заяўляе? Давайце, кажа, у цырк з'ездзiм! З яе самой цырк бясплатны — на каго я карову ды свiней кiну?

— Iрэнка хацела са мною ехаць, — працягнула Тамара, адчыняючы ў сенцы дзверы. — Мне трэба развiццё… Свет пабачыць…

— Ах ты, зараза! — схапiла вяроўку старая. — Бач, якiх слоў набралася «развiццё» ёй трэба!

I перацягнула дачку.

— Iрэна! — загадала нявестцы. — Iдзi гной з хлява выкiнь! Ды не хiмiч, як заўсёды, па паўвiл гною бярэш — каб поўныя вiлы былi, з верхам!

Iрэна агрызнулася i моўчкi пачала нацягваць чобаты. Сцяпан пляснуў жонку далонню нiжэй спiны i зарагатаў. Матка закiвала галавою, адчынiла тумбачку i паставiла пляшку гарэлкi.

— Пахмяляйцеся, каб лiха на вас! — плюнула ў вугал.

— Ай, я такая мартышка! — скрывiлася Галя, прымяраючы шаўковую сукенку. Мне нiчога не пасуе!

Яна са злосцю кiнула абнову на ложак. Вера Шаўко, яе суседка па пакоi, якая працавала аператарам на пошце, ладная строгая дзяўчына год дваццацi васьмi, расчэсвала валасы.

— Ну, малалетка! — кiнула яна Галi. — Калi ты ўжо пасталееш? Я адвучыла цябе быць дурнiцаю: не расказваць усiм пра сябе, не раiцца, а самой умець прынiмаць рашэннi! Дык цяпер у цябе новы заскок: зневажаеш сябе! Запомнi: як ты будзеш ставiцца да сябе, так будуць ставiцца да цябе i людзi! Развiвай у сябе пачуццё ўласнай годнасцi!

Вера падвяла Галю да люстэрка.

— Ты прыгожая, глянь на сябе ўважлiва! — загадала Вера. — А цяпер апранайся i iдзi ў сваю бiблiятэку.

Галя нацягнула шаўковую сукенку, абула басаножкi на абцасах. Затым выйшла ў калiдор i, прыслухоўваючыся, цi не iдзе Вера, пераабулася ў старыя, парваныя, але без абцаса i такiя лёгкiя басаножкi. Выбегла з iнтэрната паштамта i нос да носа сустрэлася з Зоськай, дзяўчынай з iхняй вёскi.

— Ой, Галечка! — абняла тая яе. — Якая сустрэча! Ты модная, прыгожая… перавяла позiрк унiз, на яе ногi, i скрывiлася, затым усмiхнулася i запытала: — А дзе ты працуеш? Хлопца ўжо знайшла цi з Анатолем памiрылася?

— На паштамце працую, у бiблiятэцы. — Галя скiравала да газона i стала ў траву, каб схаваць парваны абутак. — Кавалераў шмат, — схлусiла яна, — але ўсе абы-што, не тое! А Анатоля я даўно кiнула, навошта мне лавелас? А ў цябе як справы? Вярнуўся твой бацька ад цёткi Светы, жыве цяпер з мацi?

— Не, — сумна адказала тая, — з цёткай Светай жыве… А наш брацiк малодшанькi такi слаўны! — ажывiлася дзяўчына. — Хутка два месячыкi яму. Я нашыла ўсякiх распашонак, шапачак, дык Алесь смяяўся, кажа, добра на «ляльку» шыць, а вось на дарослага не ўмею! Дык я яму кепi пашыла, каб сонца ў галаву не пякло — ён жа дах у нас рамантуе — такi спрытны ды вясёлы Алесiк! Не ведаю, чаму Гайва яго кiнула?..

— Не яна — ды ён яе кiнуў! — растлумачыла Галя. — У Гайвы хлопцаў шмат. I з Мiколам гуляла, i Антось яе праводзiў… Дарэчы, памятаеш Антося, такi надта сур'ёзны хлопец, турыст? Ну, дык ён зараз у Жыровiцкай семiнарыi вучыцца на бацюшку! Ой, Зоська, мне час на працу, бывай!

Галя цмокнула яе ў шчаку i пабегла да аўтобуснага прыпынку.

…На працы Галя пераабулася ў тапкi, засунула ногi пад пiсьмовы стол i пачала правяраць фармуляры, каб выявiць запазычанасцi чытачоў. Да яе стала падышоў высокi светлавалосы юнак, з закручаным угору чубам, вялiкiмi, таўстымi вуснамi. Блакiтныя вочы глядзелi з сумам.

— У вас ёсць што-небудзь па псiхалогii? — цiха запытаў ён. — У мяне праблема: здрада каханай… Што-небудзь, каб забыць яе…

Галя задумалася.

— Я сябраваў з ёю, яна зацяжарала, але пайшла за другога. Я ведаю, яна нарадзiла дачку… Гэта мая дачка…

Галiна сэрца забiлася ад шкадавання гэтага хлопца, ягоны боль адазваўся ў яе сэрцы.

— Як вас завуць? — запыталася яна, прыветна гледзячы яму ў вочы.

— Лёнiк…

— Лёня, я ведаю адзiн метад, але… — Галя схамянулася. — Гэта трэба пасля працы…

— Цудоўна, я пачакаю вас! — абазваўся ён, i вочы яго ўспыхнулi надзеяй.

…У царкве было шмат народу. Усе таўклiся, узбуджана адсоўвалiся, калi Галя i Лёнiк прабiралiся да iканастаса.

— Чырвоную свечку купiў? — перапытала Галя. — Запальвай! А цяпер вазьмi дзвюма рукамi i апусцi так, каб полымя было на ўзроўнi кален. Павольна падымай свечку ўверх, у тых месцах, дзе свечка будзе трашчаць, патрымай больш часу. Уявi сваю каханую i кажы: "Я пазбаўляюся ад звязкi з табою, я хачу быць вольным ад цябе. Даруй i адпусцi!" Калi полымя свечкi акажацца на ўзроўнi лба, патушы свечку.

Лёнiк зрабiў усё, што сказала Галя. Калi яны выйшлi з царквы, дзяўчына папярэдзiла:

— Абавязкова спалi яе фотаздымак!

Лёнiк кiўнуў i папрасiў дазволу правесцi яе да iнтэрната. Галя згадзiлася. Размаўляць з Лёнiкам было цiкава. Ён працаваў будаўнiком, шмат дзе бываў i аказаўся цiкавым хлопцам. Галя так пранiклася да яго душою, што запрасiла на кубачак кавы.

— Галечка, ты такая цудоўная дзяўчына! — усмiхнуўся Лёнiк. — Давай сустракацца! Толькi спачатку навучы, што яшчэ трэба рабiць, каб забыць яе!

— Па-першае, нiколi не размаўляй на тэмы кахання, пра сваю каханую больш не расказвай нiкому, сам не ўспамiнай i не чытай любоўных раманаў, не глядзi серыялаў пра каханне, — павучальна сказала Галя. — Пазбягай з ёю сустрэч, усё спалi: пiсьмы, паштоўкi… Кожны ранак апускай пальцы ў пасудзiну з халоднай вадой, правай рукi пальцы, i рабi «водаварот», тады кажы: "Чыстая вадзiца, змый з мяне гнеў i прывязанасцi, дапамажы мне занава нарадзiцца!" Зрабi шэсць кругоў i вылi ваду на макушку, засмейся i ўявi, што нарадзiўся занава.

— Дзякую, Галечка! — засмяяўся Лёнiк. — Нiколi цябе не забуду! Ну, бывай!

Ён яшчэ раз падзякаваў за каву i пайшоў з яе пакойчыка.

…Цела кранулiся вiльготныя сцяблы чароту. Затым цёплы рачны пясок, колкi да кожнай часцiнкi, да кожнай пясчынкi адчувальны, пасыпаўся на жывот. Багiня заварушылася, пацягнулася, прачынаючыся, але пацалункi пяшчотна-мяккiх вуснаў лагодна, не настойлiва вярнулi яе назад, у сон. Багiня адчувала, як адзiн яе бок агортвае маленькая, утвораная ад лёгкага ветрыку хваля, затым белае марыва ахутала яе ўсю, праглынула. Яна паднялася над зямлёю, стала прыгожым матыльком, заблыталася ў валасах каханага, ператварылася ў кропельку i застыла на яго цёмных вейках. Яна бачыла ягоныя вочы: аксамiтна-цёмныя, лагодныя i шчырыя, яны таiлi ў сабе цеплыню сонца i безлiч таемных, нязведаных чараў… Ягоныя вусны… Пiць бы з iх, бы крынiчную ваду, i памiраць ад смагi…

— Вайдаш… — прашаптала багiня.

— Вайдаш… — зашапацелi сцяблы чароту.

Багiня забыла свае iмя. Яна не хацела ўспамiнаць яго, баялася вярнуцца ў рэчаiснасць. Ёй так было добра з iм. Яна не хацела расплюшчваць вочы, а святло настойлiва бiла ў твар, прымушала агледзецца навокал. Багiня закрыла вочы рукою, але ён адхiлiў гэтую руку i пачаў цалаваць яе: танюткiя пальчыкi, далонь… загарэлае плячо, вусны, i багiня расплюшчыла вочы i ўбачыла над сабою высокае зеленавата-празрыстае неба. I тады яна заплакала, бо ўспомнiла сваё iмя… Яна ўжо не магла сказаць яму: "Вайдаш…"

…Калi ад'язджала з Вiшанькi, прыбег Анатоль, ён амаль ускочыў у хату, збiў з ног бабку Сашу, прымусiў яе выйсцi i са злосцю вымавiў Марусi:

— Ты што, думаеш, ён у цябе закахаўся? Ды ён проста палюбоўнiцу шукае, каб чыстую, без СНIДа! Смяюцца… I вёска ўся смяецца!

Тады ёй стала так балюча i горка, што яна ледзь стрымалася, каб не заплакаць. I з насмешкай адказала яму:

— Лепш быць палюбоўнiцай князя, чым жонкай хама!

…Бяздоннае неба зберагала спакой i маўчанне.

— Што з табою? — прашаптаў Вайдаш.

"Усё пройдзе, — падумала Маруся, — застанецца толькi ўспамiн…"

— Не хачу развiтвацца з Нiцай, — адказала яна.

— Мы яшчэ вернемся сюды, — усмiхнуўся Вайдаш.

"Я ўсяго толькi эпiзод у тваiм жыццi", — падумала Маруся.

У глыбiнi вачэй яе застыла горыч. Яна нiколi не забудзе, як ён называў яе багiней, як гаварыў камплiменты, як цалаваў яе цела, як багатварыў… Яна паверыла яму i адчувала сябе багiняй. Але памятала, што гэта толькi гульня, чароўная казка… Няхай яна доўжыцца больш, казка, якую ён сам прыдумаў… Багiня i яе Тварэц…

— Няхай доўжыцца казка, — прашаптала Маруся i абняла яго.

…Яны ступалi босымi нагамi па гарачым пяску. Маруся апранута ў доўгую спаднiцу з разрэзамi па баках i белую майку, Вайдаш — у шортах i майцы з малюнкам фiялетава-зялёнага мора. Ля дарогi, на палях з сабраным ураджаем, засталiся даспяваць жоўтыя бабы, збоку адзiнокiх кустоў сiнела ажына. Бясконцае мноства рабiнавых дрэваў гарэла развiтальным агнём спякотнага i шчаслiвага лета. Вайдаша i Марусю абганялi рэдкiя прахожыя з поўнымi кошыкамi грыбоў. I яна ўспомнiла, як учора ездзiлi ў лес з Вайдашам, на машыне. Марусi ўсё нiяк не траплялiся грыбы-баравiкi. I тады яна задумала жаданне: калi знойдзе баравiк — вернецца сюды яшчэ. Накрапваў дождж, i Вайдаш паклiкаў Марусю да машыны, каб ехаць дадому. Яна заставалася ў глыбокiм цянi ялiнаў. I раптам пад апушчанай яловай лапкай заўважыла вялiкi карычневы баравiк. Маруся ўскрыкнула ад радасцi, падбегла да яго, пагладзiла, акуратна падрэзала i паклала ў кошык. У машыне Вайдаш абняў яе, яна прытулiлася да ягонага пляча, толькi вочы выглядвалi i бачылi, як па шкле машыны стукаюць срэбныя кроплi дажджу…

А потым яны ездзiлi на хутар да Аi з Мартыньшам. Ая зусiм маладзенькая, а ўжо ў iх трое дзяцей. Танклявая, светлавалосая, гаваркая i сур'ёзны прысадзiсты МартыньIш, яе муж. Меншая iх дзяўчынка, гадкоў двух, зняла калготкi i лезла ў начоўкi з вадою купацца. Маруся пачала сварыцца на яе. Хаця тая разумела толькi па-латышску, але ж у голасе Марусi пачула строгiя ноткi i вылезла з начовак. Свякруха Аi капала бульбу. Вайдаш падышоў да яе, спытаў нешта па-латышску. Маруся таксама вывучыла некалькi фраз, павiталася, спытала, як здароўе. Здавалася, яна ў iншым свеце i сама iншая, i ўсё, што з ёй адбываецца, гэта наогул не з ёй, проста яна "глядзiць кiно" пра жыццё незнаёмай ёй дзяўчыны…

…Вайдаш адчынiў дзверы ў кватэру, прапусцiў Марусю ў пакой. Яна прайшла ў ванную, прыняла лёгкi душ. За акном займаўся бэзавы вечар. Маруся завязала пояс на аксамiтным халаце, якi ёй падарыў учора Вайдаш пасля паездкi ў Лiепаю. Валасы хвалямi ўпалi на плечы. Вайдаш запалiў камiн, а сам пайшоў рыхтаваць каву. Маруся села ў мяккае крэсла, засяроджана глядзела на агонь. Шыкоўны гасцiнны гарнiтур з распiсным шклом займаў дзве сцяны, у куце, над кнiжнай палiцаю гарнiтура, прымасцiлася шырокая тахта з махнатым пакрывалам "пад мядзведзя". Побач — тумбачка з начнiком ружовага колеру. Маруся глядзела на ўсё гэтае ўбранства i развiтвалася з iм, развiтвалася i з Нiцай у жнiвеньскiх кветках…

— Аб чым ты засмуцiлася? — пацалаваў яе цiха Вайдаш i падаў каву. Сам сеў у другое крэсла, насупраць. Недзе ля акна звонка звiнеў камар. Маруся адчувала затоены стук уласнага сэрца. Вайдаш замiлавана глядзеў на яе, тоячы на вуснах усмешку.

— Я ведаю, — прашаптаў ён, — ты сумуеш, што заўтра трэба ехаць адсюль… Табе спадабалася Нiца…

— Я закахана ў яе, — усмiхнулася Маруся. — А ў Вiшаньцы — проза. Хаця… яна задумлiва дакранулася рукою да сваiх валасоў, адгарнула iх, — хаця ў Вiшаньку мне ўжо i не трэба ехаць, бо работа там скончана. Цяпер фронт работ там — забеспячэнцам i заўгасаўскiм работнiкам. Медыцынскае абсталяванне, мэбля, ложкi, падушкi, капы, фiранкi, цацкi, спартовыя пляцоўкi… — Маруся засмяялася. — Ды там жа работы — непачаты край… Можна мне там назаўсёды застацца! Я ў дзяцiнстве марыла быць экскурсаводам, вось i буду дзяцей на экскурсii вазiць, у Менск, у Мiрскi замак Радзiвiлаў…

— А кiм ты марыла быць у юнацтве? — пацiкавiўся Вайдаш.

— Iнжынерам-архiтэктарам, — адказала Маруся. — Мая мара збылася. Я працавала ў самым лепшым праектным iнстытуце, у самым лепшым калектыве… Шкада, што ўсё так хутка разбурылася…

Яна адпiла крышачку кавы i паставiла кубак на столiк.

— Так, — задумлiва прамовiў Вайдаш. — Добрыя старыя часы… Я памятаю, як ты прыйшла першы дзень да нас на працу. У цябе быў такi дзелавы выгляд, тон размовы i такая строгая, класiчнага крою сукенка — чырвоная, з белым каўнерыкам i чорным бантам…

— Я абавязкова выберуся… Я не буду рабочай… Я знайду сябе, — з пакутай, але цвёрда i строга вымавiла Маруся, — я зноў стану на сваё месца. Гэта проста час падзення, а будзе яшчэ i час узлёту. У бюро я стаю на чарзе, на сваю спецыяльнасць. Але я не з тых, хто чакае — буду шукаць сама.

— Пакуль — адпачывай, — лагодна прамовiў Дуброўскi. — Я дару табе Нiцу, гэту кватэру… Можаш запрасiць сюды Аю з Мартыньшам, патэлефануеш iм. Заўтра мы нiкуды не паедзем. Мне трэба па справах у Лiепаю. Буду там тыдзень. А ты заставайся тут гаспадыняй. Усё — тваё i для цябе…

Ён падняўся з крэсла i абняў яе. Валасы ягоныя пахлi травою i кветкамi Нiцы. "Дзякуй табе, — хацела яна сказаць яму, — што быў ты аднойчы ў маiм жыццi…"

… Ён цалаваў яе валасы, вусны, бровы, шаптаў ласкавыя словы. Смугла-сiнi змрок ахутаў адзiнае акно ў гэтым пакоi, пранiк у яго, апусцiўся на мяккiя крэслы i камiн, стаў напяваць асалоду i сон, пранiкнёнасць i даверлiвасць у душы… Маруся патанула ў мяккiх беласнежных прастынках, як у аблоках. Яе валасы рассыпалiся па падушцы i плячы Вайдаша…

— Раскажы, якi ты быў у дзяцiнстве? — прашаптала яна. — Каго з бацькоў i родзiчаў больш любiў?

— Бабулю, як i ты… — адказаў Вайдаш. — Я быў адзiнокiм. Многiя мяне не разумелi, акрамя бабулi. Яна сама дзетдомаўская. Памятала адзiн эпiзод са свайго маленства: яна стаiць у вялiкiм садзе, апранутая ў прыгожую белую сукенку, а побач — вялiкая чарапаха. I ўсё. Далей — дзiцячы дом. А потым аказалася, што прадзеду майму належаў маёнтак у Вiшаньцы. Прадзед мой жыў у Гданьску. Гэта ён згубiў дачку падчас рэвалюцыi, тую, што стаяла ў садзе, а побач — чарапаха… Зараз ён памёр. Маёнтак i зямлю завяшчаў дачцэ, маёй бабульцы, але i яна ўжо на тым свеце. Значыць — майму бацьку. I бацька памёр ужо… Вось так я стаў князем… Аказваецца, гэта вельмi складаная i цяжкая ноша… Я не хачу быць проста багатым, хачу прыносiць дабро людзям, але не заўсёды атрымлiваецца так, як я хачу, i не заўсёды мяне разумеюць. Як тут не ўспомнiць Якуба Наркевiча-Ёдку… "Няма прарока ў сваёй Айчыне"… Мне шкада, што вымiрае нацыя, я хачу выратаваць гэтых дзяцей, але столькi перашкод… Дай Бог мне сiлы вынесцi ўсё!..

Маруся прытулiлася вуснамi да ягонага пляча.

— Чым я магу дапамагчы табе? — запытала.

— Тым, што ты ёсць са мною, — пяшчотна прытулiў ён яе да сябе.

Мiкола ўжо тыдзень, як жыў на Батанiчнай, у iнтэрнаце трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення. Кантынгент тут быў, канешне, не той, што ў iнстытуце культуры, хлопцы п'юць, дзяўчат водзяць, але мiрыцца можна. Мiкола па-ранейшаму ў вольную хвiлiну складваў вершы. Марыў стаць бардам, знакамiтасцю. Вось i сёння, прыйшоўшы з лекцый па вадзiцельскай справе, засеў за блакнот. Гайва, дзяўчына ягонай мары, з далёкай Нiцы… Дзе ты, Гайва, што робiш зараз? Памятаеш мяне? Хутка я стану бардам i праслаўлю сваё i тваё iмя, як Петрарка Лауру…

Ягоныя думкi разагнаў стук у дзверы. Нехаця пайшоў адкрываць.

— Якiя людзi — i без аховы! — ухмыльнуўся Мiкола, убачыўшы Наташу ў сукенцы для цяжарных.

— Я цябе, гада, сюды ўладкавала, а ты носа не кажаш! Хаваешся ад мяне! наляцела на яго Наташа.

Зайшла ў пакой, уселася на ложку, выцягнула ногi ў прыгожых белых басаножках. На вуснах з'явiлася пагардлiвая ўсмешка.

— Ну што, каханенькi-родненькi? Збiраешся жанiцца на мне сам альбо на алiменты падаваць, як раджу? — запытала. — Сумесную гаспадарку вялi? Вялi: ты мне бялiзну дапамагаў мыць, на вахце бачылi, як нёс выварку на кухню! Вахцёры пацвердзяць! Сяброўкi пацвердзяць дый прадавец крамы, што ты сам мне каляску купляў! Ага, задумаўся?

— Слухай, кацiся ты, га? — насупiўся Мiкола. — Па-добраму прашу!

Наташа весела засмяялася:

— Не, ужо трапiлася мышка кошцы ў лапу, не адпусцiць!

— Пантэра ты, а не кошка! — агрызнуўся Мiкола.

— Паляванне на льва скончана! — Наташа паднялася i дала Мiколу ў лоб пстрычку. — Збiрайся ў загс!

— Дык я ўжо жанаты! — схлусiў той. — Пакуль ты народзiш…

— Паспееш з Аленкай распiсацца? — здагадалася Наташа. — Ага, бяжы хутчэй да гэтай дурнiцы, яна цябе з рукамi-нагамi адарве!

I, зарагатаўшы, пайшла з пакойчыка.

…Аленка мыла бацькаву бялiзну, калi з'явiўся Мiкола, узбуджаны, патлаты, як перапуджаны верабей.

— Аленачка! — упаў перад ёю на каленi. — Прабач, я ўсё зразумеў — ты адзiная, хто па-сапраўднаму мяне кахае! Я праслаўлю цябе ў сваiх вершах! Я стану бардам i буду спяваць пра наша з табою каханне. Няхай усе зайздросцяць нам, якая ў нас дружная сям'я! Аленачка, мы будзем з табою падарожнiчаць, на экскурсii ездзiць, мы будзем жыць дружна i цiкава, я буду багатварыць цябе!

Аленка стаяла здзiўленая, з мокрымi, у мыльнай пене рукамi i не ведала, што адказаць хлопцу. Той, перадыхнуўшы, выпалiў:

— Будзь маёй жонкай, Аленка! Збiрайся ў загс!

…Пакуль Аленка апраналася, Мiкола размаўляў з яе бацькам. Худы, асунуты, небарака сядзеў у iнвалiднай калясцы.

— Татачка, сыграй Мiколу на гармонiку! — папрасiла Аленка i падала яму гармонiк. — Мы ў загс пойдзем! — паведамiла з зiхоткiмi ад радасцi вачыма.

I бацька паслухаўся, зайграў "Амурскiя хвалi". Мiкола ўважлiва слухаў i ўсмiхаўся.

— А мая Аленачка ў Цэнтральнай бiблiятэцы працуе, — усмiхнуўся бацька. Там яе вельмi паважаюць. А гаспадыня якая, усё сама: пячэ, варыць, шые… Не пашкадуеш, братка…

— Дзякую, — пацалаваў Мiкола яго ў шчаку, i яны з Аленкай заспяшалiся ў загс.

…Мiкола радасна падзякаваў работнiцам загса, што прынялi iх заяву, i весела прапанаваў Аленцы:

— А цяпер, каб адзначыць гэты дзень, паедзем на экскурсiю! На якi аўтобус паспеем ад экскурсбюро, на той i сядзем, пабеглi!

…Худая, танклявая, з востранькiм носам экскурсавод прапанавала Мiколу з Аленкай садзiцца ў iх аўтобус.

— Наша экскурсiя вельмi цiкавая! Вам спадабаецца! — запэўнiла яна.

— Калi ласка, для маёй жонкi — месца наперадзе! — папрасiў Мiкола.

Экскурсавод прыветна паказала рукою на месца побач з сабою. Мiкола сеў з Аленкай, абняў яе.

— Давайце знаёмiцца, Маргарыта Фёдараўна — ваш экскурсавод, — загучаў чысты, малады голас. — Сёння я раскажу вам гiсторыю Менска…

Ад акна дзьмуў халодны вецер, таму Мiкола закрыў фортачку. Ён увесь час трымаў руку Аленкi ў сваёй, нешта шаптаў, i Маргарыта, гаворачы тэкст, кiдала зайздросныя позiркi ў бок закаханых "галубкоў". Калi выйшлi ля парку, пачаў накрапваць дождж. Нi ў кога з экскурсантаў не аказалася парасона. Яны кiнулiся да дрэваў, а Мiкола зняў з сябе рубашку i расцягнуў яе, як парус, над Аленчынай галавою.

— Зiрнi, як на нас глядзяць усе! — радасна шапнуў ён дзяўчыне. — Вось няхай зайздросцяць! — i пацалаваў яе ў шчаку.

Селi ў аўтобус, але Мiкола папрасiў вадзiцеля затрымацца — трэба купiць ягонай «жонцы» марожанае. Затым ён надумаў праз некаторы час купiць кветкi… Усю экскурсiю людзi толькi i глядзелi што на iх. Нарэшце падсела Маргарыта i шапнула Мiколу:

— Я так зайздрошчу вашай жонцы! Ты такi цудоўны хлопец… Як завуць цябе?

— Мiкола Гайда. Я — бард, — адказаў той. — Чулi мае песнi?

— Прыходзьце да нас у бюро, паслухаем, — не зважаючы на Аленку, папрасiла Маргарыта, — я першы раз бачу такога цудоўнага чалавека…

Аленка, уздыхнуўшы, адвярнулася да акна.

— Я толькi з жонкай! — заявiў Мiкола. — З Аленачкай!

— Алена, пусцiце Мiколу, прыйдзеце з iм? — зайздросныя зялёныя агеньчыкi ў вачах не маладой ужо Маргарыты блiснулi на Аленку.

"Напэўна, развадная нейкая альбо непуцёвая! — падумала яна пра Маргарыту. — Старая вешалка!"

Але гадлiвае, як гадзюка, пачуццё рэўнасцi запала ў душу. "Навошта мне гэты замуж? — падумала Аленка. — Вось так кожны раз раўнаваць, ад баб берагчы ды адваёўваць? Перажываць, як Iрэнчына мацi, калi мужык загуляе вось з такою Маргарытаю? Не, у манастыры я буду абаронена ад здрад, пакут, зняваг, ад кахання да мужчыны. Няхай яно гарыць, каханне гэтае! Каханне, якое прыносiць пакуты, гэта ўжо не ад Бога! Усё, што ад Бога, — прыносiць у душу спакой i радасць…"

Аленка павярнулася тварам да акна. Зрабiла ўдых, глыбокi, зацяжны, i, уяўляючы, што ўсё цёмнае i цягучае выходзiць з яе, зрабiла павольны выдых. Паўтарыла. За кожным выдыхам ёй станавiлася ўсё лягчэй i лягчэй. Яна глядзела на пацямнеўшае неба, заварожвалася наступаючым змрокам жнiвеньскага вечара, на агеньчыкi акон у высотных дамах i адчувала бясконцую любоў да ўсяго жывога. Пустая гамонка Мiколы з Маргарытай здавалася ёй смешным, непатрэбным эпiзодам з чужога жыцця. Аленка прыцiснула кончыкi пальцаў правай рукi да кончыкаў пальцаў левай рукi, утварыла так званую "лесвiцу нябеснага храма", калi пальцы правай рукi заўсёды знiзу. Гэтаму практыкаванню яе вучыла бабулька. Яна казала, што недарэмна часта старыя так складвалi рукi, можа, хто i не ведаў, чаму так рабiў, а мо хто i ведаў, што, счапiўшы так рукi, чалавек пазбаўляецца ад дрэннай энергii. А такой энергiяй было каханне, атрутнае, сляпое каханне да Мiколы…

— Аленачка, выходзiм! — Мiкола заспяшаўся, падаў ёй руку, дапамог выйсцi з аўтобуса.

Маргарыта нешта гаварыла iм, Аленка не прыслухоўвалася. Калi экскурсiйны аўтобус ад'ехаў i Мiкола давёў Аленку дахаты, дзяўчына сказала на развiтанне:

— Даруй мне, але я замуж iсцi перадумала. Для мяне самая правiльная дарога — манастыр. Там я знайду спакой i любоў — чаго мне ўсё жыццё не даставала…

II

Iрэна абiрала бульбу, калi свякруха плюхнула ў цэбар ранiшнiя макароны.

— Мама, навошта вы прадукты выкiдваеце? — занепакоiлася Iрэна. — Учора тры боханы хлеба свiнням скармiлi, сёння макароны, я б iх з таматам пасмажыла былi б да абеду…

— Свiннi няхай лепш ядуць, — махнула рукою тая. — А ты бульбу абiрай лепш, а то вунь якiя тоўстыя лушпайкi!

— Дык усё роўна ж свiнням будуць!

— Бульбу эканомiць трэба — яе ў краме, як гэты хлеб ды макароны, не купiш.

У хату ўвайшла Тамарка, нешта хаваючы ў руцэ.

— Зноў зялёны памiдор схапiла! — здагадалася мацi.

— Ай, не крычыце, мама! — скрывiлася Тамарка. — Ужо канец жнiўня, а памiдор у нас няма, лепш бы ў горадзе купiлi! У горадзе лепш жыць — у маi ўжо гароднiна ёсць, а ў нас толькi адзiн верасень памiдоры ды гуркi ядзiм!

— Гэта таму, што тут поўнач Беларусi, — сказала Iрэна, — а вось я была ў Берасцi, дык там у лiпенi памiдоры i гуркi ўжо ёсць. Так i ў Гомлi.

— Ой, Iрэначка! — загарэлiся вочы ў Тамары. — Раскажы, якiя гэтыя Берасце, Гомель! I пра ўсе гарады, дзе ты была!

— Тфу, паскудства! — плюнула мацi. — Я ўсё жыццё тут праседзела, на хутары гэтым, толькi i думала, як пракармiць сям'ю, i нiколi такiя глупствы, каб куды паехаць, у галаву не прыходзiлi! Пра ежу думаць трэба, а не пра паездкi!

I выйшла ў сенцы.

— У сутоку ракi Мухавец i ракi Заходнi Буг знаходзiцца Берасце, — пачала Iрэна. — У мiнулым горад называўся Бярэсце, ён стаяў на скрыжаваннi двух старажытных гандлёвых шляхоў праз землi ўсходнiх славян у Польшчу, Прыбалтыку i Заходнюю Эўропу. Мясцовыя купцы вывозiлi футра, скуры, лес, збожжа, а прывозiлi соль, цукар, паперу, сукно, шоўк… Сучаснае Берасце вельмi прыгожы горад, там шмат заводаў, фабрык, на адной з якiх робяць дываны. Ёсць педагагiчны i iнжынерна-будаўнiчы iнстытуты, розныя вучылiшчы… Ёсць там вельмi прыгожая Брацкая царква, цiкава наведаць i Берасцейскую крэпасць. Яна была пабудавана ў сярэдзiне дзевятнаццатага стагоддзя, мела ваенна-стратэгiчнае назначэнне. I, як ты ведаеш, дваццаць другога чэрвеня 1941 года гарнiзон крэпасцi першым прыняў удар нямецка-фашысцкай армii, больш месяца трымаў абарону…

Тамара задуменнымi вачыма пазiрала на Iрэну.

— Лепш бульбу абiрай! — выгукнула мацi, вярнуўшыся ў хату.

Тамарка сцiшана шапнула Iрэне:

— А што там яшчэ цiкавага?

— На вулiцы Герояў стаiць вельмi прыгожы дзiцячы садок — на ўсю сцяну мазаiчнае пано "Кветкi на акне", а на другой — "Сонечны дзень": дрэўцы, а ў небе два матылькi — жоўты i сiнi. Усё гэта выкладзена з каляровых каменьчыкаў i плiтак!..

— Як цiкава! — усклiкнула Тамарка. — А я нi разу ў садок не хадзiла. Напэўна, цiкава хадзiць у садок, там пiянiна, дзеткi скачуць… Iрэначка, давай купiм хоць дзiцячае пiянiна, i ты мне пайграеш! Я вось школу скончыла ў тым годзе, а так свету i не пабачыла, мацi нiкуды не пускае…

— Гультаi толькi па свеце катаюцца! — буркнула мацi. — А ведай справу сваю — замуж выйсцi ды глядзець, каб хата поўная была!

— Iрэначка, — шапнула Тамарка, — давай матку падманем, што мы за травою свiнням пойдзем, а самi на возера ўцяком! Тут недалёка возера Ельня, праўда, па балоце, дык, можа, як дабяромся? Там такая прыгажосць! Там ёсць недалёка хутар, дзе жывуць цётка Тэрэза i дзядзька Янэк. У iх дачка — законнiца!

— А што гэта значыць? — не зразумела Iрэна.

— Гэта па-польску манашка! — растлумачыла Тамарка. — Яна зараз дома. Раскажа нам шмат цiкавага! Уцячэм ад маткi? — таемна заблiшчалi чорныя вочкi дзяўчынкi.

— Ага! — кiўнула Iрэна. — Нешта прыдумаем!

…Тамарка ўзяла мех i серп, пачакала Iрэну, i яны пайшлi праз агароды да лесу. Дзяўчынка весела падрыгвала, смяялася, быццам лань, выпушчаная на волю.

— А Гомель прыгожы? — пытала Iрэну. — Што там ёсць? А якiя людзi там?

— Добрыя людзi, — з усмешкай адказвала Iрэна. — Прыветныя, ласкавыя, як i ў Берасцi. Там ёсць прыгожы парк, возера, а на iм — хатка для лебедзяў, прыгожая, з узорамi…

Яны схавалi мех з сярпом у канаве i рушылi праз мох да возера. На Ельнi ўжо былi турысты. Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.

— Менск як Менск! — смяялася дзяўчына ў белай майцы. — Мы табе зайздросцiм — жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах…

— А я сумую па асфальце, — адказала Iрэна, — i па перабранках у аўтобусах… Па касметычных салонах…

— Дурнiчка якая! — усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. — Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi — раз абуешся — i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!

— А я мару жыць з каханым на хутары! — задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.

— Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, — заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.

Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.

— Ой, Iрэначка! — аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. — Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!

— Глядзi — станеш, — ухмыльнулася Iрэна, — з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву…

— А давай да ксяндза сходзiм! — нечакана прапанавала Тамарка. — Ён тут недалёка жыве. А потым — да бацюшкi!

— Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася…

— Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!

…Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай «г», вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.

— Што хочаце, дарагiя? — запытаў ён дзяўчат.

— Мы з хутара, — заiкнулася Тамарка, — вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта… А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..

— Нельга асуджаць мацi, — павучальна адказаў бацюшка, — бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi…

— А школа… — абмякла Тамарка, — можна мне ў школу да вас?

— Толькi з дазволу бацькоў…

— А кнiжкi купiць у вас можна? — уздыхнула Тамарка.

— Дарагiя дзяўчаткi, — лагодна сказаў бацюшка, — вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?

— Прабачце нас, — папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. — Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!

— Ну i няхай! — заўпарцiлася Тамарка. — Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!…

— Ды што ты надумала — па людзях хадзiць! — раззлавалася Iрэна. — Як з дзiкага лесу!

— А я адкуль?! Я i ёсць — з лесу! — засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.

…Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.

— А дзе яны зiмою знаходзяцца? — кiўнула галавою Iрэна. — Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?

Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.

— Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, — растлумачыла Тамарка, — неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў…

— Ого, ды ты болей за мяне ведаеш! — здзiвiлася Iрэна. — А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую…

За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.

— Як добра! Сёння ў мяне госцi! — зазначыў ён.

— Пахвалён бэндзе Езус Хрыстус! — выпалiла Тамарка.

— На векi вякоў! — адказаў ксёндз. — З чым прыйшлi, паненкi? пацiкавiўся.

— Проста так, — усмiхнулася Тамарка. — Гэта наша нявестка, дык я яе вырашыла пазнаёмiць з вамi.

— Ты ж на мяне сярдзiтая, — засмяяўся ксёндз, — да такога дрэннага ксяндза прывяла…

— Вядома, я на вас тады раззлавалася, — надзьмула вусны Тамарка, — вы насварылiся, што мне шаснаццаць год, а я нават на першай споведзi не была. Мяне мацi не вучыла. Я што ведала, тое i сказала вам, а вы мяне давучваць адправiлi! Тады я да бацюшкi пайшла, бо ўсё роўна, што каталiцкая вера, што праваслаўная, адно i тое ж, вы ж самi гэта казалi. А бацюшка спытаў iмя — i ўсё! I я паспавядалася i прычасцiлася там!..

Тамарка пакалупала пальцамi нагi жоўты пясок i дадала:

— Але я вас усё роўна больш люблю, хоць i праваслаўная…

Iрэна ўзняла вочы ўверх — што яшчэ выдасць Тамарка? I тузанула яе за касу.

— З вамi цiкава, — лагодна сказала Тамарка, — вы пра ўсё пытаецеся, што, як… Як мне жывецца, што турбуе… Вы — як мацi… Не, вы — як брат старэйшы, разумны… У мяне няма нiкога такога, нi мацi, якая б пытала ўсё, цiкавiлася мною, нi брата, якi б нешта раiў… Хоць i нельга гаварыць дрэнна пра другiх, але мае браты п'юць гарэлку, iм са мною нецiкава…

— Прыходзь у касцёл, — усмiхнуўся ксёндз. — У нядзелю ў нас злёт веруючай моладзi, пад агульным дэвiзам "мы спяваем да Бога". Прыходзьце, дзяўчаткi, паненкi… Калi ласка!

— Абавязкова! — падскочыла ад радасцi Тамарка.

— Дзякую, — ветлiва адказала Iрэна.

Яны развiталiся.

— Ён мне той раз кнiжку падарыў, каб да споведзi рыхтавалася, — шапнула Тамарка. — Я яе заўсёды пад падушку кладу. Ведаеш, мне яго так шкада. Ксяндзам жа нельга жанiцца. З iм жыла мацi, памерла. I бабулька яго памерла. Цяпер ён адзiн жыве, сабе гатуе… Таму ён так любiць, калi да яго прыходзяць госцi. Вось таму ён такi iнiцыятыўны — сходы, конкурсы, злёты розныя ўстрайвае, моладзь арганiзоўвае. Я яго так люблю, — прыцiснула рукi да грудзей Тамарка, як брата, як самага роднага чалавека, усёй душою люблю, як Бога. Толькi ты не думай, гэта не каханне, каханне — гэта брыдота, секс, каханне прыносiць пакуты. А гэта любоў боская, яна мне прыносiць радасць!

— Мы абавязкова прыйдзем яшчэ сюды! — абняла яе Iрэна. — А цяпер пайшлi да дзеда з бабай, паглядзiм на iх дачку-законнiцу. Ты казала, што яна ў Польшчы, у манастыры? Праходзiць там iспыт, пэўны тэрмiн…

— Божа! Дазволь мне таксама стаць законнiцай! — слёзы з'явiлiся на вачах Тамаркi. - Iрэначка! — абхапiла яна дзяўчыну. — Давай з'ездзiм у Полацак, у Ефрасiннеўскi манастыр, там жа твая сяброўка, Аленка, можа, i мяне туды возьмуць, я так не хачу вяртацца да мацi! Цi, можа, у Жыровiчы возьмуць?

— Цяпер ужо там мужчынскi манастыр i семiнарыя…

— Iрэначка! — заплакала Тамарка. — Каб ты ведала, як мне не хочацца iсцi дадому!

— А мне?!.

Дзяўчаты селi ў траву, абнялiся i пачалi плакаць.

Мiкола ўзяў аркуш i пачаў пiсаць:

— Незнаёмка! Я вылеплю цябе з белага мармуру, Пастаўлю на сонечнае месца, Каб на золку вiтаць цябе, Як вiтаю ўсмешкаю сонца…

Ён не паспеў дапiсаць верш, як дзверы ў пакойчык рэзка расчынiлiся i нахабна ўварваўся невысокi мажны мужчына з лысiнай. Схапiў Мiколу загрудкi.

— Дык што гэта, га? — у твар прашыпеў ён. — Дачку маю ганьбiць надумаў?

I шпульнуў разгубленага хлопца на ложак. Калi той крыху аклямаўся, заўважыў Наташку ў сваёй дутай блакiтнай куртцы. Яна здзеклiва смяялася, гледзячы на яго.

— Ану ўставай! — зароў мужчына на Мiколу.

— Не чапай г…, смярдзець будзе! — працягнула з лянотай Наташка i плюхнулася ў крэсла. — Я табе, гад, месца ў iнтэрнаце выбiла i на працу ўладкавала! Кватэру, як аўтобуснiк-iльготнiк, хутка атрымаеш. Ды ты малiцца на мяне павiнен, смурод такi!

— Зараз жа збiрайся з Наташай у загс! — крыкнуў мужчына.

— Тата, навошта ён мне? — засмяялася Наташа. — З яго муж, як з г… куля! Мацi-адзiночцы больш iльготаў…

— Дык у вёсцы ж будуць смяяцца! — запярэчыў бацька.

— Колькi вам трэба? — спахапiўся Мiкола. — Я ўсё заплачу! Мiльён магу даць, у пазыкi залезу, толькi адчапiцеся ад мяне! Наташа, я не хачу на табе жанiцца, я не кахаю цябе! I на алiменты не падавай, прашу!

— Ай, круцiцца, як голы ў крапiве! — зарагатала яна. — Вось добрую iдэю падаў, малайчына! Значыць, у загс не пойдзем! Затое алiменты плацiць будзеш!

— Наташа! — узмалiўся ён, затым перадумаў i закрычаў: — Ану адсюль прэч, аферысты! Гэта не маё дзiця, не ад мяне!

Наташа адчынiла дзверы i паклiкала:

— Марыя Пятроўна, Алачка! Зайдзiце, калi ласка!

Калi тыя зайшлi, Мiкола пазнаў вахцёршу з Наташынага iнтэрната i яе суседку па пакоi.

— Гэта мае сведкi, — заключыла Наташа. — Але яшчэ не ўсё… Шмат хто пацвердзiць, што мы вялi сумесную гаспадарку, а ты асабiста купляў для дзiцяцi каляску!

— Шкура! — закрычаў на яе Мiкола.

— Дык ты хочаш плацiць алiменты? — Наташа падышла да яго ложка, на якiм Мiкола сядзеў, закрыўшы рукамi твар. — Калi не хочаш, то скажы… I мы табе прыдумаем нешта другое ўзамен… Муж з цябе дрэнны. Не плач, трэба ты мне, як бочка без абручоў! А вось раб з цябе б атрымаўся добры…

— Што? — не зразумеў Мiкола.

— Раб! — засмяялася Наташа. — Будзеш кожную зiму маiм бацькам дровы загатаўлiваць. А кожнае лета — сена касiць. Калi згодзен — пiшы распiску. Тады на алiменты падаваць не буду!

Мiкола задумаўся.

— Давай паперу, — махнуў рукою. — I каб духу твайго тут не было!

Напiсаў усё, што прадыктавала Наташа. Падаў ёй.

— Парадак у танкавых вайсках! — засмяялася Наташа. — Пайшлi, татка! Пайшлi, мае дарагiя сведкi! Перагаворы прайшлi на вышэйшым узроўнi.

Калi яны зачынiлi за сабою дзверы, Мiкола кiнуўся да аркуша i лiхаманкава пачаў запiсваць:

— О, незнаёмка! Анёл мой нябесны! Маё адзiнае каханне! Цябе чакаю ў сваiх песнях, Прыйдзi, анёл мой, на свiтаннi!..

Перад абедам Галю выклiкала да сябе загадчыца бiблiятэкi.

— Што-небудзь здарылася, Надзея Пракопаўна? — спалохалася Галя.

— Не, — усмiхнулася тая. — Вельмi добрая для цябе навiна. Памятаеш, ты рабiла кнiгаабзор па паэтах Польшчы i ў нас была дэлегацыя з мястэчка Ломжа. Дык вось, пан Вацлаў хацеў бы, каб ты папрацавала ў iх бiблiятэцы. Яны адкрываюць музей беларускай творчасцi. У цябе такiя цудоўныя веды пра нашых паэтаў i пiсьменнiкаў!.. I наогул, ён сказаў, што ты вельмi дзелавiтая i разумная дзяўчына. У цябе — цудоўная будучыня, згаджайся!

Галя замялася, тады прамовiла:

— Надзея Пракопаўна, я замуж выходжу ў гэтую суботу. За Альберта…

— А божа ж ты мой! — уздыхнула тая. — За гэтага плаксу? Ён тут, да цябе, Арынцы мазгi пудрыў, пра нейкую Святланку мармытаў, казаў, што з-за яе з балкона прыгаў, вешаўся… Навошта табе такi шалёны?

— У яго няшчаснае каханне, — цiха сказала Галя. — Зараз ён у мяне ў пакойчыку ў iнтэрнаце жыве, суседка мая месца ўступiла нам. Ён мяне кахае… I я яго. Першы раз не атрымалася мне замуж выйсцi за Анатоля, дык хоць цяпер выйду.

— Галя, няўжо замуж — гэта галоўнае? — пачала ўшчуваць яе загадчыца. Думай пра кар'еру спачатку, паспееш яшчэ мiсак ды каструль намыцца ды бiтай пахадзiць…

— У нас будзе добрая сям'я, — прамовiла Галя. — Прабачце, я не паеду ў Ломжу…

I выйшла з кабiнета.

Пасля працы заспяшалася па крамах, каб парадаваць чым-небудзь смачным Альберта, калi сустрэла ў чарзе Антося. Худы, з вяснушкамi на носе, ён трымаў вялiкую сумку i разлiчваўся за хлеб. Галя хуценька скiравала за iм i дагнала на вулiцы.

— Эй, поп! Прывiтанне! — засмяялася яна. — Ты што, увесь час ходзiш у касцюме навучэнца семiнарыi? Вам нельга яго здымаць?

— Я — падрызнiк, — адказаў Антось. — Ад слова «рыза», разумееш? Гэта значыць, што на першым курсе даў зарок стаць манахам. Святаром-манахам, не жанiцца. А ты, мусiць, усё замуж у чарговы раз збiраешся? — засмяяўся ён.

— Вядома! — надзьмула вусны Галя. — А Анатоль да гэтага часу сабе дурнiцу не знайшоў, якая б згадзiлася сядзець дома i чакаць яго з паходаў! Я выходжу за Альберта, у нас будзе спартовая сям'я! Будзем хадзiць у паходы, на экскурсii ездзiць. У яго няшчаснае каханне, а са мною яму будзе добра i цiкава.

— Слухай, ты хадзiла ў паход, а так i не зразумела, што азначаюць кветкi Дарыны, аб чым перасцярагае мальва? Паглядзi на iх: яны раскрытыя, чырвоныя, гараць ажно. Гэта жар плоцi — ён падобны да пякельнага агню. Усярэдзiне кветачкi — бархатны салодкi язычок. Што ён азначае? Тое, што любяць людзi: смачненькае, прыемнае — задавальненнi цела: ежу, вопратку, секс. Што такое каханне? Гэта падман, якiм спакусiў д'ябал Адама i Еву ў Раi. Каханне — гэта плод тваiх фантазiй. А на самай справе яго прыдумала прырода для прадаўжэння роду людскога. На самай справе якiя дурнi згадзяцца iсцi жыць са сваёй сям'i ў чужую, да свякрухi, называць яе мамай? Жыць пад адным дахам з чужым табе чалавекам, дзяцей нараджаць?.. Бог у Раi задумаў для чалавека зусiм iншы шлях развiцця, але чалавек паддаўся на спакусу д'ябла. Каханне — гэта тое, што засцiлае вочы. Каханне прыносiць пакуты: бацька кiдае дзяцей, памятаеш, як у Вiшаньцы Зосьчын бацька збег да цёткi Светы? А колькi Аленка намучылася, кахаючы Мiколу? А колькi забойстваў на нiве кахання? Колькi войнаў? I што, гэта ўсё прыдумаў Бог? Не, Бог даў нам любоў боскую, любоў братэрскую… А ўсё астатняе — задума д'ябла. Хутка ты зразумееш, што Альберт твой нiшто, як нiшто i тваё выдуманае каханне. Сямейнае жыццё — гэта сумеснае вядзенне гаспадаркi, вось гэтыя твае торбы i ёсць тваё сямейнае жыццё, i яшчэ мыццё бялiзны i п'яны муж. I тады ты зразумееш, што страцiла важнейшае, на што магла патрацiць свае сiлы, на служэнне другiм людзям. Хрыстос сказаў: "Дзе мая мацi i дзе мае браты?" — Паказаўшы рукою вакол сябе, прадоўжыў: — Вось мацi мая, вось браты мае!" Не трэба замыкацца ў сваiх пачуццях, а трэба жыць для людзей. Вось я, напрыклад, хачу, як стану працаваць святаром, за кошт сваёй царквы пабудаваць дом для прастарэлых. Раней цэрквам належалi вялiкiя зямельныя надзелы, нейкiя пабудовы, а вось маёй царкве будзе належаць гэты дом для адзiнокiх старых. Там могуць працаваць манашкi, прыхаджане… А ты якую карысць будзеш прыносiць людзям? Якая карысць ад твайго замужжа? У свеце адна мiтусня. Каханне — мiраж, якое вымотвае i спустошвае душу. Здрады-спрэчкi сямейнага жыцця. Гэта ўсё прызямляе. А я хачу ўзнёсласцi, духоўнага жыцця…

Галя, выслухаўшы яго, пакруцiла пальцам каля скроняў.

— Фанатык ты! Нiчога ў жыццi не разумееш. I ў сексе, вiдаць, таксама! засмяялася яна. — Куранят па восенi лiчаць. Яшчэ паглядзiм, хто з нас локцi кусаць будзе!

I пайшла да свайго iнтэрната, дзе чакаў яе каханы…

III

Маруся пасадзiла дзяцей вакол сябе i пачала чытаць казку.

— Цёця, а вы мне дайце, калi ласка, дадому тыя нажнiцы, якiмi вы мне пазногцiкi абрэзалi! — папрасiла дзяўчынка ў выцвiлым камбiнезоне.

— У вас што, няма нажнiц? — здзiвiлася Маруся.

— Мы вельмi бедныя, — сказала старэйшая, гадоў дзесяцi. — У нас сям'я мнагадзетная.

— Iнуля, я ж табе ўчора аддала свой халацiк. Ён мне быў непатрэбны, растлумачыла Маруся. — А нажнiцы тваёй сястрычцы аддаць не магу, бо яны мне самой трэба. Давайце лепш я вас тортам пачастую!

Старэйшая, Iнуля, пацягнула за руку сваю сястрычку. Маруся падхапiла на рукi iх брацiка, якому было два гады, выцерла яму носiк ручнiком i павяла на кухню. Не паспела яна пасадзiць дзяцей за стол, як дзверы расчынiлiся i на парозе з'явiўся Вайдаш. Яна ўсмiхнулася i кiнулася да яго.

— А ў нас госцi! — пацалавала яго. — Прывiтанне, любы! Ты ўжо закончыў справы ў Лiепаi?

Вайдаш спахмурнеў тварам i нiчога не адказаў. Ён адштурхнуў яе, прайшоў у залу, са злосцю кiнуў сумку на тахту.

— Што здарылася? — захвалявалася Маруся i села з iм побач.

За сцяною шумелi, балавалiся дзецi.

— I цябе не ванiтуе ад гэтых смаркатых? — кiнуў раздражнёна ёй Вайдаш. Што за дурная звычка збiраць вакол сябе жабракоў? Так, яны з беднай сям'i, дык што гэта значыць — трэба зваць iх сюды, кармiць, апранаць iх? Гэта iх праблемы, што яны бедныя! Ведалi, што не змогуць пракармiць столькi дзяцей, не трэба было нараджаць! Цяпер яны як належнае чакаюць ад нас дапамогi! Мы павiнны iх утрымлiваць, iх i iхнiх дзяцей, так? Разумны i працавiты не будзе бедным, а п'янiцы ды гультаi — заўсёды бедныя. Твой дзядзька Мiкалай з Хвойнага, дзядзька Юзiк, пра якiх ты мне расказвала, дзядзька Iван таксама былi мнагадзетныя, але цi яны пабiралiся? Твая бабка Аляксандра з купцоў, твой дзед Хведар — з купцоў, у iх таксама былi мнагадзетныя сем'i, але цi яны прыходзiлi да каго жраць цi прасiць вопратку? А мне стала вядома, што з таго часу, як я паехаў у Лiепаю, ты ўсе свае шмоткi параздавала жабракам. I ў нас у хаце дзверы не зачыняюцца ад жабракоў, iдуць i iдуць! Калi ты такая добрая i шчодрая, то падумай, куды б лепей i разумней прымянiць сваю дабрыню i шчодрасць? Можа, лепш для хворых i нямоглых?

Маруся, збянтэжаная i збялелая, слухала Вайдаша. Цяпер ён паказаўся ёй другiм, чужым, не тым, якiм быў з ёю некалькi дзён назад. Яна паднялася.

— Прабач, — сказала яму. — Я i сапраўды паверыла, што я гаспадыня становiшча, а я ўсяго толькi твая палюбоўнiца… Я сёння ж паеду дадому.

— Не кiпяцiся, — крануў яе за руку Вайдаш. — Не паспею я даехаць да Лiепаi, як ты ўсё зразумееш. Цябе вучылi ў школе добрым паводзiнам з людзьмi, але не вучылi, як трэба сябе паводзiць з хамамi. Ад iх не трэба чакаць удзячнасцi. Хутка яны табе на шыю сядуць i ты сама зразумееш, як трэба з iмi сябе паводзiць. Трэба не заўважаць iх, Маруся, павер мне. А цяпер даруй, што я накрычаў на цябе! — Ён нахiлiўся да яе i пацалаваў. Маруся адхiлiлася. Вайдаш развiтаўся i выйшаў, сказаўшы, што сёння вечарам прыедзе, а справы амаль закончаны. Маруся вярнулася на кухню. Дзецi торт ужо паелi, цяпер балавалiся лыжкамi. На падлозе ля стала стаяла невялiчкая лужына.

— Гэта наш брацiк напiськаў, - растлумачыла Iнуля.

Маруся павяла дзяцей у ванную i памыла iм тварыкi. Потым адправiла дадому. Сама села перад тэлевiзарам. Глядзела мульцiк.

Праз нейкую гадзiну ў дзверы пазванiлi. Маруся адкрыла, убачыла Iнулю. Побач з ёю стаяла дзяўчынка ў жоўтай сукенцы i з ружовым бантам.

— Гэта мая сяброўка, — сказала Iнуля. — Яна таксама хоча сумачку. Дайце, калi ласка, i ёй такую сумачку, якую далi мне.

Маруся раззлавалася i растлумачыла, што папрашайкамi быць сорамна. Вярнулася да тэлевiзара. Пераключыла на другi канал. Там iшоў фiльм пра каханне. Надвячоркам у дзверы пастукалi. Маруся падумала, што гэта Вайдаш. Заспяшалася, але ўбачыла высокую дзяўчыну-падлетка. Тая перамiналася нага з нагi i нешта хацела сказаць. Затым рашылася.

— Цёця, — папрасiла дзяўчына, — Iнуля казала, што вы можаце даць мне кофтачку… Мне трэба на танцы…

— Ты што, жабрачка? Цi з беднай сям'i? — строга вымавiла Маруся. — Не адчапiцца ад вас!

I хлопнула дзвярыма.

— Вайдаш, ты казаў праўду! — уздыхнула яна i прылегла на тахту. — Вайдаш, прыязджай хутчэй!..

…Над Нiцай успыхнулi першыя зоркi. Вайдаш падняўся з ложка, узяў з бара бутэльку праменнага Рыслiнгу, напоўнiў крыштальныя фужэры.

— Табе з шакаладам, як ты любiш? — усмiхнуўся Марусi, адламаў дольку аксамiтна-цёмнага шакаладу i кiнуў у фужэр. Долька пакрылася пузыркамi-бiсерам, павольна гойдалася ў вадкасцi, затым цiха апусцiлася, лягла на дно…

Маруся абмакнула гарачыя вусны ў халоднае кiсла-церпкае вiно. Вайдаш з замiлаваннем пазiраў на яе.

— Якая ты прыгожая, — прашаптаў ён, — шчокi пылаюць агнём, рабiнавым агнём…

— Уся ваша Нiца — гэта агонь рабiн, — адказала яна, — як сiмвал Нiцы… Рабiны ўздоўж дарог…

— Ты — багiня, — усмiхнуўся ёй Вайдаш i прытулiў да сябе. — Заўтра мы паедзем у Вiшаньку. Я ўладжу справы з маёнткам, а потым будзем падарожнiчаць па Польшчы… Я прыдумаў — мы адправiмся на роварах да мястэчка, дзе жыве мая далёкая родзiчка.

— З Беларусi — на роварах? — засмяялася Маруся.

— Вядома, гэта ж цiкава!

— Я згодна- люблю ўсё неардынарнае i незвычайнае…

Яна паклала сваю галаву яму на плячо. Яе валасы рассыпалiся па падушцы.

— Мне снiўся сон, што я была рабыней i працавала на плантацыi, — прамовiла Маруся. — Ува мне заўсёды нейкi страх жыў перад вялiкiм полем. Памятаю, калi нас ганялi на буракi, я стала ля свайго радка i не ўбачыла яго канца — далей быў небасхiл, як бясконцасць. Страшная, якая страшная бясконцасць сама па сабе…

— Значыць, у мiнулым жыццi ты была нявольнiцай, — адказаў Вайдаш, — а ў гэтым — будзеш княгiняй…

— Я, напэўна, ужо была княгiняй, — засмяялася Маруся, — калi мне было сем год, мацi сказала: выйдзеш замуж, то трэба i тое i гэта рабiць, а я вельмi здзiвiлася i падумала: а што тады будуць рабiць слугi?

Вайдаш засмяяўся.

— Дзецi да сямi год памятаюць сваё мiнулае жыццё, — сказаў ён. — Значыць, ты была княгiняй, а потым трапiла ў няволю…

— А кiм быў ты?

— Манахам, — адказаў Вайдаш, — але, мусiць, эгаiстам, малiўся для сябе, i ўсё. Таму Бог даў мне багацце для таго, каб я заняўся дабрачыннасцю.

— Ты ж не любiш бедных, — сумелася Маруся.

— Я не люблю iх за нахабнасць, — цвёрда сказаў ён. — Раз што-небудзь дасi — не адчэпяцца, патрабаваць будуць!

Маруся прытулiлася да ягонай шчакi вуснамi i прашаптала:

— Прабач, цяпер я буду заўсёды цябе слухацца…

Ярка мiгалi зоркi на начным небе. Вакол месяца вiднелiся два цьмяныя чырвоныя абрысы. Iрэна глядзела на чырвонае вогнiшча ў грубцы. Чакала, пакуль зварыцца бульба. Дровы гарэлi з трэскам, моцна. Недзе здалёку чулася выццё не то ваўка, не то сабакi. На прыпечку, у цёплым месце, скруцiлася абаранкам кошка, прыкрыла мордачку лапай.

— Ой, мароз будзе! Бульбу не паспеем выкапаць, — закрахтала свякруха i бухнула на стол запацелы з холаду буталь гарэлкi.

Хлопцы кiнулiся да стала. Засквiрчэла на патэльнi сала.

— Налiвай, Цiмох, пакуль жонка не прыбегла! — засмяяўся Сцяпан, пацiраючы рукi.

— А твая што, нос верне? — кiўнуў Цiмох у бок Iрэны. — Прывыкла да гарадскога каньяку?

— Навошта мне ваша смярдзючая гарэлка? — адазвалася Iрэна.

— Ну, будзь, Сцяпан! — падмiгнуў Цiмох брату. — Нам болей застанецца!

I перакулiў чарку.

— Табе налiваць, Халiмонка? — засмяяўся Сцяпан, выпiўшы сваю чарку. — Цi як малодшаму не трэба?

— Хто малодшы? — працягнуў Халiмон. — Ты ж i ёсць малодшы, я — сярэднi.

— Малодшы таму, што апошнi ажанiўся! — зарагатаў Цiмох. — Твая яшчэ за табою бегае, не дае пiць, а Iрка Сцяпанава ўжо прывыкла, не крычыць!

— Я табе не Iрка, а Iрэна! — разгневана адказала тая.

— Iрэна — заднiца па калена! — зарагатаў Цiмох. — Прывыкай да нашай гаворкi: Iрка, Сцёпка, Цiмка i Халiмонка!

Iрэна, узяўшы таз з гарачаю вадою, пайшла ў другi пакой.

— Ай, хлопцы! — закрычаў Халiмон. — Жонкi нашы iдуць! Хавайце гарэлку! Мацi, на забяры!

Старая хуценька сунула пляшку пад фартух, а на парозе з'явiлiся дзве маладыя жанчыны.

— Мама! Вы зноў iх поiце! — закрычала старэйшая, у рванай сукенцы i кiрзавых ботах, чарнявая, з доўгiм носам.

— Баронь бог, Надзька!

— Знаю я ваша "баронь бог"! — адказала тая. — Цiмох! Дахаты! Я чатырох кароў выдаiла, а пятую не магу — ногi па калена ў г…не, iдзi гной выкiнь!

Той, уцягнуўшы шыю ў плечы, паплёўся за жонкай.

— Халiмонка, — цiха вымавiла другая маладзiца, прыгожанькая, з ружовымi шчочкамi, светлакосая, у чорнай з чырвонымi кветкамi хустцы. — Ты ж казаў, што не будзеш болей. Не кахаеш, значыць…

— Ай, Верка, прыдумала абы-што! — абняў жонку Халiмон. — Пайшлi спаць!

Сцяпан зарагатаў iм услед.

— Вох-вох! — завохкала старая ля печы, кiўнула ўбок пакоя, куды знiкла Iрэна з тазiкам. — Зноў мыецца на ноч твая чысцюля! З яе ж людзi смяюцца, у нас такога нiхто не робiць. Як вывесiць свае трусы на вяроўцы, дык сорам перад людзьмi — аж сем штук налiчыла. Нi адна мая нявестка так не робiць, адны-двое трусоў на перамену, ад банi да банi, тыдзень адны i носяць трусы! А гэтая? Ты ж на яе грошай не набярэшся, трусы купляючы! Iдзi скажы, каб апошнi раз такое было. Мыла трэба эканомiць, ваду з калодзезя носiм!

Сцяпан, смеючыся, пайшоў да жонкi.

— Што ты хочаш? — непрыветлiва сустрэла яго Iрэна. — Якi ты быў хлопец у горадзе: ветлiвы, акуратны! А зараз — брудны, адны трусы тыдзень носiш, на ноч не мыешся, мова не развiта, адны маты!

— А чаму я павiнен дома крыўляцца, як у горадзе? — здзiвiўся той. — Тут я дома, як рыба ў вадзе! На якi хрэн мне твая ветлiвасць? Хопiць, што ногi на ноч мыю, а каб хлопцы ўбачылi, што яшчэ i трусы мяняю, як ты, то засмяялi б, як цябе! Каб больш не мылася, мацi сказала!

— Пайшоў ты! — буркнула Iрэна.

— Ды смяюцца з цябе ўсе! — пачаў лаяцца падпiты Сцяпан. — Сядзеш есцi "дайце, калi ласка", «дзякую», "прабачце"! Будзь прасцей, паеў ды пайшоў працай займацца, а то на тваю ветлiвасць толькi час дарэмна трацiцца!

Сцяпан плюнуў i выйшаў з пакойчыка.

Да Iрэны падсела Тамарка.

— Глядзi! — паказала ёй чорную кнiгу, на якой вялiкiмi лiтарамi было напiсана Бiблiя. — Гэта ж наш бацюшка мне падарыў!

— Зноў па святарах бегаеш! — увайшла ў пакой мацi. — Гультаi яны ўсе! Бач, колькi зямлi маюць!

— У нашага бацюшкi сямёра дзяцей, яму ж трэба iх кармiць, вучыць, у людзi выводзiць! — заступiлася Тамарка. — А ў ксяндза няма сям'i, яму прасцей…

— Дзе грошы брала на кнiгу? — закрычала мацi.

— Ён мне так падарыў. Я сказала, што ты не пускаеш мяне ў нядзельную школу, дык ён падарыў!

— Калi ты ўжо бегала туды? Можа, як я на базар ездзiла? Га? Ты да нашай Сонькi схадзiла, дапамагла ёй кароў падаiць цi ўжо забылася на сястру, як тая замуж выйшла? — пачала сварыцца мацi. — Самую нiхто не бярэ, дык ты сястры зайздросцiш?

— А за каго тут iсцi, за Кольку Цяцеркiна? — засмяялася Тамарка. — Ён мяне праводзiў i замуж прапанаваў, але ён п'е! Навошта мне п'янiца? Я з Iрэнай паеду да цёцi Алены ў манастыр, у Полацак, можа, там i застануся! Чым з п'янiцамi жыць, як мае браты цi iншыя хлопцы, дык лепей Богу служыць!

— Калi мужык вып'е, тады яму весялей працаваць, — павучальна сказала мацi. - Iдзi за Кольку, у яго пяцёра кароў…

— Навошта вы трымаеце па столькi кароў? — здзiвiлася Iрэна. — З голаду, цi што, памiраеце? Малако здаяце, а грошай вашых не вiдаць, то сахар, то муку мяшкамi купляеце, а тады гарэлку гонiце!

— Вось Кольку i трэба паiць, каб гэтую хваравiтую ўзяў! — кiўнула ў бок Тамаркi свякруха. — Няхай яна табе скажа, што ў яе за хвароба! Ёй жа падымаць нiчога нельга, бо кроў з яе льецца…

— З-за вашай гаспадаркi я i надарвалася! — заплакала Тамарка. — Усё вам мала, мяхi з бульбай цягаць вам трэба, быццам хлопцаў няма!

— Што гэта за баба, што мех бульбы не падыме! — раззлавалася мацi. Здыхля! Радуйся, што хоць Колька бярэ!

I выйшла, грымнуўшы дзвярыма.

Тамарка шапнула Iрэне на вуха:

— Глядзi, што яшчэ мне бацюшка падарыў! - i паказала дзiцячае пiянiна. Пайграй мне, Iрэначка! Тое месца ў Чайкоўскага, дзе танец маленькiх лебядзяў!

Iрэна паспрабавала. На гукi пiянiна ўскочыла свякруха.

— Хату падмяцi лепш! — буркнула Iрэне. — Наша Сонька такая працавiтая. У яе столькi крышталя ў хаце, а цюляў колькi!

— На iх каты катаюцца! — засмяялася Тамарка. — I мужык п'яны сальныя рукi выцiрае! А ў сале чэрвi завялiся, бо жадзiна яна! I свiней малаком кормiць! А ўсё плача, што галодная!

— Ды Сонька дзiця ў баразне нарадзiла, такая працавiтая! Пуза пад нос, а яна сена з мужыком таптала, вiшнi на драбiне абiрала! А ты будзеш цяжарная, дык хадзiць будзеш баяцца, каб не выскачыла, здыхля! Сонька i на канi скакала цяжарная!

— Яна i сама, як той конь, на жанчыну не падобная! — засмяялася Тамарка.

— Не падобная? — скрывiлася мацi. - Iрэна, вось пойдзем на адведкi, дык пабачыш, якая наша Сонька! Там яшчэ i Гельтруда будзе, яна настаўнiцай працуе, за Сцяпана вельмi хацела! Працавiтая дзеўка, рукi, як качолачкi, плечы, як булава, круглыя, крутыя, любога мужыка за пояс заткне ў працы. Маўклiвая, слова ад яе не пачуеш…

— Шапялявая, вось i маўчыць! — засмяялася Тамарка. — I нiякая яна не настаўнiца, з вучылiшча педагагiчнага адлiчылi, бо тупая, вось пiянерважатай працуе ў школе, па блату!

— Яна не тупая, а працавiтая! — закрычала мацi. — Гельтруда паехала бульбу цётцы капаць, месяц не была на вучобе, вось i адлiчылi!

Тамарка засмяялася:

— Тупых работа любiць!

— Гультайкi вы дзве з Iрэнай! — раззлавалася мацi. — Анягож! На пiянiна трынькаюць ды Бiблiю чытаюць! Нi Богу свечка, нi чорту качарга!

I пайшла спраўляць працу.

Зоська з цiкаўнасцю пазiрала на хату Рыгора. Вось ужо месяц, як гаспадар знiк некуды. А што, калi гэта чары Соф'i, чары з таго свету? Сама Зоська ўжо не баялася анiякiх чараў, нават сама хацела нешта падрабiць цётцы Свеце i свайму бацьку. У Рыгора, казалi, была нейкая кнiга Белай магii, вось каб знайсцi яе! Тады можна i на Алеся паваражыць: што яе чакае з iм. Хлопец не збiраецца, аказваецца, працаваць у iх школе, паступiў у аспiрантуру, хоча быць акеанолагам. Цiкавае жыццё! А кiм будзе яна, Зоська, няўжо так i застанецца ў вёсцы бiблiятэкаркай? Яна ўсё Гайву раўнавала да Алеся, а яна цяпер i не прыязджае сюды. Кажуць, у яе шмат кавалераў, мяняе, як пальчаткi. Вядома, прыгожая…

Зоська пракралася да сенцаў Рыгора, знайшла пад каменем ключ i адмыкнула хату. У пакоях было ўтульна i таемна. Нiдзе не вiднелася люстэркаў — дзiўна, звычайна тыя, хто займаецца магiяй, маюць шмат люстэркаў. Яна прайшла да кнiжнай палiцы i пачала глядзець кнiгi.

— Гэта не дапаможа табе, — пачула голас.

Азiрнулася. На парозе стаяў дзядзька Рыгор: высокi, прыгожы, з кучаравым чубам, нават не скажаш, што яму сорак год. Такое ўражанне, што ён, наадварот, не старэе, а маладзее.

— Дзе вы так доўга былi? — пацiкавiлася Зоська.

— Па справах, — адказаў Рыгор. — У кожнага на гэтай зямлi свае справы. I трэба прытрымлiвацца таго, што табе паказана на руцэ. Свой лёс i на канi не аб'едзеш!

Ён падышоў i ўзяў руку Зоськi. Уважлiва паглядзеў на яе i прамовiў:

— Лiнiя розуму на правай руцэ, як даў табе Бог, а на левай, як ёсць цяпер. Лiнiя розуму на левай руцэ iдзе ўнiз да стыку з Месяцам. Ты з-за любоўных iнтрыг можаш страцiць кар'еру. Такая ж рука i ў Галi Аўдоццiнай, яна ўсё каханне шукае, а ў яе ж лiнiя сэрца выходзiць з рукi, памiж пальцаў: указальным i сярэднiм. I ў цябе выходзiць. Тут ужо як нi круцiся, а ў каханнi вам не пашанцуе, хоць дзесяць разоў замуж выходзь. Галю я перасцярагаў, не паслухалася. А ты не будзь дурнiцаю, не шукай кахання, не думай пра замужжа, а рабi кар'еру. Зараз у цябе сяброўства з Алесем. Сяброўства вышэй кахання. Даражы гэтым. Паступай разам з iм туды, куды i ён, цi блiзка ля таго, каб быць разам у моры. У цябе будзе цiкавае жыццё!

Ён крыху памаўчаў, усмiхнуўся i дадаў:

— Ведаю, ты да Гайвы раўнуеш. Вось яна пустая i бесталковая, але яе чакае цудоўны шлюб: багаты i шчаслiвы. Не бойся, не з Алесем…

— А чаму так Бог не роўна дзелiць? — раззлавалася Зоська. — Гайве дык шлюб, а мне — без шлюба i кахання, толькi кар'ера! Што, Гайва чымсьцi выслужылася перад Богам?

— Нельга так гаварыць, — закiваў галавою Рыгор. — Усе вы прыйшлi на зямлю з мiнулага жыцця, i на вашых далонях напiсаны ваш лёс у гэтым жыццi. Пэўна, саграшылi ў нечым, вось i другi раз нарадзiлiся, каб выправiцца… Табе не дзiўна, чаму Соф'я так ненавiдзела дачку сваю, Аленку?

— З-за кахання да цябе, гэта ўсе ведаюць!

— I не толькi! Каханне — гэта пакаранне ад Бога ёй. У мiнулым жыццi Соф'я i Аленка былi ворагамi, вось Бог i даў адной ад другой нарадзiцца, каб памiрылiся. Соф'я не захацела мiрыцца. Тады Бог дапусцiў, каб д'ябал усялiўся ў яе… Чакаў, што пакаецца, але — не, яна працягвала ненавiдзець усiх… Тады яе душа пакiнула цела, лiнiя сэрца з яе далонi знiкла. Будзь асцярожна, калi ў каго на далонi няма лiнii сэрца — гэта дэманаiд. Мая задача — знiшчаць дэманаiдаў. Усе маньякi, забойцы — гэта ўжо не людзi, iх цела пакiнула душа, гэта дэманаiды. I мне смешна з вашых законаў — вы судзiце iх! Як можна судзiць д'ябла? Яго трэба знiшчаць, знiшчаць целы, у якiх ён знаходзiцца…

— Дзядзька Рыгор, — ашаломленая, Зоська глядзела на яго шырока раскрытымi вачыма, — чаму вы ўвесь час кажаце: "вашы законы", "вас пасылаюць на зямлю", вы хiба не адносiцеся да нас, хiба вы не чалавек?

Рыгор раскрыў ёй сваю далонь, i Зоська ўбачыла, што ў яго на руцэ адсутнiчае лiнiя жыцця. Толькi роўная лiнiя розуму на ўсю руку, якая злiлася з лiнiяй сэрца.

— Хто вы? — запытала яна. — У дзядзькi Рыгора была лiнiя жыцця…

— Я — бiяробат. Бiяробат-паляўнiчы, мая задача — знiшчаць д'ябла!

— А дзе ж тады дзядзька Рыгор?

— Яго душа ўжо з Богам.

— Значыць, у нашы целы могуць усяляцца д'яблы i бiяробаты? Цi бываюць бiяробаты злымi?

— Бываюць рознымi. У залежнасцi ад iх задачы.

— Хто iх пасылае?

— Ты ўсё роўна забудзеш нашу размову. Памятай толькi адно: твая лiнiя сэрца выходзiць з рукi. Вер лёсу, не шукай, наперакор яму, кахання i шчасця ў сям'i. Рабi кар'еру! Сяброўства даражэй кахання! Каханне прыносiць пакуты i здрады, сяброўства — нiколi. Закаханы — дабыча для д'ябла: раздваенне асобы, вар'яцтва. Адам i Ева ў Эдэмскiм садзе былi сябрамi, пакуль iх не спакусiў д'ябал… Рабi кар'еру!

…Недзе над вухам назойлiва звiнеў камар. Зоська падняла твар ад зямлi i заўважыла, што ляжыць у бульбоўнiку.

— Зусiм ужо ад сваёй навукi здурнела! — буркнула мацi. — Гэта ж трэба — у другi iнстытут надумала паступаць, аднаго з яе мала!

Праз агароды бег да iх бацька.

— Што, Светка паганяла? — з'едлiва пасмiхнулася мацi.

Той падышоў да iх, нейкая лiхаманка трэсла яго. На вуснах ажно пена з'явiлася.

— Бабы, ратуйце! — прамармытаў ён. — Светка на працу збiралася перад люстэркам, а я на яе адлюстраванне глянуў — дальбог, не яна там была! Бабы, не яна! Там Соф'я была ў люстэрку! Я як закрычу, а Светка смяецца! Гэта душа вядзьмаркi Соф'i ўсялiлася ў Светку, бабы!

Бацька загаласiў.

— Не верыце? — прашаптаў ён. — Калi вядзьмарка здыхае, то яе душа застаецца ў астральным свеце, яна ўжо ведае, што дзверы нябесных варот зачынены перад ёй i што праз некаторы час яна знiкне назаўсёды, тады яна ўсяляецца ў другое цела, каб прадоўжыць крыху сваё жыццё. Блукаючая душа гэта. Светка чаравала на мяне, каб адбiць, дык вось Соф'я i ўсялiлася ў яе. А я-то думаю, чаму Светка то адна, то другая, быццам два чалавекi ў ёй жывуць, ай, бабы! Пабягу ў царкву каяцца! Ай, бабы! Пабягу да бацюшкi, а потым да вас, даруйце i схавайце ад Светкi!

I ён, трасучыся i прычытаючы, падаўся да царквы ля маёнтка.

— Дарагi, прачынайся, ужо палова на восьмую! — ласкава дакранулася да пляча Альберта Галя.

— Я ж сказаў табе, я ранiцай люблю паспаць у выхадны! — схаваў кудлатую галаву пад коўдру Альберт. — Да таго ж, я — сава, позна засынаю, позна прачынаюся!

— А я — жаваранак! — раззлавалася Галя. — Ты мне спаць не даеш сваiм тэлевiзарам! — Яна сцiшылася i ласкава загаварыла: — Альберцiк, мы ж дамовiлiся, што ў нас будзе спартовая сям'я, каб усе зайздросцiлi, у паходы па выхадных будзем хадзiць, пайшлi!

— Iдзi адна! — буркнуў ён.

— Тады пайшлi пасля абеду на тэнiсныя корты!

— Пайшла ты прэч! — кiнуў у яе падушкай Альберт.

— Для чаго я тады замуж выходзiла? — раззлавалася Галя. — Каб на лежня глядзець па выхадных! Я, калi не замужам была, то кожныя выхадныя на экскурсii, у паходы хадзiла!

— Жраць вары! Бялiзну мый! Вось для чаго ты замуж выйшла! — агрызнуўся Альберт.

— Ты такi, як i Анатоль, — расчаравана ўздыхнула Галя. — А казаў, што калi будуць дзецi, то з iмi ў паход пойдзем…

— Калi будуць — не да гэтага будзе!

— Дык тады ж i жыць нецiкава так: у ложку валяцца, жраць…

— I сексам займацца! — зарагатаў Альберт.

— Як жывёлы! — плюнула Галя. — Вось i ўся рамантыка сямейнага жыцця!

— Ну, дык трэба было ехаць працаваць у Польшчу! Чаму не паехала? Цяпер там Арынка працуе, быўшая мая ўхажорка!

— Ты i Арынцы мазгi пудрыў сваiм каханнем да Святланкi! Усё хацеў, каб цябе шкадавалi! Ды з табою ганьба адна куды iсцi! Пайшлi да маёй цёткi, там дзецi, а ён: "Маёй дачушцы таксама годзiк!" Казёл ты! Якой тваёй дачушцы? Я да Светкi гэтай ездзiла, ты ж, як мы iшлi ля яе iнтэрната, казаў: "Вось тут я са Святланкай хадзiў…" Я пайшла да яе, а яна i кажа: "Не слухай ты гэтага плаксу! Я ад мужа дзiця нарадзiла! Гэта ж ён, каб бабы шкадавалi ды частавалi!"

Альберт ускочыў з ложка i схапiў Галю за валасы.

— Сучка, навошта туды хадзiла? — закрычаў.

— А каб зразумець, што дурная была! — вырвалася Галя. — Чым бабу бяруць?! Жаль да сябе выклiкаюць, каб пашкадавала бедненькага! Вось ты i прыдумаў! А ў мяне ў iнтэрнаце асобны пакойчык, а ты ў сваiм з хлопцамi жыў! Вось i разгадала тваю задуму!

Альберт крыкнуў i зарагатаў.

— Ах ты, кудлач! — закрычала Галя. — Дамасед смярдзючы! Толькi паветра псуеш у пакойчыку, хоць бы ў туалет пайшоў смярдзець, тут табе што, канюшня? Нажрэцца i смярдзiць!

— У сваёй хаце!

— А вось гэта не хочаш? — Галя сунула яму пад нос кукiш.

— А ты калi апранацца па-людску навучышся, дурнiца? — засмяяўся Альберт. Я цябе ўжо раз пакалацiў, як з кiно iшлi, а мала! Кароткiя нагавiцы апранула, як семнаццацiгадовая! Трэба апранацца, як жанчына замужняя — у доўгае!

— Збiрай свае транты i тэлевiзар свой, i каб духу твайго тут не было! закрычала Галя. — Заўтра ў загс пойдзем на развод!

Альберт схапiў яе за валасы.

— Мiлiцыя, ратуйце! — загаласiла яна. — Дзеўкi, ратуйце!

Вырвалася i пабегла ўнiз па лесвiцы за камендантам iнтэрната.

IV

Марусi здалося, што над яе галавою з'явiлася галоўка дзiцяцi, яна паглядвала на яго знiзу ўверх. Над яе галавою, ля сцяны — жывая выява тварыка дзiцяцi! Ён жывы! Маруся абрадавалася — такая забаўная мардашка: вочкi, носiк, вусны. Яна хацела падняцца, каб разгледзець яго, але… прачнулася.

— Ну што? Бачыла сынка? — усмiхнулася ёй бабка Сашуля.

Маруся здзiвiлася: адкуль яна ўсё ведае?

— Ага, я ўсё ведаю! — загадкава адказала тая. — Ты, як да мяне толькi на кватэру стала, калi прыехала ў Вiшаньку на гэты аб'ект, то я ўжо бачыла, што ля цябе кружыцца душа дзiцяцi, хлопчыка. Дзiця само выбiрае мацi, за два месяцы да зачацця ўжо ля яе кружыцца. Ты будзеш багатая i шчаслiвая. А душа гэтая на зямлi шмат пакутавала, вось Бог i паслаў яе да цябе, каб пажыла шчаслiва другi раз. I ты сама ў тым жыццi была нешчаслiвая, пакутавала, а цяпер будзеш шчаслiвая. А аборт — вялiкi грэх, бо тая душа ля цябе кружыцца, а ты адрываеш нiткi, якiмi яна была звязана з небам i зямлёю, таму гэтыя дзецi застаюцца на астрасоме мацi i паразiтуюць, дрэннае ўсё для яе робяць, помсцяць. Вось калi ён цябе i кiне, князь гэты, то не рабi аборт!

Маруся паднялася з ложка, апранулася.

— Я сама яго кiну, — адказала яна. — Ён такi!.. Задаецца, цi што? Учора Аўдоцця прынесла мне сукенку, каб я перашыла, ён прыйшоў, калi вас не было, убачыў i як закрычыць: "Навошта ты хамам шыеш?"

— Марусечка, — усмiхнулася баба Сашуля. — ён праўду кажа! Ты ж яго будучая жонка, так ён лiчыць. Таму не павiнна апускацца так! Аўдоцця ж тая на цябе пляткарыла. I наогул не май сябровак там, дзе жывеш! Вось паглядзi, якая ў яго сястра, Гайва гэтая! Пустая, дурнiца, у сваiм iнтэрнаце, па вучобе, жыла — усе яе сяброўкi пра яе прыгоды з хлопцамi ведалi. Як пазнаёмiцца з кiм, то сяброўкi i напляткараць. Прыехала сюды — тут завяла сябровак. Да яе такi чалавек харошы пасватаўся, а бабы тутэйшыя такога пра яе яму наплялi! Кiнуў! А цяпер яна ў сябе дома працуе, ля Нiцы недзе. Дык на працы нi з кiм не заводзiць сяброўства i там, дзе жыве, не сябруе нi з кiм, толькi так афiцыйна, ветлiва, i ўсё! Яна мае сяброўку зусiм у другiм горадзе. Вось ёй i расказвае свае прыгоды. Дык цяпер да яе пасватаўся вельмi багаты чалавек, а на працы i там, дзе яна жыве, аб ёй толькi добрыя ўражаннi. Вось i табе, Маруся, не трэба нi з кiм тут сябраваць. Лепш будзь маўклiваю, тады падумаюць, што ты ганарыстая, а ганарыстых вельмi прасты люд паважае i баiцца. Прастому чалавеку патрэбен кнут. А калi ты жонка князя ды яшчэ з iмi панiбрацтвуеш, то яны перастануць цябе паважаць, запомнi гэта. З прастымi не трэба знацца, iх не перавыхаваеш, толькi сябе зганiш!.. Абыходзь iх лепш, Марусечка!

Баба Сашуля выцерла рукi аб фартух i ўздыхнула.

— Мой бацька купец быў, - прадоўжыла яна, — ой, колькi гора нацярпеўся ад прастога люду, а ўсё ад зайздрасцi iхняй. Людзi ненавiдзяць тых, хто разумнейшы за iх, стараюцца зганiць… Едзь лепш адсюль, Марусечка, едзь туды, куды цябе клiча князь…

Дуброўскi з'явiўся пад вечар i з парога голасна выгукнуў:

— Ну што, турыстка-альпiнiстка, гатова да велпаходу? Нашы ровары чакаюць нас на мытнi. Датуль нас давязе мой сябар.

Маруся ўсмiхнулася, узяла свае рэчы, пацалавалася на развiтанне з бабуляй. Тая шапнула ёй пару слоў-наказаў i сунула ў рукi свой малiтваслоў:

— Бяры, унучачка, чую сэрцам, што нядоўга мне на гэтым свеце засталося, а табе згадзiцца… Будзеш на чужыне жыць, успомнiш мяне. Лепш на добрай чужыне, чым на зайздроснай радзiме… У вёску нiколi не вяртайся — з'ядуць ад зайздрасцi. Нiхто нiколi цябе тут не зразумее, лепш — горад, якi нi ёсць, але там культура, унучачка, iнтэлектуальнае развiццё, а тут толькi праца, моўчкi працуеш, моўчкi адпачываеш, усё бачком-маўчком. Гэта толькi для тых, у каго душа не ўзнялася да нябёсаў, чыя душа яшчэ спiць. А табе трэба ляцець, узнiмацца, больш бачыць, сустракацца з рознымi людзьмi, наведаць розныя краiны, гарады. Бывай, унучачка! Дабра табе i шчасця!..

Бабка Сашуля змахнула слязiнкi з вачэй. Вайдаш i Маруся выйшлi з хаты. Бабка паглядзела ў акно i прашаптала:

— Сустракалiся мы i ў тым жыццi, у мiнулым… У тым жыццi вы былi сябрамi, вось i цяпер знайшла душа душу… I ў тым жыццi вы былi аднаго полу. Нiшто наша цела ў параўнаннi з душою…

Iрэна са Сцяпанам перабiралi бульбу. Моўчкi, павольна.

— А ведаеш, Сцяпан, у Мексiцы ёсць раслiна, якая мяняе свой колер на працягу дня. На золку яна белая, у поўдзень — ружовая, затым цёмна-чырвоная, к вечару становiцца фiялетавая, а ноччу — зноў белая. Пахне толькi тады, калi белы колер мае!..

— Ай, якая мне справа да гэтага! — буркнуў Сцяпан. — Працуй моўчкi! Гэта ў вас у горадзе прынята балаболiць, а ў нас усе моўчкi працуюць!

— А чым жа тады галава забiта, як рукi працуюць?

— А нi чым! Пустая, i ўсё… — абазваўся ён, са злосцю кiдаючы ў вядро бульбiну. — Гэта ў цябе галаве сумна, а мы думаем: як на зiму чаго нарыхтаваць, як дзе што купiць, як дзе пахмялiцца…

— Прымiтыў. На ўзроўнi неандэртальца, — скрывiла вусны Iрэна. — У якiя ты гульнi любiў у дзяцiнстве гуляць?

— Па дрэвам лазiлi i гарэлку спрабавалi самi гнаць, каб матка не бачыла. На рыбу хадзiлi… Баба нас глядзела, а матка i бацька ўсё на ферме…

— Якая, па-твойму, павiнна быць iдэальная жанчына?

— Як Сонька наша! — Сцяпан падхапiўся. — О! Мы ж сёння да яе ў адведкi iдзём! Кiдай бульбу, пайшлi апранацца, а то матка хiтрая, самi ўжо збiраюцца, а нас не клiчуць!

— Раскрычаўся! — увайшла ў сенцы свякруха. — Iрэна, збiрайся! I джынсавае ўсё апранi, у нас гэта модна!

— У горадзе джынс — рабочае адзенне, — запярэчыла тая.

— А ў нас свая мода! — адказала тая. — I каб не доўгая спаднiца была! А то апранецца, як пападдзя!

Iрэна плюнула ад злосцi i пайшла апранацца. Свёкар надзяваў белую кашулю. Тамарка красавалася перад люстэркам у ружовай сукенцы.

…Iрэна аж аслупянела з перапуду: на iх накiнуўся цэлы кагал п'яных мужчын i жанчын. Яны цалавалiся са свёкрам i свякрухай, вiслi на Сцяпане, ягоных братах з жонкамi, вiслi на Iрэне, дыхалi перагарам i запрашалi за стол. Калi селi, нейкi п'яны мужык крыкнуў праз стол Iрэне:

— Свацця, вып'ем! Свацця, буську!

I стукнуўся сваёй замасленай чаркаю з яе кiлiшкам, вылiўшы палову на стол. Усе чаўкалi, плявалiся, елi без сподачкаў, тыкаючы сваiм вiдэльцам у розныя стравы, ад чаго салата з зялёным гарошкам стала чырвонай, бо запэцкалася ад салаты бурачковай, у якую раз-пораз совала вiдэльцам мажная жанчына з рыбiнымi вачыма, а затым вылоўлiвала з другога гарошак… Iрэна адчула, што яе зараз званiтуе, таму выпiла чарку смярдзючай гарэлкi i заспяшалася на ганак, каб глытнуць свежага паветра. На двары, ля плота, мачыўся на дошкi п'яны мужык. Ён зашпiлiў шырынку, гыкнуў, гледзячы на Iрэну, заспяваў песню i, хiстаючыся, пайшоў у хату. На хаду паспеў ушчыпнуць Iрэну за бачок.

— Цьфу! — плюнула Iрэна. — Прытон! Садом i Гамора!

— Ой, сваццейка! — абняла яе за шыю нейкая дзяўчына. Iрэна спачатку падумала, што гэта мужчына, бо надта ж моцнай была яе хватка. — Сваццейка! крычала дзяўчына. — Гэта не пiтон, гэта вяроўкi для бялiзны вiсяць. А сад там, а камора — тут! Пайшлi, там Сонька буталь схавала, вып'ем, сваццейка!

— Ой, пачакай! — спрабавала вырвацца з абдымкаў Iрэна. — Давай пазнаёмiмся! Я — Iрэна.

— А я — Гельтруда! — бухнула па плячы яе дзяўчына. — Завi мяне па-нашаму Гелька, а я цябе — Iрка! Ты ж ужо наша, вясковая, прывыкай. А я пiянерважатай працую! Зараз у водпуску. У нас усе настаўнiкi бяруць водпуск летам, каб грады палоць. Гэта толькi гарадскiя ездзяць у адпачынак, а ў нас смяюцца, калi хто едзе, значыць, гультай!

Гельтруда хмыкнула.

— А вы ўжо бульбу выкапалi? — запытала ў Iрэны. — Ой, а твая свякруха казала, што ты плоў рабiла, дык каша нейкая атрымалася, i мяса з падлiваю, дык каша таксама! Iрка, у нас так не робяць, улетку бульба i сала смажанае, аладкi. Агароднiна ў вераснi. А навошта ты ў горадзе тое мяса купляла? Гэта ж мяса на Каляды бывае, як кабана колюць, i ўсё, а так у нас нiхто не купляе, смяюцца тады!

— Я ў горадзе лепш харчавалася, — адказала Iрэна, — пойдзеш у краму, купiш 200 грамаў мяса ў пакецiку, катлет наробiш…

— Во якая дурная! Сонька наша нiколi катлет не рабiла, гэта ж перавод мяса! Толькi засалiць i ў боршч пракiнуць ды ў булён пракiнуць…

— Ну й толку з вашай вёскi! — агрызнулася Iрэна. — Калi мне ўдасца выбрацца адсюль, я ў сябе на грудзях выкалю: "Вёска! Не забуду тваiх здзекаў!" Мяне тут растапталi, зганьбiлi, згвалцiлi маю душу!

— Во, ты сапраўды не такая, як мы! — засмяялася Гельтруда. — Трусы мяняеш кожны вечар, катлеты робiш, размовы нейкiя вядзеш не тыя!

— Чаму ж? Я ўжо па-вашаму матамi крыю! — засмяялася Iрэна i стукнула Гельтруду па плячы. — Пайшлi, сваццейка, такую тваю маць, дзябнем па чарцы!

— О! Гэта тое, што трэба! — абняла яе Гельтруда.

Але за стол яны не пайшлi. Выйшлi ў сад.

— А наша кароўка нiяк не пабегае, — расказвала Гельтруда. — Свiнка за кабанамi пабегала, мы яе да вашага кнура вадзiлi. А кароўка — не! Тыя тры каровы пабегалi, а гэта — не!

— Ты кнiжкi чытаеш, Гельтруда? — запытала Iрэна.

— Смяешся? Якiя тут кнiжкi, няма калi з-за працы! Нашы чацвёра кабаноў жруць, як буржуi, а меншая свiнка — не, — прадоўжыла Гельтруда. — А гуркi ў гэтым годзе пасохлi, г…о гуркi! А памiдоры зялёныя яшчэ… Што за год такi?

— Пляваць я хацела на вашу вёску, — засмяялася Iрэна. — У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны — капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..

— А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!

— Дык ён жа п'е! — не пагадзiлася Iрэна.

— Во якая дурная! — здзiвiлася Гельтруда. — Гэта ж добра! Налiла яму — усю работу табе зробiць!

Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.

…На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала:

— Божа! Ты пакараў мяне за грахi мае ў горадзе… Пакараў, скiнуўшы ў гэтае пекла. Ты праверыць хацеў, цi вытрымаю я, цi не зламлюся я, прыгажуня, якая так ганарылася сваiм целам, так пеставала яго, так марыла пра задавальненнi, каханне, прыгоды… Я зразумела ўсё. Ты адняў у мяне ўсё тое, што я мела ў горадзе, i я зразумела, што засталася без свайго цела з такою недасканалаю душою. Мне цяжка духоўна… Дапамажы мне выбрацца адсюль! Я хачу яшчэ раз вярнуцца ў горад, каб зразумець, наколькi цвёрдае маё рашэнне пайсцi тваiм шляхам, Госпадзi! Я не разумела Аленку, называла яе дзiвачкаю. Смяялася: "Як жа ты без мужчыны?" Цяпер трэба смяяцца з мяне… Дапамажы мне, Госпадзi, выстаяць, не зламацца тут, у гэтым пекле!..

Анатоль Хвашчэўскi пасля выхаду з бальнiцы незадаволены вярнуўся ў сваю кватэру. Куча вопраткi пасля чарговага паходу ажно засмярдзелася. Ён кiнуў яе ў ванну, а сам пачаў шнарыць у пошуках ежы. На стале ляжала заплесневелая скарынка хлеба. Адключаны халадзiльнiк быў пусты.

— Зараз! — раззлаваўся Анатоль. — Галя хоць бы баршчу якога зварыла! Дарэмна кiнуў яе, трэба жанiцца! Цяпер вось не жонка, а хвароба ў паход не пускае! Дэфармiруючы артроз, во зараза! Якi я цяпер хадок з такiмi нагамi?

Ён дастаў мазь i пачаў нацiраць суставы. Потым апрануў новы касцюм i падаўся да Галi ў iнтэрнат. Дзяўчына сустрэла яго сцiпла i ветлiва.

— Вось што! — уздыхнуўшы, прамовiў Анатоль. — Што было, тое сплыло! Пайшлi ў загс, Галя!

Дзяўчына замялася.

— Я толькi што развялася, — прамовiла яна. — З-за гэтага казла, Альберта, кар'еру страцiла. Цяпер другая замест мяне ў Польшчы працуе.

— Нiчога, — спачувальна сказаў Анатоль. — Са мною ўсё будзе добра. Будзем жыць у маёй кватэры. Будзеш чакаць мяне з паходаў. Мыць бялiзну, ежу рыхтаваць, усё цiха i спакойна будзе…

— Добра, — згадзiлася Галя. — Але я таксама буду наведваць турклуб i хадзiць у паходы!

Анатоль скрывiўся, але нiчога не адказаў. Яны выйшлi з iнтэрната i пакрочылi да загса. Па дарозе сустрэлiся з Мiколам. Ён iшоў побач з маладзенькаю дзяўчынаю, заклапочаны, пахмуры.

— Мiколка! Прывiтанне! — абняў яго Анатоль. — Як справы, можа, жэнiшся?

— Можа, — адказала за яго дзяўчына.

— Сцiхнi, Людка! — агрызнуўся на яе Мiкола. — Нарабiла спраў, цяпер мне вырашай iх!

— А што здарылася? — пацiкавiўся Анатоль. — Можа, я чым дапамагу?

— О! Точна! — загарэлiся вочы ў Мiколы. — Твая ж сястра ў судмедэкспертызе працуе! Трэба медыцынская дапамога!

— Яна ж санiтарка, — працягнуў Анатоль.

— Нiчога, — махнуў рукою Мiкола. — Папрасi яе, сябра, каб таблеткi ад цяжарнасцi дастала! Людцы трэба!

— Яна такiмi справамi не займаецца! — строга адказаў Анатоль. — Схадзiце лепш да доктара!

— Здрасьце! — пакрыўдзiўся Мiкола. — Я на тым тыднi Ларыску вадзiў, колькi грошай за аборт выклаў, а тут — зноў? Дзе я грошай набяруся?

— Дык жанiся на Людзе! — параiла Галя.

— Сцiхнi! — кiнуў ёй Мiкола i звярнуўся да сваёй сяброўкi: — Слухай, мiлая, з'ездзi ты ў вёску сваю, няхай твая мацi грошай дасць, а я цябе адвяду да доктара! Толькi не хiмiч! Адна такая ўжо нарадзiла ад мяне, калi я служыў у войску, а другая — тут, у Менску! I нiкога я не ўзяў! I цябе не вазьму!

Ён уздыхнуў.

— Самi ж на мяне вешаюцца, Анатоль! — паскардзiўся. — Працую на маршруце, а яны стануць ля кабiны i вочкi строяць! Дык што мне рабiць — не праходзiць жа мiма! I яшчэ, сучкi, падманваюць, каб зацяжараць ды замуж! Памяшалiся на гэтым замужжы!

— А мы вось у загс iдзём! — паведамiла Галя.

— Ну й дурнi! — буркнуў Мiкола, схапiў сваю сяброўку за рукаў i пацягнуў у бок палiклiнiкi.

Зоська была зачаравана Санкт-Пецярбургам. Яна прыехала сюды за тыдзень да заняткаў, раззнаёмiлася са студэнтамi свайго i другiх факультэтаў. Зоська лiчыла, што завочна вучыцца — дарэмна час трацiць, i паступiла на дзённае. Вядома, калi з'явiлася на факультэце акеаналогii i ўбачыла там Алеся, i выгляду не падала, што дзеля яго сюды i паступiла. Хаця на самай справе не толькi дзеля яго, а i дзеля таго, каб пабачыць свет. Жыццё даецца адзiн раз! Марнаваць яго ў вёсцы не хацелася, там яна толькi тупела. Алесь прыветлiва ўсмiхнуўся ёй i запрасiў на студэнцкую вечарыну.

…Высокi юнак у паласатай майцы кашлянуў у кулак i прадоўжыў аповяд:

— А ў Алжыры адна з мясцiн носiць назву "Цяснiна прывiдаў". Тут вельмi часта назiраюцца мiражы. Аднойчы я спынiўся пры ўваходзе ў цяснiну, сеў на камень. Раптам унiзе, метраў за пяцьдзесят ад мяне, я ўбачыў чалавека, якi таксама сядзеў на каменi. Калi я ўстаў — ён таксама. Калi я пайшоў да яго, i ён пайшоў да мяне. Калi ён падышоў блiжэй, то я, да майго здзiўлення, пазнаў у iм самога сябе. Я працягнуў да яго руку, хацеў памацаць, але ён знiк.

— Гэты вiд мiражу вядомы i на Жэнеўскiм возеры, у Швейцарыi, — усмiхнулася дзяўчына з доўгiмi завiткамi валасоў. — Такiя прывiды ўзнiкаюць таксама i ля моцна нагрэтых сцен. Сцяна тут з'яўляецца нiбы паверхняй зямлi. Паветраны слой, якi прылягае да яе, мацней нагрэты i больш разрэджаны, чым суседнi з iм слой паветра. Мяжа памiж слаямi служыць "паветраным люстэркам", якое пастаўлена вертыкальна. "Паветранае люстэрка" ўтварае яшчэ адзiн мiраж верхнi, якi можна бачыць на моры.

— Гэта ў нас, у Фiнскiм залiве, — падняла ўгору руку дзяўчына ў шортах i белай майцы, — а ў сарака кiламетрах ад вашага горада ёсць горад Ламаносаў, там жыве мая бабуля, дык звычайна нельга ўбачыць ваш горад, аднак бываюць днi, калi жыхары Ламаносава бачаць Санкт-Пецярбург як на далонi. Адлюстраванне яго з'яўляецца ў паветры: Нява, масты, асобныя высокiя будынкi…

— Швецкiя маракi доўга шукалi выспу-мiраж, — сказаў Алесь, — бо выспа гэтая часам з'яўлялася ў Балтыйскiм моры памiж Аландскiмi выспамi i швецкiм берагам. А яшчэ вядомы "Лятучы Галандзец", на якiм плаваюць маракi-прывiды. Ён з'яўляецца перад караблямi зусiм маўклiвы, плыве проста на iх, не адказваючы на сiгналы, i раптоўна знiкае ў тумане… Гэта быў паветраны прывiд — двайнiк якогасьцi паруснага судна, якi iшоў далёка, за гарызонтам… Так было раней. А вось чаму i цяпер з'яўляецца "Лятучы Галандзец", калi парусных суднаў няма, чый тады гэта двайнiк, паветраны прывiд?

Усе прыцiшана маўчалi.

— Я чуў выпадкi, што нашы судны сустракалi "Лятучага Галандца", — сказаў чарнявы хлопец з кучаравымi валасамi, — на iм былi матросы з iншага часу, яны выконвалi работу на палубе, гучалi каманды…

— У свеце столькi дзiўнага, неразгаданага, — прамовiла, асмелiўшыся, Зоська. — Вось у Паўднёвай Iталii, у Месiнскiм пралiве, з'яўляюцца рухомыя мiражы-фатамарганы. Над морам, на ўсходзе сонца, з'яўляюцца казачныя палацы, вежы i замкi, людзi-велiканы, гiганцкiя дрэвы i жывёлы, яны зыходзяцца i разыходзяцца, даганяюць адно аднаго, мяняюць форму. Усе яны — адлюстраванне дамоў, вежаў, людзей i жывёл, якiя знаходзяцца на беразе. "Паветранае люстэрка" калышацца, вось фiгуры i рухаюцца… Мiражы могуць прыносiць i карысць. Капiтан Скот убачыў у Антарктыцы горы, якiя вiслi ў паветры, i вырашыў, што далей на поўдзень знаходзiцца горны ланцуг. Пазней нарвежскi палярнiк Амудсен знайшоў гэты ланцуг…

— А пра агнi Эльма чулi? — таемным голасам спытаў хлопец з гiтарай. — У Сяродземным моры, у час навальнiцы, яны з'явiлiся на адным з караблёў. Капiтан прыказаў матросам патушыць агонь, але той шыпеў, як ракета з сырога пораху. З'яўляюцца такiя агнi i на людзях. Аднойчы ў аднаго альпiнiста ў гарах "загарэлiся валасы" — яны свяцiлiся яркiм блакiтным агнём, галава была акружана ззяннем. Яны выпускалi блакiтныя iскрынкi. Аказалася, што свецяцца ледарубы, фотаапараты, металiчныя гузiкi. Пры гэтым яны выпускалi шыпячы гук, як самавар. Калi навальнiца знiкла, свячэнне знiкла. Па сутнасцi агнi Эльма нiчога агульнага не маюць з сапраўдным агнём. Гэта так званыя цiхiя электрычныя разрады ў атмасферы…

— А пра «рыбныя» дажджы чулi? — засмяялася дзяўчына ў шортах, тая, што родам з Фiнляндыi. — Гэта калi смерч падхоплiвае прадметы, а затым яны вяртаюццца на зямлю з дажджом, трапiўшы ў дажджавую хмару? У нас быў «манетны» дождж раз. Лiўнi моцна размылi грунт, i на паверхнi аказаўся нейкi жбан з грашыма. Смерч, якi ўзнiк пры навальнiцы, падняў манеты высока ў паветра. Калi вiхор страцiў сваю сiлу i распаўся, з неба, разам з кроплямi дажджу, пасыпалiся грошы!..

Усе дружна засмяялiся.

Зоська выйшла з пакойчыка на балкон. Горад запальваў агнi. Больш за ўсё яна любiла такiя моманты, калi вечарэла i пацiху запальвалiся ў вокнах дамоў агнi… Вiдовiшча было зачаравальным, успакойвала душу… Побач з'явiўся Алесь, нечакана i цiха.

— Мне здаецца, што тое, што было са мною ў вёсцы, сон, — прашаптала Зоська, — i я заўсёды жыла тут, у горадзе… I буду яшчэ доўга жыць тут…

— А як жа акiян? — усмiхнуўся Алесь.

— Акiян — гэта вечнасць, — адказала яна яму. — Да гэтага мне трэба яшчэ дарасцi. А пакуль я толькi нарадзiлася для новага, цiкавага жыцця… Я ўжо другая. I той, вясковай, недарэчнай, сарамлiвай, цiхай, ужо няма.

— Я заўважыў, - сказаў Алесь. — Мне гэта прыемна, як прыемна ведаць i тое, што ты — надзейны сябра, не пустая дзяўчына, якая толькi i марыць пра замужжа. У цябе будзе ўсё: поспех, кар'ера, сябры… I я!

Ён моцна пацiснуў яе руку.

V

Учора былi Пакровы. Знаёмства з ваколiцамi Польшчы было пяшчотным i таемным, раскаваным i незалежным. Вайдаш прыпаркаваў свой ровар да магутнага раскiдзiстага дуба, сеў побач з Марусяй i зазначыў:

— Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лiстом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзяўчыну чапцом!

Ён абняў Марусю i запытаў:

— Не стамiлася? Як-нiяк, а цэлы месяц падарожнiчаем. Столькi падзей: вянчанне ў касцёле, знаёмства з маiмi родзiчамi… Хутары, вёскi, новыя знаёмствы…

— Гэта так цiкава! — усмiхнулася Маруся. — Паход — выдатная рэч! Я больш пра цябе даведалася i ўжо не крыўдую па дробязях. Я адкрыла ў табе шмат прыемнага i добрага. Здаецца — я ў iншым свеце. Вернемся дадому — i казка скончыцца…

— Мы можам жыць тут, у маёнтку прадзеда, — адказаў Вайдаш. — Я думаю, пакуль не трэба табе вяртацца дадому. Вучыся быць жонкаю князя…

— Гэта так цяжка, — уздыхнула Маруся, — так складана, як быццам гэта i не я, а нейкую ролю выконваю.

— Гэта ты, — усмiхнуўся ён, — проста ты забылася, што заўсёды была такою, як зараз…

…Заплечнiкi, у якiх знаходзiлiся спальныя мяшкi, прымацавалi на багажнiкi ровараў. За плячыма ў Марусi i Вайдаша маленькiя рэчмяшкi, фотаапарат, паясныя сумачкi, у якiх блакнот i самапiска. Праехалi Дабратычэ, Кастамлоты. Вёскi польскага Прыбужжа вонкава мала чым адрознiвалiся ад вёсак беларускага памежжа. Польская правiнцыя можа ганарыцца дагледжанымi дарогамi. Мястэчка Кодэнь сустрэла падарожнiкаў касцельным перазвонам.

— Глядзi. Якая прыгожая хатка пад саламянай страхою! — кiўнула ўбок Маруся. — Быццам тут час спынiўся…

Ля касцёла — могiлкi, велiчныя, урачыстыя. Ля ўвахода — брамы, два анёлы паўметровыя скульптуры. Ля магiл няма агароджаў, помнiкi з каменю.

…Ехалi ў прыцемках праз лес. Прыемна i лёгка дыхалася свежым паветрам. Нарэшце паказалiся два хутаркi. Маруся i Вайдаш наблiзiлiся да аднаго з iх. Пастукалi ў браму. Але познiм гасцям нiхто не адчынiў… З комiна хаты цягнуўся салодкi дымок.

— Што, паспрабуем шчасця ў вёсцы Загораў? — усмiхнуўся Вайдаш, i яны пакацiлi далей.

Сустрэлi на вулiцы вёскi дваiх мужчын.

— Дзе ў вас тут пераначаваць можна? — запытаў Вайдаш.

— Гэта трэба да солтыса звяртацца, — стрымана адказаў адзiн з iх. Страшна цяпер на свеце… Адна жанчына пусцiла начлежнiкаў, пашкадавала, мужчына з жанчынай былi, быццам мужык ды жонка, а аказалiся бандыты…

— Усяго на свеце бывае, — адказаў другi, — але ж трэба крыху i давяраць людзям… Вунь хата нашага солтыса, запытайцеся ў яго пра начлег, калi ласка!

Солтыс, пан Станiслаў, мужчына сарака з лiшнiм гадоў, сустрэў падарожнiкаў ветлiва, але па законе ў пашпарты ўсё-такi заглянуў i засмяяўся:

— О! Вiншую, вiншую, пан Вайдаш, панi Марыя, з законным шлюбам! Значыць, вясельнае падарожжа? Добра прыдумалi!

Гаспадар запрасiў у хату. Яго жонка прыветна сустрэла маладых, павiншавала, пачала рыхтаваць гарбату. Вайдаш выйшаў у двор, каб паставiць пад павеццю ровары, заўважыў побач з разнастайным гаспадарчым iнвентаром трактар i два прычэпы.

— Вось так i жывём, — мовiў пан Станiслаў, - усе ў гаспадарчых клопатах. Самi сябе кормiм i поiм. Сыны яшчэ малыя, але крыху дапамагаюць. Зараз спяць, час познi.

Яны вярнулiся ў хату. Гаспадыня, панi Вальжына, запрасiла да стала. Елi салонiкi з вараным мясам з падлiваю.

— Ценжкая праца ў нас, паночку, — паскардзiлася Вайдашу панi Вальжына, паклала рукi на каленi, уздыхнула. — А жыць трэба, сыноў гадаваць…

Памалiлiся на ноч. Гаспадыня завяла Марусю i Вайдаша ў асобны пакойчык, паслала пасцель. У пакоi быў змрок. Праз акно Вайдаш убачыў агнi ў двухпавярховым будынку.

— Гэта хата нашага ксяндза, — растлумачыла панi Вальжына. — Сам яе будаваў, працавiты! — з гонарам за яго адзначыла гаспадыня.

… Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.

— Такая традыцыя, — растлумачыў Вайдаш. — Як помнiк мiнулага…

У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным — астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.

— Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, — заключыў Вайдаш.

Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме — выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.

— Вось i закончылася падарожжа, — усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. — Глядзi, хто спяшаецца да нас!

Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.

— Я больш за ўсё люблю такiх сабак, — сказала яна, — такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!

— Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, — усмiхнуўся Вайдаш. — Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла…

Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака…

Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.

А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.

— Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! — буркнула яна. — Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!

Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.

— Праклiнаю вашу вёску! — закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. — Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!

— А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, — параiла свякруха, — Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты — здыхля!

— Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"? — раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. — Пайшлi вы ўсе ў ж…у!

— Во, бешаная! — ускочыла свякруха. — Сцяпан! Паганяй жонку!

Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.

— А Верка з Надзькай паедзе? — спытала ў мужа.

— Няма калi, кажуць, — адказаў той.

— Бляха, галава пухне, — паскардзiўся Сцяпан, — бацька, дасi грошай на пiва?

— Ты ж матцы свае грошы аддаеш, — адказаў той.

— Якiя яны мае? — пацiснуў плячыма Сцяпан. — Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна — галоўная!

— Слава Богу, — абазвалася тая, — а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!

На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.

— У цябе што, туфляў няма? — здзiвiлася Iрэна.

— Што я — дурная, такiя дарагiя купляць? — адказала Гельтруда.

— Яна дзеўка эканомная, — падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?

— Не, — адказала тая. — Яна з вёскi нiкуды не хоча ехаць. Мне ўсе грады за лета выпалала, па чатыры разы палола, кароў даiла, свiням ахрап'е з поля носiць… Конь, а не дзяўчына!

— Вось некаму шчасце будзе, — уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, — а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!

— Як жыццё, Сцяпан? — таўханула яго ў бок Гельтруда. — Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!

— Праўда? — ажывiўся той. — Налiвай!

Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.

— Мне пакiнь крыху! — азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.

— Во добрая дзеўка! — шапнула свякруха цётцы Хiме. — Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не…

— Мо шчэ возьме! — абнадзеiла яе Хiма.

— Тамарка! — крыкнула Гельтруда. — Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!

— Гэлька праўду кажа! — абняў яе выпiты Сцяпан. — Гэлька — конь! Добрая жонка будзе!

— I ты, як матка: "конь, конь"! — раззлавалася Iрэна. — Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!

…Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:

— Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак… I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..

…Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.

— Навошта вам гэтулькi варэння? — нервавалася Iрэна. — Леташняе засталося — не паелi!

— Што ты ў нашым жыццi разумееш! — буркнула свякруха. — Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка — наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць — налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!

— Хутка вашы хлопцы без чаркi i вядра вады ў хату не прынясуць! Прывучылi да гарэлкi!

— Ваду насiць, гной выкiдваць — жаночая справа, — адказала свякруха. — Мае хлопцы нi разу ў хляве не былi, i я ганаруся гэтым, значыць, я ладная гаспадыня. Мужык ля каня павiнен быць! Сама б вучылася гарэлку гнаць, павучальна дадала свякруха. — Мы памром, дзе тады гарэлку возьмеш, купляць будзеш?

Яна ўзвалакла на плечы мех з гарбузамi i крыкнула ўгару:

— Тамарка, цягнi мех!

— Вы лепш па аднаму гарбузу давайце, — адказала тая. — Мне нельга мех падымаць!

— А каб трасца на цябе! — раззлавалася мацi. — Ты чула, што Гельтруда сказала: цягай, нiкога не слухай! Разумную дзеўку паслухай, Гэльку, чым тых дактароў ды Iрэну! Цягнi, бляха, а то заб'ю!

I Тамарка са страхам узялася за мех… 3атым другi, трэцi… Перацягала ўсе.

Вечарам прыехаў бацька з хлопцамi з лесу, разгружалi дровы. Мацi насмажыла сала, кiнула ў мiску салонiкаў i паставiла буталь гарэлкi. Старэйшы, Цiмох, пацiраў задаволена рукi i мацюгаўся ад радасцi, церабiў сваю падраную свiтку, затым высмаркаўся на вiлошнiкi, крэкнуў i перакулiў чарку. Зацягнуўся цыгарэтай. Усунулася ў дзверы ягоная жонка, Надзя, у такой жа падранай бруднай свiтцы.

— Вось i пераапрануцца няма калi з-за працы, мама! — уздыхнула яна. Сёння карову пакрывала.

— Анягож, Надзька, — падтакнула свякруха, — iншы раз i валасы расчасаць няма калi. У чатыры гадзiны ранiцы падымаешся i цэлы дзень, як белка ў коле, круцiшся! А мая свiнка ўжо пабегала! Цяпер усе чацвёра пакрылiся, слава Богу! I кароўкi ўсе пакрылiся, от слаўна!

Трое малых дзяцей Цiмоха соўвалiся туды-сюды ля стала. Цягалi хлеб i скваркi, а большы нават адглытнуў з бацькавай чаркi.

— Не крычы! — засмяялася свякруха. — Няхай прывыкае — мужчына расце!

— А я бачыў, як певень на курыцы сядзеў! — паведамiў малы.

Свякруха i Надзька зарагаталi.

— I яшчэ, як бацька на матцы! — дадаў хлопчык.

Надзька схапiла папругу i пагналася за малым, той юркнуў у другi пакойчык. Надзька падсела да стала, чокнулася са Сцяпанам i свёкрам i кульнула чарку.

— А чаму гэта Халiмон не iдзе выпiць, — пацiкавiлася мацi, якая ўвесь час да стала не садзiлася, толькi з замiлаваннем пазiрала на сыноў ды падлiвала ў буталь гарэлку.

— Верка пiць не дае! — паведамiла Надзька.

— Сучка! — раззлавалася мацi. — Сына да мяне на чарку не пускаць!

I пабегла за Халiмонам. Той з'явiўся хутка, з жонкаю, якая, надзьмутая i сярдзiтая, села за стол, кульнуў чарку адну за другою i заспяваў: "Ой, мороз, мороз!" Браты i бацька падхапiлi i загарланiлi на ўсю хату: "Не морозь меня, моего коня!.."

— Ты, Верка, такога больш не рабi! — павучальна пачала свякруха. — Сама дзяцей вырасцiш, тады паглядзiш! Матка апошняе аддасць, апошнюю кроплю гарэлкi для сына! Не пузырся i не дуйся, сама такою будзеш, папросiць сын — i нальеш!

Iрэна выйшла ў другi пакой, за стол садзiцца не стала — яе раздражнялi iх размовы i нават твары.

— Томка, iдзi чарку выпi! — паклiкала мацi.

— Не хачу, жывот балiць! — абазвалася дзяўчына з ложка.

— I не трэба — нам болей будзе! — засмяяўся Сцяпан.

…Пiлi браты амаль да ранку. Бацька пайшоў спаць на печ. Мацi легла на тапчане, а сыны гулялi ў карты. Тамарка ўсё стагнала — балеў жывот. Iрэна паклiкала свякруху, але тая толькi буркнула:

— Глiсты ў яе — няхай чарку вып'е!

Чым далей, тым горш станавiлася з Тамаркай. Яна сыходзiла крывёю, Iрэна мяняла пад дзяўчынаю пялёнкi, давала нейкiя таблеткi, але нiчога не дапамагала. Як быццам холадам, ледзяным i бязлiтасным, напоўнiўся пакой. Iрэне стала страшна. Яна адчула чыюсьцi прысутнасць, нябачную i страшную — гэта было дыханне смерцi. Iрэна, перапалоханая i дрыжачая, выбегла да хлопцаў i пачала крычаць, што трэба везцi Тамарку ў бальнiцу, але Цiмох спаў за сталом, паклаўшы галаву на бохан хлеба. На канапе хроп Халiмон з катом у нагах. Сцяпан лыпаў вачыма i не разумеў, што ад яго хочуць. Адзiн толькi бацька падаў голас з печы:

— А мо давай я Томку адвязу ў бальнiцу?

— Ляжы, дурань п'яны! — закрычала на яго жонка. — Каня мне згубiць хочаш? У мiлiцыю трапiць хочаш? Людзi i так смяюцца, што яна ўсё па бальнiцах! Само пройдзе!

I бухнулася на падушку.

Iрэна, заплакаўшы ад адзiноты i крыўды, вярнулася да Тамаркi.

— Iрэначка! — паклiкала яе дзяўчына. — Не чапай iх. Я хачу туды, дзе святло, дзе анёлы. Яны цяпер ля мяне стаяць, Iрэначка, я ўбачу ўсё тое, аб чым ты мне расказвала: i Берасце, i Гомель, i Маскву, i манастыр Ефрасiннеўскi, там, дзе Аленка… Мне так добра цяпер! Не будзi iх, яны не варты быць са мною. Кожны раз, калi я сыходзiла з дому, то за травою свiнням, то грады палоць, мне не хацелася вяртацца сюды… Не заставайся тут, Iрэначка, у брудзе гэтым! Уцякай!..

…За акном развiднела, калi цiха памерла Тамарка. Iрэна сама абмыла дзяўчыну, апранула ёй новую сукенку, якую пашыла ёй да Новага года, запалiла свечку.

Калi свякруха прачнулася, ачомалася, залямантавала, але ненадоўга, шаркаючы вiлошнiкамi, кiнула:

— Ай, Богу вiдней! Усё роўна з яе такая баба, як з г…а куля! Зямлi скварка, людзям — чарка!

…Iрэна складвала свае рэчы, каб назаўсёды пакiнуць гэтае праклятае месца…

Мiкола старанна выпiсваў афарызмы, седзячы ў чытальнай зале, калi погляд ягоны ўпаў на дзяўчыну, якая паднялася з-за стала i пайшла да выхаду. Радасна-трапятлiва забiлася сэрца ў хлопца: дзяўчына з ягонай мары! Валасы нiбы шоўк, бровы, як крылы ластаўкi, мудрагелiстая прычоска васемнаццатага стагоддзя, гнуткая постаць перацягнута шаўковым паяском, вiшнёвыя вусны чакаюць пацалунка…

…Зачарованы Мiкола iшоў па вулiцы за незнаёмкай. Яна плыла лебеддзю сярод натоўпу. Запынiлася, загледзелася ў вiтрыну крамы, купiла марожанага, паднесла да вуснаў, усмiхнулася i надкусiла жамчужнымi зубамi. Заўважыла Мiколу. Пачакала, калi ён параўняецца з ёю, i запытала нешта па-ангельску. Мiкола разгубiўся i ўвесь час толькi кiваў галавою, паўтараючы "ес, ес". Дзяўчына дакранулася далонню да ягоных валасоў i запрасiла ў пад'езд. Адурманены ад шчасця, Мiкола зайшоў. Хацеў абняць яе, як нехта моцна стукнуў яго па галаве. Затым чыесьцi рукi абшарылi ягоныя кiшэнi, вырвалi сумку… Тады ён агледзеўся. Двое здаравенных амбалаў прыцiснулi яго да сцяны, а дзяўчына капалася ў ягонай сумцы. Затым, брудна мацюкнуўшыся, сказала:

— Казёл! У акадэмiчнай зале сядзеў, думала, iншаземец! Таракан iнтэрнатаўскi! Дзе твае даляры?

— Будзеш ведаць, як чэсных дзяўчат падманваць! — стукнуў Мiколу па твары адзiн з хлопцаў. — Пайшлi хутчэй адсюль!

I яны знiклi.

…Мiкола вярнуўся ў свой iнтэрнат. Ягоны сусед Iгарок яшчэ не працверазеў ад учарашняй папойкi.

— Надакучылi мне ўсе бабы, — буркнуў Iгарок, — толькi пояць, каб замуж узяў. Кашулi дораць, адэкалон. На якi хрэн мне яны патрэбны, iнтэрнатаўскiя? Трэба якую-небудзь школьнiцу, менчанку, трахнуць, тады i хата будзе! А што? Трахну, а бацькi з радасцю нас пажэняць! Так многiя хлопцы нашы робяць. Вадзiцелю лягчэй пазнаёмiцца! А менчанак шмат дурненькiх, асаблiва школьнiц! Закахаецца, i ўсё! Не, я вырашыў толькi на менчанцы ажанiцца.

Ён глянуў на панурага Мiколу.

— Ну што? Зноў некаму дзiця застроiў? — засмяяўся Iгарок. — Ведаць трэба, каго трахаць! А то ўсё iнтэрнатаўскiх! Менчанку шукай, дурань, хата будзе!

Мiкола маўчаў. Iгарок падняўся, глынуў з графiна вады.

— Колькi ўжо абортаў на табе вiсiць, га? — запытаў ён. — Я чытаў, што гэта вялiкi грэх. Хлопцы таксама перад Богам за гэта адказваць будуць, не толькi дзеўкi…

Прыгледзеўся да Мiколы.

— Ай, а хто ж гэта табе фiнгал паставiў? — засмяяўся ён. — Вiдаць, нейкая не дала?

— Я з бабамi завязаў! — злосна прамовiў Мiкола. — Нi адна з iх мяне не варта!

I лёг спаць.

Анатоль яшчэ з парога заўважыў, што ў хаце пабывалi госцi. На стале стаялi кубкi з недапiтай гарбатай, валялiся слайды, гарэла лямпачка дыяпраектара. Галя паспешна выцягнула вiлку з разеткi.

— Гэта з нашага турклуба былi, — мовiла яна, — слайды глядзелi. На гiтары спявалi. Торцiк быў… Мне сумна адной, без цябе. Ты ж усё па паходах…

— Ты ўжо абнаглела! — кiнуў свой заплечнiк Анатоль. — Я змёрз, як сабака, у зiмовым паходзе, а ты гасцей запрашаеш, мужа не чакаеш!

— Мы ўчора ў лыжны паход выхаднога дня хадзiлi…

— Нiякiх паходаў! — зароў Анатоль. — Каб пра маю жонку нiхто не чуў i не ведаў! Я табе забаранiў хадзiць у наш турклуб, бо я там галоўны, а не ты! Я запрашаў гасцей да сябе, а не ты! Мне твае сябры не падабаюцца!

— Яны ж усе з нашага турклуба…

— У мяне свае сябры ёсць!

— Твае сябры — задавакi! — закрычала Галя. — Я таксама хачу сяброў мець, а не перад тваiмi маўклiвай рабыняй быць!

— Я забараняю табе наведваць турклуб, хадзiць у паходы! Жонцы месца на кухнi!

— Заставайся тады адзiн! — Галя пачала складваць свае рэчы ў заплечнiк.

— I куды ты пойдзеш? — засмяяўся Анатоль. — Ага, ты ж яшчэ не прапiсалася да мяне! Вось i добра! Вяртайся ў свой iнтэрнат, калi не хочаш быць паслухмянай жонкай!

— Я хацела, каб у нас была спартовая сям'я! — заплакала Галя, трымаючы ў руках свой заплечнiк. — А ты ўпарты! Толькi табе аднаму паходы патрэбны! I дзяцей не хочаш! Пашкадуеш потым!

I выйшла з кватэры, бразнуўшы дзвярыма.

Анатоль памыўся пад душам i пачаў збiрацца ў вёску, да бацькоў.

Даехаў на электрычцы хутка, крыху паспаў. Да вёскi дабiраўся пешшу.

…Цётка Франя падслепавата прыжмурылася:

— Ой, стары! Глянь — наш Толiчак iдзе! А чаму без Галi?

I яны выхапiлiся ўдваiх у сенцы сустракаць сына.

— Ай, радасць нам якая, сыночак! — абнiмала Франя тоўстага, у кажусе, Анатоля.

— Значыць, сынку, у госцi? — крэкнуў бацька i зацягнуўся цыгарэтаю. — А дзе ж Галя, мо захварэла?

— Кiнуў я Галю, — адказаў Анатоль, распранаючыся.

Падсеў да стала.

— Не гаспадарлiвая яна, — дадаў. — Мне трэба проста баба, каб шыла, мыла, ежу гатавала, мяне з паходаў чакала. А яна сама ў паходы ходзiць!

— А як жа! — падтакнула мацi. — Маёй жа сястры яна не спадабалася адразу. Цётка Людвiка табе казала, сынку, каб ты яе не браў! Цi ж гэта справа, каб баба ў паходы хадзiла. Паходы — гэта твая справа, тваё жыццё! А бабе месца ля каструль!

— Цi доўга ён находзiцца ў тыя паходы? — уздыхнуў бацька. — У яго ж ногi хворыя, артроз!

— I ў мяне артроз, — махнула рукою мацi. — Нiчога, няхай другую жонку бярэ! Вось Агапка добрая дзяўчына, працавiтая…

— Ты што, мацi? — незадаволена буркнуў Анатоль. — Яна ж у адным класе два гады сядзела! Тупая, як твой валёнак!

— Нiчога, што Бог розуму не даў, затое — працавiтая! — пачала ўшчуваць мацi. — Навошта табе тыя вучоныя, каб нервы псавалi? Чым прасцей, тым лепш! Абы боршч варыла! А ты сваю справу ведай, можа, майстрам спорту станеш, па тэлевiзары паказваць будуць!

— А што, можа, сходзiм да Агапкi? — усмiхнуўся бацька. — У яе i пасаг добры! Можа, што сястры тваёй, Анатоль, у горад падкiнем? Футра добрае купiм, ёй жа трэба перад хлопцамi гарсаваць! Можа, за якога багатага замуж выйдзе!

— Агапчына мацi казала, што ёй карову дасць, дык мы тую карову прададзiм ды сваёй Танечцы пярсцёнак залаты купiм! — зашаптала мацi. - I Людвiка, сястра мая, кажа, каб Агапку браў. Дурная, дык затое — лепш! А толку з тае Галi? Пасагу не было. А з Агапкi пацягнуць можна! Можа, Танечку нашу за мяжу замуж аддадзiм, дык грошы Агапчыны i спатрэбяцца!

Анатоль пляснуў у ладкi, i яны пачалi збiрацца ў сваты да Агапкi.

VI

Мiкола пачуў тупат маленькiх ножак, быццам бегала па падлозе дзiцятка. Ён расплюшчыў вочы i нiчога не ўбачыў. Перавярнуўся на другi бок, заплюшчыў вочы. Тупат паўтарыўся.

— Iгарок! — паклiкаў суседа. — Чуеш, нехта тупае? Дзiця быццам.

— Гэта сумленне тваё тупае, — абазваўся той з ложка.

— Ты вельмi сумленны! — пакрыўдзiўся Мiкола.

— Вядома! — засмяяўся Iгарок. — Вось таму i жанюся заўтра на менчанцы! Аднаго цябе пакiдаю ў пакойчыку, глядзi, не звар'яцей ад адзiноты!

Мiкола падняўся i пачаў умывацца. Вырашыў пагуляць па горадзе. Навагодняе свята скончылася, можа, што ў крамах смачненькае з'явiцца, а то ўсё парасхоплiвалi на тым тыднi.

…Мiкола выпiў у кафэ кубачак кавы i скiраваў у бок "Дзiцячага свету". Нешта захацелася яму паглядзець на цацкi. Як маленькi, шчупаў машынкi, гуляў з iмi. А потым упадабаў мячык гумавы, чырвоны з зялёным, i купiў яго. На выхадзе сутыкнуўся з хлопцам, якi паказаўся яму знаёмым.

— Сцяпан, цi што? — падняў бровы ўгару Мiкола.

— А як жа! — стукнуў той па плячы Мiколу. — Прывiтанне!

Зайшлi ў пiўбар. Халоднае пенiстае пiва было на смак гаркаватым. Залацiстым адсвечваў куфаль.

— Ну, як там жыццё-быццё ў вёсцы? — пацiкавiўся Мiкола.

— Нявесткi сварацца, — паскардзiўся Сцяпан. — Наша хата згарэла, як пасля Тамаркiных пахарон выпiвалi. Заснулi, а яна ад свечак i загарэлася… Дык мы ў Халiмона цяпер жывём з мацi i бацькам. Халiмонава Верка з Цiмохавай Надзькай сварацца. Верчын кныр пакрыў Надзьчыну свiнню. А Надзька не хоча Верцы за гэта грошы плацiць. Ужо i парасяткi прывялiся, а Надзька не заплацiла… А Верчыны куры без пеўня ходзяць. Надзьчын певень iх чапае. Дык Надзька крычыць, каб ёй яйкi аддавала за пеўня!

Мiкола засмяяўся.

— Як Iрэна? — запытаў у Сцяпана. — Прывыкла да вясковага жыцця?

— Дзе там, — махнуў Сцяпан рукою, — збегла! — I задаволена ўсмiхнуўся: — А я зноў жанiцца буду! Гельтруда маю дзеўку завуць, конь, а не баба!

Мiкола скрывiўся:

— У якiм сэнсе? Тэмпераментная?

— Кiнь дурное! Працавiтая яна! — пахвалiўся Сцяпан.

Яны развiталiся. Мiкола вярнуўся ў свой пакойчык. Падкiнуў мячык, пагуляў з iм, затым лёг адпачыць. Iгарка дома не было. Мiкола пачаў засынаць, калi зноў пачуў тупат дзiцячых ножак. Ужо ў паўсне задаволена падумаў: "Няхай пагуляе! Вось добра, што мячык купiў…"

— Прывiтанне! — маладая дзяўчына з завiтушкамi прыветна ўсмiхнулася Iрэне. — Не памятаеш мяне? Я каханка твайго бацькi… Праўда, цяпер ужо жонка…

— Iлона! — абрадавалася Iрэна i абняла яе.

— Ой, а я думала, ты бiцца будзеш! — засмяялася тая.

— Не, я паразумнела, — сказала Iрэна. — Як вы з таткам жывеце?

— У згодзе, — усмiхнулася тая. — Ведаеш, сапраўды я знайшла роднасную душу ў тваiм бацьку… Доўга так шукала i знайшла… Каб i табе так Бог паслаў!

— Пашле! — запэўнiла яе Iрэна. — Я куплю вашай дачушцы падарунак, бо я хутка паеду адсюль… Перадай татку прывiтанне i яшчэ, што ён малайчына! Я абавязкова зайду да вас перад ад'ездам!

…Дома Iрэну сустрэла мацi, як заўсёды сумная i заклапочаная.

— Тэлефон не займаць! — строга сказала Iрэне. — Можа, бацька патэлефануе?

— Ты вар'яцееш! — закрычала на яе Iрэна. — Пакiнь цяпер яго ў спакоi! Хiба ты не бачыш, што табою авалодаў д'ябал i хоча, каб ты звар'яцела! Мяне каханне ўжо давяло да гэтага два разы: Янку кахала, потым — Сцяпана, за секс! А ты бацьку за што кахаеш? За душу? Калi б вашы душы былi роднасныя, то ён бы цябе не кiнуў! Як можна кахаць духоўна чужога чалавека? Хочаш сексу, дык знайдзi сабе другога мужыка! З бацькам жа ты не спала! Няма чаго цяпер шукаць учарашнi дзень!

— Распранайся! — закамандавала Iрэна мацi. — Шаўковыя твае валасы мыць будзем!

I пацягнула мацi ў ванную. Потым Iрэна зрабiла ёй прычоску i макiяж. Апранула ў прыгожую сукенку i паведамiла:

— Рыхтуйся сустракаць гасцей! Пакуль ты тут вар'яцела, я сабе замежнага кавалера знайшла. Прыехала ягоная мацi, хоча пазнаёмiцца з нашай сям'ёй. А потым мы ўсе паедзем да iх у госцi. У мяне вiза ёсць, я дарэмна часу не трацiла. Афармляю i табе…

— Адкуль ён? — упершыню за ўвесь час вочы мацi загарэлiся цiкаўнасцю.

— З Анголы, — усмiхнулася Iрэна.

— Негар? — схапiлася за сэрца мацi i села ў крэсла.

— А табе што — падабаюцца толькi iнтэрнатаўскiя калгаснiкi, тыпа Янкi i Сцяпана? — узялася ў бокi Iрэна. — Хопiць, я наелася кахання, павалялася ў брудзе! Цяпер я iду замуж па разлiку, дзеля будучых дзяцей. Я буду другою жонкаю Халiла. У iх можна мець некалькi жонак! — засмяялася Iрэна. — Але ў кожнай — свая вiла, сваё хобi. А я аддаваць сваю прыгажосць каму папала не буду болей, лепш прадаць за даляры! Ты думаеш, каб я нарадзiла ад Сцяпана, то тое дзiця было б шчаслiвым на гэтым смярдзючым хутары? У майго будучага дзiцяцi будзе ўсё!

— А што, — падала голас мацi, — такiя дзяўчынкi маленькiя прыгожыя, мурыначкi! Касiчкi такiя!.. Вось, як будзе дзяўчынка ў цябе, то й добра, яны такiя вёрткiя, спрытныя, танцуюць прыгожа, мурынчыкi гэтыя…

— I хлопчыкi нiчога, — пасмiхнулася Iрэна, — вось як па тэлевiзары паказваюць, мускулы такiя, моцныя хлопцы…

— Што ты там рабiць будзеш сярод мурынаў! — закрычала мацi.

— Тое, што i сярод белых, — адказала Iрэна, — жыць! Радавацца! А можа, i лепей жыць, чым тут! Ты паглядзi на яго лепш, тады гаварыць будзеш! Яго мацi доктар, паважаны чалавек у Анголе! А мы з Халiлам будзем жыць у Амерыцы!

— А-а! — працягнула мацi. — Тады i добра! Можа, i я там каго сабе знайду…

— Нарэшце вылечылася! — засмяялася Iрэна. — Гэта трэба адзначыць шампанскiм!

У дзверы пазванiлi. Iрэна кiнулася адчыняць. На парозе з'явiўся прыгожы, высокi, цемнаскуры юнак з вялiкiм букетам ружаў у кошыку. Побач з iм стаяла мажная, у сукенцы з прыемным малюнкам, жанчына i лагодна ўсмiхалася…

— Ай, госцiкi, даражэнькiя! — замiтусiлася мацi. — Праходзьце, калi ласка! А мы так чакалi!..

— Ой, Лявонка! Гэты швэдар так пасуе табе! — запляскала ў далонi Галя. Якраз пад твае блакiтныя вочы. Вясельны падарунак, дарагi!

— Дзякую, — усмiхнуўся Лявон. — Ты мяне з багны выцягнула! Я кахаю цябе… Болей i ў рот гарэлкi не вазьму. А то, бачыш, з працы звольнiлi, з iнтэрната выгналi…

— Лявонка, глядзi! — радасна паказала старонку пашпарта Галя. — Я таксама выпiсалася з Менска. Усё, будзем жыць з табою ў гэтай вёсачцы, у тваёй хаце!

— Я заўтра аднясу твой пашпарт у наш сельсавет, — сказаў Лявон. — Знойдзем табе працу i мне што-небудзь!

Галя запiшчала i павiсла ў яго на шыi.

…Нiзенькая паўразбураная хатка за высахлым садам нагадвала сабою пакiнутую старэнькую бабульку. Вялiкая леташняя трава пачарнела за зiму i цяпер, калi пачалася адлiга, нагадвала доўгiя тонкiя нiткi.

— Браты не едуць, — паскардзiўся Лявон, гледзячы ў маленькае акенца на вулiцу. — А некалi мы добра жылi. Трое братоў, бацька, мацi. Мой бацька граў на гармонiку, а мацi прыгожа спявала. А потым iм ад зайздрасцi начаравалi бацька прастудзiўся i памёр. Пасля ягонай смерцi мацi знайшла ў хляве iголкi, цэлы пук, усе чорныя… Занесла да знахара, а ён кажа, што позна прыйшла праклён на ўсю сям'ю паў. Мацi запiла. Мы ўсе былi ў гарадах. Яна ўпала п'яная пасярод хаты, яе паралiзавала. Не магла дапаўзцi да ложка. Хаты даўно не цеплiла, холад быў, вось i атрымала запаленне лёгкiх i ў хуткiм часе памерла… Старэйшы брат рос бесталковым, сядзеў у турме, некалькi разоў жанiўся. Сярэднi п'е… I я пiў, пакуль не сустрэў цябе…

Галя абняла яго i пацалавала. У хаце пахла сырасцю. Адзiнока чарнела печ. За перагародкай стаяў кухонны стол, вiсела люстэрка ў драўлянай аправе, якую паеў шашаль. Збоку — вялiкая шафа для кухоннага посуду. На акне — шэрага колеру фiранкi. Галя прайшла ў другi пакой, дзе знаходзiлiся грубка, два ложкi, канапа, шафа, круглы стол.

— Я зусiм забыўся сказаць табе яшчэ пра аднаго свайго брата, — хрыплым голасам мовiў Лявон, — нас жа чацвёра сыноў было. Сашка — самы лепшы брат наш, самы старэйшы. Мы малыя тады былi. Ён ажанiўся. Жылi тут з жонкаю. Дзяўчынка нарадзiлася. Вось ад iх гэтая шафа засталася, i стол круглы, i канапа. Сашка разбiўся на матацыкле, на крутым павароце ля самай вёскi… Вось тады мацi яшчэ мацней запiла…

Галя дастала з сумкi маленькую iконку i павесiла на куце. Лявон уздыхнуў i пайшоў па дровы. Ужо калi ў грубцы пылала вогнiшча i ўся хата запоўнiлася дымам, Галя з Лявонам ляжалi на маленькай канапе i размаўлялi.

— Бачыш, лес ад нас зусiм блiзка! — гаварыў Лявон. — У дзяцiнстве да нас прыбiлiся дзве маленькiя вавёрачкi. Яны бегалi па сценах, забаўлялiся. А потым адна загiнула. Тады i другая збегла.

Галя абняла Лявона.

— У нас утульна ў хаце, — сказала яна, — хаця i пуста, але здаецца, што тут жыве добры дух…

— Мы адновiм сад i будзем тут жыць з табою, — марыў Лявон.

— Мне сон снiўся, — сказала Галя, — быццам бы ў прыгожым садзе я тваiх бацькоў сустрэла i двух братоў…

— Двух? — здзiвiўся Лявон. — Як жа я забыўся сказаць, што ў нас адзiн маленькiм памёр… Глянь, нейкi праўдзiвы сон! А што снiлася далей?

— Быццам я хацела з iмi за стол сесцi, соку выпiць, а яны мне не далi. Я пакрыўдзiлася i пабегла ад iх. Можа, яны не хочуць, каб мы разам жылi, перасцерагаюць аб нечым?

— Пустое гэта, — махнуў рукою Лявон. — Мы будзем добра жыць. Я ў Менску марыў барацьбою заняцца, ды ўсё неяк саромеўся ў гурток запiсацца, а то часу не было… А тут займуся! Буду з суседам займацца — ён у школе фiзкультуру вядзе. Летам на рыбу з табою сходзiм, у нас такая фарэль залацiстая водзiцца! — ён прытулiў Галю да сябе. — Зайчык ты мой! — прашаптаў. — Цяпер я зусiм пiць не буду! Дзякую, што выратавала мяне! Вось мы з табою жылi ў адным iнтэрнаце, а адно аднаго не ведалi, а Бог звёў нас… Слава Богу!

I яны, шчаслiвыя i задаволеныя, паснулi пад свiст i завыванне зiмовага ветру.

Анатоль адчынiў дзверы сваёй кватэры. Агапка, таўсматая, з рабацiннем на твары, зашмыгала ад радасцi тоўстым, як бульбiна, носам.

— Толiчак! Прыехаў? Здаў на майстра, цяпер ты ўжо майстар спорту?

Прыгала вакол яго Агапка, хацела пацалаваць, але Анатоль, кульгаючы, прайшоў на кухню, кiнуў ля дзвярэй ванны заплечнiк.

— Сёння каб памыла маю вопратку!

— Ага, памыю! — заўсмiхалася Агапка. — А што ты кульгаеш? Зноў артроз? Вядома, на Камчатцы там, у паходзе, застудзiўся? I навошта зiмою, за тысячу даляраў, на тую Камчатку iсцi, каб захварэць? Хай бы гэтыя грошы на дзiцятка пусцiлi мы?..

— Якое дзiцятка? — спалохаўся Анатоль. — Ты што, з таго моманту да доктара не хадзiла? Не трэба нiякога дзiцяткi! Мне на сябе грошай не хапае! Вось майстрам спорту стаў, цяпер хачу свой турклуб адкрыць. Турклуб Хвашчэўскага! Гучыць?

— Ага, Толiчак, — падтакнула Агапка. — А дзiцяткi нiякога няма, гэта так проста я сказала…

— Больш так не жартуй! — строга сказаў Анатоль, выпiў квасу. — Ты навучылася вязаць? Мне швэдар, шкарпэткi звязала? А курыцу ў цесце, мяса пад марынадам, торт, якi я люблю, навучылася рыхтаваць?

Агапка кiўнула галавою.

— Значыць, так, — запалiў Анатоль. — Я пайду пасплю, а ты есцi рыхтуй. Вечарам прыйдуць мае сябры, вiншаваць будуць. Ты павiтайся i iдзi на кухню цi ў ванну! Каб з намi не сядзела, у нас свае справы i размовы, а то яшчэ не тое ляпнеш. Зразумела?

Агапка зноў моўчкi кiўнула i пайшла рыхтаваць ежу.

Анатоль лёг на канапу, уключыў тэлевiзар, запалiў цыгарэту, скiдваючы попел на падлогу. Пачаў успамiнаць паход, калi ўвайшла Агапка. Яна перамiналася з нагi на нагу хацела нешта сказаць.

— Што хочаш? — незадаволена спытаў Анатоль.

— Толiчак, — пачала цiха Агапка, закашлялася, — я спытаць хачу, дзе тыя грошы, што нам на вяселлi мой бацька даў, пасаг мой?.. I за карову дзе грошы?

— Як гэта дзе? — узроў Анатоль, памятаючы, што лепшая абарона — атака. Мне ж на паход трэба было? А сястры маёй Танечцы на футрачак, на пярсцёнак? Яна ж замуж збiраецца! Яна ж таксама табе цяпер сястра, вось i клапацiся пра яе! Зразумела?

— Ага-а! — працягнула Агапка i павярнулася, каб iсцi, затым спынiлася i запытала: — Але ж павiнны грошы застацца, iх так шмат было…

— Шмат, шмат! — закрычаў Анатоль. — А ты ў даляры перавядзi! Мы ж гэта ўсё за даляры куплялi, галава твая пустая! Даляры ж даражэй, чам твой рубель!

— А-а-а! — нарэшце зразумела Агапка i, супакоiўшыся, пайшла на кухню.

Але затым зноў вярнулася. Стаяла, перабiрала ў руках фартух.

— Ежу зварыла? — раздражнёна пачаў дыхаць Анатоль. — Iдзi бялiзну мый!

— Паляжаць з табою хацела, — прамовiла Агапка, — засумавала… Каб пацалавацца…

— На вяселлi цалавалiся! — закрычаў Анатоль. — Цяпер жыць трэба, як людзi! Сур'ёзнай будзь i працавiтай! I не чапай мужа, калi адпачывае! Падыходзь да мяне толькi тады, калi я сам цябе паклiчу! Зразумела цi не?!

Агапка заплакала i падалася на кухню.

Пад вечар прыйшлi госцi, i яна паспешна выйшла з кватэры. Доўга хадзiла па вулiцы. Не ведала, чым заняцца. Сумавала па вёсцы. Зайшла ў царкву. Служба заканчвалася. Агапка падышла да святара i папрасiла, каб ён яе выслухаў.

— Муж дзяцей не хоча, — паскардзiлася яму. — А што, калi мне зацяжараць ад яго, падмануць, каб не засцерагаўся, i зацяжараць? Сумна без дзiцяцi…

— Нельга так, — адказаў святар, — не па-божаму… Падманваць нельга…

Агапка выйшла з царквы i накiравалася да Палаца культуры будаўнiкоў. Ля ўвахода стаяла бялявая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i весела гутарыла з сяброўкай.

— А я свайго малога ў дзевак кiнула, а сама думаю, пагуляю! — смяялася бялявая.

— Ну i аферыстка ты, Наташка! — адказала сяброўка. — Мiколу рабом зрабiла, а Кольку на алiменты падала! I як толькi ў судзе не разабралiся, што не Колева дзiця!

— Коля болей грошай атрымлiвае! — засмяялася Наташа. — А што мне з таго Мiколы цягнуць, хоць i яго гэта дзiця? Вось паехаў учора маiм бацькам дровы загатаўлiваць, i добра!

Агапка патапталася на месцы i вырашыла падысцi да дзяўчат.

— Прабачце, — сказала яна, — я тут падслухала вашу размову. У мяне адна праблема, можа, падкажаце, як яе рашыць. Я з вёскi, адна тут, сябровак няма. Замуж адзiн хлопец узяў, турыст ён. Дык я ў яго як рабыня, толькi каб есцi рыхтавла ды бялiзну мыла. А дзяцей не хоча. I не паважае мяне, дурною лiчыць. Можа, я трохi i дурная, што пайшла за яго. Яны з раднёю мяне аб'ягорылi, грошы мае, што бацька на пасаг даў, распусцiлi на ягоныя паходы ды на сваю радню…

Наташка ўзняла ўгору бровы.

— Адкуль ён, турыст гэты? Можа, якi сябар Мiколаў? — глянула на сваю сяброўку. — Мiкола ж усё ў паходы хадзiў з Хвашчэўскiм, усё сварылiся, вораг яго…

— Мой муж таксама Хвашчэўскi! — абрадавалася Агапка. — Толiк завуць…

— Ён! — засмяялася Наташка. — Ну дык што, адпомсцiм Толiку за майго Мiколачку, каб не задаваўся?

Яна абняла Агапку, падмiгнула сяброўцы:

— Верка, пайшлi папалiм i нешта смешнае прыдумаем!

Селi ўтраiх на лавачку. Агапка не палiла. Наташка, смалячы цыгарэту, выгукнула:

— Дзеўкi! План наклюнуўся! Агапка, мы табе знойдзем хлопца i ты ад яго зацяжараш!

— Мяне Толiк на аборт адправiць, сiлаю, — уздыхнула тая.

— А ты не кажы да апошняга моманту, як Наташка ў свой час! — параiла Вера. — А калi стане бачна ўжо, то нiкуды ён не дзенецца!

— Ён зробiць так, каб здарыўся выкiдыш, — з сумам сказала Агапка. — Ён сам мне сказаў так, калi я пажартавала, што вось не пайду на аборт, калi зацяжару… Ён асцерагаецца i не спiць часта са мною…

— Во казёл! — стукнула кулаком па калене Наташка i раптам абрадавана выдала: — Агапка! Будзь хiтраю! Калi ён заўважыць, што ты цяжарная, няхай крыху цябе стукне… А перад гэтым мы будзем з Веркаю сядзець з магнiтафонам за шторамi цi ў туалеце. Ён прыйдзе дадому, а ты яму i скажы ўсё! А потым з магнiтафонам, сведкамi i сiняком пойдзем знiмем пабоi ў судмедэкспертызе!.. Наташка зайшлася смехам. — Там жа Толiкава сястра прыбiральшчыцай працуе, мне Мiкола расказваў. Толiк неяк насiў з адной дзеўкаю заяву ў загс, дык бег сястры сваёй тэлефанаваць — кроў не падышла, рэзус-фактар не той! Дык i не ажанiўся з ёю! Гаварыў: мая сястра — прафесар, за любога доктара лепш! Ой, з Мiколам столькi насмяялiся з гэтага Толiка!

— Ну добра, сходзiм у мiлiцыю, — сказала Агапка, — а я прыйду дадому, дык ён заб'е мяне…

— Дарагая, ты ў мяне пажывеш! — прапанавала Наташка. — Мiкола маiм бацькам дабро робiць, вось i я для Мiколы дабро зраблю: настаўлю Анатолю рогi, каб на чужое дзiця свае алiменты плацiў! Агапка, падасi на развод, на падзел маёмасцi, а потым i кватэру падзеляць…

— На алiменты згодна i на маёмасць, а кватэру не хачу, — адказала Агапка, — мне вёска мiлей, паеду да бацькоў… А што мне за гэта табе, Наташа, даць, за савет i дапамогу тваю? I табе, Вера?

— Ой! — засмяялася Наташа, махнула рукою. — На тым свеце вугольчыкамi разлiчымся! Праўда, Верка!

VII

Вясною, калi дровы скончылiся, а неба стала шэрым i пахмурным, надвор'е сапсавалася дажджом i адлiгаю, у хаце зрабiлася няўтульна i холадна. Галя працавала даяркаю. Часта прыходзiла на падпiтку, бо не магла адмовiцца дзеўкi так i чаплялiся.

— Трэба размачыць наша шэрае жыццё! — смяялiся яны. — I нашу цяжкую працу!

Галя часта ўспамiнала студэнцкiя гады, паходы, успамiнала, як яны з Аленкаю хадзiлi ў фiлармонiю, тэатр, i ўсё не магла зразумець, як гэта яна дакацiлася да такога жыцця… Лявон па-ранейшаму пiў. Зямля на агародзе ўжо адлягла ад маразоў, была мяккаю i глеўкаю. Галя хацела наняць каго, каб узараць яе, купiла гарэлкi, але Лявон усю выпiў. Заблудзiўся ў сенцах, як хадзiў на двор, не мог знайсцi клямку. Так начаваў у сенцах. Ранкам каяўся, прасiў прабачэння, абяцаў не пiць. А потым у яго пачаўся адхадняк — два днi ляжаў у ложку, стагнаў. Уся хата смярдзела перагарам.

— Зайчык, зайчык! — зваў Лявон Галю. — Не пакiдай мяне, нарадзi мне дзяўчынку, Анжэлiчку, тады кiну пiць!

Галя памыла падлогу, захуталася цяплей i пайшла ў лес шукаць сушняк. Але галлё ўсё было мокрае. Яна нацягала невялiчкую кучу, блiжэй да хаты, i скiравала ў сад. Ёй было шкада гэтых адзiчэлых яблынь, якiя ўжо не давалi яблык… Галя прытулiлася да адной з iх, крывенькай, з паламаным галлём, пагладзiла шурпаты ствол.

— Пакiдаю я цябе, яблынька! — прашаптала Галя. — Бедны мой сад, закiнуты, нiкому не патрэбны…

Яна падышла да хаты, прысела на прызбу.

— Хатка мая, хатка, застанешся ты без мяне, — Галя кiнула на мяккую зямлю прыгаршню насення. — Кветачкi мае, хацела я вас пасадзiць, каб было тут прыгожа… Кветачкi-наготкi, аранжавыя сонейкi, самi вы пасеецеся, самi народзiцеся… Няхай застанецца памяць пра мяне гэтаму асiрацеламу кавалачку зямлi…

Яна нетаропка ўвайшла ў хату, узяла з шафы белыя фiранкi, павесiла на вокны. Стала на парозе, паглядзела на маленькую iконку над сталом.

— Хатка мая! — на вочы навярнулiся слёзы. — Нiхто цябе не пашкадуе, мая ты маленькая, утульная, мая ты сiрацiнка…

Не апрытомлены яшчэ Лявон заварочаўся ў ложку, падняў галаву i невiдушчымi вачыма, стомленымi, пачырванелымi, глянуў на Галю. Нешта прамармытаў i ўпаў на падушку.

— Хатка мая, у маiм сэрцы ты застанешся, як дзiцятка пакiнутае! заплакала Галя. — Нiхто цябе так не палюбiць, як я…

Галя склала ў сумку свае рэчы i, не глянуўшы на Лявона, выйшла з хаты. Цiха адсунула перакошаныя трухлявыя веснiчкi, выйшла на вулiцу. Азiрнулася на хату.

— Прабач мяне i бывай!

Цiха пакрочыла да аўтобуснага прыпынку. Вецер моцна бiў па твары. Аголеныя дрэвы падымалi да неба чорнае галлё, быццам рукi, плакалi, хiсталiся ад шквальнага ветру. I м было тужлiва i няўтульна, як на душы ў Галi…

…Яна сядзела ў Менску на аўтастанцыi i чакала свайго прыгараднага аўтобуса. Сэрца сцiскалася ад думкi, што Менск ужо назаўсёды для яе страчаны. Нiхто ёй не верне работу, кар'еру, пакойчык у iнтэрнаце, гарадскую прапiску… Яна ехала да мацi.

…Аўдоцця сустрэла дачку ласкава i пачала супакойваць тым, што ёй проста не шанцуе на мужоў. Параiла не падаць духам, а ўладкоўвацца ў вясковую бiблiятэку, слава Богу, Зоська паехала вучыцца, месца ў бiблiятэцы засталося…

Вечарам Галя пайшла да рэчкi, на тое месца, дзе летась стаялi палаткi. Сядзела на бярвенцы i ўспамiнала паход. Нечакана ўбачыла цётку Свету, тую, што адбiла ў сваёй сяброўкi мужа, Зосьчынага бацьку. Цяпер, кажуць, дзядзька Андрэй звар'яцеў, Светкi баiцца, як агню, з жонкай жыве, а на вулiцу не паказваецца… Хворы чалавек.

— Галечка! — усмiхнулася цётка Света, падсела да яе. — Як справы, дарагая?

Галя здрыганулася — ёй падалося, што яна ўжо дзесьцi бачыла гэтую ўсмешку — хiтраватую i лiслiвую, i ўспамiн гэты быў непрыемны.

— Не знайшла ты свайго сапраўднага кахання, — журботна вымавiла цётка Света, — не тымi шляхамi хадзiла, Галечка! Тваё каханне — побач, тое, аб якiм ты марыла… У вас будзе сапраўдная спартовая сям'я, бо ён багаты, i вы будзеце падарожнiчаць…

Яна абняла Галю. Холадам i пустэчаю напоўнiлася наваколле ад гэтага дотыку. Галi здалося, што ёй не хапае дыхання. Яна пачала задыхацца! Цётка Света ўсё мацней i мацней абдымала яе, угаворвала пайсцi да таго, каго яна шукала ўсё жыццё… Галя паспрабавала адтулiць яе, заглянула цётцы Свеце ў твар i… закрычала: побач з ёю сядзела Соф'я ў ружовым халаце, з магiльна сiнiм тварам i лiслiва ўсмiхалася!..

Галя вырвалася ад яе i пабегла. Затым азiрнулася. На бярвенцы па-ранейшаму сядзела… цётка Света. Яна паднялася i гаротна сказала:

— Галечка, у цябе зусiм з нервамi дрэнна! Хай бы ты да доктара схадзiла.

I падышла да яе. Пакрочылi разам у накiрунку маёнтка Дуброўскага.

— Добры чалавек Дуброўскi гэты, — пахвалiла цётка Света. — Вось i санаторый запрацаваў у нас…

— I царква, — падтакнула Галя.

— Цьфу ты, падкудства! — плюнула цётка Света. — У мяне другое заданне!

— Што-што? — не зразумела Галя. — Якое заданне?

— Каханне — мая справа! — адказала цётка Света. — Мне трэба, каб ты закахалася ў Дуброўскага.

— Я i так яго кахаю, з дзяцiнства…

— Цудоўна! Значыць — ты наша! — цётка Света працягнула сваю руку, каб пацiснуць далонь Галi, i тут дзяўчына заўважыла дзiўную акалiчнасць — на далонi цёткi Светы адсутнiчалi ўсе лiнii, акрамя папярэчнай паласы на ўсю далонь, лiнii розуму…

— Ты хто? — спужалася Галя.

— Бiяробат, пасланнiк Чорнай зданi. Маё заданне — спакуса. У свой час я пагубiла Дарыну, нарачоную князя Вiтаўта. А твая сяброўка Аленка нядаўна вымалiла яе душу ў Бога. Цяпер Чорнай зданi патрэбны новыя ахвяры, новыя слугi д'ябла… Ты нам вельмi падыходзiш, бо табе не шанцуе ў каханнi, ты ўвесь час шукаеш каханне i не знаходзiш. А як можна знайсцi тое, чаго няма! Ды яшчэ вечнае! Вечнае каханне! Каб я была чалавекам, то ўжо даўно б звар'яцела ад гэтага задання — знайсцi тое, чаго няма… Каханне — гэта толькi вашы фантазii, людзi! А каб фантазii сталi рэальнасцю, трэба звар'яцець, тады ўсё, што ты хочаш, табе будзе здавацца. Згодна звар'яцець? Рашайся!

Галя вагалася, не ведала, што адказаць. Нечакана яна ўбачыла… Вайдаша. Ён iшоў насустрач ёй i ўсмiхаўся. Яна падбегла да яго.

— Каханая! — прашаптаў Вайдаш i наблiзiў да яе свае вусны.

Галя застыла на месцы ад радасцi i хвалявання. Але ён знiк! Галя чуць не заплакала.

— Навошта ты гэта зрабiла? — крыкнула цётцы Свеце, цi хто там быў перад ёю, няхай хоць сам д'ябал, але Галi хацелася прадоўжыць казку… — Вярнi мне яго, вярнi! Вярнi маё каханне!

— Здымi крыж! — пачула ўладарны голас.

Зняла. I зноў убачыла Вайдаша. Ён пачаў цалаваць яе горача i палка. Павёў да свайго замка. Яна стаяла з iм ля высокай мураванай сцяны i бясконца цалавалася.

— Каханая, каханая! — шаптаў Вайдаш. — У нас будзе сапраўдная спартовая сям'я. Будзем хадзiць у паходы… Я не буду пiць! Каханая, каханая, паедзем са мною ў Гданьск, будзем жыць за гранiцай…

Галя млела ад шчасця, смяялася, уцякала ад яго, але ён даганяў i цалаваў яе, гаварыў словы кахання…

…Мацi знайшла Галю ля замка, сярод дрэваў, ля якiх дзяўчына бегала, спынялася, гладзiла iх, абдымала i прыцiскалася вуснамi.

— Я знайшла свайго каханага! — усмiхалася яна абступiўшым яе людзям. — Я цяпер князёўна!

Галя бегала, шчаслiвая i радасная, ля сцен замка, пастуквала па iх кулачком, забаўлялася i шаптала:

— Каханы, каханы! Пацалуй мяне!

— Галя! — узяў яе за руку святар, якога прывялi сюды. — Перахрысцiся, Галя, i д'ябал выйдзе з цябе!

— Не! — адмаўлялася Галя, адпiхвала ад сябе крыж. — Я хачу застацца са сваiм каханым! Мне добра, вельмi добра! Пакiньце мяне ўсе ў спакоi!

Мацi спрабавала завесцi дачку дадому, але тая ўсчала такi крык, што святар параiў не чапаць дзяўчыну. Ёй прынеслi коўдру i паклалi спаць у каморы, на гаспадарчым двары маёнтка. Яна радасна ўсмiхалася ў сне.

— Не чапаць яе, — папрасiў Галiну мацi святар. — Iнакш д'ябал у ёй узбунтуецца i яна чаго-небудзь дрэннага наробiць. Будзем малiцца за яе душу, каб Бог вызвалiў яе з палону д'ябла. Не чапайце яе! Гэта ўжо не Галя, гэта толькi яе цела… Душа ў палоне д'ябла…

Мiкола ўвайшоў у свой пакойчык i хацеў ужо ўключыць тэлевiзар, як пачуў шум вады. У душавой нехта мыўся. Ён вярнуўся ў калiдор, адкрыў дзверы i ўбачыў пад душам голую жанчыну. Мiкола аслупянеў.

— Соф'я! — усклiкнуў ён. — Ты ж мёртвая!

— Слугi д'ябла не памiраюць, — пагардлiва скрывiла яна вусны, адпiхнула Мiколу i прайшла ў ягоны пакой.

Села на ложак.

— Што табе патрэбна? — сурова вымавiў Мiкола.

— А што, нельга ўжо i проста так наведаць свайго калегу? — усмiхнулася Соф'я.

— Якi я табе калега?

— Па забойствам, — растлумачыла тая. — Не будзь такiм сцiплым, восем немаўлятак — гэта тое, што нам трэба, каб залiчыць цябе да слуг д'ябла. Нам i аднаго забойства, без пакаяння, хапае, а ты — проста скарб, супермэн! Восем забойстваў i нi аднаго пакаяння!

— Я вiнаваты, што дзяўчаты самi вешалiся на мяне, а потым рабiлi аборты? закрычаў Мiкола. — Пайшла прэч адсюль, мярцвячына! Пайшла да д'ябла!

— З задавальненнем, мiлы! — усмiхнулася Соф'я. — Але толькi разам з табою!

Яна прайшла на балкон, села на поручнi.

— Чао, мiлы! — памахала ручкай. — Чакаю цябе ўнiзе!

I знiкла.

Мiкола не знаходзiў сабе месца ад злосцi. Выйшаў у калiдор i нос да носа сутыкнуўся з бялявым хлопчыкам. Той запытальна пазiраў на Мiколу.

— Я бачыў цябе ў музейнай хатцы, калi начаваў там летась, — прашаптаў Мiкола. — Што табе патрэбна? Ты — Аленчын?!

Хлопчык прайшоў праз сцяну i знiк.

Мiкола пачаў мыць рукi. Нечакана з крана палiлася чырвоная вадкасць. Ён адскочыў да сцяны, паспешна выцер аб ручнiк рукi, вярнуўся ў пакой. Вырашыў папiць кавы. Адкрыў крышку чайнiка, каб праверыць, цi ёсць вада. У чайнiку плавала маленькая дзiцячая ножка, з пальчыкамi.

— Гэта мая, — пачуў ён голас, — гэта калi мне восем тыдняў было. Яшчэ ў мяне былi ручкi, я стукаў кулачком, смактаў пальчык, спаў i прачынаўся…

Мiкола закрычаў i выхапiўся на балкон.

— Мiлы, iдзi да мяне! — пачуўся знiзу голас Соф'i. — Я выратую цябе ад iх!

Перапалоханы Мiкола ў адчаi скокнуў з балкона i паляцеў на халодны мокры асфальт…

Анатоль вярнуўся ў пустую кватэру. Пасля таго як ён пабiў цяжарную Агапку, яго пасадзiлi на пятнаццаць сутак. Прыехалi бацькi Агапкi i забралi з кватэры мэблю. Так пастанавiў суд. Анатолю засталася кватэра. Iх пакуль не развялi, чакаюць, калi Агапка дзiця народзiць. Тады Анатоль будзе плацiць алiменты. Зараз Агапка жыве ў вёсцы, у сваiх бацькоў. Вялiкi быў скандал! Цяпер Анатолю сорамна паказацца ў вёску. Але ён заспакойвае сябе тым, што атрымаў майстра спорту. Марыць адкрыць свой турклуб, але далей мар справа не iдзе. У Анатоля прагрэсiруе хвароба ног. Дэфармуючы артроз даў знаць сябе ў турме, ды яшчэ Камчатка хваробы падбавiла. Так што Анатоль з цяжкасцю рухаецца па кватэры. Славу Богу, халадзiльнiк пакiнулi яму. Ён узяў адтуль банку з пракiслай смятанай i пачаў есцi з хлебам. Уключыў электрагрэлку, паклаў на ногi. Лёг на канапу. Тэлевiзара не было. Запалiў. На душы было тужлiва. Сястра Танечка выйшла замуж, за мяжу. Пашанцавала дзяўчыне. Можа, што i Анатолю прышле, кашулю якую, не забудзе ягонай дабрынi. Сябры адвярнулiся ад яго, у турме не наведвалi. Як у паходы вадзiў, тады добра было, а як жонку паганяў адвярнулiся. А цяпер i жонкi няма, i ў паходы ён ужо не хадок…

Анатоль доўга палiў, па звычцы скiдваў попел на падлогу. Ну i добра, што жонкi няма, хоць крычаць няма каму! Што хоча, тое i робiць ён, сам сабе гаспадар!

Разважаючы так, Анатоль заснуў. Цыгарэта тлела на коўдры… Скрозь сон Анатоль пачуў непрыемны пах гарэлага, але яму снiлiся паход, вогнiшча, Камчатка… Яшчэ снiлася, што яго паказваюць па тэлевiзары…

Прачнуўся Анатоль, ужо калi вакол шугала полымя, прачнуўся ад болю — гарэў сам. Выбег на лесвiчную пляцоўку i пачаў дзiка крычаць, каб яго ратавалi…

…У бальнiцу сябры ўсё-такi прыйшлi, але не шмат, як марыў Анатоль, той-сёй, з розных паходаў. Сядзелi сумныя, спачувалi яму. Гаварылi пра тое, што цяпер яму трэба ехаць у санаторый, лячыць ногi, ды рабiць пластычную аперацыю на твары…

Анатоль не хацеў верыць у тое, што стаў iнвалiдам. Ён марыў пра далейшыя паходы, пра пошукi новай жонкi — прыгожай, разумнай, пакорлiвай. Толькi цi будзе тая разумная пакорлiвай, такою, як Агапка, разважаў ён. Вось Агапка дурная, а давяла яго да турмы… Ён ужо думаў аб тым, можа, якую iнвалiдку ўзяць, каб не хацела дзяцей цi каб не мела, але прыйшоў да высновы, што ўсе жанчыны хочуць мець дзiця… Так i не вырашыў Анатоль, як жыць яму далей. Чакаў, калi прыедзе мацi, яна абавязкова нешта прыдумае, яна хiтрая i вельмi ганарыцца сынам. Таксама марыць аб ягонай славе, аб тым, каб пра яго даведалiся людзi, каб пра яго здымалi фiльмы, пiсалi кнiгi… Анатоль i сам ведаў, што ён незвычайны хлопец i што самае лепшае ў яго яшчэ наперадзе…

ЭПIЛОГ

Прайшло дваццаць год з таго часу, як Антось упершыню, у студэнцкiя гады, ступiў на зямлю, якая зберагала ў сабе рэшткi маёнтка Дарыны. На зямлю, людзi якой перадалi студэнтам паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну. Шмат падзей адбылося з таго часу. Даўно ўжо ўзвышаецца i красуецца белакаменны маёнтак Вайдаша Дуброўскага, у якiм размясцiўся санаторый для хворых дзяцей постчарнобыльскага перыяду. Стаiць ля маёнтка i царква, у якой амаль шаснаццаць год працуе святаром Антось. Цяпер яму пад пяцьдзесят. Гора людскога i радасцi перабачыў ён на сваiм вяку: вянчаў, хрысцiў, хаваў. Пахаваў ён з адпяваннем i Галю, цiхую вясковую вар'ятку, якая да канца сваiх дзён так i пражыла ля сцен маёнтка… Удалося яму пабываць i ў доме для старых i iнвалiдаў, дзе ён прымаў споведзь ад памiраючага Анатоля Хвашчэўскага. Перажыў ён i Мiколу, якi дваццаць год назад пакончыў жыццё самагубствам i быў пахаваны тут, у Вiшаньцы, але за агароджай могiлак.

…Аб усiм гэтым успамiнаў айцец Антось, калi з невялiчкай групай паломнiкаў са свайго прыхода падыходзiў да сценаў Iерусалiма.

— Вось i збылася мая мара! — усклiкнуў белагаловы юнак.

— Марыць нельга, — мовiў айцец Антось, — трэба толькi жадаць i прасiць Бога…

— А я мару сустрэць каханне, — сказала пухленькая дзяўчына гадоў васемнаццацi, — я ўжо стварыла вобраз свайго каханага…

— Нельга ствараць нiякiя вобразы, — адказаў ёй хлопец у белай майцы, з блакiтным заплечнiкам, — усе гэтыя вобразы ажываюць у астральным свеце, затым блакiруюць наш мозг i не даюць прабiцца нi адной разумнай думцы. Чалавек пастаянна думае пра адно i тое ж, потым пачынае бачыць свае вобразы — выклiкае вобразы астральнага свету на сябе i вар'яцее. Вельмi небяспечна сутыкацца з астральным светам. Я спрабаваў пiсаць вершы, i мне не давалi спакою рыфмы, я нават размаўляў рыфмамi. А потым напiсаў паэму, i яе героi снiлiся пастаянна мне… Усе гэтыя вобразы прыходзяць да нас з астральнага свету. Я спалiў сваю паэму i нiчога цяпер не пiшу… Не стварай вобраз каханага i не мар наогул, гэта небяспечна — Чорная здань заўсёды на паляваннi!..

…Паломнiкi падышлi да святога месца пахавання i ўваскрашэння Госпада.

— Тут заўсёды ў Вялiкую суботу на Дамавiне Госпада з'яўляецца благадатны агонь, — прашаптаў сваiм паломнiкам айцец Антось.

Сёння была Вялiкая субота. Яны паспелi прыйсцi ў Iерусалiм к гэтаму дню, напярэдаднi Вялiкадня. Усе застылi ў цярплiвым маўчаннi. У натоўпе паломнiкаў з розных частак свету айцец Антось заўважыў белавалосую жанчыну сярэднiх гадоў. Яна стаяла побач з цемнаскурай дзяўчынкай i абдымала яе. Айцец Антось падышоў да iх.

— Калi я не памыляюся, вы — Iрэна? — запытаў ён. — Вельмi дзiўна вас тут сустрэць…

— Так, дзiўна, — адказала тая. — Але я тут… I дачка мая таксама хрысцiянка. А муж — мусульманiн. Я — другая ягоная жонка. У нас прынята так мець некалькi жонак… Я шчаслiвая, Антось. У мяне свая вiла, сваё хобi падарожжы. У нас з дачкою — роднасныя душы. I яна хоча стаць манахiняй.

Iрэна азiрнулася.

— Тут i Аленка! Памятаеце Аленку? — усмiхнулася яна. — Аленка тут з сёстрамi з Полацкага манастыра. Яшчэ тут i Маруся з Вайдашам Дуброўскiм. У iх сын вучыцца на святара… Мы ўсе сустрэнемся ў верхнiм пакоi ўсыпальнiцы пасля набажэнства, дамовiлiся? Прыходзьце, айцец Антось, так будзе прыемна сустрэцца ўсiм сябрам! Не забудзьце — у верхнiм пакоi, пасля набажэнства!..

…З'явiўся праваслаўны патрыярх. Ён благаславiў народ i запынiўся ў маўчаннi ля ўвахода ў пакой, дзе знаходзiлася Дамавiна Гасподня. Святары знялi з яго верхнюю рызу, i ён застаўся ў адным падрызнiку. Ля дзвярэй стаяць прадстаўнiкi грамадзянскага парадку. Нарэшце яны здымаюць пячатку з ўвахода ў Дамавiну Гасподню. Праз некаторы час, пасля шчырай малiтвы, атрымаўшы благадатны агонь, патрыярх запальвае пучкi свечак, па 33 свечкi ў кожным, па лiку год зямнога жыцця Збавiцеля, i перадае прысутным, i ўся прастора вакол Дамавiны Гасподняй свецiцца морам агню. Гэты благадатны агонь на працягу 10–15 хвiлiн зусiм не пячэ i не спальвае рук, калi да яго датыкнуцца…

Здаецца, цякуць ручайкi да Дамавiны Гасподняй з усiх куткоў планеты, бо ў натоўпе i грэкi, i расейцы, i армяне, i арабы, i ангельцы, амерыканцы, французы, туркi, жыды i iншыя. Увесь народ голасна гаворыць малiтву да Бога:

Ойча наш, якi ёсць у небе! Свяцiся Iмя Тваё. Прыйдзi валадарства Тваё. Будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння. I адпусцi нам грахi нашы, Як i мы адпускаем вiнаватым нашым. I не ўводзь нас у спакусу, Але збаў нас ад лiхога. Аман.

Оглавление

  • ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  • ЧАСТКА ДРУГАЯ
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  • ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  • ЭПIЛОГ
  • Реклама на сайте

    Комментарии к книге «Кветкi самотнай князёўны», Лидия Адамович

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства